epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Сюжэт

Ён уварваўся ў пакой, маршчыністы, змоклы пад зацятым дажджом, з несусветна старым чамаданам у руках, падаў руку:

— Халмякоў Васіль Сяргеевіч.

Словы гэтыя ён вымавіў прыўзнята, прыкметна хвалюючыся. Потым працягваў:

— Я ведаю, што вы пішаце. Даведаўся я пра гэта і сказаў сястры-гаспадыні: можа, іншы пакой дадзіце, што ж я чалавеку буду перашкаджаць у працы? А яна: маўляў, усё занята... Можа, і хлусіць, але як я праверу... І вось я тут. Толькі не думайце, перашкаджаць вам не буду. Мне, галоўнае, лясным паветрам надыхацца і прымаць працэдуры...

Седзячы за сталом, я адчуваў яго напружаны позірк, што амаль упіваўся мне ў спіну.

Паветрам ён дыхаў рэдка. Ліў дождж, ад зямлі патыхала вясновай гнілізной, і ён, худы, даўжэзны, укрываўся дзвюма коўдрамі і моўчкі ляжаў. Часам ён засынаў, і тады я чуў, як ён ціха сапе, быццам побач у пакоі спіць дзіця. Прасынаючыся, Халмякоў уставаў і крочыў на дыбачках, баючыся перашкодзіць мне.

Праз некалькі дзён выглянула сонца, і ўсе мае планы праваліліся. Пісалася дрэнна, і я разарваў на шматкі цэлы пачак паперы. Мы гулялі з Халмяковым па доўгіх алеях, збіралі ў лесе шышкі.

— Як гэта вы пішаце? — шчыра здзіўляўся ён.— Вось я чамусьці не прыдумаў ніводнага сюжэта. А ў вас людзі гавораць, кахаюць, паміраюць, нараджаюцца... Вось цікава!

Я даведаўся тое-сёе пра яго — жонкі няма, даўно ўжо няма. Яшчэ з вайны прычапілася да яе цяжкая хвароба і ў рэшце рэшт давяла да магілы. Дзяцей ён сам гадаваў як мог, а выгадаваў — убачыў, што яго намаганні былі амаль дарэмнымі. І нават прыблізна не атрымалася з іх тое, чаго яму хацелася, да чаго імкнулася душа. Чужыя яны і паміж сабою, ды і яму, калі разабрацца, чужыя. Ён з апошніх сіл імкнуўся не звяртаць увагі на гэтыя свае думкі, але яны ўпарта лезлі ў галаву, выклікалі боль у сэрцы.

Халмякоў паслухмяна хадзіў на працэдуры, плаваў у басейне і рабіў раніцою лячэбную фізкультуру. Па вечарах ён стаў знікаць з пакоя і ўжо не клікаў мяне на прагулкі, што мяне, па сутнасці, толькі радавала — упершыню за доўгі час работа пайшла як мае быць.

Аднойчы ў час вячэры я сказаў:

— Давайце мы, Васіль Сяргеевіч, парушым рэжым. Я маю некалькі бутэлек добрага віна. Хочацца даць сабе разрадку, а ў адзіночку ўзяць чарку так і не навучыўся.

Ён сумеўся, не данёсшы відэлец да рота:

— Я, вядома, з прыемнасцю... Ды і боль у сэрцы зменшыўся... Але...

Шукаючы патрэбнае слова, ён пачаў аглядацца па баках, быццам нехта мог яго пачуць.

Ён дапіў кампот, выцер вусны сурвэткай.

— Як бы вам сказаць... Я буду заняты...

І тут я зрабіў глупства:

— Ясна, Васіль Сяргеевіч, курортны раман...

Халмякоў відавочна пакрыўдзіўся. Мы выйшлі са сталоўкі і пашыбавалі па алеі. Ён пакашліваў і глядзеў прама перад сабою.

— Прабачце, Васіль Сяргеевіч, за няўдалы жарт. Я не хацеў вас пакрыўдзіць.

Ён замахаў рукамі:

— Не спяшайцеся прасіць прабачэння. Ды я і не пакрыўдзіўся. Проста, раней вам расказаць хацеў, вось ужо некалькі дзён, як хацеў, але ўсё язык не паварочваўся, а вы мне яго самі развязалі...

Мы выйшлі да маленькага азярка. Яго нерухомая роўнядзь сфатаграфавала голыя галінкі дрэў, аблокі ў небе.

— На працэдурах я пазнаёміўся з адной жанчынай. Паверце, яна вельмі сімпатычная. І лёс амаль такі ж, як у мяне.

Ён выдыхнуў гэта адным духам, быццам баючыся, што я перапыню яго.

— Вось і добра. Я вельмі рады за вас,— сказаў я.— Прыходзьце разам з вашай знаёмай да нас, і мы адзначым ваша знаёмства.

Увечары яны сядзелі насупраць мяне, аднолькава склаўшы рукі на каленках.

Мы пілі віно, размаўлялі аб умовах на мясцовым курорце, лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў, надвор’і. Мае знаёмыя выглядалі шчаслівымі і не саромеліся ўсміхацца адно аднаму.

Потым яны пайшлі ў кіно, а я да поўначы сядзеў за сталом. Пісалася лёгка і радасна, быццам яны здолелі наэлектрызаваць сваім настроем, адчуваннем і мяне.

Вярнуўся ён позна. Па ўсім яго выгляду я вызначыў: ён спяшаецца паведаміць мне пра нешта вельмі важнае.

— Вы ведаеце, гэта можа здацца дзіўным, але я ўжо не адзінокі.

— Вось вы самі і прыдумалі сюжэт. Мне застаецца толькі запісаць яго,— сказаў я.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 172-174
Крыніца: скан