epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Дарога

Палі наўкола загрувашчаны вялікімі і малымі камянямі самай рознай формы. За многімі з іх можна нават схавацца, стаўшы на поўны рост. Паміж камянямі вецер ганяе ва ўсе бакі пачарнелае лісце, што апала з рэдкіх бяроз. У аўтобусе ветру таксама прасторна. Ён праціскаецца ў шматлікія шчыліны, робіць скразнякі, завіхурваецца, а аўтобус, цяжка пыхкаючы, войкаючы, паўзе і паўзе па дарозе, усеянай лужынамі, якія нагадваюць азёры ў мініяцюры. Часам аўтобус узбіраецца на гару, і тады здаецца, што вецер вось-вось сарве яго з месца, узніме ў паветра і шпурне на камяні, што чарнеюць на полі.

Побач са мной, з краю, сядзіць бабуля ў паношанай, расшпіленай на ўсе гузікі ватоўцы. На ёй яркая ў клетку хустка, якая надзейна акаймоўвае зморшчаны твар. Я гляджу ў акно і слухаю нетаропкую старэчую гамонку.

— Вось так і езджу. Бяру катомкі ў рукі і ў дарогу. І ў аднаго сына трэба пабываць, і ў другога, і да дачок — дзве іх у мяне — таксама зазірнуць трэба.

— А яны ў розных месцах жывуць? — упершыню падаю я голас.

— Усіх па розных кутках параскідала. Старэйшы сынок у вялікім горадзе жыве. На самалётах лятае, што палі ўгнаеннямі пасыпаюць. Вялікі чалавек, паважаны. З усялякімі значкамі і іншымі медалямі. Малодшанькі брыгадзірствуе ў калгасе. Таксама на жыццё не скардзіцца. У доме дастатак. Ну, а дочкі, вядома, усё больш па гаспадарцы. У адной мужык у афіцэрах, а у другой — шэф-повар рэстаранны. Дзеці здаровенькія, што яшчэ трэба?

Яна ўздыхае і таксама глядзіць у акно, дзе па-ранейшаму гарэзлівы вецер разганяе апалае лісце...

— Шкада вялікая, што Васіль мой усяго гэтага не пабачыў. Памёр у самым росквіце. Ад работы, бедалага, надарваўся. Адна я з імі ваявала. Усякае было.

Яна зноў уздыхнула, відаць, успомніўшы нешта вельмі сумнае, і сцяла рот, схавала яго ў маршчынках.

Я пачаў падшукваць, што б гэта ёй сказаць, ды так і не падабраў патрэбных слоў. Дарэчы, яна іх і не чакала. Сядзела, гледзячы прама перад сабой, і ледзь чутна напявала нейкую незнаёмую сумную мелодыю. Мне здавалася, што яна наогул забылася і на мяне, і на гэты дабіты аўтобус, і на дарогу... Яна была вельмі далёка адсюль — хутчэй за ўсё, вярнулася на момант у маладосць. Праз некаторы час яна схамянулася, спытала ў мяне ў каторы ўжо раз:

— Ці хутка прыедзем?

— Хутка,— адказаў я.— Вельмі хутка. Праз паўгадзіны, а можа, яшчэ і раней.

— А я заўсёды дарогу любіла,— раптам сказала яна, усміхнуўшыся. На імгненне маршчынкі на яе шчоках зніклі. Але ўсяго толькі на імгненне. Варта было ўсмешцы згаснуць, і яны размясціліся на ранейшых, прывычных месцах.

— Чаму? — спытаў я.

— Калі ў дарозе, усе клопаты знікаюць. Можна ехаць і ні пра што не думаць. Так толькі ў дарозе бывае. А прыедзеш — усё спачатку пачынаецца.

Я хацеў спытаць, якія клопаты бываюць у яе ўзросце, але яна зноў сцішылася і, не адрываючыся, глядзела ў акно.

— Цяпер да каго едзеце — да сына ці дачкі? — спытаў я.

Дзіўна, але ад гэтага пытання яна скаланулася, быццам я прынёс ёй велізарны боль. Позірк яе абвастрыўся, памаладзеў адразу на некалькі дзесяткаў гадоў, але адразу ж згас, стаўшы ранейшым, паўзатуманеным.

— Да малодшага еду,— сказала яна паспешліва і пачала сцягваць вузел на сваёй невялікай торбачцы.

Неўзабаве аўтобус спыніўся.

— Вось я і прыехала,— сказала яна і ўсміхнулася.

Я дапамог ёй вынесці торбу, мы развіталіся, і яна пайшла, ссутуліўшыся, па сцежцы, што бегла ўздоўж дарогі, міма высокіх дрэў. Шафёр, зірнуўшы на гадзіннік, падняў капот і пачаў корпацца ў маторы. Я вырашыў скарыстаць момант і закурыў цыгарэту.

— Па конях! — праз некалькі хвілін выгукнуў шафёр.

Я адшпурнуў цыгарэту ў траву і яшчэ раз паглядзеў услед сваёй спадарожніцы. Маленькая яе фігурка перасекла ўжо дарогу і набліжалася да жоўтага дома сярод дрэў. Я добра ведаў гэты дом. Гэта быў дом для састарэлых.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 23-25
Крыніца: скан