epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

«Капля малака»

Нізенькі, вяртлявы дырэктар забягаў часта наперад і, дакранаючыся рукой да чысценькага, чорнага як сажа кацялка, з падкрэсленай ветлівасцю запрашаў:

— Калі ласка, прашу вас... Тут вось у нас парыльня... А тут, калі маеце ахвоту зірнуць, сушыльня... А тут, маю гонар вам паказаць, гатовая прадукцыя... І якая прадукцыя! Дазволю сказаць сабе, нідзе ў свеце другой такой прадукцыі не знойдзеце. Ды што я кажу, вы ж самі бачыце! Не фанера, а чыстае золата... Вось вы бераце ліст, вось вы становіцеся на яго абедзвюма нагамі, вось вы можаце, калі маеце ахвоту, злёгку падскочыць на ім, а наша прадукцыя застанецца прадукцыяй! Яна і ішла толькі на адны авіязаводы, ну і за граніцу. У Афрыцы, у Егіпце, у Індыі зможаце сустрэць вы нашу фанеру... Цяпер, канечне, вайна, фанера наша, як бачыце, ляжыць без руху... І, канечне, з рабочымі багата клопату: мы не можам пускаць завода на поўны ход, у нас багата залішніх рабочых, мы шмат каго зволілі...

— А заўтра вы іх усіх возьмеце на працу! — суха адрэзаў лейтэнант Мухін.

— Я, пэўна, не дачуў пана? Як гэта — узяць на працу, калі мы не маем збыту і, канечне, фінансы ёсць заўсёды фінансы...

— Так, фінансы застануцца фінансамі, рабочыя будуць працаваць, вы ім будзеце плаціць. Так вырашыць рабочы камітэт.

— Я трохі не разумею пана... Які камітэт?

— Я ж вам сказаў: рабочы камітэт. Яго выберуць самі рабочыя. І вы як дырэктар павінны працаваць з камітэтам у поўнай згодзе і слухацца яго...

На хвілінку знікла рухавасць гэтага вяртлявага чалавека. Ён нібы пракаўтнуў што, нервова камячыў гальштук. Потым прыўзняў кацялок, пацерабіў у задуменні лысіну і ўздыхнуў:

— Канечне... я чалавек, можна сказаць, працы... Я заўсёды з народам...

І ён замаўчаў. Гутарка яўна не клеілася. Чалавек ужо не забягаў наперад, а ішоў паўзбок і, засопшыся, скупа адказваў на пытанні: гэта вот склад драўніны, гэта вот сілавая ўстаноўка... Зрэдку сустракаліся рабочыя. Яны весела віталіся з лейтэнантам, задавалі пытанні дырэктару, і той, натужна ўсміхаючыся сухім тварам, як мага ветлівей адказваў ім, часам зусім неўпапад. Ён думаў аб нечым сваім. Ён зусім не заўважыў падышоўшага вартаўніка. Той стаяў перад ім і нізка кланяўся, трымаючы ў апушчанай руцэ аблезлую шапку.

— Пане Мілашэўскі, хаця б на бульбу колькі злотых далі...

— Надзеньце шапку! — не сцярпеў Мухін.

— Так, так... Надзеньце шапку, што вы стаіцё так! Ну, я ж прашу вас! — схамянуўся ўрэшце дырэктар і, сканфужана мармытнуўшы нешта старому вартаўніку, пачаў спяшацца:

— Дык пойдзем, таварыш камандзір... То вы не агледзелі яшчэ ўсяго завода. А вось і кантора, а вось і наша амбулаторыя...

Да чалавека зноў пачала варочацца яго звычайная вяртлявасць, ён нават пажвавеў, і ў голасе яго адчувалася ранейшая гатоўнасць адказаць на любое пытанне гэтага не зусім далікатнага, не зусім тактоўнага таварыша.

— Вот вы гаворыце — рабочыя, рабочыя... А колькі майго старання, клопату майго пайшло на рабочых! Вот бачыце гэтыя дзверы. Ах, шкада, што замкнёны, але мы і праз акно ўбачым. Гэта ж цэлыя яслі, тут жа аж чатыры ложкі... Тут жа прымаў дзіцячы доктар. Мы багата чаго зрабілі для дзяцей рабочых.

— Аж чатыры дзіцячыя ложкі? — перапытаў Мухін.

— Ну так, аж чатыры ложкі...— жвава адказаў дырэктар, не заўважыўшы іроніі ў голасе субяседніка.

— На цэлы завод, на такі агромністы завод, дзе працуе каля тысячы чалавек?

— Ай-яй-яй... як вы не разумееце? — схамянуўся дырэктар.— Хіба ў нас больніца? У нас жа завод... На большае ж мы не мелі магчымасці, але затое дзеці лепшых рабочых атрымалі ад нас добрую дапамогу. Вы разумееце, нават малако атрымлівалі, нават апельсіны часам... У нас нават спецыяльная арганізацыя была — таварыства каплі малака...

— Гэта што, прафсаюзная арганізацыя?

— Не, зачым? Гэта проста таварыства людзей, якія маглі чым-небудзь дапамагчы рабочай сям’і, дзіцяці беднага чалавека...

— Хто ж уваходзіў у гэтую паважаную арганізацыю?

— Ну, людзі, якія мелі лішнюю капейку... Бліжэйшыя памешчыкі, пан ксёндз, гаспадыня завода... Канечне, я многа прыклаў працы па таварыству, па яго заснаванню... А вы кажаце...

— Што?

— Ну, ведаеце, мы ўжо не такія кепскія людзі, як можа гэта вам здацца. І не так ужо цяжка жылося ў нас рабочаму чалавеку.

— У каго гэта ў нас?

— Ну, як вам сказаць... у Польшчы, ці, як вы кажаце, у панскай Польшчы... Яна ж не толькі панская, у ёй жывуць і рабочыя, і такія людзі працы, як я...

— Так... Ну, ладна... Я, відаць, адымаю час у вас. Дзякую вам за тлумачэнні, а цяпер сам прайдуся тут.

Дырэктарскі кацялок цырымонна прыўзняўся над лысінкай, і вяртлявы чалавечак патупаў ад берага ракі да завода, пацешна пераскакваючы праз гразкія мясціны, пасклізваючыся на рэйках заводскай вузкакалейкі.

Да Мухіна падышла група рабочых, якія толькі што каталі бярвенні з ракі. Падміргваючы ўслед дырэктару, яны весела запыталі ў Мухіна:

— Ну, бачылі нашага дырэктара?

— Меў гонар...

— Пра каплю малака казаў?

— Казаў.

— І пра апельсіны казаў?

— Казаў.

— І пра чатыры ложкі казаў?

— І пра чатыры ложкі...

І рабочыя рассмяяліся так гучна, што ўзбрыўшая на заводскі двор каза імкліва сіганула праз дзірку ў плоце. Плот не ўстояў, і сажні чатыры яго з грукатам паляцелі на зямлю.

— Вот бы заўважыў пан дырэктар, дасталася б казе на каплю малака!

— Але ў чым жа справа, таварышы, чаму вы смеяцеся над гэтай капляй?

— Дык як жа не смяяцца? Ён жа ўсім вушы прамазоліў капляй малака. Летась прыязджала нейкая амерыканская дэлегацыя, дык колькі смеху было! Спецыяльна дзяцей адбіралі ў яслі, каб было каторае прыгажэйшае ды здаравейшае. З горада прывезлі спецыяльнага доктара. Дэлегацыя ўсё захаплялася ды хваліла пана дырэктара, нават зазнялі яго з ясельным дзіцем на руках: кажуць, і ў газетах яго потым прапісалі за вялікую культуру ды за вялікія клопаты аб рабочых. А нам тыя клопаты ў рэбры ўеліся,— і расказчык аж сплюнуў, не хочучы далей гаварыць пра гэтую каплю малака.

Рабочыя загаварылі пра іншыя справы, пра дрэнныя нажы, недахват альбуміны, гнілую вольху. Гаварылі пра ўсё, чым жыў завод, чым жылі рабочыя.

К лейтэнанту Мухіну вярнуўся ранейшы вясёлы настрой, які быў сапсуты гэтай гутаркай з панам дырэктарам, які так назойліва, так падкрэслена гаварыў аб тым, пра што не хацеў слухаць Мухін. Ён нават не шкадаваў ужо, што яго пакінулі з невялічкай групкай чырвонаармейцаў у гэтым вялізным і глухім лесе, на гэтым заводзе. Таварышы пайшлі ўперад, яны на перадавой лініі, а ты стой тут, сцеражы зайцоў у лесе. Канечне, гэта не так. І тут, відаць, знойдзецца праца.

Развітаўшыся з рабочымі, ён пайшоў наведаць сваю новую кватэру, што далі яму ў доме заводчыкаў.

Ён далікатна пастукаў у дзверы нізенькага асабняка, што стаяў побач з заводам, сярод высокіх і тонкіх сосен. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў мацней і, не дачакаўшыся і на гэты раз адказу, асцярожна пацягнуў за клямку дзвярэй. Яны не былі запёртымі. З невялічкай пярэдняй даносіўся да яго пранозлівы крык дзіцяці. Яно, відаць, было недагледжаным, бо заходзілася ад плачу. Трэба было дапамагчы дзіцяці. Ён, спяшаючыся, прайшоў у прасторны пакой, відаць у сталовую — тут стаяў пасярэдзіне вялікі стол, на ім невялікі букет кветак, талерка кіслага малака, хлеб, стакан. У пакоі было змрочна, мо ад безлічы фіранак і цяжкіх гардзін на вокнах. Ля адчыненага акна, дзе святлей, стаяла калыска, і ў ёй плакала дзіця. Яно аж пасінела ад плачу, чырвонымі кулачкамі бяспомачна варушыла безліччу кружаў, покрывак, біла ножкамі па раскрытых пялёнках.

— Ну і задача ж? — Мухін разгублена азірнуўся кругом, нерашуча падышоў да калыскі, выняў дзіця адтуль. Мухін палажыў дзіця на стол, на бархатны абрус, няўмелымі рукамі доўга сцягваў распашонку, баючыся за гэтыя малюпаткія пальчыкі, якія ж маглі часам і зламацца, заблытаўшыся ў рукавах распашонкі. Пакуль Мухін корпаўся з пялёнкамі, выбіраючы якая сушэйшая, дзіця зусім сціхла, захапіўшыся кветкамі і соваючы ў рот завялую настурцыю.

Ён узяў дзіця, захутаў яго ў сушэйшыя пялёнкі, у адзяяльца. На пялёнках былі вышыты шоўкам вензелі — пад каронай пара перакрыжаваных літар. Кароны нагналі на яго злосць.

— Кароны вышываюць, чорт бы вас пабраў, а дзіця дагледзець як след не могуць...

Ён гушкаў дзіця на руках, і тое цягнулася да яго ручанятамі, лавіла гузікі шыняля, намагаючыся дацягнуцца да іх ротам.

— Ну, ваяка! — уголас праказаў Мухін, не то пра сябе, не то пра гэтае дзіця, нераўнадушнае да яго гузікаў.

І толькі тут заўважыў, што ён не адзін у пакоі: пара мутных старэчых воч глядзела на яго, сачыла за ім. Мухіну стала не па сабе.

— Выбачайце, што я так недалікатна забраўся ў дом. Мяне, бачыце, уразіў дзіцячы плач, я павінен быў заняцца дзіцем.

— Калі ласка, калі ласка! Я так вам удзячны...— пачуў ён ціхі голас. То гаварыў стары чалавек, які ляжаў на канапе. Над канапай вісеў шырокі кавёр, на ім была развешана розная зброя — старадаўнія пісталеты, шаблі, пара ржавых мушкетаў. Ногі чалавека былі ўкрыты, нягледзячы на цёплы восеньскі дзень, махнатым пледам. Ля канапы стаяла крэсла, на ім раскіданы былі розныя кніжкі, пара тонкіх часопісаў. На спінцы крэсла вісеў афіцэрскі мундзір польскай арміі.

— Будзем знаёмы, генерал Санжэўскі... Колішні генерал. Не таму, што арміі цяпер няма... Не... Я інвалід, колькі месяцаў, як прыкуты да ложка. І да вайны быў у адстаўцы. Не меў, як гаворыцца, гонару кроў праліць, ну і ўсё такое іншае... І ведаеце, не сумую... Гэтая вайна — гэта ж непаразуменне, такое непаразуменне. І нашы генералы гэтыя, выбачайце, малакасосы рыдзсміглы...

— Выбачайце, я зайшоў па справе...— перабіў генерала лейтэнант Мухін, не меўшы аніякага жадання ўваходзіць у ацэнку баявых аперацый польскіх генералаў, у генеральскую ацэнку гэтых аперацый.

Генерал адразу завяў. Яго вочы яшчэ больш памутнелі, і ўвесь яго шэры шчаціністы твар зрабіўся такім кіслым, што Мухіну здалося, нібы ўвесь пакой прапах чымсьці кіслым, нібы ўсе рэчы былі пакрыты старым, заляжалым пылам, ад якога пяршыць у носе. А мо то пахла кіслае малако на стале, улюбёная ежа генерала.

А недалужны генерал мутнымі бясколернымі вачыма глядзеў на выцвілую гравюру на сцяне. Сонечны прамень асвятляў напалавіну Напалеона, відаць быў толькі пухлы жывот ды белыя рэйтузы ў імператарскіх батфортах.

Генерал уздыхнуў.

— Я рэдка бачу сапраўднага ваеннага чалавека, ну і, разумееце, цягне за язык, пагаварыць хочацца. А вы, кажаце, па справе? То, калі ласка, да маёй жонкі. Яна ж у мяне, выбачайце, вярхоўны камандуючы... Я ж толькі ад’ютант, можна сказаць, пры ёй, толькі ад’ютант... І то, сказаць, ад’ютант у адстаўцы...— І генерал зайшоўся ціхім, кехкаючым смехам.

— То вы, прашу вас,— паўтарыў ён яшчэ раз,— да маёй жоны. Яна ж сапраўдны гаспадар завода, яна ж і вядзе ўсе справы... Так вы да маёй жоны, калі ласка! Але дзе ж падзелася яна! Вечна ходзіць, ходзіць, бегае. І служанка недзе забавілася. Я зусім не ведаў, што з дзіцем рабіць, я ж не магу нагой паварушыць, не толькі што хадзіць. Ах, дзякуй вам, пан лейтэнант, што вы зусім у часе дапамаглі нашаму дзіцяці... Але ж дзе яна? Ах, гэтыя жоны!

І ў гэты момант у пакой не ўвайшла, а ўварвалася жанчына.

Яна моўчкі глянула на Мухіна, падбегла да яго і не ўзяла, а вырвала дзіця з рук. Дзіця расплакалася, а яна стаяла на месцы з якую хвіліну, павярнуўшыся бокам да Мухіна, і скоса пазірала на яго злымі, прыжмуранымі вачыма.

— Хто? Хто дазволіў вам узяць маё дзіця? Што патрэбна вам, урэшце, у маім доме? Я вас пытаю? — І, не чакаючы адказу, яна накінулася на генерала. Той паспрабаваў засланіцца ад яе нейкім старым часопісам, але ў адзін міг паляцелі на падлогу кніжкі, сшыткі, часопіс, за імі ўслед пусціўся ў палёт стары генеральскі мундзір, звонка бразнуўшыся ўсімі сваімі рэгаліямі аб падлогу. Стары ваяка, які часта, відаць, ужываў у сваёй хатняй стратэгіі толькі абарону, хаваючыся ў такіх выпадках за пухлую падушку, учуўшы, аднак, знявагу над сваімі слаўнымі рэгаліямі, узняў пратэст. Засланяючы рукамі твар, ён рашуча заявіў угневанай палавіне:

— Я прашу вас, мая каханая Ванда, памятаць аб маім гонары...

— К д’яблу, к д’яблу!.. Яго гонар! О, святая маці Марыя...— І яна села раптам на крэсла, расплакалася. Крычала напужанае дзіця. Панна Ванда старалася ўцешыць яго, ды праз слёзы ўсё кідала да генерала ўсякія пагардлівыя, калючыя словы.

— Я ненавіджу вас, генерал ад канапы! Вы праспалі айчыну сваю, гонар свой... Вы не можаце абараніць нават дом свой!

— Маё слаўнае кацятка, я прашу вас, я ўмольваю вас не казаць такіх рэчаў... і ў прысутнасці... пана-таварыша лейтэнанта... Ён яшчэ малады чалавек, яму не варта слухаць гэтыя сямейныя спрэчкі!

Тут лейтэнант усміхнуўся. І, заўважыўшы гэту ўсмешку, жанчына, перастаўшая плакаць, успыхнула ўся, сурова зірнула на яго спадылба, не праказала, а прасіпела скрозь зубы:

— Так... Я ненавіджу і вас, та-ва-а-рыш...

— На здароўе!

— Гм... Вы зусім не можаце абыходзіцца з жанчынамі...— сказала яна зусім ужо абыякавым тонам і глядзела на яго немігаючымі вачыма, аб чымсьці задумаўшыся.

Лейтэнанту Мухіну надакучыла ўся гэта гісторыя і ўся гэта істэрыка, і ён рашыў ужо кінуць вар’яцкі дом, як назваў яго ў думках, каб падшукаць другой кватэры.

Яна прыўзнялася на крэсле:

— Што ж вам, аднак, патрэбна?

— У мяне ордэр на адзін пакой у вашым доме.

— Толькі? Вы можаце забраць увесь дом, то ж ваша права...

— Будзе патрэбна, возьмем!

— Гм... А што ж вы будзеце рабіць са мной, так званай капіталісткай?.. Расстраляеце?

— Будзе прычына, расстраляем!

— Гм... Аднак вы ветлівы чалавек, галантны чалавек...

— Аднак вы мне пакажыце пакой,— у тон ёй адказаў Мухін.

З дзіцем на руках ішла яна ўперадзе Мухіна. Калі б гэта было ў другім доме, калі б не было ўсіх гэтых недарэчных паводзін, то лейтэнант Мухін можа і заўважыў бы, што пані Ванда была яшчэ маладой, зусім маладой жанчынай. Кідаўся ў вочы яе гнуткі стан, мяккая, бязгучная паходка. Светлая чарапахавая грабёнка так і выпіналася з густых каштанавых валасоў. Паблісквалі на пальцах пярсцёнкі. Усё гэта нагадвала словы старога генерала — слаўнае кацятка. І калі пазірала яна скоса прыжмуранымі вачыма, то здавалася, нібы выпускае кацятка свае драпы-кіпцюры, іграе імі, вострыць іх. Перад лейтэнантам жа Мухіным была толькі звычайная, сварлівая гаспадыня дому, яму патрэбен быў пакой, яму апрыкрала ўся гэта, толькі што бачаная сямейная баталія. І ён думаў — а ці толькі сямейная?..

Гаспадыня адамкнула пакой.

— Тут будзеце жыць,— нібы праказала яна загад які, да таго быў рэзкі і рашучы яе голас.

Пакой, відаць, утрымліваўся для гасцей. Важна пазіраў з вялікага партрэта на сцяне Пілсудскі, апіраючыся абедзвюма рукамі на эфес шаблі. Тут жа партрэты розных генералаў, батальныя замалёўкі, афіцэрскія дыпломы гаспадара дому. На другіх сценах размясціліся ў тонкіх нікелевых рамках фотапейзажы — дом з каланадай, кавалачак парку, густыя алеі, дзяўчына з сабакам. На стале цяжкія альбомы, статуэтка хлопчыка ў канфедэратцы. Некалькі крэслаў, канапа — уся мэбля пакоя.

— Я папрашу вас зайсці гадзіны праз дзве, пакой будзе падрыхтаваны...

— Дзякую! — скупа адказаў лейтэнант і пайшоў да сваіх спраў.

На дварэ было сонечна, цёпла. Але жоўты ліст на бярозах казаў аб восеньскіх днях, па-восеньскаму шумелі вяршыні гонкіх сосен, і сярод іх медзяных, шурпатых ствалоў такім недарэчным быў тонкі пах рэзеды,— то не завялі яшчэ кветкі на клумбах, і ярка гарэла на сонцы іх разнаколерная цвецень — сіняя, чырвоная, бледна-ружовая. І толькі зелень лісту была бляклай, запыленай.

Прыемна шархацела пад нагамі хвойная ігліца, дзесьці стукаў дзяцел, з боку заводскіх будынін даносіўся то пранозлівы візг пілы, дасягаўшы самай высокай ноты і ападаўшы з ціхім металёвым гудзеннем, то роўнае чмыханне пары. То было спакойнае дыханне завода, працаваўшага на поўны ход. І ў гэтым быў павінен і ён, лейтэнант Мухін. Гэта давала прыемнае заспакаенне думак, задаволенне. І толькі ўсе гэтыя генеральскія мундзіры, чарапахавыя грабёнкі ў тугіх валасах — якім гэта лішнім і непатрэбным было ў такі чысты восеньскі дзень, тут, дзе смалістыя сосны падпіраюць аж самае неба, дзе весела гудзе завод і гуд яго ідзе па вяршынях дрэў, зліваючыся з гоманам бору.

Шорхат чужых крокаў спыніў думкі Мухіна. Насустрач лейтэнанту ішоў чалавек і, параўняўшыся з ім, нерашуча спыніўся, прыўзняўшы звычайную рабочую кепку.

— То з добрым днём вас, пан лейтэнант! То мне хацелася б вам нешта сказаць, такая, ведаеце, пільная справа...

— Ну што ж, калі ласка, я слухаю вас, таварыш... Ян, калі не памыляюся!

— Так, сапраўды так... У вас добрая памяць... А я хачу вам паведаміць...— І ён замяўся, асцярожна агледзеўся навокал, не рашаючыся, відаць, сказаць адразу аб тым, што яго хвалявала.

— Тут нязручна, бачыце...

— Тады, можа, на маёй кватэры...— І ён паказаў на дом пані заводчыцы.

— О не, што вы, што вы...— спяшаючыся, прагаварыў стары рабочы і, хвалюючыся, церабіў свой доўгі сівы вус, перамінаўся з нагі на нагу.

Зусім другі твар быў у таварыша Яна. Ён зусім не падобны быў да таго рабочага, з якім спаткаўся Мухін на першым рабочым сходзе. Тады Ян з купкай другіх пажылых рабочых, якія трымаліся асобна ад другіх, стаяў пануры і ўглядаўся сабе пад ногі, нібы ніколі не бачыў сваіх старых, нячышчаных ботаў. З ім быў тады і стары Франц, як відаць, Янаў дружбак, бо яны часта перашэптваліся між сабою і разам пайшлі са сходу. Яны ўважліва, аднак, слухалі тады Мухіна, першымі, хапаючыся, знімалі шапкі, калі ваенны аркестр пачынаў іграць «Інтэрнацыянал». І яны ж задавалі яму безліч пытанняў, самых вострых і часам зусім нечаканых.

— А ці праўда то, што ўсіх палякаў прагоняць з работы?

— А ці правільна, што бальшавікі разбураць завод?

Яму, Мухіну, прыйшлося тады цярпліва адказваць на ўсе гэтыя недарэчныя пытанні і гаварыць аб такіх рэчах, якія і самому дзіцяці нават былі зразумелыя. І ён памятае, як выступіў потым сам дырэктар і, расплыўшыся ў лагоднай усмешцы, доўга гаварыў аб людзях працы і нібы прасіў выбачэння за іх пытанні, бо што ж яны разумеюць, жывучы ў такой глухмені.

Мухін памятае, як паціналі плячмі старыя рабочыя — Франц і Ян,— слухаючы дырэктарскую прамову, і, відаць, пайшлі са сходу незадаволеныя, бо ўсё нешта размахвалі рукамі і ўсё перагаварваліся між сабой. Відаць, ніяк не маглі дайсці да ладу са сваімі думкамі.

Цяпер ён стаіць перад ім, стары рабочы Ян, і на твары ў яго ніякай пахмурнасці. Праўда, ён заклапочаны нечым, устрывожаны. Але праз гэтую ўстрывожанасць прабіваецца чалавечая радасць, вот ён запытае аб нечым, і яму адразу стане ўсё ясным і зразумелым.

— То я скажу вам зараз...

Але пазадзі чуваць галасы людзей. Некалькі чалавек ідзе па сцежцы. Відаць, ідуць з завода ў свой рабочы пасёлак служачыя, рабочыя. Яны праходзяць міма.

Стары Ян адразу робіцца разгубленым зусім, нешта гаворыць аб добрым надвор’і, аб цёплай восені, жадае здароўя пану лейтэнанту, спяшаючыся развітацца з ім.

— То я другім разам...

І, адыходзячы, яшчэ раз просіць выбачэння.

— Разумееце, калі-небудзь другім разам... Так жа нязручна...

Уся гэтая сустрэча вывела з раўнавагі заўсёды спакойнага Мухіна. «Што гэта за д’ябальшчына, урэшце?» — незадаволена падумаў ён, перабіраючы ў памяці ўсе свае назіранні, усе гэтыя маленькія і немаленькія здарэнні апошніх дзён, якія прывялі яго на гэты завод. Яго паставілі ахоўваць завод. Рэшткі польскіх часцей блукалі па лесе, рабілі нечаканыя напады на вёскі, бандыцкія забойствы людзей, грабяжы. Трэба было сачыць і за лесам, хаця людзей у яго, у Мухіна, было не так ужо і багата.

Службовыя клопаты, праца развеялі невясёлы настрой. Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі, просьбамі даць параду, самому пабываць у іх. Трэба было арганізаваць рабочы камітэт на заводзе, рабочую гвардыю. Трэба было наладжваць чырвонаармейскае жыццё. Працы было па горла, і ў гэтай працы бясследна знікалі ўсе гэтыя маленькія прыгоды з чарапахавымі грабёнкамі, пялёнкамі, не зусім удалымі баталіямі ў сям’і старога генерала. Праўда, Мухін і пра яго прачуў сёе-тое. Нібы быў ён у нядаўнім часе відным генералам, нібы біліся за яго нават розныя польскія партыі і нібы перамагла адна з іх, узяла ў палон генерала маладзенькай жонкай, якая прынесла генералу завод, невялічкі маёнтак і княжацкія вензелі на пялёнкі, стаўшыя неўзабаве патрэбнымі ў сям’і.

Злыя языкі сцвярджалі, што стары генерал не меў, калі так можна сказаць, непасрэднага дачынення да тых пялёнак. Але справа не ў гэтым. Відны генерал стаў у хуткім часе нявідным. Быў ён чалавекам з норавам і не заўсёды падтакваў там, дзе трэба было падтакваць. Адным словам, ён пайшоў у адстаўку, паціху бурчаў на сваёй канапе і ўвесь вольны час свой, а яго было багата, чытаў розную літаратуру па раматусах. Калі ж сонца грэла мацней і забываліся раматусы, тады генерал адвадзіў душу ў «Вірусе» і, перагортваючы старыя камплекты гэтага спецыяльнага унтэр-афіцэрскага часопіса, абмяжоўваўся кароткімі, але рашучымі заўвагамі: «Шэльма, прайдоха, а з цябе будзе жулік вялікі; а табе, голубе, з капралаў ніколі не выбрацца...» То адносілася да розных унтэр-афіцэраў, быўшых у розныя часы пад яго началам. Ён знаходзіў іх на фотаздымках часопіса. Некаторыя з іх пайшлі далёка, некаторыя ж век сядзяць у казармах ды ўдзёўбваюць у неразумныя навабранскія галовы ўсю гэтую няхітрую салдацкую мудрасць. Пра ворагаў знешніх, пра ворагаў унутраных. І там, і тут аказваўся вінаватым Савецкі Саюз, камунізм. Так, камунізм... Канечне, генерал не за камунізм, ён вельмі далёкі ад гэтай ідэі. Але ён мог гаварыць пра камунізм спакойна, не пераходзячы, як другія, у шалёны запал, у шалёную нянавісць. Мо таму і пайшоў ён у адстаўку.

Лежачы на канапе, займаючыся больш чым мірнай працай, генерал даўно перастаў думаць аб розных там ворагах, знешніх і ўнутраных. Ён больш за ўсё на свеце баяўся і ненавідзеў старога ксяндза, айца Баніфацыя, ды яшчэ гэтага франтаватага дырэктара, пана Мілашэўскага, з якім ужо задужа часта любіць параіцца яго кіпцюрыстае кацятка, ненаглядная пані Ванда. Праўда, яна пані даўно, але прыгажэй яе называць паннай, тады і сам нібы робішся крыху маладзейшым. Каб не гэтыя толькі айцы Баніфацыі. Вось зойдзе часам і пачне з цябе вымотваць душу панам богам, айчынай, будучнасцю дзіцяці. Слухае, слухае генерал, пагладжваючы рэўматычныя калені, і, страціўшы ўсякую цярплівасць, крыкне голасна:

— Ах, які боль! — і перавернецца да сцяны, каб не глядзець у гэты сухі ксяндзоўскі твар, у калючыя вочы яго.

— Грэх вам, грэх, генерал! — узлавана мармыча ксёндз і длыпае да пані Ванды.

Калі збіраецца ўсё гэта паважанае таварыства, тады генерал забываецца нават пра сваю сыраквашу. Яму становіцца непрыемным, прыкрым усё, што так ці інакш нагадвае малако. Капля малака, так называюць сябе гэтыя дзяржаўныя мужы, святыя і несвятыя, каб яны скіслі ўсе разам. Ах, які злосны бывае тады генерал. Ён не можа ні задрамаць, ні заснуць, калі гэтыя вялікія дзеячы спрачаюцца аб сваіх справах. Колькі мітусні, колькі тузаніны ў іх з гэтай няшчаснай капляй малака!

Ян і Франц вельмі падобны адзін на другога, хаця Ян і носіць вусы, доўгія, сівыя, а Франц, які акуратна голіцца па нядзелях, так жа акуратна абрастае ў будні сівой шчацінай аж па самыя вочы. У Яна дарослыя дзеці, яны самі працуюць на заводзе. Аж пяцёра дачок мае стары Ян. Мо таму і голіцца ён штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. У Франца дзеці маладзейшыя, яны яшчэ ходзяць у школу, яго хлопчык Казік, маленькая дачка Зося. У вольныя ад працы часы сыходзяцца разам Ян і Франц і сядзяць на скамейцы пад старой рабінай перад Францавай хатай. Ян курыць люльку — каб не шкодзіла вусам, Франц курыць самакрутку з махоркі, апякаючы да болю ніжнюю губу, дакурваючы папяросу да таго, што яе пякучы недагарак цяжка адарваць ад губы неўвароткімі, пажаўцелымі ад дыму пальцамі. Тады плюецца Франц, лаецца:

— Знойдзе ж бог на чалавека пакуту!

Пыхкае люлькай Ян і ціха падсмейваецца над Францам:

— Ты курыш так, як курылі мы калісьці з табой, калі пасвілі цялят, як курыць твой Казік... Ты пражыў век, пане Франц, а курыць так і не навучыўся...

— На д’ябла здалася мне твая навука... Не ў навуцы справа, а ў паперы, дзе ты яе набярэшся цяпер... А да Казіка табе чапіцца няма чаго...

Ён сапраўды пакрыўджаны крыху, пры чым тут, уласна кажучы, Казік? І ён вышуквае спосаб, як паддзець свайго паважанага дружбака.

— То сёння бачыў я, пане Ян,— гаворыць ён,— твае дочкі гулялі з чырвонаармейцамі!

— Дык ты думаў, пане Франц, што я прывяжу іх да тваёй рабіны... Няхай сабе гуляюць. На тое яны і дзяўчаты, каб гуляць з маладымі хлопцамі. Не мне ж гуляць і не табе, стары ты пярхун, пане Франц...

Канечне, тут пану Францу можна і зазлаваць. Але злосць не прыходзіць. Яны і дапякаюць адзін другога, каб адагнаць ад сябе зусім другія думкі, якія не даюць спакою,— не адвязацца ніяк ад іх.

Яны кураць і пазіраюць, як віюцца ўгору, расплываюцца струменьчыкі дыму. Там, уровень з падстрэшшам, гараць на сонцы спелыя ягады рабіны. Сонца нізка ўжо, аж над самым лесам, што недалёчка ад пасёлка. Яны думаюць пра ягаду рабіну, вот будзе пану Францу добрая ўдача зімой на рабінаўку. Яны думаюць аб лесе, у якім зараз схаваецца сонца. Няўтульна зараз у лесе.

— Кажуць, чатыры дывізіі нашага войска ходзяць у пушчы?

— То яны находзяць на нашы галовы! — адказвае Ян, сумна набіваючы люльку.

— То што ты кажаш, пане Яне, крый божа, хто ўчуе!

— А тое і кажу... Абрыдла ўсё гэта! Абрыдла жыць чужым розумам... Трэба свой мець, а з сваім зазвычай лепш. Мне надакучыла ўся гэтая брахня! Так, брахня! І я кажу табе, пане Франц, ты і сам нічому не верыш...

Франц маўчаў, знарок завіхаючыся ля сваёй самакруткі, апякаючы пальцы.

— Дык ты пойдзеш сёння? — не адставаў ад Франца Ян.

Франц не адказваў і старанна сплёўваў, аддзіраючы ад губы абгарэлыя рэшткі самакруткі.

— То не хадзі! Я табе кажу, не хадзі!

— Не хадзі, не хадзі... Знойдзе ж бог на чалавека пакуту... Табе лёгка сказаць — не хадзі! У цябе дарослыя дзеці, пан Ян, табе ніякага клопату з імі, кожнае само пад’есць. А што буду рабіць я?.. Я павінен падумаць аб сваіх дзецях, ці я не павінен думаць пра іх?

— Усё ж ткі, раю табе, не хадзі... Аднак ізноў ідзе гэтая халера!

Па вуліцы ішоў чалавек, і нашы дружбакі, заўважыўшы яго, хутка развіталіся і пайшлі па сваіх хатах рыхтавацца да вячэры.

Яны ненавідзелі і вельмі баяліся гэтага чалавека, і адзін выгляд яго, адно паліто яго наводзілі на іх вялікі непакой.

Позна ўвечары прыйшоў Мухін да кватэры. Яму адчыніла служанка Гэля і правяла ў пакой, паставіла на падаконніку лямпу.

Калі агледзеўся Мухін на новай сваёй кватэры, ён не змог ужо сцярпець, каб не вылаяцца:

— То каб жа вас чэрці панеслі з усімі вашымі панскімі выбрыкамі.

Пачуўшы пра чорта, Гэля палахліва перажагналася і заплакала нечага, міргаючы сваімі бялёсымі расніцамі. Але за дзвярмі чулася ўжо:

— Гэля, чаму ты бавішся там? — і служанка, выціраючы пярэднікам вочы, хуценька знікла з пакоя. '

— Сапраўды жоўты дом!..— уздыхнуў Мухін. Кругом было пуста ў пакоі. Са сцен зніклі ўсе генералы разам з Пілсудскім, і за гэта Мухін нават пахваліў гаспадароў, як за адзінае разумнае, што маглі яны зрабіць. Але ў пакоі не было ні канапы, ні стала, ніводнага крэсла — адны сцены.

— Мне з вашага гонару вады не піць, аднак, абыдземся і без вас.— Ён пачаў ладзіцца нанач. Дастаў адзяяла, дастаў з чамадана рызінавую падушку, пад падушку нязменны наган, пакрыўся шынялём. І не паспеў заснуць, як у дзверы пастукалі.

— Можаце заходзіць,— буркнуў ён пад нос.

— Ах, як вы хутка кладзіцёся спаць! А я прыйшла, бачыце, каб папрасіць прабачэння ў вас... Тут служанка наша пераблытала ўсе мае загады. Я гаварыла ёй, каб яна прыбрала пакой, а яна і вынесла ўсё... А мой генера-а-л,— важна расцягвала яна словы,— і гаворыць мне, та-ва-рыш лейтэнант, што не гожа афіцэру спаць на падлозе. А хіба я ведаю вашы вайсковыя парадкі?.. Дык вось зараз Гэля прынясе вам канапу, падушку, бялізну.

— Дзякую, я ўжо і так абыдуся, я салдат.

— Ну, вот яшчэ! Вы то хоць святло запаліце, ганарысты чалавек... Ёй жа працаваць трэба, дзе ж яна ў цемнаце з канапай справіцца... Ну, паліце, паліце! Я ж ведаю, вы і ляглі не распрануўшыся... Хіба мяне баіцеся? Я ж не зарэжу і не атручу вас... У мяне ж дзіця маё, мой муж. Покуль жывы яны, вы ў поўнай бяспецы ў маім доме. Сваімі жыццямі яны адказваюць за ваша жыццё...

Цяжка было разгадаць, ці яна жартуе, ці гаворыць сур’ёзна, ці прыкідваецца дурніцай. Але ўсё гэта было непрыемна Мухіну, і, стараючыся стрымаць сябе, ён праказаў ёй спакойна:

— Я дзякую за вашы клопаты. Я запалю святло і дапамагу Гэлі прынесці канапу. Ваша ж дзіця плача!

— У вас добры слых... Ну, то спакойнай ночы.

Мухін пасцяліўся на прынесенай канапе і, старанна прычыніўшы дзверы, лёг спаць, але доўга не мог заснуць. Лезлі ў галаву ўсякія думкі аб гэтым доме.

Што за народ жыве тут недарэчны! Канечне, ён разумее гэтую жанчыну. У бацькі безліч маёнткаў, сам жыве дзесьці за граніцай. Не бачыць цяпер яму гэтых маёнткаў. Яна пазарылася на бліскучую кар’еру генерала. Ад усёй кар’еры засталося хіба адно кіслае малако. Ізноў жа, не спадзявалася яна прымаць у сваім доме такіх нечаканых гасцей, як ён, скромны лейтэнант Мухін з трыма чырвонымі кубікамі. Не зусім жаданыя госці для пані генеральшы.

Ён варочаўся на канапе, прыслухоўваючыся да ночы, да хатніх гукаў, да прыглушаных крокаў часавога за акном. У доме плакала дзіця, чутны былі галасы, не то спрачаліся, не то так гаманілі людзі. А мо гаспадыня дому закалыхвала дзіця, убаюквала яго. Дзіця не пераставала плакаць. Часта ляпалі дзверы, у доме доўга хадзілі людзі. Прыслухоўваючыся да іх крокаў, Мухін пачуў, як дзесьці, няйначай у лесе, пранёсся гулкі стрэл. Мухін насцеражыўся, прыўзняўся на локаць. Стрэл не паўтарыўся. Ціха гудзелі за акном сосны, мякка аддаваліся па зямлі і ціха шархацелі ў траве роўныя крокі часавога.

Дзень выдаўся поўны клопату. Ноччу ўзгарэўся быў з нейкай прычыны пажар на складзе гатовай фанеры. Працаваўшыя рабочыя разам з чырвонаармейцамі адразу ж утушылі агонь, і начальнік каравула не палічыў нават патрэбным пабудзіць яго, Мухіна, у такі позні час, тым больш, што пажар быў невялікі, абгарэлі толькі вароты ў складзе. Ля варот было багата рознай сухой парахні-стружкі, аскепкі фанеры, абрыўкі старых вяровак, якімі ўвязвалі фанеру. Мог трапіць сюды выпадковы недагарак папяросы і выклікаць пажар. А мо якая другая прычына была ў пажары?..

Калі раніцой выходзіў Мухін са сваёй кватэры, ён чуў, як плакала гаспадыня дому. Да яго падбегла Гэля. Яна была таксама заплаканай.

— Вы ведаеце, пан афіцэр, такое няшчасце, такое няшчасце ў нашым доме... Захварэла наша дзіця, відаць, прастудзілася тады пад акном і цяпер аж гарыць... І што рабіць, ніякага доктара паблізу. Мяне так лае мая пані, яна такая злосная, а чым жа я вінавата і чым я магу пасабіць?

У самой канторы сустрэлі яго нахмураныя рабочыя. Яны былі нечым уражаны і скупа адказвалі на яго прывітанне. Ветлівы заўсёды дырэктар быў чамусьці задужа сур’ёзны. Ён холадна павітаўся з Мухіным, суха, нібы рапартуючы, дакладваў яму:

— У нас, таварыш камандзір, вялікія непарадкі на заводзе. У нас няма спакою для чалавека. Мы страцілі ноччу лепшага свайго рабочага...

— У чым жа справа? — запытаўся Мухін у саміх рабочых.

— Ноччу забілі нашага Яна, старога рабочага Яна...

— Хто?

— Не ведаем...

І нехта ціха праказаў з гурту рабочых:

— То можа вашы салдаты? То можа як стралялі? Можа выпадкова?

— Вы бачылі гэта? Вы чулі, як стралялі ноччу чырвонаармейцы? — успыхнуў Мухін.

Ніхто не адказаў. Група рабочых накінулася на таго, што выступіў з такім недарэчным меркаваннем:

— Ты глупства тут не кажы, мы самі ведаем Чырвоную Армію...

— Вось гэта правільна, таварышы! Наша армія ніколі не страляе ў рабочых і ніколі не будзе страляць у іх... А з гэтай справай мы разбяромся.

Ён пайшоў з групай рабочых у пасёлак. На агародчыку, ля Янавай хаты, было шмат людзей. З жалобнымі тварамі стаялі жанчыны, ціха перашэптваліся між сабою. Некаторыя з іх галасілі. Плакалі наўзрыд Янавы дочкі. Іх бацька ляжаў пад старой дзічкай-грушай. Ён нібы лёг прыкархнуць пад сваім любімым і адзіным дрэвам, якое пасадзіў ён даўным-даўно, калі не было яшчэ дзяцей у яго, калі толькі-толькі справіў ён вяселле з лесніковай дочкай-красуняй. Багата часу прайшло з той пары. Высокай, разгалістай стала груша. Цыбаты бусел агнездаваўся на ёй. Пад грушай спраўлялі хрысціны. Пад ёй жа спраўлялі і хаўтуры. Штогод прыносіў вясёлы бусел па дзіцяці ў Янаву хату. Не ўсе засталіся жыць.

Пад гэтай жа грушай колькі было прыемных гутарак з дружбакамі, і ў вясёлыя хвіліны спрачаліся стары Ян са старым Францам — а што ж прыгажэй, ці Янава груша, ці Францава рабіна. Кіслыя грушы раслі на Янавай грушы, горкія ягады на Францавай рабіне.

Але зімой і тыя і другія находзілі добры ўжытак: ішлі грушы на ўзвар, горкія ягады давалі акраску рабінаўцы.

Пад грушай стаяў цяпер і стары Франц. Ён глядзеў нібы з дакорам на свайго дружбака і не заўважаў, як скатвалася, зрывалася сляза па калючай шчаціне шчакі. Колькі праседзелі яны на гэтай скамейцы з Янам!

Мухін апытаў колькі чалавек, ці чулі яны, калі здарылася ўсё гэта, можа бачылі што. Некаторыя сказалі, што чулі апоўначы, а мо пазней, стрэл, але не прыдалі яму ніякага значэння, ці мала страляюць цяпер? Фронт жа блізка.

Трэба было агледзець забітага, але доктара ў пасёлку не было, і Мухін рашыў паслаць за доктарам у бліжэйшую часць, якая стаяла ў мястэчку, кіламетраў за дзесяць, за дванаццаць. Трэба было таксама папрасіць начальства, каб прыслалі больш людзей, бо з наяўнымі сіламі нельга было агледзець лес, узяцца як след за яго ачышчэнне ад усякіх падазроных людзей. Вярнуўшыся на кватэру і напісаўшы некалькі запісак, ён паклікаў чывонаармейцаў, каб паслаць чалавек двух у мястэчка. Ён сам праверыў іхнюю зброю, загадаў узяць ручныя кулямёты на выпадак чаго, загадаў не бавіцца.

Вечарам, не дачакаўшыся пасланых чырвонаармейцаў, ён пайшоў на рабочы сход, на якім павінны былі абраць рабочы камітэт завода. Сход быў мнагалюдны і гаманлівы. Многа гаварылі аб падзеях апошняй начы, дашукваліся прычын незразумелага забойства чалавека — каму гэта патрэбна было?.. Яшчэ не пачалі абмяркоўваць кандыдатуры ў камітэт, як адзін з чырвонаармейцаў выклікаў Мухіна на двор.

— Нашы прыехалі! Ды нязручна было захадзіць на сход, доктар паранены... Бачыце, абстралялі іх на дарозе. Нашы, канечне, не разгубіліся і так адказалі, што тых і след прастыў. Але ж доктара ранілі...

— Моцна?

— Не... У руку... Ды косць не кранута. Самі ж хлопцы і перавязалі руку з яго дапамогай, і цяпер нішто. Ходзіць і ў вус не дзьме.

Мухін прывітаўся са знаёмым доктарам, пачаў быў распытваць яго аб ране — мо дапамога якая патрэбна?.. Але той адразу ўзяўся за справу:

— Што ў вас тут, расказвайце... дзе забіты?

Але агледжваць забітага пакуль што не было часу, гэта можна было зрабіць пасля сходу, каб лішне не хваляваць рабочых. Мухін папрасіў чырвонаармейцаў адвесці доктара к яму на кватэру і, успомніўшы пра хворае дзіця, папрасіў доктара аказаць яму патрэбную дапамогу.

— Толькі не зважайце на бацькоў, яны, бачыце, не ў сваёй талерцы цяпер, дзікуюць...

— А мне то вялікі клопат, я заўсёды ў сваёй талерцы. Ну, паказвайце, дзе ў вас тут вашы генералы, пра якіх вы расказвалі. Давайце мне вашых генералаў! — сур’ёзна патрабаваў гэты стары жартаўнік, папраўляючы здаровай рукой шапку на стрыжанай «ёжыкам» галаве. І ён пайшоў з групай чырвонаармейцаў да генеральскага дома.

— Яна ж княгіня ў нас, з фасонам! — дакладвалі яму чырвонаармейцы.

— Вот табе і раз...— засмяяўся доктар.— Як жа там абыходзіцца з імі, калі я, к слову кажучы, не зусім разумею такую далікатную справу, як гутаркі з княгінямі?..

— А вы, таварыш доктар, смялей... Галоўнае — смеласць...— параілі вясёлыя чырвонаармейцы.

— Вот гэта вы правільна...— і доктар пайшоў да генеральскага дома.

Сход быў у самым разгары. Упершыню ў жыцці сваім рабочыя рашалі свае справы, самі рашалі. Кожны з іх лічыў сваім абавязкам сказаць пра гэта. Некаторыя жанчыны-работніцы, што былі на сходзе, нават усплакнулі, калі слухалі словы таварышаў, якія толькі-толькі вярнуліся з Картуз-Бярозы. Былі яны, гэтыя людзі, што вызваліліся з няволі, худымі, абдзёртымі, бяссільнымі. І калі гаварыў каторы з іх, то здавалася, яму не хапае паветра, чалавек натужна падбірае словы, глытае іх, марудна ўспамінае, трывожачы аслабелую памяць. Адзін з іх так проста і сказаў:

— Мы вучымся яшчэ дыхаць па-сапраўднаму...

І многія рабочыя сканфужана расцерлі ў пальцах недакураныя папяросы, вінавата паглядзелі адзін на другога. Тыя, што былі ля дзвярэй, адчынілі іх — было дужа накурана.

У гэтым дыме ўзнімалася над сталом узлахмачаная постаць пажылога чалавека. Гэта быў Францаў сваяк, колішні рабочы Мацюш, які таксама прыехаў з Картуз-Бярозскага лагера. Ён патрасаў над сталом скрыпучым кастылём і, захліпаючыся словамі, гаварыў:

— Гэта ўсё, чым надарыла мяне маці-айчына, калі калені мае разбілі аб цэментную падлогу турмы... Мне сказалі там: «Ты не будзеш, брадзяга, больш бегаць па вёсках ды па гарадах, ты будзеш прыкуты да зямлі, ты палюбіш зямлю сваёй айчыны, у цябе будзе шмат часу падумаць аб гэтым»... І я думаў, таварышы, я шмат думаў... Чалавечага сэрца не разаб’еш ні цэментнай падлогай, ні тымі дарожкамі цаглянымі, ці, як звалі яны, чырвонымі дарожкамі, якімі катавалі яны нас, камуністаў... Я люблю зямлю сваю, я люблю народ свой! І не таму, што ў мяне перабітыя калені... Я люблю свабодную зямлю, люблю свабодны народ... Люблю людзей, якія зрабілі нас свабоднымі. Цяпер мы будзем жыць, таварышы... І я... А каб добра жыць, вымецем начыста ўсю поскудзь, што круціцца пад нагамі. Гэтай поскудзі, як відаць, яшчэ хапае ў нас!

Стары Франц уважліва ўслухоўваўся ў кожнае Мацюшава слова. Яму было шкада Мацюша, дужа шкада. Ужо вельмі няскладнае жыццё было ў яго сваяка. Вельмі калючым ён быў, не ўмеў спакойна жыць, не ўмеў ладзіць з людзьмі, ну з начальствам там... І яго скублі ўсе, як той гарох пры дарозе. А за колькі месяцаў перад вайной Мацюша ўзялі ў турму, адтуль у лагер. Не салодкае жыццё было Мацюшавым дзецям, хапіла ўсяго за гэтыя месяцы. Ды і раней хапала, ніколі не бачылі хлеба ўволю. Адно, што рады былі сонцу ўлетку, то грыб там, то ягадзіна, так і жывіліся. Мо і яны, рабочыя, чым-небудзь вінаваты перад імі праз гэтае праклятае жыццё... Але ж яны дапамагалі, чым маглі, дзецям яго... Дапамагалі ўпотай, каб не ўбачыла злое вока...

Дужа шкада Францу Мацюша. Аж падкатваецца нібы камяк які пад самае горла, пяршыць там. Франц паправіў гальштук — завязаў сёння, каб ісці на гэты першы сход. Сур’ёзна і важна прагаласаваў за Мацюшаву кандыдатуру ў рабочы камітэт. І ўсё згаджаўся сам з сабою:

— Канечне, Мацюшу тут месца... Каб толькі не лаяўся ён больш з людзьмі, а жыццё рабочае ён ведае, ох як ведае!

Ён згаджаўся сам з сабой, галасаваў за другіх кандыдатаў: усе былі сапраўды слаўныя людзі. Тут быў і кацельшчык Ёсіп, і майстар Бромін, хіба вот толькі што яўрэй... аднак ён добры чалавек, і канторшчык Вацек, таксама талковы, хаця і малады яшчэ чалавек. Уважылі і старэйшага, гэта добра... І тут раптам прахапіўся стары Франц. Выходзіць, ён ледзь не празяваў такой важнай справы. Добрае дзела, ды каб без начальства. Галасавалі за апошніх кандыдатаў. Франц намагаўся ўсё сказаць пра свае думкі, але ніяк не адважыўся. Але тут проста запыталі, хто мае яшчэ прапановы аб людзях у камітэт. Франц узяў слова і сказаў яго рашуча, цвёрда:

— Мы, таварышы, зусім забыліся ўвесці ў камітэт пана дырэктара!

У канторы, дзе адбываўся сход, адразу прыціхлі, але толькі на адну хвіліну. Пачулася разам некалькі галасоў:

— Нам не трэба дырэктара ў камітэт... Ён інжынер, і добры інжынер, няхай сабе працуе інжынерам, дырэктарам...

Нехта яшчэ дадаў:

—Ён жа мае акцыі... Ён жа амаль што гаспадар... Куды ж яго ў камітэт?

— Ну і што ж, што акцыі?..— не ўнімаўся стары Франц, хоць у голасе і не было ўжо ніякай упэўненасці, ні настойлівасці.— Падумаеш, акцыі!.. Яны ж былі дазволены законам, гэтыя акцыі... Ізноў, якая нам справа да таго, калі гаспадары завода дазволілі яму мець гэтыя акцыі!.. А чалавек ён палітычны.

— Ведаем! Пэпээсавец...

— Адукаваны...

— Ведаем!

— Знае сваю справу...

— Ведаем!

— Ён жа так стараўся для рабочых, заўсёды клапаціўся аб іх...

— Ведаем! Не трэба нам дырэктара ў камітэт...

Стары Франц зусім разгубіўся і нерашуча перамінаўся з нагі на нагу. Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але тут пашкодзіў яму Мацюш. Той голасна, на ўсю кантору, павітаўся з ім:

— Я і не бачу цябе з-за дыму, стары мой Франц... Аднак я дзіўлюся на цябе. Няўжо ты хочаш, каб мы па-ранейшаму цалавалі ручку пану дырэктару?

— Што ты гаворыш, пане Мацюш? Ён жа не такі чалавек, каб дазволіць рабочаму цалаваць сабе рукі.

— Ты не зусім мяне разумееш, мой Франц... Справа не ў адных руках... Нічога ты не навучыўся, Франц, за сваё жыццё...

Франц зусім сканфузіўся і, не ведаючы, што рабіць, заняўся сваёй папяросай. Рвалася папера, прасыпалася махорка праз пальцы, і Франц бурчаў сабе пад нос:

— То ж знойдзе бог пакуту на чалавека...

Сяк-так распаліўшы папяросу, ён усхвалявана пыхкаў ёй, думаючы ўсё пра гэтага Мацюша. І харошы, здаецца, чалавек, але ж вот возьме й скажа табе прыкрасць якую проста ў вочы. То ж язык у чалавека, не язык, а пакута, даруй ты божа! Дзіва то, колькі ён, Мацюш, нацярпеўся праз гэты язык.

Тым часам людзі віншавалі першы рабочы камітэт і сабраліся ўжо разыходзіцца па хатах. І тут здарыліся зусім непрадбачаныя падзеі. Толькі гэта пасунуліся людзі да дзвярэй, як за акном бліснула нібы маланка — аж пацямнела было ў канторы, хоць і гарэла лямпа на стале. Праўда, яна мірганула была, жоўтае полымя яе выцягнулася на якую секунду ў трубку і закапціла чыстае шкло. Аб лямпе гэтай казалі людзі пасля ўжо, калі заціхлі ўсе падзеі тае ночы. І калі пацямнела на якую секунду ў канторы, за акном раздаўся страшэнны выбух, і нібы буйны віхор уварваўся ў кантору праз акно — ураз павыляталі ўсе шыбы. Віхор быў такі моцны, што ў некаторых людзей, што стаялі бліжэй да акна, ветрам пазрывала шапкі з галоў. Ды пасыпаўся з даху са шкробатам — чулі то ўсе — усякі друз. Відаць, накідалі дзеці каменьчыкаў. Усе кінуліся на вуліцу. Некаторыя пабеглі пад акно, паглядзець, што там здарылася такое. Было цёмна, нічога нельга было разгледзець. Мухін паслаў за ліхтаром. І калі прынеслі яго, усе ўбачылі, што пад самым акном вышчарблена сцяна тым, невядомай прычыны, выбухам. У разварочаным доле валяліся павыбіваныя цагліны, кавалкі старога тынку. Чырвонаармейцы, агледзеўшы зямлю навокал, прынеслі Мухіну невялічкую хусцінку-насоўку.

— Знайшлі тут, недалёчка...

Мухін зірнуў на яе, палажыў у кішэню. Ён пазнаў яе, гэтую хусцінку.

Калі адыходзілі ўсе ад сцяны, пачуўся поблізу чалавечы стогн. Праз якую хвіліну ледзь не наступілі на чалавека. То была жанчына. Яна скурчылася на зямлі, ускудлачаныя валасы — хустка з’ехала зусім — выбіваліся з-пад пальцаў рук, ашчарэпіўшых галаву. Па пальцах цякла кроў.

— Па доктара! — скамандаваў Мухін.— Аднак пачакайце, я сам...— І, узяўшы двух чырвонаармейцаў, ён хутка пайшоў з імі ад канторы.

Жанчына ціха стагнала на зямлі. Яна пачула, відаць, людзей, і праз стогн можна ўчуць было некаторыя словы, якія выгаварвала яна з вялікай цяжкасцю:

— Ратуйце ж мяне... Ах, што ж гэта робіцца?..

Стары Франц, які стаяў за людзьмі — ён жа так баяўся чалавечай крыві,— раптам ускрыкнуў нема, кінуўся наперад, шалёна рассоўваючы ўсіх, хто быў на яго дарозе, упаў на калені, дакрануўся абедзвюма рукамі да твару жанчыны, павярнуў яго да сябе.

— Што здарылася з табой, мая жона?

Ціха, у здзіўленні, загаварылі між сабой людзі.

Доктар старанна завіхаўся ля дзіцяці.

Ён сярдзіта пераціраў банкі. Тыя аж пішчалі ў яго спрытнай руцэ, умеўшай так мякка, лагодна дакранацца да цельца дзіцяці, што тое маўчала, старанна сапучы, уважліва прыглядаючыся да бліскучых банак. Доктар не паспеў яшчэ паставіць іх, як у пакой данеслася рэха выбуху.

— Што там такое? Ідзіце праверце! — загадаў ён чырвонаармейцам, а сам ставіў апошнія банкі. Яму дапамагала Гэля, бо нязручна было доктару завіхацца з адной рукой.

— Маці? — лаканічна запытаў яе доктар.

— Я, пан доктар афіцэр, толькі служанка. Маці некуды адлучылася на хвіліну...

— Аднак добрая маці... Доктар возіцца з дзіцем, а яна адлучаецца.

Але тут з’явілася і маці... Яна ўвайшла ў пакой бледная, зняможаная. Стомленай хадой, не гледзячы на калыску, не заўважаючы доктара, яна прайшла да стала, села на крэсла і сядзела так, нібы не думаючы ні аб чым, не бачачы нічога. Яе позірк быў пустым і халодным. Апершыся на локаць рукі, яна моўчкі кусала пазногці пальцаў.

— Што з вамі? Ды не хвалюйцеся! Усё будзе добра з дзіцем, у яго маленькая прастуда...

Жанчына ж маўчала, ні адзіным словам не адказваючы на ўсе яго намаганні ўцешыць яе. Ды, уласна кажучы, чым суцяшаць, калі дзіцяці нічога не пагражае. Ён прапанаваў быў вады жанчыне. Тая і не дакранулася. Тады доктару стала не па сабе, і адчуваў ён сябе досыць ніякавата.

І як ён узрадаваўся, калі ў пакой, спяшаючыся, зайшлі Мухін і два чырвонаармейцы. Мухін падышоў да сядзеўшай жанчыны і ціха, але чуваць было ўсё, прапанаваў ёй апрануцца і сказаў ёй, што яна арыштавана. Ён перадаў ёй і хусцінку-насоўку. Яна ўзяла яе, абыякава праказала, не гледзячы на Мухіна, на чырвонаармейцаў:

— Вы забываецеся, што я гаспадыня тут, што я маю права хадзіць, дзе мне ўздумаецца... Што вы, аднак, хочаце ад мяне?..

— Аб гэтым пагаворым пасля. Цяпер нам некалі.

— Ну што ж...— і яна пайшла ўслед за чырвонаармейцамі.

— А вы, доктар, гатовы? — запытаў яго Мухін.

— Я... я... заўсёды гатоў. Тут я ўсё зрабіў, што трэба, і работніца цяпер дагледзіць.

— Тады пойдзем, доктар...

Доктар, які зусім не разумеў, што тут дзеецца, моўчкі пайшоў за Мухіным.

* * *

Стары Франц мітусіўся па хаце, падносячы доктару то вады, то корпаўся ў старой скрыні, шукаючы чаго на перавязку. Ён хапаўся, бязладна перакідаў рэчы ў скрыні, пытаўся ў дзяцей, а мо ведаюць яны, дзе падзеліся чыстыя ручнікі.

— Яны ж пад рукой у вас, тат...

Дзеці плакалі.

Стары Франц накідваўся на іх:

— Ціху вы... вы перашкаджаеце пану доктару...

Старога суцяшаў дырэктар. Ён прыйшоў сюды, на кватэру да Франца, стаяў важны, сур’ёзны. Як-ніяк ён прыйшоў на кватэру да рабочага, у сям’і якога няшчасце. Ён павінен дапамагчы свайму рабочаму. У яго не было і следу звычайнай вяртлявасці. Мо таму, што тут жа няшчасце ў хаце, мо таму, што на яго не звярталі ўвагі, нават крэсла не прапанавалі, усе былі заняты жанчынай, што ляжала на лаве: і доктар, і жанчыны, што дапамагалі яму, і сам стары Франц, які скупа, аднаскладова адказваў на ўсе суцяшэнні:

— Так, пане дырэктар, так...

Жанчыне рабілася лягчэй. Яна нават праказала колькі слоў да Франца:

— Я ж ішла, каб паклікаць цябе вячэраць, калі здарылася гэта ўсё...

Доктар забараніў ёй гаварыць. Ён усё корпаўся з перавязкай, са сваімі інструментамі, шклянкамі. Замкнёны і суровы быў яго твар. З вялікай падзякай глядзеў стары Франц на гэты твар, старанна сочачы за кожнай жылкай, за кожным маршчаком, за выразам вачэй доктарскага твару. Ён зусім перастаў адказваць на словы дырэктара, і той, каб перабіць прыкрую цішыню ў хаце, ветліва звярнуўся да Мухіна:

— Вы ведаеце, як не вязе нам сёння... І трэба ж у час такога сходу... Ну, як вы лічыце выбраны камітэт?

Мухін рэзка павярнуўся да яго, агледзеў з ног да галавы гэтага чалавека і, нічога не адказаўшы, паглядзеў скоса на дзверы хаты. Пан дырэктар палічыў за лепшае і тактоўнае памаўчаць. Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы, ціха перашэптваліся між сабой. Яны былі з вінтоўкамі; пан Мілашэўскі ўжо крыху злаваў на сябе, што пайшоў сюды, дзе без яго добра маглі абысціся. Як сумна там, дзе прыходзіцца мець справу з дактарамі! Аднак ён цярпліва сядзеў. Ён не мог іначай, ён павінен быць тут.

Урэшце доктар скончыў свае справы. Ён яшчэ доўга мыў руку. Праўда, мылі яму, сам ён не мог управіцца адной рукой. Злажыў яшчэ ўсе свае інструменты, толькі тады падышоў да старога Франца. Ён палажыў яму руку на плячо —Франц аж сцяў дыханне,— і, гледзячы проста ў вочы Францу, доктар так весела рассмяяўся, што адразу нібы пацяплела і пасвятлела ў хаце, зрабілася ўтульна сярод гэтых шэрых, абшарпаных сцен.

— Чаму я смяюся, вы б запыталі? Удача, мой чалавеча! І мая і ваша! Праз тыдзень-два ваша жонка будзе зусім здаровым чалавекам. Яна нават будзе лепшай, яна адпачне за гэты час ад работы... А раны, раны — яны не страшныя. Нам пашанцавала з вамі!

— Божа ж мой! Дзеці мае, цалуйце пану доктару руку!

— Што вы, што вы? Звар’яцелі хіба?

— Вы даруйце мне, доктар! Вы ж выратавалі маім дзецям маці! — І стары Франц кінуўся абнімаць сканфужанага доктара. Ён так сціснуў яго, што доктар аж ускрыкнуў, хапіўшыся за сваю параненую руку. Ад вялікага болю ён аж сеў на лаве, хістаўся з боку ў бок, сунімаючы пякучы боль у патрывожанай руцэ.

— Які ж вы мядзведзь, аднак!..— голасна праказаў ён, паморшчыўшыся.

— Божа мой, што я нарабіў! У вас параненая рука, я зусім забыўся, даруйце мне...— вінавата гаварыў стары Франц, не ведаючы, што ж рабіць яму, такому нязграбнаму ды нездагадліваму чалавеку.

— Ну, як вам не сорамна, пане Франц, так хвалявацца...— ціха праказаў дырэктар.— Вот вы шкоды нарабілі чалавеку...

Франц зірнуў на яго безуважлівым вокам. На адну секунду затрымаўся яго позірк на пану дырэктару, на твары яго, на гэтым чорным і бліскучым кацялку, у якім цьмяна адсвечвалася лямпа. Потым разгублена зірнуў на доктара, на Мухіна, і, схапіўшыся раптам за галаву, расплакаўся стары чалавек, які, відаць, доўга стрымліваў свае слёзы. У хаце прыціхлі ўсе, а ён голасна плакаў, хапаў за рукі Мухіна, гаварыў праз скупыя, старэчыя слёзы:

— Ах, божа ж мой... Я прашу вас... Таварыш камандзір! Пане доктар! Праганіце гэтага нягодніка... Не... не... Вы арыштуйце яго...

— Што ты вярзеш, стары галган? — выкрыкнуў быўшы пан дырэктар, які адразу неяк сцяўся ўвесь, стаў бледным. Ён памкнуўся быў пайсці да дзвярэй, але маўклівыя чырвонаармейцы рашуча загарадзілі яму дарогу.

— Сядзьце і сядзіце спакойна...— праказаў да дырэктара Мухін.

Стары плакаў, расказваў:

— Яны атруцілі нам усё жыццё. Яны хацелі зрабіць з нас забойц, злачынцаў... Я ведаю, я адчуваю, яны забілі майго старога таварыша Яна... Яны хацелі завод падпаліць, каб нас, рабочых, пусціць з жабрацкай торбай, дзяцей нашых памарыць голадам... Я не ведаю, чыя рука хацела нас забіць на сходзе, але я ведаю, хто страляў у пана доктара! Яны ж і мяне пасылалі з лістамі ў лес... Цяпер я ведаю, якія гэта лісты, даруйце мне, мой дарагі пан доктар... Яны смакталі кроў нашу і былі ненажэрнымі. Ім страшна, бо зямля гарыць у іх пад нагамі. Яны брахалі нам, яны чмуцілі нас... Як жа — яны даюць нам хлеб! З іх ласкі жывём мы на божым свеце! І хто мужна пляваў ім на гэту ласку, таму яны трушчылі косці, разбівалі калені аб цэментныя падлогі... Гора нам, якія верылі гэтым нягоднікам! Гора нам, якія думалі, што яны людзі, гэтыя дзікія зверы... І я праклінаю іх! І я плачу, што маё пракляцце дужа і дужа позняе...

Ледзь-ледзь суцешылі старога чалавека, які, відаць, шмат перажыў, каб сказаць гэтыя шчырыя, ад душы, словы. Ён усхліпваў усё, як малое дзіця, і ніяк не мог прыкурыць прапанаваную яму папяроску. Яна зламалася ў яго ў руцэ, а ён трымаў яе і ўсё намагаўся прыпаліць, палячы адну за другой запалкі.

— Кіньце вы яе...

— То добра, кіну...

— Ну, дык лажыцеся спаць, таварыш Франц, адпачывайце добра... Патрэбны пакой вашай жонцы і вашым дзецям. Ды не бойцеся нічога, старое больш ніколі да вас не вернецца... А чаго ж баяцца болей?

— А чаго ж баяцца болей?..— механічна паўтарыў стары чалавек і, схамянуўшыся, горача ціскаў рукі і ўсё гаварыў:

— Даруйце мне... Выбачайце за ўвесь гэты непакой, за такія турботы...

Вясёлы жартаўнік доктар быў маўклівы і задуменны. Пераступаючы парог Францавай хаты, калі выходзілі на вуліцу, ён змог толькі праказаць адно слова:

— Аднак...

— Вот, вот...— у тон яму адказаў лейтэнант Мухін і не хацеў парушаць маўклівага доктарскага настрою.

Да раніцы іх усіх арыштавалі.

Уся «Капля малака» была ў зборы. Тут была і пані заводчыца, і пан дырэктар, і айцец Баніфацый, некалькі навакольных памешчыкаў, чалавек з пятнаццаць лясных жыхароў, якіх, паводле ўказанняў таварыша Франца, узялі ў лесе без адзінага стрэлу. То былі ўсе рэшткі польскай фашысцкай арганізацыі, якая тэрарызавала рабочы пасёлак і навакольныя вёскі.

Завод уздыхнуў на поўныя грудзі.