epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Банальная гісторыя

Валевіч стаяў, заціснуты з усіх бакоў, у набітым аўтобусе. Людзі былі пахмурныя і маўклівыя. Валевіч чытаў газету або, дакладней, рабіў выгляд, што чытае. Вочы ў яго зліпаліся, і ён баяўся заснуць. Ехаць яму было яшчэ мінут сорак. Газета не дапамагала. Некалькі разоў галава Валевіча матнулася, як у п’янага. Ён вінавата паглядзеў па баках. Ніхто нічога не заўважыў. Усе астатнія былі ў такім жа стане. Выпадкова павярнуўшы галаву направа, быццам яго штурхнуў нехта з таго боку, ён убачыў яе. Яна ўсміхалася. Напэўна, заўважыла, што ён заснуў на імгненне. Валевіч адвёў ад яе позірк, але потым зноў павярнуў галаву ў яе бок. Калі б яму сказалі, што яна з’явілася з другой планеты, ён паверыў бы. Ён не мог адказаць сабе, у чым справа. Яна была не падобнай на ўсіх астатніх. Валевічу здалося, што ён бачыў недзе гэты твар, нават не бачыў, ён проста думаў аб ім. Ён глядзеў на яе ва ўпор. Такога з ім даўно не было, а можа, не было ніколі. Сэрца яго закалацілася так, нібыта ён закончыў марафонскую дыстанцыю.

І яна таксама на яго глядзела. Ён быў ускудлачаны, крыху ўжо стараваты, і твар у яго быў такі сумны, быццам ён не ўсміхаўся ніколі.

Здранцвенне прайшло ў Валевіча, калі ён зразумеў, што ў наступны момант яна можа знікнуць. Знікнуць назаўсёды. Гэтага нельга было дапусціць. Не звяртаючы ўвагі на незадаволеныя воклічы, ён пачаў прабівацца да яе бліжэй. Цяпер яму здалося, што яна глядзіць на яго са здзіўленнем. Ну і няхай, вырашыў ён, няхай здзіўляецца або нават смяецца.

— Вы на якім прыпынку сыходзіце? — спытаў ён.

Яна сказала, што на наступным. Ён кіўнуў галавой: і я таксама.

Дзверы са скрыгатам расчыніліся, і ён, адпіхнуўшы некага, першым саскочыў на асфальт і падаў ёй руку.

Некаторы час яны ішлі моўчкі.

— Усё гэта дзіўна, вельмі дзіўна,— нарэшце сказала яна.— Нават неразумна.

— Так, я зараз буду гаварыць глупствы,— сказаў ён.— Але я хачу вас убачыць яшчэ раз сёння. Я проста не магу развітацца з вамі адразу, вы ўжо даруйце мне...

Калі ён прамовіў гэтыя словы, яму адразу зрабілася лёгка.

— Я ведала, што вы са мной загаворыце,— сказала яна,— я сама чакала гэтага.

Ён раптам засмяяўся ціхім шчаслівым голасам. І яна ўсміхнулася яму.

— Я ведаю непадалёку адно маленькае кафэ. Чамусьці ў ім ніколі не бывае людзей.

— Гэта проста цудоўна,— сказала яна.

Яны пілі кофе і глядзелі адзін на аднаго. Ён даведаўся, што яе завуць Таняй. Ён быў старэйшы за яе гадоў на дзесяць, і яму было няёмка назвацца Аляксеем. Яна называла яго Аляксей Міхайлавіч.

Усе дні Валевіч думаў толькі пра яе. Ён перастаў стамляцца на рабоце і насіць цёмныя сарочкі без гальштука, зашпіленыя даверху. Яго жонка неяк са здзіўленнем заўважыла, што ён не рэагуе на скандалы, усміхаецца нечаму і кожную раніцу пасля галення лязом дагольваецца яшчэ і электрычнай брытвай.

Звычайна яны ішлі ў маленькае кафэ або ў вялізны парк — былыя каталіцкія могілкі. У дажджлівае надвор’е, а была восень, там амаль не было людзей. Часу ў іх заўсёды хапала, і ён гаварыў, што яны павінны сустрэцца не так. Яна і сама ведала гэта. Яна сама думала аб тым, што яны павінны сустрэцца інакш і надоўга. Яны не ведалі, як гэта зрабіць. І раптам ён знайшоў выйсце: пачаў апантана рамантаваць свой старэнькі «Масквіч» першай мадэлі, які вось ужо некалькі гадоў іржавеў на вуліцы перад домам. Ён адшукваў знаёмых, штурхаўся на аўтамабільным базары, і не паспеў выпасці снег, як яго «Масквіч» паехаў.

— Мы зможам цяпер выязджаць за горад,— гаварыў ён.— Там нас ніхто не ўбачыць і мы будзем нарэшце зусім адны.

Яны доўга вышуквалі ў сваіх буднях свабодны дзень. І знайшлі яго. Ім здавалася, што машына на дзіва марудна паўзе па вуліцах горада, што гэтаму гораду ніколі не будзе канца.

Валевіч і сам не ведаў, адкуль з’явіўся грузавік, які раптам рэзка завіхляў перад імі. Ён не паспеў адказаць сабе на гэта пытанне — раздаўся грукат, і ўсё апанаваў змрок...

— Я мала біў яе, мала. Вы цяпер самі бачыце, што з гэтага атрымалася,— ледзь не крычаў муж Тані да цешчы.

А жонка Валевіча, ачуньваючы ад нашатыру, паўтарала:

— Я ва ўсім вінаватая, толькі я. Ён працаваў, працаваў і не ведаў пяшчоты.

Хавалі іх у адзін дзень на могілках у новым мікрараёне, голых, як пустыня, усеяных вянкамі з жалезнымі кветкамі і жоўтымі купінамі свежых магіл.

Яе муж паглядзеў, як б’юцца камякі зямлі аб накрыўку труны, і неахвотна палез у кішэню за пяцёркай для магільшчыка.

Ля выхада з могілак ён сутыкнуўся з жонкай Валевіча, якая ішла з заплаканым тварам.

— Перастаньце! — рэзка сказаў ён.— Гэта збавенне, запомніце, збавенне!

У яго быў такі спакойны і ўпэўнены твар, што яна не магла яму не паверыць. Слёз болей не было.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 26-29
Крыніца: скан