epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Цыркавая гісторыя

Ці кусала вас калі-небудзь кацяня?

Пэўна, кусала. А шчаня? Таксама...

Ну, а тыгр? Не?! І не раю!

З уступу да цыркавой рэцэнзіі

 

 

— Давай, старушэнцыя, твой выхад, — прамармытаў Фёдаравіч, стары асістэнт Кацьчынага дрэсіроўшчыка Леаніда Ярмілава. Ён вечна гаварыў адно і тое ж, нейкім абыякавым голасам, і асабліва тады, калі ад яго патыхала віном.

Напружыніўшыся, Кацька кінулася з клеткі ў доўгі калідор з кратаў. Бегла яна нячутна, па мяккім і прыемным на вобмацак пілавінні. Кацька ўжо тысячу разоў выбягала такім чынам на арэну і таму заўсёды ведала, што будзе далей. Святло. Вельмі многа святла. І вакол, там, дзе заканчвалася святло, неверагодная цемра. Так было заўсёды. І заўсёды Кацька выбягала на арэну першая, прабягала ўздоўж клеткі круг і гыркала. Праўда, не таму, што злавалася, а таму, што была тыгрыцай і проста не магла інакш. І ўжо толькі потым прыходзіла чарга іншых тыграў. Яны рабілі дакладна такі ж круг вакол клеткі і таксама рыкалі, страшэнна разяўляючы зяпы.

Манфрэд выбег следам за Кацькай і недружалюбна гыркнуў на яе. Абабег вакол клеткі і неахвотна ўсеўся на якраз такую ж, як і Кацька, паласатую і абшарпаную тумбу. Яшчэ раней, на рэпетыцыі, Манфрэд хваляваўся і ледзь не зачапіў лапай Ярмілава. Дурны! Кацька наогул адправіла б даўно Манфрэда ў звярынец, пра які ведала толькі па чутках. Жыві там сабе і гыркай на ўсіх без разбору. І ўсім гэта толькі падабаецца. Усім тым, у каго навідавоку ты ясі, спіш, словам, жывеш.

Загулі барабаны. Спачатку дробным перастукам, а затым усё мацней і мацней. Промні «юпітэраў» пакінулі Кацьку і іншых тыграў у спакоі і перакінуліся да ўвахода ў клетку, дзе ў бліскучым касцюме, стройны і прыгожы, з’явіўся Ярмілаў, Кацьчын дрэсіроўшчык. У руцэ ў яго, як звычайна, была палка, назву якой Кацька, як ні намагалася, запомніць не магла.

Узмах — і ўсе тыгры пачалі рабіць вельмі прывычнае і да дэталяў адрэпеціраванае, або, як гаварыў Ярмілаў, аддрэсіраванае. І пасля кожнага нумара ў цырку пракатваўся шумны ўздых. Тыгрыцы заўсёды здавалася, што людзі ў цырку, гэта значыць, гледачы, уздыхаючы, ставяць сябе на месца Ярмілава і ім гэта не ўдаецца, таму што ім робіцца вельмі страшна. Таму, відаць, і ўздыхаюць, а ў нейкія моманты нават і зусім не дыхаюць.

Калі Кацька раскрывала зяпу і Ярмілаў прасоўваў туды сваю галаву, у цырку панавала цішыня. Кацька разумела, што, хоць Ярмілаў ведае яе цудоўна і ўпэўнены ў ёй, усё роўна яму было страшнавата. Што ні кажы, не проста пакласці галаву ў пашчу з такімі вострымі, як у Кацькі, зубамі. Стой і думай, а што, калі прыйдзе ёй які-небудзь кашмар у галаву...

На гэты раз, каб дапамагчы Ярмілаву лягчэй перажыць гэтыя імгненні, Кацька ўзяла і лізнула яго некалькі разоў у патыліцу, вуха, шыю. Зрабіла гэта вельмі акуратна, каб ніхто не заўважыў. Здарылася падобнае ўпершыню, і Ярмілаў з цеплынёй паглядзеў на сваю старую тыгрыцу, а потым, чаго таксама ніколі раней не здаралася з ім на арэне, пашматаў тыгрыцу па шыі і за вухам, ад чаго ёй зрабілася казытліва.

А калісьці было, што Кацька пакусала дрэсіроўшчыка. Не, не Ярмілава, а зусім іншага, у іншым горадзе і ў іншай краіне. Тады, калі Кацька была параўнальна маладая, і мянушка ў яе была зусім іншая. Пасля таго выпадку да яе доўга не прыходзілі і ежу зусім не давалі, а потым некуды павезлі. Праз некаторы час Кацька ўпершыню ўбачыла Ярмілава. Ён здаўся ёй вельмі маладым і занадта самаўпэўненым. Некалькі разоў Ярмілаў імкнуўся зайсці да яе, але Кацька кожны раз гыркала на яго, ашчэрвалася, і дрэсіроўшчык пакідаў клетку.

Яго асістэнт Фёдаравіч у такіх выпадках змахваў з твару пот, які з’яўляўся ад хвалявання за Ярмілава, і паўтараў адно і тое ж:

— Ну і надулі нас грамадзяне іншаземцы з гэтай звяругай... Прама з джунгляў прывезлі... Відаць, не аднаго ўжо дрэсіроўшчыка ў пузе пераварыла.

— Нічога, Фёдаравіч, прывыкне... Няхай спачатку нораў свой пакажа, — адказваў Ярмілаў, адыходзячы ад клеткі. Голас яго ў такіх выпадках быў зусім нязлосны.

Асістэнт Ярмілава не сунімаўся:

— Не давядзі гасподзь — яшчэ схопіць... Вунь вочы якія, быццам вуголле распаленае...

Потым Ярмілаў яшчэ і яшчэ заходзіў да Кацькі ў клетку, і яна сама ўжо не памятае, калі ўпершыню не загыркала на яго. Напэўна, таму, што дрэсіроўшчык аказаўся настойлівым і не падобным на сваіх калег.

З Ярмілавым Кацька шмат гадоў працавала разам і ведала, што славу Ярмілаў набыў, дзякуючы іменна ёй.

Кацька выконвала ўсё вельмі дакладна, але на гэты раз не думала пра тое, што рабіла. Іменна зараз павінен быць той самы нумар. Каронны. Супраць яго быў дырэктар. Рэжысёр. Усе! Апрача Ярмілава і Кацькі, хоць яна замяніла б толькі партнёра. Вельмі ўжо рызыкоўна выступаць з гэтым жаўтаротым Манфрэдам.

Усе тыгры ўжо «адпрацавалі». Яны засталіся ўтраіх: Ярмілаў, Кацька і Манфрэд. На твары ў Ярмілава крапінкі поту. Гледачы сцішыліся. За кратамі Кацька ледзь пазнае твар рэжысёра. На ім — разгубленасць.

У вачах бліснула полымя — загарэўся круг. О-уп! Манфрэд скочыў на спіну тыгрыцы. Яна адчула, як яго кіпцюры балюча ўпіліся ў шкуру. Скачок. Кацька адчула, як праляцела праз круг. Але адна! Значыць, Манфрэд саскочыў... Нічога страшнага не адбылося, але нумар усё ж не ўдаўся. Дрэсіроўшчык даў знак, каб прынеслі яшчэ адзін круг, і накіраваўся да Манфрэда. Той ашчэрыў зубы і адскочыў, прыціснуў галаву да арэны. У вачах яго бліснулі шалёныя агеньчыкі. Нехта за кратамі войкнуў. У два скачкі Кацька была ля Манфрэда і ўдарыла яго лапай па мордзе. Манфрэд гыркнуў, але не варухнуўся — відаць, нават ён зразумеў, што з Кацькай лепш не звязвацца. Ярмілаў уздыхнуў з палёгкай, супакоіліся за кратамі асістэнты, якія прыгатаваліся адкрыць брандспойты.

— О-уп!

Вось ужо Манфрэд на спіне ў Кацькі і яны разам ляцяць праз вогненны круг...

...Неўзабаве ўсё было закончана, і звяроў вярнулі ў клеткі. Кацька вельмі стамілася і, адмовіўшыся ад вячэры, улеглася ў клетцы. Яна пачала было драмаць, як яе разбудзіла злоснае гырканне Манфрэда, клетка якога знаходзілася за нейкі метр ад Кацькі.

Цяпер ён мог злавацца і гыркаць, ніколькі не баючыся цяжкай Кацькавай лапы. Кацька памкнулася гыркнуць у адказ, як раптам пачуліся галасы Ярмілава і Баграцова, дрэсіроўшчыка вялізных, неразумных і празмерна добрых сланоў.

— Гэта проста цуд, Лёнечка. Прыміце мае віншаванні. Я шмат гадоў у цырку, але такога яшчэ не бачыў, — гаварыў Баграцоў.

— Усё яна, — сказаў Ярмілаў, калі яны падышлі да клеткі, і дрэсіроўшчык, прасунуўшы руку ў клетку, палашчыў Кацьку па шыі.

— Гэта цуд! Гэта самы лепшы нумар, чорт пабяры! — не сунімаўся Баграцоў.

Ярмілаў нявесела ўсміхнуўся.

— Спектакля не было, Сяргей Данілавіч. Манфрэд сапраўды гатовы быў адправіць мяне на той свет. Кацька сама зрэжысіравала.

— Ну, бацечка! — не адразу прамовіў Баграцоў. — Вы нарадзіліся ў кашулі. А гэтая тыгрыца на самай справе цуд.

Яны яшчэ доўга аб нечым гутарылі. Усё больш аб тым, як адпрацаваць нумар, зрэжысіраваны Кацькай. Няхай Манфрэд робіць выгляд на арэне, што хоча кінуцца на Ярмілава, а Кацька ў самы рашаючы момант б’е Манфрэда па мордзе, і тыгр выконвае тое, што яму належыць рабіць.

Але Кацька гэтага ўсяго амаль не слухала і зноў задрамала, як Баграцоў раптам сказаў:

— Лёнечка, можа, вы палічыце гэта нетактоўнасцю або, скажам, яшчэ нечым... Але я хацеў вам сказаць... Каханне да такіх жанчын, як Ларыса, губіць. Будзьце разумнікам, Лёнечка, я ж не проста так гавару. Я паважаю вас як дрэсіроўшчыка, і я ўдвая старэй за вас... Я сам лятаў матыльком у касцёр. І, паверце, гэта не вельмі прыемна, калі вам раптам падпальваюць крылы.

— Навошта гэта размова, Сяргей Данілавіч? — ціха сказаў Ярмілаў.

— Я стары і ўсё бачу лепш, чым вы, хоць даўно ўжо блізарукі. Вы яе кахаеце, Лёнечка, а гэта ўжо гаворыць само за сябе. Але яна лёгкая, як адуванчык... Вам патрэбна іншая жанчына...

Кацька расплюшчыла адно вока і глянула на Ярмілава. Па ягоным твары яна бачыла, што ён гатовы вось-вось сказаць нешта рэзкае Баграцову, але затым убачыла, як Ярмілаў павярнуўся і, прамовіўшы: «Дзякуй, Сяргей Данілавіч, за параду», першым пайшоў да клеткі.

Кацька заплюшчыла вочы, але заснуць так і не змагла, хоць цела ныла ад стомы і цяжару. Яна ведала тую, пра каго гаварыў Баграцоў, і таму ёй было не да сну.

Неяк тыграў Ярмілава, а значыць, і Кацьку, пагрузілі ў вялізныя машыны і павезлі ў порт. Там было сіняе мора, якое закрывалі дамы на вадзе — параходы. Кацька шмат разоў была на розных гастролях, але ні аднаго разу не даводзілася ёй ездзіць на гастролі морам. Яна ўвесь час бегала па клетцы і сама добра не ведала, чаго ёй хацелася. Ёй здавалася, што калісьці ўжо дыхала гэтым паветрам. Кацька нарадзілася не ў клетцы, а на волі. Вельмі даўно яе вылавілі і прадалі ў цырк. Кацька зусім не помніла той час, але варта было ёй удыхнуць марскога паветра, як быццам убачыла сябе іншай — вольнай, на марскім узбярэжжы, сярод дурманячых кветак, сярод ззяння хваляў.

Ярмілаў спачатку ўстрывожыўся, думаючы, што тыгрыца захварэла, але потым, прыгледзеўшыся да яе больш уважліва, убачыў, што вялікія рыжыя ў крапінку Кацькіны вочы зацягнуты тугой, і зразумеў усё.

Ён прыйшоў да яе ў клетку, гладзіў яе галаву, што ляжала ў яго на каленях, і прыгаворваў:

— Ну, што ты, дурненькая... Ну, што ты, супакойся...

Сам Ярмілаў цудоўна разумеў стан Кацькі, і, відаць, таму голас яго гучаў не зусім пераканаўча.

Клеткі стаялі асобна ад людзей, зусім на другой палубе, але Ярмілаў па некалькі разоў у дзень прыходзіў да Кацькі, карміў яе сам і проста сядзеў побач. Аднойчы ён прыйшоў да клеткі разам з жанчынай. Кацька і раней мімаходзь сустракала гэту жанчыну сярод іншых артыстак, што прабягалі, бывала, міма яе клеткі на арэну. Яны вечна шапацелі сваімі моднымі цыркавымі туалетамі і дзейнічалі гэтым тыгрыцы на нервы. Яна гыркала на артыстак, а Фёдаравіч у такіх выпадках гаварыў:

— Не можа Кацярына бабскага духу пераносіць.

Цяпер Кацька ўбачыла адну з тых прыгожых дзяўчат. На гэты раз яна была апранута ў лёгкі сарафан і зусім не падобная сама на сябе. Ціхі вецер растрапаў валасы, што было ёй вельмі да твару.

Жанчына падышла да клеткі зусім блізка, так, што Кацька магла б дацягнуцца да яе лапай. Але Кацька нават гыркаць не стала на гэтую жанчыну, таму што побач быў Ярмілаў.

— Я захапляюся табой, Лёнечка, — сказала жанчына. — Кожны раз уваходзіць у клетку да такіх пачвар... Яна ж можа разарваць чалавека...

— Не гавары так. Яна ўсё разумее...

— О, ты нават навучыў іх думаць? Можа, яна і гаворыць у цябе?! — засмяялася жанчына. — А чаго гэта яна валяецца ў кутку клеткі?

— Смуткуе... Заўсёды смуткуе на паветры. Некалі даўно яна жыла ля мора. Можа, успомніла...

— А яна не падохне ад смутку? — зноў хіхікнула жанчына. — Прапаў тады твой нумар.

Кацька не вытрымала і, ашчэрыўшы зубы, загыркала.

— Супакойся, Кацечка, Ларыса жартуе... — Ярмілаў паклікаў Кацьку, але яна не падышла да яго, а адбегла ў далёкі кут і ўлеглася, адвярнуўшыся.

— Пакрыўдзілася і на мяне, — уздыхнуў Ярмілаў.

Яны яшчэ крыху пастаялі ля клеткі і пайшлі, а ў Кацькі цяжка зрабілася на душы, і пасля гэтага выпадку яна зненавідзела Ларысу.

Дарэчы, ужо назаўтра для нянавісці не засталося месца — пачаліся гастролі, і Кацька забыла пра гэту жанчыну.

Але ненадоўга. На месяц, не больш. Пакуль ішлі гастролі за морам. За ўвесь гэты час Кацька толькі мімаходзь бачыла гэту жанчыну, але ёй было не да яе. Гастролі былі цяжкія, з новымі, зусім нядаўна пастаўленымі нумарамі.

Усё абышлося ўдала, і Кацька гатова была дараваць ранейшыя крыўды Манфрэду, з якога паступова пачынаў атрымлівацца нядрэнны артыст.

Праз месяц зноў пляскалася за бортам мора, а праз які час вярнуліся ў родны горад.

У цырку надыходзілі канікулы — самы жудасны час для Кацькі. Час суму. Ясі, спіш і толькі зрэдку прагульваешся ў спецыяльна адведзенай загарадцы. Да таго ж, на ўвесь гэты час Ярмілаў ад’язджаў адпачываць, а не бачыць яго два месяцы Кацька проста не магла.

Пасля гастроляў Ярмілаў заўважыў, што тыгрыца засумавала. Ён пасадзіў Кацьку ў аўтамабіль, хоць гэта забаранялася рабіць, і павёз да сябе на дачу.

Дача аказалася вялікім мураваным домам з мноствам пакояў. Дасталася яна Ярмілаву ад нябожчыка бацькі — вядомага генерала, і цяпер амаль пуставала.

— Зараз мы з табой абедаць будзем. У мяне для цябе ёсць вэнджаная шынка, — сказаў Ярмілаў і пайшоў завіхацца на кухню.

Кацька тым часам хадзіла па пакоях, абнюхвала і разглядала ўсякія цікавыя рэчы, якіх ніколі раней не бачыла.

У гладкім і бліскучым шкле Кацька ўбачыла старую вялізную тыгрыцу, якая невядома адкуль узялася на дачы Ярмілава, і загыркала на яе. Тыгрыца таксама загыркала ў адказ адначасова з Кацькай. Тады Кацька махнула на тыгрыцу лапай, і тая зрабіла тое ж самае. На падлогу нешта паляцела і разбілася. Гэта была прыгожая каляровая ваза, і Кацька ніяк не магла зразумець, хто гэта зрабіў: яна або старая тыгрыца ў шкле?

На звон у пакой зайшоў Ярмілаў. Але дакараць Кацьку ён не стаў, а толькі засмяяўся, прамовіўшы пры гэтым:

— Ды ты, як кацяня, дурненькая...

Ярмілаў пачаў тлумачыць тыгрыцы, што ў шкле гэта яна, і, каб даказаць тыгрыцы сваю павагу, стаў побач. Кацька ўбачыла ў шкле Ярмілава побач з сабой, і ёй стала вельмі сорамна за сваю неразумнасць.

Яна не стала больш хадзіць па пакоях і ўлеглася на мяккую тахту. Раптам Кацьку патрывожыў вельмі знаёмы пах. Ішоў ён не з кухні і быў знаёмы Кацьцы яшчэ раней. Перад вачыма ў яе прамільгнуў цырк — незнаёмыя гімнасткі і мора — параход і жанчына побач з Ярмілавым, і яе доўгія раскудлачаныя валасы. Кацька ўспомніла пра Ларысу, і ад таго, што яна была тут, у Ярмілава, настрой у тыгрыцы яшчэ больш сапсаваўся.

Кацька адмовілася ад сваёй любімай вэнджанай шынкі, і Ярмілаў ніяк не мог зразумець, што з ёй здарылася.

Праз нейкі час яна нарэшце пачула знаёмыя крокі.

— Радуйся, старушэнцыя, — сказаў ёй Фёдаравіч, — Ярмілаў прыехаў.

Ярмілаў, як здалося тыгрыцы, ніколечкі не абрадаваўся сустрэчы з ёю.

— Як, яна тут? — абыякава спытаў у Фёдаравіча.

— А што ёй зробіцца... Толькі вельмі сумавала...

— Ну і цудоўна, — прамовіў Ярмілаў, пастаяў з хвіліну ля клеткі і пайшоў.

Фёдаравіч прынёс тыгрыцы паесці, але яна, не звяртаючы на яго ўвагі, ляжала ў кутку клеткі.

— Ты на яго не злуйся, дурніца. Справа такая... Баба! Навошта ён толькі з ёю звязваўся, даруй яму божа... Крутнула хвастом і наплявала хлопцу ў душу. Не да цябе яму цяпер... Прыбіты ён...

Ярмілаў не з’яўляўся ў цырку некалькі дзён, а аднойчы позна ўвечары, пахістваючыся, падышоў да клеткі, і Кацька ўбачыла, што ён стаў падобны на вечна падвыпіўшага Фёдаравіча.

— Вось такая штука, Кацярына, — учапіўшыся рукамі за краты, прамармытаў Ярмілаў. — Я пацярпеў фіяска. Кропка! Любоўны карабель разбіўся аб скалы... — саркастычна заўважыў ён.

Дрэсіроўшчык цмокнуў Кацньку ў морду і, хістаючыся, пайшоў прэч. Кацька не ведала, што такое любоўны карабель, але разумела па свайму немалому жыццёваму вопыту, што ва ўзросце Ярмілава тыгры кусаюць дрэсіроўшчыкаў, а людзі дадумваюцца яшчэ да большых глупстваў.

Тыгрыца мітусілася па клетцы, гыркала, але ніхто не звяртаў на яе ўвагі. Тады яна вырашыла захварэць.

Кацька ўлеглася пасярэдзіне клеткі і пачала стагнаць. Калі прыйшоў Фёдаравіч, яна некалькі разоў перакулілася з жывата на спіну і наадварот.

— Няўжо памірае? — Фёдаравіч пакруціўся вакол клеткі і знік.

Праз паўгадзіны ля клеткі з’явіліся Ярмілаў і чалавек у белым халаце. Твар Ярмілава быў не падобны на той, з якім ён толькі нядаўна пакінуў Кацьку. Цяпер ён быў вельмі ўстрывожаны.

— Ну, што з табою, Кацечка? — дрэсіроўшчык гладзіў Кацьку рукой, а ўрач тым часам аглядаў яе.

Пасля яны выйшлі і аб нечым размаўлялі. Пры размове прысутнічаў яшчэ і Фёдаравіч. Ён ківаў галавой і жаласліва глядзеў на Кацьку.

Тыгрыцы зрабілі ўкол, а назаўтра з самага ранку прыехаў Ярмілаў. Ён даваў тыгрыцы горкую ваду, і Кацька, нягледзячы на агіду, піла яе. Дарэчы, яна зусім не звяртала на гэта ўвагі. Адварочваючыся, радавалася — ёй удалося адцягнуць увагу Ярмілава ад ягонага гора, і ён цяпер не зробіць нічога дрэннага.

Цэлымі днямі Ярмілаў быў каля Кацькі, і яна вырашыла, што настаў час перастаць, «выздаравець». Але раптам яна адчула, што расхварэлася не на жарт.

Ярмілаў зусім разгубіўся. Са слязьмі на вачах глядзеў ён на тыгрыцу. Кожны дзень Леанід прыводзіў да Кацькі новага ўрача, але ўсе яны разводзілі рукамі. Тыгрыца вельмі састарылася, і выратаваць яе ўжо нішто не магло.

 

Яе павёз туды сам Ярмілаў. Ён сядзеў за рулём, а Кацька ляжала на заднім сядзенні і глядзела ў акно. Там, за акном, Кацька бачыла аблокі. Яны плылі, то адкрываючы, то зноў засланяючы вялізны і яркі шар сонца, і здавалася, што аблокам доўга не будзе канца.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 309-317
Крыніца: скан