epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Двое ў гасцініцы

«Як толькі ў гасцініцу зайшоў, дык я адразу пра ўсе забыў, таму што вас убачыў. Быў бы ў мяне капялюш, а не зацухмоленая шапка, я б зняў яго перад вамі і зрабіў гэта, як яго... рэверанс, здаецца. Вы б не зразумелі нічога і палічылі б мяне за звычайнага прыліпалу і, упісаўшы ў журнал маё прозвішча і імя — Сідзевіч Антон Цімафеевіч, паслалі б да ўсіх д’яблаў. Але я б не пайшоў усё роўна і сказаў бы вам, што прыгажэй за вас нідзе нікога няма — я гэта ведаю, я столькі паездзіў, што ў горле ад праглынутага пылу казыча, і доўга б на вас глядзеў, як зараз... Але я гэтага не зрабіў, а заваліўся спаць на акуратна засланы вамі ложак і спаў бы і зараз, калі б гэты рыжанькі, прыплюснуты шафёр не сказаў пра вас брыдоту і я не змазаў яго за гэта па фізіяноміі. У яго ў роце нешта зрабілася і кроў пайшла,— кулак у мяне рэзкі,— а цяпер вы яму ёдам рот змазваеце, а ён усё паўтарае — вось, маўляў, чалавек, жартаў не разумее. Вы на мяне глядзіце з дакорам, і ў вачах вашых без акуляраў прачытаць можна — ездзяць тут розныя морды, па п’янцы адзін аднаму фізіяноміі калечаць, а я іх зарубцоўвай... Я вам пасля сказаць магу, з-за чаго ўсё здарылася. Але не скажу, вельмі ўжо брыдка гэты рыжанькі ўсё апісваў і размалёўваў...»

Антон думаў так, абапёршыся на стойку, і глядзеў, як спрытна дзяжурная па гасцініцы Анастасія, самая прыгожая з усіх дзяжурных усіх разам узятых гасцініц, змазвае ваткай, змочанай у ёд, рот гэтаму тыпу. Добра, што там кампанія падабралася разнародная і гэты рыжанькі плявузгаў наконт дзяжурнай з выпадковымі сустрэчнымі, а не з сябрукамі сваімі. Калі Антон, адарваўшы ад падушкі цяжкую і стомленую ад дзённых клопатаў галаву, сказаў яму, каб ён роту свайму і, галоўным чынам, языку даў адпачнуць ад брахні, той яшчэ больш пачаў распінацца. Тады Антон не вытрымаў і даў пляткару па сківіцы. Хлопцы, якія, разявіўшы раты, слухалі рыжага, прамаўчалі, убачыўшы мускулы Антона, і адразу леглі спаць. Рыжанькі пабег да дзяжурнай за ёдам, Антон жа чамусьці пайшоў за ім. У роце ў рыжага прыпякала, і ён спакваля патузваўся і моршчыўся. Антону стала шкада яго. «Няхай бы пагаварыў, адвёў душу».

Нарэшце Анастасія закончыла змазваць шафёру рот. Ён устаў, падзякаваў і пачаў выглядаць, як бы лепш прашмыгнуць у калідор паўз Антона. Антон, ледзь адсунуўшыся, зрабіў невялікі праход паміж сабой і дзвярыма, і калі рыжы, сцяўшыся, ішоў міма, лагодна паляпаў яго па плячы.

Потым сказаў:

— Вы прабачце, Анастасія, за лішнія клопаты. Толькі вельмі ўжо неабходна было стукнуць яго крышачку...

Яна паглядзела на яго здзіўлена. Вось які! Шуму нарабіў у гасцініцы і прабачэння прасіць не думае!

Яму вельмі спадабаўся яе позірк. Ён і не ведаў астатніх яе позіркаў, можа, і лепшыя былі, але гэты яму спадабаўся.

— А мы з вамі знаёмыя. Я быў паўгода назад тут. Ноччу прыйшоў і разбудзіў вас. У вас імя вельмі прыгожае. У нас у хаце ікона вісела. Багародзіцы, ці што... Дык я яе Насцяй чамусьці называў, Анастасіяй, значыць. Лягчэй запомніць было. Бабка вушы драла, а я ўсё роўна ікону Насцяй называў... Цяпер ведаю чаму — на вас яна вельмі падобная...

Анастасія раптам усміхнулася яму.

— Гаваркі дужа вы. А ўжо ноч... У той раз зусім не размаўлялі...

— Дык вы мяне памятаеце? Вось гэта цудоўна! А я думаў, усе ў вас на адзін твар. Столькі людзей прыязджае, ад’язджае.

Анастасія нічога не адказала, а ён працягваў:

— Ездзяць людзі...— І раптам спытаў, праглынуўшы камяк, які перашкаджаў яму гаварыць: — І чапляюцца, відаць...

Адразу ж успомніліся яму словы рыжага: «Тут прыгажуня, як кот у масле. Хто спадабаўся — той ноччу не мерзне».

Насмешліва на яго гледзячы, яна махнула рукой:

— Такі ўжо ваш брат мужык... Як толькі вырвецца куды-небудзь ад жонкі, халасцяком становіцца. Ну, дасі яму аплявуху і пагоніш ад сябе... Адзін усё жаніцца прапаноўваў. І зараз яшчэ пісьмы шле. Дзівак.

— Дык і вы б’ецеся? — радасна спытаў ён. І працягваў: — А бывае, што і нармальны чалавек сустрэнецца.

— Куды ўжо мне. Старая зусім. Сын расце. З месца не асабліва лёгка скрануцца. І не цягне нешта.

Толькі цяпер Антон заўважыў, што яна не такая ўжо і маладая, як яму адразу здалося. Гадоў трыццаць будзе. Старэй за яго гады на тры. Калі ўсміхаецца — пад вачамі скачуць маршчынкі.

— А муж што ж?

— Памёр ён. Два гады пажылі, і памёр. З’ела хвароба за некалькі месяцаў.

Антон паківаў галавой і адчуў сябе няёмка за гэта зусім ужо непатрэбнае пытанне. А яна падумала — чаго гэта раптам разгаварылася з гэтым мажным юнаком, які не паспеў у гасцініцу пасяліцца, а ўжо бойку ўчыніў. Усім сваім выглядам паказала, што гаворка закончана і час яму спаць ісці. Паднялася, спрытна падкінула некалькі паленцаў у печку.

Антон развітаўся. Ішоў у свой нумар і думаў, што добра ён зрабіў усё ж, трэснуўшы гэтага рыжага. Пляткар!

Рамонт на мясцовым заводзе прадстаяў не надта складаны. У трэсце яго адпусцілі на цэлых дзесяць дзён, і другім разам ён бы дні за тры справіўся. А цяпер нешта не вельмі хацелася ад’язджаць адсюль. І сам не ведаў, чаму б гэта... Дакладней, ведаў, але прызнавацца нават сам сабе не хацеў і ў душы з сябе пасміхаўся. Пакорпаўся ён на заводзе з паўдня, пагаварыў з хлапцамі, сказаў некалькі кампліментаў нарміроўшчыцы Зіначцы, прыгожай, крыху паўнаватай бландзінцы, якая прапанавала яму пайсці на танцы ў Дом культуры, а не кіснуць у пакоі за кілішкам, і пайшоў у гасцініцу. Свяціла сонца, зусім вясновае, хоць на дварэ быў люты. У нумары хуценька сцягнуў з ног боты і заваліўся спаць прама паверх коўдры. Днём у гасцініцы спаць — адно задавальненне. Анучы дыханне не атручваюць, не храпе ніхто і ў сне не ўскрыквае. У Антона, праўда, сон нічым немагчыма перабіць, ніякім храпам. Але перш чым заснуць, ён звычайна падоўгу варочаецца з боку на бок, лічыць да тысячы і больш, успамінае самыя што ні ёсць сонныя гісторыі, большасцю прыемныя, але заснуць нейкі час усё роўна не можа. Затое пасля таго як засне, разбудзіць яго немагчыма, як ні тузай.

На гэты раз Антон перавярнуўся на жывот і заплюшчыў вочы. У галаве стомы не было. Гэта азначала, што сон не прыйдзе сам па сабе, і Антон пачаў успамінаць якую-небудзь прыемную гісторыю. Іх у яго, калі шчыра гаварыць, кот наплакаў. Гэта толькі знаёмым дзяўчатам Антон гаварыў, што такія ў яго гісторыі былі, якія нікому не сніліся. Тыя звычайна крыўдавалі, што гісторыі гэтыя звязаны з іншымі дзяўчатамі, але Антона, напэўна, не раўнавалі. Чаму? Ён так лічыў таму, што сам ніколі нікога не раўнаваў. Можа, яго хто і раўнаваў, але ён пра гэта не пытаўся.

А маці ўсё чакала ў доме «малодшанькую» нявестку. Наогул, нявестак у доме Сідзевічаў хапала. У Антона былі яшчэ тры браты, і ўсе жанатыя. Неяк здарылася, што ні адзін з іх нікуды не з’ехаў з бацькоўскага дому. Жылі Сідзевічы ў вялікім, прасторным доме. Нявесткі нярэдка, то адна, то другая, не ладзілі са свякрухай. Яна ж, спакойная і ціхая па характару, старалася дагадзіць усім. А з Антонам, сваім малодшым, гаварыла па шчырасці і прасіла:

— Ты ўжо хаця, Антоша, добрую вазьмі. Галоўнае, спакойную...

Ён смяяўся:

— Хіба табе, маці, гэтых не хапае? А я яшчэ злейшую прывяду.

Яна ўздыхала і гаварыла:

— Заездзішся ты па камандзіроўках, і толку не будзе.

Успомніўшы пра маці, Антон заўсміхаўся.

Ён бы і яшчэ больш спаў, напэўна, да самага ранку, калі б іншыя пастаяльцы не ўваліліся пад самы вечар у пакой і не пачалі гучна гаманіць.

Антон адкрыў вочы і ўбачыў рыжанькага. Той адчуў ягоны позірк і ўсміхнуўся:

— Вось у хлапца камандзіровачка! Ляжыць сабе і дрыхне...

Усміхацца рыжанькаму не хацелася. Антон гэта ведаў. Атрымаў па фізіяноміі, а цяпер у сябры лезці пачне, каб паўтарэння не здарылася. Ёсць такія людзі.

— Ты ў якой сістэме тут? Можа, у адной? — зноў палез у размову рыжы.

— Не ў адной. Прафесія рэдкая. Кабылам хвасты накручваю,— не зусім удала пажартаваў Антон, але рыжы пасля гэтага змоўк.

Мужчыны сядзелі кучкай і ціха гаманілі між сабой. Хутчэй за ўсё абмяркоўвалі, што рабіць вечарам. Антон ведаў, чым гэтыя размовы закончацца. Ноччу ў пакоі не прадыхнуць будзе ад перагару. Яму раптам усё гэта абрыдла. Успомніў запрашэнне Зіначкі пайсці на танцы. А чаму б і не пайсці? Дастаў з чамаданчыка белую кашулю і гальштук, ружовы, у палоску, апрануўся і выйшаў з пакоя.

Спадзяваўся Анастасію ўбачыць, хоць ведаў — сёння не яе змена. І сапраўды, дзяжурная была іншая, незнаёмая. Прайшоў міма яе на вуліцу. Вечар быў цудоўны, без ветрыку, у паветры пахла вясной. Хлопцы ішлі з гітарамі і спявалі, дзяўчаты — усе, як на падбор, святочна апранутыя і падфарбаваныя...

Як толькі Антон увайшоў у залу, адразу ўбачыў Зіначку. І сапраўды — чакае яго. Галавой круціць, сябровак, якія побач аб нечым балбочуць, зусім не слухае. А можа, і не яго чакае? Хаця не, убачыла, заўсміхалася і насустрач пайшла першай.

— Ты,— гаворыць,— Антоша, святочны такі, кашуля табе белая да твару вельмі і гальштук ружовенькі таксама. Музыка хутка зайграе, і паглядзім, што ты за танцор.

Гэтае яе «Антоша» і астатняе, наконт гальштука і танцора, Антона развесяліла.

Зайграла музыка, на шчасце, павольная — пад хуткую ён не вельмі добра танцаваў, і яны з Зіначкай ледзь не самыя першыя ўвайшлі ў круг. Зусім блізка горача дыхала Зіначка, быў яе твар, далей — шмат іншых твараў. Антону ўсё гэта пачало падабацца — і танцы, і ўся камандзіроўка наогул.

Пасля ён танцаваў з Зіначкай і хуткія, і павольныя танцы.

— Ты вясёлы. Мне такія падабаюцца,— сказала Зіначка, калі яны выйшлі на вуліцу.— Ты мяне праводзіш, вядома? — запытальна паглядзела на яго.

— Праводжу...

Ён гаварыў нешта вясёлае, злёгку прыцягваючы да сябе Зіначку, і зусім выпадкова позірк яго сустрэўся з позіркам жанчыны, якая ішла насустрач.

Гэта была Анастасія. Ён хутка апусціў вочы ўніз, адчуваючы, як уся яго радасць імгненна знікае. Каля брамы дома, дзе жыла Зіначка, ажно ўзрадаваўся, што закончылася нарэшце дарога. Абыякава паляпаў дзяўчыну па плячы і хутка пайшоў у бок гасцініцы. Зіначка разгубілася ад нечаканасці — што гэта з ім раптам здарылася?

...Раніцай Антон прачнуўся з цяжкай галавой.

І сам увесь агнём гарэў. Стаў на ногі і адчуў, што водзіць яго, нібыта п’янага, ва ўсе бакі. Пайшоў да дзяжурнай таблетку папрасіць. Анастасія як убачыла яго, завойкала:

— Доктара трэба паклікаць. Твару на вас няма...

Ад доктара Антон наадрэз адмовіўся, сказаў:

— Ну яго, доктара. У бальніцу яшчэ пакладзе. Скразняком мяне працягнула, і толькі. Мне б таблетак жоўтых такіх у цэлафане і чаго-небудзь мацней для прафілактыкі. Адразу ж усё пройдзе, быццам і не было. А ў кантору сваю дзень не схаджу — не з’ядуць.

Ён пайшоў назад у нумар. Анастасія накінула на плечы шалік і выбегла ў аптэку, якая была зусім побач.

Антон задрамаў ужо, калі яна ціха зайшла ў пакой. Паклала таблеткі на столік, прысела побач.

— Перш за ўсё тэрмометр трэба паставіць. Можа, і не прастуда гэта зусім.

Антон пакорліва ўзяў тэрмометр, сунуў пад паху.

— Хварэць я вельмі люблю. Толькі вось рэдка гэта са мной здараецца,— і адразу, нечакана для сябе: — Ты вельмі прыгожая, Анастасія. Я хворы, і то бачу...

Гэтыя словы засталі Анастасію знянацку. Крыху паружавеўшы, яна пацягнулася да Антона, каб узяць тэрмометр. Ён парывіста абняў яе і прыцягнуў да сябе. Анастасія адбівалася, упіраючыся рукамі яму ў грудзі. Антон з закрытымі вачамі цалаваў ёй губы, твар... Нарэшце Анастасія выслабанілася, але не ўцякла, а адсунулася на край ложка.

Антон заплюшчыў вочы, чакаючы ад яе рэзкіх слоў. Анастасія нечакана ўсміхнулася, амаль непрыкметна, краем вуснаў.

— Які ты... Ну, зусім як хлопчык...

— Хочаш,— сказаў ён,— я толькі цябе ўвесь час цалаваць буду. І больш нікога.

Уголас Антон сказаў крыху не так, як думаў, і пад «усім часам» разумеў усё жыццё, але язык не паварочваўся вымавіць гэтыя два словы. Нібыта да зубоў прысох. І яшчэ ўспомніўся Антону ўчарашні вечар. Анастасія, якая ішла стараной... Маўчыць... Можа, не заўважыла ўчора...

— Цяпер зусім на хлапчаня падобны. Ну, акурат мой Сярожка. Калі схлусіць, вочы заплюшчвае і чакае — зразумела ці не.

Антон ведаў, навошта яна гаворыць усё гэта, і не знаходзіў, што адказаць.

Анастасія хацела адразу пайсці, як толькі ён рукам волю даў, але чамусьці засталася і па-ранейшаму сядзела на краі ложка. Упершыню за доўгі час на душы ў яе было спакойна, быццам усё разам стала на свае месцы. Анастасія яшчэ раз уважліва паглядзела на Антона, і ёй здалося, што яна ведае яго вельмі даўно.

— Учора з кім гуляў? Гаварыў, напэўна, тое ж, што і мне...

Усё ж яна не змагла не спытаць у яго пра ўчарашняе.

— Вось яшчэ сказала... Не сядзець жа вечарамі ў гасцініцы. Я вельмі цябе бачыць хацеў. А гэта знаёмая з завода, нічога сабе дзяўчына, вясёлая. Толькі ты не падумай...

 

Паўдня Антону хапіла. Ён здаў кацёл мясцоваму інжынеру і паспяшаўся да гасцініцы. На ганку зусім ужо нечакана сутыкнуўся з Анастасіяй.

— Ты ж не дзяжурыш сёння...

— Што ж гэта ты... Хворы яшчэ і з ложка падняўся. Біць цябе няма каму. А я так прыйшла, па справах, і цябе заадно праведаць. Гасцінцаў вось прынесла...

Толькі цяпер Антон заўважыў у яе руках скрутак. Ён заўсміхаўся:

— Як маленькаму. Прыдумала ж. І я зусім не хворы, толькі крыху. А харчы твае, Анастасія, вельмі нават дарэчы. Кацёл я свой даканаў і страшэнна есці хачу. Запрашаю ў свой пакой...

Ён быў рады, што нават следу ад яе ўчарашняй крыўды не засталося. Але яго запрашэнне было адвергнута:

— Ты жартаўнік. Хіба магу я... Што скажуць людзі... І да сябе запрасіць не магу. Сын дома. Пытацца пачне.

— Прыйдзецца аднаму тваімі гасцінцамі ласавацца.— Антон развёў рукамі.

— Да пабачэння,— развіталася яна і хуценька пайшла.

Антон пакруціў у руках скрутак і пайшоў у свой пакой. Праз некалькі мінут еў смажанае мяса і ўсміхаўся.

 

Раніцай гасцініца прачыналася ад нялёгкага, зімовага яшчэ сну. Камандзіровачныя цяжка грукалі ботамі па калідорах і адзін за адным выходзілі ў шэры паўзмрок. Антон дачакаўся, пакуль усе пойдуць з пакоя, і накіраваўся да Анастасіі. Яна сядзела за сваім столікам і ўпісвала ў кнігу ранняга камандзіровачнага. Антон стаў у дзвярах, як у той вечар, калі стукнуў рыжанькага, і падумаў, што час ляціць вельмі хутка.

Камандзіровачны, узрадаваны цяплом, паспяшаўся ў нумар. Анастасія адчула на сабе позірк Антона, падняла вочы.

— Не спіцца з ранку?

— Я спаць падоўгу не прывык. А сёння яшчэ і цябе ўбачыць захацеў. Заўтра ты мяне з кніжачкі выкрасліш, а ехаць мне зусім не хочацца. Але я хутка з’яўлюся, і ты мяне не паспееш забыць.

Ён гаварыў усё гэта на адным дыханні, быццам баючыся, што яна перапыніць яго, не дасць дагаварыць.

Антон падышоў да яе і сеў побач.

— Выдумаў... Ой, і выдумшчык ты. Паедзеш, і ўсё. Як шмат разоў ад’язджаў. Затужыў у камандзіроўцы, вось і весяліш сябе выдумкамі...

Антон амаль не слухаў яе. Хацелася яму прыцягнуць яе да сябе, як тады, у нумары, і каб яна зусім не адштурхвала яго і не адводзіла свае прыгожыя, незразумелага колеру вочы.

— Я чэсна прыеду. Вось ты здзівішся... Га?

— Здзіўлюся,— сказала яна і паглядзела на яго.— Я вельмі б здзівілася і ўзрадавалася...

 

У пісьме Антон дакладна ўсё напісаў — і месяц, і дзень, і нават гадзіну свайго прыезду. Хуценька дабег да гасцініцы. Убачыў, што за сталом сядзіць зусім іншая дзяжурная, прабіўся сярод камандзіровачных, спытаў:

— Анастасія не дзяжурыць?

Дзяжурная на яго нават не зірнула, сказала як адрэзала:

— Не дзяжурыць яна. І не будзе. Паехала...

Закруціліся ў вачах Антона і гасцініца, і людзі ў ёй, і шырокі твар дзяжурнай.

Абапёрся ён на стол і крыкнуў ёй у твар:

— Не можа быць!

Дзяжурная спачатку разгубілася, а пасля сама на яго закрычала:

— Бадзяюцца тут... Напіўся і на стол лезе. Чаго табе трэба? Сказана — паехала! Зусім паехала.

Антону ўспомніўся той дзень, калі ён ад’язджаў, маленькая жаночая постаць удалечыні... Ён схапіў свой чамаданчык і, расштурхваючы чаргу, кінуўся да выхада.

Удыхнуў халаднаватага ветру, сцяў вусны.

 

Анастасія не знаходзіла сабе месца... Здавалася ёй, што неразумна зрабіла яна, прыдумаўшы ўсё з ад’ездам. І адразу ж апраўданне знаходзіла — навошта яна яму. Жыццё толькі з ёй згубіць. Старэй яна за яго і не адна... Сын гуляе і нічога не разумее. І ў той жа час хацелася пабегчы за ім, дагнаць, каб не паехаў...

 

Антон ішоў да яе дома.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 30-41
Крыніца: скан