epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Успаміны аб адным доўгім дні

Здарылася так, як я і думаў. Я ж так даўно ведаю Ігнацьева... А другой палавіне дня, калі сонца было злым і гнала з нас пот ручаямі, мы вылезлі з цягніка ў маленькім прыморскім гарадку. Адразу стала лягчэй дыхаць. Пахла морам. Мы нядоўга шыбавалі з нашымі чамаданамі. Праз нейкую гадзіну знайшлі пакой па сходнай цане — па паўтара рубля за суткі. Мы маглі б і больш заплаціць, у кішэнях у нас звінела, але каму ахвота лішнія грошы аддаваць.

— Удача! — з палёгкаю сказаў Ігнацьеў.— Цяпер у Прыбалтыцы па два, а то і па тры рублі за ноч дзяруць. Удачу трэба замачыць.

Я згадзіўся. Мы пайшлі шукаць рэстаран. Рэстаранаў тут была процьма, але месц не было. Нам яшчэ пашанцавала, мы занялі месца каля стойкі бара — пі што хочаш, толькі есці няма чаго, ну, але нічога, можна закусіць цыгарэтай. Выпілі мы па два кактэйлі ці не, здаецца, нават па адным, з другога толькі па глытку зрабілі. І тут Ігнацьеў усміхнуўся бландзінцы гадоў трыццаці пяці, бландзінка яму. Праз некалькі мінут яна адскочыла ад сваёй санаторнай кампаніі, і размаўлялі яны з Ігнацьевым так, быццам адно аднаго ведалі гадоў па дзесяць.

— Дрэнна, што ўсе людзі не жывуць у адным горадзе. Мы маглі б сустрэцца і раней,— гаварыў ёй Ігнацьеў, падсоўваючы кактэйль.

Я гэту фразу ад яго мільён разоў чуў. Ён яе ўсім паўтараў у камандзіроўках і ў час адпачынку.

— Маглі б і на самой справе,— гаварыла яна.— Мне з табой лёгка.

Я адзначыў, што яны ўжо перайшлі на ты.

Раптам яна схамянулася:

— А чаму твой сябар смуткуе? — і тут жа падбегла да сваёй санаторнай кампаніі і назад вярнулася з сяброўкай — тоўстай, з тоўстымі губамі, валасамі сіняга колеру і прагнымі вачыма. Відаць, ад мужа вырвалася на курорт і марыць падгуляць. Толькі не са мной. Я тоўстых цярпець не магу. Не паспелі яны да нас падысці, як я, адчуваючы, што ад таўстухі проста не адчэпішся, прайшоў міма, прама ў залу, запрасіў на танец нейкую дзяўчыну і пратанцаваў з ёю, не сказаўшы ні слова. Яна была нічога сабе з твару, і мы маглі б з ёй згаварыцца на сустрэчу, але ў мяне ад кактэйляў язык зрабіўся цяжкі і з’явілася нейкая дзіўная лянота. Я пайшоў дамоў і заваліўся спаць. Сярод ночы мяне расштурхаў Ігнацьеў. Я якраз даглядаў непрыемны сон, я танцую з таўстухай з сінімі валасамі і замест туфляў у яе капыты. Я ўзрадаваўся, што Ігнацьеў разбудзіў мяне, і таму на яго не дужа раззлаваўся. Ён пачаў расхвальваць бландзінку і сказаў, што заўтра мне давядзецца пабыць на пляжы з яе сынам, пакуль яны сходзяць за білетамі ў кіно. Я кіўнуў галавой і адразу ж заснуў і сноў ніякіх больш не бачыў.

Назаўтра бландзінка прыйшла на пляж з хлопчыкам гадоў дзевяці-дзесяці.

— Давай знаёміцца. Мяне завуць дзядзя Жэня,— сказаў яму Ігнацьеў і працягнуў хлопчыку руку.

— А мяне Глеб,— неяк неахвотна адгукнуўся той.

Вось дык справа — цёзка!

— Я таксама Глеб,— сказаў я яму, і хлопчык заўсміхаўся.

Мы купаліся, загаралі, елі бутэрброды, якія прынесла бландзінка. Ігнацьеў паглядзеў на гадзіннік і сказаў:

— Вось што, Глебы. Вы адпачывайце, а мы сходзім па білеты ў кіно, а то вечарам не дастанеш. Добра?

— Добра, мы згодны,— адказаў я.

А хлопчык нават вокам не павёў у бок Ігнацьева. Ён сядзеў на кукішках і глядзеў у мора. Ігнацьеў і бландзінка пайшлі.

— Што ты любіш больш за ўсё на свеце? — спытаў Глеб і паставіў мяне сваім пытаннем у глухі тупік. Што я люблю? Работу... Яна мне так абрыдла, што слоў не знайсці. Ігнацьеву падабаецца. Наша работа — яго прызванне. І які ідыёт панёс мяне... Што ж сказаць яму?

Мая аднапакаёвая кватэра неблага абстаўлена, і пара дываноў у ёй ёсць, і сценка югаслаўская, але ўсё гэта запылена. Пыл выціраць няма каму. Я жыву адзін. Была маці. Далёка, у вёсцы. Я рэдка ездзіў. Не было ахвоты ў аўтобусе трэсціся. Да таго ж маці пачынала дапытвацца, чаму не жанюся так доўга, чаму не жыву, як браты і сёстры. І даход у іх меншы, а апранутыя, абутыя як след, дзеці ў іх дагледжаныя і на кніжцы грошы водзяцца. З імі я рэдка бачыўся. Ад суму падохнуць можна, і з просьбамі ўсякімі лезуць: дастань дыван, «Жыгулі» без чаргі, футру...

Памерла маці. На пахаванні сустрэліся са сваякамі. Я іх з таго дня больш не бачыў. І не шкадаваў аб гэтым.

— Ты што, заснуў? — зноў звярнуўся ён да мяне.— Я ж пытаюся: што ты больш за ўсё любіш?

І тут я, каб не здацца яму поўным крэтынам, успомніў — я люблю футбол. Да мяне часта прыходзяць футбалісты і просяць што-небудзь дастаць. Я дастаю, а потым гляджу на іх з трыбуны, як на сваіх сяброў, і мне цікава.

— Я больш за ўсё люблю футбол.

І ў наступнае імгненне я пашкадаваў аб гэтым. Ён паглядзеў на мяне з такім шкадаваннем, быццам перад ім быў закончаны ёлупень.

Тады я спытаў:

— А ты што больш за ўсё любіш на свеце?

Ён адказаў не адразу. Устаў і паклікаў мяне. Мы зайшлі ў мора.

— Глядзі ў мора, толькі вачыма не міргай і не адводзь вачэй, глядзі, проста глядзі,— сказаў ён.

Я пачаў глядзець. Праз мінуту-другую мне гэта надакучыла, і я сказаў:

— Які сэнс глядзець? Я нічога не бачу. Мора пустое.

— Які ты смешны! — сказаў ён рэзкавата.— Ты глядзі ўдалячынь, толькі ўдалячынь, а потым я скажу табе, што можна ўбачыць у моры.

— Добра, я буду глядзець, толькі ты хутчэй гавары, што можна ўбачыць, а то ў мяне ў вачах пачынаецца рабаценне.

— Яшчэ рана,— сказаў ён.

І тады я вырашыў цярпець. Каб вочы не рэзала, папераменна заплюшчваў то адно, то другое вока.

— У моры можна ўбачыць усё, што захочаш. Бачыш, там, дзе вада зліваецца з небам, з’яўляецца карабель, увесь са шкла, празрысты, а за ім — дакладна такі ж шкляны горад.

Я працёр вочы і сказаў:

— Што ты вярзеш? Які карабель, які горад! Глупства нейкае.

Ён пайшоў ад мяне, сказаўшы:

— Ты такі ж, як і ўсе.

Я дагнаў яго каля нашай посцілкі і сказаў:

— Але там жа нічога не было.

— Ну, дык што? Проста я захацеў убачыць горад і ўбачыў яго і карабель таксама. Трэба ўмець уяўляць.

Я нарэшце зразумеў, што ён пры сваім розуме, і сказаў:

— А ў мяне не ўяўляецца. Ніколі нічога не магу ўявіць, пакуль не ўбачу сваімі вачыма, не пакратаю сваімі рукамі.

— Значыць, ты ніколі не навучышся маляваць,— сказаў ён.

— Гэта праўда, не навучуся.

— А я яшчэ люблю маляваць. Вось глядзі.

Ён дастаў з кішэні маленькі блакноцік, аловак і некалькімі штрышкамі намаляваў мора, неба і на гэтым фоне празрысты карабель на фоне празрыстага горада.

— Здорава! — сказаў я.— Хто цябе навучыў так маляваць?

— Ніхто. Проста мне вельмі падабаецца. Тата абяцаў адвесці ў студыю, але не паспеў. Мой тата памёр. Ён быў зусім малады і памёр ад страшнай хваробы. Такой, якую ніхто не вылечвае. Вось глядзі.

Ён паказаў мне свой блакноцік. Я пачаў гартаць і ўбачыў адны і тыя ж малюнкі. На іх быў мужчына з рэзкімі, такімі ж, як у Глеба, рысамі твару — у профіль, анфас. На адных малюнках ён усміхаўся, на другіх быў сумны.

— Гэта тата,— сказаў Глеб.

Ён ляжаў тварам уніз, і я заўважыў, што яго вострыя плечукі ўздрыгваюць. Недарэчнасць нейкая.

— Перастань, ты ж мужчына, да таго ж дарослы. Пайшлі лепш паплаваем. Хочаш, я пакатаю цябе на спіне?

Я заўважыў — Глеб не хоча, каб я бачыў, як ён выцірае слёзы. Я адвярнуўся. Потым мы паплылі. Плаваў ён няважна, і я сказаў, каб ён узбіраўся мне на спіну. Ён уладкаваўся на спіне, і смяяўся, і гаварыў, што я плыву, як вялізная жывая тарпеда. Я добра такі стаміўся і цяпер ляжаў, уткнуўшыся тварам у гарачы пясок. Ён сядзеў побач. Непадалёку хлапчукі ганялі мяч.

— Ідзі пагуляй з імі,— сказаў я.

— Мне не хочацца. З імі не цікава.

Я заўважыў — ён крадком паглядае на гадзіннік. Маці чакае. А яна надоўга затрымалася ў чарзе. Я адчуў, што прагаладаўся.

— Пойдзем падсілкуемся,— сказаў я Глебу.— Вунь шашлычная. Добрыя шашлыкі нам не пашкодзяць.

Ён згадзіўся без асаблівага энтузіязму. Добра, што ў шашлычнай амаль не было чаргі. Я ўзяў адразу па тры шашлыкі. Глеб еў шашлыкі з апетытам і запіваў іх напіткам.

Я выйшаў з шашлычнай і пачаў паглядаць на дзяўчат. Колькі іх тут, і ўсе прыгожыя, модна апранутыя. Ці ж зраўняцца бландзінцы і яе таўставатай сяброўцы з імі. Мы селі на лаўцы каля помніка марской німфе. Я не выпадкова выбраў гэту лаўку. На ёй сядзела дзяўчына з доўгай шыяй, доўгімі нагамі і ела марожанае.

— А што, калі нам зрабіць такую ж німфу, Глеб? — сказаў ён мне.

— Як гэта зрабіць?

— Вельмі проста. Выкласці яе з пяску.

— Як ты выкладзеш? Народу на пляжы процьма.

Ён быў няўмольны:

— Трэба пайсці раніцай гадзін у пяць, калі на пляжы яшчэ нікога няма. Потым усе прыйдуць і ўбачаць німфу, вось будзе здорава!

Карацей кажучы, мы з ім балбаталі да таго часу, пакуль дзяўчына з доўгімі нагамі не пайшла, сказаўшы на развітанне:

— З вашага сына можа атрымацца добры чалавек.

Я і слова сказаць не паспеў, як яна знікла. Не бегчы ж за ёй следам...

Мы зноў пайшлі на пляж. Хутка з’явіліся Ігнацьеў і бландзінка.

— Вы не затужылі тут без нас? — спытала яна.

— Не, мы разглядалі шкляны карабель і дакладна такі ж празрысты горад,— сказаў я.

— Гэта выдумкі хлопчыка,— сказала бландзінка.— Я не ведаю, што з ім рабіць.

— Мы заўтра пойдзем з ім рабіць з пяску німфу. Абавязкова пойдзем,— так, Глеб?

Хлопчык рашуча заківаў галавой у знак згоды.

Я ўзяў у гаспадара будзільнік і паставіў яго на пяць гадзін раніцы.

— Ты, відаць, звар’яцеў,— сказаў Ігнацьеў.

Я нічога не адказаў. Я курыў і глядзеў праз акно ў той бок, дзе мора злівалася з небам.

— Не шанцуе, вечна яны да мяне ў жонкі ліпнуць...— пачаў Ігнацьеў.

— Ідзі да д’ябла! — гыркнуў я на яго.

Ён нічога не зразумеў. Пачаў прасіць прабачэння, маўляў, не крыўдуй, што я адкалоўся і табе было з хлопцам сумна.

Я нічога не адказаў і лёг спаць.

Раніцой я прачнуўся не ад будзільніка, а ад таго, што буйныя кроплі дажджу моцна білі па цынкавым даху. Глянуў у акно — усё неба зацягнула хмарамі. Я заплюшчыў вочы і зноў заснуў, але праз паўгадзіны прачнуўся — зазвінеў будзільнік. Я думаў, ісці ці не ісці, але пасля апрануўся і пайшоў. Я ведаў — Глеб будзе чакаць мяне. І сапраўды. Ён стаяў ля санаторыя ў сінім плашчыку і берэце. Ён узрадаваўся, убачыўшы мяне.

— Сёння нічога не атрымаецца, дождж ідзе,— сказаў я.

— І мы зноў разыдземся? — неяк разгублена спытаў ён.

— Не, пойдзем гуляць на пірс. Бачыш, дождж сціхае. Калі ён перастане, мы злепім німфу. Пясок цяпер як гліна — добра ляпіць.

— Давай ляпіць і ў дождж! — сказаў ён, і я згадзіўся.

Мы дайшлі да пустога пляжа, пакрытага сотнямі тысяч маленькіх азёрцаў. Ён застаўся ў адных плаўках і пачаў вычэрчваць німфу, а я вырашыў пакуль выкурыць цыгарэтку. Але доўга раскурваць ён мне не дазволіў.

— Насі пясок,— сказаў ён.

— Чым?

Ён засмяяўся:

— Вось дзівак! У далонях. Калі іх правільна скласці, то можна данесці больш, чым лапатай.

І я пачаў насіць пясок. Да таго часу, пакуль ён выклаў рэльефную німфу з хвастом рыбы і жаночай галавой, у мяне ад работы ўваччу пацямнела.

— Вось і гатова,— сказаў ён.— Няхай прыходзяць і здзіўляюцца, няхай думаюць, што німфа выйшла з мора і прылегла адпачыць.

Дождж сціх. Мы прыселі на лаўку адпачыць. Мора было шэрае, нерухомае.

— А кім ты працуеш? — спытаў ён.— Ты нічога не расказваеш пра сваю работу.

Я не ведаў, што адказаць. Я не мог сказаць яму, што лічу тавары на вялізнай базе, хаджу па ёй у сінім халаце, удыхаю пахі мануфактуры, што наогул я чалавек, да якога прыязджаюць і прыходзяць — каму дублёнку, каму пыжыкавыя шапкі ці дыван, і мне тое-сёе перападзе, і ў кішэні ў мяне звініць.

— Я лётчык,— сказаў я спачатку няўпэўнена, а потым больш цвёрда.— Я лётчык.

Ён пачаў у мяне распытваць аб розных марках самалётаў, хуткасцях, і я расказваў. Добра, што ў мяне сябар на Поўначы працаваў пілотам, і я ад яго шмат пра што даведаўся.

Мы доўга сядзелі каля мора, і я расказваў. Потым я адвёў яго ў санаторый і сказаў, што хачу паспаць, я ж на самой справе не выспаўся. Мы дамовіліся сустрэцца пасля абеду, можа, выгляне сонца, і мы пойдзем на пляж.

Па дарозе дамоў я зайшоў у кафэ. Спачатку вырашыў з’есці бліны са смятанай, а потым заказаў яшчэ біфштэкс і бутэльку віна. І правільна зрабіў. Ад віна настрой у мяне імгненна палепшыўся, а тут яшчэ ў кафэ ўвайшла даўганогая дзяўчына, якую я бачыў нядаўна.

— Сядайце за мой столік,— запрасіў я.

Яна мяне адразу пазнала і заўсміхалася.

— Дзіўна бачыць вас без сына.

Я заказаў салат, біфштэкс і яшчэ бутэльку віна.

Яна ахвотна выпіла.

— А дзе вы тут бываеце? — спытала яна.

— Нідзе. Кафэ, пляж, кафэ.

— Чаму так? Тут жа выступаюць добрыя эстрадныя артысты. Амаль кожны дзень.

— Я не люблю ні добрых эстрадных артыстаў, ні дрэнных,— сказаў я.— Лепш ужо хадзіць па рэстаранах. Там не трэба рабіць выгляд, што табе ўсё цікава, можна курыць, танцаваць або проста піць.

Яна нічога не адказала. Мы дамовіліся ўвечары пайсці ў рэстаран. Яна, яе звалі Наташа, пайшла да мора, а я — спаць. Калі я прыйшоў, Ігнацьеў валяўся на ложку. Мне лень было размаўляць з ім, і я зрабіў выгляд, што адразу заснуў. Прачнуўся ад таго, што сонца прыпякло ў галаву, да таго ж я выпіў з раніцы амаль дзве бутэлькі віна. Неба было чыстае, як памыты крыштальны бакал. Я сеў у цень, закурыў і пачаў чакаць Глеба. Неўзабаве ён прыбег.

— Мама пайшла з Ігнацьевым на пляж,— сказаў ён.— Ігнацьеў сказаў, што ты напіўся і цяпер спіш.

— Сам ён напіўся,— сказаў я.

Мне раптам страшэнна захацелася акунуцца ў мора. Я сказаў пра гэта Глебу, і мы пайшлі на пляж. Мы купаліся да болю ў плячах, а потым ляжалі на гарачым пяску. Усё неба, з краю ў край, праштапарыў маленькі самалёт.

— А на такіх ты лятаў? — спытаў Глеб.

— Я схлусіў табе,— нечакана для сябе сказаў я.— Я не лётчык. Я працую таваразнаўцам на базе. Гэта самая агідная работа, павер мне.

Ён ляжаў побач моўчкі. Сам не ведаю колькі. Потым сказаў:

— Я таксама сказаў табе няпраўду. Мой бацька не памёр. Ён з намі не жыве. У яго ёсць іншыя дзеці. Я аднойчы ў школу ішоў і сустрэў яго з імі. Яны ляжалі побач у вялікай калясцы, аднолькавыя, як лялькі ў магазіне.

— Ён да цябе прыходзіць? — спытаў я.

— Прыходзіць. Але з ім сумна. Ён увесь час глядзіць па баках, і я бачу, што яму вельмі хочацца хутчэй пайсці. Ён ідзе, і мне зусім не шкада.

З даўганогай дзяўчынай мы пайшлі ў рэстаран, цэлы вечар танцавалі, елі, пілі віно, а пасля сядзелі ў парку.

— Скажы, можа, у цябе ёсць сын або дачка? — спытаў я.

Вочы ў яе выкаціліся з арбіт.

— Што з табой? — спытала яна.— Ты ж не вельмі многа выпіў?

Я сказаў, каб яна ішла дамоў, і яна, напэўна, падумала, што я ненармальны.

Мне раптам тэрмінова спатрэбілася пагаварыць з Глебам, і я пайшоў да санаторыя. Вокны санаторыя былі цёмныя.

Я пайшоў дамоў, Ігнацьеў спаў.

— Мы хутка развітаемся,— сказаў мне назаўтра Глеб.

Так, дзён мала засталося. Пяць, чатыры, тры, два... Я бачу ў вачах Глеба страх. Мне таксама страшна. Толькі па маіх вачах гэтага не скажаш.

— Ты прыязджай да мяне,— гавару я.— Прыязджай. Канікулы яшчэ не скончыліся. Час ёсць.

Ён ківае галавой. Ён чакаў гэтых слоў. Я даю яму свой адрас.

Я прыходжу іх праводзіць. Мы стаім з Глебам, яго маці і Ігнацьевым. Ва ўсіх твары сумныя, а ў Глеба проста няшчасны.

Яны садзяцца ў аўтобус, аўтобус ад’язджае. Неба ўспорвае маланка. Я хутка іду па вуліцы, што вядзе да мора, у твар мне б’е калючы вецер.

Ігнацьеў ці то застаўся на прыпынку, ці то паціху клыпае. Я крочу хутка, не аглядваючыся.


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Дні, як усе іншыя: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 222 с.
Крыніца: скан