epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Тонкая сітуацыя

На возе спрачаліся.

— То як вам не сорам, пане Рудэк?

— Не пан Рудэк, проша пана, а пан Рудкевіч-Крулеўскі!

— То ўсё адно: пан Рудкевіч, пан Рудэк...

— То проша пана Цыбульскага не забывацца, як ёсць я, перш за ўсё, шляхціц... То проша пана памятаць, па-другое, пра нашу службовую канспірацыю...

— Добра пану казаць пра канспірацыю, калі пан узяў каўбасы. Мае каўбасы... Яны належаць мне, як належыць мне і гэтая каламажка, на якой мае гонар пан ехаць... Пры чым жа тут канспірацыя, пане Рудэк?

— О, свенты пан бог! Не пан Рудэк, проша пана, а пан Рудкевіч-Крулеўскі...

Невядома, куды б завялі паважаных паноў гарачыя спрэчкі пра панства ды пра нейкія каўбасы, каб не стаў раптам конь, моцна таргануўшы каламажкай. Паны зашыліся ў сена, як мышы, і затаілі духі, баючыся паварушыцца, каб не дужа шамацела на возе.

Тым часам конь стаяў спакойна, нічога страшнага не чулася навокал. Ціха шалясцела лісце дрэў, лагодна павейваў у вяршынях дрэў вецер, ніводнага голасу не чулася ні ў лесе, ні ў небе, ні на гэтай няезджанай, глухой дарозе. Хоць бы мігнуўся агеньчык які, такая ж густая гэтая восеньская цемрыня. Першым прахапіўся пан Рудэк. Ён асцярожна намацаў лейцы і адразу здагадаўся, у чым тут справа. Лейцы былі туга напятымі, яны закруціліся за кола, спынілі каня, каламажку. І храбры пан Рудэк пачаў тузаць за плячо пана Цыбульскага:

— Уставайце, пане, то ўсё прайшло ўжо... Вы ведаеце, калі ехаў я ў мінулым годзе па гэтай дарозе і мяне сустрэлі ноччу бандыты... Я за пісталет і, што вы думаеце, адразу: бах, бах, бах... Яны ўсе хто куды...

— Гэта хіба тады, калі палажылі пасля пана ў больніцу. То яны крыху папсавалі вам твар тады, пане Рудэк, выбачайце, Крулеўскі-Рудэк...

— Што вы вярзеце, пан Цыбульскі?

— Ну так... То ж яны і ў суд падавалі, тыя самыя падбярэзскія шляхціцы, якіх пану заўгодна было прыняць за бандытаў...

— Ай, пане Цыбульскі, пане Цыбульскі...— у замяшанні прагаварыў пан Рудэк.— Мы ж з вамі такія шляхетныя людзі, і каб казаць адзін другому такія прыкрыя рэчы!..

— То што з таго, пане? То ж святая праўда!

— Праўда, праўда... Ніякай думкі ў вас, пане Цыбульскі, ніякага, можна сказаць, шляхетнага размаху ў гэтых думках, такой, ведаеце, прыгожай фантазіі, такой, ведаеце, тонкай сітуацыі...

— То што, калі я магу казаць толькі шчырую праўду.

— І вы ўчора казалі гэтую праўду перад сялянамі?

— Ну што вы, пане Рудэк! То ж нашы службовыя справы.

— Няхай сабе і пан Рудэк... Калі справа ідзе аб нашай службе, я, канечне, пан Рудэк... Я не крыўджуся, пане Цыбульскі... Мы з вамі старыя сябры, і не варта якім-небудзь там глупствам псаваць наш добры настрой.

— А што вы мяне папракаеце маімі думкамі... Канечне, у вас, пане Рудэк, часам смелыя думкі, але за гэтыя думкі вас білі не раз... Памятаеце яшчэ слаўную жону пана старосты.

Якая нахабнасць, аднак! Ці можна стрымаць такую знявагу! Пан Рудэк адчувае, як натапырваецца ў гневе ўсё яго хударлявае цела, і разам з гэтым не відная ў цемрыні чырвань залівае па самыя вушы яго твар. Пан Рудэк аж крычыць:

— Вы забываецеся, пане Цыбульскі, з кім маеце справу! Я... я...— і, спалохаўшыся свайго ўласнага голасу, які так недарэчна раздаецца ў гэтым цёмным і глухім лесе, пан Рудэк шэптам гаворыць:

— А ці не падсілкавацца нам крыху, пане Цыбульскі? Мы ж так здарожыліся...

— Вы кажаце шчырую праўду, пане Рудэк, ах, выбачайце, пане Крулеўскі-Рудэк... А калі вы кажаце праўду, я вас дужа люблю тады, я вас проста тады паважаю, як кожнага разумнага чалавека...

Падкінуўшы каню сена, паны сядзяць на возе і мірна распакоўваюць свае куфэркі, пакункі, пакуначкі. Пан Рудэк хоча пасвяціць крыху, ён паліць зажыгалку — у яго поўныя кішэні гэтых зажыгалак,— але пан Цыбульскі адразу ж тушыць яе. У трапяткім святле зажыгалкі відаць, як палахліва надзімаюцца яго тлустыя губы, пан аж сапіць, дзьмухаючы на зажыгалку, ледзь не падсмаліўшы аб яе свае пышныя вусы.

— Што вы, што вы, пане, хіба можна паліць агонь у лесе? Няхай абароніць нас пан бог...

— Вы сапраўды кажаце разумныя рэчы, пане Цыбульскі...

Яны апетытна вячэраюць, не забываюць прапускаць па добраму кілішку гарэлкі, а пан Цыбульскі, карыстаючыся цемрынёй ночы, лоўка прапускае і два, разумна спадзеючыся, што ў пана Рудэка не кашачыя ж вочы, каб бачыць усё. Але ў пана Рудэка добры слых. Ды не трэба мець і асаблівага слыху, каб па цяжкаму сапенню ды падвойнаму крэкту пана Цыбульскага не здагадацца, што ён крыху парушае правільны ход чаркі. Ну і ліха з ім, з гэтым мужыкаватым крыху панам, не зусім разумеючым, як трэба абыходзіцца з паважанымі людзьмі. І сапіць ён, і крэкча, і зусім ужо чаўкае, як свіння, налягаючы на дарожныя запасы. Вось ён набраўся як туз і разваліўся на ўсю каламажку, аж ногі прышчаміў пану Рудэку. Такі ж недалікатны чалавек! Ні на што не зважае. Яшчэ гаворыць:

— То я прашу вас, пане, кіраваць каня... Ды не ганіце задужа... Па гэтых карэннях вытрусіш не толькі што вячэру, але божую душу з цела... Мо к паўночы і дабяромся як да горада, тут жа блізка...

Сказаў чалавек і захрапеў адразу. Дужа спрытны ён на сон, пан Цыбульскі.

Пан Рудэк кіруе канём, пстрыкае яго злёгку лейцамі, пачмоквае на яго. Конь ідзе роўнай хадой. Ціха парыпваюць колы на мяккай лясной дарозе, зрэдку пастукваючы па хвойных карэннях. Лагодна, супакойваюча шалясцяць лясныя дрэвы, дробны дожджык цярушыцца аднекуль зверху. Дождж не дождж, а так нейкая прыкрая імга. Пан Рудэк нацягвае на сябе башлык дарожнага балахона, ямчэй прымошчваецца ў перадку воза, падкамячыўшы пад сябе добры жмак сена. Павольная язда, ласкавы шорах колаў па мокраму пяску, утульны гоман ціхага лесу — усё гэта настройвае пана Рудэка на думкі аб сабе, аб сваім жыцці. Канечне, яму не вязе, страшэнна не вязе. Вот яму прыходзіцца мець справу з такімі грубымі, з такімі недалікатнымі людзьмі, як пан Цыбульскі. Што яму абыходзіць, пану Цыбульскаму!.. Ён проста заходзіць у сялянскую хату, ён проста садзіцца на кут, ён проста выцягвае свае паперы, спісы, рэестры і проста кажа да гаспадара:

— То вы, пане Сілівон альбо пане Мікола, павінны дзяржаве вось столькі і столькі... Ды за пратэрміноўку, ды за дзяржаўныя патраты, ды за мае дарожныя страты...— колькі гэтых адных «за» набярэцца. Пан Цыбульскі проста гаворыць: — Я секвеструю ў вас, пане Сілівон альбо пане Мікола, вашу падласую карову, яна ж такі ў целе, ваша карова...

Канечне, там плачуць. Канечне, там просяць. Лаюцца. Пагражаюць. Але што да таго пану Цыбульскаму!.. На яго баку закон, а хто гэта пойдзе насупроць закону?

Вялікая сіла — закон! Калі казаць па шчырасці, то гэты закон стаіць і за яго спіной, спіной пана Рудэка. Але тут трошкі другая сітуацыя, як кажа сам пан Рудэк,— тонкая сітуацыя. І закон, і разам з тым трэба асцерагацца з гэтым законам. Не скажаш, зайшоўшы ў хату, што вось я, такі і такі, маю важныя паўнамоцтвы, а ну, выкладвайце мне ўсё да дробязі... Не, не скажаш... Лахаеш, лахаеш дзень пры дні па гэтых вёсках — і адна толькі драбяза: там выпадкова натрапіш на зажыгалку, там якіх дзесяць каліў табакі-самасейкі.1 Хіба гэта размах? Хіба для таго вучыўся колькі год у гімназіі, каб хаўруснічаць з гэтым мужыкаватым панам Цыбульскім, жывіцца часам яго хабарамі!.. Хоць бы аднаго камсамольца якога ўчапіць за апошнія гады. Як павыміралі яны, ці ўжо цяжка так да іх даступіцца?

А колькі абразы адной. Зойдзеш у іншую хату, каб пагаварыць аб слаўным надвор’і, аб добрым ураджаі, папрасіць тытуню на цыгарку,— а табе ўжо з самага парога кажуць:

— Дарэмна турбуецеся, пан Рудэк: а ні газет, а ні кніжак, а ні самасейкі... Пра камсамольцаў і камуністаў і казаць няма чаго...

Гавораць ды яшчэ выскаляюцца.

Хіба з імі пойдзеш у спрэчкі, каб зневажаць сваё імя, слаўнае імя Рудкевічаў-Крулеўскіх? Хіба будзеш пытацца ў іх, адкуль яны ведаюць яго службовую мянушку?! Так жа можна набрацца адной толькі прыкрасці.

А колькі было выдатных планаў, смелых думак; канечне, правы гэты мяшок з цыбуляй, калі гаварыў пра яго, пана Рудэка, смелыя думкі. Узяць хіба гэтае прыкрае здарэнне з паважанай жонкай пана старосты. Трэба ж было яму, Рудэку, напаткаць на сваё ліха таго незнаёмага чалавека ў горадзе. І выгляд меў той чалавек такі, ну, проста бяры яго і вядзі: старэнькае паліто, такое даўгое валоссе на галаве, неспакойныя, ліхаманкавыя вочы, вяртлявыя рукі. Можна сказаць, проста клад трапляў у рукі пана Рудэка. Начы тры не спаў ён, сочачы за ворагам. Нават пасяліўся ў гарадской гасцініцы, дзе спыніўся той чалавек. І беручы нумар побач, важна падміргваў гаспадару гасцініцы: чакай, моў, усякіх важных падзей у горадзе... І аднаго вечара, калі ў суседнім нумары так багата гаварылася ўсякіх абразлівых рэчаў пра паважанага пана старосту, не сцярпеў пан Рудэк, узяў маўзер у сваю храбрую руку і так забарабаніў па старых дзвярах суседняга пакоя, што дзверы адразу ж падаліся, і перад храбрым панам Рудэкам вырасла магутная фігура пані старосціхі... Яшчэ праз секунду ўзляцеў яе такі ж магутны кулак, і пану Рудэку засталося толькі адно: пакінуць на месцы бою роўна тры зубы і без памяці кінуцца наўцёкі, ратуючыся не праз дзверы, а праз нізенькае акенца нанятага ім пакоя.

Такая ж выйшла тады тонкая сітуацыя...

Гаспадар гасцініцы намякаў яму потым пра гэтыя тры зубы, калі пан Рудэк адмовіўся быў плаціць за пражыты час. Прыйшлося заплаціць. Яшчэ добра, што ўсе тыя здарэнні не дайшлі да вуха пана старосты. А таго новага арганіста, які прыехаў тады з другога горада, пан Рудэк абыходзіў з таго часу за тры кварталы. Ды былі яшчэ чуткі, што пані старосціха насіла да ювеліра пачыняць свае пярсцёнкі, няйначай з-за тых пярсцёнкаў і пачаў шапялявіць пан Рудэк. А колькі было рогату службоўцаў, а плётак, а ўсякай знявагі! Сабяруцца, вып’юць чарку-другую, распытваць пачнуць, як ганяўся ён, пан Рудэк, за «камуністам» і якія панёс праз то вялікія ахвяры.

Сапраўды, яму не вязе ў жыцці. Вунь стары яго знаёмы пан Жмуцкі, той і працэсы меў, нейкую арганізацыю раскрыў. Праз яго, пана Жмуцкага, колькі ў турмах сядзяць... Вязець жа другому... І слава яму, і павага, вялікая пашана ад начальства. Вядома, і грошы...

А яму, пану Рудэку, зажыгалкі...

Нашто ўжо незайздросны чалавек пан Цыбульскі, але і ён, калі ідзе па вёсцы, адчувае сябе не менш як прэзідэнтам дзяржавы. Аднаго віду яго баяцца... Справа, урэшце, не ў боязні. У пана Цыбульскага і конь свой, у пана Цыбульскага свая каламажка, у пана Цыбульскага свой домік у горадзе.

Вязе ж, аднак, людзям!

Пан Рудэк да таго ўкінуўся ў сумныя думкі, што і не заўважыў, як кончыўся лес, як праехалі поле, і нізенькія халупкі прадмесця насунуліся з двух бакоў, прынялі каламажку на сонную і гразкую вуліцу. Толькі тады, калі каламажка нясцерпна загрукацела па бруку цэнтральнай вуліцы, пан Рудэк прахапіўся і заўважыў, што прыехалі ў горад. Вот і пошта, вот і пажарная каманда, вот кіно «Грыф».

Хутка, праз якія два кварталы, будзе і староства разам з павятовай паліцыяй, куды, хоць і позна ўжо, але трэба заявіцца пану Рудэку, каб далажыць дзяжурнаму аб сваіх службовых справах.

Пан Рудэк углядаўся ў знаёмыя абліччы дамоў, у знаёмыя літары шыльдаў. Нават паламаныя дошкі ў тратуары былі знаёмы яму. Тут жыў ён, тут рос, тут жа ён гадаваўся. Вунь на тым завулку крывым білі калісьці яго адналеткі. Тады быў ён яшчэ ў гімназіі і толькі-толькі набіраўся смаку ў розных сакрэтных справах. За гэта і білі: а не шпіёнь, а не фіскаль. А на гэтым рагу, дзе стаіць пракаветная півярня, яго білі рабочыя з бровара. Ён ужо і не памятае, за што яго білі. А білі багата. І ля касцёла білі, і ля манаполькі білі, білі і на старым і на новым рынку, білі ля царквы. Дзе толькі не білі пана Рудэка! І білі часцей так, што нельга было знайсці і вінаватых. І часам здавалася пану Рудэку, што можа ад гэтага частага біцця памутнеў крыху яго ясны розум, таму і не вязе яму так. Вот прыедзеш зараз да паліцыі, і будуць зноў пагардліва выгаварваць яму, пану Рудэку, кпіць над ім: чаго ён варт, хіба адным варонам на пудзіла, ні розуму, ані спрыту...

Зусім працверазеў пан Рудэк ад гэтых сумных думак і з нянавісцю пазіраў на пана Цыбульскага, які вот ні аб чым не шманае і так храпіць, што стары сівы мерын таропіць вушамі, боязна матляе галавой.

І раптам здарылася такое, чаго пан Рудэк і ў жыцці не чакаў ніколі. Нашто ўжо смелыя былі ў яго думкі і смелыя мары, але яны ніколі не заходзілі так далёка, як гэтая самая што ні на ёсць жывая справа. Ён нават ушчыкнуў свой шляхетны нос, каб лішне пераканацца, а ці не сон то. Не, не сон! Пана Рудэка ўкінула нават у халодны пот.

— Гэтая дзёрзкая смеласць!

Ён не раз чуў аб шалёнай храбрасці гэтага чалавека. Але каб стаяць так пад самым ліхтаром, на гэтым жа людным месцы, дзе ў кожную хвіліну можна натрапіць на чалавека, стаяць так спакойна ды яшчэ чытаць нейкую там афішу — гэта ўжо задужа... Гэта ўжо не паддавалася ніякаму разуменню пана Рудэка.

Проста перад ім, у якіх-небудзь паўтара-двух кроках, стаяў гэты чалавек, галава якога была ацэнена ў тысячы злотых, які наводзіў жах на самога пана ваяводу... Чалавек, аб якім нават пісалі неаднойчы ў газетах як аб страшэнна небяспечнай істоце для дзяржавы... Ён жа нарабіў столькі непрыемных рэчаў не толькі для пана старосты і павятовай паліцыі... Гаворачы аб ім, нават моршчыліся вяльможныя паны ў самай Варшаве... Забастоўкі, пажары ў маёнтках, сялянскія бунты — усюды чуваць было яго імя. Праўда, гады са два, як мілаваў пан бог родны павет ад гэтага страшэннага чалавека, якога ніякімі хітрыкамі нельга было злавіць.

Відаць, перабраўся быў у якое другое месца. А цяпер...

Пана Рудэка трэсла, як у ліхаманцы. О, свенты пан бог, каб жа не ўпусціць залаты клад свой. Моцна тузануўшы пана Цыбульскага, каб прачнуўся гэты мяшок з цыбуляй,— усё ж лішні чалавек на падмогу,— пан Рудэк тыграм кінуўся з воза і, выхваціўшы свой пісталецік, крыкнуў з адчаем:

— Рукі ўгору!

Крык быў такі пранозлівы — ледзь не сарваўся з голасу пан Рудэк, і сівы конь быў спудзіўся і прабег наўскач крокі чатыры, канчаткова раскатурхаўшы пана {Цыбульскага, які, пралупіўшы добра вочы і ўгледзеўшы, што справы набываюць сур’ёзны характар, пачаў быў неміласэрна сцёбаць каня, каб як мага хутчэй быць падалей ад тых падзей. Але такі ўжо характар у каня, які не дужа ўпадобае сцебаніну і толькі брыкаецца, а з месца каб — ні на крок. Пан Цыбульскі, адчуваючы, як заходзяцца ў дробных дрыжыках яго каленкі, палічыў за лепшае сысці з воза, каб у выпадку, крый божа, чаго гэткага, якога-небудзь нечаканага ўскладнення падзей, даць спрытнага драпака ў першы цёмны завулак.

А чалавек тым часам стаяў. Праўда, ён здрыгануўся быў ад таго нечуванага крыку пана Рудэка. Потым ён павярнуўся тварам да яго і спакойна гэтак запытаўся праз плячо:

— Што вам патрэбна, чалавеча?

Пан Рудэк калаціўся ўвесь. Яго пісталецік нервова тыцкаўся ў спіну чалавеку. Пан Рудэк не пераставаў крычаць немым голасам, аж пан Цыбульскі боязна прытрымаў сваю шапку, адчуваючы, як падымаюцца яго валасы на галаве. А пан Рудэк крычаў:

— Не размаўляць! Іначай буду страляць... Цяпер я адвяду цябе ўрэшце ў паліцыю... Урэшце ты трапіў у мае рукі, у рукі Рудкевіча-Крулеўскага.

Відаць было, як паднімаецца рука ў таго чалавека, як сціскаюцца пальцы ў кулак. Пан Цыбульскі збялеў нават, убачыўшы такія справы. Але кулак абмяк, рука апусцілася, і чалавек раптам зарагатаў. Рогат быў такі гучны, такі пералівісты, што ў пана Цыбульскага аж пацямнела ў мазгу, і ён адчуваў, што ад страху не можа нават крануцца з месца, каб урэшце падацца-такі ў бліжэйшы завулак. А чалавек тым часам гаварыў, ужо зусім спакойна і нават гэтак мірна:

— Я і не пазнаў вас, шаноўны пан Рудэк! Ну што ж, бярыце мяне, вядзіце ў паліцыю. Яна ж, відаць, недалёчка тут, у старостве...

Чалавек з гатоўнасцю нават падставіў правую руку, і ў адно імгненне пан Рудэк надзеў на яе сталёвыя наручнікі і для пушчай пэўнасці надзеў другі канец наручнікаў на сваю левую — цяпер не ўцячэ. Няхай бяжыць, няхай кідаецца куды хоча — пан Рудэк не адступіць ад яго ні на крок, хоць бы бег той у самае пекла.

Важна прыгразіўшы яшчэ раз пісталетам, пан Рудэк, не адчуваючы ног пад сабою ад вялікага ўзрушэння, праказаў ганарыста:

— Ну, пайшлі... І што б ніякіх мне хітрыкаў, ведаю я вашага брата...

Для лепшай перасцярогі пан Рудэк закамандаваў і пану Цыбульскаму:

— А вы, пане, ідзіце з левага боку... Ды не бойцеся, чорт бы вас браў, цяпер ён не ўцячэ...

Пан Рудэк трымаў цяпер сябе з гонарам — не дужа лічыўся з панам Цыбульскім. Што яму цяпер гэты мяшок з цыбуляй, калі вядзе ён, пан Рудэк, гэтага страшнага чалавека, гэтага дзяржаўнага злачынца, за голаў якога давалі тысячы злотых. Будуць яго цяпер гэтыя тысячы. Ды што тыя тысячы? Сам пан міністр можа пацісне яго храбрую руку... Ды што пан міністр! Самы багацейшы граф у Польшчы можа аддаць за яго, пана Рудкевіча-Крулеўскага, сваю дачку... Свая зямля... Маёнткі свае... Коні свае... Аж сорам за гэтага сівага мерына пана Цыбульскага, на якім даводзілася яму, пану Рудэку, бадзяцца па лясах ды балотах, ручкі свае лейцамі тымі смурожыць... Цяпер пан Рудэк не Рудэк... Цяпер пан Рудэк пакажа ўсім, што знача пан Рудэк... О, свенты пан бог, што толькі будзе!

Усяго квартал які быў да староства, але праз гэтыя думкі, што маланкамі праносіліся ў галаве, пан Рудэк не зважаў ні на што, не зважаў на людзей, якія трапляліся на дарозе, трапляліся, нягледзячы на позні час, у калідорах староства. Ён пільнаваў толькі гэтага чалавека, каб, крый божа, не ўцёк ён, не выкінуў чаго-небудзь нечаканага. Яны ж спрытныя, гэтыя людзі!

Уподбежку тупаў побач пан Цыбульскі. Ён адолеў урэшце свой страх, з вялікім нецярпеннем чакаў цяпер канца справы. Усё ж і ён, пан Цыбульскі, прымаў слаўны ўдзел у такіх выключных падзеях.

Яны былі ўжо ў старостве. Адзін пакой, другі, потым невялічкі калідор, і вот адчыняюцца ўрэшце заветныя дзверы кабінета пана начальніка павятовай паліцыі.

— Вот і прыехалі! — не пераступіўшы яшчэ добра парога, весела крычыць пан Рудэк. З кім лічыцца цяпер яму, пану Рудэку. Ён можа адступіць цяпер ад звычайнага рапарта, ён можа і крыкнуць.

— Вот я прывёў! — гучна крычыць ён яшчэ раз і раптам змаўкае, сцяўшыся ўвесь, пабялеўшы. У пана Цыбульскага, які тупаў назадзе, неяк адразу падагнуліся каленкі, ён аж укленчыў, потым прыўзняўся і сеў, зняможаны, на першае пустое крэсла.

Страшэнны рогат стаяў у гэтым, такім знаёмым да самых дробязей, кабінеце. Такога рогату, такога вяселля ніколі ў жыцці сваім не чулі ні пан Рудэк, ні пан Цыбульскі. Людзі — а іх тут было багата — проста за жываты хапаліся ад таго смеху. Здаецца, сатрасаліся сцены, трэслася ўся падлога, трэсліся каленкі ў пана Рудэка, трэсліся рукі яго, і стары пісталецік яго бяспомачна бразнуўся аб падлогу. Што рабіць таму пісталету супроць такога смеху? Канечне, не адзін смех тут. У людзей вінтоўкі і ніколі не бачаныя панам Рудэкам павязкі на рукавах. Ён паспеў, праўда, трошкі прыгледзецца да людзей, некаторых пазнаў нават. То былі рабочыя з заводаў. Але што яны робяць тут? Мо мабілізавалі іх. Дык чаго ж яны вядуць сябе не па-людску ў гэтым паважаным кабінеце? Вунь накурылі як, не прадыхаць.

Дрыготкім голасам запытаўся пан Рудэк:

— То дзе я магу пабачыць пана начальніка павятовай паліцыі?

— Вот і прыехалі! — дружна засмяяліся яшчэ раз гэтыя людзі. Але адзін з іх падышоў да пана Рудэка, адчапіў яго ад наручнікаў, загаварыў, падміргваючы другім:

— Чаму ж вы смяецеся? Трэба паважанага пана Рудэка адвесці да пана начальніка паліцыі...

Іх адвялі абодвух — і пана Рудэка і пана Цыбульскага — у невялічкую камеру. Там сядзеў ужо і пан начальнік паліцыі і староста, некалькі жандараў. У гэтай камеры трымалі калісьці арыштаваных.

Аслаблым голасам пан Рудэк запытаўся, ні да каго не звяртаючыся:

— Што знача, панове, увесь гэты сон?

І сам пан начальнік паліцыі палічыў патрэбным адказаць яму, пану Рудэку:

— То добра б, каб сон... А то ж чырвоныя... Другі ўжо дзень...

Пан Цыбульскі як сеў на нары, так і заенчыў. Усё памінаў пра нейкія смелыя думкі, за якія не раз білі пана Рудэка. Але пры чым жа ён тут, пан Цыбульскі, якому, няйначай, таксама прыйдзецца цярпець за гэтыя смелыя думкі...

Пан Рудэк нічога не слухаў. Ён сядзеў, спустошаны, разгублены, і ўсё цвярдзіў сам сабе пра нейкую там тонкую сітуацыю.

— То-о-нкая сітуацыя...

1 За некляймёныя зажыгалкі, за пасадку хаця б некалькіх каліў табакі і інш. былы польскі ўрад сурова праследаваў сялян і ўзыскваў за гэтыя «вялікія злачынствы» значныя штрафы. (Заўвага аўтара.)