epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Пацалунак

Было падобна на адлігу. Не рыпеў снег пад нагамі, нізка слаўся над агародамі шэры дым з каміноў, чапляўся, блытаўся на пачарнелых галінках вішань і яблынь. Дым быў горкі, кіслы. Заклапочана наморшчыўшы лоб, маленькая Вулька падумала:

«Вот ізноў бабкі асінавыя жэрдкі паляць... Як пайшлі таткі ў лес, то і дроў добрых нямашака. А жэрдкі з плота паліць нядобра, вясной жа ў ім дзіркі будуць... Ды і цяпла ад асіны мала... Абы вот толькі смылела б крыху ў печы... Так кажа бабка... Кепска ўсё ж без таткі...»

На кусту парэчкі весела заціўкала сінічка, і пры кожным ціўканні яна порстка круцілася ва ўсе бакі, пераскаквала з месца на месца, яе сіняя грудка мільгала там і тут. Адразу ж узгарэліся Вульчыны вачаняты, яна асцярожна паставіла чыгунок на снег і, крадучыся, паволі пераступаючы крок за крокам, ціха пасувалася да куста, пацешна растапырыўшы кароткія рукі. Яе губы шапталі:

- Сінічка мая!.. Птушанятка!.. Дай жа я цябе спаймаю...

Але дзе ты бачыў! Вяртлявая сінічка пырх - і няма яе... Толькі сіняя пярынка прыліпла да сучка, малюпасенькая, як пушынка. Вулька палажыла яе на далоньку, падзьмула, і тая ўзляцела, як сняжынка, і знікла. Снег падаў густымі пухнатымі хлоп'ямі. Трапіць на шчаку і адразу растае, расплываецца казытлівым халадком. Вулька ўспомніла пра бабку - вот яшчэ зазлуе - і хутка ўзялася за чыгунок. Цяжка яго несці ў адной руцэ. Балюча ўразаецца ў пальцы анучка, у якую завязаны чыгунок. Трэба ўвесь час пераменьваць руку. Вот і пералаз праз плот. На слупах такія прыгожыя пухнатыя шапкі з снегу, як жа не змахнуць іх рукою. Махнеш - і шапка разлятаецца дробным пухам, сціснеш у кулачку гэты пух, і ён ператворыцца ў смешную галачку, сляды пальцаў на ёй. Сунеш у рот - кусачы, кусачы снег, аж заходзяцца зубы. І пальцы робяцца чырвонымі, як гусіныя лапкі. Але над чыгунком яны адходзяць, ад цяпла... Толькі пералезла яна праз плот і пачала знімаць чыгунок з пералаза, як над самай галавой пачула знаёмы голас:

- Дзетухна мая, што гэта нясеш ты такое?

Ледзь не выпаў чыгунок з рук, і Вулька зашаптала сабе пад нос, хутка-хутка:

- Бабка казала... Бабка казала...

А што казала бабка, адразу і не прыпомніш, калі стаіць перад табой гэты дзядзя Касмыль. Сусед жа ён, але яго чамусьці дужа недалюблівала бабка і не раз казала, што ў гэтага чалавека на сэрцы касмылі растуць. Якія там касмылі, добра і не ведала Вулька, але відаць, што страшныя. Тут жа і ўспомніла Вулька:

- Бабка казала, каб я попел вынесла з хаты...

- Дык чаго ж ты далёка так нясеш яго?

- Бабка казала, каб вугальчыкі не параскідала я, каб не трапілі куды ў салому, ды не нарабіла б я пажару, не да-а-ай то Божа... - і, зрабіўшы страшныя вочы, Вулька смела зірнула на дзядзю. Ах, як яна баіцца пажараў з бабкай! Бабка заўсёды і гаворыць пра пажар: «Не да-а-ай Божа!» Вулька яшчэ раз зірнула на твар дзядзі Касмыля і, заўважыўшы, што той не злуецца, абярнула чыгунок і, абпальваючы далонькі, дзьмухаючы на іх, высыпала з яго вугаль і попел.

- Я, дзядзечка, кожны вугальчык нагой затапчу, толькі вы не злуйцеся... - І яна старанна прытоптвала вугалі нагамі і прыслухоўвалася, як шыпелі яны, як танюсенькія струменьчыкі пары вырываліся з-пад ног і знікалі.

- Ты ж глядзі, дзетухна, валенцаў не папалі!

- А яны ў мяне скурай падшыты, - хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валёнка.

- Хітрая ты, Вулька, дзяўчына, - кідае дзядзя Касмыль і, усміхнуўшыся, ідзе сваёй дарогай, выбітай у снезе сцяжынкай па агародзе. Вот і падаўся на свой двор, да свае хаты.

Вулька пастаяла з хвіліну, сумна паглядзела, як згаслі ўсе вугалі, завязала ў анучку цёплы яшчэ чыгунок і, спяшаючыся, пабегла дахаты, усё думаючы аб тым, што ж скажа яна цяпер бабулі. Вот жа неўгамонніца бабка. Тры дні ўзапар выносіць попел з хаты. Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. А сёння бабку пагналі немцы ў абоз - вазіць салому. Толькі і паспела яна насыпаць у чыгунок вугалля і неўзаметку шапнуць Вульцы:

- Ты будзь разумніцай і, калі я паеду, занясі чыгунок... у гумно... На ток пастаў, ды падалей ад сцен, каб не здарылася пажару, не да-а-ай то Божа! А сама хуценька бяжы назад, пільнуй хату...

- Нашто вугалле насіць у гумно? - звонка перапытала Вулька.

Бабка аж рукамі замахала на яе:

- Ціха, ціха ты!.. Потым я табе ўсё скажу, разумніца... А цяпер рабі так, як я загадала... Ды калі сустрэнецца табе хто, як будзеш несці, дык ты проста высып попел у снег...

...Вось яна і зрабіла ўсё, як загадала бабка, гэтая хітрая бабка-неўгамонніца...

 

* * *

 

Аксіння прыехала позна вечарам. Прама з парога яна падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку:

- Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем...

Вулька прыўзнялася на печы і хуценька расказала аб усім: як несла яна чыгунок, як сустрэўся ёй Касмыль, як таптала яна вугельчыкі ў снег.

- Яшчэ сініцу бачыла я... сіняя... сіняя... - соладка пазяхнула Вулька.

- Сініцу... - задуменна паўтарыла Аксіння і, адчуўшы, як пахаладзела раптам сэрца, рашуча зацягнула ражкі хусцінкі, спяшаючыся, затупала да дзвярэй.

- Куды ты, бабка? Мне ж боязна вечарам адной у хаце...

- А ты... кладзіся з галавой пад дзяружку... Я... назбіраю дроў... печ запалім... Я хуценька...

І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы - усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Падаў рэдкі снег. На небе вылупліваліся першыя зоры. Бралася на мароз. Дзесьці забрахаў сабака і раптам, узвізгнуўшы, змоўк. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Толькі з боку школы - там стаялі немцы - ціхесенька скуголіла скрыпка і ныў глуха гармонік. Гукі былі нуднымі, цягучымі, як ціхі зубны боль. Ды з лесу, што за гарэлым балотам, падвывалі ваўкі. І на якую секунду здалося Аксінні, нібы бачыць яна, як на змрочнай паляне стаяць шэрыя ваўкі і, настырчыўшы хібы, узіраюцца ў цёмнае неба. У іх галодных вачах мігцяць, пераліваюцца сумныя водбліскі далёкіх зор. Далёкіх і недасяжных. Таму, можа, і песня такая сумная ў іх, у ваўкоў...

- Ах, як цяжка на сэрцы, і нібы заслона якая ўпала на вочы, нічога не відаць.

Аксіння вобмацкам знайшла дзверы гумна, асцярожна адчыніла іх, падышла, нахілілася да дзвярэй ёўні, прыслухалася.

- Сынок мой! - ціха пазвала яна. - Сыночак!

Прыгнуўшыся, яна залезла ў ёўню і, стаўшы на калені, аблазіла кожны куток, абмацала рукой цагляную печку, сухія жэрдкі асецяў, з якіх сыпалася пад рукой саламяная пацяруха. Пахла жытнім коласам і мышамі. Спяшаючыся, яна абышла кожны куток гумна, абмацала гурт аўсянай саломы, што ляжаў ля сцяны. З-пад саломы выняла і несла асцярожна, дзвюма рукамі, маленькае ружжо. Яна яшчэ раз агледзела яго пры змрочным святле, якое ішло ад снегу. Гэта было яго ружжо. Палажыла ізноў на старое месца, куды хавала яна яго і раней. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання.

- Адгукніся ж, сынок мой!

Але навакол было ціха, так ціха, што чуваць было, як церушыліся сняжынкі на саламянай страсе гумна.

Аксінні здавалася, што яна заблудзілася, такой доўгай была яе хадзьба дахаты. Але навакол былі ўсё тыя ж, яшчэ саджаныя ёю ўдваіх з нябожчыкам мужыком яблыні і вішні, той жа плот, тая ж бярвенчатая загарадзь двара. У галаве роіліся абрыўкі думак, і іх цяжка было прывесці да парадку. Навошта даручыла яна тую справу неразумнаму дзіцяці?.. А як жа было зрабіць іначай?.. Каб замёрз?.. Канечне, можна было папрасіць каго-небудзь з дарослых... Але ці даверыш жа чужым людзям такую справу?

Калі на дварэ яе хапілі за рукі, яна не здзівілася і не спалохалася. Ну што ж? Толькі запытала:

- Што вы хочаце ад мяне, добрыя людзі?

Ёй нічога не сказалі і, вывеўшы з двара, павялі па вуліцы. Цьмяна паблісквалі шырокія штыкі вінтовак.

«Відаць, да каменданта, а можа, да старасты...»

Яна ўявіла сабе старасту, яго рэдзенькую, касмыльком, бараду і вечную ўхмылку на нездаровым, зеленаватым твары. Заўсёды, як усміхнецца ён ды гляне на цябе, дык нібы дзесяць цаглін адразу павісне на душы. Такая ўжо ўсмешка ў яго, Сідара Лупянка, ці як звалі яго за вочы, - Касмыля...

Але салдаты прамінулі суседаву хату.

«Значыць, да каменданта...»

Яе падводзілі да школы.

 

* * *

 

За шалёўчатай перагародкай іграў губны гармонік, і грубыя салдацкія галасы ўпаўголаса выводзілі нейкую песню. Два вартавых пераміналіся з нагі на нагу і ненатуральна выцягваліся ў струнку, калі камендант - не малады, але і не стары яшчэ афіцэр у лейтэнанцкім мундзіры - пазіраў на іх ці ўпамінаў, гаворачы па тэлефону, чын пана палкоўніка. Камендант быў чымсьці ўсхваляваны, часта станавіўся навыцяжку з тэлефоннай трубкай ля вуха і нават памкнуўся быў свабоднай рукой аддаць чэсць, але спахапіўся ў час і ўсё паўтараў раз за разам:

- Слухаю, пан палкоўнік! Ёсць, пан палкоўнік!

Урэшце ён палажыў трубку і стаў хадзіць з кутка ў куток, узбуджаны, узрушаны, час ад часу паціраючы задаволена рукі. Стаўшы супроць Васіля і нецярпліва абкусваючы кончыкі сігары, скоса зірнуў на яго.

Гарачыя, як вугалі, глядзелі на каменданта немігаючыя заняпалыя вочы чалавека. Навісь русых брывей сыходзілася над пераноссем, тапырылася ў складках нахмуранага лба. Насуплены позірк даводзіў да шалу каменданта.

Але, перасільваючы сябе, афіцэр загаварыў ціха, спакойна:

- Шкада, канечне, што не мне прыйдзецца дапытваць цябе. Ты б у мяне загаварыў!.. Ты б у мяне стаў шаўковым!.. Але добра... Адно, што павінен памятаць: палкоўнік - чалавек сур'ёзны. Гутарка з табой будзе кароткая... Што можна табе параіць: сказаць толькі праўду... спакойна... не хвалюючыся... без лішніх фокусаў... Ніякай жа небяспекі табе тады не будзе... Памятай толькі: мы ўсё ведаем. Цябе завуць Васілём... Камсамолец... Можа, не ты ўзарваў мост, скажаш? Узарваў... Так, так... Вось і шнур... Можа, скажаш, не твой? І брат ёсць у цябе старэйшы... Андрэй... Скажаш, дзе ён цяпер?.. Ён жа камандзірам у вас там. І, канечне, маці ёсць... Аксіння... Вот бачыш... А ты думаеш, мы нічога не ведаем... Гуляць у маўчанку зусім бескарысна... тым больш перад панам палкоўнікам...

Ён многа яшчэ гаварыў. Але словы яго праходзілі неяк міма свядомасці Васіля, выклікаючы толькі нейкія цьмяныя думкі, абрыўкі ўспамінаў, няясныя вобразы перажытага, перадуманага. Так, ён узарваў мост... Яго шнур... Пракляты шнур, які прыйшлося замяніць другім, карацейшым. Таму і не паспеў ён адысціся далей... Аскабалкам жалеза яму перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Колькі часу ён праляжаў там, на мокрым снезе? Ён толькі памятае, як, зірнуўшы ў цёмнае начное неба, ён заўважыў водбліскі халоднага трапяткога святла. Ля чыгункі пускалі ракеты, шукалі кагосьці... Снег падаў густымі, частымі камякамі. Перасільваючы востры боль, ён устаў і пайшоў цераз узлессе, праз маладыя дубняковыя параснікі. Хутка яго праглынуў густы, высокі бор. Толькі пад самую раніцу дабраўся ён, дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Яму не трэба было ісці туды, але ён замярзаў. Зусім абледзянела плячо, ён не мог зняць аўтамата з пляча. Вось і гумно... Змрочная, халодная ёўня... Ахапак саломы. Забыццё... Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... «Сыночак мой, сыночак, ці табе ж, маладому, так рана шукаць лютае смерці!..»

Ах, як баліць плячо!.. Пякучы боль прастроміў усё цела. Падхапіўшы пад рукі, вартавыя паставілі яго на ногі. У пакоі стала шумна. Некалькі афіцэраў распраналі шынялі. За сталом ужо сядзеў палкоўнік, і заклапочаны камендант пачціва дакладваў яму аб справах. Чашка гарачай кавы дымілася перад палкоўнікам. Не гледзячы на каменданта, ён выслухоўваў яго рапарт, зрэдку перабіваючы рэзкімі запытаннямі. Тады торгаўся сіняваты шрам на твары палкоўніка, і яго правае века заходзілася ў драбнюткім ціку. Палкоўнік пагладжваў вока доўгімі пальцамі, і чорны персцень на пальцы цьмяна пабліскваў пры свеце газоўкі.

Васіль бачыў гэты пярсцёнак і ўспомніў, як яшчэ ўвосень гэты чалавек у зарэчным сяле тапіў людзей на балоце. Сярод іх былі дзеці... Гэта быў сам камандзір кавалерыйскага эсэсаўскага палка, ці, як празвалі яго партызаны, - «чорны палкоўнік».

Яго думкі спыніла рэзкая каманда. Вартавыя адышліся назад, да сценкі. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Ах, якія яны ўсе аднолькавыя... Вось вазьмі і палажы перад імі штаб... Брата пашлі на шыбеніцу... Уласнымі рукамі задушы матулю... Радзіму-маці затапчы ў балота, стань на грудзі ёй забруджаным ботам...

Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Палкоўнік ужо крычаў, дзіка, шалёна:

- На калені, бандыт!

Афіцэр выхапіў у часавога вінтоўку, жалезным прыкладам ударыў наводмаш па каленках звязанага чалавека. Глухі стогн прарэзаў хвілінную цішыню, і кісці рук вартавога затрымцелі дробна-дробна. Звязаны чалавек упаў на падлогу, замоўк. У пакой увялі Аксінню. Яна кінулася была да распасцёртай постаці на падлозе, але яе груба адцягнулі назад, да дзвярэй. Прыхіліўшыся да сцяны, яна стаяла і зняможана ківала галавой.

Салдаты выплюхнулі вядро вады на знявечаную постаць чалавека. І калі той паварушыўся, яны выйшлі па камандзе за дзверы. Палкоўнік чакаў. Васіль заўважыў Аксінню. Яго мокры твар сагрэла ледзь прыкметная ўсмешка.

- Ідзі дахаты, матуля, табе не трэба бачыць іх. Не трэба быць тут...

Прыкмеціўшы вартавых, якія стаялі ля маці, ён вінавата сказаў:

- Даруй мне, родная, што праз мяне...

- А-а... загаварыў, па-а-н партызан... - ажывіўся палкоўнік. - Ну што ж, так бы даўно... Можа, што і скажаш талковае...

- Скажу... - суха прашаптаў Васіль, і, прыўзняўшы галаву, - гэта каштавала яму балючых намаганняў, - ён глядзеў на палкоўніка нейкім дзіўным, пасвятлелым позіркам. Скатваліся каплі вады з мокрых валасоў, траплялі на шчокі, на засмяглыя губы. Твар чалавека рабіўся падцягнутым, жорсткім. - Я скажу вам... Гора вам будзе... Смерць вам будзе... Чорная, паганая смерць... І я шкадую толькі, што не мне прыйдзецца біць вас, не мне... Але вам не выйсці жывымі з маёй зямлі, і гніць вы будзеце, як прыдарожныя чэрві, бо наша зямля не захоча прымаць вас, сабак...

Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Косткі пальцаў палкоўніцкіх напяліся і пабялелі, у завілінках сіняга шрама праступіла жывая чырвань, яго голас зрываўся, хрыпеў:

- З кім... га-а-ворыш... ты-ы?

- З сабакам... Але вы горш ад сабак... Вы забіваеце маленькіх дзяцей, вы храбры супраць бяззбройных... Вы... Ну, ну, не храбрыся... Я ж не магу цяпер адказаць табе куляй на кулю, але...

І, сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Суха хлопнулі частыя стрэлы. Увесь парабелум разрадзіў пан палкоўнік. Пасля павярнуўся да Аксінні і глянуў на яе налітымі крывёю вачыма. Зірнуўшы яшчэ раз на пусты рэвальвер, рэзка кінуў:

- Павесіць!

Салдаты вынеслі цела Васіля, вывелі Аксінню, спяшаючыся спаласквалі вадой і замывалі падлогу, ухіляючыся ад палкоўніцкіх ботаў. Палкоўнік хадзіў, узрушаны, з кута ў куток, проста па лужынах. Стаялі навыцяжку афіцэры. Камендант адчуваў сябе вінаватым. Недзе ў глыбіні душы варушылася далёкая думка, што, відаць, абміне яго Жалезны крыж, які спадзяваўся ён атрымаць за ўсю гэтую справу. Цяжка дагадзіць такому начальніку, як пан палкоўнік.

Але палкоўнік гаварыў ужо мякчэй:

- Вось што, пан камендант... Мы павінны іх так застрашыць, так напужаць, каб у іх заўсёды валасы стаялі дыбам... Такая нечуваная нахабнасць!

- Іменна, іменна, пан палкоўнік... - падтакваў супакоены камендант.

 

* * *

 

Аксінню пакаралі раніцой. Яе павесілі на старым дубе, што высіўся супроць школы. Перад гэтым сагналі ўвесь народ з вёскі. Доўга ўсё пыталіся аб нечым немцы ў Аксінні. Яна стаяла, старая, сухенькая, на століку, прынесеным немцамі са школы. На доўгім століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Аксінні моцна, моцна захацелася ўбачыць гэтую цёплую дзіцячую лапку, што пакінула свой след. То ж было, відаць, яшчэ да вайны, у тую зіму. Тады і ў школе звінелі дзіцячыя галасы, і пад гэтым дубам дзіцячыя лапкі лавілі мячык вясной...

Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні, дробныя сняжынкі трапяталіся на яе брывах, а яна ўсё кланялася, кланялася народу і ледзь чутна гаварыла:

- Вы не бойцеся, добрыя людцы... Вы не бойцеся, што яны мяне вешаюць... Яны ж баяцца мяне... Яны ж вас баяцца...

З натоўпу людзей чуліся ціхія ўсхліпы, і чыйсьці голас груба прарэзаў паветра:

- Душагубы!.. Прыйдзе і на вас пагібель...

Па рэзкай камандзе ўзлаванага палкоўніка салдаты пачалі разганяць народ, які толькі што яны зганялі. Стараста, робячы напалоханы выгляд, угаварваў жанчын:

- Бабанькі мае, адыдзіцеся... Ці вам жа глядзець на гэта...

Народ разыходзіўся.

Тады яшчэ раз запыталі Аксінню, каб сказала яна, хто ж яшчэ з сяла, акрамя яе, ведае аб партызанах, аб іх зямлянках.

Аксіння нібы задумалася на хвіліну, нібы ўспамінала аб чым. Усё пражытае прайшло ў адзін міг перад вачыма, выразна, ясна, як гэтая вось снежная раніца, як след дзіцячай лапкі на школьным стале. Некалі былі такія лапкі і ў Андрэя, і ў... Васіля. Замучылі Васіля... Яна глянула яшчэ на вуліцу, на народ, спыніла свой позірк на старасце, на Касмылі, які стараўся трымацца непрыкметна ўбаку. Яго рэдзенькая, касмыльком, бародка матлялася з боку ў бок, і рыжыя валасінкі выбіваліся з барады, трымцелі на ветры. Спакойна і ціха праказала Аксіння:

- Вы вот у мяне ўсё пытаецеся, а я нічога вам не скажу... Каб і ведала, усё роўна не сказала б... Вот ён... Ён ўсё ведае... Усё ведае, да нітачкі... Ё-о-н знае...

З усяго пляча ўдарыў палкоўнік цяжкім гарапнікам па галаве Касмыля. Той аж паваліўся і, поўзаючы на каленях, залямантаваў на ўсю вуліцу:

- А паночак жа мой, а за што ж гэта вы мяне... Пан камендант, скажыце ж вы яму...

Камендант шапнуў нешта на вуха палкоўніку і падняў на ногі старасту. Тут жа сказаў яму:

- Гэта нічога... Маленькае непаразуменне...

Палкоўнік не зірнуў нават на разгублены, збянтэжаны твар Касмыля, моўчкі кіўнуў рукой, каб канчалі ўсю гэтую справу, якая паказалася яму цяпер шэрай, зусім нецікавай. Не такіх вынікаў чакаў ён ад гэтай шыбеніцы, ад гэтага пакарання. Куды прыемней, калі поўзае чалавек перад табой, распасцёршыся ў пылу і праху, жаласна скуголіць аб такой малюсенькай рэчы, як звычайнае чалавечае жыццё. Ты адчуваеш сябе тады Богам, ты вышэй Бога, у тваіх руках жыццё і смерць падобных табе. А тут... Дзіўныя, недарэчныя людзі. Адзін ідзе на смерць напралом, сам падганяе сваю бязлітасную кулю... Фанатыкі... Другі... вот жа... памірае, нібы радуецца чаму... памірае і не глядзіць на цябе, не гаворыць з табой, не хоча заўважыць цябе, нібы ты пылінка, нібы ты поўная нікчэмнасць, не вартая нават праклёну... усё гэта незразумела, гэта нават... страшна...

Загадаўшы салдатам, каб падпалілі партызанскую хату, палкоўнік моўчкі ўсеўся на каня і, нават не развітаўшыся як след з камендантам, падаўся са сваім эскадронам з сяла. Пануры, маўклівы, ехаў ён уперадзе эскадрона і, выехаўшы з сяла, пусціў каня ў шалёны галоп, каб неяк развеяць недарэчныя думкі, скінуць з сябе прыкрае здранцвенне. Дзесьці цяжка плёскалася на дне сэрца глухая, чорная злосць. І ён адчуваў, што няма ёй ніякага выхаду, няма задаволенасці.

Ля пажару завіхаўся Касмыль. Ён вельмі баяўся, каб агонь не перакінуўся на яго сялібу, выгнаў цэлую чараду жанчын, і тыя мітусіліся на вуліцы, на двары, расцягвалі плот, ламалі паветку, каб не даць агню вялікай волі. Калі снапы іскраў пасыпаліся з асядаўшай страхі, з сенцаў выкаціўся маленькі гарэўшы клубочак. Жанчыны, што былі бліжэй, з жахам падхапілі яго на рукі, прытушылі снегам, хусткамі. Захутаўшы ў кажух, адна жанчына панесла яго далей ад пажару і ўсё прыгаварвала ціхенька:

- Божа ж мой, Божа... Чаму ж ты, Вулька, не адгукнулася, мы ж цябе клікалі і праз акно, і праз сенцы...

- Я дужа баялася... Бабка як пайшла, дык і не прыходзіла... Я ўсю ноч адна праплакала... Ды прыходзілі немцы, дык я схавалася на вышках... А тут, цётачка, пажар... Я дужа баялася дзядзькі Касмыля, можа, гэта ад вугальчыкаў пажар... Але ж бабка не паліла ўчора печы... А мне вельмі балюча... Мне вельмі балюча... Мне ўсё баліць!..

Жанчына спяшалася як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае, абгарэўшае, ціха стогнучае дзіця.

 

* * *

 

Касмыля разы са два выклікалі да каменданта. Былі то ўсё розныя дробныя справы: сена, салома, расчыстка дарог ад снегу... Пра партызан камендант не гаварыў, але Касмыль адчуваў, што імі заняты ўсе думкі каменданта.

- Глядзі, каб яе не знімалі... Гэта не лішняе для навукі...

Касмыль не перапытваў, ён ведаў, аб чым гаворыць камендант. Аднак ён быў і крыху незадаволены камендантам. Колькі той нарабіў яму розных абяцанак... А сённяшні гарапнік? Нават свайму начальніку не расказаў камендант як след аб ім, аб старасту... Гэта крыху псавала настрой, але выгляд патухшага пажарышча, ля якога праходзіў Касмыль, неяк адразу адагнаў ад яго ўсе гэтыя дробязі, гэтыя, па-а-думаеш, непаразуменні. Ён нават спыніўся на хвіліну ля бялеўшай на пажарышчы печы. Узіраючыся на яе закопчаны і такі суровы паначы комін, на які кідаў вецер цэлыя прыгаршчы сухога жорсткага снегу, Касмыль адчуў, як пацяплела ў яго на сэрцы. Пабялеўшы і аплыўшы ад гарачыні чыгунок пацешна выглядаў з цёмнага чалесніка печы, такой недарэчнай цяпер, страціўшай цяплынь чалавечага ачага, усю ўтульнасць скромнага сялянскага жытла.

Ён уздыхнуў і выціснуў на твары нешта падобнае на ўсмешку.

- Дык вось як, Андрэй Іванавіч... Выходзіць, не ты мяне падсадзіў, а я цябе падсадзіў... Можа, і да самага цябе дабяруся, каб аддзячыць табе за ўсю тваю старую ласку... Вы яшчэ не ведалі мяне, Сідара Лупянка...

Ён пайшоў, не спяшаючыся, дахаты, успамінаючы сякія-такія даўно забытыя справы. Прыгадаў, як дваццаць год назад падсадзіў яго Андрэй Іванавіч, тады яшчэ жаўтароты камсамол, падсадзіў на цэлых два гады турмы. А за што б, запытацца? Якая яму была справа, падшывальцу Андрэю, што ён, Лупянок, вазіў кантрабанду... Ну і вазіў... Не яго ж скурай рызыкаваў ён, Лупянок, а сваёй жа, уласнай. І дамок харошы паставіў... І ўсё на дробязях... Ну сахарын, ну соль, спірт і... яшчэ там усякія глупствы. Ды ён жа, Лупянок, і галоўным не быў... Дык навошта ж тады чалавека на два гады ў камеру браць?.. А дзесяць год таму назад... Сур'ёзна тады падсадзіў Андрэй Іванавіч, аж на цэлых восем год падсадзіў. Што казаць, не зусім чыста зрабіў тады ён, Лупянок. Пад п'яную руку ўсё ішло, як угаварваў яго багаты сват падпаліць калгасны кароўнік. Падпаліць падпаліў, а шапку сваю з п'яных воч ля кароўніка і пакінуў. Былога свата-кулака расстралялі, а яго, Лупянка, на восем год у турму. І жонка яго кінула, нават развітацца не прыйшла. Так і перадала праз людзей, што не хоча болей жыць з п'яніцам, з наймітам захрыбетніцкім... А чым жа ён быў вінаваты? Што хацеў прыдбаць сям'і харошы дамок ды дурную капейку ўхапіць з аднаго маху, з налёту. Што і казаць, выйшла жытка ў яго, у Лупянка, немудрашчая. І калі прыйшоў з турмы, не дужа ўядаўся ў працу, усё прыглядаўся, да якога месца сябе прыляпіць, каб зацішней было і вальготней. Да зямлі асабліва не цягнуўся, бо на грудзі быў слабы, як казаў ён, і рукі на грабільне дрыжалі. Пабыў вартаўніком, дапамагаў на малочнай ферме. Потым за рахункавода паставілі, бо вельмі ж разбіраўся ў лічбах, меў схільнасць да іх. Так і рыпеў паціху пяром. Калі выпіваў часам лішнюю чарку, тады лез цалавацца да ўсіх і, слінячы кудзелістую барадзёнку, нібы ўгаварваў людзей:

- Вот вы мяне ўсе за разбойніка лічылі... А я такі ж мілы чалавек, ну проста ж вот разлюбезны...

Ад яго адмахваліся, як ад назойлівай мухі.

Касмыль зайшоў у хату. Зялёны паўзмрок панаваў у ёй. Касмыль даўно пачаў баяцца цемені ночы, і, завесіўшы дзяружкамі вокны, ён запальваў запыленую лампадку, і яна гарэла ўсю ноч, цьмяна пабліскваючы праз мутнае зяленіва шкла ледзь прыкметнай іскаркай.

Касмыль лёг на ляжанку. Яе цеплыня была асабліва прыемнай у гэты час, калі густа завываў вецер у коміне і завіруха шархацела па сценах, білася ў вокны, аж калыхаліся старыя дзяружкі.

Касмыль успомніў пра сад Аксіннін. Дрэў пятнаццаць у ім адных толькі яблынь і груш, не лічачы вішняку... Камендант абяцаў... Можна будзе прадаць сядзібу з садком, гумно... Лішняя капейчына не завадзіць у кішэні...

У акно моцна пастукалі.

Касмыль прыўзняўся на локаць, прыслухаўся. Стук паўтарыўся, быў ён рэзкім, настойлівым. Касмыль хуценька падбег у кут, патушыў лампаду і, адхінуўшы ражок дзяружкі, пачаў асцярожна ўглядацца. Ён убачыў постаць нямецкага салдата. Паблізу стаяла яшчэ некалькі чалавек. І калі стук паўтарыўся, ён ціхенька азваўся:

- Ну я... Чаго там стук узнімаеце?

- Пан камендант патрабуе вас да сябе...

- То зараз...

І, лаючы ў думках неўгамонную натуру каменданта, ён нацягнуў валёнкі, ускінуў кажух і, спяшаючыся, выйшаў на двор, а адтуль, не ўступаючы ў асаблівыя гутаркі з салдатамі, - дзьмуў сіберны вецер, - разам з імі пайшоў да школы.

 

* * *

 

Усю ноч не змаўкала шалёная завіруха. Глуха шумелі, стагналі касматыя яліны, звонка парыпвалі маразявыя сосны, і дзесьці ў вяршынях дубоў перакатвалася, гудзела: гу-гу-гу-у... Цэлыя гурбішчы снегу - сухога, калючага, як іголкі, - кідаў вецер на яловыя лапы, на рыпучыя дзверы зямлянкі. Вецер урываўся ў бляшаны комін печкі, выдзьмухваў з яе попел, гаручыя іскры. Печка захліпалася, пачынала дымець. Тады з зямлянкі выходзіў чалавек, корпаўся ля коміна, папраўляў яго, застаўляў яловымі лапамі, абледзянелымі плашкамі дроў, - каб перашкодзіць ветру выдзьмухваць цяпло з лясной хаткі. Чалавек варочаўся ў зямлянку, цяжка прысаджваўся ля нар, што займалі палавіну прасторы. Быў ён высокі, і яму нязручна было сядзець на нізкім сасновым цюльпаку. Ён сутуліўся, зябка паціскаў плячмі. Яго густыя валасы серабрыліся на мігаючым святле газоўкі, ледзь асвятляўшай куточак нар, адкуль зрэдку чуліся слабыя, ледзь чутныя стогны. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадлы, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Чалавек браў маленькую ручку, прыслухоўваўся да пульсу, прагным вухам лавіў ледзь чутнае, парыўчатае дыханне.

- Дачушка мая!.. - сарвалася з вуснаў сівога чалавека.

Ён беражліва ўзяў яе на рукі, устаў і, прыціскаючы да сябе ўвесь гэты скрутак, пачаў хадзіць, асцярожна перастаўляючы ногі, уздоўж нар - пяць крокаў туды, пяць крокаў назад. Глухаватым, асіплым голасам ён запеў калыханку:

 

Люлі-люлі, люлі-люлі...

Усе курачкі паснулі...

 

Але песня не выходзіла. Ці ён забыўся на яе словы, ці нейкія думкі адцягвалі ад песні. Ён чуў гарачы шэпт. Цяжка было дабрацца да сэнсу паасобных слоў. Маленькі чалавек трызніў. Нешта гаварыў аб неўгамонніцы бабцы, якая пячэ для Вулькі аладкі, паліць печку, ездзіць у нямецкі абоз... Не... не... Яна не вінавата - бабка - у пажары... Гэта яе вугальчыкі, Вульчыны... І прыгожая сінічка... Ах, якая страшная, стра-а-шная сініца... Не да-а-й то Божа...

Слабенькі голас затухаў. Халадзелі маленькія пальчыкі. Чалавек палажыў сагрэты ім скрутак на нары, нецярпліва, прагна прыпаў калючай шчацінай вусоў да маленькага твару. Вульчыны губы былі халоднымі.

Чалавек праз сілу ўзняўся на ногі. Зірнуў яшчэ раз на маленькі тварык з апаленымі расніцамі, з чырвонымі плямінамі ад агню на шчоках, на лбу. І ціха-ціха, толькі і магла ўчуць яго словы заснуўшая навечна дзяўчынка, не то сказаў, не то запытаўся ў яе:

- Хто ж нам, мая маленькая сінічка, перашкодзіў жыць... Хто хоча нам смерці?

Новай палаткай прыкрыў яе ўсю, прыкрыў твар, адышоўся да дзвярэй.

- Хто ж хоча нам смерці?! - гнеўна крыкнуў ён, даўшы ўрэшце волю свайму голасу.

Страшны, аглушальны праклён страсянуў усю зямлянку, на якую хвіліну заглушыў шалёную завіруху.

Гарачым ілбом прынік чалавек да халоднага бервяна сцяны, замоўк, збіраючыся з думкамі.

Дзесьці ў вяршынях дубоў перакатвалася, гудзела шалёнае: гу... гу... гу-у-у... Але ў посвісце завірухі ўчуў ён чалавечыя крокі ля зямлянкі. Адышоўся ад сцяны, паправіў гімнасцёрку, правёў рукою па твару.

З клубамі марознай пары ў зямлянку не ўвайшоў, а ўкаціўся рухавы хлапчушка гадоў пятнаццаці-шаснаццаці. Яго запарушаная снегам постаць, ружовыя шчокі, гарэзлівыя вочы пыхалі такім здароўем, такой жыццярадаснасцю, што ён, спатыкнуўшыся аб парожак зямлянкі, аж засаромеўся крыху сваёй залішняй рухавасці.

- Дзядзенька... Андрэй Іванавіч... Выбачайце... Таварыш камандзір, зарэчанскі атрад прыслаў мяне далажыць вам, што ўрэшце-такі мы злавілі гэтага «чорнага палкоўніка»...

- Ну-у! - мімаволі вырвалася ў Андрэя Іванавіча, і сапраўды ўсцешанага такой навіной.

- А дзе ён дзенецца! Згуляў пад нашу дудку! Там і палажылі... У воўчым лажку ля мосціка... І адной кавалерыі чалавек пяцьдзесят: эсэс у эсэса, як на падбор...

- Ну, а як жа яна? - запытаўся ён ужо ціха, заўважыўшы на нарах накрыты палаткай кажушок. - Палягчэла ёй? Спіць? - Нават на цыпачкі стаў хлопец, каб не нарабіць залішняга грукату сваімі ботамі.

Чалавек нешта адказаў незразумелае, нешта махнуў рукой.

- А мы вот толькі коней запрагаем па доктара, з мястэчка думаем прывезці, з-пад самага носа ў немцаў!

Андрэй Іванавіч коратка загадаў:

- Не трэба...

Хлопец паглядзеў на яго, не разумеючы загаду.

- Не трэба, мой дружа... Яна памерла...

Часта-часта замігалі вочы хлапчыны, нібы лёгкі цень прабег па яго твары. Ён зняў шапку і ўсё цёр скронь, гледзячы ўніз, на асыпаную ігліцай падлогу.

Андрэй Іванавіч маўкліва падкладаў у печку пахучыя смалякі.

Да самай раніцы прыходзілі і выходзілі людзі з зямлянкі. Наведвалі чалавека, каб дапамагчы яму перайсці праз вялікае чалавечае гора.

 

* * *

 

А на сяле былі свае навіны.

Жанчыны пайшлі раніцой у школу здаваць малако, якое насілі яны туды штодня. У старажоўцы, дзе прымалася малако, нікога не было. Пуста было і ў школе. Праз два разбітыя акны і адкрытыя насцеж дзверы гуляў вецер. Цэлыя сумёты снегу намяло на падлогу. Немцаў не было, хаця і стаялі іх нары з пасцелямі. На сценах віселі іх ранцы, уся салдацкая гаспадарка была на месцы. Але салдатаў не было. Пайшлі запытацца ў старасты. Старасту таксама не знайшлі. Яго хата пуставала. І толькі тут заўважылі стары дуб, які звычайна абыходзілі, стараючыся не праходзіць каля яго. На высокім, абпаленым калісьці маланкай суку раскачваліся на вяроўцы два чалавекі. Жанчыны боязна падышлі бліжэй і пазналі ў вісеўшых старасту і каменданта. Яны віселі на адной пятлі, абняўшыся, твар у твар, нібы застыглі ў доўгім прыяцельскім пацалунку. Абсыпаючы шорсткім снегам, вецер раскачваў іх з боку на бок, і яны калыхаліся пад посвіст завірухі на гэтых нябачаных страшэнных качэлях.

- Дацалавалася, касматая душа!..

Нехта ўспомніў пра сабаку.

Нехта сказаў пра юду.

Нехта проста сплюнуў.

А завіруха гудзела, намятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча.

Людзі моўчкі разышліся па хатах, падалей ад таго месца, дзе глуха парыпваў пад шалёным ветрам апалены маланкаю дубовы сук.

 

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая