epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Сітуацыя

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16


 

1

Ты атрымаў усё, пра што марыў. У цябе салідная зарплата (цябе ўжо не свідруе думка пра грошы), ты маеш кватэру ў самым цэнтры горада; з вокнамі — на стары парк. У кватэры тры тэлефонныя апараты. Ты ўжо не можаш без персанальнай машыны апошняй маркі з салідным нумарам, які выклікае павагу ў вопытных афіцэраў дзяржінспекцыі, не гаворачы пра сяржантаў. Ты кіруеш вялікім штатам супрацоўнікаў, у цябе ажно тры намеснікі, цябе паважаюць, і на ўсіх нарадах ты сядзіш у прэзідыуме. На тваім стале «вяртушка» — і наведвальнікі паглядаюць на яе і на селектарную сувязь са шчырым хваляваннем.

У цябе ёсць Аддзел, твой уласны Аддзел, ты сам ствараў яго, закладваў фундамент, узводзіў гмах, ты не даеш супакою ні сабе, ні сваім супрацоўнікам...

Але хопіць... Пачалося ўсё раніцай, калі ён без усялякай прычыны пасварыўся з жонкай. Ці ж гэта прычына, каб вось так нудзіцца?

Ён, Сівалап Мікалай Сяргеевіч, саракатрохгадовы начальнік самастойнага Аддзела, без пяці мінут доктар навук, чалавек, якому многія людзі зайздросцяць. Мабыць, ён апошнім часам думае толькі пра Цэнтр, які вабіць да сябе грацыёзнай высокай вежай з паўпразрыстым шклом, вялізнай (можна сказаць, незлічонай) колькасцю людзей, і ў іх ёсць шанц зрабіцца яго падначаленымі, яны змогуць пабываць у кабінеце шэфа, які цягне на лепшыя міжнародныя стандарты, з фінскай мяккай мэбляй, сценамі, абшытымі чорным дрэвам.

Аднойчы ён нечакана ўявіў сябе на месцы шэфа. Тады яго толькі-толькі прызначылі намеснікам начальніка Аддзела, і тады ад гэтай думкі яму зрабілася проста жахліва, нават далоні ад хвалявання ўзмакрэлі, а сёння, калі галоўнае крэсла раптоўна засталося без гаспадара, думка аб Цэнтры зрабілася рэальнай, апраўданай. А хто, уласна кажучы, больш дастойны, чым ён?! Ёсць, вядома, і другія начальнікі з самастойных Аддзелаў, але ніхто з іх (і гэта застаецца бясспрэчным фактам) не можа скласці канкурэнцыі Сівалапу. Пра гэта неаднойчы казаў у выступленнях на нарадах сам міністр. Ён перш-наперш адзначаў сучасныя Сівалапавы метады работы, яго ўменне дакладна выконваць заданні вышэйшага начальства. Да таго ж ён не слепа, а творча адчувае сучасныя зрухі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, умее іх заўважаць, не дае сабе спакою і шукае, шукае... Больш таго, Сівалап прымае часта самыя смелыя і рызыкоўныя рашэнні...

Толькі шэф, Генеральны дырэктар Цэнтра, часам паглядаў на Сівалапа з недаверам. Мікалай Сяргеевіч гэта адчуваў, хоць шэф нічым сябе не выдаў, але ён, як здавалася Сівалапу, толькі і чакаў ягонай памылкі. Аднойчы ў сваёй кампаніі шэф сказаў, што Сівалап дыхае яму ў спіну, ірвецца на яго месца, але з гэтага нічога не атрымаецца, ва ўсякім разе ў бліжэйшыя дзве пяцігодкі, бо ён, нягледзячы на немалы ўзрост, адчувае сябе выдатна і пра пенсію не думае. Праз некалькі дзён выказванне шэфа было дакладна перададзена Сівалапу адным з тых людзей, якія, відаць, паверылі, што ён і на самой справе можа вось-вось змяніць шэфа і зрабіцца Генеральным дырэктарам Цэнтра. Мікалай Сяргеевіч на шэфа не пакрыўдзіўся, наадварот,— калі ён так думае пра яго, значыцца, як бы там ні было, па-сапраўднаму лічыцца з ім.

Сівалапавы ўласныя думкі і мары пра Цэнтр заставаліся занадта аддаленымі, нерэальнымі, чыста інстынктыўнымі, яны яшчэ не праціналі яго наскрозь...

Упершыню думка пра Цэнтр завалодала ім у той дзень, калі па самым Цэнтры і па самастойных Аддзелах, як, дарэчы, і па ўсёй сістэме міністэрства, праслізнула чутка, што шэф цяжка захварэў. Гэта здавалася яму не больш чым плёткай (шэф быў чалавекам здаровым, як кажуць, кроў з малаком, самыя цяжкія хваробы, якія зваліліся на людзей у наша стагоддзе, здаваліся бяссільнымі перад ім). Тым не менш Сівалап адразу ж памчаў у Цэнтр, каб пабачыць шэфа. У яго знайшлася на той час і прычына не абы-якая.

Сакратарка Ніначка паведаміла, што Гаўрыла Іванавіч прыме яго праз хвілін пяць-дзесяць, у шэфа, па ўсім, нейкая сур'ёзная размова з Масквой, і ён прасіў нікога не пускаць да сябе. Мікалай Сяргеевіч апусціўся ў мяккае крэсла і пачаў сцішаным голасам кампліментарыць Ніначцы, што яна прыгажэе з кожным днём, што нават калі ідзеш да шэфа сварыцца, настрой усё роўна імгненна паляпшаецца і ўсё вакол прымае светлыя адценні, таму што існуе на свеце яна.

— Ведаеце, Мікалай Сяргеевіч,— сакратарка перайшла на даверлівы шэпт,— я выпадкова тое-сёе пачула...— Яна ўздыхнула і таямніча зірнула на яго.— Нядаўна Гаўрыла Іванавіч праходзіў прафілактычны агляд. Прыехаў засмучоны. Я ўвайшла ў кабінет, калі ён размаўляў з жонкай па тэлефоне. Аказваецца, яму прапанавалі тэрмінова класціся ў бальніцу на абследаванне. Жах!

— У якую? — спытаў Сівалап.

— У тую самую.

І тут пранізліва прагучаў селектар.

Ніначка сказала, што шэф выклікае Мікалая Сяргеевіча. Сівалап заплікнуў на адзін гузік пінжак і бадзёра ўвайшоў у кабінет Гаўрылы Іванавіча.

Шэф сядзеў у крэсле і, апанураны роздумам, глядзеў перад сабой. Разгубленасці ці нейкіх там іншых змен на ягоным твары Мікалай Сяргеевіч не заўважыў. Шэф не з тых людзей, каб вось гэтак адразу разгубіцца. Некалькі разоў (Сівалап быў тады яшчэ малады, а шэф толькі-толькі прыняў Цэнтр і па ўзросце быў крыху старэйшы ад сённяшняга Мікалая Сяргеевіча) ён ледзь не развітаўся са сваёй пасадай, таму што пайшоў на сутычку з тагачасным міністрам. Умяшаўся ЦК. Шэфу напомнілі, што ён яшчэ малады кіраўнік і лепш за ўсё яму згадзіцца з міністрам. Бо міністр не менш яго хвалюецца за справу, да таго ж у яго вопыт і ў кадравых праблемах, якія (што кожнаму зразумела) само сабой самыя галоўныя. Шэф выслухаў, але сказаў, што свайго рашэння не зменіць. Ён зрабіў так, як задумаў. Міністр пры сустрэчы з ім вымавіў усяго адну фразу: «Паглядзім, што з гэтага атрымаецца». Але атрымалася ўсё як след. Чалавек, з-за якога змагаўся шэф, выцягнуў з прарыву самы слабы самастойны Аддзел і даўно ўжо займае адказную пасаду ў Маскве, а новы міністр вымаўляе ягонае прозвішча з павагай. І міністр жа заўсёды адзначае ўменне шэфа ацэньваць па-сапраўднаму таленавітых людзей.

...Сеўшы насупраць, Сівалап даў шэфу на подпіс некалькі папер, а пасля, не спяшаючыся, закрануў адну са сваіх нявырашаных праблем. Гаўрыла Іванавіч матлянуў галавой: «Ведаю, ведаю!» І адразу ж паабяцаў звязацца з маскоўскім міністэрствам.

Сівалап зазначыў, што шэф спакойны, ніколькі не разгублены, вось толькі вочы, звычайна ўважлівыя, глядзяць некуды ўбок, быццам шэф бачыць там нешта нябачнае для другіх.

У канцы гаворкі Гаўрыла Іванавіч кінуў сваё звычайнае: «Больш ніякіх пытанняў?» — і паціснуў Сівалапу руку.

Праз некалькі дзён шэф звязаўся па селектары з усімі начальнікамі самастойных Аддзелаў, сказаў, што кладзецца на абследаванне і ўскладае свае абавязкі на першага намесніка Уладзіслава Людвігавіча Сяргейчыка. Усе ведалі, Сяргейчык трымаецца на рабоце апошнія месяцы, яму багата за шэсцьдзесят, шэфу ніхто не дазволіць трымаць намесніка-пенсіянера.

І вось тады Сівалап у каторы раз пашкадаваў, што не абараніў да гэтага часу доктарскую, была ж такая магчымасць! Без сумненняў — закончыў бы паспяхова, але заела цякучка, забралі сілу і нервы, бясконцыя нарады, семінары, камандзіроўкі па краіне і за мяжу.

 

2

Неяк раз дужа стомлены працоўным днём Сівалап паскардзіўся жонцы на дарэмна змарнаваны час, пашкадаваў, што мала рабіў на сябе, што доктарскі дыплом мог бы даўно спакойна ляжаць у кішэні. Але наперадзе не менш двух гадоў, і яны пойдуць на заканчэнне самой работы, на розныя афармленні, выпуск манаграфіі, абмеркаванні. Але гэта яшчэ не ўсё. Пасля ўсіх хваляванняў — зацвярджэнне доктарскай дысертацыі ў вышэйшай атэстацыйнай камісіі...

Ён гаварыў і тым самым спрабаваў супакоіць сябе. Ягоная размова здалася жонцы дзіўнай і нечаканай, яшчэ ж некалькі дзён назад ён быў такі ўпэўнены ў сабе. Яна прызвычаілася бачыць яго менавіта гэткім у апошнія гады, калі ён нарэшце дасягнуў усяго, да чаго імкнуўся даволі доўга, пачынаючы з вучобы ў інстытуце. Удзячная мужу за спакойнае, утульнае жыццё, яна не заўважала яго кароткіх захапленняў, позніх вяртанняў дамоў. У яе было ўласнае жыццё (хоць і не такое, як у яго), ён аб ім нават не здагадваўся, невыпадкова ж кажуць, што жанчыны — асобы дужа вытанчаныя. Ёй шчыра зайздросцілі сяброўкі, яна б і сама зайздросціла, калі б апынулася на іх месцы.

— Я цябе не разумею,— сказала яна ў той вечар.— Чаго ты ныеш з-за сваёй доктарскай? Пройдзе два-тры гады... Ды і навошта табе доктарская, што яна прынясе? Толькі маральнае задавальненне і дробязь да зарплаты.

Сівалап нічога не адказаў.

Але ў рэшце рэшт Мікалай Сяргеевіч не вытрымаў.

— Шэф вельмі хворы,— ён пачаў паспешліва гаварыць, быццам баяўся, што не зможа выкласці ёй усё да канца.— Кажуць, доўга не працягне. Ён на абследаванні у анкалагічнай бальніцы, а туды людзей так проста не кладуць.

Галя прысела побач.

— Я нешта не ўцямлю. Які шэф?

— Які, які? Нашага Цэнтра!

— Гаўрыла Іванавіч?

— Ён.

— Шкада яго, харошы чалавек.

— Хто ў лес, а хто — па дровы! — ён як не зазлаваў.— Мне таксама шкада яго, але ж яму, як ты сама выдатна разумееш, нічога ўжо не дапаможа. Вакансія вызваляецца, яго, шэфава, пасада...

І тут яна ўсё ўцяміла. Усхвалявана корпалася на кухні, перамывала посуд, думала. А сапраўды, чаму не ён? Самы малады і перспектыўны (ці ж не так пра яго гавораць!) з начальнікаў самастойных Аддзелаў, самы энергічны. Хваляць яго бясконца і на самых розных нарадах, нават у газетах, ды і аўтарытэт у яго не малы.

Яна раптам успомніла, як у мінулым годзе яны былі разам у Гаўрылы Іванавіча на дні нараджэння. Гаспадар некалькі разоў падкрэсліваў, што запрасіў у госці самых дарагіх і блізкіх людзей, таму што час цяпер іншы... Ёй было прыемна чуць гэта, яна з цікавасцю разглядала вядомую ў горадзе кватэру, у якой раней жыў народны артыст краіны, пастаноўшчык фільмаў, якія лічаць сёння класічнымі. У кватэры можна было згубіцца, як у лесе. Яна потым доўга ўздыхала, маўляў, вось гэта кватэра. У дырэктара Цэнтра было шмат іншых прывілей, якія рабілі яго жыццё больш прыцягальным — службовая дача, права выклікаць акрамя персанальнай яшчэ і дзяжурную машыну, ад яго многія, вельмі многія людзі залежаць.

Ёй зрабілася горача.

— Во-во, ты нарэшце дапяў, што дарэмна марнаваў час на свае ідыёцкія знаёмствы, ты рабіў выгляд, што многа працуеш над сабой, а на самой справе задаволіўся здабытым і ў сваёй пігмейскай асалодзе, вядома ж, неапраўданай, забыў пра будучае. Таму і прасвістаў доктарскую дысертацыю, а другія, нават тыя, у каго ў жыцці няма ніякай перспектывы, як у мужа шэранькай Валянціны Стужак, даўно абараніліся.

Сівалап нацягнуў джынсы, надзеў куртку і, бразнуўшы дзвярыма, выйшаў на вуліцу. Па доўгім, старым тракце, які цяпер быў перайменаваны ў гонар вядомага пісьменніка, ён ішоў амаль подбегам з паўгадзіны, а потым сцішыў хаду. Вуліца немаведама як захавалася з даўніх часоў, яе амаль не кранула вайна. Адно некалі ладныя хаты на высокіх падмурках аселі ў зямлю, скасабочыліся.

Уздоўж вуліцы цягнулася драўляная агароджа, заклееная скрозь набрынялымі пад дажджом самымі рознымі афішамі. Сівалап пачаў чытаць афішы, але іх сэнс не даходзіў да яго.

Неўзабаве ён дайшоў да піўнога бара. Некалькі маладых хлопцаў, якія ледзь трымаліся на нагах, прасілі нейкага чалавека, каб ім падкінуў усяго толькі дваццаць капеек, якіх якраз не хапае на самае галоўнае. Мужык круціў галавой, капеек не даваў.

— Во дурненькія! Нябось натрэскаліся за мамчыны грошы, а цяпер хочаце і за нашы,— кінуў у іхні бок каржакаваты дзядзька з чырвоным тварам.

Сівалап спыніўся на рагу вуліцы каля дзвярэй бара ў нерашучасці. Было холадна, кроплі вады цяклі па шыі. Ён вымак наскрозь. Калі не зайсці ў бар, можна захварэць, а калі і не захварэеш, то лаянкі дома ўсё роўна не пазбегнуць. Пачнуцца абвінавачванні ў самых цяжкіх грахах, якія жонка толькі зможа ўспомніць. І тады яму не заснуць да самай раніцы.

Сівалап рашуча ўвайшоў у бар. Сцішана гучала музыка, зацікаўлена, усхвалявана і, відаць, ужо даўно гутарылі мужчыны і жанчыны. Ніхто не звярнуў на яго аніякай увагі, што было вельмі прыемна. Сівалап нядобра разглядаў чаргу. Ён з прыкрасцю думаў, што абысці яе будзе цяжка. Але адразу зрабілася цёпла і ўтульна, мітуслівыя думкі пацяклі павольна, ды і самі яны змяніліся.

Дзівак ён усё ж такі. Атрымаў у жыцці ўсё тое, чаго нават блізка няма (ён у гэтым больш чым упэўнены) у гэтых людзей, а яны ж вунь пачуваюць сябе спакойна, гутараць, радуюцца, што карацее чарга, і, мабыць, уяўляюць сябе вялікімі філосафамі. Ім добра, яны жывуць проста, яны, мажліва, не ведаюць нават паловы той хуткасці, на якой імчыць па жыцці ён, Сівалап.

Сівалап выйшаў з бара з бутэлькай сухога віна ў кішэні, хоць мог дазволіць сабе і каньяк, нават дарагі, але там, куды ён вырашыў ехаць, больш за ўсё любілі белае сухое віно. Там, у цішыні аднапакаёвай дагледжанай кватэры, яго заўсёды чакалі, але прасілі званіць перад прыездам, ды сёння ён зойдзе без званка. З’явіцца на парозе нечакана. Яму не хочацца ехаць дадому...

Насупраць бара ён хутка злавіў таксі, назваў адрас. Ён глядзеў, як мільгацяць за вокнамі звычайныя гарадскія карціны, і думаў пра тое, што неўзабаве ўзыдзе на чацвёрты паверх, пачуе крокі за дзвярыма і з палёгкай уздыхне.

Праз некалькі мінут ён стаяў перад жанчынай, якая глядзела на яго з ціхім дакорам у светлых вачах. На выгляд ёй дваццаць тры — дваццаць чатыры гады. Ён разлівае віно, гаворыць, што яму з ёй незвычайна проста, толькі тут ён адпачывае душой.

— Ты дужа стомлены. Нейкі няшчасны, быццам здарылася што-небудзь непрыемнае. Табе трэба шкадаваць сябе... — Пасля секунднае паўзы гаворыць яна і ўважліва глядзіць яму ў вочы.

Сівалап моўчкі слухае яе, п’е віно і ловіць сябе на думцы, што нядаўняй лёгкасці няма.

— Я даўно не бачыў цябе, Танечка, мне цяжка без цябе гэтак доўга,— ён гаворыць і слухае свой голас, быццам запісаны на магнітафоннай стужцы.— Калі я доўга не бачу цябе, розныя думкі лезуць у галаву.

— І цяпер?

— Няма. Ніводнай.

 

3

А шасці раніцы, пакамечаны, з цяжкой галавой, ён апынуўся ў сваёй кватэры, сустрэўся са стомленым позіркам жонкі.

— Паглядзі на сябе! А што, каб перастрэў цябе сёння хто з тваіх шматлікіх «сяброў»! Адразу б застаўся ты без партыйнага білета. Цяпер ідзе паляванне якраз на такіх, як ты,— кпліва гаворыць жонка.

Яна пайшла ў спальню, а Сівалап знік у ваннай. Праз некаторы час з люстэрка на яго глядзеў амаль што нармальны твар, адно вось пад вачыма засталіся чорныя кругі. Жонка гаворыць праўду, яму трэба схадзіць да ўрача, балазе ягоны кампаньён па тэнісе, выдатны доктар Яраслаў Падмостка, лічыць, што кожны чалавек, які любіць жыццё ва ўсіх яго праявах, абавязкова павінен час ад часу кантраляваць сваё здароўе, каб не здарылася непапраўнае.

Паголены, чырванатвары, ён пакінуў ванну і паглядзеў на гадзіннік. Няма і сямі, а машына прыйдзе па яго а палове дзевятай. Значыцца, можна з гадзіну паспаць, і тады ніхто век не даўмеецца, што ён амаль не спаў гэтай ноччу. У пярэдняй на яго са здзіўленнем паглядзела дачка. Цікава, чаму яна прачнулася так рана? Відаць, збіраецца ў інстытут. Ён нічога не сказаў, толькі чамусьці падміргнуў ёй. Дачка адвярнулася. Ён паставіў будзільнік на восем пятнаццаць і паваліўся на ложак. Заснуў адразу, але вельмі хутка зазваніў будзільнік, а разам з ім аднекуль выплыў жончын голас:

— Абдумай усё як след...

Ён нечакана для сябе згадзіўся:

— Добра, добра.

Падышоў да яе.

— Ты прабач за ўчарашняе. Кепска было на душы, заехаў да сябра. Дарэчы, каб не ты, я б ніколі...

— У твайго сябра дзіўны густ!

— Што ты маеш на ўвазе?

— Ён любіць жаночыя духі «Мадам Рохас»,— сказала Галя.

— Зноў твая творчая фантазія,— заўважыў ён спакойна.— Прафесійнае. Перазвані Васілю і пераканаешся сама, дзе я быў.

— Жыві як хочаш,— адмахнулася яна.— Думаю, пройдзе два-тры гады, і ты супакоішся. Так звычайна бывае з людзьмі, падобнымі на цябе. Усяму, як вядома, і залётам асабліва, прыходзіць канец. Як не кажы, узрост... А мы з дачкой пачакаем.

Сівалап сумеўся. Ён нацягнуў плашч, паглядзеў за акно. Машына была на месцы.

— Магу падкінуць.

— Дзякуй, я не спяшаюся. Дый мог бы заўважыць, што наша машына таксама пад вокнамі. Купі па дарозе мятных цукерак, ад цябе нясе перагарам.

Збягаючы па лесвіцы ўніз, ён падумаў, што на гэты раз усё абышлося. Яна ўсё ж такі выдатная жанчына, ведае жыццё, усё разумее. Ці не таму, што ў маладосці была камсамольскай актывісткай, зведала жыццё. Пасля замуства сцішылася, вырашыла, што кар’ера для нармальнай сямейнай жанчыны нешта ненатуральнае, знайшла сабе творчую работу, якая дае магчымасць жыць энергічна, са смакам.

У машыне ён паклаў пад язык бліскучую японскую таблетку. Ніякага паху не будзе доўгі час і нават медэкспертыза не дакапаецца, што ён выпіў учора.

— У Аддзел? — спытаў шафёр.

— У Аддзел. Але давай спачатку заедзем у Цэнтр,— тут жа перамяніў сваё рашэнне Сівалап.

У Цэнтры ён абышоў некалькі кабінетаў, пацікавіўся бягучымі справамі, потым набраў свой нумар тэлефона, сказаў сакратарцы, што знаходзіцца ў Цэнтры, зайшоў да першага намесніка шэфа, дамовіўся, што не пазней чым заўтра падпіша паперы аб набыцці імпартнага абсталявання для адной з лабараторый свайго Аддзела. На гэта абсталяванне вось ужо больш месяца многія паглядалі прагнымі вачыма, але шэф нечакана для ўсіх вырашыў аддаць дэфіцыт, спакаваны ў чорныя кантэйнеры, яго Аддзелу.

Сівалап чакаў, што намеснік абавязкова раскажа яму пра здароўе шэфа, але Сяргейчык, як, дарэчы, і ўсе ў Цэнтры, маўчаў, быццам нічога асаблівага не адбывалася. Мабыць, ён па той прычыне, што самому замнога гадоў, а людзі ў такім узросце баяцца гаварыць пра хваробы іншых, блізкіх па гадах людзей. Яно зразумела, кожны ў такія моманты думае і пра свой уласны фініш... Усё ж такі не спяшаўся пакінуць кабінет першага намесніка Мікалай Сяргеевіч. Ён падзячыў шчыра за абсталяванне, а яно, у гэтым няма сумнення, прынясе вялікую карысць усяму Цэнтру. Пасля закрануў кадравае пытанне — канструктарскае бюро Аддзела, праз бясконцыя скарачэнні, апошнім часам не апраўдвае спадзяванняў, і таму трэба пашырыць штат канструктараў на шэсць чалавек.

Першы намеснік шэфа зрабіў выгляд, што выдатна разумее Мікалая Сяргеевіча. Ён пачаў здалёк, успомніў тыя часы, калі сам стаяў за кульманам. Работы, усялякіх заказаў было шмат, адносіны ж да канструктара былі іншыя, ды і грошай плацілі вельмі мала, перспектывы таксама амаль не было. Гэта не тое што ў наш час, цяпер канструктар паважаны чалавек у грамадстве, і ўсе выдатна разумеюць, што ад яго вельмі многае залежыць у сучаснай навуцы і тэхніцы. Добры прыклад падаюць нашы замежныя канкурэнты, якія лічаць канструктара галоўным чалавекам. Разумныя людзі і ў нас атрымалі магчымасць для росту і добрых заробкаў.

Нічога іншага Сівалап і не мог ад яго пачуць. У Цэнтры даўно ўжо ведалі, што Уладзіслаў Людвігавіч па прыродзе чалавек мяккі, інтэлігентны, да таго ж вельмі вопытны спецыяліст, які за сваё жыццё прайшоў усё, што толькі можна было прайсці, не здольны прымаць уласныя рашэнні. Для яго існуе толькі шэф, ягоная воля і аўтарытэт. Сам ён разумее сваю ролю, прызвычаіўся да яе, і, відавочна, гэтая роля яму падабаецца. Калі раней у яго, можа, і былі іншыя жаданні, то цяпер і яны зніклі (гэта заўважаюць усе); ён спакойна чакае канца. Ні на што іншае не разлічваючы, Мікалай Сяргеевіч імкнуўся ў самай звычайнай, дзяжурнай па сутнасці гутарцы даведацца пра стан здароўя шэфа. Вядома, яго больш за ўсё цікавіла сітуацыя, якая можа скласціся праз пэўны час.

А Уладзіслаў Людвігавіч усё зацягваў сваю нецікавую для Сівалапа гамонку, і Сівалап ужо шкадаваў, што наогул зазірнуў у ягоны кабінет. А можа, Сяргейчык адчуў, чаго Сівалап сюды зайшоў, і цяпер, пазіраючы яму ў вочы, здзекаваецца, як толькі можа. Але як бы там ні было, гульню трэба давесці да канца, і Сівалап уважліва слухаў першага намесніка, зрэдку ўстаўляючы словы згоды. Няхай Сяргейчык пераканаецца, што Сівалапу цікава слухаць яго, бо, што ні кажы, ён на сённяшні дзень на галаву вышэйшы ад Сівалапа...

Матлянуўшы галавой, Сяргейчык нарэшце заканчвае, як гаварылі Сівалапавы калегі, «бацькоўскую размову». Мікалай Сяргеевіч развітваецца. У прыёмнай ён раздражнёна паглядае на гадзіннік — дарэмна страчана амаль гадзіна.

Нейкія людзі вітаюцца з ім, Сівалап звыкла ківае галавой, не ўглядаючыся ў твары. У машыне ён цяжка ўздыхае, быццам пасля пераадолення доўгай дыстанцыі, гаворыць шафёру:

— Гані да Аддзела!

Машына рванула з месца. Паабапал паплылі знаёмыя дамы, вуліцы, магазіны. А вось і будынак, у якім знаходзіцца першы самастойны Аддзел. На душы адразу зрабілася цяплей, праз колькі хвілін ён зноў адчуе сябе ў сваёй талерцы, у сваім уласным доме, разам з людзьмі, з якімі яму прыемна працаваць.

З самых першых дзён сваёй кіраўнічай работы ён імкнуўся заваяваць давер сваіх падначаленых, хоць гэта не ўсе разумелі. І нават лепшыя сябры па рабоце, якіх ён невыпадкова лічыў аднадумцамі, называлі яго ў вочы «лібералам», часам патрабавалі больш жорсткіх мер да вінаватых, але ён трымаўся іншай думкі і тым самым нагадваў шэфа Цэнтра, які здольны паразумецца з кожным сваім супрацоўнікам і вельмі рэдка прымаў суровыя адміністрацыйныя рашэнні. Галоўнае, лічыў Гаўрыла Іванавіч, выклікаць у людзей жаданне працаваць, чаго жорсткасцю не дасягнеш. І тое, што Сівалап быў згодны з шэфам, ніяк не перашкаджала яму трымацца сваёй даволі жорсткай лініі, калі справа датычыла своечасовага і якаснага выканання планавых заданняў.

Былі ў ягонай практыцы выпадкі (Сівалап заўсёды з задавальненнем расказваў пра іх), калі некаторыя людзі з іх сістэмы самі прыносілі яму заявы аб звальненні з работы.

— Бачыце,— гаварыў Сівалап уладарна-нецярплівым голасам,— чалавек сам зразумеў, што яму лепш пайсці з нашага калектыву. Усё абышлося добра, без крыві, якой вы дужа настойліва патрабавалі.

Сівалап зірнуў на сябе ў люстэрка. Выгляд намнога лепшы, чым быў раніцой. За некалькі гадзін ён амаль што ачомаўся, вось толькі сакратарка Святлана Максімаўна можа заўважыць і здагадацца. У яе спрактыкаваны зірк вопытнай сакратаркі, Сівалап называў яго — «лазерным».

Але яму пашчасціла — Святланы Максімаўны ў прыёмнай не было. Сівалап паспешліва праслізнуў у кабінет, уключыў кандыцыянер, і ў пакой пацякло свежае паветра. Ён агледзеў свой кабінет, нібыта трапіў сюды першы раз. Кабінет быў шыкоўны і, як кажуць, магутны, кожны дзень ён з радасцю ішоў сюды. Ён быў тут і гаспадаром, і мастаком, і дызайнерам. Кожная рэч з кабінета мела сваю гісторыю, бо здабывалася не за адзін дзень. Узяць, напрыклад, нестандартны стол з авальнай прыстаўкай. Стол «прыплыў» сюды адразу ж пасля заканчэння румынскай мэблевай выстаўкі, што некалькі гадоў назад праходзіла ў Палацы спорту. Намесніку Сівалапа па гаспадарчай частцы давялося, як кажуць, націснуць на ўсе кнопкі... Ён прасіў нават сваіх знаёмых з Савета Міністраў, і стол усё-ткі апынуўся тут, у ягоным кабінеце. Давялося дараваць свайму намесніку некалькі жахлівых памылак. Цяпер наведвальнікі і супрацоўнікі з задавальненнем знаходзяцца за прыстаўкай, ім там зручна, утульна, быццам яны ў Мікалая Сяргеевіча ў гасцях. Ён і сам, здараецца, садзіцца за прыстаўку і ўяўляе сябе на месцы наведвальнікаў.

Сівалап зрабіў некалькі крокаў па мяккім дыване і шчыльна завесіў штору. Няхай будзе паўзмрок, святло рэжа вочы. Застаецца раскласці паперы і вырашыць, чым перш-наперш заняцца сёння. У штодзённіку — дзесяткі прозвішчаў, нумароў тэлефонаў. Сівалап некалькі хвілін углядаецца ў старонку, але ловіць сябе на думцы, што ён недзе вельмі далёка адсюль.

Звыклым рухам ён націскае на селектар.

— Добры дзень, Мікалай Сяргеевіч,— чуецца голас Святланы Максімаўны.

— Мяне хто-небудзь шукаў?

— Было некалькі званкоў, але нязначных. У асноўным нашы работнікі. Званілі таксама з прафсаюзаў.

— У сувязі з замежнай дэлегацыяй?

— Удакладнілі час. Пятніца, а палове трэцяй.

Сівалап усміхнуўся, сказаў:

— Бач, крычаць аб правільным выкарыстанні рабочага часу, а дэлегацыі прысылаюць у сярэдзіне дня. Вы вось што, Святлана Максімаўна, згатуйце мне шклянку чаю. Толькі вельмі моцнага. Калі ласка.

Ён адкінуўся ў крэсле і зірнуў на гадзіннік. Паблісквае стары маятнік. Колькі людзей у самыя розныя часы глядзелі вось так на гадзіннік за паўтара стагоддзя? Ніхто не можа падлічыць, ніхто ніколі не даведаецца, хто былі гэтыя людзі або як склалася іх жыццё.

На гадзінніку палова першай. Праз трыццаць мінут абедзенны перапынак, таму і маўчыць селектар, маўчаць тэлефоны і «вяртушка» таксама. А палове першай мала каму можа прыйсці ў галаву званіць па якой-небудзь справе, хай сабе і самай неадкладнай. Можа, адно шэфу. Але шэфа няма, ён у бальніцы, ён чакае прысуду ўрачоў, а можа... Кажуць, цяпер метады лячэння змяніліся і «людзі ў белых халатах», як пра іх пішуць у газетах, рэжуць праўду-матку проста ў вочы, якая б цяжкая яна ні была.

Ён з агідай успомніў пра ўчарашнюю сварку з жонкай і вырашыў, што дамоў абедаць не паедзе. І чаго чорт тузануў яго за язык расказаць усю гэтую гісторыю жонцы! Цяпер спакойнаму жыццю канец, яна будзе «піліць» за тое, што не дапісаў дысертацыю, будзе тлуміць пра ягоную мяккацеласць. Тут будзе ўсё,— а галоўнае, правінцыялізм мужа, той самы, які абмяжоўвае чалавека, не дазваляе яму самому бачыць далягляды свайго жыцця. Чалавек, на яе думку, правільна выхоўваецца або ў горадзе, або ў вёсцы. А такія, як ён, местачковыя, звычайна губляюцца ў жыцці.

Колькі разоў ён даваў сабе слова маўчаць у складаныя моманты, а тут пацягнула за язык. А ўсё гэты Цэнтр — шматпавярховы, прыцягальны.

Святлана Максімаўна прынесла чай, і Сівалап адразу адчуў, як па кабінеце папоўз пах мяты. За доўгі стаж службы сакратарка навучылася рабіць чай па нейкіх сваіх, зёлкавых рэцэптах. Сівалап прагна глытаў чай, адчуваючы, як з кожным глытком супакойваецца. На абед дамоў ён не паедзе, гэта вырашана, апетыту няма ніякага, а пасля сустрэчы з жонкай настрой пагоршыцца да канца дня, чаго ён не можа дапусціць. Другую палову дня трэба правесці з напружаннем, паглыбіцца ў работу.

Раптам падаў голас селектар. Мікалай Сяргеевіч зірнуў на нумар кропкі, якая патрабавальна засвяцілася. Так і ёсць, у такі час можа пазваніць яшчэ менавіта ён, намеснік начальніка самастойнага Аддзела па агульных пытаннях Іван Яфрэмавіч Гармаза, якога ў Цэнтры называлі за вочы «чалавекам павышанай дзіўнасці». Азызлы для сваіх гадоў, маленькага росту з гладкім жаночым тварам, на якім не раслі валасы, з мышынымі вочкамі, якія вярцеліся, быццам на шарнірах, ён рэдка ў каго мог выклікаць сімпатыю, пра што, відаць, і сам добра ведаў. Час ад часу ён любіў паўтараць: «Бог няроўна дзеліць — адным дае знешнасць, другім — розум».

Гармаза быў з тых людзей, якіх апошнім часам з'явілася нямала. Невытлумачальная для Сівалапа з’ява — без гэткіх людзей нельга было абысціся і ў самых простых, і ў даволі цяжкіх жыццёвых сітуацыях; да іх беглі па дапамогу і параду амаль усе (як лічыў сам Гармаза) члены грамадства, у тым ліку і дробныя клеркі, і вялікія босы, якія для Гармазы былі гаспадарамі жыцця. З самага пачатку Сівалап ніяк не мог прызвычаіцца да стылю намесніка па агульных пытаннях, яго імкнення зрабіць, «каб заўсёды ў нашым Аддзеле і ў вас асабіста, Мікалай Сяргеевіч, усё было добра», неадольнай прагі выслужвацца «да канца», каб ён, Сівалап, быў задаволены ў першую чаргу, дый іншыя людзі таксама не крыўдавалі. Мікалай Сяргеевіч казаў нават шэфу Цэнтра, што з Гармазой ён доўга пад адным дахам працаваць не збіраецца. Пры першым жа выпадку паспрабуе адправіць яго на другую пасаду. Шэф адно толькі заўсміхаўся і параіў Сівалапу не спяшацца з вывадамі, бо такія людзі, як Гармаза, валодаюць шчаслівым талентам быць патрэбнымі, што лепшага ад’ютанта ў добрым сэнсе гэтага слова ён не знойдзе. І сам шэф (каб не ўзрост Гармазы), не раздумваючы, узяў бы яго з вялікім павышэннем у Цэнтр, можа, нават зрабіў бы яго сваім намеснікам па ўсё тых жа агульных пытаннях.

Гармаза сказаў, што шукае начальніка з самай раніцы. Ёсць неадкладнае пытанне. Сівалап адразу ж запрасіў яго зайсці да сябе, ведаючы, што візіт зацягнецца.

Гармаза імкліва ўвайшоў у кабінет, з парога пачаў пра шэрых райвыканкомаўскіх чыноўнікаў («І калі толькі ў кватэрных аддзелах пачнуць працаваць нармальныя людзі?!»). Так, яны, гэтыя крэціны ў бліскучых штанах, атруцілі яму ўсё існаванне. Асабліва ў апошнія дні. Пасля сустрэч з імі падскочыў ціск, бо пытанне з кватэрай для загадчыка сектара Самусенкі дагэтуль не вырашана.

— А ў чым справа? — здзівіўся Сівалап.— Мне здаецца, што мясцовы камітэт падтрымаў нашу думку. Самусенка чалавек здольны, з вялікай, я лічу, перспектывай, а жыве з двума немалымі ўжо дзецьмі ў двухпакаёвай кватэры, да таго ж планіроўкі шасцідзесятых гадоў.

— Усё гэта так, Мікалай Сяргеевіч, аднак кватэрны аддзел, а пасля і жыллёвая камісія... Не даюць яны Самусенку трохпакаёўкі, хоць забі, не даюць... Пачынаюць старую песню пра санітарныя нормы, лішнія метры...

— А яны думаюць, якая санітарная норма патрэбна для таго, каб у чалавека з поўнай аддачай працавалі мазгі?!

Мікалай Сяргеевіч раззлаваўся. Самусенка па-сапраўднаму таленавіты хлопец. На такіх, як ён, трымаецца Аддзел. Нядаўна ім цікавіліся нават у міністэрстве. Ён здагадваецца, у чым справа. Не аднаго ўжо таленавітага работніка забралі з Аддзела, у міністэрстве сядзяць людзі спрактыкаваныя, яны выдатна адчуваюць, адкуль можна ўзяць «шэрае рэчыва».

— І няма ніякага выйсця? — Сівалап запытальна паглядзеў на Гармазу. Няўжо ён нічога не прыдумаў? Не падобна на яго.

— Я знайшоў падыходы да старшыні райвыканкома. Чалавек ён малады, і ясна, што любіць жыццё. Мяне пазнаёмілі з ім свае людзі, а я, разлічваючы на вашу падтрымку, паабяцаў пасля доўгай, вядома, размовы пра самыя розныя нашы клопаты і нявырашаныя праблемы, што супрацоўнікі райвыканкома змогуць наведваць нашу сауну і басейн. Паслуга не скажаш, каб вельмі магутная, да таго ж для начальства такога ўзроўню, але ўсё ж...

Сівалап згадзіўся. Так, Іван Яфрэмавіч зрабіў правільна. Няхай сабе людзі плаваюць, паляпшаюць здароўе, а з раённым начальствам трэба тым больш падтрымліваць дзелавыя сувязі, таму што часам даводзіцца да яго звяртацца з самымі рознымі пытаннямі. Ён хацеў сказаць пра талент намесніка начальніка па агульных пытаннях заводзіць патрэбныя сувязі, але перадумаў... Былі на тое свае прычыны. Аднойчы ён адгукнуўся на прапанову Івана Яфрэмавіча дапамагчы дачцэ паступіць ва універсітэт, пасля яшчэ на адну... З таго, мабыць, і пачалося. Іван Яфрэмавіч з задавальненнем выконваў любы ягоны заказ, сам жа Сівалап аднойчы вырашыў, што такое панібрацтва з яго асобай не стасуецца, больш з просьбамі ён да намесніка не звернецца. Але жыццё ставіла і перад ім, і перад сям'ёй, і перад добрымі сябрамі ўсё новыя нявырашаныя праблемы, і ён націскаў на селектар, каб у чарговы раз выклікаць Гармазу.

Відаць, ён некалі выконваў такую ж ролю і пры Гаўрылу Іванавічу. Цяпер Сівалап добра разумее шэфаў позірк, калі паміж імі ўпершыню зайшла размова пра Гармазу.

...Размова па сутнасці была скончана. Іван Яфрэмавіч мог ісці, але марудзіў. Была ў яго выглядзе нейкая затоенасць, сэнс якой ён не спяшаўся раскрыць перад Сівалапам.

— Кажуць, у нашым Цэнтры чакаюцца вялікія змены,— раптам пачаў Гармаза.

Сівалап паціснуў плачыма:

— Людзі рознае кажуць.

— Я дакладна ведаю, што ў нашага паважанага Гаўрылы Іванавіча са здароўем... Была ў мяне размова з адным чалавекам з высокай інстанцыі. Весткі, вядома, не канчатковыя, але ўсё ж, відаць, ясна. Шкада нашага шэфа. Неацэнны чалавек. Мы шмат разам працавалі, калі ён сядзеў на вашым месцы, праўда, не ў гэтым кабінеце і не ў самастойным Аддзеле. Згарэў чалавек на рабоце, як метэарыт.

— Што вы, Іван Яфрэмавіч?! Гаварыць так нельга. Чалавек жывы, і, спадзяюся, усё абыдзецца,— ціха вымавіў Сівалап.

Шарнірныя вочкі Гармазы ажылі.

— Кожнага з нас можна напаткаць гаротны лёс, Мікалай Сяргеевіч, усе мы, на жаль, не вечна па зямлі ходзім. Але большасць спадзяецца яшчэ пажыць пад блакітным небам, думаюць пра тое, хто будзе новым шэфам Цэнтра. Я маю на ўвазе падначаленых і тых, хто мае шанц замяніць Гаўрылу Іванавіча.

Сівалап міжволі ўсміхнуўся:

— А што, ёсць нават ужо і такія?

— Ёсць, Мікалай Сяргеевіч, як ні дзіўна, ёсць. І яны не сядзяць зараз, склаўшы рукі, як вы, а змагаюцца за сябе, за крэсла шэфа Цэнтра. Людзі, паверце, самыя розныя людзі, спадзяюцца, што вас ім не адолець, аднак усё можа здарыцца. Жыццё наша няпростае, вельмі няпростае!

— І хто яны? — нечакана для сябе спытаў Сівалап.

— Сёння я нічога не магу вам сказаць. Баюся памыліцца, а я не з тых людзей, якія памыляюцца, і хачу захаваць за сабой устойлівае рэнаме. Мне патрабуецца пэўны час...

— Добра, вы можаце ісці,— сухавата сказаў Сівалап.

Гармаза хуценька знік з кабінета. Сівалап моцна сціснуў скроні далонямі. Так, яму трэба было зволіць Гармазу з самых першых дзён работы або адправіць куды-небудзь з павышэннем. А цяпер вельмі позна.

 

4

Дзень, здавалася, быў самы звычайны, запоўнены клопатам, знаёмымі справамі: спачатку зайшоў адзін вучоны-аўтар, які сапсаваў нямала нерваў рэдактарам, а цяпер патрабаваў справядлівасці, даводзіў, што яго манаграфія мае права на жыццё, больш таго, яе выданне прынясе вялікую карысць маладым даследчыкам літаратуры і, вядома ж, настаўнікам. Яна спакойна слухала аўтара, а з галавы не выходзіла ўчарашняя гаворка з Міколам і сённяшняя раніца таксама. Зноў муж вярнуўся дамоў раніцай. З ім такое здаралася апошнім часам не так ужо і часта. Раней яна толькі рабіла выгляд, што яе гэта амаль не кранае, то цяпер і сапраўды ёй усё роўна. Галіна Дзмітрыеўна была з катэгорыі тых жанчын, якія рэальна глядзяць на жыццё. Яны ж пражылі з Міколам шмат гадоў, ды і сышліся, трэба сказаць... Вялікага кахання не было. Абое вырашылі для сябе, што могуць сысціся, бо разумелі — лепшага не дачакаешся. Праўда, у яе было такое адчуванне, што яна кахае Міколу. Ёй падабалася ягоная ўпартасць, уменне жыць па-сучаснаму, дасягаць сваёй мэты, хаця правінцыялізм у ягоным характары ўсё ж адчуваўся. Потым нарадзілася дачка, яна іх яшчэ больш аб’яднала, але ненадоўга. У кожнага ёсць сваё патаемнае асабістае жыццё, як, дарэчы, у большасці сямейных пар.

Калі добра ўспомніць, быў зусім небяспечны час — яе маці гаварыла, што так жыць нельга, трэба зразумець сваю памылку і зрабіць так, як робяць вельмі многія людзі — аднесці заяву ў суд. І нічога, што ў іх ёсць дачка, яна яшчэ маладая жанчына і зможа пакахаць па-сапраўднаму. Час ёсць. Галіна Дзмітрыеўна паслухалася, аднесла заяву у суд і сама сабе ў той момант здалася геройскай жанчынай. Аднак Мікола так і не атрымаў позвы з суда. Ён і па сённяшні дзень не ведае пра той выпадак.

Галіне Дзмітрыеўне цяпер смешна ўспамінаць свае ўласныя тагачасныя думкі. Жыццё, можна лічыць, наладзілася, увайшло ў свой рытм. Яны жывуць не горш ад іншых.

Яна спрабавала ўважліва слухаць наведвальніка, але твар аўтара-вучонага з прозвішчам Шамардзін то набліжаўся да яе, то аддаляўся, і голас таксама мяняў свой тэмбр...

— Вы павінны ўлічыць, якраз у будучым годзе мы будзем святкаваць вялікі юбілей, і не мне вам гаварыць які! — Шамардзін ужо не сядзеў, а стаяў перад ёй.— Мая работа і прысвечана гэтай тэме. Я дапускаю, што ў ёй ёсць недахопы, тое-сёе давядзецца перарабіць, не падумайце, што маеце справу з цвердалобым чалавекам. Я веру ў сваю навуковую працу. Гэта справа майго жыцця... Ні больш ні менш. Да мяне ж ставяцца абразліва.

Галіна Дзмітрыеўна ўздыхнула:

— Прашу вас, сядайце. І выслухайце мяне яшчэ раз. Супрацоўнікі нашай рэдакцыі ставяцца да вас як да звычайнага аўтара, ні больш ні менш. Размова ідзе пра тое, што з пастаноўкай многіх пытанняў у вашай дысертацыі нельга пагадзіцца. Да таго ж нашы, паверце, вельмі вопытныя рэдактары, якія выпускалі ў свет кнігі многіх буйных вучоных, знайшлі ў вашай працы шмат запазычанняў з іншых навуковых і літаратуразнаўчых кніжак.

Шамардзін зноў сеў.

— Я з вамі згодзен, але тое, пра што вы гаворыце з такім абурэннем, можна сустрэць літаральна ў кожнай працы. Адзін буйны вучоны, я, прабачце, не памятаю ягонага імя, нават сказаў аднойчы, што кандыдацкая дысертацыя перш за ўсё павінна адлюстроўваць кампетэнтнасць аўтара ў тым ці іншым пытанні. Таму ў маёй рабоце нямала самых розных цытат, я ж многа працаваў, чытаў нашых і замежных аўтараў. І, магу пахваліцца, у арыгінале.

— Вось толькі, таварыш Шамардзін, вы часам забываеце ставіць двукоссі ля цытат з кніжкі таго ці іншага аўтара. Так што друкаваць вашу манаграфію ў сённяшнім выглядзе мы не будзем,— у яе голасе прагучалі ўладарна-нецярплівыя ноткі.— Гэта не прынясе карысці ні нашаму выдавецтву, ні вам. Калі дысертацыя з гэтымі, назаву іх недаробкамі, неяк і праскочыла, то кніжку пачытаюць многія людзі, яны ўсё, вядома, заўважаць, і ў вас могуць быць вялікія непрыемнасці. У нас таксама!

Яна ўстала, каб даць зразумець — размова закончана, але ён працягваў сядзець, лыпаць сваімі вадзяністымі вачыма і даводзіць, што яго не задавальняюць такія адносіны да манаграфіі, ён не спыніцца, няхай яны не разлічваюць, ён абавязкова пойдзе да дырэктара, а потым і ў Дзяржкамвыд, а калі там сустрэне непаразуменне, то і далей — у ЦК.

Галіна Дзмітрыеўна чула, як ён абураецца ў калідоры выдавецтва, а потым супакоілася. Яна хацела спакойна вярнуцца ў думках да ўчарашняй навіны, але зайшла ўсхваляваная Волечка Крышталевіч, малодшы рэдактар, пачала гаварыць, што зноў адбылася непрыемная размова ў вытворчым аддзеле. Можа сарвацца выпуск кніжкі вядомага вучонага і зноў, як гэта было ўжо неаднойчы, вінавацяць ва ўсім аўтара і рэдакцыю, найперш, вядома ж, рэдакцыю, аўтару па сутнасці ўсё роўна, калі выйдзе кніжка — месяцам раней ці пазней, а з іх могуць зняць прагрэсіўку.

— Добра, добра, Валянціна,— сказала яна,— я размаўляла з намеснікам дырэктара па вытворчасці. Яшчэ ўчора.

Валянціна, відаць, заўважыла на яе твары незнаёмую абвостранасць і таму хуценька папрасіла прабачэння, зачыніла за сабой дзверы.

Вось і добра, цяпер можна дазволіць сабе пасядзець спакойна якую гадзіну, калі, вядома, ніхто не прыйдзе. Цікава, як адчувае сябе Мікола? Ясна, ён перажывае. Не за тое, што ноччу бадзяўся немаведама дзе. Гэта нічога не зменіць у іх адносінах... І навошта яна распачала лаянку, адкуль з'явіліся ідыёцкія абвінавачванні ў ягоны адрас...

Некалькі разоў Галіна Дзмітрыеўна набірала мужаў тэлефон, але кожны раз кідала трубку. Ёй было ясна, што прамы тэлефон у яго выключаны, а званіць праз сакратарку не хацелася. Ды і што яна скажа яму?!

Яна падышла да шырокага, як яго называлі ў выдавецтве, акварыумнага акна, за якім красавалася Траецкае прадмесце — куток. Яна любіла разглядаць адноўленыя, маляўнічыя дамы мінулага стагоддзя, і кожны раз да яе прыходзіла думка, што час бяжыць няўмольна хутка — месяцы, дні ствараюць нібыта бясконцы хуткаплынны калейдаскоп з падзей, сумных і дробных, многія з якіх зніклі з памяці назаўсёды. Час асабліва прыспешыў сваю хаду пасля трыццаці пяці гадоў, пакідаючы на твары ўсё больш зморшчын, а ў душы — расчараванняў і страху перад старасцю.

Гледзячы на Траецкае прадмесце, яна ўспамінала былую Нямігу, нізкія шэрыя дамы, вузенькія вулкі, непадобныя на ўвесь астатні горад. Менавіта тут, на дні нараджэння ў лепшага мінскага джазавага музыканта Санькі Філіповіча, які сустракаўся з яе аднакласніцай Наталляй, яна пазнаёмілася з Сівалапам. Ёй было тады дваццаць два гады, да заканчэння інстытута заставалася некалькі месяцаў. Ні з адным хлопцам яна сур'ёзна не сустракалася, сяброўка смяялася, гаварыла, што яна дарэмна марнуе час, вакол столькі неблагіх хлопцаў, да таго ж карэнных мінчан, якіх і пугай не выганіш са сталіцы, а ім, філалагіням, як ні круці і ні напінайся ў вучобе, давядзецца ехаць у вясковыя школы, адкуль потым вельмі цяжка вярнуцца ў горад. Наталля выйшла замуж за свайго трубача, потым высветлілася, што ён не такі ўжо вялікі талент, бо дапёр толькі да рэстараннага аркестра, пачаў празмерна піць, і жыццё іх вельмі хутка разладзілася. Галіна Дзмітрыеўна ў той час па-сапраўднаму была захоплена камсамолам, яна вырашыла для сябе, што гэта яе адзінае і сапраўднае прызванне, але паступова (асабліва як пазнаёмілася з Міколам) зразумела, што яшчэ не ўсё страчана, яна можа знайсці сабе месца зусім у іншым, асабістым жыцці. Калі Мікола перад самым заканчэннем універсітэта прапанаваў ён пайсці за яго замуж, яна не раздумвала, з яе знешнасцю і сапраўды, прызнацца самой сабе, яшчэ на такі варыянт разлічваць было рызыкоўна, а эфектнасць, якая замяняла ў яе абліччы прыгажосць, магла знікнуць з гадамі, у чым цяпер яна можа ўсё больш і больш пераканацца. Праўда, яе твар, дзякуючы дыетычнаму харчаванню, а таксама гародніне і фруктам, захоўвае яшчэ свежасць. Сорак два гады ёй ніхто не дае.

Лепшая яшчэ са студэнцкіх гадоў сяброўка Наталля, як толькі ўбачыла Міколу, зашаптала, абдаючы гарачым дыханнем яе вуха, што Галя сапраўдная малайчына, не кінулася абы на каго, як яна, ну няхай сабе і пачакала некалькі гадоў, дык затое чалавек выдатны, сур’ёзны, да таго ж прыгажун, вунь як жанчыны на вяселлі глядзелі на яго. Сама Наталля пасля таго, як разышлася са сваім трубачом, сустрэла нейкага афіцэра, паехала з ім далёка на Поўнач, цяпер асела на яго радзіме дзесьці на Урале. Яна спачатку пісала адтуль не вельмі радасныя пісьмы, а потым знікла для яе назаўсёды, як знікаюць многія сябры маладосці.

У адным з апошніх пісьмаў Наталля віншавала сяброўку з днём нараджэння, а таксама з тым, што ў яе ўдала склалася жыццё, і раіла клапаціцца (і чаму раптам гэтая думка прыйшла да яе?) пра мужа, ён жа ў яе самавіты мужык, шмат чаго дасягнуў у жыцці. Зноў лёгкі ківок у яе бок, маўляў, яна, Галіна, не вартая свайго мужа. Аднойчы Мікола сказаў ёй: «Табе трэба было нарадзіцца мужчынам». Яна адрэзала не раздумваючы: «Магчыма. У сям’і павінен быць хоць адзін мужчына. Дык няхай ім буду я, таму што ты — сапраўдная баба!»

Гэта была адна з іхніх самых буйных сварак, вядома ж, не ў гэтай кватэры, да такой ім было яшчэ вельмі далёка. Даводзілася здымаць маленькі пакойчык і плаціць па шэсцьдзесят рублёў у месяц. Паўз вокны цэлымі суткамі грукаталі грузавікі, пыл стаяў бы ў шахце.

Пасля той першай сур’ёзнай сваркі яна затрымалася каля люстэрка. Рэзка акрэсленыя рысы твару, даволі жорсткі позірк. Што ж, у нечым яна сапраўды нагадвае мужчыну. А хто б дапамог яму, асабліва ў тыя дні, каб не яна, са сваім мужчынскім характарам?! Ён, які здаваўся ёй моцным, рашучым, раптам разгубіўся настолькі, што яна не пазнавала яго.

— Усё скончана, усё скончана, як кажуць, смерць на ўзлёце,— паўтараў ён, лежачы на канапе, як цяжкахворы.

А ўсё ягоныя сябрукі! Падбілі яго, тады ўжо аспіранта аднаго з акадэмічных інстытутаў Акадэміі навук, куды ён прабіўся з вялікай цяжкасцю з адной дробнай праектнай арганізацыі, паехаць летам на шабашку. Вядома, ім даводзілася тады нялёгка матэрыяльна, але яна разлічвала на будучае. Міколу абавязкова трэба вучыцца ў аспірантуры, хоць і цяжка перабівацца на сто рублёў месяц, затое, калі забыць пра цяжкасці, недзе за рысай гарызонту так ці інакш з’явіцца будучае. З чаго ж тады пачалася непрыемная гісторыя ў яго жыцці?

Аднойчы вечарам Мікола прыбег у іх шумны пакойчык усхваляваны. Вось убачыш, дарагая, гаварыў ён радасна, хутка ўсе нашы фінансавыя праблемы скончацца, я пазнаёміўся з выдатнымі хлопцамі, яны даўно ўдала шабашаць, зарабляюць шмат грошай.

Яна закончыла карміць дачку, спакойна спытала:

— Ты звязаўся з гангстэрамі, якія падбілі цябе ўзяць банк?

Ён рассмяяўся, сказаў, што не жартуе, хлопцы вучацца разам з ім у аспірантуры, раней працавалі ў акадэмічных інстытутах, дзе таксама атрымлівалі не больш, аднак маюць усё неабходнае для жыцця — машыны, вялікія кааператыўныя кватэры. Яшчэ яго захапляла, што выглядаюць яны як гладыятары з кінафільма «Спартак» — падцягнутыя, мускулістыя, з мужнымі, абветранымі тварамі. І галоўнае — сямейны дабрабыт і спартыўны выгляд аказаліся цесна звязанымі паміж сабой. Кожнае лета яны едуць у Сібір, працуюць там дзён па пяцьдзесят, атрымліваюць не менш па тры-чатыры тысячы. Мікола пасябраваў з імі, і яны прапанавалі яму паехаць разам.

— У цябе з'явіліся новыя пражэкты?! — спытала яна спакойна.— Не хапала нам толькі гэтага... Ты павінен вучыцца і працаваць над дысертацыяй.

Аднак ёй не ўдалося адгаварыць Міколу. Ён рабіў усё, каб пераканаць яе. Спачатку прывёў у дом сваіх калег-аспірантаў. Яны на самой справе аказаліся вельмі сур'ёзнымі людзьмі з моцнымі біцэпсамі. Вучоныя-шабашнікі мала пілі, гаварылі, што ў час работы ў іх наогул існуе сухі закон і ніводзін чалавек не мае права яго парушыць, што яны гарантуюць яе мужу добры заробак і адчувальнае паляпшэнне здароўя. Ён звярнуўся да ўрачоў — прынёс з акадэмічнай бальніцы даведку, што «ў аспіранта Сівалапа маюцца праявы гіпертанічнай хваробы, яму неабходна больш знаходзіцца на паветры і займацца фізічнымі практыкаваннямі». Галя параілася з маці, якая жыла ў той час у цесным пакойчыку ў двухпавярховым барачным доме ў Сляпянцы разам з сям'ёй малодшай дачкі. Маці пахваліла, што яе вучоны муж едзе на заробкі. Добра, што ён імкнецца дапамагчы сям'і.

Мікалай пачаў збірацца. Ён здабыў недзе нават італьянскі нож з надпісам «Мілана-стэлета». Пры націсканні кнопкі лязо з нажа выскоквала з хуткасцю кулі. Мікола дэманстраваў нож усім, хто прыходзіў да іх, гаварыў, што з такой зброяй яму не страшна сустрэцца з некаторай, нават самай небяспечнай часткай насельніцтва Поўначы. Пасля гэткіх размоў ёй бачыліся дрэнныя сны, яна зноў пачынала ўпрошваць яго нікуды не ехаць, аднак усё было дарэмна, настолькі ён ірваўся ў паездку.

З прычыны ад’езду наладзілі невялікую вячэру. Запрасілі сяброў. Мікола выглядаў, як юбіляр. Ён увесь час жартаваў, гаварыў, што нарэшце пабачыць сапраўднае жыццё, пра якое заўсёды марыў, што яму страшэнна надакучыла сядзець у бібліятэках, дыхаць стогадовым пылам і кожны дзень думаць пра капейчыну.

Пасля Мікола пісаў падрабязныя пісьмы пра дзівосны край, вось толькі любавацца гэтай прыгажосцю няма часу. Працуюць яны з раніцы і да самай ночы, але цяжка было ў першыя дні, а цяпер ён уцягнуўся, не баліць больш спіна.

Сапраўды, ён з’явіўся дамоў непазнавальны, з худым абветраным тварам і, чаго яна зусім ужо не чакала, прывёз шмат грошай. Яна такіх грошай за ўсё сваё жыццё ў руках не трымала. Яны доўга абмяркоўвалі разам, як размеркаваць грошы, заробленыя ягоным мазалём.

А праз некалькі дзён нагружаная пакункамі, яна пераступіла парог свайго пакойчыка і ўбачыла Міколу з разгубленым тварам. Яна хуценька кінула сумкі, падскочыла да яго:

— Што здарылася?

— Непрыемнасць вялікая,— адказаў ён ледзь чутна.— Выклікалі ў партком. Там даведаліся, дзе і як праводзілі мы свой аспіранцкі адпачынак.

Ад нечаканасці яна апусцілася ў крэсла.

— Я ж казала табе, што абыдземся мы без вялікіх грошай,— пачала Галя, а потым схамянулася: — А што, уласна кажучы, адбылося? Можа, у вашым парткоме не ведаюць, якія вялікія грошы атрымліваюць аспіранты, ці ім здаецца, што за сто рублёў можна карміць жонку з дзіцем і да таго ж наймаць прыватную кватэру?

Мікола махнуў рукой.

— Усё ім добра вядома. Самі некалі былі ў нашай шкуры. Але шабашка ёсць шабашка. Гэта табе не студэнцкі будаўнічы атрад. Зразумей, шабашнікі па-за законам, яны, вядома, усім патрэбны, але закон іх не ўлічвае, і больш таго, я адзін з усіх партыйны. З імі пагавораць, не больш. А ў мяне справы благія, зусім благія.

Ён паваліўся на канапу. І пачаў глядзець пустымі вачыма ў столь.

— А што можа здарыцца? — не стрывала яна.

— Сакратар парткома так крычаў на мяне, як ніхто і ніколі ў жыцці.

Яна падумала пра ягонае жыццё. З дзевяці гадоў без бацькі, які памёр у адзін год са Сталіным. Мікола расказваў ёй, што добра памятаў, як бацька стаяў ля чорнага рэпрадуктара, слухаў паведамленне пра смерць Сталіна і плакаў, забыўшыся, як перад вайной яго забралі і павезлі некуды ноччу, а потым у штрафной роце кінулі супраць нямецкіх танкаў, але ён выжыў, атрымаў шмат ордэнаў; ён плакаў, як плакалі многія ў той дзень, выкрасліўшы з памяці вельмі, вельмі многае, у тым ліку і пасляваеннае жыццё...

Праз некалькі месяцаў пасля жалобных вестак па радыё Міколаў бацька атрымаў інфаркт. Фельчар аказаўся вельмі нявопытным і зрабіў не той укол. Мікола застаўся без бацькі. Было нялёгка, бо ў сям’і акрамя яго раслі яшчэ дзве малодшыя сястры і брат.

Яна глядзела ў яго жывыя, зачэпістыя вочы. Ёй стала яшчэ больш шкада мужа. З-за нейкага непаразумення вось так адразу можна страціць многае. Не, яна так не пакіне, не мае права. Першым жаданнем было пабегчы ў партком і сказаць ім, каб яны як след разабраліся... Але не выйсце гэта! Яны падумаюць яшчэ, што яна прыбегла па просьбе Міколы, і могуць больш разгневацца, маўляў, герой прыслаў абараняць жанчыну. Яна паспешліва адшукала нумар тэлефона Таццяны Бурдзецкай, з якой яны жылі некалі разам на Грушаўцы, аднак потым сям’я Бурдзецкай пераехала ў вялікі новы дом у цэнтры горада — яе бацька стаў прафесарам. Памёр ён некалькі гадоў назад, калі быў ужо акадэмікам, дырэктарам Інстытута мікрабіялогіі. А з Танькай лёс потым звёў на філфаку. Яны ў студэнцкія гады сябравалі ды і потым сустракаліся сем’ямі.

— Ты не хвалюйся, усё будзе добра,— сказала яна Міколу.— Я хутка прыйду...

Яна ўзяла таксі і цераз увесь горад памчала да Бурдзецкіх. Таццяна ветліва сустрэла яе, сказала, што Мікола, на яе погляд, не зрабіў ніякага злачынства. Бацька павінен дапамагчы, яна пераканае яго. Калі Галя вярнулася дамоў, знерухомлены Мікола ляжаў па-ранейшаму на канапе. Галя расказала яму пра размову з Таццянай. Ён абурыўся, пачаў крычаць, што яе клопаты яшчэ больш раззлуюць членаў парткома.

Назаўтра да іх прыехала Таццяна, у яе быў (Галя гэта адразу заўважыла) добры настрой. Бурдзецкая расказала, што спачатку бацька не хацеў нікога прасіць, але яна змагла пераканаць яго, Міколу трэба абавязкова дапамагчы. І вось нядаўна ён пазваніў, паведаміў, справа вырашана, да таго ж Міколу нічога не пагражала. Добра, што яго цэняць як стараннага аспіранта.

Галя прыгатавала добрую вячэру. Мікола адразу ахмялеў і ўвесь вечар пратанцаваў з Таццянай. Пасля таго выпадку Таццяна стала часта бываць у іх, Галіне Дзмітрыеўне здаецца, што ўсё адбывалася невыпадкова. Мусіць, нешта паміж імі было?!

Яна зразумела, што ён моцны тады, калі ўсё добра, калі яго хваляць на кожным кроку і ён упэўнены ў сабе. Варта здарыцца якой-небудзь непрыемнасці, ён губляецца, робіцца мяккацелым, раскісае.

Цяпер (яна ў гэтым упэўнена) ён зноў разгублены. Так ён мае шанц пайсці на высокую пасаду. Але толькі шанц. Трэба сказаць, што апошнім часам яна перастала думаць пра яго кар’еру, жыццё ж вельмі кароткае. А Сівалап прафесійны кіраўнік, атрымлівае немалыя грошы і ўвогуле не можа пажаліцца, што жыццё абдзяліла яго.

І вось раптам у яго з’явіўся шанц. Не, яна ніколі не выключала, што ён можа яшчэ больш пайсці ўгору, але не цяпер, здавалася, што гэта можа адбыцца намнога пазней, гады праз тры-чатыры. Калі ён зробіць крок наперад цяпер, то можна разлічваць на многае. Час хуткаплынны. Праз нейкіх пяць-сем гадоў яму будзе пяцьдзесят, і тады на многае разлічваць не даводзіцца, а вось цяпер...

Усе наступныя дні яе працінала адна думка: як дапамагчы яму, як?

 

5

Нарэшце дзень закончыўся. Ад боязі, што прагучыць які-небудзь запознены тэлефонны званок і трэба будзе затрымацца на службе надоўга (як гэта нярэдка бывала), ён, на здзіўленне супрацоўнікаў, разам з імі выйшаў з Аддзела, сеў у машыну.

— Куды? — спытаў шафёр.

— Спачатку дамоў, а потым...

Шафёр задаў самае цяжкае пытанне за гэты дзень. Звычайна ён дабіраўся дамоў пешшу, пачаліся гэтыя вандроўкі пасля таго, як урачы сказалі, што гіпертанія набірае сілу. Яму і параілі перайсці на жорсткі рэжым харчавання і больш рухацца. Сівалап пачаў хадзіць пешшу з работы. Праўда, ён пачаў лепш спаць і мала есці перад сном. Якраз тады аб’явіўся яго даўні сябар, дзіцячы хірург Яраслаў Падмостка, некалі ён займаўся самба, выканаў нават майстарскі нарматыў, але аднойчы, пасля цяжкай аперацыі, цісканула сэрца, усё, праўда, абышлося добра, аднак калегі папярэдзілі Яраслава, што гэта першы «званочак». Падмостка скардзіўся Сівалапу, што з кожным годам тлусцее, адсюль — расце ціск. Упершыню ў жыцці ён адпачываў у санаторыі. Вярнуўся адтуль памаладзелы, з цвёрдым перакананнем, што «лазневая тэрапія», да дапамогі якой яны звярталіся кожны тыдзень, мала што дае, патрэбны пастаянныя заняткі спортам.

Сівалап здзівіўся:

— Няўжо «бягом ад інфаркту» кожную раніцу?

— Гэта, браце, казкі для маленькіх. Ёсць толькі адно выйсце — вялікі тэніс. Калі ты згодны, арганізуем секцыю. Я ўсё бяру на сябе. Гарантую, на корт мы праб'ёмся скрозь шчыльную заслону...

З таго часу і пачалося іх агульнае захапленне тэнісам, які праз вельмі кароткі час нібыта вярнуў сілу, маладосць. Разам з Сівалапам на корт пачалі ездзіць галоўны інжынер самастойнага Аддзела Андрэй Вяршыла, пазней — Юрка Шыкавец з Міністэрства замежных спраў. Спачатку ўсе яны, за выключэннем Юркі, які нямала пажыў за мяжой, выглядалі пачаткоўцамі, пакуль не навучыліся ў добрым тэмпе трымаць мяч у палёце і па некалькі гадзін без стомы знаходзіцца на корце. Сівалап з радасцю адчуваў, як мышцы робяцца пругкімі, прыкладна такімі, якімі былі гадоў пятнаццаць-дваццаць назад, у яго амаль знікла адышка, ён, не саромеючыся, распранаўся ў лазні і на пляжы. Тэніс вярнуў здароўе, маладосць. У самым пачатку, калі ён толькі-толькі навучыўся перабіваць мяч цераз сетку, у гульні з партнёрам ён адчуваў сябе няўпэўнена. Трэнер Мінчук, вясёлы, сівы чалавек, гаварыў, што ўсё гэта часовая з’ява, Сівалап закамплексаваны, але гэта пройдзе. І сапраўды, ён стаў зусім іншым — навучыўся расслабляцца, забываць на корце пра ўсе свае клопаты, а пасля трэніроўкі яны ўвогуле здаваліся яму дробязнымі і нязначнымі. Гэта і было найвялікшым эфектам. Праўда, здаралася, што і на корце ён пачынаў нервавацца, калі прайграваў, а трэба было сказаць, што здаралася гэта даволі рэдка. Яшчэ ў Сівалапа быў адзін недахоп, ад якога ён ніяк не мог пазбавіцца,— ён гатовы быў разарваць на часткі партнёра, які раптам не браў звычайныя мячы.

Так, толькі на корт... Серада, за імі замацаваны пэўны час на корце, і ён, нягледзячы на тое, што шалёна калоціцца сэрца пасля ўчарашняга, усё роўна выйдзе на пляцоўку.

— Мы заедзем дамоў, а потым ты падкінеш мяне да Палаца тэніса, — сказаў ён шафёру.

— Я буду сёння свабодны? — узрадавана спытаў той.

— А што, спатканне?

Шафёр заўсміхаўся:

— Вы здагадаліся.

Сівалап усміхнуўся:

— Глядзі, не з'явіся дамоў раніцой... Інакш твая жонка прыбяжыць да мяне або ў гараж з заявай.

— Што вы, Мікалай Сяргеевіч?! Ды мы жывём цяпер душа ў душу, нават самому не верыцца. Яна адразу падабрэла пасля размовы з вамі.

— А ты?

— Само сабой,— засмяяўся шафёр.

Дома была адна дачка.

— Як жыццё? — спытаў у яе Сівалап.

— Ва ўсялякім разе лепей, чым у цябе.

Яе словы раптам пакрыўдзілі Сівалапа.

— Чаму так?

— Я чытала да гадзіны ночы, а цябе ўсё не было. Сустрэліся мы раніцой у калідоры, калі ты вярнуўся, і думаю, што гэта з нас заўважыла толькі я. Калі б ты бачыў у той момант сябе!

Сівалапу карцела абурыцца, крыкнуць, што нават у свае васемнаццаць гадоў ёй нельга лезці ў справы старэйшых, тым больш бацькі, дзякуючы якому яна мае свой уласны пакой (памеры яго перавышаюць плошчу цэлых кватэр, дзе жывуць людзі, нават па некалькі сем'яў), яна мае права на машыну, дый наогул... Але ён стрымаўся. Дачкой Сівалап быў задаволены, яна расце харошым чалавекам. Сівалап падышоў да дачкі, абняў за шыю, прыцягнуў да сябе.

— Нічога страшнага не здарылася, Леначка,— сказаў ён ціха.— Мы з маці крыху пасварыліся, да таго ж не па маёй, а па яе ініцыятыве, ну я і выбег на вуліцу, зайшоў да сябра, там мы крыху...

— Разумею, разумею,— ужо больш спакойна адказала дачка, і Сівалап заўважыў, што з яе вачэй зніклі калючыя агеньчыкі.— Я памятаю, як у цябе балела сэрца і ты кляўся-бажыўся, што больш ніколі не вып’еш, а цяпер вось зноў...

— Я згодны з табой... Але разумееш... здараецца такое... Ты ж, хоць ужо зусім дарослая, не разумееш, як бывае часам цяжка...

— Неабавязкова на цэлую ноч знікаць з дому. Ну, пасварыўся з мамай, а вы абое бываеце вельмі «харошыя», дык збягай у свой кабінет, а лепей за ўсё — да мяне.

— Добра, у наступны раз,— згадзіўся Сівалап і чмокнуў дачку ў шчаку.— Зараз я паеду на корт. Калі хочаш, паехалі разам.

— Што ты, праз два дні экзамен, ды яшчэ курсавая не дапісана.

— Тады бывай, скажы маці, прыеду гадзіны праз дзве-тры.

Сівалап укінуў у сумку форму, ракеткі, мячы і раптам успомніў, што не пазваніў на цэлы дзень сябрам. Звычайна ў дзень трэніровак яны дамаўляліся, хто не зможа прыйсці, аднак сёння ніхто не пазваніў яму, хутчэй за ўсё званілі, але не дазваніліся — ён на цэлы дзень выключыў прамы тэлефон. Час ад часу ён даваў сабе такім чынам магчымасць адпачыць.

Сівалап выйшаў да машыны. На вуліцы ліў дождж. Наступае самы мярзотны час, сярэдзіна кастрычніка... Горад са светлага, сонечнага ператвараецца ў брудна-шэры. У гэты час асабліва прыемна знаходзіцца ў светлым палацы, дзе пануе мяккі перастук мячоў...

Мікалай Сяргеевіч дамовіўся з шафёрам аб сустрэчы на заўтра (яна павінна адбыцца роўна а палове восьмай, таму што па старой звычцы ў восем ён ужо знаходзіўся ў сваім службовым кабінеце) і хутка ўзбег па прыступках Палаца тэніса. Калі праходзіў цераз шырокі хол, не змог не паглядзець на месца, дзе роўна паўгода назад стаяла труна з целам трэнера Мінчука, і ён, Сівалап, першы раз мо ў жыцці раптам заплакаў і, што дзіўна, слёз сваіх не саромеўся. Трэнер увайшоў у яго жыццё як свежы вецер, побач з ім літаральна ўсе адчувалі сябе шчаслівымі аптымістамі. Незадоўга да смерці Мінчука яны разам былі ў парылцы, абмяркоўвалі самыя розныя праблемы. Крануліся і аўтамабільных аварый, бо нехта са знаёмых зламаў у аварыі абедзве рукі, а трэнер на гэтую гісторыю весела сказаў, што ён ніколі ў жыцці не трапіць ні ў адну безвыходную сітуацыю, тым больш аварыю, ён заўсёды зможа вырвацца жывым літаральна адусюль. Так было ўжо неаднойчы ў ягоным жыцці, пачынаючы з маленства ў акупіраваным фашыстамі Мінску. Ён і не трапіў ні ў адну складаную сітуацыю, нябачная сіла сціснула металічнымі абручамі сэрца, і яно не вытрымала. Усе разам яны вырашылі паставіць яму помнік. Сабралі грошы, Сівалап знайшоў маладога скульптара, які ў асноўным «выстаўляў» свае работы на могілках. Хутка помнік будзе гатовы.

Перш чым пераапрануцца, Сівалап узлез на трыбуну. Тры корты былі занятыя маладымі спартсменамі, за якімі ўважліва сачылі трэнеры. Чацвёрты быў свабодны, ля яго ўздоўж сценкі нервова хадзіў Яраслаў Падмостка. Мікалай Сяргеевіч замахаў яму рукой, і Яраслаў гукнуў цераз усю залу:

— Мы гэтак не дамаўляліся!

Сівалап зірнуў на гадзіннік. І на самай справе палова восьмай, а з работы ён паехаў больш гадзіны назад. Нейкая бязглуздзіца з часам або з гадзіннікам, не мог жа ён гэтак доўга размаўляць з дачкой. У раздзявалцы сутыкнуўся з Шыкаўцом і Вяршылам.

— І вы спазніліся?! — здзівіўся ён. — Там Яраслаў ходзіць па корце, як леў перад выхадам на арэну. Я баяўся ўжо, што ў поўнай адзіноце траплю ў ягоныя рукі.

— Надакучылі бясконцыя нарады,— уздыхнуў Андрэй.— І што цікава, на кожнай з іх размова ідзе аб адным — многа, занадта многа нарад у нас, таварышы, семінараў, часу для работы амаль не застаецца...

— Не трэба было табе, таварыш Вяршыла, жывую, творчую работу мяняць на напісанне міністэрскіх паперак і праседжванне штаноў.

Вяршыла ўздыхнуў:

— Ды кінь ты, Мікола, сам ведаеш, не ад мяне ўсё залежала, міністр тады так прыціснуў сваёй прапановай, што не ўздыхнуць было. Ды і што мне табе расказваць — сам жа тады сказаў — гэтая прапанова як загад, не круці, Андрэй, нічога не атрымаецца. А што датычыць паперак, дык мы, павер, не толькі імі займаемся.

У вачах Андрэя зайгралі агеньчыкі. Так заўсёды бывала, калі яму хацелася расказаць аб нечым патаемным, аднак ён змоўчаў.

— Дарэчы, я табе званіў у першую і другую палову дня,— сказаў Шыкавец, нацягваючы форму,— а ў мяне, між іншым, дэлегацыя, і не абы-якая, а кітайская. Уважлівыя такія людзі, усё больш маўчаць, усім цікавяцца...

Вяршыла рассмяяўся:

— А ты ведаеш, чаму ён дае сябрам прамы тэлефон?

— Толькі магу здагадвацца,— адказаў Шыкавец.

— Звычайна тэлефон у яго адключаны. Я ў гэтым даўно, калі пад яго цёплым крылом сядзеў, пераканаўся. І цяпер званю толькі цераз сакратарку, таму што «вяртушкі» ў адрозненне ад начальніка самастойнага Аддзела не маю.

— Можа скласціся так, што мая «вяртушка» апынецца на тваім стале, у тваім кабінеце.

Вочы Андрэя пашырыліся.

— Я цябе не разумею. Жартуеш?

— Можа, жартую, а можа, хачу прапанаваць табе тэму, ты яе абдумай падчас гульні ці пазней. Спадзяюся, ты ў школе неаднойчы пісаў сачыненні на вольную тэму.

Калі яны нарэшце выбеглі на корт, Яраслаў выкрыкнуў:

— Адчуваю, што пасля трэніровак не я буду рэзаць людзей, а мяне самога пакладуць на аперацыйны стол.

— Ты шчаслівы чалавек, дарагі наш Яраслаў,— усміхнуўся Шыкавец,— у цябе нарад, дэлегацый намнога менш, чым у нас.

— Нягледзячы на ўсе нарады, вы самыя недысцыплінаваныя людзі, хоць і чыноўнікі па прызванні. І звёў мяне чорт немаведама з кім...

Сівалап перайшоў на другі бок пляцоўкі.

— Зараз мы ім успомнім мінулы пройгрыш! — паабяцаў ён.— Бач ты, уявілі сябе вялікімі майстрамі!

Пачалі размінку. Сівалап тут жа ўспацеў, збілася дыханне.

— Прабачце, калега,— з’ездліва сказаў яму Падмостка, які лёгка бегаў па корце, — як доктар, хоць і не тэрапеўт, падазраваю, што вы ўчора парушылі спартыўны рэжым.

Сівалап змахнуў з твару халодныя кроплі поту.

— Усё ў жыцці не сплануеш. Вось і мае ўчарашнія планы нечакана сарваліся.

— І да якога часу вы весяліліся?

— Да раніцы, Яраслаў,— цяжка выдыхнуў Сівалап. Яны выйгралі права на падачу, і Падмостка працягнуў яму мячы:

— Нічога, зараз мы вернем табе добрую форму.

Першы сет яны прайгралі менавіта з-за Сівалапавых падач. Увесь час пералятаў лінію патрэбнага квадрата, Мікалай Сяргеевіч пачаў нервавацца і, калі лік быў 40:15 на карысць сапернікаў, сказаў Яраславу, як бы просячы прабачэння, што ў другім сеце ў яго адкрыецца другое дыханне, ён сабярэцца і гульня пойдзе. Сівалап ведаў — Яраслаў не любіць, калі за гульнёй хто-небудзь назірае, хоць асабіста яму было на гэта напляваць. А якраз цяпер дзве дзяўчыны ўселіся на трыбуне, што знаходілася ля чацвёртага корта, і паглядалі на іх.

У другім сеце ў Сівалапа сапраўды адкрылася другое дыханне, і гульня пайшла, асабліва ўдаваліся ўдары справа. Да сярэдзіны гульні Сівалап трымаўся нядрэнна, а потым зноў саслабеў. Яны пачалі прайграваць, і толькі апошні сет вывеў іх наперад. Знясілены Сівалап ледзь дацягнуўся да раздзявалкі.

— Ты не туды кіруеш. У мяне для вас сюрпрыз. Нас чакае лазня.

Яраслававы словы сустрэлі з радасцю. Да таго ж лазня была тут, у Палацы тэніса.

Сівалап адразу ўзлез на палок і папрасіў Шыкаўца яго папарыць. Ён выдатны майстар... Пасля ягонага масажу маладзееш на дзесяткі гадоў. Потым Сівалап паплаваў у халоднай вадзе басейна і адразу адчуў сябе намнога лепей. Калі яны вярнуліся ў парылку і паселі на палок, Вяршыла іранічна, як падалося Сівалапу, заўважыў:

— Нешта ты, Мікола, пачаў апошнім часам дужа загадкава гаварыць. Што ты меў на ўвазе, я так і не зразумеў.

— Лепш гаварыць, як ты кажаш, алегорыямі, чым наогул маўчаць. У міністэрстве, я ўпэўнены, вядома, што адбываецца ў Цэнтры.

Вяршыла здзіўлена паглядаў на яго. Няўжо не ведае?

— Нехта гаварыў, што ваш шэф захварэў. Вось і ўсё. Ты думаеш, відаць, што ў міністэрстве ўсё толькі і гавораць пра Цэнтр. Я гэтак жа думаў, калі працаваў у цябе. А там такая гара спраў, а значыць, і інфармацыі...

— Між тым маглі б і ведаць. Такога другога Цэнтра ў сістэме міністэрства няма. Гаўрыла Іванавіч знаходзіцца ў Бараўлянах... Ашчарэпіла яго хвароба.

— Не дацягнуў да пенсіі, стары,— уздыхнуў Вяршыла.— На ўсё жыццё запомніў, як ён нам косткі ламаў. Такое ніколі, скажу вам шчыра, не забудзецца. Школа неблагая.

— А я вось не люблю, калі мяне начальства да сценкі ставіць. Лепшы суддзя ў такім выпадку — уласнае сумленне, калі яно, праўда, яшчэ захавалася,— заўважыў Шыкавец.— Хоць без гэтага ў нашым жыцці не абыходзіцца. Спачатку табе шыю намыляць, потым ты сваім падначаленым, і пайшло-паехала...

— Цікава, цікава,— нягучна вымавіў Вяршыла.— Значыцца, у Цэнтры вось-вось з’явіцца вакансія. Прэтэндэнтаў, я думаю, будзе нямала. Вышэй дырэктара Цэнтра ў нашай сістэме па сутнасці сам міністр. Можа, таму ў міністэрстве і маўчаць пра вашы справы. Хоць, дапускаю, навіна яшчэ не разбеглася па калідорах і кабінетах, а вядома толькі самаму высокаму начальству.

І тут Падмостка раптоўна спыніў размову, якую Сівалап з радасцю працягваў бы.

— Ну, селі на свайго канька, той пойдзе сюды, а той — туды, той на яго месца, а гэты на пенсію, а той да пасады прыглядаецца. Адпачніце вы ад службы хоць у парылцы.

Шыкавец адказаў:

— Я думаю, ты не лепшы... Хто будзе прафесарам, а хто зойме пасаду загадчыка кафедры, якая раптам аказалася вакантнай. І мы, майстры замежных спраў, грэшныя, любім паразважаць — хто з другіх і трэціх сакратароў праб’ецца ў кансультанты, хто паедзе за мяжу, на якую пасаду — хто першым сакратаром, а хто саветнікам. Праўда, у нашай сістэме ёсць адна асаблівасць — усё лепшае забіраюць тыя, у каго добрыя тылы... І нікуды не падзенешся, Яраслаў. Я лічу, гэта не кар’ерысцкія праявы, а жыццё сучаснага дзелавога чалавека. Толькі няўдачнікі крычаць паўсюдна, што ім напляваць на пасады, што іхняе жыццё, маўляў, больш спакойнае і здароўе таму лепш захоўваецца. А кожны з іх да нечага не дапёр, нечага не дасягнуў. А галоўнае — майстэрства ў сваёй справе... А майстрам час ад часу і пасады даюць.

— Што ні кажы, нашы бацькі не думалі пра пасады, цяпер жа атрымліваецца наадварот,— не здаваўся Падмостка.

— Ты жыццё нашых бацькоў таксама не ідэалізуй. Дастаткова знята фільмаў, кніжак розных напісана. Глядзі і зайздросці! А яны ўвесь час за крок ад смерці былі, ад бяды... І ў ваенны час, і ў мірны. Яны з цяжкасцю неслі свой крыж — крыж складанай гістарычнай сітуацыі, але хто з нас, яны ці мы, навучыліся гаварыць праўду і без страху глядзець адзін аднаму ў вочы?!

— Ты глядзі, на пляцоўцы ён ледзь дыхаў, а тут акрыяў, — заўважыў Падмостка.— І наша сённяшняя аперацыя па захаванні здароўя ператвараецца ў тэарэтычную дыскусію.

— Хлопцы, трэба ехаць дамоў,— усхадзіўся Вяршыла.— Што ні кажыце, заўтра ўсяго толькі чацвер. Сярэдзіна нядзелі. Пагамонім у мяне. У жонкі саракагадовы юбілей.

Усе здзівіліся — няўжо з мінулага дня нараджэння праляцеў цэлы год?! Здаецца, яны нядаўна збіраліся ў Вяршылаў. Было, як заўсёды, шмат людзей, было весела, усе жадалі ягонай жонцы доўгіх гадоў жыцця, жадалі заставацца прыгожай і мудрай усё астатняе, вядома ж, вялікае жыццё. І вось праляцеў яшчэ адзін год жыцця. Яшчэ адна мяжа... Хто яго ведае, колькі межаў засталося ў кожнага...

Ён ведаў, якой будзе вячэрняя сустрэча з Галінай — душа яе ахаланула за гады жыцця, яна сустрэне яго калі не ўсмешкай, то даволі спакойна, быццам учора нічога не здарылася. Сівалап быў у такія моманты вельмі ўдзячны жонцы за яе цярплівасць, уменне прыйсці і сабе і яму на дапамогу.

Галіна спытала, як прайшоў у яго дзень, і, не чакаючы адказу, сказала, што яна вельмі хвалявалася за яго здароўе.

— Я іграў спакойна, пасля пасядзеў у парылцы і зноў адчуваю сябе выдатна. Да таго ж мы выйгралі з Яраславам у Вяршылы і Шыкаўца.

Яна крыва заўважыла:

— Віншую. Мне прыемна чуць пра твае спартыўныя дасягненні... А якія навіны?

Ён разумеў, што яна мае на ўвазе, і вырашыў, распранаючыся, што не стане кранаць набалелую тэму. І таму хуценька пайшоў на кухню. На стале стаяла вячэра, але есці не хацелася. Ён заварыў сабе моцны чай. Галіна зазірнула на кухню, пацікавілася, ці патрэбна яму яе дапамога, села побач.

— Ты мне нічога не хочаш сказаць? — напружана гледзячы яму ў вочы, спытала яна.

Ён крануў яе за плячо:

— Ты найперш даруй за ўчарашняе. Я б звярнуў увагу не твае словы, але да гэтага былі дужа цяжкія дні, я табе не расказваў нічога, а калі падзяліўся сваімі думкамі, ты...

— Мне стала крыўдна за цябе! Ты ж мог даволі спакойна, без асаблівага напружання... Вось я і нагаварыла немаведама чаго. А калі апамяталася, ты ўжо збег з дому. Хацелася плакаць, бегчы за табой, я не ведала, куды ты пайшоў. Пазваніла некаторым тваім сябрам, але цябе не знайшла.

Сівалап папрасіў яе змяніць непрыемную для абаіх тэму размовы, да таго ж нічога не адбылося, яны абое выглядалі ўчора як дзеці, і цяпер яму няёмка перад дачкой, якая справядліва прачытала яму натацыю, але што ёй растлумачыш?!

Ён адпіваў маленькімі глыткамі чай, а яна па-ранейшаму разглядала яго ўважлівымі вачыма. Ніхто не дае яму нават сарака гадоў, ён вельмі добра падтрымлівае сябе спортам, але зморшчыны ўсё ж больш і больш заваёўваюць твар.

— Ты з Вяршылам не размаўляў? — пацікавілася яна.

Сівалап дапіў чай, уздыхнуў:

— Не ўтрымаўся, спытаў у яго, ці ведаюць пра хваробу шэфа ў міністэрстве.

— І што ён сказаў?

— Там ведаюць, што шэф хворы, але ніхто не надае гэтаму асаблівага значэння. Я думаю, што да аддзелаў навіна яшчэ не дайшла.

— А я лічу, што Вяршыла табе зманіў. Ён — тыповы чыноўнік і, відаць, даўно забыў пра тое, што ты выцягнуў яго практычна ад «нуля». Каб не ты, сядзеў бы ён старшым інжынерам сярод тысяч падобных шэрых бяздарнасцей. Ён мне ніколі не падабаўся.

Сівалап падняўся з-за стала.

— Ты задужа катэгарычная, Галачка. Андрэй цудоўны чалавек, хоць ёсць у яго, як і ў кожнага з нас, свае дзівацтвы. Я век буду помніць, як ён павёў сябе ў адным, ты сама выдатна памятаеш, складаным для мяне выпадку.

— Ды хоць забі мяне, а не ляжыць у мяне душа да яго. Ёсць у ім нешта непрыемнае.

— Хутка ты яго ўбачыш і пераканаешся ў адваротным,— сказаў Сівалап.— Ён запрашае нас на жончын дзень нараджэння ў наступную суботу. У яе саракагоддзе.

— А чаму яна сама не пазвоніць? — са здзіўленнем зірнула на Сівалапа жонка.— Бачце, стала такой вялікай начальніцай...

— Пазвоніць, не хвалюйся. Заўтра ж яшчэ чацвер. Ты падумай лепш пра падарунак. Да таго ж — добры. Заўтра аванс, і я прынясу табе шмат грошай.

Сівалап зайшоў да дачкі, пацалаваў яе і зваліўся спаць.

...Хутка будзе паварот, за якім адкрыецца шырокая прастора, поле кветак, на полі ён убачыць бацьку, які косіць траву разам з мужчынамі, недарэмна яго любяць людзі ў спаленым немцамі пасёлку, у якім замест хат стаяць ля вогнішчаў зямлянкі. Бацька мала сядзіць у сваім райкомаўскім кабінеце, а ўвесь час ганяе на матацыкле па раёне. У суботу і нядзелю ён бярэ Міколу з сабой, на шырокае поле. Травастой добры, і бацька радуецца. Ён звоніць у Мінск і дакладвае, што ўраджай добры, гэткіх ураджаяў тут даўно не бачылі, значыць, людзі будуць есці сапраўдны хлеб. У бацькі добры настрой, таму што скончацца нарэшце, так яму сказалі ў Мінску, многія пасляваенныя непаразуменні... Адны ў вялікім бараку, збудаваным палоннымі немцамі, тымі самымі, якім Мікола разам з іншымі хлапчукамі насіў хлеб. Зноў Мікола будзе чуць смех сваіх сяброў, магутны, бы гром, голас старшыні райвыканкома дзядзькі Івана Жукавені, былога лётчыка... Яго аднойчы вечарам забралі незнаёмыя людзі. Яго павезлі ў крытай, чорнага колеру машыне разам з іншымі суседзямі па бараку — другім сакратаром райкома Галімавым, начальнікам міліцыі Клунікам і галоўным чэкістам раёна Нехвядовічам, які ўвесь час ганяўся па раёне за фашысцкімі недабіткамі і быў нават аднойчы паранены.

У той цёмны дажджлівы вечар плакалі іх жонкі і дзеці, а бацьку, калі той кінуўся следам за машынай, груба адштурхнуў маладзенькі лейтэнант.

— Мы яшчэ разбяромся, можа, і ты вораг народа! — кінуў бацьку ў твар афіцэр.

Некалькі дзён бацька не хадзіў у райком. Ён сеў на трафейны матацыкл і некуды знік, а калі вярнуўся, сказаў, што хутка ўсе вернуцца дамоў, і дзядзька Жукавеня зноў будзе расказваць Міколу пра паветраныя баі з фашысцкімі асамі, яны разам паедуць на рыбалку на блакітныя азёры, рыбу можна будзе лавіць спакойна, таму што дзякуючы Нехвядовічу ў раёне больш няма бандытаў.

Раптам пачынаецца навальніца, а ён ідзе і ідзе па лесе, які не заканчваецца, нават неба над ім не відно. Ён заблудзіў, і луг, на якім бацька косіць траву, яшчэ вельмі далёка. Мікола плача і не чуе свайго голасу. Ён выходзіць яшчэ на адно поле, голае, са счарнелай травой, і сярод людзей бачыць сплаканую маці. Людзі стаяць ля невялічкай хаты без вокнаў, ён сам ірвецца туды, нешта цягне яго да гэтай хаты, ён чуе голас маці: «У цябе няма больш бацькі». Мікола здагадваецца, што мёртвы бацька ляжыць у гэтай хаце, ён вырываецца з моцных людскіх рук, бяжыць да бацькі. Ён, толькі ён можа дапамагчы яму падняцца, выйсці, але ногі нясуць яго зусім у іншае месца, углыбіню, дзе нічога не бачна наўкола...

Калі ён адплюшчвае вочы, няма на лузе ні людзей, ні хаткі, удалечы ён бачыць корт, заліты сонцам, на ім стаіць вялізны стол шэфа і сам Гаўрыла Іванавіч сядзіць за ім у паласатай піжаме. Ён уважліва глядзіць на Сівалапа.

— Так, так, не здзіўляйцеся, Мікалай Сяргеевіч,— гаворыць шэф гучным голасам,— я не ў бальніцы, як вы думаеце, я толькі што вярнуўся з камандзіроўкі ў Японію. Я доўга быў там і павінен сказаць вам, што прынята рашэнне закрыць ваш самастойны Аддзел. Вы думалі, у вас магутны талент, вы лічылі сябе першаадкрывальнікам, ганарліва сядзелі ў прэзідыумах і марылі заняць маё месца, а па сутнасці вы бяздарны чалавек, увесь ваш Аддзел адстаў са сваімі машынамі на цэлае стагоддзе. Я зразумеў, што трэба замяніць вас іншымі людзьмі, бо вы і вашы калегі дастаткова пакаталіся ў персанальных машынах, думаючы адно пра свой дабрабыт. Хопіць, канец гэтаму!

— Давайце лепш пагуляем у тэніс, Гаўрыла Іванавіч. Вы ж не ў сваім кабінеце, а на корце,— сцішаным голасам просіць Сівалап.

— Я на корце, на корце, на корце! — гучна, на ўвесь лес, на ўвесь свет крычыць шэф.— Ён хоча гуляць са мной у тэніс! Дзівак! Зразумей, са мной гуляць немагчыма, таму што мяне не існуе, няма ў прыродзе!

...Сівалап прачынаецца ў халодным поце, разгублена глядзіць па баках. У вокны заглядае святло, побач спіць Галя. Сівалап устае з ложка, ідзе ў кабінет, уключае лямпу. З партрэта над пісьмовым сталом на яго глядзіць бацька. Суровы погляд, уважлівыя вочы. Здымак сорак першага года, самы пачатак вайны. Ён даўно не з'яўляўся ў снах. Сівалап некалькі месяцаў не быў на могілках, маці звоніць, каб ён хутчэй прыязджаў, яна блага сябе адчувае. А да родных Вярыніч зусім блізка, нейкая гадзіна язды на машыне. Трэба з'ездзіць туды разам з Галяй і дачкой. У маці хворае сэрца, абвастрылася астма. І да шэфа трэба абавязкова схадзіць, гэта нічога, што да яго не пускаюць. Сівалап папросіць аб дапамозе Падмостку, у таго ёсць знаёмыя ў анкалагічнай бальніцы.

 

6

За ўвесь час работы з Сівалапам Андрэя не пакідала пачуццё, ад якога ён ніяк не мог пазбавіцца — ён, Вяршыла, чалавек другарадны, яму вызначана ў першым самастойным Аддзеле роля выдатнага выканаўцы, ён з гэтай роляй спраўляецца, а вось усе ідэі, і вытворчыя, і кадравыя, належаць Сівалапу. З самага пачатку, як толькі Сівалап зрабіў Андрэя галоўным інжынерам Аддзела і ўсе пачалі называць яго «дзікарастучы», Вяршыла стараўся апраўдаць сябраў давер. Даводзілася вылузвацца са шкуры, каб дасканала вывучыць усе бакі сваёй новай дзейнасці, што давалася нялёгка.

— Табе трэба хутчэй выйсці, як кажуць, на аператыўную прастору,— гаварыў яму Сівалап.— Трэба тэрмінова набіраць сілу, і, да таго ж паспрабуй расслабіцца, але не так, як гэта робяць на верхніх палках у лазні. Тады ты зможаш зірнуць на ўсе нашы праблемы іншымі вачыма. Пакуль жа ты ніяк не можаш прызвычаіцца да сваёй новай пасады, увесь час (а я бачу гэта вельмі добра) адчуваеш сябе загадчыкам сектара, не больш.

Вяршыла згаджаўся.

— Так яно, Мікола, і ёсць. Дарэчы, да пасады загадчыка сектара я таксама доўга прывыкаў. Наогул мне лепш за ўсё было, калі я працаваў старшым інжынерам. Тады я лічыў сябе майстрам у сваёй справе, яна мне шчыра падабалася, і начальнікам я ніколі не хацеў быць.

— Гэтую рысу ў цябе не адымеш,— гаварыў Сівалап, з цікавасцю паглядаючы на Андрэя.— Паляшуцкая манера — лепей спакойна адсядзецца ў сваім ціхім балоце, няхай іншыя гараць на рабоце, скручваюць сабе галовы, атрымліваюць інфаркты.

— Я зусім не таму, Мікола,— спрабаваў абараніцца Вяршыла.— Няма ў мяне таленту камандаваць людзьмі.

— А ты асабліва не хвалюйся,— супакоіў яго Сівалап.— Камандую тут я. А ты дапамагай і сачы за сваёй інжынернай справай.

Трэба сказаць, яны добра ведалі адзін аднаго, ва ўсякім разе Вяршыла думаў менавіта так. Сустрэліся яны яшчэ ў студэнцкія гады: пазнаёміліся на вечарынцы ў інтэрнаце філалагічнага факультэта на Паркавай, куды Андрэй зазірнуў да земляка з Хойніцкага раёна. Да стыпендыі было шмат дзён, а грошай засталося толькі на тралейбусныя талоны. І Вяршыла збіраўся падацца на таварную станцыю, каб на разгрузцы вагонаў зарабіць некалькі чырвонцаў, а тут і сустрэўся зямляк, які нядаўна пабываў дома, прывёз сала, вяндліны і кілбас. Ён запрасіў Вяршылу, сказаў, што добра пачастуе, да таго ж падзеліцца салам. Вяршыла зайшоў. У інтэрнаце, у пакоі Васіля, ён трапіў у вялікую кампанію. Высокі чарнявы хлопец спяваў пад гітару нейкую незнаёмую песню, астатнія ўважліва слухалі. Словы з гэтай песні ўрэзаліся ў памяць:

 

На плато Расвучморр не приходит весна,

На плато Расвучморр все снега да снега,

Все зима да зима, да снегов кутерьма,

Восемнадцать ребят, три недели пурга...

...Нас идет восемнадцать здоровых мужчин,

Забинтованных снегом, потертых судьбой.

Восемнадцать разлук, восемнадцать кручин,

Восемнадцать надежд на рассвет голубой...

 

— Здорава! — уздыхнуў Вяршыла.— Хто напісаў?

Спявак з усмешкай зірнуў на яго.

— Васіль, што за дзівак да цябе завітаў?! — грэбліва хмыкнуў ён.

— Ды ён жа першакурснік, толькі нядаўна з вёскі. А ў нас там іншыя песні спяваюць. Дарэчы, ён, Мікола, з твайго факультэта.

— Вось як! А я гляжу, чаму гэта ягоны твар мне знаёмы! Ці не вы, малады чалавек, штодня цягнеце з магазіна сеткі з бульбай?

— Я,— прызнаўся Вяршыла.

Усе ў пакоі дружна зарагаталі.

— Калі ён з майго факультэта, да таго ж з аднаго інтэрната, будзем прасвятляць твайго палешука і далей.

Мікола зноў заспяваў:

 

То взлет, то посадка... то снег, то дожди...

Сырая палатка... и писем не жди...

Идет молчаливо в распадок рассвет.

Уходишь — счастливо.

Приходишь — привет...

 

— Запомніце, таварыш першакурснік, што гэта песні Юрыя Візбара. Калі вы прыехалі ў сталіцу, трэба тое-сёе ведаць.

Высокім чарнявым спеваком з гітарай быў Мікола Сівалап. Так яны пазнаёміліся, і ўжо тады, у самую першую сустрэчу Андрэй адчуў, што перад ім сапраўдны лідэр. Сівалап быў завадатарам у кожнай кампаніі, на факультэце яго адразу ж абралі старшынёй студэнцкага канструктарскага бюро, а крыху пазней — сакратаром факультэцкага камітэта камсамола. Часцей за ўсё яны сустракаліся на трэніроўках універсітэцкай каманды па рэгбі, дзе Сівалап быў вядучым іграком, а Андрэй прыйшоў у секцыю адразу пасля прагляду фільма «Такое спартыўнае жыццё», у якім першы раз у жыцці ўбачыў, як гуляюць у рэгбі.

— І ты да нас, паляшук! — такімі словамі сустрэў яго Сівалап і адразу ж парэкамендаваў трэнеру:

— Мне здаецца з гэтага хлопца атрымаецца добры спартсмен. Я даўно назіраю за ім і магу сказаць, што характар у яго ёсць.

І сапраўды, амаль праз паўгода Вяршыла ўвайшоў у асноўны састаў каманды. Было шмат цікавых сустрэч, паездак па розных гарадах краіны. Аднойчы ён атрымаў цяжкую траўму — пералом носа перад самай фінальнай гульнёй. Вяршыла ляжаў у гасцінічным нумары. Да яго зайшлі Сівалап і трэнер. Па іх разгубленых тварах ён здагадаўся — няма раўназначнай замены.

— Як здароўе? — спытаў трэнер.

— Нармальна. Я магу заўтра ж выйсці на гульню.

— Ён зможа, зможа,— радасна закрычаў Сівалап.— Я ж казаў, што з гэтага сына Палесся атрымаецца спартсмен.

І Вяршыла выйшаў назаўтра гуляць. Бегаць было цяжка, але ён стрываў увесь матч, пасля, праўда, праваляўся з тыдзень у ложку, і ўсе дні Мікола амаль не адыходзіў ад яго, сам гатаваў ежу, уважліва сачыў, каб Андрэй старанна лячыўся. Пасля таго выпадку іх сяброўства яшчэ больш умацавалася. Працягвалася яно да таго часу, пакуль Сівалап скончыў інстытут. Яны на некаторы час зніклі адзін для аднаго. Вяршыла ведаў, Сівалап трапіў на работу ў Цэнтр, пра што мог толькі марыць кожны выпускнік з іх факультэта, потым паступіў у аспірантуру, паспяхова абараніўся. Чуткі пра яго даходзілі да Вяршылы ад знаёмых; сам ён пасля заканчэння інстытута паехаў па накіраванні ў Віцебск, працаваў там некалькі гадоў. Работа яго ў асноўным задавальняла, ён даслужыўся да старшага інжынера. І, мабыць, нішто не зрушыла б яго з месца, каб не сустрэча з Нэляй. Яна была карэннай мінчанкай і сказала, што нікуды з Мінска не паедзе, не кіне ні бацькоў, ні сваіх шматлікіх сябровак,— дый у правінцыі яна проста не зможа жыць. Вяршыла сабраў небагатыя рэчы, колькасць якіх ніяк не павялічвалася са студэнцкіх гадоў, прыехаў у Мінск, дзе яны праз некалькі дзён згулялі вяселле. А потым ён заняўся пошукам работы. Пайшоў працаваць у адзін з акадэмічных інстытутаў. Яго адрэкамендаваў цесць свайму былому саслужыўцу, які пасля выхаду ў запас быў намеснікам дырэктара інстытута па кадрах. Вяршыла працаваў на вылічальнай машыне, служба яму падабалася — праца спакойная, ды і грошай на жыццё амаль хапала. Ён бы, можа, і па сённяшні дзень працаваў у інстытуце, каб невыпадковая сустрэча на футбольным матчы з Сівалапам.

Сівалап, як здалося Вяршылу, вельмі ўзрадаваўся сустрэчы. Ён, вядома, крыху змяніўся на час, што яны не бачыліся — патаўсцеў, пасівеў, голас стаў больш гучным, самавітым. Мікола падрабязна расказаў Вяршылу пра сваё жыццё, паведаміў, што нядаўна атрымаў прызначэнне на пасаду намесніка начальніка самастойнага Аддзела, работа вельмі адказная, цяжкая, але, што самае галоўнае,— цікавая. Аддзел адкрыўся ў Цэнтры нядаўна, даводзіцца займацца ўсім — стварэннем навуковай і вытворчай базы, падборам кадраў. Пасля футбольнага матча яны зайшлі ў кафэ. Доўга прасядзелі, успамінаючы студэнцкія гады.

— Ты абавязкова зайдзі да мяне ў бліжэйшыя дні,— сказаў на развітанне Сівалап.— Мне здаецца, табе не месца ў гэтым інстытуце. Пенсійная работа не для такіх людзей. Я падумаю пра тваё будучае... Мне патрэбны свае людзі. Сам разумееш, які сёння час.

— Дзякуй, прыйду абавязкова,— адказаў усхваляваны Вяршыла.

Праз некалькі дзён ён быў ужо ў прыёмнай Сівалапа. Сакратарка сказала, што ў Мікалая Сяргеевіча нарада, пасля ён будзе прымаць супрацоўнікаў па асабістых пытаннях, так што яна нават не ведае, калі Сівалап зможа яго прыняць. Вяршыла пратырчаў у прыёмнай амаль гадзіну і ўсё ж такі ўпрасіў сакратарку, каб яна сказала Мікалаю Сяргеевічу пра яго. Яна недаверліва паглядзела на Вяршылу, потым зняла трубку:

— Мікалай Сяргеевіч, тут да вас просіцца таварыш Вяршыла.

Сівалап выйшаў з кабінета, сказаў, што нарада вось-вось закончыцца і яны змогуць на працягу паўгадзіны ўсё дэталёва абмеркаваць, у яго ёсць для Андрэя добрая прапанова, за гэтыя дні ён усё надзейна падрыхтаваў,— пагутарыў з начальнікам Аддзела.

Сапраўды, праз некалькі мінут з кабінета Сівалапа пачалі выходзіць людзі з папкамі ў руках. Твары ў многіх былі заклапочаныя, усхваляваныя. Сівалап выйшаў следам і запрасіў Андрэя ў кабінет. Ён сеў за шырачэзны стол і сказаў, што Вяршыла можа хоць сёння падаваць у сваім інстытуце заяву аб звальненні, ён знайшоў для яго па-сапраўднаму добрую работу...

— У чым яна будзе заключацца? — спытаў Вяршыла.

Сівалап уважліва паглядзеў на яго, быццам вывучаючы стан сябра да таго, як ён выдасць яму ўсю інфармацыю.

— Я прапаную табе пасаду загадчыка сектара ў нашым самастойным Аддзеле. Дваццаць восем падначаленых, добрая зарплата, двесце восемдзесят рэ, да таго ж — штомесячныя прэміі.

Вяршыла ад нечаканасці не мог знайсці слоў.

— Я ўдзячны, Мікола, за прапанову, але, прабач, не зусім разумею...

— Чаго ты не разумееш? — спытаў Сівалап.

— Ты ж нічога не ведаеш пра мяне. Што я за спецыяліст, як пацягну справу, як людзьмі буду кіраваць... Можа, мне для пачатку пайсці да цябе старшым інжынерам. Вось тут я буду на сваім месцы...

Сівалап устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, засунуўшы рукі ў кішэні моднага пінжака.

— Дзіваком ты быў, Андрэй, дзіваком і застаўся. Зразумей, мне патрэбны надзейныя ва ўсіх адносінах людзі, якія будуць разумець мяне, якіх буду разумець і я, якія не падвядуць у самых складаных жыццёвых сітуацыях. А яны, на жаль, здараюцца за час нашага існавання на гэтай зямлі вельмі часта. Зразумей, самае галоўнае мець побач, я паўтараю, надзейных людзей. Гэта і ёсць аснова поспеху ў любой справе. Характар у цябе ёсць... Я бачу цябе ў матчах па рэгбі. А калі што-небудзь не атрымаецца, мы дапаможам, падкажам.

— Аднак жа рэгбі крыху адрозніваецца ад работы ў тваім самастойным Аддзеле, да таго ж у якасці загадчыка сектара,— зноў паспрабаваў пярэчыць націску Міколы Вяршыла.

— Адрозніваецца, вядома. Але я ўпэўнены, калі чалавек прайшоў добрую спартыўную загартоўку, ён пройдзе па жыцці пераможцам. Я памятаю, як ты з траўмай выйшаў на гульню і як здорава трымаўся! А нашай справе патрэбны менавіта такія людзі. Да таго ж цябе хвалілі на нашым няпростым факультэце. Магу табе сказаць сёння, што перад нашым Цэнтрам, а значыць — у вялікай ступені і перад Аддзелам, стаіць звышзадача — максімальна наблізіць нашы машыны да лепшых сучасных замежных аналагаў, японскіх, напрыклад. Мы збіраем лепшыя сілы, таленавітых кіраўнікоў і выканаўцаў, каб адолець гэтую цяжкую задачу, з якой не могуць справіцца многія галіны ў краіне. Цэнтр — своеасаблівы канцэрн, у якім з’ядноўваюцца ў адзіную жывую плоць навука і вытворчасць. Зразумей — кожная задума нашых вучоных, кожная іх ідэя ў нашым Цэнтры адразу ж павінна ісці ў вытворчасць.

— Чаму павінна? Цэнтр, наколькі я ведаю, існуе не першы год.

— Усе гэтыя гады былі толькі падрыхтоўкай для сапраўднага рыўка. Таму і створаны наш першы самастойны Аддзел. Асноўная нагрузка, стары, ляжа на нашы плечы. Дакладней, ужо ляжыць. Некалькі разоў я быў за мяжой, на самых лепшых фірмах. І магу сказаць, няма там нічога звышнатуральнага. Болей таго, у нашых вучоных не менш, а больш свежых, арыгінальных ідэй, толькі вось часта ідэі на дзесяткі гадоў адставалі ад вытворчасці. Карацей кажучы, ты маеш уяўленне, куды ідзеш на работу?

— Даволі туманна, але маю.

— Вось і добра,— Сівалап зноў сеў за стол, паглядзеў на гадзіннік.— Потым мы будзем мець магчымасць нагаварыцца ў ахвоту, а цяпер пайшлі да начальніка Аддзела.

Сівалап зняў трубку, сказаў, што ў яго знаходзіцца будучы загадчык чацвёртага сектара Андрэй Васільевіч Вяршыла, пра якога ішла размова некалькі дзён назад. Сказаў Вяршылу:

— Пайшлі па твой новы лёс!

Праз тыдзень Вяршыла стаў падначаленым Сівалапа.

 

Яму сапраўды было вельмі цяжка ўваходзіць у новую ролю, ён сустракаў столькі нечаканых рыфаў у новай справе. Аднак заўсёды побач быў Сівалап, ён амаль штодня заходзіў да яго ў кабінет, або яны абмяркоўвалі справы ў парылцы ці ў гасцях на агульных святах, днях нараджэння. Менавіта тады, з першых дзён ягонай службы ў Аддзеле яны пазнаёмілі жонак і пачалі часта сустракацца сем’ямі. Сівалапавы сябры за кароткі тэрмін сталі Вяршылавымі сябрамі, Мікола пасля знаёмства з кожным з іх бадзёра і ласкава гаварыў: «...Ну, як чалавек? А ў мяне такіх шмат!»

Калі Вяршылу прызначылі галоўным інжынерам Аддзела, што нямала здзівіла ягоных калег — загадчыкаў сектараў,— ён паступова пачаў заўважаць у характары Сівалапа адмоўныя рысы, якія, і ён быў вымушаны сабе ў тым прызнацца, не вельмі падабаліся яму. Час ад часу Сівалап, аказалася, толькі рабіў выгляд, што ўважліва слухае прапановы сваіх падначаленых (пры гэтым ён нават рабіў нейкія шматлікія запісы ў штотыднёвіку); ён мог зазначыць, што думкі выказаны слушныя, а назаўтра прымаў зусім супрацьлеглае рашэнне. Сівалап і сам ведаў, што часам памыляецца, Вяршыла мог меркаваць аб гэтым хоць па тым, як ён імкнуўся хутчэй выправіць свае памылкі, але ніколі ўслых ніводнай з іх не прызнаваў, а калі Вяршыла аднойчы ўголас сказаў яму пра гэта, Сівалап стомлена паглядзеў на яго.

— Уся наша работа, Андрэй, ад пачатку і да канца эксперымент, вось я і эксперыментую.

Некалькі разоў Вяршыла патрабаваў, каб Сівалап даваў больш прынцыповую ацэнку некаторым супрацоўнікам на аператыўках, або, калі сам не хацеў звязвацца з рознай драбязой, рабіў рукамі свайго намесніка і галоўнага інжынера.

— Ты хочаш крыві. Не, дарагі мой. Як бачыш, мы спакойна жывём без розных пісьмаў з подпісамі і без іх; непажаданыя людзі бягуць ад нас быццам бы па сваёй волі, аднак гэта мы з табой іх прымушаем разумна, тонка прымаць такія рашэнні.

Вяршыла спрабаваў спрачацца з ім, але Сівалап не даваў яму магчымасці нават выказацца. І Вяршыла незаўважна для сябе з кожным днём, месяцам падпарадкоўваўся яму, бо галоўнае — справы ішлі ў Аддзеле ўсё лепей. Сівалап вельмі клапаціўся пра свой аўтарытэт кіраўніка, і Вяршыла ягоны аўтарытэт падтрымліваў на кожным кроку. Калі яму хацелася пасварыцца з Сівалапам не на жарт, ён кожны раз стрымліваў сябе, бо быў абавязаны Сівалапу ўсім — сваім становішчам, кватэрай...

Але аднойчы паміж імі ўсё-такі адбылася сварка. Неяк да Вяршылы падышла сімпатычная дзяўчына гадоў дваццаці пяці і сказала, што яе прынялі на работу старшым інжынерам. Калі Вяршыла азнаёміўся з яе службовым спісам, то быў вельмі здзіўлены. Пасля заканчэння інстытута яна працавала кароткі тэрмін, ды і то не па спецыяльнасці, а ў асноўным займалася выхаваннем дзяцей.

— Хто прыняў вас на работу? — пацікавіўся Вяршыла.

— Мікалай Сяргеевіч казаў, што пазвоніць вам, і вы будзеце ўсё ведаць.

Усхваляваны Вяршыла адразу ж пабег да Сівалапа.

— Ведаеш, Мікола, гэта немаведама што! Прысылаеш дзяўчынку на пасаду старшага інжынера, а я яе не магу ўзяць нават лабарантам. Яна ніякага ўяўлення пра нашу работу не мае, адзін голы дыплом!

Сівалап стомлена паглядзеў на яго.

— А ты возьмеш яе не лабарантам, а старшым інжынерам. Калі што не атрымаецца — будзем вучыць. Усіх нас вучылі і вучаць.

— Ну навошта нам браць яе, калі можна знайсці выдатнага спецыяліста?

Сівалап зноў узняў на яго вочы.

— Ты не гарачыся, Андрэй. Зразумей мяне, тут свая палітыка. Словам, папрасіў мяне ўзяць яе адзін паважаны чалавек. Скажу толькі, што ён дужа патрэбны нам. Павер. Знікнуць многія праблемы, якія паўстаюць штодня перад усім Цэнтрам, нашым Аддзелам. Ды і перад намі з табой, у прыватнасці. Вось і ўвесь сакрэт яе прыёму на работу. Час ад часу даводзіцца ісці на такое ў інтарэсах справы. Аднак, сам ведаеш, працэнт такіх каштоўных кадраў у нас проста дробязны. Так што вучы яе, вучы, старайся, дарагі Андрэйка, дый абыходлівым будзь.

Праз некалькі тыдняў маладая асоба пачала спазняцца на работу, а часам і наогул не з’яўлялася ў Аддзеле, спасылаючыся на хваробу дзяцей. Калі ў яе патрабавалі даведкі ад урачоў, яна маўчала. Сівалап вымушаны быў падпісаць вымову, пасля другую, трэцюю.

Нарэшце яна прынесла яму заяву аб звальненні, усміхнулася:

— Дзякуй, Мікалай Сяргеевіч, за прыемную работу ў вашай установе, я вельмі ўдзячная вам.

Калі яна выйшла, Сівалап выклікаў да сябе Вяршылу і стаў вінаваціцца:

— Нядобра ўсё атрымалася, але, згадзіся, мы з табой ні ў чым невінаватыя. Я пазваніў чалавеку, які рэкамендаваў яе да нас, папрасіў прабачэння. Рэакцыя яго была спакойная. Так што поўны парадак.

А праз некалькі дзён пазванілі з ЦК. Там атрымалі ананімку, якую перадалі ў парткамісію райкома. У ёй гаварылася, што Сівалап карыстаецца службовым становішчам, на дзяржаўнай машыне ганяе па лазнях, хаця ў яго ёсць уласная «Волга», перапісаная на жонку. Яшчэ, гаварылася ў пісьме, Сівалап пабудаваў сабе не дачу, а сапраўдны палац з матэрыялаў прамысловага аб’екта. Сівалапа, які нічога не ведаў, выклікалі ў райком, пазнаёмілі з пісьмом і запатрабавалі пісаць пісьмовае тлумачэнне па ўсіх фактах, што былі ў ананімцы. Ён пасмяяўся, назваў ананімку хлуснёй, але напісаў тлумачэнне.

— Як ты думаеш, хто мог напісаць такое? — разгублена спытаў ён у Вяршылы.

— А тут няма чаго і думаць. Наша вучаніца напісала. Яна апошнім часам даволі зацікаўлена выпытвала ў жанчын, як і што. Пра цябе асабліва. А ў нашых жанчын занадта доўгія языкі. Іх таксама, відаць, цікавіць жыццё ўсімі любімага шэфа. Упэўнены, што тое-сёе яны расказалі...

— Ну, нічога. Там няма фактаў, адна хлусня.

— Тады супакойся і працуй, як звычайна,— параіў Вяршыла.

Дома Сівалап падзяліўся сумнай навіной з жонкай. Яна адразу ж пачала шукаць патрэбных людзей, каб адбіцца, але Мікалай Сяргеевіч пераканаў яе, што залішняя абарона можа выклікаць адмоўную рэакцыю парткамісіі. Ніякай віны за сабой Сівалап не адчуваў, і ўсё павінна абысціся.

Праз некалькі дзён у кабінет да Сівалапа прыйшоў сівы дзядок. Ён сказаў, што прадстаўляе парткамісію раёна, яму даручана праверыць факты з ананімнага пісьма.

Сівалап пацвердзіў яшчэ раз, што гатовы адказаць на ўсе без выключэння пытанні. Дзядок, якога звалі Мацвей Сцяпанавіч, паклаў перад сабой аркуш белай паперы, дастаў з кішэні самапіску і пачаў падрабязна распытваць Сівалапа пра будаўніцтва дачы, пра тое, дзе ён браў розныя матэрыялы, ці сапраўды ездзіў на службовай машыне па лазнях. Сівалап трымаўся спакойна: дачу будавала рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, усе, без выключэння, матэрыялы таксама былі заказаны і аплочаны ў гэтым упраўленні. Сваіх рабочых на будаўніцтве дачы ён ніколі не выкарыстоўваў. Усе яны былі з будаўнічага ўпраўлення. Ніводнага разу службовую машыну ў суботу ён не выклікаў, гэта можна праверыць у дыспетчарскай гаража Цэнтра. Праўда, здаралася, ён ездзіў у камандзіроўкі, а таксама прымаў самыя розныя дэлегацыі.

Яшчэ дзеда цікавіла, чаму Сівалап перапісаў аўтамабіль «ГАЗ-24» на жонку, чаму наогул ён не купіў больш сціплую машыну, «Жыгулі», напрыклад...

Сівалапу ледзь удалося стрымаць сябе.

— Паважаны Мацвей Сцяпанавіч, «Волгу» я сапраўды перапісаў на жонку... Тут свае прычыны. Купіў я яе, таму што зарабляю, прабачце, дастаткова, дый машыны свабодна прадаюцца ў магазіне «Аўтамабілі». Грошы свае я зарабляю сумленна, дзяржава лічыць, што менавіта столькі мне трэба плаціць. Гэта вы таксама можаце праверыць. І ў жонкі маёй таксама добры заробак.

— А можа, вы перапісалі аўтамабіль на жонку, каб схаваць гэты свой набытак,— не здаваўся Мацвей Сцяпанавіч.

— Каго схаваць — машыну ці жонку?! І тое і другое, самі разумееце, зрабіць цяжка. Абедзве яны зафіксаваны ў многіх дакументах з гербавымі пячаткамі! — засмяяўся Сівалап.

Але дзед не спяшаўся развітвацца. Амаль кожны дзень яго бачылі ў Аддзеле. Ён распытваў пра Сівалапа ў супрацоўнікаў. Натуральна па Аддзеле папаўзлі непрыемныя для Мікалая Сяргеевіча чуткі. У гутарцы з Вяршылам (які быў у той час сакратаром партыйнай арганізацыі Аддзела), Мацвей Сцяпанавіч сказаў, што ніякіх парушэнняў ён не знайшоў і збіраецца ананімку закрыць. Праўда, ён зробіць у даведцы, што датычыць Сівалапа, толькі адзіны запіс: «Абрастанне гаспадаркай», Вяршыла перадаў Сівалапу сэнс гутаркі з правяраючым, сказаў, што ўсё ў прынцыпе, як і чакалася, абыходзіцца нармальна, але вось запіс ён хоча зрабіць не вельмі прыемны, паспрабуй яго пасля выкрасліць.

— Што ты прапануеш? — спытаў Сівалап.

— Зараз жа пайду ў райком партыі, да першага сакратара,— рашуча заявіў Вяршыла.— Я — сакратар партыйнай арганізацыі, ён павінен мяне прыняць. Ты ні ў чым невінаваты, дзед жыве старымі ўяўленнямі. Да таго ж хопіць нерваваць Аддзел.

— Дзякуй,— ціха сказаў Сівалап. — Я канчаткова разгубіўся. Гэтыя размовы з Мацвеем Сцяпанавічам... Ведаеш, я хацеў яго спытаць, дзе ён быў у тыя самыя гады... Памятаеш, расказваў я табе адну гісторыя. Метады засталіся...

Вяршыла пайшоў у райком партыі. Першы сакратар, маладжавага выгляду чалавек, які нядаўна прыйшоў у іх раён з апарата ЦК, уважліва выслухаў Вяршылу, згадзіўся, што прэтэнзій да Сівалапа не можа быць ніякіх. Ён паабяцаў разабрацца, падрабязна распытаў пра справы ў Аддзеле. Вяршыла, як ніколі, спяшаўся ў Аддзел пасля размовы ў райкоме. Сівалап, напэўна, убачыў, як ён выходзіць з машыны, з акна, і таму сустрэў яго ў прыёмнай.

— Ну? — толькі і спытаў ён.

— Усё нармальна. Першы сакратар адразу ж зразумеў мяне. Галоўнае, ён — сучасны чалавек. Абяцаў пабываць у нас на партыйным сходзе, падрабязна цікавіўся нашым жыццём.

Сівалап з палёгкай уздыхнуў.

— Цяпер і справамі можна заняцца як належыць. Мы ўсім пакажам... Да таго ж я, што ні кажы, добры кіраўнік,— зазначыў ён.— А ведаеш чаму?

Сівалап запытальна паглядзеў на Вяршылу.

— Чаму?

— Я не памыляюся ў людзях. І ў табе вось не памыліўся!

...Сёння ён і сам не разумее, чаму ж ён амаль адразу, як толькі з’явілася прапанова самога міністра перавесціся ў апарат міністэрства, пайшоў да Сівалапа?

Адам Іванавіч аднойчы без папярэджання прыехаў у Аддзел. Сівалапу пазваніў вахцёр і сказаў, што міністр падымаецца да яго. Сівалап тэрмінова выклікаў Вяршылу. Адам Іванавіч растлумачыў, што праязджаў міма, вось і вырашыў зайсці. Сівалап і Вяршыла павялі міністра па вытворчых цэхах, падрабязна расказвалі, паказвалі. Потым Адам Іванавіч сказаў Сівалапу, што ў яго вельмі талковы галоўны інжынер, ён даўно прыглядаецца да яго.

Сівалап правёў міністра, выклікаў Андрэя. Выгляд у яго быў невясёлы.

— Яму што-небудзь не спадабалася? — не вытрымаў Вяршыла.

— Ды не... спадабалася... ты... Ён, аказваецца, даўно да цябе прыглядаецца... Хоць бы ты менш гаварыў, ці што? Чуе маё сэрца, Адам Іванавіч спяваў пра цябе песенькі нездарма так.

— Чаму?

— Проста так ён ніколі нічога не гаворыць, не такі чалавек.

І сапраўды Вяршылу праз некалькі дзён выклікалі ў міністэрства, спачатку да намесніка, потым — да Адама Іванавіча. Размова была кароткай. Яму прапанавалі ўзначаліць адзін з аддзелаў міністэрства.

— Вы не падумайце, што ў нашым апараце няма здольных людзей, каб заняць гэтую пасаду, але мне патрэбны чалавек з вытворчасці. Нашы супрацоўнікі ў большасці сваёй таксама прайшлі вытворчую школу. Аднак гэта было надта даўно. Жыццё тым часам ідзе наперад. Аддзелу патрэбен чалавек, у якога рукі не паспелі адвыкнуць ад жывой, я падкрэсліваю, сучаснай справы. Даю вам некалькі дзён на роздум.

Адам Іванавіч закончыў гаварыць і ўважліва паглядзеў на Вяршылу.

— А што я казаў? — не здзівіўся Сівалап, калі Вяршыла зайшоў да яго.

— У мяне некалькі дзён на роздум.

— Дзівак чалавек! — засмяяўся Сівалап.— Лічы, што загад падпісаны. Збірайся, дарагі Андрэйка! І ляці ў міністэрства. Спачуваю, цяжка табе там давядзецца. Цяжка і сумна, павер мые.

І тут Вяршыла нечакана для сябе ўцяміў, што з задавальненнем ідзе ад Сівалапа. Вядома, яго захапляла і захапляе жывая, творчая работа ў Аддзеле, вынікі якой ён бачыць кожны месяц. Тады — чаму так лёгка ідзецца ад чалавека, які столькі для яго зрабіў? І ён знайшоў адказ — яму надакучыла быць выканаўцам.

 

7

Назаўтра пасля цяжкага сну Сівалап вырашыў абавязкова праведаць шэфа. Нават уявіць цяжка, што адчувае чалавек у ягоным становішчы. Кажуць, прабіцца туды немагчыма. З самай раніцы Мікалай Сяргеевіч пазваніў Падмостку, яму сказалі, што Яраслаў Рыгоравіч знаходзіцца на вельмі складанай аперацыі. «На вельмі складанай»,— падкрэслівалася невыпадкова, таму што дзяўчына на другім канцы тэлефона, вядома ж, пазнала ягоны голас, ён часта званіў Падмостку. Помніцца, Сівалап заехаў да сябра ў клініку. Пачала непакоіць пячонка. Яраслаў узяўся абследаваць Сівалапа, таму што пячонка, паводле яго слоў, не больш не менш, а другое наша сэрца.

У тое наведванне дзяўчына-сакратарка спадабалася Сівалапу, ён нават сказаў Падмостку, што з задавальненнем убачыў бы яе ў іншым месцы. Падмостка адказаў, што дапамагчы нічым не можа, таму што па старой звычцы ўсе падначаленыя жанчыны для яго не існуюць, а Мікола можа праверыць з гэтай дзяўчынай увесь свой талент. Толькі вельмі старанна — мясцовыя медыцынскія донжуаны сто разоў падлабуньваліся да яе, запрашалі ў рэстараны, тэатры, па святах прыносілі падарункі. Але поспеху не дасягалі.

— А ў нас, можа, і пойдзе! — пацёр далоні Сівалап.

Аднак гэта засталося жартам. Пераканаўшыся, што з пячонкай поўны парадак, ён больш не заглядваў да Падмосткі.

Сівалап успомніў імя дзяўчыны.

— Я размаўляю з Вольгай, ці не так? — спытаў ён.

— Так.

— З вамі гаворыць Сівалап. Некалькі разоў я бываў у вашага шэфа, калі памятаеце.

— Я вас памятаю.

— Дык вось. У мяне вялікая да вас просьба, Волечка. Перадайце Яраславу Рыгоравічу, каб ён пазваніў мне. Тэрмінова.

— Ён вызваліцца не раней чым праз некалькі гадзін. Складаная аперацыя. Але я адразу ж перадам.

Сівалап папярэдзіў сваю сакратарку, што яму будзе званіць Падмостка і яго трэба будзе абавязкова знайсці, дзе б ён ні знаходзіўся.

Потым ён звязаўся з першым намеснікам дырэктара Цэнтра Сяргейчыкам, паведаміў таму, што ён зрабіў усё магчымае, каб сёння ж наведаць шэфа ў бальніцы. Чалавек знаходзіцца там у дрэнным настроі, і яму спатрэбіцца іх падтрымка.

— Вы прачыталі мае думкі,— адказаў Сяргейчык.— Я таксама спрабаваў звярнуцца з просьбай да некаторых сваіх знаёмых, але вынікаў пакуль што няма. Мне званілі ўжо начальнікі другога і трэцяга Аддзелаў. Яны таксама збіраюцца праведаць Гаўрылу Іванавіча.

Сівалап сказаў, што паведаміць адразу ж, як толькі дачакаецца званка. Ён можа гарантаваць, што калі не сёння, дык заўтра яны ўбачаць шэфа.

Падмостка аб’явіўся толькі пасля абеду. У яго быў слабы, ледзь чутны голас. Сівалап спытаў, як закончылася аперацыя.

— Вельмі дрэнна, стары, я нічога не мог зрабіць. Мы біліся больш чатырох гадзін, але ўсё дарэмна. Мне не хочацца нікога бачыць і чуць таксама. У цябе якая справа да мяне? Толькі прашу — вельмі коратка.

— Я гаварыў табе пра нашага шэфа. Памятаеш, у парылцы? Нам трэба праведаць яго.

— Добра. Я пазваню табе мінут праз дваццаць-трыццаць.

Падмостка перазваніў значна раней і сказаў, што ў Ба раўляны можна ехаць хоць зараз, назваў прозвішча чалавека, да якога трэба звярнуцца, папярэдзіў, што знаходзіцца там доўга строга забаронена.

Сівалап падзякаваў сябру за дапамогу і сабраўся ўжо вешаць трубку, як той раптам папрасіў узяць яго з сабой, ён сёння ні на што ўжо не здольны, а ў Бараўлянах яму трэба дабыць адно дэфіцытнае лякарства, вельмі прасілі родныя жонкі, хоць яно наўрад ці можа ўжо дапамагчы хвораму. Сівалап сказаў шафёру, каб той хутка зганяў на базар, купіў самай рознай садавіны, прыкладна па кілаграму, потым захапіў ля бальніцы Падмостку і вяртаўся да Аддзела. Ён сказаў Сяргейчыку, што праблема вырашана, праз гадзіну ён будзе ля Цэнтра, няхай Уладзіслаў Людвігавіч возьме толькі двух начальнікаў Аддзелаў у сваю машыну, бо з імі яшчэ паедзе і ўрач.

— Вы нават спецыяліста знайшлі? — здзівіўся Сяргейчык.

— Гэта мой сябар. У яго ёсць там свае справы.

Роўна праз пяцьдзесят хвілін ад вахцёра пазваніў шафёр: машына была ля пад’езда. Мікалай Сяргеевіч сеў на задняе сядзенне побач з Падмосткам. Твар у таго быў незвычайна бледны.

— Не скажу, каб твой выгляд занадта парадаваў мяне,— сказаў Сівалап, паціскаючы шырокую сябраву далонь.

Падмостка махнуў рукой.

— Добра, што я стаю на нагах. Колькі нерваў сапсаваў! І ведаў жа, а вось... Парок сэрца быў у хлопца. Ды такі, што... Словам, жыць яму заставалася некалькі месяцаў, не больш. Я паглядзеў яго і бацькам сказаў, што шанцаў на выратаванне няма ніякіх. Можа, які-небудзь адзін працэнт з сотні. А яны, пажылыя абое, дзіцё ў іх адзінае, позняе, кінуліся ў ногі, пачалі прасіць. Я і не стрываў...

Ён дастаў цыгарэту, прагна зацягнуўся.

— Навошта? — праз некаторы час спытаў Сівалап.

— Сам не ведаю чаму. Адзін працэнт з сотні ўсё ж такі быў. Было некалькі дзён на роздум, і я, як шкаляр, сядзеў над кніжкамі — нашымі, замежнымі. Нідзе, уяві сабе, не знайшоў, каб у такім выпадку гарантаваўся поспех аперацыі. Сказаў праўду бацькам хворага. Іншага выйсця не было. Яны зноў пачалі прасіць мяне, ды як! Вырашыў рызыкнуць. Чатыры гадзіны ішло выпрабаванне. І асістэнтаў дабіў, і сябе. І што самае прыкрае — блізкі быў да поспеху, зусім блізкі. Выйшаў пасля аперацыі, іду, за сценкі трымаюся. Зірнуў з шостага паверха ўніз, а там, у скверы, пад дажджом стаяць, прыціснуўшыся адзін да аднаго, бацькі хлопца. Так сэрца сціснулася, што ледзь аддыхаўся. Вось так, Мікола... Вы там нейкія супермашыны выпускаеце, адна з якіх замяняе розум соцень, тысяч людзей, а тут тысячагоддзі ніяк з канструкцыяй чалавека не можам разабрацца.

Яны пад’ехалі да Цэнтра. Дождж спыніўся, і сонечныя промні зіхацелі ў вялізных вокнах.

— Нядрэнна глядзіцца твой Цэнтр,— заўважыў Падмостка, мусіць, успомніўшы Сівалапаву размову ў парылцы з Вяршылам.— І праца ў вас добрая — зрабіў машыну, яна зламалася, а што ў выніку, якая трагедыя? Падладзілі, яна зноў працуе, а не ўдалося адрамантаваць — выкінулі. Чалавека рамантаваць намнога цяжэй, а не адрамантуеш — трагедыя, горшай не бывае ў свеце. І хто мяне прымусіў узяць ды выбраць гэтую недарэчную чортаву прафесію?!

— Табе толькі здаецца, што ў нас салодкае жыццё,— усміхнуўся Сівалап.— За машыну сёння, тым больш такую, якой займаемся мы, спытаюць, дарагі мой, больш, чым за чалавека. Каб ты ведаў, у каго яе вытворчасць на кантролі!

Аўтамабіль Сяргейчыка стаяў ля Цэнтра. Першы намеснік дырэктара ішоў да машыны разам з Пішчам і Гапонікам — начальнікамі другога і трэцяга самастойных Аддзелаў. Некалі аддзел Пішча значыўся ў Цэнтры пад лічбай нумар адзін, а цяпер у яго самы звычайны дапаможны аддзел.

Сівалап выйшаў з машыны, паціснуў усім тром рукі.

— Мы тут тое-сёе прыкупілі,— сказаў Сяргейчык.

— Я таксама.

— Калі ты не супраць, Мікалай Сяргеевіч, то я паеду ў бальніцу ў тваёй машыне. Ёсць размова. Пасля гаворкі з табой было столькі тэлефонных званкоў з нашага маскоўскага міністэрства... Нават не прыпомню такога.

Сівалап расчыніў перад Сяргейчыкам пярэднія дзверцы, а сам уладкаваўся побач з Яраславам. Калі крануліся, Сяргейчык павярнуўся да Сівалапа.

— Званіў Яршоў, новы начальнік Галоўнага ўпраўлення. Праз тыдзень нарада будзе праведзена на базе галоўнага Цэнтра. Збіраюць народ з усёй краіны. У Маскве ведаюць, што Гаўрыла Іванавіч на складаным абследаванні. Ён сам пазваніў туды перад тым як легчы ў бальніцу. Мне, вядома, трэба заставацца на месцы. Паедзе адзін з начальнікаў самастойных Аддзелаў. У мяне асабіста ніякага сумнення не было — на нараду ў Маскву павінны ехаць вы. Але я не мог прыняць рашэнне, не параіўшыся з Гаўрылам Іванавічам. А тут ён якраз і пазваніў. Трымаецца бадзёра, але голас здаўся сумным.

— У той бальніцы, куды мы едзем, не бывае хворых з вясёлымі галасамі,— зазначыў Яраслаў.

— І якая думка Гаўрылы Іванавіча? — спытаў Сівалап.

— Ён узрадаваўся, што мы едзем праведаць яго. Кажа, страшэнны сум заядае, ды і ўся абстаноўка наўкола...

— А наконт вашай прапановы? — зноў спытаў Мікалай Сяргеевіч. Сяргейчык зрабіў выгляд, што не зразумеў яго або сапраўды не зразумеў. Так, робіць выгляд, бо адказвае не адразу, уважліва глядзіць на Сівалапа сваімі маленькімі чорнымі вочкамі.

— Вядома ж, ён пагадзіўся са мной. Вам, Мікалай Сяргеевіч, ёсць што расказаць у Маскве. Усім вядома, што першы самастойны Аддзел лідзіруе на сённяшні дзень. Дарэчы, вы павінны ведаць Яршова. Гэта новы начальнік Галоўнага ўпраўлення. У пазамінулым годзе ён быў у вашым Аддзеле, памятаеце?

— Яшчэ б не памятаць, чалавек справу ведае дасканальна. Я такіх людзей да яго не бачыў. Усё хацеў паглядзець, патрымаць, як кажуць, у руках.

— Вось і добра. Усё ж такі знаёмы чалавек. Дый Гаўрыла Іванавіч падкрэсліў, што вы заўсёды вельмі добра выступаеце.

Цікава, думаў Сівалап, ці не збіраюцца яны мяне скампраметаваць у вачах новага начальніка галоўнага ўпраўлення Яршова, але яны не ведаюць, што мы з ім хутка паразумеліся ў парылцы і на рыбалцы. На нарадзе ў Маскве, вядома ж, будзе і новы міністр, які да таго ж лічыцца буйным вучоным у іх галіне. Расказваюць, на субяседаваннях некаторыя, нават самыя вопытныя работнікі адчуваюць сябе перад ім сапраўднымі шкалярамі. Нарада, якую праводзіць міністр, першая. Відаць, размова адбудзецца сур’ёзная. Але нічога, у Сівалапа ёсць час і ён паспее падрыхтавацца да выступлення. Ніводнага слова пра поспехі, размову будзе весці адно пра тое, што перашкаджае працаваць яшчэ лепей. Трэба цераз Вяршылу высветліць, ці даўно пра маскоўскую нараду даведаліся ў міністэрстве, а значыцца, і ў Цэнтры? Тыдзень — вельмі маленькі тэрмін. Ці не спецыяльна Сяргейчык разам з шэфам вырашылі паведаміць пра нараду толькі цяпер?

— Добра, я паеду на нараду,— згадзіўся Сівалап.— Дзякую за давер’е. Паспрабую выкарыстаць паездку з карысцю для ўсяго нашага Цэнтра.

— Вось і добра, а ўсё падрабязна мы абмяркуем з вамі заўтра. Гаўрыла Іванавіч прасіў, каб вы паказалі яму выступленне перад паездкай у Маскву. Як бачыце, ён цікавіцца справай і спрабуе, нягледзячы на абставіны, не губляць настрой.

— Наогул, лепей не трапляць да нас,— сказаў Яраслаў.— Лепш за ўсё ўчэпіста захоўваць здароўе, толькі тады можна на нешта разлічваць. Я ведаю адну жанчыну... Мяне неяк папрасілі паглядзець яе. Людзі наіўна думаюць, што калі ты ўрач, дык ва ўсіх хваробах разбіраешся. Дык вось, пяць гадоў назад у яе прызналі самае горшае. І каб вы ведалі, як яна пачала змагацца за сваё жыццё! Калі б я быў пісьменнікам, то напісаў бы пра яе вялікую кніжку. Уявіце сабе, усе людзі, з якімі яна ўпершыню трапіла ў адну палату, даўно памерлі. А чаму? Яны толькі і займаліся падлікам таго, колькі ім засталося да фінішу. А яна пачала змагацца за сябе — жорсткі рэжым, нават, уявіце сабе, спорт. І заўсёды — выдатны, аптымістычны погляд на жыццё, заўсёды — усмешка на твары. Муж, калі даведаўся, чым яна хворая, збег да маладой. Але яна не паддалася. І надзіва ўсім спецыялістам медыцыны жыве. Не ведаю, колькі яна яшчэ працягне, але гэта, згадзіцеся, сапраўдны подзвіг у імя жыцця. Ды, на жаль, бывае і так, што шалёны наступ падобнай хваробы нельга спыніць...

— Будзем спадзявацца, што ў Гаўрылы Іванавіча не такі выпадак,— Сяргейчык пахмурна зірнуў на Падмостку.

За вершалінамі дрэў паказаліся карпусы бальніцы.

— Вам трэба крыху пачакаць, я зайду да галоўнага ўрача,— сказаў Яраслаў.

Ён дастаў з дыпламата белы халат, накінуў яго на плечы і пайшоў у бліжэйшы корпус. Сівалап агледзеўся. Навокал — роўныя дарожкі, свежапафарбаваная агароджа. Людзей амаль не бачна. Яны выйшлі з машыны, падышлі да Нішча і Гапоніка.

— Не скажу, што тут весела,— сумна ўздыхнуў Гапонік.— Некалі я таксама пабываў тут.

— Вы?! — здзівіўся Сяргейчык.

— Супакойцеся, не ў якасці хворага. Мой цесць тут ляжаў. Спадзяваліся, што добра ўсё закончыцца, занадта ўжо здаровы чалавек быў. Раптам адчуў сябе дрэнна. Узялі ў яго ўсе аналізы, і я паехаў да ўрача, каб даведацца аб выніках. Тут мне і сказалі, каб мы забіралі яго дамоў. У іх таксама статыстыка... Лепей няхай паміраюць дома. Прэмія застанецца ў кішэні... Назад у Мінск ішоў пешшу — тады якраз Ніксан прыязджаў і дарога на Хатынь, куды яго павезлі, была перакрыта. Прыехалі мы з жонкай і з цешчай па яго вечарам. Я першы вось у гэты самы корпус зайшоў, а ўрач і гаворыць, што мы не паспелі забраць яго жывога, спазніліся... Так што гэта самае месца я добра памятаю.

З'явіўся Яраслаў, раздаў усім белыя халаты.

— На сустрэчу вам даецца пятнаццаць хвілін, не болей. Вы ідзіце, а я зазірну яшчэ ў адзін корпус.

Яны зайшлі ў высокі, светлы хол, у якім было шмат кветак. Маладая жанчына паведаміла, што Гаўрыла Іванавіч хутка выйдзе. Шэф з'явіўся ў паласатым халаце. Сівалап убачыў, як ён схуднеў. Гаўрыла Іванавіч паспрабаваў усміхнуцца так, як гэта рабіў раней — шырока, вольна, але ўсмешка атрымалася ненатуральная, крывая.

— Добра, што ўсе разам прыехалі, а то я адчуваю сябе зверам, якога злавілі ў шырокім полі і загналі ў клетку. Кормяць добра, даглядаюць таксама, а ўсё ж нязвыкла, вельмі нязвыкла. Здаецца, не з табой усё гэта, а з кімсьці іншым, чужым чалавекам.

Кожны з наведвальнікаў, відаць, напружана думаў, з чаго пачаць размову. Начальнікі самастойных Аддзелаў быццам бы па камандзе паглядзелі на Сяргейчыка.

— Справы ў нас, Гаўрыла Іванавіч, нармальныя. План выконваем...— пачаў Сяргейчык.

— Ну і добра, што ўсё нармальна. Мяне хвалюе толькі адно — нарада ў Маскве, шкада, што я сам не магу паехаць. Мяне тут пратрымаюць дзён дзесяць, не менш — аналізы, аналізы... А нарада чакаецца адказная. Самі разумееце чаму. Новы міністр першы раз збірае кіраўнікоў Цэнтраў з усёй краіны. І мы, Мікалай Сяргеевіч, павінны выглядаць на ёй лепш ад іншых. У вашым выступленні абавязкова павінна прагучаць адна думка. Машыну, я маю на ўвазе самую апошнюю, мы распрацавалі чатыры гады назад. Аднак на вытворчасці паглядалі на яе недаверліва, ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць за яе выпуск. Вядома ж, яна складаная. Не выключана, што нічога не атрымаецца. Мы дамагаемся права на ўласны выпуск машыны, наладзілі яе вытворчасць. А цяпер з нас пачынаюць патрабаваць, каб мы прыспешылі выпуск машыны. А тут спяшацца не трэба... Я вам сваю думку канспектыўна выкладаю. Яе трэба аформіць больш тонка, каб міністр не мог прычапіцца, і яршысты Яршоў таксама.

Сівалап падумаў, што Гаўрыла Іванавіч выкладае свае думкі неяк стомлена, без ранейшай узнёсласці. У яго вачах Мікалай Сяргеевіч убачыў халодную, спакойную абыякавасць да ўсяго. Гэта былі вочы зусім іншага чалавека. Яшчэ ён зразумеў, што яго падазрэнні былі дарэмныя. Сапраўды, на маскоўскай нарадзе павінен выступаць толькі ён. Яму ёсць што сказаць, і ад яго выступлення будзе залежаць яго ўласны лёс. Яно таксама можа прынесці карысць людзям. Вось чаму такія калючыя позіркі ў Пішча і Гапоніка. Мусіць, і яны ў гэты дні думаюць пра Цэнтр не менш, чым ён, Сівалап. Ягонае становішча відавочна лепшае. Пішчу далёка за пяцьдзесят, зорак ён ніколі не хапаў. Гапонік жа нядаўна атрымаў новую пасаду і нічым асаблівым вызначыцца не паспеў. Дый і выгляд у яго не кіруючы. Падахвочаны цікаўнасцю, Сівалап разглядаў Гапоніка. Дробны твар, малы рост. З-за трыбуны не ўбачыш...

Яны абмеркавалі яшчэ некаторыя пытанні. Усе заўважылі, што Гаўрыла Іванавіч стаміўся ад размовы. І тут падышла жанчына ў белым халаце, папрасіла прабачэння, сказала, што час наведвання скончыўся, Гаўрылу Іванавічу трэба адпачываць.

— Я чакаю вас, Мікалай Сяргеевіч, у сераду з выступленнем. Мы разам пасядзім, памяркуем, што да чаго,— сказаў шэф і пайшоў.

На вуліцы іх ужо чакаў Падмостка. Сяргейчык зноў сеў на пярэдняе сядзенне Сівалапавай машыны.

— Вы не даведаліся, што з ім? — спытаў Сяргейчык у Яраслава.

— Не. Галоўнага ўрача няма на месцы, а астатнія маўчаць як рыбы,— Падмостка выразна зірнуў на занепакоенага Сівалапа.

— Не падабаецца мне ягоны выгляд, не падабаецца,— уздыхнуў Сяргейчык.

Астатні шлях ехалі моўчкі. Калі Сяргейчык выйшаў ля Цэнтра, Яраслаў шапнуў Сівалапу:

— Справы дрэнь. Засталіся тыдні, некалькі тыдняў.

Сівалап давёз яго да бальніцы.

— Не забывай, заўтра вечарам трэніроўка. Думаю, пасля наведання такога месца, як сёння, ты не будзеш спазняцца. Здароўе, дарагі мой, галоўнае ў жыцці!

Вечарам Мікалай Сяргеевіч адчуў, што хвалюецца. У канцы рабочага дня, ён вёў сябе незвычайна актыўна, пагутарыў амаль з усімі галоўнымі спецыялістамі, даручыў кожнаму выказацца на паперы аб паляпшэнні вытворчага працэсу. Гэта яму абавязкова спатрэбіцца. Трэба ж выступаць на маскоўскай нарадзе. Ён, вядома, не вельмі разлічвае на іх, давядзецца пісаць усё самому, але раптам з’явіцца ў каторага свежая, нечаканая думка. Кожнаму са сваіх падначаленых ён гаварыў, што яму даручана выступаць на высокай нарадзе ў прысутнасці міністра, і, трэба сказаць, гаварыў з вялікім задавальненнем. Сівалап яшчэ паспеў пабываць у новых цэхах разам з галоўным інжынерам.

У канцы свайго выступлення на маскоўскай нарадзе ён назаве тэрмін выпуску машыны. Новы тэрмін! Ён падрабязна абгаварыў усё з галоўным інжынерам, тэхнолагамі. Яны падумалі крыху і сказалі, што ў выпадку некаторай, нават самай невялікай дапамогі іншых самастойных Аддзелаў новы тэрмін будзе не пражэктам, а рэальнасцю.

— Вы разумееце, хто будзе на нарадзе?

Галоўны інжынер ажно сумеўся.

— Мы разумеем і адказваем за свае словы. Няхай нам дапамогуць... І ўсё будзе ў поўным парадку.

Вядома, ён зробіць па-свойму, а не па плане шэфа. Скажа на нарадзе, што Аддзел і Цэнтр разумеюць усю адказнасць задання і, нягледзячы на многія перашкоды, выпусцяць машыну да новага тэрміну. Гэта павінна прагучаць як выбух. Вядома, у сераду ён пакажа Гаўрылу Іванавічу варыянт у адпаведнасці з ягонымі думкамі, а ў Маскве ўсё прагучыць па-іншаму. Усё будзе так, як задумаў ён, Сівалап, а не хто-небудзь іншы.

Ужо ў машыне Мікалай Сяргеевіч раптам успомніў, што не пазваніў Марыне. Учора ён пачуў у тэлефоннай трубцы яе голас.

— Паслухайце, Сівалап, я буду вымушана шукаць вам замену,— гаварыла Марына больш-менш, як яму здалося, сур’ёзным голасам.— Вы не ўлічваеце майго ўзросту і думаеце, што у мяне можна праводзіць некалькі гадзін раз у два тыдні. Я заслугоўваю большай увагі.

Ён абяцаў пазваніць ёй сёння. Можна б было і заехаць на некалькі гадзін, ды часу няма.

Дома Сівалап спадзяваўся застаць жонку, але яе не было. Дачка абняла яго за шыю, сказала, што маці крыху затрымаецца, яна званіла, што зойдзе да нейкай сяброўкі. Яна не запомніла да якой. З пакоя дачкі чулася музыка.

— Ты не адна?

— У мяне Максім.

Сівалап павітаўся з Максімам, высокім бландзінам. Ён падумаў, што дарэмна прыехаў дамоў. Варта было зазірнуць да Падмосткі, а яшчэ лепей заехаць да Марыны. Яна гатуе выдатныя кактэйлі. Сёння гэта б не пашкодзіла. Ён запрасіў дачку і яе сябра павячэраць разам, але яны адмовіліся. Лена ўжо накарміла Максіма.

Дачка падміргнула бацьку і знікла ў сваім пакоі. Часам ён задумваўся, а чым жа яны займаюцца там, асабліва калі застаюцца дома адны? Ужо немалыя, у іх узросце Сівалап — угу! Услых ён свае думкі ніколі не выказваў. Яму падабалася, што дачка сустракаецца з адным Максімам, хоць вочы на яе, ён сам гэта заўважаў, многія касавураць. А хлопец ён, здаецца Сівалапу, даволі сур'ёзны, некалькі разоў ён размаўляў з ім. Добра ведае літаратуру, цікавіцца музыкай. Вось толькі Галя ўвесь час ные, што дачцэ патрэбны жаніх свайго кола, ну, такі, як, скажам, сын Шыкаўца Анатоль — інтэлігентны, выхаваны, з добрымі манерамі, да таго ж будучы дыпламат. Галя і Шыкаўцова жонка здаўна імкнуліся рабіць усё, каб дзеці спадабаліся адно другому, і тыя пасябравалі, хадзілі разам у тэатр, спрачаліся аб музыцы. Аднак гэтым усё скончылася. Анатоль, як толькі паехаў вучыцца ў Маскву, завёў там сабе сяброўку, дачку вядомага дыпламата. Шыкаўцова жонка расказвала Галі, што ў Анатоля з той дзяўчынай усё даволі сур’ёзна, а значыць, ён можа разлічваць на добрае месца. Галя нервуецца, але выгляду перад Шыкаўцовай жонкай не дае. Максіма яна не церпіць.

— Ты толькі паслухай,— з абурэннем гаварыла Галя мужу,— ці ж ён ёй пара? Хлопец усё жыццё жыў у нейкім бараку, у сям’і, дзе акрамя яго яшчэ чацвёра дзяцей, бацька робіць слесарам на заводзе, а маці, уявіць цяжка, буфетчыца. Што добрага ён пабачыў у сваім жыцці, што слухаў, з кім сябраваў?! Усё гэта не можа не адбіцца на яго выхаванні. І Леначка сама ўсё зразумее, але будзе позна, ён чалавек не яе кола, яны вельмі розныя.

— Давай не ўмешвацца. Не мае сэнсу... Да таго ж ён мне падабаецца. Лене, як я заўважыў, таксама. А ты маўчы. Яна сама разбярэцца, як ёй жыць далей,— супакойваў Сівалап жонку.— Ды і мы з табой не заўсёды жылі ў такой кватэры.

Яна не здавалася.

— Ты сам разумееш, што я не памыляюся. Яна ж цябе любіць, пагавары з ёй як бацька,— чаплялася жонка.

— А я гаварыў. Не раз і не два. Я яе заўсёды прасіў сур’ёзна ставіцца да жыцця, вучыў адрозніваць добрых сяброў ад дрэнных, і яна мяне заўсёды слухала. А цяпер, дарагая, не той выпадак.

Сівалап выпіў ужо трэці кубак чаю, а Галі ўсё не было. Ён прайшоўся па кватэры. У кабінеце ўключыў тэлевізар, але па трох праграмах не было нічога цікавага. Перад ім ляжала ёмістая папка. Ён пагартаў паперы. Доктарская дысертацыя. Цяпер добра б мець званне доктара навук. Нават для той жа маскоўскай нарады. Як гэта добра прагучала б перад новым міністрам. Ён адсунуў папку ўбок і прайшоўся каля даччынога пакоя. Слухаюць арганную музыку, аб нечым размаўляць. Можа, зайсці да іх, але навошта ён ім? Лепш паехаць да Яраслава. Размова з ім дапаможа збіць яго нервовае напружанне. Сівалап выклікаў таксі. Якраз у гэты момант у кватэру ўвайшла Галя, нагружаная нейкімі пакункамі.

— А гаварыла, што ў цябе скончыліся грошы! — здзівіўся Сівалап.— Я табе прынёс палучку.

— Нам прэмію далі. А ты куды гэта сабраўся?

— Думаў заехаць да Яраслава. Вырашыў, ты вернешся позна, а ў Леначкі госць. Сумна зрабілася на душы, вось і хацеў праехацца.

— Сядзеў бы лепш і працаваў над дысертацыяй. Усё ж такі дзіўны ты чалавек! — сказала Галя.— Нікуды не паедзеш!

— Працуй не працуй, а ўжо не паспею. Ніводзін геній не паспеў бы. Засталося, можа, толькі некалькі тыдняў...

— Ты пра што? — здзівілася жонка.

Сівалап падрабязна расказаў ёй пра паездку да шэфа ў бальніцу. Яраслаў перакананы, што гэта канец. Потым успомніў пра паездку ў Маскву. Жончыны вочы адразу ажылі. І тут пазванілі, што прыйшла машына. Сівалап запытальна паглядзеў на Галіну.

— Я ж табе кажу — распранайся. Да таго ж у суботу сустрэнецеся ў Вяршылы. Мне званіла ягоная жонка. Дарэчы, і Анатоль будзе...

— Не разумею, які Анатоль? — знарок здзівіўся Сівалап.

— Жонка Шыкаўцова таксама званіла. Сказала, прыедзе на некалькі дзён Анатоль. А ў Лены зноў гэты...

Сівалап мудрагеліста вылаяўся, потым шапнуў:

— Прашу цябе — крыху цішэй.

І жорстка паглядзеў на жонку.

— Нічога не магу зрабіць з сабой — не цярплю яго, і ўсё тут! — працягвала Галіна.— Мне здаецца, ён дакладна ўсё разлічыў: кватэра ёсць, машына, а бацька забяспечыць усім іншым, у тым ліку і кар’ерай.

Зноў пазванілі, што таксі чакае. Сівалап збегаў уніз і разлічыўся з шафёрам. Калі вярнуўся, жонка сядзела ў ягоным кабінеце.

— Чаму не вячэраеш?

— Не хачу. Няма апетыту. Вельмі стамляюся. Пачаліся нейкія страшныя дні,— адказала жонка і раптам спытала: — Што ты думаеш рабіць?

— Не ведаю,— шчыра прызнаўся Сівалап,— адзін чалавек абяцаў мне... А вось што рабіць — не ведаю. А можа, і так усё будзе нармальна...

— На гэта разлічваць нельга. На Цэнтр прэтэндуе, я не сумняваюся, шмат людзей, ты яшчэ не ведаеш, якія ў іх сувязі. І калі сядзець склаўшы рукі... Сам разумееш...

— Вяршыла, відаць, ведае тое-сёе, але не больш. Наўрад ён мне дапаможа. Усё будзе вырашацца на ўзроўні міністра, а таксама ў Маскве.

— Варта ўсё спакойна абдумаць. І тое, хто можа дапамагчы, і як нейтралізаваць тваіх сапернікаў. Ты, я прашу, не расслабляйся ў гэтыя дні.

Жонка ўважліва паглядзела на Сівалапа.

— Добра,— буркнуў ён.

 

8

Пакрысе Вяршыла пачаў дазнавацца ў міністэрскіх кабінетах пра справы ў Цэнтры. Усе тыя, з кім ён мог шчыра размаўляць (а за некалькі год работы ў апараце такіх людзей з’явілася нямала), гаварылі, што пакуль з кабінета міністра або яго намеснікаў не выпаўзла ніводная звестка, было вядома адно, што шматпаважаны Гаўрыла Іванавіч хворы, да таго ж — вельмі цяжка. Вяршыла папрасіў, каб яму своечасова паведамлялі больш-менш значныя навіны.

Вяршыла мог звяртацца з падобнай просьбай толькі пасля некалькіх гадоў міністэрскай службы, калі ў яго з’явіліся людзі надзейныя, бо адкрыта весці размовы аб кадравых перамяшчэннях, што знаходзіліся ў нейкай кампетэнцыі, лічылася неэтычным.

Цяпер Вяршыла з усмешкай успамінаў той час, калі ён упершыню акунуўся ў міністэрскае жыццё. Якім ён быў тады зялёным! Адной жонцы ён прызнаўся, які яго ахапіў жах, калі раптам гара папер звалілася на яго плечы — справаздачы, даведкі. Сівалап часта заходзіў да яго, іранічна паглядаў на стол, завалены паперкамі, пытаў: «Ну як?! Ты атрымаў, я бачу, усё, пра што марыў...» Вяршыла не прызнаваўся яму, што патануў у другарадных справах, што пасля рабочага дня цяжка было ўспомніць, чым ты займаўся з раніцы да вечара. Не паспееш выканаць адно даручэнне міністра, намесніка або начальніка ўпраўлення, як на твае плечы ўзвальваюць новае даручэнне і таксама вельмі тэрміновае. Праўда, Вяршылу па-сапраўднаму пашчасціла ў тым, што ён у апарат міністэрства не адразу пайшоў на пасаду начальніка аддзела, а больш як месяц мог назіраць за сваім часовым шэфам Іванам Сямёнавічам, які ў той час пачаў афармляць пенсію па стане здароўя і старанна рыхтаваў Вяршылу да новай пасады начальніка. Галоўнае ў апаратнай рабоце, вучыў Чачура нявопытнага Вяршылу, у плытніне спраў, а яны будуць заўсёды, вызначаць некалькі самых галоўных... Праўда, начальства мае звычку пытацца і пра розныя дробязі... Аднак трэба памятаць пра галоўнае. Інакш ужо размова будзе весціся на высокіх танах. Яшчэ не трэба хапацца самому без разбору за ўсё, трэба загрузіць супрацоўнікаў аддзела так, каб у іх не было часу вольна дыхнуць...

— І яшчэ, дарагі мой Вяршыла,— выразна хвалюючыся гаварыў Іван Сямёнавіч,— запомніце адну рэч — не спяшайцеся ў апараце міністэрства выказваць свае думкі паспешліва, як гэта часам можна рабіць на вытворчасці.

— Чаму?

— Усё вельмі проста. Ваш начальнік, ну, скажам, намеснік міністра або кіраўнік упраўлення, пачынае аб нечым з вамі раіцца. Пры гэтым ён выказвае сваю думку па тым ці іншым пытанні, а вы слухайце і думайце, але нічога спачатку не выказвайце, нават калі ўжо ваша думка пачынае круціцца ў галаве.

— Нічога не разумею,— шчыра прызнаўся Вяршыла.— Чаму не выказваць, калі, напрыклад, у мяне ёсць цвёрдая думка...

— Вось і цяпер вы спяшаецеся з пытаннем,— усміхнуўся Чачура.— Лепей паслухайце... Напрыклад, вы згадзіліся са сваім начальнікам, цалкам падтрымалі яго думку. Што можа адбыцца назаўтра, а то і яшчэ раней? Ваш шэф яшчэ раз узважыць усе «за» і «супраць» і, напрыклад, зробіць іншы вывад. Але ў гэтым выпадку ён абавязкова скажа, што не ён, а вы памыляліся ўчора, хоць на самой справе вы толькі пагадзіліся з ім. Паверце, я многа начальнікаў пабачыў над сваёй старой галавой за многія гады службы ў апараце. Ён абавязкова скажа вам: «А ўсё ж такі вы, дарагі мой, учора не зусім добра ўзважылі сітуацыю. Я тут падумаў і вырашыў...» Праўда, не вельмі прыемны момант?

— Сапраўды,— згадзіўся Вяршыла.— Але ўсё залежыць ад чалавека, з якім маеш справу.

— У дзевяноста выпадках усё выглядае менавіта так.

— А што вы прапаноўваеце?

— На пачатку якога-небудзь абмеркавання не трэба гаварыць «так» або «не». Вы, вядома, не маўчыце, а дэманструеце сваю дасведчанасць у тым ці іншым пытанні, мяркуеце па нейкай праблеме з самых розных пунктаў гледжання, быццам пагаджаецеся і ў той жа час адмаўляеце. І тады ваш начальнік не будзе мець іншай магчымасці, як толькі пагаджацца з вамі, таму што сярод вашых разважанняў ёсць некалькі варыянтаў. Ну як?!

Ён задаволена паглядзеў на Вяршылу цераз тоўстае шкло акуляраў.

— Усё добра, але як быць з уласнай думкай, уласнай прынцыповасцю, нарэшце?

— Яе вы можаце выказваць, калі нешта вельмі сур'ёзнае... Але запомніце, што ў большасці выпадкаў начальства робіць так, як вырашыла... Усе парады яно выслухоўвае толькі для парадку. І на сваіх уласных думках кожны, нават самы здольны чалавек, можа набіць сабе шмат гузакоў... Тады ўжо да пенсіі на сваёй пасадзе не пратрымацца... Я пераканаўся за сваё жыццё... Людзей, якія па кожным пытанні маюць сваю ўласную думку, не вельмі шануюць. Таму часам усе мы і робім недаравальныя памылкі, а праз гады, калі пачынаем разбірацца, па якой прычыне яны здараліся, здзіўляемся — з тым ці іншым чалавекам усе пагадзіліся, ніхто не выказаў супрацьлеглай думкі, хоць ішло і ўсебаковае і дэмакратычнае, як пішуць у газетах, абмеркаванне.

— І вы гэта разумееце? — яшчэ раз здзівіўся Вяршыла.

— Вядома, разумею, і да таго ж не толькі я. Але вам, як пачаткоўцу ў міністэрскіх справах, не раю напачатку ды і потым таксама вырывацца з гэтых межаў. Прыглядайцеся, вывучайце, і толькі ў тым выпадку, калі цалкам адчуваеце сваю правату — наперад! Тады вы не сарвецеся.

У такой ролі я ўжо быў, думаў Вяршыла, а цяпер не хачу, не буду... Лезці ў спрэчкі з Сівалапам я не мог, не меў маральнага права. А тут не той выпадак, на інжынерную работу я заўсёды вярнуся.

Калі Чачура пайшоў з міністэрства, дзе яму былі наладжаны ўрачыстыя провады, у доўгіх калідорах і вузкіх пакоях пачалі адкрыта гаварыць, што ён быў канфармістам, чалавекам, які адстаў ад сучаснага жыцця, і вельмі добра, што такіх апошнім часам адпраўляюць на пенсію. Нават міністр, чалавек празмерна стрыманы ў ацэнках сваіх супрацоўнікаў, сказаў Вяршылу, што Іван Сямёнавіч быў вопытным, адказным работнікам, дасканала ведаў справу... Яму, праўда, шкодзіў канфармізм, а таксама стары падыход да апаратнай работы... Што гэта азначае? Жывая справа падмянялася ў аддзеле напісаннем шматлікіх непатрэбных папер... Работнікаў было не загнаць на месцы, не падахвочаныя цікавасцю, яны вельмі слаба ведаюць справы на месцах.

Вяршыла паспрабаваў запярэчыць, маўляў, колькасць папер ідзе не па жаданні начальніка аддзела, іх колькасць не зменшылася, а наадварот — папяровае мора расце з кожным днём і кожная папера знаходзіцца на жорсткім кантролі, паспрабуй парушыць тэрмін яе разгляду. Аднак начальнік упраўлення Багуцкі так зірнуў на Вяршылу, што той адразу змоўк.

Міністр зазначыў, што перабудаваць работу аддзела можна і пры такой колькасці папер, трэба правільна расставіць людзей, размеркаваць іх абавязкі з найбольшай эфектыўнасцю. Калі выйшлі ад міністра, начальнік упраўлення сказаў, што ў цэлым размова прайшла нармальна, аднак пярэчанне міністру накшталт колькасці папер выглядала крыху наіўна, таму што размова аб гэтым вядзецца дзесяткі гадоў, а нічога не мяняецца і мяняцца не будзе.

— Пакуль ёсць мы, будуць і паперы,— сказаў Багуцкі.— А наогул, Андрэй Васільевіч, ці паспеў Чачура перадаць вам свае сакрэты, ці прачытаў папулярную лекцыю пра апаратную работу?

— Паспеў.

— Вось і добра. Мне таксама давялося яе праслухаць, калі прыйшоў у апарат міністэрства. Іван Сямёнавіч гутарыў як з зялёным. Многае ў ягонай лекцыі, вядома, не мае дачынення да сённяшняга дня, аднак тое-сёе раю не забываць.

З першых дзён у былым кабінеце Івана Сямёнавіча Вяршыла адчуў узрушлівую непрыемнасць ад колькасці званкоў, папер, самых розных даручэнняў. Ён мала паспяваў зрабіць за дзень і адчуваў сябе менш чым выканаўцам, ён разумеў, што робіць справу, якую нельга памацаць рукамі. Пасля работы ён знясілены прыпаўзаў дамоў, гаварыў жонцы, што дарэмна пайшоў на гэтую пасаду, аднак цяпер позна рабіць крок назад, ніхто, ніводны чалавек яго не зразумее.

— Я ж табе тое самае казала,— гаварыла жонка,— не для цябе міністэрская служба. Да таго ж мне здаецца, што ты падвёў Мікалая Сяргеевіча. А ён жа столькі для цябе зрабіў! Я ўспамінаю, як вечарамі вы спрачаліся бясконца пра сваю новую машыну, якім ты быў шчаслівым...

— Было і сплыло,— згаджаўся Вяршыла.— А цяпер немаведама што. Але зразумей, і па-ранейшаму я ўжо не мог працаваць. Наогул, каб не ты, працаваў бы ў Віцебску старшым інжынерам...

— І быў бы шчаслівым чалавекам? — спытала Нэля, гледзячы яму ў вочы.

— Без цябе не,— шчыра прызнаўся ён.

Здаецца, нядаўна быў той дзень...

Ён тады прыехаў у Мінск у кароткатэрміновую камандзіроўку. На заводзе сустрэў былога аднакурсніка, той запрасіў у госці. Вечарам Вяршыла апынуўся ў новым доме ў далёкім мікрараёне. Андрэй нават пашкадаваў, што паехаў у госці. Некалі аднакурснік Яўген Гузаў шмат піў, яго з-за гэтага ледзь не выключылі з інстытута. Ён цяпер амаль не дакранаўся да бакала з віном. Яны размаўлялі, успамінаючы студэнцкае жыццё. І тут увайшла Нэля. Калі ён убачыў яе, то ажно сумеўся. Яна паглядзела на яго, здушваючы ў сабе смех. Бо прывыкла да таго, што знаёмыя і незнаёмыя людзі адразу ж звяртаюць на яе ўвагу. Яна, як потым сама прызналася Вяршылу, пазірала ў першы вечар на яго з усмешкай, на мяккім, адкрытым твары незнаёмца Нэля ўбачыла і захапленне, і адначасова непрыхаваную разгубленасць. Вяршыла і сапраўды відавочна бянтэжыўся, зацінаўся ў сабе.

Калі Нэля пайшла дапамагаць жонцы Гузава на кухню, сябар паляпаў Вяршылу па плячы і сказаў:

— Паглядзець на яе ты можаш, але не больш. Многія спрабавалі завесці з ёй знаёмства, прапаноўвалі руку і сэрца, але яна нікога не падпускае да сябе блізка. І каго чакае?! Хто ведае, можа, менавіта цябе яна і чакала ўсё жыццё...

Вяршыла напружана думаў, з чаго б пачаць з ёй гаворку. У Нэлі былі вялікія шэрыя вочы, гладка зачасаныя валасы, амаль да пояса спускалася каса.

— Слухай, яна вельмі падобная на адну італьянскую артыстку, не памятаю толькі прозвішча,— узнёсла гаварыў Вяршыла сябру.

Яўген рассмяяўся.

— Яна падобная на ўсіх прыгожых жанчын, а ўсе прыгожыя жанчыны, у тым ліку і твая італьянская артыстка, на яе. Ты яшчэ ўлічы, што яна з вельмі інтэлігентнай сям’і, у якой любяць літаратуру, музыку... Мы ж з табой да гэтага і не наблізіліся.

Усё ж Вяршылу ўдалося пераадолець нерашучасць. Ён старанна пачаў расказваць нейкія гісторыя, і сябар паглядаў на яго з цікавасцю, бо Вяршыла вельмі змяніўся з інстытуцкіх часоў. Дасядзелі амаль да адзінаццаці. Вяршыла сказаў, што можа правесці яе. Нэля, на шчасце, не адмовіла. Яны спачатку даехалі ў тралейбусе да праспекта, потым ішлі пешшу да яе дома. Вяршыла шмат расказваў пра Віцебск і асабліва пра традыцыі віцебскай мастацкай школы, пра Шагала. На карысць яму пайшло знаёмства з дзяўчынкай з краязнаўчага музея. У адносінах з ёй не было нічога сур’ёзнага... Калісь Сівалап браў свайго малодшага сябра на «прасвятленне» ў розныя кампаніі, ён адчуваў сябе сярод дзяўчат як рыба ў вадзе, і Вяршыла неўзабаве дапяў да «гарадскога кахання». На развітанне ён сказаў Нэлі:

— Ці можна вам калі-небудзь пазваніць? Я часта бываю ў Мінску ў камандзіроўках.

Яна напісала свой нумар тэлефона і пацікавілася:

— А калі вы прыедзеце ў наступны раз?

Вяршыла мог бы сказаць ёй, што ён гатовы прымчаць хоць заўтра ці паслязаўтра, бо яму вельмі хочацца бачыць яе, але ён сказаў сарамліва, што наступная камандзіроўка не так і хутка, ды ён пастараецца прыехаць на выхадныя дні ў канцы месяца. Ёсць патрэба...

Ён адразу ж памкнуўся пазваніць ёй, але прытрымаў сябе. Пазваніў праз тыдзень. Адчуў, яна рада ягонаму голасу, потым пазваніў яшчэ і яшчэ і, нарэшце, зноў прыехаў у Мінск.

Яны сустрэліся раніцой, доўга гулялі па вясновым горадзе, а ў кафэ яна, смеючыся, спытала:

— Дык якія ў цябе ў Мінску справы?

— Дужа важныя,— адказаў ён.

З таго і пачаліся іх сустрэчы. Праз паўгода Вяршыла сказаў ёй, што, калі яна не супраць, яны могуць жыць разам у адным горадзе. І яна горад назвала: «Мінск». Згулялі вяселле. Старыя Вяршылы пасябравалі з яе бацькамі, хоць ён думаў, што ім цяжка будзе сысціся. Вяршылаў бацька прапанаваў новым родзічам сабраць грошы на кааператыўную кватэру, цяпер усе будуюцца, але тыя запярэчылі — у іх вялікая кватэра і месца хопіць усім.

Як нядаўна і як даўно гэта было?

Дзеці павырасталі. Няма ўжо Вяршылы і Нэлінага бацькі, а гады сумеснага жыцця добра помняцца. Прайшлі яны спакойна, без адзінага канфлікту, што было дзіўна многім знаёмым.

Сябры, якія часта бывалі ў доме Вяршылаў з зайздрасцю гаварылі, што ў ягонай кватэры заўсёды свеціць сонца. Іх прыцягвала сюды дабрата і Нэліна добразычлівасць, а папраўдзе — яе прыгажосць. Некаторыя (а Вяршыла адносіўся да іх вельмі спакойна і рэдка калі злаваў) спрабавалі нават фліртаваць з Нэляй, совалі пры сустрэчы і развітанні свае нумары тэлефонаў, але яна толькі пасмейвалася з кавалераў, і неўзабаве Вяршыла перастаў нават раўнаваць яе. Ён заўсёды слухаў самыя розныя плёткі, накшталт нейкіх розных, амаль дэтэктыўных гісторый з жыцця сямейнага абыякава, таму што за сваю сям'ю быў спакойны. Яго ўпэўненасць выклікала ў некаторых усмешку, ён заўважаў, але не звяртаў увагі. Чужое жыццё быццам не кранала іх, і старэйшая дачка Вяршылы аднойчы заўважыла, калі яны былі дома:

— Вы не падобны на іншых...

Вяршыла памкнуўся схаваць свой позірк. Былі ў яго, пра што, вядома, ніхто нават з самых блізкіх людзей не мог здагадацца, часовыя, у большасці выпадковыя захапленні... Кожны раз ён спрабаваў пераканаць сябе, што гэта здараецца з усімі, так ужо, мусіць, наканавана чалавеку. І кожны раз ён пераконваўся, ніхто не можа замяніць яму Нэлю.

Яна (Вяршыла баяўся сабе ў гэтым прызнацца), пэўна, адчувала калі-нікалі адчужанасць у яго паводзінах, аднак не дапускала, што ў гэтым вінавата жанчына, і вельмі радавалася, калі ён рабіўся звыклым, зноў трывога паўзла з сэрца. Часовую змрочнасць яна звязвала з непрыемнасцямі па службе... Калі Вяршыла прыйшоў жыць у дом да Нэлі, яе бацька, паглядзеўшы на зяця, сказаў, што хлопец яму падабаецца. Але ён павінен зразумець, што трэба актыўна змагацца за месца ў жыцці, не сядзець жа вечна ў старшых інжынерах! Ён гаварыў пра гэта вельмі тонка, каб не пакрыўдзіць нават намёкам на малую зарплату, а дачцэ сказаў у вочы, што цяпер многае залежыць ад яе, бо сам Андрэй хлопец мяккі, вясковы, а такія ў жыцці могуць застацца на абочыне. Яна пасмяялася з бацькавых слоў:

— Ты ў нас, тата, таксама не стаў маршалам або нават генералам, а мы ж цябе ўсё роўна любім.

І раптам, нечакана для ўсіх, ціхі і спакойны Вяршыла, якому сапраўды было напляваць на кар’еру, хутка пайшоў угару. Нэля шчыра ўзрадавалася ягонаму поспеху. Новыя, больш высокія мужавы пасады пазбавілі яе ад розных праблем, зрабілі жыццё больш спакойным, бесклапотным. Ёй падабалася глядзець, як Андрэй разам з Сівалапам (той таксама спрабаваў прызначыць ёй спатканне) кожнага разу спрачаліся пра новыя машыны. Ёй здавалася, што муж дарэмна даў згоду на пераход у міністэрства. Яна спрабавала даказаць яму, што лепш заставацца ў Аддзеле, а калі ён не згадзіўся, пакпіла:

— Проста ў табе прачнуўся правінцыял... Дый слова «міністэрства» зачаравала цябе...

— Няхай будзе так! — адрэзаў ён і не размаўляў з ёй цэлы вечар.

Пабачым, думаў ён, хто будзе выглядаць правінцыялам, а хто не! Аднак раніцой ён зразумеў, што раззлаваўся дарэмна, і яны хутка памірыліся.

З першых дзён работы ў міністэрстве Вяршыла вырашыў не звяртаць увагу на парады Чачуры і Багуцкага і адразу пачаў перабудоўваць работу Аддзела. Трэба сказаць, яго падтрымалі намеснік міністра, а пасля і сам Адам Іванавіч. Некалькі разоў на нарадах, калегіях ён адзначаў, што ў рабоце аддзела Вяршылы з'явіўся новы стыль, супрацоўнікі паверылі ў свае сілы. Вяршыла чакаў — калі ж аб’явяцца праціўнікі, уважліва прыглядаўся да сваіх супрацоўнікаў, але яны паводзілі сябе спакойна.

Сівалап некалькі разоў павіншаваў сябра. Ён зазначыў, што калі браць з самастойнага Аддзела такіх, як Вяршыла, у апарат міністэрства, то чыноўнікі самі сабой знікнуць. Аднак тут жа папярэдзіў Вяршылу, каб той не спяшаўся, бо многія праз пэўны час уцямяць, што новы начальнік аддзела вырашыў перабудаваць ўсю звыклую работу, якая склалася гадамі, а гэта не ўсім спадабаецца. І сапраўды, Вяршыла пачаў хутка адчуваць, што некаторыя супрацоўнікі толькі і чакаюць моманту, калі ён памыліцца. Тады Вяршыла сцішыўся, пачаў больш уважліва прыглядацца да сваіх калег, і недзе праз год начальнік упраўлення Багуцкі па-сяброўску сказаў яму:

— Вы, Андрэй Васільевіч, набіраеце ачкі...

— Дзякую,— усміхнуўся Вяршыла.— Але гэта не заўсёды адбываецца па маім жаданні.

— А вы як думалі? Трэба лічыцца з законамі, нарматывамі калектыву, у які вы трапілі. Тым больш міністэрскага.

Нэля ўсё часцей заўважала — яе Вяршыла пачаў менш расказваць пра сваю работу, у яго лексіконе з’яўляюцца штампы, накшталт: «Мы выдатна вырашылі пытанне!» або «Давялося звольніць таварыша. Не цягнуў!»

Аднойчы яна спытала ў яго:

— А можа, дарэмна галаву з таварыша знялі, мо не цягнуў ён па важкіх прычынах.

Вяршыла неяк дзіўна на яе паглядзеў і махнуў абыякава рукой:

— Няма часу прыглядацца... Нас трасуць, мы... Час цяпер незвычайны!

Пасля такой размовы яна неяк сказала Сівалапу ў прысутнасці Андрэя:

— Дарэмна ён ад вас пайшоў. Часам проста не пазнаю чалавека...

Сівалап засмяяўся.

— Я ўпэўнены, і ён гэтак жа думае. Але, паверце, адмовіцца ў той сітуацыі было нельга. А міністэрскую службу трэба проста перажыць і лічыць яе чарговай прыступкай. Цягне няблага. Ніхто нават не заўважае, як яму цяжка. Акрамя мяне, вядома, і любімай жонкі. Ці не так, Андрэй?

Вяршыла стомлена адказаў:

— Вы можаце яшчэ памянтачыць языкамі. Варыяцый можа быць шмат. А я асабіста вельмі стаміўся ад усяго...

А калі Сівалап пайшоў, сказаў жонцы:

— Ты не хвалюйся, не на век я ў міністэрстве... Некалі вырвуся, вось пабачыш...

 

Усе спробы Вяршылы даведацца пра хваробу Гаўрылы Іванавіча не мелі поспеху. Быў яшчэ адзін шанц — пагаварыць са сваім непасрэдным кіраўніком, намеснікам міністра Печкуровым. Увогуле яны добра прыгледзеліся адзін да аднаго, Печкуроў рабіў даручэнні цераз галаву начальніка ўпраўлення Багуцкага. Аднак Печкуроў якраз быў у адпачынку. Нэлі, якая ў гэтыя дні рыхтавалася да свайго саракагоддзя, ён сказаў, што Сівалап можа ўзначаліць Цэнтр, але яму патрэбна дапамога. Ягоная дапамога, ды пакуль што ён не здолеў нічога зрабіць.

— Ты павінен яму дапамагчы, як некалі ён дапамог табе,— сказала жонка.— Калі гаварыць шчыра, ён мне не вельмі падабаецца — занадта любіць сябе, спрабуе трымацца плейбоем, але ў яго гэта не заўсёды атрымліваецца. Аднак уяві сабе на імгненне, што ён не сустрэўся б у тваім жыцці...

Вяршыла і сапраўды не мог гэтага ўявіць. Вечарам на корце ён паведаміў Сівалапу, што намеснік міністра ў адпачынку, а астатнія нічога не ведаюць.

— Шкада,— задумаўся Мікалай Сяргеевіч.— Застаецца зусім мала часу. Абыдуць мяне, а значыць, і цябе, дарагі мой паляшук. Да таго ж на многія гады.

 

9

Галіна Дзмітрыеўна не вельмі шанавала мужавых сяброў. Не скажаш, што ў яго збіраюцца малапрыстойныя людзі. Проста частыя сустрэчы з аднымі і тымі ж людзьмі надакучылі ёй. Кожны раз пачыналіся адны і тыя размовы, кожны ў соты раз гаварыў пра тое, што яго хвалюе, і ніяк не мог змяніць пласцінку. Шыкавец у каторы раз успамінаў розныя замежныя сустрэчы, а ягоная жонка хвалілася чэкамі, якія муж прывёз з апошняй паездкі, або прыносіла апошнія «навіны» з «Бярозкі», дзе, напрыклад, нядаўна з’явіліся леапардавыя футры і электрабрытвы «Браун» (і навошта яны ёй?!). Яраслаў Падмостка будзе рэкламаваць новую дыету, заняткі па сістэме ёгаў і, натуральна, вялікі тэніс. Яго ідэяй было стварэнне ў іх дружным спартыўным калектыве жаночай секцыі, у якую ўвойдуць жонкі і дочкі. Вяршыла, гэты няўдалы Сівалапаў выхаванец, будзе вылупліваць вочы на сваю жонку-прыгажуню або, у лепшым выпадку, пачне з Сівалапам бясконцую сумную гаворку пра машыны, і абодва забудуць пра ўсё на свеце. Ну, а Мікалай Сяргеевіч Сівалап? Заўсёды, калі ў кампаніі з’яўлялася якая-небудзь новая парачка, ён, як малады казёл, пачынаў круціцца наўкруг незнаёмкі. Спачатку з зацікаўленасцю будзе зырыць на яе, потым запросіць на танец, пасля (гэта рабілася традыцыяй) дастане з кішэні свой «Паркер» і запіша яе каардынаты. Аднойчы адна з іх пераблытала яго службовы тэлефон з хатнім і ўвесь час казала Галіне Дзмітрыеўне: «Я разумею, што вы — сакратарка Мікалая Сяргеевіча!» Пасля няўдалых спроб растлумачыць, што незнаёмка пераблытала тэлефон, Галіна Дзмітрыеўна кінула ў трубку: «Ды пайшла ты ведаеш куды?!» А неяк Галіна Дзмітрыеўна знайшла ў ягонай кішэні шматок газеты, на якім тэлефон быў запісаны губной памадай.

Яна паехала да сваёй маці, паскардзілася. Тая супакоіла:

— Усе мужыкі такія. Адгуляецца. Сама ведаеш, лепшага табе не знайсці. Ды і позна ўжо...

Нават маці і тая мае на ўвазе яе знешнасць. Дый сапраўды позна.

А пра знешнасць і гаварыць няма чаго. Даводзілася змагацца за свой выгляд. Гэта частыя наведванні касметычных кабінетаў, дзе яе ведаў кожны майстар, і пошук лепшых крэмаў, і пастаянныя масажы. Вось і сёння, у суботу, перад тым як пайсці да Вяршылаў, яна пачала збірацца ў касметычны кабінет. З раніцы ў душы было нейкае раздражненне, яна пасварылася з дачкой з-за яе хлопца, які зноў і зноў з’яўляўся на парозе іх кватэры. З зарадкі вярнуўся Сівалап. Праз некаторы час выйшаў з ванны — румяны, паголены, маладжавы. Гэта яшчэ больш сапсавала настрой жонцы.

— Я не ведаю, калі ты зразумееш...— крычала яна са спальні.— Пагавары са сваёй адзінай дачкой як бацька.

— Пра што? — не зразумеў Сівалап.

— Яна, відаць, не ўяўляе сабе сваё будучае. І сам ведаеш. Не магу бачыць гэтага кавалера...

— Не трэба лезці ёй у душу,— адказаў Сівалап.— Сама разбярэцца. Навошта траўміраваць яе!

— А тое, што яна траўміруе мяне, цябе не цікавіць?! — крыкнула яна і выбегла з кватэры.

Дзень быў цудоўны — свяціла сонца, ні вятрынкі. Калі б не жоўтае лісце пад нагамі, можна было б падумаць, што на дварэ ліпень або жнівень. Галіна Дзмітрыеўна села за руль машыны, упэўненым рухам уключыла запальванне, кранулася з месца. Праехала з паўгадзіны і крыху супакоілася. Машына дзейнічае лепш за ўсе разам узятыя лекі. А што, уласна кажучы, здарылася? Не прывяла ж дачка гэтага хлопца ў дом назаўсёды, не заявіла, што ідзе з ім распісвацца, не прыбылі ж да іх знаёміцца новыя «інтэлігенты-родзічы»... Трэба дзейнічаць больш тонка, дакладна і лепей за ўсё пазнаёміць яе з якім-небудзь хлопцам, вядома, з добрай, прыстойнай сям'і. І наогул, дрэнна, што ў іх адзіная дачка. Не варта было Галіне Дзмітрыеўне рабіць аборт восем гадоў назад. Сівалап часта абвінавачвае яе ў тым даўнім рашэнні. Ды і сама яна на свой сённяшні розум... Ды што ўспамінаць. Цяпер ужо нічога не выправіш...

Яна пад’ехала да Дома быту, прыпаркавала машыну, прайшла міма доўгай чаргі да свайго майстра, тая падміргнула адным вокам. Галіна Дзмітрыеўна зразумела яе: зараз пачнём. Раней, яна гэта добра памятае, як толькі адкрыліся першыя касметычныя кабінеты, у іх было даволі свабодна, аднак людзі, нягледзячы на тое, што многія з іх ныюць з-за высокіх цэнаў, з кожным годам пачынаюць жыць усё лепей, у іх з’явіліся і сродкі, і час, каб паклапаціцца пра сваю знешнасць. Галіна Дзмітрыеўна прайшлася па салоне, углядаючыся ў жаночыя твары. Многія з іх прыйшлі сюды невыпадкова. Прыйшоў, хочаш ці не хочаш, час актыўна змагацца са зморшчынамі, каб хоць крыху адкласці сустрэчу з уласнай старасцю.

Раптам яна пачула:

— Галачка! Вось дык сустрэча...

Насустрач ёй імкліва ішла жанчына з распушчанымі бялявымі валасамі ў чорным велюравым паліто. Радасцю свецяцца вочы. Таццяна Бурдзецкая! Колькі гадоў яны не бачыліся, хоць і жывуць у адным горадзе, дзе людзі пэўнага асяроддзя сустракаюцца часта. Галіна Дзмітрыеўна збіралася неяк пазваніць ёй пасля таго, як убачыла яе на праспекце з акна аўтамашыны, але потым, як гэта часта бывае, забыла.

— Ты цудоўна выглядаеш, Галачка. Такая свежая, быццам толькі ўчора вярнулася з курорту.

— Магу сказаць пра цябе тое ж самае. Не верыцца, што мы не бачыліся некалькі гадоў.

— Не верыцца... Нядаўна ў парылцы пазнаёмілася з адной жанчынай. Даволі прыемны чалавек. Нешта дзіцячае ў твары... Аказалася, мы ў дзяцінстве жылі ў суседніх дамах, можа, нават зналіся, так мне ва ўсякім выпадку здалося. Разгаварыліся, я запрасіла яе ў госці, яна — мяне. І вось тут мы абедзве высветлілі, што яна добра ведае цябе, Міколу, што вы даўно сябруеце, а сёння яна чакае мяне з мужам на сваё саракагоддзе.

— Вяршыла?

— Яна. Нэля Вяршыла. Згадзіся, надта прыгожая, прыемная жанчына. Яна запрасіла нас на дзень нараджэння, сказала, што будзеце вы... я не магла не пайсці сёння ў касметычны кабінет.

Не да сустрэчы са мной ты рыхтуешся, а з Міколам, падумала Галіна Дзмітрыеўна, і ранейшае падазрэнне ажыло ў душы.

Яны абмяняліся навінамі. Сын Таццяны скончыў інстытут замежных моў, паехаў на два гады працаваць у Афрыку, вядома, гарачыня, але затое заробіць крыху грошай, ва ўсякім разе на машыну хопіць, і яшчэ адна выгода — паездка выбіла з галавы думку пра жаніцьбу.

— Уяві сабе, сустрэў жанчыну, якая старэйшая за яго на восем гадоў, да таго ж была замужам, дзіця ў яе ад нейкага алкаголіка... Дачка мая вучыцца ў інстытуце народнай гаспадаркі. З мужам? Амаль усё нармальна, калі не лічыць мікраінфаркту. Доктарская ледзь не загнала яго ў магілу...

Галіна Дзмітрыеўна ўспомніла яе сына: высокі, шыракаплечы юнак, з мяккімі рысамі твару, вельмі падобны на дзеда-акадэміка, заўсёды ўважлівы, выхаваны.

— Пастой, а колькі гадоў твайму Вадзіму? — спытала Галіна Дзмітрыеўна.

— На тры гады старэйшы ад тваёй дачкі, няўжо забыла?

— Вось і трэба іх пазнаёміць! Яны ж амаль дарослыя... Можа, што і атрымаецца. Да таго ж успаміны маленства. А то мая пазнаёмілася з хлопцам з такой сямейкі, што ахнеш. Бацька слесар з завода наводшыбе, а маці фрэзероўшчыца!

Таццяна фыркнула:

— Чаго-чаго, а гэтага, даражэнькая, дапускаць нельга. Мне твая прапанова падабаецца. На такую партыю, сама разумееш, я згаджаюся. Да таго ж я памятаю, што Леначка расла прыгожай, інтэлігентнай дзяўчынай.

Яна паглядзела на Галю, і тая прачытала ў яе позірку: «Спадзяюся, яна не падобна на цябе».

Галіна Дзмітрыеўна прапусціла Таццяну першай да свайго майстра, потым яны разам паехалі па магазінах. Трэба было нешта купіць юбілярцы. Галіна Дзмітрыеўна сядзела моўчкі за рулём і час ад часу паглядала на Таццяну. Не пазнаць Таццяны з таго часу, калі яе бацька, акадэмік Бурдзецкі, па просьбе дачкі дапамог Сівалапу. Цяпер акадэміка няма ў жывых, некалькі гадоў назад Галіна Дзмітрыеўна прачытала некралог у газеце. Ён крыху не дацягнуў да васьмідзесяцігоддзя. Праўда, гэта не мела асаблівага значэння. Ён паспеў уладкаваць усіх сваіх дзяцей і ўнукаў. Таццянін муж, тупагаловы крэцін з тварам баксёра-цяжкавагавіка, таксама не спаў у шапку — абараніў доктарскую дысертацыю.

— Ты добра вядзеш машыну,— заўважыла Таццяна.

— Навучылася. Не хочацца прасіць кожны раз у Міколы службовую.

— Мікола ў цябе стаў вялікім чалавекам. У ім заўсёды было нешта такое... Як бы табе сказаць. Ён заўсёды адрозніваўся ад шэрых асоб...

Гавары, гавары далей, мая дарагая, думала Галіна Дзмітрыеўна, мусіць, ты ведаеш многія ягоныя рысы. І не толькі інтэлектуальныя, як і многія жанчыны, акрамя цябе. Галіну Дзмітрыеўну зноў ахапіла злосць, як і раніцой. Яна ледзь паспела заўважыць «Жыгулі» наперадзе. Зарыпелі тармазы, і вадзіцель «Жыгулёў» памахаў ёй кулаком.

— Псіх ненармальны! Няма чаго крывіць морду, калі машына засталася цэлай! — выкрыкнула Галіна Дзмітрыеўна, твар у якой адразу пачырванеў. Таццяна паспрабавала яе супакоіць:

— Калі б што і здарылася, ён быў бы вінаваты.

Яны пад’ехалі да «Аметыста». Галіна Дзмітрыеўна доўга раздумвала, што купіць Нэлі. Трэба нешта арыгінальнае, за добрую цану. Усё ж такі юбілей, да таго ж гэты Вяршыла, хоць і не вялікі начальнік, аднак няхай і не надта, а можа садзейнічаць Міколу. Яна ў рэшце рэшт выбрала трох’ярусную вазу для фруктаў з нямецкага фарфору, а Таццяна так нічога і не купіла, папрасіла, каб яна падкінула яе да ЦУМа, можа, там знойдзецца што-небудзь больш-менш прыстойнае. Галіна Дзмітрыеўна здагадалася, у чым справа. Яна аддала за вазу восемдзесят рублёў, а ў Таццяны або не было пры сабе такіх грошай, ці, хутчэй за ўсё, ёй не хацелася выкладваць гэткую суму, а купляць больш таннае ў прысутнасці сяброўкі не хацелася, вось і вырашыла набыць падарунак без сведак. Яна падвезла Таццяну да ЦУМа і паехала дамоў. Яна думала па дарозе, што Таццяна ўжо не зможа дапамагчы Міколу, як некалі, нават яе бацька, калі б ён быў жывы, таксама не змог бы, таму што многае, вельмі многае змянілася ў жыцці за гэтыя гады. І на яе ён ужо не будзе глядзець, як глядзеў некалі.

З такімі думкамі Галіна Дзмітрыеўна пад’ехала дамоў. Ваза Міколу, які працаваў над выступленнем на маскоўскай нарадзе, спадабалася. Дачцэ, да якой маці зайшла сама,— таксама.

— Дарэчы, цябе чакае адзін сюрпрыз,— сказала Галіна Дзмітрыеўна мужу.— Я сустрэла ў касметычным кабінеце Таццяну Бурдзецкую. Яна таксама ідзе да Вяршылаў.

Ёй здалося, вочы Міколы ажылі, заблішчалі, але толькі на імгненне.

— Вось дык сюрпрыз...— расчараваўся ён і зноў сеў за свае паперы.

— Юбілярка быццам трымае сябе ў беспаветранай прасторы, дзе да таго ж не існуе клопатаў,— сказала Галіна Дзмітрыеўна мужу, калі яны прыйшлі да Вяршылаў.

Сапраўды, Нэля выглядала гадоў на трыццаць-трыццаць два, не больш. Гасцей яна сустракала ў свабодным плацці з японскага шоўку. У вялікай, утульнай кватэры не было нічога лішняга — прасторна, усюды кветкі. Пра іх яна можа расказваць гадзінамі. Уражанне, што трапляеш у сад, дзе яна сама пырхае матыльком. Як заўсёды, Сівалапы прыйшлі амаль першымі. Даўняя звычка Міколы не спазняцца, быць пунктуальным нават там, дзе гэта абсалютна не патрабуецца. Праўда, адразу следам за імі ўваліўся Шыкавец у шэрым велюравым касцюме, з бабачкай на доўгай шыі. Яго жонка адразу кінулася цалавацца да Галіны Дзмітрыеўны. Яна тут жа паведаміла, што нядаўна забягала ў Дзяржкамвыд, каб пабачыць яе. Таццяне прынеслі сіні англійскі касцюм з ангоры, а яна набыла ўжо такі за чэкі ў «Івушцы» («Уявіце сабе! Чэкі заканчваюцца, а я іх трачу немаведама на што... Праўда, муж хутка паедзе ў Антверпен на нараду па барацьбе супраць апартэіду. Чэкаў, на жаль, нямнога, але з’явяцца зноў»). Аднак Галіны Дзмітрыеўны не было, яна магла пачакаць крыху больш гадзіны, бо жанчыне з касцюмам вельмі патрэбны былі грошы, а ў яе самой — ні рубля...

Чарговая байка, падумала Галіна Дзмітрыеўна, але ўголас сказала, што такі касцюм, толькі іншага колеру ў яе ўжо ёсць, аднекуль прывёз Мікола, так што Марыя дарэмна хвалюецца.

І тут прыехала з мужам Таццяна Бурдзецкая. Галіна Дзмітрыеўна толькі цяпер здагадалася, чаму яна так спяшалася, прасіла давезці яе да ЦУМа. Вядома ж, паспела зазірнуць і ў цырульню. Яе мужа было не пазнаць, ён меў нейкі прытаптаны выгляд, пасівеў, патлусцеў. Галіна Дзмітрыеўна заўважыла, як Таццяна паглядзела на Сівалапа. Ягоны позірк таксама працярэбіўся да яе. «Ага, родненькі, нягледзячы на тое, што яна састарылася, ты пачнеш скакаць вакол яе, як стары казёл...»

У кватэры пачуўся гучны голас Яраслава Падмосткі. Ён сказаў, што час садзіцца за стол. Мужчынская кампанія правяла ўчора цудоўны тэнісны матч, усе стаміліся, і ён да гэтага часу не пад’еў як след. Але чакалі яшчэ гасцей. Галіна Дзмітрыеўна ўпотай назірала за Таццянай і Сівалапам. Паводзілі яны сябе з бяскрыўднай паблажлівасцю, падтрымлівалі агульную размову. Калі ўрэшце ўселіся за стол, Падмостка, як і заўсёды, узяў на сябе ролю тамады. «Кароткім уступным словам», гэтак хвілін на дваццаць, пачаў гаварыць пра незвычайную ролю Нэлі ў іхнім мужчынскім спартыўным таварыстве. Ён падзяліўся з усімі жонкамі адным сакрэтам — усе яны закаханыя ў Нэлю і не толькі з-за яе прыгажосці, а таму што ў любы момант, калі нечым змарнаваны настрой або проста дрэннае надвор е, ці на корце не ідзе гульня, яны знаходзяць у Вяршылаў добры прытулак і светлую ўсмешку, і таму ён з сапраўднай асалодай падымае першы бакал за паўналецце Нэлі, за ўсё яе «святое сямейства» на чале з неблагім тэнісістам, будучым міністрам Вяршылам... Падмостка перахапіў здзіўлены позірк тых, хто бачыў і слухаў яго першы раз, і сказаў, каб яны не здзіўляліся, бо і ў яго шмат разоў хацелі вырваць скальпель з рук, каб пераманіць каментатарам на тэлебачанне, аднак ён не паддаўся. Многія людзі чакаюць ягонай упэўненай рукі.

— Ну і балбатун ты! — уздыхнуў Сівалап.

— Нібы вы на сваёй рабоце не мянтачыце языкамі — перагонім Японію! Усіх астатніх! А я рэжу, рэжу і ўвесь час маўчу, а словы жывуць у маёй душы, яны рвуцца на волю, і адно за сталом я маю магчымасць выпусціць іх пагуляць,— адбіваўся Падмостка.

— Гэтаму ёлупню сапраўды пашанцавала з жонкай,— гаварыла з другога боку Галіна Дзмітрыеўна.— І што яна знайшла ў ім?! Ніяк не магу зразумець... Праўда, і ёй таксама пашанцавала.

— Не разумею цябе.

— З табой пашанцавала. Калі б не тое, што ты зрабіў для яго, наша юбілярка мела б іншы выгляд.

Сівалап толькі прытвараўся, што слухае жонку, тосты і размовы за сталом. Яму карцела пагаварыць з Таццянай, але ён нават баяўся зірнуць у яе бок, бо ягоны позірк магла перахапіць жонка. І ўсё-такі Сівалап не змог адмовіцца ад спакусы. Як даўно яны не бачыліся?! Ды і ў тыя дні, калі яна заходзіла да іх у госці, паміж імі было ўсё даўно скончана, пачуцці былі заменены звычайнымі сяброўскімі адносінамі. Час не вельмі збярог яе, як і ўсіх астатніх. Але ўзрост надаў і нешта сваё. Можа, загадкавасць у вачах. Ён выдатна ведаў, што Галя пільна сочыць за ім, і таму паглядаў на Таццяну з перасцярогай, але і гэтага было дастаткова, вочы яе адразу пацяплелі... Калі ўсё пачалося паміж імі? Яна папрасіла бацьку, каб той дапамог яму... Бацька стрымаў слова. Галя наладзіла вячэру. У той вечар Сівалап папрасіў сустрэчы, яна не адмовіла. Ён папрасіў у сябрука ключы ад кватэры, дзе панаваў паўзмрок, ціха гучала добрая музыка. Іх апанавала нейкае забыццё — яны быццам бы наплявалі на сямейнае жыццё, яно быццам не існавала. Яны бачыліся па тры-чатыры разы на тыдзень. Першым пачаў здагадвацца яе муж. Кожны дзень праз пэўны час ён пастаянна званіў ёй, потым Міколу і, калі абаіх не аказвалася на месцы, вечарам наладжваў сапраўдныя допыты. Аднойчы яна паскардзілася на мужа. Была зіма, холад прадзімаў наскрозь, яны ішлі па марозе, потым заехалі ў кафэ, далёкае ад цэнтра, і прасядзелі там да закрыцця. Ёй здавалася, што гэта не пройдзе ніколі, што сустрэліся яны няхай і выпадкова, але надоўга, таму што ён пастаянна прысутнічае ў яе думках і яна з хваляваннем чакае кожнай сустрэчы.

Прамільгнула шмат часу. Цэлае жыццё! Што было ў яго, у яе за гэтыя гады?! Ёй раптам зрабілася прыкра, яна ўздыхнула і з раўнівай крыўдай паглядзела на яго.

Тым часам Падмостка даў слова Галіне Дзмітрыеўне, і Мікалай Сяргеевіч нібыта ачнуўся. Яраслаў усё на свеце пераблытаў: Галя ніколі не гаворыць тостаў, за іх дваіх гаворыць заўсёды ён. Пасля такога выпаду Яраслаў можа апынуцца ў ліку яе ворагаў. Аднак нечакана для Сівалапа жонка сказала прачулыя словы пра Нэлю, і пажаданні яе таксама, у адрозненне ад многіх гасцей, былі арыгінальнымі. Сівалап павіншаваў жонку з добрым тостам, сказаў, што недзе яна прайшла добрую вывучку, і, каб яна чула, сказаў Падмостку, што той з сённяшняга дня мае сапраўднага канкурэнта, які на наступнай урачыстасці можа захапіць у яго ўладу, за што прысутныя адзінагалосна прагаласуюць. Галіна Дзмітрыеўна пасля мужавых слоў усміхнулася, і Сівалап узрадаваўся — мэта дасягнута. У перапынку жанчыны абступілі жонку Шыкаўца, якая частавала іх амерыканскімі цыгарэтамі і паказвала свежы нумар «Накермана», што «выпадкова ўзяла з сабой». Падмостка расказваў плёткі пра мінскае «Дынама» — каго пасля заканчэння сезона возьмуць у каманду, а каго не. Сівалап пастаяў спачатку ля адной групы, потым перайшоў да другой. Размовы яго не цікавілі, і Сівалап выйшаў на балкон. З кватэры Вяршылы адкрывалася панарама опернага тэатра, парк па-над Свіслаччу. Паветра было амаль нерухомае.

— Вы сумуеце, Мік? — раптам пачуў ён голас за спіной. Толькі адзін чалавек называў яго так. Таццяна!

Яна падышла бліжэй:

— Прабач, я стамілася ад высокаінтэлектуальных размоў, якія вядзе жонка вашага дыпламата. Мне здаецца, у яе адзіная звіліна ў галаве, і тую яна набыла за чэкі.

Сівалап маўчаў.

— Што зробіш, Мік, я ніколі не любіла і не люблю пустых людзей, зусім пустых, разумееш мяне? — шапнула яна.— Мы іншыя. Ва ўсякім разе былі... Можа, таму я і пазнала сёння твой даўні позірк. Калі мы бачыліся з табой пасля таго як... Ніколі ты не глядзеў на мяне так. І сёння раптам...

— Я і сам не чакаў,— шчыра прызнаўся Сівалап.— Ты нейкая новая. І тая, што была некалі, і не тая.

Яна засмяялася.

— Ніколі не думала, што старыя людзі могуць быць новымі. Хоць ты змяніўся не скажу каб у горшы бок. Па-першае, схуднеў, і табе гэта да твару. Тады ты быў паўнаваты, па-другое, як бы табе сказаць... Уражанне такое, што ты ў прадчуванні новай пасады.

— Пасады?!

— Так, уяві сабе. Пасада... Як бы лепей сказаць... Твой позірк стаў больш акрэслены, у ім адчуваецца ўпэўненасць у сабе. Чалавек з такім позіркам... Не, ён бы не скокнуў з акна...

Тут і Сівалапу зрабілася весела.

— Я часта ўспамінаў той эпізод. І, ведаеш, таксама шкадаваў, што так атрымалася.

Яны крыху памаўчалі.

— Я думаю, трэба кампенсаваць. Той выпадак...— сказаў ён нарэшце і агледзеўся па баках: ці не выйшаў яшчэ хто на балкон.

— Не можа быць... Я думала пра гэта... Даўно. А цяпер? Ты ў нас чалавек заняты, вялікі начальнік. Што ж, я згодная. У мяне ёсць утульная кватэра ў самым цэнтры, не горш ад той... Памятаеш?

— Яшчэ б не памятаць. Такое ніякі час не зможа зацьміць.

— А якія вашы планы наконт сябе? — перавяла яна раптам размову на іншую тэму.

— Ніколі не думаў, што ты можаш цікавіцца гэтым,— адказаў ён.

І тут яна ўспомніла выпадак, калі дапамагла Сівалапу праз свайго бацьку, і заўсёды верыла, што Мікола далёка пойдзе. А цяпер самастойны Аддзел для яго не мяжа. Сівалап у росквіце сіл і многага можа дасягнуць, да таго ж цяпер такі час, калі патрэбны ініцыятыўныя, рашучыя людзі.

Сівалап слухаў яе і яшчэ больш здзіўляўся. У дні іх сустрэч ён ніколі не чуў ад яе такіх размоў.

— Ёсць адзін шанц, але, думаю, на маім шляху з’явіцца нямала рыфаў.

— На шляху да Цэнтра?

Вось гэтага ён проста не мог чакаць.

— Адкуль табе вядома?

— Калі ты памятаеш, я ў Дзяржплане працую. Разам са мной — дачка вашага шаноўнага шэфа Гаўрылы Іванавіча Пляшака. Ім, я маю на ўвазе сям’ю, ужо сказалі, што бацька безнадзейны. Дома, сам разумееш, трагедыя. Ніхто не чакаў. Здаровы і не такі стары. Ніхто не можа ўспомніць, калі ён хварэў апошні раз... І вось... Калі я пачула гэту страшную гісторыю, то адразу падумала пра цябе.

— Ты ведала, дзе і кім я працую?

— О, таварыш Сівалап, слава пра ваш самастойны Аддзел дайшла нават да Дзяржплана і наогул плыве па Мінску. А я не магла не цікавіцца табой, Мік.

Яна раптам скіравала ўвагу на тое, што адбываецца за акном.

— Мы затрымаліся тут. Відаць, твая Галка ўжо хвалюецца. Яна паглядзела на мяне такімі калючымі вачыма!

Яны дамовіліся, што заўтра, дакладней, у панядзелак, Сівалап пазвоніць ёй на работу і яны аб усім дамовяцца. Таццяна моцна сціснула ягоную руку.

— Я вельмі хачу ўбачыць цябе, Мік.

Яна знікла з балкона, а Сівалап вярнуўся ў пакой праз некалькі мінут. На шчасце, мужчыны яшчэ курылі ў кабінеце Вяршылы. І, напэўна, не толькі курылі. Твары ў іх яшчэ больш расчырванеліся. Мусіць, Шыкавец дэманстраваў майстэрства ў прыгатаванні кактэйляў. Адразу ж да Міколы кінуўся Андрэй.

— А куды ты знік?! — вымавіў ён, расцягваючы словы.— Мы цябе шукаем, шукаем, трэба садзіцца за стол, а цябе няма. І вось што, хутка намеснік, мой непасрэдны шэф, выходзіць з адпачынку, і я пра ўсё даведаюся...

— Кінь ты... Надакучыла мне балбатня... Да таго ж ты мне ўжо ўсё гэта сказаў на корце.

— Не можа быць! — здзівіўся Вяршыла.— Але ж і сапраўды казаў. Тым больш так яно і будзе. Слухай,— раптам схамянуўся ён.— У мяне ж ёсць гітара, а ты так даўно не спяваў.

— Не выдумляй,— адмахнуўся Сівалап. І раптам спахмурнеў: — А ты ведаеш, Візбар памёр. Зусім нядаўна... Падумай... Што ў ім незвычайнага?! А некалі ён здаваўся нам богам, а ў яго песнях было столькі пачуцця. Добра. Нясі сваю гітару... Можа, і я ўспомню што-небудзь.

Вяршыла прынёс гітару, растлумачыў:

— Дачцэ сябры падарылі на дзень нараджэння, але ні яна, ні мы... Вось і ляжыць гітара...

Ён прабег па пакоях.

— Таварышы, прашу вас сюды, зараз Мікола заспявае нам...

— Будзе спяваць? — здзівіўся Шыкавец.— Ён умее спяваць, гэты пахмурны начальнік?..

Сівалап узяў у рукі гітару.

— Ведаеце, мы зусім нядаўна, усе мы, былі маладымі, нават не нядаўна, а, згадзіцеся са мной, міг назад. У нас былі свае куміры. Яны выхоўвалі лепш за выхавацеляў, дапамагалі жыць. А сярод маіх куміраў — Юрый Візбар. Нядаўна ён нечакана памёр ад самай страшнай і празаічнай хваробы. Прабач, Нэля, што я кажу гэтыя сумныя словы на тваім дні нараджэння, але ў нашым жыцці ўсё побач — і радасць, і смерць.

Ён заспяваў:

 

На плато РАСВУМЧОРР не приходит весна.

На плато РАСВУМЧОРР все снега да снега.

Все зима да зима, да снегов кутерьма.

Восемнадцать ребят, три недели пурга...

 

Назаўтра Сівалап прачнуўся з нейкім радасным пачуццём. Пацягнуўшыся, успомніў — сёння ж нядзеля, можна выбегчы на зарадку, няспешна зрабіць яе, а потым спакойна пасядзець за пісьмовым сталом. Праўда, адчуваў ён сябе не надта добра, усё ж пазнавата сядзелі ў Вяршылаў, хацелася пайсці раней, аднак было няёмка. Ды і госці незразумела чаму раптам развесяліліся. Пачаліся, як гэта бывала ў маладыя гады, танцы, потым зноў і зноў садзіліся за стол. Нэля быццам бы вырашыла пачаставаць гасцей усімі стравамі, якія толькі ўмела гатаваць.

Сівалап надзеў спартыўны касцюм, абмыў твар халоднай вадой і вырашыў — шпарка сёння не пабяжыць. Жонка і дачка яшчэ спалі, і ён ціха, каб не пабудзіць іх, выйшаў на вуліцу. Была ціхая раніца. У нядзелю не працуе радыятарны завод і адтуль не прэ акалінай.

«Цішэй, цішэй»,— гаварыў сабе Сівалап на прабежцы і прыслухоўваўся да рытму сэрца. Аднак хваляванні былі дарэмнымі, «матор» раўнамерна гнаў кроў і пульс, нягледзячы на ўчарашні цяжкі вечар, быў нармальным. Дамоў Сівалап вярнуўся зусім іншым чалавекам, прыняў гарачы душ, пагаліўся і з’явіўся перад жонкай свежым, румяным. Яна ажно здзівілася.

— Які ты ў мяне малады, Мікола,— уздыхнула Галіна Дзмітрыеўна.— У цябе гены нейкіх жалезных вурдалакаў. Ды яшчэ твае бясконцыя забавы... Яны, відаць, таксама ідуць на карысць. Такое трэба ўлічыць і мне. І наогул, чаму б табе не выступіць з артыкулам пра тое, як лепш захаваць маладосць, бадзёрасць, цяпер вунь пра гэта толькі і пішуць. Любы часопіс прадставіў бы табе свае старонкі. А калі б ты напісаў усё шчыра, дык яго тыраж адразу б падскочыў.

— У цябе сёння ўсё нармальна з пачуццём гумару,— адказаў спакойна Сівалап.— Я зразумеў — цябе часцей трэба вадзіць у госці.

Яна сядзела перад люстэркам і звыклымі, спрактыкаванымі рухамі масіравала твар, пакрыты крэмам.

— І сапраўды, галоўнае ў жыцці пастаянная трэніроўка, або, як кажуць амерыканцы,— джогінг, няўжо ты яшчэ не дапяла,— казаў ён, пазіраючы на яе бледны, пакамечаны твар.— Пачні бегаць да возера, вазьмі ў руку ракетку, і не спатрэбяцца ніякія іншыя сродкі.

— Дарма ты адмаўляеш іншыя сродкі. Сам разумееш, ад іх найпершая карысць. Гармоны і ўсё такое... Цяпер пра іх шмат пішуць. А ты ўсё ацаніў значна раней...

— Слухай, мне твае кепікі надакучылі,— спакойна сказаў Сівалап.— Сёння цяжкі дзень, хачу папрацаваць над выступленнем, а ты заводзішся немаведама з чаго і чаму.

— Пачакай, хутка і я пачну... Выберу самы займальны від спорту. Такі, што... Пабачыш, які атрымаецца вынік,— Галіна Дзмітрыеўна неяк дзіўна на яго паглядзела. Ён злавіў сябе на думцы, што так і не навучыўся разумець яе прытоеныя позіркі. Здавалася, яна глядзіць на яго аднекуль здалёк...

Пасля лёгкага снедання — тварог, смятана — Сівалап упрасіў дачку і жонку, каб яны паехалі на дачу. Даўно там не былі, а ў такі сонечны, сухі дзень можна пагуляць па лесе, потым распаліць камін, пасядзець ля яго, потым як след выспацца на свежым паветры. Яго ж чакае напружаная праца.

Галіна Дзмітрыеўна пазваніла Таццяне (перад гэтым заўважыла Сівалапу: «Дзіўна, чаму ўчора ты не чапляўся да яе»), пажартавала, што Мікола выганяе ўсіх з дому. Вырашылі ўцячы на дачу. Таццяна можа разам з імі зрабіць кароткае, але прыемнае падарожжа. Таццяна, на здзіўленне, згадзілася. Неўзабаве Сівалап застаўся адзін у сваім кабінеце, і менавіта ў такія мінуты яму працавалася лепш за ўсё. Званіў Вяршыла, прапанаваў пакаштаваць чэшскага піва, да якога была вобла. Шыкавец і Падмостка з радасцю адгукнуліся на яго прапанову. Сівалап адмовіўся. Няма часу — у сераду трэба везці на зацвярджэнне шэфу выступленне, практычна застаецца два дні. Сёння самая адказная работа, ён пачаў каторы ўжо раз гартаць даведкі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі, падкрэсліваў найбольш каштоўныя думкі і прапановы.

А яму ж яшчэ трэба завяршыць асобны варыянт, дакладней, асабістае выступленне. Шэфу — шэфава. Яму нельга хвалявацца, хоць гэта і мала што зменіць, зыход ясны для ўсіх і, вядома, для яго самога. Але як бы там ні было, а па сённяшні дзень Гаўрыла Іванавіч ягоны шэф і засмучаць яго бесчалавечна.

Сівалап пісаў выступленне, у якім, паводле думкі шэфа, спрабаваў абвінаваціць у розных недахопах сваіх калег з іншых гарадоў і рэспублік. Такая ўжо традыцыя ў старых людзей. І Сівалап старанна даказваў, ад імя шэфа, што неабходна падоўжыць тэрмін выпуску машыны, а сам думаў інакш. Ён скеміў, што калі не сам шэф (а можа, і ён таксама), то яго галоўныя канкурэнты чакаюць менавіта такога выступлення, бо яно будзе азначаць адно — ягоны правал. Не, ён не пашыецца ў дурні... Нечакана для ўсіх ён папросіць новы, больш кароткі тэрмін выпуску машыны. Вядома, з’явяцца складаныя пытанні на самых розных узроўнях, аднак ён перажыве, яго дробязі не бянтэжаць, ён зможа апраўдацца, калі гэта наогул давядзецца рабіць. Галоўнае, здзейсніць свой план. Ягоны план не можа не спадабацца новаму саюзнаму міністру, які пачынае збіраць у галіне сваю, новую каманду.

Сівалап раптам расхваляваўся, быццам ён толькі што атрымаў перамогу. Праўда, невядома над кім ці над чым, аднак хваляванне гэта было прыемным.

 

10

У той вечар (такі далёкі, што нават не верыцца, ці быў ён наогул) яна прачнулася і з цікавасцю агледзелася па баках — яна не ў сваёй кватэры і не на дачы, за вокнамі яшчэ цёмна, але добра бачыцца лес удалечыні і многа, цэлае мора, некранутага снегу. Ліхтары асвятляюць заснежаную прастору, і ў іх водблісках мройна гайдаюцца вершаліны соснаў. Яна ўстала з ложка, прайшлася па спальні, потым выйшла ў гасціную і зноў паглядзела за акно. Якая прыгажосць! А яна і не думала сюды ехаць! Была нават сярдзітая размова з сяброўкай з выдавецтва, якая дарэмна спрабавала пераканаць яе, што іх чакае сапраўдны адпачынак. Прафкому ўдалося дабыць недзе пуцёўкі, да таго ж танныя ў загарадны пансіянат на Мінскім моры, куды ўвесь час прывозяць замежныя дэлегацыі; у пансіянаце ёсць выдатная лыжная база, расказваюць, там кормяць лепш, чым у любым санаторыі, па вечарах паказваюць канцэрты, фільмы, а калі хто захоча ўспомніць маладосць,— калі ласка, можаш патанцаваць — ёсць дыскатэка.

Галіна Дзмітрыеўна ўсміхнулася: толькі дыскатэкі ёй і не хапала для поўнага шчасця. А сяброўка пераконвала, што адпачынак каштуе ўсяго нічога, і зноў усчала гаворку пра будучы адпачынак. Галіна Дзмітрыеўна нейкі час сумнявалася, ехаць ці не, нават параілася дома з Міколам і з дачкой, тыя таксама пачалі яе агітаваць, каб яна ехала: дні стаялі цудоўныя, сапраўдная зіма, яна зможа пакатацца на лыжах, добра выспацца, адпачыць ад кухні. Яна нарэшце згадзілася паехаць, а ў пятніцу вечарам, калі аўтобусы павінны былі ўжо адыходзіць ад выдавецтва, сяброўцы паведамілі, што ў Магілёве памерла яе родная, па матчынай лініі, цётка. Вось такім чынам Галіна Дзмітрыеўна і апынулася адна ў шыкоўным паўлюксе з выглядам на мора і лес, апынулася ў нязвыклай для сябе цішыні. Праўда, перад самым выездам яна пазваніла дачцэ, спрабавала пераканаць яе, што адзін дзень заняткаў у інстытуце можна спакойна прапусціць, больш таго, яна выдатніца, і нічога страшнага не здарыцца, запрашала ехаць разам, калі не зараз, то заўтра бацька падвязе на машыне. Яны добра адпачнуць, і дачка падрыхтуецца да заліку. Аднак дачка аднеслася да прапановы з адкрытым недаверам. Яе не цягне ў лес. Няхай маці як след адпачне, патанцуе ў дыскатэцы і паспрабуе зразумець сучасную моладзь, толькі тады, паводле слоў дачкі, можна адчуваць сябе маладой.

І вось дрымотным зімовым адвячоркам аўтобус імчыць да Мінскага мора, побач нямала калег па выдавецтве: рэдактараў, карэктараў, падчытчыкаў, супрацоўнікаў вытворчага і планавага аддзелаў. Карацей, людзей, якія робяць карпатлівую і нябачную для іх работу — выпускаюць кнігі. Толькі недасведчаныя людзі думаюць, што гэта лёгкая, простая справа. Сілы і нерваў марнуецца шмат. А потым, калі ўсё скончана, кніга выйшла, ахінаюць раўнадушша і стомленасць. А ці патрэбна было перажываць з-за розных дробязей, недасыпаць па начах — кніжка атрымалася няўдалая, нікому не патрэбная, яна будзе дзесяткі гадоў дыхаць пылам у кнігарнях, пакуль яе не спішуць на макулатуру, ці сам аўтар не купіць — які-небудзь прафесар або дацэнт. Аднак задумвацца аб лёсе кніг не хапае часу: не паспееш адысці ад адной — прыспешвае новая. Аднойчы, на адной вялікай і прадстаўнічай нарадзе, яна якраз гаварыла пра гэта. Калі ўжо па-сапраўднаму карціць ім нешта змяніць у выдавецкай справе, няхай вывучаць больш дэталёва, колькі заказаў будзе на тую ці іншую кніжку, і тады, тады можна будзе вызначаць тыраж кнігі. На першы погляд, так яно і здаралася... Аднак цугам ішлі да кіраўніцтва важныя аўтары, і тыражы раслі на вачах. Былі яшчэ бясконцыя званкі ў выдавецтвы з самых розных высокіх інстанцый, ад няпростых аўтараў, якія займалі рознага памеру службовыя крэслы. Праўда, калі па шчырасці, то выдавецкіх работнікаў гэта не вельмі хвалявала. За кошт эканоміі паперы выдавалася шмат кніжак, якія раскупляліся ўмомант. Асабліва пра розных каралеў... такая літаратура імгненна разыходзілася сярод чытачоў і давала мільённыя даходы. Прэміі ішлі, план выконваўся, а каштоўная папера па-ранейшаму марнавалася.

Ды хопіць пра выдавецтва, наперадзе два дні адпачынку, і ніякіх службовых размоў, старшыня прафбюро нават пажартаваў, што аштрафуе кожнага, хто асмеліцца сапсаваць настрой калегам сваімі размовамі пра службу.

— Улічыце, мы едзем адпачываць не ў звычайны пансіянат, а ў маладзёжны! Я з цяжкасцю выбіваў пуцёўкі, пераконваў, што ў нас амаль няма людзей сярэдняга ўзросту. Большасць — камсамольцы. Таму папрашу быць вясёлымі, маладымі!

І вось яна робіць некалькі кругоў вакол пансіяната, праўда, не на лыжах, а пешшу, потым у ахвоту знішчае вячэру, прымае гарачы душ і з прыемнасцю абнікае ў мяккім крэсле перад каляровым тэлевізарам. Рука міжволі цягнецца да тэлефона, хочацца падзяліцца з кім-небудзь, асабліва з Міколам і дачкой, як выдатна ёй адпачываецца, якія тут добрыя, амаль што еўрапейскага ўзроўню ўмовы, але тэлефона побач няма, так задумана — чалавек павінен адпачываць, а не вісець на тэлефоне. Стомленасць раптоўна знікае. Галіна Дзмітрыеўна нацягвае світэр, прычэсваецца і спускаецца ў хол, дзе гучыць музыка, мільгацяць рознакаляровыя ліхтары і поўна маладых людзей. Яны выконваюць незразумелы для яе канвульсіўны танец, ёй робіцца смешна, што і яна апынулася сярод іх, вось бы пасмяяліся Мікола з дачкой. Не, ёй няма чаго рабіць тут, гэтыя рытмы і гэтыя танцы яна ўжо ніколі, мусіць, не зможа зразумець. Галіна Дзмітрыеўна падымаецца на ліфце на свой паверх, адчыняе дзверы паўлюкса, распранаецца і адразу ж засынае. Даўно такога з ёй не здаралася: звычайна да сну яна рыхтуецца старанна, гоніць прэч усе думкі, аднак часам нічога не дапамагае — сон не прыходзіць, і ўсё тут. Спіць яна без усякіх сноў (а гэта таксама рэдка бывае апошнім часам), а раніцой яе абуджае нервовы гук гадзінніка.

Па-першае, яна павінна раніцой прайсціся на лыжах, і днём таксама, і вечарам. Яна шчыра паабяцала дачцэ і Міколу.

Малайчына, што выйшла на лыжню. Людзей няма, яна першая, самая першая. Ад радаснага адчування, што змагла перамагчы сябе, прыемна робіцца на душы. Як лёгка дыхаецца, быццам ты ляціш некуды, амаль не кранаючыся зямлі. Можа, паслухацца Міколу і знайсці сілы на штодзённы, як ён гаворыць, «джогінг».

Яна ўзрадавалася, калі лыжня прывяла яе ў лес. Лес навокал некрануты. Яна прыбаўляе кроку яшчэ, яшчэ. А вось цяпер, відаць, хопіць, дыханне яе робіцца перарывістым, у грудзях гучна калоціцца сэрца.

— Прабачце, вы няправільна рухаецеся. У лыжным спорце ёсць свае, асаблівыя законы.

Галіна Дзмітрыеўна з прыкрасцю глядзела на таго, каму належаў гэты крыху сіплаваты голас — высокі, худы, як таршэр, з бледным, мармуровым тварам, рэзка акрэсленымі рысамі.

І адкуль ты ўзяўся на маю галаву, думае яна, усё было так добра, прыемна, яна з радасцю адчувала, што адна-адзіная ў казачным лесе, і вось табе...

— А я не прызнаю законаў. Я проста хаджу сабе на лыжах, дыхаю паветрам,— знарок смяшліва адказвае яна і заўважае, якія ў яго пранізлівыя, глыбока пасаджаныя вочы.

— Калі хочаце ведаць, дык і дыхаеце вы таксама няправільна,— прыязна працягвае ён. На ягоным твары шмат зморшчын, як гэта звычайна бывае ў празмерна худых людзей. Так ці інакш яму недзе пад пяцьдзесят, а яшчэ разыгрывае з сябе спартсмена-прафесіянала. Дзядуля, дый толькі!

Ён працягвае навучаць, што рухацца трэба раўнамерна, у такт з дыханнем, тады лыжная прагулка прынясе сапраўднае задавальненне і карысць для здароўя.

— Хочаце, я пакажу? — пытаецца ён і дадае: — Я пайду наперадзе, а вы паўтарайце ўсе мае рухі.

— Як гэта я адразу не здагадалася? — смяецца яна.— Вы інструктар-метадыст па фізкультуры і спорту з пансіяната. Я нават бачыла ўнізе аб’яву — да вашых паслуг — інструктар-метадыст, ён можа абучыць лыжным гонкам.

— Лічыце, я ваш уласны метадыст. Словам, пайшлі.

 

Яна і цяпер не можа даўмецца, чаму ў той раз пачала размаўляць з ім. Мусіць, у яе проста быў выдатны настрой і да таго ж ніхто з мужчын даўно (нават цяжка ўявіць, калі гэта было наогул) не завязваў з ёй гаворкі. Маюцца на ўвазе мужчыны, якіх Галіна Дзмітрыеўна (яна шчыра прызнавалася сабе ў гэтым) не цікавіла нават у маладосці, а тым больш у такія, даволі паважаныя для жанчыны гады.

Нават сёння яна не ведае, ці правільна зрабіла тады...

 

Ён пайшоў наперадзе — размашыста і лёгка, як прафесійны лыжнік (аднойчы Мікола павёз яе на спаборніцтвы ў Раўбічы, і яна там нагледзелася, як трымаюцца на лыжні сапраўдныя майстры).

— Раз-два, раз-два, вось так, вось так,— увесь час паўтараў незнаёмы, якога яна з першага погляду назвала для сябе «таршэрам».

І сапраўды ёй стала лёгка дыхаць, сэрца спыніла шалёны танец, адно — ногі прытаміліся.

— Ну як, атрымліваецца? — спытаў «таршэр».

— Дзякуй, крыху атрымліваецца,— адказала яна шчыра.

Ён паглядзеў на яе. Кучомка ў «таршэра» была напятая на самыя вочы.

— Тады бывайце, у мяне яшчэ вялікая праграма, і вы наўрад ці паспееце за мной. Памятаеце, як у песні: на ўсё патрэбна трэніроўка...

— З мяне дастаткова,— усміхнулася Галіна Дзмітрыеўна.— Буду памятаць вашу дапамогу ўсё жыццё.

— Вы дарэмна ўчора зніклі... Танцы выдатна трэніруюць вынослівасць... А вы ж яшчэ маладая.

І ён знік за паваротам, яна нават не паспела адказаць яму на апошнія словы.

«Ну і «таршэр», зваліўся немаведама адкуль і яшчэ вучыць, як жыць»,— нязлосна падумала яна і пачала караскацца ўгару.

Пасля прагулкі Галіна Дзмітрыеўна доўга прымала гарачы душ, глядзела на сябе ў люстэрка. Твар расчырванеўся, нават зморшчыны на ім зніклі, вочы здаваліся памаладзелымі. Яна падумала, што і на самой справе яшчэ не такая ўжо і старая. Камплімент нязграбнага «таршэра» можна прыняць за праўду. Яна паклала на твар крэм і зноў, зусім нечакана для сябе, заснула — лёгка і радасна.

Прачыналася яна паступова. Яна бачыла святло ў ваннай (няўжо забылася выключыць?), слухала крокі за сцяной, дакладней, за дзвярыма (відаць, часовыя жыхары пансіяната спяшаліся да абедзенных сталоў), яна разумела — час падымацца, аднак у кожнай клетачцы цела пасялілася прыемная стома, якая не адпускала ад сябе, вочы зноў заплюшчваліся. Яна міжволі заснула.

Нарэшце яна знайшла ў сабе сілы паглядзець на гадзіннік. Абед працягваецца ўжо з паўгадзіны, жыхары пансіяната пасля лыжнай прагулкі актыўна набіваюць свае жываты, каб адразу ж заваліцца ў ложкі. Аднак гэта будзе сярэбраны сон, а яна атрымала залаты. Яна крыху падводзіць вочы, абдае пудрай свой ружовы твар і, мінуючы ліфт, збягае ў сталовую. Яе не пакідае адчуванне таго, што ўпершыню за доўгі час яна аказалася на некалькі дзён у поўнай адзіноце, ёй гэта падабаецца, таму што па гараскопе яна Рыба, Рыбы час ад часу павінны быць сам-насам у свеце сваіх уласных ілюзій, мар, думак. На стварэнне гэтага свету ёй проста не хапала часу, бадай што ў самым дзяцінстве яна любіла гадзінамі ўяўляць сабе сваё будучае жыццё, незвычайнае, шчаслівае ці, наадварот (усё залежыла ад яе настрою) нешчаслівае. Іншае здаралася ў тыя мінуты, калі Галіна ўсведамляла, што прыгожай ёй не быць ніколі. І нават уяўленні пра сваё будучае нешчаслівае жыццё, адзіноту (вунь жа іх колькі, прыгожых жанчын, ды і то сярод іх шмат неўладкаваных) прыносілі ёй часовую асалоду, яна магла думаць пра гэта падоўгу і вельмі засмучалася, калі хто-небудзь выпадкова перапыняў сваёй прысутнасцю яе думкі. У цэлым жа, калі гаварыць шчыра і паглядзець на яе сёння збоку, можна сказаць, што жыццём сваім яна можа быць задаволена, яна не засталася адзінокай, яна можа ўсё сабе дазволіць, не ламаючы галавы, як дажыць, ці, дакладней кажучы, дацягнуць да зарплаты альбо набыць якую-небудзь нават самую дарагую рэч.

Галіна Дзмітрыеўна дарэмна разлічвала, што сталоўка будзе поўнай, відаць, многіх, як і яе, сон зваліў адразу пасля лыжнай прагулкі. У яе прачнуўся ваўчыны апетыт, і яна прагна пачала есці.

— Я прачытаў у кніжцы вядомага французскага аўтара, што чалавек павінен снедаць мінімум гадзіну,— нечакана пачула яна знаёмы голас.

Падняла галаву. Вядома, гэта ён, «таршэр», у джынсах, тоўстым світэры. Ён робіць яго шыракаплечым, падкрэслівае вузкую талію.

— Прыемнага апетыту!

— Дзякуй! Пра што яшчэ піша ваш француз?

— Калі не слухацца яго парад, то можна прыйсці да вельмі непрыемных вынікаў. А каб есці на працягу цэлай гадзіны і гэта не здавалася сумным, трэба мець побач цікавага, прыемнага, а калі такога няма, то проста субяседніка. Тады ўсё будзе ў парадку, ён дапаможа вам забавіць час сваёй гутаркай.

— Вы яшчэ і ўрач?! — уздыхнула Галіна Дзмітрыеўна і іранічна паглядзела на незнаёмца.

— Так што не спяшайцеся хутка есці. Яшчэ раз прыемнага апетыту! — спакойна адказаў ён.

— Я жадаю вам таго ж самага і яшчэ прыемнага суседа, каб абед расцягнуўся мінімум на гадзіну, а можа, яшчэ і больш.

Вечарам у кіназале ён сеў побач, праўда, спытаў дазволу. Яна абыякава кіўнула галавой і аглядзелася па баках — ці няма побач супрацоўнікаў. Яны, чаго добрага, могуць убачыць яе разам з гэтым чалавекам і падумаць, што яна невыпадкова апынулася каля яго. І тут яна ўбачыла маладзенькую рэдактарку, якая шукала свабоднае месца.

— Томачка! — паклікала яе Галіна Дзмітрыеўна.— Ёсць свабоднае крэсла!

Рэдактарка села з левага ад яе боку, а з правага яе працінаў наскрозь усмешлівы позірк «таршэра», які ў профіль нагадваў Мефістофеля, аднак Галіна Дзмітрыеўна пачала дзяжурную, звычайную ў такіх выпадках размову з Томачкай — як адпачываецца, ці падабаюцца ўмовы, харчаванне...

Іх чакаў шэры фільм, як дзве кроплі вады падобны на ўсе апошнія фільмы пра вайну. Ён хутчэй нагадваў аперэтку, і ніводнага чалавека ў зале не кранала тое, што на экране гінулі людзі, што яны плакалі, пакутавалі. Ружовенькія лейтэнанцікі ў новенькай форме проста на перадавой круцілі каханне з тоўстымі медсёстрамі і тут жа здзяйснялі нейкія фантастычныя подзвігі.

— Ведаеце, я больш не вытрымаю. Пасля заканчэння фільма чакаю вас ля новага корпуса пансіяната. Ён тут побач, і вы лёгка знойдзеце яго. Мы зможам прагуляцца перад сном па беразе возера.

Галіна Дзмітрыеўна паціснула плячыма. Дзіўна, гэты чалавек, які не выклікае ў яе асаблівай непрыязні, хоць абавязкова (яна выдатна ўсё разумее) павінен быў выклікаць.

Яна з цяжкасцю даглядзела фільм, надзела дублёнку і зноў жа з дзевятага паверха збегла ўніз. Яна здалёк убачыла яго высокую постаць. Паліто на ім выглядала як на падлетку — кароткае, з кароткімі рукавамі.

— Я думаў, вы не з’явіцеся,— сказаў «таршэр».— Нават чамусьці быў упэўнены.

— А я і не збіралася да вас на спатканне,— адказала Галіна Дзмітрыеўна.— Між іншым, якая розніца — дыхаць адной свежым паветрам ці побач з вамі. Да таго ж вы хутчэй за ўсё адносіцеся да катэгорыі людзей, якія скрозь пра ўсё ведаюць, і можаце даць карысную параду, як правільна дыхаць на прагулцы.

Ён засмяяўся.

— І на самой справе я нямала ведаю, але, па праўдзе кажучы, карысці ад гэтага ніякай. Давайце нарэшце пазнаёмімся,— ён павярнуў да яе свой худы, белы твар: — Салавей Глеб Максімавіч.

— Салавей? — спытала Галіна Дзмітрыеўна.— Вельмі знаёмае прозвішча. Ды гэта ж...

— Гэта мой родны брат,— перапыніў яе Глеб Максімавіч,— ён зусім іншы чалавек, чым я. Ён заўсёды ведаў, чаго хоча ў жыцці, і ўсяго дасягаў, і вось даўмеўся — блукае ў вышэйшых сферах — сядзіць у многіх прэзідыумах. А ваша імя?

— Галіна Дзмітрыеўна,— яна з цікавасцю паглядзела на Глеба. Ён зусім не падобны на свайго роднага брата, якога яна шмат разоў бачыла на экране тэлевізара, у прэзідыумах. Ён трывала заняў тое месца яшчэ ў яе камсамольскія часы. У Глебавага брата быў валявы твар чалавека, які добра ведае мэту свайго жыцця. Галіне Дзмітрыеўне давялося неаднойчы слухаць яго выступленні.

Яны ішлі некаторы час моўчкі. Яна збіралася сказаць нешта банальнае, накшталт таго, што зіма выдалася незвычайная, мяккая і ў той жа час марозная, сухая, аднак Глеб нечакана, без усякага пераходу, пачаў расказваць пра сябе. Ён ніколі па-сапраўднаму не ўяўляў, чым будзе займацца ў жыцці, да ўсіх прафесій адносіўся чамусьці абыякава і па тагачаснай модзе падаўся ў геалагічны інстытут. Потым кідала яго па ўсёй краіне. У адной з экспедыцый пазнаёміўся з дзяўчынай з Ленінграда, яны запісаліся, жонка нарадзіла сына і паехала разам з ім у Ленінград, а ён увесь час шукаў нафту, потым золата, а калі праз год прыехаў да жонкі, то даведаўся, што яна збіраецца пайсці ад яго да другога чалавека, якога яна кахала яшчэ са студэнцкіх гадоў, а ўся сувязь з Глебам (яна так і сказала «сувязь») была з яе боку памылкай. Словам, адбылася тыповая гісторыя з жыцця геолага альбо марака, аднак пасля гэтага ў яго з’явілася раптам незвычайная непрыязь да сваёй прафесіі. Ён кінуў усё, змяніў шмат прафесій — плаваў качагарам на караблі, быў намеснікам дырэктара тэатра па гаспадарчай частцы у адным з прыморскіх гарадоў, іграў у рэстаранным аркестры (у дзяцінстве закончыў музычную школу пры кансерваторыі). Быў момант, калі ён вырашыў, што многае ў жыцці зразумеў, вывучыў і рашыў стаць пісьменнікам. Змарнаваў на пісанне некалькі гадоў, але ўсе яго работы адхіляліся ў часопісах і выдавецтвах. Пісаць ён таксама кінуў, але затое захапіўся збіраннем рэдкіх кніг. Нечакана для самога сябе тут ён зрабіўся мэтрам.

— Любы кнігалюб ведае маё прозвішча лепш, чым прозвішча майго брата — можаце пацікавіцца і пераканаецеся ў гэтым.

— Вы што ж, чалавек без пэўных заняткаў? — з цікавасцю спытала Галіна Дзмітрыеўна.

— Што вы?! Збіранне кніг не больш чым захапленне, праўда, яно паступова перарастае ў нешта прафесійнае, аднак корміць мяне зноў-такі мастацтва. Вярнуўся дамоў, брат ужо стаў вялікім начальнікам, ён мяне і спытаў, калі я кіну паблажліва адносіцца да свайго жыцця... Словам, не так, як ён, словам — псаваць нервы маці і бацьку? Старыя былі ў той час жывыя. Ён паважае мяне, хоць я няўдачнік. Мы разумеем адзін аднаго. Не без ягонай дапамогі падаўся я ў мастацкі музей, загадваю ў ім фондамі, шмат езджу па рэспубліцы, краіне, работа падабаецца. А калі бываю дома, заўсёды прыязджаю на суботу і нядзелю ў гэты пансіянат. Тут ціха, спакойна, добра думаецца.

 

У той самы вечар ёй бы і развітацца з выпадковым дзіваком назаўсёды, аднак яна незнарок (а можа, ёй у той момант гэтага хацелася) дала яму свой рабочы тэлефон. Салавей час ад часу званіў ёй, размовы былі дзяжурнымі. Потым ён некуды знікаў, зноў з’яўляўся, званіў, расказваў пра свае камандзіроўкі, пра тое, што пачаў нечакана для сябе самога пісаць, запрашаў зайсці да яго ў музей, пазнаёміцца з патаемным багаццем фондаў, з тым, што яшчэ доўга не будзе выстаўляцца, а лепш за ўсё пазнаёміцца з яго хатняй бібліятэкай, яна не пашкадуе,— ягоная бібліятэка адрозніваецца ад многіх хатніх збораў кніг, ад якіх цяпер трашчаць усе серванты, сценкі, у яго ж дома толькі каштоўныя кніжкі, сапраўдная скарбніца чалавечага розуму. Яна выслухала яго (ён гаварыў надзвычай доўга і блытана) і пацікавілася, як да такога візіту паставяцца ягоныя хатнія. І тут Глеб шчыра рассмяяўся. Ён, відаць, зусім забыў сказаць ёй, што жыве адзін, тая першая жонка так і засталася першая, у яго нікога няма, ён халасцяк. І не збіраецца што-небудзь у сваім жыцці мяняць.

Галіна Дзмітрыеўна нечакана для сябе сказала, каб ён пазваніў на наступным тыдні, можа, яна і зойдзе да яго, калі знойдзецца вольны час! Пакуль жа шмат спраў у выдавецтве.

У той самы момант яна не задавала сабе пытання — пойдзе да яго або, калі ён пазвоніць, адмовіцца. Проста для яе такога пытання чамусьці не існавала.

У сераду, на наступным тыдні яна злавіла таксі (на вуліцах знікаў апошні снег, і яе машына стаяла на прыколе ў гаражы) і праз паўгадзіны была ў зусім новым мікрараёне, дзе раней ніколі не была. Ніхто з яе знаёмых у такіх раёнах не жыў. Праз некалькі мінут яна згледзела Глеба ля доўгага блочнага дома. Яны падняліся на пяты паверх. І яна апынулася ў вельмі дзіўнай кватэры — стэлажы з кнігамі ў калідоры, стэлажы паабапал усіх сцен у пакоі, тое ж самае — у кухні. Нават тахта нейкім дзіўным чынам знаходзілася ў акружэнні стэлажоў з кнігамі. Пасярэдзіне царства кніжак панаваў пісьмовы стол, які адначасова з’яўляўся і сталовым — на ім стаялі кафейныя чашкі, талерка з пячэннем, сухарамі.

— Нічога не зробіш, яны дыхаюць як і чалавек, а лёгкія ў іх вельмі старыя.

Яна падышла да паліцы. Чаго тут толькі не было — гісторыя Расіі Салаўёва і філасофскія кніжкі яго сына, дарэвалюцыйныя выданні Ніцшэ і Шапенгаўэра, цэлая калекцыя Біблій.

— А вось гэтыя выдадзены пры жыцці Пушкіна і Талстога. Гэта адны з самых першых выданняў іх кніг,— не без гонару ў голасе сказаў Глеб.

Яны пілі каву, елі каўбасу з сухарамі, потым ён пачаў даставаць самыя каштоўныя кніжкі з паліц.

— Вядома, тут не сустрэнеш кніжкі нашага выдавецтва і іншых таксама,— уздыхнула Галіна Дзмітрыеўна.

Глеб засмяяўся:

— Уся сучасная літаратура знаходзіцца на кухонных паліцах. Ёй там таксама нядрэнна жывецца. Не, вы не падумайце... Гэта не спецыяльна. Пакояў больш няма, вось так і атрымалася.

Яна спытала, дзе і як ён збіраў фаліянты, кожная з кніжак мае, відаць, фантастычную цану, аднак ён замахаў рукамі: што гэта вельмі доўгая размова і што кожная з кніжак мае сваю, амаль дэтэктыўную гісторыю. Вось, напрыклад, некалькі тамоў дарэвалюцыйнага Пісемскага, якога чамусьці сёння зусім забылі, прынёс адзін алкаш і папрасіў па два рублі за томік, яна абурылася: як ён мог узяць за бясцэнак такія кніжкі, ды яшчэ ў нейкага выпівохі! Ці ж можна? Ён згадзіўся — нельга, аднак ён — калекцыянер, а кнігі маглі трапіць невядома ў чые рукі, усё роўна алкаш прадаў бы іх. А ён, Глеб, даў яму не па два, а па тры рублі за том. Яна засмяялася — ён нагадаў ёй хлапчука, які апраўдваўся нібыта перад маці.

Ён адказаў ёй усмешкай на ўсмешку і з мяккай рашучасцю прыцягнуў да сябе. Галіна Дзмітрыеўна так здзівілася, што Глеб адхіснуўся.

— Ахаланіце, лішняе, Глеб Максімавіч! Мы ж — дарослыя людзі. Я сапраўды прыйшла да вас, каб паглядзець кніжкі, а не... Калі ў мяне з'явіцца настрой, як у вас, я сама скажу, добра?

Ён паціснуў плячыма — не знайшоў, што сказаць; зноў пачаў гатаваць каву, але Галіна Дзмітрыеўна адмовілася — пара было ехаць дамоў.

Аднак на гэтым усё не скончылася. Неяк пасля чарговай сваркі з Міколам (а можа, яна сама шукае прычыну?) яна прыпазнілася на рабоце, і тут якраз пазваніў Глеб — ён здабыў новыя кніжкі і запрашаў паглядзець іх. Больш таго — яна можа ўзяць пачытаць што-небудзь дамоў. Любую кніжку, якая спадабаецца. Апошнія словы ён вымавіў урачыста.

Яна паехала (чаго яна і ўявіць не магла) і засталася ў Глеба надоўга. Усё, што адбылося, расчаравала яе. Ён таксама адчуў, мусіць, узрушлівую непрыемнасць, расчараванасць з яе боку. Перасмяглымі вуснамі памкнуўся спаслацца на сваю стомленасць. І не толькі зараз, а ад усяго жыцця. Да таго ж ён ужо немалады, але нічога, яна яшчэ будзе мець магчымасць спазнаць яго, у іх яшчэ шмат часу, добра, што яна прыйшла, ён, Глеб, увесь час бясконца марыў пра гэта. Галіне Дзмітрыеўне па-сапраўднаму зрабілася шкада яго, яна пацалавала Глеба ў мокры лоб. Ёй здавалася, што яны яшчэ і на самой справе сустрэнуцца, і, відаць, неаднойчы, аднак нешта раптам абарвалася ў ёй. Нават ад адных успамінаў пра сустрэчу на душы рабілася прыкра. Галіна Дзмітрыеўна вырашыла: гэта першая і апошняя іх сустрэча, а ён, дзівак, ніяк не разумеў гэтага або не хацеў разумець, ён штодня званіў ёй, распытваў пра справы, прасіў сустрэчы, але ішлі дні, і ён нарэшце дапяў... Галіна Дзмітрыеўна трымала сябе так, быццам паміж імі ніколі нічога не было (дый ці было?).

Цяпер ён віншуе яе з кожным святам, яны па-ранейшаму дзеляцца навінамі. Галіна Дзмітрыеўна ніяк не можа вярнуць яму адну кніжку, а ён таксама не нагадвае.

Некалькі разоў (вядома, міжволі) яна думала, што ўсё атрымалася неяк непрыгожа, павінна ж і яна, як многія яе знаёмыя, як уласны яе муж, мець нейкае сваё, асабістае жыццё, тое самае, якое напаўняла б існаванне нейкім адвечным сэнсам. Але ўся яе істота паўставала, узрушвалася, калі яна думала.

Але аднойчы яна зноў успомніла пра Глеба. На першай старонцы газеты ўбачыла прозвішча яго брата — Уладзіміра Максімавіча Салаўя. Побач друкавалася біяграфія. У сувязі з яго новым высокім прызначэннем. Тут жа працяла думка: вось ён, самы лепшы, бяспройгрышны варыянт. Але іх сустрэчы з Глебам скончыліся. Цяпер ёй няёмка... Ёй успомніліся Глебавы словы пра добрыя адносіны з братам. Тады, калі яны зрэдзь бачыліся, сітуацыі з Сівалапым не існавала. Яна нават не магла падумаць...

А між іншым, чаму б ёй самой не пазваніць Глебу? Праўда, яна нават не ведае нумара яго тэлефона, ён звоніць ёй сам па святах ці проста так, але радзей, чым раней. Значыць, яна на сённяшні дзень таксама неабыякавая для яго. Яна пазваніла ў прыёмную музея і папрасіла тэлефон Глеба Максімавіча. І вось ніяк не адважыцца яму пазваніць. Па сутнасці адзін ён можа дапамагчы Сівалапу ўшчыльную наблізіцца да Цэнтра. Але нешта неадольнае стрымлівае яе, не дае магчымасці пазваніць яму. Так працягваецца некалькі дзён, такіх дарагіх дзён!..

Нарэшце, нарэшце гэта здарылася. Не, пазваніла не яна, а пасля шасці гадзін вечара Глеб аб’явіўся сам.

— Мне трэба тэрмінова ўбачыць вас, у мяне блага на душы, прабачце, Галіна Дзмітрыеўна, не кідайце трубкі,— у яго голасе, умольным, глухім, яна сапраўды адчула нейкі адчай.

— Добра, Глеб Максімавіч... Мы можам сустрэцца сёння ж, я прыеду да вас. Абавязкова прыеду. Калі вы памятаеце, у мяне ваша кніга. Я захаплю яе з сабой.

— Дзякуй, Галіна Дзмітрыеўна. Хутчэй прыязджайце!

 

«Божухна, і чым ён жыве»,— думала яна, зірнуўшы ў халадзільнік. Там валялася некалькі счарнелых кавалкаў мяса, зморшчаныя агуркі. На стале — сухары, пачак чаю.

— Дзякуй, дзякуй, што вы прыехалі,— гаварыў Глеб, гледзячы на яе з захапленнем.— Мне не верылася, што вы яшчэ калі-небудзь з’явіцеся тут. Ведаеце, мне не шанцуе апошнім часам. Страшэнна не шанцуе. Я не ведаю нават, што рабіць. Я зразумеў, чаму ў мяне такое жыццё... Адзін знаёмы кніжнік даў мне пачытаць гараскоп... Дык вось па гараскопе я Рыба, і нават не адна, а дзве.

Яна здзівілася:

— Якое супадзенне, я таксама па гараскопе Рыба!

— Дзіўна... Вы не падобная... Рыбы чамусь плывуць у розныя бакі, у маёй душы быццам бы жывуць два чалавекі, яны адрозніваюцца паміж сабой, уступаюць у канфлікты. У мяне няма сілы волі аб'яднаць гэтыя дзве натуры, зрабіць так, каб рыбы скіраваліся ў адзін бок. Паверце, гараскоп не казачкі... А мы прызвычаіліся лічыць усё містыкай.

Яна слухала яго, стрымліваючы ў сабе смех. Дарослы чалавек, а начытаўся нейкіх баек і паверыў.

— Я адчуваў — жыву не так, маё жыццё павінна быць іншым. Я часта, вельмі часта бачу дзіўныя сны і не магу адарвацца ад іх, не хачу, каб яны знікалі. У снах у мяне ўсё атрымліваецца... Цудоўна...

Ён гаварыў з хваляваннем. Нават твар пачырванеў.

— І вось аднойчы нечакана для сябе я пачаў пісаць. Зноў пачаў. Сам не ведаю чаму, відаць, паверыў, што цяпер атрымаецца. Як бы вам растлумачыць, Галіна Дзмітрыеўна?! Вы не прыходзілі, і ў мяне з’явіліся нейкія пустыя дні, горш проста быць не можа. Месца сабе не знаходзіў. Сеў за стол... І пайшло! Падалося, атрымліваецца. Даўно хвалявала мяне адна гісторыя, не выдуманая, а жыццёвая. Я тады геолагам быў. Бездыпломны, апошні чалавек у партыі... У нашага брыгадзіра, чалавека вопытнага, дзяўчына была. Надзвычай прыгожая. Нават слоў не хапае... Трымаў ён яе ў брыгадзе, а дакладней кажучы, пры сабе быццам бы паварыхай. Паварыхай лічылася... А была ягонай палюбоўніцай. Плаціў ёй добра, як рабочым. І вось тут у партыі амаль адначасова са мной адзін хлопец з'явіўся — Рыгор Сямёнаў. Спартсмен былы. Не атрымалася ў яго нешта ў жыцці... Казалі, у калонію трапіў выпадкова. Дамоў вяртацца не хацелася, вось і прыбіўся да нас. Праз пэўны час заўважылі мы, што ён ад брыгадзіравай сімпатыі не адыходзіць, яна таксама; глядзяць адно на аднаго закаханымі вачыма, а потым, ясная справа, і спатканні ў іх пачаліся. Мужыкі нашы, ды і я таксама, хлопца папярэдзілі: жартуеш з агнём, у нас у тайзе закон суровы, забудзь брыгадзіраву сяброўку, гэта як на караблі — у жанчыне капітана ніхто не павінен бачыць жанчыну, інакш пасля чарговага шторму будзеш рыб карміць. А ён у адказ — не пужайце мяне, жывём у краіне, дзе ўсё па законе, я ў гэтым пераканаўся, калі па дурасці звязаўся з фарцоўшчыкамі, а потым лепшыя гады ў калоніі адсядзеў. А праз некаторы час знайшлі Рыгорку з прастрэленымі грудзьмі. Мёртвага. Брыгадзіра не чапалі — у час забойства ён быў далёка, і жыццё пайшло як раней — дзяўчына з брыгадзірам, а Рыгор Сямёнаў — у магіле.

Напісаў я пра іх вялікае, як аповесць, апавяданне, аднёс у часопіс, а там кажуць — веданне жыцця ёсць, водар тайгі адчуваецца на кожнай старонцы, але яно не пойдзе па адной прычыне: факты занадта крутаватыя. Ну і ну! Як жа тады пісаць, як вымераць, дзе занадта, а дзе не? Вось гэтыя ўсе так не думалі,— ён паказаў у бок кніжнай паліцы.

— Як перайсці на іншую размову з ім, як? — думала яна сваё і не знаходзіла адказу.

— Вам трэба пісаць, Глеб Максімавіч, абавязкова трэба. Я веру, гэта сапраўднае ваша прызванне. Усё будзе добра.

Яна памкнулася сказаць яму нешта прыемнае, і ён не мог ёй не ўсміхнуцца.

— Можа, я змагу вам дапамагчы, праўда, цяжкавата будзе. І ў мяне да вас ёсць адна просьба.

— Я ўвесь ваш,— адказаў ён.

 

11

Адкуль у нас гэтулькі ідыётаў? Іх вучаць, доўга вучаць, марнуюць на іх вялізныя грошы, даюць ім вялікія зарплаты, рухаюць па службе ўсё вышэй і вышэй, як яму, Сівалапу, здаецца, дарэмныя страты — адмоўны эфект — многія са спецаў яшчэ больш тупеюць, развучваюцца варушыць шэрым рэчывам. А ў газетах бадзёра пішуць пра тое, што трэба павышаць прэстыж інжынерных прафесій, трэба плаціць навуковым супрацоўнікам яшчэ большыя зарплаты, і хоць бы адзін чалавек напісаў, як перакрыць дарогу да інжынерных дыпломаў людзям бяздарным, пазбаўленым нават кроплі таленту.

З гэтымі думкамі задоўга да пачатку рабочага дня Сівалап пераступіў парог свайго самастойнага Аддзела. Са здзіўленнем паглядзела на яго заспаная вахцёрка, хуценька выбегла з кабінета тэхнічка.

Ён дастаў з папкі стос папер, веерам расклаў іх на стале. Учора праседзеў над выступленнем да позняй ночы, аднак выступленне не атрымлівалася. Яму хацелася скіраваць увагу на актуальнасць праблемы. І стыль павінен адпавядаць... А ў галаву лезлі заштампаваныя словы... Ён спадзяваўся знайсці хоць рэшткі думак у запісках сваіх вядучых спецыялістаў, начальнікаў пададдзелаў, загадчыкаў секратарамі, аднак і яны думалі і, натуральна, выказвалі свае думкі па выпрабаваным за доўгія гады шаблоне.

Сівалап дрэнна спаў і прачнуўся недзе каля шасці, зрабіў сваю традыцыйную прабежку вакол возера, але і гэта не зняло нервовага напружання. Ён нездаволена буркнуў жонцы:

— Я паехаў на работу... У мяне нічога не атрымліваецца, абсалютна нічога. І дзе я ўзяў сваіх «разумных» супрацоўнікаў?!

Ён яшчэ раз прачытаў напісанае ўласнай рукой учора: напісанае можна спакойна паказаць Гаўрылу Іванавічу, аднак для маскоўскай нарады не падыдзе.

А палове дзевятай ён пачуў у прыёмнай крокі Святланы Максімаўны.

— Добрай раніцы. Я папрашу вас — як толькі з’явяцца ўсе галоўныя спецыялісты — тэрмінова да мяне.

Мабыць, яна адчула ягоны настрой па асаблівай інтанацыі, з якой ён вымавіў слова «спецыялісты», і спытала:

— Можа, чай прыгатаваць? Мне прыслалі траву... Супакойвае ўмомант.

Ён усміхнуўся: вось дзе прафесіянал у сваёй справе! Падахвочаны цікаўнасцю, папрасіў:

— Добра, давайце ваш чай з травамі. Вялікі дзякуй, Святлана Максімаўна.

Ён адклаў убок паперы і прайшоўся па кабінеце. За вокнамі навісла шчыльная сцяна дажджу. Дажджлівай восенню яму працавалася надзвычай добра, але сёння не той настрой, ды і стомленасць адчуваецца. У прынцыпе яму ясна, як гаварыць і пра што, але няма свежых думак, няма маштабнасці! Зараз ён аддасць выступленне ці, дакладней кажучы, яго варыянт на машынку, правядзе нараду з кіраўнікамі ўсіх службаў... Без іх дапамогі яму не абысціся. Прагучаў сігнал селектара. Голас Святланы Максімаўны перапыніў яго думкі.

— Мікалай Сяргеевіч, да вас па тэлефоне прабіваецца жанчына. Хто яна — не кажа. Гаворыць, па асабістай справе.

Хто гэта можа быць? Таццяна?

— Добры дзень, Сівалап, я зразумела, што безнадзейна вам надакучыла, а мне, у сваю чаргу, абрыдлі доўгія вечары ў сваёй кватэры. Той самай... Яна яшчэ нядаўна вам падабалася. Вы стаміліся ад сустрэч са мной. Вось і вырашыла сама развітацца. У вас, мусіць, не хапае смеласці...

— І толькі ўсяго? — перапытаў Сівалап.— Мяне заелі справы, табе нават цяжка ўявіць, якая колькасць самых складаных, тэрміновых спраў!

І тут ён успомніў, што ў яе ёсць іншы ягоны нумар тэлефона.

— Чаму ты не звоніш па тым тэлефоне? — незадаволена пазмрачнеў ён.

— Я для вас звычайны чалавек з вуліцы, а такі чалавек не павінен ведаць ніякіх іншых тэлефонаў, акрамя афіцыйных. І гэты тэлефон мне таксама не спатрэбіцца. Я даўмелася... Словам, трэба пачынаць іншае жыццё. Без вас, Сівалап. Прабачце...

— Паслухай... Я нічога не магу зразумець. Я і на самой справе быў вельмі заняты. Мы сустрэнемся, я табе ўсё растлумачу.

— Сапраўды, ты быў настолькі заняты, што твой тэлефон мне адказваў у восем, дзевяць гадзін вечара. Ты надта многа ў нас працуеш... Нават жахліва робіцца. Я званіла табе ўсе гэтыя дні, асабліва па вечарах. Ты абяцаў прыехаць, я чакала як прыкаваная.

І тут ён не вытрымаў:

— А пячонку мне дастаеш...

Яна не ўспрыняла жарту:

— Больш таго, у мяне ёсць для цябе навіна.

Мікалай Сяргеевіч нямее. Навіны яму якраз і не хапала для поўнага шчасця. Аднойчы быў ужо падобны званок. І яе голас гучаў прыкладна гэтак: у мяне ёсць для цябе адна навіна. Яму ўдалося тады пераканаць яе, усё абышлося. А цяпер?! Ён абнікае ў крэсле.

— Я вырашыла звязаць сваё жыццё з адным маладым чалавекам. Карацей — я выходжу замуж.

У Мікалая Сяргеевіча адразу зрабілася лёгка-лёгка на душы. Няхай яна выходзіць замуж, але яе замуства нічога не зменіць у іх адносінах, ён у гэтым упэўнены, таму што яму не хочацца губляць яе.

Сівалап расшпільвае каўнер. Ён бянтэжыцца, зацінаецца ў сабе. Словы знікаюць... Мікалай Сяргеевіч нецярпліва торгае за тэлефонны провад: куды раптам падзеўся яе голас. Відаць, проста яна маўчыць гэтаксама, як і ён.

— Чаму вы маўчыце, Сівалап, вы не памерлі?

Зноў у яе голасе гучыць іронія.

— Хто твой выбраннік? — пытаецца Мікалай Сяргеевіч.

— Вы як мой бацька... Хто ды хто? Ён — архітэктар, і, гавораць, неблагі, з перспектывай.

— Няйначай, вас апякло вялікае каханне,— у яго голасе гучыць непрыхаваная крыўда.

— Супакойцеся, Сівалап, якое каханне? Я выпадкова сустрэла яго на дні нараджэння ў сваёй сяброўкі, ён правёў мяне дадому, потым мы наведалі разам арганны вечар, і, відаць, фугі Баха яго так узрушылі, што ён тут жа зрабіў мне прапанову. Першая прапанова, якую я пачула ў сваім жыцці.

Па селектары пазваніла Святлана Максімаўна, сказала, што чай гатовы, што кіраўнікі службаў на месцы, за выключэннем трох чалавек. Яна прынесла чай, Сівалап адпіў яго маленькімі глыткамі і слухаў жаночы голас у трубцы.

— І калі ўсё павінна адбыцца? — спытаў ён.

— Мы заўтра падаём заяву. Відаць, вяселле праз месяц.

— Калі табе можна пазваніць?

— Калі захочаце, Сівалап, можаце праз год, праз два.

— Я на гэтым тыдні еду ў Маскву і ўсе дні буду позна працаваць, ты прабач, але часу сапраўды няма, ніводнай мінуты.

Марына ўздыхнула:

— Якое супадзенне!.. Я вырашыла наведаць бабулю. Калі памятаеце, яна жыве ў сталіцы. У мяне ёсць цэлы тыдзень ад мінулагодняга адпачынку, і я хачу скарыстаць яго, да таго ж трэба купіць тое-сёе, а бабуля абяцала даць грошай. Здароўя ў яе няма, а грошы ёсць.

Сівалап сказаў, што гэта сапраўды выдатна. Яны змогуць убачыцца ў Маскве. Ён адчуў у яе голасе сапраўдную радасць, і на душы ў Сівалапа зрабілася прыемна.

Калі кіраўнікі службаў увайшлі ў ягоны кабінет, яны са здзіўленнем убачылі, што Сівалап зусім не раз’юшаны (як абяцала Святлана Максімаўна), ён у сваім звычайным стане — спакойны, уважлівы.

— Я доўга не буду вас затрымліваць,— пачаў Сівалап, як толькі ўсе занялі свае звыклыя месцы за доўгім сталом.— Часу ў нас засталося нямнога. У сераду я павінен паказаць выступленне Гаўрылу Іванавічу, а ў нядзелю ад’язджаю ў Маскву. Тое, што вы напісалі, за выключэннем аднаго галоўнага інжынера, нават крытыкаваць няёмка. Самыя звычайныя адпіскі, фармальныя і бяздарныя. Прабачце, але ў мяне з’явілася пачуццё... Быццам усе вы разам па невядомай для мяне прычыне... Скажам так: дужа падобна на змову. А што, калі кіраўнік будзе выглядаць у Маскве правінцыялам? Адкуль ён ведае, што ад яго патрабуецца! Калі я памыляюся, то ўлічыце: час мяняецца, да таго ж вельмі хутка, а ў нас, калі пачытаць вашы шэдэўры, можна зрабіць вывад, што ўсё застаецца як і было. Адны надакучлівыя штампы — павысіць, палепшыць, дасягнуць. Як з такой агульшчынай я выйду на высокую маскоўскую нараду? Трэба паказаць — як павысіць, чым мы адрозніваемся ад сваіх калег у іншых гарадах... Але мы не павінны выглядаць пражэкцёрамі з застойнага перыяду. І зноў-такі, чаму ў нас не ўсё атрымліваецца, у чым адстаём па сваёй віне, як з такога становішча збіраемся выбірацца... Словам, я даю вам часу,— ён паглядзеў на гадзіннік,— да вечара ўсё павінна быць гатова. І не трэба пісаць даведкі на дзесяць старонак — толькі свае думкі, ясныя, канкрэтныя. Усё зразумела?

Кіраўнікі службаў пакінулі ягоны кабінет без настрою. Гармаза спыніўся на парозе:

— Можна застацца ў вас на некалькі мінут?

— Вядома, Іван Яфрэмавіч, вядома.

Гармаза хуценька падбег да стала, сеў насупраць.

Пастой, пастой, думаў Сівалап, а я ж цябе ўжо дзесьці бачыў, да таго ж вельмі даўно, у далёкім дзяцінстве. Ты запомніўся мне менавіта ў такім выглядзе — сагнуты да самай зямлі, з пастаяннай усмешкай на твары. Ты гаварыў, што твой шэф лепшы ад многіх, што раёну і ўсім людзям, што жывуць у ім, па-сапраўднаму пашанцавала. І наогул падобных людзей не часта сустрэнеш — ініцыятыўны, сябе не шкадуе, шмат працуе, многа патрабуе ад падначаленых, і менавіта дзякуючы такім людзям і раён, а значыць, і ўся краіна могуць хутчэй пазбавіцца ад таго, што ўсе лічаць вялікім горам — не паспелі знікнуць знешнія ворагі, а зноў з явілася вялізная колькасць унутраных. Той чалавек, якому ты адрасаваў гэтыя словы, гаварыў, што яму надакучылі твае дыфірамбы, асабліва калі яны гучалі на людзях. У знак згоды ты трос галавой, старанна лавіў кожную шэфаву думку, развіваў яе перад другімі, і таму чалавеку (а ён быў звычайны, жывы чалавек) было прыемна, што ягоная работа знаходзіць падтрымку. Ты заўсёды быў побач, ніколі не лічыўся са сваім уласным часам, позна сядзеў у райкоме... Першы павінен бачыць цябе заўсёды поруч з сабой.

Так, я цябе ведаю, мы ішлі разам з маці і сустрэлі цябе на старэнькай вуліцы ў Мінску, ты нядоўга з намі гутарыў, глядзеў некуды ўбок, а потым буркнуў, што надта спяшаешся, што ў цябе неадкладная справа — нягледзячы на ўзрост, ты яшчэ працуеш. А вочы ты хаваў вось чаму — думаў, што мы ведаем, хто пісаў даносы, хто называў ворагамі народа ўсіх сваіх сяброў. Людзей забіралі, а ты пісаў на новых... Але мы тады гэтага не ведалі, і бацька не ведаў, ён так і пайшоў з жыцця, не ведаючы той страшэннай тайны, а ты ж і на яго пісаў таксама. Даведаліся мы пра ўсё намнога пазней, калі маці ў бальніцы сустрэла Жукавеню, старога, хворага. Яму пашчасціла, ён вярнуўся дамоў.

— А пісьмы, Іванаўна, Храмушын з нашага раёна пісаў, каб яму... Сукай заўсёды быў, а ўспомні, якім прыкідваўся!

— Я ж яго нядаўна бачыла, зусім нядаўна,— расхвалявалася маці.— Ішоў сабе спакойна па вуліцы, гаворыць, працую яшчэ. Да людзей цягне яго...

— І будзе спакойна жыць, хадзіць,— сказаў Жукавеня.— А людзей, многіх добрых людзей ніколі ўжо не вярнуць.

Нешта ў вас, Іван Яфрэмавіч, вельмі агульнае з Храмушыным. Імкнецеся дагадзіць начальству... Падкрэсленая стараннасць і ліслівасць у позірку — ну як ёсць надрэсіраваны сабака, які толькі тое і робіць, што чакае каманды, каб тут жа кінуцца яе выконваць. А вось што робіцца ў цябе на душы, ніхто не ведае, ніводзін чалавек, акрамя цябе самога.

Гармаза ўважліва глядзеў на Сівалапа, быццам чакаючы яго пытання, таго самага, галоўнага, пра якое ён павінен быў абавязкова памятаць, бо ніводзін чалавек на свеце (Гармаза гэта дакладна ведаў) не мог забыць пра тое, ад чаго цалкам залежаў ягоны лёс.

А Сівалап разглядваў яго так, быццам упершыню бачыў, і маўчаў, маўчаў. Пасля непрыемнай для ўсіх ранішняй нарады ў яго бледны, амаль мармуровы твар, чарната пад вачыма. Цяжка, вельмі цяжка быць кіраўніком, але і ў падначаленых роля не менш лёгкая, кожны раз трэба ўлічваць настрой кіраўніка...

Няхай сабе ён маўчыць, Гармаза пачне здалёк, з праблем, якія, вядома, вырашаны. Паступова ён вернецца да таго, пра што Мікалай Сяргеевіч чамусь не пытаецца.

— Калі вы памятаеце, Мікалай Сяргеевіч, была ў нас праблема з абшыўкай другога паверха дачы, не было вагонкі. Дык вось, я магу вам паведаміць, што праблема вырашана. Хоць заўтра можна атрымаць чатыры кубаметры. Усё надзейна, не сумнявайцеся — пячаткі і ўсё астатняе для самай дэталёвай праверкі.

— Добра, дзякуй. Колькі з мяне? — спытаў Сівалап і падумаў, што калі ён не пойдзе ў Цэнтр, то адразу пазбавіцца ад Гармазы.

Гармаза назваў суму. Сівалап адчыніў сейф, адлічыў грошы, аддаў іх Гармазе.

— Тут, відаць, не ўсе,— сказаў Гармаза з усмешкай.

— Не разумею вас, Іван Яфрэмавіч, з арыфметыкай у мяне пакуль што ўсё ў парадку.

Той засмяяўся.

— А я і не сумняваюся, дарагі Мікалай Сяргеевіч. Аднак без вашае згоды я зрабіў яшчэ некаторыя пакункі. Вы ж збіраецеся ў нядзелю ехаць у Маскву, вось я і падумаў — вам абавязкова спатрэбяцца штофы «Белавежскай», тое-сёе прыкусіць.

— І сапраўды! Я быў вельмі заняты і зусім забыў пра гэта,— шчыра ўзрадаваўся Сівалап.

— Не хвалюйцеся, усё ўжо ў багажніку вашай машыны. У лепшым, як кажуць, выглядзе.

Мікалай Сяргеевіч зноў пайшоў да сейфа, каб аддаць грошы. Гармаза ўзяў грошы, але развітвацца і не думаў.

— Вы, Мікалай Сяргеевіч, спадзяюся, памятаеце нашу размову, тую самую?..— спытаў ён.

— Не магу ўспомніць,— спахмурнеў раптам Сівалап.

— Тады я вам нагадаю. Размова ў нас ішла пра Цэнтр, пра магчымага прэтэндэнта на тое... Каб заняць месца нашага паважанага Гаўрылы Іванавіча.

— А... Вядома ж, я памятаю... Праўда, вы маўчыце... Ды, уласна кажучы, я і сам пра гэта не часта думаю,— тут жа змяніў тон размовы Сівалап.— Мяне, як вы самі разумееце, задавальняе мая сённяшняя пасада ў нашым самастойным Аддзеле. Дай бог вырашыць усе нашы праблемы, выпусціць нарэшце новую машыну... Мы павінны быць перакананы, што атрымаем ордэны, медалі, а не вымовы. А мы блізкія да гэтага, Іван Яфрэмавіч, як ніколі блізкія.

— Я ўсё выдатна разумею. Аднак жыццё ёсць жыццё... Яно рухаецца, і нам усім хацелася б бачыць на гэтым месцы менавіта вас. А размову я не распачынаў з вамі таму, што не меў ніякай свежай інфармацыі. Вам лепш ад мяне вядома, што кадравая праблема адна, калі так можна сказаць... Словам, з самых таямнічых, з тых, да чаго не даюць дакрануцца выпадковым людзям. Тайна ёсць тайна... А потым адбываецца як быццам бы вельмі проста, да смешнага проста, а спачатку паперка пад назвай «аб’ектыўка» зробіць такі вялізны шлях! Робіцца нават жахліва... І болей за ўсё ад таго, колькі размоў пачуе яна ў час свайго падарожжа. Пачнуцца шматлікія званкі, абмеркаванні ў вузкай, а часам і шырокай кампаніі людзей... Усё здараецца... Часам шлях паперкі спыняецца, асабліва тады, калі справы адбываюцца як у вядомым анекдоце: «У яго ж была нейкая гісторыя з кажухом». Памятаеце... Аднаго таварыша разглядалі на высокую пасаду. І раптам нехта ўспомніў пра таямнічую гісторыю... Толькі потым высветлілася, што некалі ў яго ўкралі кажух...

Ён на імгненне замаўчаў, зірнуў проста ў вочы Сівалапу.

— А чалавек, вакол якога вядзецца ўся гэта валтузня, жыве сабе і часцей за ўсё нічога не ведае, ён не можа ні на што ўплываць, і часам так здараецца, што ён ніколі і не даведаецца, у якія складаныя сітуацыі трапляла паперка з ягоным імем. Дык вось, мы павінны зрабіць усё інакш.

Гармаза правільна разлічваў: для Сівалапа і ранейшая і сённяшняя размова далёка неабыякавыя. У галаве шэфа пачнецца нервовы тлум, вочы пачнуць засцілацца туманам, як у кожнага адносна маладога чалавека, які не навучыўся яшчэ глыбока хаваць свае пачуцці. Так яно і здарылася. Словы Гармазы падзейнічалі.

— А як мы дасягнем, Іван Яфрэмавіч, якім чынам? — усміхнуўся паблажліва Сівалап.

— У міністэрстве ёсць мой чалавек,— Гармаза зрабіў незвычайны націск на слове «мой».— Ён многім у жыцці сваім абавязан мне, ну, скажам, як вам Вяршыла. Толькі ён больш рашучы і мае большую вагу. Вось я і даў яму невялічкае даручэнне. Пакуль што нічога невядома, нічога. Толькі адны размовы, аднак і яны даволі абстрактныя і зводзяцца да спачуванняў у адрас нашага паважанага Гаўрылы Іванавіча. Няйначай, сам ён разумее, што хвароба сур’ёзная... Шкада! Але пра кожны крок міністэрскіх кадравікоў мы будзем ведаць праз нейкія мінуты, і вы зможаце прымаць аператыўнае рашэнне, што рабіць вам у той ці іншай сітуацыі. Галоўнае, не спазніцца.

— Дзякуй, Іван Яфрэмавіч. Наўрад ці буду я прымаць нейкія крокі... Але ўсё ж трэба ведаць. Яшчэ раз вялікі вам дзякуй.

Нечакана для сябе ён паціснуў Гармазе руку, і той пакінуў кабінет начальніка самастойнага Аддзела з усмешкай на твары, што вельмі здзівіла сакратарку Святлану Максімаўну.

Сівалап доўга глядзеў на дзверы, за якімі толькі што знік Гармаза, і падумаў, што пазбавіцца ад Гармазы яму будзе нялёгка. Ён раптам зноў робіцца карысным, неабходным. Сапраўдны майстар залазіць у душу... Але хопіць... Ёсць галоўнае — выступленне на маскоўскай нарадзе... Варыянт для Гаўрылы Іванавіча хутка будзе аддрукаваны, і ён у другой палове дня вычытае яго, а ў сераду пакладзе на стол перад шэфам.

Аднак думае ён пра гэта амаль што абыякава, яго турбуе толькі размова з Гармазой. Няпросты ён чалавек, каб мець справу з такім, трэба самому быць жалезным, а ён, Сівалап, зусім не жалезны, у роўнай ступені, як і ўсе тыя (сярод іх і Гаўрыла Іванавіч), што прасілі дапамогі ад Гармазы. Можа, такія людзі, як Іван Яфрэмавіч, і павінны быць, каб да пэўнага (але толькі да пэўнага!) часу дапамагаць дзелавым людзям. Без Гармазы ў пэўныя моманты ніяк не абысціся, і не трэба дакараць сябе за гэта.

Ход ягоных думак перапыніў тэлефонны званок. Ён зняў трубку і пачуў голас Галіны Дзмітрыеўны.

— Прабач... Я ведаю... Ты вельмі заняты... Але я бачыла, у якім стане ты памчаў сёння на работу,— пачала яна вельмі хутка, быццам баялася, каб не спыніў.— Твой настрой нейкім чынам перадаўся і мне. Аднак кажу вельмі шчыра, што ў размове з дачкой я імкнулася быць спакойнай, нічым не выдавала свайго настрою. І ўсё ж такі мы зноў пасварыліся, атрымалася нейкая непрыемная размова.

— Памірыцеся! — запэўніў жонку Сівалап.— Відаць, зноў з-за даччынога няшчаснага кавалера счапіліся?

— Вось-вось, сам разумееш, што няшчаснага, а нічога не можаш сказаць сваёй адзінай дачцэ, ты падумай — адзінай!

— Я меў на ўвазе іншае. Ён няшчасны таму, што ніяк не можа спадабацца табе.

Яна цяжка ўздыхнула:

— У цябе, адчуваю, гуллівы настрой. Не ведаю, якія прычыны на гэта, аднак вельмі прашу цябе — пагавары з ёй па-бацькоўску. Кавалер кавалерам, бацькі — бацькамі. І я ёй не сяброўка, а маці.

Мабыць, яны ўсур’ёз пасварыліся, калі ў голасе жонкі чуюцца непрыхаваныя слёзы.

— Добра, я пагавару. А ты канчай свае прыватнаўласніцкія звычкі. Бач ты — не той узровень. Успомні лепей пра свой учарашні дзень.

— Успомню,— паабяцала жонка.— А ты прыязджай як найхутчэй.

— Нарэшце і я табе згадзіўся,— сказаў Сівалап з усмешкай у голасе.— Прыемна. Прыеду адразу пасля трэніроўкі.

Аднак на корце Сівалап не з’явіўся.

Пад самы вечар, калі ён, стомлены, з цяжкай галавой, пачаў ужо нецярпліва паглядаць на гадзіннік, дзынкнуў позні тэлефонны званок.

— Добры дзень, Мік, дакладней, вечар. Запрашаю цябе ў адно цудоўнае, ціхае месца.

Таццяна! Ён шчыра рассмяяўся.

— Паслухай, ты ж паўтарыла тыя самыя словы. Як у той вечар... памятаеш?

Яна таксама засмяялася.

— Яшчэ б не памятаць?! У цябе быў замежны пашпарт у кішэні. Мне здаецца, ты ад'язджаў у Галандыю. Цябе ахінула прадчуванне, што паездка не адбудзецца. На тое меліся прычыны...

— Дзе і калі? — толькі і спытаў Сівалап.

— Буду чакаць цябе ля стадыёна «Дынама». Цэнтральны ўваход. Роўна ў сем.

— Добра. Я пад’еду на таксі.

Яна павесіла трубку, а ён успамінаў той даўні дзень. Чаму? Вечар — адзін з самых прыемных за час іх сустрэч, хоць і закончыўся не зусім звычайна. Да гэтага яны не бачыліся, відаць, тыдні з два, проста не было ніводнага чалавека ў горадзе, які мог бы іх прытуліць. Сівалап нават прапаноўваў зняць нумар у гасцініцы ў бліжэйшым ад Мінска раённым цэнтры. Так робіць адзін яго калега па тэнісе. Дыпламат. У яго не было ніводнага зрыву. Яшчэ ягоны адзін сябра пад выглядам аднадзённай камандзіроўкі ў Маскву купляе білеты ў «СВ». Такім чынам, яны выдатна праводзяць час... Яшчэ б — атрымліваецца дзве ночы і цэлы дзень у сталіцы. Увесь час разам... Ніводнага знаёмага побач. Аднак Таццяна не пагадзілася, яна была ўпэўнена, што рана ці позна падобныя фокусы робяцца вядомымі шырокаму колу людзей, а ёй не хацелася выглядаць зняважанай перад Галяй і сваім мужам. На яго, у прынцыпе, напляваць, але ўсё ж... І сапраўды, яна як у ваду глядзела — у час аднадзённай «камандзіроўкі» ў Маскву Юрку Шыкаўца сустрэла жанчына, якая добра ведала яго жонку і спадарожніцу таксама (у Мінску людзі пэўнага асяроддзя добра ведаюць адзін другога). У Шыкаўца адбылася непрыемная размова з жонкай, тая збіралася бегчы ў нарсуд, але Юрка ў той час збіраўся на два гады ў Швейцарыю. І жонка хуценька супакоілася. Ёй таксама хацелася пажыць у Швейцарыі...

У тыя самыя дні, калі Сівалап ніяк не мог знайсці кватэру для спаткання, пазваніла Таццяна і шчаслівым голасам паведаміла, што яны, нарэшце, могуць сустрэцца раніцай (толькі раніцай!), ім адпушчаны час да абеду. Знайшлася сяброўка надзейная і верная, ён можа не сумнявацца. Калі ён спытаў, чаму менавіта да абеду і раніцай, яна растлумачыла — у гэты самы час муж сяброўкі знаходзіцца на працы на ваенным заводзе (адтуль раней вечара ён не выходзіць), а дачка знаходзіцца на лекцыях у інстытуце (яна студэнтка — выдатніца, лекцый не прапускае і раней чым пасля іх заканчэння не пазвоніць у дзверы). Сівалап падумаў, што не вельмі зручна, але іншага выйсця не было — праз некалькі дзён паездка за мяжу. Ён увесь час думаў пра яе, больш таго (такога ніколі не здаралася ў ягоным жыцці), яна снілася яму па начах, ён проста трызніў ёю. Ён, вядома, згадзіўся — добра, сустрэнемся заўтра, там, дзе яна скажа.

— Я не магла не ўбачыць цябе,— гаварыла Таццяна, калі яны сустрэліся ў маленькай, утульнай кватэры.— Не магла, павер мне, Мік. І дзіўна... Калі я без цябе і думаю пра нашы сустрэчы, мне робіцца няёмка перад тваёй жонкай... Яна ж мая сяброўка... У мяне псуецца настрой. Я не ўяўляю, як пагляджу ёй у вочы пры сустрэчы. А калі ты са мной... Сумненні знікаюць. Я адчуваю сябе шчаслівай. Кожны чалавек мае права на шчасце... Да таго ж шчаслівыя людзі звычайна не звяртаюць увагі на тое, што робіцца ў іх за спіной.

І раптам, калі ён распесціўся ад яе мяккіх слоў, калі паплыла ціхая радасць, пачулася, як нехта ўпэўнена ўстаўляе ключ у дзвярны замок. Спачатку яны не звярнулі на гэта ўвагі, аднак калі шорганне за дзвярыма стала гучнейшым, Сівалап першым ускочыў з ложка, нервова апрануўся і ціха выйшаў у калідор — сапраўды, нехта спрабаваў адчыніць дзверы, каб увайсці ў кватэру.

Сівалап ажно спалатнеў.

— Не хвалюйся, не хвалюйся,— шаптала Таццяна.— Зараз я пагляджу, хто гэта можа быць? Відаць, дачка прыйшла раней, бацька не мог, сам разумееш, такі завод... Ты толькі не хвалюйся, Мік, у цябе такі белы, без крывінкі, твар.

Яна зірнула ў акно і ўбачыла сяброўчынага мужа. Ён стаяў і разгублена глядзеў на вокны.

— Спакойна апранайся, Мік, я выйду першай і ўсё яму растлумачу, ён сучасны чалавек і нас зразумее. Потым выйдзеш ты, ён цябе не ўбачыць, пастой некаторы час на лесвічнай пляцоўцы.

І тут жа да пад’езда пад’ехала крытая міліцэйская машына. З яе выйшлі два сяржанты.

— Я скачу з акна,— выпаліў ён.— Добра, што першы паверх. Ён выклікаў міліцыю. Ты ўяві, што зараз будзе...

— Не псіхуй, прашу цябе, Мік.

Але ён ужо адчыняў акно ў вялікім пакоі, якое выходзіла на другі бок дома.

— Я чакаю цябе ля стаянкі таксі,— выдыхнуў ён і скочыў.

Сэрца калацілася, як у зайца. Ён бег прэч ад дома і ўвесь час круціў галавой — ці не кінуліся тыя сяржанты наўздагон? А праз некалькі мінут на стаянцы таксі з'явілася Таццяна. Перамагаючы смех, яна сказала:

— Не думала, што ты такі пужлівы. Я выйшла на вуліцу... Усё яму растлумачыла. Між іншым, ён і сам здагадаўся. Нават папрасіў прабачэння ў мяне і ў цябе таксама... Праўда, ён і не ведае, хто ты. Вярнуўся з завода, таму што раптам падскочыла тэмпература, далі бюлетэнь.

— А міліцыя?! Міліцыю навошта ён выклікаў? Ты ўяўляеш, што магло здарыцца — пратакол, высвятленне асоб. У мяне ў кішэні замежны пашпарт, заўтра ад'язджаць... І ўсё ў рабочы час.

Таццяна гучна засмяялася.

— Адзін з міліцыянераў жыве ў гэтым пад’ездзе. Відаць, запрасіў сябра паснедаць... Вось і ўся гісторыя.

Тут ужо заўсміхаўся Сівалап, але ўсмешка ў яго атрымалася ненатуральная, як высіліў з сябе.

Ён успамінаў даўнюю гісторыю і зусім забыўся папярэдзіць таварышаў, што не прыйдзе на трэніроўку. Паспешліва набраў нумар тэлефона Падмосткі:

— Стары, прашу цябе, не злуй на мяне, калі ласка, але на трэніроўцы мяне сягоння не будзе.

— Свінчо нясмаленае! — нездаволена буркнуў Падмостка.— Мы ж толькі што дамовіліся, а тут з’яўляецца адзіны сярод усёй кампаніі здраднік. Зноў нейкая бязглуздая нарада?

— Ды не, справа тут больш складаная. Нараду можна б было адмяніць, а тут, як бы табе сказаць, асабісты момант. Я даўно не бачыў аднаго чалавека, які мне неабыякавы, і сёння нарэшце...

— Жанчына?..

— Як бы табе растлумачыць,— пачаў быў Сівалап.

— Усё ясна. Ёсць адна думка. А што, калі ўзяць цябе ў нашу клініку? Будзеш служыць экспанатам. Мы збіраемся ствараць у сябе невялічкі медыцынскі музей сексмэнаў. Жанчыны проста подбегам пабягуць да нас.

Сівалап псіхануў. У яго няма часу, а Яраслаў нясе нейкую бязглуздзіцу, ды яшчэ па тэлефоне.

— Хопіць табе. Папярэдзь, калі ласка, хлопцаў і сам запомні — я быў на трэніроўцы.

— Добра,— уздыхнуў Падмостка.— Але ўсё не проста так. У нас на гэтым тыдні яшчэ адна трэніроўка і парылка. Так што ты маеш шанц аддзякаваць усю кампанію.

— Я ўлічу...

На службовай машыне ён даехаў да ГУМа і сказаў шафёру:

— Ты свабодны. Мне трэба зайсці ў магазін, а потым пайду пешшу на трэніроўку. Хачу праветрыць галаву, сёння на рабоце з паловы восьмай. Адвязі дадому скрыню з багажніка. Заўтра пад’язджай на кватэру а восьмай.

Ён і на самой справе зайшоў у магазін. Яны так даўно не бачыліся з Таццянай, і ісці на спатканне з пустымі рукамі было няёмка. Кветкі... Не, яны даўно не бачыліся. Трэба нешта больш саліднае. Вось каб французскія духі. Але іх не было. Сівалап схіліўся да прадаўшчыцы.

— Прабачце, калі ласка,— мякка пачаў ён.— Я разумею, што выглядаю наіўным чалавекам... Але паспрабуйце зразумець. Я прыехаў з далёкага горада і вось даведаўся, што ў сяброўкі дзяцінства, якую не бачыў некалькі дзесяцігоддзяў, дзень нараджэння. Яна любіць французскія духі. Я не магу пайсці да яе без такога падарунка.

Прадаўшчыца ўсміхнулася.

— Ну і жартаўнік вы,— яна ўважліва зірнула на Сівалапа.— Нешта не падобны вы па правінцыяла, які пяцьдзесят гадоў не бачыў сяброўку дзяцінства. Але што з вамі зробіш?! А якія духі ёй больш падабаюцца?

— «Хрысціян Дзіёр».

— У яе вельмі добры густ. Прабіце ў касе чэк на сорак рублёў. Не здзіўляйцеся, я падам вам духі ў грубай паперы.

Сівалап схаваў у кішэню духі, падзякаваў дзяўчыну і пабег на прыпынак таксі. Ля стадыёна ён быў своечасова і здалёк згледзеў Таццяну. Тая ішла паціху ўздоўж агароджы. Сівалап адчуў, як тарганулася сэрца, і паспяшыў ёй насустрач. Таццяна была ў тонкім кажушку, наўкруг шыі — чорны шалік. Яе вочы ўсміхаліся.

— Добры дзень,— ён працягнуў ёй руку.

— Прывітанне,— адказала яна.— Паехалі хутчэй, у нас, як звычайна, зусім мала часу.

Словы «як звычайна» прагучалі даволі дзіўна. Колькі ж гадоў яны не бачыліся? Нешта каля шасці...

Яна назвала шафёру адрас — вуліца Чарвякова. Недзе каля птушынага рынку. Сівалап сядзеў у машыне на пярэднім сядзенні.

— Калі гаварыць спартыўнай мовай... У некаторых удзельнікаў дыстанцыі з’явілася другое дыханне,— сказала яна ледзь чутна.— Вельмі важна, бо да фінішу яшчэ далёка і сілы патрэбны. Ты ж, спадзяюся, па-ранейшаму захапляешся спортам...

Ён нягучна рассмяяўся: яна ўсё такая ж гаваркая.

— У мяне быў цяжкі і нейкі дзіўны дзень. І самае прыемнае ў ім — званок у канцы дня. Я чакаў яго і, шчыра кажучы, баяўся...

— Чаму ў цябе спартыўная сумка?

— Збіраўся на трэніроўку. Два разы ў тыдзень. Дапамагае трымацца ў форме.

— А я пачаў пешшу на работу хадзіць,— падтрымаў размову шафёр.— Зусім іншая справа. А раней — да таксапарка на сваёй машыне, цэлы дзень у таксі, дадому — зноў у машыне,— ён заўважыў,— зусім развучыўся хадзіць пешшу. Жонка «Жыгулі» замкнула ў гаражы, гаворыць — мне патрэбны здаровы мужык. І праўда, дзякуючы ёй стаў чалавекам, нават на маладзіц пачаў паглядаць.

Яны звярнулі на Чарвякова, і Сівалап успомніў, што некалі ён быў ужо на гэтай вуліцы. Побач была Таццяна, у кішэні ляжаў ключ ад кватэры, ягонага сябра музыканта, ад якога пайшла жонка, абое радаваліся, што нарэшце пабудуць разам, але ля самай кватэры ён з жахам зразумеў — забыў яе нумар. Адно ён дакладна ведаў — другі паверх, направа, але там было ажно чатыры кватэры.

— Прабач,— сказаў ён разгублена,— я забыў нумар кватэры. Склероз...

У яе вачах з’явіліся агеньчыкі.

— Якая ступень склерозу?

— Прабач, Танечка. Зараз пазваню сябру з аўтамата, а ты мяне крышку пачакай.

Ён падбег да тэлефоннага аўтамата і некалькі мінут набіраў сябраў нумар. Тэлефон быў заняты. Нарэшце сябар зняў трубку і са здзіўленнем выслухаў яго. Ён зарагатаў і доўга не мог вымавіць нумар сваёй кватэры. Калі Сівалап выбег з тэлефоннай будкі, Таццяны не было. Ён зразумеў: яна пакрыўдзілася на яго і паехала дамоў.

Ну і характар, як толькі з ёй муж жыве, думаў Сівалап. Не дай бог мець такую жонку! Ён адзін вярнуўся ў пустую кватэру, уключыў музыку, выпіў куфаль шампанскага. Настрой раптам палепшыўся. Добра, думаў ён, што яго яшчэ можа хваляваць гэта... Значыцца, жыццё працягваецца. Ён набраў яе нумар тэлефона, спытаў:

— Ты адна?

— Адна.

— А ведаеш, добра, што ты пайшла. Я выдатна адпачываю адзін ва ўтульнай кватэры. Нават уявіць не магу каго-небудзь побач.

Кароткія гудкі. Яна кінула трубку. Колькі разоў ён яшчэ сустракаўся з Таццянай? Два, тры, не больш, ды і то праз значныя адрэзкі часу. Ім абаім было ясна — настае канец іх сустрэчам, званкам.

...Яны выйшлі з таксі ля шматпавярховага, з адным пад’ездам, дома. Таццяна ўзяла яго пад руку.

— Вось мы і прыехалі, а цяпер я паспрабую ўспомніць нумар кватэры.

Ад нечаканасці ён нават спыніўся.

— Ты ведаеш, я сам толькі што ўспомніў той выпадак.

— А колькі я... Дараваць сабе не магла... Не дачакалася цябе ў той раз. Сама сябе не разумею. Ды што ўспамінаць?! Божухна, як даўно гэта было?!

Каля самага пад’езда Таццяна спынілася. Дзеля канспірацыі яна павінна пайсці наперадзе, а ён зойдзе крыху пазней — ці мала каго можна сустрэць тут? Яна назвала нумар кватэры і папрасіла:

— Толькі добра запомні...

Яна знікла ў пад’ездзе, а ён некалькі мінут хадзіў уздоўж дома. Дзіўна, яму здалося, яны сустрэліся вось так, хаваючыся, з Таццянай упершыню. Праз колькі мінут ён трапіў у кватэру сярэдняга дабрабыту — кніжная паліраваная сценка ў зале з выпадковым падборам кніг, дыван пасярэдзіне, тэлевізар у кутку. Усе кватэры як блізняты, думаў Сівалап, ва ўсякім разе такія, як сённяшняя. Калі б яму прапанавалі перайсці жыць сюды, ён бы адчуў сябе няўтульна,— думаў Сівалап, ходзячы па пакоі.

Таня папрасіла яго пачакаць, а сама кухарыла — тое-сёе прыхапіла з сабой, ён жа з работы, а значыць, галодны. Яна нячутна падышла да яго, паклала руку на плячо:

— Усё гатова, запрашаю вас да стала.

Сівалап прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў. Так, як цалаваў некалі.

На стале ён убачыў бутэрброды з рыбай, бутэльку шампанскага.

— Давай адзначым нашу сустрэчу,— шапнула яна, перахапіўшы яго здзіўлены позірк.

І толькі цяпер ён успомніў пра духі, выцягнуў іх з кішэні.

— А вось табе. Я помню, ты любіла такія.

— Які цуд! — шчыра здзівілася яна.— У горадзе ж зніклі французскія духі. Дзе ўзяў?

— Звычайная справа... Злётаў на асабістым самалёце ў Парыж — і вось духі перад вамі.

Сівалап адкаркаваў шампанскае.

— Я п’ю за цябе,— сказаў ён урачыста.

— А я за цябе.

Абое сапраўды былі галодныя і накінуліся на бутэрброды.

— Я не здзіўлюся, Мік... Калі-небудзь у цябе можа з’явіцца і службовы самалёт. Ты з пароды людзей, якім шанцуе ў жыцці. І ведаеш чаму?

— Цікава...

— Вы дасягаеце ўсяго сваімі намаганнямі, сваёй уласнай працай, у вас ёсць характар і прага да жыцця, вы моцныя...

Ён уважліва паглядзеў на яе.

— Чаму ты гаворыш «вы»? А хто ж з іншага боку?

— Такія, як я і мне падобныя, тыя, хто вырас пад бацькоўскімі крылцамі. Акадэмікаў, іншых людзей... Мякка кажучы, людзей высокага рангу. Мы з дзяцінства жывём у раскошы, не ведаем ніякіх праблем, бацькі робяць усё, каб знайсці нам цёплае месца ў жыцці. Такіх людзей вялікае мноства — маладыя дыпламаты, кандыдаты навук. Але бязвоблачнае жыццё датуль, пакуль жывыя бацькі, або нават да таго часу, пакуль яны пры сіле і могуць прыйсці на дапамогу. І добра, калі хто з дачок або сынкоў сам прабівае сабе дарогу ў жыцці.

— Ды ты ў мяне псіхолаг,— сказаў ён.

— Проста я захапляюся табой, Мік... Я хачу, каб усё ў цябе было добра. І яшчэ я заўважыла, якімі вачыма ты разглядаў кватэру, дзе мы былі. У ёй жывуць простыя і добрыя людзі, яны нічога асаблівага не дасягнулі і наўрад ці змогуць... Але ў іх пануе дабрата. Гэта самае галоўнае. І таму адчувай сябе спакойна, нам будзе ў іх добра, толькі ў нас вельмі мала часу і мы павінны спяшацца.

«У некалькіх удзельнікаў дыстанцыі з’явілася другое дыханне...»

Ён успомніў яе словы і сказаў:

— Дзякуй, што ты згадзілася... Я адчуваю сябе, як тады...

— А я нават лепей,— адказала яна.— Я ўвесь час хацела сустрэцца з табой.

— Я прыму душ,— ён на нейкае імгненне адхіліўся ад яе.— Гэта зойме некалькі мінут.

— Сапраўды, інакш Галка адчуе пах духоў... Ідзі, а я тут прыбяру.

З радасцю падставіў ён цела пад пругкі гарачы струмень вады. Адчуванне, якое з’явілася на пачатку вечара, не пакідала яго — у іх адносінах нібыта з’явілася другое дыханне. І ён упэўнены, што будзе чакаць яе званкоў з ранейшай нецярплівасцю, яму хочацца, каб сустрэчы працягваліся... Менавіта тады ён адчувае сябе ў выдатнай форме. Кожны дзень жыцця поўніцца незвычайным сэнсам...

Але куды раптам усё знікае, робіцца нематэрыяльным, знікае назаўсёды, і ты нічога не можаш змяніць, як бы гэтага ні хацеў.

Як доўга ўсё працягнецца ў іх? Адносіны, якія нечакана ўсчаліся, могуць нечакана скончыцца, і нічога не залежыць ад іх саміх. Дзіўна...

Калі ён выйшаў з ванны, яна пацалавала яго ў мокрую шчаку.

— Праўда, у нас усё было, як тады, праўда?

Ён выклікаў машыну, і яны селі побач на заднім сядзенні. Таццяна моцна сціснула яго руку.

— Я прашу цябе, не знікай, не знікай, калі ласка.

— І ты.

— Я і тады не знікала.

— Навошта ўспамінаць старызну?

— Я амаль увесь час думала — чаму ты знік? Не хацела, але думала. У цябе, відаць, шмат было рознага...

— Ды як табе сказаць. Ва ўсякім выпадку тое, што ты маеш на ўвазе, асаблівай радасці не прыносіла. Так, спроба збегчы ад шэрых дзён, знайсці нешта для душы. Але гэта «нешта» так проста не знойдзеш.

— Ты заўсёды быў шчырым са мной, я табе за гэта вельмі ўдзячная. Калі ў цябе зноў што-небудзь зменіцца, скажы, не маўчы, я абяцаю не крыўдзіцца на цябе. Да пабачэння, Мік. Я вельмі хвалююся за цябе, мне хочацца табе дапамагчы.

Ён здзівіўся:

— Не разумею...

— Кажу пра тваю магчымую новую пасаду. Але я не ведаю, як памагчы. Я пазваню табе да ад'езду ў Маскву.

Ён ехаў у таксі і ўсё яшчэ адчуваў яе пацалунак на сваёй шчацэ.

Мабыць, Галя даўно чакала яго. Адразу выбегла насустрач.

— Колькі можна займацца сваім дурацкім тэнісам?! Я ўжо званіла твайму любімаму Падмостку, дык ягоная жонка выказала слушную думку — а можа, тэніс толькі прычына на некалькі вечароў у тыдзень знікаць з дому, а самім займацца чым-небудзь іншым?

Сівалап узрадаваўся, што Яраслава не было дома, калі яна званіла.

— У цябе адно выйсце, мая дарагая, тое самае, пра што я гаварыў табе раней — хадзіць разам са мной.

Ён кінуў у куток спартыўную сумку.

— Выдатны вечар быў сёння. Стомленасць як рукой зняло, і нервы супакоіліся.

Яна ўздыхнула і сказала ўжо больш спакойна:

— Затое ў мяне яны вось-вось спаляцца да апошняга. Уяві сабе, вечарам я хацела з ёй пагаварыць, нават збіралася, у нейкім сэнсе, вядома, загладзіць сваю віну, ледзь не прасіць у яе прабачэння, аднак яна нават не пажадала са мной размаўляць.

— Пойдзем у пакой, чаго мы стаім тут! — Сівалап падумаў — вечар будзе напружаны, зусім не такі, як яму ўяўлялася — выпіць кубак цёплага малака і адразу ж заснуць.

Яны прайшлі ў кабінет. Сівалап апусціўся ў мяккае крэсла і заплюшчыў вочы — якая лёгкасць ва ўсім целе, а на душы дзіўная, незвычайная супакоенасць!

— Ды прачніся нарэшце і пастарайся выслухаць мяне,— папрасіла яна настойліва, сеўшы побач з ім.

Сівалап сагнаў з твару блазенскую ўсмешку.

— Ты спрабавала пагаварыць з ёй? А яна?!

— Яна сказала, што зразумела галоўнае і больш не жадае мець справу з сухім і чэрствым чалавекам, які не разбіраецца ў жыцці, і зачыніла за сабой дзверы. Уяві сабе: я — сухі і чэрствы чалавек, яе родная маці, якая жадае толькі аднаго для яе — шчасця!

— Усё ясна. Сагрэй мне малака. Я вып’ю яго і пайду да яе.

Яна ўдзячна паглядзела на яго.

— А вячэраць будзем?

— Дзякуй. Я з’еў некалькі бутэрбродаў. Шыкавец пачаставаў.

Маленькімі глыткамі ён піў малако і думаў, як і пра што размаўляць з дачкой.

Калі Сівалап увайшоў у пакой, Лена сядзела ў крэсле і гартала нейкі часопіс.

— Добры вечар,— прывітаўся Сівалап.

Яна ўважліва паглядзела на яго.

— Добры вечар, тата.

Яна зноў паглядзела на яго. У яе позірку ён прачытаў: «Я разумею, чаму ты прыйшоў, зараз будзе размова... Маці табе, вядома, усё расказала».

Сівалап засунуў рукі ў кішэні джынсаў, агледзеўся па баках.

— О, у цябе новыя рэпрадукцыі. Нейкія дзіўныя, даволі дзіўныя...

— Гэта рэпрадукцыя карціны Малевіча «Супрамацісцкі эцюд». Максім перафатаграфаваў з нейкага часопіса.

— Перафатаграфаваў ён добра, але вось...

— Ты хочаш сказаць, што не зусім зразумела.

Сівалап усміхнуўся:

— І як ты здагадалася?

Яна паглядзела на яго, як на малое дзіця.

— Кожнае мастацтва, татачка, трэба вучыцца разумець, а Малевіч працаваў не ў зусім звычайнай манеры. Калі ты хочаш, я паспрабую табе растлумачыць.

Ён сеў насупраць яе.

— Што ж, я з задавальненнем паслухаю.

— Дарэчы, Казімір Севярынавіч амаль што наш зямляк, выкладаў на пачатку 20-х гадоў у Віцебскай мастацкай школе. Пачынаў ён працаваць у стылі постімпрэсіянізму, а пасля захапіўся кубізмам і футурызмам. Ён добра разумеў, што ўсё гэта толькі паўтарэнне зробленага да яго. Хутка Малевіч у выніку пакутлівых пошукаў вызначае свой стыль... Ён як бы адкрывае новую школу — беспрадметны геаметрычны жывапіс. Сам жа і называе гэты стыль «супрамацізмам». У 1916 годзе ён друкуе своеасаблівы маніфест, у якім выкладае свае позіркі: «Ад кубізму і футурызму да супрамацізму».

— І што ён напісаў у сваім маніфесце?

— Малевіч гаварыў, што «дух перамагае прыроду», ён лічыў — у геаметрычных формах, а гэта ты бачыш перад сабой, ёсць сваё жыццё. Ён быў перакананы, што формам трэба даць жыццё і права на самастойнае існаванне... Колер і фактура ў жывапісе самі па сабе з’яўляюцца канчатковай мэтай. Яму не шанцавала. Памёр ён бедным і нікому невядомым чалавекам. А цяпер ва ўсім свеце лічаць, што Малевіч першы адкрыў колер і форму і разглядаў іх у якасці самастойных, незалежных форм экспрэсіі.

Сівалап са здзіўленнем паглядаў то на дачку, то на карціну.

— Чамусьці я нічога не чытаў пра яго,— прызнаўся ён.— І сэнс супрамацізму да мяне пакуль што не вельмі даходзіць.

— А ты, татачка, калі бываеш на Захадзе, то заходзь у музеі, на выстаўкі, а не толькі ў супермаркеты.

Сівалап ускочыў на ногі.

— Я, дарэчы, заходжу туды, каб нечым парадаваць вас з маці,— адрэзаў ён.

— Прабач, тата, проста там ты можаш убачыць тое, што адрозніваецца ад нашага фатаграфічнага жывапісу. У тым ліку і карціны Малевіча.

— Так, цікава... А табе адкуль усё гэта вядома?

— Максім расказваў. Ён захапляецца жывапісам і гадзінамі можа расказваць пра яго. У яго вялізная калекцыя альбомаў, кніг, рэпрадукцый.

— А маці ты расказвала?

Лена паціснула плечукамі.

— Калі ўвесь чуеш ад яе такое... Ён і шэры, і з дрэннай сям’і... Жыве чорт ведае дзе! Дык пра які тут жывапіс гаварыць! Ты сам выдатна ведаеш, яе немагчыма ні ў чым пераканаць, калі задумае нешта сваё.

— Ну і ну! Яна тое ж самае гаворыць пра цябе. Як мне быць, нават і не ведаю.

Дачка іранічна, як яму здалося, паглядзела на яго.

— Бедны ты наш. Два агні па баках, а ты пасярэдзіне.

Яна ўсміхнулася.

— Калі ў цябе не атрымліваецца, то давай разам паспрабуем ёй усё растлумачыць, можа, разам у нас лепш атрымаецца? Да таго ж, прабач, я не ведаю тваіх адносін да Максіма, мне цяжка, амаль немагчыма меркаваць, я магу толькі здагадвацца, але, сама разумееш, гэтага мала, вельмі мала. Ты нічога не расказваеш, можа, лічыш непатрэбным, а можа, табе няма пра што расказваць. Ці мала з кім ты можаш сустракацца, сябраваць, і ўсё можа быць не так сур’ёзна, як здаецца тваёй маці. А яна, ты, спадзяюся, не сумняваешся, любіць цябе бязмерна, яна проста не вытрымае, калі тваё жыццё не ўдасца. І ты павінна вучыцца дараваць ёй, калі яна ўяўляе ўсё не так, як ты.

Некалькі хвілін яны маўчалі.

— Я даўно хацела сказаць табе, тата, толькі не ведала і зараз таксама не ведаю як,— яна ўважліва паглядзела на Сівалапа вялікімі, пранізлівымі вачыма.— Я добра, як і кожная дачка, ведаю і люблю вас з маці. Вы ў мяне неблагія людзі і вашы сябры таксама. Аднак ёсць такое, што мяне засмучае, і я нічога не магу з сабой зрабіць.

— А што менавіта? — насцярожыўся Сівалап.— Што цябе можа засмучаць?

— Калі чуеш разважанні маці пра маё будучае жыццё, пра будучага мужа, то міжволі хочацца спытаць — ці разумее ваша пакаленне, ды і раней ці разумела, што такое шчырае пачуццё аднаго чалавека да другога, незалежна ад таго, як ён жыве, хто яго бацькі, якая мэбля стаіць у ягонай кватэры, ці разумееце вы, што такое каханне наогул?

Сівалап ажно адхіснуўся ад дачкі.

— Уяві сабе, маем пэўнае ўяўленне,— няўпэўнена сказаў ён.

— Але гэта, тата, дробязі. Больш страшнае мне бачыцца ў іншым. Я ніяк не магу ўцяміць... Вы часта гаворыце нейкія прапісныя ісціны, а самі не верыце ў іх. Вы на сваёй службе адны, дома другія. І вашы сябры, я ўпэўнена, таксама па некалькі разоў у суткі мяняюць скуру. Адзінае — гаворыце нармальнай чалавечай мовай, а не гоніце тэкст перадавога артыкула.

— А ты што ж, ведаеш, які я на рабоце? — глухім голасам спытаў Сівалап. Ён ніяк не чакаў, што размова пойдзе такім шляхам.

— Выбачай, ты разумееш, пра што я гавару. Я чытала ў адным артыкуле, той-сёй лічыць ваша пакаленне страчаным па той прычыне, што вы не навучыліся гаварыць праўду адзін аднаму ў вочы, і мне, тата, зрабілася страшна за вас, за сябе.

Сівалап падышоў да акна.

— А гэта чый партрэт? — зацікавіўся ён, углядаючыся ў твар чалавека пад шклом.

— Пільняк. Выдатны пісьменнік. Мне Максім даў пачытаць яго кніжку. Яна выйшла вельмі малым тыражом праз многа-многа гадоў пасля смерці аўтара.

— Я, прабач, не чуў пра такога. Значыцца, мы страчанае, згубленае пакаленне. Так, мы не ваявалі, не зрабілі ў сваім жыцці нічога гераічнага ў адрозненне ад бацькоў і дзядоў, але ж мы працуем і працай сваёй зрабілі калі не ўсё, то вельмі многае. На нас сёння, калі хочаш, трымаецца ўсё, усё наўкола. І праўду мы таксама не баімся сказаць адзін аднаму, больш таго, нашы бацькі больш баяліся праўды, у іх былі на тое свае прычыны. У вас жа лёс яшчэ больш шчаслівы дзякуючы і нашым бацькам, і нам. Вось так. Дыялектыка. У нашым жыцці шмат умоўнага, адноснага, з чым мы вымушаны лічыцца, і вам таксама давядзецца гэта рабіць.

Дачка падышла да яго, абняла за шыю.

— Ты прабач, калі я сказала што-небудзь непрыемнае для цябе, але вельмі страшна, проста немагчыма расчаравацца ў вас. Я ж вас люблю, як і раней, у дзяцінстве.

— А ты не спяшайся рабіць вывады занадта хутка. Прыглядайся да жыцця больш уважліва. Вывучай людзей, розныя з’явы. Ты адкрыеш для сабе многа незвычайнага. А маці паважай, давярай ёй і такіх слоў у яе адрас больш не адпускай, прашу цябе. Ну, пакрычыць яна, пашуміць, а ты яе абдымі, паспрабуй усё як след растлумачыць, і, павер, яна зразумее цябе, і на сэрцы у яе пацяплее. Дамовіліся?

— Дамовіліся, тата.

— Вось і цудоўна.

Сівалап пацалаваў дачку ў лоб.

— Кладзіся спаць. Позна ўжо.

— Добрай ночы.

Галя сядзела ў спальні і нецярпліва паглядала на дзверы: калі нарэшце закончыцца іх размова? Што гаворыць яму дачка, можа, у яе з Максімам зайшло занадта далёка і цяпер ніякімі размовамі не дапаможаш?

— Ну як?! — кінулася яна да Міколы.— Што яна сказала табе? Што ў яе з ім, калі яна ўжо не хоча размаўляць з маці?!

— Ды супакойся, супакойся ты нарэшце! — ён сеў на ложак.— Яна сказала, што любіць цябе і размаўляць з табой зняважліва больш не будзе, ніколі не будзе. Але і ты зразумей, яна дарослая, разумная, уважліва ставіцца да жыцця і да нас з табой у гэтым жыцці. І адкінь свае ідыёцкія аргументы... Яны, прабач, не арыгінальныя і да таго ж прымітыўныя. Лепш запрасі яго і паразмаўляй, скажам, пра літаратуру, жывапіс. Ты адкрыеш, павер мне, шмат новага для сябе. А калі ён табе не падабаецца, то дзейнічай больш тонка і разумна, больш асцярожна.

— Нешта я нічога не разумею,— апусціла галаву Галіна Дзмітрыеўна.

— Затое яна многае разумее. На жаль, больш, чым я думаў.

 

12

За час работы ў міністэрстве Вяршыла навучыўся ўмомант разгадваць настрой свайго шэфа, намесніка міністра Захара Піліпавіча Печкурова. Гэта, дарэчы, мала каму ўдавалася, бо намеснік міністра быў чалавекам экспансіўным, ён (як казаў адзін з калег Вяршылы) знаходзіўся адразу ў некалькіх тэмпературных рэжымах, і цяжка было здагадацца, які ў яго настрой у той ці іншы момант. Выкажаш адну думку, якая з хвіліну назад павінна была яму падабацца, а ў яго зусім ужо іншы настрой, і ён пачынае абвяргаць тваю думку ўсімі сіламі. Выкарыстоўваліся самыя розныя эпітэты і параўнанні (а на язык ён чалавек востры, як у міністэрстве кажуць, «празмерна начытаны»). А вось Вяршыла пасля, вядома, працяглай трэніроўкі ў самастойным Аддзеле Сівалапа лёгка заўважаў нават самыя дробныя змены ў настроі Печкурова. І таму яго разважанні на самых розных пасяджэннях, нарадах супадалі з думкамі намесніка міністра. Калі Вяршыла не згаджаўся з ім у чым-небудзь прынцыповым, то не маўчаў да пэўнага моманту, калі можна будзе ўсё выкласці намесніку міністра, не рызыкуючы сутыкнуцца з яго адмоўнай рэакцыяй. Супрацоўнікі міністэрства, асабліва калегі-начальнікі аддзелаў, выдатна разумелі, што ў Вяршылы больш прыязныя адносіны з Печкуровым, чым ва ўсіх астатніх, і таму нярэдка пыталіся ў яго перад тым, як увайсці ў кабінет да Захара Піліпавіча.

— Андрэй Васільевіч, як ты думаеш, які настрой сёння ў Нашага,— так яны вельмі паважліва называлі Печкурова.

Сёння — Вяршыла здагадаўся — будзе весціся размова пра Цэнтр, адцягваць няма куды: Сівалап паглядае на яго неяк дзіўна, маўляў, відаць, усё добра ведаеш, але маўчыш. Вяршыла адчувае сябе перад сябрам ніякавата. Ён нават узрадаваўся, што той не прыйшоў на тэнісны корт, хоць Падмостка і Шыкавец раззлаваліся: Сівалап зноў зрывае гульню, ім давядзецца запрашаць каго-небудзь чацвёртага, чужога чалавека, што, звычайна, рабіла гульню сумнай, нецікавай. Вяршыла таксама (праўда, не вельмі актыўна) падтрымаў іхнюю размову. Заўтра ў іх зноў традыцыйная сустрэча на корце, і ён, Вяршыла, абавязкова павінен мець хоць якую-небудзь інфармацыю пра Цэнтр. Сівалап, вядома ж, ведае, што Печкуроў выйшаў з адпачынку, ён таксама ведае, што ў Вяршылы з намеснікам міністра склаліся амаль сяброўскія адносіны.

У адпачынку Печкуроў пасвяжэў, і Вяршыла адразу ж сказаў яму пра гэта.

— Дзякуй,— адказаў Захар Піліпавіч,— толькі адчуваю, Андрэй Васільевіч, што сляды майго добрага адпачынку хутка знікнуць з твару. Сядайце, я хацеў вас бачыць. Але першы дзень на рабоце, самі разумееце, заўсёды бывае нялёгкім — гутарка з міністрам, потым пабываў у нашым аддзеле ў ЦК і гэтак далей... Расказвайце, як ідуць справы.

— Калі коратка, то ўсё нармальна, Захар Піліпавіч. Ніводнага зрыву.

— А ці закрылі пытанне з Ляхавіцкім заводам?

— Даўно. Адразу пасля вашага ад’езду. Я дакладваў міністру. Ён застаўся задаволены.

— Добра, Андрэй Васільевіч. А наогул, я многа думаў у санаторыі... Працуем, як бы лепш сказаць, як у даўнія часы, у нейкім дрымоткім маласучасным тэмпе.

Вяршыла зразумеў, што цяпер не час задаваць пытанні. У намесніка міністра няйначай як пачнецца доўгі маналог. Ён адчуў па ягоным голасе, занадта ціхім, быццам Захар Піліпавіч толькі браў старт і таму захоўваў сілы.

— У санаторыі, а надвор’е было дрэннае і асаблівых заняткаў ніякіх, я гартаў амаль што ўсе часопісы, газеты, слухаў радыё і ад тэлевізара не адыходзіў. Час прыйшоў незвычайны, напружаны. Як напісаў адзін ветэран партыі, у нашы ветразі падзьмула свежае паветра. Дакладна, на мой погляд, сказана. Я і падумаў — а як жа працуем? У асноўным па-старому, перакладваем сотні паперак з месца на месца, вывучаем справу на месцах па даведках або ў лепшым выпадку па тэлефоне. Я кажу «мы», маючы на ўвазе не сябе, не вас, Андрэй Васільевіч, а наогул практыку работы міністэрскага апарату, у тым ліку і нашага. Сёння ў мяне была працяглая гутарка з міністрам. Не, ён не асабліва каб крытыкаваў тыя аддзелы і ўпраўленні, якія курырую я, а значыцца, і ваш Аддзел.

Наадварот, падкрэсліў, з вашым прыходам работа Аддзела ажывілася, стыль, метады работы проста не пазнаць. Аднак у цэлым настрой у міністра не вельмі каб радасны... Патрабаванні растуць, змянілася кіраўніцтва галіны. Саюзны міністр пачаў крута. Усім зразумела, жыццё наша будзе не з лёгкіх — ні адна хіба, ні адна недапрацоўка не пройдуць, як здаралася раней. Людзі, якія не могуць працаваць з поўнай аддачай сілы, уступаюць і будуць уступаць свае месцы больш цягавітым. Не здагадваецеся, чаму я гэта ўсё вам расказваю?

— Не, Захар Піліпавіч.

— Памятаеце, калі вы толькі прыйшлі да нас?.. Як лепш сказаць, не ведаю,— ён уважліва паглядзеў на Вяршылу.— Тады ў вас, маладога і яшчэ нявопытнага міністэрскага работніка, адчувалася жаданне скіраваць усе сілы на змены ў рабоце, паставіць усё, як кажуць, з ног на галаву. І вы вельмі актыўна пачалі перабудоўваць работу свайго аддзела. Многія, я гэта добра памятаю, асабліва старыя работнікі, вас не разумелі, аднак вы не бянтэжыліся. Нават я меў з вамі працяглую размову, асноўны сэнс якой быў адзіны — не трэба вось так адразу браць у кар’ер, у апаратнай рабоце ёсць свае няпісаныя законы. Мае заўвагі вы ўлічылі і хоць працавалі, як і раней, але крыху, згадзіцеся, сцішыліся. Ці не так?

Вяршыла са здзіўленнем паглядзеў на Печкурова.

— А як мне было не сцішыцца, калі такая атмасфера непаразумення? Што мне было рабіць?

Печкуроў выйшаў з-за стала, сеў насупраць Вяршылы.

— Вы не падумайце, Андрэй Васільевіч,— пачаў ён спакойна,— што я збіраюся вас дакараць. Ні ў якім разе. Разумееце, цяпер прыйшоў такі час, калі патрэбны самыя смелыя ідэі. І не толькі ідэі, а галоўнае — іх ажыццяўленне. І ў сэнсе перабудовы ўсяго стылю работы міністэрскага апарату. Так што тэрмінова ўспамінайце, што вы адкінулі ў часы свайго міністэрскага юнацтва ўбок, у чым расчараваліся па прычынах, якія мы абодва добра ведаем. Міністр задумаў стварыць нешта накшталт мазгавога цэнтра, якому будзе даручана змяніць вельмі многае. Узначальваць гэты цэнтр буду я. Туды, вядома, уваходзіце вы і яшчэ некалькі ініцыятыўных таварышаў, якія не развучыліся думаць у нашай бесперапыннай цякучцы.

— І што патрабуецца ад мазгавога цэнтра? — падаў голас Вяршыла.

— За некалькі тыдняў трэба даць свае прапановы, самыя смелыя і нечаканыя па перабудове работы апарату. Трэба таксама будзе ўлічыць і некаторыя скарачэнні штата.

— Скарачэнні? — здзівіўся Вяршыла.

— Так, скарачэнні. Хутка з Масквы да нас будзе даведзена лічба скарачэнняў у нашым апараце. Можа, у вас ёсць ідэі наконт аб'яднання некаторых нашых службаў? Словам, сядайце, бярыце паперу і выкладайце на ёй самыя неверагодныя свае думкі. Прыйшоў час самых смелых фантазій, так што, калі ласка, не трэба стрымліваць сябе. Тэрмін вам даецца вельмі кароткі — не больш тыдня, а калі паспееце раней, буду вам удзячны. Такія заданні атрымаюць яшчэ некаторыя супрацоўнікі. Потым мы збяромся і распрацуем адзіны дакумент. Ён не павінен нагадваць чыноўніцкае сачыненне, а быць канкрэтнай праграмай дзеянняў.

— Дзякуй, Захар Піліпавіч, за давер, я падумаю,— сказаў Вяршыла.

Цяпер, менавіта цяпер самы час пагаварыць пра Сівалапа, даведацца, хто яшчэ прэтэндуе на пасаду генеральнага дырэктара Цэнтра. Печкуроў павінен ведаць, нягледзячы на тое, што толькі сёння выйшаў на работу, у яго ж была размова з міністрам, і яны не маглі не закрануць гэта пытанне...

— Але яшчэ не ўсё,— спыніў яго думкі Печкуроў.— Папера паперай, а пакуль вазьміцеся як след за свой аддзел, Андрэй Васільевіч. У сябе вы можаце тэрмінова запускаць усе свае ранейшыя і, вядома, новыя ідэі. Я вас ва ўсім падтрымаю. Міністр выказаў думку, што мы пачнём з разгляду на калегіі міністэрства стылю і метадаў работы лепшага аддзела. Вырашылі слухаць ваша падраздзяленне. Часу малавата. Так што пачынайце сёння! Вось усё, што я хацеў вам сказаць. Да мяне ёсць пытанні?

Вяршыла пачаў не адразу. Чутка пра тое, што аддзел будуць слухаць на калегіі, была для яго нечаканай.

— Ведаеце, Захар Піліпавіч, калі вы пачалі размову пра мазгавы цэнтр, я, прабачце, падумаў зусім пра іншы Цэнтр, той самы, дзе я пачынаў працаваць і якому аддаў нямала гадоў свайго жыцця...

Печкуроў спыніў яго:

— Я ведаю, што вы маеце на ўвазе. Хваробу, на жаль, вельмі цяжкую, нашага паважанага Гаўрылы Іванавіча,— намеснік міністра на імгненне замаўчаў.— Вымушаны вам паведаміць, што яго становішча вельмі цяжкое, гавару вам гэта, вядома, не для распаўсюджвання. Жыццё ёсць жыццё, усе, як кажуць, пад богам ходзім, і ніхто не ведае, калі і як будзе вынесены прысуд.

— Вестка пра гэта адразу абляцела міністэрства. Як заўсёды ў такіх выпадках, калі так можна сказаць, пайшла гамонка. Называюць прэтэндэнтаў... Іх ворагаў, прыхільнікаў.

Печкуроў усміхнуўся.

— У нас любяць пагаварыць. Нічога не зробіш, таксама спецыфіка апаратнай работы. Адвечныя пытанні — хто зойме тую ці іншую пасаду. А мы якраз сёння гутарылі пра Цэнтр з міністрам. Яны даўно працуюць разам з Плешуком ды і ўзросту амаль аднолькавага, і міністр, вядома, перажывае. Такі з выгляду здаровы чалавек, поўны энергіі, аптымізму, і вось на табе... Аднак, нягледзячы на чыста чалавечыя перажыванні, ён не можа не думаць пра Цэнтр, які даўно з’яўляецца адным з вядучых у краіне і самым галоўным участкам у сістэме нашага міністэрства. Размова мела не канкрэтны характар, няёмка ж гаварыць пра новую кандыдатуру кіраўніка Цэнтра, пакуль б’ецца сэрца Гаўрылы Іванавіча. Але ён сказаў, што будзе думаць сам, і мяне папрасіў таксама не забываць, бо вакансія можа з’явіцца кожны дзень, а гэта не тое месца, якое можа пуставаць доўгі час. На Цэнтр, яго самастойныя аддзелы, як вы ведаеце, ускладаецца шмат надзей. А вось цікава... Што б адказалі вы, Андрэй Васільевіч, калі б вам задалі пытанне пра магчымую кандыдатуру на месца генеральнага дырэктара Цэнтра?

Нарэшце. Нарэшце ён мае магчымасць дапамагчы нейкім чынам Сівалапу.

— Тут няма чаго задумвацца. Ёсць адзіны прэтэндэнт,— упэўнена заявіў Вяршыла.

— Вось як?! Хто ж ён? — Печкуроў з цікавасцю паглядзеў на яго.

— Мікалай Сяргеевіч Сівалап. Лічу яго адным з самых здольных. Другога такога не бачу. Ды што вам расказваць, вы ведаеце, якім стаў пры ім першы самастойны Аддзел, каторы трымае на сваіх магутных плячах увесь Цэнтр. Я яго выдатна ведаю, доўгі час працавалі разам. Я прашу вас, Захар Піліпавіч, калі з’явіцца такая магчымасць, падтрымаць ягоную кандыдатуру.

Зазваніў тэлефон.

— Перазваніце крыху пазней,— сказаў Печкуроў.— А з вамі я згодзен, Андрэй Васільевіч. Сівалап здольны чалавек, рашучы, напорысты. Да яго, праўда, людзі па-рознаму адносяцца, але так заўсёды было — неардынарныя асобы маюць мноства сяброў, людзей, якія па-сапраўднаму паважаюць і падтрымліваюць, і не меншую колькасць ворагаў. Але справа вось у чым. Калі вы, прызнацца, так упэўнена пачалі гаварыць пра кандыдатуру, то я баяўся, што нашы думкі будуць аднолькавымі...

— Не разумею. Чаму баяліся? — здзівіўся Вяршыла.

— Таму што мне бачыцца на гэтым месцы, хоць, паверце, я нічога не маю супраць вашага Сівалапа, зусім іншы чалавек. Думка мая, вядома, папярэдняя, пытанне будзем вырашаць не толькі мы, а Масква таксама і хутчэй нават перш-наперш Масква, і ўсё ж... Я бачу, калі што здарыцца з Гаўрылам Іванавічам... Праўда, хачу скіраваць вашу ўвагу на тое, што не ад мяне ўсё залежыць. Ёсць міністр... Яшчэ той-сёй... Але я бачу на гэтай пасадзе вас. І сёння ў гутарцы з міністрам, які называў самыя розныя кандыдатуры, я выказаў сваю думку.

— Я?! — ад нечаканасці Вяршыла аж каўзнуўся ў крэсле.

— Так, Андрэй Васільевіч. І сваю думку я буду абараняць.

— Дзякуй, Захар Піліпавіч, але ж для мяне гэта вялікая нечаканасць.

Печкуроў усміхнуўся.

— А жыццё, паверце, мой дарагі, і складаецца з нечаканасцей, ці вы яшчэ не пераканаліся?! Пара. А пакуль выконвайце маё даручэнне,— ён паглядзеў на гадзіннік.— У мяне сёння яшчэ многа спраў.

Вяршыла выйшаў ад намесніка міністра. Ягоны твар гарэў. У прыёмнай тоўпіліся нейкія людзі.

«Калі гэты выйшаў у такім стане, то што будзе з намі?» — такая думка адначасова прыйшла да некалькіх супрацоўнікаў.

Аднак Вяршыла не мог бы назваць, каго у той момант ён сустрэў у прыёмнай Печкурова.

 

Няўжо вось так і здараецца ў жыцці (хоць, між іншым, нічога яшчэ не адбылося, не змянілася, але ў той жа час нешта здарылася)? Ці мог ён, Вяршыла, калі-небудзь нават падумаць, што такі чалавек, як Печкуроў, можа бачыць яго на месцы Генеральнага дырэктара Цэнтра, бачыць намнога вышэй ад Сівалапа, такога моцнага, непераможнага чалавека?!

А можа, яму ўсё толькі здалося? Ён шмат працаваў у апошнія дні, нават браў работу дадому, што не падабалася Нэлі, бо ён не мог ёй аддаваць столькі часу, як звычайна. Калі яму не здалося, то чаму б Захару Піліпавічу не пажартаваць, ён любіць жарты, а тут прыехаў з адпачынку, бадзёры, у добрым настроі... А можа, ён хацеў праверыць Вяршылу?

Андрэй Васільевіч агледзеў свой невялічкі кабінет. Цяжка пасля яго ўявіць сабе Цэнтр... Вялізны апарат з цэлай арміяй супрацоўнікаў — вучоных, інжынераў, тэхнікаў, майстроў, рабочых. Не, гэта проста немагчыма. Як можна паставіць побач Вяршылу і Цэнтр, Цэнтр і Вяршылу? У школе амаль што сярэдні вучань, праўда, атэстат без пасрэдных адзнак. У інстытут не спадзяваўся паступіць. Так, ледзьве праскочыў, дацягнуў да дыплома, стаў не лепшым, без асаблівых фантазій інжынерам. Ён гэта разумеў і таму не меў асаблівых пражэктаў на асаблівую кар’еру або нават маленькую перспектыву. Сябе ён адкрыў у час работы з Сівалапам. Пад яго крылом ён зразумеў, што можа працаваць са смакам, цікавасцю да справы; ён навучыўся ладзіць з самымі рознымі людзьмі: ад міністра да радавога рабочага. Часам да яго адносіліся з адкрытым недаверам. Але там, у самастойным Аддзеле Сівалапа, ён паверыў у свае сілы і за даволі кароткі тэрмін стаў не апошнім чалавекам у міністэрстве. Дзякуючы навуцы Сівалапа, ён і тут асвойтаўся.

Не, Цэнтр — гэта занадта. Ну, вядома ж, Захар Піліпавіч пажартаваў, хоць і зрабіў гэта сур’ёзна, у сваім стылі. Ёсць і яшчэ адзін варыянт, да таго ж таксама рэальны — намеснік міністра кінуў гэтыя прыемныя словы ў адрас Вяршылы з адной толькі мэтай: заахвоціць яго напісаць прапановы аб перабудове стылю міністэрства.

Вяршыла прагна выпіў кубак вады. Так, відаць, і ёсць. Таму можна супакоіцца, можна пачынаць пісаць паперу для абмеркавання ў мазгавым цэнтры, а ён яе напіша слушнай, таму што думак у яго процьма. Печкуроў, а потым і сам міністр узрадуюцца, яны цяпер у складанай сітуацыі. У галіне павінны адбыцца змены, але за кошт чаго? Натуральна, ім хочацца быць першымі ва ўсім перад новым саюзным міністрам, як гэта было заўсёды, бо па традыцыі рэспубліку, а значыцца, і іх заўсёды хвалілі. Ён паклаў перад сабой чыстыя аркушы паперы, аднак яны так і засталіся чыстымі. Чаму яго так усхвалявала размова з Печкуровым, чаму ён адчуў сябе ў нейкай бязважкасці і дайшоў да свайго кабінета відавочна збянтэжаны? Што ён скажа сёння свайму лепшаму сябру Сівалапу, які будзе глядзець на яго сваімі разумнымі, патрабавальнымі вачыма? І наогул, калі яго і правяраў Печкуроў, дык гэтую самую праверку, ён, ясная справа, не вытрымаў: пачырванеў, расхваляваўся, як дзяўчына, што ўпершыню ў жыцці пачула прапанову, у якой прагучалі словы «рука і сэрца». Ад невытлумачальнай радасці — паглядзіце, які я разумны, здольны, мяне сам намеснік міністра, а не хто-небудзь бачыць вунь на якой прэстыжнай вышыні — ён разгубіўся і не знайшоў у сабе сілы сказаць, што ўсё ж самым лепшым варыянтам для справы будзе вылучэнне на пасаду Генеральнага дырэктара Цэнтра Мікалая Сяргеевіча Сівалапа. Ён больш вопытны, ён без пяці мінут доктар навук, у яго столькі пераваг перад ім, Вяршылам. Але ён не сказаў гэтага, такія словы нават не прыйшлі яму ў той момант у галаву.

Вяршылу зноў зрабілася блага на душы, сэрца згубіла звыклы рытм, і яму здавалася, што яно вось-вось перастане біцца.

Ён з радасцю адзначыў, што наблізіўся абед, можна пайсці з міністэрства куды вочы глядзяць на цэлую гадзіну, можна выпіць кавы. Вяршыла нацягнуў куртку і збег уніз. На вуліцы церусіў дождж, дзьмуў пранізлівы вецер. Ягоныя думкі перапыніў знаёмы голас:

— Куды шыбуеце, Андрэй Васільевіч, у такое надвор’е?

Цітоў, старшы інспектар з яго аддзела. Якраз яго цяпер толькі не хапала! Сапраўды, дзіўна, ён ідзе некуды ў непагадзь, а ў міністэрстве ёсць свае сталоўка, буфет.

— Галава трашчыць з самай раніцы, вырашыў прайсціся. Дарэчы, адразу пасля абеду чакаю вас у сябе. Ёсць тэрміновае даручэнне.

— Добра, Андрэй Васільевіч.

Гэты малады хлопец з галавой, у яго ёсць хватка, і калі што якое, ён цягне на пасаду загадчыка аддзела.

Словы «калі што якое» неяк самі па сабе з’явіліся ў яго галаве, і Вяршылу зноў зрабілася не па сабе, атрымліваецца, што ён міжволі думае пра ўчарашняе, жыве размовай з Печкуровым.

Ён зайшоў у кафэ «Мінск». Надзіва там было мала людзей. Вяршыла добра памятаў — некалі тут падавалі смачную каву «па-турэцку», ён любіў у даўнія гады заходзіць сюды з Нэляй.

— Кава па-турэцку ў вас ёсць? — спытаў ён у афіцыянта.

Той здзіўлена паглядзеў на Вяршылу.

— Адкуль вы зваліліся, паважаны грамадзянін? Тут падавалі каву па-турэцку, калі я яшчэ вучыўся ў першым класе. А цяпер у нас самая звычайная кава.

— Тады давайце звычайную. Дзве звычайных,— папрасіў Вяршыла.

Сапраўды, нямала гадоў праляцела. Яны зніклі назаўсёды, а яму здаецца, што ўсё было толькі ўчора.

Маленькімі глыткамі ён адпіваў каву і глядзеў за акно, дзе шматлікія прахожыя, уцягнуўшы галовы ў плечы, трухалі пад дажджом і ветрам.

 

У машыне Падмостка ўважліва паглядзеў на Вяршылу:

— У цябе, браце, падскочыў ціск. Або надта стаміўся, або нешта ўсхвалявала.

Пасля гэтых слоў Вяршыла адчуў, як гарачыня з новай сілай шуганула ў твар.

Не, сёння яму нельга гаварыць з Сівалапам. Можна было б, вядома, сказаць, што размова з намеснікам міністра адбылася, але той нічога не сказаў, яшчэ ніводзін чалавек не займаўся кадравай праблемай Цэнтра, таму што Гаўрыла Іванавіч жывы і рабіць гэта проста няёмка. Але словы Яраслава, які працягваў уважліва глядзець на Вяршылу, перакрэслілі ўсе ягоныя планы. Дарэчы, сам Сівалап не звярнуў на яго ніякай увагі.

— Цяпер да нашага міжнародніка. І калектыў — у зборы,— сказаў Мікалай Сяргеевіч шафёру.

Праз некалькі мінут яны ўзялі ля Міністэрства замежных спраў Шыкаўца. Той адразу ж абвясціў, што ў наступным месяцы будзе цікавая камандзіроўка за мяжу. Гэта значыцца — ён забяспечыць усіх прысутных мячыкамі «Шлезінгер». Яшчэ ён сказаў, што чакае ад камандзіроўкі нечага асаблівага, важнага для свайго будучага.

— Яна настолькі важная, што можа ўсё змяніць у жыцці,— яшчэ раз паўтарыў Шыкавец.

Прыкладна гэтую ж фразу ён паўтараў перад кожнай замежнай камандзіроўкай, але ўсё заставалася па-ранейшаму ў ягоным жыцці, і неяк Сівалап сказаў яму ў парылцы, што прыйшоў час жыць не ў свеце ілюзій, а апусціцца нарэшце на зямлю. Усе чакалі, што Шыкавец пакрыўдзіцца, але той засмяяўся і сказаў, што чалавек павінен жыць не толькі на зямлі, але крыху і ў паветры, у свеце ілюзій, каб лягчэй пераносіць шэрую будзённасць.

— Вось дык будзённасць у цябе! — уздыхнуў Яраслаў.— Табе ўзяць бы ў рукі мой акрываўлены скальпель. Тады б зразумеў, што такое будзённасць. А ў цябе — падарожжы, да таго ж часам нядрэнна звініць у кішэнях, што таксама робіць жыццё больш, як ні кажы, вясёлым, бесклапотным.

— Калі ты мне зайздросціш, давай мяняцца,— не вытрымаў Шыкавец.— Не ведаю, як ты, а я згодны.

— Я на тваім месцы, можа б, і змог, а вось ты адправіш на той свет нямала людзей, якія могуць яшчэ колькі часу пабачыць сонца і неба над галавой.

І Яраслаў зноў перавёў позірк на Вяршылу.

— Дай мне тваю руку, пагляджу пульс.

Ён кранаецца рукі Вяршылы сваёй мяккай, вялікай далонню.

— Пульс гэтаксама скача,— гаворыць ён.— Сёння не перагружайся на трэніроўцы. Я лічу, што гэта нервы... Ты сёння не хваляваўся?

— Самы звычайны дзень,— буркнуў Андрэй.— Не цяжкі і не лёгкі, і не сказаць, каб хто занадта псаваў нервы.

Тут ужо і Сівалап павярнуў да яго галаву.

— Твар у цябе сапраўды чырвоны... Можа, ціск падскочыў?

Вяршыла паспрабаваў усміхнуцца.

— Не хвалюйцеся, інфаркту не будзе,— супакоіў ён сяброў.— Да таго ж сёння ў нас рашаючы паядынак.

— Хопіць вам засмучаць майго партнёра,— уступіў у размову Шыкавец.— Ты, Андрэй, супакойся. Гэта самы звычайны псіхалагічны наступ Яраслава. Я ягоную тактыку адразу зразумеў.

У зале пачалі размінку. Сівалап — нейкі незвычайна засяроджаны, уважлівы да кожнага руху, кожнага ўдару. Калі моцная падача не атрымліваецца, ён падае слаба, затое надзейна. Яраслаў сёння вырашыў біць толькі кручаныя мячы, і пакуль што на размінцы гэта ў яго атрымліваецца. Шыкавец, як і заўсёды, размінаецца старанна, да таго ж на суседнім корце нейкая новая чацвёрка дзяўчат, Шыкавец паглядае на іх, дакладней, на адну з іх з вялікай цікавасцю. У адказ яна ўсміхаецца яму, і ўдары ўзмацняюцца роўна ў два разы. Ён, Вяршыла, адзінае слабае звяно на корце, і партнёр Шыкавец пачынае паглядаць на яго насцярожана, а Яраслаў крычыць з другога боку корта:

— Усё нармальна, чырвань спадае. Можаш гуляць на поўную сілу.

У яго і сапраўды пайшла гульня, праўда, не адразу ўдалося пазбавіцца ад адной і той жа думкі, што ўвесь час вярэдзіла галаву: як сказаць пра ўсё Сівалапу, колькі праўды пакінуць у гэтым паведамленні.

Пасля гульні, якую яны ўсё ж аддалі Міколу і Яраславу, Сівалап спытаў у Вяршылы:

— Дарэчы, ты абяцаў распытаць свайго любімага намесніка міністра пра мой лёс.

— Зусім забыў табе сказаць,— спахапіўся Вяршыла.— Была доўгая, няладная размова. Ён сказаў, што размовы пра Цэнтр яшчэ не было, цябе ён паважае, лічыць адным з лепшых кіраўнікоў у нашай галіне.

— І за гэта дзякуй,— засмяяўся Сівалап.

У Вяршылы адразу адлягло ад сэрца. Ужо ў машыне ён пачаў расказваць пра заданне Печкурова. Сябры слухалі яго ўважліва, Сівалап зазначыў:

— Кіньце выдумляць! Ведаеце, што вы павінны зрабіць? Не перашкаджаць нам працаваць! Знішчыце самыя розныя паперкі, непатрэбныя справаздачы. Хопіць тэрміновых званкоў. І ўсё будзе добра! Сапраўды мазгавы цэнтр — гэта тыя, хто робіць машыны, а не выдумляе паперкі!

 

— Ты павінен быў сказаць яму праўду, павінен! — упікнула Нэля мужа.— Вы ж лепшыя сябры, і я здзіўляюся, што ты так дзіўна павёў сябе.

Вяршыла, стомлены пасля трэніроўкі і наогул ад усяго дня, думаў ужо, што дарэмна пераказаў ёй сваю размову з Печкуровым і Сівалапам. Позна шкадаваць, дый яна справядліва яго асуджае. Не можа ж ён сказаць Нэлі, што міжволі пасля размовы з намеснікам міністра ў яго мільганула і такая думка: «А сапраўды, чым я горшы ад Сівалапа? Ну, вопыту менш, вучонай ступені няма, свой сённяшні хлеб ем недарэмна, мяне паважае кіраўніцтва міністэрства, я не біў бібікі ў самастойным Аддзеле Сівалапа. Хай ён падтрымліваў мяне, але ці выпадкова?..»

— Разумееш, Нэлечка, кожны чалавек, і я ў тым ліку, нічога тут не зробіш, не проста працуе — выходзіць своечасова на работу, піша нейкія паперы, выклікае да сябе людзей, трымае адказ перад начальствам — але яшчэ і думае да пэўнага ўзросту, вядома, пра сваю будучыню, плануе яе. Вядома, не заўсёды гэтыя планы ажыццяўляюцца. І гэта не кар’ерызм. Гэта — жыццё.

Яна прайшлася па пакоі, затрымалася каля яго насценнай фотакарткі, на якой ён, малады і смяшлівы, абдымаў маці.

— Бывае. Ты разгубіўся... Размова была нечаканай для цябе. Разумею, ты міжволі ўбачыў сябе тым самым начальнікам... Аднак... Ён не перажыве.

Яна села каля Вяршылы, абняла яго.

— Ты зоймеш чужое месца, месца свайго сябра, якому мы абавязаны літаральна ўсім: сённяшнім днём і заўтрашнім таксама. Я не кажу, што ты не павінен ісці далей, але важна высветліць — якой дарогай? Якой цаной? Не за кошт жа Мікалая Сяргеевіча.

— Само сабой. А цяпер уяві сабе, што ты апынулася на маім месцы.— Ён уважліва паглядзеў на жонку. Што скажа яна цяпер?

— Вельмі проста,— не раздумваючы сказала яна.— Я б падзякавала шэфу за высокую ацэнку маёй асобы і яшчэ раз напомніла б, што бачу кіраўніком Сівалапа, а не сябе.

— Вось-вось, я так і думаў,— пляснуў у далоні Вяршыла.— Проста, але не лагічна. Не лагічна ў сэнсе разумення апаратнай работы. Калі чалавек на маім узроўні гаворыць раптам, што ён не заслугоўвае даверу, палічаць, зразумей мяне і ты, што ён і сапраўды не заслугоўвае, сам бачыць усе свае недахопы, а чаму іх не бачыць іншым людзям, у тым ліку кіраўнікам? Самому на сабе крыж паставіць?

Яна ўздыхнула.

— Логіка апаратнай работы? Ды яе няма, або гэтую логіку выдумалі чыноўнікі, да якіх я цябе не адношу. Ёсць адна толькі логіка ў гэтым, вельмі канкрэтным выпадку — логіка чалавечых адносін. Ды ты і сам выдатна ўсё разумееш.

Яму хацелася сказаць жонцы, што ён і сапраўды паводзіць сёння неяк недарэчна, нечакана для самога сябе і цяпер перажывае. Але ён жа не толькі пра сябе думае, таксама і пра сям’ю, пра тое, як складзецца іх будучае жыццё.

Аднак змоўчаў, адно — цёпла паглядзеў на жонку, памаўчаў крыху і папрасіў не хвалявацца. Наперадзе шмат часу, ён будзе на ўсіх узроўнях гаварыць добрыя словы пра Сівалапа, а начальства... Яно і так, відаць, вырашыць, што Генеральным дырэктарам Цэнтра будзе прызначаны Мікола, у яго на гэта самыя важкія падставы, і Вяршыла, у якога з намеснікам міністра адбылася самая звычайная кабінетная размова, яшчэ парадуецца за сябра.

 

13

Нешта незнаёмае ў тваім твары, нейкія не такія сталі вочы — яны зрабіліся паўпразрыстымі і недасягальнымі, быццам ты глядзіш з-за нейкай мяжы, пераступіць цераз якую ніяк не можаш,— і сам твар пажоўк, скура на ім напамінае пергамент. Разумныя людзі, якія жылі ў розныя стагоддзі, вучылі і цяпер вучаць нас, што гэтага моманту не трэба баяцца, нейкіх там пятнаццаць мінут, і больш ніколі не вернуцца пакуты, будзе поўная бязважкасць, лёгкасць, і не варта думаць пра гэта. Тады жыццё будзе больш радасным, напоўненым самым розным сэнсам. Аднак табе ўжо не да сэнсу... Усё і так ясна. І хто можа гарантаваць, што хто-небудзь з нас не апынецца на тваім месцы?

Ад гэтай думкі Сівалап яшчэ больш зацінаецца ў сабе.

— Так, так, Мікалай Сяргеевіч,— шэф узняў на яго збалелыя вочы,— вы, як і заўсёды, добра зразумелі мяне ў час нашай мінулай гутаркі. Ці не праўда, шмат часу прайшло з той пары!

— Прабачце, Гаўрыла Іванавіч, але мы бачыліся з вамі зусім нядаўна, некалькі дзён назад.

Ён спыніў яго рухам рукі.

— Мне не так проста гаварыць, таму слухайце... Час — з’ява складаная, ён мае самую розную працягласць. Усё залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца чалавек. Яшчэ зусім нядаўна, у Цэнтры, дні беглі так хутка, што я іх не заўважаў, а за гэтыя... Самі разумееце, я быццам занава перажыў усё сваё жыццё. Паверце, усё бачыцца зусім у іншым свеце.

Ён на хвіліну змоўк, глянуў на гадзіннік.

— Мне пара ісці, але не хочацца развітвацца з вамі. Тут амаль няма з кім размаўляць, праўда, кожнага дня бывае жонка... Ды яна штохвіліны плача. Я з цяжкім сэрцам адсылаю яе дамоў, застаюся сам-насам са сваімі думкамі, мне хочацца гаварыць, але няма з кім. Ведаеце, усё жыццё я змагаўся за сваю будучыню, уявіць сабе не мог, што ў мяне можа што-небудзь не атрымацца. Вайна... А вы ўжо, мусіць, ніколі не дазнаецеся, якой была вайна. Кнігі, фільмы ніколі не перададуць усяго жаху, трагізму, якія жылі ў кожнай клетачцы цела. Потым, калі застаўся жывым,— галодныя студэнцкія гады, калі ў інстытут даводзілася ўсе пяць гадоў хадзіць у салдацкай гімнасцёрцы... Словам, усё было, я лез і лез наперад, маё жыццё, як мне здавалася, ішло больш-менш гладка. І вось аднойчы чыноўнік... высокага ўзроўню сказаў пра мяне, што ў мяне ёсць усё, каб дасягнуць многага ў жыцці — талент, працаздольнасць... Аднак гэтага мала. Ёсць некаторыя абставіны... Яны перашкодзяць. Нада мной, паводле ягоных слоў, навісла своеасаблівая столь, далей ходу няма.

Ён замаўчаў і з жахам, як здалося Сівалапу, паглядзеў на гадзіннік.

— Хутка мне ісці, але я дакажу, паспею.

— А што такое — якая столь?

Гаўрыла Іванавіч махнуў рукой.

— Ды нічога асаблівага... У нармальнага чалавека гэта выклікае не больш чым усмешку, аднак былі, ды і сёння ёсць людзі, якія арыгінальна разумеюць словы «кадравая палітыка». Галоўнае для многіх з іх, каб у біяграфіі чалавека ўсё было чысценька, як на белым аркушы паперы, а тое, што робіцца ў яго галаве, іх абсалютна не тычыцца, ды і як можна пра гэта даведацца? У нас жа няма дэтэктара хлусні. І ўсё болей няшчырых людзей. Некаторыя, напрыклад, не вяртаюцца з замежных камандзіровак. Усё пачынаюць вохкаць: як магло такое здарыцца, у яго ж такая чыстая біяграфія?! А ў мяне была, калі так можна сказаць, біяграфічная траўма. Даўно гэта здарылася, у маладосці. Здарылася па нявопытнасці, не больш. Аднак завярцелася, закруцілася сітуацыя, у выніку якой над маёй галавой павісла нябачная шчыльная столь, пра якую гаварыў адказны чыноўнік — ніводнага сантыметра наверх. Але ведаеце, што я зрабіў?

Сівалап з цікавасцю паглядзеў на шэфа.

— Я вырашыў пасля доўгіх перажыванняў, што буду працаваць, як працаваў раней: сумленна і старанна. І паступова ўсе абвінавачванні ў мой адрас развеяліся, быццам іх і не было ніколі, але чаго мне гэта каштавала? А цяпер вось, прабачце за шчырасць, думаю — навошта наперад ірваўся, дзеля чаго?!

Сівалап зразумеў, што яму абавязкова трэба сказаць некалькі слоў, каб супакоіць Гаўрылу Іванавіча. Яму нельга хвалявацца, а твар у яго расчырванеўся, відавочна, падскочыў ціск.

— Хто другі, а вы, Гаўрыла Іванавіч, не маеце права так гаварыць. Вы многа зрабілі, нават цяжка ўявіць, як многа.

— Але ж некаторыя людзі жылі і жывуць інакш — даволі спакойна, у асноўным толькі дзеля сябе, і, паверце, іх не сустрэнеш тут. Прабачце, што я даў сабе волю, ніколі ў жыцці яшчэ не было так цяжка. Увесь час думаў — якім бывае гэты момант у чалавека? Я маю на ўвазе самы апошні момант... І вось ён наступае, а будзем шчырымі, для мяне наступіў. І ніякія філасофскія адносіны да жыцця, а я заўсёды думаў, што яны ў мяне ёсць, не дапамагаюць, больш таго, яны раптоўна зніклі, і я бездапаможны перад моракам. Хочацца жыць як ніколі, жыць проста, звычайна...

Мікалай Сяргеевіч адчуў, што шэф вось-вось заплача, таму ён узняўся, паклаў яму руку на плячо, быццам суцяшаў:

— Вы ведаеце, што цяпер самае галоўнае для вас?

Гэтыя словы вырваліся ў Мікалая Сяргеевіча зусім нечакана, і гэтак жа нечакана шэф паглядзеў на яго амаль дзіцячым позіркам, у якім ясна чыталася просьба: скажы, хутчэй скажы, таму што я вельмі чакаю, для мяне карысная любая парада, тым больш такая, што можа супакоіць, адагрэць хоць на некалькі імгненняў, скажы, і я буду табе вельмі ўдзячны.

Сівалап яшчэ раз зазірнуў у пабляклыя вочы Гаўрылы Іванавіча і недзе глыбока, сярод цемры заўважыў маленькі няўпэўнены агеньчык.

— Самае галоўнае для вас паверыць у тое, што ўсё будзе добра, што вы будзеце жыць. Бачу, вам цяжка, але, паўтараю, галоўнае — паверыць!

Сівалап так пераканаўча вымавіў гэтыя словы, што позірк у Гаўрылы Іванавіча адразу ж прасвятлеў.

— Так, я разумею, выдатна разумею, што мне трэба верыць у лепшае,— пачаў ён хутка,— мне ўдаецца на колькі мінут супакоіцца... Давесці самому сабе, што я выйду адсюль. Мне робіцца лягчэй на душы, а потым зноў віхурай налятае жах... Ногі слабеюць, сэрца калоціцца. Я пачынаю думаць, што прыйшоў мой канец. Застаецца адзін крок, не больш.

Сівалап зноў паклаў руку на яго плячо:

— Прымушайце сябе верыць, прымушайце. Вам патрэбны сілы, а яны з’явяцца толькі ад упэўненасці ў сабе, у добрым зыходзе ўсёй гэтай гісторыі.

— Дзякуй вам, вялікі дзякуй, Мікалай Сяргеевіч. Ваш прыход на мяне падзейнічаў лепш, чым візіт самага славутага прафесара. Мы яшчэ будзем змагацца. Сапраўды, сорамна падымаць рукі ўгору.

Прыйшла медсястра.

— Гаўрыла Іванавіч, час прымаць лякарствы, а потым адпачываць. Ваша размова зацягнулася, у мяне будуць непрыемнасці ад урача.

— Мы здаёмся, здаёмся! — жартаўліва сказаў Сівалап.

Гаўрыла Іванавіч са шкадаваннем у позірку паглядзеў на яго.

— Як мне не хочацца ісці туды,— сказаў ён амаль шэптам, а гучна дадаў: — Там быццам не існуе жыцця. Побач з вамі лягчэй. Калі вернецеся, адразу прыязджайце да мяне. Абавязкова... Буду чакаць.

Сівалап паціснуў схуднелую, халодную далонь і выйшаў на вуліцу. У твар дыхнула пахам сырой зямлі, над галавой крычалі вароны. Ён некалькі разоў дыхнуў на поўныя лёгкія і толькі тады пайшоў да машыны.

— Хутчэй каці адсюль,— загадаў ён шафёру.

Той спачувальна паглядзеў на Сівалапа.

— Мікалай Сяргеевіч, вы проста спалатнелі там.

— Яшчэ б... Такое ўражанне, быццам дыхаў адным паветрам з самой смерцю. Дый цяжка глядзець чалавеку ў вочы, суцяшаць яго, калі ведаеш, што шанцаў у яго няма.

Ён змоўк. Насустрач бегла чорная, як смала, стужка дарогі. Сівалап падумаў, што Гаўрыла Іванавіч наўрад ці ўбачыць цяпер гэтую дарогу, хоць ехаць па ёй яму і давядзецца.

— У Цэнтры машына з тэлефонам, як у міністра,— сказаў шафёр.

— Ты пра што?

— Так, да слова прыйшлося,— сумеўся шафёр.— Хлопцы ў гаражы рознае кажуць, маўляў, можа, мне хутка пашанцуе змяніць калёсы.

— А няхай іх! Любяць у нас памянташыць языкамі без прычыны,— адказаў Сівалап.

У кабінет ён увайшоў стомлены. Святлана Максімаўна паведаміла, што нехта яму званіў, тэрмінова прасіў перазваніць. Але хто? У памяці нейкі правал. Сівалап сеў у крэсла і націснуў кнопку селектара.

— Святлана Максімаўна, я толькі што з бальніцы, ад Гаўрылы Іванавіча. Самі разумееце, у якім настроі...

— Што-небудзь з выступленнем?

— Ды не. Цяжка і невыносна там.

— Я сказала Адаму Іванавічу, што вы паехалі ў бальніцу, каб паказаць Гаўрылу Іванавічу выступленне.

Сівалап перапытаў здзіўлена:

— Званіў міністр?

— Я ж вам гаварыла. Ён прасіў перазваніць. Вы хітнулі галавой і абяцалі перазваніць.

Вось дык так! Няўжо ён забыў?.. Такога з ім яшчэ не здаралася. Ну проста склеротык...

Ён яшчэ раз папрасіў прабачэння ў сакратаркі і сказаў, каб яна тэрмінова выклікала да яго ўсіх галоўных спецыялістаў, яму трэба яшчэ раз абмеркаваць сваё выступленне на маскоўскай нарадзе, а міністру ён пазвоніць зараз жа.

Сівалап устаў і прайшоўся па кабінеце, быццам хацеў крыху размяцца. Потым рашуча набраў па «вяртушцы» тэлефон міністра. Той адразу спытаў, як адчувае сябе Гаўрыла Іванавіч, сказаў, што да паездкі ў Маскву збіраецца пабываць у яго. Сівалап слухаў міністра і чакаў, калі ён спытае пра выступленне на маскоўскай нарадзе, па гэтай прычыне, відаць, ён і шукаў яго. Міністру неабыякава, як выступіць Сівалап, бо ён па сутнасці будзе прадстаўляць усю рэспубліку.

— Я вось чаму шукаў вас,— сказаў міністр,— у нашай паездцы галоўным козырам можа стаць не мая справаздача, а ваша выступленне на нарадзе. Таму прашу паставіцца да нарады з усёй адказнасцю.

Цяпер ён абавязкова скажа Сівалапу, каб прывёз выступленне ў міністэрства і паказаў яму. Аднак, на здзіўленне, міністр выказаў упэўненасць, што выступленне Сівалапа будзе на належным узроўні, з улікам патрабаванняў часу. Мікалай Сяргеевіч запэўніў міністра, што менавіта так усё і будзе, выступленне прагледзеў і Гаўрыла Іванавіч, яно яму ў цэлым спадабалася, але ў яго, Сівалапа, ёсць немалыя сумненні наконт кірунку выступлення. Міністр з хвіліну памаўчаў, а потым спытаў, што ён мае на ўвазе.

— Не хацелася і паўтарацца — займаць абарону, або, дакладней кажучы, апраўдвацца за невысокія тэмпы выпуску новай машыны і абвінавачваць калег.

— Што вы прапаноўваеце? — у голасе міністра прагучала некаторая трывога. Сівалап яе адразу адчуў.

— Я не збіраюся перакрэсліваць гэты варыянт, але збіраюся падрыхтаваць іншы...

Сівалап гаварыў і сумняваўся: а што, калі зараз ён выкладзе свае карты міністру, раскрые сакрэт выступлення, а ён не згодзіцца на яго варыянт?

— Выдатна, што вы ўсё як след разумееце,— пахваліў міністр Сівалапа,— сёння не абараняцца трэба, а — наступаць, ісці ўперад. Менавіта такі тон будзе панаваць на маскоўскай нарадзе, вось пабачыце.

— Такім чынам...

Ён ледзьве не сказаў, што возьме ў Маскву два варыянты выступлення, а там будзе бачна, якое з іх запускаць у справу. Хоць ён гэтаксама, як і міністр, упэўнены, што спатрэбіцца толькі другі, ягоны варыянт... Усё адбываецца так, як ён планаваў. Ён, Сівалап, правільна ўсё разлічыў, бо жыве ў сённяшнім і нават у заўтрашнім дні. І міністр, які мысліць сучаснымі катэгорыямі, добра зразумеў яго. Сёння Сівалап пайшоў на пэўную рызыку, але апраўдана, бо не прайграў. А калі не прайграў сёння, то не прайграе і там, на маскоўскай нарадзе, дзе па сутнасці будзе вырашацца і ягоны лёс.

Пазваніла Святлана Максімаўна, напомніла — галоўныя спецыялісты, за выключэннем начальніка планавага аддзела, сабраліся ў прыёмнай.

— Прашу! Калі ласка! — адказаў Сівалап, і сакратарка нечакана для сябе адзначыла, што ў яго голасе з'явіліся бадзёрыя ноткі.

Галоўныя спецыялісты расселіся, і Сівалап уважліва агледзеў іх і падзякаваў за сур’ёзныя прапановы і меркаванні. Праўда, ён нагадаў, што ў першы раз яны проста адпісаліся, а цяпер, бачна, пастараліся, і ён імі задаволены.

— У мяне ёсць матэрыял, над якім можна добра папрацаваць. Дзякую вам. Ці ёсць пытанні да мяне?

Твары ў прысутных пасвятлелі — пытанняў не было. Усе выйшлі з кабінета Сівалапа павесялелыя. Гэта зноў здзівіла вопытную сакратарку. Яна ніяк не магла зразумець, што так раптоўна змяніла настрой Мікалая Сяргеевіча. Мусіць, размова з міністрам (а яна адбылася дакладна, бо «вяртушка» доўгі час была занятай). Але пра што? Няўжо ён хутка зменіць кабінет?!

 

Ён зразумеў нарэшце, у чым справа: яны робяцца для нас непатрэбнымі, мы можам без іх абысціся... Працэс гэты працяглы, не двух-трох гадоў, акрамя таго, ён асабліва абвастраецца, калі ў нас з’яўляюцца свае сем’і, свае бясконцыя нявырашаныя праблемы, свае дарослыя дзеці. Тады мы пачынаем углядацца ў іх, як у сваё далёкае мінулае, якое адышло назаўсёды, мы шукаем сябе ў іх абліччы, мы намагаемся ўспомніць сябе маленькімі, а іх уявіць маладымі, потым сябе маладымі, а іх сталымі, а потым нечакана яны з’яўляюцца перад намі са старэчымі тварамі, бездапаможныя, як дзеці, і мы не заўсёды знаходзім час, каб прыйсці ім на дапамогу.

Яны ехалі ўдвух у машыне з Яраславам і размаўлялі пра сваіх бацькоў, тых, хто яшчэ жыў, і тых, каго ўжо не было на свеце. У душы Сівалапа расло раздражненне: Галя размаўляла з маці, тая сказала ёй, што адчувае сябе блага, пачала слабнуць на вачах. Але Галя не кінулася паехаць з Сівалапам, хоць была субота, на работу ісці не трэба... Прычына знайшлася — дамовілася зайсці на дзень нараджэння да сяброўкі, якую даўно не бачыла, не пайсці няёмка. Дачка, якая на словах любіла бабулю і нават дакарала яго, што яны рэдка наведваюць яе, таксама пашкадавала, што не зможа паехаць. У яе свае важкія прычыны — семінар у інстытуце і яшчэ адно мерапрыемства.

— Цікава якое? — зазлаваў Сівалап.

— Максім узяў білеты на прэм’еру ў тэатр оперы і балета.

Яшчэ яна дадала, што Максім адстаяў у чарзе некалькі гадзін... Адмовіцца няёмка. Але ў наступную суботу або нядзелю яна абавязкова пад’едзе да бабулі.

— Маёй маці блага, а вы...— ён не схаваў крыўды.— У вас няма часу, а ў мяне ёсць,— Сівалап зачыніў за сабой дзверы кабінета і набраў тэлефон Яраслава, запрасіў праехацца, часу гэта зойме нямнога, нейкіх паўтары гадзіны па добрай шашы, да таго ж яны падыхаюць свежым паветрам, а вечарам вернуцца назад. Яраслаў узрадаваўся нагодзе, дый у яго вольная субота, а стомленасць такая, што не хочацца нікога бачыць, адна дарога можа зняць напружанасць апошніх дзён. Ніводнай простай аперацыі... Яны разам праехаліся па магазінах — Сівалап купіў матчын любімы торт «Птушынае малако», апельсінаў, яшчэ тое-сёе, што не заўсёды бывае ў продажы ў райцэнтры.

— Жыве побач, а я так даўно не быў. Усё нейкія справы, дый маіх не вельмі выцягнеш,— уздыхнуў Сівалап.

Яраслаў згадзіўся:

— Праўду кажаш. Мае вунь на Магілёўшчыне жывуць, праўда, намнога далей, чым твая маці, але ўсё роўна. Дык, думаеш, колькі разоў у год мы наведваем старых — два, не больш. Вядома, летам на некалькі тыдняў падскочыш, ну і яшчэ дапаможаш бацьку парсюка заваліць. Вось і ўсё. А іх жа ўсё больш і больш да зямлі гне. Дачакаем сумнага часу, не даруем сабе.

На твары Сівалапа прамільгнуў самотны цень.

— Ты запомні, што нам будзе яшчэ горш.

— У якім сэнсе? — не зразумеў Яраслаў.

— Нашы дзеці будуць яшчэ далей ад нас, чым мы ад сваіх бацькоў.

Яраслаў закурыў. Як заўсёды — ментолавыя цыгарэты.

— Даследуеш праблему? — перапытаў ён, іранічна паглядзеўшы на сябра.— Любіш ты напускаць на сябе...

— Назіраю, думаю — як жа інакш? Калі нас і нашых бацькоў адчужвае адлегласць, то нас і нашых дзяцей — непаразуменне. Нашым старым дасталося цяжкае жыццё. Тут і вайна, і сіроцтва, і ўласныя нашы праблемы, і галадуха,— рэдка ў якім доме ўдосталь елі. І жах, заўсёдны жах. Перад усім... Словам, мы з табой нямала памятаем самага рознага. А ў нашых дзетак усё іначай. Мо таму яны так пільна ў жыццё ўглядаюцца. І кожную нашу хібу бачаць! Да кожнага нашага кроку адносяцца як сапраўдныя экзаменатары, і ўвесь час іх непакоіць пытанне; паступаем мы сумленна, ад чыстага сэрца альбо не? Што і казаць — мы не заўсёды з імі, ды і паміж сабой, шчырыя...

Сівалап папрасіў у Падмосткі цыгарэту, і той са здзіўленнем паглядзеў на яго:

— Даўнавата ты, стары, не курыў.

— Здараецца, не хочацца болей клапаціцца пра сваё ўласнае здароўе. Думаеш, а навошта яго столькі?..

Падмостка засмяяўся:

— Хопіць табе, а то з такой філасофіяй ты яшчэ і спорт кінеш. А чаму ты раптам пра дзяцей загаварыў?

— Гаварыў нядаўна з дачкой. Хацеў шчырасці, а не як звычайна бывае: якія адзнакі ў інстытуце, як самаадчуванне і г. д. І не шкадую. Багата для сябе чаго адкрыў. У многім мы пачынаем адставаць ад іх. І ведаюць яны болей, і кола інтарэсаў іхняе шырэй і праўды не баяцца. А адставаць нам нельга, катэгарычна нельга. Нашы дзяжурныя словы пра многія з’явы жыцця можа замяніць хто-небудзь іншы... Тады з’явіцца непрыемная сітуацыя. Памятаю па камсамоле... Ганялі, забаранялі мы клубы самадзейнай песні... Божухна, навошта нам свае «хатнія» барды і менестрэлі... Вядома, забаранялі, а яны спявалі, нягледзячы ні на што, спявалі і захаплялі моладзь, цэлыя пакаленні моладзі... А чаму б не было пайсці ім насустрач з адкрытай душой: спявайце, хлопцы... Толькі просім улічыць, перад кім спяваеце... Не атрымалася ў нас размовы. А яны спявалі, іх галасы запісвалі на сотні тысяч кіламетраў магнітафоннай стужкі, якая бегла ўжо не цераз вушы, а цераз сэрцы.

Сівалап змоўк. Міма праплывалі мясціны, якія ён добра ведаў з маленства.

— І, дарэчы, многія з хлопцаў, выхаваныя пад хрыпатыя галасы нашых менестрэляў, нішто сабе людзі. Адзін афіцэр расказваў мне, што з песнямі Высоцкага ішлі ў бой у Афганістане. Вось так!

— Нядаўна мой сын прынёс новыя запісы,— азваўся Яраслаў.— Слухаў я, слухаў, нічога не ўцяміў. Галава толькі зрабілася цяжкой. Пытаюся ў яго — што ты адчуваеш, калі слухаеш гэтую музыку. Ён у адказ: «А ты?» Кажу — нічога, акрамя стомы і гуду ў галаве. Смяецца — маўляў, мы розныя людзі, паміж намі амаль стагоддзе. Маладым патрэбны іншыя рытмы, бо жыццё такое. Што яму скажаш на гэта?

— А што адкажаш у такіх выпадках? — уздыхнуў Сівалап.— Хто яго ведае? Быў я нядаўна ў аднаго адказнага работніка. Дужа катэгарычны чалавек... Патрабавальны, прынцыповы. Ніякіх лявацкіх выкрутасаў не пацерпіць. І вось бачу... У адным з пакояў ягоныя дзеткі з сябрамі прыліплі да відэамагнітафона. На экране — голыя дзяўчаты, забойствы, жахі... Дык вось гэты «стоік» толькі развёў рукамі: «Нічога не зробіш — моладзь...»

Неба раптоўна зацягнула хмарамі, буйнымі кроплямі ўдарыў па шкле дождж.

— Люблю дажджлівае надвор’е,— ажывіўся Сівалап.— На душы робіцца спакойна... Знаёмыя мясціны. Вунь за тым пагоркам,— ён паказаў рукой,— я ледзьве не загінуў. Ды і хлопцы, сябрукі мае, таксама. Знайшлі старыя нямецкія кулі, распалілі касцёр, кінулі іх туды. Тут і пачалося! Кулі свісталі над галовамі, як раз’юшаныя. Усё абышлося, аднаго Стаса Барсука шкрабанула крыху па спіне. Мы спіну яму нечым памазалі, і — нічога. А праз месяц Стас загінуў ад разрыву нямецкай супрацьтанкавай гранаты. Трапілася нам у лесе. Стас загадаў нам пахавацца, а сам пачаў стукаць па ёй, каб порах здабыць. Тут і бабахнула. Мяне там у той раз, на шчасце, не было.

Па брукаванцы заехалі ў райцэнтр і неўзабаве спыніліся каля хаты, дзе жыла маці Сівалапа. Па вузкай сцяжыне, якая вяла да хаты, вецер ганяў счарнелае лісце. Сама хата, як здалося Сівалапу, яшчэ болей урасла ў зямлю. Дзверы сенцаў былі расчынены. Сівалап набраў з вядра халоднай вады, даў папіць сябру. Увайшлі ў пакой. І тут жа Сівалап пачуў матулін голас:

— Гэта ты, Мікола... Я пазнала цябе па хадзе. Добра, што прыехаў. Цяжка мне.

Ён пацалаваў яе ў халодную шчаку, сказаў, што прывёз з сабой добрага доктара, які агледзіць яе, паабяцаў пасля паездкі ў Маскву забраць на ўсю зіму ў Мінск. Але маці, нібы й не чула, нібы не слухала і працягвала сваё:

— Добра, што прыехаў. Даўно я не бачыла цябе, адно — па начах у снах... Дзякуй, што прыехаў.

 

14

З якім пачуццём яна ішла ў гэты пакой? Цяжка адказаць. Але галоўнае — яна зразумела, — таго, былога, болей паміж імі не будзе. Калі яна скажа яму праўду, ён пакрыўдзіцца і зноў стане падобны на яршыстага хлапчука, але і не сказаць яна не можа. Цяперашнія адносіны не патрэбны ні яму, ні ёй, а тое, што было, трэба выкрасліць з памяці, выкрасліць назаўсёды.

Ён частуе яе чаем з пячэннем і традыцыйнымі сухарамі, расказвае пра свае новыя кніжкі, пра камандзіроўкі, пераскоквае з аднаго на другое, столькі інфармацыі, самай рознай, часам незвычайнай, набралася ў яго з іх апошняй сустрэчы. Раптам ён змаўкае, вінавата глядзіць на яе.

— Зусім забыў пра галоўнае. Я быў у брата на дачы і размаўляў з ім. Ён, трэба сказаць, дужа здзівіўся, я ў яго ніколі нічога не прашу. Адразу ж спытаў, адкуль я ведаю Мікалая Сяргеевіча Сівалапа.

— І што вы адказалі? — Галіне Дзмітрыеўне, бачна, не церпіцца дазнацца пра вынік размовы.

Глеб усміхаецца:

— Кажу, таксама захапляецца кніжкамі, да таго ж мае вялізную калекцыю кніг па гісторыі, мы часам абменьваемся рэдкімі кнігамі, карацей — пасябравалі.

— А ваш брат? — зноў не ўтрымалася яна ад пытання.

— Сказаў, што чуў пра вашага мужа як пра таленавітага работніка, нічога не мае супраць яго кандыдатуры, і хоць на яго ўзроўні гэта не зусім прынята рабіць, падтрымае, дапаможа ў выпадку, калі з'явяцца раптам іншыя варыянты.

— Дзякуй, Глеб Максімавіч. Проста не знаходжу слоў... Вы разумееце, мне было няёмка звяртацца да вас з такой просьбай.

— Ды што вы, я быў рады хоць у чым-небудзь быць вам карысным. Многае змянілася ў маім жыцці, калі з’явіліся вы... Яно набыло зусім іншы сэнс. Я пачаў жыць радасна, з адчуваннем кожнага імгнення, я паверыў, што рана мне здавацца, не ўсё яшчэ прапала. І ведаеце, я шмат пішу; нічога, што не прымаюць у выдавецтвах і ў часопісах, калі-небудзь прымуць, усё роўна прымуць, я ўпэўнены, трэба толькі працаваць, працаваць. Нядаўна напісаў апавяданне, нават зразумець не магу, адкуль з’явіўся сюжэт, але яно само лягло на паперу. Хочаце, пачытаю?

Яна згадзілася, няхай ён чытае, ёй будзе вельмі цікава паслухаць. Глеб пакорпаўся ў паперах, дастаў апавяданне. Называлася яно «Эцюд пра варону».

— Варону?! — перапытала Галіна Дзмітрыеўна.

— Так, варону. Раней лічылі, што яны доўга, вельмі доўга жывуць. Я, калі дазнаўся пра гэта, паглядаў на іх з нейкай неймавернай павагай. І вось аднойчы на маіх вачах... Словам, слухайце:

— Старой, аблезлай вароне нарэшце надакучыла жыць. Яна ўсё пабачыла на сваім доўгім вяку — катаванні людзей (ёй невядома было, што гэта апрычнікі, каранацыі чатырох цароў) да таго часу, пакуль натоўп не знікаў у схаваных ад неба памяшканнях з крыжамі наверсе. Цягнуліся працяглыя часы, якія здаваліся страшэннай бясконцасцю, калі зямля ўнізе гарэла, зноў катаванні, зусім нядаўнія, полымя вайны. Варона, нягледзячы на ўсё, жыла, хоць у паветры яна спачатку з кожнай чвэрцю стагоддзя, а пасля з кожным годам адчувала сябе ўсё больш няўпэўнена. Вакол мянялася жыццё. Разам з ёй у паветры лёталі новыя вароны, а старыя яе знаёмыя знікалі назаўсёды. Яна шмат разоў бачыла, як яны падалі з дрэў, з дахаў будынкаў, спачатку яна шкадавала іх, а цяпер усё часцей пачынала ім зайздросціць. Яны заставаліся чарнець на сырой зямлі, а душы іх узляталі ў незразумелы свет, да якога ніхто не мог даляцець, і заставаліся там шчаслівымі, вечнымі птушкамі. Аднак калі варона думала пра гэта, ёй рабілася сумна, і яна з жахам глядзела ўніз, куды і ёй некалі трэба будзе ляцець чорным, безжыццёвым ценем.

Далей апавядалася, што за сваё бясконцае жыццё яна выпусціла ў жыццё багата птушанят. Спачатку яна вучыла іх, слабых, бездапаможных, лётаць, здабываць ежу... Потым яны разляталіся па ўсім свеце, яна пераставала іх пазнаваць, а яны не пазнавалі яе. Так ужо было ў іх птушыным свеце. Толькі адно варанё яна магла адрозніць ад тысяч птушак. Калі яно з’явілася на свет, у яго быў не чорны, а попельны колер крылаў. Яна ніколі за сваё доўгае жыццё не бачыла птушак з такімі прыгожымі крыламі. Яго сародзічы стараліся крыўдзіць, і аднойчы, калі птушкі ледзь не заклявалі яго да смерці, яна сабрала апошнія сілы і ўрэзалася ў гушчыню птушынага выраю. Яна змагалася за дзіця. З нейкай незвычайнай злосцю і рашучасцю. Гэта быў яе самы апошні, але галоўны ў жыцці паядынак. Яна выйграла яго. Птушкі разляцеліся, а птушаня з попельнымі крыламі засталося жывое. Вырасла — і яна ганарылася сваім сынам. Хутка і ён перастаў пазнаваць яе, але яна заўсёды выглядала ў небе попельныя крылы і назірала за няўдзячным нашчадкам.

Птушка з попельнымі крыламі пражыла нядоўга. Аднойчы, жорсткай зімой, яна ўбачыла вараня на дрэве. Ён быў нерухомы. Варона села побач і гучна, з усіх сіл, закрычала. Ён не звярнуў на яе ўвагі. Вочы яго былі мутныя. Тады яна яшчэ раз крыкнула і падляцела бліжэй. Той цяжка паляцеў спачатку над зямлёй, а потым усё вышэй і вышэй. Некалькі дзён яна прымушала яго ўздымацца ў паветра, але потым зразумела, што гэта не дапаможа. Сілы з кожным днём усё больш пакідалі яго. Калі ён лёг на зямлю, распластаўшы попельныя крылы, яна ўзляцела высока-высока ў неба, хоць зімой гэта было вельмі небяспечна, яна ператварылася ў маленькую чорную кропку і доўга кружылася над аблокамі, нібы хацела правесці ягоную душу ў іншы, высокі і незнаёмы свет. У той дзень яна адчула, што жыццё пакідае яе...

Аднойчы, калі прыйшло цяпло, яна ўбачыла з дрэва маленькае вараня. Птушак побач не было. Як яно тут апынулася? Побач — ніводнага гнязда. Яшчэ крыху — і вараня загіне без ежы. Радасць ахапіла варону. Яна ведала, што ёй рабіць. Яна зляцела ўніз і села побач. Потым вельмі асцярожна дзюбай падхапіла яго і ўзнялася угору. Яна ведала, куды ёй ляцець. Побач у лесе было пустое, утульнае гняздо. Там яна схавала вараня, а сама насіла яму ежу.

Неяк восенню вараня ўзляцела ў паветра. Хутка яно знікла сярод птушак, і яна зноў адчула раптоўную старасць. Па начах ёй здавалася, што яна падае, вельмі доўга падае ўніз, на зямлю. Дзіўна, але яна ніколі не радавалася таму, што хутка яе душа, лёгкая, вечная птушка, паляціць у іншае, заўсёды цёмнае неба. Ёй хацелася лётаць тут, сярод знаёмых лясоў і палёў.

Яна жыла, хоць было і цяжка. Зімой варона некалькі разоў ледзь не загінула ад холаду. Але зноў, на здзіўленне многім птушкам, дацягнула да вясны. На ўзараным полі было шмат ежы, і сілы пакрысе пачалі вяртацца да яе.

Неяк, пад’еўшы, яна села на невысокае дрэва адпачыць і ўбачыла двух чалавек — вялікага і маленькага.

— Цэлюся! — закрычаў маленькі чалавек.

Жах ахапіў варону. Яна хацела ўзляцець, але не змагла. Маленькі чалавек паспеў кінуць камень. Варона падала ўніз. Яна паспрабавала пракрычаць нешта, але голасу не было... Вакол быў змрок.

— Ты малайчына,— сказаў вялікі чалавек маленькаму.— Трапна страляеш. Калі вырасцеш, я куплю табе ружжо.

Глеб Максімавіч узняў на яе вочы:

— Вось і ўсё.

— Мне спадабалася. У вас добрая душа, толькі з такой душой і павінны пісаць людзі. Я кажу шчыра, Глеб Максімавіч. Вам трэба працаваць, пісаць.

Ён адклаў паперы.

— Хто яго ведае. Бывае часіна, калі хочацца ўсё парваць, спаліць, а потым зноў цягне да стала. І я саджуся...

Яны зноў пілі чай і доўга размаўлялі. Нарэшце яна паглядзела на гадзіннік.

— Мне трэба ісці, Глеб Максімавіч.

— Шкада, але што зробіш. Дзякуй і за гэтае.

Ён і не паспрабаваў аднавіць іх адносіны... Добра, што ён усё зразумеў і яна пазбавілася ад непрыемнай размовы.

...Галіна Дзмітрыеўна спяшалася на дзень нараджэння да сяброўкі, настрой у яе быў добры, хоць яна ўяўляла, як пакрыўдзіцца Мікола за тое, што яна не паехала з ім да яго маці, вось тады яна і выдасць яму інфармацыю, якая адразу палепшыць ягоны настрой.

Калі яна з’явілася ў сяброўкі з тортам і падарункам у руках, госці хадзілі па пакоях даволі вясёлыя. Сяброўка накінулася на яе: «Колькі гадоў не бачыліся, а яна не можа без спазненняў!..» Некалі яны вучыліся з Марынай (так звалі сяброўку) на адным курсе ў інстытуце. Гэта была самастойная дзяўчына, якая мела свой погляд на ўсе праблемы, што ўздымаліся ў іх студэнцкай кампаніі. Асабліва вызначылася яна на занятках па філасофіі, на якіх неаднойчы ставіла ў няёмкае становішча выкладчыкаў, дацэнтаў і нават прафесараў. Ад дзеда ёй засталася вялікая бібліятэка па філасофіі, яна чытала кніжкі з дзяцінства, спачатку не разумеючы напісанага, а потым з кожным днём навука прыцягвала яе ўсё больш і больш. Калі бацькі па-сапраўднаму звярнулі ўвагу на дачку (і не самі, а па парадзе настаўнікаў), то заўважылі, што яна амаль не чытае мастацкіх кніжак, а ведае ўсе працы па філасофіі, нават старажытных філосафаў. Калі хто-небудзь з выкладчыкаў недасканала ведаў тую ці іншую праблему, Марына не вытрымлівала, уставала, папраўляла, сыпала цытатамі з кніжак. Усе былі ўпэўнены, што яе чакае бліскучая будучыня, але на трэцім курсе Марына выйшла замуж, нарадзіла дзіця, узяла акадэмічны адпачынак, потым перавялася на завочнае аддзяленне. Цяпер яна выкладае літаратуру і мову ў школе, жыццём сваім задаволена, хоць і шкадуе, што ўсур’ёз не занялася філасофіяй.

Галіна Дзмітрыеўна агледзелася. Па дагледжанай, утульнай кватэры нельга было сказаць, што ў ёй жыве радавая школьная настаўніца.

— Сапраўды, жывеш ты не блага. Усё абстаўлена з такім густам, ды і...

Марына засмяялася.

— О, гэта ўсё не мае заслугі. Гэта ўсё ён,— яна паказала на мужчыну з маленькімі вочкамі і тоўстай ніжняй губой.— Муж мне сустрэўся незвычайны, я за ім як за вялізнай кітайскай сцяной, хоць ён ніякі не начальнік, а як табе лепш сказаць... Працуе інжынерам, уяві сабе, усяго толькі старшым інжынерам адной невялічкай арганізацыі. Не, не кааператыву... Ён лічыць, што ўсё гэта авантура... Знайдзі сёння жывога былога нэпмана... Павінен быць надзейны дах над галавой.

Галіна Дзмітрыеўна падумала, што не дужа разгонішся, калі ты старшы інжынер.

— Пасля работы,— працягвала Марына,— якая яму, як ты сама разумееш, «да лямпачкі», я рэдка яго бачу. Што зробіш, такое ўжо ў яго захапленне. Увесь час тырчыць у гаражы ля машын.

— У вас некалькі машын? — здзівілася Галіна Дзмітрыеўна.

— Адна. Але навокал шмат аматараў. У майго Кастуся проста залатыя рукі... Рамантуе надзейна. Пачаў з айчынных марак, а цяпер асвоіць і замежныя — кліенты рвуцца да яго нават з Масквы, Ленінграда, з Прыбалтыкі, і, як ты разумееш, людзі, многія людзі аддадуць любыя грошы, каб іхнія «Вольвы», «мерседэсы» і «фольксвагены» былі ў выдатным стане. Ён шмат працуе, часам мне робіцца шкада яго, дамоў прыходзіць позна, стомлены, ледзь на нагах трымаецца. І ўсё дзеля нас з дзецьмі...

Да іх падышоў Марынін муж.

— Я чуў, у вас «ГАЗ-24». Пакутуеце?

— І не гаварыце! А на станцыі абслугоўвання глухая сцяна. Выязджаеш і тут жа спыняешся. Муж заняты, у яго службовая машына. Мне ж даводзіцца марнаваць столькі часу!

— Званіце, і праблемы знікнуць,— усміхнуўся Кастусь, і яго маленькія вочы яшчэ зменшыліся.— Ваша «Волга» будзе выглядаць як новенькі «мерседэс». А наогул можна будзе падумаць і пра некаторыя змены ў яе канструкцыі. Скажам, можна паставіць дызельны матор заходняй вытворчасці. Адзін кліент з Рыгі прапаноўваў нядаўна набыць у яго. Будзеце катацца на вашай машыне да канца нашага стагоддзя без праблем.

— Буду вам вельмі ўдзячная,— шчыра адказала Галіна Дзмітрыеўна.— Як добра, Марыначка, што ты мяне нарэшце пазнаёміла з мужам.

Няўжо яна вырашыла сёння і яшчэ адну праблему?! Ёй будзе чым парадаваць Міколу.

Госці пайшлі садзіцца за стол, ёй далі слова, яна ўспомніла маладосць, захапленні Марыначкі філасофіяй, пажадала ёй быць заўсёды здаровай, прыгожай, шчаслівай. Потым яна сядзела і глядзела, як весяляцца госці.

...Калі яна вярнулася, ён сядзеў у кабінеце і праглядаў нейкія паперы.

— Як маці? — спытала яна.

Сівалап не азваўся. Увесь яго выгляд сведчыў аб дрэнным настроі.

— Ты што, не чуеш мяне?

— Выдатна чую, але не разумею, навошта табе гэта ведаць? Вы такія занятыя з дачкой... А яна і вам не чужы чалавек. Хворая яна. Яраслаў паслухаў сэрца, сказаў, што трэба лячыцца, здабываць пуцёўку ў спецыяльны санаторый, іначай доўга не працягне.

— Супакойся,— яна села побач.— Прашу цябе... Усё абыдзецца, мы пакажам яе лепшым прафесарам. Адзін з іх, дарэчы, аўтар нашага выдавецтва. Ён мяне паважае і зробіць усё неабходнае. Павер мне і супакойся. А цяпер выслухай. У цябе будзе ўсё таксама добра...

— Не разумею, пра што ты,— Сівалап адклаў паперы, паглядзеў на жонку.

Яна пераможна зірнула на яго:

— Пра тое самае. Цэнтр, пасада.

Ён прыўзняўся:

— Адкуль ты ведаеш? Скажы, калі ласка.

— Я гаварыла з адным чалавекам, ён абяцаў дапамагчы. Як бы табе лепш сказаць... Калі хто-небудзь і калі-небудзь спытаецца ў цябе, ці захапляешся ты калекцыяніраваннем старажытных кніжак, асабліва па гісторыі Расіі, не здзіўляйся. Скажы, захапляюся, і даўно.

Сівалап вытарашчыў на яе вочы:

— Паслухай... Можа, ты замнога выпіла на дні нараджэння ў сваёй сяброўкі?!

— Кроплю шампанскага, не болей,— сказала Галіна жорстка.— Я не жартую. Калі запытае хто-небудзь пра збіранне кніжак... Скажы, што збіраеш і захапляешся гэтым даўно, ледзь не з дзяцінства. Ясна?

— Ясна,— Сівалап ніякавата ўсміхнуўся.

— Вось і добра. Я вырашыла і яшчэ адну праблему. Марынін муж, аказваецца, жыве тым, што рамантуе машыны, і не толькі нашы, замежныя таксама. Ён паглядзіць нашу, абяцае матор ад «мерседэса» або «БМВ».

Сівалап не вытрымаў:

— Столькі звестак за адзін вечар... І ўсе прыемныя...

— Я старалася,— адказала яна.

 

15

Ён адчуў — зліпаюцца вочы... Адразу зрабілася лёгка, нібыта ён пазбавіўся ад уласнага цела, усёй яго вагі, ад думак, хваляванняў і лёгка паляцеў насустрач бязважкасці, яшчэ больш радаснай... Хваля наблізілася да яго, ахінула і панесла ў сваёй гарачай плыні.

— Вы адчуваеце радасць, вы пазбаўляецеся ад цяжару думак, ад таго, што было сёння, учора, будзе заўтра.

Сівалап хацеў пацвердзіць — сапраўды, я адчуваю, я не ведаю, што адбываецца са мною, але мне прыемна, я даўно не адчуваў падобнага, вы зрабілі неверагоднае, Ева.

Але вусны зрабіліся цяжкімі, і ён не знайшоў у сабе сілы, каб вымавіць гэта. Яму раптам захацелася ўбачыць яе вочы, і ён убачыў іх, сам не ведаючы як, бо яго вочы былі закрытыя, а ён тым не менш апынуўся ў глыбіні яе позірку, глыбокага, прыцягальнага.

«Якая вы, якая вы»,— ціха вымавіў ён, але голасу свайго не пачуў, бо ён быў унутраны і знаходзіўся далёка ў нейкім незразумелым свеце разам з яе позіркам, і там, зусім блізка, ён убачыў яе твар. Ён то набліжаўся, то аддаляўся ад яго.

Што вы робіце са мной, я гляджу на вас так, як нельга глядзець... Але я нічога не магу зрабіць з сабою. Вы прыцягваеце мяне магнітам магутнай сілы. Калі я апынуўся ў самай утульнай кватэры, якую толькі бачыў, пасля доўгага падарожжа па старой Маскве, асабліва па Арбаце, дзе больш за ўсё ўразіў домік Пушкіна і Наталлі Ганчаровай, пасля таго як я слухаў цішыню Кітай-горада і доўга стаяў ля бронзавай скульптуры Высоцкага на Ваганькаўскіх могілках, я зразумеў, што вы незвычайная жанчына... Да мяне даходзілі розныя чуткі пра вас. Бытта вы лячылі вялікіх людзей, пазбаўлялі іх нават ад нематы. Я пераканаўся, што вы існуеце, што вы валодаеце ўмельствам глядзець у людскія душы і выратоўваць іх ад сумненняў».

«Вы не павінны гаварыць мне такое, я не чакала пачуць ад вас гэтага, вы мой кліент, і цяпер вам павінна зрабіцца лёгка, лёгка...»

Ён не чуў свайго голасу, яе голасу таксама, але размова існавала, яна адбывалася паміж імі.

Вось зноў набліжаецца да яго яе твар, вочы робяцца пранізлівымі, калючымі.

«Вы можаце лічыць сябе сапраўдным мужчынам,— пачуў ён Евін голас, хоць яе вусны, тонкія і нервовыя, не варушыліся,— вы навучыліся адрозніваць чорнае ад ружовага, вы ведаеце, чаго хочаце ў жыцці... Шмат гадоў вы мэтанакіравана шукаеце шляхі для дасягнення поспеху ў жыцці... Але вы не заўсёды дыпламатычны ў адносінах з самымі рознымі людзьмі... Вы пастаянна выклікаеце зайздрасць яшчэ і тым, што бываеце занадта самаўпэўненым, напорыстым. Раю вам вучыцца мяккай інтэлігентнасці, гэта толькі на першы погляд інтэлігенты ў наш час здаюцца белымі варонамі, у выніку менавіта яны, хоць і нялёгка, але перамагаюць, і вы таксама пераможаце. Што датычыць здароўя, то я не знаходжу нічога трывожнага. Сэрца прафесійнага спартсмена... Яно здольна стрываць вялікія нагрузкі, але шкадуйце яго. Нервовая сістэма таксама не выклікае клопату, праўда, у вас здараюцца зрывы і ў сям’і, і на службе. Цяпер у вас такі стан, што службовых зрываў дапускаць нельга. Я не магу сказаць канкрэтна, але вы чакаеце нейкіх змен у сваім жыцці, а перад такімі зменамі нельга выклікаць непрыязь да сябе нават у дробных падначаленых людзей... Больш зрываў у вас не будзе, вы супакоіліся, зусім супакоіліся. Перш чым нерваваць, заўсёды добра прадумаеце дэталі і пераканаецеся, што можна і трэба быць спакойным, вельмі спакойным... Прачніцеся, далей мы будзем размаўляць у іншай абстаноўцы...»

Сівалап адкрыў вочы, агледзеўся навокал: ён у яе кватэры — вялікі пакой, ярка асветлены сонцам, старажытныя карціны на сценах, полымя ў каміне. Яна ўсё яшчэ трымае яго руку ў сваёй, глядзіць на яго з нейкай затоенай уважлівасцю, і яе позірк не падобны на той, які ён толькі што бачыў. Побач сядзіць Вадзім Антонавіч Яршоў: усміхаецца, трымаючы ў руцэ бакал шампанскага.

— Праз шампанскае люба-дорага глядзець на цябе, Мікалай Сяргеевіч, ты здаешся фантастычным, іншапланетным госцем.

— Усе мы іншапланетныя госці,— Ева выпусціла руку Сівалапа.

Ён з жалем паглядзеў на яе, прыслухоўваючыся да нечага незнаёмага, далёкага.

— Што вы адчуваеце? — спытала яна.— Ці было вам лёгка, ці не адчувалі вы няўпэўненасці або жаху?

— Наадварот. Мне было лёгка і радасна. Адчуванне незвычайнае... Мне не хацелася з ім развітвацца.

Яршоў засмяяўся.

— Вы небяспечны чалавек, Мікалай Сяргеевіч. З вамі не засумуеш. Вы таксама зрабілі на нашу гаспадыню непаўторнае ўражанне, бачу па яе вачах. Быццам заваражылі яе сваімі чарамі болей, чым яна вас.

Ева ўздыхнула.

— Супакойцеся, Вадзім Антонавіч, вы нам перашкаджаеце працаваць. Да таго ж вашы падазрэнні беспадстаўныя. Мікалай Сяргеевіч для мяне звычайны наведвальнік,— яна спадцішка зірнула на Сівалапа.

Праўда, праўда, ён гэтага жадае, ён марыць пра тое, каб усё было, як гаворыць Вадзім Антонавіч. Але яе позірк раптоўна робіцца халодным і абыякавым.

— Добра,— сказала яна.— Упэўнена, ваша нервовая сістэма яшчэ можа вытрымаць вялікія нагрузкі. Вы можаце пражыць доўгае, шчаслівае жыццё, без хвароб і іншых непрыемнасцей, калі будзеце падтрымліваць форму, пастаянна кантраляваць сябе і займацца аўтатрэнінгам. Ён, аўтатрэнінг, паможа вам пазбегнуць душэўных крызісаў і заменіць вось гэты кароткатэрміновы сеанс у мяне.

— Нават вас заменіць? — здзівіўся Вадзім Антонавіч.

— І мяне. Я таксама жывы чалавек і магу быць слабай. Да таго ж Мікалай Сяргеевіч не зможа наведваць мяне часта.

— Я спрабаваў, нічога не атрымалася,— паскардзіўся Сівалап.

— Нічога. У вас павінна атрымацца. Патрэбны цярпенне, вытрымка, якія таксама ў вас ёсць. Я гарантую поспех.

Вадзім Антонавіч падышоў да магнітафона, націснуў на клавішу. З усіх куткоў абрынулася музыка.

— Сінтэзатар... Музыка XXI стагоддзя. Я расказала аднаму маладому кампазітару, перадала свае ўражанні аб пачутым. Ён напісаў спецыяльна для мяне. Гэта музыка дазваляе пастаянна знаходзіцца там, у будучым, без асаблівага напружання, гэта так важна. Наогул люблю музыку, дзякуючы ёй можна зазірнуць і ў мінулае. Таксама намнога прасцей, чым звычайна.

— Чым звычайна?! — са здзіўленнем паўтарыў Сівалап.— Не разумею...

— Ева жыве як бы ў трох вымярэннях,— падказаў Вадзім Антонавіч.

— Не спяшайцеся, Вадзім. Зразумець гэта адразу нялёгка,— яна раскурыла чорную тонкую цыгарэту.— Я магу адысці ў мінулае. Убачыць сябе маленькай дзяўчынкай у старажытным горадзе на беразе мора, бачу там твары незнаёмых людзей, яны размаўляюць на незнаёмай мове. І вось я сама пачынаю размаўляць на іхняй мове і пазнаю людзей... Я пазнаю сваіх родных, а дакладней кажучы, прашчураў, гены продкаў, якія пануюць у кожным з нас, пераносяць мяне ў дзіўны, аддалены свет. Я пачынаю жыць у гэтым свеце... Але нядоўга, я вымушана вяртацца да сябе сённяшняй, іначай пачынае знікаць энергія. Я разумею, пройдзе колькі часу і я застануся там назаўсёды, я не вярнуся ў наш сённяшні дзень жывой, а тут здзіўленыя родныя знойдуць маё халоднае цела. Я іду з мінулага, пакідаючы цела і розум маёй далёкай сваячцы, вяртаюся ў сённяшні дзень, у свой горад, сваю кватэру, я хаджу па вуліцах, углядаюся ў твары незнаёмых людзей, дыхаю паветрам і доўгі час не магу адысці ад мінулага. З месяц я нікога не прымаю, я аднаўляю свае сілы, збіраю страчаную энергію, мае хатнія разумеюць — мяне нельга трывожыць. Я пытаю ў іх, якой я была апошнія два-тры дні, яны гавораць, што я была хворай, ляжала на ложку з заплюшчанымі вачамі і амаль не размаўляла. Я разумею, цяпер доўгі час не змагу падарожнічаць за мяжу нашага часу, аднак мяне цягне туды, потым у будучае, далёкае ці больш блізкае. А музыка памагае кранацца гэтага без страт энергіі, у марах...

Вадзім Антонавіч падскочыў з месца.

— Раскажыце пра будучыню, Ева, раскажыце, прашу вас.

Ён глядзіць на Сівалапа. У позірку чытаецца просьба: падтрымай мяне!

— І я прашу вас, Ева,— Сівалап глядзіць на яе з захапленнем.

Яна ўздыхнула.

— Давайце крыху адпачнём. Я стамілася, паверце мне. Былі цяжкія дні, шмат хворых, нямала сумненняў. Хутка прыйдуць некалькі маіх сяброў, цікавых людзей, і мы прадоўжым размову. Я ўпэўнена, што не перашкодзяць яны нам, наадварот. Я хачу падараваць вам прыемны вечар.

Мякка, амаль нячутна яна хадзіла па кватэры, накрывала на стол. Яршоў падсеў да Сівалапа, загаварыў:

— Многія мараць пра яе, я таксама некалі марыў, а потым кінуў,— ён адпіў шампанскага з бакала.— Зразумеў, што нічога не атрымаецца, як, дарэчы, зразумелі і многія, хто бывае тут. Справа ў тым, што яна бачыць кожнага з нас наскрозь. З усімі нашымі недахопамі, непрыгожымі думкамі, жаданнямі, нашым мінулым і будучым. З ёй, паверце, страшнавата.— Вадзім Антонавіч перайшоў на шэпт.— Сапраўды, жахліва. Жанчына з мінулага, сённяшняга, будучага... Нам, дарагі Мікалай Сяргеевіч, бліжэй простыя жанчыны, якія жывуць у адным вымярэнні, а не ў трох.

Ева ўвайшла ў пакой, стомлена абнікла ў крэсле.

— А наогул я не люблю бываць у будучыні,— сказала яна раптам, уважліва паглядзеўшы на Сівалапа.

— Чаму? — спытаў ён.

— Там, у будучыні, людзі яшчэ больш развучыліся адчуваць, адносіны паміж імі зрабіліся больш халоднымі, розум атрымаў поўную перамогу над пачуццямі... Людзі пачалі менш баяцца адзін аднаго, але і гэта не выратоўвае. Чалавек з будучыні нагадвае вылічальную машыну, у якой усё разлічана да дробязей — кожная гадзіна, кожны тыдзень жыцця. Яму няма часу задумацца над тым, дзеля чаго і дзеля каго ён жыве, чалавек адчувае сябе адзінокім, але адзіноцтва таксама прачынаецца толькі ў некаторых. А далей — мяжа.

— Якая? — пытаецца Сівалап.

Ева паціснула плечуком:

— Сама не ведаю, што гэта. Раптам усё знікае — людзі, гарады, дзіўныя машыны. Я аказваюся на пустым месцы, на пустой планеце, наўкола нічога няма. Мне з цяжкасцю ўдаецца пакінуць гэта месца, гэты час. Я вяртаюся адтуль і доўга думаю, у чым жа сакрэт мяжы, за якой нічога няма. Варыянты ёсць тры. У мяне не хапае энергіі, каб зазірнуць далей, нехта паставіў на маім шляху мяжу з нейкай, невядомай для мяне мэтай... Ёсць і трэці варыянт — за гэтай мяжой будучага не існуе, там — канец свету.

Яна замаўчала, потым ледзь чутна вымавіла:

— Прабачце, але вы прасілі расказаць. Я апісала толькі тое, што бачыла.

Яна нячутна знікае, зноў носіць нешта на стол. Вадзім Антонавіч пытаецца ў Сівалапа:

— Вы верыце ў гэта?

— Не ведаю,— разгублена адказвае Сівалап.— Не веру і ў той жа час не магу не верыць. У яе словах дзіўная сіла, яна пераконвае.

Вадзім Антонавіч іранічна паглядзеў на яго.

— Адно магу сказаць. Людзей яна лечыць выдатна, ставіць дыягназ хваробы лепш, чым любы навуковы кансіліум. Яна пераўзышла славутую Джуну, а астатняе... На мой погляд — чыстыя фантазіі, неўтаймаванасць уяўленняў па адной толькі прычыне.

— Па якой жа?

— Яна не можа пакахаць. Яна шукае каханне, верыць у яго, потым памыляецца, жорстка карае сябе і зноў пачынае жыць сваімі фантазіямі.

Сівалап вымавіў:

— Я магу слухаць яе бясконца. Мне хочацца ёй верыць, і я пачынаю верыць... Дзіўна ўсё гэта.

Вадзім Антонавіч усміхнуўся, паклаў руку на плячо Сівалапа.

— У чалавека, які не развучыўся адчуваць і верыць розным фантазіям, вялікае будучае, паверце мне.

У кватэру пачалі заходзіць нейкія людзі — мужчыны, жанчыны, юнакі. Выглядалі яны па-рознаму, былі рознага ўзросту, і, аднак, усе адчувалі сябе тут, як дома. Адны слухалі музыку, другія не адыходзілі ад відэамагнітафона, трэція з вялізнай хуткасцю знішчалі ўсё, што было на стале.

— Не звяртайце ўвагі,— сказаў Вадзім Антонавіч, адчуўшы напружанне ў паводзінах Сівалапа.— Тут заўсёды бывае такое. Яна корміць, прымае ў сябе вялізную колькасць народу. Адны вераць у яе незямны талент, іншыя прыходзяць адпачыць ва ўтульнай, сытнай атмасферы, трэція спрабуюць вырашыць тут свае шматлікія праблемы. Кола яе знаёмых самае рознае, тут можна сустрэць карысных людзей, да якіх не заўсёды трапіш афіцыйна.

Гаспадыня падышла да іх.

— Абстаноўка не стамляе вас, Мікалай Сяргеевіч? — спытала яна.

— Наадварот, у вас тут такое жыццё, якога я раней ніколі не бачыў.

Паэт, з сівымі раскудлачанымі валасамі, пачаў чытаць вершы, прысвечаныя Еве.

— Уласны паэт яе вялікасці,— усміхнуўся Вадзім Антонавіч.— Адсюль выходзіць толькі тады, калі нап’ецца і наесца.

— А маладыя людзі? Па адзенні яны вельмі падобныя на панкаў...

— Яе вучні. Лічаць яе святой. Ева кажа, што з іх нічога не атрымаецца, няма ні прыродных дадзеных, ні старання, але не выганяе. Шкадуе іх і таксама ад пуза корміць. Калі мы затрымаемся яшчэ крыху — пабачыце, што наб'ецца шмат рознага, дзіўнага народу, сярод якога нямала сімпатычных жанчын. Калі ў вас ёсць жаданне, давайце затрымаемся, але ў нас заўтра цяжкі дзень. Трэба рыхтавацца да нарады.

— Ісці не хочацца, але што зробіш,— з жалем у голасе сказаў Сівалап.— Заўтра сапраўды цяжкі дзень.

Вадзім Антонавіч сказаў, што так вось, па добрай волі Ева іх не адпусціць, таму трэба знікнуць па-англійску, незаўважанымі. Назаўтра яна можа забыць, што яны зніклі, можа нават не заўважыць гэтага, а калі заўважыць, то ён папросіць у яе прабачэння.

— Пайшлі! — рашуча сказаў Сівалап.

 

Ліў дождж. Але лавіць таксі не хацелася, яны ішлі пешшу. Вадзім Антонавіч гаварыў, што ў Маскве многа такіх прыемных кватэр, дзе можна адпачыць, адвесці душу сярод незвычайных людзей. Ён у любы момант дапаможа Сівалапу зрабіць дзіўнае падарожжа.

— У Мінску гэткага я вам не пакажу,— уздыхнуў Сівалап.— Але, калі памятаеце, ёсць таксама нямала цікавага.

Вадзім Антонавіч паглядзеў на яго.

— Скажыце, а ў вас ніколі не з’яўлялася жаданне жыць у Маскве? — спытаў ён.— Чалавек вы малады, прыязджаюць сюды навабранцы і ў больш сталым узросце. І нічога — робяцца сапраўднымі масквічамі.

Сівалап не чакаў такога пытання, але адказаў, што, на яго погляд, у Маскву трэба пераязджаць чалавеку, якому не больш дваццаці пяці, тады ў яго хопіць часу па-сапраўднаму зразумець гэты непаўторны горад, зрабіцца тут сваім чалавекам.

— Вы дарэмна так гаворыце,— сказаў Вадзім Антонавіч.— Трэба побач мець людзей, якія выдатна ведаюць гэты горад, яго няпісаныя законы. Тады ўсё будзе ў поўным парадку. Да таго ж я перакананы на сваім уласным вопыце, што поспеху тут дабіваюцца людзі якраз з правінцыі. Яны поўныя энергіі, рашучасці, у іх няма стомленасці і інфантыльнасці, як у многіх карэнных масквічоў. Гэта толькі на першы позірк масквічы прабіўныя людзі. А ў большасці сваёй яны стомленыя ад шалёнага рытму вялікага горада. Яны інтэлігентныя па сваёй сутнасці, і ў многіх з іх не хапае сіл аказацца на паверхні жыцця. Ім не хапае паветра, якое гуляе ў грудзях правінцыяла, не хапае ціску ў крыві для таго, каб пераадолець самыя розныя перашкоды і дасягнуць сапраўднага поспеху.

— Ніколі не задумваўся над гэтым. Але заўважаў — карэнныя гараджане больш інфантыльныя, калі можна так сказаць, кар'ера для іх нешта абстрактнае, пажаданае, вядома, але не галоўнае. А людзі з вёскі больш учэпістыя. Я таксама прыехаў у Мінск з маленькага ляснога пасёлка. І магу сказаць, што плячамі давялося папрацаваць. Многія сталічныя жыхары засталіся ззаду...

Вадзім Антонавіч засмяяўся.

— Я таксама, ведаеце, не на Арбаце нарадзіўся, а прымчаў сюды з вёскі пад Тулай. Цяпер, калі скажу каму пра гэта, не вераць. І горад, не пабаюся сказаць, ведаю не горш ад тых, хто ў ім нарадзіўся, разумею яго законы таксама нядрэнна.

— Вы амаль пераканалі мяне, што ў Маскве можна выжыць і не масквічу,— сказаў Мікалай Сяргеевіч,— аднак мяне сёння, скажу шчыра, хвалюе іншая праблема.

— А якая? — з цікавасцю спытаў Вадзім Антонавіч.

— Ды ёсць адна...

— Заўтра якраз і пагаворым пра гэта.

Твар цьмяны, азызлы... Дыягназ паставіць вельмі проста, для гэтага не трэба быць урачом альбо экстрасенсам Евай. Традыцыйная ежа (шмат мяса, бульбы, мала вітамінуў, гародніны), маларухомае жыццё (увесь час машына пад бокам: навошта і, галоўнае, няма часу хадзіць пешшу), да таго ж цыгарэты (здаецца, што ён не развітваецца з імі ні на хвіліну). Сівалап сядзіць насупраць Адама Іванавіча. Ён пазваніў у нумар а палове сёмай, калі Мікалай Сяргеевіч толькі-толькі пачаў рабіць зарадку, і сказаў, што ім трэба тэрмінова папрацаваць — паглядзець выступленне, бо роўна ў дзевяць Адам Іванавіч павінен быць у міністра СССР, размова будзе працяглай, потым — неадкладныя справы ў розных малых і вялікіх упраўленнях, і ў Сівалапа можа не застацца часу, калі ўлічыць у сваім выступленні заўвагі міністра (калі яны, вядома, з’явяцца); нарада пачынаецца з самай раніцы заўтра.

Адам Іванавіч сядзіць у крэсле ў спартыўным касцюме і ўважліва праглядае выступленне, а Сівалап разглядае яго, быццам бачыць першы раз. За выступленне ён спакойны, калі ў міністра і будуць заўвагі, то самыя нязначныя, ён у гэтым упэўнены; усё адшліфавана да апошняй думкі, да апошняга слова. Ён міжволі адзначае, што наш міністр у свае няпоўныя шэсцьдзесят страціў самае галоўнае — здароўе, выгляд нармальнага мужчыны, што ўжо, нягледзячы на самыя актыўныя намаганні (якіх пакуль няма і не прадбачыцца), не вярнуць. Ён з людзей, якія лічаць, што жыць трэба столькі, колькі богам адпушчана, ні на месяц больш, а розныя там абмежаванні ў ежы і дзівацкія заняткі спортам, фізкультурай нічога добрага не дадуць, трэба слухацца свайго арганізма і свята выконваць усе яго загады і пажаданні.

Жывот Адама Іванавіча крыху ўздрыгвае, ён закашляўся пры чарговай зацяжцы цыгарэтным дымам. Крактануў:

— Дрэнныя цыгарэты. Наша «Арбіта» лепей.

Ён чытае матэрыялы не спяшаючыся, углядаючыся ў кожнае слова. Ён напамінае — яшчэ раз, што выступленне Сівалапа на нарадзе будзе па сутнасці справаздачай усяго рэспубліканскага міністэрства, сёння няма больш важнай справы, чым выпуск новай машыны, які строга кантралюе сам верх.

Адам Іванавіч заканчвае чытаць, запрашае Сівалапа выпіць кавы, але той адмаўляецца. Міністр падымаецца з крэсла, пацягваючыся, ходзіць па пакоі.

— Малайчына, Мікалай Сяргеевіч, я невыпадкова быў спакойны за ваша выступленне. Выступаць вы ўмееце добра. Выступленне прагучыць. Мы будзем выглядаць найлепш ад іншых, не сумняваюся, а што будзе потым? Ці выцягнеце вы новыя тэрміны? — ён уважліва глядзіць на Сівалапа і не дае таму магчымасці адказаць.— Так, заўтра нарада скончыцца для нас пераможна... Для вас, для мяне таксама... Пачнуцца цяжкасці. Шматлікія. Іх вырашэнне будзе залежаць не толькі ад нас, але і яшчэ ад шматлікіх арганізацый за межамі рэспублікі. Адолець усё гэта будзе нялёгка.

Ён зноў цяжка апусціўся ў крэсла, раскурыў новую цыгарэту.

— Мы доўга думалі, Адам Іванавіч,— сказаў Сівалап.— Думалі не для нарады, паверце мне. Рабілі шматлікія разлікі, кансультаваліся са службамі міністэрства, Цэнтра, нашага самастойнага Аддзела. Усе ўпэўнены ў поспеху.

— А вы самі?

— Я само сабой,— не задумваючыся, адказвае Сівалап.— Сам выдатна разумею... Усё можа скончыцца сумна... для мяне. У выпадку зрыву.

— Вядома, часы мяняюцца, дарагі Мікалай Сяргеевіч, не вам гаварыць. Толькі той і застаецца ля сваёй справы, хто разумее, што жыць і працаваць, як раней, мы не зможам. Хочам не хочам, але не зможам. Добра, што гэтая думка, не напрамую, праўда, а ўскосна прагучала ў вашым выступленні. Я спакойны, цяпер магу ісці да міністра. Дзякуй, Мікалай Сяргеевіч.

— Я таксама буду ў міністэрстве. Запрасіў зайсці начальнік упраўлення.

— Вы будзьце з ім як мага ўважлівей. Яршоў чалавек з новай каманды, і мы ў многім ад яго залежым, як, дарэчы, і іншыя. Міністр лічыцца з ягонай думкай.

Сівалап сказаў, што Вадзім Антонавіч пакінуў у яго аб сабе вельмі добрае ўражанне ў той час, калі яшчэ не быў членам і начальнікам упраўлення.

— Пастойце, пастойце, дык ён жа да нас прыязджаў,— успомніў Адам Іванавіч.

— Прыязджаў і доўгі час вывучаў работу нашага самастойнага Аддзела. Магу вам шчыра сказаць, Адам Іванавіч, у нас усталяваліся з ім сяброўскія адносіны, і калі ёсць...

Міністр усміхнуўся.

— Каб жа! Іх столькі, што пералічыць цяжка. Але не будзем забягаць наперад. Абмяркуем тое-сёе адразу пасля нарады.

Сівалап прыйшоў у свой нумар, прылёг на ложак. Пакуль усё складваецца так, як ён і планаваў. Вадзім Антонавіч яўна спатрэбіцца міністру, ён пазнаёміць іх бліжэй, што залічыцца яму таксама.

Ён устаў, падышоў да люстэрка і заўважыў, што раніцой, спяшаючыся да міністра, дрэнна пагаліўся.

Толькі ўзяў брытву ў рукі, як тут пачуўся тэлефонны званок. Хто гэта можа быць? Адам Іванавіч забыў яму нешта сказаць?

— Добрай раніцы, Сівалап. Я не памылілася... Я ведала, у Маскве вы не ўспомніце пра маё існаванне... Як гэта было апошнім часам у Мінску. Учора ўвесь вечар пратырчала каля тэлефона, чым вельмі здзівіла сваю старую бабулю.

Ён уздыхнуў і адклаў лязо ўбок.

— Марына, дай жа і мне вымавіць хоць слова, адно слова,— сказаў ён ціха, але жорстка.

— Я ведаю тое ваша слова, мне нават не трэба фантазіраваць. У вас адказная нарада, шмат дзелавых сустрэч, якія, гэтак жа, як і ў Мінску, працягваюцца да позняй ночы, вы не можаце вырашыць цэлы шэраг праблем дзяржаўнага ўзроўню і гэтак далей. Але я памятаю час, калі ўсё гэта не перашкаджала, вы маглі прыехаць да мяне ў любы момант. Відаць, так рассудзіў час. На свеце ўсё часовае, і — пачуцці. Я разумею, я не маленькая, Сівалап.

Бадзёры настрой пасля размовы з міністрам, відаць, садзейнічаў таму, што Сівалапа раптам ахінула цеплыня, якая ішла ад яе голасу.

— Я прашу цябе, супакойся. Я толькі ўчора ў Маскве, некалькі разоў набіраў твой нумар тэлефона, ён быў заняты і сапраўды паехаў на дзелавую сустрэчу, якую не мог адкласці. А зараз якраз збіраўся званіць табе.

Яна сказала:

— Добра, добра... Лічыце, я вам паверыла, Сівалап. Паверыла, бо я часам нібы наіўная дзяўчынка. Я ніколі не злуюся на вас, я крыху пачала разбірацца ў жыцці. У мяне няма іншага выйсця, каб навучыцца разбірацца ў ім.

— Да абеду я буду ў міністэрстве. Потым мы можам паснедаць разам у якім-небудзь прыемным месцы. Вечарам мне паабяцалі білеты ў тэатр... Астатні час да самай раніцы таксама наш.

— Праўда?! Цудоўна! — узрадавалася яна.— Я даўно не бачыла цябе... Мне блага, калі я не бачу цябе доўга.

— І мне,— Сівалап палагоднеў,— нарэшце ты размаўляеш са мной па-чалавечы.

Ён уявіў, як ганарліва ўскінуліся яе бровы, таму што пачуў з трубкі:

— Я ваша вучаніца, Сівалап. А вы размаўляеце са мной, як...— яна на імгненне прымоўкла,— як з чалавекам, які вам вельмі надакучыў, і вы не ведаеце, як ад яго пазбавіцца. Дык давай разбягацца?

— Я дакажу табе іншае, абавязкова дакажу.

— Сёння?

— Сёння.

Калі Сівалап першы раз трапіў у саюзнае міністэрства (гэта было некалькі гадоў назад), яго ўразіў выгляд сапраўднага, сучаснага офіса — шырокія калідоры, асветленыя круглымі лямпамі дзённага святла, шырокія холы, устаўленыя мяккімі крэсламі, кветкамі, сцены, пафаніраваныя дрэвам.

Прастора была і ў кабінетах, дзе сядзелі па тры, максімум па чатыры супрацоўнікі. Тут не было вялізнай колькасці сталоў, заваленых паперамі, а прастора, куток для дзелавых размоў (некалькі крэслаў, столік), алюмініевыя паліцы для кніг і папак з паперамі, сейфы з вялізнай колькасцю ячэек, жалезныя жалюзі на шырокіх вокнах, дываны на паркеце. Адчувалася, тут мала людзей, ім вольна працуецца ў такіх кабінетах.

Мякка ступаючы па варсістым дыване, Сівалап увайшоў у кабінет начальніка Галоўнага ўпраўлення. Вадзім Антонавіч здалёк (кабінет быў доўгі, шырокі) яму заўсміхаўся, потым сказаў некаму па тэлефоне, што ў яго наведвальнік, папрасіў перазваніць не раней дванаццаці. Паклаў трубку і ўстаў насустрач Сівалапу.

— У вас цудоўны, бадзёры выгляд, Мікалай Сяргеевіч, а я дрэнна спаў. Шампанскае мне не ідзе, раблюся вялым, бачу незразумелыя сны.

Сівалап сеў насупраць.

— А я, уявіце сабе, зноў апынуўся пад уладай нашай цудоўнай Евы, зноў патанаў у яе вачах, чуў яе голас, адчуваў дотык яе нервовай, гарачай рукі. І сон мой быў бязвоблачны, лёгкі... Раніцой з жалем паглядзеў за акно...

— З «Масквы» такі цудоўны від!

— Не ў гэтым справа. Я пашкадаваў, што сёння давядзецца абысціся без ранішняй прабежкі.

Вадзім Антонавіч сказаў:

— Трэба прыехаць да вас у Мінск, не на дзень, не на два, а сама меней на месяц, каб таксама захварэць спортам.— Ён паглядзеў на гадзіннік.— Давайце ваша выступленне, сёння напружаны дзень. Іншага часу ў мяне не будзе.

Ён пачаў гартаць паперы, якія перад ім паклаў Сівалап.

Рабіў гэта ён, у адрозненне ад Адама Іванавіча, хутка. Мікалай Сяргеевіч моўчкі назіраў за ім. Вадзім Антонавіч быў спакойны, на твары ніякіх змен.

— Выдатна... Абсалютна ў духу часу! — сказаў ён нарэшце.— Думаю, нашаму галоўнаму шэфу спадабаецца. Ён не любіць дзве крайнасці.

— Якія? — спытаў Сівалап.

— Калі людзі пачынаюць беспадстаўна хваліцца ці беспадстаўна ныюць... Вы гэтага пазбеглі. Так што можаце заўтра выходзіць на трыбуну з чыстай душой. Гарантую поспех.

— Дзякую, Вадзім Антонавіч, за добрыя словы, але я ўсё роўна хвалююся.

Начальнік упраўлення ўсміхнуўся.

— Не хвалюйцеся, я буду побач. Вы ўчора закранулі адно пытанне, я думаю, яно звязана з вашай асабістай праблемай.

Ён уважліва паглядзеў на Сівалапа. Той адчуў — ад яго чакаюць адказу, але не знаходзіў патрэбныя словы. Яны добра знаёмыя, але не настолькі, каб адразу, у лоб...

Вадзім Антонавіч, відаць, зразумеў ягоны стан і сам прыйшоў на дапамогу:

— Я чуў, вось-вось вызваліцца пасада генеральнага дырэктара Цэнтра. Не здзіўляйцеся, мы ўсё добра ведаем. Ваш міністр праінфармаваў, калі рыхтавалася нарада і ўдакладнялася кандыдатура чалавека, які будзе выступаць заўтра. У размове ён адразу ж назваў вас, што было для мяне вельмі прыемна. Яшчэ ён сказаў, што мы зможам паглядзець на вас зблізку, бо менавіта вы, Мікалай Сяргеевіч, я перакананы, будзеце рэкамендаваны на гэтую пасаду. Таму ўчора я вас адразу зразумеў.

Сівалап адчуў, як закалацілася яго сэрца.

— Я адрэкамендаваў вас і намесніку, які вядзе непасрэдна вашу галіну,— працягваў Вадзім Антонавіч.— Сам міністр таксама чуў пра вас ад мяне. Ён, дарэчы, падрабязна цікавіцца кадрамі. Тым больш тымі людзьмі, якіх ён будзе слухаць на нарадзе і ўбачыць іх упершыню.

— Дзякуй, Вадзім Антонавіч, мне пашчасціла, што мы з вамі, словам, добра пазнаёміліся. Ведаеце, усё жыццё давялося самому прабівацца, без падтрымкі, а цяпер, адчуваю, без гэтага не абысціся. Сітуацыя складаная, прэтэндэнтаў не адзін і не два.

Вадзім Антонавіч засмяяўся.

— А як жа! Перамагаюць мацнейшыя, тыя, хто зарэкамендаваў сябе, у кім не сумняваюцца. Я вам веру і адразу пасля нарады буду зноў гаварыць з міністрам. Спадзяюся, ён прыслухаецца да маіх слоў.

— Дзякую,— толькі і знайшоў што сказаць Сівалап.

— А цяпер адпачывайце да заўтрашняй раніцы.— Вадзім Антонавіч даваў яму зразумець, што размова закончана.— Масква ваша. Я заказаў на ваша прозвішча два білеты ў Вялікі тэатр. Опера «Дон Карлас». Спявае Айран Баран з Турцыі. Спадзяюся, вам спадабаецца. Да таго ж супакоіце нервы перад заўтрашняй нарадай. Заўтра мы абавязкова сустрэнемся пасля нарады і ўсё абмяркуем.

 

З ім даўно такога не было. Ён ішоў на нараду спакойны, задаволены сустрэчай з Марынай (яны не будуць «разбягацца», ён зразумеў, яна патрэбна яму). А вось жа — пачаў хвалявацца. Падставы на гэта былі. Нарада пачалася спакойна. Адкрыў яе ўступным словам міністр. З яго кароткага выступлення Сівалап зразумеў, што не памыліўся... Адам Іванавіч сціснуў яму руку і ціха сказаў: «Бачыце, усё будзе на нашу карысць». Аднак потым пачалося... На трыбуну адзін за адным падымаліся выступаючыя і бойка гаварылі пра поспехі, якія, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, былі дасягнуты іхнімі калектывамі.

Пасля (быццам па напісаным адной рукой сцэнарыі) пераходзілі да праблем, якія, паводле іх слоў, немагчыма будзе вырашыць без дзейснай дапамогі міністэрства, сумежных арганізацый з розных гарадоў краіны.

На трэцім такім выступленні міністр, які спачатку слухаў спакойна, не стрываў, спытаў у прамоўцы: «А вы там навошта сядзіце, займаеце адказную пасаду?..» Ён пачаў перапыняць выступаючых, задаваць пытанні, і выступленні для іх паступова ператварыліся ў экзамен, які вельмі нялёгка было здаваць.

Вось цяжка апусціўся на сваё месца чарговы прамоўца, усхваляваны, з чырвоным тварам (ён не адказаў на многія міністравы пытанні). Слова далі яму, Мікалаю Сяргеевічу Сівалапу. Ён імгненна адчуў слабасць у нагах, а калі ў рэшце рэшт узняўся на трыбуну, ледзь вымавіў першае слова. Ён гаварыў, і яму здавалася, што ягоны голас стаў нейкі незнаёмы, чужы і гучаў аднекуль здалёк. Вось зараз, думаў ён, міністр пачне задаваць пытанні, а я разгублюся яшчэ больш, не знайду што сказаць... Але ў зале — цішыня, міністр павярнуў галаву да трыбуны, уважліва слухае яго, робіць нейкія паметкі. Прыкладна на другой старонцы Мікалай Сяргеевіч перамог хваляванне. Голас яго мацнее, робіцца ўпэўненым. Для яго не існуе адказнага прэзідыума, людзей у зале, ён нават адрываецца ад паперы і пачынае не па напісаным гаварыць пра справы ў сваім самастойным Аддзеле ва ўсім Цэнтры. Ён адчувае сябе вольна. Міністр не перабівае яго. Сівалап закончыў гаварыць. У зале павісла цішыня.

— Вось як, таварышы, трэба сёння ставіцца да праблем,— гаворыць міністр і глядзіць на Сівалапа.— Вы ўзялі рэальныя тэрміны па выпуску машын?

— Рэальныя,— адказвае Сівалап.— Нашы спецыялісты ўсё дэталёва падлічылі. Не адзін раз і не два. У нас ёсць усе рэзервы для гэтага.

— Дзякуй,— сказаў міністр.

Далей Мікалай Сяргеевіч не запомніў, што было. Ён амаль не слухаў выступленняў, існавала ўласная перамога, і не памыляўся ў ёй — усё было рэальнасцю, аб гэтым сведчылі віншаванні пасля нарады Адама Іванавіча, Вадзіма Антонавіча, многіх знаёмых і незнаёмых калег.

Падахвочаны яшчэ большай цікаўнасцю — а што скажа чалавек, які лепш ад іншых ведае абстаноўку,— ён апынуўся ў кабінеце начальніка ўпраўлення.

— Сённяшні дзень можаце лічыць сваім другім днём нараджэння,— сказаў той.— Як бачыце, я зусім не памыліўся.

 

16

Вечарам, перад самым ад’ездам, Сівалап адчуў, як стаміўся, бо кожны дзень у Маскве быў напружаны, ён ніводнага разу не выспаўся. Была субота, можна было затрымацца да панядзелка, але яго чамусьці пацягнула дамоў: трэба будзе адпачыць хаця б у нядзелю, тыдзень абяцае быць турботны...

Ён не павінен расслабляцца ні на імгненне. Трэба ехаць дамоў... Сівалап склаў рэчы, прылёг на ложак і адразу ж задрамаў, быццам нехта цяжкой далонню закрыў яму вочы. Прачнуўся ён ад кароткіх тэлефонных званкоў. Званіла Галіна:

— Ты б мог хоць раз пазваніць дамоў,— у голасе гучала крыўда.— Як у цябе справы?

— Усё нармальна. Вельмі стаміўся, позна сядзелі кожны дзень у міністэрстве. Выступленне спадабалася. Сёння выязджаю.

Расказваць падрабязна не захацеў. Адно сказаў — сустракаць не трэба, у галаве сапраўдны тлум пасля ўсяго, ён з задавальненнем пройдзецца пехам.

— Цябе шукае Гармаза, проста абарваў тэлефоны. Кожную гадзіну цікавіцца, калі ты вернешся.

Санлівасць адразу ж знікла.

— Ён не сказаў, навошта я спатрэбіўся?

— Я пыталася, у яго для цябе важная навіна, і чым раней ты пра яе даведаешся, будзе лепш.

Цікава... Быццам бы ўсё ідзе як і планаваў, асабліва пасля нарады, яго выступлення. Можа, што здарылася ў Аддзеле?..

— А на рабоце нічога не здарылася? — спытаў ён, і Галіна Дзмітрыеўна адчула ў яго голасе хваляванне.

— Не,— супакоіла Галіна. — Ты не хвалюйся, я прашу цябе. Дарма я сказала табе пра Гармазу.

— А мне няма чаго хвалявацца,— нібыта спакойна адказаў Сівалап, але голас яго задрыжаў.

— Перадай Гармазе — буду заўтра, першым цягніком, шосты вагон.

Вечарам Сівалап развітаўся з міністрам (ён застаўся ў Маскве яшчэ на тры дні), пазваніў Вадзіму Антонавічу («не ведаю нават, як дзякаваць»), перагаварыў з Марынай («можаце лічыць, Сівалап, я больш не крыўдую на вас і таму рвуся хутчэй у Мінск, каб сустрэцца з вамі») і з нецярпеннем увайшоў у цягнік.

Ноччу (няйначай, як і заўсёды) ён амаль не спаў, увесь час варочаўся, прачынаўся, зноў на кароткі час засынаў, бачыў трывожныя сны.

З акна ён згледзеў на пероне Галіну (яна была ў любімым плашчы светлага колеру), побач з ёй — Гармазу. Той напружана ўглядаўся ў вокны, убачыў Мікалая Сяргеевіча, замахаў яму рукой. Сівалап абняў Галіну, паціснуў руку Гармазе. Яны праштурхаліся цераз вакзальны натоўп, выйшлі на вуліцу Кірава, потым звярнулі на Ленінскі праспект. Сівалап не распытваў Гармазу. Сам жа расказваў падрабязна пра паездку ў Маскву: было шмат хваляванняў, асабліва калі размова на нарадзе пайшла ў нечаканым напрамку, але потым усё абышлося, больш таго, саюзны міністр ніводнага разу не спыніў Сівалапа і паставіў яго ў прыклад іншым не толькі за выступленне, ён сказаў: «Вось так, таварышы, трэба сёння працаваць!» Потым было багата спраў у міністэрстве, дзе ён «выбіў» тое-сёе для Аддзела і ўсяго Цэнтра. Калі Сівалап змоўк, Гармаза вельмі коратка далажыў, што справы ў Аддзеле ідуць нармальна, ніводнага зрыву, ЧП, усё, словам, па плане. Многія супрацоўнікі, у прыватнасці кіраўнікі службаў, заходзілі, зацікаўлена пыталіся, як прайшла нарада, як было ўспрынята выступленне Сівалапа? Гармаза нічога канкрэтнага не мог адказаць, бо не меў звестак з Масквы, але на сваю ўласную рызыку гаварыў усім, што ўсё прайшло вельмі добра, і Мікалай Сяргеевіч вяртаецца дамоў з добрай навіной.

Сівалап слухаў і бачыў па ягоным выглядзе, што Івану Яфрэмавічу карціць сказаць самае галоўнае, тое, дзеля чаго ён прымчаў на перон.

— Я запрашаю вас, Іван Яфрэмавіч, да сябе, паснедаем, вып’ем кавы. Ёсць бразільская. Непаўторны смак. Спакойна ўсё абмяркуем.

Галіна Дзмітрыеўна падтрымала яго і дадала, што разам з дачкой прыгатавала пельмені, спякла торт. Сівалап адразу ўчапіўся за яе словы «разам з дачкой...», паглядзеў на жонку, спытаўся:

— Спадзяюся, дома ўсё добра...

Яна зразумела ягоную трывогу.

— Добра. Я ўдзячна табе, яе проста не пазнаць.

Ён усміхнуўся.

— Тады і цябе таксама не пазнаць.

Дома Сівалап пацалаваў дачку, паабяцаў маскоўскія гасцінцы аддаць крыху пазней і адразу ж знік у сваім кабінеце з Гармазой. Той пачаў з таго, што не мог дачакацца Сівалапа, бо ўсё вырашаецца ў бліжэйшыя дні. Гаўрыла Іванавіч ужо некалькі дзён як страціў прытомнасць. Урачы сказалі яго жонцы падрыхтавацца да горшага, бо надзей няма ніякіх.

— Вось як! — задумаўся Сівалап.— Нядаўна я размаўляў з ім, гаварыў нейкія банальныя словы пра тое, што трэба трымацца, спадзявацца на лепшае...

Потым ён са здзіўленнем паглядзеў на Гармазу: і толькі тады ён пытаўся ў жонкі, калі ён прыедзе, сустракаў на вакзале?

Гармаза крыху памарудзіў, быццам рыхтаваўся перайсці да самай галоўнай часткі размовы. Мікалай Сяргеевіч яго не падганяў. Яго наноў ахапілі ўспаміны пра Маскву. Але Гармаза скіраваў ягоную ўвагу на іншае.

— Пакуль вас не было, Мікалай Сяргеевіч... За гэты час тое-сёе высветлілася,— пачаў ён.— Вестка пра Гаўрылу Іванавіча, апошнія навіны, тут жа абляцелі Цэнтр... Усе самастойныя аддзелы. І нічога дзіўнага. Так ужо створаны чалавек. Называюць розных прэтэндэнтаў, вас таксама называюць. Я пазваніў свайму чалавеку ў міністэрства, памятаеце, я вам гаварыў пра яго. І вось навіна, з якой ён падзяліўся са мной, так уразіла, настолькі нечаканая, што я ледзь не анямеў. Тут жа пачаў званіць вашай жонцы, па даведцы высветліў ваш нумар тэлефона ў гасцініцы, але не дазваніўся...

Сівалап напружана чакаў, Гармаза, як звычайна, перш чым перайсці да галоўнага, важнічаў.

Нарэшце ён пасля кароткага маўчання (нібыта набраўшы дастаткова кіслароду ў лёгкія) сказаў:

— Мой чалавек днямі меў размову з намеснікам міністра Захарам Піліпавічам Печкуровым, размова ішла якраз пра абставіны... Тыя, што вас цікавяць. Печкуроў сказаў, што збіраецца рэкамендаваць на гэтую пасаду... Каго б вы думалі?

— Не ведаю! — з цяжкасцю выціснуў з сябе Сівалап.

— І ніколі не здагадаецеся. Андрэя Васільевіча Вяршылу.

Сівалап ад нечаканасці прыўзняўся ў крэсле.

— Нічога не разумею, нічога... Андрэя? — твар яго быў разгублены.— Не можа быць, жарт нейкі!

— Гэтаксама і я сказаў свайму чалавеку, але той яшчэ раз паўтарыў... Захар Піліпавіч упэўнены, у Вяршылы — сучаснае мысленне, ён чалавек творчы, выдатна праявіў сябе як кіраўнік. Ён упэўнены, што Вяршыла здольны цалкам перабудаваць работу Цэнтра. Іншага такога чалавека проста не існуе...

— Як вы думаеце, Іван Яфрэмавіч, Вяршыла сам ведае пра гэткую сітуацыю? — у голасе Сівалапа прагучала крыўда.

Гармаза заўважыў, што Мікалай Сяргеевіч дужа расхваляваўся, і супакоіў:

— Вы не хвалюйцеся, Мікалай Сяргеевіч, час яшчэ ёсць, да таго ж Печкуроў не апошняя ў гэтым пытанні інстанцыя. Ці мала што яму стукне ў галаву. Мы сёння павінны абмеркаваць галоўнае — якія шляхі скарыстаць вам...

Сівалап раздражнёна махнуў рукой.

— Ды я не пра гэта, Іван Яфрэмавіч, я пытаюся...

— Я высветліў і гэта. Не спецыяльна, вядома, высветліў. Печкуроў сам сказаў, што Вяршыла мае адзін недахоп, ён чалавек занадта сціплы, а кіраўніку такога рангу сціпласць пашкодзіць. Паводле слоў Печкурова Вяршыла не ўзрадаваўся, як гэтага трэба было чакаць, а разгубіўся, сказаў, што гэта вельмі нечакана для яго.

— Дзіва што нечакана... Ну і артыст! Не ведаю, дзе ён прайшоў гэтую навуку: у нашым Аддзеле ці ў міністэрскіх кабінетах...

Сівалап выпаліў гэту тыраду на адным дыханні. Сам жа падумаў, што Вяршыла, мусіць, размаўляў з Печкуровым да апошняй сустрэчы на корце.

Ён быў усхваляваны, нібыта хворы, што адразу ж заўважыў Падмостка. Яраслаў яшчэ гаварыў, што, мабыць, падскочыў ціск...

Галіна Дзмітрыеўна зазірнула ў кабінет, сказала, што ўсё на стале.

Заўважыўшы пачырванелы твар мужа, спытала, што з ім.

— Нічога, нічога,— адказаў Сівалап. Крыва ўсміхнуўся: — Іван Яфрэмавіч прынёс адну вельмі важную навіну, вельмі цікавую! Ты пачакай, мы зараз...

Калі паважаная Галіна Дзмітрыеўна выйшла, Гармаза сказаў:

— Вы не павінны хвалявацца, Мікалай Сяргеевіч, і рабіць паспешлівыя вывады. Трэба дэталёва прадумаць стыль вашых паводзін у бліжэйшыя дні. І яшчэ... Вяршыла не павінен ведаць пра нашу размову, вы рабіце выгляд, што нічога не ведаеце, хоць, разумею, зрабіць гэта нялёгка.

Сівалап уздыхнуў.

— Ёсць мне яму што сказаць, ёсць!

Яны пайшлі снедаць. Сівалап маўчаў і амаль не еў. Гармаза зразумеў — яго місія выканана, і развітаўся.

— Ну што, што ён табе сказаў? — з нецярпеннем спытала Галіна, калі за Гармазой зачыніліся дзверы.

— Што сказаў? Канкурэнт у мяне з’явіўся, ды такі, што ніхто і не чакаў.

— Хто?

Сівалап сеў у крэсла, пацёр скроні.

— Уявіць сабе не можаш... Андрэй Васільевіч Вяршыла, уласнай персонай.

— Вось так! Ты мяне ніколі не слухаеш. Ён мне ніколі не падабаўся,— Галіна Дзмітрыеўна замоўкла. Але толькі на імгненне. Яна пачала абвінавачваць Сівалапа ва ўсіх грахах: што не ўмее разбірацца ў людзях, набірае не тых, каго трэба, ды яшчэ дапускае іх у сябры, а яны толькі і чакаюць, каб паставіць яму падножку, а гэтаму Вяршылу які ўсім абавязаны яму, Сівалапу, яна ніколі не верыла, ягонай жонцы-красуні таксама, бо ў вачах яе так і свеціцца хітрасць...

— Пачакай ты, дай сабрацца з думкамі,— з раздражненнем перапыніў яе Сівалап.

— Збірайся, і чым хутчэй, тым лепш... А хто сказаў Гармазе?

— Ёсць у яго свой чалавек у міністэрстве. З Вяршылам ужо была папярэдняя размова. Праўда, на ўзроўні намесніка міністра Печкурова. Не магу сказаць, каб гэты чалавек мяне любіў. Паважае, вядома, але да любові далёка. Глядзіць заўсёды з нейкім недаверам. Ну, а Вяршыла побач, пад яго прамым кіраўніцтвам... І можа спадабацца.

Ён пайшоў да сябе ў кабінет, узяў чысты аркуш паперы. Напісаў на ім лічбу 1. А побач — прозвішча Вадзіма Антонавіча.

Трэба будзе заўтра тэрмінова пазваніць яму, ён можа ўсё высветліць у Адама Іванавіча. Той яшчэ ў Маскве.

Лічба 2... Што спланаваць яшчэ. Нічога! Спяшацца не трэба.

 

Што здарылася? Яна нічога не разумела. Глеб сказаў, што пагаварыў з братам, той, паводле яго слоў, абяцаў дапамагчы, да таго ж добра адазваўся пра Сівалапа. І вось... Можа, Гармаза нешта пераблытаў, а можа, хоча ўстанавіць з Міколам яшчэ больш трывалыя адносіны, разлічвае апынуцца разам з ім у Цэнтры, вось і выдумляе рознае. Як праверыць яго інфармацыю?

У панядзелак Галіна Дзмітрыеўна, як толькі ўвайшла ў кабінет, адразу ж набрала Глебаў тэлефон. Ён, як ёй здалося, з радасцю адгукнуўся, пачаў расказваць пра апошнюю камандзіроўку, дзе яму ўдалося раздабыць некалькі цікавых кніжак, настолькі рэдкіх, што ён нават не асмельваецца называць іх па тэлефоне, яна можа зайсці і сама патрымаць іх у руках, узяць пачытаць. Яна выціснула з сябе нешта пра рабочыя клопаты, некаторыя хатнія справы. І тут ён радасна паведаміў, што адно з апавяданняў амаль што прынялі ў адным шаноўным тоўстым часопісе, ва ўсякім разе яно спадабалася рэдактару аддзела, той перакананы, што галоўнаму рэдактару яно таксама спадабаецца.

Яна павіншавала яго, а сама ніяк не магла адважыцца перайсці да справы. І тут ён сам, быццам адчуў яе настрой, спытаў:

— Я днямі бачыў брата. Той сказаў, што зрабіў некаторыя захады ў адносінах майго сябра, збіральніка кніжак — вашага мужа. Сказаў, праблем няма.

— Дзякуй, Глеб, вялікі дзякуй. Гэта мае для мяне немалое значэнне, вам не трэба тлумачыць чаму. Я, дарэчы, размаўляла са сваімі суседзямі, калегамі. Вам тэрмінова трэба перадрукаваць свае апавяданні і аддаць мне.

Ён падзячыў, але адмовіўся — трэба пачакаць, пакуль не гатовы да сустрэчы з выдаўцамі. Задумак багата, хочацца іх здзейсніць, трэба перапрацаваць старое. Але не пазней, чым праз паўгода кніжка будзе гатовая. Яна павесіла трубку ў яўнай разгубленасці. Можа, Сівалап і яна дарэмна панікуюць, усё абыдзецца.

А калі не? Трэба прымаць нейкія пакуль што невядомыя для яе меры, каб кандыдатура Вяршылы знікла назаўсёды. Але як?

 

Раніцой (яшчэ не было дзевяці) Мікалай Сяргеевіч пачуў у трубцы радасны голас Вадзіма Антонавіча.

— Усё было выдатна! Мне ўпершыню за доўгі час удалося адарвацца ад цякучкі, ад бясконцых спраў. Але вы паехалі, і ўсё пачалося зноў... Дарэчы, прывітанне вашай Марыне. Калі ў Мінску яшчэ ёсць падобныя кабеты, то я ў бліжэйшы час буду ў вас.— Дома ўсё нармальна?

— Мая жонка цудоўная жанчына... Яна хутка заводзіцца і гэтак жа хутка адыходзіць. Я прысвяціў ёй амаль два дні, а значыць, і два вечары. Яна не крыўдуе за тое, што я знік на некалькі вечароў... А як вашы справы?

Мікалай Сяргеевіч крыху памаўчаў.

— У цэлым без асаблівых здарэнняў, але з’явілася раптам адна праблема, нават не праблема, а...

Вадзім Антонавіч падагнаў яго:

— Вы гаварыце, гаварыце, не трэба саромецца. Мы адзін аднаго зразумеем, я ў гэтым перакананы.

— Мне паведамілі, што з'явілася яшчэ адна кандыдатура.

Начальнік упраўлення рассмяяўся.

— Вы гэта кіньце, плётка, не больш. Я меў размову з вашым міністрам, ды і са сваім таксама. Для іх гэта вырашанае пытанне — генеральным дырэктарам Цэнтра бачаць толькі вас, і болей нікога. Мой шэф проста ўлюбёны ў вас пасля выступлення на нарадзе... Так што наша размова пра Маскву, пастаяннае жыхарства ў ёй, не была выпадковай, паверце мне. Працуйце і не слухайце, што вам гавораць, не ведаю хто, ворагі або яшчэ хто-небудзь...

Сівалап з палёгкай уздыхнуў. Добра ўсё ж мець такіх сяброў. Праўда, яны час ад часу здраджваюць. Як Вяршыла... Але не ўсе адразу.

Умомант праляцеў час да абеду, потым пазванілі з прыёмнай дырэктара Цэнтра.

Сакратарка сказала, што першы намеснік Уладзіслаў Людвігавіч Сяргейчык ніяк не можа набраць нумар Сівалапа. Чамусьці ўвесь час ідуць кароткія гудкі. Голас яе быў незвычайна ўстрывожаны, але Сівалап не стаў распытваць чаму.

— Добры дзень, Мікалай Сяргеевіч, з прыездам, — глуха прывітаўся Сяргейчык.— Толькі што пазванілі. Гаўрыла Іванавіч памёр. Чакаю вас у сябе. Шмат розных пытанняў. Жонка яго яшчэ не ведае. Зараз паеду да яе. Чакаю вас праз гадзіну.

Сівалап уявіў раптам бледны, разгублены твар Гаўрылы Іванавіча, яго словы: «Не хочацца кідацца ў гэтую бездань, адкуль няма шляху назад, хочацца жыць, гатовы аддаць дзеля жыцця ўсе апошнія сілы, але іх няма...»

Сівалап падышоў да акна, расчыніў яго, набраў поўныя лёгкія паветра.

Унізе спяшаліся прахожыя, імкліва рухаўся паток машын. Нічога не здарылася! Нічога! Яшчэ адзін чалавек назаўсёды пакінуў жыццё.

 

Ён націснуў кнопку селектара.

— Святлана Максімаўна, выклічце, калі ласка, машыну праз гадзіну. Званіў Сяргейчык. Сёння памёр Гаўрыла Іванавіч.

Яна ўздыхнула.

— Божа мой...

Сівалап абнік у крэсле, паторгаў сябе за гальштук, які чамусьці моцна сціснуў шыю. Міжволі ён зрабіў рух да тэлефоннай трубкі, каб пазваніць жонцы, але перадумаў: ён скажа ёй пра гэта вечарам, няхай спакойна працуе.

Сівалап адчуў у грудзях нейкую дрыготку, сэрца калацілася нягучна, дробна. Ён адчуў, што яму абавязкова трэба з кім-небудзь пагаварыць. Набраў Таццянін тэлефон, пачуў у трубцы яе голас:

— Увесь дзень чакаю твайго званка, сама не хацела турбаваць, разумею, што ў першы дзень многа спраў. Я ўсе гэтыя дні думала пра цябе, бачыла нейкія дзіўныя сны, але пра іх не па тэлефоне... Як ты з’ездзіў?

— Нармальна. Можна быць задаволеным.

— Але чаму такі засмучаны?

Сівалап расшчапіў засмяглыя вусны:

— Толькі што пазванілі. Памёр Гаўрыла Іванавіч.

Усхваляваная навіной, яна гаворыць, што ў іхняй арганізацыі ўвесь час, асабліва ў апошнія дні, гаварылі, што ён больш чым безнадзейны.

— Пастой, пастой... Што я павінна табе сказаць? Ага, у сувязі са станам здароўя твайго шэфа... Яшчэ гаварылі і пра магчымых прэтэндэнтаў. Дык вось побач з табой называлі яшчэ аднаго чалавека.

Сівалап адчуў, што трывога сціскае яго сэрца.

— Цікава, каго ж...

— Ты яго добра ведаеш. Мы сустракаліся на дні нараджэння ягонай жонкі.

— Вяршыла?

— Ён.

Маўчанне. Нейкая цяжкасць у кожнай клетачцы цела знерухомлівае Сівалапа.

— Не сядзі склаўшы рукі, ты павінен быць энергічны і мэтанакіраваны,— гаворыць яна.— Цябе чакае выдатная будучыня, я веру ў цябе, Мік. Мне хочацца дапамагчы табе, але не ведаю як. Буду думаць.

Яна адчула ў тэлефоннай трубцы яго дыханне.

— І яшчэ. Я хачу бачыць цябе.

— Я пазваню табе ў бліжэйшыя дні,— гаворыць Сівалап.

Святлана Максімаўна напамінае, што машына чакае яго.

Сівалап глядзіць на гадзіннік і цяжка ўздымаецца з крэсла — трэба ехаць.

Святлана Максімаўна заўважае, што ў яго бледны, без крывінкі, твар. Вядома ж, перажывае...

Яму карцела збегчы адсюль, і ён збег... Але як? Аўтобус... Імкліва бяжыць дарога, сонца настойліва прабіваецца праз шчыльныя шторы на вокнах, асвятляе твары людзей, што сядзяць каля труны.

Усе стомленыя, зніякавелыя ад убачанага. Машыны ідуць наперадзе і ззаду, а людзі няведама чаму засталіся ў гэтым аўтобусе, каля труны. І ўражанне такое, быццам яны едуць на пахаванне.

Труна будзе ўстаноўлена ў Цэнтры, заўтра людзі развітаюцца са сваім былым кіраўніком, успомняць, як паважалі яго. Як прынята, яны забудуць усё благое, будуць успамінаць адны прыемныя моманты сумеснай работы з ім.

Побач з Сівалапам сядзіць Вяршыла.

— Не верыцца мне, хоць забі не верыцца, што яго няма,— гаворыць ён ціха.— Быццам гляджу нейкі фільм, усё адбываецца з кімсьці іншым, але толькі не з ім, не ў рэальнасці.

Сівалап нічога не адказвае. Ён закрывае вочы, няма ніякіх думак, у галаве пуста. Раптам яго вусны кранае блазенская ўсмешка, і Вяршыла са здзіўленнем глядзіць на сябра. Але той маўчыць, вочы яго закрытыя, і ўсмешка знікае з твару.

— Я вельмі кепска сябе адчуваю,— кажа Сівалап Уладзіславу Людвігавічу,— разумею, трэба быць тут, але не магу.

— Разумею, вам трэба адпачыць пасля Масквы, а тут такое,— адказвае Сяргейчык.— Можаце ехаць дамоў. Заўтра цяжкі дзень. Адам Іванавіч званіў з Масквы, сказаў, што вам трэба будзе выступіць на могілках ад супрацоўнікаў Цэнтра. Ён таксама будзе трымаць прамову. Прыязджае заўтра.

— Добра, я паеду дамоў,— гаворыць Сівалап.— А заўтра з самай раніцы буду тут.

Ён ледзьве дабіраецца да ложка і неўпрыцям правальваецца ў пустату.

— Ты не захварэў? — жонка запытальна глядзіць на яго.

— Не ведаю,— адказвае ён ціха.— Не ведаю, што са мной...

Яна ўскідвае бровы:

— Ты выглядаеш як нейкая дамачка са слабымі нервамі. Трэба ўзяць сябе ў рукі.

— Адыдзі, я прашу цябе. Пакінь мяне ў спакоі.

Сівалап прачынаецца ноччу — за вокнамі цёмна, ні агеньчыка. Ён ніяк не ўцяміць, што адбылося з ім. Нейкія сны ці бяссонне? Альбо — забыццё? Ацяжэлай рукой Сівалап бярэ гадзіннік, націскае на кнопку. Засвяцілася слабае святло — палова трэцяй. Ён устае з ложка, ідзе ў ванну і абмывае твар халоднай вадой. Дзесь у грудзях ціха пакалвае. Можа, ён і сапраўды захварэў? Правярае пульс. Абсалютна нармальны, хоць у космас кіруй. Ён ідзе ў кабінет, садзіцца ў крэсла. Вось табе і на? Колькі разоў ён, як і любы чалавек у ягоным узросце, быў на пахаваннях, бачыў мёртвых, і ніколі падобнага з ім не здаралася. А сёння нешта зламалася ў ім. Пачуццё такое, быццам ён вінаваты ў гэтай смерці... Ён амаль што чакаў яе, ён міжволі падлічваў, колькі засталося Гаўрылу Іванавічу (хоць сам не прызнаваўся сабе ў гэтым), яму карцела ведаць... Ведаць, калі ён зойме ягонае месца.

Таму так невыносна было глядзець на мармуровы шэфаў твар, таму неспакой на душы, хоць нічога недазволенага ён не зрабіў, так прынята ў наш хуткаплынны час, калі асабліва не кранаюць чужыя перажыванні, чужы боль, час прыспешвае — не спазніся, гані далей, не звяртаючы ўвагі на іншых. Дні бягуць не так, як раней, калі ў чалавека быў час, каб асэнсаваць свет і сябе, што дазваляла быць ягонай душы слабай, адкрытай для пачуццяў... Цяперашні марафон — на выжыванне. Той, хто марудзіць, застаецца далёка ззаду. Галоўнае — абагнаць... І тады ў цябе будзе ўсё!

Заснуць яму не ўдалося. І раніцой ён з’явіўся бледны, не падобны на сябе.

Ля труны з целам Гаўрылы Іванавіча моўчкі стаялі ў ганаровай варце знаёмыя і незнаёмыя людзі.

Ішлі тыя, хто не мог не развітацца з ім... Неслі і неслі вянкі.

Потым ён, зноў-такі як у дзіўным забыцці, адзначыў — працэсія працягваецца на голых (ніводнага дрэва) могілках.

Нехта выступаў... Гучалі словы нібыта з перадавога газетнага артыкула. Чужым голасам ён сам гаварыў прыкладна гэткія ж словы. Усё закончана. Труна засыпана зямлёй.

Праз некалькі дзён (ён не мог выдзеліць з іх колькі-небудзь значных падзей) пазваніў міністр.

Ён сказаў, што Мікалай Сяргеевіч патрэбны яму па неадкладнай справе.

Сівалап пераступіў парог кабінета міністра.

— У вас бледны твар, я нават на пахаванні заўважыў, як дрэнна вы выглядаеце.

— Стаміўся. Вельмі стаміўся апошнім часам,— адказаў Сівалап.

— Я магу вам паведаміць... Пытанне ўзгоднена з Масквой, з нашым ЦК. Вы прызначаецеся на пасаду Генеральнага дырэктара Цэнтра. Заўтра гутарка ў ЦК, а праз дзень вас чакаюць у Маскве.

Вось усё і адбылося, як усё проста, нават да крыўднага проста і нецікава, што ён успрымае гэтыя словы як нешта належнае.

Са шчырай радасцю ён.

— Дзякуй, Адам Іванавіч. Разумею, мне будзе нялёгка, але абяцаю не падвесці.

Міністр сказаў, што ён у гэтым не сумняваецца, Сівалап праявіў сябе на самастойным Аддзеле як сапраўдны сучасны кіраўнік.

Ёсць, праўда, і іншыя добрыя работнікі ў сістэме міністэрства, але асабіста ён падтрымаў Сівалапа.

— У мяне ёсць да вас адно пытанне, Мікалай Сяргеевіч,— вы ж добра ведаеце Андрэя Васільевіча Вяршылу?

Сівалап здзіўлена паглядзеў на Адама Іванавіча.

— Ён у мяне пачынаў, дайшоў да галоўнага інжынера, потым вы забралі да сябе, чым, скажу шчыра, мяне моцна пакрыўдзілі.

Міністр не даў яму дагаварыць.

— Тут здарыўся непрыемны выпадак. Зразумейце, гэта паміж намі, ён сам нічога не ведае. Словам, пазванілі з камісіі партыйнага кантролю. На Вяршылу прыйшла ананімка. З’ява гэта не такая ўжо і рэдкая, але мне сказалі, што ў пісьме столькі бруду, розных фактаў і факцікаў, якія Вяршылу не ўпрыгожваюць...

Сівалап адкашляўся.

— Ды я ж ведаю Андрэя як самога сябе, усё яго жыццё перада мной як на далоні. Мы сябруем сем’ямі, часта бачымся, ён — крыштальны чалавек...

— Мяне пераконваць не трэба, я самай лепшай думкі пра Андрэя Васільевіча, самі ведаеце, у міністэрстве не многа такіх работнікаў, адзін-два, і ўсё... Але гэта нічога не значыць. Будзе камісія, будзе дэталёвая праверка, што, разумееце, не вельмі прыемна. Я прашу вас яшчэ раз — нічога Андрэю Васільевічу не гаварыце. Не варта яму раней часу псаваць нервы.

Хто, хто гэта мог зрабіць?! Неадчэпная, пранізлівая думка няспынна пульсавала ў галаве Сівалапа.

«Навошта?! Навошта?!» — пытаў ён сам у сябе і не знаходзіў адказу.

 

...Старанна паголены, у новенькім англійскім касцюме, у машыне з іншым нумарам і іншай маркі ён ехаў у Цэнтр. Ён спакойны, вельмі спакойны. Усё выйшла так, як ён планаваў. І цяпер у машыне не ён, а іншы, абноўлены думкамі і планамі чалавек. А ў Вяршылы ўсё абыдзецца. Ён яму дапаможа.

 

Мінск — Масква

1985—1986 гг.

 


1985; 1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Прызнанне левага крайняга: Раман, аповесць.— Мн.: Маст. літ., 1990.— 320 с.
Крыніца: скан