epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кавыль

Ростань

Памяці Я.А.Кір'янава прысьвячаю

 

 

Ростань

 

Адзьвінелі клёны пад вакном‚

Лісьцем-медзьдзю высыпалі сьцежкі‚

Вось і ростань - горкае віно.

Пагасаюць сумныя ўсьмешкі...

 

Неяк сэрцу робіцца цясьней

У грудзёх у часе разьвітаньня.

Праляціць усё‚ нібы ў сьне‚

І журба і дні недаяданьня...

 

Толькі вечна з намі будуць жыць:

Нашай долі спады і ўзьлёты‚

Родны край‚ расьпяты на крыжы‚

І выгнаньня сум і адзінота.

 

На зямлі мы толькі у гасьцях.

Скажам дзякуй ветліваму дому.

Перад намі невядзі прасьцяг‚

Заўтра едзем‚ толькі не дадому...

 

Нас памчыць гарачы паравоз

У туманы па горах і па схілах

І ніхто ня ўроніць горкіх сьлёз

Над тваёй няведамай магілай...

 

Толькі‚ можа скоціцца зара‚

Зашумяць вятры на разьвітаньне.

Дык пацісьнем рукі яшчэ раз

І памчымся ветрам на спатканьне.

 

І які-б ня быў жыцьця разьбег‚

Ці да сонца‚ ці ў прадоньне з кручы -

Паклянёмся - ў цяжкай барацьбе

Толькі сьмерць на векі нас разлучыць.

 

Адзьвінелі клёны пад вакном‚

Лісьцем-медзьдзю высыпалі сьцежкі.

Вось і ростань - горкае віно.

Пагасаюць сумныя ўсьмешкі...

 

 

Беларусь

 

Беларусь‚ мая ты кветка‚

Як мне шчыра не кахаць

Жыта буйнае ў палетках

І‚ як мора‚ сенажаць...

 

Сад зялёны каля хаты‚

Хлопца з пугай на кані...

Лес‚ задуманы‚ кашлаты

І начлежнікаў агні...

 

На балоце бусла клёкат‚

Неба‚ соннае ад хмар...

Жураўліны крык далёкі‚

Арабінавы пажар.

 

Сьнег бялюткі‚ як лілея‚

Жарт вячорак уначы...

Звон цымбалаў і жалеек‚

Сум заручаных дзяўчын...

 

Усё так родна‚ блізка‚ міла‚

Сэрца радуе‚ калі

Нават цёмная магіла

На тваёй сьвятой зямлі.

 

Не забыць начлег‚ палеткі‚

Жарт вячорак‚ сенажаць...

Беларусь‚ мая ты кветка‚

Буду век цябе кахаць.

 

 

Ой‚ ты‚ край мой

 

Ой‚ ты‚ край мой залаты‚

Край мой васільковы!

Над ракою чараты‚

Пушчы і дубровы...

 

Як цымбалы‚ звонкі бор‚

У зеляні даліны...

Срэбра рэчак і вазёр‚

Вырай жураўліны...

 

Пад дугою шархунцы‚

Коні вараныя...

Шыр і бель ва ўсе канцы‚

Песьні маладыя...

 

Над ракою чараты‚

Пушчы і дубровы...

Ой‚ ты‚ край мой залаты‚

Край мой васільковы!

 

 

Поле‚ поле...

 

Поле‚ поле... Нівы‚ сенажаці -

Залаты‚ бязьмежны акіян...

Ці ня тут заўчора мая маці

Пралівала сьлёзы на бур'ян?

 

Ці ня тут ад сонца і да зораў

Гнулі сьпіну бацька і браты

І пяялі песьні болі‚ гора?..

Поле‚ поле‚ чуеш? Гэта ты...

 

Не пазнаць вас‚ нівы‚ сенажаці‚ -

Залаты‚ бязьмежны акіян...

Вырывае згорбленая маці

Колькі раз аплаканы бур'ян.

 

А браты і сёстры як асілкі:

На касілкі - цэлыя стагі...

Што да іх жняяркі і касілкі‚ -

Як касілкі‚ рэжуць мурагі...

 

І чамусьці косьці ня скіголяць‚

Б'ецца сэрца радасьцю маё‚

Бо наўкол раскінулася поле‚

Ня чужое‚ ўласнае‚ сваё.

 

 

Салодкі сум

 

Завеі дум...

Салодкі сум...

І роспач існаваньня...

Куды ні йду‚

З сабой нясу

дар сьвяты - каханьне.

 

Ня я адзін

Нясу яго‚

Ня я адзін‚ шчасьлівы...

Зыйдзі‚ зыйдзі‚

О‚ дар Багоў‚

На сэрцаў чорствых нівы!

 

Сьвятым агнём

Спалі жарству

Бязьлітасьці і злосьці;

Засей зярнё‚

Зьбяры жніво‚

Разьвей па ветру восьці!

 

Завеі дум...

Салодкі сум...

І роспач існаваньня...

Куды ні йду‚

З сабой нясу

Дар сьвяты - каханьне.

 

 

Юнона

 

У садзе каля явару

Крапіва і трава...

Зіхціць з крапівы мрамарам

Багіня хараства

 

Юнона. Нібы просячы

Спагады ў кагось‚

Абрубкі рук узносячы

У бязьмежжа‚ кажа: «Вось‚

 

Багіня‚ чараўніца я...

Цары і каралі‚

Як вербалозы ніцыя‚

Згібаліся‚ калі

 

У руках трымала троны я...

Што троны!? Увесь сусьвет.

А зараз мо зялёныя

Мне жабы запавет

 

Праквакаюць. Забытая‚

Дзе сьліўні і вужы‚

Аплёвана‚ разьбітая

На сьметніку ляжы...»

 

У садзе каля явару‚

Крапіва і трава...

Зіхціць з крапівы мрамарам

Багіня хараства...

 

 

Васілёчкі

 

Расьцьвіталі ў полі васілёчкі‚

Васілёчкі ўсюды‚ дзе ні кінь...

Ой‚ чаму кароценькія ночкі‚

Ой‚ чаму вялікія дзянькі?

 

Дзень цалюткі жыцейка я жала‚

Мае ножкі‚ ручанькі баляць...

Ой‚ чаму ты‚ ночанька‚ так мала?

Няма часу зь мілым пагуляць.

 

Вунь ідзе дарожанькай каханы -

Перасталі‚ ножкі не баляць...

Ня будзі матуленька‚ так рана...

Дзень цалюткі спрытна буду жаць.

 

Расьцьвіталі ў полі васілёчкі‚

Васілёчкі ўсюды‚ дзе ні кінь...

Ой‚ чаму кароценькія ночкі‚

Ой‚ чаму вялікія дзянькі?

 

 

Аб табе адзінай

 

Я нікому вершаў

Ня пісаў ніколі‚

А табе вось першай

Я пішу. Што болей?

 

Я ня слаўны Ленскі‚

Ты-ж і не Тацьяна...

Родам я з-пад Менску...

Часта‚ часта п'яны

 

Я хаджу‚ бо цела

І душа на ранах.

Мо таму й запела

Ліра аб каханай;

 

Аб табе каханай‚

Аб табе адзінай‚

Не аб той‚ што танна

Прадае радзіму;

 

Прадае радзіму‚

Што гандлюе целам...

Аб такой тварыне

Ліра не запела-б.

 

Я пішу сьвятому

Сатварэньню Бога‚

Што жыве бяз дому‚

Нібы той убогі;

 

Нібы той убогі‚

Што паходзіць з чэрні‚

Што крывавіць ногі‚

Як і я‚ аб церні...

 

 

Ой‚ чаму я спаткаўся з табою?

 

Ой‚ чаму я спаткаўся з табою

За сялом‚ дзе цьвітуць вясількі?

Не знайду я нідзе супакою:

Мне вачэй тваіх сьніцца блакіт.

 

Тваю гібкую‚ стройную постаць

Абдымаю я часта у сьне...

Ой‚ ня муч‚ адкажы мне навошта

Абяцала кахаць па вясьне?

 

Я снуюся‚ нібы закалдован‚

І рукамі лаўлю сваю цень...

І нішто мне ня міла‚ ня нова‚

Я кудысьці ішоў-бы‚ ляцеў...

 

Ой‚ чаму я спаткаўся з табою

За сялом‚ дзе цьвітуць васількі?

Не знайду я нідзе супакою:

Мне вачэй тваіх сьніцца блакіт.

 

 

Ой, пайду

 

Ой‚ пайду ў няведамую даль

Пад акорды іскрыпак вясны...

Можа‚ ў далі разьвею я жаль

І забуду трывожныя сны.

 

Забінтована даль у туман‚

Нібы сьлёзы‚ раса на траве...

І цябе там‚ мой любы‚ няма:

Развітаўся са мною на век.

 

Як убогая‚ ў полі стаю.

Што рабіць і куды мне ісьці?

Боль пякучы ў грудзёх затаю‚

Што завяла‚ таму ня цьвісьці.

 

Ой‚ пайду ў невядомую даль

Пад акорду іскрыпак вясны...

Можа ў далі разьвею я жаль

І забуду трывожныя сны.

 

 

Князёўна

 

Веры Б-й

 

Ты прыйшла‚

ў срэбра йзрэб'я убраная‚

І павеяла водырам ніў...

О‚ князёўна мая каханая‚

Ты мае разуквеціла дні.

 

Без цябе

мне так сумна‚ ня весяла‚

Сіратой выглядае пакой...

Ты мой сум на усьмешкі павесіла‚

Ты прынесла мне сон‚ супакой.

 

Дык прыйдзі

ў срэбра йзрэб'я убраная‚

І павей пахкім водарам ніў‚

О‚ князёўна мая каханая‚

Разуквець яшчэ раз мае дні.

 

 

* * *

 

Мне нікога ня трэба другога‚

Для мяне ты адна - цэлы сьвет.

Я малю‚ я прашу толькі Бога‚

Каб над нашай цярновай дарогай

Зазіяў шчасьця й радасьці сьвет

Ня ўтойвай у сэрцы трывогу‚

Зазіяў шчасьця й радасьці сьвет.

Я нашу цябе ў сэрцы‚ як Бога‚

І ня трэба мне болей нікога‚

Для мяне ты адна - цэлы сьвет.

 

 

Адзін‚ адзін

 

Адзін‚ адзін.

Наўкол халодны мур.

Маўклівыя тырчаць у вокнах

                                        рэбры кратаў

Прамень забег украдкай

                                        у турму

І струны кволыя маёй душы

                                        пакратаў.

Баліць душа. Пажаліцца каму?

Каму сказаць‚ што ты

                                        ня вінаваты

Адзін‚ адзін.

Наўкол халодны мур.

Ды чорныя тырчаць у вокнах

                                        рэбры кратаў...

 

 

Ня кувай

 

Ня кувай ты‚ зязюлечка‚ не кажы‚

Што нядоўга застаецца мне пажыць...

Сам я ведаю‚ што ў лесе‚ ля гары‚

Мне капаюць ужо яму грабары.

 

Хай капаюць. Не баюся я нічуць.

Я хачу навек забыцца і заснуць‚

Каб ня бачыць гэтых чорных пут і крат‚

Каб ня слухаць‚ як людзей катуе кат.

 

Ня кувай ты‚ зязюлечка‚ не кажы‚

Лепш загінуць без пары, чым гэтак жыць...

 

 

Пралескі

 

Пралескі‚ мілыя пралескі‚

Прадвесьня родненькія дзеткі‚

 

Вы ў лесе ціха вырасталі...

За што ў вастрог са мной папалі?

 

За што вы раньняю вясною

Бязьвінна вяняце са мною?

 

Адна ў нас з вамі‚ мабыць‚ доля‚

Над намі д'ябальская воля -

У няволі людзі‚ лес і поле...

 

 

Абель

 

Толькі месяц ясны гляне

На мяне праз краты -

Бачу вечнае змаганьне:

Каін коле брата...

 

Бедны Абель‚ родны браце‚

Лёс адзін мы маем:

Ты жыцьцё даўно ўжо страціў‚

Сьмерць мяне чакае.

 

Што-ж? Змаганьне дык змаганьне -

Разламаю краты‚

Покуль сонца з неба гляне‚

Замардую брата...

 

У маёй жыве ён хаце‚

Усё маё ён мае...

Закалю‚ спалю багацьце...

Каін‚ хай-жа знае.

 

 

Помніш‚ мама?

 

Помніш‚ мама‚ той горад вялікі?

Белы дом з вартавымі... вастрог?

На пабачаньні ты чаравікі

Мне зьняла з сваіх змучаных ног...

 

Вартавы панукаў: «Поскорее!..»

Разьвіталіся мужна‚ бяз сьлёз.

А на заўтра туды‚ дзе ня грэе

Улетку сонца‚ цягнік нас павёз...

 

Шмат нас тут і малых і вялікіх‚

Шмат хто холад падужаць ня змог...

І‚ калі-б не твае чаравікі‚

Я таксама... застаўся-б бяз ног...

 

Вартавыя крычаць: «Поскорее!..»

Пераношу ўсё мужна‚ бяз сьлёз.

Ой‚ калі-ж мяне сонца сагрэе

У тым краі‚ дзе радзіўся і рос?!

 

 

Сібір

 

Сібір‚ Сібір - халодная магіла‚

Забыць цябе няма ніякай сілы‚

Старая ведзьма‚ мачыха мая!

 

Ой‚ колькі ты людзей акасьцяніла‚

А колькі іх‚ зьняможаных‚ пахілых‚

У чарзе над ямай чорнаю стаяць?!

 

Яны стаяць‚ цякуць іх рэчкай сьлёзы‚

Іх ледзяняць траскучыя марозы

Ды жаліць вецер‚ лютая зьмяя...

 

Сібір‚ Сібір - халодная магіла‚

Забыць цябе няма ніякай сілы‚

Старая ведзьма‚ мачыха мая!

 

 

Куды ісьці?

 

Куды ісьці?

Каму ў вакно пастукаць?

Хто мне адчыніць

                    і працягне рукі‚

Як тры гады было таму назад?

 

Вось тут калісь

                    стаяла наша хата‚

А тут гуляў я часта

                    зь меншым братам‚

І нам шумеў густы зялёны сад...

 

Няма‚ няма

                    ні саду‚ а ні хаты:

Да трэскі ўсё

                    расьцягнута‚ пакрата...

У далёкі край пайшоў

                    мой меньшы брат.

 

А бацька дзе?

А сёстры‚ а матуля?

Даўно яны

                    ў чужой зямлі паснулі

І іх цяпер дабудзісься наўрад.

 

Куды ісьці?

Каму ў вакно пастукаць?

Хто мне адчыніць

                    і працягне рукі‚

Як тры гады было таму назад?

 

 

За вастрожнай сьцяной

 

За вастрожнай сьцяной

                    ды ў няродных краёх

Маладосьць мая ўся праляцела.

Сум па роднай зямлі

                    выяў сэрца маё‚

А цынга перагрызла цела.

 

Голад мучыў мяне‚

                    як агнём‚ дапякаў‚

Забіраў ён апошнюю сілу...

Я карэньне гладаў‚

                    Я ратунку шукаў -

Маладым не хацеў у магілу.

 

Сам ня ведаю як‚

                    мабыць‚ Бог захацеў‚

Каб я вынес пакуты Тантала.

Дзякуй Богу‚ ня ўмёр‚

                    ды жыву бяз уцех -

маладосьць у вастрогах завяла.

 

 

Ой‚ далёка

 

Ой‚ далёка ад мяне вы сяньня‚

Пахкія‚ чаборавыя ўзьмежкі!

Разгубляў я па шляхох выгнаньня

Радасьць і маўклівыя ўсьмешкі.

 

Выйду ў поле‚ ў туманы я гляну

Новай і няветлівай краіны‚

Палячу у мроях на курганы‚

У родныя‚ зялёныя даліны...

 

Там у маі зь любай‚ дарагою

Кветкі мы пад месяцам зьбіралі...

Шархунцы зьвінелі пад дугою‚

Коні нас уносілі у далі...

 

Ой‚ далёка ад мяне вы сяньня‚

Пахкія‚ чаборавыя ўзьмежкі!

Разгубляў я па шляхох выгнаньня

Радасьць і маўклівыя ўсьмешкі.

 

 

Турынгія - царыца

 

Турынгія - царыца!

Зялёныя лясы...

Ніяк мне ня упіцца

Віном твае красы.

 

Люблю твае я горы

У прываблівых лясох‚

Ды сьняцца мне ўзоры

На слуцкіх паясох...

 

Жалеяк сумных граньне‚

Дзяўчын задумных сьмех

Ды Слуцкія сьвітаньні

Мне мрояцца у сьне...

 

Турынгія - царыца!

Зялёныя лясы...

Ніяк мне ня упіцца

Віном твае красы.

 

 

Не раскратаю струн

 

Засьпяваць-бы вясёлую песьню -

Не раскратаю ў сэрцы струн:

Дзень тут цешыцца радасьцю весьняй‚

Там маю растралялі сястру...

 

Я ня ведаю ўночы‚ ці ці ўраньні‚

Толькі ведаю - ружы цьвілі...

У бел-чырвоным вянчальным убраньні

На магілу яе прывялі...

 

Прывялі... Вецер блытаў ёй косы...

Вочы кат ручніком завязаў...

У халодныя буйныя росы

Пакацілася зорка-сьляза.

 

Пакацілася. Зьнікла. Нікога...

Хто запаліць другую зару?

Завілася у цернях дарога

І мая і твая‚ Беларусь.

 

 

Усё пагасла

 

Усё пагасла‚ усё адцьвіло‚

Патанула у бездані ночы...

Штосьці чорнае завалакло

Мае ясныя‚ сінія вочы.

 

Выйду‚ сяду‚ бывала‚ ў гаі

І гляджу як вавёрачкі скачуць...

А цяпер зазьвіняць салаўі -

Я ня бачу іх‚ чую і плачу.

 

Тая‚ моцна якую любіў

І насіў у сэрцы верна‚ як Бога -

Разьлюбіла‚ бо вочы згубіў...

За нялюбага выйшла другога.

 

Усё пагасла‚ усё адцьвіло‚

Патанула у бездані ночы...

Штосьці чорнае завалакло

Мае ясныя‚ сінія вочы.

 

 

Майя

 

Чарнавокая‚ мілая Майя‚

З нерасплецянай русай касой‚

Адшумела зялёным ты маям‚

Верасьнёвай пажоўклай красой.

 

У туманамі павітыя далі

Ты пайшла і панесла з сабой

Тую песьню‚ што колісь сьпявалі‚

Тую песьню‚ што клікала ў бой...

 

Што было‚ я таго не шкадую‚

Быль мяне ня трывожыць нічуць...

Толькі песьню тваю маладую

Яшчэ раз я хацеў-бы пачуць.

 

Чарнавокая‚ мілая Майя‚

З нерасплецянай русай касой‚

Адшумела зялёным ты маям‚

Верасьнёвай пажоўклай красой.

 

 

Ня прыйду...

 

Ня прыйду‚ не чакай‚

О‚ матуля мая‚

Хоць ня ў ліку я ў бітве палеглых...

Нявідзімка-рука

Засыпоньвае яў‚

Гумку смокчуць бясьпечныя нэгры...

 

Не замоўклі‚ гуляюць

Дзе-недзе вятры...

На Алімпе «Багі» ў непакоі‚

Толькі «кулі» Шанхаю

Сусьвет дагары

Не паставяць. Сапраўдныя воі

 

Прытупілі мячы...

Доўга будуць гастрыць:

Той пары я наўрад прычакаю‚

Калі ўдзень і ўначы

Самалёты ўгары‚

Як калісьці закружацца зграяй...

 

Ня прыйду‚ не чакай‚

О‚ матуля мая‚

Хоць ня ў ліку я ў бітве палеглых...

Нявідзімка-рука

Засыпоньвае яў‚

Гумку смокчуць бясьпечныя нэгры...

 

 

Царыца мараў

 

Жоржу М.

 

Іграе Жорж... У бараку змрок.

Зьвініць чуць-чуць гітара...

«Тыфліс‚ Тыфліс... Мая Маро‚

Тамара маіх мараў.

 

Цябе адну ў грудзёх нашу‚

З табою і загіну...»

- Сыграйце‚ Жорж‚ я вас прашу:

«Ой‚ ненько Украіна...»

 

«Цябе забыць ня маю сіл‚

Ды хто забыць прымусіць».

- Сыграйце‚ Жорж‚ для нас усіх

Хоць што аб Беларусі...

 

У другім кутку‚ нібы знарок‚

Хтось «Рускага» ударыў...

«Тыфліс‚ Тыфліс... мая Маро‚

Тамара маіх мараў...»

 

 

У вір галавою

 

Перанёс я прыгодаў нямала‚

Упіваўся рамантыкай бою‚

А цяпер‚ як казаў Купала‚

Засталося - у вір галавою.

 

Хай падымуць мяне аптымісты

На калючыя дзіды сатыры...

Адкажу - а ні крыкам‚ ні сьвістам

Ня стрымаць жураўліны вырай.

 

Жураўлёў каб пазбавіць палёту‚

Жураўліных маленечкіх місій -

Жыць яны загубілі-б ахвоту

І каменьнем зваліліся-б з высі.

 

Перанёс я прыгодаў нямала‚

Упіваўся рамантыкай бою‚

А цяпер‚ як казаў Купала‚

Засталося - у вір галавою.

 

 

На скрыжаваньні дарог

 

Як валацугі‚ на чужыне.

Стаім дарог на скрыжаваньні‚

І ўсіх гняце адно пытаньне:

Куды нас заўтра доля кіне?

 

Здэнэрваваныя чаканьнем

Чагось нязнанага‚ як сьцені‚

Мы ад сьвітаньня да сьвітаньня

Сваёй палохаемся цені.

 

Як на забойцаў‚ ці зладзеяў‚

Глядзяць няласкавыя вочы.

У прадоньне канулі падзеі...

Твой кожны крок хтось пільна сочыць.

 

Мо сэрца насьцеж ім расхрыстаць

І паказаць‚ як кроў шчарнела?

Чаго ён хоча‚ дух нячысты‚

Ад нас бяздомных‚ кулі белых?

 

Няўжо ня мець нам супакою

Ад гэтай злыбядзі да скону?

Няўжо Усявышняга рукою

Ня скрэсьліць лютасьці дракона?

 

Я веру ў Божую ўсясілу‚

У нашу веру і збавеньне.

Мы перад злыдням да магілы

Ня будзем поўзаць на каленях.

 

Хрыстос Уваскросьне ясным раньнем‚

Ён нас падыме з дамавіны...

І пасьля доўгага чаканьня

Абдыме маці свайго сына.

 

 

Ой, разьвею я сум

 

Ой‚ разьвею я сум‚

Больш ня буду тужыць‚

Не пакратаю сэрцы міноры.

Пазьбіраю красу

І ў паэмаў брыжы

Упляту васілёчкамі ўзоры.

 

На выгнаньні туга‚

Нібы тая смала‚

Прыліпае да сэрца што хвілі.

Спомніш родны свой гай‚

На ускраі сяла -

І ня хочаш‚ а голаву схіліш.

 

За сялом‚ у гаі‚

Я пазнаў першы раз

Боль пякучы і слодыч каханьня...

У тым гаі‚ бы ў раі‚

Залатая зара

Шархунцом шалясьцела да раньня...

 

Што было‚ адплыло

У туманы‚ ў далячынь‚

Адцьвіло‚ як цудоўная ружы.

Я пакінуў сяло‚

У край чужы ідучы

Сьлёзаў буйных стрымаць не падужаў.

 

Мне шапталі палі:

- Буць шчасьлівы‚ паэт‚

Мы чакаем цябе з новай песьняй.

Я сказаў‚ што‚ калі

Абыйду цэлы сьвет‚

К ім вярнуся я з радасьцю весьняй.

 

Што разьвею я сум‚

Больш ня буду тужыць‚

Не пакратаю сэрцы міноры.

Пазьбіраю красу

І ў паэмаў брыжы

Упляту васілёчкамі ўзоры.

 

 

Пад небам Случчыны каханай

(поэма)

 

І

 

Пад небам Случчыны каханай‚

Дзе зоры сыплюцца ў расу‚

Пазнаў я шлях цярновы рана

І краю роднага красу.

 

Там пад алешынай рагатай

Я пугай ляскаў да зары‚

І мудры дзед там гэтак часта

Мяне вучыў‚ мне гаварыў:

 

«Жыцьця шляхі ўсе крывыя.

Да шчасьця шлях вядзе адзін -

Мінай прывабы залатыя‚

Насустрач нявідзі ідзі.

 

Спаткаеш ветры-ліхадзеі -

Падстаў ім грудзі‚ б'юць няхай.

Арла крылатага надзеі

Лаві‚ рукамі не махай.

 

Каменьне гострымі нажамі

Парэжа ногі да крыві -

Ідзі‚ за сьценьню - міражамі

Асягнеш радасьці ўзьвіў.

 

Калі трухлявыя мыліцы

Працягне кат з крывавых рук‚

Скажы яму: чым падаць ніцма‚

Лепш сьмерцяй воіна памру».

 

Я слухаў. Не лавіў я словы

Навукі дзеда-мудраца‚

І сьвет няведамы і новы

Раіўся ў мроях без канца.

 

Быў ён прывабны і чароўны‚

Зырэў у квецені шыпшын.

І‚ нібы гожыя князёўны‚

Усплывалі постаці дзяўчын.

 

Яны глядзелі на загоны‚

Дзе сярод мора каласкоў

Зырчэў расквечанай кароны

Зіхцелі кветкі васількоў...

 

ІІ

 

Пялёсткаў белыя завеі

Шумелі ў зелені садоў.

І нібы здрадлівыя феі‚

Скакалі дні маіх гадоў.

 

І ў гэтах скоках нечаканых

Я сэрца больлю гартаваў.

Жыцьцём упоены‚ як п'яны‚

Ішоў я‚ падаў і ўставаў.

 

І хоць бы раз далёкі‚ блізкі

Таварыш руку працягнуў.

Адзін‚ схіліўшы чолаў нізка‚

Праводзіў я жыцьця вясну.

 

Драньцьвелі рукі ад зьнямогі‚

І смаглі губы без вады...

Сьмяяўся старац ля дарогі‚

Як я‚ бляды і малады...

 

О‚ гэты старац! Сьмех пякучым

Дакорам сэрца працінаў.

А я ішоў па скалах‚ кручах

Туды дзе сонца‚ дзе вясна...

 

ІІІ

 

У гаёх‚ лясох цьвілі пралескі‚

Жаўцелі вербы‚ бэз сінеў.

Зялёны гай і пералескі

Плылі кудысь як ува сьне...

 

Пішчэлі чайкі над ракою‚

Сквілелі ў небе бакасы...

І вецер кволаю рукою

Мае кудлачыў валасы...

 

А я ішоў адзін па полі‚

Ўпіваўся водарам зямлі.

Каханьня солад мімаволі

Мне ў сэрца чулае хтось ліў:

 

«Не забуду я‚ Алеся‚

Час спатканьня над ракой.

Абдымаў нас ціхалесься

Вецер цёплаю рукой...

 

Дзесь зязюля кукавала

Пад зялёнаю вярбой.

Укарала ты‚ што мала

Сустракаўся я з табой.

 

Патухалі ў небе зоры‚

Як каралі тваіх сьлёз.

На сьвітаньні боль-укоры

Я навек з сабой унёс...

 

Не забуду я‚ Алеся‚

Час спатканьня над ракой.

Абдымаў нас ціхалесься

Вецер цёплаю рукой»...

 

Другая сумам закранала

Акорды ў сэрцы маладым‚

Як у няволі паміралі

Ткачыхі Слуцкія ў гады‚

 

Калі агнямі і мячамі

Варшавы «гжэчныя» сыны

Тварылі суд над крывічамі

І катавалі бяз віны:

 

«Ад родных ніў‚ ад роднай хаты‚

У панскі двор дзеля красы

Яны бяздольныя ўзяты

Ткаць залатыя паясы...»

 

І мне рабілася балюча

За родных сёстраў і братоў‚

І помста ляваю кіпучай

Бурліла ў сэрцы. Быў гатоў

 

Ісьці на сьмерць я і пакуты‚

Каб не памерлі крывічы‚

Каб не насілі вечна путы‚

Чужыя гострачы мячы.

 

IV

 

А даль ляжала няжывою‚

Дрыжэлі ў сполаху куст.

І над маёю галавою

У небе коршун‚ як застыў...

 

Паўзьлі крывавыя туманы‚

Ваўкі дзесь вылі ля ракі.

Стагналі‚ войкалі курганы‚

Дзе Гаўрыловіча палкі

 

Пад сьцягам бел-чырвона-белым‚

Рукамі вышытым дзяўчын‚

Хадзілі ў бой адважна‚ сьмела

За волю Случчыны‚ за чын.

 

І ўжо ў руках шпэговай здрады‚

Каб чула родная зямля‚

Герой бязстрашны Лістапад

У апошнім слове прамаўляў:

 

«Няхай за край абрабаваны‚

Што імя мае Беларусь‚

Сканаю я ў крывавых ранах

Ад вашых чорных‚ катніх рук‚ -

 

Ня буду плакаць і прасіцца‚

Я свой народ ня здраджу век‚

Бо покуль сэрца біудзе біцца‚

Хачу я звацца - чалавек».

 

Хоць я тады яшчэ ня ведаў‚

За што крывавяць мой прасьцяг‚

Ды словы-клічы Лістапада

Мяне вялі кудысь‚ як сьцяг.

 

І я пайшоў. Я лез на скалы

Сьлядамі сьвежае крыві...

А прыпарнаскія шакалы

Крамсалі дум маіх узьвіў.

 

А ў гэтых думах‚ гэтых мроях

Хацеў хоць раз я там пабыць‚

Дзе Чарадзеявы героі

У агні згаралі барацьбы...

 

Дык дзе там: «Тэма архаічна...

Вы ў правы хіліцеся ўхіл...

Сьляпы вы - сёньня гераічней» -

Пісаў якісь мне Самуіл.

 

А я «сьляпы» глядзеў‚ як маці

Сьлязамі змочвала палі...

Хацеў крычаць‚ хацеў я плакаць‚

Ня дыфірамбы ім піліць.

 

V

 

Парваў я струны свайго сэрца‚

Закінуў ліру ў забыцьцё‚

Бо родны бацька горкім перцам

Перасыпаў маё жыцьцё.

 

Браты і сёстры скрыгіталі

Зубамі ў роспачы‚ нудзе.

І ня было ў жыцьці праталін‚

На васкрашэньне на'т надзей.

 

У Сібір халоднымі шляхамі

Ішлі з-пад Слуцку песьняры‚

І там‚ пад тоўстымі сьнягамі‚

Дранцьвеў бунтарскі іх парыў.

 

А тут над небам родным‚ сінім

Вісела карканьне варон...

Маўчаў наш родны Паганіні‚

Маўчаў наш родны Цыцэрон...

 

І толькі ціха хтось прарочыў:

«Ой‚ будзе‚ суд страшэнны суд...

Мы глянем сьмела тады ў вочы

І прайдзісьветаў і прыблуд».

 

VI

 

Гайсалі ветры-буйнавеі

Па сумных вёсках ля Случы...

Хадзілі каты і зладзеі

Па хатах сонных уначы.

 

Хадзілі‚ чорнымі рукамі

Зрывалі посьцілкі зь дзяўчын.

Ірвалі цела іх клыкамі

Не за праступства‚ не за чын.

 

О‚ не! Віною была маці‚

Што нарадзіла іх на сьвет‚

Што паясы умела ткаці;

Свой край любіць вучыў іх дзед.

 

Які жыцьця стаптаў прасторы...

О‚ васільковыя палі!

Ой‚ колькі вы пазналі гора‚

Ой‚ хоць-бы раз вы расьцьвілі

 

Праўдзівым цьветам буйналістым‚

Каб там дзяўчатам маладым

Сьмяяўся месяц серабрысты...

Каб іх найлепшыя гады

 

Прайшлі‚ як сон‚ як казка-цуда‚

Сярод каханьня і ўцех‚

Каб ноччу цёмнаю Іюда

Ня краў іх звонкі‚ чысты сьмех.

 

VII

 

Гатоў штодзень я быць данарам‚

Па кроплі кроў аддаць сваю

За васільковыя прасторы‚

Дзе людзі моладасьць маю

 

Тапталі бруднымі нагамі‚

Дзе жыў мой бацька‚ любы дзед...

Дзе над лугамі-мурагамі

Іскрыцца сонца агняцьвет.

 

Хачу я крыкнуць родным хатам‚

Дзе льлецца Случ‚ мая рака -

Мілей за тысячы дукатаў

Цьвяток мне сіні васілька

 

З прастору Случчыны каханай‚

Дзе зоры сыплюцца ў расу‚

Дзе я пазнаў жыцьцё так рана

І краю роднага красу.

 

Менск‚ 1942 г.

 


1942-1947?

Тэкст падаецца паводле выдання: Міхась Кавыль. Ростань. Рэгензбург, 1947.
Крыніца: скан
Падрыхтавана: Раман Кардонскі