epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Адзін рэйс

З гадзіну, відаць, прайшло з таго часу, як яго машына згубіла дарогу. Сяргей чыркнуў запалкай. Так і ёсць — гадзіна прайшла. Значыць, кіламетраў трыццаць праехаў. І як гэта ён збіўся са шляху?! Трэба было ехаць назад, калі толькі зразумеў гэта. Але дзе гэта «назад»? Наўкол на дзве-тры сотні кіламетраў ні душы.

Злаваў ён і на самога сябе, і на Івашына. Трэба ж было паслаць іменна яго. Нічога не здарылася б, каб пастаялі бульдозеры дзень-другі без паліва. Прагноз з самага пачатку прадказваў завіруху. Якое ўжо тут паліва... Толькі паспеў падумаць так, як адразу ж злавіў сябе на думцы, што ні Івашын, і ніхто іншы, не пасмеў бы загадаць яму адпраўляцца ў рэйс. Спадзяваўся праскочыць...

Палез у кішэню па цыгарэты, але не змог паварушыць пальцамі. Зубамі сцягнуў рукавіцу. Кончыкі пальцаў безжыццёва белыя — ні крывінкі...

Напэўна, гэтак жа пачынаў замярзаць год назад Федзька Старцаў. Вырашыў сагрэцца спіртам, заснуў і больш не прачнуўся. Знайшлі яго праз тры дні. Калі Федзькаў труп пачалі выцягваць з кабіны, ён трашчаў, быццам кавалак лёду.

Сяргей успомніў шырока раскрытыя Федзькавы вочы, у іх быў боль, якога сам Федзька ўжо, відаць, не адчуваў. Сяргей хацеў закрыць яму вочы, але з жахам адарваў руку. Вочы былі халодныя і цвёрдыя, быццам шкляныя шарыкі.

Ад гэтага ўспаміну зашчымела ў грудзях, падумалася: і во цябе так знойдуць.

Выцягнуў руку з другой рукавіцы, адчайна пачаў церці яе аб заінелы паўкажушок. Адчуў нарэшце боль.

Значыць, ёсць у іх жыццё. Адыдуць, значыць. Галоўнае — церці іх, церці да таго часу, пакуль не пачнуць пальцы налівацца крывёй. Падобнае адчуваў ён, прыбягаючы з марозу пагрэцца да горача напаленай печы. Маці давала яму гарачага малака... Зараз бы хоць глыток. Ёсць у яго біклажка са спіртам. Але Федзька таксама грэўся спіртам...

Перад ім была ноч. Халодная і абыякавая да снегу, і да яго самога, і да ўсяго на свеце.

...У губу ўпілося нешта гарачае, пякучае. Сяргей сплюнуў агарак цыгарэты і, саскробшы пазногцем снег з бакавога шкла, прыклаў яго да губ. Нядаўна прачытаў ён у адным часопісе, што знайшоў у бараку, артыкул пра рак. Ён так і называўся: «Рак». Пісалася ў артыкуле, што калі дакурваць цыгарэту вось так, да канца, дык можна займець рак губы. З таго дня ён пачаў дакурваць цыгарэты толькі да палавіны.

Цяпер ёсць шанс адправіцца на той свет проста так. Ператварыцца ў лядзяш...

Ён не мог уявіць сабе сваю смерць. Яго — і раптам няма. Быццам і не было ніколі. У дзяцінстве ён склаў сваю ўласную тэорыю смерці: памірае чалавек, а пасля зноў нараджаецца, толькі ўжо зусім іншым чалавекам. І так бясконца. Аднойчы, гледзячы на малодшую сястру, што плакала ў люльцы, спытаў у бабкі: «Гэта што, цётка Каця, якую хавалі нядаўна, зноў нарадзілася?» Бабка перахрысцілася і агрэла яго па спіне качалкай. «Нехрысць, вось табе, нехрысць... » Пасля гэтага яна некалькі разоў вадзіла яго з сабой у царкву і прымушала завучваць малітвы.

Ад бацькі дасталося бабцы:

— Ордэн Славы ў мяне, фатаграфія на Дошцы гонару, а ты мне сына калечыш!

Цяпер яго смерць зусім побач. Халодная, як стэп. І ўсё, што перад ім цяпер — апошняе. Абаранак, завіруха... Не ўбачыць ён нават вушэй Івашына. Калі той злаваўся, вушы ў яго трэсліся. Крычыць ён на каго-небудзь, а той стаіць, рагатаць гатовы, ногі аж падгінаюцца, так трасе.

Неяк ён, не доўга думаючы, сказаў Івашыну: «Вы, таварыш начальнік, вушы прытрымайце, а то, чаго добрага, адваляцца». Івашын сціх і да яго больш не лез.

Тосьцы пярсцёнак ён ужо не падорыць. Ужо і грошай накапіў. Бразготку якую-небудзь, якія ў іхняй вёсцы дзяўчаты насілі, не хацелася. Іншая справа — залаты пярсцёнак. Ведай нашых! І што Тоська за дзеўка такая? Ні разу яму такой не сустракалася. Другі год ходзіць за ёй, быццам прывязаў хто. Не тое каб кахаў ён яе... А што такое каханне? Ніхто дакладна не ведае. У кнігах, нават самых тоўстых, незразумела пра гэта пішуць. А ён тым больш не ведае, што гэта такое. Івашын неяк выпіў і крычаў, што кахання наогул няма. Дык ён — ясна, чаго так крычаў. Прыехаў да іх шафёр новенькі, з арміі толькі дэмабілізаваўся, завёў шашні з яго жонкай. Івашын пра ўсё дазнаўся — шафёру фізіяномію расфарбаваў, жонцы яшчэ больш дасталося. Той хлапец паехаў, а жонку Івашын не кінуў. Кажуць, б’е зрэдку, потым плача і гаворыць, што кахання няма. Усякае бывае... Толькі Тоська не такая. Няхай бы яму што хочаш гаварылі — не паверыў бы. Маці яму піша, маўляў, калі там на тваёй Поўначы дзяўчат няма, дык прыязджай дамоў. На Магілёўшчыне дзяўчаты не перавяліся, дзякуй богу. Не, калі ён ужо выберацца з гэтай завірухі, Тоську нікому не аддасць. Чорта лысага!

Раптам сярод марозных узораў, што размалявалі ветравое шкло, убачыў ён Тосьчын твар. Вочы глядзяць з дакорам. Здаецца, гавораць: «Дурненькі, і трэба ж было ехаць, га?..» А на галаве ў Тоські зіхатлівая карона з крышталікаў складзена. Крышталікі гэтыя перабягаюць на твар, запаўняюць сабой рысы, і вось ужо Тоські няма. Сяргей углядаецца ў шкло, крычыць: «Куды-ы-ы?»

Калі б не крык свой уласны, не прачнуўся б ён зусім. Машына стаіць на месцы... Ён паспрабаваў націснуць на газ, ірвануць на сябе рычагі, але рукі — ватныя, безжыццёвыя, не варухнуліся нават. І ногі таксама змярцвелі.

— Замярзаю!..— закрычаў ён, здавалася, на ўвесь стэп. Але крык атрымаўся нейкі прыглушаны, здаўлены.

Што было сілы Сяргей націснуў на дзверцы кабіны. «Да вады, да вады... Толькі б не паспела замерзнуць вада!» Кулём вываліўся ў ноч. У твар ударыла ветрам, у адно імгненне заняло дых. Цела не слухалася, гнуліся пад ягоным цяжарам ногі.

«Рухацца!» — загадаў ён сабе. Хрыпеў нейкія словы і, размахваючы рукамі, скакаў, кожны раз правальваючыся ў снег.

У роце зрабілася салёна ад крыві, што пацякла з пакусаных губ. Сяргей сплёўваў крывавыя згусткі, думаючы аб адным — толькі б не замерзла вада. На лбе нарэшце выступіў пот, цела пачало выслабаняцца ад путаў, што скавалі яго.

Хопіць. Цяпер адкрыць капот. Рука наткнулася на цеплыню. «Не паспела!» — радасна падумаў ён.

Але ўсе пачуцці, якія ахапілі яго, былі дачаснымі. Машына не заводзілася. Пачуццё безвыходнасці зноў ажыло ў ім. З маторам нічога сур’ёзнага стацца не магло. Перад выхадам у рэйс працаваў як гадзіннік. Толькі бензаправод хацеў прачысціць і забыўся.

Ён паспрабаваў адкруціць гайку ад бензаправода. Нічога не выйшла — пальцы не адышлі, а тут яшчэ цяжкая, адубелая рукавіца. Сяргей адшпурнуў яе ў снег, адшпіліў ад пояса біклажку са спіртам і, зрабіўшы некалькі глыткоў, выліў астатні спірт на рукі. Пачаў церці іх.

Адразу ж пальцы прыліплі да гайкі. Аддзёрнуў руку і ўбачыў, што на гайцы застаўся ласкут скуры, а з пальца сочыцца кроў. Сцяўшы зубы, ён зноў узяўся за гайку.

Адшукаў у снезе рукавіцу, абгарнуў ёю канец бензаправода і, набраўшы ў лёгкія паветра, што было сілы дзьмухнуў. Залез у кабіну і глянуў на далонь. Доўга ёй цяпер загойвацца...

Матор завёўся, і машына, нібыта прачнуўшыся, кранулася з месца.

Боль крыху адагнаў сон. Каб не адмарозіць твар, ён праз некаторыя прамежкі часу саскрабаў са шкла снег і цёр ім вушы, нос, шчокі, пакуль не наліваліся яны крывёю.

Ён думаў пра тое, што будзе далей. Бензіну хопіць ненадоўга. І тады — заплюшчвай вочы і не тузайся. Кладзіся ў кабіне так, каб зручней выцягваць было. Ён спалохаўся таго, што думаў пра гэта, быццам старонні чалавек, быццам гаворка ішла не пра яго. Яму было ўсё роўна, што будзе далей, ён баяўся гэтага і нічога не мог з сабой зрабіць. І раптам ён адчуў — зараз будзе апошні правал. Вачэй ён не адкрые больш. Тады ён адважыўся — вываліўся з машыны і, крыху прытрымліваючы руль, пабег побач. На адной з выбоін машыну падкінула, і яна рванулася ўлева. Матор заглух. Яго позірк спыніўся на чорнай пляме пад шынамі. Дарога! Ён поўзаў на каленях, гладзіў яе рукамі. Цяпер трэба трымацца! Трымацца! Пачынала днець. Крыху воддаль ён убачыў дрэва. Стары дуб, які невядома як вырас у стэпе. Ён добра ведаў гэты дуб. Шмат разоў праязджаў міма. І гулі над галавой правады электралініі. Уздоўж дарогі ішлі слупы. Кіламетраў сто засталося...

Відаць, з гадзіну ён заводзіў матор. Нарэшце яму гэта ўдалося.

Праз некалькі гадзін удалечыні і паказаліся агеньчыкі. Спачатку Сяргей не звярнуў на іх увагі, думаючы, што проста-напраста рабаціць ад стомы ў вачах. Але агні не знікалі. Іх станавілася ўсё больш.

«Воўчая зграя!» — падумаў ён. Але іх вельмі многа, і яркія яны для ваўчыных вачэй. Прыбавіў газу. Неўзабаве зразумеў, што агні тыя не што іншае, як вокны дамоў. Вокны маленькія, падобныя на амбразуры. Амаль такія, як у іхніх бараках.

...Ля самага першага ён спыніў машыну. Калі вылез, убачыў людзей, якія беглі насустрач. Валька Турбін бег першы.

— Глядзіце, ды гэта ж Сярожка, Сярожка-а-а!!!

Сяргей, спатыкаючыся, ішоў ім насустрач, апусціўшы долу падраныя, акрываўленыя далоні. Ішоў і думаў: «Хоць бы не заплакаць ад радасці, а то ўбачаць слёзы...»


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 73-78
Крыніца: скан