epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Бабіным летам

І выдалася ж Насці раджаць суботнім вечарам! Гадзін у дзевяць пачаліся схваткі. Насця пабялела, ад чаго яшчэ больш выразна праступілі на яе круглым твары вяснушкі.

Свякруха яе, Фёкла, мітусілася па хаце, праклінаючы ў душы сына, якому іменна ў гэты дзень спатрэбілася раптам ехаць у горад па нейкія там запчасткі. Механікам ён быў у калгасе. Толькі-толькі ўборка скончылася, а ўжо новыя клопаты.

Апрача Насці і свякрухі ў доме быў стары. Ён не ведаў, куды падзецца, шаркаў па хаце, стараючыся падалей трымацца ад ложка, на якім мучылася Насця.

— Чорт стары,— закрычала на яго Фёкла,— чаго зенкі вылупіў? Памрэ дзеўка. Разродзіцца і крывёй сыдзе. У раён трэба, у бальніцу. Бяжы шукай дзе хочаш машыну! Каб мігам...

Стары накінуў на плечы ватоўку і, дакладна не ведаючы, куды ісці, паспешліва выйшаў за дзверы. У твар яму ўдарыў вецер, сыпнуў прамоклым лісцем. Ён шчыльней захінуў ватоўку — вось у такую ж пару летась прыхапіла яго запаленнем лёгкіх. Ледзь ачуняў. Стары прайшоў міма некалькіх хат і толькі цяпер зразумеў, што машыну яму не знайсці без дапамогі старшыні. Жніво было. Людзі павыдахліся. Ні паспаць як мае быць, ні выпіць... Цяпер адпачываюць. Каго знойдзеш?

Ён пайшоў напрасткі да старшынёвай хаты. Дзякуй богу, той сам дзверы адчыніў. Жонку старшыні стары недалюбліваў. Шэрай дзеўкай па вёсцы хадзіла, а як старшынёвай жонкай стала (і што ён у ёй такое асаблівае ўбачыў), дык нос вунь як задрала.

— Памажы, Ягоравіч,— узмаліўся стары.— Насця раджаць уздумала...

Старшыня не адразу зразумеў:

— Што я табе — павітуха?

— Ды не,— на твары ў старога напісана было — ну і някемлівы ты.— У раён везці трэба. Андрэй за запчасткамі ў горад паехаў. Хто павязе?

Да старшыні дайшло, Ён накінуў пінжак і ішоў ужо наперадзе старога.

Пайшлі да Данілы Суворына. Толькі дома Суворыных — ні старых, ні маладых — не аказалася. Сусед сказаў, што падаліся яны да сваякоў сваіх у суседнюю Паджылаўку.

— Можа, да твайго, га? — з надзеяй у голасе спытаў стары. Ён меў на ўвазе шафёра старшыні і яго беленькую, праўда, ужо крыху пакамечаную з бакоў «Волгу».

— Адпусціў я яго, чорта, у горад на тыдзень. Зазноба яго ў тэхнікуме. Як не з’ездзіць, дык проста руль з рук выпускае. Не мог адмовіць,— нібы апраўдваўся старшыня.— А вунь, бачыш, у Аляксейчыкаў святло гарыць. Пойдзем зазірнём.

Міхаіл сядзеў са сваім шваграм за сталом і глядзеў тэлевізар. Перад імі стаяла бутэлька.

— Вечар добры,— сказаў старшыня.

І Міхаіл і швагер яго павярнуліся, і адразу было відаць, што абодва падпітыя.

Міхаіл падняўся насустрач, запрасіў да стала.

З другога пакоя выйшла жонка яго Зінка, заспаная і распатлатая.

— Я зараз усё прыгатую. Сядайце, Ягоравіч.

— Па справе мы зайшлі. Прабачце, што пазнавата. Насця раджае. Трэба ў бальніцу везці,— з ходу выпаліў старшыня.

— Пятнаццаць кіламетраў... Мігам дастаўлю. Азірнуцца не паспее,— сказаў Міхаіл і пачаў апранацца.

А стары ўжо адыходзіў да дзвярэй, ведаючы добра, што старая Насцю з п’яным у дарогу нізавошта не адпусціць.

— Толькі вось выпіўшы ты,— уздыхнуў старшыня.

Міхаіл махнуў рукой:

— Мы пакрысе выпілі. Не хвалюйцеся — усё добра будзе. Вы ж мяне ведаеце, Ягоравіч. На мяне гэтая рэч зусім за рулём не дзейнічае. А тут нейкія два кілішкі...

Ён хуценька сабраўся. Калі адыходзілі, трывога мільганула ў вачах Зінкі. Неяк на свята выпіў Міхаіл лішку і бухнуў ёй, што ледзь не з самага маленства Насцю кахаў, а з ёю ажаніўся толькі таму, што яна выбрала другога.

Але Зінка нічога не сказала. Што ўжо тут скажаш — трэба яму ехаць.

 

Насця ачнулася ад падкаціўшага болю і ўбачыла над сабою твар Міхаіла. Падумала, што здалося ёй, і зноў заплюшчыла вочы.

Ён сказаў:

— Не міргай, Насця, вачыма. Ехаць трэба. Праз паўгадзіны будзеш у бальніцы.

Насця павяла позіркам убок і ўбачыла побач з Міхаілам свякруху, а крыху воддаль свёкра і старшыню. Старая ёй кіўнула: маўляў, трэба ехаць. Хацела ёй дапамагчы, але Насця адвяла яе руку і села на пасцелі. Твар яе злёгку паружавеў. І да машыны сама дайшла. Толькі ў кабіну залезці Міхаіл дапамог. Калі ён завёў матор, у вачах у свякрухі бліснула слязінка.

— Едзь, Насцечка, мы заўтра раніцой прыедзем. Дасць бог, усё добра будзе. Унучак у нас з’явіцца. Толькі ты пацярпі. Сцісні зубы і цярпі, а лепш — крычы. Гэта памагае, я ведаю па сабе.

Машына паехала.

Насця адкінулася на сядзенні і гнала прэч думкі аб тым, што зараз пачнецца зноў страшэнны боль. Толькі б даехаць. Заўтра прыедзе Андрэй. Можа, і сапраўды ўсё гэтай ноччу скончыцца. Яна доўга чакала дзіця. Засталося зусім нямнога. Усе праз гэта прайшлі. І яна вытрымае...

— Не думаў я, што буду з табой вось так ехаць,— пачула яна крыху дрыготкі голас Міхаіла. Быццам у горла яму пяску насыпалі.— Вось як бывае.

Яна маўчала.

Вельмі даўно, сярод хмельнага паху квітнеючых яблынь, ён, гэты крыху п’янаваты чалавек, што вёз яе раджаць, цалаваў яе самы першы раз у жыцці. Смешная дзяўчынка была. Думала, што кахае яго. А пасля Андрэя сустрэла. Яго, Міхаіла, праўда, ужо каля яе не было. Ён не павінен быць у крыўдзе на яе. Толькі тады ўжо, калі з Андрэем гуляла, хадзіў Міхаіл следам і прасіў вярнуцца.

Насця старалася думаць пра што хочаш, толькі не пра боль, які зноў пачынаў ажываць унутры. Машына ішла павольна, толькі зрэдку падкідала яе на выбоінах. Насця ў такія мінуты закусвала ад страху губу, але не прасіла Міхаіла, каб ён ехаў акуратней.

Ён увесь час з трывогай глядзеў, ці не мяняецца выраз яе твару, і, здавалася, сам хваравіта пераносіў кожны штуршок.

— Цікава,— зноў загаварыў Міхаіл,— мог бы я цяпер везці цябе ў радзільны дом, як сваю жонку. А родзіш ты сына не мне, а Андрэю. Усё, як у кіно.

Яна хацела сказаць, маўляў, дурны ты, Мішка, знайшоў, аб чым у такі час гаварыць, і наогул ты выпіўшы, вось і мроіцца ў тваёй галаве абы-што, а сваіх дзяцей у цябе ўжо двое. Хацела сказаць, але замест гэтага хапіла некалькі разоў адкрытым ротам паветра... Ускрыкнула.

Міхаіл спалохана глянуў на яе. На лбе выступіў пот, вочы затуманіліся, шэпча ледзь чутна:

— Гані, Мішачка, хутчэй. Не то бяда здарыцца.

Ён выціснуў з грузавіка ўсё. Сам увесь узмакрэў. Насця і крычала, і стагнала, скрэбла пальцамі ветравое шкло. Ён уявіў, што можа зараз адбыцца, і праглынуў камяк. Нечакана зашчымеў у ягонай душы смутак, быццам пыл з сябе страсянуўшы, праглынула, ажыла даўняя крыўда. Крыўда: хутчэй за ўсё, на самога сябе.

— Стой! — раптам закрычала яна.— Стой, нельга больш, нельга.

Ён рэзка затармазіў. Насця цяжка дыхала і глядзела на яго мутным позіркам.

— Чаго ты? — ён асцярожна крануў яе за плячо.— Ехаць трэба. Кіламетры тры засталося, не больш. Гэта ж дробязь, га?

— Едзь,— выдыхнула яна,— едзь.

Толькі паспела яго машына набраць скорасць, як у яе зноў пачаліся схваткі. Яна ўскрыквала, а ён стараўся не глядзець у яе бок і крыку стараўся таксама не чуць. Усё паўтараў на поўны голас:

— Дастаўлю я цябе. Толькі пацярпі, пацярпі, Насця!

Машына яго шпарка імчала па вуліцах райцэнтра да бальніцы. Міхаіл выскачыў з кабіны і што было сілы забарабаніў кулакамі ў дзверы радзільнага аддзялення. Дом гэты ён добра ведаў — два разы прывозіў і адвозіў адсюль жонку. Выбегла сястра ў белым. У яго вушах усё стаяў крык Насці.

— Баба ў мяне. У кабіне. Вось-вось родзіць,— выдыхнуў Міхаіл. І сястра паморшчылася — так несла ад яго перагарам.

Насцю ён узяў на рукі і панёс, баючыся аступіцца. Яе ў яго забралі, некуды павялі.

— Можаце пачакаць,— сказалі яму.

Ён заўсміхаўся:

— А чаго чакаць. Няхай раджае спакойна...

Калі ішоў да машыны, адчуў, што хмелю ў ім быццам прыбавілася. Сеў у машыну. За акном была цемра. Міхаіл стараўся глыбей дыхаць. Дыхалася яму цяжка. Заляцеў у кабіну выпадковы ліст, жоўты і прамоклы.

Праз гадзіну ў Насці нарадзіўся сын. Здаровенькі хлопчык. Амаль чатыры кілаграмы вагой. Урач з палёгкай уздыхнула:

— Добра, што паспелі. Дарэчы, хто яе прывёз?

— А хто яго ведае? Муж і быццам не муж. Чакаць не стаў. Пад хмяльком чалавек. Дзякуй богу, што цэлай давёз.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 130-135
Крыніца: скан