epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Старыя

Да самага ад’езду стары Фаляб’еў працягваў запэўніваць самога сябе і хатніх, што ехаць яму ў санаторый няма патрэбы, здароўе ў восемдзесят два гады ўжо не паправіш, бывае так, што боль аслабне, а здараецца, і вельмі часта здараецца, што ён пачынае нібы кулямі прабіваць у розных месцах, ды так моцна, што ні ўстаць, ні сесці; да таго ж у санаторыях ён быў даўно, ужо і не памятае калі, адвык ад людской кампаніі, цяперашняе яго жыццё — невялікая, літаральна ў некалькі крокаў прагулка па двары, вось і ўсё. Размаўляць даводзіцца толькі дома, чуць ён стаў зусім кепска і ведае, што, як кожны глухаваты чалавек, крычыць гучна, гэта бянтэжыць яго, а там, у санаторыі, шмат незнаёмых людзей, урачоў. Але сын слухаць пярэчанняў не стаў, пуцёўку, праўда, дастаў з вялікай цяжкасцю, добра, што сустрэў былога аднакурсніка, які стаў цяпер буйным прафсаюзным работнікам, і той выручыў, хоць і яму гэта было нялёгка зрабіць.

А нявестка таксама пачала ўгаворваць: «Ну, што вы, тата, з Юлечкай, бачыце самі, зусім стаміліся, а падлячыцца вам проста неабходна, да таго ж санаторый у цудоўным месцы — сасновы лес, возера, выдатны харч і догляд».

Стары Фаляб’еў доўга не згаджаўся, усё аднекваўся, у яго сэрца сціскалася ад думкі, што на цэлы месяц ён упершыню ў жыцці разлучыцца з унучкай Юлечкай, вялікай яго радасцю. Ён гаварыў, што ў гэта лета адчувае сябе зусім бадзёра, а калі яны ўжо так настойваюць, будзе паволі хадзіць па скверы, гэта таксама не горш за любы санаторый, даводзіў, што яму цяжка пакінуць свой, напалавіну з Юлечкай, пакой, свае рэчы — два плюшавыя пацёртыя крэслы, іх Маша купіла яшчэ ў канцы далёкіх дваццатых, ды піяніна, якое ўжо зусім старое, расстроенае, але гэта піяніна бацькі Фаляб’ева, і бюро таксама яго, і пісьмовы стол, за якім сын Фаляб’ева калісьці рыхтаваўся да першых абарон у якасці адваката і сам Фаляб’еў пісаў свае прамовы, а яшчэ раней — яго бацька, Фаляб’еў Дзмітрый Сяргеевіч... Ён ведаў, што ў санаторыі будзе прачынацца і засынаць сярод чужых, незнаёмых рэчаў, незнаёмай яму абстаноўкі і на сэрцы будзе пуста і трывожна. Да таго ж гэта вельмі далёка ад Масквы, трэба палову сутак ехаць поездам, а потым ад Мінска яшчэ кіламетраў дзвесце дабірацца да санаторыя. Але і тут довады Фаляб’ева былі непераканаўчыя, сын гаварыў, што поезд да Мінска ходзіць зручны, камфартабельны, увечары ён засне, а раніцай яго сустрэне сябар Фаляб’ева-малодшага, — таксама адвакат, і на сваёй машыне адвязе да санаторыя на беразе возера Нарач. Фаляб’еў-старэйшы сказаў, што быў там, іх часць праходзіла ў час вайны, але ім, вядома, было не да любавання прыродай, хоць месцы, сапраўды, прыгожыя і шмат рыбы, яе салдаты глушылі ваўсю, на беразе варылі юшку, яму таксама давялося пакаштаваць гэтай юшкі. Сын і нявестка Фаляб’ева Галя пераканалі яго да канца, сказаўшы, што падарожжа ў такім выпадку будзе наогул цудоўным, і Фаляб’еў, махнуўшы рукой, здаўся. Назаўтра сын памчаў да свайго сябра з прафсаюзаў, выкупіў пуцёўку, і пачаліся зборы Фаляб’ева-старэйшага ў дарогу. Зрабіць гэта было нялёгка. Ён даўно ўжо, а больш дакладна, — дванаццаць гадоў нікуды не ездзіў, з таго часу, калі ў год свайго чарговага юбілею разам з Машачкай у апошні раз быў у доме адпачынку пад Вязьмай, у той час Фаляб’еў адчуваў сябе яшчэ бадзёра, нават заплываў на возеры за буйкі, і ніхто не мог даць яму, статнаму, жылістаму, сямідзесяці гадоў.

Фаляб’еў успамінаў, як яго праводзілі тады сын і другая сынава жонка Алена, з якой Фаляб’еў-малодшы ў далейшым, гэтак жа, як і з першай жонкай, артысткай Масканцэрта, развёўся. Сапраўды, з жонкамі яму не шанцавала або жанчынам не шанцавала з ім. І так аж да трэцяй жаніцьбы з Галяй, якую Фаляб’еў любіць, як родную дачку, праўда, менш, чым Юлечку, якая для яго такая ж дарагая, як калісьці Маша, з якой ён пазнаёміўся ў Петраградзе яшчэ ў васемнаццатым, і цяпер па гэтай прычыне сына з-за першых двух разводаў не вінаваціў, бо ведаў, і цвёрда быў перакананы, што ўсё жыццё складаецца спачатку з памылак, а потым з усведамлення іх.

Праўда, ведаў ён яшчэ і тое, што старэйшы сын яго і Машы, Вадзім, столькі памылак у жыцці не зрабіў бы, таму што ён быў чалавекам мэтанакіраваным, ведаў цану кожнаму свайму ўчынку і, нават смяротна захварэўшы, не страціў прысутнасці духу, думаючы, што яны з Машай нічога не ведаюць, як мог утойваў ад іх, што жыць яму засталося зусім замала, літаральна да апошняга дня наведваў лекцыі на філасофскім факультэце універсітэта. Вось толькі, праўда, Фаляб’еў пачаў заўважаць на ягоным стале, а жылі яны тады на праспекце ў цэнтры горада ў вялікім двухпавярховым драўляным доме, кнігі па юрыспрудэнцыі. Фаляб’еў разумеў, чаму гэта адбываецца, — сын, чапляючыся за жыццё, ведае, што вынік вядомы, і хоча зачапіцца за нешта іншае — а раптам не ўсё? — хоць добра разумеў — нічога іншага быць не можа. Тады, дванаццаць гадоў назад, калі ён ад’язджаў у санаторый з Машай, быў узбуджаны апошнім сваім выступленнем у судзе, абараняць давялося чалавека сталага, які настолькі заблытаўся ў жыццёвых учынках і зрабіў злачынства па непаразуменні, што Фаляб’еву хацелася абараніць яго ў поўную меру, памагчы яму разабрацца ў сабе, а суду ў ім, і гэта яму ўдалося. Фаляб’еў быў разгарачаны, задаволены гэтым поспехам і ўжо ў санаторыі шмат гаварыў з Машай пра гэты свой суд, адзін з самых апошніх.

Маша неўзабаве, праз два гады, моцна захварэла ўсё той жа лейкеміяй, што і старэйшы, заўчасна памёршы сын Вадзім, праўда, форма была не вострая, і яна здолела працягнуць роўна пяць гадоў і тры месяцы, увесь гэты час вандруючы па інстытутах пералівання крыві, па самых лепшых спецыялістах, ход да якіх Фаляб’еў знаходзіў праз сваіх вучняў-адвакатаў, саміх ужо пастарэлых, але яшчэ ў вялікай сіле. Фаляб’еў глядзеў у вялікія шэрыя Машыны вочы, якія не змяніліся і пад старасць, і баяўся думаць, як ён будзе жыць адзін, і ўвесь час пытаў у сябе: «Што мне рабіць? Што мне рабіць?» У гэтым пытанні было ўсё — як памагчы Машы і што рабіць яму пасля, бо памагчы ўжо нічым нельга, у яе з кожным днём жаўцеюць пальцы, ломіць невыносна ў сасудах, і пераліванні крыві больш не дапамагаюць. Калі яна памерла, Фаляб’еў знайшоў завяшчанне, а ў ім просьбу, каб ён апошні раз пастараўся разам з сынам і абавязкова адпелі яе ў царкве. Сын быў разгублены, ён паўтараў уголас: «Гэта ўсё старасць, усё старасць, мама ж ніколі ў бога не верыла». — «Так, не верыла, — гаварыў Фаляб’еў, — я гэта больш за цябе ведаю, але калі ёсць просьба, тым больш апошняя, у завяшчанні, мы яе павінны выканаць».

Зборы Фаляб’ева былі закончаны, ён ехаў у санаторый у зусім новым, але вось толькі прапахлым нафталінам сінім бастонавым касцюме, у плашчы пясочнага колеру, якіх не апранаў пасля пахавання Машы, узяў з сабой капялюш, таксама новы, які яшчэ Маша купляла. Сын і Галя паглядзелі на яго са здзіўленнем — ды ён яшчэ не такі і стары; у апошні момант Фаляб’еў узяў у чамадан фатаграфіі Машы і Юлечкі, перад выхадам з дому Галя шчодра апырскала свёкра дэзадарантам, каб перабіць пах нафталіну, Фаляб’еў расцалаваў Юлечку і сказаў:

— Вось і сабраўся ў апошні шлях!

Ён крыва ўсміхнуўся, пасля інсульту палавіна твару была нерухомай, і калі ён вельмі рэдка ўсміхаўся, рот яго крывіла, і Юля гаварыла, што дзед становіцца злосным. Таму Фаляб’еў стараўся ўсміхацца радзей. Перад тым як выйсці з кватэры, ён пацягнуўся быў да тэлефона, але потым спакойна падумаў, што званіць яму няма каму, усе сябры памерлі, хто раней, а хто даўно, застаўся адзін толькі Віця Шарыгін, ён жыве ў доме для састарэлых, год назад сын звазіў Фаляб’ева да яго, але сустрэча была нейкай нацягнутай і задавальнення абодвум не прынесла.

Сын вёз Фаляб’ева па Маскве, той даўно не быў у цэнтры горада, тым больш вячэрняга, і весь час, пакуль ехалі да Беларускага вакзала, круціў галавой па баках, быццам знаходзіўся на экскурсіі ў малазнаёмым месцы. Фаляб’еў-малодшы ўсё настаўляў бацьку парадамі, у асноўным яны датычылі рэжыму харчавання і сну, абавязковых прагулак да снедання і, што вельмі важна, пасля абеду, перад сном.

Фаляб’еў адказваў, што хадзі не хадзі, а ніякага здароўя ў яго ўжо і ў паміне няма, а сам думаў, не памерці б яму ў гэтым санаторыі, каб ні сыну, ні яго знаёмым, якія ўгаварылі галоўнага ўрача прыняць Фаляб’ева без праважатага, што было зроблена ў выглядзе выключнага адыходу ад існуючых санаторскіх правілаў, не карцела потым.

У поездзе Фаляб’еву спадабалася, было ўтульна, як дома, чыста. Фаляб’еў у такіх паяздах, бадай, даўно не ездзіў, і спадарожнікі трапіліся не надакучлівыя. Сямейная, па ўсім відаць, парачка, і жанчына гадоў пад пяцьдзесят, не атрымаўшы ад Фаляб’ева яснага адказу на дзяжурныя пытанні: «куды едзеце?», «да каго, і навошта?», да яго больш не звярталіся, яны, відаць, і спаць улегліся раней, чым астатнія пасажыры вагона, каб яму як найлепш зрабіць, і дзіўная справа, сам Фаляб’еў заснуў хутка і моцна, як у маладосці, і да самага Мінска спаў без усякіх сноў, і яшчэ б спаў, але суседзі па купэ будзіць пачалі: «Дзядуля, уставайце, хутка Мінск, ужо і чай прынеслі».

Фаляб’еў адпіваў маленькімі глыткамі чай і глядзеў у акно на непазнавальны горад. Ён праехаў яго ўжо вызваленым ад немцаў — было гэта познім вечарам. І запомніў толькі адны дымныя руіны. Прыяцель сына сустрэў Фаляб’ева ля вагона, падхапіў чамадан, узяў пад руку, спытаў, ці не хоча ён перакусіць, жыве, маўляў, тут, побач з вакзалам, можна паснедаць, а ўжо затым адпраўляцца ў дарогу, але Фаляб’еў, падзякаваўшы за клопат і ўвагу, ад запрашэння і снедання адмовіўся. Ён і ў больш маладыя гады абыходзіўся чаем або кавай раніцай, цяпер, вядомая справа, не моцна завараным чаем, так што ўжо лепш за ўсё адразу ехаць у санаторый.

Фаляб’еў стараўся гаварыць як мага цішэй, так, каб яму самому чуўся шэпт, тады, значыць, ён гаворыць у нармальным гукавым рэжыме, як Фаляб’еў-малодшы, а не крычыць на субяседніка, не ашаламляе яго.

Па дарозе прыяцель сына, адвакат, тоўсты, залішне друзлы, увесь час цікавіўся, як справы ў Фаляб’ева-малодшага, крыўдзячыся, што той не прыязджае да яго ў Беларусь на адпачынак. Дый пуцёўку для бацькі даставаў праз некага ў Маскве, хоць ён у Мінску не апошні чалавек, а яны так сябравалі ў той час, калі абодва пасля універсітэта працавалі на Алтаі, толькі Фаляб’еў-малодшы — карэнны масквіч — пасля гэтага вярнуўся ў Маскву, а Павел Паўлавіч, так звалі яго прыяцеля, чалавек з глухіх мясцін, куды рэдка хто вяртаецца, атрымаў месца ў Мінску, адкуль родам была яго жонка.

Вёў машыну Павел Паўлавіч не хутка, мякка, і Фаляб’еў паспяваў глядзець па баках, стараўся пазнаць мясціны, але знаёмай была толькі дарога, якая то рэзка спускалася ўніз, то ўзлятала крута ўгору.

— А вось тут была калісьці граніца з панскай Польшчай, — расказваў Павел Паўлавіч, і Фаляб’еў, уважліва слухаючы, успомніў, што яму гаварылі пра гэта ў 1944 годзе, і ён яшчэ здзіўляўся, — граніца была побач, зусім побач з Мінскам, а крыху далей мінут праз сорак язды, Павел Паўлавіч пачаў расказваць пра горад Маладзечна, але Фаляб’еў сказаў, што ён гэты горад вызваляў у 1944-м, і Павел Паўлавіч змоўк. Фаляб’еў стараўся пазнаць горад, але таксама не змог, хоць касцёл ды царква, вядомая справа, былі ранейшымі, ды толькі ў памяці ў яго не засталіся, так многа было іх па дарозе, і да гэтага горада, і пасля яго.

У санаторый прыехалі к абеду. Павел Паўлавіч пакінуў Фаляб’ева ў прыёмным пакоі, а сам, цяжка дыхаючы, пабег да галоўнага ўрача, потым яны вярнуліся разам. Галоўны ўрач, чалавек, па крайняй меры, разы ў два маладзейшы за Фаляб’ева, паціснуў яму руку, сказаў, што маскоўскаму госцю тут усё спадабаецца, надвор’е сёлета добрае, вада ў возеры цёплая як ніколі. Фаляб’еў адчуваў стому ва ўсім целе, яму хацелася прылегчы. Павел Паўлавіч, адчуўшы гэта, паспяшаўся пакінуць Фаляб’ева ва ўтульным двухмесным нумары, сказаў, што пазвоніць сыну і паведаміць нумар тэлефона галоўнага ўрача. Ён ужо пайшоў, а Фаляб’еў раптам успомніў, што не пацікавіўся сваім суседам, ён жа будзе яго турбаваць. Хацеў пайсці да дзяжурнай сястры, сказаць, што не паспеў спытаць пра суседа, але вырашыў крыху паляжаць і непрыкметна для сябе заснуў, гледзячы на сосны за акном, вершаліны якіх ціха гайдаў вецер.

 

Стары Фаляб’еў адмовіўся ад працэдур, піў толькі валяр’янавы чай, — сын казаў, што гэта вельмі добра для яго сэрца, і амаль увесь час праводзіў на самай далёкай лаўцы ў канцы алеі, каб не назаляць адпачываючым людзям, таксама ў прынцыпе не маладым, але толькі не ў параўнанні з ім. Ён звычайна сядзеў нерухома, глядзеў прама перад сабой, быццам скамянелы, і часовым жыхарам санаторнага дома часам рабілася не па сабе; яны прыходзілі на пляж, вярталіся на працэдуры, зноў спяшаліся на пляж, а стары Фаляб’еў усё не мяняў позы, глядзеў прама перад сабой у адну, толькі яму вядомую кропку. У такія хвіліны Фаляб’еў стараўся ні аб чым не думаць, больш успамінаў пра мінулае, пра даўно мінулыя падзеі і назаўсёды зніклых людзей. Гэта прыводзіла яго ў незвычайнае хваляванне, сэрца пачынала калаціцца, і ён разумеў, што і яму абавязкова трэба будзе перажыць тое, што і ўсякаму іншаму смертнаму, толькі ў большай ступені, чым каму-небудзь, і ад таго, што гэта павінна здарыцца вось-вось, хацелася плакаць. Каб адчапіцца ад думак, Фаляб’еў сачыў неадрыўна за ўсім тым, што было ў полі яго зроку: вось жаба паскакала, адна вялікая, а другая зусім маленькая, ледзь бачная, відаць, толькі-толькі нарадзілася на свет; а вось чмель, палохаючы ўсялякіх мошак, кідаецца з кветкі на кветку, з выгляду грозны, магутны, вось і гудзе, сілу сваю дэманструе; а вось вавёрка скача, яны тут зусім ручныя, людзей не баяцца, усякія частункі бяруць проста з рук... Стары Фаляб’еў сядзіць прама, не горбячыся, рукі яго, худыя, вялікія, усе ў сініх пражылках, моцна сціскаюць набалдашнік, — гронку вінаграду, — масіўнага, вялікага, пад рост самога Фаляб’ева, кія. Лёгкі вецер з возера — а надвор’е стаіць выдатнае, цёплае, — злёгку варушыць шавялюру Фаляб’ева, якую час не крануў, толькі пабіў сівізной, зрабіў больш мяккай, паслухмянай любому подыху. Калісьці, у пяцідзесятыя, ды яшчэ і шасцідзесятыя гады, імя Фаляб’ева было добра вядома адвакатам, суддзям, следчым. Калі ён выступаў у судзе, гаварыў нязвыкла для цяперашняга часу — вельмі прыгожа, правільна, любая яго прамова была маналогам, прачытаным прафесіянальным акцёрам высокага класа. Фаляб’еў звычайна к сярэдзіне выступлення набіраў самы вялікі тэмп, кожнае слова яго, здавалася, налівалася такой пераканаўчасцю, сілай, што процістаяць ім, аспрэчваць іх было вельмі цяжка, гэта была бацькава школа, і Фаляб’еў гэтым вельмі ганарыўся.

У бадзёрасці стары Фаляб’еў быў нядоўга, потым ён засынаў, але галаву не адкідваў назад, як гэта звычайна робяць старыя людзі, а клаў яе на рукі, скрыжаваныя на ручцы кія, і спаў літаральна хвілін дзесяць — пятнаццаць, седзячы ўсё гэтак жа прама; іншы раз, заснуўшы, ён бачыў лёгкія, імклівыя сны, у большасці сваёй яны былі звязаны з Машай. Некалькі разоў яна з’яўлялася яму ў канцы далёкай алеі амаль у празрыстай белай сукенцы, у якой ён убачыў яе ўпершыню ў Пецярбургу ў 1918 годзе ў доме адваката Смірніцкага, старога сябра бацькі. Там яго накармілі, напаілі чаем і нават прапанавалі змяніць адзенне, — студэнцкі сюртук быў падраны, сам не паголены, на баку вісеў маўзер, падарунак матроса Сіманюкова. Ён еў хлеб з маслам, гучна чаўкаючы; такі быў голад у пустым страўніку, што хацелася хутчэй яго наталіць. Калі ў пакой увайшла Маша ў белай бліскучай сукенцы, матрос Сіманюкоў адразу ж выпусціў з рук чайную лыжку на стол, няёмка пачаў яе падымаць, а Фаляб’еў з цяжкасцю праглынуў хлеб. Смірніцкі адрэкамендаваў яго дачцэ, сказаў, што гэта сын яго лепшага і даўняга маскоўскага сябра, адваката Дзмітрыя Сяргеевіча Фаляб’ева, з якім яго, Смірніцкага, звязвае вельмі цесная дружба і прыемнае, брацкае супрацоўніцтва ў многіх справах. Яшчэ ён сказаў, што Фаляб’еў-малодшы па прызванні таксама адвакат, студэнт юрыдычнага факультэта, а па абставінах — рэвалюцыянер, са спецыяльным атрадам прыбыў з Масквы на падмогу Петраграду, асаджанаму Іодзенічам. Маша запэўнівала, што гэта так выдатна, што Фаляб’еў у такі трывожны час са зброяй у руках змагаецца за справядлівасць, а Смірніцкі-бацька, з апаскай паглядаючы на матроса Сіманюкова, гаварыў, што Фаляб’еў мог бы застацца і ўбаку, займацца вучобай, рыхтуючы сябе да ролі адваката ў новым грамадстве, і бальшавікі справіліся б без яго, але ён у гэтай ролі лёгка пазнавальны і нагадвае свайго бацьку, Дзмітрыя Сяргеевіча, чалавека адчайнага і рашучага, Фаляб’еў не стаў спрачацца, ён сказаў толькі, што сам не з бальшавікоў, але яны маюць рацыю, і сядзець у такі час за кнігамі па праву — лёс нягоднікаў і баязліўцаў, бо на карту пастаўлена ўсё. У наступны раз яны сустрэліся ўжо ў дваццаць другім годзе, пасля смерці Машынага бацькі, і Фаляб’еў прапанаваў ёй руку і сэрца, таму што з першага знаёмства думаў толькі аб ёй.

Маша з’яўлялася ў белай сукенцы ў канцы алеі, і ён ведаў — яна была ў белай і тады, у цяжкі час, калі ён мог абараніць многіх, але яго пра гэта ніхто не прасіў, нікому не патрэбны былі яго прамовы, яго веды, і сябе ён таксама наўрад ці мог бы абараніць у той момант... Падвёў Расказаў, яго вучань, на якога ён столькі патраціў сіл і здароўя, асабліва на выпраўленне моўнага дэфекту, схільнасці разгубіцца раптам у самы адказны момант, страціць усе аргументы і зрабіцца гэткім шчанюком пад цяжкім, пранізлівым позіркам абвінаваўцы. Некалькі дзён ён хадзіў змрочны, а потым нечакана выступіў на сходзе ў калегіі адвакатаў з абвінавачваннямі ў адрас Фаляб’ева, ды такімі, што той сам пакрыўся плямамі, не верачы ў рэальнасць усяго таго, што адбывалася тут, а палавіна прысутных адвакатаў сядзела, уцягнуўшы галовы ў плечы, відавочна, чакаючы нападу ў свой адрас, бо многія атрымалі абвінавачванні, і вусныя, і пісьмовыя. Расказаў нёс усялякую лухту гэтак жа эфектна, як на папярэдніх сваіх сходах, і Фаляб’еў улоўліваў:

— Таварыш Фаляб’еў дапускае, я б сказаў, як гэта лепей, выказванні, якія ніяк не да твару савецкаму адвакату, пра ўсё ў яго свая думка, ва ўсім ён хоча ўбачыць нешта не тое. Сутнасць, таварышы, у паходжанні таварыша Фаляб’ева, далёкім ад пралетарскага. Усе вы ведаеце, што ягоны бацька — буйнейшы адвакат Масквы ў царскі час. Каго ён абараняў?! Ды і ў самога таварыша Фаляб’ева з мінулым не ўсё ясна.

Фаляб’еў устаў бледны:

— Бальшавікоў абараняў, грамадзянін Расказаў, бальшавікоў. Яму гэта многага каштавала. А я праз два гады са зброяй у руках абараняў Петраград і ўдзельнічаў у падаўленні Кранштацкага мяцяжу. Потым тры гады быў у ЧК, удзельнічаў у разгроме банд у Маскве, калі вас гэта так цікавіць, потым вучыўся на юрыдычным, і вось я перад вамі. Можа, вам даведкі прадставіць? А ці ёсць яны ў вас, невядома.

Расказаў на імгненне разгубіўся, потым ускрыкнуў:

— З сялян я, а не з царскіх адвакатаў, з сялян, звычайных рускіх сялян...

— Вы гэтым не надта выхваляйцеся. Сяляне таксама розныя былі і ёсць.

— Псіхалогія ў Расказава сапраўды — сялянская, — кінуў нехта рэпліку.

— Мне не даюць закончыць выступленне, але свае меркаванні наконт таварыша Фаляб’ева я падам пісьмова, — закончыў Расказаў і сеў.

Усе моўчкі разышліся, а праз некалькі дзён Фаляб’ева запрасілі на гутарку, потым яшчэ і яшчэ. Ён ляжаў дома ні жывы ні мёртвы на канапе, пакрываўся халодным потам, — і цяпер непрыемна ўспамінаць тое сваё бяссілле, — а яна як магла суцяшала, гаварыла, што ўсё абавязкова абыдзецца, бо ён жа ні ў чым не вінаваты. І сапраўды, усё абышлося, калі не лічыць, што ён да самай вайны не меў права займацца адвакацкай практыкай, а працаваў на дробнай пасадзе ў будаўнічым банку, было цяжка і маральна, і матэрыяльна, але адна толькі Маша магла аслабіць удар.

 

Фаляб’еў спаў, дакладней, знаходзіўся ў нейкім лёгкім, амаль неадчувальным забыцці мінут пятнаццаць, потым пачынаў, памятаючы словы сына, хадзіць па алеі ўздоўж возера. У канцы другога дня Фаляб’еву сказалі, што раніцай у яго з’явіцца сусед па пакоі, таксама стары, заслужаны пенсіянер, ваяваў яшчэ супраць махноўцаў, а Фаляб’еў падумаў, што гэты стары, напэўна, глухаваты і, размаўляючы, яны будуць крычаць на ўвесь санаторый, але нічога не сказаў уголас, удвух усё ж лепей у пакоі, чым аднаму, хоць ён увесь дзень на вуліцы, а ноччу бяссонніца раптам пакінула яго і не стала цяжкіх, пакутлівых гадзін сам-насам з думкамі і ўспамінамі, ад якіх па начах нікуды не падзенешся.

Назаўтра, разганяючы ваду з лужын, — ноччу ліў дождж, і Фаляб’еў перад сном доўга слухаў, як кроплі барабаняць па даху, гэтыя гукі і ўсыпілі яго, — аўтобус падвёз новенькіх санаторных, у асноўным пажылых мужчын і жанчын у сукенках і касцюмах, у якіх яны і на службу ходзяць, а сярод іх быў стары ў шырокіх сініх штанах з чырвонымі афіцэрскімі лампасамі, у пінжаку, быццам з чужога пляча, упрыгожаным мінімум васьмю радамі ордэнскіх планак. У руках у яго была свежаабструганая палка, на галаве шапка з вялікім пластмасавым брылём ад сонца, з надпісам «Талін». Твар старога быў абцягнуты скурай, што па колеры нагадвала пергамент, пад вачамі свяцілася сетка чырвоных пражылак. Усю дарогу ад Мінска да санаторыя стары размаўляў са сваёй праважатай Аляксандрай — жанчынай з грубым прадаўгаватым тварам, галавы на дзве вышэй за яго і маладзей гадоў на дваццаць.

— Вось і зноў едзем у санаторый, вось і цудоўна, сонейка свеціць, і далей надвор’е добрым будзе, а летась ты казала, што больш наўрад ці паедзем, аслаб я тады, і кішка забалела, доктар амаль нічога есці не даваў, і Колечка рыхтаваўся ўсе мае грошыкі да рук прыбраць, думае, шмат іх у мяне, ёсць крыху, вядома, але на самы чорны дзень і на помнік Насці, — пры слове «Насця» ён працёр вочы і працягваў далей: — А можа, і знаёмых сустрэнем, у мінулы раз шмат добрых людзей было, пасядзіш з імі, пагаворыш і шмат чаго новага з жыцця гэтых людзей даведаешся, і час непрыкметна ідзе, і кішка балець перастае, ліха яе бяры, і так дзень за днём ідзе, на душы спакойна становіцца за наш шчаслівы лёс, і тое, што жывём на свеце ў адрозненне ад іншых, пашанцавала нам, а яшчэ і Ганну Мікалаеўну сустрэнем, харошая, далікатная жанчына, урач гэты, улюбілася ў мяне з першага позірку, усё на спатканні клікала, але тады я не ішоў, цяпер гляджу — дык надакучыла аднаму жыць, дый пенсія ў мяне добрая.

Старога звалі Ігнатам Сямёнавічам, прозвішча яго было — Засінец. Побач з Ігнатам Сямёнавічам была яго пастаянная праважатая ў санаторыі, і ў паўднёвыя, і вось сюды — родная, незамужняя з маладосці пляменніца Аляксандра. Летам Ігнату Сямёнавічу стукнула па пашпарту дзевяноста два, але ён гаварыў, што гэта памылка, а на самай справе яму восемдзесят шэсць, а то і на два гады менш. Аляксандра ў мінулым годзе на пенсію выйшла, жыла яна адна і ў адрозненне ад дзвюх дачок Ігната Сямёнавіча, у якіх ужо і дзеці, і ўнукі былі, заставалася свабоднай, ды з ім псіхалагічную несумяшчальнасць мела, і таму кожны год атрымлівала бясплатную пуцёўку, і вазіла Ігната Сямёнавіча па санаторыях раз, а то і некалькі разоў у год. Наогул, ён стары нічога сабе, цярпець можна, злосным і шкодным ніколі не быў, але вось часта гаворыць зашмат, і вельмі гучна гаворыць, таму што кепска чуе, яго ўжо два гады не запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі, падзеі грамадзянскай дый мінулай вайны ён часта блытае, прозвішчы сяброў-аднапалчан з цяжкасцю ўспамінае, а калі і ўспамінае, то ўстаўляе іх не ў тыя падзеі, удзельнікамі якіх яны былі, але Аляксандры гэта амаль што ўсё роўна, яна навучылася ставіцца да ўсяго спакойна, абыякава нават.

Урач сказаў, што на гэты раз Ігнату Сямёнавічу знайшлі добрага суседа па пакоі, таксама старога чалавека, вельмі акуратнага і прыемнага, былога адваката, і Аляксандра ўзрадавалася, што будзе жыць асобна ад сваяка, бо ён па начах часта прачынаецца, просіць сагрэць чаю або яшчэ горш — пачынае ўспамінаць нешта, пачынае гучна смяяцца, ці плакаць, ці проста размаўляць сам з сабой. Ігнату Сямёнавічу паказалі Фаляб’ева, ён якраз быў у холе, збіраўся ісці на абед — есці традыцыйны малочны суп і аўсяную кашу на вадзе. Ігнат Сямёнавіч падышоў да Фаляб’ева, уважліва паглядзеў на яго знізу ўверх, сказаў:

— Вось і цудоўна, на гэты раз зусім цудоўна, а то Аляксандра мне надакучыла, усё глядзіць, куды я іду ды што раблю, а спадарожніка мне цяжка адшукаць, дзе цяпер такіх, як мы, знойдзеш, вось і цудоўна, зусім цудоўна.

Фаляб’еў усміхнуўся яму, гаварыў Ігнат Сямёнавіч гучна, і Фаляб’еў яго добра чуў, ён таксама з ім пазнаёміўся, падаўшы руку, сказаў:

— Фаляб’еў Фёдар Дзмітрыевіч.

Сказаў гучна, каб Ігнат Сямёнавіч чуў.

— Вось і цудоўна, Дзмітрыч. Пасябруем мы з табой, будзем разам хадзіць гуляць, есці, глядзець, як новыя людзі жывуць, пра што гавораць, якія ў іх справы ёсць дрэнныя і добрыя, працэдуры яшчэ прымаць будзем, тут у мяне ўрач ёсць, Ганна Мікалаеўна, я цябе з ёю пазнаёмлю, і табе яна працэдуры добрыя назначыць, і да цябе ўважлівай, як да мяне, будзе. А яшчэ я табе пра многае раскажу, Дзмітрыч, пра жыццё сваё, а яшчэ пра тое, чаму я сюды, у гэты санаторый ездзіць люблю...

Раней дот, сівы, парослы мохам, стаяў на высокім беразе, але гэта было вельмі даўно, возера паступова, нетаропка падмывала бераг, і дот асеў на адзін бок, пачаў коса глядзець уздоўж берага. Дот быў зусім побач з алеяй, па якой гуляў Фаляб’еў і дзе стаяла аблюбаваная ім лаўка, прама за спіной у яго. Неяк Ігнат Сямёнавіч узяў яго за руку і сказаў:

— Пайшлі.

Абодва абаперліся на кіі і пайшлі да берага.

— Я табе пакажу. Убачыш, чаму я сюды езджу.

Яны падышлі да дота збоку. Стары Засінец пачаў яго кратаць рукой, быццам дот быў жывы, быццам у ім былі людзі і рыхтавалася смерць для іншых людзей.

— Адсюль ён біў аж на той бераг, на процілеглы, а вось там, наўскасяк, — ён паказаў рукой уздоўж берага, — там удалечыні віднеліся нейкія хаты, пабудовы.

Стары Фаляб’еў стомлена прамовіў:

— Я быў тут у сорак чацвёртым, ніякіх дотаў не бачыў.

— А гэта, калі хочаш ведаць, Дзмітрыч, у шаснаццатым было, у першую вайну шмат немцаў тут стаяла, а я ў гэтым самым палку быў, які немцы ўвесь газамі атруцілі, а да гэтага яны білі па нас з гэтых дотаў і яшчэ з тых, што ля берага і далей, яны і цяпер стаяць, чорта з два іх змыеш, глядзі, колькі бетону навалена, нібыта ўчора ляпілі, а вось там, там, — ён замахаў кіем у бок ад дота, — акопы нямецкія цягнуцца, яны і цяпер цягнуцца, і месца, дзе бліндажы стаялі, ёсць, ты не ўсміхайся, не думай, ад той вайны, мінулай, акопы многія зараслі, а гэтыя глыбокія былі, ладна зробленыя, хоць цяпер залягай.

Яны вярталіся не па бетанаванай дарожцы, а па лесе ўздоўж акопа, ішлі павольна, доўга, Фаляб’еў нават узмакрэў, акоп віўся, як змяя, па лесе, дзіўна акаймоўваючы пагорак, што парос нізкім хмызняком. Пагорак быў усыпаны ягадамі, і яны ішлі па чырвоных і чорных ягадах, не звяртаючы на іх ніякай увагі.

А полк наш увесь палёг, цэлы полк, тут могілкі ёсць непадалёк, дзе наш полк ляжыць, трох там не хапае, двух прозвішчаў не помню, а трэці вось ён — я, Дзмітрыч, перад вамі стаю, адкачалі нас у шпіталі, а полк паклалі. Калі б нас хто падвёз, я б табе тыя могілкі паказаў, хаваць нас прыязджалі з Пецярбурга самога, кветак было шмат, вянкоў, а да нас трох, тых, каго не пахавалі, у шпіталь прыйшлі, крыжы на грудзі павесілі, героямі паназывалі. А на могілках тых у самай сярэдзіне ляжыць унцер-афіцэр Сямёнаў Мікіта Прохаравіч, настаўнік мой галоўны па навуцы бальшавіцкай, я ад яго даведаўся, што рабіць трэба, як да праўды дайсці, у каго страляць. Ён хоць і памёр даўно, костачак ад яго не засталося, а для мяне і сёння жывы і памятны.

Фаляб’еў раптам успомніў, як аднойчы бацька прыйшоў дамоў усхваляваны, закрычаў яшчэ з парога, якое кашчунства, якое бесчалавечнае вядзенне вайны — каля Мядзеля атручаны нямецкімі газамі цэлы полк, прадстаіць пахаванне. Засталіся цудам жывыя некалькі няшчасных, яны жывыя, але невядома, што будзе з імі далей. Пра гібель палка пісалі ў газетах, Блок прысвяціў загінуўшым вершы, ён нават ведаў іх на памяць, але цяпер, вядомая справа, не ўспомніць.

— Няўжо ў гэтым палку, — паўтарыў Фаляб’еў, — няўжо вы былі ў гэтым палку?!

Ён пачаў раптам верыць гаваркому старому, яму стала лёгка і прыемна ісці, мякка і асцярожна ступаючы па лесе, у якім ужо пахла прэлай восенню, ён адчуў сябе чамусьці ўпэўнена, памяць вярнула яго ў мінулае, і гэта былі не проста цяжкія думкі і нязбытныя ўспаміны, з гэтага мінулага яны былі двое, старыя, але жывыя людзі.

— Я памятаю, памятаю, Ігнат Сямёнавіч, пра ваш полк пісалі, шмат пісалі, уся Расія была абурана. Блок пісаў вершы.

— Больш як тры гады тут мы блох у акопах кармілі. Мы за Нікольцамі стаялі, вёска такая, яна і зараз ёсць, а немцы тут, і яна да Браслаўскіх азёр, лінія іх, ішла, і сам кайзер Вільгельм сюды прыязджаў. Аднойчы ішоў ён, пазіцыі аглядаў, а наш салдат раптам узяў сп’яну і ахнуў з гарматы. Вільгельму асколкам нагу параніла. Салдату Георгія далі, а на тым месцы, дзе Вільгельма параніла, немцы пліту паклалі з надпісам спецыяльным...

— А наогул я табе, Дзмітрыч, многае пра сваё жыццё раскажу, калі слухаць хочаш, наша справа такая — на людзей глядзець ды ўспамінаць.

Яны вярнуліся пасля нязвыкла доўгага падарожжа на лаўку. Абодва адчувалі стому, і нават стары Засінец перастаў гаварыць, ён, пазяхаючы, глядзеў перад сабой, а потым на вачах у Фаляб’ева, адкінуўшы галаву назад, прыадкрыўшы рот, засоп, і павекі яго здаліся Фаляб’еву вельмі глыбока запалымі. Некаторы час Фаляб’еў адганяў ад яго мух, камароў, а потым непрыкметна для сябе схіліў галаву на рукі, скрыжаваныя на ручцы кія, і таксама заснуў.

Стары Засінец не ведаў, якія карціны з мінулага бачыў ён у сне, або гэта былі імгненні не з яго жыцця. Усё, што ён расказваў Фаляб’еву, ён стараўся звязаць у адно, але гэта слаба ў яго атрымлівалася. Ён пачаў скардзіцца на дачок: я ім у цяжар, яны са мной не вельмі хочуць важдацца, хоць знешне ўважлівыя, прыветлівыя, асабліва малодшая, Надзея — ёй летась пяцьдзесят споўнілася, а Фаляб’еў успомніў, што і сын яго ў той жа год размяняў пяцьдзесят, яна яму трох унукаў нарадзіла, а ў тых унукаў ужо свае дзеці ёсць, яго праўнукі, і ўсе хочуць ягоных грошай хутчэй дачакацца, хоць і называюць самымі ласкавымі імёнамі. Ён гаворыць: грошы ў яго ёсць, нямнога і нямала, сваімі рукамі ён іх зарабіў, пасля вайны палавіну, можа, печаў у Мінску склаў, а яшчэ сад быў, агарод, жонка часта на базары гандлявала, а лішняга яны сабе нічога не дазвалялі, усё для дзяцей бераглі, збіралі, а цяпер вось з-за гэтых грошай, як яму здаецца, чакаюць яны ягонай смерці, каб пачаць хутчэй усё дзяліць. І ўсё з-за таго, што Надзеі купіў ён «Волгу» і жонка перад смерцю прасіла: Надзейку не крыўдуй, цяжка ёй, першы муж загінуў у авіякатастрофе, лётчыкам быў, а другога больш прыхінай, на трох жа дзетак пайшоў і бацьку ім роднага замяніў.

— Супакойцеся, Ігнат Сямёнавіч, — гаварыў Фаляб’еў, — ніхто вашай смерці не хоча, здаецца гэта ўсё вам.

Ігнат Сямёнавіч ажываў, радасць свяцілася ў ягоных вачах.

— А чаго ім хацець, ці ж я ім кепскі бацька, вось і добра, што не хочуць, я ім усёй душой дапамагаю, чым магу. Усіх іх люблю, і за сябе і за жонку-нябожчыцу, а ўсё роўна помню, яны ў Ракасоўскага ваявалі, а я ў Баграмяна, я вось жывы, а яны памерлі, адзін адразу, Пецька, напавал яго скасіла, а другі — старэйшы, Уладзімір — ад ран памёр, доўга пакутаваў і яшчэ са шпіталя пісьмы дыктаваў, таму што сам пісаць не мог, а на вайну мяне браць не хацелі, гаварылі — узрост выйшаў. Мне ўжо ў сорак першым пяцьдзесят восем па пашпарту стукнула, але я ордэны надзеў за грамадзянскую і два Георгіі павесіў, хоць ніхто іх тады не насіў, а я павесіў, і ўсё, і два ордэны Чырвонага Сцяга прынёс і сказаў: вы шчанюкоў пасылаеце, а я страляю лепш за вас і ў вайне толк разумею. Афіцэр важны такі, але добры, у ваенкамаце на мяне ўставіўся. Ён, можа, Георгіеў гэтых і ў жыцці не бачыў, і баявых Чырвонага Сцяга таксама, але гаворыць, чаго гэта ты, баця, царскія ўзнагароды начапіў, а я гавару, яны не царскія, а рускія, а потым я іншыя ордэны крывёй сваёй зарабляў, Махно дабіваў і Шкуро пад Растовам, вунь мяне як шашкай шандарахнулі — і шапку сарваў, — Ігнат Сямёнавіч асцярожна зняў з галавы шапку з надпісам «Талін», праз галаву і палавіну лба ішоў глыбокі шабельны шрам. — Афіцэр убачыў тады і ахнуў, — і кажа: ніяк не можам цябе ўзяць. Тады я да галоўнага пайшоў, да самога ваенкома ўварваўся, а немец ужо зусім побач, пад бокам, народ у калідорах тоўпіцца, усіх трэба хутчэй адправіць, ваенком і гаворыць — кавалера двух ордэнаў Чырвонага Сцяга крыўдзіць не можам, няхай ваюе і маладых ваяваць вучыць.

Ну і пайшоў я, спачатку назад, а потым уперад, і жывы застаўся, а сыноў двух — Пятра і Уладзіміра — страціў на той вайне.

— Так з Георгіямі і ваявалі? — спытаў Фаляб’еў.

— А што? Толькі аднойчы, калі ордэн Чырвонай Зоркі вешалі — зняў, не па статуту было, а генералу сказаў пры ўзнагароджанні, што Георгіеў маю, а той у адказ — дзякуй, бацьба, за гераізм твой у тую вайну і ганарыся гераізмам цяперашнім.

Ігнат Сямёнавіч гаворыць, а потым заўважае, што Фаляб’еў яго не слухае, вочы ў яго паўзаплюшчаны і галава да набалдашніка кія хіліцца, але ён не спыняецца, працягвае:

— Ну і добра, няхай сабе адпачывае чалавек, паеў, пагуляў, паветрам дыхае, вось і добра. Наша старэчая справа такая.

 

Надвор’е раптам крута змянілася, звечара падуў свежы, халодны вецер, а потым надакучлівы бясконцы дождж ішоў усю ноч і ўвесь дзень, і старыя сядзелі ў мяккіх крэслах у холе. У Фаляб’ева разбалелася галава, відаць, павысіўся ціск, але доктару ён нічога не гаварыў, не хацелася яго дарэмна трывожыць, дый таблеткі глытаць не было ніякага жадання, яны збівалі ціск, але пачынала непакоіць пячонка. Стары Засінец бачыў, што суседу па пакоі троху не па сабе — уначы стогне, а раніцай устае з пасцелі вельмі бледны, доўга расхаджваецца і да размоў зусім не ахвочы.

— Пройдзе, Дзмітрыч, надвор’е палепшыцца, вось убачыш, і палепшае, я шмат гадоў сюды на адпачынак езджу і ведаю добра норавы азёрнага краю, ніякі прагноз да іх адносін не мае, як закруціць вецер над Балтыкай, так і да гэтых мясцін дагуляецца, а потым раптам усё сціхне — у Мінску лівень, а тут сонейка, і зноў адпачываць хораша.

Фаляб’еў то слухаў, то пераставаў звяртаць увагу на размовы Засінца, але ён ужо прывык да яго няспынных размоў, час ад часу ківаў галавой у знак згоды; хоць спытай у яго, пра што гаворыць стары Засінец, напэўна, не адказаў бы. Яго супакойваў гэты голас, ураз адганяў розныя непрыемныя думкі і ўспаміны. Вось толькі ўрачу Ганне Мікалаеўне, вядома, Засінец сказаў, што яго, Фаляб’ева, стала круціць у дождж, што ён стогне па начах і доўга не можа расхадзіцца, ад чаго выгляд у яго нейкі разгублены. Яна змерыла ціск, ён у Фаляб’ева быў страшэнна высокі, але піць таблеткі ён адмовіўся, а Ігнату Сямёнавічу сказаў, што гэта, безумоўна, яго работа. Стары Засінец засмяяўся, адмаўляцца не стаў:

— Я, Дзмітрыч, не чужому, а свайму чалавеку сказаў, клапатліваму, харошаму доктару, каб яна цябе паглядзела і палячыла як след, мяне яна добра глядзіць, я гэта заўважыў, калі адразу пасля пахавання жонкі сюды прыехаў, нераўнадушная да мяне Ганна Мікалаеўна, а ісці ёй за мяне ёсць поўны рэзон — кватэра добрая, мэблі ў ёй поўна, пенсія ў мяне вялікая, а што мне трэба, на колькі я кашы той з’ем, а мне догляд і ўвага патрэбны, мне кепска без жонкі жыць, вельмі, Дзмітрыч, кепска, і табе, скажу, таксама жонка патрэбна, хоць старыя мы, а яшчэ нічога, жывем, дыхаем, а значыць, і бабка не пашкодзіць у дзяцей, унукаў — у іх сваё жыццё, свае клопаты, мы з табой мінулыя людзі, адны засталіся, без сяброў, як старызна ў музеі, дык вось я і табе раю каго-небудзь прыгледзець, а можа, я ў Ганны Мікалаеўны спраўлюся, у яе тут сябровак шмат, любая з гэтага лесу выехаць хоча, а тым больш калі да цябе, у Маскву...

Засінец замаўчаў, пастукаў палкай аб лаўку, і раптам твар яго скрывіўся, вочы заміргалі, быццам ён сабраўся плакаць.

— А жонка мая добрая была кабета, такую не знайсці другую, як клапацілася пра мяне, калі з фронту, з мінулай вайны, пабіты ўвесь прыйшоў, днямі і начамі не адыходзіла, а потым падняўся я ды як запіў, прасвету ад гарэлкі не было, амаль не адыходзіў і ў памяці не быў. Яна цярпела, гаварыла, што пройдзе ўсё, часта прыцягвала мяне на сабе дамоў, а я пра сыноў крычаў і буяніў так, што ніхто ўтрымаць не мог, і толькі яна мяне з гэтай ямы выцягнула, праўду кажучы, да жыцця вярнула, а вочы мае з таго часу часта на мокрым бабскім месцы бывалі, слабыя, і як што — адразу вочы кулакамі выціраю, каб слёз ніхто не бачыў. А ты, Дзмітрыч, відаць, жорсткі, на слёзы не вельмі...

Фаляб’еў сядзеў побач і быццам бы нават не слухаў Засінца, глядзеў прама перад сабой. Ігнат Сямёнавіч ужо і пра пытанне сваё забыўся, калі Фаляб’еў раптам загаварыў:

— Самае страшнае — слабым, бездапаможным сябе адчуваць. Вось тады лепш ужо заплакаць, чым слёзы ў сабе, у сэрцы трымаць...

І зноў ён успомніў сваю слабасць у тыя даўнія, што адышлі ўжо назаўсёды, гады, Машу, якая схілілася над ім:

— Супакойся, я прашу цябе, справядлівасць пераможа, ты будзеш зноў абараняць людзей, нават у самых нягодніках знойдзеш нешта чалавечае, тое, што зможа выратаваць іх.

Калі б не Маша тады?! Што было б з ім?

А ў 1941 годзе ён зразумеў адразу, што не пойдзе больш у сваю ненавісную канторку, не надзене чорныя нарукаўнікі, адпаліраваныя да бляску, — ён пайшоў у ваенкамат і вайну пачаў радавым, а вярнуўся з Берліна з баявымі ордэнамі і медалямі, і зноў — на адвакацкую ніву. Здавалася, наперадзе цэлае жыццё або, па меншай меры, велізарны адрэзак яго, а ўсё стала такім хуткаплынным, і ўспамінаў ужо не хочацца, яны трывожаць, прымушаюць калаціцца сэрцы ў грудзях, і Маша ўжо прыходзіць толькі ў сне.

— Вось і цудоўна, што мы з табой пасябравалі, Дзмітрыч, а так я ўсё адзін ды адзін, і надвор’е, як я табе абяцаў, палепшылася, сонейка засвяціла, і вецер па возеры ідзе цёплы, паўднёвы, значыць, наперадзе нямала дзён у нас з табой харошых, будзем на людзей глядзець, слухаць, пра што яны гавораць, што робяць, такі ў нас з табой лёс.

— Ну, пэўна, загаварыў вас Ігнатка, — сказаў неяк Фаляб’еву цікавы дзед з адпачываючых, — усё гаворыць ды гаворыць, і зразумей, дзе праўда, а дзе байкі пра сваё жыццё пляце. І як вы ад яго не стаміліся?

— Чужое жыццё, разабрацца ў ім няпроста, — адказай Фаляб’еў. — Як і ў сваім уласным, дзе ў ім праўда, а дзе не.

 

Яны па-ранейшаму сядзелі ўдвух на лаўцы ў канцы далёкай ад усіх алеі. Фаляб’еў — сухі, прамы, а Засінец — згорблены, абмяклы, з адкінутай назад галавой, і вецер азёрны гуляў бяздумна ў вершалінах сосен, як шмат гадоў назад вольна і крута ішло жыццё ў гэтых людзей...


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 278-296
Крыніца: скан