epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Дай звёздачку...

На якую хвіліну танк спыніўся.

Уперадзе, на масту, узнімаўся высока слуп чорнага дыму, гарачыя каснікі полымя прабіваліся ў ім. Нягледзячы на частую страляніну з таго берага, на грукат падыходзіўшых танкаў, адсюль чуваць было, як трашчыць агонь, як цяжка дыхаюць агнявыя віхры, падганяючы ўгору цяжкія клубы густога, чорнага дыму.

— Давай упярод! — пачулася кароткая каманда.

Танк уздрыгануўся, рушыў на мост. Вось і самы агонь, сіпучы, жаркі. Цяпер ужо відаць, што гэта гарыць вялізны грузавік. На ім бочкі, няйначай, з газай, дужа багата ўжо гэтае чорнае копаці. Грузавік пастаўлен знарок і, па ўсяму відаць, нядаўна. Танк асцярожна падыходзіць, упіраецца ў радыятар. Пара лёгкіх штуршкоў,— з цяжкім хрустам ламаецца маставая парэнча, і агромністы палыхаючы факел ляціць потырч з маста. Яшчэ секунда, другая — сцелецца дым па вадзе, бліскучыя плямы на імклівых хвалях загараюцца пад сонцам вясёлкавым агняцветам. Нібы ўздыхае з палёгкай танк, а з ім разам уздыхае і Янка-вадзіцель, сціскаючы ў руках усю магутную танкавую сілу. З грукатам, з громам, у воблаках пылу імчаць адзін за адным зялёныя танкі, з страшэнным рэвам узбіраюцца на крутую вуліцу, лавінай ляцяць па гораду. Насустрач абдае глухім свінцовым шротам, захліпаюцца кулямёты і вінтоўкі, дзесьці збоку рвуцца гранаты, весела бумкаюць танкавыя гарматы, і нечы балкон, як падрэзаны, ляціць у незвычайным палёце і, грозна бразнуўшыся аб каменны брук, рассыпаецца ў пыле. Толькі і відаць, як пакаціліся па камнях белыя балюстрадзіны. І праз гэтыя балюстрадзіны імчыць ужо наша конніца, і звонкі цокат капыт патанае ў аглушальным «ура». Нясцерпна мігцяць на сонцы шабельныя клінкі; бляск імклівы ў іх, пералівісты. Яшчэ і яшчэ «ўра». Крыкі глушэюць, яны ледзь чуваць; неяк раптам ападае страляніна, і заднім коннікам ужо некуды спяшацца. Малады кавалерыст, прыгнуўшыся да флягі,— а вочы косяць па вуліцы — прагна п’е ваду.

— Ах, як жарка...

Танкі спыняюцца. Горад стаў нашым. Над дзвярамі магістрата пялешчыцца на вятру двухкаляровы флаг, і нейкія спрытныя хлапчукі карабкаюцца да яго па вадасточнай трубе, і вокам не ўгледзіш, як — раз і раз — ляніва падаюць на зямлю белыя шматкі флага, і толькі ніжняя частка яго палыхае над вуліцай. Адразу аж цяплее неяк вуліца. А хлапчукі смяюцца, а потым выцягваюцца іх твары — не так-та лёгка спусціцца цяпер дадолу. Колькі народу высыпала на вуліцу!

Янка адчыняе люк, прагна ўдыхае паветра, соладка размінае здзеравянелыя ногі, спіну. З люка, як з лазні, ідзе гарачы дух, уся спіна ў Янкі ўзмакрэла, і ён падстаўляе яе пад свежы ветрык, абцірае далонню ўспацелы твар, падміргвае прабягаючай дзяўчыне, вітаецца са старым рабочым, які выйшаў з варот і, жмурачыся на сонца, глядзіць на танкі і на новы флаг над магістратам.

— Ну як, папаша?

— Вот жа добра... Вот жа добра, сынок... Не вечнымі ж сталі іхныя гады, папанавалі і хопіць...— Гэта ён пра паноў.

А кругом народ. Малыя абляпілі з усіх бакоў, наперабой працягваюць рукі:

— Таварыш, таварыш! Звёздачку дай!

Вот каб знаццё, назапасіў бы звёздачак...

Падаюць кветкі на танк, Янку паціскаюць рукі.

Стары рабочы цалуецца з ім і доўга ўглядаецца ў вочы і ўсё шэпча і шэпча, расчулена паціскаючы руку:

— Вот жа добра... Вот жа добра... Усё ж прычакалі...— і сканфужана кашляе, каб не выдаць свой голас, які вот-вот падвядзе — і заплача тады стары чалавек, на вуліцы перад усімі.

Тут жа жанчына, за руку яе трымаецца дзяўчынка год пяці. Жанчына гаворыць да дзяўчынкі:

— Глядзі, дзіця, глядзі... Доўга глядзі, каб не забылася ты праз усё жыццё: ён жа вызваліў нас...

Дзяўчынка нясмела падыходзіць да танка, нясмела торгае за рукаў танкіста і глядзіць на яго, трымаючы ў руках вялізны чырвоны яблык.

— Вазьмі, таварыш...— і сіняватыя вочы дзяўчынкі ўпрашальна глядзяць на Янку.

Янка нахіляецца над ёю, паднімае яе на рукі і трымае асцярожна, баючыся лішнім рухам сваіх моцных рук, звыклых да танка, прычыніць які боль гэтаму маленькаму і хрупкаму цельцу.

— Дык еш, таварыш, гэта мама для вас купіла, для чырвоных салдатаў... Мая мама папяросы робіць... Вунь яна, мая мама...

Жанчына ж плача на тратуары. Чаго яна плача?

— Мама плача па татку... А мама купіла яблыкі, дык еш, таварыш...

А на вуліцы з канца ў канец, як гром, праносяцца словы:

— Слава Арміі Чырвонай!.. Савецкаму народу слава!

Сама сабою ўзнікае песня, яе спяваюць усе — дзяўчаты, малыя, пажылыя суровыя людзі, стары рабочы, што стаіць ля танка. Янка падхоплівае песню і пяе разам з усімі і думае аб тым, што нідзе, нідзе не чуў ён яшчэ такой песні, хоць і спяваў яе не раз — такія нязвыклыя і ніколі нябачаныя ім спявалі людзі. Здаецца Янку, нібы зліваецца з песняй яго, Янкава, сэрца і ляціць, ляціць у бязмежныя прасторы, дзе так многа шчасця, дзе так многа радасці.

Ён спявае і бачыць, як у доме, насупраць яго танка, адчыняецца акно. Прыгожая дзяўчына перадае адтуль вялізны букет кветак. Ён чуе нават яе словы:

— Перадайце салдату!

Ён усміхаецца ёй, гэтай прыгожай дзяўчыне. Вот жа сарамлівая — і акно зачыніла ўжо.

У адной руцэ ў яго дзяўчынка, у другой букет: вялізны, пахучы. Рукі дзяўчынкі цягнуцца да кветак.

— Пачакай, я табе адарву кветку!

Янка хоча адарваць кветку, і смяртэльная бледнасць укрывае яго твар. Ён адчувае, як каплі халоднага поту выступаюць ужо на ілбу, вочы ўпіліся ў букет — праз кветкі, праз зялёныя сцяблінкі галінак змяіцца сіняваты дымок.

— Мо трапіла як папяроса...

Але ж такі цяжкі гэты вялізны букет. А кругом народ, колькі дзяцей адных.

Янка стараецца перакрычаць галасы вуліцы, магутную песню, што сатрасае дамы.

— Таварышы, адыходзьцеся ад танка... Ворагі радам!

Асцярожна трымаючы дзяўчынку, ён размахвае з усёй сілы рукой з букетам. Букет ляціць у тое акно, што толькі што зачынілася. Дзынкае разбітае шкло. Бяжыць народ ад дому. Раздаецца аглушальны выбух. Янка з дзяўчынкай ужо ў танку. Ён чуе, нібы жалезны гарох рассыпаецца па ўсяму танку, свіргочыць па яго жалезных баках. Заліваецца, плача ў яго дзяўчынка на руках. Відаць, зверху страляюць па танку. У глядзельную шчыліну бачыць ён, як на суседнім танку, што стаіць на перакрыжаванні вуліц, узнімаецца зялёны хобат гарматы. Ледзь відны дымок ахутвае гармату. Яшчэ некалькі раз. Янка чуе, як сыплецца нешта, глуха стукае па яго танку. «Няйначай цэгла»,— думае Янка. Ён хоча зрушыць з месца танк, пусціць яго ў ход. Але ападаюць гукі, сціхае страляніна. Янка бачыць, як з суседняга танка, што толькі страляў, вылазяць танкісты, цэлая рота чырвонаармейцаў паказваецца на вуліцы.

Асцярожна прыадчыняе ён люк. Ля дому ўжо вялікі натоўп. З акна, у які ён кінуў букет, павыбівана ўсё шкло, і рэдкі дым разам з вапнавым пылам ідзе адтуль праз парваныя фіранкі, у якіх заблыталася некалькі кветак з таго букета. Кавалкі шкла валяюцца пад акном — тоўстае люстранае шкло.

З дзвярэй дома выцягваюць мерцвякоў, выштурхваюць жывых афіцэраў. Яны ўпіраюцца. У іх перапуджаныя насмерць твары, пашкумачаныя мундзіры. Іх падганяе стары рабочы. У яго расчырванелы, усхваляваны твар.

— Іш, бандыты, да чаго дадумаліся: засады строіць, бомбу ў букеце...

А высокі хлапец весела расказвае:

— То ён выскачыў адзін з гэтага дома і да мяне на кватэру: «Давай, кажа, пінжак твой, мяняцца будзем, на мундзір...» Я табе памяняю, воўчае мяса, я табе...— мяняе адразу ён тон, зірнуўшы на афіцэра, якога не вёў, а цягнуў ён за каўнер.— Мяняла знайшоўся гэтакі...

Навокал смяюцца.

Дзяўчынка ўжо не плача. Хіба можна плакаць, калі ніхто не плача?! Падыходзіць маці, бярэ яе з рук.

— Пабяжым, дачка, там бацьку твайго з турмы выпускаюць... То скажы хоць дзякуй таварышу, што пазбавіў ад смерці цябе...

— Нічога, нічога... Гэта ж апошняя бомба на вашай вуліцы...

Янка глядзіць на іх, махае рукой ім, і яму так хочацца пабегчы за імі, абняць іх, расцалаваць, паглядзець, як сустрэне бацька маленькую сваю дзяўчынку, паглядзець, ці заплача ён, ці ўсміхнецца адразу...

— Завесці маторы! — праносіцца гучная каманда.

Танкі ідуць далей, асцярожна прабіваючыся скрозь святочныя натоўпы людзей. Узнімаюцца прывітальна сотні рук. Пялешчуцца на вятру чырвоныя сцягі, чырвоным макам гараць шчокі дзяўчат, сотні малых неадступна бягуць за танкамі, іх галасы зліваюцца з рэвам матораў.

Танкі ідуць далей, да новых мясцін, да новых гарадоў і новых боек. Усё большы ход набіраюць яны, даўно адстаюць малыя, якія доўга-доўга махаюць ім услед шапкамі, махаюць рукамі.

На ўсю сваю моц равуць стальныя маторы. І доўга яшчэ праз грукат сталі, праз рокат матораў чуюцца Янку дзіцячыя галасы, дзіцячыя словы:

— Таварыш, таварыш, дай звёздачку мне...

Няўтомна гудуць маторы.