epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Голас памяці

1
2
3
4
5


1

 

Хлапчук у доўгім кажуху з цяжкасцю караскаецца ўздоўж плота. Завея гуляла ўжо трэція суткі, людзей на вузенькай вулачцы амаль не было. Па спецыяльнаму загаду школа была закрыта з нагоды маразоў такой сілы, быццам гэты пасёлак і навакольныя вёскі апынуліся на некаторы час недзе на Поўначы. На павароце хлапчук перайшоў з дарогі бліжэй да плота. Дарэчы, не зразумець было, дзе пачынаецца і канчаецца дарога, усюды ўзвышаліся вялізныя, самых фантастычных форм гурбы. З кожнай гадзінай яны мянялі свае абрысы ў залежнасці ад таго, як гэта бачылася завеі. Час ад часу хлапчук спыняўся. Адвярнуўшыся ад ветру, ён стаяў некаторы час, каб адагрэць твар, і зноў рухаўся наперад.

Хлапчук не пайшоў да школьных варот, яны былі яшчэ метраў праз дзвесце, а спакойна, не спяшаючыся, пералез цераз плот, на ўсякі выпадак агледзеўся па баках, хоць ніводнай жывой душы навокал не было і быць не магло, і паволі патрухаў да цёмных вокнаў.

«Хутка, вельмі хутка, — думаў хлапчук, — засталося толькі некалькі крокаў пад гэтым праклятым ветрам, і я ёй дакажу, няхай сабе парадуецца ўволю».

Ён раптам уявіў твар жанчыны, пра якую думаў, і яго вочы яшчэ больш звузіліся, вусны скрывіла ўсмешка, а рукі ў кішэнях кажуха да болю сціснуліся.

Хлапчук наблізіўся да акна, дастаў з рукава кажуха невялікую абструганую палку. Бутэльку з чарнілам ён паставіў ля самай фіранкі, так што намаразь на шыбах не мела для яго ніякага значэння. Яшчэ раз ён усё ж такі паглядзеў па баках — вакол віравала снежная пацяруха, коратка размахнуўся і ўдарыў па шкле. Вецер быў настолькі моцны, што хлапчук амаль не пачуў гуку разбітага шкла, раздаўся толькі слабы трэск, быццам недзе зусім побач зламалі галінку. Бутэлька з чарнілам стаяла цяпер проста перад ім. Хлапчук на імгненне зажмурыў вочы і ціха штурхнуў яе.

Заўтра ты ўбачыш, якім зрабіўся твой клас, заўтра ў цябе пагоршыцца настрой, заўтра ты зразумееш...

Ці то ад гэтых думак, ці то ад сцюдзёнага ветру ў яго на імгненне перахапіла дых, ён схаваў твар у каўнер кажуха і стаяў гэтак колькі часу, прытуліўшыся да дрэва.

Па радыё перадавалі, што заўтра будзе яшчэ большы мароз, у школу яны зноў не пойдуць некалькі дзён, і яна не ўбачыць падлогі, залітай чарнілам. А яму хацелася, каб ёй ужо заўтра зрабілася кепска на душы, але ж у школе ёй цяпер няма чаго рабіць, яна сядзіць у самым прыгожым новым доме ў пасёлку побач са сваім мужам — вялікім начальнікам, а калі той на рабоце, дык з дзецьмі, і глядзіць самы першы ў іхнім пасёлку тэлевізар, праз які, кажуць, можна ўбачыць увесь свет, бясплатна глядзець самыя розныя фільмы, перадачы пра далёкія краіны, пра якія ён перачытаў усе кніжкі ў школьнай бібліятэцы, але кніжак гэтых так мала, ды і яны зусім іншая справа, чым убачыць усё сваімі ўласнымі вачыма. Яна сядзіць сабе спакойна ў цеплыні і, вядома ж, не думае ў гэтыя мінуты пра яго, але затое нават не падазрае, які сюрпрыз ён для яе падрыхтаваў, ён, Янка-другагоднік, які заўсёды адчувае на сабе яе позірк...

Калі ён вяртаўся са школы ў сваю старэнькую хатку на ўскраіне пасёлка, у якой тулілася ўся вялікая сям’я Мацукоў, — маці, бацька і шасцёра дзяцей, — маці ніколі не пыталася ў яго, яна адразу ставіла на стол вараную бульбу, кіслае малако, і ён, хуценька пад’еўшы, імкнуўся збегчы куды-небудзь, абы толькі не заставацца з ёй сам-насам. З бацькам Янка адчуваў сябе больш проста, той не маўчаў, як маці, а пачынаў крычаць, што яму надакучылі званкі са школы, што Янка сапраўдны гультай, нягледзячы на тое, што ён самы старэйшы ў хаце. І справа не ў тым, што яго ў сорак чацвёртым кантузіла, усё гэта было вельмі даўно, і ён можа вучыцца не горш за іншых, і тады яму, бацьку, не прыйдзецца чырванець перад знаёмымі і асабліва настаўнікамі, ён не будзе ўцякаць на другі бок вуліцы пры сустрэчы з імі...

Маці нервова хадзіла па хаце, а Янка вельмі спакойна слухаў бацьку, няхай сабе крычыць, потым бацька паваліцца на ложак і імгненна засне — ён вельмі стамляецца на сваёй бухгалтарскай службе ў банку. Янка бацьку паважае гэтак жа, як і ўсе людзі з іхняй ускраіннай вулачкі, за якой цераз два кіламетры або нават менш, за могілкамі пачынаецца вёска Хатунчыцы. На службу Янкаў бацька ходзіць у касцюме, белай кашулі і гальштуку. Касцюм вельмі старэнькі, бацька пашыў яго адразу пасля таго, як вярнуўся з вайны, і маці за ягоным адзіным касцюмам вельмі ўважліва даглядае — чыніць, прасуе штаны, трэба ж, каб бухгалтар, гаворыць яна, выглядаў добра, да яго кожны дзень прыходзіць вельмі многа людзей з усяго раёна.

Бацька ў банку вельмі паважаны чалавек, ён працуе без памылак, і ўсе гэтыя лічбы нават сняцца яму па начах. Вось, праўда, грошай у дом ён прыносіць мала, і ў маці ў дзень авансаў ці палучкі пачынаюцца самыя цяжкія хвіліны, — трэба размеркаваць грошы так, каб іх хапіла на паўмесяца. Маці неяк сказала суседцы, што яна і сама не ведае, як гэта атрымалася, што адразу пасля вайны нарадзіла пяцёра дзяцей... Можа, з вялікай радасці, што муж вярнуўся з фронту жывы і здаровы, нават ніводнага разу не паранены. Адзін Янка быў у яе ваеннага, сорак другога года нараджэння, а ягоныя браты і сёстры з’яўляліся ў хаце вельмі хутка пасля таго, як Хведар вярнуўся. Цяпер ім вельмі цяжка жыць. Хведар зусім схуднеў, увесь час перажывае, што грошай пастаянна не хапае.

Суседка ўздыхнула, маўляў, у каго іх цяпер хапае, усе, за рэдкім выключэннем, з хлеба на ваду перабіваюцца, час вельмі цяжкі, і немаведама, калі ён скончыцца і жыццё палепшыцца.

Дапамагала пражыць іх невялікая, але вельмі дагледжаная гаспадарка — карова, два парсюкі. Маці амаль не працавала, толькі з пачаткам лета яны хадзілі на калгаснае поле разам з Янкам.

Янка ведаў, што маці яго любіць не менш за малодшых, а бацька... Ён яго амаль не ведаў, усю ж вайну не бачыў. Да таго ж Янка прыносіць яму шмат засмучэнняў.

 

2

Янка яшчэ доўга брыдзе па вуліцы, а дакладней — па старажытным Кацярынінскім тракце, абсаджаным паабапал вялізнымі ліпамі. Час ад часу ён туліцца за дрэва, каб хоць на імгненне схавацца ад пранізлівага ветру. Яму здавалася, што адмярзаюць нос, шчокі, і маці адразу зразумее, што ён хадзіў не да суседа Міколы Салаўя, які ўсе задачкі рашаў у адзін момант. Гэта яму Алена Сідараўна, прыгожая, ладная настаўніца, што з’явілася ў іхнім пасёлку нядаўна разам з мужам і двума дзецьмі, даручыла займацца з ім, каб хоць трохі «вывесці Мацука на прамую дарогу ведаў». Янка і сам міжволі хацеў бы выйсці на гэтую самую дарогу, каб ад яго, адзінага другагодніка ў школе, хоць колькі-небудзь адсталі, але матэматыка ніяк не давалася. Часам яму здавалася, што ён пачынае разумець усе гэтыя формулы, нават знаходзіць рашэнні бясконцых задачак, але потым, як гэта заўсёды здаралася з ім, памяць раптам ахінаў шчыльны туман і ўсё некуды знікала бясследна, ён нічога не мог успомніць, у галаве заставаліся нейкія ўрыўкі, якія жылі кожны сам па сабе.

Янка вельмі баяўся часу, калі прыходзілі ночы. Начамі (раніцай ён успамінаў гэта з цяжкасцю) туман зноў ахінаў яго, туман такі шчыльны, што яго можна было памацаць рукамі, ён бачыў нейкія незнаёмыя карціны, вельмі страшныя, яму хацелася бегчы ад усяго гэтага, і ён бег, але не мог уцячы і тады крычаў, толькі голасу свайго не чуў.

Раніцай, адкрыўшы вочы, ён не мог сцяміць, што было з ім, толькі вельмі балела галава і вочы былі чырвонымі. Сустракаў яго перапужаны, заплаканы твар маці, невясёлы выгляд меў і бацька.

— Ну што з табой, што з табой, — казала маці, — ноччу ты зноў хацеў выбегчы з хаты, усё клікаў кагосьці, ад некага закрываўся рукамі, плакаў. Можа, страшэннае што снілася, га?

Янка адказваў, што нічога не помніць, ён і сапраўды нічога не мог успомніць, толькі цяжар стаяў у галаве, ды такі, што балюча было нават паварушыць ёй. На яго глядзелі вочы яго малодшых сясцёр і братоў, глядзелі з жахам, а старэйшы з іх, Андрэйка, таксама расказваў Янку, што ноччу прачнуўся ад ягонага крыку, і не толькі ён, усе прачнуліся, малыя пачалі плакаць, і бацька сказаў, што Янку прыйдзецца везці ў бальніцу пад нейкай дзіўнай назвай, якую ён, Андрэйка, спачатку памятаў, а пасля, пад раніцу, забыў, яшчэ бацька сказаў, што, відаць, Янку прыйдзецца пакінуць у гэтай бальніцы на некаторы час. І пасля гэтых слоў маці пачала яшчэ больш плакаць.

Янку вельмі не хацелася ехаць у бальніцу, ён вырашыў, што па начах больш не будзе класціся спаць, і тады страшэнныя відовішчы не будуць прыходзіць да яго. Калі ўсе засыналі, ён браў з сабою любімыя кніжкі пра далёкія марскія падарожжы і забіраўся ў кладоўку, дзе стаяў стары куфар, чытаў кніжкі, але потым засынаў і нярэдка ўсё пачыналася зноў, — ён бегаў па хаце, спрабуючы ўцячы ад нябачнага жаху.

Неяк суседка параіла маці паехаць да адной старой у вёску і прывезці для Янкі святой вадзіцы. Суседка дакладна ведала, што гэта самая вада дапамагла многім людзям, якія былі яшчэ і не такія хворыя, а цяпер здаровыя, забыліся пра свае колішнія хваробы, жывуць шчасліва. Маці ўвесь час думала, якую б прычыну знайсці для бацькі, ён жа партыйны і за гэткія рэчы можа моцна раззлавацца. Тады яна зманіла, што ў той вёсцы нейкі вельмі дзіўны чалавек за малыя грошы прадае казу, а каза тая дае малака не менш чым карова, і ёй трэба тэрмінова ехаць у вёску, каб тую казу, ніхто не перахапіў.

Праз некалькі дзён, калі бацька пайшоў у свой банк, яна дастала з сумкі збаночак з празрыстай вадой.

— Пі, Яначка, гэта святая вада.

— Святая?! — недаверліва спытаў Янка.

— Святая, святая, — ціха, быццам нехта мог пачуць, сказала маці. — Пі, сыночак, пі!

Янка зрабіў два глыткі. Вада здалася яму густой, з ненатуральным, незнаёмым пахам, але вельмі прыцягальным. Калі ён пачаў піць яе, то ўспомніў пах цукерак, якія прывозіў родны брат бацькі Мікола з Мурманска.

Маці з напружаннем на твары чакала, які будзе эфект, ці недарэмна яна ездзіла за вадой у такую далячыню, ды і грошы, хоць і не вялікія, але заплаціла. Янка і сам чакаў з не меншым хваляваннем. Колькі начэй ён спаў спакойна, а потым зноў пабег, — ды так, што яго з цяжкасцю ўдалося пакласці на ложак.

Назаўтра пасля работы бацька сказаў:

— Апранайся, Янка, пойдзем у бальніцу.

— Ты хочаш мяне там пакінуць?

— Не ведаю, чаму табе так здалося. Проста ўрач цябе паглядзіць, можа, выпіша нейкія добрыя лекі, і мы вернемся дамоў. Я дамовіўся, каб з табой пазнаёміўся вельмі добры ўрач.

Янка ўважліва паглядзеў на бацьку, і той заўважыў, як звузіліся сынавы вочы. Як ён падобны на сваю маці!

— Ты што гэта? — спакойна спытаў бацька.

— Не пайду ў бальніцу.

— Чаму?

— Ты пакінеш мяне там. Я ўсім надакучыў. І ў школе, і вам. Вось ты і вырашыў мяне адвезці туды назаўсёды.

Бацька сеў на лаўку, расшпіліў каўнер, уздыхнуў:

— Вось дзівак! Ты ж мне родны сын, старэйшы мой сын, як і дзе я магу цябе пакінуць?! А вось лячыцца трэба! Пайшлі, нас доктар чакае, вельмі добры доктар, які прыехаў да нас з самога Мінску. Ён вядомы ва ўсёй Беларусі вучоны. Прыехаў сюды, каб паглядзець некаторых хворых, пракансультаваць, а заўтра паедзе. І тады прыйдзецца везці цябе аж у Мінск.

Яны пайшлі разам — бацька наперадзе, а Янка крыху ззаду. Яго цягнула пабегчы куды вочы глядзяць, а лепш за ўсё ў вёску, да свайго сябра, дзеда Яўхіма, з якім яны часта пасвяць кароў, і дзед частуе Янку салодкімі ранеткамі. Але бацька ўвесь час азіраецца, быццам здагадваючыся, што Янка можа збегчы.

У бальніцы Янку вельмі доўга аглядаў высокі, сівы мужчына з мяккімі, белымі далонямі. Янка ніколі не бачыў гэткіх далоняў, і на душы ў яго зрабілася лёгка і спакойна. Доктар папрасіў, каб Янка паглядзеў то на адзін, то на другі яго палец, пасля моцна паціскаў жывот, пастукаў бліскучым малатком па каленках.

— Што з ім здарылася? — спытаўся доктар у бацькі.

Бацька на хвіліну сумеўся, а пасля сказаў, каб Янка пачакаў яго ў калідоры. Неўзабаве бацька выйшаў ад доктара з нейкімі паперкамі ў руках. Яны пайшлі па вуліцы, і бацька першым пачаў размову пра тое, што ён расказаў доктару, як Янку кантузіла ад разрыву бомбы і ён пасля гэтага доўгі час не мог нават размаўляць, а цяпер у яго не зусім добра з памяццю, да таго ж па начах адбываецца нешта незразумелае...

— А што доктар? — спытаў Янка ціха.

— Сказаў, што твая хвароба справа звычайная, ты перарасцеш і ўсё з узростам пройдзе, а летам цябе, відаць, адправяць у добры дзіцячы санаторый на беразе Чорнага мора. А пакуль што прапісалі розныя лекі, мы іх купім, і ты пачнеш лячыцца.

Янка добра ведаў, што з ім здарылася яшчэ ў час вайны, але нічога не сказаў, таму што бацька і маці чамусьці ўтойваюць ад яго галоўнае, а вось дзед Яўхім, падпіўшы аднойчы самагонкі, расказаў тое, што сам Янка не памятаў, ды і не мог памятаць. У самым канцы гітлераўскага панавання ў іхніх мясцінах карнікі схапілі жыхароў вёскі, якія не паспелі збегчы ў лес, і павялі расстрэльваць. Аднаму з фашыстаў, відаць, самаму галоўнаму, здалося, што людзей у Хатунчыцах для такой аперацыі вельмі мала і трэба сагнаць яшчэ колькі бандытаў з пасёлка, таму што і з яго шмат было партызанаў. Хата Мацукоў была тая самая, на ўскрайку, а жылі ў ёй толькі бабуля і Янка. Бацька быў на фронце, а маці, як толькі Янка крыху вырас, пайшла да партызан. У той дзень бабулю з Янкам схапілі таксама і разам з іншымі пагналі ў бок рэчкі. Усіх расстралялі на ўскрайку лесу. Дзед Яўхім знайшоў Янку ў лесе. Ён, нібыта ваўчаня, ляжаў, прыціснуўшыся да дрэва. Відаць, бабуля паспела адштурхнуць яго... Можа, Янка і бачыў, як забівалі жыхароў Хатунчыц і іхняга пасёлка, але ён нічога не памятаў, і ў той момант, калі яго знайшоў дзед Яўхім, нічога не мог расказаць. Амаль цэлы год ён не мог размаўляць, хадзіў як сам не свой. Ён зноўку вучыўся гаварыць, і ніхто ніколі не бачыў на ягоным твары ўсмешкі.

Толькі вось чаму бацька і маці не расказваюць пра тое, што здарылася? Хвалююцца, відаць, каб яму не зрабілася горш, але ці можа быць горш, чым ёсць?

 

3

Нарэшце ён дайшоў да сваёй хаты, у сенцах, стараючыся не грукаць, скінуў кажух і пачаў расціраць твар. З радасцю адчуў, што нічога не адмарозіў — ні нос, ні шчокі, ні вушы. Зноў апрануў кажух і ўвайшоў у хату. У твар дыхнула цеплынёй печы і пахам варанай бульбы, смажаных шкварак.

Маці пляснула ў далоні, кінулася яму насустрач. Яна расказала, што бацька вельмі хваляваўся, хадзіў да Салаўя і высветліў, што Янкі там і блізка не было, дзе ж ён мог хадзіць у такую завіруху і страшэнны мароз, калі нават у школе заняткі адмянілі. Янка скінуў кажух, моцна сціснуў у абдымках Андрэйку, які адразу абвіў яму шыю, і пайшоў да печы. Ён лёг на яе жыватом, раскінуўшы рукі. Цеплыня працінала цела наскрозь. Вось і ўсё ззаду, усё скончана, ён разлічыўся з ёй па-сапраўднаму, як мае быць, няхай яна і выклікае яго да дошкі і гаворыць высокім голасам, што ён цягне іхні клас назад, што ён гультай, не рыхтуе ўрокі. І таму, хутчэй за ўсё, яму зноў прыйдзецца застацца на другі, дакладней кажучы, цяпер ужо на трэці год у адным і тым жа класе, бо яна не можа, ёй настаўніцкі гонар не дазволіць ставіць яму «тройкі», як ставілі іх раней, да яе прыходу ў школу.

Пад гэтыя думкі ён амаль што імгненна заснуў. Сон з самага пачатку быў спакойным і лёгкім, быццам ён паступова апускаўся ў нейкую прыемную бязважкасць, а потым раптам пагружэнне спынілася, і шчыльная сцяна папаўзла на яго аднекуль збоку, пачала накрываць сабой, ён разумеў, што трэба пераадолець яе абавязкова, і пачаў узбірацца па сцяне, але яна была такая гладкая, што ён кожны раз валіўся долу, бездапаможна махаючы рукамі, а сцяна тым часам накрывала, накрывала яго. І тады ён сказаў сабе, што гэта адбываецца не на самой справе, ён чуе галасы маці, Андрэйкі, малых, гэта самы сапраўдны сон, варта адкрыць вочы і ўсё знікне, абавязкова знікне. Вось толькі вочы было вельмі цяжка адкрыць, быццам нехта замураваў іх.

Янка нарэшце адкрыў вочы, і шчыльная сцяна знікла, яе больш не існуе. Ён ляжыць на гарачай печы, недзе побач галасы родных, а ўверсе галосіць завея.

Цікава, якім будзе надвор’е заўтра. Можа так здарыцца, што мароз раптам спаўзе, і тады ўжо можна будзе ісці ў школу, яму, вядома, не хочацца туды, але затое ён убачыць яе разгубленыя вочы, а яна ж заўсёды такая ўпэўненая...

— Ты прачнуўся? — пачуў Янка голас бацькі.

— Даўно, — ціха адказаў Янка.

— Тады злазь, ёсць размова.

Янка саскочыў з печы. Бацька сядзеў за сталом і еў бульбу з кіслай капустай. Малыя сядзелі вакол яго, а маці бразнула вёдрамі ў сенцах.

— Дзе ж гэта можна бадзяцца ў такую непагадзь?

— Па вуліцы прайшоўся. Думаў да Салаўя пайсці, але вельмі холадна, і павярнуў дадому.

— Так, так, не вельмі гладка атрымліваецца ў цябе, але добра... Ідзі есці. Бульба яшчэ цёплая.

Янка сеў побач з бацькам.

— Я гляджу, што твае заняткі з гэтым Салаўём мала што даюць. Як насіў «двойкі» па матэматыцы, так і носіш. Відаць, трэба мне самому займацца з табой.

— Я не супраць, — адказаў Янка.

— Цягні тады сюды свае падручнікі, а вы прэч адсюль, — бацька жартаўліва крыкнуў на малых. — Як-ніяк з гэтымі лічбамі днямі корпаюся, ды і тэхнікум фінансавы скончыў. Тое-сёе ёсць у галаве, можа, і не гэтак, як у тваёй настаўніцы, але ўсё ж.

Малыя нехаця пацягнуліся за Андрэйкам у другую палову хаты, а Янка выклаў на стол падручнікі па матэматыцы і, сумна ўздыхнуўшы, сеў насупраць бацькі.

— Ты ведаеш хатняе заданне? — спытаў бацька, гартаючы падручнік.

Янка зірнуў у сшытак і назваў нумар задачкі.

— І што табе тут не ясна? — са здзіўленнем спытаў бацька.

Янка разгублена павёў плечукамі.

— Добра, добра, зараз разбярэмся, — супакоіў яго бацька.

Ён пачаў услых чытаць заданне, потым доўга, да дробязей, тлумачыў Янку, як трэба рашаць гэтую і іншыя задачкі, гаварыў, што ў гэтым няма нічога складанага, трэба толькі паверыць у свае сілы.

Наступную, аднатыпную задачку Янка рашыў сам, да таго ж вельмі хутка, без намаганняў...

Бацька ўзрадаваўся.

— Вось і добра, бачыш, які ты ў мяне матэматык!

Янка апусціў галаву.

— Заўсёды так бывае, я ўсё разумею як след, а пройдзе некалькі гадзін, і ўсё забываю. Гляджу вось на такую задачку і быццам першы раз яе бачу.

Яму хацелася расказаць бацьку пра туман, які ў такія вось моманты раптам засцілае ўсё ў галаве, і ён, як ні спрабуе, не можа нічога разглядзець праз яго, а значыць, успомніць.

Але ён нічога больш не сказаў. Яны пасядзелі яшчэ крыху за сталом, Янка запісаў рашэнні задачак у сшытак, і бацька сказаў:

— Усё. Хопіць.

Ён накінуў на плечы ватоўку і доўга курыў у сенцах. І там жа аб нечым размаўляў з маці.

 

4

Пляма распаўзлася на падлозе дзіўнай фігурай. Праз разбітае шкло клас зацерушыла снегам, які таксама выклаў самыя розныя ўзоры. Мароз прыкметна паслабеў, можна было ісці па вуліцы і дыхаць на поўныя лёгкія, не баючыся іх абмарозіць. Калі Янка ўвайшоў у клас, там былі амаль што ўсе аднакласнікі. Школьны сталяр забіваў кавалкам фанеры акно. У класе было холадна, як на вуліцы, і ніхто не думаў распранацца. Янка паглядзеў на чарнільную пляму, снег, які засыпаў амаль што ўвесь клас, і паціснуў плячыма. Ён адразу адчуў, што пачырванеў. Відаць, уся яго кроў памкнулася да аднаго месца — твару.

Навошта я зрабіў гэта, навошта, думаў Янка, яна ўсё роўна нічога не зразумее, яна застанецца ранейшай, жорсткай, яна нічога не зразумее...

Яму карцела выбегчы на вуліцу. Ён бы, відаць, і зрабіў гэтак, але ў клас убегла Алена Сідараўна. Ніхто ніколі не бачыў яе ў такім стане. Твар яе быў скажоны злосцю, пакрыўся плямамі.

— Якое нахабства, якое нахабства! — крычала яна. — Я не ведаю, як гэта назваць, людзі не прыдумалі такіх слоў!

— А можа, гэта завея, Алена Сідараўна, — ціха прамармытаў школьны сталяр, які нарэшце забіў акно. — Яна вунь якіх бедаў нарабіла, а тут нейкае шкло.

Але яна не пераставала крычаць. Словы ляталі са страшэннай хуткасцю.

— Як магла бутэлька з чарнілам апынуцца на гэтым месцы?! Усё было разлічана вельмі дакладна, гэта самы натуральны бандытызм, я не пачну ўрока, пакуль не высветлю, чыіх гэта рук справа, ніхто не сядзе за парту, пакуль злачынца не назаве сябе...

Сталяр бокам пасунуўся з класа. Прагучаў званок. Алена Сідараўна села за стол, сціснула скроні далонямі.

— Я з вамі хацела жыць па-людску, усе сілы вам аддаю... Такога ніколі ад вас не чакала.

Гаварыла яна вельмі ціха. Колькі хвілін пасядзела моўчкі, а потым з канца ў канец прайшлася па класе, абмінаючы чарнільную пляму.

— Я не пачну ўрок. Няхай той чалавек, які зрабіў гэта, прызнаецца, і мы будзем вучыцца. А ён... Мы вырашым, як быць з ім.

Яе позірк абпаліў твар Янкі.

Янка павесіў на плячо сумку, выйшаў з-за парты.

— Гэта зрабіў я, — сказаў ён спакойным голасам,— вы можаце пачынаць урок.

— Я так і думала, хто ж яшчэ мог да такога дадумацца, як не ты, адпеты гультай! Можаш ісці, лічы, што ты больш не вучышся ў школе.

Янка нацягнуў паліто і не пайшоў — пабег з класа па доўгім школьным калідоры. Хутчэй, хутчэй адсюль... Потым ён яшчэ доўга бег па вуліцы, правальваючыся ў снег, зноў бег і апамятаўся толькі за ваколіцай, калі стала цяжка дыхаць і ў горле з’явіўся пах крыві. Ён нават не заўважыў, як прабег міма сваёй хаты і апынуўся на паўдарозе ад вёскі, дзе жыў дзед Яўхім. Цяпер толькі не дамоў, толькі не дамоў, ён не зможа глядзець у вочы бацьку, што ён скажа яму, як растлумачыць... Цяпер ужо спакойна, ледзь перасоўваючы ногі, ён трухаў да вёскі. Хата дзеда Яўхіма на самым высокім месцы, вакол растуць старыя дубы, ліпы. Яўхім жыве зусім адзін. У вайну ўсіх яго родных пабіла — каго тут, каго на фронце.

Янка адчуў, як перасмягла ў роце, падышоў да калодзежа, апусціў вядро. Яно ляцела доўга-доўга, пакуль не пачуўся пляск вады. Янка зірнуў у глыбіню, адтуль дыхнула чорным холадам. Ён міжволі адскочыў ад калодзежа, цяжка ўздыхнуў і закрыў вочы. Пачуў голас дзеда Яўхіма:

— Янка?! Ты што тут робіш?

— Вады, вады хацеў напіцца.

— Вады з калодзежа ў гэткі мароз?! Заходзь да мяне, вару з цукрам дам. Яшчэ тое-сёе ёсць.

Янка падняў сумку з кнігамі і за дзедам прайшоў у хату.

— Даўно ты да мяне не заходзіў, даўно, — сказаў дзед Яўхім. — Відаць, з кастрычніка цябе не бачыў.

Янка, не распранаючыся, сеў на лаўку.

Дзед наліў яму гарачай вады з чыгуна, нарэзаў сала, хлеба. Спытаў:

— Пад’есці не адмовішся?

Янка махнуў рукой і застаўся сядзець на лаўцы.

— А я, ведаеш, жыву па-ранейшаму. Толькі цяпер сумнавата. Летам хоць пагоніш кароў у поле і думаеш сабе свае думкі, колькі душы захочацца. А навокал — прастора. У полі намнога лепш, чым тут, у хаце, аднаму сядзець.

Ён падышоў да Янкі, уважліва агледзеў яго, сказаў, каб той зняў паліто, і амаль што сілай зацягнуў за стол. Але Янка есці не стаў, адпіў крыху гарачай вады. Дзед, перакідваючы бульбіну з адной рукі ў другую, зноў пачаў распытваць Янку, чаго той раптам у вёсцы апынуўся, ды яшчэ са школьнай сумкай.

— Не пайду я больш у школу, ніколі не пайду, — адказаў Янка. — Мне так настаўніца сказала, каб я больш не прыходзіў, вось я больш і не пайду. Яны пра гэта даўно марылі, а тут я такое зрабіў.

Янка апусціў галаву, і дзед убачыў, як па ягонай шчацэ пацякла слязіна.

— Не атрымліваецца ў мяне з вучобай, дзед Яўхім, не атрымліваецца, сам ведаеш, з памяццю ў мяне дрэнна.

— А што памяць... Ты чалавек з пачатку вайны, з самага пачатку, разумееш. Вось і не памятаеш тое-сёе з таго, што было, ды, можа, і не след табе памятаць такое. А я хоць і не перажыў у твае гады столькі, таксама дрэнна вучыўся. Колькі мяне бацька, а за ім і настаўнікі ні лупцавалі, вучыць закон божы прымусіць не маглі, вось такая справа, а бачыш, жыццё пражыў, і нядрэнна, каб не вайна. І не ў кніжках тут справа, у адзін дзень адна бяда на нас з табой, у адным нават месцы звалілася. А каму яна была патрэбна, тая бяда...

І тут дзед заўважыў, што твар Янкі расчырванеўся, усяго яго ахапіла дрыгоцце. Памацаў вялікай шурпатай далонню лоб, уздыхнуў:

— Ды ты ж захварэў, Яначка. Тэмпература ў цябе вялікая.

— Я пайду, пайду зараз, — сказаў Янка.

Яму зрабілася халодна, быццам ён раптам апынуўся на марозе.

Дзед замахаў рукамі, сказаў, што Янка нікуды не пойдзе, трэба класціся на печку і адагравацца на ёй па-сапраўднаму. Янка ледзь падняўся на ногі і з дапамогай дзеда ўзлез на печку. Дзед накрыў яго кажухом.

— Ты спі, спі, а я пайду фельдшарыцу паклічу, яна могай дзеда ўзлез на печку. Дзед накрыў яго кажу-здыме.

 

5

Янка не ведаў, колькі прайшло часу, — можа, дзень, а можа, нават два ці яшчэ больш. Сны паўзлі адзін за адным, ён ускрыкваў, не чуючы свайго ўласнага голасу. Ён быццам глядзеў нейкі дзіўны фільм, кадры ў якім змяняліся бясконца, ад іх круцілася галава, некуды плыла печ, гарачы карабель, толькі да берага ўвесь час было вельмі далёка.

Ён адкрыў вочы і, не разумеючы, дзе знаходзіцца, сеў на печы. Перад ім была хата дзеда Яўхіма. На яго глядзелі маці, бацька, Андрэйка і настаўніца Алена Сідараўна.

— Глядзіце, ён адкрыў вочы...

Гэта голас маці. Але адкуль тут настаўніца, відаць, гэта зноў сон, на самой справе ён не прачынаўся.

Янка лёг і закрыў вочы. Але галасы не знікалі, яны былі побач, абкружалі яго з усіх бакоў.

Янка зноў адкрыў вочы і скінуў з сябе кажух, які здаваўся вельмі цяжкім.

Да Янкі зусім блізка падышла настаўніца.

— Ты прабач, Янка, я нічога не ведала. Усё будзе добра. Ты хутка пойдзеш у школу. Там усе чакаюць цябе.

Ён зноў закрыў вочы. Калі гэта і сон, дык няхай ён не знікае.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 266-278
Крыніца: скан