epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

На адны суткі

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
Замест эпілога


1

Два пальцы ліхаманкава бегаюць па клавіятуры пішучай машынкі. Колькі ні дапякалі Кастуся на журфаку, ён так і не навучыўся друкаваць прафесійна. Можна падумаць, што Кастусь робіць жудасную па нагрузцы работу. Тонкія, хударлявыя плечы ходзяць хадуном, сам ён падскоквае на стуле, але, тым не менш, роўнымі радкамі ў белае поле паперы ўбіваецца чорны шрыфт. Першую старонку Кастусь аддрукаваў даволі хутка. Мяне ахапіла чорная зайздрасць — ён «у форме», ён нікуды, ні ў якія шпаргалкі не зазірае, перад ім толькі шэрае акно, а за ім залеўная заслона.

Я другую гадзіну ўдыхаю ў сябе цыгарэтны дым, гляджу то на Кастуся, то за акно, дзе далёка ўнізе бясконцым раўчуком цякуць людзі, слухаю шоргат ветру, і галава ад усяго гэтага яшчэ больш наліваецца цяжарам, ніводнай думкі аб матэрыяле, і нават страх — артыкул трэба здаваць сёння — не выратоўвае. Звычайна ў такіх выпадках у галаву лезуць розныя пабочныя думкі, а сёння — пустата: ні думак, ні жадання пісаць. Выйсце адно — збіць Кастуся з тэмпу. Вядома, я пачаў з самага галоўнага.

— Кастусь, ты чытаў старадаўнюю кнігу «Акадэмія верхавой язды»?

Непрабіваема маўклівы Кастусь працягвае стукаць на машынцы — ужо пайшоў на трэцюю старонку.

— Дык вось у ёй сказана, што галоўнае — не ездзіць на кані, а гаварыць аб ім.

Некалькі месяцаў назад Кастусь зваліўся з каня і пасля кульгаў на правую нагу. Шэф празваў яго «жакеем», але мянушка гэта, на шчасце, не прыстала да Кастуся.

Ён увесь сцяўся, яшчэ больш схіліўся над машынкай. Я збіраўся ўжо ўстаць і прайсціся па рэдакцыі, але Кастусь раптам залямантаваў на ўвесь голас:

— Тады, Калінка, скажы, што такое слуп?

— Частка старанна абструганага дрэва або адлітага ў спецыяльнай форме бетону, якую затым патоўшчаным канцом перпендыкулярна ставяць у зямлю, а на вяршыню...

— Ёлупень цара нябеснага! — ён павярнуў да мяне свой твар — колеру вугалю бровы, ненатуральна вялікія вочы.— Слуп, гэта на мове стайні — фініш.

Няўжо ўсё, няўжо зноў уткнецца ў машынку? Быць не можа, гаворка ж ідзе пра коней...

— «Слуп», гэта значыць фініш,— гаворыць ён.

— Але бывае і інакш, калі фініш у разлік не прымаецца...

— Як жа так? — я ніколькі не прыкідваюся, мяне гэты няшчасны фанатык стайні і на самой справе заінтрыгаваў.

— Бывае, класныя коннікі-спартсмены наладжваюць паміж сабой «гамбургскі падлік» — паказваюць адзін аднаму сваё майстэрства пры зачыненых дзвярах манежа, без публікі: такія сустрэчы калісьці праводзілі цыркавыя барцы ў Гамбургу. Тут самі элітныя коннікі рашаюць, хто з іх лепей валодае канём, і «слуп» у разлік не прымаецца.

— Дзякуй, Кастусь, дзякуй вялікі. А чаму б табе не напісаць нарыс пра коней? Магло б атрымацца цікава.

— Я яшчэ мала ведаю пра іх. Майстры засмяюць, але праз некалькі гадоў, вось убачыш, абавязкова напішу.

Яго вочы глядзелі на мяне ўмольна.

— У мяне камандзіроўка гарыць. Шэф без гэтага рэпартажу не адпусціць, а я па рыбалцы страшэнна занудзіўся.

Кастусь перанёс у дзяцінстве парок сэрца, аб чым сведчыць рубец цераз усе грудзі, ён хварэў астмай, але ўсё гэта перасіліў і цяпер любіць коней, рыбалку ды вось гэтае стуканне на машынцы.

Ён зноў прымаецца ўбіваць літары ў паперу. Я таксама пішу хутка, у рэдакцыі нас празвалі аўтаматчыкамі, але сёння не магу з сябе радка вымучыць. Дома ў падобнай сітуацыі я шукаю любую работу, толькі б не пісаць. Я выяўляю раптам, што твар мой пакрыўся шчаціннем і яго неабходна тэрмінова, ну проста неадкладна, пагаліць, спачатку электрабрытвай, а пасля ўжо падгладзіць «жылетам». Хапаюся за тэлефонную трубку, не ведаючы яшчэ, каму буду званіць, пачынаю перабіраць кніжную паліцу — чаго толькі ў яе не напхана?.. У нас аддзел такі — інфармацыі і быту. Пісаць прыходзіцца або прама ў нумар, або ў наступны. Да якасці, безумоўна, прыдзіраюцца. Калі не заўсёды, то зрэдку, пасля вось такога «высмоктвання» з пальца, праскочыць раптам абкатаная безліччу пакаленняў газетчыкаў трафарэтная фраза, а ты гоніш радкі далей, быццам гэта нешта фатальнае, што адбылося не па тваёй віне, і радуешся, калі нечакана праслізне светлы абарот, які ты ў сабе і не стараўся адшукаць, а рука сама, па ўласнай волі, вывела яго на паперы, і настрой адразу ж робіцца радасным. Потым застаецца толькі вымараць штампы, калі, вядома, дазваляе час. Галоўнае ў газетнай рабоце, адносна слоў нашага загадчыка аддзела Георгія Георгіевіча Шараверы — прафесіяналізм. Газетчык-прафесіянал, лічыць ён, заўсёды, у любую хвіліну дня і ночы, выб’е любы матэрыял, даведаецца аб усіх таямніцах, што датычаць чалавека ці нейкіх абставін — і зробіць гэта чытабельна, дасціпна і дакладна, і будзе гэта ў аднолькавай ступені прымальна для чытача з аналітычным складам розуму, і для абывацеля, і для людзей «адтуль» — ён у такіх выпадках тыцкаў пальцам угару. Такі газетчык-прафесіянал акажацца дасціпным у любой праблеме і можа выдаць матэрыял, пастараўшыся, натуральна, для любога, самага высокага ўзроўню, выдання. Яшчэ Гарык любіў паўтараць: «Я не гігант, але стойце на маіх плячах, пакуль я не ўцёк з «маладзёжкі».

А на яго плячах можна было стаяць спакойна. Нам з Кастусём пашчасціла, што мы трапілі ў шкаляры да сапраўднага газетнага «ваўка». Пасля універсітэта, дзе нас вучылі выкладчыкі, што бачылі газету хіба толькі ў кіёску, Шаравера цярпліва разбіраў кожны наш радок, вучыў, з якога боку падабрацца да аб’екта, даставаў запісную кніжку, з якой браў усялякія мудрыя думкі, як, напрыклад, выказванне Роджэра Бэкана аб тым, што існуюць чатыры перашкоды пазнання ісціны: пакланенне перад ілжывым аўтарытэтам, прывычка да старога, погляды невукаў, гардыня ўяўнай мудрасці...

— Дык вось,— сцвярджаў Гарык,— калі вы пераступіце цераз гэтыя перашкоды, то можаце лічыць сябе газетчыкамі. Роджэр Бэкан хоць і не пісаў у газету, але трапіў у самую кропку.

Цяпер мы змагаемся з Кастусём удвух. Шаравера паляцеў у Сочы, каб адпачыць ад жонкі, дзяцей, ад нас з Кастусём і набрацца мудрасці ад жыцця, якое, па яго словах, б’е на курортах невычэрпнай крыніцай. Але мы добра ведаем, якая гэта мудрасць — будзе хадзіць па кабінетах урачоў, трацячы пасля кожнай новай сустрэчы з белымі халатамі надзею пазбавіцца ад радыкуліту, а потым, нават лежачы на пляжы, рабіць запісы ў сваім неразлучным блакноце. Ён ахвяраваў з гэтага блакнота некалькі старонак для таго, каб даслаць у рэдакцыю пісьмо з дакладным і самым вычарпальным апісаннем сонца і пляжа. А ў нас тут дождж, туга, і я гатовы разгружаць на таварнай станцыі вагоны з цэментам, толькі б не пісаць артыкул.

Тэлефонны званок — вось ён, мой ратунак! Хапаю трубку.

— Кастуся Мікалаевіча.

Які прыемны жаночы голас!

— Цябе, канявод.

Калі Кастуся называюць па імю і па бацьку, ён саромеецца, худыя шчокі яго ружавеюць.

Ён адскоквае ад машынкі і прымае сур’ёзны выгляд. З-за гэтага выгляду Кастуся цягнулі ва універсітэце ў аспірантуру, ды толькі ён цвёрда вырашыў пайсці ў рэдакцыю.

Ён заканчвае размову, вешае трубку і, не звяртаючы на мяне ніякай увагі, кідаецца ў крэсла.

— Слухай, Кастусь Мікалаевіч,— кажу я з натхненнем.— Ты прабач, але я толькі цяпер заўважыў...

— Што? — Кастусь узнімае галаву.

— У цябе лоб, як у прафесара са стажам,— высокі, з залысінамі. Гледзячы на яго, ніколі не скажаш, што ты заўзяты халтуршчык.

Ён паварочваецца да мяне і дакорліва ківае галавой:

— Сам ведаеш, з-за чырвонца гібею. Грошы во як патрэбны. Не чапляйся, перакрые шэф па тваёй міласці камандзіроўку, а мне хочацца рыбу павудзіць і з рыбакамі аб жыцці пагаварыць. Раптам не толькі рыбкі, але і нарыс прывязу або нават серыю.

І на самай справе — чаго я прычапіўся да чалавека? Я з тугой гляджу на тэлефон, чакаючы званка. Яго няма, і яшчэ некалькі мінут я малюю ў сваім уяўленні недарэчную, прымітыўную сітуацыю — ідзе яна да тэлефона, паўдарогі ўжо прайшла, як раптам выклікае шэф. Яшчэ варыянт — яна выйшла ад шэфа і ўспомніла пра мяне, але Галка, тая самая Галка, на якую я аднойчы ўвесь вечар заглядаўся, павісла на тэлефоне.

І тут мяне паклікалі да рэдактара.

— Вы адразу ж, вось цяпер зайдзіце.

Сакратарка ў нас нядаўна і ўсіх, у тым ліку і нас з Кастусём, на «вы» называе.

Наш шэф талковы — высокі чалавек з гучным голасам, дзвюма выразнымі складкамі на шчоках. Калі я ўвайшоў, ён хадзіў па сваім кабінеце. Ён вечна ходзіць, нават на лятучках. Амаль што не карыстаецца сваёй шыкоўнай белай «Волгай». Калі ён толькі прыйшоў да нас з камсамольскай работы, усе вырашылі — дзівак, пабудзе нейкі час сціплым і памчыць па горадзе на сваёй «Волзе», не заўважаючы ўсіх тых, хто мітусіцца на тратуары. А пасля дазналіся, што ён не піжоніцца, што ў яго быў мікраінфаркт, і праз некаторы час мы зразумелі, дзе і чаму ён захварэў. Шэф з першага дня пачаў рабіць газету, спадзеючыся больш на сябе. Ён, відаць, прывык працаваць як той вол, і мы гэта адразу адчулі. «Ніводнага нумара без чытабельнага матэрыялу, без жывінкі!» — такі прынцып устанавіў шэф. Многія, хто пісаў зрэдку, адразу ж прачнуліся, некаторыя з тых, хто спачываў на лаўрах, заробленых у даўнія гады, вымушаны былі таксама заварушыцца — набівалі партфелі блакнотамі і кацілі ў камандзіроўкі. Шэф шукаў саратнікаў сярод нас, зялёных газетчыкаў,— мы хапаліся за любую тэму, набівалі сабе шышкі, але ён мог ужо сёння разлічваць на нас, а тым больш заўтра.

— Чым займаешся?

Ён усё ходзіць па кабінеце, а я правальваюся ў глыбокае крэсла. Гэта месца Гарыка, і на лятучках ніводзін чалавек да крэсла не набліжаецца.

— Ды вось бытавым абслугоўваннем. Сёння здам артыкул.

Я вымавіў гэтыя словы, не верачы ў іх рэальнасць.

— Што ж, цудоўна! Нам трэба пісаць пра заганы ў бытавым абслугоўванні, але, прабач, не гэта галоўнае.

— Хведар Аляксеевіч, але ж вы самі на мінулай лятучцы...

— Ды не лаві ты мяне на слове! Я добра памятаю, што гаварыў, і тэму тваю не перакрэсліваю, тым больш здасі сёння артыкул — паставім у наступны нумар. Макеты яшчэ не малявалі. А чытач што скажа? Мы перш за ўсё аб ім павінны думаць, а самі абмялелі за апошні час. Хіба ў нас зубы павывальваліся і мы нікога ўкусіць не можам?..

Ён садзіцца насупраць.

— Ты скажы, ці падабаецца табе ідэя з планаваннем ударных тэм?

Ну і пытанне падкінуў! Планаванне ўдарных тэм азначала, што кожны, не менш чым раз у месяц, павінен здаць праблемны артыкул. Многім гэта не падабалася, планы ўдарных тэм не выконваліся. Шэф па чарзе выклікаў нас у кабінет. Надышла і мая чарга.

— Я не супраць ударных тэм, газета без іх не можа, але ж ці так лёгка знайсці тэму, не заўсёды часу хопіць раскруціць яе.

— А вы ў рэдакцыі не сядзіце, я не стану засякаць па гадзінніку, калі вы пайшлі, калі прыйшлі. Разабраліся з пісьмамі, здалі цякучку, і бывайце здаровы — шукайце тэмы, сярод людзей бывайце, наладжвайце кантакты.

Прынеслі друкарскі адбітак першай паласы. Шэф схапіў чырвоны аловак і ўзяўся перамячаць лінейкі.

— Каша, а не паласа,— сказаў ён сакратару.— Ты, пэўна, любіш кашу, га? Часцей бывай на выстаўках графікі. Сакратар — гэта нейкім чынам мастак.

Яны ўдвух схіліліся над макетам.

— Хведар Аляксеевіч, я магу ісці?

— Калі зразумеў усё, то ідзі!

Я канчаткова зразумеў, што артыкул у рэдакцыі не напішу. Кастусь усё ляпае на машынцы. Рэпартаж раздуваўся на «падвал». Успамінаю, што абяцаў пазваніць Бялькевічу.

Званю, але яго няма. Нейкае тэрміновае заданне — і Сяргей пабег. У рэдакцыі «Апошніх паведамленняў» на радыё рэдка каго-небудзь пабачыш. Практыку я таксама на радыё праходзіў. Не вытрымаў і тыдня — абрыдлі плёнкі, мантажы — і ўцёк у рэдакцыю газеты, дзе і застаўся. Сяргей любіць беганіну і ненавідзіць маральныя опусы. Яго цікавіць толькі інфармацыя. А мне такая беганіна не па душы. Да таго ж той рэпартаж выплюнуць у эфір, і справа з канцом, а тут хоць папера застаецца. У мяне ў кладоўцы цэлыя горы жоўтых папер, і на кожнай маё прозвішча.

Дома я зачыніўся ў сваім пакоі і гадзін у адзінаццаць дапісаў нарэшце артыкул. Па тэлевізары ішоў фільм. Мая сястра, пятнаццацігадовая Волька, сядзела ля тэлевізара і латала свае старыя джынсы. На іх месца жывога не было, але Волька лічыць, што гэта «фірменна», і на месцы дзірак нашывае латкі-сэрцайкі, выразаныя са скуры.

— Мне званілі?

— Ва ўсякім разе, не Наташка.

— Паслухай, ты ж дарослая ўжо, вакол цябе хлопчыкі ўюцца, запісачкі табе пішуць...

— Прабач, брацік,— яна прыткнулася цёплым носам да маёй шчакі.

— Калі бацька з маці прыйдуць?

— Яны да цёткі Надзі на дзень нараджэння пайшлі.

Волька прамовіла гэта звычайным тонам. Падумаць толькі — старыя нашы ўдваіх выбраліся ў госці. Калі гэта было апошні раз? Нават успомніць не магу. Летась або нават раней... Паміж імі нібы цень прабег — спачатку маленькі, але з кожным днём, месяцам ён набываў усё больш жудасныя памеры. Раней, у мінулым іх жыцці, усё было інакш — замілаванне адно да аднаго, не фальшывае, наігранае, а вельмі шчырае.

І куды гэта ўсё падзелася?

Я не паспяваю адказаць сабе на гэта пытанне. Зусім нечакана я нібыта правальваюся ў нейкі туман — засынаю як забіты.

 

2

Я чую крокі маці на кухні. Устаць не спяшаюся. Я даўно ўжо не бегаю раніцай, не раблю зарадку. Адкрываю кран, струмень вады ўдарае ў ракавіну. У напаўдрымоце бачу святло за дзвярыма. Няўжо бацька сядзіць за чарцяжамі пасля святкавання дня нараджэння. Да маёй прафесіі, у адрозненне ад мамы, бацька ставіцца сур’ёзна. Бацька і маці ў мяне інжынеры. Бацькавы сябры заўсёды лічылі, што з яго атрымаецца таленавіты чалавек, а цяпер перасталі лічыць — праляцелі гады, а бацька так і застаўся старшым інжынерам у другараднай праектнай канторы. У яго не было хваткі, практычнага падыходу да жыцця, яго абыходзілі на паваротах слабейшыя, яго падміналі сераднякі, а ён разводзіў рукамі: «Я так не ўмею».

У апошні час бацька зусім здаў — старасць, тытул няўдачніка, холад у адносінах з жонкай. Магчыма, няўдачы, безвыходны сум па страчанай маладосці — ні ўзлётаў, ні падзенняў — і з’явіліся першапрычынай разладу ў нашай сям’і. Можа, мне пагаварыць з ім, але ці змагу зрабіць гэта тонка і дыпламатычна?

Бацька п’е чай. За шкельцамі акуляраў — устрывожанасць.

— Як дзень нараджэння? — спытаў я.

Ён глянуў на мяне так, быццам я задаў проста вар’яцкае пытанне.

Маці завіхалася каля стала, ён на яе нават не глядзеў, працягваючы піць чай, гледзячы ў адну кропку. Я зрабіў некалькі глыткоў і паспяшаўся выйсці хутчэй з дому.

У рэдакцыі ў поўнай цішыні я кончыў нарэшце артыкул аб бытавым абслугоўванні, аддаў яго ў машбюро і ўспомніў пра тэлефон, пракляты тэлефон, які маўчаў — аўтары душу не вярэдзяць: «Калі артыкул пойдзе?» — сябры некуды падзеліся і яна — таксама.

Я набіраю яе нумар.

— Наташа выйшла да вучонага сакратара, хутка вернецца.

Безумоўна, гэта Галка, яе элегантная і вытанчаная сяброўка, рэдкая дурніца і крыўляка. Яна чапляе на сябе недарэчную вопратку — на яе глядзяць як на пудзіла, а ёй здаецца, што жаданы эфект у кішэні. Пры апошняй сустрэчы, калі я, несусветны дурань, заікнуўся пра Наташку, у Галкіных вачах заблішчэлі агеньчыкі.

— Ты варушыся трохі,— у яе словах была насмешка,— а то прамаргаеш. Яна многім падабаецца. Маладыя прафесары пры яе з’яўленні забываюць пра свае формулы і эксперыменты, а ты, наколькі мне вядома, не Хемінгуэй.

І пайшла-паехала несці нейкую лухту пра Наташкіны вартасці.

З Наталляй Фаустаўнай Патапавай (яна не любіць імя свайго бацькі) я знаёмы, як гаворыць мой Бялькевіч, з каменнага стагоддзя. Мы разам вучыліся ў школе, нават у адным класе, і так здаралася, што іншы раз сядзелі за адной партай. На Наташку многія паглядалі, але ўсур’ёз да яе адносіўся толькі адзін чалавек — тоўсценькі выдатнік Віця Голубеў. Віцька лічыўся непераўзыдзеным у матэматыцы і іншых дакладных навуках, а мяне ж пры адным успаміне пра іх і сёння кідае ў холад. За час, адведзены на кантрольную, Віцька паспяваў рашыць многа задачак. Сабе і іншым. Сярод іншых я быў не апошнім. Таму я не мог сабе дазволіць пазлаваць яго, пакпіць з Наташкі. Віцька б адвярнуўся ад мяне. Я маўчаў. Часам нават шкадаваў Віцьку.

Ён гаварыў пра Наташу ўсюды — у кіно, на трэніроўцы, на пляжы,— і твар яго кожны раз святлеў. Аднойчы я сказаў яму:

— Так нельга, Віця. Ты не маленькі. На выгляд ты нават вельмі дарослы мужчына. Трэба сказаць ёй пра ўсё. У класе і так усе даўно ведаюць... і яна таксама...

Ён страшэнна мучыўся два дні, абдумваючы маю прапанову.

Узважваў абсалютна ўсё. Ну і, вядома, ён знайшоў выйсце. Я павінен быў сыграць галоўную ролю. Ён купіў білеты на арганны канцэрт, а мне належала запрасіць на гэты канцэрт Патапаву. Віцька аддаў мне білеты і сказаў:

— Давай...

Ён адышоў убок, а я, шчыра скажу, разгубіўся. Нічога падобнага раней са мной не было.

На перапынку я падышоў да Наташы і сказаў прама:

— На арганны канцэрт не хочаш пайсці?

Твар яе застыў ад здзіўлення. Яна працяла мяне сваімі вачыма, спытала:

— А калі?

— Заўтра. Вось табе білет,— я акуратна разарваў білеты папалам.

Білет яна ўзяла. З мяне быццам пятлю знялі. Ужо на хаду я сказаў:

— Віця будзе чакаць цябе а палове восьмай каля філармоніі.

— Віця?! — яна паружавела. Заўсёды яна ружавела, калі пачынала псіхаваць.— Пры чым тут Віця? Бяры свой білет,— і яна шпурнула скамечаную блакітную паперку мне пад ногі.

Выходзячы, яна насмешліва праспявала:

— Сва-ат... Знайшоўся мне!

Білеты я вярнуў Віцьку.

— Ну што? — спытаў ён.

— Не можа. Часу ў яе няма. Гаворыць, англійскім трэба займацца.

— Ну добра, тады ўдвух пойдзем, га?

— У мяне трэніроўка...

Ён потым паехаў у ваеннае вучылішча, ажаніўся з урачыхай. А Наташа стала фізікам, і, здаецца, вельмі неблагім. Так, па меншай меры, мне аб ёй расказвалі. Мы часта сустракаліся і перазваньваліся адно аднаму. Мы не маглі не сустракацца падоўгу. Я, ва ўсякім разе, не мог.

Яна павінна была пазваніць мне па тэлефоне адразу пасля камандзіроўкі, як мы дамовіліся. І чамусьці не звоніць.

А цяпер Галка гаворыць, што яна выйшла да вучонага сакратара.

Я ўсё яшчэ, аказваецца, трымаю трубку ў руках...

Я схамянуўся — мне сёння дзяжурыць. Праўда, да дзяжурства яшчэ шмат часу. Можна зайсці дамоў паабедаць, але есці не хочацца. Заходжу выпіць кавы ў «тэлевізар», празваны так за вялікія, на ўсю сцяну, вокны, якія работнікам кафэ ніяк не ўдаецца занавесіць шторамі. З вуліцы бачна, што п’юць і што ядуць у кафэ знаёмыя і незнаёмыя. Мяне сустракае швейцар Пётр Васільевіч.

— Вітаю,— гаворыць і ўсміхаецца,— што не відаць даўно?

— У камандзіроўцы быў і яшчэ розныя справы.

— Гэта справа — камандзіроўка. Я твой артыкул неяк бачыў, здаецца, нарыс. Але вось аказія — газетку нехта знёс. Ты б прынёс мне пачытаць, цікава, што ты там на «падвал» выдаў.

Лексікон у Васільевіча не ўступае лексікону самага бывалага газетчыка. Неяк Гарык параіў практыкантам з універсітэта павучыцца спачатку ў Васільевіча, а толькі пасля ўжо прыходзіць у рэдакцыю. Калі практыканты даведаліся, што гаворка ідзе «ўсяго толькі» пра швейцара — страшэнна пакрыўдзіліся.

Васільевіч так увайшоў у ролю, што ўсе ўжо прывыклі — ён дае самыя дакладныя ацэнкі артыкулам знаёмых газетчыкаў і ніколі не крывіць пры гэтым душой. Калісьці Пётр Васільевіч працаваў токарам на вялікім заводзе, ваяваў. Дзеці выраслі і ўнукі таксама, а ён засумаваў на пенсіі і пайшоў, па яго словах, «швейцарыць», каб сярод людзей быць. Неяк яго моцна пакрыўдзілі. Прыйшоў у кафэ знаёмы заводскі майстар, падвыпіў і пачаў ушчуваць Васільевіча за новую прафесію. Гэтага чалавека таварышы з кафэ выгналі, а Васільевіч расстроіўся.

— Як нажом па самым сэрцы рэзнуў,— скардзіўся мне пасля.

На гэты раз кафэ было паўпустым. Час абеду яшчэ не настаў. Мы пацягваем з Васільевічам кофе. Ён гаворыць:

— Андрэй учора тут зноў быў. Увесь вечар быў. Балюча глядзець. Прападае хлопец... Шкада... І чаго ён п’е? Рукі ўжо дрыжаць — як на людзях толькі блакнот раскрывае.

Андрэй Варанцоў ужо шмат гадоў у нашай газеце. Колькі часу назад я прынёс яму першую сваю заметку.

Пісаў Андрэй раней проста здорава, і на лятучках пра яго артыкулы гаварылі коратка:

— Варанцоў у сваім стылі.

І ўсе ведалі, як гэта разумець. У Андрэя выйшла некалькі зборнікаў нарысаў. Адзін нават перавыдалі ў Маскве.

У апошні час справы ў яго ішлі дрэнна. Пісаць стаў мала. Раніцай меў выгляд пакамечанага чалавека — мяшкі пад вачамі, няголены. Неаднойчы Андрэй з’яўляўся п’яным на дзяжурства, яго падмянялі, рабілі гэта так, каб нічога не ведаў рэдактар. Але рэдактар пра ўсё ведаў і колькі разоў прапясочваў Андрэя. Той абяцаў выправіцца. Але абяцанкі так і заставаліся абяцанкамі.

На мае пытанні і іншых супрацоўнікаў Андрэй не адказваў, і ніхто так і не ведаў, што ж з ім адбылося.

— Прыдумаць можна што-небудзь,— быццам чытае мае думкі Васільевіч,— самі пра іншых пішаце, а тут свой чалавек прападае.

— Так,— няпэўна гавару я, а сам ведаю, што Андрэй пашле любога да ўсіх д’яблаў.

Я гляджу на гадзіннік. Праз дзесяць мінут у рэдакцыі мне прынясуць першую паласу.

— Мне пара,— гавару я,— дзяжурства.

— Ты хоць зрэдку заходзь,— гаворыць Васільевіч.

— Зайду. Абавязкова.

Я вычытаў паласу і пайшоў пакурыць з сакратарыятчыкамі.

— Зноў з графіка выбіўся? — спытаў адказны сакратар.

— Што значыць — выбіўся? Артыкул на машынцы. Гэта ваша сфера. Я сваю справу зрабіў.

— Вычытай і здай хутчэй. У наступны нумар няма чаго ставіць. Хоць бы афіцыёз пайшоў, ці што? Дарэчы, не давай сваім дзяўчатам тэлефона сакратарыята.

— А што?

— Нейкая Наташа прасіла, каб ты сустрэў яе а палове сёмай каля інстытута.

— Мяне на месцы не было, і яна, відаць, цераз бюро даведак... Але ж я дзяжуру...

— Давай валяй, падмяню сам,— адказны засмяяўся.— Каля любога інстытута шмат усякага народу бадзяецца. Могуць украсці.

Роўна а палове сёмай я сустракаю яе каля інстытута фізікі.

— Добры вечар,— гаворыць яна,— ты яшчэ больш узмужнеў. Твар асунуўся, і гэта табе ідзе.

Ужо гэта першая фраза, зусім непатрэбная і пустая, не дае мне сказаць ёй, як я чакаў званка ўсе гэтыя дні.

— Ты б наогул магла і пазваніць. Гэта так проста. Усяго дзве капейкі.

Яна смяецца

— Ва ўсім горадзе раптам зніклі двухкапеечныя манеты. Немагчыма пазваніць, а ў лабараторыі ў нас вечна шмат народу.

— Як твая дысертацыя?

— Процьма работы яшчэ. А так усё нарэшце праяснілася да канца. Вось і зараз доследы. Да позняга вечара кожны дзень. А ў цябе што чуваць?

— Розныя дробязі. Як і заўсёды...

З яе гэтага дастаткова. Больш яна ні пра што не спытае. Я пачынаю адчуваць, што мне трэба папрасіць прабачэння і ісці дадому або паехаць да каго-небудзь у госці. Толькі б не быць з ёй адзін на адзін.

— Халаднавата,— сказаў я.— Можа, заедзем да скульптара ў майстэрню?

— А ён у сябе?

Іваноў зняў трубку. Пачуў мой голас і, мне здаецца, узрадаваўся. Я здзівіўся. Іваноў адносіўся да тых людзей, якія не праяўляюць сваіх пачуццяў. Да таго ж звычайна Іваноў шмат працаваў і не любіў, каб яму перашкаджалі. Але ж я быў выключэннем. Іваноў гаварыў:

— Няма чаго так проста сядзець. Пазіруй.— І я пазіраваў.

Я пазіраваў і ў першую нашу сустрэчу, калі Іваноў яшчэ не меў сваёй майстэрні, не ўдзельнічаў ні ў адной выстаўцы, а вучыўся на апошнім курсе інстытута. Я прыйшоў пісаць пра яго. Іваноў махнуў, давай, маўляў, пішы, а пасля, нібы між іншым, прапанаваў:

— Можа, папазіруеш?

Я згадзіўся. І страшэнна мучыўся. Дзве гадзіны я стаяў у нейкіх скурах і павінен быў выконваць ролю зімоўшчыка. З мяне градам каціўся пот, занямелі ногі, але варта было мне паварухнуцца, як Іваноў пачынаў прасіць:

— Слухай, пастой яшчэ крышачку.

А іншы раз бурчаў:

— Цябе што, кусаюць?

Ён быццам растварыўся ў сваёй рабоце, забываў на ўсё і не чуў маіх пытанняў. Але затое я бачыў, як ён працуе. У яго быў шырокі і немалады ўжо твар. Вялікія залысіны і маленькая рыжая барада. Бародка гэта яму яўна не пасавала да твару, пра што я яму і сказаў адразу. Ён агрызнуўся:

— Вялікая не расце. Няхай хоць гэта будзе.

Дэкан факультэта мне шмат расказваў пра Іванова. Ён быў самым сталым са студэнтаў і самым старэйшым з іх. Паспеў шмат пабачыць — завод, армія, плаваў кітабоем. Я любіў бываць у Іванова. І ён таксама мяне ўвогуле цярпеў, нягледзячы на тое, што нарыс яму не падабаўся. Ён доўга перачытваў яго, ківаў галавой, а пасля сказаў:

— А каму гэта ўсё трэба, скажы ты мне?

Зараз я напісаў бы пра яго інакш — сам бачыў, як наіўна напісаны той даўнішні нарыс. Цяпер Іванову пераваліла ўжо за трыццаць, аб ім нярэдка пісалі і гаварылі, але я не пісаў — пісаць пра сяброў неяк няёмка.

З майстэрні даносіўся шум. Адчыніў Іваноў. Убачыў нас і заўсміхаўся:

— Даўно вас не было. Я па табе, пісака чортавы, засумаваў. У мяне маленькае свята. Тое-сёе адабралі на выстаўку ў Маскву.

У Іванова былі нейкія незнаёмыя мне людзі. Ён пазнаёміў мяне са сваёй жонкай. Сказаў, што яна лепшая машыністка адной з салідных устаноў і я магу прыносіць друкаваць ёй свае опусы.

— Шкада, прыносіць няма чаго,— сказаў я.— Але калі-небудзь абавязкова прынясу.

Усе ўжо былі «цёпленькія». На доўгім стале, складзеным з некалькіх дошак,— віно, сыр, каўбаса.

Мы з Івановым адышлі ўбок.

— Калі гэта ты паспеў ажаніцца, што я не ведаю?

— Два тыдні назад. Ты ж ведаеш, я быў перакананы халасцяк. А ўбачыў яе і — зразумеў: усё жыццё толькі і рабіў, што яе чакаў. Я табе званіў — хіба ж дазвонішся. Але ты не хвалюйся, вяселля яшчэ не было. Хутка ўселімся ў новую хату — і тады ўжо згуляем абавязкова.

Я слухаў, глядзеў на яго і не пазнаваў гэтага чалавека. Быццам і не ведаў я ніколі Іванова — тлуставатага і змрочнага. Чалавек, які так хутка перарабіў яго,— маленькая і жвавенькая жанчына — пра нешта ўжо размаўляла з Наташай. Мы выпілі віна. Іваноў уключыў музыку. Вядома, арганную. Ён лічыць, што арган дапамагае яму працаваць. Калі я сказаў, што адзін баксёр-прафесіянал трэніруецца пад суправаджэнне джазавай музыкі, Іваноў пакрыўдзіўся.

— Знайшоў што параўноўваць — скульптуру і мардабіцце.

— Ну і што?! — абурыўся я.— І там і тут чалавек выкладваецца псіхалагічна, фізічна, ён адшуквае ў сабе нябачныя сілы для перамогі: ты — над каменем, баксёр — над сапернікам.

Але ён ужо забыўся пра сваю крыўду.

— Ты ведаеш, я нешта заўважыў,— сказаў Іваноў так, што чуў толькі я,— Наташка на цябе інакш глядзіць. Быццам і не ты побач.

Я кісла ўсміхнуўся.

— Гэта табе здаецца, Іваноў, на самай справе ўсё не так.

Я глянуў на Наташу і ўбачыў, што яна думае аб нечым сваім. Хутчэй за ўсё, не вельмі вясёлым.

Я папрасіў прабачэння ў Іванова — заўтра рана ўставаць, і таму час нам ісці дамоў.

— Браце, часцей заходзь. Тое-сёе пакажу, там ёсць...

Ён кіўнуў у бок дзвярэй, што вялі ў другі пакой майстэрні. Там стваралася самае патаемнае, і не кожны мог туды трапіць. Іваноў паказваў толькі гатовыя работы.

— У камандзіроўку з’езджу і прыйду.

— Мяне таксама некалькі дзён не будзе. Еду на новабудоўлі. Восень — вятры, дождж... Толькі і працаваць.

Мы ішлі з Наташкай і маўчалі. Мяне ахапіла шчымлівая трывога.

— Што адбываецца? Можа, ты растлумачыш?..

Яна нічога не адказала, толькі пацерла далонямі твар. Яна так клапоціцца пра свой твар. Калі цалаваў яе, яна жартам адбівалася:

— Ты сваім шчаціннем ператворыш мяне ў бабулю. Гэта так страшна — стаць бабуляй.

Мы сядзелі страшэнна скурчаныя, прытуліўшыся адно да аднаго ў каморцы на гарышчы. У яе было гарачае цела і гарачыя вусны, я ніколі не думаў, што ў яе такое гарачае і гладкае, матавае цела. Хвіліны блізкасці мы купілі цаной пакутлівага чакання. Каму яно патрэбна было, гэтае чаканне? Я гаварыў ёй пра гэта, і Наташка ціха смяялася. Так, чаканне гэтае, пакутліва-доўгае чаканне было нікому не патрэбнае. Потым, пасля паездкі да мора, пачаліся бясконцыя пошукі ключоў ад пустой кватэры, іншы раз яна выпрошвала ў бацькі «Масквіч», і мы кацілі за горад, і зноў былі побач.

Я лічыў, што мы заўсёды павінны быць разам, я гаварыў ёй пра гэта, а яна глядзела на мяне з сумам дарослага чалавека, які назіраў за хлопчыкам. Яна лічыла, што, узяўшы шлюб, мы ўціснем сябе ў непатрэбныя рамкі, акрэсленыя фальшам адносін.

— Ты ніколі нічога не ўспамінаеш? — сіплым ад хвалявання голасам спытаў я.

— Якое ты дзіця, Глеб, божа мой, якое ты дзіця! — шчыра ўсклікнула яна.— У якой жа ты меры недасведчаны чалавек у адносінах мужчын і жанчыны. І яшчэ пішаш артыкулы, іншых вучыш жыць.

Размаўляць з ёй было дарэмна.

— Ідзі дамоў,— сказаў я і пайшоў да тралейбуснага прыпынку.

— Я пазваню табе. Я пазваню табе, можа, заўтра раніцай,— крыкнула яна ўслед.

 

3

Раніцай тэлефон маўчаў, як загіпнатызаваны. Яна пазвоніць на работу, вырашыў я, але ад тэлефона не адыходзіў. Старыя мае адно на аднаго не глядзелі. Ад бацькі нязвыкла несла перагарам — такое ўражанне, што ён перамяшаў мноства розных напіткаў. У маці прыпухлыя вочы. Бацька прайшоў у ванную, і яна паклікала мяне ў свой пакой.

— З бацькам нешта адбываецца. Я не сплю начамі. Думала, ты сам здагадаешся падысці.

— Ты з ім размаўляла?

— Спрабавала. Слова не выцягнуць. Мне здаецца,— яна глыбока ўдыхнула паветра,— інтуіцыя мне падказвае, ён звязаўся з нейкай бабай.

Бацька выйшаў з ванны, і я зрабіў выгляд, што шукаю нешта ў шафе. Выйшаў на вуліцу, калі да планёркі заставалася з дзесятак мінут. Ледзь убіўся ў тралейбус, праціснуўся паміж двума ўкормленымі мужчынамі, і — о шчасце! — выслабанілася месца.

— Добрай раніцы! Што новага ў прэсе?

Я добра ведаў, што калісьці знаёміўся з гэтым чалавекам. А вось дзе, успомніць не мог. Няпэўны ўзрост, глыбокія маршчыны праз увесь твар, жоўтыя мяшкі пад вачыма.

Ён гаварыў аб праклятай зіме, аб тым, што надакучыла мерзнуць, праседжваць на рабоце і дома, што яму страшэнна хочацца паехаць у экспедыцыю.

І я ўспомніў. Гэта вучоны сакратар інстытута біялогіі Вермішаў. З паўгода назад я рабіў адтуль рэпартаж у нядзельны нумар, і ён быў маім гідам. Калі рэпартаж быў надрукаваны, пазваніў і прасіў заходзіць яшчэ. Абяцаў паказаць нешта цікавае.

— Што ў вас новага? — спытаў я.

— Сяджу паціху над доктарскай. Справа, здаецца, рухаецца. А наогул я не выпадкова імкнуся ў экспедыцыю. Кожны дзень іду ў інстытут, як на катаргу,— сказаў ён, не гледзячы на мяне.

— Што адбылося?

— Гэта не тралейбусная размова, чэснае слова. Заходзьце, пагаворым. Хоць я не ведаю, ці мае гэта сэнс.

— Я буду ў вас сёння.

— Калі можаце, у тры гадзіны. Я буду свабодны, і мы пагаворым.

Роўна ў тры гадзіны я хадзіў па вузкіх калідорах інстытута. Зазірнуўшы ў адны з дзвярэй, я ашалеў ад колькасці колбаў, прабірак, мікраскопаў і гаспадынь усяго гэтага — дзяўчат у белых халатах.

Я спытаў, як знайсці вучонага сакратара. Яго кабінет аказаўся побач.

Вермішаў мяне чакаў. Зірнуў на гадзіннік:

— Зайздросная пунктуальнасць.

Праз гадзіну ў Вермішава павінна была адбыцца сустрэча з членамі біялагічнага гуртка адной са школ, і ён адразу прыступіў да галоўнага.

— Вы памятаеце, я знаёміў вас з адным нашым вучоным,— падсунуў да мяне нейкі часопіс на англійскай мове.— Гэта яго артыкул.

На мяне глядзеў са старонкі сівы паўнаваты чалавек з цяжкім падбародкам і прыжмуранымі вачыма. Я прачытаў яго прозвішча — Некрашэвіч.

Безумоўна, я памятаў яго. Некрашэвіч расказваў неверагодныя рэчы пра кажаноў, і добрую палавіну рэпартажу з інстытута я прысвяціў яго рабоце.

— Некрашэвіч сапраўдны вучоны, педагог. У яго вучні дактары навук. А ён над сваёй доктарскай працаваў чвэрць стагоддзя. Самыя каштоўныя і прадуктыўныя гады вучонага! Дарэчы, я вам расказваў пра гэта ў мінулы раз.

— Я памятаю. З такімі вучонымі не кожны дзень даводзіцца сустракацца.

— Так, многія цяпер працуюць па прынцыпу — вучоным можаш ты не быць, а кандыдатам або доктарам быць абавязаны. Бяздарных вялікае мноства. І сутнасць імкнення — гарантаваны аклад і даволі спакойнае, стабільнае жыццё. Навошта пра ўсё гэта гавару? Работа Некрашэвіча пад пагрозай, калі зусім не...— ён рассек далонню паветра.— І ведаеце, па якой прычыне? Абвінавачваюць у плагіяце. Дабіваюць чалавека і маральна і фізічна, а яму ўжо пад шэсцьдзесят. Паспрабуй вынесці такое.

Я не вытрымаў.

— Хто абвінаваціў, за што?

— Гэта не простая гісторыя.— Ён закурыў, робячы частыя зацяжкі.— Дырэктар нашага інстытута Крыўцоў чалавек параўнаўча малады для ўсіх сваіх тытулаў — акадэмік, мноства ганаровых званняў, кніг, а яму яшчэ і пяцідзесяці няма. Ён заслужыў усё гэта з поўным правам. Былі ў яго працы, пошукі, адкрыцці, была напружаная работа шукальніка, але ўсё ў мінулым. Цяпер ён выбівае з гэтага ўсё магчымае, а каб у навуцы застацца, навязвае таленавітым хлопцам сааўтарства. Некалькі сваякоў у аспірантуру прыстроіў, пляменніку за два гады зманціраваў дысертацыю і — наце вам — загадчык лабараторыі. Бездар закончаная. Арганізуе псеўдаэкспедыцыі і палюе разам з дзядзькам. Справаздачы? Яны ёсць, прымітыўныя, вядома, але, уявіце сабе,— прымаюцца за чыстую манету. І не хто-небудзь зацвярджае — вучоны савет! Усіх заблытаў, уцягнуў у багну хлусні, з непажаданымі распраўляецца.

Вермішаў рэзка падняўся з крэсла, страсянуў попел прама на падлогу.

— Такія людзі часцей за ўсё толькі пра сябе думаюць. Шэф — глыба, у яго моцныя сувязі! Усе скарыліся, апроч Некрашэвіча. На кожным вучоным савеце ён з упартасцю разносіў Крыўцова. Калегі, вядома, у душы задаволены: няхай нават такая, але справядлівасць! Крыўцоў часу дарэмна не губляў — знайшоў усё ж магчымасць адпомсціць, нанесці больш чым адчувальны ўдар. Я гаварыў, Некрашэвіч многіх у вучоныя вывеў. Колькім ён дапамог, ахвяруючы часам, распыляючы сілы, веды. Адной з вучаніц ён неяк падправіў рэферат. Яна, натуральна, з бляскам абаранілася. А ў выніку ў доктарскай Некрашэвіча знайшлі думку з рэферата вучаніцы, яго ўласную, зразумейце, думку, якую ён шчодра ў гэту работу ўклаў. Абвінавацілі ў плагіяце. І вучоны савет актыўна ў гэтым фарсе ўдзельнічаў. Я супраць галасаваў, яшчэ тры чалавекі — бура ў шклянцы вады... Вядома, Некрашэвіч не здасца. Ён моцны як крэмень, гэта работа — усё яго жыццё! Але такі ўдар, такая ганьба!

Ён глянуў на гадзіннік.

— Мне трэба выязджаць. Рабяты ў школе чакаюць.

Ужо на вуліцы Вермішаў спытаў:

— Берацеся? — І не даў адказаць.— Тэма складаная, згадзіцеся, акадэмікаў у газетах не часта з трона зганяюць. Усё больш стрэлачнікаў...

— Бяруся! — сказаў я, а сам радаваўся — вось яна, тэма, такой яшчэ ў газеце не было!

— Артыкул павінен быць доказным, тонкім, калі хочаце. Крыўцоў не дробная сошка, яго так проста не прымусіш узняць угару рукі.

— Я днямі прыйду.

Вермішаў моцна паціснуў мне руку і ўсміхнуўся:

— Гэта куды цікавей, чым рэпартаж. Гэта як зацяжны скачок з парашутам. Заводзім маторы?

— Заводзім!

 

4

Кастусь злавіў мяне да планёркі.

— Якая рыбалка была, якая рыбалка!

Я аднойчы наслухаўся вось такіх захапленняў і паехаў з ім. Доўга не вытрымаў, сядзеў у лодцы, драмаў і, каб не заснуць і не боўтнуцца ў ваду, курыў. Кастусю давялося сачыць за сваімі і маімі паплаўкамі.

— Цягні, цягні! — крычаў ён, калі рыба клявала. І ўздыхаў: — І такога лопуха я ўзяў на рыбалку?

Ён пацягнуўся следам за мной у сакратарыят, дзе я збіраўся паглядзець папку з гранкамі.

— Цыкл пра рыбакоў праз тыдзень будзе ў шэфа на стале! — не сціхаў ён.

Я пагартаў гранкі. Адна сухамяціна. І на самой справе і шэфу, і сакратарыятчыкам туга прыходзіцца пры кампаноўцы чарговага нумара.

Кастусь выгаварыўся і традыцыйна спытаў:

— А ты што ж? Усё Наташку вечарамі сустракаеш...

— У мяне ў адрозненне ад цябе, Кастусь Мікалаевіч, выхваляка і піжон, у кішэні тэма, тэмішча, і не пра рыбакоў, з якімі ты чаркамі звінеў.

— Вядома ж, інтэрв’ю, па крайняй меры, з лаўрэатамі фестывалю ў Сан-Рэмо.

Я зрабіў выгляд, што яго лухта адносіцца не да мяне.

— Маладога, таленавітага акадэміка, а па сутнасці скулу на целе грамадства, знішчаю ў чарговым нумары газеты. Купляйце! — прадэкламаваў я, і ў Кастуся зрабіўся зусім сур’ёзны выгляд.

— На самай справе?

— Слова гонару.

— Хто тэму падкінуў?

— Шукаць трэба, Кастусь Мікалаевіч. Добрая тэма на паверхні не ляжыць.

— Не дурэй, я сур’ёзна...

— Выпадкова. Як снег на галаву. Толькі я яшчэ не ведаю, радавацца ці не. Акадэмік, кажуць, ні ў чым маху не дае.

— Ты Гарыка ў курс справы ўвядзі, а лепш за ўсё адразу двух — яго і шэфа,— параіў Кастусь.

Перад Шараверам ляжала паласа з маім артыкулам.

— Я, між іншым, тэмку нядрэнную знайшоў,— паведаміў я без усякіх эмоцый.

Гарык яўна быў не ў гуморы.

— Не ведаю, што ты там знайшоў, перад вачыма ў мяне муць, жвачка нейкая, а не артыкул. Быў бы я на месцы — не падпісаў бы.

— Вось так няўдумлівы кіраўнік можа адразу адбіць ахвоту пісаць! — сказаў я, амаль на памяць цытуючы кавалак з артыкула Гарыка аб праблемах адносін кіраўніка і падначаленага на вытворчасці.

Кастусь мне падміргнуў і пачаў дэкламаваць нараспеў:

— Адразу адбіць ахвоту ствараць, адбіць ахвоту ствараць адразу, ахвоту ствараць адразу...

Гарык адсунуў паласу, абвёў нас невясёлым позіркам.

— Вы тут, я гляджу, зусім разбэсціліся... Артыкул і на самой справе нейкі вялы, без шпяня. А можа, ён не падыходзіць пад мой кепскі настрой? Дома нелады, Андрэй зноў штуку выкінуў. Пераблытаў у артыкуле прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, факты — усё, што можна было, пераблытаў. Выдаў абракадабру нейкую. Шэфа да начальства выклікалі, прыехаў злосны як чорт. У аўторак рэдкалегія. Баюся, гэта канец для Андрэя.

— Выганяць? — спытаў я.

— Выгнаць не выганяць, але заяву вымушаны будзе напісаць. Як гаворыцца ў цыркулярах, «па ўласнаму жаданню».

— Ты пагаварыў бы з ім. Кажу, сябрамі былі некалі. Усіх астатніх ён не слухае,— параіў Кастусь.

Шаравера іранічна ўсміхнуўся.

— Былі сябрамі... Такога не бывае. Калі былі сапраўднымі сябрамі, значыць, гэта назаўсёды. І перадражніў Кастуся: «Пагаварыў бы». Андрэй сам усё разумее. Я пытаўся, у чым справа. Баюся, кажа, на паперу глядзець. Апусціўся ён паступова, але апусціўся. Ды вы і самі бачыце. Ён ужо нарысы машыністцы з галавы дыктуе.

І тут зайшоў у пакой Андрэй, заўсміхаўся Гарыку:

— Даўно я тваю фізіяномію не бачыў. Як здароўе жончына?

— Ужо лепш,— сказаў Гарык,— хутка дамоў забяру.

Не паспеў Гарык вярнуцца з водпуску — жонку паклалі ў бальніцу, і ён усе гэтыя дні кідаўся паміж бальніцай, рэдакцыяй і дзіцячым садам, куды хадзіў двухгадовы сын яго Лёшка. А тут яшчэ камандзіроўка. Сына Шаравера вымушаны быў перадаваць цешчы, якую арганічна не пераварваў. Яна прадавала кветкі, якія вырошчвала на сваёй дачы, і Гарык вёў дома вайну.

Цешчу ён амаль перавыхаваў, але з таго часу кожны раз, калі ўпамінаў пра яе, крывіўся, як ад болю.

— Так, цяжка табе прыйшлося,— спачувальна сказаў Андрэй.— Фізіяномія вунь як паплыла.

— Табе таксама, я бачу, нялёгка даводзіцца...

Шаравера пачаў пакусваць ніжнюю губу,— значыць, зараз псіхане.

Андрэй кіўнуў галавой:

— Так, стары, нялёгка.

— Гляджу я — ты гэта ці не ты? Што будзе ў аўторак, ты хоць пра гэта думаеш?

Я пакасіўся на Андрэя. Увесь ён неяк выцвіў: твар, вочы, валасы. Быццам усох на спапяляючым сонцы і страціў усе свае былыя адценні.

— Думаю і каюся,— глуха вымавіў Андрэй.— І табе ўдзячны, асабліва за тое, што ты размову гэту пры пацанах завёў. А цяпер я пайду, а ўсё астатняе ты дагаворыш без мяне.

І нячутна зачыніў за сабой дзверы. Шаравера паківаў галавой.

— Вось і пагаварыў. Не ведаю, што рабіць. А тут яшчэ матэрыял трэба дарабляць, у бальніцу бегчы, за Лёшкам... Дык што там у цябе за тэма? — спытаў ён зусім нечакана.

Я коратка расказаў. Гарык ускочыў са стула са скорасцю спрынтэра, які пачуў выстрал стартавага пісталета.

— І ты паўдня маўчыш, марочыш мне галаву нейкай дробяззю, а пра галоўнае — ні слова. Пайшлі да шэфа!

Я ледзь паспяваў за ім па доўгім калідоры. Рэдактар цярпліва выслухаў усю гісторыю.

— Пацікаўся сур’ёзна. Але будзь асцярожны, не пары гарачкі. Выключы самую нязначную магчымасць прадузятасці, дэталёва вывучы аргументы абодвух бакоў. Можа, усё гэта акажацца паклёпам на заслужанага чалавека.

— Але, вы разумееце...

— Разумею,— шэф не даў мне запярэчыць.— Разумею, што ты давяраеш Вермішаву. Вельмі добра. Але пры вывучэнні канфлікту ты абавязаны быць нейтральным. Настрой сябе, калі ласка, іменна на гэту якасць, у іншым выпадку ты не дапаможаш справе, людзям, а толькі пашкодзіш. Ты згодзен са мной, Калінка?

Вядома, я быў згодзен. Як заўсёды, у шэфа жалезная логіка, супраць яе не пойдзеш. Я вычытаў аўтарскі артыкул, даў адказы на два пісьмы — калі-небудзь пісьмы мяне сапраўды даканаюць! — і пачаў думаць, з кім бы пайсці паабедаць. Шаравера пабег у бальніцу да жонкі, Кастусь зусім прапаў. Уся рэдакцыя быццам вымерла — на планёрцы шэф даў разгон усім аддзелам па чарзе, і супрацоўнікі разбегліся ў розных напрамках. Я раптам злавіў сябе на думцы, што зусім не думаю пра Наташку. Цудоўнае гэта пачуццё натуральнай свабоды, калі нішто над табой не вісіць — ні маўклівы тэлефон, ні бяссэнсавыя размовы!

Я ведаю, каму пазваніць — бацьку! Маці ў апошнія дні замучыла мяне нямым пытаннем: «Калі?» Я ківаў галавой, маўляў, пагавару, абавязкова пагавару. Некалькі разоў круціўся каля бацькі, але рашучасці не хапала.

Нейкая незадаволеная жыццём жанчына — гэта адчувалася па яе нацягнутым тоне — паклікала Арсенія Паўлавіча Калінку да тэлефона.

— Арсеній Паўлавіч?

— Я вас слухаю.

— Звоняць з Галоўпраекттэхпрыборцяжмаш. У сваім чарговым праекце вы напаролі столькі памылак, што работнікі нашага Галоўпраекттэх...

— Глеб, канчай дурэць. У мяне запарка.

— У цябе не запарка, а абедзенны перапынак. Прапаную правесці яго ўдвух у пельменнай на паўдарозе ад нашых кантор.

— Так, але,— ён сумеўся.

— Я частую. Атрымаў добры ганарар — каля сотні,— у маім голасе прагучала гордасць.

— Твой творчы рост ашаламляе,— пасміхнуўся бацька, але паабедаць разам згадзіўся.

Я прыйшоў у пельменную першым і паспяшаўся заняць месца. Бацьку ўбачыў праз акно. Ішоў пажылы чалавек з шэрым тварам, ён не звяртаў ніякай увагі на свой знешні выгляд — пакамечаная кашуля, пацёрты паласаты гальштук, пакрыўленыя чаравікі на мікрапорцы. Забі мяне пярун, але маці на гэты раз памылілася, гаворачы пра захопленасць бацькі нейкай асобай жаночага полу. Грэшная думка, але бацьку такая захопленасць пайшла б толькі на карысць.

Ён стаяў пасярэдзіне залы і жмурыўся скрозь акуляры, шукаючы мяне. Я памахаў яму рукой. Бацька сеў за стол, паправіў гальштук, праверыў, ці на ўсе гузікі зашпілены пінжак.

— Дзіўна, што ты запрасіў мяне паабедаць,— неяк ціха прамовіў ён.— Па-мойму, гэта падзея адбылася ўпершыню.

Сваім тонам ён адразу збіў маю гатоўнасць пачаць размову адразу, без усякай падрыхтоўкі.

— Віна вып’ем? — спытаў я.

— Ды што ты, я потым не змагу працаваць. Не той узрост — галава наліваецца цяжарам, ва ўсім целе кволасць. Можаш пачынаць сваю размову без віна. Ці мо храбрасці не хапае?..

Ён раптам заўсміхаўся, і маршчынкі на ягоным твары зайгралі, утвараючы неверагодна вясёлыя малюнкі.

— Бачыш, я даўно хацеў, але ўсё неяк не выходзіла. То часу мала, то да цябе не падступішся...

Прынеслі пельмені, бацька паліў іх воцатам і засяроджана пачаў есці.

— Ты што, жаніцца надумаў? — спытаў ён, не ўзнімаючы вачэй ад талеркі.

Гэтым пытаннем бацька ўшчэнт развеяў мае надзеі, што ён зразумеў, да чаго я хілю. Цяпер пачынай усё спачатку.

— Якая там жаніцьба, я проста хацеў пагаварыць пра твае адносіны з маці. Волька і тая ўстрывожана, я ўжо не гавару пра маці, якой усякія дурныя думкі ў галаву лезуць.

— Што ж гэта за думкі?

— Уяві, яна цябе раўнуе. Яна начэй не спіць, стараючыся зразумець, што з табой адбываецца.

— І даручыла табе пагаварыць са мной?

— Не, што ты? — бойка схлусіў я.— Яна, наадварот, папрасіла, каб я не лез табе ў душу, ты ўжо прабач мне.

Ён адклаў відэлец, адкінуўся ў крэсле.

— Раўнуе, гэта ж трэба. Раўнуе. Яна ніколі не магла як мае быць зразумець мяне, ты ўяўляеш — ніколі. Яна лёгка ўбірала ў сябе ўсё, што ляжала пад рукой, на паверхні, але ўглыб... Спачатку яна была маладой, потым зрабілася жанчынай сярэдняга ўзросту, цяпер амаль пажылая кабета, але засталася ранейшай.

— Жанчыны ўсе такія,— ляпнуў я.

— Ты, я бачу, стаў вялікім знаўцам жанчын. Нешта пра Наташу ні слова ў апошні час ад цябе не чую.

Я прамаўчаў, каб не адводзіць увагу на іншую тэму. Тым больш што я ні разу не размаўляў з ім аб Наташы па шчырасці.

Мы выйшлі на вуліцу, закурылі.

— Я праводжу цябе,— сказаў я.— Як-ніяк амаль вольны мастак. Магу затрымацца хоць на дзве гадзіны.

На вуліцы было халаднавата. Бацька глыбока ўцягнуў галаву ў плечы, ссутуліўся. Як стары.

— Як бы табе гэта растлумачыць,— ён прыкусіў ніжнюю губу, пакутліва напружыўся.— Адчуў я нейкую запозненую шкадобу да сябе. Не выйшла ж нічога ў жыцці, не выйшла! Нейкі зацяжны прыпынак на адным месцы даўжынёй гадоў пятнаццаць. І вось стаў бесперспектыўным няўдачнікам. І справа не ў тым, што засеў у старшых інжынерах і грошай плоцяць не шмат... Чалавеку патрэбен рост, хоць бы намінальны, разумееш, але для гэтага трэба варушыць локцямі, вышукваць сувязі, а можа, мне так ад злосці здаецца. Гадоў дзесяць назад — такая даўнасць! — была ў мяне магчымасць заняцца цікавай справай, адказнай справай, не тое што даваць ход чужым думкам, але ўпусціў я яе. Не хапіла настырнасці, энергічнасці, смеласці, нарэшце. А цяпер ужо і сілы не тыя, і фантазія за зямлю чапляецца.

Ён яшчэ больш скурчыўся, патануўшы ў сваім вялізным старым паліто. Мы дайшлі да яго інстытута, які літаральна заглытваў пасля абеду аднаго за адным чарцёжнікаў, праекціроўшчыкаў.

— Гэта мой сын,— сказаў бацька нейкаму тлустаму бледнатвараму чалавеку ў клятчастым капелюшы. Мужчына падаў мне вялікую мяккую далонь.

— Вельмі прыемна. Семяновіч Сяргей Фёдаравіч. Мне Арсенцій Паўлавіч пра вас шмат расказвае, а калі газеткі не дастаецца, Арсенцій Паўлавіч у абавязковым парадку паказвае.

Бацька адчуваў сябе няёмка, быццам раскрывалі нейкую ягоную тайну.

— Вы прабачце, Сяргей Фёдаравіч,— я прамовіў гэта вельмі пачціва.— Нам з татам трэба яшчэ ў ГУМ зазірнуць. У нас яшчэ цэлых пятнаццаць мінут.

І я падхапіў бацьку пад руку:

— Пайшлі.

— Глеб, які яшчэ ГУМ, я на работу спазнюся.

— Не спознішся. Я хачу тое-сёе купіць, а ты дапаможаш выбраць. Сам хваліўся, што ў цябе быў калісьці выдатны густ.

Мы прабіліся ў абутковы аддзел. Велізарная чарга, і гэта называецца самаабслугоўваннем. Я штурхаю бацьку наперадзе сябе.

— Прабачце, у нас чарга, мы толькі адышлі на момант...

Фу, праскочылі! Ззаду чуюцца праклёны, ну ды нічога.

— Ты нахабнік,— бацька круціць галавой па баках, баіцца, каб знаёмыя не былі сведкамі яго ганьбы.

— Сам гаварыў, трэба працаваць локцямі...

Мне пашчасціла — італьянскія чаравікі. Натуральная скура, выдатная работа. Пытаюся:

— Табе падабаюцца?

Бацька ківае галавой:

— Добрыя чаравікі. Бяры. Дарэчы, гэты самы Сяргей Фёдаравіч па турыстычнай пуцёўцы быў у Італіі. Дык вось там такія чаравікі вельмі дорага каштуюць — 18 тысяч лір...

— Бяром гэтыя чаравікі за 18 тысяч лір,— гавару я прадаўшчыцы.— Нам яны падабаюцца.

Бацька з палёгкай уздыхае і глядзіць на гадзіннік, але дарэмна, я моцна трымаю яго пад локаць.

— Яшчэ адзін аддзел, на некалькі хвілін.

Зноў пашчасціла — вельмі модныя венгерскія кашулі, прыталеныя, замест гузікаў кнопкі, накладныя кішэні. І адны жанчыны ў чарзе. Праштурхоўваюся да знаёмай прадаўшчыцы, крычу цераз галовы:

— Леначка, сорак першы па каўняры.

Гатова! Цяпер гальштук, вядома ж, аднатонны, карычневы.

Узмакрэлыя, пакамечаныя, выбіраемся на вуліцу. Даводжу бацьку да інстытута, сую яму пакупкі. Ён абураецца:

— Яшчэ чаго, сам дамоў аднясеш. Я не ўзяў сёння партфель.

— Гэта табе, на дзень нараджэння, нічога, што ён быў месяц назад. А ўвесь гэты хлам,— паказваю пальцам на чаравікі, кашулю,— больш не насі. Ты яшчэ малады і прыгожы.

Бацька моўчкі міргае сваімі вялікімі вачыма. Адыходзячы, я паварочваюся — ён усё так жа стаіць пасярэдзіне тратуара, трымаючы ў руках пакункі, і разгублена глядзіць мне ўслед.

У рэдакцыі перш за ўсё набіраю нумар рабочага тэлефона маці.

— Марыю Сцяпанаўну.

— Ты пагаварыў? — у голасе хваляванне, ён дрыжыць.

— Пагаварыў. Табе трэба зрабіць вось што.

— Я слухаю, слухаю...

— Прыйдзі сёння дамоў, абдымі і пацалуй бацьку.

— Што за лухту нясеш?

— Памыляешся, я пры сваім розуме. Прыйдзі дамоў і перш-наперш абдымі і пацалуй бацьку. І ўвечары пацалуй, і ноччу, і раніцай!

 

5

У сваім пакоі я прыдумваў будучую размову з акадэмікам. Уся наша сям’я была ў зборы. Бацька разгульваў па пакоі ў новай кашулі, пастукваў абцасамі італьянскіх чаравікаў. Калі ён апрануў усё гэта, маці пляснула ў далоні:

— Які ты яшчэ малады і ніколькі не сутулы.

І адразу ж запытала:

— За якія ж гэта грошы?

— Сын падарыў,— бацька сказаў гэта ўсміхаючыся і пайшоў глядзецца ў люстэрка.

— Ты звар’яцеў,— ціха шапнула мне маці.— Такія грошы ляснуў. А футра Вольцы, а крэдыт за мэблю — вы пра ўсё гэта забываецеся.

Ну што з ёю зробіш?

— З наступнага ганарару куплю бацьку касцюм і знайду яму добрую жанчыну.

Я сустрэўся з матчыным позіркам, які не абяцаў нічога добрага. Я вывернуў кішэні, аддаў астатнія грошы, і позірк яе пацяплеў.

— Бацьку трэба дапамагчы, а для гэтага яго неабходна зразумець,— сказаў я.— І перш за ўсё табе — вернаму спадарожніку жыцця.

Апошнія словы я прамовіў знарок урачыста, і маці, пакрыўджаная, нічога не сказаўшы, выйшла.

Волька збіраецца на вечар і круціцца каля люстэрка. За апошнія паўгода яна стала зусім дарослай дзяўчынай. Маці любіць Вольку без памяці, і мы з бацькам змірыліся з тым, што яна выхоўвае яе па сваёй уласнай сістэме. Волька вельмі прыгожая, маці гэтым ганарыцца і песціць дачку, як толькі можа. Але ў Волькі ёсць галава на плячах, і я не баюся, што яе прыгажосць стане нашай сямейнай трагедыяй.

Волька пайшла.

— Вы так хутка выраслі,— гэтыя словы атрымаліся ў маці сумнымі.— Бацька ўжо якую гадзіну сядзіць над чарцяжамі...

Маці спрабуе наладзіць адносіны з бацькам, дый ён сам, відаць, зразумеў, што пакрыўдзіў яе, замкнуўшыся ў свае праблемы.

Калі я чую гул іх ажыўленых галасоў за дзвярыма, на душы ў мяне наступае спакой.

— Няхай бы Глеб жаніўся,— пачынае бацька.— На жыццё зарабляе, як гаворыцца, чалавек самастойны. Мы ў наш час былі больш рашучымі.

— Наташа дзяўчына добрая,— працягвае мама.

— Тэндэм, наперад! — крычу я, але на іх гэта не дзейнічае.

— Я нядаўна сустрэла Наташыну маці, яна гэтаксама лічыць. І бацька яе, Пётр Мікалаевіч, не супраць.

Хіба растлумачыш ім усё? Звоняць у дзверы. У кватэру ўрываецца задыханы Бялькевіч.

— Вось палюбуйцеся,— гавару я бацькам,— тыповы экземпляр паспешлівай жаніцьбы.

— Добра, што ты на прыколе. Жонка захварэла, а ў мяне білеты на арган — Шэцеліх прыехаў, шкада прапускаць, апранайся.

Я згаджаюся і іду апранацца.

Ён тым часам скардзіцца маім бацькам:

— Называецца, сябры. Раней — кожны дзень разам, а цяпер, бывае, па месяцу не бачымся.

— На якога д’ябла жаніцца трэба было?! — крычу я з другога пакоя.— Яго жонка на крок ад сябе баіцца адпусціць.

— Ну і як сямейнае жыццё? — пытаецца ў Сяргея мама.

— Нічога страшнага. Гавораць, бывае і горш. Добра, што кватэра ёсць. Хоць маленькая, адзін пакой, але свая, асобная. Я ў камандзіроўках, дый так цэлымі днямі на нагах, а яна вучыцца яшчэ. Бачымся рэдка і не паспяваем адно аднаму надакучыць.

Мы спазняемся. Добра, што таксі трапілася.

— Я чуў, у цябе там нейкая фешэнебельная тэма з’явілася?

— Перадавалі па тэлетайпе?

— Кастуся сустрэў...

— Ясна. Значыць, не толькі на радыё, а ўжо і на тэлебачанні ведаюць і ўсюды. А ўсё Кастусь, тут не трэба і тэлетайп.

— І навошта толькі табе лезці ў бутэльку. Нібы няма добрых людзей, пра якіх хоць вагон дабра напішы, ніхто слова супраць не скажа. Яму, бачыце, тэма спадабалася. Ты ж прафесіянал, а не студэнцік... Хіба трэба табе тлумачыць.

— Я цябе рэдка бачу,— кажу я.— І ты ўсё больш мяняешся.

— Проста раблюся дарослым і пачынаю разумець, што да чаго, а ты, па-мойму, ад інфантыльнасці не ў стане адкараскацца.

Шэцеліха я раней слухаў. Ён добры арганіст, наколькі я ў гэтым разбіраюся, але зараз я доўга не мог сканцэнтравацца.

Пасля канцэрта мы прайшліся крыху, як гэта бывала раней, па праспекце. Я маўчаў, а ён гаварыў не сунімаючыся:

— Думаеш, я чаго сяджу ў апошніх паведамленнях? Мне добра, мяне ніхто не турбуе і не псуе нервы. А грошы тыя ж і яшчэ больш. Гэта галоўнае. І нервы ў парадку. А помніка, колькі б ты ні пыхцеў, табе ніхто не паставіць. Газета жыве адны суткі. Праз суткі ўсе твае старанні ператвараюцца ў нікому не патрэбныя шматкі паперы.

— А ты надзвычай змяніўся.

— Добра,— гаворыць і калюча ўсміхаецца,— я змяніўся, а ты — не.

Я не мог зразумець, што з ім здарылася. Ці я не здолеў разгледзець яго за доўгі час? І Наташку таксама... А Вермішаву паверыў пасля некалькіх гадзін знаёмства. Магчыма, шэф мае рацыю — мог жа ён хлусіць мне, а сам думаў, вось пацан, вушы развесіў, потым напіша выкрывальны артыкул у газету.

Ноччу я дрэнна спаў. Думаў адразу пра многае — пра Сяргея, Наташу, Некрашэвіча. Галава раніцай была цяжкай. На вуліцы дзьмуў вецер, і я стараўся ісці так, каб ён дзьмуў прама ў вочы. Калі я не высыпаўся, было такое адчуванне, быццам у іх насыпалі цёртага пяску.

У рэдакцыі нікога не было, толькі Кастусь сядзеў і нешта пісаў.

Убачыўшы мяне, ён урачыста сказаў:

— А нарыс першым я закончыў! Рэдкая з’ява — мне самому падабаецца. Значыць, нармальна. Даўно мне мая пісаніна не падабалася.

— Малайчына, Кастусь,— кажу я,— ты і на самой справе хутка ў пісьменнікі выб’ешся.

Кастусь абыходзіць мяне з усіх бакоў.

— Ты што, на банкеце ўчора быў ці яшчэ дзе? — пытаецца ён таямніча.

Кастусь добры хлопец, але я ўжо гаварыў — пабалбатаць ён мастак. Асабліва наконт перамог над жанчынамі. Любіць з іншых выцягваць дакладна такія ж гісторыі. Але ўжо хто-хто, а я ведаю, што Кастусь як агню баіцца сваёй жонкі, а пры іншых жанчынах бляднее і чырванее...

— Адгадаў, Кастусь,— уздыхаючы, кажу я.

— Хто яна?

— Балерына...

Я закатваю вочы, а Кастусь гаворыць:

— Я ледзьве не жаніўся на балерыне.

Падвоху ён не ўлавіў.

І зараз будзе доўгая гісторыя, прыдуманая тут жа, на месцы. Чыстая імправізацыя. Але ў пакой уваходзіць Гарык, і Кастусь спыняецца на паўслове.

— Мне павінны званіць. Пабудзьце ля тэлефона. Я на рэдкалегіі.

Мне вельмі захацелася пабыць на пасяджэнні рэдкалегіі. Кастусю таксама.

Пакуль рэдкалегія засядала, ні адзін чалавек не пайшоў з рэдакцыі.

Шаравера выйшаў ад рэдактара разам з Андрэем і нешта паціху гаварыў яму. Яны ўвайшлі ў аддзел Андрэя. Андрэй неўзабаве пайшоў.

Гарык зайшоў у пакой, сеў і закурыў.

— Як там? — спытаў Кастусь.

— Усё нармальна... Апошняе папярэджанне. Ён нічога не стаў тлумачыць на рэдкалегіі. Толькі зараз мне ўсё расказаў. На яго месцы любы б запіў...

— А што з ім?

— Ад яго пайшла жонка. І, натуральна, дачку з сабой забрала. Памятаеце, прыходзіла колькі разоў. Прыгожая... Як ён яе кахаў! Едзеш з ім у камандзіроўку, ён толькі пра яе і гаворыць. І пражылі разам пяць гадоў.

— Што, так проста ўзяла і пайшла? — здзіўлена працягнуў Кастусь.— Напэўна, ён піў, яна і пайшла.

— Не піў ён, Кастусь. Піць пасля пачаў. І маўчаў... Банальны выпадак. Неяк сказала яму, што сустрэла другога, гэта сапраўднае, а з ім, з Андрэем, не.

— Я доўга збіраўся, але вазьму і напішу нарэшце артыкул,— рашуча прамовіў Кастусь.— Скажыце мне, чаму дачка павінна быць з ёй, а не застацца з Андрэем. Ініцыятар скасавання шлюбу жанчына? Ну і ідзі сабе на ўсе чатыры бакі! Чаму ён павінен некаму аддаваць сваю дачку?

Гарык засмяяўся:

— Хоць ты і мужык, Кастусь, і жонку маеш, а зусім яшчэ пацан.

— Загнуў ты, Кастусь,— умяшаўся я.— Тут проста так не разбярэшся. Для дзіцяці патрэбна маці. Лепш не пішы такі артыкул.

Мы яшчэ некаторы час гаварылі аб сямейных праблемах, успаміналі свае і чужыя артыкулы на гэту тэму.

Я паехаў да Іванова. Ён чакаў мяне ўжо даўно і пачаў лаяцца, таму што зусім забыўся, пра што хацеў сказаць мне.

— Ну, чорт з ім. Я, Глебушка, успомніў, у мяне навіна добрая. Ад’язджаю на тры месяцы на здымкі фільма ў горы. Паездку на новабудоўлю пакуль што адкладу.

Я здзівіўся:

— Як гэта разумець?

— Усё проста. Запрасілі мастаком.

— Ты б яшчэ асвятляльнікам паехаў,— упікнуў я яго.

І на самой справе блазнота. Скульптар з даволі вядомым ужо імем — едзе мастаком на фільм.

— А як жа з «Бягучай»?

«Бягучая» — скульптура дзяўчыны ў натуральны рост. Яе Іваноў рабіў па заказу Міністэрства культуры. «Бягучая» павінна была ўпрыгожыць новы атэль на моры.

— Пасля закончу. Як пачуў, што ў горы едзем, дык і загарэўся. Усюды быў — у моры, у пустыні падыхаў ад спёкі, а ў гарах не быў. Не быў — і ўсё тут. А такі выпадак нельга ўпусціць. Папрацую крыху на кіно, што тут такога. Папішу эцюды.

З ім дарэмна было спрачацца. Іваноў мог бы паехаць і рабочым любой экспедыцыі. Калі ўжо ўваб’е сабе што-небудзь у галаву — не падыходзь.

Жонка яго падагравала чай, Іваноў усё імкнуўся ёй дапамагчы, але толькі блытаўся пад нагамі.

Калі жонка выйшла, Іваноў шапнуў мне:

— Я думаў ужо, што яна зусім без характару. Ні слова супраць. А як сказаў, што еду на тры месяцы, такі скандал учыніла. Я яе цалую ад радасці, а яна... Аказваецца, ёсць характар, і яшчэ які.

— І чым скончылася?

— Растлумачыў, што нельга мне не ехаць. Яна згадзілася. Чалавек у мяне жонка, чэснае слова, не хлушу.

Яна прынесла чай.

— А пасля паедзем з ёй куды-небудзь разам. Няхай звальняецца са сваёй канторы і мне дапамагае.

Жонка глядзела на Іванова ўсмешлівымі, шчаслівымі вачыма.

— Ён у мяне яшчэ і паэт. Толькі нікому пра гэта не гаворыць.

— Не, калі ўжо ён сказаў,— так і будзе,— запярэчыў я.

Я хацеў расказаць Іванову пра Лёньку і не мог. Сам не ведаю чаму. Баяўся — здасца яму, што я разгубіўся, дакладней кажучы,— здрэйфіў.

— Ты сёння на дзіва цікавы тып. Нібыта нешта ўсярэдзіне маеш і трымаеш. Дай я цябе памалюю.

Ён узяў блакнот і, нягледзячы на мае пратэсты, прыняўся за работу.

— Таня, ён мяне да смерці замучыць,— паскардзіўся я.

Яна толькі ўсміхнулася — паспела, відаць, усвядоміць, што Іваноў, пакуль свайго не даб’ецца, нікога з рук не выпусціць.

— Паглядзім, што там у цябе ўнутры ляжыць. Толькі памалюем, і ўсё гэта праявіцца. Хочаш ты гэтага ці не.

— Дай хоць зірнуць,— узмаліўся я праз некаторы час.

Але Іваноў быў няўмольны:

— Тайна. Творчасць — наогул тайна.

Таня сядзела ўбаку і моўчкі назірала, як Іваноў працуе.

Іваноў перахапіў мой позірк.

— Вось так сядзіць і глядзіць. Можа так цэлымі днямі. Я спачатку саромеўся, а цяпер нічога. І нават лепш. Як кантроль адчуваю.

— І віно перастаў піць, калі працуе,— смеючыся сказала Таня.

Іваноў развёў рукамі:

— Нічога не зробіш — жонка.

Малюнак атрымаўся нядрэнны.

— Толькі я не такі насуплены,— запярэчыў я.— Гэтага тыпа толькі што прыгаварылі да пакарання смерцю.

— Ты не круці! Яшчэ пару сеансаў, і ўсё табе стане ясна. Можа, заўтра?

— Заўтра не магу. Тэрміновая тэма.

— Што-небудзь цікавае?

— Такой тэмы яшчэ не было. Магу паказаць, калі напішу.

— Толькі заходзь хутчэй, а то рызыкуеш не атрымаць свой партрэт яшчэ тры месяцы.

Ён прынёс мне тонкі сшытак і яшчэ раз папярэдзіў:

— Пачытаеш дома.

Дамоў я пацягнуўся пешшу праз увесь горад. Аказалася, што яшчэ зусім рана — каля адзінаццаці. Дома нікога не было. Дзе ўсе загуляліся? Я ўспомніў — збіраліся ісці ў тэатр. І Вольку з сабой узялі.

Я адкрыў сшытак з запісамі Іванова і ўбачыў на стале запіску, напісаную Вольчынай рукой: «Пазвані Наташы. Яна сказала — у любы час. Толькі абавязкова. Зразумей, рыжы асёл!»

Я падумаў, што за гэтыя дні, як ні дзіўна, успомніў аб ёй усяго некалькі разоў і то мімаходзь. Такое было ўпершыню, бадай, за ўвесь час.

— Ты куды знік? Мы, наколькі я памятаю, дамовіліся сазваніцца...

— Справы былі, і мне здаецца, што табе ў галаву ўдарыла ранейшая дурасць, а можа, і не дурасць, не ведаю і нічога не разумею.

Хлусня, чыстай вады хлусня! Нічога падобнага мне і ў галаву не прыходзіла, вырашыў пазлаваць яе, вось і ўсё. Аднойчы, года паўтара назад, яна падоўгу мне не званіла, знікала кудысьці і пры сустрэчы адводзіла вочы. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль яна не бухнула, што мы абодва ўсё наблыталі, а значыць, нашы сустрэчы не маюць сэнсу і яна не можа і не хоча мне больш хлусіць.

Назаўтра яна прыйшла ў рэдакцыю, выклікала мяне, зусім ашалелага, прасіла прабачэння, тлумачачы ўсё сваім настроем, чарговым заскокам.

Кастусь у тыя дні гаварыў, што бачыў яе з некім у тэатральным кафэ, але мне было на гэта напляваць, а потым яна зноў апынулася побач, і пайшло — пошукі ключоў, паездкі за горад, а праз некаторы час блытаніна, ад якой я стаміўся.

— Што ж ты маўчыш? Не маўчы, я вельмі цябе прашу,— у голасе такая шчырая трывога і раптам іранічна стрыманае: — А можа, што змянілася?

— Нічога не змянілася, нічога не можа змяніцца.

Я не верыў самому сабе і гаварыў усё гэта па прывычцы.

— Можа, нам трэба ўбачыцца, прама зараз?

— Для гэтага трэба ісці некуды, а ў мяне, уяві, ніякага жадання. І я ні ў чым не вінаваты, я доўга быў расслабленым, а цяпер мне нічога не хочацца, і званкоў тваіх я болей не чакаю. Мне гэтага хацелася — успомні нядаўнюю размову, а цяпер нешта зламалася ўнутры.

Пасля размовы з Наташай я яшчэ раз спрабаваў зразумець — што ж адбылося? Але з гэтага нічога не выйшла. Я толькі адчуваў страх, што гэта надоўга і я ніколі ўжо не змагу адносіцца да яе, як раней.

 

6

Акцёрам прасцей, чым нам, журналістам. Яны іграюць гатовую п’есу, з якой, як ні ўваходзь у ролю, як ні пераўвасабляйся, ніводнага слова не выкінеш і лішняга не скажаш. Не лічачы дробязяў. Усё сказана драматургам, а справа акцёра — давесці яго думкі да слухача. У нашай прафесіі прыходзіцца складаць п’есу на хаду і адразу ж, без рэпетыцый, іграць галоўную ролю. Ад дыялогаў і ад таго, як усё будзе выканана, і залежыць поспех. Увесь вечар я правёў дома ў Некрашэвіча. Гаварыў ён нетаропка, спакойна і не крыўду выпячваў — уводзіў мяне ў сваю навуку, у сваё жыццё. Бледны і стомлены на пачатку размовы, ён потым разгарачыўся, расчырванеўся. Мне здавалася, што ён ужо забыўся, навошта мы сустрэліся, забыўся, што ў яго ўсё рушыцца. Ён гаварыў, а мне бачылася ўжо канва артыкула і ў цэнтры яго — лёс вучонага Некрашэвіча. Многае яшчэ не было высветлена, належала сустрэцца з супрацоўнікамі, дапамагчы ім выгаварыцца, каб, асэнсаваўшы бяду ці трагедыю Некрашэвіча, пайсці далей, зразумеўшы адносіны, што склаліся ў інстытуце. Мяне, нарэшце, чакала сустрэча з Крыўцовым. Заўтра дык заўтра, адкладваць далей нельга.

— Вы разумееце, гэта можа здацца дзіўным,— нервова скрывіўшы губы, гаварыў Некрашэвіч,— але я не маю на Крыўцова асаблівай крыўды. Так, так! Я ніколі не хлушу. Справа не ў ім самім, а ў тых абставінах, калі чалавек атрымаў магчымасць распараджацца лёсамі людзей, ператвараць сумленных у несумленных, затаптваць іх сумленне, распраўляцца з непажаданымі... Калі вы будзеце пісаць артыкул, ваша задача, на мой погляд, узвысіцца над фактамі, каб даць асэнсаванне гэтым, падкрэсліваю, асаблівым абставінам. Яны не такія ўжо рэдкія ў нашым жыцці, і людзей, падобных на Крыўцова, можна сустрэць дзе хочаш...

Мы збіраліся развітацца, калі зазвінеў званок і ў дзвярах з’явіўся задыханы Вермішаў.

— Прабачце, пасяджэнне партбюро. Як заўсёды, заседзеліся.

— Калі ўжо ты прыйшоў, пойдзем чай піць. Я прапаноўваў, але Глеб адмовіўся,— і Некрашэвіч пачаў падштурхоўваць нас да кабінета. Жонка ягоная прыгатавала чай, мы пілі яго і зноў гаварылі аб кажанах, аб Крыўцове, аб адносінах у інстытуце. Выйшлі ад Некрашэвіча позна. Вечар быў бязветраны, ціхі, і мы вырашылі прагуляцца.

— Я доўга думаў наконт Крыўцова, хацеў яму ў душу зазірнуць — чым жыве, які ход яго думак. І прыйшоў да аднаго вываду! — усклікнуў Вермішаў.— Справа ў нас саміх.

Замахаў рукой, не дачакаўшыся пытання:

— Зараз растлумачу.

Ён нахмурыў лоб, прыкурыў зноў цыгарэту.

— Не так даўно яшчэ мы жылі кепска — апраналіся як пудзілы, псавалі страўнікі свае жудаснай ежай, калі такая была наогул,— ён зірнуў на мяне спагадліва.— Дарэчы, вам гэта не знаёма... А цяпер жывём добра і,— ён замяўся, знаходзячы патрэбнае слова,— паспяхова зжываемся з гарнітурамі пад даўніну, аўтамабілямі, дублёнкамі, джынсамі, турпаездкамі за мяжу. Нам усё гэта падабаецца, нашым жонкам і дзецям яшчэ больш. І калі ўзнікае перад некаторымі людзьмі, якія спазналі дабрабыт у поўнай меры, пытанне аб прынцыповасці, аб рызыцы дзеля справядлівасці, яны пачынаюць баяцца страціць месца, пасаду, аклад, а значыць, і ўсё тое, аб чым я гаварыў вышэй, усё такое непрывычнае, амаль ілюзорнае, але прыемнае, салодкае. І некаторыя — іх так, на жаль, многа! — залазяць у шкарлупінне маўчання, абыякавасці, толькі б не аддаць свой кавалак, толькі б зноў не адчуць неўладкаванасць, страх перад заўтрашнім днём. Вось гэта і ёсць у вышэйшай ступені мяшчанства!

Развітваючыся, ён параіў:

— З Крыўцовым будзьце паасцярожней. Галоўнае, трымайце сябе з ім спакойна.

Ён усміхнуўся мне ў цемры. І моцна паціснуў руку.

Назаўтра ад самай раніцы свяціла сонца, у мяне быў нейкі лагодны настрой. Хацелася б пасядзець спакойна ў парку або зусім махнуць за горад. Ва ўсякім выпадку, ісці да Крыўцова не было ніякага жадання, але і адкладваць нашу сустрэчу больш няма куды. Я пазваніў яму, адрэкамендаваўся. На другім канцы провада замест мяркуемага басу — як жа яму, Крыўцову, іншы голас мець?! — прагучала мяккае:

— Прыемна, што газета намі зацікавілася. Напісаць, безумоўна, ёсць аб чым, і да таго ж ваш брат-журналіст даўно не заглядваў да нас.

— Тады я буду ў вас праз паўгадзіны.

— Калі ласка. Дарэчы, дзе вы знаходзіцеся, таварыш Калінка?

— У Доме друку.

— Цудоўна. Тады праз пяць мінут можаце выходзіць, вас будзе чакаць мая машына з нумарам МАР 20-10. Так будзе і хутка, і, я думаю, зручна, ці не праўда?

Вось дык клопат аб прэсе! Упершыню за мной машыну прысылаюць... Ведаў бы акадэмік, навошта я да яго еду!

— Акадэмік падаслаў персанальны лімузін,— гавару я Гарыку. — Якая пачцівасць!

— Глядзі, каб назад ён цябе не адправіў у колбе і нам не давялося б гадаць, ты гэта ці не ты.

— Добры дзень, маё прозвішча Калінка,— называюся я шафёру, але ён не рэагуе. Машына ад’язджае ад Дома друку на вялікай хуткасці. Добра, калі цябе вязуць на «Волзе» і не працуе лічыльнік! Шафёр вядзе машыну быццам гуляючы, зрэдку паглядваючы на сябе ў люстэрка — цяжкі падбародак, фірменны джынсавы пінжак.

— Падабаецца? — ён перахоплівае мой позірк.

— Вартая ўвагі рэч.

Шафёр усміхаецца:

— Шэф падкінуў з чарговай паездкі за мяжу.

Сакратарка страляе ў мяне натрэніраваным прафесіянальным позіркам.

— Таварыш Калінка?

— Так.

— Дырэктар вас чакае. Можаце заходзіць.

Мэбля пад чырвонае дрэва, такія ж сцены, хіба крыху святлейшыя, мяккі варсісты дыван. Цікава, як бы пісалася ў такім кабінеце? Стрыманы поціск рукі на паўсілы:

— Крыўцоў Леанід Сцяпанавіч.

Правільныя рысы твару, пругкасць у кожным руху. Так, ён прыемны, і нават вельмі! На выгляд яму не больш трыццаці пяці, ну, у крайнім выпадку, сорак.

— А я чытаю вашу газету, і да таго ж пастаянна.— Ён нібыта пагладжвае мяне вачыма.— У ёй ёсць лёгкасць маладосці, сустракаецца незвычайнасць меркаванняў, амаль адсутнічае сухамяціна, ад чаго іншы раз пакутуюць салідныя газеты.

Ён мякка ступае па дыване.

— Скажыце, Леанід Сцяпанавіч, што ў вас у інстытуце здарылася з Некрашэвічам?

Сам не ведаю, як у мяне вырвалася гэта паспешлівае пытанне. Яго ўпэўнены і спакойны выгляд мяне надзвычай раздражняў.

Позірк яго замітусіўся, але толькі на імгненне і зноў набыў пункт апоры.

— Хм, дзіўнае пытанне. Вы б адразу сказалі, што вас цікавіць іменна гэта.

У слова «гэта» ён уклаў нейкі асабліва важны для сябе сэнс.

— Прабачце, Леанід Сцяпанавіч, але вы не пыталіся.

Ён вярнуўся за стол, пакачаў па ім ручку.

— Што здарылася? Вельмі гучна сказана. Паверце, ніякага чэпэ. Даўно працуе ў інстытуце, амаль заўсёды добра, пісаў сваю доктарскую, хацеў свет здзівіць. І вось здзівіў. Як кажуць студэнты — падчыстую здуў прынцыповае з работы сваёй жа вучаніцы. Вось такі казус, асуджаны, дарэчы, вучоным саветам інстытута.

У мяне ў горле перасмягла, я забыўся на ўсе свае аргументы, пытанні. Такой жалезнай логікі, спакою і ўпэўненасці я не чакаў.

— Колькі вам гадоў? — адчуўшы замінку, ён пастараўся ўхіліцца ўбок. Вельмі знаёмы ход.

— Калі гэта мае адносіны да нашай размовы... дваццаць чатыры,— мой тон ледзяны, крыху хітры.

Ён адкінуўся ў крэсле.

— Маладосць! У вашым узросце я стаў кандыдатам навук, нарады, сходы, сімпозіумы. Усюды паспяваў... Дарэчы, у вашым узросце я лічыў, што існуюць людзі моцныя і прывабныя — ім спадарожнічае поспех, і яны могуць рабіць усё, што ім уздумаецца, астатнія ж асуджаны на гібенне. З узростам я замяніў слова «ўздумаецца» на «прыносіць карысць грамадству». Вы згодны з гэтым выказваннем?

Ён, аказваецца, да таго ж моцны ў літаратуры або, па крайняй меры, гартае часопісы,— працытаваў фразу, толькі злёгку змяніўшы, з выдатнага апавядання Фітцжэральда. Ну і піжон: «У вашым узросце я лічыў...» Але я не стаў называць яму апавяданне і гаварыць, што да гэтага дадумаўся ўсяго толькі Фітцжэральд.

— Я не зусім разумею, якое гэта мае дачыненне да Некрашэвіча?

— Самае прамое,— ён зноў выскачыў з-за стала.— Самае, падкрэсліваю, прамое. Ён адносіцца да няўдачнікаў, азлобленых усім на свеце і, перш за ўсё, раннімі і трывалымі поспехамі іншых. Але гэта не ўсё. Такія людзі, як ён, перашкаджаюць працаваць іншым. Замкнутыя ў свае абмежаваныя ўяўленні, яны бачаць ва ўсім загану, суюць, прабачце, усюды свой нос і, больш за тое, перешкаджаюць нават самім сабе. Узяць Некрашэвіча. Выступаў на кожным сходзе, вучоным савеце, звяртаўся да бязгрэшнага сумлення вучонага, а сам тым часам спісваў дысертацыю. Вышэйшая ступень дэградацыі асобы!

Ён выгаварыўся, і працягваць гэту размову не было ніякага сэнсу.

— Леанід Сяргеевіч, я хачу, каб вы ведалі, што я буду вывучаць гэту гісторыю больш дэталёва. Многія вашы супрацоўнікі лічаць інакш, яны перакананы, што Некрашэвіч таленавіты вучоны і вучоны савет зрабіў няправільна, прызнаўшы ў яго рабоце плагіят.

Ён жорстка, з выклікам кінуў:

— Што ж, аспрэчвайце думку вучонага савета... І, дарэчы, чым вы кіраваліся, калі ішлі да мяне? Вуснай скаргай, пісьмовай?

— Гэта не мае значэння,— не задумваючыся выпаліў я і нарэшце — о шчасце! — выбраўся з яго кабінета.

Каля інстытута стаяла, адліваючы бляскам, машына «Волга» з нумарам МАР 20-10. Убачыўшы мяне, шафёр уключыў запальванне. Я паківаў галавой:

— Цяпер пешшу!

Калі я прыйшоў, Шаравера ўскочыў са стула.

— Дзе цябе носіць?

— У інстытуце быў, ты выдатна гэта ведаеш.

— Ты паўзеш з інстытута са скорасцю чарапахі, а шэф сам не свой. Тры разы да нас прыбягаў.

— Што здарылася?

— Здаецца, з інстытута званілі.

Мы пайшлі да рэдактара ўдвух.

— Ты быў у інстытуце? — у голасе шэфа жалезныя ноткі.

— Быў і давёў усё да ведама акадэміка Крыўцова,— я спакойны, чаго мне хвалявацца.

— Дык вось акадэмік пазваніў, выказаў здзіўленне з выпадку твайго наведвання, пералічыў свае заслугі перад камсамолам. І мне, Калінка, давялося па тваёй міласці хлусіць. Трэба, урэшце, раз і назаўсёды засвоіць газетныя законы.

Твар рэдактара наліўся крывёю. Я нічога не разумеў.

— У мяне спыталі — на якой падставе мы заняліся справай гэтага, як яго.... Некрашэвіча... Ну, вядома, сказаў я, на падставе заявы, скаргі, падпісанай вучонымі інстытута і адрасаванай рэдакцыі. А дзе гэта заява?

Я на імгненне сумеўся.

— Бачыце, я проста не падумаў.

— І ты, Шаравера, малайчына! Вопытны работнік, мог бы растлумачыць, што да чаго... Нам не ставяць бар’ераў, але прасілі, каб да артыкула, калі ён будзе, паставіліся прынцыпова, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», кожны аргумент павінен быць арганічна даказальны. А заява каб праз гадзіну ляжала ў мяне на стале! Табе ўсё ясна?

— Надзвычай ясна.

— Хутка дворнікаў нельга будзе крытыкаваць. У іх таксама хто-небудзь будзе за спіной,— прабурчаў я, калі мы выйшлі ад шэфа.

— Ты не тэарэтызуй, а радуйся, што шэф зусім крыж на тваёй тэме не паставіў,— Гарык і сам быў усхваляваны.— Будзь на яго месцы ранейшы рэдактар, паклаў бы ты свой блакноцік у столік. Як са мной аднойчы было... Зрабіў я на магазін падпісных выданняў фельетонішча — факты проста жудасныя былі,— а пра яго даведаўся дырэктар і адразу ж прыбег да рэдактара. Фельетон мой так і не выйшаў, а шэф, хутчэй за ўсё, папоўніў бібліятэку. Вось так! Бяры галаву ў рукі і імчы ў інстытут за заявай.

Я пазваніў Вермішаву і расказаў яму аб усім. Мінут праз сорак яны разам з Некрашэвічам з’явіліся ў рэдакцыі. Некрашэвіч працягнуў мне лісток:

— Вось, напісалі прама на хаду. Тут гаворка ідзе не толькі аб маёй рабоце, а аб усім, аб чым мы гутарылі. Сабралі пяць подпісаў. Магло быць і больш, але не хацелі, каб да Крыўцова дайшло і ён здагадаўся, што заява напісана пасля яго званка. А за гэтых пяцёх я ручаюся.

У мяне адлегла ад сэрца.

— Давай мы самі аднясём заяву рэдактару,— прапанаваў Вермішаў.

Я зірнуў на Шараверу.

— Не варта,— запярэчыў ён.— Рэдактар падумае, што вас Калінка паслаў у сваю абарону.

Я паклаў заяву на рэдактарскі стол. Ён паглядзеў на гадзіннік:

— Якая пунктуальнасць!

Прабег вачыма заяву.

— Цяпер поўны парадак. Адкідай усю цякучку і займайся тэмай. І спяшацца не след, і цягнуць таксама. Цяпер чакай іншых званкоў, твой акадэмік пастараецца.

 

7

З кожным днём у мяне ўсё больш разбухалі блакноты і галава трашчала ад бясконцых размоў з супрацоўнікамі інстытута біялогіі. Вось некаторыя з іх.

— Як вы адносіцеся да гісторыі з вашым калегам Некрашэвічам?

Загадчык лабараторыі прафесар Клімчук моршчыць лоб.

— Бачыце, ён працуе ў іншай галіне, і ў ёй я не спецыяліст, але, ведаючы яго столькі гадоў, упэўнены — падтасоўка фактаў. На вучоным савеце я быў разам з Вермішавым і іншымі за Некрашэвіча. Мне здаецца, яму трэба знайсці магчымасць даказаць, дзе ён уклаў у дысертацыю сваю ўласную думку.

— Што вы можаце сказаць аб мікраклімаце, які склаўся ў інстытуце?

— Вотчына дырэктара... Вось іменна так наш інстытут можна назваць. Наша лабараторыя зусім іншага напрамку, і мы не ўдзельнічаем у так званых экспедыцыях дырэктара і К°. Але гэта чорт ведае што! Гэта не ў вашай кампетэнцыі, але я лічу, што даўно час звярнуць увагу на наш інстытут партыйным інстанцыям.

— Не разумею, чаму вакол такога паважанага, таленавітага чалавека, можна сказаць, свяцілы айчыннай біялагічнай навукі, узнікла нейкая, прабачце, мышыная валтузня,— на твары старшага навуковага супрацоўніка Любові Цімафееўны Галушкінай непадробнае абурэнне.— Леанід Сцяпанавіч, па сутнасці, стварыў наш інстытут, гэта найсвятлейшая галава! А Некрашэвіч? Ды гэта ж сыч нейкі, ён нічога, апрача сваіх мышэй, ведаць не хоча...

— Але тым не менш выступаў з крытыкай дырэктара.

— А гэта вынік яго замкнёнасці, схільнасці да схаластыкі, калі хочаце... Смяльчак знайшоўся... З зайздрасці гэта, з зайздрасці!

— Вы даўно ведаеце Некрашэвіча, былі яго вучнем. Няўжо вы паверылі, што ён мог займацца плагіятам?

Без пяці мінут доктар навук, загадчык лабараторыі Бізюк глядзіць на мяне з выклікам.

— Калі хочаце, у сваёй доктарскай я адышоў у іншую галіну, дарэчы, вам гэтага не зразумець, і, натуральна, не меў магчымасці дэталёва прааналізаваць момант, пра які ідзе гаворка.

— Але на вучоным савеце вы галасавалі супраць Некрашэвіча?

— Так, галасаваў, што з таго? Вы часта ў сябе ў рэдакцыі галасуеце супраць рэдактара, га? Маўчыце! А ў мяне двое дзяцей, жонка бясконца хварэе і кватэра палутарка. Прагаласуй я супраць лініі дырэктара, дык яшчэ дзесяць гадоў задыхаўся б у сваёй клетцы. Вы б лепш напісалі ў сваёй газеце аб праблеме жылля для вучоных!

Ён збаўляе тон і знаходзіць патрэбныя словы.

— Я ведаў да таго ж, што Некрашэвіч так або інакш абароніць дысертацыю, а мой голас не меў прынцыповага значэння. Не думайце, я доўга мучыўся потым, нават пакутаваў, баяўся ў вочы Некрашэвічу глядзець, а ён хоць бы што — усміхаецца, пытаецца, як справы...

— Гэта я ва ўсім вінавата, я адна!

Малодшы навуковы супрацоўнік Надзея Лапун вось-вось заплача.

— Алег Пятровіч Некрашэвіч мне так дапамагаў, нават завельмі! Ён заўсёды так — укладвае ў работы вучняў усе свае сілы. Ды я клянуся вам, што ён упісаў гэту частку ў маю манаграфію і дысертацыю сам, яна была слабаватай, і ён выцягнуў, выцягнуў яе! І вось цяпер у мяне дыплом кандыдата навук, а яго абвінавацілі ў плагіяце! Вы скажыце, я напішу куды трэба, у ЦК, у Маскву.

— Федзя, ты працуеш у лабараторыі Важнаўца, пляменніка дырэктара інстытута. Што ты можаш сказаць?

Сакратар камсамольскай арганізацыі інстытута Фёдар Смалякоў адказвае не задумваючыся:

— Ды які гэта загадчык лабараторыі? Ён да навукі мае такое ж дачыненне, як я да танцаў на лёдзе. Ты разумееш, шэф, тым больш навуковы кіраўнік, павінен быць пастухом, а не паганятым. А ён іменна паганяты. Крычыць — з такімі вучнямі і работнікамі, як вы, я скампраметую сваё імя ў навуцы. Прыходзіш да яго, ён надае агульных указанняў і нават без намёку на выхад з сітуацыі.

— А экспедыцыі? Ты ж у іх удзельнічаеш...

Ён сумеўся, але толькі на нейкае імгненне.

— А, добра, мне ўсё роўна адсюль ісці. Скажу як ёсць. Экспедыцыі — гэта, па сутнасці, гульбішчы, без усякіх, вядома, навуковых мэт. Юшка, паляванне... Некаторыя кабеты з інстытута спецыяльна з сабой бяруцца. А мы — я ды яшчэ хлопцы, пры ўсім пры гэтым як абслуга. І самім, вядома, дастаецца. Не без гэтага. Ды ты пачытай справаздачы, сам зразумееш, што навукай там і не пахне. У мяне ўсё гэта вось дзе сядзіць! — ён правёў рукой па шыі.— А тое, што я сказаў — выдавай у газеце простай мовай, я не пакрыўджуся, нават наадварот. Хоць перад нашымі апраўданне будзе — камсорг усё ж...

Некалькі дзён я патраціў на вывучэнне дысертацый — Некрашэвіча і Лапун. Злашчасныя старонкі ў Некрашэвіча яўна пераклікаліся з кавалкам з работы яго вучаніцы. Як даказаць, што ён сам дайшоў да гэтага намнога раней? У адваротным выпадку застаецца толькі маральны аспект, але не доказны! Відаць, таму такі спакойны Крыўцоў! У інстытуце я некалькі разоў сустракаўся з ім.

— Добры дзень, Глеб Арсенцьевіч! Як ідуць справы? Жадаю вам аб’ектыўнасці, гэта ў нашых і вашых інтарэсах.

Усмешка, спакойны голас, усё тая ж спружыністая паходка спартыўнага мужчыны...

З Вермішавым мы гарталі навуковыя справаздачы аб экспедыцыях Крыўцова і яго сваякоў. Складзены яны былі па шаблону, больш таго — перапісваліся з году ў год без змен. Я крыху супакоіўся — артыкул вырысоўваўся без дакументальнага доказу невінаватасці Некрашэвіча. Мне не цярпелася хутчэй засесці за стол. Засталося толькі пагаварыць яшчэ з некаторымі. А ў рэдактара літаральна разбівалі тэлефон. Хто толькі не клапаціўся аб Крыўцове!

— Паступіла скарга, і мы павінны разабрацца,— адказваў шэф.— Дарэчы, вы чыталі нядаўнюю пастанову ЦК партыі аб рабоце з пісьмамі і скаргамі працоўных? Чыталі... Ну, дык вось мы дзейнічаем у плане выканання гэтай пастановы.

Ён аддыхваўся, выціраў пот, а праз некаторы час гаварыў у трубку ўсё тую ж фразу.

Цэлы дзень я не прыходзіў у рэдакцыю — манціраваў артыкул у хатняй цішыні, але яна працягвалася нядоўга. Неяк увечары дамоў прыбег бацька, нагружаны скруткамі, бутэлькамі, каробкамі. Маці пляснула ў далоні:

— Пэўна, усю зарплату патраціў. Што здарылася, сынок?

— Усё па парадку, усё па парадку! — бацька бегаў з пакоя ў пакой, накрываў на стол. Адкаркаваў бутэльку, разліў па бакалах.

— Давайце спачатку вып’ем, а то ў мяне ўсё пераблыталася ў галаве!

Ён выпіў залпам і я следам за ім.

— Я вам гаварыў, што ў нас новы начальнік канструктарскага бюро? — голас яго ўрачысты і ўсхваляваны.

— І што з таго? — маці адсунула ад бацькі бутэльку.

— А вось што! Роўна некалькі тыдняў спатрэбілася яму, каб разабрацца ў людзях — хто на што здатны, у каго якія магчымасці. І ўва мне разабраўся. З заўтрашняга дня я — кіраўнік групы. Яму гаварылі — Калінка, маўляў, бесперспектыўны, узрост ужо не той, трэба б каго маладзейшага, а ён гаворыць: затое вопыт, веды, унікальны прафесіяналізм, так і сказаў — унікальны прафесіяналізм!

Мы пацалавалі бацьку. Даўно я не бачыў яго ў такім цудоўным настроі. Я сілком вырваў з рук маці бутэльку.

— Сёння, у бацькаў дзень, абыдземся без тваіх рамак.

Бацька падтрымаў мяне:

— Інакш пойдзем у рэстаран, калі хоць слова скажаш,— у начны рэстаран.

Ён выпіў некалькі бакалаў.

— Ведаеш, ён будзе мной задаволены, і яшчэ як! Я ж не працаваў у апошнія гады, а служыў, быццам па прымусу. А цяпер мы пакажам, мы такія праекты выдадзім, што ўсе ахнуць...

Маці з Волькай ужо даўно леглі, а мы ўсё сядзелі за сталом. Раніцай, расплюшчыўшы вочы, я сустрэўся з асуджальным позіркам Волькі.

— П’янчугі! У кожнага з вас не твар, а накрухмаленая прасціна.

Маці на нас з бацькам не глядзіць. Думка аб дараванні яшчэ лунае ў чарадзе іншых яе думак.

— Перабралі мы, Арсенцій Паўлавіч!

Бацька мне ўсміхаецца:

— Яўна перавысілі дозу.

Знаходжу электрабрытву — любімы «жылет» у дрыготкай руцэ здаецца скальпелем. Брытва гудзе, ачышчаючы мой змучаны твар, і ад яе шуму ваніты падкочваюцца да горла.

У рэдакцыі Кастусь прарывіста ўздыхнуў:

— Ох, і наклюкаўся ж ты ўчора!

Ну і нюх у яго!

— Было. З бацькам яго павышэнне запівалі.

Ясна, што сёння ніякай работы. Апрацаваўшы некалькі аўтарскіх пісьмаў, артыкул пакідаю на заўтра. Не ўяўляю, як людзі п’юць штодзённа? Шаравера вяртаецца з планёркі і з ходу агарошвае мяне:

— Да рэдактара, тэрмінова!

Кастусь пасміхаецца:

— Яму нельга сёння.

Але Гарык не звяртае на яго ўвагі.

— Ледзь не кожны дзень — «тэрмінова да шэфа!».

— Я не думаю, што пашчасціла. Ідзі, шэф сам табе ўсё раскажа.

Няўжо зноў званкі наконт Крыўцова?

— Нешта мы з табой вельмі часта сустракаемся, Калінка? — пытаецца ў мяне рэдактар.

— Мне таксама здаецца,— адказваю я, стараючыся трымацца ад яго на адлегласці.

— Памятаеш свой нарыс пра Лёньку — былога злодзея?

Яшчэ б не памятаць! З Лёнькам я сустракаўся ў час адной з камандзіровак. Мне трэба было зрабіць нарыс аб ліцейшчыках, і тут я ўбачыў Лёньку. У яго была лёгкая каціная паходка, шырокія плечы атлета і твар, які Іваноў, бадай, захацеў бы ляпіць.

Я спытаў у начальніка цэха — хто гэта? Ён запрасіў мяне ў канторку цэха.

— Яму дваццаць шэсць. Дзесяць гадоў з іх — у калоніі. ...Цяпер хлопца не пазнаць. Хочаш, пішы. Я ручаюся за яго.

Лёнька не ўвайшоў у канторку, а неяк бязгучна з’явіўся перада мной.

— Дык я слухаю,— ён з цікаўнасцю паглядзеў на мяне. Усё было ў гэтым позірку — і зацікаўленасць, і насмешка.

Я адразу зразумеў, што тут, у канторцы начальніка цэха, размова ў нас не атрымаецца.

— Слухай, у цябе ж зараз работа стаіць?

— Праўда, стаіць работа. Хлопцы там выкладваюцца. План у нас гарыць. Прыходзіць начальнік, гаворыць — карэспандэнт хоча ўбачыць. Ну, я і пайшоў, а работа стаіць.

— І мне трэба яшчэ ў адно месца... Ты зараз ідзі ў цэх, а я пасля работы цябе ля варот сустрэну. Добра?

— Глядзі, табе відней. Толькі навошта ўсё гэта?..

Рэдактар хадзіў па кабінеце.

— Можа, вельмі хутка ты пранікся даверам да гэтага хлопца?

— А што ў гэтым пісьме?

— Мог бы і здагадацца. Зноў заляцеў твой Лёнька. Пасадзілі яго. Дарэчы, чытай сам...

І працягнуў мне пісьмо.

«Паважаны таварыш рэдактар,— пісаў начальнік ліцейнага цэха,— у вашай газеце быў надрукаваны нарыс пра нашага рабочага Леаніда Швідзенку, а з ім зноў здарылася бяда...» Ён заканчваў: «Мы верым, што гэта памылка, і просім прыслаць карэспандэнта».

У мяне адразу ж адлягло ад сэрца. Значыць, усё ж вераць, што памылка. Што ж там здарылася?

— Заўтра раніцай і ляці. Непрыемна, вядома, калі ты прамахнуўся з гэтым нарысам,— сказаў рэдактар.

— Але ж пішуць, што памылка, відаць, адбылася...

Рэдактар паціснуў плячыма.

— Можа, і яны ў яго паверылі. Так жа бывае. Ну, а калі памылка... Дарэчы, калі гэты злашчасны артыкул здасі? Ён мне ўжо начамі сніцца пачынае...

— Адразу пасля прыезду і здам. Я ўсё для сябе высветліў.

Ля самых дзвярэй я ўспомніў, што мне трэба яшчэ сустрэцца з Некрашэвічам.

— Заўтра я не магу ляцець. Тэрміновая справа...

— Добра, ляці паслязаўтра. Толькі цягнуць, сам разумееш, нельга. Закрануты гонар газеты.

Кастусь сустрэў пытаннем:

— Навошта выклікаў?

— Памятаеш нарыс пра Лёньку?

— Вядома.

— Вось прачытай пісьмо.

Кастусь прачытаў і скрывіўся:

— Гарбатага магіла выправіць... Хоць я веру таму Лёньку з твайго нарыса. Бяры камандзіроўку дзён на пяць. За дзень-два не разбярэшся, што да чаго.

Мы закурылі.

— Ты зараз не ламай галаву. Не дапаможа. Ідзі куды-небудзь, прагуляйся. Лепш за ўсё — у кіно схадзі. Я ў такія хвіліны заўсёды ў кіно іду. І ведаеш — выходзіш з іншым настроем. А артыкул сёння ты ўсё роўна як след не выправіш. Прыйдзецца мне яшчэ корпацца,

Выходзіў з Дома друку і сутыкнуўся з Андрэем. Ён у гэтыя дні і выгляду не падаваў, што яму кепска. Параіцца б з ім, як быць з Лёнькам. У Андрэя вялікі вопыт.

 

8

Я пазнаў яе здалёк па чорным скураным паліто.

— Ні адзін самалёт не адлятаў — туман. Я пыталася,— мне здалося, што яна прамовіла гэта з палёгкай.

Вылет адклалі да адзінаццаці. Яна пазваніла ў інстытут і сказала, што затрымліваецца. У зале чакання было некалькі свабодных крэслаў, і мы зручна ўселіся.

— Ты калі прыляціш?

— Праз чатыры дні.

— Я вазьму білеты ў тэатр. Мы даўно з табой нідзе не былі.

Наташа камечыла ў руках пальчаткі.

— Я табе хачу сказаць нешта вельмі важнае. Я ніколі табе гэтага не гаварыла. Я часта была няправай. Калі хочаш ведаць — я не разумела добра, што ты для мяне значыш. Я прывыкла за шмат гадоў, што ты заўсёды побач, а цяпер раптам уявіла...

Яна замоўкла.

— Слухаю цябе.

— Што цябе можа не быць побач. Я не змагу так. Я кахаю цябе, Глеб.

Як доўга я чакаў гэтых слоў! А цяпер яны быццам не да мяне адносіліся, чэснае слова. Сказаць ёй што-небудзь у адказ — значыць, схлусіць. І я маўчаў.

— Гэта я ва ўсім вінаватая.

— Ведаеш што, Натуся, ты зараз ідзі, я і сам дачакаюся самалёта. Я табе пазваню, як прыеду. Можа, у мяне ўсё пройдзе, а зараз, разумееш...

Яна далонню закрыла мне рот.

— Не гавары, лепш не гавары нічога.

Я праводзіў яе да тралейбуса. Яна глядзела ў акно і кісла ўсміхалася мне.

Я ішоў да самалёта і не ведаў, ці пазваню ёй. Сцюардэса аказалася знаёмай — я пісаў пра яе ў нейкім рэпартажы.

— Як справы? — спытаў я.

— Лятаем,— адказала яна.

А я ўсё ўспамінаў, як яе завуць — Зоя ці Галя. Але так і не ўспомніў.

— А ў вас?

— Таксама. Раз вы — сцюардэса, значыць, і камандзіроўка будзе ўдалай.

Яна разносіла цукеркі і сыпанула мне цэлую жменю.

Я выцягнуў з папкі свой стары блакнот з запісамі пра Лёньку. Вось такую яго фразу я запісаў даслоўна: «Маці бацьку напісала, маўляў, ты сам па сабе, а я сама — разышліся, значыць, дарожкі. Мы ў яе двое, ды малыя — што ведалі тады. Ён там у акопах сядзеў, а яна са старшынёй нашым шашні вадзіла. Старшыня потым смяяўся, ён сам з гарадскіх быў, а бацьку забілі. Можа, сам пад кулю палез. Расказалі мне ўсё. Людзі такія ёсць. Прафесія ў іх — расказваць што папала. Я з таго дня ад маці адышоў. Знайшоў пацаноў на вёсцы, і зладу ніякага са мной не было. А аднойчы ў краму залез і выцягнуў усе цукеркі. Адправілі мяне ў калонію. Там трапіў у «патрэбныя» рукі. Выйдзеш і неўзабаве назад, туды ж. Мяне Лёнькам-адзіночкам звалі. Адзін на справу хадзіў. Так і жыў. А брат у мяне чалавек. Ён галоўным інжынерам у нашым калгасе».

Была ў Лёнькавым жыцці гісторыя, дзякуючы якой ён улавіў сэнс жыцця. Выйшаў ён перадапошні раз з турмы, дамоў не паехаў (толькі за тыдзень да нашай сустрэчы ён да маці разам з жонкай у госці з’ездзіў). На работу яго не ўзялі, пабаяліся звязвацца. Грошы, заробленыя ў калоніі, скончыліся, і, згаладаўшыся, Лёнька залез у прадуктовы магазін. Паеў і вырашыў паспаць. Прачнуўся ад галасоў. Вартаўнік, аказваецца, заўважыў, што лесвіца, якая вяла на гарышча, не на месцы, і паклікаў людзей. Яны акружылі магазін і чакалі міліцыю. Лёнька адчуваў сябе затраўленым ваўком. Са шпагатаў зрабіў пятлю і хацеў павесіцца там, на гарышчы. Але пятля не вытрымала, абарвалася.

Яго вялі праз натоўп, і людзі глядзелі яму прама ў вочы.

Я зразумеў, ён не мог так хлусіць...

Пачало гайдаць. Самалёт ішоў на пасадку. Я пажадаў сцюардэсе спадарожнага ветру на адваротным шляху і пабег на прыпынак таксі. Я не зайшоў у гарком адзначыць камандзіроўку, а паехаў на завод. З самага пачатку мне не пашанцавала. Начальнік ліцейкі Грыбовіч быў на нарадзе ў дырэктара. Старшы майстар цэха, якога я ў свой першы прыезд не сустракаў, адразу ж здагадаўся:

— Вы, відаць, наконт Лёнькі прыехалі?

— Так.

— Справа тут такая, адразу не ўцяміш, што да чаго. Паехалі нашы заводскія на ўборку бульбы ў падшэфны калгас. Ну і Лёнька, значыць, таксама. На два тыдні паехалі. А праз тыдзень у вёсцы магазін абакралі. Ці мала хто мог абакрасці яго? Прыехала міліцыя, забралі Лёньку, маўляў, за старое, галубок, узяўся. Кажуць, нейкае рыззё за вёскай закапанае знайшлі. Цяпер следства ідзе. Я, зразумейце, нічога сказаць такога не хачу, але і за Лёньку не ручаюся. Хлопец ён працавіты, школу вячэрнюю ў гэтым годзе закончыў... Ага, яшчэ быццам ён хлопцам хваліўся, што можа магазін адным пальцам адкрыць. І замок кратаў, а пасля грабяжу, гэта літаральна праз некалькі гадзін адбылося пасля Лёнькавага выхвалення, следчы яго адбіткі на замку і выявіў. Там і другія былі, але і Лёнькавы таксама!

У цэху было горача ад печаў. Спёка нібыта цякла ў маленькую канторку, якая служыла начальніку кабінетам. Я ўвесь узмакрэў, хоць, мабыць, і не ад гарачыні. З паўгадзіны я чакаў начальніка і калі ўжо сабраўся ісці — ён увайшоў у кантору.

Чамусьці адразу ж спытаў:

— Горача? Прывычка патрэбна,— і дадаў: — Гэта добра, што вы прыехалі адразу.

Ён яшчэ раз, намнога падрабязней, расказаў мне гісторыю, ужо расказаную старшым майстрам.

— Вы былі ў следчага? — спытаў я.

— Быў. Запішыце яго прозвішча — Варашуха. Лічыць, што іменна Лёнька абакраў гэту краму. Але доказаў ніякіх. Адны меркаванні. Я шмат бачыў — і вайну, і ўсякае, а ён мне — не лезьце, гаворыць, не ў сваю справу.

— Дзякуй. Я зараз жа да Варашухі і пайду, толькі загляну ў гарком і ў гасцініцу ўладкуюся. Заўтра абавязкова вам пазваню.

Я выйшаў з прахадной і ў горад пайшоў пешшу. Я любіў прыязджаць сюды. Горад быў старажытны, вайна яго амаль не кранула, і ад вулачак, вузкіх, добрасумленна брукаваных, ад вузкіх аканіц, падобных на байніцы, павявала мінулымі стагоддзямі. У цэнтры горада, на высокай гары, стаяла крэпасць. Ад яе засталіся адны абломкі. Унізе працякаў Нёман. Кожны раз, калі я прыязджаў у гэты горад, ішоў у музей. Цяпер, пэўна, не ўдасца.

У гаркоме мне адзначылі камандзіроўку і спыталі, па якой справе прыехў. Я прамармытаў нешта няпэўнае. З гасцініцай усё было ў парадку — асобны нумар, пісьмовы стол і яшчэ да ўсяго іншага — душ. Рэдка трапляюцца ў камандзіроўках такія нумары.

У пракуратуры я пачаў шукаць пакой з таблічкай на дзвярах «Следчы Варашуха». Гэты пакой я адшукаў на другім паверсе. Перад маладым бялявым юнаком сядзела паўнаватая, з азызлым тварам жанчына. Яна неяк дзіўна паглядзела на мяне.

Я назваўся.

— Закончу допыт, і мы пагаворым,— даволі пачціва прамовіў Варашуха.

Але я не застаўся. Выйшаў у вузкі, з рыпучымі, прагнутымі дошкамі, калідор і закурыў. У мяне ўжо выпрацаваўся інстынкт — варта мне выехаць у камандзіроўку, як я пачынаў курыць удвая больш, чым звычайна. Каля іншых дзвярэй таксама сядзелі мужчыны— старэйшыя і маладзейшыя за мяне, і ўсе без выключэння дымілі. У пракуратуру проста так не выклікаюць. Выйшла жанчына з кабінета Варашухі, рыпнулі дошкі пад яе грузным целам. Следчы выйшаў следам за ёй і запрасіў мяне зайсці. Я цяпер толькі разгледзеў яго як след. Не такі ўжо хлопчык, як гаварыў Галубовіч. А мо для яго ён і хлопчык.

Варашуха не сеў за свой стол, а прайшоўся па кабінеце, памацаў кішэні і са шкадаваннем сказаў:

— Чорт, скончыліся цыгарэты.

Я дастаў пачак.

— Мне Галубовіч гаварыў, што напісаў вам пісьмо. Гэта праўда? Як-ніяк ваш і яго падапечны,— ён крыва ўсміхнуўся.— Галубовіч тут ледзь не нахаміў мне, але так нельга! І наогул — адкуль такая ўпэўненасць у гэтым чалавеку?

Я адчуваў, што ён нешта недагаворвае. Рыхтуе канцоўку.

— Да таго ж Галубовіч яшчэ не ведае ўсяго. Учора гэты ваш Лёнька паставіў подпіс пад прызнаннем. Справа, па сутнасці, закончана, і дарэмна вы ехалі. Ай-ай, непарадак!

Я быццам зноў апынуўся ў гарачым ліцейным цэху.

— Я быў упэўнены з самага пачатку, што магазін абакраў ён. Вельмі ўжо прафесіянальна. І гаспадыня паказала, што ўначы ён знікаў з дому.

— На колькі часу?

— Ну, ведаеце, яна добра не помніць — спаў жа чалавек. А цяпер ён ужо сам ва ўсім прызнаўся...

— Вы паможаце мне спаткацца з ім?

— Спаткацца? — на ягоным твары было непадробнае здзіўленне.— Калі ласка. Прыходзьце заўтра ў тры гадзіны.

— Заўтра я буду ў вас, як і дамовіліся. Да пабачэння.

 

9

Чалавек заўсёды імкнецца навесці парадак у свеце вакол сябе і ў самім сабе. Я прыйшоў у гасцініцу, паваліўся на ложак і пачаў прыводзіць у парадак свае думкі. Але яны былі няпэўнымі. Вырашыў паспаць крыху, але не заснуў. Варочаўся доўгі час з боку на бок. Мне неабходна было неадкладна з кімсьці пагаварыць. Я пазваніў нашаму ўласнаму карэспандэнту па вобласці. Адказала жонка. Ён паехаў у адзін з раёнаў па пісьму і вернецца толькі дні праз тры.

Я пазваніў у тэатр і папрасіў да тэлефона актрысу Таццяну Папову. Мне пашанцавала — яна была ў тэатры. Якраз ішла рэпетыцыя. Папову я ведаў з маленства. Яна жыла ў нашым двары, у доме насупраць. Танька паступала ў тэатральны інстытут, але прабілася туды толькі з трэцяга заходу. А цяпер, я чуў, мае поспех у гэтым тэатры.

— Добры вечар, Алёша Паповіч,— кажу я.

У нас у двары яе так звалі. Мянушка гэта да яе прыклеілася яшчэ з дзяцінства. Танька была тоўсценькая і непаваротлівая, а потым раптам змянілася, стала танклявая і прыгожая. Да яе заляцаліся хлопцы з нашай вуліцы.

— Я вельмі рада,— сказала Таня.— Хутка скончыцца рэпетыцыя, і я буду свабодна.

— Праз колькі часу?

— Праз гадзіну, напэўна.

— Я цябе сустрэну. Я цябе сто гадоў не бачыў, Алёша Паповіч, і нават сумаваў.

Пакуль яна вешае трубку, я чую яе смех. Відаць, рэпеціруе класічную ролю. Ні разу не чуў ад Паповай такіх слоў: «Вельмі рада...»

Я падыходжу да тэатра крыху раней. Танька спазнілася на дзесяць мінут.

— Як камандзір я аб’яўляю вам, Алёша Паповіч, вымову. І ў дадатак тры нарады без чаргі.— Гэта значыць, яна павінна тры разы пацалаваць мяне ў шчаку.

Калі ў двары мы гулялі ў вайну, дзяўчынкі таксама прасіліся, але бралі мы толькі Таньку. Адзіная з дзяўчынак яна карысталася вышэйшай прывілеяй.

Я не бачыў яе год. Год назад яна паехала па накіраванню ў абласны тэатр. Яна ніколькі не змянілася. Толькі з’явіліся маршчынкі каля вачэй. Яна перахоплівае мой позірк.

— Гэта не ад старасці, Глеб. Ад грыму.

— А ты не мажся.

Таня смяецца.

— Па-першае, я не мажуся, а па-другое, з чаго гэта ты ўзяў, што калі актрыса, значыць, павінна фарбавацца.

Я адчуваю сябе вінаватым і адразу ж выпраўляюся:

— Цяпер усе фарбуюцца. І актрысы і неактрысы. Нават мая сястра Волька так, бывае, вочы падмалюе, што прыходзіцца трымаць яе за косы і сціраць фарбу насоўкай.

— Ты заўсёды быў вельмі строгім. Прыдзіра стары. З Наташкі таксама фарбу сціраеш?

Я крыху сумеўся. Паціснуў плячыма.

— Вы яшчэ не пажаніліся? — спытала яна.

— Не, Паповіч, не пажаніліся.

Яна артыстычна пляснула ў далоні.

— Пра вас хоць п’есу пішы. Ты б узяў і напісаў. А я сыграла б галоўную ролю.

— Толькі п’есы мне не хапала, Паповіч. З Наташкай не ведаю, што будзе. Заблыталіся мы. Спачатку яна мазгі мне круціла. Я ўсё перажываў, сцэны рэўнасці наладжваў. А цяпер, здаецца, яна перамянілася, не лічачы некаторых заскокаў — раптам званіць перастае або з кімсьці недзе яе бачаць,— але я стаў іншым. Заўсёды імкнуўся заваяваць яе любоў, а калі яна ўзмужнела і нарэшце ўсё зразумела, ува мне раптам нешта перагарэла. Я не магу без яе і з ёй не магу.

Мы ішлі па старой брукаванай вулачцы. Водбліскі ад старадаўніх ліхтароў падалі на мокрыя камяні.

— Ніколі не думала, што ў цябе з Наташкай так усё складзецца. Вам трэба не сустракацца крыху, і ўсё вы зразумееце.

— Ну, а ў цябе што?

— Жыву адна. Сумаваць часу няма. Гастролі, рэпетыцыі, тэатральная мітусня. Трошкі, праўда, сумую без маці. Ёй зараз вельмі цяжка. Бабуля нядаўна памерла.

— Я не ведаў. Даўно не сустракаў тваю маці.

— Зайшоў бы калі-небудзь. Яны з братам цяпер адны. Ён дрэнна вучыцца, і мяне побач няма. Цяжка ёй. У новым сезоне, можа, перавядуся дамоў. З галоўным рэжысёрам размаўляла. Здаецца, усё ў парадку.

Мы зайшлі ў маленькае кафэ. Крэслы і сталы замянялі дубовыя калодкі — вузейшыя і шырэйшыя. Замест сцен бялелі ствалы бяроз, скрозь іх лілося мяккае святло — чырвонае, жоўтае, сіняе.

— Цудоўны горад,— сказаў я.

— Я б ніколі і не думала ехаць адсюль. Тэатр добры, але маці цяжка.

Мы пілі віно, кофе і ўспаміналі сяброў, дзяцінства, якое прамільгнула, як хуткі цікавы фільм.

— У цябе якія тут справы?

Я расказаў усю гісторыю пра Лёньку. Тані я павінен быў зараз расказаць усё. Яна была катэгарычнай, як усе жанчыны.

— Ты павінен пайсці ў пракуратуру. Вядома, ён не мог гэтага зрабіць. Няхай разбяруцца.

— А калі... Прызнанне ён падпісаў. Заўтра пагавару з ім, калі з гэтага што-небудзь атрымаецца.

— У цябе цікавая прафесія, Глеб. Я неяк, даўно ўжо, вырашыла — правалю ў тэатральны трэці раз, пайду на журналістыку. У дзяцінстве ўпотай ад вас пісала вершы і была страшэнна ўлюбчывай дзяўчынкай.

Мы вярталіся. Дажджу ўжо не было. Я праводзіў яе да самага дома.

— Ідзі і збярыся з думкамі, камандзір. І старайся спаць спакойна.

— Добра, Паповіч, пастараюся.

— А заўтра пазвані мне, як і што. Пазвоніш?

— Пазваню. Я рады, што цябе тут сустрэў.

— Я таксама рада, камандзір.

Я пайшоў не адразу, а паслухаў яшчэ, як пастукваюць яе абцасы па рыпучай лесвіцы.

 

10

Маці гаворыць, што я пайшоў у бацьку. Я і сам гэта ведаю. Злосць на каго-небудзь падоўгу не затрымліваецца, хоць я іншы раз сам гэтага хачу. Наташка гаворыць, што я псіх, але адходлівы.

Раніцай я пайшоў у пракуратуру і не адчуваў ранейшай непрыязі да Варашухі. Ён сустрэў мяне словамі:

— Я лічу, дарма вы будзеце з ім сустракацца. Пустая гэта справа.

Я нічога не адказаў.

— Вам давядзецца з паўгадзінкі пачакаць. Яго прывязуць.

У пакой зайшоў міліцыянер. Высокі, з тонкім безвалосым тварам.

— Увесці? — спытаў ён.

— Увядзіце.

— Я вас пакіну адных,— сказаў Варашуха.

— Дзякуй. Мінут на дваццаць.

Увайшоў Лёнька. Ён мяне не заўважыў або зрабіў выгляд, што не заўважыў. Зняў шапку са стрыжанай галавы і пачаў камячыць яе ў руках, гледзячы вышэй нашых з Варашухам галоў, у нейкае няпэўнае месца.

— Вось, Швідзенка, карэспандэнт прыехаў, хоча пагаварыць з табой. Ты не грубіянь, а гавары ўсё як ёсць, ясна?

Лёнька на Варашуху не глянуў. На мяне таксама. Прагаварыў ледзь чутна:

— Ясна.

Варашуха выйшаў, каля самых дзвярэй падміргнуў мне, давай, маўляў, дзейнічай.

— Ты сядай, Лёня,— прапанаваў я.

Ён сеў і ўсміхнуўся. Усмешка атрымалася ненатуральнай, быццам ён сілком расцягваў свае губы, сціснутыя спружынай.

— Вось і сустрэліся, грамадзянін карэспандэнт. А вы пра мяне распісалі...

Я даў яму закурыць, адчуваў я сябе ўшчэнт разгубленым.

— Я табе паверыў тады. Чэснае слова, паверыў і цяпер таксама веру.

Яго позірк ажывіўся, стаў вастрэйшым.

— Верыце? Жонка таксама верыць. Выклікала мяне. Я ведаў — больш дамоў не прыйду, а яна кажа — ведаю, Лёнька, не мог ты.

Твар яго стаў суровым і пабялелым.

— Слабы я стаў. Раней што... Адным тэрмінам больш, адным менш. А каму дакажаш, што не браў я гэту краму, не браў?

— Навошта ж тады падпісаў усё?

— Усё роўна хана... Падпісаў — не падпісаў. Усё чысценька зроблена, а тут, пад бокам, такі гросмайстар, як я. Міліцыя і ўхапілася. Рыззё нейкае знайшлі за вёскай, вось ужо чаго ніколі не браў. Непрыязь у мяне да ўсякай вопраткі. А тут гаспадыня з перапуду ляпнула, што ўначы некуды хадзіў... Варашуха гэты прычапіўся як банны ліст.

Ён безнадзейна махнуў рукой:

— Цяпер са мной усё ясна.

— Нельга так, разумееш ты,— ён пачынаў мяне раздражняць.— Хлопцы з цэха ўсюды ходзяць, начальнік пісьмо ў рэдакцыю прыслаў, не мог, маўляў, Лёнька, а ты нюні распусціў...

— Галубовіч чалавек... Мне раней не было каго саромецца, а цяпер ёсць. Хлопцы ў нас у ліцейцы цудоўныя. Ніхто ніколі слова не сказаў, маўляў, мы людзі, а ты, Лёнька, так сабе. Вас вось саромлюся. Жонка мая гэту газету ў альбом уклеіла... А на мне кляймо сто гадоў будзе. Калі што — Лёньку пацягнуць з сябрукамі. А сябрукі гэтыя і цяпер ходзяць. Краму нехта чысценька зрабіў. Не падкапаешся...

Увайшоў Варашуха і спытаў:

— Усё?

— Усё, грамадзянін следчы,— сказаў Лёнька і падняўся.

Ён пайшоў. Варашуха глядзеў на мяне з непрытоенай цікаўнасцю.

— Я ж гаварыў — дарэмна. Тып гэты Швідзенка.

Ён дастаў са стала вялізную папку і падсунуў яе да мяне.

Выглянула сонца. Даўно яго не было. Неба нібыта зарасло шэрасцю. І тут раптам — сонца... Промні леглі на касцёл, на нас з Варашухай, на падлогу, на сцены.

— Я чытаць не буду, няма ніякага сэнсу. Гэта не Лёнькавых рук справа.

Я выйшаў з пракуратуры, пахадзіў ля касцёла. Сонца было цёплае, зусім вясновае. Раптам мяне быццам токам працяла. Супраць жа Лёнькі па сутнасці няма ніводнай сур’ёзнай улікі, ніводнага доказу... Акрамя адбіткаў пальцаў. Як Галубовіч мог забыцца пра гэта?! Мяне цягнула адразу ж вярнуцца да Варашухі, хоць не, пакінем гэта для пракурора.

Я знайшоў паблізу ад касцёла тэлефонны аўтамат. Галубовіч быў на месцы.

— Вам знаёмая фраза — гаварыць праўду і толькі праўду?

Галубовіч крыху разгубіўся ад гэтага пытання.

— Я вас не зусім разумею...

— Зараз зразумееце,— супакоіў я яго.— А за хлуслівае сведчанне што можа быць, ведаеце?

— Ды гаварыце вы ясней! — не вытрымаў Галубовіч.

— Нарабілі вы клопатаў з адбіткамі пальцаў. Гэта ж галоўная ўліка супраць Лёнькі. Трэба, было ўсё расказаць як ёсць, а вы і хлопцаў сваіх з панталыку збілі, і Лёньку таксама.

— Вы мяне не вінавацьце, я не юрыст. Да таго ж я зусім забыў пра гэты выпадак. Думаў, як хлопцу дапамагчы. Што ж цяпер рабіць?

— Я думаю ісці да пракурора. Неадкладна!

Галубовіч прапанаваў схадзіць разам. З паўгадзіны я круціўся ля касцёла, у душы праклінаючы Галубовіча і самога Лёньку, які, расхваляваўшыся, так усё заблытаў. Нарэшце з’явіўся Галубовіч. Мы прайшлі знаёмым мне калідорам да свежа абабітых дзвярэй.

Пракурор Іван Васільевіч Сцепанцоў, пажылы, хваравіта-тлусты чалавек, быў у кабінеце. Мы з Галубовічам гаварылі па чарзе і нярэдка адзін аднаго перабівалі. Сцепанцоў пераводзіў позірк з мяне на Галубовіча і наадварот. Не ведаю, ці зразумеў ён нас як след.

— Варашуха следчы малады, але здольны,— пасля нашых усхваляваных прамоў пракурор гутарыць з намі вельмі спакойна.— Ён, вядома, мог і памыліцца... Вы вось таксама малады,— ён кінуў у мой бок,— і хіба не памыляецеся. А гэта гісторыя з адбіткамі?! Ды вас, таварыш Галубовіч, і ліцейшчыкаў вашых, вы мне прабачце, пугай трэба, пугай! Такая ўліка... Я і ордэр на арышт толькі з-за гэтай самай улікі падпісаў. Вядома, вы хацелі памагчы... Але б з юрыстам сваім заводскім хаця б пракансультаваліся — як следчыя органы лягчэй вакол пальца абвесці. А прызнанне між тым ёсць...

— З роспачы ён, Іван Васільевіч, з роспачы! Вы яму паверце,— ад напружання маім вушам зрабілася горача, быццам іх у кіпень апусцілі.

— Таварыш пракурор, я ўсю вайну прайшоў, на заводзе трэці дзесятак, рэдка ў людзях памыляюся. А за гэтага хлопца...— Галубовіч змоўк, падбіраючы патрэбнае слова, ды так і не знайшоў яго.

Пракурор раптам заўсміхаўся. Яму, відаць, вельмі цесна ў мундзіры. Дома ён з радасцю скідае яго і пералазіць у піжаму і ў хатнія туфлі, яго цела, размякшае і вялікае, распаўзаецца ў крэсле. У яго добрыя, як ува ўсіх тоўстых людзей, вочы.

— Вы абодва вельмі гарачыя, але вас можна зразумець,— працягваў пракурор.— Я пагавару і са следчым, і з гэтым хлопцам, таварыш Галубовіч. Разбяромся ва ўсім і нейкае рашэнне прымем.

Дамовіліся — пракурор паведаміць Галубовічу, а той ужо скажа мне.

Мы папілі піва і толькі тады аддыхаліся.

— Нібы змену ля печы адстаяў,— уздыхнуў Галубовіч.— Я ж да вайны на сваім заводзе ліцейшчыкам пачынаў.

Мы развіталіся.

— Пайду да ягонай жонкі, супакою. Яна там месца сабе не знаходзіць.

У гасцініцы я мог купіць білет на самалёт, які адлятаў праз тры гадзіны. Але не купіў. І справа не ў тым, што мы дамовіліся з Паповай сазваніцца. Я злавіў сябе на думцы, што мне проста неабходна яе ўбачыць, мая рука сама цягнулася да тэлефона, каб хутчэй пачуць яе голас.

— Што ў цябе чуваць? — пытаецца яна.

— Справа наладжваецца.

— Ты прыйдзеш да мяне піць каву і ўсё раскажаш,— голас у яе быў крыху сумны. Зусім не такі, як учора.

— Што з табой? Прастудзілася?

— Не, я крыху паплакала. Гэта ад старасці, камандзір. Успомніла дзяцінства, наш двор і яшчэ многае з таго, што не ўдалося ў жыцці. Яшчэ да таго ж роля адна не атрымліваецца. Сёння дарэмна сілы і час губляла. Рэжысёр распсіхаваўся, і я таксама.

— Ох, і дурань жа ты, Паповіч. Плаксай стала. Ты ж выдатная актрыса, хутка будзеш першай зоркай, і ніхто не паверыць, што я цябе ведаю ўжо сто светавых гадоў.

Яна ціха засмяялася.

— Мы так і прагаворым увесь вечар па тэлефоне?

— Ну, вядома, не!

Я ледзь прабіўся да гастранамічнага прылаўка — было каля сямі і мужчыны спяшаліся. Знайшоў вулачку, дзе яна жыла, і апынуўся ў маленькім пакойчыку са спартанскім убранствам. Пахла нечым смажаным і печаным.

Таня была ў світэры з высокім каўняром, у джынсах.

— Паслухай, Паповіч, ды ты ніколькі не змянілася.

Яна ўсміхнулася:

— Ты балбатуном і застаўся. Сядай за стол. Я, між іншым, упершыню за год, паверыш, занялася хатняй гаспадаркай, чым здзівіла суседку па камунальнай кватэры.

Мы выпілі на кілішку віна і пачалі разважаць аб праблемах тэатра, аб тым, што зніклі цікавыя праблемныя п’есы і незразумела, чаму многія дурні, якія апрацоўваюць тысячу разоў апрацаванае поле, становяцца вядомымі і атрымоўваюць лаўры.

«Ну вось мы і ўдваіх, я марыў пра гэта цэлы дзень»,— хацелася сказаць мне, але я без стомы працягваў заведзеную і такую непатрэбную нам размову, не знаходзячы прычыны гаварыць зусім аб іншым або, можа, наогул маўчаць...

І размова, калі гэта можна назваць размовай, пераключылася на іншае. Інакш і быць не магло, у гэтыя хвіліны ўсё станавілася на нейкія свае, намі не прадугледжаныя месцы, рабілася простым і ясным. Паступова паміж намі знікала стрыманасць, што замінала нам на пачатку вечара. Я ўспомніў сустрэчу — якім я быў ідыётам тады! — з яе маці. Яна была зусім хворая. Я ўспомніў яе ранейшую, жвавую і вясёлую (Танька падобная на яе), глядзеў на зморшчаны твар і ацяжалелую, згорбленую фігуру і думаў аб тым, як хутка бяжыць час. Проста жудасна іншы раз становіцца.

— Ты Тані хоць пісьмы пішы,— гаварыла яна.— Таня цябе заўсёды больш, чым мяне, паважала. Я, памятаеш, нават ад злосці вушы ёй хацела накруціць, калі ты яе ў сваю кампанію цягаў. Ты прабач ужо. Яна і цяпер на кожным слове пра цябе ды пра цябе. І які ты добры і смешны. Як толькі прыедзе — пытаецца адразу, ці не бачыла Глеба, як ён? Я ёй: а ты пазвані і спытай. Усміхнецца толькі, але не звоніць.

У той раз некалькі дзён я гнаў ад сябе адну надакучлівую думку. Здалося гэта ўсё Танькінай маці. Мы сябры дзяцінства, і толькі. Мне тады вельмі хацелася, каб так было на самой справе. Але не цяпер.

Я сядзеў моўчкі, адчуваючы ў далонях цеплыню яе рукі, і мне здавалася, яна разумее, што я без слоў перадаю ёй.

— Чаму мы сядзім вось так? — спытала яна ціха.— Мы не павінны так сядзець, разумееш?

Яна моцна, але сутаргава прыціснула маю далонь да свайго твару. Я абняў яе і нечакана для сябе моцна пацалаваў у губы. Яна адвярнулася, але супраціўленне было слабым і бязвольным, і я ўжо ведаў толькі адно — у чым яшчэ некалькі хвілін назад баяўся прызнацца і самому сабе і ёй.

Таня выслабанілася і паспрабавала ўсё перавесці на жарт:

— Ты, аказваецца, стаў лавеласам, што і перашкаджае табе ажаніцца з Наташкай...

Але ёй зусім не хацелася ўсміхацца або, тым больш, жартаваць, я гэта адчуваў па выразу яе бледнага і разгубленага твару.

— Ты паедзеш і будзеш усміхацца, успамінаючы аб сённяшнім вечары, і перад Наташай будзеш адчуваць няёмкасць, я ж ведаю цябе, дакладней, ведала, а цяпер незразумела, што ты за чалавек, я ж так даўно цябе не бачыла.

— Я хутка прыеду, ты ж ведаеш, гэта гісторыя з Лёнькам... Мне неабходна прыехаць у бліжэйшы час, і мы зноў убачымся тут, у гэтым пакоі, праўда?

Яна маўчала, а я адчуваў, як пачуццё радасці, сілы вяртаецца да мяне і паланіць маю душу.

— Божухна, табе прыйдзецца ісці ў такую цемру! — усклікнула яна, падышоўшы да акна.

Мы доўга стаялі на прыступках яе дома.

— Ідзі, ужо час! — рашуча прамовіла яна, і ў гэтай інтанацыі, якая не церпіць пярэчання, я пазнаў ранейшую Таньку — Алёшу Паповіча.

— Ты ведаеш...— пачаў я, але яна замахала рукамі.

— Нічога не кажы, чуеш, нічога!

Я ляцеў у самалёце і думаў аб тым, што было раней, вельмі даўно і зусім нядаўна. У мінулым... Няўжо Наташка? Я ўспамінаў свае марныя спробы выкінуць Наташку з галавы, усе гэтыя думкі аб «леках», якія толькі абвастралі адчуванне неабходнасці бачыць яе пастаянна. «Лекамі» былі іншыя дзяўчаты.

Я неяк адкрыўся Бялькевічу, і ён сказаў тонам апекуна:

— Ёсць сродак. І можна прымаць самую вялікую дозу. Яшчэ ніхто не атруціўся, павер...

Але я нікога не мог уявіць на месцы Наташкі. Адна знаёмая з ансамбля танца, даволі прыгожая, з фігурай, пра якую Бялькевіч гаварыў адно слова — «антычнасць», палічыла мяне дзіўным чалавекам. Мы аказаліся разам у адной кампаніі, і я не праявіў рашучасці.

Сяргей мне назаўтра пазваніў:

— Яна сказала, што ты хлопчык. Я такіх ідыётаў не бачыў. Цягай з сабой у кішэні сваю Наташку.

Але Танька ж не «лекі». Танька — нешта іншае, надзвычай важнае, вялікае і нечаканае.

 

11

А Кастусь усё ж напісаў нарыс пра рыбакоў. Раніцай па дарозе ў рэдакцыю я купіў нашу газету. Нарыс быў надрукаваны пад лічбай «1». Значыць, напэўна будзе другі, а магчыма, і трэці. Я чытаў нарыс у тралейбусе, і калі паднімаўся ў рэдакцыю — таксама чытаў. Нарыс здорава чытаўся.

Мне не цярпелася павіншаваць Кастуся. Вядома, ён сядзіць за сталом і чытае самога сябе. Я ведаю пэўна, што будзе далей. Ён адкладзе газету ўбок, акуратна склаўшы яе, затым неўзабаве разгорне яе і зноў будзе разглядаць свой опус.

— Малайчына, Кастусь,— сказаў я,— выдатны нарыс. Ты так, глядзіш, і сапраўды кнігу выдасі.

— А ў цябе што?

— Быццам усё нармальна. Якія тут навіны?

— Цякучка заела. Гарык жонку дамоў забраў. Цяпер такі радасны і спакойны. Андрэй падаў заяву аб звальненні. Рэдактар яго адгаворваў, але ён заўпарціўся. Збіраецца на Поўнач. Там у яго хлопцы знаёмыя і месца ў газеце ёсць.

— Можа, ён мае рацыю.

— Хто як разважае. Што датычыць мяне, то думаю, не варта з-за бабы...

Ён філосаф, Кастусь, зараз пачне разважаць.

— Мне званіў хто-небудзь?

— Уяві сабе — ніхто.

Ён зірнуў на гадзіннік.

— Ідзём хутчэй на планёрку, палова дзесятай ужо.

Адказны прачытаў план нумара. Рэдактар абвёў вачыма кабінет:

— Не разумею, дзе людзі. Складзіце спіс спазніўшыхся, і я з кожным пагавару.

— Добра,— адказны зрабіў паметку ў сваім блакноце. Некаму нагарыць!

Рэдактар пакінуў мяне ў кабінеце. Я падрабязна расказаў аб камандзіроўцы.

— Можа, усё будзе так, як ты гаворыш. А калі здасі артыкул з інстытута біялогіі?

Я ўсміхнуўся:

— Звоняць?

— Гэта не твая справа. Ты скажы, калі здасі матэрыял.

Я прыкінуў рэальныя тэрміны.

— Праз два дні.

— Так і запішам,— і рэдактар зрабіў паметку на календары.

У калідоры я сустрэўся з Андрэем.

— Ну, што ў цябе новага? — спытаў ён.— Усё рашаем несур’ёзныя праблемы?

— Не тое каб вельмі... Так сабе.

— Тады пойдзем піць каву. Я, можна сказаць, на чамаданах сяджу, запасаюся цёплай вопраткай. І не магу нічога рабіць. У марах я ўжо лячу на сабаках...

— Ведаю, мне Кастусь сказаў...

— Кастусю добра,— засмяяўся Андрэй.

Васільевіч нам узрадаваўся. Не так мне, як Андрэю. Наведвальнікаў у кафэ на гэты раз было мнагавата, і ў Васільевіча спраў хапала. Мы перакінуліся з ім некалькімі фразамі і селі за столік бліжэй да гардэроба. Мы ўзялі кофе і яму. Васільевіч прысеў да нас, паскардзіўся:

— Калі не трэба, нікога няма. А цяпер вось усе ідуць і ідуць, ні прасвету.

— Апошнія дзянёчкі ў цябе каву п’ю, Васільевіч,— сказаў Андрэй.

Стары махнуў рукой, зморшчыўся:

— Чуў я такія размовы. Куды гэта табе, Андрэй, перціся? Узрост ужо не той, каб за рамантыкай...

— Якая там рамантыка!

— Дык чаго ж ехаць? — не сунімаўся стары.— Усякае бывае. Ад гэтага і там табе не схавацца.

Андрэй гаварыў хутчэй за ўсё сам сабе:

— Чалавек жыве чаканнем новага. Вось і я так. Чакаю разліку, пасля самалёт, новыя людзі, снег навокал. Пагляджу, можа, і назусім застануся. Хачу паспрабаваць напісаць вялікую кніжку. Даўно збіраюся. Можа, іменна там гэта і ўдасца.

Я пайшоў дамоў, паспаў гадзіну і нарэшце па-сапраўднаму засеў за артыкул. Дзіўна, але ён пісаўся лёгка. Раніцай я патраціў яшчэ некалькі гадзін і, паставіўшы пад артыкулам сваё прозвішча, кінуў яго на машынку.

Пазваніў Вермішаву.

— Артыкул на машынцы. Заўтра я магу паказаць яго вам.

І тут раздаўся гэты званок. Самы што ні на ёсць звычайны. Я зняў трубку. Голас быў знаёмы, і ў той жа час я і цяпер не ведаю, хто гэта званіў. Голас прахрыпеў у самае вуха:

— Іваноў загінуў. Заўтра ў дзве гадзіны пахаванне...

Я нічога не паспеў, а дарэчы, і не мог нічога спытаць.

— Іваноў загінуў,— прамовіў я ўголас.

Сэнс таго, што здарылася, яшчэ не дайшоў да мяне.

— Які Іваноў? — спытаў Кастусь.

— Скульптар. Ён паехаў на здымкі і загінуў.

Я пачаў надзяваць паліто.

— Пачакай,— спыніў мяне Кастусь,— у цябе вар’яцкі выгляд. Ты белы-белы.

Я пасядзеў яшчэ крыху.

— Як гэта так, ён — і раптам загінуў? — сказаў я.— Іменна Іваноў...

— Як ён загінуў? — спытаў Кастусь.

— Як загінуў? Не ведаю... А можа, і не загінуў?!

Я выбег на вуліцу. Раптам — памылка!

На кінастудыі я ведаў многіх, а першым сустрэў аператара Грыбушкіна.

— Я наконт Іванова. Мне нядаўна званілі,— выдыхнуў я.

— Яго прывязуць сёння вечарам. Загінуў.

— Забілі...

— Недарэчны выпадак. Здымкі ў гарах, каля вузкай рачулкі. Група Еўлампіева. На гары стаяў аўтобус. Нейкі час стаяў, а потым сарваўся і пакаціў да ракі. Усе разбегліся, а на беразе засталася старшая грымёрша. Ёй крычалі, а яна не чула. Зразумець немагчыма, як ён змог ускочыць на хаду ў аўтобус. Усё адбылося імгненна. Аўтобус рэзка павярнуў і пакаціўся з гары, як кансервавая бляшанка. Грымёрша адразу і не зразумела, у чым справа.

Значыць, не памылка.

— Ён не мог не пабегчы,— сказаў Грыбушкін. — Хто-небудзь іншы задумаўся б — ці варта, але толькі не ён.

— Жонцы сказалі?

— Учора яшчэ.

Я даведаўся, што труна з целам Іванова заўтра раніцай будзе ўжо ў Саюзе мастакоў, і пайшоў дамоў. Паваліўся на тахту і заплюшчыў вочы. У галаву лезлі розныя ўспаміны аб сустрэчах з Івановым. Ён бачыўся мне панурым, у запэцканых джынсах, мітуслівым у сваёй майстэрні, усмешлівым. Усякім, якім я ведаў яго. Мы рэдка звычайна задумваемся, хто нашы сапраўдныя сябры. Слова «сябар» стала непапулярным. Усе больш гавораць — прыяцель, знаёмы. Іваноў быў шчырым, верным сябрам, які так многа значыў для мяне. Хто б яшчэ з маіх знаёмых кінуўся ў аўтобус і павярнуў яго ў бездань? Сяргей бы, добра ведаю, не кінуўся, а я сам? Іваноў жа кінуўся!

Я ўспомніў, што ў мяне некранутым ляжыць у стале сшытак з ягонымі запісамі.

Я адразу ўтаропіўся вачыма ў фразу: «Чалавек павінен ненавідзець тое, што ён ненавідзіць! Інакш ён не асоба!»

Іваноў дакладна ведаў усё, што любіць, і любіў гэта ўсё, і дакладна ведаў тое, што ненавідзеў, і ненавідзеў гэта.

І яшчэ раз асабліва ясна я зразумеў, якой наіўнай была мая пісаніна аб ім, як мала я расказаў у нарысе пра Іванова-чалавека.

 

Вецер ірваў і падмінаў пад сябе ўсё наўкола. Па дошках труны гулка ўдарылі першыя мёрзлыя камякі зямлі. Я глядзеў на людзей, што прыйшлі хаваць Іванова. Іх было шмат, зусім незнаёмых і знаёмых.

Са мной на пахаванне пайшлі Гарык і Наташка. Гарык не ведаў Іванова-чалавека, але любіў Іванова-скульптара. Ён зайздросціў мне, што Іваноў мой сябар, і я ўсё збіраўся як-небудзь пазнаёміць іх.

Пасля пахавання мы зайшлі пагрэцца ў кафэ.

— Слухайце, мне сорамна, мне цяжка,— сказаў я.— Я не напісаў па-сапраўднаму пра яго...

— Ты павінен напісаць сёння, не адкладваючы,— сказаў Гарык.— Гэта твой абавязак. І не патрэбен некралог, патрэбен нарыс!

— Трэба выкарыстаць яго запісы, якія ты чытаў на пахаванні,— прапанавала Наташа.— Я не магла іх слухаць без слёз.

У мяне амаль усё было ўжо напісана. Старонак дзесяць. Заставалася толькі закончыць. Пісаў я ноччу, а раніцай так і не змог прачытаць напісанае. Было страшна — раптам не атрымалася?

Назаўтра я здаў нарыс разам з фатаграфіяй Іванова. На фатаграфіі ён быў зняты з палярнымі лётчыкамі, з якімі лятаў доўгі час на Поўначы. Рэдактар нарыс прачытаў і распарадзіўся ставіць яго адразу ў нумар. Ніколі да гэтага мне так не хацелася, каб газету прачытала як найбольш людзей. Я гатовы быў бегаць па вуліцах, кожнаму соваць у рукі газету з нарысам і прасіць: «Прачытайце, калі ласка. Гэта быў сапраўдны чалавек».

Я сядзеў і чакаў паласу з адціснутым матэрыялам. Пазваніў Бялькевіч.

— Слухай, Сяргей,— я стараўся не выдаць свайго раздражнення.— Мне зараз цяжка, разумееш, вельмі цяжка з табою гаварыць. Іванова пахавалі.

— Скульптара?

— Так, ты ўжо прабач...

Я павесіў трубку. Быў калісьці сябар, а цяпер няма. Раней ён такім не быў. Ці я не заўважаў? Мы сустракаліся ў апошні час рэдка, балбаталі аб дробязях і разыходзіліся ў розныя бакі. Вядома, кожны становіцца такім, якім хоча быць. Я ўявіў сабе, чым стане Сяргей — мая машына, мая кар’ера, мая дача, мая жонка, мае дзеці — астатняе гары гарам. Такіх, да жалю, цяпер нямала. І Бялькевіч — малады хвацкі парастак сярод іх.

Быў час, калі я быў упэўнены і ў сабе, і ва ўсіх, хто акружаў мяне. Кожнаму з іх я ведаў кошт, і ўжо тут падвоху чакаць не прыходзілася. У той час я працаваў на заводзе. Хлопцы побач былі добрыя, шчырыя і простыя. Маці трывожылася: як я, на яе думку, спешчаная істота, ужывуся з імі. А я адчуў з самага першага дня, што яны сталі маімі блізкімі, быццам здаўна знаёмымі людзьмі. Былі, праўда, і сярод іх «тыпы». Іх ведалі напералік, і праўду ім казалі ў вочы. А бялькевічаў так проста не раскусіш. Яны ўсюды ўмеюць прасочвацца, і ў душу лезці прыгожымі слоўцамі, і рэпартажы штампаваць аб ударных вахтах, і вельмі многае іншае рабіць у самых розных месцах таксама нібыта з усёй душой.

Са мной нешта адбывалася пасля смерці Іванова.

Я не ведаў — што менавіта. Відаць, я абазліўся. Мая тэорыя «Чалавек жыве так, як яму хочацца» рассыпалася ўшчэнт. Ён меў рацыю: «Чалавек павінен ненавідзець тое, што ненавідзіць!» Без гэтага нельга жыць!

 

12

Як яна апынулася са мной на пахаванні? Я ўспамінаў падзеі таго трагічнага дня і нічога не мог успомніць. Але як бы там ні было, Наташа была разам са мной на пахаванні, мы з ёй потым хадзілі па вуліцах, быў яшчэ Гарык, але ён пайшоў раней, і сапраўды, я праводзіў яе дамоў, нешта гаварыў... Успомніць бы што... Туман, суцэльны туман засланіў падзеі таго вечара цяжкай, непрабіваемай заслонай.

Трэба пагаварыць з ёй, думаў я, але як, дзе знайсці патрэбныя словы, яны ж здадуцца ёй ненатуральнымі, бессэнсоўнымі пасля столькіх гадоў, і няважна, што ў яе самой быў вопыт...

Я вычытаў артыкул пра вучоных, і ён здаўся мне грувасткім, і я ледзь дачытаў яго да канца. Шаравера быў аб артыкуле іншай думкі:

— Акцэнты расстаўлены правільна, і гэта самае галоўнае. А канцоўка мне не падабаецца, яна гучыць як прыгавор Крыўцову. Зрабі яе мякчэй, але паглыблена, гэта прымусіць чытача задумацца, і мэта твая будзе дасягнута.

Я дзень пратрымаў артыкул, але канцоўкі так і не прыдумаў і аддаў яго рэдактару: ён некалькі разоў цікавіўся ўжо.

— Чаму няма подпісу Шараверы? — спытаў рэдактар.

— Ён лічыць, што канцоўка не тая, а я не магу прыдумаць новай.

— Пакінь, пачытаем. Будзь на месцы.

— Чым цяпер думаеш заняцца? — спытаў Шаравера, калі я вярнуўся ад рэдактара.

Кастусь за ягонай спіной скорчыў грымасу і пакруціў ля скроні ўказальным пальцам.

— Ды ты што?! Яшчэ гэты артыкул у набор не пайшоў, можа, шэф прымусіць перапісваць, а ты «чым збіраешся заняцца?»... Пісьмы буду правіць,— справядліва абурыўся я.— Некаторыя сядзяць і па два месяцы артыкулаў не выдаюць, а тут без перадыху...

— Я згодзен з Глебам,— Кастусь выбраўся з-за стала.— Апошні час ты нас канчаткова заганяў. Не даеш перадыхнуць.

— Не даю, ну і што, — кіўнуў Гарык з раздражненнем.— І ўявіце сабе — не буду. Я складаю план на будучы тыдзень. Вы толькі паглядзіце на яго... Мне шэф за такі план галаву на рэдкалегіі адкруціць і будзе правы.

— А Глебаў артыкул? — спытаў Кастусь.

— Ён да наступнага тыдня не даляжыць. Хутчэй за ўсё пойдзе ў нядзельны нумар. Ён таксама пусты. А на іншых вы не раўняйцеся. Некаторыя загадчыкі аддзелаў, і я ў тым ліку, даседжваюць у «маладзёжцы» апошнія дні, некаторыя пісаць так і не навучыліся, і шэф толькі рады, што яны не здаюць сваіх опусаў.

Ён перайшоў на больш лагодны тон і, мне здалося, адчуў сябе няёмка.

— А вам працаваць трэба. І я вам не дам, як дазволіў ты, Кастусь Мікалаевіч, сказаць, «перадыхнуць». Потым з удзячнасцю ўспамінаць будзеце. Вы ўявіць не можаце, як мне абрыдла ў «маладзёжцы» ўпірацца. Паглядзіш на іншых — апрацуе пісьмо за тыдзень, свой артыкул раз у месяц здасць і ходзіць у перадавіках. Але пакідаць зараз газету было б неразумна. Яна на пад’ёме, з шэфам працаваць нялёгка, але затое задавальненне якое! Калі б кожны з нас так любіў газету!.. Колькі яму званілі з-за гэтага вёрткага акадэміка, і ведалі б вы, хто званіў?! Але шэфа голымі рукамі не возьмеш, і твой артыкул пойдзе.

Ён рэзка перапыніў свой маналог і ўткнуўся ў паперы.

— Псіхалагічная апрацоўка літрабоў закончана! — аб’явіў Кастусь.— Літрабы ўгрызаюцца пласты жыцця з новай сілай! Я пайшоў у цырк — інтэрв’ю з сёстрамі — паветранымі гімнасткамі. Магу адну з іх уступіць каму-небудзь з прысутных смельчакоў.

Мы з Гарыкам як па камандзе пачалі рагатаць.

— Смейцеся, смейцеся,— іранічна прамовіў Кастусь.— Вы б на іх паглядзелі!

— А ты нас запрасі,— параіў Гарык.— Разам са сваёй жонкай.

— Балбатун несусветны! — дадаў я.— Здыхля да таго ж, ну якая прыстойная аэрагімнастка на цябе паглядзіць?!

Кастусь моўчкі накідаў у дыпламат блакнотаў і знік. Гарык убачыў на процілеглым баку вуліцы чаргу за апельсінамі і, схапіўшы партфель, кінуў на хаду:

— Буду праз паўгадзіны.

Не губляючы часу, я пачаў набіраць па аўтамаце Танін горад. Яна зняла трубку.

— Добры дзень, Паповіч!

— Дзень добры. Як твае справы?

— Якія там справы?! Я хутка прыеду, хоць бы на адзін дзянёк. Я надзвычай засумаваў па табе.

— Я таксама, але табе не трэба прыязджаць. Усё гэта нейкая неразбярыха.

— І цудоўна, што неразбярыха. Мне трэба гэтаму следчаму Варашуху паставіць скрыню каньяку, гэта ж усё дзякуючы яму! Ты хочаш, я сёння зайду да тваёй маці і скажу...

Я чую за спіной лёгкае пакашліванне. Паварочваюся — шэф!

Позіркам прашу ў яго прабачэння і працягваю:

— Значыць, дамовіліся. Калі што — званіце!

Яна ціха засмяялася на другім канцы провада:

— Я разумею. Звані, буду вельмі чакаць.

Рэдактар трымае ў руках мой артыкул. У мяне ўсё пахаладзела ўнутры — няўжо «зарэзаў»?

— Вы прабачце, у мяне была тэрміновая размова,— апраўдваюся я.

— Зразумела. У тваім узросце ў мяне таксама былі тэрміновыя размовы. Толькі асабліва не захапляйся, карысці мала. А артыкул я прачытаў. На чацвёрку з плюсам. Тое-сёе падправіў і асабліва — канцоўку. Паглядзі і аддай у сакратарыят. Ён пойдзе ў суботні нумар.

— Я абяцаў паказаць Вермішаву.

— Не варта наогул практыкаваць падобныя вычыткі,— запярэчыў шэф.— Тым больш матэрыялаў на такую, я сказаў бы, слізкую тэму. Купяць газету і прачытаюць!

Артыкул выйшаў у суботу, а ў панядзелак пазваніў Некрашэвіч.

— Ты не ўяўляеш, Глеб, што робіцца ў інстытуце? Але гэта не самае галоўнае. Я знайшоў, знайшоў тую сваю манаграфію.

— Якую манаграфію? — здзівіўся я.— Вы мне нічога не гаварылі аб ёй.

— Няўжо? Дарэчы, я страціў усякія надзеі адшукаць яе і тым самым, гаворачы юрыдычнай мовай, пацвердзіць сваё алібі. Да вайны я яшчэ надрукаваў манаграфію, а ў ёй была думка, з-за якой адбыўся ўвесь скандал.

Я нарэшце ўсё зразумеў.

— Гэта значыць — у вас у руках дакументальны доказ таго, што ўсё гэта надрукавана намнога раней, чым у дысертацыі Лапун.

— Вось іменна! У Маскве жыве мой былы навуковы кіраўнік, акадэмік Гняздзюк. Я напісаў яму пра ўсё яшчэ некалькі месяцаў назад, і ён пазваніў, што знайшоў у сваіх старых архівах маю даваенную манаграфію і сёння ж вышле яе мне.

— Ні ў якім разе! — усклікнуў я.— Папрасіце, няхай аднясе да поезда і папросіць правадніцу перадаць. Я сам сустрэну гэты поезд. Растлумачце, што гэта проста неабходна.

Назаўтра я паклаў перад рэдактарам манаграфію.

— Здорава! Рыхтуй некалькі старонак у наступны нумар пад рубрыкай «Вяртаючыся да надрукаванага». Гэта вельмі дарэчы — Крыўцоў і некалькі яго людзей напісалі абвяржэнне ў ЦК партыі, патрабуюць стварэння камісіі па праверцы фактаў, выкладзеных у артыкуле. Мне толькі што званілі. Хутчэй за ўсё праверка фактаў будзе даручана камісіі райкома партыі. Не страшна?

— Ніколькі! Я адказваю за кожны радок у артыкуле.

— Само сабою ясна, што адказваеш,— усміхнуўся рэдактар.— Мы з табой разам адказваем.

Дома я зачыніўся ў сваім пакоі і размаўляў па тэлефоне з Танькай. У яе быў свабодны вечар — ні спектакля, ні рэпетыцый.

У пакой заглянула маці.

— Ты вячэраць будзеш?

Я кіўнуў галавой і замахаў рукамі, маўляў, зачыні дзверы. Потым за чаем бацька сказаў нібы між іншым:

— Калі ты размаўляеш па тэлефоне з Наташай, дык дзверы не зачыняеш...

— Мне гэта таксама незразумела! — маці нават папярхнулася, і Волька паляпала яе па спіне.

— А табе нічога не трэба разумець. Гэта мая справа! — амаль выкрыкнуў я.

— Калі ты думаеш, што табе ў аднолькавай ступені дазволена крытыкаваць акадэмікаў і грубіяніць маці, то памыляешся! — бацька быў грозны, нават шклянку ад сябе адсунуў.

І тут Волька прыйшла на дапамогу.

— Адчапіцеся вы ад чалавека. У яго твар стаў велічынёй з тварык маёй старой лялькі — змучыўся ўвесь. У школе пытаюцца: «Гэта твой брат артыкул напісаў?»

Старыя пераглянуліся, і бацька пачаў ужо больш міралюбіва:

— Можа, гэта і сапраўды не наша справа, але нам, зразумей ты, неяк трывожна за цябе.

— Не трывожцеся, у мяне ўсё ў парадку, і, як ніколі раней, вы павінны быць спакойнымі.

Волька пайшла вучыць урокі, маці пачала звінець посудам на кухні, а бацька прыйшоў да мяне «цыгарэту спакойна выкурыць».

— Ты прабач, што я за сталом піліць цябе стаў. Маці, сам разумееш, прычапілася — пагавары ды пагавары... А са мной можаш па-мужчынску.

І я расказаў бацьку пра Таню.

— А ты нічога не наблытаў, не памыліўся? — спытаў ён.

— Здаецца, не. Я ўпэўнены, што не памыліўся.

— Ну і справы! — Ён устаў, падышоў да акна.— А можа, яно і лепш. Толькі ты ж ніколі нічога не расказваў аб сваіх справах з Наташкай, мы з маці і думаць нічога такога не маглі.

За дзвярыма былі чуваць неспакойныя крокі маці — то стул пераставіць, то посудам ляпне.

— Пайду скажу, што хваляванне было дарэмным. Але ж глядзі, каб потым у жыцці не кусаў сябе за локці.

 

13

«Воскресенье, день весенний»,— напявае Волька за дзвярыма. Я нацягваю коўдру на галаву, каб не даць сну адысці, і мне гэта амаль удаецца, але тут зазвінеў тэлефон. Цяпер ужо я не засну.

— Ты ўсё дрыхнеш? — крычыць у самае вуха Кастусь.

— Што табе трэба? — незадаволена бурчу я.

— Ну і нахабнік! Я спецыяльна да аўтамата выбег, бо не маю персанальнага апарата, а ён?! Ты на скачкі едзеш?

Я зусім забыўся. Учора ён прычапіўся да мяне са сваімі скачкамі, і я прасіў яго пазваніць. Планаў на нядзелю ў мяне ніякіх, і я згаджаюся.

— Выдатна! Ты такое ўбачыш... Сустракаемся роўна праз гадзіну на аўтавакзале. Можаш ежы з сабой узяць, там заўсёды штурханіна ў буфеце, не прабіцца.

Волька прасунула галаву ў дзверы.

— Ты куды збіраешся ехаць?

— На скачкі.

— Вазьмі і мяне з сабой. Я там ні разу не была. Ну, калі ласка.

А што, гэта ідэя! З такой сястрой не сорамна паказацца сярод знаўцаў стайні.

— Тады накладвай у мой дыпламат пабольш ежы.

Кастусь ужо нерваваўся на аўтобусным прыпынку. Побач была яго жонка — такая ж маленькая і худзенькая. Прыгразіў мне кулаком, але, зразумеўшы, што Волька са мной, адразу сцішыўся.

— Я тваю сястру ледзь пазнаў!

У аўтобусе было не прадыхнуць.

— Дарэмна я паехала, але ён так прычапіўся! — паскардзілася Кастусёва жонка.

— І да мяне таксама,— супакоіў я яе.

— А мне вельмі падабаецца.— Волька падміргнула Кастусю.— Нават у аўтобусе пахне коньмі.

На скачках Кастусь не сціхаў ні на хвіліну.

— Калі б вы ведалі, што гэта за людзі — жакеі! Жыццё ў іх метэорскае: р-раз, і ты ўжо стары! Як у балеце. Жакей, нават майстар, хутка адыходзіць у мінулае пры ўсёй сваёй сіле, маладосці. Вы паглядзіце, як яны трымаюцца ў сядле!

Недзе я ўсё гэта чуў. Успомніў! Ну, вядома, артыкул аб конях у адным з часопісаў, яго, Кастуся, артыкул.

— Ты што, усе свае творы, як паэт, ведаеш на памяць? — спытаў я.

Кастусь пакрыўдзіўся і сціх, але ненадоўга.

— Да вашага ведама, Купрын быў адным з лепшых знаўцаў стайні і скакуноў,— зноў пачаў каменціраваць скачкі Кастусь.— Ён нават каня некаторы час трымаў у сябе ў пакоі, каб як след спасцігнуць «конскую псіхалогію».

І пра гэта я чытаў у ягоным жа артыкуле, але прамаўчаў. Мы глядзелі скачкі і елі прыгатаваныя Волькай бутэрброды.

— Не разумею, як можна есці ў час скачак? — абураўся Кастусь, а потым ужо не звяртаў на нас увагі — ён ператварыўся ў звычайнага каляспартыўнага псіхапата — крычаў, ускокваў з месца, біў сябе кулакамі ў грудзі і ў выніку — ледзь не счапіўся з нейкім падпітым чалавекам, які абазваў клячай каня, на якога Кастусь паставіў.

Відовішча закончылася, Кастусёў пятак «плакаў», і ён уздыхнуў:

— Ён павінен быў выйграць! Проста гэта недарэчнасць. Як ён ішоў! А які жакей!.. Гэта ж сам Апанасенка — двухразовы пераможца Кубка Еўропы, прызёр Трыумфальнай аркі і Вашынгтонскага кубка!

Знаёмыя Кастуся па стайні прапусцілі нас наперад, і мы запілі бутэрброды свежым бачкавым півам. І тут я ўбачыў Наташу. Дакладней, першым яе ўбачыў Кастусь. Ён адразу замітусіўся ў мяне перад вачыма, каб я нічога не заўважыў. Наташа садзілася ў машыну. Побач былі нейкія незнаёмыя юнакі і дзяўчаты.

Кастусь павёў плячыма, а Волька пацягнула мяне за рукаў.

— Глеб, пайшлі адсюль.

Я засмяяўся.

— Дурні вы, ды гэта ж цудоўна, вы нават не ўяўляеце, як гэта здорава!

— Слухай! — сказаў Кастусь сваёй жонцы.— Ты заўсёды абзываеш мяне псіхам, але ты ніколі не бачыла сапраўднага вар’ята! Вось ён! — і Кастусь тыцнуў у мяне пальцам.

Я адправіў Вольку дамоў і паехаў да жонкі Іванова. Я не бачыў яе пасля пахавання і цяпер не асмельваўся націснуць на кнопку званка. Я пахадзіў па невялікай пляцоўцы, выкурыў цыгарэту.

Таня адчыніла дзверы. Яна схуднела за гэтыя дні, проста цяжка пазнаць.

— Добры вечар. Ты прабач, Таня, але мне неабходна было прыйсці.

З пакоя лілося чырвонае святло і даносілася ціхая музыка. Я ведаў, што яна зусім адна. Бацькоў у яе няма, памерлі, калі яна была яшчэ маленькай, а старыя Іванова — у далёкай вёсцы.

Я стараўся ўсё хутчэй ёй сказаць і пайсці.

— У рэдактара з’явілася ідэя — арганізаваць выстаўку работ Іванова ў Саюзе журналістаў.

— Добра, няхай будзе такая выстаўка,— згадзілася яна.— Саюз мастакоў таксама збіраецца наладзіць яго выстаўку. Хутчэй за ўсё летам.

— Таня, ты ведаеш пра той пакой у майстэрні?

— Так, ведаю. Толькі я там не была. Ён прасіў не заходзіць. Абяцаў пазней усё паказаць... Ён часта там працаваў перад ад’ездам. Я не была ў майстэрні з таго часу, як ён паехаў... Ты сядай.

Я прысеў у крэсла. Яна прынесла чай у знаёмых мне кубках.

— Што ў цябе чуваць? — спытала яна.

— Усё добра.

Яна прачытала ў маіх вачах пытанне: а як ты?

Сказала ціха:

— Мне ўсё здаецца, што ён выйшаў на хвілінку і хутка прыйдзе, загрыміць з парога: «У-ух, старуня, сто пудоў гліны сёння перакідаў. Нешта будзе...»

— Ведаеш што, паехалі зараз жа ў майстэрню.

Яна згадзілася:

— Паехалі. Я ўвесь час адна, нікога не магу бачыць. Усе суцяшаюць, а ад гэтага зусім жыць не хочацца.

Таксі доўга не траплялася, і мы ішлі пешшу, крыху праехалі аўтобусам. Яна падала мне ключ:

— Не магу я. Адчыні сам.

Запалілі святло. Быццам учора выйшаў ён адсюль. Чорны халат на старым крэсле, пастаянны пах тытуню. Пасярэдзіне майстэрні — пачатая скульптура. Цяжка сказаць, што ён задумаў. Цяпер нікому аб гэтым не дазнацца. Я пачуў усхліпванне. Сеў насупраць.

— Таня, пастарайся не плакаць.

Яна, як магла, змагалася са слязьмі:

— Ён любіў расказваць пра двух маленькіх папугайчыкаў. Не помню, як яны называюцца... Яны не могуць жыць адзін без аднаго. Калі памірае адзін, другі таксама памірае. Ён памёр, а я жывая...

Яна паднялася і зрабіла некалькі крокаў па майстэрні.

— Можа, сёння не варта адчыняць гэты пакой? — Я кіўнуў галавой на дзверы, што цямнелі ў далёкай сцяне.

Яна адмоўна паківала галавой:

— Трэба адчыніць. Пойдзем, Глеб.

Таня штурхнула дзверы і ўключыла святло.

Пасярод пакоя стаяла вялікая гранітная скульптура. Метраў каля трох вышынёй. Спакойнай сілай павявала ад твару чалавека.

— Ён называў гэту работу «Сучаснік»,— парушыла маўчанне Таня.— Усё гаварыў: «Вось закончу «Сучасніка»...»

— Хто яму пазіраваў?

— Не ведаю. Ён нічога не казаў пра гэта. Скульптуру ніхто не бачыў, мы першыя. Ён больш як год над ёй працаваў, вельмі хваляваўся і нікога не пускаў сюды. Нават мяне.

Вечар усё больш зацягваўся хмарамі і ператвараўся ў непраглядную цемрадзь. Я павольна ішоў дамоў і ўспамінаў Іванова. Цікава, што б ён сказаў пра Наташку? Мяне так і парывала знайсці для яе рэзкія словы, але чаму, якое гэта цяпер мае значэнне? Ніякага... Засталася прывычка думаць аб ёй, і не больш. Была ўжо амаль ноч, але я пазваніў Алёшу Паповічу. У яе быў сонны, стомлены голас.

— Калі б ты ведала, як я хачу ўбачыць цябе!

 

Замест эпілога

Праз некалькі дзён пазваніў Галубовіч. Голас у яго быў усхваляваны.

— Лёньку адпусцілі, узяўшы распіску аб нявыездзе. Варашуху даручана весці расследаванне нанава.

Як мне захацелася ўбачыць Лёньку, пагаварыць з ім! Я ўсё расказаў рэдактару.

— Не бачу асаблівай неабходнасці ў гэтай камандзіроўцы. Віншую цябе, усё ў парадку, а цяпер — за работу.

Але я не выходзіў. Я думаў пра Паповіча. Я проста не магу ўпусціць такі шанс і не ўбачыць яе. Гэта ж так важна для нас абодвух.

— Вы разумееце, мне вельмі трэба з’ездзіць, проста пазарэз. Да таго ж я мог бы прыняць удзел у расследаванні або знайсці якую-небудзь іншую тэму.

— Да таго ж, гаворыш,— рэдактар усміхнуўся.— Ты так прагнеш гэтай камандзіроўкі, нібыта яна ў цябе самая галоўная...

— Сапраўды, самая галоўная,— сказаў я.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Дні, як усе іншыя: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 222 с.
Крыніца: скан