epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Пасля аперацыі

Вашкевіч атрымаў пісьмо. Пісьмо ў звычайным, крыху пакамечаным канверце. Само пісьмо таксама было трохі пакамечана, быццам яго доўга цягалі ў кішэні, перш чым адправіць. У пісьме было ўсяго некалькі слоў: «Прыехаў у камандзіроўку. Жыву ў гасцініцы «Мір», корпус першы, пакой 433. Калі будзе жаданне, зайдзі. Бацька».

А крыху ніжэй адарваныя ад астатняга тэксту два словы: «Вельмі прашу».

Пісьмо Вашкевіч прачытаў у тралейбусе. Было халаднавата, але ён адчуў, што імгненна ўзмакрэў. Другі раз ён прачытаў пісьмо ўжо ў клініцы, ідучы па доўгім калідоры. Яму было дваццаць шэсць гадоў. Год назад ён скончыў медыцынскі і стаў хірургам. Ні разу за ўвесь час ён не вымавіў слова «бацька». Яго бацька быў жывы. Пасля таго як ён разышоўся з маці, ён не адразу з’ехаў з іх горада, а жыў са сваёй новай жонкай непадалёк. Бабуля Зінаіда, калі яшчэ была жывая, расказвала ўнуку, што бацька часцяком сустракаў сына на вуліцы, у булачнай, але ні разу не падышоў, а наадварот, імкнуўся адвесці вочы і спяшаўся пайсці. Бабка ненавідзела бацьку Вашкевіча. Ёй вельмі хацелася, каб і ўнук гэтак жа ненавідзеў яго. Слова «бацька» гучала для Вашкевіча як чужое і абыякавае. Праўда, і бабцы і маці хацелася, каб ён называў так свайго айчыма, чалавека добрага і паважанага ўсімі. Ён нічога заганнага ў ім не бачыў. Але называць бацькам Вашкевіч не хацеў. Нешта незразумелае для яго самога перашкаджала яму сказаць гэтае слова. Маці свайго першага мужа ніколі не ўспамінала, часам толькі яна не вытрымлівала і гаварыла: «У бацьку ўвесь пайшоў, нават і кропачкі падабраў». Шкодлівы хлопчык апускаў вочы і думаў: колькі ж нарабіў зла гэты чалавек, ягоны бацька, калі маці заўсёды параўноўвае яго з ім.

Хірург Вашкевіч, імкнучыся прывесці свае думкі хоць у які-небудзь парадак, павольна ішоў па клініцы. Ён зайшоў у кабінет да шэфа — прафесара Шышова. Прафесар сядзеў за сталом і перагортваў паперы. Ён заўсёды рабіў сабе пісьмовыя накіды перад кожнай аперацыяй. Вашкевіч сеў у крэсла насупраць і закурыў.

Прафесар глянуў на яго і спытаў:

— Як, калега, форма сёння?

Прафесар кожны раз задаваў гэта пытанне перад аперацыяй. І не дзеля адной цікавасці. Ён яшчэ студэнту Вашкевічу, якога адразу запісаў у свае будучыя вучні, казаў, што, апрача ўсяго іншага, галоўнае перад аперацыяй — добрая форма. Накшталт спартыўнай. Быццам перад выхадам на памост (прафесар у маладосці лічыўся нядрэнным вагавіком). Калі не пераадолееш вагу ў думках, калі адчуваеш няўпэўненасць і страх, на памост не выходзь. У такіх выпадках не трэба браць скальпель у рукі. Калі нават аперацыя і безнадзейная (бывае і такое), нічога не мянялася ў формуле прафесара. Яны робяць незвычайныя аперацыі. На сэрцы... Кожны дзень... Клініка спецыялізаваная. Лечыць толькі пацыентаў з прыроджанымі парокамі. Пацыентаў з маленькімі дзіцячымі сэрцамі...

Вашкевіч не адказаў прафесару. Шышоў усё гартаў і гартаў свае запісы.

— Ну? — зноў запытаў прафесар.— Як форма?

— Як заўсёды.

Але ж на гэты раз ён схлусіў прафесару.

Аперацыя прызначана на дзесяць. Засталося паўгадзіны. Вашкевіч ведаў — прафесар сёння хвалюецца. Выпадак не такі і просты. Машына будзе замяняць сэрца сорак мінут. Гэта многа. Такога выпадку ў практыцы прафесара не было. У яго, Вашкевічавай, практыцы і тым больш.

— Паглядзі на здымак,— прапанаваў прафесар.— Звярні ўвагу на левы мяшэчак.

Вашкевіч паднёс рэнтгенаўскі здымак да акна. Мяшэчак задужа вялікі. Правы быццам да яго прыклеены. Вашкевіч уявіў, як цяжка, пакутліва перапампоўвае сэрца кроў у пяцігадовага Сашкі. Без аперацыі яму не жыць.

Сам Вашкевіч моцна хварэў у дзяцінстве. Час быў такі. Ён, хутчэй за ўсё, не выжыў бы ці, ва ўсякім разе, не павінен быў выжыць. Маці і бабка правялі каля яго шмат бяссонных начэй...

Ён паклаў здымак і зірнуў за акно. Некалькі мужчын і жанчын сядзелі на лаўках ля дрэў. У кожнага на душы адно — страх перад тымі хвілінамі, калі надыдзе аперацыя. Сёння, як і заўсёды, у клініцы шмат аперацый. Бацькі чакаюць. Вашкевіч зрабіў спробу вылучыць бацькоў Сашкі — іхняга сённяшняга пацыента. З вышыні восьмага паверха не бачны твары. Але ён ведаў — яны зараз там, унізе. І заўтра прыйдуць, і паслязаўтра... Колькі ўжо бачыў Вашкевіч гэтых людзей за год працы з прафесарам... Яны пасля віталіся з ім у тралейбусе, у тэатры.

Ён пытаўся:

— Ну, як ваш сынок?..

Твары Вашкевіч запамінаў дрэнна і не ведаў, чые гэта бацькі. Яны казалі самі, што мой Сашанька ці мая Волечка адчуваюць сябе добра...

Прафесар падняўся і сказаў:

— Пайшлі, Мікола... Пасля аперацыі...— ён не дагаварыў: мусіць, гэтае «пасля» здавалася яму і далёкім і няпростым.

Яны ўвайшлі ў аперацыйную. Здаўна знаёмы малюнак. Белыя халаты сясцёр, твары студэнтаў за шкляным каўпаком уверсе, машына ў кутку — нагрувашчванне трубачак і трубачак... Сорак мінут яны будуць перапампоўваць кроў Сашкі, пакуль яго сэрца будзе прыводзіцца, паводле слоў Шышова, «у нармальны стан». Зараз Сашку прывязуць. Ужо вязуць. Яны яшчэ раз збяруцца з думкамі. Прафесар і яго асістэнт Вашкевіч. Засяроджаныя вочы прафесара ў чорнай акантоўцы акуляраў...

Кароткі позірк Шышова: «Пачалі, Мікола...»

 

Магчыма, гэта і на самай справе працягвалася толькі сорак мінут. Але для іх аперацыя была вечнасцю. Некалькі разоў асістэнт Вашкевіч адчуваў разгубленасць. Ён глядзеў на Шышова, на кроплі поту вакол яго вачэй. Разгубленасці на твары Шышова не было...

Шышоў адсунуў убок апошні скальпель. Ён гулка бразнуў у стамляльнай цішыні. Спынілася кроў у трубках.

Яны выйшлі з аперацыйнай, прайшлі доўгі калідор, спусціліся ў кабінет прафесара.

— Слухай, Мікола, давай купім Сашку машыну. Ёсць зусім як сапраўдныя,— сказаў раптам Шышоў, калі яны паселі ў крэслы.— Сігналіць, фары свецяцца. Уяўляеш, як ён будзе рады?!

— Вам так думаецца...

Прафесар зразумеў яго з паўслова:

— Тады якога чорта мы з табой пацелі...

Ён змоўк і стаў чакаць званка. Яго не было, і яны амаль драмалі ў крэслах. Прынеслі чорны кофе. Ён крыху заспакоіў. Вашкевіч успомніў пра пісьмо і пра сваю слабасць перад аперацыяй. Ён дакладна ўявіў, як яму ўдалося пазбавіцца гэтага непрыемнага адчування.

Шышоў паглядзеў на гадзіннік. Вашкевіч таксама.

— Не звоняць і не трэба! — сказаў Шышоў.— І добра, што не звоняць. Гэта ўжо вельмі добра, вельмі нават...

Цяпер ім засталося прабавіцца ў клініцы яшчэ некалькі гадзін. А каля Сашкі будуць дзяжурыць цэлыя суткі. Калі яны будуць патрэбны — у хаце празвініць званок з клінікі і спыніцца праз некалькі мінут ля пад’езда машына.

 

У клініцы яны прабылі да позняга вечара. Сашку час ад часу рабілася зусім дрэнна. Яму давалі кісларод і рабілі ўколы. Аперыраваць не прыйшлося. Прафесар выслухаў пульс і зморана ўсміхнуўся.

Калі яны выходзілі за вароты клінікі, Шышоў сказаў:

— Сёння будзем спаць спакойна. Вось пабачыш — не пазвоняць.

Яны развіталіся. Зараз Вашкевіч апынецца ў холе гасцініцы, падымецца на чацвёрты паверх. Яны сустрэнуцца. Вашкевіч страшыўся ўзяць пад сумненне свае ранейшыя адносіны да бацькі (усё ж у яго склаліся гэтыя адносіны). Ён жа мог аказацца і зусім іншым, не падобным на таго чалавека, пра якога ён не чуў ніводнага добрага слова. З чаго пачнецца іх размова? Бацька нічога не ведае пра яго. Ён скажа яму: «Я стаміўся. Сёння ў нас цяжкая аперацыя». «Якая?» — спытае бацька. Ён, Вашкевіч, адкажа: «На сэрцы».

Ён падышоў да гасцініцы. Шкада, што яны не паспеюць пагаварыць як след—магчымы званок з клінікі. Але заўтра ён мае вольны вечар.

Ён адшукаў на дзвярах маленечкі званок. Цішыня за дзвярыма. Яшчэ званок, і зноў цішыня. Вашкевіч яшчэ некалькі разоў націскаў на кнопку і сабраўся ўжо было ісці, як яго паклікалі. Да яго падышла дзяжурная па паверху:

— Вы да Вашкевіча?

— Так.

— Вы Мікола?

— Так, гэта я...

— Ён ужо тут не жыве. Прасіў вось вам перадаць,— яна аддала яму канверт.

Ён адкрыў яго не адыходзячы. Знаёмым почыркам было напісана: «Ты прабач, што так атрымалася. Камандзіроўка скончылася раней, чым я думаў. Я пастараюся прыехаць у ваш горад яшчэ. Мы ўбачымся. Вашкевіч».

Вашкевіч-малодшы схаваў запіску ў кішэню.

 

Дома ён спытаў маці:

— Мне не званілі?

— Не.

Вашкевіч набраў нумар тэлефона.

— Што з Сашкам?

Яму адказалі, што ўсё добра. Ён прайшоў у пакой і, не распранаючыся, лёг на тахту.

— Ты вельмі дрэнна выглядаеш,— сказала маці.— Што з табою?

— Стаміўся вельмі. Цяжкая аперацыя.

— А хто гэты Сашка?

— Дзіця, якому трэба наша дапамога.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 166-171
Крыніца: скан