epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Дні, як усе іншыя

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
  З дзённіка Мацея Захарэвіча


1

З малых гадоў Мацей Захарэвіч быў вельмі ўпарты. Неяк, гадоў дзесяць ён меў або крыху больш, надумаў саскочыць са струхлелай крапасной сцяны, якая тырчала з зямлі каля самага дома. Хлапчукі пачалі яго адгаворваць, а Мацей на сваім стаіць, маўляў, усё роўна саскочу, а каб палёт затармазіць, вазьму з сабой матчын парасон ды і палячу, як на парашуце. І паляцеў. Парасон, вядома, не памог, і праз некалькі імгненняў Мацей курчыўся на зямлі, але не крычаў, хоць урач у бальніцы і выявіў у яго прамы пералом нагі. Такіх прыкладаў у жыцці Мацея было шмат. Мусібыць, таму і характар Мацея не ўсім даспадобы — занадта яршысты бывае ён, калі нешта сваё задумае.

Колькі ўжо дзён прайшло, як зняў Захарэвіч сваю сержанцкую форму і пакінуў яе дома, у невялікім пасёлачку кіламетраў за трыста ад Мінска, а ўсё ніяк не мог знайсці чалавека, які вельмі быў патрэбны яму. З гэтым чалавекам — Мікалаем Сямёнавічам Шэпелем — былі звязаны ўсе надзеі Мацея ў апошні год перад дэмабілізацыяй. Да арміі Захарэвіч разам з Шэпелем на суседніх участках працавалі, а дакладней, ён на даробчым участку, а Шэпель — на такарным механічнага цэха № 5 вялікага, але вельмі старога завода. Абсталяванне ўстарэла, а план рос, завод яго не выцягваў, і, як гаварыў другі таварыш Мацея па ўчастку Радый Урбановіч, па мянушцы Радый Уранавіч, дзецям на малако тут цяжка было зарабіць.

Шэпель цвёрда абяцаў Мацею памагчы пасля арміі ўладкавацца на завод, міма якога ён не мог прайсці без хвалявання — завод электронных вылічальных машын, самы складаны і мадэрнавы ва ўсім горадзе, ды і не толькі ў ім. Мацей і сам мог бы пайсці ў аддзел кадраў: так і так, вазьміце. І ўзялі б — адукацыя ў яго для працавітага чалавека добрая — дзесяць класаў, а ў атэстаце ні адной тройкі, тым больш пасля арміі, сержант. Але не хацеў рызыкаваць. Некаторы вопыт у яго ўжо быў — пайшоў тры гады назад у аддзел кадраў свайго завода (завод гэты знаходзіўся побач з домам цёткі, у якой Мацей жыў), і накіравалі яго на ўчастак даробкі — завусеніцы з дэталяў збіваць. Цяпер жа Мацею хацелася стаць настройшчыкам электронных машын. Мацей ведаў, што прафесія складаная, вучобы патрабуе, і ён гатовы быў у вучнях хоць цэлы год хадзіць... Але сам ісці ў аддзел кадраў баяўся: раптам заняты ўсе месцы на ўчастку настройкі, а тады ўжо без знаёмства не абысціся.

У Мікалая ж Сямёнавіча такое знаёмства было — з’явіўся ў яго на заводзе электронных вылічальных машын далёкі родзіч, да таго ж старшы майстар, ён Шэпеля да сябе на завод і перацягваў, а той у сваю чаргу абяцаў Мацею памагчы.

Толькі Шэпеля ён ніяк не мог знайсці. Ён не ведаў, дзе жыве Мікалай Сямёнавіч, і вырашыў шукаць яго на рабоце. Раніцой адправіўся да прахадной завода. Людзі ішлі і ішлі, пакуль восем не прабіла. Шэпеля сярод іх не было. І ў другую змену ён таксама не выйшаў. Мацей уяўляў, як гэтыя людзі-шчасліўчыкі там, за прахадной, займаюцца складанай і цікавай справай, аб якой ён ужо колькі часу марыць, ды ўсё без толку.

Некалькі дзён бадзяўся Мацей ля прахадной, але Шэпеля так і не ўбачыў. Тады ён вырашыў, што, магчыма, Шэпель пайшоў у адпачынак, грэецца дзе-небудзь на сонейку, а ён яго тут чакае тыдзень ці больш.

Мацей пабег у бюро даведак. Высветлілася, што Шэпель Мікалай Сямёнавіч у горадзе не жыве.

— Як гэта не жыве?! — зашумеў Мацей на дзяўчыну, якая паглядзела на яго з цікаўнасцю. І адразу ж успомніў — і на самой справе, не жыве Шэпель у горадзе. Гэта так. Дом у яго ўласны, але за гарадской мяжой. Шэпель гэтым нават ганарыўся: у яго там паветра, што ў лёгкія не месціцца, лес побач, рэчка, а ў горадзе ён больш як сем гадзін знаходзіцца не можа...

Засмучоны прыйшоў Мацей у інтэрнат, дзе ён спыніўся на пару дзён у свайго аднакашніка і земляка Сяргея Вольскага. Абодва яны пасля школы прыехалі сюды ў інстытут паступаць — Мацей у політэхнічны, на механіка вучыцца, а Сяргей — у інстытут народнай гаспадаркі, каб пасля заканчэння таваразнаўцам стаць. Толькі нічога ў іх з гэтага не атрымалася — Мацей не прайшоў па балах, а Сяргей і зусім заваліўся. Мацей тады сабраў у чамаданчык свае рэчы, каб ехаць дамоў, ды Сяргей яго адгаварыў.

— А дзе ты дома будзеш працаваць? На прамкамбінаце дошкі перакідваць? Навошта тады было школу заканчваць? Для таго каб дошкі цягаць, шмат розуму не трэба. Ды і ад суму ў нас памерці можна — тры старых ды два калекі, вось і ўсё насельніцтва. Не, я ў горадзе застаюся. Работку падшукаю, тут яе колькі хочаш, а там, на наступны год, зноў у інстытут падамся. Я знайшоў, у чым мая памылка. Мяне цяпер так проста не заваліш...

Мацея доўга ўгаворваць не давялося. Ехаць дамоў не хацелася. Вольскі меў рацыю — ад суму не памрэш, ды і работы добрай з агнём не знойдзеш.

Сяргей на аўтабазу шафёрам уладкаваўся, а Мацей на завод вучнем пайшоў.

Сябар праз месяц-другі з яго пасмейваўся:

— У мяне сто — сто трыццаць заўсёды ёсць, а ты ўсё на свае трыццаць шэсць вучнёўскіх капусту сёрбаеш.

Хутка Вольскага ў армію прызвалі, ён амаль на год старэйшы за Мацея быў. Прыйшоў з арміі раней і цяпер зноў працуе шафёрам на сваёй ранейшай аўтабазе. У арміі ўмудрыўся першы клас атрымаць, далі яму новую машыну, у далёкія рэйсы пасылаюць.

Мацей у яго пра паступленне ў інстытут запытаў.

Сяргей рукой махнуў:

— А мне і так хопіць. Пад тры сотні выгарае, ды яшчэ з халтуры часам перападае. А што інстытут дасць? Пяць гадоў загублю і за сотню або, у лепшым выпадку, за паўтары на завод? Не, мне і за баранкай добра... А на мой век машын хопіць. Ды і праз сто гадоў робатаў за баранку не пасадзяць.

Мацей думаў пра ўсё гэта, ідучы да інтэрната. Ён узняўся ўжо на чацвёрты паверх, але потым, успомніўшы, што Сяргея няма, спусціўся да дзяжурнай. Яны пазнаёміліся ў першы вечар, калі з Сяргеем адзначалі сустрэчу. Дзяжурная прынесла ім нават салёных агуркоў. З таго самага вечара Мацей з ёй пасябраваў: яна яму абяцала кватэру знайсці, а ён ёй насіў кожны вечар цукеркі, ад якіх яна спачатку адмаўлялася, а потым пачала складваць у шуфляду стала, зазначаючы: «Унучачцы занясу. Яна ў мяне дужа салодкае любіць».

— Ты так хутка прашмыгнуў міма, што я і слова сказаць не паспела, толькі спіну тваю ўбачыла,— сказала дзяжурная.— Сяргей-та паехаў або не сказаў? Так што ключык вазьмі.

Ён узяў у яе ключ, а потым перадумаў, аддаў ключ назад.

— Рана яшчэ. Аднаму сумна сядзець у пакоі. Пайду куды-небудзь.

— Напэўна, дзяўчыну паспеў знайсці ці былая знаёмая? — спытала дзяжурная і прыжмурыла вочы.

— Ні старых няма, ні новых,— засмяяўся Мацей, успомніўшы, што яна вельмі строга сказала ў першы ж вечар: «Жыць — жыві, толькі дзевак не вадзі! Ні днём, ні нанач».

Ён выйшаў на вуліцу, не ведаючы, куды падацца. Стаў пасярэдзіне тратуара, трымаючы рукі ў кішэнях, і людзі абыходзілі яго бокам, не абураючыся, думаючы, напэўна, што ён п’яны. Ад гэтай думкі Мацей чамусьці павесялеў і адразу ж знайшоў рашэнне — схадзіць да цёткі. Усё ж прытуліла яна яго на цэлых паўгода. Ён толькі пасля зразумеў, што каштавала ёй пайсці насуперак свайму мужу Васілю. Ён быў увогуле дзядзька нядрэнны, але страшэнна баяўся, каб Мацей яго не аб’еў, не парушыў яго спакойнае жыццё.

 

2

Мацей выйшаў з трамвая ў новым раёне, дзе ў кааператыўным доме ў трохпакаёвай кватэры жыла цётка з мужам і дзецьмі — сынам і дачкой. Раён за два гады яшчэ больш вырас, з’явілася шмат новых, дзевяціпавярховых дамоў, вуліцу, некалі брудную, у лужынах, заасфальтавалі, з’явіліся ліхтары, з якіх лілося дзённае святло.

Мацей ведаў, што дзядзька Васіль працуе рубшчыкам мяса ў гастраноме каля самага дома, і без цяжкасці знайшоў гэты гастраном, які быў яшчэ адкрыты. Народу ў магазіне было вельмі многа, асабліва ў аддзеле, дзе прадаюць гарэлку і віно. Гэта і зразумела — на гадзінніку без чвэрці сем, хутка на прылаўку застануцца шампанскае, каньяк ды сухія віны, на якія грошай трэба значна больш, чым, скажам, на звычайны партвейн. Мацей каля гэтага аддзела абыякава праходзіў і да арміі. У арміі ж ён ад віна зусім адвык і, пасля таго як яны з Сяргеем адсвяткавалі сустрэчу, два дні хадзіў як у тумане, усё не мог адысці ад тупога болю ў галаве. Сяргей над ім падсмейваўся: маўляў, яны ў сваёй часці ў звальненнях умудраліся так добра выпіваць, што і начальства не заўважала...

Сёння трэба ўзяць хоць бы бутэльку віна. Ну, ды гэта дзядзька Васіль хутка зробіць, а пару рублёў яму Мацей дасць, каб пасля гаворкі не было.

Дзядзька Васіль быў на месцы. Яшчэ больш патаўсцеў, у белым, месцамі запэцканым халаце, ён спрытна рассякаў тушу на роўныя кавалкі. Жанчыны ў чарзе раз-пораз давалі яму парады. Асабліва тыя, што стаялі наперадзе і чакалі свайго кавалка мяса.

— Ты, сынок, мне кавалачак добры адсячы, на катлеткі ўнукам,— асіпла паўтарала старая, самая першая ў чарзе.

— Як атрымаецца, цётачка,— паміж ударамі сякеры гаварыў Васіль.— Усім вам добры кавалак хочацца, а косці ніхто спісваць не будзе. Нам усё трэба прадаць — і мяккія кавалкі, і цвёрдыя.

Ён нарэшце расклаў мяса на прылаўку, і тады падышла прадаўшчыца. Дзядзька Васіль выцер пот з твару і сабраўся пайсці за вузкія ацынкаваныя дзверы, якія вялі, напэўна, на склад. Тут яго Мацей і паклікаў. Дзядзька Васіль неахвотна азірнуўся, думаючы, напэўна, што нехта просіць адсячы кавалачак мяса, але, убачыўшы Мацея, заўсміхаўся ва ўсю шырыню свайго тоўстага, без маршчынкі, твару.

— Мацей! Мне Ганна гаварыла, што ты вярнуўся. Дык вось які ты! Першы клас хлопец.

— І вы таксама — першы клас! — сказаў Мацей.

— Не жартуй, браток. Тоўсты я таму, што сэрца пачало трывожыць... Ты вось што — выходзь на вуліцу і чакай мяне. Я з шэфам у добрых адносінах, думаю, адпусціць. Ды і мяса я сёння гару цэлую насек, няхай ядуць на здароўе.

Не паспеў яму Мацей і слова сказаць наконт віна, як дзядзька Васіль борздзенька схаваўся за дзвярыма. Мацей падышоў да віннага аддзела, якога добра і бачна не было з-за натоўпу мужчын. Нейкі спагадлівы, з тых, што стаяў наперадзе, напэўна, пашкадаваў Мацея — не дастанецца ж яму да сямі, калі ў хвост чаргі стане, а магчыма, у кампаньёны сабе прыкмеціў. Ва ўсякім выпадку, прапанаваў Мацею свае паслугі:

— Што табе ўзяць, хлопец? Давай грошы...

— Бутэльку партвейну і пачак «Прымы».

— Ты лепш «Біле міцне» вазьмі, «біяміцын» па-нашаму, ад яго толк будзе, а ад партвейну толку ніякага, павер мне, дзядзьку Колю. Я ўсё ў гэтай справе і нават больш, чым трэба, ведаю...

— Добра, давай «біяміцын»,— згадзіўся Мацей, зразумеўшы, што ад дзядзькі Колі не адчапіцца. Тут на дзядзьку закрычалі, чаго, маўляў, сваіх у чаргу прыстройваеш, ды яшчэ рэкамендацыі даеш.

— Хопіць вам, языкі параспускалі! — ціха, але ўпэўнена сказаў дзядзька Коля.— Свой хлопец гэта, зразумела? Разам мы і яшчэ каго-небудзь з сабой прыхапіць можам, толькі не языкастых.

Мацей засунуў у кішэню штаноў бутэльку і паспяшаўся развітацца з дзядзькам Колем, які ад яго ні на крок не адставаў, прапаноўваючы і на самой справе пайсці разам.

— Не магу, чакаюць,— сказаў Мацей.

— Свая, значыцца, кампанія,— панура вымавіў дзядзька Коля.

Аказваецца, Васіль стаяў збоку і за ўсім гэтым назіраў.

— І што за алкаш да цябе прывязаўся?

— Незнаёмы чалавек. Зрабіў паслугу — бутэльку без чаргі ўзяў.

— Захапляешся?

— Ды не. Нават наадварот.

— Гэта добра. А сустрэчу мы гарэлачкай адзначым. Яна ў мяне ў халадзільніку стаіць. Закусачку я прыхапіў. Ганна адбіўныя па-англійску зробіць — пальчыкі абліжаш. У арміі цябе такім не прыкармлівалі.

— Гэта праўда ўжо, біфштэксу па-англійску не давалі,— згадзіўся Мацей.

Дзверы ім адчыніла Ганна Іванаўна, Мацеева цётка па маці. Яна абняла Мацея і пацалавала ў лоб.

— Зусім мужчынам стаў, зусім дарослы.

— Ты нюні не распускай, а ідзі на кухню. Закуску нам гатуй.— Васіль падаў ён пакунак.

Цётка быццам бы толькі цяпер убачыла мужа.

— А дзе гэта вы сустрэліся?

— Мацей малайчына, у магазін па мяне зайшоў, не забыў сваяка!

Яны селі ў мяккія крэслы, і Мацей не ведаў, куды пакласці рукі.

Дзядзька Васіль борздзенька накрыў стол сурвэткай, паставіў бутэльку гарэлкі і дзве піва. Мацей дастаў з кішэні свой «біяміцын» і таксама паставіў бутэльку на стол.

Ганна на кухні вельмі хутка справілася з закускай.

— Давайце вып’ем, каб у цябе, Мацей, усё наступнае жыццё, да самай старасці, як па масле ішло,— сказаў Васіль.

Кульнулі па чарцы і ўзяліся есці прыгатаваныя Ганнай Іванаўнай біфштэксы па-англійску. Яны былі пахучыя, мяккія, і Мацей сказаў:

— Такіх я, і праўда, ніколі не еў.

Васіль хмыкнуў задаволена.

— Уся прычына тут у мясе. Каму-каму, а сабе я такі кавалачак у любой, нават самай здохлай, тушы знайду.

— А чым ты, Мацей, збіраешся займацца? — спытала Ганна Іванаўна, упершыню падаўшы голас.

— На завод пайду. Толькі вось чалавека патрэбнага ніяк не магу знайсці — быццам скрозь зямлю праваліўся. Ён мне паспрыяць абяцаў.

— А я ж таксама на заводзе працаваў,— усміхнуўся дзядзька Васіль і, як здалося Мацею, з нейкай унутранай урачыстасцю глянуў на яго.

— Вы?!

— Так. Не чуў ніколі? Давай вып’ем, я табе зараз раскажу. Чалавек ты свой, цябе навесці на розум трэба.

Выпілі яшчэ і яшчэ. Дзядзька Васіль прыкметна захмялеў. Калі Ганна Іванаўна выйшла, растлумачыў:

— Я сёння ўжо таго... Была справа. З хлопцамі паелі як трэба — каньячку ўзялі, балычком закусілі. Дык вось слухай, на заводзе я працаваў, гэта праўда, хочаш, пасведчанне пакажу — токар чацвёртага разраду. Цяпер бы ўжо шосты даўно меў, а магчыма, і ў майстрах хадзіў бы. Але які толк? Я за дзве сотні там працаваў як вол, пасля змены аж у вачах цёмна было, а тут... Сустрэў неяк сябрука свайго былога, ён і кажа, маўляў, жыццё, Васька, праходзіць, у ім, у гэтым жыцці, хоць бы крыху пажыць трэба дзеля сябе, як чалавеку. Ну і ўладкаваў мяне ў гастраном рубшчыкам мяса...

Тут увайшла Ганна Іванаўна, і дзядзька Васіль на секунду замоўк, пасля чаго растлумачыў ёй:

— Я Мацея розуму вучу. Вось на завод збіраецца зноў, а я і кажу — не трэба. Я магу яго ў любы магазін уладкаваць рубшчыкам, свае людзі, дзякуй богу, усюды ёсць... А работа наша, Мацей, прама табе скажу, даходная. Мазгамі, вядома, трэба варушыць. І два чырвонцы ў дзень да заработнай платы мець будзеш. Магчыма, і больш, толькі скнарам быць нельга ў нашай справе. А я чалавек не сквапны... Я адзін каньяк піць магу. Толькі не трэба, не дурань я. Людзі што скажуць, калі я бутэлькі з-пад аднаго каньяку здаваць пачну? А людзі заўсёды бачаць тое, што ім не трэба бачыць.

— Выпіў ты, я гляджу, вельмі многа,— рэзка перапыніла мужа Ганна Іванаўна.— Няхай чалавек сам думае, што яму рабіць. А ты язык менш распускай.

— На завод я пайду,— сказаў Мацей.— З металам працаваць хачу. А потым і ў інстытут. Пазаймацца толькі трэба — забыў я ўсё.

Ён не стаў больш піць і ўстаў, каб ісці, сказаўшы, што позна ўжо і яго могуць не пусціць у інтэрнат.

— Пасядзі яшчэ, дзівак! Ідзі рубшчыкам,— гаварыў дзядзька Васіль, дыхаючы яму ў твар.— Хлопец ты кемлівы, розум маеш. Не спяшайся...

Ужо ў дзвярах, раптам працверазеўшы, дзядзька Васіль спытаў у яго, глянуўшы скоса на жонку:

— А жыць дзе думаеш?

— Ёсць у мяне кватэра. Знайшоў — асобны пакойчык і не вельмі дорага,— схлусіў Мацей.

— Гэта правільна,— павесялеўшы, сказаў дзядзька Васіль.— Самастойнасць — галоўнае. А табе ў жыццё трэба ісці, час ужо. Толькі паслухай мяне. Сам прыкінь — навошта мне табе зла жадаць?!

 

3

Мацей не захацеў выклікаць ліфт і збег па лесвіцы, быццам баючыся, што дзядзька Васіль яго дагоніць і зноў загаворыць, дыхаючы яму ў твар. Блякла свяцілі праз заслону туману ліхтары. Мацей паглядзеў на гадзіннік — у інтэрнат ісці рана. Сумна сядзець у пакоі аднаму.

Ён пайшоў пешшу. І раптам падумаў, што зусім побач адсюль яго былы завод. Нешта варухнулася ў душы, страпянулася сэрца — ён жа назаўсёды вырашыў: назад у цэх даробкі, да напільніка і завусеніц, дарогі няма.

Хутка ён дайшоў да старога завода, які здалёк нагадваў дзівосны карабель, што плыве, пагойдваючыся, праз туман. Дыхаў завод па-начному спакойна. Мацей перайшоў пустыр, дзе некалі быў гарадскі сметнік, і апынуўся на беразе Свіслачы. За ёй, зусім побач, на супрацьлеглым беразе, быў завод. Мацею здалося, што паветра пахне свежым, толькі што з работы, металам. Яму страшэнна захацелася зазірнуць у свой цэх, дакрануцца рукамі да гарачага металу.

Ён вырашыў адправіцца заўтра на завод, пабачыцца з хлопцамі.

Раніцай, калі ён ішоў у натоўпе, які гусцеў па меры набліжэння да завода, то нічым не адрозніваўся ад іншых рабочых. Толькі раз-пораз круціў галавой па баках у надзеі ўбачыць знаёмы твар. Яшчэ вечарам ён дастаў з чамадана новы касцюм, куплены яму бацькамі адразу ж пасля прыходу з арміі, але так і не апрануў яго. Нацягнуў джынсы, світэр — старую сваю заводскую амуніцыю, і цяпер яму самому здалося, што ідзе на завод не проста так, а заступаць на змену.

Перад самай прахадной пачуў знаёмы голас, ды так блізка, што нават уздрыгнуў. Ён адразу пазнаў Радыя Урбановіча, вядомага на заводзе па мянушцы Уранавіч. Ён стаяў перад Мацеем у яркай клятчастай кашулі, старых джынсах. На галаве ў яго была добра знаёмая Мацею пацёртая замшавая кепка — прадмет асаблівага гонару Радыя. Ён усміхнуўся Мацею, паказваючы два пярэднія залатыя зубы, і моцна сціснуў яму руку.

— А я гляджу і думаю, хто гэта так абцасамі грукае, быццам не працаваць ідзе, а маршыруе на парадзе. Аказваецца, Мацей! Вярнуўся? Не пазнаць цябе! Зусім хлапчуком быў, а цяпер дзяцюк што трэба! Да нас на завод вырашыў вярнуцца?

— Ды не. Хачу на другі ўладкавацца. Толькі чалавек мне адзін вельмі патрэбны, каб памагчы.

— А дарэмна, Мацей! Завод наш змяніўся. Праўда, ужо і тры дырэктары змяніліся. Але трэці сапраўдны!

— Я таксама вельмі рады,— сказаў Мацей. Праўду сказаў, вельмі ўзрадаваўся ён сустрэчы з Радыем. Два гады назад ім проста часу не хапіла, каб стаць шчырымі сябрамі. З Радыем ён адчуваў сябе ўпэўнена, з ім ніколі сумна не бывала. І слова такое скажа, што кожнаму ў душу западзе.

— Ты ўсё завусеніцы збіваеш? — спытаў Мацей, які з першага імгнення думаў аб гэтым.

— Ты што?! Якія завусеніцы?! У нашым цэху цяпер зусім участка даробкі няма. Расшырылі гэты ўчастак у сёмым механічным, а нашы ўсе на месцах засталіся. Некаторыя перавучваліся крыху, а хто і так абышоўся. Прыйдзеш і ўсё сам убачыш.

— Можа, ты дзе-небудзь сустракаў Мікалая Сямёнавіча?

— Шэпеля, ці што? — здзівіўся Радый.— Сустракаў, і не выпадкова. Кожны дзень яго бачу.

Мацей са злосцю плюнуў:

— Вось д’ябал, а я яго, як дурань, ля прахадной завода электронных вылічальных машын пільнаваў. Ён жа збіраўся звольніцца з гэтага завода.

— Гэта правільна, збіраўся і амаль кінуў. Але раздумаў раптам...

Яны падыходзілі да прахадной.

— Давай так: я цябе прыкрыю, а ты мух не лаві — ідзі спакойна, як ні ў чым не бывала,— хуценька сказаў Радый.— Інакш з пропускам навалэндаешся, а без яго не прапусцяць — вахцёр сёння вельмі злы стаіць.

«Вяртушка» падштурхнула Мацея, і адразу ж ён трапіў быццам на зусім незнаёмы завод. Не, цэхі адразу ж за прахадной былі ўсё тыя ж — цёмныя, з пабурэлай і патрэсканай ад часу чырвонай цэглы, з невялікімі, вузкімі вокнамі, але паўсюдна было шмат кветак — чырвоныя, ярка-жоўтыя. І не было пакарабачаных скрынь-кантэйнераў з-пад новага абсталявання, смецця.

— Ну і цуд! — толькі і змог сказаць Мацей.

Радый засмяяўся, моцна паляпаў Мацея па плячы:

— Ну, як, змяніўся наш старэнькі заводзік?! Ідзеш, быццам па праспекце, і дзяўчаты, між іншым, таксама сустракаюцца не горшыя, чым на праспекце.

— Дзяўчат пакуль, прабач, не заўважыў, а завод, і на самой справе, не пазнаць.

— Ты не ведаеш, што тут на заводзе рабілася. Напэўна, высокае начальства вырашыла ўзяцца за завод як след. І так круцілі, і так — а да плана дарога доўгая. Канца ёй не відаць. На ўсіх нарадах завод крытыкавалі. Мне аднойчы таксама ўляцела на нарадзе перадавікоў. Выступае адзін і гаворыць, маўляў, так і так, прадукцыю вы, вядома, добрую выпускаеце, слава аб ёй па ўсёй рэспубліцы, калі нават не па краіне і далей, ідзе, але мала прадукцыі. Гэта ён пасля майго выступлення гэтак прайшоўся па нас.

— А ты што ж?

— А я з залы крыкнуў: а ты прыйдзі да нас на завод ды і выдай план на абсталяванні, якое дажывае свой век. Ты не толькі план, але і дэталь добрую не вытачыш. На мяне, зразумела, з усіх бакоў зашыкалі. Начальства на гэтай нарадзе шмат усялякага было, але я стрымацца не мог.

Гэта было так падобна на Радыя Уранавіча! Некалі, два з палавінай гады назад, Мацея ўпісалі ў дружыну. Радый у іх цэху за дзяжурства адказваў. Пайшлі яны ў суботу дзяжурыць разам у парк. Гадзін у дзесяць ля танцпляцоўкі пачалася бойка — нейкі хлопец біў дзяўчыну. Яна закрывала твар рукамі, але гэта ёй не вельмі ўдавалася. Радый схапіў хлопца ззаду за рукі, але той вырваўся. Мацей зрабіў падсечку, і хлопец расцягнуўся на асфальце. Радыя, збялелага ад злосці, нельга было ўтрымаць. Ён некалькі разоў тузануў хлопца, прыгаворваючы пры гэтым:

— Вось табе, гад...

Потым, калі яны разыходзіліся па дамах пасля дзяжурства, Радый сказаў:

— Вы, хлопцы, прабачце. Але не мог я стрываць.

Яны прайшлі амаль увесь завод, пакуль не дайшлі да свайго цэха.

— Цікава ведаць, ці пазнаюць хлопцы,— сказаў Радый.— Шчыгол шчыглом быў, пушок на верхняй губе — ты толькі не сярдуй за такое параўнанне, а цяпер — мужык.

Першым, каго яны ўбачылі ў раздзявалцы, быў Мікалай Сямёнавіч. Ён моцна паціснуў руку Мацею, прыгаворваючы:

— Пачакай, пачакай, дай я на цябе пагляджу як след.

— Ды што яго разглядваць? Байцом стаў сапраўдным, з такім у агонь і ў ваду можна ісці,— сказаў Радый, падміргваючы Мацею.— А ён вас, Сямёныч, шмат дзён ля прахадной завода электронных вылічальных машын пільнаваў. Адрас шукаў па ўсіх бюро даведак, а на завод, дурань, прыйсці не здагадаўся.

— Няўжо?!

— Было такое, Мікалай Сямёнавіч. Памятаў я нашу размову аб пераходзе на завод электронных машын. Думаў — вы ўжо там даўно. Вось і тырчаў перад пачаткам кожнай змены каля прахадной.

Шэпель развёў рукамі:

— Памятаю, была такая размова. Быў час, як кажуць, без агеньчыка працавалі — то дэталяў няма, то яшчэ якая затрымка. Ды і план кожны месяц не выконвалі. Заробкі малыя былі. Ды не ў тым справа. Вам, маладым, грошы больш патрэбны — у мяне дзеці, дзякуй богу, самі зарабляюць, дом ёсць таксама, але не магу я працаваць, калі не цікава мне. Вось і думаў пайсці на той завод і цябе з сабой узяць. Але за гэты час многае змянілася.

— І яшчэ як! — перапыніў Шэпеля Радый.— Наш Мікалай Сямёнавіч пад старасць угару пайшоў. Пакуль ты ў арміі быў, ён над кніжкамі сядзеў.

Мацей адразу ж заўважыў, што Шэпелю вельмі хочацца падправіць жоўтыя ад тытуню канцы сваіх пушыстых вусоў. Ён заўсёды гэта рабіў, калі яму было добра на душы — за гэту звычку за ім нават мянушка прычапілася «Дзядзька Коля вышэй-вус». На гэты раз рука на паўдарозе спынілася.

— Ты кінь, Уранавіч! Надакучыла ўжо — і самому б не шкодзіла калі-нікалі кніжку адкрываць. Дэтальку ж сапсаваў у апошні раз, і класічна сапсаваў. А чаму? У чарцяжы блытаўся, як у цёмным лесе.

Радый ад гэтых слоў нават рот адкрыў. Мацей ведаў — не змоўчыць ён, і вырашыў супакоіць:

— А чаго гэта вы, Мікалай Сямёнавіч, за навуку раптам узяліся? Здаецца, такога ў вас раней не было.

— І дрэнна, што не было.— Шэпель усё ж дакрануўся да вусоў. Але не стаў закручваць іх, а проста пацерабіў.— Тут вось што атрымалася. Падаў гэта я заяву на звальненне. Пры цяперашнім ужо дырэктару. І раптам — выклікаюць мяне да яго. Прыйшоў. Мужчына перада мной маладжавы, падцягнуты. Цыгарэты адну за адной выкурвае. Без такіх, як вы, Мікалай Сямёнавіч, кажа, завод мне не выцягнуць у строй нармальных і перадавых. Пачаў аб планах сваіх гаварыць.

Радый усміхнуўся:

— Сямёныч пры словах аб плане аж слязу пусціў. Пасля ўвесь цэх яму хустачкі прапаноўваў — свая ўся ад слёз была мокрая.

— Ды кінь ты! — спыніў яго Шэпель.— І што за натура ў цябе такая — так і наравіш з чалавека пакпіць... А пасля дырэктар і прапанаваў мне ў майстры падацца, у сувязі з тым, што цэх пераабсталёўваецца, а людзей вопытных мала. Ну і пайшоў я, Мацей, у школу майстроў. Два гады назад. Думаў, не вытрымаю, а быццам бы і нічога!

— Значыцца, вы цяпер наш майстар? — міжволі вырвалася ў Мацея слова «наш». Быццам бы ён ужо ў цэху працаваў. Але ў Шэпеля гэта слова не прайшло па-за ўвагай.

— Вось, ваш майстар. Твой і вось яго, на вялікі жаль, таксама. Ты давай, Мацей, прыходзь зноў на завод. Нечага табе рабіць на другім заводзе. Усё ж як-ніяк, а год да арміі адпрацаваў у нас. Хлопцы часта добрым словам успаміналі, вось Радый не дасць схлусіць.

— Правільна, успаміналі,— пацвердзіў Радый.— Асабліва той выпадак, калі майстар Аляхновіч цябе, рыцара завусеніц, ад новенькага такарнага станка адцягнуў.

Мацей адчуў, што чырванее.

— Нічога не зробіш, было і такое,— развёў ён рукамі.— Дзе цяпер Аляхновіч?

— У другі цэх перакінулі, на ўмацаванне,— сказаў Радый.

— Гэта нядрэнна. Я па ім не буду плакаць.

Мікалай Сямёнавіч пераапрануўся, Радый таксама, і яны ўсе разам накіраваліся ў цэх. У цэху стаяла непрывычная цішыня. Такое бывае перад пачаткам першай змены. Толькі дзе-нідзе паміж станкамі людзі мітусяцца. Да пачатку змены яшчэ чвэрць гадзіны.

— А варштата свайго не шукай,— сказаў Мікалай Сямёнавіч.

Мацей падышоў да такарнага станка, які стаяў каля самага прахода.

Тут быў раней іх участак. І ён па сем гадзін у дзень завусеніцы збіваў, а потым стаяў і стаяў каля такарных, фрэзерных станкоў, стаяў і глядзеў. Майстар Аляхновіч яму сказаў, пасміхваючыся:

— Ты не глядзі дарэмна — пакуль яшчэ не дарос да такіх агрэгатаў.

А ён ціхенька — часам у абед або пасля змены — ішоў працаваць на станках. Хлопцы да яго прывыклі. Часам нават давалі папрацаваць, а самі ішлі перакурыць. Аднойчы Мацея прыкмеціў майстар. Ён пачаў адцягваць яго ад станка, а Мацей, учапіўшыся, прыгаворваў:

— А сілы ў мяне крыху больш!

На Аляхновіча пасля гэтага выпадку карыкатуру намалявалі ў заводскай насценгазеце з подпісам: «Адносіны Аляхновіча да тэхнічнага прагрэсу». Аляхновіч, убачыўшы Мацея, бурчаў: «Праславіў мяне на ўвесь свет»,— але да станкоў пачаў падпускаць. Калі-нікалі Мацей замяняў прагульшчыкаў. Асабліва ў тыя дні, калі план гарэў і работы было шмат.

— Той самы станок, аляхновіцкі! — усміхнуўся Мацей.— Як жа часта я яго ўспамінаў! Так часам хацелася стружку паганяць!

— Цяпер колькі хочаш ганяй... Ты мне, ветэрану-працаўніку, павер,— Радый стукнуў сябе кулаком у грудзі. І тут жа дадаў: — Ты паглядзі толькі! Хлопцы ўжо дым пускаюць.

Ён паказаў у той бок, дзе была курылка. Па сутнасці, гэта была не курылка, а пляцоўка паміж паверхамі. Курылка знаходзілася ў другім месцы, чамусьці далёка ад цэха, і хлопцы аблюбавалі гэту пляцоўку. Спачатку начальству гэта не падабалася, а потым і яно прывыкла — на пляцоўцы крэслы паставілі і урны, каб цыгарэты па закутках не валяліся. Часам сам начальнік, асабліва ў гарачыя дні, выбягаў сюды выкурыць цыгарэтку-другую.

— Вы пакурыце, а я ў сваю канторку патэпаю, трэба такія-сякія паперкі з раніцы перагледзець,— сказаў Шэпель.— Ты, Мацей, да мяне потым забяжы. Абмазгуем, што і як.

Радый шаркнуў нагой:

— Начальству свая дарога, нам — свая,— і падштурхнуў Мацея да дзвярэй.

На прасторнай пляцоўцы паміж паверхамі было поўна дыму. На лаўках, старых, выцертых да бляску, сядзяць даўнія знаёмыя Мацея. Сярод іх — і Арцём Васюшкін, выдатны токар, былы марак Балтфлоту.

Люльку пакурвае Сяргей Здольнік. Ён, напэўна, хутка інстытут заканчвае. А на завод Сяргея пасля школы прывёў яго бацька, ці то прафесар, ці то дацэнт. Спачатку, гавораць, з ім давялося павалэндацца, а пасля станок у Сяргея працаваў так, што ўсе аж дзіву даваліся.

Вася Палуян не курыць, але ў курылку прыходзіць кожны раз, проста так, для кампаніі. Чалавек ён спакойны і нават завельмі — здараецца, за дзень слова ад яго не пачуеш. І зараз сядзіць моўчкі, зрэдку дым ад сябе адганяе...

— Прывітанне кампаніі! — прагрымеў Радый, і не паспелі яму адказаць, як адразу ж спытаў: — Пазнаеце?

— Як не пазнаць! — усклікнуў Здольнік.— Быццам учора яшчэ гэты хлопец завусеніцы напільнікам шараваў, а пасля ля майго станка круціўся.

— Гэта праўда,— падтрымаў яго Васюшкін.— Быццам учора выйшаў, а сёння вярнуўся. Моцным хлопцам стаў, быццам не ў пяхоце служыў, а ў марфлоце. Хоць пасля марфлоту ты яшчэ лепш бы выглядаў, пяхота...

— Цяпер пяхоты няма,— сказаў Мацей незласліва.— Даўно ты, Арцём, у арміі служыў.

Мацей прысеў на крэсла, Радыю цыгарэту працягнуў, сам закурыў.

Арцём спытаў:

— Ты што, пакрыўдзіўся? Вы толькі паглядзіце на яго!

Трохі счакаўшы, азваўся Сяргей:

— Ды ты са сваім марфлотам мне, напрыклад, за чатыры гады сумеснай працоўнай дзейнасці, як гаворыць наш непасрэдны шэф Мікалай Сямёнавіч, усе вушы пратрубіў і, мала таго,— галаву адурыў. Чалавек толькі форму зняў, а ты... Брыгадзір,— Сяргей павярнуўся да Радыя,— растлумач як кіраўнік таварышу марфлотцу, што яго паводзіны проста незразумелыя.

Мацей паглядзеў на Радыя са здзіўленнем, брыгадзір, аказваецца, а ні аднаго слова аб гэтым не сказаў.

А Палуян маўчаў, як і два гады назад. Зрэдку ён адганяў дым, і на шырокім, пляскатым твары яго панаваў спакой.

— Хопіць языкамі мянташыць,— сказаў Радый, а Мацей падумаў: «Магчыма, яго і Уранычам непрыгожа называць, як-ніяк брыгадзір».— Час ужо да станкоў тэпаць, а нам трэба яшчэ адно пытанне вырашыць. Наконт пятага чалавека ў брыгадзе.

Палуян упершыню падаў голас:

— Такога, як Пецька наш быў,— не знойдзеш. Старанны хлопец.

— Пецька ад нас прамым ходам у армію пайшоў,— павярнуўся Радый да Мацея.— Сам хлапчук яшчэ, а працаваў добра.

— І каго ты ў кампанію цягнеш? — узняўшыся, спытаў Здольнік.

— Я Мацея прапаноўваю.— Радый паглядзеў на сяброў.— Але прымушаць не буду, каб пасля розных размоў не было, калі што...

Мацей нават здрыгануўся пасля такіх слоў, адчуў, што хоча штосьці сказаць і не можа.

— Нам чалавек гатовы патрэбен або вучань,— выпускаючы дым кольцамі, сказаў Арцём, гледзячы на Мацея.— Вучнем жа ён не пойдзе — як-ніяк, па слясарнай справе разрад мае. А вось ці пасябруе ён з такарнай? Праўда, я памятаю, са станком ён спраўляўся нядрэнна. Але ж колькі часу мінула. Ставіць адразу на заданне... Спачатку на аперацыёнку, скажам.

— Праверыць,— рашуча сказаў, быццам адсек, Палуян.— І рашыць — ставіць на заданне або няхай з месяц у вучнях паходзіць.

— Правільна! — згадзіўся Васюшкін.

Радый спытаў:

— Згодны?

Мацей нічога не адказаў. Толькі кіўнуў галавой.

У цэху было ўжо шмат народу. Той-сёй уключыў станкі. Нейкая дзяўчына сустрэла іх кампанію словамі:

— Радыйнікі, закончылі ранішні перакур?

— Закончылі,— адказаў Радый.

А Сяргей сказаў Мацею:

— За намі трывалая мянушка замацавалася — «радыйнікі» або яшчэ «уранавічы».

— А гэта новенькі з вамі? Дзесьці я яго бачыла.

— Напэўна, у кіно,— сур’ёзна адказаў Арцём.— А магчыма, і ў метро.

— Дурань ты паласаты,— адказала дзяўчына, маючы на ўвазе, напэўна, нацельнік, які Арцём насіў пад кашуляй. Два верхнія гузікі кашулі былі расшпілены.

Мацей на гэту дзяўчыну і не паглядзеў. Яму было не да яе, але Арцём яго папярэдзіў:

— Гэта не па тваіх зубах персона і не па нашых. Тут адзін да яе заляцаецца — інжынер не вельмі, але з выгляду важны.

Мацей нічога не адказаў. Яны падышлі да станкоў, на якіх працавала брыгада Радыя.

— Вось твой,— забірай і карыстайся! — сказаў Радый. Мацей адразу пазнаў — той самы, ад якога яго майстар два гады назад адганяў.

— Які б яму чарцёжык падкінуць? — Радый пацёр падбародак.

— Хопіць вам хлопца дарэмна палохаць,— азваўся Сяргей.— Наваліліся з чарцёжыкамі... Ён два гады служыў, ды і раней да станка хінуўся.

Мацей паклаў Сяргею руку на плячо. Сам не ведае, як у яго гэта атрымалася.

— Хопіць, Сяргей! Я ўжо настроіўся. Давайце чарцёж.

Радый паціснуў плячыма і пачаў корпацца ў скрыні свайго варштата, а Васюшкін апраўдваўся:

— Мы ж нічога такога. На справе рашылі праверыць, вось і ўсё. Калі забыўся што-небудзь, няхай падвучыцца месяц-другі. Правільна я кажу, Васька?

Палуян згадзіўся.

Радый прынёс чарцёж.

— Я не вельмі цяжкі выбраў, самы патрэбны. Ты паглядзі, разбярыся, што да чаго. Прут звычайны. Трэба пратачыць яго зверху, парэзаць і зацэнтраваць. Пасля нас паклічаш.

Агледзеў сваю раць і скамандаваў:

— Браточкі, за станкі.

Моўчкі ўсе разышліся. Мацей застаўся адзін, абапёрся на станок. Чарцёж увогуле быў просты. Толькі вось рукі ў яго не тыя сталі... Але часу на трэніроўку не было. Ён падышоў да Радыя, які схіліўся над станком, крануў яго за плячо:

— Гатова. Можна пачынаць.

— Ужо?! Паглядзеў бы яшчэ, разабраўся б лепш.

Мацей адчуў у голасе Радыя непрыхаваны сорам за тое, што пагадзіўся на гэту праверку.

— Не, усё гатова. Я праўду табе кажу.

Радый сабраў хлопцаў. Мацей выбраў загатоўку, заціснуў яе.

— На, вазьмі акуляры,— Сяргей працягнуў яму свае.

Мацей адмахнуўся:

— Сёння парушу тэхніку бяспекі. У апошні раз...

Ён уключыў станок. Скажаш каму — не павераць. Але дэталь у гэтыя мінуты ён амаль што не бачыў. Вочы адкрыты шырока, але цяпер яны ў той жа самы час амаль невідушчыя. Ні рэплік ён не чуў, ні поту, што струменьчыкамі сцякаў па твары, спіне, не адчуваў. Неабходна было сачыць за тым, як рухаецца рука, з якім рытмам, хуткасцю, а яшчэ — адчуваць дотык да дэталі... Тут патрэбны асаблівы спрыт, каб не ўпусціць і не перастарацца.

— Усё.— Ён працягнуў гарачую дэталь Радыю.— Замярай, Ураныч!

— Мокры ты ўвесь! — уздыхнуў Палуян.

Радый усміхнуўся.

— Да навошта замяраць? Вока ў мяне напрактыкавана. І так бачу — ёсць работа.

— Калі-небудзь вучоныя сканструююць прыбор, які будзе рэгістраваць хвалі ад нашай псіхікі. Якія ж буры зафіксуе ён у такія вось мінуты,— вельмі сур’ёзна сказаў Сяргей, а Мацей зазначыў, што гаворыць Здольнік прыгожа, лепш, чым два гады назад. І ў каторы ўжо раз пазайздросціў яму.

Падышоў Мікалай Сямёнавіч.

— Чым гэта вы тут займаецеся, а станкі маўчаць?

— Ды вось тут Мацей...— Радый падаў Мікалаю Сямёнавічу дэталь.

— Ёлупні! — усклікнуў той.— Праверку наладзілі?

— Толькі як гэта з аддзелам кадраў узгадніць? — Радый глянуў на ўсіх.— У яго ж разрад па слясарнай справе...

— Ты за гэта не хвалюйся,— Мікалай Сямёнавіч узяў Мацея за локаць.— Забыўся, ці што, хто цяпер аддзелам кадраў кіруе? Вось так. Наш былы начальнік цэха. На пенсію пайшоў, а каб дома не сядзець і розніцу паміж зарплатай і пенсіяй не адчуваць, у кадры падаўся. Я з ім дамоўлюся. А потым, зразумела, на разрад Мацей здасць. Толькі вышэй за слясарны...

— Тады поўны парадак,— згадзіўся Арцём.

А Сяргей заўважыў:

— Станкі, між іншым, стаяць без справы. А хутка ж канец месяца.

— Ну, ідзіце да станкоў,— сказаў Шэпель.— А мы з табой, Мацей, пойдзем проста ў аддзел кадраў.

 

4

Нізка над горадам навіслі хмары. Імжэў дождж. Людзі пахаваліся пад парасоны. Мацей ішоў проста па лужынах, не абыходзячы іх, не пераскокваючы. Упершыню за столькі дзён ён нарэшце супакоіўся. Быццам адразу ўсё стала на свае месцы. Каля самага стадыёна Мацей вялікімі глыткамі асушыў куфаль халоднага піва. З раніцы ён не паспеў перакусіць і крыху ап’янеў. Падумаў з хвіліну, ісці на футбол ці не варта, і вырашыў, што трэба схадзіць — даўно не быў. Ужо забыўся, як і мяч па полі ганяюць.

Пакуль стаяў па білеты, наслухаўся ўсялякіх прагнозаў ды футбольных плётак. Да пачатку матча была яшчэ гадзіна, і ён падаўся ў інтэрнат да Сяргея з двума білетамі ў кішэні. Сяргея ў пакоі не было. На стале ляжала запіска. Высветлілася, што Сяргей паехаў на суботу і нядзелю ў Барысаў. Яго дзяўчына была адтуль. Вось і ездзіў так кожны тыдзень, каб бацьку яе спадабацца. Торты ўсё вазіў ды сухое віно. Мацею ён прызнаўся:

— У мяне ад гэтага сухога па тры дні галаву ломіць. Але марку трымаць трэба — цесць жа, акрамя сухога, у рот нічагусенькі не бярэ.

Мацей падлічыў свой капітал. Грошай яшчэ на месяц хопіць. З панядзелка ён пойдзе на работу і ў аванс што-небудзь атрымае.

Са спакойнай душой Мацей апрануў новы касцюм, пачапіў гальштук і пайшоў на стадыён.

Падышоў да галоўнага ўвахода і адразу ж убачыў Арцёма Васюшкіна. Арцём стаяў, шырока расставіўшы ногі, з цыгарэтай у зубах. На ім было лёгкае чорнае скураное паліто.

— Прывітанне яшчэ раз,— сказаў ён Арцёму і падаў руку.

Арцём быў рады гэтай нечаканай сустрэчы, заўсміхаўся шчыра. І адразу ж камплімент у адрас Мацея падкінуў:

— Ты ў сваім касцюме элегантны, як іспанскі спявак Рафаэль. Ведаеш такога?

— Ведаць не ведаю, дарэчы, так, як і ты, але чуў. А ты ў чорным макінтошы на камісара Мегрэ падобны. Толькі нацельнік усё ж трэба было скінуць.

Арцёму гэта параўнанне спадабалася.

— Ты амаль адгадаў,— сказаў ён з адценнем паблажлівасці,— мяне, дарэчы, пасля марфлоту ў кантору запрашалі. І не абы-куды, а ў крымінальны вышук.

Ён прыціх, чакаючы, што Мацей здзівіцца, і Мацей гэта зразумеў:

— Няўжо праўда?

— А што! Не за тое, што здаровы і высокі, а за ўменне. Я да марфлоту кандыдатам у майстры па самба быў і першы разрад па боксу меў. Не верыш? Ты мне, дружа, напомні калі, я табе пасведчанне пакажу.

— Абавязкова напомню. А чаму ж не пайшоў у крымінальны вышук?

— Не мая гэта справа. У кожнага чалавека справа па душы павінна быць. Вось у мяне таксама. І ў цябе. Ты што думаеш, я ў марфлот гандлёвы не мог пайсці? Я ж матарыст першага класа! На моры мог такія грошы мець, што і не сніліся таму ж дарагому і паважанаму Ваську Палуяну. Ведаеш, ён такое аднойчы выкінуў: за пяцігодку павінен набыць «Жыгулі».

Мацей нават прысвіснуў.

— І не ўпікнеш нічым. Збірае сабе на «Жыгулі» — і добра. Чэсна грошы зарабляе, але ж не гэта галоўнае. Таму і не пайшоў я ў крымінальны вышук і на моры не застаўся.

— А як жа нацельнік?

— Памяць аб моры. Але я адразу ведаў, што галоўная мая справа — завод. Люблю я яго — і ўсё. І пяцігодка мая не грошы, хоць яны мне і не пашкодзілі б, як, дарэчы, і табе.

— Я з табой згодны,— сказаў Мацей.

— А значыць, разумееш, чаму правяралі цябе сёння. Не ката ж у мяшку браць. Бегаў па цэху хлопец — гэта адно. А рабочы новы ў брыгадзе — зусім іншае.

Да Арцёма падышлі знаёмыя хлопцы. Ён на гадзіннік паглядзеў, незласліва вылаяўся:

— Усіх бы вас на камбуз за такія штучкі. Спазніліся на цэлых дваццаць мінут!

Мацей з усімі пазнаёміўся. Перад тым як ісці на стадыён, выпілі па куфлю піва. Тут Мацей успомніў, што ў яго адзін лішні білет.

— У якім сектары? — спытаў Арцём.

— Цэнтр.

— Ого! Гэта выдатна. Я з Мацеем, а вы дуйце ў свой дваццаты. Пасля матча сустрэнемся ў кафэ.

Высветлілася, што за два гады ў мінскім «Дынама» многае змянілася — прыйшлі новыя ігракі. Арцём ведаў амаль усіх. Ён раз-пораз выкрыкваў прозвішчы, свістаў і не даваў Мацею як след сачыць за гульнёй. Калі цэнтральны нападаючы спатыкнуўся і не прабіў з выгаднай пазіцыі, Арцём закрычаў:

— Чаго капыты шкрабеш, уставай, філон!

Яго падтрымала добрая палова сектара, усчаўся такі свіст, што Мацей ажно прыкрыў далонямі вушы. Так глядзець футбол ён не любіў. Сам некалі гуляў за зборную раёна і ведаў, як гэта цяжка. А тут — чэмпіянат краіны. Нялёгкі хлеб у футбалістаў...

Матч мінчане выйгралі, і ў кафэ было цесна — балельшчыкі адзначалі перамогу.

Арцём спытаў:

— А жыць дзе збіраешся?

— Я яшчэ не падумаў нават аб гэтым.

І сапраўды, у мітусні сённяшняга дня, задаволены, што з работай усё так добра атрымалася, зусім забыўся пра кватэру. У Сяргея сорамна ў інтэрнаце тырчаць, ды і папрасіць могуць.

— Ты вось што зрабі,— сказаў Арцём,— не штурхайся ні ў якім аддзеле аб’яў і ў новыя мікрараёны таксама не ідзі — толку ад гэтага не будзе. Марока адна. Два дні ў цябе наперадзе — субота і нядзеля. Ты прамым ходам у сельгаспасёлак. Месца добрае — цэнтр побач. Там кватэру хутка знойдзеш. І грошы невялікія.

Назаўтра раніцай Мацей сеў у аўтобус і паехаў у сельгаспасёлак, які знаходзіўся паміж двума мікрараёнамі. Тут былі толькі прыватныя домікі. Першы дзень яму не пашанцавала, а на другі, калі ў яго ўжо зусім не заставалася надзеі знайсці кватэру, дзверы невялікага доміка, які стаяў пасярэдзіне саду, адкрыла жанчына ў чырвонай, залапленай у многіх месцах кофце.

— Я наконт пакойчыка,— у які ўжо раз сказаў Мацей.

Гаспадыня агледзела яго з ног да галавы і сказала:

— На вуліцы нязручна неяк гаварыць. Заходзь у хату.

У маленькім і чыстым пакойчыку яна ўважліва вывучала Мацея сваім нетаропкім, паўзатуманеным поглядам.

— Сядай,— падсунула табурэт.— З арміі нядаўна?

— А вы адкуль ведаеце?

— Прычоска кароткая. Цяпер такія не носяць.

Мацей правёў далоняй па галаве.

— Так, нядаўна. Вось толькі на работу ўладкаваўся і кватэру шукаю.

— Я бачу, што шукаеш. Жыву я адна, нядаўна стала адна жыць, і кватаранта вазьму. Ты скажы мне толькі — выпіваеш?

Мацей адмоўна пакруціў галавой. Яму чагосьці захацелася падняцца і пайсці. Нават сам не ведае чаму.

— Дзевак вадзіць не будзеш?

Мацей нічога не адказаў і, рыпнуўшы маснічынамі, памкнуўся да дзвярэй.

— Ты, здаецца, пакрыўдзіўся. Ход у твой пакой асобны, з сенцаў, а народ вы малады ды ранні. Сын мой, прыкладна тваіх гадоў, гэтым ходам карыстаўся. А потым і дастукаўся. З аднаго пачаў, а другім кончыў. Вось я і спытала... А рэчы хоць сёння можаш прывозіць. Браць з цябе буду пятнаццаць рублёў у месяц. Тут усе так бяруць. Згодны?

Зніякавеласць ад гэтых слоў знікла.

— Дзякуй,— сказаў Мацей,— а рэчы я заўтра вечарам, пасля работы, перавязу.

Яна павяла паказаць Мацею яго пакой. Пакой быў маленькі, але светлы. Вокны выходзілі на сонечны бок, проста ў сад.

Калі Мацей сабраўся ісці, яна раптам схамянулася:

— Мы ж так і не пазнаёміліся. Варвара Цімафееўна я.

— А я Мацей.

— Мацей? — яе шэрыя бровы папаўзлі ўверх.— Трэба ж так. Мой шалапут таксама Мацей. У гонар дзеда яго так назвалі. Толькі не ў дзеда ён, не ў бацьку і не ў маці...

Вечарам у інтэрнаце Мацей пачаў складваць рэчы ў чамадан. Перагарнуў падручнікі — забыў ён амаль усё. Цяжкавата будзе пачынаць усё спачатку.

 

5

Быў яшчэ паўзмрок. Мацей стаяў ля акна і глядзеў на вуліцу, дзе церусіў дождж.

Усім, каго ведаў Мацей, спалася ў дождж, як у бярлозе, а ён звычайна прачынаўся ў дажджлівае надвор’е рана і слухаў, як барабаняць кроплі па даху. Сёння ён удосталь наслухаўся гэтай мелодыі. Гадзін з пяці раніцы, напэўна. Потым прачнулася гаспадыня. І навошта так рана падымацца — на работу ёй к дзевяці.

Мацей паляжаў яшчэ крыху, узяў кнігу па такарнай справе. Кнігу Мікалай Сямёнавіч ледзь не сілком прымусіў узяць: маўляў, вывучай, у нашай рабоце без навукі нельга.

Усё ў ёй было, гэтай кніжцы. Толькі аб адным нічога не сказана — як навучыцца гэтыя праклятыя, няўлоўныя мікроны браць. Тут, напэўна, ніякая навука не паможа. Спрыт асаблівы патрэбен, жалезныя нервы — а ўсё разам гэта і ёсць талент. Ва ўсякім выпадку, Мікалай Сямёнавіч так лічыць. А ўжо каму-каму, а яму Мацей верыць. Хлопцы з брыгады заўважылі, што Шэпель па некалькі разоў у дзень наведвае Мацея, усё парады яму дае, ледзь не руку падпраўляе.

— Ты старайся самае нутро металу ўбачыць, калі хочаш душой яго адчуць,— вучыў ён Мацея.— Без гэтага не будзе сапраўднага майстра. У рабочага таксама талент павінен быць.

— Так ужо і талент?! — не стрымаўся Мацей.

Здавалася, кончыкі вусоў Шэпеля вось-вось уверх узнімуцца, ды і сам ён нейкі яршысты стаў:

— Ты слухай, што табе дзед гаворыць. Ты думаеш, рабочы — гэта той, у каго нічога іншага ў жыцці не заставалася? Так, ці што?

— Вось такога я не казаў, ды і не думаю так,— адказаў Мацей.

— Усё роўна слухай. Апошнія блазнюкі так думаюць! Рабочы — гэта таксама, як у газетах пішуць, прызванне. Я вось, напрыклад, нікім іншым быць не змог бы.

Мацей усміхнуўся:

— А вось у майстры пайшлі ж.

— Гэта іншая справа. Гэта, калі хочаш ведаць, партыйнае даручэнне. Але не ў гэтым справа. Іду раніцой на завод і думаю па звычцы: вось уключу зараз станок і пачну валок абдзіраць. А прыходжу — гаварыльняй пачынаю займацца: то дэталяў няма, то ад каго-небудзь гарэлкай на ўвесь цэх патыхае, то шчыгол які на работу не выйшаў. Я ўжо маўчу аб плане. Асабліва аб тых днях, калі ён зусім гарыць і начальнік цэха з усіх стружку здымае.

Радый з Мацея кпіў як мог.

— Напэўна, хоча цябе Мікалай Сямёнавіч у героі сацпрацы або ў ардэнаносцы вывесці.

Тут ужо і Арцём падключыўся:

— А медаль нашаму Мацею, чуў я, ужо выточваюць у суседнім цэху, дзе адна прыгажуня працуе. Яна гэты самы заказ і выконвае...

Мацей таксама хацеў пажартаваць, але Радый сказаў ужо зусім сур’ёзна:

— Ты прыслухоўвайся да Сямёныча. Токараў такіх на нашым заводзе больш не знойдзеш.

Мацей нічога не адказаў. Ён думаў аб тым, што Арцём усё прыкмячае. Заўважыў і тое, што Мацей часта заходзіць у суседні цэх, каб убачыць дзяўчыну, якую сустрэў яшчэ ў першы свой дзень на заводзе. Тую самую, ля якой, паводле слоў хлопцаў, усё ўвіваецца інжынер з іхняга цэха. Дзяўчына Мацею адразу спадабалася. Нейкі незвычайны твар у яе — задуменны і ў той жа час вясёлы. Вочы вялікія, сінія. І валасы доўгія, спадаюць на халат з-пад беласнежнай шапачкі. Цэх, дзе працуе дзяўчына, падабаўся Мацею — там ціха, усюды кветкі, быццам у аранжарэі. І дах незвычайны — шкляны. Нічога дзіўнага — цэх аптычны. Таня, так завуць дзяўчыну, збірае прыборы, якія завод асвоіў зусім нядаўна. Калі Мацей ішоў у армію, не было гэтага цэха. Дзяўчыны таксама не было. Ва ўсякім выпадку, Мацей мог паспрачацца з любым, што раней не сустракаў яе.

З дзяўчатамі ён адчуваў сябе не вельмі смела. Праўда, два гады назад час ад часу хадзіў на танцпляцоўку. Там, на танцпляцоўцы, дзяўчаты былі знаёмыя, з імі ўсё было інакш...

А з Таняй у Мацея казус атрымаўся. Ён часта заходзіў у оптыка-механічны цэх. Каб не выклікаць падазрэння, браў з сабой Сяргея Здольніка. Але Таня, напэўна, адразу зразумела, што Мацей сюды не на кветкі паглядзець прыходзіць. Неяк у сталоўцы сама падышла да яго і сказала:

— Мяне Таняй завуць, а цябе як?

— Мацей.

— Я вырашыла сама падысці да цябе, а то ў цябе смеласці так і не хопіць,— засмяялася яна і пайшла.

Арцём яму падміргнуў.

— Глядзі, каб на дуэль цябе не выклікаў інжынер. А ўвогуле, віншую — гэта поспех. Бачыў — яна сама да цябе падышла.

У той дзень Мацей раней за іншых прыйшоў у цэх. За шклянымі дзвярыма курылкі ўжо віўся дымок. Ён паспяшаўся ў цэх оптыкі. Але там яшчэ было пуста. Мацей прайшоў цэх з канца ў канец і ля ўвахода сутыкнуўся з майстрам.

— Слухай, хлопец, ты, напэўна, вельмі оптыкай цікавішся, калі тут маячыш кожны дзень?

— Вы правільна заўважылі, цікаўлюся.

Майстар аптычнага цэха паглядзеў на яго і ўсміхнуўся. У цэху амаль адны дзяўчаты, і хлопцы сюды з усяго завода прыбягаюць.

Калі Мацей прыйшоў у свой цэх, усе былі ўжо на месцах.

Арцём пажартаваў:

— Зноў ты не з раздзявалкі ідзеш...

— Пакінь чалавека ў спакоі і лепш парадуй яго,— Сяргей Здольнік артыстычна нахіліўся і паказаў рукой на Васюшкіна.

— Браточкі, сёння старому марскому воўку, гэта значыць мне, трыццаць гадоў споўнілася.— Арцём пацягнуў сябе за вушы.— Карацей — я запрашаю ўсіх вас...— і прашаптаў: — У мяне ёсць спірытус самы што ні ёсць сапраўдны — медыцынскі. Як слязінка!

— Я не супраць,— сказаў Урбановіч.— Дзень нараджэння адзначыць — добрая справа. Толькі дзе?

— Як дзе? — здзівіўся Арцём.— У нашу паркавую забягалаўку — цётка Маша для мяне і маіх сяброў адпаведную закусь прыгатуе.

Не паспеў Арцём давесці сваё, як Мацей сказаў:

— Я ў забягалаўку не пайду. Там адны заводскія алкаголікі збіраюцца. Нам там што рабіць?

Ад нечаканасці Арцём папярхнуўся:

— Вы толькі паглядзіце на яго! Няйначай, у святыя меціш. У нас, дарагі дружа, у краіне сухога закону няма. А забягалаўка — не прыватная крамка. Дзяржаўная, між іншым, установа.

— Толькі піць там нельга,— сказаў Мацей і павярнуўся, каб ісці да свайго станка.

Спыніў яго Сяргееў голас:

— Я неяк у суботу па парку з дзяўчынай гуляў. Залік якраз здавалі і пайшлі праветрыцца. Ідуць наперадзе два хлапчукі і адзін аднаму гавораць: «Паглядзі, зноў рабочыя ў забягалаўцы п’юць». З пагардай гавораць... У кафэ гулянка поўным ходам ідзе. І хто ж там сядзіць? Праўду кажа Мацей — нашы заводскія выпівохі. А пасля дзякуючы ім які-небудзь мамчын сынок-піжончык скажа: «Рабочыя п’юць...» І гэта да ўсіх нас адносіцца. Не, я туды таксама, выбачай, Арцём, не пайду.

Радый уздыхнуў і паглядзеў на Арцёма. Палуян усміхнуўся:

— Вось і дамовіліся!

— Я ж як лепш хацеў,— неяк разгублена сказаў Арцём.

Мацею стала яго шкада.

— Можна што-небудзь больш цікавае прыдумаць,— сказаў ён і паглядзеў на Сяргея: у таго галава заўсёды поўная ідэй.

— Давайце вось што зробім,— азваўся Здольнік.— Спакойненька закончым работу, пойдзем дамоў пераапранёмся і сустрэнемся ў сем ля рэстарана. Напрыклад, ля «Юбілейнага». Скінемся і адсвяткуем дзень нараджэння Арцёма прыгожа, з музыкай...

— А спірт я вазьму на ўсялякі выпадак,— сказаў радасна Арцём.— Лічу, што не пашкодзіць. У мяне ён у пляскатай бутэльцы. Пакладзеш яе ў кішэню, і ніводзін метрдатэль не заўважыць.

Радый пасля гэтых слоў нават прысвіснуў:

— Зноў ты за сваё. Пакінь свой спірытус на прымочкі. А то будзе вельмі прыгожа, калі нас з рэстарана выведуць...

Усе пайшлі да сваіх станкоў. Выгляд у Арцёма быў сумны. Мацей яму сказаў:

— Бачыш, як усё добра атрымалася. А ты — у забягалаўку хадзем!..

Мацей уладкаваўся ля станка. Зрабіў абдзірку валка і валэндаўся з цыркулем, вымяраючы дыяметр. Паступова — з радасцю адчуваў гэта з кожным днём — Мацей усё больш набіваў руку. Праўда, ён па-ранейшаму быў на аперацыёнцы і ўпотай, а часам і ўслых, зайздросціў хлопцам.

Радый яго супакойваў:

— Нічога, зусім мала засталося табе. Пагляджу я, колькі з цябе патоў сыдзе. Сам не рады будзеш, што з аперацыёнкі пайшоў...

Мацей дэталяў амаль не псаваў, а калі і здаралася гэта, дык толькі з-за празмернага старання.

— Мандражэ цябе яшчэ крыху б’е,— гаварыў Арцём.— Ты спортам займаешся? Так вось у спорце бывае: перахвалюешся да старта — і дрэнь справы...

Мацей вытачыў апошнюю дэталь, яшчэ гарачую, кінуў яе ў паўнюткую скрыню з такімі ж дэталямі і паглядзеў на гадзіннік.

Рука Арцёма лягла на плячо Мацея.

— Дарэмна на гадзіннік глядзіш. У мяне на канец змены страшэнны нюх, асабліва сёння. Бяжы дамоў і каб ля «Юбілейнага» ў палове восьмай быў.

— Прывычка армейская яшчэ не прайшла. Не спазнюся.

Мацей пачаў прыбіраць станок, адкрыў сваю шафу для інструментаў. На трымальніках было шмат разцоў.

Арцём прысвіснуў:

— А ты запаслівы гаспадар. Адкуль столькі набралася?

Мацей правёў рукой па разцах.

— Ды вось так назбіраў... Больш за ўсіх, вядома, Сямёныч дапамог.

— Ну што ж, я табе таксама што-небудзь падкіну. У мяне такія, што больш ні ў кога не ўбачыш. Сам усялякіх прыстасаванняў навыдумляў.

— Я тое-сёе бачыў,— сказаў Мацей.

Ён і на самой справе часта назіраў за работай Арцёма. Бывала ўсялякае. То Сямёныч накрычыць, то Радый моцнае слова адпусціць за брак — калі Арцём не ў форме быў. Ён у такія дні ад складаных дэталяў рукамі адбіваецца, а калі ёсць у яго жаданне папрацаваць — толькі вучыся!

Арцём падміргнуў Мацею:

— Бачыць — гэта адно... Вось калі я табе што-небудзь раскажу... Толькі гэта як-небудзь пасля.

Дома Мацей дастаў з чамадана новую кашулю, гальштук. З-пад цэлафанавага мяшка ўзяў новы касцюм, наглянцаваў чорныя фінскія чаравікі, якія падарыў яму бацька.

Пачуўся асцярожны стук. Увайшла Варвара Цімафееўна. Пачуліся кухонныя пахі — смажанага мяса, цыбулі...

— Можна да цябе?

— Заходзьце, Варвара Цімафееўна.

Мацей стаяў перад ёй у новым касцюме. Толькі гальштук не паспеў завязаць, трымаў яго ў руках. Яна ўсміхнулася:

— Быццам з вокладкі часопіса «Служба быту» сышоў. Куды гэта ты сабраўся?

Мацей пачырванеў ад такога камплімента.

— Усёй брыгадай у рэстаран вырашылі пайсці. Дзень нараджэння ў аднаго хлопца.

Яна прысела на самы краёк табурэткі.

— Усёй брыгадай — гэта можна. Ад калектыву адступацца нельга,— сказала яна і ўздыхнула.— А я цябе хацела на абед запрасіць. Адной кавалак у горла не лезе. Налью талерку і гляджу ў яе, а есці ніколечкі не хочацца.

— Учора паштальёна я ў вашым двары сустрэў.

— Пісьмо прынёс. Я яго папрасіла, каб у рукі мне аддаваў. Рэдка сын піша. Баюся, каб не згубілася пісьмо. Крыўдна будзе. Піша, што зразумеў цяпер, як жыць трэба. А я веру і не веру. Напэўна, ад таго і пакутую.

— Лепш за ўсё верыць у добрае,— сказаў Мацей і толькі цяпер заўважыў, што ён стаіць перад ёй пасярэдзіне пакоя і гальштук у руках камечыць. Гальштук ён на спінку ложка павесіў, падышоў да крэсла, думаючы, якія б ёй словы сказаць.

— У мяне салдат у аддзяленні служыў. Прозвішча ў яго дужа смешнае было —Нетудыхата. Заўважаю я — ходзіць сам не свой. «У чым справа?» — пытаю. Маўчыць і толькі пісьмы падае. Чытаю. Піша таварыш нейкі, што дзяўчына яго... Ну, не стала, словам, чакаць.

— Так часта бывае,— сказала глухім голасам Варвара Цімафееўна.— Цяпер дзяўчаты такія — лішняга дня чакаць не будуць. Не ўсе, вядома.

— А я яму кажу — нікому не вер. Хлусіць якая-небудзь пачвара, і ўсё! Потым я ад яго пісьмо атрымаў. Недарэмна я яму раіў у добрае верыць. Дзяўчына яго чакала. Так што праўду ваш сын піша — зразумеў ён усё. Не маленькі ж...

Яна паднялася і правяла сваёй маршчыністай, шырокай рукой па твары так, быццам хацела прагнаць стомленасць.

— Дзякуй табе на добрым слове,— усміхнулася аднымі вачыма.— Буду старацца верыць, што і сапраўды мой дурань усё зразумеў... А ў рэстаране, глядзі, за сябрамі сваімі не ганіся. Выпі крышачку, ды і хопіць.

Мацей ёй нічога не адказаў, кіўнуў толькі галавой. Ён думаў, ці правільна зрабіў, схлусіўшы пра Нетудыхату. На самой справе ўсё было не так. Нетудыхата не паехаў у сваю ўкраінскую вёсачку, дзе яму здрадзілі, а на будоўлю ў Сібір падаўся.

 

6

На белай шыльдачцы, якая вісела за шырокімі шклянымі дзвярыма, было напісана: «Месц няма».

Так здарылася, што да рэстарана падышлі амаль усе разам. Толькі Палуян спазняўся.

— Жонку ўгаворвае,— сказаў Арцём,— яна ў яго вельмі строгая. А гэта штосьці ды значыць.

— Кінь мянташыць языком. Што рабіць будзем? — спытаў Радый.

Арцём паціснуў плячыма:

— Усім прыспічыла ў рэстаран.

Ля дзвярэй стаяў натоўп людзей, які з кожнай мінутай станавіўся ўсё большы і большы.

Тут Сяргей памкнуўся наперад.

— Грамадзяне! У мяне месцы заказаны.

— Прапусціце шчасліўчыка,— сказаў хтосьці.— Калі ўжо заказаны, то няхай тэпае.

Сяргей прарваўся да запаветных дзвярэй, закрычаў спакойнаму, быццам на рыбалцы, швейцару:

— Шэф, дай два словы сказаць!

Стары швейцар прычыніў дзверы, і тут здарылася нечаканае.

— Хлопцы, за мной! — гукнуў Сяргей. І камусьці ўжо другому: — Я ж казаў, месцы заказаны.

У рэстаране было ўтульна і цёпла. Было шмат іншаземцаў, і дзяўчаты былі апрануты ў такія ўборы, што на нейкі момант хлопцы адчулі сябе зніякавела. Першым апамятаўся Мацей.

— Як гэта ў цябе атрымалася?

— Мне сорамна прызнацца, але я тут вырас,— сказаў Сяргей.— Так, уяві сабе, у гэтым рэстаране. Тут мяне не вучылі валкі абдзіраць, але таму-сяму навучылі. Я гэтаму дзеду паабяцаў падзяку. Зразумела, матэрыяльную.

— Вядзі далей, факір! — прабурчаў Арцём.— Можа яшчэ месц не будзе!

Але месцы былі.

— Швейцар унізе адбірае здагадлівых,— растлумачыў Сяргей.— А супраць шыльды не папрэш. За вечар ён што-небудзь назбірае.

— Цьфу ты,— плюнуў Радый.— Я б на ўсіх гэтых жулікаў добрую сетку накінуў!

— Кінь ты. Гэту прамову ты на пасяджэнні «Камсамольскага пражэктара» скажаш. А сёння ў мяне, дарэчы, дзень нараджэння,— перапыніў яго Арцём.

Селі за столік побач з аркестрам.

— Дзе ж Палуян? — Мацей паглядзеў па баках, быццам мог убачыць тут Васіля.

— Дзівак ты,— супакоіў яго Радый.— Вася работнік што трэба. Але пакуль ён на сябе працуе. Зразумеў? Толькі на сябе. Астатняе яму да лямпачкі.

— Асабліва калі ў кішэню трэба лезці,— працягваў Арцём.— Але гэта яго справа.

Арцём выглядаў па-святочнаму: у шыракабортным пінжаку, чорнай кашулі і чырвоным у сінюю палоску гальштуку з вялікім вузлом, які, тым не менш, амаль не бачны быў з-пад шырокага падбародка.

Сяргей быццам прачытаў думкі Мацея. Зазначыў:

— Арцём з афіцыйнага дыппрыёму да нас завітаў.

Афіцыянт спрытна ўвіхаўся ля стала.

— Чый тост? — спытаў Радый.

— Ты спадзяешся, што тост табе як брыгадзіру першаму дадуць,— Сяргей пакруціў галавой.— Нічога не будзе. Я пачну першы. І скажу нават не просты, а філасофскі тост.

Радый уздыхнуў:

— Шампанскае так можа ў газіроўку ператварыцца...

Сяргей артыстычна падняў руку:

— Я нядоўга. Дык вось, калі хочаце ведаць, дзень нараджэння ўвогуле не вельмі вясёлы дзень.

Радый засмяяўся:

— Ну і сказануў!

Але Здольнік працягваў, не звяртаючы на яго ніякай увагі:

— Чалавек становіцца старэйшы яшчэ на адзін год і пераступае ў сваім жыцці яшчэ нейкую мяжу... Я хачу выпіць шампанскае за тое, каб усе мы былі разам.

— А ён каб тупаў да наступных дзён нараджэння з такімі, як мы! — падхапіў Радый.

— Хлопцы, паглядзіце, як хіпары са сваімі юнымі сяброўкамі скачуць! А нам што, сядзець ды глядзець на іх, ці што?

Ён запрасіў дзяўчыну з-за суседняга століка і праз імгненне так вытанцоўваў шэйк, што нават у зале назіралі за імі.

— Ну і Сяргей! Як сапраўдны артыст вытанцоўвае,— сказаў Арцём. А калі Сяргей, жвавы, з паружавелым тварам, правёў дзяўчыну і падышоў да стала, Мацей сказаў яму:

— Можна падумаць, што ты і на самой справе ў рэстаране вырас.

Віно ўсіх зрабіла вясёлымі, і за сталом стала шумна. Сяргей нахіліўся да Мацея:

— Так яно і ёсць. Не здзіўляйся. Паглядзі па баках уважліва. Бачыш гэтых хлапчукоў з доўгімі валасамі і шырачэзнымі штанамі і дзяўчынак з такімі адкрытымі поглядамі?

— Па праўдзе кажучы, яны мне не вельмі падабаюцца,— сказаў Мацей.

— Яны могуць не падабацца, але не любіць іх нельга. У бацькоў ёсць грошыкі, вось дзеці і весяляцца, яшчэ не зразумеўшы, да чаго рукі свае прыкласці. Толькі ў адных гэта праходзіць, а ў другіх — на жаль, не! Вось і я тут ледзь не кожны вечар тырчаў. Толькі валасы карацейшыя былі ды джынсы вузейшыя. Вырашалі мы праблемы, хто больш таленавіты ў ансамблі «Бітлз», Ленан або Макартні, а яны спрачаюцца з-за іншых музыкантаў і спевакоў. І з дзяўчатамі больш смела паводзяць сябе. Але я хутка зразумеў, што гэта ўсё дробнае...

Сяргея перапыніў Радый.

— Вы што — планёрку тут наладзілі? Дайце музыку спакойна паслухаць або танцаваць ідзіце.

— Паглядзіце лепш, хто з левага боку ад маладой сядзіць за вясельным сталом. Каралеўна.— Арцём штурхнуў Мацея.

Але Захарэвіч ужо сам убачыў Таню. І як ён яе адразу не заўважыў?

— Добрая дзяўчына! — уздыхнуў Арцём.

— Вельмі прыемны твар,— сказаў Сяргей.— Я яе часта на заводзе заўважаў.

— Ты яе павінен зараз жа запрасіць на танец,— рашуча сказаў Радый.— Я лічу, што паводзіць сябе трэба па-мужчынску. Калі падабаецца, значыць, ні на секунду не адпускай.

Мацей адчуў, што ў яго чырванеюць вушы. Варта яму пахвалявацца крышачку, як вушы адразу ж чырванеюць.

— Вельмі музыка хуткая,— сказаў ён.— Я пад такую не ўмею. Я танга і факстрот толькі магу...

— Гэта не страшна,— супакоіў Сяргей.— Ты паглядзі, як іншыя танцуюць. Трэба вытупваць у такт музыкі. І, вер мне, вельмі добра атрымаецца. Сучасныя танцы прымітыўныя.

— Ідзі, ідзі,— падштурхнуў Мацея Радый.

Выратаваў выпадак. Пакуль Мацей дайшоў да стала, за якім сядзела Таня, музыка сціхла. Але Таня яго ўбачыла. Сказала штосьці сваёй сяброўцы і пайшла насустрач. Яна ўсміхалася яму здалёк, і Мацей ёй таксама ўсміхаўся.

— Як ты тут апынуўся? — спытала.

— Дзень нараджэння Арцёма адзначаем. Вунь той, справа, за нашым столікам.

— Сустракала на заводзе. Вельмі яршысты.

— Не. Ён вясёлы. Я люблю такіх людзей.

Яна засмяялася.

— У такім выпадку ён мне таксама падабаецца.

— Дарэчы, ён сказаў, што ты прыгажэйшая за нявесту.

Яна спахмурнела:

— Проста ў яго дрэнны густ.

— Тады і ў мяне таксама,— хацеў сказаць Мацей весела, але словы гэтыя ў яго атрымаліся вельмі сур’ёзнымі.

Зноў зайграла музыка. І зноў вельмі хуткая. Але яму не было куды адступаць.

— Пойдзем патанцуем,— сказаў ён.

— Пойдзем,— сказала яна.— Мне страшэнна хочацца танцаваць, а ўсе госці старыя.

Яны прайшлі ў самую гушчыню натоўпу. Ён глянуў, як танцавалі навокал пары, і сам стаў гэтак жа танцаваць.

— Ты добра танцуеш.

Мацей падумаў, што яна смяецца, і ў яго зноў пачалі чырванець вушы, а ногі зрабіліся цяжкімі.

Калі Мацей вярнуўся да свайго століка, Арцём сустрэў яго словамі:

— Добра выдаваў. Нічога не скажаш. Ты выпадкова па вечарах не наведваеш танцгурток?

— Кінь ты жартаваць.

— Сапраўды нядрэнна атрымалася. Такое ўражанне, што ты ўсё жыццё танцуеш,— сказаў Сяргей, і Мацей супакоіўся: гэтаму чалавеку можна верыць.

Потым ён запрашаў Таню яшчэ і яшчэ. Яны ішлі доўгай вуліцай, потым вузкімі вулачкамі ад рэстарана да яе дома. Мацею не трэба было прыдумляць, як гэта звычайна было, калі ён праводзіў дзяўчат, нейкія словы, фразы. Яму было лёгка з ёй, гаварыць яны маглі да самай раніцы.

— Калі я цябе ўбачу? — спытаў Мацей.

Яна засмяялася:

— Ты напэўна, забыў, што заўтра нам у першую змену.

— Якая яшчэ змена? — здзівіўся Мацей.— Заўтра ж субота.

— Наш цэх план не выконвае. Мы працуем. Гэта азначае, што я страшэнна стамлюся і вечарам буду спаць.

Ён усё зразумеў. І сказаў:

— Тады ў нядзелю.

— Таксама не атрымаецца. Толькі ў панядзелак,— усміхнулася яна.— Але ў нядзелю вечарам ты можаш пазваніць мне. Запішы нумар.

Ён пачаў ліхаманкава шукаць у кішэнях шматок паперы і ручку, баючыся, што яна перадумае.

 

7

Стары завулак пралягаў між домікамі, якія прытуліліся пад дрэвамі. Святло ад рэдкіх ліхтароў і паўцёмных вокнаў мільгацела на мокрай гальцы.

— Я не думаў, што ўбачу цябе, калі званіў,— сказаў Мацей Тані.

— А я чакала званка і ўжо ведала, што абавязкова выйду да цябе,— сказала яна. І Мацею здалося, што Таня ўсміхнулася.

Яны дамовіліся яшчэ раз прайсці вуліцу з канца ў канец і вярнуцца да Танінага дома.

— Мне пашанцавала, што я жыву ў такім старым раёне...

Ён перапыніў яе:

— А ў цябе шмат сяброў?

— Шмат. Як у кожнай сапраўднай гараджанкі... Але многіх з іх хутчэй за ўсё можна назваць прыяцелямі. А гэта такія розныя паняцці — сябар і прыяцель. А ў цябе шмат?

Мацей перабраў у галаве ўсіх сваіх знаёмых.

— Мала. Хлопцы з брыгады. І яшчэ той-сёй. Праўда, былі выдатныя сябры ў арміі.

Мацей паглядзеў на Таню. Твар яе быў мокры ад дробнага, назойлівага дажджу, і святло ад ліхтароў трымцела ў кожнай кропельцы на лісцях дрэўцаў.

Яны падышлі да яе дома.

— Бацькі твае, відаць, будуць сварыцца,— сказаў Мацей.— Позна ўжо.

— Будуць сварыцца,— сказала яна.— У мяне ж завал з кантрольнымі. Я ў тэхнікуме завочна вучуся...

— І на завод на першую змену мы з табой можам не паспець.

Яна засмяялася:

— Цяпер не страшна. А вось год назад што было!.. Таму, хто спазняўся, выдавалі пропуск метр на метр. Ідзе чалавек па двары з такім пропускам-шчытом, і ўсе на яго пальцамі тыкаюць.

— Разумны чалавек такога не прыдумаў бы... Усялякае ж бывае.

— Новы дырэктар гэты парадак з першага дня адмяніў. А вось сакратар наш камсамольскі, Саша Цімчук, інакш лічыць. Дарэчы, пропускі-шчыты — яго прыдумка...

Мацей успомніў Сашу Цімчука, больш правільна — Аляксандра Аляксандравіча. Калі Мацей прыйшоў у камітэт брацца на камсамольскі ўлік, дык ад здзіўлення нават адступіў да дзвярэй — сядзіць за сталом хлапчук, а ўсе яго называюць Аляксандрам Аляксандравічам. Мацей тады яшчэ падумаў: «Я цябе так зваць не буду, хоць лопні».

— Ведаю я яго,— сказаў ён Тані.— Такі маленькі, але, напэўна, у вялікае начальства меціць. Калі я да яго заявіўся, ён на мяне паглядзеў з пагардай і кажа: «З арміі, значыцца? Нам такія патрэбны. Знойдзем табе даручэнне. Калі што — заходзь. Заўсёды знайду час пагаварыць». І руку працягнуў: «Завуць мяне Аляксандрам Аляксандравічам». А я яму ў адказ: «Зразумела, Саша, значыць. А маё імя Мацей».

— І што далей?

— Пачырванеў як вараны рак. А сакратарка скоса паглядзела ў мой бок.

Яны спыніліся ля пад’езда. Мацей, быццам забыўшыся на тое, што казаў, прапанаваў:

— Можа, яшчэ адзін круг?

— Не. Трэба ўжо ісці. Да заўтра.

І пабегла. Мацей паслухаў, як стукаюць па лесвіцы яе абцасікі, і падумаў: «Як хораша жыць на свеце!»

Назаўтра раніцай, не паспелі «радыйнікі» ў курылцы па цыгарэце выкурыць і ўсыпаць добра Палуяну за тое, што не прыйшоў у рэстаран, як з’явіўся сакратар камітэта камсамола Цімчук.

Ён наблізіўся да Здольніка, сказаў:

— Колькі разоў табе напамінаць?! Да гэтага часу ў камітэце няма справаздачы ад праведзенай у цэху атэістычнай прапагандзе!

— Зноў ты за сваё. Колькі разоў можна табе гаварыць — няма ў нашым цэху набожных!

— Мяне гэта не датычыць. Райком прыслаў план работы, і будзь ласкавы яго выконваць.

У размову ўступіў Арцём:

— Сяргей, усё будзе ў парадку, і таварыш сакратар перанясе крытыку на другі аб’ект. Я ж баптыст. Ты не ведаў, ці што?

Некалькі імгненняў маўчалі. Арцём спусціў рукі, нібыта змахнуўшы пот з твару, які абавязкова павінен быў з’явіцца пасля малення, і сказаў:

— Ты правядзеш са мной атэістычную работу, лекцыю ў курылцы прачытаеш і здасі справаздачу таварышу сакратару. Галачка ў плане будзе пастаўлена. Карацей кажучы, усё ў поўным парадку!

— Клаунада! — ціха, але выразна вымавіў Цімчук.— Гэта яшчэ раз сведчыць аб аўтарытэце сакратара камсамольскай арганізацыі цэха. Нават калі гэты таварыш,— ён паглядзеў на Арцёма,— і не камсамольскага ўзросту. Думаю, аб усім гэтым мы пагаворым на бюро.

— Ды не аб гэтым трэба гаварыць,— Сяргей пачаў хвалявацца.— Савет маладых рабочых стварылі, а дзе ён? На паперы! «Камсамольскі пражэктар» працуе? Д’ябла лысага! Шэфства над ветэранамі дзе? Таксама на паперы?! І здача ГПА — у пратаколах. А чаму так здарылася? Думаў ты аб гэтым? А я думаў! Таму што на паперку, на даведку працуем.

Цімчук гэтыя некалькі хвілін, пакуль Здольнік гаварыў, выглядаў разгубленым — ён не чакаў такога павароту.

— Ты тут сход не наладжвай. Людзі навокал. Як член бюро можаш зайсці, пагаворым.

Сяргей паспрабаваў яшчэ штосьці сказаць, але Радый спыніў яго:

— Не заводзься, Сяргей.

Мацей толькі цяпер заўважыў, што паступова ля іх сабраліся рабочыя. Цімчук не збіраўся пакідаць цэх.

— Яшчэ вось якая справа,— ён павярнуўся да Радыя.— Усе камсамольска-маладзёжныя брыгады на заводзе спаборнічаюць паміж сабой, а ваша ўбаку...

— Гэта правільна,— сказаў Сяргей, але Цімчук працягваў, не звяртаючы на яго словы ўвагі:

— Час бы і вам з кім-небудзь пачаць спаборніцтва.

— Дык жа ў нашым цэху больш няма камсамольска-маладзёжнай брыгады,— сказаў Радый.— З кім спаборнічаць?

— М-м, мы неяк не падумалі,— сказаў Цімчук. І тут жа дадаў: — У бліжэйшыя дні вырашым гэтае пытанне з вашым майстрам. Або нават начальнікам цэха.

І пайшоў. Арцём зазначыў:

— Чынуша расце проста на вачах. Далёка пойдзе, калі не спыніць!

Пачуўся голас Палуяна:

— Цяпер пачне майстра тармасіць...

— Ёсць у мяне адна задума,— сказаў Урбановіч.— Даўно ў галаве круціцца. Але аб гэтым не цяпер. За работу! На абедзе ў сталовай пасядзім і падумаем, як і што.

— Давядзецца табе, Васіль, разам з усімі ісці абедаць, а сала сваё на заўтра пакінуць,— падкалоў Палуяна Арцём, на што той прабурчаў:

— Цябе гэта не датычыць.

Мацей нядрэнна папрацаваў. Выцер рукі. Глянуў задаволена на амаль поўную скрыню гатовых дэталяў.

У абедзенны перапынак уся брыгада ўселася ў сталоўцы за адзін стол — аб гэтым Арцём паклапаціўся. Ён пайшоў у сталоўку крыху раней і, пакуль сабраліся ўсе, паспеў паставіць на стол талеркі з капустай, шніцэлямі і шклянкамі кампоту.

— Выкладвайце па 0,75 рубля, і прашу да стала,— сказаў ён і першым пачаў есці.

— Не гані так адразу,— азваўся Радый.— Быццам два дні не еў...

— Два не два, а раніцой, гэта правільна, не паспеў. Кніжку адну ўчора да ночы чытаў, сіла!..

— Ну і пайшло,— уздыхнуў Палуян.— Мы жадаецца, для іншага сабраліся, а не фантастыку слухаць.

— Справа вось якая,— пачаў Радый.— Як вы самі чулі ад камсамольскага лідэра, нам трэба брыгаду на спаборніцтва выклікаць. Чакаць не будзем, пакуль для нас каго-небудзь адшукаюць. Я прапаную — давайце выклічам на спаборніцтва брыгаду Дашкевіча.

Арцём прысвіснуў:

— Ну і сказануў! Яна ж нас, як дзяцей...

Радый абвёў усіх позіркам.

Мацей пастукаў пальцамі па стале:

— Трэба ўсё ўзважыць. Ці рэальна гэта? У Дашкевіча толькі адзін чалавек без асабістага кляйма працуе — Янушкевіч. І толькі таму, што часцяком выпівае.

— А сам Дашкевіч, можна падумаць, анёл? Удвух яны і п’юць,— сказаў Арцём.— Але справа не ў тым — працаваць яны могуць. І добра. Па тры сотні бяруць, і кропка.

— Так, зарабляюць яны добра,— сказаў Палуян.— А што ім спаборніцтва? Пры чым тут яно?..

— Зараз зноў заявіш: мая пяцігодка — «Жыгулі»! — амаль закрычаў на Палуяна Арцём.

— Нечага жарт ледзь не ў пратакол заносіць! — змрочна сказаў Васіль.— Пажартаваў я тады.

— Ды хопіць вам! — перапыніў сварку Радый.— Давайце спакойна гаварыць.

Але канкрэтна так яны ні аб чым і не дамовіліся. Страшнавата было прайграць Дашкевічу і яго сябрам. Гэта можна дапусціць, калі б размова ішла пра другую брыгаду... Брыгада ж Дашкевіча займаецца шліфоўкай, даводкай вымяральных інструментаў. Дэталі яны атрымліваюць пасля загартоўкі. А да загартоўкі ўсімі датэрмічнымі работамі — свідраваннем адтулін, праточкай — займаюцца іншыя. У тым ліку і брыгада Радыя Урбановіча, хоць часам, у дні запаркі, ім таксама даручаюць даводку. І нічога — хлопцы яго заўсёды спраўляліся.

— Майстар у іх слабахарактарны,— сказаў Радый, калі яны вярталіся ў цэх.— Зацюкаў яго Дашкевіч ушчэнт.

— Нашага б Сямёныча туды, адразу б парадак навёў,— сказаў Арцём, і ўсе з ім пагадзіліся.

— Вось я і падумаў, што якраз надышоў час пацягацца нам з Дашкевічам і яго хлопцамі. Мацей у нас хлопец старанны, ніхто слова супраць яго не скажа. Два-тры месяцы — і будзе любыя заказы за грыву хапаць,— заключыў Радый.

Сяргей паляпаў Мацея па плячы, шчыра дадаў:

— Потым нам другія токары з участка, дзе Дашкевіч з кампаніяй сваю дыктатуру ўстанавіў, вялікае дзякуй скажуць. Ёсць, вядома, рызыка, і прытым — немалая. Але так нават больш цікава.

Ля ўвахода ў цэх спыніліся. Радый сказаў:

— Ну дык што, галасаваць будзем, як на прафсаюзным сходзе, або так усё зразумела?

Арцём махнуў рукой:

— Ды што там — усё зразумела. Трэба ў канцы змены поўным ходам адразу да Дашкевіча ісці.

— Не гарачыся. Параімся таксама і з Сямёнычам,— прапанаваў Сяргей.

З ім пагадзіліся. Сямёнычу Урбановіч сам усё сказаў. Шэпель ідэю адобрыў. Падышоў да Мацея, доўга назіраў, як той працуе, па прывычцы некалькі парад даў. І сказаў адыходзячы:

— Разумееш, на што хлопцы адважыліся?

— Вядома ж, Дашкевіч умее працаваць!

— А ў табе я не сумняваюся,— працуй, як працуеш, на хлопцаў паглядвай, прыслухоўвайся — і ўсё, што трэба, асіліш.

— Асілю,— сказаў Мацей.— Я цяпер ведаю, што асілю.

 

8

У той дзень да позняга прабылі на заводзе. Разам з Сямёнычам абдумвалі да дробязяў, якія абавязацельствы ўзяць, каб яны пад сілу былі. Калі ўжо ахрыплі ад спрэчак, Урбановіч урачыста сказаў:

— Даручаем аформіць наш выклік без пяці мінут інжынеру Сяргею Здольніку. І няхай правалюся я на гэтым месцы, калі мы не пераможам Дашкевіча!

З такой важнай прычыны ўсёй брыгадай — і Сямёныча прыхапілі — адправіліся ў суседняе кафэ «Маладзёжнае».

Мацей асушыў шклянку і толькі цяпер успомніў, што не зазірнуў пасля змены да Тані. Так загаварыліся, што ён забыў нават пра спатканне, пра білеты ў кіно, якія абяцаў узяць...

— Усё, я знікаю,— рашуча сказаў ён і, не звяртаючы ўвагі на ўгаворы, што, маўляў, на вуліцы церушыць дождж, а тут утульна, паціснуў усім рукі, схапіў свой плашч і праз некалькі хвілін быў ля тэлефоннай будкі.

Таня падняла трубку. Яму здалося, што яна ўзрадавалася яго голасу, і хваляванне знікла, быццам і не было яго ніколі.

— Ты памятаеш, дзе мой дом? — спытала яна.

— Вядома ж!

— Дык вось, прыязджай сюды. Сяброўка прынесла цуд-пірог. Мы з ёй чай папіваем і глядзім па тэлевізары эстрадны фестываль.

Мацей ад нечаканай прапановы не ведаў, што і адказаць.

— Разумееш...— пачаў ён, але Таня перапыніла яго:

— Разумею. Усё разумею. Старых маіх дома няма. У госці пайшлі. Вернуцца гадзіны праз тры толькі. А калі і раней, то ты іх не палохайся. Яны добрыя.

— Якая кватэра?

— Сёмая.

Мінут праз дваццаць Мацей быў ля кватэры нумар сем, трымаючы ў руках вялікую каробку з надпісам «Віншую са святам Першага мая». Іншых у гастраноме не было, і Мацей узяў гэтыя цукеркі.

Яшчэ падыходзячы да кватэры Тані, ён пачуў музыку. Дзверы адчыніла яна сама. Сказала:

— Які ты ўрачысты! Я цябе такім яшчэ не бачыла. Нават шкадую, што ў мяне не дзень нараджэння.

Мацею раптам здалося, што вось зараз ён увойдзе з прыхожай у пакой і абавязкова сустрэне там бацьку або маці Тані. Ад гэтай думкі нават халадок па скуры прабег. Але не, у пакоі, дзе грымеў тэлевізар, пасярэдзіне стаяў стол, за якім у крэсле сядзела Таніна сяброўка. Мацей падаў ёй руку.

— Анжэліка,— сказала яна.

І тут Мацей успомніў, што жанчына павінна першая падаваць мужчыне руку, збянтэжыўся і, змахнуўшы чуб з ілба, уладкаваўся ў крэсле.

— Гэта мой сябар, Мацей,— сказала Таня.— Я табе пра яго гаварыла.

— Вельмі прыемна з вамі пазнаёміцца,— сказала Анжэліка і павяла брывом так, быццам яна вядомая актрыса.— А чым вы, акрамя завода, захапляецеся? — пыталася далей Анжэліка.

Мацей падумаў, што зараз яна зноў брывом павядзе, і раззлаваўся:

— Я заводам не захапляюся. Я на ім працую.

Анжэліка не збянтэжылася:

— І ўсё ж, чым вы захапляецеся?

Мацей заўважыў: Таня крыху разгубілася. І вырашыў падыграць сяброўцы.

— Адразу і не скажаш— вельмі шмат захапленняў. Вось, напрыклад, выводжу новую пароду мышэй. Белых. Іх пакуль з Амерыкі прывозяць. Гэтыя белыя мышы вельмі зручныя: яны вучоных у час доследаў за пальцы не кусаюць. Я і хачу вучоным памагчы.

— А поп-музыкай захапляецеся? — спытала Анжэліка.

— Яшчэ як! Вы б толькі ведалі! І не толькі поп-музыкай.

— Чым жа яшчэ?

— Ксёндз-музыкай.

Таня засмяялася. Сяброўка таксама ледзь прыкметна ўсміхнулася.

— З вамі прыемна пагутарыць. Вы не піжон. Я, відаць, параю Тані падтрымліваць з вамі кантакты.

— Вялікае дзякуй.

— Ты дапаможаш мне прыгатаваць чай? — спытала Таня Мацея і, не чакаючы адказу, пайшла на кухню. Мацей — за ёй.

— Ты не крыўдуй на Анжэліку,— сказала яна.— Яна добрая дзяўчына, але яршыстая. Піжонаў не церпіць. У мяне ёсць на заводзе адзін знаёмы. Дык яна, як толькі ўбачыла яго, адразу вызначыла: піжон і дробная душа. Высветлілася, што сапраўды так.

— Інжынер? — вылецела ў Мацея.

— Адкуль ты ведаеш?

— Хлопцы гаварылі, што ён да цябе заляцаецца.

Яна засмяялася:

— Плеткары вашы хлопцы.

— Не плеткары яны...— Не мог ён ёй сказаць, што хлопцы такую размову пачалі з-за яго самога.

— Добра, не расказвай,— усміхнулася яна.— Я заўсёды раблю тое, што мне падабаецца. І гавару — таксама.

Мацей вырашыў — добра, што будзе, тое будзе, палахліўцам ён сябе ніколі не лічыў.

— Заўважылі хлопцы, што я на цябе паглядваю. З самага першага дня заўважылі, вось і сказалі.

— Я таксама заўважыла.

У пакоі Мацей як след разгледзеў Анжэліку — нос кірпаты, вочкі маленькія.

— Сумны фестываль,— сказала Анжэліка.— З кожным годам усё горшы робіцца. Спевакі зусім безгалосыя.

Мацей адпіў чаю, кіўнуў галавой. Яму страшэнна захацелася застацца ўдваіх з Таняй. Ён адчуваў, што сёння можа сказаць ёй пра ўсё, аб чым нават падумаць баяўся раней.

Напэўна, ад гэтых думак вушы ў яго зноў пачырванелі. У люстэрку насупраць ён убачыў сябе. Твар таксама быў чырвоны.

Анжэліка паглядзела на гадзіннік. Сказала:

— Мне трэба ўжо збірацца.— Потым ціха: — Вам давядзецца мяне правесці. Баюся цемры... Іду, і заўсёды здаецца, што ўслед хтосьці ціхенька брыдзе.

— Вядома, правядзём,— сказаў Мацей.

— Хутка мае з гасцей вернуцца. Хочаш пазнаёміцца? — ціха спытала ў яго Таня, калі яны выходзілі.

Мацей пакруціў галавой.

Таня засмяялася.

Яны пасадзілі Анжэліку ў трамвай.

— Нічога не разумею. Дзівачка яна нейкая, твая сяброўка.

— Ты ёй спадабаўся,— сказала Таня.

— Усё роўна дзівачка.

За размовай не заўважылі, як дайшлі да Танінага дома.

— Глядзі, мае вокны свецяцца. Тата і мама ўжо дома,— сказала яна і паглядзела на Мацея.

У цёплым, зусім не асеннім змроку ён блізка-блізка ўбачыў яе вочы.

 

9

Абапёршыся на стол вялізнымі кулачышчамі, прыкусіўшы цыгарэту, якая даўно патухла, брыгадзір Дашкевіч падсунуў да сябе шырокі аркуш паперы з выклікам брыгады Урбановіча на спаборніцтва, сказаў:

— Ад такіх дакументаў проста так — раз-два — не адмахнешся.— Ён па чарзе, нетаропка, агледзеў кожнага з сваёй брыгады, затым звярнуўся да Урбановіча: — Толькі адно мяне хвалюе, Радый. Навошта нам усё гэта?.. Такі гонар. Як гэта разумець?

Радый не паспеў нічога сказаць, як Янушкевіч, каржакаваты, невысокага росту мацак, выпаліў:

— Усё нават вельмі проста. Думаюць, паспаборнічаюць з намі і таксама па тры сотні ў месяц пачнуць атрымліваць,— твар яго, у частых пражылках вакол вачэй, расцягнуўся ў задаволенай усмешцы.

Радый махнуў рукой, запярэчыў:

— Усё проста тлумачыцца. Вырашылі мы паглядзець, хто каго з нас на лапаткі пакладзе. А на заробак мы таксама не скардзімся.

— Ды хопіць вам, яшчэ кулакамі зараз пачняце махаць,— перапыніў Янушкевіча брыгадзір.— Спаборнічаць дык спаборнічаць. Толькі лічу я, што вы крыху не па адрасу звярнуліся, але гэта справа пятая. Вы нас выклікалі, мы згадзіліся, вось і ўсё. Праўда, мы ў прамой залежнасці ад вас знаходзімся. Датэрмічкі ад вас ідуць, але справа не ў гэтым. Давайце рукі адзін аднаму паціснем, як на стадыёне.

Калі пайшлі да сваіх станкоў, Сяргей сказаў:

— Ну і кампанія сабралася! Хоць забіце, не разумею, як яны працуюць. Янушкевіч з раніцы ўжо да шклянкі прыклаўся.

— Справа не ў гэтым,— уздыхнуў Палуян.— Ох і пасмяюцца, паздзекуюцца яны з нас!

Арцём паляпаў яго па плячы:

— Не хныкай. Мы таксама не хлапчукі.

У перапынку, калі ўсе прыйшлі са сталовай і сабраліся ў курылцы, Арцём спытаў Мацея:

— Як у цябе з гэтай дзяўчынай?

— Добра,— Мацей усміхнуўся.

Арцём колькі разоў зацягнуўся, сказаў:

— Ты шчасліўчык. А ў мяне ў асабістым жыцці зноў адна маркота.

— Здарылася што-небудзь?

— Ды дзе там здарылася! — ён адкінуў акурак.— Бязглуздзіца нейкая. Карацей, пазнаёміўся я з адной. Прыгожая, медсястрой працуе. Сустракаліся месяц, у мяне самыя сур’ёзныя намеры, і раптам яна заяўляе: больш сустракацца не будзем. Як гэта не будзем? Па якой прычыне? А яна кажа: разумееш, гэта смешна для цябе, для мяне не вельмі. Я табе раскажу ўсё, і ты сам больш не прыйдзеш да мяне. Мяне дома дачка чакае, разумееш, не лялька, а самая сапраўдная, з вялікімі і разумнымі вачыма...

Ён змоўк. Нейкі час глядзеў на Мацея, затым спытаў:

— Што ж ты маўчыш? — І сам жа адказаў: — Ніхто парады добрай даць не можа.

— А навошта яна табе, парада? Сам вырашай, ніхто да цябе ў душу не ўлезе.

— Правільна кажаш. Я ўсё разумею сам. Толькі адно мяне хвалюе — іначай я да яе адносіцца стаў. Не магу на яе ранейшымі вачыма глядзець. І забыць яе таксама не магу.

Ён адкінуў цыгарэту ў урну.

— Ты не спяшайся,— параіў Мацей.— Магчыма, усё будзе нармальна.

Яны накіраваліся да сваіх станкоў. Радый паглядзеў на іх непрыхільна. Прабурчаў:

— Ну і раскурыліся! За гэты час можна па пачку высмаліць.

Арцём растлумачыў;

— Пра жыццё мы, Ураныч, гаварылі. Такую размову на пасля змены не адкладзеш.

Але Радый не слухаў. Ён стаяў, схіліўшыся над сваім станком, і вымяраў цыркулем гатовую дэталь. Прыгожа ён працаваў. Мацей яшчэ да арміі ўсё наглядзецца не мог на яго работу. Быццам бы і рухі ў яго такія, як ва ўсіх, але ўсё роўна прыгожа атрымліваецца. Як у артыста. Цяпер Радый разам з Сямёнычам над Мацеем шэфствуюць. Адзін з іх падыдзе ды і скажа: «На гэту дэтальку абароты можна павялічыць. Выйгрыш просты — час». Або: «Ты не гані, прыглядзіся лепш да чарцяжа».

А чарцяжы брыгада часта атрымлівала недапрацаваныя. Мацей усё яшчэ на аперацыёнцы сядзеў. А вось там, дзе заказы былі больш складаныя, тэхнолагі нярэдка падводзілі. Радый у такія мінуты лаяўся:

— Панабралі жаўтароцікаў з дыпломамі. Ды які гэта тэхнолаг, калі ён за станком у сваім жыцці не стаяў!

І бег сварыцца з тэхнолагамі. Часта тыя самі прыходзілі ў брыгаду, раіліся, каб зноў не памыліцца. Часцей за іншых даставалася Траццяку, таму самаму, што да Тані быў неабыякавы. Здольнік часам нават шкадаваў яго.

— Хлопец не вінаваты. Яго ў інстытуце гэтаму не вучылі. Пакуль сам усё рукамі не памацае, нічога ў рабоце не зразумее.— Мацей думаў у такія мінуты, што з Сяргея атрымаецца сапраўдны інжынер, і брала яго зайздрасць. Рашэнне паступаць у інстытут у гэтым годзе было ўсё больш цвёрдым.

А з Траццяком ён у той жа дзень, пасля размовы з Арцёмам, таксама счапіўся. Толькі не з-за чарцяжоў. Набліжаўся канец змены. Каля Мацея мінут пятнаццаць прастаяў Сямёныч. Ён праверыў яго па тэорыі апрацоўкі металаў, што звычайна пытаюць на камісіі, якая прымае экзамен на разрад. Уважліва паслухаў Мацея і пайшоў далей па цэху.

І тут з’явіўся Траццяк. Мацей спачатку падумаў, што яму проста няма чаго рабіць у сваёй тэхналагічцы, вось і выйшаў у цэх. Траццяк ішоў да Сяргея Здольніка. Быў ён у новенькім, з іголачкі, касцюме, яркім гальштуку. Мацей прыпыніў станок, каб дастаць дэталь і паставіць яе на абдзірку. Ён крыху стаміўся і час ад часу паглядваў на гадзіннік. Да канца змены заставалася зусім нямнога, а там — прыме душ і зойдзе па Таню.

Траццяк спыніўся каля Здольніка. Тэхнолагі ўвогуле часта да Сяргея падыходзілі. Некалькі разоў яму прапаноўвалі стаць тэхнолагам, але той адмаўляўся.

— Прывітанне,— сказаў Траццяк Сяргею.

— Прывітанне, шэф. Штосьці сёння вы чарцёжыкамі не парадавалі...

— Кінь ты жартаваць. Сам хутка зразумееш,— хлеб у нас не самы салодкі.— І тут жа перайшоў на другую тэму.— А ваш новы хлапчук шустры. На першы погляд такі ціхмяны...

Мацей зразумеў, што размова ідзе пра яго,— навічком у брыгадзе быў толькі ён.

— Працуе ён нядрэнна. Хутка таму-сяму фору дасць,— адказаў Здольнік.

— Не аб тым я. У іншай справе занадта шустры.

— У якой жа?

— З Танькай яго бачылі, і, кажуць, у адносінах з ёй ваш Мацей робіць зайздросныя поспехі.

Мацей спыніў валок, выцер рукі анучкай і пайшоў проста на Траццяка.

— Ішоў бы ты адсюль,— сказаў тэхнолагу Здольнік.— Быццам бы дарослы чалавек, а мелеш лухту.

Але Мацей падышоў ужо.

— Давай, тэхнолаг, гавары яшчэ. Я далёка быў, дрэнна чуў, вось і прыйшоў бліжэй, каб разабрацца.

— Паглядзіце на яго, і на самой справе шустры,— крыху адышоўшы ад Мацея, сказаў Траццяк.— Гэта табе расказваць трэба, а не мне. Падзяліся вопытам...

Твар Здольніка імгненна зрабіўся барвовы.

— Што ты пляцеш?!

Траццяк хуценька адышоўся ад яго, здзіўлена спытаў:

— Ты што? З глузду з’ехаў?

І тут наблізіўся Мацей.

— Гэта мяне датычыцца, тэхнолаг! — яго пальцы сціснуліся ў кулак на кашулі Траццяка. Па падлозе пакаціліся гузікі.

— Пусці! — крактануў той, спрабуючы адвесці руку Мацея.

— Не спяшайся. Хачу яшчэ раз усё пачуць. Паўтары. Тады адпушчу.

Траццяку стала раптам горача. Твар яго пакрыўся буйнымі кроплямі поту.

— Я ўжо сказаў і больш паўтараць не буду. Ты і сам усё ведаеш.

— Я дрэнна чуў. Паўтары.

— Не такая яна незачэпа, якой хоча паказацца. Звычайная дзеўка!

Мацей расціснуў кулак. Траццяк адскочыў ад яго на крок.

— Вар’ят нейкі! Сяброўку, бачыце, пакрыўдзіў. Вы б хоць абчасалі яго крыху. Напэўна, з вёскі з’явіўся. Адразу біцца...

У Мацея раптам усё паплыло перад вачыма. У шэрым тумане выразна паўстаў твар Траццяка. Яму страшэнна захацелася стукнуць па гэтым твары.

Зноў даляцеў да яго голас Траццяка:

— З-за дзеўкі...

Мацей замахнуўся, але ў гэты момант руку яго нехта стрымаў. Ён азірнуўся. Аказваецца, усе хлопцы тут — Радый, Васіль, Сяргей. А руку яго трымае Арцём і кажа:

— Стой, хлопец. Бяду на сябе паклічаш і на ўсю брыгаду таксама. Давай мы гэтую фізіяномію пакінем да лепшага выпадку.

Мацей на колькі крокаў адышоўся.

Радый падступіўся да Траццяка, паклаў яму руку на плячо, сказаў:

— Ішоў бы ты адсюль, хлопец. А то і праўда па карку зловіш. Людзі мы рэзкія...

Траццяк паправіў гальштук і, нічога не сказаўшы, пайшоў.

— Перакур! — аб’явіў Радый.— Я дазваляю.

Уселіся на лаўкі. Толькі Палуян не пайшоў. Вырашыў яшчэ некалькі дэталяў зрабіць, каб на заўтрашні дзень не пакідаць.

Арцём першы парушыў маўчанне.

— Шчасліўчык ты, Мацей. Я табе гэта сёння ўжо гаварыў. І вось цяпер зноў паўтараю. Бачыш, нават гэты маразматык на тваю дзяўчыну нічога дрэннага сказаць не мог. Зайздрасць у ім, звычайная зайздрасць засела. Вось і прыйшоў ён табе нервы пашчыпаць.

— І сапраўды, ты не засмучайся. Нічога страшнага не адбылося,— сказаў Сяргей.

А Радый усміхнуўся:

— Нядобра б атрымалася, калі б Мацей стукнуў яго. Твар вар’яцкі быў. Як у Касіуса Клея ў час паядынку з Фрэзерам. Ты што, боксам займаўся?

— Крыху. Ды і то не ў секцыі, а ў сябе ў двары. Здабылі старыя баксёрскія пальчаткі і кожны дзень трэніраваліся. А да арміі разы два біцца даводзілася. У парку. Там выйсця не было. Або кідай сваю дзяўчыну і ўцякай, або кулакі наперад выстаўляй...

— Вось і поўны парадак! — сказаў Арцём.— Хоць адзін спартсмен у брыгадзе з’явіўся. Усіх нас павядзеш ГПА здаваць.

— Я ўспомніў! — усклікнуў Сяргей.— У наступную нядзелю мы і сапраўды ГПА здаём. Цімчук прыходзіў. Як з нажом да горла прыстаў — забяспеч поўную яўку. Трэба аб’яву ў цэху павесіць: «І стары, і малы на старт!»

Радый зазначыў:

— Бачу, настрой у вас бадзёры. Значыць, час да станкоў... У нас яшчэ мінут дваццаць у запасе ёсць.

У Мацея быў выдатны настрой. Канфлікт з Траццяком здаваўся цяпер проста смешным. Добра, што Арцём адвёў ягоную руку...

Пасля змены ён забег па Таню. Яна ўжо чакала яго. Хацеў расказаць ёй аб тым, што здарылася. Але вырашыў не рабіць гэтага. Раптам у яе сапсуецца настрой? Д’ябал з ім, з гэтым Траццяком.

— Мы на спаборніцтва брыгаду Дашкевіча выклікалі. Чула пра такога?

— Не.

— Дужа працавітыя хлопцы. Выпіваюць толькі. Але працуюць!..

— І як гэта вы рашыліся?

— Ды вось так. Усёй брыгадай прынялі рашэнне. Толькі мне крыху страшна. Раптам пачну партачыць на складаных заказах...

Яна спытала зусім сур’ёзна:

— Ты што, баязлівец?

І яму зноў захацелася расказаць пра ўсё. Асабліва пра тое, як па падлозе каціліся гузікі Траццяка. Але ён зноў стрымаўся.

— Яшчэ б не баяцца! Хлопцы мяне ў брыгаду ўзялі. А цяпер — спаборніцтва з Дашкевічам. Не магу ж я брыгаду падводзіць. Таму і страшнавата...

Яны падышлі да яе дома.

— Пойдзем, баязлівец, я цябе чаем напаю. І яшчэ што-небудзь смачнае знайду.

Ён адмоўна пакруціў галавой. На ім быў не той касцюм, каб знаёміцца з яе бацькамі.

— Я не пры парадзе. Скажуць твае бацькі, прывяла нейкае пудзіла.

Яна засмяялася.

— Зноў пасуеш?

Мацей прамаўчаў.

Па дарозе дамоў ён уяўляў сябе ў новым касцюме, з узнагародай на грудзях. «Праходзьце, малады чалавек»,— сказаў бы Танін бацька-геолаг. «Я вельмі рада з вамі пазнаёміцца,— сказала б маці.— Вы такі малады і амаль герой». Ён рассмяяўся ад гэтых сваіх думак.

Ён узяў білеты ў кіно і паглядзеў на гадзіннік. У запасе яшчэ тры гадзіны. Успомніў — даўно ў Вольскага не быў. Пакрыўдзіцца ён, скажа, як жыць не было дзе, дык знайшоў, а цяпер знік. Але дзяжурная сказала, што ён зноў адправіўся ў рэйс і вернецца толькі праз тры дні.

— Ён пытаўся, ці не прыходзіў ты,— сказала яна.

— І што вы яму адказалі?

Дзяжурная паглядзела на яго са здзіўленнем:

— Ты ж знік, даўно не быў...

Гаспадыні дома не было. Мацей з’еў некалькі бутэрбродаў з каўбасой, пералічыў свае грошы — да зарплаты павінна хапіць, можна нават пайсці з Таняй пасля фільма ў кафэ. Адкрыў знойдзенае ў паштовай скрынцы пісьмо з дому. «Маўчыш ты доўга,— пісала маці.— Калі дамоў прыедзеш? Не за тысячу ж кіламетраў. Зусім побач. Мне сястра пісала, што ты не прыходзіш да яе. Дарэмна. Мужык у яе дрэнны чалавек, але якая табе справа да яго? Ёй і так нясоладка жывецца. Што думаеш з інстытутам? Бацька хвалюецца, што ты пасябруеш з благімі хлопцамі і табе будзе не да падрыхтоўкі. Хутчэй напішы нам аб усім падрабязна».

Мацей вырашыў заўтра ж напісаць сваім. Дзівакі яны. «З дрэннымі хлопцамі пасябруеш...» Бацька заўсёды быў перастрахоўшчыкам. Калі Мацей расказаў яму аб усім, што было ў апошнія дні службы, ён, вядома ж, быў рады за яго і горды, але без канца паўтараў: «Гэта ж магло дрэнна скончыцца...»

Мацей адклаў пісьмо і адчуў сябе стомленым. Ён заўсёды моцна стамляўся к канцу рабочага дня, але сёння мышцы балелі больш звычайнага. Ён лёг на канапу, але так і не заснуў. Усё паглядаў на гадзіннік і мінут праз дваццаць узняўся, пагаліўся, пачаў прасаваць штаны.

На спатканне прыйшоў на паўгадзіны раней, і час гэты цягнуўся вельмі доўга. Таня падышла нейкая зусім новая, незнаёмая: паспела за гэтыя некалькі гадзін зрабіць новую прычоску.

— Падабаецца ці не вельмі?

— Вельмі,— адказаў Мацей.

У кіно ён паглядваў усё больш на Таню, а часам заплюшчваў вочы і слухаў яе ціхае і вельмі блізкае дыханне.

— Ты зусім не глядзіш фільм,— сказала яна ціха.— Спаць пасля змены хочацца?

— Не... Толькі хутчэй бы скончыўся гэты фільм.

Яны першымі выйшлі з залы і зазірнулі ў суседняе кафэ. Людзей там было шмат, але, на шчасце, знайшліся свабодныя месцы.

— Ты любіш шампанскае? — спытаў Мацей.

— Вельмі.

Яна чокалася з ім бакалам, смяялася і гаварыла:

— Уяўляеш, я ведала, што калі-небудзь абавязкова сустрэну цябе. Толькі не падумай, што я дзівачка якая-небудзь. Проста я ведала гэта. А потым, калі ўбачыла цябе побач, падумала зусім спакойна: вось ён прыйшоў.

— А я ніколі не думаў аб гэтым,— сказаў Мацей.— І не верыў, што такое ўвогуле бывае. Цяпер дакладна ведаю — бывае,— ён паклаў сваю далонь на яе руку. Яму вельмі хацелася, каб хоць на імгненне вакол іх не было гэтых шумлівых і вясёлых людзей.

 

10

Мацей заканчваў пісьмо дамоў.

Здольнік, які ішоў у сталоўку, сказаў:

— Ты б ужо лепш за капустай гэтым заняўся. Усё ж зручней...

Пры слове «капуста» Мацей праглынуў сліну. Усе грошы, якія заставаліся да зарплаты, пайшлі на шампанскае.

— Нічога, я і тут папішу,— сказаў ён.— Есці сёння зусім не хочацца.

— Добра павячэраў? — усміхнуўся Здольнік.

Мацей пастараўся паказаць здзіўленне:

— А ты адкуль ведаеш?

— Па вачах бачу, што галодны, як д’ябал, і ў кішэні ў цябе вецер гуляе. На, трымай сярэбраны,— ён паклаў у далонь Мацея металічны рубель,— і давай за мной.

— Дзякуй. Заўтра аддам.— Мацей сабраў свае лісткі з варштата, пайшоў у сталовую.

— Запомні, калі абанкруцішся, гавары мне, не саромеючыся. Прыйдзеш да мяне дамоў, наясіся на тыдзень. У мяне маці кухарка па прызванню.

— Мая таксама добра гатуе,— сказаў Мацей.

Тут жа, у сталоўцы, Мацей дапісваў пісьмо.

«У мяне ўсё ў парадку,— пісаў ён.— На разрад хутка здаваць буду. У інстытут рыхтавацца яшчэ не пачаў, але вазьмуся. Ужо кнігі падрыхтаваў».

Ён бы і далей пісаў. Да таго ж Здольнік, відаць, знарок цягнуў час, сёрбаў суп, але адарваў Мацея ад паперы вельмі знаёмы голас.

— Таленты ў цябе, сакратар, пад самым носам прападаюць. Гэтага хлопца трэба рэдактарам цэхавай насценгазеты назначыць. А то насценгазета жаўцее з паўгода.

Цімчук! Толькі яго тут не хапала. Паставіў свой паднос на стол.

— Гэта я ўлічу, таварыш сакратар. А лісток у другім цэху жаўцее. Наш мы кожны месяц, а здараецца, і часцей мяняем.

Цімчук хмыкнуў. Яго невялікія вочкі заблішчэлі. Зразумеў — пераблытаў штосьці. Ён няспешна сеў за стол і, адкусваючы хлеб, спытаў:

— І пра што вы ў сваёй свежай газеце напісалі?

— Пра тое, што брыгада наша, напрыклад, Дашкевіча і яго хлопцаў на спаборніцтва выклікала...

Цімчук адкусіў кавалак хлеба, праглынуў некалькі лыжак супу.

— Пра гэта мне ўжо ваш майстар гаварыў. Абыдуць яны вас...

— Гэта мы яшчэ паглядзім, хто каго,— не вытрымаў Мацей.— Чаго загадзя гаварыць?

Цімчук узняў бровы.

— Вось гэта выхаванне! Пазнаю ў гэтым маладым чалавеку і Урбановіча, і цябе, сакратар.

— Ну і добра, што пазнаеш,— сказаў Сяргей, дапіваючы кампот.

Хутчэй бы ён, падумаў Мацей, а то гэты Цімчук яшчэ да чаго-небудзь прычэпіцца. І праўда, сакратар камітэта камсамола галоўнае пакінуў на канец размовы.

— Добра, спаборнічайце. Гэта ваша справа. Але вось чаму ў газеце пра сваіх цэхавых п’яніц не напісалі? Шаржык які-небудзь на іх прыдумалі б.

— Пра ўсіх пісаць — газеты не хопіць,— махнуў рукой Сяргей.— Пасля работы забягалаўка ў парку па ўсіх швах трашчыць і у суседнія гастраномы не прабіцца. А ўсё чаму?..

— Чаму? — перапытаў Цімчук.

— Няма чым хлопцам заняцца. На заводскіх вечарах ад суму памерці можна. Танцы, танцы... Больш нічога. Праўда, па святах яшчэ даклады. Надакучыла гэта ўсім.

— Вось ты і прапануй што-небудзь новенькае на пасяджэнні бюро.

— На тым самым, дзе мяне заслухоўваць будуць?

Цімчук адмахнуўся:

— Хопіць табе... А пра п’яніц я не так сабе загаварыў. Трапілі вашы два зайчыкі ў міліцыю. Бойку ў парку пачалі...

— Хто?

— З фрэзернага ўчастка — Шаціла і Шамко.

— Дык жа Шамко ўсяго з месяц працуе,— здзівіўся Сяргей.— Трэба камсамольскі сход сабраць і ўсыпаць як мае быць.

Цімчук пайшоў.

— Дабіў ён мяне,— нявесела ўсміхнуўся Здольнік.— Ёсць прычына даць мне ў косці на бюро.

— У нас у арміі зусім інакш было,— сказаў Мацей.— А тут людзі пад градусам нават на работу прыходзяць. Пасмейваюцца сабе спакойна. Ведаюць — рабочых не хапае, значыць, ніхто не прагоніць. Не баяцца.

Сяргей усміхнуўся:

— А ты тэарэтык. Армія — гэта армія, а завод зусім іншая справа. Тут чалавека адным загадам не спыніш, не перавыхаваеш.

— А табе ніхто не забараняе працаваць так, як ты хочаш,— не ўтрымаўся Мацей і памкнуўся ісці ў цэх, але, па праўдзе кажучы, толькі выгляд рабіў, што збіраецца туды. Хацелася адарвацца і забегчы на хвілінку да Тані.

Але Здольнік прапанаваў:

— Давай разам да гэтых «герояў» зойдзем. Можа, яны паелі ўжо. Пасля ўчарашняга апетыт не вельмі добры павінен быць.

— Давай,— згадзіўся Мацей і не без суму паглядзеў на дзверы, якія вялі ў цэх оптыкі.

На фрэзерным участку нікога не было. Толькі майстар стаяў ля свайго станка.

— Дзе Шаціла і Шамко? — спытаў Сяргей.

Маршчыністы твар майстра спахмурнеў.

— Пашчасціла...— цяжка ўздыхнуў ён.— Зваліліся мне на галаву... Хоць бы вы, камсамол, на іх паўздзейнічалі. А то я хутка не вытрымаю...

— Дзе яны ўсё ж?

— Абедаюць, напэўна,— больш спакойна пачаў майстар.— А магчыма, і пахмяліцца пайшлі. Выгнаць іх не магу — план гарыць. Канец месяца хутка,— майстар пачухаў патыліцу.

— А з кім яны п’юць, ведаеце?

— Як не ведаць? Я ж не сляпы. Янушкевіч тут на такарным ёсць такі. Кажуць, мужчына галавасты, працаваць умее, а хлопцаў з панталыку збівае. Пасля работы тут як тут: «Давайце па рубліку». Хлопцы маладыя, а мяшкі пад вачыма раніцой вісяць, як у п’яніц з паўвекавым стажам.

— Вы б хоць за вучнем сваім прыглядвалі,— з папрокам сказаў Здольнік.— Не паспеў на завод прыйсці, а п’яніцай ужо стаў. У міліцыю разам з Шацілам трапіў.

— Во, сказаў: «Не паспеў на завод прыйсці...» Ён гатовенькім прыйшоў. Валасы па плечы, штаны шырынёй з бабскую спадніцу. Ды і за словам у кішэню не лезе. А вось, дарэчы, яны ідуць.

Па цэху ішлі двое хлопцаў. Адзін — гадоў семнаццаці, з рэдкімі абвіслымі вусікамі, з такой жа рэдкай шавялюрай, якая падае на самыя плечы, вузкія, як у дзяўчынкі. Другі — старэйшы гады на тры, а то і на чатыры. І ўвесь выгляд у яго быў больш упэўнены, задзірлівы.

— Добры дзень, Шаціла,— сказаў яму Здольнік.

Шаціла адказаў не адразу, аглядзеў Мацея з ног да галавы доўгім, уважлівым позіркам, прабурчаў:

— Вітаю камсамольскае начальства,— паказаў галавой у бок Мацея: — А гэта, значыць, новы актывіст?

— Ага. Зусім як і ў цябе новы калега па п’янцы.

Не паспеў Шаціла і слова ў адказ сказаць, як ягоны напарнік выкрыкнуў:

— Чаго нам мараль чытаеш? Самі адукаваныя. Фрэзу не прапілі. За свае грошы п’ём. Трапілі ў міліцыю — няхай караюць!

— Спакойна, Віталь,— Шаціла падняў руку,— спакойна, трэба берагчы нервовыя клеткі. А таварыш сакратар цэхавай камсамольскай арганізацыі хай паслухае маладога рабочага.

— Што вы крыўляецеся, як клоуны. Глядзець агідна! — не вытрымаў Мацей.

— А ты не глядзі. Ідзі адсюль на свой такарны,— кінуў Шаціла.— Я цябе ведаць не ведаю, падпявала.

Мацей зрабіў насустрач крок, спытаў:

— Гэта хто падпявала?

Шаціла адступіў, выставіўшы наперад рукі, папярэдзіў:

— Камсамольскім актывістам біцца нельга.

— Вось і пагавары з такімі,— развёў рукамі майстар.

— Добра, хопіць на сёння,— сказаў Здольнік.— Размаўляць мы з імі будзем усім цэхам на сходзе. А калі і потым не зразумеюць, станем хадайнічаць перад адміністрацыяй аб звальненні.

Адышлі ад фрэзернага, і Мацей сказаў:

— Гэты, другі хлопец, з вусамі, нічога. Ён проста пераймае ўсё. Калі я ў арміі аддзяленнем камандаваў, у мяне таксама быў падобны. Думаю, яшчэ можа чалавекам стаць.

Здольнік нават спыніўся:

— А што, калі ты гэтым зоймешся? Паспрабуй. Увядзём цябе ў савет маладых рабочых, і шэфствуй сабе на здароўе. Тым больш, вопыт у цябе ёсць. А камсамольскіх даручэнняў — ніводнага пакуль.

Мацей усміхнуўся, сказаў:

— Пахваліўся на сваю галаву. Ладна, запісвай даручэнне.

 

11

Арцём не з’явіўся на работу. Радый падыходзіў да яго станка і пытаўся:

— Не прыйшоў? — і адразу ж дадаваў: — Зразумела, не прыйшоў. Значыць, ужо не прыйдзе.

У абедзенны перапынак ён шпарка хадзіў па бясконцаму цэху. Астатнія хлопцы па-ранейшаму шліфавалі лаўку ў курылцы, купаючыся ў клубках дыму.

— І чаго кіпяціцца? — здзівіўся Васіль.— Раней ён так не псіхаваў з-за прагулаў. Скажа пару слоў — і супакоіцца.

Здольнік сказаў:

— А можа, захварэў Арцём? У газетах пішуць — эпідэмія нейкага асаблівага грыпу.

— Яго не так проста зваліць грыпу,— азваўся Здольнік.

— Гэта правільна, хлопец ён моцны. Учора мяне на сотцы ледзь не абышоў. А я ў батальёне хутчэй за ўсіх бегаў,— сказаў Мацей і тут жа дадаў: — Але з кім не здараецца.

За дзень да гэтага Здольніку ўдалося вывесці амаль увесь цэх на заводскі стадыён здаваць нарматывы ГПА. Цімчук усміхаўся і гаварыў камусьці з прадстаўнікоў спартыўнага таварыства:

— У нас заўсёды так. На старт выходзім усім калектывам.

Са здачай нарматываў ГПА атрымалася сапраўдная камедыя. Многія нават не маглі дыстанцыю закончыць. Але прадстаўнік спорттаварыства гэтага не бачыў. Ён знік заспакоены — масавасць забяспечана. Цімчука таксама не было. Калі ўсё скончылася, заводскі інструктар фізкультуры раздаваў усім значкі ГПА. Нават Янушкевічу таксама ўручыў.

Назаўтра Мацея пабудзіла Варвара Цімафееўна рана.

— Чалавек тут да цябе. Гаворыць, з завода,— сказала яна.

Мацей нават здзівіцца не паспеў — з-за яе спіны выглядаў Арцём.

— Ледзь знайшоў цябе. Забраўся ты за блізкі свет,— сказаў ён.

— Ты што, учора ўвесь дзень шукаў мяне? — здзівіўся Мацей.

Арцём падняў рукі ўгору:

— Ну, здаюся, ну, забі — толькі вельмі трэба было ўбачыць цябе. Навіны ў мяне ёсць. Думаю, зайду, раскажу табе, а потым разам на завод патэпаем...

— Тут не навінамі дзяліцца трэба,— сказаў Мацей, пахмурна назіраючы за тым, як Арцём бутэльку піва на стол выстаўляе.— Учора Радый злаваў. Сам ведаеш, з планам у нас не вельмі, завалілі заказамі і дэталямі. Спознімся, не справімся — Дашкевіч шум падыме. Яго план ад нас залежыць, і яшчэ як!

Арцём затрымаў на ім пагляд быццам бы знарок, але загаварыў так, як усё роўна ўзважваў кожнае слова.

— Усё гэта правільна, Мацей. А вось спытаць, чаму таварыш твой на работу не выйшаў, нават і не падумаў. Адразу мараль пачаў чытаць.

— Ды пачакай ты крыўдзіцца. Давай гавары. Толькі піва мне не налівай — не п’ю.

— А я вып’ю. Сёння мне можна. І ўчора таксама можна было.

— Не цягні, выкладвай, што здарылася.

Але Арцём не спяшаўся. Ён залпам выпіў дзве шклянкі піва, усміхнуўся:

— Заканчваецца маё вольнае жыццё. Дакладней — амаль скончылася. Другім разам, але цяпер канчаткова. Можаш запісаць у пратакол: так будзе!

— Жаніцца надумаў?

— Вось іменна!

— І на рабоце з-за гэтага не быў?

— На рабоце не быў зусім па іншай прычыне. У той дзень у мяне ледзь усё не разладзілася.

Мацей зразумеў, што вось так адразу ад Арцёма нічога не даб’ешся. Глянуў на гадзіннік — час ісці. Хуценька прыгатаваў яешню. Яны перакусілі і выйшлі на вуліцу. На аўтобусным прыпынку было шмат народу.

— Цяпер давядзецца за сваё месца ў жыцці змагацца,— сказаў Арцём, быццам на нейкія свае, незнаёмыя для Мацея, думкі адказаў.

— Пакуль да завода дойдзем, ты мне паспееш усё расказаць або да вечара расцягнеш? — спытаў Мацей.

— Чаго тут расцягваць? Усё зразумела і проста. Памятаеш, расказваў я табе пра адну дзяўчыну, больш правільна, жанчыну?

— У курылцы расказваў.

— Дык вось, тым самым вечарам, пасля здачы ГПА я да яе пайшоў. Не атрымалася ў нас размова. Пасварыліся. Яна зноў за сваё ўзялася: не патрэбна я табе і іншае... Я і раззлаваўся. Непатрэбна дык непатрэбна. Жыві як ведаеш, а я сам па сабе жыць буду. І пайшоў. А пасля ўсю ноч не спаў. Як хлапчук. Раніцой не на завод, а да яе пабег. І вырашылі мы ўсё. Вось так.

— Віншую цябе,— сказаў Мацей.— Ты зрабіў правільна. А Радыю мы ўсё растлумачым.

— Растлумачым. Ён зразумее, хоць я і паразіт, вядома,— не паспеў дагаварыць Арцём, як убачылі: насустрач ім ішоў па цэху Урбановіч.

— Сёння разам прыйшлі, а заўтра раптам забудзеце, што план гарыць, і патэпаеце міма? — І не паспеў Арцём рот раскрыць, як Урбановіч спытаў: — Расказвай, галубок, чаго і колькі ўчора выпіў...

Арцём глянуў на Мацея: маўляў, тут так проста не адкруцішся, заесць.

— Справа складаная,— пачаў Мацей першы.— Тут адразу ўсё і не растлумачыць. Лепш перанесці размову на абед.

Урбановіч недаўменна паціснуў плячыма.

— Добра, я коратка. Справы ў мяне асабістыя ўчора вырашаліся...— выбухнуў Арцём, і Урбановіч на гэта сказаў толькі:

— Глядзі ў мяне, калі хлусіш — амба.— Пагляд у яго пацяплеў. Ён зразумеў, што каму-каму, але ўжо не Арцёму такім тонам заўвагі рабіць. Дадаў: — Добра, д’ябал з табой.

Перад абедзенным перапынкам Урбановіча і Мацея паклікаў Сямёныч, па яго словах, для асабліва важнай размовы.

Майстар сядзеў за сталом, накрытым абрусам, у ленпакоі. Вакол былі раскладзены чарцяжы, кнігі.

— Усё вучымся? — спытаў Радый і падміргнуў Мацею.

— Заела вучоба праклятая,— пасміхнуўся Мікалай Сямёнавіч.— Сам часам падумваю: ці трэба мне гэта пад старасць гадоў? І тут жа адказваю — трэба!

Радый і Мацей селі.

— Не надакучыла табе яшчэ з пруткамі валаводзіцца? — спытаў Мікалай Сямёнавіч у Мацея.

— Надакучыла.

— Да таго ж брыгадзе не вельмі выгадна,— сказаў Урбановіч.— Можна сказаць, рабочы рытм збівае. Мы ўсе універсалы, а ён — як вучань... Па-мойму, час...

— Вось я таксама лічу, што Мацею час пераходзіць на больш складанае — развёрсткі, штамбы, фрэзы. Займацца тым, чым брыгада займаецца.

— А брыгаду даўно ўжо час на даводку пераводзіць,— сказаў Урбановіч як бы між іншым.— Толькі калі прарыў, тады нам участак паслятэрмічкі даюць. Нават кольцы разьбовыя даводзіць давяраюць...

Мікалай Сямёнавіч пакруціў вус.

— Так проста мы з табой пытанне не вырашым. Пакуль што ваша брыгада Дашкевічу на даводку дэталі пастаўляе, а не Дашкевіч вам. Перамажыце іх, тады і паглядзім.

Урбановіч падбадзёрыўся, выгукнуў:

— Вось гэта, я разумею,— спаборніцтва! Перспектыва, як у газетах пішуць. Мы справіліся. І Мацей таксама. Некалькі разоў я яму пробу даваў рабіць — атрымліваецца.

— Значыць, на гэтым і вырашылі. Тыдні праз два, лічу, ён можа смела на разрад здаваць.

— Я таксама так лічу,— сказаў Урбановіч і Мацея па плячы паляпаў.— На вачах расцеш, таварыш Захарэвіч.

Калі прыйшлі на ўчастак, Урбановіч сказаў хлопцам:

— Прашу знаёміцца — новы токар-універсал. Толькі што ад Шэпеля.

— Віншую,— першы падышоў да Мацея Здольнік.— Даўно трэба за сапраўдную работу брацца, а то ўсё пруткі ды пруткі.— І да болю сціснуў Мацею руку.— Цяпер няхай трымаецца Дашкевіч.

— З’явілася перспектыва мець стабільныя заказы па даводцы,— сказаў Урбановіч.— Усё ад нас залежыць.

Палуян нават прысвіснуў:

— Здорава! Даводка — гэта грошыкі і работа прыемная, хоць і потам ад яе патыхае.

— Грошы, вядома, усім патрэбны,— нявесела паглядзеўшы на Палуяна, сказаў Здольнік,— але тут, я лічу, справа ў іншым. Размова ідзе аб нашым рабочым майстэрстве, і мы не павінны прайграць у спаборніцтве.

Твар у Палуяна запунцавеўся.

— Вечна ты дурнем мяне выстаўляеш. Я хацеў тое ж самае, што і ты, сказаць.

— Толькі іншымі словамі? — спытаў Арцём.

— Не табе аб гэтым гаварыць,— узбурыўся Палуян.— Учора дзе быў?..

— Не з таго мы, хлопцы, другую палову дня пачынаем,— сказаў Урбановіч.— Пойдзем лепш працаваць.

Арцём адкінуў цыгарэту і першы выйшаў з курылкі.

— Ну і завадны,— сказаў яму ўслед Палуян і тут жа звярнуўся да ўсіх астатніх: — І што я такога сказаў?

— Ты ўсё ж думай, перш чым сказаць што-небудзь,— параіў яму Здольнік.

Палуян нічога не адказаў на гэта. Мацей падышоў да свайго станка і паглядзеў на Арцёма. Рухі яго былі дакладныя, размераныя — ён заціскаў дэталь у патрон...

 

12

Мацей да поўначы праседзеў за паперамі — усё чарціў, перакрэсліваў і зноў рабіў.

Калі ў цэху ўсе сабраліся, Арцём сказаў:

— Тут нам Мацей нешта паказаць хоча. Мне здаецца, прапанова дзелавая,— ён падміргнуў Мацею, маўляў, усё будзе ў поўным парадку.

Урбановіч здзіўлена сказаў:

— Не паспеў з аперацыёнкі на сапраўднае заданне перайсці, а прапановы ўжо ёсць. Ве-ельмі цікава.

— Я гэта не цяпер прыдумаў, калі па праўдзе гаварыць... Толькі тады не паспеў праверыць...

— А цяпер? — спытаў Арцём.

— Праверыў,— прызнаўся Мацей.— Справа ўвогуле нескладаная. Як мы працуем? Цэнтруем, напрыклад. Заціскаем дэталь у патрон трохкулачковы або ў цангу. Падводзім заднюю бабку і цэнтруем. Шмат часу ідзе на падвод, увод бабкі, на зацісканне.

— А як з гэтай сітуацыі выкруціцца? Што ты прапануеш? — не ўтрымаўся Урбановіч.

— Трэба, як мне здаецца, рабіць усё інакш. У патрон або ў цангу заціснем цэнтроўку, а ў свідравальны патрон задняй бабкі ўставім зажым, прывычны для нас «званочак».

— Што далей? — гэта Палуян не ўтрымаўся.

— У разцатрымальнік уставім звычайнае прыстасаванне. Яно і будзе падтрымліваць дэталь. Не будзе затрачвацца час на зацісканне дэталі, усё можна рабіць па ходу. Станок спыняць не трэба, ды і заднюю бабку адводзіць давядзецца на два-тры абароты,— Мацей змоўк.

Некалькі імгненняў стаяла цішыня.

— Пайшлі да станка,— сказаў Урбановіч.

Ён выбраў у скрыні балванку, пакруціў у руках, як бы ўзважваючы, і сказаў:

— Зараз паглядзім, як гэта выглядае...

— Я сам пакажу,— сказаў Мацей.

Урбановіч адмоўна хітнуў галавой.

— Ты прабач, цярпенне ў мяне лопнуць можа. Хачу сам паспрабаваць.

Ён схіліўся над станком. Мацей стаў насупраць, каб усё бачыць. Яму здавалася, што Урбановіч, нягледзячы на свой вопыт, зараз усё пераблытае... Але той рабіў усё так, як гаварыў Мацей.

І вось ужо ўключан станок, закруцілася на вялікай хуткасці дэталь. Рухі Урбановіча, які стаяў, як і раней, засяроджаны і спакойны, былі няспешныя, ён паспяваў рабіць усё так, быццам вечна працаваў гэтым, толькі што прапанаваным Мацеем, спосабам.

Праз колькі хвілін ён перакідваў з рукі на руку гарачую яшчэ дэталь і, усміхаючыся, гаварыў:

— Малайчына, Мацей. Гэта ж можна дзве дэталі замест адной гнаць.

— М-да, добра ўсё атрымалася,— задумліва прагаварыў Здольнік.— І вельмі проста. Дарэчы, усе геніяльныя адкрыцці здаюцца вельмі простымі.

— А што — гэта і ёсць самае сапраўднае адкрыццё ў нашай такарнай справе,— сказаў Арцём.— Толькі вось што рабіць з ім?

— На што ты намякаеш? — спытаў Урбановіч.— На рацпрапанову, ці што? Пойдзем і пададзім на сподачку з блакітнай аблямоўкай гэтую рацпрапанову Дашкевічу і яго кампаніі, так?

Палуян зазначыў:

— Той-сёй толькі і чакае рацпрапаноў. Потым адразу ж расцэнкі зрэжуць.

— У нашым цэху ў апошні час штосьці не вельмі рацпрапановамі раскідваюцца, хоць, я ведаю, амаль у кожнай брыгадзе — і ў токараў, і ў фрэзероўшчыкаў — свае хітрыя задумкі ёсць,— усміхнуўся Арцём.— Таму маўчок аб вынаходніцтве Мацея.

— Нічога не разумею,— сказаў Мацей, калі пытанне было амаль вырашана.— Самі ж гаварылі, што Дашкевіч і ўся яго кампанія — хапугі, што яны нічым дзеля заробку не грэбуюць. І атрымліваецца, што самі мы думаем так, як яны...

Урбановіч прысвіснуў, а Здольнік сказаў:

— Па-мойму, Мацей правільна гаворыць.

— Правільна, правільна,— перакрыўляў яго Палуян.— Хлапчук захацеў дыплом рацыяналізатара атрымаць і прэмію прыхапіць. Ды што гэта прэмія ў параўнанні з тым, што ўсе мы страцім...

— Можна падумаць, што ты прэміі за рацпрапановы калі-небудзь атрымліваў,— упікнуў Палуяна Здольнік.

Твар у Палуяна пачырванеў:

— А табе што? Ты ў інжынеры перакінешся, а мне, напрыклад, да канца дзён сваіх ля станка спіну гнуць.

Здольнік паціснуў плячыма. Арцём хацеў нешта сказаць, ды Урбановіч апярэдзіў яго:

— Няхай Мацей сам вырашае, што рабіць. У рэшце рэшт, гэта вынаходніцтва яго...

У Мацея цэлы дзень работа з рук валілася. У абедзенны перапынак абяцаў Таню наведаць, каб разам у сталоўку схадзіць, але адправіўся ў курылку.

Там ужо былі ўсе аднабрыгаднікі.

Арцём усміхнуўся і нявесела сказаў:

— У мяне, трэба ж, пасля гэтай нашай размовы штосьці з рукамі здарылася. Не хочуць працаваць. Я іх прымушаю, а толку ніякага. Як ватныя. Некалькі дэталяў запароў. Даўно такога са мной не было.

— І са мной — тое ж самае,— сказаў Мацей.

— Я нічога не сапсаваў, але адно сказаць магу — дрэнная ў нас размова атрымалася,— Урбановіч глыбока зацягнуўся. Ён знарок выпусціў дым акуратнымі, быццам з-пад штампа, кольцамі, кашлянуў.— Ясна, што пасля такой рацпрапановы расцэнкі, як піць даць, зрэжуць. Але ж на тое і рацпрапановы.

— Глупства нейкае атрымліваецца. Быццам бы і выйсця няма,— сказаў Арцём.

— Я так думаю: пакуль мы з Дашкевічам спаборнічаем і вынікі невядома якімі будуць — аб вынаходніцтве Мацея нікому ні слова,— унёс прапанову Урбановіч.

— А потым што? Да начальства пабяжым? — выкрыкнуў Палуян, гледзячы на ўсіх.

— Дык ёсць усё ж выйсце ці не? — спытаў Здольнік ва ўсіх адразу.— Або зараз пачнём кулакамі размахваць?

— Не пачнём,— Урбановіч выйшаў у цэнтр.— Раскладзём дашкевічаў на лапаткі, а пасля няхай Мацей са сваёй рацпрапановай што хоча, тое і робіць.

— Я — за! — сказаў Здольнік.

Палуян, на якога ўсе паглядзелі, як па камандзе, сказаў нягучна:

— Надакучыла мне ўсё гэта. Чысцюлямі хочаце быць, аж брыдка.

— А брыдка, дык не глядзі. Вочы ў другі бок адвярні,— папікнуў яго Урбановіч.

— Не палохай. Не прападу.

Ён пайшоў.

 

13

У канцы дня Мацей адчуў, што рукі ў яго гудуць ад стомы. Ён застаўся задаволены — замест сарака дэталяў здаў у АТК цэлых пяцьдзесят пяць. Сказаў аб гэтым Здольніку. Той паляпаў яго па плячы:

— Ты проста малайчына. Новым спосабам працаваў?

— Так. Можна было б і больш зрабіць, але я баяўся напартачыць.

Сказаў і толькі тады заўважыў, што Здольнік невясёлы.

— А ты чаго сумны? Стаміўся?

— Стаміўся, вядома... Але не ў гэтым справа. Ты на мяне не пакрыўдзіўся?

— За што? — здзівіўся Мацей.

— Не прыкідвайся. Я б на тваім месцы пакрыўдзіўся. Калі спрэчка разгарэлася, не мог я за цябе як след заступіцца... Хутка я пайду з брыгады. А таму ж Палуяну за станком стаяць яшчэ дзесяткі гадоў.

— Глупства ўсё гэта, павер. Ды і не ў гэтым соль...— Мацей паглядзеў на гадзіннік: яму час да Тані.

— Ты чым займаешся вечарам?

— Сам яшчэ не ведаю. Магчыма, у кіно з Таняй сходзім, а потым вучыць трэба... У інстытут я вырашыў паступаць. На вячэрні.

— Гэта добра! Калі ў цябе што-небудзь не будзе атрымлівацца — звяртайся. Пасядзім пару вечаркоў, задачкі парашаем.

— Дзякуй. Але пакуль што мне трэба вучыць усё з самага пачатку. Калі цяжка будзе, я абавязкова прыйду да цябе.

— Заходзьце сёння да мяне. Старыя на дачу едуць. Пасядзім, музыку паслухаем. У мяне выдатныя запісы. А вучыць будзеш заўтра — субота ж.

— Я згодны. Прыйдзем, калі Таня, вядома, згодзіцца.

— А ты зараз да яе ідзеш?

— Ага.

— Тады пойдзем разам. Ты яшчэ не ведаеш маіх агітацыйных здольнасцяў... Угаворым!

Таня спачатку аднеквалася, а потым згадзілася. Дамовіліся сустрэцца на тралейбусным прыпынку.

Мацей доўга выбіраў, што яму апрануць. З касцюмам усё проста — у яго адзін добры касцюм. А вось кашуль і гальштукаў шмат. Пабег у гастраном купіць віна, сказаўшы папярэдне Варвары Цімафееўне, што затрымаецца. Яна ўздыхнула:

— Адчуваю я, што хутка давядзецца мне новага кватаранта шукаць. Хлопец ты сур’ёзны, а такіх дзеўкі адразу ў рукі бяруць.

Мацей засмяяўся. Вельмі ўжо не падыходзіла слова «бяруць» да яго адносін з Таняй. Перадаў Тані словы гаспадыні. Яна рассмяялася:

— Сцеражыся, сур’ёзны хлопец!

У Здольніка ў гасцях была дзяўчына. Наташа. Здольнік уключыў музыку, наліў у бакалы віно.

— Я прапаную тост. Давайце вып’ем за нашага новага заводскага рацыяналізатара,— і паказаў на Мацея.

— Гэта ён рацыяналізатар? — здзівілася Таня.

— Яшчэ які! Такую штуку прыдумаў, што ўсе токары, нават самыя здольныя, калі даведаюцца, ахнуць.

— Загнуў ты, Сяргей... Усё элементарна...

Калі выпілі, Здольнік зноў пачаў:

— Ты б паслухаў, што пра цябе Сямёныч гаворыць! Так прама і сказаў — у гэтага хлопца рабочы талент.

Тут умяшалася Таня:

— Наташа, давайце запросім іх танцаваць, а то ўвесь вечар пра завод прагавораць.

— Мы здаёмся і больш не будзем! — падняў рукі Здольнік.

Добра, што ў Сяргея магнітафон і запісы ідуць адзін за адным. Можна танцаваць бясконца, не адпускаючы Таню ад сябе ні на імгненне.

— Я магу так танцаваць да раніцы,— шапнуў Мацей Тані на вуха.

— Я — таксама...

Назаўтра, седзячы з самай раніцы за падручнікамі, ён ніяк не мог засяродзіць на чым-небудзь увагу. Успамінаў учарашні вечар — і танцы, і тое, як яны ішлі па пустынных марозных вуліцах, і як цалаваў яе і халодныя вусны імгненна рабіліся гарачымі. Мацей усё ж прачытаў і заканспектаваў некалькі раздзелаў. Але ў галаве мала што засталося.

Ён знайшоў у кішэні двухкапеечную манету і пабег да тэлефоннай будкі, якую, быццам для яго, зусім нядаўна паставілі на супрацьлеглым баку вуліцы.

Мацей набраў нумар тэлефона і адчуў, як Таня ўсміхаецца ў тэлефонную трубку.

— Убачымся сёння? — спытаў ён.

— Ага. Я чакала званка і баялася, што ты не пазвоніш.

— Давай у кіно сходзім. «Раманс пра закаханых». Кажуць, добры фільм.

— Дамовіліся. А цяпер ідзі і садзіся за падручнікі.

— І ты таксама.

За дзве гадзіны да сустрэчы з Таняй Мацей пабег да кінатэатра, перамёрз, але «лішняга» білеціка так і не здабыў. Яны пахадзілі крыху.

— Зойдзем у кафэ. Я ні разу ў ім не быў. Назва добрая — «Медавуха».

У кафэ было цёпла і ўтульна. Іграў «Меламан». На цесным пятачку неяк умудраліся танцаваць пар пятнаццаць.

— Тут пахне мёдам,— сказала Таня.— І галоўнае — цёпла.

Яны селі за паўкруглы столік на дваіх. Мацей заказаў кактэйлі, каву.

— Вы паглядзіце, хто сюды прыйшоў — камсамольскі актывіст з барышняй,— пачуў ён за спіной насмешлівы знаёмы голас.

Мацей рэзка павярнуўся. На яго глядзеў Віця Шамко. Побач сядзелі двое такіх жа — з доўгімі валасамі, чырвонымі ад выпітага віна тварамі.

— А дзяўчына што трэба. Амаль міжнародны стандарт,— сказаў адзін з сябрукоў Шамко.— Можа, запрасіць яе на танец?

— Слухай, Шамко,— сказаў Мацей як мага спакойна.— Або выбірайся адсюль, або памаўчы. І свайму шчыглу-сябруку тое ж самае парай.

Як ні дзіўна, кампанія прыціхла. Толькі сябрук Шамко пачаў перасоўваць крэсла.

— Яны цябе могуць падпільнаваць вечарам,— сказала Таня.

— Не падпільнуюць. У мяне, дзякуй богу, ёсць вопыт. З кім-кім, а з гэтымі спраўлюся,— заспакоіў яе Мацей, а потым спытаў: — А ты не пазнала з іх нікога?

— Не. Хоць, пачакай, твар таго, што першы загаварыў, быццам бы недзе сустракала.

— Я табе неяк паказваў. Гэта мой падшэфны.

— Адчуваецца.

— Як падысці да яго? Сяргей даручэнне даў па камсамольскай лініі. Я згадзіўся, а цяпер сам не ведаю, як з гэтым Шамко загаварыць. На сходзе дадуць наганяй за такое шэфства.

— Давай пойдзем адсюль, я ўжо сагрэлася.

У дзвярах яны сутыкнуліся з Янушкевічам і яшчэ з нейкім хлопцам. Кішэні ў іхніх паліто адтапырваліся.

— Якая сустрэча! — сказаў Янушкевіч, убачыўшы Мацея.— Канкурэнт, і ў такім месцы? Можа, вып’еш з намі «біяміцынчыку»? Мяне вунь хлопцы чакаюць.

— Дзякуй за запрашэнне,— сказаў Мацей,— а хлопцаў я і сам бачыў.

Мацею ўспомнілася гэта сустрэча праз некалькі дзён, калі ён убачыў у цэху аб’яву аб цэхавым сходзе. На парадку дня стаяла адно пытанне: разбор паводзін токара Янушкевіча.

— Напэўна, зноў у выцвярэзнік трапіў,— сказаў Арцём.

І тут сам Янушкевіч быццам з-пад зямлі вырас. Шырока расставіўшы ногі, прагаварыў:

— Аб’явы пішуць. А мне начхаць! — плюнуў і расцёр падэшвай шырокага чаравіка.— Што яны мне зробяць? Я — рабацяга. Ну, перабраў, хапіў лішняга, а міліцыя тут як тут. Я ж не робат, жывы чалавек...

Гаварыў ён гэта ўсім, хто спыніўся ля аб’явы.

Нехта зазначыў:

— Часта перабіраць ты, марская душа, стаў.

— Не за твае! — выкрыкнуў Янушкевіч.

Калі на ўчастак прыйшоў Урбановіч, Арцём яму адразу ж сказаў:

— Бачыў аб’яву? Сапернік наш зноў уліп.

— Гнаць такіх трэба з завода,— вымавіў Урбановіч.— У жывёліну хутка ператворыцца, а ўсё ў грудзі сабе стукае, маўляў, я рабочы...

— Хай яго разбіраюць,— абыякава прагаварыў Палуян.— Нам што? Нават лепш. Лягчэй будзе іх перамагчы!

— Палуян у сваім рэпертуары! — сказаў Здольнік.

У канцы змены рабочыя пачалі сыходзіцца на сярэдзіну цэха, дзе звычайна адбываліся мітынгі, выступалі артысты з філармоніі, лектары з таварыства «Веды». Сёння павінен быў адбыцца сход з разборам справы Янушкевіча. Ішлі людзі на сход, пасмейваючыся.

— З яго як з гусака вада. План выконвае. А ад бутэлькі — за вушы не адцягнеш.

Першы ўзяў слова старшыня цэхкома Цімафееў.

— Таварышы,— сказаў ён.— Мне здаецца, мы вельмі часта і многа гаворым пра Янушкевіча, які ганьбіць імя рабочага чалавека. Цяпер, калі мы выйшлі ў рады перадавых, з-за такіх забулдыгаў, як ён, завод на ўсіх нарадах нядобрым словам успамінаюць...

Выступалі многія. Некаторыя жорстка, але большасць гаварыла, што Янушкевіч усё ж нядрэнны рабочы і звальняць яго не варта. За ўсім моўчкі назіраў высокі маладжавы чалавек — начальнік механічнага цэха Пятровіч.

— Глупства нейкае атрымліваецца,— ціха сказаў Мацей.— Сядзіць сабе Янушкевіч і ўсміхаецца. Усё, маўляў, у парадку. Быццам і не пра яго гавораць.

— А ты вазьмі ды і выступі,— прапанаваў Здольнік.— Як прадстаўнік камсамольскай арганізацыі. Тым больш, Янушкевіч твайго падшэфнага спойвае. Аб гэтым і скажы.

— Ды не лезь ты,— махнуў рукой Арцём.— Д’ябал з ім, з Янушкевічам.

Мацей усё ж накіраваўся ў цэнтр пятачка. На яго паглядзелі са здзіўленнем...

— Тут многія выступалі,— пачаў ён,— і з многімі я не згодзен. Пры чым тут — добры рабочы? Перш за ўсё Янушкевіч п’яніца. Няхай бы піў сабе адзін. Дык не... Я бачу, як хаваецца за спіны Віця Шамко. Некалькі разоў у міліцыю трапляў. І ўсё дзякуючы каму? Свайму старэйшаму «сябру». Янушкевіч спойвае не толькі Шамко, але і іншых...

— Яйка курыцу вучыць,— гучна сказаў Дашкевіч.— Вы толькі паслухайце — чалавек нейкіх пару месяцаў на заводзе працуе, а ўжо ў настаўнікі лезе.

Усчаўся шум. Было незразумела, хто што гаворыць. І тут Янушкевіч стаў побач з Мацеем.

— Браточкі, ды вы мяне хоць пакарайце, але толькі яму гэтага не дазваляйце. Я ж на флоце служыў. А гэта хто? Салабон жаўтароты!

І тут наступіла поўная цішыня. Усе глядзелі на Мацея. І ён сам не памятае, як вырвалася ў яго:

— Салабонам у арміі ордэнаў не даюць. А такія, як ты, з «губы» не вылазяць...

Ён сказаў гэта і накіраваўся да сваіх.

— Які яшчэ ордэн? — спытаў Урбановіч.— У цябе ордэн ёсць?

— Раскажы,— прасілі з усіх бакоў.

Тым часам слова ўзяў начальнік цэха.

— Я лічу,— сказаў ён,— што Мацей Захарэвіч і іншыя таварышы, якія патрабавалі тут самых строгіх мер у адносінах да Янушкевіча, гаварылі справядліва. Такім не месца ў нашым рабочым калектыве!

Мацей толькі цяпер адчуў, якая мокрая ў яго кашуля. Яна прыліпла да цела, як у той дзень, калі ён ішоў па размытай зямлі, трымаючы ў руках іржавыя ад часу снарады.

Яго акружылі хлопцы, свае, з іншых брыгад.

— Добра ты Янушкевічу ўляпіў...— гаварыў хтосьці. І зноў яго прасілі: — Раскажы.

— Не цяпер, пасля.

Пайшлі ў курылку. Мацей глыбока зацягнуўся.

Раптам перад імі з’явіўся сакратар камітэта камсамола Цімчук.

— Таварыш Захарэвіч,— сказаў ён, не звяртаючы ўвагі на іншых.— Вы зайдзіце заўтра з самай раніцы ў камітэт камсамола. Мы цяпер толькі паглядзелі вашу армейскую характарыстыку. Разумееце, усё рукі не даходзілі. Вы б і самі маглі расказаць. Мы вырашылі падрыхтаваць стэнд пра вас.

— Добра, я зайду. Толькі ніякіх стэндаў. Я не маці-гераіня.

— Я вас вельмі прашу,— зноў паўтарыў Цімчук і знік.

— Цяпер ён ад цябе не адстане,— сказаў Урбановіч.

— Час дамоў ісці,— сказаў Палуян.— Бо Мацей, напэўна, вырашыў усіх нас замучыць да смерці. Быццам вады ў рот набраў.

Мацей зацягнуўся апошні раз, адкінуў недакурак і сказаў:

— Гісторыя гэта, увогуле, самая звычайная...

 

14

Надвор’е было дрэннае. Дождж ліў другія суткі.

Мацей вельмі баяўся паслізнуцца. Ён ішоў за капітанам, глядзеў на яго мокрую спіну і думаў: «Толькі б не ўпасці». Вецер дзьмуў моцны, частымі парывамі, але яму здавалася, што вакол стаіць мёртвая цішыня. Ён асцярожна перасоўваў ногі. Для мінёраў не прыдумалі ботаў з падэшвай, як у альпінісцкіх чаравіках, і дарэмна.

Яму здалося, што ён чытае думкі капітана, які ішоў наперадзе. Вядома ж, капітан думае аб тым жа: толькі б не ўпасці на гэтую размытую дажджом зямлю... Плечы ў капітана апушчаны, ступае ён цяжка, няўпэўнена. Нарэшце яны зноў дайшлі да ўзгорка. Апусцілі тое, што было ў іх на руках,— іржавыя нямецкія снарады...

Адышлі і, не згаворваючыся, закурылі.

— Ну, як? — спытаў капітан. Невядома, што ён меў на ўвазе.

Мацей не адказаў. Ён з прагнасцю зацягваўся дымам і думаў аб тым, што зараз страх зноў ажыве ў ім...

— Ну, як, не шкадуеш, што згадзіўся? — пытае ў яго капітан і выцірае пот з твару шырокай, перапэцканай зямлёй далонню. На твары застаюцца бурыя палосы, але капітану не да іх.

— Не шкадую,— гаворыць Мацей.— Чэснае слова, таварыш капітан.

— Тады — добра. Поўны, як кажуць, парадак. Сумненні мяне больш хваляваць не будуць. А гэта галоўнае — упэўненасць.

Мацей з капітанам разумелі адзін аднаго. Сам не ведае, як гэта атрымалася — здаецца, звычайна да людзей падоўгу прыглядаўся, усё ўзважваў. Напэўна, уся справа ў спецыфіцы службы. Даводзілася бачыць смерць усяго за некалькі крокаў. Нават не за некалькі крокаў... Не тое слова. Часта смерць даводзілася акуратна, каб не ажыла яна раптам, у руках несці. Як цяпер...

Яны адышлі ад людзей, якія стаялі далёка, на такой адлегласці, каб у горшым выпадку смерць іх не дастала.

Людзі глядзелі на іх моўчкі. А яны быццам не заўважалі салдат, прадстаўнікоў гаркома партыі, міліцыянераў... Крыху далей стаяла «хуткая дапамога».

Калі «хуткая» прыехала, капітан сказаў:

— Дарэмна ўсё гэта. Работы мы вам не дадзім,— калі што — на шматкі... Вось так!

Урачы і санітары не знайшлі слоў у адказ.

Гэта было крыху раней.

Цяпер жа яны нікога не заўважалі.

— Давай яшчэ па адной выкурым і назад,— сказаў капітан.

Хтосьці падаў адкрытую бутэльку з мінеральнай вадой.

— Папіце.

— Не трэба,— сказаў капітан.— Потым ужо смагу натолім.

Яны курылі, як быццам нікуды не спяшаліся. Вецер падхопліваў дым і нёс у той бок, куды ім трэба было вяртацца.

Капітан кіўнуў галавой Мацею, і яны пайшлі.

— Ведаеш, я аб адным думаю,— сказаў капітан,— толькі б не ўпасці. Слізка. Думаю — упаду і дачку не ўбачу...

— Я аб тым жа думаю,— гаворыць Мацей.

— Нам трэба трымацца далей адзін ад аднаго,— гаворыць капітан.— На ўсякі выпадак.

— Не, лепш ужо так. Мы не ўпадзём, таварыш капітан.

Яны падыходзяць да снарадаў. Іх там засталося зусім нямнога. Ды і ўвесь склад, які выпадкова, як гэта звычайна бывае, знайшлі каля гарадка, непадалёк ад іх часці, можна сказаць, невялікі. Бывалі выпадкі і больш складаныя, калі «працаваць» даводзілася амаль усяму батальёну. А цяпер засталося работы на мінут сорак. Не больш.

Мацей глядзіць на снарады, якія падобны на вялізныя рыбіны, і думае аб тым, што адбылося толькі ўчора. Склад гэты знайшлі. Паведамілі, як і належыць, у часць. Капітан грунтоўна ўсё ўзважыў. Так ужо атрымалася, што «старых» амаль не засталося, лічы. Мацей адзін. Капітан выклікаў яго да сябе. Сказаў прама, без лішніх слоў:

— Знаю, праз месяц дэмабілізацыя. Дамоў паедзеш. Не магу я табе загадаць... Сам вырашай — ідзеш або не.

— Гатовы выканаць любы загад, таварыш капітан! — сказаў Мацей і адчуў, як ад важнасці і незвычайнасці размовы, што адбываецца, у яго ледзь не сарваўся голас.

— Давай з табой, сержант, інакш пагаворым,— не як камандзір і падначалены, а як два чалавекі, якія на вялікую рызыку ідуць. Сам ведаеш, намеснік мой у адпачынку. Нават калі я яго выклічу з Ташкента — пройдзе дні два. А чакаць нельга ніводнага дня. Астатнія афіцэры і салдаты, як кажуць, пораху не нюхалі. Выбару не было. Адзін ты застаўся ды я...

— Андрэй Аляксеевіч, для мяне пытанне вырашана.

— Дзякуй,— сказаў капітан і пайшоў.

...Яны аднеслі апошнія снарады ад дамоў, у якіх цяпер, на ўсялякі выпадак, не было ніводнай жывой істоты. Потым прагучаў выбух, і капітан сказаў: «Вось і ўсё. Я цябе віншую. Можна сказаць, пашчасціла нам». Сказаў так, каб чуў толькі ён, Мацей.

Перад самай дэмабілізацыяй прыйшоў загад аб узнагароджанні капітана Андрэя Аляксеевіча Пятроўскага і яго, Захарэвіча Мацея Цімафеевіча, ордэнамі Чырвонай Зоркі. Калі Мацею генерал прымацоўваў ордэн на парадны кіцель, яму ўсё здавалася, што адбываецца гэта не з ім, а з нейкім незнаёмым чалавекам...

Потым капітан угаворваў Мацея, які ўжо раз, заставацца на звыштэрміновую, а яго жонка, наадварот, адгаворвала.

— Вы не згаджайцеся, Мацей. Калі б яшчэ ў другім родзе войск, але толькі не ў гэтым.

— У другім, ты зразумей адно, ордэнаў не даюць,— смяяўся капітан.— Толькі ў нас можна сапраўдным чалавекам сябе адчуць. Ты скажы мне, Мацей, ці ж сапраўдны той мужчына, які ў жыцці не адчуваў смяротнай небяспекі? Не! Гэта яму толькі так здаецца, а ўжо хто-хто, а мы разумеем, што да чаго.

— Разумеем, Андрэй Аляксеевіч, але я на завод хачу. І ў інстытут паступіць.

— Добра, ідзі. Толькі не забывай свайго капітана. Хоць раз у паўгода пісьмо напішы...

Мацей з Таняй зайшлі да Здольніка.

Сяргей зварыў каву. Прынёс у талерцы піражкоў з мясам. Мацей толькі цяпер адчуў, што страшэнна галодны. Калі расправіўся з чатырма піражкамі, сказаў:

— Вось цяпер можна яшчэ на адзін сход ісці. І з Янушкевічам пагаварыць.

Сяргей рассмяяўся:

— Трэба было мне піражкоў з сабой узяць і накарміць цябе адразу пасля сходу. Ты і супакоіўся б!

— Ды я і так супакоіўся.

Калі выйшлі на вуліцу, Таня сказала напаўгалосу:

— Божухна, падумаць толькі — ты ў мяне герой. Ды яшчэ які! У час вайны не за кожны подзвіг ордэн давалі...

— Ты не параўноўвай,— сказаў ён.

— А я і не параўноўваю, а кажу аб тым, што ёсць. Можна, хлопцы, я сваім старым раскажу? Яны тады хвалявацца перастануць, што я позна дамоў вяртаюся.

— Калі толькі для гэтага — раскажы. Я не супраць. Можна.

 

15

 

 

З дзённіка Мацея Захарэвіча

 

«На наступны дзень, калі на работу ішоў, недзе ў глыбіні грудной клеткі халадок адчуў. Адна думка не давала спакою: як цяпер да мяне хлопцы паставяцца?

Прыйшоў у цэх — і першага Віцьку Шамко сустрэў. Толькі яго мне цяпер і не хапала!

— Прывітанне,— сказаў Віцька і першы падышоў да мяне.

І руку падаў.

— Прывітанне.

— Добра ты сябруку майму уляпіў.

— А ты за яго перажываў?

— Гэта не так важна. Лепш раскажы, за што ордэн табе далі. Я спачатку падумаў, што ты ўсё гэта выдумаў.

— Сапёрам я ў арміі служыў. Неяк знайшлі хлапчукі склад снарадаў нямецкіх. Вось і давялося гэты склад ануліраваць.

— Страшна было?

Нечакана для самога сябе я сказаў яму шчыра:

— Яшчэ як! Потам халодным абліваўся. Магло ж кожную мінуту выбухнуць...

— Здорава! Мне б у такім пераплёце пабыць!

Мы разышліся ў розныя бакі.

Сямёныч у час абедзеннага перапынку кажа мне:

— А ведаеш, многія цябе асудзілі, маўляў, хлопец яшчэ працаваць як трэба не навучыўся, а пачаў выступаць...

— А самі стаялі і маўчалі. Некаторыя дык заступацца пачалі.

— Я з табой згодзен. І табе гэта кажу вось чаму — працаваць цяпер ты павінен лепш, зразумеў?

Я пагадзіўся. Праз некалькі дзён пайшоў на разрад здаваць. Усе нашы за дзвярыма стаялі, перажывалі. Пыталі строга. Далі мне трэці разрад.

 

Нечакана ўсё атрымалася. Падыходзіць да мяне начальнік цэха і кажа:

— Захарэвіч, выклікае цябе Васіль Аркадзевіч. Прозвішча ён не назваў, але я і так ведаў, хто гэта. На заводзе дырэктара ўсе так называлі — Васіль Аркадзевіч.

Дырэктар доўга са мной гутарыў. Спытаў, ці падабаюцца справы ў камсамольскай арганізацыі. Я сказаў, што не вельмі. Высветлілася, што і ён такой жа думкі.

— Хутка канферэнцыя камсамольская,— сказаў ён.— Вось давайце і пагаворым сур’ёзна, як нам справы палепшыць. Ты выступіш?

— Выступлю.

— Толькі ордэн прымацуй. Саромецца не трэба.

Увесь цэх толькі пра нас і гаворыць. Радый неяк прыбег ад Сямёныча ўсхваляваны:

— Хлопцы, на абгон мы пайшлі. Крыху засталося, каб Дашкевіча па выніках квартала абагнаць.

— Здорава! — сказаў Сяргей.— Мне самому не верыцца.

— Толькі працаваць цяпер трэба будзе на поўную моц,— зазначыў Арцём.

І мы працавалі ў гэтыя дні як ніколі. Нават на абед не хадзілі. У курылку таксама. Пасля работы ў цэху затрымліваліся, абмяркоўвалі, як назаўтра працаваць лепш. Дамоў прыходзіў і адразу ж валіўся на ложак. Спаў некалькі гадзін, браўся за падручнікі. З Таняй стаў бачыцца радзей. У яе хутка экзамены...

Варвара Цімафееўна пісьмо мне прынесла. Чытала і плакала. Ад радасці. Сын яе прыязджае. За добрыя паводзіны датэрмінова з калоніі вызвалілі.

— Ты памятаеш, аб чым я цябе прасіла? — спытала яна.

— Як не памятаць. Я ўжо з Радыем перагаварыў аб тым, што трэба хлопца ў нашу брыгаду ўзяць. Падумалі з хлопцамі і вырашылі — няхай прыходзіць. Замест Палуяна. Быў у нас такі.

Прывёў я яго на завод. Спыніўся ён у нерашучасці перад доўгім пралётам цэха. Я яго падштурхнуў:

— Ідзі, ідзі смялей!

 

Надышоў гэты дзень. Віншаванні. Нам самім не верылася, што змаглі перамагчы брыгаду Дашкевіча.

Усе разам на вуліцу выйшлі. Вясенняе сонейка з-за хмар выглянула. І нечакана неба быццам прарвала — паліў дождж. Ён быў буйны, густы. Прахожыя хаваліся хто куды. Але мы на дождж не зважалі. Ішлі па вуліцы і жмурыліся ад сонечных промняў».


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Дні, як усе іншыя: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 222 с.
Крыніца: скан