epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

На чырвоных лядах (Урыўкі з рамана)

Кніга першая. ЦІХІЯ СЯЛІБЫ
  ЧАСТКА ПЕРШАЯ
    1
    2
    3
    5
    11
  ЧАСТКА ДРУГАЯ
    3
    6
    12
    13
  ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
    12
    13
    15
  ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ
    1
    10
    11
    13
    14
    15
  ЧАСТКА ПЯТАЯ
    3
    10
    11
  ЧАСТКА ШОСТАЯ
    4
    6
  ЧАСТКА СЁМАЯ
    3
    4
    6


Кніга першая. ЦІХІЯ СЯЛІБЫ

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

1

 

Павісла сонца над крутой гарой.

Яно ўсё ніжэй і ніжэй апускаецца над зямлёй, вось уселася ўжо на сук вілаватага дуба - на гары, па-над кручай. Здаецца, угінаецца сук пад сонцам і вось-вось скоціцца яно, бразнецца на зямлю, расколецца на бліскучыя аскалёпкі.

Але сонца цэла, толькі робіцца ўсё большым і большым, абліваючы чырванню верхавіны дубоў, ветраковыя махі і статак курганоў. Чырванню гарыць неба, і ў гэтай чырвані губляе сонца сваю залатую празрыстасць - можаш смела глядзець у векавечнае сонцава вока, гатовае замружыць свае каснікі-расніцы на адпачын, на ноч, на сонечны сон. І здаецца, пераплятаюцца празрыстыя праменні з нябачнымі струменямі цішыні, з крышталёвым спакоем вечара, з ледзь чутнымі подыхамі вячэрняга ветрыку. Ён нясе з паплавоў пах росных красак, пах травы медуніцы, пах соннага чабару з-па-над кручы. Сіратой праляціць пчала, дзынкнуў і спалохана змоўк, выцяўшыся аб сцябліну, шмель, спяшаючыся на радзімую купіну. Дзесьці ля балот забляяў баранчык, яму адгукнулася над Дняпром кнігаўка, і адразу пачалі цямнець і прыбярэжныя кусты, і вілаватыя дубы над крутой гарой, і ў кудзеркі туману пачалі спавівацца вадзяныя струмені. Дняпро дыхнуў халадком, вільгаццю ды пахам прыбярэжнае цвілі, гнілога багавіння і рыбнае мелюзгі, павыкіданых за дзень рыбалкамі.

У недасяжнай вышыні засвяціліся першыя, яшчэ бледныя і дрыготкія зоры, якія і можа заўважыць хіба толькі спрактыкаванае Лаўрэнава вока.

- Ужо, запаліліся... Ну што ж. На тое ўжо воля боская, каб кожная гэта ды на сваім месцы... Днём вось сонца, а нанач месік выходзіць... Ды дзе яму аднаму. Таму і паліць Бог свае неўміручыя ліхтары... І кожнай душы чалавечай па зорцы - як каму талент, як каму боская міласць. І аднаму меншая, другому большая. А загіне душа - згасне ліхтарык... І паляціць па небу, а куды - невядома... Грахі нашы, няйначай... А паліць ужо час...

Лаўрэн пацягвае плячмі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. З ціхім, ціхім, ледзь чутным для вуха шорхатам ліжа яна шурпатыя берагі, вільготныя, росныя. Лаўрэн доўга і марудна адвязвае човен, прымайстроўвае ў ім абярэмак сухога сена, паліць ліхтар, асцярожна ставіць яго на дошчачку, дзе стаіць некалькі пляшак з газай, ляжыць шматок пакулля. Адштурхнуўшыся ад берага, Лаўрэн едзе ўверх па Дняпру, да самага дальняга семафора свайго ўчастка. Адну за другой запальвае семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Дзе газы падалье, дзе старанна пратрэ закуранае шкло, падрэжа і падчысціць кнот. І калі запаліцца апошняя лямпа, едзе Лаўрэн да невялічкай выспачкі, заросшай лазняком і алешнікам, выцягвае човен, раскладвае цяпельца, назбіраўшы ўсякага сушняку з ламачча, павыкіданага вадой. Тут і алешкавы цюльпах, і яловае бервянцо - адбіліся ад плытоў, тут і павыкіданыя вадой бярозавыя пярэвіткі, і ўсякая іншая драбяза.

Лаўрэн грэе над цяпельцам старэчыя рукі і, уладзіўшыся на ўзятым з чоўна сене, пазірае ўздоўж рачных берагоў, углядаецца ў запаленыя семафоры. Чырвоныя і белыя, мільгацяць яны ў згусцелай цемені ночы і адсвечваюцца то пырскамі, то дрыготкімі круцёлкамі на цёмнай вадзе. Лаўрэн глядзіць і ўздыхае. Прызвычаіўся ўжо так. Гляне на што - уздыхне, падумае - уздыхне.

- Аб чым гэта ты? - запытае часам жонка ў хаце.

- Што?

- Ды страціў хіба што? Згубіў? Уздыхаеш так цяжка...

- А ты сабе шкрабі бульбу, от і ўсё...

- Я от шкрабу!

- Ну і шкрабі...

- Гэта ён, мамка, панікадзілы ўспомніў... Не маліўся два дні, от і ўздыхае... Або пратасэі... Бач жа, папу прыслужвае...

- А ты, лузан, змоўчы... Бач ты яго, папругі захацеў адведаць. Калі параслі шаршні на спіне, дык пазганяю...

«...І трэба-такі даць, - думае Лаўрэн. - Не ў людзей пайшлі хлопцы. Басота, а не сыны... І каб у каго, а то ў яго... Сам бацюшка паважае нават. Праўда, бацюшка і сам не абы там што якое, але ж як-ніяк ніхто як не ад Бога...»

Лаўрэн падкідае ў цяпельца ламачча, трэскі, жмак сухое травы, які ахінаецца густым жаўтавата-белым дымам. Праз дым вылятае некалькі іскраў, потым яго праразаюць зыркія языкі полымя. І дым тады робіцца чорным і празрыстым... Цяпельца робіцца большым, сцягвае ноч з усіх бакоў, і таму здаецца яна яшчэ цямнейшай, і вышэй узлятаюць зоры, бліжэй насуваюцца алешкавыя кусты.

Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухаецца да начных гукаў. То трэсне галінка ў цяпельцы, зашуршыць асакой узбуджаная вадзяная хваля, дзесьці на вёсцы прапяе певень. І зноў усё ціха. Толькі чуваць, як сіпіць у цяпельцы мокрая сцяблінка. А за крутой гарой, абуджаючы берагі і поле, пранясецца прыглушаны рэхам гудок.

- Мусіць, пасажырскі пайшоў ужо. Ды і час яму.

І Лаўрэн уздыхне.

- Мудрасць на ўсё, мудрасць боская. Без яе ані кроку. І паравоз, і параход, - і кожны з іх з ліхтарамі... І зоры свецяць, а хіба ж іх паляць? Ды што зоры... Заўтра вун фашыны прыйдзецца ставіць на быстраку, прыкрая праца. Хіба Сяргею вось прапанаваць, а мо пагадзіўся б ён за якую капейку. Наўрад хіба. Пракавешны лодар, яму абы толькі міронаў лавіць, то ж стварэнне людское.

Лаўрэн уздыхне і пачне драмаць.

- Ніхто як Бог... - засыпае ён. - Так, Бог... А фашыны - яны нішто. Добра ставіць іх у зацішным месцы. А паспрабуй-ка на быстраку. І дручок уваб'еш, а пакуль за пярэвіткай сходзіш, друк і паплыў па вадзе, падмывае... Толькі турботы тыя... А як прыпадзе параходу на мялізну стаць - стане, і хоць ты яго друкам - уліпне, ні з месца... І семафоры вот гэтыя - свецяць, мігцяць. Свецяць ліхтарыкі... Вун аднойчы і Лаўрэну так засвяціў начальнік дыстанцыі, аж твар успух. Пад самае вока патрапіў - быў тады семафор недагледжаны. Што ж... Нішто як не ад Бога...

 

2

 

Яны глядзяць адзін на аднаго, і кожны думае:

«Ну, хопіць ужо... Іш ты яго, буркалы вылупіў...»

І ніяк не разыдуцца. У аднаго асадзісты карчакаваты выгляд. На бязбровым пухлым твары плюснявыя шчылінкі воч. Глядзяць, здаецца, зусім у іншы бок - вунь на тую алешыну, на сцябло конскага шчавелю. Глядзяць убок, але ўсё бачаць: кожны рух, кожны мірг, кожную нават аплешыну на Сяргеевай шапцы-кучомцы.

- Ну, дык што ж гэ-э-та, бра-а-це... пане Сяргей... Ну, дык як жа гэ-э-та?

Словы выціскаюцца паволі, з націскам, і ў такт гэтым словам нібы скача падбародавік і тапыршчуцца рудыя валасіны на ім. І валасін тых - ат, на развод хіба, як тых каласоў на неўрадлівым полі.

Сяргей углядаецца ў гэтыя валасіны і ўсміхаецца сваёй думцы:

«Ну й безлюдзь, і лескі і тае не скруціў бы», - і, зірнуўшы на свае вудзільны, кінуўшы вокам на рэчку, адказвае чалавеку. Адказвае з прыскокам, з захапленнем, адразу кідаючы цэлую жменю слоў, аб якіх ён бадай і не думае.

- Што як жа? І чаму як жа? Аб чым гэта вы? І чаго гэта вас, дзядзька Іван, узнясло гэтак рана? Хіба ж то справы якія?

І Сяргей аж адступіў на два крокі, каб стрэсці аб мокрую траву пясок з сваіх бліскучых ад расы атопкаў.

- Ды ты, пане Сяргей... ды ты пастой... Я вось пытаю, бачыш, пытаюся ў цябе: чаму ты на рэчку ідзеш, ці ў цябе ж няма другога клопату, ці ў цябе дзяцей, скажам, нямашака?

- Дзяцей? Шчэ колькі на маю галаву гэтай затлумы.

- Дык от я і кажу: дзяцей у цябе, можна сказаць, плойма - поўна хата пуплоў. І пакарміць яно кожнага трэба, канешне, трэба. Ды й адзежу, ды й абутак сякі-такі згораць... А там зіма неўзабаве... А хіба ж яно гэта ў цябе, як у людзей... Вунь людзі на касавіцу пайшлі... Вунь я калі яшчэ ўстаў, але дай, думаю, прайдуся на тыя беражкі гнілыя, бо, крый Божа, і выжнуць табе. Скасіць не скосяць, а бабы ношкамі пазносяць, павытапчуць больш. Панадзіліся вунь караўчанскія бабы, ды ўсё ў мой лог... Дык я сабе іду дый аб справе думаю... А куды яно табе патрэбна тым часам... Узяў бы касу - гэткі жа ты нязломак - ды ў рад да ўсіх, як і ўсе добрыя людзі. І ў цябе ж не абы-што, а сякі-такі шнур ёсцека... А з сваім управіўся - да людзей. А хіба, скажам, у мяне не знайшлося б працы табе. Вось хоць бы зараз, пайшоў бы да папакошваў трохі - ці мне ж з Напрэем аднаму ўправіцца?..

- І-і... дзядзька Іван! Наліха ж яна здалася мне, касавіца тая? Ці ў мяне коні ці каровы, авечкі? Дый пожанька ў мяне, ат, пуп прыкрыць камарыны, - і ўзяў бы касу, ды суседу ногі падрэжаш.

- А дзеці?

- Пры чым тут дзеці?

- Аб зіме, чалавеча, дбаць трэба. Вось чуў жа я, і не асеяўся ты...

- Уга! Толькі й бяды... Абы ў людзей было.

- Хоць бы бульбіну якую ўкінуў...

- Уга! А ў людзей капцы навошта? Будзе ў людзей - будзе і ў мяне.

Дзядзька Іван маўчыць. Ён не ведае, што сказаць, аб чым запытаць болей. «І не зломак, здаецца, але ж бачыш жа, такая ўжо людзіна няўдалая... А шчэ жаніўся чалавек, можна сказаць, жонку ўзяў... Дзіцяняты гэтыя самыя... ні андарачка табе, ні каб жонцы пярэднік да свята, ат, грэюць свет пузам... Людзі, каб на вас нарад...» Іван узіраецца ў дзіравыя Сяргеевы лахманы, на штаніну, дзе скача дзірка на дзірцы - вунь зусім калена голае.

- Ну, дык мо які дзень і прапрацуеш у мяне... з касой... Гэта я так ужо, кажучы да слова, бо ўчора трапілася жонку тваю пабачыць...

- Ага... - адказвае неўпапад Сяргей, які думае зусім аб іншых справах. «Вось прычапіўся, смала... І чаго яму трэба? Нашоў дурніцу... Уга, гэта табе не караўчанскія бабы, што за пазаддзе жалі. Але ж і на рэчку час. Мо што і трапіла за ноч».

І ўголас адказвае:

- Не, дзядзька Іван, нязручна мне, бачыш... Дый не паласа... Пашукайце ўжо іншага якога чалавека...

- Дык не пойдзеш?

- Ды ўжо ж так, дзядзька Іван, не прыпадае мне на працу ісці. Вось я на рэчку зараз, а там, дзівіся, за ноч і трапілася часам на шнур што-небудзь: ці шчупак, а то і мірон часам. Што ні што, а хунтаў на дзесяць павінна быць, няхай я з месца не крануся... А будзе што, адразу да Ёселя - дачнікаў цяпер панаехала... вун у хвойніку, дык пад кожным дрэвам аж плоймы. Абы лавілася рыба, дык будзе і хлеб...

- Дык ты б хаця паспытаць калі рыбіну б якую прынёс?

- Паспытаць? Чаму не... Вось я зімой вуюноў раз насмыгаў, дык жонка поўныя начоўкі набэхала, ды шчэ ў дзежачку... Ну, крыху пасмажылі, пасушылі вун колькі і елі ж, елі, можна сказаць, не ў жадобку елі. Ды шчэ людзям колькі ў Піліпаўку параздаў... Чаму ж і не паспытаць, уга...

«От, боўціла!» - думае дзядзька Іван, думае маўклівыя думы. Абодва маўчаць, і неяк нязручна разысціся. Разысціся не дагаварыўшыся.

З маўклівасці выводзіць Лаўрэн. Ён варочаецца дахаты з свайго рачнога логава, дзе пільнуе ён семафоры ды разам ужо і сялянскія паплавы.

- Ну, дык гэта вам дзень добры, ды з раннем вас, ды з якім яшчэ раннем! Расіцу, бач, Бог паслаў, вастры касу ды не давай спуску. Надвор'е, мае вы браткі, толькі на сена, прайдзі разок, варухні грабелінай ды на воза кладзі. Бачыш, сонца якое ўзышло... А ты, браце Сяргей, спяшайся, спяшайся, браце... Еду я каля зялёнага камення, дзе ты ўчора шнуры ставіў, дык, браток мой, як целяпнецца нешта, няйначай, сом... Сом не сом, але ж нешта табе прыдбала...

- Ты напраўды, дзядзька?

- Ну, а ты што думаў, каб я гэта ды на праваслаўнага чалавека чмуту наводзіў. Кажу ж табе праўду.

- Ну, дык я еду... Я ўжо твайго чаўна, дзядзька Лаўрэн, вазьму, бо мой, каб ён згарэў, прарашэціў крыху, засмаліць трэба...

- Ды ўжо ж, вазьмі... Вясла не згубі толькі, ды потым схаваеш у лажку, ды туды, дзе я кладу заўсёды. Ды што я хацеў сказаць табе? Ага-а... Ці не ўзяўся б ты сёння фашыны папраўляць? Бач, размыла крыху, на быстраку.

- Няма часу, нямашака, дзядзька Лаўрэн, мо другім часам... - і Сяргей завіхаецца ля чаўна, бразгае сваімі бляшанкамі ды іншым якім начыненнем рыбалкавым.

- Ну дык хіба пойдам, пане Іване, у адну дарогу?

- Да яно ў адну...

Іван Цыбал ідзе ўперадзе па вузенькай сцежцы і старанна абыходзіць высокія сцябліны травы, каб залішне не ўмачыць адзежы. Лаўрэн не адстае і стараецца ісці ў нагу, паспяваць разам з павольнаю, але цяжкай ступою.

- Дзівак!

- Гэта вы пра каго, пане Іване?

- Ды пра Сяргея... Нялюдскі ён...

- Чаму?

- Ды так... Ну, хто гэта бачыў, каб у такі час, у та-а-кі час ды цягацца вось з вудзільнамі. Можна сказаць, гібее чалавек.

- От, гэта вы правільна сказалі: гібее чалавек і сям'я гібее.

- Дык вось я к таму і кажу... А тут я працу яму даваў... Пакасі, кажу, дзень які, усё ж сёе-тое і заробіш, і дахаты прыдбаеш.

- Ну...

- І дзе там, з працай да яго і не прыступу. Ні сабе карысці, ні людзям... А пасаромеўся б хаця...

- Нішто як не ад Бога... Такая, пане Іване, планіда ўжо ў яго, такі ўжо ён урадзіўся. Мне анодысь бацюшка сказаў. Бач, я на сыноў на сваіх скардзіўся... Дык ён і кажа: «Грэх, чалавеча, на жыццё крыўдаваць. Калі Бог захацеў так, нічога не зробіш, цярпі, цярпі і на Бога думай, ён табе ўсё гэта ў свой час прыгадае».

- Ну-у... - і нельга было зразумець: ці згаджаецца дзядзька Іван з Лаўрэнавымі думкамі, ці от проста так, каб не маўчаць, выціснуў з сябе гэтае слова. І ўжо калі падышлі да загумення, Іван павярнуўся на хвілінку якую да Лаўрэна, каб выказаць некаторыя свае думкі, якія ніяк не месціліся ў галаве, чакаючы выйсця.

- А я і кажу яму: папакашвай вось дзён колькі, усё ж сёе-тое ты і заробіш...

- Ды ўжо ж... - кінуў у сваю чаргу Лаўрэн і накіраваўся ўбок, на свае агароды. І калі пералез праз плот і спугнуў з канапель вераб'іны статак, тады толькі працяг сваю думку: - Бач ты яго, міласэрны які знайшоўся - папрацуй у яго дзён колькі... А запытаць бы ў цябе, а колькі ты плаціць будзеш, дый ці выскрабеш з цябе плату тую...

 

3

 

Людзі жыліліся, аж пот цурчэў з спацелых твараў. Узнімалі за рукі і ногі і ўскідвалі гэта змякчэлае і такое падаткае цела і, як па камандзе, кідалі ўніз на бярвенні. І быў прыглушаным і, здаецца, нейкім шурпатым гук, калі падала цела на шурпаціны хваёвай кары. І злёгку, злёгку гудзела бярвенне. Людзі змарыліся, і па ўсяму відаць было, што пачалі яны даўно.

- Дыхае яшчэ, гад...

- Дыхае! А вы яго бокам, бокам ды на сукі тыя...

Білі бокам. Апускалі грудзьмі. Давалі выспячча, каб жа быў весялейшым. Білі і прыгаварывалі:

- Гэта табе за крупы, за Ганніны...

- Гэта табе - курэй красці...

- А гэта - ведай нашых...

- А вось табе і авечак скубсці... Бач, ірад, унадзіўся красці...

- І дзе гэта відана...

- Каб у сваіх?

- У вёсцы сваёй? І пуця яму нямашка. Каб гэта ўжо на старане дзе бадзяўся ці па ярмалках самапрадкі пёр. Дык жа не...

Навакол стаялі старыя і, скоса пазіраючы на бярвенні, не то спачуваючы, не то шкадуючы, ківалі галовамі. Перашэптваліся маладзіцы, віхляліся пад нагамі дзеці, уся ў саламянай трусе, церлася бокам аб плот сонная свіння. Церлася і рохкала з вялікім задавальненнем, тыцаючы ружовым лычам у стытнелую алешкавую жардзіну, канец якой абламалі людзі для сваіх, зусім для свінні не цікавых, спраў.

А людзі ўрэшце змарыліся, знясілелі. Выцершы рукавамі спацелыя твары, кінулі кій, адышлі воддаль, падаставалі капшукі, і ядраны дым змяшаўся з пахам гною, густых канапель і ворыва. І нібыта саромеліся сваёй справы, нібы нехаця, от так, пазіралі часам на бярвенні, але гаварылі ўжо зусім аб іншым. Аб надвор'і, аб тым, што ячмені пайшлі ўгору, аб аўстрыйцу, аб далёкіх лядах - проса нішто ў гэтым годзе, не абярэшся кашы. Аб вайне, аб страшэнным ярманцы.

- І салдаткі, каб на іх ліха, распуста на іх пайшла, зусім выбіліся з рук... Вун у Ляхаўцы хлапчука бабы спаймалі ў лесе, салдаткі... Дык што б вы думалі, каб не наспеў ляснік, была б мальцу пакута... Уга, яшчэ як...

- Ну, гэта ты, пане Лявон, ужо так сабе...

- От жа крыж часны... Змітракова Кузьмы хлапец... Дадушы ж, бабы казалі...

- Ну, ты ім і вер, яны табе нагавораць. Вун у падлессі ярманца, кажуць, бачылі. Таксама ж бабы. У нядзелю па ягады хадзілі. Ды шчэ як напалохаліся. А то й не ярманец, а Мікіта Саласюк. Вугаль там паліць. Ну, дык ён і пужнуў іх...

- Пужнуць шчэ, пужнуць...

- Каго? Што?

- Даведаецеся майго ўжо слова, тады скажаце, што Лявон праўду казаў!

- Ды якую праўду?

- А чалавека біць, гэта вам што? Быдла тая здалася?

- Ну, ты там, блыха, можна сказаць, а лезе яшчэ...

- І палезу, нечага чалавека біць...

- Ты ўжо зачыні сваё зяпала, бач, гаварок знайшоўся... Тут аб чым кажуць? А ён аб сваім... Адыдзі, табе кажуць... Ідзі, ідзі, не сунь носа не ў сваё проса...

І Лявон Ражок, які спазніўся на ўсю справу, адышоў ад купкі людзей, абышоў моўчкі бярвенні, падышоў да таго нерухомага, што ляжала цяпер у брудзе, у трэсках ля пахучых бярвенняў, і стаў моўчкі ўглядацца на гэты палаплены пінжак, на адарваны каўнер, на забарсню, якая заблыталася ў бервяне, і таму й нага павісла ў паветры, вышчарыўшы скрозь парваныя лапці брудныя пальцы. І на пальцы кіпець, збіты даўно, счарнелы.

- Ну, ты там, шолудзь, не кратай, без цябе абышліся...

Ражок прысеў на бервяне, зняў для нечага шапку, ізноў надзеў яе. Нешта заказытала ў горле, у павеках воч. І таму ўстаў Лявон, высмаркаўся, выцер аб замусленую калашыну рукі і пайшоў паволі да свае хаты.

Захадзіліся дзеці, спявалі дражнёлку яму наўздагон:

- Ражок, Ражок...

- Бульбяны піражок...

Спявалі і разбягаліся па ўсіх вуліцах мястэчка, па яго сялянскай частцы, што падабралася да самай рэчкі з сваімі агародамі і паплаўцамі. Разбягаліся і па галоўнай вуліцы, дзе базар, дзе крамы, дзе стаіць манаполька і «банк», дзе жыве сам пан ураднік.

Разбягаліся і разносілі навіну:

- А сёння Хвёдара білі, Жаранкова... От жа ж білі, от жа ж якатаў, якатаў, а потым і змоўк. Авечку ў Панкрата спёр, а Панкрат за яго і вазьміся з братамі. Авечку ў кубле знайшлі, а аўчыну аж пад самым вільчыкам у хляве... От жа ж якатаў, от жа далі злодзею...

А ля бярвення стала цішэй. Разышліся і апошнія дзве маладзіцы. І толькі тады з-за струхлелае шулы варот высунулася хустка, а за ёй другая. Хустачкі з старой палатанай спадніцы, даўно злінялай і парванай, бо выбіваліся косы з-пад дзірак і пад хусткамі віднеліся напалоханыя і зарумзаныя твары. Азіраючыся, дзяўчынкі падышлі да бярвенняў і, засопшыся, пачалі ўвіхацца ля нерухомага тулава.

- Татка, а татка!

- Ну, устань жа...

І меншая пачала румзаць, адной рукой уціраючыся падалом запэцканае спаднічкі, другой штурхаючы за рукаў пінжака.

Тады старэйшая дала ёй кухталь у спіну. «Ты ўжо ў мяне змоўчыш... вось паспрабуй яшчэ! Ну, цішай жа...» Але й сама не ведала, што рабіць, і цяжка было б распазнаць, аб чым думае гэтае дзіцянё, і ці думае яно што, ці не. Не даўшы ніякай рады, глядзела дзяўчынка спалохана на вуліцу, на шаты кляноў, што ля Мялавай хаты, - дужа ж там вароты прыгожыя. І новыя яшчэ - сёлета ставіліся. Глядзела на агароды, дзе расцвітаў прыгожы мак. Але чужы мак. А таму мо яшчэ прыгажэйшы. А ў Панкратавых у саду гудзелі пчолы ля вулляў. І цвятоў колькі гэтых самых у садку: і панічы, і вяргіні, і агнявыя настуркі. А прыгажэй за ўсё - панічы пад сонцам...

А сонца лезла сляпіцаю ў вочы, у рваныя лахманы спадніцы, лашчылася аб падзёртыя карослівыя ногі. Лашчылася і грэла. І таму на змардованым дзяціным твары з'яўляліся глыбокія маршчынкі, а самі рукі разам з сонцам лезлі ў дзіравыя лахманы спаднічкі і шкраблі здратованае каростай цела, самі сабой паціналіся пад сонцам плечы, каб соладка пацерціся аб жорсткія рубцы сарочкі. Рысы твару скрыўляліся не то ўсмешкай радасці, не то пякучым болем. І ў гэтай радасці і ў болю гэтым былі - вясна, што ўпрыгожылася панічамі і пчаліным гудам, сонца, аднолькава лашчыўшае панічы і паз'едзеныя прусамі і каростай рукі, і забруджаныя лахманы, і жорсткія, склізотныя, разучыя, як асака, рубцы сарочкі.

Таму й не пазнаць было: ці то радасць, ці боль пануе на маршчакаватым твары, у вачах якога была чыстая, без хмурынкі і плямінкі, небавая сінь.

 

5

 

Напрэю дзевятнаццаць год. Але і ў гэтыя годы ў яго ўжо задужа сутуленая постаць - і ўвесь ён нейкі нязграбны, «нехлямяжанькі наш», як кажуць дзяўчаты. І ўсе яны дужа шкадуюць хлапца, як жа, бежанец, колькі тае бядоты набраўся, але каб бліжэй да хлапца, дык не...

- Трохі з прыдурам... - кажа пра свайго парабка дзядзька Іван.

Хіба не з прыдурам, калі вось угледзіцца часам у што і глядзіць. Глядзіць, здаецца, і не зварухнецца, а запытай яго, што ён там бача, - хіба адкажа. Лыпне вось так вачмі белесаватымі, і нібы ўглядаюцца гэтыя вочы не на свет божы, а ў нутро сваё і толькі потым ужо спытае:

- Аб чым гэта вы?

Спытае і ўглядаецца здзіўлена.

- Зрок у яго нутраны... - кажуць бабы-суседкі. А які гэты зрок, запытай іх, і не адкажуць.

- Такія ўжо людзі бываюць, глядзяць, глядзяць на свет божы, а калі ў гэтым свеце ды багата той прыкрасці, дык і пачынаюць вочы глядзець навыварат, усё ў сябе ды ў сябе...

- Дзіва з таго... У Цыбала шчэ не так паглядзіш... сядзіць жа вось хлопец на адных гурках леташніх...

І цураюцца дзяўчаты Напрэя - неяк няёмка з ім, задужа ж нудны хлопец. Не тое вунь, што папоўскі парабак Андрэй... У таго вочкі так і бегаюць, так і шныпараць, як мышаняты тыя. А гаваркі... Да чаго Лёкса Козіха на язык спрытная, але ж і тая не патрапіць. Праўда, і Напрэй на слова не паддасца, дзіва што ціхі, можа і адсекчы часам.

- Напрэйка, Напрэйка, ці не час жа ўжо коні паіць, - крычыць Цыбалава касавокая дачка Макрыда.

- Калі час, дык вазьмі і напаі...

- Дык ты, Напрэйка, без жартаў, а то бацька вунь прыйдзе, дык усчане лаянку.

- Вялікі мне клопат...

- Дзіва-то, татка гаворыць: лодар, пракавешны лодар...

- Жлукта ты касабокая, от я табе за лодара прачышчу твае вочы нямытыя, бач, паганяцелька знайшлася...

- Бежанец ты, прэжанец... - дражніць Макрыда, не ведаючы, чым найлепш упікнуць Напрэя.

- От я цябе аброццю як лузну за бежанца, дык перакруцішся!

- От жа вытні толькі!

- І вытну.

У хату ўваходзіць сам Цыбал. Пад ім рыпяць масціны, угінаецца ўслончык, калі садзіцца Іван ля стала.

- Дык гэта вы зноў, ліха вашай матары... Няма на вас ніколі ўгамонку. То б як добрыя людзі, а яны хіба толькі языкі часаць... Ну, ты чаго разявілася? Айда на гарод... А ты, Напрэй, запрагай коні, ды трэба хіба на млын, бо без хлеба, глядзі, застанёмся... Ды не баўся, глядзі... Ды назірай там за коньмі, не стаў ля махаў блізка... Ды сачы за мяшкамі, бо зноў які злыдзень памяняе табе там, калі будзеш абібокай. Ды глядзі, гарцы давай з таго мяшка, што палаплены, нечага там, і так з іх хопіць. Ды не лянуйся і глядзі, каб добра быў камень падпраўлены, а то ізноў, барані Божа, дабро перамелеш на субар. Ізноў жа, каб не перапаліў занадта. Ды скажы млынару, каб задужа з гарцамі не раскідаўся, бо ў мінулы раз цэлага паўмяха растала, як яго й не было... Дзіва тое - скуль яно ў млынара гэтага што й бярэцца - адзін вятрак, а чабаты заўсёды новыя...

- Усё, дзядзька Іван?

- А ты слухай, нечага там усёкаць. Коням возьмеш сена, аўса ж не бяры, бо пройдзе шчэ час... Ну, ды сабе хлеба вазьмі, вунь ад той буханкі, пачатае... Хіба там яшчэ Макрыдзе скажаш, няхай які скрылёк сала дасць. Вунь яна на дварэ, дык гукні хіба, няхай у клець сходзіць... Ды пастой жа, я сам ужо схаджу, а то пачне кожны ў клець валэндацца, дык гэта самае... Дык ты запрагай тым часам... Не поены яшчэ? От каб на вас пранцы... Калі сам не дагледзіш, дык яно ўсё і стаіць. Дык ты ўжо не стой, не стой, хлопец мой, ды будзь больш рахманым...

Іван ідзе ў клець, доўга поркаецца з цэлым дзесяткам засавак і замкоў, што павіслі на дубовых дзвярах. Унізе дзвярэй невялікая дзірачка - у самы раз кату пралезці.

- Мяне злодзі не возьме, не... сам усё ўдасканаліў, сваім надумам... Каб засаўку адсунуць, дабярыся-ка да замка раней, а замочак шурубавы, падбяры-ка паспрабуй ключа да яго... Уга...

У клеці змрочна. Але праз адчыненыя дзверы відаць вялікія - пад самы вільчык - сусекі, ды яшчэ дзежкі з просам, з грэчкай, кублы з розным рыззём. Тут жа невялічкая Напрэева скрыня, зялёная, з бліскучым замком фабрычным.

- Важнецкая, ліха на яго, скрыня. У нас дык не ўмеюць вырабляць такіх. І замок важнецкі, от бы ў самы раз на стопку.

Але найбольш за ўсё цікавіць Івана Напрэеў ліхтар: круглы, з такім жа круглым тоўстым шклом, і на шкле тым кажан. Усё багацце Напрэева, усё, што засталося ад бежанства.

- Дужа ж малаціць з ім зручна, не тое, што з смалякамі. Але ж і прадаць не хоча... І навошта, падумаеш, яму?

Дастаўшы з-пад столі бабку, малаток і косы і адрэзаўшы скрылёк сала, Іван праводзіць Напрэя за вароты, а сам садзіцца пад старую грушу на дварэ і клепіць косы. На дварэ сонечна. Пад павеццю весела кудахчуць куры. На высокім плоце, закіданым свежымі хваёвымі бярвеннямі, паважна расхаджвае певень і раз-пораз, гучна шалёпаючы крыллямі і выцягваючы дугой шыю, соладка закрывае вочы і кукарэкае так важна, так гучна, што аж гірчыць суседаў сабака Жоўцік.

- Каму, каму - майму гаспадару-ру-ру, - заліваецца, здаецца, певень. І ў адказ яму кудахчуць пад павеццю куры:

- Ко-ко-ко-ко...

«Іш ты іх, раскудахталіся, - думае Іван, мацаючы пальцам лязо касы, - птушка без розуму, а і тая сонца чуе, яечку радуецца. Прадаць хіба вось у нядзелю, глядзі, з сотню сабралася. Дый жыта мяхі са тры, ізноў жа сяго-таго пакрысе - можна і ў банку аднесці на процанты. Ізноў жа за малатарню трэба яшчэ рэшту заплаціць, ахвота потым пеню плаціць у земства. Ну, ды на малатарню можна й так грошы сабраць... Салдатак цяпер плойма. І ў кожнай жа шнур сякі-такі ёсць. Можна й Напрэя паслаць папакошваць, дагаварыць таго, другога. Вось табе й грошы. Альбо на адработ - і яшчэ лепей: жывая капейчына потым. З Напрэем трохі не вязе, не паддаецца хлопец, агрызацца часам любіць...»

Даўно вярэдзіць думка адна Іванаву галаву. Не шэньціць нешта з сям'ёй. Жонка хваравітая. Як радзіла сына Міколу, дык от і пачалося, усё на жывот тыя крыўды, няйначай, немач якая. Сын жа яшчэ малы. Дачка і нішто сабе, але ж мечаная, як тыя людзі кажуць. Касавокая - бяльмо гэтае самае. А сама ўжо на выданні. Яно, канешне, жаніха заўсёды можна знайсці, бо сусекі ж поўныя, ёсць што і на пасаг даць. Ды каму ж ахвота гэткую ж гаспадарку ды ў разор пускаць. Ты, можна сказаць, петаваўся - круціўся, дзе мазалём, дзе і галавой выкручваў, а тут і аддай якому чорту лысаму. Каб яна, дзяўчына гэтая самая, ды была б без заганы, тады, канешне, не вялікі і клопат, даў якую цёлку ды кубла там - і гара з плеч далоў. А тут на касавокую хто пагаліцца. Тут ужо і каня трэба ў пасаг, ды яшчэ і зямлі прырэж, адным словам, пусціся ў разор, вось так па ветру і пусці гаспадарку... Канешне, прымака трэба... А дзе ты яго возьмеш, каб гэта ды паслухмяны, ды набытлівы, ды каб усё гэта капейка да капейкі, як кажуць добрыя людзі. Хіба вот Напрэй, але ж як ты да яго падыдзеш, справа гэта - не шулу абцясаць, тонкая справа. А яно б нішто, якраз да двара падышоў бы, бо хоць і дзёрзкі крыху хлапец, але ж ля гаспадаркі спрыт мае, працавіты хлапец, жылаваты... Хваткі хлапец... І да касы, і да плужка... Не зломак...

І Іван аж кінуў кляпаць, усё думаў і раздумваў, што б выйшла, калі б гэта ды ўзяць за прымака парабка Напрэя. І толькі тады ўзяўся зноў за касу, калі пачала завіхацца пчала ля носа - заляцела з суседавага вулля.

- То ж стварэнне! І ўсяе яе з кіпець, а шчэ лезе кусацца... Вот жа й людзі часам - сам з выжлу, а вэрхалу наробіць такога, што пранясі ты, Божа...

 

11

 

Складалі апошнія капы ў старасты. Сам стараста, яго сын Банадысь, дачка Агата, Аніс-шахцёр, сусед, Валодзька-пастух ды з дзесятак салдатак. Дапамагала старастава жонка, хіба от толькі для прыліку. Бо ўсё войкала, бедавала, што нешта вадка ёй, мусіць, выпіла вады з канавы - ад таго і мутарна. Вохкала, і садзілася на абскубленыя купіны, ды, сашчарэпіўшы рукамі жывот, качалася ўзад, уперад, ды прасіла ў Бога, каб жа даў ды хуткую смертухну.

- То ж жытка мая, жывеш, жывеш, і ўсяго ў цябе ўдосталь, дзякаваць Богу, але ж няма, каб гэта ды на душы спакой... каб гэта ды супакой табе, ды лагодненька ўсё, ды мір табе ў хату...

На хвіліну замаўкала Хвядосіха. Тады чуваць, як шархацяць спрытныя граблі, як жартуюць салдаткі з Анісам, завіхаюцца ля яго, кпяць над ім:

- Чаму, Аніська, не жэнішся, сапсееш вось так, хто на цябе тады і пагаліцца?

- Уга, колькі вашага брата, а вы на што?

- Мы? Не для твайго, браце, носа. Бывае, апячэшся часам...

- Ну, каторая гэта там? Ты, Аксіння? Ну, падыходзь!

- Ідзі ўжо, йдзі, кручаны... А то грабільнам...

- Не падгадзь, Аніс, трымай марку, - кідае паважна Валодзька-пастух, дастае капшук, круціць цыгарку і доўга выбівае крэсівам агонь, дзьмухае на трут і смачна закурвае.

Дужы хлапец Аніс, дзябёлы. Чорныя валасы ў яго, нос з гарбылінкай, пранозаватыя чорныя вочы. І хада гэткая ж, паглядзіш, воч не адарвеш. Кажуць, белабілетнік Аніс, порча нейкая там... Але якая справа дзяўчатам да порчы тае, да нейкага там ліха... ліпнуць як мухі на мёд. Ліпнуць дзяўчаты, ліпнуць салдаткі.

- І-і, таечка, хлапец жа не хлапец, а...

І не ведалі, чым жа назваць...

І завіхаліся ля капы маладзіцы, накідваліся ўсе на Аніса, дужаліся, закапаць у сена стараліся. Тая за сарочку шкумане, тая сіліцца падножку даць, другая на бок паваліць. Але дзе ты з ім, з чортам дужым, справішся, мільгацяць толькі лыткі салдатак, спелыя лыткі, белыя ды дзябёлыя, калены загарэлыя, сонцам налітыя, ды анучы з аборамі пяньковымі ды раменнымі, скуры чорнай сырыцовай. Задыхаліся, сапуць, а ён шкуматае.

- Прузыначка, а маманькі мае, ты яго пад ныркі, пад ныркі, гада печанага...

А гад печаны і сам ужо ўстае, ад сена атрасаецца, з-за каўняра пацяруху абірае.

- Будзе ўжо, досыць... Не ўгаманіліся? А то задам пытлю...

- Ну, вы тут раскапушыліся, усю капу раскідалі... Айда, айда, нечага гармідар ладзіць, - не то сурова, не то лагодна абзываецца дзядзька Хвядос, і не распазнаеш, што хаваецца пад яго чорнымі вусамі: ці то ўсмешка, ці то калючыя маршчакі незадаволенасці.

А маладзіцы ўжо спяваюць. Ідуць рад у рад, варушаць, грабуць духмянае сена, сагінаюцца спацелыя - і адзін за адным кладуцца ў копы пласты. А песні льюцца па пожні, далятаюць да высокае кручы і разлятаюцца рэхам па дняпроўскіх лугах і палях, аж да самага сіняга бору. І ў песнях тых і пахучыя краскі, што вянуць, хіляцца пад касой востраю, і чайкі, што лятаюць вунь над алешнікам, над асакой узбярэжнай, лятаюць ды кігікаюць, ды гэтак жа жаласна. Тут і доля дзявочая, доля жаночая, і свёкар, і дзевер, і злая свякруха-мачыха...

- Ух ты... - вырываецца ў Хвядоса, і сам ён не ведае, што ў гэтых словах хаваецца. Дзіва, сена колькі таго аднаго. На ўсю зімку хопіць, ды прадаць яшчэ колькі можна, ды пазычыць там на адработ. Латва з гэтымі салдаткамі, ты ёй бульбы пуд, а яна і стараецца, душу сваю перад табой пакладзе, бо ласку тваю, дапамогу тваю адчувае... Але й сумна крыху. Не ў сене ж, не ў бульбе адной услада тая чалавечая... Вун квактуха сядзіць, стары вылівак... Адны косці... Вядома, у гаспадарцы яна свой чалавек, найлепшы дапаможнік і саюзнік твой... Хто, як не яна, лепш ад усякіх зарубак памятае, каму і што пазычана і хто колькі павінен прынесці і прывезці: ці то бульбы асьміну, ці ячменю пуд, ці гарнец тых канапель... Сядзіць, як квоктала, над скрынямі ды над кубламі. Але...

Вільгаццю павеяла з Дняпра. Вечарэе. За алешнікам Настуля капу складае, толькі й мільгацяць яе анучы белыя. Сур'ёзная маладзіца, не тое што другія, якія на хлапцоў квапяцца. Да яе не падступішся. І крамяная маладзіца. Ох-хо-хо...

Прыемнай стомай млеюць плечы, гэтак соладка пацягваюцца. Каб жа ды нікога поблізу тут... І аглядваецца, як воўк, Хвядос. Не відаць, усе за алешнікам. Ціха падкрадваецца.

- Дапамагчы, Настулька, змарылася! - шэпчуць перасохлыя вусны.

- Ды што вы, дзядзька Хвядос, якая тут змора. Сена складаць - адзін адпачын.

- Дык я ўжо табе пасаблю крыху...

- Ды навошта?

- Ну, ну...

Хвядос зграбае сена і стараецца разам падносіць да капы. Вось кладзе яна пласт, умінае яго граблямі, усклаўшыся ўсім тулавам на край капы, аж бялеюць лыткі яе паверх высока закручаных ануч.

- Дай от я ўвамну...

Кранаюцца рукі дзябёлага цела. Дыхае цяжка і засаплася ад абярэмка. Кружыць пах голаў, і колюць твар сухія сцяблінкі асоту, ды пяршыць у носе свежы сенны пыл, от жа хочацца чыхнуць так, каб на яго нарад.

- Настулечка, слухай... - задыхаецца Хвядос, схапіўшы яе адзаду за рукі і налягаючы на яе ўсім сваім грузным целам. Ссоўваецца край капы і спаўзае кудысьці набок. Здалёк ледзь-ледзь даносяцца галасы грэбшчыкаў.

- Дзядзька, а дзядзька, што гэта ўссела на вас, хіба то з розумам...

- Ціху, Настулька, от жа ўсім пасаблю, чым хочаш...

- Адчапіцеся ж адразу, а то людзей паклічу. Бач ты яго, збязулеў на старасці... Вот, вот, крыкну...

Хвядос шырокай далоняй - цёплай, пухнатай - закрывае рот Настулі, прыгінае долу яе голаў, падгінае пад пахучую капу і раптам адскаквае як уджалены, хапаецца ротам за палец.

- У-у... язва, паскудніца... Вот павыбіваю зубы.

- Ану паспробуй... Бач ты яго, да чаго дайшоў. Да жонкі ідзі вунь, калі прыспічыла...

- Пашкадуеш яшчэ...

- Ідзі, ідзі, распуснік, а то аперажу грабільнам так, што не ўстанеш. Забаўку знайшоў! Калі ў мяне чалавека няма, дык думае, і ўзяў... Юр на яго напаў, скажу вот людзям. І дзе тыя вочы падзеліся, сораму не бачаць...

- То ж гадаўка, і зачапі яе... Ты ўжо ў мяне пастой, пачакай. Пачакай, пачакай, ты ў мяне дачакаешся...

- Ідзі, ідзі, цокала старое, пакуль грабільна аб твой хрыбет не апаганіла!

Падлыпаў Хвядос да баб, як воўк з хрыбтом перабітым. А тут яшчэ лягушкі дражняцца: ква-ква-ква... сівая галава...

- Ну і шэльма, увесь палец скрывяніла. Пастой жа, узнаеш ты маю ласку!

І ўвесь вечар як пабіты хадзіў Хвядос. Соваўся з кута ў кут, без дай прычыны вытнуў сабаку, прывязанага да дроту, што йдзе аж да клеці і па самыя ганкі. І доўга скавытаў той у будцы, ліжучы выцятае месца. Аблаяў апошнім словам парабчанку Хадоссю за тое, што не патрапіла ў час карэц вады падаць, каб памыцца перад вячэраю.

- І дзе ты там цялёпкаешся, рабуха, па смерць хіба пасылаць толькі!

Вячэраў моўчкі. Вытнуў лыжкай па лбу меншага сына, калі той пачаў бурболіць у лыжку. Той аж заліўся крыкам, нарабіўшы гармідару на ўсю хату.

- І шалёны ж нешта, усхадзіла цябе нялёгкая... - буркнула старая, уціхамірваючы малога. Угледзеўшы перавязаны палец Хвядосаў, запытала: - Дзе ж гэта собіла так?

- Еш ты ўжо, пудзіла старое...

Канчалі вячэру моўчкі. Канчалі і разыходзіліся кожны па сваім кутку. Хвядос пайшоў начаваць у пуню.

- Падушку ўзяў бы хаця...

- Пад сябе падсцілай, табе ж усё мулка...

- А каб табе, мой Божа, ды сапраўды замуліла!

- Ціху, ціху ты...

- А вось і не сціхну!

- Ну, ну...

- І нечага нукаць там, знайшоўся нукала...

- Падперажы язык!

- А каб цябе ўжо радзімцы спяклі, то ж мая галованька непрыкаяная...

- Пайшла ўжо, рассыпалася, паехала... - мармытнуў Хвядос і выйшаў за дзверы...

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

3

 

Сабіраліся часта ў Івана Іванавіча пакурыць, а то і проста так пасядзець, пагутарыць, навін якіх тых паслухаць, бо траплялася часамі газетка якая ў каваля, часта ён горад наведваў. Заходзіў звычайна Напрэй Казёл, Валодзька-пастух - калі вольны ад працы. Заходзіў Аніс-шахцёр, заглядаў часам канавал Зміцер ды сія-тыя з лазакрутаў, маладзейшыя каторыя.

Іван Іванавіч рабіў па вечарах у хаце ўсякую дробную работу: то карэц запаяць, то ключ зрабіць новы, паправіць замка. Усякую работу, дзе не трэба ні накавальні, ні горна. Для паяння ж ён прыладзіў нават невялікі горн, дзе прыладжана было старое калясо ад веласіпеда і да гэтага каляса прымайстравана адмысловая ручка. Калясо круціцца, а па ім бяжыць раменны пасак, дык круціць у бляшаным барабане паддувальнае кола, якое і наганяе паветра ў горн. Крутнуў разы са два - паяльнік як след.

- Анжынер наш, адно слова, - кідае Валодзька-пастух, трымаючы ротам кавалачак паперы на цыгарку, бо рукі заняты развязваннем капшука, - а ці змог бы ты, Іван Іванавіч, ну, скажам, машыну пабудаваць?

- Не... што вы, дзядзька Ўладымер... Голымі рукамі машыну не пабудуеш, на гэта завод патрэбны, анжынеры патрэбны, зноў жа тэхнікі там...

- Дзіва што... быў я вот у нядзелю ў горадзе, дык там такую машыну паставілі, што ўсю газу адмяніла. У кожнай гэтай хаце лямпкі такія адмысловыя, а да іх дрот. І гарыць, і як яшчэ гарыць...

- Я ж таксама ў Кацярынаславе бачыў, калі ганялі плыты мы пазалетась. Дык там таксама па дроту, - дадае Напрэй Казёл. - Мусіць жа, ён дуплінаваты, дрот гэты. Ну і цячэ па ім што-небудзь і гарыць у гэтых самых лямпках. Дзіва-то, да ўсяго дадумаюцца людзі. Я шчэ маленькім быў, калі гэтыя самыя газавыя лямпкі з'явіліся. Тады шчэ з лушнікамі жылі мы, вісіць вот у кожнай хаце боўціла такое, на ўсю хату, не павярнуцца... Колькі тае кудзелі пасмалілі дзяўчаты ад лушнікоў гэтых. А лямпак браць не хацелі: «Чорт мо выдумаў яе, а ты палі». Ну ды і зноў жа прамудрасць з гэтым паленнем, дый газу купляць трэба. А смалякі не куплёныя... Цяпер-то яно, канешне, і смаляка часам цяжэй дастаць, чым газы той фунт. Ды і святлей яно з лямпай. Памятаю, як купіў поп лямпу, тады пачала і вёска купляць. А цяпер дык яно ўжо й не дзіва. І колькі гэта лямпаў розных развялося. У школе вунь вісіць у класе, дык, мусіць, па хунту за вечар жарэ, газы гэтай. Каб, скажам, у хату, дык гаспадарку звяла б усю. А цяпер, бач, па дроту. Няйначай дуплінаваты...

- То, дзядзька Напрэй, не дуплінаваты, а звычайны дрот. І йдзе па ім электрычнасць. Ну, як бы маланка тая. Канечне, яе і не ўгледзіш, электрычнасці гэтай, але як дойдзе яна да танюткіх дроцікаў у лямпе, дык дужа гэта яна іх напальвае. Яны і свецяцца, таму і святло, і зыркае святло. Ды вот я пакажу вам электрычнасць гэтую самую.

Іван Іванавіч дастае з шафы некалькі батарэек для кватэрных званкоў, якія папраўляе ён для фальварка. Прыладжвае некалькі дроцікаў.

- Ну, а цяпер вазьміце, дзядзька Напрэй, у рукі гэты дроцік.

- Ну што ж, і вазьму...

- А цяпер дакраніцеся пальцам да гэтага дроціка.

- Ну што ж, і дакрануся...

Усе з цікавасцю пазіраюць на Напрэя, на яго лапушыстую бараду, бучныя вусы і густыя бровы, з-пад якіх выглядаюць цёплыя шэрыя вочы. Раптам Напрэй аж падскаквае злёгку, кінуўшы з рук дроцік.

- Каб жа цябе нарад, дрот, а кусаецца, - аглядае з здзіўленнем свой палец Напрэй. - Аж шчыміць.

Усе спрабуюць кусанне.

- Вот вам і электрычнасць. Пусці яе ў лямпачку спецыяльную, яно і свяціць будзе, - і Іван Іванавіч прыладжвае малюсенькую лямпачку ад кішэннага фанарыка. Лямпачка гарыць, і ўсе здзівавана пераглядаюцца.

- Глядзі-ка ты...

- Дык вось, у горадзе там, заместа вось гэтых скрыначак невялікіх, машыны вялікія, яны і вырабляюць электрычнасць, ды такой сілы, што дакраніся чалавек да дроту - адразу і заб'е, як маланкай. Але зачым жа дакранацца. І вось электрычнасць цэлы горад асвятляе і нават машыны можа круціць, спецыяльныя цягнікі рушыць, уга, дзе толькі ні прыносіць яна карысці чалавеку.

- Бачыў ты! Да чаго чалавек не дадумаецца! І ўсё на патрэбу сабе, каб, значыцца, жыць лягчэй на гэтым свеце... Усякую гэта машыну сабе паставіў. Вун яшчэ на маёй памяці, дык хлеб усё на ветраках малолі. Хоць яно, канечне, і там не без розуму, усякае прыстройства там, але ж звычайнае прыстройства. Быў яшчэ, праўда, у пана валовік. Ну і ўсё. А цяпер вось у воласці паравы млын. І куды табе шпарчэй, чымся на ветраку. Дый мука лепей. Ізноў жа і ветру чакаць не трэба, і ніякага табе клопату: ні махі табе не паламае, ні парусу не парве. Ізноў жа аўтамабілі... Вун кляпчанскі пан, дык, кажуць, з-за межаў прывёз машыну сабе, аўтамабіль. Сам сабе йдзе. Ні коней табе, ні валоў - анічога. Ды яшчэ як ідзе, аж саша гудзіць, колькі тых коней адных папудзілася ды калёс паламалася.

- Каму, дзядзька Ўладымер, аўтамабіль, а каму конь калечаны, - устаўляе слова канавал Зміцер. - Яно-то, канечне, добра пану ў аўтамабілі, а мужыку з канём смерць.

Рэдзенькая бародка Змітрава трасецца ад смеху, і ўся яго галава з шэрым воспенным тварам хуценька паварачваецца на доўгай шыі, шукаючы спачування сваёй думцы.

- Не кажы, браце... Канечне, пан пра сваю карысць клапоціцца, не пра тваю ж...

- Гэта правільна вы сказалі, пане Ўладымер, - гаворыць Іван Іванавіч, шуруючы наждачнай паперай дно карца. - Паны вечна клапаціліся аб сваіх інтарэсах. Аб іх яны клапоцяцца і цяпер. Хоць бы й машыны сабе - ізноў жа каму ад іх больш карысці, нашаму хіба брату?.. Уга... Вун мой брат у горадзе на заводзе працуе. Колькі іх там яшчэ працуе. А як сталі новыя машыны ставіць, дык каторых з рабочых і на вуліцу выгналі, ды яшчэ колькі...

- Дык тут, мусіць, вайна вінавата, Іван Іванавіч?

- Пры чым тут вайна? Вайна сама сабой. А хіба вайна карысць якую дае?

- Ну канечне, Іван Іванавіч, аніякай карысці. Вун у Каравашкі сын звярнуўся, ходзіць цяпер на двух мыліцах. Канечне, ніякае карысці тут акрамя шкоды. А колькі пабітых? Ізноў жа параненых? Ды не дабіцца цяпер ні да чаго, не дакупіцца, і дзе яно што і падзелася? Канечне, цяжка нашаму брату. Ды што калі жэрдку якую плот залапіць, дык паспрабуй сунься ў лес панскі, такую цану ўздулі, што хоць ты трымайся. А за папас у лясу?

- Уга, хутка і зусім упраўляючы хоча ўсякі папас адмяніць, псуюць, кажа, задужа лес каровы, - перабівае Напрэя Ўладымер.

- А арэнда пожняў?

- А шурка дроў?

- А паспрабуй якую дзесяціну на панскім прысеяць?

- Дзіва што... Ходзіць вун па парку, як певень той галанскі, упраўляючы наш, пуза адрасціў - колькі б тых свечак адных нарабіў бы з гэтага сала паганага. Ды што б яшчэ было, калі б не ездзіў штогод сала спускаць на тыя цёплыя воды. Канечне, у вялікі яму клопат вайна!

- А дзе ж, між іншым, пан падзеўся, каторы год нямашака?

- Ды прыязджалі вось некаторыя нашы хлопцы - салдаты, з Пецярбурга прыязджалі. Дык казалі - у інтэндантах там дзесьці служыць, поўным генералам...

- Яно, канечне, не падпрапаршчыкам якім, вядома, генералам...

- Ну што ж, на тое, браце, вайна, яна нікога не мілуе, ні мужыка, ні пана. Канечне, пану вальготней, нашаму брату цяжэй. Але што ж ты зробіш. Канечне, прыходзіцца і цярпець. І як жа без вайны. Сядзелі б так, ну і прыйшлі б немцы, і пазабіралі б усё. І цара свайго пасадзілі б табе. І сказаў бы, ану, хрысціяне-мужычкі, а пакланіцеся майму Богу. А калі што, уклеіў бы бізунамі. От ба...

- «От ба, от ба»... - перадражняе Ўладымера Напрэй, - і галава ў цябе не галава, а часам торба...

- Ты гэтак чаму?

- А таму, што дурань ты бываеш задужа часам... У цябе сыны малыя, дык табе і вайна - столькі-то клопату... А ў мяне вот на вайне адзін, ды другому трэба рыхтавацца, ты ж замест яго не пойдзеш. Дык табе і вайна патрэбна...

- Ды яна і мне ні к чаму... Але ж як жа так? Ну, скажам, не ваяваць... Ды што ж з таго будзе? Ну, прыйдзе немец, павыразае ўсіх...

- Дужа там павыразае...

- А табе ведаць? Вайна ж - гэта не жартачкі, не свята прыстольнае...

- А калі не жартачкі, дык і ваяваць не трэба...

- Ён ізноў! Дык немец жа прыйдзе...

- А няхай яны таксама не ваююць... А ў немца хто? Тыя ж самыя хрысціяне-мужыкі ды рабочыя, скажам... Працуюць жа ў фальварку аўстрыйцы, крыху наламаліся гаварыць па-наскі, дык і расказваюць: і ў іх жа і поле такое, і гароды, і ўсё, адным словам, як у нас, хіба гаспадарку толькі лепш даглядаюць. Дый сам жа ты не раз мо бачыў, як працуюць яны - дасціпныя хлопцы: і ў полі, і ў хляве, дзе ты яго ні пастаў. І да дзяўчат не зломкі - наскія хлопцы. Глядзі, Аніс, наладзяць яны табе канкурэнцыю.

- Кіньце вы, дзядзька, уздумалі...

- Дык аб чым жа я... Вось збіўся крыху. Ага, аб вайне. Вось і выходзіць па майму розуму - зачым ваяваць, зачым калекаў рабіць, зачым гэта мне ды аўстрыйскага мужыка біць. Няхай бы выйшаў наш цар Мікалай, а насупраць яго Вільгельма, і няхай бы там валтузіліся, калі ўжо так укрыўдзілі адзін другога. Няхай бы і дужаліся там, ці як. Які б перадужыў, таму і пабеда, дый плата там якая, ці што. І не смертаўбіўства табе, ні калек, анічога...

- Так, дзядзька Напрэй, добры план у вас. Лепш яно, канечне, па-вашаму. Але хто ж гэта паслухае... Няхай бы сабе дужаліся. Няхай бы галовы паскручвалі адно другому. Толькі б непраменна нашаму Мікалаю не здужыць Вільгельма.

- Чаму ж гэта так?

- Ды казалі людзі, бачылі цара ў Магілеве, дык дробны, кажуць, не дужа штоб з віду гэта, нехлямяжы зусім...

- Хто гэта табе дзейкаў?

- Ды Мікіта з Плёсаў.

- Дужа ён бачыў цара там. Намылілі добра жандары шыю яму, калі па дурасці ў цягнік царскі сесці хацеў. Дні тры пратрымалі яшчэ. Ну й, кажа, з'ездзіў, дзесятаму закажу.

Разыходзіліся позна. У хаце заставаліся звычайна яшчэ Пінька-лазакрут ды закройшчык Мойша Гінт. Маўчалі колькі хвілін, унурыўшыся ў нумар мясцовай губернскай газеты. Іван Іванавіч укладваў у шафу струмант.

- Дык, кажаце, кепскія справы, Іван Іванавіч?

- Не сказаў бы, каб добрыя. Яно, вядома, як разумець. На фронце адступаюць. Начальства звярэе. Народу штодзень трэба болей. Прызыў вот-вот павінен быць... А тут нядоімкі... А земства хоць бы палец а палец стукнула, каб паклапаціцца аб чым. Дык вось якія справы!.. А ў вас як там?

- Ды яно цяжка, Іван Іванавіч... У лазакрутаў жа ў нас сабраліся самыя ўжо тыя, што й зарабіць ніяк іначай не змогуць. Трымаюцца за работу, як сук за дрэва. А ў мястэчку дужа ж ужо сіяністы налягаюць. Так налягаюць, што ва ўсіх галовы ходарам.

- А вы насы і развесілі...

- Ды мы не развесілі. Толькі цяжка, сапраўды цяжка. Пачні гаварыць - і не слухаюць...

- Дзе там... І слухаць не будуць, калі вы будзеце ў маўчанку гуляць. Хто ў іх там? Меламед гэты самы? Дык з яго ж пясок сыплецца. Хіба зяць яшчэ Нохімаў, што з горада наязджае? Ну з тым ужо трэба лічыцца. Але ж хто ён такі? Лавашнік? Магазін гастранамічны, кажаце? Павінны вы гэта на зарубку ўзяць: хто кодла гэта самае арганізоўвае. Меламеды, лавашнікі, усякія там багацеі вашыя: Лейба-крупадзёр, Алтэр... Ім-то што.

- Дык жа, Іван Іванавіч, і шаўцы там і вунь швачкі...

- Я і кажу... Павінны вы неяк ставіцца да ўсяго гэтага...

Спала мястэчка. Чорныя прагаліны акон - падслепаватых, замурзаных - упіраліся невідушчым зрокам у сонны пыл суцішанай вуліцы. У цяжкой задуме драмалі стрэхі над пахіленымі хатамі - вось-вось упадуць, рассыпяцца, каб не гэтая чулая, старожкая цішыня летняе ночы. І калі пачнуць шарэць саламяныя стрэхі ды купчастыя ліпы, ціха рыпнуць дзверы ў Івана Іванавіча і згасне ў вокнах цьмяны бляск кавалёвай лямпы.

- Дума разышлася, - кажуць жартам сяляне. Другія клічуць банкетам.

- І ахвота яму газу паліць, то ж позняя птаха... А чалавек усё ж сур'ёзны, з ім пагаварыць можна.

- Дзіва што! Каваль...

 

6

 

Аўстрыйцы касілі, грэблі сена, сушылі, складвалі ў стагі. Не маглі толькі патрапіць з усімі, з мужыкамі, каб копы такія ж самыя складваць. Выходзілі ў іх трохі іншыя. Але столькі і той бяды. Жылі аўстрыякі ў панскім гумне, а зімой перабіраліся ў фальварковую лазню. Быў і стражнік, раней прысланы з воласці, жыў пры аўстрыйцах, а цяпер ужо каторы месяц жылі яны без усякае варты. Раней людзей крыху дзічыліся, а цяпер хоць бы што, вун па нядзелях на мястэчка ходзяць, зубы скаляць з дзяўчатамі, з маладзіцамі. Па нядзелях такую музыку наладжвалі, што збягаліся ўсе дзяўчаты, каб падзівіцца на аўстрыйскае ігрышча. Скрыпак з пару аднекуль дасталі, бубен. Ды яшчэ сякія-такія прылады. Возьмуць кій звычайны, і на яго струны нацягнуць, ды прыб'юць бляшанак колькі з-пад кансерваў, ды наверх кружалак бляшаных, ды як пачнуць гэта ў тахт бубну ды скрыпкам смыкам драўляным з зарубінамі пацягваць. Такія вальсы адкалвалі, што толькі трымайся. Нават дзявок вучылі скакаць па-іхнаму. Але, канечне, скокі, яны паўсюды аднолькавыя, не цяжка навучыцца ў іх. Часам які Ганну пад бокі падхопіць і ну кружыць і ну наварачваць пад скрыпку. Сапе Ганна, крэкча, з рук выбіваецца.

- Ідзі ты, паганы. Дзе мне ўжо, ёмашніка захацеў, ці што?

Ёмашнік ёмашнікам і «аўстрыец паганы», але зірнуць аўстрыякі на жывот Ганны, самаму старэйшаму аўстрыяку, чарнавусаму Язэпу, падміргваюць: «Твой тут клопат быў». Паважна той вусы падкручвае і, як кот, аглядае сябе: «Бывае, маўляў, чаго з нашым братам не здараецца, ад смерці ды ад жанчыны не адкараскаешся».

Хвацкі народ, вясёлы.

Ганна есці ім варыла. І калі наварыць, пасылала большанькую сваю дачку Настачку ў гумно ці ў сад ці на поле часам - калі якая работа там.

- Ідзі ўжо, заві Аўстрыю.

Аўстрыя шумела, гармідарыла, пацела над Ганнінай заціркай. Шумныя выходзілі з-за стала, няньчыліся з Ганнінымі дзецьмі, рабілі ім забаўкі розныя, цацкі выразалі з дрэва.

- Шанцуе табе, Ганна, - кідалі часамі фальваркаўскія найміткі, што кароў даілі.

- А што?

- Удача ж у цябе: то ніводнага бацькі дзецям сваім не прыдбала, і адразу вун колькі, цэлая купа.

- Уга... Уга... А што мне рабіць, мужчынкі, можна сказаць, нішто сабе. Хіба шкода мне, няхай і з дзецьмі забаўляюцца... Панчошкі вун падарылі малому.

- Панчошкі? Дзіва то... панчошкі...

- От жа ўзялі і падарылі...

Часам аўстрыякі пелі пасля палудня. Альбо вечарам пасля працы. Садзіліся дзе-небудзь на бярвенні ці на гумнішчы. Звычайна пачынаў чарнявенькі Янусь, а за ім падхватвалі ўсе. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Потым песня спадала, паволі, спакваля, як бы той жаўранак у полі, як белы туман раніцой у лагчыне, раніцой над Дняпром сінявокім. Ападае туман, шархацяць асакою хвалі, ліжучы прыбярэжны жвір і пясчаныя адмеліны.

Слухаюць бабы песні тыя, падапруць далонямі шурпатымі шчокі маршчатыя, насамі нехаця хліп ды хліп, а другая і вытра рогам хусткі вока-другое.

- Сумныя песні. Нібы і не наскія словы, не разбярэш, аб чым яны спяваюць там... А песня даходзіць, адчувае нутро яе... Аб радзіме хіба спяваюць, аб бацькаўшчыне, аб матках сваіх, аб нявестах...

- Дзіва што аб матках... Ці ведае каторая, што сын на чужыне, ці жыў, ці здароў, ці бывае ён сыты...

- Дзіва што, ці бывае ён сыты...

- І як абуты, адзеты, як дагледжаны...

- Дзіва што, як дагледжаны...

- І маткі ў іх, нябось, плачуць, небаракі, па іх, па сынах, так жа, нябось, як і мы па сваіх...

- Дзіва што, плачуць...

Сумныя песні, цягучыя.

Вельмі іх паважае - і песні і аўстрыякаў - садоўнік Францусь Карлавіч. Стары ўжо, рукі трасуцца часам, калі захвалюецца, недабачыць ужо крыху. А песні любіць. Любіць і паводзіны чалавечыя.

- Бачыш ты іх, у няволі жывуць, у вялікай, сказаў бы, няволі, а дзе ты іх бачыў, каб днём святочным выйшаў бы каторы ды не паголены. Чыстату народ любіць, парадак. Па-польску сябе народ трымае. Вот у нас, у Польшчы, не то, што ў вас, - расказвае звычайна Францусь аб'ездчыку альбо парабку Мірону, - няма таго бруду, нечысці тае няма, што па хатах у вас. І народ чысцей ходзіць, і з'есць смачней. Ну вот, да слова кажучы, жывеш ты, Міронька, а што ты бачыш ці бачыў на свеце. І кругом цябе незадачы і беднасць, пінжак у цябе і ўлетку і ўзімку аднаго колеру. І сын у цябе крывы...

- Характар у мяне задужа ціхі, пане Францусь...

- Пры чым тут характар?

- Не гаварыце... І крыўдзяць мяне часам і абманваюць калі-нікалі. А я сабе маўчу, не магу тады слова сказаць, каб гэта ды супроць крыўдзіцеля. Няхай ужо маё пяройдзе, думаю... Ціхі характар, пакладлівы...

- Гэта дармо... Дык от я й кажу, што зусім іначай у нас.

- І бедных нямашака?

- Пры чым бедных. Ёсць яны, колькі хочаш, а цяпер мо й болей, бо чуў жа ты пра вайну, увесь край здратавалі наш, снарадамі пазрылі. Але не ў гэтым справа. Культурней людзі жывуць у нас, вось аб чым я гавару. І ведаеш, дужа б мне хацелася пабыць там ізноў. А не быў я там гадоў мо з дваццатак, бо не ўжыўся дома дый не было ўжыцца на чым, былі мы беззямельнымі, дык паехаў тады шукаць заработкаў. А жылі мы тады пад Сувалкамі.

- Баі цяпер, кажуць, ідуць там...

- Ото ж... ідуць...

Часта, расчулены песнямі аўстрыйскімі, ішоў Францусь Карлавіч за рэчку, дзе наводшыбе ля дарогі стаяў стары касцёл зачынены - служылі тут хіба толькі на Антонія. І, сеўшы на прыдарожны камень, даставаў табакерку з кішэні, дрыжачай рукой браў шчапотку табакі, доўга прыцаляўся да носа і сядзеў нерухомы, унурыўшы позірк у векавечныя ліпы на цвінтары касцёла, у стральчатыя змрочныя вокны, на пахілены крыж.

Думаў аб старасці, аб маладосці, аб далёкай бацькаўшчыне, якая за даўгія гады пакрылася ўжо нейкім шызым змрокам, і з гэтага змроку выступалі, яскрава выпукляліся ў памяці пахіленыя замшэлыя крыжы на дарогах ды статуя святога Езуса на канцы роднага мястэчка. Ды балючыя крыўды, якія не вытруціць час.

Думалі і марылі аб радзіме, аб бацькаўшчыне і аўстрыйцы.

Звала яна.

Заклікала радзіма, дакраналася кволымі струнамі да сэрцаў, і нылі сэрцы, нылі, хваляваліся, шчыміла іх болем салодкім. Каб вёскі свае пабачыць, гарады свае, свае стэпы. Каб пабачыць матак сваіх, сясцёр і каханак, цёплай слязой абмачыць сівыя бацькавыя валасы, каб сышлася сляза са слязой і нарадзілася б гаручая радасць сустрэчы.

Звала бацькаўшчына.

І заклікі яе гінулі ў рэхах вайны.

Вайна!

Нічога не зробіш.

Вайна мае свае законы.

Вось скончыцца, тады мо й на бацькаўшчыну. Тады мо й дарога вольная...

 

12

 

Дзесьці ў сенцах скавыталі парасяты ды рохкала старая свіння, поркаючы лычом у дзверы. Дзверы рыпелі на завесах, соўдалася ўзад і ўперад старая закрутка ды ціха дзынкала кружолка-бляшанка на лямпе, заіржаўленая, замушаная, якая вісела на дроце, абверчаным палінялай рознакаляровай паперай.

- То ж чамярыца на іх, вымерхаваліся ўжо, дзе ты на іх набярэшся... Дзверы і тыя сарвуць...

І Настуля, падаткнуўшы падол старога андарака, завіхалася ля печы, дзе парыліся чыгуны бульбы. Больш вот для свінні, для парасят, для цялушкі крыху, а менш для сябе - паронкі. Дзеці коўзаліся на падлозе ў мыцельніку. Старэйшы кідаў у цэбар з памыямі трэскі - плыты ганяў, ды назаляў Настулі, штораз цярэбячы яе за спадніцу:

- Мам, а мам...

- Чаго ўжо табе? Ах, каб на цябе немач, усю кашулю ўмачыў, цячэ аж...

- Дай клубок, мамка, плыты вязаць...

- Вот я ўжо як аперажу цябе матузом, дык ты ў мяне будзеш ляжаць як звязаны...

- Дай, мамка, нітку...

- Адчапіся, назола, дай вот снеданне прыгатую, - і Настуля хапала малога на рукі, і, трымаючы яго пад пахай, выкручвала кашулю, і, даўшы добрага шлепанца, пускала на падлогу. Меншая вазілася з кацянятамі, ціскала іх, цягала за хвост, карміла бульбінай. Тыя мяўкалі жаласна ды капушыліся ў начоўках, тычучы адно другога мяккімі, пухнаценькімі мордачкамі. Паводдаль сядзела старая кошка і раз-пораз пазірала сумнымі вачыма то на начоўкі, то на Настулю. Ды падыходзіла часам да начовак, абнюхвала якое кацянё, старанна аблізвала яго ды пачынала мяўкаць на ўсю хату.

«Іш ты яе, жывотнае, а не кажы ж ты, матка як-ніяк, разумее...» - думалася Настулі, і яна кідала дзіцёнку:

- Ты вот, Ганначка, кінула б ужо іх, навошта ціскаеш так... Кінь, дачушка...

А на двары мычэла пад вакном цялушка-пералетак, і новыя думкі ўкліньваліся ў Настуліну галаву, не давалі ёй супакою, адпачынку.

«Управіцца вось ды схадзіць хіба ношку травы якой прынесці, у ярыне назбіраць, бо дзе тая трава на паплавах, пакасілі ўжо... І столькі ж клопату, вечна галава забіта, дзіва-то, без гаспадара: і пасей, і пажні, і пакасі, аб гумне падумай, каб пусціў хто колькі тых коп злажыць... Дый бегай, кланяйся, каб хто змалаціць пасобіў... Ды не дарма ж усё - вот адажні, прыйдзі бульбу капаць, прыйдзі лён трапаць па восені, вытчы трубку кужалю. Табе на грош, а ім вот на рубель адрабі, дзіва-то, ласыя на чужыя рукі. І петуйся дня і ночы, а з'есці калі, дык вось душыся паронкамі, душы дзяцей нішчымніцай. Нарабілі вось, каб на іх немач, вайны ім захацелася, каб яна ўжо, даруй Божа, у горла колікам ім...

А каму ім - хто яго ведае... Казалі вот людзі - германцы на нас насядаюць, душаць людзей, страляюць, газы тыя пушчаюць. І хто ведае, чаго гэта яны на нас так уз'еліся, хіба ім мала зямлі сваё, цары мо пасварыліся? А з чаго б ім сварыцца, здэцца ж, не ім аб паранках думаць, аб бульбе той з шалупаямі.

- А можа, гэта грэх пра цара ды так думаць? Хіба здарма вот і ў малітве пра цара гаворыцца, пра «гасудара нашага Мікалая Аляксандровіча»... Відаць жа, што нездарма, вот жа й на партрэце ізноў.

На заседжанай мухамі фатаграфіі сядзіць на чорным кані ён, Лявон... Узняў шаблю ўгару, а конь на дыбкі, грае бліскучымі вачыма, белыя шчоткі на капытах... І прыгожыя штаны ў Лявона, сінія-сінія... Ды па іх канты чырвоненькія, ды чырвоныя грудзі, а колькі шнурочкаў розных ды з круцёлачкамі бліскучымі. А шапка, шапка з белым арлом, шнурок ад яе аж на грудзі, да гузікаў. Вочы ў Лявона - глыбокія і чорныя. Вось так і ўзіраюцца ў цябе, нібы пытаюць:

- Ну, як пажываеш, ненаглядная супруга мая Настуля? Як нашыя дзеці?

А ўнізе незразумела так, літарамі залатымі - покуль прачытала, язык дуб дубам: «Лейб-гвардыі яе імператарскае вялікасці Аляксандры Фёдараўны ўланскі полк».

Царыца то. Казаў вот, як на пабыўку прыязджаў. У цара, казаў, яшчэ шмат палкоў усякіх, ды вялікая армія, пяхота, анцілерыя там, ды шмат яшчэ чаго...

Як прыязджаў, бегалі ўсім сялом услед, дужа ж тую форму ўпадабалі, важнецкая форма. «Ляпей, як у афіцэра», - казаў дзед Панкрат, стары салдат мікалаеўскі. А Змітрачыхін Панас - прыязджаў разам, - дык той, мусіць жа, ад зайздрасці дзеду Панкрату:

- Ты не глядзі, дзед, на шапку бліскучую... І яны чэсць аддаюць афіцэрам нашым... пяхотным...

Дзе ты тут разбярэш. Канечне, салдат... Вот жа й адрас салдацкі з уланскага таго палка. Ростам быў высокі, таму і ў уланы забралі - так казалі людзі. Настуля бярэ за карткай стопку шэрых лістоў і, старанна пералажыўшы іх, кладзе зноў за партрэт.

- Сніўся вот пазаўчора. Нібы на пабыўку прыйшоў, а я нібыта проса сушу на печы... Каб жа то спраўдзілася! Але што ж гэта я, чыгуны павыплывалі, хіба таўчы ўжо. Ды ціха ты, неўгамонны... Бач, моду знайшоў, чуць што, дык і біцца. Малое, а ўжо з кулакамі лезе, сястру крыўдзіць... Падай вот таўкач лепш.

Бульбяная пара засцілае ўсю хату, расою кладзецца на замурзаныя шыбы акенца, ды, пачуўшы едзіва, яшчэ больш скавычуць парасяты за дзвярмі ды ходарам ходзяць дзверы пад напорам свінога лыча.

- Нішто вам, вытрымаеце, вот укіну яшчэ мякіны крыху, дзе на вас бульбы адной набярэшся... Ну, хіба ўжо... ідзіце, дзеткі, падалей. - Настуля адчыняе дзверы, і ў хату трухам кідаецца свіння, аж пасклізаецца на падлозе, і, усадзіўшы лыч свой па самыя вочы ў карыта, хапае на повен рот, аж трасуцца парэпаныя вушы ды ходарам ходзяць па баках сухія рэбры. За свіннёй кідаюцца навыперадкі парасяты і з візгам і скогатам ваююць за месца ля карыта, адштурхоўваючы адзін аднаго, кусаючы адзін другога за лыткі... Але старая свіння наводзіць парадак: таму дасць лыча ў бок, таго адштурхне нагой, таго так перакуліць, што аж заліваецца, скуголіць ды асцярожна прабіраецца да карыта.

- А ты чаго? Ідзі-ідзі, кажу, адтуль.

- Ды я, мамачка, шчаціны нарву, на хібу вот, каравачнік цукерку дасць.

- Я вот табе дам цукерку, цукерачнік, - злосна абзываецца Настуля, адцэджваючы паронкі, - ідзі вот снедаць.

Паснедаўшы, збіраецца Настуля па траву схадзіць, але яе думкі перабіваюцца стукам у акно. Відаць, соцкі, па барадзе яго распазнаеш.

- Дык на сход, Настуля, на сход сабірайся.

- Дужа мне там вялікі клопат, мая-то там справа?

- Не, не... Абавязкова. Нядоімку прыслалі спаганяць... дык не баўся хаця.

Нібы белы свет памутнеў, счарнела ў вачах адразу. Дзе ты возьмеш нядоімку тую... Спасобія таго хаця б на крупы хапіла. Хацелася б вот у панскае калі схадзіць, зарабіць залатоўку якую, дык дзе ты тут з дзецьмі ўправішся... Пазычыць у каго? Ды дзе ты, у каго? Кожны без капейкі лахае. Хіба ў старасты? Дужа ён табе раскінецца... Уга... І пытаць не варта, у кобеля ў гэтага, дый за бульбу яму шчэ не плочана. Не, трасцы, не дачакаецца, каб гэта... - і Настуля з агідаю ўспамінае яго прыставанні на пожні, яго скрыўлены злосцю твар, асклізлыя шчыліны воч, гарэўшыя звярыным палам. Уга, не на тую напаў. Шолудзь.

Калі Настуля разам з другімі бабамі-салдаткамі падыходзіла да стараставай хаты, там ужо збіраўся сход і тлум галасоў поўніў усю вуліцу. Збіраліся на бярвенні. Хто сядзеў на хваёвых стараставых крыжыках, хто вот проста так на трэсках, на шуме тым ад кары ля бярвенняў прымайстраваўся. Іншыя стаялі паўкружка, гаманілі, збіўшыся паасобнымі купкамі.

- Уга, армія прыйшла, дывізія бабская ў паходзе, шабеты цягне з грашмі, - жартуе, шамкаючы бяззубым ротам, дзед Панкрат.

- А ты вот падстаўляй кішэні, прыпаслі для цябе, для бяззубага... - у тон адказвае ўдава Барташыха. - Бач ты, выскаляецца, а з самога ўжо пясок сыплецца.

- Цыц ты, цыц! Зачапі яе, дык яна табе нагаворыць...

- А ты іх, браце Панкрат, не чапай, яны цяперачка, уга, дужа ж ужо злосныя, пападзіся адзін - на кавалачкі раздзяруць... Дзіва-то, без мужыкоў ходзяць, - уторыць Панкрату яго прыяцель дзед Сымон, і яго выцвілая казліная бародка трасецца ў такт рогату. І не рагоча, а вот проста так: кхе-кхе-кхе... Ды закашляўся вось і папярхнуўся і зайшоўся аж, ніяк не можа адхыркацца, аж сінее стары ды ўсё - кхі-кхі-кхі...

- То ж пярхун стары... У дамавіну пара, а ён яшчэ ў жарты ўкінуўся...

- Ды вы ж... кхі-кхі-кхі...

- Маўчаў бы ўжо, кігыкала старое, сівы корч...

Сход рагоча, спачуваючы бабам, - дужа трапна старога падкалолі. Рагоча і ўраднік, маладым салдаткам падміргвае, хвацкі падкручвае зусім вот жоўтыя, як у пруса таго, кончыкі вусоў ды хвастае бізуном па наваксаваных халявах шчыгульных урадніцкіх чабатоў.

- Бач ты, пузан! - перашэптваюцца бабы, тулячыся адна за другую.

Сход рагоча, усміхаецца кожны, а ў каторага на душы кошкі скрабуць: як то яно будзе, чым яно ўсё ды абыдзецца. І больш гэтай разгубленасці, перапалоханасці на тварах у салдатак. Усе пазіраюць украдкі на старасту, на ўрадніка, на заклапочаных і збянтэжаных соцкіх - дзіва-то, абяжы ўсе вуліцы - і чакаюць, калі вот пачнуць гаварыць аб справе.

- Ну, дык хіба пачнём, стараста... Ну, там каторыя бабы-маладзіцы, змоўкніце хаця ўжо, а маладзейшыя марш адсюль адразу ж... Давайце, хрысціяне, пачнём сход. А справа ж вам вядомая. Я вось старасту загадаў, каб ён праз соцкіх паведаміў усіх, каб зараз жа нядоімкі неслі. Калі-то быў час другую рату плаціць, а хто з вас хаця б паварушыўся. Дык вось у дваццаць чатыры хвіліны, каб гэта, значыцца, грошы ўносілі, і ніякіх там разгавораў. Дык так што, хрысціяне, стараста вось па чарзе выклікаць будзе па спісу, а вы рыхтуйцеся... Ды ў дваццаць чатыры каб мне хвіліны, і ніякіх там разгавораў... А калі хто ў няспраўнасці акажацца, худа таму, вось жа раней, кажу, няхай тады на сябе пяняе, калі апішам што...

- А вот жа хваробы вам, трасцы вам, а не грошай, - раптам прарывае Барташыху. - Каб жа духі з вас павыцягвала, як цягнеце вы з нашага горба. Бач ты яго - дваццаць чатыры хвіліны... Мой сын вот трэці год як вошы корміць у акопах, ды вот і да меншага дабіраюцца... Дык дваццаць чатыры... Скулы вот табе дваццаць чатыры, бач, разгадаваў пуза!

- А ты, цётка, прывяжы язык за штакеціну, пакуль не позна. Дужа ён у цябе порсткі, - адказвае ўраднік і не падкручвае ўжо, а нервова шчыпле вусы. - Ты вот пацякла, як дзяжа тая, і пайшла языком мянціць: латата, латата, глядзі, лапатух нагоніш... А што і да чаго - і не дабярэш. Ну, служыць твой сын і няхай служыць. На тое ён салдат, на тое і прысягу царскую ён прымаў, каб веру сваю, цара свайго праваслаўнага ды айчызну-матушку ад ліхіх ворагаў аберагаць. І пры чым жа тут падатак... Патрэбны грошы дзяржаве? Патрэбны...

- Дык няхай і возьме...

- Дзе ж яна возьме?

- А дзе хоча... Пры чым тут мы? - чуюцца нерашучыя галасы з натоўпу.

- Дужа мне тут з вамі разгаворы разгаварываць... Сказаў, і каб ні гу-гу... Каб зараз жа было ўсё выпаўнена. Ды пажывей. Выклікай, стараста!

А сэрца так і заходзіцца ў Настулі, калі ўсё бліжэй і бліжэй яе чарга па падворнаму спісу. Вот ужо Іван Цыбал доўга поркаецца ў сваёй шабеце ды, адвярнуўшыся, шукае, каб адабраць больш старыя, самыя трухлявыя, дзіравыя траячкі і рублі. Аж сапе небарака.

- Эге, нешта й вы, дзядзька Іван, падкульгалі. Што ж гэта? Заўсёды такі спраўны, а тутака аж дванаццацера рублёў, - пытае ўраднік.

- Няўпраўка бачыце, пане ўраднік... Ізноў жа сена тут падышло, не было часу, - і, аддаючы грошы і шкадуючы іх, Іван думае аб будучых барышах на сене з панскае пожні: «Уга, у дзесяць разоў назад вазьму, з гакам, можна сказаць, пакрыю, але ж, канечне, і рубля шкода, на дарозе ён табе не валяецца... а капейка да капейчыны...» Аж уздыхнуў.

Ужо плачуць некаторыя маладзіцы: будуць у іх палатно апісваць. Галосіць старая Еўдакіміха - запісалі ў яе карову. Некаторыя пабеглі грошы шукаць пазычыць, некаторыя стаяць унурыўшыся, да ўсяго безуважныя і чакаюць свае чаргі.

«Божачка, што-та будзе са мной?» - мітусіцца непакойная думка Настуліна.

- Наста Мікалаішка!

- Тутака я...

- Дык з цябе... з цябе... чатырнаццаць рублёў з цябе ды семнаццаць капеек. Прынесла хіба? - і старастава рука трымае напагатове абгрызены аловак, ды вочы стараставы глядзяць вот, прысасваюцца, як п'яўкі балотныя, слізкія - не міргнуць нават.

І ў вачах тых чытае Настуля: «Ага, папалася, гадаўка, вот табе за ласку тваю». А ў горле ў самой вот пяршыць, пяршыць, так і сціскае горла болем пякучым, гаручай крыўдай. Ну й няхай, ну й што ж, прападзі яно ўсё пропадам.

- Няма ў мяне...

Усміхаецца ўраднік у вусы - вот маладзіца ж ядроная, нібы яблык-антонаўка - ды кідае ўголас:

- А ў каго ж яны будуць, каб гэта за цябе ды за прыгожую такую нядоімкі плаціць?

- Сказала - няма... і нямашака...

- Дык хіба цялуху запішам? - пытаецца стараста ў урадніка гэткім халодным, безуважлівым голасам, а сам пазірае скоса на кабету.

Скаланулася Настуля, пасунулася наперад на крок, сцяўшы рашуча кулакі. «Не даць! Якое яны маюць права адбіраць выгадаванае табой, рукамі тваімі выпеставанае. Вось павыдзіраць вочы гэтыя агідныя, павыскубаць жоўтыя вусы, на кравянку пусціць гэты нос урадніцкі, бурбалку гэтую паліваную. Толькі не даць!»

Але абмякла разам. Апусціліся знясіленыя рукі, што ты тут зробіш. Дый народу сорамна. Што ж, няхай...

- А хіба хопіць цялушкі на выплат? - пытаецца ўраднік старасту.

- Пералетавак... Нішто цялушка, мо хто й купіць... Цана ж невялікая...

- Дык от і я б купіў хіба, каб гэта, канечне, пасхадней... - перамінаецца з нагі на нагу Іван Цыбал і ўнікае, каб сустрэцца з кім вачыма, бо чуе, як колюць яго злосныя шэпты, галасы азвярэлыя: «Крывасмок, кожнага на бэльку засіліў бы». А сам думае: «Дзівакі людзі, ну што я зрабіў ім. Хіба не ахвота кожнаму, каб гэта танней ды зручней. Чаму ж гэта й не купіць, калі яно зручна. І хто ж гэта ды сваёй гаспадарцы вораг?»

- Дык калі так, запісвай, стараста, - загадвае ўраднік.

- Ну што ж, бярыце... І хату сабе бярыце... І свінню бярыце. Дзетак сабе бярыце, жытку маю, кроў маю - усё бярыце, жывалупы... І ты вот, дзядзька Цыбал, прыходзь... Мала табе ўсё, дык знайду яшчэ чым мяла тваё заткнуць пражорнае...

- Дай ты ёй рады... - шэпча Цыбал і туліцца за спіны другіх, уцяўшы голаў у плечы.

Звадыякі гэтыя слёзы. Трымалася б, дык дзе там. Засцяць вочы, і плавае вуліца ў тумане шызым, не заўважыла, як і ў хату прыйшла, села на ўслон ля акна і так і прасядзела нерухома, пакуль не прыйшлі на двор соцкі, ураднік, стараста. Ды малеча збеглася з двароў суседскіх падзівіцца. Старыя, тыя не пойдуць, каму ахвота на чужое гора глядзець. Доўга ганялі цялё па агародчыку, пакуль не звязалі вяроўкай за шыю, павялі да варот, падганяючы хлабысцінаю. І тады не вытрымала Настуля. Падкацілася камяком да грудзей злосць вялікая, звярыная злосць. З сянец выскачыла, гнеўная, чырвоная, з ускудлачанымі валасамі, з расхрыстанымі грудзьмі. Ухапіла ў рукі таўкач і рынулася, пабялеўшы і сцяўшы зубы, замахнулася таўкачом над ураднікаваю галавою.

- Ціху ты, што ты, з розумам, Настуля, - кінуўся соцкі Змітрок і выбіў таўкач з рук, - апамятайся, небарака, ці варта цялё таго, што ты задумала...

А ўраднік, спакойны, вот толькі крышачку збялелы, адступіў на крок які і размахнуўся бізуном. Прасвістаў той у паветры і ўліп у Настульчыну спіну, кончыкам сваім свінцовым працёгшыся па грудзях, па шчацэ. І яшчэ раз апаясаў бізун, прайшоўся з поцегам па здранцвеламу ад жудасці целу.

Умэнт не стала дзяцей на дварэ, разбегліся хто куды.

Ураднік стаяў і глядзеў з асалодай, як крывіўся твар, рабіўся непрыгожым гэты твар такой прыгожай і ядранай, як антонаўка, маладзіцы, як уздрыгвалі, нібы ашпараныя варам, плечы ды пальцы рук хапіліся за рассечаную шчаку. І хацелася даць яшчэ, скрамсаць на друзачкі гэтае жывое, прыгожае цела. Гэтыя прывабныя, чырвоныя шчокі. Аж соладка зудзела ў руках.

- Кіньце вы, пане ўраднік! - кінуліся соцкія. - Ото ж неразумная баба, маладая вот, гарачая, жыцця таго як след не пабачыла... Кроў яшчэ не выбрадзіла...

- Я вот выбраджу... Была б другая на месцы яе, дык пакарміла б клапоў у халоднай з тыдзень, выхадзілася б... Ды ладна ўжо, я чалавек не злосны...

Стараста стаяў моўчкі, і ў яго вачах свіцілася сытасць і задаволенасць.

- Ну, дык пойдам хіба...

Настуля як села на дварэ на прызбе хаты, так і прасядзела да позняга вечара. Схаваўшы твар у далоні рук, яна не рухалася з месца, і цяжкія, як тыя шэрыя камні, варушыліся ў галаве думкі. Жорнамі ціснулі на мозг. Уткнуўшы насы ў шыбы акон, заліваліся плачам дзеці ў хаце.

- Каб вы хаця ўжо падохлі, клопат бы знялі ад мае галавы...

І дзесьці глыбока-глыбока ўзварухнулася пачуццё матчына, на грэшную, благую думку абразілася.

- Чым жа яны вінаватыя... мае любыя...

Устала і, чапляючыся за сцяну, пайшла ў хату, сабрала павячэраць дзецям ды ўлеглася на палаці. Не хацелася ні распранацца, ні пасцілаць дзяругі тыя, узбіваць падушку нанач. Як лягла, так і ляжала з прыжмуранымі вачмі, так і заснула нераспранутай.

Пад вечар на другі дзень соцкі зайшоў. Патоўкся з хвілінку ля парога, на ўслончык сеў.

- Дарэмна гэта ты, Настуля, учора... Дзе ты гэтай саломінай абуха пераб'еш?

- Ат, не кажыце ўжо...

- Ды гэта я к слову... Бачыш, ужо служба ў нас такая, каб з людзьмі напастыляцца. Ізноў жа ўраднік: ты яго, халеру, пальцам крані - у астрозе згнояць.

- Ды я да вас, дзядзька Змітрок, і не маю нічога... Хіба вы тут вінаваты ў чым.

- А я думаў, крыўдзіцца ты будзеш... Усё ж ткі, Лявон быў - хоць і маладзейшы куды ён, але ж вялікі дружака мой. Колькі-то на зайцоў папаходжвалі, на ліса... Харошы быў чалавек Лявон, дай вот Божа вярнуцца яму... А я вот па справе, ліст табе тут заказны, з арміі, відаць, ад Лявона. Дык ты ўжо не крыўдуй на мяне.

- Ды што вы, дзядзька Змітрок, далася вам гэтая крыўда! Узялі вот, ну дык што ж... Няхай іх ужо за печані возьме... Не ў пятлю ж мне лезці...

Выйшаўшы, Зміцер дзверы за сабою прычыніў, вот чутны крокі яго, форткаю рыпнуў. Да ўсяго цяпер прыслухаецца чутка Настуля пасля ўчарайшага. Вот трэсне бэлька над печчу, заварушыцца шашаль у дошцы - і чуе Настуля, балюча прыслухаецца да кожнага гуку.

Запаліўшы лямпу, узялася за ліст. І доўга ўглядалася ў незнаёмы почырк - не Лявонава рука то, дый пячаткі навошта - і, раптам збялеўшы, перачытвала раз-пораз кароценькія радкі. Не верылася, не разумела, як то можа быць, каб Лявон... Каб мой Лявон... Гэты вясёлы, вечна ветлівы хлопец. І такія рукі, кража падымаў за адзін канец, гэткія ванчасы ўскідаў на кары? Не можа быць... Няпраўда... Мо маняць гэтыя літары слоў? Мо не так прачытала?

А словы ўсё адны і тыя, слоў гэтых не зменіш, не пераставіш...

«...За веру, цара і айчыну паў смерцю харобрых на ратным полі...»

На ратным полі...

На полі...

Смерцю...

І калі зразумела - смерцю, - тады схапілася аберуч за галаву і загаласіла немым голасам, голасам дзікім, звярыным, ад якога сціхлі дзеці, што коўзаліся па бруднай падлозе, гуляючы ў немудроныя свае гульні. Сядзелі моўчкі і палахліва - вот-вот гатовы заплакаць - пазіралі на матку. Тая білася галавой аб стол, сціскаючы ў руках канцы апаўзаўшай скацеркі, ды нема ўсё галасіла. Мігацела лямпа, і яе водбліскі клаліся палахлівымі плямамі на чорныя сцены, на столь, на заваленыя рыззём палаці.

Урэшце змоўкла яна, неяк выпрасталася раптам, выцерла хусткай вочы, кінула руплівы позірк на хату, дзяцей заўважыла:

- Тутака вы... Хадзіце вот да мяне...

І лашчыла кудзелістыя галовы і думала ўголас:

- Паспытайце вот гора людскога, бязбацькавічы... Вялікае яно - ні канца ні краю... Хто-та аб вас будзе клопат мець... Дзіва-то - людзі зверы, кожны другога рад за горла ўхапіць... мала ўсё... Ненажэрныя людзі, ненажэрная злосць людская... Але ж што мне рабіць цяпер? - і прыслухалася да вячэрняй цішыні, нібы чакаючы адказу на свае думкі.

Ніхто не адказваў. Толькі шкрэблі мышы ў падпечку ды недзе ў сценцы тачыў дрэва шашаль.

 

13

 

Сілівон Мялаў падплятаў вераўчаны лапаць і раз-пораз кідаў касы позірк на жонку. Аўгіння сцэджвала тварог на рэшаце і клала яго ў сырнік.

- Ты ж глядзі вот сываратку ў цэбар вылей, а то прападзе яшчэ задарма. А так парасятам будзе...

- Дзіва-то, я не ведала... Мо сам пахлябаеш?

- Цябе вучы, дурную галаву, дык хоць бы падзяку якую... Вечна агрызаешся...

- Мо пацалаваць цябе, гнілога, за словы твае ласкавыя, за навуку?

- Пацалуй хіба ўжо Аніса...

Аўгіння глядзіць на мужа, выпрастаўшы стан, прыжмурыўшы расніцы, і ў позірку гэтым не гараць, а цьмеюць аганькі нянавісці, агідлівасці, нібы вот не на чалавека глядзіць, а на чарвяка, на сліўня таго, на балотнага смаўжа.

Сілівон адчувае гэты позірк. На яго бязвусым і безбародым маршчакаватым твары відаць, як рухаюцца сківіцы, вот перакусіў бы ад злосці подплетку, лыпаюць бязбровыя вочы.

- Вызверылася чаго, пытаю?

- А таго...

Ці варта гаварыць з гнілым. Аўгіння моўчкі выкладае тварог, прымайстроўвае над цэбрам дона ад дзежкі, кладзе сырнік, дастае з сянец камень і націскае сыр.

- Глядзі ўжо, каб не зваліўся часам...

- А ты куды?

- А табе што?

- Ды пытаю вось, сабралася куды?

- Куды ды куды... Пасяджу вось на прызбе, суседак паслухаю...

- Глядзі!

- А ты без глядзелак... Добра бачу...

- Правучу...

- Правучы сваю долю...

- Ото ж ужо сатана кручаная!

Аўгіння, накінуўшы хустку, ідзе на вуліцу, дзе сядзяць на прызбе бабы, языкамі мелюць, апошнімі навінамі дзеляцца.

- А ці чулі вы, казалі вот - Настулінага Лявона забілі, ходзіць маладзіца, ног пад сабой не чуе. Дзіва-то, пажылі колечкі... Самая што ні ёсць пара - красаваць толькі, і на табе, забілі... Ды гэткага ж хлапцаасілка...

- Дзіва што, смерць! Ці на вайне, ці ў хаце. Яна не разбірае. Другому вот толькі жыць ды красаваць, і глядзі ты! А каторы даўно ў зямлю просіцца альбо катораму і след пайсці туды, дык таго не кране. Дзе ўжо там, абыдзе, таечкі, за вярсту.

І вочы, бач, спачуваюча пазіраюць на Аўгінню... Аўгіння маўчыць. Яна добра разумее гэтыя позіркі. Як жа, дваццаць восьмы год пайшоў бабе, а счарнела ўся, на здыхлю тую зрабілася. І вочы дзе тыя, дзе падзеліся тыя шчокі. Вот сцягнула падбародавік, адны косткі тырчаць, старыя спадніцы не трымаюцца, дзе тое што і падзелася?

- Дык як, Аўгінька, хіба ўжо кінуў лячыцца твой?

- Мой, мой... Які ён мой? Адчапіцеся вы з гэтай падлай старой.

- А ездзіў жа ён, казалі, да шаптуна некуды...

- Што з таго, што ездзіў... Такім ужо і сапсее... Што гэта яму па хваробе, ці што, такім ужо й нарадзіўся, дзе ты тут вылечышся, калі застаўся такім, ат... недаробак той...

Прыкра Аўгінні слухаць гэтыя перасуды, прыкра штодня выслухоўваць гэтыя надакучлівыя, нібыта й спачувальныя, запытанні, даведзіны, каторыя адчуваеш як кпіны, як знеслаўленне часам:

- Бач ты, і жыве ж з такім...

І неўзаметку пакідае Аўгіння прызбу, на двор ідзе, соўдаецца па ім без парадку, у хлеў зайдзе паглядзець на каровы, каб не запаролі часам адна адну, дужа ж вось наравістая адна, куплёная, не свае гадоўлі.

Каровы ціха стаяць, ляжыць адна, жвачку жуюць, і ў змрочным хляве чуваць толькі, як пераступіць карова з нагі на нагу - захлюпчыць пад капытамі, ды прашамаціць часам кура на бэльцы, выцягваючы ў сне курынае крыло сваё куцае.

«І жытка мая вот той жа сон курыны, ні табе радасці, ні табе асаблівага гора... - думае Аўгіння. - Усё ёсць, здаецца, і сыта, і абута, і клопатаў каб якіх асаблівых, дык нямашака... А хаджу вось толькі як у сне...»

Аўгіння пазірае на калёсы пад павеццю, дзе прымайстраваўся нанач Сілівон - дужа ж у хаце прусы дапякаюць.

«Спіць ці не спіць, нелюдзь?»

Ідзе ў хату. Прыкрывае лепш дзіцёнка на палацях, ляжыць от, раскідалася.

- Дачушка мая, даўганосенькая...

І Аўгіння ўспамінае ночы восеньскія, ядраныя. Жыта малацілі. Дапамагаў Аніс, рукі тыя ў яго, рукі, цэпу ніяк не падабраць ім... Хадзіў Сілівон дахаты, рамяня шукаць сырыцовага, каб цапаўё падвязаць лепш. І ў еўні тады снапы выстаўляючы... Пахлі снапы полем жытнім, мяжой ды курным дымам, духам сухім ад еўні. І колькі разоў сустракаліся ўпотайкі, каб людзі не чулі, не бачылі, за гумном, у Анісавай пуні... Любіліся торапка, хапаючыся, каб Сілівон не падумаў чаго, не ўзяў на сваё вока. Але дзе ты схаваешся. Хвядос-стараста колькі раз папікаў Сілівона - брата: «Што ты вот кабеціну да рук не бярэш, глядзі, і кіне цябе зусім».

А калі дзіцё нарадзілася, хадзіў Сілівон як звер, усё дапытваў:

- Ад каго?

- Як жа ад каго, ты ж мужам даводзішся мне...

- Годзе кепікі строіць, кажу... Вот як аперажу вяроўкай, дык завыеш...

- На гэта ж толькі ты і здатны.

Спрабаваў падыходзіць з ласкаю:

- Ну, чаго ты на мяне вызвяраешся? Ну, скажы, чыё, - і вокам ківаў на зыбку. - Як-ніяк, я ж бацька перад людзьмі...

- То-та ж, што перад людзьмі...

- Ну й павінен я ведаць... Канечне, чаму і дзіцёнку не быць, як жа без яго ў гаспадарцы, павінна ж яно гадавацца ўжо неяк. Але ж павінен я й ведаць, дзе гэта ты... - хацеў сказаць «круцілася» і сказаў: - Дзе ты яго падчапіла.

- А там жа, дзе ўсе людзі... Вот што, Сілівон, не пытай ты мяне задужа аб гэтым, усё роўна я табе не скажу нічога, ні на валасіначку, ні на каліўца тое, ні на столечкі...

- Яна думае, я й не ведаю. Анісаў то быў інтэрас...

- А калі ведаеш, пытаеш навошта? - і сама зачырванелася. - То ж хітрасць гэтая бабская, нязграбная ды куртатая.

- У-у... гадаўка, раструшу вот... Каб ужо сына, дык сяк-так, яно б і да справы, як кажуць... А то, на табе, чаропку вот... Толькі звод у гаспадарцы...

Даўно гэта было, гадоў са тры, мо з чатыры... звыкся з дачкой трохі Сілівон, не гыркае на яе, як раней калі што:

- Ы-ы... байстручыха...

Але не мог памірыцца з думкай аб тым, што вось ён, Сілівон, працуй гэта, карпей, дубей, намагайся, каб усё ды ў гаспадарку ды паболей... А каму гэта, для каго, для якога чорта лысага петавацца. І ўся злосць пераходзіла на жонку, на Аўгінню. Яна свет замуціла, праз яе няма спакою. Дзіва-то, ашчаслівіць думаў, у адной спадніцы ўзяў... Раілі ўсе суседзі: працавітая, ціхая, не бязульная, як другія там каторыя... Вот табе й не бязульная... Падманіў Цыпрон, спіхнуў дачку са свае шыі.

І ці шула часаў на двары, ці клаў жэрдку новую ў плот, ці новае грабільна стругаў, усё думаў:

«Не папушчуся, каб гэта маёмасць мая ды пайшла па мне пухам-прахам. Заб'ю, рукамі сваімі задушу, а не папушчуся... Хваробы... Няхай другі хто спажывае, толькі ж не яна...»

Але ж шула цясаў, грабільна рабіў, папраўляў страху, ставіў новы сахор у гумне, вычосваў з бярозавае плашкі новую падушку ў калёсы, спрытна даглядаў за гаспадаркай - і ва ўсім гэтым знаходзіў асаблівую ўцеху, больш, як каму другому, уласцівую яму. Прыемна было бачыць, як новая падушка ўсё роўна як улітая ў калёсы.

- Як вылітая тая, вот жа адгабляваў...

А за жонкай сачыў. Не то што каб хадзіў за ёй пільнаваць яе след. Вот проста падазрона пазіраў на яе, любіў надакучліва распытваць: куды йдзе, куды сабіраецца. І калі пазнілася дзе якім вечарам - нерваваў, непакоіўся. Не тое каб рэўнасць тая была, каб сэрца, сказаць, гарэла. Не. Баяўся другога байструка.

- Чаго-чаго, а сіло на цябе возьме дый павесіць... Прыдбае ў тваю гаспадарку, узрадуе яшчэ дачкой якой. Як жа, рыхтуй Сілівон пасагі...

Кпіў над сабой і горка ўсміхаўся.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

12

 

Ля калодзежа коней паілі: Напрэй - парабак Цыбалаў і Андрэй - папоўскі. Трапіла так, каб разам. Не сустракаліся даўно, бадай, з таго часу, як на сяло з'явіліся.

- Дык жывеш, кажаш?

- Вот жа бачыш, жыву тым часам. А як пападдзя твая?

- Ды трасе ўсё кудламі, няма на яе пагібелі, на праскамідыю...

- Што?

- Ды гэта я так...

- А поп?

- А што яму, кабялю, дзеецца... Прыходзь вот хаця пад вечар.

Вечарам сядзелі на бярвеннях ля папоўскага амбара, цыгаркі пакурвалі. Напрэй часта сплёўваў, закрываў вочы далоняю - закурыў вот так, за кампанію, не дужа ён каб на табаку гэтую быў ласы. Выйшаў на ганкі поп, носам нешта пачмыхаў, у садок прайшоўся яблыка сарваць.

- Ну, дык як жа, хлопцы? - запытаў, каб сякое-такое з людзьмі абыходжанне мець.

- А так жа, бацюшка... - у тон адказаў яму Андрэй.

- Курыце?

- Курым.

- Ну, дык і я закручу, - і пайшоў ізноў дахаты.

- Ну й жа поп у цябе.

- А што?

- Ды дужа, ведаеш, нейкі такі... ну, ведаеш, не як людзі тыя...

- А чаго ад яго хацець, поп папом, як і ўсе папы...

- Ці праўда тое, жвенькаюць людзі, дужа ён жыла вялікая і з пападдзёй у рожкі заўсёды. І за што? За яйцо якое, скажам.

- Ды яно й пападдзя яго варта: чобат чабату пара, дужа нам аб іх клопат мець.

- Ды гэта я да слова так...

- А як табе ў Цыбала? Прыціскае?

- Як табе сказаць... У людзях - не дома, не ў бацькавай хаце. Яно паўсюды смак аднолькавы. Дужа не расперажэшся, каб гэта з ежаю там, не то што з прысмакамі. Але столькі тае бяды. Галадаваць не даводзіцца. Вот да працы што - дык іншая справа. Так і трымціць, так і трымціць, каб гэта залішнюю хвіліну якую не праседзеў, лішнюю гадзіну не праспаў. У свята й то знаходзіць прычэпку - то коней папасуй, то едзь куды, ці што. Сына ж шкадуе зранку будзіць. Адзіны ж сынок, як жа, няхай выспіцца ў нядзелю. Каб сказаць, што задужа ён яго бязуліў, дык не, прыганяе як след да работы. Што казаць, цяжкі чалавек, жывасілам з цябе сокі цягне... Вот, Андрэй, кажуць, набор будзе хутка. У салдаты прыйдзецца ісці нам, няйначай...

- Ну, дык і пойдам, дужа мы тут страцілі што, або сказаць - бацькоў кінам, матак. Трэба вот толькі старацца, каб у часць якую адну трапіць. Усё ж весялей будзе...

- Ды яно так, ведама, весялей... Толькі вот хацелася б мне і дужа хацелася матку пабачыць. Не ведаю толькі, у якой яна воласці цяпер, у наймічках недзе, ці то ў двары, ці то так дзе ў гаспадарцы. Ды сястру вот Марту.

- Сястра ў цябе Марта?

- Ну, так... У Варкалабаве дзесьці, у манастыр аддала матка служыць...

- У манастыр, кажаш? Марту ў манастыр?

- А што ты дзівішся? Такая ж работа, як і ўсюды... Абы рукі...

- Ды не, я не аб гэтым... Я... ведаеш, вось аб чым... А колькі гэта гадоў тваёй сястры?

- Гадоў шаснаццаць павінна б быць...

- Шаснаццаць, кажаш? А з сябе яна якая?

- Ды хіба ты ведаць будзеш, якая яна... Вот, русявая такая дзяўчына, нос крыху як у цябе, кірпаты. Не задужа каб, а так, трохі. Ды што я кажу, я сам бачыў яе бадай што гады са два таму назад... А цяпер ужо дзяўчына, нябось. Ды што з табой?

Андрэй скача на адной назе, вось зачапіўся за дошку, перакуліўся - аж увесь у трэскі тыя абраўся, то ж чалавека нешта ўзяло... А ён ужо да Напрэя:

- Братачка. Каб жа ты ведаў! Дай жа хоць чмокну цябе, гад ты бялёсавокі...

- Ды йдзі ты, што я табе, дзеўка тая здалася, чэмер вот нейкі ўссеў на хлапца...

- А вот адгадай!

- Ідзі ты ўжо, адгадніка якога знайшоў.

- Дык ведай жа, груздзіла ты гэткая, сястру я тваю ведаю, надаўбень.

- Ідзі, ідзі, вярзеш чортведама што.

- Вярзеш, кажаш? Ану, давай брацца... Ну, на траяк?

- Вот як лузну цябе па патыліцы, дык будзеш ведаць, як з траякамі ў такія жарты пускацца...

- Ды не жартую я... Вот бэхала, ахвота мне жартаваць з табой. Цябе, дурнога, трывожыць. Кажу я табе шчырую праўду. Вот няхай я з месца не ўстану, калі мне маніць уздумаецца. Такая вот русявая. Вочы ў яе яшчэ карыя...

- Мала-то воч карых. Дзе гэта бачыў ты?

- Ды ў капліцы ж, на крыніцы святой. У манашак тых праскамідных, вот зануды. А чыя капліца? Манастырская. І Марта там з манастыра.

- Ну?

- Вот табе й ну. Яшчэ палец у яе на левай руцэ крыху крывы. Вот так, крышачку.

- Ты гэта сапраўды?

- Вот надаўбень той... упрэцца, як конь папоўскі - ні тпру ні но...

- Дык, братачка, хіба ж яна і цяпер там, у капліцы?

- А то дзе ж яна будзе. Трэба толькі як-небудзь вызваліць яе адтуль, ад тых качарэжак. Ну й гадыні, ну й падлы, свет яшчэ не бачыў такіх. Паглядзіць на цябе вокам, як шылам праткне.

- Дык калі б гэта ўбачыцца?

- А давай на Прастол хаця, там жа службу правіць будуць, з крэсным ходам пойдуць...

Хлопцы хадзілі радасныя, усхваляваныя. Дзяліліся думкамі. Выкладалі планы свае, меркавалі, як яно каб найлепей.

- А ў цябе як, Напрэй?

- Гэта ты аб чым?

- Ды вось аб дзеўках. Няўжо гэта не маеш, каб... ну, каханкі свае? - «І да чаго запытаў», - падумаў сам.

- Каханкі? З якой гэтай прычыны на цябе турбацыя такая найшла? Дзе ты іх возьмеш, каханак? Хіба на парабка якая пазайздросціцца?

- А чуў я, нібы з Макрыдай ты... Ці то праўда?

- З Макрыдай... Яшчэ што выдумай... Яна б і нішто, здаецца... Крывая тым часам... Ды хіба ж Цыбал папусціўся б, каб дачку сваю з такой гаспадаркі ды за якога прахадзяшчага, за парабка, скажам, аддаць. Уга...

- А ўсё ж?

- А вот табе і ўсё ж, - змоўчаў Напрэй.

- Ну, дык глядзі, на Прастол абавязкова ўдваіх пойдам.

- А то як жа...

І пануры Напрэй куды весялейшы падлыпаў да Цыбалавае хаты і, забраўшыся ў сенцы, нават пазабыўся пашукаць гладыш з кіслым малаком. Ён распрануўся і адразу ж улёгся на свой рыпучы ложак, што зрабіў сам з старых шалёвачных дошак з старых Цыбалавых запасаў.

 

13

 

Сцямнела ўжо, калі Хведар Жаранок зайшоў да Лявона Ражка папрасіць на заўтра каня, бабкі тыя-якія з поля звезці. Колькі там і жыта ў яго, але не зімаваць жа яму ў полі: дожджык падмоча і каровы парасцягаюць, што пусцілі даўно пасвіцца па іржэўніку. Лявон пад паветкай ля калёс поркаўся, колы падмазваў.

- Нешта ты, пане Лявоне, нанач строішся куды, ці што?

- Ды вот, каб на яго ліха, - дзе яно вузка, там і трашчыць - гумно ж вунь, цэлая сцяна ды ля самае ёўні зусім жа рассыпалася, да таго ж спарахнелі шулы. І страха ледзь-ледзь ліпіць, таго і глядзі пасунецца... Дзе ты тады з хлебам дзенешся, ды й сена ж я ў гумне кладу. Трэба вот шулаў тых з пару якую прыдбаць дый сахор не шкодзіла б. Яно б усё гумно перасыпаць трэба, ды дзе ты агораеш яго, гэткую сілу работы адразу... калі і хату толькі скончыў. А тут, чуе сэрца - прыйдзецца ж і ў салдаты падацца. А што баба тут зробіць? Дык дзе ж гэта дастанеш цяпер лесу гэта? У папоўскім ляску каб купіць, дык там жа адна хвоя, а хіба ў панскім дакупішся?

- Ды яно так...

Лявон здымаў колы і, засукаўшы рукаў зрэбнай сарочкі, старанна квэцаў каланіцай па восях, змазваў ступіцы, нават загваздкі і тыя паквэцаў - каб жа нідзе не рыпелі часам. Узяў колькі карцаў вады, лінуў у дзірку са шворнам, пад падушку...

- Эге, ды ты, браце, рыхтуешся няйначай як да панскага лесу. І вада, браток, табе не дапаможа. Хоць яно й не зарыпіць, але ўсё роўна спаймае... Спайма-а-е... Дасціпны гад гэты Сідар, нібы нюх у яго сабачы, ці што... Галля якога воз і то ўчуе, аберне... Вот недзе сатану пан займеў, чысты табе сабака...

- А мо і не ўчуе... Хмарыць, бач, нешта, а можа, і дождж пойдзе тым часам, няўжо ж яму вочы вылезуць, каб па цемрадзі гэтай перціся... А мне што? Як ні круці, дык трэба ехаць... На жывыя рукі хопіць, як той казаў, мукі... Не дзе дзенешся.

- Ды ўжо ж... Няхай шанцуе, Лявон... А ты б мо заўтра каня мне даў? Вазы са два там жыта ў мяне на шнуры - трэба б яму ўжо месца даць і з поля прывезці...

- Дык хіба пасля паўдня. Тады і прыходзь ужо за канём... Бо да паўдня буду я сам звозіць...

Лявон прывязаў вяроўку, сунуў сякеру за пояс, на неба зірнуў яшчэ раз.

- Каб жа то, Божа, дождж... А мо й нацягне як, вецер, бач, які свежы і хмарыць. Дык адчыні, Хведар, весніцы, думаю па загуменню ехаць.

Хведар прайшоў яшчэ колькі з Лявонам, і калі той выехаў за гумны, павярнуў на сцежачку па агародах і пайшоў дахаты.

- Каб жа яму ўжо собіла як... Чалавек, можна сказаць, дужа чуллівы, аб бедным чалавеку заўсёды спагадае. Дзіва, сам, як рыба, б'ецца, ледзь каня вот набыў.

Лявон ехаў паўз пожні, паўз рачулку, якая падзяляла мястэчка на дзве часткі. Тую, дзе базар, дзе ў большасці і жыды селяцца, і тую, дзе сялянскія сялібы, - і звалі тую частку звычайна сялом. І тая і другая часткі мелі аднайменныя назвы і падзяляліся хіба вот толькі гэтай рачулкай. Вады ў ёй у лета засушлівае - кураняці перабрысці, ну а вясной ці па восені там, калі гоніць паводку з Дняпра, тады й нібыта рэчка сапраўдная, на чаўнах можна плыць. А так хіба вот толькі калдобіны ды вымоіны пад лазовай парасцю. Забаўка дзецям улетку - ракаў мацаць па карчах, цялёпкацца па вадзе.

А вот і паваратка ў лес. Дарога пайшла ўгору, праз пясчаныя бугры, паросшыя пырнікам і быльнёгам ды шчавелем конскім. Хутка павярнуў на сцежачку, што хавалася ў каржакаватым дубовым парасніку, - падасінавікі тут нішто растуць, трапляюцца і баравікі часам. Лявон злез з калёс і, прывязаўшы вожкі да біла, павёў каня паволі, асцярожна. Вылаяўся паціху, калі стукнула кола аб камень. Калі пад'ехаў ужо да самага мыска, спыніў каня, доўга прыглядаўся да начное цемрадзі.

«Вот там павінна б, здаецца... Харошы дубок, стромкі такі... колькі-то раз вока на яго стрыў, але ці ты дабярэшся часу. Вот і прыкметы тыя, выварацень ляжыць, колісь-то дуба палажыла навальніцай... А ля дубка грабіна маладая павінна быць, нятоўстая».

Пахадзіўшы навакол дубка, пастаяўшы з хвіліну, памеркаваўшы, скуль вецер, Лявон доўга і марудліва прывязваў каня ля грабіны, кінуў яму сноп аўса, няхай наядаецца, моц набірае. І потым ужо да дуба. Ударыў злёгку абушком па ім, зазвінеў ядрана так, на поўны звон. Нібы не з дрэва дуб той, а з медзі літы.

«Важнецкія шулы будуць...»

Мякка ўелася сякера. Затрымцеў яшчэ больш дуб, лісцем зашастаў, нібы скінуў з сябе сон свой ночны. Вылецела і ціха, без шолаху таго, паляцела ўбок птушка нейкая, сякерай напалоханая.

«Сава, канечне...»

Ужо цюкнуўшы колькі раз па звонкаму дрэву, разышоўся Лявон, каб даць поўны ход сваёй сякеры. І не паспеў размахнуцца як след, не паспеў падняць сякеры вышэй галавы - толькі-толькі сабіраўся крэкнуць «га-а», як сама сабой выпала сякера з аслаблых рук і, дзынкнуўшы аб дубовае карэнне, бразнула ўбок. Рукі трэсліся і ўсё вышэй і вышэй узнімаліся дагары.

«Вот табе і новыя шулы... Даспеў-такі, гад, выжла гэтае паганае...» - мільганула ў думках і знікла. Сэрца сцялася, затахкала ў грудзях, аблілося крывёй гарачай, крыўдаю распаленай, жыткаю той незадачлівай.

«Шанцуе ж каму, ды не мне...»

Супроць стаяў чалавек і, выцягнуўшы шыю наперад, сіліўся зрэнкамі праглынуць цемрадзь, распазнаць незнаёмага. Дубальтоўкаю грудзі падпёр.

- Калі што, дык, як падлу, падстрэлю, так і спячэшся. Ану, здавай сякеру... Так... вот так... - Узяў сякеру, за драбінкі паклаў. - Ану, ідзі, хамут здымай...

Рушыўся было Лявон, але стаў. «Як гэта хамут? Абязручыць каб чалавека, ды ў самы ж час гарачы... Ды дзе гэта відана?»

Чорная постаць рушыла да каня, ля хамута вот завіхаецца.

- Не руш... Не руш, я табе кажу... Хамута, кажу, не руш...

- А гэта ўжо табе не бабай камандаваць. Не на печы сваёй распараджацца. Тут табе лес панскі, і я над ім гаспадар.

Лявон прасіцца пачаў. Здзеў падзёртую шапку-зімоўку - выменяў колісьці ў салдата на яйкі, - мяў яе ў руках, ссутуліўся, згорбіўся, і словы тыя ліліся, нібы цёплыя слёзы на жвір, на каменне, на халодную восеньскую зямлю:

- Бра-а-тачка! Будзь жа ты родным таткай... Не руш жа хамута, не чапай яго, бо ён і так ледзь ліпіць... Аддзякую ўжо... няхай мяне гром разаб'е, калі не аддзякую... вот бяры ўжо сякеру, ну, няхай сабе й штрап... Толькі ж зачым табе хамут?

- Уга... Колькі вас такіх? Як папаўся, дык шоўкавы... штрап... Тут, голуб, не штрапам пахне, а адведаеш і суда... Вось як папацягаюць...

Лявон прасіў, і цяжка рабілася дыхаць - вялікі камяк падкатваўся пад самае горла, сціскаў яго, прыдушваў, ды напіналіся рукі, усю кроў, усю моц зганяючы ў здранцвелыя кулакі. І калі заўважыў, як развязваецца хамут, тады кінуўся колькі было сілы на гэтую агідную чорную постаць.

Конь вушмі толькі зашастаў спалохана, кінуў перабіраць аўсяную салому і пераступіў з нагі на нагу.

- Дык ты так. Пастой жа...

Чорная постаць да ружжа пацягнулася, што стаяла ля дугі прыхіленае. Але не паспела дацяць. Паляцела потырч ружжо, убок, у карчэўе.

Каталіся клубком па зямлі, упіваліся жылаватыя рукі ў світы, у твар, у сырую зямлю. Пад самыя калёсы падкаціліся. Ужо захапіў Лявон рукой за горла, сіпіць той, выслізаецца з рук, выгінаецца вужакаю. Дзесьці адзаду сякера ўпала з драбін. Намацала яе рука Сідарава, прыліпла да яе, як п'яўка тая, як слівень. Намагаўся ўсё з-пад калёс, каб на волю, каб на месца раўнейшае. І калі адкаціліся крыху, злаўчыўся рукой свабоднай і апусціў з размаху.

Стукнула глуха. Ды нібы ільдзінка тая пад нагою хруснула. Ды захрапло на зямлі, усё цішэй і цішэй...

Устаў, хістаючыся. Доўга глядзеў як утароплены ўніз.

«Божачка, як жа трапілася гэта. Ці то думаў, каб насмерць... А мо й лепш, што насмерць...»

І ўжо больш цвярозы - свежы вецер твар распацелы астужыў. Забіліся думкі ў камяк, ды ядраныя, ясныя:

«Не абвінаваціць ніхто... На службе ж я... Скажу, нападаў на мяне... Але колькі па тых судах пацягаюць... Колькі той звяганіны... Ды людзі - сабакі божыя, жыцця не дадуць. Людзі - ворагі: заб'юць, спаляць, на асіне павесяць на чорнай, у балацяныя нетры зацягнуць... Так... у балацяныя... Трэба, каб не было гэтага...»

І рашуча схіліўся. Асцярожна ўзяў рукамі за гэтыя падаткія змякчэлыя ногі і пацягнуў праз карчэўе, праз папараць, туды, на бераг высокі, дзе пад кручай віруе вада, разбягаецца круцёлкамі пеннымі, не змаўкае ні днём, ні ўначы - пазалетась тут сома злавілі...

Пра сома чамусьці ўспомніў...

Засопшыся, напружыўся з астатніх сіл і перакуліў гэтае цёплае, дрыготкае яшчэ... Прыслухаўся, як глуха боўтнулася ўнізу, пялёснулася... Не спяшаючыся пайшоў назад. Шапка пад ногі трапіла. Ягоная, кручок вот намацаў.

Дастаў сякеру і зноў на бераг. Размахнуўся і кінуў туды сякеру і шапку, росную ад травы, халодную, зябкую...

Запрог каня. Паклаў аўсянае недаеддзе ў драбінкі і павёў каня, каб на дарогу яго выправіць, каб сам бы дацягнуў да хаты калёсы.

І толькі тады схапіўся, што без шапкі ён. Падагнаўшы каня, вярнуўся на старое месца. Пачало ўжо брацца на відно. Доўга шныпарыў па кустах, па карчэўі, хадзіў на самы бераг, пільна прыглядаўся пад кручу, але шапкі знайсці не мог. І садніла на душы - такая ж дабрэнная шапка, пазалетась пашыў толькі. Спецыяльна зайца выследжваў, колькі лапцёў адных збіў, пакуль жа даспеў яго.

- Але столькі тае бяды...

Сутуліўшыся, пайшоў на свой лесавы кардон.

Ваўчынымі тымі сцежкамі, каб не стрэць каго, чалавека не стрэць.

Бо людзі ж - сабакі божыя.

 

15

 

Ужо сонца было вышэй паркана, калі прахапілася Лявонава жонка Гарпіна. Хапаючыся, напяла андарак, на двор рушыла.

- То ж праспала колькі... Дзіва-то, чакала-чакала колькі часу, сон і змарыў. А Лявон хіба на двары ўпраўляецца...

Але ні калёс не відно, ні каня, ні Лявона. «Што б то за чамярыца, дзе б мог забавіцца так? Няўжо ў лес паехаў ізноў? Не, не можа гэтага быць, каб у лес, ды зноў, ды повідну». На агароды выйшла, рушыла да гумна. «Мо на гумнішчы што робіць?» Суседская дзяўчынка сустрэлася.

- А ваш, цётачка, конь ды засіліўся нагой у вожкі і стаіць запрэжаны аж пад ігрушай за гумнамі.

Ёкнула дзесьці ў грудзях, захалодала. «Чаго б то гэта? І чаму б яму ды пад ігрушай стаяць абавязкова, а Лявон жа дзе?» Не адчыняючы весніц, пералезла праз іх, падтрымліваючы рукой важкі жывот, які падпіраў дыхаць, цягнуў наперад, каб жывей перастаўляла ногі. Падышла да калёс, азірнулася колькі разоў - дзе ж то Лявон той падзеўся? Доўга разблытвала вожкі, у якія засіліўся адной нагой конь і ўкруцілася кола. Конь стаяў спакойны, сыты, лагодна адмахваўся хвастом ад мух - відаць, пасвіўся доўга пад ігрушай, пакуль аж не ўкруцілася кола. Павярнула каня і вулкаю, што на агароды ідзе, павяла да вуліцы, да хаты.

- Няўжо то ў кумпаніі дзе? Ды як жа так: не п'е Лявон, у карты не гуляе, апрыч як у дурня... Ды дзе гэта, каб у будні дзень у карты гуляць? Няўжо куды па справе якой падаўся?

Чакала да самага поўдня і калі не дачакалася, тады абмякла неяк разам, нейкім цяжарам набрынялі ногі, рукі, сядзела не рухаючыся, абшчаперыўшы голаў рукамі. Ды па шчацэ кацілася па рабацінах тых сляза, сарвалася, упала на локаць, холадна так, аж уздрыганулася ўсім целам. І гнала думкі прэч ад сябе. «Не можа гэтага быць... Не дай Божа... Хіба вот пад лясіну якую папаў... Можа, ляжыць дзе-небудзь прыдушаны дрэвам. Жывы і вызваліцца не можа... А мо да дрэва камлём прыцісла, і не дыхнуў мо нават... Пайсці хіба да Хведара папытацца, ён жа ўвечары быў, з Лявонам гаварыў...»

Хведар Жаранок на ўсе запытанні толькі пацінаў плячмі ды разводзіў рукамі:

- Бач ты, справа якая... Не, мая галубачка, не бачыў, дальбог жа, сёння не бачыў... Я ж учора, як правёў яго за гумны, дый дахаты. Толькі тады й бачыўся з ім, няўжо што трапілася... Пойдам вот хіба людзей папросім ды пашукаем, калі што... Першым чынам па мясцінах тых, дзе дубкі трапляюцца, бо туды ж ладзіўся ён паехаць.

Хадзілі чалавек упяцёх, выхадзілі колькі лесу таго, ды дзе ты яго, Лявона, знойдзеш, ні слыху ні дыху. Каб то знаццё, дзе ён думаў спыніцца.

- Мо б вы, дзядзька Хведар, у кантору тым часам скочылі, а мо забралі яго туды?

Усе пасунулі дахаты. Гуло сяло, як узрушаны вулей. Ля кожнага калодзежа шапталіся бабы ды, заўважыўшы Гарпіну, спачуваюча ківалі галовамі. Некаторыя жартаваць спрабавалі, каб усцешыць чалавека, ад гора яго на якую хвіліну вызваліць.

- А мо ён, пані тая, спіць дзе-небудзь пад кустом, ногі ўгору... Выпіў мо і спіць, пакуль не прачнецца...

- Дзе там... Каб жа ён піў... Калі й патрапіць калі якога паўкеліха, дык хіба на пярэзвах альбо на свята... Дзе яму ўжо...

Вярнуўся Жаранок з фальварка.

- Не, кажуць, і ў вочы не бачылі чалавека такога. Пытаўся ў канторы, у парабкоў пытаўся...

І тады ўжо дала волю слязам Гарпіна, загаласіла на ўсю вуліцу. Мужчыны разышліся, а каторыя бабы, тыя спрабавалі яшчэ суцяшаць, але й самі не верылі ў словы свае і рабілі гэта так, для прыліку.

 

ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ

 

1

 

Дзьмуў вецер.

Дзьмуў ён усцяж Дняпра, і сіняя вада пачарнела, уздулася, узнялася грабеньчыкамі гарэзнымі, пеннымі і кідала ў твар халоднымі, калючымі на вятру пырскамі. Грабеньчыкі раслі, разыходзіліся, і ўжо буйныя хвалі гойдаліся, наганялі адна адну ды, лётма кідаючыся на човен, зыбалі яго, кідаючы з боку ў бок, выбіваючы з рук пругкае вясло. Трывожна шалахцелі вербалозы, хілячы вецце да самай вады, засіляючы жоўтую пену, што збілася ў клубкі ля абрывістых берагоў.

- Ну й замарыўся... Як ніколі... Не, відаць, старасць такі не на жарты снуе. Колісьці, дык ніпачым - няхай сабе вецер, віхура, якая б ні была хваля - вясло ў рукі і айда. У самую паводку, бывала, калі Дняпро акіян-акіянам - так падасца ўшыркі, што таго берага не відаць, - а мне што: туды й назад - адным вобмегам. Але ж, відаць, дажджу надзьме, так і напаўзаюць хмары.

Лаўрэн выцягнуў човен і, усцёгшы на сушэйшае месца пад куст, перавярнуў яго, каб і ад ветру і ад дажджу - калі трапіць - заслона была. Расклаўшы цяпельца, сцёг ватоўку, выкруціў, сушыць павесіў.

- То ж, як губка, вады тае напілася...

Дастаўшы з кайстрачкі лусту хлеба, шчапоцьку солі і цыбуліну, доўга сядзеў ля цяпла, вячэраў. Старанна жаваў бяззубым ротам, націскаў дзёснамі салодкую скарынку і доўга ганяў яе з аднаго боку ў другі - пакуль не падалася яна. Піў ваду ля берага, чэрпаў далонямі. Піў, прычмокваў і, напіўшыся ды выцершы рукавом рот, пагладзіў жывот і не то сабе, не то цяплу, якое пырскала іскрамі - кружыліся яны ў зацішку за кустом і, пападаючы вышэй, знікалі раптам, гаснучы на вятру, - усміхнуўся:

- Іш ты, як бубен...

Твар зрабіўся лагодным і ветлівым.

Залез пад човен, зняў, калі падсохла крыху, ватоўку і, накрыўшыся ёй, прыслухаўся, як шугае і вызвяраецца вецер, як шаруюць хвалі асокі, як падкрадваецца вецер да цяпельца і сіпіць тады яно макраватымі галавешкамі, пускае дым клубкамі. Прыслухаўся і задрэміў. Бачыў сны салодкія. Нібы царква вот местачковая ўзнялася высока-высока, аж пад самыя воблакі макаўкі залатыя - і калі б то пазалацелі, спытаць, яны ж аблупленыя, іржавыя, дзе ты тую фарбу распазнаеш... А сам ён на званіцы стаіць, у званы б'е. І званы сярэбраныя, так і заліваюцца, бумкаюць ды дзілінкаюць. І ўзяўся Лаўрэн за самы вялікі звон, за біла цяжкае, нерухавае. Ледзь-ледзь раскачаў ды як бомкне, як загудзіць - толькі іскры пасыплюцца, ды, відаць, ад той сілы вялікай паляцеў спотырч Лаўрэн з высокай званіцы. Ляціць, ляціць, аж духі захлынаюцца. Потым як рэзнецца, аж іскры ўваччу, ды мокра вот пад сабой. Няўжо разбіўся?

Прадзёр вочы.

- Каб жа цябе немарак, то ж вярзецца немаведама што...

Быў перакулены човен. Відаць, ад ветру, як валіўся човен, краем па патыліцы лузнуў. І ўвесь Лаўрэн быў макрусенькі. Ліў дождж як з вядра, бліскацелі маланкі ў цемрадзі, ды гром раскатваўся, і здавалася - раскалваецца неба напалам, вось-вось упадзе на цябе, рассыплецца каменнямі стопудовымі. Цяпнуў рукой пад сябе - вада. Устаў, ступіў ад куста - аж войкнуў - вада па калена.

- Глядзі ты, як вады прыбавілася, вот і паспаў бы, шчэ паплыў бы самоў лавіць...

Хлюпаючы ботамі па вадзе, усцягнуў човен на самы ўзгорак, падлез пад яго, каб дождж перачакаць, цяпло раскласці, перасушыцца. Вада прыбывала ўсё болей і болей. Шархаціць па траве, як гадзюка тая падбіраецца. Але дождж сціх, апаў вецер, у шчыліну хмар вылузнуўся месячык, у вадзе выкупаўся, пакінуўшы ў разбухлым Дняпры празрысты і трымтлявы свой след. І калі зірнуў на след гэты Лаўрэн, адчуў, як захалодала адразу спіна ды палезла знецікі шапка ўгору. У месячным бляску, у колькі тых кроках ад Лаўрэна чалавек ляжаў. Ляжаў на вадзе, зачапіўшыся рукавом за куст, ды ўзіраўся мокрым пачарнелым тварам у далёкі месік за хмарамі. Чалавек ляжаў, раскінуўшы рукі і ногі, трымаючы нешта ў адной руцэ. Яго ногі паціху варушыліся - то гойдалі іх усціхлыя хвалі, струмені каламутнай дажджавой вады. Прыціснуўшы далонь да грудзей, дзе моцна тахкала сэрца, наблізіўся да незнаёмца Лаўрэн, шапку зняў, перажагнуўся. Зазірнуў у халодны мокры твар.

- Даруй, Божа, душы яго... Затоп, небарака, дні са тры ў вадзе, мусіць, бач, як счарнеў...

І, разгледзеўшы, войкнуў:

- Божа ж мой... Ды гэта ж Лявон, відаць, Ражок. Так і ёсць: і штаны яго, і камізэлька вунь тая... Вось ён дзе, небарака, духі аддаў, трэці дзень чалавека шукаюць...

І адразу ж схамянуўся.

- Вот табе й раз, набыў сабе клопату. Хадзі цяпер па начальству... Шчэ па прыставах цябе паганяюць, - адкуль мерцвяка здабыў...

І, узяўшы дручок, асцярожна і ціха пачаў адштурхоўваць набрынялае вадой цела ад куста. Вось падхапіла яго вада, і яно паплыло, загойдалася на ціхіх хвалях, не перастаючы ўзірацца ў далёкі месяц. А вось і за след гэты месікавы заплыло, не відаць ужо болей.

Лаўрэн яшчэ раз перажагнуўся, прашаптаў:

- Ты ўжо не крыўдуй, братка Лявон. Не з рукі нам... Чалавек ты, здаецца, і нішто, ціхі, можна сказаць, чалавек... Ды, бач жа, доля такая, дзе толькі собіла... Плыві, галубок, плыві... Знойдзеш дзе-небудзь і дамавіну. А нам - суседзям тваім - не з рукі... Бо смерць твая без крыжа была, нялюдская, браце, смерць...

А сам, спяшаючыся, - забыўся нават на газы пляшку - сцягнуў човен на ваду і паплыў хуценька да берага, каб, не чакаючы раніцы, ісці дахаты і абсушыцца. Дый не толькі абсушыцца. Ніякавата тут цяпер... Плыў і азіраўся назад, налягаючы на вёрткае і склізготнае ад вады вясло.

 

10

 

Сядзеў за сталом прыстаў, і твар яго на кукіш падобны, з сінцамі пад вузкімі шчэлкамі воч, азызлы, з калючаю шчэццю невыразных шчок, кідаў рыўкамі словы. Нібы папярхнуўся прыстаў чым, падавіўся...

- Дык ты, цецярук стары, кажаш, што ніякіх тых лістоў у цябе не было?

- Чаму... Уга, колькі шчэ атрымліваў... Не было таго месяца, каб гэта ліст не атрымаць. Сямён, можна сказаць, акуратны чалавек... Шчэ на рабоце, бывала...

- Гэта нам не цікава. Дык і аб зямлі, кажаш, пісаў?

- А чаму не. Пісаў і пра зямлю. Вот у апошнім яшчэ пісаў, каб я ўжо жонцы яго, братавай маёй, зямлю б як дапамог абсеяць...

Жаўцее за сталом кукіш той, усхадзілася шчэць пад жалвакамі, тапырыцца, нібы вот шчотка тая ваўначосная, калі ды спадзе часам з барабана, выгінацца пачне.

- Ану, Грымдаль, усып яму раз, каб на лад настроіць, каб ведаў, адказваць як...

Грымдаль - стражнік - нізкі, тоўсценькі, як гарбузік той з ножкамі, з адвіслымі пухнатымі мяшкамі шчок, на якіх прытулілася глыбока кірпаціна носа, - аж слінай запырскаў, усхадзіўся:

- Ану, станавіся ва фрунт, стары...

І ўсё падскакваў, выцягваўся на насках ботаў і ад напружвання таго пачырванеў, засопся. Ніяк не мог дапяць да твару і біў пад грудзі, пад дыхавіцу, каб печані прамацаць, як казаў ён.

- Так што ўжо, ваша благароддзе, як след...

Але колькі ні білі, нічога не сказаў Напрэй, бо і сам добра не ведаў, за што ж білі, за што яму так дапякалі. І калі запытаўся апошнім разам прыстаў, а што там брат пісаў пра рабочых, як яны там, адказаў:

- А гэта ўжо вам, пане прыстаў, ведаць, што там дзеецца. А ў мяне - дзень прайшоў, і слава табе Богу. Толькі ж мястэчкам і жыву. А каб у нас дзеелася што асаблівае, дык яно ж усё на віду, і без мяне людзі бачаць. А вот што праўды на зямлі няма, дык гэта як Бог даў. Ты двух сыноў на вайну паслаў, а цябе ўсякі тут грымдаль, які і бабскага андарака выцертага не варты, будзе яшчэ біць цябе... Няхай жа й так... Напішу вот сынам, як яго паважаюць тут ды ўсякія грымдалі тылавыя над імі пацяшаюцца. Мо яно і павінна так быць... Няхай жа...

- Ты, стары, паменей гэта... Як пакорміш клапоў, дык даведаешся, дзе тылы тыя...

- А няхай сабе й пакармлю. Мне клоп не вораг, абы другія клапы не кусаліся, каторыя двухногія...

Начаваў Напрэй у халоднай... Разам з Хведарам, якога асабліва і не білі, так хіба толькі, для прыліку. Толькі ў прыстава й даведаўся Хведар, чаго яго сюды пасадзілі.

- І ў думках не было ў мяне, каб гэта хто на мяне ды такую бяду ўсклаў. Хто яго ведае, што сталася з Лявонам, а цяпер яго мне і прышылі. «Ты яго забіў, - кажуць. - І жонка бачыла, як ты таго вечара ішоў з ім». Ну што ж, ішоў... Дык вот табе...

Раніцой Напрэй насіў ваду на кухню прыстава. Дровы калоў - бадай паўсажня таго ўпарадачыў... І калі вот дужа ўжо захацелася есці, прыйшоў ад прыстава стражнік, загадаў:

- Ідзі ты, стары чорт, ды, глядзі, у нашы лапы не пападайся больш. Усе рэбры павыбіваем, калі што...

- Ды на гэта вы майстры... На што другое зломкі...

- Айда, айда, пагавары болей.

Хведара пакінулі ў халоднай. На яго вялося следства па забойству Лявона Ражка.

 

11

 

Прыхадзіў па начах. Азіраючыся па баках, расплятаў касу, песціў, лашчыўся, цалаваў украдкі. Прачыналася.

- Гэта ты зноў?

- Таццяначка, ну чаго б табе сердаваць, калі ж дужа я цябе кахаю...

- Як сабака палку.

- Табе жарты ўсё. Як перад Богам кажу. Не верыш ты мне, а запытаць бы чаму? Ці я, сказаў бы, кепскае што зрабіў. Я ж ад усёй душы. І як казаў, так і зробім...

- І бацькі не папытаеш? Так ён табе гэта хутар і адрэжа. Чакай вот...

- Бацька? Што ён? Ці з ім век векаваць? Мала там, што ён скажа... - Схамянуўшыся: - Ды ён жа і не супроць... Мне, кажа, усё роўна... Што мне бацька?

- І праўду гэта ты?

- Ну, кажу ж табе, што праўду...

«Брэша, дальбог жа, брэша...» - у думках было... Але такі сукрысты чуб казыча шчаку, шыю... Ад рук яго разліваецца млявасць, набрыняе цела ёй - паварушыцца лень, вот ляжала б ноч так ды прыслухоўвалася б, як сэрца тахкае і яго вот: блізка так, блізка. Спала потым глыбокім сном, прачыналася, калі ўжо кароў выганялі. І ў думках тады злосць на сябе напускала.

«Ізноў... Сілы тае няма, каб пагнаць яго, ад сябе адштурхнуць... Бо чуе сэрца, не кампанія ён, не мая кампанія... Дзе б то гэта відана, ды каб за такога багацея выйсці... А мо што й выйдзе? Чаго не бывае тым часам...»

Але не верылася. І днём унікала, каб спаткацца з ім дзе. Ды й ён, відаць, не шукаў гэтых стрэч, каб днём, на людзях. Калі ж спатыкаліся часам - нібыта й не было нічога, нібыта й незнаёмыя зусім. Прывітаюцца як суседзі, ды і годзе.

Толькі бабы перашэптваліся:

- Глядзі ты іх, і знаку не падаюць...

Ды матка раніцою часам зірне так, аглядзіць падазрона:

- Нешта, мая ты Таццяна, сінцы ў цябе пад вачмі...

- А ты ў сябе пашукай дзе...

- Гля-я-дзі... Язык караслівы... І так вэрхалу ў хаце, што на базары тым... Дык ты ўжо хаця б, як людзі...

- Ды ўжо ж так, а не іначай...

Снедала моўчкі і ішла на работу: ці то бульбу капаць, ці парадкаваць капусту куды, яблычкі абіраць... А следам думка заўсёды: «Няўжо то будзе? Не дай жа, Божа...» І калі купалася на рэчцы, бялізну перучы, пазірала на сябе, пазірала нібы ўпотайкі, сарамяжліва, каб жа то ды не ўбачыць чаго. І нічога не бачыла: той жа стан, тая ж пруткая каса і ногі тыя ж самыя, пругкія ногі - не адчуваеш іх пад сабой. Пругкія ногі, не ўшчыкнуць іх хлапцам, калі бязуляць часам. Толькі хада стала другой, няйначай, асцярожная, не такая таропкая. І адтаго, мусіць, што да сябе прыслухалася, бачыць сябе захацела. Дзіва-то, сябе ўбачыць.

І ўбачыла потым. Спахмурнела адразу, звузіліся на шчэлкі гарэзныя вочы. І зразумела, што ад долі тае не адкараскаешся, звязала яна ланцугамі цябе, не выкруцішся.

«Дык жа возьме...» - суцяшала сябе. Суцяшала і не верыла. Думкі-то былі хіба так, для прыліку.

Ваўчыцаю пазірала матка. І рукою - у мякіне і ў шалупіннях - тыкала ў стан:

- Дабегалася-такі, поскудзь...

- Ну, і дабегалася... А табе што, карціць? - агрызалася і выходзіла куды, каб за працаю ўнікнуць думак гэтых, звадыякаў тых чорных.

Ужо восень слалася па зямлі павучыннем срэбным, канала лета днямі цёплымі, на душы адыходлівымі. Абралі слівы ў садах, і толькі яблыкі тыя антонаўкі паварочвалі да сонца свае жоўтыя бакі, сокам наліваныя, ядраныя, пахучыя. Калі выйдзеш вот на рэчку, падыхне вецер з мястэчка, і запахне тады дымам і яблыкамі. Ды яшчэ з гумнаў цеплынёй нясе, жытняю, саламянай - хлебны пах такі, хмялявы. Цеплынёй патыхае, бо раніцы зябкія, трава па сцежках каляная, сцюдзёная, інеем упрыгожаная.

За рэчкаю Банадыся сустрэла, выпадкова - той платы гарадзіў. Азірнуўся палахліва, пад нос мармытнуў:

- Нешта ты за мной занадта ходзіш?

- Як гэта так?

Змоўчаў.

Так і сядзелі моўчкі на жэрдках. Церабіў кутасы свайго пояса Банадысь, паглядаў нецярпліва - калі то пойдзе яна. А Таццяна ўзіралася на дрэвы, на бярозы пры гасцінцы. У ціхай задуме стаялі яны пад сонцам у барвяных вопратках, і дзе-нідзе трапляліся сярод іх дубы зялёныя. Іх-то яшчэ не кранула восень, пашкадавала - а няхай яшчэ вот пакрасуюць, падгадуюць жалуды свае, а тады ўжо і лісце скінуць, счарнелае, пажоўклае. І дзе-нідзе нібы полымем крывавым гарэлі кляны, аж зіхацелі пад сонцам іхнія пышныя кароны. З іх сыпалася залатая луска, церушылі кляны лісты свае, жоўтыя, агнявыя, каб сустрэць голым веццем зіму ды зімовыя вятры, завеі. Рэчка была ціхая, спакойная, нібы чым улагодненая. І такая ж вада празрыстая ў ёй, як сляза, як крышталь, - усе каменьчыкі мітусяцца на дне, ходзяць па іх, свецяцца зайкі сонечныя. Восеньскія. Аж да самага дна дабіраюцца сонечныя праменні, а вада ўсё ж халодная, настыглая.

Устрапянулася.

- Ды як жа, Банадыська?

- Ты гэта аб чым?

- Як жа, кажу, нам быць з табой? Калі мілаваліся, дык горы суліў тады залатыя... А цяпер туляешся, за вярсту ходзіш... Дзе ж вочы твае былі? Хіба шкураю сабачай яны падшыты ў цябе?

Маўчаў Банадысь, толькі носам сапеў. І віхор той раскудлачыўся, прыліп на лбе. Пазірае сабе пад ногі.

- Дык як жа, пытаюся, будзе? Дзіцёнка ж вот чакаю.

- Ды што ты, Таццяна, да мяне чэпішся? Ну, гулялі... Ну, добра... І які там дзіцёнак?

І колькі сілы было, сабрала ў кулак ды наводліў па твару. Аж потырч паляцеў, выцяўшыся аб жэрдкі. Палахліва адтуль, з зямлі:

- Дык чаго ж ты ўсхадзілася так? Я ж казаў табе... Дальбог жа, не маню - вот пагавару ўжо з бацькам, памяркую з ім...

- А тады ты пытаўся бацькі, як да мяне ліпучкай той чапіўся, смалою лез? У-у... слімак ты... Вылівак няшчасны, каму паддалася толькі...

І пайшла, не азіраючыся, на агароды.

Банадысь цёр шчаку, ныў падбіты зуб, сплюнуў пад жэрдкі.

- Ну й рука... Каб цябе перуны спалілі...

 

13

 

Нядзеля была. Толькі-толькі каровы павыганялі на выган. Рыпелі журавы калодзежаў, ды з комінаў хат віліся істужкі празрыстага дыму, купчыліся ўгары, растайвалі там, дзе паблісквалі на сонцы серабрынкі павучыння. Дзень быў цёплы, пагодлівы.

Торапка бег Сяргей, аж засопся. Бег і крычаў:

- Паймаў жа, браткі, дальбог, паймаў...

І твар яго быў радасны, светлы. Нібы іскрылася радасць гэтая з яго, цвіла на ім. Ля Алтэравай хаты прыпыніў крыху бег. На ганках Алтэр стаяў, даставаў папяросу, прыкурыць цэліўся. Пачуўшы голас Сяргея, паклікаў яго:

- Дык нясі хіба да мяне, калі паймаў... Што там, мірона, а мо сома падцэліў?

- Ужо ж паймаў...

З крам каторыя падбеглі: Еўніха, руды Абрум, Чырвонец падышоў, манапольшчык - зацікавіліся, у чым-та чалавеку пашанцавала.

- Лявона паймаў...

- Што ты вярзеш, якога Лявона?

- Ды нашага ж, Ражка... Дзён з дванаццаць, бадай, як загінуў, дык вот пад самай каражынай... Паехаў па шнур я, ставіў там... Гляджу, пад каражынай тапельнік ляжыць, я за яго...

- Слухай ты, Сяргей, табе я гавару... Ідзі ты, чалавеча, ад маёй хаты... Добры ты чалавек, і не скажу худога слова пра цябе, а толькі ідзі, братка, ідзі... не стой... - рукамі замахаў Алтэр, а сам хуценька ў хату, нават папяросу на ганку пакінуў. За Алтэрам і ўсе - ціхенька, ціхенька ды падаліся хто куды, па сваіх справах. Толькі Чырвонец застаўся, запытаў:

- І што ты з ім думаеш рабіць?

- Як што? Начальству ж трэба сказаць, няхай парадак дадуць, да закона чалавека прывядуць. - І сам рукамі разводзіў. - Ну й народ, ну й людзі. Вот табе, беднаму чалавеку, і памры, дык і пабягуць усе, у вочы табе зірнуць пабаяцца, вочы твае прыплюшчыць...

Пайшоў паціху па старасту, па ўрадніка. Хутка ўзялі панятых, паклікалі старога фельшара, на бераг пайшлі. У чоўне, выцягнутым на пясок, ляжаў разбухлы, пачарнелы труп. Ужо нос пачаў аслізацца, зацягнуліся мутнаю тванню вочы, непамерна ўздуўся жывот.

- Уга, раздабрэў як ты, пане Лявон, гэтак жа вады набраўся... - уздумаў пажартаваць Хвядос, але ніхто на яго жарт не адказваў. Скінулі шапкі, стаялі моўчкі. Стары фельшар абышоў разы са два, агледзеў збольшага.

- Патоп, тыдні са два, як патоп. А прычыны якія, дзе ты даведаешся, віду ніякага ў чалавека, калі то пад ваду трапіў. Дзён з дванаццаць...

- Ды гэта мы бачым, што ён патоп, не з неба ўпаў, а з вады выцягнулі...

- А што б вы хацелі больш?

- Ды нічога, - буркнуў ураднік, - трэба вот пратакол скласці.

- А вот і шапка, - заўважыў Сяргей, - там жа з ім разам знайшоў. Ён пад каражынай, а шапка ў руцэ, так і прыбіла яе вадой пад карэнні разам з рукой. Так і трымаў у руцэ шапку Лявон... І калі ўжо даставаў з вады яго, дык шапка з пальцаў выслізнулася, дастаў ледзь...

- Нешта ж не яго быццам і шапка, штосьці не бачылі такой... У яго ж была салдацкая, звычайная лапавушка, зімоўка... Дзе ён дастаць мог такую, бачыш, з зайца...

- Ану, давай шапку сюды, мне яе, брат, да дакументаў. Разам і здамо, з пратаколам разам.

Мірон, якому выпала быць за панятога сягоння, прыгледзеўшыся пільна да шапкі, аж войкнуў быў нешта, але схамянуўся.

- Чаго гэта ты?

- Ікаўка, бачыце, напала... - а пра сябе: «Дальбог жа, Сідара-лесніка шапка, шчэ залетась зайца забіў і пашыў потым. Адылі ліха яго ведае, чаго б гэта яна да Лявона патрапіла. Дый ці мала шапак тых. А ты патрапіся языком - да чалавека чапіцца будуць, трывожыць дарэмна: што ды як... Ліха яго ведае, чыя гэта шапка...»

Паказалася шапка падазронай і старасту, ды прамаўчаў - вялікі-то клопат.

А сам ураднік, калі адвезлі Лявона ў капліцу на клодаўі, каб пахаваць раніцой, сеў на буланага свайго ды падаўся ў фальварак, да самога Мацвея Юльевіча. Запрогшы каня ў лінейку для ўпраўляючага, ездзілі абодва на кардон да Сідара. І ў выніку паездкі той трапілі ў кішэню ўраднікаву аж цэлых дзве пяцёркі залатыя. Гэта ад упраўляючага. Але сякія-такія гаспадарчыя разлікі меў ураднік і ў дачыненні да Сідара.

- Што-што, а пара подсвінкаў будзе, даўно ўжо баба назаляе: набудзь ды набудзь ёй подсвінкаў добрых, каб курносыя былі... А подсвінкі ў яго важнецкія. І пасека нішто ў яго, у халеры. Паспрабуй-ка адмоўся цяпер начальства пачаставаць мёдам тым лесавым. Уга!..

І ў вясёлым настроі ўраднік доўга карпеў над пратаколам. Каб сказаць, дужа тая грамата ў яго ўелася, не сказаў бы. Але і не ў грамаце справа была - трэба было як найлепей, ямчэй дакумент гэты скласці. І ўрэшце склаў-такі, падпісаўся, прачытаў:

«Сяго чысла мела месца здарэнне ў мястэчку. Сяргей, ён жа рыбалка, ад'ехаўшы раніцой на воды, заўважыў на водах гэтых нейкае іншароднае цела, онае ў сапраўднасці аказалася целам, прыналежным селяніну гэтага ж мястэчка Лявону Ражку, трыццаці шасці год ад роду, які дванаццаць дзён назад патоп ноччу ў вышэйпаказаных водах, не меўшы магчымасці адтуль выбрацца. Панятыя, оных стараста паклікаў на прадмет сведак і навучна-медыцынскага агляду, устанавілі, што оны труп - цела памянёнага Ражка - сапраўды патоп без усякіх адзнак жыцця, гэта значыцца на трупе. А як ён патоп: ці шляхам самавольнага пагружэння ў ваду і немагчымасці адтуль выбрацца на сухі бераг, альбо ўпаў па неасцярожнасці ў памянёныя воды і зноў-такі не мог адтуль выбрацца, ці трапіў туды па чыёй-небудзь злой волі - гэтага ўжо ні панятыя, ні я - ураднік - устанавіць дасканала не змаглі. А таму і дадзены мной загад, каб адвезці на клодаўе ў капліцу і каб пахаваць яго зараз жа па прычынах няўхільных клапот нашых па абароне здароўя ўверанага мне насельніцтва. Аб чым і складзены гэты пратакол».

Прачытаўшы, доўга думаў, які загаловак паставіць на такім важным пратаколе. Поркаўся ў справах свайго папярэдніка, але нічога агульнага не знайшоў у старых пратаколах. «Пратакол аб пабіцці морды», «Рапарт аб хуле на Госпада Бога», «Пратакол аб дзякавай курыцы, якую зверскім чынам забіла пападдзя», цэлая процьма нядоімачных спраў, а тапельнікі не траплялі ў рукі.

- А напішу вот «Пратакол аб тапельніку», няхай начальства само разбіраецца...

Пра шапку не пісаў.

А на кардоне яшчэ доўга, бадай з паўгадзіны, вучыў Сідара Мацвей Юльевіч. Ушчуваў:

- Ну, і надаўбень жа з цябе, каб гэта ды клопаты лішнія набываць. Дзе ж твае вочы былі? Хіба не мог вот проста з ружжа забіць, тут яму й суд і закон. Бо сказаў бы потым, што напаў на цябе, лес крадучы. І хто на цябе слова сказаў бы. А так і ў Сібір запакаваць могуць, калі, скажам, даведаюцца...

- Ды я ж... Не ведаю, як трапілася яно... Такі ж, даруй Божа, выпадак...

- Глядзі ж, дурань, каб надалей мне такіх жартаў у лесе не вырабляць.

- Слухаю, паніч... Ніколі ўжо такое не трапіцца са мною...

- Глядзі ж.

 

14

 

Прыходзіла ў капліцу Гарпіна, жонка Лявонава. Доўга ўзіралася на твар, на ногі, што тырчэлі з-пад дзіравай дзяругі. Нема білася ў плінтусы дзвярэй і, сеўшы на ганку капліцы, глядзела без усякае мэты на мястэчка, на сінія лясы навакол, на пясчаныя бугры, курганы над Дняпром - вот жа ўлетку сонца на іх пячэ, як зірнеш у дзень ясны - нібы пара над імі светлая, празрыстая, трапяткая. Трымціць, пераліваецца. Намагалася плакаць, але толькі балелі вочы, высахшыя і пачырванелыя за гэтыя дванаццаць дзён. Зайшла ў хату к Мірону па Яўхіма.

- Яўхімка, вазьмі ты, галубок, свечку якую ды йдзі ты хаця Псалтыр пачытай. Няхай жа, як у людзей. А я ўжо табе на сарочку чаго-небудзь адрэжу ці штаны якія там Лявонавы...

- А не зломак, і так пачытае... - мармытнуў з кутка Мірон. - Ідзі ўжо, няхай яго душы лягчэй будзе.

Хацелася Лявончыку не пусціць Яўхіма - дужа там псалтыры чалавеку дапамогуць. І часта папікаў ён Яўхіма за справы боскія: за клірас, за Псалтыр. Але не рашыўся: жывым папрокам думкам яго была постаць Гарпіны: шукалі вочы яе дапамогі ў людзях, падсобку таго, падтрымкі, слова таго суцяшальнага.

А раніцой, калі закапвалі Лявона на клодаўі, курчылася ў сударгах Гарпіна на сваім рыпучым ложку, нема крычала, сцяўшы зубамі дзяругу. У нагах корпалася заклапочаная Агапка - бабка-аднавочка. І вот ужо след блядай усмешкі асвяціў канапаціны змучанага твару, ды засмяглыя вусны прашапталі глуха:

- Ну, як яно, бабка, там... Хлопчык? Дзевачка?

І ўсмешка разгарэлася на твары, шырылася, адпачывала стомленае, спакучанае цела.

Павярнуўшыся ад акна, праказала бабка:

- Нежывенькае, мая ты маладзіца. Не шанцуе, бачыш, табе... Хлопчык, але ж не дыхае...

Усмешка на твары згасла, пашарэлі на ім канапаціны. Ды ўздых глыбокі коўдру прыўзняў, апусціў.

- Што ж, бабка, трэба і за гаспадарку прымацца, трэба ж і мужыка праведаць на клодаўі...

- Ляжы ўжо, дурная, не кратайся. Дзіва-то, столькі папакутвала... А Лявона пахавалі ўжо. Ляжы... Печку сяк-так я выпалю. Аддыхай хаця...

 

15

 

Думка аб жаніцьбе Банадыся не давала спакою Хвядосу. І лепшае пары, як у Цыбала Івана, не знайсці яму. Да работы спрытная, ведае, як гаспадарку весці, а дзе, дык і мужчыне не саступіць. Што касавокая трохі, дык ад таго ж галава балець не будзе. А галоўнае, грунт тады. Ды яшчэ які. І так яно пад нагамі цвёрда, а тады й не падыходзь, калі гэта з Цыбалам у саюзе. Згаварыцца вот хіба, каб з мядзведзем гэтым. Яму - як у пень таўчы - упрэцца, і хоць ты аглоблі ламай. Не чалавек, а шула тое дубовае. Затое ж рукі дасціпныя, нечага сказаць. І нерухавы, здаецца, сам, а як павернецца, так усё да яго і ліпне, да рук да яго.

І кожнага вечара заглядаў да Івана.

- Дык як жа, пане Іване, будзем сватамі ці бо не суджана нам...

- Ды яно, пане Хвядос, і Бог нам судзіў... Ці я супроць? Яно, канечне, нязручна толькі мне. Каб гэта вот у прымні ўзяць, яно б лацвей было, куды лацвей для мяне, бо ці мне ж з гаспадаркай такой управіцца?

- Уга... Даніла вун падрастае.

- А што яму, смаркатаму. Яму абы яшчэ з гаспадаркі цягнуць, капейчыну якую на цукеркі. Ужо гаспадар з яго... Але я ўжо думаў-думаў і сяк і так узважыў... І нічога, браце, не выходзіць, прыйдзецца-такі аддаць гэта дачку маю за твайго Банадыся, хіба ўжо сватоў шлі...

- Вот бы й подаўна так...

Святым адвячоркам Хвядос сядзеў з Цыбалам і строіў яму ўсякія планы.

- Усё сяло так, браце, у рукі возьмем, пішчом пішчэць будуць, аж пацячэ з іх...

І ён сціскаў свой валасаты кулак і распускаў пальцы, паказваючы Цыбалу, як то яно цекчы будзе.

- Ды яно ўжо так...

- Ты, пане Цыбал, ведаю я, - крамень чалавек, не скажаш худога слова і пра мяне. Аднаму мне нязручна трохі, а калі гэта мы, скажам, удвух - тады паспрабуй пад корань нас паддзець, каб з месца зварухнуць.

Удваіх яно лягчэй і зямлі яшчэ прыкупіць ці ў арэнду ўзяць часам, і хлеб той прадаць ямчэй. Ды што хлеб. Можна й млын вун паравы згораць, дужа ж здабытлівая штука гэта, не параўнаеш ні з чым.

- Млын яно, пане Хвядос, як сказаць яшчэ... Як патрапіш. Млын, браце, гэта табе не малатарня, тут і ўскочыць можна, агрэхі зрабіць...

- Не зробім... Удвух, браце, не зробім. А не хопіць грошай, у банку пазычымся, а то куды ні шло, - і ўжо цішэй: - І папа можна да справы прыцягнуць. Ведаю, даўно гэты млынок у яго з галавы не выходзіць, не рашаецца толькі. А ў кампаніі ён нішто будзе, і грошай у яго тым часам хапае...

- З млыном, пане Хвядос, ты ўжо як хочаш. Гэта ж дужа рызыка тут вялікая... Ты ўжо сам як-небудзь. А вось наконт зямлі, дык у мяне згода. Чаму б якога кавалка не прыгарнуць яшчэ да сваіх палос - есці ж прасіць не будуць. А з млыном не таварыш гэта я, не...

- Ну, пажывём, пабачым... Дык прысылаць, кажаш, у сваты?

- Ды ўжо ж... Няхай яно ўжо так... Адным жа разам калі рабіць ды трэба, не абыдзешся ўжо... Хоць то й клопату, і прыбытку таго - не сказаў бы, каб у гаспадарку задужа... Дык жа прысылай ужо...

 

ЧАСТКА ПЯТАЯ

 

3

 

Сядзела Агапка ля комінка, пер'е скубла, курынае. І здаецца, яшчэ больш сляпой выглядала яна. Водбліскі лёталі ад коміна і садзіліся на ўпадзіне той, дзе заместа вока рубец чырвоны. Відушчае вока ў цяні хавалася. І страшкі позірк рубца гэтага, нерухомы такі і золкі, да касці працінае. І палавінка твару гэтага не ўздрыгне, не ўзварухнецца асветленая.

І не здзівілася прыходу Таццяны, як бы яно ўжо і трэба. І ведала ж чаго. Якія там сакрэты агульныя паміж старой і дзяўчынай, каб гэта ў госці адна да адной хадзіць, у праведзіны. Не ў праведзінах справа.

- Садзіся вот, рыбачка мая... Дык дождж, кажаш? Пара ўжо... даўно пара. Калі ўжо тое лецечка адышло, а дзівіся - суха было, ні дажджынкі табе, ні хмары. Дык жа на каторым месяцы, мая рыбка? - І чырвоны рубец глядзіць, не міргне, проста ў вочы табе цэліцца.

- Ды ўжо чатыры дні, як на трэці пайшло, - сказала, зніціўшыся і ўздрыгнуўшы...

- Уга... Не бяды... Не бяды... А я меркавала болей... Калі ж гэта так, дык мы гэта вобмегам адным... А ты не хвалюйся, не хва-а-люйся... З кім гэта не трапіцца... Маладосць ты наша, маладосць... А мая вось, рыбачка, даўно прайшла, даўно адляцела... Калі то ўжо мужыка свайго пахавала. Аніс у мяне які ўжо... уга... і шкадаваць каб, дык не... Кожнаму свой час... Аджыў і пяткі складай, як той казаў, хавай душу ў мяшок... А твае гады - вясна красная. Калі сляза якая - як расою абмые, толькі ж ты зеляніся, буцёлкаю распускайся чырвонаю... Але ж давай жа, дзеванька, да справы, праходзь жа ў баковачку тую, а мы і дзверы зашчэпім.

Устала з трыножкі, рэшата сваё з пер'ем адставіла, абцерла аб спадніцу рукі, каб жа пух абіць, што папрыліп да далоняў, да пальцаў. Запаліла газніцу-капцілку і панесла яе ў баковачку.

- Дык на трэці месяц пайшло, кажаш? Так... Ну, дык лажыся, рыбка, на ўслончык гэты... лажыся, лажыся, не бойся, чаго там... Гэта ж плюнуць раз дый расцерці...

Поркалася старая, ля ног завіхалася. Гарэў твар у Таццяны. Касавурыла вочы на сценку, дзе травы віселі, сушаныя краскі. Вот па сцяблу бяссмертніка клоп паўзе, на самы цвет запоўз, далей некуды. Прыюшыўся клоп, нібы думае, ці то скочыць уніз, ці то не: а будзе там толк які, ці не будзе. І павіс, нагамі заварушыў тымі, адарваўся, проста на грудзі ўпаў, аж спужалася:

- Цётачка, клоп...

- А ты не шманай... Чаго ты... Вазьмі і прыдушы, столькі-то клопату... З чаго гэта ты?

- Ды я нічога.

Завіхалася Агапка, бегала на хату, вазілася з нечым. І сказала:

- Вазьмі вот рушнічок, рыбка, ты рот вот так завяжы, добранька завяжы, шчыльна. Ды пакладзі на зуб кончык... Закручвай, ды не жалей, тужэй, галубка, тужэй, бо ад крыку душа заходзіцца, не трэба таго крыку. А завяжаш, яно й добранька будзе... Вот так... А цяпер ужо рукі давай, мая рыбка, каб сама сабе не шкодзіла... Рукі нашы - ворагі нашы... Ляжы, галубка, ляжы... А цяпер вочы прыплюшчы...

Прыплюшчыла Таццяна вочы.

 

10

 

Чыталі дванаццаць Евангелляў.

Жоўтыя свечкі сагіналіся ад сваёй цеплыні і разлівалі трапяткое святло на посныя і закураныя твары святых, на мядзяныя ўборы Багародзіцы, на чорныя ў змроку начным пратасэі.

Людзі сагіналіся на калені, прыкладаліся лбамі да закапленай воскам халоднай падлогі і заміралі на міг, нібы адчуваючы таемную святасць у гэтым дотыку халоднай царкоўнай падлогі, дзе воск, дзе ладан, дзе бруіцца свежае паветра ад дзвярэй, дзе чутны шэпты парэпаных вуснаў:

- Даруй жа мне, Госпадзі...

Людзі ўставалі і ўглядаліся задумёна ў бляклую пазалоту царскіх дзвярэй, у змрочныя цені, што ляталі па сценах ад жоўтых, танюткіх, са слязою васковай свечак. І твары ў людзей былі посныя, бляклыя, васковыя. Прыслухаліся, як бубніць Лаўрэнаў голас, лавілі паасобныя словы, паасобныя сказы, сачылі за рухам яго рук і калі жагнаўся ён, тады, як па камандзе, узнімаўся лес рук і ціхім шолахам пранасіліся шэпты-словы: «Ва імя Айца і Сына і Святога Духа...»

І пад шолах гэты калыхаліся змрочныя пратасэі, мігцелі жоўтыя, трапяткія, са слязой васкавой гаручыя свечы, і скакалі ад уклонаў цені пад столь, пад блакітны купал, адкуль углядалася адзінае, у адзінстве сваём суровае і варожае вока, вока госпада Саваофа. Пасля Лаўрэна чытаў Яўхім-сухарукі. І калі жагнаўся ён левай рукой, людзі нехаця думалі: «Ці не грэх гэта, - а ці можна ж левай?»

Думалі і жагналіся, праганялі грэшныя думкі, што адрывалі ад слоў евангельскіх, ад пакут божыіх. Слухалі, і ў кожнага былі свае думкі, у кожнага былі свае меркаванні, свае надзеі. І бадай ва ўсіх: «А можа, й вайна хутка скончыцца, дай жа, Божа, дай жа ты, літасцівы...»

Думалі і аўстрыякі аб гэтым, што шчыльнаю купкаю згрудзіліся ля дзвярэй, стаялі з суворымі, настарожанымі тварамі. Тут быў і Язэп з абвіслымі чорнымі вусамі, і чарнавокі Янук, што скоса, нібы засаромеўшыся, пазіраў на людзей, на жанок, на палахлівыя позіркі дзявок, і старэнькія бабкі, каторыя думалі: «Вось жа, як наскія... звычайныя людзі і жагнаюцца нават, і каторыя моляцца нават... І няўжо ж Івана майго загубілі, у акопах застрэлілі... Няўжо ж ворагі ўсе вось такія... Не можа быць... Даруй жа, Божа, мне грэшныя думкі, непатрэбныя словы...»

І торапка жагналіся, торапка шапацелі словы да Бога, торапка падалі слёзы ў каторай, і слёз гэтых было не чуваць. Былі яны слабыя, бяссілыя. Лягчэй слёз тых васковых гаручых - іх чуваць было, як падаюць яны, капаюць перад мядзянымі ўборамі Багародзіцы, падыходзілі людзі тады, у світках, у кажушках - і папраўлялі свечы, выпроствалі і тушылі каторыя. Папраўлялі, жагналіся, адыходзілі на сваё месца і зноў жагналіся. І над усім разляталіся словы - то ціхія і плыўкія, то гучныя, смелыя, то таропкія, заходлівыя - не разбярэш, адкуль яны.

А знадворку ўляталі галасы, звонкія, крыклівыя ды задзірлівыя. Яны часам дзёрзка ўрываліся пад змрочную столь, крывілі ўсмешкай каторыя твары, ды бабка якая, палахліва азірнуўшыся, прасіла Госпада Бога:

- Даруй Ты ім, паганцам, хіба яны разумеюць...

То гуляла на цвінтары моладзь - хлапцы, дзяўчаты. Неўгамонная пісклявая малеча віхрам насілася ля агароджы, ля распрэжаных вазоў, ля панскага саду, што насунуўся на цэркву купкамі клёнаў і ліп ды высокім яловым штакетам.

Гудзелі званы на дванаццаць Евангелляў, дрыжала званіца тады і дрыжала паветра, пахучае, вясновае, пад глыбокім і чорным небам. І захліпаліся сэрцы дзявочыя, сціналіся грудзі. Ды дзе-нідзе па змрочных кутках пішчалі дзяўчаты, рагаталі хлопцы і ўзнімаўся гармідар цэлы. Стары Лаўрэн, які выходзіў, каб падаць знак на званіцу, дакорліва ківаў галавой ды кідаў з ганкаў царкоўных:

- Ах жа і шкнарадзь гэтая... Ні ім месца святое, ні ім слова тое евангельскае... То ж распуста...

Але гаварыў так, абы гаварыць. І, зірнуўшы на зоры - то ж год ураджайным будзе, колькі іх высыпала, - браўся за вяроўку, торгаў яе, знак падаваў на званіцу, каб не праспаў званар, не прапусціў чарговае Евангелле.

Ля дзвярэй Настуля стаяла. Прыслухалася да звону, да слоў евангельскіх, да звонкіх галасоў. Спрабавала маліцца, углядалася ў твар Багародзіцы, да той застыглай усмешкі, з якой пазірала Багародзіца на свайго Сына. І нічога нельга было разгадаць у гэтай усмешцы, абыякавай, нерухомай, халоднай. Таму й на сэрцы было суха, не ішлі словы малітвы, нібы садніла і гарэніла на душы. Стаялі перад алтаром стараста Хвядос, жаўцеў Цыбалаў кажух, і кажух, шырокі ў плячах, прысадзісты, да таго ж шырокі, да таго ж раздаўся ўшыркі, што, здаецца, засціў усіх святых, адціскаў іх сваёй жаўцізной. Ды паблісквала намасленая патыліца Цыбалава, некаторыя валасіны, зліпшыся, стырчмя стаялі на ёй, настырбучыліся.

- Іш, як цялушка языком залізала, зашурпаціла...

І крыўдна стала.

- Цялушка ж...

І ўсміхнулася.

- Вот жа няхай так і будзе...

А што яно «так» - добра й не ведала. Толькі ўсміхнулася, бо дужа ж смешныя гэтыя валасы настырбучаныя. І ўсмешка расплылася на твары, злілася з позіркам сарамяжлівым, што кінула на людзей, на суседзяў бліжэйшых, на аўстрыякаў. І позірк той Янук спаймаў, спаймаў і засіліў, і цяжка было адвесці яго, ад воч яго адысці. Толькі згасла ўсмешка, схавалася пад расніцамі, ды зацеплілася сэрца цеплынёю, трапяткою, глыбокаю.

- Даруй жа мне, Божа. - Адагнала думкі звычайныя, жаночыя, чалавечыя.

Ішлі з цэрквы ўдзвюх з Таццянай Козішкінай. Пасябравалі на працы ў фальварку. Таму і хадзілі разам. І гаварылі разам, абменьваліся думкамі разам. І думкі, як свечкі тыя, што з цэрквы няслі ў гэтую ноч, калі дванаццаць Евангелляў. Такія ж палахлівыя, трапяткія.

- Бачыла і я... Як зірнуў на цябе, а ты, нібыта салома тая, - пырх, і гатова...

- Дужа-то...

- А ты не дужкай, хлопец ён над хлапцамі хлопец, даў бы Божа кожнаму прыгажосць яго і спрыт...

- Не кажы, Таццяна, грэх... Ды яшчэ ў святую ноч...

- Ат... святую...

- Ціху ты.

- Чаго цішкаць і чаго саромеешся? Калі што, дык я і скажу яму, перадам, што любіш яго, заляцаешся...

- Дурная, ён жа не наскае веры, краю не наскага, аўстрыец...

- Толькі-то клопату, рукі ж у яго наскія, на работу на наскую спрытныя.

- Кінь хаця!

Ішлі далей моўчкі. І ў кожнай былі думкі свае. Звычайныя, жаночыя, чалавечыя. І нехта не гаварыў, а шыпеў адзаду, глытаючы словы, пырскаючы слінай:

- Іш ты яе, кабыла... Нагуляла, і дзе што падзелася. І жывучая, як кошка, бач ты яе, раздабрэла. Ліпучае да жыцця гэта байструцкае племя... З Настуляю, бач, пасябравала.

- Пойдзем хаця хутчэй... - падагнала сяброўку Настуля.

 

11

 

Ахіналі ноч туманы.

Вільготныя, цёплыя, якія бываюць хіба толькі ў красавіцкія ночы, калі чуеш, здаецца, як дыхае зямля, як прачынаецца яна ад зімовага сну, ад зімовае скутае нерухомасці. Цурчаць гучныя ў цішыні ручаіны, шумяць вадаспады лагчын, і ў хмялявым паветры, напоеным сокамі абуджанай вясною зямлі, узнікаюць таемныя галасы, таемныя гукі. То шархане аб бераг нерасталая крыга, то сава кігікне раптам у кусце, напалохаўшы нечаканасцю сваёй стомленага падарожніка, то падасца лёд на балоце, асядзе альбо ўздымецца, узадраўшы прымерзлыя купіны, махавіну пухнатую, - з карэннем выскубе яе і падрэжа. І гук той, як цяжкі ўздых, ляціць павольна над полем, над лесам, над дарогай лесавой, балацянаю.

Тады настаражваецца сэрца і б'е часцей у такт узбуджаным сілам зямлі і цямрынь ночы настаражвае вуха. І чалавек прыслухаецца: да начы, да зямлі, да яе вялікага і таемнага подыху, у якім захована неўміручая радасць - радасць нараджэння жыцця. Новага, з новай зелянінай палёў і лясоў, з новаю чырванню красак, з новаю цеплынёю сонца, з пяшчотамі веснавога ветру, з росамі, туманамі, дажджамі, з радаснымі нястрашнымі грымотамі. Грымне раз - і набрыяюць сокамі вербалозы, у колькі тых свірысцёлак загудзіць дзетвара, свірысцёлак, гукі ў якіх, як кволыя палявыя званочкі, як цурчэнне ручаёў пад ценкімі шкельцамі ледзяных убораў.

Грымне два - ахінуцца берагі кураслепам, нібы і сонца ападзе на лугі, жаўціню сваю цёплую скіне з недасяглых вышынь.

Грымне тры - і кволая зелень убярэ палі, будзе буяніць рунь, расцвітуць мурагі пахучымі краскамі: сінімі, чырвонымі, блакітнымі. І над краскамі тымі будзе пчаліны гуд, гуд бадзёры, як жыццё, як змаганне, як слодыч узвіхуранай працы.

Ахіналі ноч туманы. Цёплую красавіцкую ноч.

Ішла бясконца дарога. І такія ж бясконца думкі ішлі, узнімаліся, наляталі гурбай на спадарожнікаў. Цямрынь ночы хавала іх постаці. Толькі чуваць было, як длыпаюць наперадзе размераныя крокі аднаго, ды адзаду, крыху збоку, паспяшае за імі другі, часам уподбежку, сапучы, кідаючы на хаду абрыўкі слоў, абрыўкі сказаў:

- Дык пусцілі, кажаш?

- А як жа іначай, Іван Іванавіч? Ці гэта мне за другіх сядзець, чужыя грахі на свой карак прымаць... Дужа тое... І так, бадай, больш як паўгода прасядзеў...

- Па суду пусцілі?

- Ды ўжо ж... І колькі гэта ўсё прыставалі як смала, чапіліся: прызнайся ды прызнайся, Жаранкоў, і нічога табе не будзе... Добра-то прызнацца... Хто гэта гатоў на сябе сіло ўздзець? Уга...

- Та-ак... Дык памучылі, кажаш?

- Ці шчэ ці годзе... Няма чаго казаць, на гэта яны аматары. Ама-а-тары, ліха на іх... Каб на што-што, а на гэта спрыт маюць, вя-я-лікі спрыт. Яны, брат, цябе вышпігуюць а дазвання, а да нітачкі. І душой ты не вінаваты, а прасіцца станеш - пусціце хаця жывога...

- Б'юць?

- Б'юць... Ва-а-жнецкі б'юць... Так цябе злямцуюць, што ляжыш толькі ды думаеш: і навошта толькі людзі стараюцца, кулакоў не шкадуюць, сябе знясільваюць. Бо ўсё ж дарэмна, хіба ж я чалавека забіў?

- А каб і забіў?

- Што вы, крый мяне Божа... І да чаго вы?

- Гэта так... Да слова... Бачыш, худога чалавека і забіць не грэх...

- Дык жа худога, але ўсё ж грэх, няхай яго лепш пярун заб'е... На тое ж і суды ёсць, каб разабрацца. Вось і я... Не вінаваты, ну дык і пусцілі, навошта ж ім трымаць мяне.

- Затое ж пратрымалі колькі.

- А як жа? Тут закон, нічога не зробіш... Закон, ён, Іван Іванавіч, па галоўцы не гладзіць. На тое ж і закон.

Ішлі і маўчалі. Жаранкоў думаў аб хаце - нябось, хапілі гора, бедалагі, - думаў аб двух цалковых, што засталіся яшчэ за Лейбам, каб жа, крый Божа, не наняў ён каго-небудзь новага. Зайздросціў Івану Іванавічу: шчаслівейшы то чалавек на свеце, ні жонкі ў яго, ні дзяцей - вольная сабе галава: рабі што хочаш, ідзі куды хочаш. Аднак як сказаць - рабі што хочаш... Вось хоць бы яны...

- Іван Іванавіч!

- Ну?

- А вось, скажам, такая справа. Ніяк я тут не дабяру, што і да чаго. Сядзелі са мной - уга, колькі іх пазганялі - чыгуначнікі гэтыя самыя, прайдзісветны народ. Баставалі яны там, ад работы адмовіліся. Ну, і пасадзілі іх у турму. А за што ж саджаць, скажам? Ну, адмовіліся ад работы, вялікі клопат, другіх наймуць; а гэтыя самі па сабе. Пры чым жа тут турма?

- Турма, кажаш? За забастоўку. Вось што.

- Як гэта за забастоўку? Нешта я не разумею.

- Не разумееш? Яно і я не разумею... Ты вот сядзеў столькі, а за што ты сядзеў, запытацца. Не адкажаш. Ды твая справа - не так ужо і вялікая справа. Але ж і то вось колькі месяцаў вошы пакарміў.

- Гэта было...

- Бачыш жа, было... Нізавошта карміў, бо закон такі, царскі закон, каб схапіць чалавека і няхай сядзіць. Ім клопату мала, што ў цябе дзеці, што ў цябе жонка. А вось забастоўшчыкі, рабочыя. Скуры дзяруць з іх, у дзесяты пот уганяюць. А дома ў гэтага рабочага дзеці з голаду пухнуць, прусу пажывіцца нечым, бо бясхлебіца, нішчымніца. Ясна, што рабочыя хочуць, каб па-людску жыць, каб ведаць, за што працуеш, каб з голаду не памерці. Таму і забастоўка. На работу не ідуць, чыгунка стаіць. А гэта ўжо закон не дазваляе. За гэта закон у турму садзіць... Не бунтуй, паставілі цябе на працу, працуй, і без ніякіх хітрыкаў. Дадуць што - дзякуй, не дадуць - пакланіся.

- Дзіва што, пакланіся... Гэта, Іван Іванавіч, механіка тут, як бачу я, не такая ўжо хітрая. Вось яно што забастоўка. Але ж і цара зневажаюць. Другі гэта пачне, дык хоць ты вушы закладай. Так і думаеш, вось жа добра, што няма ля цябе ўрадніка нашага, ён бы табе сялёдкі задаў за такія размовы.

- Цара, кажаш? А ты разумей - пакуль будзе цар, датуль будзеш ты за некага ў турме сядзець, датуль будуць рабочыя пухнуць з голаду. Іначай не будзе, бо цар над усімі панамі пан, а любы пан з табой не пасябруе.

- Уга, куды там... Знайшоў сябра. Вот бы я, скажам, і хоць бы сабе пан упраўляючы... Ды што я кажу, куды там...

І нават засмяяўся Жаранок. Смяяўся доўга, з надрывам, і ўсё здзіўляўся: сябры. Ну і сябры... Каб то вас паляруш узяў...

Іван Іванавіч маўчаў. Быў недарэчным і дзікім гэты смех, бо не было нічога смешнага: ні ў словах, ні ў думках, ні ў гэтай самотнай цішыні, што агарнула дарогу, прыдарожныя кусты.

Успомнілася, што сёння велікодная ноч, вунь свіціцца цяпельца ля царквы, мігцяць водбліскі на разгалістых ліпах, хутка зазвоняць на Васкрашэнне. Ноч, у якую даруюць грахі, у якую людзі павінны любіць людзей, кожнага чалавека, у якую ўсе людзі павінны быць братамі. Добрыя браты. Калі ёсць у цябе рукі, дык і іх адбяруць у цябе на сваю патрэбу тыя, за кім закон, за кім ураднік і прыстаў. Узялі цябе, схапілі, як арыштанта, штурхалі, як злодзея, пасадзілі на тыдзень. За што? Што брат твой у дэпо працуе, што брат твой рабочых бунтуе? Ну, добра. Няхай сабе бунтуе, ягоная гэта справа. А я пры чым? Хіба затым, каб прыставу калымажку дарма паправіць? Узялі. А пры чым удава Барташыха? А пры чым Жаранок? А пры чым Напрэй Казёл, колькі-то са старога паздзекаваліся. І добрая гэта справа - у чалавека страляць: дэзерцір? А зачым вайна? Дужа яна Антосю патрэбна? Ці мне, скажам? Прападзі яно ўсё пропадам...

Цішыня ночы прарэзалася працяглым і гучным звонам. Раз, два, яшчэ раз. І заліліся званы ў вясёлым і шалёным карагодзе, абудзілі самотную цішыню палёў і лясоў, заскакалі пагалоскамі сярэбранымі па дарогах, усмешкамі разліліся на бляклых тварах - пост прайшоў, разгаўляйцеся, добрыя людзі, святкуйце, радуйцеся, налягайце на пірагі велікодныя.

Хведар Жаранок толькі-толькі руку ўзняў, каб лоб перажагнаць, ды так і павісла рука - углядаўся ўсё ў адзін бок, спыніўся нават.

- Іван Іванавіч, што ж гэта?

За царквой, што свіцілася ў водблісках велікодных агней, за сялібамі панскімі ўздымалася зарыва. Было яно нерашучае, трапяткое, нібы ціснула на яго цемрынёй сваёй ноч, апускала да самай зямлі, у мігценні, у водбліскі на высокіх таполях, на ліпах, на высокай званіцы. Але ж толькі некалькі мігаў распраўляла зарыва свае пурпуровыя крыллі і раптам узнялося, ахапіла паўнеба, уздымаючы вёрткія снапы залатых іскраў, якія ўзляталі і чэзлі ў хмарах чорнага і шызага дыму.

І раптам заблыталіся велікодныя званы і заместа вясёлага перазвону задзілінькалі ў палахлівай роспачы, у адчаі, у трывозе. Адразу набрыняла ноч страхоццем, сполахам, сабачым тужлівым брэхам.

- Эге, дык гэта ж пажар. Ды панскае гарыць. Няйначай, гумно?

- Як відаць...

- От жа... - і нешта яшчэ хацеў сказаць Жаранок. Мо аб тым, што ўсё ж такі не шкадуе ён панскага дабра. Мо аб тым, што і добра, калі трохі правучыць пана пажар, няхай не забываецца на Бога, няхай не забываецца на мужыка. Мо аб тым, што колькі то машын адных папсуецца ў гумне - адна малатарня чаго варта - вот бы мужыку іх... Хацеў сказаць, але змоўк і толькі ўздыхнуў.

- Ты гэта чаго?

- Я? Так... Хвацка гарыць. Дужа ж гарыць, Іван Іванавіч, адным вобмегам прахам усё пойдзе. Але ці доўга пану на новую абзаводку прыстарацца. Яму гэта ў мазалі не ўлазіць, карак не трэ.

- Вот гэта ты правільна кажаш, зусім правільна.

- Аб чым?

- Аб панскім дабры, пра карак панскі.

І хаця трывогаю пасцілалася ноч, хаця ў тужлівай роспачы захліпаўся сабачы брэх і злавесна калыхаліся ў далёкім небе пурпуровыя крыллі, неяк пругкімі рабіліся стомленыя ногі, і нешта блізкае на радасць, на ўзбуджанасць працінала думкі і сэрца. Дыхалася вальней, думалася смялей. І нібы званчэй цурчэлі ў абочынах мутныя ручаі, весела булькацелі пад ценкімі, крохкімі шкельцамі.

Ледзянымі шкельцамі, што нікнуць раніцой, чэзнуць пад веснавым сонечным променем.

 

ЧАСТКА ШОСТАЯ

 

4

 

Калі пад'ехаў Банадысь да стажка, нешта кінуліся коні ўбок, зашасталі палахліва вушамі.

«Мо воўк дзе ў парасніку ўшыўся...» - мільганула думка ў Банадыся. Ён прывязаў коней, агледзеўся. На замерзлым балацянішчы грудзіліся шматлікія стагі сена, некаторыя былі ўжо звезены, і на месцы іх чарнелі незацярушаныя снегам сцяжарні.

«Дабра вот, дабра панакашвалі людзі... А нашага, бадай, болей... Прыйдзе вясна, колькі тады грошай трапіць у кішэню. Праўда, у бацькаву. Але ж пры такім дзеле сёе-тое і мне, можа, перападзе... То ж гуляй тады з дзеўкамі, раскошуй з салдаткамі...»

Калі падышоў да стога, каб абраць зручнейшае месца, дзе браць сена, крыху здзівіўся. Збоку ляжала свежа-нацярушанае сена, стог быў ускудлачаны крыху знізу, і ярка зеляніўся пад халодным зімнім сонцам гэты раскудлачаны бок.

«Які бо то чорт бязульствам займаўся?..»

Прыгнуўся, каб разгледзець сляды поблізу. На шурпатым лёдзе відаць былі белыя меціны, як ад падковак, ды на снежным сувойчыку ля куста быў ён, след, поўны, на ўсю нагу, на ўвесь поўны чобат.

«Каго тут прымха якая насіла?»

І калі ўважліва прыгледзеўся да следу, раптам асеў, аж пасклізнуўся на лёдзе і ледзь-ледзь не выскачыла з грудзей тое сэрца ад страху. Чуў Банадысь, як кашлянуў нехта, самым такім звычайным чалавечым кашлем. Напалохана аглядзеўся навокал. Нідзе ні душы. Стаяць, не варухнуцца аснежаныя стагі, да болю паблісквае лёд на сонцы, старая алешына не варухне ні галінкай, ні застаўшымся лісцейкам - стаіць, скутая белым інеем, у марозных блёстках якога пераліваецца вясёлкавымі агнямі сонца.

«Што за чамярыца, ці не стрызнілася?»

Але калі зноў падышоў да стога і намерыўся быў раскрываць яго бок, дык бадай што самлеў, скамянеўшы на месцы. З разварушанага сена відаць былі ногі, абутыя ў звычайныя салдацкія чабаты - шчэ падкоўкі тыя не сцёрліся на іх. Ды самы звычайны храп чуваць быў адтуль, са стога. Відаць, залез чалавек, ушыўся ў сяродку і спаў сабе соладка, пасвістваючы на ўсе насавыя застаўкі.

Халодны жах апавіў Банадыся.

«Няйначай, Бартох Антон. Ён жа хаваецца цяпер, уцёкшы з астрога, паранены... Ён-то на мяне вока мае, ведае, хто даказчыкам быў, калі лавілі ў гумне, нябось, людзі даўно давялі».

Банадысь кінуўся да коней і, не спускаючы воч з чабатоў тых, торапка хапаўся рукамі за зашмаргу тую ад лейцаў. Адубелыя пальцы - кінуў са страху сподкі ля стога - ніяк не маглі справіцца з непадатнаю зашмаргай, і калі заўважыў Банадысь, як паварушыліся тыя чабаты ды зноў кашлянуў той, у сене, тады кінуў і коні, і сані і бегам кінуўся праз усё балацянішча, праз кусты і праз алешкавы параснік, каб хутчэй прасцяком на дарогу. Бег і не азіраўся назад. Баяўся заўважыць услед за сабою грозную постаць ворага. «Калі Антон - заб'е, калі й другі які дэзерцір - таксама не чакай дабра. Яны цяпер злыя, як гады, як восы тыя, калі ты іх кіем зачэпіш, разварушыш гняздоўе іхняе, асінае...»

І толькі тады суцішыўся, кінуў бегчы, калі мінуў лес і выйшаў на поле, якое межавала з мястэчкам. Тут ужо не страшна. Тут і да хаты блізка, і да ўрадніка недалёка... І чым бліжэй да хаты, тым смялейшым рабіўся Банадысь і, калі ўваходзіў у мястэчка, нават жалкаваць стаў, чаму гэта ён, Банадысь, ды не звязаў гэтага самага чалавека, чые ногі тырчаць са стога.

- Гэта ж такі выпадак зручны: узяў лейцы ды звязаў яго соннага, як цялё... Проста вот да ўрадніка й прывёз бы, сказаў бы яму: на вот, злачынцу спаймаў, голымі рукамі, можна сказаць, узяў... Гутарак бы колькі адных... І зноў жа, дзеўкі... Зусім іншы тады разгавор з імі... Цяпер каторая і папікне часам: смеласці ў цябе, Банадысь, не хапае, а ўсё таму, што ў салдатах ты, мусіць, не быў. Толькі ж на нас і смелы ты... Т-а-ак... трэба было звязаць гада без усякага ўсякага... Але, зноў-ткі, паспрабуй ты яго звязаць каторага. Мо каму жызня абрыдзела, толькі не мне... Няхай другія вяжуць... Ну й клопату нарабіў жа...

Банадысь зайшоў дахаты, каб бацьку аб усім расказаць і зараз жа выправіць яго з людзьмі да стагоў. Не застаўшы бацьку дома, пайшоў да ўрадніка.

Той сядзеў за сталом. Абвіслыя вусы здаваліся яшчэ даўжэй. На іх наліплі калівы капусты, якая стаяла на стале ў вялікай місе побач з пачатай пляшкай гарэлкі, з акрайчыкам хлеба ды парай-другой гуркоў... Былі тыя гуркі кіслыя, салёныя - аж прыжмурваў вока ўраднік ад вялікае асалоды - ад агурковага соку, ад паху таго тміннага, духавітага.

- Гуркі ў цябе, жана, нішто, важнецкія, можна сказаць, гуркі, у поўнай спраўнасці, павінен я сказаць, і акуратнасці. Царскія гуркі, што і казаць. Але што да палітыкі, дык ты, жана, не сунься, гэта, жана, не твая кампетэнцыя, як кажа сам пан прыстаў. Гэта ўжо мая кампетэнцыя, і павінен я тут поўнае сваё разуменне мець і захады прымаць, бо тут палітыка, тут факт, можна сказаць... А факт, жана, ён заўсёды ёсць... факт, ты гэта разумець павінна... Та-ак... А ежалі я ўласнаручнае дзіцё вайсковай субардынацыі хачу вучыць, дык ты, жана, не рыпайся ды слухай сама з увагай, бо субардынацыя - гэта таксама... факт. А факт - ён заўсёды ёсць... факт, ты гэта адчуваць павінна і разумець, таму ты не хто іншы там, а супружніца і законная сажыцельніца, можна сказаць, гаспадзіна ўрадніка, а ўраднік ёсць уласць, а дзе ўласць, там палітыка... І наогул, несць уласці, ашчэ не ад Бога, як кажа наш паважаны айцец Панфіл... Ён жа іерэй нашага праваслаўнага храма... А гэта таксама факт, і ніякіх тут сумненняў не можа быць...

- Я, канечне, не супроць факта... Але ў Зарэччы вун, кажуць, такі дом адмахаў сабе ўраднік, што па ўсёй воласці не знайсці, аж двое ганак ды пад гонту крыты, на дзве палавіны той дом, казалі анодысь людзі...

- Гэта як сказаць... Гэта, можна сказаць, чуткі ілжывыя, за якія і караць можна па законам нашага часу. Бо не ў гэтым годзе той дом з'явіўся, а калі фактам давесці, дык летась... Гэта раз... А па-другое, яго Зарэчча майму мястэчку не раўня, гэта не раўнуючы, як гнеды прыстава да майго буланчыка. А галоўнае - гэта ўнутраны вораг... Там, браце, таго ўнутранага ворага - платы гарадзіць, толькі знай - варушыся, ды палітыку праводзь, ды каб з розумам. А які ў мяне ўнутраны вораг? Салдаткі якія хіба, каторыя незадаволеныя. Відзімасць адна, а не вораг. На гэтага ворага і соцкага хопіць, з ім і стараста справіцца. Дужа ў мяне ворага ўнутранага мала, ніякага �азгарнення, можна сказаць. Ізноў жа камерцыя, скажам. Там адных маслабоек - з усяго павета возяць алей біць. Канешне, і крупы дзяруць. І канешне, і ваўначоскі. Яно і ў нас ідзе на развіціе, але ж Зарэччу не раўня. Калі ж пра дом сказаць, дык я таксама не ў амбіцыі, не ў крыўдзе, так сказаць. Ты думаеш, што я такі ўжо чалавек апошні, каб аб сваім дзіцяці клопату там не мець, чалавецкага абыходжання... Ану, каманда, змірна!.. Т-а-а-к... па ўсіх правілах субардынацыі... Кру-у-гом!..

Мурзаты падшыванец, які стаяў «змірна» перад сталом, чакаючы канца бацькавым прамовам, жвава павярнуўся за сталом, чакаў далейшага загаду.

- Ану, каманда, шагам... а-а-рш!.. ідзі шчоты прынясі, сукін сын... А цяпер... кру-у-гом!.. айда бягом на зімнія кватэры...

Каманда як дужа кінулася на печ, падалей ад усякіх субардынацый.

- Дзіцё мардуеш, глядзі... аж схудняла на твар...

- Дармо... Не на ражку ж мурло тое быць павінна. Яно каторае больш хударлявае, дык больш спрытнейшае... Дык вот ты, кажаш, дом... А я падлічу вот, тады і гаварыць можна, каб не абы-як, а з фактам каб выступіць...

Тут і зайшоў Банадысь.

Не адрываючыся ад шчотаў, нездаволена мармытаў ураднік:

- Ты там, каторы, шапку знімі, дурань. Не ведаеш хіба, дзе знаходзішся.

Але, угледзеўшы Банадыся, мякчэй ужо:

- Дык гэта ты, браце. Ну, дык сядай. Па справе, відаць, ці так зайшоў?

- Дэзерціра я спаймаў, пане ўраднік...

- Што ты гаворыш? Дзе?

- Ды на балацянішчы... У стагу...

- Што ты? Як жа гэта собіла табе і дзе ён цяпер?

- Ды там жа...

- У сене? Звязаў хіба? Пільнуе хіба хто?

- Не... Я, пане ўраднік, угледзеў толькі... Ляжыць вот і сапе сабе, спіць, можна сказаць, і храпе, выбачайце за слова, аж стог той калышацца.

- Чаму ж ты яго ды не згрыбчыў там? Вот бы тады проста да мяне...

- Ды я, пане ўраднік, без аружыя зусім... Каб жа гэта я ды пры аружыі... А з голымі рукамі яго не возьмеш, можа, пры ім срэдства якое, паспрабуй-ка паткніся...

- Гэта, канешне, так... Народ такі, што і рачанцы адбіць можа. З ім асцярожнасць сякую-такую мець трэба, бо злы народ, ён на ўсё папусціцца можа. Але ж і далекавата гэта будзе... Ізноў жа, клопат, каб на яго нарад. Але што ты зробіш, давай-ка, жана, амуніцыю, шаблю давай, аружыю... Трэба вот толькі хіба панятых узяць, каб як след, па закону, па ўсіх, можна сказаць, правілах царскіх. Ды на вуліцы каго-небудзь напаткаем... Дык хадзем хіба...

 

6

 

Шчэ з таго часу, як згарэла гумно панскае, акрыяў неяк духам Іван Іванавіч, нават весялейшым стаў крыху, і хада тая пажвавела, панурыя вочы зрабіліся на больш рахманыя і спрытнейшыя.

- Як памаладзеў каваль наш. З чаго б то? Хіба на жаніцьбу думку займеў? Але ж не відаць нешта гэтага, - казалі часам людзі.

І на маладосць тут прычыны былі. Дужа быў бежанства час цяжкі. Для ўсіх цяжкі, а для Івана Іванавіча ўдвая. Працавалі раней з братам у горадзе на невялікім заводзе, жылі разам, сям'ёй адной. Матка была ды жонка з невялікім дзіцём. Брат маладзейшы, нежанаты яшчэ. І жылі сяк-так, аб сям'і дбалі, не забываліся і на справы тыя людскія, справы агульныя. А забыцца было нельга, пра бацьку памятавалі. Кінуў ён іх зусім яшчэ падшывальцамі, на цагельні тады працавалі, хлопчыкамі яшчэ, можна сказаць, цягалі цэглу ў сушыльню. Год быў тады сумятлівы, неспакойны, фабрыкі ды заводы гулі нібы гудам чмяліным, і ўвесь горад быў як разварушаны муравейнік. Таго года і рашыліся бацькі. Прынеслі яго аднаго вечара суседнія людзі дахаты. Быў ён збіты, скрываўлены, усю падлогу крывёю захаркаў. Ці то казакі яго дзе засеклі, ці чорная сотня ўсцігнула - не маглі тыя людзі дакладна давесці. Казалі толькі, што на маніфестацыі ля завода здарылася тое няшчасце. Суцяшалі яшчэ:

- Ты, маці, не кідайся дужа, і рукі ламаць тут няма чаго... Не з ім адным... У цябе вунь сыны яшчэ, можна сказаць, лоб у лоб... У самы час, каб у работу як след рукі сыновыя ўкінуць, у гадах хлапцы, карміцеляў маеш, не гняві Бога слязьмі... Вунь у суседкі твае і мужыка забілі і сына скалечылі... До-оля - яна, можна сказаць, наская доля... Жыў-жыў чалавеча, і рукі накрыж, ды каб надумам сваім, яно б тады і крыўды тае не было... А то ж, бачыш, смерць тая прымусовая, нахабная... Ды на нашага брата ўсё мерыцца... Дык ты не журыся дужа, кабеціна, жывы шчэ, а мо і акырхае як...

Суцяшалі.

Чалавек і жыў яшчэ, месяцы са два працёг, усё кырхаў.

Але зачаўрэў зусім і вечара аднаго паклікаў сыноў да сябе:

- Так што, відаць, не даводзіцца мне жыць з вамі болей... Можна сказаць, вольныя вы цяпер назусім, не ўказнік я вам і не наставіцель... Жывіце як лепей... Ды глядзіце толькі, каб бацька ў вас з памяці не сышоў... І смерць бацькава... Адно, што скажу яшчэ - ніколі не ўпрачайце добрым людзям, не станавіцеся поперак на іхняй дарозе, хоць бы тая дарога была крывёю заліваная... А цяпер як сабе хочаце...

Таго вечара і здаўся бацька.

І, можна сказаць, не сыходзіў ён з памяці сыновай, дбалі яны аб ім, стараліся, наколькі было сіл тых і розуму. Разы са два брат у астрозе адсядзеў за фабрычныя дзялы, быў ён куды спрытнейшы і на слова вастрэйшы, дасцігаў да ўсяго хутчэй. І не мінаваць яму б воўчага білета, каб не падаспела тут бежанства. У завірусе кінулі ім цікавіцца асабліва, а тут і давялося ехаць з родных месц, ехаць на новыя, невядомыя паселішчы, ратуючыся ад вайны, шукаючы кавалка хлеба. Ехалі цягніком таварным, але ўсяго толькі і праехалі перагоны са два, як замялі ўвесь цягнік казакі, пазганялі народ з вагонаў:

- Можаце і пешкі пайсці, не паны вы і не граф'я, публіка вы звычайная, бежанская... А вагоны нам і пад снарады патрэбны. Можаце, адным словам, ісці, не задзержывайся каторы...

У самую познюю восень надаспела справа тая. Пакутавалі колькі дзён, матляліся па Белавежскай пушчы, без ежы, без прытулку, і тут давялося рашыцца дзіцяці, азызла на дажджы ў дарозе, пасінела, звяло тварык у змаршчакі старэчыя, ды так і звянула. Закапалі наспех пад елкай, крыжык дубовы згоралі, паставілі, паглядзелі ў вочы адно другому, і жонка як кінецца тады вобзем на ігліцу тую калючую ды голасам немым як закрычыць, загалосіць. Здаецца, сэрцы ваўчыныя працяліся б жалем ад таго голасу, ад слоў тых простых, матчыных слоў, звычайных. А ў самога ўсярэдзіне неяк захаланула, ды думкі як жарства, як камень, як суровыя хвоі белавежскія. Стаяць гэтыя хвоі, не шалохнуцца, толькі вецер гудзе ў верхавінах, асыпае з нябес макрэддзю, працінае восеньскай золлю. Суровыя тыя хвоі, пракаветныя, дакраніся камяля - загудзіць працягла гэтак і глуха, як звон той па мерцвяках пахавальны. Сярод хвой дарогі - пясок, жвір, верасы паабапал. У самым цвеце былі верасы тады. Цвітуць верасы, няўлоўны пах ад іх, і кладзецца ён жалем вялікім і нязведаным на людскія сэрцы, жыццём абіваныя.

Дужа доўга будуць памятацца верасы тыя і суровыя восеньскія хвоі. Ды камень той, пад які давялося пасля і жонку пакласці. Усё адно да другога: і дзіцё, дарога позняя тая, восень з беспрасветнымі і халоднымі начамі - і застаўся адзін як перст. Хіба брат яшчэ ды матка. Выкараскаліся сяк-так з бежанскае тае бяды, да месца дабраліся. Брат на службу пайшоў, на завод, дабіўся там зручнай ваканцыі. Усё да сябе клікаў, каб ізноў гэта разам, як калісь раней. І матка з братам была. Але як трапіў адразу ў мястэчка, тут і загруз у кузні, і не хацелася нанава кратацца. Пазбыцца ўспамінаў тых цяжкіх не мог, усё стаяла ў памяці як жывое і жыў, як звязаны чым. І сутуліўся неяк раней часу, і іней на галаву ўпаў, заняпалі вочы, бляску таго колішняга ў іх не ўбачыш. Так і жыў без гора таго, здаецца, але і без радасці тае асаблівае. Адна ўцеха з сялянамі каторымі пагаварыць ды моладзь вось яшчэ. Тая моладзь, каторая вочы мела, у каторай яшчэ не астыглі грудзі, каторая і на свет яшчэ глядзіць не жмурачыся, на поўнае тое вока маладое, рукой яго ад сонца не засцячы. З ёй хіба і адводзіў душу, раздзьмухваў вугалькі тыя, што тлелі дзесьці глыбока ў сэрцы.

І вот акрыяў Іван Іванавіч духам, весялейшым стаў. Шчэ невядома было, хто тое гумно спаліў і як спаліў, з якімі, можна сказаць, думкамі яно было спалена. Але ж расцвіла тут радасць вялікая, і свет куды мілейшым стаў. «З гэтым светам шчэ можна памерацца, на свой капыл яго пераставіць». І калі гарэла гумно, і ішоў тады Іван Іванавіч пасля крыўд гаручых ад прыстава - падумаў тады:

«Правы ты быў, бацька мой, у думках сваіх правы, у словах сваіх... У адным ты, аднак, не правы... Не ўпрачайце добрым людзям на іхнай дарозе, хоць бы дарога тая была крывёю заліваная... Гэта, канешне, і хіба я тут супроць... Але ж не галоўнае гэта... Не толькі не ўпрачаць, а дапамагаць трэба дарогі тыя шукаць, якія б крывавыя яшчэ ні былі... У гэтым, відаць, і праўда наша... І гэта праўда, відаць, узнеслася полымем над панскім гумном... Але зноў жа згасла, сацьмела... Бо дарогі, відаць, шырокае тае не было... Ішла праўда тропкамі цёмнымі ды глухімі, сцежкамі тымі лесавымі, віхлястымі, мужыцкімі сцежкамі... Выйсця ніяк не магла знайсці на шырокія дарогі, бітыя... А хто ж вінаваты ў гэтым? Топчуцца людзі, з бітае дарогі ў балота кідаюцца...»

Тут узгадаў Іван Іванавіч Лаўрэнавы наведзіны. Аж здзівіўся Іван Іванавіч госцю такому, ведаў Лаўрэна за чалавека набожнага, да царквы старальніка, да слова святога прыхільніка найвялікшага. А той прыйшоў, запытаў для прыліку аб шворне - ці не можа ён - Іван Іванавіч - шворан новы паставіць у калёсы, бо рэпнуў стары, так-такі напал і рэпнуў, мусіць жа, жалеза папалася бракаванае.

І сам Лаўрэн ведаў, што пытанне яго недарэчы: як гэта, каб каваль ды шворна не мог зрабіць, звычайнага шворна немудронага да сялянскага ваза. Гэта ж не малатарню агледзець, не барабан які для крупадзёркі зрабіць. Самае, можна сказаць, простае дзела - шворан той самы. Але ж запытаў для прыліку. Пасля мяўся ўсё, мымрыў пад нос. Пра газеціну - «мо б ты, чалавеча, даў пачытаць навін тых», пра кніжкі каторыя. Урэшце загаманіў, паставіў язык на больш цвёрдае месца. Трымаў важна газетку ў руцэ, але чытаць каб, дык больш гаварыў.

- Я вот, Іван Іванавіч, часцяком, канешне, і газеціну ў руцэ патрымаю... Усё больш на тыя епархіяльныя ведамасці налягаю, балазе поп не шкадуе, дае пачытаць часам. Аднак я, чалавек, куравам не балуюся, газецінка, можна сказаць, у поўнай у мяне бяспецы. Ну, той і давярае, не баіцца, што я парву там ці на цыгаркі тыя пушчу, грэшным часам... Дык вось, чытаю, кажу. І сказаць, каб дужа гэта радавала мяне, дык не... Праўды, сказаць табе, не віджу я ў тым слове друкаваным. Усё я вычытаць хачу, якая яна, як да яе дасцігнуць. А газеціна кажа мне толькі пра камілаўкі, пра скуф'і ды набедранікі - вот аднаму папу там далі, другога там надарылі, трэцяму панагію на грудзі ўшчапілі. К чаму б гэта? Хіба праўда, скажам, у панагіі той, у крыжы тым срэбным?.. Альбо пішуць яшчэ, якія правы маюць папы на зямлю і што рабіць, якія законы на ўвазе мець трэба, калі, скажам, у папоўскім лесе пасечкі пойдуць ці на папоўскую мяжу хто ўзваліцца... А навошта, пытаю, папу зямля? Ці з яго так мала? Ці, скажам, недалёка за прыкладам ходзячы, навошта нашаму папу млын? І ці зручна духоўнай асобе справамі такімі займацца? Калі ўжо на тое пайшло, калі табе так закарцела, дык скідай рызу, станавіся ля жорнаў ды засыпай на здароўе. А то духоўная, можна сказаць, асоба, і раптам інтэрас такі. Канешне, аб нашым папу і казаць няма чаго - ад папа адна рыза засталася. Любога п'яніцу перап'е, любую бабу змусціць, а грыўню каб лішнюю сабраць, дык чорта перасцігнуў бы. Канечне, абы-каму не дужа я гавару аб гэтым, бо каторае яно і да ладу не дабярэ, што к чаму. Што і казаць, я і ў папа, канешне, пра сёе-тое пытаў, ды дзе гэта ён табе адкажа. Ты яму пра дзела якое, а ён табе Ісуса Навіна прыпляце, ты яму пра зямлю, а ён на Хрыста спасылаецца... Канешне, і я ў ісусах там да хрыстах добра-такі разбіраюся і толк некаторы маю... Але зноў жа - мёртвыя словы ўсё. Чытаеш, чытаеш, а сэрца, можна сказаць, не кратае. Зусім, трэба сказаць, сэрца пустое. Бо як ні круці, а багатаму чалавеку і Бог спрыяе ў сваім тым Святым Пісанні. І ў Бібліі, значыцца, ізноў жа і ў Евангеллі...

Дзе ж, пытаюся, справядлівасць тады? Дзе ж яна, тая праўда чалавечаская, і якім пісаніем праўду тую пасцігнуць можна?

Лаўрэн пытаўся пра праўду, і відаць было, што пытае ён проста так, ад звычайнае тае цікавасці людскае, ад халоднага людскага розуму. Не прыкіпела тая праўда да нутра, да сэрца яна не прыстала. І голас таму быў не ўзрушаны, не было цеплыні ў ім, не было таго хвалявання, душэўнага мітушэння і ўсяго таго, што ўласціва чалавеку, калі ён праўдай той чалавечаскай за жывую душу працяты. Адзін быў голас: і аб шворне тым, што напал, і аб праўдзе людской, вялікай.

І калі выслухаў Іван Іванавіч Лаўрэна, адказаў толькі:

- Сыты вы чалавек, пане Лаўрэн...

Дужа гэта чалавека здзівіла. Узрушыўся нават:

- Як гэта разумець вас, слова гэтае к чаму? Сыты? Яно, сказаць, і вы ж вот не згаладаваліся... сякі-такі кавал хлеба да вашых жа рук горнецца, няйначай...

Зусім тут заблытаўся Лаўрэн. Нават раўнавагу сваю, думкі разважлівыя, узважыстыя - усё разгубіў.

- Смяецеся вы з мяне, Іван Іванавіч... І, можна сказаць, над старым чалавекам смяецеся... Не чакаў гэтага ад вас, зусім не чакаў... Я да вас з сэрцам шчырым, я да вас як да разумнага чалавека, як да голасу таго, да якога прыслухаюцца, а вы - смешкі строіць, над старым чалавекам - гэткае ж выдумляць... Крыўдна дужа мне, чалавеча... - Нават устаў Лаўрэн, асцярожна газету на стол паклаў, нерашуча на месцы затупаў, на дзверы тыя зірнуў. - Крыўдна, кажу, сапраўды крыўдна... Гэта чалавека ды каб у цёмны лес пускаць, няхай там блудзіць... А нам, маўляў, што... шкада хіба чалавека таго... Няхай паскача, маўляў, па купінах, па пнёўніку, ногі паламае, паскручвае.

І тады засмяяўся Іван Іванавіч. Цёплым такім смехам, чуллівым.

- Дзіўны вы чалавек, пане Лаўрэн... Не нашага веку чалавек... Вас бы сапраўды куды ў лес пусціць, на купіну тую пасадзіць, ды Евангелле ў рукі... Харашо. Сонца гэта вам у лысіну свеціць, камарыкі кашу таўкуць, галубы лесавыя на бярэзіне белай галубовыя справы ладзяць, траўка расце, распускаюцца кветачкі, кругом чарвячкі, мурашкі ўсякія, божыя тыя казюркі... І да вас ад іх ніякай, можна сказаць, цікавасці. Пра шчаку вы чытаеце пра тую правую, пра сарочку апошнюю... І ўсё яно харашо, усё яно йдзе так суладна, любамірліва. Ні вам гэта хто па шчацэ той не лясне, ні вам каму даць па правай ці па макаўцы той, па лысай... Харашо, гэта значыцца, выходзіць па Пісаніі. Буква па буквіцы - і законы Божыя... Тым часам не ў лесе вы. І заўважылі вы, што поп не дужа ласы не толькі левую тую шчаку падстаўляць, але, крый Божа, каб падставіць і правую... Пра апошнюю сарочку гаворыць, а сам ля гарцаў тых, ля апошніх тых гарцаў сялянскіх дужа як завіхаецца... Залішне нават, як кажаце вы... Ад папа, канешне, адна рыза засталася... Та-а-к... Заўважылі гэта вы і жахнуліся: як жа гэта так, калі ды супроць буквы тае святое выходзіць... Як жа так, калі і ў самім Пісаніі Божым адно другому супярэчыць часам, буква пайшла супроць буквы... Скажам, пра апошнюю сарочку ды, скажам, і аб тым, хто шмат мае, якому шмат яшчэ й дасца...

Вось і выходзіць, што думкі тыя вашы на балоце ўзрошчаны, а не на людзях... Буквенны вы чалавек, пане Лаўрэн, і праўда тая ў вас - буквенная праўда. Вот каб ляснулі вам па шчацэ добра, каб пайшлі тыя валдыры па душы, каб задзела вас, выбачайце, за самыя печані - пачалі б вы тады сапраўдную праўду шукаць. І зусім з другога канца шукалі б яе. А пакуль што шукаеце ад сытасці... Таму і сказаў я, што сыты вы чалавек, і крыўдаваць тут, кажу я, не трэба. А сыты чалавек, і сытая праўда ў яго, кульгавая праўда... Шукаеце вы яе, людзей ды людскія дзялы мінаючы. А без людзей праўда не бывае, і людзі той праўдзе характар даюць. У багатага яна, адна, а ў беднага зусім другая... Дык вось якая яна, праўда чалавечаская, аб якой пытаеце вы... А шукаць тую праўду трэба зноў-ткі на людзях, сярод нас усіх... Тут яе і пасцігнуць можна...

Лаўрэн шапку мяў, усё прыглядаўся, чаму яна, тая шапка, ды такая ўжо лысая - выцерлася, мусіць, аб тарпы, аб скірты саламяныя. І думаў - праўду ткі чалавек кажа, супроць яе нічога не скажаш. Аднак...

- Усё ж ткі, Іван Іванавіч, прыгожыя словы часам трапляюцца там... Можна сказаць, нават мудрыя словы. Чытаеш іх, думаеш, што к чаму... Нездарма б тыя словы, здаецца?

- Гэта вы правільна, што нездарма... Прыгожыя словы, што і казаць. Звычайным словам чалавеку голаў не атуманіш. Таму й патрэбны былі яны, гэтыя словы прыгожыя, ды яшчэ залатымі літарамі друкаваныя, каб ямчэй на чалавечыя плечы ярмо ўсцягнуць, пад багатую праўду іх падначаліць, плечы гэтыя самыя. Ды пакорлівасці іх навучыць, каб лепш шыі гнулі перад багатымі... Але механіку гэтую не адразу пасцігнуць можна... Больш уважліва трэба да жыцця ставіцца, ізноў жа і ў разумных людзей, у вялікіх людзей навучыцца можна.

- Гэта вы правільна, Іван Іванавіч. Пра розум гэты самы. Не адразу даецца ён... Але ж, выбачайце, колькі-то часу адняў у вас на пустыя мае разгаворы. Люблю пагаварыць я, так што выбачайце шчэ раз... Не крыўдуйце...

- Ды што вы... Я рады заўсёды, калі чалавек да мяне загляне. А вы заходзьце, учашчайце, калі, канешне, ахвоту маеце.

Лаўрэн старанна дзверы прычыніў, забыўся і шапку тую надзець, памацаў яе ў руках у самых сенцах і там ужо прыкрыў у поцемках сваю лысіну. Ішоў ад хаты крыху ўзрушаным, здзіваваным.

«Усё ж, можна сказаць, слова новае ўчуў, нейкае новае слова. Паслухаць - яно, канечне, цікава... Выходзіць, відаць, глыбей папа тое дзела йдзе, не ў камілаўцы, відаць, справа ўся схавана...»

Іван Іванавіч спраўляў сваю вячэру, на камянку бульбу варыў, чайнік прыставіў. Ужо святло патушыў, клаўшыся спаць, як пастукаў нехта ў шыбку з вуліцы. Узняўся, прыслухаўся - крыху тугаваты быў на вуха. Нехта настойліва, не сціхаючы, стукаў асцярожна ў акно. Падышоў.

- Адчыніце, Іван Іванавіч...

- А па якой вы, чалавеча, справе?

- Пасля... Адчыніце хутчэй, бо змерз зусім, на марозе тут стоячы...

«Хто б то такі да мяне справу мае?» - падумаў Іван Іванавіч і пайшоў адчыняць фортку.

 

ЧАСТКА СЁМАЯ

 

3

 

Як стаяў Банадысь, так і паляцеў потырч пад стол, ухапіўшыся рукамі за лаву. Аж ёкнуў там, распасцёршыся на падлозе, ушыўшы галаву за ножкі стала.

Дужа ўзрушаны быў Хвядос, мітусіўся, засопшыся, па хаце і раз-поразу, падышоўшы да стала, біў па ім кулаком, і тады брынчэла ў качарэжніку, слаба дзынкалі шыбы ды кідаліся спалоханыя водбліскі лампадкі на стол, на печ, на змрочныя сцены.

- Ці ж я вінаваты тут? - абзываўся з-пад стала Банадысь.

- Ты пагавары ў мяне... Я цябе навучу, хто вінават, хто не... Колькі-то яму гаварыў, колькі-то яго навучаў, як на свеце жыць, - дык дзе ж, пытаю, розуму ўкладзеш у галаву дурную... Хіба так да людзей ставяцца, надаўбень... Ты на чалавека вока май, а гавары з ім, як з прыяцелем, каб не ўведаў ён, скуль бяда тая ўрэпілася на яго. Чалавек не будзе тады зубы на цябе тачыць, бо ты не ты, не твае то клопаты... Ты бачыш - я. Я - стараста... Мне давер'е ад уласці, і павінен я гэту ўласць паважаць і ўсякае ёй старанне аказваць. Ізноў жа і з людзьмі павінен я жыць... каб і слухаліся, і паважалі, і баяліся. Па закону каб баяліся. Ты павінен так сваю лінію весці, каб уласць ніякае страты не мела і да цябе каб людзі лішне не чапіліся. Старасце не прыстала злодзея хапаць за грудзі, бо ён, гэты злодзей, спаліць потым цябе, з дымам попелам пусціць. А ты соцкага пашлі, ты ўрадніку скажы... Да гэтага яны і прыстаўлены... І ніхто да цябе хапацца не будзе, слова чорнага табе не скажа.

А то, на табе, дэзерціраў лавіць надумаў ён... Ну, сказаў урадніку, гэта добра, яго то справа. Балазе то людзі не бачылі, як ты казаў... Дык ён яшчэ з ім гарцае па полі, па балоце... Рупіць яму дэзерціра спаймаць... Вот і спаймаў, каб табе вочы на лоб павылазілі. Дужа цяпер гэткіх коней прыстараешся, яны ж табе цяпер у жывую паўтысячу не ўлезуць... Ды шчэ, каб коні адны, дык столькі таго і клопату - мяне тым канём з капыла не саб'еш, каня і набыць можна. Не баяўся-то воўк сабакі, а звяганіны тае баяўся. Чаго-чаго ні начаўпуць цяпер, ды шчэ пільнуйся, каб не спалілі...

Падсабіў, называецца... У-у-у... кручаная галава... Не розум, а галава баранняя.

Сеў на лаву Хвядос, каб аддыхаць крыху, думкі да ладу прывесці. Скрыпнулі дзверы тут, увайшоў Цыбал Іван:

- Дык дзень хіба добры вам у хату.

Хвядос пугу тут палажыў на лаву.

- Няйначай, у дарогу куды ці з дарогі?

- Якая там, суседзе, дарога... Тут з дзецьмі дарогі нямашака.

- І не кажы, браце... Гэта што... У самы цот ты патрапіў, пра дзяцей гэта. Ім толькі папусціся, дык хутка й зямлі наясіся. Трэба, браце, аброць на іх, ды шчэ якую, валовую, каб гэта з рук не спушчаць...

І тут заўважыў Банадыся пад сталом. Прыгледзеўся.

- Дык гэта, суседзе, вучыў, мусіць... Што і не кажы, у мяне каторае і меншае, але ж на яго трэба папліску добрую мець. Хоць бы сабе й Макрыду ўзяць...

Крэкчучы, вылазіў з-пад стала Банадысь, пыл абіваў з бакоў, сапеў злосна. І смешны ён Цыбалу быў, хлопец гэты. Такі ж вырасцень - у бацьку ростам выйшаў - і на табе, пад стол лазіць. Каторы ў яго гады ў салдатах, а гэты на пугу практыкуецца, смак той яе ўпадобаў. Не сцярпеў нават і да Банадыся:

- Ваканцыя гэтая ў цябе не дужа каб...

- Якая ваканцыя? - запытаў той, збянтэжаны крыху.

- Ды от кажу: пад стол лазіць, ваканцыя, браце, нязручная... гузака, ненарокам кажучы, нагнаць можна... Дый пылу там - не абярыся...

Нешта мармытнуў пад нос Банадысь і хуценька змыўся з хаты.

- За што б то ты яго? Страху, кажу, нагнаў за што? - запытаў Цыбал і на пугу зірнуў.

- Ат... У сям'і, браце, можа ўсё трапіцца: і ў лад і не да ладу... Сын, бачыш... Урос хлопец у сілу, гульма гуляючы, а розуму таго, як у вераб'я. Ды процівень к таму, ніяк ты яго на простую дарогу не павядзеш, не паставіш да ладу.

- Гэта ты зусім правільна. Іначай яно і быць не можа... Але зноў жа, да слова кажучы: якое б жыццё тады было, калі б усё яно да ладам ішло... Клопату ж яно тады ніякага табе, чалавеча. Ніякага, можна сказаць, смаку ў жыцці. А як жа можна чалавеку без клопату. Я от кожнага дня без клопату таго абысціся не магу, аб гаспадарцы ўсё дбаю... От я табе пра Гарпіну колісь казаў, пра Ражкову, што па Лявоне засталася. Здалася, суседзе, урэшце... Так-такі і падалася. А раней ні прыступу, ты яе не чапай і не кратай... Як я, кажа, з дзецьмі буду гараваць, гора сваё векаваць з імі. Дужа, кажу, наясіся ты з той зямлі, без чалавека. Найму, кажа, сяк-так перакідаюся. Хіба ж то, перакідацца толькі, кажу, а жызні ніякай, бо йдзі ты, кажу, напрасіся людзей, ласкі тае даходзь. А з чужое ласкі, кажу, дужа не наясіся, трэба свой паратунак мець. І, можна сказаць, падалася баба. Ну я ў фальварку за яе застоіў. Бачыш, Ганна, што за ўпраўляючым прыбірала, ладзіцца да аўстрыякі нашага, да Язэпа-механіка, на жыццё, знайшла-такі долю, жаба... гэткага чалавека абкруціла... Ну, дык замест яе Гарпіна мае пайсці, за прыбіралку. Дык я там слова-другое закінуў, каб яно ўжо гэта цвёрда было... Няхай кабеціна, думаю, хлеб кусае з дзецьмі, дзе ж ёй падзецца, думаю... Я ж такі чалавек жывы, сумленне маю... А зямелька мне да рукі, зусім, можна сказаць, таго паўнадзела з маімі загонамі злучыць - і выйдзе яно не кепска, хоць ты, браце, маёнтак разводзь, колькі тых валок сабраў...

- Дужа табе трэба з бабамі цяпер гэты клопат аб зямлі мець. Гэта ж згрызоты адны. Цяпер жа панскае зямлі - хоць заваліся. Сам упраўляючы анодысь казаў: шукай ахвотнікаў, стараста, на зямлю... Лужкі можна прадаць, дый ляды, што з папоўскімі мяжуюць, таксама можна, калі хто ахвоту мае. Зямлі цяпер сіла на продаж пайшла, абы грошы - купляй толькі.

- Дзівак ты чалавек, пане Хвядос. Дужа мне цікава з панам справу мець. Яму каб грошы, ды гатовыя, от вынь ды палож. Калі ж і не адразу, дык тут табе, браце, і вексалі, тут табе і процанты... тут над табою кожная рата каменем тым цісне... Тут табе зноў жа і суд, і закон. За-а-кон, браце... А з процантамі гэта ды вексалямі не дужа зручна нашаму брату справу мець, няхай яны згараць, тыя процанты, ні за што ні правошта капейчыны тыя збываць... З панам, як бачыш, не паласа мне. Гэта калі ў арэнду там, дык шчэ куды ні шло, адзін набытак, можна сказаць... Таму з часці, таму так - глядзіш, і чыстыя грошы ў кішэні. А каб зямлю ў пана купляць, дык няхай яно лепш згарыць.

- Ці табе не ўсё роўна, каму грошы даваць. Ізноў жа цэлым кавалкам можна набыць, а не дзесяцінамі тымі зямлю шураваць...

- Уга... Дзе ты бачыў... Грошы яно, канешне, заўсёды грошы, ты іх у любую дзірку запхні, табе ад гэтага не палегчае. Але мне з Гарпінай у банк не хадзіць з тымі процантамі, вексалі тыя не пісаць ды на маркі не траціцца. І платы тае, калі захачу, плачу. Не захачу, і так пачакае, не дзе дзенецца, ласкі мае шчэ папросіць... Плоціш ты, і ўсім добра, і табе падзяка. А ты кажаш... Падумаць трэба, тады й казаць, бо хто ад свае выгоды ўцякае?

- Яно, канешне, пане Цыбал, словы твае як улітыя, пад іх не падкапаешся, залатыя словы. Хто сабе вораг, той і для другіх пудзілам ходзе... Аднак ці не па справе вы зайшлі часам па якой? Бо, думаю, пане Цыбал так сабе, здарма, не будзе ног утруждаць.

- Яно, канешне, па справе і, бачыш, дужа па далікатнай справе. Вельмі ўжо яна далікатная, каб гэта адразу да яе прыступіцца. Як яно, як той казаў, ні ціха, але не мінеш ліха. Яно цябе ўпільнуе. Не на тым, дык на другім і пакаўзнешся. Бачыш, аб сватах тых я. Колькі-то ў нас гутарак з табою было, каб гэта сваякамі пабрацца. Макрыду, значыцца, за Банадыся аддаць... І як ты ведаеш, суседзе, не супроць я быў, каб гэта іх акруціць тым часам, няхай бы сваю жытку наладжвалі, ці то пры табе, ці й пры мне хаця - хіба мне хаты свае шкада для зяця. Ізноў жа і ты чалавек у сіле, можна сказаць, чалавек у выгодзе. Канешне, і мне не абыходзіць, ёсць з чым і к сабе і да людзей, не ў крыўдзе жыву, чалавеча, як і табе вядома. І от жа, на табе, так жа не па-людску выходзіць у самы такі час, калі толькі кампанію весці.

- А што ў цябе здарылася, чалавеча?

- Каб жа то здарылася... Хужэй, чалавеча... Макрыда мая, каб ёй сцежкі тыя мацаць, Макрыда ж мая загрубела...

- Ды што ты вярзеш, чалавеча? Як гэта загрубела?

- Відаць жа: не ад саладухі... Каб то, скажам, пад'ела там. Бывае ж так, дні тры там кабета ходзіць... Саладухі пад'еўшы... Але ж, відаць, прычына, чалавеча, другая, была, мусіць-такі, сур'ёзная прычына... Ды не буду маніць перад табою, загрубела-такі насапраўды, каб яна чэравам тым на сябе наклала, на зямлі распаўзлася, паскуда тая...

- Навошта ты дзіцё клянеш? Ад Банадыся?

Аж замоўк на якую хвіліну Цыбал. Слова таго ад крыўды не мог вымавіць. На ўласным дзіці, можна сказаць, пасклізнуўся. І крывое, сказаць, а ўпоперак дарогі табе кладзецца.

- Калі ад Банадыся, дык вялікі то клопат, пане Цыбал. Абкруцім вобмегам адным, і чорт іх ушчуваць будзе, пад вянцом усе грахі пакрыты. З кім гэта, браце, не здаралася на белым свеце. Дужа гэта, каб галава балела, што яны там вырабляюць часам, маладыя нашы. Ім, суседзе, нашы старыя законы не пісаны. Гэта табе, скажам, ці мне, дык і без штаноў даводзілася да самай жанітвы святым пузам свяціць, курэй пужаць. Дзе там аб дзеўках было думаць... А ім што адыходзіць у цяперашнія часы, калі каторыя і грамату пачалі пазнаваць, як мой старэйшы сын... Ды яшчэ, скажам, за бацькавай спіной, за бацькавым то клопатам... Дык чаго там бедаваць дужа? Ты гэта, браце, плюнь, дужа там сэрца рваць з дробязі такой. Плюнь, кажу, сяк-так абыраеш, не вялікая то справа-праява, калі яны там, скажам, крыху пабязулілі па дурасці, па маладосці...

- Каб жа то так, як ты кажаш, Хвядосе... Каб жа яно ад Банадыся, яно і клопату таго на кіпець самы... Дык жа не ад Банадыся зараза тая мая займела...

- Што ты, чалавеча, кажаш?

- А што ты казаць тут будзеш...

- Як жа гэта ты дзіцё не ўпільнаваў, на такую, можна сказаць, знявагу пусціў... І ад каго?

- Няйначай як ад парабка Напрэя...

- Уга... Зусім, браце, дрэнь справа... Не чакаў, суседзе...

- Прызналася ўчора... І каб жа то з добрым чалавекам якім, яно й жалю б таго не было... Дык на табе, выстаралася, бацьку ўзрадавала, бач, унукаў бацьку не хапае, каб на цябе тая немач белая... І хто б мог думаць, каб ён, Напрэй гэты, - вока ж тое саромеўся на дзяўчат кінуць, - каб гэта ён ды на такія ж авантуры пусціўся... Усё ў зямлю глядзеў, да ног сваіх усё прыглядаўся - ні віду з яго, ні слова людскага ад яго не пачуеш... А тут гэткі жа спрыт, можна сказаць, займеў. Гэткі жа ўскруцень напаў чалавеку ў голаў...

- Каб жа то, суседзе, у голаў... Тут, браце, не вялікага розуму справа...

- Яно, канешне, не вялікага... Знявага ж затое вялікая. Каб у каго, у каго, а то ў мяне...

- Ат... бяда - яна заўсёды, чалавеча, падпільнуе, як ты яе ні сцеражыся... Але ж і бяды тае - не сказаў бы, каб задужа... Кінь, кажу, думаць аб ёй, сяк-так асвойтаешся, ды шчэ і чалавек які знойдзецца. Мала хіба, каб гэта дзеўкі з дзецьмі гатовымі замуж ішлі... Колькі шчэ... Там удавец які з дзецьмі, там кавалер які перастарак, там калека які, недалуга... Не дзе дзенецца дачка твая, знойдзе пуця свайго. Ды пры тваёй, сказаць, браце, гаспадарцы і добрага чалавека знайсці не цяжка. Кавал зямлі той, кубел добры - і да цябе тады любы хлопец і з маладзейшых прыгорнецца. Яно, чалавеча, не ведама, дзе ты знойдзеш або згубіш. Як яно чалавеку суджана, так яно й выйдзе...

Але дзе гэта, каб тыя ўцехі людскія ўцешылі. Чалавека слухай, а сваю думку мей. Гэта ж жартачкі - зямлі кавал, добры кубел. Гэта ж тых грошай куча... Дужа яны валяюцца па дарозе, здарма от сыплюцца ў рукі. Так яны й даліся табе ў рукі... Гэта жартачкі: калі ад Банадыся, дык сват, не ад Банадыся - не сунь носа... Гэта хіба хто розуму не мае, дык не дабярэ... Вот табе й замочкі тыя бліскучыя, ліхтар з мышай... Падвёў пад манастыр з мышай той, зараза гамзюрыстая...

Сумны быў Цыбал. Ішоў дахаты прыцемкам, мармытаў усё пад нос:

- Гэта ж жартачкі - кубел...

 

4

 

...Ля Міронавай хаты тоўпіўся народ. Заклапочаны, тупаў ураднік, разганяў людзей, мацярыўся на соцкіх, якія марудзілі, не з'яўляліся. Ураднік тупаў па двары, выходзіў на вуліцу, і ўвесь яго шызы твар ззяў на сонцы, як нацёртыя медныя бразголкі на грудзях, як тыя новыя з вострым кантам пятакі, спрытна трапляўшыя ў ураднікавы кішэні кірмашовымі днямі. І не разабраць было, ці то заклапочанасць, ці вялікая ўрачыстасць панавала на крамяных урадніцкіх шчаках, на яго шызым - валбукаю - носе.

- Стараешся, воін?

- Чаго? - кінуў утароплены ўраднік на Сёмку запытанне. - Пра што кажаш, служывы?

- Служба, кажу, дужа ў цябе клапатлівая, чыжолая служба...

- Праходзь, праходзь, не задзержывай...

- Ды мы што... Мы спачуваем толькі: схудняў задужа ад клопатаў ты, чалавеча, ледзь-ледзь ногі пуза трымаюць...

Ураднік памкнуўся быў наперад, рашуча прыўзняўшы адзін вус, намерыўшыся сказаць нешта суровае і грознае - натапырыліся губы, пачырванелі вырачаныя вочы, шызая валбука носа трымцела і падымалася ўсё вышэй і вышэй. Але раптам рэзка павярнуўся ўбок і, не зварачваючыся ні да каго асабіста - была там у крапіве і лебядзе пустая паветка, - вылаяўся гучна, абрываючы словы:

- Чорт жа носіць каторага... Ану, разыходзься...

З сяней выводзілі Трахіма Сапуна. Ля яго завіхаліся два стражнікі ды тупалі без парадку соцкія, шукалі па двары лейцы, прыставалі да Мірона.

- Гаспадар, каб на цябе ліха, агрызка вяровачкі не знойдзеш у цябе...

Мірон сядзеў на старым карчы, узіраўся на стоптаныя лапці, на вузлаваціны сатлелых забарсняў, на шурпатыя далоні пляскатых рук і думаў аб нечым сваім, аб міронаўскім: аб слабым характары, аб сыне Яўхіме, аб бліскучых ураднікавых ботах...

Думаў і не да ладу адказаў:

- Няма ў мяне... Ня-я-машака, я кажу... Каб гэта вяровачкі... Каб гэта сіло віць, на чалавека сіло...

І апошняе пра сябе, не ў словах, у думках.

Калі вывелі Трахіма на ганак, народ згрудзіўся бліжэй, бабскія галасы загулі і ў нарастаўшым гуле перакатвалася начнымі спалохамі:

- Бач, счарнеў чалавек як, з твару зусім падупаў...

- Счарнееш, без дай прычыны так жа чалавека мардуюць. Хто паліў, а каму адказваць...

- А калі б і паліў - добра зрабіў... Дзе ты на пана ўправу знойдзеш, калі за яго закон, за яго стражнікі, калі за яго цябе жыўцом засудзяць... Калі за ношку травы панскае цябе гатовы ў дамавіну пакласці...

- Маўчы ты, разявіўся... Зяпала зачыні, дурань, ведаеш, што за такія словы...

Трахім стаяў на ганках, расхрыстаны, у разбэрсаных лапцёх. Пасмы валасоў папрыліпалі да мокрага лба, дрыжэлі рукі, і пальцы ніяк не маглі патрапіць, каб заплікнуць гузікі на світцы. На шэрай залапленай світцы - рукавы яе і кожнае крысо былі луб лубам, наглянцаваныя смалою і варам, прапахшыя ў смалакурні дымам. І ў смолі той былі ліпкія ніцяныя гузікі. Да іх ліплі пальцы, ніяк не маглі заплікнуць. І ўсё ў ім, у Трахіму, - у сутуленай постаці, у абвіслых руках, у заняпалых, навераджоных саланаватай рэззю вачах - усё ў ім было настарожаным і балючым слыхам. Трахім глядзеў перад сабою, на людзей, на ўраднікаў - шызаю валбукаю - нос, на стражнікавы карабінкі, на жоўты, уследжаны безліччу лапцёў снег, глядзеў і нічога не бачыў. Ён чуў толькі, як захліпаецца плачам жонка ды, учапіўшыся ў яе спадніцу, роўма равуць дзеці, заходзіцца самае меншае - пераходзіць плач малога ў натужлівы кашаль, і, адкінуўшыся назад, бялее твар гэты, надуваюцца сінія жылы на тонкай, як нітка, шыі.

Тады, схамянуўшыся, да жонкі:

- Сунімі малога, табе кажу, бач, зайшлося...

І да стражнікаў, да людзей:

- Не пайду я... І куды мне ісці... І чаго... Сказаў жа, што не пайду...

І, развёўшы рукі, яшчэ цвярдзей і рашучай:

- Не паліў я... І нічога не ведаю... Дык кажу ж, не пайду, не вядзіце...

- А мы прасіць цябе будзем... Дужа ж прасіць будзем... Як жа, шапку чырвоную для цябе надзенем. - І стражнік, малы і нязграбны, - у ім прызнаў Напрэй Казёл свайго старога знаёмага, Грымдаля, - аж пакланіўся ў пояс Трахіму і, пакланіўшыся, рэзка тузануў яго за рукаў:

- Ідзі, шуядзь, калі вядуць, гонару не разумееш...

Ледзь устояў на нагах Трахім, не сышоў, а ссунуўся з ганак. І не ўбачыў, а пачуў, як падскочыў сын Лявон - быў яго голас сухі і ўзрушаны:

- Не йдзі, тат... Я табе кажу... Не слухай сабак гэтых, служак гэтых панскіх не слухай... Не ты паліў, не табе адказваць... Я ж паліў, чаго да цябе чэпяцца...

І чуў Трахім, як адкінулі стражнікі Лявона, пакаціўся той да самага плота. І тады пацяглі жывасілам Трахіма да варот, да пахіленых шул спарахнелых, на шырокую гаманлівую вуліцу. Бегам кінулася жонка ўслед і ўчапілася рукамі ў стражніка, сашчарэпіўшы рукі, павісла на нагах, сцісла іх, як абцугамі.

І ўбачыў народ, як, нагнуўшыся, ударыў Грымдаль наводліў старую па твары і, каб хутчэй адчапіцца, даў шчэ раз у грудзі. Войкнула старая, разняла рукі, спыніліся малыя ў нерашучасці. Гучней загаласілі бабы тады каторыя, гул узняўся ў народзе, загула вуліца галасамі мітуслівымі, пагрозлівымі.

І кожны ўбачыў тады, як падскочыў салдат да стражнікаў, да куцага Грымдаля.

- Сёмка, бач, Казёл...

І адумацца Грымдаль не паспеў, як паляцеў потырч, бразнуўшыся патыліцай аб спарахнелую шулу.

- Гэта табе за жонак нашых... памятаў каб, як мацярэй нашых біць, воша тылавая... Іш, гніды, параспускалі рукі на нашага брата...

Другі стражнік кінуўся да Сёмкі, выцягваючы на хаду шаблю, але кінутая нейчай спрытнай рукой цагліна збіла яго з ног, і ён упаў на снег, нязграбна скурчыўшы ногі і схапіўшыся рукамі за голаў. Шапка адляцела ўбок, дзвынкнула шабля, уелася ў ліпкі снег. На чырвоны жужаль браўся гэты снег пад стражнікавай галавой. І тады апаўшую цішыню прарэзаў спалоханы, нібы прыдушаны, голас:

- Гэта ж чалавека забілі...

Ды нехта крыкнуў у трывозе, у адчаі:

- Уцякайма... Ратуймася...

Пераваліўшыся праз плот, бег па гародах Грымдаль. За ім услед, абламаўшы штакеціну, уцякаў ураднік.

Яны беглі, не аглядаліся, уцяўшы галовы ў плечы. За гародамі пачынаўся алешкавы параснік. Быў ён рэдкі цяпер, зімой, празрысты.

- Усім бы вам на сухі той лес бегчы, гады...

Адразу і вуліца і двор сталі пустымі. Народ разбегся хто куды, і толькі соцкія клапатліва перагаварваліся адзін з другім:

- Ну й дзялы... Гэта ж стражніка забілі, няйначай...

- Жывы будзе... У іх галовы жалезныя, у сабак... Чаго, Трахім, стаіш, ідзі ў хату, дзяцей вядзі, а то прастыгнуць... Ды не бойся...

І калі былі ўжо ля Напрэевай хаты, тады парушыў маўчанне Іван Іванавіч:

- А ўсё ж выйшла трохі нягегла... Хіба ж гэтым мы справе падсобім... Чорт яго ведае, як яно выйшла.

- А вот і выйшла... Раз выйшла, дык і выйшла... Не магу я цярпець больш... Каб кожная погань сваволіла тут. Хоць раз правучыў каторага, каб рукі карацей трымаў... А звод прыйдзе на іх, дачакаюцца, ірады...

- Та-а-к... - прамовіў той, што зваўся Карнеем, і не азваўся больш ніводным словам, пакуль не зайшлі ў Напрэеву хату. Прагаварылі ўсю ноч. Ужо бралася на відно, ужо выйшлі ўсе смалякі на комінку і пабралася попелам астыглае вугалле, калі разыходзіліся людзі з пракуранай Напрэевай хаты.

Марознае прадранічнае паветра было пругкім, каляным, і кожнае слова, аддаючыся ў ім гулкім рэхам, было звонкім, імклівым. І мо таму, што была бяссонная ноч, гарачыя спрэчкі, шызыя воблакі пракіслага табачнага дыму ў хаце, - кожнае слова ляцела паасобку, ляцелі ўрыўкі слоў і набывалі незвычайную ім, такую ж жывую, хвалюючую і заклікаючую яснасць.

- Гэта ўрок... Аб ім памятайце... Не ў тым справа, каб стражніку якому рабрыну зламаць... Трэба біць па тых, хто гэтага стражніка пасылае... Біць штодня, штохвілінна. Як біць, казаў вам... Каб вёскамі, валасцямі... Каб кожная справа за нас... Іхнім промахам біць... Кожным промахам, кожным здарэннем...

- Гэта ведаем... А ты ўсё ж падавайся цяпер, Карней, падалей ад нас. Нытрыць пачнуць, выпаруць... Каму гэта патрэбна...

- Ды я што ж... Я чалавек падарожны... Сапраўды, не з рукі мне тут цяпер з вамі. Куды-небудзь пасунем...

Разышліся. Убіраўся ў сілу мароз, хліпкі, ліпучы снег дарог рабіўся на ледзяную жарству, і яна хрумсцела пад нагамі, будзіла старожкую цішыню ночы, палохала сабак на ціхіх дварах, парушала спакойны ваўчыны крок за хлявамі, за гумнамі. Ён рабіўся шыршым, гэты крок, няўцямным, няўпэўненым - і ляцелі праз межы, праз абледзянелыя сумёты, праз запарушаныя інеем алешкавыя кусты сляды ваўчыныя. Уцякалі ад лядзянае тае жарствы пад нагой чалавечаю.

Людзі спалі шчэ. Не спаў хіба Хвядос. Усё варочаўся з боку на бок, прыслухаўся, як стогне на лаве чалавек той, стражнік, што з галавой, у рызманы ўкручанай. І думкі ўсё адны і тыя:

«Ну й дзялы... Паспрабуй цяпер выпутацца... Мала не будзе... Дагледзеў-такі за парадкам, чорт стары...»

Гэта аб сабе, аб старастаўскай сваёй годнасці і павазе.

Ды Цыбал каторага разу выходзіў на двор, правяраў усе закруткі на варотах, на хлявах, прыслухаўся да сабачага брэху і, стаўшы дзе-небудзь за вуглом - за справай, за патрэбаю, крактаў, пазіраючы на сінія, на халодныя зоры, чухаў чэзлую сваю бараду, галавой ківаў:

- Дык жа няма таго, каб яно ціха ды супакорліва... І людзі ж, можна сказаць, чалавекі, каб на іх ды ліхая гадзіна... Няма, каб паслушэнства гэтага да вышэйшага, да начальніка, скажам... Шуядзь каторая і тая носа дзярэ, а ні прыступу...

І, прахапіўшыся, калі прыліпалі падэшвы да лёду:

- Не набрацца абутку, каб марна псаваць, ізноў жа маладзее кроў на марозе, канца веку не ўбачыш... - трушком длыпаў дахаты, у хатняе логава, печавое, душнявае.

 

6

 

Яшчэ бабы не ўставалі, каб брацца за смалякі, за самапрадкі, як узняўся Трахім, доўга поркаўся ля печы - усё шукаў мытыя святочныя анучы ды лапці, каторыя цалейшыя. Доўга накручваў анучы на тонкія хударлявыя ногі, старанна звязваў новыя забарсні. Рабіў усё не спяшаючыся, без торапу, без кідання - нібы намагаўся нешта зрабіць святочнае, урачыстае. З тым жа ўрачыстым спакоем спаласнуў твар вадой, прыгладзіў рудыя валасіны і толькі калі стаў у кут, пад закураныя абразы, толькі тады парушыў свой спакой, урачыстасць. Маліўся заўсёды торапка, хапаючыся. Неяк ніколі не выстарчала часу на гэта, і часам палахліва думаў Трахім: «Даруй жа, Божа, калі-некалі...» І апраўдваўся: «Абы ў думках на яго не забыўся, не пакрыўдзіцца... рабіць жа трэба... дзе ты намолішся тут...»

І цяпер, стаўшы пад абразы, збіўся з пуця крыху, не ведаў, пачаць з чаго, прасіць чаго. І, торапка перажагнаўшы лоб, мармытнуў некалькі слоў - былі тут «насушны» і «даўгі нашы» і «Дзева, радуйся...». І калі сказаў гэта «радуйся», забыўся на словы ўсе, уклінілася думка збоку, не да Бога была яна, не да неба.

«Чаму радуйся?»

І, перажагнаўшыся - ат, Бог ведае, аб чым ён просіць, - сеў Трахім за стол, намацаў хлеб, адкроіў лусту і, пасыпаўшы густа соллю, пачаў снеданне. Хлеб быў чорствы, з калючым асцём аўсяным і высеўкамі. Але смачны быў ён, рабілася салодкай вада ад яго, поўны карац якой стаяў на стале. Добра гэта, калі хлеб яшчэ ёсць. І з вадой ён добры. А наколькі яго хопіць, гэтага хлеба...

Ды думка тая-другая не давала пакою.

«Гэта ж трэба, колькі год «радуйся» і «радуйся». А чаму радуйся і каму радуйся... Смешна гэта радуйся... А мо грэх так думаць...» - падумаў Трахім і, узяўшы паўбуханкі хлеба, паклаў яе ў чыстую кайстру, некалькі цыбулін знайшоў у мыцельніку, на паліцы, паклаў туды ж, да хлеба, звязаў старанна.

- Солі вот хіба шчэ...

Прачнулася на печы жонка, закапашылася. Лявон прыўзняўся на палацях.

- Куды гэта ліха цябе гоніць такой парой, пойдзеш куды, гледзячы ночы ў вочы?

Падумаў трохі і сказаў гэтак проста:

- А куды ж пайду? У турму пайду... Закону пайду шукаць, каб жа ён мяне ды ўпарадчыў, да месца дабраў...

Войкнула старая, з печы ссунулася. Загаласіла:

- А Божа ж ты мой, Божухна... Каб жа сваім надумам галаву ў сіло класці ды ў гатовае... А хто ж цябе просіць, пытае...

- Уга... Мала пыталіся... Дык хочаш, каб яшчэ раз... Ды хочаш, каб пра стражніка шчэ запыталіся... Калі ўжо цяпер запытаюць, дык Сібіры для мяне будзе мала, хіба свету не бачыў я, вушэй не меў, каб не чуць... Годзе ж... Даволі... Сам вот пайду... І скажу, ну, паліў... Ну, бярыце... Вяжыце, калі трэба... Біце... Але жытку ў разор не пушчайце... Не чапайце сям'і... Да людзей, да другіх не лезце, ні пры чым яны тут, а ні на волас...

Гаварыў, як сякерай рубіў... Прыглушаны, абрывісты голас рабіўся цвёрдым, і ўжо не гаварыў, а нібы крычаў на каго Трахім, нібы хацеў пераканаць сябе, усіх у сваёй шчырай праўдзе, у думках сваіх, у намерах.

З палацей Лявон саскочыў. Ускудлачаны, ахрыплы, ён кідаўся да Трахіма, размахваў рукамі, па хаце бегаў.

- Ты, стары, дурыкамі не займайся... Не дужа гэта да розуму, каб папасці і сесці...

- Ты ў мяне разумны задужа...

- Ага... Ну й задужа... Колькі-то год ты падлізваў пяты панскія... дык жа вызваліўся... чалавекам стаў... Няйначай жа зноў закарцела: «Паночку міласэрны, даруйце, вінен...» Ты ж не паліў, куды ж цябе чорт на ражон прэ, гэта не жартачкі...

- Не я паліў, дык ты паліў, галава твая паліваная... Дык мне дужа хочацца, думаеш, каб цябе, дурнога, узялі... Я сяду, мне што, мая жытка адпетая, а твая - толькі ж закрасаваць шчэ... Ты ж гэтыя раты карміць будзеш, а не я... А гэта табе і неўпрыцям.

- Дык што ж з таго... Я паліў... Але я не думаю лезці ў пролубку з тае прычыны... у турму напрашвацца... Хто ведае аб гэтым?

- Бачыш жа, ведаюць, калі прыязджалі на арышт.

- Мала што прыязджалі... Яшчэ прыедуць... Ну, дапытаюцца і адчэпяцца... Хіба ж ведае хто, хіба ты казаў каму, што я паліў...

- Казаць я не казаў, але ж ведаюць, калі чэпяцца... Яно ж не схаваешся... Закон, ён усё знойдзе, ён з-пад зямлі цябе выкапае...

Дзесьці глыбока варухнулася думка: «Хто ж бо там мог давесці, калі нікому ні слова, ні настолечкі, акрамя як на духу хіба...» І ўжо ногі гатовы былі страціць пругкасць сваю перад дарогай той перад дальняй, ужо гатовы быў Трахім сесці на лаву, нерашуча рукі скласці, але думка аб разоры, аб сям'і, аб жабрацкай кайстры для дзяцей - калі не пойдзе ён самахоццю закону ў рукі - падагрэла намеры. Стаў, выпрастаўся:

- Дык вот што: пільнуйцеся хаця адно другога, каб лад быў. А я пайду. Ніхто мне не ўказнік тут, не парадчык... Сам ведаю, што рабіць...

- Ну, ідзі... ідзі... Ідзі, каб табе сцежкі залажыла... Каб ты долі не бачыў... Слова людскага не чуў, як не чуеш ты мае словы...

- Сціхні ты... хаця... Разгаласілася... Дый вочы ў цябе... Як жа, на мокрым месцы... - груба абарваў Лявон матку і выйшаў на двор, на вуліцу. Хацелася крыкнуць услед - матлялася кайстра белая на шэрані кажушка, усё далей і далей - і не крыкнуў: не пужаць жа народ, услед жа не бегчы...

- Што ж... Няхай зробіць праходку... Няха-а-й... Пазнае ласку...

І шкадаваў старога. Падкатваўся жаль па ім вострым каменем у горла, сціналіся грудзі. І з жалем злосць - пякучая, атрутная.

- Што ж... Няхай праветрае крыху... Гінем во толькі праз гэта... Спрадвеку гінем...

Прыходзілі людзі раніцой, бабы ўзбегаліся. Трахімава жонка скрэбла бульбу і ў каторы вот раз бабам расказвала:

- А пайшоў... Закону даходзіць пайшоў...

І гаварыла нібы так, абыякава, безуважліва, нібы справа ішла аб бёрдах, аб сувойчыках, аб трубках зрэбнага палатна. Толькі думку хавала ў сабе, ад другіх:

«Хто ж да раны твае руку прыкладзе, балячку загоіць...»

Людзі паціскалі плячмі, дзівіліся. Быў смех адным, жалкавалі другія.

- То ж корч стары, надумаўся. Каму яно тое трэба...

Ды клопаты залішнія наваліліся на старасту, калі даведаўся аб Трахімавай справе.

- Гэта ж трэба... Жыве чалавек, жыве... Як і ўсе людзі, жыве чалавек... Ні ты яго асабліва... Ні ён табе не замінае... Дык жа, на табе, турбацыя зноў...

Каб хутчэй як, сам збегаў да соцкага. Лаяў на чым свет стаіць, выпраўляў у дарогу, каб Трахіма лавіць, вязаць, да начальства даставіць. Соцкі міргаў соннымі вачыма, ніяк не мог дабраць, што яно й да чаго і што грэшнага тут, калі чалавек закону шукаць пайшоў, хоць бы й на сваю галаву закону таго.

І яшчэ больш злаваўся Хвядос:

- Ды ты зразумей: звязаць яго трэба...

- Навошта, калі й так ён дойдзе, раз сам пайшоў... Чалавек жа сумленны...

- Карысці мне з таго сумлення аніякае... Клопат адзін: хіба ж можна, каб чалавек да закону ішоў не звязаным... Ты падумай толькі: чалавек ды не звязаны...

І шукаў вяроўку соцкі. Каб ехаць, дагнаць, да начальства даставіць. Шукаў, поркаўся ды здзіўляўся:

- Сапраўды ж не звязаны... Гэта ж трэба, каб чалавек да закону ішоў, ды не звязаны...

 

КАНЕЦ ПЕРШАЙ КНІЖКІ

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая