epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Незнаёмая

Дождж ліў другія суткі. Мільгацелі рэдкія прахожыя, і паўзлі запоўненыя трамваі. Сівакоў зрэдку падыходзіў да акна, глядзеў, як мокнуць насупраць цераз вуліцу старажытныя, пабудаваныя стагоддзі тры назад дамы, якія па ўсім сваім абліччы нагадвалі старых з сумнымі вачыма-вокнамі. У пакоях цяжка дыхалася, Сівакоў адчуваў, як скача ягоны ціск, хацелася раскрыць вокны, уздыхнуць на поўныя грудзі, але некалькі дзён назад з ім здарыўся непрыемны выпадак. Сівакоў размаўляў па тэлефоне з сябрам і раптам гучна застагнаў ад рэзкага, імгненнага болю пад левай лапаткай. Сябар, а гэта быў Алесь Скварчэня, спытаў усхвалявана, што з ім здарылася, але Сівакоў некалькі хвілін мог толькі войкаць. Ён і цяпер не мог зразумець, што больш адчуваў у той момант, — ці то нейкі жах, ці то, наадварот, неапраўданае аблягчэнне, так, гэта сэрца, ён, нарэшце, дастукаўся, сам колькі разоў здзіўляўся, наколькі літасцівы да яго лёс, і вось... Праз паўгадзіны ён ляжаў на ложку, вакол яго бегаў перапалоханы Алесь, ён нават перашкаджаў доктару, якога прывёз з сабой, і той рабіў яму заўвагі: не хвалюйцеся, вы ж мужчына. Доктар выстукаў Сівакова, змераў яму ціск і ўздыхнуў з палёгкай: нічога страшнага, хутчэй за ўсё ён проста на скразняку ці яшчэ дзе застудзіў мышцу. Сівакову неабходна зрабіць укол анальгіну, калі ў яго, вядома, няма алергіі на розныя лякарствы, пасля спіну трэба націраць, — і ўсё як рукой здыме.

— Вось і добра, Іван, усё добра, — гаварыў узрадавана сябар Сівакова, калі доктар пайшоў. — Дасталася табе ўсяго за гэты час, і я падумаў ужо, ці не прыхапіла матор. Кажуць жа, што лепш адчуць боль злева, нават уперадзе, чым пад лапаткай.

 

Па шмат разоў на дзень Сівакоў чуў у тэлефоннай трубцы голас сваёй дачкі Наташы, а вечарамі яна з’яўлялася з пакункамі ў руках, націрала яму спіну віпратоксам, гатавала страву. Сівакоў закрываў у такія моманты вочы, і яму здавалася, што яна вось толькі прыбегла са школы або, ва ўсякім разе, з інстытута, а не з другой ужо сваёй сям’і, і яшчэ яму здавалася, што яна не адна ў доме, ён чуе яшчэ адны крокі і яшчэ адзін голас. Ён адчуваў у такія мінуты, як гарачыня засцілае вочы, прасіў дачку, каб яна ішла хутчэй дадому, там яе муж Сяргей ваюе з двума хлопчыкамі, шасці і трох гадоў, яго, Сівакова, унукамі, а яна марнуе час побач з ім, практычна здаровым чалавекам, які зарабіў сваю інтэлігентную хваробу, вядома ж, не за чарцёжным кульманам: яны дабіваюць новы станок, часу засталося зусім мала, і ён сам, намеснік галоўнага канструктара, таксама не разгінае спіны...

Неяк вечарам дачка прысела ля канапы, на якой ляжаў Сівакоў. Яна гаварыла, што разумее, як яму цяжка, ёй і самой не лягчэй, яна ніяк не можа пазбавіцца ад жаху, цяжару гора, якое звалілася на іх абоіх, але яна не адна, яна прыходзіць дамоў, і на душы робіцца крыху лягчэй.

Сівакоў моўчкі прытуліў кучаравую галаву дачкі да сябе, потым сказаў:

— Жыццё вельмі хутка праходзіць, да крыўднага хутка, а раней жа здавалася, што яно вельмі-вельмі доўгае, проста бясконцае, і таму не маглі цаніць ні дзён, ні месяцаў, а трэба было цаніць кожнае, без выключэння, імгненне. А я, здаралася, можа, ты памятаеш, а можа, і не, крыўдзіў яе, паводзіў сябе як апошні дурань, а яна маўчала, увесь час маўчала, насіла сваю крыўду ў самой сабе, у глыбіні душы, і ўвесь час даравала, як гэта ні было ёй цяжка... А цяпер усё прайшло, разумееш, усё.

Дачка хацела яму нешта сказаць, але, убачыўшы выраз ягонага твару, нейкі незвычайна абыякавы, быццам бы ён глядзеў некуды, дзе немагчыма нічога ўбачыць, прамаўчала.

Яна ішла дадому, а Сівакоў падымаўся з канапы і пачынаў ціха хадзіць па кватэры. Ён сам сабе сцвярджаў, што робіць гэта без усялякай пэўнай мэты, пачынаў перабіраць кнігі, яны былі ўсе па некалькі разоў прачытаны яшчэ ў тыя часы, калі Сівакоў хварэў зборам кніжак, пасля пачынаў корпацца на кухні... Ён ведаў, што будзе далей: ён пойдзе, абавязкова пойдзе ў спальню, там ужо з паўгода, з таго самага апошняга яе дня нічога не кранута. На століку ля люстэрка духі, пудра, у шафе — усе яе рэчы. Ён прасіў дачку — вазьмі, многія рэчы зусім новыя, апошнія гады жылі больш чым добра, а па фігуры вы зусім аднолькавыя. Але дачка пачынала плакаць, і ён больш не напамінаў ёй пра гэта.

Сівакоў заходзіў у спальню і, не ўключаючы святла, падыходзіў да акна. Спальня захавала яе пахі: ад розных лекаў, якіх было шмат тут у апошнія месяцы яе жыцця. Сівакоў доўга стаяў ля акна, слухаючы гукі, якія быццам бы прабіваліся толькі сюды, у гэты невялікі пакой, у якім ён па начах шмат гадоў слухаў яе павольнае дыханне, у якім было іх каханне, гэтыя гукі належалі толькі ёй, і яны не зніклі, бо ён не чуў больш іх ні ў адным пакоі.

Калі яны прыехалі сюды жыць, жонка вельмі радавалася, — пакой светлы, з высокай столлю; а галоўнае — насупраць старыя дамы, а яна так любіць даўніну, і не толькі таму, што гісторык. Гарады, у якіх няма помнікаў, лічыла яна, не маюць свайго твару, а Мінск быў разбураны, і таму трэба вельмі берагчы тое, што засталося. Яны любілі па вечарах доўга хадзіць па старых вулачках, яна бясконца расказвала яму, якое жыццё было тут некалі, ён слухаў, слухаў яе і заўсёды здзіўляўся, адкуль у яе столькі цікаўнасці да жыцця, да сваёй прафесіі. Яна заўсёды несла ў клас столькі фактаў з кніг, якія гатова была перад урокамі чытаць да раніцы. Сівакоў пасмейваўся, казаў, што так працаваць проста нельга, яна ідзе да сваіх вучняў кожны раз, як на першае спатканне, так яе ненадоўга хопіць, а яна гаварыла ў адказ на ягоныя кпіны, што не можа выглядаць перад імі звычайнай будзённай, не можа выкладваць факты і факцікі з радавога падручніка, які ёсць у кожнага. Гісторыя, лічыла яна, самая галоўная навука, менавіта адтуль, з гісторыі, можна браць тое, чаго так часта не хапае ў сённяшнім жыцці.

Сёння і яе жыццё — гэта таксама гісторыя, яна знікла назаўсёды, як зніклі жыхары тых дамоў насупраць з сумнымі вачыма-вокнамі, як знікнуць яшчэ людзі, бясконцая колькасць людзей, але гэта яго ніколькі не супакойвае і не можа супакоіць.

Ён глядзіць на пусты ложак, акуратна засланы дачкой, пасля на ложак побач, — колькі гадзін іх жыцця прайшло тут! — успамінае, як аднойчы, са сціснутым дыханнем ён прыйшоў, лёг побач і доўга ляжаў, не дыхаючы, адчуваючы на сабе пах чужых духоў. Яна не спытала, чаму ён так доўга затрымаўся, нават не папярэдзіўшы, ляжала адвярнуўшыся, але ён адчуваў, што яна не спіць. Яго сэрца пачало гучна калаціцца, здавалася, яно вырываецца з грудной клеткі, ды і дыхаць яму было нялёгка. Ён прамармытаў нешта накшталт таго, што затрымаўся з хлопцамі, была адна невялікая прычына, крышку выпіў і не мог пазваніць — не было побач тэлефона. Яна ляжала моўчкі, хоць і не заснула, відаць, да самай раніцы. Пасля з тыдзень яна не размаўляла з ім, што было горш за самую страшную кару, ды і пазней, калі нават у вачах яе з’яўлялася ўсмешка, ён адчуваў нейкі холад у яе позірку, ад гэтага холаду яму так хацелася пазбавіцца...

Аднойчы, з таго непрыемнага для абоіх вечара прайшло шмат часу, ён адчуў, як яна цяжка дыхае. Спытаў з трывогай: што з табой? Яна махнула рукой, відаць, стамілася, усё пройдзе, вось толькі часу не хапае па-сапраўднаму заняцца сабой, а час коціцца хутка: ужо і старасць набліжаецца, і яе нельга сустракаць развалюхай. Ён параіў заняцца гімнастыкай, хоць бы раніцай, як рабілі яны гэта ў маладосці, здавалася б, зусім нядаўна, асабліва яна была вельмі рухавай, кожную раніцу літаральна выцягвала яго на прабежку ў сквер, які быў побач, але пасля ўсё гэта адышло само па сабе. А цяпер вось час успомніць маладосць, таму што на самай справе можна па-сапраўднаму захварэць, састарыцца рана.

Яна схапілася за гэту яго прапанову, і зноў, як дзесяцігоддзі назад, яны выходзілі раніцой на зарадку разам, але толькі працягвалася гэта вельмі нядоўга: яна пачала слабнуць на вачах. Раптам кружылася галава, не хапала паветра. Ён ледзь не сілай, усё праз таго ж Алеся Скварчэню, павёў яе да вопытных урачоў, вядомых у горадзе спецыялістаў, але яны амаль што не спатрэбіліся.

Сівакоў адразу зразумеў, што адбылося нешта дрэннае. Алесь няспынна курыў і маўчаў.

— Не ведаю, з чаго пачаць, чым закончыць, — нарэшце азваўся ён. — Проста не ведаю, што сказаць. Ты прабач мне, прабач.

Яны прыселі на лаве ў канцы цяністай алеі. Скварчэня яшчэ крыху памаўчаў, а пасля сказаў, што суцяшаць яго, свайго даўняга і самага лепшага сябра, не мае ніякага права. З ёй вельмі і вельмі дрэнна, нават цяжка ўявіць сабе наколькі.

— У чым жа справа, у чым, скажы нарэшце! — не вытрымаў Сівакоў.

— Кроў... Самае дрэннае...

Сівакоў не мог ачомацца некалькі хвілін. Сэнс слоў Скварчэні не даходзіў да яго. Ён прыцягнуў сябра да сябе.

— Такога не можа быць з ёй, разумееш, не можа. Памылка нейкая, вось і ўсё. А што... Вунь колькі ўрачы памылак робяць. Ды і кроў маглі пераблытаць. Я аднаго чалавека ведаю, якому нажніцы ў жываце ў час аперацыі зашылі.

Яго працяло халодным потам, быццам ён прамок наскрозь пад дажджом ці ўваліўся ў рэчку ў адзенні.

Немаведама калі і як знік у той вечар Скварчэня, а ён адзін у прыцемках цягнуўся дадому. Дома яго з нейкай страшэннай сілай штурхнула на ложак, ён не мог глядзець у яе бок, не мог вымавіць ні слова. Яна гаварыла, што позна ўжо, а яна так не любіць, калі яго няма позна дома, проста месца сабе не знаходзіць, і ён, ведаючы гэта, можа хоць пазваніць, сказаць, калі хоча, няпраўду, але паведаміць, што з ім, дзе ён. У яго не было сіл вымавіць ніводнага слова. І яшчэ ён адчуў, што можа заплакаць.

Даўно гэта было, вельмі даўно. У той вечар ён ведаць нават не мог, што чакае яго наперадзе, якія выпрабаванні, а лепш сказаць — жахі.

Даўно гэта было, так, вельмі даўно, хоць на календары адгорнута не так многа лісткоў. Яму ж здаецца, што гэта было яшчэ адно жыццё, непапраўна горкае і цяжкае.

Цяпер — цішыня ў кватэры і два некранутыя ложкі ў спальні. Ён пастаяў яшчэ крыху ля акна, напружана ўглядаючыся ў цемру, пасля хутка выйшаў у залу і толькі тут уздыхнуў на поўныя грудзі.

З самых юначых гадоў, калі ў сяброў яшчэ вецер гуляў у галаве, ён вызначаўся сканцэнтраванасцю. Ён заўсёды бачыў перад сабой нейкую вельмі канкрэтную мэту і не мог супакоіцца, пакуль яна не рабілася рэальнасцю. Нават яе маці, жанчына жарсткаватая і ўвесь час нечым незадаволеная, на што, відаць, былі свае прычыны, да якіх ён так і не дасяг у сваім разуменні, гаварыла дачцэ, што з мужам ёй пашанцавала, ён чалавек вельмі надзейны, што рэдка бывае ў наш час, калі сапраўдныя мужыкі цалкам перавяліся, за ім можна адчуваць сябе як за каменнай сцяной, і яна павінна цаніць гэта ўсё жыццё, не дазваляючы сабе несур’ёзных да сямейнага жыцця адносін. Яна, усміхаючыся, паглядала на сваю маці, ён таксама. Ім было так добра разам, што ўсе размовы вакол будучых акалічнасцей іх жыцця здаваліся проста залішнімі.

Ён проста са скуры лез, каб яны жылі не горш за людзей, хоць пры яго канструктарскай зарплаце зрабіць гэта было нялёгка. У маладыя гады кожнае лета з хлопцамі з інстытута ездзіў на шабашку, старую маці аформіў вартаўніцай у дзіцячы сад, а сам дзяжурыў раз у трое сутак за 80 рублёў у месяц. Ды і выбіцца ў намеснікі галоўнага ў іх канторы, дзе больш як дзве сотні праекціроўшчыкаў карпеюць за кульманамі, таксама было няпроста, хоць галава ў яго заўсёды лічылася светлай, але ж гэтага так мала. Яму давялося шмат вытрымаць: маўчаць, калі абавязкова трэба было выказаць сваю думку, цярпліва адносіцца да розных тупагаловых сынкоў, з-за якіх не бачна свету ўсім астатнім, рэкамендаваць іх на павышэнне, бо ад гэтага залежаў і яго ўласны, а значыць, і яе, а пасля і даччын лёс.

...Ён прайшоў па цёмным калідоры ў залу. Уздоўж сцен віселі карціны, недарагія, з тых, што на сотню можаш набыць у мастацкім салоне колькі штук — праца мастакоў сёння танная, — і ўспомніў, з якім стараннем яна падбірала кожную. Яна наогул любіла ствараць прыгажосць вакол сябе. Калі адзін з гасцей сказаў, што лепш бы яны павесілі адну, але каштоўную карціну, а не гэтыя падробкі пад мастацтва, яна ніколькі не засмуцілася, а адказала вельмі проста і ясна: «Мастацтва вымяраецца не колькасцю грошай. Вы паглядзіце, як тонка адчуваюць гэтыя мастакі прыроду?!»

Яму здаецца, што ён чуе яе голас, час быццам губляе свае рысы, і ён знаходзіцца ў нейкім амаль што неадчувальным забыцці.

Некалькі дзён ён адзін без мэты туляўся па кватэры. Захварэлі адразу абодва ўнукі, і дачка была ўвесь час з імі, яна званіла яму амаль кожную гадзіну, давала парады, як малому дзіцяці, як варыць стравы, калі класціся спаць, у якім парадку прымаць лякарствы. Сівакоў слухаў яе ўсміхаючыся і, вядома ж, рабіў усё наадварот, але яму было вельмі прыемна чуць яе голас, адчуваць яе клопат. Яна па-сапраўднаму перажывае за яго. У час адной з такіх бясконцых размоў Сівакоў успомніў, як яны з жонкай і дачкой першы раз прыехалі ў Палангу. Ім вельмі добра жылося ў старога літоўца, зялёная хатка якога прытулілася да касцёла. Вечарамі яны хадзілі ўздоўж мора, і дачка прасіла звазіць яе туды, дзе канчаецца мора. Як гэта сапраўды нядаўна было. Яму нават здалося, што ён песціцца на гарачым пяску, у яго руцэ — яе маленькая рука.

Неяк вечарам, калі Сівакоў, пакрэктваючы, рыхтаваўся назаўтра выходзіць на работу, да яго заляцеў сябар з бутэлькай шампанскага. І зноў пачаў старую размову, што выглядае Сівакоў не зусім добра, некалі шырачэзны, як штангіст, ён паступова ператвараецца ў хлапчука, касцюмы вісяць на ім, як на калу, ды і наогул ён перастаў сачыць за сабой, хоць мужчыны ў такім узросце толькі-толькі павінны пачынаць па-сапраўднаму адчуваць смак жыцця.

Сівакоў слухаў яго з сумнымі вачыма — зноў пачне гаварыць, што жыць яму так нельга, прайшло ўжо дастаткова часу, каб падумаць аб сваім жыцці, а гэта значыць, прыгледзець якую-небудзь жанчыну, вядома ж, не малодку. Такія эксперыменты заканчваюцца не на карысць мужчын іх узросту, але і не старую, словам, кабеціну сярэдніх гадоў. Ні пра якое каханне тут, вядома, не можа ісці размова, але затое будзе ўладкаванае жыццё, у ім з’явіцца нейкі сэнс.

Сівакоў моўчкі слухаў сябра, а пасля папрасіў:

— Ведаеш, хопіць пра гэта. Я цябе прашу. Цяпер не час... Можа, гадоў праз дзесяць, а можа...

Ён не закончыў, падышоў да акна, за якім зноў імжэў дождж.

Скварчэня ўздыхнуў:

— Праз дзесяць гадоў мы з табой, стары, канаць будзем.

— Ну і добра. Я не з тых, хто марыць пра бессмяротнасць. Ужо стомленасць такая, што цягаць яе за сабой цяжка.

— Ты гэта кінь, якая стомленасць? Колькі дабра, сам падумай, было ў нашым жыцці. Працавалі як чэрці, але ні да чаго асаблівага не наблізіліся. Памятаеш, марылі пра ўсё такое вялікае і значнае, але з кожным годам мар заставалася ўсё менш і менш, жыццё зацягвала ў нейкія нязначныя клопаты і справы, напляваць на якія нельга было і пражыць без іх таксама немагчыма.

Скварчэня доўга яшчэ гаварыў, Сівакоў лавіў сябе на тым, што амаль яго не слухае, а пасля зноў уключаецца ў размову, яму прыемна слухаць голас сябра, на душы робіцца спакойна і лёгка.

Ён упершыню выйшаў на вуліцу праводзіць сябра, хоць той доўга працівіўся, гаварыў, што яму трэба вылежацца як след, нічога страшнага ў яго, вядома ж, не было, так сабе, пенсіённая хвароба, не больш, але тым не менш трэба сачыць за сабой. Сівакоў з нейкай непаўторнай асалодай уцягваў у лёгкія свежае паветра.

— Ты ведаеш, давай зойдзем у кафэ, памятаеш, тое самае, даўняе. Я там вельмі доўга не быў... Яно якраз побач...

Скварчэня засумняваўся, а раптам, гаварыў ён, у цябе ніякі не прастрэл, а сэрца, усё ж ёсць нейкая небяспека, сам ведаеш, урачы нашы... Сівакоў засмяяўся:

— Ты, Сярога, стаў старым перастрахоўшчыкам. Так нельга.

Яны зайшлі ў кафэ, тое самае, якое было, мабыць, самым першым пабудаваным у горадзе адразу пасля вайны. Некалі студэнты нярэдка збіраліся тут. Цяпер кафэ ператварылася ў звычайную забягалаўку, хоць у кутку з’явіўся каляровы тэлевізар і на падлозе ляжаў вялізны дыван. Вершаў тут, як некалі, ніхто не чытаў, у паўасветленай зале сядзелі ў асноўным нейкія парачкі і сярод іх два пажылыя мужчыны з маладзенькімі, але занадта размаляванымі дзяўчынамі.

Ад каньяку стала горача, настрой палепшыўся, і яны некалькі гадзін размаўлялі, пераскокваючы з тэмы на тэму. Скварчэня адзначаў, што Сівакоў мякчэе, лагаднее, упершыню ў яго такі добры настрой пасля смерці жонкі. Яны развіталіся і пайшлі ў розныя бакі. Сівакоў вырашыў ісці дадому пеша, тым больш яму трэба зайсці ў ГУМ, дома закончыліся розныя дробязі.

Ён ніколі не любіў бываць у магазінах. Не любіў традыцыйнага натоўпу ў іх і звычайна чакаў жонку на вуліцы. Не любіў, калі яна затрымлівалася, пачынаў бурчэць, а яна, якая толькі што выглядала пераможцай — ёй усё ж пашчасціла набыць неабходныя пакупкі, — адразу ж крыўдзілася, гаварыла, што ён не ўяўляе сабе, як гэта цяжка весці гаспадарку жанчыне, якая сама працуе, як надакучыла ёй бегаць па магазінах у час абедзеннага перапынку, стаяць у чарзе па некалькі гадзін у дзень, каб дома быў поўны халадзільнік. Ён у такіх выпадках адступаў, прасіў у яе прабачэння, абяцаў дапамагаць ва ўсім.

Перад закрыццём у ГУМе амаль не было людзей, і Сівакоў уздыхнуў з палёгкай. Ён купіў туалетнае мыла, крэм для галення, насоўкі і збіраўся выходзіць, але нехта гукнуў яго па прозвішчы. Перад ім стаяла жанчына з тонкім, хударлявым тварам, у чорным скураным паліто. На яго глядзелі выразныя чорныя вочы, валасы акаймлялі твар, які быццам бы выглядаў з-за чорнай рамкі.

— Добры вечар, Сівакоў, — сказала жанчына крыху прыглушаным голасам.

Ён толькі імгненне разглядаў яе, толькі імгненне думаў, што гэта нейкая незнаёмая жанчына выпадкова назвала яго прозвішча, аднекуль з далёкага часу вярнулася да яго яе імя і той даўні-даўні вечар, калі ішоў ён дадому, адчуваючы ад сябе пах яе духоў, як потым ляжаў побач з жонкай і адчуваў, як уздрыгваюць яе плечы.

— Добры вечар, Галя, — сказаў Сівакоў.

— А я падумала ўжо, што ты не пазнаў мяне. Час, вядома, прайшоў немалы, але ўсё ж...

— Ну што ты, што ты, — выціснуў з сябе ўсмешку Сівакоў. — Я адразу ж пазнаў цябе, чэснае слова, пазнаў, ты ніколькі не змянілася, наадварот, час пайшоў табе на карысць...

І на самай справе, рысы яе твару зрабіліся больш вытанчанымі, быццам бы гады працавалі над ім у якасці ювеліра.

— Ты спяшаешся? — спытала яна.

— Не, — адказаў Сівакоў і чамусьці пакруціў галавой па баках, быццам шукаючы кагосьці.

— Ты тут не адзін?

— Адзін, — сказаў Сівакоў і паляпаў сябе па кішэнях. — Вось купіў тое-сёе.

— Тады пачакай мяне адну хвілінку, і можам крыху прайсціся, калі ты не супраць. Сёння добры вечар.

Сівакоў выйшаў і спыніўся за калонай. Ён да дэталяў успомніў той вечар, які быў такім непаўторным у ягоным жыцці, у чым ён ніколі сабе не прызнаваўся, і кроў ударыла яму ў твар. Ён раптоўна адчуў у рэальнасці яе дыханне, нейкія беспарадкавыя словы, сэнс якіх не даходзіў да яго. Яны забыліся, і ён не ведаў, колькі часу прайшло, растлумачыць сам сабе не мог, што з ім адбывалася...

Яна і сапраўды хутка выйшла з магазіна, і яны моўчкі пайшлі па праспекце.

— Як ты імгненна знік тады, нават не пазваніў ні разу, — сказала яна ціха і такім тонам, быццам яны развіталіся самае большае з нейкі месяц назад.

Сівакоў адкашляўся, але так нічога і не адказаў.

— Ты, відаць, смяешся ў глыбіні душы?

— Я не смяюся, з чаго ты ўзяла, — адказаў Сівакоў.

Ён адчуваў на сабе яе неадступны позірк.

— Выглядаеш ты не вельмі добра... Я разумею, чытала ў «Вячорцы» спачуванні ў твой адрас. Што з ёй адбылося?

— Хварэла. Доўга, цяжка. Рак крыві.

— Уяўляю, колькі дасталася табе, — яна сціснула яго далонь. Рука ў яе была тонкая і, як некалі, гарачая, як агонь.

— Я хацела пазваніць, але не ведала, дзе ты жывеш, кім працуеш. Тады я згубіла цябе на вечныя часы, Сівакоў.

— А што было ў тваім жыцці?

— Нічога цікавага. Многа працавала, пакуль не скляпала, нарэшце, кандыдацкую дысертацыю, а калі абаранілася, то зразумела, што магла абысціся і без гэтага. Было адно апраўданне — забіць час, заняць сябе работай і не звяртаць увагі на іншыя акалічнасці жыцця. Была замужам, ёсць дачка, вось-вось выходзіць замуж. З мужам разышлася з радасцю. Гэта быў выпадковы чалавек, ён пра многае марыў, а потым моцна запіў. Я нават не ведаю, дзе ён і што з ім.

— Мы ўсе пра многае марылі, — з сумам вымавіў Сівакоў. — У мяне таксама ёсць дачка. У яе ўжо двое дзяцей, маіх унукаў.

Яны доўга яшчэ ішлі поруч, і Сівакоў блізка-блізка адчуваў яе дыханне. Зусім як у той вечар.

Нарэшце яна сказала:

— Вось і мая вуліца.

Дастала маленькі блакноцік, нешта напісала і працягнула Сівакову вырваны лісток паперы.

— Гэта мой тэлефон, Сівакоў. — Ты пазвані, абавязкова пазвані. Я буду чакаць.

— Добра, — сказаў ён, — я пазваню.

Праз некаторы час Сівакоў падняўся ў кватэру і, не здымаючы паліто, падышоў да акна. Ён доўга стаяў ля яго, а потым разарваў на дробныя кавалачкі лісток паперы і кінуў іх у фортку. Яны доўга ляцелі долу, апускаючыся на асфальт, па якім зноў стукаў дождж...


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 256-266
Крыніца: скан