epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Салон прыгажосці

Нельга сказаць, каб з раніцы ў Морава быў радасны настрой. Нарэшце акрыяў паўтарагадовы ўнук Морава Санька. У дзеда быццам цяжар з сэрца зваліўся — хварэў унук доўга, пакутліва. Двухбаковае запаленне лёгкіх, потым ускладненне на сэрца... Пасля работы, нагрузіўшыся пакункамі, Мораў чакаў на прыпынку сваю жонку, Лідзію Пятроўну, і імчалі яны разам у маленькі пакой дачкі. Ад дачкі карысці было мала, яна зусім знясілела, пад вачыма ў яе чорныя кругі, і слёз не было, каб плакаць. Толькі цяпер Мораў зразумеў, як цяжка было жонцы ў далёкія гады малалецтва дачкі. Ён тады ездзіў бясконца па экспедыцыях і дачку бачыў рэдка.

Раніцой пазваніла дачка і парадавала іх з жонкай: урач прызнаў Саньку зусім здаровым.

Праз дзве гадзіны пасля прыходу на работу добры настрой у Морава бясследна знік. Прыйшло паведамленне з пошукавага раёна, на які аддзел Морава ўскладаў вялікія надзеі,— калійнай солі не выяўлена.

«Д’ябальшчына нейкая,— думаў Мораў,— павінна быць там соль, ён яе за сто вёрст чуе. Прыйдзецца пад’ехаць самому, паглядзець». Потым выклікаў да сябе дырэктар інстытута, згадзіўся, што Мораву лепш за ўсё паехаць у пошукавы раён тыдні на два, а пакуль адправіў яго на сваёй машыне ў бальніцу забіраць галоўнага інжынера першага аддзела Кузьміна. Мораў паспрабаваў было адмовіцца — Кузьміна ён ведае кепска, ёсць у яго свой начальнік аддзела і свае супрацоўнікі, але потым згадзіўся — ён жа старшыня мясцкома.

Кузьміна Мораў ведаў не настолькі і добра, але з даўніх часоў — Кузьмін на год пазней заканчваў інстытут. Неяк прыходзіў Кузьмін пазычаць у Морава буйную суму грошай на мэблевы гарнітур. Вось і ўся іх дружба.

У бальніцу Кузьмін злёг неяк нечакана — мажны, з румяным тварам мужчына, весялун і балагур. Знайшлі ў яго пухліну і адправілі ў анкалагічную клініку. Але пухліна, на шчасце, аказалася незлаякаснай, і Кузьмін вяртаўся дамоў. Мораву і яго спадарожніку, супрацоўніку аддзела Кузьміна, ніколі не даводзілася бываць у клініцы, назву якой усе вымаўлялі з непрытоеным хваляваннем, нават страхам. А клініка на выгляд аказалася наогул звычайнай — чатыры пяціпавярховыя дамы паблізу адзін ад аднаго і паміж імі малады яшчэ парк. Мораў і яго спадарожнік распыталі, дзе знайсці Кузьміна.

Мораў пасядзеў крыху ва ўтульным холе, пагартаў брашуркі, у якіх папулярна расказвалася, як засцерагчыся ад розных хвароб, і ўбачыў нарэшце Кузьміна. На ім быў паласаты халат, твар бледны, і Мораў адзначыў, што пастарэў Кузьмін адразу на некалькі гадоў.

— Я хутка вярнуся,— сказаў Кузьмін,— пераапрануцца трэба. Дзякуй, што вы прыехалі. Дарэчы, пазнаёмцеся, вось мая жонка.

Аказалася, што жонка Кузьміна, маленькая жанчына з маладым тварам і сухаватай, цвёрдай рукой, таксама чакала яго ў холе.

Кузьмін пайшоў, і Мораў разгубіўся — гаварыць з жонкай Кузьміна не было пра што. Яны толькі абмяняліся некалькімі фразамі аб тым, што сюды лепш не трапляць і што яна шчаслівая — нарэшце настаў гэты дзень і яе муж вернецца дамоў.

Яны змоўклі, і Мораў пачаў разглядаць людзей у холе. Тут (ён толькі цяпер гэта заўважыў) сядзелі двое мужчын з бледнымі тварамі, у дакладна такіх жа, як у Кузьміна, паласатых халатах, яны вяла гутарылі з жанчынамі, якія вельмі стараліся размаўляць бадзёра. У іх гэта выходзіла непераканаўча.

Была яшчэ ў холе жанчына. У паласатым, неяк вельмі добра падагнаным пад яе фігуру халаце. Яна сядзела да Морава ўпаўабарота, і ён не мог бачыць яе твар. Жанчына размаўляла з дзяўчынай гадоў семнаццаці. Мораў урыўкамі ўхопліваў яе голас — мяккі, з вельмі прыемным тэмбрам. Яму здалося, што ён недзе чуў гэты голас.

Кузьмін затрымліваўся. «Я б на яго месцы,— думаў Мораў,— пастараўся б хутчэй адгэтуль выбрацца». Нарэшце паказаўся Кузьмін з усмешкай на бледным твары. Мораў сказаў яго жонцы:

— Ну вось і пойдзем цяпер.

Пэўна, яна ўвесь гэты час думала пра тое ж і таму кіўнула Мораву галавой. Апошні раз Мораў абвёў позіркам хол і спыніўся на твары жанчыны з на дзіва знаёмым Мораву голасам. Жанчына стаяла ўжо і развітвалася з дзяўчынай.

Мораву ўдалося падавіць аняменне, і ён сказаў глухім голасам:

— Дзень добры, Маша!

Ён адразу пазнаў гэту жанчыну, хоць не бачыў яе шмат гадоў. Калісьці яна ледзь не стала яго жонкай.

Пасля двух тыдняў рэдкага бабінага лета высыпаў вясёлы, быццам у сакавіку, снег. Вуліцы пакрыліся чорнымі лужынамі: у снег уціснуты былі бруднага колеру размоклыя лісты — учора яшчэ ярка-жоўтыя, вясёлыя.

Мораў зрабіў памылку, што ўціснуўся ў перапоўнены тралейбус. Цыбатая фігура Морава пачала прабірацца да выхада. Тыя, каму ўдалося ўлезці ў тралейбус следам за ім, зашыкалі — ці варта было чалавеку штурхаць стомленых людзей дзеля нейкага аднаго прыпынку. Другім бы разам Мораў абавязкова агрызнуўся, але цяпер ён толькі прамармытаў сабе пад нос: «Спяшацца няма куды. Я пешшу пайду. Гэта мая асабістая справа». А гузік Мораву ўсё ж выдралі. На яго месцы толькі ніткі матляліся. Мораў сагнуўся і, прыжмурыўшыся, пачаў шукаць гузік у снезе. На яго азіраліся рэдкія прахожыя — вельмі ўжо недарэчна выглядаў сагнуты напалам Мораў у сваім даўжэзным, даўно нямодным паліто, і да ўсяго яшчэ невядома чаго ўтаропіўшымся ў бруднавата-шэрую, ліпкую масу пад нагамі. «Што я раблю, дзівак,— падумаў Мораў.— Хіба гузік знойдзеш тут?» І паклыпаў па непрывычна пустому праспекту. Ішоў ён напрасткі, не пераступаючы праз лужыны, па яго твары сцякалі струменьчыкі ад сняжынак, але і на іх ён не звяртаў увагі.

Ён прайшоў так два кварталы. У галаве была цяжкая, неверагодная стома.

Бледнасць яго твару не засталася незаўважанай жонкай.

— Зноў стаміўся? — спытала яна.

— Зноў.

— Званіла Танечка. Санька стаў зусім вясёленькі.

Яго голас данёсся з ванны:

— Прабач, але я сёння забыўся ім пазваніць.

Мораў старанна апаласкваў твар халоднай вадой. Яму думалася, што гэта прывядзе яго ў нармалльны стан. Ён глядзеў на свой твар у люстэрку, быццам з боку, і ён здаваўся яму чужым і незнаёмым.

Усё лагічна, думаў ён, жыццё падышло к канцу. Як ва ўсіх. Яна там, ты — тут. Нічога ў гэтым няма незвычайнага. Вы нічым не адрозніваецеся ад іншых нармальных людзей. Між вамі нічога не было па цяперашніх паняццях. Вы не бачыліся амаль два дзесяткі гадоў, жывучы ў адным горадзе і, магчыма, зусім непадалёк. Ён спалохаўся сваіх, як яму здалося, нейкіх вельмі гучных думак. А што, калі гэта зусім і не думкі, а гаворыць ён уголас? Ён прысеў на край ванны і пачаў слухаць голас жонкі. «Ты сёння пайшоў у нячыстай кашулі? Прабач, я не заўважыла. Час было б ужо навучыцца самому заўважаць гэта. Саўка ты, вядома, не купіў, я вось ужо другі месяц збіраю смецце з падлогі на паперу. Калі ласка, купі мне савок, такі высокі, з доўгай ручкай. Ты ж абяцаў...»

Затым настала маўчанне, пасля чаго пачулася:

— Ты заснуў там у ванне?

Мораў адказаў не адразу:

— Не заснуў. Я зараз.

Ён выйшаў у кухню. На стале стаяў яго любімы, чырвоны ў белы гарошак, кубак з кофе, з якога не знікла яшчэ белая пенка, на талерцы ляжалі бутэрброды з галандскім сырам. Інакш і быць не можа. Ён не прызнае ніякіх вячэр, апрача бутэрбродаў і кофе, не хоча тлусцець, гэта не трэба яму. Іншы раз, хоць у апошні час і рэдка, ён усё ж выбіраецца ў экспедыцыі, а там тлустыя, быццам белыя вароны...

— Што ўвечары будзем рабіць? — спытала жонка, сеўшы насупраць. Яна вечна садзілася насупраць. Ёй прыносіла вялікае задавальненне пагаварыць з ім. І не так важна, на якую тэму.

— Можа, да Алёшкі пойдзем? — сказаў ён.— Я вельмі засумаваў па ім.

Ён ведаў: варта ўбачыць усмешлівы твар унука, узяць яго на рукі, як усе клопаты разам знікалі.

— Ты не забыўся — нам заўтра да Сямёнавых на дзень нараджэння?

— Не забыўся,— адказаў Мораў і ў першы раз адпіў кофе.— Я ўсё добра помню. Яшчэ я помню, што заўсёды перад тым, як ісці ў госці, ты ідзеш у цырульню.

— Не адгадаў — сёння я іду ў салон прыгажосці.

— Нават так? Толькі я баюся, каб цябе не зрабілі там завельмі прыгожай. Інакш я застануся пры сваіх інтарэсах.

Лідзія Пятроўна падсунулася да Морава. Яна ніяк не магла зразумець — жартуе ён ці гаворыць усё гэта ўсур’ёз. Ён і сам гэтага не ведаў. Дарэчы, Лідзія Пятроўна не стала мучыць яго пытаннямі. Яна пачала збірацца ў салон прыгажосці, робячы гэта, як заўсёды, мітусліва.

— Ты ведаеш, я таксама пайду з табой. Не хочацца сядзець дома. Вельмі стаміўся, каб працаваць.

Пра такое Лідзія Пятроўна з даўніх часоў і марыць не магла. Морава цяжка куды-небудзь выцягнуць. Ён толькі гатовы ў любую мінуту імчаць да ўнука Лёшкі ды яшчэ гадзінамі гутарыць з такімі фанатыкамі аб магчымых месцанараджэннях, шчыльнасці пластоў і яўна ўстарэлай тэхніцы. Лідзія Пятроўна ўжо і ўспомніць не магла, каб ён калі-небудзь па сваім уласным жаданні прагульваўся з ёю.

— Ты сёння нейкі дзіўны,— сказала яна, калі яны ішлі па вуліцы.— Што-небудзь на рабоце здарылася?

— Не. Усё ў парадку. Хутка ў экспедыцыю палячу. Заседзеўся я, Ліда, заседзеўся. Страсянуць трэба старыя косці.

Больш яна ад яго нічога не дабілася. Лідзія Пятроўна пайшла ў кабінет, а Мораў застаўся ў вялікім холе салона. Тут было светла, утульна і моцна пахла букетам разнастайных духоў, лакаў. Работніцы салона выглядалі святочна, і нават у прыбіральшчыцы была старанна выкладзена прычоска. «Пайдзі я сюды раней, мог бы сустрэць Машу,— думаў Мораў.— Тады б усё атрымалася прасцей — пагаварылі б аб дзецях, унуках (можа, і яна ўжо бабка?) і разышліся ў розныя бакі».

Мораў пачаў уяўляць, як сустрэў бы ён тут Машу, з высокай прычоскай, прыгожую і крыху высакамерную, як бы адчуваў ён сябе і пра што б яны гаварылі... Толькі ён пэўна ведаў, што ў салоне яе немагчыма сустрэць. Яна ніколі празмерна не клапацілася аб сваёй знешнасці. У такім выпадку, дзе б яны маглі сустрэцца? У тэатры, у кіно, у магазіне, напрыклад, у чарзе ў каўбасны аддзел... Маша бледная і вельмі пастарэла. Хто гэтая дзяўчына? Відаць, дачка? Чаму не было мужа?..

З’явілася нейкая вельмі святочная Лідзія Пятроўна, і Морава пакінулі нарэшце гэтыя хвалюючыя думкі. На вуліцы была мяцеліца. Лідзія Пятроўна старалася схавацца за рукаў паліто Морава, а ён думаў, што на яе месцы магла быць Маша...

— Я лічу, што падарунак для Сямёнавых нядрэнны,— гаварыла між тым Лідзія Пятроўна.— Ага, ледзь не забылася. Ты ўяві сабе — іх Леначка надумала замуж выходзіць. Марыя Антонаўна ў паніцы.

— Ну і няхай бы выходзіла замуж, навошта панікаваць,— сумна прамовіў Мораў.— Можа, пасля будзе позна, можа, не возьме ніхто, і будзе Сямёнавіч і ўдзень і ўначы шукаць ёй жаніха. Літаральна сон згубіць.

— Ты сёння шмат жартуеш,— адказала на гэта Лідзія Пятроўна.— Сямёнавы вельмі добрыя людзі, і я не разумею...

— Ну, добра, добра, я больш не буду,— сказаў Мораў ці то Лідзіі Пятроўне, ці то сам сабе і паскорыў крок.

Дома Лідзія Пятроўна пачала чытаць нейкі дэтэктыў, а Мораў доўга не мог знайсці сабе месца. Ён туляўся па кватэры, уключаў і выключаў тэлевізар і бясконца піў моцны чай. Заснуць ён таксама доўга не мог. Ляжаў і глядзеў перад сабой у пустату. Ён адганяў безадказнае пытанне: «Як быць?» Адказ здзівіў Морава сваёй прастатой: трэба схадзіць да яе, аднесці што-небудзь, апельсіны, напрыклад, падтрымаць словам, мы ж не чужыя... Ён спалохаўся гэтага «не чужыя». Каб не ўзважваць гэтыя вярэдлівыя для душы словы, ён моцна заплюшчыў вочы і ўткнуўся тварам у падушку. Так і не заснуў усю ноч.

«Так, трэба схадзіць да яе, вось і ўсё,— думаў Мораў, ідучы заўтра раніцой на работу.— Але што сказаць ёй?»

Ён не збіраўся адшукваць гэтыя словы цяпер. Гэта было б непатрэбнай справай. Нават знайдзі іх цяпер Мораў, потым яны ўсё роўна знікнуць з памяці або пераблытаюцца.

Мораў пазваніў свайму знаёмаму ў міністэрства гандлю, каб спытаць, дзе можна адшукаць хоць бы з кілаграм апельсінаў. Знаёмы гэты (раней Мораў да яго не звяртаўся з падобнымі просьбамі ды й не званіў) засмяяўся:

— Ты, браце, да мяне за «Жыгулямі» пры выпадку звяртайся, а апельсіны — гэта дробязь. Пайдзі ў любы рэстаран і скажы, загадзя, вядома, адрэкамендаваўшыся дырэктару, што ў вас хварэе супрацоўнік, і, павер, ён табе не адмовіць.

— Так, так... Як гэта я адразу не здагадаўся? — прамармытаў Мораў у трубку, вырашыўшы, што нездарма, відаць, ён даўно не званіў гэтаму знаёмаму.

Супрацоўніца аддзела Морава Галя Мікалаева, самая прыгожая дзяўчына ва ўсім геалагічным інстытуце, маючы адначасова завельмі адкрыты позірк, узялася дапамагчы Мораву. Ён дазволіў ёй на дзве гадзіны знікнуць з работы. Яшчэ напалавіну разгублены ад нечаканасці, Мораў кіўнуў галавой, падумаў, што, можа, і не патрэбны яму гэтыя апельсіны... Можа, ён толькі думае, што зможа сёння ж з’явіцца перад Машай з кульком апельсінаў у руках...

Праз паўгадзіны Мікалаева, радасная, запыханая, паклала на стол Морава вялікі духмяны пакет.

— Так, так, дзякуй вам вялікае,— сказаў Мораў і нарэшце ясна зразумеў, што сёння ён да Машы паехаць не зможа. Некалькі разоў ён сумняваўся, уяўляў сябе рашучым, але ўсё ж не пайшоў да дырэктара інстытута прасіць машыну.

Да яго бясконца неслі справаздачы, зводкі, але Мораў не бачыў выйсця са сваёй адчужанасці ад усіх прывычных і патрэбных спраў. Спачатку ён мучыўся пры гэтай думцы, але пасля махнуў на ўсё рукой, вырашыўшы, што ён можа дазволіць сабе падобнае хоць бы раз у жыцці.

Мораў спыніў таксі, назваўшы шафёру адрас. Ён прыжмурыў вочы і назіраў за тым, як часта агні зліваюцца ў адзін доўгі, яркі ланцуг, як у частых лужынах мільгаюць паўфантастычныя блікі.

Ачнуўся ён ад голасу шафёра:

— Прыехалі!

— Паслухайце, вы ведаеце, дзе анкалагічная клініка?

— Так. Вельмі знаёмы маршрут.

— Давайце зараз туды і паедзем.

— Па мне хоць на край свету, абы лічыльнік працаваў. Толькі гэта, вядома, не самае лепшае месца.

Мораў прамаўчаў. Ён сам не ведаў, як гэта ў яго выйшла, ды ён і не думаў пра гэта. Ён цешыў сябе тым, што таксі яшчэ не хутка дабярэцца праз увесь горад на другі бок, пасля адолее кіламетраў дзесяць загараднага шасэ, што ў яго яшчэ ёсць час, каб адцягнуць сустрэчу, без якой яму, Мораву, немагчыма абысціся.

Але машына вельмі хутка аказалася каля паўзацемненых соснамі карпусоў. Ужо стоячы перад маленькага росту дзяжурнай, Мораў раптам з жахам падумаў, што не ведае цяперашняга прозвішча Машы, а каму якая справа да яе дзявочага — Прохарава.

— Прозвішча, імя? — спытала дзяжурная, і Мораву былі адрэзаны ўсе шляхі да адступлення.

— Марыя Сямёнаўна Прохарава,— сказаў ён амаль машынальна і хацеў дадаць, што, магчыма, такога прозвішча ў кнізе дзяжурнай зусім няма, і тады ён трапіў бы ў даволі недарэчнае становішча.

— Няма ў нас Прохаравай Марыі Сямёнаўны,— адказала дзяжурная, дзіўна паглядзеўшы на Морава паверх акуляраў.

— Ведаеце, я так і думаў. Справа ў тым... Словам, я не ведаю цяперашняга прозвішча жанчыны, а яе дзявочае, сам разумею, ні ў чым мне не дапаможа.

— Дык што ж вы прыехалі сюды? — недаўменна спытала дзяжурная і ў наступнае імгненне, відаць, пашкадавала Морава — ён неяк увесь сцяўся ад гэтага пытання, падаўся да дзвярэй.

— Вось што, давайце спачатку высветлім, у якім корпусе ваша знаёмая, Марыя Сямёнаўна,— сказала дзяжурная, і Мораў тут жа стаў ранейшым — крыху ўсхваляваным, але не баязлівым.

— Як бы гэта па-вашаму сказаць, здаецца, у папярэднім. Дзе ўстанаўліваюць канчатковы дыягназ. Адразу направа, як у вароты зойдзеш...

— Зараз гляну,— дзяжурная паглыбілася ў свой журнал, а Мораў стаў хадзіць па невялікім пакойчыку, асветленым бляклым святлом.

— Здаецца, Марыя Сямёнаўна ў гэтым корпусе ўсяго адна.— Яна пачала чытаць: — Марыя Сямёнаўна Богушава, 1928 года нараджэння, прыбыла...

— Гэта, відаць, яна,— паспешліва прамовіў Мораў, раптам уздыхнуўшы з палёгкай.— Дык вось, я б хацеў пабачыць яе, і яшчэ вось перадайце апельсіны,— ён паставіў на стойку перад дзяжурнай духмяны кулёк.

— Апельсіны перадаць можна, а вось пабачыцца нельга — час ужо для наведванняў скончыўся. У любы дзень з 8 да 17, але не пазней.

— Добра, я ўлічу,— ціха прамовіў Мораў і ўжо на прыпынку аўтобуса злавіў сябе на думцы, што радуецца гэтай магчымасці адцягнуць дзень сустрэчы з Марыяй. Яму вельмі хацелася ўсё ж прыдумаць хоць бы першыя словы, якія ён ёй скажа, але яны не ішлі ў галаву.

 

Заўтрашні паслярабочы распарадак дня быў распісаны загадзя — некалькі дзён Лёшка здаровы, і Мораву з жонкай проста нельга не праведаць яго. Да таго ж, пазваніў зяць Морава Андрэй і сказаў, што па ўсіх правілах выздараўленне сына трэба абавязкова замачыць. Лідзія Пятроўна ў загадным парадку даручыла Мораву ў што б там ні стала дастаць апельсіны (сама бачыла, як людзі сеткамі цягаюць, значыць, ёсць яны ў горадзе). Мораў адчуў перад ёй, і асабліва перад Лёшкам, нейкую нявытлумачальную віну за ўчарашні кулёк з апельсінамі і прыйшоў да аднаго рашэння — зноў давядзецца ісці з паклонам да супрацоўніцы Галачкі Мікалаевай.

— Разумееце, Галачка,— гаварыў ён ёй.— Вы ўжо мяне не казніце, але пазарэз патрэбны яшчэ апельсіны, хоць бы з кілаграм.

Яна ўсміхнулася яму сваёй чароўнай усмешкай (Мораў у гэту мінуту адчуў, што трапляе да яе ў нейкую дзіўную залежнасць) і сказала:

— Магу нават тры кілаграмы. Іх падвезлі, і гэта не з’явіцца вялікай праблемай.

Мораву стала няёмка, і ён толькі кіўнуў галавой, не сказаўшы тым самым ні так, ні не. Прасіць тры кілаграмы ў яго язык не варухнуўся. Праз паўгадзіны Галачка Мікалаева паставіла на яго стол кулёк, удвая большы ўчарашняга, Мораў расплаціўся з ёю, не ўзнімаючы вачэй, і сказаў як бы між іншым, што сёння яна можа быць свабоднай. Тым больш што заўтра субота і ў яе, напэўна, ёсць нейкія свае справы.

Хутчэй бы яна пайшла, думаў Мораў. Ён быў раздражнёны. «А раптам Маша чакае мяне сёння, раптам спадзяецца ўбачыць, а я не прыйду,— думаў ён.— Ну і што з гэтага — я проста не магу. Нельга ж адмовіцца пайсці праведаць Лёшку. Што дачка падумае». Ды і Лідзіі Пятроўне ён наўрад ці зможа растлумачыць што-небудзь.

Ідучы дамоў, Мораў накупляў поўны партфель віна, цукерак, узяў у сябе ў буфеце блок амерыканскіх цыгарэт для зяця. Яны выклікалі таксі і праз нейкія пятнаццаць мінут пачулі голас Лёшкі за дзвярыма. Лёшка пабег да Морава насустрач з крыкам: «Дзеда, дзеда!» — і ў яго пры поглядзе на ўнука адразу зрабілася на сэрцы лягчэй. Лёшка яшчэ не ачуняў ад хваробы — быў нязвыкла худы, неяк адразу выцягнуўся, але твар у яго пасвяжэў, на ім нават з’явіўся румянец.

— Я апельсінчыкаў купіў,— сказаў Мораў дачцэ.— Вазьмі некалькі, пакладзі на батарэю, няхай сагрэюцца.

Лідзія Пятроўна пайшла на кухню памагаць дачцэ завіхацца ля пліты, а Мораў застаўся гутарыць з зяцем. Зяця ён любіў, хоць і лічыў некаторыя яго меркаванні аб жыцці вельмі павярхоўнымі, лёгкімі, але спадзяваўся, што гэта пройдзе з узростам. На гэты раз размова не клеілася.

Мораў не мог дачакацца, калі вячэра з’явіцца на стале. Звычайна ён быў абыякавы да спіртнога. А цяпер хацелася выпіць, да таго ж, як мага больш.

Лідзія Пятроўна здзіўлялася, вачам сваім не верыла, гледзячы, як Мораў, маўклівы больш звычайнага, перакульвае кілішак за кілішкам, амаль не закусваючы. Вельмі хутка яна сказала:

— Трэба нам ужо дамоў, тым больш што Лёшка спіць, а мужчыны нашы ўжо «цёпленькія».

Зяць паспрабаваў быў пратэставаць, але Мораў у знак згоды з жонкай кіўнуў галавой:

— Час...

На вуліцы яна не спытала ў яго, што з ім здарылася. Мораў, адышоўшы літаральна некалькі крокаў ад дома дачкі, сказаў:

— Я выпадкова даведаўся, што Маша ляжыць у анкалагічнай клініцы, і аднёс ёй апельсінаў. Трэба ж праведаць чалавека. Калісьці былі добрымі знаёмымі...

Апошнія словы Морава гучалі як апраўданне. Насупраць яго волі. Ён ведаў, што скажа жонцы пра сустрэчу з Машай (ён ніколі не маніў ёй), і вось сёння віно развязала яму язык.

Лідзія Пятроўна не стала дапытвацца ў мужа, аб якой Машы ідзе гаворка. Нягледзячы на тое, што ўжо шмат гадоў яны не называлі гэтае імя, Лідзія Пятроўна вельмі добра памятала яго.

Дома Мораў сам зрабіў кофе і, усадзіўшы супраць сябе Лідзію Пятроўну, доўга гаварыў. Нязвыкла, нязвязна, блытана.

— Я яе вельмі любіў, Ліда. Але не падумай, што шкадую, бачачы перад сабой не яе, а цябе... Прабач, што я так гавару. Старымі мы становімся, вось і робяцца ўспаміны аб маладосці вельмі хваравітымі. Ты толькі не хавай крыўду, прашу цябе.

— Усё правільна,— сказала Лідзія Пятроўна.— Ты павінен праведаць яе.

І тут толькі Мораў заўважыў, што вочы жончыны, вялікія, ясныя, такія ж, як у маладосці, набрынялі стомленасцю, як апалае асенняе лісце.

— Пойдзем адпачываць, Ліда,— сказаў Мораў.

 

Увесь наступны дзень у Морава прайшоў у клопатах і перажываннях. Клопаты зноў-такі звязаны з даставаннем апельсінаў, Мораў не хацеў больш звяртацца за дапамогай да Галачкі Мікалаевай, і, на вялікае шчасце, ён нарваўся на апельсіны ў гастраноме каля свайго інстытута. Перажываў Мораў ад таго, што яшчэ не ўбачыў Машу, а расказаў пра ўсё жонцы, нанёсшы ёй, відаць, сваімі словамі вельмі адчувальны боль.

У чатыры гадзіны дня Мораў сеў у «Волгу», узятую ў дырэктара інстытута, і спытаў у шафёра: — Ты ведаеш, дзе анкалагічная клініка?

Было ўжо дзевяць вечара, калі ў пярэдняй пачуўся званок. Лідзія Пятроўна адразу пазнала — Мораў. Яго званок — рэзкі, вельмі кароткі.

Муж з’явіўся перад ёю прамоклы, быццам яго ў рэчцы акунулі... Капялюш быў пакамечаны і дзіўна выгнуты, па твары яшчэ сцякалі струменьчыкі каламутнай вады. У руцэ Мораў трымаў такі ж прамоклы кулёк.

— Што здарылася? — спытала Лідзія Пятроўна.

— Усё скончана, яна выпісалася. Яе больш там няма,— выдыхнуў Мораў і, павольна зняўшы паліто, капялюш, пайшоў да сябе ў пакой.

Лідзія Пятроўна засталася ў вялікім пакоі, вырашыўшы не турбаваць яго. «Ну і слава богу, што яе там няма»,— падумала яна і раптам устрывожылася: «А што, уласна, скончана?!»


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 151-165
Крыніца: скан