epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Так проста

Яна была масквічкай. Працавала ў тэатры. Пасада называлася неяк дзіўна, і Сізоў не стаў перапытваць. Ён ні разу не быў у Маскве і ў тэатрах таксама не быў. Тэлевізар не ў лік. Гэта ён зразумеў, калі яна расказвала аб грымёрных, рэпетыцыях. Ён амаль увесь час маўчаў, а яна гаварыла. Яму не было чаго пра сябе расказваць: працаваў шафёрам у месцах, дзе страшэнны холад, людзі грубыя, як ён, або яшчэ горш, дзе плацяць добрыя грошы, але куды не кожнага загоніш.

— Ты некрануты, Сізоў,— гаварыла яна.— У табе няма фальшу, і гэта цудоўна. З цябе мог бы атрымацца добры акцёр. Нашым, хатнім інтэлігенцікам якраз і не хапае гэтай некранутай натуральнасці, а значыць, і таленту сапраўднага не хапае.

У яго ад гэтых слоў дух заняло. Сізоў ніколі і ні ад каго такіх слоў не чуў. Ён думаў пра тое, што ў жыцці ёсць шмат цудаў. І яму пашанцавала, што ён сустрэў яе. Пазнаёміліся яны ў Ялце. З ёй была яшчэ сяброўка. Таксама з тэатра. Толькі з лялечнага. Яны сядзелі ўдзвюх у рэстаране і пілі сухое віно. Сізоў трапіў з імі за адзін столік і адразу ж прапанаваў каньяк і зярністую ікру. Яны не адмовіліся, хоць пра сябе і паздзекаваліся з яго манеры трымацца. Яны смяяліся ўголас, гледзячы, як Сізоў трымае кілішак, такі маленькі ў яго руцэ. Здавалася, што Сізоў вось-вось раздушыць яго. Сізоў даў ім пакратаць сваю руку — яна была цвёрдай і жорсткай, як дрэва.

Пагулялі яны добра. Сізоў грошай не лічыў. Потым ён праводзіў дзяўчат, а сам вярнуўся ў пакойчык, дзе стаялі два заржавелыя веласіпеды і пахла непрасушанымі анучамі. Ён шкадаваў, што паехаў у Ялту адзін і ніхто цяпер на ўсёй трасе не паверыць яму. Засмяюць хлопцы, калі скажа, што правёў вечар з дзвюма амаль актрысамі з Масквы і што назаўтра ў яго было спатканне з сапраўднай прыгажуняй з сапраўднага тэатра, якую завуць Анастасіяй.

— Прыедзеш да мяне ў Маскву, я зваджу цябе ў тэатр,— гаварыла яна яму на пляжы.— Ты ўбачыш, як гэта цудоўна. Нічога ў жыцці не бывае лепш за тэатр. А цяпер пайшлі да цябе. Мне тут надакучыла.

Сізоў ішоў побач з ёй і думаў, як паводзіць сябе, калі яны застануцца адзін на адзін. Ад гэтых думак у яго мурашкі па спіне бегалі і язык дранцвеў. Па дарозе ён купіў бутэльку сухога віна і цукерак.

Яна сядзела насупраць, курыла цыгарэту за цыгарэтай і піла віно. Яна расказвала яму пра сваіх знаёмых, вядомых пісьменнікаў і акцёраў. Некаторыя прозвішчы Сізоў чуў, праўда, не ўсе. Потым яна сказала, што ён сядзіць вельмі далёка ад яе, што ён наіўны і сціплы, як хлопчык, а на самай справе ўсё намнога прасцей.

Калі яны праз некалькі гадзін ішлі ад яго, яна зазначыла:

— У цябе выдатная фігура, Сізоў. Амаль грэчаская. Але нельга хадзіць на пляж у бастонавых штанах і кашулі, у якую мядзведзь можа залезці.

Яны пайшлі на барахолку, і ён купіў сабе джынсавы касцюм за 150 рублёў, некалькі прыталеных сарочак. Калі ён надзеў усё гэта, яна сказала, што ён цяпер выглядае, як кіназорка з амерыканскага баевіка, толькі валасы ў яго коратка падстрыжаны, але гэта яму нават пасуе.

Яны зноў пайшлі да яго, а вечарам у рэстаране Сізоў сказаў ёй:

— Давай пажэнімся. У мяне грошы на кніжцы ёсць. Калі хочаш, у вячэрнюю школу пайду. Я ўсяго адзін год не дацягнуў. А там і ў інстытут.

— Гэта цудоўна, Сізоў. У нас будуць моцныя, здаровыя дзеці. Я згодна. Жыць будзем у Маскве. У мяне аднапакаёвая кватэра ў самым цэнтры.

Сізоў потым усю ноч не спаў. Ён курыў і варочаўся на ложку да самай раніцы. Гэта цудоўна, што ён паехаў у Ялту, а не ў Сочы (туды ехалі яго хлопцы). Там бы ён не сустрэў Анастасію. Сізоў успамінаў усіх, хто быў у яго да яе. Гэта былі дзяўчаты з такімі ж грубымі і дужымі, як у яго, рукамі, і любоў іх была такой жа грубай. Анастасія іншая. Ён уявіў, што хоча расказаць сваім хлопцам пра яе, але не мог знайсці слоў.

— Ты можаш павіншаваць нас,— сказала яна сваёй сяброўцы з лялечнага тэатра.— Мы вырашылі пажаніцца.

Сяброўка павіншавала іх на пляжы, а потым, у рэстаране, таксама павіншавала.

— Ты прыедзеш да мяне ў Маскву, і мы ўсё абмяркуем,— гаварыла Анастасія на развітанне.— Пісьмы пішы мне да запатрабавання. Суседзі са скрыні могуць выцягнуць. Ты мне часта пішы. Мне будзе здавацца, што ты побач.

Сізоў напісаў ён некалькі пісьмаў, але адказу не атрымаў. Праз паўгода ён папрасіўся ехаць у Маскву атрымліваць новыя ЗІЛы. Ён адшукаў яе ў тэатры па тэлефоне. Анастасія вельмі здзівілася, пачуўшы яго голас.

— Я пісаў табе пісьмы, але адказу не было,— сказаў ён.

Яна засмяялася.

Мілы Сізоў! Я ўжо нават твар твой забыла. Няўжо ты не разумееш, што ўсё было проста так, курортны флірт, не больш. У мяне ёсць муж, сын вучыцца ў першым класе. Не засмучайся, ты ж мужны і дужы.

Праз два месяцы Сізоў ажаніўся з Варкай, афіцыянткай са сталовай. Гаварылі, што да яго яна блыталася з канапатым Васюковым, бульдазерыстам з чацвёртага ўпраўлення, але Сізова гэта не спыніла. З ім Варцы нядрэнна жылося — мужык ён быў лагодны, неблагі, асабліва не піў і грошай у дом шмат прыносіў. Толькі адна дзіўная рыса была ў яго — калі па тэлевізары ішоў тэатральны спектакль, ён крычаў жудасным голасам:

— Выключы!..


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 15-18
Крыніца: скан