epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Ядвісін дуб

Ніяк не можа заснуць Ядвіся. Усё муляе нешта бок, няйначай гэты сучок яловы на ўслоне. Які ж цвярды ён! Вот каб зрэзаць яго. Дык хіба днём аб ім успомніш?! Услон пад самым акном. Цёмная восеньская ноч глядзіцца ў шыбы, ціха слязіцца дажджом. Глуха шумяць дрэвы. Можна ўчуць, як свішча вецер у голых клянах, як абскубае ён бярозавы ліст і цэлымі прыгаршчамі кідае ў вокны, у сцены — дрымотны шолах ідзе аж па хаце. Не разбярэш, ці то прусы варушацца па столі, ці нехта лапай касматай водзіць па сценах, па вокнах. А як усходзіцца і ўзлуе вецер, тады ляціць, зрываецца каляны ліст дубовы. Аж шыбы звіняць, калі страсаюць дубы сваё лісце. Гудзіць у коміне вецер, прадзіраецца ў шчыліны сцен, аж за самыя ногі хапае Ядвісю. Ніяк не сагрэеш іх, гэтыя скачанелыя за дзень ногі, як ні хутай іх у дзіравы кажушок. Ды што з таго кажушка: ён і ў галовы, і пад бок, і накрыцца ж ім трэба.

Ядвіся пераварочваецца з боку на бок і, абмацваючы сучок, каб ямчэй прымасціцца на лаве, заходзіцца кашлем. Кашаль сухі, надрыўны, аж рыпіць услончык пад ёй, балюча рыпіць у грудзях.

— Змоўкні ты, кола рыпучае! Вот жа няма спакою з-за гэтага сабачага недаедка! Ніколі не заснуць з-за яго!

Ядвіся сцінаецца ўся ў камячок і, уткнуўшыся тварам у рукаў кажуха, душыцца бязгучным кашлем. Ото ж гора гэты кашаль для людзей!

— Каб табе ўжо болей ды не прадыхаць! — чуецца ў цемені той жа сіпаваты голас. То лаецца пан Зыгмунт, які спіць тут жа, у людской кухні. Злосны пан Зыгмунт. І важны пан Зыгмунт — усімі сабакамі загадвае ён у графа. І тымі, што для палявання, і тымі, што двор сцерагуць, графскі парк і палацы, і тымі, што ў панскіх пакоях. Ганарлівы пан Зыгмунт:

— Каб не я, не было б і графскага палявання... Каб не я, то згінуў бы род сабачы...

Баяліся і паважалі пана Зыгмунта, хоць быў ён сам за апошняга сабаку ў пана графа. Але што ж ты зробіш з ганарыстым панам Зыгмунтам? Такая натура ўжо. І ўсе патуралі яму і, каб зрабіць прыемнасць яму, гаварылі пры ім хіба толькі аб выжлах. Толькі старая Зося-кухарка не мела ніякай павагі да пана Зыгмунта. І цяпер, прачнуўшыся на печцы, дакарала яго:

— Чаго ты, гіцаль стары, чэпішся да дзіцяці? Яна ж хворая, яна ж сірата...

Пан Зыгмунт лічыў за лепшае памаўчаць. Пан Зыгмунт хваліўся, што не баіцца мядзведзяў, што ён адной рукой ваўка душыў, лася за рогі лавіў. Але даволі было Зосі ўзяцца за качаргу, як пан Зыгмунт паспешна адступаў і змаўкаў адразу ж. Мо былі тут якія другія прычыны, мо проста пан Зыгмунт быў смелы на тых, хто пакорліва ламаў перад ім шапку.

У кухні зноў ціха.

Вецер крыху апаў апоўначы. Бледная цемрыня акон пералівалася скупымі ценямі. Відаць, выбраўся месяц з-за хмар і прадзіраўся скрозь ліпы, кляны, разгалістыя паркавыя дубы. Боязна цяпер у парку. Азалаці Ядвісю — не пойдзе яна туды паначы. Глуха там, пуста. А ў самым канцы, дзе панская капліца, дзе склеп, дзе пахаваны панскія нябожчыкі, там стаяць гонкія, гонкія сосны. Яны заўсёды гудзяць — ціха, ціха. А калі вецер, хоць маленькі вецер, тады аж рыпяць старыя дрэвы. Жаласліва так, тужліва — р-р-ып... р-р-ы-п...

— Чортавы дрэвы! — кажа пра іх звычайна пан Зыгмунт і не забываецца пры гэтым перажагнаць свой васпаваты твар. Кажуць людзі, што павесіўся на адной з гэтых сосен малады батрак, сын старога графскага садоўніка. Ні то крыўду якую вялікую меў на графа, ні то збэсціў, зняславіў яго маладую нявесту малады граф, і ў паганай справе той нібы дапамагаў маладому графу пан Зыгмунт. Усяк людзі кажуць.

Люта збіў батрак тады пана Зыгмунта, аж некалькі тыдняў ляжаў пан Зыгмунт, ніяк не мог дацягнуць рукой да абвіслых вусоў і ўсё керхаў, керхаў... Але неяк жа выхадзіўся, на ногі стаў, такая ўжо натура жывучая. А батрак павесіўся.

Ядвіся слухае, як шумяць за акном дрэвы. Глухі сабачы брэх далятае адтуль.

Ах, гэтыя сабакі, яны такія злыя, панскія сабакі... Вунь брэшуць, аж заліваюцца. Ці то на месяц, ці то на рыпучыя сосны, ці з якой другой прычыны, і калі чуе паначы іх брэх Ядвіся, тады халодны пот праступае на ілбе і нібы сотні кіпцюроў драпаюць па яе маленькім сэрцы. Скурчыўшыся пад зябкім кажушком, схаваўшыся з галавой пад парванае крысо і зажмурыўшы вочы, яна ўпаўголаса шэпча малітву:

— О, свенты пан бог, свенты пан Езус... Няхай жа ніхто не ідзе каля панскага саду, каля панскіх гумнаў... Няхай ніхто не заблудзіць у графскі парк... То будзе яму худая смерць, як нашаму дзеду Янусю...

З печы чуецца заспаны голас, нізкі такі, ласкавы:

— Ізноў ты, едзька-недаедзька, усхадзілася... Кладзіся спаць, Ядвіська, хутка будзе світанне...

То кухарка гаворыць, цётка Зося.

Ядвіся добра і не памятае сваё імя. На едзьку-недаедзьку яна звычайна маўчыць, ці насупіцца, перабіраючы пальцамі рог хусцінкі, ці агрызнецца як і пабяжыць, каб з вачэй далоў, падалей ад крыўдзіцеля. На Ядвіську ж — падумае, адгукаецца.

— Я дзеда Януся ўспомніла... Панскія сабакі брэшуць...

— Ну, няхай сабе і брэшуць, а табе што!.. То дзед твой Янусь у пана бога цяпер... Ён у самым раі цяпер... Зачым жа паначы яго памінаеш... Няхай жа яму будзе яснае неба і светлы рай.

Ядвіся маўчыць з хвіліну. То добра, калі рай... Але не так гэта ўсё...

— То ж пан ксёндз у касцёле казаў, што дзед Янусь рукі на сябе налажыў, што ён вялікі грэх прыняў на сваю душу і няма яму месца ў раі, як чорнаму грэшніку.

— Свенты пан бог, пагавары тут з ёй, дык граху набярэшся. Спі, Ядвіська, не думай паначы...

Але дзе ты заснеш, калі ўспомніш пра слаўнага дзеда Януся! Такія ж былі харошыя дні. І маці была, і дзед быў, і ўласная хата была. То было ўсё ў вёсцы. У той самай, пра якую гаворыць Ядвіська, калі пытаюцца ў яе пра імя.

— Як зваць цябе, нябога?

— То мы з Выгодаў,— адказвае заўсёды дзяўчынка, часам забываючыся на сваё прозвішча.

Вёска Выгоды недалёка. Калі пайсці праз графскі парк, праз лес, то ў лагчыне, сярод бору, стаіць некалькі хат. Пятнаццаць, дваццаць. Вот і ўся вёска. У самы панскі лес упнуліся вясковыя агароды. Лесам і жывуць выгодаўцы. Гоняць смалу на пана, рэжуць дровы на панскіх купцоў, лыка дзяруць, абады гнуць. Па дробных лесавых рачулках гоняць бярвенні вясной, калі шуміць яшчэ вада, шалёна размываючы выгары, зносячы абгарэлае пнёўе, буралом, размываючы ручаінамі лесавыя мурашнікі. А ўжо на баравых узгорках, па сонечных угрэвах зацвітае краска сон, скрозь леташнія верасы прабіваюцца зябкія пралескі. А птушак, птушак! Раніца халодная, зямля аж гудзе пад нагамі, хрыбусцяць ільдзінкі па каляінах, а яны пяюць, спяваюць — лесавое царства птушынае. І не разбярэш, ці то птушкі пяюць, ці то пераліваюцца, журчаць ручаі пад вузлаватымі карэннямі соснаў. Як пахне тады ў лесе густым кляновым сокам, маладой хвояй, гаркавым лістам лазовым. Ідзе Ядвіська, слухае птушак. У адной руцэ спарышы — снеданне дзеду. У другой — пучок вярбы. Колькі пухнацікаў-баранчыкаў на ёй, жоўтых, касматых. Дакранешся імі да твару, аж нос шлакочуць, і шчацэ нібы цёпла. Вясна!

— З добрай раніцай, дзеду!

А дзед стаіць на румку, мокры аж па самыя грудзі, упіраецца багром у вялікае бервяно, скатвае яго на ваду. Натужваецца дзед, відаць, як ходзяць лапаткі пад зрэбнай сарочкай, шорстка шамацяць па пяску лапці.

— Вясна, дзеду!

— А-а... Унучка! Сядай...

Дзед глядзіць якую хвіліну на неба. Сонца ўжо ўзнялося на паўдуба, аблівае золатам горы бярвення. Дзесьці высока, высока раздаюцца ледзь чутныя гукі — курлы... курлы...

— Журавы, дзеду!

— Ото доля сабачая...— уздыхае дзед, знімае сарочку, выкручвае яе.— Ну, от пойдзем хіба да цяпла.

Дзед моўчкі есць, а Ядвіська пазірае, як сіпяць на агні мокрыя трэскі, як угрэтыя дзедавы калені курацца парай; чуваць усплёскі ракі, іржуць вазацкія коні, што сцягваюць да вады бярвенні. Ля агню цёпла. Але некалі грэцца дзеду.

— То ідзі дахаты, унучка, а мне час на работу.

Дзед устае, хапаючыся, жагнаецца на ўсход, на сонца і, прыхінуўшыся на якую хвіліну да старой хвоі, пачэсвае аб яе спіну. Які ж вялікі дзед! Вот, вот, здаецца, пахіліцца старая хвоя і паваліцца на зямлю, на пясок, на грузкі, прыбярэжны глей.

Высокі дзед, але дужа пануры. З ім не разгаворышся. «Падай, прынясі, маці скажы, каб перабрала бульбу»,— толькі і пачуеш ад яго. Але якія казкі ён можа расказваць, калі зімой, у вольны ад працы час, забярэцца дзед на дзень-другі на печ. Ён раскажа і пра сома, спаймаўшага белага лебедзя, і пра старога, старога шчупака, што жыў у лесавым возеры і так сумаваў, што ўвесь аброс мохам, а возера зрабілася чорным, і ніводная птаха на яго не садзіцца. Ён раскажа пра лося, пра мядзведзіху-маці, у якой адабралі ваўкі сыноў-медзведзянятак. Так жа зараўла тады мядзведзіха, што церушыліся зоры з неба і ападалі на лясныя гушчы. І штогод, як цярушацца зоры ў небе, шукае мядзведзіха воўчага следу ў бары. То бывае восеньскімі начамі, калі бярозавы ліст усцілае воўчыя сцежкі, робіць іх нявіднымі. А пра мудрага дзятла, працавітага бабра-дрывасека ды пра шэрую чаплю, што жыве на балоце і ходзіць у госці да журавоў. Багата ў дзеда казак, так багата, як зор на небе, як красак на полі. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты, то поўную пазуху арэхаў ці якую звярушку жывую — зайчаня, вавёрку альбо вожыка.

І вот гады са два ўжо, як дзеда не стала.

Усё гэта было так нечакана для Ядвіські, і да гэтага часу яна не можа забыцца на дзеда. Вось толькі забрэшуць гэтыя панскія сабакі паначы, і ўстае перад ёю дзед як жывы. Высокі, з рэдкай барадой, з выцвілымі вачамі. То з багром ён стаіць, то з вострай сякерай — валіць панскія дубы. То размахвае ён касой — колькі стагоў папазмётваў дзед на графскім лузе. На ўсякую працу быў здатны дзед — і ў лесе, і ў полі, і ў панскім лузе. На сваёй зямлі не было чаго рабіць, тут упраўлялася сама маці. Выгодаўцы ж працавалі больш на пана.

...Быў тады дужа неспакойны год. Пачалося ўсё неяк ад самай вясны, калі рэкі хутка сталі ў берагі, на румку засталося шмат драўніны — яе не паспелі сплавіць. Заработкі адразу сталі скупымі. Панскія прыказчыкі хадзілі злыя — не было ходу лесу. А лета было сухім, без дажджынкі, зямля сасмагла, патрэскалася, лесавыя тарфянішчы парабіліся на порах. Зусім пачэзлі выгодаўскія палоскі, што на ўзгорках паміж бору. І толькі на графскіх палях, што паўз раку, густа каласіліся жыты, ішлі сцяной аж да той дзікай грушы, што стаіць далёка, далёка, ледзь відаць яе за ракой. Уся надзея была на панскі хлеб, на панскія заработкі. Кожны год касілі выгодаўцы панскія лугі, завіхаліся на панскім полі. Карміліся сяк-так. І вот пайшло ўсё на звод. Прайшоў які дзень жніва, як сказалі выгодаўцам, што плаціць будуць куды менш, разы ў два меней, чым леташнім годам. На полі ўсчалася вялікая сварка, ледзь не пабілі панскага аканома, які прыязджаў з той навіной на поле. Некаторыя хацелі заставацца — куды ж ты дзенешся без кавалка хлеба?! Але большасць рашыла не паддавацца на панскую волю і кінуць працу. Час жа гарачы, жыта ж яно не будзе чакаць сярпа, раз, раз і асыплецца. Нідзе не дзенецца пан, папросіць і ён мужычае ласкі! Так думалі, так гаварылі выгодаўцы. Так думаў, так гаварыў і дзед Янусь. Яны сядзелі на прызбах і ўсё ўгаворвалі адзін аднаго — не можа ж быць, каб не здаўся пан... І хоць не дужа верылася гэтаму, але заспакойвалі адзін аднаго: «Як жа так, каб зусім папусціцца пану, рукі свае пусціць за нішто». А дзень быў слаўны такі, ясны. Лагодны ветрык кучаравіў бярозы, і яны шапацелі ціха і пераліваліся жывым зялёным срэбрам. Кудахталі заклапочаныя куры, ды певень раз за разам дзёр горла на абымшэлым плоце. Бесклапотнымі гулялі, бегалі дзеці.

— А ціху вы... няма на вас угамону,— злавалі на іх людзі.

Яны думалі аб працы. Дзень такі, а ты сядзі сабе так! Хіба ж праца гэта — грабільна майстраваць, стругаць грабільнавы зуб, віць гужы вераўчаныя. На гэтыя гужы хопіць часу ў зімовы вечар, не цяпер займацца імі. А дзед Янусь кошык пляце. Плюне на лазіну, пачне ўплятаць і адразу ж у злосць:

— А каб ты згарэла! — і адкіне лазіну ўбок.

Няйначай і лаза была ў тым годзе задужа крохкай.

Сяк-так дачакаліся вечара, спаць паляглі. Але не спалася. Выходзілі з душных хат, каб ночы паслухаць. Зорнае неба было як заўсёды — глыбокае, бяздоннае. Ды глуха шумелі хвоі ў бары. Як заўсёды шумелі.

А раніцой пачалі галасіць бабы:

— Што ж та будзе?

Яны першымі праведалі аб панскім полі.

— Жнуць!

— Хто жне, каб на вас немач?..— пыталіся ў іх злосныя мужчыны.

— То чужыя людзі жнуць... З усёй акругі людзі прыйшлі, усім нават працы не хапае, няма адбою ад рук...

Здаецца, ні аб чым і не гаварылі тады выгодаўцы, але пайшлі ўсім гуртам. З сярпамі, з косамі, а хто і сякеру прыхапіў за пояс. Праўда, дзед Янусь папярэджваў:

— Навошта інструмент бярэш лесавы?

Адны адмоўчваліся, другія жартавалі:

— То можа воза паправіць на полі, вось там, ці што.

Дзед Янусь глядзеў сурова, гаварыў упаўголаса:

— Ты ў мяне глядзі...

Сустрэліся на полі мірна. Тыя, што з вёсак чужых, неяк сумеліся крыху, працу на якую хвіліну спынілі, стаялі, пільна разглядаючы свежы іржэўнік, нібы ў іржэўніку тым было што важнае, цікавае.

— Дык што ж вы, людцы? — пачаў дзед Янусь.— Што ж вы робіце?

— Жыта жнём...— ціха прагучаў нечы голас.

— А хто ж вас прасіў на наша поле?

— То поле не ваша, а панскае...

— А хіба не ведаць вам, што з году ў год працуем мы на гэтым полі? Ці хочаце ў жабракоў торбы ўкрасці?

Людзі маўчалі. Дзесьці на мяжы заплакала дзіця ў калысцы. І той жа нечы голас праказаў ціха:

— То нам жа есці таксама трэба... Не паміраць жа і нам...

І нехта з выгодаўцаў адказаў тады злосна:

— То ідзіце паміраць на сваю зямлю, на сваё поле... Нечага лезці ў чужую дамавіну... Будзьце пракляты вы, калі пазарыліся на наш кавалак хлеба. Далоў з поля!..

— Кінь ты, кінь, чалавеча! — супакойваў дзед Янусь.— То ж не трэба... То ж свае, не чужыя... І ў іх жа дзеці сохнуць...

Але дзе ты тут супакоіш... Ужо бліснулі на сонцы сярпы, зазвінелі косы, нечы голас узляцеў аж пад самае неба і раптам упаў, як падаюць жаўранкі на зямлю. Галасілі дзеці, бабы, усё сплялося і пераплялося ў жывы стракаты клубок. Над полем ні то пыл курэў, ні то трапяткая імга ўзнялася аж да самага лесу.

Нічога не бачыў дзед Янусь, ці то ад смутку, ці то ад слёз. Скупыя гэтыя слёзы старэчыя, але, на ж табе, засцяць вочы. Толькі думаў пра жыта:

— Колькі-то яго патапталі!

Ішоў дахаты, высокі, ссутулены. На ўзмыленым кані пранёсся побач пан Зыгмунт, агрызнуўся на дзеда:

— І ты тут, баламут стары! Без цябе нідзе не абыдзецца! То абломім рогі старому д’яблу!

Дзед зірнуў на яго безуважна, праказаў, абы сказаць што-небудзь:

— Ідзі ты, душа сабачая!

Стары граф не любіў пана Зыгмунта. Не то каб ненавідзеў, але не было асаблівай прыемнасці гаварыць з панам Зыгмунтам. І калі сівы лакей дакладваў аб пану Зыгмунту, увесь твар графа рабіўся на мочаную дулю падобным і ён шаптаў, шамкаючы бяззубым ротам:

— То зноў, няхай бог даруе, гэтая рудая выжла...

Калі пан Зыгмунт, то, значыць, будуць непрыемнасці. Відаць, ізноў непакой з гэтымі хлопамі. Калі-то пазбавішся ад гэтых турбот? Пара б ужо сыну заняцца ўсімі справамі. Але дзе ўланскаму палкоўніку думаць аб хлопах, аб сплаве лесу, аб зямельнай арэндзе, аб продажу быкоў! Ці мала спраў такіх неадкладных і турботных?!

Граф глядзіць з-пад рукі, як перамінаецца з нагі на нагу пан Зыгмунт, перабіраючы цыратавы пасак на сваёй злінялай шапцы. То ж неахайны трохі пан Зыгмунт. Вечна гэтыя рыпучыя боты з рудымі халявамі, дужа ўжо стракаты пінжак, заўсёды ў пуху, у саломінах. Гальштук да таго пазацяганы, што відаць жывыя ніткі на ім.

Граф думае з хвіліну. Палавіна твару, далонь у яго сіняя, другая палавіна зялёная. Зыгмунт пазірае на каляровыя шыбы акон графскага кабінета, і яму робіцца весялей, ён смялее:

— Ясны пане...

— То вы б хаця ажаніліся, пане Зыгмунт,— перабівае яго граф, каб аддаліць на якую хвіліну непрыемныя гутаркі, каб выказаць нейкія свае думкі аб гэтым неахайным чалавеку.

— То як жа можна, ясны пане, калі я яшчэ, даруйце мне, босы... То я не прыдбаў шчэ на ўласную хату... Хто ж пойдзе за мяне, ясны пане?..

— А ў банку?

— Я ж не хлоп, ясны пане, каб ставіць якую звычайную хаціну. Я, ясны пане, шляхціц... Яшчэ от год ці два і я пастаўлю, ясны пане, такі дом, такі дом, што на мяне, ясны пане, пазайздросціцца нават любая графіня...

— Што? — пытае, адсунуўшыся, граф, і твар яго робіцца зялёна-жоўтым.

— Ах, даруйце, пане, я, здаецца, сказаў прыкрае глупства... То ўсё па дурноце сваёй, па дурноце...

— То справы? — пытае ўжо суха граф, і ў голасе яго гучаць рашучыя, цвёрдыя ноткі.

Пан Зыгмунт выцягваецца ў струнку. Ён дакладвае. Увесь выцягнуты яго лісіны твар, блудлівыя вочкі, нават чорныя воспіны гавораць аб яго такой выключнай адданасці, аб яго выключнай гатоўнасці. Нават рудыя халяўкі, здаецца, мякчэюць, і самі боты маўчаць, ані рыпнуць, каб не парушыць урачыстай цішыні і спакою графскага кабінета.

— Каб жа ясны пан ведаў, як цяжка, ой, як цяжка абыходзіцца з гэтымі хлопамі... Але ж я ведаю, ясны пане, усе сакрэты, як трымаць хлопа за горла...

— З вашымі сакрэтамі яны хутка пусцяць у дым маёнтак!

— Даруйце, што вы кажаце, ясны пане?

— Хутка шэсцьдзесят год, як жыву я на свеце, а ў мяне быдла не хадзіла таптаць маё поле. Я распараджаўся на полі, і ў лесе, і на лузе, я быў гаспадар і ў хлопавай хаце, я ўмеў размаўляць з быдлам, і яно цалавала мае рукі, вот гэтыя рукі...— Граф б’е рукой па стале. Хвалюецца вада ў графіне, празрыстыя цені-блікі скачуць ад яе па сукне стала, мігцяць зайчыкамі на жоўтай сівізне галавы графа. Пан Зыгмунт адступае на крок.

— А вы, пан Зыгмунт, не хто іншы, як мой сабакар... Разумееце вы,— сабакар... Я даручыў вам ведаць і людзьмі цяпер... А людзі, быдла — гэта цяжэй... І вы не разумееце таго, дарагі пан Зыгмунт...

Калі граф пачынае называць дарагім, тады худа, тады граф сапраўды сярдуе. І пан Зыгмунт ціха, ціхусенька пачынае апраўдвацца:

— Цяпер, дазвольце сказаць вам, ясны пане, другія часы. Нават хлопы і тыя разумнеюць...

— Што?

— Выбачайце, хітрэюць, ясны пане... Але на іх мы маем вялікую сілу... Наша войска, ясны пане! Наша паліцыя, ясны пане! Нашы турмы, ясны пане!

— Турмы, турмы...— перадражнівае пана Зыгмунта граф.— Трэба раней жыта жаць, а тады думаць пра турмы... Ідзіце! Ды каб усё было ў парадку.

Асцярожна, каб не рыпелі боты, згінаючыся ў паклонах, пан Зыгмунт выходзіць задам. Калі выходзіць на чыстае, непадфарбаванае сонца, ён разам выпроствае спіну, падкручвае аблезлы вус і таропка, з падскокам, бяжыць да людской кухні, дзе жыве ён разам з батракамі, каб лішне не траціцца там на кватэру, на ложак, на якія-небудзь асаблівыя прысмакі.

— Есці! — коратка кідае ён цётцы Зосі.

— Дзе так вычхаўся, гіцаль? — жартаўліва-грозна пытаецца цётка Зося.

Пан Зыгмунт не адказвае. Заўважыўшы батрака ў кухні, так жа коратка загадвае:

— Запрэгчы каня!

— Куды пану ехаць?

— Не твая справа... Ну?

Калі пан Зыгмунт займаецца важнымі справамі, тады размовы ў яго надзвычай кароткія. Цётка Зося знарок грукоча сваімі заслонкамі ў печы, выцягвае вялізны кацёл.

— Ізноў капуста з грохам! — нездаволена мармыча пан Зыгмунт, пацягнуўшы прагна сваім вострым і ў воспінах носам.— Хаця б калі бігусу трохі...

— А вы, яснавяльможны пан Зыгмунт, загадайце, каб я людзям смажыла бігус. То я, калі будзе на гэта воля яснавяльможнага пана Зыгмунта, магу і курапатак смажыць...

Яна стаіць, цётка Зося, ля печы, узяўшыся рукамі ў бокі. Есць пан капусту з грохам і скоса пазірае на яе. Не даспадобы пану Зыгмунту Зосіны гутаркі. А яна не змоўчыць, як пачне пілаваць — крый божа. Тады самае лепшае — маўчаць. Пагаворыць, пагаворыць цётка Зося і замаўчыць, агрызнуўшыся:

— Чорт скупы!.. Гарохам душыцца, банкі складае...

Пан Зыгмунт моўчкі, бачком, бачком, выходзіць на двор.

Пан Зыгмунт едзе ў павет.

* * *

Так і не давялося ў той год выйсці выгодаўцам на панскае поле. Калі паспрабавалі яны на другі дзень пайсці туды, іх не пусцілі на самай дарозе ўланскія раз’езды. Уланы — гэта ж не свае: з імі ў сварку не пойдзеш, не прагоніш, з добрым словам да іх не падступішся. Не было шчэ спосабу такога ў выгодаўцаў, каб сілу якую займець над уланамі. А справы тым часам разгортваліся і зусім неспадзявана.

Позна ўначы, мо ад уласнай папяросы, мо так з. якой прычыны, загарэліся на панскім полі сцірты хлеба. Усякім другім разам выгодаўцы кінуліся б на пажар, каб дапамагчы тушыць агонь. Такі ўжо няпісаны закон, каб пажар тушыць грамадою. Але выгодаўцы, учуўшы набатны звон і ўгледзеўшы вялікае зарыва над панскім полем, нікуды не крануліся і сядзелі пад вокнамі сваіх хат, ведучы ціхія гутаркі аб надвор’і, аб бязгрыбным леце, аб рана выспеўшых ячмянях. Аб пажары не гаварылі. І толькі дзед Янусь, углядаючыся ў бледную чырвань палыхаючага неба і ні да каго не зварочваючыся, гаварыў нібы да сябе:

— Грэх, вялікі грэх... Хлеб — гэта дар божы...

І ўчуўшы яго словы, скупа адказвалі людзі:

— А пры чым жа грэх? Яно ж само гарыць... Такая ж сухмень на дварэ...

Дзед маўчаў.

А пад самую раніцу пацягнула з лесу востраю гар’ю. Шызыя каснікі дыму засланілі ўсё неба. Калі ўзышло сонца, было яно цьмяным, багровым. Гарэлі графскія тарфянішчы, бліжэйшыя да балот лясы. Агонь ціха поўз па сухіх верасах, змейкамі віўся па імшарынах, па бруснічніку і ўскідваўся снапамі блеклых}папяловых іскраў на сухадрэвіне-хвойцы. Сонца тушыла іскравы бляск. Буйны віхор узлятаў вышэй лесу і паволі апускаўся адтуль. Кружыліся шэрыя сняжынкі попелу. Там, дзе забіраўся агонь у глыбіню зямлі, у торф, там жаўцелі стромкія бярозкі і, затрымцеўшы раптам, страсянуўшы спёкшымся ад жару лісцем, глуха падалі на счарнелую, абгарэлую зямлю.

Агонь падбіраўся да графскага бору, да самых Выгодаў. Тады людзі пабралі рыдлёўкі і, панурыя, маўклівыя, пайшлі бараніцца ад агню, капаць канавы, засыпаць пяском тлеючыя папараці і верасы. Колькі дзён яшчэ прабіваўся агонь, але пайшлі дажджы, абмылі лесавыя выгары, і на шэрай, абгарэлай зямлі пачалі прабівацца скупою рунню бледныя травы. Толькі на тарфянішчах яшчэ клубіўся дым і доўга стаяў там, аж да самае восені, да спорных восеньскіх дажджоў.

Людзі хадзілі, аднак, без працы. Блукалі па лясах — па ягады, па грыбы, па арэхі. Лясы былі панскія. Злыя былі панскія леснікі. Малая была ўдача і на ягаду. Ды невялікі і наедак з той лесавой ягады, калі без хлеба! А на поле, на лесавую работу выгодаўцаў не пускалі.

Была ўжо восень. Першыя замаразкі ўбіралі інеем астуджаную зямлю. У хаце нібы пасвятлела. Бяроза пад акном не засціла неба, і скрозь яе вецце назірала Ядвіська, як лятуць у вырай познія птушкі. Яна прыслухоўвалася да іх далёкіх галасоў, сачыла за хуткімі хмаркамі, якія абганялі і птушак, хавалі тады празрыстае восеньскае сонца, узнімалі хліпучы вецер, і ён пырскаўся халодным дажджом, наганяючы цемрадзь у хату.

Надрыўна кашляў тады дзед. Ён мала хадзіў ужо, усё больш адлежваўся на печы і ўсё пытаўся ў Ядвіські, а дзе ж маці.

— Дзе ж маці? Маці пайшла ў людзі, можа прынясе якой бульбы.

Мутныя вочы былі ў дзеда. Ён нібы ўспамінаў што, нібы нешта хацеў расказаць, але толькі пытаў зноў:

— Дык пайшла, кажаш?

— Ну так, пайшла, пайшла...— адказвала нібы са злосцю Ядвіська. Ёй надакучвалі дзедавы пытанні. Дзе маці, дзе маці... Ведае ж, не маленькі! Ні казак ад яго, нічога, адзін толькі кашаль... Але ж шкода Ядвісьцы дзеда, дужа ж ён хворы, пра якія тут казкі пытаць, сама ведае.

— Можа, вады падаць, дзеду? — пытае яна. А той зойдзецца кашлем, нічога не чуе.

Так і не ўчулі аднаго разу за дзедавым кашлем, як моцна загрукацелі дзверы і ў хату ўвайшоў чужы чалавек. Ён не зачыніў дзверы і, брыдка вылаяўшыся, загрымеў на ўсю хату:

— Ці доўга-то я казаць вам буду?

Ядвіська азірнулася, пабялела. Польскі салдат стаяў у хаце і крычаў. Крычаў з усяе сілы. Ён быў нібы напалоханы чым, нібы перакрычаць хацеў свой страх.

— Дык зараз жа выходзьце з хаты... На вуліцу... Такі загад пана афіцэра... Ды хутчэй... Доўга буду я тут прасіць вашай ласкі...

І ўжо мякчэй:

— То загад пана афіцэра — усім на вуліцу... То пан афіцэр не любіць марудзіць... Прашу вас...

І ў вачах салдата быў страх. А можа не страх... Яны ўнікалі глядзець у вочы людзям і палахліва бегалі па закураных сценах, па дзіравай падлозе, па ўбогім стале. На ім стаяла пустая міска, тры сухія абгрызеныя лыжкі.

Дзед насілу злез з печы і, хапіўшыся за грудзі, пайшоў на вуліцу, худы, высокі, босы.

— Ты б хоць лапці, дзеду!

— Не трэба, унучка, нічога не трэба... Відаць, карацелі прыехалі, што ж мы будзем марудзіць з імі...

Усе выгодаўцы ўжо былі на вуліцы. Тут жа былі салдаты, некалькі чалавек з паліцыі, нейкія цывільныя людзі ды пан Зыгмунт з панскім сабакам. То быў вялізны, увесь у плямінах, дог. Яго трымаў на ланцугу пан Зыгмунт, які хадзіў, як надзьмуты верабей. Рудыя халяўкі былі ў пыле. Рудым бляскам свяціліся пана Зыгмунта вочы. Трохі п’яны быў ён і злосны. Але ён маўчаў, толькі думаў: «Праз вас, мярзотнікі, непрыемнасці мне. Праз вас мяне лае пан граф. Праз вас, ірады, я не бачу яшчэ ўласнага дома, коней сваіх, сабак сваіх...»

Аж чмыхнуў ад злосці ён і пайшоў па вуліцы, ганарысты, надзьмуты. Надзьмуты і труслівы — ні на крок не адпускаў панскага сабаку.

Допыт пачалі адразу.

— Хто паліў? — цікавіліся гэтым.

Дзе ж тут знойдзеш адказ на такое пытанне? Больш маўчалі ўсе ці адказвалі скупа:

— Мо сам бог... Мо паны ўланы... А мы ж нічога не чулі і нічога не бачылі...

Дарэмна дабіваўся начальнік пачуць якое слова ад дзеда Януся. Той маўчаў зусім, сцяўшы зубы, і стаяў з непакрытай галавой, худы, ссутулены. Вузлаватыя пальцы ног мясілі сцюдзёную гразь, зябка дрыжалі дзедавы калені, ды трымцеў на вятру аўсяны колас у рэдкай дзедавай барадзе. І толькі тады, калі падступіўся да яго з кулакамі начальнік, дзед Янусь загаварыў:

— Што вы хочаце ад нас, пан начальнік! Хлеб — вялікі дар божы... Толькі нябесным агнём можна паліць яго... Можа і пакараў гасподзь бог нашага пана за яго вялікую чалавечую несправядлівасць.

Аж ускіпеў тут пан начальнік. Сам пан Зыгмунт падаўся на які крок ад раз’юшанага начальніка. Той пляваўся слінай, давячыся словам,— быў пан начальнік трохі заікам.

— Я пакажу вам сапраўдную боскую справядлівасць... Я пакажу вам, як бунтаваць у нашай айчыне... Я пакажу вам боскую ласку...

Звярнуўшыся да салдат, прасіпеў каманду:

— Уціхамірыць быдла!

Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Дзынкалі шыбы ў вокнах, трашчалі выбіваемыя рамы, дзверы. Аж пыл узняўся над усім сялом, калі гэтыя завішныя і ёмкія да працы людзі пачалі ламаць коміны, бурыць у хатах печы, якія і так ледзь ліпелі. Дзе-нідзе высыпалі на вуліцу ў гразь торбы з мукой, выкідвалі на гароды і трушчылі дзежкі, старыя гладышы, драўляныя міскі.

— То папаўся, стары баламут! Будзеш ведаць цяпер панскую ласку, будзеш ведаць, як жыць з людзьмі! — не ўцярпеў пан Зыгмунт, каб не сказаць дзеду, стоячы ля яго хаты. Змоўчаў дзед. Толькі тады, калі працавітыя салдаты пачалі бурыць страху, не сцярпеў дзед, кінуўся да іх, узняўшы ў неба худыя свае кулакі:

— Што вы робіце, дзікія вы людзі!

— Ну, ну! — грозна закрычаў надзьмуты пан Зыгмунт і кійком, што быў у руцэ яго, піхнуў дзеда Януся ў грудзі. Той не ўстояў і паваліўся ў сцюдзёную гразь, моцна выцяўшыся аб вугал зруба.

Ядвіська не памятае, як было ўсё гэта. Яна не магла сцярпець знявагі над хворым дзедам. Схапіўшы камень, што ляжаў на двары, яна кінулася на гэтага злоснага пана, які падняў руку на дзеда Януся. Пан Зыгмунт падаўся перапалоханы назад, ён выпусціў ланцужок ад страху. І дзікі, прарэзлівы дзяціны крык паласнуў паветра, сцішыўшы і жаночы енк, і трэск ламаемых стрэх, звон старое зляжалае цэглы.

Ледзь адцягнулі ад дзіцяці панскага дога. Пан Зыгмунт, уцяўшы голаў у плечы, бег трушком па гародах. Салдаты кончылі сваю працу, маўкліва выходзілі з вёскі. Яны забралі некалькі чалавек з сабою, каб весці ў горад, у турму.

Над хатамі стаяла ноч, пустая, глухая. Людзі завешвалі старымі дзяругамі чорныя яміны акон, дзвярэй, масціліся нанач, укладвалі спаць дзяцей.

Некалькі жанчын завіхалася ў дзедавай хаце. Патрэсквала чадная лучына і ўсё гасла. Раздзьмухвалі вуголле на камянку — ён адзін застаўся ад печы,— зноў палілі лучыну, і ў трапяткім святле яе завіхаліся ля лавы, дзе, ахутаная ў кажух, ляжала Ядвіська. Абмылі твар ёй, абвязалі чыстай хусцінкай парваную шчаку, падрапанае плячо. І нехта весела сказаў:

— Ну, нічога, будзе жыць! Каб жа на шчасце!

І пайшлі. Згасла лучына. А дзед сядзеў усё, сядзеў. Сухія камякі падкатвалі к горлу, але вочы былі сухія ў дзеда, дужа скупы быў дзед на слёзы. А яму хацелася заплакаць. Хацелася крыкнуць так, каб ад голасу таго загаласілі каменні белыя ў лесе, халодныя зоры ў небе. І не мог дзед заплакаць. Ён сядзеў здранцвелы на лаве, прыслухоўваўся да няроўнага дыхання ўнучкі і адчуваў, нібы і душа дранцвее ў ім, робіцца жорсткай такой, шурпатай. Дужа любіў дзед усё жывое на свеце, шкадаваў ваўчаня забіць, пакуль не абрасце злою поўсцю ваўчынай, не адгадуе зубоў ваўчыных, няўмольных. А як жа на чалавека руку падняць?

Доўга абуваўся дзед, не паліўшы лучыны. Надзеў лепшую світку, падперазаўся поясам новым,— падарунак унучкі. Намацаў сякеру пад лавай, заткнуў за пояс яе. Пастаяў ля лавы, памацаў унуччын лоб — быў ён сухі, гарачы.

— Ну, што ж, даруй мне, унучка...— праказаў шэптам і пайшоў з хаты.

Глухая восеньская ноч стаяла над зямлёй. Вечным гудам сваім поўніўся бор. На мохавых сцежках не ўчуеш хады чалавечай.

Так і не бачылі з таго часу дзеда.

* * *

Сышоў у ноч і знік.

Перад самай зімой ужо вылоўлівалі карасёў з панскай сажалкі. Тады вылавілі і дзеда Януся. З-пад самай вярбы, з-пад карэнняў, выцягнулі яго панскія батракі-рыбалкі. Выцягнулі і не рады былі той удачы — узбегаўся, як шалёны, пан Зыгмунт, крычаў, сыпаў д’ябламі, пагражаў.

— Чорт ведама, што цягнуць... Што вы, гады, з возерам нарабілі?

Але, убачыўшы нахмураныя твары рыбалак, у час схамянуўся:

— То што ж рабіць? То ж чалавека пахаваць трэба... Трэба ж даць парадак чалавеку, зямлёй вочы прыкрыць небараку...— і набожна перажагнаўся.

Аб удачы рыбалак адразу ўведалі і ўсе панскія батракі і выгодаўцы. Усім сялом прыйшлі паглядзець на тую навіну. Тут жа ўсякія чуткі хадзілі і здагадкі. Нібы парвалі дзеда панскія выжлы. Няйначай чуваць быў у тую ноч — пасля ўціхамірання — дужа моцны брэх сабачы ў графскім двары. І нібы — так людзі казалі — перакінулі панскія служкі паўжывое цела дзеда праз плот старога парку і, каб змыць сляды, пазбыцца непрыемнасцей лішніх, кінулі ў старую сажалку і заціснулі пад корч лазовы. Людзі казалі, ды ці мала чаго людзі гавораць! А як апынуўся дзед у панскім садзе, як заблудзіўся там? Хто ж яго ведае...

На дзедава пахаванне прыбегла і Ядвіська. Яна ачуняла ад хваробы, і толькі шырокі чырвоны рубец застаўся ў яе на шчацэ ад усіх тых здарэнняў. Ды ўсміхалася ўсё. Што ні скажы ёй, а яна ўсміхаецца.

— Дурненькая стала...— сумна ківалі жанчыны галовамі і змаўкалі.

Ядвіська хацела паглядзець дзеда. Але дзе ты яго ўбачыш пад дзяругай. Толькі і відаць была зліплая дзедава барада ды той колас аўсяны, што прарос у ёй.

Таму коласу ўсміхалася Ядвіська, сінімі вачамі пазіраючы на дзедаву дзяружку, на мокрыя невады, на бялесае прадзімовае неба. Яе дзве касіцы, пераплеценыя жоўтымі стужкамі, недарэчна задзіраліся ўгору, калі пазірала яна ў неба, шукаючы дзедавых журавоў. Ды не чуваць было іх, яны даўно праляцелі. Дзеда пахавалі пад агромністым дубам, што за сажалкай, на ўскрайку графскага лесу. Хацелі людзі на могілкі дзеда панесці, але не дазволіў ксёндз. Нельга ж самагубцу ў рад з целамі праведных.

І доўга яшчэ казаў казанні свае ксёндз у касцёле. Аб страшным граху, аб божай ласцы, аб вялікай цярплівасці перад панам богам. Людзі слухалі і ўздыхалі. Ды на словы гэтыя ўсміхалася Ядвіська. Людзі тузалі яе за рукаў:

— Кінь, дурненькая, чаму ты гэта?

Але ўсміхаліся сінія вочы.

Адны звалі яе Ядвіськай. Злыя ж людзі абзывалі сабачым недаедкам, хлапчукі дражнілі едзькай-недаедзькай.

* * *

Мінулі дзве зімы з таго часу, як панскія рыбалкі вылавілі ў сажалцы Ядвіськінага дзеда. Яна жыла ў людской кухні ў цёткі Зосі. Была тая нейкая сваячка Ядвісі і доўга ўпрошвала старую графіню, каб узялі на якую працу дзяўчынку, далі б дзіцяці хлеба кавалак. Старая графіня выжывала ўжо з розуму, ад старасці трэслася яе галава і левая рука, але яна вечна поўзала па панскім двары, прыглядаючыся сваімі шэрымі, папяловымі вачамі да ўсіх закуткаў вялікага двара. Гэта звалася ў яе — весці гаспадарку. Яна чытала розныя энцыклапедыі, лічыла патрэбным даваць работнікам парады — конюхам, аратым, пастуху Сілівону, кульгавай птушніцы Сцепанідзе, высокаму, як таўкач, зябкаму садоўніку Антосю. Той зімой і летам хадзіў у кажушку, быў наўздзіў маўклівы і толькі з паняй графіняй вёў важныя гутаркі па латыні аб графскіх ляўкоях, разядзе, аб незвычайных гарбузах і дынях.

Конюхі, птушніцы, даяркі заўсёды выслухоўвалі графіню з павышанай увагай і паціху пасмейваліся над ёй. І крый божа, калі ўчуе яна той смех! Адразу вернецца назад і, трасучы галавой і рукой, пачне распякаць гультаёў і грэшнікаў, заклінаючы іх імем святога пана бога.

— Маліцеся, галганы!

І яны маліліся перад распяццем, скоса пазіраючы на набожную графіню, а ці хутка д’ябал вынесе яе адсюль, паверне ў другі бок.

Распяцці былі паўсюды — у кухні, у стайні, у вялікай аборы, нават у старым птушніку, дзе не змаўкаў пранозлівы гоман індыкоў, гусей, розных завадскіх курэй і ўсякай іншай птушыны. Тут здарылася аднаго разу няшчасце з панам Езусам па звычайнай курынай несвядомасці. І, як на тое ліха, трапіла на тое здарэнне сама графіня. Было многа тады гвалту і вялікіх патрасенняў у птушыным царстве. Сама ясная пані графіня давала жорсткія распараджэнні, якую птушыну пусціць на продаж, якую пад нож, якую пакінуць на развод па прычыне яе бясспрэчнай невінаватасці. А старую птушніцу, быўшую тут з даўніх часоў, выгналі адразу ж з працы і доўга спаганялі нейкі кажушок, нібыта дадзены птушніцы год дзесяць назад. І ўсё хвалявалася ды малілася старая графіня, ніяк не магла дараваць сабе той нечуванай крыўды пану Езусу. Цэлымі днямі раілася з ксяндзом, памкнулася была к самому старому графу, але той, стары грэшнік, усчаў такі рогат, што пані графіня памкнулася была бегчы да графскага лекара, ці не здарылася мо што з панам графам.

І толькі тады супакоілася графіня, калі ўласнаручна пашыла саф’янавы каптурок на божае цела. І кожнага дня пыталася кульгавую Сцепаніду, а ці добра там пану Езусу.

— Чысценькі, як младзенчык! — дакладвала Сцепаніда.— І ручкі, і ножкі, і ўсё святое пана бога цела,— аж зіхаціць... То закарэла была галоўка крыху, ад пылу, дык прамыла я свянцонай вадой, цяпер чысцюткая, як божае вока... Усё вашымі клопатамі, ясная пані...

Графіня ўрачыста жагналася, міласціва дапускала Сцепаніду да свае рукі. А часам, расчуліўшыся, доўга корпалася ў кішэнях шматлікіх сваіх спадніц і дарыла Сцепанідзе або ссохлую цукерку, ці стары ззелянелы грош.

— То за твой клопат святы!

Дужа любіла графіня распяцці. Праз гэтыя распяцці трапіла Ядвіся на працу ў панскі двор. Толькі гэта заўважыла цётка Зося, што сунецца старая навала —так звала яна старую графіню — і сунецца проста на кухню, як хуценька падхапіла за руку Ядвіську, да сцяны яе пацягнула.

— Станавіся, дурненькая...

І сталі абедзве перад распяццем. Нічога не разумелі сінія вочы Ядвісі, але яна стаяла маўкліва і прыслухоўвалася, як голасна шэпча цётка Зося божыя пацеры. Моліцца цётка Зося і нібы не заўважае, як, адчыніўшы дзверы ў кухню, любуецца на іх старая графіня, не перашкаджае святой малітве. Канешне, цётка Зося не такая, каб ясную пані доўга прымушаць стаяць за парогам.

— Калі ласка, пані, прошу, пані, якое найвысшае шчасце, ясная пані!

Графіня пыталася, як заўсёды, што варылі людзям на абед, і, даведаўшыся, як зазвычай, што варылі капусту і гарох, доўга хваліла цётку Зосю за стараннасць, за ўмельства, за шчырую прыязнь да пана бога. Успамінала пра нейкага прадзеда свайго, які дужа быў чалавекам набожным і простым: еў заўсёды капусту з гарохам. І гэта не пашкодзіла яму быць вялікім ваякам, каралеўскім рыцарам, заснаваўшым цудоўны графскі род. І, заўважыўшы Ядвіську, запытала раптам:

— Што то ест за дзетка такая?

— То зайшла да мяне сваячка мая, сіротка...

— Як зваць цябе? — запытала графіня Ядвіську.

— То мы з Выгодаў...— адказала дзяўчынка, стоячы бокам да графіні.

Вочы цёткі Зосі кідалі маланкі на Ядвіську, але такія ціхія і глыбокія былі сінія вочы дзяўчынкі, ніякае ў іх хітрасці.

— То ў цябе сваякі ў Выгодах? — спахмурнела графіня. Аб Выгодах не любілі гаварыць у графскіх пакоях.

— То... не...— спалохалася цётка Зося.— То яна сіротка. Год, як маці яе памерла... Не мае нікога... А яна ж ні ў чым не вінавата, бо, бачыце, малая шчэ і крышку дурненькая... Ды яна нічога не ведае, акрамя пана бога.

Твар графіні мякчэў. Яна глядзела жаласліва на яе зрэбную спаднічку, босыя ногі, злінялыя жоўтыя стужкі ў косах... і хапілася аж за голаў, калі заўважыла шырокі рубец, які, нібы чырвоная рана, уродаваў дзіцячы твар. Рубец быў страшны. Ён праходзіў праз усю шчаку, закранаў аж лоб. Ён надаваў дзіцячаму твару выгляд празмернай пакуты. Але сінія вочы дзіцяці былі яснымі, спакойнымі. Ціхая прыгажосць была ў іх.

— Што то з ёй? Дзе ж яна так? — запытала графіня ў Зосі.

— То пакусаў сабака ў вёсцы...— праказала за цётку Зосю Ядвіся. Яна хацела нешта яшчэ сказаць, пра панскіх сабак, пра дзеда Януся, але так злосна зірнула на яе цётка Зося, што Ядвіся проста сумелася і не ведала, што ж ёй рабіць, ці то плакаць, ці бегчы адсюль. Але дзе ж ты пабяжыш, калі побач такая суровая, такая важная пані?! І ўсё вохкае яна, усё гаворыць нешта.

— Божа мой, якія дзікуны жывуць у нашай вёсцы! Яны ніколі не дагледзяць па-людску сваіх дзяцей... Ім толькі думаць аб панскім лесе, аб панскім хлебе... Божа ж мой, калі людзі пачнуць жыць, як належыць людзям...

Цётка Зося цярпліва чакала, пакуль кіне ясная пані свае глыбокія ўздыханні аб дзікай людской долі, і тады кінулася да яе, хапіла яе старэчыя, усе ў маршчаках, рукі, прасіла:

— То няхай жа ясная пані дазволіць сіраце застацца на працу...

Была расчулена графіня. Лагодная, зірнула яна на распяцце.

— Маліцеся! Дзякуйце госпаду богу за яснае, прасветлае жыццё...

І цётка Зося, неўзаметку падштурхнуўшы Ядвіську да графіні, шаптала ёй голасна на вуха:

— У ручку... У ручку пані... Ну, хутчэй жа, дурненькая...

Графіня працягнула сваю руку. Расчуленая, заспакоеная, яна глядзела на святое распяцце. Яна не бачыла, як наморшчыўся светлы твар дзіцяці, накалоўшыся аб жорсткія барадаўчыны валасіны на яе графскай руцэ.

Так трапіла Ядвіся на працу ў панскі двор.

І калі выйшла графіня, цётка Зося дала лёгкага кухталя Ядвісі.

— Як жа ты не разумееш жыцця... Цалуе і моршчыцца... То ж нягодніца ты гэткая... То свет на тым стаіць, што трэба ласкай браць ды пакорай, ды хітрасцю... Ну, еш, мая дурненькая!..

Нечаму свайму, дзіцячаму, усміхаліся сінія вочы Ядвісі.

Ядвіся стала на працу ў садзе. Ад ранку да вечара хадзіла яна ля графскіх клумбаў, чысціла разам з другімі батракамі люстраную сажалку ў парку, падстрыгала агрэст, маліннік у садзе, падмятала дарожкі, пасыпала пяском іх.

Ніяк не магла зразумець яна загадаў маўклівага пана Антося, каб не хадзіла па свежых пясчаных дарожках. Але як жа не пахадзіць, калі такі жоўценькі, чысты пясочак, макраваты крыху! Аж пальцам прыемна, шлакоціць ногі, і такія прыгожыя сляды тады на ім. Дзівіцца на іх Ядвіся. Дзівіцца на казачныя кветкі, на празрыстую люстранасць сажалкі, на ніколі нябачаны фантан. Пад ім шырокі вадаём. Калі нагнешся над ім, прысеўшы на краі, відзен твар твой, як у цётчыным люстры. Толькі тое патрэсканае, змутнелае. А тут чыстае, чысцюткае — аж вочы відаць сінія і гэты чырвоны рубец. І проста цераз рубец праплываюць срабрыстыя рыбкі,— якія нахабныя рыбкі! Ядвіся пляскае рукой па вадзе. Празрыстая люстранасць знікае, вада цямнее, шэрае рабацінне калышацца на ёй.

— Вот вам! Вот вам!— пляскае рукой у захапленні Ядвіська і перастае, заўважыўшы ў брыльянцістых пырсках такую ж зялёную, такую ж радасную вясёлку. Вясёлка знікае, як сон.

А ўжо да Ядвісі бяжыць спахмурнелы Антось.

— Дзе ты сядзіш, неразумнае ты дзіця... То ж клопату з табой не абярэшся, як заўважыць стары граф твае свавольствы...

І ён пасылае Ядвіську ў дальні канец саду капаць канаўку ці перакопваць зямлю пад клубніцы. Пашле і стаіць сам з якую хвіліну, маўклівы і задуменны. Натужна ўспамінае ён, як то ёсць па латыні — жыццё...

Былі дні, калі батракам не дазвалялася хадзіць па садзе, па паркавых алеях. У такія дні сабіраліся панскія госці. Яны ўсе былі такія важныя, нібы надзьмутыя. Не любіла глядзець на іх Ядвіська. Затое цікавілі яе дзеці, дзеці панскіх гасцей. Схаваўшыся дзе-небудзь у малінніку за жалезнай паркавай агароджай, яна гадзінамі, калі была вольнай ад працы, сачыла за іх гульнямі, прыслухоўвалася да іх галасоў, да іх звонкага рогату. Ах, якія то былі прыгожыя, вясёлыя і разумныя дзеці. Яны так мала плакалі, яны так не хацелі есці і ўхіляліся ўсякім чынам ад гэтай ежы, калі няўмольныя нянькі набіваліся ім з якой-небудзь стравай. Ёй так хацелася часам крыкнуць ім, папрасіць іх:

— Ешце ж вы, дурненькія! Гэта ж так смачна... Калі ж не есці, то можна памерці, як памерла ў тым годзе мая маці...

Але нічога не гаварыла Ядвіська. Яна пазірала моўчкі. Цётка Зося кожнага дня напамінала ёй, пагражала, што яна будзе проста біць яе, Ядвіську, калі будзе яна вытыркацца на чужыя вочы, на панскія вочы. Яна напамінала пра панскіх сабак, і гэта дзейнічала. Ядвіся баялася панскіх сабак.

І ўсё ж аднаго разу трапіла Ядвіся на панскія вочы. У той дзень была такая чыстая, сонечная раніца. Ядвіся палівала клумбы ля самага галоўнага ганка графскага дома, дзе стаялі, ашчэрыўшы зубы, вялізныя каменныя львы. Ільвы былі заўсёды маўклівыя. Ядвіся ніколі не прапускала выпадку, каб не пырснуць вадой на іх касматыя грывы альбо ўставіць кветку ў ашчэраныя зубы зверыны. Такі страшны звер і з кветкай! Проста аж смешна. І толькі лінула яна з конаўкі ваду на ўгрэтую сонцам ільвіную грыву і ўзіралася, як сохне вада на цёплым жорсткім камені, калі пачула кволы дзіцячы голас. Пад самым ганкам стаяла маленькая дзяўчынка. Было ёй мо гады чатыры, мо пяць. Яна лапатала аб нечым сваім, дзіцячым, і, размахваючы рукамі, пляскала ў далоні. Яна глядзела на клумбы. Толькі-толькі палітыя півоні нібы гарэлі пад сонцам, жывым срэбрам скатваліся кропелькі вады з зялёнага ліста. Над півонямі пырхаў белы матыль. Дзіця глядзела на яго. Яно радавалася яму. Яно пільна сачыла за матылёвым узлётам, за яго трапяткім ападаннем. І трапяталася блакітная стужка ў шаўковых косах дзяўчынкі, яе бялюткая сукенка, такі зграбны пярэднічак, на якім цвілі палявыя рамонкі.

— Лялька...— голасна ўздыхнула Ядвіська і паставіла садовае вядро на пясок. Вядро бразнула. Дзяўчынка азірнулася і, убачыўшы Ядвісю, спалохана глядзела на яе.

— Мо хочаш кветку, дык я табе сарву...— І Ядвіська падыходзіла да дзяўчынкі, несучы ў працягнутай руцэ бялютка-залацісты нарцыс. Дзяўчынка насупіла бровы, адставіла ручкі назад і заплакала. Раптам яна ўпала на дол і пасінела, біла ножкамі па зямлі, заходзячыся немым крыкам. Ядвіська кінулася да дзіцяці, каб падняць яго. Ужо беглі па сходах ганка напалоханыя людзі, нечага крычалі, нечага вохкалі. Нехта крычаў: «Па доктара!», нехта стрымана-злосна гаварыў аб няньках-лайдачках, якіх трэба караць цяжкай карай. Аднекуль выскачыў пан Зыгмунт і так ірвануў за косы Ядвіську, што аж пацямнела ўваччу ў яе, балюча закалола ў вушах. Ён пацягнуў яе за кусты акацый і, хапаючыся, біў кастлявым кулаком у грудзі, у светлы твар Ядвіські, жорсткімі пальцамі сціскаў, як жалезам, яе плечы.

— Заб’ю, быдлячая кроў!..— і пырскаў аж слінай з-пад зжаўцелых ускудлачаных вусаў.

Жоўтыя, агнявыя кругі пайшлі прад вачамі дзяўчынкі. Ёй здавалася, нібы ляціць яна куды ўніз, глыбока, глыбока. І ўсё робіцца цямней і цямней. А калі адкрыла адно вока — другое прыпухла зусім — яна ўбачыла садоўніка Антося. У Антося быў збялелы твар. Доўгімі рукамі сваімі ён сціскаў пана Зыгмунта за горла. Той падаўся назад, аж прысеў, уткнуўшыся спіной у куст, і асядаў усё ніжэй і ніжэй. Дужа страшэнныя былі ў яго вочы, аж відны былі жоўтыя бялкі, ды сінявай чырванню зайшоўся ўвесь Зыгмунтаў твар. Кропелькі крыві былі на Антосевых руках, няйначай падрапаў іх аб акацыю.

— Звер... гадзіна...— глуха шаптаў Антось, прыгінаючы пана Зыгмунта да зямлі. Нешта незразумелае сіпеў Зыгмунтаў голас.

Раптам Антось выпусціў пана Зыгмунта і нешта стаяў маўклівы, узрушаны. Пан Зыгмунт нязграбна падскочыў і хуценька атрасаў з памятага пінжака кустовае смецце, хапаючыся, папраўляў парваны гальштук, нагнуўшыся, змахнуў пыл з рудых халявак.

— Што тут робіцца ў вас? — пачула Ядвіся чужы, незнаёмы голас, спакойны такі, стрыманы. Але ў стрыманасці той адчуваўся вялікі гнеў. І ён прарваўся, калі чалавек не пачуў хуткага адказу.

— Я вас пытаю? — калюча, звонка пранеслася ў яе над вухам. Ядвіся, перамагаючы боль у плячы, прыўзнялася на руках, села. Поплеч стаяў чалавек у вайсковай форме. Зіхацелі гузікі на ім, бліскучыя бразголкі на шнурах. А якія вочы былі ў чалавека! Былі шэрыя яны і такія халодныя, што Ядвіська, як ні было ёй горача ў грудзях, зябка пацяла плячамі.

— Я толькі заступіўся, яснавяльможны пане, за гэтае дзіцянё... Яно бяспомачнае зусім... Зачым жа так люта біць...— спакойна, стараючыся не выказаць сваёй усхваляванасці, праказаў пан Антось.

— І вы робіце святую справу, пане Антось... Але вы ўжо забыліся, відаць, што я дараваў вам калісьці за вашага сына. Я шанаваў вашы залатыя рукі... Але мой супакой даражэй мне, чымся вашыя рукі. І вы забываецеся, дзе вы знаходзіцеся, пане Антось... І таму...

— Вы падшукаеце сёння новага садоўніка...— звярнуўся малады граф да пана Зыгмунта. Той нізка нахіліўся, паспеўшы насліненым пальцам змахнуць пылок з наска свайго бота.

—І потым, каб ні разу ў маім садзе не бегалі гэтыя пудзілы... Гэта зарубіце сабе на носе, пане Зыгмунт!

— Слухаю, яснавяльможны пане! — у тры абаранкі скруціўся пан Зыгмунт, вужам зірнуў з-пад рукі на Антося і кінуўся прымаць садовае вядро, каб не замінала хадзе яснавяльможных ног пана графа. Малады граф пайшоў у пакой, каб даведацца аб здароўі сваёй дачкі, якую так напалохала гэтая грубая вясковая дзяўчына.

* * *

З таго часу прыставілі Ядвіську да цялят. Ледзь золак уставала яна і гнала свой статак у поле. І аж да позняе восені хадзіла яна за панскімі цялятамі, спявала ім нейкія свае песні, пляла сабе вянкі з палявых рамонкаў, з лугавых кураслепаў і ўпрыгожвала імі свае русыя косы. Зусім было мала людзей у полі, ніхто не клікаў яе едзькай-недаедзькай, ніхто не даваў у полі кухталя ў плечы, не агрызаўся на яе з бруднай лаянкай. Дужа любіла яна тое месца пад дубам, дзеда Януся дубам. На самай макаўцы было буслава гняздо, і заўсёды чуваць, як клякочуць маладыя бусляняты, як падлятае цыбасты бусел, гучна махае крыламі, калі садзіцца на край гнязда. А колькі рознай дробнай птахі віецца ля буславага гнязда, цэлы дзень не змаўкае іх гаманлівы вэрхал, вясёлая летаніна. То з саломінай, то з доўгім конскім воласам, то з цяжкім чарвяком ляціць гэта неўгамонная птаха. Усядзецца адпачыць на белым камені дзедавай магілы і натужна ўспырхвае са сваёй ношкай, цяжка трапеча крыллем, узнімаючыся ўгору да дубовай вяршыні. Восенню тут багата жалудоў. Цэлы прыпол набярэ іх Ядвіся і гуляе сама з сабой у каменьчыкі. Потым прынясе іх дамоў, да цёткі Зосі. З жалудоў рабілі жалудовую каву, і цётка Зося частавала гэтай кавай панскіх батракоў ды знаёмых людзей.

Прытульнае месца пад дзедавым дубам, ці, як пачалі зваць яго, Ядвісіным дубам, вечна тут яна са сваімі цялятамі. Пад дубам добра і ў дождж, добра і ў жаркі дзень. Палягуць цяляты ў цяньку, вакол дуба, аблізваюць свае халодныя пысы і смешныя, смешныя — жвачку жуюць, нібыта яны ўжо вялікія.

Часам прыйдзе сюды пан Антось. Худы, танклявы, з празрыстым, жаўтлявым тварам; ён сядзіць маўкліва і час, і другі, усё пазірае на трапяткое марыва, на сінявую смугу над лесам, над полем. Сядзіць, перацірае ў пальцах якую кветку, часам запытае Ядвісю:

— Ну, як жа твае справы?

— А добра,— усміхнецца дзяўчынка.

— Ты б хаця вот дзедаву магілу прыгледзела б.

— А я гляджу.

І сапраўды, прыгожа на дзедавай магіле. Бледныя бяссмертнікі на ёй, жоўты пясочак, тонкі вянок з чырвоных купалак.

Часам нечыя рука руйнавала магілку, раскідвала дзёран, таптала вянкі. Ціха плакала тады Ядвіська, не ведаючы, што ж ёй рабіць. Але, як заўсёды, прыходзіў пан Антось, і яны разам папраўлялі магілу, носячы з блізкіх кустоў зялёны дзёран, свежы пясок ад ракі. Часам прыходзілі пад дуб да пана Антося зусім незнаёмыя ёй людзі. Яны нешта глядзелі на яе, нешта казалі аб ёй пану Антосю. Пан Антось усміхаўся і гаварыў: «То пры ёй можна, яна свая...» Канешне, яна свая, колькі-то разоў заступаўся за яе пан Антось.

І яны аб многім чым гаварылі, толькі Ядвіська нічога не разумела ў тых гутарках, ды і што цікавага, калі гавораць між сабою дарослыя людзі — аб хлебе, аб працы, аб чорных днях! Часам прыходзілі сюды і знаёмыя людзі, з панскага двара: рабочыя з пільні, з панскага бровару. Яны ўсміхаліся Ядвісьцы, як старыя знаёмыя, і ўсё казалі:

— А ты ж расцеш, Ядвіська. Глядзі, якая вялікая!

І Ядвіська чырванела ад тых слоў і глядзела на сваю рваную спаднічку, якая і сапраўды за лета нібы ўкарацела крыху.

Усё часцей і часцей сабіраліся людзі пад дубам. І калі сабралася аднаго разу аж некалькі чалавек, то адбыліся ў той дзень зусім ужо цікавыя падзеі. Проста з захаду сонца праляцела некалькі вялізных птушак. Яны праляцелі аж над самым дубам. Тады дрыжала ўся зямля, упала некалькі галінак з буславага гнязда, і ў вялікім страху разбегліся Ядвіськіны цяляты, нарабіўшы ёй багата клопату. І калі яна кінулася да іх, каб сабраць на месца, то набралася сама вялікага страху. Над самай станцыяй, а яна відаць адсюль, як на далоні, узвіліся высока ў неба чорныя клубы дыму з агнём, і нешта страшнае, грымотнае страсянула зямлю і неба, аж асыпаліся адуванчыкі на мяжы, куды ўпала ад страху Ядвіська. А вялікія птушкі ляцелі ўжо назад, яны ляцелі зноў над дубам, і Ядвіська дужа баялася, каб не зачапілі яны буслава гнязда,— дзе ж то будзе тады начаваць ён? Людзі ж пад дубам былі дужа сур’ёзныя, але ж яе, Ядвіську, яны запыталі жартаўліва:

— Ну, што, спужалася? Бачыла птушак?

— То ж самалёты,— адказала Ядвіська.

— Так, самалёты...

У графскім двары людзі хадзілі ўзрушаныя, сабіраліся купкамі, спрачаліся, перашэптваліся. Пан Зыгмунт сілком ганяў людзей у касцёл, каб паслухалі святога слова. Ён хадзіў спачатку козырам, да неймавернага бляску нацёр свае рудыя халяўкі, нафабрыў вусы, і яны стаялі каляныя, закручастыя, не раўнуючы, як рогі бугая з панскага статка. Ён задзіраўся з кожным, кідаўся біцца, да крыві збіў старога вартаўніка саду, намерыўся быў нават на цётку Зосю пайсці з кулакамі, усім пагражаў турмой і самымі страшнымі карамі. Але праходзілі дні, і разам з імі праходзіў ваяўнічы настрой пана Зыгмунта. Абвісалі і кудзеліліся вусы, нязграбнымі рабіліся рудыя халяўкі. А аднаго вечара ён вярнуўся да кухні цёткі Зосі ледзь жывым. Адзін толькі гальштук вісеў на шыі ды матляліся абрыўкі камізэлькі, парваныя рукавы пінжака. Людзі, што сабраліся ў кухні, не зварочваючы ніякай увагі на пана Зыгмунта, весела гаварылі пра апошнія навіны — выгодаўцы нібыта павезлі вечарам хлеб панскі з поля, выгодаўцы збілі на мэтлух пана Зыгмунта. А яшчэ большыя навіны — нібыта будзе з усходу войска чырвонае, нібы людзі казалі, што за колькі станцый чуваць, як грымяць на ўсходзе чырвоныя гарматы. Пан Зыгмунт слухаў гэтыя гутаркі, маўчаў, як сцяна, і ўсё выскубваў рудыя валасіны на сваёй шчацэ, відаць, ад злосці скуб іх.

Тады графскія парабкі пашкадавалі яго, жартаўліва параілі:

— Ты б, яснавяльможны пане Зыгмунт, схадзіў бы ў цырульню ды пагаліўся б крыху, за рудой барадой не відаць румянцу ў пана, зачым пану ўласнай рукой псаваць панскае цела...

Як апараны варам, падскочыў ён на палатках, узняўся і, матляючы жылаватымі кулакамі, так закрычаў, што аж перапужалася была Ядвіська, якая забралася на печ, каб не замінаць залішне людзям.

— Павешаем, павешаем!..— крычаў пан Зыгмунт.— Усіх вас на адну асіну... Даўно ведаў я, што прадалі вы пана бога і ясную Польшчу, граеце ў дудку бальшавікову... Будзе заўтра войска наша, будзе вам смерць, будзе турма, пазнаеце, што то ёсць за маці Польшча! Бунтаўшчыкі!

Спакойна падышоў да яго стары каваль Андрэй, паважна пасадзіў прамоўцу.

— Цыц, пане Зыгмунт, цыц! Лепш выпі халоднай вады ды паеш капусты з грохам. Зачым так хвалявацца пану, хваляваць такое кволае сэрца, якое так любіць людзей, што не шкадуе для іх нават панскай асіны?..

Ён паднёс пану Зыгмунту конаўку халоднай вады.

Адной рукой клаў на зямлю Андрэй стаенных панскіх жарабкоў. З вялікім страхам пазіраў на гэтую руку пан Зыгмунт. А што, як плясне гэта рука меднай конаўкай ды па яго, пана Зыгмунта, ілбе!

Але Андрэй мірна прасіў:

— Ну пі, не шкадуй панскай вадзіцы!

І пан Зыгмунт пакорна піў, абмачыўшы рудыя вусы, рудую шчаціну барады. Аж ляскалі аб медную конаўку зубы пана ад страху, і ўвесь яго твар, блудлівыя вочы, зліплыя ад вады вусы нагадвалі мокрую пацучыную морду. Пан Зыгмунт тросся ад страху.

А перад самай раніцай усчалася вялікая беганіна ў садзе, у парку, каля графскага дома. Нават Ядвіся, якой боязна было адной заставацца ў хаце, накінула кажушок на плечы і прыбегла да панскага ганка. Людзей тут было, людзей! Батракі ўсе, рабочыя з пільні, нават прыбеглі людзі з Выгодаў. Тыя дык проста з косамі. На паркавай алеі, што вяла на дарогу, стаяла некалькі запрэжаных панскіх карэт. Вакол іх мітусіліся людзі. Ля параднай брамы стаялі пан Антось з ружжом, каваль Андрэй з вялізнымі жалезнымі абцугамі. Ён размахваў імі перад галоўным графскім фурманам. Той мармытаў нешта і нехаця распрагаў коней. З панскіх асветленых пакояў, абапіраючыся на плячо пана Зыгмунта, выйшаў сам граф. Пан Зыгмунт нёс яго парасон і невялічкі куфэрак. Граф стаў на ганку. Быў ён бледны, узрушаны. І ніяк не мог пачаць слова, аж тросся ўвесь. Пашавеліць, пашавеліць языком — і нічога не выходзіць. Толькі ўдалося яму праказаць:

— Вон, галганы... Пастраляю...

І не паспелі адказаць яму, пачаў хіліцца граф, і каб не падтрымаў яго пан Зыгмунт, то бразнуўся б ён пластам на каменныя сходкі ганка. Пан Зыгмунт асцярожна апусціў яго на ганак, нечага зняў шапку, потым палажыў тут жа графскі парасон і куфэрак і бачком, бачком падаўся з ганка, за дом, у густыя паркавыя алеі, падалей ад людзей. Усе падышлі да ганка. Каваль Андрэй, агледзеўшы графа, спакойна праказаў да ўсіх:

— Стары пан загадаў усім доўга жыць... Ну што ж, то і добра зрабіў, нам клопату меней...

Некаторыя знялі шапкі. Што ні гавары, усё ж нябожчык. А другія сказалі, што хоць і нябожчык, але вялікім сабакам быў у жыцці, і калі б сам не памёр, то не грэх і дапамагчы яму ў гэтай важнай справе.

Графскіх коней распрэглі. Маладую графіню з нашчадкамі адвялі назад у дом, туды ж адвялі і ўсіх графскіх нахлебнікаў. Калі адчынялі парадныя дзверы, адтуль кінуўся агромністы графскі пёс, мышасты, у плямінах. З шалёным брэхам кінуўся ён на каваля Андрэя. Той жалезнымі абцугамі як дасць яму паміж вачэй, толькі і яўкнуў пёс панскі і грузна пакаціўся па ганкавых сходках, аж пад самыя ногі Ядвісі.

Аж ускрыкнула ад страху Ядвіська, ногі замлелі, не скрануцца ёй з месца. Але пёс ляжаў нерухомы, і, прыгледзеўшыся да яго, радасная, усхваляваная Ядвіська аж запляскала ў ладкі:

— Той! Ён жа самы, што мяне пакусаў тады! І ён здох! І ён нежывы ўжо, не будзе кідацца на людзей!

Рагаталі навокал людзі. Некаторыя гаварылі, з засмучэннем пазіраючы на яе, на Ядвіську:

— А можа ёй гэта будзе к лепшаму, што так перапужалася і цяпер... Мо на папраўку пойдзе...

Да самай раніцы не ўціхала праца ля панскага дома і ў доме. Нябожчыка-графа занеслі ў адзін з пакояў, палажылі яго там на лаве на апошні адпачынак. Уносіліся панскія рэчы з карэт, рабілі ім падлік, адносілі ў пакоі. Да графскіх нахлебнікаў прыставілі варту, каб не нарабілі чаго, не падпалілі б ад злосці маёнтка.

А раніцай прыйшла Чырвоная Армія. І хоць напрацаваліся за ноч людзі і не паспалі як след, але ўсе, як адзін, выйшлі на вуліцу, на панскі двор, каб вітаць людзей, якіх так даўно чакалі, пра якіх гаварылі раней толькі ў шэптах, ціханька, боязна, азіраючыся навокал, а ці няма паблізу якога панскага сабакі.

Пан Антось, каваль Андрэй ды і ўсе, што былі тут, цалаваліся з чырвонаармейцамі, запрашалі ў хаты да сябе, на добрыя пачастункі. Багата тут было работы цётцы Зосі. Батракі забілі вялікага панскага парсюка. Іхнія жонкі ўсе рабілі кілбасы. А цётка Зося смажыла іх, смажыла гусей, індыкоў. Завіхаючыся ля печы, яна паклікала Ядвіську і сказала ёй, каб яна скінула сваю зрэбную спаднічку. Цётка Зося дастала адну сваю святочную сукенку, сінюю такую, у чырвоныя кветкі, дала апрануцца Ядвісі. Сукенка была задоўгай, і цётка Зося ўкараціла падол, падшыўшы яго на жывую нітку. Цётка падшывала, а Ядвісі наказала пільнаваць кілбасы на патэльні. Але дзе ты іх угледзіш, калі такія чырвоныя кветкі ды блакітныя гарошыны на сіняй сукенцы. Аднаго чаду колькі было, аж прыбег перапужаны Андрэй, накінуўся на іх:

— Што вы робіце, вар’яты!

Але, угледзеўшы сукенку, здаўся і Андрэй, аж вус падкруціў:

— У такім разе не шкада і кілбасаў. Няхай парадуецца дзяўчынка разам з намі.

Калі прыспеў абед, тады наладзілі вялікі баль у самым большым графскім пакоі. Здаецца, увесь сад быў на вялізных сталах. То пастараўся пан Антось, з усіх клумбаў назразаў найлепшых кветак, каб упрыгожыць імі сталы, і вокны, і вялізную люстру пад столлю. І яшчэ было колькі букетаў, і пан Антось слёзна ўпрошваў чырвонаармейцаў:

— То проша пана, то вазьміце, калі ласка, таварыш, гэтыя кветкі!

І ён так хваляваўся, што блытаў рускія словы з польскімі. Але яго разумелі. Яму моцна паціскалі рукі, над ім весела жартавалі:

— Вот пан дык пан, такіх нам паболей!

Саромеўся пан Антось, у замяшанні садзіўся за стол і ўсё не мог уцэліць відэлькай у курыную ножку, так дрыжалі рукі ў яго. І калі, урэшце, удалося яму падчапіць кавалак кілбасы, не паспеў паднесці яго да рота, як паляцела кілбаса на падлогу. Зусім замяшаўся пан Антось і, каб выпутацца як, накінуўся на Ядвіську, што сядзела з ім поплеч:

— А ты ж чаго не ясі?

— А мне смешна: колькі-то ежы на стале, а вы есці не можаце...

Яна сядзела на ўскрайчыку стала і радасна прыслухоўвалася да вясёлага гоману за сталом, глядзела ў вялізныя люстры на сценах пакоя. Колькі-то людзей у пакоі, а ў люстрах іх яшчэ болей. Так багата людзей, і ніхто нікога не крыўдзіць. Ды якія ўсё харошыя словы ў іх! І калі сядзеўшы супроць чырвонаармеец запытаў яе пра імя, яна адказала сур’ёзна:

— А завуць мяне Ядвісяй.

Сядзеўшыя побач, з маёнтка, з Выгодаў, запляскалі ў далоні.

— Ну, Ядвіська, цяпер ты маладзец!

Нічога не зразумеў чырвонаармеец, чаму маладзец Ядвіся, і людзі пачалі яму расказваць аб усіх тых здарэннях, аб якіх расказана ў нашым апавяданні.

На гэтым і закончылі б мы сваё апавяданне, калі б не тыя падзеі, якія мелі шчэ месца ля Ядвіськінага дуба.

Прайшло дні тры з таго часу, як прыйшлі ў маёнтак чырвонаармейцы. Усё новыя і новыя войскі рушылі на захад, і па цэлых днях глядзела Ядвіська, як ідуць па дарозе незлічоныя машыны, вялізныя гарматы, праходзяць цэлыя палкі чырвонаармейцаў. Спрабавала Ядвіська лічыць людзей, але дзе ты падлічыш! І ноччу пыталася ў цёткі Зосі, чаму гэта яны паноў баяліся, калі так багата, багата на свеце нашых людзей. Такая сіла, а паноў жменька, і трэба ж было іх баяцца. І цётка Зося не магла дакладна адказаць на такія пытанні і гаварыла, што на ўсё гэта можа адказаць хіба толькі каваль Андрэй ці пан Антось.

— А пан Зыгмунт?

— Што пан Зыгмунт... Той, відаць, і збег некуды, колькі-то дзён нямашака.

Але хутка заявіўся і пан Зыгмунт...

Святочным днём сабралася багата людзей пад Ядвіськіным дубам, ля Янусёвай магілы. Сюды сышліся з маёнтка, з вёскі Выгодаў, і яшчэ людзі з бліжэйшых вёсак, са станцыі. Ніколі раней не сабіралася так багата людзей. Прыйшлі сюды з чырвонымі сцягамі, з вялікімі партрэтамі, упрыгожанымі стужкамі і кветкамі. Ядвіська ведала ўжо, хто на партрэтах. Хвалілася ўсім дзецям аб гэтым. Яшчэ яна хвалілася чырвонай зорачкай, якую насіла, каб не згубіць, за пазухай. І аказалася, што і ў другіх дзяцей ёсць такія зорачкі. Тады яна сказала, што ў яе пахаваны тут дзед і што яго забілі паны. Дзеці прыціхлі тады і падышлі да дзедавай магілы. Людзі ўпрыгожвалі яе вянкамі з дзеразы, папраўлялі лапатамі зямлю, пасыпалі навокал жоўтым пяском. І калі скончылі ўпрыгожванне, тады выйшаў наперад каваль Андрэй, зняў шапку і сказаў да людзей:

— А цяпер, калі мы будзем гаварыць аб гэтай панскай зямлі, якая наша цяпер назаўсёды, то мы ўспомнім і пра тых, хто загінуў тут, хто загінуў з панскае ласкі. Дзед Янусь быў простым чалавекам. Дзед Янусь працу любіў — і яму не давалі працы. Дзед Янусь зямлю любіў — і яму не давалі зямлі. Дзед Янусь праўду любіў — і яму засцілі гэту праўду. Дзед Янусь паважаў справядлівасць і не ведаў таго, што справядлівасць ідзе не ад бога, не ад пана, а што яна ідзе ад нас. Пра гэта здагадаўся дзед, але задужа позна. Мо і не так ён зрабіў, як трэба... Ці аднаму ісці насупроць паноў?! Забілі дзеда. Ён загінуў героем... Дык ушануем жа яго светлую памяць...

Усе знялі шапкі і стаялі так маўкліва, што вялікі, вялікі жаль агарнуў Ядвіськіна сэрца і яна заплакала, ціха ўсхліпваючы і прыслухоўваючыся, як шамаціць у напружанай цішыні пажоўклае лісце на старым дубе.

І калі ўзнімалі людзі шапкі на галовы, калі першыя ціхія галасы пракаціліся шолахам, тады ад лесу, што быў недалёка, грымнула колькі стрэлаў. Яшчэ і яшчэ...

Нехта войкнуў сярод людзей, пан Антось збялеў раптам і балюча хапіўся за руку. Поплеч з ім без слоў, без голасу ўпала вобзем жанчына. Узняўся дзіцячы плач, адна за адной загаласілі жанчыны. Каваль Андрэй, які адразу пасуровеў, і голас у яго зрабіўся зусім другім, крыкнуў да людзей:

— Лажыцеся... Лажыце дзяцей на зямлю...

А сам і яшчэ колькі чалавек, якія былі з ружжамі, кінуліся наперад і, упаўшы на мяжу, пачалі страляць па лесе. Стрэлы адтуль змоўклі.

Колькі хвілін стаяла такая страшная цішыня, што чуваць было, як свішча вецер у буславым гняздзе. Людзі моўчкі ўзнімаліся з зямлі, сыходзіліся разам. Чырвонай хусткай прыкрылі голаў жанчыне, якая ляжала нерухома, уткнуўшыся тварам у зямлю і нязручна падкурчыўшы пад сябе рукі.

Плакала Ядвіся. Дзеці пыталіся ва ўсіх:

— Што з цёткай Зосяй? Чаму яна так?

Пан Антось махнуў здаровай рукой, адказаў ім:

— Нічога... Ідзіце, дзеці, па хатах... Вядзіце Ядвіську дахаты... Няма вам чаго рабіць тут...

Пра зямлю не гаварылі ў той дзень на сходзе. Другімі клопатамі былі заняты людзі.

* * *

Іх прывялі позна ноччу — гэтых дзесяць уланаў, пана палкоўніка ды з чэцвера паліцыянтаў. Іх злавілі ў лесе, на Звярыным Балоце, як звалася тое ўрочышча.

— Вы забілі? ‘

— Мы забілі...— адказаў ганарыста палкоўнік.

— То вы і звыклі хіба ваяваць з жанчынамі... А хто паліў учора вёску за лесам? А хто забіў сялян у лесе, што ехалі з гміны?

Пан палкоўнік маўчаў і тупа глядзеў спадылба на сваіх былых батракоў, цяперашніх чырвонагвардзейцаў. Пераміналіся з нагі на нагу панурыя ўланы. За іх спінамі хаваўся, баючыся паглядзець у вочы людзям, куртаты пан Зыгмунт. Яго пацягнулі за рукаў і паставілі наперад. Ён аж прытупваў на месцы і, уцяўшы голаў у плечы, ціха скуголіў у шапку, якую трымаў абедзвюма рукамі і прыкрываў ёю вочы.

— Чаго ты якочаш, выжла, цябе ж не б’юць? — з прыкрасцю сказалі яму людзі.

— О святы божа, даруйце мне... О матка боская, я ж не вінаваты, я не страляў, я толькі сказаў яснаму пану, што ў вас будзе сход...

— Чаго ж ты хадзіў разам з імі?

— О мой божа, то я ж слуга свайму пану...— І тут жа спахапіўся: — То ясны пан хацеў спаліць і вёску і, даруйце мне, маёнтак...

— Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў, так і не ведаючы, перад кім жа дрыжаць яму і як дрыжаць, калі зайшоў розум за розум.

— Адвесці іх зараз жа, ды здаць бандытаў чырвонаму войску!

Позняй восеньскай ноччу павялі іх на станцыю. Каб хутчэй, павялі іх бліжэйшай дарогай, што праходзіць ля Ядвіськінага дуба. Каб не ўцяклі паны, канваіраў набралася багата, з маёнтка і з вёскі. Ноч была цёмнай і дажджлівай. Скупы месік рэдка прабіваўся праз хмары, і тады відаць была размытая дарога, гразь, пачарнелае ржэўе на полі ды белы камень на дзедавай магіле. Хліпала вада пад нагамі, глуха пазвоньвала палкоўніцкая шпора, гудзеў на вятры дуб, чапляючыся вяршыняй сваёй за нізкія кудзелістыя хмаркі, якія беглі шпарка, скупа пырскаючы дажджом па лясах і дарогах.

Калі параўняліся людзі з дубам, тады, нібы па ўгавору, тыя, што ішлі адзаду, пацяглі за рукавы пінжака пана Зыгмунта. Той аж вылузнуўся з пінжака быў, крыкнуў нема, але яму заткнулі шапкай рот і пацяглі да дуба. Цёмна было, вецер гудзеў у дубе, і не заўважыў каваль Андрэй, галоўны канваір, як прапаў пан Зыгмунт. А калі заўважыў — чуў, як перашэптваліся аб нечым людзі — і, даручыўшы канваірам строга пільнаваць паноў, кінуўся назад да дуба, але было позна:

— То ён ужо, рудая выжла, здаўся...— шэптам адказалі яму з купкі людзей, якія ішлі з-пад дуба.

Вылаяўся Андрэй:

— Што ж вы робіце, людзі вы, чалавекі?.. Няма ж закону такога...

— Пачнеш ты законы шукаць для сабакі...— пачуліся з цемрадзі нездаволеныя галасы.

Уздыхнуў Андрэй і пайшоў наперад, каб адвесці паноў да станцыі.

Вялізнаю грамадаю высіўся дуб. Гучна шамацела лісце на крывых суках, і цэлымі прыгаршчамі сыпалася яно адтуль, ападала хутка.

Чуваць было, як глуха шамаціць каляны дубовы ліст па калючым іржэўніку поля.