epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Калі ты спознішся

Ёсць людзі, хоць, прызнаюся, іх і не так многа, з якімі заўсёды прыемна сустракацца. Гэта ніколькі не залежыць ад майго настрою, ні ад месца, дзе гэтыя сустрэчы адбываюцца, ні ад таго, выпадковыя яны ці запланаваныя. Мяне ж магнітам цягне да Крывені, мне хочацца бясконца слухаць яго, знаходзіцца з ім побач. Я адчуваю сябе ў такія мінуты акумулятарам, у якім іскра ўжо была знікла, а цяпер зноў ён пачынаў ажываць. Пасля сустрэч з Крывенем мяне цягне за стол, я магу працаваць да самай раніцы, днём і вечарам і не адчуваць стомы.

Аднойчы мне было вельмі кепска на душы, як гэта бывае ў тыя моманты, калі пачынаеш разумець, што ніколькі не разбіраешся ў людзях, нягледзячы, што пражыта столькі гадоў. У той раз мне сказалі, а пасля я і сам пераканаўся, што чалавек, якога лічыў калі не сябрам, то добрым прыяцелем, па сутнасці, здрадзіў, рабіў усё, каб я ніколі не выбраўся са складанай сітуацыі, да якой я не меў ніякага дачынення. Відаць, выгляд у мяне быў, як кажуць, не важнецкі, калі я пераступіў парог кватэры Крывені. Ён адразу ўбачыў і зразумеў, што я не ў сваёй талерцы, пачаў накрываць на стол (а рабіў ён гэта заўсёды імгненна), расказваючы пры гэтым самыя смешныя гісторыі, якія здараліся ці то з ім, ці з кімсьці з яго сяброў. Яго вялізны твар смяяўся ўсімі маршчынкамі, толькі вочы заставаліся сумнымі, відаць, ён здагадваўся, што не можа прабіцца праз сцяну майго дрэннага настрою.

Мы выпілі з ім па кілішку добрага чырвонага віна, і ён, паклаўшы сваю цяжкую далонь на маё плячо, сказаў вельмі ціха і проста, каб я супакоіўся і паглядзеў на прычыну свайго дрэннага настрою як бы збоку, быццам мяне гэта, наогул, не датычыла, і тады адразу ўсё стане на свае месцы. Наогул, гаварыў ён, на шчасце, у людзей не так многа ў жыцці сапраўдных трагедый, вось толькі трагедыямі яны часта лічаць самыя розныя дробязі. І тут жа расказаў адну гісторыю. Некалі ў маладосці яму спадабалася адна дзяўчына, ён убіў сабе ў галаву, што гэта сапраўднае каханне, асабліва адразу пасля танцаў, на якіх ён танцаваў з ёй бесперапынна і ніхто больш не адважваўся запрасіць яе, таму што і тады ён быў высокі і шырачэзны ў плячах. Праз колькі дзён пасля сустрэч з гэтай дзяўчынай Крывеня, які тады быў камсамольскім сакратаром на запалкавай фабрыцы, прызнаўся ёй у каханні і, больш таго, прапанаваў руку і сэрца. А яна адмовіла. У яе быў жаніх, а з Крывенем яна проста праводзіла свой час, ёй прыемна з ім, таму што ён чалавек вясёлы, але толькі жаніха яна любіць па-сапраўднаму. Жаніх яе вучыўся ў лётным вучылішчы, і Крывеня таксама падаўся ў лётнае, а пасля сустрэў дзяўчыну, якую пакахаў па-сапраўднаму...

Крывеня амаль нічога не расказваў пра сябе. Я гаварыў яму шмат разоў, што хачу напісаць пра яго, але нічога не атрымлівалася. Ён расказваў нейкія дзіўныя гісторыі, але зусім пра іншых людзей. Я часта, вельмі часта сустракаўся з ім, а блакнот быў па-ранейшаму пусты. Сам ён быццам бы не разумеў, чаго я ад яго дабіваюся, а аднойчы сказаў вельмі коратка:

— Кінь ты гэта...

У той раз я расказаў Крывеню ўсю сваю гісторыю, ён пляснуў далонямі па каленях і сказаў, што я павінен радавацца, чалавек, які здрадзіў, зрабіў гэта своечасова, а не ў момант, які б мог аказацца смяротным для мяне.

— Цяпер ты разумееш, хто побач з табой, і іншым людзям таксама можаш дапамагчы, расказаўшы пра яго. Так што трэба толькі радавацца. Ніякай трагедыі, як і ў мяне тады з той дзяўчынай, не было...

Я ведаў, што будучая жонка Крывені ў час акупацыі іх горада была ў падполлі. Фашысты схапілі яе разам з іншымі і па-зверску здзекаваліся ў гестапа. Крывеня знайшоў яе ў родным горадзе амаль што калекай і ажаніўся. Ён лячыў яе ў самых розных санаторыях. Яму давалі пуцёўкі, бо ён быў Героем і тады ўжо, адразу пасля вайны, камандаваў палком. Яна нарадзіла яму двух сімпатычных, але хворых дзяцей. Сын не дажыў да дзесяці год, а дачка большую частку жыцця правяла ў бальніцы. Яе, здавалася б, вылечылі, яна перарасла хваробу, а пасля памерла — сэрца не вытрымала пры родах. Крывеня застаўся з вельмі хворай жонкай і маленькім бездапаможным унукам.

Сам ён ніколі не расказваў пра гэта.

Аднойчы я адчуў, як нешта абарвалася ля самага сэрца, закруцілася ў галаве, і, паваліўшыся на ложак, я думаў аб адным: няўжо канец. Набраў нумар тэлефона Крывені (цяпер нават зразумець не магу, чаму менавіта ягоны нумар тэлефона, а не іншы!) і на яго пытанне: «Як жыццё?» адказаў слабым голасам: «Нешта з сэрцам». Ён прыехаў раней за «хуткую дапамогу», якую сам выклікаў мне, і ўвесь час паўтараў: «Я не спазніўся? Не спазніўся, вось і добра, вось і добра».

А пасля ўжо, праз некалькі месяцаў, калі я зноў пачаў адчуваць сябе здаровым чалавекам, ён прыехаў і на мае словы пра тое, што добра ён тады паспеў, сказаў:

— Самае галоўнае не спазніцца, калі дрэнна сябру.

Аднойчы мой сябар Рубашкін, спецыяліст па мінералах, а летам — дырэктар інстытуцкага піянерскага лагера, прыстаў як з нажом да горла.

— Ты ведаеш Крывеню, добра ведаеш, як ніхто іншы, памятаеш, я яго яшчэ ў цябе на дні нараджэння сустрэў. Дык вось — у нас павінна адбыцца сустрэча з ветэранам. Крывеня не проста ветэран, ён жа Герой, ды яшчэ генерал марской авіяцыі. Прывязі яго, прашу цябе, калі не для мяне, дык, як гэта кажуць, для падрастаючай змены.

Я пазваніў Крывеню, і адразу ж пачуў у трубцы ягоны голас:

— Якія могуць быць пытанні, вядома ж еду.

Рубашкін падкаціў на «газіку», і яны паехалі за Крывенем. Дома, перад самым ад’ездам, Крывеня дастаў бутэльку каньяку, шапнуў нам: «Хутчэй, каб жонка не бачыла...»

Мы закусілі шакаладам і лімонам.

— Каб лепш ехалася, — сказаў Крывеня.

Праз некалькі мінут ён выйшаў з другога пакоя ў парадным мундзіры з узнагародамі на грудзях. Рубашкін павесялеў на вачах, убачыўшы зорку Героя, адзіную ўзнагароду, якая была з таго боку, дзе сэрца.

Праз некалькі мінут мы трэсліся на ўхабістай дарозе. Пыл стаяў такі, быццам бы вакол гарэлі лясы. Крывеня моўчкі абтрасаў свой парадны мундзір. Чутна было, як пазваньваюць медалі і ордэны.

— Хутка, цяпер ужо вельмі хутка, — паўтараў Рубашкін і з жахам паглядаў на мяне. — Іншай машыны няма, і гэтую давялося выпрошваць у дырэктара з паўдня.

— Не хвалюйцеся, усё добра, — адказаў Крывеня.

Усю дарогу ён маўчаў. Сам не ведаю, што на яго напала.

— Ён увесь час такі? — з трывогай шэпча мне на вуха Рубашкін. — Як ён будзе выступаць перад дзецьмі, ты не ведаеш, што гэта за людзі, мае піянеры...

А ён, бачыш, усё маўчыць, за ўсё дарогу амаль ні слова.

Я гляджу на Крывеню. Ён, бачу, у думках далёка цяпер адсюль, ад нас, гэтага «газіка» і дарогі.

Лёс звёў нас выпадкова. І ўвесь час я хацеў напісаць пра яго. Але гэта немагчыма было зрабіць. Ён амаль што не расказваў пра сябе. Былі, з’яўляліся раптам у нашых нярэдкіх і часта вельмі доўгіх размовах нейкія штрыхі, выпадковыя гісторыі, урыўкі, але не больш. І як не спрабаваў я звязаць іх у адну стужку ягонага жыцця, у мяне нічога не атрымлівалася.

Сам Крывеня быццам бы не заўважаў маіх намаганняў. Толькі аднойчы скаваў мне:

— Кінь ты гэта. Мы ж сябры, і гэта выдатна. А пісаць не трэба.

Што я зноў пра яго? У лётнае вучылішча трапіў па камсамольскаму набору, выбраў не зусім простую дарогу. Яму сказалі: на жаль, рост крыху большы за той, які дазваляе чалавеку свабодна сесці ў кабіну самалёта. Ён учыніў такі гвалт у вучылішчы, што сам начальнік павёў яго да кабіны самалёта, і ён усё ж такі з вялікай цяжкасцю залез. Пасля вайны нядрэнна трымаўся ў паветры. У сорак першым разам з сябрамі лятаў бамбіць Берлін з вострава Саарэма. А пасля — баі менш значныя. Некалькі разоў гарэў у самалёце, аднойчы сеў у тыле ворага. Колькі месяцаў лячыўся пасля ранення ў партызанскім лагеры, а пасля перабраўся праз лінію фронту на самалёце з Вялікай зямлі.

Яго сябар, з якім мы пазнаёміліся ў Крывені, расказаў, што аднойчы яго выратаваў ад немінучай смерці Санька Грачоў, выдатны хлопец з-пад Масквы. А праз год Санька загінуў.

Баявы сябар ціха, каб не чуў Крывеня, папрасіў:

— Ты ніколі не гавары яму пра гэта. Робіцца такім, быццам яго кранаюць кляшчамі за адкрытую рану.

У адзін памятны вечар, калі, як мне здалося, мы сталі з Іванам Фёдаравічам сапраўднымі, на ўсё жыццё, сябрамі і ён, сказаўшы мне: «Давай мяняцца пінжакамі, мой вельмі цяжкі», узваліў мне на плечы свой мундзір з усімі ўзнагародамі, мяне цягнула спытаць яго пра Грачова, але я не стаў гэтага рабіць.

Піянеры запоўнілі вялікую залу і ва ўсе вочы разглядвалі Крывеню. Потым вельмі ўсхваляваны Рубашкін прадставіў яго — і Герой, і генерал, і вельмі любіць піянераў. Крывеня расказваў спакойна і роўна пра востраў Сыарэма, пра тое, чаму менавіта ў сорак першым, калі немцы былі пад самай Масквой, трэба было ісці на вялікую рызыку, і як яго сябры, разумеючы, што ідуць на верную смерць, ішлі на гэта. Ён расказваў пра самыя розныя баі, пачынаў пры гэтым горача жэстыкуляваць рукамі. Твар яго расчырванеўся, у зале стаяла мёртвая цішыня, і Рубашкін, які сядзеў у першым радзе, то сціскаў, то расціскаў маю руку.

А праз некалькі гадзін мы сядзелі на беразе возера паблізу ад піянерскага лагера і елі смачную юшку. Спачатку Рубашкін гаварыў вельмі доўгі, але добры тост пра тое, што ўсе — і дарослыя і дзеці вельмі ўдзячны Герою вайны, генералу Крывеню, які знайшоў час і расказаў рабяткам пра подзвігі нашага народа, а вось сустрэча з жывым героем замяняе многія кніжкі і фільмы, уздзейнічае эмацыянальна на юныя сэрцы.

Пасля разгарэлася спрэчка пра тое, ці будзе заўтра раніцай кляваць рыба. Крывеня крануў мяне за плячо і прапанаваў крыху прагуляцца.

Мы павольна ішлі берагам возера, збіралі выкінутыя хвалямі ракавінкі і кідалі іх назад у возера.

— Сёння вы былі такім, як і заўсёды, — сказаў я, парушыўшы маўчанне. — Ні слова пра сябе, ніводнага слова!

— Паслухай! — Крывеня з сілай прыцягнуў мяне да сябе. — А што я мог сказаць пра сваё жыццё?! Я нават не пра тое, што дзеці памерлі, жонка вось-вось пойдзе за імі, а я сам наўрад ці паспею выпесціць унука. Разумееш, я ніколі не змагу ўзняцца ў неба, каб выправіць памылку, каб паспець да Сашкі Грачова, разумееш, ніколі. Я не павінен быў, права такога не меў спазніцца да Сашкі Грачова. Я ў той момант на адно толькі імгненне падумаў пра сваё ўласнае жыццё... І гэта вырашыла ўсё. Адно толькі імгненне, ці сотая частка яго.

Ён памаўчаў, пасля, спытаўшы: «Зразумеў?», пайшоў назад да вогнішча, вакол якога працягвалася спрэчка пра будучую рыбалку.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 246-251
Крыніца: скан