epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Вокны

Я зайздросціў чорнай зайздрасцю чалавеку, якога ніколі не бачыў зблізу і не ведаў, а цяпер, я чамусьці ўпэўнены ў гэтым, не ўбачу ніколі і не пазнаёмлюся з ім.

У мяне была цяжкая работа, яна літаральна выядала душу, забірала ўвесь час, але я быў незадаволены зробленым. Таго, што бачылася, быццам бы вельмі ясна ўяўлялася, не атрымлівалася і блізка, а тэрміны заканчэння работы, якія ўстанаўліваў не я, былі вельмі жорсткімі.

І вось тады я па-сапраўднаму звярнуў увагу на гэтага чалавека. Кожную раніцу я прачынаўся роўна ў шэсць гадзін раніцы, — сігналам пачатку работы для мяне былі сігналы радыё, — праціраў вочы і, прызнаюся, нехаця плёўся да стала. А вокны насупраць свяціліся, і за адным з іх чалавек у белай кашулі сядзеў за кніжкамі. Дамы нашы стаяць паабапал шумлівай вуліцы, па якой няспынна кацілі аўтамабілі розных марак і гадоў выпуску — адны раўлі сваімі маторамі, іншыя паціху бурчэлі. Аднак і тыя і другія перашкаджалі працаваць.

Раздзяляла нас прыкладна метраў сорак. Я мог бачыць (хацеў я гэтага ці не, але час ад часу ўздымаў вочы і глядзеў за акно, а за ім быў ён і толькі ён адзін) мужчыну з валявым, але вельмі тонкім тварам, гадоў за сорак пяць, а можа, нават менш.

Па сваёй непапраўнай даўняй звычцы, незалежна ад таго, ішла работа ці не, не мог доўга сядзець за сталом, пачынаў хадзіць па пакоі, займацца нейкімі непатрэбнымі рэчамі, напрыклад, заўважаць раптам, што дрэнна пагаліўся, і тут жа бяру электрабрытву альбо пачынаю гартаць кніжку, якую прачытаў шмат разоў, ці запраўляю аўтаручку, якая і так даўно запраўлена і з яе можна выпусціць на свет цэлыя кіламетры слоў, вось толькі дзе тыя словы?!

А чалавек за акном сядзіць быццам прыкаваны да свайго крэсла. Мне робіцца сорамна, і я таксама саджуся за стол.

Потым я раблю перапынак на абед, іду прагуляцца ў сквер, а ён усё сядзіць і сядзіць за сваім сталом, і толькі зрэдку мне застаецца зафіксаваць, што ён знікае на нейкія кароткія моманты, а пасля з’яўляецца зноў.

А я стамляюся, нервы мае здаюць пазіцыю за пазіцыяй, я тупа гляджу на розныя запісы, якія не ўдаецца падпарадкаваць галоўнай думцы. Пад вечар я выключаю святло, валюся на ложак, гляджу перад сабой у столь. Усё ясна, я заняўся нязвыклай справай, з якой у мяне літаральна нічога не атрымліваецца і атрымацца не можа, я ляжу так, відаць, з гадзіну, а потым на месца ілюзорнаму спакою вяртаецца хваляванне. Я павінен працаваць, павінен дабіцца, дасягнуць свайго, ён жа працуе, і, можа, яму ніколькі не лягчэй, чым мне. Я падыходжу да акна і зноў бачу яго — высокі лоб, рэзка акрэсленыя рысы твару. Мне здаецца, што ён падміргвае мне адным вокам, маўляў, канчай дрэйфіць, бярыся за справу па-сапраўднаму і, калі ўжо ўзяўся, даводзь яе да канца.

Я зноў саджуся за стол, мяне захлёствае хваля натхнення, я працую, не ўзнімаючы галавы, я баюся, што яна гэтак жа раптоўна адхлыне і зноў пачнуцца пакутлівыя мінуты.

Некалькі дзён я падабаюся сабе, я ж амаль што нагадваю яго, я пачынаю глядзець у акно насупраць без ценю зайздрасці — у мяне таксама ўсё нядрэнна атрымліваецца, я ніколькі не горшы за цябе, у мяне добрыя нервы, але ўсё гэта дзякуючы таму, што ты, незнаёмы мне чалавек, кожны дзень быццам бы за руку цягнеш мяне да свайго пісьмовага стала, да маёй новай, незнаёмай працы, якая пачынае мне здавацца, зноў жа дзякуючы табе, патрэбнай, цікавай.

Гэтак працягвалася некалькі месяцаў, вялікі горад, у якім я апынуўся па сутнасці выпадкова, і гэтая выпадковасць здавалася мне напачатку нейкай недарэчнасцю, і таму ў самыя першыя тыдні адзінота гнала з душы ўсе астатнія пачуцці, усё часцей і часцей пачынаў падабацца мне. Доўгімі гадзінамі па вечарах я адзін трухаў па яго доўгіх шырокіх вуліцах, разглядаў твары людзей, дамы, якія вельмі многае пабачылі на сваім вяку, хадзіў як ніколі шмат па тэатрах і музеях. Мне пачаў падабацца напружаны рытм гэтага горада, які ўцягваў любога чалавека ў бясконцы вір жыцця, дзеяння.

Не скажу, што натхненне маё было пастаянным, раптам я пачынаў разумець, што лёгкасць, з якой я ганю старонкі сваёй новай працы, толькі ўяўная, у мяне не атрымліваецца патрэбнай глыбіні. Тады я зноў на некалькі дзён кідаў сваё месца за сталом, шчыльна завешваў шторы, каб не бачыць гэтага фанатыка ў акне на другім баку вуліцы. Так, ён час ад часу здаваўся мне сапраўдным фанатыкам, я ў гэтым амаль не сумняваўся, хоць і не ведаў, чым ён займаецца, ды гэта і не важна — чым бы ён ні займаўся, ён — фанатык. Гэтае слова, напоўненае нейкім шырокім зместам, якое я часта паўтараў сам сабе, супакойвала мяне. Свайму сябру, які прыходзіць да мяне па вечарах, я таксама расказваю пра чалавека-фанатыка, які працуе літаральна па дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, я проста не магу бачыць яго ў акне, якое свеціцца насупраць.

Мой сябар шчыра здзіўляецца, гаворыць, што ніводзін нармальны чалавек не можа працаваць так многа, а значыцца, з чалавекам на другім баку вуліцы не ўсё ў парадку, жыццё ж складаецца не толькі з адной работы, чалавек не можа адмаўляць сабе ў самых розных радасцях, якія больш ніколі не паўторацца, як і само жыццё. Ён вымаўляе слова «фанат», і я яго горача падтрымліваю, — ну і няхай ён застаецца ім, а мы нармальныя жывыя людзі, якія, як і мільёны іншых, любім жыццё, самыя розныя яго праявы.

Мы з сябрам ірвемся на вуліцу, дзе нас абдымае сцюдзёнае паветра, і імчым насустрач невядомасці: спачатку госцім у нейкіх незнаёмых мне людзей, потым — у другіх, спачатку адны размовы, потым іншыя...

Лёгкасць і бяздумнасць не прыходзяць, хочацца ўцячы ў свой пакой, сесці за стол, паглядаць на акно насупраць. Я спрабую выйсці, але сябар пачынае доўга і вельмі складна гаварыць, што я запрацаваўся, нармальныя праявы жыцця не радуюць мяне, у мяне ўвесь час засяроджаны выгляд, быццам я хворы чалавек і думаю толькі пра сваю хваробу. А хвароба мая — кніжкі і праблемы — нікога ніколі не хвалявалі, і хваляваць не будуць, яны высмактаны з пальца падобнымі на мяне людзьмі, а гэта зноў жа дае ім магчымасць пражыць жыццё, маючы добры кавалак хлеба. Сябар гаворыць, што я павінен расслабіцца, гэта зрабіць вельмі проста, трэба толькі ўявіць, што знаходзішся на самай верхняй паліцы ў парылцы. Нейкая жанчына, якая сядзела побач, глядзела ў мой бок паўзатуманеным позіркам, здавалася, што яна нічога не бачыць перад сабой. Аднак і яна ківала ў знак згоды з маім сябрам галавой.

Я вырваўся, нарэшце, з гэтай кватэры, набраў поўныя лёгкія паветра і вырашыў дабірацца дамоў пешшу. Я вярнуўся ў свой пакой недзе а палове дванаццатай і не стаў распранацца, а сеў за стол. Штора была шчыльна завешана. Я пасядзеў крыху і адвесіў яе. У акне насупраць гарэла святло, і незнаёмы мне чалавек працаваў, нізка схіліўшыся над паперамі.

Потым я ляжаў на ложку, глядзеў перад сабой у цемру і думаў, што я вельмі слабы, бязвольны чалавек, так працягвалася даволі доўга, а цяпер вось наступіў час, калі рухацца ў ранейшым рэжыме няма куды.

Праз некалькі мінут я стаяў пад гарачым душам, адчуваў, як знікае стомленасць, млявасць. Старанна абціраюся ручніком і іду да стала. Мы зноў сядзім насупраць адзін аднаго, і ён, я перакананы, нават не падазрае аб маім існаванні.

 

Што я мог ведаць пра ягонае жыццё? Нічога. Як не ведаў пра жыццё людзей, якія жывуць у многіх, незлічонай колькасці, дамах у гэтым вялізным горадзе, як не ведаў пра жыццё людзей, што жылі зусім побач са мной. Часам жа мы нічога не ведаем пра жыццё людзей нам блізкіх альбо тых, каго мы блізкімі лічым хоць бы фармальна, мы не ведаем пра жыццё людзей, з якімі часта сустракаемся, сядзім разам за адным сталом і доўга, доўга, як гэта прынята цяпер, размаўляем, спрачаемся аб самых розных праблемах жыцця.

І часам, калі са знаёмымі што-небудзь здаралася, да таго ж тое, што ўявіць было цяжка, мы паціскаем плячыма: «Гэта так непадобна на яе ці на яго...»

Некалькі разоў, ідучы па вуліцы, я напружана ўглядаўся ў твары людзей, якія ішлі насустрач са спадзяваннем сустрэць яго, і часам мне здавалася, што гэта менавіта ён, але я пераконваўся, на жаль, што памыляюся.

У акне насупраць, акрамя свайго знаёмага незнаёмца, я ніколі нікога не бачыў. З гэтага немагчыма было зрабіць вывад, што ён жыве адзін, але ніхто побач з ім у асветленым акне не з’явіўся. Я часта бачыў, як ён ходзіць па пакоі, устаўленым паліцамі з кнігамі, доўга стаіць ля акна, углядаючыся ў нейкую неакрэсленую далечыню. Але заўсёды ён быў у сваім пакоі адзін.

 

Мая работа зварухнулася з месца, хоць у самым пачатку, калі дні, тыдні марнаваліся дарэмна, я не мог гэтага прадбачыць, яна ўсё ж такі пайшла, ды яшчэ як! Мяне ўвесь час цягнула за стол, я гартаў усё новыя і новыя кніжкі, з-за нейкага спартыўнага азарту лез усё далей у глыбіню, за межы сваёй работы.

 

А што ён? Яшчэ некалькі месяцаў ён працаваў, як і раней, пасля ўсё часцей і часцей пачаў адсутнічаць за сталом. Мне здавалася, што ён, нарэшце, закончыў сваю работу, закончыў, вядома, пераможна, — ён жа так заўзята працаваў. А цяпер ён дае сабе магчымасць адпачыць, набраць сілы для новага рыўка.

Але ён не садзіўся больш за пісьмовы стол. Вокны яго кватэры асвятляліся толькі познімі вечарамі. Я бачыў, як нервова ходзіць ён па пакоі, як многа курыць. Часам ён завешваў шторы і знікаў для мяне. Мне ж самому ў гэтыя дні працавалася дрэнна. Я думаў, што, можа, і ў ягонай рабоце пачаўся нейкі незапланаваны перапынак, а можа, ён цяжка захварэў... Я не мог пайсці і спытаць у яго, ці не патрэбна мая дапамога, ці не змагу вам хоць чым-небудзь дапамагчы, — як самі, не ведаючы гэтага, вы дапамаглі мне...

Аднойчы вечарам ён сядзеў насупраць акна, курыў, бясконца курыў. Я вырашыў — пайду, пазнаёмлюся з ім, прапаную сваю дапамогу. Я апрануўся і выйшаў на вуліцу, па якой ганялі скразнякі, пастаяў ля ягонага пад’езда і вярнуўся назад. Падобнае не прынята, пераконваў я сябе, спрабуючы апраўдаць сваю нерашучасць, ды і ён можа проста папрасіць мяне зачыніць дзверы з другога боку...

Доўгі час яго вокны заставаліся цёмнымі. А праз некаторы час за імі з’явіліся другія людзі. Што здарылася з ім?

Я ніколі пра гэта не даведаюся. Так, ніколі...


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 251-255
Крыніца: скан