epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Клімковіч

«Не папракай мяне ў няшчырасці...»

Не папракай мяне ў няшчырасці,

Не папракай мяне ў нясталасці,

Я, мо, - той клён, якому вырасці

Жыццё дало да хмар без старасці.

Глядзі, як ён, той клён, з-пад сцюжы я

Асенняй золкай абыдзённасці

Вясне насустрач рукі дужыя

Цягну - цяпло вясновых дзён знайсці.

Яна, вясна, ка мне прыгорнецца

Сваёй нясмелай ціхай ласкаю,

Душа ўзаўецца, нібы горліца.

Адкажа сонечнаю казкаю.

І хай у восені ў абдымках я

Гару, як клён, імжой апалены,

Вясну з ружова-светлай дымкаю,

Як ён, чакаю я за далямі.

 

1945

 


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая