epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кавыль

Першая рана

 

Я душу нявыгойна параніў

 

Жаўрукоў шчабяткія клярнэты

Срэбным россыпам будзяць цішу‚

І дзяўчатам агеньчыкі кветак.

Уплятае вясна у касу.

 

Бо выданьніцы‚ сосны‚ бярозкі

Углядаюцца ў люстра вазёр;

Абступіў задумённыя вёскі

Гаманкі непакратаны бор.

 

У прасторах жытнёвай хвалі

Б'юць у грудзі сінявых лясоў;

Вабяць клічуць блакітныя далі

Незямною бруёй галасоў.

 

Вечары‚ буйнаросыя раньні!..

Дзе такія цудоўныя ёсьць?

Я душу нявыгойна параніў

Аб тваю‚ Беларусь‚ прыгажосьць.

 

15 травеня 1958 г.

 

 

Беларусь б'е ў сэрцы...

 

Шмат мы зьмералі крокамі даляў‚

Не адзін мілы вобраз пагас;

І жывых‚ няжывых пакідалі‚

Але Край‚ родны‚ з намі‚ у нас‚

 

Ён гамоніць‚ галосіць‚ трызвоніць

Цяжкім стогнам разьбітых званоў‚

Гострым мечам нястрымнай Пагоні‚

Гучнай славай палеглых сыноў.

 

Ён гракоча‚ шуміць і шчабеча

Буйнай хвалею Нёман-ракі‚

Разгалосам птушынага веча‚

Ціхім шэптам чароту‚ ракіт...

 

Ад зямлі непачатага краю‚

Да няведамых тых берагоў

Беларусь б'е ў сэрцы‚ гукае

Лязгаценьнем чужых ланцугоў.

 

27 травеня 1958 г.

 

 

* * *

 

Хтось прарочыў‚ а кон перайначыў‚

Ня збылося і збудзецца ці

Гэтак вобмігам‚ спраўца гарачы?

 

Рубікон мо і ня нам перайсьці -

На твае‚ на мае спадзяваньні

Ветры вэто паклалі ў трысьці.

 

За гарамі ружовыя раньні‚

А навобмацак - дзіды жыцьця.

Сэрца нехаця хто не параніць?

 

Строгай рытмікай кволасьць зацяў‚

Пад замок‚ зашыфрованы‚ - крозы.

Весялосьці расхрыстваю сьцяг -

 

На сьцягу воя цёплыя сьлёзы.

 

17 жніўня 1956 г.

 

 

* * *

 

Дзень замкнуў залатую браму

І ключы захаваў у хмарах;

У суцішна-трывожную гаму

Уключаюцца сэрца ўдары.

 

Нявідомыя граюць музыкі

Няпісаныя псальмы пралюдый.

Падымаецца месяц вялікі‚

Спаць кладуцца малыя людзі.

 

Гэтак проста ўсё і складана‚

Даўніну пазнаём мы па скрыптах‚

Ды стаяць‚ ня плывуць у акіяны

Караблі ў пірамідах Эгіпту...

 

1954 г.

 

 

Смага

 

Расою буйнай сьпёкі смагу

Ня ўтоляць пальмы ў пустэльні.

Спадзеўны гымн‚ глушы развагу‚

Настальгіі агонь пякельны!

 

Пустэльні што? Я ня пустэльнік‚

Ня сьніць мне сны ў цянётах пальмаў.

Мне-б там‚ дзе стромы звоніць ельнік‚

Дзе ў дуб стагодні пярун пальнуў‚

 

Сачыць разгульле навальніцы‚

Шаптаць малітву ў затульлі...

Забудзь. Глядзі на камяніцы‚

Бадзяйся вывіхамі вуліц‚

 

Улевай соды ўтольваў смагу‚

Што тыя пальмы ў пустэльні.

Спадзеўны гымн‚ глушы развагу‚

Настальгіі агонь пякельны!

 

1957 г.

 

 

Маўкліня

 

Баюся ў моўкны мой пакой заходзіць‚

Хто скажа - трус... А я прайшоў агні.

І супакой - знаходзіў у прыгодзе‚

Чакаў‚ бы вязень волі‚ маўкліні.

 

Тады‚ як неба на зямлю йшло ў наступ‚

Хрысьцілі высь пражэктараў нажы‚ -

Я прабіраўся‚ што вужака‚ пластам

У тыл варожы... Вось тады я жыў.

 

Тады затоеным я жыў дыханьнем

І прагна піў маўклівасьць зораў‚ ніў.

Ды перажыў раз маўкліню кананьня...

Маўклівіць ноч. Баюся маўкліні.

 

21 траўня 1955 г.

 

 

* * *

 

Шчэ ня хутка крылом залапоча

На ўсходзе далёкім жарптушка‚

І мяне‚ паланёнага ночы‚

Сон ня кіне камечыць і гушкаць.

 

Маладзік‚ бы палойка банану‚

Зачапіўся за воблакаў глыбу‚

І лятуць з вышыні акіяну

Зоры сінія‚ б'юцца аб шыбы.

 

Я ня чую... Лязгочуць шасьцерні‚

І машыны‚ бы коні ў спудзе...

Памыліўся ты‚ мудры Капернік:

Не зямля‚ гэта-ж кружацца людзі...

 

 

Не ўцячы

 

Ў хвіліну вольную пасьпешна йду

Ў прасьцяг шырокі‚ дзе цьвяты і травы;

Забыцца хочацца пра дзеі‚ справы‚

Уцячы‚ схавацца ад трывожных дум.

 

Чмялі і пчолы карагод вядуць

Зь цьвятамі шэпчуцца таемна травы.

Якія ў іх‚ жывых‚ бяздушныях справы?

Куды схавацца ад трывожных дум.

 

У места шумнае пасьпешна йду.

Асфальт ды камень... Дзе цьвяты і травы?

Хвалююць іншыя тубыльцаў справы.

Не‚ не ўцячы мне ад трывожных дум.

 

1957 г.

 

 

* * *

 

Я ішоў па краі прадоньня‚

Я ступаў на збутлелыя скалы;

Здані з радасьці білі ў далоні‚

Злыдзень зубы нячыстыя скаліў.

 

Не баяўся я сьмерці‚ а неяк

Затрымаўся ля самай магілы...

Над прадоньнем‚ мярлогаю зьмея‚

Матылёк праляцеў белакрылы.

 

 

Сон

 

Такое часам страшнае прысьніцца:

Нясуць труну нябожчыкі маю‚

І сам сябе я суправоджу‚ быццам;

Пяю і плачу‚ плачу і пяю.

 

І грымнуў перун. Палыхцяць пажары.

Стаю адзін руйновішчаў паміж.

А нада мной на сіне-чорнай хмары

І блісьне меч‚ і зазіяе крыж.

 

28 сакавіка 1955 г.

 

 

* * *

 

Бы мурашка‚ не па росту падымаю цяжар‚

Зьгібаюся‚ нясу‚ глытаю пот гарачы;

Зьняможаны‚ паглядаю ў неба‚ можа‚ скажа:

«Апошняя ступень‚ адпачні‚ бядача!...»

 

У небе маўкліня. Цяжка.

Паўзі‚ чалавек-мурашка!

 

1956 г.

 

 

Рондо

 

Веру: смагу ўталю бруёй Случы‚

Нарву лілеяў‚ кіяшоў‚ аеру;

Мяне ўцягне з галавою далячынь‚ веру.

 

Калісьці там‚ на Поўначы‚ падлеглы зьверу‚

Цынготна-хворы я ледзь ногі валачыў‚

Ды выжыў‚ бо ня траціў у збавеньне веру.

 

Цяпер - бадзяжныя шляхі. Ня ў нас ключы

Ад брамаў княжых. Жабраком няма даверу.

Але ўскросьне Збаўца‚ павядзе‚ вывядзе на чын‚ веру.

 

17 сакавіка 1956.

 

 

Прашу ня шмат

 

Прашу ня шмат - кунегі‚ ласкі‚

Спагадных слоў і цяплыні.

Жыцьцё‚ я ведаю‚ ня казка‚

І людзі - згорбленыя пні‚

 

Тугой пакрытыя карою‚

Сьвідруе шашаль іх душу.

Цябе хрысьцілі пад зарою‚

Пад ветру воплескі і шум.

 

З тваіх грудзей ліліся песьні‚

Віла вянок ты маіх сноў...

Чаму ружовы ранак весьні

Ня ўсьміхаецца нам уноў?

 

Няўжо блакіт засьвідзеў казкі?

О‚ людзі‚ згорбленыя пні!

Прашу ня шмат - кунегі‚ ласкі‚

Спагадных слоў і цяплыні.

 

1957 г.

 

 

* * *

 

Ахрып крычаць я нашча‚

Нішчымны пошак лушчыць.

Ашчэраць мошчы пашчу

У частым шасьце пашчы.

 

Расхвішча меч ахвоча

Удушша ночы паншчын.

Чаму чарнец прарочыць:

- Прапашчы чын‚ прапашчы?

 

Шчыльней‚ нашчадкі‚ шыхты‚

Штурмуйце жах пячэрны!

На ўшчунь чысьці штых ты

Расхрышчанае чэрні!

 

1957 г.

 

 

Над Гудзонам

 

Імпэрскі за хмарамі дом

Згубіў залацістую піку...

З імпэтам юнацкіх гадоў

Заходжу ў горад вялікі.

 

У цёмнай Гудзоне вадзе

Масты абмываюць калені.

Канае ўтомлены дзень‚

На шыльдах забыўшы праменьні.

 

Павісьлі на вежах вятры‚

Ня зьлезуць у вуліц цясьніны.

Прастораў зялёных парыў

Я ў Парку Цэнтральным пакінуў.

 

Гляджу на вітрыны‚ у іх

Паўвуліцы‚ бы на экране.

На грудзях зламаных маіх

Суценяў прываблівых танец.

 

Успыхваюць‚ гаснуць агні‚

Мільгаюць вачыма машыны...

І Шэрман на срюбным кані‚

І постаць крылатай жанчыны.

 

Іду і іду‚ як у сьне.

З вышыняў зрываюцца гмахі

І з гулам ляцяць на мяне

Ды ў землю ўлазяць з размаху.

 

Ня быў тут мітычны Буньян

І Біл зы сваімі сябрамі‚

А хто затрымаў акіян

І горы ўздыбіў рукамі?

 

Граніт і зялеза наўкол‚

Купаюцца людзі ў поце...

Хутчэй на прастор‚ дзе шчыгол

Сінявыя браткі залоціць.

 

Тлумачэньне:

«Шэрман» - амэрыканскі гэнэрал (1820-1891 гг.)‚ помнік якому стаіць у Нью Ёрку. На гэтым-жа помніку - «крылатая жанчына» - Багіня перамогі.

«Поль Буньян‚ Пэкас Біл» - гэроі амэрыканскіх народных легэндаў.

«Залаты шчагол (Goldfinch) і браткі (Violet)» - эмблема штату Нью Джэрзы.

 

 

* * *

 

І мяне ў шчасьця кнігу

Прамінуў зацеміць лёс.

Раскалола долі крыгу

Сіла зьверхняя нябёс.

 

І нясуць аськепкі хвалі

Праз прадоньне ў гарэм...

У процьме злыдні рагаталі

Над катлом дзе я гарэў...

 

Дзякуй‚ слаўны Амэрыга!

Ня зямлі тваей ускрос.

Не запамятуй у кнігу

І мяне зацеміць‚ лёс!

 

1953 г.

 

 

У сьвятыні

 

У Нэвадзе дыміцца трава‚

Лёд кіпіць у паўночнай стыні...

Дзе дрыготнае цела схаваць‚

Дзе душу адагрэць? У сьвятыні.

 

Славіць Бога суладны хор...

Я прыпомніў далёкія сіні‚

Раскулачваньне‚ арышты‚ мор

Ды гульню басаты ў сьвятыні.

 

Прападзі ты‚ разбойны род.

Дзякуй Богу за кут на чужыне.

Выдавалі нас гіцлям на звод.

Ратаваліся мы ў сьвятыні...

 

«Знойдзем вас пад зямлёю»‚ - крычаць.

Кроў у сэрцы часамі стыне.

Крыжа злыдзень баіцца. Мяча

Не падыме нясьмелы. А сіні

Сьвішча «спутнік»... Трывога‚ адчай.

Сходзіць сьвет пяруновым клінам...

Дзе Адама нашчадкам спынак?

- У імя Айца і Сына...

 

1957 г.

 

 

* * *

 

Цьмуцякоў ад чарнакніжжа

Сьмерцядайную хмарай займглі!

Сонца рану не заліжа

Агнягрывая бура зямлі.

 

Зноў ад крыменя і лука

Пачынацьму тубыльцы пячэр.

Напярэймы ўвіху гуку

Мы ляцім у сьмяртэльны ашчэр...

 

1957 г.

 

 

* * *

 

Вочы заплюшчу - яна...

Усьмешка і косы‚ і плечы;

І рукі працягвае - на...

Бяжэм‚ пакуль месячны вечар‚

Туды‚ дзе мяцеліць зіма!..

Вочы расплюшчу - няма.

 

 

* * *

 

Шукачы блакітных пэрлаў

На нязьведаных глыбінях...

Караблёў разбойных жэрлы

Ноччу чорнай іх ня спыняць.

 

Дзе снуюцца васьміногі‚

Дзідаў рыфаў ды каралі‚

Няпярэймы да зьнямогі

Няўтоймныя сігалі.

 

Напіваліся зь няўдачы‚

Пахмяляліся з находкі;

Ім пяялі «Кукарачу»

Чарнавокія какоткі...

 

За кармою бурапена...

Курс - да стрыму ў сакрэце.

Заўтра пэрлы чад тавэрны...

О‚ прыгодаў‚ мора дзеці!

 

 

Крытыку

 

Словы вершу‚ што глыбы граніту‚

У нямым спачываюць бяздоньні.

Не падняць іх агнём дынаміту‚

Калі ў сэрцы зара не зазвоніць.

 

Вершы‚ вершы‚ паэта малітвы

На жыцьця нясуцешнай аблоні!

Вы як сьлёзы‚ што воін уроніць

Пасьля цяжкай спраможнае бітвы.

 

У пустэльні сьпякотнай крыніца.

Перад тым як бальзаму напіцца‚

Меч хавае разбойнік у ножны.

 

Толькі ты‚ самасьвечаны крытык‚

Не па сану імсьцівы‚ сярдзіты‚

Хрысьціш лоб‚ блудасловіш бязбожна.

 

1955 г.

 

 

Музе

 

Цябе ніколі я ня клікаў‚

Сама ты зьнекуль нечакана

Ў хвіліны ўзьнёсласьці вялікай

Мне несла роздыхі Баяна.

 

Рукою сноў ускалыханы

Паперу браў‚ пяро ў рукі;

З крыві расхлюпанае раны

Бруілі болі згубнай гукі.

 

Кунегай сэрцы песьціў мала‚

Ня ў ногу рытмы кавылялі‚

Стыхіі пеніліся хвалі...

Ты мне ні слова не казала.

 

І мо таму часамі сорам

На голас даўні аглядацца‚

А забіякі злосным хорам

Клююць на сотні варыяцый.

 

Цябе ніколі я ня клікаў‚

Нат для сябе неспадзявана

Прашу - суворай і вялікай

Прыдзі ў сугучнасьці чаканай!

 

1957 г.

 

 

Трыялеты

 

1

 

Я падслухаў цябе ля крыніцы‚

Улюбленец багінь трыялет.

Прыгажосьці тваёй таямніцы

У сінявым трызвоне зарніцы‚

Што ў срэбныя хвалі глядзіцца

Там дзе сумна схіліўся паэт.

Я падслухаў цябе ля крыніцы‚

Улюбленец багінь трыялет.

 

2

 

Апошні раз даю зарок

Урэзаць песьні сумнай крыльле.

Яна‚ змагарнасьці прарок‚

Зьбівае з рытму войны крок:

Аб ёй сказаў якісь прарок:

Яе ўзвышша - замагільле.

Апошні раз даю зарок

Урэзаць песьні сумнай крыльле.

 

3

 

«Ня было і няма весялосьці...»

Ул. Дудзіцкі

 

«Ня было і няма...» І ня трэба.

Весялосьцю ня купіш тугі.

На абрусе блакітнага неба

Ёсьць акраец няспытаны хлеба‚

Найвялікшая сэрца патрэба

На аблоні‚ дзе вецер тугі...

Ня было і няма... І ня трэба.

Весялосьцю ня купіш тугі.

 

4

 

Не‚ ня плакаць ад злосьнікаў сьмеху.

Я валею сьмяяцца да сьлёз.

Дон Кіхоты галосяць - пацеху!

Старадумы - паэму пра стрэху!

Ідыёты - маўклівага рэха!..

Ці-ж паэт не пад сонцам узрос?

Не‚ ня плакаць ад злосьнікаў сьмеху‚

Я валею сьмяяцца да сьлёз.

 

Жнівень 1956 г.

 

 

Віланэль

 

З табою быў я справядлівы.

Прайшоў па сэрцы дзідай час‚

Цяпер я грэшны‚ нешчасьлівы.

 

Ці раз я чуў твой сьмех глумлівы

І дакараў сябе ці раз.

З табою быў я справядлівы.

 

Мяне вялі душы прылівы‚

Сьвятых надзей агонь ня гас.

Цяпер я грэшны‚ нешчасьлівы.

 

Пад'юджваў юны дух гульлівы‚

Ў прарокаў багне часта граз.

З табою быў я справядлівы.

 

У сьне лавіў твой цень трымсьлівы‚

Насіў партрэт твой на паказ.

Цяпер я грэшны‚ нешчасьлівы.

 

Паблытаў сьцежкі век імклівы‚

Каханьня слодыыч - не для нас.

З табою быў я справядлівы‚

 

Цяпер я грэшны‚ справядлівы.

 

1957 г.

 

 

Прабачэньне

 

Прабач‚ даруй! Балючых слоў

Не паўтару. Ласкавым словам

Цябе князёўна маіх сноў‚

Я называцьму. У казцы новай

Мы пойдзем сьцежкай васільковай.

 

У сад квяцісты таямніц

Ніхто‚ клянуся‚ не загляне‚

І чысьцінёй сьвятых крыніц

У чарах месячнага зьзяньня

Бруіцьме нашае каханьне.

 

 

* * *

 

Варожыць ноч‚ смуглявая цыганка‚

На трэфах зор сівых вякоў спакон.

Ня сьпіцца мне. Блакітная фіранка

Казлыча скроні. Звонкамі вакон

Глядзяць дамы трывожна‚ таямніча‚

Палошча вецер ночы чорны шаль;

Мільгае ў небе срэбра і крышталь‚

Мільгнеш і ты ў вечнасьць зоркай - зьнічам.

 

1959 г.

 

 

Дыханьне

 

На зямлі я ня тубылец - часовы госьць‚

Усхліп зары мяне кранае і хвалюе;

Няпэўным крокам адыходзіць маладосьць‚

Што трэба ганіць‚ я ўвазношу і хвалю.

 

А зоры падаюць‚ згараюць караблі‚

Штурмуюць высі няўтоймныя зямляне‚

Ды чую голас непадатнае зямлі

І акіяну несьмяротнае дыханьне.

 

 

Запрашэньне (жарт)

 

Мая хата на краі сяла‚

Вароты насьцеж для вятроў шырокіх‚

І для вас ня рыхтаваў сіла‚

Шпакі‚ сініцы‚ салаўі‚ сарокі.

 

Ляцеце сьмела. Пойла ў цабры

Ёсьць для вас сабакі... Запрашэньне

Вам асобае‚ мае сябры:

Прыходзьце з квартай у кішэні...

 

 

Мэта

 

Гараць агні. Зацьміла сонца згага‚

Губляецца ў тумане небасхіл‚

А мы ідзём‚ трымаем раўнавагу‚

Ды падаюць зьнямогыя бяз сіл.

 

А мы ідзём‚ імпэтам гоім раны‚

Утолім спрагу горкую расой.

О‚ цудаў сьвет! О‚ край укрыжаваны!

Хто вас спавіў пакутай і красой?

 

Далёкі шлях‚ а мэта бліжай‚ бліжай‚

Гараць агні‚ знаёмыя агні...

Няхай маланка нашы сьлёзы ніжа

І зорамі рассыпле ў вышыні.

 

 

Слуцкім Героям

 

Не адзін яшчэ лістапад

Адшуміць у нябыт жоўтым лістам‚

Будуць вёсны наведваць сад

З салаўём‚ шчабяткім‚ галасістым.

 

Над магіламі тых‚ што ішлі

У бой‚ няроўны‚ з думай аб волі‚

Навявацьмуць сон кавылі‚

Ды вятры ня ўмоўкнуць скуголіць.

 

Прыдзе хтось‚ курганы ўзарэ‚

Каб рассыпаць у вёсну зярняты‚

Спатыкнецца сашнік на «ўрэз»‚

На аскепках‚ іржавых‚ гранаты.

 

Скліча сход гаспадар зямлі.

Там‚ дзе з воямі змоўкла і зброя‚

Размахнецца ўвесь абэліск

З двума словамі: «Слуцкім Героям».

 

 

Ня стыгне войная адвага

Уладзімеру Пелясе

 

Ня стыгне войная адвага‚

Паходаў дальніх сьняцца сны;

Жыцьця няўтоленая смага

Прыгодаў гойдае чаўны.

 

Вятры сустрэчныя скуголяць‚

Грымотны блізіцца ўздых...

Ці шторму буйная сваволя

Спраможа поступ маладых?

 

Ад сьмелых рызыкі‚ натугі

Скрыгочуць крыкі ляднікоў...

Крывёй абмытыя ратугі

Пад ногі вымасьцім вякоў.

 

Паходні жужлай не сатлелі‚

Наш гарт змагарны не асьмяг;

Шрапнэльлю шытыя шынэлі

Ня кінем з ганьбай у кустах.

 

Мы ня шукаем Тропік Рака -

На штурм уснадзім караблі‚

І кінем зноў вандроўны якар

У бухце Сонечнай Зямлі.

 

 

Першая рана

 

1

 

Слуцак. Станцыя. Цягнік.

На пэроне людзі.

Моўкнасьць гораду і ніў

крык гудка ўспудзіў.

 

Кажушок на галаву

ад ліхтарні вока.

У мора чорнае плыву

ад зямлі далёка.

 

- Гу-гу-гу!.. Бягу‚ бягу!..

Рэхча кабыліца.

Разагнуў цягнік дугу

з крыкам у стаіцы.

 

2

 

Іду па ходніках. Бяжыць

дзяўчына. Пахне цьветам.

- Прабач‚ скажы: агульнажытак

тэхнікуму дзе тут?

 

- Вунь там‚ Эльвод... Налева дом...

І вочы апусьціла.

- А лепш цябе я давяду.

І давяла і міла

 

на ростань ціха па плячу

рукою‚ як хусьцінкай.

Агеньчык бліснуў у ваччу

блакітнай павуцінкай.

 

3

 

На заняткі хадзіў штодня.

Прагуляць - найвялікшы грэх.

Не сабакаў прыехаў ганяць‚

падымаць сябе на сьмех.

 

Выскалякі ўсюды ёсьць.

Асьмяюць‚ не заўважыш як.

Не жаданы ты станеш госьць‚

брату роднаму не сваяк.

 

І насьценнай газэце - гэрой.

І на чорную дошку - красуй.

І студэнты‚ пчаліны рой‚

не схаваюць пагарду‚ сум.

 

4

 

У Нямігу глянуць зоры‚

усьміхнуцца сьцісла‚

і лятуць‚ лятуць праз горад

паглядзецца ў Сьвіслач.

 

Паглядзецца‚ вокам сінім

навакола кінуць

і заўважыць пад вярбінай

хлопца і дзяўчыну.

 

Каб ня бачыць іх правінаў‚

стрымгалоў у воду.

А я йду шчасьлівы зь Нінай

у домік ля Эльводу.

 

5

 

За прыгожай‚ маладою

злыя сочаць вочы.

Шчасьце спарана зь бядою‚

неразлучна крочаць.

 

Сьлёзы смачныя ад сьмеху‚

горкія ад гора.

Раз ішла мая ўцеха

не зы мной за горад.

 

Хай пярун бы мяне ўдарыў‚

галаву расквасіў:

вёў пад руку маю мару

камсамолец Вася...

 

6

 

Перакрэсьліў загалоўкі

новае вязанкі‚

у трамвай‚ на Камароўку‚

у лес каля Сьляпянкі.

 

Там зялёныя ўзьвеі

б'юць паклон Радзіме;

там чакаюць два Сяргеі;

адзін Уладзімер...

 

Там суцішнае ёсьць месца

каля стромкай хвоі.

Слухаць будзе толька месяц‚

як ракой жывою

 

рыфмаў стройныя ўзьвівы

зазьвіняць па лесе.

Павядзе нас па абрывах

маладая песьня.

 

А нязломная шыпшына

воплескамі лісьцяў

супакоіць - не загінем‚

выйдзем‚ знойдзем выйсьце.

 

7

 

У тую ноч не адзін я прыйшоў.

Мо на шчасьце‚ а мо на бяду‚

я прывёў з сабой таварышоў -

недазволеных дум чараду.

 

Не давалі заснуць мне сябры‚

усё пыталі‚ чаму Беларусь

пяцікутнаю зоркай гарыць‚

не запаліць сваю зару.

 

Адказаць я ня мог ім тады

і за мною хадзілі яны.

Няўтомных сяброў сьляды

страціў я на дарогах вайны.

 

8

 

Трыццаць трэйці галодны год.

Трыста грамаў хлеба - паёк.

Падцягнула і мне жывот.

Торбы накрыж і ў рукі кіёк?

 

Дзе дзяваліся ўзьнёсласьць‚ імпэт?

Растапырыўшы ногі‚ як рак‚

ледзь ідзе да харчэўні студэнт‚

ня студэнт - запытальны знак.

 

9

 

Не прасіў дапамогі з дому‚

ведаў - сёстры й маці ў бядзе.

Самі чорствым давяцца комам‚

рады шчаўніку ды лебядзе.

 

Сашчаперылі ў роспачы рукі

і ня ведаюць‚ жыць‚ ці ня жыць;

употай ловяць таемныя гукі

аб ратунку з заходняй мяжы.

 

10

 

Я ня бачыўся доўга зь Нінай.

Да мяне завітала яна...

Працягнула галінку шыпшыны

і лагодна сказала - на!..

 

Каля сэрца насі заўсёды‚

гэта твой і мэдалік‚ і крыж.

Ты радзіўся ў час непагоды‚

непагоды баісься ці-ж?

 

Не давай заскарузець слову.

Слова праўды - ружанец і меч.

Словам можна здымаць галовы‚

але сэрцы ты ім не калеч.

 

Шмат цябе навучаць ня стану.

Прад табою шляхі і шляхі.

Беларусі крывавую рану

не загоіць прыблуда ліхі.

 

І пайшла‚ як прышла‚ ня ў дзьверы‚

не праз комін‚ дзе чад і дым...

Новым вершам на белай паперы‚

пачарнелі Музы сьляды.

 

11

 

З тэй пары сінязорныя вочы

павялі мяне цяжкай дарогай.

З камсамольскаю зграяю крочыць

я ня мог‚ не патрапіў у ногу.

 

Надрываліся выпаўзьні - левай!

Я наўмысьне‚ насуперак - правай.

У шэрым гмаху высочныя гневу

завялі на мяне справу...

 

12

 

Чалавек чалавеку зьвер.

Чалавек чалавеку брат.

Якой хочаш меркай зьмер‚

але гад застанецца гад.

 

Прайдзісьветы ўсюды ёсьць‚ -

беларускі народ не сьвяты‚ -

і Цыган Беларусу госьць...

Ці ня шмат у нас дабраты?

 

13

 

Зь ім я жыў пад аднэю стольлю.

Мы дзяліліся хлебам і сольлю.

 

Нас вязала агульная мэта:

як і я‚ ён цаляў у паэты.

 

Надзяваў ён кашулю маю

і пяяў - «Я ля раю стаю...»

 

Я напяльваў яго піджак‚

падпяваў - «Падарэцце пятак!»

 

Парным летам‚ суровай зімой

быў ён лепшы таварыш мой.

 

Эх‚ таварыш‚ таварыш Васіль‚

ты ў запазусе камень насіў.

 

14

 

Я ні слова пры спатканьні‚

а яна хоць бы паўслова.

Неяк сумна ў вочы глянем‚

ды апусьцяцца галовы.

 

Так і пойдзем‚ як чужыя‚

незнаёмыя ніколі.

Толькі сэрца ціха ные‚

толькі ў сэрца штосьці коле.

 

І ня сьпіцца: думы‚ мары.

Што цяпер ты робіш‚ дзе ты?

Сэрца слухаю ўдары‚

успамінамі сагрэты.

 

15

 

А сябра мой‚ таварыш першы‚ -

такім цяпер не назаву‚ -

закінуў лекцыі і вершы‚

пісаў даносы ў ГПУ.

 

Даруй яму‚ Божа‚ правіны:

кахалі мы адну дзяўчыну.

 

16

 

Мы спаткаліся зь ёй нечакана‚

маладосьць ня ўмее чакаць‚

гэтак толькі моцна закаханых

зводзіць лёгкая лёсу рука.

 

Да паўночы блукаў я ля дому‚ -

домік Ніны‚ забыты даўно! -

Нібы хтосьці яе павядоміў‚

паглядзела Ніна ў вакно.

 

Доўга мы па Нямізе гулялі‚

сагравалі нас ветры‚ мароз.

Як вастрогу праходзілі каля‚

ня стрымала Ніна сьлёз.

 

Не даходзіў я надта прычыны‚

думаў: сьлёзы - прываба жанчыны...

Пры растаньні ізноў залілася

і сказала: «Сьцеражыся‚ Вася...»

 

Эпілёг

 

У прасторнай сьветлай залі

джаз грымеў. Танцавалі вальс.

Слова мы зь ёй не сказалі‚

сэрцы шапталі за нас.

 

Трубы‚ іскрыпкі зьвінелі‚

вандраваў я не на зямлі...

І прыйшлі яны ў шынэлях‚

з ГПУ каты прыйшлі.

 

Лопнулі мары‚ як струны‚

меч каральны шчасьце расьцяў.

Першы ў жыцьці пацалунак‚

першая рана жыцьця...

 

Тлумачэньне:

«Эльвод» - назоў электрастанцыі ў Менску

 

1955 г.

 

 


1953-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Міхась Кавыль. Першая рана. Манчэстэр, Выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1960.
Крыніца: скан
Падрыхтавана: Раман Кардонскі