epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Маладосць

Аратар гаварыў аб Літве, аб Беларусі. Ён гаварыў аб ворагах, якія акружылі Беларусь і Літву, пагражалі Савецкай Расіі, неслі небяспеку Савецкай Венгрыі.

Здавалася, словы ліліся самі сабою — плаўныя, ціхія, пявучыя. Але гэта толькі здавалася, яны былі рэзкія, калючыя, як ашчаціненыя штыкі, што цьмяна паблісквалі ў паўзмрочнай зале. «Рэвалюцыя... контррэвалюцыя... на два лагеры падзяліўся ўвесь свет...» Рэзкасць слоў скрадвалі настарожаная цішыня залы, чэрвеньская духмень, вячэрні гоман вялікага горада, які далятаў сюды праз адкрытыя вокны. Затаіўшы дыханне, людзі слухалі, баючыся прапусціць хоць адно слова, свірэпа аглядваліся на кашлянуўшага, сурова моршчыліся на ржавы візг конкі, праходзіўшай недзе там, за акном на плошчы.

Васька нават рот адкрыў — да чаго ж харошыя словы ён чуе. Ён ведаў іх і раней. Але былі яны тады нейкімі куцымі, незразумелымі. Гаварылі іх шэптам, боязна азіраючыся па баках, уважліва прыглядаючыся да чалавека, да яго адзення, да рук. Так было яшчэ пры старой арміі і потым пры немцах.

А цяпер кожнае слова — наша, і рэвалюцыя — наша! Паспрабуй-тка слова схаваць! І ці не таму такія крылатыя словы цяпер, і ці не таму так слухаюць іх людзі, што сядзяць плячо к плячу ў гэтай цеснай і душнай зале,— уздыхне адзін, і агульны ўздых ускалыхне на міг трапяткую напружанасць залы.

Людзі слухалі і ўважліва сачылі за кожным жэстам аратара, прыглядваліся да яго аблічча. Было ў ім нешта ласкавае, абаяльнае; і ў шэрым пацёртым фрэнчы, у паношанай шапцы з патрэсканым казырком, і ў гэтай мяккай ускудлачанай бародцы, і ў цёплым бляску воч. Усё аблічча было падобна на светлую, радасную ўсмешку. І тут жа яно рабілася жорсткім, калючым — вастрэй выпіналіся плечы, пальцы рук нервова камячылі шапку, што ляжала на трыбуне, холадна паблісквалі вочы. Гэты чалавек гаварыў аб двух лагерах, аб рэвалюцыі і контррэвалюцыі.

І хоць Ваську і не дужа быў у галаве сэнс некаторых слоў, хаця ён і даволі цьмяна ўяўляў сабе агульнасць інтарэсаў між Савецкай Венгрыяй, скажам, і Савецкай Расіяй, Літвой і Беларуссю, але ён добра ведаў словы аб рэвалюцыі, аб свабодзе, аб ворагах. І не толькі словы. Хто-хто, а ён добра зразумеў — жыццём сваім, каркам сваім,— хто за рэвалюцыю, а хто супроць. І не ў яго прасіць літасці ворагам. І адчувае Васька, як дзеравянеюць пальцы рук, сціскаючы вінтоўку,— паспрабуй-тка, вырві яе, адымі ў яго.

Чалавек за трыбунай змоўк. Старожкая цішыня, узнікшая на міг, нібы раскалолася і рассыпалася перакатамі воплескаў, грукатам скамеек — то ўставалі людзі, каб яшчэ вітаць чалавека. Як з адзіных грудзей, выбухнулі словы:

— Смерць ворагам!

— Няхай жыве рэвалюцыя!

Васька прыгарнуў вінтоўку да пляча і, выцягнуўшыся на цыпачках, крыкнуў, стараючыся перакрычаць усіх у гэтай зале:

— Ура! — Выкрык не павіс у зале, сотні людзей падхапілі «ўра», і яно страсянула паветра, здрыгануўшы тоўстыя сцены высокай залы.

Сам Васька, спалоханы сваім голасам і позіркамі людзей, збянтэжана паправіў пояс, узяў па ўсіх правілах вінтоўку, прыставіў як след да нагі.

— Іш ты іх... раскрычаліся... парадку не ведаюць...— падкрэслена сурова паглядзеў ён на бліжэйшыя рады, імкнучыся хаця гэтым згладзіць сваю памылку. Як-ніяк, ён часавы ля дзвярэй, ён не павінен забывацца на свае абавязкі.

Воплескі ўціхлі. І тады ў адкрытыя вокны ўляцелі адзін за другім зусім новыя і нечаканыя гукі. Здавалася, гэта былі прыглушаныя перакаты грому, ускалыхнуўшыя шэры змрок над ціхім, засынаўшым горадам. Але перакаты дакладна чаргаваліся, нарасталі мацней і мацней і ператвараліся ў яўную гарматную кананаду дзесьці там, далёка, за дзесяткі вёрст дарог, што заблыталіся ў змроках ночы.

Твары людзей неяк адразу пасуровелі, пасцёрліся ўсмешкі. У зале наступіла цішыня. І таксама адразу, неяк нечакана, узніклі ціхія словы песні. Яны станавіліся ўсё гучней і гучней, песня расла, шырылася, нібы вырасталі ў яе вялікія крыллі, і ёй цесна рабілася ў каменным мяшку залы, яна грымела ўжо над шырокаю плошчаю за акном, дзе стаялі калоны рабочых. Здавалася, увесь горад падхапіў гэту песню: спявалі вуліцы, плошчы, панурыя грамады камяніц, бедныя хаціны акраін, трывожныя паравозы вакзалаў.

Васька задумаўся на хвіліну, прыслухоўваючыся да знаёмых слоў песні. І не вырашыўшы да канца — мае ці не мае ён права на гэтую песню як салдат і часавы, ён неўзаметку далучыўся да яе і пеў, забыўшы аб усім на свеце: аб сырым падвале кватэры, аб злючым гаспадары майстэрні, аб неатрыманым заробку за тры месяцы, аб чадных уцюгах... Уцюжыш, уцюжыш, зялёныя іскры сыпяцца з воч, спіна разламваецца напал... Вунь пальцы ўсе папаленыя ўцюгамі. Нават зірнуў на іх...

Але хіба важна ўсё гэта цяпер, калі грыміць кананада і, заглушаючы яе, узлятае да самых зор вялікая песня аб іх, аб работніках сусвету, якія даб’юцца вызвалення сваёй уласнаю рукой...

Так закончыўся ўрачысты сход, на якім прысутнічаў і Васька. Праўда, яго роля была вельмі маленькай. Ён быў усяго-наўсяго часавым ля дзвярэй. Абавязкі яго — парадак і прапускі. А хіба гэта ж ужо такія маленькія абавязкі? Хіба гэта не пачэсная адказнасць?

Гэта пачуццё адказнасці і радаснай усхваляванасці не пакідала Ваську да самай казармы камсамольскай роты. Там ужо ўсе спалі. Драмаўшы днявальны зірнуў на яго, прыкрыкнуў сярдзіта:

— Гэй ты, Верабей, не стучы так...

І адразу асекся:

— Ты чаго, Вася?

Злосна гарэлі Васькавы вочы. Зірнуў ва ўпор на днявальнага.

— Па-першае, памятай гэта, я табе не верабей... Па-другое, я табе не Вася, а таварыш Вераб’ёў... А па-трэцяе... Па-трэцяе... Ды хіба табе ведаць!.. А можа я Калініна бачыў... А можа мы заўтра на фронт пойдзем...

— Ну вось... Расказвай казкі... Адкуль ты ўсё ведаеш гэта?

Завязаліся спрэчкі.

А праз якую хвіліну ўсе хлопцы згрудзіліся ля Ваські і закідвалі яго пытаннямі;

— Ну, гавары... Што казаў ён? І ці строгі?

Хутка ўся казарма гудзела, як вулей. Дарэмны былі ўгаворы днявальнага класціся спаць. Ён урэшце безнадзейна махнуў на ўсё рукой, угаманіўся і ахрыплым голасам падцягваў разам з вясёлай братвой:

 

Мы кузнецы,

И друг наш молот,

Куем мы счастия ключи...

 

Неўзаметку праходзіла ноч. Яна адступала перад песняй, маладосцю.

Развідняла.

Гучней рабілася кананада.

Тады неяк усе прыціхлі, задумаліся.

Ужо трэці месяц, як Васька ў камсамольскай роце. Мянушка Верабей цвёрда пайшла за ім яшчэ з прыймовай камісіі. Адзін з дактароў, хударлявы, тонкі, зірнуў пагардліва на яго і, не дачуўшы толкам фаміліі, буркнуў сярдзіта:

— Таксама ваяка! Ляці дамоў, верабей!

Васька паглядзеў на яго, як на буржуйскую гідру, гучна пацягнуў носам, памянуў пра нейкую клісцірную трубку і з самым рашучым і незалежным выглядам падышоў да другога члена камісіі, чалавека ў ваенным.

— Так што жадаю ў армію... Да... І непрыменна каб кулямётчыкам... Іначай і не магу... — торапка гаварыў ён, адчуваючы, як пачынае здаваць яго рашучасць, пачынае дрыжаць голас. Спяшаючыся і хвалюючыся, даставаў ён з кішэні прамасленага пінжака даведку з камсамола.

— Вось і паперка ад ячэйкі... Вось тут сказана, што я мабілізаваны і што мне васемнаццаць год...

— А дазвол ад бацькоў?

— Бацькоў не маю...— і чамусьці густа пачырванеў.— Так што сам па сабе, а камсамол дазваляе...

Хутка выпаліўшы ўсе свае аргументы, Васька скоса зірнуў: а што, калі раптам гэты чалавек возьме яго пад сумненне ды патрэбуе гэтыя ненавісныя паперкі. Бяда з імі, з паперкамі. Тут рост крыху падводзіць, а тут яшчэ колькі клопату было ў ячэйцы з недастаючым годам. Колькі давялося прасіць у хлопцаў! Урэшце, якая ім справа да гадоў, калі, як-ніяк, пяты год працуе ён у швейнай майстэрні, а там яго ўзростам не так ужо цікавіліся. А тут яшчэ пра бацькоў пытаюць... Як жа, скажы ім пра матку... Яна, матка, канечне, яго не ўтрымае, павінна зразумець усю справу... Але ж слёзы будуць, нідзе ад іх не дзенешся, такія ўжо нашы маткі, бяда з імі... І шкада, канечне, іх...

Васька пазіраў спадылба, чакаў. Надзея і адчай яўна свіціліся ўваччу, змяняючы адно другое. Ільняныя віхры несуразна лезлі ва ўсе бакі, упрашальная ўсмешка змянялася панурымі маршчакамі на лбе, пальцы нецярпліва церабілі гузік кепкі, і ўвесь Васька быў падобны на сапраўднага вераб’я, гатовага біцца з кім заўгодна, абы толькі не адступаць.

Чалавек у ваенным агледзеў яго дапытлівым вокам, усміхнуўся, падміргнуў другому чалавеку ў штацкім, запытаў:

— Што ж нам рабіць з ім?..— Хацеў сказаць: «З птушаняткам гэтым», але не сказаў і захаваў усмешку ў вусах.

— Так... Хлопец не з дужых... І ростам не выйшаў...

— Ну, рост не такі ўжо страшны, хлопец яшчэ падцягнецца.

Нібы вечнасць цэлая прайшла, да таго доўгімі-доўгімі паказаліся Ваську гэтыя размовы. І як варам ашпарыла хлопца, калі сказалі яму:

— Ну, ступай...

Ваську было не да жартаў:

— Як гэта — ступай? Куды ступай?

— Ідзі ў камсамольскую роту. Залічаны. Ну, задаволены?

Тут Васька выкінуў такое антраша і так крыкнуў: «Прыняты, прыняты!», што доктар, які аглядаў чарговага хлопца, з перапуду прыставіў сваю трубку не зусім да належнага месца, і ў прыёмнай камісіі пракаціліся выбухі рогату. А сівенькі доктар, зняўшы пенснэ, натужна праціраў яго і пацінаў плячыма:

— Не разумею... Не разумею... Дваццаць год маю справу з прызыўнікамі, а гэтага ніколі не бачыў... Людзі як людзі, рост, мускулатура, дыханне — ну, усё ж старое, ранейшае... Але пры чым жа, скажыце, гэтая радасць... Чалавек ідзе ў салдаты — рад... Гм... Не разумею...

З яго пасмейваліся. А чалавек у ваенным узяў яго за пояс халата і сказаў яму:

— Бачыце, доктар, тут справа ў тым, што вы... што ў вас, каб сказаць вашым тэрмінам, у вас кароткае яшчэ дыханне... А таму вы і не разумееце... Але ў недалёкім часе і гэта стане для вас зусім ясным.

Доктар глядзеў, аднак, не разумеючы і, каб выйсці з нялоўкага замяшання, ненатуральна афіцыяльным голасам заявіў:

— Я ведаю свае абавязкі...— І, схамянуўшыся, дадаў: — Наступны, на агляд! Дыхайце раз, дыхайце два...

...А Васька тым часам не азіраўся. Ён імчаў у сваю майстэрню — ліквідаваць свае справы. Аж упацеў, так спяшаўся. Калі падышоў да знаёмых варот, крыху апаў вясёлы настрой — аж пальцы засаднілі, то ж давялося ім калісьці ад уцюгоў. Ды што пальцы?! Дужа не любіў гаспадара свайго Васька, ды і гаспадар гэты не сказаць каб залішне ўпадабаў Ваську... Калі гаварыць аб узаемнай любві, дык тут, па праўдзе кажучы, былі поўныя квіты... Але ж грошы заставаліся грашамі, не прападаць жа заработку! Падумаў Васька пра гэтыя справы і не так ужо рашуча пасунуў у фортку. У швачнай гудзелі машыны. На ганках распальваліся ўцюгі, некалькі дзяўчат размахвалі ўцюгамі, раздзьмухвалі іх. Заўважыўшы Ваську, яны кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі.

— Ну што? Ну як? Дык ты і насапраўды кінуў майстэрню?

— З буржуямі не хачу мець справы...— важна адказаў Васька.— Біць буду іх... Вось...— замяшаўся ён крыху, заўважыўшы Насціны вочы,— і яна тут,— а вочы ў яе смяшлівыя. Як усміхнецца, увесь твар палымнее. Можа таму, што вяснянак багата, аж нос ад іх залацісты. І сярожкі ў яе, пабліскваюць каменьчыкі бірузовыя, ай як пабліскваюць, аж у чырвань Ваську ўганяюць. Вось даведаюцца дзяўчаты, што Васькаў то клопат гэтыя сярожкі — падарунак сакрэтны, будзе то Ваську сораму, будзе то Ваську прыкра. Таму і сказаў сурова, аж Насця пакрыўдзілася, бровы насупіла:

— Дзе гаспадар?

— Табе гаспадар патрэбны, ну і шукай яго сам. Нам то аб ім клопат вялікі...— і адышліся ўбок.— Іш ты, важны які...

А тут і гаспадар выйшаў. Накінуўся з лаянкай на дзяўчат:

— Акыш у гладзільню, чаго не бачылі... Вечна ім гульні, вечна ім смешкі, а працаваць жа хто будзе? Я?

І тут заўважыў Ваську, бародку рэдзенькую зацерабіў.

— Ну? Прыйшоў, аднак? Напрыкучылі камсамольцы? Даўней бы так... Толькі глядзі, каб больш у мяне ў майстэрні тут не дурыць!

Васька маўчаў. Мо перашкаджала трохі Насця. Яна стаяла недалёчка. Яна камечыла ў пальцах пярэднік, відаць, сярдзітая была. А на каго: на гаспадара ці на Ваську, здагадайся тут.

— Я па грошы прыйшоў, па заробак...

— Станавіся на работу, прыйдзе дзень — атрымаеш усё разам...

— Я ў армію паступіў... А грошы мне зараз жа аддайце...

З хвіліну падумаў гаспадар, потым скрывіўся, і яго як прарвала:

— Ха! Ён пайшоў у армію, дык ён думае, што з гэтай прычыны я адкрыю банк. Як жа, калі ласка... Ён прыйшоў па грошы, а запытаць, ці павінен я табе грошы? А што ў машыне паломка, а прагулы, а камсамольскае распуства праз яго, дык гэта яму хаханькі. Гм... Няма ў мяне грошай... Ніякіх грошай. Можаш ісці. Што? Вы паглядзіце на яго, ён прыйшоў на мой двор і яшчэ ставіць мне ультыматум! Ха! Знайшоўся такі міністр, палітык... Вы б усё забралі...

Нахмурана маўчалі дзяўчаты. Васька сціснуў кулак.

— А грошы ты аддасі. Ты на палякаў не спадзявайся, у Вільню да іх не ўцячэш... Не аддаеш так, прымусім законам!

— Закон, закон! Каму ён гэты закон, чый закон?

— Наш закон, сусветная ты...— хацеў сказаць «гідра», але пагардліва махнуў рукой, праказаў толькі. — Буду я тут мітынгі разводзіць са ўсякай поскуддзю...

І пайшоў рашуча са двара.

Як уколаты іголкай, падскочыў гаспадар.

— Ха! Ён яшчэ мяне пужае! Я не гаспадар свайму прадпрыемству! Я павінен яго слухаць! Што? — І хоць ніхто не праказаў яму ніводнага слова, ён звярнуўся да дзяўчат з гэтым грозным запытаннем. Тыя панура маўчалі.

— Я вас пытаю ці не? Чаго маўчыце? Айда, мурзатыя, на працу! Што? Яны мяне хутка абдзяруць як ліпку, яны мяне кінуць у разор! Яны мяне сціскаюць з кожным днём... Яны не даюць размаху... Але я пакажу ім, што значыць я — купец і фабрыкант!.. Я — Абрам Хаперман і К°!.. Я шыю бялізну... Я шыю тонкі туалет... Я шыю гардэроб на цэлы горад... Я шыю... А мне на шыю... Што?

Тут гаспадар спыніўся. Яго яўна ніхто не слухаў. Дзяўчаты былі ў майстэрні, некаторыя пайшлі з Васькам. Толькі з суседняга двара, дзе была майстэрня ўсякіх могілкавых пліт і помнікаў, раздаўся такі знаёмы і ненавісны яму голас:

— Паслухайце, гаспадзін Хаперман і К°, слаўны купец і фабрыкант! Ці не час вам заказаць у нас харошы манумент на вашы схуднелыя прадпрыемствы? Спяшайцеся, пакуль не позна!

— Хам! — агрызнуўся гаспадзін Хаперман і хуценька нырнуў у сваю канторку. Ах, як не любіць Абрам Хаперман Абрама Кровеля, старога каменячоса з суседняй майстэрні. Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Заўсёды сапсуюць добры настрой такому паважанаму чалавеку, якім з’яўляецца ён, туалетных тонкіх спраў майстар і купец — Абрам Хаперман і К°. Што возьмеш з гэтага чалавека: мае з камнем справу і грубую справу, сам грубы...

Атрымаўшы вінтоўку і прызначэнне ў роту, Васька, як віхрам падхоплены, імчаў дахаты. Трэба было пагаварыць з маткай. У сенцах, дзе майстраваў заўсёды сталяр-сусед, ён схаваў вінтоўку пад свежыя і пахучыя стружкі — каб не здарылася чаго з аружжам — яшчэ скрадзе хто — і зайшоў дахаты. Маці прыйшла з работы і корпалася ля печы, рыхтуючы няхітрую вячэру.

— І дзе толькі бегаеш, ніколі ўпору не прычакаешся цябе да вячэры?

— Справы, мама...

— Якія там справы? Абы боты біць...

Васька сядзеў як на іголках. Трэба ж урэшце адпраўляцца ў роту, а як ты пачнеш тут. Чуў Васька пра дыпламатаў, гутарку сваю ён павёў здалёк:

— Кажуць, белыя палякі ў наступленне ідуць...

— Ну што ж, галаву сабе зломяць.

— Канечне, зломяць...— згадзіўся Васька і задумаўся, як быць далей, куды гэтую гутарку павесці, каб добры канец быў, каб маці не ўстрывожыць.

— Кажуць, мама, ім буржуі дапамагаюць...

— Ім тое ж самае будзе, што і палякам...

— Канечне,— згадзіўся і тут Васька.— Трэба, мама, біць іх, каб навек адвучыць чапаць нас.

— А што ты думаеш, пабілі сваіх буржуяў, прыйдзе чарга і да іншых! Сілаў у нас хопіць усякую погань дабіць.

— Хопіць, мама...— сказаў Васька з адчаем, не бачачы, як тут бліжэй падысці да справы. І ўрэшце, загадзя пачырванеўшы, пайшоў у рашучы наступ:

— Ведаеш, мама, цябе тут абавязкова забяспечаць...

— Ты гэта аб чым?

— Я? У нас цяпер добра забяспечваюць сем’і чырвонаармейцаў... і паёк... Ну, і ўсякая там дапамога...

— Гэта і добра, а як жа ты думаў, каб мы пакінулі сем’і так... На тое ж і наша рабочая дзяржава...

Вось і сагітуй тут матку! Тады Васька кінуў усякую дыпламатыю, сказаў проста і ясна:

— Ведаеш што, мама? Я запісаўся ў чырвонаармейцы, я сягоння пайду ў казарму, буду там у камсамольскай роце... Усе нашы хлопцы там... каторыя большыя... Іначай нельга...

Сказаў Васька і змоўк. Але на сэрцы стала лягчэй.

Галоўнае сказана матцы, сказана без усякіх хітрыкаў. Маўчала і маці. Яна агледзела сына доўгім уважлівым позіркам. Быў у ім адвечны матчын сум, няўлоўная трывога за чалавечае жыццё, блізкае і дарагое. І неяк неўзаметку здрыгануўся твар яе, нібы цень пайшоў па ім і захаваўся дзесьці ў вачах... І каб схаваць здрадніцкія слёзы, яна прыхілілася тварам да грудзей сына, абняўшы яго аслаблымі, трапяткімі рукамі. Ціха-ціха было ў змрочным пакойчыку, і чуваць было, як глуха шархацелі за падвальным акном крокі прахожых, ды зверху, са столі, даносіўся звыклы гоман вялікай камяніцы — цьмяныя абрыўкі слоў, прыглушаны стук, далёкі дзіцячы плач, адгалоскі ад песні, ад крыку, ад музыкі. І, нібы ўслухоўваючыся ў гэты вялікі гоман жыцця, маці сказала сыну:

— Хіба ж я цябе буду трымаць?.. Ідзі... Хаця ты яшчэ малады, можна б і пачакаць... Але твой жа характар я ведаю, табе лепш відаць, як і што... У нас на заводзе таксама рабочыя каторыя запісаліся ў полк... Што ж, такі час...

Васька пацалаваў маці і, узяўшы ў сенцах з-пад стружак вінтоўку, пабег на двор. Там ціхенька пастукаў у акно дворніцкай. І калі выйшла Насця — яна жыла на адным двары з Васькам,— яны пайшлі па вячэрніх вуліцах горада, туды, да казармы. Васька беражна нёс вінтоўку, расказваў, як трэба ў яе класці патроны, як трэба чысціць, як трэба надзяваць штык.

— Ты думаеш, яна цяжкая? Во, паспрабуй, патрымай...

Насця асцярожна ўзяла вінтоўку, трымаючы яе абедзвюма рукамі. Спыніліся. Дзесьці над імі мякка шалясцела лісце ліп і клёнаў. Непадалёчку цьмяна пабліскваў вулічны ліхтар, і яго водбліскі палахліва мільгалі на Насціным твары. Быў ён задумлівы, спакойны.

— Насця? — не то запытаў аб чым, не то проста паклікаў Васька. І, прыхіліўшыся да яе, абняўшы, ён торапка пацалаваў яе. Яна ўся страпянулася, мякка адхіліла яго, пайшла.

— Што ты? Вунь людзі...

Ішлі моўчкі. Толькі перад самай казармай Насця сказала яму:

— А нашы дзяўчаты ў санітары атрада ідуць... Я таксама запісалася ў санітарную лятучку... Хутка паедзем на фронт... Мо сустрэнемся часам... Ну, ідзі...

З казармы даносіліся гаманлівыя галасы. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Ён прамільгнуў на ганку і знік у чорным растворы дзвярэй. Уздыхнула, паволі пайшла дахаты, узіраючыся ў цёмную бездань неба, на якім так урачыста і строга паблісквалі далёкія зоркі. Недасяжныя прасторы ляглі да іх. І здавалася Насці, што ляціць душа яе па гэтых прасторах, ляціць далёка-далёка — аж захлынаецца дых ад імклівага лёту, ад велічнай далечыні. І дзесьці там, нібы не маючы да яе аніякага дачынення, засталіся ўсякія ўцюгі, пасцёртыя машынкі, назойлівы гаспадароў голас: «А ну, жывей, а ну, паварочвайся... Што? Я за вас працаваць буду... Хлеб зарабляй, мурзатая каманда...»

Светлая раніца ўсміхнулася гораду. Сонечныя блёсткі ігралі з лісцем ліп і клёнаў, рассыпаліся зайчыкамі на шыбах акон, залацілі шыльды, падфарбоўвалі дахі камяніц.

Грымелі гарачай меддзю трубы, і выбухі барабана ўзляталі вышэй сонечных сцен. Аднак яны не заглушылі ні песенных слоў, ні кволага шолаху шаўковых сцягоў, ні чалавечых уздыхаў, чалавечых слоў звычайных. Гаварылі: «Бывай, зноў убачымся хутка... Не сумуй... Толькі ворагаў вось разаб’ём... і разбіць іх павінны...»

Людзі ішлі на фронт.

Адна за другой праходзілі калоны. Людзі тоўпіліся на тратуарах, праводзілі. І большасць воч прамянілася сонцам, сонечнай радасцю, сонечным сумам. Развітваліся са сваімі роднымі, блізкімі. Толькі дзе-нідзе, за прыспушчанымі фіранкамі, холадна паблісквалі чужыя вочы, сутуліліся чужыя спіны.

Васька ішоў у пярэдніх калонах.

Ён старанна адбіваў крок, беражна нёс вінтоўку. На яе штыку красавалася гваздзіка. Нехта з праводзіўшых — ці то дзяўчына, ці то стары, а мо і родная маці, хіба ўспомніць цяпер — надарылі яго гэтай маленькай кветкай, пахучай, свежай. Яшчэ не высахла кропелька расы на яе бархатнай чырвані.

Васька ішоў і не адчуваў хады свае, да таго лёгка ісці, калі музыка, калі песні, калі сонца іскрыцца на палотнішчах сцягоў, на тварах людскіх, у думках, надзеях.

Спыніліся на вакзале. Ішла пасадка ў доўгі цягнік. Развітальна ігралі аркестры. Па вагонах па-хатняму заліваліся гармоні, дзе-нідзе самі сабой узгарэліся скокі. І калі прабіў першы званок, на хвіліну прыціхлі вагоны. Людзі развітваліся, давалі апошнія парады, перадавалі апошнія прывітанні.

Васька стаяў ля самых дзвярэй вагона. Ён трымаў за руку Насцю і, нібы думаючы аб чым далёкім, глядзеў кудысьці ўздоўж цягніка, туды, дзе пабеглі бясконцыя рэйкі, куды памчыць іх цяпер чырвоны цягнік.

І калі пачуўся другі званок, неяк схамянуўся Васька, горача паціснуў Насціну руку, зірнуў ёй у вочы — сур’ёзныя цяпер, спакойныя, не смяшлівыя. І раптам засмяяўся:

— Якія ж мы з табой важныя, якія мы сур’ёзныя, проста холадна робіцца... Падумаеш, разлука ты, разлука... Хіба навек расстаёмся? Аднак наведвай часцей маці... Няхай не сумуе...

Пацалаваліся горача, не саромячыся людзей.

А калі садзіўся ў вагон, нібы ўспомніў яшчэ пра што важнае, неадкладнае.

— Пачакай, пачакай, Насця! Вазьмі вось, няхай будзе памяткай...

Прарэзліва загудзеў паравоз, грымнулі буферы, адзін за другім скалыхнуліся вагоны і пайшлі, пайшлі, учашчаючы перастук калёс. З некалькіх вагонаў крыкнулі ёй: «Бывай, прыгожая, нас не забывай!» Дзесьці ўзляцела песня, мільгалі часцей і часцей чырвоныя палотнішчы лозунгаў на вагонах... І людзі, што стаялі на пероне, паспявалі прачытаць іх, і над натоўпам, над праходзіўшым цягніком словы лозунгаў узляталі баявымі, палючымі воклікамі:

— Смерць панам!

— Смерць белапалякам!

Цягнік даўно адышоў, вакзал стаў шэрым, будзённым. Людзі разыходзіліся па хатах, да звычайных сваіх спраў і заняткаў. Разам з імі ішла Насця, задумлівая, суровая. Ля самага двара расцяла яна кулак — увесь час быў сцяты,— на далоні ляжаў Васькаў падарунак. Васькава памятка, звычайны вінтовачны патрон. Ён быў новы, бліскучы. На матавым водсвеце медзі Насця прачытала маленькі надпіс: «На памяць ад Ваські». Відаць, вырэзваў яго Васька нажом, спяшаўся — літары былі няроўнымі, ішлі коса. Ды ці ў гэтым жа справа?

Цягнік ішоў у глухую ноч. Патроху засыналі вагоны. Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы — апошнія гутаркі вялі хлопцы перад сном. Аднастайную песню вялі калёсы — цік-так-так... Васька прыслухоўваўся да гэтых гукаў, да гарачага дыхання паравоза, драмаў і думаў. Пра буржуяў. «То ж парода людская, адкуль толькі напладзіліся?.. І чаго ж ім, урэшце, трэба? Гм... чаго?.. гэта ж так проста і ясна... Узяць хаця б гаспадарчыка свайго, Хапермана,— выліты буржуй... Ты на яго працуй, вымотвай жылы, а ён... ён будзе сваю кішэню набіваць, а табе — горкія капейчыны... Да чаго ж прагны гэты чалавек на грошы!» І ўспомніў Васька, як хадзіў ён учора з камандзірам роты і з Насцяй па свой заробак да гаспадара. Зніціўся той, збедніўся, ну проста сірата казанская,— якія ў яго грошы, калі вайна, разруха, ды тут яшчэ прафсаюзы ды камсамол... І калі яму сказалі, што худа ён робіць, зацягваючы плату рабочым, што сорамна яму, такому разумнаму чалавеку,— гэта ўжо жартам,— не ведаць палітыкі, той прызнаўся адкрыта: «Бачыце, я добры палітык, калі бяру грошы, а калі мне даводзіцца даваць, то тут ужо кепская палітыка...»

Аднак грошы аддаў. Паспрабаваў бы не аддаць, гад! Толькі на Насцю ўсё злаваў: «Іш, і яна ў палітыку, там яе не ставала...» А харошая Насця дзяўчына...

Некалькі месяцаў прайшло з таго часу. Рота пабывала ў шматлікіх баях, страціла баявога камандзіра, старога камуніста. На месца яго прыслалі новага. Трохі не падабаўся ён хлапцам, быў залішне залізаным — у форме, у абыходжанні з людзьмі. Стараўся быць строгім камандзірам і ў той жа час лез жыўцом у душу, падмазваўся да хлопцаў. А ім, што паўзраслелі ў баях, пасуровелі, не падабаліся яго ліпучыя нейкія, уедлівыя словы. Ды яшчэ хваліўся дужа — вось ён калісьці камандаваў батальёнам, спрытна немцаў біў, атрымаў Георгія ў нагароду. Праўда, уважлівыя слухачы, колькі раз чуўшы яго ўспаміны, так і не маглі дабрацца да парадку, а колькі гэтых Георгіяў перапала на долю камандзіра, ды і самыя баталіі камандзіра не мелі дакладнага адраса. Часам яны адбываліся на Вісле, часам пад Лідай, часам забіраліся ў самыя Карпаты. І калі расказчык настойваў на Карпатах, які-небудзь неспрактыкаваны слухач задаваў недарэчы пытанне:

— Пазаўчора вы казалі, што атрымалі Георгія ў Мазурскіх балотах.

Расказчык задумваўся на якую хвіліну і лічыў патрэбным згадзіцца:

— Магчыма, што ў Мазурскіх... Бачыце, пасля кантузіі пад Варшавай я страціў крыху памяць... што і гаварыць, аслабла...

І адразу пераходзіў на другую, менш слізкую тэму, на дзяўчат. Гаварыў ён з прычмокваннем, аблізваючыся, з хітрым падміргваннем хлопцам. І, здаецца, уся яго згорбленая постаць рабілася адразу рухавай, жывой. Рабіліся цямнейшымі яго вочы з рэдкімі русявымі расніцамі, звычайна халодныя, алавяныя. Нават лысіна на галаве і тая цяплела, бо шапку знімаў, церабіў нечасаныя рудыя валосікі, недалужныя, успацелыя. Не даспадобы была хлопцам гэтая гутарка. Альбо песню якую пачнуць, каб адшыць гаваруна, альбо запытае хто знеціку:

— Таварыш камандзір! А ці не было ў вас часам кантузіі і на гэтым фронце?

Расказчык паглядзіць абалдзела, потым зразумее і, сярдзіта чмыхнуўшы носам,— аж устапырыцца падстрыжаная шчапоцька вусоў,— падымецца ад цяпла, буркне пад нос:

— Пайсці хіба заставы праверыць...

Яму ніхто не адказваў. І калі адыходзіў трохі далей, хлопцы смяяліся ў рукавы шынялёў:

— Іш ты, ка-а-нтузія варшаўская...

І пачыналі гаварыць аб другім, аб сваім, аб блізкім. Да камандзіра душа не ляжала, неяк не клеілася дружба. Прабавалі гаварыць аб гэтым на камсамольскіх сходах, што не шкодзіла б другога камандзіра мець, шанцуе ж другім ротам, дзе камандзіры — сапраўды камандзіры, як родныя бацькі з табой — і ў бой, і з бою, і ў кароткім баявым адпачынку. А тут проста недапека нейкая, не ўмее з людзьмі абыходзіцца. Але на гэтым гутаркі і канчаліся. Дні былі трывожныя, баявыя, некалі было разгаворы разводзіць. І калі пазбавіліся хлопцы ад гэтага камандзіра, ніхто не ўспомніў аб ім ні худым, ні добрым словам. Маўчалі. І знік ён даволі загадкава — ці загінуў дзе, ці ў палон трапіў, толкам не ведалі, ды і даведацца не было часу.

Было гэта той начы, калі загінулі некалькі таварышаў з роты і разам з імі баявы кулямётчык Васька Вераб’ёў. Стаяла ўжо восень. Усім надакучылі прыкрыя дажджы, непралазная гразь дарог, непрытульныя начныя прывалы, калі цемрадзь кругом, пад нагамі золь, худыя шынялі не грэюць, а, змакрэлыя, намоклыя, збіраюць, здаецца, усю ваду табе за каўнер, усю восеньскую золь за пазуху. І што казаць, трохі рады былі хлопцы, калі пасля цяжкіх баёў роту вызначылі на колькі дзён адпачынку і вывелі ў бліжэйшы тыл. Размясціліся на ўскраіне аднаго сяла, у некалькіх гумнах. Праўда, можна было размясціцца свабодней па хатах, але камандзір выказаў думку, што ўмясцёх яно лепш, спакайней — як-ніяк, фронт пад рукой. Сапраўды, фронт быў блізкі, усяго ў некалькіх кіламетрах: дакладна чуваць была страляніна, узнікаўшая часам, кожны паасобны стрэл. Да гэтага даўно прызвычаіліся,— які ж фронт без стральбы?!

Спаць ляглі рана: і змарыліся, і даўно марылі аб утульным начлезе пад дахам. За дзвярамі хлюпаў дождж, зольны вецер шабуршэў саламянымі стрэхамі, кудлаціў салому, прабіваўся ў шчыліны сцен. А ў гумнах быў сапраўдны рай — суха, цёпла, пахла сенам мурожным, сытым пахам аржаных снапоў. І праз які час спалі хлопцы, ушыўшыся ў духмянае сена. Васька з кулямётам размясціўся ля самых дзвярэй. З кулямётных скрынак змайстраваў ён нешта падобнае на маленькі столік, запаліў агарак свечкі — спрабаваў ліст пісаць. Але назойлівы вецер з дзвярэй тушыў свечку. Васька кінуў усякія намеры заняцца лістом і лёг спаць. Прыемная дрымота ахапіла ўсё цела, соладка нылі выпрастаныя ногі, плечы, не хацелася рухацца, каб не пазбавіцца ўтульнай цеплыні, пакою. Спакойныя, разважлівыя праходзілі думкі. Аб пражытым дні, апошніх баях, аб родных і блізкіх, што засталіся ў горадзе. Вобраз маці ўставаў перад вачамі, быццам глядзела на яго ўдумлівым і ласкавым позіркам і, утуліўшы галаву на грудзі яму, казала паціху:

— Ну што ж... ідзі... табе відней...

Так, відней. Шмат чаго новага ўбачыў Васька за гэтыя месяцы і бачыць стаў далей. Далей швачнай майстэрні, далей роднага горада, далей роты сваёй камсамольскай. Нібы свет увесь распасцёрся перад ім вялікім сваім прасторам. Яркае сонца гарыць над светам, але свеціць не ўсім. Задыхаюцца ў пыле шаўцы, каменячосы, шахцёры і ўся вялікая рабочая армія. Твары ў іх шарэй, чым зямля, і ў сутарэнні, у шахты, у пракопчаныя фабрычныя вокны цяжка прабіцца сонцу. Вунь сяляне ідуць па зямлі, па квяцістых лугах, па зялёных лясах. Яны збіраюць, як пчолы, залатую пшаніцу і душацца, душацца сухім кавалкам хлеба, які цвярдзей, чым зямля, у якім вострыя восці, мякіна, шэры мох лесавы. І над імі, што гнуць свае спіны, што потам сваім насычаюць зямлю, ходзяць другія людзі, якія не ведаюць мазаля, не ведаюць цяжкай чалавечай утомы, не ведаюць усёй глыбіні звычайнага чалавечага гора. І днём і ўночы яны ведаюць толькі адно — крычаць:

— Гэй, гэй, варушыся! Зарабляй хлеб, мурзатая каманда!

Аднак не будзе гэтага... Зменіцца свет... Будзе зямля прыгожым садам для ўсіх, будзе сонца для ўсіх працоўных...

Сонца... Аднак холадна трохі. Павярнуўся Васька лепш, падмяў зручней сена. Скрозь прыадчыненыя дзверы заглядваў да яго месяц. Ён то ярка свяціў, чысты, ядраны, то раптам блякнуў — кудзелістыя хмаркі імкліва ляцелі па небу, засцілі месяц. Сціх дождж, чуваць было, як скачваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Вецер перасціх, і цішыня ночы парушалася толькі ўсхрапамі людзей ды рэдкім іржаннем ротных коней, што былі за сцяной. Дзесьці блізка на сяле пачулася лапатанне крылляў, і гучнае кукарэканне прарэзала ядраную цішыню ночы. Хвіліну-другую пераклікаліся па ўсяму сялу пеўні, нарэшце і яны змоўклі.

«Відаць, за поўнач ужо»,— падумаў Васька і павярнуўся на другі бок.

І раптам, дзесьці на ўскраіне сяла, густым брэхам усхадзіліся сабакі. І калі сціхлі на якую хвіліну, тады даляталі да Ваські нейкія таемныя шорахі, не то недзе хадзілі людзі, не то чуліся ўрыўкі слоў далёкіх. Няясная трывога запала ў сэрца — усё ж блізка фронт. І калі выразна ўчуў Васька, як недзе бразнула жалеза — можа кацялком хто стукнуў, мо вінтоўка трапіла аб вінтоўку,— як падхоплены ўзняўся Васька, за вароты выйшаў. Схаваўшыся ў цень, ён уважліва прыглядаўся да бліжэйшых хат сяла, да якіх блізка-блізка падыходзіў ускраек лесу. І адразу моцна-моцна ўсхадзілася сэрца, аблілося палючай гарачынёй. Пад скупым месячным святлом ён заўважыў, як ля самага лесу зрэдку варушыліся нейкія шэрыя плямы, не то кусты, хаця і былі яшчэ далёка ад гумна. Прыгледзеўся ўважлівей — людзі. І, не чакаючы ні хвіліны, ён забег у гумно, хвалюючыся разбудзіў кулямётчыкаў:

— Янка, за мной, з кулямётам!.. А ты будзі людзей!.. Хутчэй жа, адразу...

Паўзучы каля плота, Васька выбраўся з другім кулямётчыкам на поле, і яны заляглі пад старой разгалістай грушай. Заправілі ленту.

— А цяпер паўзі назад, ды хуценька к другім гумнам, каб разбудзілі ў час... Іначай...

Ён гаварыў торапка, хапаючыся і, прыхіліўшыся да кулямёта, упіваўся вачамі ў мокрае ржэўе поля.

Шэрыя рухавыя пляміны рабіліся ўсё бліжэй і бліжэй. І не пляміны, а змрочныя постаці людзей бачыў цяпер Васька. Яны нібы ўліплі ў зямлю, у баразёнкі, цяжка было адрозніць іх, паўзучых, ад цёмных узгоркаў, ад нязжатых дзядоўнікаў і быльнягу на межах. Праз кудзелістыя хмаркі вынырнуў месяц, дзе-нідзе бліснулі штыкі, чырканула вінтоўка аб камень.

Васька прытаіў дыханне, азірнуўся назад — а ну, як яны там, ці паспеюць?.. І калі ўжо блізка-блізка, на колькі там дзесяткаў крокаў, заўважыў ён пярэднія постаці людзей — цьмяна паблісквалі белапольскія шапкі,— тады крыкнуў Васька, сабраўшы ў голас увесь дух, усю сілу сваю:

— Стой, хто там?

Прымоўклі ўсе на полі, толькі рэха разляцелася па ім, па лесе. Нават сцяблінкі дзядоўніка замёрлі, не зварухнуцца... У наструненую цішыню ўварваўся новы гук, нібы качка ляцела над полем, гэтак мякка — ф’ю, ф’ю... Гэтае «ф’ю» зацягнулася нешта надоўга. Прынік Васька да зямлі. Пальцы рук прыраслі да кулямёта. І дзесьці блізка, уперадзе, сажнях у трох-чатырох, мільгануў баграны слуп полымя і, расколваючы цішыню, сатрасаючы зямлю і паветра, грымнуў аглушальны выбух гранаты. Пасыпаліся камякі зямлі, глуха застагнала груша, атрасаючы сухое вецце і завялы ліст, уцалелы ад непагоды.

Пры водсвеце выбуху бачыў Васька, як узняліся з зямлі людскія постаці і кінуліся бегчы наперад, прама на яго. Гарачымі пальцамі націснуў на спуск кулямёта.

Ён зліўся з дрыготкім целам кулямёта, ён стараўся перакрычаць кулямётны голас, каб чулі яны, каб адчулі яны, тыя, што ўперадзе, як хочацца яму, Ваську, прастрачыць сваёй вострай машынкай увесь стары свет, ды так правуцюжыць яго, каб пара пайшла чырвоная, ды гладкія, ды роўныя сталі б сцежкі людскія.

— Гэта вам за мурзатую каманду... Давай, давай... Гасцінцаў для вас не пашкадую!

Васька наводзіў сваю мудрую машынку з боку ў бок. Асляпляючым струменем захліпаўся кулямёт, дрыжала зямля, узлятаў пыл, падскаквалі сцяблінкі перад кулямётным дулам. Азірнуўся на хвілінку назад— «ага, малайцы, паспелі!» Рассыпаліся хлопцы ў ланцуг, успышкі стрэлаў ішлі і ад другіх гумнаў, дзе таксама былі свае хлопцы. Дзесьці за сялом пачулася грамавое «ўра», відаць, суседняя часць выходзіла на падмогу... Бачыў Васька, як па ўсяму полю ўцякалі сотні людскіх постацей. Давалі звычайнага драпака паны, уцякалі, нясолана хлябаўшы. Зірнуў Васька назад, камандзіра заўважыў. Той ляжаў у баразёнцы і — вось дзівак — цэліцца з нагана, няйначай з рэвальвера паляка нагоніць. Узяў бы вінтоўку, недапечаны... Націснуў на спуск Васька, каб круцей панам пасаліць хлеб наўцёкі. Кашлянуў кулямёт і замоўк. «Што ж такое выходзіць?» — толькі і паспеў падумаць Васька і прынік непакорнымі віхрамі сваімі да сырой зямлі. Стала ціха-ціха Ваську... Паволі кружыўся, падаючы, бляклы ліст з грушы. З мяккім шолахам ён крануўся Васькавай шчакі. Не ўчуў яго Васька.

А над полем заміралі стрэлы. Яны станавіліся радзей і радзей. Белапалякаў адагналі, разбілі.

Толькі раніцой даведалася дакладна камсамольская рота ад узятых палонных, якой вялікай небяспекі пазбавілася яна. І не толькі яна. Некалькі воінскіх часцей павінны былі падпасці нечаканаму разгрому. Палякі намагаліся зрабіць прарыў фронту. Нейкая рука іх вяла ўначы, нейкая рука дапамагала ім. І тут жа ўспомнілі, з якой злачыннай неасцярожнасцю размясціліся яны на начлег. Проста пастку сабе ўгатавалі — прыходзь і бяры іх, як сонных курапатак. А дзе ж камандзір быў, дзе былі яго вочы? Хапіліся камандзіра, але нідзе не знайшлі. Пашукалі сярод забітых, агледзелі раненых,— камандзіраў і след прапаў.

— Можа, у палоне... Але ж дзіўна, каб толькі камандзір у такую бяду трапіў, калі ўсе ў роце цэлы, калі не лічыць некалькіх таварышаў, якія загінулі ў баю.

«Добра, каб у палон...» — падумалася неяк кожнаму. У іншае не хацелася верыць... Цяжка думку было дапусціць такую, каб чалавек... каб камандзір... Страшнае гэтае слова... Чорнае слова, здрада...

Пахавалі Ваську на ўскрайку лесу, дзе стаялі ў задуме суровыя сосны, дзе зямля была ўсыпана ігліцай. Плыло над соснамі спакойнае восеньскае сонца, залаціла свежы пясок, хвойнае голле над долам. Тугою гудзелі вершаліны хвой, адвечны шум баравы плыў над лесам, развітваўся з Васькам.

Апранулі яго ў новую адзежу. Усё, што было лепшага ў роце і пралетарскім батальёне, адшукалі хлопцы для Ваські. І ляжаў ён, святочны, урачысты. І здавалася, хітруе ён, хоча абмануць дружбакоў сваіх. Вунь хлапечая ўсмешка захавалася пад непакорнымі віхрамі. Нібы жывы, глядзіць, узіраецца ён, прыжмурыўшыся, у залатое сонцава вока, у прагаліну паміж хвой, дзе заблыталася серабрыстая павуцінка... Ляжыць і марыць... А ў глыбокай бездані неба плывуць журавы, ледзь даносіцца іх развітальнае — курлы... курлы... Ціха зайграла музыка, і ўсё гучней і гучней... Стайкай ластавак напалоханых збіліся дзяўчаткі-санітаркі, нехта цяжка ўздыхнуў сярод іх, пачуўся прыглушаны ўсхліп. Адразу падцягнуліся хлопцы. Не зварухнецца іх строй суровы, аж рукі ўліплі ў вінтоўкі.

Гарэлі сэрцы ад слоў палючых:

— Пралітая намі кроў не загіне дарма...

— Няма і не будзе літасці ворагу!

І сонечнае, іскрыстае, агнявое:

— Слава герою!

— Слава герою!

— Слава мужным і храбрым!..

...Жоўтым пясочкам прыбралі магілу. Палажылі на яе старую прастрэленую Васькаву шапку. З пастраляных гільз вылажылі пяцікутную зорку. Дзяўчаты дзеразы назбіралі, увілі магілу верасковымі вянкамі. Аднекуль прынеслі галінку барбарысу. Васковыя ягады палымнелі пад сонцам, як кропелькі крыві, і страпянуліся разам, калі грымнуў вінтовачны залп, апошні, пачэсны, развітальны.

Высока-высока ў небе курлыкалі журавы.

Так пахавалі Ваську ў далёкім тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатым годзе.

Сцены карпусоў злёгку дрыжалі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Па-чмялінаму гудзелі швейныя машыны, стракаталі ножны-аўтаматы ў закройнай, ціха шыпела пара ў прасавальным цэху.

Скрозь светлыя прасторныя шыбы акон відаць быў агромністы фабрычны двор. Некалькі дзён былі дажджы, і намоклыя сцены карпусоў курыліся парай на сонечным угрэве. Нібы на ваччу набухалі смалістыя пупырышкі каштанаў, бледным празрыстым зяленівам апраналіся маладыя бярозкі — некалькі алей маладых дрэў працягнулася з канца ў канец, ад фабрычных варот аж да складаў. Тут жа рыхтаваліся клумбы, па грудах чорнай пахучай зямлі скакалі вераб’і, вялі свае адважныя бойкі, аж пух ляцеў з задзірыстых забіяк. Недзе дзвынкнула муха, звонка, гучна.

— Вясна! — усміхнулася жанчына і распахнула акно. Яркі сонечны дзень уварваўся ў цішыню дырэктарскага кабінета.

Жанчына стаяла ля акна, задумлівая, радасна ўсхваляваная. Гарэлі залацінкі вяснянак на яе твары, маладым яшчэ, з вясёлым, смяшлівым позіркам воч. І зусім не пасавалі гэтаму твару серабрыстыя ніці валос, якія холадна паблісквалі пад сонцам у яе скромнай прычосцы. А сонца было так многа, многа. Яркага веснавога сонца...

Было радасна і спакойна на душы. Блізіліся майскія святы, ладзілася работа на фабрыцы, прыйшла вясна... Хацелася азірнуцца назад, агледзецца, хацелася крыху падумаць, памарыць: «А як жа, таварыш Быстрова, як работа твая, як справы твае...»

І падумалася: «Добра...»

Вось трэці месяц, як яна дырэктарам на буйной швейнай фабрыцы. Колькі-то год правучылася ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Спецыяльна пасылалі па камандзіроўцы. Цяпер вось прыехала ў свой родны горад, у якім даўно-даўно не была. І не пазнаць яго. Некалькі дзён абхадзіла Быстрова родную акраіну, і, калі знаходзіла старыя знаёмыя хаціны, стары ўцалелы топаль, тады нейкім шчымячым і разам з тым радасным болем заходзілася сэрца — кожная ж пясчынка тут, кожны каменьчык насілі след тваёй дзіцячай нагі, гаварылі аб даўно пражытым, аб далёкім дзяцінстве... Слаўным дзяцінстве, хаця было яно і мурзатым і не дужа радасным... Вунь там коз ганялі на пашу, вунь там могілкі былі старыя, кожнай вясной сабіралі фіялкі там і насілі ў горад прадаваць першыя пахучыя букецікі, па тры капейкі за пару. А радам балота было, калісьці затануў там п’яны. Па начах на балоце вылі ваўкі зімой, заходзілі з лесу, што быў вунь тут, недалёчка. У лесе збіраліся першыя камсамольцы, у васемнаццатым, пры немцах... Уся слабодка, што была ля балота, звалася п’янай слабодкай. Знайдзі яе цяпер, гэтую слабодку! Чыстыя вуліцы, забрукаваныя, падмеценыя. І, як на дражджах, вырастаюць што ні месяц даміны, аграмадзіны цэлыя. Вунь школа, гасцініца, цэлы квартал рабочых дамоў. Сама фабрыка вырасла на пустыры — калісьці капалі тут гліну і звозілі смецце сюды.

Фабрыка!

Многа працы аддадзена ёй. І ў гэтай працы па-чэснаму прыкладзены і яе рукі, рукі таварыша Быстровай, як завуць яе рабочыя і работніцы, пазбягаючы халодна-афіцыяльных слоў «таварыш дырэктар». Былі на фабрыцы і ворагі, якія падрывалі справу, шмат нашкодзілі дзяржаве, «рацыяналізавалі» некаторыя цэхі да таго, што рабочым недзе было павярнуцца, штодзень здараліся вобмаракі з работніцамі. Ворагаў прагналі, павымяталі іх жалезнай мятлой. Але, відаць, карэньчыкі яшчэ засталіся. Здараліся зрэдку непаладкі, і не простыя непаладкі: там паломка аўтамата, там канвеер разладзіцца без дай прычыны. Часам нехта пусціць хлуслівыя чуткі — варожае змяінае шыпенне адчувалася ў гэтых чутках, у гэтых словах. Але дарэмны былі варожыя патугі! Праца фабрыкі ішла на лад, спорылася, фабрыка выйшла з былога прарыву, датэрмінова выканала абаронны заказ і атрымала гэтымі днямі падзяку.

«Добра...» — задаволена падумала жанчына.

Рэзкі стук абарваў яе думкі. У пакой убегла група дзяўчат-работніц. Расчырванелыя твары былі ўсхваляваны, устрывожаны.

— Таварыш Быстрова!

— Таварыш Быстрова!

— Ты толькі падумай...

— Гэта ж чорт знае што, гэта здзек над рабочымі!

Усе гаварылі разам, спяшаліся, кожнай хацелася як мага хутчэй давесці ўсю справу.

— Пастойце, давайце парадкам...

Дзяўчаты скардзіліся, што пры сённяшняй выплаце перадсвяточнай палучкі касір раптам вылічыў усе пазычкі, усе авансы, якія выдаваліся на працягу амаль што некалькіх месяцаў.

— Ты падумай, вунь некалькі дзяўчат засталіся зусім без капейкі, ды і каторыя старыя рабочыя злуюцца — вось, кажуць, падаруначак першамайскі...

Здаецца, пабляклі залацінкі вяснянак на твары Быстровай, да таго пасуровеў ён, стаў бледным. Насупіліся бровы.

— Паклічце бухгалтара...

Усе насцярожана чакалі. Вось з’явіўся і ён. Ціхі, спакойны, разважлівы. Чалавек яшчэ не старога веку, было яму за пяцьдзесят. Прасторны касцюм, пацёрты, але акуратны, аблягаў яго хударлявую постаць. Блішчала лысіна з рэдкімі, залізанымі валосікамі, стандартная бухгалтарская лысіна, такая звычайная ля запэцканых чарніламі канцылярскіх сталоў, да мяккай цішыні бухгалтэрыі, зрэдку парушаемай глухім перастукам шчотных касцяшак.

Спакойная, ціхая лысіна. Але позірк воч быў трывожным, насцярожаным.

— Чым магу служыць?..

— Служыць?

Жанчына зірнула на яго знізу ўверх, не кінула свайго звычайнага «сядайце» — чорт з ім, няхай пастаіць, бюракрат,— запытала ціха:

— Што гэта значыць?

— Я вас не разумею...

Але, угледзеўшыся ў твары дзяўчат, зразумеў, зірнуў спадылба, не праказаў, а выціснуў з сябе, да таго было нязручна яму гаварыць:

— Бачыце... Фінансавая дысцыпліна... Я бухгалтар, адказваю за правільнае скарыстанне сродкаў... за своечасовы зварот... А фінансавая дысцыпліна, як ведаеце...

Жанчына прыўстала з-за стала і, упіўшыся позіркам у яго твар, ціха прагаварыла, стрымліваючы сябе, абрубаючы словы:

— Тут не дысцыпліна, ведаеце, а тут... тут... Альбо вы тупы і безгаловы чалавек... альбо ваша дысцыпліна пахне... пахне контррэвалюцыяй... Аднак паклічце сюды касіра, я аддам яму распараджэнне, калі самі вы не здагадаліся гэтага зрабіць...

Бухгалтар стаяў ссутуліўшыся і ўважліва разглядаў наскі сваіх наглянцаваных, акуратных камашаў. Пальцы правай рукі нерашуча церабілі рэдкія валосікі на ўспацелай адразу лысіне. Прагаварыў:

— Выбачайце... Памылка... Недаўлічыў...

Жанчына зірнула на яго яшчэ раз, і нейкая непакойная думка ўзнікла раптам: «Няўжо недзе бачыла гэтага чалавека, такія знаёмыя, здаецца, жэсты...» Аднак, як ні сілілася ўспомніць, не магла. Ды і некалі было. У кабінет увайшоў касір. Не увайшоў, а ўбег — да таго рухавы і вяртлявы быў гэты чалавечак, нягледзячы на свой даволі пажылы ўзрост, на сівую галаву. Ды і сівізна была асаблівая, сівыя валасы завіваліся на скронях у кудзеркі і прыдавалі ўсяму чалавечку выгляд нейкай несуразіцы, легкадумнасці.

— Вы клікалі мяне, таварыш дырэктар? — падбег ён на сваіх кароценькіх ножках да дырэктарскага стала.

— Так, клікала, таварыш...

— Майскі...— паслужліва дадаў касір.

— Дык вось, таварыш Майскі, сягоння, заўтра трэба вярнуць рабочым усе адлікі, якія зрабілі вы...

— Ха... Харошанькае дзела! Я чуў, чуў... Гэтыя шчабятухі,— тут зірнуў ён на дзяўчат,— яны пабеглі скардзіцца. Як жа... Ёй вунь каторай трэба панчошкі — авансік дай... Ёй трэба носік прыпудрыць — авансік дай... Ёй трэба... Што? Я павінен, па іх міласці, псаваць цяпер усе ведамасці... Атрымала авансік, аддай... Што ж тут гаварыць?.. Трэба па закону...

— Аднак, таварыш...

— Майскі...— падказаў ізноў рухавы касір.

— Дык вось, таварыш Майскі, без доўгіх слоў, ідзіце і рабіце тое, што вам загадана.

— Ха... Я, канечне, толькі служачы... Аднак харошая палітыка — аддаваць назад грошы...

— Пра палітыку вам гаварыць не варта, ідзіце і рабіце, што вам загадана...

І раптам схамянулася, усхвалявалася. Палітыка... Звычайнае слова. Так, звычайнае. Аднак... І ўжо рэзка, неяк страпянуўшыся ўсёй постаццю, да касіра:

— Слухайце, вы...

«Таварыш Майскі...» — хацеў быў падказаць ізноў касір.

— Слухайце вы, грамадзянін Хаперман, як вы апынуліся тут, на фабрыцы?

Нібы грымнуў гром сярод яснага неба, так закруціўся рухавы касір.

— Вы чуеце, вы чуеце...— разгублена гаварыў ён да работніц.— Па-першае, я Майскі, гэта раз... А па-другое,— зусім разгубіўся ён і звярнуўся да дырэктара,— а па-другое... адкуль вы ўсё гэта ведаеце?..

Спакойны да гэтага бухгалтар раптам затрывожыўся, дрыжачай рукой нервова наліў шклянку вады, выпіў і торапка пайшоў з кабінета, тулячыся за работніцамі. Быстрова шапнула нешта дзяўчатам, тыя падаліся на двор, да кантрольнай будкі ля варот.

А касір усё стаяў разгублены і ўсё здзіўляўся:

— Аднак адкуль жа вы ўсё ведаеце?

— Гэта ўжо не так важна...

У кабінет набралася людзей. Уся справа набывала незвычайны характар, і сам касір урэшце выйшаў са сваёй разгубленасці. Ён паспрабаваў рашуча адбіць удар:

— Ну што з таго? Падумаеш, вялікая справа... Насіў чалавек адну фамілію, захацеў другую... І правільна захацеў... Зачым чалавеку старая фамілія? Я заплаціў грошы, савецкія грошы. Я атрымаў дакумент, савецкі дакумент... Я цяпер Майскі... Савецкая ўлада не забараняе мне насіць гэтую фамілію. Вось мае законныя дакументы.

— А рабочым вы сказалі аб перамене сваёй фаміліі?

— Ха... рабочым... Дужа ім трэба ведаць такую дробязь... Нечую старую фамілію... У іх няма другіх клопатаў?!.

У кабінеце было поўна народу. Некаторыя падсмейваліся над касірам, жартавалі — «вось дык фрукт», большасць была сур’ёзна, нахмурана. Сама Быстрова была ў радасным, прыўзнятым настроі. Усё, што непакоіла яе амаль дваццаць год, усё, што было незразумелым, няясным калісьці, даўным-даўно,— стала ясным цяпер. І сёе-тое было няясным для яе ў гэтыя дні, і стала зразумелым, калі ўзгадала далёкія дні, далёкія гады.

І весела яна сказала гэтаму вяртляваму, сівому, кучараваму чалавеку:

— Ну, ідзі, ідзі... Потым мы пагаворым яшчэ... пагаворым аб усіх дробязях...

Чалавек ішоў, яму давалі дарогу. Ён ішоў і ўсё здзіўляўся:

— Аднак... Харошанькае дзела... Як яна даведалася аб усім...

Калі вылучалі яе кандыдатуру ў дэпутаты Вярхоўнага Савета рэспублікі, да яе на кватэру сабралася моладзь, прыйшлі і пажылыя рабочыя з некалькіх заводаў горада — прасілі даць згоду на галасаванне. Быў ціхі чэрвеньскі вечар. У вокны кватэры далятаў прыглушаны гоман вялікага горада — дзесьці звінеў трамвай, пераклікаліся паравозныя гудкі на вакзалах, улятала звонкая песня «Ад краю і да краю...» — ішлі, відаць, людзі на прадвыбарны сход.

— Та-а-ак... Жыццё пайшло ў нас шырокае, як мора-акіян. Сапраўды, ад краю і да краю...— задумліва прагаварыў стары рабочы.— І для старых, і для маладых, абы ахвота была, дарогі цяпер сталі торныя, светлыя... Вось, да слова, таварыш Быстрова, вялікую чалавек дарогу прайшоў... франты, камсамол, партыя... Аднак вы не дасказалі яшчэ, таварыш Быстрова, усёй гэтай гісторыі на фабрыцы, з бухгалтарам ды касірам.

— Ды што казаць пра іх?.. Справа звычайная. Касір быў калісьці гаспадарчыкам, павучком. Вы ведаеце, гэтыя павучкі былі самыя прагныя, куслівыя. Разам з бухгалтарам шкодзілі на фабрыцы, дзе маглі, кусалі ўпотайку... Дапамагалі ўсёй погані, што была вылаўлена раней... Бухгалтар быў старым заўзятым шпіёнам, які акапаўся быў на фабрыцы. Ён яшчэ ў дзевятнаццатым годзе шныпарыў па нашых франтах, нават у камандзіры пралез быў.

Замоўкла. Позірк яе спыніўся на стале, дзе ляжалі кнігі, газеты. Сярод іх, сярод некалькіх фатаграфій, цьмяна пабліскваючы гарачаю меддзю, стаяў патрон, звычайны вінтовачны патрон.

І, абвёўшы позіркам людзей — быў ён нейкі асаблівы, глыбокі, засяроджаны,— таварыш Быстрова, Анастасся Пятроўна, ці, як сталі яе называць госці, Насця, наша Насця, расказала ім аб усёй гэтай гісторыі, аб якой і напісана наша апавяданне.