epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Векапомныя дні

Кніга першая
  Частка першая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
  Частка другая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
  Частка трэцяя
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
  Частка чацвёртая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
Кніга другая
  Частка першая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
    20
    21
    22
  Частка другая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
    20
    21
    22
  Частка трэцяя
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
    20
    21
    22
    23
    24
    25
    26
Кніга трэцяя
  Частка першая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
  Частка другая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
  Частка трэцяя
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
  Частка чацвёртая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
Кніга чацвёртая
  Частка першая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
  Частка другая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
  Частка трэцяя
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
  Частка чацвёртая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
  Частка пятая
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7


 

Кніга першая

 

Частка першая

 

1

Стары тупаў каля воза. Памацаў шыну на коле — ці не аслабела — і, пануры, заклапочаны, калупаўся нешта ў хамуціне, усё падцягваў супонь. Густыя бровы і вусы, пацямнеўшыя ад поту і пылу, надавалі яму залішняй суровасці. Але гэтая знешняя суровасць знікала, раставала ў сумным позірку заняпалых, выцвілых воч, у мяккім руху яго рук, якімі атрасаў ён пыл з гарачай конскай грывы. Пыл узняўся клубком. Конь нездаволена фыркнуў і пакруціў галавой, косячы вокам на зыркія языкі полымя.

Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася, і там, дзе трымаліся яшчэ на вадзе падгарэлыя бярвенні і дошкі, шалёна шумела вада, круціліся клубы жоўтай пены, гойдаліся і хутка знікалі, нырнуўшы пад бярвенне, рознае ламачча, падмытыя карчы, знесеныя з нізкіх берагоў ахапкі скошанай асакі. Згары падалі гарачыя галавешкі, вялізныя вугалі і з мяккім сіпеннем, пакідаючы над сабой плыўкія воблачкі дыму і пары, імкліва знікалі ў пеністых водаваротах.

Заходзіла сонца. У бледнай празрыстай пазалоце ззялі вяршаліны стромкіх хвой і вячыстых дубоў. На зацененай і нерухомай лістве дрэў трапяталі, пераліваліся водбліскі пажару. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю, настоенымі густымі выпарэннямі сасновага бору. Ад ракі патыхала асвяжаючай вільгаццю, няўлоўнымі пахамі прыбярэжнай твані, рыбнай цвілі. Высока, праз усё неба, цягнулася вузкая хмарка. Каб не яе шызавата-чорны колер, то можна было б палічыць яе за звычайную пёрыстую хмурынку, так уласцівую спякотнаму небу. Далёка на захадзе гарэў горад.

Недалёка ад воза, на абочыне шашы, сядзеў хлопец. Па тым, як неспакойна пазіраў ён назад, на дарогу, як нервова мяў у руках сцяблінку малачаю, відаць было, што ён чымсьці вельмі ўстрывожаны. Паблізу шашы, пад купчастымі шатрамі маладых дубоў, згрудзілася багата людзей. Тут былі жанчыны, дзеці, падлеткі, трапляліся пажылыя мужчыны. Яны ішлі на ўсход. Згарэлы мост перапыніў ім дарогу. Мацеры рады былі даць кароткі адпачын стомленым дзецям, трэба было і накарміць іх. Ды і ў саміх гарэлі натруджаныя ногі, нылі спіны ад ношак, ад убогага скарбу, які неслі на сабе. Трэба было і дзяцей падносіць. Дзеці спалі. Ціха перагаворваліся між сабою жанчыны. Сям-там спрачаліся падлеткі, успамінаючы самалёты, якія бамбілі іх сёння на шашы. Маўклівыя, засяроджаныя, сядзелі мужчыны, абменьваючыся скупым словам, якое не мела ніякага дачынення ні да гэтай дарогі, ні да гэтага дня. Яны зварочваліся адзін да другога за табакай, за прыкуркай, за кавалачкам паперы на цыгарку.

Хлопец прыслухоўваўся да ціхага людскога гоману ля шашы, але ўся яго ўвага была засяроджана на возе. Адтуль чуліся прыглушаныя стогны. Жанчыне, якая ляжала там на ахапку сена, было гадоў дваццаць пяць, дваццаць шэсць. Па яе бледнаватым празрыстым твары прабягалі цені цяжкай пакуты. Да болю ў пальцах сціскала яна адной рукой коўдру, а ў сцятых пальцах другой хрупасцелі сухія сцяблінкі сена. Рысы твару выцягваліся, скажаліся, яна гатова была крычаць, маліць аб паратунку, але, перасільваючы сябе, зарываючыся тварам у стракатую посцілку, яна стрымлівалася, ледзь пераводзячы цяжкае парыўчатае дыханне. Ля яе завіхалася заклапочаная дзяўчына. Яна папраўляла падушку, падносіла халодную ваду ў бляшаным чайніку.

Калі стогны мацнелі, стары разгублена скуб сваю рэдзенькую бародку, ціха бубніў пад нос:

— Эх, маладзіца, маладзіца! І выбрала ты час на гэтакую справу...

І тут жа махаў з адчаем рукой:

— Ат... што ты тут зробіш. Хіба гэта ад нас залежыць... Хіба яно можа пачакаць?

Хлопец прыўзнімаўся ў такія хвіліны з абочыны, яўна намагаючыся падысці да воза. Але дзяўчына, якая завіхалася там, устрывожаная, усчырванелая, не гледзячы на яго, сарамліва махала рукамі:

— Ідзі, ідзі назад! Ды пільнуй Васільку, пабег недзе да рэчкі...

Хлопец вінавата тупаў на сваё месца.

Над шашой з рэзкім візгам прамчаў самалёт. Унізе, пад дрэвамі, прыціх людскі гоман. Людзі, якія былі каля рэчкі, хутка падаліся далей ад берага, у лясны гушчар. Ігнат бачыў, як самалёт, набіраючы вышыню, развярнуўся і ляцеў ужо назад.

Раптам пабляднеўшы, Ігнат паспеў спуджана крыкнуць: «Лажыцеся!» — і прынік да зямлі. Увушшу пачуўся знаёмы свіст бомбы, рэзкі выбух, візг ашкалёпкаў, сухі шоргат ападаўшага друзу, пяску. І людзям здалося, што выбух цягнецца доўга-доўга. Такі люты чалавечы крык стаяў над возам, што некаторыя аж сцялі зубы ад болю. Раптам крык абарваўся, сціх, заглух, і новыя гукі пачуліся ад воза.

— Ку-га... ку-га...— раздавалася тонкае, пісклявае, і пажылыя жанчыны, што сядзелі нахмураныя, прыкрыўшы целам сваіх дзяцей, адразу ж прыйшлі ў рух, хутка загаварылі, і іх шэра-зямлістыя ад страху твары пацяплелі, расплыліся ў спрадвечныя мацярынскія ўсмешкі. Усе яны кінуліся да воза. Хістаючыся, прыўзняўся ашаломлены выбухам Ігнат. Ад купы жанчын ля воза аддзялілася дзяўчына і ішла насустрач яму, радасная, усхваляваная. У яе сініх вачах не расталі яшчэ халодныя льдзінкі толькі што перажытага страху, але яны прамяніліся ўжо чыстай і яснай радасцю.

— Ах, Ігнатка, як я рада, як я рада! Усё так добра абышлося...

— Што? — механічна перапытаў хлопец.

— Ах, божа мой, ніяк ён не ўцяміць! — нездаволена праказала дзяўчына.— Другі пляменнік у цябе.

Можа б, у іншы час такая з’ява і ўразіла хлопца, але ён думаў аб нечым сваім, і Надзіны словы да яго не даходзілі.

— Жыва яна? — перапытаў Ігнат.

— Аб чым я кажу? Вось яшчэ... Відаць, аглушыла цябе бомба...— І, пакрыўджаная, дзяўчына павярнула назад. Да воза падаўся і Ігнат. Раней за ўсё ён убачыў каня. Той ляжаў, заваліўшыся на зламанае аглобілна, і раз-поразу біў задняй нагой па перадку воза. Востра паблісквала выслізганая падкова. Нехта з мужчын завіхаўся ля хамута, разрэзаў нажом супонь. Але гэта было ўжо дарэмна: конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова.

Непадалёчку ад воза ляжаў стары. Ён ляжаў ніцма, няёмка падкурчыўшы пад сябе правую руку. Праз яго перакінуўся пакручаны завіток тэлеграфнага дроту. Цэлыя клубкі пераблытанага дроту ляжалі побач. Мужчыны знялі шапкі, беражна перанеслі старога на абочыну шашы і, паклаўшы пад галаву яму ахапак саломы, накрылі посцілкай з воза. Твар прыкрылі хусцінкай і, каб вецер не здзімаў яе, палажылі па двух беражках дробных каменьчыкаў.

Парадзіху перанеслі ўніз, пад адхон, наладзілі ёй добрую пасцель пад разгалістым дубам. На бледных шчаках яе паявіўся румянец, заняпалыя вочы поўніліся ціхім шчасцем, і яна цягнулася тварам туды, дзе жанчыны завіхаліся ля яе дзіцяці. Дзіця крычала, і пажылая жанчына, спавіваючы яго, сказала ў захапленні:

— Вось гэта голас! Вось гэта мужчынка! Няйначай, як хунтаў на дванаццаць, не меней... Ну, бяры свайго салаўя, любуйся.

Ігнат сядзеў непадалёчку ад сястры, тупа ўставіўшыся ў блізкую купіну, парослую шорсткай, шызаватай травой. Па сухой сцяблінцы побач узбіралася нейкая казюрка, тапырыла крылы, каб узляцець. Але ёй было, відаць, няёмка для ўзлёту, і яна караскалася вышэй і вышэй. Вось адарвалася, паляцела. Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой.

Ён адчуваў вялікую стомленасць.

Паступова насоўвалася ноч. Над ракой узняліся празрыстыя кудзеркі пары. Яны гусцелі з кожнай хвілінай, і хутка белы туман ахінуў раку, берагі, прыбрэжныя лесавыя ўзгоркі. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячыма і хуталіся ў лёгкае адзенне, якое трапілася накінуць на плечы, ратуючыся ад нахабнай смерці на зруйнаваных вуліцах роднага горада.

У недасяглай вышыні замігцелі першыя зоры. Вялі загадкавы гоман казачныя ў прадночным змроку велізарныя хвоі, яліны. Пляскалася вада ўнізе ў рацэ. Чуліся галасы начных птушак, лесавыя шолахі, нечыя дзіўныя ўздыхі, нібы ўздыхала зямля і ціха-ціха перашэптвалася з маўклівымі дубамі. Стаяла чэрвеньская ноч, калі ў буйнай квецені красуе зямля, поўніцца сокамі лісцяны змрок лесу і чуваць, як распраўляе малады ліст зялёная папараць, атрасаючы з сябе засохлую ігліцу, як шамаціць вожык пад кустом, збіраючыся ў начныя паходы.

Забыўшыся на ўсё, людзі спалі. А калі прачыналіся і раптам успаміналі, чаго яны тут, у гэтым глухім незнаёмым лесе,— трывожна прыслухоўваліся да старожкай цішыні ночы, са страхам пазіралі на неба. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Яно то патухала, то пачынала ярчэць, набіраючыся трапяткой, залацістай чырвані. Водбліскі зарыва мігцелі, пераліваліся на цёмных вяршынях дрэў.

Ноч палохала трывогай, нязведанасцю, горкім сумам па страчаным, па загубленым.

 

2

Дзесьці ў самым гушчэрніку закугакала сава, і здавалася, нібы недзе блізка-блізка, вось пад самым кустом, заліваецца жаласным плачам дзіця: а-а-а... а-а-а... Але плач пераносіўся ўсё далей і далей і хутка знік, перайшоўшы раптам у густы раскацісты рогат. Нібы смяяўся хто дзіка, шалёна. Гэты рогат пракаціўся па лясных абшарах, падхоплены і памножаны рэхам. І хутка абарваўся і знік, бясследна растаючы ў цемені ночы. Толькі чуваць было, як шапацяць пад лёгкім ветрам палахлівыя асіны ды ціха-ціха гудуць высачэзныя хвоі.

— Іш ты, разышлося нячыстае стварэнне! — злосна сплюнуў Астап Канапелька і зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. З гэтай шапкі пасмейваліся людзі і пагаворвалі, што яна замяняе яму і клець і гумно, што ў ёй можна схаваць авечы статак, не кажучы пра якую другую жыўнасць. Як бы там ні было, але ў шапцы сапраўды можна было знайсці і люльку, і лусту хлеба, і запасы шроту, і ўсякія іншыя прыпасы для лесніковай пістаноўкі. Амаль што цэлая аўчына пайшла на гэтую шапку, з якой Астап не расставаўся ні зімой, ні летам.

Зімой яна была ў самы раз, а летам... летам зручна было набіраць у яе суніцы, брусніцы ці крохкія і пахучыя баравікі. Часам трапляла ў гэтую шапку маладое зайчанё ці вывадак пісклявых качанят. Багата чаго бачыла гэтая лесавая шапка, ёмістая, касматая, сям-там падсмаленая ля лясных вогнішчаў, прастрэленая ў некалькіх мясцінах, гэта калі Канапелька апрабоўваў сваю новую пістаноўку, высока ўгору падкінуўшы шапку.

Астап раскурыў люльку і доўга стаяў на адным месцы, прыхіліўшыся плячом да шурпатай хваіны. Ён прагна ўзіраўся ў бяздоннае начное неба, прыслухоўваючыся да нязвыклых гукаў лесу. Дзесьці ўгары лятаў самалёт. Чуваць было, што ён робіць кругі. Аднаго разу пагрознае гудзенне пранеслася над самымі хвоямі, так што Астап з непрывычкі аж галаву ўвабраў у плечы, і яго стары пёсік трывожна цёрся ля самых ног лесніка. Потым усё сціхла. Звыклыя гукі напоўнілі лясныя гушчары: у галлі заварушылася сонная птаха, піскнуў заяц, бязгучна мільгануў кажан. Здалёк данесліся нібы людскія галасы і зніклі, праглынутыя начным туманам. Побач шархацела папараць, праз якую прадзіраўся Цюцік, нешта вынюхваючы і азартна разграбаючы пярэднімі лапамі зямлю.

— Знайшоў час барсукоў пужаць! — І Астап, паклікаўшы пёсіка, пайшоў напрост, праз лясны ўзгорак, да глухой лагчыны, дзе на беразе невялічкай рачулкі стаяла яго хата.

Усю дарогу яго не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай і не расставалася з ім аж ад самага сходу ў сельсавеце. Там гаварылі аб вайне. Гаварылі аб тым, як лепш ахоўваць маёмасць. Гаварылі аб шпіёнах і дыверсантах, якія, як вужы, распаўзліся ў гэтыя дні па нашай зямлі. Арганізавалі знішчальны атрад, паставілі варту на дарогах, каб затрымліваць усякіх падазроных і незнаёмых. Багата яшчэ аб чым гаварылі, важным і сур’ёзным. Вайна грымнула, як маланка з яснага неба. Кажуць, што немец лютуе ўжо аж пад самым Мінскам, нібы нашы адступаюць і пакінулі багата гарадоў. У Мінску ж дачка, Надзейка... Там і другая дачка яго, Галя. Але — аб той клопат меншы, яна замужам, ёсць каму падумаць аб ёй, а Надзейка вучыцца. Яшчэ год-другі астаўся ёй на вучобу, а тады выйдзе Надзейка доктарам. Гэта яго Надзейка, яго, Астапа Канапелькі, дачка будзе доктарам. Вось якая яна дачка ў яго, у Канапелькі, у Астапа, які ўжо на шосты дзесятак завярнуў свае леты, нязменна тупаючы па лясах і балотах. Канечне, добра зрабіў ён, што паслухаў людзей і паслаў меншую дачку сваю вучыцца.

Ён радаваўся, як дзіця, калі прыязджала на лета Надзейка, і гэтая радасць прарывалася скрозь яго заўсёдную панурасць, такую звыклую з гоманам лесу, з ляснымі змрокамі, з мохавымі сцяжынкамі, з непралазнымі нетрамі хваёвых параснікаў.

Шырокі васпаваты твар, адкрытыя з суровінкай вочы, збітая на лямец гушчэзная барада і такія ж вусы, не кранутыя яшчэ сівізной, трохі замалы і кірпаты нос, які ніяк не мірыўся з нечаканай скупасцю прыроды, ва ўсім іншым шчодра надзяліўшай Астапа,— усё гэта прыходзіла ў рух, падміргвала, расплывалася шырокай усмешкай.

— Ах, божа мой, ды садзіся, дай я пагляджу хаця на цябе, якая стала. Ну, глядзі ты, каб жа не сурочыць тым часамі Расцеш, як тая маладая бярэзінка. Вось каб жыва была маці, не нацешылася б.

Хмурыўся на хвілінку твар, рука выцягвала прызвычаеным жэстам капшук з табакай, але, раптам схамянуўшыся і ўдарыўшы пляскатымі далонямі па каленях, ён падымаўся з месца, кінуўшы з адчаем:

— А не дай жа ты ліха, зусім забыўся. Дзяўчына здарожылася, дзяўчына калі то мела што ў роце, а я тут зубы загаворваю, даруй мне, старому...

Ён кідаўся да камінка, раздзьмухваў цяпельца, завіхаўся ля скаварады.

— Я табе яечню ў адзін момант. Вас, няйначай, там па званку кормяць... Ды што той гарадскі харч! Ён, можа, і далікатны, але наедку з яго мала. А ў нас, дзякаваць богу, ежа ў самы раз. Яно скварку добрую як убярэш, тады і сякерай у ахвоту намахаешся і любы краж зваліш. А скварка, дзякаваць богу, не пераводзіцца яшчэ з самых каляд, ды вунь яшчэ трое па двары бегаюць...

Надзейка адбірала ў яго і скавараду і ўсе іншыя прычындалы, да якіх не меў ён асаблівага спрыту ў руках, і пачынала гаспадарыць.

— Як вам не сорамна, тата, самому, калі я ў хаце.

— Ты госця ў мяне...

Але здаваўся і тут жа, успомніўшы нешта, з выглядам змоўшчыка выходзіў у сенцы і нёс адтуль бутэльку чырвонага віна.

— Перад самым маем купіў. Каапераціўшчык наш падгаварыў: вазьмі ды вазьмі. Мне-то яно без патрэбы, ну а дзяўчатам губу пасаладзіць яно ў самы раз, не раўнуючы, як раней тое прычасце ў папа... Дык для цябе, можна сказаць, спецыяльна.

— А, татачка, вы проста сталі грошы марнаваць, ды на гэткае глупства.

— Якія там грошы! Ці імі жывём?

Яны гаварылі аб розных справах, больш аб дробязях, як бывае заўсёды ў часы сустрэчы.

Потым стракатая Надзіна хусцінка мільгала між яблынь пад вокнамі, між кучаравых бяроз на паляне і знікала, як той мятлік, між дубоў на беразе рачулкі. Дзяўчына абягала кожны куток, кожны каменьчык, гнуткую кладку цераз рэчку, утульную затоку, дзе лапушыліся белыя лілеі, ледзь шархацела паўз берагі асака і грэліся на сонцы, нерухома павіснуўшы над вадой, зялёныя і сінявыя стрэлкі. У вадзе паблісквалі імклівыя акуні, мільгалі спрытныя плоткі, і розная рыбная драбнеча выплёсквалася раптам на паверхню, муцячы чыстае люстра вады. Недалёчка ад берага стаяў нізенькі зруб. Там біла крыніца. Калі ўгледзішся ў яе мелкае дно, відаць, як кіпіць там вада, уздымаючы фантаны пясчынак, і яны пераліваюцца, мігцяць на сонцы бліскучымі залоцінкамі. Вада са зруба трапляе ў драўляны жолаб, адтуль ліецца невялічкім раўчуком і з вясёлым звонкім булькатам падае ў рэчку. У самыя спякотныя дні ад крыніцы, ад жолаба патыхае прахалодай. Зімой над зрубам і жолабам курыцца пара, вада там ніколі не замярзае, і ў самыя лютыя маразы чуваць, як звініць раўчук, хаваючыся пад заснежаны лёд рачулкі. З жолаба пілі сарокі і ўсялякая лясная птаха. Аднаго разу зімой у марозную месячную ноч бачыла Надзейка, як, настырчыўшы хіб, хлябтаў ваду, аблізваўся, зноў прыпадаў да жолаба стары воўк. Надзейка не захацела яго пужаць, і ён, пастаяўшы з хвіліну, паволі пасунуў праз алешкавы параснік, што ля ракі.

Любіла Надзейка гэтыя мясціны, дзе ўсё дыхала лясным зацішкам, сонечным угрэвам, маліннікам.

Надзейка...

Дачка...

...Толькі калі бразнула пад Астапавай рукой клямка каліткі, спрытна намацаная ім у цемрані ночы, адышлі ад яго трывожныя думкі. Ён быў на двары свае сядзібы. Усё навокал ціха, спакойна. Чуваць было, як у хлеўчуку жуе жвачку карова. З клеці даносіўся лёгкі храп: Піліпчык-пляменнік даўно ўправіўся з вячэрай і цяпер, падшыванец, бачыць каторыя сны ўжо. У сенцах заходзіўся цвыркун, няйначай на добрую пагоду. У хаце пахла аўчынамі, зайцовымі шкуркамі, свежым хлебам і ўсім тым, чым пахне звычайнае чалавечае жытло. Не запальваючы святла, Астап схадзіў у істопку, дзе стаялі гладышы з малаком, не спяшаючыся павячэраў і ўлёгся спаць у сенцах, дзе было не так душна, як у хаце.

Ранішняе сонца толькі-толькі набірала сілы, як Астап прачнуўся ад залівістага сабачага брэху. Цюцік аж заходзіўся за дзвярыма, няйначай паблізу быў нехта чужы. І сапраўды, неўзабаве ў дзверы моцна пастукалі, і незнаёмы голас настойліва сказаў:

— Адчыняй, гаспадар!

Астап паслаў у думках да балотных чарцей госця, якога несла нейкае ліха ў такую рань, але адчыніў дзверы, запытаўся заспаным голасам:

— Хто тут?

Ля нізенькага ганка ён заўважыў чалавек з дзесяць у вайсковай форме. Відаць, старэйшы над імі, з кубікамі, не вітаючыся з Астапам, коратка кінуў яму:

— Вось што, стары! Змарыліся мы, здарожыліся ды, відаць, і крук вялікі далі, не патрапіўшы на бальшак.

— Уга, дзе той бальшак, кіламетраў аж шэсць адсюль! — пазяхнуў Астап.— Як жа вам собіла збіцца з дарогі? Гэта, каб, скажам, зімой, тады яшчэ сюды-туды, а цяпер — дай ты рады... Па якой жа справе вы так ногі б’яце паначы?

— А гэта ўжо не твой клопат...— суха абарваў яго ўсё той жа камандзір у зялёнай пагранічнай шапцы, з бледнаватым тварам, на якім рэзка вылучаліся падстрыжаныя чорныя шчапоцькі вусоў.— Мы вось хочам есці, разумееш?

— А божа мой! Так бы і сказалі, таварыш. Чаго ж мы стаім тут? У нагах праўды няма.

— Што? — перапыталі чорныя шчапоцькі вусоў.

— Ды я ж кажу: чаго стаяць? Калі ласка ў хату. А пад’есці добраму чалавеку заўсёды знойдзецца ў маёй хаце.

Вайскоўцы пратупалі салдацкім крокам па яго хаце. Астап мітусіўся, прыцягнуў з істопкі гладышы са два кіслага малака, корпаўся ў каморы, дастаў з кубла найлепшы кавалак сала.

— Так што, таварышы, выбачайце, калі што, без гаспадыні я... Чым багаты, тым і рады. Калі ласка, спрабуйце, частуйцеся. Ды не зважайце тым часам... Але сала, дзякаваць богу, нішто, парсючок быў пудоў на сем.

— Ты, стары, зубоў не загаворвай, а вось згатаваў бы яечню, а то паставіў на стол чорт ведае што.

— Даруйце! — разгублена казаў Астап, не ведаючы, як найлепш участаваць гасцей.— З яечняй у мяне, як бы вам сказаць, прарыў... А ўсё праз курыцу. Птаха гэтая, як вядома вам, задужа кволая, далікатная, яна і догляду патрабуе далікатнага, жаночай рукі патрабуе гэтае стварэнне... Я, да слова кажучы, магу і мядзведзя памацаць, але ж... шануючы вас, каб, скажам, стварэнне гэтае, то ўжо не. Няхай яго каршун мацае. Таму і не трымаю... Праўда, пеўніка для парадку завёў. Больш для голасу. А каб ён не нудзіўся ў адзіноце, то з ім і курка адна тупае. Дзе ты з яе тых яец набярэшся! Калі і завядзецца ў гняздзе, дык малы яго і спажыве, сырыя налаўчыўся піць! — І Астап позіркам паказаў у акно на Піліпчыка, які мыўся ля крынічнага жолаба, узнімаючы цэлыя фантаны пырскаў, што расцвіталі ўсімі колерамі вясёлкі на ранішнім сонцы.

Лейтэнант слухаў Астапа і ўсміхаўся кончыкамі губ. Астатнія маўчалі, захоўваючы на сваіх тварах нейкі недарэчны драўляны выраз, нібы ніводнае слова не даходзіла да іх слыху і не кранала. Лейтэнант скупа кінуў:

— Аднак ты гаварок, стары корч, як у тры жорны мелеш.

— Чаму ж вы лаецеся, таварышок? — недаўменна перапытаў Астап, раскройваючы буханку хлеба.

— Лаешся? Якая там лаянка? Цябе падагнаць трэба добра, каб варушыўся спрытней. Замест гэтай байкі ўзяў бы тую курыцу ды на патэльню, вось і быў бы ладны сняданак.

— Ды што вы, які наедак з аднае курыцы, карысці з яе, не раўнуючы, як з таго рака.

— Рака, рака...— перадражніў яго лейтэнант.— Кіслым малаком надумаўся камандзіраў частаваць...

— Даруйце мне, не ведаю, чым я вас угневаў, каб мяне так абражаць?

— Ладна, ладна, варушыся! — крыху палагоднеўшым тонам праказаў лейтэнант і запытаўся: — Сіні мост ведаеш?

— Гэта што на чыгунцы? Ведаю...

— А дарогу да яго?

— А якая там дарога! Праз сяло, потым праз пасёлак — і адразу мост...

— А праз лес?

— Праз лес? Навошта? Там ніхто не ходзіць, не зручна па балацянках і даўжэй куды.

— Каму не зручна, а вайскоўцам усюды зручна. Зразумела табе?

— Чаму не зразумела! — Астап гаварыў ужо без усякай ахвоты. Звычайны прыліў Астапавага красамоўства, калі даводзілася яму гаварыць з новымі, цікавымі людзьмі, апаў, знік, і Астап гаварыў ужо вяла, даволі абыякава запрашаў на пачастункі. Чымсьці не спадабаліся яму гэтыя нечаканыя госці.

Вайскоўцы апетытна налягалі на сала, маўчалі, занятыя ежай. Толькі лейтэнант, прыцмокваючы і сапучы над свіной скуркай, буркнуў пад нос:

— Ты вось пасля і раскажаш нам пра дарогу на мост. А мо і правядзеш часам.

— А чаму і не правесці! Можна і правесці... А вы частуйцеся, частуйцеся! Я яшчэ збегаю ў істопку, свежага тваражку прынясу. А можа, таварышы, і сапраўды гэтую курыцу на правіянт пусціць? Калі, скажам, яе з бульбачкай, ды з салам, ды з кропам, дык яно выйдзе ў самы раз.

Лейтэнант ажывіўся крыху.

— Так бы і раней, стары. А то толькі зубы загаворваеш, аскому набіваеш сваімі курынымі байкамі. Дзейнічай!

Хутка на дворыку лесніковай сядзібы пачулася адчайнае кудахтанне курыцы, якая нібы разгадала гаспадаровы хітрыкі і не праяўляла асаблівага жадання заўчасна трапіць на патэльню. Нязграбны Астап ніяк не мог разлічыць свайго бегу і праносіўся далёка ўперад, калі вяртлявая курыца кідалася, як апантаная, нечакана ўбок. Але спрытны Піліпчык загнаў яе ўрэшце пад ганак клеці і хутка паланіў, схапіў за крылы. Далікатнае стварэнне адчайна кудахтала, і Астап паспеў тут шапнуць Піліпчыку некалькі слоў. Той адразу ж змыўся з двара і, непрыкметны за драўлянай агароджай, перабраўся цераз рэчку, памкнуў па лясной сцяжынцы на паляну, дзе пасвілася Астапава кабыла.

Праз якую хвіліну, адважна размахваючы падзёртымі локцямі і лупячы з усіх сіл голымі пяткамі па конскіх баках, Піліпчык імчаўся па лесе.

Астап прынёс дроў з-пад паветкі. Паволі таптаўся ля печкі, пачаў скубці курыцу. Ён крыху быў збянтэжаны, збіты з раўнавагі і ўсё ніяк не мог натрапіць на тэму для гутаркі. Пачаў быў пра цецерукоў — гэта была ўлюбёная яго тэма, і лейтэнант сапраўды захапіўся ёю і адразу ж звярнуўся да Астапа:

— Давай і цецерукоў, калі ёсць... Скубі і іх, мы паважаем усякую дзічыну.

Астап змоўк, пакрыўджаны да глыбіні душы такім вузкім падыходам да важнай і цікавай тэмы. У яго было ў запасе шмат гісторый: пра ласёў, пра тое, як перахітраваў ён аднаго разу мядзведзя, пра норавы барсукоў, якія вадзіліся на пясчаных узгорках, па глухіх кутках лесу, пра дзівацкія справы баброў, як яны аднаго разу нарабілі яму клопату, затапіўшы сена на Кіслым лажку. Паднялі ваду ў рацэ. Калі ён прыйшоў на той лажок, то і не знайшоў яго: новае возера стаяла сярод лесу, і капёшкі сена плавалі па вадзе, не раўнуючы, як тыя гусі-лебедзі. Вось табе і бабры! Хіба ж ім аб тым раскажаш. Яшчэ загадаюць: падсмаж ім і бабра! Невукі, адно слова...

Але Астапа турбавалі і другія думкі, і відаць, што яны рупілі яму яшчэ болей, чымся ўсе гэтыя бабровыя прыгоды. Ён трывожна пазіраў неўзаметку ў акно, але там было ціха і спакойна. Чуваць было, як за парканам паскубвала траву карова, якой не паспеў Піліпчык прагнаць да статка, ды гулі пчолы ля двух вулляў, што стаялі пад самымі вокнамі ў агародчыку. Астап расклаў невялічкае цяпельца на камінку, каб абсмаліць курыцу, і толькі ўзяўся быў за гэтую справу, як у сенцах пачуўся тупат шматлікіх ног. У хату ўвалілася больш за дзесятак чалавек. Былі яны з вінтоўкамі, са звычайнымі пістаноўкамі, некаторыя не мелі ніякай зброі, але трымалі ў руках добрыя кіі. Відаць былі людзі і на двары. У хату прабіўся і Піліпчык і з цікавасцю пазіраў на кут, дзе сядзелі за сталом незнаёмыя вайскоўцы.

— Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын.

— А ў цябе, Астап, няйначай, госці, пазнаём нас.

— Ды ўжо ж знаёмцеся самі...— іранічна адказаў Астап і, кінуўшы няшчасную курыцу, недвухсэнсава зняў са сцяны драбавік.

Госці яўна пабляднелі. Лейтэнант, устаўшы за сталом, пагардліва запытаўся:

— Што азначае ўвесь гэты маскарад, чаму ў штацкіх зброя?

— Дзіўна, што вы не ведаеце, таварыш камандзір, чаму ў нас зброя. Аднак, каб доўга не затрымліваць, я папрашу вас прад’явіць дакументы. Самі ведаеце, вайна, павінны мы ведаць, хто вы і чаго тут... Выбачайце, што мы вас турбуем і парушылі сняданак.

Гэта гаварыў дзядзька Мірон, як яго звалі, пажылы шыракаплечы мужчына. Ён насцярожана сачыў, як лейтэнант вымаў з кішэні пасведчанні. Не спускаючы вока з лейтэнантавых рук і з усіх вайскоўцаў, ён праглядаў не спяшаючыся паперы. Узяў дакументы і ва ўсіх астатніх. Не разабраўшы імя ў адным з дакументаў, перапытаў:

— Хто з вас, таварышы, Іваноў?

Той, каго назвалі Івановым, лыпаў вейкамі, але, відаць, нічога не разумеў з запытання, бо бездапаможна пазіраў на сваіх таварышаў. Лейтэнант рабіў яму нейкія мігі, але той ніяк не мог уцяміць, чаго ад яго патрабуюць.

— Калі ласка, таварыш Іваноў, як ваша імя і як вас па бацьку? — запытаўся яшчэ раз Мірон, робячы націск на прозвішчы.

Той, нібы ўцяміўшы нарэшце, тыцкаў сябе пальцам у грудзі, што гэта іменна ён, але чамусьці маўчаў, не адказваючы на само пытанне.

— Я павінен вам сказаць, што гэты баец у мяне кантужаны, ён не можа гаварыць! — натужна вымавіў лейтэнант, і ўсе бачылі, як звузіліся, бліснуўшы вострымі агеньчыкамі, яго вочы і на пабляднелым твары сутаргава сцяліся сківіцы.

Дзядзька Мірон перапытаў па дакументах яшчэ некалькі прозвішчаў. Некаторыя з вайскоўцаў адказалі на пытанні, а чалавек шэсць, відаць, былі таксама кантужаныя, бо не разумелі, чаго ад іх патрабуюць.

— Дык кажаце, што вы з Лешскай пагранічнай заставы? Але ж да граніцы ў нас надзвычай далёка, чаму ж вы трапілі ў нашы мясціны? — пытаўся Мірон, пільна прыглядаючыся да новенькай, нават не запыленай яшчэ, з іголачкі, формы, да добрых ботаў, якія, па ўсім было відаць, не ведалі яшчэ далёкай дарогі.

— Я не хачу адказваць на вашы недарэчныя пытанні. Вы павінны разумець, што Мінск ужо ў немцаў, а адтуль не так далёка і да вас... А па-другое, якое вы маеце права затрымліваць нас, чорт бы... Так, затрымліваць, рабіць гэты допыт? Я аб вашых паводзінах далажу камандаванню! Вы зрываеце, панове... гм... таварышы... баявую аперацыю...

— Рукі ўгору! — грымнуў тут дзядзька Мірон. Лейтэнант заскроб быў пальцамі па кабуры, але, убачыўшы пад носам дула нагана, даволі спрытна падняў рукі. Гэтую каманду зразумелі і «кантужаныя» і маланкава паследавалі прыкладу лейтэнанта.

— Зброю адабраць, абшукаць!

— Я не дазволю! Я аддам пад суд!.. Я... Я...— крычаў лейтэнант, і яго рукі трэсліся дробна-дробна.

— Ладна, ладна! Чаго ж вам хвалявацца? Вось даставім у вайсковую часць, высветлім вашы асобы, і калі што якое, то папросім у вас і прабачэння за ўсю гэтую турбацыю. А цяпер выходзьце па адным, пойдзем у раён... Ды глядзіце, каб без фокусаў!

На двары сабралася багата народу. Усе дачуліся пра невядомых, прыбеглі паглядзець на іх. Хутка цэлая працэсія паволі пасунулася ад лесніковай сялібы, кіруючыся праз лес на сяло. Не меўшыя дачынення да знішчальнікаў адсталі, абгаворваючы на ўсе лады гэтую падзею. Вайскоўцы былі панурыя, маўклівыя. Уперадзе ішоў Мірон з наганам. Паабапал сцяжынкі ішлі ўзброеныя сяляне. Калону замыкаў Астап. Каля яго мітусіўся Піліпчык, які ніяк не мог дачакацца канца справы, каб уведаць — да нітачкі, дазвання — аб усіх гэтых таемных людзях. Калі прадзіраліся напрост па ледзь прыкметнай сцяжынцы ў густым хваёвым парасніку, лейтэнант крыкнуў слова, якога ніхто з сялян не зразумеў, і вайскоўцы кінуліся, як гарох, куды каторы, у лес.

— Агонь! — сарваным голасам крыкнуў Мірон.

Адзін за адным грымнулі стрэлы. Дзядзька Мірон бег засопшыся з наганам, раз-поразу страляючы. Піліпчык бачыў, як Астап злажыўся з пістаноўкі, і гулкі стрэл страсянуў галлё, з якога пасыпалася ігліца. Вайсковец, які бег між сасонак, схапіўся рукой за бядро і, зачапіўшыся нагой за корч, укленчыў на купіне, потым упаў, выцягнуўся і залемантаваў дзікім голасам, падымаючы рукі.

— Астап, пільнуй з хлопцамі раненых! — крыкнуў Мірон, забягаючы напярэймы другому вайскоўцу.

— Лаві, лаві, хлопцы, ніводнага не выпускай! — чуўся Міронаў голас. Піліпчык як дуж кінуўся следам за Міронам, уражаны, захоплены незвычайнымі падзеямі. Ён бачыў забітых, бачыў, як паваліўся падстрэлены з Астапавай пістаноўкі, і не шкадаваў іх. Ён жа ведаў, што гэта шпіёны, так і сказаў яму дзядзька Астап, калі пасылаў яго бегчы на сяло. Ён добра не ўяўляў яшчэ, чым небяспечныя гэтыя людзі, але вострая непрыязнь да іх хвалявала яго. Яму было шкада і ціхага лесу, і сонечнай сялібы, і прытульнай рачулкі,— на ўсё на гэта, відаць, замахваліся гэтыя чужыя людзі. «Дык так жа вам і трэба, гады!» — падумаў ён і азартна падганяў Цюціка, які прыўлёг за ім:

— Шукай, шукай іх, падлюгаў!

Піліпчыку было б страшнавата крыху аднаму, каб не Цюцік, які весела бег перад ім. Вось ён спыніўся. Выцягнуў уперад сваю вострую пысу, аббег вакол вялікага вываратня, што астаўся яшчэ тут аж з леташняга буралому. Потым кінуўся пад ламачча, старанна вынюхваючы. Піліпчык заўважыў нешта белае. Бачачы, што Цюцік не выказвае аніякага страху, Піліпчык падышоў бліжэй. Раскідаў галлё, цэлыя ахапкі зялёнай папараці, што былі панакіданы, відаць, знарок. Тут ён угледзеў пакамечаныя скруткі белай матэрыі, некалькі невялікіх чамаданчыкаў. Паспрабаваў падняць адзін, але ён быў крыху цяжкаваты для яго. Усхваляваны знаходкай, Піліпчык кінуўся хуценька назад, каб расказаць аб ёй Мірону. Там ужо сабралася багата народу. Параненыя вайскоўцы — іх было трое — ляжалі пры адным месцы, пад елкай, былі перавязаны. Непадалёчку ляжала чацвёра забітых.

Піліпчык, засопшыся, хвалюючыся, далажыў Мірону:

— Я, дзядзечка, іхнія чамаданы знайшоў! Зялёныя такія, з жалезнымі замкамі.

Хутка прынеслі ўвесь багаж з-пад вываратня: дзесяць парашутаў, некалькі чамаданаў. Разламалі адзін. Тут быў дробны інструмент, абцугі-кусачкі, ракетніца, каля сотні розных ракет, скрутак вайсковых карт і яшчэ шмат пакецікаў невядомага прызначэння.

У другім чамадане была напакована ўзрыўчатка ў акуратных толавых шашках, бляшанкі з запаламі і маленькая электрычная машынка для ўзрываў. Былі яшчэ гранаты і розныя прылады.

— Малайчына, Піліпчык, ты, брат, майстра на ўсе рукі! — пахваліў Мірон хлопца, і Піліпка стаяў расчырванелы, узрушаны, сарамліва лыпаючы вачыма і штораз пацягваючы носам ад такой вялікай пахвалы, ды пры ўсім народзе.

Тым часам прыехалі фурманкі з сяла. Забітых і параненых пагрузілі на калёсы, забралі і нябесныя манаткі, павезлі ў раён. Людзі паступова разыходзіліся, ажыўлена абменьваючыся думкамі аб усіх падзеях.

 

 

3

Усю ноч не спыняўся рух па зарэчнай шашы. Ішлі бясконцыя калоны машын, грукатала артылерыя, цягнуліся конныя абозы. Лес часам расступаўся, і шаша вынырала на чыстае поле. Байцы адразу насцярожваліся, ямчэй сціскалі ў руках вінтоўкі, аўтаматы. Даволі часта ў бок ад шашы — то справа, то злева — узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое, нежывое святло. У першыя ночы гэтыя ракеты палохалі, цяпер да іх прызвычаіліся, толькі зласней пакрыквалі на шафёраў, звыклых ездзіць пры поўных фарах:

— Святло тушы, расцяпа, бач, люмінацыю наладзіў!

Зрэдку даносіўся зверху прыглушаны гул матора, надрыўны, з задышкай.

— Бач, рохкае, як свіння.

— Свіння гэта, брат, паросная... Глядзі, каб парасятка табе не скінула!

— Не ўцэліць па такой цемрані... пранясе...

— Ну, як жа, для цябе пашкадуе, няйначай!

Ракеты замітусіліся часцей і часцей, і гучная каманда «лажысь» перакрыла ўсе галасы на дарозе. Нарастаючы свіст, усплеск сляпучага агню, які вырывае з цемрадзі ночы абернуты пад адхон грузавік, тэлеграфны слуп з белымі блёсткамі ізалятараў. І разам з аглушальным грукатам узрыву сыплюцца зверху ашмёткі торфу, балотнай твані, усякая лясная пацяруха. Надрыўна, тонка гудуць тэлеграфныя правады.

Лавілі ракетчыкаў. Злавілі двух дыверсантаў, якія прабіраліся да моста са скрынкай толу.

Рух на шашы ўсё меншаў і меншаў. Праходзілі адстаўшыя грузавікі. Лавіруючы між сустрэчнымі машынамі, праехала назад вяртлявая эмка. За рулём сядзеў стомлены да знямогі худы, прапылены шафёр. Поплеч з ім быў батальённы камісар. Адной рукой ён трымаўся за аўтамат, што ляжаў на каленях, а другой прытрымліваў карабін, каб той залішне не бразгацеў і не коўзаўся пад нагамі. Камісара яўна хіліла да сну. Ён драмаў, галава часам апускалася ніжэй і ніжэй, злятала шапка, падаў карабін. Камісар прахапляўся, праціраў вочы і секунду-другую глядзеў нічога не разумеючым позіркам. Аднастайна парыпвала машына, злёгку хісталася на выбоінах, манатонна пастуквалі каменьчыкі па крыле, шархацелі па ім пясчынкі, дарожная жарства. Каб перамагчы здрадніцкую дрымотнасць, камісар даставаў папяросу, асцярожна раскурваў яе, хаваючы запалку ў сціснутых далонях. Пальцы прасвечвалі ружовым. Трапяткія водбліскі запалкі прабягалі па калючай шчаціне, вырывалі з цемені ночы ўзлахмачаныя запыленыя бровы, успыхвалі на які міг на нікелі дзвярной ручкі і знікалі. Камісар каторы раз наказваў шафёру:

— Ты глядзі, не праміні павароткі! Павінен быць мост драўляны, а за ім, адразу ж направа, там тры дубы стаяць пры дарозе.

— Ведаю, таварыш камісар! Усе дарогі тут мне знаёмыя, як свае пяць пальцаў.

— Тады паддай газу!

Пад аднастайнае пакалыхванне машыны камісар сіліўся як мага адганяць сон. А калі ўспомніў усё перажытае за гэтыя чатыры дні, сон адразу знік. У памяці ўсплыло ўсё зноў. Рэзка, акрэслена, нібы гэта было вось тут, перад вачыма. Узнікла і доўга стаяла перад вачыма ўсмешка яго маленькага сына: крыху вінаватая, разгубленая і разам з тым поўная невымоўных дзіцячых хітрошчаў. З такой усмешкай ён праводзіў яго заўсёды. І цяпер ён правёў яго да самай форткі і, усміхнуўшыся таямніча, папрасіў:

— Я хачу сказаць табе, татка, нешта на вуха...

І з выглядам змоўшчыка шаптаў яму:

— Хоць мамка не любіць сабачак, але ты ўсё ж прывязі мне маленькага-маленькага, каб ён потым вырас і стаў вось такім! — Тут і рукой паказаў, якім павінен вырасці гэты сабака.— Такой вось аўчаркай... А калі хочаш, купі мне новы самалёт, стары разбіўся, і мне няма з чым гуляць цяпер у аэрадром.

І паведаўшы яшчэ шмат сваіх сакрэтаў, ён міласліва дазволіў яму:

— Ты спяшаешся на службу. Ідзі, я таксама пайду. Я сягоння дзяжурны па аэрадрому.

І ён пабег да «аэрадрома», які будавалі дзеці ўсяго двара ў зарасніку густога малінніку ля плота. Там былі і падземныя ангары, вылажаныя з цаглінак, і ўзлётныя дарожкі, і нават цэлае возера збоку, змайстраванае з шкла. Тут было багата дзіцячай маёмасці: у самым кусце прытаіўся бачыўшы розныя віды плюшавы мішка, стаялі «аўтамашыны», на нітках віселі над аэрадромам «самалёты», былі параскіданы другія цацкі.

Сынава ўсмешка стаяла, не знікала ўваччу. Праз месяц яму пойдзе сёмы год... Пайшоў бы... Дзе ж ён цяпер, дзе незабыўная цеплыня яго светлай усмешкі? А жонка? Як гэта выйшла ўсё, як гэта здарылася такое страшэннае, непапраўнае?.. Хто ж думаў, хто мог сказаць? Сотні вёрст да граніцы! А калі спахапіліся, было позна... І ў горад не было ўжо дарогі... Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем.

І тое, што прыйшло на памяць, вярнула да сённяшняга, да справы, да начной дарогі. Трэба спяшацца. За ракой стаіць невялікі заслон на балотах, абараняе подступ да пераправы. Заслону загадана біцца да апошняга патрона, да апошняга ўздыху і як мага даўжэй стрымліваць шалёны націск немцаў, каб за гэты час паспелі перабрацца за раку асноўныя сілы, баявая тэхніка. Усе перабраліся даўно. З заслонам парушана сувязь. І вось яму, камісару, далі загад неадкладна зняць заслон. Ці жывы яны там, ці ўтрымаліся?

Раўнамерна гудзе матор, заспакойліва шархацяць шыны. Старая эмка імчыць і імчыць прызвычаенай хадой, парыпваючы рэсорамі, ціха бразгочучы разгойданымі дзверцамі, пакарэжаным іржавым крылом. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі.

Калі машына, напружана загуўшы маторам, пачала ўзбірацца на гару з лагчыны, уперадзе мільгануў чырвоны агеньчык, яшчэ і яшчэ.

— Вось д’яблы, не знайшлі другога месца, дзе машыны спыняць...— нездаволена буркнуў шафёр і прызвычаеным рухам рукі выцягнуў з-пад перакладзінкі верху пуцёўку, пропуск. Тут жа сказаў прыдрамаўшаму камісару:

— Таварыш батальённы, таварыш батальённы, рыхтуйце дакументы!

Чырвоны агеньчык настойліва мільгануў яшчэ раз. Машына спынілася. Пасвечваючы ліхтарыкам, да машыны падышлі трое вайскоўцаў. У водсветах скупога месячнага святла камісар заўважыў зялёныя шапкі, некалькі кубікаў на пятліцах пярэдняга. Той адказырнуў, прадставіўся:

— Патруль пагранічных войск!

І ўжо афіцыяльна:

— Калі ласка, прад’явіце дакументы!

Камісар нездаволена паморшчыўся — толькі лішняя затрымка на дарозе! — і дастаў пасведчанне з кішэні гімнасцёркі.

Лейтэнант узяў пасведчанне, чытаў уголас:

— ...батальённы камісар Андрэй Сяргеевіч Блешчык...

Ён павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. І калі бліскучы промень ліхтарыка спыніўся на тварах камісара і шафёра, з-за рукі, трымаўшай ліхтар, грымнула некалькі стрэлаў з парабелума. Шафёр звяў і пахіліўся ўсім целам на абаранак руля. Камісар саслізнуў з сядзення, хіснуўся долу і загарадзіў сваім целам выхад з машыны.

— Зняць, абшукаць! — пачулася немнагаслоўная каманда.

Двое кінуліся шныпарыць па кішэнях. Але ўсё гэта хутка спынілі, бо з гары на адлегласці якога кіламетра заўважылі некалькі машын, якія ішлі з захаду. То, відаць, былі самыя апошнія, недзе адстаўшыя машыны, якія спяшаліся цяпер як мага нагнаць адышоўшыя калоны.

— Кідай пад адхон, паедзем!

Цёплыя яшчэ, падаткія целы забітых кінулі пад адхон, і яны пакаціліся ўніз, атрасаючы расу з густой травы, з нізкіх лазовых кустоў, якімі зарасла абочына шашы. Вайскоўцы спрытна завярнулі машыну, пагрузілі два невялікіх чамаданы і хутка памчалі назад, на ўсход, даганяючы прайшоўшыя часці.

Усё адбылося хутка, маланкава, і ў старой эмцы з новымі гаспадарамі панаваў прыўзняты настрой. Лейтэнант спяваў пад нос нейкую песеньку, яго памочнік ажыўлена гаварыў:

— На зямлі спакайней, утульней, чымся там, у завоблачных вышынях. Я аддаю перавагу зямному транспарту.

— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім, дзе яно бывае лепей.

Шафёр нахмурана пазіраў наперад, засяроджана кіраваў машынай. Скрозь прыўзняты настрой лейтэнанта прарывалася насцярожанасць і нейкая ўсхваляванасць. Адчувалася, што новыя гаспадары машыны не зусім упэўнены ні ў дарозе, ні ў сваіх сілах.

А насустрач ляцела начная дарога. Праплывалі па баках зубчатыя яліны, купчастыя прыдарожныя хвоі. Зверху цадзілася абманлівае месячнае святло, і клубы пылу, якія ўзнімаліся машынамі, расплываліся цьмяным срэбрам, надаючы прыдарожным кустам, дрэвам мяккія, невыразныя рысы.

Усё набывала казачны, дзівосны характар. І тым, што ехалі ў эмцы, здавалася, што ўвесь свет разгортваецца перад імі, як нейкая непаўторная казка, і яна раскрыецца перад імі не сягоння, дык заўтра ў поўнай велічы рэальных спраў, рэальных здабыткаў.

Уперадзе мігнулі чырвоныя агеньчыкі. На асветленым месяцам узгорку шашы яны заўважылі доўгую чараду машын.

— Няйначай кантрольны пункт? — выказаў здагадку шафёр, і лейтэнант загадаў прыпыніць машыну. Ён пасвяціў ліхтарыкам на карту, вылез з машыны, прайшоўся да кіламетравага знака, што стаяў непадалёчку ўзбок шашы.

— Уперадзе з’езд на лясную дарогу, туды і паедзем,— сказаў лейтэнант, садзячыся ў машыну.

Эмка скранулася з месца і хутка, з’ехаўшы з шашы, павярнула на глухую лясную дарогу, у аб’езд кантрольнага пункта.

 

4

З маладога хвойніку ўскрай лесу відаць быў горад. Да яго было кіламетры тры-чатыры. Запылены твар дзяўчыны пасвятлеў, праз цяжкую зморанасць прамільгнула ўсмешка, і, узрушаная, узнадзеяная, яна кінулася да Ігната:

— Ты ж толькі паглядзі, падзівіся: гэта ж наш горад! Адтуль усяго якіх кіламетраў з дзесяць да сяла... Праз тры-чатыры гадзіны будзем і дома, вось сястру тваю з дзецьмі даставім. Як будзе добра! Так жа напакутаваліся за дарогу.

Яна гаварыла і заклапочана паглядала на Ксаню, якая карміла пад дрэвам дзіця, на маленькага Васільку, якога так змарыла прыкрая дарога, што ён як лёг, уткнуўшы галаву ў мяккую пухнатую купіну, так і не варушыўся. І толькі вачаняты, жывыя, рухавыя, сумна пазіралі ў блакітную празрыстасць неба, дзе праносіліся зрэдку імклівыя самалёты. Раздаваліся ўзрывы, гарматная кананада. Усё гэта перамясцілася за пяць дзён наперад, на ўсход. Васілька думаў пра самалёты, ён запытаўся:

— Скажы, Ігнат, а чаму бомбы так свішчуць, калі падаюць?

Ігнат, заняты сваімі думкамі, не адказаў, а Васілька звярнуўся да Надзі:

— Чаму самалётам трэба кідаць бомбы?

— А што ім рабіць? Гэта ж нямецкія...

— Няхай сабе...— нібы расчаравана, нібы нездаволена праказаў Васілька і задумаўся.— А лепш бы, каб нашы... Узялі б ды павезлі нас: і цябе, і мяне, і мамку з брацікам, ну... і Ігната... Туды, дзе татка цяпер... У мяне ж вельмі-вельмі ногі баляць...

Васілька аж паморшчыўся ад болю, да таго нылі ногі, збітыя аб пнеўе, аб вузлаватыя карэнні дрэў на лясных сцяжынках, паколаныя аб хваёвыя шышкі, сухую ігліцу.

— Вось я тут і астануся, мне добра, з вамі я не пайду!

— Дурненькі ты,— нахілілася да яго Надзя.— Хутка дома будзем, у твайго дзеда. Ужо недалёчка. Вось адпачнём крыху, пойдзем у горад, а там і да дзеда блізка. А ён мёдам цябе накорміць.

— А бомбы там не будуць кідаць?

— А куды там кідаць? У нас ціха-ціха... ніякага грукату... Хаты невялікія, якая карысць немцу кідаць бомбы? Аднак, Ігнатка, ці не час нам далей падавацца, каб як да вечара дадому? Пойдзем праз горад.

— Куды ў горад? — узлавана агрызнуўся Ігнат.— Ты паглядзі, што на шашы робіцца? А ў горадзе?

Па шашы, якая праходзіла недалёчка, густой калонай цягнуліся аўтамашыны, рухалася артылерыя. Абганяючы калону, спяшаліся машыны з вялізнымі пантонамі. І ўсюды — на машынах, на браневіках — выразна відаць былі чужыя знакі.

— Немцы...— пабялелымі губамі прашаптала Надзя і інстынктыўна падалася назад, у хвойнік. Яна зірнула яшчэ на горад, і яе твар завастрыўся. Клубы чорнага дыму ўздымаліся на акраіне, праз яго прабіваліся жоўтыя языкі полымя. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Не змаўкала артылерыйская кананада, і зрэдку чулася, як недзе недалёка, відаць, за самым горадам, успыхвала ружэйная страляніна.

— Спяшаймася! Пойдзем лесам да ракі. Пераправімся, а там абыдзем горад...— і Ігнат дапамог Васільку ўстаць на ногі.

— Трымайся, трымайся, ты ж мужчына, Васілёк!

— Ногі баляць...— паморшчыўся хлопчык і, накульгваючы, пасунуўся за дарослымі.

Выйсці, аднак, да ракі не ўдалося. Там, дзе пераходзілі невялікую лясную дарогу, іх і яшчэ многа каго затрымаў нямецкі конны раз’езд. Грозна аклікнуўшы іх, немцы жэстамі паказалі дарогу на горад, выганялі з лесу ўсіх, хто яшчэ туліўся ў ім або ішоў, нічога не падазраючы аб небяспецы. Дарога была пясчаная, раз’езджаная танкамі, машынамі. Ісці Васільку было вельмі цяжка, ногі грузлі ў пяску, але ён намагаўся з усіх сіл, не адставаў і, скоса пазіраючы на хмурыя прапыленыя твары конных немцаў, туліўся бліжэй да Ігната, моцна трымаючыся за яго руку. Надзя памагала яго маме несці дзіця, бо мама была вельмі слабая, хворая. Ёй, можа, было яшчэ цяжэй, як Васільку, яна раз-поразу азіралася назад, клікала яго:

— Дзе ты, мой хлопчык, глядзі, не адстань.

Васілька праз сілу ўсміхаўся, і ўсмешка яго была жаласная, вялая.

— Ты ідзі, мамка, мне з Ігнатам добра.

Яны задыхаліся ў клубах пылу, які ляцеў з шашы з-пад соцень машын, з-пад тысяч салдацкіх ног, што паблісквалі на сонцы сцёртымі цвікамі падэшваў. Іх правялі праз некалькі вуліц да берага ракі, густа ўстаўленага штабялямі дроў, сплаўнага бярвення. Урэшце можна было прысесці на зямлю, прымасціцца на пахучым бервяне, адпачыць. Конныя немцы пакінулі іх. Ды і не было асаблівай патрэбы пільнаваць стомленых людзей, бо ўцякаць было некуды: амаль што з трох бакоў праходзіла рака, шырокая, з крутым абрывістым берагам. Відаць было, як плыўка ідзе вада ў ёй, ускіпае віркамі, і яны шалёна круцяцца, расплываюцца. На месцы іх б’е з-пад нізу вада, нібы крыніца віруе там, бурліцца, пеніцца, бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Васілька, як зачараваны, глядзеў на хуткі бег ракі, і калі зірнуў у другі бок, дзе стаялі нямецкія абозы, танкі, яму здалося, што і танкі, і машыны, і вялізныя штабелі дроў, і бярвенні паплылі па зямлі, паплылі хутка-хутка, нібы наперагонкі. Ён зажмурыў вочы, і калі зноў зірнуў, усё стаяла на месцы. Ля машын завіхаліся нямецкія салдаты, чысцілі зброю, перагружалі машыны. Некаторыя спускаліся па кручы да ракі і, раздзеўшыся па пояс, мыліся. Толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі і горача паблісквалі на сонцы голыя салдацкія спіны. Моцна прыгравала сонца, кружыў галаву смалісты пах бервяна, і Васілька прыдрамаў, уткнуўшыся шчакой у кучу кары і ўсякага драўлянага друзу, якім была ўсыпана ўся зямля.

Хутка ён прахапіўся ад нечага крыку. Крык быў поўны такога адчаю і такі пранізлівы, што ўсе, хто сядзеў поплеч, мімаволі ўвабралі галовы ў плечы, а Васількава маці прыгарнула яго да сябе, абняла рукой і торапка гаварыла яму:

— Ты не слухай! Не глядзі! Ты вось лепш засні...

Але хіба ж можна было заснуць? З-пад матчынай рукі Васілька заўважыў мітусню ля штабеля дроў. Двое гітлераўцаў цягнулі за штабель дзяўчынку гадоў шаснаццаці. Збялелая, расхрыстаная, яна супраціўлялася як мага, і ногі яе ўпіраліся ў зямлю, разграбаючы пясок. Сарваным, асіплым голасам яна крычала ўжо ледзь чутна:

— Мама, мамачка!

Салдаты тузалі за рукі, п’яна рагаталі ёй у твар. Сівенькая жанчына не адступала ад іх ні на крок. Яна навальвалася ўсім целам на рукі салдат, вырываючы дзяўчынку, забягала ім наперад, не давала ісці. Адзін з салдат моцна ўдарыў яе па твары. Жанчына павалілася на зямлю, але тут жа падхапілася, кінулася з кулакамі на цыбатага фашыста, учапілася ў яго каску, сілячыся сарваць яе з галавы. Дзікі рогат стаяў навакол. Смяялася вялізная група салдат, якая стаяла непадалёчку, пацяшалася з усяго гэтага відовішча. З сагнанага людскога натоўпу, які прытуліўся на зямлі, прыўзняліся і беглі на дапамогу жанчыне некалькі чалавек. Чуліся галасы:

— Што вы робіце, вылюдкі, звяры!

Ксаня бачыла, як прыўзняўся з нахмураным тварам Ігнат. Яна рэзка тузанула яго за руку, так што той сеў.

— Ты звар’яцеў хіба? Хочаш, каб праз цябе загінулі маленькія дзеці, дурань!

Ігнат сядзеў і ледзь пераводзіў дыханне. Каплі поту павіслі на адмакрэлых пасмах яго русых валасоў. Надзя сядзела поплеч і не заўважала слёз, якія скочваліся з яе твару на гарачы пясок.

Увесь натоўп раптам страпянуўся. Сарваная каска салдата з размаху апусцілася на яго галаву. Жанчына біла раз-поразу, яе сівыя валасы развяваліся па ветры, і ўся яе постаць была ў імклівым, страшэнным руху. Нібы арліца, накінулася яна на бязлітаснага ворага, ратуючы ад яго сваё птушанё. Салдат абмяк, асеў і, сутаргава схапіўшыся рукамі за рассечанае цемя, грузна ўпаў на зямлю. Другі адразу працверазіўся і, выпусціўшы з рук дзяўчынку, схапіўся за аўтамат. Гулкія стрэлы разарвалі цішыню. Стралялі салдаты, якія стаялі воддаль і толькі-толькі перасталі рагатаць. Скрозь стрэлы пачуліся кароткія ўскрыкі. Нехта побач цяжка застагнаў. Узнёсся звонкі дзіцячы лямант: «А мамачка, як жа мне баліць!»

Страляніна раптам абарвалася. Паблізу фыркнуў і спыніўся аўтамабіль. Пад’ехаў і другі. З пярэдняй машыны сышоў высахлы, як трэска, нізенькі генерал. Выцягнуліся ў струнку салдаты, пачціва стоўпіліся і нахіліліся да яго афіцэры.

Генерал памыляў губамі. Яго вялы, алавяны позірк каўзануўся па натоўпе, па забітых, па стаяўшых навыцяжку салдатах.

— Што гэта ў вас такое? — ні да кога не зварочваючыся, запытаў ён.

Вяртлявы яфрэйтар спрытна падскочыў і стаў як укапаны.

— Дазвольце далажыць, пан генерал, яны,— тут ён махнуў на стоўпішча людзей,— забілі нашага салдата.

— Што значыць забілі? — паморшчыўся генерал.— Ён загінуў, як воін, у няроўнай бойцы з ворагам... Зразумеў? Ну, пайшлі на месца, усё!

Салдаты рушылі да сваіх танкаў, машын.

— Маёр Курц! — тым жа бясстрасным голасам паклікаў генерал.

З яго світы аддзяліўся і, крыху накульгваючы, падышоў пажылы афіцэр з карычневай радзімай плямай праз усю шчаку, з густымі вейкамі, якія надавалі яго твару выгляд каровінай пысы.

— Што гэта значыць? — коратка запытаўся ў яго генерал, кінуўшы позіркам на людскі натоўп.

— Па вашаму загаду, пан генерал! Іх сабралі, каб не забівалі дарогі.

— Я прызначыў вас камендантам горада не для таго, каб маім войскам учыняліся ўсякія брыдоты! Там няхватка рук на пераправах, а тут тысячы сядзяць без усякай справы. Вы, можа, маеце намер арганізаваць тут курорт для іх? Неадкладна даць людзям парадак! — павысіў ён крыху голас.— А за забойства салдата...— генерал памыляў губамі, нібы прыкідваючы сам сабе сякія-такія лічбы,— сто чалавек!

Генерал не спяшаючыся пайшоў да машыны і, ужо ўсеўшыся, яшчэ раз сказаў маёру, які стаяў побач з машынай:

— Разумееце: парадак, парадак і парадак! Камендант павінен працаваць, як гадзіннік. Так! — Ён дакрануўся да шафёрскага пляча, даючы знаць, што час ехаць далей.

Натоўп абкружалі салдаты з прымкнутымі штыкамі. Аднекуль з грузавіка прынеслі невялічкі столік, пару зэдлікаў. На іх уселіся салдаты-пісарчукі, разлажыўшы на стале аркушы чыстай паперы.

Камендант падышоў да прыціхшага натоўпу.

— Устаць, шапкі зняць, калі з вамі гавару! — нібы арапнікам сцебануў па натоўпе. Рука каменданта, не спяшаючыся, расшпільвала кабуру. Ён глядзеў на людзей, пільна сачыў за рухам кожнага, намагаўся прыкмеціць некаторых.

— Хутчэй, хутчэйі — крычаў ён.— Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... я...— ужо роў ён.— А ну, жвавей варушыся... Камуністы, камсамольцы, выходзь!

Натоўп стаяў нерухомы. Чуліся рэдкія напалоханыя шэпты, ды цяжкі ўздых перакочваўся па радах людзей, якія не ведалі, што і чаго ад іх урэшце патрабуюць.

— Дык што ж, камуністаў, камсамольцаў няма ў вас? — наліваўся ярасцю афіцэр, і на шчацэ яго ўзгарэліся, расплыліся густыя чырвоныя плямы.— Я гавару вам, раз, два...

І тут з натоўпу выйшаў хлопец. Яму было гадоў семнаццаць, не болей. Гэта быў брат забітай дзяўчынкі, якую намагаліся раней апаганіць салдаты. Русыя валасы яго мякка залаціліся пад сонцам, і ўся яго постаць свіцілася чымсьці дзіцячым, наіўным. Па твары скочваліся рэдкія слязінкі, ён змахваў іх рукой, а чорныя вочы гарэлі такім бляскам, што здавалася, гэтыя слязінкі ўскіпаюць ад нясцерпнага агню нянавісці і, ускіпеўшы, знікаюць. Заўважыўшы гэты позірк, камендант мімаволі падаўся назад на які крок. А хлопец гаварыў, і голас яго зрываўся на дзіцячы ўскрык, у якім чулася нечалавечая крыўда, крывавы боль растаптаных мар, спадзяванняў, боль душы чалавечай, якой суджана адцвісці, не расцвіўшы.

— Ну вось... Вам мала крыві, людаеды! Ну я камсамолец! Што вам трэба, нелюдзі?

Ён задыхаўся, сціскаў кулакі, паволі пасоўваўся да каменданта.

Пад карычневай плямай маёравай шчакі ўсхадзіўся жаўлак, і здавалася: на шчацэ варушыцца мыш — уся пляма зарасла густым мышыным воласам. Маёр цэліўся з парабелума. Цэліўся спакойна, паволі, як на вучэнні. Толькі здрыгануліся вейкі, калі грымнуў стрэл. Камендант тыцкаў парабелум у кабуру, і з сіняватага дула рэвальвера курыўся шызы дымок.

Па сэрцах людзей прайшоў калючы халадок і нешта падобнае на дакор сабе, на сорам: вось знайшлося мужнае сэрца, якое плюнула ў вочы смерці і адышло ў нябыт, не запляміўшы годнасці чалавечай, славы зямлі сваёй. Можа, і дарэмны быў гэты крок на смерць, але хто кіне папрок на гэтую заўчасную смерць юнака?

Усхваляваны людскі натоўп быў адціснуты назад. Салдаты выхватвалі з яго мужчын, адводзілі пад канвоем да штабеля дроў ля ракі. Некаторыя кінуліся з кручы ўніз, у ваду. Густыя залпы прагрымелі ля штабеля дроў.

— Мамачка, дзе ж нашы чырвонаармейцы, чаму яны не б’юць іх? — пытаўся і плакаў Васілька, утуліўшы галаву ў матчыны калені. Маці нічога не адказвала. У вачах яе не было ні суму, ні страху, ні трывогі. Яна абыякава паглядала на анямелых людзей, на спрытныя рухі салдат, якія скідалі з берагавой кручы расстраляных, на карычневую шчаку каменданта, што курылася дымком ад цыгарэткі. Салдаты скончылі расправу і пачалі ставіць затрыманых у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. За ім сядзеў камендант. Ён бегла азіраў падышоўшага, і чалавека адводзілі ці ў адну, ці ў другую групу. Большасць, сярод якіх былі пераважна дзеці, старыя, жанчыны, адсылалі назад, на бераг. Ігната разам з другімі хлопцамі павялі на грузавік. Ён хацеў развітацца з сястрой, з Надзяй, але яго груба тузанулі за плячо, сілком пагналі да машыны. Ён паспеў толькі крыкнуць:

— Трымайцеся разам! Я не загіну... Пабачымся яшчэ!

Тых, каго адводзілі на машыны, старанна запісвалі. Меншую групу мужчын, у якую трапілі чымсьці западазроныя камендантам, пад узмоцненым канвоем павялі ў горад. Салдаты, скончыўшы пісаць, панеслі столік і крэслы. Камендант падышоў да жанчын, якія стоўпіліся ізноў на беразе.

Ён быў надзвычай вясёлы, развязны.

— Цяпер вы можаце быць свабоднымі... Ідзіце! Дзеці, маткі, старыя. Усе.

Нібы ўскрык ціхай радасці вырваўся з натоўпу. Некаторыя кінуліся назад, ад штабеляў, ад берага, туды, дзе распасцерлася поле, дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу і блізка, зусім блізка шапацела лісцем ніцая бяроза.

Камендант нібы чакаў гэтага моманту. Ён жвава скрануўся з месца і, растапырыўшы рукі, нібы пераймаючы людзей, весела крыкнуў ім:

— Толькі не сюды... Парадак, парадак! Вы ж хочаце да сваіх? Ну вось... А вашы за ракой... Прашу, прашу, толькі ўперад, толькі ўперад! Парахода не чакайце, вы самі, самі...

Надзя ўзяла на рукі Васільку, пацягнула за плячо Ксаню.

— Хутчэй, хутчэй, Ксаня!

Хапаючыся, спаўзалі, зрываліся з кручы. Зверху сыпаўся пясок, сухая жоўтая гліна. Над берагам узняўся дзіцячы плач, надрыўнае галашэнне жанчын. Праклёны, шэпты, глухія малітвы перамяшаліся з крыкам людзей, з лаянкай стаяўшага на гары чалавека з карычневай плямай на шчацэ.

— Васілька, развітайся з мамай! Ды што я гавару... Ну, пацалуй маму!

Ксаня ішла, трымаючы дзіця на руках, і, не зважаючы ні на што, ні на кога, усё гушкала малое, аднастайна пеючы ціхую калыханку.

— А-а-а!.. а-а-а!..

Да ног падступіла вада, рабілася глыбей і глыбей.

— Трымайся за шыю, Васілька, моцна-моцна, ды рук не расцінай...

— Мне страшна, я ж баюся...— закрычаў Васілька, сціскаючы да болю рукі, калі мутная вада завірліла ля яго ног.

— А ты зажмур вочы! Ксаня, Ксаня! Ну, чаго ты? Ідзі!

Вада падступала да горла. Ксаня трымала дзіця над сабой і, боязна пасоўваючыся наперад,— моцна збівала быстрыня ракі — пела адно і тое ж:

— А-а-а!.. а-а-а!..

Раптам яна дзіка крыкнула. Дно слізганулася кудысьці глыбока-глыбока, голас абарваўся, знік, і Надзя больш ужо не ўбачыла яе.

Дзяўчына намагалася з усіх сіл, каб утрымацца на быстрыні. Вада круціла яе, кідала ўбок, уладна цягнула на дно, калі Надзя трапляла ў кіпучы вір. Ёй цяжка было дыхаць, бо шыю да болю сціскалі Васількавы рукі, і яна старалася трымацца так на паверхні, каб імклівая вада не адарвала ад яе маленькага, трапяткога цела дзіцяці. Міма праносіўся бераг, мільгалі прыбярэжныя кусты, зараснікі чароту. Па вадзе даляталі рэдкія стрэлы адтуль, з таго высокага берага. Некалькі пеністых слупкоў вады ўзнялося перад ёю, і ёй здалося толькі, што гэта рыбная драбяза выплеснулася на паверх, ратуючыся ад хцівага шчупака. Быстрыня падхапіла яе і занесла за дамбу. Ногі адчулі пясчанае дно адмеліны. Тут было ціха, спакойна, параснікі лазняку хавалі яе ад таго берага. Яна стала на ногі, зняла са спіны Васільку, узяла на рукі і, горача пацалаваўшы яго ў мокрую шчаку, раптам расплакалася. Плач сутаргава сціснуў горла.

— За што гэта ўсё...

Васілька расплюшчыў вочы, са страхам зірнуў на Надзю.

— Чаго ты, цёця?

Дзіцячы голас прымусіў схамянуцца.

— Ты не зважай, Васілька. Гэта я проста так...

Яна агледзелася навакол. Мясціны былі знаёмыя да драбніцы. Вада пранесла іх кіламетры са два. Тут быў раней драўляны мост, на які выходзіў лясны гасцінец. Ад моста асталіся толькі абгарэлыя палі, дыміўся яшчэ ўцалелы насціл ля самага берага. Надзя асцярожна пайшла да берага і, калі ногі дакрануліся да сухой зямлі, знясілена апусцілася долу. Страшэнная млявасць апанавала цела, кружылася галава, і здавалася, што ўсё навакол плыве, кружыцца: і лазняк, і кусты ляшчынніку, і вялізныя хвоі, што стаялі далей, на пясчаных узгорках, дзе пачынаўся лес. Але яна перасіліла сябе, распранула Васільку, выкруціла адзенне і развесіла сушыць на сатлелым аблупленым бервяне, якое трапіла сюды, відаць, калі-небудзь у паводку і цяпер было напалову занесена белым сыпучым пяском.

— А ты бегай, Васілька, грэйся ці лажыся вунь на пясок, ён цёплы...

— А мама дзе, дзе людзі, што былі з намі разам? — І дзіцячы тварык зморшчыўся, гатовы заплакаць.

— Ды яны далей праплылі, а мо выбраліся дзе раней... Ты не журыся, хутка сустрэнем і маму...— торапка прагаварыла, унікаючы зірнуць у ясныя дзіцячыя вочы.

Яна выкруціла сваё адзенне, схадзіла да ракі і прынесла адтуль галавешку з моста. Хутка невялічкае цяпельца весела папыхвала дымком, патрэсквалі яловыя сухія лапкі, пускаў густыя струменьчыкі белага дыму спарахнелы кавалак бярэзіны.

Сонца хілілася ўжо на захад, калі, апрануўшы хлопчыка ў сухое адзенне, Надзя наважылася падацца далей. Яны падняліся на пясчаны ўзгорак, і Надзя прыглядалася, дзе б зручней перабрацца цераз гасцінец, каб рушыць праз лес аж да самае хаты. Ісці асталося небагата, якіх кіламетраў з восем, калі прасцяком. Дарогай куды далей. У лесе было цёпла, зацішна. Над палянай звінеў лясны жаваранак, ціўкалі на ўсе галасы розныя птушкі, мільгануў на сухадрэвіне стракаты дзяцел, спрытна ўзбіраючыся па стваліне. Усё было так знаёма і міла, да драбнюткага лісціка, да пахучых поцекаў смалы, да птушынай пярынкі, прыстаўшай да галінкі ядлоўца, што Надзя глыбока ўздыхнула. Усё перажытае, бачанае ў гэтыя дні нібы адышло, растала, расплылося. Нібы сон які страшны знік, і навакол зноў усё тое, чым пахла непаўторнае дзяцінства: сонца, гонкія дрэвы, цішыня лесу, ледзь чутны гоман хваёвых вяршынь. Салодкі пах багунніку злёгку кружыць галаву. І ціхая думка ўзнікае:

«Няйначай, хутка буякі паспеюць...»

І сапраўды, зялёныя кусты буякоў нібы асыпаны нежна-зялёнымі і белаватымі гарошынамі няспелых яшчэ, васковых ягад. На ляшчыне насупраць зелянеюць першыя завязі арэхаў. Праз якіх месяцы два можна будзе пайсці па арэхі. Вясёлы час тады ў лесе!

— Пойдзем, Васілька!

Яна ступіла крок і раптам падалася назад спалохана. Ёй здалося, нібы нешта зварухнулася ў густым ляшчынніку, нібы стогн які вырваўся адтуль. Надзя прыслухалася, ухапіўшы за плечы Васільку і прытуліўшы яго да сябе. Лёгка здрыганулася, калі заўважыла, як сапраўды заварушылася галінка ўнізе куста і нечы голас ледзь чутна данёсся адтуль:

— Памажыце... не бойцеся... тут свае.

Надзя боязна падышла бліжэй, асцярожна разгарнула галінкі і спынілася ў нейкім здранцвенні. Перад ёй ляжаў чалавек на шынялі. Ён прыўзнімаў галаву, каб ямчэй разгледзець падышоўшых. Адна рука была нязграбна перавязана паверх рукава гімнасцёркі і нерухома ляжала, заплыўшы крывёй. Плямы крыві праступалі на назе, вышэй бота. Па ромбах на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Але не гэта займала яе думкі. Яна бездапаможна нахілілася над ім.

— Як мне памагчы вам? У мяне нічога няма пад рукой.

— Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт... Але раней вы, можа, дасталі б вады мне...— ціха гаварыў ён засмяглымі, пачарнелымі ад пылу губамі.— Вы бярыце маю шапку і зачэрпайце вады ў рацэ...

Надзя паглядзела на Васільку. Хлопчык, які вельмі быў напалохаўся выглядам крыві, спакойна адказаў, аднак:

— Ты ідзі, цёця, я пабуду тут, я не баюся, гэта наш дзядзя.

— Адкуль жа ты ўзялося, пісклянё?

— Я, дзядзя, з Мінска. Мой татка таксама на вайне... фашысты стралялі ў нас, а мы з цёцяй Надзяй уцяклі, раку пераплылі... Вось... А Ігната нашага ўзялі фашысты. А мама таксама ўцякала з брацікам, але яшчэ яна не выплыла з ракі...— І Васілька змоўк, адразу выпаліўшы ўвесь свой рапарт.

— Вось ты які! Ты ж храбры. Вазьмі сумку, расшпілі яе, там знойдзеш хлеб, ты ж, відаць, галодны?

— Не, дзядзя...— аблізаў сухія губы хлопчык. — У нас малако было, цэлая бутэлька. Але як уцякалі ад фашыстаў, яна выпала і разбілася... А ў мяне яшчэ хлеб ёсць...

Ён спрытна залез у сваю кішэньку, але вінавата панурыўся.

— Як былі ў рацэ, то я згубіў, відаць; а мо ён размяк..

Паранены паглядзеў на яго, уздыхнуў. Твар нахмурыўся. Ён глядзеў на стромкія вяршыні хвой, якія, здавалася, хіліліся набок, вось-вось упадуць, расціснуць. То кружылася галава, і ён трапляў на хвіліну ў забыццё, правальваўся ў зялёную бездань, калі не адчувалася цяжару цела, сунімаўся боль і думкі расплываліся, знікалі ў нейкім дзівосным тумане. Але боль, уводзячы ў забыццё, і выводзіў адтуль, бязлітасна ставіў перад тым, што сталася, што адбылося. Ён прагна піў ваду, і з кожным глытком да яго нібы варочалася страчаная моц, святлеў позірк. Чалавек прыўзнімаў галаву, варушыў здаровым плячом, паказваў Надзі, дзе ляжыць ножык, бінт. Надзя разрэзала рукаў гімнасцёркі, абмыла рану на руцэ, перавязала. Паспрабавала сцягнуць бот з нагі, але твар параненага перакасіўся пякучым болем, і яна тады разрэзала халяўку бота, калашыну і старанна забінтавала рану.

Надзя яшчэ некалькі разоў хадзіла на раку, прамыла твар параненаму, наладзіла пасцель.

— Даруйце, таварыш, але я павінна пайсці з хлопчыкам... Мы вас не пакінем і перавязём да сябе, а цяпер я не маю магчымасці ўзяць вас з сабою.

— Ідзіце, ідзіце, я ведаю...

Яна паправіла яму шынель, сям-там наставіла зялёных галінак, каб ён не кідаўся залішне на вока чужому, і, развітаўшыся з параненым, хутка пайшла з Васількам знаёмай ёй сцяжынкай.

 

5

Шаша, якая праходзіла праз горад, была захоплена фашыстамі. Яны не здолелі прасунуцца далей, бо вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны якраз у той момант, калі на яго ўзышло пяць нямецкіх танкаў. Тады фашысты кінуліся па лясной забалочанай дарозе на драўляны мост, які быў кіламетрах у двух-трох уніз па рацэ ад горада. Праз гэты мост праходзіў лясны бальшак, па ім адступалі савецкія войскі на ўсход. Немцы імкнуліся захапіць мост, перарэзаць бальшак і акружыць чырвонаармейскія часці. Але ў кіламетрах двух ад моста нямецкія танкі, якія асцярожна прабіраліся па выбоістай мокрай грэблі ў лесе, напароліся на заслон. З боку пясчаных узгоркаў, якія раскінуліся ўперадзе грэблі, грымнула некалькі дружных гарматных залпаў.

Пярэднія два танкі адразу ж ахутала дымам. Трэці пачаў разварочвацца, каб заняць зручнейшае месца, і тут жа быў таксама падбіты трапна пушчаным снарадам. Падбітыя танкі загарадзілі вузкую грэблю. Заднія танкі цесна згрудзіліся ў адну кучу, ззаду пад’язджалі грузавікі з аўтаматчыкамі, паволі пасоўвалася артылерыйская батарэя.

Збянтэжаныя фашысты ўсчалі беспарадачную страляніну з кулямётаў, з аўтаматаў. Над галовамі чырвонаармейцаў, засеўшых за ўзгоркамі, з візгам пранесліся некалькі снарадаў і ўзарваліся дзесьці ззаду, выкінуўшы цэлыя слупы чорнай балацяной гразі.

— Трапіў, называецца, чаплі на хвост... — усміхнуўся чарнявы кулямётчык, скручваючы казіную ножку і прыгнуўшыся, калі пыльныя фантанчыкі пяску з пранізлівым свістам завіхрылі на грэбені ўзгорка.— З буйнога калібра, відаць, смаляць.

— Страшна? — запытаўся ў яго пажылы камісар, які ляжаў побач з камандзірам батарэі, немаладым ужо капітанам. У голасе яго адчуваліся мяккія іранічныя ноткі.

— Вядома, страшна, таварыш брыгадны камісар, але нічога, абыходзімся! Ад самага Аўгустова ідзём, агрызаемся, яшчэ ніводнай гарматы не страцілі, пашанцавала нам! У некаторых горш...— з сумам сказаў кулямётчык, прагна зацягнуўшыся махорачным дымам.— Адна вось толькі бяда: адступаем... Дакуль жа адступаць будзем, таварыш камісар?

Ён не чуў адказу, бо, нарастаючы, гудзенне прыгнула ўсіх да зямлі, і аглушальны выбух грымнуў побач, асыпаўшы ляжаўшых пяском і торфам. Пачуліся стогны параненых. Была падбіта адна гармата.

— Перамяніць пазіцыю! — коратка загадаў капітан. Людзі падхапілі гарматы, адцягнулі іх убок, паставілі на новыя месцы. Дзве гарматы пераправілі па спецыяльна насланай грэблі метраў на паўтараста ў бок ад дарогі і размясцілі іх на сухой палянцы сярод рэдкага, нізкарослага хвойніку. Калі гарматы пачалі біць з палянкі амаль што ў фланг нямецкай калоне, відаць было з узгорка, як замітусіліся немцы, некаторыя ў паніцы кінуліся назад. Група аўтаматчыкаў пасунулася ў бок ад дарогі. Але, загрузшы ў балоце па самыя пахі, аўтаматчыкі вымушаны былі зноў вярнуцца на грэблю.

Відаць было, як немцы спрабуюць падаць цягач да падбітых танкаў, каб як падчапіць іх ці хоць скінуць у канаву, каб расчысціць дарогу ўсёй калоне. Але трапным выстралам з палянкі цягач быў прышыты да зямлі. У сярэдзіне калоны гарэла некалькі грузавых машын, чуліся частыя выбухі, гэта ўзрываліся скрынкі са снарадамі.

Заслон трымаўся. Фашысты шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Яны неслі вялізныя страты, але не супакойваліся. Калі стала цёмна, угаманіліся і толькі пускалі адну за другой асвятляльныя ракеты, асцерагаючыся гэтых упартых людзей, якія так доўга не пакідалі свае пазіцыі. Але ракеты памагалі і чырвонаармейцам. Пры бледным трапяткім святле відаць была ўся галава нямецкай калоны, відаць было, як скідваюць фашысты ў канавы згарэлыя грузавікі, завіхаюцца ля падбітых танкаў. Некалькі трапна пушчаных снарадаў спынілі мітусню фашыстаў, і яны ўжо не выказвалі ніякіх намераў прарвацца наперад.

Ноч цягнулася доўга, марудна. Камісар пачаў непакоіцца, чаму не прысылаюць загаду зняцца заслону, бо па разліках часу выходзіла, што ўсе нашы часці павінны былі ўжо выбрацца за раку. Ён паслаў чырвонаармейца на бальшак, да моста, каб даведацца, што робіцца на дарозе. Пачынала світаць. Паружавелі вяршыні прыдарожных бяроз, далёкае, не віднае яшчэ сонца зайграла на рэдкіх ранішніх хмурынках. З мяккім посвістам крылаў пранеслася над лазнякамі ў напрамку да ракі чародка качак. Нягледзячы на свежасць раніцы, вочы зліпаліся ад бяссоннай ночы, хіліла да сну. Мітуслівыя думкі не давалі супакою: як там нашы, ці выбраліся ўсе, ці ўдасца стрымаць на рацэ вераломнага ворага... І ўсё трывожыла чаканне загаду, сувязнога са штаба. Мінуліся суткі, як камісар пакінуў упраўленне палітычнай прапаганды фронту, каб прасачыць за пераправай, асабіста праверыць загараджальны заслон, высунуты на глухую лясную дарогу, магчымае месца падыходу гітлераўцаў.

Хутка прыйшоў чырвонаармеец, якога пасылалі на мост, і далажыў, што на дарозе зусім пуста, не відаць ні машын, ні людзей, што зенітчыкі, якія ахоўвалі мост, нядаўна зняліся, бо ён застаў зусім свежыя сляды машын на роснай траве берага.

Камісар зірнуў у бок немцаў. Не чуваць было ні грукату матораў, ні людскіх галасоў.

— Нечага чакаюць...— падзяліўся ён сваёй думкай з капітанам і з маладзенькім лейтэнантам, камандзірам кулямётчыкаў. Далёкі гул матораў прыцягнуў іх увагу. Гул нарастаў. Па ўсім відаць было, што ляцяць самалёты. У момант пабудзілі байцоў, якія спалі пад лазовымі кустамі. На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы нямецкія самалёты. Жоўтыя палосы на фюзеляжах, жоўтыя канцы крылаў надавалі ім выгляд імклівых вос. Самалёты праляцелі аж да ракі, развярнуліся і пачалі каруселіць усё бліжай і бліжай. З боку нямецкай калоны ўзвілося некалькі чорных дымных ракет. Адзін з самалётаў нырнуў носам уніз і ляцеў, страшэнна завываючы, проста на галовы прынікшых да зямлі чырвонаармейцаў. Ён выйшаў з піке над самымі вяршынямі дрэў і з шалёным гудзеннем пранёсся над лесам. І на галовы людзей, прыглушаных цяжкім узрывам, пасыпалася зямля, пясок, вырваныя недзе з канавы цяжкія камякі торфу.

А самалёты ныралі і ныралі. Адна за адной несліся са свістам, з візгатам няўмольныя бомбы, узнімаючы слупы чорнага дыму і цэлыя горы пяску і пылу. Без шолаху падалі падсечаныя бярозкі, хвоі. Асыпалася, абвальвалася зямля ў шчылінах, у акопчыках. Урэшце стала так ціха, што ўсе ўчулі, як шалахціць уцалелы ліст на лазе пад лёгкім ранішнім ветрам. Запахла гарам, чадам паленай гумы. Байцы вылазілі са шчылін, атрасалі пыл, зямлю, якая панабівалася ў кішэні, за каўняры шынялёў і гімнасцёрак. Выцягвалі і перавязвалі параненых. Пад купчастай хвояй дагарала камісарава эмка. Недалёчка ад яе, уткнуўшыся галавой у верас, ляжаў нерухомы шафёр, шырока раскінуўшы рукі. Дыміўся непадалёчку падбіты бранявік, з пяці гармат асталіся цэлымі дзве. Чарнявы кулямётчык спрытна выскачыў з акопчыка, атросся, агледзеўся, зірнуў на ясную празрыстасць неба, прыжмурыўся на сонца, якое паказалася з-за лазнякоў.

— Вось гэта так! — сказаў ён, не зварочваючыся ні да кога. І не зразумець было, ці ён рад быў зыркаму ранішняму сонцу, ці ён здзіўляўся таму, што жывы і цэлы выбраўся з усёй гэтай кашы. Ён, аднак, спахмурнеў, калі ўчуў стогны параненых, убачыў забітых. Іх было багата. З усяе групы ўцалела чалавек з дзесяць. Забіты быў камандзір кулямётчыкаў, цяжка паранены і капітан, камандзір батарэі. Яшчэ не паспелі перавязаць параненых, як з боку немцаў усчаўся беглы агонь. Некалькі танкаў, якім, відаць, удалося выбрацца з затору, ляцелі па грэблі, узнімаючы цэлыя фантаны гразі, раскідваючы старое, спарахнелае бярвенне дарожнага насцілу.

— Агонь! — крыкнуў брыгадны камісар.

Людзі кінуліся да ўцалелых гармат. Пярэдні танк быў падбіт, але другі праскочыў ля яго і ўсё імчаўся наперад, ахутаны празрыстым дымам ад няспыннай стральбы з гарматы і кулямёта. Раптам ён недарэчна прыўзняўся на адной гусеніцы, і праз выбліснуўшы выбух агню і воблака густога дыму відаць было, як ён перакуліўся з грэблі і ўрэзаўся вежаю ў балота, бліснуўшы гусеніцай на сонцы. Другая гусеніца асталася на грэблі. Танк падарваўся на закладзеным фугасе. Танк, які імчаў следам, спыніўся і пачаў асцярожна пяцца назад. Хутка, падбіты чарговым снарадам, ён пачаў дыміць, і з адчыненых люкаў, як прусы са шчылін, пачалі выскакваць нямецкія танкісты.

— Перад смерцю не наскачашся! — весела падміргнуў чарнявы кулямётчык.— Калі ласка, пад душ! — І ён паліў іх гарачым свінцовым струменем. Агонь з боку фашыстаў крыху перасціх, але зноў над лесам надрыўна загулі самалёты, зноў і зноў кідалі яны бомбы, і пясчаныя ўзгоркі ахуталіся дымам і пылам. Асколкам бомбы цяжка паранілі камісара ў руку. Перавязаўшы яе сяк-так і вылучыўшы зручную хвіліну, камісар паслаў на мост сапёра, загадаўшы ўважліва агледзець яшчэ раз спраўнасць мініравання і чакаць, пакуль не з’явіцца туды ён сам. Пасля бамбёжкі пастрэльвалі зрэдку з апошняй уцалелай гарматы, каб даць зразумець немцам, што заслон яшчэ жывы, што ён і не думае кранацца з месца і дарэмна ўсе іх спробы і патугі прабіцца на мост. Тым часам на ўцалелую машыну пагрузілі ўсіх параненых і наказалі шафёру імчаць за раку і, не чакаючы іх, ехаць далей. На машыну пагрузілі і ўцалелыя кулямёты. Ля адзінай гарматы асталіся камісар і кулямётчык. Яны пратрымаліся яшчэ каля гадзіны, адпужваючы рэдкімі стрэламі групы аўтаматчыкаў, спрабаваўшых прабіцца ўперад падбітых танкаў. Потым, зняўшы гарматны замок і закінуўшы яго на дно варонкі ад бомбы, яны пачалі адыходзіць па адным, прабіраючыся наўпрост да моста. У іх быў ручны кулямёт і аўтамат. Немцы зноў паспрабавалі высунуцца з-за падбітых танкаў. Ім ніхто не адказваў. Асцярожна, баючыся трапіць у пастку, яны пасоўваліся ўперад, паўзлі, рабілі кароткія перабежкі. Зусім наблізіўшыся да пясчаных узгоркаў, яны кінуліся ў атаку, шалёна крычучы, бязладна страляючы з аўтаматаў. Вялікае ж было ў іх расчараванне, калі яны заспелі пустыя шчыліны, разбітыя, няздольныя да бою гарматы, кучы расстраляных снарадных гільз. Навакол было ціха, пустэльна, ніводзін чалавек не абзываўся ні голасам, ні стогнам. Немцы кінуліся па дарозе да моста.

Камісар з кулямётчыкам узбягалі на мост, калі на берагавой кручы метраў за паўтараста ззаду іх з’явіліся першыя фашысты. Сыпанула аўтаматная чарга.

Кулі прасвірчэлі ў паветры, слізганулі па насціле моста, упляміўшы яго белымі рванымі адмецінамі. Камісар схапіўся здаровай рукой за нагу. Скрозь пальцы сачылася кроў.

— Лажыцеся, лажыцеся, таварыш камісар, ды паціху паўзіце на той бераг! — крыкнуў кулямётчык, ведучы агонь па немцах. Фашысты прыціхлі на якую хвіліну. Відаць было, як яны спускаліся па дарожным з’ездзе ўніз, хаваючыся за гліністымі буграмі, за дуплянатымі вербамі.

Перамагаючы пякучы боль у назе, камісар поўз, прыціскаючыся да бакавой перакладзіны моста. Ад дошак пахла смалой, гумай. Нацёртая шынамі тысяч машын паблісквала, як налакіраваная, наезджаная каляіна моста. Кружыліся, звінелі перад вачыма жоўтыя восы, мітусіліся недарэчныя зеленаватыя мухі, і тонкі камарыны звон стаяў увушшу. Часам мільгалі ўваччу нейкія чорныя кропкі. Камісар апускаў у бяссіллі галаву, прынікаючы ўсім целам да нагрэтага сонцам насцілу. Але, калі падбітая рука нязручна падала на дошкі, пякучы боль прыводзіў зноў да свядомасці. Некалькі куль празвінела над галавой і, трапіўшы ў жалезную парэнчыну, звонка засвірчэлі ў рыкашэце. Насустрач, прыгінаючыся і пастрэльваючы з вінтоўкі, бег сапёр.

— Назад, назад, ведай сваю справу! — крыкнуў голасна камісар. Але той падхапіў яго пад рукі і пацягнуў на бераг. Камісар страціў прытомнасць.

Калі ён урэшце апрытомнеў, то ўбачыў, што ляжыць у глыбокай пясчанай вымоіне, якая асталася няйначай з часу паводкі. Над галавой стаяла густое воблака пылу і дыму.

Над камісарам схіліўся сапёр, пераціскаючы раменным жгутом параненую нагу.

— Дзе ж ён? — ціха спытаўся камісар, прыплюшчыўшы ад болю вочы.

— Кулямётчык загінуў на самым мосце... Яго аўтаматчыкі прыстрэлілі...

Твар сапёра пасуравеў. Ён натужна завіхаўся адной рукой, памагаў ёй зубамі, сілячыся закруціць жгут. Другая рука яго была паранена. Ён перадыхнуў, выцер далонню спацелыя скроні, пачаў няёмка скручваць цыгарку. Папера не паддавалася пальцам адной рукі, рассыпалася махорка, але ўрэшце нязграбная цыгарка задыміла. Сапёр яшчэ некалькі разоў паслініў яе языком, каб не расклеілася. Ён зацягнуўся разы са два, потым спахапіўся:

— Даруйце, таварыш камісар, можа, і вам закруціць?

— Не, не... выбачай вось, забыўся я зусім: тут у сумцы каробка папярос; нашто ж табе круціць, вазьмі і куры гатовую!

— Што вы, што вы? Няхай вам астаецца. У мяне яшчэ цэлы пачак махоркі, я вам дастану...

Яны ляжалі на ўгрэтым сыпучым пяску. Блакітныя струменьчыкі дыму ўтульна папыхвалі, закручваліся колцамі, раставалі. Паволі плылі над галовамі белыя хмурынкі. Перашэптваліся ніцыя лазнякі. Нейкая птушка з лёту ўселася на край вымоіны і, спрытна пакруціўшы дзюбай, у якой яна нешта трымала, успырхнула, паляцела.

— Пліска...— абыякава сказаў сапёр.— Няйначай гняздо тут, дзяцей корміць...— Ён падзьмухаў на цыгарку, каб скінуць падгарэлы, абвіслы кавалачак паперы, і задумаўся.

Камісар ведаў ужо, здагадваўся па ўсім, што моста няма, але перапытаў:

— Мост?

— Дзе вы бачылі! Чаго тут толькі не было! — ажывіўся сапёр.— Яны гэта на мост, чалавек пятнаццаць. Бягуць і страляюць, бягуць і страляюць. А там ужо з гары і самакатчыкі смаляць, матацыклы з чатыры ўзбіліся на мост... Бяжыце, бяжыце, думаю, я вам зараз дам хады! Я вам дам накірунак! Ну, значыцца, і ўзарваў... Нічога, даліся мы ім у знакі! Будуць ведаць, гады! — ярасна закончыў ён. Праз якую хвіліну зарупіўся, занепакоіўся:

— Што ж мне рабіць, таварыш брыгадны камісар? Не маю я права пакінуць вас. Але як я вазьму, калі з рукой у мяне не зусім, каб парадак? Трэба ж, аднак, шукаць нейкага спосабу, каб вас адсюль выбавіць... Можа, вы есці хочаце? Дык у мяне яшчэ сухары асталіся ў кішэні, я размачу...

— Не... не трэба, сержант... Ты павінен пайсці... Сустрэнеш машыну ці фурманку, тады і мяне падбярэш. Альбо ў вёску якую зойдзеш, да людзей... Яны памогуць... А цяпер вось памажы перабрацца далей ад берага, вунь туды хіба ў параснік.

Яны патрацілі мо паўгадзіны, пакуль узмакрэлы сапёр, прылаўчыўшыся і падхапіўшы адной рукой камісара, перацягнуў яго ў густы арэшнік. Сержант схадзіў яшчэ назад, прынёс шынель камісара, яго сумку, акуратна палажыў камісара на пасланы шынель, зрабіў падгалоўе.

— Ну, ідзі, браток, спяшайся!

— Па вашаму загаду адыходжу, таварыш камісар.

— Бывай! Можа, у апошні раз бачымся... Перадай нашым, скажы: вось там і там загінуў брыгадны камісар Андрэеў Аляксандр Дзям’янавіч... са штаба фронту... Сын у мяне там, лётчык...

— Што вы, таварыш брыгадны камісар! Вам яшчэ колькі жыць і жыць. Мяне вось у фінляндскую дык у колькіх мясцінах прастрачылі! Але нішто... Абы косць была цэлая, на жывой касці мяса заўсёды нарастае... А наконт мяне вы не сумнявайцеся. Ну, дык бывайце здаровенькі, таварыш камісар! Я хутка вярнуся...

Праз якое паўгадзіны камісара і знайшла тут Надзя з малым Васількам, якія перабавіліся на гэты бераг ужо некалькі іншым спосабам.

 

6

— Тата, тата, тэлефон!

Яго разбудзіла дачка. Мірон Іванавіч Пакрэпа прахапіўся і быў вельмі здзіўлены, што не ўчуў сам званка. Апошнія ночы спаў ён трывожна, чутка. Вельмі часта выклікалі яго, як кіраўніка знішчальнага атрада; даводзілася па начы лазіць з хлопцамі па кустоўю, па росным жыце, наладжваць засады на дарогах. І вось жа праспаў. Відаць, утаміўся за ўчарашні дзень і вечар, таму і заснуў так моцна. А спраў сапраўды было вельмі багата: і на заводзе, дзе ён быў дырэктарам, і па сельсавеце. Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Быў ён членам райкома партыі.

Званілі якраз адтуль, загадвалі зараз жа з’явіцца...

Мірон накінуў пінжак, мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Шыбы акон ружавелі раннім світаннем, над блізкім лугам пасцілаўся густы туман.

Сцежкай праз луг Мірон пайшоў у раённы гарадок, да якога было кіламетры з чатыры. Побач з гарадком стаяў на рацэ і рабочы пасёлак. Тут сыходзіліся дзве чыгункі, было дэпо, розныя майстэрні.

Ля райкома, нягледзячы на ранні час, стаяла некалькі грузавікоў, пад клёнам прытулілася запыленая эмка, у якой Мірон пазнаў машыну свайго старога прыяцеля, аднаго з сакратароў абкома.

У райкоме было людна.

— Ну вось, а мы цябе толькі і чакалі! — кінуў яму сакратар райкома, не адрываючыся ад тэлефоннай вяртушкі, якую ён раз-поразу адчайна накручваў. Тэлефон, аднак, не адказваў.

— Ды кінь ты яго, дарэмныя спробы! Суседні раён толькі-толькі занялі немцы. Я сустрэўся на дарозе з работнікамі ЦК, пераязджалі далей. Яны перадалі мне, што ўсе ранейшыя ўказанні не адмяняюцца. Як было ўмоўлена раней аб людзях і маёмасці, так усё і астаецца. Калі не паспелі што вывезці, паліце! Спяшайцеся ж! Мне трэба заехаць яшчэ ў некаторыя раёны...

Сакратар абкома, пажылы, карчакаваты чалавек, горача паціснуў усім рукі. Развітваючыся з Міронам, адвёў яго ўбок.

— Ну што ж, стары? Прыйдзецца нам з табой ізноў ваяваць. Бачыш, ты астаешся тут, на месцы, так ужо вырашана.

— Я ведаў раней.

— Тым лепш. Я таксама, відаць, астануся... Значыць, калі-нікалі і сустрэнемся. Ёсць яшчэ і ў нас порах, не выдахся, не ўпершыню нам такая справа. Ну, не журыся. А сям’ю пасылай углыб. Ды і сам зрабі выгляд, што збіраешся выехаць. Перачакай дзе ў вернага чалавека да пары, да часу. Няхай думаюць, што паехаў...

Яны коратка развіталіся, і Васіль Іванавіч Саколіч, так звалі Міронавага прыяцеля, не спяшаючыся рушыў з райкома. Пры кожным кроку яго гучна парыпвалі маснічыны.

Нарада працягвалася.

— Мы склікалі вас не для доўгіх размоў,— сказаў сакратар.— Як бачыце, здарылася значна горшае, чымся мы меркавалі: фашыстам удалося прарвацца глыбока. Не сягоння-заўтра яны могуць выйсці і за раку. Планы эвакуацыі крыху парушаюцца, даводзіцца ратаваць галоўнае, што паспеем. А не паспеем, то самі ведаеце, што рабіць. Дык адразу ж усе па месцах, бярыцеся як мага за працу! Глядзіце, каб дэпо,— тут ён зірнуў на інжынера, маладога чарнявага чалавека, які сядзеў ля сцяны і нібы безуважліва пазіраў у акно,— каб дэпо было эвакуіравана ў першую чаргу. Бярыце з сабой усё, што можаце, а рэшту знішчайце... Ну, дык не заседжвайцеся, пайшлі!

Калі Мірон выйшаў на вуліцу, з ім падкрэслена пачціва прывітаўся стары чалавек з на дзіва рэдкай бародкай, з сухім маршчакаватым тварам, на якім бегалі, мітусіліся жаўтаватыя з зелянінкай вочы.

— Маё шанаванніца дарагому Мірону Іванавічу! — лісліва прашамкаў стары, і рот яго пры гэтым нагадваў курыную гузку. Мірон зірнуў, мімаволі паморшчыўся.

— Дзень добры! Па якой справе?

— Ды вось хацеў зайсці ў райком да таварыша сакратара... Бачу, турбацыя навакол сур’ёзная, райком нібы збіраецца ехаць куды, бачыце, грузяцца... Значыцца, думаю — эвакуацыя пачынаецца... Вельмі нават проста... А ў мяне дзяржаўная крама, у мяне грошы... а я ніколі чужой капейчынай не жыў... Вось і хацеў да таварыша сакратара зайсці, каб спытаць, куды яны тавар мой загадаюць пагрузіць, каму грошы здаць... Ці на чыгунку везці, ці машыны пададуць? Не можа гінуць дзяржаўнае дабро, калі — не пры нас кажучы — гэты непрыяцель так блізка.

— Ладна, ладна... Сакратара вы, аднак, не трывожце, ідзіце да свайго непасрэднага гандлёвага начальства, з ім і вырашайце справы.

— Калі ж у майго начальства поўнае зацямненне пачалося ў галаве: не ведае, куды і што... А сакратар — ён усё ведае, што і да чаго.

— Ідзіце, ідзіце, шаноўны, ды паменей плявузгайце.

— Ды я ж пра дзяржаву клапачуся...

Мірон прамаўчаў, скоса зірнуўшы на старога. Той, відаць, добра зразумеў гэты позірк, бо, не кажучы нічога лішняга, жвава паклыпаў праз рыначную плошчу да невялічкай крамы, дзе над дзвярамі шарэла аблезлая шыльдачка закупачнага пункта утыльсыравіны.

 

7

Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі над ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Так праходзяць яны над гэтай ракой, над глухім борам, над купчастымі, прысадзістымі дубамі, што спакон веку стаяць на левабярэжнай лугавіне. Колькі паводак прайшло, колькі летаў і зімаў адышлі, прамільгнулі, а яны стаяць, дубы, зелянеюць пад сонцам то ў лагоднай задуме ціхім летнім світаннем, то ў срэбным шэпце-шэлесце пад вячэрнім ветрам, то ў пагрозным гомане-шуме ў часе восеньскай завірухі. Так і Сілівон Лагуцька. Гады не заміналі яму ні ў хадзе, ні ў працы. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў, ды сталыя, нібы крыху разважлівыя рухі ва ўсім — у працы, у паводзінах, нават у звычайнай гутарцы. Яшчэ ўбілася неяк прывычка — гаварыць на самоце з самім сабой. Не будзеш жа гаварыць з соснамі ды елкамі, калі трэба падзяліцца якімі думкамі, праверыць іх, удакладніць. І ён сам сабе задаваў пытанні:

— А ці выйдзе, брат Сілівон, што-небудзь з гэтага?

І сам жа адказваў:

— Няйначай, брат, выйдзе! На тое яно і пайшло, каб выйсці...

Багата было пытанняў у яго за апошнія гады, бадай усе яны атрымалі і станоўчыя адказы: аб калгасах, аб новым жыцці, аб сямейных справах, аб дзецях. Былі сумненні — не верылася спачатку, што новае жыццё застанецца назаўсёды. Былі і ваганні — і што рабіць і як рабіць, каб жа яно было як зручней і лепей, каб не было якой памылкі, агрэху ў жыцці. І вось яно выхадзілася, выстаялася, гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды.

Сілівон старанна аблазіў усе закуткі свайго парома, агледзеў мацаванне руля, яшчэ раз праверыў кожную шчылінку. Паром быў у поўным парадку. Яшчэ тыдні са два таму назад стары добра зашпакляваў яго, засмаліў, змяніў некаторыя гнілыя парэнчыны. Паром добра трымаўся, ледзь пагойдваючыся на зыбкай вадзяной плыні. Недалёчка ляжаў выцягнуты на бераг Сілівонаў човен, у якім ён звычайна перапраўляў людзей, што ішлі часам пехатой у адзіночку. Паром стаяў на лугавой пераправе. Толькі ў часе касьбы тут было поўна народу, і Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак і аброслую з бакоў слізкім зеленаватым мохам. Звычайна ж працы на пароме амаль што не было, і Сілівон быў заняты тады больш вартаваннем калгаснага лугу, чымся самой пераправай. Ён і жыў цэлымі тыднямі тут жа ля парома, у саламяным будане. Там прызапасены былі ў яго з мяшэчак бульбы ды чыгунок, у які часта траплялі акуні і плоткі, лавіць якіх Сілівон быў вялікі майстар.

Але колькі дзён было не да рыбы. Нешта несусветнае пачало рабіцца навакол. З захаду ішла вайна. І калі ў першыя дні былі толькі чуткі аб ёй, якім не хацелася даваць веры, дык за апошнія дні гэта былі ўжо не чуткі. Пра вайну пісалі ў газетах, пра яе гаварылі па радыё, пра яе казаў у калгасе старшыня, Сілівонаў сын. І калі заўчора з захаду ледзь-ледзь пачалі даносіцца глухія раскаты гарматных стрэлаў, дык учора і сягоння з самае раніцы паветра аж дрыжала ад грымотных удараў, гукі якіх даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Сілівон разам з іншымі калгаснікамі быў учора на бальшаку і на свае ўласныя вочы бачыў вялікі рух па дарозе. Розныя нашы часці — і на машынах і пешкі — пасоўваліся на поўнач у напрамку да горада. А сёння казалі, што нашы часці ідуць на масты, што ніжэй па рацэ. Раніцай жа перадалі загад, каб як мага хутчэй перагналі калгасную жывёлу на той бераг ракі. Статак хацелі пагнаць цераз мост, што на лясной дарозе, але даведаліся, што таго моста ўжо няма, нібыта згарэў. Жывёлу пагналі лесам, па беразе. Ніжэй былі брады, там можна было наладзіць пераправу. Можна было перавезці жывёлу на пароме, але гэта было б вельмі марудна. Аднак сын загадаў Сілівону, каб ён не адлучаўся ад парома на выпадак якой пільнай патрэбы.

Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць часу, выстругваў зуб’е для грабляў, зацята скроб іх тоўстым шкельцам. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. І сена зграбалі, і ў копы складалі, і ранняй вясной у спрытных жаночых руках раўнавалі грады на агародзе.

Сілівон майстраваў зуб’е, але думкі яго былі далёка ад грабляў, ад сенажаці.

Ужо сонца пачало хіліцца за стромкія вяршыні высачэзных елак, пацямнелі дубы на другім беразе. На велізарным дубе стаяў задуменны бусел. Адна палавіна яго была ў цені, другая зырка залацілася, аж зіхацела на сонцы. З ракі пацягнула вільгаццю, дзе-нідзе над кручай узняліся над вадой першыя пасмачкі туману. Зябка паціснуўшы плячыма, Сілівон апрануў кажушок і, адкінуўшы ўбок дубовыя брускі, з якіх майстраваў ён зуб’е для грабляў, патупаў наверх, на кручу, каб сабраць якога ламачча на цяпельца. У гэты час данёсся да яго чыйсьці голас. Нехта гучна клікаў з другога берага:

— Гэй, паромшчык, давай пераправу!

Сілівон убачыў на другім беразе купку людзей. Адзін стаяў ля самай вады, махаў рукой і раз-поразу клікаў:

— Чаго стаіш, паром давай, Сілівон!

«І хто б то мог быць, ды з таго берага ў такі час? Аднак знаёмыя, няйначай, калі клічуць па імені...» — падумаў стары і паволі патупаў да парома. Калі замшэлая пасудзіна глуха стукнулася аб мокрыя гарбылі прычалу, з-пад бліжэйшага дубка вынырнулі дзве машыны і, папярхнуўшыся раз-другі дымком, ціха ўскаціліся на паром. За імі ўзышло чалавек пяць у вольным адзенні. У некаторых з іх былі кароткія стрэльбы, такія ж, якія бачыў Сілівон у чырвонаармейцаў, што праходзілі па бальшаку.

Увішныя шафёры, саскочыўшы з машын, кінуліся памагаць адвязваць канцы вяровак, якімі была замацавана пасудзіна да прычалу. І калі паром плаўна падаўся ад берага і людзі ўзяліся за канат, да Сілівона падышоў чалавек у шэрым пінжаку, лёгкім летнім паліто ўнакідку.

— Што ж не пазнаеш старых знаёмых, Сілівон Сяргеевіч?

Сілівон глядзеў на яго каржакаватую прысадзістую постаць, на шырокія плечы, якім, здавалася, зацесны быў стары пінжак. У карых вачах чалавека свіцілася не то хітрынка, не то прарывалася лёгкая ўсмешка. І разам з тым быў на твары нібы знак нейкай засмучанасці, нібы след якога ўнутранага болю.

— Дык не пазнаеш, Сяргеевіч?

Стары сіліўся ўспомніць, насупліваў сівыя бровы, натужна моршчыў лоб і глядзеў разгублена і нібы вінавата:

— Дай ты рады памяці гэтай, зрабілася на рэшата дзіравае...

— Ну прыгадайце свята ўраджаю, леташняе.

— А божачка! Дык гэта ж Васіль Іванавіч! З вобласці? Яшчэ сына майго віталі з ордэнам... Тады і дачка была ў мяне ў гасцях, што ў горадзе, за вайскоўцам... Дзе толькі яны цяпер?

Змоўклі. Кожны думаў аб сваім. Сілівон успамінаў усе леташнія падзеі, як спраўлялі свята ўраджаю, прыўрочанае да дзесяцігоддзя калгаса. Некалькі калгаснікаў атрымалі ўзнагароды. Прыехала багата гасцей з іншых калгасаў. Былі госці з раёна і з вобласці. Добра пагулялі, было свята, усім святам, можна сказаць, свята...

Машыны спусцілі з парома і завялі іх у густы хвойнік над кручай, прыхавалі. Людзі прыселі ля цяпельца, якое расклаў Сілівон, адпачывалі ад дарожнай стомы, перакідваліся рэдкімі, скупымі словамі.

— Відаць, заначуем тут. Шафёры каторыя суткі без сну...— нібы ні да кога не зварочваючыся, прагаварыў Васіль Іванавіч. Шафёры корпаліся ля машын, дастаючы сёе-тое на вячэру. Сілівон старанна шараваў сухой травой чыгунок.

— Я вам бульбачкі звару, таварышы, гарачая вячэра ўсё ж трывалей. А калі ў вас ёсць кацялок, то можна і чаю згатаваць,— гаварыў Сілівон, спрытна чысцячы бульбу. Кароткі ножык-зломак так і хадзіў у яго руках. Відаць было, што ён усё збіраўся запытацца аб самым важным, што хвалявала яго, не давала спакою. Але ён стрымліваў сябе, не хочучы гаварыць пры другіх, якіх не ведаў. І толькі калі людзі падаліся да вады, каб крыху абмыцца ад пылу, Сілівон торапка запытаў:

— Дык як яно будзе, Васіль Іванавіч? Няўжо ўцякаем мы? І войска ўцякае? Вунь з раёна начальства яшчэ раніцай за раку падалося... І вы, значыцца, пакідаеце нас? А хто ж супроць ворага будзе?

Саколіч усміхнуўся.

— Гэта не зусім так. Вы самі бачыце, што падаёмся мы не на ўсход, а на захад. Значыцца, і супраціўляцца будзем.

— Я ж і кажу, што трэба супраціўляцца! — радасна ўхапіўся за гэтае слова Сілівон.— Вы думаеце, што я ўжо нічога і не ведаю, гавару вось абы-што аб нашай арміі, аб нашым начальстве... Я ўсё ведаю... Я Маскву чуў! Мы ўсім калгасам слухалі. Ніякаму гаду нас не адолець! Гэта я ведаю. Багата мы бачылі іх, усякіх злоснікаў. Мы ў васемнаццатым немца бачылі. І польскія паны тады ж выхваляліся. А дзе яны цяпер? Нашы бацькі і француза бачылі. А зямля наша як стаяла, так і стаіць, усім нашым злоснікам на згубу. Але крыўдна ж, Васіль Іванавіч, да чаго ж крыўдна: жывое наша дабро на глум пушчаць, бо вайна, што ні кажы, гэта вялікія страты... Мы, можна сказаць, вунь у якую сілу ўвабраліся, толькі б жыць ды жыць, нездарма наш калгас «Ленінскім шляхам» завецца! Куды ж нам падавацца цяпер ад свайго жыцця? Хіба ўцячэш ад зямлі гэтай, на якой кожная сцежка табой ходжана, кожная травінка тваёй рукой аблашчана... Не можам, ды і сілы не маем мы пакінуць свае зямлі, бараніць яе трэба...

— Трэба, Сілівон Сяргеевіч, трэба! Будзем бараніць, на тое мы з вамі і савецкія людзі.

Калі стомленыя за дзень людзі моўчкі ўзяліся за вячэру, да берага з лесу выйшаў Сілівонаў сын, старшыня калгаса Андрэй. Убачыўшы Саколіча, ён сумеўся крыху ад такой неспадзяванай сустрэчы.

— Васіль Іванавіч, ну як жа можна? У такі час, а вы тут адпачываць надумаліся! Бацька, давай паром, ды пераправім таварышаў на той бераг, так і бяды можна прычакаць...

— Дарэмна, Андрэй, турбуешся! І той бераг ужо не наш.

— Як не наш?

— Яшчэ апоўдні фашысты прарваліся за раку кіламетраў з дваццаць адсюль на поўнач, захапілі шашу.

Сілівон аж папярхнуўся і выпусціў лыжку з рук, а сын яго, дзябёлы, высокі чалавек, нібы абмяк і, адчуваючы слабасць у нагах, прысеў, прыхіліўся да хвоі, перапытаў, цяжка дыхаючы:

— Як жа гэта здарылася? Мы ўсё думаем, што немец да нас яшчэ не дапяў, яшчэ вунь з суседняга сяла толькі-толькі былі ў мяне людзі, у іх яшчэ спакойна, кіламетры за чатыры былі ад іх немцы, ды паехалі ўбок бальшаком... Мы раніцай жывёлу пагналі, а трэба ж яшчэ сёе-тое вывезці, ды трактары два асталіся, думаў іх перабавіць зараз на той бераг.

— Цяпер позна. Што асталося, захавай, калі ёсць якая магчымасць. А няма, дык прыйдзецца проста знішчыць...

Усе змоўклі. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам.

Сілівон пратупаў па беразе ўсю ноч. Калі б і хацеў заснуць, дык не змог бы: верзліся думкі, адна другой неспакойней. Усю ноч у цёмным небе трывожна гулі самалёты, успыхвалі — цяпер ужо на ўсходзе — водбліскі нейкіх агнёў. Сям-там заняліся чырвоныя зарывы, няйначай бушавалі недзе пажары. Людзі спалі, па чарзе несучы варту. Ледзь угаварыў Сілівон перад самай раніцай заснуць Саколіча. Сонца ўзышло зыркае і дружна ўзялося за рачныя туманы, пагнала іх лёгкім ветрам на левабярэжныя лугавіны. Лес напоўніўся птушынымі галасамі. Пачала абсыхаць раса на прыдарожным каменні. Прыгрэты сонцам, Сілівон ледзь не прыдрамаў крыху, але заўважыў тут на рацэ нейкую незвычайную рэч, якая плыла па быстрыні па самай сярэдзіне ракі. Прыгледзеўся, жахнуўся і адышоў ад берага, зірнуўшы яшчэ раз на ваду, на ўсю шырокую плынь ракі.

Яна гарэла, пералівалася пад ранішнім сонцам і толькі пад другім берагам, пад лазнякамі, была яшчэ ў цені і злёгку курылася парай.

— Уставайце, уставайце, браткі! — трывожна будзіў Сілівон падарожных.— Паглядзіце, што толькі робіцца на свеце, божа мой, божа!

Усе падышлі да берага і стаялі ў суровым маўчанні, не зводзячы воч з велічнай плыні ракі, у якой, як у люстры, адсвечвалася трапяткое сонца, залацістыя акрайцы бялюткіх хмурынак, бяздонныя блакіты неба, у якіх нібы купаліся зялёныя грамады дубоў. Пераліваўся над лесам жаваранак. Але не сонца, не ўся веліч лясной раніцы прыцягвалі ўвагу людзей, якія стаялі ў немым здранцвенні, нібы прыкутыя страшным відовішчам.

Па рацэ плылі мерцвякі. Іх не лічылі. Мо колькі сотняў паволі праплылі яны па рацэ, аддаўшыся на поўную ўладу вады. Тут былі розныя людзі, рознага веку. Вясковыя ўборы перамяжаліся з гарадскімі. Былі мужчыны, жанчыны, дзеці. Пачарнелыя, набрынялыя вадой твары бясстрасна пазіралі ў далёкае неба, нібы ўглядаліся ў вячыстае сонца, прыслухоўваліся да жаваранкавай песні, што ўслаўляла веліч і радасць жыцця, яго мудрую бессмяротнасць.

Людзі на беразе маўкліва знялі шапкі. Затуманенымі вачамі яны правялі апошняга мерцвяка, які затрымаўся крыху ў пеністым водавароце і, падхоплены плынню, нібы даганяў гэтую нябачаную і жахлівую працэсію смерці.

Саколіч, пацямнелы засівераны твар якога не мог захаваць унутранай усхваляванасці, прагаварыў:

— Так яны пачынаюць вайну... Хто з нас калі забудзе гэта?

І сказаныя словы былі скупымі, цяжкімі. Яны прагучалі як клятва. Нікому не хацелася парушаць урачыстасці гэтых слоў будзённымі размовамі, выказваннямі жалю, спачуваннямі людскому лёсу. Усе ведалі, аб кім гаварыў Саколіч. Мімаволі сціскаліся кулакі, суравелі позіркі.

Трэба было збірацца ў дарогу. З калгаса прыбег пасланы Андрэем хлопчык-падлетак. Ён прынёс цэлы кошык, напакаваны ўсякай ежай. Поўны дзіцячай цікаўнасці і важнасці даручанай яму справы, ён дакладна даводзіў Васілю Іванавічу, што ўся лесавая старана амаль што свабодна ад фашыстаў, што з суседнім раёнам яшчэ можна гаварыць па тэлефоне, што лепей за ўсё прабірацца дарогай паўз лес, праз старыя пацяробы, куды не падавалася яшчэ ніводная нямецкая машына, паколькі нямецкія калоны ўсе рушылі па бальшаку ў напрамку да шашы.

Хутка машыны з Саколічам і яго спадарожнікамі зніклі за дробным хвойнікам, дзе пачынаўся густы хваёвы бор. Сілівон патупаў яшчэ ля берага, паслаў хлопчыка на чоўне на другі бераг, загадаўшы яму адмацаваць канат, на якім хадзіў паром. А сам пачаў насіць каменне, кучы якога ляжалі ля самай вады, згружаць яго на старую пасудзіну. Ён выцягнуў з вады канат, скруціў яго і гэты скрутак ускаціў на паром. Потым, узяўшы цяжкі жалезны лом, з дапамогай якога заўсёды нацягваў канат на калаўроце, ён зрабіў ім некалькі праломін у старым днішчы, праз якія фантанчыкамі зацурчала вада.

— Што ты робіш, дзеду, што ты надумаўся? — закрычаў збянтэжаны хлопчык, убачыўшы, як паром пахіліўся носам і стаў асядаць на вадзе.— На чым жа мы будзем сена вазіць з таго берага?

— Каму тое сена рупіць цяпер? — сумна буркнуў Сілівон.— Фашыстам, можа? Ці іх на пароме вазіць? Скідай вунь гарбылі ў ваду!

Хлопчык разгублена змоўк, аж пачырванеў знячэўку — гэта ж трэба, каб яму ды не здагадацца, на якое яно ліха тое патрэбна каму сена цяпер. Ён моўчкі завіхаўся ля прычалу, скідаючы ў ваду старыя сукаватыя гарбылі. Ад парома відаць былі толькі парэнчыны ды два слупкі, паміж якімі нацягваўся канат. Але хутка і яны зніклі пад вадой, і толькі некалькі хвілін усплывала і кружылася на вірлівай вадзе рознае шумавінне, кавалкі брудна-жоўтай пены.

Сілівон зацягнуў човен у непралазны хваёвы гушчарнік. Схаваў туды і свой чыгунок з мяшэчкам ад бульбы і, сунуўшы галавешку з агню ў саламяны будан, паклікаў малога:

— Айда дахаты!

Яны яшчэ азірнуліся колькі разоў назад, на раку. Над буданом віўся густы бялявы дым, потым спрытныя языкі полымя прабіліся праз яго і дружна ахапілі чорныя рабрыны будана.

 

8

Праблукаўшы паўночы па лесе і не знайшоўшы ніводнай вёскі, сапёр выбіўся да шашы. А што гэта шаша, ён быў больш чым упэўнены. Яна поўнілася вялікім рухам: чулася ржанне коней, бразгатала жалеза колаў, няспынна гулі машыны, абганяючы вялікі абоз. І хаця Павел Дубок, як звалі сапёра, і не быў, каб сказаць, з баязліўцаў, але, апынуўшыся сёння ў незнаёмым лесе ды пасля такіх падзей, адчуваў сябе блага. І сумнавата было крыху і ўсякія думкі лезлі ў галаву. Параненая рука распухла, свярбела, да яе нельга было дакрануцца. Нібы цяжарам якім адцягвала яна ўсё плячо. Рукаў гімнасцёркі закарэў, зрабіўся на луб. Дубок намагаўся адарваць рукаў, каб сяк-так перавязаць рану, але кожны дотык да балючага месца адзываўся пякучым болем і ў руцэ і ў плячы, аж сціскаліся да скрогату зубы. Вось чаму, дапяўшы да шашы, Дубок адразу павесялеў, адчуўшы сябе ўсё роўна, як у роднай роце: можна будзе перавязку зрабіць і камісару памагчы — нялёгка яму там у лесе. На добрай машыне ўсяго таго і клопату на якое паўгадзіны!

Выйшаўшы з лесу, Дубок наважыўся падацца на адхон шашы ды запытацца ў каго пра сваіх браткоў сапёраў, як нешта скаланула яго і спыніла, да таго ж цяжкімі-цяжкімі здаліся ногі. Нібы волава хто наліў у іх! Як стаў пад дрэўцам, так і прыкіпеў. Толькі агледзеўшыся крыху, адступіў назад, у густы цень, што падаў ад лесу на асветленую месяцам дарогу. Аж лоб узапрэў ад нечаканасці.

— Вось ускочыў, дык ускочыў! Казалі дурню: не хадзі без разведкі.

Па шашы рухаліся бясконцыя нямецкія часці. Словы нямецкай гаворкі, каманды даляталі да сапёра, адразу неяк працверазілі яго думкі, адхінулі ўбок усё перажытае, перабачанае за дзень.

— Вось табе і перавязка!

І калі да гэтага ішоў Дубок па сваёй зямлі, як гаспадар, ні на што не зважаючы, не аглядаючыся, нічога не баючыся, то зараз сціснулася сэрца ў балючай трывозе, нібы стала ўсё навакол чужым: і гэты ціхі лес, і абманлівае святло месяца, і гэтая зямля. Ідзі па ёй і асцерагайся, каб не хруснула што пад нагой, каб не зашархацела завельмі галінка бярозкі, да якой дакранешся. І ўважліва прыглядаючыся да шашы і азіраючыся, сапёр падаўся далей ад яе, глыбей у лес. Натрапіўшы на езджаную лесавую дарогу, ён пайшоў па ёй, прыслухоўваючыся да кожнага гуку. Рух на шашы, відаць, не спыняўся, сюды далятаў грукат па дарозе, які не сціхаў ні на хвіліну. Праз якое паўгадзіны сапёр дабраўся да невялічкай вёскі, але вуліцай пайсці не адважыўся, там брахалі, аж заходзіліся, сабакі. Абышоўшы вёску агародамі, ён асцярожна дабраўся да пунькі, якая стаяла ля самага ўскрайку лесу, прыслухаўся ля сцяны. Унутры пунькі было ціха. Сапёр забраўся праз прыадчыненыя дзверы і, намацаўшы сцірту саломы, залез пад самую страху, прымасціўся нанач. У шчыліну сцяны відаць была вёска. Сабачы брэх заціх, вокны хат мірна паблісквалі ў месячным святле, нідзе не відаць было ні агеньчыка.

Сапёр падкамячыў пад сябе салому, з галавой укрыўся шынялём і толькі пачаў крыху драмаць, як да слыху яго данеслася знізу лёгкае шамаценне. Нібы хто корпаўся там у саломе. Потым пачуўся ўздых, нібы стогн, і зноў усё змоўкла. Толькі даносіўся зрэдку танклявы піск, няйначай тачыліся ў саломе мышы. Ды зверху, з-пад самага вільчыка, церушыўся часам пыл — мо птушка якая прымасцілася нанач і варушылася там у сне, а можа, кажан вылятаў са свае шчыліны. Унізе была цішыня. Цёплы ветрык падзімаў у шчыліну між бярвення, стаў накрапваць дробны дожджык, і салодкая млявасць разлілася па ўсёй істоце чалавека. Яшчэ сіліўся нешта ўспомніць Дубок, яшчэ праходзілі перад яго вачыма цьмяныя вобразы: не то мост гарэў, не то грэўся ён ля цяпла з камісарам, і той гаварыў яму нешта... А што — ніяк не ўспомніш... Ды яшчэ бег кулямётчык па мосце, і Дубок крычаў яму: «Давай, давай, братка!» І ўсё змяшалася, паплыло... Далася ў знакі ўся напружанасць і зморанасць за апошнія дні, пераходы, бяссонныя ночы. Аж да самае раніцы праспаў, не прачынаўся сапёр, нават на другі бок не перавярнуўся. А калі прахапіўся, было ўжо светла. Сонца заглядвала праз шчыліны страхі, асвятляла сцены старой пунькі, пыльны закутак, дзе стаяла некалькі леташніх кулёў саломы, прыпёртыя да сцяны сані, старыя дошкі, некалькі ліпавых цюльпакоў, відаць, на клёпку. Тут жа было з паўвоза сена. Ля сена корпалася жанчына, завіхалася ля вядра з вадой, натужліва рвала анучы. Усё ўздыхала і ні то гаварыла, ні то галасіла:

— А божа мой, божа! А мае вы дзетухны! Ды нашто вам такія пакуты цярпець... Вам жа толькі жыць ды жыць, ды жыццём тым цешыцца! Ці ведае маці твая, як яе крывіначка пакутуе... А каб ім, ліхаманам, ды нашай зямелькай падавіцца. А каб жа ім пыл у вочы, каб яны нічога, зладзеі, на нашай зямлі не бачылі!

Праз галашэнне прарываліся цяжкія стогны, рэзкія ўскрыкі.

— Вы лягчэй, лягчэй, цё-о-о-тачка!

— А ты цярпі, сынок. Не зважай на боль, яно і палепшае... А я цябе малачком напаю... А захочаш, узвару прынясу, грушы ў нас свае, а чарніцы, божухна, кожнае лета не абярэшся. А божа ж мой, што я гавару, калі ён ізноў нічога не чуе. Сынок, ну паварушыся хоць. Як жа так, каб не еўшы. Каторы дзень ужо.

Старая плакала. Зусім збілася набок шэрая хустачка. Яна папраўляла яе рухамі галавы, а сама была пільна занята анучамі, бляшанымі пудэлкамі, папраўляла нешта долу, захінаючы коўдру і злёгку прыкрываючы яе ахапкам сена.

Дубок спрасонку не мог уцяміць, што гэта за жанчына і што яна робіць тут. Але моцны боль у руцэ адразу вярнуў яго да ўсіх падзей апошніх дзён, і яму стала ясна ўсё, што робіцца тут, унізе. Ён не злез, а, спатыкнуўшыся аб нешта, саслізнуў з саломы. Жанчына ў страху азірнулася і, схамянуўшыся, пачала жвава класці сена ў рэзгіны, якія ляжалі тут жа, побач. Сваёю постаццю жанчына прыкрывала закутак у сене.

Яна глядзела з-пад рукі на чалавека, потым выпрасталася, сказала ціхім, абыякавым голасам:

— Гэта трэба так напужаць мяне! Я сена бяру, а ён як з неба зваліўся...

— Хто гэта? Той? — хітравата перапытаў сапёр, павёўшы позіркам на закутак у сене.

Рашуча паправіўшы хустку, жанчына падалася да салдата, адцясняючы яго да дзвярэй:

— Ідзі, ідзі сваёй дарогай...

— А куды ж я пайду?

— Што ты прычапіўся да мяне? І хто ты такі?

І тут заўважыла яна злубянелы рукаў сапёравай гімнасцёркі, на якую трапіла святляная палоса, што прабівалася з застрэшша. Убачыла чырвонаармейскую шапку. І куды дзелася яе і ранейшая абыякавасць, і тая надзьмутая суровасць, якую напускала на сябе жанчына.

— Што я пытаюся? І ты, відаць, адтуль жа, сынок, як і той, што вунь... ляжыць і нічога яму не трэба...

Яна адхінула коўдру. На посцілцы ляжаў чалавек з бледным нерухомым тварам. Вочы яго крыху расплюшчаны, але ён, відаць, нічога не бачыў, ні на што не зважаў. Гімнасцёрка была знята. Грудзі і рукі абверчаны чыстымі анучамі, праз якія праступалі свежыя плямы крыві. Зірнуўшы на шпалы на пятліцах і прыгледзеўшыся да твару, да ўскудлачаных русых валасоў над успацелым ілбом, Дубок пазнаў вайскоўца. Гэта быў батальённы камісар са штаба фронту. Яго бачыў Дубок за апошнія дні, батальённы не раз быў і ў іх часці. Прозвішча яго Дубок не мог прыпомніць.

— Мо дакументы якія з ім? — ціха перапытаў ён.

— А божухна, якія там дакументы? У гімнасцёрцы толькі пісьмы былі, яны і цяпер там, вось я пакажу.

Па адрасах на пісьмах Дубок даведаўся пра прозвішча чалавека. Звалі яго Блешчыкам Андрэем Сяргеевічам.

— Два дні, як ён тут. Раніцай тады знайшлі нашы пастушкі ля шашы. Ну, прывезлі мы... Яшчэ быў забіты адзін, дык мы пахавалі яго. А гэтага вось ніяк адхадзіць не магу, вельмі ж ужо крывёй сышоў... Дзіва то, у грудзях дзве раны, ды і рукі пашкоджаны. Каб доктара, ды дзе ты яго возьмеш у такія часы? Мы вось параіліся тут, думаем у горад, у бальніцу везці, а можа, і прымуць? А ты ж чаго стаіш? Дай я руку агледжу.

Яна размачыла рукаў гімнасцёркі, спрытна прамыла рану — рана была не з сур’ёзных — добра перавязала яе чыстай палатнянай стужкай. І ўжо са звычайнай сялянскай ветлівасцю проста запрасіла яго:

— А цяпер хаця малачка пакаштуй, ды хлеб вось тут у мяне прызапашаны. Ён жа,— кіўнула яна галавой на закутак у сене,— нічога не бярэ.

Дубок быў не з тых, якіх трэба доўга запрашаць. Ён умалоў добры акраец хлеба і аж уздыхнуў, калі ў гладышы з-пад малака засвіцілася дно.

— Добрае ў цябе, цётка, малако!

— Але ж выгаладаўся ты, сынок!

І выціраючы рогам хусткі вока, крыху ўсплакнула жанчына, усё вохкаючы і прыгаворваючы:

— То, можа, і мае дзе там таксама пакутуюць?

— Сыны?

— Але ж, мой сынок! Два іх у мяне, абодва ў арміі. Адзін недзе ў Брэсце быў, другі аж за Львовам, у пагранічніках. Мо сустракаўся ты з імі дзе? Старэйшага Антонам завуць...

— Не, цётка, дзе ты бачыла. Народу багата. А як завуць вас?

— А заві мяне цёткай Ганнай. Базылёвы мы... Але дзе ж гэта мой стары забавіўся? Пасядзі тут, папільнуй таварыша. Ды сам пільнуйся, за дзверы дужа не вытыркайся... Крый божа, немцы! Яны ж на досвітку на машыне тут праскочылі, парсюка ў суседа з двара ўхапілі, каб на іх чэмер... І пакалацілася я за пуньку, ці ж яны шкадаваць стануць нашага чалавека?

Цётка Ганна асцярожна выйшла з пунькі, і праз агароды было чуваць, як расхадзілася яна на двары, усё клічучы:

— Сымон, Сымон!

Хутка цётка Ганна вярнулася. З ёю прыйшлі некалькі жанчын. За імі з’явіўся стары са скруткам пад пахай. Там былі кашулі, штаны, пара старых чаравікаў. Жанчыны пераапранулі параненага ў вясковую адзежу, асцярожна вынеслі яго з пунькі і палажылі на калёсы.

— Запрагай хутчэй, чаго стаіш? Вечна сам не здагадаецца! Аддай чалавеку адзежу. А ты, сынок, сапраўды пераапраніся, ды потым і ідзі са старым у хату... А там пабачым. Ну, дык я паехала...

Так трапіў Дубок да цёткі Ганны, якую ўсе вяскоўцы называлі няйначай як камандзірам і крыху пабойваліся за яе ваяўнічы спрыт і крутыя расправы з лодарамі, абібокамі, з усякімі крыўдзіцелямі нашага жыцця, як называла іх цётка Ганна. Здаралася раней, што ціхі і разважлівы дзед Сымон, выдатны бондар на ўсю акругу, калі задужа дапякала яму цётка Ганна, ішоў часам «упрочкі» — сыходзіў на дзень-другі з Ганніных воч куды-небудзь у суседні калгас падправіць абручы ці зрабіць каму пару новых дзежак. І крута тады даводзілася і дзеду і ахвотніку да новых дзежак, калі пасля энергічных росшукаў цётка Ганна знаходзіла-такі ўрэшце свайго «супастата».

— Ты што ж гэта, дзізінцір, сабе думаеш? Там працы не абярыся, а я павінна час марнаваць, шукаючы супастата! Трэба ж гуркі саліць, у нас жа ў калгасе аж тры гектары пад гуркі мы пусцілі, ізноў жа вунь колькі ліпавак адных на пасеку трэба, а там жа і пад грыбы трэба дзежкі, а ён сабе ні аб чым не шманае, ён думае, што ад мяне схавацца можа!

І доўга яшчэ не магла ўгаманіцца цётка Ганна; ідучы след у след за Сымонам, скардзілася знаёмым, якія трапляліся па дарозе:

— Колькі я праз гэтага майго хлопца гора набралася, не дай ты божа! І собіла ж мне за яго замуж пайсці. Гэта ж трэба, да якога то часу мне камандаваць ім? А божа ж мой! — Нават усхліпвала крыху, для прыліку.— Ад яго ж ніякай каманды ў жыцці, на адным паслушэнстве жыве...

«Хлопец», якому ішоў ужо шосты дзесятак, панура дыбаў уперадзе. Часам асцярожна азіраўся на грозную палавіну і, выбіраючы зручную хвіліну, кідаў словадругое:

— Просам цябе прашу: змоўкні ты ўрэшце. От жа я іду ўжо, каб цябе...

І дыпламатычна змаўкаў. Цётка Ганна, якая таксама добра ведала меру цярплівасці свайго супастата, сурова азірала яго панурую постаць і, з палёгкай уздыхнуўшы: «То-та, што ідзеш...»—пераводзіла гутарку на мірныя тэмы:

— Не бачыў, як капуста ў іх?

— Нішто, лапушыцца...

— А гуркі?

— Казала Іванаўна, што падсохлі крыху, каторыя на гары. Дый ля рэчкі нешта пустацвету задужа.

— Ото ж я і кажу. Дзе ты бачыў такія гуркі, як у мяне?

— Выхваляйся!

— А ты ў старшыні запытайся: на ўсю акругу гуркі! На выстаўку, кажуць, пасылаць будуць... З усіх калгасаў дык толькі мае гуркі!

— Вялікі то мне клопат.

— Вядома, не твой, а мой. Табе абы дзежку збіць.

— А ты б паспрабавала!

— Невялікая то мудрасць, не гуркі садзіць. Захачу, дык і дзежку саб’ю.

Хаця Сымон паціху і агрызаўся на такую знявагу свае прафесіі, але, няма чаго граху таіць, брала яго часам сумненне, што Ганна калі захоча, дык не толькі якую дзежку там, але ліха ведае што можа збіць... Абы хаценне тое было. Така-а-я жанчына!

Не дзіва ж, што Павел Дубок, калі зайшлі з Сымонам у хату, мнагазначна падміргнуўшы дзеду, хітравата заўважыў:

— Цётка ў вас, дзядзька, з характарам!

Сымон не адказаў адразу. Ён поркаўся ля скрыні, хаваючы вайсковую адзежу, налажыў яе пад самы спод, накрыўшы розным хатнім запасам: ручнікамі, жончынымі ўборамі, нават зняў са сцяны старую ватоўку і тую ўвапхнуў туды.

— З характарам, кажаш? Яно вядома... Аднак, няма чаго казаць, характар у яе справядлівы... Правільны характар. Вось яна каторага ўжо ў больніцу павезла, усё за сыноў сваіх выдае, нібыта вось трапіў дзе ў бяду на акопах. Ну, а на акопы ў нас багата хадзіла, яно, значыцца, і выходзіць, што тут можна ёй веры даць... Але, казала, дактары сумняваюцца, што задужа сыноў у яе, але ж прымаюць... Ды ў яе не прымі! Я адразу і падумаў, што і ты будзеш з яе гэтых сыноў, бо ў пуньцы яна з бабамі цэлы шпіталь развяла... Выходзіць жа, што ты сам зайшоў...

Хутка Дубок з дзядзькам Сымонам былі ў старшыні сельсавета, чалавека яшчэ досыць маладога веку, увішнога, гаваркога. Ён здорава накульгваў і, нібы ў апраўданне таго, што ў такі час, калі ўсе на фронце, а ён вось дома, паказваў Дубку на сваю нагу.

— Праз яе, халеру, дома аціраюся... Некалі ў малатарны прывод трапіў... І сорамна аж, усе людзі як людзі, а я нібы ў баку ад справы...

— Ну гэта вы ўжо залішне! Трэба ж і тут парадак трымаць, не ўсім жа і на фронт тым часам...

Дубок расказаў пра камісара.

— А што ж вы мне раней не сказалі? Я толькітолькі людзей паслаў, няхай паходзяць па лесе, ці мала цяпер чаго здараецца. Нашы заблудзяць, дык жа трэба вывесці, ды ці другая якая патрэба...

Неўзабаве Дубок з рухавым хлапчуком, якога даў яму ў падмогу старшыня, весела падганяў шустрага каняку, ехаў лесам, трымаючы кірунак да ракі. Колы мякка шархацелі па лесавой дарозе. Там, дзе дробны хвойнік і малады дубнячок падыходзілі да самае ракі, Дубок кінуў каня, даручыўшы яго хлапчуку, а сам стаў прадзірацца цераз густы арэшнік аж да трох дубкоў, ля якіх развітаўся з камісарам. Ён хутка знайшоў тое месца. Усё было тут без змен, нават галавешкі асталіся ад цяпельца, пусты пачак ад папярос, стары бінт, якім перавязваў камісара. Самога ж яго не было. Дубок уважліва агледзеў кожную мясцінку, заўважыў пасохлыя галінкі бярэзніку,— няйначай камісар наводзіў тут якую маскіроўку,— прыгледзеўся да стаптанай травы ля таго месца, дзе палажыў камісара. Ён абышоў кожны куст навакол, ціха паклікаў камісара, але ніхто не абзываўся. Падабраўшыся да самай дарогі, што выходзіла на рэчку, ён убачыў багата гітлераўцаў. Тыя гацілі пад’езд да ракі. На вадзе таксама корпаліся немцы, наводзілі пантоны побач з абгарэлымі палямі былога моста. Колькі хвілін прыглядаўся Дубок, з чыста прафесійнай цікаўнасцю назіраючы нямецкую работу.

— Кулямёт бы сюды, сукі-тапорыкі, я б навучыў вас, як на чужыя рэкі без броду лезці! — аж сплюнуў Дубок ад вялікае крыўды, што падступіла пад самае сэрца.

Сумны Дубок вярнуўся да Сымонавай хаты, калі бралася пад вечар. На вуліцы не відаць было народу, усе сядзелі больш па хатах, чакаючы, чым усё гэта скончыцца. Хутка прыехала з гарадка цётка Ганна. Яна ўвайшла маўклівая, урачыстая, доўга распраналася, памыла рукі. І толькі выпіўшы добрую конаўку квасу, урэшце прагаварыла, прысеўшы на лаве:

— Адвезла!

 

9

Да позняй ночы Канапелька з Міронам правалтузіліся ў лесе. Лепшага месца, як гэтая Воўчая грыва, нельга было і знайсці. Адсюль кіламетраў з дзесяць да бліжэйшых дарог, да ракі. Навакол густы, непралазны лес, які ўваходзіў у дзяржаўны запаведнік і цягнуўся на дзесяткі кіламетраў. З трох бакоў Воўчую грыву атуляла балота, якое сям-там перамяшалася з непралазнымі нетрамі дробнага хвойніку. А з другога боку Воўчая грыва падыходзіла да вялізнага ляснога возера. На сухім узгорку, які буйна зарос маладым хвойнікам, яны згрузілі з Міронам сякія-такія прыпасы: дзесяткі са два вінтовак, што асталіся ад знішчальнага атрада, патроны, кулямёт, колькі мяшкоў мукі, медныя катлы, якія загадзя былі ўзяты са сталовай МТС, і сёе-тое з дробязі. Усё гэта яны старанна захавалі пад велізарным вываратнем, прыкрылі бляхай, фанерай, закідалі сухім хваёвым ламаччам, каб дужа не кідалася ў вочы.

Пакуль стомленыя лясной дарогай коні падбіралі падкінутую ім кошанку, Астап з Міронам закурвалі на паваленай сухадрэвіне, зрэдку скупа перакідаючыся словам. Былі яны амаль што аднаго веку, даводзіліся адзін другому блізкімі сваякамі — жаніліся ў свой час на сёстрах, ведалі да дробязей жыццё і характар кожнага, звычкі і асаблівасці дзяцей у кожнай сям’і. Абодва былі ўдаўцы — жонкі памерлі ў розны час.

— Дажыліся вось, Мірон:

— Што і казаць... Ізноў на лес глядзі, як у дваццатым.

— Чаму ты сям’ю не вывез?

— А як яе вывезеш? Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае ўсё кволіцца.

— Гэта вядома... Але зручней было б, каб, скажам, былі яны далей дзе ад гэтых месц. У мяне вось і старэйшыя, а і то сэрца баліць, што з імі там, у Мінску. Сам ведаеш, чаго толькі не расказвалі людзі. Не дай бог, калі ўсяму даць веры. А табе з малымі зусім, выходзіць, будзе цяжка.

— Я іх учора ў Мачулішча адвёз, да маткі — спакайней усё ж.

— Дзе сам цяпер будзеш? Не аставацца ж табе на старым месцы, на заводзе? Мне то малы клопат... Чалавек я, можна сказаць, службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Ізноў жа і беспартыйны. Чысты, можна сказаць, па ўсіх стаццях.

— Чысты ты, браце, дурань, вось ты хто! — задуменна прагаварыў Мірон Іванавіч і, пільна зірнуўшы на Астапа, усміхнуўся.

— Ну чаго ты? Я ж аб тым кажу, што мне можна і не хавацца дужа, вялікі каму клопат да мае асобы.

— Клопат, кажаш? А хто дыверсантаў лавіў?

— Лавіць лавіў. Усім народам, можна сказаць, лавілі. Наш народ не выдасць.

— Яно, браце, і мяне народ не выдасць. Але ж асцерагацца тым часам не лішне... І табе і мне... Мне, магчыма, што болей, ты праўду кажаш. І вось што я табе скажу: назад на завод я не падамся. Няма чаго рабіць цяпер там... А дзе буду я, табе будзе заўсёды вядома. Колькі дзён можна і ў цябе пабыць. Куток твой зацішны, ніякі чорт не загляне. А там пабачым.

Ужо бралася на золак, калі яны вярнуліся на Астапаву леснічоўку. Апынуўшыся на невялічкім дворыку, Астап раптам устрывожыўся, насцярожана кінуў Мірону:

— Ты, братачка, пачакай, нешта ў мяне ў хаце робіцца.

Ля ганка хаты стаялі запрэжаныя калёсы. У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі, нібы там мітусіліся якія цені, раз-поразу засцячы святло. Скрыпнулі дзверы, і на двор нехта выбег, паспешна кінуўся да воза. Заўважыўшы Астапа, ускрыкнуў:

— Хто гэта?

Ад нечаканасці ў Астапа замлелі ногі і не то спуджана, не то радасна страпянулася сэрца. Ён увесь падаўся наперад:

— Дачушка! Надзейка!

— Татачка! — Надзя кінулася яму на грудзі, укрыла пацалункамі яго твар і раптам голасна расплакалася.

— Ну чаго ты, ну супакойся, мая малая! — Астап гладзіў шурпатымі далонямі яе рукі, плечы, прытуліў да грудзей яе галаву. І яму здавалася, што ён лашчыць усё тую ж малую сваю Надзейку, якая так радавалася калісьці кожнай шапцы суніц, берасцянаму кошыку, качаняці, жывой вавёрцы... Былі гэта ўсё лесавыя падарункі, якія заўсёды прыносіў Астап сваёй малой Надзейцы.

— Ну чаго ж ты?

— Ах, татачка! Каб жа бачылі вы, што вырабляюць гэтыя... гэтыя гады...

І схамянуўшыся:

— Хутчэй жа ў хату! Там паможаце...

На лаве, на пасланым шынялі, ляжаў чалавек. Піліпчык майстраваў ложак з услона і табурэтак. На старым ложку ляжаў невялічкі хлапчук. Шырока раскінуліся на падушцы яго ручаняты. Малы нешта ўскрыкваў у сне, і тады чуваць было, як парыўчата дыхае ён, чымсьці ўсхваляваны, устрывожаны.

— Потым, потым, татка! — заспяшалася Надзя, убачыўшы ў бацькавых вачах нямое запытанне.— Вось памажыце нам з Піліпчыкам зручней палажыць... Паранены... Цяжка...— скупа дадала яна.

Астап зразумеў усё, выйшаў на двор, паклікаў Мірона. Яны перанеслі ўдвух чалавека на часовы ложак, паспрабавалі распрануць яго, перавязаць. Цяжкія стогны парушылі змрочную цішыню леснічоўкі. Паранены на хвіліну прыўзняў галаву і, абвёўшы ўсіх доўгім позіркам, ізноў апусціў на падушку. Ледзь варухнуліся счарнелыя засмяглыя вусны:

— Піць...

Піліпчык прынёс гладыш з малаком. Прыўзняўшы параненага, паілі яго. Ён прагавіта піў. Урэшце слаба матнуў галавой, адхіліўся ад шклянкі. Яго асцярожна палажылі, накрылі кажухом. Ён супакоіўся і заснуў.

Ужо сонца ўбілася ў хату, а Надзя расказвала ўсё шапатком аб перажытым, убачаным за апошнія некалькі дзён, аб мінскіх пажарах, аб страшэннай дарозе, аб жудаснай пераправе.

Астап цяжка ўздыхнуў і, зірнуўшы на спаўшае дзіця, ціха прамовіў:

— Ізноў сіротамі засеецца зямля...

Памаўчалі. Толькі чуваць было цяжкае дыханне хворага. У вокны ласкава пазірала ранішняе сонца. Шчабяталі пад страхой ластаўкі, гулі пчолы за сцяной. Шыбы вокан раптам жаласна забразгалі, і гулкія ўдары далёкіх узрываў пракаціліся адзін за адным, злёгку страсянуўшы сцены хаты.

— Відаць, дэпо ўзрываюць. З часу на час чакалі, пакуль вывезуць усё... Ці вывезлі толькі? — сказаў Астап. І адразу нібы ажыў крыху. Ён рашуча падняўся з услона, распрастаў плечы, нібы атрасаючы з іх цяжар усяе гэтае ночы, сказаў, ні да кога не зварочваючыся:

— Жыць жа, аднак, неяк трэба. І будзем жыць, трасца іх матары... Піліпчык! Нясі з істопкі, што там ёсць у нас. Людзям час даўно снедаць. А ты, дачка, не сумуй, пра дэпо дужа не думай. Будзем жывы, будзе і дэпо.

— А кіньце вы, татка...— І Надзя пачырванела.

Яна такі думала пра дэпо.

 

10

З-за ракі білі нямецкія мінамёты. Але міны не дасягалі станцыі, дэпо. Яны рваліся дзесьці на тупіках, на пад’язных пуцях да моста, які пару дзён таму назад быў узарваны і ляжаў скарэжанай грудай металу ў вадзе. Пеністымі водаваротамі бурліла рака, бяссільна намагаючыся скінуць на сваім шляху нечаканую перашкоду. З левага берага зрэдку білі кулямёты: апошнія чырвонаармейскія часці затрымлівалі шалёныя намаганні немцаў пераправіцца на той бераг.

Рабочыя, спяшаючыся, працавалі ў дэпо, грузілі на адкрытыя платформы ўсё, што можна было ўзяць, зрушыць з месца чалавечымі рукамі. Тут жа, ля буйнейшых станкоў, завіхаліся сапёры, рабілі сваю справу. Начальнік дэпо Заслонаў, на хаду выціраючы пакляй прамазучаныя рукі і рухам галавы адкідаючы з ілба ўспацелыя пасмы валасоў, паспяваў усюды. Ён кідаў кароткія заўвагі рабочым, раіўся з сапёрамі.

— Глядзіце, каб электрастанцыю не пакінуць. Разбіраць некалі, мініруйце!

Рабочыя працавалі моўчкі^, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. І ад кожнага слова шчымела сэрца, вярэдзіла душу чорным сумам.

Нехта цяжка ўздыхнуў. Нехта аблягчыў душу адмысловай лаянкай.

І на якую хвіліну ўсе ўсміхнуліся.

— Варушыся, варушыся, хлопцы, час бяжыць!

Праз перастук інструменту чуваць было, як насцярожана і не ў лад пачмыхваюць парай два манеўровыя паравозікі, прычэпленыя да дзесятка адкрытых платформ. Раптам пярэдні даў прарэзлівы гудок і гуў, гуў з кароткімі перапынкамі.

— Паветра!

— Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо і выйшаў на пуці. У ясным ранішнім небе раўлі самалёты. Іх было дзесяткі са два, мо болей. Яны кружыліся над ракой, над узбярэжнымі лугамі, усё бліжэй і бліжэй падаючыся да станцыі. Характэрны гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шыбы дэпоўскіх акон і злёгку брынчала белае матавае шкельца ў стрэлачным ліхтары.

Паравозікі ўжо маўчалі. Заціхла страляніна на беразе. Кожны, хто стаяў на пуцях, нібы адчуваў біццё сэрца другога. Да Заслонава падышоў машыніст, запытаўся ціха:

— Як быць, таварыш начальнік?

— Адцягніце платформы на выходны, падалей ад дэпо!

— Ёсць, таварыш начальнік!

Ціха бразнуўшы буферамі, цягнік падаўся да выходных стрэлак.

— Не збірайцеся, не збірайцеся, хлопцы! Падавайцеся лепш у міжпуццё, у канавы.

І тут заўважылі, як з пярэдняга самалёта аддзялілася некалькі цёмных кропак. Праз якія секунды гэтыя кропкі развінуліся ў белыя плямы і павіслі ў паветры, робячыся ўсё большымі і большымі, яўна зніжаючыся да зямлі. Тое ж самае назіралася і з другімі самалётамі.

— Дэсант!

— На цягнік! Хутчэй, хутчэй! — скамандаваў рабочым Заслонаў. Рэзка зазвінеў тэлефон у дэпо. Адтуль выбег сапёрны лейтэнант, адвёў убок Заслонава.

— Таварыш начальнік, канчаем справу. Званілі з каманднага пункта, што заслон наш адыходзіць, загадваюць нам — і вам і мне — неадкладна пакінуць дэпо, каб не трапіць у пастку.

Заслонаў бачыў, як на дарозе за станцыяй прапылілі некалькі грузавікоў. То адыходзіла апошняя чырвонаармейская часць з заслона. Відаць было, як у кіламетрах двух ад станцыі беглі да яе рэдкія фігуркі ў зялёных мундзірах. Іх станавілася ўсё болей і болей, яшчэ спускаліся ў паветры белыя парасоны парашутаў.

Апошнія рабочыя і сапёры хутка прабеглі да цягніка. Толькі лейтэнант завіхаўся яшчэ ля шнуроў, што працягнуліся белымі ніткамі ў дэпо, да водаразборнай калонкі, да вадакачкі. Але і ён хутка нагнаў Заслонава, і яны ўдвух, махнуўшы рукой машыністу, ускочылі на падножку задняй платформы.

Ляснуўшы буферамі, цягнік скрануўся з месца, набіраючы ходу.

— Лажыцеся! — даў каманду сапёр, і ўсе прыніклі за скрынкамі з інструментам, за мяшкамі з пяском, якімі былі ўстаўлены барты платформы.

Заслонаў зірнуў назад. Нейкі цень мільгануў ля вадакачкі і хутка знік.

— Каго там чорт носіць, смерці шукае!

Аглушальныя выбухі адзін за адным скаланулі паветра, сізыя клубы дыму грузна павіслі над дэпо, над пуцямі. Паволі асядалі, раставалі чорныя вееры пылу.

— А вадакачка, вадакачка?! — мімаволі ўскрыкнуў Заслонаў. На яе глядзелі ўсе, чакаючы, што восьвось яна ахутаецца дымам, пахіснецца, пераломіцца напалам... Але яна стаяла і рабілася ўсё меншай і меншай,— напружана пыхцелі паравозікі, набіраючы самую большую хаду, нібы надакучыла ім дзесяткі год марудна сноўдацца на запасных пуцях і яны выпрасталі свае застуджаныя плечы, прамазучаныя грудзі, разганяючы на ўсю сілу бразгатлівыя рэўматычныя ногі, упершыню вырваўшыся ў такую далёкую і бясконцую дарогу.

А паабапал чыгункі, прасёлкамі, бальшакамі ішлі і ехалі шматлікія групы людзей. Ішлі і азіраліся на захад, на чорныя дымы пажарышч, што цёмнаю бясконцаю хмарай цягнуліся па ясным небе.

Заслонаў думаў аб вадакачцы. Аб ёй думаў і лейтэнант-сапёр. Выказаў думку ўголас:

— Чорт яго ведае... Усё зроблена было як належыць. Можа, шнур няспраўны? Дык не... На ўсякі выпадак быў і другі пракладзены...

І яны змоўклі, прыслухоўваючыся да дробнага перастуку колаў, да роўнай хады паравозаў.

Неадчэпная думка аб вадакачцы не давала Заслонаву супакою.

 

 

11

Калі апошні грузавік, даўшы поўны газ, імкліва рвануў ад райкомаўскага ганка і ў момант знік за павароткай вуліцы, Клопікаў асцярожна прыадчыніў дзверы на вуліцу. Высунуўшы кончык носа, ён агледзеўся, як тхор, у абодва канцы вуліцы і, задаволена чмыхнуўшы, паволі пераступіў парог. Было ўжо не рана. Прыгравала моцна сонца, абяцаючы спякотны дзень. Насупроць, ля райкомаўскага дома, стаялі ў задумлівай дрымоце прапыленыя каштаны. Навокал ні душы, ні гуку. Толькі чырыкалі ля ганка няўрымслівыя вераб’і, корпаліся ў пыле куры. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню, потым раптам, задраўшы ўгору дзюбу, лапатнуў разы са два крыламі, нібы ўспомніў аб нечым важным і неадкладным. І так жа раптам прымоўк. Ці то адолела яго гарачыня, ці то заўважыў ён важную постаць Клопікава, якая паволі пасоўвалася цераз вуліцу.

— Кыш вы! — замахнуўся ён палкай, і храбры певень падаўся пад плот, заклапочана клічучы сваю стракатую кампанію.

Клопікаў пастаяў ля ганка, корпаючы палкай абрыўкі газет, паперы, ашкалёпкі пабітага графіна. Падняў з зямлі вышчарблены сподак, уважліва прачытаў фабрычную марку. Зазірнуў у адно акно, у другое. Сцены без партрэтаў, без плакатаў выглядалі пустымі, няўтульнымі. Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была ўся на месцы, нават дыванчык відаць быў з-пад кучы рознага папяровага смецця...

— Дыванчык добры...

Клопікаў кінуў яшчэ вокам на шкляную шафу, на канапку, на пару новых сталоў. Гаспадарліва прычыніў аканіцы, замкнуў дзверы — ключ тарчаў у замку, відаць, забыліся пра яго — і, азірнуўшыся яшчэ раз у абодва канцы вуліцы, падаўся ў сваю крамку. Наважыўся быў прынесці лесвіцу, каб зняць злінялую шыльду, але раздумаў.

— Так яно лепей...

Акуратна зачыніўшы дзверы, доўга поркаўся за прылаўкам, дзе навалена было рознае ламачча: пакарэжаныя самавары, пазелянелыя каструлі, пагнутыя падсвечнікі, стаптаныя чаравікі, дзіравыя галёшы і ўсякае іншае дабро, даўно выкінутае з-за старасці з чалавечага ўжытку. Клопікаў перакідаў яго з месца на месца, сартаваў, прыкідваў на вока яго вартасць.

— Набытак слабы...

Крыху ўсцешыўся, падлічыўшы скрыні мыла, мяшкі з соллю і другія тавары, прызначаныя ў абмен на ўтыль.

Нешта падобнае на ўсмешку ледзь прабілася на шчаціністым блеклым твары, калі падвёў усе рахункі, падлічыў да апошняга кавалка мыла.

— На абзавядзенне павінна хапіць...

Горкі зеленаваты пыл казытаў ноздры. Раз-поразу чхаючы, гаварыў сам з сабой:

— Да шчасця, Арэст Адамавіч! Да перамены жыцця, паважаны таварыш Клопікаў... Гм... таварыш... Таварыш Кло-о-пікаў...

Клопікаў не зусім быў задаволены сваім прозвішчам, бо яшчэ ў колішнія старыя часы, калі даводзілася яму спачатку вельмі часта мяняць месца свае службы — афіцыянта альбо лакея — кожны новы гаспадар лічыў за патрэбнае грэбліва кінуць яму, калі браў ад яго пашпарт:

— І прозвішча ж у цябе, брат! З такім прозвішчам, мілы, толькі ў лазні служыць.

— Вы, судар, не турбуйцеся! Асмелюся далажыць: іншае прозвішча — адзін толькі зман, вельмі нават проста... Да прыкладу сказаць: у пана прадвадзіцеля дваранства ва ўслужэнні быў Фіялкін, лакей... Ад аднаго прозвішча ўсе дамы прыходзілі ў захапленне, і ўсе толькі да яго: Фіялкін, Фіялкін... Мне таго... Мне гэтага... душачка... А гэты, асмелюся далажыць вам, цвецік-букецік і паўгода не прабыў на тым месцы ды аднае ночы і адбыў у невядомым кірунку... Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў, не дашукаліся і прадвадзіцельскага футра... Паліцыя з ног збілася, паўгода шукала гэту вясновую кветачку... Ды дзе ты знойдзеш! Вось вам і прозвішча, судар. Канечне, пакрыўдзіў мяне бог прозвішчам, але я ў гэтым, судар, невінаваты... Імя затое маю гучнае і, асмелюся сказаць, шляхетнае...

— Годзе, годзе... Служы, брат, ды паменш размаўляй.

— Слухаю.

Праўда, прозвішча не вельмі замінала Клопікаву, калі сам ён зрабіўся ўласнікам невялічкага шынка, потым першакласнага вакзальнага буфета. Асабліва размахнуўся пры нэпе, адкрыўшы некалькі рэстаранаў. Рэстараны, аднак, лопнулі праз які год, як мыльныя пухіры, а іх уласніку давялося тэрмінова мяняць клімат. Пасля некалькіх год вымушанага вандравання Клопікаў зноў з’явіўся на родных гарызонтах, але, як сам гаварыў ён, яго ўласная планіда пакацілася ўніз. Ён пралез яшчэ ў чыгуначную кааперацыю, завёў неяк буйныя гешэфты ў трэсце вагонных рэстаранаў, але ў хуткім часе вылецеў адтуль з гучным трэскам і некалькімі гадамі ціхай адседкі. Перад вайной ён урэшце стала асеў у прапыленай крамцы утыльсыравіны. Тут, пасля ўсіх сваіх гісторый і прыгод, яму давялося, як гаварыў ён часам рэдкім сваім дружбакам, даволі багата папрацаваць па «умственнай часці», балазе часу на філасофскія развагі хапала. І ён «умстваваў» на самоце са старымі галёшамі, пазелянелымі падсвечнікамі, адслужыўшымі свой век чайнікамі і самаварамі. Думкі, аднак, былі неспакойныя і атрутныя, як медная прозелень прадзіраўленага падноса. Гэтымі думкамі часам дзяліўся ён са сваім кватэрным гаспадаром-немцам, колішнім уласнікам слясарных майстэрань. Больш за дзесяць гадоў, як Бруно Шмульке — так звалі клопікавага гаспадара — працаваў слесарам у дэпо, зрабіўшыся ў апошнія гады майстрам па бягучаму рамонту паравозаў. Бруно Шмульке ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхі, непрыкметны чалавек, негаваркі. Ён яўна ўнікаў блізкіх сувязей з рабочымі, быў дакладны і акуратны ў працы, але не дужа ўлягаў у яе, рабіў толькі тое, што яму загадаюць, што паложана па норме, ні болей, ні меней. Ён паходзіў з сям’і абруселых немцаў, не вельмі сумаваў па Германіі, у якой ніколі не быў. Да зямлі, на якой жыў ён, асаблівай прыязні таксама не меў. Насіў затоеную крыўду на Савецкую ўладу, якая пазбавіла яго ўласных майстэрань і праз якую, разумеў ён, не выбіцца яму і ў вялікія начальнікі. У гэтым пункце сыходзіліся жыццёвыя лініі Шмульке і Клопікава. Яны разумелі адзін другога і знаходзілі патрэбнае слова, глыбокі ўздых для ўзаемнага спачування. І калі Клопікаў часам скардзіўся на лёс свайму кватэрнаму гаспадару, той, пыхкаючы люлькай і пільна ўглядаючыся ў сіні кіпець, падбіты некалі малатком, адказваў праз якую хвіліну-другую:

— Жыццё, таварыш Клопікаў,— складаная штука... Хітрая штука...

І на гэтым змаўкаў. Ён не дужа прыхільна ставіўся да былых клопікавых авантур, да былой рызыкі кватаранта і, калі трапляўся які рэдкі выпадак,— у часе свята, за бутэлькай піва,— мякка папракаў Клопікава:

— Жыццё кожнага мае свой маштаб, свой калібр. Не трэба выходзіць з калібра. Тады бываюць аварыі... Кожны чалавек павінен мець свой калібр, не ламаць калібр.

— Калібр, калібр...— перадражніваў Клопікаў маўклівага субяседніка і прыходзіў у ціхую злосць: — Рыбіная кроў у цябе, ласкавая душа! Хіба калібр ад цябе залежыць?.. У цябе такія тры майстэрні былі, дом каменны. А цяпер ты што? Дзе твой стары калібр?

Шмульке, крыху расчырванеўшыся ад піва, спакойна адказваў:

— Я ёсць майстар дэпо... Гэта раз...— І ён акуратна загінаў палец на руцэ.— Я ёсць... маю свой дом. Гэта два... Свой агарод. Гэта тры... Свая карова і свіння... Свая жонка і дзеці... Я... я... я... Я маю добрае здароўе, добры спакой...— І тут Шмульке ўзнімаў угору растапыраныя пальцы абедзвюх рук.— Вось колькі маю я! А таварыш Клопікаў, меўшы такую вялікую рызыку і гарачую кроў, лічыць цяпер старыя галёшы... У таварыша Клопікава няма ні жонкі, ні дзяцей, ні свіней... У яго няма спакою.

— Ну, ну, хопіць, хопіць! Не чапай душы, бо ты яе не разумееш...

Аднак з некаторага часу Шмульке таксама страціў спакой. Пачалося гэта гады са два таму назад, а мо і болей, асабліва з таго часу, калі аб яго далёкай радзіме пачалі гаварыць усё болей і болей. Ды і сам ён па радыё слухаў часам нямецкія перадачы і не мог дакладна ўцяміць, чаго хочуць яго неспакойныя суайчыннікі. Ён чуў аб вялікай Германіі, аб нейкай вялікай місіі, да якой заклікалі нямецкі народ. Гэта мала абыходзіла яго. Калядная шынка, добрая каўбаса з капустай былі куды бліжэй яму, чым розныя місіі. Няхай яны вычвараюць там, што хочуць, абы яму было спакойна і ўтульна ў яго нізкім драўляным доміку з акуратным палісаднікам, з ладным агародам, на якім так прыемна пакорпацца пасля работы. Але радыё не давала спакою. Яно ўжо крычала часам і істэрычна пагражала кожнаму немцу, які жыў за межамі Германіі, што да яго дабяруцца, запытаюць: а што ён зрабіў для вялікай Германіі, для вялікай місіі. Так, так, дабяруцца, бо для новай Германіі няма граніц, няма ніякіх перашкод, няма і не будзе межаў святой помсце нямецкага народа... Народа, які вышэй, разумней за ўсіх...

Мо і ён, Шмульке, таксама пакрыўджаны немец? Не, не, не... Аб гэтым не варта думаць, а тым больш гаварыць... А ў душу паступова пралазіла адчуванне нейкай прыкрай раздвоенасці: нашы, выходзіць, там, а тут, няйначай, не нашы... Ну так, не нашы... І разам з непакоем урываўся ў душу смутак і яшчэ не акрэслены добра страх: а што, калі дабяруцца і да яго, запытаюцца, загадаюць даць справаздачу неспакойныя суайчыннікі. І калі папаўзлі першыя весткі аб пачатку вайны, Шмульке канчаткова страціў спакой, хадзіў разгублены, нібы апанаваны нейкай адной неадчэпнай думкай. Ён часта рабіўся задуменным, безуважлівым да ўсяго: стаіць і глядзіць, утароплены ў якую-небудзь кропку, забывае пра інструмент, а то хапаецца не за той, які трэба. Некаторыя з рабочых спрабавалі кпіць, нязлосна пасмейваліся:

— Сваіх чакаеш, Шмунька?

Разгублены, ён, аднак, разважліва адказваў:

— З гэтага не смейцеся. Грэх смяяцца. Гэта вайна. Вайна — вялікае няшчасце!

Яго пакідалі ў спакоі. А калі начальнік дэпо сур’ёзна, зусім сур’ёзна сказаў яму: «Рыхтуйце чамадан, Шмульке, заўтра рушым у дарогу. А мо не паедзеце з намі?» — адчуўшы, як павеяла халадком па спіне, Шмульке хуценька адказаў: «Не, не, не... Паеду! Я савецкі рабочы, таварыш начальнік».

Ён, можа, і паехаў бы, хаця душа яго трапятала страхам адказнасці перад суайчыннікамі, страхам за сям’ю, за добра ўладжаны дабрабыт. Але ў часе дэсантнага налёту Шмульке, да жудасці баючыся бомб, забраўся ў самую канаўку ля вадакачкі, па той бок пуцей. І калі, прыўзняўшыся, ён агледзеўся, то ўбачыў толькі сапёра-лейтэнанта ды апошнюю платформу з цягніка, на якую торапка ўзбіраліся рабочыя. Вось і лейтэнант пабег. Шмульке хацелася крыкнуць: «Пачакайце!» Хацелася бегчы ўслед, але ногі былі як прыкутыя да зямлі — да таго баяўся смерці Шмульке, самалётаў, якія кружыліся ў небе, пагрозна гурчалі маторамі. Ён ускочыў, потым паўзком дабраўся да вадакачкі, прыхінуўся гарачым ілбом да халодных цаглін фундамента. На якую секунду стала лягчэй на сэрцы. І раптам аж прыўзняўся і стаяў збялелы, увесь укрыты халодным потам, адчуваючы, як заходзіцца сэрца ў нястрымлівым бегу, як падгінаюцца і дрыжаць каленкі. Ля самых ног працягнуліся два шнуры. Іх прызначэнне добра ведаў Шмульке. Анямелай рукой ён ледзь-ледзь выцягнуў кішэнны сцізорык і, трасучыся, як у ліхаманцы, пачаў рваць нажом непадаткія шнуры. Вось разрэзаў, адкінуў канцы ўбок. І ў гэтую секунду яго збіла з ног хваля гарачага паветра, засыпала ўсяго пяском, сухім вапнавым друзам.

А праз якую хвіліну ён стаяў, прыхілены дужымі рукамі да сцяны вадакачкі. Некалькі аўтаматаў уперлася яму ў грудзі, і салдаты ў мышастых мундзірах грозна дапытваліся, хто ён. Пераадольваючы смяротны страх перад імі, ён праз сілу выціскаў з сябе кароткія, абрывістыя словы:

— Я ёсць... Шмульке... Бруно... майстар дэпо... Ай... дайце мне... сесці...

Яму пагражальна тыцнулі пад нос канцы шнуроў.

— Я... перарэзаў... вось...— паказаў ён і на свой сцізорык, што ляжаў каля ног.

Аўтаматы перасталі тыцкаць у грудзі. А праз хвіліну падцягнуты афіцэр, выслухаўшы кароткі рапарт яфрэйтара, важна паціскаў Шмульке рукі, частаваў яго сігарэткай:

— Армія фюрэра не забудзе вас, Бруно...

— Шмульке...— дрыжачым голасам падказаў ён, адчуваючы, як жывая цеплыня прыемнай хваляй разліваецца па яго целе, саграваючы аслабелыя, пахаладзелыя ногі.

— Шмульке! Вы сапраўдны патрыёт Германіі!

Так Брунька-Шмунька зрабіўся героем.

У яго доме яшчэ не ведалі аб гэтым нечуваным гераізме. Шмулькава палавіна каторы раз асцярожна выглядвала на вуліцу, чакаючы свайго чалавека і здзіўляючыся яго неакуратнасці: яе адданы муж ніколі не парушаў дакладнага часу абеду і сам не любіў, калі яна па той ці іншай прычыне парушала раз устаноўлены распарадак у хаце. Калі ж сцены хаты страсянуліся ад выбуху і некалькі шыбінак са звонам пасыпаліся на падлогу, Шмулькава палавіна страціла ўсякую раўнавагу. Яна выскачыла на вуліцу, паклікала Клопікава, які быў напалоханы не менш за яе, і яны з жахам глядзелі на вялізнае воблака пылу, якое вісела над станцыяй.

— Дэпо ўзарвалі!

Тоўстая Шмульчыха так і асунулася на зямлю, і хударляваму Клопікаву хапіла даволі турбацыі, покуль ён уладкаваў сваю кватэрную гаспадыню на ганак дома і прывёў яе да яснага розуму. А неўзабаве з’явіўся і сам Шмульке. Ад перажытых прыгод ён страціў напалову дар мовы і, мнагазначна супячы бровы, ледзь выціснуў з сябе адзінае слова:

— Прыйшлі...

— Хто?

— Яны...

— Хто такія яны?

— Нашы! Армія фюрэра! Салдаты вялікай Германіі... Яны ніколі не забудуць...— І Шмульке вёрз яшчэ немаведама што, не разбяры-бяры. Клопікаў спачатку прызвычаена чмыхнуў, потым падсабраўся неяк, падцягнуўся і пачціва выслухаў усе нячленараздзельныя словы. Як-ніяк, разумеў: чалавек вельмі ўсхваляваны. І калі той скончыў сваё паведамленне, Клопікаў афіцыйна-ўрачыста звярнуўся да яго:

— Віншую вас, пан Шмульке! Я заўсёды паважаў вашу нацыю. Порсткая нацыя, нічога не скажаш... Яна пераможа ўсіх. Віншую, віншую!

— І вас віншую, таварыш Клопікаў.

— Не, не, не...— нават рукамі замахаў той,— у таварышы я не згодны.

— Выбачайце, пан Клопікаў. Па старой звычцы...

— Што ж выбачаць? Ці мы не добрыя суседзі, ці мы не старыя дружбакі з панам Шмульке? Колькі пражылі год пад адным дахам, вельмі нават проста. Пад вашым дахам, пан Шмульке.

— О-о... так, так...— здолеў прастагнаць стомлены і перагружаны ўражаннямі герой і пачаў ладзіцца, дзе прылегчы, адпачыць, каб не залішне пашкодзіць свайму здароўю.

Роўма раўла Шмулькава палавіна. Ці то ад перамог вялікай Германіі, ці то ад вялікага перапуду за лёс свайго храбрага ўладара...

 

12

Дубок не любіў заседжвацца. То поркаўся на двары, перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі, ды і дзед Сымон сілком адабраў сякеру:

— Кінь ты, браце, хоць мяне сарамаціць! Яшчэ, дзякуй богу, жыў я да гэтага часу без парабкаў. А то, крый божа, людзі яшчэ скажуць: прымушаю хворага чалавека руку верадзіць.

— Не разумееш ты мяне, дзед. Сумна мне без работы... Я, можна сказаць, першай рукі сапёр! Я, дзеду, што хочаш змайструю. Хочаш мост — на табе мост, на любы пралёт, на любы танаж... Хочаш на палях, хочаш так, любую фермачку змайструю — залюбуешся, сукі-тапорыкі! Хочаш бліндажык, міргні толькі. І хату зрублю. Магу і калодзеж паставіць. Каб ты, скажам, вятрак меў, я любую маху адгаблюю, і вокам не міргнеш — да месца яе прыладжу, як улітую. Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся.

— Гэта ты правільна, браце, кажаш. Да ўсяго свой струмент. І струмент і паняцце. Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Ці там дзежачку якую на гуркі, ці табурэцік у хату, цабэрак, вядзерца.

— А кіньце вы! Вядзерцы, цабэркі... Якое можа быць разгарненне для чалавека ў вашай дзежачцы?

— Не кажы, браце, не кажы! Ты майго рамяства не чапай. Не кожны да яго здатны. Не ў дзежачцы адной справа. А паспрабуй вось дрэва знайсці, каб адмысловае! Для адной рэчы дуб патрэбны, для другой бяроза здатна. А каторым падавай ліпу. Для кубла, скажам, і хвойкай абыдзешся. Не кажу пра асіну — гэта ўжо тандэт. Ізноў жа — калі і якое дрэва браць, як распілаваць, пашчапаць, як сушыць. Патрэбна ў гэтай справе вя-а-лікая навука! Вось паспрабуй біклажачку зрабіць. Другому здаецца гэта: вось узяў і зрабіў, і ўсё... Гэта каторы не разумее. А тут хітрая справа! Уладуеш яе, дык яна аж звініць, як званочак той. Прыкладзі да вуха — усякі гук яна збірае: і лесавы і палявы... Вады ў яе нальеш, яна ў цябе, як у крыніцы, заўсёды сцюдзёная. І насі сабе на здароўе яе век векам, і ўнукам яшчэ астанецца. А ты кажаш. Не, браце, кожная справа патрабуе розуму, навукі. Ізноў жа, каб хаценне, бо любая справа патрабуе, каб яе любілі. Ну што гэта за работа, калі ты да яе не маеш сэрца? Але і ў цябе, бачу, рукі з свярбоцінкай да работы, хвацкія рукі!

— Сумна, дзед, сумна... Нашы там кроў праліваюць, ваююць, а я тут лынды б’ю, па завуголлю аціраюся, каб яны спарахнелі.

— А божухна, пра каго ты гэта?

— Пра фашыстаў, пра каго ж!

— Пра іх можна. Але што зробіш, хіба ж ты вінаваты? Вось ачуняеш крыху. А там мо і нашы падыдуць. Яно да ладу ўсё і выйдзе. А фашыст, вядома... без патрэбы ён нам, фашыст. Кожнаму скажу: барані божа, каб яго далей пускаць! Абдзярэ ён нашага чалавека, як ліпку. Я нагледзеўся на немца яшчэ ў тую вайну. Собіла ж мне ў палон тады трапіць, два гады адпетаваў. Быў у гаспадара аднаго, на манер, скажам, парабка, ды яшчэ горш. А гаспадар, па-нашаму сказаць, кулак. Каровы там, коні ў яго, свінні завадскія, усё як след... І чыста жыў, сукін сын, культурна, прыбіральня з вадой і ўсё такое... Але скажу я табе, што і сэрца ў яго з вадой. Душу з мяне вытрасаў, дай ты рады... Петаваўся я, петаваўся два гады, а як давялося мне дахаты падацца, дык ён пінжак са спіны здзёр, у якім працаваў я. Даў на дарогу рызманок нейкі, вядома, выпрасаваны, ды сала з паўхунта, і тое усе выважваў, каб лішняга грама не перадаць. Не, не дай божа з такімі людзьмі справу мець ці, крый божа, у пастку да іх трапіць! Вось ён які бывае, немец. Гэта я, вядома, пра немцаў-жываглотаў кажу. Каторыя ж немцы з мазаля жывуць, тыя людзі як людзі. А пра літасць, пра жаласць у сэрцы ў такога жываглота дык і не пытайся.

Калі даводзілася мне захварэць выпадкам, дык ён адразу на нішчымніцу пераводзіў ды яшчэ тлумачыў: «Ад цябе, Сымон, толькі страты ў гаспадарку. Ты б не хварэў лепш, тады і мне зручней і табе лепей. Іначай жа давядзецца цябе адаслаць у лагер». Без душы кулак. Ад яго, відаць, і фашыст пайшоў... Дзіва што кажуць, ён цягнікі нашы з дзецьмі расстрэльвае, старых не мілуе. Ён гэта можа.

Сымонавы апавяданні не весялілі сапёра. Ён часам ішоў у лес, падбіраўся да ракі, дзе немцы наводзілі сталы мост, залазіў у непралазны параснік і пазіраў адтуль, як корпаліся немцы, як выраўноўвалі яны круты з’езд для моста. Там жа працавалі палонныя, а таксама вольныя, якія былі пад канвоем. Не мог на гэта доўга глядзець Дубок... Хадзіў па лесе, прыслухоўваўся да птушынага шчэбету, да гоману хвой, прыглядаўся да лесавых красак. На балоцінках аж гарэлі пад сонцам жоўтыя, залацістыя люцікі, буйна раскінуліся белыя і сінія касачы. Ірдзелі на палянках чырвоныя смалянкі, дробныя зоркі купалак аж прасвечвалі пад сонечным променем. Па берагах ручаіны веяла студзёнасцю ад зябкага блакіту незабудкавых разліваў. А па расцяробах, па ўгрэвах чырванелі суніцы, і пах ад іх ішоў тонкі-тонкі... Так пахне ў дзяцінстве вясна... А ўсюды, на лугавінках, на залесных паплаўцах, што каля дробнай рачулкі ля шашы, браліся густыя, у пояс чалавека, травы. За лесам зелянелі жытнія палі. Пад ціхім ветрам яны пераліваліся цёплымі трапяткімі хвалямі. І другім часам глядзеў бы і глядзеў Дубок на гэтае мора, не адрываючыся, слухаў бы шолах яго зялёна-празрыстых хваль, на спадах якіх прабіваліся дзе-нідзе васільковыя сінінкі.

Цяпер нішто не цешыла вока. Ад шашы патыхала даўкім, саладкаватым пахам, пахам тлену. Кіламетраў за шэсць на ўсход ад вёскі адбыўся, відаць, зацяты бой. Тут шаша праходзіла цераз невялічкую рачулку.

Доўгі драўляны мост быў крыху пашкоджаны, але яго спехам наладзілі. А навакол варонка на варонцы, колькі тых бомб адных палажылі! Тэлеграфныя слупы былі пабіты, каторыя пахіліліся, пакручасты дрот віўся паблытанымі клубкамі. Па абочынах дарогі — падбітыя, пагарэлыя машыны, конскія трупы. Зарыўшыся дулам у чорны торф, ляжала пад адхонам перакуленая гармата. Жалезнае кола яе было пакарэжана, пашчапана.

Усё наваколле абышоў Дубок, асцярожна пазіраючы на шашу, па якой цэлымі гадзінамі цягнуліся на ўсход бясконцыя нямецкія абозы, прапыленыя калоны пяхоты, імчаліся, грукацелі плямістыя танкі, цяжкія грузавікі на гусеніцах, маланкава праносіліся матацыклісты.

За шашой была чыгунка. На ёй не відаць было ніякага руху, у гарадку аднаўлялі ўзарваны чыгуначны мост. Таксама не было руху і па лесавой дарозе, па бальшаку. І калі пазіраў Дубок на дарогу, на сэрцы ў яго рабілася лягчэй: гэта ж ён, не хто іншы, узарваў тады мост... Дзе цяпер камісар?

І гледзячы на шашу, на драўляныя масткі, якія часта трапляліся тут на балоціне, Дубок загадкава ўсміхаўся:

— Вы ў мяне дачакаецеся!

Але як жа здзіўлены быў ён аднаго дня, калі, блукаючы пад вечар па лесе, падаўся да шашы і заўважыў там несусветны гармідар. Уся шаша, як вокам скінуць, была запоўнена машынамі, конным абозам, рознымі нямецкімі часцямі, якія збіліся, перамяшаліся ў адну кучу. І яшчэ болей здзівіўся ён, калі зірнуў на доўгі мост цераз рачулку. Моста як не было. Паламаныя бэлькі, парэнчы, счарнелыя дошкі насцілу грувашчыліся ўнізе ў вадзе. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк. З другога відаць была з вады толькі гармата. Некалькі грузавікоў ляжалі бітым друзам, ад вады і да самага адхону грамаздзіліся яны бязладнай кучай. Заваленая ламаччам рачулка ўзнялася і пагрозна шумела, збіваючы з ног абалдзелых немцаў, якія заўзята валтузіліся ля двух танкаў, падводзячы пад іх сталёвыя тросы. З другога боку, куды ямчэй было даступіцца з лесу, цяжкія грузавікі падвозілі свежыя, проста з пня сасновыя бярвенні. Чуўся перастук сякер. Немцы спяшаліся аднавіць мост. Частку лёгкага абозу заварочвалі назад, каб пусціць дзе-небудзь з шашы на прасёлкавыя дарогі.

— Вось гэта здорава! Гэта работка, сукі-тапорыкі... І хто б толькі мог? — з вялікім аблягчэннем на сэрцы ўздыхнуў Дубок. І ўся нуда, увесь сум апошніх дзён, якія трымалі яго, як у ланцугах, пакінулі яго.

У галаве мітусіліся розныя думкі, адна другой весялей. І нібы ў адказ на сапёравы думкі ў далёкай празрыстасці неба неяк раптам узніклі, шырыліся, нарасталі яшчэ не зусім ясныя, але такія жаданыя і радасныя гукі. Спачатку, як слабы звон струны, потым мацней, мацней. І ўжо відаць былі пад белымі перыстымі хмурынкамі тры самалёты. Нашы. Шаша прымоўкла. Сям-там разбегліся немцы, заляглі па абочынах, не варухнуцца. Сціхлі галасы ля моста. Толькі чуваць было, як пагрозна раве вада, прабіваючыся ў пене, у вадаспадах праз груды ламачча ля былога моста.

Размінаючы самлелыя ногі, ён наважыўся ўстаць, каб паціху падацца назад, да вёскі. І аж прысеў неспадзеўкі: з-за бліжэйшага ляска, што за рачулкай, нібы з неба зваліўшыся, з грукатам, гудам, з шалёнай стралянінай, вываліліся некалькі самалётаў і чорным віхрам пранесліся над самай шашой. На якую секунду зніклі за павароткай дарогі, за лесам, і зноў, як маланкі, праслізнулі ўздоўж дарогі... Яшчэ і яшчэ! Аж спацеў сапёр ад вялікага хвалявання, прыліпла да спіны кашуля.

— Чыстая работа! Сякуць, як сапёры! — голасна выгукнуў ён.

На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам. Выбухі скаланалі паветра, вырываліся праз дым і пыл гарачыя языкі полымя. Фашысты бязладна кідаліся ў бок ад шашы, але далей не было дарогі: вада, балота, непралазная дрыгва не давалі ім ходу. Афіцэр спрабаваў намацаць нагой цвярдзейшае дно, перастаўляў нагу, сіліўся адалець балота.

Не сцярпеў Дубок і, выхапіўшы здаровай рукой вінтоўку, што ляжала поплеч, прыхаваная на ўсякі выпадак пад папараццю, прымасціўся перад купінай, палажыў ружжо на яе, злаўчыўся неяк, выстраліў. Гітлеравец тыцнуўся носам у зялёную твань, пасунуўся, не ўстаў. І пакуль ішла на шашы завіруха, сапёр выпусціў усю абойму, не спяшаючыся, выбіраючы добрыя цэлі. Хацеў яшчэ, але адной рукой цяжка было саўладаць з затворам,— відаць, заела там ці што, бо вінтоўку ён толькі падняў перад гэтым у лесе і не паспеў яшчэ прывесці яе да парадку. Ды і фашысты на шашы ўрэшце ачуліся крыху, бо самалёты так жа маланкава зніклі, як і з’явіліся. І тут толькі ўспомніў сапёр, як у часе яго стральбы, непрыкметнай для немцаў у такой заварушцы, ён выразна чуў, што недзе паблізу з ім раздаваліся з лесу вінтовачныя стрэлы. Нават калі выпусціў ён апошні патрон, некалькі такіх стрэлаў данеслася да яго. Стралялі недалёка, мо ў якой сотні метраў, справа. І гэтыя стрэлы таксама заціхлі, як пачала супакойвацца шаша. Гітлераўцы ўжо не бегалі без памяці, там наладжваўся сякі-такі парадак. Скідалі з шашы гарэўшыя грузавікі, рассоўвалі збітыя ў кучу машыны і яшчэ больш завіхаліся ля моста.

Цямнела. Над рачулкай, над балоцінкамі паволі ўзнікалі кучаравінкі туману, раслі, клубіліся, ахінаючы ўсё шэрай, зыбкай вільгаццю. Адчуў Дубок, што ўзмакрэў, ныла спіна пад успацелай сарочкай. Гэтулькі перахваляваўся. Ён устаў і пайшоў задуменны па лесе, не дужа хаваючыся, нават ускінуўшы на рэмень вінтоўку, каб прыхаваць яе дзе ў больш зручным месцы.

З галавы не выходзілі думкі аб стрэлах з вінтовак. Значыць, не ён адзін ходзіць па лесе. Відаць, ёсць і другія такія людзі, у якіх думкі ідуць адным ладам, адным і тым жа ходам. Гэта добра, вельмі добра... Апошнія дні ён нездарма хадзіў па лесе. Былі ў яго сякія-такія набыткі, некалькі вінтовак, колькі нямецкіх аўтаматаў, пачатыя і непачатыя скрынкі патронаў і рознае іншае дабро. Усё ляжала цяпер пад лесавымі вываратнямі, у дуплах векавых ліп, у густых зарасніках багуну, пад леташняй папараццю. А некалькі скрынак снарадаў яму прыйшлося проста закідаць усякім ламаччам, бо адной рукой з імі не саўладаеш. Вось толькі ніяк не мог уцяміць, дзе маглі падзецца два лёгкія кулямёты з добрым запасам патронных дыскаў, знойдзеныя ім заўчора. Ці то забыўся на месца, дзе прыхаваў, ці, можа, знайшоў хто другі яго схованку. Але ж месца прыкметнае: на самым касагоры над рэчкай старая, замшэлая яліна выцягнула, як руку, вялізны касматы сук на поўдзень. Пад ялінай непралазны падлесак. Маладыя елкі, хвойкі, густы арэшнік ды дубовыя кусты па адхону, аж да самай вады, да лазовай гушчэчы. Каля яліны і прыхаваны былі тыя кулямёцікі. А сёння вось і няма. І такое ж, здаецца, здатнае месца, дык жа выпараў нехта...

Дубок задумаўся на хвіліну, прыхіліўшыся да шурпатага ствала тоўстай хвоі, ад якога патыхала яшчэ дзённым цяплом, угрэтай, пахучай смоллю. Прыемна закружылася галава, салодкая млявасць прайшла па целе, так было ўтульна тут, зацішна... І цёпла спіне. Над лесам стаяла цішыня. Толькі вяршыні стромкіх хвой ледзь-ледзь шамацелі ў цёмным далёкім небе. І не пазнаеш, ці то шалахціць ігліца, ці то зоры варушацца і церушацца там, ападаючы раз-поразу бліскучай знічкай-рыскай. Прыслухоўваючыся да адвечнага баравога гоману, Дубок пачуў ціхія галасы, дзесьці там, унізе, над рачулкай. Шалахнулася трысцё, прыбярэжная асака, пачуўся асцярожны шорхат, нібы валачылі што цяжкое па мокрым пяску. Галасы сталі чуваць выразней, людзі ўзбіраліся па адхону, рассоўваючы густое вецце арэшніку. Дубок асцярожна падаўся ў яловы гушчар, пільна прыслухоўваючыся да кожнага слова. Вось чатыры цёмныя постаці ўзняліся на самы ўзлобак, падаліся да яліны. Усе ішлі засопшыся, спатыкаючыся, відаць, неслі нешта, мо цягнулі. У водбліску месяца, што ледзь прабіваўся сюды праз вяршыні хвой, Дубок заўважыў, што пярэдні накульгвае крыху. Вось ён спатыкнуўся ці то аб камень, ці то аб корань, гучна вылаяўся:

— От чорт, нагу наверадзіў...

І па голасе, і па характэрнаму накульгванню Дубок пазнаў старшыню сельсавета Апанаса Шведа. І адразу ж падаўся — аж захрабусцела сухое ламачча — наперад, да людзей, аклікаючы старшыню:

— Апанас Рыгоравіч! Апанас Рыгоравіч!

Тыя ў момант сталі.

— Што там такое? — трывожна спытаў пярэдні. Двое, што ішлі за ім, заўважыўшы чалавека з вінтоўкай, кінуліся яму напярэймы:

— Стой, стой! Рукі ўгору!

— Ды стаю, стаю! І руку падымаю, а другую, хоць страляйце, не магу... Ну, чаго вылупіліся?

— Каго ж тут ліха носіць? — запытаўся, падыходзячы, Швед. Прыгледзеўся, засмяяўся:

— О халера, напужаў! Гэта ж Дубок, з Ганніных сыноў, значыць... Што гэта за плячамі ў цябе, якую ламачыну прэш, сукі-тапорыкі?

— Што належыць салдату, тое і нясу, таварыш старшыня!

— Глядзі ты! Адказ правільны... Але скажы ты мне, даражэнькі, дзе гэта насіла цябе па лесе, ідзеш адкуль?

— На шашу хадзіў. Ногі насілі, таварыш старшыня! На нямецкую кашу дзівіўся... Крутая кашка!

— Бач ты...— праказаў Швед і нібы крыху разгубіўся, не знаходзячы патрэбнага слова. Толькі і чуваць было: —Та-а-ак... Справы! —І ўжо з роздумам: — Спаць бы табе, Дубок, у цёткі Ганны на печы, як у хрыста за пазухай... Ці з тваёй рукой па лесе сноўдацца, ды такім, можна сказаць, часам нязручным. Спаць бы ды сны бачыць.

— Не спіцца, таварыш старшыня!

— Гэта ты добра гаворыш. Не да сну. Заснеш і праспіш свет белы. А то і не прачнешся. Ізноў-ткі, кажу, адказ ты даеш правільны...

Гутарка ішла, але паміж людзей адчувалася нейкая нацягненасць, у словах чулася загадкавасць, няяснасць. І ў кожнага, акрамя Дубка, мільгала адна і тая ж думка: «Вось жа не да ладу сустрэча... Ні ўзад, ні ўперад!»

Яны стаялі кучкай, засланяючы ад сапёра рэчы, якія цягнулі перад гэтым. Але Дубок яшчэ і раней угледзеў пару кулямётаў і ні з таго, ні з сяго засмяяўся:

— А я думаў, дзе мае лёгкія кулямёцікі?! Быць не можа, каб яны вашых рук мінулі...

Швед аж патыліцу пачухаў, чмыхнуў носам і таксама засмяяўся.

— Глядзі ты, знайшоўся гаспадар на кулямёты!

І ўжо зусім лагодна кінуў хлопцам:

— Пайшлі! Нічога не зробіш...

Рушылі моўчкі. Не даходзячы якіх кіламетры са два да вёскі, мякка сказаў сапёру:

— Ты б ужо здаў нам і сваю ламачыну. Думаю, што і другіх сваіх схованак таіць ад нас не будзеш? А цяпер, браце, ідзі з богам дахаты. Нам яшчэ трэба сёе-тое зрабіць, на якую хвіліну затрымаемся. Ды не крыўдуй, разумець усё павінен, раз ты салдат. Ды што бачыў у лесе — нішкні, ні гуку! Дык бырай...

— Апанас Рыгоравіч! — уздыхнуў тут сапёр.— Што ты са мной дражнішся? Чаму вы ад мяне хаваецеся? Бачу я ўсё, разумею.

— Тым лепш, калі разумееш. А крыўдаваць не крыўдуй... Будзе патрэба якая да цябе, адразу паклічам. Ды руку загойвай. Ну, бывай...

 

13

Андрэеў хаця і папраўляўся, але папраўка ішла надзвычай марудна,— відаць, страціў багата крыві. Яго клапатліва даглядала Надзя. Рабіла перавязкі, грэла яму малако. Нага ў камісара пакрысе зажывала. Ён нават рабіў спробы станавіцца на яе, але пры кожным дотыку да падлогі пякучы боль праймаў усё цела, і камісар, цяжка дыхаючы, бездапаможна адкідаўся на падушкі. Горш было з рукой. Рана то зацягвалася крыху, спадала пухліна, потым ізноў узнімаўся боль.

— Баліць, дзядзечка? — пытаўся ў яго Васілька.— Вы, дзядзя, ёдам памажце больку, тады яна і загоіцца. Мне мама заўсёды ёдам мазала, калі я палец парэжу. А мама ўжо каторы дзень не прыходзіць... Вы не ведаеце, дзядзечка, ці хутка яна прыйдзе?

Здаецца, ад слоў малога суцішаўся боль, і Андрэеў, гледзячы ў сінія хлопчыкавы вочы, намагаўся выклікаць на сваім твары нешта падобнае на ўсмешку, коратка адказваў:

— Думаю, што яна хутка прыйдзе. І татка твой прыйдзе.

— Не, татка не прыйдзе. Ён фашыстаў б’е... Пакуль не пераб’е іх усіх, не прыйдзе.

З дня на дзень збіралася Надзя завесці малога да яго дзеда, да дзядзькі, і ўсё не адважвалася: каму прыемна вестка аб страшэнным няшчасці з іх роднымі, блізкімі. Ды бацька параіў: няхай усё крыху суцішыцца, праяснее. Ён дапускаў думку, што дачка старога Сілівона і не загінула, не варта дарэмна трывожыць старых. Ізноў жа, у Андрэя Лагуцькі і без таго багата цяпер клопатаў, каб у лішняе гора лезці. Вось чаму Васілька да пары да часу жыў у старой леснічоўцы. Гуляў з Надзяй у лесе, ля ручая. Пасвіў карову з Піліпчыкам, збіраў суніцы. Піліпчык часам распытваў яго, як яны знайшлі Андрэева і хто ён такі.

— Не ведаю,— адказваў Васілька.— Мы яго з цёткай Надзяй хавалі ў лесе, а ты прывёз адтуль. Яго фашысты забіць могуць, бо ён начальнікам над чырвонаармейцамі быў. Таму і казаць аб ім не трэба. Ён вось загоіць раны і будзе фашыстаў біць!

— А твой татка таксама начальнік?

— Мой татка камандзір, але казаць пра яго табе не буду, тут, можа, якія фашысты ходзяць, яны яшчэ і пачуць могуць...

— Уга! Дужа мы спужаліся гэтых фашыстаў! Я з дзядзькам Астапам вунь нямецкіх дыверсантаў біў, а ён кажа...

Калі на тое пайшло, дык ён можа паказаць Васільку такое, што таму і не снілася. Знайшоў чым пужаць!

— Пойдзем вось! — паклікаў ён хлапчука, яўна намерваючыся паказаць яму ў лесе сваю схованку, дзе былі розныя цікавыя рэчы: цэлая скрынка патронаў, гранаты, скрынка нейкіх папяровых патронаў, задужа вялікіх, і самы сапраўдны пісталет. Праўда, пісталет гэты нялюдскі, дужа ўжо зашырокае дула. Падумаў пра сваё багацце Піліпчык і схамянуўся, спыніўся. Успомніў самы суровы загад дзядзькі Астапа: усё, што знойдзе ён у лесе ці дзе на полі, абавязаны яму паказаць і каму другому аб гэтым ані слова, ні гуку.

— Не пагляджу, што ты мой пляменнік, абодва вухі пушчу на мачалу!

І Піліпчык паказваў Васільку ўсякія іншыя свае сакрэты: барсуковую нару пад хваёвым пнём, птушынае гняздо ў кусце.

Піліпчык частаваў Васільку чмяліным мёдам. Пілі праз саломінкі з сотаў, якія выпараў Піліпчык з пухнатай купіны. Мёд надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшы ад таго, што самі ж яго дасталі, самі яго знайшлі. Калі не Васілька, то Піліпчык.

І ўсё было б так добра, калі б не гэты пракляты чмель. Ён загуў, забумкаў проста перад носам у Васілька. Той адчайна замахаў рукамі.

— Не варушыся, ён цябе не зачэпіць! — раіў Піліпчык.

Але дзе там не зачэпіць. Праз якую хвіліну Васілька цёр свой нос, з усіх сіл намагаючыся, каб не расплакацца. Ён жа мужчына! Піліпчык прыкладаў яму да носа нейкі лапушысты ліст, потым абмываў халоднай вадой ля ручая. Але боль не сунімаўся, чырванеў і распухаў нос, і калі памацаў яго Васілька, дык яму аж страшна зрабілася: нос стаў вялікі і цвёрды, як бульбіна. Тут ён ужо не вытрываў, і буйныя слёзы пасыпаліся з вачанят. А гэты нахабнік Піліпчык рукі ў бокі і рагоча, аж заходзіцца.

— Вось дык нос! То быў у цябе кірпаты, маленькі, а цяпер, як у твайго дзеда Сілівона.

Васілька пабег да Надзі, каб палячыла ёдам.

— Хто ж гэта табе так раздзяўбаў?

— Чмель параніў... Такі вялікі-вялікі!

Надзя таксама рассмяялася, усміхнуўся і дзядзька Аляксандр, учуўшы пра чмяліную рану. Васілька збянтэжыўся крыху.

— Гэта і так пройдзе. Ёду не трэба, вось я табе прамыю твар — рана і загоіцца.

Васілька адчуваў сябе крыху пакрыўджаным за такую знявагу яго раны... Але дзядзька Аляксандр прытуліў яго да сябе, пагладзіў па галаве, аблашчыў:

— Хочаш, казку табе раскажу?

— Казку можна, казкі я люблю.

Хутка малы заснуў. Надзя асцярожна распранула яго, напаіла ўжо соннага малаком, занесла на ложак.

Вечарэла. У акне відаць былі асветленыя скупым сонцам вяршыні хвой і елак. За сцяной у вуллі сціхаў пчаліны гуд.

З мяккім посвістам праляцелі над хатай дзікія качкі. Недзе ў лесе азваўся крумкач,— відаць, дабраўся да гнязда пасля дзённых вандраванняў. Першы вячэрні жук вытнуўся аб шыбіну акна, змоўк на якую хвіліну і зноў загуў ля маладой бярозкі каля акна. Над балоцінкай сумна забляяў баранчык. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь, шырокую печ ля парога. Адазваўся ў запечку цвыркун — веснік блізкай ночы.

У гэтыя вячэрнія часы вельмі дрэнна адчуваў сябе камісар. Находзіла такая туга, хоць ты бяжы з гэтай глухой леснічоўкі, дзе за ўвесь дзень не ўбачыш новага чалавека. Не раны гнялі, гняла невядомасць, што робіцца цяпер на свеце, што робіцца там, за лініяй фронту. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. І такі смутак апаноўвае, хоць ты памірай. Зусім бы іншая справа, каб не гэтая нага і рука. Вунь Астап ходзіць недзе ўвесь дзень, у яго поўна клопатаў, выконвае розныя даручэнні Мірона Пакрэпы. І сам Мірон, маўклівы, знешне няветлівы чалавек, у якога стрыжаны вожык галавы заўсёды сярдзіта тапырыцца, нібы пагражае,— і той цалюткі дзень на нагах, некуды ходзіць, з кімсьці сустракаецца, раіцца, загадвае. Адным словам, жывуць людзі поўным ходам. Андрэеў нават у курсе іх некаторых спраў. Добрыя справы! Каб усе так браліся за гітлераўцаў, было б горача фашыстам. Але самому Аляксандру Дзям’янавічу цяжка, ой як цяжка ляжаць у такія дні прыкутым да ложка.

Ужо сцямнела, калі на двары забрахаў сабака. Трывожна прыўзняўся на локаць камісар. Надзя супакоіла яго:

— Не турбуйцеся, свае.

І сапраўды, праз якую хвіліну ў хату не ўвайшоў, а ўваліўся Астап, да таго жвавыя былі яго рухі. Грукат цяжкіх ботаў адразу развеяў устоеную цішыню хаты.

— Ну што вы тут змрочнічаеце, нуду ганяеце? Палі газнічку, Надзейка, а я вокны завешу, каб зацішней часам. Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там... Ды на Міронаву долю таксама стаў, ён зараз зойдзе... А можа б і таварыш камісар падзяліў бы кампанію, бо глядзі ты, як здаў на малочным правіянце.

Камісар усміхнуўся ў адказ, прыглядаючыся да яго важкай постаці, цяжкіх і разам з тым дакладных рухаў, з якімі ён рабіў усё: акуратна павесіў адзежыну на сцяне, не спяшаючыся памыўся над цэбрам і, чмыхаючы носам, выціраўся шырокім вышываным ручніком. Здавалася, вось-вось паляціць на мэтлухі гэты ручнік. Прыгладзіў бараду, вусы, прымасціўся ля стала на скрыпучы зэдлік.

Хутка яны з Міронам, які неўзабаве з’явіўся ў хаце, так завінуліся ля стала, што спакусілі і камісара, якому і сапраўды надакучыў малочны правіянт, як гаварыў Астап.

— А цяпер, камісар, можна і адрапартаваць табе аб усім па парадку: што чулі, што бачылі, аб чым даведаліся. Ты ж тут закіс, відаць, за дзень ад нудоты? — гаварыў Астап, адваліўшыся ад стала і набіваючы нязменную сваю люльку.

І ён расказаў аб падзеях на шашы, дзе нехта — ноччу, відаць,— падпілаваў драўляныя палі пад мастом.

— А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Ёсць тут чалавек у нас адзін, старшыня сельсавета, з галавой чалавек. Мост сам па сабе не хітрая штука, ды сышлося адно на адно. У немцаў затор, ні ім уперад падацца, ні назад. А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-арціна! Работкі лётчыкам хапіла. Фашысты і цяпер яшчэ чухаюцца, мост усё ладзяць. Думаю, што давядзецца ім пастаяць яшчэ дзень-другі.

— А цераз мост па бальшаку не могуць яны падацца, у аб’езд?

— Могуць, ды не ўсе... Мост на бальшаку паставілі, але гэта часовы мост. Па ім пяхоце яшчэ прайсці, ну, легкавая машына перабярэцца, грузавік. А каб танкі там, артылерыя — і думаць нечага. На жывую нітку пастаўлены мосцік, на лёгкіх пантонах.

— А спіхнуць яго нельга?

— Ахова моцная... Ды там жа сапёрная часць стаіць, ладзяцца сталы мост рабіць, палі забіваюць.

Андрэеў распытваўся, што робіцца на раёне, як сустракаюць немца, што дзеецца ў горадзе, якія чуткі аб фронце. Чуткі хоць і самыя супярэчлівыя, але дабра ў іх мала. Немцы былі ўжо не то ў Смаленску, не то каля яго. А з усіх сёл, з бліжэйшых гарадкоў прыходзілі сумныя весткі: фашыст лютуе, рабуе насельніцтва, бязлітасна распраўляецца з людзьмі, якія мелі хоць бы ўскоснае дачыненне да савецкай службы, расстрэльвае параненых ці адстаўшых чырвонаармейцаў, захопленых у вёсках.

Кепскія былі навіны.

Мірон запытаў Астапа, ці быў на лесапільні, якая ўваходзіла ў раённы прамкамбінат. Гэтым прамкамбінатам загадваў ён да вайны.

— Хітрая то справа пабыць мне на лесапільні?! Усё ў парадку там: лесарамы пабіты, ад паравога рухавіка астаўся адзін шкілет — рабочыя паразносілі, пазакідалі часткі, так што цяпер сам д’ябал яго не збярэ.

— А плыты?

— Што плыты?

— Ды на рацэ плыты стаяць, з паўдзесятка іх прыгналі перад самым днём, калі ўсё гэта пачалося. Чаму ж ім стаяць?

— Іх жа не затопіш. Не раскідаеш, як той рухавічок.

— Ды і раскідаць не трэба. Пусціць іх трэба, і няхай сабе плывуць памаленьку...

— Гэта я, дальбог, не дадумаўся. Дужа мне ў памяці плыты. Я вось клапаціўся, каб твой прыёмнік як даставіць. Наш камісар цяпер свету пабачыць праз яго, ды і мы будзем ведаць, што на свеце робіцца.

Андрэеў аж узгарэўся, пачуўшы пра радыёпрыёмнік, хацеў адразу пусціць яго ў ход, але, зірнуўшы на гадзіннік, адлажыў на заўтра.

А Мірону не сыходзілі з думкі плыты. І ён доўга яшчэ варочаўся на ложку, усё прыгадваў, ці не забыўся на якія справы, чым зоймецца ў бліжэйшыя дні. Яшчэ далёка было да відна, калі ён пабудзіў Астапа, і ціхенька, каб не ўзварушыць спаўшых, абодва падаліся з хаты. Праз якое паўгадзіны яны былі ўжо ля ракі, адшукалі ў лазняку схаваны човен, перабраліся на другі бераг, крыху вышэй лесапільні. Амаль палавіна рачной плыні тут была занята плытамі. Паміж бярвеннямі журчала, пералівалася вада, густы смалісты пах сасновага дрэва перабіваўся кіслым і вострым пахам мокрай асіны, дубовых кражаў, якія ўперамешку з сасновымі бярвеннямі ледзь-ледзь трымаліся на вадзе.

Пярэдні плыт мякка скрануўся з месца і адарваўся з глухім шорхатам ад узбярэжнага жвіру, плаўна падаўся на быстрыню. Хутка ён знік з вачэй за густою туманнай заслонай, якая ўкрыла шырокую пойму ракі. За ім пусцілі другі і трэці. Калі апошні плыт падаўся ў дарогу, перабраліся ў чоўне назад, на свой бераг.

— Цяпер можна і дахаты,— задаволена кінуў Астап.

— Дахаты? Пачакай... А паглядзець не хочаш на сваю работу?

— Што ж тут глядзець, пусцілі дабро па вадзе дый годзе... Не шкадаваць жа.

— Не, браце, не ў тым справа. Не дарэмна мы нішчым дабро сваё... Трэба, каб яно, гэтае дабро наша, якое нішчым мы, палім, пускаем з дымам-ветрам, фашыстам бокам выходзіла!

Густымі лазовымі параснікамі ўздоўж берага выйшлі яны на невялікі мысок, ад якога рака рабіла лёгкую паваротку. З мыска, на колькі кіламетраў уверх

І ўніз, відаць была ўся рака. Пакрысе развідняла. Люстраная гладзь захінута яшчэ туманам, але відаць была здалёк чорная пакарэжаная грамада чыгуначнага моста, які важка асеў абодвума пралётамі ў ваду. Відаць былі некаторыя гарадскія будынкі, ружавела цагляная вежа вадакачкі, цямнелі заводскія коміны.

Ніжэй на рацэ, кіламетры за два, на левым беразе выступаў высокі насып бальшака, цьмяна праступалі праз туман няясныя абрысы наведзенага немцамі пантоннага моста. Адтуль далятаў несціханы гоман, стук сякер, шыпенне паравой лябёдкі — побач з пантонамі немцы ставілі драўляныя палі для сталага моста. Па мосце ішлі нямецкія абозы, лёгкія аўтакалоны. Чуваць было, як па крытым, мошчаным каменнем з’ездзе на правым беразе тарахцелі фурманкі, насцярожліва гулі машыны. І ўвесь высокі насып бальшака, што цямнеў на бяскрайніх лугах левага берага і, здавалася, вісеў над туманамі, быў у руху, у гомане. Нібы поўз па насыпе велізарны чорны вусень, поўз, варушыўся, выгінаўся, пабліскваючы рэдкімі валасінкамі,— то холадна паблісквалі ў ранішнім святле астрыі штыкоў.

— Дык вось глядзі, Астап! Глядзі і слухай...

І не паспеў адказаць Мірон, як з боку моста пачулася некалькі рэдкіх стрэлаў. Потым усчалася страляніна, у якую ўплялася густая кулямётная чарга. Страляніна раптам сціхла, абарвалася так жа нечакана, як і ўзнікла. Толькі чуваць былі галасы — не то каманда, не то ўскрыкі.

Астап углядаўся ў мітусню і бязладзіцу на дарозе, прыслухоўваўся да галасоў адтуль і таксама не разумеў, з чаго ўсё пачалося.

Ён глядзеў на Мірона, пытаўся ў яго позіркам:

— Няўжо і цяпер не зразумеў? Хіба я дарэмна прывёў цябе сюды? Плыты нашы ў работу пайшлі!

— А каб ты спух! — І, ляпнуўшы сябе па каленцах, аж прысеў Астап. Ён так зарагатаў, што абуджаная чародка качак з крыкам узнялася з асаковых зарасляў і спуджана кінулася да лесу.— Гэта ж трэба прыдумаць! Мне той мост і не ў галаве зусім. Ну, спусцілі плыты, спусцілі... Вялікі клопат мне праз гэтыя плыты. У іх свая дарога, у мяне свая.

— Яны, браце, на сваёй дарозе яшчэ багата дроў наламаюць немцам...

А тым часам плыты рабілі сваю справу. Першыя стрэлы зрабіў з перапуду вартавы, калі ўчуў, як разам з незразумелым гулам і трэскам раздаваліся пранозлівыя крыкі на мосце. Гэта крычалі, просячы паратунку, салдаты, на вачах якіх перакульваліся пантоны з машынамі. Тым, хто даў ужо неспадзяванага нырца, было не да крыку: уся сярэдзіна ракі дыбілася падбітымі, патрушчанымі пантонамі. Уцалелыя на вадзе гітлераўцы хапаліся за абломкі дошак. Сёй-той плаваў, імкнучыся дабіцца да берага. Але густая посцілка туману праглынала іх, і толькі чуваць было бязладнае плёсканне на вадзе. Нехта дзіка роў, прыціснуты бярвеннем да палі, прыглушаныя ўскрыкі тануўшых раздаваліся ўсё далей і далей ад моста. Ад стрэлаў вартавога прахапілася сонная ахова і ўсчала была страляніну па лесе, па другім беразе. Пакуль агледзеліся, ад моста і следу не засталося.

А плыты ішлі сваёй дарогай.

 

Частка другая

 

1

Калі на доме насупраць з’явілася шыльда з кароткім, але гучным надпісам «Мясцовая камендатура» і ля ганка стаў тупаць нямецкі вартавы, Клопікаў зусім акрыяў духам. Яму надакучыла доўгае сядзенне ў сваёй прапахлай утылём шчыліне, і ён усё часцей стаў выбірацца на волю, ці, як гаварыў ён, выйсці зірнуць на божы свет. Праўда, былі ў яго спачатку і некаторыя непрыемнасці праз райкомаўскую шкляную шафу і той распракляты пісьмовы столік, праз які ён ледзь не надарваўся, цягнучы яго ноччу ў сваю шчыліну. Ці хто ўвёў у вушы камендатуры, ці проста нямецкія салдаты збіралі мэблю для свайго начальства, але яны прымусілі адцягнуць усе гэтыя здабыткі назад. І ён адцягнуў іх на ўласнай хрыбціне, скоса пазіраючы на бакі, каб хто з знаёмых, крый божа, не ўбачыў такой нечуванай знявагі над яго персонай. Але знаёмым было не да камендатуры, кожная жывая душа старалася быць падалей ад гэтай установы. Немцы спрабавалі і зусім выжыць Клопікава з яго кватэры, каб не мець лішняга вока перад сваімі вокнамі. І толькі заступніцтва гаспадара кватэры Шмульке пазбавіла Клопікава ад залішніх клопатаў. Немцы пакінулі яго ў спакоі.

Гэтыя дробныя крыўды, ці, як гаварыў ён, непаразуменні, не парушылі душэўнага спакою. Вайна, нічога не паробіш. Ізноў жа — павінен існаваць нейкі парадак. Нездарма на шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Дзе арол, там і парадак, цвёрды закон. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву празелянелы кацялок і, абапіраючыся на палку-крывулю, уласнаручна адрамантаваную пры дапамозе клею і дроту, важна выходзіў на вуліцу. Не было ў гарадку больш уважлівага чытача і каментатара шматлікіх фашысцкіх загадаў і адозваў, чымся Клопікаў. Ён стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад, са смакам паўтараючы паасобныя словы, прыцмокваў языком, аблізваўся, падміргваў каму-небудзь, калі лічыў яго сваім аднадумцам:

— Ну, як? Вось гэта дык так! Адразу адчуваецца Еўропа... Разумееце, Еў-ро-о-па! Вельмі нават проста. Парадак. Но-о-вы. Вярхо-оў-нае камандаванне... Разумееце, ка-а-ман-даванне! Гэта вам не та-а-ва-а-рышы, малады чалавек! — паважна зварочваўся ён да кагонебудзь маладзейшага з прысутных.

І па некалькі разоў паўтараў:

— За парушэнне загаду — смяротная кара праз павешанне...

Мнагазначна ківаў галавой.

— Суровасць! Суровасць! Без яе не абыдзешся пры нашай новай уладзе. Завельмі разбэсцілі вас, маладыя людзі! Распуста адна... Ні яму бог, ні яму... Вось, паглядзіце, вылупіўся на мяне! Іш, натапырыўся, як вожык, нябось пазганяе табе наша новая ўлада шаршні на спіне...— накідваўся ён на якога хлапчука ў прамазучанай кепцы. І бянтэжыўся, калі чуў у адказ:

— Чаго ты чэпішся да мяне, зялёная гніда?

Клопікаў палахліва азіраўся на бакі, ці няма дзе паблізу нямецкага салдата ці афіцэра ў абарону, абразліва кідаў да прысутных:

— Вось бачыце, бачыце! Гэта ж чыстае бальшавіцкае насенне! Чый бы то гэта, панове?..

Людзі адварочваліся ад яго, моўчкі разыходзіліся. Клопікаў няўцямна пацёпваў вострымі плечыкамі і, ссутуліўшыся, ішоў далей, раздумваючы аб тым, як багата яшчэ на свеце гэтага самага насення... Глядзіш, здаецца, і нішто сабе чалавек, і з выгляду, і з адзення, і па веку свайму, можна сказаць, у самы раз. А ён ад цябе нос верне. Асцярожнасць патрэбна, асцярожнасць, Арэст Адамавіч, а то, чаго добрага, і на непрыемнасць наскочыш, як у чыгуначным пасёлку, куды сунуўся быў ён са сваімі размовамі ды роспытамі. Узялі яго там за каршэнь ды, паставіўшы тварам у бок гарадка, не вельмі каб ветліва стукнулі па далікатным месцы. Так стукнулі, што аж носам узараў вулічны пыл. Ды яшчэ ўслед:

— Пайшоў, пайшоў, нямецкае нюхала! Памаліся богу, што відно яшчэ!

І ён хадзіў, дзе здавалася яму бяспечней, і вынюхваў.

Ён ведаў усе загады. І аб з’яўленні на работу. І аб рэгістрацыі камуністаў. І аб рэгістрацыі ваеннаабавязаных. Аб парашутыстах. Аб партызанах. Аб зброі. Хадзіў, прыкідваў на вока, прыслухоўваўся.

Часам вымаў з кішэні засаленую, патрапаную кніжыцу, дзе запісваў раней свае гаспадарчыя і службовыя разлікі па мыле, шчаціне, сырых цялячых скурах, і, наслініўшы аловачны агрызак, акуратна запісваў што-небудзь у нядаўна заведзеныя рахункі. Быў тут «рахунак нумар першы — бальшавікі і начальнікі, а таксама камсамольцы», «рахунак нумар другі — каторыя важныя сем’і, якія не паспелі выехаць», «рахунак нумар трэці — усякія падазроныя людзі, а таксама — каторыя лаюць і бэсцяць уладу і добрым людзям усякія прыкрасці робяць». Былі і іншыя рахункі. І аж язык высалопліваў, пацеў, запісваючы ў кніжыцу: «і яшчэ адна сям’я, каторая не выехаўшы,— абласнога пракурора жонка і трое дзетак мужчынскага полу, узростам малалеткі». Ці — «праверыць: пасялілася непадалёк невядомая жанчына з дзіцем».

Запісваў, акуратна засоўваў у кішэню кніжыцу.

Ішоў і старанна кланяўся нямецкім салдатам. А калі ўперадзе паказваўся афіцэр, загадзя перакладваў у левую руку нязменную крывулю і яшчэ за колькі крокаў, зняўшы пракаветны свой кацялок, прыцішаў хаду і пачціва вітаў пана афіцэра з добрым днём.

Ён усё збіраўся пайсці ў камендатуру, наважыўся быў параіцца аб гэтым з Шмульке, але той не выказаў асаблівага захаплення яго планамі, нешта мармытнуў пра розную рызыку. І Клопікаў да пары да часу адлажыў свой візіт да начальства.

 

2

Раней, чым у другіх вёсках, фашысты з’явіліся ў калгасе «Першамай». Мо таму, што быў ён самы бліжэйшы ад гарадка, мо таму, што недалёка ад калгаса на шашы адбыліся апошнімі днямі падзеі на падпілаваным нечымі рукамі мосце, які нарабіў багата клопату немцам. Гітлераўцы наехалі вельмі раптоўна. Уляцелі на вуліцу на некалькіх грузавіках, пазагуменнай дарогай, за агародамі пылілі матацыклісты, ачаплялі вёску. Машыны крута затармазілі ля сельсавета, спыніліся. Жвавы афіцэр і колькі салдат кінуліся ў памяшканне сельсавета, але хутка выйшлі адтуль расчараваныя: у трох пакоіках сельсавета не было нікога. Толькі на ганку з двара сядзеў стары аднаногі Мікодым, вартаўнік і прыбіральшчык сельсавета. Ён плёў кошык з лазы. Глухі і крыху ўжо недабачыўшы, Мікодым так улёг у сваю работу, што і не заўважыў, як яго акружылі гітлераўцы. Яго тарганулі за плечы, падхапілі за рукі і, паставіўшы прад ганкам, усё дапытваліся, дзе старшыня сельсавета. Жвавы афіцэр, малады, чырванашчокі, нецярпліва тыцкаў рэвальверам у грудзі, падганяючы з адказам.

Напалоханы Мікодым бубніў адно, што сельсавет не працуе.

— Нікога няма! Няма, няма! Я адзін тутака, хату вось сцерагу. А пра справы нічога не ведаю...

Калі ўрэшце дайшло да яго, што пытаюцца аб старшыні, ён таксама рашуча заявіў:

— Нічога не ведаю! На вайне, цяпер усе на вайне, увесь народ на вайне, каторы на нагах...

Ён быў да таго стары і недалужны, што нават спрактыкаваны на допыты афіцэр адчапіўся ўрэшце, бачачы, што нічога ён тут не даб’ецца. Афіцэр даў каманду салдатам, і тыя кінуліся па дварах, абходзячы і абшукваючы па чарзе кожную хату.

Цётка Ганна корпалася на агародзе, калі пачула машыны. Зірнуўшы на вуліцу, яна бегма кінулася ў хату.

— Ратуйся, сынок, панаехалі гады! А божачка мой! Бяжы ты агародамі, можа, у каноплях як прыхаваешся! Ды калі мо што ляжыць дзе, сказаў бы, перахавала б ад фашыста.

— Нічога, цётка, не хвалюйцеся!

І калі той хуценька падаўся з двара, яна яшчэ кінула яму ўслед:

— Крый божа, у рукі ім трапіш, дык не лезь на ражон! Я ж маці табе, памятай. Такі дакумент у цябе... Дык калі што, ты проста і падавайся дахаты, вось бацькі мае тут, скажаш гадам.

Гітлераўцы бегалі па хатах, пыталіся пра салдат, пра зброю, лезлі ў скрыні і кублы.

У канцы сяла пачулася колькі стрэлаў, адзін за адным. З хаты ўдавы Кляновічыхі, што стаяла крыху наводшыбе ад вёскі, гітлераўцы выцягнулі ледзь жывога чырвонаармейца. Яна не паспела папярэдзіць яго, а ён, цяжкахворы, паранены ў ногі, не меў ніякага спосабу, каб прыхавацца як-небудзь самому. Разлютаваныя салдаты прыстрэлілі яго на двары. Цётка Кляновічыха кінулася да іх з немым крыкам:

— Што вы робіце, ірады, параненага забіваць? Ці гэта ж людзі так робяць? Ці гэта ж салдатам так па закону?

Афіцэр выпхнуў яе за вароты, пад стары разгалісты клён і, нібы мімаходзь, стрэліў і раз і два. Не зважаючы на ўпаўшую жанчыну, пайшоў далей, аддаючы каманду салдатам. Спяшаючыся падпалілі хату.

Яшчэ бачыла старая Кляновічыха, як віецца, завіваецца ў колцы шызы дымок, паўзе па сухой абамшэлай страсе, пракідаецца непрыкметнымі агеньчыкамі, потым полымя шуганула, узвіхрылася іскрыстым слупам і загуло, набіраючы моц. З-пад страхі, з-пад вільчыка павалілі густыя клубы дыму.

Бачыла Кляновічыха, як беглі да яе людзі. Але гітлераўцы перанялі іх і, адштурхваючы вінтоўкамі, аўтаматамі, пагналі назад.

Яна яшчэ знайшла сілы прыўзняцца крыху і, гледзячы ўздоўж вуліцы і перамагаючы страшэнны боль, не прагаварыла, а ледзь прашаптала сухімі збялелымі вуснамі:

— Не ўбачыць вам матак і дзяцей вашых... нелюдзі...

Жыхароў зганялі да сельсавета. На сцяне будыніны гітлераўцы наклейвалі розныя аб’явы, вывесілі вялікі плакат, з якога глядзеў, узіраўся на ўсіх шалёным вокам пахмуры твар з чорнай пасмай валасоў на лбе. Кідаліся ў вочы буйныя літары надпісу: «Я вызваліў вас».

Афіцэр узабраўся на ганак, патаптаўся на месцы, нешта пакрыкваючы на салдат, і пачаў гаварыць, паказваючы рукой на плакат:

— Вялікая Германія прыйшла да вас з дапамогай! Фюрэр вызваліў вас ад бальшавікоў! Вы цяпер свабодныя людзі! Вы жывяце ў новай Еўропе! У вас будзе новы парадак!

Афіцэр выпаліў увесь запас звыклых фраз, загадзя падрыхтаваных, і прыглядаўся да твараў людзей, да трывожных позіркаў, якія кідалі яны на вогнішча пажару ў канцы вёскі. Зразумеў гэтыя позіркі, ажывіўся:

— Кожны, хто супроць нас, будзе пакараны смерцю! Хто не выканае нашага распараджэння — таму смерць! Хто ўкрывае чырвонаармейца ці камуніста — таму смерць. Хто не здасць зброі — той будзе павешаны! Хто будзе псаваць масты і дарогі — той караецца смерцю! Хто будзе рабіць шкоду нашай арміі — той не будзе жыць на зямлі! Вы цяпер людзі Германіі... Вас любіць фюрэр, ён хоча дабра вам...

Бачачы, як суравеюць твары ў людзей, сустракаючы іх калючыя позіркі, афіцэр раптам змяніў тон і ўжо не пералічаў новыя парадкі, а крычаў у натоўп:

— Дзе вашы камуністы? Дзе ёсць яшчэ чырвонаармейцы? На адказ даю пяць хвілін... Салдаты будуць страляць!

Па натоўпе прайшоў не то ўздых, не то ціхі шолах. Жанчыны падказвалі мужчынам: ды скажыце яму, чаго ён чэпіцца, якія там камуністы? Некаторыя торгалі за рукаў Сымона: вы ж старэйшы, гаварыце, вам павераць...

Стары Сымон выйшаў з сярэдзіны натоўпу.

— Пан афіцэр, вы не хвалюйцеся! Дазвольце адказаць на вашы пытанні... Бачыце, вы сказалі, што вызвалілі нас ад бальшавікоў... То дзе ж мы іх шукаць будзем? А чырвонаармейцаў няма. Вось колькі дзён, як адступілі... А вы, пан афіцэр, не хвалюйцеся! Мы сустрэліся ўпершыню, нам жа невядома, што і да чаго. Вы сказалі аб новых парадках, аб пакаранні смерцю... А людзі просяць расказаць нам, каб ведаць за што, за якія справы вы не будзеце караць смерцю. Бо ўсе жыць хочуць. А наконт тых, пан афіцэр, хто супроць парадку, вы не сумнявайцеся: калі ён, значыцца, вораг... дык мы яго не толькі вам здамо, мы яму самі галаву адкруцім. Дык мы і просім пра парадак.

Афіцэр слухаў, падтакваў. Ён палагаднеў крыху, і калі Сымон сказаў пра застрэленага чырвонаармейца, што ён сын забітай жанчыны, што яна не хавала яго, а падабрала на полі, каб падлячыць, афіцэр ужо зусім спакойна буркнуў пад нос:

— Ніхто не павінен перашкаджаць маім салдатам. Што робіць наш салдат — тое ёсць закон! А пра парадак...— І ён, спыніўшыся на хвіліну, спытаў: — Хто ведае нямецкую мову?

Запытанне было вельмі нечаканае, некаторыя жанчыны зірнулі на Сымона.

— Ты ведаеш мову? — звярнуўся да яго афіцэр.

— Ды дзе там? Збольшага крыху разумею... пятае цераз дзесятае...

— А дзе навучыўся?

— Ды яно давялося так,— нехаця адказаў Сымон, не разумеючы, да чаго хіліць справу афіцэр.— У палоне быў, у часе старой вайны.

— Гэта добра! Надзвычайна! Я вось толькі думаў аб старасце... Вам трэба старасту абраць, праз яго і будзеце ведаць пра ўсе парадкі. Думаю, што ён і можа быць добрым старастам. Я вас усіх пытаю.

— Вядома, калі трэба, дык трэба. У самы раз яму быць старастам. Згаджайся, Сымон!

Такі паварот справы збіў з панталыку старога і збянтэжыў цётку Ганну, якая і так вельмі насцярожана слухала Сымона, каб ён, крый божа, не ляпнуў чаго лішняга. Разгублены Сымон зусім збіўся з тропу, але, сабраўшыся з думкамі, рашуча замахаў рукой:

— Не... не... Гэтая пасада, пан афіцэр, не для мяне! Стары я... Хто мяне, скажам, слухаць будзе? Не па гадах мне такімі справамі займацца. Мяне і наша ўлада ад такога клопату вызваляла...

— Не можа ён, не можа! — умяшалася і цётка Ганна, але яе рэзка абарваў афіцэр:

— Я не з табой гавару! Маўчаць! — І нават нагою тупнуў і сярдзіта залыпаў вачыма.

— Гэта жонка мая, пан афіцэр! Дык я і кажу, што нязручна мне зусім на такую пасаду падавацца. А, па-другое ж, нам вашы парадкі невядомы... Як жа мне да чаго прыступіцца? І што гэта за абавязак такі — ізноў-ткі невядома. Не буду, не... Не падыходзіць мне такая служба... Не магу. Не буду...

— Як гэта не будзеш? Што загадвае нямецкі афіцэр — тое закон, тое вышэй за закон!

— Вы можаце мне загадваць, пан афіцэр, а народу я не загадчык. Народ можа па гарбу накласці, калі я супроць яго волі буду загады даваць. Не... Не буду я...

Афіцэр маўчаў. Відаць было, як паступова набіраўся ён злосці, як чырвоныя плямы шчок расплываліся ўсё шырэй і шырэй, а пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім ён раз-поразу біў па халявах ботаў. Нешта гаварыў яму перакладчык.

І тут, як па камандзе, некаторыя жанчыны пачалі ўсхліпваць, пачуліся галасы — спачатку ціхія, нясмелыя, потым яны зліліся ў адзін шумлівы гул.

— Просім, просім цябе, дзядзька Сымон! Ды не ўпірайцеся вы, калі ласка! Ці вы хочаце, каб нас усіх з дымам пусцілі? Чаму ж вам не быць старастам? Ці мы ж супроць?

— Не буду... Сказаў, значыць, гаворка скончана! Не хапала мне яшчэ такога ліха, каб я на ражон супроць народу ішоў!

— Ды не супроць жа! А божачка... Мы ж цябе просім. Ці нам лепей будзе, калі якога гада над намі паставяць? — гаварылі і штурхалі адзін другога ў бокі, каб лішняга не сказаць перад немцам.

Тым часам перакладчык злосна кінуў Сымону:

— Ты ведаеш, што азначае невыкананне загаду афіцэра нямецкай арміі?

— Ды хутчэй вы згаджайцеся, дзядзька. А родненькі, ды не стаўце вы ні сябе, ні нас пад абух!

Дзе-нідзе ўсчаўся жаночы плач, галашэнне.

Сымон стаяў маўклівы, ссутулены. Потым нібы страпянуўся неяк, зірнуў на прыціхлы натоўп, на нямецкіх вартавых, якія стаялі побач канвоем, на нямецкіх салдат, якія шныпарылі па дварах, ганяліся па вуліцы за курамі, за парасятамі. Спакойна дагарала ў канцы вуліцы хата Кляновічыхі. Полымя не шугала, як раней, не выбухала слупамі саламяных іскраў, а паволі калыхалася пад слабымі павевамі лёгкага ветрыку. Праўда, яно зрабілася ярчэйшым — бралася пад вечар.

— Скажыце пану афіцэру, што я не магу так... адразу... Я прашу пана афіцэра даць мне падумаць. Мо дзень які ці два,— адказаў Сымон і замоўк.

Афіцэру гэта спадабалася. Калі чалавек просіць падумаць, значыцца, ён не проста які шалапут, легкадум, а сур’ёзны, з развагай, з якім і прыемна мець справу. Афіцэр аддаў загад, і хутка грузавікі, узняўшы воблакі пылу, памчаліся па дарозе на гарадок. Усе з палёгкай уздыхнулі.

Людзі пачалі, спяшаючыся, разыходзіцца, каб хутчэй трапіць да хат. І ўсе адчувалі нібы нейкую пустату ўнутры, нібы нешта абарвалася на душы, нібы захаладала сэрца ад гэтай першай сустрэчы з фашыстамі. Вось ён які фашыст, якога пабачылі ўрэшце на свае ўласныя вочы.

Хавалі позна ўвечары Кляновічыху і забітага немцамі чырвонаармейца.

Са схованкі выбраўся Дубок і падаўся ў хату. Там быў ужо Швед, які прыйшоў наведаць Сымона. Швед прасядзеў увесь дзень ля лазні ў густых парасніках алешніку, бо асаблівага жадання паказвацца на нямецкія вочы не меў і добра ведаў, што блізкае знаёмства з фашыстамі нічога прыемнага для яго не прынесла б. Сымон сядзеў разгублены. Ён адчуваў сябе выбітым з прызвычаенай каляіны жыцця. Фашысцкі загад і ўсе падзеі дня пазбавілі яго раўнавагі.

Калі ў хаце прымоўклі, бо кожны перабіраў свае думкі, каб выбраць нейкую трапную, важную, якой можна было б падзяліцца з другімі людзьмі, у сенцах рыпнулі дзверы, і цераз парог, не чакаючы асаблівага запрашэння, важна пераступіў Канапелька.

— Нешта сядзіце вы, як куры на седале. Паснулі, ці што?

— Заснеш тут,— мармытнуў пад нос Сымон.

Павел Дубок і Швед расказалі Канапельку аб усіх апошніх падзеях. Нешта шапнуў на вуха Шведу Астап Канапелька. І тады Швед устаў, нават пояс падцягнуў, паправіў гімнасцёрку, нібы рыхтаваўся да якога афіцыйнага выступлення. Цётка Ганна зірнула на яго, падумала: бач ты, знайшоў час прыхарошвацца...

Швед гаварыў тым часам Сымону, і ў голасе яго — ціхім, спакойным — чуліся ноткі не то загаду, не то ўгавору:

— Бачыце, дзядзька Сымон, прыйдзецца вам падацца ў старасты, нідзе не дзенецеся!

— Ці не пашалелі вы ўсе? — зласліва кінула цётка Ганна, здзіўлена пазіраючы то на Шведа, то на Астапа Канапельку, які маўкліва корпаўся з кісетам, пераціраючы на далоні жоўтыя лісты табакі.

— Так што станавіцеся на пасаду, бярыце ўладу! Такая вось думка ў нас...— І нават лоб спацеў у Шведа ад усёй гэтай невялікай прамовы.

— Што ты гародзіш? Да чаго твае словы? — запытаўся Сымон.

— Вы будзеце старастам, вось да чаго мае словы! І не мае толькі. Хіба ж вы забыліся, дзядзька Сымон, што я старшыня сельсавета... прадстаўнік Савецкай улады... Вы яе прызнавалі і прызнаяце, як мне вядома. А калі яно так, то павінны ж вы і яе загады выконваць.

— Нешта мелеш ты несуразіцу... Дзе гэта відана, дзе гэта чута, каб Савецкая ўлада ставіла над народам нямецкую погань... нямецкае начальства...

— Шчырую праўду кажаце, дзядзька Сымон! Не хочам мы погані! Хочам мы... Савецкая ўлада хоча, партыя наша хоча, каб былі вы цяпер старастам. Меней будзе гора людзям. Фашысту будзе канец хутчэй. Вайне дні ўкароцім.

Слухала і вохкала Ганна.

— І вам парада, цётка... Цяжка будзе. Асцерагаючыся жыць трэба. І фашыста сцерагчыся і злога чалавека. Не дужа кідайцеся ў гутаркі. Самі разумееце.

Зусім абмякла Ганна. Механічна збірала кайстру Дубку, той ладзіўся некуды ў дарогу. Запыталася для прыліку:

— Куды ж ты хаця, сынок?

— Ды куды-небудзь. Не пытайце, цётка! Мо і пабачымся яшчэ не раз.

Ён пайшоў разам з Канапелькам і Шведам.

— Што толькі дзеецца на белым свеце, няма ні супакою, ні добрага ладу ў жыцці! — усё вохкала цётка, выпусціўшы людзей ка вуліцу.

Так зрабіўся старастам славуты калгасны бондар.

 

 

3

Другім ходам пайшлі падзеі ў зарэчным калгасе «Ленінскі шлях». Яшчэ перад тым днём, як фашысты занялі гарадок, з’явіўся ў вёску стары Мацей Сіпак, аб якім год з пятнаццаць не чуваць было аніякіх вестак. Быў ён высланы па суду, як забойца селькора, які выкрыў яго жульніцтвы ў сельсавеце і камітэце ўзаемадапамогі. Спрытны кулачок у свой час так паставіў справу, што на яго працавалі і камітэцкія ветракі і цагельня. Меў ён тады сваіх людзей не толькі ў сельсавеце, але і ў раёне і нават вышэй. Ладная гаспадарка ператварылася нейкім чынам у паказальную культурную, у якой працавала з дзесятак сталых парабкоў ды колькі чалавек адрабляла дні ў жніво, і на лузе, і ўвосень на бульбе, на гумне. Гаспадарка расла, раслі апетыты. Сіпак падбіваў камітэтчыкаў на пабудову паравога млына, абяцаў і грошы пазычыць і рабочай сілай памагчы, абы толькі ішлі яму пасля добрыя гарцы.

Потым усе гэтыя Сіпаковы практыкаванні пачалі выплываць у акруговай газеце, трапляць і ў цэнтральныя. Сіпак кідаўся то ў раён, то вышэй, каб як замяць непрыемныя справы. А тут пайшлі чуткі, што на культурныя гаспадаркі пойдзе хутка звод. Чуткі прыйшлі ад вернага чалавека з акругі, які памог Сіпаку выявіць імя таго, хто так назаляў яму газетнымі заметкамі. Быў гэта камсамолец, пісьманосец з суседняга сяла, зусім жа нехлямяжы такі з выгляду хлапчук, а такі ж вось порсткі.

Неяк ранняй вясной, калі выганялі пастушкі кароў на першую пашу, на таўкачык^ знайшлі яны пісьманосца ў лесе. Ён ляжаў з прабітай галавой у густым хвойнічку ля дарогі. Паштовай сумкі не было пры ім. Гэтая сумка і падвяла Сіпака. Ён усё цікавіўся: як і хто і аб чым пішуць з сяла. Не паспеў і перачытаць усіх пісем, як яго арыштавалі і адвезлі ў раён разам з сумкаю і пісьмамі.

Гэта было так даўно, што людзі і забыліся на тую справу, забыліся і на яго, на Мацея. І не пазналі адразу. Усё цікавалі, што за незнаёмы з’явіўся перад будынкам праўлення калгаса. Зашмальцаваны ватны пінжак, парыжэлыя боты, шапка-лапавушка і абсмыганая бародка рабілі яго не вельмі прыкметным. Чалавек і чалавек, ці мала ходзіць цяпер людзей па розных справах. Але паводзіны яго адразу кідаліся ў вочы. Ён стаяў супроць ганка і, жмурачы адно вока, уважліва чытаў невялічкую шыльду над дзвярыма. На кавалку бляхі нечай стараннай рукой — відаць, якога-небудзь мясцовага аматара — былі выпісаны акуратныя словы: «Калгас «Ленінскі шлях». Незнаёмы, забраўшыся на ганак, наважыўся быў таркануць у шыльду папірашкай, ці то каб упэўніцца, што шыльда такі добра прымацавана да дошкі, ці то з якой другой прычыны. І рот з парэпанымі засмяглымі вуснамі нібы што шаптаў, ці то проста незнаёмы мыляў губой, аблізваючы яе языком ад сухой гарачыні і пылу. Вузенькія шчылінкі воч гарэлі на скуластым твары, які здаваўся яшчэ маладжавы: пот і пыл прыхавалі глыбокія змаршчакі, пад рудой шчацінай не відаць былі ўпалыя яміны шчок. Чалавек пакруціўся на ганку, рушыў на двор, абышоў усе будыніны: клець, хлевушкі, паветку, прайшоўся ля хаты. Ён аглядаў усё ўважліва, як добры гаспадар, і каб быў хто паблізу, то чуў бы, як ён размаўляе сам з сабой:

— Гэта добра, што падрубы змянілі, старыя, відаць, струхлелі даўно! Ізноў жа і бярвенцы новыя ў сцяне, гэта не лішне! Але страху паднавіць бы не шкодзіла!

Ён тыцнуўся у дзверы, што з двара, але яны былі на замку, і зноў падаўся на ганак, на вуліцу. Сеў на прыступках, палажыў поплеч дарожны кашэль і, паволі скручваючы цыгарку, шныпарыў вачыма па бліжэйшых хатах, па вуліцы, на якой не было ні душы ў гэты спякотны час.

Старая Сілівоніха, заўважыўшы з акна свае хаты незнаёмую постаць на ганку праўлення, паклікала Сілівона:

— Глядзі, каторы час сядзіць... Мо ў яго якая патрэба да Андрэя?

— Якія там справы цяпер, у такі час? Ды дзе ён Андрэя знойдзе, калі і я добра не ведаю, дзе той ходзіць... Толькі па ночы і ўбачыш яго. У іх жа цяпер зусім другі клопат.

Калі Сілівон гаварыў «іх», ён меў на ўвазе маладзейшых. І другі сэнс укладваў у гэтыя словы. У іх —значыць у вясковага актыву, у камуністаў, у камсамольцаў. І не толькі ў парцейцаў, як зваў і камуністаў і камсамольцаў, але і ў спрытнейшых па гадах, па ўзросту, усіх, каму мог даводзіцца бацькам ці нават дзедам. Багата клопату нарабіў ім фашыст. Як цяпер лепей прыхаваць дабро, калгасны набытак? Якую фашысту наладзіць сустрэчу і каб ад гэтай сустрэчы было яму солана? Вядома, не абміналі клопаты і Сілівона. Адно, што не ўгнацца яму з-за сваіх год за гэтымі клопатамі. І так хапіла яму і старой Сілівонісе. Дзе цяпер Ігнат? Мо таксама загінуў, як загінула з дзіцем дачка Ксаня? Аб усім расказала колькі дзён таму назад Канапелькава Надзя, якая ўрэшце прывяла Васілька да дзедавай хаты. Шкада малога, зарана асірацеў праз фашысцкую ласку... Ды што малому? Гуляе вунь з дзецьмі на двары. Добра, што малое, ці яму ж гора ў поўную меру прымаць, на поўную сілу? Не разумее яшчэ... А старая каторы дзень вунь ходзіць, выплакала ўсе вочы.

Праўда, у клопатах хатніх адыдзе крыху: то малое трэба накарміць, то спаць яго палажыць, то прылашчыць... Жыць жа трэба, не класціся ж жывым у дамавіну. Так жа радавалася старая, чакаючы летам дачку ў госці з зяцем і з унукам. Спадзявалася абзавесціся яшчэ адным унукам ці ўнучкай. Дачакалася вось!

Сілівон успамінае тую страшную раніцу на рацэ, калі плылі па вадзе мерцвякі. Не сваёй воляй плылі... І, можа, сярод іх была і яго адзіная дачка, яго маленькі ўнучак... Як жа тое яснае сонца глядзела ў вочы дзецям, у вочы іх маткам? Як не спапяліла яно ваўчыных валахатых сэрцаў тых, хто рукі свае мыў у крыві дзіцячай? Унучак мой, унучак мой!

Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Крамянае сэрца ў Сілівона, але ў сэрцы тым жывая чалавечая кроў. І, скоса зірнуўшы на старую, Сілівон сцірае з шчакі скупую старэчую слязу. Але не схаваеш яе ад Сілівоніхі. Яна заклапочана гаворыць:

— Сілівонка, схадзі на вуліцу ды папільнуй ты гэтага чалавека. Бач, уткнуўся носам у акно, не адарвецца! Яшчэ якую шкоду зробіць. Кажуць, што вунь па гарадах знарок дамы падпальвалі розныя шпіёны. То, можа, і гэта якая-небудзь гітлераўская поскудзь?

— Выдумляй! Шпіёны табе сняцца.

Але ўзяў свой добры арэшкавы кій, падаўся на вуліцу. Незнаёмы ўсё нешта глядзеў, узіраўся ў акно праўлення.

— Хіба па справе якой? — гукнуў яго Сілівон.

Той павярнуўся:

— Вядома...

— Можа, вам патрэба якая да праўлення?

— Чалавек без патрэбы не ходзіць. Вядома, патрэба.

— А хто вы будзеце? З якіх мясцоў?

— Мы-ста? Гм...— І чалавек яўна ўсміхнуўся. Усмешка прайшлася па шорсткай шчаціне і расплылася ў абсмыганай кудзелі барады. Вузенькія вочкі лыпалі хітра-хітра, свярдзёлкамі цэлілі ў Сілівона. І раптам засмяяўся чалавек, пляснуў рукамі, аж узняўся пыл з ватнага пінжачка.

— Ці не з Сілівонам Сяргеевічам маю гонар сустрэцца?

Сілівон напружваў памяць, і вось яно прыйшло, даўно пражытае, перажытае... Гэткае ж даўняе.

— Мацей? Мыста? — Такую мянушку меў Сіпак за свае выхваляльныя словы: «Мы-ста ўсё можам... мыста ўсё зробім...»

— Гм... Каму Мыста, а каму Мацвей Сцяпанавіч Сіпак! Сі-і-пак! — І нават бародку задзёр.— Сі-і-пак! Вось што памятаць ты павінен.

І ўжо мякчэй, лагодней:

— Сустрэліся, дай божа шчасця! Я памятаю цябе, добра памятаю. Усё памятаю... Ты яшчэ тады ў пастухах хадзіў. Добры быў пастух! Нічога не скажаш. Павінен і ты мяне ў памяці мець.

Сілівон разгубіўся ад гэтай сустрэчы і ўсё не мог ухапіцца за патрэбнае слова. А той сыпаў і сыпаў:

— Як жа! Вы тут, відаць, і пахавалі мяне. Вы, відаць, думалі: няма Сіпака на свеце, свет яму клінам сышоўся. Не... не, не... Сіпака голымі рукамі не ўзяць! Сіпак ведае сваю пуць-дарогу. Ты яго, гэта значыцца мяне, хоць на галаву пастаў, ножкі яму задзяры да неба, а яму яшчэ зручней угледзець, дзе што на зямлі і пад зямлёй дзеецца.

— Вось ты які...— з прыхаванай іроніяй ціха прамовіў Сілівон.— І гаварыць жа налаўчыўся, як з рэшата сыплеш. Дзе ты такую адукацыю прайшоў?

— Светам навучаны. Жыццём. Яно каторага, жыццё гэтае самае, можа так працерці, так ператрэсці, што з таго пясок пасыплецца! А мы... Сіпакі... мы пароды жылаватай — гужы з нас круці, не парвеш!

— Выхваляйся! І раней выхваляўся: мы-ста ды мы-ста... А жыле тваёй — па ўсяму відаць — канец прыйшоў, парвалася тваё жылле яшчэ тады, у гады тыя. Пра цяперашні час і казаць нечага.

— Нечага, кажаш? Сляпы ты, Сілівон, нічога не бачыш. Ты, акрамя свайго калгаса, і свету не бачыў. Толькі і дарогі ў цябе, што калгас.

— Правільная дарога. Сам народ ёю кіруецца. І глядзі!

— Што глядзі? Ты не чуеш, што на свеце робіцца, які розрух вялікі ідзе па ўсіх дзяржавах. І тваёй дарозе канец прыходзіць, ён прыйшоў ужо! Вось немец заявіцца ў вёску, і ад твайго калгаса следу не астанецца. Немец ведае парадак, ён на месца ўсё паставіць, ён сапраўднаму чалавеку рад.

— Якому ж гэта сапраўднаму?

— Якому? А хоць бы вось і мне. Кожнаму чалавеку, які за парадак стаіць, за цвёрды закон, за цвёрдую жысць, за маю ўласную зямлю, за мае ветракі.

— Вось ты куды гнеш! Дзіва што і на народ ты не дужа спадзяешся, а больш... на немца... Немца, значыцца, чакаеш?

— А на каго ж мне спадзявацца? На камуністаў? Яны ў мяне вось дзе сядзяць.— І правёў ён рукой пад задранай угору бародкай.

Памаўчалі.

Сілівону рабілася прыкрай гутарка з чалавекам, якога ён і раней не вельмі паважаў, лічачы яго за спрытнага тарбахвата, які не прапускаў ніводнай магчымасці, каб дзе што ўхапіць, адабраць, здзерці з жывога чалавека, калі гэты чалавек трапіў у якую бяду. Сілівон памятаў, як у колішнія часы скупляў Сіпак зямлю за нішто ў салдатак, як сілком адцягаў ён надзел зямлі ў свае сястры-ўдавы. Так і рассыпалася сям’я: маці памерла, дзеці — родныя Сіпаковы пляменнікі — пайшлі ў белы свет жабраваць. А Сіпаку усё было мала, усё гроб пад сябе. Выкручваўся вужом пасля рэвалюцыі, і зямлю захаваў і набытак, кідаўся ва ўсе бакі, каб ухапіць дурную капейчыну. Усё выслізгваўся ад закону, пакуль урэшце не надышлі яму рачанцы.

І цяпер, калі глядзеў ён на Сіпака, яшчэ больш прыкрай здавалася ўся яго абскубленая постаць, яго жаўтлявы твар, сухі, зморшчаны, як печаны яблык. Таго і чакай — лопне скура на скулах-гузаках. Раней гэта быў моцна збіты, нібы з добрай цэглы, твар, на якім гарэзілі, аж вылузваліся пранайдоўныя вочы, якія, здавалася, так і шныпараць, так і цягнуцца да твайго дабра, да твае кішэні, а ці нельга там чым паласавацца. І цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў,— усё здавалася наіграным, несапраўдным.

Сілівон наважыўся ўжо ісці дахаты, але не сцярпеў, запытаў:

— Скажы мне, Мацей... значыцца, Сцяпанавіч, што ты думаеш рабіць? З чым прыйшоў да нас?

— З чым прыйшоў? Гм... Вось што я табе скажу...— І твар яго, на якім захадзілі гузакі скулаў, нібы напяўся. З-пад брывей глядзелі, не мігалі, прыжмураныя вочы.— Савецкую ўладу прыйшоў я рашаць. Вось чаго я прыйшоў... Чаго вылупіўся?

Сілівон сапраўды глядзеў шырока адкрытымі вачыма на чалавека. Дзівіўся і маўчаў, да таго ўразілі яго гэтыя словы. Ён сабраўся быў прыўзняцца на ганку ды, размахнуўшыся, даць добра ў каршэнь наваяўленаму рашацелю. Але смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў яго, кінуўшы ў рогат.

— Гэта ты, значыцца, Сіпак... уладу рашаць? Гляджу, яна толькі і чакала цябе... а ты ўсё пазніўся... А каб ты выпруціўся! А каб цябе немач узяла! Во надумаўся! Во насмяшыў! Ці не задужа ты, аднак, хапіў?

І раптам пасуравеўшы:

— Устань, камарыная душа! Ды каб паху тут твайго не асталося! Вось скажу людзям, дык яны ўраз твайго веку ўкароцяць!

Сіпак устаў. З-пад прапыленых брывей нібы бліснулі іголкі.

— Ты мяне не страш, Сілівон Сяргеевіч! Я настрашан ужо... Мяне нічым не возьмеш!

— Ідзі, ідзі! Не хачу рук аб твае сухія рэбры паганіць.

Плюнуў з вялікай прыкрасці Сілівон і падаўся дахаты.

Сіпак патупаў у канец вуліцы. На вёсцы жыў сваяк, вядомы на ўсю ваколіцу п’яніца, абібок. Яго даўно прагналі з калгаса, як адпетага гультая, які да таго ж не прапускаў зручнага выпадку, каб цягнуць з калгаса ўсё, што часам дрэнна ляжала. Вось да гэтага чалавека, які даводзіўся Сіпаку пляменнікам, і рушыў ён у надзеі атабарыцца на які час. А што будзе далей, там бог — бацька. Не сказаць, каб Сідар Бабок, так звалі пляменніка, вельмі быў рады яго прыходу, але не праганяць жа роднага дзядзьку.

— Начуйце на здароўе. Месца хопіць... З якіх жа краёў да нас з’явіліся? Вы ж, здаецца, у турме былі?

— Заткні зяпу. Я-то спадзяваўся, што хаця пляменнічак у людзі выйшаў. Але як быў боўдзіла боўдзілам, так і астаўся. Толькі гадаваў вось дурня.

— А дзядзечка! Чаго вы чэпіцеся? Колькі то год не бачыліся, а вы зноў за тое самае! Я і боўдзіла... Я і латруга... Ну ўсё роўна, як тады, калі я ў вас у млыне працаваў.

— Маўчы, дурань! Калі сам у людзі не выбіўся, то ўжо, можа, з маёй дапамогай як-небудзь дапнеш.

— А дзядзечка, як жа гэта можа быць, калі вы, можна сказаць, самі...

— Нічога, дурань, не разумееш! Мой час настаў, я цяпер усяго магу дамагчыся. Вялікага саюзніка займеў. Я ўсё магу зрабіць. Мы-ста яшчэ пакажам, пачым хунт ліха. Апраўдаем Сіпакову пароду. Рана мяне ў камарыныя душы залічаць. Гэта, можа, хто другі камарыную кашу таўчэ... А ў нас справа на вялікі сур’ёз ідзе! Ну, што там у цябе ў печы, каб душу ажывіць крыху? Здарожыўся я, на нагах з самага відна.

Сіпак прагна ўбіраў няхітрыя Бабковы прысмакі, распытваў аб жыцці, аб калгасе, аб раённым начальстве. Даведаўшыся, што сын Сілівона, Андрэй, ходзіць у камуністах, за старшыню калгаса лічыцца, адразу насцеражыўся.

— Бачыш ты яго! Дзіўлюся, чаго гэта Сілівон так разышоўся. Аказваецца, у начальніках ходзіць. А дзе цяпер гэты Андрэй?

— Дзе ж яму быць? Камуністы ўсе падаліся з войскам, ім тут аставацца не палоса.

— Не палоса! Багата ты ведаеш.

— А мне што. Ні яны мне не заміналі, ні я ім...

— Так і паверу. А за што з калгаса цябе папрасілі?

— Ды яны і не прасілі, а проста выгналі.

— І ты маўчыш? І не злуеш?

— А чаго мне злаваць, калі і сапраўды я рабіў часам не так, як трэба было б.

— Глядзі ты, які разумны стаў. А? Ці не калгасы цябе так навучылі? А можа, у камуністаў навуку прайшоў? Дык нешта ж яны да цябе без павагі?

— А якая мне павага патрэбна? Сказаць, дык па сваёй дурасці сам жа сабе і шкоджу. Ні працадня ў мяне цяпер, ані хлябіны, ані адзежыны... І хто ж вінават? Канечне, сам. То праз гарэлку, то яшчэ праз якое там глупства... Заробак які не заўсёды ўхопіш. Вось на плыты хадзіў. Працаваў у лесе. На чыгунцы быў. Так і жывіўся. Сам вінават, што жыцця сабе добрага не наладзіў.

— Разумны, разумны стаў, нічога не скажаш. Проста, можна сказаць, парцейны чалавек!

— Ну чаго вы чэпіцеся, дзядзька. Знайшлі такога парцейца.

— Нічога не разумее хлопец. Ну, ладна... Давай лепш на сон падавацца.

 

4

Невялічкі радыёпрыёмнік, які прынёс Астап свайму вымушанаму пастаяльцу, зусім ажывіў хату. Праўда, каб ашчаджаць батарэі, карыстацца прыёмнікам можна было якую-небудзь гадзіну ў дзень, а то і таго меней. Але гэтага зусім хапала, каб ведаць, што дзеецца на белым свеце. Суцяшальнага, праўда, было мала. Фашысты лезлі па ўсім фронце, штодзень яны адхоплівалі ўсё новыя і новыя кавалкі савецкай зямлі, ствараліся новыя напрамкі.

Але як бы там ні было, Андрэеў, ды і ўсе ў хаце, дакладна ведалі, што робіцца ка фронце.

Ранейшая невядомасць, хвіліны безнадзейнасці, цяжкога расчаравання — усё гэта асталося ў мінулым. Андрэеў раіўся з Міронам, з таварышамі, якія часта заходзілі ў Астапаву хату. Тут бывалі і Швед, і Андрэй Лагуцька — старшыня зарэчнага калгаса, і Дубок. Дубок як угледзеў камісара, дык ад радасці не мог і слова вымавіць, так усхваляваўся.

У хаце адбываліся нарады. Аб хлебе, аб жывёле — не ўсе зарэчанскія калгасы паспелі выгнаць коней і кароў на ўсход.

Рашылі раздаць дабро калгаснікам, каб не кідалася лішне ў вочы фашыстам. Сям-там асталіся вясковыя актывісты, не паспелі эвакуіравацца некаторыя сем’і, якім варта было трымацца падалей ад немцаў. Былі параненыя чырвонаармейцы. Праходзілі падраздзяленні акружэнцаў. Клопату было — не абярыся. Былі і іншыя справы. Аб іх гаварылі ціха, строілі планы, намячалі больш зручныя спосабы, каб выканаць іх. Людзей было яшчэ малавата. Але і тое, што ўдалося зрабіць, цешыла душу: нездарма праведзены дзень, даліся-такі ў знакі фашыстам.

Усе гэтыя клопаты і справы адганялі думкі ад хваробы, уносілі ў невялічкую леснічоўку той дух змагання, атмасферу баявога напружанага жыцця, якой жыла ўся краіна, якой жылі там, за лініяй фронту.

Аднаго разу вечарам, калі Мірон паціху распякаў у сенцах Дубка і яшчэ некаторых хлопцаў, што яны часам лезуць на ражон, не асцерагаюцца, усе пачулі рэзкі ўскрык камісара:

— Надзя, хутчэй! Паперы сюды, паперы! Ды хутчэй усе сюды!

Быў уключаны радыёпрыёмнік.

Усе прыціхлі, пачуўшы па радыё зварот Савецкага ўрада да народа. Стары Астап, які толькі-толькі ўвайшоў у хату, прыслухаўся да слоў, хуценька зняў шапку-кучомку і ціхенька-ціха, каб не грукацець залішне ботамі, падаўся да сцяны, прыхіліўся да яе. Ён заўважыў, што і ўсе стаяць, не зварухнуцца, прагна ловячы кожнае слова.

А словы ліліся ясныя і простыя. Яны лажыліся адразу ў сэрца, супакойвалі спакучаныя душы суровай логікай, надзеяй і вялікай верай у нашу праўду, у нашу справу, у нашу сілу.

І перад кожным уставала ў далёкіх неабсяжных прасторах маці-радзіма. Крывавы туман засціў яе, нібы наплываў на яе грознымі злавеснымі хмарамі. І здавалася, цяжка сонцу разагнаць гэтыя хмары, каб ясным променем асвятліць, сагрэць спакучаную і знявечаную зямлю.

Маўчаў прыёмнік. Чуваць было, як шархаціць папера: Андрэеў намагаўся па памяці аднавіць кожнае прапушчанае слова. Яму памагала Надзя.

У хаце стаяла цішыня.

Мірон парушыў яе:

— Вось, Аляксандр Дзям’янавіч, і загад для нас... Цяпер няма чаго і спрачацца нам: наша работа кожнаму зразумела.

 

5

Калі фронт адсунуўся ад гарадка далёка на ўсход, адбыліся некаторыя змены ў камендатуры. Маёр з рудой плямай на шчацэ быў адкліканы. Мо таму, што належаў да арміі, мо таму, што ён не здатны быў да сталай каменданцкай службы, дзе патрэбны былі іншыя навыкі, іншы спрыт. Яму ніяк не ўдавалася даць рады таму, што рабілася на дарогах і прасёлках. А рабілася там багата чаго незразумелага. Армія даўно прайшла ўперад, газеты і радыё крычалі аб перамозе. А тут нібы і не відаць гэтай перамогі.

У горад нахлынулі эсэсаўскія каманды. За сталом у кабінеце каменданта засеў штурмфюрэр Фрыдрых Вейс. Высокі, няскладны, ён з акуратнай дакладнасцю з’яўляўся ў кабінеце і адразу ж браўся за справы.

У яго было ўлюбёнае слоўца: «Цудоўна! Цу-у-доўна! Цудо-оў-на!» Яно паўтаралася з любога поваду і без поваду. І светлыя, колеру ранняй красавіцкай ільдзінкі, вочы Фрыдрыха Вейса прамяніліся такім захапленнем, што шчаслівы ўладар іх здаваўся закаханым ва ўвесь свет. «Экзальтаваны дурань»,— так называлі яго — зразумела, паміж сабой — некаторыя афіцэры. «Рыбін хвост»,— так называлі яго другія за недарэчныя зачосы валасоў, якія прыкрывалі тонкія адтапыраныя вушы.

Вейса пабойваліся падначаленыя. Баялася і насельніцтва. Калі з’яўляўся на вуліцах, вуліцы ў момант пусцелі. Вейс ведаў прычыну гэтаму. Ён ужо правёў дзве публічныя экзекуцыі, ці, як называў сам, меры разумнай прафілактыкі. У такія дні ён асабліва ажыўлены і рухавы, і кожны з падначаленых загадзя ведае, у які момант пан начальнік успомніць пра свайго дарагога дзядулю.

— Вы разумееце, панове, у мяне быў дзед, цудоўны стары, лекар! Ён заўсёды гаварыў: хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне... Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак, ён варты ўсяе вялікае медыцыны.— І льдзінкі воч з захапленнем абводзілі маўклівых памочнікаў, малодшых афіцэраў, фельдфебеля, салдат, паліцэйскіх. Яны паважліва згаджаліся з панам начальнікам і спрытна, акуратна выконвалі тую ці іншую справу, даручаную ім.

Вейс не любіў пярэчанняў. Ён прызвычаіўся да ліслівых позіркаў увішных падначаленых, якія гатовы кожную хвіліну падхапіць на ляту тваю думку, намёк. Такім ён быў заўсёды ў адносінах з падначаленымі на вуліцы, у сябе, у цесных пакоіках камендатуры. І толькі ў адным пакойчыку адступаў ад нязменных правіл. Гэта быў пакойчык перакладчыцы, наведваннем якога завяршаў штодзённы абход служачых. Заходзіў сюды мяккімі нячутнымі крокамі, і маленькая перакладчыца заўсёды ўздрыгвала, калі да яе пляча злёгку дакраналася рука начальніка.

— Не пужайцеся, не пужайцеся, маё маленькае дзіцё! Я ж вас не вешаю,— украдліва гаварыў, адпускаючы свой нязменны жарт, у якім, думаў ён, схавана незвычайная выдумка і дасціпнасць.

— Працуеце? Вось і добра. Цудоўна, цудоўна! — і Вейс кідаў выразны позірк на ссутуленага яфрэйтара, які працаваў тут жа, за сталом бюро прапускоў. Вялізны руды дзяцюк узнімаўся з зэдліка. Убіраючы галаву ў плечы, апускаючы рукі па швах, ён выходзіў з пакоя, пераступаючы так асцярожна, нібы ішоў па тонкім хрупасткім лёдзе.

Былі не зусім звычайныя дачыненні каменданта і перакладчыцы. Маленькая, кволая, з выгляду яшчэ зусім дзяўчынка, здолела неяк паставіць сябе так, што камендант адчуваў нібы крыху скутым у яе прысутнасці. Ад яго развязнасці, бесцырымоннасці не аставалася і следу, калі пераступаў парог гэтага пакойчыка. Неяк паспрабаваў аднойчы ўзяць яе фамільярна за талію, яна так настойліва адхіліла яго руку і так зірнула на яго, што ён пакінуў свае спробы, разгублена прамычаўшы пад нос:

— Адкуль вы ўзяліся такая? Гм...— падбіраў патрэбнае слова.— Ну, як бы сказаць? Суровая... незачэпа...

— Я вас прашу, пан камендант, прашу: не трэба... Ніколі не рабіце гэтага...

— Але чаму? Я ж, як начальнік, не хачу вам аніякага зла. Я вас вызваліў з турмы...

— Вось іменна — з турмы...

— Што ж тут такога? Я вызваліў... І вашу маці вызваліў. Вы ні ў чым не былі вінаваты перад Германіяй, перад вялікім фюрэрам! — Ён гаварыў узвышана, натрапіўшы на свой тон. Але схамянуўся, пачаў гаварыць мякчэй, лагодней.— Вы разумееце, мне патрэбна была добрая перакладчыца. Добрая. І прыгожая... Я люблю прыгожых. Я люблю акуратных, ветлівых служачых, калі гэта жанчыны...

Яна маўчала.

— Хіба вы... Ну... ці вам прыемней было падзяліць лёс тых, якіх мы разам з вамі знялі з цягніка?

— Выходзіць, яны былі вінаваты ў чым перад Германіяй, што вы іх...

— Не ўсіх, не ўсіх. Ведаеце што, маленькая, я ніколі не рабіў справаздач перад такімі, як вы. Але павінен сказаць: тут нічога не зробіш... Вайна.

Для мяне не важна, вінаваты яны ці не. Я клапачуся, каб ворагаў было меней. Гэта важна для мае радзімы, для вялікай справы фюрэра, для вялікай гісторыі.

І, адчуўшы, што зноў збіваецца на прызвычаены традыцыйна-ўрачысты тон, ён пачаў гаварыць як мага мякчэй, стараючыся расцепліць лёд грубых салдацкіх слоў?

— Кажу, не ўсіх. Многія з іх жывуць. Зразумела, працуюць. Праца — аснова жыцця, аснова магутнасці нашай дзяржавы. Мы маем права на іх працу.

— Для мяне ўсё ясна, і вы дарэмна растлумачваеце ваша права.

— Ну, добра. Але скажыце, урэшце, чаму да мяне — я ж так прыязна стаўлюся да вас — вы не хочаце ці не можаце праявіць аніякай увагі, хоць бы крышачку прыхільнасці?

— Яшчэ раз прашу вас, пан камендант, не задавайце такіх пытанняў. Вельмі прашу.

— Але ж чаму, не разумею? — Ён прыўзняўся быў, каб падысці да яе.

— Чаму? Ну... проста так...— неазначальна адказала яна, доўга гледзячы на яго цяжкім немігаючым позіркам. Толькі ўздрыгвалі густыя вейкі ды на бледнай скуры на скронях імкліва білася сіняя пражылка. І ўся кволая постаць, тонкая, сабраная, дыхала такім напружаннем, такой гатоўнасцю ўступіць у няроўную бойку, што ён не вытрымаў яе позірку. Сеў і, нездаволена мармытнуўшы нешта пад нос, заклапочана забарабаніў па стале доўгімі выпешчанымі пальцамі.

— Як паперы?

— Усе гатовы, пан камендант!

— Пан, пан... Хаця б тут абышліся без гэтай афіцыяльшчыны. Вы ж не яфрэйтар і не фельдфебель. Можаце гаварыць проста: пан Вейс...

— Справы ўсе гатовы, пан Вейс! — Яна акуратна вылажыла запоўненыя бланкі папярэдніх допытаў, заяў на прапускі, лісты, хадайніцтвы.

— Павінен прызнацца, я здзіўлены, і нават вельмі, вашай работай... Цу-у-доўная работа! — Ён пераходзіў на звычайны тон службовае гутаркі.— Скажу вам, што гэтыя вашы... гм... суайчыннікі працуюць, можна сказаць, дрэнна. Прыкрасць адна! Да таго разбэшчаны народ... Але яны будуць працаваць!

— Вядома, будуць...— нібы згаджаючыся з начальнікам, казала дзяўчына.

Усе бачылі, што грозны камендант любіць затрымлівацца ў пакоіку перакладчыцы. Ён часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць паперы, уласнай персонай заходзіць да яе па розныя даведкі, па тую ці іншую справу. І ўсе стараліся аказваць ёй знакі павагі. Руды яфрэйтар, які заведваў прапускамі, кідаўся з усіх ног, каб памагчы апрануцца ў старэнькае паліто, знайсці ля вешалкі галёшы. Заўзята казыралі бравыя лейтэнанты. Пануры вартавы ля дзвярэй камендатуры, заўважыўшы яе, расцвітаў мнагазначнай і дурнаватай усмешкай, якая аж зіхацела на лязе прымкнутага штыка вінтоўкі.

Нават рудавашчокі Кох, які даў сабе суровы зарок не заглядацца да пары да часу на дзяўчат, і той пазіраў з захапленнем на дзяўчыну.

— Та-а-ак... Пан камендант падбірае перакладчыц з густам.

І ўздыхаў, сумуючы аб слаўнай кар’еры і аб прыгожых жанчынах. Але кар’ера брала верх.

— Спачатку яна, толькі яна. Потым жа ўсё будзе, усё прыложыцца. Будзе за ўсё ўзнагарода.

І, сціснуўшы зубы, унікаючы лёгкіх уцех, якіх было так багата і да якіх былі ахвочы яго салдаты, ён з жалезнай упартасцю рабіў сваю справу: лавіў, дапытваў, біў, расстрэльваў, вешаў... Ён быў фанатычны ў гэтай справе. Вейс таксама быў фанатыкам: ён гатовы часамі гаварыць аб вялікай місіі Германіі, аб найвышэйшым розуме, які знайшоў сваё ўвасабленне ў мудрым і прадбачлівым фюрэру. Але Вейсу добра гаварыць аб місіі, маючы на радзіме багаты маёнтак, салідныя ўклады ў банку, сям’ю, якая мае ўплыў на ўсё жыццё невялікага гарадка.

У Коха ўсяго-наўсяго два пакоі ў кватэры, якую ўлады далі яго сям’і на радзіме параўнальна нядаўна. А да таго быў зусім катух, сыры, халодны, у якім вечна мерзла стараватая і крыху касавокая жонка Эльза з двума малымі нашчадкамі. Ён узяў Эльзу за жонку, калі ў яе было ўжо дзіця. Спадзяваўся на грошы, на якія намякаў жаніхам бацька, гаспадар невялічкай крамы. Гэтыя грошы памаглі б яму стаць на ногі, абзавесціся ўласнай цырульняй. Але ж на справе ніякіх грошай не аказалася, і сама крама цесця трапіла на аўкцыён. Праўда, дзякаваць богу, ён такі выбавіўся з гэтага шэранькага і нецікавага жыцця. Спрытныя таварышы ў час падказалі яму пайсці ў эсэсаўскую паліцэйскую школу. Ён меў правы на гэта, быў ужо тады ў маладзёжнай гітлераўскай арганізацыі.

З таго часу змянілася яго жыццё. У лагерах, у якіх праходзіў сваю практыку, з’явіліся першыя прыбыткі, праўда, нязначныя і вельмі часта — выпадковыя. Калі ж пачалася вайна з Польшчай, перад Кохам адкрыліся шырокія дзверы ў свет. Чаго-чаго не рабілася толькі за гэты час! Якіх толькі падарункаў не пасылаў Кох на радзіму Эльзе. Ім, эсэсаўцам, гаварылі: вы ўсё можаце, толькі не шкадуйце тых, хто коса глядзіць на вас. Потым яны былі ў Бельгіі, у Францыі. Колькі ўспамінаў астанецца на ўсё жыццё! І вось, нарэшце, накіравалі сюды. Але папярэдзілі:

— Пільнасць, заўсёды пільнасць! Тут вам не Еўропа.

Ім гаварылі аб высокіх абавязках. Напаміналі:

— Расія — краіна бязмежных магчымасцей і незлічоных багаццяў. Памятайце: у вашых руках не толькі лёс вялікай Германіі, але і ваш уласны лёс, лёс вашых дзяцей і ўнукаў. Кожны дастойны афіцэр Германіі можа разлічваць...— так і сказалі,— на добры маёнтак у канцы вайны... Галоўнае, стараннасць. І меней думаць. Ваша справа — выконваць загады. За вас усіх думае фюрэр, вы рукі, вы меч яго. І ні літасці, ні спагады да ворагаў!

І ён працаваў, як фанатык. Аўтаматы жандараў расчышчалі дарогу для будучыні Германіі. Яны ж расчышчалі дарогу і яго ўласнай кар’еры. За якія год-два стаў афіцэрам. А ўперадзе яшчэ не малы шлях — аж да самай Масквы. А там канец вайне, заслужаная ўзнагарода. Праўда, тут не Еўропа. У глыбокім тыле сядзіш, як на пярэдняй лініі, і хаця прайшоў Кох са сваім узводам жандараў ля паўтысячы кіламетраў ад граніцы, ён так і не зразумеў яшчэ гэтага народа і не ведаў, як падысці да яго, каб зручней і спакайней выканаць сваю работу.

Тое ж самае думаў і Вейс. Яму прыгадваліся еўрапейскія гарадкі, дэлегацыі айцоў горада, якія з’яўляліся да яго, як толькі вывешваў шыльду свае ўстановы і ставіў вартавога ля яе. Адразу наладжваліся дзелавыя, прыемныя дачыненні з людзьмі, прыёмы, сустрэчы, банкеты. Не работа, а вясёлае турнэ па чужой краіне, з той хіба толькі розніцай, што ты не звычайны вандроўнік, а гаспадар, заваёўнік. І перад табой нізкія ўклоны, ліслівыя позіркі, зычлівыя ўсмешкі. Канечне, і там здараліся непрыемнасці, часам і буйныя. Але не параўнаеш іх з тым, што робіцца тут. Каторы дзень, як спраўляе ён свае абавязкі, а да яго не з’явілася яшчэ ніводная душа, каторая б прыйшла па добрай ахвоце, памагла разабрацца ў гэтай бязладзіцы. Няма на каго абаперціся, няма з кім параіцца.

Не дзіва, што Вейс быў узрадаваны і ўсцешаны, калі дзяжурны далажыў пра чалавека, які хоча пагаварыць з ім аб сур’ёзных справах.

— Давайце, давайце яго сюды!

Так урэшце з’явіўся ў камендатуру Клопікаў, які доўгі час збіраўся на гэты адважны крок, але спачатку крыху пабойваўся. І толькі добра ўчытаўшыся ва ўсе загады, прагледзеўшы некалькі нумароў спецыяльнай газеткі, якую прывозілі немцы ў горад,— была яна на рускай мове — Клопікаў адважыўся. Ён наваксаваў боты, старанна выпрасаваў лепшыя ўборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на сурдут цэлую бутэлечку адэкалону. Памаліўся перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і, напяўшы на лысіну пракаветны кацялок, не сказаць каб бадзёра, патупаў цераз вуліцу. Яго правялі да самага галоўнага начальніка, як ён прасіў.

Вейс, убачыўшы Клопікава, спачатку крыху расчараваўся: завельмі стары чалавек, якая там з яго карысць. І выгляд не з прыемных. Вялыя жоўтыя вушы адтапырваліся, неахайная лысіна ледзь прыкрыта прылізанымі валаскамі, і калі гаварыў — пырскаў слінай праз чорныя з’едзеныя зубы.

А чалавечак, падазрона агледзеўшыся на бакі і мнагазначна прыклаўшы пальцы да рота, урачыста заявіў:

— Так што дазвольце прадставіцца! Былы дзеяч, усё больш па лініі лёгкай камерцыі — рэстараны, буфеты... Арэст Адамавіч Клопікаў, да вашых паслуг!

Яўна дрыжала рука, што трымала кацялок, і лёгкая сутарга працінала каленцы. Голас зрабіўся слізкі, плаксівы:

— Прашу вас выслухаць: аграблены і раздзеты... да ніткі... Ад Савецкай улады не меў ніякай спагады, адны толькі грубыя жарты і здзекі. Вельмі нават проста... А вашу нацыю люблю і паважаю, як збавіцеляў. І фюрэру вашаму, значыцца, імператару ўсенароднаму, няхай будзе вось...— Тут ён выцягнуў уперад трапяткую руку і, узняўшы вочы на заседжаную мухамі столь, дрыготкім голасам выціснуў з сябе:

— Хайль Гітлер!

Нават Вейс тут устаў, адказаў Клопікаву як належыць. А той памаўчаў з хвіліну і тым жа голасам дадаў:

— Няхай усім вам будзе хайль, а ворагам маім няхай будзе капут!

Камендант са здзіўленнем назіраў усю гэтую сцэну і пачынаў ужо захапляцца гэтым чалавекам, дазволіў сабе крыху ўсміхнуцца — такі ж пацешны стары! — але хутка набыў патрэбны для такога выпадку тон.

— Чаго ж вы хочаце, паважаны пан Клопікаў?

— Нічога не хачу, пан высокі начальнік. Толькі хварэю душой і клапачуся аб інтарэсах вялікай нямецкай нацыі і аб вашым спакойным жыцці... Ім жа вельмі пагражаюць шматлікія ворагі, якіх не бачыце вы і не чуеце па прычыне няяснасці і дзікасці нашай мовы... А прыйшоў, каб зрабіць вам вялікую паслугу... Прыйшоў па прычыне надзвычай сакрэтнай...— І Клопікаў перайшоў на шэпт.

Клопікаў перагортваў сваю замусоленую кніжыцу, і яго запісы, адзнакі, таямнічыя паметкі паступова пераходзілі ў камендантаў блакнот.

Ноччу праведзены былі дасканалыя вобыскі і арышты ў гарадку і ў пасёлку. Праўда, усіх запісаных затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Але некалькі сем’яў і каля дваццаці ўсякіх падазроных людзей былі дастаўлены ў турму, абсталяваную ў старой лазні, а праз колькі дзён яны былі па-зверску расстраляны ля ям гарадской цагельні. Клопікава запрашалі яшчэ некалькі разоў у камендатуру, раіліся з ім. Урэшце запрапанавалі стаць бургамістрам. Але ён настойліва папрасіў пазбавіць яго ад такіх клопатаў, паколькі не дужа ён моцны ў грамаце. А калі ўжо на тое пайшло, каб даць пасаду якую, дык прасіў бы ён даручыць яму што-небудзь лягчэйшае. І праз які тыдзень стаў Клопікаў начальнікам гарадской паліцыі па ахове грамадскага парадку.

Так пачалася новая кар’ера Клопікава.

Нягледзячы на свае пяцьдзесят з лішнім год, быў спрытны і рухавы, як яшчарка, вынаходлівы ў сэнсе ўсялякіх планаў і праектаў «па часці выкаранення ворагаў нямецкай нацыі і новай Еўропы». Хадзіў нячутна, як кошка, гаварыў з начальствам умільна-ўкрадлівым голасам, і ў вузенькіх тхарыных вочках было столькі чуллівай прыязні і прыхільнасці, што Вейс адзываўся аб ім з захапленнем:

— Гэты стары чалавек варты шмат маладых. Ён, мой мілы Кох, варты вашага ўзвода жандараў. Гэта цудоўны, надзвычайны работнік. Мая знаходка!

І калі бываў у асабліва вясёлым настроі, запрашаў Клопікава ў свой кабінет і частаваў чаркай-другой адменнага каньяку.

— З уласных рук мелі ласку паднесці мне чарку... Піце, кажуць, і я з вамі вып’ю за ваша здароўе. Значыцца, за маё здароўе. Гэта разумець, адчуваць трэба. Таму, як я ўсё магу, і ў вялікія начальнікі пастаўлены... Значыцца, давер’е. І калі каторы тут дурань рабіць будзе мне не пад густ — не пацярплю! Не спушчу! Скуру з жывога здзяру! Вельмі нават проста! — паважна гаварыў ён да сваіх паліцаяў, накіроўваючы іх на тую ці іншую справу альбо проста прывучаючы да парадку, да службы.

 

6

Бальніца стаяла кіламетрах у двух ад гарадка на ўскрайку маладога хвойніку, за якім пачынаўся густы бор. Некалькі драўляных дамоў, летнія баракі, цагляны будынак, дзе змяшчаліся розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі,— усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу, абнесеную з боку поля акуратным дашчатым плотам. Ад лесу ніякай агароджы не было, і малады хвойнік да вайны служыў за бальнічны парк, дзе прагульваліся хворыя, якія ішлі на папраўку. А здаравейшыя і ў бор падаваліся, які цягнуўся адсюль на дзесяткі кіламетраў на поўдзень і ўсход.

Мясцовасць навакол была прыгожая, маляўнічая. На захад, аж да самай ракі, бяскрайнія лугі з густымі хмызнякамі па вымоінах, па дробных рачулках, па старым рэчышчы ракі, якое тутэйшыя людзі звалі старыком. На поўнач відаць быў гарадок, вялізны чыгуначны мост цераз раку.

Праўда, ён быў разбураны цяпер, там ішла зацятая работа. Гітлераўцы спяшаліся як мага хутчэй аднавіць мост, бо ім даводзілася перапраўляць усю тэхніку, боезапасы па наведзеным часовым мосце, што на шашы, грузіць іх на другім беразе на платформы, у вагоны, каб накіраваць далей на ўсход. Гэта затрымлівала рух, перашкаджала ўсякім планам. А галоўнае, набіралася столькі эшалонаў на правым беразе, што іх недзе было размясціць — усе бліжэйшыя паўстанкі былі забіты да апошняга тупіка. Надакучала савецкая авіяцыя. Некалькі налётаў нагналі такога жаху на фашыстаў, што яны не асмельваліся днём ставіць блізка эшалоны, хапаючыся, разгружалі іх па начах і гналі паражняк назад. Грузы маскіравалі.

Калі з’яўлялася савецкая авіяцыя, усе хворыя, што былі ў бальніцы, падыходзілі да акон, каб паглядзець на чарговы «спектакль». Доктар, які, здавалася, вечна некуды спяшаўся і якому заўсёды было некалі, выходзіў у такія часіны на ганак бальніцы і падоўгу глядзеў, як цягнуліся к начному небу разнаколерныя бусы зенітных снарадаў, рассыпаліся зялёнымі або чырвонымі веерамі кулямётныя чэргі. Ён дзівіўся на гэты стракаты і мітуслівы феерверк і, углядаючыся ў чорнае нерухомае неба, напружана лавіў кожны гук. Учуўшы нарастанне знаёмага басавітага гудзення, ён клапатліва праходзіў пад вокнамі:

— Гэй, хто там курыць, хто запалкай чыркае? Прыстрэлю! — разыходзіўся ён.

У вокнах ціха пасмейваліся над страшнымі пагрозамі доктара, які за сваё жыццё не трымаў у руках другога інструмента, акрамя пацёртага аж да белізны стэтаскопа ды розных хірургічных інструментаў, пры дапамозе якіх ён сам рабіў нескладаныя аперацыі.

— Гэта, Арцём Ісакавіч, глухі наш закурыў, ён нічога не чуе...— гаварыў хто-небудзь з хворых, каб нейкім чынам апраўдацца перад доктарам. У палатах ляжалі розныя людзі. Багата было параненых на акопных работах, ад бамбёжак.

Былі і параненыя за апошнія дні паліцэйскія, прывезеныя сюды з горада, з суседніх валасных упраў і гарнізонаў. Некаторыя саромеліся глядзець доктару ў вочы. Другія спрабавалі пакрыкваць, прад’яўляць празмерныя прэтэнзіі на лепшую бялізну, на лепшы харч, пагражаць яму паліцыяй, камендантам, калі ён не паставіць іх у спрыяльныя ўмовы ў параўнанні з усімі «гэтымі мужыкамі, што гніюць тут, не здыхаюць».

— Мы ад партызан пацярпелі, маем заслугі, мы патрабуем! Мы не абы-хто, а служба парадку!

Выведзены з цярплівасці доктар сам ускіпаў не на жарты і, стукаючы кулаком па тумбачцы, крычаў на ўсю бальніцу:

— Запомніце назаўсёды, што тут вам не паліцыя, не камендатура. Тут бальніца, і я начальнік над ёй. Будзеце шумець — выкіну за каўнер! Будзеце перашкаджаць мне лячыць хворых — адпраўлю ў камендатуру! Да Вейса адпраўлю, ён вас давядзе да розуму, раз вы служба парадку.

Апошні аргумент дзейнічаў на шчырых ахоўнікаў «парадку». Імя Вейса было для іх моцным аўтарытэтам.

А другія хворыя слухалі страшэнныя пагрозы доктара, з якіх нібы выходзіла, што ён проста запанібрата з усякімі там вейсамі, і паціху пасмейваліся ў вусы. І ў думках было: «Крый іх, крый, Арцём Ісакавіч, пужай мярзотнікаў іх жа пудзілам...»

Доктар не на жарты спалохаўся, калі ў бальніцу аднаго разу наведалася цэлая чарада ўзброеных людзей. Былі тут і нямецкія салдаты на чале з маладым афіцэрам Гансам Кохам, і паліцаі, і, што зусім здзівіла доктара — начальнікам гэтых паліцаяў быў Клопікаў, непрыкметны раней стары. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі старэчымі хваробамі.

Цяпер ён па-прыяцельску лэпнуў доктара па плячы і, уважліва ўглядаючыся, афіцыйна павіншаваў:

— Ну вось. Ізноў я ў вас. Віншую, віншую, у такім разе!

— З чым гэта віншуеце вы? Выбачайце... імя ваша і па бацьку запамятаў...

— Арэст Адамавіч. Разумееце? З новым парадачкам вас віншую!

— А-а... так... так...— Доктар збянтэжана праціраў пенснэ.— Вядома... Я ж ведаю... Так, так... дзякую... А з якой патрэбай да нас?

— Не па лячэбнай... Здароўечка ў мяне, дзякуючы вашым клопатам, урэшце-такі наладзілася. Па справе да вас. Я начальнік паліцыі, а вось паважаны афіцэр — начальнік жандараў. Загадайце кніжыцу прынесці, дзе ў вас хворыя запісваюцца.

— А-а... ясна...— Доктар нерашуча затупаў на месцы, пакутліва прыпамінаючы, ці ўсё там у парадку ў кнізе. Калі вяла яе Антаніна Паўлаўна, тады можна было спадзявацца на поўны парадак. Але ж тая хварэе з тыдзень, а ў гэтай верціхвосткі Любы, яе дачкі, што падмяняла маці на час хваробы, могуць быць усялякія недакладнасці.

— Пройдзем у кантору! — схамянуўся ўрэшце доктар.— Там і паглядзіце.

Клопікаў з Кохам заняліся дакументамі, якія падавала ім Люба. Жандары і паліцаі шныпарылі па палатах, заглядвалі пад падушкі, скідалі матрацы на падлогу. Лазілі на вышкі. Абходзілі хлеўчукі, кладоўкі — і ўжо цягнулі са склада на машыну некалькі мяшкоў крупчаткі і цукру. Кладаўшчык не даваў, намагаўся зачыніць дзверы перад самым носам паліцаяў, але яго адагналі прыкладамі вінтовак, і ён пабег у кантору. Запылены мукой, расхлістаны, кінуўся да доктара:

— Арцём Ісакавіч! Што ж гэта робіцца, у нас прадукты крадуць!

Доктар глянуў у акно, пабялеў. Клопікаў прыўзняўся з зэдліка і, адцясняючы да дзвярэй разгубленага кладаўшчыка, сіпеў яму ў твар:

— Што ты вярзеш, неразумная твая душа. Крадуць, крадуць... Пайшоў вон! — І да Арцёма Ісакавіча: — А вы не хвалюйцеся. Парадак, доктар, парадак. Чыталі загады? Прадуктаў маеце права трымаць не болей як на трое сутак, усе лішкі неадкладна здаць!

— У мяне бальніца!

— Парадак агульны для ўсіх. Павінны ўсе яму падначальвацца.

— У мяне хворыя! Чым я карміць буду?

— А гэта, доктар, мяне ўжо не тычыцца. Мая справа: спаўняць закон... А хворыя? Вось арганізуецца гарадская ўправа, туды і звяртайцеся з вашымі справамі. Можаце і да мяне падысці, я памагу.

Прыхіліўшыся да сцяны, доктар абыякава глядзеў на ўсё. Яму здалося на хвіліну, што гэта і сапраўды яго не тычыцца, нібы яму ўсё роўна, што тут дзеецца. Ён хацеў прыкрыкнуць на гэтую верціхвостку Любу, якая спачатку напалохалася, убачыўшы разгубленага кладаўшчыка, а цяпер супакоілася і, тлумачачы тыя ці іншыя запісы ў кнізе, пыталася ў афіцэра, ці даспадобы яму гарадок, як, на яго думку, нашы дзяўчаты, якія цяпер прычоскі носяць нямецкія жанчыны і ці ўмее, урэшце, ён танцаваць? Яна пыталася, чулліва пазірала яму ў вочы, яўна прыхарошвалася, пакручваючыся на сваім зэдліку. Афіцэр спачатку не звяртаў на яе ўвагі, але потым пачаў адказваць, прыцмокваў языком, падбіраючы тое ці іншае слова, падміргнуў ёй разы са два. А тая ўсё пыталася і пыталася.

Нават Клопікаў нездаволена чмыхнуў носам, працадзіў праз зубы:

— Цішэй вы, грамадзяначка!

— Што цішэй? — ашчэрылася Любка.— Вы мне начальнік тут ці што, каб пакрыкваць на мяне?

— А госпадзі, от жа дзяўчаты гэтыя, адна толькі пакута ад іх нашаму брату!

— Нашаму, нашаму...— перадражніла Любка.— Ідзіце раматусы свае лячыць!

Клопікаў збіраўся вызверыцца на гэтае лапатлівае стварэнне, але афіцэр лагодна махнуў рукой, пытаўся ў Любкі, дзе вучылася, што яна робіць.

Да таго моташна стала доктару, што ён аж падаўся ў куток, злосна плюнуў. Хацеў раскрычацца на бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго!

Але ў гэты час з’явіўся перад ім уз’юшаны фельдфебель. Злосна тыцкаў пад нос бальнічную бярданку, грозна пытаўся ў яго.

— Бярыце, адчапіцеся толькі! Мне,— тут доктар звярнуўся да Клопікава,— ружжо толькі лішні клопат. Заўсёды, як хопіць вартаўнік лішнюю чарку, таго і глядзі, яшчэ і сябе падцэліць.

Клопікаў сказаў нешта афіцэру, абодва рассмяяліся. Бярданку аддалі доктару.

— Можаце перадаць яе вартаўніку. Я зарэгіструю яе сам.

Урэшце візіт закончыўся. Клопікаў прычапіўся да кнігі, не сыходзілася наяўная колькасць хворых з запісамі.

Тут доктар даў волю сабе ў дачыненні да Любкі, якую ён даўно ўзненавідзеў за характар, за легкадумнасць, за зняважлівасць да яго прафесіі, урэшце да прафесіі яе бацькоў, людзей сталых, сур’ёзных. Вось жа вырадзіцца такая чортава лялька!

— Я ж вам казаў, каб акуратна штодня запісвалі ў кнігу ўсе дакументы. Дзе дакументы?

— А вы не крычыце!

— Што? Я цябе выкіну з бальніцы, калі ты будзеш заводзіць мне непарадак! Дзе пуцёўкі за апошнія дні, я не бачу іх у кнізе?

Калі доктар пераходзіў у гутарцы з Любай на ты, гэта было ўжо сур'ёзна. Люба старалася ўлагодзіць доктара, дагадзіць, бо ў такіх выпадках магла і ад бацькоў атрымаць добры наганяй. Яны вельмі паважалі доктара.

— Чаго вы раскрычаліся? Ну вось у стале гэтыя паперы, я не паспела запісаць іх.

— Не паспела, не паспела! Чорт ведае, чым толькі занята ваша галава.

Люба зрабіла такую пацешную грымасу ў бок доктара — ах, не дай бог, які ён сярдзіты! — што афіцэр рассмяяўся.

Урэшце і кнігу пакінулі ў спакоі. Лічбы сыходзіліся. Незапісаныя паперы-накіраванні належалі паліцаям, дастаўленым у бальніцу апошнімі днямі. Афіцэр выйшаў на вуліцу.

— Што гэта значыць? Вобыскі, уся гэта калатнеча? — запытаўся доктар у Клопікава.

— Дзяржаўная справа, пан доктар!

— Якая ж гэта дзяржаўная справа трывожыць бальніцу?

— Бачыце, Арцём Ісакавіч, справы прымушаюць. Чулі: то мосцік разнясуць, то яшчэ якую прыкрасць учыняць. Адзін непакой нашаму брату і турботы. Развялося, выбачайце, гэтых разбойнікаў, бадзяюцца ўсюды.

— А што ў мяне разбойніцкі прытулак?

— Які вы няўцямлівы! Палітыка, судар, палітыка... Я пра партызан кажу. А яны могуць і ў вас быць. Ён каторы можа і хворанькім прыкінуцца, каб у добрым месцы людзям шкоду ўчыніць.

— Вярзеце вы, прабачце, немаведама што! Якая мне пагроза ад іх? Якая тут палітыка?

— Не прыкідвайцеся, не прыкідвайцеся дзіцем, шаноўны Арцём Ісакавіч... Вы таксама палітык. Я вас з якіх то дзён ведаю і, можна сказаць, наскрозь бачу. Яшчэ калі я — ах, божа, каб вярнуліся тыя часы! — буфецікі заводзіў на станцыях, вы ў гарадку нашым у славу ўваходзілі як вядомы доктар. А чыім стараннем гэтая бальніца пабудавана? А чыімі клопатамі яна забяспечана ды абсталявана?

— Як чыімі? Улада ўсё рабіла.

— Улада ўладай, але ж быў і ваш клопат, і не малы.

— Вядома, тут мая, можна сказаць, службовая і прафесійная справа.

— Расказвайце мне! Што доктар, то гэта ўсім вядома. Але вы, Арцём Ісакавіч, у дадатак і дзеяч... А дзеяч, гэта значыць — палітык... Па-а-літык... Вельмі нават проста...

— Знайшлі палітыка! — крыху разгубіўся доктар, не ведаючы, што адказаць.

— А я вас паважаю, Арцём Ісакавіч. Вы мне вялікую дапамогу рабілі, гэта я павінен памятаць. І шчыра кажу — немцы народ сур’ёзны. Наконт чаго-небудзь не вельмі і разбіраюцца, усё больш вераць нам. Але наконт палітыкі, выбачайце, яны суровыя, вельмі суровыя. І калі каторы ідзе ім насупраць, то — шчырую праўду кажу вам — лепш таму чалавеку, як сказана ў пісанні,— камень на шыю і... падрахунак зроблены. Быў чалавек і няма... Так, суровыя яны, што і казаць, суровыя!

І, развітваючыся, кінуў жартаўліва:

— Так што, Арцём Ісакавіч, лепш вам далей ад палітыкі. Менш граху. Ну, да шчаслівай сустрэчы.

...І вось, гледзячы і ўслухоўваючыся ў чорнае неба, якое пранізвалі стракатыя пацеркі агнёў, доктар успамінаў гэты візіт, уздыхаў, думаў: от жа хаця б трапіў які гасцінец на тое асінае гняздо, якое звілі сабе ў горадзе нікчэмныя людзі, ажыўшыя прывіды старога, якія, як вужакі, павыпаўзалі з усіх куткоў, з шчылін, сіпяць, баламуцяць светам. Ім, бачыш, і бальніца ўжо шкодзіць, на мазоль ім наступіла, няйначай... Вылюдкі!.. Аб Любе ўспомніў. І ў каго ўрадзілася толькі? Маці — стары сумленны чалавек, колькі год працуе ў бальніцы. Бацька — доктар, тут жа працаваў. Цяпер недзе на фронце. А дачка — бязладніца, лодар, аднаго толькі і клопату, каб пагуляць ды добра пад’есці. У вучобе слаба. З практыкай не спраўляецца, усяго тае і здольнасці, што паперку якую перапісаць. Затое бязмежны запас ведаў аб фасонах на туфлі, на блузкі, на пласцінкі, на модныя танцы. І шырокія планы аб замужоўстве. Завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць і самой быць занятай. Казаў некалькі разоў бацькам: вазьміцеся як след за дачку, прывучайце да жыцця, да парадку, яна ў вас не ведае, як панчоху зацыраваць, як іголку ў руцэ трымаць. Але што ты з імі зробіш? Бацьку ўсё некалі. А маці аднойчы гаварыла яму:

— Ведаеце, Арцём Ісакавіч. Жылі мы з вамі ў яе гады не так, цяжка жылі. Ці вам жа расказваць, як выбіваліся мы ў людзі. Дык няхай хоць дзеці нашы пажывуць і за нас. І адгуляюць, і нацешацца за суровыя гады нашай маладосці.

Ну што ты ёй скажаш тут? Па-свойму, і праўда яе. Але ж не даспадобы ўсё гэта доктару. Песцяць дачку, псуюць. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Вось і ў яго адзіны сын. І доктар правярае сябе, а ці правільна ён рабіў, выхоўваючы сына? Здаецца, правільна. Добры сын, у людзі выйшаў, цэлай эскадрылляй камандаваў перад вайной... Дзе ён цяпер?

...А неба тым часам пасвятлела, хоць ты акуркі збірай. Вось нягоднікі, колькі разоў гаварыў, каб не заводзілі пад вокнамі смецця.

Светлыя, нясцерпнага бляску ліхтары павіслі ў небе. Бумкалі нямецкія зеніткі, захліпаліся кулямёты. І вось пачалося! І раз і два грымнула на ўвесь свет, і ўсё злілося ў грозных выбухах, у злавесных барвовых успышках. Хутка нізкія хмаркі сталі набірацца залацістай чырвані, якая палахліва трапятала і разлівалася шырэй і шырэй, ахапіўшы паўнеба. Няйначай ля моста ўсчынаўся вялізны пажар. Далей з грукатам разляталіся вогненныя фантаны, відаць, ірваліся вагоны са снарадамі. І ўжо шугала вялізнае полымя, ускідваючыся аж пад самае неба снапамі імклівых іскраў. А ўверсе ўсё гуло і гуло, то аслабяваючы, то зноў нарастаючы густым, басавітым гукам.

— Так вам, так вам, подлыя стварэнні! Не падабаецца? Паддайце, паддайце жару, прысмальвайце пяты ім, акаянным!

І калі заходзіліся ў глухім перастуку зеніткі, доктар падцягваўся на цыпачкі, намагаючыся ўгледзець у барвовых водсветах начнога неба знаёмыя сілуэты чырвоных птах, якія прынеслі на сваіх крылах святую помсту гэтым саманадзейным стварэнням, якія апаганілі, знявечылі родную зямлю. Яго засмяглыя вусны шапталі:.

— Трымайцеся, трымайцеся, саколікі! Каб жа вас яны не падбілі!

Па даху бальніцы стукалі аскалепкі. Стары вартаўнік Анісім, які стаяў тут жа, тузаў доктара за локаць.

— Вы б хоць пад застрэшак сталі, Арцём Ісакавіч. Увесь вунь дах папсуюць.

— А чорт яго бяры той дах, новы калі-небудзь паставім!

— Ды яно не ў даху справа. За вас боязна. Давайце пад застрэшак! А яшчэ лепей падацца вам дахаты. Хутка развіднее.

— Праўду кажаш!

 

7

Ад Астапавай леснічоўкі да бальніцы, калі ісці наўпрост праз лес, было кіламетраў дзевяць альбо дзесяць. Надзя ведала тут кожную мясціну, кожную непрыкметную лясную сцежку. Крыху давялося затрымацца каля лясной дарогі, якую немцы шырока выкарыстоўвалі, як і шашу, пакуль не наладзіцца няспынны рух цягнікоў на чыгуначным мосце, аднаўленне якога ішло на поўны ход.

Доктара яна не застала ў прыёмнай, была толькі Любка, якая праглядала стракатыя плакаты, надасланыя з гарадской управы. Заўважыўшы Надзю, яна кінулася ёй на шыю, абнімала, цалавала, засыпала безліччу запытанняў:

— Ну як, Надзечка, дабралася дахаты? Дзе жывеш? Што робіцца дома?

Ледзь выбавілася з яе абдымкаў Надзя.

— Пачакай, пасля раскажу. Мне доктар патрэбен.

— Навошта ён табе здаўся, хіба бацька захварэў? Цяпер да Арцёма Ісакавіча і не падыходзь: надзьмуты, сярдзіты, тое яму не так, а тое не гэтак. На мяне аж гірчыць, як не з’есць.

— Памочніца ты яму, відаць, не задужа. Ведаю я цябе.

— А што мне? Кланяцца яму ў ногі? Работу я заўсёды знайду.

— Цяпер?

— А што цяпер? Абы ахвота. Дык раскажы, Надзечка, што там у інстытуце рабілася? Дзе нашы хлопцы?

— Пачакай, пачакай крышачку. Я наведаюся да цябе, калі пабуду ў доктара.

Арцёма Ісакавіча яна застала на кватэры. Ён адразу пазнаў яе, узрадаваўся, спрытна ўзняўся насустрач.

— А-а... залатыя канапелькі!

І ён рассмяяўся, пільна ўглядаючыся паверх старых акуляраў у яе вочы. Якія добрыя, цёплыя словы «залатыя канапелькі»! Так дражніў раней стары доктар, калі быў у вясёлым настроі. У гэтых словах было крышачку ад яе прозвішча, ад усяе яе зграбнае постаці, ад залацістай бронзы валасоў, якія свіціліся на сонцы, як тыя спелыя канапелькі. Так дражніў ён яе ў мінулым годзе, калі праходзіла яна летнюю практыку ў бальніцы. Але ў вачах доктара паступова знікалі смяшлівыя аганькі, ён глядзеў ужо стомленымі вачыма, у якіх быў звычайны чалавечы смутак. Уздыхнуў нават.

— Што ж гэта я, аднак! Вось у сантыменты з табой укінуўся. А ты ж, відаць, па справе? Можа, на практыку зноў? Дык не... не...— аж рукамі замахаў.— Якая тут да д’ябла цяпер практыка, калі ўсё ідзе ліха яго ведае куды і што, калі адзін толькі клопат, як бы жывымі выбрацца з гэтай калатушы!

— Не, не на практыку да вас прыйшла. Сама разумею. Прыйшла па другой справе.

Неяк змяніўшы голас, вымаўляючы кожнае слова паасобку і акцэнтуючы на ім, яна запыталася:

— Ці няма ў вас, пан доктар, нашатыру?

— Што, што ты сказала? — перапытаў доктар, знімаючы і зноў надзяваючы свае акуляры.

— Ці няма ў вас, пан доктар, нашатыру? — паўтарыла яна слова ў слова сваё запытанне.

— А-а! Вось што! — доктар пачухаў за вухам, потым ужо з падкрэсленай сур’ёзнасцю, яўна пераймаючы яе тон, адказаў:

— Ёсць!

І кінуўся да дзвярэй, прычыніў іх.

— Дык ты ад яго? Ах ты, лясная казюрка! Ну, расказвай, расказвай, што там у вас робіцца ў лясным царстве?

— Я нічога не ведаю, Арцём Ісакавіч. Жыву дома. Мне вось даручыў дзядзька Мірон,— бачыла яго нядаўна,— каб дазналася, як вылечваюцца хворыя, што вы думаеце рабіць з імі, калі прыйдзе тэрмін на выпіску. Гэта аб чырвонаармейцах пытаюся...

— Бачыш ты, што! Я, прызнацца, і не задумваўся над гэтай праблемай... Каторыя ўжо і выпісаліся... Ну, праз сваіх накіроўваў іх сюды-туды на работу.

Надзя прабыла ў доктара яшчэ з паўгадзіны, перадала яму ўсе даручэнні Мірона, дамовілася аб парадку перасылкі людзей, аб пэўных вёсках-пунктах, дзе яны могуць праходзіць папярэднюю праверку — бо ўсякія ж трапляюцца, аб медыкаментах — іх трэба рыхтаваць загадзя. Параілася наконт лячэння рукі хворага, за якім даводзіцца ёй даглядаць, узяла сёе-тое з медыкаментаў, развіталася.

Доктар быў радасна ўзрушаны. Не забывае ён добрых людзей, і на яго не забыліся.

— А з Любай ты не сустракаешся?

— А што?

— Ёй ані... ані гуку. Вецер. Так і свішча! — І выразна пастукаў пальцам па сваім лысым ілбе.— Так і свішча!

— Не клапаціцеся, Арцём Ісакавіч. Я ведаю.

Яна зайшла да Любы. Тая зноў кінулася да яе з безліччу роспытаў. Потым у момант сама расказала ёй, што рабілася тут у гэтыя дні.

— Страхоцце адно! Але гэта толькі спачатку, а потым не страшна. А то бальніцу былі ператрасалі. І мяне напужалі. Ды афіцэрык быў, лейтэнанцік такі — памятаеш Грышу? На яго крыху падобны — лагодны такі, абыходлівы. Доктар крычыць, злуецца, ледзь не з кулакамі да мяне кідаецца, а лейтэнанцік пасміхаецца ды мне падміргвае. А надоечы я ў горадзе была. Што там робіцца, не разбярэш адразу. Усе, каторыя знаёмыя, паразбягаліся, рэдка каго спаткаеш. На вуліцах пуста. Толькі салдаты ды афіцэры. Я нават у камендатуру трапіла, вось было смеху!

— Як гэта трапіла?

— Проста... Іду я праз рынак, і раптам такі тут гармідар узняўся. Ці то бандытаў якіх лавілі, няйначай, з турмы хто ўцёк... Па-а-цеха! Крычаць, шумяць. Народ хто куды. А ўздоўж вуліцы страляніна. Потым бягуць салдаты. Адзін з іх мяне за руку — цап! Я, доўга не думаючы, ды як закачу яму аплявуху, крычу: «Чаго ты да мяне чэпішся?» А ён вызверыўся ды зноў мяне цапае, рукава ад блузкі ледзь не адарваў. Ну, я з ім расправілася б, каб другі не падскочыў. Па-а-цягнулі ў камендатуру, поўны двор людзей навялі. Бачу, тут гэты лейтэнанцік завіхаецца, што ў бальніцы быў. Злосны такі, люты, і не падыходзь! Я адразу да яго ды яшчэ як накінулася! Спачатку не пазнаў, а потым паглядзеў ды як пачаў рагатаць! Завёў мяне ў камендатуру, вады даў, каб супакоілася! А потым прабачэння прасіў, што выйшла тут прыкрае непаразуменне. Добрае, кажу, непаразуменне, прыстойную паненку ды ў такую знявагу пускаць! Яшчэ раз папрасіў прабачэння. Не дрэнны, увогуле, хлопец, і далікатны і ўважлівы. Каб немцы ўсе такія былі, дык з імі і жыць бы можна па-людску... Яшчэ мяне з другім афіцэрам пазнаёміў. Той самы галоўны, за каменданта ходзіць. Сур’ёзны такі, надзьмуты, але са мной таксама ветліва абышоўся. А маладзейшы, ведаючы, што я трошкі, пятае цераз дзесятае, магу і па-нямецку гаварыць, запрашаў на службу. Там яны ўправу арганізавалі, дык работнікі патрабуюцца.

— Пойдзеш?

— Падумаю... Можа, і пайду. Дужа ў нас сумна, ходзіш, на лес гледзячы. Якая весялосць тут ад гэтых хворых?

— Дык пойдзеш на немцаў працаваць?

— А тут хіба не на немцаў мы працуем? Цяпер жа бальніца пад нямецкім загадам, вунь і паперу прыслалі з управы, каб з усякімі справамі да яе зварочвацца. Яшчэ спісы патрабуюць: і на служачых, і на хворых. Ды розныя звесткі. Клопату мне — не абярыся. А там і ўсяе тае працы, што рэгістратаршай магу быць. Вольнага часу хоць адбаўляй. А пры чым тут немцы? Я на сябе цяпер працую і там буду на сябе працаваць...— Яка гаварыла ўжо без ранейшага запалу, без звычайнае лапатлівасці. Адчувалася, нібы і пад гэтай меднай грыўкай, гулліва навісаўшай на лоб, калышуцца цьмяныя думкі, якія ніяк не ўкладваюцца ў сталы, прызвычаены свет яе інтарэсаў: інстытуцкія хлопцы, дзяўчаты, нявінныя інтрыжкі, прагулянкі, вячоркі, кіно, «ах, хутка б скончыць гэты праціўны інстытут!», «і чаго яны прыдзіраюцца з залікамі?» Гэты свет быў парушаны. Прыходзілі новыя думкі і грамаздзіліся, варушыліся, не знаходзячы дакладнага адказу. Таму і гаварыла, не то апраўдваючыся, не то сумняваючыся ў сваіх довадах, і ў голасе яе адчувалася такая нязвычная ёй задуменнасць:

— Пры чым жа немцы? Яны самі па сабе, а я сама па сабе... Працаваць трэба.

— Правільна, Люба, працаваць трэба. Праца чалавека не псуе. Гледзячы толькі, якая праца.

— Вось я так і думаю... Чаго ж мне сядзець у гэтым лесе? Прыйдзе восень, тут хоць ваўкоў ганяй.

І раптам павесялела, ажывілася:

— Ты пра работу кажаш і зусім правільна! А пра самае галоўнае я забылася расказаць. Ты памятаеш Веру Смалянкіну? З чацвёртага курса. Ну, ля каторай усе хлопцы так і завіхаліся, а яна хоць бы вокам. Гардзячка такая. Сур’ёзная і разумная, нічога не скажаш, прафесар раіў ёй у аспірантуру падавацца пасля інстытута. Дык вось і сустракаю я гэтую Веру ў камендатуры.

— Таксама прыгналі?

— Не. Працуе там, перакладчыцай у іх служыць.

Калі да ранейшага лапатання Любы Надзя ставілася досыць-такі безуважліва, бо тая магла малоць усякую лухту з ранку да вечара, то гэтая навіна нібы кальнула ў сэрца, устрывожыла.

— Пастой, пастой! Ты сапраўды-такі бачыла яе? У камендатуры?

— Ну вось яшчэ маніць табе буду! Бачыла, гаварыла.

— Што яна казала табе?

— Ды што яна можа казаць? Працуе і ўсё. Павінен жа чалавек якой работай заняцца, ды ў такія часы. З галавой дзяўчына, з галавой, гэткую пасаду заняць!

— Зайздросціш, Любка?

— А што ты думаеш?

— Та-а-ак, Любачка...— Надзя ўстала, каб развітацца.— Бывай, можа, яшчэ сустрэнемся.

— А ты заходзь, сапраўды заходзь — тут адубееш ад нудоты. А калі я і ў горадзе буду, дык ты таксама заходзь. Навін жа цяпер штодня не абярэшся.

— Можа, і зайду. Ну, бывай!

Прыкрае адчуванне не пакідала Надзю ўсю дарогу.

 

8

Хутка ў Астапавай леснічоўцы зноў стала ціха, спакойна, як і раней.

Андрэеў і Мірон пакінулі Астапаву хату і перасяліліся ў другое месца, якога не ведала не толькі Надзя, але нават і спрытны Піліпчык, хоць ён і любіў выхваляцца перад Надзяй: ён усё-ўсё ведае, што толькі на свеце дзе робіцца. Але тут і ён прымушаны быў здацца. Праўда, з вялікай сваёй да ўсяго цікаўнасці ён не даваў Надзі спакою, усё выпытваў у яе, куды гэта маглі падацца камісар з Міронам.

— За фронт,— адказвала Надзя.

— Так я табе і паверыў,— не на жарты крыўдзіўся Піліпчык і абяцаў, што ён ні за што на свеце ніколі-ніколі не скажа ёй аб сваіх сакрэтах.

— А ты не гразі, дурань! А то зноў ад дзядзькі атрымаеш на арэхі.

— Чаго-чаго, а гэтага ад цябе можна дачакацца! — з вялікай крыўдай адыходзіў Піліпчык, успомніўшы, як выдала Надзя яго схованкі дзядзьку Астапу, праз якія давялося-такі папакутаваць яго вушам.

А перасяліліся камісар з Міронам, калі па ўсіх бліжэйшых вёсках пачалі занадта шныпарыць гітлераўцы. Старастаў панаставілі, нагналі паліцаяў. Па некаторых месцах прачэсвалі бліжэйшыя да гарадка ляскі. А стараста Сіпак — ён адразу пайшоў у начальства, як толькі з’явіліся немцы ў калгасе,— прыслаў пасланца да Астапа, каб з’явіўся ён у зарэчанскі калгас. Астап параіўся з Міронам, як яму быць у такім выпадку.

— А ты схадзі. Паслухай, чаго ён там хоча.

Астап і схадзіў. Сіпак сустрэў яго афіцыйна ў будынку былой калгаснай канцылярыі, запрасіў сесці.

— Даўненька мы з табой, Астап, не сустракаліся.

— Ды ўжо ж, Мацвей, гады не чакаюць, ідуць і ідуць.

— Правільна кажаш, ідуць і ідуць. А мы старэем пакрысе. Я вось як дачуўся, што ты на старым месцы, дык аж узрадаваўся. Думаю: чалавек сур’ёзны, пільнуецца свайго месца, як той дуб ля дарогі. Людзі мітусяцца, то ім таго мала, то яму хочацца катораму вышэй над усімі стаць. Ды ці мала яшчэ чаго, да таго ж разбязуліў народ нашым часам, што няведама, чаго ён урэшце і хоча? Ён хоча, каб усе роўныя былі! А няма таго, каб кожнаму свайго пільнавацца. Набыў што, і трымайся яго, не лезь куды не трэба. А ты, бачу, кім быў, тым і астаўся. Гэта паважаць трэба. І мы будзем паважаць такіх людзей.

— Хто гэта мы?

— Нямецкая ўлада, значыцца. Новага парадку ўлада.

— Ага... Вось яно як! А я думаю, к чаму ты гэта ўсё гаворыш? Не ўцямлю ніяк.

— Ды справа тут ясная.

— Ды ўжо ж. І я разумею. Відаць, нешта ты хацеў сказаць мне, калі спецыяльна чалавека прыслаў?

— Ёсць, ёсць справа да цябе і пільная, можна сказаць, справа, дзя-а-ржаўная, калі хочаш. Ці ходзяць у цябе па лесе гэтыя розныя людзі?

— Як жа не ходзяць! Хадзілі і ходзяць. На тое і лес, каб хадзілі па ім.

— Ты, відаць, не зразумеў. Я пытаюся пра тых, хто ад немца хаваецца.

— А як жа! Хадзілі. Уга, якая яшчэ сіла гэтага народу хадзіла, калі адступалі!

— Тыя, бачыш, для мяне не цікавыя. Я вось пра тых, каторыя цяпер па лесе бадзяюцца ды прыкрасці нямецкай уладзе робяць. Пра партызан пытаюся.

— А хто ж іх разбярэ, якія партызаны, якія так сабе? У іх жа, відаць, у партызан, формы няма, а на лбе ў яго не напісана, што ён партызан.

— Гэта ты дарэмна. Я дык з аднаго позірку пазнаю, партызан ці не партызан. Нюх у мяне такі. Ізноў жа розум заўсёды падкажа.

— Дык не кожны з такім розумам, як ты, Мацвей Сцяпанавіч.

— Гэта ты зусім правільна кажаш...— крыху збіўся з тропу Сіпак ад такой пахвалы.— Дык я прашу цябе, вельмі прашу, калі каторы трапіцца табе ў рукі, ты яго на волю ўжо не пускай.

— Ды дзе ты бачыў, каб я парушальніка на волю пусціў! — адказаў Астап, бачачы, што пускацца ў спрэчкі з Сіпаком няма ніякай патрэбы.

— І яшчэ што хацеў табе сказаць: калі заўважыш там прытулак іхні ці дзе яны ходзяць, дык ты не палянуйся і знак мне падай. Мы на іх знойдзем управу!

І ты не астанешся пакрыўджаным. А я для гэтага ці чалавечка калі падашлю да цябе, ці сам скочыш сюды лішнім разам. Адным словам, трымай сувязь.

— Ды ўжо ж...— прамовіў, раздумваючы, Астап. Потым запытаўся:

— Але адкажы ты мне, Мацвей, чаму гэта я павінен табе, скажам, паведамляць, калі ў мяне, можна сказаць, ёсць і свой стараста.

— Гэта ты пра Сымона?

— Пра яго. Ён старастам у нас!

— Вядома, трэба і яму гаварыць. Але, бачыш, завельмі ўжо ціхі ваш Сымон. Стары. Сапраўдны стараста павінен добры зуб мець на разбойнікаў. Дзе яму, Сымону, такімі важнымі дзяржаўнымі справамі займацца. А ў мяне спецыяльны інтарэс. Так што ты, будзь ласкаў, такой справы не абмінай. Гэта ўжо нават, калі хочаш, не просьба мая ўласная, але і загад, дзяржаўны загад. Калі сумняваешся, то вось можам і да пана афіцэра прайсці, ён дакладна табе давядзе.

— Ды я веру, Мацвей, нашто мне тыя афіцэры.

— Ну дык глядзі, добра глядзі!

— Як жа, буду глядзець.

Яны развіталіся.

Адразу пасля Астапавага візіту да Сіпака Мірон перабраўся з камісарам у лес, дзе яны і абсталяваліся ў зямлянцы, якую яшчэ раней выкапалі Астап з Міронам. Месца было зацішнае, утульнае. Навакол такая глухмень, што Андрэеву здавалася: адсюль яму ніколі не выйсці.

Тут атабарыліся Швед, Дубок, Андрэй Лагуцька.

Частка людзей з іх груп не жыла ў лесе. Некаторыя трымаліся яшчэ сваіх гаспадарак, жылі па хатах, бо не ўсюды яшчэ былі паліцаі, а нямецкія гарнізоны рэдкія і стаялі яны толькі ў буйнейшых сёлах.

Андрэеў спачатку адчуваў сябе надзвычай добра на новым месцы. Днём хапала сонца. Заўсёды стаяў густы, настоены пах лясной смолі.

— Курорт! — выказаў сваё захапленне Андрэеў.

Але на гэтым курорце вельмі дапякалі камары.

Камарыны звон стаяў над палянай, забіраўся ў зямлянку, проста выводзіў з раўнавагі.

— Чэпіцца ж халера, як той фашыст!

Да камароў далучаўся туман. Толькі сонца хавалася за вяршыні дрэў, як напаўзаў ён з балотных абшараў, ахінаў зямлю, забіраўся і сюды, на востраў. Мо ад гэтых сцюдзёных туманаў, мо ад вільгаці здароўе камісара пагоршылася. Рана ка назе, якая да гэтага часу загаілася так, што чалавек мог хадзіць, адкрылася зноў, пачала загнойвацца. Незагоеная рука гарэла так, што скоўвала ўсё цела вострым, калючым болем. Камісар варочаўся на козлах усю ноч давідна, не мог заснуць, часам скрыгатаў зубамі, каб стрымаць нясцерпны боль. Пакліканая праз Астапа Надзя агледзела ўважліва руку і, выйшаўшы з зямлянкі, рашуча параіла Мірону:

— Адразу ж у бальніцу, бо будзе позна! У яго пачалася гангрэна.

Камісара павезлі ноччу, даставілі ў бальніцу на самым світанні. Разбуджаны доктар, даведаўшыся, што людзі ад Мірона, сам, каб не рабіць лішняй мітусні, не будзіць персаналу, асцярожна правёў Андрэева ў невялічкую палату, дзе ляжала чалавекі чатыры цяжкапараненых і цяпер ужо больш-менш ачуньваючых. У гэтай палаце былі самыя яго надзейныя і самыя сакрэтныя хворыя. Тут доктар зрабіў раніцай аперацыю Андрэеву. Руку давялося адняць. Пасля перажытага болю, бяссонніцы і ўсіх хваляванняў перад аперацыяй Андрэеў зусім знябыўся і ўрэшце заснуў. Спаў ён доўга. Трое бліжэйшых па ложках суседзяў прыглядаліся, цікавіліся, што гэта за новы чалавек з’явіўся ў палаце. Чацвёрты, увесь забінтаваны, нерухома ляжаў на сваім ложку ля сцяны. Шэры зямлісты твар не падаваў ніякіх адзнак жыцця. На ім нібы застыла нешта падобнае ці то на грэблівую ўсмешку, ці то на след нейкай задуменнасці, здзіўлення. Толькі заняпалыя вочы свіціліся жывым бляскам. Але яны не зварочвалі аніякай увагі на ўсё, што рабілася навакол, былі да ўсяго абыякавыя. Позірк гэтых воч быў накіраваны як бы ўнутр, у сябе. Чалавек нібы ляжаў і прыслухоўваўся да сябе, да ўсяго таго, што асталося ў душы і знявечаным целе пасля нечаканых прыгод і падзей.

Чалавек быў цяжка хворы.

 

9

Немцы захапілі Смаленск. Яны трубілі аб гэтым штодня, крычалі аб перамозе, аб блізкім канцы вайны. Але па тым, як багата перапраўлялася з-за ракі эшалонаў з раненымі, Мірон разумеў, што не так-то лёгка даюцца фашыстам гэтыя перамогі. Гітлераўцы намагаліся з усяе сілы, каб прасунуцца далей, яны падцягвалі новыя часці, штодзень і штоночы ішлі аўтакалоны з тэхнікай, з боепрыпасамі. Хлопцы з чыгункі паведамлялі, што на станцыі збілася вялікая колькасць цыстэрн з бензінам.

Неразгружаных цыстэрн назбіралася так багата, што немцы, баючыся авіяцыі, пралажылі часовую ветку ад станцыі ў лес, куды і заганялі цыстэрны, старанна маскіруючы іх і самы падыход да чыгункі.

Цыстэрны не давалі спакою Мірону. Хутка дакладны план веткі быў у яго руках, хоць ён і так, як свае пяць пальцаў, ведаў усе чыгуначныя пуці, кожны тупік і пад’езд. Камандзіры груп абмеркавалі з Міронам план аперацыі. Рашылі не весці на яе ўсіх людзей, бо ісці штурмам на чыгунку не было ніякага сэнсу, паколькі гітлераўцы маглі б лёгка адбіць штурм, сіл у іх на гэта хапала. А таму рашылі правесці аперацыю невялічкай групай, скарыстаўшы для гэтага цёмную ноч. Дубок узяўся зрабіць усё нават без узрыўчаткі. Загадзя правялі добрую разведку, устанавілі месцы нямецкіх пастоў. Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы.

Была цёмная бязмесячная ноч, калі група Дубка выйшла на заданне.

У паветры стаяла густая парнасць, адчувалася набліжэнне навальніцы. У ціхі лясны шолах урываліся рэзкія парывы ветру. Яны гулка хадзілі па вяршынях хвой і дубоў, прыгіналі долу маладыя бярозкі, напаўнялі трапяткім шэптам палахлівыя асіны. І так жа раптам сціхалі. Стаяла трывожная цішыня, якая бывае звычайна перад навальніцай. Неба на ўсходзе палыхала, і адтуль даляталі зрэдку далёкія адгалоскі грому, яшчэ ціхага, ласкава-буркатлівага. Хмары хутка ахіналі неба, і яно ўсё цямнела і цямнела. Калі ўзнімаўся вецер і разганяў настоеную парнасць, тады патыхала ў твар свежай дажджавой вільгаццю.

Першыя кроплі дажджу рэдка прасыпаліся ў лесе, калі партызаны падышлі да чыгункі.

— Страляць толькі ў крайнім выпадку,— яшчэ раз папярэдзіў Дубок.— Бачыце, і навальніца нам паможа. Але будзьце ўсё ж асцярожнымі...

Частку людзей ён пакінуў ля самай чыгункі, дзе пачыналася ветка. Яны тут жа ўзяліся за работу, бязгучна развінцілі рэйкавы стык адразу ж за самай краставінай, вынялі кастылі, адсунулі крышку ўбок рэйку.

Дубок, узяўшы некалькі чалавек, падабраўся да крайніх цыстэрн, застаўленых для маскіроўкі свежассечанымі хвойкамі. Хаваючыся ў хмызняку, партызаны ўважліва агледзелі доўгую шарэнгу цыстэрн. Успышкі маланкі выхватвалі з цемры іх шэрыя металічныя грамады, якія бясконцым ланцугом цягнуліся аж у глыб лесу, хаваючыся ў гэтым своеасаблівым тунелі. Дождж ліў як з вядра. Сіняватыя маланкі раз-поразу паласавалі неба. І яно нібы расколвалася ў аглушальных ударах грому. Пасля кожнага ўдару дзесьці ў начной цемені неба нібы прарываліся нябачныя вадапады і з новай сілай абрушваліся на лес, на зямлю. Нямецкая варта пазашывалася ў тамбурныя кандуктарскія будкі, якія зрэдку трапляюцца на цыстэрнах. Ёй было не да аховы. Немцы туліліся адзін да аднаго, ратуючыся ад ліўня і палахліва ўздрыгваючы пры кожным блізкім удары грому.

Зняць пломбы і адкруціць жалезныя затычкі ў пяці крайніх цыстэрнах было справай якіх-небудзь дзвюх-трох хвілін. У паветры рэзка запахла бензінам. Яго пеністыя струмені-фантаны з сіпеннем ударылі ў пясок, у шпалы і змяшаліся з шумам ліўня.

— Адыходзь, адыходзь! — падаў каманду Дубок. Праз якую хвіліну да крайняй цыстэрны паляцела палка з накручанай і падпаленай на канцы анучкай. Гарачае полымя са свістам узляцела ўгору і, прабіўшыся

праз маскіроўку, завіхрылася вышэй стромкіх хвой, асвяціўшы лес трапяткімі барвовымі водсветамі. Яно ўздымалася ўсё вышэй і вышэй, зацьмяваючы сіні бляск маланак, зліваючыся з грознымі раскатамі грому.

Партызаны спяшаючыся адыходзілі, перайшлі чыгунку і пад праліўным дажджом падаліся лясной сцяжынкай. На крутым беразе ракі, ля месца свае пераправы, яны сустрэліся з групай Мірона, які быў тут, каб у выпадку патрэбы памагчы альбо прыкрыць адыход групе Дубка.

— З удачай? — ціха запытаўся Мірон.

— Як бачыце! — з палёгкай уздыхнуў Дубок, махнуўшы рукой на блізкае зарыва, якое палыхала ўсё болей і болей, пераліваючыся залацістымі сполахамі ў касматых клубах навальнічных хмар.

Партызаны падаліся за раку.

Немцы з варты не адразу заўважылі пажар. І толькі тады схамянуліся, калі зыркае святло прабілася да іх у будкі. Яны кінуліся да пажару, каб прыняць якія-небудзь захады. Але ўбачылі, што яны не маюць сілы спыніць страшэнны агонь, які з кожнай хвілінай бушаваў усё болей і болей і перакідаўся на новыя цыстэрны. Падступіцца да гарэўшых цыстэрн не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Перакрываючы раскаты грому, узарвалася крайняя цыстэрна, і мора бушуючага агню разлілося навакол, паглынаючы дрэвы, кусты, уздымаючы пад самыя хмары клубы чорна-барвовага дыму. Немцы ў страху кінуліся назад, пачалі страляць, каб даць сігнал трывогі.

На станцыі загуў паравоз. Завыла сірэна супрацьпаветранай трывогі. Камендант Вейс і другія чыны, узнятыя з пасцелі трывогай, кінуліся за гарадок, як рабілі яны заўсёды з пачатку налётаў авіяцыі. І толькі апамятаўшыся, яны рушылі да моста, які ахоўвалі пільней за сваё вока. Даведаўшыся, што гараць цыстэрны, Вейс распарадзіўся паслаць туды паравоз з людзьмі, каб нейкім чынам ратаваць бензін. Паравоз заваліўся за стрэлкай, перакрыў увесь пуць. Гітлераўцам засталося толькі любавацца відовішчам пажару, які знішчаў так патрэбнае ім паліва. І пакуль не разабраліся ў прычынах крушэння паравоза, яны ўсе, у тым ліку і вартавыя, схільны былі думаць, што прычынай пажару з’яўляецца не што іншае, як удар маланкі.

Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Былі непрыемныя тэлеграмы з Мінска, у якіх не досыць прыязна адзываліся аб яго, каменданта, службовых вартасцях. Былі яўныя намёкі, што аб пажары ведаюць нават у Берліне.

Вейс пасля ўсіх здарэнняў з мастамі, з цыстэрнамі хадзіў маўклівы, спаганяючы злосць на падначаленых. Нягледзячы на ўсе старанні жандармерыі і паліцыі, выявіць вінаватых у пажары так і не ўдалося.

Расстралялі некалькі чалавек, трапіўшых у камендатуру без належных дакументаў, павесілі на рынку чалавека, у якога знайшлі пры вобыску некалькі пляшак бензіну, пасадзілі ў турму дзесяткі людзей з лагера. Але ўсё гэта не давала вынікаў. Не радавала, як у першыя дні, і кіпучая дзейнасць начальніка паліцыі Клопікава, які кідаўся, як ашалелы пёс, па горадзе, лютаваў на допытах, жорстка распраўляўся ў турме з арыштаванымі. Свае допыты Клопікаў ператвараў у дакладнае следства, зацягваў катаванні, цешыўся з прадсмяротных пакут ахвяры.

У такія моманты яго пабойваўся нават начальнік турмы, былы ўраднік, колішні прыяцель Клопікава. Але адразу не гаварыў яму аб гэтым. І толькі калі выходзілі з турмы і свежае паветра прыводзіла Клопікава да нармальнага стану, начальнік турмы спрабаваў часам па-прыяцельску дакараць яго:

— Нядобра так, Арэст! Зусім жа гэта нядобра!

— Пастой, пастой! — хмурыўся Клопікаў.— У чалавечым абыходжанні ты нічога не разумееш. Прывык ты калісьці з цёмнымі мужыкамі справу мець... Што ж? Там тваё слова да месца, нашто цёмнага чалавека доўга катаваць. А цяперашні чалавек! Гм... чалавек... Тут трэба зусім другі падыход мець. Ён, гэты чалавек, стварэнне хітрае! Яму ўсё мала. Няма таго, каб ля свае нары сядзець, дык не, яму ўвесь свет падавай! А таму і размова з ім іншая... Ты пагавары з ім спачатку ласкава, дай яму надзею, няхай яму сонейка ў гэтакую... у гэтакую вось шчылінку ўсміхнецца... А потым прыцісні, прыцісні яго, каб кожная жылачка ў ім трапяталася, каб душа ў яго захліпалася страхам! А потым прытрымай, дай яму глынуць паветра крышачку... І калі свет божы ў вачах у яго адкрыецца, тады і закрый гэты свет, закрый... Тут і дасі гэтаму стварэнню божаму адчуць, перажыць, каб ішоў ён да бога ачышчаны, уласнай крывёй сваёй грахі змыўшы... У крыві народжаны чалавек, у крыві і скончыць павінен... Вось яна, справа якая-с.

Начальнік турмы слухаў Клопікава і хоць быў прызвычаены да ўсяго, але пазіраў на свайго колішняга прыяцеля з затоеным страхам і бояззю.

Кожны дзень Клопікаў і начальнік турмы з’яўляліся на даклад да Вейса.

Як заўсёды, яны раней заходзілі да перакладчыцы, каб даведацца аб здароўі, а значыцца, і аб настроі начальніка.

— З нашым начальнікам, выбачайце, з імі-с... вельмі цяжка размаўляць, калі яны не ў настроі. Вельмі нават проста могуць і ў пысу сунуць. А любой пысе не да смаку, калі з яе пачнуць гогаль-могаль рабіць. Вы шчаслівіца, ён слухаецца вас! Для ва-аас ён на ўсё можа пайсці. Вялікую сілу над чалавекам мае, выбачайце, любоў. Магніт! Вельмі нават проста...

— Што ж вам патрэбна, аднак? — рэзка перабівала дзяўчына, адчуваючы, як нясцерпна гараць яе вушы і шчокі.

Клопікаў спахапляўся:

— Калі вы, крый божа, на нас маеце злосць ці якую там, даруйце нам, крыўду, дык гэта зусім дарэмна! А прыйшлі мы запытацца, у якіх настроях прабываюць наш паважаны пан камендант?

— А што, непрыемнасці ў вас?

— Якія ж могуць быць прыемнасці пры нашай службе? Тэлефонныя слупы вунь на Залучча ўсе падпілаваны, дрот пазніманы. У тым жа Залучанскім лесе адсталі ад калоны тры машыны, дык што вы думаеце? Ад гэтых машын толькі паленае жалеза асталося. Ды што казаць, калі ў нас, пад самым бокам такое робіцца, што дай ты рады! Лесапілачку думалі мы пусціць, а калі паглядзелі, дык ад лесапілачкі, ад усіх машын адны толькі гайкі, выбачайце, асталіся. Вось і хаджу, як той велікамучанік, таго і глядзі, дачакаешся, што галаву тваю замест гайкі адкруцяць. Вось і жытка наша! Так што не палічы за турботу і далажы ім пра нас.

Перакладчыца дакладвала, хоць гэта і не ўваходзіла ў яе службовыя абавязкі. Пан Вейс прымаў сваіх паліцэйскіх.

А праз якіх хвілін дваццаць яны імкліва выляталі з яго кабінета, гнеўна крычаў камендант, усе служачыя нервова ўскоквалі пры яго выкрыках, баючыся, каб не запазніцца ўстаць пры нечаканым з’яўленні ўгневанага начальніка.

Увабраўшы галовы ў плечы, выходзілі Клопікаў з прыяцелем.

— Ох ты, госпадзі, спадобіў жа бог такой службіцы!

Перакладчыца назірала, радавалася:

— Значыцца, недзе працуюць...

І тысячы самых розных думак праносіліся ў галаве ў дзяўчыны, думак горкіх і светлых, радасных і безнадзейных.

 

10

Веры, так звалі перакладчыцу, было аб чым падумаць. Учора зусім выпадкова яна сустрэлася вечарам на вуліцы са сваёй калі не таварышкай, то ва ўсякім разе блізкай знаёмай па інстытуту Надзяй. Яны вучыліся на розных курсах, але добра ведалі адна другую па ўдзелу ў інстытуцкім самадзейным хоры. Вера так узрадавалася сустрэчы, што, загаварыўшы з Надзяй, забылася і пра абед, і пра маці, якая даўно чакала яе з работы. Яна расказала Надзі аб усіх прыгодах, як выехала са сваёй маці з Мінска, як спадзяваліся яны перачакаць вайну ў гэтым гарадку, у сям'і начальніка станцыі, які даводзіўся ёй дзядзькам. Да горада не даехалі, немцы знялі іх з цягніка разам з усімі, што ехалі. Да горада дабраліся пад нямецкім канвоем. Думалі тут вайну перачакаць. Падзеі ж разгарнуліся так, што гарадок стаў глыбокім нямецкім тылам. Дзядзькі, зразумела, не знайшлі, ён у першыя дні эвакуіраваўся з сям’ёй на ўсход. І вось трапілі, што называецца...

— Зойдзем да нас! — спахапілася Вера.— Ці тут аб усім расказваць.

— Як жывеш? — запыталася па дарозе Надзя.

— Як жыву? Жывём неяк...— крыху разгублена адказала дзяўчына,— А ты дзе цяпер жывеш?

— Ды я па-стараму, у бацькі, у вёсцы.

— А-а...— аж уздыхнула дзяўчына.— Добра, што ў вёсцы. Працуеш, відаць, па гаспадарцы?

— Працую. А ты дзе працуеш? — запыталася Надзя, хаця праз Любку ўжо ведала пра Верыну працу.

— Што казаць...— замяшалася дзяўчына, і вушы яе і ўвесь твар укрыліся густой чырванню.— Каб яна згарэла, такая праца!

Яны зайшлі ў Верыну кватэру. Два ўбогія пакоі з такой жа абсталёўкай. Верына маці сустрэла Надзю вельмі суха, ледзь кіўнула галавой на прывітанне. Гэта была пажылая жанчына, з выцвілым тварам, з акуратна зачэсанымі сівымі валасамі пад старэнькай, але чыстай і акуратнай хусцінкай. Упусціўшы ў хату дзяўчат, яна пайшла была ў свой пакой, але Вера нагнала яе, затрымала:

— Мамачка, Надзя мая таварышка, з нашага інстытута, разам вучыліся.

— Вучыліся, вучыліся! — нейкім стомленым голасам адказала маці, нібы перадражніваючы дачку.— Навучыліся!

Вера парыўчата ўзнялася з месца, кінулася к маці, схапіла яе за рукі і, ледзь не плачучы, пачала яе ўгаворваць:

— Ну годзе, мамачка! І так жыцця няма, а тут яшчэ вы... Яна,— кінула позірк на Надзю,— нідзе не працуе... Разумееце, нідзе! Толькі дома, у бацькоў, на вёсцы...

— Так бы ты мне і сказала! А то бачыла я таварышку тваю Любу ў цябе, тую рудую непаседу... Вось, відаць, радасць бацькам праз такое дзіцятка!

— Не ўсе ж такія...

Старая, даведаўшыся, што Надзя не працуе ў фашыстаў, адразу палагаднела, распытвала яе, як жывуць у вёсцы, ці надакучаюць там гітлераўцы, што думаюць там, ці спадзяюцца на лепшае. Пыталася і скардзілася:

— Мне праходу няма ад людзей. Мне сорамна ім у вочы глядзець. Ці думаў калі бацька яе, нябожчык, які на бронецягніку калісьці супроць немцаў хадзіў, ці думаў ён, што яго родная дачка стане некалі нямецкаю служкай?..

Старая расказвала і плакала. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры, аб Вейсе, аб людзях-смаўжах, людзях без сэрца, што падаліся на сабачую службу да фашыстаў, выгінаюць перад імі свае хрыбты і люцей звера накідваюцца на нашых людзей. Вера расказвала пра свайго дзядзьку, начальніка станцыі, як многа ён памагаў і ёй, і маці пасля смерці бацькі, паравознага машыніста. Маці атрымоўвала пенсію, крыху зарабляла шытвом, жылі хоць і небагата, але ў дастатку. Вера мела ўсе магчымасці вучыцца. І вось цяпер пайшло ўсё пылам і прахам.

У хаце панавала разгубленасць. Надзя суцяшала.

Не магла яна сказаць, што з’явілася ў горадзе па спецыяльнаму даручэнню дзядзькі Мірона, што вырашыла некалькі спраў, устанавіла сувязі з патрэбнымі людзьмі, што і сюды яна заглянула па таму ж самаму даручэнню. Яшчэ калі Надзя расказала Мірону аб сваёй сустрэчы з Любкай, аб перакладчыцы ў камендатуры, той даручыў ёй:

— Калі добра ведаеш гэтую Смалянкіну, паспрабуй пабачыцца. Але рабі гэта так, каб яна не падумала, што ты спецыяльна цікавішся ёю. Ды і каб немцам не дужа кідалася ў вочы твая сустрэча з ёй. Адным словам, паглядзі, праведай, дазнайся, чым там жывуць, у які бок глядзяць яны. А там разбяромся.

Ужо выходзячы ад Веры і гледзячы ёй проста ў вочы, сказала:

— Вось што, дзяўчына: калі па-ранейшаму чыстая твая душа, дык сумаваць дужа нечага... неяк жа выбавішся з гора. Ну, бывай. Можа, яшчэ і сустрэнемся. Думаю, што сустрэнемся...

 

11

Неяк аднае раніцы, калі Саколіч і яго спадарожнікі пад’ехалі да глухога палескага мястэчка, лявей ад іх, мо ў кіламетрах якіх шасці ці васьмі, пачулася страляніна.

Яна не сціхала. То аслабявала крыху, то зноў разгаралася з новай сілай. Потым раптам сціхла.

— Замаскіруйце машыны! — загадаў Саколіч. Прапыленыя эмкі загналі ў глыб маладога хвойніку, самі асцярожна падабраліся да мястэчка, глухім завулкам выйшлі на вуліцу. Тут было поўна народу. Трапляліся цывільныя, якія прабіраліся на ўсход і выбралі глухія палескія раёны, куды гітлераўцы не паспелі яшчэ надаслаць гарнізоны. Тут жа было багата чырвонаармейцаў з акружэнцаў, якія не кідалі надзеі прабіцца да сваіх. Блізкая страляніна ўзрушыла ўсіх, зблытала планы, усе наметкі на бліжэйшую дарогу. Некаторыя заўзята спрачаліся, збіваліся ў купкі, горача пераконвалі адзін аднаго. Былі ў бязладным натоўпе, што даўно страціў ваенны выгляд, ваенную выпраўку і дысцыпліну, і такія, якія абыякава прыслухоўваліся да спрэчак, безуважліва паглядалі на ўсё навакольнае і, стомленыя, прапыленыя, ленавата жавалі хлеб, тут жа выпрашаны па хатах. Сям-там завіхаліся ў натоўпе камандзіры, намагаючыся прывесці людзей у больш-менш воінскі выгляд.

Саколіч толькі сабраўся ўмяшацца ва ўсе гэтыя справы,— ён добра ведаў мясцовасць і мог даць дакладныя парады аб маршруце,— як у канцы вуліцы нехта пранозліва крыкнуў: «Танкі!» Гоман сціх, усе насцярожана азірнуліся на крык. Але гэтае слова — танкі! — ляцела ўжо вуліцай, яно расло, шырылася і хутка запаланіла ўсё. Натоўп, як віхрам, здзьмула з вуліцы. Сігаючы цераз платы, агароджы, імчалі хто куды: адны да бліжэйшага лесу, другія ў балотны хмызнячок, што пачынаўся за агародамі. Разам з імі ратаваліся і сяляне з клункамі, з дзецьмі. Яны кінуліся ў жытняе поле, якое пачыналася за крайнімі хатамі.

А з канца мястэчка ўжо даносіўся нарастаючы гул матораў.

— За мной!

Яны падаліся ў густы хмызнячок, якім параслі берагі балотнай рачулкі, што працякала ля самых гумнаў. Гул матораў раздзіраў паветра, дрыжала зямля пад нагамі — танкі, відаць, ужо імчалі па вуліцы.

Перачакалі ў хмызняку, пакуль не прамчалася па вуліцы апошняя машына з нямецкай танкавай калоны. Немцы чамусьці не спыняліся ў мястэчку, а на поўнай хуткасці паляцелі далей, прычым падаліся не зручнай лесавой дарогай, а палявымі прасёлкавымі дарогамі.

Хутка ўсё сціхла. З хмызнякоў, з лесу, з жытняга поля паволі ішлі сяляне, асцярожна азіраючы дарогу, якая вяла да мястэчка.

— Ну, давайце далей!

Паехалі той жа дарогай, адкуль з’явіліся танкі.

І калі ўз’ехалі на стары шлях, які праходзіў па ўскраі вялізных балот, што пачыналіся тут, то зразумелі прычыну страляніны, якую ўчулі раніцай, калі пад’язджалі да мястэчка. У вузкім праездзе дарогі, дзе з аднаго боку ўсутыч падыходзіла балотная рачулка, а з другога ўзвышаўся круты ўзгорак, з якога пачынаўся густы, непраходны бор, згрудзілася ў беспарадку каля дзесятка нямецкіх танкаў. Некаторыя яшчэ дыміліся.

Уся зямля навакол, тоўстыя карэнні дрэў былі разварочаны гусеніцамі, вытаптаны, апалены. Мяркуючы па тым, што на танках не відаць было ніводнай прабоіны, можна было думаць, што яны проста падпалены. Толькі ў першага танка ды ў двух апошніх былі збіты і пакрэмзаны левыя гусеніцы, няйначай, ад выбуху моцных гранат. Пакарэжаныя сям-там карпусы ды адкінутыя з вялізнаю сілай вежы гаварылі аб выбухах боезапасаў унутры саміх танкаў.

— Вось гэта, хлопцы, работа! — узбуджана прамовіў Саколіч, у радасным захапленні абходзячы месца гэтай нядаўняй сутычкі.— Цяпер зразумела мне, чаму так імкліва пранесліся танкі праз мястэчка і падаліся полем, па прасёлках... Лесу баяцца! Наляцелі вось і ашалелі ад страху. Бачыце, калона рухалася па бальшаку, а адсюль рэзка падалася ўлева, шукаючы паратунку. Нехта ж падсыпаў ім прыску на пяты, паддаў жару! Вось малайцы, не спяць у шапку!

Вясёлае ажыўленне апанавала групай.

Ехалі далей асцярожна. Часам спыняліся, уважліва ўслухоўваючыся, каб не напароцца на якую механізаваную нямецкую часць.

Прыгоды, якія пачаліся раніцай, не скончыліся і пад самы вечар. Сонца бадай што заходзіла, калі ехалі яны густым, глухім борам, кіламетрах у дзесяці ад спаленых танкаў. Васіль Іванавіч ужо думаў пра зручнае месца для начлегу і прыкідваў у памяці ўсе знаёмыя мясцінкі ў лесе, у якім даводзілася яму хадзіць, калі быў ён тут у свой час сакратаром райкома.

Ён толькі што збіраўся падаць каманду шафёру, каб той спыніў машыну перад невялікім мастком цераз лясны ручай, як каманду нечакана далі другія.

З абодвух бакоў з лесу выскачыла на дарогу некалькі ўзброеных, а чалавек з аўтаматам імкліва бег насустрач і крычаў што было сілы:

— Стой, стой!

Шафёр ірвануў машыну ўправа, каб сігануць у цёмны прагал паміж таўшчэразнымі хвоямі. Разанула аўтаматная чарга, стралялі паверх машыны. Васіль Іванавіч тузануў шафёра за руку:

— Спыняйся! Бачыш, станкача выцягваюць.

Сапраўды, уперадзе на дарозе маланкава з’явіўся станкавы кулямёт. Шэрыя ў вячэрнім змроку, замітусіліся за дрэвамі паасобныя постаці, абягаючы з бакоў абедзве машыны.

А спрытны чалавек з аўтаматам, які паблізу аказаўся маладзенькім лейтэнантам, тузаў за дзверцы кабінкі і лаяўся на чым свет стаіць:

— Не вам каманда хіба? Рукі ўгору!

— Чакай, чакай, кіпецень ты гэтакі! Дзе тут рукі выцягнеш?

— Не размаўляць! Вылазь, пакуль не прыстрэліў! — І лейтэнант тыцкаў у грудзі аўтамат, рабіў страшэнна люты выраз твару, нібы хочучы паказаць, што ён далёкі ад якіх бы там ні было жартаў.

— Ды дай вылезці, тады і камандуй.

Хлопцы, якія падбеглі, хапіліся за кабуру з парабелумам Саколіча, выцягнулі з кабінкі карабін, учапіліся за яго планшэтку.

— От гэта я, можа, і не дам вам. Хто тут за камандзіра ў вас?

— Без размоў! Што за людзі? — грозна наступаў лейтэнант.

— Ды не крычы ты, гарачка! Што мы за людзі, табе не скажам. Вядзі да начальства!

— Вось як пастаўлю да хвоі, дык будзе табе і начальства! — не здаваўся ўвішны лейтэнант, але ўжо яўна збавіў голас і заклапочана цёр пераноссе, думаючы, каб як не абмішуліцца яму, не страціць аўтарытэту ні перад гэтымі незнаёмымі, але ж відаць, што сваімі, ні перад сваёй камандай.

— Ну ладна! — сказаў ён зусім ужо не начальніцкім тонам.— Вы тут пакаравульце іх,— кінуў ён да хлапцоў,— а мы адвядзём яго.

Паклікаўшы чалавекі чатыры ў канваіры, ён павёў Васіля Іванавіча ўперад па дарозе. Аднекуль, відаць, сачылі і цікавалі за ўсім, што рабілася на дарозе. Станкавы кулямёт знік, паабапал дарогі нібы нікога не было. Але вось з-за мосціка паказаліся тры чалавекі, яны ішлі насустрач.

— Што там у цябе, Камар?

— Вяду вось. На двух машынах некуды крыюць! Невядомыя.

Трое падышлі зусім блізка. І раптам адзін з іх, угледзеўшыся ў чалавека пад канвоем, кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі:

— Васіль Іванавіч! Родненькі, ды якім жа ты чынам да нас трапіў?

— Як бачыш, пад канвоем. Твае арлы?

— Адставіць канвой! — грымнуў, ледзь не сарваўшыся з голасу, лейтэнант і сканфужана адышоўся ўбок.

Хутка Саколіч і яго спадарожнікі апынуліся ў часовай партызанскай стаянцы. Тут не было нават ні зямлянак, ні лясных буданоў. У густым хвойніку стаяла некалькі распрэжаных вазоў. Гарэў касцёр, ля якога завіхаліся некалькі чалавек, рыхтуючы вячэру.

Людзі размясціліся на ахапках сена, саломы, засланых посцілкамі, шынялямі.

— Ну, расказвай, што там робіцца ў нас, армія дзе цяпер?

— Ды я даўно адтуль.

— А мы і яшчэ даўней, як сваіх пакінулі. Так вось і жывём. Скубанём фашыста і ў лес! А навін у лесе, сам ведаеш, не багата, на тое ён і лес цёмны...— не то з лёгкай іроніяй, не то з адценнем смутку прагаварыў гаспадар стаянкі, які так радасна сустрэў Саколіча. Гэта быў Платон Піліпавіч Капуша, старшыня райвыканкома. Прозвішча ніяк не вязалася з характарам гэтага чалавека, жывога, рухавага. Ён і раней, да вайны, ніколі не заседжваўся ў раёне, увесь час амаль што праводзіў па сёлах, па калгасах, ведаў на пералік вясковых работнікаў, усе іх якасці і заганы, не даваў спуску абібокам. І калі хто правініўся ў чым ці рабіў якую прамашку, дык адчуваў сябе вельмі няёмка, калі намякалі яму:

— Пачакай, пачакай! Вось ужо з’явіцца Капуша, ён раскапае ўсе твае авантуры, ён да ўсяго дакапаецца.

Раён быў з перадавых.

Была ў Капушы і адна слабасць: ён вельмі любіў добра з’есці, любіў і пачаставаць. Аб гэтым ён не забываў ніколі, як бы ні быў заняты справамі. І ад усёй яго карчакаватай, як з дубу збітай, постаці веяла заўсёды такім здароўем, такой жыццярадаснасцю, што самыя пахмурыя людзі заражаліся яго вясёласцю, яго заўсёдашнім аптымізмам.

Яго слабасць спрабавалі выкарыстаць некаторыя работнікі. І вось наварыць які-небудзь старшыня калгаса, прыгатуе добры абед, каб крыху задобрыць неўгамоннага начальніка, а можа, ён і не кіне вокам на дзіравы хлеў, на растрыбушаную страху гумна, на худых коней. Пад’язджае знеціку:

— Ці не перакусілі б крыху з дарогі, пакуль калгаснікі збяруцца?

— А што там у цябе? — хітра перапытае Капуша.

— Ды жонка дранікаў напякла, са смятанай. Ды каўбаска смажаная, толькі-толькі вепручка асвежавалі.

І пераб’е раптам Капуша:

— Ты да мяне на вепручку не пад’язджай! Не буду есці тваіх дранікаў. І калгаснікаў мне не збірай. Я вось сам па хатах прайду, сам даведаюся, як яны жывуць пад тваім кіраўніцтвам.

І паглядзіць, і распытае, і параіць. А потым і да старшыні калгаса дабярэцца:

— Не... Не есці мне з табой тваіх дранікаў і каўбасы твае не паспытаць.

І ўжо сурова:

— Прыйдзецца табе, няйначай, паспытаць маіх дранікаў у раёне.

— Як гэта вы наважыліся на танкі пайсці? — запытаў Васіль Іванавіч.

— Што ж тут хітрага? Ён, фашыст, прыйшоў сюды няпрошаны ды яшчэ цябе за горла бярэ. Законная рэч — даць яму па лабэціне, каб зразумеў, што не туды трапіў. Абралі яны, бачыш, гэтую дарогу і цэлымі калонамі пасунулі па ёй... А раёну спусташэнне: бяруць, што ні ўбачаць, цягнуць у сялян усё, што толькі могуць... Тут і начлегі, і пастоі, і давай ім коней, свіней! Давай і давай! Толькі давай, аб другім і не дбаюць. Ну, і наважыліся мы крыху адвучыць іх. Група ў мяне нядрэнная: камуністы, камсамольцы, і вайсковыя з акружэнцаў, вунь Камар яшчэ пад Мінскам іхнія танкі паліў! Вось і падабралі мы мясцінку, там яны, немцы, трапляюць, як у нерат, дужа не развернешся. Мы іх і падсмажылі крыху!

Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. І ўпершыню за ўсе дні свайго вандравання Саколіч і спадарожнікі добра выспаліся, адпачылі. І было адчуванне: цвёрдая і надзейная пад нагамі свая зямля і яшчэ цвярдзей і надзейней свае людзі, якія не схіліліся перад фашыстам, якіх баяцца фашысты.

 

12

Эмка з трыма пагранічнікамі імчала на ўсход. Яна трымалася вялікіх франтавых дарог, прыстройвалася часам у хвост якой-небудзь аўтакалоны, каб пазбавіцца клапатлівых сустрэч з кантрольнымі пастамі. На яе ніхто не звяртаў увагі — ці мала машын хадзіла па дарогах. Праўда, тры пагранічнікі змянілі ўжо сваю форму і былі ў звычайным пяхотным абмундзіраванні.

Каб хутчэй праехаць, наважыліся прабірацца глухімі палявымі прасёлкамі, але хутка адмовіліся ад гэтага, бо амаль на кожным мосціку, на кожным уездзе ў сяло альбо ў гарадок узброеныя з мясцовага насельніцтва вельмі настойліва прыглядаліся да дакументаў, штораз спынялі машыну, прыдзірліва распытвалі, што за людзі, ды куды едуць, ды чаму адбіліся ад часці. Маглі быць усякія непаразуменні! На шашы, дзе ні на хвіліну не спыняўся рух, было куды спакайней і бяспечней.

Калі надыходзіла ноч і якая калона спынялася ка начлег, дзе-небудзь збоку, неўзаметку, прыстройваўся і экіпаж эмкі. Тады адзін з экіпажа даставаў з машыны невялікі чамаданчык, накідваў на пару калоў дроцік антэны і якую гадзіну акуратна выстукваў ціхую выбіванку сваіх паведамленняў: колькі бачылі за дзень часцей, куды кіруюцца, які парадак у калонах, як з транспартам. Калі заканчвалася перадача, у яго пыталіся:

— Ну, як?

— Загадана ехаць далей разам з адступаючымі.

І яны ехалі. З некаторага часу адмовіўся працаваць радыёперадатчык. Вельмі шкадавалі аб ім. Калі трапляліся на дарозе чыгуначныя станцыі, бітком набітыя эшалонамі, спыняліся на якую гадзіну, змешваліся з чырвонаармейцамі, прыслухоўваліся да кожнага слова. Часам узнікалі пасля гэтага пажары ў эшалонах, на чыгуначных складах. Псавалася блакіроўка, а то проста якая-небудзь выходная стрэлка аказвалася нечакана наглуха забітай, папсутай.

Пасля ўдала праведзенай работы тройка забіралася ў лясную глушэчу і дазваляла сабе дзень-другі адпачынку, каб прывесці да парадку сваю гаспадарку, памыцца як след у лясной рачулцы, памыць бялізну.

Яны былі задаволены сваёй работай і, лежачы пасля абеду на ўгрэтай сонцам прагаліне, марылі аб блізкай перамозе. Самі мары былі вельмі простыя, блізкія да іх жыцця, да іх жаданняў. Звычайна пачыналі з запытанняў:

— Ну што ты, Ганс, будзеш рабіць у Маскве?

— У Маскве? О, я буду рабіць... Я нагледжу сабе самы лепшы магазін футраў, там багата, кажуць, добрых футраў! Я выпішу тады з Германіі майго бацьку, у яго толькі бедная гарбарня, дзе прыходзіцца падфарбоўваць скуркі старых, паношаных зайцоў ды сабак рабіць пад янотаў... фу... брудная справа! Заўсёды не прадыхаць, як у хляве ў майго дзядзькі, які ўжо каторы год трымае патэнт ад магістрата на знішчэнне беспрытульных сабак і кошак... Няхай мой бацька хоць на старасці год будзе гандляваць сабалямі і гарнастаямі. Я яшчэ ніколі не бачыў сапраўднага гарнастая... Мне фюрэр дасць такі магазін...— летуценна гаварыў Ганс, малодшы з групы, нізенькі, з белабрысымі махрамі шорсткіх валасоў, густа навісаўшых на нізкі, касаваты лоб. Яму не давалі спаць гэтыя футры. Ён з замілаваннем, захліпваючыся, пырскаючы слінай, пачынаў гаварыць аб сакрэтах гарбарнага майстэрства, як можна звычайнага гамбургскага ката ператварыць у сібірскага собаля, а якога-небудзь сабаку...

— А кінь ты да д’ябла сваіх сабак! Скажы лепш, што ты сам будзеш рабіць у Маскве?

— Сам? Мы ж будзем ваяваць далей. Пойдзем у Сібір, у Азію, возьмем Індыю... Я яшчэ пагляджу, што я выберу ў Індыі! Я не ведаю, якія там трапляюцца футры.

— Футры! футры! Даліся табе гэтыя футры! У Індыі шоўк, брыльянты, сланы, у Індыі малпы...

— Не! Сланы мне нецікавы. Я бачыў у гамбургскім цырку сланоў, з іх не вырабіш ніякай футры.

— Ну што ж, задаволішся тады малпамі! — хітра падміргваў другому з кампаніі старэйшы над групай Вілі.

— Яны даўно яго чакаюць,— насмешліва кідаў з-пад куста Макс, хлопец з ленаватымі павольнымі рухамі, з нахабнымі выпукленымі вачыма, з бледным прышчаватым тварам.

— Ён з-за гэтых сабачых футраў і свету не бачыць. Эх ты, каціная смерць! — І ён даваў такога ляшча летуценнаму Гансу, што той аж ускакваў, старанна паціраючы карак.

— Што ты, ашалеў?

— Ды я любячы, дурань! Ніяк цябе розуму не навучыць. Вось я з’яўляюся ў Маскве! Дзяўчат мне сюды, самых найлепшых! Віна мне, колькі захачу! Ікры... каб вёдры стаялі!

— А далей?

— Што далей? Хопіць для першага разу. А там рэстараны адкрыю, бары... Герлсы ў мяне будуць першакласныя... музыка... шампанскае... А на ўсіх шыльдах, на прыборах, на сурвэтках, нават на попельніцах я красуюся: «Макс Бутлер». Вось так, гэта не піўная скарэднай цётухны, сэрца якой у дачыненні да пляменніка даўно ператварылася на гліняны куфель.

— Дурні вы, аднак, абодва! — пагардліва гаварыў Вілі Шніцке, чалавек гадоў пад дваццаць пяць, з сухаватымі рысамі доўгага твару, на якім заўсёды паблісквалі шэрыя неспакойныя вочы, якія нібы свярдзёлкамі ўгрызаліся ў твар субяседніка.

— Гэта чаму ж?

— А таму, што забываецеся на галоўнае. Вы забываецеся аб перамозе, якую павінны ўзяць вось гэтымі сваімі рукамі! Так ці не так вучыў вас вялікі фюрэр?

— А кінь ты, кінь! Тут не данцыгская школа. Тут табе не парад.

Цьмяны бляск у шэрых вачах Вілі Шніцке ператварыўся ў гарачыя вугалькі, на скронях праступалі, выпукляліся сіняватыя жылы, а сам ён рэзка прыўзнімаўся з зямлі:

— Устаць, калі я гавару аб правадыру! Нягоднікі... Пастраляю, як мышэй!

Тыя нехаця, але досыць шпарка ўставалі. Апраўдваліся:

— Хіба мы што кепскае сказалі? Ну, мы таксама думаем аб перамозе... І ведаем, што не сёння, дык заўтра, ну, паслязаўтра, ну, праз тыдзень, праз другі, а перамога будзе! Яна ўжо ў нашых руках!

— У вашых руках?! Ваякі! Што вы зрабілі за апошнія дні? Каб не я, вы даўно ляжалі б пад кустамі, як дохлыя каты гэтага аматара футраў.

— Як нашы сем сяброў, што паляглі, як толькі мы ступілі на гэтую зямлю....— спрабаваў агрызнуцца Макс.

— Не размаўляць! Я адказваю за іх смерць. Яны загінулі, як героі, яны забяспечылі нам перамогу. Іх будзе памятаць фюрэр, а не вас, абібокі, якія толькі думаюць аб кашачых футрах, аб рэстаранах, аб піўных. Не аб гэтым вы павінны думаць! Не ў гэтым наша першая задача! Вось я з’яўлюся ў Маскву і да прыходу нашых войск я заб’ю дзесяць, дваццаць... я заб’ю сто рускіх... Аба мне ўспомніць наша камандаванне. Аба мне скажа слова сам фюрэр. Мяне паклічуць тады ў штаб. Мне...

Тут двое падначаленых, якія не сказаць каб вельмі дружылі, непрыкметна, аднак, усміхаліся адзін аднаму і паціху садзіліся. Калі Вілі Шніцке пачынаў гаварыць пра сябе, пра свае заслугі, тады можна было спакойна садзіцца і нават лажыцца — яму патрабавалася звычайна з паўгадзіны, пакуль ён раскажа аб усіх сваіх заслугах і падзеліцца сваімі марамі. Гэта былі крыху іншыя мары, іншыя планы, чым у іх, у абодвух. Калі яны марылі аб футравых магазінах, аб рэстаранах, піўных, каўбасных, то яму хацелася стаць тым, хто стаіць вышэй над гэтымі каўбаснікамі і рэстаратарамі, стаць тым, хто распараджаецца ўсім гэтым людам. Хіба яму, Вілі Шніцке, зноў садзіцца пасля вайны ў цесную майстэрню свайго бацькі, псаваць вочы над чужымі гадзіннікамі і гармонікамі, корпацца над вясельнымі пярсцёнкамі, дагаджаючы тупым і тлустым мужыкам! Яны гадзінамі дамаўляюцца з табой, каб персцень быў пад самы сапраўдны брыльянт, каб на пярсцёнку былі выразаны і добрыя пажаданні нявесце, і ўспамянута імя жаніха, і некалькі слоў з бібліі аб прыўмножванні роду чалавечага, і пара галубкоў, і сэрца ў лілеях. І ўсё ты гэта зрабі на старым, пракаветным паламаным пярсцёнку, альбо зрабі новы з абломка бабчынай брошкі ці з залатога дзедавага зуба, што астаўся ў спадчыну.

...Не, Вілі Шніцке не пойдзе пасля вайны ў гэтую нікчэмную майстэрню. Ён плячом, кулаком праб’е сабе дзверы ў жыццё. Уласнымі зубамі ўгрызецца ў гэтае жыццё, у сваю будучыню. Цяпер добры час для Вілі Шніцке. У яго добрыя памочнікі: куля і смерць... Іх даў яму, як і тысячам другіх маладых немцаў, вялікі правадыр.

— Толькі не спыняйцеся! Не шкадуйце! Ні літасці, ні спагады ім! Праз кроў, праз смерць, праз агонь, праз мільёны трупаў ідзе да вас вялікая будучыня! Мацней жа аўтамат у руках, бярыце нож у зубы, страляйце, рэжце ўсё, што стаіць на вашай дарозе, палівайце крывёй зямлю, на ёй вырасце ваша будучыня, будучыня Германіі! Наперад жа, толькі наперад, мае хлопчыкі!

Так гаварыў фюрэр, так гаварылі яго генералы, выпраўляючы іх, маладых, у нязведаныя дарогі вайны.

А яны, гэтыя нікчэмнікі, мараць аб футрах і каўбасах... І Вілі Шніцке ставіў у прыклад свайго старэйшага брата. Той ужо з год як ходзіць у штандартэнфюрэрах, у яго цэлы полк адборных эсэсаўцаў. Яго імя наводзіла жах на цэлы польскі горад. Яго пабойваюцца старыя генералы і афіцэры.

А чаго толькі не навёз ён з Польшчы! І справа яшчэ не ў гэтым багацці. Брат, няйначай, хутка выб'ецца ў генералы, у брыгадэнфюрэры, а то і вышай.

Аб усіх гэтых справах Вілі Шніцке расказваў часам сваім падначаленым. У тых разгараліся вочы, яны аж уздыхалі, слухаючы аб прыгодах, зайздросцілі.

Яны ўспаміналі блізкіх сяброў са школы. Дзе яны цяпер?

Успаміналі сваю дыверсійную школу, выкладчыкаў, афіцэраў, спецыяльныя пляцоўкі і ціры, дзе практыкаваліся ў падрыўной справе, у страляніне. Успаміналі кароткую практыку, якую праходзілі пры адным з спецыяльных канцэнтрацыйных лагераў. Ім штодня вылучалі з лагера некалькі чалавек, часам меней, часам паболей. На гэтых людзях яны навучаліся практыцы карыстання нажом і кінжалам, практыцы аглушэння і звязвання чалавека рознымі падручнымі рэчамі, прыёмам японскай барацьбы, трапным стрэлам у патыліцу.

З іх, курсантаў школы, часта пацяшаліся і пасмейваліся старыя спрактыкаваныя эсэсаўцы.

І дакладна паказвалі, як адным ударам нажа спыняць чалавечае сэрца і як біць, каб не забіць адразу, каб выцягнуць з чалавека ўсё, што ён можа сказаць, калі адчувае подых блізкае, пакутнае смерці.

Але ўсё гэта лёгкая і ўрэшце няхітрая работа. Куды цяжэй былі тэарэтычныя заняткі па спецыяльных пытаннях. Іх, будучых дыверсантаў і шпіёнаў, знаёмілі з асаблівасцямі жыцця, з характарам законаў, узаемаадносін людзей у краіне, дзе яны будуць працаваць. Перад тым ад іх бралі распіску, што калі яны хоць раз заікнуцца дзе-небудзь, калі-небудзь аб пачутым на лекцыях, то іх чакае ў лепшым выпадку павешанне, і не толькі іх, але і блізкіх, усіх сваякоў.

Уцалелая тройка дыверсантаў старалася трымацца падалей ад франтавой лініі, якая за апошнія дні пачала ўсё больш і больш стабілізавацца. Дзейнічалі ў блізкім тыле. Работа стала куды цяжэйшай, чымся ў першыя дні. Даводзілася вельмі асцерагацца, каб не трапіць на пільнае вока. Вось ужо каторы дзень яны не маглі зрабіць нічога карыснага. Радыёперадатчык канчаткова выйшаў са строю, і ў гэтых лясах нічым яму не паможаш. У распараджэнні астаўся невялікі запас ракет, якія можна выкарыстаць толькі на што-небудзь сапраўды вартае. Прытаміліся. У іх няма таго радаснага ўзбуджэння і нецярплівасці, як тады, калі садзіліся на самалёт. Тады проста шалелі ад лішку сіл, ад доўгага чакання захапляючага палёту, ад няўрымслівага жадання хутчэй апынуцца там, дзе табе ўсё можна, дзе ўсё дазваляецца, дзе кожнага чакае такі цудоўны лёс, праўда, таемны яшчэ, неразгаданы... Цяпер шмат што разгадана. Нічога таемнага ўжо, бадай, не асталося. Адно толькі хіба здзіўляе яшчэ: калі ж урэшце гэтыя людзі кінуцца да цябе з абдымкамі, як да сваіх збаўцаў? Гаварылі ж на курсах: як толькі нямецкі салдат пераступіць межы савецкай зямлі, там рухне ўсё, распадзецца, і ўдзячны народ закідае вас кветкамі. Нешта не відаць гэтых кветак...

«Збаўцы» ляжалі на ўгрэтых сонцам купінах і тупа пазіралі ў бязвоблачнае неба, у якім зрэдку праляталі самалёты. На захадзе безупынна гула кананада, і Вілі думаў, чым ён апраўдае перад камандаваннем бяздзейнасць свае групы за апошнія дні.

 

13

Галя горка папракала сябе, што выбрала такі нязручны час, каб паехаць на якую пару дзён да свае сяброўкі. Тая выходзіла замуж у другі горад, запрасіла на вяселле. Галя атрымала дазвол у загадчыка сталоўкі, дзе працавала афіцыянткай разам з сяброўкай, і паехала да яе. Але вяселле, прызначанае на выходны дзень, разладзілася з самага пачатку. У гарадку, што стаяў ля самай граніцы, рабілася нешта несусветнае. З раніцы пачалася бамбёжка, потым біла па горадзе артылерыя з-за мяжы. Маладога тэрмінова паклікалі ў полк. Людзі кінуліся хто куды. Адны на шашу, другія на вакзал.

Галя ледзь-ледзь трапіла ў эшалон з бежанцамі, які адыходзіў на Мінск. Эшалону не пашанцавала. Яшчэ заставалася з сотню кіламетраў да Мінска, як яго разбамбілі, пашкодзілі паравоз.

Пехатою прабіраліся на ўсход. З групай спакучаных яна падышла ўрэшце да Мінска, наважылася была пайсці ў горад, каб наведацца дахаты, сустрэцца з мужам, які служыў шафёрам, з сястрой Надзяй, якая жыла ў яе на кватэры, вучылася ў медінстытуце. Але яе адгаварылі. Над горадам ішла страляніна, пагрозна гулі самалёты, якія раз-поразу наляталі з захаду, абстрэльвалі нават той ускраек лесу, дзе стоўпіліся людзі, пазіраючы на вялікія пажары ў горадзе.

Яна пайшла з групай у абход горада, каб трапіць на шашу, што вяла на ўсход. У кіламетрах трыццаці ад горада іх запынілі гітлераўцы ці то з танкавай часці, ці то з самалётнага дэсанта. Упершыню за сваё жыццё ёй давялося на ўласныя вочы пабачыць усякіх жахаў: разлютаваныя салдаты стралялі ў натоўп. Яна бачыла, як ганяліся салдаты па жыце за купкай дзяцей. Тут жа на полі, на беразе невялічкай рачулкі, было забіта некалькі мужчын.

На ўцалелых злосна крычалі гітлераўцы, махалі рукамі, лаяліся. Адно, што разабралі, была каманда: назад! Знясіленыя, галодныя, людзі падаліся назад, у горад.

Ужо вечарэла, як Галя падыходзіла да сваёй вуліцы. І столькі было перажыта і пабачана за гэтыя дні, што яна нічому больш не здзіўлялася: ні вялізнаму пажару, які бушаваў, не сціхаючы, па цэлых кварталах, ні трупам, што ляжалі на тратуарах, у пад’ездах дамоў, ні параскіданаму дабру, што валялася на вулічным бруку. У паветры стаяла нясцерпная гарачыня. Зямля пад нагамі была густа ўсыпана попелам і шкляным друзам. Яна глядзела на ўсё нічога не бачачымі вачыма і думала толькі аб адным: як бы хутчэй прыбіцца дахаты і апынуцца ўрэшце ў родным абжытым гняздзе.

Калі ж убачыла сваю вуліцу і падалася на свой двор, яе адразу пакінулі ўсе сілы, што падтрымлівалі ў гэтыя дні страшэнных пакут і выпрабаванняў. Хвіліну глядзела шырока расплюшчанымі вачыма на тлеючае папялішча хаты, якую будавала разам з мужам, на абгарэлыя рэшткі агароджы, на збітыя і прымятыя градкі агародчыка, на якім стаялі павозкі, мітусіліся шэрыя постаці нямецкіх салдат.

І, абяссіленая, спустошаная, апусцілася на цудам уцалелую лаўку пад абгарэлым клёнам і заплакала, уткнуўшы твар у сашчэпленыя далоні. Па ўздрыгванню плеч, па прыглушаных словах не то галашэння, не то ляманту, па ўсёй яе нахіленай постаці, у якой была безнадзейнасць і смутак, кожны мог бачыць, што чалавек перажывае вялікае гора. Да яе падышоў нямецкі салдат і, паклаўшы руку на плячо, запытаў па-польску:

— Чаго плачаш, кабета?

Яна не адказала, не ўзняла галавы. Салдат нерашуча патупаў на месцы і сам зразумеў, зірнуўшы на пажарышча, што яго запытанне зусім лішняе, недарэчы. І, азірнуўшыся на бакі, ён сказаў ціха:

— Не трэба плакаць, кабета! Не ты адна, не вы адны ходзіце ў такім горы.

І, памаўчаўшы, дадаў:

— Домік, што насупраць, пусты... Ідзі і жыві ў ім, займай любы пакой.

У голасе яго, у словах адчуваліся ноткі чалавечай даверлівасці, спагады.

Яна выцерла далонню вочы, сурова зірнула ў яго твар, суха запытала:

— Што вам трэба ад мяне і хто вы такі?

— Мне нічога не трэба... Я паляк, кабета. Я хачу вам толькі дабра.

— Вы нямецкі салдат!

— Я дзень і ноч праклінаю той час, калі мяне зрабілі салдатам... гэтай арміі...

Нічога не гаварылі больш. Яна машынальна ўстала, яшчэ раз агледзела сваё папялішча, закураны ўцалелы комін, абпаленае, чырвона-шызае жалеза рознага хатняга ўжытку і ціхімі бязгучнымі крокамі падалася да доміка, на які паказаў ёй салдат. Забраўшыся ў невялічкі пакойчык, у якім захаваліся ўсе рэчы нечага набытку, прасядзела колькі часу, бяздумна пазіраючы на прапыленыя сцены пакоя. Праз пабітыя шыбы акон у хату даносіліся пахі вулічнай гары, даляталі словы чужой гаворкі.

Заходзіў усё той жа салдат у хату і з ім яшчэ незнаёмыя ёй. Яны прынеслі хлеба, салдацкі кацялок супу, некалькі драбкоў цукру.

— Еш, кабета! Не смуткуй!

Яна прыглядалася да іх, здзіўлялася: хіба могуць быць людзі ў гэтай ненавіснай форме?

Так абсталявалася Галя на новае жыццё каля папялішча свае хаты. Нямецкая гаспадарчая часць з пазнанскіх палякаў, што размясцілася на вуліцы, давала ёй сякую-такую працу, бо жанчына не хацела задарма браць ні кавалка хлеба, ні лыжкі супу. Прыбірала ў іх у памяшканні, аказвала дробныя паслугі ў салдацкай гаспадарцы. Калі часць абзавялася сталоўкай, стала працаваць за афіцыянтку.

Ад жыхароў і суседзяў, якія пазаставаліся ў квартале, даведалася, што сястра Надзя выбралася ў свой час з горада з намерам дабрацца да роднай вёскі, а муж паехаў на ўсход разам з установай.

Салдаты ўпотай пераказвалі ёй часам навіны з фронту. Гэтыя навіны не суцяшалі яе. Не суцяшалі яны, відаць, і салдат. Але трапляліся і такія навіны, ад якіх гэтыя нямецкія салдаты, якія гаварылі па-польску, рабіліся надзвычай вясёлымі.

Работу афіцыянткі яна выконвала старанна і акуратна, так, як прызвычаілася заўсёды ставіцца да працы. Пасля работы яна нікуды не выходзіла з пакоіка, бо ад суседзяў даведалася, што па вуліцы вельмі правяраюць, пытаюцца дакументаў, што багата мужчын немцы пагналі ў лагер некуды за горад, трымаюць іх там напаўгалоднымі, ганяюць на работы. Але аднаго разу яна вымушана была пайсці на рынак, каб дастаць солі. Рынак быў ціхі, негаманлівы. Амаль што не было зусім сялян, якія раней заўсёды густа ўстаўлялі вазамі ўсю рыначную плошчу. Гарадскія мяшчанкі прадавалі малако, сякую-такую гародніну. Дзесяткі са два чалавек сноўдалася па рынку, як сонныя мухі, прапануючы выпадковым пакупнікам нікому не патрэбнае рыззё: старыя ватнікі, стаптаныя боты, аблупленае скураное паліто. Абарваныя хлапчукі выкрыквалі ненатуральнымі галасамі пра нямецкія сігарэткі, сіньку, сахарын. І быў рынак, і не было рынку. Куды дзяваліся яго былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў, якія ламаліся ад дабра. Галя любіла па выходных днях прыйсці сюды з мужам не толькі для таго, каб купіць што-небудзь патрэбнае для хаты, для штодзённага ўжытку, але і каб пабыць колькі хвілін сярод вясковых людзей, падыхаць гэтым паветрам, дзе пахла лугам, смалістым лесам, вясковай вуліцай. Яна не магла адвыкнуць ад вёскі, сумавала па ёй. Цяпер гэта ўсё сцерлася, паблекла. Людзі хадзілі маўклівыя, скоса пазіраючы адзін на аднаго, насцярожана сочачы за ўваходам на рынак. Баяліся нямецкіх аблаў, якія рабіліся раптоўна, нечакана.

Галі так і не ўдалося дастаць солі. Яна падалася дахаты, мяркуючы прайсці карацейшай дарогай, недалёчка ад гарадскога тэатра. Але на самай сярэдзіне вуліцы яе і ўсіх другіх перанялі нямецкія салдаты і пагналі пад канвоем на бульвар.

Тут ужо сагнаны быў вялікі людскі натоўп. Ля жалезнай агароджы сквера жаўцела свежым дрэвам некалькі шыбеніц.

У Галі моцна-моцна забіла сэрца. Яна памкнулася выбрацца з натоўпу, каб кінуцца без аглядкі дахаты. Але бліжэйшы салдат перагарадзіў дарогу штыком, нешта пагрозна мармытнуў, ляснуўшы затворам вінтоўкі. Галя адышлася назад.

— Вядуць, вядуць...— пачула яна словы.

Галя апусціла вочы, каб не бачыць людзей, якіх вядуць на смерць. Ёй страшна бачыць смерць, страшна бачыць пакуты. Пякучым болем сціснулася сэрца, яна гатова была расплакацца, закрычаць, што не трэба гэтага, што ніхто не мае права пазбаўляць чалавека жыцця.

Сабраўшы ўсе сілы, яна ўкрадкі паглядзела на сярэдзіну вуліцы, па якой вялі асуджаных на смерць. Глянула, здрыганулася. Іх вялі па адным. Былі ў іх бледныя, змардаваныя твары. Некаторыя накульгвалі, адставалі, і салдаты-канваіры падганялі іх штыкамі. У некаторых былі звязаны рукі. Рэзкімі ўзмахамі галавы людзі адкідвалі назад валасы, каб не перашкаджалі глядзець. На некаторых была падзёртая, пашарпаная адзежа. У двух былі забінтаваны галовы. Праз марлю праступалі свежыя плямы крыві.

Іх падвялі да шыбеніц. Над натоўпам усталявалася напружаная цішыня. Яе парушалі рыданні, ды хлопалі затворы фотаапаратаў: гітлераўцы здымалі смяротнікаў. А яны стаялі цяпер усе поплеч, маўклівыя, суровыя. Некаторыя з іх заглядзеліся былі на бліжэйшае дрэва, дзе сухая звіслая галінка гойдалася на лёгкім ветры і ціха шамацела завялым лісцем.

Афіцэры і салдаты чагосьці чакалі і, пачуўшы гул матораў, зірнулі ў той бок. Пад’ехала некалькі легкавых машын. З пярэдняй вылез важны нямецкі чыноўнік з пасівелымі скронямі, з шызаватым тварам, на якім застыла грэблівая ўсмешка. Ля яго замітусіліся афіцэры, нешта дакладваў пажылы генерал. Ён то пачціва схіляўся перад чыноўнікам, і вочы яго рабіліся нерухомымі, то скоса пазіраў на натоўп, і вочы яго тады калючым, як шыла, позіркам шныпарылі па людзях, сухія жаўцявыя пальцы, аброслыя старэчым пухам, нервова перабіралі зялёны генеральскі лампас. Там жа было некалькі добра ўбраных жанчын. Яны то пагардліва пазіралі на натоўп, то з яўнай цікаўнасцю і палахлівасцю скоса прыглядаліся да тых, што стаялі ля шыбеніц.

Чыноўнік паволі прайшоўся перад асуджанымі на смерць, уважліва і вычакальна пазіраючы кожнаму ў твар. Адышоўшы ўбок, махнуў рукой. Да асуджаных кінуліся салдаты, і тады той, што стаяў першы ў шарэнзе, загаварыў:

— Браты мае, адпомсціце за нас, адпомсціце за Радзіму! Мы жылі і ваявалі...

Галя здрыганулася, пачуўшы гэты голас. Калі не пазнала адразу чалавека,— так быў змардаваны ён і схуднелы,— то цяпер пазнала яго па голасе. Гэты голас яна чула штодня, чалавек гэты заўсёды абедаў у сталоўцы, дзе некалі працавала Галя афіцыянткай. Ён быў кіраўніком буйной рэспубліканскай установы, яго ведаў увесь горад, як слаўнага чалавека, як выдатнага камуніста-арганізатара. Ён быў заўсёды вясёлы і жартаўлівы ў абыходжанні з імі, афіцыянткамі.

Добра ведаў жыццё амаль што кожнай з іх, часам памагаў ім сваімі парадамі. Заўсёды садзіўся за столік, які абслугоўвала яна. У хвіліны вясёлага настрою ён некалі падражніваў яе сваім шафёрам — ведаў, яна збіралася выйсці замуж за таго хлопца. Часам чакаючы, пакуль ставіла яна талеркі на стол, жартаўліва запяваў:

— Галю мая, Галю, Галю чарнабрыва...

— ...Мы аддаём жыццё за вашу свабоду, браты!

Яму не далі дагаварыць. Салдаты-каты спяшаліся задушыць чалавека. Сутаргавыя ўсхліпы парушылі маўклівую цішыню. Галя не магла стрымаць гаручых слёз, якія, здавалася, перапоўнілі ўсю душу, усё сэрца. З краю натоўпу ды з зарасніку густых кустоў на скверы пачуліся галасы:

— Слава вам!

Па натоўпе пракаціўся нібы ціхі шолах, многія пазнімалі шапкі.

Гітлераўцы насцярожана кінуліся ў адзін бок, потым у другі. Потым усё сціхла. Вёрткі чалавечак у зеленаватых акулярах хапатліва ўзабраўся на зэдлік, выбіты з-пад шыбеніцы, і, размахваючы, балансуючы рукамі, каб не зваліцца з рыпучай трыбуны, сказаў некалькі слоў:

— Глядзіце ж, грамадзяне, каб гэта пайшло вам на добрую навуку! Яны, бачыце, наважыліся супраціўляцца нямецкай арміі, не прызнавалі новага парадку! Хто будзе рабіць так ці прыкрываць злачынцаў,— таго не мінуць гэтыя слупы...

І зноў з натоўпу, з зарасніку на скверы, нехта голасна крыкнуў:

— Заткні горла, фашысцкая псіна! Забіць яго, вылюдка!

Чалавечак у зеленаватых акулярах палахліва азірнуўся, саскочыў з трыбуны, схаваўся за спіны канвою. Заварушыліся салдаты, пачалі адціскаць натоўп з вуліцы, бліжэй да руін. Адтуль раздалося некалькі рэвальверных стрэлаў. Бліжэйшы да чыноўніка афіцэр хапіўся за грудзі, яго ўзялі пад рукі, уціснулі ў машыну, куды, спяшаючыся, скочыў і чыноўнік. Машыны рушылі з месца і хутка зніклі з вуліцы, па якой бязладна бег народ. Раздаваліся аўтаматныя чэргі. Салдаты ачаплялі квартал з руінамі, стралялі ў пустыя правалы акон уцалелых каробак.

Галя бегла па вуліцы разам з людзьмі. Вось і блізка да хаты. Яна прыцішыла хаду, каб супакоіць сэрца, якое, здавалася, вырывалася з грудзей, замінала дыхаць.

 

14

Хлопец, які выпусціў з рэвальвера ўсю абойму, кінуўся ўцякаць. Па ім выстраліў з вінтоўкі нямецкі салдат. Хлопец, сцяўшы зубы, схапіўся за руку. Гітлеравец ускінуў вінтоўку, стрэліў раз-другі, але чалавек ужо знік за правалам каменнай сцяны. Мільганулі яшчэ дзве постаці. Салдат кінуўся следам, за ім другія. Па закураных сценах руін зацокалі кулі, стралялі з аўтаматаў. Разбягаўся народ па вуліцах. Трое торапка прабіраліся між заваламі сцен разбураных дамоў. Сіганулі ў пад’езд вялізнага дома, які цягнуўся на цэлы квартал. І ў поцемках склепа адзін кінуў другому:

— Вар’ят! Ты мог загубіць сябе і нас!

Той сцішыў хаду, скінуў пінжак з сябе.

— Перавяжыце...

— Моцна?

— Ды толькі злёгку кранула, магло быць і горш...

— Магло, магло...— ціха праказаў другі, хутка перавязваючы руку таварышу.— Кажу, што вар’ят і ўчынак вар’яцкі!

— Ну няхай сабе і вар’ят! Я не мог іначай, зразумейце ж вы. Роднага брата забіваюць, а ты што ж: на смерць яго прыйшоў паглядзець?.. Не... Не мог я іначай! Шкадую толькі, што прамахнуўся, не ў таго трапіў. Я хацеў гранату кінуць, ды небяспечна: вельмі багата народу было. А той гад ад нас не схаваецца. Не сёння, дык заўтра, не заўтра, дык паслязаўтра, але дагоніць яго наша куля!

Хлопцы торапка прайшлі склеп, нырнулі праз прабоіну ў падземны бункер, які прызначаўся пад склад паліва. Агледзеўшыся, вылезлі праз люк і, перабегшы праз пусты двор, апынуліся на другой вуліцы, па якой яшчэ беглі, хвалюючыся, людзі, падаючыся далей ад сквера, ад страшных слупоў. Хлопцы змяшаліся з натоўпам, пайшлі разам з ім.

 

15

Ужо з сотню чалавек аддаў Кубэ на смерць, шырока абвясціў у газетах, у аб’явах, у спецыяльных лістоўках і загадах. Кубэ пісаў аб гэтым і пагражаў самымі лютымі карамі, але горад не сціхаў, не рабіўся спакойным. То загарыцца нямецкі склад, то выходзіць са строю сувязь, то святло выключаецца раптам, то знікне ноччу без усякіх вестак нямецкі афіцэр, нямецкі патруль.

Гаўляйтэр Кубэ шчыра шкадаваў свайго бліжэйшага памочніка, прыкамандзіраванага да яго армейскага афіцэра, так цяжка параненага сягоння. Афіцэра адвезлі ў шпіталь. Куля, якая параніла памочніка, была прызначана яўна для яго, для Кубэ. Гэта ён добра разумеў.

Пазванілі па тэлефоне. Са шпіталя паведамілі, што паранены памёр.

На якую долю секунды ўсё цела Кубэ скаланулася лёгкай дрыготкай, нібы адчуўшы дотык чагосьці халоднага, ліпучага, як вільгаць магілы. Але толькі на момант. Шкадуючы памочніка, ён усё ж усцешаны быў, што выпадковая куля абмінула па гэты раз яго, Кубэ. Ці выпадковая толькі?

Ён аддаў распараджэнні: калі, як і дзе хаваць забітага, каму быць на пахаванні. Пазваніў кіраўнікам паліцыі, гестапа, ці ёсць якія навіны, ці затрыманы страляўшыя. Даведаўся, што затрымана з паўсотні чалавек, але ніякіх доказаў аб удзеле гэтых людзей у сённяшніх падзеях няма. Загадаў:

— Расстраляць!

Потым аддаў дадатковыя распараджэнні:

— Сёння ж аб’явіць аб расстрэле ў газетах... Няхай ведаюць яны, хто гаспадар у гэтым горадзе...

Абапёршыся аб стол рукамі, сядзеў колькі хвілін маўклівы і задуменны. Сашчэпленыя кашчавыя пальцы рук моцна сціскаў да болю. Сачыў, як прыкметна б’ецца пульс на руцэ, як сінеюць, набухаюць на далонях вузлаватыя жылы.

З-за зялёнай шторы прабіўся сонечны прамень, прайшоўся па далоні, пасерабрыў рэдкія валасінкі на запясці.

І сонца, і срабрысты пух, і імклівы бег гарачай крыві, здаровы бег, які толькі і прыкмеціш у пульсе,— усё гэта жыццё, усё гэта адзнакі жывога. Магло б быць і іначай...

Стопкі розных папер, дакументаў ляжалі на стале. Самыя тэрміновыя, неадкладныя ляжалі ў асобнай папцы. Сярод іх кароткая тэлеграма фюрэра:

«За дыверсію з цыстэрнамі сто чалавек».

Кубэ разумеў сэнс гэтых слоў. І ўяўляў сабе твар фюрэра ў гневе. Ён цямнее, цямнее, густыя кропелькі поту пакрываюць лоб, вочы глядзяць некуды міма людзей, міма сцен, нібы ўглядаецца ён у нейкі дзівосны свет, толькі яму вядомы, толькі яму даступны і бачны. Потым рэзкі ўзмах правай рукі і разам з ім загад, як стрэл, як ракета, і рука павісне бязвольна і будзе матляцца, як нежывая, але вочы набудуць ужо сваю рухомасць, і ён матне галавой і ўтаропіцца позіркам у субяседніка.

Сто чалавек...

Трэба, аднак, прывесці да парадку мясцовыя ўлады. У іх не першыя ўжо здарэнні, у тых расцяпаў. Не камендант, а летуценнік нейкі, хаця ў жорсткасці яму і не адмовіць. Але ж не апраўдала сябе і жандармерыя, якая нядаўна туды накіравана. Такі старанны Кох, аднак і ён нечага недагледзеў. Прыйдзецца, няйначай, накіраваць туды самога начальніка паліцыі, няхай тэрмінова выканае загад фюрэра, а разам з тым навядзе парадак і ў гарадку.

Ранішнія падзеі не парушалі звычайнага распарадку дня ў генеральным камісарыяце. Адзін за адным з’яўляліся загадчыкі галоўных аддзелаў: палітычнага, адміністрацыйнага, гаспадарчага. Работы шмат. У самым разгары была арганізацыя гарадской управы. Трэба тэрмінова ўпарадкаваць яўрэйскія справы. На месцах бязладзіца. Час патрабаваў як мага хутчэйшай арганізацыі ўсяго жыцця краіны, каб кожны чалавек прайшоў праз фільтр, быў бы на воку. І не толькі ён, а і ўвесь яго набытак да апошняга кураняці, уся яго праца, усе і ўсё павінна стаць на службу Германіі, дбаць аб яе інтарэсах. Ужо з’явіліся ў горад прадстаўнікі буйных фірм, у іх справядлівыя прэтэнзіі на лес, на лён, на розную сыравіну. Яны паадкрывалі свае канторы, яны патрабуюць усякай дапамогі і падтрымкі, але ён не ў сілах яшчэ зрабіць гэтага, бо не толькі горад, а і ўся краіна падобны на вулкан. Яшчэ некаторым гарнізонам даводзіцца прывозіць хлеб з Германіі, і гэта ў такі час, калі кожны вагон, кожны паравоз так патрэбны для важнейшых ваенных аперацый.

Ён параіў розным прадстаўнікам падацца ў раёны, самім наладжваць свае справы. І зразумеў, што гэта былі пустыя словы. Яму сказалі:

— Пан камісар, нам абяцалі, калі мы ехалі сюды, што ў кожным раённым гарадку, у кожнай вёсцы ў нас будуць свае людзі, якія возьмуць на ўлік усё дабро: ад каровы да апошняй жменькі льну, да кожнага яйка, якое знесена сягоння і якое будзе знесена заўтра і паслязаўтра. А мы ведаем, што нават нашы салдаты, нашы афіцэры... так, так, пан камісар, нашы афіцэры часам не адважваюцца... не... не... мы не тое хочам сказаць... ну, не маюць магчымасці свабодна рухацца па тэрыторыі. Вы не падумайце, пан камісар, што гэта нашы ўласныя думкі! Так нам гаварыў сам камандуючы корпусам!

— Я парэкамендаваў бы вам, панове, быць больш асцярожнымі з выказваннямі. Каб аб гэтым ні слова, ніводнага намёку ў паведамленнях вашым фірмам і, тым больш, у прыватных пісьмах. Але я разумею вашы жаданні. Вы людзі справы. І я адказваю вам: мы разгортваем сетку сельскагаспадарчых камендатур. Яны памогуць нам не толькі забяспечыць хлебам і мясам нашу гераічную армію, яны памогуць вам наладзіць і вашы справы. У гэтым памогуць вам і ўсе нашы інстытуты. Што ж датычыцца нашых салдат і афіцэраў, то мы ўсе павінны схіліць галовы перад гераізмам, перад іх крывёй, якой паліта заваяваная намі зямля. Іх крывёй цэментуецца наша перамога, наша будучыня. Яна блізка ўжо, гэтая перамога! Здзяйсняюцца словы вялікага фюрэра, якога сам бог паслаў нашаму народу ў гады цяжкіх іспытаў. Ён зробіць Германію самай магутнай дзяржавай свету, падпарадкуе ёй усе народы і ўсе дзяржавы! Ён знішчыць усіх, хто выступае супроць яго волі, супроць яго замыслаў, бласлаўлёных гісторыяй і найвышэйшай воляй бога.

Кажучы пра фюрэра, Кубэ ўстаў. Усталі і яны. Надаўшы тварам належны моманту выраз, пачціва выслухоўвалі начальніка, і кожнага свідравала думка аб тым, што справы ідуць, аднак, не так, як бы хацелася, як аб гэтым гаварылі ім у Германіі.

Кубэ з нямецкай акуратнасцю размяркоўваў свой час на кожны дзень, на кожны тыдзень. І калі надыходзіла дзесятая гадзіна, спыняў прыёмы, усякія гутаркі па тэлефоне. Гэта была ўласная гадзіна, калі можна было заняцца справамі, не меўшымі непасрэднага дачынення да службовых функцый.

Кубэ лічыць сябе крышку паэтам, літаратарам,— папісваў у свой час слабенькія нарысы ў партыйную газету. Ён шчыра перажываў, што нацысцкая Германія не стварыла ніводнага твора, ніводнай кнігі, якая б выйшла за межы краіны, прынесла б славу нямецкай літаратуры. Некаторыя пісьменнікі Германіі, якія вядомы былі раней культурнаму свету, былі альбо за межамі, альбо гнілі па турмах, па лагерах. Першыя прыводзілі да шаленства фюрэра: «Як яны адважваюцца?» Аб другіх ён гаварыў часам:

— Калі яны не павернуць сваіх мазгоў, дык я вырву іх разам з галовамі! Мне патрэбны бяздумныя салдаты, аўтаматы-афіцэры і з жалезнымі мазгамі паны генералы. У гнілой інтэлігенцкай вільгаці, у гэтай інтэлектнай твані можа заблытаць крок мой салдат, ад яе ржавеюць мазгі генералаў. Я вырву мазгі, я прасушу ўсім галовы, я прышчаплю ім ясныя думкі.

І ён прасушваў! Ён змагаўся за «ясныя» думкі.

Кубэ таксама змагаўся за «ясныя» думкі. Яму хацелася напісаць такі твор, які б не толькі ўзрушыў усё чалавецтва, але і паверг бы яго пад жалезныя ногі Германіі.

Адзіны шлях да гэтага: кроў, агонь, удасканаленая браніраваная машына знішчэння мільёнаў. І за гарамі чалавечых трупаў, за чорнаю ноччу нябыту, за багровымі водбліскамі крывавых ніагар устане яна — светлая, прамяністая, вечная, як сонца, Германія ўладароў сусвету, Германія людзей-багоў.

Кубэ шукаў герояў для сваіх твораў. Хапаўся за вобраз старажытнага Армінія, прымерваўся да Фрыдрыха, да лёсу незвычайнага яфрэйтара. Пісаў, перапісваў. Чытаў, перачытваў.

Разбольвалася галава, бездапаможна адкідваўся на спінку крэсла.

— У чым тут справа? Гэта ж павінна быць усё так проста, так звычайна!

А час не чакаў. Вялізны гадзіннік у шафе ўрачыста, як касцельная вежа, адзвоньваў адзінаццаць гадзін. Галоўнае — распарадак!

— Хопіць на сёння...

Кубэ ішоў да сям’і. Пяць хвілін — хада дадому. Дзесяць хвілін — пажартаваць з жонкай: «Ну як, ты не супакоілася яшчэ?» Дваццаць хвілін на вячэру. Пяць хвілін — паглядзець на сонных дзяцей. Яшчэ пяць хвілін — падражніцца з вялізным догам. Дзесяць хвілін — акунуцца ў ванну. Рэшта — распрануцца, у ложак спаць!

Спаць, спаць!

Але Аніта, жонка, ніяк не можа ўгаманіцца на сваім ложку, усё нешта мармыча пад нос, уздыхае. Урэшце яна не вытрымлівае і пытаецца шэптам, каб не пабудзіць дзяцей:

— Вілі!

— Ну што там у цябе?

— Я хачу спытацца: ты не баішся іх? Я кажу пра вочы. І тых, што мёртвыя ўжо... І тых, што жывыя... усіх тых, якія былі ў натоўпе... Гэта страшныя вочы!

— Ты вярзеш немаведама што, ды яшчэ перад ноччу.

— Я, Вілі, баюся іх!

— Ты ў мяне заўсёды баязлівіца. А чаго табе баяцца? Над табою бог, а я ля цябе, ля ложка твайго — добры дог,— адказаў жартам Кубэ, пачуўшы, як павярнуўся на падлозе велізарны сабака.

— Ты гаворыш глупства, ты нават абражаеш бога... Я пытаюся пра людзей... Ці баішся ты іх?

— Ну, што за пытанне ў цябе? Каб я баяўся, я б не быў гаўляйтэрам... Яны баяцца мяне.

Але адчуваў, што гэта сказана ім хіба толькі для таго, каб суцешыць сваю баязлівіцу. Ён уважліва прыслухоўваўся да кожнага гуку ў доме, на вуліцы, у горадзе. Трывожна ўздрыгваў, калі раздаваўся дзе-небудзь паблізу нечаканы стрэл ці нехта шпарка прабягаў па вуліцы або няўклюда дог зрушваў у пакоі якую-небудзь рэч. Ён нервова ўскрыкваў тады:

— Хто там?

І, адчуваючы, як халадзее кашуля на спіне, хапатліва ўключаў святло. Лаяўся:

— Колькі разоў гаварыў: не пакідаць лішніх рэчаў у спальні! Няйначай, прыйдзецца адаслаць дурніц горнічных на работу ў Германію. Іх там навучаць працаваць!

А неўгамонная Аніта ўсё не спіць. Па яе рухах Кубэ ведае, што яна збіраецца яшчэ аб чым-небудзь спытаць яго. І ён папярэджвае яе:

— Даўно пара ўжо спаць. Дай супакой мне: у мяне з раніцы тэрміновыя справы ў гета...

— У гета? — і ў голасе Аніты Кубэ чуе ноткі летуценнасці. Яна пытаецца:

— Даруй, апошняе пытанне. Ад’ютант казаў мне, што ў іх, у гета, трапляюцца добрыя залатыя рэчы... Ты ж ведаеш, я табе казала, наша Луіза, мая пляменніца, выходзіць замуж. Яна ж такая бедная, наша Луіза! Я спадзяюся, ты б змог узяць там што-небудзь, было б так дарэчы паслаць ёй добры падарунак да вяселля!

Калі не абяцаць, то яна яшчэ доўга-доўга будзе гаварыць аб беднай Луізе.

— Заўтра пагаворым... Ну, абяцаю табе. Я ж так хачу спаць.

У доме ціха-ціха. Чуваць крокі вартавога на вуліцы, ціхія галасы вартавых на двары, у садзіку, у вестыбюлі дома.

Насцярожлівая цішыня стаіць над цёмнымі і маўклівымі вуліцамі зруйнаванага горада.

 

16

Ужо дні тры, як група Вілі Шніцке сачыла за вялікім аэрадромам. Днём трымаліся ў лесе, дзе ў глухім гушчарніку была замаскіравана эмка. Ноччу Вілі са сваёй групай падбіраўся да самага аэрадрома, да граніц яго лётнага поля.

Вілі злаваў на сваіх няўдак, злаваў на ўвесь свет, што яму даводзіцца працаваць цяпер на сваю ўласную рызыку, на свой уласны страх. Звязвала па руках і нагах адсутнасць радыёперадатчыка, адсутнасць сувязі, дырэктыў, указанняў. Куды лепей, калі добра ведаеш, чаго ад цябе патрабуюць, якую работу даручаюць.

Днём на аэрадроме было заўсёды людна. Неба поўнілася рокатам матораў. Адны знішчальнікі прызямляліся, другія падымаліся ў паветра. Ноччу над лётным полем стаяла цішыня, тут была дзённая авіяцыя. Вілі неяк удалося падкрасціся ноччу да месца, дзе стаялі аўтамашыны эскадрыллі. Ён падпаліў адзін грузавік. Але тут узнялася мітусня, і ён ужо не рад быў, што ўшыўся ў гэтую справу. Ледзь не трапілі ў рукі чырвонаармейцаў у часе спецыяльнай аблавы. Выратавала жытняе поле, у якім схаваліся, перачакалі небяспеку.

І вось яны зноў ля аэрадрома. Ляжаць, прыхаваўшыся ў невялічкім парасніку, што на ўзлессі. Над галовамі цёмнае ліпеньскае неба. Злёгку хмарыцца. Толькі дзе-нідзе праз тонкае сіта хмарынак прабіваюцца рэдкія зоры. У руках Вілі, Ганса і Макса ракетніцы, у кішэнях падрыхтаваныя ракеты. Яшчэ раней, калі працаваў радыёперадатчык, ім загадалі памагаць сваёй авіяцыі вышукваць савецкія аэрадромы.

Маўчалі, прыслухоўваліся да начных гукаў, да лясных шолахаў, да нахабнага крыку савы ў лясной аўражыне. Часам даносяцца з аэрадрома крокі, відаць — змяняецца каравул. Праедзе па дарозе калона машын з патушанымі фарамі, і зноў усё ціха, маўкліва. І ўрэшце ўзніклі новыя гукі, якія насцярожылі дыверсантаў.

Гукі нарасталі, набліжаліся.

— Нашы, нашы!

А на аэрадроме было ціха і глуха. Стаялі нерухомыя пражэктары. Маўчалі кулямёты і зеніткі пад самым лесам,— іх бачылі на свае ўласныя вочы. Маўчаць зеніткі, як заварожаныя.

Вілі так быў зачараваны гулам самалётаў, што ледзь не забыўся падаць каманду. Але схамянуўся, загадаў падрыхтавацца.

Вось ужо над самай галавой чуваць знаёмы, доўгачаканы гул.

— Ракеты! — шэптам загадаў Вілі.

У цёмнае неба ўзвіліся разнаколерныя агні і, рассыпаючы іскры, апісваючы светлыя дугі ў бок аэрадрома, паволі расталі ў паветры.

— Яшчэ раз!

Ізноў запаліліся ў небе аганькі стракатага феерверку, і пакуль апускаліся і згасалі яны, скакалі па зямлі цёмныя цені ад дрэў, ад кустоў і, набываючы маланкавую хуткасць, бясследна знікалі ў цемры, яшчэ больш густой, больш устойлівай пасля пагаслай ракеты.

Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Вілі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей.

«Калі ж яны?» — свідравала мазгі неадчэпная думка.

А навакол стаяла мёртвая цішыня. Толькі ў небе па-ранейшаму гулі маторы, але слабей і слабей. Ледзь улоўнае дрыжанне паветра даносілася адтуль, з усходу, куды ўзяла кірунак эскадра.

Вілі ў бяссіллі распасцёрся на зямлі.

— Сволачы, хто даў ім права не заўважаць маіх сігналаў? Яны адкажуць перад вярхоўным камандаваннем, што ўпусцілі такую выключную здабычу...

Маўчалі Макс і Ганс.

З захаду пачуліся зноў знаёмыя нарастаючыя гукі. У цемені ночы ішла на ўсход другая эскадра. Ізноў мільганула, вярнулася старая надзея.

Другая эскадра ляцела ніжэй. Гудзенне яе матораў было да таго моцнае, што балюча аддавалася ў вушах. Вілі ажывіўся і, падняўшыся на ўвесь рост, ледзь не з адчаем кінуў:

— Пускай!

І толькі ўзляцелі ракеты, як аднекуль збоку паласнула чарга аўтамата і нехта зусім ужо блізка пракрычаў, нібы над самым вухам, так па крайняй меры здалося Вілі:

— Стой, стой, гады!

Было некалі хапацца за пісталеты. Дыверсанты кінуліся без каманды, адным толькі інстынктам кіруючыся ў бок лесу. Уперадзе Вілі бег Ганс.

І тут паласнула другая чарга. Паветра разадраў шалёны звярыны крык:

— А-а-а...

Вілі ледзь не спатыкнуўся на Ганса. Той прысеў на карачкі і, схапіўшыся рукамі за жывот, крычаў, забыўшыся аб усім на свеце.

— Ты што? — запытаў яго Вілі, на секунду нахіліўшыся над яго постаццю.

— Ратуй мяне! Ранены...— ледзь вымавіў Ганс і не пераставаў крычаць, ашчарэпіўшы жывот рукамі.

Гэта адбылося ў якую адну-дзве секунды. Па самую рукаяць устроміў свой нож Вілі. Звярыны крык абарваўся, заціх. Чуўся толькі ціхі храп, клакатанне. Так безнадзейна, беспаваротна скончылася кар'ера Ганса, які так і не здолеў дабрацца да сапраўднага собаля, не здолеў разгадаць, распытаць, а якія там футры вырабляюцца ў далёкай загадкавай Індыі. І загінуў той жа смерцю, якой гінулі прыблудныя псы ў прадпрыемстве яго дзядзькі.

Вілі паўзком падаўся ўбок. Ён чуў блізкія шолахі травы, кустоў. Беглі людзі, што шукалі ракетчыкаў. Іх было, відаць, некалькі груп, бо аўтаматная страляніна раздавалася то там, то сям. Вілі дабраўся да густога кустоўя. Ён бачыў, як на ўзмежку жытняга поля — яно ледзь-ледзь праглядалася, бялела скрозь цемень ночы — мільганула на секунду чорная постаць. Ён ведаў: гэта ўцякаў Макс. І ён кінуўся кустамі ў бок жыта, хутка схаваўся ў ім.

Пачулася яшчэ некалькі адзіночных стрэлаў. Стралялі, відаць, ужо так, для перасцярогі, для страху. А мо стралялі яны па Максу? Вілі асцярожна прабіраўся жытам, стараючыся не нарабіць слядоў. Забраўся далей ад узмежка поля, прылёг. Толькі тут адчуў, як аслаб ад усіх гэтых падзей.

Калі пад раніцу ўсё сціхла, Вілі, каб разагрэцца, падаўся полем далей. Зрэдку ціха клікаў Макса. Але ніхто не адгукаўся. І толькі калі сонца пазалаціла тры вялізныя дубы, што стаялі тут жа, на ўскрайку поля, ля невялічкай ручаіны, Вілі пачуў лёгкі стогн. Прыслухаўся. Стогн паўтарыўся яшчэ і яшчэ. Даносіўся ён ад тых дубоў. Вілі асцярожна падаўся да іх. На пясчаным беражку ручаіны заўважыў ляжачую постаць. Гэта быў Макс. Ён намагаўся адной рукой дастаць вады з ручаіны, каб напіцца. Другая рука нерухома ляжала на пяску, і яе перавернутая далонь была запэцкана зямлёй і крывёй. Ён сіліўся зачэрпаць далонню вады, але гэта каштавала, відаць, вялікіх намаганняў, бо пасля кожнага неасцярожнага руху бяссільна прыпадаў да зямлі і ціха стагнаў, сцяўшы зубы.

— Макс! — паклікаў яго Вілі.

Той здрыгануўся, але, пазнаўшы знаёмы голас, азірнуўся назад, ледзь-ледзь здолеўшы павярнуць галаву. У яго вачах загарэлася жывая чалавечая радасць.

— Гэта ты, Вілі? Вады... хутчэй вады! Я так хачу напіцца...

Вілі ўзяў Максаву шапку, зачэрпаў вады.

— Пі!

Той прагна прынік да шапкі. Вада лілася па барадзе, па гарляку, цурчэла струменьчыкам з дна шапкі.

— Прашу цябе, зачэрпай яшчэ!

Вілі падаў яшчэ.

— Пі, пі...

Урэшце, Макс напіўся, свабоднай рукой выцер узмакрэлы твар, павярнуўся на бок.

— Ты ведаеш, Вілі, толькі цяпер я зразумеў, што перамог смерць! Я так хацеў піць, так хацеў піць! У мяне ўсё сасмылела ўнутры, я паранены... Відаць, сур’ёзна... Але я напіўся, я буду жыць, Вілі! А гэта галоўнае. Хіба ж не так, Вілі? Мне вельмі было боязна аднаму, я загінуў бы адзін. Цяпер мне не страшна.

Ён гаварыў, і вочы яго поўніліся хваравітым бляскам.

— Так, я буду жыць! Я хачу жыць!

Толькі тут заўважыў Вілі, што гімнасцёрка на Максе ў крыві. Ён наважыўся быў палажыць таварыша зручней, каб паглядзець яго раны, а калі патрэбна, то і перавязаць іх. Але пры кожным дотыку той аж скрыгатаў зубамі і енчыў да крыку:

— Не чапай! Прашу цябе, не чапай... Мне вельмі баліць...

І пакінуты ў спакоі, паціху стагнаў праз зубы. Вілі моршчыў твар.

— Ты б цішэй. Могуць пачуць нас.

— Ладна, я не буду...— змаўкаў ён.

Узыходзіла сонца. Лёгкі ветрык сіліўся ўскалыхнуць мокрае ад расы задрамалае жыта. Яно стаяла густой непадатнай сцяной, і толькі некаторыя сцябліны, якія задужа выдаліся ўгору, загойдаліся пад ветрыкам, асыпаючы долу бісерынкі расы. У дубовым галлі ўзварушылася птушынае царства. Гаманлівы шчэбет заглушыў срэбныя пералівы імклівага ручая. На дне яго відаць быў цяпер кожны каменьчык, кожная былінка, якая трапяталася пад імклівым напорам вадзянога струменя. Абсыхала трава, рабілася цяплей, нясцерпна хацелася спаць.

Макс пад дубам стагнаў, трызніў. І калі прыходзіў да прытомнасці, усё гаварыў і гаварыў аб адным і тым жа:

— Я хачу жыць...

Гаварыў і зноў трызніў, стагнаў. Стогн пераходзіў ужо ў лямант, у крык.

У полі, на жытніх дарогах, раздаліся галасы. Ці то ішлі на працу сяляне, ці пастушкі дзе гналі кароў на пашу, ці мо рухаўся паблізу які вайсковы атрад. І як ні хацелася Вілі спаць, ён насцярожана прыслухоўваўся да кожнага гуку, да кожнага голасу.

І калі Макс пад дубам ізноў напомніў Вілі, што хоча жыць, Вілі ў думках запярэчыў яму: «Не... Гэта не ў тваёй волі! Гэта ўжо ў маёй волі! Іначай тут нельга».

І ён зрабіў тое самае, што зрабіў ноччу з тым дурнем Гансам, які быў завельмі ласы на сабалёвыя скуры. Розніцы тут асаблівай не было. Адзін марыў аб сабалях, другі марыў пра вясёлае жыццё. Не для ўсіх жа яно ўдаецца!

А галоўнае, так яно спакайней будзе...

Вілі абыякава абшукаў кішэні аматара вясёлага жыцця. Дастаў залаты гадзіннік, сякую-такую драбязу. Перацягнуў труп далей у жыта, прыхаваў яго, кінуў у ваду непатрэбныя цяпер ракетніцы, падаўся цераз ручай да лесу. Асцярожна падабраўся да месца, дзе стаяла эмка. Але машыны там ужо не было. Вілі шчыра пашкадаваў аб гэтым: у машыне быў папсуты радыёперадатчык, іх карабіны, а таксама некаторыя запасы харчу.

Вілі доўга блукаў па лесе, выбіраючы глухія сцяжынкі, унікаючы дарог. Ён баяўся сустрэч з людзьмі. Адчуваў, як знікла ранейшая яго ўпэўненасць, увесь былы спрыт, вынаходлівасць, з якой выбіраўся ён з самых цяжкіх і непрадбачлівых выпрабаванняў. У яго астаўся адзін толькі компас, і ён зрэдку пазіраў на яго, стараючыся ісці проста на захад. Яго мучыў голад. Заўважыўшы на лясной палянцы хлапчука, які сядзеў ля раскладзенага цяпельца і пёк на агні кавалачак сала, уздзеты на арэхавы дубчык, падаўся да малога.

Сала сквірчэла, патрэсквала. Хлапчук пільна сачыў за ім, каб яно не падгарэла, каб ніводная кропля пякучага тлушчу не трапіла ў агонь, на зямлю. Таму час ад часу падносіў гэты кавалачак сала да скібкі хлеба. Кропелькі тлушчу аж ускіпалі на хлебе і пакідалі на ім цёмныя плямінкі. Ад сала, ад хлеба ішоў такі пах па лесе, што ў Вілі на якую хвіліну закружылася галава, ён ледзь не ўпаў ад стомы, ад слабасці. Але гэты пах і падтрымаў яго. Шырока раздзьмухваючы ноздры, кашачай, асцярожнай хадой падбіраўся да цяпельца. І вось ён стаіць перад хлапчуком, не то просіць, не то загадвае:

— Аддай!

Хлапчук глядзіць напалоханымі, вырачанымі вачыма. Але бачачы, што перад ім чырвонаармеец, ён, саромеючыся свае баязлівасці, намагаецца вымавіць:

— Дзядзечка! Вы вельмі хочаце есці... У мяне дужа мала, усяго адна скібачка хлеба... Я збегаю, дзядзечка, дахаты, прынясу вам хлеба. У нас у хаце ёсць яшчэ малако...

Вілі бачыць, што на паляне сапраўды пасуцца каровы. Значыць, хлапчук не маніць, калі кажа пра малако. Але ён не можа чакаць, ён павінен есці, зараз жа, неадкладна.

— Аддай! — І ў голасе яго адчуваецца жарсцвінка.

Хлапчук разгублена аддае яму кавалачак хлеба, уздыхнуўшы, перадае дубчык з салам, глядзіць баязліва ў вочы гэтага дзіўнага чалавека.

— Сядайце, дзядзечка! Седзячы зручней ля цяпла.

Але ён есць стоячы. Яго мокрыя ад лясной вільгаці калені курацца парай. Вілі есць і рукой, што з дубчыкам, намацвае чахол з нажом. Яго вочы глядзяць міма цяпла, міма купіны, на якой сядзіць гэты хлапчук. Невялічкі хлапчук. Гадоў яму мо дзесяць, мо крыху болей. Чахол з нажом пры боку, добра, што не згубіў. Усё ж лішні сведка гэты хлапчук... Вілі не любіць лішніх сведкаў...

Але з ускрайку паляны чуваць новыя галасы. Там бегаюць дзеці, відаць, такія ж пастушкі, як гэты хлапчук. Заўважыўшы незнаёмага, некаторыя з іх бягуць сюды. І хлапчук, што сядзеў ля цяпельца, неяк адчуў, як пакінула яго разгубленасць і баязлівасць. Вельмі ж дзіўна трымае сябе гэты чалавек. З радасным узбуджэннем ён кажа да сваіх таварышаў:

— Хлопцы, можа, у вас у каторых ёсць яшчэ хлеб ці што? Вось дзядзя чырвонаармеец вельмі хоча есці.

Хлапчукі абшукваюць свае торбачкі і, выхваляючыся адзін перад адным, дастаюць то скібку хлеба, то печаныя бульбіны, то кавалачкі сала. Знайшлася і пляшка малака, і агурок, і нават цыбулька.

«Чырвонаармеец» збірае ў кішэні, у шапку ўсе здабыткі ад гэтых хлапчукоў. Гледзячы ўбок, пытаецца:

— Якая вёска ўперадзе? І колькі кіламетраў?

— Мы правядзём вас.

— Не трэба...— І таропкім крокам падаецца ў глыб лесу. За ім кінулася некалькі хлапчукоў, але ён злосна зірнуў на іх, прыкрыкнуў.

Хлапчукі адышліся. Ці ім жа перашкаджаць гэтаму сярдзітаму дзядзю чырвонаармейцу, можа, у яго якія сур’ёзныя справы.

Ці мінулая ноч са сцюдзёнымі росамі, ці ўсе прыгоды апошняга дня так падзейнічалі на Вілі, але ён адчуваў, што з ім робіцца нешта нядобрае. Ён то садзіўся адпачываць, прылёг колькі разоў, зашыўшыся ў густы зараснік папараці, ізноў уставаў, спяшаючыся прайсці як мага болей. То ён выразна адчуваў і бачыў кожнае дрэва, кожную былінку пад нагамі. Угледзеўся, як кінуўся ўбок дзяцел і ў сонечным промні сярод тоўстых хваін мільганулі яго стракатыя крылы, нібы чырвоныя кропелькі растапіліся ў золаце сонца. Потым стала цёмна, цёмна. Нешта грукацела навокал, не сціхала. Сыпалася, церушылася з меднастволых хваін калючая ігліца, вось трапілі каторыя хваінкі за каўнер, муляюць шыю. Вілі нахіліўся, каб выбраць з-за каўняра гэтыя прыкрыя іголкі. Нахіліўся і паслізнуўся на нечым коўзкім. Дабраўся да яго рукой. Яно было хрупасткім, халодным навобмацак. Дацягнуўся рукой, паднёс да воч кавалачак гэтага хрупасткога, халоднага. Гэта было нешта чырвонае. Так выглядае кроў, колькі разоў бачыў яе Вілі.

Ён апрытомнеў на хвіліну і са здзіўленнем разглядаў кавалачак мухамора ў руцэ. І зноў Вілі ўпаў у забыццё.

А навокал ішоў бой. Часці Чырвонай Арміі адыходзілі. Па дарогах, па прасёлках рухаліся механізаваныя нямецкія часці. Немцы рваліся далей, на ўсход.

 

 

Частка трэцяя

 

1

За які-небудзь месяц Ігнат Лагуцька перажыў столькі, колькі яму не даводзілася перажыць за ўсе гады свайго жыцця. Праўда, і гадоў Ігнату было не дужа, ішоў усяго-наўсяго васемнаццаты год. Па характару ён пайшоў па сваім бацьку Сілівону, разважлівы, сур’ёзны. Калі ўжо браўся за што, то павінен абавязкова закончыць гэтую справу. Ён працаваў на вялікім станкабудаўнічым заводзе, дзе раней скончыў фабзавуч. Быў нядрэнным слесарам.

Бацькі ўсцешаны тым, што дзеці сталі на ногі, кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Большы сын — старшыня калгаса. Дачка, якая вучылася ў горадзе, выйшла замуж і абзавялася сваёй сям’ёй. Мужык яе, вайсковец, слаўны чалавек, любіць сям’ю. Бацькі заўсёды былі вельмі рады, калі Ксаня з мужам і дзіцем прыязджалі часам летам да іх у госці.

Ігнат быў камсамольцам. Ён браў чынны ўдзел ва ўсім камсамольскім жыцці. У вольныя ад працы часы займаўся ў аўтамотагуртку, думаў абзавесціся матацыклам. Гэта была сапраўдная мара: сесці на ўласны матацыкл і прыехаць на ім аж дахаты, да бацькоў, у калгас. На матацыкле можна аб’ездзіць Беларусь, пабачыць усё, аб чым толькі ні гаварылася на камсамольскіх сходах. А гаварылася багата цікавага і захапляючага. Ішла трэцяя пяцігодка. Шмат чаго новага з’явілася за гэтыя часы ў рэспубліцы і ў самім горадзе. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся складаныя станкі. Ішлі вялікія гутаркі аб генеральнай рэканструкцыі горада. Усім калектывам хадзілі капаць штучнае возера, і тут не было такога чалавека, які мог бы зраўняцца з Ігнатам, абагнаць яго на копцы зямлі.

Аднак насталі дні, калі некалі было думаць ні аб возеры, ні аб гулянні, ні аб летнім адпачынку. Вайна парушыла жыццё, зблытала ўсе планы.

З таго часу, як затрымалі фашысты Ігната, ён і не ведаў, што сталася з яго сястрой Ксаняй, з Надзяй, з Васільком. Ці загінулі яны, ці дабраліся ўрэшце да сваіх блізкіх.

Ігната і другіх затрыманых гітлераўцы пагналі спачатку на акопныя работы. Пасля адвезлі ў лагер пад Мінскам і адсюль вадзілі штодня на дарожныя работы. Дзён праз трыццаць бадай што ўсіх мінчан адпусцілі з лагера па хатах.

Так апынуўся Ігнат ізноў у Мінску. Ён падаўся на кватэру да Галі, каб праведаць, але на месцы дома застаў толькі папялішча. Распытаць пра яе не ўдалося. Знаёмыя не трапляліся на вочы. Хацеў пайсці ў родную вёску, але яму адраілі, бо ўсе дарогі забіты гітлераўцамі, і яны люта распраўляюцца з кожным чалавекам, які без дай прычыны — на іх думку — ходзіць у гэты час па дарогах. Ён пасяліўся ў старым сваім пакойчыку, які наймаў у доміку рабочага Івана Масладуды, што працаваў у мадэльным цэху таго ж самага станкабудаўнічага завода, дзе працаваў і Ігнат. Было гэтаму чалавеку гадоў пяцьдзесят, а мо болей. Лічыўся выдатным майстрам свае справы і сваю прафесію, як казаў ён, не прамяняў бы ні на якія другія.

Цяпер Масладуда сноўдаўся па сваім двары, як сонная муха. Браўся за адно, за другое, і рукі не ліплі да працы. Часам прыходзіў сусед яго, Лявон Красачка, стары завадскі каваль, які працаваў на паравым молаце. Быў гэта чалавек неўвароткі, вельмі марудны ў рухах, па характару пануры, маўклівы. Яны гадзінамі праседжвалі цяпер на лаўцы пад старым каштанам, гаварылі, раіліся.

Гаварыў больш Масладуда.

— Вось жа ўспамянеш мае словы! Не будзь я Іван Масладуда, калі мы не прагонім іх да чортавай матары!

Лявон Красачка моршчыўся, вымаў з рота люльку, гаварыў, гледзячы міма Івана:

— Кінь ты сваю агітацыю! Я, дзякаваць богу, не малы, мяне нечага агітаваць! Хто гэта прагоніць?

— Мы!

— Хто гэта мы? Хіба ты са сваім фуганкам? У мяне ж і інструмента такога ручнога няма.

— Не мы, дык сыны нашы... Яны прагоняць гэтую саранчу!

— Сыны?

— Сыны...

— Падкачалі нашы сыны, падвялі нас з табою!

І ўздыхнуўшы:

— Не чакаў я таго. Проста табе скажу, пайшло здрабненне нашага племені, няйначай... Не сыны, а...

І такое гаварыў тут, што Іван і вушы затыкаў:

— І што ты вярзеш? І як у цябе язык можа павярнуцца?

— Можа! Выхваляліся: мы ўсё можам! Мы нікога не баімся! Мы яго ўраз пакрышым, калі там што якое! Вось пакрышылі! За Смаленскам, кажуць, апынуліся ўжо... Ваякі... З такімі шалахвостамі можна ўсю дзяржаву аддаць... Даваяваліся!

— Гэта ты, суседзе, залішне. Ну няхай сабе за Смаленскам... Але ўбачыш жа, памянеш маё слова, што патурым мы немца, аж пыл з яго паляціць!

— Хіба, каб тваім языком ганяць іх, то, можа, сяк-так і далі б рады.

Збоку магло здацца, што Красачка і Масладуда толькі сварацца ды спрачаюцца, калі збіраюцца разам. Але гэта было не так. Старыя дружбакі і сварыліся хіба для таго, каб неяк адвесці душу ад усіх напасцей, якія наваліліся так нечакана, так не да ладу. Завод не працаваў. Уздоўж усяго квартала, дзе стаялі яго карпусы, хрупасцела пад нагамі бітае шкло, валяліся абломкі аконных рам. Сям-там разрушаны быў дах, выпіналіся пакарэжаныя бэлькі перакрыццяў. Не дыміў комін, аглух гудок, да якога так прызвычаіліся абодва сябры за доўгія гады свае працы.

Масладуда і Красачка былі сваякамі. Масладудава дачка была замужам за старэйшым сынам Красачкі, чыгуначным інжынерам, які працаваў у дыспетчарскім аддзеле дарогі. Адзіны сын Масладуды і два сыны Красачкі служылі ў Чырвонай Арміі. Была яшчэ ў Красачкі дачка, Ленка. У наступным годзе яна збіралася скончыць дзесяцігодку. Гэта было рухавае, як жывое срэбра, стварэнне, якое напаўняла сваёй істотай невялічкі домік і ўсю сядзібу Красачкі. Ад раніцы да вечара чуўся яе звонкі голас то на двары, то ў невялічкім садзіку. Лена была майстрам на спевы. У яе часта збіраліся знаёмыя дзяўчаты, наведваліся хлопцы з завода, і ў маленькім доміку станавілася цесна тады ад іх спеваў і гульняў.

Праўда, цяпер было не да спеваў. І Масладуды і Красачкі спрабавалі выбрацца з горада, але так ужо сталася, што далей бліжэйшага лесу яны не паспелі адысціся і прымушаны былі вярнуцца ў свае хаты. Цэлымі днямі праводзіла цяпер Лена на двары, за кніжкай ці за хатняй справай. Асцярожна пазірала на вуліцу, па якой праходзілі нямецкія салдаты, праводзілі часам групу арыштаваных. Лена сумавала. Шмат каго з знаёмых у горадзе ўжо не было, паспелі загадзя выбрацца на ўсход. Бацьку са старым Масладудам давялося тыдні са тры прабыць у нямецкім лагеры. Яшчэ добра, што старых урэшце пусцілі дахаты.

Непаседлівай, неўгамоннай натуры Лены ніяк не пасавала сядзець злажыўшы рукі, без усякай справы, без руху. Яна ўспамінала камсамольскае жыццё ў школе, сумесныя сходы камсамольскіх арганізацый школы і завода, на якіх вырашалася багата розных блізкіх і цікавых спраў, у якіх брала самы чынны ўдзел. Яна нават зблажэла крыху за гэтыя дні: завастрыўся нос, сталі больш глыбокія вочы, самі рухі сталі нейкія асцярожныя, павольныя. І толькі русыя косы асталіся ранейшыя.

Яна была вельмі ўсцешана, калі на кватэры ў суседа зноў з’явіўся Ігнат. Ведала яго як добрага камсамольца, стараннага слесара, якога ставілі ў прыклад другім. Але такі ж нязграбны гэты Ігнат. З цікавасцю назірала за ім, калі ён прыходзіў зрэдку да іх у хату папрасіць якога-небудзь падручніка. Пасля работы наведваў вячэрнюю сярэднюю школу. Яна нават падражнялася з ім:

— У мяне, таварыш слесар, не гарадская бібліятэка, каб забяспечваць вас кнігамі ды падручнікамі.

Але ж кнігі давала. Цікавіла, як рослы такі хлопец разгублена перагортвае кніжку, зрэдку спадылба пазірае на яе, збіраецца, відаць, падзякаваць, няйначай падбірае словы, каб не абрамізіцца перад дзяўчынай.

— Дзякуй вам, Леначка!

— Каму Леначка, а вам Лена Лявонаўна!

— Няхай сабе і Лявонаўна... Шчырае дзякуй вам, таварыш Красачка!

— Ну вось яшчэ, знайшоў красачку!

Хлопец зусім губіўся і нерашуча падаваўся да выхаду.

Калі казаць праўду, то Ігнат, можа, яшчэ болей, чымся Лена, быў усцешаны гэтай сустрэчай. Русыя косы яе даўно не давалі спакою хлопцу. А цяперашнія часы неяк яшчэ больш зблізілі людзей. Некалькі год пражыў з гэтымі людзьмі Ігнат, і сталі яны яму радней і бліжэй.

І русыя косы сталі прывабнейшыя. І смяшлівыя вочы сталі раптам глыбейшыя, больш задуменныя, нібы ахінуў іх цень трывогі. Калі сустракаліся цяпер зрэдку, то ўжо не чулася ранейшага задзёрыстага, дражлівага:

— Як пажывае шаноўны слесар таварыш Лагуцька?

Цяпер яна пыталася проста:

— Што ж мы цяпер рабіць будзем, Ігнатка?

І ён не ведаў, што адказаць ей.

А жыць станавілася з кожным днём усё цяжэй. Ужо давялося Ігнату занесці на рынак свае лепшыя чаравікі. Ён пазіраў на святочны гарнітур, мяркуючы, колькі марак здолее атрымаць за яго. У часе вандровак па горадзе выпадкова сустрэўся з таварышамі, якіх ведаў па камсамолу і якія працавалі раней на другіх заводах. Ад іх даведаўся, што некаторыя прадпрыемствы немцы пусцілі ў ход: працавала хлебапякарня, кандытарская фабрыка, пускалі электрастанцыю.

Калі хадзіў па горадзе, ён упершыню ўбачыў слупы ля гарадскога сквера. Пачуў расказы аб нечаканых стрэлах, якія адбыліся ў часе жудаснага пакарання. І тады неяк адышлі, адсунуліся ўсе надзённыя пытанні: і з чаравікамі і з немінучым лёсам гарнітура. Усё гэта былі такія дробязі, такія нікчэмныя справы, аб якіх не варта было і думаць.

І адна неадчэпная думка не давала спакою: як бы пазнаёміцца з таварышамі, якія спрабавалі страляць у той час.

 

2

Клопікаў працаваў усю ноч. Сярод затрыманых пры дзённай аблаве было многа сялян, якія прыносілі на рынак суніцы, чарніцы, першыя грыбы. І колькі ні білі, ні катавалі, нічога толкам даведацца ад іх не ўдалося. Ніякіх партызан яны не ведаюць. Падазроных на дарогах ці ў лесе не сустракалі. Нічога дакладнага не далі і допыты арыштаваных гараджан. Канечне, яны бачылі пажар, а што там гарэла, чаму гарэла — хто ж яго ведае, тым больш, што прайшла такая вялікая навальніца, ад якой усё можа здарыцца.

І толькі адзін з затрыманых, што насіў на продаж у вёскі соль ды розную там драбязу, прызнаўся, што бачыў у тую ноч недалёчка ад горада на лясной дарозе купку ўзброеных у штацкім. Але хто яны былі, адкуль і куды ішлі, ён сказаць не можа, бо сам хаваўся ад іх.

Давялося зноў звярнуцца да запісное кніжкі, абшукаць дзесяткі кватэр. Клопікаву актыўна памагаў Кох са сваімі жандарамі. Сяк-так назбіралі патрэбных сто чалавек. Праўда, сярод іх трапляліся жанчыны з дзецьмі, з сем’яў савецкіх служачых, некалькі параненых чырвонаармейцаў. З лагера прывялі дваццаць знясіленых палонных, якіх нельга ўжо было скарыстаць на якой бы то ні было працы.

Раніцай аб усіх людзях падрабязна дакладвалі Вейс і Кох самому генералу, які спецыяльным цягніком прыехаў у горад. У прыёмнай быў і Клопікаў. Але ў яго дужа не пыталіся. Не вёў асаблівых роспытаў і генерал. Пырскаючы слінай і шныпарачы па кожным вачыма, зрэдку паціраючы лысіну, ледзь прыкрытую выцвілымі касмылькамі валосся, ён распякаў каменданта:

— Ваша праца нікуды не вартая... Бачу я, каб гэтая свіння,— лёгкі мірг вачыма ў бок Клопікава,— не памагала нам, то вы і проста б нічога не ведалі, нічога б не рабілі... Мне няма ніякай справы да таго, ці ёсць тут сапраўдныя вінаватыя, ці не. Вы забываецеся на наша галоўнае правіла: нам важна не толькі застрашыць іх, мясцовае насельніцтва. Асноўнае для нас: каб іх стала як найменей! Як мага меней, паўтараю я вам. А вы тут пачынаеце розныя спісы ды дакументы выстаўляць. Мне не патрэбны дакументы. Гэта я ў дачыненні да вас, пан камендант. Да лейтэнанта Коха ў мяне ніякіх прэтэнзій няма, ён выконвае свае абавязкі так, як і належыць нямецкаму салдату... Вось і ўсё... А цяпер неадкладна прыступіце да выканання волі фюрэра!

Генерал сам паехаў на месца экзекуцыі. Недалёка ва могілкамі была падрыхтавана вялікая яма-магіла.

Паліцыя зганяла насельніцтва гарадка і бліжэйшых вёсак. Былі пакліканы некаторыя воінскія часці, што стаялі ў горадзе. Гэта ўжо для перасцярогі, каб не дапусціць у часе экзекуцыі якіх-небудзь непажаданых эксцэсаў.

І вось са двара турмы вывелі калону людзей. У большасці з іх былі пазвязваны рукі. Толькі жанчыны з дзецьмі ішлі непазвязванымі: трэба было весці дзяцей альбо несці іх на руках. Калону акружаў моцны канвой. Тут жа быў Клопікаў. Яго тварык паварочваўся то ў адзін, то ў другі бок. Вочы спрытна бегалі па людзях з калоны, што адставалі, ледзь-ледзь перастаўляючы ногі. Ён надаваў свайму твару выгляд суровай заклапочанасці, пакрыкваў на паліцэйскіх, кідаўся да адставаўшых, пагражаючы ім пісталетам. Адзін з іх, што ледзь трымаўся на нагах, прыпыніўся на хвіліну, каб перадыхнуць. Да яго кінуўся Клопікаў, наважваючыся ўдарам пісталетнай рукаяці падагнаць арыштаванага. Той азірнуўся, спакойна спытаў:

— Колькі бярэш ад чалавека? Ці агулам?

Уся постаць Клопікава ашчэрылася, натапырылася, гатовая кінуцца, учапіцца зубамі ў горла. Яго вузенькі твар перакасіўся, на бледным зяленіве шчок праступіла нешта падобнае на чырвань. Голас зрываўся, пераходзіў у сіпенне ад шалёнага крыку:

— За-а-б’ю!

А чалавек азірнуўся яшчэ раз і плюнуў у разяўленую зяпу, у вочы.

— Гэта мой перадсмяротны падарунак, табе, фашысцкі пёс!

Ззаду заліваліся брэхам нямецкія аўчаркі, якія суправаджалі канвой.

Ледзь не зайшоўся ў крыку начальнік паліцыі, выстраліў саслепу. Спакойны Кох адвёў яго руку.

— У нашай справе нельга хвалявацца. Вытрыманасць, пан начальнік паліцыі, вытрыманасць!

Вялізны натоўп моўчкі расступіўся перад калонай. Звязаных паставілі каля краю ямы. Заклапочаны Клопікаў узлез на грузавік, каб зачытаць прысуд. Гэта быў нават не прысуд, а распараджэнне-загад камендатуры. Натоўп не слухаў гугнявага чытання, якое зрывалася на крык. Усе глядзелі на тых, што стаялі ля ямы. Адны нібы ўглядаліся паверх салдат, міма штыкоў, аўтаматаў, нацэленых у грудзі. Другія ледзь стаялі на нагах, хіліліся долу. Іх згаслыя позіркі былі абыякавыя, нерухомыя. Спакучаныя, змардаваныя, яны былі далёка ад усяго, што рабілася, зачытвалася, што павінна было адбыцца. Іх стараліся падтрымаць таварышы, стаяўшыя поплеч. Жанчыны моцна прыціскалі дзяцей да сябе, затулялі іх сваімі грудзьмі.

Клопікаў саскочыў з грузавіка. Выхапіўшы рэвальвер, да звязаных кінуўся Кох:

— На калені!

Натоўп прыціх. Так сціхае бор перад навальніцай.

І ў гэтай цішыні неяк раптам узніклі рэдкія словы. Словы, спачатку нястройныя, рабіліся ўсё выразней, гучней. І вось яны зліліся ў магутную песню. Спявалі людзі, якія глядзелі ў нацэленыя на іх аўтаматы і вінтоўкі, чакаючы блізкай і няўмольнай смерці. Яны не думалі аб смерці, бо яна не мела ўлады над імі, над іх сэрцамі і думкамі, якія ляцелі ў бязмежныя прасцягі будучыні.

 

...Гэта ёсць наш апошні

І рашаючы бой...

 

Жанчына з бледным тварам, якая стаяла з краю шарэнгі, моцна тулячы да сябе малое, у такт песні мерна гойдалася, нібы закалыхваючы дзіця. Яна не магла адарвацца ад блакітных вачанятак, ад ручак, ахапіўшых яе шыю. Яна не адрывала позірку ад маленькай істоты, а сасмяглыя губы шавяліліся, яна бязгучна спявала, па памяці, уторачы незабыўным і суровым словам.

У натоўпе чулася глухое рыданне. Пажылая жанчына, што стаяла ў натоўпе за густой шарэнгай салдат, раптам кінулася з плачам наперад, каб прабіцца да той спакучанай маці.

— Дзіця аддай, дзіця аддай, ці яму ж такая доля...

Салдаты ўдарылі яе прыкладамі вінтовак, адштурхнулі ўбок, пацяснілі народ назад.

Сюды, да маці з дзіцем, бег Кох.

І раптам яна адвяла цяжкі, прыкуты свой позірк ад нязгаснай цеплыні дзіцячых воч, ад гэтых малюсенькіх блакітных крынічак, у якіх нябесным ззяннем гарэла чалавечая любоў, пакуты і радасці мацярынства, чалавечыя надзеі і думы аб шчасці, аб будучыні.

Яна адарвала дзіця ад грудзей і, высока трымаючы яго на выцягнутых руках, падалася наперад, грозная, страшная ў сваім нечалавечым гневе, у спапяляючай нянавісці:

— Наце, ешце, ненажэрныя вылюдкі, захлыніцеся крывёй маёй!

Кох у замяшанні адступіў на крок назад. Спяшаючыся выхапіў вінтоўку ў салдата і, хрыпучы, наліваючы твар крывёю, выбіў штыком дзіця з рук мацеры і раз за разам выстраліў ва ўпор. Працяглы ўздых, як стогн, узняўся над натоўпам людзей, яны кінуліся далей ад гэтага страшнага месца. Але густы ланцуг вартавых спыніў іх.

— Не варушыцца! Ні з месца!

Падсаджваючы голас, крычаў Кох:

— Апошні раз гавару: на калені!

І ў бяссільнай ярасці кінуў салдатам:

— Агонь!

Хутка ўсё было скончана. Паліцаі закопвалі магілу. Разыходзіўся народ. Людзі ішлі, сціскаючы кулакі, баючыся азірнуцца туды, дзе тарахцела маторам нямецкая танкетка. Вейс любіў парадак. Гусеніцы танкеткі ўміналі зямлю, раўнавалі магілу.

Начальства варочалася ў горад на машыне.

Генерал барабаніў пальцамі па борце машыны, курыў сігарэтку, аб нечым думаў. Нібы прахапіўшыся, узяў за гузік Вейса, загаварыў. І гаварыў, гледзячы на Коха, упіваючыся ў яго старэчымі, у гусіных лапках, вачыма.

— За арганізацыю не хвалю. Нельга ж адразу такой вялікай групай. Гэта і небяспечна. А асабісты прыклад салдатам пана лейтэнанта заслугоўвае ўсякай увагі. Нядрэнна, нядрэнна... Абяцаю адзначыць у рапарце.

Людзі ішлі па дарозе. Некалькі дзяўчат з гарадской управы, якія трымаліся асобна, ішлі ціхія, засяроджаныя. Не змаўкала толькі Любка.

— Гэта так жахліва, так жахліва! Ці няпраўду я кажу, дзяўчаткі?

— А сціхні ты!

— Я ўпершыню ўбачыла, як гіне чалавек ад кулі, гэта ж не проста так, як памірае чалавек ад старасці, ад хваробы. Колькі такіх смярцей пабачыла я ў бальніцы! А тут... Ці заўважылі вы, якія вочы былі ў гэтай жанчыны?.. Яшчэ хвіліна, і нашаму...

І гучная аплявуха абарвала гаворку:

— Вось табе, сабачае племя!

Стары рабочы выціраў далонь аб крысо выцвілага пінжака.

Любка адскочыла, як аблітая варам. Шчака гарэла зыркай чырванню, узлахмаціліся, натапырыліся валасы. Не ведаючы куды падзецца ад сораму, ад лютай злосці, яна разгублена закрычала, насядаючы на чалавека:

— Ты завошта біцца лезеш? Думаеш, у цябе толькі рукі? Вось паклічу зараз пана афіцэра, ён цябе давядзе да розуму!

Таварышкі адцягвалі яе сілком падалей, падштурхоўвалі.

— Ідзі, дурніца, ідзі, праз цябе яшчэ нас заб’юць, за язык твой!

Любка заплакала ад сораму, крыўды, ад бяссільнай злосці.

— Паплач, паплач, паскуда, ды яшчэ падзякуй, што так табе ўсё абышлося! Шкада рукі пэцкаць аб тваю пысу, паганка ты гэтакая! Іш ты, нашага знайшла!

Паскаралі хаду Любчыны таварышкі-саслужывіцы.

 

 

3

Адзін дзень назаўсёды запомніўся Ігнату.

Гэта было ў канцы ліпеня. Рана прачнуўшыся, Ігнат выйшаў на двор, дзе габляваў нешта на саматужным варштаце яго гаспадар.

Масладуда, спрабуючы пальцам лязо рубанка, жартаўліва спытаўся:

— Куды сабраўся, інжынер?

— А нікуды.

На двор, як звычайна штодня, зайшоў Красачка. Прымасціўшыся на дошках, што ляжалі ля плота, і маўкліва пазіраючы на Масладудаву работу, паволі распаліў сваю люльку. Пусціўшы пару-другую адмысловых колцаў дыму, раптам рассмяяўся.

— З чаго б ты гэта? — спытаўся Масладуда, скоса зірнуўшы на яго цераз плячо.

— Гм... У саматужнікі падаўся?

— А яно, браток, не натужышся, дык і трасцу з’ясі... Вось табе і саматужнасць!

— Та-а-ак... Але давядзецца табе, Іван, канчаць гэтую турбацыю.

— Як канчаць?

— Звычайна... Заўтра ці паслязаўтра павалачэшся на завод.

— Як павалачэшся? І чаму я павалакуся?

— Загад такі ёсць: усіх рабочых ізноў на старое месца, каб працавалі, значыць. Немцы завод пускаюць.

Красачка прынёс свежыя навіны. Немцы сапраўды надумаліся пусціць станкабудаўнічы завод. Ужо мабілізавалі ўсіх інжынераў і тэхнікаў, якія выпадкова асталіся ў горадзе, ды прывезлі яшчэ сваіх інжынераў. Днямі будуць набіраць і рабочых праз біржу. А ўсе, хто працаваў раней на заводзе, павінны самі з’явіцца, а калі не з’явяцца, то іх будуць лічыць сабатажнікамі і караць па ўсіх законах ваеннага часу.

— А мне пляваць на іхнія законы! Я не прасіў у іх законаў, я, можа, хачу па сваіх законах жыць.

— Мала што ты хочаш!

Красачка выцягнуў з кішэні згорнутую ў чатыры столкі адозву, сунуў яе пад нос дружбаку. Той, кінуўшы рубанак і не беручы ў рукі аб’явы, паволі чытаў яе. Выраз суровай заклапочанасці не сыходзіў з яго твару, губы паволі варушыліся, паўтараючы асобныя словы.

— Расстрэл... Расстрэл... Ды яшчэ павешанне. Ды зноў — павешанне... Выходзіць, ты не маніш. Твая праўда. Але паганая праўда, скажу я табе, Лявоне.

Усе гэтыя навіны да таго ўстрывожылі Івана, што ён і на рубанак забыўся. Усё хадзіў па двары, усхвалявана размахваў рукамі, мармытаў сабе нешта пад нос, часам спыняўся, з рашучым выглядам заяўляў:

— Мы яшчэ пабачым!

І накінуўся на Ігната:

— А ты чаго пасміхаешся? Называецца камсамолец. Відаць, вас хапала толькі на тое, каб нас, старых, крытыкаваць... Ды вам толькі і клопату было, што думаць пра кніжкі, пра вучобу. А як людзей вось за горла пачынаюць браць, дык вас і няма. Маўчыцё. А мы павінны цяпер мазгамі круціць.

З ярасцю насядаў:

— Вы толькі за нашымі спінамі былі смелыя. На ўсім гатовым дык і вы былі разумныя. Добрая то справа: за вас народ і партыя, і ўся дзяржава! Тут лёгка разумным быць. А тут вам і раты заткнула. Няма таго, каб народу помач якую, дык маўчаць.

Ігнат усё намагаўся, каб сказаць якое слова насуперак, але дзе там. Выратаваў Красачка. Ён узяў Івана за гузік, пацягнуў дружбака да лаўкі, пасадзіў:

— Чаго раскіпеўся, як той самавар? Што да яго чэпішся? Ты ж стары чалавек, у цябе і розум свой ёсць.

— Дык жа яны граматнейшыя.

— Ну, няхай сабе і з большай граматай. А ты жыццё прайшоў, ты столькі пабачыў на сваім вяку, што можаш добрае слова, добрую параду і гэтаму хлопцу сказаць. Ты ж націраў мазалі яшчэ пад царскім арлом. Ты гэтага немца яшчэ калісьці бачыў. Бачыў і пілсудчыкаў і ўсякую іншую погань, якая намагалася на наш карак уссесці! Дзе яна цяпер, гэтая погань?.. А што немцы, дык ты ж сам гаворыш, што мы іх пратурым. Ці не твае словы?

— Ну мае... Але да чаго ты хіліш?

— А да таго, што не прыкідвайся такой сіратой горкай, якая толькі і спадзяецца на чужую ласку. Чаго да дзяцей чэпішся?

Яшчэ доўга цягнулася б дыскусія, якая распачыналася тут амаль штодня, каб, бразнуўшы форткай, не з’явілася Красачкава Ленка. Усхваляваная, устрывожаная, яна звярнулася да бацькі:

— Татачка! Няйначай палонных вядуць.

Усе выйшлі на вуліцу. Сапраўды, па ёй паволі рухалася вялікая калона людзей, канца яе нават не відаць было за густымі слупамі пылу, што ўзнімаўся з-пад соцень ног. Уперадзе ехала некалькі конных гітлераўцаў, узброеных аўтаматамі. У некаторых былі ручныя кулямёты. Злыя, нахмураныя былі канваіры: дапякала сонца, даймаў густы пыл, які шэрай пялёнкай укрыў і потныя брудныя твары, і рукі, і каскі, і страціўшыя ўсякі колер мундзіры.

— Глядзіце, татачка, глядзіце, можа, і нашы тут!

— Пойдзем, Іван, адсюль! Не магу я глядзець... не... не магу...

Красачка і Масладуда падаліся дахаты.

Шэрай прапыленай істужкай ішла калона чырвонаармейцаў. Цяжка было распазнаць асобныя твары. Ва ўсіх стомлены, спакучаны выгляд. Глыбокая абыякавасць на тварах, у позірках. Некаторыя накульгваюць, некаторыя ідуць басанож, асцярожна перастаўляючы пазбіваныя дарогай ногі.

З дамоў выйшлі жанчыны, збегліся, як заўсёды, дзеці.

Але куды падзелася рухавасць дзяцей, іх заўсёдашняе ажыўленне. Яны стаялі, пазіраючы спадылба на праходзіўшых канваіраў. Жанчыны кінуліся да хат. Неслі хлеб, вараную бульбу, некаторыя вынеслі па вядру халоднай вады. Але ўсе гэтыя клопаты былі дарэмны.

Калі сёй-той з чырвонаармейцаў памкнуўся выйсці з калоны і ўзяць кавалак хлеба, адразу ж з’явіліся канваіры. Наехалі конныя гітлераўцы і нахабна адцяснілі жанчын і дзяцей да самых хат і платоў.

А палонныя ішлі і ішлі, расцягваючы калону, адстаючы шарэнга ад шарэнгі. Чуліся пагрозныя воклічы, іх падганялі. Густыя воблакі пылу стаялі над калонай, пашарэлі ад пылу вулічныя прысады, густыя вішнякі за платамі.

— Глядзі, глядзі, Лена,— тузануў яе за рукаў Ігнат.— Ён непрыкметна паказаў ёй на адзін з суседніх дворыкаў, дамы праз два, праз тры. Карыстаючыся выпадкам, калі парыў ветру, які раптам узняўся, пагнаў убок густое воблака пылу, некалькі чырвонаармейцаў кінуліся ў вароты дома і зніклі за імі. Ігнат і Лена бачылі, як некалькі чалавек мільганулі па-за платамі і, прыгінаючыся, пабеглі агародамі ў бок цагельнага завода.

— Каб жа ім уцячы! Каб іх не заўважылі! — хвалюючыся, шаптала Лена.

Ігнат маўчаў. Ён убачыў, як адзін з чырвонаармейцаў, яшчэ тады, як апынуўся на двары, адлучыўся ад другіх і падаўся ў домік. Ці яго змучыла смага, ці быў празмерна галодны, але замест таго, каб бегчы далей і схавацца дзе-небудзь, ён адчыніў дзверы дома і зайшоў туды. Ігнат з трывогай чакаў яго выхаду. Але чырвонаармейца не відаць было. Замест яго выйшаў гаспадар доміка, які вядомы быў на вуліцы пад мянушкай Юшка-залатар. Сапраўднае яго прозвішча было Юшке, меў ён і сваё імя, але было яно вельмі мудронае, каб запомніць. Таму і звалі яго проста Юшкам ды яшчэ залатаром, бо працаваў недзе ці то ў каналізацыйным трэсце, ці то ў асенізацыйным абозе. Быў ён ціхі і непрыкметны. Ні з кім асабліва не сыходзіўся, так што ніхто добра і не ведаў, як ён жыве, ці ёсць у яго якая сям'я і што наогул за чалавек. З’явіўся ён у горадзе гады два ці тры таму назад. Адкупіў домік у аднае ўдавы, якая выехала некуды ў вёску да сваякоў. Былі чуткі, што ён немец, што прыехаў сюды з нейкага гарадка на Волзе. Людзі зацікавіліся ім у часы яго з’яўлення, а потым і кінулі думаць аб ім: жыве і няхай жыве сабе, нікому не замінае.

Цяпер ён няйначай кінуў сваю колішнюю работу, бо стаў чыста апранацца, хадзіў на службу: ці то ў гарадскую ўправу, ці то ў іншае якое месца. На людзей стаў пазіраць звысоку, нават кінуў вітацца першым, як рабіў раней заўсёды. Але вялікі то каму клопат.

І вось ён выйшаў з форткі і паклікаў немца-канваіра. Той прыхапіў яшчэ другога салдата і хуценька пабег да дома.

Праз якіх пару хвілін усе ўбачылі, як гітлераўцы гналі са двара чырвонаармейца, штурхаючы яго вінтоўкамі. Ён паспеў яшчэ азірнуцца на гаспадара дома, сказаў яму з горыччу:

— Эх ты, юда, за шклянку вады фашыстам прадаў!

Чырвонаармеец хацеў яшчэ нешта сказаць, але адзін з салдат моцна ўдарыў яго прыкладам вінтоўкі.

Чырвонаармеец азірнуўся, спыніўся на хвіліну:

— Ты чаго разышоўся, фрыц!

Другі салдат ускінуў вінтоўку, выстраліў. І калі палонны ўпаў, ён выстраліў у ляжачага яшчэ некалькі разоў. Жанчыны з жахам кінуліся ўбок, разбегліся па дварах. Па вуліцах праходзілі апошнія палонныя. Салдаты, што стралялі, далучыліся да канвою. Хутка калона знікла за павароткай вуліцы. З варот павыходзілі ўзрушаныя жанчыны. Купкамі, па адной збіраліся ля забітага. Ён ляжаў на гарачым пыле, падвярнуўшы пад сябе руку. Быў ён зусім яшчэ малады, гадоў мо дваццаць, не болей. Побач з ім ляжаў яго шынель, крыху ўбок адкаціўся салдацкі кацялок.

З хат павыходзілі мужчыны. Збягаліся дзеці, але іх пагналі назад.

Да натоўпу падаўся і Ігнат.

З варот выйшаў і гаспадар доміка. Ён, відаць, збіраўся некуды, бо на галаве была кепка, у руках невялічкі чамаданчык. Людзі расступіліся перад ім, каб даць прайсці. Ён кінуў безуважлівы позірк на забітага, сказаў да народа:

— Закапайце дзе-небудзь.

Некаторыя абурыліся:

— Што значыць, закапаць? Гэта не жывёла, а чалавек. Пахаваць трэба па-людску.

І тут умяшаўся другі голас. Гэта гаварыў Лявон Красачка, які падышоў разам з Ігнатам:

— Ты што за камандзір такі тут з’явіўся, што аддаеш загады?

— А вось і аддаю, калі трэба. А ты выконвай!

Але Красачка не сцішаўся. Ён шчыльна падышоў да гаспадара доміка, сурова запытаўся:

— Ты чаму, душа сабачая, на смерць яго выдаў? Ці ж ён табе крыўду якую ўчыніў?

Юшке зірнуў безуважна на Лявона, нешта хацеў сказаць, але, махнуўшы рукой, наважыўся ісці далей. Гэта абразіла Красачку. Ён спыніў Юшке, хапіў яго за рукаў:

— У цябе пытаюся. Адказвай!

А ўжо з усіх бакоў насядалі жанчыны, прагна ловячы кожнае слова, кідаючы злосныя позіркі на Юшке, што стаяў цяпер і, відаць, быў разгублены, не ведаючы, што сказаць людзям. Урэшце ён кінуў некалькі грэблівых слоў:

— Я не збіраюся рабіць перад вамі справаздачы! — І яўна наважыўся пайсці далей.

— Не, зробіш, забойца! Народ патрабуе, нягоднік! — І Красачка так тузануў яго за крысо пінжака, што з трэскам адляцелі гузікі, і Юшке ледзь не дзеўбануў носам у зямлю. Юшке збялеў, затросся, як у ліхаманцы. І раптам выхапіў рэвальвер, намагаючыся выстраліць. Моцны ўдар па руцэ выбіў рэвальвер. Гэта з усяе сілы ўдарыў Ігнат, які, стоячы ззаду Юшке, пільна сачыў за кожным яго рухам. Нехта ботам адкінуў рэвальвер далей. Юшке адступіўся быў на крок, але і ззаду яго сустрэлі моцныя кухталі ў каўнер. Юшке ўвесь напяўся — вось-вось вылузаецца са скуры — і гнеўна крыкнуў:

— Вы сурова адкажаце за знявагу!

— Не ў знявазе справа, пёс!

Аглушальны ўдар кінуў Юшке на зямлю. Ён дзіка закрычаў, пагражаючы самымі лютымі карамі.

— Ён яшчэ з пагрозамі, душагуб! Мала нашай крыві напіліся, сабакі?

Гэта быў прысуд Юшке, канчатковы, бязлітасны.

У якую хвіліну ўсё было скончана. Усе пачалі моўчкі разыходзіцца. Перад гэтым умовіліся:

— Крый божа, калі хто заікнецца дзе аб гэтым, не мінуць яму той жа долі!

Юшке зацягнулі праз агароды да ям, дзе здабывалі гліну рабочыя цагельнага завода. Туды і кінулі, прыкапалі сяк-так.

Калі ішлі адтуль невялікаю групкай, Ігната адвёў убок адзін хлопец, загаварыў з ім. Яго трохі ведаў Ігнат па раённых камсамольскіх сходах, дзе хлопец часта выступаў са сваімі чыгуначнымі справамі, працаваў ён машыністам у дэпо.

— Як цябе зваць?

— Ігнат...

— Дык вось што, Ігнат! Хлопец ты свой. Справу гэту добра зрабілі. Невялікая яна справа, але ж лепш, чым нічога! Адным сабакам менш на нашай зямлі. Гэта быў работнік гестапа. Раней ён шпіёнам быў. А іх жа багата — гэтых сабак. І калі кожны з нас, вось ты, я, усе нашы таварышы, калі б кожны з нас загнаў у зямлю хаця б па адным сабаку, то іх бы стала так мала, што ты сабе...

— Гэта я разумею.

— Тым лепш. А гавару я табе для таго, каб ты ведаў, што трэба нешта рабіць, каб давацца ў знакі фашыстам.

— Ты мне толкам гавары, што хочаш сказаць?

— Толкам? Толк тут вельмі просты. Альбо лезці к фашысту ў ярмо, альбо так рабіць, каб фашыст ногі дагары задраў.

— Дзівак, ды мне хочацца, каб яны ўсе акалелі, каб яны павыцягвалі ногі. Але да чаго ты хіліш?

— Я ў цябе пытаюся: гатовы ты прыняць удзел у такіх справах, ад якіх гітлераўцам будзе моташна? Калі гатовы, дык дамо табе такую працу. Адно, што скажу, гэта... крыху і небяспечна... Гэта смерцю пахне, калі, скажам, няўдача ці выпадкам трапіш да іх у зубы.

Ігнат не думаў аб смерці. Няхай аб ёй думаюць другія. Не, такія пытанні не хвалявалі яшчэ Ігната. Ён толькі перапытаў машынальна:

— Хто гэта — мы?

— А... Сам разумець павінен: мы — гэта партыя... народ... камсамол, урэшце...

— Так бы і сказаў, а то ў жмуркі гуляеш. Згодны я на ўсё. Хоць сягоння, хоць заўтра.

— Я ведаў, што ты будзеш згодны. Ты на станкабудаўнічым працуеш?

— Працаваў. Завод цяпер стаіць.

— Будзе зноў працаваць. Вось там і твая работа. А ў чым яна будзе, скажу пасля.

Хлопец развітаўся з Ігнатам, сказаўшы яму, што ён звяжацца з ім у бліжэйшы час.

Дні праз два, праз тры на Ігнатавай вуліцы шныпарылі немцы. Відаць, ва ўстанове Юшке хапіліся, дзе ён падзеўся. Распытвалі, ці не ведаюць, дзе падзеўся чалавек, які жыў у доміку. Усе адказвалі ў адзін голас, што нічога не ведаюць, а калі і бачылі яго, то толькі зрэдку, калі ён ішоў на працу ці з працы.

Немцы наведалі домік, дзе жыў Юшке. Але там было ўсё ў парадку, рэчы былі на месцы.

Пакруціўшыся яшчэ колькі гадзін на вуліцы, немцы вымушаны былі кінуць сваё следства без усякіх вынікаў.

 

4

Стары селянін, які хаваў у лесе сваю жывёлу ў часе бою пад вёскай, падабраў Вілі. Шніцке быў зусім аслабелы, беспрытомны. Відаць, ён праляжаў на ўскрайку лесу дні са два, а мо са тры, бо колькі ні намагаўся стары паставіць яго на ногі, гэта яму не ўдавалася.

З дапамогай блізкіх стары перанёс яго ноччу ў гумно, дзе і схаваў за сціртай саломы. Тут ён адпойваў яго малаком, даглядаў як мог. Карміў, угаворваў:

— Ты, брат, еш, не саромейся! Без яды на ногі не падняцца. А ўстанеш, тады і рабі, што сабе хочаш. Не прападзеш! Яны вунь нас з хаты выгналі. Тоўпімся з дзецьмі ў хлеўчуку. А ў хаце афіцэр жыве. Адзін на ўсю хату. Ну, ды яшчэ дзяншчык там з ім... А ты еш ды адпачывай... Не надумайся толькі з гумна паказвацца, не дай божа! Яны кожнага незнаёмага гатовы за партызана прызнаць. Вельмі партызан баяцца. Ноччу дык столькі гэтых вартавых панаставяць, што не пройдзеш па вуліцы. І нездарма баяцца: б’юць іх партызаны, не мілуюць.

І вось аднаго разу ўбачыў стары са свайго хлеўчука, як на двары нечакана з’явіўся хворы чырвонаармеец, якога ён колькі дзён выходжваў у гумне. Стары аж аслупянеў ад страху. Яму здалося, што яго хворы зайшоў сюды з гарачкі. Стары кінуўся з усіх ног з хлеўчука, каб пераняць, перахаваць, калі ўдасца. Ён крыкнуў:

— Братачка, куды ты? Назад хутчэй, назад!

Але дзе ты бачыў! Чырвонаармеец ужо знік у сенцах.

Стары прыхіліўся да плота і стаяў бяссільны, спустошаны, горка папракаючы сябе, што недагледзеў хворага.

Сумныя думкі роіліся ў галаве старога. Узнікалі розныя планы, але ніяк не падыходзілі яны, каб ужыць іх зараз жа, неадкладна.

А Вілі сядзеў у хаце і вёў ажыўленую, вясёлую бяседу з нямецкім афіцэрам, камандзірам часці. Добры абед і шклянка каньяку прыемна кружылі галаву.

Само з’яўленне Вілі Шніцке ў хаце нарабіла спачатку вялікага перапалоху. Афіцэрскі дзяншчык аслупянеў ад страху, калі на парозе паказаўся чалавек у чырвонаармейскай форме. І толькі калі гэты чалавек на чыстай нямецкай мове звярнуўся з просьбай далажыць аб яго прыходзе афіцэру, той ледзь зварухнуўся з месца.

Вілі прад’явіў афіцэру свой дакумент. Папрасіў яшчэ яго пазваніць у штаб арміі, каб урэшце і самому звязацца са сваім непасрэдным начальствам і, разам з тым, пераканаць афіцэра ў сапраўднасці сваёй асобы. Звязацца са штабам хутка ўдалося, і Вілі Шніцке атрымаў загад: адпачыць і дні праз два, праз тры накіравацца да начальства, каб атрымаць новае заданне.

Вілі расказваў, як выратаваў яго стары селянін, гаспадар гэтай хаты. Афіцэр аж захапіўся гісторыяй.

— Ведаеце, мне сапраўды спадабаўся яго твар: такі адкрыты, такі паважны. Трэба нават узнагародзіць яго. Гэта такі карысны прыклад для ўсяго насельніцтва!

Вілі выслухаў яго, рассмяяўся.

— Вы кажаце шчырую праўду. Чалавек варты ўзнагароды. Толькі якой узнагароды, пытаюся я ў вас? Вы вось паглядзіце на мяне! — І Вілі Шніцке ўстаў, тыцкаючы пальцам у сваю гімнасцёрку, у чырвонаармейскую шапку.

— Што ж, я вымушаны расстраляць яго ў такім разе.

— І правільна зробіце, капітан. Але я раю вам не спяшацца: расстраляць вы заўсёды паспееце. Ад яго, я думаю, можна даведацца аб розных цікавых і карысных для вас справах.

Неўзабаве ў хату паклікалі старога.

— Сядай! — загадаў яму афіцэр.

Стары прысеў на ўскрайку лаўкі, камечачы ў руках шапку. Ён зірнуў на чырвонаармейца. Той сядзеў за сталом, і на твары ў яго быў выраз самай звычайнай абыякавасці.

Усё гэта ды позірк, якім абмяняўся чырвонаармеец з афіцэрам, навяло старога на сумненні. Ён бачыў колькі дзён таму назад, як распраўляўся афіцэр з параненымі чырвонаармейцамі, якія трапілі ў палон. Перад імі не ставілі чарак.

— Ты выратаваў гэтага чалавека? — прамовіў да яго афіцэр.

— Я памог хвораму — ён ляжаў беспрытомны.

— Надзвычай добра, прыемна чуць: хвораму заўсёды трэба памагчы. Хто памог табе прынесці хворага ў гумно?

— Ніхто, я сам прывёў яго.

— Чаму абавязкова ў гумно?

— У мяне не было іншага месца. Вам жа вядома, мяне з дзецьмі выселілі з хаты. Я жыву ў хлеўчуку, там хвораму было б вельмі нязручна.

— Ты зрабіў правільна. Нават вельмі пахвальна. Але адкажы: чаму ж ты не паведаміў нам, што хаваеш чырвонаармейца?

Стары, падумаўшы, адказаў:

— Шчыра кажу вам, я баяўся тады за гэтага чалавека, вы маглі б яго пакараць, як тых чырвонаармейцаў...

— Ты памыліўся. Тыя чырвонаармейцы нарабілі нам шкоды. А гэта ж хворы. Мы клапоцімся аб хворых, мы лечым іх, і ты дарэмна не паведаміў нам, бо ён мог памерці без лячэбнай дапамогі. Скажы, можа на сяле яшчэ хаваюцца хворыя ці хто хавае іх?

— Не, такіх больш няма.

— А вось пазаўчора ў ляску, як табе вядома, нехта забіў чатырох маіх салдат. Кажуць, што зрабілі гэта партызаны. Хто з вашага сяла ў партызанах?

— Няма ў нас такіх, пан афіцэр.

І тут не вытрымаў Вілі Шніцке. Ён аж падняўся за сталом, падышоў да старога, крыкнуў на яго:

— Устань, калі з табой гаворыць афіцэр! Рассеўся тут, як у гасцях.

Стары глядзеў на яго, збянтэжаны і разгублены.

— Ці не ты мне сам гаварыў пра партызан, ды яшчэ пра тое, як яны б’юць нашых... так... нямецкіх салдат?

Стары зірнуў на яго яшчэ раз, звярнуўся да афіцэра:

— Вы не слухайце яго, пан афіцэр. Што з хворага ўзяць, калі вярзе несусвеціцу!

Гэта быў цень яшчэ нейкай надзеі, якая не пакідала старога і як малюсенькі пробліск падтрымлівала яго думкі, што ўсё ўрэшце добра абыдзецца.

І гэты пробліск раптам знік. З усяе сілы ўдарыў яго па шчацэ Вілі Шніцке.

— Адказвай, іначай тут жа ўсаджу ў цябе кулю!

Адчуваючы, як разліваецца ў роце прыкрая салёная цеплыня, стары ледзь вымавіў:

— Я нічога не разумею і нічога не ведаю, аб чым вы пытаецеся.

— Ты забыўся хіба, як сам гаварыў мне... Мне, чырвонаармейцу, аб партызанах.

У свядомасці селяніна ўсё прыйшло да парадку, усё стала на месца, стала ясным і зразумелым. Спакойна, нібы абдумваючы і ўзважваючы кожнае слова, з нейкім прасвятлелым позіркам уваччу, ён адказаў:

— Можа, я і казаў чырвонаармейцу аб партызанах. Разумееш, чырвонаармейцу. А не табе, здраднік ты ці хто іншы ты, не ведаю я.

— Маўчы, стары пёс!

— Сам ты сабака, няйначай. Шкадую, што не ўведаў раней, хто ты і што ты. Можаш быць пэўны, што сёння ты не гаварыў бы тут са мной і не здзекаваўся б з мае старасці. Храбры на старога, бачу я.

Яго білі, катавалі. Усё дапытваліся, хто памагаў хаваць хворага. Дамагаліся даведацца аб партызанах, аб якіх стары і не ведаў толкам. Ён толькі чуў аб іх, ён быў рад, што яны ёсць, ён цешыўся тым, што ёсць яшчэ людзі, якіх баяцца душагубы. Але хіба скажаш аб гэтым ім, хіба яны зразумеюць яго думкі, яго пачуцці?

Старога расстралялі таго ж вечара разам з усёй сям’ёй на тым жа выгане, дзе загінулі раней трапіўшыя ў палон параненыя чырвонаармейцы.

 

5

Быў той год ураджайны як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Набіраліся сілы аўсы, ячмяні. На лугах такія выкінуліся травы, што хоць ты хавайся ў іх. Праўда, яны перастоялі даўно, адцвілі і на сушэйшых месцах пабурэлі, пасохлі, так і не дачакаўшыся касы. Па нізінах сям-там паляглі, і не ад дажджоў, не ад навальніц, а проста ад буйнога росту.

І ўся гэтая цвецень і багатая плоднасць зямлі не цешылі вока чалавека. Не ліпла рука да касы, да грабільна. Ды і мала было рук, а якія і былі, то менш за ўсё думалі аб касьбе, аб жніве.

Аднак Саколіч не здзівіўся, калі сустрэў на полі цэлае звяно дзяўчат, якія акучвалі познюю бульбу.

Размінаючы знямелыя ногі, Саколіч падышоў да іх.

— Працуеце, дзяўчаты?

— Працуем, дзядзечка...

Дзяўчына, якая ўсё прыглядалася да яго, да машын на дарозе, да двух шафёраў ля іх, крыху засаромеўшыся, запытала:

— А вы, дзядзечка, хто такі будзеце? Нешта не ведаем мы вас, ніколі не бачылі.

— Вось табе раз: яны мяне не ведаюць, а я іх ведаю. Вы з «Чырвонага партызана»?

— Так, дзядзечка.

— А як пажывае старшыня?

— У армію пайшоў.

— А ёсць там у вас садавод добры, Ціхан Заруба. Як ён са сваімі антонаўкамі ды бэрамі ўпраўляецца? Ён жа за іх залаты медаль у Маскве на выстаўцы атрымаў.

Дзяўчына яўна замяшалася. Яе сяброўкі пырснулі смехам у рагі хусцінак і з цікаваннем сачылі за чалавекам, які ўсё ведае аб іх калгасе.

Дзяўчына нерашуча адказала:

— Гэта мой бацька Ціхан Заруба. Мы і ёсць Зарубы.

— А дзе ж ён цяпер?

— Ён? Ён таксама... па мабілізацыі.

Нават пераглянулася з другімі дзяўчатамі, і відаць было, як тыя апусцілі вочы, нібы былі яны ў якой змове. А дзяўчына яшчэ раз сказала, падкрэсліваючы апошнія словы:

— Так, у арміі. У нас усе ў арміі, каторыя маладыя... Ну, а каторыя старэй, тыя... таксама ў войску... па мабілізацыі...

— Ага, па мабілізацыі! — згодна, як па камандзе, пацвердзілі і другія дзяўчаты.

— Ну што ж, працуйце, дзяўчаткі!

Хутка дзяўчаты, пазнаўшы аднаго з шафёраў, здагадаліся, што за чалавек, з якім яны размаўлялі.

Неўзабаве абедзве машыны апынуліся ў невялікім сяле, што стаяла на ўскрайку лесу. Саколіч добра ведаў хату Зарубы, і, паставіўшы машыны паміж сціртаў старой саломы на калгасным гумнішчы, ён пайшоў з людзьмі на двор Зарубавай хаты. Па-ранейшаму цвілі пад вокнамі чырвоныя вяргіні, высокія панічы, залацістыя сонейкі нагаткоў. Стаяла на двары старая разгалістая груша-дзічка. Раз-пораз праносіліся імклівыя ластаўкі, забіраліся пад застрэшша і аб нечым шчабяталі, аб такім мірным, ціхім, супакойваючым, як лагодны ўспамін аб далёкім дзяцінстве. Гадоў з пятнаццаць як не жыў Саколіч у вёсцы. Але кожнага разу, як трапляў на сялянскі двор, яго абдымалі ўспаміны дзяцінства. Аб ім напаміналі і чырвоныя макі на градзе, і лапушысты гарбузнік, і ласкавыя сланечнікі, і пахі кропу, зялёных канапель. І калі запахне кропам, тады, здаецца, устае ўваччу сонечная-сонечная раніца, калі трапечуцца кропелькі расы на кветках, калі зямля на панадворку яшчэ зябкая ў цяньку, прыемна дакранацца да яе босай нагой. Ступіш колькі крокаў, і ўвесь сон як рукой зніме. Так і захочацца бегаць, рухацца, абганяць наравістую карову, якая ніяк не хоча падацца да статка і ўсё глядзіць, каб кінуцца ў адчыненыя весніцы куды-небудзь у шкоду. А маці гаворыць :

— Варушыся, варушыся, сынок, а то спознішся на пашу...

...Вось на такім двары і пачынаў сваё жыццё Васіль Іванавіч. І таму з аднаго позірку на двор, на вароты, на хлеўчукі, на дрывотнік пазнаваў, а што за чалавек тут жыве і працуе. І якога ён характару, і якія ў яго схільнасці, і як ён ставіцца да працы, і якая сям’я ў чалавека, і якая ў яго жонка, і ці ёсць у яго дарослыя хлопцы і дзяўчаты. Праўда, за апошнія гады шмат што змянілася і на самім панадворку, і ў сялянскай хаце. Пазнікалі падпёртыя калкамі сцены, пазатыканыя анучамі шыбы, пахіленыя збуцвелыя шулы, растрыбушаныя вятрамі і дажджамі стрэхі. На вокнах забялелі фіранкі, а пад вокнамі вясёлыя палісаднікі з кветкамі, з маладымі клёнамі і бярозкамі. Багата чаго змянілася, усяго і не пералічыш. А галоўнае — людзі...

Саколіч зірнуў яшчэ раз на двор. Двор як двор, у поўным парадку. Чысты, падмецены. Акуратная сцірта дроў ля сцяны хлеўчука. Над паветкай прасыхаюць новыя дошкі. Па штакецінах сушацца гладышы. Пад застрэшшам клеці вязка свежых бярозавых венікаў. Гэта спецыяльна для лазні.

І побач з усім усталяваным парадкам вока Саколіча заўважае і сляды чагосьці старонняга, нязвыклага. У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Верхняя завеса вырвана з мясам, з цвікамі. На сцяне хаты нейкія паметкі мелам — не нашы літары. Ад клеці працягнуўся да самых варот след колаў цяжкога грузавіка. Палавіна варот зламана.

Відаць, наведваліся на двор гітлераўцы.

І яшчэ адно, што кідаецца ў вочы: не выбягае на ганак, як раней, гаспадыня, каб сустрэць гасцей. Не чуваць і гаспадара, недзе забавіўся. Праз запыленую шыбу акна спалохана пазірае на двор жаночы твар, ён пільна сочыць за рухам людзей, што з’явіліся на двары.

Саколіч заходзіць у хату. Жанчына вяла адказвае на яго прывітанне, нерашуча запрашае сесці, а сама стаіць ля печы, перамінаецца з нагі на нагу, ды ўсё пазірае спадылба, прыглядаецца. У хату, грукнуўшы дзвярыма, не ўваходзіць, а ўскаквае дзяўчына, якую сустрэлі на полі. Яна кідаецца да маці:

— Мамачка, чаму вы не прымаеце гасцей?

— Я не ведаю, якія гэта госці,— шэптам адказвае маці.

— Хіба не бачыце? Гэта Саколіч, колішні сакратар наш... Ён цяпер партызанам. Ну так жа, так жа, дзядзечка! — угаворвае яна не то маці, не то самога Саколіча, заўважыўшы ў яго вачах нешта падобнае на жартаўлівую ўсмешку.

— Так, дочка, так! — урэшце пацвердзіў ён яе здагадку.

— А я і не пазнала Васіля Іванавіча. Колькі разоў быў у нашым калгасе і ў нашу хату не раз заходзіў! Колькі то гадоў прайшло з таго часу, а цяпер вось... цяпер...

І жанчына раптам нібы запнулася на слове, усё намагалася нешта сказаць і не магла, ледзь не расплакалася, разгублена прыкрываючыся рогам хусцінкі. Супакоіўшыся, прывіталася за руку з людзьмі, завінулася ля стала, змахваючы пыл з лавак, з падаконнікаў.

— Сядайце бліжэй, сядайце. Мы гасцям заўсёды рады. Ці думалася калі, ці гадалася, каб чалавек чалавека баяўся, каб гэта, убачыўшы яго, усё прыгадваць, з якім надумам да цябе ідзе... Жылі ж мы, нікога не чапалі, дык вось нарвецца гад гэты, яму нашага дабра трэба. Жыві і бойся штодня, каб не здарылася якой напасці... І за ўсё бойся... За сяло бойся, бо яны як што, дык паліць майстры. Ім нашае працы не шкада, душагубам. І за сыноў бойся, і за мужыка бойся. І які ёсць набытак — і за яго бойся. Бо ім толькі папусціся, абяруць ураз, як тую ліпку, нічога не пакінуць... Дык за ўсё бойся, і дня і ночы няма табе супакою! Хіба ж гэта жыццё? Але ж даруйце, загаварылася я тут ды плявузгаю вам пра нашы бабскія клопаты, пра нашы бабскія думкі...

— Гэта не толькі бабскія! — умяшаўся тут Саколіч.

— Можа, яно і не бабскія, але мужчыны, дык тыя больш маўчаць. Надумаюцца што-небудзь і маўчаць. А мы не можам. Нам гэтыя думкі ўсе печані пазгрызалі: як яно будзе, да чаго яно ўсё прывядзе, калі свет усталюецца, каб кожнаму чалавеку можна было спакойна жыць ды аб шчасці дзяцей сваіх дбаць. Але даруйце мне, вы з дарогі, а я тут са сваёй гаворкай. Бяжы, дачушка, па бацьку! Ён там, няйначай, у глінішчы. Бачыце, надумаліся мужчыны лішкі хлеба ад немца прыхаваць, дык нешта майструюць...

У хату зайшоў і сам гаспадар. Гэта быў высокі плячысты мужчына гадоў пад сорак. Шырокі адкрыты твар са спакойным позіркам удумлівых воч, упэўненыя рухі, павольная хада, моцны поціск важкай пляскатай далоні — усё гэта гаварыла аб тым, што характару чалавека не ўласцівы мітуслівасць, таропкасць. Ён паважна павітаўся і на якую лішнюю хвіліну затрымаў у сваёй далоні руку Саколіча.

— Мне хлопцы данеслі аб вашым прыездзе. Ды чуткамі і зямля поўніцца. Мы ведалі, што вы недзе ў суседнім раёне... І сказаць па праўдзе, дык мы чакалі вас. Калі і не вас, дык каго-небудзь з вобласці. У райкоме казалі, што нехта павінен да нас прыехаць. Ну, то дзякаваць богу, што пабачыліся і што з дарогай у вас усё добра абышлося. А ты, жонка, не траць часу ды цягні там што з печы, людзі ж здарожыліся...

— Расказаў бы ты, Ціхан, раней, што ў вас тут робіцца? Як немцы? Як народ да іх ставіцца?

— Народ? Што ж народ? Яму, канечне, не ў навіну немца бачыць. Ён яго добра пабачыў і ў васемнаццатым годзе. Цяпер, можна сказаць, немец зусім другі пайшоў, звераваты, люты, як гад. Не толькі на дабро тваё лапу кладзе, але ж яшчэ сіліцца і цябе пад кулю паставіць, дзяцей тваіх са свету зжыць. Дзе тыя і людзі падзеліся ў іх, каб у каго за душой хаця б кропельку сумлення альбо хаця сораму якога перад народам? Няма ў яго, у фашыста, павагі ні перад старым, ні перад малым. У хату зойдзе каторы, дык, не перад абедам кажучы, як тая апошняя свіння... Другі цяпер немец пайшоў, зусім здзічаў нямецкі салдат, нягледзячы на ўсе свае еўропы. Уніз пайшоў немец, уніз, Васіль Іванавіч!

У хату заходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Сабралася багата і на двары, і на вуліцы. Паабедаўшы на скорую руку, Саколіч выйшаў на вуліцу. Яго абступілі, пачалі аб усім распытвацца. Багата хто ведаў у твар па ранейшай рабоце і вітаўся з ім, як з чалавекам блізкім, знаёмым.

— Таварышы! — гаварыў Васіль Іванавіч.— Я вельмі рад, што зноў сярод вас! Партыя пасылала мяне і раней да вас... І мне здаецца, не дрэнна мы папрацавалі разам з вамі. Я памятаю кожнае бярвенца, якое пакладзена вамі за тыя гады. Памятаю, як асушылі вы балота пад лесам. Як сеялі ўпершыню пшаніцу. Як пасылалі вашых дэлегатаў у Маскву на выстаўку. Не з кепскага жыцця пасылалі. А колькі дзяўчат ды хлопцаў паслалі на вучобу!

— Не кажы, Васіль Іванавіч, не кажы...

— Дык вось, не дрэнна мы папрацавалі з вамі... Вось і цяпер партыя прыслала мяне да вас, каб сказаць, што не загінем мы, што фашыстаў мы паб’ём, вытурым іх з нашай зямлі. Партыя прыслала мяне сказаць вам, што яна заўсёды з вамі, клапоціцца, каб вызваліць вас ад гэтых нахабнікаў!

— Горш чым нахабнікі, Васіль Іванавіч.

— Правільна, горш... Гэта разбойнікі з вялікай дарогі. Але разбойнікаў баіцца баязлівец... Калі разбойніку добра даць па хрыбту, ён не толькі не палезе к табе ў хату, ён і дзесятаму закажа. Партыя, урад клічуць нас біць гэтых разбойнікаў. Партыя, урад клічуць нас бараніць жыццё, набытак, бараніць нашу Радзіму, дзяржаву... Іначай гібель будзе нам, і нашым дзецям, і нашым унукам. Закрые фашыст усе дарогі перад намі. Дык як жа будзем рашаць, таварышы: ці змагацца з разбойнікам, ці здамося на яго міласць, уздзенем ярмо на сябе?

— Не прычакае ён таго!

— Здохне, гад, не выдыхае!

— Да пары выхваляецца фашыст, будзе яму яшчэ апахмелка!

Доўга гаманілі людзі на вуліцы. І ўсе сказаныя словы былі да аднаго: біць фашыста, супраціўляцца як мага, а каб лепей біць, то і лепш арганізавацца.

Саколіча больш як што цешыў настрой народа.

Сціснуўшы зубы, народ глядзеў у вочы пагрознай небяспецы, прыглядаўся да фашыста, да яго паводзін.

Прыглядаўся і біў пры зручным выпадку.

Сціскаўся кулак у народа. Трэба было памагчы яму выбіраць зручнейшыя месцы для ўдараў.

 

6

Саколіч выехаў з сяла а самай поўначы, у час, калі гітлераўцы пабойваліся паказвацца на дарогах. Ціхан Заруба ўзяўся праводзіць і ехаў разам з Васілём Іванавічам. Ноч выдалася ціхая, месячная. Дарога хутка ўзбілася на старую грэблю, пайшла між балот і нізкарослага хвойніку. Машыны бразгацелі па выбоінах, паволі рушылі наперад. Саколіч намеціў з Ціханам Зарубам мясціну, дзе ён вырашыў асталявацца на які час.

Кіламетрах у сямі-васьмі ад сяла з грэблі адыходзіў убок зімнік, па якім вазілі сена з балот. Цяпер ён быў зусім непрыкметны пад буйнымі травамі і лазовымі параснікамі, якія зусім схавалі ад людскога вока сатлелыя жардзіны, сям-там насланыя на самых грузкіх мясцінах. Хутка машыны прыпыніліся, бо ехаць далей не было ніякай магчымасці. З іх знялі ўсе манаткі, зброю, прыпасены ў вёсцы харч. Машыны загналі за колькі кіламетраў у густы хваёвы лес, прыхавалі ў самай непралазнай гушчэчы маладога хвойніку.

Потым, пад самую раніцу, перанеслі ўсе свае прыпасы яшчэ кіламетры за два ад месца прыпынку, на сухія лясныя астраўкі, раскіданыя на балоце.

Ужо світала. Людзі, стомленыя доўгай дарогай, безліччу ўражанняў, перажыванняў, заўсёдным чаканнем небяспекі, як дабраліся да сухой зямлі ды прыляглі, каб даць спачын натруджаным нагам, адразу і задрамалі, паснулі. Саколіч не перашкаджаў ім, хай выспяцца. Ён толькі выставіў вартавога, і той хадзіў ускрайкам, прыслухоўваўся да шолаху дрэў, да клёкату буслаў, якія звілі сваё гняздо на высачэзным дубе.

У гэтым гняздзе знайшла, відаць, прытулак і розная птушыная драбяза. Яе неўгамонны шчэбет вітаў усход сонца. Да птушынай песні далучалася ад недалёкай рачулкі бязладнае і нястрымнае пакрэктванне жаб. Здавалася, кожнае гэтае балотнае стварэнне намагалася перакрычаць адно аднаго, вылучыцца сваім, толькі яму ўласцівым голасам. Ды вісеў над зямлёй бясконцы камарыны звон, нібы нацягнулі над балотам тысячы нябачных танюсенькіх струн, і яны гулі, звінелі, аж само паветра, здавалася, злёгку дрыжала ад гэтага звону.

Гукі былі такія мірныя, што пасля ўсіх перажытых дзён, з грукатам артылерыі, з завываючым свістам бомб, Саколічу здавалася, нібы ён раптам трапіў у нейкае царства незвычайнай цішыні і спакою.

Ён разлажыў невялічкае цяпельца ад камароў і, грэючы застылыя на зямлі ногі, аддаўся сваім думкам. Яны прыходзілі чарадою то сумныя, шэрыя, то светлыя, радасныя, заклікаючыя. Успаміналася дзяцінства, парабчанства, горкія папрокі кавалкам хлеба і стаптаным лапцем. Хлапечая радасць новай світцы, ботам. Першыя заробкі на чыгунцы падзённікам. Камсамол. Пачуццё адказнасці, калі стаў стрэлачнікам, потым счэпшчыкам. Вельмі неспакойны характар. «Шурпаты і калючы, як вожык»,— так гаварыла пра яго чыгуначнае начальства, якое вельмі недалюблівала, калі які-небудзь там счэпшчык умешваецца, як яно гаварыла, не ў свае справы. Потым быў ён брыгадзірам у грузчыкаў на таварнай станцыі. Выкрыццё буйных махінацый з нэпманамі, блатных перавозак, хабару прадуктамі і таварамі. Паказальныя суды, высылка і начальства і нэпманаў. А сам падаецца ў дэпоўскія слесары. Добры выйшаў слесар, нядрэнны быў сакратар цэхавай ячэйкі. Потым вучоба ў партыйнай школе. Цяжкая была вучоба. Пасля колішняй пачатковай школы ўсё давалася з бою, пасля рашучых атак і намаганняў, аж да поту на лысіне. І тое, што давалася, аставалася затое назаўсёды.

Саколіч быў сакратаром партыйнага камітэта вузла, калі надышлі трыццатыя гады. Яго паслалі інструктарам у сельскі райком, бо добра ведаў вёску. Неўзабаве выбралі сакратаром райкома партыі. Ён доўга адмаўляўся: «Не выцягну, раён сур’ёзны, не хопіць ні ведаў, ні вопыту».— «Выцягнеш, абавязаны выцягнуць, такі загад партыі».— «Раз патрэбна партыі, то гатовы». І выцягваў.

Так і прайшоў свой шлях Саколіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная гэтая ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна, увесь народ. Быльняговыя межы сыходзілі на нішто, і калі ўпаміналіся, то хіба толькі ў старых песнях. «Магніткі», «Днепрабуды», «Асінбуды» стала ўваходзілі ў побыт. Ад глухіх вёсак працягнуліся шырокія дарогі для моладзі ў горад, на вучобу, на работу, на новыя фабрыкі і заводы. Арміі грабароў і машын пайшлі ў наступленне на балоты. Разрасліся і пашырыліся гарады. Сталіца наважылася канчаткова скінуць з сябе драўлянае ўбогае адзенне, пазбыцца бруду, пылу, цеснаты — усёй спадчыны мінулага.

Ва ўсім гэтым бурным жыцці прымаў самы блізкі, самы непасрэдны ўдзел і Саколіч. Яго цікавілі і балоты, і новыя аэрадромы, і генеральная рэканструкцыя сталіцы. Ён займаўся і ссяленнем хутароў, і новымі дарогамі, і новымі школамі, і новымі фермамі ў калгасах, і працаднём. А галоўнае — яго цікавілі людзі. І па тым, як раслі яны, як змяняліся, ён адчуваў і свой рост. А па сабе меркаваў і аб другіх.

Калі наваліліся гітлераўскія зграі, Саколіч з усёй страсцю свае душы змагаўся з дыверсантамі, дапамагаў мабілізацыі, ахоўваў чыгуначныя і шасейныя дарогі, забяспечваў хлебам і мясам чырвонаармейцаў, будаваў супрацьтанкавыя равы, тушыў пажары ад бамбёжак.

Калі яго паклікалі ў ЦК — ён змяшчаўся ў некалькіх палатках у прыфрантавым лесе — і сказалі, што трэба яму, Саколічу, падацца назад, у сваю вобласць, якая ўжо колькі дзён як была занята немцамі, ён на якую хвіліну задумаўся. І ўсе ведалі, што гэтае маўчанне не адмаўленне ад не зусім звычайнай камандзіроўкі. Саколіч абдумваў, якіх людзей прыхапіць з сабой ды якімі дарогамі прабірацца праз фронт.

Зборы былі не доўгія. Размясціўшыся на двух старэнькіх эмках, выехалі на захад.

...Дагарала цяпельца. Ды яно было ўжо без патрэбы. Добра ўгравала зямлю высокае сонца. Камарыны звон змяніўся ўкалыхваючым шолахам маладых бярозак і палахлівых асін. Кружылі галаву густыя пахі ўгрэтай смолі, пахучага чабару. Бяссільна зліпаліся вочы ў салодкай дрымоце.

Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў яму пад галаву нечую ватоўку, прыкрыў шынялём і падаўся на сваё месца.

 

7

Зусім змяніўся стары бондар Сымон, як зрабіўся старастам у сваёй вёсцы. Калі і раней ён быў не з гаваркіх, дык цяпер пачуць ад яго якое-небудзь слова было ў вялікую навіну. Усё больш маўчаў, сноўдаўся, як цень, па вуліцы, па сваім двары. Ён не любіў залішне турбаваць народ усякімі сходамі. І калі была якая патрэба, то проста заходзіў да каго-небудзь з старэйшых мужчын, да аднаго, да другога, і выкладваў справу:

— Трэба, мужчынкі, на шашу паслаць, на рамонт. Патрабуюць немцы трыццаць чалавек ды пяць падвод.

— А няхай яны згараць твае фашысты!

— Няхай яны сабе і гараць, а загад загадам, тут не выкруцішся, трэба сваю чаргу адбыць.

— А мы возьмем ды і не паслухаемся гэтага нямецкага загаду.

— Нямецкага загаду ты можаш і не слухацца, а майго загаду павінен паслухаць...

— Чаму гэта я павінен цябе слухацца?

— Як ёсць я начальнік, вамі ж пастаўлены.

— Не мы, а немцы цябе паставілі.

— Ну, гэта ты скажы каму другому, а не мне. Я такое начальніцтва магу і табе перадаць, ты ж маладзейшы.

— Што ты, дзеду, ды я ж так, для смеху кажу! — не на жарты палохаўся які-небудзь Сымонаў сусед, ахвотнік пакпіць над старым бондарам.

— Тут не да смеху. Нам апастыляцца з немцам з-за якога глупства не варта. Ты яму чаргі на работу не выставіш, дык ён гатоў усіх у лагер забраць. Трэба думаць, як яно лепей тут абысціся.

І Сымон заўсёды знаходзіў спосаб, як лепш абысціся. Але было гэта яму, відаць, не лёгка. Усе турботы, якія наваліліся, неяк прыціснулі яго, не давалі спакою.

Толькі з Астапам Канапелькам адводзіў ён душу. Той зрэдку прыходзіў з лесу, і яны запіраліся ўдвух у хаце. Цётцы Ганне давалася даручэнне пільнаваць на вуліцы, каб не з’явіліся якія незнаёмыя, а тым болей немцы.

І хаця не ведала дакладна цётка Ганна, аб чым там доўга гавораць Сымон з Астапам, але неяк святлей станавілася ў яе на сэрцы. Канапелька прыходзіў з лесу. Адтуль можна было прынесці багата розных навін, і навіны тыя заўсёды, відаць, нечым усцешвалі старога, бо ён пасля гутарак з Астапам хадзіў узрушаны, нават на нешта намякаў ёй:

— Мы яшчэ пажывём з табой, старая. Мы яшчэ з табой і ўнукаў прычакаем!

А Сымон сапраўды вёў доўгія гутаркі з Астапам. Выкладваў усе навіны, якія пачуў ён у гарадку альбо ўбачыў там на ўласныя свае вочы. Даставаў усе прынесеныя адтуль нямецкія газеты, загады, дакладваў аб усім, што пачуў новага ў воласці, што думаюць рабіць фашысты.

— Адрапартуй там, Астап, што масток на шашы мае людзі па нямецкаму загаду заўтра скончаць. Вы можаце прыступаць да справы. Ізноў жа, тэлефонныя слупы на бальшаку немцы аднавілі, будзе вам работка. Немцы наважваюцца лесапільню пусціць. Ужо рабочых туды пазганялі, палонных і ўсякіх. Як адбудуюць, адразу паведамлю.

Часам Астап перадаваў яму спецыяльныя даручэнні. Сымон цэлымі днямі бываў у гарадку, некуды хадзіў, некаму перадаваў даручэнні з лесу. Ён акуратна выконваў і нямецкія загады. Загадала камендатура збіраць зброю на полі, у лесе. Адвезлі да камендатуры цэлы воз ламачча: падбіты снарадам кулямёт, некалькі патрушчаных вінтовак, сарваныя гусеніцы з танка ды яшчэ рознага там пабітага ды пакарэжанага жалеза. І пасля ўсіх гэтых пошукаў зброі быў сякі-такі прыбытак і Канапельку: у глухую начную пару перавезлі падалей у лес вазы са тры вінтовак, некалькі кулямётаў ды ўсякай там дробязі — гранат, патронаў. А кучы снарадаў пазакопвалі ў лесе, пахавалі пад ламаччам, ды з добрую сотню скрынак са снарадамі закінулі ў лясную рачулку. Ці ўсё ж тое дабро немцу здаваць, магло яно спатрэбіцца і ў сваёй гаспадарцы.

Вялікія нямецкія могілкі, што былі непадалёчку ад вёскі, заўсёды добра агледжаны. На бярозавых крыжах, акрамя салдацкіх касак, віселі гірлянды дзеразы, трапляліся вянкі з палявых кветак, з яловых лапак. І ўсё гэта — клопаты старога Сымона. Праз тыя клопаты быў ён на воку ў самога каменданта Вейса. Той у прыклад другім старастам ставіў яго, Сымона, спецыяльна гаварыў аб ім на нарадзе ўсіх стараст.

Блізкае знаёмства Сымона з камендантам адбылося неяк неўзабаве пасля жніва. Хлеб убіралі з поля і малацілі ўсім калгасам, як загадалі немцы. Яны прыслалі некалькі салдат, каб наглядаць за парадкам. Каля трыццаці нагружаных хлебам падвод былі адпраўлены пад канвоем немцаў у горад. Але з гэтымі падводамі недалёка ад самага гарадка адбыліся нечаканыя прыгоды. Група ўзброеных спыніла абоз у самым лесе. Некаторыя гітлераўцы, разбягаючыся, спрабавалі адстрэльвацца. Іх знішчылі. Чалавекам тром удалося ўцячы. Аднаго ўзялі ў палон. Ён дрыжаў, як асіна, чакаючы няўхільнай смерці. Але справа яго павярнулася зусім другім бокам. Яму ўручылі запіску, жэстамі паказалі, што ён вольны, што ён можа ісці ў горад. Салдата не трэба было доўга ўгаворваць. Толькі мільгалі па пыльнай дарозе пазбіваныя падкоўкі ботаў. Бег і нёс з сабой запіску партызан да каменданта, у якой яны паведамлялі, што нарыхтаваны немцамі хлеб спажывуць, як трэба, і абяцалі так жа шчыра клапаціцца аб усіх другіх нямецкіх нарыхтоўках.

На другі дзень Вейс, узрушаны гэтымі падзеямі,— а яны адбыліся адразу ў некалькіх месцах, ды ў двух саўгасах пад горадам згарэлі немалочаныя сцірты хлеба, толькі-толькі звезенага з поля,— выбраўся з цэлай экспедыцыяй з горада. Паўдзесятка грузавых машын было поўна салдат. У легкавой ехалі Вейс і Кох. Уперадзе калоны пылілі дзве танкеткі і некалькі матацыклістаў.

І калі ўся гэтая калона паднялася на ўзгорак, адкуль відаць быў калгас «Першамай», немцы заўважылі нейкі рух на быўшых тут нямецкіх могілках. Чалавек з паўсотні сялян завіхаліся з лапатамі, з граблямі, з мётламі. Вейс прыпыніў калону, выйшаў з машыны. Сяляне крыху збянтэжыліся спачатку. У некаторых быў вельмі напалоханы выгляд, але хутка яны запрацавалі, як і раней, не звяртаючы асаблівай увагі на тое, што прыехалі немцы. Адны наразалі дзёран, другія падносілі яго, акуратна абкладвалі кожную магілу. Дзяўчаты развешвалі на крыжах доўгія гірлянды дзеразы, падмяталі зямлю навокал.

Вейс глядзеў у захапленні на ўсю гэтую працу, мнагазначна сказаў, павярнуўшыся да лейтэнанта Коха:

— О-о! Што я гаварыў?! Яны будуць паважаць нас. Яны шануюць нас. Яны любяць нас.

Лейтэнант Кох, які не заўсёды падзяляў захапленне каменданта і глядзеў больш цвяроза на рэчы, хацеў сказаць, што гэтыя людзі, калі і любяць немцаў, то больш за ўсё мёртвых. Але Вейса ўжо не было побач. Ён падышоў да сялян, любоўна агледзеў прыбраныя магілы. Асабліва падабалася яму адна, уся ўпрыгожаная зелянінай і кветкамі. З невялічкай дошчачкі на крыжы ён даведаўся, што тут пахаваны нямецкі падпалкоўнік.

— Хто ёсць старэйшы ў вас? — запытаўся.

Да яго падышоў Сымон. Кох пазнаў у ім чалавека, якога ён паставіў за старасту, і сказаў аб гэтым каменданту.

— Стараста? — запытаўся ў яго Вейс.

— Так точна, пан афіцэр. Прызначаны вось імі,— рухам воч паказаў ён на Коха.

— Хто загадаў прывесці да парадку могільнік?

— Па майму загаду, пан афіцэр. Не можна так, каб без догляду.

— Ты ёсць малайчына! Ты верны слуга Германіі. Мы ніколі не забудзем цябе. А партызаны ёсць у вас? — перайшоў ён раптам да другой справы.

— Ёсць, пан афіцэр.

— Дзе?

— Яны па лясах, пан афіцэр. Учора аграбілі наш абоз са збожжам. Я паслаў данясенне ў воласць. Ды яшчэ вунь у вёсцы Клінкі таксама забралі збожжа, а старасту забілі.

— Ну, добра, добра! Працуйце сабе. А партызан баяцца няма чаго, мы на іх навядзём парадак.

— Ды мы не баімся, пан афіцэр, але ж жыцця рашацца — каму гэта ў ахвоту? Яны жартаваць з намі не любяць.

— Нічога, нічога, баяцца нечага! — абнадзейваюча гаварыў Вейс, а сам з ледзь захаванай трывогай і непакоем пазіраў на навакольныя лясы, якія з усіх бакоў абступалі невялікае поле і бліжэйшую вёску.

— Ведаеце што, лейтэнант? — звярнуўся ён да Коха.— Вы едзьце ў маёй машыне, а я думаю сам павесці калону, паеду ў пярэдняй танкетцы.

— Ну, працуйце! — ветліва памахаў ён яшчэ раз рукой групе жанчын і дзяўчат, якія ўжо асмялелі крыху пасля нечаканага з'яўлення немцаў і цяпер з цікавасцю прыглядаліся да афіцэра, які так лагодна гаварыў з Сымонам.

Хутка нямецкая калона, не спыняючыся ў вёсцы, запыліла далей па прасёлку і схавалася на ўзлессі. Сымон падаў каманду:

— Хопіць! Айда па хатах!

Людзі вясёлым гуртам пайшлі па дарозе да вёскі. Сёй-той ведаў аб сакрэце могілак, некаторыя толькі здагадваліся. Але гаварыць аб гэтым ніхто не лічыў патрэбным.

Ззаду ішлі Сымон і Канапелька, які таксама прымаў удзел у гэтых справах. Тут жа быў вяртлявы Піліпчык. Цікаўнасць не давала яму спакою. Ён трымаўся, колькі мог, урэшце не вытрываў і запытаўся з адчаем:

— Дзядзька Сымон!

— Чаго табе?

— А не пагніе яно, жыта?

— Дзе пагніе?

— Ды ў яміне той, на якой мы палкоўніцкі крыж паставілі?

Канапелька наважыўся ўхапіць пляменніка за вуха, але той спрытна выкруціўся з самых рук. Канапелька толькі прыкрыкнуў на яго, азірнуўшыся, каб не было каго паблізу:

— Я табе вушы ўсе адкручу, калі ты пікнеш дзе хоць бы адно слова!

— А дзядзечка, я нічога не ведаю.

— Я табе дам не ведаю! Вось урадзілася дзіцянё, ва ўсякую справу свой нос уткне!

Але праз якую хвіліну прамовіў да Піліпчыка ўжо больш лагодна:

— Сядай на каня ды падавайся лесам на старыя выжары, папярэдзіш там, што немцы паехалі.

— Добра, дзядзечка, я зараз.

Піліпчыка і след прастыў, адразу знік, як і не было яго.

Астап надоўга затрымаўся ў Сымона. Была неадкладная справа: перавезці з горада некаторыя грузы. Патрэбны падводы і надзейныя людзі. Справу трэба арганізаваць так, каб не выклікаць залішніх падазрэнняў у немцаў. Дамовіліся выкарыстаць дзень, калі першамайцы павязуць на здачу салому, на якую быў атрыман нарад.

Было ўжо за поўнач, калі Астап падыходзіў да свае хаты ў лесе. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва.

Астап выйшаў на круты і голы, нібы лысіна, узгорак у лесе, як заўважыў зарыва. Было яно на захадзе, за ракой.

Ён пастаяў колькі хвілін, углядаючыся ў бок зарыва, пакуль там, над лесам, не прарваліся светлыя і зыркія ў цемені ночы языкі полымя.

— Ізноў недзе гарыць чалавечы набытак! Няйначай як у «Ленінскім шляху»... Прыйдзецца даведацца заўтра.

У хаце даўно спалі. Асцярожна, каб не пабудзіць Надзі і Піліпчыка, Астап пачаў ладзіцца нанач.

 

8

Сіпаку часта не спалася. Так насядалі клопаты, непрыемнасці, згрызоты з людзьмі, што сон адыходзіў, і Сіпак гадзінамі качаўся на мулкім сенніку, перабіраючы ў думках ад нечага рабіць розныя справы. Не так уяўляў ён сваё цяперашняе жыццё, калі наважыўся, як казаў ён некалі, рашаць Савецкую ўладу. І нечага было рашаць тут, і Савецкая ўлада была быццам далёка цяпер ад яго, але спакою на сэрцы не было. Усё больш непрыемнасці. Камендант вечна незадаволены. Людзі штодня глядзяць спадылба. Здаецца, каб даў ім волю, то стаўклі б жывога на мэтлахі. Сіпак і вёску гэтую даўно б пакінуў, калі б не адчуваў за сваёй спінай нямецкіх вінтовак. У вёсцы жыло чалавек з дваццаць гітлераўцаў ды некалькі паліцаяў, якія ахоўвалі склад збожжа, памагалі немцам весці нарыхтоўкі.

У цёмныя ночы Сіпак адчуваў сябе вельмі няёмка, хаця побач з ім у калгасным праўленчаскім доміку жылі і паліцаі. Каб пазбавіцца ад бяссонніцы ў такія ночы, Сіпак выходзіў на вуліцу, доўга тупаў каля дома, прыслухоўваючыся да начной вёскі. Калі было цямней, рабіў прагулянкі па вёсцы, асцярожна прабіраючыся паўз платы, бязгучна ступаючы мяккімі ботамі, сутулячыся, падцінаючыся ўсёй сваёй кашачай постаццю.

Вось і сёння, трымаючы напагатове рэвальвер, Сіпак выйшаў на вуліцу, крадучыся падаўся на плошчу, дзе стаяў склад, куды ссыпалі абмалочанае збожжа. Туды было прывезена жыта і з суседніх вёсак. Сіпаку здаліся там нейкія падазроныя гукі, і ён падаўся наўпрост праз вуліцу, каб незаўважаным у цемені ночы праверыць, як нясуць службу яго паліцаі. І толькі падышоў ён пад старыя купчастыя вербы, як заўважыў цень, які мільгануў пад дрэвамі, потым шугануў праз плот. Сіпак кінуўся следам. Ён ужо бачыў постаць, якая торапка бегла па градах. Выразна відаць белая ношка на спіне. Гэта быў мяшок, відаць, цяжкі, бо чалавек бег засопшыся, прыгінаючыся пад грузам.

— Злавіць, абавязкова злавіць...— І Сіпак крыкнуў не сваім голасам:

— Стой! Стой!

Але чалавек бег, не спыняўся.

Тады Сіпак падняў пісталет і, цэлячыся ў ледзь бачную белую пляму, якая аддалялася ўсё болей і болей, выстраліў некалькі разоў падрад. Ён заўважыў толькі, як белая пляма знікла, чуваць было, як нешта чмякнулася аб зямлю, але па трэску плота, па шолаху кустоўя ў садзе за агародам Сіпак зразумеў, што чалавек уцякае. Ён яшчэ стрэліў колькі разоў, але, відаць, без асаблівых вынікаў. І зараз жа пачалася страляніна ля школы, дзе змяшчалася мясцовая камендатура. Беглі адтуль устрывожаныя немцы. Ім адгукнуўся Сіпак, паклікаў да сябе. Яны ўважліва агледзелі агародчык, па якім гнаўся Сіпак за невядомым, знайшлі звычайны сялянскі мяшок, напалову напоўнены жытам. Сіпак здагадаўся, адкуль гэта жыта, і толькі наважыўся ён з гітлераўцамі падацца да склада збожжа, як густая цемень ночы пачала раптам шарэць, нібы перад ранішнім світаннем. А праз якую хвіліну выразна выступілі з цемені ночы калгасныя хаты, па прасветленай вуліцы працягнуліся доўгія цені ад высокіх бяроз і клёнаў, а самі дрэвы нібы палыхалі ў трапяткім і мітуслівым святле, якое ўсё ярчэла і ярчэла. Запахла даўкім, прагорклым дымам, нібы гарэла дзе старая зляжалая салома.

Усе, як па камандзе, кінуліся да вялікага свірна, што стаяў на невялічкай плошчы ў вёсцы. Саламяная страха з усіх бакоў была ўжо ахоплена полымем. Дзверы свірна адчынены. Паліцэйская варта некуды знікла. Ля самых дзвярэй на вуліцы парассыпана збожжа. Тут былі сляды колаў, конскіх падкоў. Па ўсім відаць, што жыта выносілі адсюль не толькі мяшкамі, а вывозілі няйначай і на фурманках. Праз вясёлы трэск полымя даносілася аднекуль з поля тарахценне колаў. Недзе, відаць, падганялі коней, спяшаліся хутчэй ад’ехаць, гукі адтуль рабіліся ўсё цішэй і цішэй, урэшце і зусім зніклі, праглынутыя нарастаючым гудзеннем агню на пажарышчы. Страха прагарэла ўжо і, узнімаючы віхор іскраў, з трэскам упала, асвятліўшы ўсе засекі. Гітлераўцы і паліцаі зганялі народ на пажар. З грукатам пад’ехалі пажарныя. Але прывезены насос аказаўся няспраўным. Ваду прыйшлося падносіць вёдрамі. Людзі не праяўлялі вялікай ахвоты ў тушэнні пажару. Марудна сноўдаліся з вёдрамі, лапатамі, з пажарнымі баграмі. Толькі адзін Сіпак кіпяціўся больш за ўсіх, кідаўся да каторых з кулакамі, з пагрозамі, хапаўся за вядро, мітусіўся ля пажарышча. Немцы ачаплялі вёску. Ці то яны баяліся, каб хто чужы не прабраўся сюды ў гэты час, ці яны думалі затрымаць падпальшчыкаў, якія, на іх думку, павінны былі пусціцца наўцёкі. Сіпак аж ахрып ад лаянкі. Але гэта, аднак, не дужа перашкаджала пажару. Свіран дагараў, як свечка, моцна запахла паленым збожжам.

З самай раніцы пачалася несусветная калатнеча ў вёсцы. Людзей зганялі на плошчу. У хату да Сілівона ўскочыў Сіпак з двума паліцаямі. Старая карміла Васілька.

— Дзе Сілівон? — кінуўся да яе раз’юшаны стараста. Васілька насупіўся, заплакаў, ухапіўся рукамі за старую.

— Не плач! — пачала суцяшаць яна малога.— Гэта ж стараста наш, не бойся!

— Я ў цябе пытаюся? — І Сіпак з сілай ірвануў старую за плячо.

Тая здзіўлена зірнула на яго, спакойна адказала:

— Скуль мне ведаць, дзе цяпер Сілівон? Вы ж самі яго паслалі ўчора везці сена ў горад, пад самы вечар паслалі, чаго ж пытаецеся?

Сіпак сапраўды ўспомніў, што некалькі чалавек і старога Сілівона ён паслаў учора на сеназдачу.

— А ты, калі пытаюся, то адказвай як след, нечага агрызацца! — сказаў ён ужо крыху палагаднеўшым тонам. Патаптаўся крыху, запытаў ізноў:

— Сын быў ноччу?

— Пра якога сына вы пытаецеся?

— Мы ведаем, пра якога. Адзін жа ён у цябе.

— У мяне не адзін, а два сыны. Адзін у Мінску жыве, там жа на фабрыцы недзе працуе.

— Я не пра яго пытаюся, а пра Андрэя, старшыню калгаса.

— Дзіўны вы чалавек, аднак, з такімі запытаннямі. Вам жа вядома, што ён у арміі, у войску.

— Мне якраз другое вядома, што ён па лесе бадзяецца, у бандытах.

— Вось гэта дык мне невядома. Яшчэ не здаралася ніколі, каб з нашага роду ў бандытах хадзілі.

— А я табе кажу, што бадзяецца па лесе, па балотах, пяньковае пятлі чакае твой вырадак.

— Ну і шукайце яго па лесе, чаго ж вы да мяне чэпіцеся? Мне лепш ведаць, дзе ён.

— Вось іменна, што лепш. І калі мне не скажаш, то адкажаш перад камендантам. Айда, збірайся! — груба рвануў ён за руку.

— Пасаромеўся б хаця перад малым дзіцем сабачую павядзёнку сваю паказваць.

— Не вучы! Ну, давай, давай, падымайся!

Васілька заліўся плачам, ухапіўся абедзвюма рукамі за шыю старой.

— Я баюся, бабка, гэта злы дзядзька!

— А ты не бойся. Ты бяжы да суседзяў, бяжы, гуляй!

— Я не кіну вас!

— Ну, годзе тут, бяры свайго шчанюка, пойдзем!

Старая ўзнялася з-за стала, зірнула ва ўпор у вяртлявыя Сіпаковы вочы, сказала з роздумам:

— Чалавеча ты, чалавеча! Не хачу паганіць сябе словамі ды малое вось шаную. Сказала б я табе. Але што ж пра цябе скажаш, вылівак ты вядзьмачы!

— Ну, ну! — падняў руку Сіпак.— Я заткну табе горла!

— Брэшаш! Не ў тваіх сілах чалавечае слова спыніць. Народу рота не заткнеш, хліпкі ты для гэтага.

Сіпак ледзь стрымліваў у сабе пякучую злосць. Нязручна было біць старую, тоўпіўся народ на вуліцы, акружаны немцамі і паліцаямі.

Людзей сабралі ля камендатуры. Лысы залатушны камендант, галава якога нагадвала пераспелы карослівы агурок, наводзіў парадак ля школы, пісклявым голасам аддаваў каманду салдатам. Заўважыўшы старую Сілівоніху з малым, якіх вёў Сіпак з двума паліцаямі, ён падскочыў да яе, накінуўся каршуном:

— А-а! Ты ёсць партызан? Ты паліла збожжа?

— Адчапіся ты, рудая погань!

Гітлеравец ударыў яе аўтаматам у грудзі. Старая павалілася на дол і, разграбаючы рукамі пыл, сілілася падняцца з зямлі. Перапалоханага Васілька, які заходзіўся з крыку, падхапілі жанчыны, заціскалі далонямі рот, шапталі на вуха:

— Не плач, не плач, малы, а то фашысты заб’юць.

Старая ўрэшце паднялася з зямлі. Сіпак падштурхнуў яе да натоўпу. Яна маўчала. Залатушны камендант крычаў, і голас яго зрываўся на піск:

— Я буду кожнага біць, хто не скажа мне праўды. Пастраляю ўсіх, калі не скажаце, хто падпаліў збожжа! Хто паліў?

Людзі, насупіўшыся, маўчалі.

— Апошні раз пытаюся: хто паліў?,

Тады выступіў Сілівонаў сусед, стары Міхайла, які даўно не злазіў з печы, дажываючы свой век сярод шматлікіх унукаў. Ён даўно адышоў па старасці ад усякіх спраў. Немцы і яго выгналі на плошчу. Абапіраючыся на палку, ён гаварыў паціху, абдумваючы, падбіраючы кожнае слова:

— Вы дарэмна злуецеся, пан афіцэр. Хто мог поначы ўбачыць... заўважыць, хто там паліў? І хто гэта будзе божае дабро паліць? Вы пытайцеся ў вартаўнікоў пры свірне, у гэтых самых паліцаяў. Няйначай, палячы свае цыгаркі, яны і падпалілі свіран.

— Што ты вярзеш, стары корч! — накінуўся на Міхайлу Сіпак.— Вартаўнік жа знік некуды, яго не знайшлі.

— Вось я кажу, паліцаяў паставілі вы сабе на службу... А які з іх толк, з паліцаяў, калі яны пільнуюцца толькі альбо самагону, альбо на гулянку куды падацца? А народ і цярпі праз гэтых гіцляў.

— Калі ты не кінеш брахаць, дык я вытрасу з цябе ўсе косці! — пагражаюча памкнуўся Сіпак да старога. Але не так лёгка было яго суняць.

— Косці мае не вялікі для цябе наедак. А наконт брахні, аб якой кажаш, дык павінен ты ведаць, што брэшуць толькі сабакі ды тыя, што падаліся ў іхнюю скуру. Глядзі за сабой лепш.

Немаведама, чым бы скончылася ўся справа і як бы вырашылі яе камендант са старастам, каб у гэты час на вуліцы не пачуўся грукат машын. У вёску з’явіўся нямецкі атрад на чале з Вейсам і Кохам. Даведаўшыся аб пажары, яны з’явіліся ў вёску, каб на месцы дазнацца аб здарэнні і яго прычынах.

Перапалоханы не на жарты камендант дакладваў аб падзеях ночы. Сіпак адчуваў, як сталі раптам цяжкія яго ногі, у дробнай дрыготцы заходзіліся яго каленцы. Ён ведаў, што Вейс не вельмі каб далюбліваў яго, бо на тэрыторыі Сіпаковага староства адбываліся вельмі часта розныя непажаданыя здарэнні.

Вейс з лаянкай накінуўся на каменданта:

— Што гэта? Мітынг ці што? Так хіба робяць следства?

І тут жа ўзяўся за Сіпака.

— Ты думаеш, што цябе зрабілі тут старастам для пашаны? Відаць, засумаваў па шыбеніцы? Чым заслужыў ты, што мы вярнулі табе зямлю, вярнулі тваю маёмасць? Відаць, служыш не нам, а партызанам.

Сіпак як стаяў, так і ўпаў на калені, усё намагаўся ўхапіць Вейсаву руку. Урэшце ўчапіўся ў яе, пацалаваў. Людзі назіралі за гэтай сцэнай, і як ні цяжкі былі ім здзекі, усё перажытае за гэтыя дні, але сям-там на хмурых тварах праблісквалі стоеныя ўсмешкі. Ужо завельмі пыліў каленцамі па зямлі ганарысты Сіпак, які ў гутарках любіў выхваляцца заўсёды: «Мы-ста ды мы-ста...» Ён поўзаў цяпер перад Вейсам, прагна цалаваў яго руку, жаласна мармытаў:

— Я стараюся, пан камендант. Ночы не сплю, пан камендант. Целам і душой з вамі. Мяне сам Клопікаў ведае. Я вынішчу іх, бандытаў! Ужо маю некаторыя звесткі аб іх.

Вейс адышоў крыху, пагардліва выцер руку аб пальчатку, супакоіўся, перапытаў:

— Ну, гавары! Гавары, што ведаеш аб іх, каго маеш на ўвазе?

— Дазвольце ўстаць, пан камендант.

І ўстаўшы, абвёў натоўп мутным сабачым позіркам. Яго рука трэслася, як у ліхаманцы.

— Вось яна! Па чутках, сын яе ў партызанах. Ён быў старшынёю калгаса раней...

— Узяць! Хто яшчэ?

— Вось у гэтага старога,— паказаў ён на Міхайлу,— тры ўнукі ў арміі ды і сыны каторыя, няйначай, бадзяюцца ў лесе. І сам назаляе нам, агрызаецца.

— Яшчэ! Яшчэ!

Сіпак, спяшаючыся, паказваў на людзей. Ён прыгадваў, хто і як калі гаварыў з ім, як глядзеў, як выконваў яго, стараставы, распараджэнні. Пад канвой узялі чалавек з пятнаццаць.

— Яшчэ! — няўмольна наступаў на яго Вейс.

— Яны і ўсе, пан афіцэр, не зычаць нам дабра, яны ўсе душой з бальшавікамі.

— Ну, ладна! Распусціць народ! Ён павінен працаваць, нам гэтыя мітынгі не патрэбны.

Арыштаваных адвялі на пусты двор Сілівонавай хаты. Пачаўся допыт, якім кіравалі Вейс і Кох. Дапамагаў мясцовы камендант, з твару якога не сыходзіў выраз застылай баязлівасці. Сіпак хапаўся, як пёс, за кожную намечаную ахвяру, цягнуў яе ў Сілівонаву хату, дзе рабілі допыт.

Колькі ні білі, ні катавалі людзей, нічога ад іх не даведаліся. Сіпак асабліва стараўся, каб выпытаць што-небудзь ад старой Сілівоніхі. Яе некалькі разоў адлівалі вадой, калі яна страчвала прытомнасць. Сіпак спрабаваў угаворваць яе:

— Ну, добра! Не хочаш казаць пра сына, то не кажы... Але павінна ты ведаць, хто там яшчэ з імі паводзіцца?

Старая маўчала.

Сіпак, які дрыжаў і за сваю ўласную скуру, кідаўся ад грозьбаў да просьбы:

— Хрыстом богам прашу цябе, скажы! Іначай дрэнна табе будзе, дрэнна ўсім нам будзе.

— Ты за бога не хапайся! — ледзь прашаптала знясіленая, скатаваная старая.— Ніколі не было яго ў цябе за душой і няма. Вунь ён, твой бог,— ледзь улоўным рухам воч паказала яна на Вейса,— цалуй, ліжы яго боты, яны ў нашай крыві!

— Задушу, уласнымі рукамі задушу!

— Усіх не задушыш... Знойдзецца яшчэ рука і на тваю сабачую шыю, жываглот!

— А, ты яшчэ будзеш пагражаць мне! — І ў прыпадку бяссільнай ярасці кінуўся Сіпак на безабаронную жанчыну, біў, нявечыў падаткае і нерухомае цела старой. І калі схамянуўся, то заўважыў, што біў ён ужо нежывую.

Спацелы, крыху разгублены, ён нерашуча падышоў да Вейса.

— Здаецца, пан камендант, я забіў яе.

— Ну, добра, добра! Старайцеся! — адмахнуўся ад яго, як ад мухі, Вейс.

Сіпак нацягнуў на твар нешта падобнае на радасную ўсмешку, на ўдзячнасць, вочкі яго свіціліся такой адданасцю, такой гатоўнасцю кінуцца на кожнага, на каго толькі міргне пан высокі афіцэр, што верны сабе Вейс прыйшоў нават у захапленне, нешта хацеў сказаць Сіпаку, павярнуўся да яго. Але ў гэты момант на двары раздаўся рэзкі перастук матацыкла. Праз якую хвіліну ў хату зайшоў яфрэйтар з Вейсавай камендатуры, моўчкі падаў яму пакет. Пагардліва зірнуўшы на людзей, якія ляжалі ў кутку, збітыя, знявечаныя, Вейс паволі разарваў канверт, ленаватым жэстам дастаў паперу, стаў чытаць.

І тут усе заўважылі, як збялеў яго твар, сутаргава тарганулася шчака, пальцы моцна сціснулі паперу. Ні на кога не гледзячы, Вейс падаўся з хаты. У сенцах ён паспеў шапнуць на вуха Коху:

— На чыгунцы няшчасце... Канчайце хутчэй і паедзем!

Салдаты замітусіліся ля хаты. Шчыльна зачынілі сенцы, прыцягнулі аднекуль з двара старую дошку, падперлі дзверы. З грузавіка прынеслі каністру бензіну, аблілі ганак, вуглы хаты. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах, перакінуліся на страху. Сухая смольная будыніна занялася, як свечка, шугала такой гарачынёй, што салдаты падаліся на колькі крокаў назад. Праз шыбы зачыненага акна ўсе ўбачылі старога. Ён узняўся ўпоравень з акном, хапаўся пальцамі за раму, каб адчыніць яе. Кох, не спяшаючыся, дастаў рэвальвер, выстраліў. Пырснулі дробныя шклінкі. Больш не паказваўся стары ў прагале акна. Салдаты садзіліся на грузавікі. Вейс аддаў апошнія загады каменданту, зірнуў яшчэ раз на Сіпака:

— Старайцеся, будзе парадак!

Атрад Вейса спешна выехаў з вёскі. Ля палыхаўшай хаціны завіхаліся салдаты, гаспадарліва распараджаўся камендант. Сіпак стаяў на двары, гледзячы ў агонь, бяздумна сочачы, як віхрыліся над дахам слупы саламяных іскраў, як кружылі, ападалі на зямлю раі шэрых папялінак.

 

9

Аперацыю на чыгунцы партызаны з усіх груп бацькі Мірона задумалі даўно. Надакучыла займацца дробнымі справамі, руйнаваннем мастоў на прасёлках, на шашы. Тут ужо справа ішла часам, як па графіку. Але руйнаванне невялікіх мастоў не давала жаданых вынікаў. Іх хутка пачынялі, і рух на шашы не спыняўся. Галоўны рух, асабліва пасля таго, як быў адноўлены жалезны мост у горадзе, адбываўся на чыгунцы.

Ужо некалькі разоў Дубок наведаўся да чыгункі. Усё выбіраў зручнае месца, каб нанесці большую шкоду гітлераўцам. І вось поначы чалавек дзесяць падаліся з лесу да чыгункі. Дубок узяўся пусціць эшалон пад адхон без усякай узрыўчаткі.

Месца было выбрана самае зручнае. Чыгунка рабіла тут паварот направа, само закругленне ішло па высокім насыпе, пад ухіл, у канцы якога быў мост цераз лясную балацяную рачулку. За выключэннем моста, ніякай аховы не было яшчэ ў тыя часы, і падступіцца да чыгункі было параўнальна лёгка. Асцярожна працуючы, каб не рабіць залішняга бразгату, павыцягвалі жалезнымі лапамі кастылі з адной рэйкі, развінцілі і знялі замкі на стыках. З нецярплівасцю чакалі выхаду цягніка з горада. Баяліся, што першым пройдзе цягнік у горад. У такім выпадку крушэнне не дало б эфекту, бо, ідучы павольным ходам на гару, ён не паляцеў бы пад адхон.

...І вось урэшце пачулі сігналы адпраўкі цягніка са станцыі. Ён ішоў з горада. Адсунуўшы на некалькі сантыметраў убок канец рэйкі, усе падаліся з палатна ўніз і прытаіліся ў загадзя аблюбаваным месцы ў густым хваёвым парасніку. Ужо даляталі першыя гукі ішоўшага цягніка. Па тым, як перастуквалі колы на стыках, Дубок яшчэ загадзя вызначыў, што ідзе цяжка гружаны таварны. Хваляванне нарастала з кожнай хвілінай. Пачынала развіднівацца. Пашарэлі вяршыні дрэў. Але ўнізе яшчэ таіўся змрок. Клубіўся туман над лагчынай і ўзнімаўся купчастымі шатамі над рачулкай, над мостам.

І вось данёсся рэзкі гудок. Машыніст папярэджваў ахову моста. З-за павароткі паказаліся дзве бледныя ў ранішнім змроку кропкі ліхтароў, якія вырасталі ўсё болей і болей. Ужо злёгку дрыжала зямля. Доўгі цягнік вялі два паравозы.

Партызаны застылі і, як зачараваныя, прыкавалі свае позіркі да насыпу чыгункі. Усё бліжэй, бліжэй чорныя аграмадзіны паравозаў.

Аж здрыгануліся разам усе, калі, узняўшы горы пылу і ўзараўшы зямлю, паравозы з аглушальным грукатам кульнуліся пад адхон. Узвіхрыліся клубы пары і імгненна выраслі ў вялізнае белае воблака. У ім знікалі, мільгаючы адна за адной, доўгія платформы, гружаныя танкамі, артылерыяй, машынамі. Пачуўся рэзкі трэск дрэва, калі прамільгнулі некалькі класных і таварных вагонаў. Праз белае воблака пары прабіўся агонь і грывасты слуп чорнага дыму. Нешта ўзарвалася там. Хутка прыціхла ўсё. Толькі недалужна сіпелі паравозы ды патрэсквала полымя, якое буйна ўзнялося над кучай абломкаў.

— Пара і дахаты, хлопцы! — І Павел Дубок падаў каманду на адыход. Ледзь прыкметнай сцяжынкай падаліся ў глыб лесу.

 

10

Сілівон разам з сялянамі, якія былі на здачы сена, прыехаў з горада пад вечар. Яшчэ ўязджаючы ў вёску, ён заўважыў, што тут нешта адбылося. Суседзі, якія трапляліся на вуліцы, паводзілі сябе дзіўна. Коратка павітаўшыся, не распытвалі, як звычайна, што там робіцца ў горадзе, што там чуваць, а паварочвалі да сваіх двароў ці рабілі такі выгляд, што яны некуды спяшаюцца, і хуценька падаваліся далей. Некалькі жанчын з заплаканымі тварамі стаялі ля варот і, як толькі заўважылі Сілівона, падаліся ў хаты.

«Няйначай, здарылася што на вёсцы»,— падумаў Сілівон, і няясная трывога паціху падкралася ў сэрца, зашчымела сумнымі прадчуваннямі. Ужо на сярэдзіне вёскі яго спаткала цётка Аксіння, якая даводзілася яму далёкай сваячкай. Яна павіталася з ім, прыпыніла:

— Пастой, Сілівонка...

І ўсё не адважвалася гаварыць далей, глядзела на яго выцвілымі старэчымі вачыма, нібы ўглядалася, а ці перанясе чалавек новы цяжар, які наваліўся на яго. Глядзела, і буйныя слёзы пакаціліся з яе воч. Яна хуценька змахнула іх рогам хусцінкі.

— Не едзь туды, Сілівоне, не едзь, не трэба табе быць там...

— Што? Андрэй?

— Не, не... Андрэй не прыходзіў сёння.

— Дык што ж ты палохаеш толькі мяне? — сказаў Сілівон, адчуваючы, як упала, звалілася з сэрца, нібы цяжкі камень, непакойная думка аб сыне. Добра, калі ўсё ў парадку. Але чаго ж плача гэта жанчына? — Слёзы чаму ў цябе?

— Гэта я так, Сілівон... Жыццё, бачыш, пайшло такое, што не да радасці. Няма ў цябе хаты, Сілівон,— ціха сказала жанчына.— Я табе кажу — не едзь, бо няма табе куды ехаць.

— Што ты вярзеш, кабета?

І толькі тут зірнуў ён удоўж вуліцы. Вуліца як вуліца, нічым не змянілася яна. Па-ранейшаму стаяць калодзежныя жураўлі. Як заўсёды, шалахцяць лістотай кляны і ліпы ля хат.

Калі зірнуў у самы канец вёскі, сэрца захаладала. Адкуль бы ні ехаў ён раней, ці з поля, ці з лесу, заўсёды відны былі тры кучаравыя бярозы, якія раслі каля яго хаты. Сам садзіў іх у колішнія гады. Даўно тое было. За дзесяткі год выцягнуліся бярозы, раскінулі свае шатры аж на паўвуліцы, прыкрылі хату зялёнай засенню. Тонкае паніклае вецце звісала кучаравай навессю. Калі падзьме часам вецер, то здавалася, нібы журчыць, пераліваецца, як зялёныя струменьчыкі, гэтае вецце, з шэптам спадае да самага долу. Яшчэ тады садзіў іх, калі бегалі малымі па двары два сыны яго і дачка. Колькі радасці было ім ад тых бяроз, на якіх вяліся шпакі, ля якіх у майскія дні, як чмялі, гулі хрушчы. У летнія спякотныя дні ў зялёную засень забіраліся вераб’іныя чародкі. Прыляталі ў золкую восень снегіры і сініцы, а ў сонечны зімні дзень неўгамонныя вяртлявыя сарокі. Расла дачка, раслі сыны. Цягнуліся к небу кучаравыя бярозы. Няма ўжо дачкі на свеце. Нічога не чуваць і пра Ігната. І, як памяць аб іх, жылі, шапацелі бярозы.

Цяпер не стала і бяроз. Абгарэлае, абпаленае сучча нязграбна чарнела на вячэрнім блакіце неба.

— Пажар?

— Пажар... Фашысты спалілі...

— А старая дзе?

— Няма, Сілівон, няма! Забілі.

— За што?

— Не ведаю... Казалі, стараста нібы нешта наплёў, сам і браў яе з паліцаямі.

— А малое?

— Не хвалюйся. Васілька ў мяне.

Сілівон кінуў ёй лейцы на рукі, сам пайшоў далей па вуліцы. І здавалася яму, нібы ішоў ён сам не свой. Не адчуваў пад ацяжэўшымі і здранцвелымі нагамі зямлі. Не бачыў ні хат па баках, ні людзей, якія зрэдку трапляліся на вуліцы. І калі падышоў да абгарэлых бяроз, прытуліўся, каб устояць, да дрэва, глядзеў бяздумным позіркам на папялішча. Ад яго патыхала яшчэ гарачынёй. Ветрык варушыў попел на галавешках, і яны засвечваліся, успыхвалі чырвона-залацістымі блесткамі. Сям-там курыўся белы дымок. Бліжэйшыя да папялішча яблыні абгарэлі, абсыпаліся, і толькі падалей ад пажарышча ліст на дрэвах пачарнеў, скурчыўся. За патаптаным агародам сіратой выглядала на ўзмежку старое гумно.

Ужо цямнелася, як Сілівон пакінуў пажарышча і падаўся назад па вуліцы. Спыніўся на якую хвіліну ля дома, у якім жыў цяпер Сіпак. Вагаўся спачатку: зайсці, не зайсці. І ўсё думаў і шкадаваў, што няма нічога ў руках. Але ўсё ж пайшоў. На самым ганку яго спыніў паліцай, загарадзіў вінтоўкай дарогу.

Сілівон пайшоў назад. Заклапочаная Аксіння, якая зводдаля ўвесь час назірала за ім, спаткала яго на вуліцы.

— Годзе хадзіць, Сілівон. Нічым гэтай справы не паправіш. Ідзі ты лепей дахаты ды сунімі малога, ніяк не можа ён супакоіцца, усё кліча бабку, пытаецца, калі яна возьме яго да сябе ў хату... Ідзі, ідзі ды адпачні крыху.

Сілівон паслухмяна пайшоў. У хаце да яго кінуўся Васілька. Замурзаны, заплаканы тварык уткнуўся дзеду ў калені, сутаргава ўздрыгвалі худыя вострыя плечы.

— Дзе наша бабка?

— Прыйдзе наша бабка, вернецца. Ты пачакай толькі, пачакай!

— Як жа яна прыйдзе, калі гітлераўцы ўзялі яе?

— Ніхто яе не браў, яна ў лес пайшла па грыбы. Прынясе нам бабка баравікоў, прынясе ягад.

— А вы, дзеду, нічога не ведаеце, і цётка вось таксама нічога не ведае. А ў нашай хаце фашысты людзей забілі. Я чуў, так казалі. Можа, і бабку забілі...

Цётка Аксіння моўчкі плакала, адвярнуўшыся ад Сілівона, ад малога. Сілівон сурова прамовіў да яе:

— Ну хопіць ужо, хопіць.

І звярнуўся да ўнука:

— Ты кінь думаць аб тым, аб чым казалі. Ці мала чаго кажуць. Давай, я табе лепш раскажу казку.

— Не, не хачу я казкі, дзеду. А мы з табой, дзеду, давай лепш напішам пісьмо майму татку. Ён камандзір у чырвонаармейцаў. Дык мы напішам яму, няхай ён фашыстаў б’е. Усіх... І што бомбы на нас кідалі.

І мамку маю загубілі. Мне ж Піліпчык казаў. І бабку фашысты забілі. Яны і нас усіх заб’юць, калі не прыйдзе татка з чырвонаармейцамі. Дык напішам, дзеду, пісьмо яму. Аб усім напішам... А тады прыйдуць нашы... Тады мы...

Малы марыў і засынаў.

Сілівон слухаў яго, не варушыўся, каб даць малому заснуць. Потым асцярожна перанёс яго на ложак, ціха сказаў Аксінні:

— Бачыш, і дзеці аб усім ведаюць, ці ад іх схаваеш што. Ну, мне ісці пара...

— Як гэта ісці? Куды ісці? Хіба ў маёй хаце няма табе прытулку?

— Я не аб тым, кабета. Нязручна мне аставацца тут. Чапіцца будуць, сляпіцаю лезці ў вочы. А праз мяне можа выйсці і для цябе якая непрыемнасць.

— Яшчэ што надумаў, непрыемнасць. Якая можа быць непрыемнасць горшая за тую, якую ўжо маем мы з табой, Сілівоне?

— Ды яно так... Але ж лепш адысціся падалей ад граху.

— Куды ж ты пойдзеш, на ноч гледзячы?

— Пайду, Аксіння... Месца сабе знайду.

Не было вялікіх збораў у Сілівона. Як быў апрануты, так і ўстаў, і пайшоў з хаты. Развітаўся толькі, папрасіў гаспадыню:

— Ты хаця глядзі малога. Калі нагледжу якое месца зацішнае, вазьму яго.

 

 

11

Прайшоў які тыдзень. Ніякіх асаблівых навін не чуваць было ў вёсцы. Сіпак, які першыя дні пасля пажараў не паказваўся на вочы, зноў пачаў сноўдацца па вуліцы. Праўда, ён не выходзіў цяпер адзін. З ім заўсёды быў Сёмка Бугай, плячысты і рослы хлопец з тупым і вечна заспаным тварам, у засаленым, з чужога пляча, мундзіры, укачаным у саламяную пацяруху, у пер’е. Гэты паліцай, дзе б ні быў, якое б даручэнне ні выконваў, заўсёды жаваў што-небудзь і ўсюды сам шукаў, чым бы яму пажывіцца, не чакаючы, пакуль запросяць за стол.

Бугай быў наўздзіў паслухмяны і акуратны паліцай, дакладна выконваў любое даручэнне і страшны быў, калі яго сляпую звярыную сілу накіроўвалі на чалавека.

— Біць? — коратка пытаўся ён у такіх выпадках.

Бугая надаслаў Сіпаку сам Клопікаў. Ён выкапаў яго недзе сярод выпушчаных з турмы крымінальнікаў. Відаць, тыя і выбілі з Бугая апошнія рэшткі розуму, якога і раней не сказаць, каб было залішне. І асталася ў Бугая толькі мядзведжая сіла, ненатольная прага есці, а ў часы рэдкага прасвятлення ад санлівай панурасці — цьмянае жаданне нешта рабіць, некага біць, на некім спаганяць сваю сілу. Сіпак наблізіў да свае асобы Бугая пасля няўдалых спроб вывесці ў людзі, як ён казаў, свайго пляменніка Сідара Бабка. Нягледзячы на ўсякія аднекванні пляменніка, Сіпак рознымі пагрозамі прымусіў яго зрабіцца паліцаем. Але калі Сіпак загадаў яму аднаго разу пайсці і арыштаваць салдатку, якая адмовілася здаць карову на нямецкія пастаўкі, Бабок наадрэз адмовіўся:

— Каб апошнюю карову адбіраць, калі дзеці сядзяць галодныя, дзе гэта бачана?

Сіпак ледзь сцярпеў тут, каб не кінуцца на пляменніка з кулакамі.

— Ды я табе, няздатная твая галава, расстраляць яе загадаю!

— У забойцы я яшчэ ніколі не падаваўся.

— Ды ці ведаеш ты, вырадак нашага роду, перад кім стаіш? Ды я цябе ўраз магу нагой растаптаць, як казюрку, знішчыць, як блыху. Маё імя калісьці на ўсю акругу грымела. Мне ручку паціскаў станавы прыстаў. З земскім начальнікам знаёмства вадзілі. З самой паняй Плюшчыцкай чаі распівалі. Мы-ста... Мы-ста..

— Было, дзядзька, мыста ды стала чыста.

І нават далонь да рота паднёс, выпрастаў яе, дзьмухнуў.

— Вось што з таго мыста асталося.

Сіпак хацеў яшчэ нешта гаварыць. Але зневажальны жэст пляменніка абарваў усю яго красамоўнасць. Ён плюнуў ад злосці.

— І ў каго толькі гэты надаўбень пайшоў?

Злосна бразнуў дзвярамі і выйшаў на паветра, каб крыху суцішыць злосць і, шануючы здароўе, супакоіцца ад гэтых прыкрых размоў.

З таго часу ён ужо не даручаў пляменніку адказных спраў. Пасылалі Бабка збіраць па вёсках яйкі, курэй для гітлераўцаў. Даручалі яму канваіраваць падводы з прадуктамі, якія пасылаліся ў горад. І вельмі часта спасцігалі тыя падводы розныя здарэнні. Дзе-небудзь на паўдарозе выходзілі з лесу ўзброеныя, спынялі абоз, згружалі ўсё, што было на вазах. Павязаўшы падводчыкаў, ускідвалі іх на калёсы.

Паварочвалі коней на дарогу ў вёску. І колькі разоў ужо з'яўляўся Бабок назад без грузу і без вінтоўкі, моцна прывязаны вяроўкамі да воза. Здаралася, што прыязджаў ён і з добрымі сінякамі пад вокам, з ладнымі гузакамі на лбе ці на патыліцы. І калі вызвалялі яго ад вяровак, ледзь уставаў, накульгваў і рашуча заяўляў дзядзьку:

— Няхай яна згарыць такая служба, каб мне праз яе ўсе вантробы адбівалі!

Сіпак спрабаваў суцешыць:

— Нічога, нічога, ніякай службы не бывае без непрыемнасцей... Прывыкай.

— Добрая справа: прывыкай. А ў мяне ўсе печані адбілі.

І аднаго разу знік зусім Бабок. Падводы вярнуліся пустыя, і на запытанне Сіпака, а дзе падзеўся яго пляменнік, падводчыкі ў адзін голас заявілі:

— Няйначай, забілі партызаны. Ну так крычаў, так крычаў! Відаць, вельмі білі яго там у лесе...

У глыбіні душы варухнулася ў Сіпака нешта падобнае на крупінку жалю: што ні кажы, а ўсё ж свая кроў... І ці добра зрабіў ён, Сіпак, што прыспяшыў канец роднаму пляменніку, пасылаючы яго ў такія небяспечныя паездкі. Няхай бы ўжо лепш аціраўся тут, ля камендатуры. Але варухнулася недзе і другая думка: мо яно і добра, вельмі ўжо няскладна выходзіла ўсё ў пляменніка, ды і думкі ў яго былі, не дай ты бог. Даведаліся б немцы аб тых думках, не абышлі б яны тады сваімі клопатамі яго, Сіпакову, душу.

Пасля таго як знік Бабок, паліцаі не далічыліся на сваім складзе некалькіх скрынак патронаў. Аб усім гэтым не адважваліся сказаць Сіпаку, бо ён не вельмі патураў такім справам, і была цяжкая ў яго рука на расправы за непаладкі і правінкі. Прамаўчалі.

А ў той час, калі Сіпак так і гэтак думаў аб няўдалым лёсе пляменніка, Бабок жаласна скардзіўся былому старшыні калгаса Андрэю Лагуцьку. Гутарка ў іх адбылася ў лесе, куды з'явіўся Сідар Бабок.

— Не было ў мяне, Андрэй Сілівонавіч, такога ўгавору з вамі, каб кожнага разу з мяне духі вымаць.

— Якія там духі? Білі цябе заўсёды для прыліку, каб самога перад немцамі апраўдаць. Для відзімасці білі.

— Добрая відзімасць! Мне ад гэтай відзімасці ўваччу зацямненне заўсёды. Не паспее адзін сіняк пад вокам сысці, як мне хлопцы і другое вока падбіваюць... Гэта табе, кажуць, для раўнавагі і для лішняга аўтарытэту перад фашыстамі... Згары ён, такі аўтарытэт! Згары тыя фашысты! — Сідар з адчаем задзёр сарочку.— Вось зірніце на гэтую відзімасць.

Уся спіна і хударлявыя бакі Сідара былі сапраўды спаласаваны сінімі пісягамі і плямамі.

— Я сам дзіўлюся, як яшчэ мая душа трымаецца. Яны, вашы хлопцы, і на ўсякія ўгаворы забываюцца, калі б’юць, дык б’юць па шчырасці. А другі, яшчэ як увойдзе ў ролю, дык таго і глядзі, што і дух з цябе вон.

Андрэй Сілівонавіч пазіраў на збянтэжанага Сідара, пазіраў на хлопцаў, якія заходзіліся ад смеху, слухаючы Сідараву споведзь.

— Што ж ты хочаш, Бабок?

— А я нічога не хачу, Андрэй Сілівонавіч. А гэтую службу сваю я канчаю... Хопіць. Даволі. Не век мне ў дурнях хадзіць. Можа і Бабок хоча чалавекам быць. Не ўсё яму людзям на смех сябе выстаўляць... Панавыстаўляўся. Дахадзіўся. З мяне хопіць, даволі. Не хачу! Не буду!

І з вялікай злосцю кінуў Бабок на дол сваю паліцэйскую шапку, рашуча стаў здымаць парваны мундзір.

Андрэй Сілівонавіч запытаўся:

— А што думаеш рабіць, Бабок?

— Тое самае, што і ўсе. Я да вас хачу, Андрэй Сілівонавіч.

— Ці гэта ад крыўды ты, ці сур’ёзна наважыўся?

— Няма мне іншага пуця.

— А ці падумаў ты добра аб тым, што да нас не на забаўкі, не на вяселле прыходзяць? Цябе вось у свой час і з калгаса вытурылі, бо вельмі непуцёвы ты чалавек быў.

— Што было, то было, Андрэй Сілівонавіч. Чалавек не адразу да розуму прыходзіць.

Андрэй Сілівонавіч залічыў Бабка ў сваю групу.

 

12

Вечарэла. Пасля добрага абеду Сіпак драмаў на ложку. Усё думаў і гадаў, як, у які бок павернуцца яго асабістыя справы, у якіх ён быў крышачку расчараваны. На большае ён спадзяваўся. Ва ўсякім разе думаў ён, што немцы адразу вернуць яму ўсю яго зямлю. Гэтага, аднак, не здарылася. Вярнулі пакуль што яго хату ды некалькі гектараў зямлі. Праўда, абяцаюць, калі ён пастараецца, выразаць яму добры хутар. Але ж калі пастараецца. А старанням гэтым няма канца. І колькі ні старайся, ніколі не пазбавішся ад розных клопатаў. Яны, наадварот, яшчэ большаюць з кожным днём, ніколі ад іх не пазбавішся. Сёе-тое перапала на яго долю з гаспадарак людзей, якіх расстралялі фашысты. Не без яго дапамогі, канечне, расстралялі. Ды і тое, што перапала, самая што ні ёсць драбяза. За яе яшчэ непрыемнасці ад галоўнага каменданта. Ён, камендант, думае, калі заплаціў табе што, дык ты ўжо абавязаны ўвесь свет пад яго ногі паставіць. Але ж няма сілы саўладаць з гэтым светам.

Сіпак думаў і прыслухоўваўся да галасоў, якія даляталі з другой палавіны хаты, дзе размяшчаліся паліцаі. Зрэдку даносіўся адтуль бразгат пасуды, дзіліньканне шклянак.

— Ізноў п’юць, калі толькі ўжо насмокчуцца! Але няхай, без гэтага ў іхняй службе цяжка, цвярозы паліцай кепскі памочнік. А калі п’яны, ён тады і смелы, гатовы і на ражон паперці. Загадай яму, ён і роднага бацьку заб’е.

Паліцаі спрачаліся. Бязладна даводзілі адзін аднаму, хто з іх найспрытнейшы ды найхрабрэйшы.

Некага, відаць, ударылі. Нехта пакаціўся па падлозе. Па абрыўках слоў Сіпак здагадаўся, што паліцаі іграюць у ачко. Сіпаты голас ціха дудзеў нешта падобнае на манатонную песню:

 

І на печы вайна

І пад печкай вайна:

Камар муху б’ець па вуху,

Таракан крычыць ура.

 

Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець, і ад гэтага аднастайнага дудзення хіліла да сну. Але тут усхадзіліся карцёжнікі. Ці то не падзялілі банка, ці хто зжульнічаў з іх, і яны пачалі шалёную лаянку, спрэчкі.

Нехта кінуўся ўцякаць з хаты. Наўздагон паляцеў ці то зэдлік, ці што іншае. Дзвынкнула шкло ў акне, няйначай, хто высадзіў шыбку.

Сіпак устаў, адчыніў дзверы на другую палавіну.

— Ціха вы, рыштанцюгі! Няма на вас супакою.

— А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах.

— А дзе Сёмка?

— Бугай пайшоў боб латашыць.

— Ну і ненажэрнае стварэнне! Ніколі не наесца.

Сіпак выйшаў на ганак, каб крыху асвяжыцца пасля душнага паветра хаты. І тут заўважыў у вячэрнім змроку нейкую працэсію, якая набліжалася да вёскі. Ён крыху занепакоіўся: што за людзі маглі там быць? І хто ім даў права бадзяцца ў незаконны час ды яшчэ такім натоўпам. Але супакоіўся, калі ўбачыў, што нямецкі вартавы прапусціў каля сябе ўсіх тых людзей. Калона паволі рухалася па вуліцы і хутка параўнялася з яго хатай. Тут і прыпынілася. Сіпак разгледзеў, што гэта былі палонныя партызаны, чалавек сорак, пяцьдзесят. У некаторых з іх былі пазвязваны рукі вяроўкамі. Чалавек дзесяць паліцаяў з аўтаматамі і ручнымі кулямётамі канваіравалі групу палонных.

Адзін з паліцаяў, відаць, старэйшы, падышоў да ганка:

— Дзе тут стараста?

— Я стараста, я, Мацвей Сцяпанавіч, стала быць, Сіпак і ёсць стараста.

— Добра, калі Сіпак!

— А што ад мяне патрабуецца?

— Загад ёсць ад каменданта Вейса. Ён захапіў іх вось у палон і загадаў у горад даставіць. Але нельга, на ноч гледзячы, весці іх цяпер далей, праз лес.

Калі стараста пачуў пра Вейса, ён пачціва ўстаў, сышоў з ганка.

— Гэта вы правільна кажаце, што нельга! Што ад мяне патрабуецца?

— Трэба будынак, каб іх пратрымаць пад вартай.

— Гэта цяжэй. Быў у нас свіран, дык гэтыя, няйначай, ірады і спалілі. Хіба ў школьны хлеў? Але ў школе немцы.

— А вы ідзіце да каменданта ды патрабуйце! Скажыце, сам Вейс загадаў.

— Даваяваліся, бандыты! — П’яны паліцай ліп да палонных, замахваўся кулаком.

— А ну, адыдзі! — сурова папярэдзілі яго канваіры.— Не ты браў, не табе распраўляцца!

Хутка з’явіўся камендант з салдатамі і стараста. Старэйшы канваір прад’явіў дакументы, падпісаныя начальнікам паліцыі суседняга раёна. Калону пад узмоцненым канвоем завялі на школьны двор. З школьнага будынка высыпалі немцы, каб бліжэй паглядзець на палонных. Нават салдат, які стаяў ля кулямёта на школьным ганку, і той сышоў уніз.

Старэйшы канваір падаў каманду:

— Смірна! Палічыць людзей!

Ні стараста, ні камендант бадай што і не маглі прыпомніць усяго таго, што адбылося пасля гэтай каманды. Палонных як віхор узняў, і яны ў адзін момант акружылі з усіх бакоў школу. Немец-кулямётчык быў прашыты куляй. Некалькі гітлераўцаў, якія выпадкова асталіся ў школе, хапіліся за вінтоўкі, каб адстрэльвацца, але кінутыя ў адкрытыя вокны гранаты супакоілі іх. П’яныя паліцаі, якія стаялі ля варот, сыпанулі куды каторы, але трапныя кулі палонных — і адкуль толькі ўзялася ў іх зброя! — палажылі іх тут жа на вуліцы.

Камендант стаяў збянтэжаны, збялелы і ўсё сіліўся зразумець, што робіцца ў яго на вачах. Ці не прыкры сон усё гэта? І зусім дзіўнымі для яго былі паводзіны канваіраў: стаяць з аўтаматамі і рагочуць. Ён падаўся да іх з крыкам:

— Страляйце, страляйце хутчэй! Яны ж усіх паб’юць! — Не рукою, а ўсім сваім разгубленым тварам паказаў ён на палонных.

І адзін з канваіраў спакойна адказаў:

— А ты не спяшайся, камендант, мы і стрэлім, калі прыйдзе на тое твая хвіліна.

А другі загадаў:

— Здымай пісталецік, пан афіцэр. Ён табе цяпер без патрэбы.

Тут камендант абмяк, і буйныя каплі поту пакаціліся па збялелым твары. Ён зразумеў урэшце ўсё.

— Дакументы!

Дрыготкія пальцы хапатліва коўзаліся па гузіку кішэні, даставалі паперы.

— Не тыя! Дакументы камендатуры!

— Канцылярыя, канцылярыя, пан... партызан...

— Ну, вядзі ў канцылярыю!

Сіпак, які страціў голас, ссутуліўся, трымцеў, як у ліхаманцы, усё намагаўся схавацца за спіну каменданта. У яго мільганула недарэчная думка, як бы добра цяпер мышкай якой быць, падгуменніцай, слізнуў бы куды ў дзірачку, у шчылінку, прытаіўся, а яно б усё і прайшло і пракацілася, уся гэтая нечуваная навала. І калі павялі каменданта да школы, сабраўся Сіпак у камячок, зніціўся і бачком-бачком падаўся быў да школьнай дрывотні.

Але чыясьці рука, не сказаць, каб пачціва, узяла за каўнер, назад паставіла.

— Беспарадак робіш, Мацвей Сцяпанавіч, беспарадак. Справаздачы не зрабіў, а збіраешся наўцёкі.

На якую хвіліну вярнулася да Сіпака жывая думка. З перакошаным ад страху тварам, не трапляючы зубам на зуб, ён спытаўся:

— Скажыце, хто вы такія?

— Хто, хочаш ведаць? Але можна і сказаць: Савецкая ўлада мы... Тая самая ўлада, якую наважыўся ты рашаць.

— Ах божа мой, божа!

— Пабожкай, пабожкай, душа сабачая!

Ад гітлераўцаў і паліцаяў у вёсцы бадай што нікога і не асталося, акрамя хіба каменданта і Сіпака, з якіх здымалі цяпер допыт партызаны з спецыяльнай групы, якую паслаў дзядзька Мірон. Хлопцаў падабралі ўсё больш незнаёмых для сялян вёскі, каб ніхто не пазнаў іх, каб фашысты потым не дужа чапіліся да насельніцтва вёскі: напалі нейкія незнаёмыя, ну і ўсё тут.

Ад усяго гарнізона ўцалеў толькі Сёмка Бугай. Забраўшыся ў нечыя грады, ён спрытна латашыў боб і спелыя макаўкі, да якіх быў вялікі ласун. І хоць прызнаваўся часам Сёмка, што не вельмі хвацкі ён на здагадку і што ў галаве яго часам, як у пустым агародзе, ані рэпы, ні морквіны, усё ж, учуўшы страляніну ля школы, ён пакінуў боб і зашыўся, як вуж, у каноплі. Там і прасядзеў да позняй ночы. Бачыў, як павялі партызаны каменданта і Сіпака. Угледзеўшы сваё начальства, ледзь не выткнуўся з канапель, каб радасна крыкнуць ім:

— І я тут!

Але ў часе спахапіўся, прамаўчаў, натужліва думаў, зморшчыўшы лоб, зарослы з усіх бакоў густым валоссем. Аж у пот кінула Сёмку ад цяжкіх гэтых дум.

— Няйначай трэба ўцякаць. Справы, відаць па ўсім, кепскія.

І Сёмка паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску.

 

13

Раніцай на беразе ракі сабраліся амаль што ўсе з атрада бацькі Мірона. Чакалі яго. Але Швед, які ледзь узабраўся на кручу, паведаміў, што Мірона, магчыма, не будзе.

Каменданта і Сіпака прывялі на берагавую кручу. Далёка ўнізе вірліла, пенілася рака. Імклівыя струмені з глухім шумам навальваліся, падточвалі бераг, разыходзіліся пеністымі водаваротамі. Нібы з цяжкім уздыхам апаўзалі і знікалі пад вадой падмытыя скібы зямлі, пакідаючы за сабой кіпучыя бурбалкі. Рака шумела ў вірах, ярасна вырывалася з іх на прасцяг і, вольная, магутная, быстра імчала далей у ранішняй цішыні лясных узбярэжжаў.

Сіпак глядзеў, як зачараваны, на шпаркую плынь вады, на купчастыя дубы на тым беразе, на кучаравыя, у ззяючым срэбры, аблачынкі над лесам. Як хораша жыць пад гэтымі аблачынкамі! Хадзіць, рухацца, удыхаць пах сасновага бору. Прыслухоўвацца да зялёнага шолаху ды глядзець, як іграе ранішняе сонца на жывой вадзе, як цалуе яно бярозавы ліст, як гарыць яно золатам у духмяных поцеках смалы на гонкіх соснах.

— Жыць, толькі жыць!

Гэтая думка — усё, што асталося ад пражытых год, ад пройдзеных дарог і сцяжынак.

А насупраць іх двух стаяла некалькі чалавек з вінтоўкамі. Да свядомасці даходзілі асобныя словы:

— За здраду Радзіме... за страшныя злачынствы перад савецкім народам... асуджваецца на кару смерцю!

Апошняе слова ўспыхнула, як маланка. Сіпак зварухнуўся, упаў на калені, запоўзаў:

— Родненькія, злітуйцеся! Рэжце скуру на мне, толькі не забівайце! Не забівайце, не забівайце мяне... Жыць, жыць! Усё, што загадаеце, буду рабіць: ручкі лізаць, ножкі лізаць... Толькі не забівайце мяне, родненькія.

— Устань, сабака! Хоць смерці зірні ў вочы па-чалавечы! — прагучаў суровы голас Лагуцькі.

І тут пачуўся другі голас. Умяшаўся Дубок.

— Пачакайце, пачакайце!

— Чаго там чакаць? — узняліся нездаволеныя галасы.— Справа ясная, прысуд вынесены, толькі і ўсяго.

— Што ўсяго? А ці маем мы права страляць гэтую псяюху?

— Не маем, родненькі, не маем, даражэнькі! — заскуголіў Сіпак, адчуўшы нейкі пробліск надзеі ў пачутых словах.

— Ну вось, і падсудны гаворыць, што не маем права.

— Ды кінь ты дурня строіць.

— Справа не ў дурнях, а тут трэба разабрацца: за якія такія заслугі мы павінны на яго патроны псаваць? Служыў ён фашыстам? Ясная справа, служыў. Шчыра? Як пёс. Быў халуём? Быў. Шкада тады на яго кулю траціць. Не варты ён кулі.

— Не варты, галубок, родненькі, не варты.

— Вось бачыце, сам ён гаворыць: не варты... Фашыста мы вось расстраляем, дык ён хоць прысягу прымаў свайму фюрэру, а гэты, відаць, і без прысягі лізаў немцам боты.

— Шчырую праўду кажаце, галубок мой родненькі! Ніякай я прысягі не прымаў, дальбог не прымаў.

— Я ж і казаў вам! Чалавек яшчэ, можна сказаць, не аформіўся як след, а вы... расстраляць... Дык не прысягаў, кажаш?

— Ах, божа мой, не прысягаў, не прымаў прысягі...

— Дык прымеш, гад! — І ў голасе Дубка знікла ўсякае адценне жартлівасці.— А ну, ваяка, скідай штаны! Хутчэй, хутчэй! — закамандаваў ён каменданту.— Ды не шкадуй, цэлы будуць твае штаны, яшчэ цябе перажывуць.

— А ты,— скамандаваў ён Сіпаку, — прымай прысягу! Цалуй, гад, шчыра цалуй і гавары следам за мной...

— Ай, божачка, не магу.

— Што тут робіцца ў вас? Кірмаш ці што? — пачуўся суровы і спакойны голас. Людзі моўчкі расступіліся перад Міронам, які толькі што на чоўне прыбыў з таго берага. Некаторыя адказалі яму:

— Сіпак прысягу прымае.

Мірон зірнуў мелькам на гітлераўца, на Сіпака, адразу зразумеў усё. Загадаў:

— Сабаку ў вір! Гітлераўца, як загадана, расстраляць!

Дубок пачаў быў апраўдвацца:

— Ды яно, дзядзька Мірон, не пашкодзіць. Пачуўшы пра такую прысягу, любы стараста на той край свету ўцячэ!

— Яны і без гэтага на той свет паўцякаюць. Канчайце справу!

Людзі рушылі да Сіпака. Ён убачыў, што ў рэшце рэшт прыйшоў-такі яго немінучы канец. Не адважваючыся скочыць, ён спусціў ногі з кручы і, трымаючыся рукамі за чубкі травы, нерашуча пасунуўся ўніз на жываце. Чубкі травы вырваліся з карэннем. Сіпак саўгануўся па кручы і паляцеў потырч у вір. Камендант не стаў чакаць расстрэлу і, спадзеючыся, відаць, неяк выратавацца, кінуўся як дуж следам за Сіпаком. Хлопцы ўскінулі вінтоўкі.

— Адставіць! — спыніў іх Мірон.— Адтуль яму не ўцячы...

Толькі гайдануліся кругі на вадзе і пайшлі ўсё шырэй і шырэй аж да самага таго берага. І хутка зніклі, расплыліся. А рака пенілася, бурліла, ярасна вырываючыся з віроў на шырокія вольныя прасцягі.

Мірон улучыў хвіліну, ціха сказаў да ўсіх:

— Давайце ўмовімся назаўсёды: ніколі не ператварайце такіх спраў у забаўкі.

Дубок паспрабаваў быў пярэчыць:

— Ды яму, дзядзька Мірон, не падабраць такой кары на свеце, каб заплаціць за ўсё. Яго б рэзаць па кавалачках, ды ўласным мясам ягоным карміць бы яго, гада.

— Хіба фашысты мы?

— Вядома, не фашысты...

— А раз вядома, дык аб чым жа казаць? Ворага трэба знішчаць — знішчайце. Іначай ён вас знішчыць. Знішчайце і не забывайцеся, што вы людзі, савецкія людзі. Фашысты лютуюць ад слабасці свае, ад няўпэўненасці ў справе, якую распачалі. Яны чуюць скон свой, пагібель. А нам няма чаго баяцца. І сілы ў нас ёсць і праўда за намі. І кожны з нас ведае, за што мы стаім, за што ваюем. Нікога мы не збіраліся і не збіраемся нішчыць. Мы ніколі не збіраліся і не збіраемся адбіраць у другіх зямлю, дабро. Дык чаго ж нам траціць раўнавагу, разменьвацца на дробную помсту?

— Гэта правільна, дзядзька Мірон, але калі гэты гад людзей нашых паліць жыўцом, дык не магу я сцярпець, каб не даць яму лішняга разу поўху... А хіба лютасць мая ў тым, што я да прысягі яго хацеў прывесці?

— Ну, хопіць аб гэтым.

Не спяшаючыся, партызаны падаліся ад берага ракі ў глыб лесу.

 

14

Калі немцы падышлі да самага горада, настаў для Слімака неспакойны час. Дні з чатыры спрачаўся з жонкай, з дня на дзень адкладваючы ад’езд. Ужо і рэчы пагрузіў на воз і сёе-тое з набытку аддаў на прыхаванне надзейным людзям. Колькі разоў выганяў парсюка з хлява, каб без пары, без часу асвежаваць яго, але суровая гаспадыня праганяла парсюка ў хлеў, замыкала вароты і рашуча абвяшчала:

— Хочаш ты ехаць, едзь на скрут свае галавы. А мне ехаць няма чаго.

— Ды зразумей жа ты, што начальнік я.

— Не вельмі страшны ты начальнік для немцаў, дужа ім да цябе патрэба будзе?

— Я ж некалі кандыдатам у партыю быў... Табе ж вядома, як немцы да камуністаў ставяцца. Забіваюць іх...

— Які ты камуніст. Месяцы са тры, з чатыры ў кандыдатах прахадзіў і выгналі... Не вялікая мне карысць была з твайго кандыдацтва. Толькі спадзявалася дарэмна, што цябе ў вялікія начальнікі ў міліцыі абяруць. А ты як быў ёлупнем, так і астаўся.

Слімак вагаўся, думаў, употайкі згаджаўся з жончынымі довадамі. «І сапраўды, мае баба рацыю: нашто я, такое памяло, здаўся каму». Але жывёльны страх апаноўваў Слімакову душу, калі думаў ён аб магчымай расправе немцаў: «Дужа яны будуць разбірацца, які з мяне кандыдат быў».

Калі артылерыйская кананада загрымела пад самым горадам, набралася страху і Слімакова жонка, паддалася на ўгаворы, і яны выехалі з сваім возам на вуліцу. Даехалі амаль што да самай ракі, але на пераправу спазніліся. Немцы былі ўжо на беразе, насупраць узарванага моста.

У Слімака сэрца адлягло: няйначай, суджана так, не выпадае падавацца ў дарогу. Так яно, можа, і лепей. Вярнуўся ён назад да невялічкага доміка, дзе кватараваў. З яўным задавальненнем Слімак разгружаў воз, уносіў скрынкі, чамаданы ў дом, раскладаў рэчы на іх ранейшыя месцы.

...І вось сядзеў Слімак і не ведаў, што рабіць, за што ўчапіцца. Сядзеў і носа не паказваў з хаты. Усё баяўся. Тыдні ўжо са два прайшло, як заявіліся ў горадзе немцы. Да слуху Слімака даходзілі часам праз жонку страшэнныя чуткі: там расстралялі, там павесілі... І калі гэта прыгнятала яго і палохала, то Тамара Пацееўна, яго палавіна, ставілася да гэтых падзей даволі абыякава.

— Дарэмна не караюць. Парадак жа павінен быць нейкі.— І ўжо зусім весела дадавала:— Кажуць, пры немцах гандляваць можна. Некаторыя магазіны адчынілі. Вось гэта дык парадак!

Яна дзялілася сваімі думкамі, планамі: а ці не завесці ёй часам палатку на рынку, а можа чайную ці піўную адкрыць.

— Рабі ўжо, як знаеш.

Слімак хваляваўся, пакутаваў. І не столькі немцаў, колькі сваіх пабойваўся. Ведаў крыху, хаця і недакладна, што асталіся ў горадзе некаторыя назнарок, каб немцу шкодзіць. Вось даведаюцца пра яго, Слімака, што і ён астаўся ў горадзе, пачнуць яшчэ выклікаць на якую-небудзь справу. Ад адной думкі такой прабіраў мароз па скуры.

Але прайшоў яшчэ тыдзень, ніхто не крануў Слімака. А тут новы загад выпусцілі немцы: хто дзе ні служыў, быў ён у партыі ці не быў, не павінен баяцца, нічога яму за гэта не будзе, толькі трэба абавязкова зарэгістравацца і заняцца добрасумленнай працай. А таму, хто не зарэгіструецца, вельмі дрэнна будзе, яго і за бандыта могуць палічыць, за падпольнага камуніста. А кара такім самая суровая — пакаранне смерцю, расстрэл альбо шыбеніца.

Аж схуднеў Слімак. Усё вырашаў, як яму быць, як да новай улады паставіцца. Рэгістрацыя навісла цяжкай пагрозай. Раіўся з жонкай. Даведаўся ад яе, хто цяпер за начальніка ў горадзе, хто паліцыяй камандуе.

І калі дазнаўся, што начальнікам паліцыі Клопікаў, былы служачы утыльсыравіны,— «Вось хітрая барада, такім жа ціхоняй прыкідваўся, прыбядняўся!» — ад сэрца крыху адлягло. Усё ж свой чалавек. Некалі Слімак аказваў яму сякія-такія дробныя паслугі. Не павінен падвесці ў такім разе.

Падумаў, падумаў і, каб расквітацца разам з усімі сваімі страхамі, пайшоў у паліцыю, да Клопікава. Той прыняў яго ўважліва, нават на крэсла сесці запрасіў.

— Вось не думаў, не гадаў сустрэць вас, пан Слімак!

Слімаку як маслам на душу палілі. Не ўсё так страшна, як яму здавалася.

— А я думаў, што вы ўжо дзе-небудзь у Маскве ці за Масквой. Аказваецца, тут жывяце, і голасу ад вас не чуваць. Ці не партызанкай заняліся, пан Слімак, ці не знарок вас пакінулі тут?

— Што вы, што вы, Арэст Адамавіч! — Ідучы ў паліцыю, загадзя імя і па бацьку начальніка вывучыў.— Які з мяне партызан. І на былой сваёй службе, калі ў міліцыі орсам загадваў, ніколі і за наган не браўся. Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Закону заўсёды падпарадкуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыцца і выконваю.

— Гэта добра, пан Слімак! Пахвальна нават, скажу. Хто-хто, а вы павінны ў законе прыклад паказаць: вось быў камуністам і рэгіструюся!

— Кандыдатам, Арэст Адамавіч, кандыдатам, а камуністам ніколі не быў. І ў кандыдаты некалі па непаразуменню трапіў. З кандыдатаў жа, як вам вядома, я выйшаў даўно... Вось дакументы маю...

— Што кандыдат, што камуніст, гэта адна справа. І не выйшлі вы з кандыдатаў, а выгналі вас, пан Слімак. Тут розніцу трэба разумець. Хоць і беспарціец я, але гэтую справу во як разумею, вельмі нават проста! — І тут Клопікаў так сурова зірнуў на Слімака, што ў таго і духі заняло, аж з крэсла падняўся, збялеў.

— Сядайце, сядайце! Як-ніяк, мы крыху знаёмы, ізноў жа, можна сказаць, былыя саслужыўцы! Ну, я маленькім чалавечкам быў, а вы такую пасаду займалі некалі ў міліцыі.

— Што вы, які з мяне начальнік быў? Я толькі міліцэйскімі агародамі загадваў...

— А гэта не кажыце. Вядома, начальнік, пры поўнай форме... З наганам, можна сказаць...

— Божа мой, калі гэта было! Колькі год прайшло з таго часу... Колькі служб памяняў я. І ў ваенторгу быў, прагналі... На нафтабазе быў, вытурылі... З пару год як працую ў саматужна-прамысловай кааперацыі... Агентам па збыту, як вам вядома.

— Памятаю, памятаю. Не дужа любілі вас за лішнюю сквапнасць да капейкі... да чужой... Здзіўляўся, як гэта шанцавала вам выкручвацца пасля сякіх-такіх спраў. Памятаеце растрату на нафтабазе? Малайчына, аднак... Таму ў мяне і прыхільнасць пэўная ёсць да вас. Іначай бы я вас... вельмі нават проста-с...

Клопікаў не даказаў свае думкі, бо тут пазваніў тэлефон, і начальнік паліцыі, нешта выслухаўшы, загадаў у трубку:

— У адзіночку яго садзі!

У Слімака аж захаладзелі ногі. Клопікаў памаўчаў з хвіліну, аглядаючы Слімака, у якога яўна дрыжалі каленкі.

— Дзеці ёсць у вас?

— Грэшан, грэшан. Чацвёра, можна сказаць, бог прывёў. Ды і пятым можна будзе пахваліцца, калі там што якое.

— Гэта добра.

А чаму яно добра, не сказаў. Толькі, задумаўшыся крыху, запытаўся сур’ёзна.

— Што ж мы з вамі рабіць будзем?

— Я ўжо не ведаю, дальбог, не ведаю, Арэст Адамавіч! Гэта як ваша ласка будзе.

— Я на вашым месцы пайшоў бы да нас у паліцыю.

— Што вы, што вы! Яны заб’юць мяне адразу, нашы людзі...

— Так ужо і заб’юць. Не забіваюць жа вось мяне.

— Гэта справа іншая, пан начальнік.— Слімак перайшоў тут на афіцыйны тон.— Я адразу стаў бы, ну, як вам сказаць, нібы здраднікам.

— А я хто такі, па-вашаму? — не зусім ужо ветліва перапытаў Клопікаў.

У вас справа іншая, пан начальнік. Вы з Савецкай уладай былі як бы ў неладах. У вас як бы разыходжанні былі з ёй у палітыцы. Вы па закону супроць яе выступаеце. Вы маеце права на гэта, бо яна не зусім прызнавала вас і рабіла вам толькі адну шкоду. А я... у мяне зусім іншая справа... Убачаць такую маю службу і заб’юць. Не паглядзяць ні на гады мае, ні на дзетак маіх.

— Што могуць забіць, то могуць. Правільна кажаце, заб’юць і ніякай музыкі! Але вы памагчы мне павінны ў некаторых сур’ёзных справах, ніхто і ведаць не будзе.

— Памагчы я заўсёды памагу... Чаму не памагчы?

Хутка Клопікаў узброіўся сваёй кніжкай-рахункам. Усё запісваў, хто выехаў з горада і куды, што чуваць аб тым ці іншым чалавеку. Хто астаўся ў горадзе і на раёне, дзе, на яго думку, збіраюцца тыя, што не паехалі. Багата было розных пытанняў, і Клопікаў усё слініў і слініў агрызачак алоўка, старанна запаўняючы чыстыя старонкі свае кніжкі.

На некаторых прозвішчах спыняўся, перачытваў, папярэджваў:

— Вы мне павінны ўсё, як на споведзі, расказваць. Каб ніякай утайкі тут не было. Ведаеце, што за гэта бывае?

— Ведаю... Чаму мне не ведаць! Але верце мне, ад шчырага сэрца кажу вам: хіба ўсё я ведаю, яны мне аб усім не гаварылі.

— Добра! Веру! Нават бачу, што ніякай крутні ў вашых словах няма. А цяпер можаце ісці да сваіх дзяцей. Калі будзе якая патрэба, то паклічам. Вядома, паклічам.

З палёгкай уздыхнуў Слімак, калі пакінуў кабінет начальніка паліцыі.

Слімак ішоў па вуліцы, боязна азіраючыся на бакі, баючыся сустрэць каго з блізкіх знаёмых. Па самай сярэдзіне вуліцы, гучна пакрыкваючы на прахожых, група аўтаматчыкаў правяла некалькі чалавек.

Слімак апусціў вочы долу і ішоў, стараючыся не дакранацца нагамі да зямлі, намагаючыся ператварыцца ў непрыкметную кропку, ва ўласны цень.

Жонка, якая ніколі асабліва не хвалявалася, сустрэла яго спакойным запытаннем:

— Ну, як? Схадзіў?

— Схадзіў.

І, канечне, выведала, распытала. Сказала ў заключэнне:

— Ты гэта разумець павінен, што вялікую табе павагу аказваюць. Вунь каторых дык пастралялі даўно. А ты цяпер аддзякаваць павінен. Урэшце хоць за розум возьмешся! Можа, час твой прыйшоў, каб сапраўды якім начальнікам зрабіцца...

— Не кажы мне пра ўсякае там начальства.

— Блыха ты! Шчасця свайго не хочаш браць ва ўласныя рукі. Яго ў паліцыю запрашаюць, а ён яшчэ фанабэрыю разводзіць.

— Ды не фанабэрыю, зразумей ты. Баюся я... І за сябе баюся і за цябе баюся. Вось пачытай.

Ён даў жонцы нумар газеты, які атрымаў уласнаручна ад Клопікава.

— Вось пачытай, пачытай гэты «Новы шлях»! Каму, можа, гэта і новыя шляхі, а каму... катораму гэтыя шляхі бокам выходзяць. Вось чытай! — Усхваляваны Слімак тыцкаў пальцамі ў газетную старонку і падказваў жонцы, якая не вельмі была шыбкай у грамаце. Яны абое чыталі:

— «Чарговае зладзейства бандытаў. Гэтымі днямі на пасту свае службы трагічна загінуў стараста сяла ... паважаны спадар Сіпак Мацвей Сцяпанавіч. Нябожчык быў добрасумленным барацьбітом за новы парадак. Ён бясстрашна змагаўся за новы шлях, які адкрыў і надарыў нам найвышэйшы прозар у асобе вялікага фюрэра. Разам са старастам смерцю храбрых загінулі: камендант сяла, чыны мясцовай паліцыі і салдаты германскай арміі, а ўсяго дваццаць восем герояў».

— Вось бачыш?

— Ну і чорт іх бяры! Падумаеш, забілі. Трэба было каму — і забілі.

— Яны ўсюды дастануць, калі захочуць.

— Палахлівец ты, усяго баішся! І немцаў баішся, і паліцыя табе ў страхі. І тых ты баішся, хто паліцыі галовы скручвае. Баязлівец ты, і навошта я толькі галаву сваю звязала з такім недарэкам?

І доўга яшчэ ў Слімаковай хаце ішла нудная дыскусія паміж гаспадаром і вартай яго жонкай.

 

15

Калі Вера дазналася пры чарговай сустрэчы з Надзяй, што яна мае, відаць, некаторае дачыненне да ўсіх тых падзей, якія адбываюцца на раёне, па лясах і дарогах, яна кінулася на шыю таварышцы, горача цалавала яе і ледзь не расплакалася.

— Надзечка! Гэта сапраўднае жыццё, сапраўдныя людзі там, у вас.

І, задумаўшыся на якую хвіліну, пачала ўпрошваць Надзю з такой настойлівасцю, з такой нецярплівасцю, каб Надзя хутчэй памагла ёй выбавіцца з праклятага жыцця, з прыкрага павуціння, што Надзя ўспомніла скупыя Міронавы словы:

«З гэтай дзяўчынай варта мець сувязь. Яна з добрай сям’і... Але раю табе, зразумела: рабі ўсё вельмі асцярожна. Як-ніяк, а знаходзіцца яна ў самым логаве звера. Адным словам, лішняя асцярога ды лішняя праверка ніколі не пашкодзяць. Дасі ёй сякія-такія даручэнні ды парай ёй асцерагацца Коха, ён куды больш хітры і небяспечны, чым камендант».

А Вера ўсё прасіла:

— Я сама даўно падалася б куды вочы глядзяць. А куды пайду, калі нікога не ведаю ні ў горадзе, ні ў раёне. І што мне з мамай рабіць? Я не магу яе пакінуць так. Дык прашу цябе, вельмі прашу: выведзі ты нас з горада куды-небудзь у глухую вёску. Да партызан. Я гатова ўсё рабіць, што ні загадаюць, абы не быць болей тут!

Надзя слухала, прыглядалася да Веры, якая ў вячэрнім змроку здавалася зусім маленькай, бездапаможнай. І ў голасе яе было нешта зусім дзіцячае. Яна тулілася да Надзі, прыхіналася да яе і, зазіраючы ёй у вочы, усё прасіла:

— Родненькая мая, не пакідай мяне немцам на здзек!

Надзя асцярожна адхілілася ад яе.

— Зайшла я да цябе таму, што лічу цябе савецкім чалавекам. Іначай ты і не ўбачыла б мяне і не гаварыла б са мной. Ты ў партызаны хочаш? Гэта добра. Паспееш і ў партызаны трапіць. Памагу, абяцаю. Але партызан не абавязкова той, хто ходзіць недзе па лесе, па вёсках, лічыцца ў атрадзе. Хочаш, можаш быць партызанам і тут.

— Як гэта тут? У горадзе? — са шчырым здзіўленнем спыталася Вера.

— Так, у горадзе. Нават у камендатуры.

— Ну што ты гаворыш, Надзя? Ты проста смяешся з мяне, здзекуешся з майго гора.

— Бачыш, Вера,— і голас у дзяўчыны стаў суровы, сур’ёзны.— Не такі час, каб смешкамі займацца. Сама разумееш... І каб ты не сумнявалася і не здзіўлялася болей, я табе скажу ўсё шчыра і проста. Мы хочам, каб ты памагала нам. Разумееш? Не проста памагала, а памагала б, працуючы ў нямецкай камендатуры.

— Надзечка, родненькая, ды я заўсёды гатова! Каб мне што ў рукі, дык я знішчыла б іх усіх. Хочаш, я спалю камендатуру хоць заўтра?

— Не, гэтага якраз пакуль што не трэба. І забіваць табе таксама нікога не трэба. Нам другая патрэбна помач. Мы павінны ведаць аб усім. Нам патрэбны часам прапускі. Нам патрэбны паролі. Нам трэба ведаць пра іхнія планы. Багата чаго трэба. Часам я сустрэнуся з табой, калі трэба. Калі ты сапраўды хочаш быць партызанам, дык і скажы мне шчыра, ад усяго сэрца: можаш ты ўзяцца за гэтую справу?

Вера паднялася з ложка, на якім яны сядзелі. Павярнулася да Надзі, узяла за рукі яе, моцна паціснула іх.

— Згодна, Надзя! Клянуся, што зраблю ўсё, што загадаеш... Што загадаеце...— паправілася яна.

— Ну вось і добра, што дагаварыліся мы з табой.

— Я толькі хачу спытацца ў цябе аб адным. Турбуе мяне гэта, непакоіць. Ці магу я маці сваёй сказаць што-небудзь, яна ж так ненавідзіць маю працу.

— Бачыш, Вера, маці твая — савецкі чалавек. Яна павінна ведаць, што ты астаешся тым жа чалавекам, якім была і да вайны. Але гаварыць ёй аб усім не трэба. Скажы толькі ёй, што ты памагаеш партызанам... Ёй лягчэй будзе жыць. Інакш яна праз сваю нянавісць да немцаў можа часам набыць сабе непрыемнасці. І табе, зразумела. І не толькі табе...

Ужо змяркалася, і Надзя стала развітвацца, калі нехта моцна пастукаў у дзверы. Вера кінулася да дзвярэй, запыталася, хто там.

— Гэта Любка, ты ведаеш яе! — шэптам адказала Вера на маўклівае запытанне Надзі, якое было ў яе вачах.

— З ёй я не хацела б спатыкацца ў цябе на кватэры. Лепш перачакаю ў другім пакоі.

Вера ўпусціла Надзю ў бакавы пакойчык, сама адчыніла дзверы. У хату, як віхор, уварвалася дзяўчына, з самага парога засыпаючы безліччу слоў:

— І што за моду ўзяла замыкацца. Ніхто цябе тут не ўкрадзе. Ну, запальвай святло. А я думаю, дай забягу. Перад кім жа мне пахваліцца сваімі навінамі, як не перад табой?

Пры скупым святле лямпы Любка круцілася як апантаная перад люстрам. Урэшце, напяваючы нейкую песню, закружылася па пакойчыку не то ў вальсе, не то ў факстроце. І так жа раптам схамянулася і з самым сур’ёзным выглядам запыталася:

— Ну, як па-твойму? Пра сукенку я пытаюся. Гэта, разумееш, не сукенка, а цуд! Ён казаў, што прывезена з самага Парыжа. Разумееш, Па-а-ры-жа! Так і сказаў.

— Хто гэта такі?

— Ах, яна і не ведае. Ну хто можа быць, як не Кох? Самы сапраўдны Кох! Для каго ён можа быць і страшны... Ён усімі жандарамі камандуе, у самым гестапа працуе. А для мяне ён толькі Кох... Ах Кох, мой Кох, мой каханы хлопчык!

І ўжо зусім давяральна:

— Ён так мяне любіць, так любіць! Ну проста на руках носіць.

— А ты яго?

— Я? І што за пытанне? Вядома, таксама люблю... Гэта ж такі паслужлівы чалавек! І... прыгожы... І, ведаеш, з далікатнымі замежнымі манерамі. У духах, у адэкалоне разбіраецца, як ніхто другі. Ён мне кажа, што хутка яму за службу маёнтак дадуць, ужо нагледзеў адзін саўгас колішні. Дык казаў, што і мяне туды будзе браць, гулянкі спраўляць, вечарыны. На машыне будзем ездзіць туды. Я цябе запрашу тады да нас.

— Як гэта да нас? У яго ж, я чула, жонка ёсць, дзеці.

— Ат, што з таго! Ён мне казаў, што яна старэйшая за яго і такая непрыгожая і брыдкая, што ён яе не любіць.

— Любіць не любіць, але яна жонка яго.

— А якая мая справа да гэтага? Ён кажа, што развод возьме. Ён абяцаў мне з Парыжа панчох выпісаць, бо гэтыя,— тут Любка пагардліва правяла пальцамі па панчосе,— гэтыя нямецкай работы. Сам Кох казаў, што французскія куды прыгажэйшыя і трывалейшыя.

— Магчыма...— пагадзілася Вера і запыталася пра маці.

— А што ёй робіцца.— І ў голасе Любкі адчуваліся ноткі абыякавасці.— Жыве ў сваёй бальніцы. Маці, як і ўсе старыя, што ёй трэба асаблівага. Яна аджыла сваё... І свету добра не бачыла за сваю службу, ды і дзе там убачыш каля хворых. Мне так абрыдла бальніца, там нуда адна! Я хачу быць на віду ва ўсіх: вось яна Любка, вось яна дзяўчына, якая можа любому галаву закруціць! Каму захоча, таму і закруціць! А загаварылася ж я з табой. Ён мяне колькі хвілін ужо чакае! Дамовіўся са мной у кіно пайсці. Разумееш, замежныя карціны будзем глядзець! Ну, бывай... І што я табе скажу, ты гэтага Вейса ў рукі бяры, па-сапраўднаму! Чула, што вельмі ты ўжо незачэпа, сам Вейс крыўдуе на твой характар. Падумаеш, якая прынцэса знайшлася! З такім характарам далёка не заедзеш. Я на тваім бы месцы ў такую б работу яго пусціла, што з-пад яго толькі пыл бы курэў. Кожны дзень аддавала б па новаму загаду. Нічога, нідзе не дзеўся б, усё б выканаў, усё б дастаў, чаго толькі мая душа зажадала б! Ён жа камендант, усё можа. Ну, бывай, міленькая, спяшаюся, ай як спяшаюся! Да пабачэння! — І віхрам вырвалася з хаты.

— Чула? — спытала Вера, выпускаючы з баковачкі Надзю.

— Чула. Зусім звар’яцела дзеўка, усякі сорам страціла. Зломіць галаву, і рана зломіць. Сёе-тое выпытвай і ў яе... Яна шмат чаго можа і не ведаць, але ж часам і тое, што ведае, нам спатрэбіцца.

Вера паспрабавала пакінуць Надзю начаваць у сябе, бо з-за позняга часу тая магла і на патруль дзе натрапіць.

— Не, гэтага я не баюся, ды мне і блізка тут да знаёмых.

 

16

Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са старым дружбаком, наглядчыкам турмы.

Тут і заявіўся з нечаканым рапартам Бугай.

— Дазвольце далажыць, пан начальнік!

— Заўтра даложыш, калі там што па службе. Знайшоў час дакладваць! — нездаволена мармытнуў начальнік паліцыі, скоса пазіраючы на варожую пешку, якая яўна прабіралася ў дамкі.

Заўважыўшы, што Бугай нерашуча пераступае з нагі на нагу, запытаўся:

— Можа, пакет які даставіў, давай сюды!

— Ніякага пакета няма.

— Дык чаго ты?

— І Сіпака няма.

— Пра што гэта?

— І каменданта нашага няма.

— Што ты чаўпеш?

— І нямецкіх салдат няма.

— Вось язык у чалавека! Чаго там у цябе няма?

— І паліцыі няма.

— Ото ж ёлупень, даруй ты божа!

— Уцёк я, пан начальнік.

— Што, што?

— Уцёк, кажу... Дзякуй богу, уцёк.

— Бачыў ты яго, героя? — адвярнуўся ад шашак Клопікаў. І ўжо злуючыся,— перашкодзіў гэты ёлупень абдумаць контратаку на пагражаўшую пешку! — Клопікаў аж прыўзняўся з мяккага крэсла.

— Хто табе дазволіў уцякаць, дубовая твая галава? Я пасылаю падмогу вернаму чалавеку, а ён на табе, наўцёкі... Ды я з цябе, арыштант ты гэтакі, апошнія твае мазгі вытрасу!

— Гы-гы...— ухмыльнуўся на ўвесь рот Бугай.

— Ну вось і пагавары ты з ім па-чалавечы! Бугай, як ёсць бугай! Не галава, а рэшата. Па якому праву ад Сіпака ўцёк?

— Дык жа Сіпака няма.

— Як гэта няма?

— І каменданта няма.

— Ізноў за сваё! Вось даў госпад бог чалавеку галаву цялячую. Ростам звярына, а розуму з камарыны кукіш, вельмі нават проста... Ці не набраўся ты самагону дзе, што за добрае слова ніяк не ўчэпішся?

— Не піў, дальбог не піў, адзін толькі боб еў... Хлопцы не далі, самі пілі, іх і пабілі.

— Што, што ты сказаў?

— Партызаны іх усіх пабілі. А таксама і немцаў. І каменданта... І Сіпака... Усіх, усіх, як боб златашылі. А я ўцёк, дальбог жа ўцёкі

Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу сеў у крэсла, забыўся і на варожую пешку, і на свайго партнёра. Утаропіўшыся ў нейкую кропку на сцяне, прагаварыў ні да кога не зварочваючыся:

— Такі чалавек! Такі чалавек! Гэта толькі падумаць. Колькі едзена з ім ды папіта ў колішнія часы! Не чалавек, а дуб, арол. З гэтым чалавекам такія справы мы вытваралі, такія штукі выкідвалі, уся губерня грымела. Божа мой, божа, спамяні яго, супакой яго душу!

Клопікаў пачаў спяшаючыся апранацца. Трэба было як хутчэй далажыць начальніку аб усіх здарэннях.

Вейс сядзеў у сваім кабінеце, праглядаў газеты. Чытаў, часам моршчыўся і, адкінуўшы якую-небудзь газету, злосна пляваўся, уголас выказваючы свае думкі:

— Чортведама што пішуць. «Асваенне заваяваных тэрыторый ідзе нармальным парадкам. Удзячнае насельніцтва на спецыяльных сходах прымае прывітальныя тэлеграмы фюрэру, выказвае шчырую гатоўнасць памагчы ўсімі сваімі сіламі германскай арміі ў будаўніцтве новай Еўропы...» І як у каго рука не адваліцца, пішучы гэтую несусвеціцу! «Удзячнае»... За які тыдзень двух эшалонаў як не было, ляжаць вунь дагары коламі, прыбраць іх, скінуць куды ад людскога вока няма ніякай магчымасці. «Удзячнае»!.. Паспытаў бы гэты пісака на ўласнай спіне гэтую ўдзячнасць!

Перакладваючы газеты, часопісы, ён раптам застыў на які час, углядаючыся ў ніколі не бачаную ім яшчэ да гэтага часу газету. Гэта была зусім малюсенькая газета, на якіх дзве невялікіх старонкі. Як яна магла трапіць сюды, адкуль, хто яе выдаўцы? Каб выбухнула ў кабінеце бомба, граната, Вейс быў бы ўражаны менш, чым з’яўленне гэтай газеты.

З дапамогай салдата-перакладчыка, які дзяжурыў па начах, Вейс даведаўся і аб назве газеты і аб выдаўцах яе. Газета «Радзіма» была органам партызанскага атрада і падпольнага райкома камуністаў таго раёна, у якім Вейс нёс сваю адказную і клапатлівую службу. Газета заклікала не верыць гітлераўцам, камендантам і нямецкім падбрэхічам.

— Чытай, чытай хутчэй! — падганяў Вейс салдата.

— Я не магу чытаць, пан камендант, тут і пра вас.

— Чытай, загадваю!

— «Няхай не думаюць фашысцкія сабакі...» Тут нельга чытаць, тут вельмі няветліва,— узмаліўся салдат.

— Ты што? Размаўляць са мной?

— «Усе гэтыя дурні вейсы і кохі, што яны запалохаюць народ наш сваімі звярынымі забойствамі ні ў чым не вінаватых людзей. Мы на кожнае забойства савецкага чалавека адкажам так, што гэтым фашысцкім вылюдкам наша неба здасца з аўчынку. А што мы не кідаем словы на вецер, у гэтым яны добра пераканаліся ўжо самі. А калі не пераканаліся яшчэ, то мы абяцаем ім памагчы ў гэтай справе. Пераканаюцца не толькі яны, але і іх галоўны вар’ят Адольф Гітлер...»

— Маўчаць! Устаць! Як ты асмеліўся, нягоднік!

Салдат стаяў і трымцеў, баючыся глянуць у сінія льдзінкі-вочы. Але Вейс адышоў ужо, ціха скамандаваў салдату:

— Сядай! Пра што там пішуць яшчэ?

— Пішуць да сваіх, каб не верылі нямецкай... нямецкай...— салдат яўна замяшаўся.

— Ну?

— Тут напісана — брахні...

— У чым жа наша нямецкая брахня?

— Што мы нібы хвалімся заваяваць праз колькі тыдняў усю Расію, што мы гэтымі днямі забяром Маскву, што мы разграмілі асноўныя сілы савецкіх войск...

— Што яшчэ?

— Усё, пан штурмфюрэр.

— Хо!..— выціснуў з сябе Вейс. І яму і салдату цяжка было зразумець гэтае «хо». Вейс памаўчаў з хвіліну, потым раптам рассмяяўся, спачатку ціха, потым гучней, гучней. Смяяўся і запытваў сябе і тут жа даваў адказы.

— Хо... брахня? А дзе цяпер Кіеў? Смаленск? Нашы арміі ўваходзяць у Крым! Мы закупарылі пяць мільёнаў у Ленінградскім катле! Перад намі вароты Масквы! Хто сказаў, брахня?!

— Яны, пан штурмфюрэр! — пачціва ўстаў салдат і позіркам паказаў на газету, якую трымаў у руках.

— Я не цябе пытаюся. Садзіся... Вялікі бог даў сілу нямецкаму народу. Ён задаволены нямецкім народам. Брахня? Дай божа заўсёды мець такую брахню.

У гэты час і з’явіўся з дакладам Клопікаў, які канчаткова сапсаваў настрой свайму начальніку. Па разгубленым твары Клопікава ён зразумеў, што суцяшальнага ў яго, відаць, будзе мала, і прызвычаена запытаўся:

— Ізноў эшалон?

— Не, бог мілаваў на сённяшні дзень. Але, даруйце мне, ізноў гэтыя, выбачайце, партызаны нарабілі нам клопату. Забіты камендант, салдаты забіты, і стараста Сіпак і паліцаі... Усе забіты.

— Кім забіты?

— Няйначай партызанамі, пан камендант.

— Няйначай?

— Я думаю так, пан камендант.

— А што думаюць яны? Партызаны. Што яны думаюць аб усіх гэтых справах? Што яны думаюць аб вас, пан начальнік паліцыі?

Гэтае пытанне застала Клопікава знянацку. Ён натужна думаў, як бы спрытней адказаць начальніку, цёр спацелы лоб, камячыў шапку ў руках. Урэшце нерашуча прамовіў:

— Я думаю...

— Яны, яны што думаюць?

— Думаю, дрэнныя думкі ў іх аба мне...

— Не дрэнныя. Добрыя думкі ў іх. Такога начальніка паліцыі, думаюць яны, заўсёды б мець.

— Яны не любяць мяне, яны зжылі б мяне са свету, каб мелі сілу. Вось пачытайце, асмелюся папрасіць! — І ён выцягнуў лісток з кішэні, сам стаў чытаць, перхаючы, спатыкаючыся на кожным слове:

— ...Калі не задавішся, сабака... Гэта, выбачайце, пра мяне... То нам давядзецца самім апаганіць свае рукі аб тваю халуйскую скуру... Гэта пра маю, выбачайце, скуру! Для цябе прыпасена, гадзіна, добрая пятля...

Клопікаў усхліпнуў, расчуліўся:

— Гэта за маю стараннасць. За клопаты мае аб нямецкай нацыі. Пятлю! За крыўды ад вас. Колькі ні стараюся, колькі ворагаў вашых знішчыў, а ласкі няма мне, няма... Усё насмешкі адны, кпіны адны.

Зусім размяк Клопікаў. Тхарыныя вочкі слязіліся, выцягнуты востры тварык сутаргава ўсхліпваў, соп, рука штораз падносіла хустачку да носа, да рота.

Вейс не любіў сантыментаў. Ён грэбліва паморшчыўся, устаў, прайшоўся па пакоі.

— Я вам загадваю спыніць усё гэта. Мы салдаты. Павінны думаць, як знішчыць ворага. Вам вядома, урэшце, дзе знаходзяцца партызаны і колькі іх?

Клопікаў старанна выцер свой мокры тварык і ўжо глядзеў на Вейса тым чакальным і лагодным позіркам, якім глядзяць на гаспадара добрыя спраўныя сабакі.

— Як перад богам кажу, пан камендант, дакладна не ведаю... Дальбог не ведаю. Не мне брахаць.

«Брахня»,— прамільгнула ў камендантавых думках усё тое ж назольнае слова.

— А вы распытвалі, разведвалі? Ёсць у вас людзі такія, якія б змаглі даведацца аб усім, пралезці куды трэба, урэшце... прабрацца да партызан? Мы б ім аддзякавалі як след, заплацілі б добрыя грошы.

— Ёсць у мяне чалавечак адзін на прыкмеце. Трымаю яго на запас, а можа і спатрэбіцца ў якой справе. Амаль што камуніст ён... У міліцыі некалі служыў.

— Хо! Камуніст? Чаму ж вы мне не сказалі раней аб гэтым?

— Ды ён нядаўна з’явіўся. Сам прыйшоў у паліцыю. Праўда, у партыі, як аказалася, ён ніколі не быў, гэта толькі хваліўся мне некалі сваім кандыдацтвам. Ды і са службы яго прагналі не то за разлажэнне, не то за растрату — працаваў ён там па гаспадарчай частцы. Ну, казаў мне, што пацярпеў за праўду. Некалі і мне памагаў у цяжкія гадзіны. Відаць, сёе-тое павінен ведаць, і людзей ён знаць павінен.

— Цудоўна! Мы зараз з вамі і зоймемся ім! — І Вейс нават рукі пацёр ад вялікага задавальнення. У думках мільганула: хоць раз ды падкалупнуў гэтага ўжо завельмі саманадзейнага Коха, якому перападаюць апошнімі часамі ўсе пахвалы ад начальства. Зазнаўся трохі, з ім, з камендантам, не заўсёды лічыцца.

Праз якое паўгадзіны Клопікаў сваёй уласнай персонай даставіў да яго Слімака. Той быў бледны, напалоханы, зуб на зуб не трапляў.

— Камуніст? З міліцыі? — рэзка запытаў у яго камендант.

— Ой не, даруйце! Які з мяне камуніст? Некалі, праўда, у міліцыі служыў... Але ж выйшаў адтуль, пакінуў службу...

— Выгналі?

— Так, так, зволілі мяне...

— Вы ведаеце, што мы павінны зрабіць з вамі? Вы падлягаеце неадкладнаму расстрэлу, як вораг германскай імперыі.

— Ды я ні душой, ні целам не вінаваты.

— Даволі мне казкі расказваць! Бліжэй да справы. Даём вам заданне адно: на працягу якога тыдня дакладна разведаць, дзе знаходзяцца вашы партызаны, колькі іх, якая зброя ў іх. Усё, усё, усё разведаць і далажыць. Калі трэба — зрабіцца партызанам!

— Божа мой. Як я зраблю гэта?

— Вы павінны памятаць: не выканаеце задання, то дзяцей сваіх вам больш не ўбачыць... і жонкі не будзе. У гэтым вы можаце быць упэўнены. І самому... дрэнна будзе. Гатовы?

— Гатовы, пан камендант! — аж падскочыў на зэдліку Слімак, не адчуваючы, на якім свеце ён знаходзіцца, на тым ці на гэтым.

Ён дробненька тупаў за Клопікавым і ўжо хацеў развітацца з ім, але той загадаў:

— У турму пойдзем!

— Госпадзі, нашто ж турма?

— Эх, вы! Гляджу я на вас, дзіўлюся. Вы... Ды што вы, вы... Дурань ты ёсць, чысты нават дурань, вельмі нават проста! Ні рыба ні мяса. Калі пайшоў ужо на светлы наш шлях, дык нечага там азірацца. А ў турму цябе завяду, каб крыху ўпрыгожыць на дарогу, твар твой да парадку прывесці. Каб кожны, як зірне на цябе, адразу ў думку ўзяў: вось чалавека да чаго давялі, пакутнік, ад немцаў пацярпеў. Тут табе і паверкі больш. Зразумеў?

— Ах божа мой, божа! — толькі і выціснуў з сябе Слімак, адчуваючы, як захаладзелі пяткі.

Хутка Бугай, верны памочнік Клопікава, слухаў яго загад:

— Вазьмі ў работу, ды злёгку, Бугай, злёгку, але без фальшы. Глядзі толькі, мазгоў не пашкодзь, галава чалавеку патрэбна, каб думаць.

Хутка за дашчатай перагародкай узняўся такі лямант, што Клопікаў палічыў патрэбным умяшацца.

— Ты не вельмі ўжо, Бугай, не дужа старайся! — гучна сказаў ён.

Пакульгваючы, намацваючы адной рукой дзверы, а другой трымаючыся за разбітую шчаку і распухлы нос, бокам высунуўся Слімак.

— Ну вось, цяпер усё ў парадку: вобраз як вобраз! Ну, шчаслівай удачы!

 

17

Мяккім глыбокім снегам была зацярушана дарога. А ён усё ішоў і ішоў, нібы недзе там, угары, прарваліся вялізныя мяхі з пухам і не дачакаешся, калі ён высыплецца ўвесь. Адзервянелыя ногі паволі пасоўваліся ўзбоч дарогі, бо па самай дарозе было боязна ісці, ці мала розных людзей сноўдаецца цяпер поначы, не ў вялікую ахвоту сустрэцца з імі. Ды яшчэ хутчэй заўважыць цябе на дарозе якое злое вока. Зручней ісці цаліной, прыхоўваючыся за пухнатымі ад снегу кустамі, за кучомістымі елкамі. Слімак ішоў асцярожна, часам спыняўся, прыслухоўваўся.

Снег ужо не падаў, не кружыўся лагодна, а цэлымі прыгаршчамі кідаўся ў твар, забіраўся пад крысо старэнькага паліто, намагаўся прабіцца за каўнер. І тады Слімак убіраў галаву ў плечы, ці каб захаваць лішняе цяпло, ці ад страху перад гэтай дарогай, перад лесам, перад снежнай завеяй, якая пачала брацца ў самую сілу. Вецер, які мацнеў, прынёс аднекуль здалёк воўчае выццё. Аж страпянуўся Слімак, стаў. Толькі чуваць было, як гудуць пагрозна хваіны ды шархаціць сухая снежная пацяруха па разгалістых елках, сцелецца злой паземкай па зямлі, па сухіх папарацях і верасах. Прыслухаўся зноў і адчуў, як падымаецца шапка-лапавушка на галаве ды сэрца як не зойдзецца, не выскачыць з-пад дзіравай апранахі. Воўчае выццё ўзнялося з новай сілай і адразу ў некалькіх месцах, аж захаладала на спіне і аслабелі ногі.

— Назад! Як мага назад! Бегчы, наколькі хопіць сіл!

І стаяў, баючыся зварухнуцца, баючыся дыхнуць на поўныя грудзі. Адчуваў, як здранцвелі ногі і калаціліся калені. Слых напяўся так, што, здаецца, чуў, як сутыкаецца сняжынка са сняжынкай, як труцца адна аб адну яловыя лапкі. І раптам абмяк ад нечаканай радасці і да таго аслабеў, што прыхіліўся да хваіны. Недалёка, за павароткай дарогі, пачуліся людскія галасы.

Але якія людзі? І дзе тыя людзі, якія былі б прыхільнымі да яго, якія маглі б назваць яго сваім чалавекам?

Ачухаўшыся ад першай радасці, ён ушыўся ў калючы гушчарнік маладога ельніку, прытаіўся, насцеражыўся, прынікшы вокам да белай ад снегу прасветлінкі дарогі. Галасы паўтарыліся, наблізіліся. Вось відаць, як два чалавекі з аўтаматамі выйшлі з-за павароткі, агледзеліся, пастаялі. Адзін з іх падаўся назад, і Слімак чуў яго прыглушаны ветрам голас:

— Мо-о-жна!

Што там такое можна, так і не зразумеў Слімак, але хутка ўбачыў цэлую групу людзей, якія выйшлі з-за павароткі. Іх было не багата, чалавек мо дванаццаць, пятнаццаць — некалі было лічыць Слімаку. Ён сіліўся ўслухацца ў галасы, у асобныя словы, угледзецца ў твары, якія траплялі часам у лапінкі скупога месячнага святла, што зрэдку прабівалася праз вяршаліны дрэў. Але святла было так мала, яго сляпіла снежная замець, ды праз якую хвіліну хаваўся і месяц, ныраючы ў хуткія-хуткія хмаркі, якія ператваралі ўсё — і ўгары і ўнізе — у адну суцэльную снежную мгу.

Слімак заўважыў толькі, што людзі цягнулі за сабой некалькі санак, нечым гружаных і, відаць, цяжкім, бо цягнулі іх па два, па тры чалавекі. Людзі няйначай былі вельмі стомленыя. Ён пачуў, як нехта з іх скамандаваў:

— Падцягніся, браткі, падцягніся! Асталося ўжо недалёчка, там і адпачнём!

— Няйначай партызаны! — мільганула думка, і Слімак наважыўся быў выбрацца з яловага гушчарніку, каб падацца да людзей — не з ваўкамі ж яму ноч каратаць у лесе. Падумаў і спацеў ад гэтай думкі. Што ён скажа гэтым людзям? Як ён у вочы ім гляне? Крый божа, калі сярод іх спаткаюцца яшчэ і знаёмыя. А гэта можа быць.

І колькі ні рыхтаваўся Слімак за апошні дзень, колькі ні рыхтавалі яго там, і ў камендатуры і ў турме, у яго не было яшчэ дакладнага плана, як ён выканае ўсё даручэнне, з чаго пачне. Адно, што ён цвёрда наважыў: трэба прайсці па лясных вёсках. Яны недзе тут, па лясах, партызаны.

І пакуль думаў ён і вагаўся, сціхлі ўсе галасы на дарозе, людзі зніклі за снежнай замеццю, і сляды іх занесла на дарозе. Выбіваючыся з сіл, Слімак паклыпаў далей, захінаючы твар ад жорсткага ветру і калючага снегу.

Каб пайшоў ён назад за купкай людзей, то пабачыў бы, як яны неўзабаве спыніліся, аб нечым параіліся крыху, і той чалавек, што гаварыў раней: «Падцягніся, падцягніся!» — амаль шэптам прамовіў да ўсіх: «Глядзіце ж, браткі, у горад кучаю не з’яўляйцеся. Па адным. Так будзе лепей. А наконт таго, калі запытаюць, дзе быў, адказ для ўсіх ясны: хварэў... баяўся... у адпачынку быў, пражыў у сваякоў...»

— Гэта ты правільна, Канстанцін Сяргеевіч, як-небудзь ды падкоцімся пад самы што ні ёсць семафор!

— Не як-небудзь, а як было ўмоўлена: непрыкметна, незаўважна...

— Ды ўжо ж, Канстанцін Сяргеевіч, пастараемся...

 

18

Астап таксама бачыў людзей у лесе. Ён і прасачыў колькі часу за імі. Бачыў, як падзяліліся на групы. Каб падысці да іх, запытацца — не пасмеў, ці мала якія людзі бадзяюцца ў гэтыя дні па лесе, не кожнага і зачэпіш. А зачэпіш, не абярэшся часам і ліха. Ён чуў і галасы. І адзін з іх здаўся яму такі знаёмы, такі блізкі, што ён аж шапку зняў і пачухаў патыліцу. Вялікая была спакуса выйсці з свайго сховішча, падысці ды сказаць: «Здароў, братка, рад цябе бачыць! Адкуль ды як?» Але ў пару спахапіўся: а можа, яно ўсё гэта і здалося? Ды і ў голасе можна ашукацца ў такую завіруху, калі, глядзі ты, як дзьме, усю дарогу заносіць.

Калі пабачыўся з Міронам і далажыў яму, што просьбу яго ён выканаў, дзяцей яго праведаў, што яны жывы і здаровы і што ніякай небяспекі ў той глухой вёсцы для іх няма, ён падзяліўся думкамі і пра людзей, што бачыў поначы.

Успомніў пра голас, які здаўся знаёмы.

— Ну, ведаеш, выліты ён. Я ж яго, гэтага чалавека, і не бачачы, па адным голасе пазнаю.

Мірон падумаў з якую хвіліну.

— Не, не можа быць. Колькі часу прайшло! Ды з якой прычыны быць яму тут? Гэта табе здалося.

— Усё можа быць... Пажывём — пабачым.

 

19

У хаце панавала цішыня.

Чуваць было толькі лёгкае дыханне дзіцяці. Часам пачынала жудасна гудзець у коміне... Зырка гарэлі ў печы смалістыя дровы, пастрэльвалі іскрамі, разганяючы па сценах трапяткія цені.

— Спіць? — запытала дзяўчына.

— Утаймаваўся... Штодня ўсё дапытваецца, дзе бацька. Пра маці ўжо не пытае. Ад людзей дачуўся, што маці яму больш не дачакацца. Гляджу я на яго, і сэрца заходзіцца — дзе гэта было, каб такому малому ды столькі перажыць за кароткі свой век. Гэта ж і даросламу не пацягнуць. Як прыйшлі гэтыя вылюдкі ды пачаўся глум над людзьмі, дык у мяне сэрца як абарвалася. І слёзы выплакалі і сэрцы высушылі. Як жа цяпер жыць!

— Будзем жыць, цётка Аксіння... Сэрцаў нашых ніхто не высушыць. Адно цяпер у думках у нас, адно і на сэрцы: як нам выстаяць, як вызваліць і сябе і зямлю нашу ад паганых. Гэтым толькі і дыхаюць нашы людзі, аб гэтым увесь наш клопат...

— Верна ты гаворыш, Надзя!

Уздыхнула, непрыкметна правяла далонямі па твары, нібы зганяючы з яго дрымоту.

Кідаўся вецер у шыбы, жорстка шархацеў па шклу сухім снегам. Прыслухоўваецца Аксіння да начных гукаў. Мігацелі па сценах, па вокнах, пераліваліся залацістыя блікі святла ад печы. Роіліся думкі аб пражытым, аб сённяшнім. Мільгане каторая, і на сэрцы як бы пацяплее, і нешта падобнае на цень усмешкі зварухне маршчакі на твары, зацепліцца радасным агеньчыкам у вачах. Але толькі на міг. Ізноў суровее твар, ізноў садніць на сэрцы, і зябка становіцца на душы. Не сказаць, каб жыццё песціла Аксінню. Толькі выйшла замуж, як яе каханага пагналі на германскую вайну. Вярнуўся з вайны, тут бы і зажыць у радасці. Ды вярнуўся ён хворым, атруцілі немцы газамі. Зусім аслабеў. А тут рэвалюцыя прыйшла. Такі разварот пачаўся, жыць бы ды жыць! Каторыя лес вазілі на зрубы, новыя хаты ставілі. А ў мужа толькі адзін клопат — па камітэтах хадзіць, па сходах ды па розных з’ездах. Вельмі ўжо дбаў аб справядлівасці і ўсё Савецкую ўладу па вёсках ставіў. Гарачы быў, клапатлівы, ужо ў тыя гады ў бальшавіках хадзіў. Не вельмі бярог сваё здароўе, зусім запусціў хваробу. А хутка і зусім занямог. І, адчуўшы, што ўжо нядоўга яму цешыцца на гэтым свеце, сказаў ёй:

— Ты, Аксіння, не вельмі заглядайся на гэтыя зрубы-хаты. Мы такі з табой дом пабудуем, што будзе сонца ў кожным акне, ды ад таго сонца перавядзецца ўся кулацкая парода. Вялікі мор на іх прыйдзе, немінучы.

І ўжо цішэй, нібы з просьбай да яе:

— Аб адным прашу: трымайся бальшавікоў. Яны цябе не дадуць у крыўду. Ды за бальшавічком маім прыглядвай, вучы яго.

А «бальшавічку» ішоў тады ўсяго другі год.

Неўзабаве давялося Аксінні перайсці на ўдовін хлеб. Было гэта ў самым пачатку дваццатых гадоў. Чаго толькі не пабачыла Аксіння ў тыя гады. Хапала і гора. Паглуміліся над ёй у свой час і кулакі. Пасміхаліся, дражніліся: «Дзе ж твой дом, што з сонцам у кожным акне? Нешта не вельмі свеціць тваё сонца!» Маўчала, сціснуўшы зубы, а калі ўжо скажа, дык такое, што сіпелі ад злосці, пагражалі:

— Глядзі, баба, мы табе пакажам камунію!

Не з пуглівых была яна.

— Рукі ў вас кароткія... А трэба будзе — яшчэ ўкароцім...

І словы яе збыліся. Укарацілі.

А сонца, аб якім марыў калісьці муж, набірала ўсё болей і болей сілы. І ўсё бруднае, усё чорнае, што цягнулася ад старых дзён што перашкаджала людзям, паступова адыходзіла, знікала. Вучыўся Коля, слесарам стаў, падаўся далей у навуку. Вывучыўся на інжынера, праходзіў практыку на чыгунцы. Адно, чым нездаволена была Аксіння: не адолела ў свой час граматы. Часам, выслухаўшы выступленне маці на калгасным сходзе, гаварыў Коля:

— Вам бы, маці, вялікімі справамі кіраваць, дзяржаўнымі справамі...

— А што ты думаеш, сынок! Цяперашнім часам нашаму чалавеку паўсюды ход. Але не ў мае ўжо гады, ды не з маёй навукай. Вам, маладым, усе дарогі паадкрываны. Так яно і павінна быць...

Цётка Аксіння думае аб сыне, прыгадвае, дзе цяпер, што з ім. Ужо колькі месяцаў, як не бачыла яго. Як пачалася вайна, так і падаўся туды, на ўсход, разам з арміяй. Вядома, лепш, што ён там: не бачыць погані гэтай, чорнай зграі, што нявечыць людское жыццё. Чым ён жыве цяпер, аб чым яго клопат? Відаць, усяго нацярпеўся. Вайна не мілуе людзей, нікога яна не аблашчыць. Можа, у акопах дзе-небудзь, на холадзе ў такую завіруху. Аксіння сіліцца ўявіць яго твар, вочы, усмешку. І пытаецца Надзю, якая прыцішылася, углядаючыся ў зыркае полымя ў печы:

— Ці думаеш ты хаця аб ім?

Надзя страпянулася. Памаўчала з хвіліну, нібы сабірала да ладу думкі. Потым устала, падышла ўсхваляваная да гэтай простай і заўсёды крыху суровай жанчыны, парыўчата абняла яе, прыхілілася і сказала ціха-ціха:

— Як жа мне не думаць? Думаю, Аксіння Захараўна, думаю, не забываю...

Аксіння расчулілася. Яна правяла шурпатай, натруджанай далонню па яе шчацэ, некалькі доўгіх хвілін глядзела ў яе цёмныя пры агні, задумлівыя вочы.

— Вер мне, Надзюша, дачка мая, перажывём мы ўсё гэта. І ўспамінаць будзем, як страшны сон... Аднак і класціся нам пара, позна ўжо!

І толькі яны адышліся ад печкі, як пачуўся ціхі стук у акно. Стук паўтарыўся.

— Хто б гэта мог у такі позні час? Давай паглядзім, хто там за акном!

Цяжка было разгледзець што ў непрагляднай цемрыні ночы. Але вось да слуха абедзвюх данёсся голас:

— Адчыніце, гэта я!

У цёткі Аксінні затрэсліся рукі. Аслаблым ад хвалявання голасам запыталася:

— Хто гэта?

— Хутчэй адкрывай, маці!

Аксіння кінулася да дзвярэй. У паўзмроку ніяк не намацвалася засаўка, рукі бяспомачна соўдаліся па халодных дошках дзвярэй.

— Родненькая, дапамажы! Хутчэй, хутчэй!

Яны ўдзвюх выйшлі ў сенцы, замінаючы адна другой, хапаючыся, знялі дзвярны запор, адступілі назад. І калі пераступілі парог хаты, Аксіння кінулася да сына, абняла яго. Здавалася, ніякія сілы не змаглі б адарваць яе цяпер ад сына. Яна ўзіралася ў вочы яго і ўсё гаварыла, гаварыла:

— Прыйшоў, сынок мой! Вось і добра, так жа добра... Я... мы... так чакалі цябе, сумавалі... Божа мой, божа...

І спахапіўшыся, да Надзі:

— Якая ж я, аднак, нездагадлівая! Яны ж яшчэ і не паздароўкаліся па-людску. Гэта Надзя праведала мяне, старую, не забываецца на мяне, дай ёй божа шчасця...

Вялікая неабдымная радасць паланіла сэрца дзяўчыны. Хацелася ж так багата сказаць яму, роднаму, жаданаму, а патрэбнае слова не прыходзіла, ды і здавалася, што лішняе слова толькі парушыць бязмежную радасць сустрэчы. І прыхіліўшыся да яго, адчуваючы, як б’ецца яго сэрца, Надзя толькі і змагла сказаць:

— Як добра, Коля, калі ты зноў з намі...

Аксіння ж тупала па хаце, расчуленая, крыху разгубленая ад нечаканай сустрэчы. Усё ніяк не магла сабрацца з думкамі, якія нахлынулі цэлым роем. Адно цяпер самае галоўнае: накарміць сына, абагрэць пасля дальняй дарогі. Не адразу ж кідацца ў роспыты: адкуль, ды куды, ды што будзе... І вось сядзіць старая за сталом, не ведае, як лепш участаваць сына.

— Еш, сынок, еш. А ты, Надзя, чаго глядзіш, дапамагай жа яму! Удвух жа і за сталом весялей сядзець...

Усміхнуўся Мікола, запытаўся жартам:

— Як жа вы жывеце тут, як з немцам мірыцеся?

— Не кажы, сынок, не кажы... Які тут мір? Дзякаваць яшчэ, што ў жывых засталіся... Покуль што жывём. А што далей будзе, хто ведае? Куды ні ступіш, куды ні глянеш — сэрца аж заходзіцца, крывёй абліваецца. Крывёй, сынок, крывёй... Колькі нашай крыві цяпер праліваецца... Бачыш? — кіўком галавы паказала яму на ложак, дзе спала дзіця.

Яна расказала сумную гісторыю Васількі, паведала аб смерці Сілівоніхі, аб гібелі другіх. Гэта ж усё з адной вёскі, блізкія, сваякі...

Змяніўся тварам Мікола. Паволі ўстаў за сталом.

— Ну, дай, маці, руку! — І як некалі ў маленстве пацалаваў яе шурпатую, натруджаную руку.

Толькі цяпер, аблашчыўшы сына, наважылася запытацца аб самым галоўным, што трывожыла яе сэрца.

— Дык, можа, скажаш цяпер, адкуль жа прыйшоў?

— Здалёку, маці, здалёку. Ты ж ведаеш, адкуль...

— Як жа там жывуць нашы людзі?

— Жывуць, маці! Жывуць і немцаў б’юць. Б’юць, а будуць біць яшчэ мацней...

— Як рада я чуць гэта... Даруй мне, сынок, яшчэ адно пытанне да цябе, ну, самае апошняе... З чым жа ты да нас? Відаць жа, па нейкай важнай справе? У партызаны?

— Пасля, маці, пасля...— хуценька праказаў ён.

Тут Аксіння зірнула на Надзю, сказала шэптам:

— Пры ёй можаш, сынок, казаць усё...

— Ты не так зразумела мяне, маці. Аб усім я пасля скажу. І табе і Надзі. Якія ж сакрэты ў мяне могуць быць ад вас?

— Мы, сынок, не будзем у крыўдзе, калі ў цябе і сакрэты ёсць... Не маленькія, разумеем: не аб усім жа нам і ведаць трэба.

— Потым, маці... Даруй мяне, але я так здарожыўся, што нічога і ў голаў не ідзе, вось бы толькі заснуць...

— Родны ты мой! Загаварылі мы цябе. Зараз жа пасцялю табе, ты і адпачнеш як след.

Хутка ў хаце ўсталявалася цішыня. Непакойныя думкі адганялі сон. «Відаць, не ўсё сказаў...» Мацярынскім пачуццём угадвала Аксіння пэўную стрыманасць сына, замкнёнасць. Спрабавала апраўдваць: у іх жа свае справы, вялікія справы. Хіба можа ён расказаць аб усім нават і роднай маці.

А сэрца пратэставала: як жа так, гэта ж маё дзіця, карміла яго, выпеставала, узгадавала... Яна варочалася на ложку, сілячыся адагнаць непакойныя думкі, заснуць. Прыслухоўвалася да завывання ветру ў коміне, да замеці, якая шалёна накідвалася на старыя сцены хаты. Думала: «Боязна чалавеку, які ідзе цяпер дзе-небудзь па дарозе, у лесе... Страшныя цяпер дарогі! Страшныя...»

Раніцай, калі Надзя развіталася і пайшла дахаты, Мікола сказаў маці:

— Крыху прайдуся па справах...

— Куды ж ты пойдзеш? — прызвычаена спыталася і тут жа папракнула сябе: «Відаць жа, не варта пытацца аб гэтым».

Але сын адказаў проста:

— На станцыю пайду, дэпо праведаю.

— Што ж, ідзі, сынок, справы — заўсёды справы.

Але тут жа схамянулася:

— Як жа ты пойдзеш? Там жа немцы, яны і забраць цябе могуць, яны ж ворагі...

— На старую працу пайду, у дэпо. І Заслонаў там...

— Гэта выходзіць: на немца працаваць?

— Не, маці... Не на іх... Я буду працаваць, каб лепш было і мне, і табе, і ўсім нам...

Яна як бы асунулася, абмякла. Пабялелымі вуснамі ледзь прашаптала:

— Я старая ўжо, каб нада мной кепікі строіць...

Мікола абняў яе за плечы.

— Я сын твой! Якім быў, такі і ёсць, маці...

Яна мякка адвяла яго рукі.

— Не трэба...

— Я разумею цябе, маці. Але зразумей: нічога болей да пары, да часу я не магу табе сказаць. Аб адным прашу: што б ты ні пачула аба мне, ведай: сын твой застаецца тым, якім ён быў і раней. Так і табе будзе лягчэй, і мне... Ні аб чым больш не пытайся... Ну, бывай...

Ён узяў руку маці, пацалаваў. Пастаяў яшчэ з якую хвіліну і рашуча падаўся да дзвярэй, і калі ўжо апынуўся за дзвярыма,— чуваць было, як ішоў па двары,— яна страпянулася, устала, ірванулася да дзвярэй, але тут жа спынілася, дала волю слязам.

У хату забег Васілька, вясёлы, разрумянены.

— Вы мне зробіце саначкі, такія, як у другіх, каб з горкі катацца? Снегу на вуліцы многа-многа...

Яна мімаволі зірнула ў акно. Завея даўно ўтаймавалася. Толькі зрэдку дзе ўзнімалася пазёмка над замерзлымі лужынамі, над сумётамі, якія выраслі за ноч ля сцен і платоў. Ярка свяціла сонца і калюча паблісквала на сумётах, на заснежаных дахах, на аголеным вецці бяроз. Тут і там над комінамі ўздымаліся слупы дыму. Праўда, вецер збіваў іх, прыгінаў да самых дахаў, узлахмачваў. Усё было так, як заўсёды ў добрую зімнюю пору, з марозамі, снегам, з зыркім сонцам. Ці то ад сонечнай вуліцы, ці то ад ласкавых слоў Васількі — ах, які ж ён яшчэ малы і неразумеючы! — на душы стала лягчэй. Сэрца адышло, супакоілася. А малы не адставаў:

— Дык зробіце мне саначкі?

— Зраблю, зраблю, мой маленькі.

— А які гэта дзядзька быў у нас?

— Дзядзька? — І няўлоўны цень прамільгнуў на твары.— Дзядзька? Гэта чалавек адзін, Васілька...

Яна вымавіла гэта машынальна і, ахопленая будзёнашнымі клопатамі, прыгалубіўшы гэтую малую, неразумеючую яшчэ істоту, запытала:

— Ты ж прагаладаўся? Есці хочаш?

— Хачу, цётачка!

— Вось так бы і раней сказаў. Заўсёды гавары праўду...

— Я не люблю абманваць.

— Вось і добра робіш. Ну, еш, маё малое... Сіраты мы з табой, Васілька, горкія сіраты.

— Чаму сіраты?

— А ты, Васілька, еш, ды не слухай, што гаворыць старая цётка. Ці мала яна аб чым думае і гаворыць. А ты не звяртай увагі. Еш вось ды выростай вялікім, вялікім...

І вочы яе зноў затуманіліся. Яна торапка выцерла іх, і зноў зірнула ў акно. Дзень, відаць, распагоджваўся. Слупы дыму ўжо выцягваліся роўна, стройна, нібы падпіраючы невысокае зімняе неба. Так жа хораша, калі віецца дымок над дахам. Жывуць людзі. Няхай жа жывуць на добрае здароўе, на радасць і ўцеху дзецям.

 

Частка чацвёртая

 

1

У Ганса Коха было падвойнае свята. Ён толькі што атрымаў новае прызначэнне. Гэтая падзея прыпала на дзень імянін галоўнага шэфа эсэсаўскіх войск, самога Гімлера.

Як новы камісар гестапа, а таксама з прычыны імянін шэфа ён, як і ўсе іншыя афіцэры гестапа, атрымаў у гэты дзень і традыцыйны падарунак — кнігу аб Чынгісхане, аб вялікім мангольскім заваёўніку свету. Ганс не дужа быў моцны ў грамаце і не вельмі паважаў кнігі. Кнігі да дабра не даводзяць, у іх заўсёды схованы якія-небудзь думкі, нават і небяспечныя для яго слаўнай Германіі.

Але кніга была прыслана з указаннем: да абавязковага прачытання. У такім разе можна і прачытаць, калі загадваюць. Спачатку яна здалася яму нецікавай. Ён не меў аніякай ахвоты знаёміцца з сівой старасветчынай, з гісторыяй нейкіх там манголаў, з іх паходамі і заваёвамі. Але, пачаўшы чытаць яе па абавязку, ён захапіўся ёй, і кожная новая старонка станавілася больш цікавай. Ён ужо некалькі разоў падумаў: «Гэты мангол быў, аднак, не дурань, ён ведаў, як скалануць свет».

І да яго свядомасці дайшоў нарэшце сэнс прысылкі кнігі. Ганса Коха, як і тысячы іншых гансаў, прывучалі да крыві, ім прывівалі прагу да чужой крыві. Вядома, яны, гансы, мелі сякія-такія поспехі, і не малыя, і без вучобы ў Чынгісхана. Але як-ніяк гэта як бы сімвалічны напамінак аб абавязку, аб службе. Урэшце, і проста цікава даведацца, як рабіліся такія справы некалі, у старадаўнія, даўно забытыя часы. Вядома, сёе-тое і ўстарэла ў гэтым Чынгісхане. Хіба можна цяпер пераламаць хрыбты ўсім ворагам, як рабілі гэта некалі манголы са сваімі палоннымі? Такая тэхніка ўстарэла ў нашы часы... Заваёўца сусвету загадваў сваім падначаленым зганяць са сваіх твараў усмешку на чужой зямлі. Можа, і правільна ён рабіў, але ўсё гэта так устарэла для нашага часу.

Фюрэр любіць усміхацца, асабліва перад дзецьмі. Вось яго здымкі ў газетах, у часопісах, на паштоўках, у мастацкіх альбомах. Усмешкі, усмешкі, усмешкі.

Ганс перагортвае чарговыя інструкцыі, загады. Яны далёкія ад усмешак. Яны не для газет, не для часопісаў і альбомаў.

«...Маючы на ўвазе жорсткія баі, якія адбываюцца на фронце, загадваю паклапаціцца аб донарах для афіцэрскага корпуса арміі. У якасці донараў можна браць і дзяцей, як найбольш здаровы элемент насельніцтва. Каб не выклікаць асаблівых эксцэсаў, шырока выкарыстоўваць беспрытульных дзяцей і выхаванцаў з дзіцячых дамоў...

...Як выявілася, некаторыя зондэрфюрэры праявілі выключную бесклапотнасць і безгаспадарчасць пры правядзенні экзекуцый, парушыўшы правілы аб дакладным аглядзе падлягаючых экзекуцыі для ўліку каштоўных зубных пратэзаў. Загадваю ў далейшым: асоб, якія маюць такія пратэзы альбо каронкі, вылучаць у асобныя групы, і экзекуцыю над імі праводзіць асобна, каб аблягчыць работу па ўліку і збору каштоўнасцей.

...Арганізаваць збор і акуратнае захаванне адзення ўсіх, якія падлягаюць экзекуцыі.

...Пры пакаранні партызан, сабатажнікаў і асабліва кіраўнікоў камуністаў і іх сем’яў экзекуцыі падвяргаць усіх дзяцей, незалежна ад іх узросту...

...Усіх непрацаздольных і аслабелых з працоўных лагераў, незалежна ад іх палітычных поглядаў, накіроўваць спецыяльнымі камандамі ў мясцовыя СД, якія маюць на гэты кошт належныя ўказанні...

...З хворымі на розныя інфекцыі, а таксама з псіхічнахворымі і з утрыманцамі інвалідных дамоў рабіць таксама, як і з непрацаздольнымі і аслабелымі з працоўных лагераў...»

Мова загадаў, інструкцый сухая, дакладная. Тут ніякай рамантыкі, ніякай усмешкі. Забіваць дык забіваць. Справа тут простая і ясная. Але і ён не супроць таго, каб прыкрыць усмешкай сапраўдную думку, каб крышачку пайграць перад гэтымі людзьмі, прыхаваць ад іх свае затоеныя думкі, планы. І не толькі перад гэтымі людзьмі. Яму не зусім падабаліся і некаторыя паны афіцэры з арміі. Вейс быў, на яго думку, недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны, разбэшчаны параўнальна незалежным існаваннем багатай сям’і, сувязямі з некаторымі арыстакратычнымі фаміліямі.

Ён, пан Вейс, яшчэ не пазбавіўся ад некаторых звычаяў і традыцый. Уявіў сябе закаханым у маладзенькую дзяўчыну і ходзіць цяпер вакол яе, як колішні рыцар ці, правільней кажучы, як індык вясновы. А ва ўсім астатнім здаўся на начальніка паліцыі, гэтага грубага мужыка. Ён, вядома, бязлітасны, гэты мужык. Але гэта лакейскі розум, без бляску, без выдумкі, без патрэбнай ініцыятывы. А дзяўчынка гэтая, Вера, сапраўды прыгожая, ёсць чым захапіцца, ёсць аб чым уздыхаць.

Вядома, і Любка не апошняя з дзяўчат. Далёка Эльзе да гэтага кіпучага стварэння, якое не магло ні адзінай хвіліны пасядзець спакойна, якое заўсёды насілася па пакоі і ўсім сваім выглядам, усімі сваімі звычкамі нагадвала нешта бурлівае, мітуслівае, неўгамоннае. Ну, проста ашалелае сонца ў спадніцы. Гэтае сонца паспрабаваў прыручыць Ганс Кох. Ён наважыўся сказаць ёй, што было б вельмі добра, каб яна даведалася, хто і дзе друкуе газету, якая нарабіла яму столькі клопатаў.

Але якія вочы зрабіла яму гэтая дураслівая дзяўчына, як загаварыла з ім, з Гансам Кохам, з камандзірам жандарскага ўзвода!

— Вы не павінны забывацца, з кім гаворыце! Нашы дзяўчаты не бываюць здрадніцамі!

Яна паўтарала механічна нечыя словы. У яе ніколі не было сваіх думак.

— Не, не, мой мілы Ганс! Каб я ведала нават, хто гэта і што робіць там, я не змагла б здрадзіць ім. Гэта нельга. Разумееце? Нельга. Той, хто здраджвае, той апошні чалавек.

— Ого! — здзівіўся тут Ганс.— А я загадаю вас расстраляць, калі вы не скажаце аб гэтых людзях.

— Расстраляць?! — І Любка рассмяялася так, што Гансу зрабілася прыкра, як гэта ён мог сказаць такое слова дзяўчыне.

А яна гаварыла ўжо спакойна, з упэўненасцю, заглядаючы ў яго вочы:

— Ты думай заўсёды перад тым, як казаць. Не крыўдзі свае Любкі, якая кахае цябе. А ўрэшце, я нічога не ведаю пра тое, аб чым ты гаворыш. І не хачу ведаць!

Яна гаварыла праўду. І ён верыў, бо сапраўды ведаў, што гэтая кручаная дзяўчына, як называў яе, больш за ўсё на свеце цікавілася моднымі сукенкамі, новымі пласцінкамі, прычоскамі і духамі.

Ганс успомніў, што разам з прызначэннем ён атрымаў і спецыяльную дырэктыву: галоўнае — чыгуначны вузел. Гэта асабліва важна для фронту, для імперыі.

Ён асабіста наведаў станцыю. Разам з шэфам дэпо і Шмульке Бруно прайшоў у дэпо. Тут усё было ў руінах. Што паспеў зрабіць чыгуначны полк, які аднаўляў мост і ўсю станцыйную гаспадарку, так і асталося, ні на крок не пасунуўшыся наперад. Полк падаўся на ўсход. Аднаўленне дэпо замарудзілася і ішло такімі павольнымі тэмпамі, што кожны дзень ляцелі пагрозныя тэлеграмы і Вейсу і Шмульке, якога зрабілі шэфам дэпо. Але ён пратрымаўся ў шэфах нядоўгі час і хутка быў вызвалены з прычыны яго поўнай няздольнасці наладзіць як след работу.

Шмульке зноў зрабіўся слесарам. Ціха і непрыкметна выконваў сваю работу. Выконваў яе акуратна, старанна. Праўда, яму даводзілася часам быць перакладчыкам, яму даводзілася знаёміць з усімі справамі розных начальнікаў, знаёміць з дэпо новага шэфа. Шэф быў нізенькі і кульгавы пан Штрыпке, інжынер пуцейскай службы, які не асабліва разбіраўся ў справах дэпо, але крыху разумеў чыгуначную справу. Ён дамогся, праўда, што на аднаўленне дэпо сагналі багата людзей: з палонных, з мясцовых жыхароў і з лагера. Рабочыя аднавілі сцены дэпо. Паставілі новыя станкі, якія прывезлі сюды з іншых дарог, не меўшых асаблівага стратэгічнага значэння. Але колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравознай службы.

Кох дапытваўся ў Штрыпке, чаму не хапае паравозаў, чаму зрываецца графік. Той ведаў адно:

— Гэта такая шволяч, іх работа дае толькі маленькі ход, маленькі ход.

— Тады расстраляць іх?

— О, не! — пужаўся Штрыпке.— Мы тады зусім спынім дарогу.

Кох спрабаваў выклікаць да сябе рабочых па адным. Сурова дапытваўся аб непаладках. І ў адказ чуў адно і тое ж: дзе ж тут наладзіш справу, калі добрага металу няма, гэта раз... па-другое, запасных частак таксама няма... Зноў жа не хапае станкоў... Ну, і з харчам — не сказаць, каб было ў парадку...

— Я вось пакажу вам харч: расстраляю дзесятага, тады будзеце ведаць, як трэба працаваць на Германію.

На гэта яму нічога не адказвалі. І цяжка было зразумець па іх тварах, па іх позірках, аб чым яны думаюць у такі час.

Разгневаны, ён зайшоў і да начальніка паліцыі Клопікава.

— Вы ведаеце іх больш, гэтых вашых рускіх.

— Не кожнага рускага я магу назваць сваім,— стрымана адказаў Клопікаў.— Але чым магу служыць вам, пан начальнік?

— Справа тут ясная. У вас на ўліку ёсць усякі народ. Трэба паслаць у дэпо людзей, праз якіх мы зможам ведаць усё: хто перашкаджае, адкуль ідзе сабатаж, каго трэба ліквідаваць там.

Клопікаў зрабіў посны твар, потым пабарабаніў пальцамі па стале і, нацягнуўшы ліслівую ўсмешку, адказаў:

— Асмелюся далажыць вам, я паспрабаваў ужо гэты метад, двух чалавечкаў праз біржу паслаў туды, спецыяльных такіх чалавечкаў падабраў, падрыхтаваных... Працавалі. І што я вам скажу — нядоўга... Зніклі. Даходзілі да мяне чуткі, што на суседняй станцыі знайшлі ў цягніку, на вугальнай платформе, чалавека ў мёртвым стане. Па прыкметах няйначай наш. І даведвацца не стаў: нязручна, можна ўсю справу папсаваць.

— Што вы думаеце рабіць, пан начальнік паліцыі?

— Што рабіць? Цяжка вам адказаць. Людзей патрэбных няма. Няма людзей, няма. Воінаў няма, каб пастаяць за нашу праўду.

— За якую гэта праўду?

— Яна ясная, як божы дзень. І тая самая, што і ваша праўда, за якую ўзнялі вы справядлівы меч Германіі. Не можа быць роўных на зямлі. Толькі разумны, дужы, багаты павінен камандаваць, павінен панам быць. А тыя, хто парушае законы, тым кулю, шыбеніцу!

— О! Гэта я разумею. Вы зусім правільна гаворыце.

Гансу Коху нават падабаліся выказаныя думкі.

Не такі ўжо дрэнны гэты стары, да якога не зусім прыязна ставіўся ён раней.

Крыху ўлагоджаны гутаркай з Клопікавым, Ганс Кох пайшоў на кватэру, каб падрыхтавацца да вечарынкі, на якую запрасіў ён бліжэйшых сяброў, знаёмых афіцэраў з маршавых часцей, з камендатуры. Павінен быў быць і Вейс са сваёй перакладчыцай, і Любка, і некаторыя яе сяброўкі з гарадской управы. Калі Ганс успомніў гэтую управу, ён непрыемна зморшчыўся. Чорт ведае, што робіцца там, прыйдзецца няйначай заняцца ёю як след. Вядома, там свае людзі: бургамістра прывезлі аднекуль з Вільні ці з Варшавы. Але гэты чалавек наладзіў ва ўправе не то гарэм, не то вясёлы салдацкі дом. Поўная куча дзяўчат. П’янкі штодня. Распуста. Вядома, каму якая справа, што яны там вырабляюць, але тут ужо церпяць і германскія інтарэсы. У гарадской гаспадарцы такая неразбярыха, такая анархія, што насельніцтва глядзіць на ўправу, як на пустое месца. Гэта было б яшчэ з паўбяды, каб не розныя злосныя чуткі, усякія гутаркі аб няздольнасці немцаў наладзіць сякі-такі парадак у горадзе, даць людзям кавалак хлеба. Вядома, гэта яшчэ не так важна. Галоўнае, каб заняць людзям рукі, іх час, каб яны давалі карысць імперыі, каб яны працавалі на перамогу. А тут яшчэ гэтая газета: «Глядзіце, маўляў, да чаго давялі наш горад гэтыя тупагаловыя фашысты, якія дбаюць толькі аб адным: грабіць і грабіць, забіваць і грабіць!»

Патрэбны бургамістр, які карыстаўся б аўтарытэтам і пашанай у гэтых туземцаў, праз якога можна было б лягчэй і хутчэй праводзіць усе заданні, чарговыя кампаніі па ўсталяванню новага парадку. Кох не раз раіўся з Вейсам па гэтай справе, пыталіся нават думкі ў Клопікава. І той, пералічыўшы на пальцах некалькі імён, спыніўся на загадчыку бальніцы Арцёме Ісакавічу.

— З усіх бакоў падыходзіць. Любяць — раз. Паважаюць — два. Шануюць — тры. Нават пабойваюцца, бо гэты чалавек, скажу вам, вельмі адкрыты, характарам порсткі, калючы. У самы раз бургамістрам быць. Каго-каго, а яго будуць слухацца... Не кандыдатура, скажу вам, а поўны міністр.

Але ўсе гэтыя планы праваліліся. Доктар, праўда, акуратна з’явіўся, калі яго паклікалі ў камендатуру.

Прыйшоў. Нават апрануўся для гэтага візіту ў парадны свой гарнітур.

Яго хутка запрасілі ў кабінет. Там былі Вейс, Кох і Клопікаў. Той аж устаў насустрач:

— Колькі лет, колькі зім! Калі ласка, калі ласка, сядайце вось! — І крэсліца падсунуў.

Загадалі чаю падаць. А доктар сам у наступ:

— Па загаду з’явіўся. Па якой такой прычыне?

— Якія там прычыны, кіньце вы... Нельга так адразу. Чайку, чайку паспытайце! З лімончыкам... Італьянскім... Лімоны ў іх, дай божа.

— Па якой, аднак, справе?

— Пазнаю, пазнаю характар! Няўрымслівы ў вас характар, Арцём Ісакавіч, усё вам адразу падавай.

— Часу няма чаямі займацца. У мяне хворыя. Я лячыць павінен, разумееце? Усё гэта было б так проста, каб не на мне ляжаў гэты клопат: думаць, а чым я сёння накармлю іх... Хіба гэта мой абавязак?

— Вайна, шаноўны доктар, вайна!

— Ну добра, няхай сабе вайна...— ужо спакайней прамовіў Арцём Ісакавіч, добра разумеючы, што тут яны і не дапамогуць яму, ды і не думаюць аб гэтай дапамозе.— Аднак паклікалі вы мяне няйначай па нейкай справе?

— Па справе, доктар, па справе. І павінны вам сказаць, вельмі далікатная справа. Хочам вас як бы за ўладу паставіць. Думаем бургамістрам вас зрабіць, над усім горадам начальнікам.

— Бургамістрам? — аж прыўстаў тут доктар з крэсла.— Насмешкі надумаліся рабіць з мае старасці?

— Якія насмешкі? Наадварот. Самую пачэсную пасаду вам прапануем. Мы з вамі, доктар, такі парадак навядзём, што ніякі бальшавіцкі камар не праляціць!

— А-а... Вось вы аб чым турбуецеся! Аднак павінен я шчыра вам сказаць, не спецыяліст я па гэтай справе. Не, не, не... Не падрыхтаваны....

— Вы, відаць, зразумелі нас задужа проста. Бургамістр павінен ведаць справамі ўсяго горада. Ён як бы вышэйшая ўлада над народам: тут і гарадская гаспадарка, і заводы, і забеспячэнне насельніцтва, кватэрныя справы...

— Не падыходзіць для мяне гэтая паважаная ваша вакансія. Не, не, не... Я доктар, калі ласка, калі ў каго хворасць якая-небудзь там, ненармальнасць, прашу да мяне: заўсёды памагу... А гэта ўсё, выбачайце, пустыя гутаркі.

— Вы сур’ёзна?

— Сур’ёзна... Не магу.

— Вы будзеце шкадаваць, доктар.

— Не буду... Магу пайсці?

Яго доўга не трымалі. Задалі яшчэ некалькі пытанняў, адпусцілі. Вейс незадаволена чмыхнуў. Шчокі Ганса Коха яшчэ больш пачырванелі, і ён са злосцю сказаў Клопікаву:

— Не падабаецца мне гэты ваш доктар! Дзёрзкі. Яго варта б павучыць крыху, як трымаць сябе ў нямецкай установе.

Клопікаў уздыхнуў:

— Канечне, характар у чалавека порсткі, калючы характар. Але як доктар — ён выдатны.

 

2

Вечарынка ў Ганса Коха была ў самым разгары. З прычыны свайго новага прызначэння ён крыху разышоўся ў гэты вечар. Піў, выхваляўся перад знаёмымі афіцэрамі, што галоўная сіла ў імперыі — гэта гестапа.

Вейс моршчыўся на п’яныя выкрыкі Ганса. Ён недалюбліваў гэтых выхадцаў з нізоў, якія ў добрыя старыя часы сядзелі б па цырульнях, па майстэрнях, а ў вайну былі б звычайнымі салдатамі, камандаваць якімі павінен быў бы ён, Вейс, і яму падобныя носьбіты старых добрапрыстойных фамілій Германіі.

А навакол пілі, рагаталі, спрабавалі завесці песню, гаварылі не ў лад, кожны выскакваў з тостам, стараючыся перакрычаць іншых. Нехта завёў патэфон. Хлопалі коркі. Папісквалі па кутках дзяўчаты, Любчыны сяброўкі па службе. П’яны Ганс глядзеў на Любку асалавелым вокам, падміргваў іншым, падміргваў Вейсу.

— Любка... лепшая за ўсіх! Лепшая нават...— І абрываў, зірнуўшы на Веру. Як-ніяк, не варта задужа крыўдзіць свайго ўчарашняга начальніка.

А Любка шалела, цалавалася з усімі. Села на калені да нейкага маўклівага афіцэра.

П’яны Ганс, заўважыўшы Любку на каленях у другога, пачаў жартаўліва пратэставаць:

— О-о! Любка! Нядобра так, непатрыятычна. Толькі са мной! Толькі са мной!

І са школьніцкай гарэзлівасцю крыкнула яму Любка:

— Мой мілы Ганс, ты не разумееш, што такое патрыятызм. Ты зусім не ведаеш гэтага слова.

— Я? Патрыятызм? Я вялікі патрыёт Германіі. Мы, салдаты фюрэра, усе патрыёты! Мы перамаглі ўсіх таму, што ў іх, у пераможаных, не было патрыётаў, не было ні грама патрыятызму.

— А мы? Мы хто? — у п’янай задзёрыстасці крыкнула Любка.

— Ты? Ты харошанькая дзяўчына. Ты мая слаўная Любка.

— А я не патрыётка?

— Ты руская. Ты не можаш быць патрыёткай...— зусім шчыра сказаў Кох.

Вера з трывогай слухала гэтую спрэчку двух п’яных людзей. Хоць бы змоўчала, урэшце, гэтае кручанае стварэнне. Але Любку не спыніш цяпер нічым. Яна ўжо крычыць як апантаная:

— Няпраўда, няпраўда! Рускія таксама патрыёты! Яны вялікія патрыёты!

— Хто? — перапытаў у яе Ганс Кох.

— Мы! Рускія!

— Глупства кажаш, Любка. Няма такіх рускіх.

— Няпраўда, няпраўда! Ёсць, ёсць...— панесла і паехала.

— Дзе яны?

— А партызаны. Вы ж ваюеце супроць іх і не можаце іх перамагчы.

Усе насцярожыліся. Крыху спаў хмель з Ганса Коха. Ён узмоцнена цёр лоб, намагаючыся прывесці да ладу свае раскіданыя думкі. Вера са страхам назірала за Любкай, адчуваючы, што тая нагаворыць несусветнага глупства. Ганс Кох падышоў да Любкі.

— Ты лішняе выпіла, мая дзяўчына. Партызаны не патрыёты. Партызаны бандыты. Хіба ты бачыла, хіба ведаеш іх?

— Я не бачыла і не ведаю іх. Але я ведаю людзей, якія сапраўды патрыёты.

— Ты? Ведаеш? — перапытаў Ганс. Па яго голасе можна было зразумець, што ён перамог ужо рэшткі хмелю, што ён ужо не той, якім ён быў хвіліну, некалькі хвілін таму назад, калі ён думаў толькі аб тым, каб сапраўды павесяліцца, адкінуўшы ўсякія службовыя клопаты і абавязкі. Ганс Кох уваходзіў у сваю прызвычаеную ролю. Ён гучна зарагатаў, гледзячы ў Любчыны вочы. Вейс нават устаў, падышоў бліжэй да іх, да Ганса і Любкі. Ён добра разумеў фальшывы Гансаў смех: Кох дражніў дзяўчыну, распальваў на задзёр.

— Няпраўда, Любка! Ты маніш нам.

— Я? Няпраўду? Я чула...

— Дзе?

— Сам доктар казаў маёй маці, каб яна была вельмі асцярожная, хаваючы іх, бо яны вельмі адказныя людзі, тыя хворыя.

— Хто?

— Савецкія камісары.

У пакоі суцішыўся п’яны гоман. Вера сціснула рукой ручку крэсла, аж пабялелі пальцы. Канечне, яна нічога не ведала ні пра якіх камісараў, дапускала нават, што гэтая балаболка Любка проста можа выхваляцца, дражніцца з Гансам. Але ў глыбіні душы адчувала, што адбылося нешта непапраўнае і па сваёй сутнасці агіднае, мярзотнае.

А Ганс дапытваўся:

— Ты выхваляешся, Любка. Як заўсёды, глупства вярзеш.

— Я? Выхваляюся? Я кажу толькі праўду. Так, так! Гэта сапраўдныя патрыёты. Яны нікога не баяцца!

І ўглядаючыся вар’яцкімі вачыма ў прыціхлы пакой — толькі ўзвізгваў, хрыпеў пакінуты ў кутку патэфон — і дзівячыся нечаканай цішыні, яна секунду якую нібы раздумвала: а чаму гэта прыціхлі ўсе. І, відаць, недзе пад узлахмачанай мядзянай грыўкай узварухнулася жывая думка. Па гарэзлівым твары нібы мільгануў цень. Яна правяла рукамі па спацелым ілбе, абыякава паправіла пасмачку валасоў, навісшую над вачыма. У іх ужо не было ні гарэзлівасці, ні нястрымнай весялосці. Вочы нібы патухлі, глядзелі нерухома ў нейкую адну, ёй вядомую кропку. Была ў іх задума, трывога.

— Кажы, кажы, Любка. Ты так выдатна можаш забаўляць нас! — І ў голасе Ганса Коха не чуваць было звычайнага захаплення ёй, сваёй дзяўчынай. У ім былі фальш, насцярожанасць, чаканне.

Любка ўспляснула раптам рукамі.

— Ах, божа мой! Я нагаварыла, відаць, вялікага глупства! Якая я п’яная-п’яная! Нашто ты, агідны Ганс, так напаіў сваю Любку? — І заплакала, размазваючы слёзы па твары.

Хістаючыся, падалася да Ганса.

— Дзяўчаткі, танцаваць! Музыку, музыку! Давай вып’ем яшчэ, Ганс, я хачу так напіцца, каб нічога, нічога не чуць і не бачыць на свеце!

— Так, так! — спахапіўся Ганс, кінуўся да стала па бутэльку. Прыкрая цішыня расступілася. Загаварылі, зашумелі. Абарваўся хрып патэфона, мелодыя не то марша, не то факстрота гучна ўскалыхнула ўсіх, сагнала ўсё гэтае прыкрае замяшанне. І калі гатова была наладзіцца зноў атмасфера бурнай весялосці, бесклапотнай гуллівасці, нехта ўвайшоў у пакой, абвясціў:

— У горадзе пажар!

Тут жа натужна заверашчаў тэлефон, а праз якую хвіліну, раздзіраючы паветра, загула трывожная сірэна. Усе выйшлі з пакоя. У незацемненых вокнах пярэдняй усе ўбачылі яркае зарыва.

— Няйначай ля станцыі гарыць,— выказаў нехта здагадку.

Афіцэры заспяшаліся да выхаду. Вечарынка сарвалася сама сабой.

Вера выйшла разам з Вейсам, які спяшаўся на пажар з іншымі афіцэрамі. Яна хуценька падалася на сваю вуліцу, дахаты. Спяшалася як мага. Учынак Любкі глыбока ўразіў яе, устрывожыў. Над жыццём невядомых, але такіх жа блізкіх і родных ёй людзей навісла страшэнная пагроза. І ўсё гэта праз дурное слова, праз няўрымслівы язык кручанай, неразумнай дзяўчыны. Вера спяшалася.

Вось і свая кватэра. Але прайшла яшчэ колькі дамоў і завярнула ў маленькі тупічок-завулак, у канцы якога стаяў невялікі домік. Ціха адчыніла фортку ў двор, прыгледзелася да ганка, на ступенях якога ляжала плашка дроў.

«А-а, усё добра!» — падумала Вера і ціхенька пастукала ў акенца, а калі ў хаце, за акном, азваўся голас, яна пастукала яшчэ раз, але на гэты раз іначай, відаць, так, як было ўмоўлена.

Скрыпнулі дзверы. У іх чорным прагале з’явілася постаць у чыгуначнай спяцоўцы ўнакідку.

— Што за справа ў такі няўрочны час? Чаму сама, а не маці, як умоўлена?

— Я спяшалася!

Яна расказала пра вечарынку, пра Любчыны словы. Чалавек маўкліва выслухаў яе.

— Ну, добра. Ідзі дахаты, не хвалюйся.

Праз якую хвіліну-другую яна была ўжо дома.

 

 

3

Вейс і Кох падаліся на станцыю. Гарэў вялікі крыты пакгауз, загружаны збожжам. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Манеўравы паравозік адцягваў ад пакгауза вагоны, каб расчысціць дарогу для пажарных машын, якія ніяк не маглі падабрацца да склада з боку пуцей. Але колькі ён ні пяўся, колькі ні свістаў, ахутваючыся воблакамі пары, яму так і не ўдавалася расцягнуць усе вагоны.

Вейс і Кох рушылі на таварны склад за пакгаузам — тут толькі і можна было дабрацца да пажарышча. Яны засталі Клопікава, які чыніў суд і расправу над паліцаямі, што вартавалі склад. На парозе каравульнага памяшкання ляжаў з прастрэленым чэрапам начальнік каравула. Бугай, люта вырачыўшы вочы, біў хударлявага паліцая. Бугай біў, Клопікаў запытваў:

— Ну гавары, гавары, мярзотнік, хто напаіў?

— Не ведаю, дальбог не ведаю!

І пасля новага ўдару, узняўшыся на ногі, ледзь мармытаў, п’яны, асалавелы:

— Пілі, усе пілі... За жыта куплялі.

Заўважыўшы Вейса і яго немы позірк на забітага паліцая, Клопікаў паспешліва далажыў:

— Прыстрэліў нягодніка. Такі пост даручыў, а ён, сабачая душа, падвёў мяне! Бачыце, што яны тут вытваралі.

І ён, прапусціўшы ўперад Вейса і Коха, зайшоў разам з імі ў каравульнае памяшканне. У кутку было некалькі мяшкоў жыта. На століку стаялі дапітыя і недапітыя бутэлькі самагону. А на падлозе ляжала ўпокат чалавек пяць паліцаяў, якіх не мог дабудзіцца нават Бугай, так набраліся яны самагоннай гары.

— А вартавыя ля пакгауза? — запытаўся Вейс.

— Абодва мёртвыя... Дзе стаялі, там і знайшлі іх... забітых... А гэтыя вось у той час смакталі.

Вейс паморшчыўся, ступіў назад:

— Прыстрэліць...

 

4

Было далёка за поўнач, калі цётка Ганна пастукала ў акно доктаравай кватэры. Ён выйшаў неўзабаве на ганак і, пазнаўшы яе, сярдзітым жартам запытаўся:

— Ці не зноў з’явілася з сынамі?

Яна пачала прыспешваць:

— Не... не... З другой я справай. Хуценька падавайцеся адсюль ды з маімі сынамі! І коні чакаюць вас, вось там, за свірнам. Хутчэй, хутчэй!

— Ты што, ашалела, цётка? Каб я кінуў бальніцу, хворых?

Але калі выслухаў ад яе ўсе прычыны нечаканага з’яўлення, задумаўся на якую хвіліну.

— Гэта бадай што і правільна, яны павінны неадкладна выехаць. Але мой абавязак астацца тут. Я павінен лячыць хворых, я не магу кінуць іх так.

— Ёсць дактары і без вас, знойдуцца на ваша месца.

— Не, не... Я не магу так. Я не маю права пакідаць бальніцы, не перадаўшы яе другому чалавеку.

Цётцы Ганне надакучылі адгаворкі.

— Калі на тое пайшло, дык вось што я вам скажу: мне загадана сілком вас забраць, калі што якое. Як маленькія якія... Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён пра перадачу знайшоў час думаць. Вось з’явяцца немцы, дык будзе вам перадача!

— І сярдзітая ты, цётка! Відаць, справа сур’ёзная, калі так раскіпелася. Ну, добра, выконваю загад.

Хутка пара саней, запрэжаных лепшымі коньмі, паціху рушыла лесавой дарогай. Падаў, церушыўся густы снег.

Доктар зябка хутаўся ў паліто і, наставіўшы каўнер, каб не набіваўся снег за яго, перабіраў у памяці ўсе падзеі апошніх месяцаў. Шкадаваў, што астаўся вось ён цяпер адзін. Што яго правая рука, Антаніна Паўлаўна, якая і даглядала ўсю няхітрую гаспадарку, асталася ў бальніцы. «Мне што? Я старая жанчына, чапіцца ім да мяне няма чаго. Я ўсяго-наўсяго амбулаторны ўрач, невялікі, можна сказаць, начальнік. Але прыгледзець за парадкам трэба». І асталася. Ён і сам яе прасіў, што калі выбірацца, дык выбірацца ўсім. Але ж яе не пераканаеш. Урэшце, у чым пераконваць? Ён і сам астаўся б, бо што яму гэтыя фашысты? Ён толькі доктар. Ён абавязан лячыць хворых. Якая ім да яго справа, фашыстам?

І тут лавіў сябе на думцы: «Не, не зусім так, Арцём Ісакавіч. Ім ёсць да цябе справа. Бачыш, да чаго дадумаліся, у бургамістры хацелі паставіць. Гэта я бургамістр? Хо, хо, хо... Справы пайшлі на свеце. Мяне ды начальнікам паставіць!»

«Над кім? — ужо грозна запытаўся ў сябе Арцём Ісакавіч. І сам сабе ў думках адказаў: —Над жулікамі, над машэннікамі, над прадажнымі душамі, над усёй гэтай поганню, што ўсплыла, як смецце, у вялікую паводку... Усплыла і сплыве... Так, сплыве».

І калі ўспомніў пра свой візіт у камендатуру, аж рассмяяўся ўголас.

— Чаго гэта вы, доктар? — ціха спытаўся ў яго Андрэеў.

— Чаго? Ды ўспомніў, як да немцаў хадзіў апошнім разам. Што вы думаеце, аж спацеў я, пакуль чаравікі наглянцаваў. Для чаго, запытацца б? Для чаго я заганяў усіх жанчын нашых, пакуль не адпрасавалі мне майго пінжака? Для форсу хіба?

— Т-а-ак... Выгляд у вас быў даволі франтаваты, Арцём Ісакавіч. І смешны, не крыўдуйце толькі, як у старога дзядулі, які сабраўся на імяніны да свае любімае ўнучкі.

— Смешны? А мне не смешна было. Мне горка было. Аб адным я думаў: вось прыйду, пакажуся ім на вочы. Глядзіце вось на мяне, любуйцеся: вы заціскаеце, вы пужаеце ўсіх, а для мяне вы нішто. Вось жыву, не зважаю на вас, не баюся. Хаджу, як хадзіў, апранаю свой любімы пінжак, на чаравіку маім сонца грае.

— Фантазія, доктар, фантазія. Біць іх трэба, сукіных сыноў, ды так біць, каб аж пыл курэў. Біць, а не чысценькімі прагульвацца перад імі, не чаравічкамі глянсаванымі выхваляцца перад імі, а падковай біць у пераноссе, каб юшка цякла! — умяшаўся ў гутарку Блешчык.

— Ах, Блешчык, Блешчык, ізноў за сваё! Гэта і так зразумела. Але няма ў мяне падковы. Чым я, кукішам буду пагражаць ім? Не разумее чалавек, што я нават пінжачком сваім пратэстую перад імі: няма вашай улады нада мной. І пратэстую...

— Пратэстую...— І ў ахрыплым голасе Блешчыка пачуліся ноткі падражнівання.— Ім вельмі патрэбны вашы дзівацкія пратэсты. Не пратэставаць, а біць, біць і біць!

Пасмейваўся ў вус Андрэеў, тулячы ў душы цёплую, харошую думку пра гэтага дзівакаватага доктара, неўгамоннага, непаседлівага, са сваімі вечнымі клапотамі і турботамі. А сам доктар, спрачаючыся, уздыхаючы, радаваўся, што вось гэты батальённы камісар ужо тыдні са два як пачаў-гаварыць. Стаў пытацца чалавек, а што ж чуваць на франтах, што робіцца навакол, дзе людзі. Часам успамінаў сям’ю. Прыўзнімаўся на ложку і, сочачы абыякавым позіркам за згасаючым сонечным промнем, за трапяткім змрокам, ахутваючым зямлю, усміхаўся нечаму свайму, шчасліваму.

— Ты што? — пытаўся ў яго Андрэеў.

Выходзячы з задумення, адказваў:

— Сын у мяне, таварыш брыгадны камісар. Каб ведалі, які ў мяне сын! І павінен яшчэ нехта быць, не ведаю толькі, хто там, ці сын, ці дачка. Разумееце, дзеці... Толькі цяжка падумаць, страшна нават, дзе яны цяпер, што з імі?

— Усё ў парадку, батальённы. Добра вось, што выбавіліся мы з бяды, жывымі асталіся. Праб’ёмся неяк да сваіх, на фронт, там і пісьмо напішам. Аб усім даведаемся. Іх там ніхто ў крыўду не дасць.

— У мяне ў Мінску сям’я...

— А-а... Та-а-ак... Гэта крыху іншая справа... Але не вешайце носа, батальённы.

...Сані бязгучна плылі па мяккім снезе. Крыху прысталі коні. Ціхая язда ды бяссонная ноч наганялі дрымоту. Прыплюшчыш вочы, і здаецца: не наперад рухаешся, а ціхімі штуршкамі падаешся назад, назад, нібы цягне цябе хто за плечы ў нейкую дрымотную, невыразную бездань.

— Нешта прыціхлі мае воіны.

— Прыціхлі, прыціхлі, цётка Ганна. Як жа не прыціхнеш пад тваёй грознай камандай? — жартам кінуў Арцём Ісакавіч, заўсёды рады жывому чалавечаму голасу.

— Яшчэ што скажаце! Якая ж то грозная мая каманда?

— Вядома, грозная. Сама старасціха вязе нас пад канвоем.

— Я вельмі паважаю цябе, доктар. І ўсе мы цябе, проста сказаць, любім, як свайго чалавека.

— Нічога не разумею, цётка Ганна.

— Гэта горай, калі не разумееце... Што вы мяне старастоўствам папікаеце? Што вы знеслаўляеце мяне? Хоць жыцця рашайся праз гэтае старастоўства. Я чалавека свайго пільную, каб не пусціць яго ворагам на здзек, на крыўду. Ён начэй не спіць, усё думае, як бы гэта лепей немца абысці ды людзей з бяды выбавіць. А вам, старому, смешкі строіць...

— Ну, мір, цётка, мір! Гэта я жартам. А калі пакрыўдзіў, то даруй мне.

— Ды справа не ў тым... Вы можаце і пасмяяцца з мяне і пажартаваць. Я ж разумею, урэшце, што і да чаго. Але ж не кожны чалавек тут,— і яна паказала на сані,— ведае пра ўсё. І яму можа здацца ліха ведае што... Старасціха! Людзям служым, гэта толькі і ратуе нас, на свеце трымае. Я вось адвязу вас, а пад раніцу яшчэ ў падводы паеду разам з другімі. Дровы павязём у камендатуру, каб яна згарэла тым часам. А павязём, бо трэба,— і тут яна перайшла на шэпт,— сляды замесці, каб ніводная акаянная душа не наплявузгала чаго дрэннага на вёску, на людзей, на майго чалавека. А ты... старасціха...

Цётка Ганна ўрэшце ўгаманілася і ішла маўклівая, засяроджаная. Потым пачала ўважліва прыглядацца да дарогі, прыслухоўвацца.

Раптам з-за купкі заснежаных елак пачулася гучнае, пранозлівае:

— Стой! Хто едзе?

Цётка Ганна спакойна праказала:

— Свае. Па дровы едзем. Ці няма ў вас тут добрай бярозы?

— Бяроза заўсёды знойдзецца.

І цётка Ганна, нібы абуджаная лясным чалавечым голасам, спыніла коней, завінулася ля саней, разганяючы начную дрымоту, весела камандуючы:

— А ну, злазьце, мае воіны! Прыехалі. Далей мне не па дарозе з вамі.

І да доктара:

— А ты не злуй на мяне. Не нам крыўдаваць адзін на аднаго ў такі час. Дай божа, каб мы яшчэ з табой пабачыліся. Глядзі толькі, беражы вось здароўе!

І яна абняла яго, пацалавала. Адышлася на крок, паглядзела яшчэ і ўжо сярдзіта крыкнула на трох чалавек з вінтоўкамі, якія падышлі да саней:

— Вы мне глядзіце! Каб добра пільнавалі мне яго. Гэта доктар наш. А калі што якое, крыўда якая, недагляд, дык я вас з-пад зямлі дастану, управу на вас знайду, не пагляджу, што вы ваякі!

— Слухаем вашу каманду! — весела грымнулі ў адказ партызаны і пачалі памагаць прыехаўшым збіраць іх невялікія манаткі.

 

5

Чмаруцька, асцярожна праціснуўшыся ў дзверы, кінуў з парога:

— Вось што я табе скажу, брат ты мой!

— Цікава, што ты такое мне скажаш, брат ты мой? — падрабляючыся пад яго тон, адказаў Чычын, адстаўляючы ўбок валёнак, які падшываў лямцам.

— А скажу вось што: ці ведама табе, што робіцца цяпер на станцыі?

— А скуль мне ведаць?

— А павінен бы ведаць, як машыніст. А то сядзіш і немаведама чым займаешся.

— Як чым? Валёнак падшываю. Хіба не бачыш?

— Калі ж ты запаліў гэтую мігалку, пры ёй і не ўбачыш нічога, чым тут рукі ў чалавека заняты. Ды ці так падшываюць? Ці гэта ніткі? Тут добрая дратва патрэбна, ды ў дзве ці тры рэдзі. Ізноў воску дай ёй, воску. А можа, пек у цябе ёсць?

Хутка Чмаруцька завалодаў валёнкам і з такім спрытам пачаў сукаць дратву ды шараваць яе воскам, што яна рвалася штохвілінна, да вялікага здзіўлення Чмаруцькі.

— Глядзі ты, якая нітка пайшла гнілая! Не раўнуючы, як жыццё наша: на кожным кроку рвецца; куды ні ступіш, а яно лясь і лясь... Гэта вось валёнак, брат ты мой.

— Зусім правільная думка ў цябе: валёнак!

— Ат, не чапіся ты да мяне! Калі я дзюбнуў, можа, трохі, якую там маласць, дык ты не думай, што Чмаруцька і лыка не вяжа, што ён ужо і не разумее нічога. Я разумею, усё разумею. Бачу я нават, чым немец дыхае, і ўсё яго абыходжанне бачу наскрозь.

— Ты пра валёнак нешта хацеў сказаць?

— Валёнак ён валёнак. Гэта значыць: зіма блізіцца. Справядліва бярэшся за валёнак. А спытаўся б, колькі ў Чмаруцькі ног у хаце? Трэба цвярозае вока мець, каб пералічыць іх. А дзе я тых валёнак на іх набяруся? Ды хіба ў валёнках адных і справа? А адзець, а накарміць? Атрымаў учора сорак марак і ласуйся, як хочаш. Ты ж на іх пуда жыта не купіш. Што ж мне з дзецьмі на рэйку лажыцца, ці што? Гэта я ў цябе пытаюся. Ты, як-ніяк, па прафсаюзнай лініі колькі год прахадзіў, павінен ты правільную думку мець аб маім становішчы ці не? Я і гаварыць з табой хачу, як з прафсаюзам.

— Быў, Чмаруцька, прафсаюз, ды сплыў. Няма. І пакуль што не прадбачыцца...

— Гэта я ведаю, але я з табой, як з чалавекам, гавару. З кім жа мне болей і параіцца? Да Штрыпке хіба пайсці? У іх, брат ты мой, адзін толькі клопат, каб з цябе апошнія порткі зняць.

— Правільна гаворыш, Чмаруцька. Але скажы ты мне, з якой гэта такой прычыны дзюбнуў ты?

— Не ад салодкага жыцця, канечне. Гэта асобная гаворка. Аб гэтым я і хацеў табе адразу сказаць, ды, бачыш, збіў мяне твой валёнак. Каб ты паглядзеў, што толькі на станцыі ўчора рабілася, ды і сёння яшчэ там, як мурашнік. Бегаюць, мітусяцца, а каб, сказаць, толку з тае мітусні, дык ні на грош. Усе пуці пазабівалі вагонамі, ні праехаць, ні выбрацца. Колькі дабра згарэла, сказаць аж цяжка. Адкуль толькі ні навезлі хлеба, колькі месяцаў згружалі, пнуліся, і — на табе — пайшло дымам, пылам. І скажы ты,— нямецкая натура! — абгарэлага дабра і таго для людзей шкада. Памкнулася дзетвара з мяшэчкамі, з торбачкамі, каб хаця таго абгарэлага хлеба якую жменьку сабраць, дык як сабакі накінуліся на малых, паразганялі. А што было мітусні, панікі, дык не разбяры-бяры... Савеліча нашага з яго кукушкай заганялі аж: і туды давай і сюды давай, гэта каб ад пажару вагоны адцягнуць. А нейкі камандзір з эшалона — да чаго звераваты! — дык залез з салдатамі на кукушку, пагналі Савеліча пад эшалон. Той і рукамі і нагамі; куды вы, кажа, гоніце мяне, калі мой паравоз манеўравы. Добра яшчэ, Штрыпке прыбег, да розуму таго камандзіра прывёў. Ну і ўзлаваўся пасля Савеліч. Носіцца, як ачмурэлы, па пуцях, ды дзе ў ціхім кутку як лясне, брат ты мой, па вагоне, дык з таго аж буксы ляцяць, ды ў вагоне ўсё ходарам. Я, канечне, яму кажу, бачыў тваю выдатную працу. Ён аж узлаваўся на мяне: у цябе, кажа, язык задоўгі. Я яму кажу: справу сваю рабі як лепей. І Чмаруцьку будзе весялей, калі ты старацца будзеш. Як гэта — узгарэўся аж — старацца? Ды старайся, кажу, па-нашаму, як і ўсе дэпоўцы стараюцца... Гаворым, вядома, смяемся. З фашыста, значыцца, смяемся, што няма яму ніякага ходу, каб нашага брата да зямлі прыціснуць. Не асіліць, не, хваробу! Крывёй сыдзем, а яму не паддамося, не было яшчэ таго адвеку!

— Крывёй не варта сыходзіць, Чмаруцька, лепш няхай яны сыходзяць.

— Вось гэта думка! У самы акурат, брат ты мой. І я так думаю: рабі, Чмаруцька, але дужа не высіляйся, а старайся так, каб яму, фашысту, ад твае працы моташна рабілася, каб ён спакою не ведаў, гад.

— Ты і не сказаў мне, аднак, дзе гэта дзюбнуў сёння?

— Гэта асобная гаворка.

— Нешта ў цябе на ўсё асобныя гаворкі.

— А ты як думаў? Тут справа тонкая, вельмі тонкая! Такая справа, што і казаць — у цябе нікога ў хаце няма лішняга? — каб гэта кожнаму, дык я асцерагаюся. Бачыш, сунуўся я некалькі разоў да паліцаяў, што пакгауз вартавалі. Дай, думаю, паспрабую, запытаюся, а ці не прададуць і мне па сходнай цане жыта пуды са два. Бачу, цягаюць яны збожжа штоночы. Я нават месца ўгледзеў, дзе яны схованкі рабілі, адразу за пакгаузам, у дрывах. Я гэта і падкаціўся да самога каравульнага начальніка. Гармонік яму ладзіў, усякім глупствам даводзіцца займацца, каб пражыць неяк. Між іншым і кажу яму, што і я не супроць бы купіць у іх які мяшок жыта. Што ты думаеш? Спачатку ён на мяне аж вызверыўся, арыштаваць хацеў і нават кінуўся з кулакамі: ты гэта, кажа, на зладзейства нас падбіваеш? Ты за каго нас лічыш? Ды я цябе ў турму за такую гаворку, пад расстрэл, ды я цябе... Я выслухаў і спакойна кажу яму: ласкавей са мной абыходзься. Ты не глядзі, што я такі ціхі, я магу цябе і пад суд аддаць. Той аж вочы вырачыў. А я і кажу: ты на мяне не вылупляйся дужа, бо ўсю вашу камерцыю я добра ведаю. Ведаю, дзе, што і як, ды на дровы яму нібы так, мімаходзь, і паказваю. Я штоночы вашу працу бачу, як вы мяшкі туды цягаеце. Але гэта мяне мала абыходзіць. Пакуль што, кажу, мала... Ён быў за грудкі мяне. Я, кажа, за такія твае словы адразу табе рачанцы зраблю, ты і не пікнеш у мяне, і ніхто і не даведаецца, дзе твая душа падзелася. Мне, канечне, страшнавата. Зайшоў я ў каравульную будку, у самую, можна сказаць, пастку да іх. Могуць, зразумела, і стукнуць паціху. А душа, што ні кажы, не гармонік, страціш — не купіш. Але яму гавару дзёрзка: ты пужанага не пужай. Не адзін я толькі бачыў вашу камерцыю. І другія пра тое ведаюць. Зноў жа, бачылі рабочыя, куды я пайшоў, так што пужаць мяне асабліва нечага. Тут ён і сапраўды палагаднеў. І зусім абыходжанне ўжо другое. Ты, кажа, на жарты не крыўдуй. Толькі няма нам асаблівай карысці валаводзіцца з табой, па пуду жыта рукі мазоліць. Ты падшукаў бы нам добрага пакупца на які-небудзь воз, на другі. Можам і за грошы, можам і за самагон. А за турбацыю тваю — не пастаім, аддзякуем...

Ну вось, я і пастараўся. Такіх пакупцоў падшукаў, што лепш і не трэба. Пазалівалі іх самагонам, паліцаяў. Так панажыраліся, чэрці, што ўпокат ляглі. А з тых магарычоў іхніх і сягоння яшчэ дым курыць. Вось пакупцы, дык пакупцы, вя-а-сё-лыя хлопцы. І на мяне не забыліся, мяшочак жыта падкінулі. І — прызнаюся табе — і літру... Гэта табе, кажуць, за стараннасць і адвагу.

— І ты не хлусіш, Чмаруцька?

— Як гэта хлусіш?

— Ды проста. Ты вялікі майстра ўсякія казкі выдумляць.

— Якія казкі? Ад гэтай казкі паўчадзелі ўсе немцы на станцыі.

— Чад у іх пройдзе, і трапіш ты ім на цвярозую галаву. Выдадуць цябе паліцаі і... здароў будзь, Чмаруцька!

— Што ты? Дзе яны выдадуць? Іх немцы і пастралялі адразу; як наляцелі, дык з гарачкі і пабілі.

— А пакупцы дзе падзеліся?

— Уга! Яны не такія дурні, каб чакаць. Аганьку падкінулі і айда.

— Партызаны?

— А хто б ты думаў? Канечне, яны.

— Глядзі, Чмаруцька, язык свой не вельмі пускай у ход. Як што, прытарможвай яго. Іначай у бяду трапіш, не выкараскаешся.

— Што ты, што ты гаворыш! Язык у мяне на якую пусцяковіну, дык ён, не раўнуючы, як твой экспрэс колішні, аж гудзе, як разгоніцца, нічым яго не спыніш тады. А калі там што якое... дык тут стоп яму, семафор, ні тпру ні но! Вось у мяне да цябе гаворка была. А цяпер і другая справа ёсць. Я цябе заўсёды паважаў і паважаю. Памятаеш, як ты мяне некалі з бяды выбавіў, калі я праз гэтую няшчасную гарэлку ў правінку трапіў? Жорстка за мяне тады ўзяліся хлопцы, аж пад суд хацелі аддаць, што я ім ледзь графіка не зламаў. І цябе я, прызнацца, вельмі пабойваўся: прыцісне, думаю, паколькі ты прафсаюзную лінію аберагаеш. А ты па-чалавечы абышоўся. І хлопцы зразумелі, што выйшла ўсё без злога намеру з майго боку, ну паслізнуўся трохі,— хоць і на сухім месцы, а паслізнуўся... Я рад быў, што вымоваю адрабіўся. Бо хто я такі? Я на гэтай станцыі яшчэ з дрываклада пачынаў. Тут мне кожны ліхтар, як сваяку, падміргвае. А ўсе крычаць: зволіць, зволіць! Што я рабіў бы? А ты, значыцца, па-чалавечы. А тады і хлопцы ўсе па-чалавечы. Вось яно як. За гэта паважаю цябе. Люблю... Дальбог люблю. І калі пашанцавала мне, дык дай, думаю, зайду да цябе ды па-чалавечы аб усім і скажу. Дык вось і расціснем гэтага паўлітэрка!

— Пастой, пастой, Чмаруцька. Як-небудзь другім разам асушым па чарцы.

— Грэбуеш, значыцца, мной? Чмаруцькам грэбуеш?

— Ды не. Хіба не ведаеш, што мне на змену пара падавацца? А табе ж вядома, як люта яны ставяцца да машыніста, калі ад яго гэтай слязой запахне. Мы з табой ужо другім разам, Чмаруцька.

— Калі на змену, дык выбачай, я пра гэта зусім забыўся. З фашыстам, канечне, жарты кепскія. Ён чалавечай мовы не разумее. Дык бывай, брат ты мой, пайду.

Калі Чмаруцька выйшаў з хаты, Чычын адчыніў дзверы ў бакавушку.

— Чуў? — запытаўся ён.

— Чуў, чуў... Усё той жа Чмаруцька. Паўлітэрка не крыўдзіць.

— Не, Канстанцін Сяргеевіч. Але змяніўся і ён.

І выпіць — не вельмі разгарнуцца яму цяпер, і іншыя клопаты з’явіліся. Прызнацца, хлопцаў да яго я падаслаў, ён і не ведае. Праз яго яны і іншыя справы робяць, ён і не здагадваецца. А на фашыстаў злосны, аж кіпіць. І як не кіпець? Сям’я вялікая. Раней кожнае дзіця было пры месцы. У чыгуначную школу хадзілі. Былі і ў рамесніцкім і ў тэхнікуме. Дзе толькі Чмаруцькі не вучыліся! А цяпер сядзяць усе ў хаце, ні вучобы, ні ім справы якой. А есці, вядома, трэба. Ён і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Аднак перабіў нам Чмаруцька ўсю гутарку. Я так узрадаваны тваім прыходам, Канстанцін Сяргеевіч, што проста разгубіўся. І кожны з нашых як узрадуецца, даведаўшыся, што не забываюцца на нас, вераць нам, што мы не падкачаем. Але сёння, ды бадай што і заўтра, я не раіў бы табе да іх з’яўляцца, да фашыстаў, няхай крыху астынуць. А то пасля такіх падзей яны гатовы зжэрці кожнага новага чалавека, які трапляе ім пад рукі. А работнікаў яны збіраюць. Колькі было аб’яў ды загадаў, каб на работу вярталіся на чыгунку,— і з ласкай, і з пагрозай, і запрашаюць, і сілком валакуць праз біржу, і ўсякімі карамі пагражаюць тым, хто не думае з’яўляцца. Канечне, з камуністаў хто працаваў у нас ды ў свой час не выбраўся, тыя ў лес усе падаліся, да Мірона.

— Вось што, Чычын, мы бальшавікі з табой, хоць і не маем білетаў, ведаем, што любую справу саматугам весці нельга. Графік і тут патрэбны і жорсткі графік. Я ад імя ўсіх нас вялікую клятву даў у Маскве, партыі нашай, Цэнтральнаму Камітэту: тармазіць немцу ход на чыгунцы, збіваць з яе ўсімі сродкамі. Такой мы яму копаці дамо, што ён ачмурэе ад нашай працы, ад нашых удараў, якія мы будзем рабіць пакуль што ціха, непрыкметна, але так, каб ад гэтых ціхіх удараў аж грымела ўсё. Адным словам, рубаць будзем. З Міронам я праз цябе буду трымаць сувязь, перадасі яму пакет з Масквы і ад мяне прывітанне. Парады твае я паслухаю, дні са два пачакаю, агледжуся, людзьмі пацікаўлюся. А цяпер дахаты пасуну.

* * *

Харошаў ішоў па вуліцах горада, прыглядаўся да рэдкіх прахожых. Прыслухоўваўся да перастуку аканіц, якімі рана-рана, як толькі пачало шарэць на дварэ, закрывалі вокны, дбайна прыкрываючы ад чужога вока ўсё, што рабілася там, аб чым думалася. Гарадок нібы вымер ці то прытаіўся, усё чагосьці чакаючы, на нешта спадзеючыся. Толькі каля кіно, скупа асветленага халодным сінім святлом, тоўпіліся людзі. Але гэта былі чужыя людзі. Чужая музыка прарывалася праз дзверы будынка, надрыўна павізгвала ў рэпрадуктары на плошчы. Маршы змянялі адзін аднаго і гучалі дзіўна і недарэчна над пустыннай плошчай, на якую ўрываўся сцюдзёны вецер і сыпаў сухім калючым снегам. Снег сыпаўся і шархацеў па аб’явах, плакатах, па вялікім партрэце, дзе ў мярцвяна-сінім святле ўсміхаўся па-вар’яцку чалавек з чорнай пасмай на лбе. І тут, на слупах, вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. І дзве з іх, як вострыя змяіныя джалы, нацэліліся на два гарады, адны назвы якіх ахінаюць цеплынёй любое чалавечае сэрца, сэрца нашых людзей.

— Вось чаму вы радуецеся, гады! Вы, як змеі, наважыліся ўджаліць нас у самае сэрца. Не будзе гэтага! Не ўдасца вам, зялёным прыблудам!

Тут яму здалося, што нехта выгукнуў яго імя. Прыцішыў крокі, прыслухаўся. І ўжо выразна пачуў:

— Пачакай, Коля.

Голас такі блізкі, знаёмы, што ў яго аж скаланулася сэрца. Ён азірнуўся і заўважыў, што да яго сапраўды спяшаецца жанчына.

— Клічу, клічу, а ён нічога не чуе...

І тут жа:

— Вось і ўбачыліся. Чаму не вітаешся?

А ён стаяў здзіўлены і крышачку ўстрывожаны. Спытаўся:

— Надзя! Як ты трапіла сюды і чаго ты тут ходзіш?

— Па справах, Коля, па сваіх справах.

Ён абняў яе, прытуліў.

— Надзечка, я вельмі рад! Бачыш, справы пайшлі так, што мы і не пагаварылі як след пры сустрэчы ў нашай хаце.

Ён памкнуўся пацалаваць яе, але яна мякка і настойліва адхіліла яго.

— Не трэба... Ды нязручна на вуліцы, яшчэ хто ўбачыць. Пойдзем, Коля. Стаяць нельга, тут поблізу нямецкія вартавыя, яшчэ падумаюць ліха ведае што на нас з табой. Пойдзем вось па той вуліцы, там ціха, спакойна...

Яны пайшлі бакавой вуліцай. Драўляныя хаты, рэдкія камяніцы даўно ахінуліся начным змрокам.

— Цішэй, Коля, не рабі такога грукату сваімі ботамі, асцерагацца трэба.

— А што?

— Без прапускоў нельга хадзіць. Раней можна было, а цяпер яны лютуюць, ім у кожным чалавеку партызаны сняцца.

— Гэта добра, Надзя. Значыць, нашых баяцца. Вельмі добра.

— Вядома, баяцца. Але і нам рызыкаваць без патрэбы не варта. А я вось, Коля, так спяшалася, каб сустрэцца з табой ды пагаварыць аб усім. Маці твая плача. Аб нечым гаворыць, намякае, а сама ўся ў слязах. Нічога я не разумею. Усё спрачалася з ёю, каб яна і ў думках не пасмела. Ды што я кажу, аб гэтым не варта нават думаць. Ды проста немагчыма. Не, не, не... Ну, давай вось пройдзем яшчэ па той вуліцы, потым назад. Мы яшчэ нагаворымся аб усім, аб усім. Так, Мікалай?

Відаць, і Харошаву хацелася як мага прадоўжыць шчаслівыя мінуты спаткання, каб нічым, нічым не пашкодзіць яго радасці. Так жадалася вярнуць зноў усё пражытае, былое, калі можна было хадзіць з ёю па гэтых вуліцах, марыць, захапляцца ўсякімі планамі на будучыню, спрачацца з ёю, спрачацца весела, заўзята, бо самі спрэчкі былі звязаны з марамі, з іх смелымі палётамі ў будучыню. За кароткі час ён прайшоў шлях ад фабзайца да інжынера-паравозніка. І з той жа страсцю, з тым жа захапленнем, з якім некалі, будучы фабзайцам, майстраваў адмысловы цыркуль альбо які-небудзь складаны ключ, ён аддаваўся цяпер паравознай справе.

Ён любіў тэхніку, любіў гаварыць аб ёй. І калі ў гутарцы, часам залішне разышоўшыся па якой-небудзь тэхнічнай дэталі або ідэі, ён заўважаў, як пачынае пазяхаць яго Надзя, з дакорам кідаў:

— Эх ты, медыцына!

Тая ўспыхвала, як салома.

— Што гэта значыць?

— Ну ты падумай: я ёй гавару, гавару, рассыпаю перлы, а ёй хоць бы што.

— Мне здаецца, Мікалай, што ты крыху фетышызуеш сваю тэхніку.

Спрэчкі канчаліся заўсёды добрым мірам. І абодва гаварылі аб любві, аб вялікай любві да чалавека, якой некалі ўсё падпарадкуецца на свеце.

І часам з завоблачных вышынь, з светлых мар аб будучыні чалавецтва яны вярталіся да сённяшняга, да звычайнага, і проста пыталіся адзін у аднаго: а калі мы ўрэшце будзем жыць пад адным дахам? І Надзя адказвала:

— Вось як скончу інстытут. Ты будзеш лячыць свае паравозы, а я буду лячыць людзей, якія даюць сілу тваім паравозам...

І сарамлівы пацалунак, звычайны пацалунак — хіба ж ён звычайны? — варочаў іх на зямлю.

І вось усё гэта мінулася. Прайшло, хоць было так нядаўна, усяго некалькі месяцаў. Нібы шэрая пеляна апусцілася на зямлю, прыглушыла ўсе яе гукі, пачарніла ўсе яе фарбы, скавала, замарозіла ўсякі рух. І да болю, да крыві сціснула тваё сэрца жалезнымі абцугамі, на словы, на думкі палажыла замок, у позірк вачэй тваіх пасяліла трывогу. Надзя пытае:

— Коля мой родненькі, ну скажы мне, прызнайся, а ці праўда, што маці твая мне гаворыць? Яна думае, што ты пойдзеш на працу ў дэпо.

І яна чакала адказу, моцна сціснуўшы ў сваёй далоні яго руку.

— Ты ведаеш, Надзя, мне цяжка, вельмі цяжка адказаць на тваё пытанне.

— Цяжка сказаць праўду?

— Не. Не ў гэтым справа, Надзя. Але бывае і так, бываюць, бачыш, такія выпадкі, такія выключныя ўмовы, калі не скажаш і праўды.

— Нешта я зусім цябе не разумею. Мы заўсёды гаворым адзін аднаму праўду. Мы не можам іначай.

— Што ж, я скажу табе праўду. Але ты павінна зразумець, што гэтая праўда будзе крышку асаблівай і даведацца аб ёй табе будзе цяжка. Ты зразумееш яе толькі калі-небудзь, ну, потым, пасля... Тое, што гаварыла табе маці, праўда...

Яна здрыганулася ўсёй сваёй істотай, крыху адхілілася ад яго, выпусціла з гарачай далоні яго руку.

— Ну, гавары, гавары...

— Што гаварыць, Надзя? Іду я на работу ў дэпо. Але я сказаў табе ўжо, што ты зразумееш усё гэта некалі, потым, пасля. І папрашу цябе толькі аб адным...— Ён паспрабаваў узяць яе за руку, але рука і ўся яе постаць рэзка адхілілася ад яго.— Так, прашу аб адным: я той жа Мікалай, якім ведала ты мяне ўвесь час, я таксама ж люблю цябе, як і раней...

І ён адчуваў, як, перамагаючы сябе, каб не закрычаць, яна кінула яму некалькі абрывістых слоў, якія, каб змаглі, спапялілі б яго:

— Які жа ты... нягоднік!

І нічога не сказаўшы болей, не чакаючы яго слоў, апраўданняў, яна рашуча павярнулася і пайшла, прыскорваючы хаду, знікаючы ў халодным змроку ночы.

Аслабелы, спустошаны, ён пайшоў паволі, падстаўляючы парывістаму ветру разгарачаны твар, нібы хочучы астудзіць думкі, сваё сэрца.

На вуліцы стаяла цішыня. З бліжэйшай хаты чуваць быў надрыўны плач дзіцяці — праз сцяну далёкі, нерэальны. Ды з цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Дзесьці кружыў самалёт, то аддаляючыся, то набліжаючыся. Гарадок, прытоены, маўчаў.

 

6

Аблава на бальніцу была праведзена ў самы дзень. Паліцаі ператрэслі ўсе ложкі, скідалі хворых на падлогу. Кох з Вейсам кінуліся ў жылы будынак. Перарылі ўсе кватэры, сагнаўшы жыхароў у цесны пакойчык. Потым падаліся ў барак, які стаяў воддаль ад бальніцы. Але даведаўшыся, што там ляжаць заразныя хворыя, загадалі салдатам падпаліць яго. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць хворыя, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Перапужаная, збялелая, да барака падбегла Антаніна Паўлаўна.

— Стойце, стойце, што вы робіце?! Тут хворыя.

— Назад! — крыкнулі ёй азвярэлыя салдаты. Але рухавы Кох, забягаючы збоку, крыкнуў ёй:

— Стой!

Падбегшы да яе і ўзіраючыся ў твар, ён спяшаючыся запытаўся:

— Дзе камісары?

Антаніна Паўлаўна стаяла на месцы, разгубленая, уражаная стогнамі хворых, якія даносіліся ад пажарышча.

— Адказвай хутчэй! Не спадзявайся, што яны ўцякуць, пакуль ты будзеш маўчаць. Хутчэй, хутчэй!

— Я не ведаю, аб чым вы пытаецеся.

— Аб камісарах. Дзе схаваны яны?

— Выбачайце, я не ведаю ніякіх камісараў. Урэшце, што вам трэба?

— Дзе галоўны доктар?

— Доктар выехаў у камандзіроўку. Яшчэ раніцай.

— Куды?

— Я не ведаю, пан афіцэр. Ён начальнікам над бальніцай і не заўсёды гаворыць нам, куды выязджае.

Яе адвялі ў прыёмную бальніцы. Паліцаі перагортвалі кнігі запісу.

— Хто выпісваў хворых?

— Я выпісваю...

— Хто яны і дзе падзеліся выпісаныя?

— Я не ведаю, хто яны. Лячыліся ў нас, ачунялі, выпісаліся, як заўсёды бывае. А дзе яны цяпер, я ж не ведаю.

І яна змоўкла. Змоўк на якую хвіліну і Кох. Ён збіраўся прыстрэліць гэтую ўпартую жанчыну, але, калі зайшоў Вейс, ён перадумаў. Вобыск хутка закончылі. Атрад гітлераўцаў падаўся ў горад, захапіўшы з сабой Антаніну Паўлаўну і некалькі чалавек, на якіх паказаў, як на падазроных, паліцай з хворых.

Над бальніцай калыхалася зарыва: гарэў заразны барак. Перапалоханыя сёстры, санітаркі, Анісім-вартаўнік ды некалькі дужэйшых хворых спрабавалі тушыць пажар. Але барак гарэў як свечка, да яго немагчыма было падступіцца.

 

7

Спробы Слімака натрапіць на верны след не мелі ніякіх вынікаў. Усе недаверліва паглядалі на збіты твар, выказвалі спачуванне. Але калі толькі ён запытваўся, а як знайсці дарогу да партызан,— гэта ж нашы слаўныя абаронцы! — людзі як бы набіралі вады ў рот, а калі і адказвалі, то ўсе аднолькава: не бачылі, не чулі, дзе яны тыя партызаны ходзяць. Некаторыя гаварылі:

— А хіба ў горадзе няма партызанаў? Кажуць, у горадзе дык вельмі часта то ўзрыў, то пажар, часам салдатаў забіваюць. Няйначай партызаны. Мы гэта дык і падумалі пра вас: вось партызан з горада. І стараста наш так і кажа: вы цікуйце за гэтым чалавекам, ён нейкі падазроны.

Слімак у такіх выпадках адчайна аднекваўся.

— Што вы, што вы! Не маю я ніякага дачынення да тых людзей.

— А чаму вы пытаецеся дарогі да партызан?

І збіты з тропу Слімак, напалоханы не на жарт, хуценька браўся за шапку, спрытна падаваўся з няветлівай вёскі.

— Яшчэ падумаюць, ліха на іх, што я падбухторваю ў партызаны... Перададуць гітлераўцам, ды не тым, што мяне пасылалі, дужа яны будуць разбірацца тады, чаго гэта я бадзяюся па вёсках.

Ён яшчэ пахадзіў колькі дзён па вёсках, зусім нездаволены вынікамі свайго пакутнага паходу, калі нечакана натрапіў, як яму думалася, на верны след. Зайшоў неяк у першую, трапіўшую яму на вока, хату, каб папрасіць для прыліку вады напіцца, а калі пашанцуе, то і падсілкавацца. У хаце коўзалася па падлозе некалькі малых, адразу прыціхшых, калі ўбачылі незнаёмага чалавека. Старая жанчына паднесла яму кубак вады. Слімак піў нехаця, урэшце не вытрываў, запытаўся:

— Можа б, вы, цётухна, чаго гарачага мне далі? Вельмі здарожыўся я.

Тая паглядзела на яго ўважліва, запытала:

— А скуль вы ідзяце так, вельмі выгляд у вас змарнелы. Гляджу і дзіўлюся, чалавек так счарнеў. Нездарма, відаць, гэта?

— І не кажыце. З горада іду... У белы свет іду, ад крыўды ратунку шукаю. Бачыце, як распісалі мяне. Фашысты, маці, распісалі, так упрыгожылі, што і родная жонка не пазнала б.

І тут зірнуў на старую, прыгледзеўся да яе. Тая, таксама пазірала на яго ўважліва, насцярожліва.

— Нешта мне твар ваш здаецца знаёмы. Нібыта бачыла дзе.

Ён зірнуў яшчэ раз на яе, на малых. Тыя спачатку зашыліся за печ, але, бачачы, што незнаёмы мірна гаворыць з бабуляй ды яшчэ есці просіць, павылазілі адтуль і ўжо стаялі супроць яго, гледзячы ў вочы. І тут раптам аж прасвятлеў, так зрабілася яму лёгка, нібы скінуў які цяжар з плеч. «Знайшоў вось след, самы верны след. А я шукаў!» — мільганула маланкай думка. І запытаўся:

— А вы так і не выехалі?

— Як гэта не выехала? Я ж жыву тут, як нарадзілася, з таго часу і жыву тут... Куды мне ехаць на старасці год?

— Гэта правільна кажаце. Але я пра дзетак пытаюся. Іх жа вывозілі, здаецца, у эвакуацыю?

Жанчына глядзела на яго, не разумеючы, куды і да чаго хіліць чалавек.

— Дзеці? Дзеці пры мне жывуць. Дзе я, там і дзеці... Як жа іначай?

— Вядома... Яно так і павінна быць. Але не здзіўляйцеся, калі я скажу, што ведаю вас. Вы маці Мірона Іванавіча.

— Ну, маці. Адкуль вы ведаеце мяне?

— Ды я неяк на заводзе быў па справах. Новыя пашпарты рабочым наша міліцыя выдавала, а вы ў госці прыязджалі да сына.

— Правільна кажаце, была я тады, наведвала. Я цяпер і вас успамінаю; вы, няйначай, у міліцыі служылі?

— Дальбог угадалі.

— Дык сядайце. Загаварылася вось, а вы ж галодны зусім.

Старая завінулася ля печы. Малыя акружылі чалавека, цікавалі. Меншы, хлапчук гадоў чатырох, падышоў зусім блізка, паляпаў яго па калене і важна, пазіраючы сінімі вачыма, запытаўся:

— Ты, дзядзя, фашыстаў баішся?

— Баюся, сынок.

— А я не...

— Чаму ты не баішся іх?

— А мой татка ў Чырвонай Арміі. Ён на вайну пайшоў з фашыстамі біцца. Ён ім дасць...

Ставячы талерку на стол, старая не то жартам, не то ўсур’ёз накінулася на малога:

— Пайшоў, пайшоў, не замінай дзядзьку есці! — І ўжо да Слімака: — Бяда з ім. Вярзе часам несусвеціцу, не да ладу. Тут паліцаі гэтымі днямі былі, жыта бралі. Дык ён і ў іх пра фашыстаў пытаецца ды тайком выхваляецца, што бацька ў Чырвонай Арміі. А хто цяпер не ў Чырвонай Арміі? Яшчэ добра, калі ў паліцая які розум ёсць, а другі можа і вызверыцца.

Слімак слухаў і еў. Усё думаў, ці то старая прыкідваецца, намякаючы на Чырвоную Армію, ці яна і сапраўды не ведае, дзе знаходзіцца цяпер яе сын, Мірон.

— І даўно вы бачылі яго?

— Як пайшоў у армію, так і няма. І хоць бы вестка якая аб ім.

— Шкада, вельмі шкада. Я ж, бачыце, чуў, што Мірон Іванавіч у партызанах, нібы ён нават камандуе імі.

— Што вы, што вы. Не кажыце хоць пры дзецях так, яны і сапраўды могуць падумаць, што бацька дзе-небудзь у лесе. Яшчэ плявузгаць будуць, а якое дурное вуха пачуе, дык прыкрасці ўсякай ад немцаў не абярэшся.

Слімак еў і думаў аб сваіх няўдачах. Па ўсім відаць, што старая і сапраўды нічога не ведае пра сына.

Развітаўся Слімак і пайшоў не солана хлябаўшы. Усё думаў, гадаў, як жа ён выберацца з усёй гэтай напасці.

 

8

Прыход Канстанціна Сяргеевіча Заслонава ператварыўся ў цэлую падзею ў дэпо. Аб гэтым толькі і гаварылі рабочыя. Думалі, гадалі, як здарылася, каб такі чалавек падаўся на службу да немцаў. Грымеў раней на ўсю чыгунку як адзін з найлепшых інжынераў. Яго дэпо ставілі ў прыклад усім. Рабочыя дэпо былі першыя ў спаборніцтвах на дарозе.

Чмаруцька, які не раз хваліўся раней свайму прыяцелю Савелічу ім, Заслонавым,— вось быў, брат, начальнік дык начальнік! — цяпер чухаў вінавата патыліцу, пускаўся ў здагадкі.

— Прадаўся, гад... Гэта трэба, з чалавекам жылі, працавалі, з аднаго куска, можна сказаць, кусалі, а душы ягонай — ды ці ёсць душа ў такіх гадаў? — селязёнкі яго так і не раскусілі.

— Пажывём — пабачым,— неазначальна адказваў Савеліч.— І табе, Чмаруцька, не раіў бы раней часу малоць усякую лухту. Мы з табой нічога не ведаем. А па-другое, і мы з табой, выходзіць, да фашыста падаліся...

— Параўнаў, можна сказаць, гуся з жабай. Мяне фашысты за каршэнь сюды прыцягнулі. На мяне вінтоўку настаўлялі, працуй, кажуць, а то прыстрэлім... Я ім напрацую, аднак. А тут малады яшчэ чалавек...

— А ты не кіпяціся!

— Ды што ты мяне вучыш? Як на мой розум, такога чалавека пры зручным выпадку... за каўнер ды...

— Кінь малоць, дурніца, падслухае яшчэ хто.

Але яшчэ больш, чым рабочыя, здзівіліся з’яўленню Заслонава ў канторы. Шмульке, які гаварыў з шэфам дэпо, заўважыўшы перад сабой Заслонава, да таго разгубіўся спачатку, што аж прывітаўся з ім па-старому:

— Добрага дня вам, таварыш начальнік.

— Добры дзень, добры дзень... пан Шмульке.

Шмульке пачырванеў. Збіты з панталыку, кінуўся быў прапанаваць Заслонаву крэсла, каб прысеў той, але, заўважыўшы здзіўлены позірк Штрыпке, спыніўся на паўкроку і стаяў, не ведаючы, што рабіць, што падумаць з прычыны такіх здарэнняў.

— Хто такі? — раздражнёна запытаўся Штрыпке.

— Гэта... гэта... былы начальнік дэпо. Інжынер Заслонаў.

— Ого! — аж прыўскочыў тут шэф і, непрыязна пазіраючы на Шмульке, запытаўся ў яго:

— Па якіх справах з’явіўся ён?

— Скажыце вашаму начальніку, што я прыйшоў на работу. Аднак дзе ваша ветлівасць, пан Шмульке? Не запрашаеце нават прысесці.

— Так, так, выбачайце, прашу...— І калі той сеў, пачаў тлумачыць пану шэфу ўсю справу. Гаварыў, заікаўся, нешта блытаў. Голас яго пры гэтым дрыжаў, зрываўся.

— Чаго вы хвалюецеся, аднак? — рэзка запытаў яго шэф.

— Ды гэта, бачыце, такая незвычайная справа...

Штрыпке пазваніў па тэлефоне Вейсу.

— Цудо-оў-на! Зараз прыходзьце з ім у камендатуру. Чым болей такіх рускіх будзе працаваць на нас, тым будзе лепей.

Праз колькі хвілін Канстанцін Сяргеевіч быў у кабінеце каменданта. Вейс уважліва прыглядаўся да яго форменкі, да рук — ён вельмі не любіў пляскатых далоней, пляскатых рабочых пальцаў, усіх гэтых адзнак плебеяў, намагаўся спыніць свае льдзінкі на позірку вачэй гэтага чалавека. Заслонаў глядзеў, аднак, на яго, не губляўся, трымаўся сціпла, але не было ў яго той угодлівасці, украдлівай ліслівасці, з якой прыходзіў некалі да яго Клопікаў.

— Камуніст? — запытаўся Вейс.

— Савецкі інжынер...— крыху ўхіліўшыся ад рубам пастаўленага пытання, адказаў Заслонаў.

— Праўда? Вы-ы, відаць, працавалі з ім? — запытаўся Вейс у Шмульке.

— О-о... так, так. Ён савецкі інжынер. Выдатны інжынер. Асмелюся сказаць, парадак у яго ў дэпо быў узорны, хоць інжынер афіцыйна і не быў камуністам.

— Па-вашаму, толькі камуністы і могуць падтрымліваць узорны парадак, выдатна працаваць? Так я зразумеў вас, Шмульке?

— Не, не, пан камендант. Я гавару пра яго як пра інжынера, што ён сапраўды разумеў сваю справу.

— Вы разумееце нямецкую мову? — запытаўся Вейс.

— Вывучаў. Крыху разумею, але не настолькі, каб свабодна гаварыць.

— Та-а-ак... Добра! — І Вейс углядаўся ў яго і, барабанячы пальцамі па стале, усё прыдумваў, як бы яму зручней разгадаць гэтага чалавека, залезці ў яго душу.

— Мне званілі пра вас з біржы працы. Сказалі, што вы з’явіцеся на работу. Далажылі аб вашым мінулым. Вы ўзарвалі дэпо? — раптам выпаліў Вейс, думаючы збіць чалавека з ног, абяззброіць і, выкарыстаўшы замяшанне, разгубленасць, выявіць яго сутнасць, усе яго вартасці, яго сапраўдныя намеры.

— Я ўзарваў.

— Устаць! Як жа вы асмеліліся пасля гэтага з’явіцца да мяне ў камендатуру? Як вы адважыліся абражаць нямецкую армію, прапануючы свае паслугі? Ды я загадаю расстраляць вас, як ворага Германіі.

— Выбачайце, пан камендант, але я як інжынер прывык гаварыць і слухаць у больш спакойнай, больш нармальнай манеры.

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Я хачу сказаць, што, відаць, памыліўся, пайшоўшы да вас пасля таго, як прачытаў аб’яву нямецкага камандавання аб звароце на работу ўсіх былых служачых і інжынераў чыгункі. Там гарантавалася работа кожнаму, хто лаяльна паставіцца да германскай дзяржавы, незалежна ад былых сваіх пераконанняў і незалежна нават ад партыйнай прыналежнасці.

— Гм... Добрая лаяльнасць. Узарваў дэпо, зруйнаваў чыгунку і ён — бачыце вы яго — лаяльны. Цу-удоўна! Як вы лічыце, пан Штрыпке, пан Шмульке?

Яны адказалі невыразным: о так, та-а-ак...

— Я не маю і не бачу патрэбы апраўдваць сябе ў сувязі з узрывам. Гэта звычайнае мерапрыемства савецкага камандавання ў ваенных абставінах. Мне загадана было ўзарваць дэпо. І каб я парушыў загад і не выканаў яго, я не меў бы гонару на сённяшні дзень размаўляць з вамі. Мяне проста расстралялі б, як расстрэльваюць кожнага, хто парушае ваенны загад.

— Та-ак, та-ак...— Вейс ужо не барабаніў, а дробна перабіраў пальцамі па стале. Ён думаў, натужна думаў. Яму да зарэзу патрэбны былі інжынеры. Апошні довад быў просты і пераканальны.

— Бадай, што вы правы тут. Сядайце. Што вы скажаце на гэта, пан Шмульке? Я пытаюся ў вас, што было б з панам інжынерам, каб ён не ўзарваў дэпо?

— Яго, зразумела, расстралялі б. О, бальшавікі не любяць жартаваць з такімі людзьмі.

— Годзе, годзе... Вы зноў за сваё. Аднак пакінем гаварыць аб гэтым. Я хачу толькі задаць пану Заслонаву яшчэ некалькі пытанняў. Як вядома, пан Заслонаў быў эвакуіраван. Якім чынам ён раптам апынуўся тут?

— Так, я быў эвакуіраван. Але наш эшалон адрэзала германская армія.

— О, та-а-ак, так. О, наша армія! Ад яе ніхто не ўцячэ і не схаваецца! Як жа вы думаеце працаваць у нас, калі вы падтрымлівалі зусім другую палітыку?

— Я не палітык, пан камендант. Гэта не мая справа. Мая палітыка — паравозы. Маё жыццё — паравозы. Мая справа — паравозы. Маёй любімай справе перашкодзіла вайна. Ніякая другая работа не можа мяне задаволіць. Вось і ўся мая палітыка.

— Аднак вы лічыліся нядрэнным інжынерам. Не будучы палітыкам, вы былі начальнікам аднаго з лепшых дэпо.

— Так, так, пан камендант, яго нават прэміравалі,— умяшаўся Шмульке, каб хаця як-небудзь падтрымаць свой аўтарытэт у вачах начальства.

— Пан Шмульке гаворыць праўду. Я сапраўды быў прэміраваны, і не раз. За што? За выдатную работу. Люблю працаваць, бо за добрую працу добра і плацяць.

— Ну, добра. Я думаю,— урачыста абвясціў Вейс, узняўшыся ў крэсле, каб паказаць, што аўдыенцыя канчаецца,— мы маем поўныя магчымасці даць пану Заслонаву работу ў дэпо. Вы, пан Штрыпке, можаце прыняць яго на работу, у вас жа там усюды не хапае рабочых: і ў дэпо і на вугальным складзе. Залічыце пана Заслонава рабочым.

Заслонаў перабіў яго:

— Прашу выбачэння, пан камендант, што залішне патурбаваў і адняў дарагі для вас час. Бачыце, рабочым я магу быць усюды. Рабочым магу зрабіцца і праз біржу працы. Я думаў, што ў вас ёсць патрэба ў інжынерах, як пішацца аб гэтым у аб’явах. Але ў вас гэтай патрэбы няма, як відаць з нашай гутаркі. Яшчэ раз прашу прабачэння за турбацыю. А свае паслугі вымушаны прапанаваць непасрэдна дэпартаменту ўсходніх дарог, дзе, я ведаю, адчуваецца патрэба ў інжынерах. Дазвольце пайсці, пан камендант.

Вейс глядзеў на яго і хмурыўся. Вядома, ён мог і прыкрыкнуць на гэтага чалавека, які наважыўся пярэчыць яму, асмеліўся нават перабіваць яго. Але ўваччу яго вырасталі непрыглядныя эпізоды, якія наглядаў ён на станцыі, катастрафічны недахоп паравозаў, з-за якога прастойвалі эшалоны, неразбярыха ў дэпо.

— Як у вас, пан Штрыпке, справа з інжынерам?

— О, вы пытаецеся! У мяне няма начальніка паравозных брыгад. Маю на ўвазе рускія брыгады.

І звярнуўшыся да Заслонава:

— Вы, пан інжынер, не зусім разумееце добры жарт.

— Я люблю і паважаю добрыя жарты.

— Вось гэта і добра. Я пажартаваў. Вы прызначаецеся ў дэпо інжынерам. З панам Штрыпке ўдакладніце вашу пасаду. Але я павінен вас папярэдзіць: мы патрабуем сумленнай і дакладнай работы. Мы не пацерпім сабатажу.

— Павінен яшчэ раз сказаць вам, што люблю работу, работу прыкладную, бездакорную. Абяцаю вам, пан камендант, што мая работа дасць адчувальныя вынікі, вы не раз будзеце гаварыць аб ёй. Але я павінен дамовіцца з вамі і аб плаце за маю работу.

— О... Гэта дробязь. Аб гэтым вы дамовіцеся з панам Штрыпке...

— Гэта не дробязь, пан камендант. Я прывык за добрую работу атрымліваць і добрую плату. І я павінен дамовіцца, дакладна ведаць памер гэтай платы.

Вейс паправіў, пагладзіў далонню прычоску. Падмігнуўшы Штрыпке і Шмульке — а гэта рабіў ён толькі ў хвіліны выключна добрага настрою,— ён пусціўся ў вясёлы рогат.

— Як вам падабаецца гэты чалавек? Ха? О-о, мне падабаюцца людзі справы! Яны не пазбаўлены пачуцця гумару. Бачыце, ён патрабуе платы! Правільна патрабуе, нічога тут не скажаш. Так, так, так.

Дакладна дамовіўшыся аб сваіх абавязках, аб рабоце, Заслонаў выйшаў разам са сваімі новымі саслужыўцамі з камендатуры.

 

9

Прачнуўшыся пасля памятнай ночы з вечарынкай, Любка адчувала сябе вельмі кепска. Страшэнна балела галава, ва ўсім целе адчувалася вяласць, разбітасць. Як ні сілілася ўспомніць, што адбывалася на вечарынцы, хто там быў, што яна рабіла,— усё гэта ніяк не прыходзіла на памяць.

Але калі прачытала на другі дзень у мясцовай газетцы, што паліцыяй выкрыта ў бальніцы група людзей, якія хавалі савецкіх камісараў, Любка вельмі занепакоілася. Яна шмат што ўспомніла. Няясная трывога, якую намагалася яна ўвесь час заглушыць, пачала перарастаць у пэўную здагадку. Адразу пасля работы яна надумалася пайсці ў бальніцу, праведаць маці. У галаву лезлі розныя недарэчныя думкі. Неяк не па-людску ставіцца яна да свае сям’і. Любка і не памятае, каб яна калі добра пагаварыла з маці. Усё больш агрызалася на кожнае матчына слова, на кожную яе заўвагу.

Як пазнаёмілася Любка з Гансам, з таго часу ні разу бадай што і не наведала маці. Усё некалі было.

І хоць адчувала Любка, што былі матчыны папрокі зусім законныя, але ўсё шукала нейкага апраўдання сабе, сваім учынкам. Ну што з таго, што ёй падабаецца гэты афіцэр, што ён і сам ставіцца вельмі прыхільна да яе, любіць, робіць розныя падарункі? Тут няма нічога такога... непрыстойнага. Якая Любцы справа да яго службы? Яна не на яго службе. Яна працуе ва ўправе. Там і іншыя ёсць дзяўчаты, самыя звычайныя нашы дзяўчаты. Ну, некаторых біржа паслала. А што з таго, што яна сама туды пайшла? Там не рэжуць людзей, там няма нічога страшнага, чаго саромецца? Адно кепска: колькі яна піла за апошнія дні, гэта проста п’янства... Яна ніколі раней не рабіла гэтага. Ды і кепска, калі п’яная, кепска і, відаць, брыдка, калі хто ўбачыць.

Ішла, спяшалася Любка. Варушыліся пад мядзянай грыўкай няясныя, неспакойныя думкі. Не хацелася думаць аб тым, як жа сустрэне яе маці. Яна, відаць, ведае аб усім.

Але вось і бальніца. Сэрца неяк страпянулася, забілася часта-часта, калі Любка заўважыла поблізу вялізнае пажарышча. Крыху змянілася і сама бальніца. Сям-там не хапала аконных рам, а ў многіх вокнах шыбы былі пазатыканы падушкамі, коўдрамі.

Любка паднялася ўжо на ганак, як з дзвярэй выйшла знаёмая сястра. Прывітаўшыся з ёй, Любка спытала:

— Што гэта робіцца ў вас? А гэта? — кіўнула позіркам на пажарышча.

Тая паглядзела на Любку і, мармытнуўшы нешта пад нос, хуценька пабегла з ганка. Здзіўлена паціснуўшы плячамі, Любка зайшла ў бальніцу, заглянула ў некаторыя палаты — маці магла быць на абходзе хворых. У палатах быў страшэнны беспарадак і бязладдзе. Печы не палены, хворыя — іх было не так ужо багата, як раней,— ляжалі на ложках, укручаныя ў рызманы. Любка падалася ў прыёмную, спадзеючыся застаць там каго-небудзь з дактароў. Але там было пуста. На калідоры сустрэлася санітарка. Любка запыталася ў яе:

— Дзе ж доктар?

— Няма... Паехаў некуды...

— А маці?

Санітарка зірнула на яе, хацела, відаць, нешта сказаць, але адвярнулася і хуценька пайшла ў палату. Нікога з знаёмых Любцы не ўдалося напаткаць, і, абышоўшы яшчэ раз усе палаты, яна запыталася ў аднаго хворага, які сядзеў ля печы і намагаўся распаліць невялічкае цяпельца з трэсак. Няйначай збіраўся гатаваць чай, бо поплеч, на зэдліку, стаяў чайнік з вадой.

— Вы не ведаеце, дзе Антаніна Паўлаўна?

— А хто ты такая будзеш?

— Я дачка яе.

— Дачка?

Хворы нешта задужа старанна заняўся трэскамі, марудна раздзьмухваючы іх ды прыладжваючы закапцелы чайнік.

— Вы не адказалі мне...— напомніла яму Любка аб сабе.

— Дык, кажаш, дачка? Не ў вялікую радасць табе будзе, што я скажу. Бачыш пагром які ўчынілі тут.

— Хто?

— Вядома хто, тут і пытацца нечага. А Антаніну Паўлаўну арыштавалі. І яшчэ некаторых арыштавалі. Хворых некалькі.

Любка прысела на край ложка, нервовым рухам паправіла хустку на галаве. Голасам, які здаўся ёй чужы, перапытала яшчэ раз, прашаптала ледзь чутна:

— А за што?

— За што? Вось гэта мне дакладна невядома. Відаць, за справы якія. Можа, не патрапілі ім у чым. Ім цяжка патрапіць.

Любка маўчала, а хворы, сагрэўшыся крыху ля цяпельца, якое ўрэшце ўзгарэлася ў печы, паціху расказваў ёй аб усім: як наведаліся немцы, як перапаролі ўсіх хворых,— няйначай шукалі некага,— як падпалілі барак, як салдаты білі шыбы ў вокнах, як захапілі колькі чалавек і павезлі іх. А яны вось, што асталіся, думаюць падавацца па хатах, бо якое лячэнне цяпер тут, магіла адна.

Любка слухала абыякава, маўкліва сачыла, як патрэсквала ў печы, як усхадзілася на чайніку вечка, заскакала, забразгацела.

Так жа моўчкі, не развітаўшыся, Любка паднялася з ложка — ногі здаліся цяжкія-цяжкія — і пайшла з палаты.

На дварэ ўжо змяркалася. Бальнічная кватэра, дзе жыла раней Любка, стаяла пустой, з насцеж адчыненымі дзвярыма. У пакоях было заснежана. Густы іней звісаў са столі, укрываў усе рэчы. Было зябка тут, непрытульна. Любка падалася да варот. Прыхілілася да слупа, каб хвілінку пастаяць, сабрацца з думкамі, з сіламі,— было цяжка ісці, так аслабела, знясілела.

З ношкай дроў праходзіў Анісім, відаць, нёс у бальніцу, каб сагрэць крыху хворых. Заўважыў яе і, прыгледзеўшыся, пазнаў. Ён і раней не досыць ветліва гаварыў з ёй, недалюбліваў. А цяпер зірнуў у самы твар, прыпыніўся, загаварыў абразліва, калюча:

— А ты чаго тут?

Кінуў ношку дроў на зямлю. У голасе яго адчулася яўная пагроза:

— Чаго бадзяешся тут, паганюка? Ідзі, ідзі адсюль, а то вазьму вось палена, дык усе сукі паабіваю аб твой хрыбет...

І калі яна выйшла за вароты, да яе даносіўся ўсё яго голас:

— Іш, сука паганая! Шалахвостка!

Яна падалася на дарогу. Шэры змрок ахінаў зямлю. Навакол было ціха.

Шэры змрок ахінаў чалавечую душу.

 

10

У зямлянцы бацькі Мірона — так празвалі Мірона Іванавіча партызаны і навакольнае насельніцтва — адбылося кароткае пасяджэнне падпольнага райкома партыі. На ім зачыталі пісьмо, атрыманае з ЦК. Яго прынёс з горада сувязны з дэпо, вельмі малады яшчэ і не па гадах сур’ёзны хлопец. Гэта быў камсамолец Чычын Васіль, сын паравознага машыніста. Ён ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Бацька Мірон перакінуўся з ім некалькімі кароткімі словамі: што робіць бацька, чаму не на паравозе, што там робіцца ў дэпо.

Васька Чычын адказваў скупа, немнагаслоўна:

— Жывём. Не давяраюць на пасажырскім. А на таварным — няма асаблівай ахвоты. Падаўся па слясарнай часці. А дэпо? Што ж... Працуюць. Кепска працуюць. Не работа, а смех гэта, па-нашаму...

— А ты што робіш?

— Я? Падсобным рабочым. Вучуся. На слесара думаю падавацца.

— Будзеш паравозы рамантаваць?

— Ведаеце нашы рамонты.

— Эх ты, Васька! Ідзі, брат, на кухню, няхай там падкормяць, нябось з харчамі ў вас тугавата.

— Харч не па рабочаму чалавеку. Не харч, а слёзы.

У пісьме было некалькі ўказанняў: не аслабляць работы на зімні час, пашыраць сувязі з насельніцтвам, не заседжвацца залішне ў лясах, актывізаваць баявую работу. І галоўнае — асноўную ўвагу на дарогі, на чыгунку. Перашкаджаць усімі сіламі нямецкаму наступленню на Маскву.

Пісьмо ўнесла яснасць у некаторыя пытанні. Сярод кіраўнікоў груп былі частыя спрэчкі аб далейшых формах работы. Нават Дубок, які ўсе летнія і асеннія месяцы не знаў ні днём, ні ноччу спакою і заўсёды знаходзіў сабе работу па характару, як ён казаў, цяпер засумаваў крыху і ўсё часцей і часцей успамінаў сваіх баявых сапёраў:

— Вось дзе работка была, дык работка, сукі-тапорыкі!

І, уздыхнуўшы, дадаваў:

— А тут што я такое? Учора падрыўнік, заўчора аўтаматчык, а сягоння на ваенкамат ператварыўся.

Ён намякаў на заданне, якое выконваў апошнімі днямі. Па вёсках было багата моладзі, якая не паспела прайсці мабілізацыі. Некалькі груп гэтай моладзі, ды і больш пажылых, не паспеўшых таксама ў свой час адмабілізавацца, было па іх жаданню перапраўлена за лінію фронту. Фронт праходзіў тут параўнальна недалёка з поўначы, у адлегласці якіх-небудзь соцень дзвюх кіламетраў. Дубок, добра выканаўшы сваё заданне, вярнуўся, аднак, сумны, нездаволены.

— Каб не дысцыпліна, таварыш камандзір,— шчыра прызнаўся ён Мірону,— то не вярнуўся б я ніколі.

Мірон улічваў і ведаў гэтыя настроі, змагаўся з імі, як мог. Пісьмо ЦК дало яму вялікую падтрымку, пазбавіла і самога ад некаторых сумненняў, якія непазбежны, калі на доўгі час адрываешся ад сваіх.

На райкоме ўдакладнілі абавязкі паасобных кіраўнікоў груп і — галоўнае — аформілі партыйную арганізацыю, палажылі пачатак камсамольскай.

Тут жа вырашылі прызначыць Блешчыка начальнікам штаба атрада, паколькі асаблівых спецыялістаў вайсковай справы ў атрадзе не было.

Паўла Дубка прызначылі камандзірам групы падрыўнікоў і даручылі яму весці іх падрыхтоўку.

Абмеркавалі таксама план бліжэйшых аперацый і ўсіх выступленняў партызан у сувязі з надыходзіўшай гадавінай Кастрычніка.

К пісьму ЦК была прыкладзена запіска аб групе інжынера Заслонава. У ёй было ўказанне аб патрэбнай яму дапамозе. Запіскі гэтай Мірон не палічыў патрэбным абвяшчаць раней часу.

Пасля пасяджэння падпольнага райкома Мірон паклікаў Надзю.

— Ну, як твае справы, разведчыца?

— Справы добра ідуць, Мірон Іванавіч. Усе вашы даручэнні выконваю.

— А чаго ты, дзяўчына, сумная такая? Гляджу на цябе каторы дзень і не пазнаю. Што за прычына?

— Мірон Іванавіч, ёсць тут гаварыць аб чым! Не такі ж час, каб вясёлым асабліва быць. Дзень пражыў і добра...

— Уга, куды ты, брат, хапіла! Не пазнаю, не пазнаю цябе. Не табе гэта гаварыць, і не тое гаворыш, аб чым думаеш. А думаеш ты аб тым, што мы ўсё перажывём. І думаеш ты аб тым, як найлепей пражыць кожны дзень. Так пражыць, каб вораг адчуваў, што мы такі жывём, што мы яго не толькі не баімся, а ён нас баяцца павінен, і такі баіцца. Хіба не думаеш ты так?

— Так, Мірон Іванавіч.

— Што гэта за песні ў цябе: дзень пражыць?

— Сумнавата крыху, Мірон Іванавіч. Калі не ўсё адбываецца так, як табе хочацца, як бы табе жадалася.

— А сказала б ты мне прасцей: па ім сумую.

— Не, Мірон Іванавіч. Не ў гэтым справа. Бачыла я яго.

— Бачыла? Ён жа там! — знарок наіўна перапытаў Мірон.

— І я так думала. Думала, марыла... А ён уцёк, няйначай, адтуль. Ён... ён у другую скуру пераапрануўся...— І на вачах дзяўчыны нагортваліся слёзы.— Ён да іх пайшоў, да фашыстаў. Ён апошняя гадзіна цяпер!

— А я і не ведаў.

— Вы павінны ведаць, Мірон Іванавіч, вы не можаце не ведаць. Такога нягодніка павінны ўсе цяпер ведаць. Я... Вось вы дайце мне заданне, Мірон Іванавіч, дык праз колькі дзён рабочыя зробяць, што трэба, як і з кожным.

— Аднак ты гарачая ў нас, Надзежда Астапаўна. Цябе б проста старшынёй спецыяльнага трыбунала прызначыць. Але я жартую, Надзя, не крыўдуй на мяне. А з усёй гэтай справай, аб якой ты гаварыла, давай пачакаем крыху. Прыгледзімся ды вывучым, як яно ды што там такое. Прыкінем з усіх бакоў...

— Нешта я не пазнаю вас, Мірон Іванавіч. Вы зусім іначай робіце ў такіх выпадках. Справа тут такая ясная, якое тут вывучэнне?

— Ты любіш яго? Выбачай, любіла?

Надзя памаўчала з хвіліну, адвярнулася, уздыхнула. Прашаптала ледзь чутна:

— Пры чым усё гэта? Ну, любіла...

— Дык вось што, Надзя, давай умовімся: выкінем мы ўсе яго з нашых сэрцаў, і ты, зразумела, у першую чаргу. Быў чалавек і як бы не стала. Кінем думаць аб ім, бо гэта можа крыху шкодзіць нашай справе. А гарачыцца тут не трэба. І неабдуманых учынкаў рабіць таксама не варта. А там будзем бачыць. А цяпер у мяне важнае будзе даручэнне. Добра было б давесці да канца адну справу, якую ты распачынала. Выратавала ты некалі камісара Андрэева. Дык вось і правядзеш ты яго цяпер да Васіля Іванавіча Саколіча. Там яму работнікі такія патрэбны. Справа гэта сур’ёзная. Зоймешся ты ёй як след і... не будзе табе часу залішне думаць аб усякіх там Харошавых...

— Я заўсёды гатова, Мірон Іванавіч, выканаць любое ваша заданне.

— Добра! А то крышачку разгубілася ты ў мяне. Не, не, выбачай, проста выбіла цябе крыху з каляіны ўся гэтая гісторыя. Забыцца на яе трэба.

Мірон Іванавіч правёў цёплым позіркам дзяўчыну, якую заўсёды паважаў ён і па-бацькоўску любіў за яе сталы характар і за тое, што сур’ёзна ставілася да людзей і да кожнай справы.

 

11

З таго часу, як пачаў ачуньваць і станавіцца на ногі Блешчык, яго не пакідаў стан нейкага душэўнага здранцвення. Ён не цікавіўся асабліва сваім лёсам і безуважліва ставіўся да ўсяго, што звязана было з лячэннем, з папраўкай. Яго трывожыла думка аб сям’і. Доктар даведаўся пра яе лёс, але не хацеў трывожыць хворага, ускладняць стан яго здароўя, якое з вялікімі цяжкасцямі ішло на папраўку. І другім, каторыя ведалі пра сямейныя справы Блешчыка, было сурова загадана і знаку не падаваць аб тым, што ім вядома. Блешчык, прабыўшы колькі месяцаў у бальніцы, так і не даведаўся, што знаходзіцца блізка ад тых месц, дзе некалі быў не адзін раз са сваёй сям’ёй. І калі ён быў параўнальна безуважлівы да ўсяго, што тычылася самога, дык заўсёды ліхаманкава разгараліся вочы, калі пры ім гаварылі аб фашыстах. Ён ніяк не мог дараваць сабе той бесклапотнасці, якую ён праявіў ноччу, калі яго літаральна расстралялі ў машыне.

У першыя дні прабывання Блешчыка ў партызанскім атрадзе ад сустрэч з ім наўмысля ўхіляўся Сілівон Лагуцька. Але рана ці позна Блешчык павінен быў даведацца аб усім. І гэта адбылося неўзабаве. Неяк, знаёмячыся з усёй гаспадаркай атрада, ён абходзіў невялікі лагер, наведваў усе зямлянкі, правяраў каравульную службу.

Побач, на лясной палянцы, ён спаткаў доктара. Той нешта вымерваў на зямлі, запарушанай снегам, убіваў кіёчкі, уважліва прыглядаўся да бліжэйшых дрэў, відаць, да некага зварочваючыся, гаварыў уголас:

— Галоўнае, каб не дужа засціла. Хвораму патрэбна ў першую чаргу сонца, у другую чаргу — сонца і ў трэцюю — сонца.

Той, да каго зварочваўся ён, быў пажылым селянінам, калі меркаваць па сівой барадзе. Твару яго Блешчык не мог разглядзець, бо чалавек нешта корпаўся ў засені вялізнага, разгалістага дуба.

— Што вы тут, доктар, чаруеце?

— А, гэта вы! І вам патрэбна сонца, патрэбна, міленькі, а то вы ў мяне зусім завялі і душой і целам. Целам, целам у першую чаргу. А я не чарую, вось месца для шпіталя выбіраем.

— Хіба багата хворых, раненых?

— Нашто ж багата? Але мы павінны заўсёды пра здароўе дбаць. Ці мала чаго бывае ў ваеннай справе! І захварэць можа чалавек і параненым можа быць.

— Жывы заўсёды павінен пра жывое дбаць, так ужо спрадвеку ў нас заведзена. Вось у нас нават такая прыказка ёсць: «Паміраць збіраешся, а жыта сей».— І «інжынер» з рыдлёўкай у руцэ выйшаў з засені на сонечны прагал паляны. Блешчык зірнуў на яго і, нібы чым уражаны, здзіваваны, памкнуўся да чалавека.

Доктар, адчайна ўзмахнуўшы рукамі, сказаў яму:

— Мне з вамі, начальнік штаба, трэба было б пагаварыць наконт усякіх спраў, пойдзем у зямлянку!

— Пачакайце, пачакайце, адну хвіліначку! — І, пільна ўглядаючыся ў твар «інжынера», Блешчык запытаўся:

— Не магу я памыліцца... Ці не вас, Сілівон Сяргеевіч, бачу я?

Стары Лагуцька разгублена зняў шапку, пакамячыў яе і зноў надзеў.

— Ну, што тут таіцца, Андрэйка! Канечне, мяне, нікога іншага. Ну, здароў, братка! Як я рад, што ты ўрэшце ачуняў! — Стары нязграбна абняў яго, пацалаваў некалькі разоў.

— Як вы апынуліся тут?

— Як апынуўся? Усе мы, братка, апынемся тут. А куды і падавацца нам, як не сюды?

— А дзе Андрэй Сілівонавіч?

— А дзе яму быць? І ён тут. З намі старшыня калгаса... Там, братка, няма чаго рабіць нам. Яны нібы і не разганяюць калгаса, але ўжо той калгас не для нас. Хітруюць, бачыш, немцы, дбаюць, каб паболей для сябе загрэбці, а нас як бы на парабчанскую службу перавялі. А служба гэтая нам не падыходзіць. Зусім не падабаецца нам такая вакансія. Так мы з імі і разышліся, з немцамі... Яны самі па сабе, а мы таксама самі па сабе.

Стары змоўк, засяроджана ачышчаючы рыдлёўку ад наліплай зямлі і пажоўклага дубовага лісця.

— А дзе маці? — запытаўся Блешчык.

— Там яна ўжо...— праказаў стары.

— Дзе гэта там?

— Ды што тут сказаць табе? Таіцца перад табой няма ў мяне ніякай прычыны. Няма яе, жонкі мае. У жывых, кажу, няма. Забілі яе фашысты. Германская армія, бачыш, баялася, што калі будзе жыць яна, мая старая, то не будзе ім удачы, не будзе ім перамогі.

— Ды што вы кажаце, Сілівон Сяргеевіч! Ды пры чым тут яна? Чым мог перашкодзіць ім стары чалавек? — ужо з хваляваннем перапытаў Блешчык.

— Пры чым, пытаеш? Прычына, братка, была... Гэтая прычына ёсць. Ужо за адно тое забіваюць яны нас, што жывём мы, насуперак ім жывём, ды згоднай з імі думкі не маем. За тое і забіваюць.

Блешчык слухаў старога, і кожнае слова Сілівона нібы бліжэй і бліжэй ставіла яго да страшнай праўды жыцця. Адно толькі здзіўляла яго: хіба можна так гаварыць аб усім гэтым, так спакойна, абыякава, нібы расказваў Сілівон аб нечым, што пражыта і перажыта даўным-даўно. Ён не сцярпеў і перапытаў:

— Як гэта так? Яны забілі... А вы... Яна ж... Вы пражылі з ёй колькі дзесяткаў год... Хіба можна так абыякава ставіцца да ўсяго гэтага, калі вось расказваеце. Ды тут трэба свет ускалыхнуць, каб дрыжала ўсё, каб камяні крычалі, каб усюды, усюды людзі ведалі, які здзек робіцца з чалавека, у якіх звяроў ператварыліся немцы. Тут жа трэба, каб кожнае сэрца наша гарэла, ды так гарэла, каб у яго полымі спапялелі яны, усе гэтыя прыблуды, прагныя да нашай крыві.

— Гарэла, кажаш? Гэта ты правільна. Цябе, можа, здзіўляе, што ў мяне і слязы непрыкметна на воку. Не тоячыся скажу: выплакаў я свае слёзы. Не на людзях, канечне. Сорамна нашаму брату слязой умывацца. Карысці ад яе ніколі не пабачыш. А сэрца, братка, гарыць, не можа яно не гарэць. Але вось што я скажу табе: вазьмі ты дрэвы ў лесе, вось дуб гэты ды якое другое дрэва, вунь тую хвойку-сухадрэвіну. Прылажы ты да яе ў сухі дзень запалку — і хвойка ўспыхне ўся ад самай зямлі да макаўкі, аж да самага неба шугане полымем. А дыму колькі, а копаці, усю зямлю навакол пазасее попелам. Была хвойка і няма яе, як свечка, на тваіх вачах згарыць. А дуб вось гэты ты запальвай — не падпаліш, ты і добрым агнём яго не падпячэш. Як стаяў, так і стаяць будзе. На яго і маланка кідалася, бачыш, сукі абпаліла каторыя. А ён стаіць і стаіць, сотні год ужо стаіць ды кожную вясну кучаравіцца. А паглядзі, колькі дубкоў навакол, густым параснікам пабраліся. Сыны яго. Да чаго, аднак, гавару я гэта? Да таго, братка, каб не гарэць нам, як тыя сухадрэвіны, каб сэрцы нашы гарэлі, ды не перагарвалі. Каб гарэлі яны ясным агнём, ад якога будзе вельмі пякуча ворагам. Вось так і робім мы. І думкі ў нас такія... І справы нашыя такія.

Блешчык слухаў Сілівона і згаджаўся з яго думкамі, выказанымі ў не зусім трапных словах. І адчуўшы, што стары не гаворыць яму пра ўсё, што ён, відаць, нешта ўтойвае ад яго, ён нечакана запытаўся ў Сілівона:

— Можа, у вас, Сілівон Сяргеевіч, ёсць чуткі якія пра Ксаню, пра сям’ю маю?

Стары не адказаў адразу. Ён абвёў Блешчыка дапытлівым позіркам, спыніўся на вачах яго, якія гарэлі нясцерпным бляскам. І ціха — чуваць было, як цярушацца сняжынкі на голле маладых бярозак, як пара спазнелых дубовых лістоў з ледзь чутным шорхатам крануліся зямлі,— праказаў:

— Пра Ксаню пытаешся? Няма, братка, Ксані... Няма. Ты не хвалюйся, ты салдат. І ўсе мы цяпер салдаты. І дзеці нашы салдаты... Ты не хвалюйся, братка!

Адчуваючы, як балюча страпянулася сэрца і нібы спынілася на якую хвіліну, прагна ўдыхаючы паветра, Блешчык перапытаў збялелымі вуснамі. Перапытаў хутка, спяшаючыся, нібы баяўся ўпасці ў страшэнную бездань, чорную, халодную і пустую.

— А-а... Васілька?

— Жыў Васілька! Жыў унучак мой! — заспяшаўся Сілівон, каб хутчэй падтрымаць чалавека, не даць упасці яму, не даць згаснуць у сэрцы жывой цеплыні. І ўсё гаварыў, гаварыў: —Жыў Васілька, жыў. Такі, братка ты мой, унучак, не нарадавацца, не нацешыцца! Ім, братка, і жыву, ім і трымаюся. Не сіраты мы з табой, калі маем такога ваяку.

Блешчык слухаў, прагна ловячы кожнае слова. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі то нервова краталі шчаку, то сціскаліся ў кулак, то пагладжвалі цёмную сіняватую скуру пад вокам, якая торгалася часам у дробным ціку. Потым ён сарваўся рэзка з месца, пайшоў паміж дрэў, знік за густымі параснікамі дубняку. Агледзеўшыся і схапіўшыся за галаву рукамі, ён прыхіліўся да шурпатай хваіны, нібы зліўся з ёй на якую хвіліну. Усё збіраў думкі, якія разляталіся бязладным роем, куды каторая, без пуці, без кірунку. А хвоя шуміць і шуміць, ды павявае вецер над галавой. Цярушацца сняжынкі, цярушацца, бязгучна падаюць на зямлю, на голле, на струхлелае лясное пнеўе. А хвоя шуміць, шуміць, угамоньвае, супакойвае.

Сілівон не аклікаў, не перашкаджаў яму.

І калі падышоў да яго Блешчык, Сілівон паглядзеў яму проста ў вочы. Былі яны спакойныя. І спакойнымі, разважлівымі былі словы:

— Вы б расказалі мне, Сілівон Сяргеевіч, як гэта ўсё здарылася?

— А вось гэтага не трэба. Пасля, пасля. Навошта ж нам душы вярэдзіць?

— Ну, добра... Пасля...

Блешчык сутаргава схапіў руку старога.

— Ведаеце што? Мне хочацца вось сказаць вам... Былі мы з вамі да гэтага часу добрымі сваякамі. Так, добрымі сваякамі. Цяпер мы з вамі, Сілівон Сяргеевіч, не толькі сваякі, мы больш чым сваякі...

— Гэта ты правільна, сынок, зусім правільна,—адказаў задуменна стары.

 

 

12

Цягнік, які ішоў на Мінск, быў бітком набіты людзьмі. Ён нагадваў не то прыгарадны, не то колішнія, даўнія таварна-пасажырскія. Лепшыя вагоны заняты немцамі. У астатніх вагонах не павярнуцца. Праўда, некалькі купэ ў вагоне, у які ўдалося ўбіцца Надзі і Андрэеву, былі даволі свабодныя. Але калі нашы пасажыры памкнуліся зайсці туды, на іх сыкнулі:

— Куды прэцеся, не бачыце хіба?

П’яныя паліцаі гулялі ў карты, гарланілі песні. Некаторыя завінуліся:

— Куды гоніце дзяўчыну, у самы раз да кампаніі.

Але іх абарвалі:

— Якая там кампанія? Няйначай з бацькам едзе, з калекам, замінаць толькі будзе.

Надзя прымасцілася з камісарам у куточку ля акна.

У вагоне былі розныя людзі. Старая бабулька, якая абедзвюма рукамі трымалася за добра напакаваную торбу, усё зварочвалася да суседзяў:

— А я да сына, людцы, да сына.

Ёй ніхто не адказваў, але яна ўсё намагалася загаварыць.

— А я да сына, каторы ўжо тыдзень, як ён...— і шэптам: — У турме сядзіць... Як забралі...

— Ціха ты, бабка, знайшла аб чым гаварыць! — папікалі яе некаторыя.

— А што я такога? Я маці, дзеткі мае!

— Чуеце, чуеце, як народ пакутуе? Я і кажу вам, што адна нам дарога: толькі ў партызаны,— даволі гучна прамаўляў да купкі людзей чалавек у патрапаным шынялі.

— Мы вось аддамо цябе паліцаям, дык будзеш ведаць партызанскую агітацыю!

— Ага, баіцёся вы іх, баіцёся! А народ няхай пакутуе праз немцаў і паліцаяў! А вам да гэтага ніякай справы. Вам абы свае галовы зберагчы.

Людзі ў зашмальцаваных шынялях, у ватоўках, у звычайных сялянскіх світках слухалі моўчкі прамоўцу. Некаторыя ўздыхалі, але кожны імкнуўся чамусьці не глядзець у вочы гэтаму чалавеку, які ўжо задужа адкрыта, проста на віду ў паліцаяў, усё агітаваў за партызанскую справу.

У гэты час з купэ, дзе гарланілі п’яныя паліцаі, высунулася ўзлахмачаная галава. Ікнуўшы на ўвесь вагон, яна гучна паклікала:

— Міцька! Табе кажу ці каму другому? Вячэраць пара! Дзе гарэлку падзеў? Ну, дзе ты?

Адборная лаянка пракацілася па змрочным вагоне. Прамоўца, які толькі што папракаў усіх у нячуласці, у абыякавасці да партызанскіх спраў, раптам страціў голас і сядзеў, зашыўшыся за спіны. Але ўзлахмачаная галава заўважыла яго:

— Ну, чаго прытвараешся? Айда вячэраць! Там у цябе недзе гарэлка ў торбе. Айда, айда, яшчэ напрактыкуешся. Знайшоўся сышчык! Тут не паласуешся на партызанаў, ты іх у другім месцы шукай. Тут па прапусках едуць, народ свой, а ён, дурань, да іх пад'язджае.

«Партызанскі агітатар» змыўся ў адзін момант і знік у паліцэйскім купэ.

У вагоне паступова ўлагоджвалася цішыня. Засыналі п’яныя паліцаі. За акном вагона ціха калыхалася ноч. Па вагоне прайшла група нямецкіх салдат,— відаць, селі на чарговай станцыі. Яны прагрукацелі кованымі ботамі, тыцкалі ліхтарыкамі ў твары, незадаволеныя, прайшлі далей у пошуках лепшага вагона.

І зноў стала ціха. Толькі ленавата пастуквалі колы, ледзь пагойдваўся, паскрыпваў вагон ды сонны храп паволі варушыў зладжаную вагонную цішыню. Цягнік падоўгу прастойваў на станцыях, на паўстанках, прапускаючы сустрэчныя і тыя, што абганялі.

Надзя ўмясцілася аж пад самай столлю, на трэцяй паліцы.

Надзя чула потым праз сон нейкую невыразную мітусню ў вагоне, ускрыкі, хлопанне дзвярэй, нешта падобнае на звон упаўшага і разбітага шкла. Але, закалыханая вагонам і дрымотнымі думкамі, яна праспала ўсю ноч і прачнулася тады, калі ў скупым ранішнім святле відаць былі ўжо заспаныя пасажыры і кожны закутак вагона.

Некаторыя з пасажыраў неяк асабліва, мнагазначна пазіралі адзін на аднаго. Вяртлявы чалавечак, які выхваляўся яшчэ з вечара сваім камерцыйным спрытам, гаварыў да ўсіх з абурэннем:

— Гэта такая нахабнасць! Можна сказаць, на вачах усіх павыкідвалі за акно паліцаяў.

— Вы хіба бачылі?

— Не, што вы, грамадзянін! Вядома, ніхто з нас не бачыў, бо такая ж цемень у вагоне была. Ды каб хто бачыў, то... вядома... кожны з нас прыйшоў бы ім... на дапамогу...

— Каму гэта ім?

— Ну, што за пытанне, грамадзянін?! Канечне, ім, прадстаўнікам, так сказаць, службы парадку! Каму ж болей?

— А дзе ж падзеліся яны? — спытаўся нехта з дальняга кутка.

— Хто?

— Ну, тыя, што скідалі?

— О-о... Хіба яны будуць аставацца? Перад нейкай станцыяй саскочылі на хаду з цягніка, і след іх прастыў, бандытаў.

— Шкада, шкада.

— Чаго шкада?

— Што цябе, заразу, не скінулі тыя бандыты,— зноў данеслася з дальняга кутка, і сям-там пачуліся смешкі, жарты.

Вяртлявы чалавек адразу страціў спрыт, азірнуўся збянтэжана навакол, зябка паціснуў плячамі — у разбітыя вокны дзьмуў халодны вецер — і засяроджана пачаў корпацца ў сваіх пакунках.

— Далёка едзеце, паважаны? — запытаўся ў яго Андрэеў, надаючы свайму голасу ноткі спачування.

Вяртлявы чалавек, адчуўшы ў запытанні нешта падобнае на спагаду, уздыхнуў:

— Ах, грамадзянін,— выбачайце, не ведаю вас па імені і па бацюшку,— куды мы едзем? Цяжка і падумаць, куды мы едзем. Вось, здаецца, пачало ўсталёўвацца жыццё. Што ні кажыце, новыя часы, новы парадак. У самы б раз разумнаму чалавеку добрую ініцыятыву ў ход пусціць, скажам, па лініі прамысловасці, гандлю ці якога іншага інтарэсу. Карысная справа, тым больш для сябе — чалавек павінен заўсёды аб сабе дбаць — дык дзе вы бачылі! Усё неяк не ладзіцца, не шанцуе, адным словам.

— Чаму гэта не шанцуе?

— Ды, ведаеце, праз людзей усё. Такі народ ужо несвядомы, не разумее, ды, відаць, і разумець не хоча ні свае ні твае карысці. Ну, вядома, твае ў першую чаргу... Не разумее, урэшце, сітуацыі, не разумее, што бальшавізм, выбачайце, скончыўся, што скончыліся ўсе іх свабоды, як гэта гаворыцца, для ўсіх і кожнага.

— У чым вам не шанцуе?

— Бачыце, гэта доўга расказваць. Павінен вам сказаць, бацька мой да Саветаў вялікую камерцыю меў, ну і я, прызнацца, меў схільнасць да гэтай справы. Што ні кажыце, занятак пахвальны, карысны, патрэбны. Але, як вам вядома, не пры Саветах, паколькі гандаль там — дзяржаўная справа. І вось я працую цяпер у магістраце, па прамысловасці. Прыбралі да сваіх рук адну беспрытульную швейную фабрычку. Машыны дасталі, сукна навезлі — падрадзіліся шынялі і мундзіры шыць для нямецкай арміі. У самы б раз пусціць прадпрыемства на поўны ход. А інжынер наш — ну такі, здавалася, разумны, салідны чалавек — усё затрымліваў пуск, бачыце, канвеер наладжваў, каб большая рэнтабельнасць была з тым канвеерам. І наладзіў жа! Так наладзіў, што ад усяе фабрычкі асталіся ў нас толькі адны ўспаміны ды буйнейшыя непрыемнасці ад немцаў. Дачакаўся ён, пакуль завалілі мы сукном усю фабрыку, і ў адну, як гэта пішацца ў раманах, цу-у-доў-ную ноч занялася наша фабрыка агнём-полымем. Усё пайшло прахам: і надзеі нашы і прыбыткі. Падпаліў, разбойнік, і, як гэта пішацца ў тых жа раманах, адбыў у невядомым ні для нас, ні для немцаў кірунку... А з ім зніклі і рабочыя...

— Та-а-ак... Выпадак цяжкі і павучальны! — сур’ёзна прамовіў Андрэеў, хаваючы ўсмешку ў густых вусах, якія адпусціў за апошнія месяцы.

— Канечне, цяжкі... Цяпер вось, бачыце, еду ў Мінск, думаю ў камісарыяце дазволу дабіцца на аднаўленне гарбарні ў нашым гарадку. Скуры вырабляць будзем.

— А з каго лупіць будзеш тыя скуры? — раздаўся з дальняга кутка ўсё той жа насмешлівы голас.

Камерсант запнуўся на якую хвіліну.

— Ну вось бачыце! — ужо шэптам пачаў ён.— Куды ні паедзь, куды ні сунься, усюды нарвешся на гэтых...

Незадачлівы камерсант збіраўся гаварыць яшчэ далей, але ў гэты час у вагоне пачалася мітусня, пачуліся галасы: «Ачапляюць!» Цягнік, які загналі перад гэтым у невялікі тупічок, акружалі з усіх бакоў нямецкія салдаты.

«Аблава!» —праказаў нехта.

У вагон заявіўся нямецкі патруль на чале з афіцэрам.

— Устаць! — гаркнуў афіцэр.— Выходзь па адным з вагона.

Людзі заварушыліся, падаліся да дзвярэй. Пасажыраў выстройвалі ў адну шарэнгу перад вагонамі. Пачалася праверка дакументаў, прапускоў. Тлусты афіцэр, праходзячы ля шарэнгі выстраеных, грэблівым жэстам зрываў з некаторых шапкі, кідаў кароткі позірк на валасы. Тут жа некаторых адводзілі ўбок, бралі пад канвой.

— Вайскоўцаў шукаюць, беглых палонных,— шаптаў нехта збоку.

Яфрэйтар па камандзе афіцэра кідаўся да западазроных, хапаўся за ватнікі, за пінжакі, прынюхваўся, як сабака.

— Партызан! — люта сіпеў ён, і чалавека сілком цягнулі ўбок, ставілі ў асобную групу, якую ахоўваў узмоцнены канвой.

«Дакументы» ў Андрэева і ў Надзі былі ў поўным парадку, і іх хутка адпусцілі, дазволіўшы вярнуцца ў вагон.

 

13

Праз якую гадзіну поезд урэшце дабраўся да Мінска. Было ўжо каля паўдня. Трэба было перасаджвацца на другі цягнік, каб дабірацца бліжэй да Слуцка. Але аказалася, што цягнік пойдзе толькі праз дзень, трэба было шукаць якога часовага прытулку.

— Пойдзем да мае сястры, яна недалёчка тут жыве. У яе і пераначуем,— запрапанавала Надзя.

Калі прайшлі з пару кварталаў па горадзе, абодва раптам спыніліся. Так уразіла іх тое, што ўбачылі яны перад сабой на месцы былой галоўнай вуліцы горада. Як вокам кінуць, стаялі апаленыя руіны, напаўразбураныя сцены, вялізныя груды бітай цэглы, пакарэжанага жалеза і ўсякага друзу.

Трамвайныя рэйкі былі пагнуты, вывернуты ў некаторых месцах, правады абарваны. Некалькі вуліц Надзя і камісар ішлі моўчкі. І вось Надзя загаварыла, і ў голасе яе чуваць была яўная трывога:

— Бяда, Аляксандр Дзям’янавіч!

— Якая? — схамянуўся ён, зірнуўшы на дзяўчыну.

— Вось бачыце! — Яна сумна паказала на папялішча, якіх так багата было ў Мінску і якія нікога ўжо не маглі ні здзівіць ні ўразіць.

— Тут жыла сястра...— з сумам дадала Надзя.— Сястра мая, Галя...

Яны прайшлі некалькі разоў ля папялішча, прыпыніліся яшчэ на якую хвіліну на другім баку вуліцы. Але немец, вартавы, якога не заўважылі яны спачатку ў варотах дома, абыякава кінуў ім:

— Назад! Не спыняцца!

І яны пайшлі.

— Не зусім выпадае нам, Аляксандр Дзям’янавіч, залішне быць у фашыстаў на воку. Аднак пачакайце... Мы яшчэ паспрабуем прайсці ў адно месца. Там у мяне знаёмая рабочая сям’я жыве. Калі не выехала з горада, то прытулак нам будзе забяспечаны.

Хутка яны апынуліся на ўскрайнай вуліцы перад домікам, дзе жыў Ігнат. На дзвярах невялікіх сенцаў не было замка. Надзя аж уздыхнула з палёгкай. Яна ціхенька пастукала ў дзверы.

Яны прыадчыніліся, і ў іх з’явіўся твар старой. Яна пільна прыглядалася. Гэта была старая Масладудзіха.

— Не пазнаеце мяне, Максімаўна? — весела спыталася Надзя.

Тая ўсё сурова ўзіралася ў твар дзяўчыны, але вось вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку.

— Надзя, здаецца? Сапраўды Надзя, і голас яе і вочы яе... Але як узмужнела ты! Дык заходзь, заходзь, заходзьце, калі ласка...— усё запрашала яна, заўважыўшы за Надзяй другога чалавека.

Надзя некалі часцяком наведвала з Галяй Ігната, была ў добрых адносінах са старой Масладудзіхай і самім Масладудам. Старая абнялася з Надзяй, расцалавалася.

— Адкуль гэта ідзеш і куды сабралася?

— Доўга расказваць... Па справах, бачыш, па справах.

— Якія справы могуць быць цяперашнім светам? Каб не забілі — адзін толькі і клопат. Жыву вось ды пра сына думаю, недзе ён там, у арміі. Тут і пра мужыка думай. Яго ж сілком на завод пацягнулі...— Старая спынілася, недаверліва зірнуўшы на незнаёмага.

— Свой чалавек, можаце аб усім гаварыць.

— Ды пра што гаварыць? Пагналі танкі рамантаваць і розныя іншыя машыны. І старых і маладых пагналі, і Ігната.

— Дык ён тут?

— Працуе разам з маім на заводзе.

Неўзабаве зайшоў Ігнат. Ён вельмі ўзрадаваўся Надзі.

— Добра, што зайшла!

Пачаў распытваць пра Ксаню, пра Васілька, пра бацькоў.

І калі даведаўся пра смерць сястры і маці, адразу прыціх, замоўк. Скамянелы твар пабялеў, не варушыўся. Бязмежным смуткам поўніліся вочы, білася на скроні хутка-хутка ледзь прыкметная жылка, ды ўздрыгвалі нервова куточкі губ.

Старая Масладудзіха плакала, уткнуўшыся тварам у падушку канапкі. Украдкам выцірала вочы Надзя.

Перамагаючы сябе, Ігнат перапытваў Надзю:

— Як жа Васілёк там?

— Васілька малайчына. Ён з нашым Піліпчыкам здружыўся.

— Дзе ён цяпер? У каго?

— Ён цяпер у цёткі Аксінні жыве.

— А Харошаў?

Надзя замяшалася крыху:

— Ён? Што гаварыць аб ім? Жыве... Недзе працуе па спецыяльнасці.

— Эвакуіраваўся?

— Так... Не... На старым месцы... У дэпо... Разам з Заслонавым.

— У фашыстаў, выходзіць?

— Выходзіць. Ды кіньма гаварыць аб іх.

Ігнат хацеў яшчэ нешта запытаць — ён і ў думках не мог дапусціць такой здрады гэтых людзей, але бачыў, што ўсякая гутарка аб іх непрыемна Надзі. Запытаўся толькі:

— Нешта ты пра сястру забылася, не ўспамінаеш аб ёй.

— А Галя тут? У горадзе?

— Тут. Працуе. У сталоўцы

— У ранейшай?

— Якое там ранейшай! Працавала спачатку ў салдацкай сталоўцы, а цяпер вось ужо месяца з паўтара як працуе ў афіцэрскім клубе.

Старая Масладудзіха завіхалася ля стала. Ставіла шклянкі, бегала ў сенцы праверыць, ці шуміць самавар. І ўсё ўпрошвала:

— Вы ўжо выбачайце нам. Прысмакі не сказаць каб багатыя. Шклянкі чаю людскага не знойдзеш, вось перайшлі даўно на сахарын.

— А вы не турбуйцеся. Мы з вёскі. У нас яшчэ можна дыхаць. Вось і вас пачастуем.

Сам гаспадар, які зайшоў у хату, пачаў упірацца:

— Ды што вы, што вы!

— Кіньце вы, урэшце, нібы мы не свае людзі, ці што, каб кавалкам хлеба лічыцца ў такі яшчэ час! — узрушана сказала Надзя.

— Ох, Надзя, і не кажы! Люты час настаў, люты. Няма людзям спакою, няма жыцця...

— Ну годзе, старая... Усе ведаем пра гэта, нашто ж казаць лішні раз. А ты, Надзя, пазнаёміла б нас з госцем.

— А я і забылася. Гэта ж Аляксандр Дзям’янавіч. Бацькаў сваяк. Ён гасцяваў у нас ды прыхварэў крыху. Бацька наказаў мне, каб я памагла Аляксандру Дзям'янавічу дахаты дабрацца.... Ён настаўнікам працаваў на Любаншчыне.

— На Любаншчыне, кажаце? — перапытаў Ігнат.— У нас таксама багата людзей з горада прабіраюцца на Любаншчыну...

Іван Масладуда сярдзіта накінуўся на Ігната:

— Не да ўсякай справы прыдатны твае жарты.

— Ды хіба я жартую? — загадкава ўсміхнуўся Ігнат, хітравата зірнуўшы ў Надзіны вочы.

Аляксандр Дзям’янавіч азваўся, бліснуўшы на ўсіх вясёлым вокам:

— Я такі сапраўды буду працаваць там.

Надзя папрасіла Ігната правесці яе да сястры.

— Ты толькі дужа ў яе не затрымлівайся, бо пасля сямі ў нас хадзіць па вуліцах забаронена. Калі заседзішся, то лепш і пераначуй там.

— А хіба ты не зойдзеш са мной?

— Не...

— Нешта ты мне не дагаварваеш.

— А што ж тут дагаварваць? Не люблю я твае Галі, не падабаюцца паводзіны яе.

— Яна трымае сябе блага?

— Не ў гэтым справа. І жыве яна і трымае сябе па-ранейшаму, ніякіх тут папрокаў быць не можа. Галя твая, як бы табе сказаць, нос ад нас верне. Яна мяне выгнала, калі я зайшоў. Выгнала ды яшчэ аблаяла.

— Што ты кажаш?

— Аблаяла і сказала, каб не дужа я сноўдаўся пад яе вокнамі. Блазнам мяне абазвала і ўсё такое іншае. Нібы там за ёй наглядаюць, сочаць. Па-а-думаеш, такая небяспечная асоба!

— Ты, відаць, пра нешта гаварыў ёй?

— Вядома, не па глупства якое хадзіў. Па справе хадзіў.

— Былі ў яе прычыны не пагадзіцца з табой?

— Прычыны? Якія там прычыны. Баязлівіца, вось хто яна... Аднак вунь яе і акно. А я пайшоў. Але пачакай з хвіліну. Давай яшчэ пройдземся крыху, не варта спыняцца тут. Што гэта за чалавек з табой, і куды гэта ён прабіраецца?

— Багата будзеш ведаць, Ігнатка, дык састарэешся хутка.

— А ты не жартуй, у партызаны, відаць?

— Ну, у партызаны, дык што з таго?

— Што, што? Можа, і маё слова табе лішнім не будзе. Вы збіраецеся чыгункай далей ехаць? Не раю. На гэтым участку лютуюць эсэсаўцы, яшчэ можна ў іхнія лапы трапіць. Трэба будзе прабірацца шашой ці прасёлкамі.

— Чаму ты думаеш, што да партызан мы?

— Аднак і хітрушчая ты, як заўсёды!

— Аднак і блазан ты, як і раней! — засмяялася Надзя.— Ну, ідзі, ідзі, Ігнатка, ідзі дахаты. А я доўга бавіцца не буду. А спазнюся калі, то заначую.

Праз колькі хвілін яна трапіла ў абдымкі сястры. Так і стаялі ў калідоры, моцна абняўшыся, маўклівыя, засяроджаныя. У змроку калідора ўглядаліся адна адной у вочы, нібы кожная намагалася хутчэй даведацца, а што сталася, а ці тыя гэта вочы, што былі раней, што глядзелі на цябе з сястрынскай ласкай і спагадай.

Першая схамянулася Галя.

— Чаго ж мы стаімо? — І павяла некуды налева, у невялічкі пакойчык.

Вячэрні змрок пачаў забірацца ў пакоік, а яны ўсё гаварылі і не маглі нагаварыцца. Успомнілі і аб дзяцінстве, і аб вясёлых днях юнацтва, аб сваяках, аб знаёмых.

— Ах, Надзя, Надзя, каб ты ведала, як мне бывае часам цяжка. Так цяжка, што і выказаць гэта немагчыма. Няма ні параіцца з кім, ні пагаварыць па-людску, каб думкамі сваімі падзяліцца. У нас вось у клубе народ усё чужы. Сярод афіцыянтак толькі некалькі нас, мінчанак, а то ўсё немкі ды яшчэ там розныя прывезеныя. За кожным крокам тваім сочаць, да кожнага слова прыслухоўваюцца. А тут яшчэ збіраюцца мяне перавесці ў горнічныя да іхняга галоўнага начальніка, да Кубэ.

— А чаму цябе?

— Мне не раз даводзілася абслугоўваць іхнія банкеты ды розныя прыёмы, ну, відаць, прыйшлася даспадобы ім мая праца. Вось мяне і думаюць паслаць на працу ў дом гэтага начальніка.

— А калі ты не захочаш пайсці?

— Як гэта не захочаш? Цябе жывасілам туды пацягнуць, дужа будуць пытацца твае згоды? Куды загадаюць, туды і пойдзеш.

Сёстры гаварылі яшчэ доўга. На Галіны роспыты Надзя адказвала не вельмі ахвотна.

— Здарожылася я, сястра, вось цябе яшчэ паслухаць ахвота, а самой гаварыць і цяжка, ды і навін асаблівых у нас няма.

Аднак расказала аб усіх падзеях на вёсцы, аб пажарах, аб расстрэлах, аб гібелі старой Сілівоніхі і другіх.

— Я вось хачу спытаць, Галя: пра партызан ты не чула?

— Чаму не чула. Афіцэры часта аб іх гавораць, вядома, паміж сабой. Нам жа гаварыць пра партызан забаронена. Партызан вельмі часта караюць у нас у горадзе...

— А пра тое, як партызаны фашыстаў караюць, ты не чула?

— Чула, Надзечка, чула... Тут колькі вунь афіцэраў забіта ў горадзе...

— А за горадам?

— Таксама чуткі ходзяць. Кажуць, багата іх, партызан.

Ужо кладучыся спаць, Надзя запыталася пра Ігната:

— Нешта ён крыўдуе, хіба не паладзілі часам?

Галя замяшалася на хвіліну. Відаць было, што адказваць на гэтае пытанне ёй непрыемна.

— Бачыш ты... Прызнацца, дык я апошнім разам проста выгнала ды сказала, каб ён і не памыкаўся болей заходзіць да мяне на кватэру.

— З якой жа гэта прычыны?

— Прычына тут вельмі простая. Блазнюк Ігнат. У галаве яшчэ вецер ходзіць. Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа, яно і не авантура, можа, ён проста кепікі з мяне задумаў строіць. Вось прыходзіць раз, ну, гаворка там пра тое ды пра сёе, як жыве ды працуе, як сумуе вось па хатніх, не ведаючы, як яны там жывуць... Адным словам, самая звычайная гаворка. А потым зрабіў такія сур’ёзныя вочы ды і кажа: мы з табой, Галя, каб дамовіцца як след, дык палавіну — не меней — мінскіх афіцэраў адразу і пусцілі б у паветра.

— Ну і вар’ят! — усміхнулася Надзя.

— Ды не вар’ят, а проста блазан! Я толькі запыталася ў яго, як жа гэта мы будзем пускаць у паветра, а ён і гаворыць: я табе, кажа, бомбачку прынясу...

— А што ты яму на гэта?

— Што? Выгнала і ўсё...

— А ён?

— Відаць, сапраўды пакрыўдзіўся. Надзьмуўся, нешта прабурчаў і пайшоў... З таго часу зусім не заходзіў.

— Дык кажаш, блазан?

— Вядома. Хіба сур’ёзны чалавек ды палезе з такімі прапановамі? Я табе кажу, за мной сочаць. Аднаго разу пад’язджаў да мяне тут чалавек, атруты мне даваў... Усып, кажа, у суп ім. А мне яшчэ раней пра яго сказалі, што ў СД працуе. Ён у другой сталоўцы двух дзяўчат нашых падгаварыў. Тыя і ўзялі. Іх жа праз колькі хвілін арыштавалі. І павесілі... Я на таго чалавечка, як ён мне зрабіў тую прапанову, адразу заяву шэфу сталовай. Дык што ты думаеш? Цяпер той чалавечак у нас у клубе абедае, у поўнай форме эсэсаўскай. З мяне яшчэ насміхаецца ды выскаляецца. Вось яны якія бываюць прапановы

— Хіба і Ігнат такі?

— Не, што ты... Але не варта яму хадзіць блізка ля мяне, бо яшчэ западозраць у чым-небудзь хлопца, а ён па дурасці сваёй можа і ў бяду трапіць. Несур’ёзна гэта. Надумаўся хлапечым розумам і на табе: бяры бомбу...

— Дзівак, сапраўды дзівак.

— Барані цябе божа напамінаць яму аб гэтым. Я ж не хацела крыўдзіць, а толькі дабра жадала, каб з такімі жартамі не займаўся.

— А калі ён, Галя, не жартаваў? Ну, разумееш? Можа, і сапраўды які сур’ёзны намер меў?

— Што ты, што ты гаворыш? Гэта ў яго фантазіі, ад свайго надуму, няйначай... Каб Ігнат ды на што сур’ёзна пайшоў? Дзе ты бачыла. Яму, блазноце, толькі жарты яшчэ на вуме.

— А вось мне расказвалі, што ў вас, у горадзе, было некалькі ўзрываў, і на аэрадроме, і ў эсэсаўскай сталоўцы, і на электрастанцыі... Няўжо ўсё гэта жартаўнікі робяць?

— Пра гэта я таксама чула, Надзя. Але...— Галя зрабілася сур’ёзнай, задумлівай.— Гэта, Надзя, падпольшчыкі працуюць. Сталыя людзі. Героі. Ім жа ўсё ні па чым, яны нічога не баяцца, ды яны і не адны, іх багата, відаць. Яны, Надзя, камуністы няйначай, адважныя. Гэта сапраўдныя людзі, з такімі б, здаецца, кожны чалавек пайшоў на любую справу, супроць ворагаў...

— А ты? — рубам паставіла пытанне Надзя, але, заўважыўшы, як задумалася Галя, палічыла за патрэбнае змякчыць пытанне, звесці яго да жарту.

— Я жартую, Галя. Хіба нам, жанчынам, думаць пра такія справы?

— А ты не жартуй. Я шмат чаго бачыла за гэты час, багата перажыла. Вось жыву, працую. Хіба гэта жыццё? Цябе папіхаюць, лаюць часам, выскаляюцца. А здараецца — якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае з усякімі брыдотамі. І кожны дзень, кожны дзень выхваляюцца, што яны гаспадары тут, а мы... мы павінны спадзявацца толькі на іхнюю ласку. І кожны дзень кроў, кроў, кроў... Божа мой, божа, колькі крыві нашай пралілі яны за гэты час! Дык хіба можна жыць так далей? Лепш памерці, чым бачыць усё гэта. І каб ведаў такіх людзей, сапраўдных, то пайшоў бы з імі на ўсё, на ўсё... На смерць бы пайшоў, каб гэта было на згубу ворагам. Я вось расказвала табе аб адным чалавечку, што мне атруту прапаноўваў... А такія прапановы, ну такога парадку, мне і другія рабілі. Мне часам здавалася, што былі сярод іх і нашы... Вось сэрцам чуеш свайго чалавека, па вачах яго бачыш... Але адмаўляла, лаялася, нават пагражала: падавайся, падавайся далей, кажу, пакуль у СД не заявіла. Вось памятаю словы аднаго, гэта на маю пагрозу... І цяпер у вушах стаяць: «Пачакай, пачакай, мы прыпомнім табе, паганка, усе нямецкія шыбеніцы...» А ў мяне сэрца абліваецца крывёю, слухаючы такое: адчуваю, што і ў яго кроў кіпіць ад нянавісці... да мяне... Ты думаеш, мне ахвота ў нямецкіх нявольніцах хадзіць, праклёны сваіх людзей слухаць, ды на іхнія пакуты глядзець?

— Я не думала і не думаю гэтага, Галя. Адно, што табе скажу: і сапраўды не слухай ты ўсякіх прапаноў незнаёмых. Так можна і ў вялікую бяду трапіць.

— Я ж і кажу вось пра гэта...

Яшчэ доўга, аж за поўнач, цягнулася гутарка сясцёр.

 

14

Раніцай Надзя і Андрэеў ехалі на грузавіку за горад. Гэта быў клопат Ігната. Ён урэшце пераканаў іх, што гэта самы лепшы і надзейны спосаб дабрацца да месца. Машын было некалькі з завода, на якім працаваў Ігнат. Яны ехалі па будаўнічы лес. Тут былі рабочыя, было некалькі чалавек, якія, відаць, не мелі непасрэднага дачынення да будаўнічых матэрыялаў. Відаць, такія самыя, як Надзя і камісар. Але іх дужа ніхто не пытаў, не цікавіўся: куды ды на якую справу. Машыны спыняліся разы са два: раз перад мостам, другі раз на скрыжаванні дарог. Сонныя паліцаі выпаўзалі на шашу і, трапіўшы на сіберны вецер, на завею, спяшаючыся правяралі прапускі, каб хутчэй забрацца зноў у цёплыя бункеры, у зацішныя дзоты. Праз якія паўсотні кіламетраў машыны завярнулі ўбок па лесавой дарозе. Хутка апошняя машына адстала, спынілася. Шафёр, высунуўшыся з кабінкі, аддаў каманду: «Каторыя не па лес, калі ласка, прыехалі. Вось і падавайцеся той прасекай, натрапіце на вёску. Прывітанне там і адным словам!» А што там адным словам, ён ад паўнаты пачуццяў так і не сказаў.

Праз якое паўгадзіны Андрэеў і Надзя знайшлі патрэбную хату. Зайшлі ў сенцы, пастукалі. І калі адчыніліся дзверы, запыталіся: а ці не тут жыве дзед Герасім, які робіць бёрды?

— Дзед Герасім тут. Заходзьце!

Жанчына гучна паклікала:

— Тата, а тата, да вас людзі прыйшлі, пытаюцца.

На печы пачуўся кашаль, потым з-за коміна паказалася ўскудлачаная сівая галава. Насілу перамагаючы кашаль, ад якога трэсліся рэдкія касмылі барады, стары павітаўся, потым пачаў скардзіцца:

— Не ў часе, людцы, зайшлі вы... Гэта пазаўчора прастыў я ў лесе, дык, ведаеце, і на печы месца сабе не знаходжу. Дачка малінай усё адпойвае, можа, яно і пройдзе неяк. Але ж вы распранайцеся ды сагрэйцеся. Усё роўна ж да ночы дарогі вам няма, праскочыць чыгунку днём цяжкавата, ды і рызыка лішняя. Распранайцеся і адпачывайце тым часам. А мы ўжо што-небудзь прыдумаем, каб правесці вас. Сам, як бачыце, не магу. Ці дома, дачка, Лявонка?

— А дзе яму быць, як не дома?

— Дык ты ўжо збегай, папярэдзь, што вечарам да яго прыйдуць. Ён і так паслухае, калі вы скажаце яму, што паслаў вас дзед Герасім. Але папярэдзіць не лішне ніколі.

Ужо бралася на раннія зімовыя змрокі, калі Надзя і камісар зайшлі да Лявонкі. Тры хлапчукі розных узростаў — меншаму было год пяць — завіхаліся ля чыгунка, елі гарачую бульбу.

— А дзе тут дзядзька Лявон?

Хлапчук гадоў дванаццаці здзіўлена зірнуў на іх, даволі строга праказаў:

— Які тут дзядзька, калі гэты Лявон і ёсць я сам?

Тут ён накінуўся на сярэдняга хлапчука, агрэўшы яго лыжкай па руках:

— Не поркайся, кажу, не поркайся, а бяры падрад, вось дзіцянё непуцёвае!

«Непуцёвае дзіцянё» скрывіла рот, каб заплакаць, але, заўважыўшы строгі позірк брата, супакоілася, асцярожна ўзяло бульбіну ў мундзірах і, перакідваючы на далонях ды падзьмухваючы на яе, пачало спяшаючыся лупіць.

— Не спяшайся, табе кажу! Вось жа не наесца ніколі!

— Аднак жа строгі ты! — усміхнуўшыся ў вусы, працадзіў Андрэеў.

— З імі без строгасці не абыдзешся. Разбязуляюць.

І так жа строга, як і да малога, звярнуўся і да іх:

— Па якой справе?

— А мы ад дзеда Герасіма.

— Ну, пачакайце крыху. Мне з вамі з аднымі няма чаго займацца. Тут яшчэ падыдуць, тады і пойдзем. Ды і малыя вось утаймуюцца, на печ палезуць.

І ўсё з тым жа суровым выглядам, строга пазіраючы на меншых, ён маўкліва канчаў вячэру. У яго павольным руху, у кожным слове было нешта нібы ненатуральнае, неўласцівае яго ўзросту. Але так здавалася толькі спачатку. Вось ён скончыў вячэру, наліў вадой чыгунок, каб памыць яго. Старанна выцер рукі. Закамандаваў:

— Цяпер айда на печ, падшывальцы! Ды спіце, а я, можа, адлучуся на якую гадзіну.

— Нам жа боязна будзе, яшчэ немцы прыйдуць.

— Ну што ж, калі прыйдуць? Тады пільнуйцеся людзей, куды людзі, туды і вы падавайцеся. Адзежа вось тут ляжыць. Ды не забудзьце на ногі што ўскінуць.

Малыя зарумзалі на печы.

— Вось вазьму дзягу, дык адразу вас усціхаміру, няма на вас угамону!

Малыя на печы змоўклі, не маючы, відаць, ахвоты знаёміцца з дзягай ці ўступаць у залішнія дыскусіі з суровым братам.

У хаце ўсталявалася цішыня. Лявонка рыхтаваўся ў дарогу, падшываў дротам дзіравы бот, відаць, бацькаў, бо калі пачаў нацягваць яго на нагу, то накруціў безліч усякіх ануч ды яшчэ саломкі падлажыў падыспад.

— Дзе ж вашы старэйшыя? — запытаўся Андрэеў, цікуючы за Лявонкам.— Бацька дзе?

— На вайне бацька. У чырвоным войску.

— А маці?

Малы не адказаў. Ці недачуў, ці не хацеў адказваць, заклапочана нацягваючы другі бот і засяроджана сапучы носам.

— Мамку немцы застрэлілі... забілі...— пачулася з печы разам са стрыманым усхліпваннем.

— Вы мне змоўкнеце ўрэшце ці не? — выходзячы з сябе, прыкрыкнуў Лявонка.

— Калі ж нам шкада мамкі!

Але на печы прымоўклі, бо ў хату зайшлі новыя людзі, усё ад таго ж дзеда Герасіма.

— Што ж, у самы раз, пойдзем!

Сухая, калючая завея к ночы ўгаманілася. Падаў мяккі мокры снег, які прыглушваў крокі. Ішлі лесам, балацянкамі. Праз якія гадзіны дзве малы папярэдзіў:

— Усякую гутарку цяпер спыніце!

Лагчынаю, парослаю хмызняком, падышлі да невялічкага мастка на чыгунцы.

Малы прыпыніў групу, доўга прыслухоўваўся, углядаючыся то ў адзін, то ў другі бок. Шэптам спытаўся, ці ёсць у каго гадзіннік, і, калі даведаўся аб часе, коратка загадаў:

— Пачакаем крыху. Хто хоча, можа і прысесці, адпачыць.

Хвілін праз пяць ад будкі, якая чарнела ў якім кіламетры ўправа, пацягнуліся ніткі трасіруючых куль.

— А вы не бойцеся, сюды ў лагчыну не патрапяць. Гэта яны ад страху страляюць. А за чыгункай роўнае поле, там крыху і небяспечна, можна яшчэ пад шалёную кулю трапіць.

Калі страляніна змоўкла, Лявонка падняў групу.

— Пойдзем!

Прайшлі пад мастком і выбраліся на поле. Снег, які падаў гусцей і гусцей, прыкрыў усё навакол мутнай шэрай пеляной, у якой хавалася, знікала і сама дарога.

— А ці хутка ж будуць партызаны? І багата іх тут у вас? — запытаўся Андрэеў у хлапчука.

Той паглядзеў на яго, чмыхнуў носам, мармытнуў:

— Вось жа яшчэ цікавіцца!

Чалавек, які ішоў побач з камісарам, ціха папярэдзіў:

— Вы ў гэтага хлапчука ні аб чым не пытайцеся. Не скажа. Гэта не хлапец, а крэмень. Яшчэ раззлуецца і кіне на паўдарозе. Такія выпадкі былі, калі хто праяўляў залішнюю цікаўнасць.

Хутка ўперадзе паказаліся шэрыя купкі нейкіх будынін. Хлапчук заспяшаўся.

— Вы пачакайце крыху ў алешніку. Калі што якое, дык падавайцеся проста вось туды, там спрадвечны бор. А я пабягу, праведаю.

Неўзабаве ён вярнуўся.

— Усё ў парадку. У вёсцы пераднюеце, а далей павядзе вас цётка Аўгіння. І я з вамі перабуду да ночы.

— А табе чаго?

— А можа, хто з лесу на горад наважыцца пайсці, чаго ж мне дарма па лесе тупаць.

Ужо бралася на відно, калі Андрэеў уладжваўся з Надзяй на днёўку.

 

15

Калі Любка, наведаўшы бальніцу, прыйшла на сваю кватэру ў горадзе, яе апанавала страшэнная слабасць. Як села на канапку, так і не магла ўстаць, каб заняцца якой хатняю справай ці хаця запаліць лямпу. Сядзела, не рухалася, нібы ўсё цела знаходзілася ў нейкім здранцвенні. У такім жа здранцвенні былі думкі. Сядзела і абыякава ўглядалася ў шэры квадрат акна.

На вуліцы няйначай прайшла машына. Водсвет фары прайшоўся па столі, па сцяне, на якую хвіліну затрымаўся на шкле невялічкай шафы, якая служыла буфетам. Бліснула шкло, цені бутэлек коса выцягнуліся за шклом і зніклі.

Тады яна ўзнялася з канапкі, намацаўшы ў шафе бутэльку-другую, паставіла іх на стол. Дастала шклянку. Залпам выпіла паўшклянкі гарэлкі. Нібы прасвятлела ўсё навакол. Выпіла яшчэ. За апошнія тыдні яна прызвычаілася да гэтага пякучага хмелю, які спачатку так прыемна кружыць галаву, весяліць сэрца і думкі. А потым поўнае забыццё... Ну, і чорт яго бяры!

Потым, як заўсёды, прыйшоў Кох. І пакуль памятала яшчэ сёе-тое, пакуль варушыліся яшчэ думкі, запыталася, грозная, смелая:

— Вы нашто арыштавалі маю маці?

— Якую маці?

— Маці маю... Мамачку маю...— І заплакала, выціраючы жаласныя п’яныя слёзы.

Блытаючы словы, збіваючыся, сяк-так расказала, увяла яму ў вушы, што немцы арыштавалі яе маці.

— Гэта ж ты, Ганс, няйначай, сам усё зрабіў. Ад цябе ідуць усе арышты.

— Што ты, як жа гэта можна, каб тваю маці?

І паколькі пераконвала, упарта стаяла на сваім, суцяшаў:

— Што тут асабліва страшнага, калі нават арыштавалі? Ды я, каб ведаў, што там твая маці, я не дазволіў бы рабіць гэтага.

Яна не слухала яго, пыталася:

— Што будзе з ёй?

— Што будзе? Ды нічога. Вышлюць у які-небудзь другі горад. Як-ніяк яна ўсё ж вінавата перад нямецкімі ўладамі, яна хавала камуністаў, партызан.

— Адкуль гэта вядома?

— Адкуль? Гэта не мае асаблівага значэння. Вядома — і ўсё. Ды ты не хвалюйся.

Яна і не хвалявалася. П’янаму цяжка хвалявацца.

 

16

Калі Заслонаў прыйшоў першы раз у дэпо, некаторыя рабочыя па старой памяці прывіталіся з ім, як і раней:

— Добры дзень, таварыш начальнікі

Але замест адказу на гэтае прывітанне ён звярнуўся да іх са словам, якое адны палічылі загадам, другія мелі падставу лічыць просьбай:

— Прашу хвіліну ўвагі! — сказаў ён.— Давайце назаўсёды ўмовімся, каб у нас не было лішніх непаразуменняў. Вы, думаю я, добра ведаеце, дзе знаходзіцеся і дзе працуеце. Ніякіх таварышаў тут няма. Так што прашу, панове, не забывацца на гэта.

Рабочыя маўчалі, апусціўшы вочы, стараючыся не сустрэцца з позіркам свайго колішняга начальніка, якога яны цяпер зусім не разумелі.

— І яшчэ аб адным хачу папярэдзіць: вы ведаеце мае патрабаванні да кожнага рабочага і яго работы. Яны астаюцца нязменнымі: працаваць на выдатна, працаваць сумленна... Зразумелі?

— Зразумелі...— абыякава адказалі рабочыя. І толькі адзін з іх не звяртаў асаблівай увагі на словы начальніка і з падкрэслена незалежным выглядам нешта корпаўся ля паравоза, пастукваў там гаечным ключом. Гэта быў высокі рослы хлопец з ленаватымі рухамі, з густымі вейкамі, з-пад якіх выглядалі вузкія шчылінкі вачэй, якія пазаплывалі тлушчам.

Паводзіны рабочага ўзарвалі Заслонава. У адзін момант ён быў каля яго, рэзкім жэстам вырваў ключ з рук.

— Ты што? — стрымліваючы сябе, запытаў ён.

— Я нічога...— лыпаў хлопец вачыма.

— Я прывык: калі гавару з рабочымі, каб яны слухалі мяне.

— А-а... што ты... мне... за начальнік? — разгубіўшыся крыху, перапытаў бялесавокі.

— Рукі ўніз, грубіян!

Той, адчуўшы ў словах начальніцкі тон, апусціў рукі па швах.

— Ты што тут робіш?

— Рамантую вось.

— Што рамантуеш?

— Ды вось крэйцкопф загадана паправіць. Я і паправіў.

— Ну, паглядзім!

Заслонаў памацаў крэйцкопф, потым пастукаў па ім малаточкам, праверыў папаўзушкі. Нават неспрактыкаваны слых адразу адчуў бы самае звычайнае бразгаценне металу, якое бывае тады, калі часткі машыны не падагнаны як след адна да адной, зроблены наспех, для адводу вачэй.

— І гэта называецца рамонтам? Так падганяюць папаўзушкі?

Рабочы маўчаў і лыпаў вейкамі.

— Ды за такі рамонт расстрэльваць трэба, нягоднік. Ты сваёй работай падводзіш усіх нас пад абух, і мяне і вось іх! — паказаў ён на рабочых. Яны стаялі насупленыя, засяроджаныя. Цяжка было распазнаць па іх тварах, на чыім баку іх спагада: спачуваюць яны начальніку ці гэтаму нязграбнаму хлопцу, які спачатку так дзёрзка вёў сябе, але цяпер стаяў зусім збянтэжаны і тупавата пазіраў з-пад навіслых космаў, прыкрыўшых яго нізкі лоб.

— Ты даўно тут працуеш?

— Нядаўна, пан начальнік.

— А слесарам даўно?

— Слесарам? Та-а-ак... Вучыўся...

— Які ж ідыёт паставіў яго на такую адказную работу? — запытаўся Заслонаў, звярнуўшыся ўжо да ўсіх рабочых.

У гэтую хвіліну ў дэпо з’явілася куртатая фігура шэфа дэпо, пана Штрыпке.

— Знаёміцеся з работай, пан Заслонаў? — пісклява запытаўся ён.

— Ды якая ж гэта работа? Не работа, а шкодніцтва. Вось палюбуйцеся! Бачыце, што ён нарабіў?

Штрыпке глядзеў на паказаную дэталь, глядзеў і для прыліку памацаў яе рукой. Відаць, мае рацыю гэты рускі інжынер-паравознік, калі так абураецца. І шэф дэпо палічыў за самае лепшае пагадзіцца з ім, а заадно разнесці і рабочага.

— Ах ты ест шволяч, такая шволяч!

Ён пагражальна цягнуўся да яго твару са сваімі сухімі кулачкамі.

— Я навучу цябе працаваць як належыць. Ты зусім падрываеш мой аўтарытэт, не выконваеш загадаў аб добрай рабоце.

І раптам, нібы ў адчаі махнуўшы рукой, ціха прамовіў да Заслонава:

— Мы з ім разбяромся. Прашу вас, пан інжынер, у кантору.

Калі яны выходзілі, нехта з рабочых пакпіў з няўдакі:

— Вось гэта, брат, начальнік! Яго на дурыках не падманеш. Не...

Узгарэлася цэлая дыскусія аб Заслонаве. Розныя былі думкі, здагадкі, хоць аб тых здагадках і не гаварылася ўголас. Нават тыя, якія станавіліся на бок бялесавокага няўдакі, адчувалі, што яны абараняюць яго нібы для формы, для прыліку. Ні ў аднаго рабочага не ляжала душа да гэтага чалавека. І скуль ён узяўся, і чаго прыйшоў,— ніхто добра не ведаў. Сам ён казаў, што працаваў некалі ў брэсцкім дэпо. Але рабочыя, якія мелі там сваіх знаёмых, хутка выкрылі яго ў брахні.

— Я хварэў, бачыце, памяць зусім аслабела, усе прозвішчы забыў.

— Гэта бывае! — іранічна падтаквалі рабочыя і, назіраючы за яго слесарскай працай, пыталіся:

— Відаць, праз тую хваробу ты і на працу забыўся?

Той больш адмоўчваўся, і яго нарэшце пакінулі ў спакоі.

І калі не было асаблівага спрыту ў яго руках, то на язык ён быў майстра. Такое гарадзіў, такую лухту вёрз, што рабочыя слухалі ды азіраліся на дзверы, каб не з’явілася там якое-небудзь начальства. Ліха яго ведае, што за чалавек, лепш далей ад граху.

Тым часам у канторы пан Штрыпке лагодна пытаўся ў Заслонава:

— Ну, як вашы ўражанні аб дэпо?

— Уражанні? Кепскія, пан Штрыпке. Дэпо зусім развалена. Усё трэба пачынаць бадай што нанава. І галоўнае — дысцыпліны няма. Працуюць так, як гаворыцца, пусці-павалюся, абы дзень адбыць. Дысцыпліна патрэбна, дысцыпліна. Дакладны графік, план патрэбны. Без усяго гэтага мы паравозаў нашых не паднімем. Эшалоны будуць стаяць. Вы разумееце, пан Штрыпке, стаяць будуць. Але ж я не маю права ўмешвацца ў гэтыя справы. Я толькі начальнік паравозных брыгад.

— О, на гэта вы не зважайце. І я прашу вас, пан інжынер, не абмяжоўваць сябе пэўнымі рамкамі. Вы не глядзіце, што я, так сказаць, шэф, ваш начальнік, я вам даю, у даным выпадку, поўную свабоду і паўнамоцтвы рабіць усё, каб наладзіць працу. Вы ведаеце гэтых людзей, ведаеце ўсе мясцовыя ўмовы. Я абяцаю вам усякую... дружбу і належнае падтрыманне ў вашай рабоце. У нашых агульных інтарэсах як мага хутчэй паставіць дэпо на ногі.

— Паставім...— задуменна сказаў Заслонаў.

— Не паставім, а павінны паставіць, пан інжынер!

— Бачыце, пан Штрыпке, я не люблю кідаць слоў на вецер. Раз сказаў — паставім, значыцца кропка. А мітынгаваць я не люблю.

— О-о! Вы, аднак, сур’ёзны. Я люблю сур’ёзных людзей. Я таксама сур’ёзны чалавек, таксама чалавек справы. Але прызнацца вам — мы з вамі як-ніяк інжынеры, свае людзі,— дэпо — гэта не мая спецыяльнасць. Я інжынер-пуцеец. Тут мне трохі цяжкавата. Вось вы аглядалі крэйцкопф... Ну, вядома, не сказаць, каб быў я поўным прафанам у гэтай справе, але тонкасці для мяне недаступны. І я заўважыў, як вы адразу ацанілі ўсю работу вокам гаспадара, спецыяліста, убачылі заганы ў нейкіх там папаўзушках...

— Не заганы, а шкодніцкая работа. Дыверсійная работа. Дарэчы, пан Штрыпке, аддайце загад аб гэтым рабочым. Такога і пад суд варта аддаць.

— Так, так, так... Я-я... падумаю... Падумаю, пан інжынер.

— А чаго тут асабліва думаць?

— Так, так... Я абавязкова далажу. Але кінем гаварыць аб гэтым рабочым, не ў ім справа. Я павінен запытацца ў вас, як вы думаеце наладзіць нармальную работу ўсяго дэпо?

— Гэта складанае пытанне, пан Штрыпке. Але я да вашых паслуг.

Узброіўшыся алоўкамі, яны прасядзелі колькі гадзін за рознымі табліцамі, выкладкамі, праектамі.

У часе гэтай работы ў дзверы канторы ціха пастукалі. Увайшоў рабочы. Камечачы шапку ў руках, звярнуўся да Заслонава:

— Я да вас, пан начальнік.

— Па якой справе?

— Справа простая, пан начальнік...— У вачах рабочага тлела хітраватая ўсмешка, якая знікла, калі ён заўважыў, як пан Штрыпке адарваўся ад папер, зірнуў на яго.— Такая справа, што і гаварыць вось неяк непрыемна. На работу я прыйшоў.

— На работу? Гэта не мая справа. Я не начальнік дэпо. Зварочвайцеся вось да непасрэднага начальніка дэпо.

І ён звярнуўся да Штрыпке:

— Вось бачыце, на работу з’явіўся, з ранейшых рабочых.

— А вы, пан Заслонаў, прымайце іх самі.

— Не, не... Гэта не мая справа. Я такі ж падначалены, як і яны, не мне і займацца гэтым.

— Ну, кіньце вы пералічваць тут абавязкі. Вам патрэбны рабочыя, ну і прымайце іх. Я афіцыяльна даю вам згоду прымаць людзей на работу паводле вашага асабістага меркавання.

Заслонаў учыніў цэлы допыт рабочаму.

— Прозвішча?

— Ды вы ж ведаеце мяне, пан начальнік, машыніст вадакачкі я, працаваў пад вашым загадам.

— Ды я ведаю, але вось пан шэф бачыць цябе ўпершыню.

— Не зважайце на мяне, пан Заслонаў.

— Дзе ты быў, Верабей?

— Ды так ужо давялося, пан начальнік, што нідзе і не быў. Прасядзеў вось у вёсцы, у сястры... Прахварэў трохі...

— Відаць, няпраўду гаворыш, Верабей. Відаць, баяўся, таму і не ішоў на работу. Кажы мне шчырую праўду, не люблю, калі хто маніць.

— Вы ўгадалі, пан начальнік, як у душу заглянулі, дальбог. Што тут казаць, пабойваўся я, вельмі пабойваўся. Бо ўсякія чуткі хадзілі...

— А далей?

— Што ж далей? Сустрэў хлопцаў некаторых з дэпо. Распытаў. Працуюць. Як працавалі, так і працуюць. А чым я горшы за другіх? Я і прыйшоў. Вось і прашу, залічыце, калі ласка, на работу.

Шэф дэпо паволі ўзняўся з крэсла, закульгаў да рабочага, стаў перад ім, узіраючыся ў твар.

— Гм... калі надумаўся пайсці на працу. Колькі аб’яў адных ды загадаў было вывешана!

— Не даходзяць, пан начальнік, тыя аб’явы, не даходзяць да нас. І кажу шчыра, баяўся я здорава, а цяпер бачу, што дарэмна баяўся, працуюць усе, што і раней працавалі. А каторыя і цяпер яшчэ баяцца ды працуюць у вёсках, на гаспадарцы.

— Гм... чуеце, што гаворыць гэты лайдак?.. Аднак трэба прыняць пад увагу яго словы. Нам патрэбны рабочыя. Загадваю... прашу вас, пан Заслонаў, выкарыстаць усе магчымасці, каб кожны, хто працаваў тут, вярнуўся на працу ў дэпо.

— Гэта я выканаю, пан шэф.

Штрыпке выйшаў з канторы.

Верабей, які стаяў увесь час навыцяжку і насцярожана сачыў за кожным рухам кульгавага шэфа, правёўшы косым позіркам яго куртатую постаць, не вытрываў урэшце і пырснуў смехам у кудлатую шапку-вушанку.

— Ну, ну, трымайся, Верабей, а то не кляваць табе канапель! — засмяяўся і Заслонаў, прыглядаючыся да рабочага хітрым прыжмураным вокам.— А дзе ж іншыя нашы хлопцы?

— Падцягваюцца, Канстанцін Сяргеевіч, збіраюцца. Амаль што ўся група ў зборы, у горадзе тут, па знаёмых пакуль што прытуліліся.

— Ладна. Перадай, каб не ўсе разам. Па адным, па два.

Пачуўшы стук у дзверы і ўпусціўшы наведвальніка — гэта быў Шмульке,— Заслонаў загадаў рабочаму:

— Як сказаў паважаны пан Штрыпке, з заўтрашняга дня становішся на работу. Але глядзі, каб работа, як гэта гаворыцца, гарэла ў руках.

— Слухаю, пан начальнік! — І рабочы, развітаўшыся, пакінуў кантору.

— Як вам падабаецца гэты Верабей? — запытаўся Заслонаў у Шмульке.

— Нядрэнны рабочы, пан Заслонаў. Вадакачка гула ў яго руках. Як цацка была вадакачка, не тое, што цяпер. Так запусцілі, што часам і вады не хапае, даводзіцца з ракі браць, на мост паравозы ганяць.

— Гэта ўсё так, пан Шмульке... Але мне хацелася б вось аб чым папрасіць вас: вы блізка некалі жылі, амаль што ў суседзях былі з ім. А вось што ён рабіў гэтыя месяцы, дзе ён быў, гэтага мы не ведаем. Варта бліжэй пацікавіцца, прыгледзецца, што за чалавек ён цяпер.

— Ды я, пан інжынер, пацікаўлюся, канечне... Але, відаць, вы мне і не паверыце часам. Вы ж, відаць, не забыліся, што я астаўся тады... Выходзіць, не выканаў вашага загаду...

— І вадакачку перашкодзілі ўзарваць?

— Ой, не кажыце. Сапраўды так...

— А вы дужа не хвалюйцеся. Я б на вашым месцы зрабіў бы тое ж самае, што і вы. Гэта ж проста патрыятычны ўчынак, які варты ўсякага ўсхвалення і, калі хочаце, услаўлення. Вы немец і зрабілі ў даным выпадку, як і належыць сыну свае айчыны...

Шмульке слухаў. Маўчаў. Як бы яму хацелася падзяліцца з інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў ён нават ад свае ўласнае палавіны. Але небяспечна ў такія часы высоўвацца са сваімі думкамі. Ніяк не раскусіць гэтага чалавека, не зразумець ні яго паводзін, ні яго ўчынкаў, ні, урэшце, смеласці такога раптоўнага прыходу да немцаў.

Ён наважыўся быў сказаць ці запытацца аб чым, але толькі ўздыхнуў.

— Чаго вы ўздыхаеце, пан Шмульке?

— Ды вясёлага мала, пан Заслонаў. Цяжкавата жыць. Гэта, каб адзін я, як вы, да прыкладу, тады і клопату мала. Але ж сям’я. Цяжка цяпер жыць з сям’ёй на нашы заробкі.

— Ну што вы, пан Шмульке, гаворыце? Я проста паверыць не магу. Вы немец. Парадкі цяпер нямецкія. Законы нямецкія. Улада ваша. Армія ваша. Цяпер вам жыць і жыць. Вось нам, рускім, вядома, цяжэй. І гэта так натуральна. Што ні кажыце: а мы заваяваны народ.

— Та-а-ак...— уздыхнуў толькі Шмульке і, каб ухіліцца ад адказу і наогул ад усёй гэтай, крыху непрыемнай яму, гутаркі, запытаўся: — Вы вось скажыце, пан Заслонаў, як нам быць з бронзай, з свінцом? На складзе не асталося ні кілаграма.

— Дарэчы, пан Шмульке, я агледзеў сёння папаўзушкі, якія паставіў той нягоднік на крэйцкопф. Хто даў загад рабіць замену медзі на чортведама што?

— Гэта было зроблена, выбачайце, панам шэфам...— замяўся Шмульке.

— А ён хіба не ведае, што так нельга рабіць?

— Ён, магчыма, і не ведае... Але каб і ведаў, то нічога лепшага ён не прыдумаў бы, бо лішняй медзі, як я казаў, у нас ні грама. Пан шэф прымаў некаторыя захады, прасіў, каб яму пакінулі медны лом, які збіралі ў насельніцтва. Але пан камендант не дазволіў. Больш таго, ён загадаў забраць медны лом на паравозных могілках — усе паравозы паабдзіралі, ад арматуры да апошняга ўкладыша, гайкі. Пан камендант патрабуе медзь на снарады, на патроны, на танкі.

— А пан камендант разумее, што медзь патрэбна і паравозу?

— Магчыма, пан камендант і ведае. Але ў пана каменданта свае думкі, планы. У пана каменданта сваё начальства, загады.

— Та-а-ак, пан Шмульке. Справы ў нас у дэпо — курам на смех. Але мы падцягнем дэпо, пан Шмульке, унясём яснасць у паравознае дышла. Як вы думаеце, унясём? Вось мы з вамі, вы ж выдатны слесар, майстар на ўсе рукі! Дык выцягнем, думаеце?

— Я што? Мая справа, пан інжынер, малая. Што загадаеце, тое і зраблю. А вы ўсё можаце, у вас яно выходзіць так, што і не прыкмеціш, а справа і пайшла.

Заслонаў задумаўся на якую хвіліну, запытаўся, паволі падбіраючы кожнае слова:

— Вось мне хацелася б... запытацца ў вас, пан Шмульке. Чым гэта... растлумачыць, што вось вашы суайчыннікі... немцы... людзі, якія па праву маглі б ганарыцца некаторымі здабыткамі свае культуры,— я кажу, зразумела, аб ранейшым часе — людзі, якія лічылі сябе такімі выдатнымі... тэхнікамі, арганізатарамі... Адным словам, вы памятаеце, як нашы людзі часам казалі, што ніхто як немец і малпу выдумаў. Дык вось гэтыя самыя людзі за колькі месяцаў не маглі прывесці да людскага выгляду не такое ўжо складанае прадпрыемства, як наша дэпо, як наша станцыя. Дык чым жа гэта ўсё можна растлумачыць, пан Шмульке?

Ссутуленая постаць Шмульке яўна гаварыла аб яго пэўнай разгубленасці. У яго аж пот выступіў на лысіне. Ён, відаць, напружваў усе свае здольнасці думаць і аж закрахтаў з яўным аблягчэннем, знайшоўшы няйначай нейкую думку для адказу. Цяжка ўздыхнуўшы, загаварыў шэптам:

— Гэта вы зусім правільна, пан Заслонаў, адносна малпы. Але павінен я вам сказаць, не ў малпе адной справа, не ў ёй бяда. Бяда ўся ў тым, што акрамя малпы, даруйце мне, яны выдумалі яшчэ... Халера б іх узяла, што яны выдумалі! Ну, вы разумееце мяне, што яны выдумалі...

— Якая ж там бяда, пан Шмульке? Усю Еўропу заваявалі, да нас вунь на колькі залезлі... Пры чым тут бяда?

Апошнія словы былі для Шмульке вядром халоднай вады, вылітай на яго спацелую ад непасільных думак галаву. Ён ужо зусім жаласна прагаварыў, праенчыў:

— Ах, божа мой, божа мой, што вы са мной робіце?

— Што вы, пан Шмульке?

— Я вельмі прашу вас забыцца пра тое, што я сказаў. Вы заўсёды былі такім справядлівым начальнікам... У мяне жонка, у мяне дзеці... Ах, божа мой, што я сказаў...

— Ды супакойцеся вы, пан Шмульке. Вы нічога не сказалі. У вас жа не было ніякай злачыннай думкі.

— Ох, мне стала лягчэй крыху. Праўду казалі рабочыя, што вы заўсёды справядлівы чалавек. Дык я прашу вас, дзеткамі маімі прашу, не кажыце нідзе пра тое, што я сказаў, падумаў.

— Вы ж нічога, паўтараю яшчэ раз, не сказалі і не падумалі.

— Ну, дзякую вам. Я пайду ўжо дахаты, да жонкі, да дзетак. Яны хвалююцца так, мяне чакаюць. Штодня хвалююцца. Баяцца.

— Чаго яны баяцца?

— Усяго баяцца, усяго...

Заслонаў кіўнуў яму галавой і, каб супакоіць старога, паціснуў яму руку на развітанне, правёў да дзвярэй.

Прайшоўся яшчэ раз па дэпо. Рабочыя, заўважыўшы яго, заварушыліся жвавей, сям-там спяшаючыся кінулі недакуркі. Ішоў і адчуваў, як праціналі яго спіну калючыя позіркі, позіркі з-за плячэй, спадылба. Калі азірнуўся, нібы выпадкова, заўважыў, як хутка знік кулак. Нехта, відаць, на віду ва ўсіх пагражаў яму. Зрабіў выгляд, што не заўважыў. Пайшоў далей.

Зайшоў на матэрыяльны склад. Ля сцелажоў корпаўся Чычын. Нешта гаварыў яму Верабей. Заўважыўшы начальства, рабочыя выцягнуліся былі ў струнку. Але ўбачыўшы, што адзін, паволі пайшлі насустрач, усміхнуліся.

— Дзейнічаеце, арлы?

— Дзейнічаем, таварыш камандзір.

Быстрым вокам акінуў сцелажы, штабялі рознага запаснога жалеза.

— Усё прыгоднае раскамплектаваць! Што каштоўнае з арматуры, з дробязі,— прыхаваць. Прэсмаслёнкі — частку ў разбор, частку — зняць клапаны. Ого, яшчэ прыхаваліся расточныя аўтаматы! У лом іх, у лом... Дышлы са шчукінскіх... у зямлю...

— Ёсць, таварыш камандзір.

— Ды глядзіце ў мяне, каб парадак — адменны! На сцелажах каб было ўсё, як у ювелірнай майстэрні. Запасныя часткі змазаць. Нумарацыя. Калібры. Асартымент. Немцы любяць парадак. Дзярма палажыце кучу, ды каб блішчэла, каб было пад нумарам!

— Чаго, чаго, а гэтага мы ім падложым.

— А цяпер вось аб чым хацеў я табе сказаць, таварыш Чычын. Пара і за справу брацца, пра якую я гаварыў. Пара, пара.

— Усё будзе зроблена, пан начальнік.

Чычын стаяў навыцяжку, у струнку.

Заслонаў азірнуўся.

У дзверы склада ўваходзіў бялесавокі рабочы, якога раніцай прабіраў Заслонаў.

— Табе чаго?

— Я, пан начальнік, да вас. Мяне пан шэф яшчэ бэсціў перад усімі рабочымі і загадаў, каб я папрасіў у вас прабачэння.

— Па загаду пана Штрыпке?

— Так точна, пан начальнік.

— Ах ты, нягодная твая душа, ты думаеш, мне патрэбны такія прабачэнні, якія робяцца па загаду?

— Выбачайце, пан начальнік, я не зусім правільна сказаў. Мне пан шэф сказаў, што калі я не папрашу прабачэння, то ён не толькі прагоніць мяне з работы, але і аддасць пад суд за абразу інжынера. А прыйшоў я сам, пан начальнік, і вельмі прашу вас прабачыць мне, што я так нахабна вёў сябе ў дачыненні да вас.

— Ну, глядзі, каб гэта было першы і апошні раз.

— У мяне яшчэ просьба. Пан шэф загадаў мне, каб я папрасіў вас прымацаваць мяне да якога-небудзь вопытнага слесара, каб падвучыў мяне крыху.

— Як жа ты на работу паступіў, не ўмеючы працаваць?

— Ды, бачыце, я прахварэў гады са два, страціў усякую кваліфікацыю...

— Ладна. Прымацуем. Ну як там рабочыя працуюць?

— Працуюць, пан начальнік. Але...— Чалавек замяўся тут.

— Што але?

— Ды бачыце, нязручна казаць тут.

— А ты кажы.

— Не магу, пан начальнік... Гэта вашай асобы толькі тычыцца. Я ўжо лепей да вас у кантору зайду...

— Ладна. Заходзь. Можаш ісці цяпер.

Калі Заслонаў збіраўся ісці дахаты, да яго зайшоў бялесавокі слесар.

— Ну, што ты мне хочаш сказаць?

Той азірнуўся ва ўсе бакі, доўга прычыняў за сабой дзверы і, прылажыўшы палец да губ, на дыбачках падышоў да яго.

— Я да вас,— пачаў ён шэптам,— па вельмі сур’ёзнай і сакрэтнай справе. Будзьце вельмі пільным, асцерагайцеся...

— Каго?

— Рабочых. Настрой у іх задужа паганы.

— А чаму ім вясёлымі быць? Колькі зарабляеш, слесар?

«Слесар» разгубіўся на хвіліну, не ведаючы, на якія заробкі намякае начальнік.

— Я, ведаеце, не аб гэтым настроі, аб якім вы думаеце. Яны супроць вас настроены, пагана настроены.

— А што, ты ім загадаеш любіць мяне? У мяне да іх асаблівай прыязні няма, чаму ж яны павінны з прыязню да мяне ставіцца? Я патрабую ад іх цяжкай работы, жорстка патрабую.

— Я не аб гэтым, пан начальнік... Я аб другім... Яны не супроць таго, каб і забіць вас.

— Ну-у? Аднак і адкалоў ты!

— Я вас самым сур’ёзным чынам папярэджваю, а вы смяецеся.

— Якія доказы ў цябе, якія факты?

— Доказаў у мяне пакуль што няма, але яны будуць. Я чуў некалькі гутарак...

Заслонаву хацелася ўзяць гэтага чалавечка за горла ці за плечы ды пляснуць яго аб цэментавую падлогу.

— Дарэчы, як тваё прозвішча?

— Сацук, пан начальнік, Сацук, Мікіта Кірылавіч...

— Дык вось, Сацук, ты ім скажы, што нічога ў іх не выйдзе. Скажы: сурова пакараюць немцы вас, бо інжынер дарагі чалавек для іх. Так і скажы.

— Скажу, пан начальнік, калі пачую яшчэ раз. Можна ісці мне?

— Можаш ісці...

 

17

Слімак меў усе падставы скардзіцца на свой лёс — яму неяк не шанцавала, не было ўдачы на новай службе. Калі вярнуўся не солана хлябаўшы з лесу, то доўга вагаўся: пайсці ці не пайсці да пана Клопікава. Баяўся кары за неапраўданае давер’е, за нявыкананае заданне. Некалькі дзён не ішоў, пакуль па яго не з’явіўся паліцэйскі. І да таго перапужаўся, што ішоў і трэсліся каленкі, рукі.

— Нешта па цябе пасланцоў спецыяльных трэба пасылаць, не ведаеш хіба парадкаў сам? — абурыўся на яго Клопікаў.

— Ведаю, Арэст Адамавіч, ведаю, але вось хвароба прычапілася, прастыў, пакуль бадзяўся па лесе.

— Гэта я ведаю, што ты бадзяўся. Іменна бадзяўся. Ну што, без карысці, відаць, тваё бадзянне?

— Угадалі, не магу дужа чым пахваліцца.

— А ты не дужа.

— Сапраўды не маю чым пахваліцца, Арэст Адамавіч.

— Каму Арэст Адамавіч, а каму па службе начальнік парадку. Устаць! Па парадку дакладвай, рапарт здавай!

Устаў Слімак, трасуцца пад ім маснічыны. Ды перасохла горла, ніяк слова з яго не выціскаецца.

— Рапартую вам, пан начальнік. Абышоў паўволасці. І ў другой пабыў. Усюды чуткі ды гаворкі: там партызаны немцаў пабілі, там абоз адабралі, там мосцікі ўсе знеслі. А як прыйдзеш у якую вёску, ну ніякага следу... І ніхто нічога не ведае. Ніхто цябе і слухаць не хоча. Не ведаем, кажуць, і годзе... Ходзяць, а хто ж іх ведае, адкуль яны ды што. Невядомыя ўсё. А тут, пад самым ужо горадам, дык учапіўся за мяне стараста, Сымон. Стары ўжо, але як узяў мяне ў шоры, дык ледзь адчапіўся ад яго. Ты, кажа, людзей не бунтуй, я цябе да самога Вейса прадстаўлю, ён табе пакажа, як пра партызан агітацыю весці. Я і так, я і гэтак, хацеў ужо д'яблу старому ўсё начыстую расказаць, але там людзі... Розныя людзі, хто іх ведае. Насілу адчапіўся ад яго. І здаецца мне, пан начальнік, задужа гэта ў нас пра партызан гаворыцца, лішняга багата. Мне здаецца, і няма партызан у нас. А пра Мірона Іванавіча і чутак нават ніякіх. Сама маці мне казала, што з першых дзён вайны як падаўся ў эвакуацыю, так і не чула пра яго з таго часу.

— Якая маці? — ажывіўся адразу Клопікаў.

— Ды маці Мірона Іванавіча. Яна ж там з дзецьмі яго жыве, у вёсцы, кіламетраў мо дваццаць якіх адсюль.

— З дзецьмі?

— З дзецьмі, пан начальнік. Трое дзяцей, зусім жа малыя яшчэ.

Клопікаў задумаўся на якую хвіліну, паціраючы жоўтыя кашчавыя пальцы. Закашляўся, рэзка перапытаў:

— Ну што яшчэ там бачыў, чуў?

— А нічога болей, пан начальнік.

— Та-а-ак... Кепскі з цябе разведчык. На большае я ад цябе спадзяваўся. А выходзіць, дарэмна мы табе пысу гладзілі, дарэмна. Ніякай стараннасці не бачу. Ужо і не ведаю, што мне з табою рабіць. Ці то ў турму садзіць, ці то...

— Даруйце, пан начальнік, даруйце для першага разу... Я ж буду старацца, так старацца, што я гэтых самых партызан з-пад зямлі вам дастану.

— З-пад зямлі мне не трэба. Ты мне тых дастань, якія па зямлі ходзяць, якія на маёй тэрыторыі ходзяць ды з нас, з цябе, з пустой твае галавы пасмейваюцца. Не прадстаўнік паліцыі, а авечка ты дурная, вось хто!

— Даруйце мне, Арэст Адамавіч.

— Ну, ладна. Сягоння ты можаш ісці дахаты. А заўтра ў цябе будзе работа. Заўтра кірмаш у горадзе. Трэба табе як след пахадзіць па рынку. Нам вядома, што яны і такім спосабам прабіраюцца ў горад. Ды каб выгляд меў патрэбны, пад селяніна апраніся. Глядзі ж, каб не зяваў болей, бо з такой работай ты ў мяне да пятлі даслужышся, вельмі нават проста.

Слімак ішоў дахаты, і не сказаць, каб вельмі вясёлымі былі яго думкі.

Не прынёс Слімаку ўдач і наступны дзень.

Кірмаш быў не дужа вялікі. Не відаць было і асаблівага багацця на вазах, акрамя хіба капусты, агуркоў, марожаных ды мочаных яблык. Багата было навезена драўлянага дабра: дзежак, вёдзер, начовак. Гарадскія людзі прадавалі ўпотай уцалелую адзежу, паношаны абутак. Сталыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар: жалезнае ламачча, іголкі, ніткі, усякую іншую дробязь.

Слімак тоўкся ля вазоў, прыслухоўваўся, прынюхваўся. Бабкі-малочніцы падазрона прыглядаліся да яго, трывожна мацаючы свае кішэні, запазухі. Бабуля з воза падала яму, цяжка ўздыхнуўшы, пару бульбін, і калі ён злосна кінуў іх на зямлю, яна ўсё вохкала на возе, гневалася:

— Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе... Няйначай злодзей які.

Слімак хуценька падаўся ў другі бок.

І вось урэшце яму нібы пашанцавала.

Чалавек у стракатай кепцы таргаваў дзежачку, нешта гаварыў з дзядзькам у доўгай світцы. Той стаяў ля сваіх дзежак і, не гледзячы на пакупца, адказваў яму, раз-пораз паўтараючы адно і тое ж слова:

— То ж вядома...

«Няйначай з іх?» — падумаў Слімак, калі пачуў некалькі слоў чалавека ў кепцы, і падышоў бліжэй, ды і сам пачаў прыглядацца, нібы думаючы купіць што з дзядзькавага тавару.

А чалавек у кепцы мацаў абручы ў дзежцы, стукаў у дно — ці добры звон дае, пытаўся:

— Значыцца, вы самі і робіце іх?

— То ж вядома...

— І самі ў лес ездзіце па дрэва?

— То ж вядома, самі...

— І яны не перашкаджаюць вам, партызаны?

Дзядзька ў світцы хацеў нешта адказаць, але Слімак, таксама ўчапіўшыся ў дзежачку, запытаўся ў яго:

— Багата ж іх у вас?

Дзядзька разгублена зірнуў на абодвух пакупцоў, потым вырваў з іх рук свае дзежачкі, паставіў іх на месца.

— Бачу, вы толькі языкамі малоць майстры, а не тавар мой купляць.

— Ды я ж вось чую, што вы пра партызан ведаеце, дык хацеў пра знаёмага свайго запытацца, ён жа там, недзе ў вас, у лесе,— прагаварыў Слімак, прыглядаючыся ў той жа час да чалавека ў кепцы, які нешта палез да сябе ў кішэню.

— Што ты чаўпеш, чалавеча? Калі твой знаёмы ў лесе, то ідзі туды і пытайся яго! Чаго вы, урэшце, да мяне чэпіцеся? — Раззлаваны дзядзька нават падаўся ад іх на другі бок сваіх дзежак.

Слімак толькі наважыўся быў схапіпь за руку чалавека ў кепцы, але той папярэдзіў яго і ўчапіўся ў Слімакоў ватнік.

— Пойдзем за мной! — загадаў ён Слімаку.

Але Слімак быў не з тых, каго можна было б так лёгка абдурыць. Схапіўшы за руку свайго супраціўніка, ён тузануў яго з усіх сіл да сябе:

— Вось ты за мной пойдзеш цяпер! Ага, папаўся!

Дзядзька зірнуў на іх і спяшаючыся пачаў грузіць свае дзежкі на воз. А яны, гэтыя два чалавекі, стаялі, учапіўшыся адзін у аднаго, і ўсё сіліліся не паддацца адзін аднаму.

— Не ўцячэш, партызан!

— Не выйсці табе з горада, бандыт!

Яны тузаліся, набіраліся злосці, аж ілбы ўзмакрэлі ад натугі. Па рынку пранеслася трывожная чутка: бяруць партызана. Перапалоханыя хлапчукі, якія гандлявалі сінькай, цыгарэтамі, кінуліся да гэтых двух чалавек, акружылі, цікавалі: каторы, каторы? Але дасціпныя малыя адразу ж уцямілі, што тут няма ніякіх партызан, кінуліся назад:

— Гэта жулікі, дзядзенькі! Жулікі б’юцца!

А дзесьці ў баку ад рынка пачуўся гучны выбух. Нечая добрая душа, дачуўшыся, што ловяць партызана, хацела, відаць, адцягнуць увагу ад яго, кінула гранату. На рынку ўзняўся шум. Хапатліва запрагаліся вазы, разбягаліся людзі.

Урэшце, чалавек у кепцы злаўчыўся і заехаў Слімаку па вуху, той ледзь устояў на нагах. Але такое вялікае жаданне было ў Слімака адолець свайго ворага, што ён намогся і даў такога ляшча супраціўніку, што той аж падаўся назад, выпусціўшы з рук надарваную палавіну Слімаковага ватніка. Гэта была кароткая перадышка на якую хвіліну. З новымі сіламі кінуліся яны ў бой, пусціўшы ў ход і кулакі, і зубы, і ўласныя боты, адным словам, усё ўзбраенне, якое ў іх было. Пачалася ярасная тузаніна. Ляцелі ў паветра ашмоткі ватніка, стракатая кепка, лахман ад нечай штаніны.

І раптам, нібы на абодвух байцоў сышло якое натхненне, яны амаль што разам выхапілі з кішэняў свісткі, не гледзячы адзін на аднаго, пачалі свістаць, трывожна азіраючыся на бакі. Свісталі, адчуваючы і бачачы хуткую дапамогу: да іх спяшаліся паліцаі, беглі цераз рыначную плошчу. Нават Клопікава заўважылі. Ён таксама ішоў сюды, думаў правесці чарговую аблаву на рынку, таму і апынуўся тут, на месцы бою.

Урэшце, байцы зірнулі адзін на аднаго і тут толькі зразумелі, што яны абодва свішчуць. Свісткі змоўклі. А ўжо храбрых ваяк акружылі паліцаі, падышоў Клопікаў.

— Злавілі каго? — грозна запытаўся ў іх начальнік.

— Злавіў вось! — лыпнула вачыма ў бок Слімака расшкуматаная кепка.

— Вось яго злавіў! — мармытаў Слімак, прытрымліваючы рукой разлуплены да самага каўняра ватнік.

Клопікаў зірнуў на сваіх паліцаяў і загадаў:

— Абодвух гэтых лайдакоў пад арышт на тыдзень. Пашлеш дурняў на работу, дык яны на ўвесь горад абняславяць нашу справу, публічную бойку між сабой наладзяць.

— Божа мой, ды я ж не ведаў гэтага чалавека! — змог урэшце выціснуць з сябе з цяжкім стогнам Слімак.

— Паліцэйскі павінен усё ведаць і нават болей. Вельмі нават проста...— павучальна прамовіў Клопікаў.

Ніхто не мог пярэчыць гэтаму справядліваму папроку.

Хутка перад Слімаком і яго храбрым супраціўнікам адчыніліся дзверы паліцэйскай каталажкі.

 

Кніга другая

 

Частка першая

 

1

Чычын і Харошаў адлучыліся на колькі хвілін з дэпо.

— Са станцыі перадалі: хутка будзе воінскі эшалон. Паспрабуем?

— Давай!

Яны пайшлі на вугальны двор, які быў тут жа, побач з дэпо.

Ля самых пуцей ляжалі роўныя кучы вугалю, загадзя нарыхтаваныя для паравозаў. Яго падвозілі сюды на ваганетках па вузкакалейцы, якая ішла ад вугальнага склада. На рэйках стаяла некалькі пустых ваганетак, рабочых не відаць было.

Яны прайшліся ля вугальных куч, спыніліся на хвіліну ля самай бліжэйшай ад пуцей, узялі некалькі кавалкаў вугалю, каб прыгледзецца да яго маркі.

Узважвалі на далонях, паціралі адзін кавалак аб другі, ацэньвалі блеск на зломе.

— Відаць, не наш вугалёк, Чычын?

— Сам бачыш. Прывазны. Дрэнны, занадта попелу многа. Але наш не наш, а службу нам саслужыць.

З кішэні ватніка Чычын выняў невялікі кавалак вугалю, які мала чым розніўся ад другіх, узятых з кучы. Палажыў яго ў кучу.

— Ну, паўзі, брат, папаўзушка, паўзі, шукай фашыстам долі! Пойдзем, Харошаў, праведаем Чмаруцьку хіба.

З боку ўваходных стрэлак пачуўся гучны свісток, а за ім і другі прыбываючага цягніка.

— Глядзі ты, аж у два паравозы смаляць!

Чмаруцька быў так заняты сваёй працай, што і не заўважыў, як да яго ў старажоўку зайшлі. Ён выграбаў з пячуркі печаную бульбу, абпальваў рукі, лаяўся.

— Ізноў з’явіліся на маю галаву, каб ім ногі павыкручвала!

Ад эшалона, які стаяў, беглі цераз пуці нямецкія салдаты з вёдрамі, з пустымі скрынкамі. Яны беглі да вугальных куч, абляпілі іх, як саранча, бралі вугаль.

— Усё хваляцца сваімі парадкамі, а што каб з адной кучы браць, дык на гэта ў іх розуму не хапае, усю работу маю спаганяць, трэба будзе потым пачынаць усё спачатку.

І да таго расхваляваўся, што і пра бульбу забыўся, усё глядзеў у акно, лаяўся. Глядзелі ў акно Чычын і Харошаў і таксама хваляваліся.

Адзін за адным пачуліся свісткі паравозаў. Немцы кінуліся з усіх ног да вагонаў. Набіраючы хуткасць, цягнік рушыў са станцыі. Вось апошні вагон мінуў выхадныя стрэлкі. І ў гэты момант з сілай ірванула дзверы, яны расчыніліся, ды грымнула так, што дробна-дробна зазвінела шкло ў акне. Раз за разам прагучалі трывожныя свісткі паравозаў.

Чмаруцька пабляднеў.

— Няйначай бамбяць!

Выскачыўшы з будкі, ён задраў галаву і трывожна вадзіў вачыма па нізкім зімнім небе, але нічога там падазронага не было.

Чычын і Харошаў глядзелі на эшалон. Ён ужо спыніўся. На самай сярэдзіне стаяў над ім слуп жоўтага дыму і паволі разыходзіўся. Над некалькімі вагонамі ўзнімалася полымя. А ад вагона, што быў пасярэдзіне, амаль нічога не асталося, тарчалі толькі аблупленыя рабрыны, пакарэжанае жалеза. Навакол бегалі, мітусіліся немцы. Ля дэпо тоўпіліся рабочыя, дзівіліся з пажару. Урэшце паравозы крануліся, адвезлі пярэднюю частку эшалона. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Два вагоны, як свечкі, дагаралі за ўваходнымі стрэлкамі.

Колькі ні ламалі немцы галовы, так і не дазналіся аб прычынах выбуху. Начальства эшалона і камендатура прыйшлі да згоды, што прычынай выбуху магла стацца неасцярожнасць саміх салдат, тым больш што ў некаторых вагонах былі боепрыпасы.

Штрыпке, які ішоў ад эшалона разам з Заслонавым, сярдзіта прыкрыкнуў на рабочых:

— Чаго глядзець! Чаго не бачылі! Да працы, да працы!

Усе разышліся па сваіх месцах. Праходзячы ля Чычына, Заслонаў неяк асабліва зірнуў на яго. Той адказаў ледзь прыкметным рухам вачэй. Нешта падобнае на ўсмешку прамільгнула ў куточках губ інжынера, і ён, не спыняючыся, прайшоў у кантору следам за Штрыпке.

 

2

Андрэеў крыху прыхварнуў у дарозе, і яны спыніліся з Надзяй адпачыць які дзень у адной вёсцы ў хаце, якую парэкамендаваў ім чарговы праваднік.

Было пад вечар, калі па вуліцы вёскі з гікам і крыкам пранеслася група коннікаў чалавек з пятнаццаць.

— Хто такія? — з трывогай запытала Надзя ў гаспадыні, у якой яны начавалі.

Тая зірнула ў акно, прыгледзелася.

— А гэта байсакі зноў.— У голасе яе адчуваліся ноткі не то грэблівасці, не то нездаволенасці.

— Якія байсакі?

— Ды партызаны, яны часцяком тут наведваюцца, і ў хаце ў мяне былі. Але, шчыра кажучы, такія партызаны, што лепш, каб іх і не было...

— А чаму?

— Ат, што гаварыць аб басяках.

— А чаму басякі?

— Ды камандзір у іх Байсак. Сапраўдны басяк, вочы заўсёды самагонам заліты. Толькі таго і клопату ў іх, каб выпіць ды пагуляць.

Коннікі, якія прамчаліся ў канец вёскі, павярнулі назад, ехалі рыссю. Наперадзе на добрым вараным кані гарцаваў, яўна рысуючыся, чалавек, якому можна было даць гадоў пад трыццаць. Быў ён апрануты ў зграбна пашытую мехавую скуранку. Шапка-кубанка сядзела на самай макаўцы, з-пад шапкі выбіваўся чорны віхрасты чуб. Кавалерыйская шабля і маўзер у драўлянай кабуры целяпаліся ля страмён. Па ўсім відаць было, што гэта камандзір. Чалавек пяць коннікаў, таксама ў скураных куртках, але горшых, ехалі ў непасрэднай блізасці ад камандзіра. За скуранымі курткамі ехалі астатнія, апранутыя хто ў шынялі, хто ў сялянскія паўкажушкі. За плячыма звычайныя вінтоўкі, а ў самага задняга вісеў цераз плячо гармонік.

Пярэдні коннік спыніўся. Пачулася рэзкая каманда:

— Гвардыя, стой! Забяспечыць прывал!

Да яго паслужліва кінуліся два коннікі. Адзін падхапіў за аброць каня, другі памог злезці з сядла. Разыходзіліся па хатах.

— А госпадзі, во насланнё на нашу галаву, сам да нас ідзе! — разгублена прагаварыла гаспадыня хаты.

Хутка на парозе з’явіўся Байсак і яшчэ двое: хлопец гадоў пад дваццаць,— відаць, ардынарац,— другі крыху старэйшы, з цяжкім, немігаючым позіркам, які прыліпаў, здаецца, да ўсяго, што траплялася на вока. Нос з гарбінкай і касмылістыя бровы, якія навісалі над вачыма, надавалі суровы выгляд яго твару і рабілі падобным на сыча.

Байсак, плячысты, ружовашчокі, грузна ўвайшоў у хату, прабасіў з парога:

— Ну, як гадуешся, гаспадынька? Прымай гасцей!

— Гасцям заўсёды рады. Калі ласка.

Той, што з гарбінкай, гыркнуў з-за пляча:

— Што ласка ды ласка? Жвавей варушыся, кабета!

— Ціха, Сыч, ціха! Глядзі, тут і дзяўчаты водзяцца. Што за людзі? — спытаўся Байсак, заўважыўшы Надзю і Андрэева.— Нешта не бачыў я тут іх раней.

— Нашы...— паспешна прагаварыла гаспадыня.

— Якія гэта нашы? — умяшаўся тут Сыч.— А ну, дакументы! У іх, таварыш начальнік, нямецкія пасведчанні.

— А якія ж могуць быць у нас пасведчанні, калі такія выдаюцца нямецкімі ўладамі,— спакойна праказаў Андрэеў, гледзячы ў вочы Байсаку. Здавалася, нібы бачыў недзе раней гэты твар.

— Мала што ў тых пасведчаннях пішацца, вы нам вось скажыце, што вы за людзі па савецкіх дакументах? — запытаўся Байсак, і на яго твары пачала праступаць ледзь прыкметная жарсцвінка.

— Бачыце, я не ведаю, з кім размаўляю.

— Байсак! Зразумела? Байсак!

— Выбачайце, але гэта мне нічога яшчэ не гаворыць.

Байсак глянуў так, як можна глядзець на якую казюльку.

— Дзіўна, аднак... Гм... Не ведаць Байсака! Можаце падзякаваць богу, што я ў добрым настроі. Растлумач яму, Сыч.

— Перад табой, невук, камандзір конна-партызанскага лятучага атрада «Віхор» сам Байсак.

— Тады справа іншая, урэшце хаця ведаем...— з кепска прыхаванай іроніяй адказаў Андрэеў.— З партызанамі прыемна сустрэцца.

— А вы што ж за людзі?

— А мы... таксама партызаны.

— Якога злучэння?

— Скажам...— на хвіліну запнуўся камісар, але рашуча дадаў:— Са злучэння Саколіча.

Байсак нахмурыўся.

— Што за Саколіч? Не ведаю такога, не чуў... Што не чуў, то не чуў. Сомік, на стол! — кінуў ён каманду ардынарцу. Той забегаў, як на пружынах. Востранькая пыса, як у лісы, носік, як шыльца, увесь час былі ў руху, мітусіліся, прынюхваліся. Некалькі разоў усё зварочваўся да гаспадыні:

— Алена! Ты глядзі, можа сыры ў цябе якія прыхаваліся, масла, яечкі?

— Аўдавелі куры, мой хлопец, і твая гэта работа была, калі пеўніка падбіў з п'яных воч, як заязджалі мінулым разам.

— І зласлівая ты, цётка! Ніяк таго пеўня не забудзеш. Ну, ладна, засцілай стол, ды хутчэй!

Ён некуды знік на колькі хвілін, відаць на суседнія двары. Той, каго звалі Сычом, чысціў парабелум і раз-поразу кідаў хмурыя позіркі на Надзю, на Андрэева.

— Гэй ты, стралец, кідай пісталет ды садзіся за стол! Яшчэ калена сабе прастрэліш, аканфузішся вось перад дзяўчынай,— кінуў яму Байсак.

У хату ўбег Сомік, пачаў расстаўляць на стале розную закусь. Раптам, ляпнуўшы сябе пяцярнёй па лбе, аж падскочыў на месцы:

— А пра галоўнае і забыўся, во памяць курыная!

Сомік маланкай сігануў з хаты, і не прастыў яшчэ след яго, як ён ужо ўрачыста ўваходзіў у пакой, несучы ў абедзвюх руках па добрай літровай пляшцы. Твар яго ззяў, як люстра пад сонцам, а носік прагна ўцягваў паветра, аж трапяталіся ноздры.

— Во, таварыш начальнік, проста з-пад кароўкі. Такі першачок, што каб Гітлер учуў, дык на ўсю імперыю плюнуў бы, каб паспытаць. Задзё-о-рысты, далажу я вам, як і належыць для таварыша камандзіра.

— Ну, ну, выхваляйся! — мармытнуў Байсак, спрактыкаваным вокам прыжмурыўшыся на пляшкі.

— Алена, кілішкі, а начальніку кубак!

Зірнуўшы на незнаёмых і замяўшыся на хвіліну, Байсак запрасіў іх:

— Сядайце хіба з намі, па-ар-тызаны, вып’ем для знаёмства!

Андрэеў і Надзя адмовіліся.

— Мы толькі што паабедалі, на нас не зважайце.

— Ну што ж, абы чэсць была прапанавана. Няма ў мяне такой завядзёнкі, каб сілком частаваць.

Надзя з камісарам выйшлі ў другую палавіну хаты.

— Ну і тыпы, Аляксандр Дзям’янавіч!

— З дзікіх, відаць,— прамовіў камісар.

— Не падабаюцца мне ваякі гэтыя. Больш з самагонам ваююць.

— Вось мы з табой і прыгледзімся да іх бліжэй, што за людзі, чым яны дыхаюць.

У пакой зайшла гаспадыня, цётка Алена.

— Я пасцялю вам, адпачывайце. Гэтых чарцей не перачакаеш, як зачалі, дык да раніцы не ўтаймуюцца.

— А што яны там?

— П’юць, жаруць.

— І часта яны бываюць у вас?

— Раней дык часцяком, але апошнім месяцам зніклі былі некуды. Мы спадзяваліся, што пазбавіў урэшце бог ад такіх ваякаў-абаронцаў, якіх трэба сцерагчыся, як і саміх немцаў.

У хату зайшоў стары селянін. Ён быў вельмі ўзрушаны. Усё божкаў, скардзіўся, упрошваў гаспадыню:

— Схадзі, Алена, да Байсака, няхай загадае сваім... Ці ж гэта можна, каб апошнюю цёлку з двара. У нас дагэтуль па закону, па раскладцы... А ці так жа можна, каб такое свавольства? Ты ўжо схадзі да яго.

— Не пайду, дзядзька, і не прасі. Хіба ты не ведаеш яго?

— Ну, давай удваіх сходзім.

— Вось прычапіўся. Хадзем хіба.

Але праз колькі хвілін цётка выскачыла назад, як варам аблітая.

— Казала ж яму, каб не хадзіў. Няхай яна і цялушка згарыць, каб такія знявагі цярпець.

Праз дзверы чуваць была мітусня, мацяршчына. Нехта выкрыкваў:

— Вон, пакуль не прыстрэліў! Іш ты, моду ўзялі.

І яшчэ чуваць былі грозныя папрокі, падобныя на крыўды: «Мы за вас кроў праліваем, гады, а вы яшчэ нездаволены...» «Вам немцаў трэба, каб давялі вас да розуму. Пайшоў, пайшоў, не затрымлівайся!»

— Сыч разышоўся. А той, Байсак, усё маўчыць, сапе толькі ды п’е... Не любіць, калі скардзяцца...— ціха прамовіла гаспадыня. — Вы адпачывайце, а я папільную трохі, каб не запалілі хаты з п’яных вачэй.

Байсак усё піў. Вып’е кубак, упрэцца далонямі ў шчокі і ўсё нешта думае, пазіраючы на Сыча, падміргваючы часам Соміку.

— Сомік!

— Слухаю, таварыш начальнік! Можа, агуркоў?

— Глупства агуркі. І мы з табой глупства, Сомік. Пыл мы, можна сказаць, з табой. І я і ты.

— Тут не згодны я з вамі, таварыш начальнік. Ну я яшчэ там пры конях — служба, вядома, пыльная, але і не хітрая: коням аўса, сабе што трапіцца, ну і аб вас мой клопат, каб сыты былі. Але ў вас каманда затое, вы начальнік, у вас вунь якія справы вялікія. Які ж тут пыл?

— Не разумееш ты мяне, Сомік. Пыл і ёсць мы з табой, пыл, касмічны.

— Можа, яно вам і відней. А па-мойму, дык яно так выходзіць, што павінны мы з вамі немцаў гэтых у пыл ператварыць. Як ты, Сыч, глядзіш на гэта?

— Ці не ты ператворыш?

— Я не я, а ўсе мы разам.

— Разам... Ваяка! Коням хвасты чысціць і то не ўпраўляешся.

— А хто нямецкага вартавога забіў, як уцякалі? А машыну падарваў з афіцэрамі? А ў паліцэйскую ўправу гранату кінуў?

Сомік гаварыў хутка-хутка і пры кожным запытанні стукаў па стале рукаяткай нагайкі, з якой ніколі не разлучаўся. Ціха бразгацелі пляшкі, падскоквалі шкляныя кілішкі.

Сыч глядзеў на яго цяжкім немігаючым позіркам. І ад гэтага позірку Сомік кіпяціўся яшчэ болей.

— А ты вось, ты ніводнага немца не забіў. Толькі на словах храбры, а як да справы, дык туляешся за спінамі, за начальнікам хаваешся.

— Прыстрэлю, пікні толькі слова мне!

— І скажу, і скажу! Увесь атрад у адно слова гаворыць: не партызан, а здыхля нейкая.

Сыч паволі падымаўся за сталом, нязграбным рухам дастаючы парабелум.

— А ну, паспрабуй, паспрабуй! — заходзіўся Сомік, бегаючы, як апантаны, узбоч стала.

Байсак, які назіраў за ўсім леным вокам, раптам страпянуўся, стукнуў кулаком па стале.

— Сціхні, Сомік! Сядай ты, Сыч! Садзіся, кажу, а то навяду на вас парадак, чэрці балотныя!

І выпіўшы залпам кубак самагонкі, ужо асеў, змякчэў, лагодна пацягнуўся да міскі з капустай. Усё бубніў пад нос:

— Эх, Сомік, Сомік! І прозвішча ў цябе такое ж ласкавае. Дзе толькі маці цябе нарадзіла?

— Сам нарадзіўся, таварыш начальнік.

— Вось бачыш сам... А чаму да другога сляпіцаю лезеш, чэпішся, як бадзяк калючы? Чаго не падзялілі?

— А няхай не абражае. Усім вядома, я ў кусты не хаваюся.

— Хто цябе папракае?

— Ды вось ён, зануда!

— Ну, хопіць, хопіць, абрыдла мне слухаць вашу лаянку. Ты вось, Сыч, скажы мне лепш, што новага чуваць?

— Аб чым, таварыш начальнік?

— Хаця б і аба мне.

— Арыштоўваць збіраюцца.

— Гэта мяне? Хто?

— Ну, вядома, Саколіч ваш.

— А чаму ён мой?

— Ён ваш непасрэдны начальнік.

— Начальнік? Не будзе таго, каб я пад чыім бы там ні было загадам хадзіў. Не будзе, не будзе, гэта гавару я, Байсак!

— Гэта гаворыце вы, а яны інакш кажуць.

— Як жа яны кажуць?

— Усе атрады павінны пад адным камандаваннем хадзіць, такі нібыта загад партыі.

— Ну, Саколіч не ёсць яшчэ ўся партыя.

— Вось ёсць не ёсць, а ад атрада адрашылі. Што ў вас асталося цяпер?

— Людзі яшчэ будуць. Ізноў набяром сабе атрад. Захачу — полк набяру, захачу — дывізія ў мяне будзе.

— Аднаго хацення мала. Саколіч не дазволіць. Загад ужо аддаў: злавіць, арыштаваць, як бандыта, як здрадніка.

— Маўчаць! Даволі мне аб гэтым Саколічу. Я яшчэ пакажу, які я бандыт! Я навучу, як ваяваць трэба! Я кадравы камандзір.

— Гэта яго мала абыходзіць. Ён ад імя партыі.

— А я?

— Пакуль гэта вы азіраецеся на... партыю, дык будзеце як заяц бегаць па лесе. За вамі і немцы палююць і партызаны паляваць будуць. Што партыя...

Байсак змяніўся з твару. Рэзка прыўзняўся, перагнуўся праз стол і, схапіўшы Сыча за каўнер, так пацягнуў яго да сябе, што са стала пасыпаліся талеркі, са звонам пакацілася і разбілася пляшка.

Сомік аж за галаву схапіўся, ратуючы рэшткі самагону. А Байсак трос Сыча, аж пырснулі, паляцелі гузікі, з трэскам адляцеў каўнер.

— Ты мне, воўчая душа, пра партыю не гавары, партыі не чапай, я цябе за партыю ў зямлю ўганю, падкалоднік!

Сыч, які пабляднеў, задыхаючыся пад цяжарам Байсаковых рук, сіпеў, апраўдваўся:

— Ды вы мяне не зразумелі, відаць, таварыш начальнік. Я пра Саколіча толькі, яму нагаворваюць на вас, а партыя тут ні пры чым.

— Я табе пакажу партыю, сукін сын. Бачыш ты яго. Колькі разоў пад’язджае з такой гаворкай!

Байсак з сілай адштурхнуў Сыча. Той не ўстояў, загрымеў цераз зэдлік, дрыготкімі пальцамі пачаў папраўляць гімнасцёрку.

— Даруйце, калі я сказаў што неўпапад.

— Я табе дарую! А яшчэ ў дарадцы лезе! Батальённым камісарам прыкідваецца... Я разбяруся яшчэ з табой, дай толькі час. Сомік! На стол! Ды гармонь сюды!

Сомік ліхаманкава наладжваў парадак на стале, у колькі хвілін даставіў гарманіста.

Байсак піў, меланхалічна падпяваў п’янаму гарманісту. Гукі пракаветнага вальса калыхалі начную цішыню, навявалі дрымоту. Вальс змяніўся песняй пра самавар і Машу. Ад Машы перакінуліся на сэрца, якому так хочацца спакою. І зусім засумаваўшы, Байсак страпянуўся раптам, загадаў:

— А ну, чаго насы павесілі? Вясёлую! Давай!

І калі гарманіст, страсянуўшы соннай галавой, прайшоўся заліхвацка па радах, абудзіўшы вясёлы перабор галасоў, Байсак пайшоў ад стала, дробна перабіраючы падкоўкамі туга нацягнутых ботаў. У такт задрынчалі шпоры. Сомік, які быў задрамаў на лаве ля сцяны, ураз сарваўся, нібы збіраючыся даць глыбокага нырца, і, ляснуўшы далонямі па халяўках кірзавых ботаў, пайшоў у круг, пакрыкваючы:

— Давай, давай, не затрымлівай!

Дзве пары ботаў захадзілі ў няўрымслівым рытме; адна пара, новая, хромавая, салідна выбівала цяжкую — аж угіналіся маснічыны — чачотку, другая, рудая, кірзавая, мільгала, як вецер, сыпала дробным макам ды выкідвала такія ферты, што сам гарманіст абудзіўся ўрэшце і заварушыўся ўсім целам, пацепваў плячыма і прытупваў парыжэлым ботам, падвязаным нейкай аборынай.

— Паддай, паддай жару!

У гэты час з канца вёскі данёсся гулкі па начы стрэл. Ён паўтарыўся яшчэ і яшчэ раз.

— Што там такое? Няйначай, балуецца хто?

Але, калі стрэлы пракаціліся яшчэ раз,— аж танюсенька запелі шыбкі ў акне,— Байсак хутка накінуў на сябе скуранку, перакінуў цераз плячо маўзер. Гарманіста як віхрам змяло. У хату ўбег адзін з коннікаў.

— Бяда, таварыш начальнік!

— Якая бяда?

— Ад лесу ідзе нейкая група, конныя імчаць сюды.

— Хто ж там? Немцы?

— Не, відаць, не...

Хата ў міг апусцела. На вуліцы пачулася асіплая каманда:

— Па конях!

Выкідваючы з-пад капытоў прамёрзлыя ашмёткі снегу, па вуліцы пранеслася галопам група коннікаў. Гэта драпала з вёскі Байсакова каманда. Услед хліпнула некалькі стрэлаў. Потым утаймаваную цішыню парушылі галасы пад вокнамі, якія пашарэлі ўжо, набіраючыся зманлівага святла зімовай раніцы. На вуліцы відаць было некалькі коннікаў. Да іх далучылася група пешых.

Цётка Алена, якая даўно была на нагах, увайшла ў хату, падзялілася навінамі.

— З нашага атрада разведчыкі. Шкадуюць, што Байсака не засталі, спазніліся крыху.

Хутка Надзя і Андрэеў, далучыўшыся да разведчыкаў, выйшлі з вёскі, каб апошнім невялічкім пераходам закончыць сваё вандраванне.

 

 

3

Была нарада ў камендатуры.

Дакладваў Штрыпке. З нямецкай дакладнасцю ён пералічваў розныя лічбы, дэталі, гаварыў аб патрачаных матэрыялах, дэманстраваў дыяграму работы ўсяго дэпо. Тлустая чырвоная лінія загіналася ўгору.

Экспансіўнаму Вейсу надакучыла скрупулёзная дакладнасць Штрыпке, ён перабіў яго.

— Вы нам скажыце лепш, як справа з паравозамі?

— О, з паравозамі! Гэта самае галоўнае, чым я хацеў пад канец узрадаваць вас. За апошні тыдзень не толькі выкананы наш план па графіку, але мы выпусцілі звыш плана два паравозы. І, трэба сказаць, мы тут... да... пэўнай ступені... абавязаны пану інжынеру Заслонаву...

— А чым вы абавязаны пану Заслонаву? — перабіў яго Кох, які нудзіўся ад гэтых тэхнічных штучак, як ён гаварыў, і, седзячы ў кутку пакоя, прыглядаўся да рускага інжынера, які быў тут, прымаў удзел у нарадзе.

— Чым абавязаны? — крыху разгубіўся Штрыпке.— Ну... ён ведае сваю справу. Мабілізаваў рабочых, прымусіў працаваць іх... Так... так...

— А дзе вашы здольнасці, паважаны Штрыпке?

— Выбачайце, пан камісар,— умяшаўся ў гутарку Заслонаў,— шэф дэпо не мог адразу ўзняць усё дэпо. Патрэбна было сабраць рабочых, аднавіць станкі. Патрэбна было...

— Да чаго дажыліся мы, пан камендант! — іранічна загаварыў Кох.— Нашага інжынера абараняе рускі работнік. Інжынер трапляе, відаць, пад уплыў рускага чалавека. Ён забываецца на тое, што ён немец.

— Шаноўны Кох, прашу вас дзеля ўсяе нашае справы, кіньце вы гэтыя папрокі. Мне да зарэзу патрэбны паравозы. Разумееце, па-а-ра-а-возы. Вось пачытайце, калі ласка,

З адчайным жэстам, зморшчыўшыся, як ад зубнога болю, ён перадаў Коху чарговую тэлеграму стаўкі, дзе пад самую суровую адказнасць загадвалася на чым бы то ні стала не толькі захаваць прапускную здольнасць дарог, але і павысіць яе ўсімі магчымымі і немагчымымі сродкамі.

— Іначай наша наступленне можа сарвацца.

— Пан камендант! — засцярожліва кінуў Кох, рухам вачэй паказваючы на Заслонава.

— Ах, кіньце вы! — зразумеўшы яго жэст, прагаварыў Вейс.— Наша чарговае наступленне — не тайна. Аб ім вядома з усіх газет, з радыё, з нашых загадаў і лістовак.

І ўжо звярнуўшыся да Заслонава:

— Шчыра вам скажу, што я рады. Не памыліўся тады, прымаючы вас на работу. І... што тут загадваць... я проста прашу вас прыкласці ўсе сілы, каб даць болей паравозаў, узняць усе паравозы.

— Я не збіраюся даваць вам якіх-небудзь ўрачыстых клятваў, але скажу — мы ўзнімем паравозы, так, узнімем... Слова гонару рускага інжынера, узнімем!

— Я не сумняваюся ў гэтым. Мы з вамі ўзнімем паравозны парк.

— Так, узнімем.

Гаварылі яшчэ аб другіх справах. Заслонаў скардзіўся на адсутнасць металу, на тое, што не хапае кваліфікаваных рабочых.

— Аб метале не турбуйцеся. Мы здымаем з вас усякую адказнасць за недахоп матэрыялаў. Гэта наша задача забяспечыць вас усім патрэбным. А аб рабочых? Мы даём вам і... пану Штрыпке неабмежаваныя магчымасці набору рабочых.

Заслонаў палічыў не лішнім выказаць і некаторыя свае просьбы.

— Бачыце, я не адважваўся прасіць вас, бо лічыў дробяззю... Справа ў тым, што кожны чалавек любіць працаваць у самых спрыяючых умовах. Тады і праца яго дае большы эфект. Пагадзіцеся, як я магу спакойна і аддана працаваць, калі мне кожную хвіліну пагражаюць. Ну, пагражаюць майму жыццю.

— Адкуль вы ведаеце?

— Ведаю. Адчуваю. Урэшце, мне заявіў аб гэтым і адзін з рабочых, Сацук.

Кох аж падскочыў на сваім крэсле.

— Ах, дурань, лезе не ў сваю справу! І хто яму загадваў? — І тут жа схамянуўся:—Я прашу вас, пан інжынер, за сябе не турбавацца. У нас служба парадку, ёсць каму паклапаціцца аб вашай бяспецы.

— Так, так, пан інжынер, гэта няхай вас не турбуе. За вашымі плячыма ўся Германія.

Вейс хацеў яшчэ нешта сказаць, але яго перабіў дзяжурны афіцэр, які прынёс некалькі пакетаў, тэлеграму.

Калі Вейс распячатаў тэлеграфны бланк, то пабляднеў. Потым румянец вярнуўся на шчокі Вейса, ён цяжка ўздыхнуў і пачаў гаварыць хутка-хутка:

— Ну, дзякуй, дзякуй богу! — І кінуўшы тэлеграму на стол, адмераў колькі крокаў па пакоі.

— Што здарылася? — запытаўся Кох.

— Чорт ведае што такое! Два паравозы ўзарваць за адзін дзень! Але дзякуй богу, не на нашым перагоне. Вы ўяўляеце, паважаны Кох, як пакруціцца цяпер гэты выскачка Цукерман, наш сусед. Ён так насміхаўся з нас, калі здарылася няшчасце з эшалонам. У вас, смяяўся, пад носам эшалоны ўзрываюць. Цяпер паскачы, паскачы, даражэнькі!

Вейс зірнуў яшчэ раз у тэлеграму.

— Гм... Пры загадкавых абставінах узарваны два паравозы. Пацярпеўшыя эшалоны стаяць. Пагроза затору. Просьба неадкладна памагчы. Во, гэта я разумею, прасіць пачаў! Ну, што ж... Раз просіць, акажам дапамогу. Развітваючыся, я яшчэ раз прашу і пана Заслонава і вас, Штрыпке: усе меры прымайце, узнімайце паравозы. Узнімайце!

— Узнімем, пан камендант.

— Я не сумняваюся.

Толькі калі выйшаў з камендатуры, Заслонаў даў поўную волю сваім пачуццям. На душы было так радасна, што хоць ты пускайся ў скокі.

Заслонаў ішоў, як падхоплены на крылах. І ўсё, што было цяжкага, што прыгнятала апошнія дні,— весткі з франтоў, непрыязныя, спадылба, позіркі рабочых, абрыдлая постаць Штрыпке, яго бязладныя часам распараджэнні,— усё гэта знікла. Радавала і цешыла думка: «Значыць, збываецца. Абы добра пачаць, а там рубанём яшчэ, так рубанём, што будзе моташна вам!»

Было ўжо цёмна. Гарадок прыціх, рыхтуючыся да сну. Крокі гучна аддаваліся на тратуары. Дошкі ўгіналіся, зыбаліся пад нагамі, і на душы было лёгка, весела. Нібы некалі, даўным-даўно, у далёкім дзяцінстве, калі вось бяжыш першымі змрокамі адкуль-небудзь з рэчкі, з коўзанкі, бяжыш да цёплай хаты і не прамінеш ніводнай замёрзлай лужыны, каб не каўзануцца лішні раз ды потым пусціцца са скокам, з падскокам, да чарговай коўзанкі. А вушы шчыпле свежы марозік, а за вёскай лес, а ў лесе няйначай ваўкі. І сэрца заходзіцца ад хуткага бегу. І, відаць, будзе лаяцца маці. Адбярэ стаптаныя, скоўзаныя лапцікі, анучы, каб пасушыць іх у пячурцы. І даўшы добрага штурханца,— зусім жа не баліць — да стала пагоніць.

— Еш, мой гуляка, ды на печ. Спаць пара.

Так добра тады!

І нават калі ля самага пляча прасвірчэла нешта і, гучна ляснуўшы аб плот, пакацілася па тратуары, ён не спалохаўся, не здзівіўся. Падняў гэтае нешта з тратуара, паглядзеў, палажыў з колішняй хлапечай звычкай у кішэню. Усміхнуўся:

— Наш вугалёк, дэпоўскі. Вось мазутныя чэрці, дабром кідаюцца.

І яшчэ весялейшая думка: «Значыць, рубанём, калі кідаюцца. Сэрца не вугаль, не прастыне. Аднак хто б то мог?»

Агледзеўся. Некалькі знаёмых хат. Бліжэй ад усіх Чмаруцькава.

— Аднак не варта так. Несур’ёзна, таварыш Чмаруцька. Не варта нянавісць чалавечую на дробязі раскідваць...

Калі зайшоў у кватэру, бабулька не зусім ветліва сустрэла.

— Госці там у вас...

— Калі госці, то добра.

А госця ўжо выбегла насустрач.

— Нядобра, нядобра так гасцей прымушаць чакаць! Я з паўгадзіны сяджу, вас чакаю.

— Што ж, Люба,— а гэта была яна,— мы з вамі сустрэчы не прызначалі, так што і крыўдаваць на мяне няма асаблівых падстаў.

— Як вам не сорамна так размаўляць з дзяўчатамі? Гэта так няветліва.

— Ну, не крыўдуйце. Відаць, вы хацелі нешта сказаць мне?

— А вось і хацела, а цяпер не скажу, калі робіцеся такім задужа ганарыстым.

— Я зусім не ганарысты...— падрабляючыся пад яе легкадумны тон, прагаварыў ён.— Можаце казаць.

— Я вось нядаўна бачыла...

— Каго?

— Хіба і не ведаеце? Надзю Канапельку, добрую знаёмую Харошава і рашу. З тыдзень таму назад бачыла яе ў горадзе. Няўжо не заходзіць да вас?

— Не, не заходзіць.

— І людзі ў вас! Таксама ганарыстая. Гэта ж трэба, пра вас ды пра Харошава і слухаць не хоча. Ці не пасварыліся вы часам?

— Можа, і пасварыліся.

— Шкада, шкада. Чаму ж ёй не заходзіць? І вам было б весялей. Нават Кох зацікавіўся Надзяй.

— Надзяй?

— Надзяй, вядома. А таксама бацькам яе. Гэта, калі я расказала, што яна леснікова дачка, дык ён аж здзівіўся і кажа: «Ого-о!»

— Так, та-а-ак, Любка...— прагаварыў Заслонаў, не ведаючы, як адчапіцца яму ад гэтай дзяўчыны. І раптам запытаўся:—Як гэта вы надумаліся зайсці да мяне? А можа, паслаў хто?

— Я і сама збіралася колькі разоў зайсці, нават заходзіла, ды вас усё не застаць.

— Ну?

— А тут яшчэ Кох запытаўся ў мяне пра вас, як жывяце, у каго, ці добра вам, ці маеце ў чым патрэбу?

— Вось гэта прыемна... Не ведаў пра такія клопаты аба мне.

— Таму і зайшла вось да вас.

— Ну, дзякуй вам. Люба, за праведзіны. Ды падзякуйце ўжо і Коху за такую ўважлівасць да мяне.

— Не, ён казаў мне, каб я не гаварыла вам, што ён параіў мне праведаць вас.

— А што тут такога? Я ўдзячны за такія клопаты.

— О-о! Ён вельмі ўважлівы чалавек!

— Дзякуй вам, Люба, яшчэ раз дзякуй.

Любка пакруцілася перад люстрам. Гулліва зірнула на Заслонава.

— Няўжо не правядзеце мяне дахаты? Цяпер на вуліцы і на хулігана якога можна натрапіць.

— Ну, як я адважуся пусціць вас адну? Але Ганс яшчэ прыраўнуе часам.

— Не... Ён чалавек спакойны.

Заслонаў ішоў з ёй па вуліцы, праз сілу прымушаў сябе весці вясёлую, легкадумную гутарку з гэтай нікчэмнай і пустой дзяўчынай, якую ён і раней называў заўсёды балаболкай. Яна тараторыла без канца, расказвала аб дзяўчатах, аб нейкіх хлопцах, аб нядаўняй вечарынцы, і малола, малола ўсякае глупства, аж галава разбалелася ў Заслонава.

Урэшце развітаўся з ёй. Прыпыніўся ля хаты Чычына і, зайшоўшы на двор, рашуча пастукаў у акно.

— Выклікаю па тэрміновай справе ў дэпо! — знарок гучна праказаў ён і, калі Чычын выйшаў з хаты, сказаў цішэй:— Каб не турбаваць залішне чужых воч, пройдземся ў дэпо, нібы па службовых справах.

Калі ішлі глухімі завулкамі, прапанаваў Чычыну:

— Трэба тэрмінова паведаміць Канапельку, ім, відаць, сур’ёзна зацікавіліся ў гестапа.

— А што такое?

Заслонаў расказаў аб візіце Любкі.

— Аб Канапельку, Канстанцін Сяргеевіч, турбавацца не трэба. Усё ўжо зроблена, і чалавек сягоння ў поўнай бяспецы. Што вас яшчэ цікавіць?

— Пра паравозы чуў?

— Чуў. Два. Работа акуратная.

— Як цяпер арсенал наш?

— Гудзе. На поўны ход! Свой тол мы пусцілі ўвесь у работу. Абяцаў Мірон падкінуць у бліжэйшыя дні, у яго там ёсць яшчэ запасы.

— Гэтыя штучкі пакуль што пускайце, ды каб не густа, бо адразу западозраць. Ды вось па тых адрасах падкінуць, аб якіх гаварыў я.

— Зроблена ўжо, Канстанцін Сяргеевіч. І ў Мінск падкінулі, і ў Смаленск пайшла невялікая партыя. Сюды-туды таксама паслалі. Ды ўрэшце і лягчэй нам будзе. Асвояць і там нашу прадукцыю. Мы за патэнт платы не просім.

Яны пабылі ў дэпо. Заслонаў абышоў важнейшыя ўчасткі работы.

— Паднацісні, паднацісні, хлопцы! Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў ён групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты.

Сёй-той уздыхнуў, сёй-той паціснуў плячыма, сёй-той скрыгануў моўчкі зубамі, сёй-той кінуў косы позірк спадылба.

Заслонаў добра разумеў іх жэсты і думкі:

— Нічога, нічога, хлопцы! Глядзі весялей! Не заўсёды чалавек ведае, дзе ён знойдзе, а дзе ён страціць. Усякія работы пазнаюцца па добрым канцы.

Заслонаў гаварыў загадкамі. Не разбярэш, да чаго хіліць. Вось раней, калі быў ён начальнікам дэпо, тады ясней была кожная яго думка. А цяпер... Цьмяна гаворыць... Якія там яшчэ канцы, калі і так ужо добры канец, будзь яно праклята ўсё.

— Прадаўся ж, няйначай, з пячонкамі запрадаўся, гад, ды яшчэ пасмейваецца, загадкамі забаўляе...

— Так змяніцца! Вось яна, натура чалавечая...

 

4

Паліцаі любілі заўсёды спыняцца ў старасты Сымона. Куды б ні ехалі, яны не міналі яго хаты. Магчыма, што прычынай гэтаму былі багатыя пачастункі, на якія не толькі не скупіўся, але заўсёды рад быў выставіць для гасцей гаспадар хаты і цётка Ганна.

Калі ні заедзеш да старасты, заўсёды можна было ў яго адпачыць, перакусіць і хапіць з дарогі шклянку-другую такога першаку, які мог бы, здавалася, зваліць з ног любы дуб. А ў дадатак і гаспадыня вясёлая, гаваркая, магла заняць гасцей і расказаць такое часам, што ледзь жываты не лопалі са смеху.

Праўда, пасля тых пачастункаў паліцаі не бачылі асаблівай удачы ў сваіх справах: то падазроная сям’я, за якой яны ехалі, чамусьці знікала бясследна, то сабраны на пастаўкі хлеб аказваўся раскрадзены, то адбывалася якая іншая прыгода. Але калі казаць шчырую праўду, то ніколі не было асаблівай удачы ў іх. А пра няўдачы і казаць не прыходзіцца, дык пры чым тут урэшце дзядзька Сымон і цётка Ганна? Такая ўжо служба паліцайская, сабачая доля. Нездарма цётка Ганна спачувала часам ім, падпіўшым:

— Ах, дзеткі мае, не людское жыццё ў вас: і поначы трасіся, і на марозе дубей, і людзям назаляй. Цяпер бы катораму ў самы раз на печы спаць, а тут вось ідзі насупраць ночы, калей і злога чалавека сцеражыся... Ды ў такую замець! Гэта ж сабаку і таго добры гаспадар у такі час з хаты не пагоніць.

— Правільна, цётка, пра сабаку кажаш. Сабачае жыццё, таму і бобікамі ахрысцілі. У бобіках ходзім! — гаварыў які-небудзь расчулены паліцай.

— Вось і я кажу: бобікі, сапраўды бобікі! — спачувала цётка Ганна, спагадала.

Дзядзька Сымон, хоць і быў ветлівы да гасцей, але асаблівай весялосці не выказваў, у гутаркі дужа не пускаўся, не лез з лішнімі роспытамі. Характар у яго такі, пануры, маўклівы. Хапала затое клопатаў цётцы Ганне. Але гэта ўжо ў яе характары жаночым: і павесяліць, і паспачувае, і з чалавекам аб усім пагаворыць, і распытае, а што да чаго. Вядома, кабета, ёй языка не завяжаш. Паліцаі былі задаволены ёю, не скардзіліся. А каторае высокае начальства, тое злавала. На нарадзе старастаў Клопікаў колькі разоў дапякаў Сымона:

— Ой, глядзі ты ў мяне! Дабяруся я да цябе з тваёй бабай!

— А пры чым мая баба?

— Язык у яе порсткі, залішне порсткі. Не язык, а пякучка.

— Як у кожнай бабы язык, Арэст Адамавіч. На тое ён і дадзен ім, каб нашаму брату дапякаць.

— Не аб тым гаворыш, не аб тым... Я табе пра адно, ты пра другое. Разумець павінен, пра што я табе гавару. Ты не маленькі.

Дзядзька Сымон разумеў усе закіды начальніка паліцыі. Ведаў, што той мае да яго і іншыя прычэпкі, і сур’ёзныя прычэпкі: то адно не выканана, то другое не даведзена да канца, а калі казаць па шчырасці, то і проста сарвана. І пра тое, што начальнік паліцыі крыху стрымліваецца, ведаючы аб добрых адносінах да старасты каменданта. Але гэтыя адносіны сёння маглі быць добрымі, а заўтра, таго глядзі, расклеяцца.

Прымаў Сымон паліцаяў, а ў самога на сэрцы кошкі скрэблі: урэшце, павінна ж скончыцца ўся гэтая гульня. Тады не трэба будзе яму душы трымаць на прывязі ды падтакваць там, дзе ўзяў бы, здаецца, аглабліну ды па лабэціне.

І калі пакідалі паліцаі Сымонаву хату, ён не на жарты нападаў на цётку Ганну:

— Чаго ўжо ты рассыпаешся перад імі дробным макам? Усё хваліш іх ды спачуваеш? Ды я яго каторага за каўнер бы ды пысай аб прыпечак, каб і не піснуў.

Цётка Ганна, якая раней, калі б ёй стаў пярэчыць Сымон, пайшла б у такую атаку, што той прымоўк бы, цяпер глядзела на яго зусім спакойна, нават смяялася:

— Таксама мне храбрэц знайшоўся!

І памаўчаўшы з якую хвіліну:

— Ты вось не забудзься: думаюць яны наведацца ў суседнюю вёску акружэнцаў шукаць... Ды выхваляліся: ведаюць пра партызанскія пераправы.

— А яшчэ пра што казалі?

І цётка Ганна выкладвала ўсё, аб чым ёй прагаварыўся той ці іншы з бобікаў, ці што яна пачула з іх гаворкі між сабой.

— Ты глядзі, не забудзься! — яшчэ раз напамінала цётка Ганна.

— Ды ўжо ж...— лагодна адказваў Сымон.

Сымон не на жарты непакоіўся, усё думаў, як бы яму выкруціцца ад старастоўства. Зрабіць так, каб і людзям добра было, ды і самому не дацца ў крыўду ўсім гэтым бобікам і іх гаспадарам. Цяжка было ў Сымонавы гады весці сваю сапраўдную ролю. Ведаў, што дазнаюцца ўрэшце немцы аб усіх яго справах. І так ужо сярод вакольнага насельніцтва пайшла пагалоска пра вёску, як пра партызанскую гасцініцу.

І калі здарыўся зручны выпадак, Сымон не прамінуў здзейсніць урэшце свой запаветны план. Справа адбылася аднаго разу пад вечар, калі лажыліся спаць, а ў хаце ў Сымона сядзеў Астап і яны гаварылі аб тым, аб сім.

Астап збіраўся падацца дахаты, як у акно з двара нехта пастукаў. Стук быў трывожны. Калі Сымон высунуўся ў адчыненыя дзверы, Астап пачуў некалькі ўсхваляваных слоў:

— Дзядзька Сымон, паліцаі!

Астап не лічыў для сябе залішне патрэбным сустракацца з паліцаямі. Ён схапіў кажух, шапку і быў гатоў кінуцца на двор, каб агародамі прабірацца да лесу, але Сымон схапіў яго за руку, прашаптаў:

— Позна, брат! Падавайся ў камору! — і хуценька замкнуў за ім дзверы.

Паліцаі былі ўжо на двары. Адны падыходзілі да ганка, другія адчынялі вароты. Хутка на двор уз’ехала трое саней, на якіх Сымон заўважыў станкавы кулямёт і зразумеў, што паліцаі едуць некуды па сур’ёзнай справе.

— Прымай гасцей, Сымон, коням там сена падкінь, аўса расстарайся: такая цяжкая дарога па гэтай замеці!

— Куды гэта вас бог нясе?

— Пасля, Сымон, пасля, дай душу абагрэць з марозу, аж ногі пазаходзіліся.

Паліцаі ўваліліся ў хату, захапілі з сабой і кулямёт.

— Падкладай на камінок, цётка Ганна, зусім жа змерзлі!

Цётка Ганна не прымушала гасцей доўга ўпрошваць сябе, завінулася з смалякамі.

Сымон сноўдаўся па двары, хадзіў у пуню па сена і, праклінаючы няпрошаных гасцей, урэшце падыбаў у хату.

— А ты, Ганна, сапраўды згатуй што-небудзь, яны ж з дарогі.

— Ды вы не клапаціцеся, дзядзька Сымон, у нас і свая пляшка ёсць душу сагрэць. Мы доўга не думаем у цябе затрымлівацца, толькі вось абагрэемся крыху ды рушым далей.

Калі Ганна зайшла ў камору, каб узяць там чаго, Астап хацеў быў рушыць дахаты, але Ганна папярэдзіла:

— Пачакай хіба, яны хутка. Даведаешся, можа, куды іх чорт нясе.

— Вось гэта слова! Ідзі да іх, займай гадаў.

Паліцаі, не распранаючыся, тоўпіліся ў хаце. Хто грэўся ля камінка, хто ўсеўся на лаве.

Тупала, завіхалася Ганна. Хутка на камінку засквірчэла сала, пускаючы такі апетытны пах па хаце, што старэйшы з паліцаяў не сцярпеў нават, распрануўся:

— Не на пажар спяшаемся. Калі ўжо выпіць, дык па-людску, за сталом.

Яго прыкладу паследавалі іншыя. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотка разбірае, таго і глядзі заснеш.

Хапілі па першай чарцы, далі паспытаць і Сымону.

— Хвацкая, аднак, у вас гарэлка. Чыстая, як сляза, але на моц, дык я б сказаў, далікатная.

— Што далікатная, то далікатная. Але і далікатнасці гэтай, як бачыш, на дне, адно гора асталося... Няма таго, каб даць добрую порцыю. Ганяць дык ганяюць, а каб харч добры, аб тым не дагадаюцца,— скардзіўся старэйшы.

— А ты, начальнік, не вельмі тое бяры да сэрца. Служба — яна служба. А гору гэтаму я памагу. Нясі, Ганна, якую пляшку сюды. Ды бульбачкі б на стол, агуркі давай, капусту!

— Нам, брат Сымон, не вельмі заседжвацца ў цябе. Справа ў нас адна сур’ёзная.

— А справа — яна ніколі ў лес не ўцячэ.

— Вось гэта ты, стары, правільна. Чаго ёй і ўцякаць, калі яна, можна сказаць, у лесе і сядзіць? Хіба яшчэ па адной?

— Хто гэта лічыць: па адной ці па другой? Калі ідзе ў душу, не пярэч ёй, няхай ляціць ластаўкай.

Выпілі па другой, па трэцяй і па чацвёртай. Цётка Ганна не промах, каб не паставіць лішнюю пляшку. А з закуссю ў яе свой парадак: спачатку яечню і проста скварку, а пасля якой шостай там ці дзесятай можна абысціся і капустай: будуць жэрці, нідзе не дзенуцца.

А ўжо старэйшы выхваляецца, фанабэрыцца:

— Мы гэтых бандытаў усіх пад ногаць! Вунь, пазаўчора, аднаго павесілі... Але ўпартыя, ніяк ты ім рады не дасі. Аднаму нашаму вока выбіў, а мне так садануў пад духі, што ледзь я з богам не заручыўся. Ну, вып’ем хіба яшчэ. Вельмі я не люблю, каб на паўдарозе спыняцца. Сымонка, прыстарайся там яшчэ якую.

Ужо каторыя ляжалі ўпокат на падлозе, хто ў покуце, хто пад лавай. Толькі старэйшы ды яшчэ двое не здаваліся. Старэйшы то выхваляўся, то ўжо нюні распусціў.

— Ты падумай, Сымон, як цяжка нашаму брату жыць. Хто прыкрасць робіць, а ты ў адказе, ты ў клопатах. Яму там добра ў лесе сядзець, на сваёй цёплай печы палежваць. А ты праз яго не спі, валачыся. Яму добра там, калі...

— Каму ж яму, начальнік? — пытае ад печы Ганна.

— Ды таму чорту старому, Астапу.

— Выпіце яшчэ, начальнік, хапіце на здароўе.

— Загадана ўзяць яго, у горад даставіць.

— Астапа? — здзіўляецца цётка Ганна.— Глядзі ты яго, такі, здаецца, ціхі і рахманы чалавек.

— Уга! Ціхі! Іх, цётка Ганна, гэтых ціхіх, больш за ўсё баяцца трэба. Мы ведаем гэтых ціхіх!

— Але, відаць, нешта натварыў стары, калі ім зацікавіліся так?

— Вядома зацікавіліся. Сам Кох, можна сказаць. Яшчэ як распякаў нашага Клопа! Падаць сюды гэтага Астапа і ніякіх! Яму лёгка сказаць — падаць. А ты паспрабуй падай. У яго там, можа, усе партызаны сядзяць. Знайшоў дурных, каб поначы ў лес ганяць! Не, мы, брат, вучаныя, каб па-пустому на лес брахаць! І доля наша...

— А ты, начальнік, не сумуй. Чаго там бедаваць задужа. Лепш вось за ваша здароўе прапусцім яшчэ па адной.

— Давай!

Ужо «начальнік» і носам кляваў у міску з капустай, і, зусім асавеўшы, бубніў нешта пад нос. Ды раптам, набраўшыся храбрасці і вырачыўшы вочы, закрычаў ка ўсю хату:

— Усіх парасстраляю, у бога вашага!

Стукнуў кулаком па стале, задумаўся, нібы сілячыся нешта ўспомніць. Але дзе ты там успомніш. Матнуў, як конь, галавой і ўткнуўся носам у стол, захроп.

— Цягні, Ганна, і гэтую шкнарадзь на падлогу, а то яшчэ зваліцца ды прачнецца.

— Дзе яму, бобіку, прачнуцца, набраўся, як гад.

У хату і Астап зайшоў. Паціраў ля камінка адубелыя рукі, аглядаў гаспадарскім вокам паліцэйскія вінтоўкі, аўтаматы.

— Кулямёцік нішто, здаецца, спраўны!

— Што ты думаеш, Астап?

— А я, відаць, думаю тое самае, Сымон, што думаеш і ты.

Пасмяяліся крыху.

— Дык пакліч хлопцаў, Ганна.

— Ты, Астап, не ў хаце толькі...

— Навошта мне тваю хату паскудзіць. Мы іх жывымі...

Ужо на самым світанні ў вёсцы адбыўся вялікі перапалох. Прачнуўшыся, людзі бачылі, як на вуліцы з’явіўся конны атрад. Пачалася страляніна (стралялі, відавочна, больш для прыліку). Вяскоўцы кінуліся былі ўцякаць, але, убачыўшы партызан, высыпалі на вуліцу. З Сымонавай хаты выводзілі шасцярых паліцаяў, не досыць ветліва ўсаджвалі іх на запрэжаныя сані. Некалькі партызан вялі Сымона, вязалі яму рукі вяроўкай. І калі садзілі на сані да паліцаяў, далі некалькі кухталёў і яму ды ўсё лаяліся:

— Даслужыўся, нямецкі халуй!

А цётка Ганна бегала навокал ды ламала рукі. Галасіла ўсё:

— Людцы мае, а чаму ж вы не бароніце чалавека?

Да партызан кідалася:

— Ён не вінаваты, яго народ паставіў! Адпусціце вы старога!

— Адыдзіся, баба, э то і цябе прыхопім!

Некаторыя кабеты не стрымаліся, заплакалі ўслед за Ганнай уголас:

— А божачка, ён сапраўды не вінаваты, за што ж яму пакуту цярпець?

Партызаны паехалі, забраўшы палонных. Людзі разышліся па дварах. Хапала гаворкі бабам на цэлы дзень: што, ды як, ды з якой прычыны... А цётка Ганна, пагаласіўшы крыху на вуліцы, урэшце падалася дахаты. І хоць не вельмі была цётка Ганна прыхільнай да спаса, але тут стала перад абразом, перахрысцілася разы са тры:

— Слава табе госпаду богу, слава табе!

Потым села, зірнула ў вокны, ці не глядзіць хто, і рассмяялася. Смяялася ад душы, ад сэрца.

 

5

У Ганса Коха былі непрыемнасці. З Мінска прыехаў інспектар гестапа. Ужо каторы дзень ён дакладна знаёміўся з работай, прыдзіраўся. За кожную дробязь доўга і нудна выгаворваў:

— Вы, малады чалавек, не ўмееце працаваць як след, не ведаеце свайго раёна, не вывучаеце, не маеце надзейнай агентуры.

І куды б ні з’яўляліся яны, у СД, у турму, у лагер ваеннапалонных, пад які адвялі былую бальніцу, інспектар усё нездаволена моршчыўся.

— Вы думаеце, калі расстралялі там палонных ці хворых з бальніцы, дык і выканалі свае абавязкі? Канечне, і іх трэба расстрэльваць, але галоўная ваша задача — ліквідацыя партызан. Сарваны па раёну ўсе пастаўкі, у вас, як вядома нам, ледзь не Савецкая ўлада пад самым горадам.

І да таго дапёк, што Кох нават агрызнуўся:

— Вам там у цэнтры ўсё здаецца так лёгка, а паспрабавалі б вось управіцца тут з народам.

Агрызнуўся і не рад быў. Шэрыя вочы інспектара ўпіраліся ў яго калючымі іголкамі, а сухі і доўгі, як рэдзька, твар пыхаў такой грэблівасцю, надзіманай непавагай, што Кох аж разгубіўся і пачырванеў да самых вушэй.

— Вы, малады чалавек, думайце спачатку, раней чым гаварыць. І наогул раю слухаць, аб чым вам гавораць. Яшчэ вы сядзелі недзе там у Берліне, калі я браў ваш раён. Так, так, вы маеце справу з чалавекам франтавога вопыту.

Бяда з гэтымі франтавікамі. Толькі звяжыся з імі. А той павярнуў ужо ў другі бок свае калючыя іголкі-вочы.

— Аб гэтым пасля, у вольны час. А вось што вы думаеце рабіць па транспарту?

Аказваецца, і па транспарту пахваліцца чым-небудзь Кох не мог. Праўда, дэпо пачало працаваць значна лепш, але некалькі эшалонаў было ўзарвана ў дарозе, некалькі абстраляна. Псавалася сувязь, былі ўсякія іншыя дыверсіі на чыгунцы. Не лепшыя, калі не горшыя, былі справы на шашы і іншых грунтавых дарогах.

— Дык як жа загадаеце далажыць аб усіх вашых справах? — І іголкі-вочы інспектара прашывалі Коха, які нешта мямліў у адказ на яго пытанні і адчуваў сябе вельмі кепска.

— Я абяцаю, пан інспектар... Клянуся імем фюрэра, што...

— Спыніцеся! Я не дазволю вам злоўжываць святым імем!

Вечарам Кох і камендант, каб крыху ўлагодзіць гэтага прыдзірлівага інспектара, наладзілі невялікі банкет на кватэры Вейса. Інспектар выявіў сябе нядрэнным прыхільнікам віна. Бачачы выключную прыхільнасць, якую яму аказвалі, ён палічыў не лішнім падзяліцца з імі некаторым вопытам, успамінамі аб сваіх прыгодах.

— Я сказаў маладому чалавеку, што маю некаторы вопыт франтавіка. Дарэчы, у вашым раёне ў мяне адбылася сур’ёзная сутычка са значнымі сіламі ворага. Вось гэта была справа! Я высадзіўся тады з парашутным дэсантам. Людзей у мяне было не так ужо многа... ну... дзесяць... дваццаць чалавек. Мы павінны былі правесці сур’ёзную аперацыю. Але трапілі ў акружэнне. Выдаў адзін мясцовы ляснік, гэтакі, ведаеце, велікан з барадой — хацеў бы я пазнаёміцца з ім цяпер! Так... Акружылі нас у лесе: чалавек трыста, ведаеце, узброеныя да зубоў... кулямёты... гарматы. А ў нас самае лёгкае авіядэсантнае ўзбраенне. Але што можа выстаяць супроць нашага салдата? Бой быў доўгі, упарты... Мы літаральна крышылі ворагаў. Мы не толькі разбілі іх, мы не толькі прымусілі іх адступіць у поўным беспарадку, мы паланілі іх!

— Можа, паважаны пан інспектар памятае месца, дзе адбылася гэтая выдатная бойка? — ужо смялей запытаўся Кох.

— Вядома, памятаю. Усё адбылося недалёка ад хаты лесніка. Мы павінны былі ўзарваць мост, так, так... «Сіні мост» — так называлася наша аперацыя.

Яшчэ доўга выхваляўся пан інспектар, як перамагаў ён з невялічкай групай парашутыстаў савецкія батальёны, палкі. Ды што палкі.

Ужо вочы расказчыка зліпаліся ад п’янай дрымоты, а ён перамагаў і перамагаў савецкія арміі. Кох адлучыўся на якую хвіліну і, выклікаўшы Клопікава, сурова загадаў яму неадкладна даставіць у гестапа Астапа Канапельку. Прозвішча лесніка ўстанавіў Клопікаў. Ён некалі чуў аб падзеях з парашутным дэсантам і прыблізна ўяўляў сабе месца, дзе ўсё гэта адбылося.

Калі Кох вярнуўся назад, расказчык нёс такую несусвеціцу, што камендант палічыў патрэбным з дапамогай Коха беражна перанесці на ложак прыдзірлівага інспектара, сяк-так распрануць яго і ўкласці спаць.

І калі яны ўрэшце асталіся адны, Кох не вытрымаў і пахваліўся каменданту:

— Мы заўтра паднясём яму такі сюрпрыз, што пан інспектар будзе дзякаваць нам. Я дастаўлю яму чалавека, з якім ён хоча пазнаёміцца, таго лесніка, які некалі выдаў яго.

Пераадольваючы сваю сталую непрыязнь да Коха — гэты спрытны службіст забягаў заўсёды наперад,— асалавелы Вейс ледзь працадзіў праз зубы сваё нязменнае «цудоўна».

Кладучыся спаць, расстроены Вейс лаяў у думках на чым свет стаіць гэтага выскачку, які не раз рабіў яму непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім.

Каб не астацца, аднак, у дурнях, Вейс давёў раніцай да ведама пана інспектара, што яны — Вейс і Кох — прынялі ўсе патрэбныя меры, каб даставіць пану інспектару таго злачынца, які некалі нарабіў яму столькі непрыемнасцей.

— А-а... Ну, гэта вы зусім дарэмна. Турбаваць сябе з-за якога-небудзь там аднаго чалавека не варта, не варта...

Пан інспектар паморшчыўся даволі кісла, што было расцэнена Вейсам, як праява звычайнай сціпласці чалавека, які, відаць, ведае цану сабе і не любіць дужа вытыркацца са сваёй асобай.

Вось чаму ён з асаблівай радасцю сказаў Коху, які з’явіўся з раннім візітам:

— А пан інспектар даўно вас чакае. Давайце хутчэй лесніка!

Кох нічога не адказаў. Прывітаўшыся з панам інспектарам і паслаўшы ў думках да самога д’ябла гэтага безнадзейнага дурня каменданта — відаць жа, паспеў ужо расказаць аб яго, Коха, замыслах, калі б у самы раз прамаўчаць аб іх,— Кох прысеў на крэсле з выглядам самага разняшчаснага пакутніка. Сядзеў і цёр далонню шчаку, не ведаючы, як і прыступіцца да ўсяе гэтае непрыемнае справы.

— Што вы так пакутуеце? Зубы?

— Не, пан інспектар. Няўдача ў мяне...

— Што здарылася?

— Нязручна нават і гаварыць. Але я павінен давесці да вашага ведама. Учора я...— Зірнуў тут на Вейса.— Учора мы паслалі...

— Так, так,— пагадзіўся Вейс.

— Учора мы паслалі атрад з лепшых паліцэйскіх, каб даставіць вам лесніка, які выдаў некалі вас...

— Я ж гаварыў вам, я ж гаварыў! — весела дадаў Вейс.

— І вось такая непрыемнасць... Толькі што стала вядома, партызаны напалі на паліцэйскіх і захапілі іх. Спадзявацца, што яны выпусцяць жывымі, няма ніякай падставы. Прапала і зброя. У дадатак партызаны схапілі і нашага старасту.

Устанавілася прыкрае маўчанне.

І нібы гара звалілася з плеч і Вейса і Коха, калі інспектар і выгляду не падаў, што яго турбуе такая падзея. Проста сказаў:

— Чаго тут асабліва хвалявацца? Звычайны выпадак у нашай практыцы, якому не трэба надаваць асаблівага значэння. А старасту вы заўсёды можаце знайсці другога.

Так закончыліся падзеі, у выніку якіх цётка Ганна зрабілася фактычнай гаспадыняй партызанскай гасцініцы, аб чым хаця і здагадваліся суседзі, але ж доказаў на гэта не мелі ды і не хацелі мець. Немцы, праўда, пацікавіліся былі яе асобай. Выклікалі нават у валасную ўправу, распытваліся, як гэта здарылася ўсё.

— А як здарылася? Наляцелі, захапілі, павязалі і мяне забіць хацелі. Дзякаваць добрым людзям — суседзям, выратавалі, прыхавалі. Я так напужалася, што і цяпер дрыжу. А божухна, а яго, відаць, і костачкі ляжаць дзе-небудзь у лесе, непрыбраныя, зямелькай не прыхаваныя. А Сы-ы-монка мой, а даражэнькі... А вось жа табе за тваю верную слу-уж-бачку...

Цётка Ганна не скупілася на словы і галасіла так, што ў слухаўшых яе паліцаяў мароз пайшоў па скуры. Немцы таксама слухалі, спачувалі, абяцалі нават дапамогу, раілі заяву напісаць.

— Не, не, не трэба, яшчэ даведаюцца партызаны, дык заб’юць, са свету звядуць. Дальбо-о-ог звядуць! — зноў зайшлася ўголас цётка Ганна. Ды так зайшлася, што начальнік валасной паліцыі не сцярпеў.

— Ціха ты, баба! Толькі непарадак наводзіш. Ішла б ужо дахаты.

Аж уздыхнуў, калі тая ўрэшце падалася дахаты.

 

6

Чмаруцьку ведалі ўсе як чалавека з фантазіяй.

Адны звалі яго чмутам, другія манюкай. Ён і сапраўды мог такое адкалоць, што і не дабярэшся, дзе пачынаецца мана, дзе канчаецца праўда. Любіў чалавек пагаварыць. Ведаў сотні ўсякіх гісторый, нечуваных былей і небыліц. І калі яго называлі чмутам, манюкай, то не ўкладалі ў гэтыя словы чаго-небудзь крыўднага, ганебнага для Чмаруцькі.

Звалі яго яшчэ пад вясёлую хвіліну князем. І ў такія часы ён ніколі не называў свае хаты хатай, а ўрачыста запрашаў свайго прыяцеля ці субяседніка:

— Ці не зойдзеш, брат ты мой, у мае палацы?

А свой невялікі садок пры хаце называў не іначай, як паркам. У «парку» была адна ігруша-дзічка, некалькі арабін — для красы, як казаў Чмаруцька, ды густа кусцілася маліна, разросся вішняк.

У самым канцы «парку» стаяла невялічкая струхлелая будыніна, не то колішні свіронак, не то лазня, калі меркаваць па кучы попелу і вуголля, якая даўно пабралася крапівой, ды раслі тут клёнікі-самасейкі. Будыніну гэтую Чмаруцька гучна называў флігелем і часам, у спякотныя дні, адпачываў у ёй, каб залішне не дапякалі мухі ў хаце.

Уся гэтая сяліба — і «палацы» і «флігель» — некалі была дадзена Чмаруцьку ад гарсавета ў поўнае яго распараджэнне, бо на дэпоўскіх пуцях не хапала старых, адслужыўшых свой тэрмін вагонаў для размяшчэння шматлікага Чмаруцькавага патомства. Там, у вагоне без колаў, ён і жыў да рэвалюцыі. І калі князі трапляліся да рэвалюцыі, то Чмаруцька адчуў сябе князем толькі пасля рэвалюцыі.

Але не за гэта называлі яго князем.

Звычайна, калі Чмаруцька расказваў аб чым-небудзь старым, даўнішнім, ён заўсёды пачынаў:

— Гэта, брат ты мой, было да таго яшчэ часу, як пабраліся мы са сваёй княгіняй.

— З жонкай хіба? — перапытваў які наіўны слухач.

— Ну, а з кім жа болей. Быў я тады звычайным дрывакладам. Цяпер што, не работа вам, а гулі,— гаварыў ён часам маладым рабочым вугальнага склада.— Паспрабавалі б вось кошыкамі вугаль на паравозы насіць. А ў мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Пакуль накладзеш тэндэр, дык рукі аж смыляць ад плах. Што ні кажыце, а дрываклад,— брат ты мой, важная спецыяльнасць, без яе не паедзеш, будзь ты хоць механікам, размеханікам...

— А як з княгіняй?

— А ты слухай! Заляцалася да яе багата народу. Тэлеграфіст нават адзін быў. Нават начальніцкі лакей — у асобным вагоне з начальнікам дарогі ездзіў — і той прыставаў: выйдзі ды выйдзі за мяне замуж. Што ні кажыце, а супернік быў сур’ёзны, падарункі рабіў і ўсё такое іншае. Пад’язджаў усё... Але ж і я не лыкам шыты.

— А як вы ўхаджвалі, дзядзька Чмаруцька?

— А ты не перабівай. Ухаджваў, як усе добрыя людзі... То ёй дравец бярозавых падкіну, паленца ў паленца, аж гудуць. То ёй лучынкі нашчапаю, трэсачак збяру ці там бяросты на падпал, каб ручак не вярэдзіла залішне ля печы. Так і перамог усіх сваіх супраціўнікаў. «Мне,— неяк кажа яна,— не патрэбны ніякія там ні князі, ні лакеі, хачу вось быць супругай гэтага чыстага пралетарыя».

— Пра вас так княгіня?

— Вядома, не пра цябе, брат ты мой!

— А вы не зважайце, дзядзька, на шалапута! — умешваліся другія хлопцы.— Вось вы яшчэ раскажыце, як вы з самім царом гутарку мелі.

— Ат, што там казаць! — адмахваўся з неахвотай Чмаруцька.— Пусцяковая размова была ў мяне з імператарам.

Гэты расказ даўно надакучыў і самому Чмаруцьку, але пасля настойлівых просьбаў слухачоў ён не адмаўляўся і паўтараў яго, заўсёды ў новым варыянце, з самымі нечаканымі ходамі і паваротамі сваіх герояў.

— Было гэта яшчэ перад першай вайной. Здарыліся нейкія там царскія святы: ці то хто нарадзіўся, ці ахрысціўся, ці іншая была якая прычына, але праз нашу станцыю надумаўся ехаць цар з усімі сваімі нашчадкамі. Яму-то ехаць, брат ты мой, адна асалода — спецыяльны цягнік, буфеты, рэстараны, нават лазня! А нам, канечне, клопат. Станцыю прывялі ў парадак, пуці пасыпалі жоўтым пясочкам, кругом жандар на жандару. Нават як дровы выкладалі мы, дык гэтыя абібокі кожнае палена перамацалі, каб не было там якой прыкрасці для імператарскай фаміліі. І вось урэшце ідзе царскі цягнік, аж два паравозы яго вядуць, і на кожным па генералу. А на адным паравозе разам з механікам наш начальнік дарогі сядзіць ды вакол пільным вокам глядзіць, каб мы, мазутная, значыцца, брація, залішне на пуці не вытыркаліся. А цягнік сабе ідзе і даволі памалу, ціхім ходам сунецца па стрэлках, каб дужа не растрэсці царскіх асоб. Гляджу я тут, аж пад царскім вагонам букса гарыць, ды так смыліць, што аж полымем хапаецца. Ну, думаю, быць бядзе. І не столькі аб імператару клапачуся, колькі аб станцыі маёй стараюся. Гэта прапусці ад нас няспраўны вагон, не абярэшся тады ліха, будзе ўсім на арэхі да апошняга змазчыка. Паколькі такая важная падзея, выскачыў я з свае цяплушкі і давай рукамі махаць па ўсіх правілах сігнальнай інструкцыі. Заўважылі, спыніліся. Сам генерал да мяне падыходзіць. Ты, кажа, чаму гэта, супастат, царскі цягнік спыняеш? Так і так, кажу, няможна ехаць далей, калі пад яго імператарскім вялічаствам букса гарыць. Аж у гнеў тут кінуўся: «Не можа таго быць, каб пад яго вялічаствам гарэла!» Можа, кажу, па-вашаму, яно і не можа, а па-нашаму, яно можа з кожным стацца, тым больш з імператарам. І тыц яго носам у буксу. Аж збляднеў генерал ад перапуду, ад страху за такі недагляд.

А тут і сам імператар выходзіць. Здароў, кажа, Саўка Лявонавіч! Гэта, значыцца, да мяне так, па імені, па бацьку, усё чын чынам. Ну, паздароўкаліся, за ручку. Аб здароўі мае жонкі спытаўся, я таксама. Разгаварыліся. Уведаў ён пра ўсю справу і захацеў аддзячыць мяне. Прасі, кажа, Саўка Лявонавіч, чаго хочаш у мяне, усё табе зраблю за вялікія твае паслугі перад дзяржавай. Хочаш князем быць, станавіся хоць сей мінуты! Хочаш у графы падавацца, калі ласка. Ёсць у мяне свабодныя ваканцыі.

Ну, вядома, падумаў я тут і кажу яму: мне гэтыя ваканцыі не з рукі... Мне вось хацелася б у механікі падацца, каб на паравозе ездзіць. Ці ў крайнім выпадку за дарожнага майстра. Самая разлюбезная справа: сеў на дрызіну і паехаў. Тут табе чыстае паветра, аніякай копаці, рэйкі гудуць, як струны, а над табой усякая птаха лятае. Тут табе і шпак, тут табе і варона, і верабей з ластаўкай. Не жыццё, а маліна! Зірнуў на мяне імператар, насупіўся: «Немагчымага ты ад мяне патрабуеш, Саўка Лявонавіч. На механіка ці на майстра, відаць жа, вучыцца трэба доўга».— «Ды ўжо ж, без гэтага не абыдзешся»,— кажу. «Вось бачыш. Выходзіць, не зварым мы з табой кашы, Саўка Лявонавіч. Багата чаго патрабуеш». Ну, развіталіся, адным словам, разышліся. Так і не выйшла ў нас ніякай справы, не сышліся, можна сказаць, характарамі з імператарам.

Канечне, усе добра ведалі, што ва ўсіх Чмаруцькавых гісторыях калі і бывае праўда, то на якую-небудзь паўсотку працэнта. Старыя рабочыя памяталі, што сапраўды, калі праходзіў царскі цягнік, Чмаруцька перажыў некаторыя прыгоды, але былі яны даволі непрыемнага і зусім ужо самага звычайнага характару. Сядзеў чалавек, як мыш, у сваёй цяплушцы,— быў суровы загад не выходзіць пры цягніку з памяшкання,— а тут ці то чалавеку схапіла жывот, ці другая якая патрэба, ён выйшаў за дзверы ды праз пуці і падаўся нацянькі да дрывяных складаў, каб прытуліцца дзе за штабелем. Яго і схапілі. Сутак двое пратрымалі ў жандарскім аддзяленні, усё дапытваліся, куды ды чаго ішоў ён. Трымаўся, трымаўся чалавек, ды і прызнаўся урэшце, што ішоў ён па такой справе, па якой часам і цар ходзіць звычайна пешкі. Узгрэлі крыху за знявагу імператарскай фаміліі ды адпусцілі. Што тут возьмеш з Чмаруцькі!

Таксама добра ведалі ўсе, што паважаная Чмаруцькава палавіна, Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Служыла яна некалі наймічкай у начальніка станцыі, па прозвішчу Княжэвіч. Адтуль і пайшла тая мянушка.

Чмаруцька як быў гаваркім, такім і астаўся. Праўда, выветрыліся з яго памяці розныя казкі, прыгоды, даўно забыўся ён на іх. А за апошнія часы змяніўся і характарам.

Сцепаніда заўважыла нейкую перамену ў сваім мужу. Апошнія месяцы, за немцам, хадзіў ён вельмі пануры. Дзе падзелася яго ранейшая весялосць і рухавасць. Усё роўна як падмянілі чалавека. Праўда, калі гарэлі склады збожжа на станцыі, павесялеў, хадзіў колькі дзён козырам.

А аднаго разу прыходзіць і з парога:

— Сягоння на маіх вачах нямецкі эшалон пырх — і няма яго. Ад гітлераўцаў адны гузікі асталіся.

— Які там эшалон, калі ўсяго два вагоны, сама бачыла.

— Усё ты трапляеш бачыць! Ну няхай сабе і два вагоны... Усё роўна фашыстам клопат.

— Клопату ім хапае.

А потым што ні дзень, то навіны. То паравоз, то два.

— А чыя б то работа? — нібы самога сябе пытае Чмаруцька.

— А хіба ты не чуў? У нас у дэпо,— Сцепаніда працавала там уборшчыцай,— такія чуткі ходзяць: узрывае паравозы Дзядзя Косця, недзе на дарозе працуе. Усё гэта яго справа.

— Вось гэта Косця! Хацеў бы я пабачыць такога. Сапраўдныя людзі. Не тое, што ў нас у дэпо, дзе каторыя і разумнейшыя за нас з табой, і тыя ў сабачую скуру пусціліся. Хоць бы гэты самы Заслонаў.

Засумаваў быў крыху Чмаруцька, а неўзабаве зноў акрыяў, павесялеў, бегаў усё некуды да сваіх дружбакоў. Прыходзіў з Харошавым, нечага па двары, па садку лазілі, заглядалі ў «флігель».

— Думае ў нас свой вугаль пакінуць, бо кватэра ў яго такая, што няма дзе месца ні дравіны пакласці, ні вугалю ссыпаць.

Потым, калі даведаўся, што яна збіраецца ў нядзелю хворую суседку наведаць, усё дапытваўся, а калі да яе пойдзе і ці доўга там затрымаецца.

Яна і сапраўды пайшла раніцаю да суседкі. Малыя таксама падаліся з хаты да таварышаў. Старэйшых у хаце наогул не асталося: два сыны былі ў арміі, адзін ездзіў тут жа на дарозе памочнікам машыніста, а меншы пад ім, паводле слоў Чмаруцькі, працаваў не то ў Гомелі, не то ў Мінску. Старая, вядома, ведала, дзе працаваў яе чацвёрты хлопец, але не хваліцца ж перад усімі, што недзе ён недалёка, у бацькі Мірона ў атрадзе. Ды пад ім яшчэ меншы, таму гадоў шаснаццаць, і той усё са сваімі таварышамі нейкія справы водзіць: ходзяць, збіраюцца, аб нечым дагаворваюцца. Хіба ўведаеш іх хлапечыя справы? А двое — самыя меншыя. У іх сваё — коўзанкі, санкі. Адзін толькі клопат бацьку: штодня валёнкі падшываць.

Сцепаніда пабыла ў суседзяў з якой паўгадзіны і назад падалася. Зайшла ў хату: пуста, нікога.

Выйшла на двор, агледзелася. Убачыўшы прыадчыненыя дзверы ў «флігелі», павярнула туды. Прымасціўшыся на старым тапчане, Чмаруцька і Харошаў майстравалі нешта. Тут стаяла вядро з вадой, у начоўках была разведзена гліна.

— Ці гэта вам хаты не хапае, каб дубець тут на марозе?

— Ды мы каменку папраўляем. Надумаліся вось з ім: падладзім флігель крыху, дык будзе ў самы раз лазня, самая важнецкая.

— Ну, парцеся сабе на здароўе на марозе, а я пайду хіба абед рыхтаваць, бульбы звару.

Набрала ля флігелька трошкі каменнага вугалю, які ляжаў тут жа ў кучы, узяла і адзін большы кавалак, які, відаць, адкаціўся ад кучы і ляжаў на абломку дошкі. Прыхапіўшы і гэты абломак на падпалку, пайшла дахаты.

А ў флігельку ішла свая работа. Паднавілі для прыліку старую печку-каменку, сям-там падмазалі глінай, падлажылі новага камення. Потым змайстравалі дзве адмысловыя штучкі: закаталі ў гліну па кавалку толу з мядзянымі трубачкамі-запаламі, абмазалі вугальнай пацярухай, дробнымі кавалачкамі бітага вугалю. Чмаруцька асцярожна трымаў на руках дзве вугальныя міны і боязна пазіраў на іх.

— Не бойся, не бойся. Можаш сабе насіць іх на здароўе. А ў якую кучу падкладаць на складзе — табе заўсёды скажуць. Калі ідзе паравоз пад нямецкую брыгаду, ты і пускай яе. Ды не памыляйся. Аднак нясі ты іх на двор, няхай замярзаюць там разам. Не кладзі ж навідавоку.

— Панясу, брат ты мой.

І як заўсёды, калі быў Чмаруцька ў асабліва вясёлым настроі, ціхенька зацягнуў ён пад нос любімую сваю песню:

— Брадзяга к Байкалу падходзіць...

Чуваць было, як выводзіць ён за дзвярыма танюткім і дрыготкім голасам:

— Рыбаччу ён лодку бяро-оць!

Але нешта, відаць, здарылася там на двары, бо песня не заспявалася далей, і слова «бяроць» паўтарылася разы са тры, з кожным разам усё ападаючы і набываючы нейкае адценне, не то нерашучасці, не то разгубленасці. Урэшце «бяроць» зусім змоўкла, і за дзвярыма раздаўся ўстрывожаны голас:

— Хадзі сюды!

— Што ў цябе тут?

— Нешта я зусім не бачу той галушкі, якую вынес раней на мароз.

— Дзе ты яе палажыў?

— Ды клаў на дошку тут... Вось і след ад яе.

Чмаруцька разгублена азіраўся вакол, вадзіў вачыма па ўсім сваім «парку», які ў гэты сонечны марозны дзень быў асабліва прыгожы. Раскідзістая ігрушка-дзічка стаяла ў пышным уборы срэбнага інею. А над бялюткімі снежнымі сумётамі гарэў, пераліваўся вясёлкавымі іскрамі марозны пыл. Чмаруцька бачыў усю гэтую красу і, не заўважаючы яе, стаяў як укопаны.

Толькі глянуўшы на комін свае хаты, з якой пачаў курыцца шызы дымок,— то з’яўляўся, то прападаў,— Чмаруцька раптам выйшаў з свайго здранцвення, збялеў, як папера, і крыкнуўшы нема: «Божа мой, там жа яна!» — выпусціў з рук у снег абедзве міны і так шыбануў да хаты, што аж шапка звалілася з галавы. Чмаруцьку было не да шапкі.

Харошаў дагадаўся ўжо аб прычынах гэтых Чмаруцькавых паводзін і ўсміхнуўся ў вусы. Прычыніўшы дзверы флігелька, сунуў падалей у сумёт абедзве міны. Калі зірнуў на комін Чмаруцькавай хаты, то заўважыў: дымок знік. Харошаў паволі пайшоў сцежкаю да хаты, падняў Чмаруцькаву шапку. А насустрач ужо бегла Чмаруцькава палавіна, збянтэжаная, усхваляваная. Расплакалася.

— Хадзіце хіба хутчэй, ён звар’яцеў, няйначай!

— Што ў вас здарылася?

— Думала я пакарміць вас, дык разумееце, толькі гэта я паставіла бульбу на печку-чыгунку ды пачала распальваць, а яно ўсё не гарыць. Палю я, раздзьмухваю... А ён як уварвецца ў хату! Зірнула я на яго і ледзь не самлела: з твару чалавек змяніўся, глядзіць страшна... Схапіў вядро вады ды як бухне ў печку! Божа мой, божа мой, і адкуль такая напасць на мяне? Сядзіць цяпер на лаве і на мой голас не адзываецца.

— Нічога, усё будзе ў парадку! — суцяшаў Харошаў.

Яны зайшлі ў хату. Чмаруцька сапраўды сядзеў на лаве.

Сцепаніда глядзела на яго са страхам.

— І што з табой, Саўка? І не хапіў, здаецца, нідзе...

— А вы не зважайце, цётка. Гэта бывае. Гэта звычайны прыпадак. Здараецца ад стомленасці часам, а часам ад недаядання. Так жа і дактары кажуць.

— Хіба што дактары...

І калі Сцепаніда пайшла ў пограб, каб дастаць агуркоў да бульбы, Харошаў аж рассмяяўся:

— Ну што, хапіў страху?

— Яно б і ты на маім месцы хапіў. Жартачкі, уласнаручную жонку пад бомбу паставіць. Я ледзь не памёр з перапуду.

— Дзівак. Дай яе сюды. Яна ж вучэбная была.

Не сказаць каб ветлівым вокам зірнуў тут Чмаруцька на свайго дружбака.

 

7

Склад авіябомб знаходзіўся ў густым сасновым бары. Акуратна выкладзеныя штабелі выстраіліся ў роўныя шарэнгі, расцягнуліся на якія паўкіламетра. Склада не відаць ні з боку шашы, ні з боку чыгункі. Непрытульна ў лесе зімой, асабліва ў снежную замець. Непадалёчку ад раз’езда ў чыгуначнай казарме размясцілася рота салдат, ахова склада. Дзённы нарад знаходзіцца на самім складзе, у глыбокай зямлянцы. У кулямётных гнёздах мерзнуць дзяжурныя нямецкія кулямётчыкі. Некалькі вартавых тупаюць ад дрэва да дрэва, увабраўшы галовы ў каўняры, адаграваючы адубелыя пальцы ў кішэнях шынялёў. А завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты, засцілае пратаптаныя сцежкі. Хораша цяпер тым, каторыя ў казарме ці ў зямлянцы. Добра спаць пад завею.

Вартавыя тупаюць, адбіваюць чачотку, каб не зайшліся ногі ад праклятага марозу, ад якога няма ніякага ратунку. Другія прытуліліся да хваіны, каб хоць спіну прыкрыць ад пранізваючага ветру. А мароз шчыпле за нос, за шчокі, прарываецца праз тонкі шынель, праз усе гэтыя лахманы, накручаныя і наверчаныя на шыю, на галаву. Ну і няхай шчыпле. Ну і няхай заходзяцца ногі. Аж неяк робіцца цяплей. І думка-надзея: дай божа ў шпіталь трапіць... адтуль дамоў, на пабыўку... Абы туды, далей ад усіх гэтых страшных месц. Сапраўды страшных. Малады салдат Ганс дрыжыць ад холаду на ўскрайку паляны і са страхам прыслухоўваецца да гудзення завірухі. Вецер урываецца на паляну аднекуль зверху, кідае ў Ганса цэлымі ахапкамі снегу, намагаецца збіць яго з ног, жорстка сцёбае па твары калючай лапай. Ганс шчыльней прыціскаецца да хвоі, не разбярэ, ці то ён дрыжыць, ці дрыжыць-гудзе высокае дрэва пад напорам шалёнага ветру. Здаецца, вось-вось упадзе яно — да таго ярасна шуміць вецер над галавой. У яго завыванні чуюцца Гансу розныя галасы. Яго сэрца сціскаецца ад страху. Ён прыжмурвае вочы, каб не бачыць страшных прывідаў, якія нібы ходзяць вось тут, набліжаюцца да яго, працягваюць да яго бледныя і доўгія рукі. Ён адчувае дотык іх пальцаў, і халодны пот пранізвае хліпкае Гансава цела. Ён гатовы ўскрыкнуць, зваць на дапамогу, але адчувае, як нікне, прападае голас.

Як перад вачыма, стаіць перад ім глыбокі супрацьтанкавы роў, напалову замецены снегам. Ён недзе недалёка тут, мо ў якой сотні ці паўсотні метраў ад гэтай паляны. Яны ляжаць там цяпер, незакапаныя, змёрзлыя і зледзянелыя. Іх прывезлі на машынах, каб як хутчэй разгрузіць доўгі эшалон з бомбамі. Гэтых палонных канваіравалі эсэсаўскія каманды з аўчаркамі і ручнымі кулямётамі. Быў сонечны марозны дзень, і ўсім, хто нават адпачываў у той час, усім салдатам было цікава паглядзець, як ішла разгрузка эшалона, як паўраздзетыя і знясіленыя цягалі сані з бомбамі, як падганялі іх эсэсаўцы, як білі яны, дабівалі прыкладамі тых, хто не мог прыўзняцца з зямлі. Работа цягнулася ад раніцы і далёка за паўдня. Ганяць палонных памагалі і салдаты з аховы склада: здзекаваліся, білі, каб хутчэй ішла работа. І Ганс ударыў аднаго, які нешта быў агрызнуўся на яго загад.

Чалавек, якога ўдарыў Ганс, кінуўся на яго, і Ганс ужо ўзняў аўтамат, каб стрэліць, але падаспеўшы эсэсавец ледзь не вырваў зброі, аблаяў:

— Забаронена, дурань! Забываешся, што стаіш на дынаміце.

І сапраўды, як ён мог забыцца тады на галоўную інструкцыю: на складзе не страляць.

Пад вечар палонных адводзілі невялічкімі групамі глыбей у лес, да равоў. Хадзілі туды і салдаты з аховы. Адтуль даносіліся пісталетныя стрэлы. Ганс спытаўся ў таварышаў, навошта забіваць палонных, калі яшчэ столькі будзе работы па выгрузцы. Гэта можна пасля. З яго пасмяяліся: што з дурня возьмеш, молад яшчэ, зялёны. Але растлумачылі: інакш нельга, можа яшчэ збегчы хто, расказаць пра склад.

— А-а...— здагадаўся тады Ганс.

— Вось табе і а, сказала варона.

У яго даўно здранцвелі ногі і рукі. Але калі стаяць нерухома, прыхіліўшыся да хвоі, прыемная дрымота авалодвае целам, становіцца цяплей і цяплей. І аж горача стала раптам Гансу. Так горача, што знікла з вачэй шэрань ночы, нібы маланка апаліла лес, і ўваччу пайшлі, закружыліся чырвоныя, зялёныя кругі. Страпянуў Ганс рукамі і паволі, бязгучна асеў у сумёт. І ўсё для яго стала ціха-ціха.

Недзе непадалёчку ад яго нібы нехта войкнуў, але гук абарваўся, замоўк, праглынуты шумам завірухі. Відаць, не адзін Ганс суцішыўся ў тую завіруху.

А на паляне замітусіліся нябачныя ў змроку ночы людскія постаці. Праз колькі хвілін яны зніклі ў лесе, чыйсьці голас шэптам загадаў:

— Лявей, лявей, тут падходы замініраваны.

І ўжо далей у лесе каманда была больш гучнай:

— Хутчэй, хутчэй за чыгунку!

І ледзь пераскочылі цераз рэйкі, ледзь прытуліліся ў глыбокі снег пакатага адхону, як зямля цяжка здрыганулася. Бліснулі раз і два белыя ізалятары на тэлеграфных слупах, а напятыя драты загулі, як струны, абарваліся.

За палатном грукатала. Стракатым феерверкам разляталіся па ўсім небе імклівыя агні.

На запасным пуці ляснога раз’езда разгараўся пажар.

Узрыўной хваляй была перакулена большасць вагонаў эшалона, які прыпыніўся быў на якую хвіліну, чакаючы сустрэчнага цягніка. Агонь шугаў ужо ў некалькіх месцах, асвятляючы паўразбураную ўзрывам казарму і купкі немцаў, якія мітусіліся ля пажару. Уцалелы паравоз падаваў трывожныя свісткі.

Гэта была першая аперацыя, на якую разам з другімі выйшаў і Блешчык. Ён глядзеў цяпер зачараванымі вачыма на ўсё, што рабілася навакол. І ні сцюжа, ні парывісты вецер, ад якога слязіліся вочы, не маглі пагасіць той радаснай цеплыні, якая ахінула сэрца.

 

8

Лясны раз’езд у кіламетрах пятнаццаці ад гарадка. Узрыў склада чутны далёка. Не на жарты ўстрывожыліся нямецкія часці. Камендант хадзіў злосны, узрушаны. Ганс Кох чакаў вялікіх непрыемнасцей. Яшчэ раніцай яны паехалі туды разам з інспектарам гестапа, які адлажыў свой выезд у Мінск у сувязі з непрыемнымі падзеямі. З горада на грузавіках прыбыла цэлая часць. Разбіралі пакарэжаныя вагоны, расчышчалі пуці.

Апоўдні з Мінска прыбыў бронецягнік, за ім спецыяльная лятучка з некалькімі класнымі вагонамі. Прыехалі розныя высокія чыны разам з генералам Герфам. Яны асцярожна хадзілі па раз’ездзе, наважыліся было прайсці на тэрыторыю склада, але, пачуўшы, што падходы туды былі замініраваны, спыніліся. Паступова выяўляліся памеры катастрофы. Ад самога склада амаль што нічога не асталося. Лес тут нагадваў жытняе поле, пабітае градам: ад агромністых хвой асталіся толькі пашчапаныя пні. Сям-там уцалелыя дрэвы стаялі з пашкуматаным голлем. Некаторыя стаялі абезгалоўленыя. І навакол, як вокам скінуць, чыстыя снежныя прасторы былі запарушаны зямлёй і нібы апалены агнём.

Ад дзяжурнай аховы склада амаль ніхто не астаўся ў жывых. Нават загінулі тыя, што былі ў зямлянцы. Было багата ахвяр і ў казарме і ў эшалоне.

Камісія з прадстаўнікоў гестапа, ахоўнай паліцыі і воінскіх часцей, якая сабралася ў вагоне генерала Герфа, толькі-толькі прыйшла да вываду, што прычынай усяе катастрофы магла быць неасцярожнасць аховы склада, як яе думкі скіраваліся ў другі бок. Ужо Герф памачыў пяро, каб распісацца ў пратаколе, як сцены вагона так здрыгануліся, што загайдалася крэсла пад генералам. Раздаўся выбух. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Усе кінуліся да выхаду і, давячы адзін аднаго, выскаквалі з вагона. Над паравозам бронецягніка заўважылі высокае белае воблака пары. Ад паравоза даносіўся пранозлівы свіст, падобны на сіпенне. Аглушаючы людзей і аддаючыся гучным рэхам у лесе, узнікла страляніна. Білі скарастрэльныя гарматы, захліпаліся кулямёты на вежах бронецягніка.

— Лажыцеся, пан генерал! — нема крыкнуў Кох і як дуж кінуўся пад адхон. Не зусім спрытны Вейс, збялелы ад страху, пакаціўся бокам па адхону. Іх прыкладу паследавалі і астатнія. Праз якую хвіліну яны ляжалі, зарыўшыся ў снег.

Тым часам страляніна скончылася. Пачуліся спакойныя галасы. Ад паравоза даносілася ўжо толькі лёгкае сіпенне. Ганс Кох, якога паслалі ў разведку, дакладваў з палатна чыгункі:

— Небяспека мінулася, уставайце, пан генерал!

Стараючыся не глядзець адзін аднаму ў вочы, узбіраліся наверх. Насустрач спяшаўся камандзір бронецягніка.

— Ну як, адбілі праціўніка? — даволі палахліва запытаўся Герф.

— Дазвольце далажыць, пан генерал: выйшла невялікае непаразуменне... Праціўніка не аказалася.

— Паніка?

— Асмелюся далажыць: так... Камандзіру першай вежы здалося, што з лесу стрэлілі з гарматы.

Моўчкі пасунуліся да бронецягніка. На снезе ляжаў нямецкі чыгуначнік, як выявілася, памочнік машыніста, забіты пры ўзрыве адарванымі дзверцамі топкі. Тут жа дактары аказвалі першую дапамогу машыністу, які ў часе ўзрыву трапіў пад моцны струмень пары з перабітых труб. Непацярпеўшым аказаўся толькі адзін качагар, які ў часе ўзрыву быў на тэндэры, парадкаваў там вугаль. Толькі ён адзін і мог даць сякія-такія паказанні аб усіх падзеях, што адбыліся на паравозе.

— А дзе бралі вугаль? — запытаўся Кох да яўнага незадаволення самога генерала, які вельмі не любіў, каб малодшыя раней яго лезлі ў справу.

— Вугаль бралі ў Мінску...

— Ого! І там пачалі ўжо!..

— Пры чым тут вугаль, пан лейтэнант! — паморшчыўшыся, перапытаў Герф.

— Асмелюся далажыць: паравоз узарваны знутры топкі, значыць, міна была падкінута ў топку. Бачыце, рама паравоза цэлая і рэйкі цэлыя.

— Што вы хочаце гэтым сказаць, пан лейтэнант? Хіба немец-чыгуначнік будзе кідаць у паравоз міну, каб забіць сябе?

— Справа ў тым, пан генерал, што міны падкідаюць рускія.

— Я вельмі паважаю, пан лейтэнант, вашу адданасць, ваш патрыятызм, але пры чым жа тут рускія? Вы яўна пераацэньваеце іх сілы.

Густая чырвань успыхнула была на твары Ганса Коха, але ён у пару схамянуўся, прамоўчаў. Не спрачацца ж урэшце з генералам. Хоць ён і звычайны генерал паліцыі, але ўсё ж генерал.

Генерал паехаў са сваёй лятучкай. Кароткі тэхнічны агляд падарванага паравоза паказаў усім, што дэпо не зможа паставіць яго на ногі. Прычапілі да чарговага эшалона, накіравалі на завод у Германію.

 

9

Жывёльны страх за сваю скуру не пакідаў Слімака, і ён хадзіў заўсёды сумны, ссутулены, нібы павесілі яму камень на шыю, і ён прыгінае яго да зямлі.

Клопікаў заўважыў гэты настрой, намякнуў яму:

— Нешта ты не рад нашай службе, пан Слімак.

— Што вы, што вы, Арэст Адамавіч...

— Дарма вярзеш, дарма! Ходзіш ты, пан Слімак, як мокрая варона.

— Клянуся вам...

— Ну, ладна. Усё гэта ў цябе ад бяздзейнасці. Крыві ты, пан Слімак, не нюхаў. Панюхаў бы, навастрыўся б.— І ўжо міласціва дадаў: — Вечарам пойдзеш на расстрэл.

Слімак як стаяў, так і асеў, затрапятаўшыся, як асінавы ліст. Збялелыя вусны запыталіся шэптам:

— Божа мой, за што?

Клопікаў аглядзеў яго зняважлівым позіркам. Працадзіў праз зубы:

— Ты, здаецца, павінен бы ўжо ведаць, за што мы расстрэльваем. За супраціўленне нам, уладзе. Ды ці мала за што. А сёння пойдзем заложнікаў расстрэльваць.

— А-а-а...— ледзь не замагільным голасам выціснуў з сябе Слімак, адчуўшы, як палягчэлі ногі, якія былі ўліплі ў падлогу. У памутнелых мазгах праяснілася. Аж дыхаць пачаў хутка-хутка, як бы выбавіўшыся ад смяротнай небяспекі. Узнікла і згасла кароткая думка: «Гэта не мяне... гэта я іх буду страляць...» І калі апала першая радасць,— жыць буду, жыць — ізноў пачалі варушыцца трывожныя думкі. Але — жыць трэба, жыць... І толькі боязна: могуць трапіцца знаёмыя, могуць і на яго, Слімака, сказаць што-небудзь такое, што і яго, Слімака, не памілуюць. І такія сумненні напалі, што ён ледзь не пайшоў прасіць начальніка паліцыі, каб неяк ухіліцца ад гэтай справы.

Расстрэльвалі вечарам, на дворыку турмы. Не хапала канваіраў, каб весці некуды за горад — людзі былі на чыгунцы, расчышчалі пуці на раз’ездзе. Ганс Кох інструктаваў паліцаяў. Туліўся за іх спінамі Слімак, каб не ўбачылі часам яго твару заложнікі. Іх выводзілі па тры, па чатыры чалавекі, знясіленых, напаўжывых, некаторых зусім непрытомных ад голаду, ад катаванняў. Вось Слімаку даручылі падвесці да сцяны жанчыну, якая ледзь-ледзь трымалася на нагах. Яна азірнулася і на які момант уставілася на Слімака глыбокімі бяздоннымі вачыма, у якіх прабліснула спачатку здзіўленне, потым халодная — аж мароз прайшоў па Слімаковай спіне — грэблівасць. Тая звычайная грэблівасць, якая бывае да змяі, да скарпіёна. І Слімак чуў, як спыталася яна ледзь чутным шэптам, ёй не хапала голасу, не хапала сілы, каб сказаць гэта гучней:

— Вы? Якая ж гадзіна ты, аднак!

І каб спыніць гэты шэпт, каб хутчэй пагасіць пякучы бляск яе вачэй, Слімак выстраліў ёй у грудзі і, не чакаючы, пакуль упадзе на зямлю, спяшаючыся, ледзь бачачы перад сабой напаўжывую, выстраліў яшчэ два разы.

— Не спяшайся, не спяшайся, дурань, парушаеш парадак! — заўважыў яму Клопікаў, але ў голасе гэтым не было ўжо нічога абразлівага, была ў ім пахвала, падбадзёрванне. А ў разгарачаных Слімаковых мазгах, як у крывавым тумане, нясцерпна білася, мітусілася абпальваючая думка: знікні, знікні, раз ведаеш мяне... Ну што з таго, што я лячыўся ў цябе... ну што з таго, што ты памагала мне ў маёй хваробе... Знікні, знікні назаўсёды, раз ты ведаеш мяне, раз глядзіш на мяне такімі страшнымі вачыма, у якіх можна ўбачыць сваю перакуленую душу і сумленне...

Кох стаяў ля Слімака, лагодна ляпаў яго па плячы:

— Гут, гут!

 

 

10

Кох і Вейс выклікалі да сябе Заслонава і Штрыпке. Вейс як ніколі быў сур’ёзны, падцягнуты. Калі Заслонаў і Штрыпке зайшлі ў кабінет, ён адлажыў на стол газету, павітаўся з імі. Нават устаў.

— Ведаеце што, панове? Мы паклікалі вас па важнай і надзвычайнай справе!

Вейс тыцнуў пальцам у газету, дзе аншлагам на ўсю старонку цягнуўся тлусты загаловак. Заслонаву кінулася ў вочы слова «Масква», і сэрца кальнула балюча-балюча.

— Тое, аб чым я скажу, будзе радаснай навіной для кожнага нашага патрыёта. Увага! Фюрэр загадаў правесці парад нямецкім войскам у самой Маскве. Бачыце? — І Вейс ужо далікатна паднёс да твараў слухаўшых газетку.

— І што самае выдатнае — парад будзе сёмага лістапада, у дзень бальшавіцкай рэвалюцыі. У гэтым, панове, кожны з нас бачыць глыбокі сэнс!

Вейс перадыхнуў, сказаў здравіцу фюрэру і на якую хвіліну змоўк.

Нават Гансу Коху, нягледзячы на некаторую непрыязнь да пана каменданта, падабалася яго прамова.

А Вейс гаварыў далей:

— Я сабраў усіх вас — і чыгуначнікаў, і пана начальніка паліцыі, і бургамістра, каб папярэдзіць: у такія ўрачыстыя дні мы павінны прыкласці ўсе сілы, каб памагчы нашай арміі. Пан бургамістр, пан начальнік паліцыі, забяспечце для нямецкіх шпіталяў найлепшыя дамы з добрым абсталяваннем. Пан начальнік паліцыі, партызаны, партызаны не павінны выходзіць з вашага вока. Вам паможа ў гэтай справе пан Кох. Паны Штрыпке і Заслонаў — паравозы, паравозы і паравозы! Я павінен засведчыць пану Заслонаву маё захапленне яго работай.

— Дазвольце сказаць пару слоў у парадку просьбы, пан камендант? — запытаўся Заслонаў.— Пан Штрыпке і я багата зрабілі за гэты час з рамонтам паравозаў. Наша адміністрацыя службы пуці, наша ахова чыгункі мала робяць для таго, каб зберагчы кожны здаровы паравоз. Мы ставім паравозы на ногі, а праз усякія злачынствы, недагляд, недапушчальна слабую ахову дарог наша работа па сутнасці паралізуецца і ператвараецца на нішто, проста рукі апускаюцца...

— Вы гэта ўжо задужа, пан Заслонаў. Вядома, я спачуваю вам, але ж больш бадзёрасці, пан Заслонаў, не трэба падаць духам! Наконт пасілення аховы мы хадайнічаем. А з паравозамі — вы кажаце праўду. Тут робіцца сапраўды нешта дзіўнае. Мы з панам Кохам атрымалі інфармацыю з Мінска, што ўсе гэтыя ўзрывы з паравозамі на нашай дарозе робяцца нейкім таемным партызанскім атрадам чыгуначнікаў пад камандаваннем... так, так...— зірнуў Вейс у цыркуляр,— пад камандаваннем нейкага няўлоўнага... Дзядзі Косці. Дарэчы, пан Заслонаў, што гэта за чын такі — дзядзя?

— Калі меркаваць па некаторых партызанскіх традыцыях, гэта няйначай псеўданім. Бачыце, і тут падпісана: «Камандзір чыгуначнага партызанскага атрада дарогі Дзядзя Косця». Ідучы сюды, мы сарвалі лістоўку з плота. Глядзіце!

Заслонаў падаў Вейсу лістоўку.

Той асцярожна дакрануўся да яе, пакруціў у пальцах. Даў чытаць перакладчыцы, але хутка спыніў яе, бо далікатнае Вейсава вуха не магло перанесці той знявагі фюрэра і ўсёй нямецкай арміі, якой поўнілася кожнае слова лістоўкі. Вейс адчуваў, як знікае пафас, уздым, з якімі гаварыў ён сваю прамову.

— Так, прашу вас, панове, быць на вышыні вашых абавязкаў. Старайцеся! Вам аддзячыць Германія! — гаварыў ён ужо без усякага энтузіязму.

Заслонаў ішоў праз прывакзальную плошчу. Тут на некалькіх слупах высіўся велізарны шчыт. Такі ж, як і ля кіно. На фанерным шчыце карта франтоў. Фашысцкія флажкі павукамі разбегліся па краіне, густа стоўпіліся пад Масквой. Аршынны плакат: хутка фюрэр будзе прымаць парад нямецкіх войск у Маскве. На чорныя літары жоўтага плаката ўтаропіўся з партрэта косы звар’яцелы позірк чалавека з чорнай касмылінай. Пад партрэтам чырвоныя літары надпісу: збаўца беларускага народа. Ля шчыта людзі спыняліся на хвіліну, глядзелі на карту, на апошнія паведамленні, на загады. Уздыхнуўшы, ішлі далей.

Сёння ля шчыта было людней. Праўда, людзі не спыняліся надоўга, але ішлі і ішлі, каб зірнуць на шчыт. Адыходзячы, пасмейваліся, жартавалі. Заслонаў прайшоўся паволі ля шчыта, зразумеў прычыну ажыўлення. Пад плакатам нечай стараннай рукой выведзены велізарныя літары: брахня! Пад партрэтам адно слова закрэслена і акуратна выпісана другое: забойца. Тут жа прыклеены лістоўкі. Знаёмыя да апошняй кропкі, з подпісам Дзядзі Косці. Вострыя, як нож, словы:

«Браты чыгуначнікі! Помсціце немцам на кожным кроку! Вы добра ведаеце сваю гаспадарку: паравозы, пуці, стрэлкі, сувязь. Руйнуйце, знішчайце, псуйце! Узарваны паравоз — ваша перамога над батальёнам немцаў. Эшалон танкаў пад адхонам раўназначны разгрому дывізіі.

Ганіце немца з дарогі!

Закрыйце доступ яму да Масквы!»

І тут другая лістоўка. Чырвоная яркая папера. Яшчэ больш яркія словы:

«Таварышы!

Ад імя партыі бальшавікоў вітаем вас з Вялікім Кастрычніцкім святам!»

І заклікі:

«Не верце фашысцкай хлусні! Ніколі не бываць вар’яту-фюрэру ў Маскве. Білі, б’ём і будзем біць фашысцкіх разбойнікаў! Вы сведкі таму, як гараць нямецкія эшалоны, як узрываюцца артылерыйскія склады, як дохнуць ад нашага хлеба няпрошаныя нямецкія госці і іх верныя служкі: старасты, бургамістры, паліцаі. Мы нікога з іх не пакрыўдзім, кожнаму дамо па заслугах.

Смерць нямецкім акупантам!»

Тут жа сціплы подпіс: камандзір партызанскага атрада бацька Мірон.

Усміхнуўся Заслонаў. І пачуў, як нехта ля шчыта сказаў шэптам другому:

— Бачыш ты яго, яшчэ ўсміхаецца, нягоднік.

 

 

11

У гарадку і ў атрадзе рыхтаваліся сустрэць вялікае свята. Мірон разаслаў па вёсках частку партызан, каб пагаварылі з людзьмі, напомнілі ім пра ўрачысты дзень, расказалі навіны аб франтах.

Дубка і яшчэ некалькі хлопцаў Мірон паслаў у горад, да чыгуначнікаў, каб разам з імі сустрэць кастрычніцкае свята, а заадно памагчы сувязному Чычыну ў сякой-такой тэхніцы ў адной далікатнай справе, якую задумала маладзёжная група.

Вечарам у атрадзе быў урачысты сход. Як заўсёды ў такі дзень, спадзяваліся пачуць перадачу з Масквы. Радыёпрыёмнік працаваў на поўную сілу. Ля яго сядзела некалькі чалавек з алоўкамі і паперай у руках, каб не прапусціць, запісаць кожнае слова, каб разнесці потым гэтае слова па вёсках і сёлах. Калі знаёмы голас паведаміў, што пачынаецца ўрачыстае пасяджэнне Маскоўскага Савета дэпутатаў працоўных, агульны ўздых — радасны ўздых аблягчэння — захістаў цьмяныя агеньчыкі газовак, якімі асвятлялася зямлянка.

У мікрафоне пачуўся далёкі рокат апладысментаў, тады з плеч людзей нібы скінуўся вялізны, вялізны цяжар.

— Значыць — штаб у Маскве! Урад у Маскве!

Значыць, не зломлена наша сіла, не згінула наша праўда.

Да болю ў руках пляскалі ў далоні, гучнае «ўра» скаланула сцены зямлянкі, бегалі па сценах фантастычныя цені — ад гарачага подыху чалавечых грудзей вось-вось захліпнуцца кволыя светлячкі капцілак.

Павеяла на людзей такім задушэўным, родным і блізкім, што здавалася: сядзяць не ў зямлянцы, а як і раней па сваіх родных хатах, ці, як звычайна ў такі ўрачысты вечар, дзе-небудзь у школе, у клубе, у хаце-чытальні. Над вёскай, над сялом апускаецца ціхі лістападаўскі вечар, залоцячы прамёрзлыя шыбы акон — усё раней і раней запальваюцца лямпы зімовымі вечарамі. Бледныя палосы святла адна за адной кладуцца на снежную роўнядзь вуліцы. Паскрыпваюць калодзежныя журавы і змаўкаюць, уставіўшыся ў цёмную бездань неба, на якім ужо ярчэюць залатыя россыпы зор. Аднекуль даносяцца гукі гармоніка, звонкі дзявочы голас. І на душы светла, радасна, святочна.

 

12

Сцепаніда была ўжо даўно на нагах. Трэба было ўправіцца перад работай, выпаліць у печы, каб зрабіць які сняданак дзецям. Чмаруцька яшчэ зацемна пайшоў на службу. Дзеці спалі. Толькі Мішка, нібы яго ўспорваў хто, некалькі разоў уставаў з ложка і падыходзіў да акна. Праціраў запацелую шыбку, углядаўся.

— Чаго ты не бачыў там?

— Гляджу, ці развіднела.

— Спі, табе на работу не хутка яшчэ.

Мішка ўжо каторы дзень хадзіў на разгрузку вугалю.

Але, відаць, не праца турбавала яго, былі нейкія іншыя інтарэсы. І вось ён прынік да запацелай шыбкі, не адрываецца.

— Мама, мама! Хадзі паглядзі!

— Чаго я там не бачыла?

— А вось і не бачыла... Ну, бачыш цяпер?

— Вадакачку бачу, як і заўсёды.

— Дык прыгледзься добра, можа што і акрамя вадакачкі ўбачыш.

Сцепаніда, заінтрыгаваная словамі сына, пачала прыглядацца пільней і тут толькі заўважыла флаг, які пеляскаўся на ветры на самым версе вадакачкі. Флаг як флаг. Няйначай як нямецкі, у іх жа таксама чырвоны, праўда, з шырокім белым кругам ды са свастыкай. Але ніякага круга не было. І калі заўважыла гэта, успомніла — сёння свята. Некалі — ці даўно было тое некалі — у такія дні пайшлі б раніцай на дэманстрацыю.

Але як ён мог апынуцца там, гэты флаг? Не немцы ж вывесілі яго.

Флаг заўважылі і з дэпо. Рабочыя мнагазначна пераміргваліся, падыходзілі да акон, каб лішні раз зірнуць на такую звычайную некалі, а цяпер такую рэдкую і дзівосную рэч.

Спыніўшыся ля акна, Штрыпке нервова барабаніў пальцамі па запацелай шыбцы і раптам, падскочыўшы, як уджалены, віхрам памчаў за дзверы.

Заслонаў зірнуў у акно і зразумеў усё.

Флаг заўважылі і салдаты з эшалонаў, якія стаялі на станцыі. Першымі ўбачылі яго салдаты, якія набіралі ваду ў паравоз. Той, што стаяў на тэндэры пад воданапорным кранам, зірнуўшы на флаг, так разгубіўся ад страху — прычынай таму былі шматлікія гутаркі аб партызанах,— што ссунуў набок кран, абліўшы струменем вады купку салдат, стаяўшых унізе. Пачалася дзікая лаянка. Але яна сціхла, калі з тэндэра пачуўся крык:

— Партызаны!

Гітлераўцаў як віхрам змяло, усе кінуліся да сваіх вагонаў. Машыніст з перапуду даў трывожныя свісткі. Іх падхапілі другія паравозы. У агульны трывожны хор уключыўся гудок дэпо. Ужо раздалася каманда расцягнуць у розныя бакі эшалоны. Але навакол усё было ціха. Не чуваць было ні самалётнага гулу, не відаць было ніякага падазронага руху, які б сведчыў аб блізасці партызан.

І толькі тут усе заўважылі флаг.

Да вадакачкі беглі салдаты і афіцэры з каравульнай каманды. Трывога паступова заціхла, свісткі і гудкі так жа нечакана абарваліся, як і ўзніклі. Расхлістаны Штрыпке крычаў на пуцях:

— Кран, кран закрыйце, вар’яты!

Да вадакачкі спяшаліся Вейс і Кох.

Па жалезнай лесвіцы вадакачкі палез яфрэйтар з каравульнай каманды. За ім лез жандар з гестапа. Ім загадалі зняць флаг. Вось яфрэйтар, крэкчучы, узабраўся на балкончык, падаўся да дзвярэй, каб адчыніць іх. Жандар затрымаўся на якую хвіліну на лесвіцы, высунуўшы галаву на пляцоўку балкона — яго вусы развейваў вецер. Аднекуль з задніх радоў даляцела стрыманая рэпліка:

— Вусы трымай!

І толькі сёй-той наважыўся ўсміхнуцца на гэтыя словы, як ад страшэннага ўзрыву здрыганулася зямля. Усе ў страху падаліся назад. Ніхто і не заўважыў, як знік на балконе яфрэйтар. Знік і балкон. З лесвіцы паволі ссунуўся ўніз жандар. А зверху, з чорнай праломіны, якая ўтварылася на месцы дзвярэй і часткі сцяны, шырокім вадаспадам бурліла вада. Усе глядзелі напалоханымі вачыма на гэты вадаспад, які паступова заціхаў і ўрэшце зусім знік. Толькі невялічкі струменьчык вады ледзь-ледзь цурчэў па сцяне. Вецер зрываў кроплі вады, пырскаў імі ў твары людзей, што стоўпіліся ля вадакачкі.

А над усім гэтым натоўпам, на самым версе вадакачкі, нібы нічога і не здарылася, трапятаўся чырвоны флаг. Узрыў узняў увесь горад. Купкамі стаялі людзі на вуліцах, дзівіліся на флаг, гадалі аб прычынах узрыву. На пуцях бегалі, як апантаныя, нямецкія салдаты. Хапаліся набіраць ваду ў паравозы, але воданапорныя краны былі пустыя, паравозы трэба было гнаць на мост, на раку, каб шлангамі даставаць ваду. Падалі каманду, каб стрэламі збіць флаг. Білі з вінтовак, з аўтаматаў. Пусцілі ў ход зенітныя кулямёты. Урэшце дрэўка флага надламалася. Флаг упаў на дах вадакачкі, звесіўшыся са страхі. Выпусціўшы яшчэ колькі кулямётных чэргаў, немцы ўрэшце супакоіліся, разышліся па эшалонах. Кох раіўся з Вейсам аб абставінах узрыву вадакачкі. Праўда, будынак яе астаўся цэлым. Быў падарваны толькі воданапорны бак. Кожны разумеў, што ён быў узарваны мінай і няйначай, як мінай нацяжнога дзеяння. Але хто падлажыў міну і куды падзеўся вартавы — гэтага ніхто не ведаў.

Толькі Мішка Чмаруцька, назіраючы ў акно за ўсімі падзеямі ля вадакачкі, мог бы расказаць сёе-тое пра начныя прыгоды групы камсамольцаў. Але гэта не ўваходзіла ў яго намеры. Ён зірнуў яшчэ раз на вадакачку і пачаў маўкліва збірацца на работу.

 

13

Вейс і Кох былі вельмі расчараваны, калі даведаліся па радыё, што і на гэты раз замысел фюрэра праваліўся: Масква як была савецкай, такой і асталася. Атрыманыя Вейсам інструкцыі раілі азнаменаваць дзень сёмага лістапада ўрачыстымі вечарамі ў знак вялікай перамогі германскіх войск. Але перамога асталася толькі ў замыслах.

Клопатаў Вейсу і Коху хапала. Прызначаны ўрачысты вечар давялося адкласці. Толькі вечар у самым магістраце рашылі правесці, каб не даць рускім лішняга поваду да ўсякіх непатрэбных чутак і гутарак. Ды трэба было і ўзнагародзіць сяго-таго за адданую службу нямецкім уладам, падтрымаць іх настрой, узняць іх прыязныя пачуцці да германскай імперыі. Для гэтага былі выдзелены і некаторыя фонды: некалькі пар чаравікаў, сукенкі, панчохі і іншыя рэчы, узятыя са склада СД.

Вейс і Кох палічылі патрэбным з’явіцца на колькі хвілін на магістрацкі вечар-баль. Вейс сказаў некалькі слоў пры яго адчыненні. Гаварыў, праўда, без асаблівага захаплення. Сказаў і пайшоў разам з Кохам. Любка надзьмулася на Коха: такі вечар, такая гулянка, а ў яго заўсёды справы, розныя клопаты. Крыху збянтэжаная, яна безуважліва слухала доўгую прамову бургамістра.

Потым раздавалі падарункі. Заплятаўся язык у бургамістра, ён ікаў, выклікаў людзей па спісу, уручаў узнагароды.

Да стала, дзе раздавалі падарункі, паклікалі Любку. Лагодна настроены бургамістр, заўважыўшы яе, паслужліва ўстаў:

— Вам, Любка, я нічога не прапаную, выбірайце самі, па свайму густу. Што спадабаецца, то і бярыце. Я думаю, вам падыдзе гэты джэмпер, такі вясёленькі па колеру.

Яна ўзяла джэмпер і пабегла на месца — не зусім жа прыстойна разглядаць на людзях. І што асабліва разглядаць, калі рэч, відаць, не кепская. Сам жа бургамістр падбіраў. Прыгожы колер, проста лашчыць вочы. Некалі такога колеру джэмпер у мацеры быў. Так, у мамы.

На хвіліну задумалася. Дзе ж цяпер маці? Папракнула сябе, што не распыталася апошнімі днямі ў Ганса, куды, у якое месца меліся перавесці яе маці.

Любка безуважна прыслухоўвалася да слоў бургамістра, да ціхіх гутарак навакол. Камячыла рукой джэмпер, бяздумна зірнула на гузікі, звычайныя шкляныя гузікі васільковага колеру. Вось жа такія гузікі былі і ў мамы. А адзін вось белы, касцяны. Відаць, адарваўся шкляны гузік, згубіўся недзе, і на яго месца прышылі касцяны.

«Як у мамы ўсё роўна»...— машынальна падумала яна.

І тут страпянулася ўся, пабялела. Абыякавасць і безуважнасць адляцелі неяк, зніклі, прапалі. І ўсё — сённяшні дзень, усе апошнія месяцы, і гэты вечар, і шэпты і гутаркі навакол — усё гэта паказалася нябачаным і страшным сном. Адно, што асталося ў ёй, гэта страх. Нават не страх. Чаго было баяцца ёй, Любцы, ёй ніхто і нічым не пагражаў. Гэта было больш, чым звычайны чалавечы страх. Перад ёй паўстала маці, такая, якой бачыла яна апошні раз. Вось і позірк яе. У ім мацярынскі жаль і папрок. І словы яе:

— Адумайся, Любка, пакуль не позна. Яны ворагі нашы, няма ў нас нічога агульнага з імі. Ніхто не просіць цябе размаўляць з імі, жартаваць з гэтымі забойцамі.

— Што ты, мама, якія забойцы яны? Гэта культурныя людзі, з імі і пагаварыць можна.

— Аб чым? — сурова спыталася маці.

І хіба Любка пагодзіцца калі з маці? У яе, у маці, устарэлыя погляды на жыццё, яна, відаць, і не бачыла нічога ў жыцці, акрамя гэтай сумнай бальніцы з яе прапахлымі лякарствамі палатамі, з нуднымі правіламі ды аб’явамі ў драўляных рамках па сценах, з усімі гэтымі охамі ды ўздыхамі на ранішніх прыёмах у бальнічнай амбулаторыі. І яна адказала мацеры:

— Хіба вы хочаце прымусіць мяне, каб я вечна размаўляла з гэтымі шэрымі сценамі?

— Ты з людзьмі гавары, колькі іх у нас!

— З хворымі? Пра санітарную кампанію? — груба адказала яна, крутнуўшы рыжым віхром.

— Легкадумніца ты... Не, не... Бессаромніца!

Маці хацела яшчэ нешта сказаць, але закашлялася і махнула безнадзейна рукой.

Дзе цяпер яна, маці? Дзе яна, што ні хвіліны не мела ніколі спакою, усё тупаючы па бальнічных палатах, прымаючы хворых, ходзячы па бліжэйшых вёсках па розных медыцынскіх справах: то прышчэпкі ад воспы, то ўспышкі шкарлятыны, то якія другія неадкладныя справы. І, нягледзячы на вечную сваю занятасць, знаходзіла маці час, каб агледзець яе, Любчыну сукенку, прышыць адарваны гузік, выпрасаваць ёй блузку, падрыхтаваць ёй бялізну пры паездцы ў горад.

— Ды няхай яна сама абслугоўвае сябе, не малая! — часам казалі ёй.

— А што ты зробіш? Яна адна ў мяне, няхай ужо адпачне за канікулы. Прыйдзе яшчэ час, напрацуецца.

...Усё ўспомніла Любка ў гэтыя кароткія хвіліны. Перад яе вачыма зноў устала маці. Яна глядзела на яе, на Любку, жахлівым позіркам, страшным у сваёй нерухомасці. Нібы глядзела на яе, на Любку, і не заўважала яе, як не заўважаюць нікому не патрэбнай і нікчэмнай рэчы.

Божа мой, яны ж забіраюць адзенне расстраляных, адпраўляюць у Германію, прадаюць недзе гэтыя страшныя рэчы, нарабаваныя ў мерцвякоў. Яна чула аб гэтым. Такія гутаркі не раз хадзілі сярод служачых магістрата. Такія чуткі ішлі па ўсім горадзе. Яна не зважала на іх, ці мала што могуць прыдумаць.

...Навакол шумелі, гаварылі. Іграла музыка. Танцавалі. Нехта п’яны насвістваў матыў нямецкай песні. Адзін за адным падыходзілі да яе, запрашалі на танцы. Яна маўчала, забыўшыся на ўвесь гэты гармідар.

Пакінуўшы на крэсле падарунак, Любка прабралася між танцуючых да выхаду, выйшла на вуліцу. Было цёмна. Сярод нізенькіх домікаў гарадка разгульваў вецер. Ён то заціхаў на хвіліну, то ўзнімаўся рэзкімі парывамі. Тады парыпвалі старэнькія абамшэлыя платы, гулі абледзянелыя ліпы, жорсткі снежны пыл сляпіў вочы, халадзіў узгарачаны твар. Відаць, бралася на завею.

Любка машынальна атрэсла снег на ганку, зайшла ў свой пакоік. Было ў ім цёпла, утульна. Але яна не заўважала ні цеплыні, ні ўтульнасці. Не радавалі вока цёплыя фарбы насценнага дыванчыка. Не цешылі сэрца ўсе некалі такія мілыя рэчы, якімі быў устаўлены цесны пакоік: канапка, мяккія крэслы, настольны гадзіннік з адмысловай фігуркай. Тут жа бяздзеліцы, флаконы, флакончыкі з духамі, з туалетнай вадой, пудраніца, невялічкі фінскі нож — апошні Гансаў падарунак.

Гансаў...

Як не да месца тут два партрэты бацькоў. Яны глядзяць са стала на яе, на Любку. І ёй робіцца страшна ад іх позіркаў. Бяздумна глядзіць на сцены, на стол, на ўсе бяздзеліцы, якія некалі так радавалі яе, хвалявалі, напаўнялі яе жыццё нейкім сэнсам, цешылі яе, да нечага клікалі.

Да чаго?

Усё гэта так шэра цяпер, непрыглядна. І кожная бяздзеліца, кожная драбніца нагадвае ёй толькі аб адным, толькі аб адным. Сорам табе, дзяўчыне, вялікі сорам. Ты сама ператварылася ў пустую, у нікчэмную бяздзеліцу, у чужую забаўку. У чыю забаўку? Не, не тое, не тое... Табе ж страшна глянуць на партрэт маці, у вочы яе. Ты здрадзіла сваёй маці, ты прадала яе за новыя панчохі, за французскія духі, за шклянку туалетнай вадзіцы.

Ты прадала маці, ты прадала... Божа мой, божа, ці павернецца язык твой, Любка, каб паўтарыць гэтае простае і суровае слова. Ты на школьнай лаўцы не раз гаварыла гэтае слова. Хоць ты была маленькая, хоць ты бачыла мала і багата чаго не разумела, але гэтае слова заўсёды напаўняла цябе глыбокай хвалюючай радасцю. Радзіма! Яна ўставала перад табой вялікая, неабсяжная, яшчэ амаль не пазнаная. Яна ўставала перад табой, сагрэтая любоўю чалавечых сэрцаў, нібы сатканая з сонечных праменняў. І ты цягнулася да яе ўсім сваім сэрцам, чыстымі, блакітнымі думкамі дзіцяці.

Хто засланіў яе ад цябе? Сама. Сама адвярнулася ад яе.

Ты ўсё думала, што яна толькі дае, толькі дае. І вясновыя подыхі чалавечага жыцця, бязвоблачнае дзяцінства, шматлікія радасці і ўцехі. Ты забылася, што час даўно ўжо надышоў, калі трэба аддаваць Радзіме доўг не толькі любоўю тваёй — яна патрабуе і гэтага,— але і кожнай справай, кожнай думкай, а галоўнае — працай тваёй, па сілах, па магчымасцях тваіх, па здольнасцях.

Нічога не давала ты Радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Вучыцца? Так, дзяржава ж павінна вучыць. Працаваць? Што ж, дзяржава дасць потым працу, яна павінна даць, яна не можа не даць, гэта запісана ў яе законах. На тое і вучаць, каб даць потым працу. А есці, а апрануцца, а розныя забаўкі, тэатр, кіно?.. На тое ёсць бацькі, няхай дбаюць аб гэтым. На гэта бацькі, каб клапаціцца аб ёй, аб адной, угадваць кожнае жаданне, ісці насустрач капрызам, адмаўляць сабе ў самым патрэбным, каб ты, іхняя ўцеха на старасць, не ведала ні гора, ні клопатаў аб звычайным кавалку хлеба, хадзіла б з чыстымі ручкамі, упрыгожаная, як лялька. І мо таму, што не было ні асаблівых клопатаў, ні асаблівага гора, мо таму, што была ты ў шмат чым падобна на ляльку, выглядам сваім і розумам, ты прайшла сваім сэрцам міма найвялікшага гора, якое навалілася на народ. Ты думала: гэта, відаць, справа іх, дарослых, яны якнебудзь там разбяруцца. А твая справа — уцехі, твая справа — лятаць, пырхаць, як бяздумны матыль. Але дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь.

Зірнула Любка па пакоі, пастаяла з хвіліну, нерашуча падалася на вуліцу.

Вецер нібы набіраўся сілы, кідаўся цэлымі бярэмамі снегу, хапаўся за полы паліто, зрываў хусцінку з галавы. Ён накідваўся на струхлелыя платы, на растрыбушаныя дахі гарадскіх домікаў. І ападаў у бясплоднай ярасці сваёй, заціхаў у лютым бяссіллі. Тады кружыліся ў паветры мокрыя ахлоп’і снегу, паволі ападалі на зямлю, расплываліся на твары сцюдзёнай вільгаццю. І ад гэтага мокрага снегу было непрытульна на вуліцы, сумнай і безгалосай. Было сумна на сэрцы, нібы ўзялі яго і кінулі ў гэтую халодную і ліпучую макрэдзь.

Яна пастукала ў дзверы Гансавай кватэры. На парозе стаяў пажылы салдат і, сілячыся зрабіць прыемную ўсмешку на сваім шчаціністым, распухлым ад флюса твары, гаварыў прапітым басам:

— Мы рады вас бачыць, фрэйлен Любка, але пана лейтэнанта, на жаль, няма. Так, так, няма.

Стаяў і глядзеў на яе. Стаяў, пераступаў з нагі на нагу, пагладжваў рукой распухлую шчаку, кісла моршчыўся ад болю і намагаўся захаваць на сваім твары, у сваім голасе тую ветлівасць, якая аказваецца дзеншчыком да знаёмых свайго пана афіцэра.

— На жаль, няма, на жаль, няма!

— Дзе ж ён? — машынальна паўтарыла яна, адчуваючы, як дзервянеюць ногі, як стыне сэрца.

— У камендатуры пан лейтэнант. Нарада там.

Праз шчыліны аканіц прабіваліся белыя праменьчыкі святла. Вартавы аднастайна адмерваў крокі, пастукваў абцасамі, каб не замерзлі ногі. Заўважыўшы чорную постаць, рэзка падаўся наперад, прызвычаена выкрыкнуў:

— Далоў з тратуара!

Яна не зважала на голас вартавога, паволі рухалася да ганка.

— Стой! Назад! — ускрыкнуў вартавы.

— Я іду ў камендатуру...

— Пропуск!

— Я хаджу без пропуска. Я, я... Мне трэба да пана Коха.

— Пропуск!

Вартавы загарадзіў ёй дарогу аўтаматам. Яна паспрабавала рукой адвесці зброю ўбок, але вартавы моцна рвануў за аўтамат, і яна ледзь не ўпала на прыступках ганка. А думка, якая не давала ёй спакою,— трэба пабачыць яго, трэба разлічыцца з ім за ўсё, за ўсё,— штурхала яе наперад, падганяла. Яна павінна прайсці, што значаць для яе гэтыя вартавыя.

— Пусці, пракляты!

І калі вартавы, раззлаваны яе ўпартасцю, балюча ўдарыў яе прыкладам аўтамата, яна забылася на ўсё на свеце і, падуладная толькі аднаму жаданню — на чым бы то ні стала прайсці,— кінулася на вартавога. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Нож каўзануўся ў пальцах, толькі распароўшы рукаў вартавога і ледзь крануўшы яго руку. Вартавы баяўся нажа. Ён ірвануўся назад да дзвярэй і ці ад страху, ці з перапуду выпусціў доўгую чаргу з аўтамата. Дзяўчына як бы аступілася і ўпала на заснежаныя прыступкі асветленага ганка. Хусцінка спаўзла на шыю, і вецер варушыў агністыя валасы — на белым снягу нібы разгарэлася невялічкае полымя. Але яно згасала, нікла. Мокрыя ахлоп’і снегу блыталіся ў валасах, раставалі, валасы пацямнелі.

Устрывожаныя аўтаматнай чаргой, з дзвярэй выскачылі Вейс, Кох і іншыя афіцэры. Кох пазнаў хусцінку, рэзка рвануўся да вартавога, хапіўшыся за кабуру рэвальвера.

— Гэта дыверсантка, пан афіцэр! — прамовіў вартавы, паказаў распораны рукаў, акрываўленую руку.

Кох убачыў тут нож, які ляжаў на ганку. Нож быў вельмі знаёмы яму. Ён памкнуўся падняць яго, але раздумаў і моўчкі падаўся назад.

— Та-а-ак...— неазначальна заўважыў Вейс. Ён хацеў яшчэ дадаць нязменнае сваё «цудоўна», але, зірнуўшы на Коха, змаўчаў. Усе пайшлі назад, у камендатуру, канчаць спыненую нараду.

 

14

Вечарэла, калі Заслонаў праходзіў ля вадакачкі. Аднастайна шумела вада, сцякаючы па абледзянелай сцяне і замярзаючы ўнізе. Велізарная наледзь расла вакол вадакачкі і цягнулася да самых рэек. Лядовыя наплывы перапаўзалі рэйкі запаснога пуці, на якім стаяў ужо некалькі дзён гружаны эшалон. А вада шумела і шумела ў прабоіне бака, ціха цурчала па цаглянай сцяне, злёгку курылася парай. Мароз мацнеў. Вецер сціх зусім, і ў цёмным вячэрнім небе запаліліся першыя зоркі.

«Не дрэнна...» — падумаў Заслонаў.

З дэпо ён пазваніў на воданасосную станцыю.

— Качаю! — пачуў ён у мікрафоне голас Вераб’я.

— Быў загад? — запытаўся Заслонаў, хоць добра ведаў, што такі загад быў.

— Пан Штрыпке загадаў! — афіцыйна адказаў Верабей.

— Што ж, выконвайце загад.

У кантору зайшоў Штрыпке. Ён толькі што вярнуўся з нарады ў камендатуры, быў маўклівы, чмыхаў пад нос, нервова ходзячы па пакоі. Урэшце не вытрываў, загаварыў:

— Гэта, ведаеце, пан інжынер, нікуды не варта.

— У чым справа, пан Штрыпке?

— Я кажу аб нашым дэпо.

— А што здарылася?

— Здаецца, нічога і не здарылася, але зайздроснага мала. Вы толькі падумайце: паравозы адзін за адным выбываюць са строю. То іх нехта ўзрывае ў дарозе, то яны проста так спыняюцца на перагоне і толькі закупорваюць участак.

— Вы не цікавіліся, чаму яны спыняюцца?

— Вядома, цікавіўся. Замярзаюць. Прычым так замярзаюць, што ўся змазачная сістэма выбывае назаўсёды, лопаецца, крышыцца кожная трубачка, асабліва ў маслаправодзе.

— Гэта няўхільныя аварыі, пан Штрыпке.

— Чаму вы думаеце, што яны няўхільныя?

— Зіма, пан Штрыпке. Суровая руская зіма! Нічога не зробіш.

— Але ж рускія паравозы хадзілі, нягледзячы на зіму.

— Ваша праўда, пан Штрыпке, рускія паравозы хадзілі і не замярзалі, бо яны крыху другой канструкцыі, спецыяльна прыстасаванай для работы ў зімовых умовах, ва ўмовах моцных марозаў.

— Гэта вельмі кепска, пан інжынер. Мы, выходзіць, можам спадзявацца толькі на пана бога, каб ён не пускаў на нас марозаў.

— Чаму на пана бога? Трэба пераканструіраваць сістэму паравозаў, і яны будуць хадзіць, як міленькія...— не то сур’ёзна, не то жартаўліва праказаў Заслонаў.

— О, так, так...— пагадзіўся спачатку Штрыпке і спахапіўся: — У вас правільная думка, але яна не зусім рэальная. У нас вайна і што гаварыць — цяжкая вайна. Рускія каштуюць нам здароўя. У нас няма часу займацца цяпер пераробкай паравозаў. Гэта нерэальна. У нас на службе ўвесь парк Еўропы, хіба можна яго пераканструіраваць за кароткі час? Адно, на што мы можам спадзявацца: захапіць як мага болей паравозаў У рускіх. А для гэтага... для гэтага патрэбна вялікая перамога, канчатковая перамога. А для перамогі патрэбна,— гаварыў ужо цішэй, нібы да самога сябе,— каб нашы паравозы хадзілі, каб яны не замярзалі, каб не ўзрываліся, каб кожны паравоз, які мы выпускаем з дэпо, хадзіў і хадзіў, водзячы нашы эшалоны. Але гэта... гэта зачараванае кола, пан інжынер. Мы павінны выйсці з яго! — з адчаем у голасе сказаў Штрыпке.

— А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Уся Еўропа, можна сказаць, пад вашымі нагамі.

— О, так, так! — самаздаволена затакаў кульгавы і ўвесь напяўся, надзьмуўся, як певень.— Пра заваёвы гаворыце правільна!

Штрыпке гаварыў і марыў. Нават прыжмурыўся і лыпаў павекамі, як старая курыца, якой прысніўся мяшок проса. Гудок паравоза вывеў яго з стану летуценнасці. Вярнуўшыся да рэчаіснасці, ён, як заўсёды, замітусіўся, захваляваўся.

— Што такое? — спалохана запытаўся Штрыпке, які любіў і паважаў ціхую і спакойную работу і вельмі баяўся розных эксцэсаў.

У гэтую хвіліну дзверы канторы шырока расчыніліся, і ў кантору не ўвайшло, а ўбегла некалькі рабочых. Штрыпке ў страху падаўся назад, не чакаючы дабра ад гэтых узрушаных людзей, якія, здавалася, бязладна крычалі, перабіваючы адзін аднаго.

— Што здарылася? — спакойна запытаўся Заслонаў.

— Урэшце злавілі! Папаўся, гад, не вывернецца!

— Каго злавілі?

— Пан Штрыпке, пан Заслонаў, мы дыверсанта злавілі!

— О-о! — толькі і мог вымавіць пан Штрыпке, у якога ўрэшце адкаціўся ад горла той даўкі камячок, які з’яўляўся заўсёды, калі шэф чуў узбуджаныя галасы рабочых.— Дзе ж ён?

— Злавілі, вядуць! Таго самага, што падкладаў бомбы на паравозы.

У Штрыпке аж захаладала спіна: ад страху і ад радасці — гэта такая падзея!

— Хутчэй, пан Заслонаў, пойдзем туды! — І Штрыпке ледзь не бегма кінуўся з канторы. У дэпо было мала народу. Усе былі за варотамі. Недалёка ад вугальнага склада шумеў натоўп. Сярод дэпоўскіх рабочых відаць было і некалькі нямецкіх салдат, якія прыбеглі сюды, пачуўшы шум.

Убачыўшы інжынераў, людзі расступіліся. На снягу ляжаў, скурчыўшыся ў нязручнай позе, чалавек. Ён яшчэ дыхаў, раз-поразу шавяліў вейкай, ледзь расплюшчваючы вока. Другое было зацягнута напухлым чырвоным гузаком. Увесь твар быў збіты да непазнавальнасці. Пад галавой расплывалася цёмная пляма, скамечаныя касмылі валасоў уліплі ў яе, нібы прымерзлі.

— Вось ён, вораг, нас пад смерць, гад, падвесці хацеў, да чаго дадумаўся толькі!

Людзі шумелі, мітусіліся.

Штрыпке глядзеў на чалавека, які ляжаў на акрываўленым снезе і якому, відаць, не суджана было ўжо ўстаць з зямлі.

Штрыпке адразу пазнаў яго. На якую хвіліну прамільгнула здагадка. Штрыпке нават узлаваўся, прыйшоў у ярасць:

— Шволячы, гэта няйначай памылка! Перад вамі Сацук.

— Правільна, пан начальнік, гэта Сацук. І паглядзіце, што гэты Сацук рыхтаваў паравозам, якія мы рамантуем пад вашым кіраўніцтвам.

Нехта з рабочых выняў з непадаткай Сацуковай кішэні дзве вугальныя міны, паднёс іх Штрыпке. Той у жывёльным страху падаўся назад.

— Не трэба блізка, не трэба, я ж бачу!

Невядома, чым бы скончылася ўся гэтая дыскусія, у якой не браў удзелу толькі Сацук, які быў ужо вельмі далёкі ад усякіх зямных інтарэсаў, каб не з’явіліся паліцаі і гестапаўцы на чале з Кохам. Прыбыў і Вейс. Увесь раён дэпо ачапілі. Рабочых дапытвалі групамі і па адным. Не ўсе бачылі гэтае здарэнне, а таму не кожны мог толкам расказаць пра абставіны справы. Больш талковыя паказанні даў Чмаруцька, які першы заўважыў злачынныя намеры Сацука і затрымаў яго.

Кох нерваваўся, усё стараўся заблытаць Чмаруцьку.

— Адкуль табе вядома, што гэта вугальныя міны?

— А як жа, аб гэтым усе гавораць. Мы працуем, працуем, а нейкая нячыстая сіла псуе ўсю нашу працу.

— Хто псуе?

— Хто? Вядома хто. Аб гэтым і ў лістоўках пісалі і ў газетах пісалі. Нейкі Дзядзя Косця камандуе ўсімі гэтымі разбойнікамі.

— Як ты даведаўся, што Сацук падкладвае міны?

— А я ішоў на склад. Бачу, нейкі чалавечак мільгануў ля паравозаў. Я прытаіўся, думаю, што яму тут трэба. Гляджу з-за тэндэра, а ён узабраўся ў паравозную будку і нешта там ля топкі завіхаецца, чую, дзверцы адчыняе. Ён скочыў на другі бок, а я на паравоз. Думаю, тут нешта не так, нездарма чалавек ля паравозаў аціраецца. Зірнуў я ў топку, а там міна ляжыць. Я хутчэй назад. А чалавек ужо на другі паравоз узбіраецца. Я яго цап за бот, сцягнуў далоў. Ты, кажу, што тут вытвараеш? Што табе патрэбна тут? А ён, што вы думалі, не кажучы добрага слова, тыц мяне ў патыліцу, а потым без усякага папярэджання плясь па воку!

У Чмаруцькі сапраўды сінеў пад вокам добры гузак.

— Ударыў гэта ён мяне, аж свет белы пацямнеў, здаровы ж ён, ды куды маладзей за мяне. Але не на таго напаў, ад Чмаруцькі не выкруцішся. Як учапіўся я за яго, ніякай сілай тут мяне не адцягнеш. Трымаю і крычу, трымаю і даю трывогу. Ратуйце, крычу, дыверсанта злавіў!

Больш за дзесятак рабочых сапраўды пацвердзілі, што чулі, як Чмаруцька крычаў з усіх сіл, прасіў паратунку. Нават нямецкія вартавыя, якія прыбеглі на крык, і тыя засведчылі, што чулі, як ля дэпо нехта крычаў «ратуйт».

— Чаму забілі яго?

— Ого! Ён кідаўся на ўсіх зверам, мяне дык вось і за руку яшчэ ўкусіў. Ну... далі яму, усыпалі як след, хопіць з яго!

— Хто біў?

— Усе білі... Каб ён па-добраму здаўся, яго б і не чапаў ніхто, мы ведаем, што на гэта і начальства ёсць і суд ёсць, яны і разбяруцца. А мы што? Мы толькі памагаць павінны начальству, каб выявіць такіх злачынцаў. Нам аб гэтым і пан Штрыпке казаў і пан Заслонаў.

— Ну, годзе, годзе! Ідзі...— з пагардай заўважыў Кох, яўна не сімпатызуючы гэтаму гаваркому сведку, які сыпаў словамі, як гарохам.

А Вейс слухаў і захапляўся:

— Цудоўна! Такі масавы патрыятызм рабочых! Яны імкнуцца памагчы нам.

Кох зірнуў на яго з кепска прыхаванай непрыязню.

На допыт выклікалі Штрыпке і Заслонава. Але яны нічога не маглі дадаць да ўсяго таго, што было сказана рабочымі...

— І вы думаеце, што Сацук сапраўдны злачынца? — запытаўся Кох у Заслонава.

— Так. Я даўно заўважыў яго работу, якая пахла не чым іншым, як дыверсіяй.

— І маўчалі?

— Я адразу заявіў пра гэта пану шэфу і прасіў ці зволіць рабочага, ці аддаць пад суд.

— Гэта праўда, пан Штрыпке?

— Ну, вы ж ведаеце, пан камісар...— збянтэжана прамовіў Штрыпке, усім позіркам сваім нібы ўпрошваючы Коха не вельмі спыняцца на гэтым пытанні.

— І вы цвёрда перакананы ў злачынстве Сацука? — яшчэ раз ганарыста перапытаў Кох.

— Больш чым упэўнены, пан камісар.

— Ладна. Мы яшчэ пагаворым з вамі...— мнагазначна заўважыў Кох.

— Я заўсёды да вашых паслуг.

Калі Штрыпке і Заслонаў выйшлі, Вейс запытаўся ў Коха:

— Я крыху не разумею ўсіх вашых допытаў, не разумею, да чаго вы хіліце?

Кох паглядзеў на яго з ледзь прыхаванай пагардай, нехаця працадзіў праз зубы:

— На жаль, пан камендант, я не магу пакуль што раскрыць перад вамі ўсіх маіх планаў і выказаць мае падазрэнні.

— Гэта вашы справы, пан камісар, я не ўмешваюся ў іх. Але мне здаецца, што сваімі роспытамі і допытамі вы ўносіце непатрэбную мітусню ў нашу працу. Калі злачынца злоўлены ці ўрэшце пакараны сваімі рабочымі, зрабіце адсюль належныя вывады. Трэба аказаць патрымку добрасумленным рабочым і не нерваваць дарэмна тэхнічны персанал, які нядрэнна, на маю думку, спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Кох глядзеў на Вейса цяжкім немігаючым позіркам.

— Альбо, па-вашаму, лепш было б, каб чатыры спраўныя паравозы з рэзерву былі таксама ўзарваны, як і тыя, што былі выведзены са строю на перагонах?

— Я нічога не думаю, пан камендант. Мне б хацелася толькі аднаго, каб вы не перашкаджалі маёй працы.

— Такое і маё жаданне, шаноўны камісар, каб вы не стваралі лішніх цяжкасцей у працы камендатуры і ўсіх органаў, якія мне падначалены.

Абмяняўшыся любезнасцямі, абодва начальнікі выйшлі з канторы.

Яны ішлі і стараліся не заўважаць адзін аднаго. І каб яны былі больш уважлівымі да навакольнага, каб менш пыхі было ў іх позірках, яны ўбачылі б, як носіцца на пуцях устрывожаны Штрыпке, падбягаючы то да паравоза, то да вагонаў. Паравоз рабіў дарэмныя спробы скрануць з месца гружаны эшалон. Ён пыхкаў з усіх сіл, сыходзіў парай, бездапаможна ляскаў буферамі і, напяўшыся як мага, пачынаў буксаваць, аж рэйкі пад ім курыліся парай. Падчапілі другі паравоз. Перадыхнулі хвіліну-другую і рванулі так, што загрымеў і лопнуў цяж, паравозы адскочылі з адным вагонам, эшалон жа стаяў, як уліты.

Колы вагонаў умёрзлі ў рэйкі, якія заплылі тоўстай наледдзю. Бегаў і вохкаў Штрыпке:

— О, гэта праклятая вадакачка, яна выме з мяне ўсю душу!

Заўважыўшы Вейса, пачціва падбег да яго.

— Дазвольце, пан камендант, спыніць насосы!

Тут толькі Вейс вярнуўся да рэчаіснасці. Пешчаны твар яго ўкрыўся чырванню.

— Хто вінаваты? Хто дазволіў? Хто тут развёў лядоўню?

— Асмелюся далажыць, вы загадалі не спыняць насосаў.

— Спыніць!

— Замерзнуць трубы...

— Не спыняць!

— Замерзнуць пуці...

— Спыніць!

— Слухаю, пан камендант...— прашаптаў спацелы Штрыпке і кінуўся да бліжэйшага тэлефона, каб загадаць спыніць насосы.

Салдаты з чыгуначнага батальёна кіркамі і ламамі сколвалі лёд на рэйках. Урэшце эшалон удалося скрануць з месца. Але не прайшоў ён і паўдзясятка метраў, як некалькі вагонаў сышлі з рэек. Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэтую няшчасную лядовую дзірку, як называў ён дэпо і станцыю.

Заслонаў назіраў з акна канторы за мітуснёй Штрыпке, за дарэмнымі спробамі выцягнуць эшалон. У кантору зайшоў па нейкай справе Чычын.

— Бачыў? — рухам вачэй Заслонаў паказаў у акно.

— Усе рабочыя глядзяць, як на спектакль.

— Глядзіце, не задужа вы там разыходзьцеся, сякія-такія Сацукі яшчэ могуць трапіць у наша асяроддзе... Дарэчы, чаму такая паспешлівасць з гэтым Сацуком? Я ж папераджаў.

— Інакш нельга было, Канстанцін Сяргеевіч. Сацук злавіў Чмаруцьку, калі той нёс чарговую порцыю папаўзушак на вугальны склад.

— Будзьце цяпер асабліва асцярожнымі. З папаўзушкамі пакуль што спыніце. А ў Чмаруцькі на двары і ў кватэры каб было чыста, як у воку. Дарэчы, калі спыняць насосы,— а немцы павінны, калі захавалася ў іх хоць трохі мазгоў, спыніць іх,— тады ноччу абавязкова адкрыйце некалькі кантрольных калодзежаў. Калі трубы не замерзнуць, тады не пашкодзіць ужыць якія іншыя сродкі. Цябе не вучыць, паможа і Дубок. Ды не лезьце немцам нахабна ў вочы... А на рамонт націскайце, каб было перавыкананне.

 

15

Позна ноччу на кватэру да Заслонава з’явіліся гестапаўцы. Узнялі з пасцелі, ператрэслі ўсе рэчы. Нічога падазронага не знайшлі, старанна перакапалі ўсю літаратуру, захапілі з сабой некаторыя кніжкі па тэхніцы.

Заслонаву звязалі рукі і вялі яго па бязлюднай начной вуліцы з усякімі перасцярогамі. Ён зразумеў, што яго ў чымсьці западозрылі.

Мінуўшы некалькі калючых драцяных загародак, яго ўвялі нарэшце па прамёрзлых прыступках у паўзмрочны калідор скляпення, адчынілі скрыпучыя дзверы і штурхнулі ў цёмны закутак. Дзверы зачыніліся следам за ім, правішчэў іржавы замок, зніклі крокі канваіраў, і вязень астаўся сам-насам са сваім жыццём, са сваімі думкамі. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Заслонаў адважыўся быў пацягнуцца да яе рукой, але рукі былі звязаны, балюча нылі пад тугой вяроўкай. Асцярожна абмацаў нагамі падлогу, наткнуўся ў кутку на нешта падобнае на тапчан, сяк-так прылаўчыўся сесці, прыхіліцца да сцяны.

Быў позні час ночы. На вуліцах ціха і бязлюдна. Ціха было і ў скляпенні. З-за шурпатых дошак сцяны даносіліся ўскрыкі, слабыя стогны, урыўкі нейкіх слоў. Відаць, за сцяной былі людзі.

Ніколі ў сваім жыцці не думаў Канстанцін Сяргеевіч аб турме. Няхай аб ёй думаюць тыя, хто мае схільнасць да турэмнага хлеба.

Успомніў свае планы і замыслы.

Не выкананы яны. Сарваліся ў самым пачатку. А пачатак нядрэнны. Няўжо дапушчаны які недагляд ці памылка? Думаў, перадумваў, перабіраў у памяці кожнае слова, кожны крок, кожнага чалавека. Не, усё, здаецца, у парадку. Нават самыя лепшыя людзі, самыя адданыя — і тыя не ведаюць пра яго сапраўдную ролю. Яны выконваюць распараджэнні і загады міфічнага Дзядзі Косці.

Колькі клопату, колькі трывог яму каштавала, пакуль дабіўся дазволу пайсці сюды, у гэтае логава звера. Яго ж проста па-чалавечы шкадавалі, гаварылі, што ён на сваёй працы і там, у савецкім тыле, будзе прыносіць вялікую карысць.

Але ён давёў, гэты Дзядзя Косця, што тут, у варожым тыле, ён можа прынесці яшчэ большую карысць сваёй дзяржаве, бо ён зможа ўдарыць у самае сэрца ворага. І яму даручылі гэты ўдар. З бацькоўскімі клопатамі, з мацярынскай любоўю сабралі ў цяжкую дарогу, даверылі лёс і жыццё многіх людзей. Няўжо прыйдзецца кінуць усё ў самым пачатку, прызнаць сябе пераможаным? Не, гэтага не будзе. Ён ніколі не будзе пераможаным. Якія б ні былі абвінавачванні, які б ні быў канец, перамога будзе за ім. Ён будзе змагацца да апошняй кроплі свае крыві, каб людзі, якія пасылалі яго, маглі сказаць: «Так, ён быў сапраўдным чалавекам, сапраўдным сынам свае Радзімы».

Ён будзе змагацца, і змаганне гэтае будзе цяжкім. Канечне, усё магло быць значна прасцей. Ён мог бы сказаць ім: я смяротны вораг ваш, я ненавіджу вас! І ўсё вырашылася б хутка і проста. Можа, ніхто і не папракнуў бы яго за гэта: ён загінуў бы, захаваўшы высокую годнасць чалавека. Але ён ішоў сюды не для таго, каб загінуць, не завяршыўшы галоўнай справы. Так гінуць нельга. Такой смерці не даруе яму народ. Значыць, трэба змагацца да апошняй кроплі крыві. А каб змагацца, трэба зноў прыкідвацца іх прыхільнікам, у лепшым выпадку даказваць ім сваю лаяльнасць ці проста прыкідвацца чалавекам, якога цікавяць толькі грошы, добры заробак, абмежаваны круг тэхнічных інтарэсаў інжынера і яшчэ больш абмежаваныя інтарэсы маленькага чалавека, звычайнага абывацеля.

Так, ён будзе змагацца, якіх бы д’ябальскіх хітрошчаў, якіх бы найцяжэйшых выпрабаванняў ні каштавала яму ўсё гэта.

...Ад цаглянай сцяны скляпення, ад бледнай адтуліны ўгары цягнула пранізваючым холадам.

Баляць рукі, звязаныя тугой вяроўкай. Ён нацягваецца, ямчэй прыладжваецца на тапчане, намагаецца задрамаць. Яму хочацца заснуць, каб разам са сном прыйшлі да яго любыя, дарагія вобразы. Што робіць маці цяпер, што думае аб ім?

І што робіць цяпер і што думае аб ім яна, яго слаўная Раіса?

Аднак прэч і прэч усе ўспаміны. Усё гэта потым, потым, калі прыйдзе ён, лепшы час, калі насмяешся ты з ворага, пераможаш яго. А цяпер усё — і думкі і сэрца — усё знітаваць у адно, звязаць іх у жалезны вузел, каб асталася толькі адна нязломная воля: выбавіцца, перамагчы.

І сабраўшы ўсю сілу волі, засяродзіўшы ўсе думкі на адным намаганні, ён прымусіў сябе заснуць. Заснуць, каб адпачыць, набрацца сіл для бязлітаснай схваткі з ворагам.

 

16

Нейкі нюх падказваў Гансу Коху, што ў асобе інжынера хаваецца вельмі сур’ёзны, небяспечны чалавек. Магчыма, усе тыя прыкрасці, якія адбываюцца штодзённа на чыгунцы і наносяць велізарнейшую шкоду немцам, ідуць ад яго. Гэты нечаканы ўзрыў вадакачкі, якую і сапраўды намагаўся некалі знішчыць Заслонаў. Узрыў паравозаў, лістоўкі, таемны ўзрыў артылерыйскіх складаў — усё гэта, відаць, мае нейкае дачыненне да інжынера. Аб ім шмат чаго гаварыў і начальнік паліцыі Клопікаў. Як аб выдатным савецкім інжынеру расказвае і Шмульке. Урэшце, таемнае забойства Сацука, якога ў першы дзень свайго з’яўлення на работу Заслонаў хацеў аддаць пад суд.

Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе доказы вельмі і вельмі хісткія.

І чым болей разважаў Ганс Кох, тым усё блытаней станавілася задуманая ім справа, і ён не бачыў ніводнага канца, за які можна было б ухапіцца, каб разматаць гэты клубок.

Ён пайшоў на работу, не выспаўшыся, у дрэнным настроі.

Заслонава ўвялі да Коха два жандары.

Кох адчуў, што ён крыху разгубіўся перад Заслонавым. Ён нават устаў са свайго месца і, робячы ветлівую міну на твары, запрасіў арыштаванага прысесці.

— Я не прызвычаіўся гаварыць, калі зневажаюць маю чалавечую годнасць. Я звязаны.

Кох паклікаў жандара, той спрытна развязаў вяроўку. Заслонаў сеў на прапанаванае крэсла, Спакойна запытаўся:

— Я слухаю. Відаць, у вас ёсць нейкія абвінавачванні супроць мяне, калі меркаваць па некаторым, не зусім далікатным, сказаў бы я, абыходжанні са мной?

— Пра абвінавачванні потым... Закурвайце.

Ганс Кох падсунуў бліжэй свежую пачку цыгарэт.

Ён заўважыў у вачах Заслонава смяшлівы аганёк, калі на ветлівую прапанову цыгарэты той адказаў:

— На жаль, я не табачнік. Наколькі даводзілася мне бачыць вас, вы таксама, здаецца, не курыце.

— О, так, так... Табак вельмі шкодзіць здароўю.

— У вашых словах вялікая праўда, пан Кох.

Настала прыкрае маўчанне. І на гэты раз зноў загаварыў Заслонаў, узяўшы, такім чынам, ініцыятыву ў свае рукі:

— Пан Кох, мы не маленькія з вамі, у жмуркі гуляць, відаць, не збіраемся. Акрамя ўсяго іншага, я чалавек справы, і, як гэта гаворыцца, люблю адразу браць быка за рогі, каб лішне не марнаваць часу. Якія прычыны майго арышту? Гэта па-першае. А па-другое, калі я змагу перадаць мае службовыя справы пану Штрыпке, каб не ўносіць бязладзіцы ў працу дэпо? Пасля, калі ласка, вы можаце без усякай шкоды транспарту трымаць мяне тут колькі вам захочацца. Адзінае, што мяне турбуе, гэта дэпо...

Колькі ні мацаваўся Кох, каб да канца вытрымаць пэўны рытуал пачатку допыту, але не здолеў. Спакойны тон інжынера, яго размовы пра дэпо, пра транспарт — нібы яны сядзелі недзе ў канторы на нарадзе ці, у іншым выпадку, за кубкам кофе ў рэстаране — узарвалі яго. Куды дзелася паказная ветлівасць, гатоўнасць весці спакойную гутарку. Ён аж ускочыў са свайго крэсла і, ледзь стрымліваючыся, каб не ўдарыць кулаком па стале, закрычаў:

— Устаць, калі з вамі гавораць! Вы забываеце, дзе знаходзіцеся!

Заслонаў стоячы запытаўся:

— Выбачайце, я чым-небудзь абразіў вас? Я, здаецца, нічога не сказаў ні крыўднага, ні абразлівага.

— Маўчаць! Гэта такая нябачаная нахабнасць! Ён яшчэ задае мне пытанні! Што мне вашы абразы? Што мне вашы крыўды? Што мне, што мне... Я сам, я...

Ён выцер спацелы лоб, залпам выпіў шклянку вады, аддыхаўся, сеў. Зірнуўшы спадылба на інжынера, суха сказаў:

— Сядайце!

Пацёршы рукі і гледзячы некуды ўбок, ён урэшце загаварыў зноў спакойна:

— Перш за ўсё я хачу з вамі дамовіцца, нават не дамовіцца... Я проста загадваю вам: кінуць усе свае хітрыкі, усе нікчэмныя гутаркі пра дэпо, пра службу і адказваць толькі на мае прамыя пытанні. Вы з’яўляецеся буйнейшым злачынцам. Вы ёсць, ёсць... як гэта...— Тут ён зірнуў у нейкую сваю запіску.— Вы ёсць... Косця! — аж выкрыкнуў Кох, чакаючы эфекту ад сваіх слоў.

— Ваша праўда, пан Кох. Я сапраўды ёсць Косця, так клікалі мяне, калі быў я падлеткам, так называлі мяне і мае таварышы. Але, майце на ўвазе, звычайна мяне называюць, як дарослага чалавека, Канстанцінам Сяргеевічам.

— Вы ёсць... ёсць...— зноў зірнуў у запіску Ганс Кох,— вы ёсць Дзя-а-дзя Косця!

— На вялікі жаль, пан Кох, я не быў дзядзем. У мяне няма пляменнікаў.

— Ах, пачакайце! Вы зноў адказваеце не тое, аб чым вас пытаюць. Вы ёсць Дзядзя Косця, буйны злачынец, які кіруе... кіруе атрадам дыверсантаў на транспарце. Што вы маўчыце?

— Я слухаю вас. Я хачу да канца выслухаць вашы абвінавачванні, каб адказаць разам на ўсё.

— Так, так... Гэта пахвальна. І чым хутчэй вы гэта зробіце, тым лепш будзе для вас. Вы ўзрывалі паравозы, узарвалі гэтымі днямі вадакачку. Вы трымаеце сувязь з партызанамі, забілі нашага работніка Сацука. Вы падсылалі да мяне гэтую... гэтую...— тут Кох крыху замяўся, апусціў вочы долу,— дзяўчыну Любку з нажом, каб яна забіла мяне альбо пана каменданта ці каго з нашых афіцэраў. Вы дыверсант, забойца, шпік, якія паводле законаў падлягаюць неадкладнаму знішчэнню.

— Усё, пан Кох?

— Так, усё... Вы яшчэ раскажыце нам пра тое, што вам самім вядома.

— Мне здаецца, пан Кох, і таго, што вы расказалі тут аб маёй сціплай асобе, хопіць для апраўдання майго неадкладнага знішчэння, як вы мелі гонар сказаць мне.

— Ну?

— Я нічога болей не магу дадаць да таго, што сказаў.

— Значыць, усё сказанае мной з’яўляецца праўдай?

— Калі дзіцячыя казкі могуць быць сапраўднай явай, я магу тады пагадзіцца з вамі.

— Што вы хочаце сказаць гэтым?

— Паўтараю, калі казкі могуць быць праўдай, то я прызнаю ўсе вашы абвінавачванні...

— Я не дазволю жартаваць са мной! Я...

— Я прашу вас не хвалявацца, гэта ж у вашых інтарэсах. Я задам вам адно пытанне: вы чыталі калі-небудзь казкі Шахеразады?

— Казкі? Хо... хто не чытаў казак. Некалі ў школе я таксама чытаў... Так... казкі Грым, потым, потым Андэрсена... І яшчэ... Але пры чым тут казкі? О-о... Я здагадваюся, вы хочаце паставіць сябе на месца Чырвонай Шапачкі! А мяне зрабіць воўкам! Што ж, я воўк, калі вам гэта падабаецца... Я жалезны воўк. Калі патрэбна майму фюрэру, нашай імперыі, я перагрызу горла кожнаму, хто наважыцца рабіць інакш, нават думаць інакш, чым думае наш мудры фюрэр.

— Выбачайце, пан Кох, я не меў на ўвазе ніякіх параўнанняў. Я гаварыў вам толькі пра казкі Шахеразады. Для таго, каб давесці вам, што ўсе вашы абвінавачванні, якія вы пералічылі і якіх хапіла б на сотні смяротных прысудаў для мяне, усе яны падобны на казачную фантастыку Шахеразады. Так, так, казачную, дзівосную, праўда, не зусім чаруючую ў даным выпадку для мяне, але ўсё ж фантастыку, выдумку, тое, што называем мы дасціпным вымыслам. Але, наколькі мне вядома, вашы законы лічацца толькі з канкрэтнымі фактамі, рэальнымі з’явамі і падзеямі, рэальнымі злачынствамі.

— Вы не агітуйце мяне, калі ласка, не вучыце. Я сам разбіраюся ва ўсіх гэтых тонкіх штучках.

— Тым лепш для мяне, паважаны пан Кох. А вучыць мне вас няма ніякай патрэбы. Па-першае, вы самі здольны разабрацца, дзе праўда, а дзе выдумка. А па-другое... я палонны ваш. Больш таго, я вязень. Вы пагражаеце мне ні больш ні менш як смерцю. А паміраць мне не хочацца. Я люблю больш жыццё. А таму мне трэба ведаць сапраўдныя абвінавачванні, доказы маіх злачынстваў, а не дзіцячыя казкі.

— Што вы прыстаеце да мяне: казкі, казкі... Вы раскажыце лепш падрабязна аб усім, што даўно нам вядома.

— Што мне расказваць, калі вам усё вядома...

— Даволі прытворстваў, пан інжынер!

Заслонаў замаўчаў на хвіліну. Як надакучвала яму нудная дыскусія, штохвілінная неабходнасць неяк падладжвацца пад гэтага невука, часам пагаджацца з ім, нават ільсціць яму. Але нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы.

— Ведаеце, пан Кох. Мне зразумелы вашы думкі і ўчынкі. Уяўляючы сябе на вашым месцы, я нават спачуваю вам. На вас ускладзены нямецкім урадам адказны і пачэсны абавязак: захоўваць закон і парадак, выкрываць і караць ворагаў імперыі. І зусім натуральна, што ў кожным, хто не з’яўляецца немцам, як, скажам, ва мне, вы бачыце ворага альбо ў лепшым выпадку патэнцыяльнага ворага. Гэта з пункту гледжання прафесійных інтарэсаў, вашай службы. Але акрамя прафесійных інтарэсаў, да якіх часам далучаюцца і вузка асабістыя, існуюць, пан Кох, дзяржаўныя. Гэтыя інтарэсы, у даным канкрэтным выпадку са мной, рэзка разыходзяцца з вашымі асабістымі. Дзяржава загадвае мне ісці і працаваць на нямецкі транспарт, бо гэтым я проста або ўскосна дапамагаю вам, а з пункту погляду вашых вузка асабістых інтарэсаў — каб было спакайней, каб чаго не выйшла,— мяне трэба трымаць альбо ў турме, альбо проста знішчыць.

— Для чаго вы чытаеце мне лекцыі?

— Гэта не лекцыя. Я гавару к таму, што мяне не здзіўляюць вашы казачныя абвінавачванні, бо я разумею іх прычыну.

— О мой бог! Чалавеку прад’яўляюць цяжкія абвінавачванні, яму пагражае смерць, а ён набіраецца нахабнасці вучыць мяне, вучыць нямецкую дзяржаву. Я апошні раз загадваю вам адказаць на ўсе мае пытанні.

— Я адказваю, пан Кох, нават без загадаў.

— Тады гаварыце!

— Я ўсё сказаў. Не магу я нагаворваць на сябе, прыпісваць сабе несусветныя справы.

— Я прымушу вас, пан інжынер, гаварыць па-сапраўднаму! У мяне ёсць сродкі развязаць вам язык.

— Гэта будуць дарэмныя спробы. Любое абвінавачванне будуецца на канкрэтным матэрыяле. Вашы абвінавачванні беспадстаўныя. Вось чаму я спытаўся ў вас аб прычынах арышту. Вы нават сказалі, што я падсылаў да вас дзяўчыну Любу з нажом. Паверце мне, што вы яе ведаеце больш, чым мяне. Нават больш таго, вы яе падсылалі да мяне. Я прасіў яе перадаць вам падзяку за такія шчырыя клопаты аб маёй асобе, аб маім жыцці. Здаецца, яна і ўзброена была нажом, вашым падарункам. І вы самі добра ведаеце, што яна не была ніякай дыверсанткай, што яе ўчынак быў звязаны з вашымі асабістымі ўзаемаадносінамі... Пры чым я тут? Вы прыпісваеце мне знаёмства з многімі людзьмі, супроць якіх вы маеце тыя ці іншыя падазрэнні. Праўда, я ведаў на службе і ведаю багата людзей. Адны з іх у Чырвонай Арміі, другія могуць быць у партызанах. Кожны робіць так, як яму здаецца лепш. І вядома, што я не магу несці адказнасці за іх паводзіны, учынкі, за іх думкі. Пры чым тут я?

Кох маўчаў. Думаў. Ён бачыў сам, што прад’яўленыя інжынеру абвінавачванні павісаюць у паветры. Словы пра Любку яму проста было непрыемна слухаць, і быў не рад, што раней сам закрануў гэтае пытанне. Ён арыштаваў інжынера, ні з кім не параіўшыся, па сваёй уласнай ініцыятыве, у надзеі выпадкова натрапіць на які важны матэрыял, урэшце, спадзеючыся напужаць Заслонава, можа, з перапуду выдасць каго-небудзь, з кім хоць і не звязаны непасрэдна, а проста чуў або здагадваўся. Уся справа з арыштам заходзіла ў безнадзейны тупік. Можна, вядома, закатаваць яго, але інжынер займаў такую пасаду, якой цікавіліся і ў вышэйшых інстанцыях, бо не так ужо часта прыходзяць да немцаў такія работнікі, як інжынер Заслонаў.

Усё ведаў Кох, і гэта стрымлівала яго гнеў з прычыны няўдачы допыту, на які ўскладаў вялікія надзеі. Канечне, пра Дзядзю Косцю Кох сказаў інжынеру проста так, каб запужаць гэтага залішне самаўпэўненага чалавека. Які з яго Дзядзя Косця, калі ўсе рабочыя, як вядома гестапа, недалюбліваюць інжынера? Зноў жа, дыверсіі таго таемнага Косці адбываюцца па ўсёй дарозе, ад Мінска да Смаленска, распачаліся і па іншых дарогах. Вядома, не без грахоў гэты інжынер. Але доказаў прамых няма. Усё, што расказвалі аб ім і Клопікаў і былы работнік міліцыі Слімак, мела дачыненне да мінулага інжынера, пра якое, дарэчы, расказаў ён і сам, калі прыйшоў на работу. Неяк трэба было выходзіць з нязручнага становішча. Зусім ужо спакойна Кох сказаў інжынеру:

— Відаць, вам спадабалася наша турма, калі вы не хочаце ні ў чым прызнавацца.

— Не, шчыра кажу, пан камісар, што я палічыў бы за лепшае і больш нармальнае жыць у сваёй уласнай кватэры, не дастаўляючы вам лішніх турбот і не адымаючы ад вас дарагога часу на розныя допыты.

— Што ж, гэта мы зможам забяспечыць вам, калі вы так жа шчыра загаворыце з намі аб тых пытаннях, якія мяне цікавяць.

— На жаль, я сказаў вам усё, што мог...

— Тады я даю вам час свабодна падумаць аб усім тым, аб чым мы з вамі гаварылі. Не хочаце добраахвотна, мы вас прымусім.

— У вашы распараджэнні я не ўмешваюся, пан камісар,— стрымана прамовіў Заслонаў.

— Яшчэ б чаго вы захацелі!

Выкліканыя канваіры вывелі інжынера.

Кох прыйшоў на кватэру і збіраўся ўжо спаць, адкінуўшы ўбок газеты і выключыўшы радыёпрыёмнік, як зазваніў тэлефон.

У мікрафоне пачуўся голас Вейса.

Без вітанняў той адразу загаварыў аб справе:

— Выбачайце за позні званок, пільная патрэба. Я ўвесь дзень шукаў інжынера Заслонава. Аказваецца, як мне паведамілі зусім не з афіцыйных крыніц, ён знаходзіцца ў вас у турме.

Кох прамычаў спачатку нешта неазначальнае, потым дадаў:

— Так, інжынер Заслонаў арыштаваны мной, як буйны злачынец.

— Вы ўзгаднілі гэтае пытанне з панам саветнікам усходняга дэпартамента чыгунак ці ў крайнім выпадку са мной, паколькі я нясу абавязкі і ўпаўнаважанага гэтага дэпартамента?

Кох замяўся на хвіліну, але рашуча адказаў:

— Як вы ведаеце, гестапа не мае патрэбы ні ў якіх узгадненнях.

— Гэта я добра ведаю і не ўмешваюся ў вашы справы. Наконт пэўнай катэгорыі служачых у вас ёсць належныя інструкцыі. Але не ў іх справа. Інжынер Заслонаў неадкладна патрэбны ў Мінску.

— Я не ведаю, дзе яму хацелася б неадкладна быць. Лічу, што самым лепшым месцам для яго з’яўляецца на сённяшні дзень турма, калі не горш.

— Не ўмешваюся ў вашы аператыўныя справы, я толькі даводжу да вашага ведама, што інжынер Заслонаў павінен быць заўтра ў пана гаўляйтэра па яго высокаму выкліку.

Тут Вейс нават крыху дадаў ад сябе. Вядома, гаўляйтэр не цікавіўся непасрэдна асобай інжынера і не выказваў жадання спецыяльна сустракацца з ім. Проста было агульнае распараджэнне пана гаўляйтэра, каб правесці інструкцыйную нараду з інжынерным персаналам чыгункі, у тым ліку і з рускімі спецыялістамі.

Ганс Кох крыху збавіў тон. Зусім ужо неафіцыйна ён запытаўся:

— Вы жартуеце ці кажаце гэта ўсур’ёз, паважаны пан Вейс?

— Як вам павінна быць вядома, шаноўны пан Кох, я не дазваляю сабе жартаў не толькі з дарослымі людзьмі, а прытрымліваюся гэтага правіла нават у дачыненні да пэўнай катэгорыі маладых людзей.

Пан Кох праглынуў пілюлю.

Але справа аставалася справай. Яе не абмінеш.

— Я падумаю, пан Вейс.

— Добра, можаце сабе займацца гэтым карысным працэсам, але як загадаеце, шаноўны, адказаць Мінску: будзе ці не будзе інжынер Заслонаў?..

Кох сціснуў тэлефонную трубку так, што пабялелі костачкі пальцаў, але адказаў даволі стрымана і спакойна:

— Будзе, пан Вейс.

— Вельмі прыемна пачуць! — І адразу палажыў трубку.

Кох паморшчыўся кісла: да чаго злапомны гэты Вейс. Аднак не варта заводзіць з ім сваркі, тым больш тады, калі сам дапусціў пэўны промах.

Ноччу ён выклікаў арыштаванага зноў у свой кабінет, афіцыйна павітаўся з ім:

— Ну, як, пан інжынер, якое будзе ваша апошняе слова?

— А чаму апошняе?

— Ну, па гэтай справе, зразумела.

— Я не ведаю, па якой справе. Вы ўчора гаварылі тут аб безлічы розных спраў, так што я, шчыра кажучы, зусім заблытаўся ў іх, не ведаю, аб якой і гаварыць.

— Так, безлічы. І вельмі кепска, што вы не разабраліся ў іх... Але давайце кінем пакуль што гаварыць аб іх. І наогул шчыра раю вам забыцца на ўсё, аб чым мы тут гаварылі і што адбывалася тут. Так патрэбна дзяржаве. Я вызваляю вас, але з адзінай умовай: нідзе ніводнага слова, ні намёку... Вы разумееце?

— Не турбуйцеся. Я так разумею вас... Вамі ж кіруюць, паважаны пан Кох, не якія-небудзь асабістыя разрахункі, а інтарэсы дзяржавы. А інтарэсы дзяржавы — гэта ўсё.

— Вы разумны чалавек, гэта мне падабаецца...

Камісар гестапа выбраўся ўрэшце з крыху нязручнага становішча. Задаволены быў і інжынер, якога ніколькі не радавала перспектыва больш працяглага знаёмства з гестапаўцамі.

 

17

Назаўтра раніцай Заслонаў ехаў у Мінск. Перад ад’ездам ён пабачыўся ў дэпо з Чычыным.

Заслонаў загадаў, каб на пэўны час спынілі ўзрывы паравозаў на ўчастку, а рэшту мін перакінулі на дальнія ўчасткі.

Дубок з групай таварышаў, паводле парады Мірона, быў перакінуты ў дэпо з атрада. Гэта была невялічкая група камуністаў, якія ні з кім у дэпо не былі знаёмы. Дубок, не дрэнны сапёр, асвоіўшы і мінёрную справу, асвойваў цяпер прафесію электраманцёра вузла, рамантаваў асвятленне дэпо, станцыйных стрэлак і семафораў. Ён завязаў блізкія адносіны з некаторымі салдатамі чыгуначнага батальёна, дэтальна азнаёміўся з іх работамі. Роты батальёна з прыданым яму спецыяльным цягніком вельмі часта выязджалі на ўчасткі для ліквідацыі тых ці іншых аварый і катастроф. Па настроях у батальёне, па гутарках салдат Дубок вельмі хутка налаўчыўся дакладна даведвацца аб усіх падзеях на чыгунцы, аб характары катастроф, аб колькасці нямецкіх ахвяр.

Калі ў атрадзе Дубок пачаў сумаваць крыху ў пачатку зімы, то тут яго захапіла навізна працы і тая заўсёдная рызыка, з якой даводзілася сустракацца. Раней ён бачыў ворагаў толькі здалёк. Тут яму даводзілася жыць і працаваць у непасрэднай блізасці да немцаў, сярод іх. Ён не ведаў усіх акалічнасцей, звязаных з Заслонавым, але атрымаў суровы загад нічым не перашкаджаць працы інжынера, аднаго з яго начальнікаў. Адсюль ён здагадваўся, што інжынер не такі ўжо звычайны служачы, што ён, відаць, мае нейкае дачыненне да той справы, якой шчыра і аддана служыў Дубок. Ён бачыў, як садзіўся ў цягнік Заслонаў і як у той жа вагон зайшоў акуратна апрануты чалавек з невялічкім партфелем і са скруткам газет у руках.

Дубка папярэдзілі, каб ён залішне не трапляўся на вочы гэтаму чалавеку, бо ён не хто іншы, як агент гестапа.

Заслонаў заўважыў шпіка яшчэ ў вагоне і адразу пазнаў яго па мітуслівых рухах, па неспакойным бляску вачэй, па безлічы розных дробных адзнак, характэрных для звычайнага шпіка.

Відаць, Кох наважыўся пацікавіцца, з кім ён, інжынер, будзе сустракацца, з кім будзе гаварыць у дарозе. Гэта нават развесяліла Заслонава на які час, і ён ад нечага рабіць пачаў падражніваць, відаць, не досыць яшчэ напрактыкаванага следапыта. Ён то падымаўся са свайго месца і рашуча ішоў у суседні вагон, то выходзіў на станцыю з вагона і прагульваўся па пероне, спыняўся ля нямецкіх плакатаў. Шэрая памятая кепка неадступна следавала за ім. І калі на адной з станцый Заслонаву сапраўды трэба было сустрэцца з адным работнікам і той ужо накіраваўся да інжынера, які стаяў перад плакатам, Заслонаў зрабіў непрыкметны рух вачыма, і чалавек, які быў патрэбны яму, адразу зразумеў яго і прайшоў міма. Уваходзячы ў вагон, Заслонаў прыпыніўся ў тамбуры і твар у твар сутыкнуўся з памятай кепкай.

— О-о... Мы неяк з вамі ўсё сустракаемся,— пажартаваў ён з кепкі. Тая ледзь не разгубілася, нешта прамямліла:

— Выбачайце... Калі ж такія цесныя вагоны!

— Так, прастору мала... Далёка едзеце? — звярнуўся Заслонаў да кепкі, як зварочваюцца звычайна да пасажыра-спадарожніка.

— У Мінск.

— Па службе, відаць?

— Па службе. Хіба цяпер паедзеш па асабістых справах?

— Дзе служыце?

— Я? Я... працую ў фірме па нарыхтоўцы пушніны.

— І як ідуць справы?

— Справы не зусім добрыя. Цяпер мала хто займаецца паляваннем.

— Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму?

— О-о... розныя... Вавёркі, выдры і... усякія іншыя... Спрабуем купляць таксама звычайныя скуры ад хатняй жывёлы.

— А сабалі не трапляюцца, гарнастаі?

— Прызнацца, я не зусім у курсе... Я нядаўна прыехаў з водпуску, так што не пазнаёміўся яшчэ з усімі справамі.

Прадстаўнік пушной фірмы яўна нудзіўся гутаркай на пушныя тэмы, і Заслонаў пакінуў яго пакуль што ў спакоі. Але праз колькі хвілін ён, нібы ўспомніўшы нешта, падышоў да памятай кепкі і запытаўся:

— Даруйце, вы, відаць, ведаеце, як гэта робіцца. У мяне ёсць звычайная заечая скурка. Як лепей вырабіць яе, каб ужыць потым на зімнюю шапку?

— Выбачайце, я непасрэдна да вырабу не маю ніякага дачынення...

Інжынер адыходзіў, а праз якіх хвілін дзесяць зноў пытаўся, папрасіўшы прабачэння.

— Вы не ведаеце выпадкам нямецкіх законаў аб паляванні?

— Ведаю. Наогул паляванне на гэтай зямлі забаронена для ўсіх, акрамя немцаў.

— Не, я не аб гэтым. Мяне цікавяць тэрміны палявання на розную дзічыну ў самой Германіі.

— Прызнацца, я крыху адстаў ад паляўнічых спраў,— пакутліва гаварыў прадстаўнік пушной фірмы, робячы выгляд, што ён страшэнна заняты газетай і толькі-толькі адарваўся ад цікавай заметкі.

— Даруйце ў такім разе...

Але, пасядзеўшы спакойна колькі хвілін, інжынер зноў падымаўся, зноў падыходзіў да кепкі.

— У мяне яшчэ адно запытанне да вас: наладжваюцца цяпер у Германіі міжнародныя пушныя кірмашы ці не?

Прадстаўнік фірмы зірнуў тут на інжынера так, як глядзіць чалавек з хворым зубам на бормашыну, і, зморшчыўшыся, як печанае яблыка, ледзь чутна адказаў:

— Ах, божа мой, чаму б ім не быць... Цяпер нямецкі гандаль пашырыўся на шмат якія краіны.

— Я вельмі дзякую, гэта так цікава! Ну, даруйце мне, усё назаляю вам. Гэта ў мяне з дзяцінства, разумееце, калі зацікаўлюся чым, дык абавязкова хочацца даведацца аб усім да канца, да самых малюсенькіх дэталей. Даруйце, я, здаецца, перашкаджаю?

— О не, калі ласка! — прастагнаў пушны спецыяліст і цяжка ўздыхнуў. Прайшоўшыся па вагоне і паглядзеўшы на сумныя зімнія краявіды, мільгаўшыя за акном, Заслонаў падышоў яшчэ раз да памятай кепкі. Тая яўна ўхапілася за свой партфелік, каб падацца куды далей ад гэтага няўрымслівага запытальніка.

— Самае малюсенькае запытанне, прашу прабачэння. Скажыце, колькі каштуюць цяпер у Германіі сабачыя скуры і наогул ці выгадна занімацца такім, даруйце мне, сабачым рамяством ці, правільней сказаць, вырабам такіх футраў?

Шпік зірнуў на інжынера з кепска прыхаваным жахам і, зрабіўшы неазначальны жэст, нешта накшталт намёка на сваё тугаватае вуха, з усімі сваімі манаткамі падаўся на другі канец вагона. Але, заўважыўшы, што цікаўны да футраў інжынер яўна наважыўся ісці следам за ім, хуценька рынуўся ў другі вагон.

— Ах ты, вуха сабачае! — усміхнуўся сам сабе Заслонаў і, вярнуўшыся на сваё месца, прымасціўся крыху задрамаць, каб сяк-так прабавіць вольны час да Мінска.

 

18

На вакзале ў Мінску Заслонаў заўважыў прадстаўніка пушной фірмы, які на гэты раз не лез залішне на вочы, а трымаўся саліднай дыстанцыі.

Інжынер падаўся ў будынак дэпартамента ўсходніх чыгунак. Тут ён даведаўся, што сам саветнік хоча да пачатку нарады сустрэцца з ім для службовай гутаркі. Неўзабаве ён сядзеў у яго прыёмнай, а хутка нейкі вайсковы чын, відаць, з асабістай аховы саветніка, запрасіў яго ў кабінет.

За вялізным сталом сядзеў, нібы расплыўшыся на крэсле, сам пан саветнік. Абвіслыя, тлустыя шчокі, маленькія вушы, ледзь прыкметныя ў сівым бобрыку валасоў, адтапыраная ніжняя губа нешта нагадвалі падобнае на бульдога. Толькі голас не стасаваў усёй гэтай важкай постаці. І калі загаварыў пан саветнік, Заслонаў нават азірнуўся. Яму здалося, што гэта гаворыць нехта іншы. Да таго танюткі і пісклявы галасок быў у чыноўніка. А калі той прыўстаў, каб павітацца з інжынерам, Заслонаў здзівіўся яшчэ больш — пан саветнік не стаў вышэйшым, як тады, калі сядзеў. Ён нагадваў куб, насаджаны на нізкія і танклявыя ножкі.

— Дык вы і ёсць інжынер Заслонаў? Чуў, чуў. Прыемна пазнаёміцца з вамі. Вы, здаецца, паравознік? Вельмі прыемна. У мяне сын — паравозны канструктар. Я чуў, вы крытычна ставіцеся да сістэмы нашых паравозаў?

— Справа не ў сістэме, пан саветнік. Паравозы не дрэнныя, але, бачыце, яны не прыстасаваны да нашага клімату і вельмі часта выходзяць са строю, як бы ні стараліся машыністы.

— Так, клімат у вас суровы, бязлітасны клімат. Та-а-ак... Але я выклікаў вас не для гутарак аб клімаце. Перада мной звесткі аб рабоце некаторых дэпо. Павінен сказаць, працуеце вы нядрэнна... Не падумайце, што я збіраюся хваліць вас, нам патрэбна яшчэ лепшая праца, значна лепшая, каб нашы цягнікі хадзілі так, як хадзілі яны ў Германіі да вайны, хвіліна ў хвіліну па графіку. Вы ведаеце, што наш транспарт быў і астаўся першым у свеце па акуратнасці руху.

— Рускія чыгункі дабіліся да вайны выдатных паказчыкаў...

— Вы так думаеце? Дрэнна думаеце, вельмі дрэнна. І наогул, трэба заўсёды ўважліва слухаць, што кажуць старэйшыя, бо я не збіраюся і не збіраўся ўступаць з вамі ў нейкую тут дыскусію... Та-а-ак... А цяпер я хачу запытацца: чым вы можаце растлумачыць пэўныя, я ўжо гаварыў... нядрэнныя поспехі вашага дэпо?

— Выбачайце, але я не ўпаўнаважаны рабіць справаздачу. У нас у дэпо ёсць пан Штрыпке, наш шэф, гэта яго непасрэдная справа.

— Гэта не мае істотнага значэння. Мы збіраем сягоння галоўным чынам рускіх работнікаў, якія працуюць на нашым транспарце. Мы цікавімся іх тэхнічнай думкай. Таму я і прапаную вам выказаць свае ўласныя меркаванні.

— Яны вельмі простыя, пан саветнік. Па-першае, дысцыпліна...

— О, так, дысцыпліна — гэта асноўнае, без дысцыпліны вялікі германскі народ не меў бы сваіх бліскучых перамогі

— Потым узорны парадак у кожным цэху. Кожны рабочы павінен ведаць, што ён будзе рабіць і што ён павінен зрабіць за дзень, адным словам, дакладны ўлік самой працы і вытворчых магчымасцей кожнага рабочага паасобку. Ну, вядома, дасканалыя графікі работ, у якія ўліваецца ўсё, да самых апошніх дробязей.

— О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе.

— І яшчэ мы ўлічваем адзін, бадай што самы галоўны, фактар паспяховай работы. Гэта — свядомасць рабочых...

— Свядомасць? Гм... Я ўласна лічу гэта неістотным. Няхай будзе свядомы ці несвядомы рабочы, для нас гэта не мае якога-небудзь асаблівага значэння, абы выканаў свае абавязкі, сваю норму.

— Але свядомы рабочы, пан саветнік, не толькі выканае, але і перавыканае норму.

— Гэта крыху пахне бальшавізмам. Вы бальшавік?

— Я беспартыйны, пан саветнік. Але бальшавізм тут ні пры чым. Калі рабочы ведае, што яго работа прынясе карысць, ён тады горы пераверне і другіх заразіць сваім энтузіязмам.

— А якую ж карысць бачыць рабочы, скажам адкрыта, рускі рабочы, працуючы на нас? Мы ж з вамі, як людзі справы, глядзім цвяроза на рэчы: асаблівых прывілей мы не даём ім. Ізноў жа непазбежныя цяжкасці вайны і гэтак далей. Якую ж карысць вы маеце на ўвазе?

— Якую карысць? — замяшаўся на хвіліну Заслонаў.— Я маю на ўвазе пэўную градацыю ў заработнай плаце, не пашкодзяць і некаторыя прэміі за лепшую работу, павялічаная аплата за перавыкананне норм і таму падобнае.

— Та-а-ак... Апошнія вашы заўвагі маюць некаторую рацыю, хоць іх і нялёгка ажыццявіць на справе. Вайна. Нам некалі займацца такімі дэталямі. Акрамя таго, рускі рабочы — наш палонны. Ён павінен быць удзячным нам за адно толькі тое, што мы даём яму работу, забяспечваем так патрэбны яму кавалак хлеба. Але ваша думка аб заахвочванні да лепшай працы мае, вядома, падставы. Ну, якія яшчэ будуць у вас цікавыя прапановы? Вы ж непасрэдна сутыкаецеся з рабочымі, ведаеце іх.

— Трэба добра ведаць кожнага рабочага, пан саветнік.

— Тут я з вамі згодны. Ёсць яшчэ ў вас якія заўвагі?

— Бачыце, пан саветнік, мне хацелася прыгадаць тут яшчэ адзін фактар, які мае не апошняе значэнне ў нашай справе. Фактар, так сказаць, маральны.

— Цікава пачуць!

— Не хацелася б гаварыць, але справа гэтая мае даволі істотнае значэнне. Мы, рускія рабочыя і інжынеры...

— Ну, навошта вы сябе абагульваеце з простымі рабочымі? Вы інжынер, вы прадстаўнік тэхнічнага розуму, прадстаўнік вышэйшай катэгорыі.

— Выбачайце, вы не зусім правільна зразумелі мяне. Я маю на ўвазе вось што: кожны рускі работнік, вядома, акуратны, добрасумленны, павінен разлічваць на нейкае давер’е, на пэўную свабоду ў сваёй рабоце, у сваім жыцці, на пэўную, я б сказаў, і павагу да свае асобы. Гэта не заўсёды бывае. Часам на цябе глядзяць толькі як на ворага, заціскаюць у дробязях, не даюць магчымасці праявіць патрэбнай ініцыятывы, калі трэба пайсці на вытворчую рызыку.

— Рызыку? Давайце, пан інжынер, без рызыкі! Мы, немцы, вельмі і вельмі не любім рызыкі ў вытворчасці. Гэта страшэнная рэч, якая мяжуе з анархіяй. А наконт давер’я і іншых рэчаў вы, мабыць, кажаце праўду. У нас здараюцца і такія начальнікі дэпо, якія надумаліся вадзіць інжынераў на работу ледзь не пад канвоем. Дарэчы, як ставяцца да вас прадстаўнікі мясцовых нямецкіх улад?

— Я не магу паскардзіцца на што-небудзь. Адносіны да мяне больш чым нармальныя.

— Гэта пахвальна! Прыемна пагаварыць з такім сціплым чалавекам, які нават не скардзіцца на тыя ці іншыя непазбежныя непаладкі. А я вось чуў, што вы былі пад арыштам, і не так даўно, ці не ўчора, здаецца?

— Гэта дробязь, пан саветнік...— не на жарты разгубіўся Заслонаў, падумаўшы: адкуль гэтая старая малпа магла даведацца аб такіх справах.— Гэта непаразуменне.

— І вы не зважайце асабліва. Пан Кох малады яшчэ чалавек і крыху фантазёр, але ён нядрэнны і шчыры работнік. Між іншым, ён меў рацыю ў пытанні аб вугальных мінах, якія сёй-той лічыў міфічнымі казкамі. Дарэчы, што вы можаце сказаць аб гэтым д’ябальскім сродку барацьбы, які не мае нічога агульнага з нармальнымі, агульнапрызнанымі правіламі і законамі вайны?

— Прашу прабачэння, пан саветнік, але ва ўсякіх там мінных справах я ні больш ні менш як прафан.

— О, мы павінны ўсім цікавіцца, усім. Некалі я таксама думаў, як вы. Але цяпер вайна не з’яўляецца толькі справай армій. Сучасная вайна — татальная вайна. І кожны з нас, чыгуначны інжынер, тэхнік, кожны грамадзянін Германіі і яе работнік, з’яўляецца салдатам. Так, так, салдатам, які павінен дбаць аб перамозе. Раю і вам мець гэта на ўвазе.

— Але я магу ваяваць, пан саветнік, толькі як інжынер, толькі мне ўласцівымі сродкамі: паляпшаць транспарт, даваць як мага больш паравозаў...

— Гэта не зусім так. Мы ад сваіх работнікаў патрабуем: будзьце не толькі інжынерамі і тэхнікамі, будзьце і салдатамі. Вораг дзейнічае не толькі на фронце, ён ваюе і ў нашым тыле, ён навакол нас, ён усюды падпільноўвае нас, каб прынесці шкоду нашай вялікай справе. Вы чулі, вядома, аб гнуснай дзейнасці бандыта, які велічае сябе Дзядзем Косцем. Гэта не міфічная асоба, як думалі некаторыя з нас. Гэта рэальная асоба, асоба, відаць, хітрая і па-свойму разумная. Некаторыя нашы рускія работнікі думаюць так: што ж, нас гэтая справа не тычыцца, мы лаяльныя інжынеры, мы працуем лаяльна і гэтак далей. Павінен сказаць, што мы патрабуем ад такіх работнікаў, як вы, не толькі лаяльнасці. А што вы думаеце самі аб гэтым Дзядзю Косцю?

— У такіх справах я таксама прафан, паважаны пан саветнік.

— Вось гэтага мы і не хочам і не жадаем. Нашы работнікі павінны ў поўным узбраенні сустракаць кожнае варожае выступленне. Ну, бывайце.

Пан саветнік міласціва прыўзняўся на сваім крэсле, ад чаго ён не зрабіўся вышэйшым. На абвіслых шчаках, у заплыўшых тлустасцю вочках прамільгнула нешта падобнае на начальніцкую ўсмешку і адразу згасла. Мільганула думка: нядрэнны работнік, але

яшчэ крыху наіўны, і, відаць, сёе-тое асталося яшчэ ў яго ад бальшавіцкіх думак. Але мы прывучым яго думаць па-нямецку.

 

19

Нарада адбылася вечарам у адной з залаў генеральнага камісарыята. Нараду наведаў сам гаўляйтэр. Ён прыйшоў з цэлай світай сваіх памочнікаў, чыноўнікаў розных аддзелаў. Саветнік дэпартамента і іншыя чыны выцягнуліся ў струнку пры з’яўленні ў зале галоўнага начальніка краю, дружна адказалі на прывітанне, угодліва пазіралі на яго. Лісліва выгінаючыся перад Ім, нешта гаварыў яму пан саветнік, і яго склератычныя пальцы ў такт паклонам то згіналіся, то растапырваліся на лампасах генеральскіх штаноў. Твар саветніка раптам заззяў, як добра начышчаная медная каструля, відаць, пан гаўляйтэр надумаўся сказаць прамову. Пэўнае ажыўленне адчулася і ў зале. Некаторыя, што сядзелі там, з цікаўнасцю пазіралі на начальства, якое ўпершыню ўбачылі. Другія пазіралі досыць абыякава. У трэціх, калі заўважыўся рух за сталом, адразу з’явіўся ў вачах той мітуслівы і блудлівы аганёк, які Заслонаў ужо раней бачыў у вачах прадстаўніка пушной фірмы. Было відаць, што ў зале добрая палавіна слухачоў складалася з гэтых аматараў футраў.

«Персона, значыцца, не малая...» — мімаволі падумаў інжынер, зірнуўшы на даволі прысадзістую постаць гаўляйтэра, які грузна наваліўся абедзвюма рукамі на край стала. Цаглянага колеру карак выпіраў з цеснага каўняра мундзіра. Грубы, нібы высечаны сякераю, твар уставіўся на аўдыторыю выцвілымі вачыма. Аматары футраў не варушыліся, толькі скоса стрыглі вачыма па суседзях, сачылі за іх рукамі, за іх кішэнямі.

— Панове! — урэшце загаварыў начальнік.— Мы сабралі вас сюды не на нараду — нам нечага раіцца з вамі, а на пэўны інструктаж. Тут нямецкія і рускія работнікі. Задача ў нас ясная: палепшыць работу транспарту. А транспарт, як вам вядома,— тут ён мнагазначна зірнуў на пана саветніка,— працуе яшчэ вельмі дрэнна, надзвычай дрэнна. Германскі народ, якога сам бог уславіў вялікімі перамогамі, не пацерпіць такога становішча. Сапраўды, хіба можна цярпець, каб транспарт падрываў нашы перамогі. Вывады адсюль рабіце самі. Толькі добрасумленная служба, актыўная дапамога нямецкаму камандаванню ва ўсіх справах забяспечыць вам спакойнае жыццё, нармальны дабрабыт і нашу падтрымку. Усякі, хто будзе яўна альбо тайна выступаць супроць нас, хто будзе ўхіляцца ад актыўнай барацьбы з актамі дыверсіі, сабатажу, скажам проста — бандытызму, будзе бязлітасна знішчаны. І не толькі ён, але яго сям’я і бліжэйшыя сваякі. І калі ў каго з вас асталіся яшчэ сякія-такія ілюзіі аб звароце мінулага, раю вам неадкладна развітацца з імі, выкінуць іх з галавы, як непатрэбнае, і, я сказаў бы, атрутнае смецце. Рабіце, працуйце, дбайце аб новых парадках, аб інтарэсах новай магутнай Еўропы, а гэтым самым і аб сваіх уласных інтарэсах. Старайцеся — і вы заслужыце патрэбную павагу, вам аддзячыць нямецкі народ і вялікі фюрэр.

На тым і скончылася прамова галоўнага начальніка. Ён хутка падаўся са сваёй світай да дзвярэй. У зале прыкметна апусцела. Саветнік дэпартамента адразу стаў больш паважны, чым у прысутнасці пана гаўляйтэра. Ён урачыста павіншаваў усіх:

— Вам выпала шчасце выслухаць прамову самога пана Кубэ, аднаго з бліжэйшых паплечнікаў вялікага фюрэра. Памятайце аб гэтай хвіліне, як аб гістарычнай даце ў сваім жыцці: з сённяшняга дня вы далучаецеся да актыўнага, свядомага ўдзелу ў дзяржаўным жыцці вялікай Германіі, якая ашчаслівіла ўсе народы Еўропы новым лёсам, новым жыццём, новым парадкам.

У прамове саветніка было яшчэ шмат гучных слоў і фраз. Тут было і «на вас глядзіць уся Еўропа», і «на вас глядзяць усе народы свету», і «сам бог спачувае нам і надзяляе фюрэра мудрасцю і прадбачлівасцю». Не хапала толькі слоў аб сапраўдным становішчы транспарту, аб патрэбных неадкладна матэрыялах для рамонту пуцей, паравозаў, вагонаў. І калі з задніх радоў пачулася досыць нясмелае запытанне пра нейкія там кастылі, пан саветнік нібы ўпаў з неба, набіўшы пры гэтым добры гузак.

— Хто вы такі? — даволі сурова запытаўся ён.

— Дарожны майстар...— адрапартаваў па ўсіх правілах спрытны, але, відаць, не вельмі кемлівы служака.

— Аб чым ваша пытанне?

— Я аб тым, паважаны пан саветнік, што ў нас няма часам звычайных кастылёў, каб падбіць рэйку. А рэйкі псуюцца вельмі часта з-за гэтых самых... партызан.

— Ну, вы залішне кідаецеся ў паніку... Наогул, думаеце крыху не па-дзяржаўнаму. Што значыць там які-небудзь кастыль перад агульным ходам падзей? Урэшце, мы знойдзем гэтыя кастылі. І пры чым тут партызаны? У большасці выпадкаў партызаны з’яўляюцца ні больш ні менш як плодам хваравітай фантазіі, гэта ў лепшым выпадку, а ў горшым — вынікам палахлівасці, баязлівасці. Шырэй глядзіце на свет, прыслухоўвайцеся да падзей на фронце, чытайце зводкі нашых перамог. А вы — пра кастыль ..

Пасля агульных прамоў пачаўся інструктаж. Адзін за адным выступалі загадчыкі аддзелаў з інструкцыямі, вельмі нуднымі і даволі-такі далёкімі ад жыцця, ад сапраўднасці.

Некаторае ажыўленне ўнёс даклад ці хутчэй інфармацыя аднаго з кіраўнікоў СС аб барацьбе з партызанамі. Яе праслухалі ўсе з цікавасцю. Інфармацыя сапраўды не пазбаўлена была пэўнай долі гумару, аб якім не падазраваў і сам дакладчык. Спачатку ён ледзь не поўнасцю адхіляў якую б там ні было партызанскую небяспеку. Потым прывёў, як прыклад, даволі вялікія лічбы — аж дзесяткі тысяч — нібы знішчаных за апошнія часы партызан. Урэшце запэўніў усіх, што канчатковая ліквідацыя нікчэмных рэштак партызаншчыны — справа бліжэйшых дзён, што, паводле вестак, праўда, яшчэ не правераных, ліквідаваны і вядомы Дзядзя Косця, які паралізаваў работу некалькіх чыгунак. Гэтае паведамленне было выслухана пры насцярожанай цішыні ўсяе залы. Яго сустрэлі па-рознаму. Адны абмяняліся радасна-ўзрушанымі позіркамі. Два чалавекі нават паціснулі адзін аднаму рукі, і адзін з іх, відаць, наважыўся сказаць нешта накшталт здравіцы ці проста аддзячыць дакладчыку за такую прыемную вестку. Але, прыўзняўшыся і азірнуўшыся на бакі і бачачы хмурыя насупленыя твары, ён сеў як мыла з’еўшы.

Заслонаў прыглядаўся да людзей, рабіў здагадкі аб іх настроях па знешняму выгляду, па руках, па ледзь улоўнай міміцы. Ён меркаваў аб тых шляхах, якія прывялі людзей на нараду, на службу да немцаў. І па многіх прыкметах, па розных дробных адзнаках бачыў: мала, вельмі мала ў гэтай зале сапраўдных прыхільнікаў новага парадку, шчырых нямецкіх служакаў. Відаць, прывяла шмат каго з іх сюды няволя. А можа ёсць сярод іх і такія, якія свядома пайшлі, каб рабіць сваю, савецкую справу? Усё можа быць... Яшчэ ў пачатку нарады ён заўважыў у зале знаёмага інжынера. Больш чым знаёмага. Гэта быў колішні дружбак, таварыш па транспартнаму інстытуту Адам Лявонавіч Красачка. І той заўважыў Заслонава. Гады два як не сустракаліся сябры. Каб у іншы час ды пры іншых абставінах, кінуліся б адзін аднаму ў абдымкі і колькі гаворкі было б, прыемных успамінаў, узаемных роспытаў! А цяпер? Яны непрыкметна кіўнулі адзін аднаму галовамі, і калі выходзілі ўсе з залы, адзін з іх прытрымаўся крышку, каб выйсці разам з былым сябрам.

Памаўчалі, бо навакол тоўпіўся народ. Калі выйшлі і крыху адышліся ад будынка камісарыята, Адам запытаўся:

— Ну, наслухаўся?

— Выходзіць, што так.

— Брэшуць усё... Аб Дзядзю Косцю брэшуць, штодня брэшуць, усё ліквідуюць. А ён недзе жыве і ў вус не дзьме, не зважае на ўсю гэтую брахню.

— Аднак гэта цікава... Дык, кажаш, жыве?

— Жыве, і па ўсім відаць — і жыць будзе. Такія людзі не так ужо лёгка трапляюцца ім у лапы. Ён вось, з СС, выхваляўся сёння, што ліквідавалі. А пан саветнік будзе зноў пацець усю ноч, са страхам чакаючы новых дыверсій. Проста лысіну сабе выскубае ад злосці.

— А табе адкуль гэта вядома?

— Ды я ж служу ў яго, у дыспетчарскім упраўленні. Адтуль мне відней, як і дзе яны «ліквідавалі». Ліквідуюць-ліквідуюць, а дарогі трашчаць...

— Як ты трапіў сюды на службу?

— Як трапіў? Сядзеў у лагеры для ваеннапалонных, а адтуль адаслалі на месца службы па спецыяльнасці. Вось і працую.

— Цікава! Але як ты расказваеш мне такія рэчы, не ведаючы нават, што я за чалавек цяпер і чым я дыхаю? Можа, я затрымаю першага патруля, каб здаць цябе куды належыць за такія твае крамольныя словы.

— Не прыкідвайся, ведаю, чым ты дыхаеш. Чым могуць дыхаць савецкія людзі, трапіўшыя ў такую пастку? Не махай рукамі. Я нават ведаю аб тваёй рабоце... Наш саветнік не нахваліцца, у прыклад нам цябе ставіць. Але я не з такіх, каб верыць кожнаму слову гэтага сальнага мяшка.

— І памыляешся... Працую сапраўды так, што ён мае поўнае права і пахваліць, і ў прыклад іншым паставіць.

— Та-а-ак...— некалькі расчараваным тонам прагаварыў Адам.— А я думаў...

— Што ты думаў?

— Ну, што ты таксама трапіў на службу да немцаў па прычынах, ад нас не зусім залежачых.

— Ты можаш, аднак, супакоіцца. Я таксама трапіў на службу прыблізна так, як і ты. Эвакуіраваўся, перахапілі наш эшалон, ну... твайго друга затрымалі і загадалі служыць начальнікам рускіх паравозных брыгад.

— Гэта іншая справа...

Яны ўспаміналі не такія ўжо далёкія гады, калі вучыліся ў інстытуце. Успаміналі таварышаў.

— Відаць, большасць з іх у Чырвонай Арміі цяпер, ёсць і ў партызанах. З усяго нашага выпуску толькі мы з табой трапілі вось да немцаў.

— Гонар не вялікі! — задумліва прагаварыў Заслонаў.

— Што і казаць... Хваліцца гэтым ніхто не стане. Не адны мы з табой апынуліся ў такім становішчы. Але мне хацелася б табе сказаць вось аб чым. Штодня і штоночы адбываюцца на нашых ці, правільней сказаць, нямецкіх дарогах дыверсіі. Пераважная частка дыверсій — справа рук партызан. Але некаторыя дыверсіі робяцца і людзьмі, якія на сённяшні дзень служаць немцам. Для адводу вачэй служаць. Гэта наш брат — чыгуначнік, такі, як мы з табой. Можа, гэтых людзей мы бачылі сягоння і на нашай нарадзе, можа, мы сустракаемся з імі штодня. Можа, сярод быўшых на нарадзе быў і той чалавек, які выдумаў гэтую трапную вугальную міну. Ад яе немцы проста шалеюць. У нас у дэпартаменце за адно неасцярожнае ўпамінанне аб Дзядзю Косцю цягаюць у гестапа, арыштоўваюць. Да таго даўся ім у знак гэты чалавек. Вось каго мне хацелася б пабачыць!

Іх ужо некалькі разоў прыпынялі нямецкія патрулі, але пропускі, выдадзеныя на нарадзе, давалі ім дарогу. Урэшце Красачка занепакоіўся:

— Дзе ты начаваць збіраешся?

— Спынюся дзе-небудзь у гасцініцы...

— Калі думаеш пра гасцініцу, то лепш давай да мяне.

— Можна і да цябе.

Заслонаў азірнуўся, уважліва агледзеў вуліцу. Ён і раней прыглядаўся да кожнага чалавека, які абганяў іх або ішоў каторы час следам за імі. Але нікога падазронага не відаць было. Няйначай, як прадстаўнік пушной фірмы, атрымаўшы абмежаваны загад — сачыць па дарозе ў Мінск, пакінуў яго ў спакоі.

— Ты чаго? — пацікавіўся Красачка.

— Не люблю лішніх вачэй. Не лішніх, а непатрэбных.

— А-а!

Адам некалі быў адным з самых адданых дружбакоў, па натуры быў вельмі жвавы, уражлівы, нават крышачку сентыментальны ў сваіх пачуццях да Заслонава. Ён ледзь не кінуўся да таварыша, каб сціснуць яго, як некалі, у абдымках. Але недзе ўперадзе тупалі па бруку падкутыя боты патрулёў, сям-там стаялі ў пад’ездах уцалелых дамоў вартавыя,— і Красачка стрымаўся. Ён толькі моцна сціснуў руку таварыша, прагаварыў:

— Мне ўсё зразумела. Ты сапраўдны начальнік рускіх паравозных брыгад... сапраўдных рускіх...

— Кінем гаварыць аб гэтым. Бачу, ты астаўся ранейшым Адамкам. Я толькі не разумею, як ты сумяшчаеш абавязкі дыспетчара са сваёй, сказаў бы я, крыху паэтычнай, мітуслівай, ва ўсякім разе далёка не практычнай натурай?

— О, ты не ведаеш! Дыспетчарская праца раней і асабліва цяпер — гэта не простая праца. Падкрэсліваю: цяпер, у нашых, як бы тут зручней сказаць, не зусім спрыяльных умовах. Адно ўжо тое, што працую там, можа... можа, і прыносіць сякую-такую карысць... нам...

— Хопіць, Адам. Раю табе пры ўсіх іншых сустрэчах — сябе выключаю — быць больш стрыманым, асцярожным.

— Ды я толькі з табой гавару так. Хіба за гэтыя месяцы не навучыліся мы маўчаць. Так, маўчым, сцяўшы зубы. І даўно зразумелі, што не ў словах справа, не ў прыгожых размовах. Здаецца, увесь горад маўчыць. А штодня і штоночы ў ім што-небудзь здараецца. Ты вось паглядзі на дамы, дзе жывуць яны, што лічаць сябе гаспадарамі. Паглядзі на іхнія ўстановы. Усюды апляліся калючым дротам, панарабілі дотаў: у фундаментах дамоў, у пад’ездах, нават на балконах. Баяцца. Маўклівых баяцца.

У доме Красачкі ўжо спалі. Стараючыся не будзіць нікога, Адам прымайстраваў Заслонава на канапку, збіраўся ісці ў другі пакойчык. Заслонаў затрымаў яго:

— Вось што, Адам... Ты гаварыў мне, што ў вашым упраўленні падрабязна вядома, дзе і калі адбываюцца тыя ці іншыя дыверсіі.

— Не толькі вядома, але на нашым абавязку ляжыць складанне штотыднёвых справаздач спецыяльна па дыверсіях.

— Каму адсылаюцца гэтыя справаздачы?

— Гітлеру, Гімлеру, Герынгу... Адным словам, у шэсць ці восем адрасаў.

— Пакетамі?

— Так, спецыяльнымі пакетамі.

— Вось што... Трэба наладзіць справу так, каб адзін з спецыяльных пакетаў трапляў не куды-небудзь да Гімлера там ці другога якога д’ябла, а да нас... Разумееш, да нас... у Маскву. У Цэнтральны Камітэт партыі.

— Навошта там гэтая мазня?

— Мазня?

— Гэта цэлыя прасцірадлы, дзе адзначана кожная папсутая рэйка, кожны развінчаны стык.

— А паравозы, а ўзарваныя эшалоны?

— Вядома, і яны там.

— Дык вось, Адам, такая мазня нам вельмі спатрэбіцца. Немцы — народ даволі акуратны ў сваіх справаздачах, асабліва сакрэтных. Па такой справаздачы мы таксама можам правяраць сваю работу. Для нас з табой гэта і не мае асаблівага значэння, а, скажам, для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках, у немцаў слаба, дзе ў іх ірвецца, а дзе трэба паднаціснуць, каб таксама рвалася.

Яны гаварылі яшчэ доўга. Умовіліся аб сувязных, паролях, аб спосабах дастаўкі матэрыялаў. Неўзаметку прыяцельская гутарка набыла зусім іншы характар, змяніўся і тон яе. Ужо Заслонаў не прасіў, не пераконваў у тым ці іншым інжынера-дыспетчара, а проста загадваў. І Красачка не пярэчыў, ён толькі перапытваў, калі, да якога часу трэба выканаць тое ці іншае даручэнне.

— Ну, а цяпер спаць, Адам!

І калі збіраліся выключыць святло, злёгку задрыжалі сцены, ціха зазвінела шкло ў шыбах, і лямпачка сама сабой пагасла. Відаць, недзе ў горадзе адбыўся выбух.

— Спі спакойна. Гэта ў нас часта бывае,— заўважыў упоцемках Адам.

— А святло ў вас адкуль?

— З завода, на якім усё яшчэ працуе бацька.

— Ён яшчэ на станкабудаўнічым?

— На старым месцы.

— Што цяпер робяць на заводзе? Не станкі ж выпускаюць?

— Якія там станкі. Танкі рамантуюць, аўтамашыны.

— Танкі? Ёсць у цябе знаёмыя там?

— Бацька. Жончын бацька таксама там.

— Багата, аднак, клопату ў нашых людзей, памагаць ім трэба, цяжка ім. Ну, хопіць на сёння.

 

20

Раніцай, калі Заслонаў і Красачка ўмываліся на кухні, туды віхрам уварвалася дзяўчына. Яшчэ з парога яна крыкнула:

— Братка, немцы!

— Немцы?

— Па ўсёй вуліцы аблава, нечага шукаюць.

— Ну і чорт іх бяры!

— Добра табе казаць, калі ў мяне...

Тут дзяўчына, заўважыўшы Заслонава, сумелася і стаяла зусім ужо разгубленая. З выгляду яна падобна была на падлетка. Адна з косак, відаць туга заплеценая, смешна задралася ўгору і яшчэ больш павялічвала гэтае падабенства з падлеткам, са школьніцай, якой у самы час узяць кніжкі ў рукі і спакойна ісці ў школу.

Адам не на жарты ўсхваляваўся.

— Даскачашся ўрэшце! Ёй у лялькі гуляць, а яна суне свой нос куды не трэба. Дзе немцы?

— На вуліцы ўжо. Да суседзяў пайшлі...

Заслонаў зірнуў на дзяўчыну. Яна трымала адной рукой, хаваючы за сабой, нейкі скрутак і нерашуча глядзела на брата, які, відаць, і сам крыху разгубіўся. Калі яна намагалася перадаць нешта брату пры дапамозе мігаў, Заслонаў заўважыў у ручніку за яе спінай ложа нямецкага аўтамата. Ён азірнуў кухню. Ля пліты стаяла старая бляшаная печка, адслужыўшая свой тэрмін і вынесеная сюды з пакоя. Тут ляжала пара кален іржавай і прагарэлай у некалькіх мясцінах бляшанай трубы ад яе. Заслонаў падышоў да дзяўчыны, моўчкі ўзяў з яе рук аўтамат, хуценька засунуў яго ў трубу, заткнуў яе, каб не бранчала, трапіўшай пад руку анучкай.

— Ёсць яшчэ што?

— Лістоўкі вось...

Яна выцягнула з рукава пачак лістовак, і яны імгненна апынуліся там, дзе ляжаў і аўтамат.

Усё гэта адбылося на працягу якой паўхвіліны. А Заслонаў падаваў дзяўчыне ручнік, мыла, рэзка загадаў ёй:

— Айда да рукамыйніка, мыйцеся, мыйцеся!

Пачырванелая, разгубленая, яна моўчкі пачала мыцца.

У кухню зайшлі салдаты і паліцэйскія. Бегла прагледзелі дакументы, прайшліся па трох пакоях доміка, у якіх размяшчаліся невялікія сем’і абодвух Красачак: старога і маладога. Гаспадары папярэдліва паказалі ход у склеп, правялі па двары, па агародчыку.

Урэшце салдаты і паліцаі рушылі на суседні двор. Заслонаў і Адам зайшлі на кухню. Дзяўчына выціралася ручніком, і чым больш выціралася, тым больш мокры рабіўся яе твар. Яна плакала.

— Ты чаго раскісла? — мякка запытаўся Адам.

— Як сорамна! Ніколі са мной не здаралася, каб так разгубіцца. Даведаюцца нашы...

Але дзяўчына хутка схамянулася. Яна глядзела на брата спакойным, немігаючым позіркам, які, здаецца, гаварыў без слоў: «Ну, чаго пытаешся? Ды яшчэ пры чужым чалавеку».

— Аўтамат адкуль? Лістоўкі?

— Аўтамат? — І дзяўчына хітра прыжмурыла вока.— Адтуль... Так я табе зараз і сказала, як жа, пачакай крыху.

— Вось я скажу бацьку, дык ён бліжэй зоймецца тваімі авантурамі, ён цябе навучыць, як соваць нос не ў свае справы.

Дзяўчына выпрасталася і, кінуўшы калючы позірк па брата, моўчкі занялася сваім арсеналам.

— Я ў цябе не на жарты пытаюся, дзе ўзяла зброю і навошта яна табе?

— Знайшла. Вечарам чалавек нейкі бег па вуліцы, за ім, відаць, гналіся немцы, ну ён і перакінуў у агародчык да нас усё гэта...

— Маніш! Не веру табе...

— А гэта ўжо твая справа...— І з самым незалежным выглядам яна ўзялася за ржавую пячную трубу.

— Пастой! Знаёмцеся. Гэта, Косця, сястра мая, хатні тыран.

— Ну, як табе не сорамна, братка? Лена...— прамовіла дзяўчына, паціскаючы руку інжынеру.

— Заслонаў...— затрымаў ён на хвіліну яе невялічкую, падобную на дзіцячую, далонь.

— Як вы сказалі?

— Інжынер Заслонаў.

— Вы працуеце ў дэпо?

— Аднак вы нядрэнны следчы. Адкуль вы ведаеце?

— Пра такіх... усе ведаюць...— коратка адрэзала Лена, з сілай вырвала руку і, моцна бразнуўшы дзвярыма, у момант вылецела з кухні.

— Не зважай! Кіпяцень... Відаць, нагаварыў ёй пра цябе розных казак сусед наш адзін, малады хлопец з завода. Ён з вашых месц няйначай — Ігнат Лагуцька.

— Ведаю. Нядрэнны хлопец.

— Відаць, і яна прытрымліваецца гэтай думкі. Нешта падобнае на сімпатыю. А можа і больш. Я ў такія справы не ўмешваюся.

— Ён жыве побач з вамі?

— У жончынага бацькі на кватэры.

— Цікава б пабачыць яго.

— А я схаджу запытаюся ў Ленкі, яна павінна ведаць, дома ён ці не.

Калі Адам запытаўся ў сястры, ці дома Ігнат, тая гнеўна накінулася на яго.

— Ты, відаць, усякі розум страціў. Каго ты завёў у хату? Гэта здраднік...

— Ты цішэй, цішэй!

— Ён працуе ў немцаў.

— Не вярзі немаведама што. Ён мой стары таварыш, я даўно яго ведаю.

— Ты мала чаго ведаеш. А мне гаварылі аб ім верныя людзі.

— Ну, кінь... Не ўсякаму слову трэба верыць. Ты скажы лепей — Ігнат дома?

Лена зірнула на брата, адвярнулася. Глянула яшчэ раз, загаварыла з папрокам:

— Ён яшчэ пытаецца! А гаворыш, што ўсё ведаеш, усё ведаеш, усё ведаеш. Нічога ты не ведаеш. Каб ведаў, то не пытаўся б. Ігната няма. Ігната, можа...— Тут яна не вытрывала, у словах яе адчуліся слёзы.— Можа, яго ўжо няма на свеце. Там, на заводзе, электрастанцыю ноччу ўзарвалі!

— Хто?

— А я ведаю? Па ўсім відаць, што і Ігнат там быў, бо да гэтага часу ён дамоў не з'яўляўся.

— Ну, ладна, супакойся. Цэлы будзе Ігнат. А аб людзях, якіх добра не ведаеш, не балбачы.

Да Адама зайшоў стары Красачка. Ён ведаў Заслонава яшчэ раней, да вайны.

— Ну, як вашы справы, паны інжынеры? — іранічна запытаўся ён у абодвух.

— Відаць, такія, як і ў вас, паважаны пан каваль.

— Быў каваль, а цяпер кавалёк, пустымі справамі займаюся, гайкі раблю, шурупы кручу, адным словам, шурум-бурум,— жартаваў стары каваль.— Вось ліняю, як той рак, стары панцыр слушнаю.— І ён ляпнуў пляскатымі далонямі па шырокіх штанах, якія ўздзьмуліся пухірамі. Уся адзежына вісела на ім, як чужая. Шырокія абвіслыя складкі, непамерна прасторны каўнер — усё гэта было нібы не прыладжана да яго, матлялася на ім, абвісала.

— Аднак не скажу, каб вы папаўнелі за гэты час.

— Так, брат, з’ехаў я апошнім часам. Схуднеў, нечага таіцца. Дзіўлюся, як яшчэ адзежына на мне трымаецца.— Маршчыністы, бледна-жоўтага колеру твар без лішніх слоў сведчыў, што чалавек сапраўды схуднеў.

— Што чуваць у вас на заводзе? — запытаўся Заслонаў.

— А нічога такога асаблівага не чуваць.

— Кажуць, электрастанцыю сёння ўзарвалі?

— Хіба мы горшыя за іншых? — пытаннем на пытанне адказаў стары.

 

21

Выехаць назад у той дзень Заслонаву не ўдалося. На вакзале заўважалася ліхаманкавая мітусня немцаў. Было ачэплена ўсё дэпо. Цягнікі не ішлі. І калі Заслонаў запытаўся ў нямецкага адміністратара аб прычынах затрымкі цягнікоў, той аж вызверыўся і з падазронай паспешлівасцю патрабаваў дакументы. Пасля памякчэў крыху, працадзіў праз зубы:

— Крушэнне, пан інжынер... Расчышчаем пуці.

Ніхто з рускіх, да якіх зварочваўся інжынер, дакладна не ведаў аб прычынах крушэння. Толькі адзін з машыністаў, якога Заслонаў крыху ведаў яшчэ да вайны, сказаў яму, што сапраўды кіламетраў за дваццаць ад станцыі воінскі эшалон наляцеў на сустрэчныя паравозы.

— Партызаны?

— А хто іх ведае... Ходзяць чуткі, што гэта Дзядзя Косця нарабіў, нібы ў нашым дэпо, і запіску кінуў немцам, абяцаючы ім хуткую сустрэчу.

— Вось гэта дзядзя!

— А што вы думаеце, пан інжынер. Ён што захоча — тое і зробіць!

Пад самы вечар Заслонаву ўрэшце ўдалося трапіць на папутны цягнік.

 

22

І дзень і другі заглядала Лена на суседні двор, спадзеючыся ўбачыць Ігната. Але таго і след прастыў. Стары Масладуда, заўважыўшы яе частыя наведзіны, паспачуваў ёй:

— Сумуеш, Ленка? Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае.

— Яшчэ б што прыдумалі...— не на жарты ўзлавалася дзяўчына і, пагардліва паціснуўшы плячыма, крута павярнула назад. Ленку абражалі зняважлівыя, як ёй здавалася, адносіны да яе старэйшых. Бацька ходзіць звычайна маўклівы і ніколі не раскажа, што робіцца ў іх на заводзе. Праўда, за сталом ён часам скардзіцца на непаладкі на рабоце, на бязладзіцу, на неразумныя загады немцаў, якія толькі абураюць рабочых. Але аб усякіх здарэннях на заводзе Ленка даведваецца ад рэдкіх сваіх таварышаў і таварышак, якія асталіся ў горадзе. Ад брата чыгуначніка і зусім нічога не даведаешся, што там робіцца ў іх дыспетчарскім упраўленні. Ігнат, які да вайны заўсёды расказваў аб усіх падзеях на заводзе, апошнімі месяцамі нібы вады набраў у рот, то адмоўчваецца, то заўсёды некуды спяшаецца. Вядома, Ленка дагадваецца аб яго справах. Хіба знойдзеш цяпер такога чалавека, які б не займаўся справамі, аб якіх ніхто добра не ведае? Іначай і быць не можа. Нават сама Ленка выканала некалькі даручэнняў, якія даваў ёй Ігнат. Яна хадзіла да адной дзяўчыны, знаёмай яшчэ па школе і служыўшай цяпер прыбіральшчыцай у раённай камендатуры. На неагароджаным двары камендатуры быў склад, які прыстасавалі немцы пад памяшканне для арыштаваных. Ключы ад гэтага склада заўсёды знаходзіліся ў каменданта, у яго кабінеце на стале. Прыбіральшчыца, улучыўшы зручную хвіліну, зрабіла злепкі гэтых ключоў на кавалачку мыла, якое і перадала Лене. Сама Ленка бачыла, як Ігнат цэлы вечар рабіў ключы па гэтых злепках. А праз некалькі дзён яна прачытала ў мясцовай газете аб «нахабнай вылазцы бандытаў», якія амаль што ў самым цэнтры горада вызвалілі чалавек з паўсотні арыштаваных і зніклі разам з імі. І Ленка паказала гэтую газетку Ігнату і са змоўніцкім выглядам запыталася ў яго:

— Ці не твае там ключы пахадзілі?

Той зірнуў на яе загадкава. І не разабраць было, сур’ёзна ці жартаўліва адказаў:

— За каго ты лічыш мяне, Лена?

Большага ад яго не даб’ешся. Яна пакрыўдзілася:

— Ніякіх тваіх даручэнняў выконваць больш не буду...

Адвярнулася і пайшла з яго пакойчыка. Але ён нагнаў яе на парозе, мякка ўзяў за руку, зірнуў у вочы:

— Будзеш, Ленка, выконваць! Не для мяне ж ты старалася. Можа тыя ключы паўсотні чалавек жыццё вярнулі, а ты вось крыўдуеш, як малая дзяўчынка-капрызуля.

І ў той вечар яны доўга гаварылі як дарослыя, сур’ёзныя людзі. Аб жыцці, аб будучым. Цяперашняга не закраналі. Яно было такое жахлівае і непрыгляднае, што аб ім не варта было гаварыць. Яны толькі пакляліся адзін аднаму нічога не шкадаваць, нават жыцця, каб толькі пазбыцца гэтага цяперашняга, пазбыцца любымі сродкамі, любымі сіламі. У той вечар ён упершыню сказаў ёй запаветнае слова, якое прызначана было толькі для яе. Яна баялася гэтага слова і вельмі чакала яго. Яна ведала, што гэтае слова не абміне яе. Яно было такое жаданае і разам з тым нечаканае, што ёй хацелася яшчэ і яшчэ пачуць яго.

— Ну, скажы яшчэ, Ігнат... Ігнатка...

— Што табе сказаць? — ціха запытаўся ён.

— Ты ведаеш сам...

І замест слоў, нясмела абняўшы, ён маўкліва пацалаваў яе.

Яны прыхіліліся адзін да аднаго і ішлі шчаслівыя, радасныя, засяроджаныя. Глухая вулічка, на якой яны жылі, здавалася самай прыгажэйшай на свеце. І кожная драбніца, кожны каменьчык на дарозе, абамшэлыя штакеціны палісаднікаў, паржавелыя бляшкі нумароў на дамах — усё гэта здавалася блізкім, родным і вядомым даўным-даўно, даўным-даўно. Тут жа хадзілі яны яшчэ да вайны — ён на завод, яна ў школу.

...Некалькі дзён не было аб Ігнаце аніякіх чутак. І толькі сустрэўшыся выпадкова на вуліцы з адным хлопцам, яна ўрэшце даведалася, што Ігната ў горадзе няма, ён вымушаны быў уцякаць ад немцаў і пайшоў, відаць, у партызаны.

Тады ў сэрца вярнуўся спакой, і яна ўжо не хадзіла залішне на Масладудаў двор. Сам Масладуда, заўважыўшы яе на суседнім двары, ціха спытаўся:

— Можа, ведаеш, Ленка, дзе падзеўся мой кватарант?

— А скуль мне ведаць пра вашых кватарантаў? Вам відней, дзе яны ходзяць...— адказала яна, але ўжо без усякай крыўды і без звычайнай задзёрыстасці.

Масладуда нічога не сказаў ёй, толькі паківаў задуменна галавой ды падумаў: «А жыццё ідзе, нічым яго не парушыш».

 

Частка другая

 

1

У памятную ноч узрыву электрастанцыі Ігнат быў на заводзе ў сваёй змене. Два чалавекі з Ігнатавай пяцёркі прымалі ўдзел у гэтай аперацыі. Ажыццявіў малады інжынер-электрык. Ён выбраў зручны час, калі нямецкі вартавы адлучыўся на хвіліну, хутка падпаліў бікфордаў шнур. Ён ужо выйшаў быў са сваім памочнікам з электрастанцыі, калі раздаўся ўзрыў у гаражы. Гэта рабілася, каб адцягнуць увагу немцаў ад электрастанцыі. Як здараецца часам з неспрактыкаванымі падрыўнікамі, інжынера ўзяло сумненне: а ці загарэўся шнур. Інжынер пабег назад. Памочнік кінуўся следам за ім.

— Пастой, пастой, давай перачакаем крыху, а тады і праверым! — крычаў ён, намагаючыся затрымаць таварыша. Але не паспеў той дабегчы да турбіны, як асляпляльнае святло прарэзала паветра. Сіпелі парай перабітыя трубы турбіны. Памочнік, кінуты на падлогу паветранай хваляй, убачыў інжынера. Той ляжаў, раскінуўшы рукі, непадалёк ад рэштак турбіны. Калі памочнік хістаючыся наблізіўся да яго, той прашаптаў:

— Не трэба... Бяжы, ратуйся!

Хлопец кінуўся падымаць таварыша, ён хацеў паставіць яго на ногі. Але бяссільнае цела інжынера хілілася долу, і тут толькі хлопец заўважыў вялікую лужыну крыві на месцы, дзе ляжаў таварыш.

— Што ты робіш? — ледзь прашаптаў інжынер.— Спяшайся, мне нічым не паможаш!

Ён шаптаў і захлынаўся. Памочнік разгублена палажыў інжынера на падлогу, кінуўся быў шукаць вады, каб напаіць таварыша. А насустрач беглі нямецкія салдаты з аховы завода, крычалі:

— Стой, стой!

Інжынер ляжаў нерухома. Яго памочнік кінуўся назад, прыхіліўся да выбітай узрывам жалезнай станіны, выхапіў рэвальвер з кішэні, пачаў ліхаманкава адстрэльвацца. Праз колькі хвілін беспрытомнага інжынера і цяжка параненага ў перастрэлцы памочніка ўзялі салдаты.

Ігнат, які ўзрываў гараж і паспеў ужо апынуцца на другім баку вуліцы за высокім плотам, бачыў праз яго шчыліны, як правезлі на машыне двух яго таварышаў, трапіўшых у палон. Не чакаючы, пакуль ачэпяць усе бліжэйшыя кварталы, ён агародамі, дварамі, руінамі паспеў дабегчы да кватэры кіраўніка свае пяцёркі, памочніка машыніста з дэпо. Ніхто з пяцёркі не ведаў гэтай кватэры, акрамя Ігната. Яму самому дазволена было з’яўляцца тут толькі ў выпадку самай крайняй патрэбы, бо ўсякая сувязь з кіраўніком падтрымлівалася звычайна праз явачныя кватэры.

Па ўзбуджаным твары Ігната той зразумеў, што важнае заданне выканана.

— Узарвана?

— Узарвана...

— Таварышы?

— Трапілі ў рукі фашыстам...

— Жывыя?

— Параненыя, інжынер вельмі цяжка.

— Гэта ўжо кепска. Таварышам адтуль не вырвацца...

Памочнік машыніста, той самы хлопец, з якім некалі сустрэўся Ігнат пасля расправы з фашысцкім рэзідэнтам, параіў Ігнату нікуды не выходзіць і чакаць яго звароту. Вечарам Анатоль — так звалі хлопца — загадаў Ігнату ісці за станцыю і, схаваўшыся ў штабелях старых шпал, чакаць ля ўваходнай стрэлкі, пакуль не з’явіцца з боку станцыі паравоз, можа, адзін, а можа, і два. А там будзе відаць. Ва ўсякім разе Ігната паклічуць.

Доўга мёрз у штабелях Ігнат. Прайшло некалькі цягнікоў у абодва бакі, прайшоў паравоз са станцыі, але ён не спыняўся на стрэлках і памчаў далей. Ужо за поўнач са станцыі, з боку дэпо, паказаліся чорныя аграмадзіны двух паравозаў. Яны ішлі ціха, без гудкоў, без агнёў. Прыпыніліся на якую хвіліну перад стрэлкай.

— Давай сюды хутчэй, не затрымлівай! — пачуў Ігнат знаёмы голас і кінуўся да пярэдняга паравоза.

Так жа без гудкоў, сашчэпленыя паравозы кранулі з месца і, набіраючы хуткасць, імкліва панесліся насустрач ночы.

— Куды мы едзем? — запытаў урэшце Ігнат, які так і не разумеў сэнсу ўсяе гэтае паездкі.

— Да партызан едзем. Не ісці ж нам пешкі, калі пад рукой паравозы.

Праехаўшы кіламетраў пятнаццаць, паравозы прыпыніліся. Тут да чыгункі падыходзіла ветка, якая цягнулася далёка ўбок на некалькі дзесяткаў кіламетраў. На ветцы быў узарваны мост, і Анатоль спадзяваўся скінуць на гэты мост паравозы, якія ён, улучыўшы зручны момант, выхапіў з-пад дэпо амаль што на вачах у немцаў-вартавых, якія не вельмі разбіраліся ў тым, куды і на якія пуці падаюцца пад эшалоны паравозы. У гэтай справе памаглі Анатолю некалькі рабочых, якія аставаліся і надалей на працы ў дэпо.

Калі хлопцы вылезлі з паравозаў, яны ўбачылі, што крыху пралічыліся. Стрэлкі, якая раней вяла на ветку, не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала.

— Вось дык задача! — пачухаў патыліцу Анатоль.— Прыйдзецца крыху і пехатой прайсціся, не возьмеш іх у кішэню, паравозы...

Выхад, аднак, быў знойдзены. У топкі падкінулі вугалю і, павярнуўшы рычагі на поўны ход, саскочылі з паравозаў. Машыны рванулі з месца і шалёна панесліся ў начную цемрань. Хлопцы прыслухаліся да перастуку колаў, які рабіўся ўсё цішэй і цішэй і ўрэшце зусім знік, нібы праглынуты глухімі пералескамі і густымі змрокамі ночы.

— Пайшлі! — сказаў Анатоль, які стаяў са знятай шапкай, каб было зручней услухоўвацца ў далёкія заміраўшыя гукі.

Ён надзеў шапку і рашуча падаўся з адхону. Хутка яны выйшлі на добра наезджаную дарогу. Ціха парыпваў снег пад нагамі, пакусваў за шчокі мароз. Прыдарожныя дрэвы ледзь віднеліся пры зманлівым святле зор. Ігнату здалося, што ідзе вось ён колішняй мірнай ноччу дахаты, запазніўшыся на спектаклі ў суседнім сяле. І ціха ўсё навакол і крышачку трывожна: у такія ночы могуць напужаць ваўкі ў лесе. І каб надаць сабе храбрасці, ён моцна грукае кійком па тэлефонным слупе. Гул перакочваецца рэхам па лесе, ды звонка гудуць напятыя, як струны, правады. А ў недасяглай вышыні мігцяць, пераліваюцца, як колерныя шкельцы, шматлікія зоры. Чым мацнейшы мароз, тым ярчэй гараць зоры.

Ён не адзін цяпер, яны ўдвух. І ноч зусім другая, хоць так жа рыпіць снег пад нагамі, і ў тых жа ўборах дрэвы, і сцюдзёная ільдзінка на бярозе гарыць халодным сіняватым святлом, як воўчае вока ўначы. Відаць, з-за лесу ўзыходзіць месяц. Так жа ўзыходзіць, як і раней.

— А паравозаў шкада! — услых гаворыць ён, ні да кога не зварочваючыся.— Слаўныя машыны...

— Машыны як трэба...— нібы нехаця пагаджаецца Анатоль.— Але яны нашы машыны, і нам яны саслужаць службу.

І нібы ў адказ на Анатолевы словы недзе там, куды паляцелі паравозы, у змрочным начным небе ўспыхнулі адна за другой водбліскі зарніц. Яны былі бледныя, далёкія, нават не асвятлялі цемрані ночы. Толькі прыдарожныя бярозы на якую секунду паружавелі і сталі яшчэ больш цёмнымі. Зарніцы пагаслі, і тады даляцелі адтуль глухія ўзрывы.

— Што гэта? — ціха спытаўся Ігнат, гледзячы туды, дзе на месцы пагаслых зарніц пачало займацца нешта падобнае на зарыва.

— Гэта нашы паравозы. Іхняя работа. Аднак нам трэба спяшацца, каб да відна дабрацца да месца.

Яны ішлі моўчкі. Анатоль думаў аб сваім слаўным паравозе. Ужо даўно з’явілася ў хлопцаў думка вывесці ад немцаў свае паравозы. Але была работа, былі заданні, нельга было парушаць наладжанага распарадку, на вывад паравозаў не давалі дазволу. Пасля таго як пяцёрка таварышаў, якімі кіраваў Анатоль, апынулася пад пагрозай пасля ўзрыву электрастанцыі, яму загадалі вывесці хлопцаў з горада. Намякнуў на паравозы. Дазволілі. Вынік, здаецца, не кепскі.

 

2

Калі начальнік паліцыі дакладваў Кубэ аб апошніх падзеях, гаўляйтэр сядзеў, разваліўшыся ў крэсле, і глядзеў у адну кропку. Ён не перабіваў дакладчыка ні рэплікамі, ні пытаннямі, аб нечым думаў і нервова камячыў у пальцах цыгарэту. Генерал даўно скончыў свой даклад і стаяў, злёгку нахіліўшыся да стала. Пальцы рук яго злёгку дрыжалі. Начальнік паліцыі хваляваўся.

— Можа, вы, пан гаўляйтэр, хацелі б самі пабачыць арыштаваных?

Кубэ страпянуўся.

— А з якой патрэбы мне глядзець на іх? Вы што, не наглядзеліся?

— Выбачайце, пан гаўляйтэр. Я сказаў гэта, маючы на ўвазе, што вы асабіста дапытваеце часам важных злачынцаў...

— Калі я дапытаю іх, электрастанцыя стане працаваць?

— Выбачайце, пан гаўляйтэр, гэта ўжо ад мяне не залежыць.

— Што ж ад вас залежыць, урэшце, пан генерал.

— Але, выбачайце, жандары...

— Што жандары? Іх мала, жандараў. Тут мільёны жыхароў, а жандараў у нас усяго некалькі тысяч. Перадайце начальнікам паліцэйскіх войск, што я даб’юся распараджэння аб адпраўцы на фронт абібокаў. Я замяню іх інвалідамі, былымі франтавікамі. Я незадаволены вамі, пан генерал! У самы адказны час, калі дораг кожны танк, кожны лішні салдат, вы падносіце свае падарункі. Жартачкі, узарвалі электрастанцыю, спынілі завод. І ён мне, выбачайце, прапануе нешта накшталт выстаўкі гэтых бандытаў. Любуйцеся імі самі цяпер, калі раней у вас не было часу пацікавіцца іх асобамі. Павесіць абодвух на варотах завода.

— Ёсць павесіць, пан гаўляйтэр!

— Што там у вас яшчэ?

— Даруйце, але не зусім прыемныя рэчы. Заходняя чыгунка стаіць ужо некалькі гадзін.

— Та-а-ак... Вясёлы сюрпрыз... Чаму вы спынілі дарогу?

— Дыверсія, пан гаўляйтэр. Два паравозы пушчаны насустрач воінскаму эшалону. Крушэнне. Сотні ахвяр.

— Вінаватыя?

— Зніклі, пан гаўляйтэр... Пакінулі толькі запіску ў дэпо.

— Вы хутка, пан генерал, завядзеце з імі любоўную перапіску. Ну, паказвайце, што яны напісалі там? Цікава, цікава. «Да хуткай сустрэчы. Дзядзя Косця».

Тут пан гаўляйтэр папярхнуўся крыху і адразу пакінуў свой іранічны і зняважлівы тон.

— Паслухайце вы ўрэшце, па-чалавечы прашу вас: спыніце гэты спектакль, ён залішне ўжо зацягнуўся. Дзядзя Косця, Дзядзя Косця... Не шкадаваць сродкаў, паставіць на ногі ўсю агентуру! Абвясціць высокую ўзнагароду таму, хто зловіць ці паможа злавіць гэтага, гэтага... гм... дзядзю... дзядзю... Я гавару вам...

І пан гаўляйтэр так грукнуў далонню па стале, што перапалоханы ад’ютант высунуў на якую хвіліну нос з-за дзвярэй, якія вялі ў прыёмную.

— Дзейнічаць бязлітасна. Я загадаю гестапа і СД ператрэсці кожны дом на падуладнай мне тэрыторыі, з-пад зямлі дастаць гэтага Косцю. І калі вы, пан генерал, не забяспечыце мне выканання майго задання, вы маеце ўсе шансы трапіць у пляменнікі гэтага... гм... дзядзі... Можаце ісці, дробныя справы мяне не цікавяць.

Пан гаўляйтэр упершыню вёў такую сур’ёзную гутарку з Герфам, які лічыўся яго старым прыяцелем. Дружба дружбай, а з тэлеграмамі фюрэра не жартуюць. Той загадваў прыняць самыя суровыя меры ў дачыненні да кожнага, самага высокага чыноўніка, калі той не спраўляецца з адказнымі задачамі імперыі.

Аднак цяжка спраўляцца з гэтымі задачамі. Кубэ ўспомніў сотні расстрэлаў, сотні розных загадаў, тысячы плакатаў, лістовак, газет, са старонак якіх абвяшчаліся альбо абяцаліся тыя самыя расстрэлы, павешанні. Спакою як не было, так і не было.

Кубэ тэлеграмай прасіў самога фюрэра вылучыць кадравыя дывізіі, каб прачасаць увесь край, раз і назаўсёды ліквідаваць гэтую небяспеку, якая штодзённа вісела на камунікацыях, не давала ніякай магчымасці займацца спакойнымі тылавымі справамі — пастаўкамі хлеба, рэквізіцыямі, пошукамі патрэбнай сыравіны, рабочых рук.

Ад фюрэра прыйшла тэлеграма з адмовай.

Аднак праз дзень было паведамленне, што па распараджэнню галоўнай кватэры сюды накіроўваюцца дадатковыя паліцэйскія часці і сярод іх амаль што цэлая эсэсаўская дывізія. Але ўсяго гэтага было мала. З гэтымі сіламі можна было забяспечыць параўнальны парадак у самым Мінску ды ў двух-трох іншых буйнейшых гарадах. А навакол усё гарэла, хвалявалася, не паддавалася ніякаму заспакаенню.

Кубэ клаўся спаць з цяжкой галавой. Не ішлі ў галаву і штодзённыя літаратурныя практыкаванні. П’еса не падавалася ні на крок. Усё не знаходзілася эфектных сітуацый, і самі словы былі падобны на шэрыя сцёртыя булыжнікі, якімі была выбрукавана адна з вуліц гета. Кубэ верыў некаторым забабонам. Калі паехаў раніцай у гета, ён забыўся дома свой пісталет. Ён хацеў ужо вярнуцца, не ехаць у гета, але паслужлівы ад’ютант хутка даставіў рэвальвер. Нязручна было перад маладымі афіцэрамі варочацца назад, паказаць перад усімі свой страх перад нейкімі там забабонамі. Ён паехаў. Гэтая паездка сапсавала яму на цэлы дзень настрой. У адным з адгароджаных куткоў гета, куды загнаны быў цэлы эшалон гамбургскіх яўрэяў, да яго кінуўся адзін стары. Ён бег усхваляваны, узбуджана размахваючы парыжэлым кацялком. За старым нерашуча рушыла купка людзей — маладыя, дзеці, пажылыя.

— О, пан Кубэ, пан Кубэ, я так рад пабачыць вас!

Нешта знаёмае паказалася гаўляйтэру ў гэтым старэчым голасе. Салдаты з канвоя замахнуліся прыкладамі на старога, гаўляйтэр загадаў, аднак, прапусціць да яго.

І вось стаіць перад ім стары, разгублена круціць свой кацялок, нешта парываецца сказаць, але, задыхаўшыся ад бегу, ад хвалявання, ледзь вымаўляе:

— Так... шаснаццаты год... Лячыў пад Маладзечна... Божа мой... божа мой... колькі пражыта... Я так рад...

Кубэ глядзіць на яго сівеючую бараду, на выцвілыя вочы, выраз якіх мяняецца штохвілінна. То яны цепляцца надзеяй, то з’яўляецца ў іх смяротны сум. І Кубэ ўспамінае. Гэта быў вясёлы палкавы доктар Шварц, з якога любілі пажартаваць, але якога і любілі і паважалі, як вопытнага, з доўгай практыкай, урача. Ён, доктар Шварц, сапраўды лячыў параненага Кубэ, у тым далёкім шаснаццатым годзе. Хоць рана і не была сур’ёзная, але доўга не загойвалася, і толькі дзякуючы клопатам, а можа, і весялосці гэтага доктара ён стаў на ногі. У доктара былі дочкі, і да малодшай з іх некалі, яшчэ да першай вайны, заляцаўся малады Кубэ. Успомніў і густа пачырванеў: як мала трэба чалавеку, каб назаўсёды сапсаваць сабе будучую кар’еру. Каб яго, Кубэ, нечакана не перавялі ў другі полк, у другую акругу, то зусім магчыма, што гэты сівы доўгія гады быў бы яго бліжэйшым сваяком. Толькі шчаслівыя, нечаканыя выпадковасці выратавалі яго ад гэтага. Няшчасце... Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце...

І стараючыся надаць свайму голасу як мага больш спакою, абыякавасці, ён холадна запытаўся ў старога:

— Што вы хочаце мне сказаць, доктар Шварц?

— Я хачу сказаць, што я шчаслівы, раз вы пазналі мяне! І яшчэ я хачу сказаць... Я хачу вам сказаць, прасіць вас...

Тут стары не вытрываў і кінуўся на калені на шэрыя камяні бруку.

— У імя беззваротнага мінулага я прашу вас аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!

— А хто пагражае вашым дзецям і ўнукам?

— Божа мой, і гэта пытаецеся вы! Я стары чалавек, я ведаю ўсё. Нас прывезлі сюды на смерць... Аб гэтым крычаць вось гэтыя пыльныя камяні, яны гарачыя, яны палітыя крывёй! Я стары, я пражыў жыццё... Іх ратуйце ад смерці, яны ў вашых руках, мае дзеці, мае ўнукі... Яны ні ў чым, ні ў чым не вінаватыя перад Германіяй. Божа мой, нашто паслаў ты крывавыя пакуты на нас?

Кубэ нахмурыўся. Уся гэтая сцэна была так не да месца, і ён ужо сердаваў, што дазволіў канваірам дапусціць да сябе гэтага непрыемнага чалавека. Ён коратка загадаў:

— Устаньце на ногі, доктар Шварц, і не рабіце тут беспарадкаў. Вы гаворыце хлусню. Германія не любіць хлусні, Германія паважае закон і парадак. Пакуты? Што ж... Я абяцаю вам, што ўсё гэта хутка скончыцца. Ідзіце, доктар Шварц, да сваіх дзяцей і ўнукаў і супакойце іх.

Прыгнечаны, спустошаны, падняўся чалавек з кален і ўсё дзякаваў, дзякаваў, прыціскаючы да грудзей парыжэлы кацялок.

— О, я веру пану Кубэ. Хіба можна забіваць людзей толькі за тое, што яны другой веры? Я сам гаварыў гэта, сам гаварыў ім. Але з людзьмі нічога не зробіш... Яны не хочуць верыць, не хочуць. Як кепска, калі чалавек не верыць чалавеку!

Стары адыходзіў ад насупленага Кубэ. І здавалася, не чалавек адыходзіць, а цень яго, прыціснуты да зямлі цяжарам знявагі і пакут.

На твары Кубэ зайгралі сінія плямы, адзнака гневу. Камендант гета падскочыў, як абліты варам.

— Да д’ябла! Усіх, усіх! Чорт ведае што, падсоўваць мне ўсякіх вар’ятаў! Знішчыць! Адразу! У першую чаргу!

Паслужлівы ад’ютант, які разумеў начальніка з аднаго паўслова, кінуўся з пісталетам за старым. Ён любіў пры выпадках праявіць хуткую распараджальнасць, прыемную для начальства кемлівасць і так патрэбную для афіцэра жорсткасць.

Стары здзіўлена зірнуў на яго, прыпыніўся.

— Табе, доктар, выпаў гонар быць першым!

Ён стрэліў, не цэлячыся, у старога і кінуўся да яго дзяцей і ўнукаў. Гэта было сігналам. Аўтаматныя чэргі пракаціліся па ўсім гета. Выкліканыя па тэлефоне, спяшаліся да гета дадатковыя паліцэйскія часці. Пачыналася чарговая расправа над вязнямі гета, уваскрашаўшая даўно прайшоўшыя часы, калі людзі-звяры палявалі на чалавека.

Тупарылыя грузавікі ўвесь дзень вазілі трупы і скідалі іх ў велізарныя ямы ля цагельні. Па вуліцы, дзе праходзілі грузавікі, цягнулася крывавая сцежка, і выпадковыя прахожыя з жахам паварочвалі ў першыя завулкі, каб не ступіць на жывую чалавечую кроў, якая дымілася ў гарачым пыле.

За некалькі гадзін забілі больш як трыццаць тысяч чалавек. Вечарам кароткая нарада ў гаўляйтэра. Былі кіраўнікі гестапа, СД, начальнік паліцыі.

— Чаму толькі трыццаць тысяч? — суха запытаўся Кубэ.

— Не хапіла патронаў, пан гаўляйтэр.

— Што значыць не хапіла патронаў? Вы ведаеце інструкцыю: пры экзекуцыі расходаваць не больш, як па патрону на чалавека.

— Пры масавай экзекуцыі гэта немагчыма, пан гаўляйтэр. Даводзіцца страляць з аўтаматаў у натоўп, у паасобныя купкі. Заўсёды бывае перавыдатак патронаў. Вялікія цяжкасці з транспартам...

— Хто вас прымушае вазіць трупы? Выконвайце дакладна інструкцыю пана Гімлера: кожны прысуджаны павінен сам даставіць сябе да магілы. Каб не паўтараць гэтых неразумных выдаткаў, накіроўвайце прысуджаных пешымі калонамі на месца экзекуцыі. Ды што я вам гавару, на гэта ёсць дакладныя ўказанні пана рэйхсміністра.

Скончылася адна і другая нарада, а задаволенне пражытым днём не з’яўлялася. Кубэ, як заўсёды, лёг спаць у дванаццаць гадзін ночы, але сон не прыходзіў адразу. Непакоілі весткі з-пад Масквы, суцяшальнага там было мала. Мімаволі ўставала перад вачыма ссутуленая постаць старога доктара, пробліскі надзеі і радасці ў яго вачах, калі ўбачыў ён свайго старога знаёмага. Прамільгнула здрадлівая думка: чаму сапраўды ён павінен быў быць забіты. Урэшце, што кепскага зрабіў ён асабіста яму, Кубэ? Аднак прэч усе гэтыя недарэчныя думкі, не вартыя не толькі яго, надзейнага паплечніка фюрэра, але ганебныя і недапушчальныя для самага апошняга нямецкага салдата! Што значаць перад будучыняй Германіі колішнія знаёмствы, сентыментальныя гісторыі, непрыкметныя ні для кога непаразуменні са сваім сумленнем, сваім мінулым? Усё гэта такая дробязь, такая пылінка ў параўнанні з вялікай дзяржаўнай справай, што гэтую пылінку лёгка здзьмухнуць са свайго сумлення, і яно будзе спакойнае, чыстае і яснае.

Ён успомніў, што здзьмухнуў не адну такую пылінку. У маладосці, калі вочы неяк іначай глядзяць на свет, калі ў сэрцы стукаюцца чыстыя, як неба, жаданні, у яго было некалькі шчырых прыяцеляў. З імі жыў ён душа ў душу, з імі марыў ён аб лепшай будучыні чалавека. Потым дарогі іх разышліся, некаторыя сталі камуністамі, другія далучыліся да сацыял-дэмакратыі, трэціх зацягнула шэрая твань жыцця, і іх галасы перасталі гучаць, паглынутыя дробнымі жыццёвымі клопатамі. Ён сам, Кубэ, далучыўся да чалавека з вострай касмылінай цераз лоб, стаўшай потым вядомай кожнаму чалавеку ў Германіі і далёка за яе межамі.

За спінай чалавека з касмылінай стаялі прамысловыя каралі, фінансавыя тузы, ашкепкі былой кайзераўскай арміі. Яны, як агню, баяліся свайго народа, баяліся подыху рэвалюцыі з усходу, яны чакалі рэваншу.

Чалавек з касмылінай быў іх знаходкай. Ён пакляўся знішчыць камунізм. Ён браўся заціснуць у жалезны кулак рабочы клас Германіі, вытруціць у краіне ўсякую думку аб свабодзе, аб рэвалюцыі. У гэтага чалавека заўсёды гарэлі вочы ліхаманкавым бляскам не то сухотніка, не то вар’ята, не то самнамбулы. Язык яго быў гарачы і востры. Ён мог гаварыць да поўнага забыцця, да істэрыкі. Дэмагагічныя словы яго прыкоўвалі ўвагу. Ён гаварыў аб германцу, аб Германіі, аб яе пакутах пасля Версаля. Ён біў сябе кулакамі ў грудзі і голасна заяўляў, што выведзе краіну на шырокую дарогу, што ён не толькі забяспечыць ёй першае месца сярод вялікіх дзяржаў свету, але падпарадкуе ўвесь гэты свет інтарэсам Германіі. Яго слухалі, яму апладзіравалі, як учадзелыя, і практыкаваліся — з дубінкамі і нажамі — на тых, хто не падзяляў іх думкі, у чыіх жылах цякла «не германская» кроў. А ён крычаў шалёна і шалёна збіраў сілы. Раслі як грыбы штурмавыя атрады. Трашчалі вітрыны неарыйскіх магазінаў. Гарэлі на вуліцах і на плошчах кніжныя кіёскі. У яго завяліся шчырыя прыяцелі ў Англіі і Амерыцы. Гэтыя прыяцелі з трывогай пазіралі на ўсход і марылі аб тым часе, калі з дапамогай адноўленых сіл Германіі ім удасца загасіць святло з усходу, а самы ўсход ператварыць у каланіяльны мацярык, у краіну залатога руна для іх доўгіх і хцівых рук. Праўда, яны гаварылі далікатна.

Узвышанымі словамі аб вечных прынцыпах прыватнай ініцыятывы, свабоднага прадпрымальніцтва і здаровага гандлю яны прыкрывалі свае хцівыя рукі, свае прагныя вочы, якія бачылі наяву і ў сне запаветныя землі ўсходу.

Чалавек з касмылінай прыйшоў да ўлады. Яго прыхільнікі і спадарожнікі па мюнхенскіх піўнушках перасяліліся ў палацы, уселіся на высокія крэслы ў імперскай канцылярыі. Чалавек з касмылінай не грэбаваў ніякімі сродкамі ў дасягненні сваіх мэт. Прыход да ўлады ўскружыў маньяку галаву, і ён пачаў думаць і дзейнічаць у сусветных маштабах. Ён быў бязлітасны да ўсіх, нават да бліжэйшых сваіх паплечнікаў, калі думкі ў іх разыходзіліся з яго думкамі. Яго шчырыя прыхільнікі следавалі яго прыкладу. Куля, сякера, шыбеніца спраўлялі свой крывавы баль на нямецкай зямлі. Кубэ памятае, як давялося яму сустрэцца з некаторымі колішнімі сваімі прыяцелямі, спадарожнікамі далёкага юнацтва.

Пад яго наглядам на задворках турмы адсякалі галовы тым, хто дазваляў сабе думаць і дзейнічаць інакш, чым гэта рэкамендавалася ў кнізе «Мая барацьба», кнізе, стаўшай бібліяй для прававерных. Аднаго разу да плахі прывялі чалавека, у якім Кубэ пазнаў былога свайго прыяцеля маладосці, з якім ён сядзеў яшчэ некалі на школьнай лаўцы, спяваў разам студэнцкія песні, захапляўся паўночнымі сагамі. І на якую хвіліну павеяла на яго водарам далёкага дзяцінства і юнацтва, ён спытаў, зусім па-чалавечы спытаў у прысуджанага на смерць:

— Можа, хочаш, Ганс, перадаць апошняе слова тваёй маці? Гавары, я загадаю перадаць яго.

Прывязаны чалавек зірнуў на яго, і позірк гэты прайшоў вострым нажом па сэрцы. Зірнуў, спакойна адказаў:

— Ты лепш перадай сваёй маці, што яна нарадзіла не чалавека, а пса...

Кубэ нервова схапіўся за гузікі, ледзь не сарваў іх. Яму стала нясцерпна душна.

— Адставіць! — крыкнуў ён катам-эсэсаўцам.— Прывязаць яго тварам угору, каб ён не толькі бачыў лязо сякеры, а каб на гэтым лязе ўбачыў вочы свае!

Чалавек нічога не адказаў на гэтыя словы. І таму, што не адказаў і нібы не зварочваў увагі, не ўдастойваў яго ніводным словам, ні позіркам, сэрца Кубэ ўскіпела такой злосцю, што ён выхапіў сякеру з рук салдата і ўзмахнуў ёю з такой сілай, што лязо сякеры ледзь выцягнулі потым з шырокай дубовай плахі.

Фюрэр даведаўся аб гэтым учынку і пры чарговай сустрэчы пахваліў яго, жартаваў, быў надзвычай вясёлы.

— А ты з выдумкай, стары, з гумарам! — ліхаманкава свідравала вачыма чорная касмыліна, лагодна ляпала па плячы.— Хвалю, хвалю!

І ўжо спахмурнеўшы, істэрычна:

— Загадаць, каб пакаранні смерцю нашых праціўнікаў наладжваць толькі так!

Махнуў рукой, супакоіўся:

— Гэта, ведаеце, не лішні маральны фактар. Гэта прыстрашыць сяго-таго... Перадайце Гімлеру, каб ён улічыў гэты маральны фактар. Так, фактар...

І колішні яфрэйтар зноў махнуў рукой. І не разабраць было, ці ён махаў ёю, ці яна сама торгалася следам за нейкімі думкамі, якія хадзілі зігзагамі, успыхвалі, як маланкі, нараджаючы другія, такія ж неспакойныя, хваравітыя. Ад іх трэслася, як у ліхаманцы, уся Германія, бацылы непакою, няўпэўненасці насіліся па Еўропе, уносілі смутак у жыццё народаў.

Пасля здарэння ля дубовай плахі Кубэ цэлы год жыў у страшэнным непакоі. Ён успамінаў усіх колішніх далёкіх сяброў, успамінаў іх думкі, іх словы, распытваў, даследваў. І супакоіўся толькі тады, калі апошні з іх апынуўся ў лагеры смерці. Большасць з іх не былі вінаватымі перад новай імперыяй. Але яны маглі пашкодзіць Кубэ, пры выпадку выдаць яго ўласныя грахі маладосці, скампраметаваць яго, сапсаваць кар’еру. Лепш здзьмухнуць са свайго сумлення гэтыя парушынкі, няхай яно будзе чыстым, спакойным...

 

 

3

Усе наяўныя нямецкія сілы ў гарадку былі мабілізаваны на барацьбу з партызанамі. Конны жандарскі ўзвод, чыгуначны батальён, спецыяльная эсэсаўская каманда, паліцыя і рэшткі пяхотнага палка, які прыбыў з фронту на перафарміраванне, былі пасланы ў раён. Спачатку немцы ішлі адной калонай, паступова прачэсваючы бліжэйшыя да вёсак мясціны, наладжваючы павальныя аблавы і вобыскі ў населеных пунктах.

Усё гэта не давала аніякіх вынікаў. Далёка ў лясы не забіраліся. Былі ў той год глыбокія снягі, і здавалася, ніводная жывая душа не магла быць у лясах. Яны стаялі замеценыя глыбокімі гурбамі снегу.

Мірон сачыў, каб нічым не выдаць месца размяшчэння атрада, бо зімой мяняць базу не ўваходзіла ў яго планы. Меркавалася дачакацца вясны, калі чорныя лясныя сцежкі памагалі партызанам, не звязвалі іх з месцам. Фашысты падзяліліся на групы. Ім хацелася абысці паболей населеных пунктаў. Не трапляліся партызаны, можна было заняцца аблавамі на моладзь, якая не з’яўлялася на вярбовачныя пункты, нягледзячы на ўсе аб’явы і загады ўлад. Ужо былі накіраваны ў гарадок першыя партыі «добраахвотнікаў», але яны не дайшлі да горада, не вярнуліся і пасланыя канваіры. Жандарскі ўзвод расстраляў у адной вёсцы некалькі хлопцаў і дзяўчат проста так, для страху, для парадку. Але не паспеў ён ад’ехаць на некалькі кіламетраў ад вёскі, як трапіў у жорсткую засаду. Жандараў трыццаць асталося ляжаць на дарозе, рэшту выратавалі хуткія ногі коней. Кох, які быў разам з жандарамі, выратаваўся толькі тым, што ехаў ззаду. Праўда, ён паранены быў злёгку ў руку, і гэта дало яму повад выхваляцца пасля цяжкімі раненнямі, нібы атрыманымі ім у барацьбе з партызанамі. Але ў часе самога ранення настрой у Коха быў зусім дрэнны, і ён праклінаў дзень і час, калі наважыўся выехаць у гэтую экспедыцыю. Тры роты пяхотнага палка таксама трапілі ў перапалку, наскочыўшы на засаду, але яны панеслі параўнальна невялікія страты, бо адразу заляглі ў снег і адкрылі моцны агонь. Партызанская група, якой кіраваў Швед, вымушана была адступіць перад рэгулярнай часцю, страціўшы некалькі чалавек забітымі і ледзь паспеўшы забраць пяцёх параненых партызан. Фашысты пабаяліся, аднак, праследаваць групу і, абстраляўшы з аўтаматаў бліжэйшыя пералескі, адступілі.

Толькі камандзе эсэсаўцаў ды паліцаям Клопікава крыху пашанцавала. Яны злавілі ў лесе двух сувязных. Іх прывезлі ў былы калгас «Першамай», куды сабраліся пад вечар, як было ўмоўлена, і ўсе іншыя нямецкія часці. Палонных доўга дапытваў Кох, але нічога дакладнага даведацца не змог.

Прыводзілі па чарзе жыхароў вёскі, каб апазнаць палонных. Коха даводзілі да шаленства скупыя словы, якія нібы па змове гаварыў кожны з старых, з маладзейшых і дзяцей:

— Не, не ведаем іх, пан афіцэр...

— Я спалю вёску, калі вы не скажаце, што гэта за людзі!

Кох дапытваўся і ў цёткі Ганны, якую спецыяльна паклікалі.

— Можа, пазнаеце ў іх забойцаў вашага мужа?

Цяжка было адказваць цётцы Ганне, калі бачыла яна перад сабой роднага пляменніка. І за сябе, і за іх баялася, за гэтых двух хлопцаў: ці вытрываюць яны ўсё, што выпала на іх долю.

— Не, пан афіцэр, не...— І выцірала хусцінкай здрадлівую слязу на шчацэ.— Гэтыя не забівалі майго мужа.

— Ды вы супакойцеся, не хвалюйцеся, муж ваш загінуў як герой.

— Не бачыла я яго смерці, не бачыла... Не ведаю, дзе ляжаць яго костачкі.

Цётка Ганна плакала самымі сапраўднымі слязамі. Цеплілася ў яе надзея — можа, абыдзецца як-небудзь уся гэтая справа, можа, не будуць караць гэтых хлопцаў, можа, здарыцца што-небудзь нечаканае і выратуе іх.

Ужо змяркалася. Кох загадаў пяхотнаму камандзіру, панураму капітану, ставіць шыбеніцы на калгасным двары. Але камандзір, пажылы чалавек, наадрэз адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што праз якое паўгадзіны ён выступіць ў горад, каб да ночы быць там.

Кох ускіпеў.

— Хто дазволіў вам выступаць у горад?

— А хто мне павінен дазваляць, калі я з’яўляюся камандзірам свае часці.

— Вас паслалі ў маё распараджэнне, і вы, спадзяюся, ведаеце, што такое дысцыпліна.

— Мы ведаем, што такое дысцыпліна, а вам я раіў бы пазнаёміцца з ёй на фронце. Тады б вы ведалі, як размаўляць з старэйшымі за вас па чыну і маючымі баявыя заслугі.

— Я камісар гестапа, мне пляваць на ўсе вашы чыны і заслугі. Шрайд! — крыкнуў ён камандзіру жандараў.— Арыштаваць гэтага нягодніка!

І тут адбылося такое, чаго не чакалі ўсе ўдзельнікі аперацыі, ні людзі з вёскі, якія моўчкі назіралі за перапалкай, ні асуджаныя на смерць, якія чакалі, калі ўрэшце скончацца здзекі.

Пажылы капітан размахнуўся з усяго пляча і заляпіў такую аплявуху Коху, што той пахіснуўся назад і ўпаў на адно калена, схапіўшыся рукой за шчаку.

— Гэта табе за нягодніка, сапляк! А гэта,— ударыў ён з другога пляча,— табе для навукі, ведай, як размаўляць.

Капітан пайшоў мерным крокам да сваіх салдат, якія назіралі за дыскусіяй.

Хістаючыся, Кох падняўся з зямлі і бледны, з перакошаным ад шаленства тварам, хапаючыся нягнуткімі на марозе пальцамі за кабуру, кінуўся следам за капітанам.

— Жандары, паліцыя, агонь!

Але некаторыя паліцаі кінуліся куды каторы. Людзі з вёскі рассыпаліся па вуліцах. Нехта крыкнуў двум збітым хлопцам:

— Родненькія, бяжыце, ратуйцеся!

Палонныя змяшаліся з натоўпам, ніхто не затрымаў іх.

Кох даганяў ужо капітана, калі два станкавыя кулямёты ў пехацінцаў, нацэленыя на эсэсаўцаў, далі па доўгай басавітай чарзе па-над іх галовамі.

Чыгуначны батальён, які гатовы быў умяшацца ў перапалку і памагчы эсэсаўцам, падаўся назад. Вялікіх ахвотнікаў ісці на кулямёты не знайшлося. Эсэсаўцы, жандары і паліцаі ўцякалі.

Кох ішоў па вуліцы зняважаны. Выплюнуўшы выбіты зуб, ён урэшце крыкнуў услед жандарам:

— Стойце, праклятыя, іначай я вас усіх расстраляю!

Салдаты збіраліся неахвотна. У паліцаяў дрыжалі ад страху ногі. Усе намагаліся не глядзець у вочы Коху, каб не выклікаць раптоўнага гневу.

Кох напаў на камандзіра жандараў лейтэнанта Шрайда:

— Вы ўцякалі з баявога паста, вы заслужылі шыбеніцы, дэзерцір.

Лейтэнант стаяў навыцяжку, і яго вейкі трымцелі, як у ліхаманцы.

— Выбачайце, пан камісар, але ў іх кулямёты...

— А ў вас не было кулямётаў? У вас дзіцячыя цацкі ці баявая зброя?

— Выбачайце, пан камісар, мы зусім не чакалі, каб нямецкі афіцэр падняў руку на свайго саслужыўца...

— Пішыце рапарт аб вызваленні ад пасады і маліцеся богу, што ўсё так лёгка скончылася для вас.

Кох абмежаваўся гэтым мяккім параўнальна пакараннем, бо не ў яго інтарэсах было асабліва раздзьмухваць усю справу. Ён забыўся і аб партызанах. Адзіная думка, якая непакоіла яго, знайсці сродкі, як адпомсціць, і не толькі адпомсціць, а пакараць на падставе закону гэтых праклятых франтавікоў, якія да таго сталі нахабнымі, дазваляюць сабе ліха ведае што.

А франтавікі спакойна рыхтаваліся ў дарогу. Пастроіліся ў баявую калону, прыкрылі яе моцным ар’ергардам і — такая нахабнасць! — яшчэ выслалі свайго прадстаўніка да Коха. Кульгавы афіцэр — відаць, не паправіўся яшчэ пасля ран — спыніўся перад Кохам.

— Пан капітан загадаў перадаць вам: вы здымаецеся з месца праз тры гадзіны. Усякія спробы нагнаць нас, альбо наладжваць засады, альбо раней дабрацца да горада будуць мець вельмі кепскія вынікі для вас асабіста. Такі загад пана капітана. Дазвольце ісці, пан камісар?

Кох ледзь не спапяліў сваім позіркам афіцэрыка, але зірнуў яшчэ раз і сказаў ціха-ціха, каб не чулі яго бліжэйшыя памочнікі:

— Ідзіце...

Кох паклікаў да сябе ў пакой Клопікава.

— Сядайце!

Клопікаў сядзеў, насцярожана ўзіраючыся на начальніка, паслужліва чакаў загадаў.

— Бачылі?

— На жаль, ах, на вялікі жаль, давялося пабачыць гэтую сумную гісторыю.

— Ён сваё атрымае! — мармытнуў Кох і адвёў убок вочы. Яму было сорамна перад сваім падначаленым. Ён памаўчаў, потым запытаўся:

— А дзе захопленыя палонныя?

— Уцяклі, пан камісар.

— Ладна, пан Клопікаў. На гэтым мы скончым гутарку. Адно, што я павінен сказаць: вы нічога не чулі і не бачылі, што адбылося тут. Разумееце?

— Божа мой, чаму мне не разумець?

— Цяпер апошняе. Мне данеслі, што Слімак ведае месца, дзе пражывае сям’я бацькі Мірона.

— Так, я сам гаварыў вам пра гэта. Там усе яго дзеці.

— Загадваю: неадкладна, сягоння ж, арыштаваць і даставіць у горад.

— Адаб’юць па дарозе. Узрушаны ўвесь раён, пан камісар, яны проста не прапусцяць цяпер па дарогах ніводнага чалавека ў нашай форме...

— Не абавязкова паліцэйскім прагульвацца па партызанскім раёне ў форме.

— Ваша праўда, пан камісар. Мы пастараемся. Але дазвольце рабіць гэта не сягоння, калі ўсе людзі па вёсках насцярожаны і цікуюць за кожным нашым крокам. Вы ведаеце, пан камісар, мы з вамі не бачым партызан, а ў іх мы заўсёды на воку, бо кожная жывая душа ў вёсцы, асмелюся вам далажыць, глядзіць у лес, у іх бок.

— Ладна. Правядзіце гэтую аперацыю праз некалькі дзён, калі раён паспакайнее.

Ужо апоўначы атрад Коха рушыў да горада.

 

4

Калі група Коха толькі-толькі выходзіла з вёскі, непадалёку ад гарадка спыніліся пехацінцы. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам:

— Салдаты, як камандзір ваш я даю вам поўную свабоду: ідзіце куды хочаце. Хочаце назад на фронт, ідзіце на фронт, хочаце на адпачын дахаты — прабірайцеся ў Германію. Не ў партызаны ж нам ісці. Яны пастраляюць нас, бо асаблівай любві да нас, наколькі вам вядома, у іх не заўважаецца. Але куды б ні пайшоў кожны з вас, трымайцеся святога закону: адказваць толькі за сябе, не спасылацца на таварышаў і не выдаваць іх.

Пачаліся гарачыя спрэчкі. Некаторыя стаялі за тое, каб вярнуцца ў горад.

— Нашы ж сем’і перастраляюць, калі мы не з’явімся на месца.

— Ідзіце, вас ніхто не затрымлівае.

Былі салдаты, якія вагаліся. Ім вельмі хацелася вызваліцца з праклятай бойні, як называлі яны наступленне на Маскву, адкуль яны шчасліва выбраліся толькі таму, што ўвесь іх полк быў разгромлены і адведзены ў глыбокі тыл. Даўно сярод гэтых салдат ішло глухое браджэнне. Іх двух таварышаў расстраляла ў горадзе эсэсаўская часць за распаўсюджванне, як указана было ў пастанове, ілжывых чутак. Салдаты ж ведалі, што іх таварышы гаварылі праўду аб становішчы на фронце. Але не ўсякая праўда бывае пажаданай панам афіцэрам і эсэсаўскім шпікам. Камандаванне гарнізона ведала аб настроях салдат і вырашыла паслаць іх праветрыцца на раён, набрацца добрай германскай злосці ў барацьбе супроць партызан.

— Вы зноў будзеце дзейнічаць як героі.

Героі слухалі, апусціўшы галовы. З іх хопіць гераізму. Большасць «герояў» лягла касцьмі пад Масквой. Толькі рэдкім шчасліўцам — з цяжкімі раненнямі, з адмарожанымі нагамі і рукамі — пашанцавала трапіць у фатэрлянд. Падалей бы ад усіх гэтых гераічных спраў!

Хутка салдаты разбрыліся. Частка, самая большая, падалася ў горад. Адна група пайшла з капітанам.

 

5

Было за поўнач, калі ваякі Коха ўбачылі здалёк горад. Яшчэ з пералеску, па якім прабіраліся, пачулі яны частую зенітную страляніну. Па ўсім небасхіле ўспыхвалі разнаколерныя агні разрываў, відаць былі трапяткія бусы трасёраў, успышкі пражэктараў. Зацямняючы зоры, узгарэлася некалькі асвятляльных ракет-ліхтароў. Яны здаваліся зусім нерухомымі.

Над горадам пырснула гарачым чырвоным феерверкам, і, асыпаючы з бліжэйшых дрэў снежны пыл, дакаціўся водгук узрыву. Нібы дзьмухнуў вецер, паветраная хваля мякка ўдарыла ў твары. А ўзрывы адзін за адным перакочваліся рэхам па лясных прасторах.

Кох, які зірнуў на палыхаўшае над гарадком зарыва, прыціх, кінуў сваю звычайную мітусню — ён вельмі любіў камандаваць, распараджацца, аддаваць загады.

Цяпер жа ён ехаў моўчкі, не зварочваючы ўвагі на людзей, злучаных пад яго камандай. Самыя супярэчлівыя думкі роіліся ў галаве. Ён усміхнуўся неўпрыметку: горача цяпер Вейсу, няйначай, ён страшэнна баіцца налётаў.

Мільганулі думкі аб дэпо, аб станцыі. Колькі патрачана было сіл і сродкаў, каб аднавіць іх! Зараз усё гэта зноў паляціць у паветра. А колькі эшалонаў стаяла на станцыі! Відаць, запытаюцца і ў яго, Коха, як гэта здарылася, як дапусцілі такі вялікі промах, не папярэдзіўшы налёту, не адвёўшы эшалонаў са станцыі.

Былі ўжо за якіх кіламетры тры ад станцыі. Яшчэ гулі над галавой самалёты, разварочваючыся пасля налёту, каб узяць курс на ўсход. Клопікаў вывеў Коха з задуменнасці.

— Ракеты кідаюць, пан камісар! Бачыце, бачыце, аж у трох месцах пускаюць ракеты з зямлі.

Падбег камандзір чыгуначнага батальёна.

— Пан камісар, дыверсанты паказваюць самалётам месца стаянкі нашага аварыйнага цягніка, ён стаіць на замаскаванай ветцы. Божа мой,— ускрыкнуў ён, схапіўшыся за галаву,— там жа наш склад боепрыпасаў!

Абыякавасць Коха як рукой зняло.

— Жандараў туды, паліцыю ў абход! — паспешліва крыкнуў ён і аж закалаціўся, як коршак, заўважыўшы немінучую здабычу.

Дзесяткі коннікаў памчаліся да чыгункі, прыкрытыя дробным хмызняком, якім зараслі берагі непрыкметнага ручайка ў лагчыне. Ажывіліся паліцаі і, засопшыся, кінуліся бягом па глыбокім снезе.

Аглушальны выбух пракаціўся над полем. Усё асвятлілася на міг зыркім багровым святлом. Агромністы слуп полымя ўзнёсся ў паблеклае неба. Пругкім ударам паветра сарвала шапку з галавы, і Кох прыпыніўся, шукаючы яе на снезе.

А над станцыяй, над дэпо, у бліжэйшых да станцыі вуліцах бушаваў вялізны пажар.

— Стой, д’ябал! — Кох прывязаў да кусціка жарабка. Абышоў усе бліжэйшыя кусты, раскідваў нагой снег, паспрабаваў абмацаць яго рукамі. Рукі адзервянелі на марозе. Торапка нацягнуў пальчаткі і, засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, намагаўся сагрэць іх.

— Дзе магла падзецца гэтая праклятая шапка? Не ісці ж у горад з голай галавой, ды і холадна, аж вушы дубеюць.

Недзе далёка заржалі коні. Ім адгукнуўся прывязаны да кусціка жарабок, ірвануў раз-другі за повад і, адламаўшы цэлую галіну, панёсся, як ашалелы, па полі. Змерзлы камяк снегу з-пад капытоў моцна ўдарыў Коха па твары, і яму асталося толькі вылаяцца і паслаць сто чарцей услед няўрымсліваму скакуну.

— Такі дзень! — цяжка ўздыхнуў ён, паціраючы рукой шчаку.— Як пачаліся няўдачы з самай раніцы, так не шанцуе ўвесь час...

Завязаўшы хусцінкай вушы і наставіўшы каўнер шыняля, Кох паклыпаў да гарадка, асцярожна азіраючыся на бакі.

 

6

Дзень перад налётам быў праведзены ў клопатах. Эшалоны прыходзілі адзін за адным. Відаць, на фронце справы ў немцаў былі не з бліскучых, тэлеграмы патрабавалі самага хуткага пропуску цягнікоў. Штрыпке ўсё прыспяшаў Заслонава:

— Прашу вас, прашу: націскайце на рабочых, паравозы патрэбны да зарэзу.

Але з паравозамі асаблівай замінкі не было. Эшалоны прастойвалі доўгія гадзіны з-за вады. Кожны паравоз гналі на мост, пускалі ў ход шлангі, мабілізавалі пажарныя насосы, але яны хутка выйшлі са строю. Заслонаў назіраў за мітуснёй немцаў, якія ганялі да моста па адным паравозе, калі можна было адразу падагнаць два-тры і тым самым значна скараціць час на экіпіроўку.

Гэта самае разумеў і Чычын, які на хвіліну зайшоў у кантору.

— Як справы? — ціха запытаўся інжынер.

— Хлопцы чакаюць, не дачакаюцца.

— Сігналізацыя?

— Была гатова яшчэ ўчора. Дубок рамантаваў увесь тыдзень семафоры, паставіў па загаду немцаў большыя казыркі над ліхтарамі і сёе-тое зрабіў, што гэтыя казыркі будуць маскіроўкай толькі ад немцаў. Сёе-тое зрабіў і на дэпо.

— А ракетчыкі?

— Уся маладзёжная група будзе ў рабоце. Кожны ведае сваё месца, умовіліся і аб сігнале, калі пачынаць.

— Добра, ідзіце!

Інжынер заўважыў Штрыпке, які спяшаўся са станцыі. Па яго знешнім выглядзе можна было падумаць, што на пану Штрыпке няйначай вазілі дровы. Цяжка дыхаючы і выціраючы спацелы лоб, ён знясілена кінуўся на канапку.

— Ну, ведаеце, гэтая вада давядзе мяне да вар’яцтва. Я мокры ўвесь, як цюцік, заганялі паны афіцэры... Дзе я вазьму ім вады? На станцыі багата эшалонаў з салдатамі. Ім патрэбны кіпяток, вада на вячэру, на абед... ды ці мала чаго ім патрэбна. Пры чым тут я? Я ж не начальнік станцыі. Я толькі шэф дэпо. Ну, паравозы мая справа, я абавязан іх забяспечыць вадой. А на ўсё іншае няхай шукае хто другі, мяне гэта мала абыходзіць. Я ўжо крыху ўсцешаны, пан інжынер, што хоць закончылі зборку бака для вады. Можа, хутка адновім водаправод, тады з маіх плеч гара зваліцца.

З акна відаць была вадакачка. На ўцалелым цагляным будынку стаяў круглы бак, які некалькі тыдняў кляпалі з рэштак разбітых цыстэрн салдаты чыгуначнага батальёна. Штрыпке паглядзеў на гэты бак з такім замілаваннем, што здавалася, ён не на жарты ўкахаўся ў гэтае ржавае збудаванне, якое навісла чорнай аграмадзінай над руінамі прывакзальных будынкаў.

Было цёмна. Заслонаў пайшоў на вугальны склад праверыць экіпіроўку паравозаў, якія павінны былі весці рускія машыністы, і затрымаўся там на якую гадзіну. Калі ішоў назад, спыніўся на пару хвілін ля велізарнай вітрыны на платформе станцыі, дзе вывешаны былі апошнія зводкі з фронту, вялізныя плакаты. Сярод шматлікіх аб’яў і загадаў прытуліўся жоўты лісток паперы з чорнымі літарамі па-нямецку і паруску:

«Увага, увага, увага! Трыццаць тысяч марак таму, хто зловіць альбо дапаможа злавіць начальніка чыгуначных партызан па прозвішчу «Дзядзя Косця». Прачытайце і раскажыце другім. Не бойцеся помсты бандытаў. Вы можаце паведаміць германскаму камандаванню адпаведным пісьмом. Узнагарода будзе атрымана вамі незалежна ад таго, ці вусна, ці пісьмова вы ўкажаце месцазнаходжанне начальніка бандытаў».

Ля вітрыны сноўдаліся салдаты з эшалонаў, прыпыняліся на якую хвіліну, акідвалі беглым позіркам плакаты. Два санітарныя эшалоны з параненымі стаялі на пуцях сярод іншых. І не пытаючыся ўсе ведалі: «санітары» ідуць з-пад Масквы.

З іх вынеслі некалькі мерцвякоў. Салдаты не вельмі цікавіліся гэтым грузам на насілках. І толькі некаторыя юнцы, у першы раз трапіўшыя ў маршавыя эшалоны, з хваравітай цікавасцю прыглядаліся да васковых твараў нябожчыкаў, да забруджаных у кроў насілак.

А над перонам грымелі радыёмаршы, нечы голас захлынаўся, крычаў, крычаў: «На Маскву, на Маскву!»

Экзальтаваны юнец істэрычна крыкнуў: «Хайль Гітлер!» Яго крык абарваўся і патануў у вакзальнай мітусні. Салдаты зірнулі на хлопца, як на вар’ята. Нейкі жартаўнік насунуў яго шапку на вочы і, пстрыкнуўшы па носе, схаваўся недзе з кацялком пад вагонамі. Юнец папраўляў пакамечаную шапку і размазваў слёзы па твары.

Ля вітрыны затрымліваліся на хвіліну праходзіўшыя рабочыя, бегла праглядалі жоўтую аб’яву, учытваліся ў першае нямецкае слова «ахтунг».

— Што значыць «ахтунг»?

— Хіба не бачыш — «увага»...

— Няправільна!

— Што няправільна?

— Пераклад твой няправільны...— Вяртлявы змазчык, жангліруючы на хаду пустой маслёнкай, пайшоў па пероне, весела напяваючы пад нос нешта падобнае на песеньку: ах туга, ах туга!

— Каму?

— Тым, хто піша гэтыя аб’явы і...— заўважыўшы Заслонава,— іх халуям.

Апошняе слова яўна прызначана было для інжынера. Вясёлы змазчык, заламаўшы на патыліцу прамасленую кепку, з такім незалежным выглядам прайшоў ля інжынера, што рабочыя, якія ішлі за ім, ледзь утрымаліся, каб не разрагатацца, ды і сам Заслонаў не ўтрымаўся ад усмешкі. А змазчык падышоў фертам да нейкай расфуфыранай нямецкай пані, якая выпаўзла з класнага вагона, каб падыхаць свежым паветрам. Лоўка казырнуўшы і прышчоўкнуўшы разбітым ботам, ён запытаўся, падбіраючы нямецкія словы:

— Каторая гадзіна, мадам?

Тая спалохана зірнула на прамазучаную вопратку, на непакорную чупрыну, што выбівалася з-пад кепкі, нерашуча падалася на крок назад. Але, заўважыўшы мірныя інструменты ў руках і хапаючы ротам паветра,— ёй заняло дыханне — ледзь прамовіла ад страху:

— Адзінаццаць, пан!

— Наша вам з кістачкай! — галантна адкланяўся «пан» і, памахваючы маслёнкай, важна рушыў далей, дзе за перонам чарнела між пуцей вялізная скрыня. Там на сцелажах ляжалі запасныя рэсоры і буферы, стаяла некалькі бочак з мазутам і ляжалі ў скрыні тэкстыльныя канцы, якімі звычайна запраўляюцца буксы, ды груды адпрацаванага, прамасленага абцірачнага матэрыялу. Заслонаву кінулася ў вочы, што побач з мазутнай скрыняй стаяла некалькі цыстэрн. Усе пуці навакол былі забіты эшалонамі.

«Зручнае, аднак, месца!» — мімаволі падумалася інжынеру.

Ён прайшоў тым месцам. Ад цыстэрн моцна патыхала бензінам. Тут было параўнальна цемнавата. Ён заўважыў, як пад адной з цыстэрн мільганулі дзве постаці і зніклі за руінамі невялічкага будынка, дзе некалі было памяшканне кандуктарскіх брыгад.

«Рыхтуюцца, відаць, хлопцы»...— падумаў ён і, каб не перашкаджаць,— яны ж пабойваюцца яго! — пайшоў назад.

...Усё пачалося прыблізна апоўначы. З захаду пачуліся гукі самалётных матораў. Немцы пазіралі ў неба, гадаючы, што за самалёты. Асабліва не хваляваліся, бо самалёты ішлі з захаду. Але, услухоўваючыся ў нарастаючы гул, немцы пачалі праяўляць пэўныя адзнакі непакою. Дзе былі ў эшалонах якія агеньчыкі, адразу пагаслі. Гоман на пероне прыціх, нехта з немцаў выключыў рэпрадуктар, каб лепш разабрацца ў рокаце матораў.

Заварушыліся рабочыя ў дэпо, выбеглі на двор, пазіраючы ў чорнае неба, на якім не відаць было ніводнай зоркі: хмары засцілі іх.

Увесь гарадок трывожна прыслухоўваўся да начнога неба. Але сірэна супроцьпаветранай трывогі маўчала, маўчалі зеніткі. Ужо некаторыя немцы на станцыі пачалі былі гучна размаўляць, бесклапотна расхаджваць па пероне.

— Чаго хвалюецеся? Нашы! На Маскву!

І ў гэты міг тры ракеты адна за адной павіслі ў пасвятлелым небе. Пранозліва загула сірэна, ударылі зенітныя кулямёты з зямлі, з дахаў дамоў, з платформ эшалонаў.

— Разыходзьцеся па сховішчах! — крыкнуў Заслонаў рабочым.

Першыя ракеты былі збіты кулямётным агнём, рассыпаліся тысячамі блёстак і пагаслі.

Наступіла такая цемень, што хоць вока выкалі. Заглушаючы рокат матораў, надрыўна гула сірэна. Заслонаў кінуўся ад дэпо да таго месца, дзе стаяла на пуцях змазчыкава скрыня. Але не прабег ён і паўдарогі, як убачыў, што нехта яго апярэдзіў. Збоку мільгануў нясмелы агеньчык і, здаецца, пагас зусім, але праз якую хвіліну між вагонаў узвіўся велізарны слуп агню, і ў яркім святле відаць былі густыя клубы дыму, якія ахапілі адну з цыстэрн. Заслонаў зразумеў, што нехта пусціў бензін з яе. Іначай полымя не ўзнялося б так хутка і з такой сілай. А над станцыяй навіслі новыя гірлянды паветраных ліхтароў. Захліпаліся кулямёты, зацяўкалі аўтаматы-зеніткі, басавіта забумкалі дальнабойкі. А з неба несліся з нарастаючым выццём першыя бомбы. Заслонаў нырнуў пад вагон і згубіўся ў натоўпе салдат, якія беспарадачна беглі ў розных кірунках. Гарачы струмень паветра збіў яго з ног, сарваў шапку з галавы. Нешта з трэскам ударыла па вагонах, са звонам пасыпалася шкло. Заслонаў ледзь устаў, адчуваючы моцны боль у назе, якой вытнуўся аб шпалу. Поблізу крычалі гітлераўцы, нехта надрываючыся прасіў паратунку. «Насілкі, насілкі!»—чуліся нямецкія загады, але ніякая сіла не магла прымусіць санітараў узяцца цяпер за насілкі. Заслонаў спяшаўся да сховішча. Пераскокваючы цераз рэйкі, ён спатыкнуўся аб ляжаўшага чалавека. Той бубніў і бубніў адны і тыя словы: «Божа мой, божа, хто мяне выведзе адсюль, я зусім задыхаюся!»

Заслонаў нагнуўся над ім. На зямлі ляжаў босы немец, разбіўшы да крыві ногі. Ён быў у адной бялізне, калі не лічыць накінутага на плечы шыняля. У руках боты,— відаць, не паспеў надзець іх, калі ўцякалі з вагона. Пагоны на шынялі паказвалі на генеральскі чын.

— Уставайце! — падаў яму руку Заслонаў.

Генерал недаверліва глянуў на інжынера, але тут жа ўхапіўся за руку, ледзь узняўся на ногі.

— Я ж не магу так бегаць, як гэтыя салдаты! — нібы ў апраўданне свае бездапаможнасці захныкаў басаногі.

— Так, так, пан генерал! — Падцягваючы і падштурхваючы, Заслонаў урэшце прывёў яго ў бамбасховішча — ёмісты бункер, накрыты ў некалькі накатаў рэйкамі, мяшкамі з пяском і глыбока ўкапаны ў зямлю. Тут сядзелі машыністы, качагары з дэпо. Было некалькі рабочых з вугальнага склада. Засопшыся, убег змазчык. Не заўважыўшы ў змроку начальства, ён трагічным жэстам зняў шапку, старанна абтрос яе:

— Ну, ведаеце, скажу я вам, ашкалёпкамі зацерушыла ўсю кепачку. Даюць жару і не пытаюцца.

Нехта пырснуў смехам у кутку, хтосьці таргануў за крысо ватоўкі.

— А я што? Проста цярплівасці няма. З гэткай работкай можна і без галавы астацца. Ці не так я кажу, пан начальнік? — даволі развязна запытаўся ён у інжынера.

— А галавы я не раю вам траціць. Паберажыце яе лепш. Якой бы яна ні была, без яе, аднак, куды цяжэй.

— Святая праўда, пан інжынер! — не разгубіўшыся, адказаў хлопец, адчуваючы тым часам, што крыху ён перахапіў.

У бункеры было параўнальна цёпла. Генерал нацягваў на ногі боты. Захінуўшыся ў шынель, ён зусім павесялеў і, убачыўшы сябе ў акружэнні рускіх, пачаў пераконваць усіх, што рускі чалавек вельмі харошы. Заўважыўшы, аднак, што яго словы не знаходзяць асабліва шчырага водгуку, ён для лішняга пераканання пачаў тыцкаць сябе ў грудзі валасатай пяцярнёй:

— Я ёсць доктар, доктар-генерал... медыцына...

— Разумеем, пан генерал,— адказаў яму, падбіраючы нямецкія словы, Заслонаў.

У бункер забегла яшчэ некалькі салдат, уваліліся два афіцэры. Генерал адразу сціх і нібы ўцягнуўся з галавой у сваю шынельную шкарлупіну, старанна захінаючы ногі, каб не ўбачылі паны афіцэры яго безмундзірнага сораму.

А над зямлёй не змаўкаў шалёны грукат. Зямля скаланалася часам так, што жаласна звінелі рэйкі над галавой, праз шалёвачную абіўку столі церушыліся тонкія струменьчыкі пяску ды бледны язычок газнічкі мітусіўся з боку ў бок, гатовы вось-вось патухнуць.

 

7

Для Мішкі Чмаруцькі ўся ноч прайшла ў радасным хваляванні. Гэта быў адзін з самых сур’ёзных выхадаў на сапраўдную баявую аперацыю. Такімі ж пачуццямі былі перапоўнены і іншыя ўдзельнікі брыгады, малады Чычын і яшчэ некалькі хлопцаў. Пад самую поўнач яны асцярожна прабраліся на поле за станцыю. Занялі зручныя месцы ў старым супрацьтанкавым рове. Раскапалі снег, наламалі яловых лапак, каб было цяплей сядзець у зацішных ад ветру норах.

Пачатак налёту ўзрадаваў іх і разам з тым крыху расчараваў. Бомбы лажыліся якраз над станцыяй, над дэпо, над чыгуначным мостам. Не было асаблівай патрэбы сігналіць ракетамі. Праз якія паўгадзіны кіраўнік групы, Чычын, перавёў іх усіх на новую пазіцыю непадалёчку ад запасной веткі, замаскаванай ссечанымі хвойкамі і елкамі. Хлопцы ведалі, што на ветцы стаіць аварыйны цягнік, цягнік-электрастанцыя, а побач, у пералеску, склад боепрыпасаў.

Але вось урэшце ўзляцела зялёная ракета — загад сігналіць. Некалькі чырвоных ракет узвіліся ў паветра і, апісваючы дугі, паляцелі ў напрамку да веткі. Мішка так усхваляваўся — а можа, вінаваты былі азызлыя на холадзе пальцы,— што адна яго ракета слізганула па снезе і пачала вырабляць такія выкрунтасы па полі, што Мішка як мага ўціснуўся ў сваю ямку, каб, чаго добрага, гэтая ракета не трапіла зноў у ракетніцу.

Але ён хутка асвойтаўся са сваім абавязкам і, не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна страляў са свае ракетніцы. Страляў і сачыў, як узнікаў недзе ўгары бліскучы чырвоны агеньчык, імкліва плыў у паветры і раптам згасаў, ператвараючыся ў хвост дымных іскраў, паволі падаўшых на зямлю. А ў асветленым пажарам небе паволі плыў, раставаў дымны след ад ракеты.

Аж захалодала на сэрцы, калі над галовамі загулі самалёты, заўважыўшыя ўрэшце чырвоныя ракеты. Хлопцы дружна пачалі страляць, яшчэ і яшчэ, каб убачылі яны там, добра разлічылі ўдары сваіх бомб, каб патрапілі яны ў самы раз, у самы раз!

Прагучала некалькі спозненых зенітных стрэлаў. Успышкі агню — нібы ўдары красалам па крэмні — на секунду асвятлілі абрыўкі кудзелістых хмарак. На які міг здалося Мішку, што ён сапраўды ўбачыў срэбную птаху ў небе. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Хлопцы адчулі, як, заглушаючы рокат матораў, набліжаўся пранозлівы свіст. Яны прыпалі да сваіх ямак, прыціхлі. Нібы маланкі бліснулі ў паветры, і следам за імі грымнулі ўдары ўзрываў. Снежная замець шуганула над полем, нібы вырваўся куды на волю вецер-віхор. Прамчаў і знік. Стала ціха-ціха.

Зноў стралялі хлопцы, ліхаманкава прыслухоўваліся да заміраўшых гукаў самалётаў. Няўжо не папалі, няўжо не нагледзелі цэлі? Але вось яны зноў набліжаюцца, рокат матораў нарастае, гудзе, аж звініць у вушах. І зноў чуваць свіст, які пераходзіць у страшэннае завыванне. Цікаўнасць перамагае страх. Мішка выцягваецца з ямкі, углядаецца ў мутную пеляну снегу, стараецца ўбачыць праз дробныя кусцікі, праз шчаціну быльнягу ў сумётах, а ці патрапяць бомбы, куды ім трэба. Зямля ўздрыгвае з такой сілай, што Мішку адкідвае на другі бок ямкі, і ён ад страху зажмурвае вочы, прыслухоўваецца да сябе, а ці жыў. Павярнуўся, адчуў, як хрупасцяць яловыя лапкі. Варухнуў нагой, рукой — усё ў парадку. Жывы, Мішка, жывы! Гэта паветраная хваля кінула яго, здагадваецца Мішка. І калі зірнуў, аж прыўскочыў ад радасці і, не ведаючы, дзе падзець яе, чым адзначыць, адну за адной выпусціў яшчэ дзве ракеты. Над веткай гарэла, трашчала, ускідвалася нешта снапамі іскраў, шугала клубамі чорнага дыму ў пазалочанае пажарам неба.

Але што гэта? Зірнуў Мішка ў бок, дзе сядзелі яго таварышы, і сэрца сціснулася ў гарачы камячок. Проста па снезе, правальваючыся па калені, бег у напрамку да ўзлеску чалавек. За ім гналіся некалькі салдат і крычалі: «Стой! Стой!» Абдаўшы снежным пылам, каля самага Мішкі пранёсся наўскач коннік наперарэз бегшаму. Пачуліся частыя хлапкі стрэлаў, ускрык. У ім пазнаў Мішка голас свайго таварыша Ваські Чычына, і сэрца Мішкава пахаладзела, нібы выставілі яго на пякучы мароз. Васька бег яшчэ па снезе, але відаць было, што бяжыць ён з апошніх сіл, спыняецца на якую секунду, каб перадыхнуць. Вось ужо блізка-блізка ля яго коннік. Васька прыпадае на калена. Божа мой, няўжо ўпадзе ён? Гучыць кароткі стрэл, і Мішка чуе храп каня, які, нібы спатыкнуўшыся, падае з усіх ног. Адстрэльваецца Васька з рэвальвера. Але ўсё бліжэй і бліжэй падступаюць шэрыя і чорныя постаці салдат і паліцаяў, абходзяць Ваську. Той ляжыць, зарыўшыся ў снег, страляе ўсё радзей і радзей.

Праз трэск бушуючага полымя чуе Мішка такі далёкі-далёкі, здаецца, голас: «Адпомсціце, браткі, за мяне!»

Голас абрываецца, знікае ў аўтаматнай чарзе.

Мішка бачыць, як збіраюцца салдаты купкай, дзе ляжыць на снезе нерухомае, чорнае. Потым яны разыходзяцца, раз’язджаюцца. Некалькі вінтовачных стрэлаў раздаецца недалёка ад веткі, куды проста на пажар, каб праскочыць паміж палаўшымі цягнікамі і схавацца ў лесе, папаўзлі па снезе два другія Мішкавы таварышы. Відаць, яны паспелі ўратавацца, бо салдаты, спяшаючыся, ідуць адтуль, ідуць уздоўж супрацьтанкавага рова, на хвіліну затрымліваюцца сям-там, абшукваючы месца, адкуль стралялі ракетчыкі. Вось адзін з іх, паліцай, бо крычыць па-руску:

— Глядзіце, і ракетніца тут!

Стоўпіліся, разглядаюць. Потым асцярожна пасоўваюцца бліжэй і бліжэй да Мішкі. Ён яшчэ раней паспрабаваў прапаўзці да ручая, там густы хмызняк прыкрыў бы яго ад ненавісных вачэй. Але з боку ручая едуць конныя салдаты. Назад, Мішка, назад! Можа ў глыбокім снезе рова прыхаваешся як ад чужога вока.

Рыпіць снег пад нагамі паліцаяў. Чутна, як лаюцца над галавой паліцаі: няма спакою ад гэтых дыверсантаў! І нечы голас загадвае:

— Бугай, паглядзі там, нешта чарнее!

У роў сунецца штосьці цёмнае, велізарнае.

— Рукі ўгору! — крычыць Бугай, — наставіўшы аўтамат, але пасклізаецца і падае проста на Мішку, наваліўшыся на яго сваім важкім целам. І з усяго размаху Мішка стукнуў ракетніцай па галаве паліцая. Цёмная аграмадзіна зараўла не сваім голасам, адна рука хапілася за твар, другая ловіць, намацвае Мішкава горла. «Нож!» —прамільгнула маланкай думка. Добры нож, з якім не расставаўся апошнія месяцы Мішка, які падарыў яму старэйшы брат партызан.

— Гэта табе ад Дзядзі Косці, сабака!

І так крыкнуў Мішка, што крыкам сваім перакрыў жывёльны храп паліцая. Як ён марыў, Мішка, Мішутка, быць падобным на Дзядзю Косцю! Як ён марыў убачыць яго, гэтага волата-чалавека, якога так баяцца немцы, што проста шалеюць, як пачуюць яго імя.

Пачуўшы пра Дзядзю Косцю, паліцаі ў страху кінуліся назад ад рова. Але ніхто не страляў адтуль. Тады яны паклікалі яшчэ некалькі чалавек, якія ўсё шукалі нечага па полі, і пачалі асцярожна падпаўзаць да рова, потым кінуліся кучай, наваліліся на нешта жывое яшчэ, трапяткое. Чалавекі два ўзвылі па-звярынаму, схапіўшыся за жываты, але другія асілілі, павалілі. Нехта, хапіўшыся рукой за распаласаваную шчаку, завойкаў, круцячыся на месцы:

— Ды біце яго, біце, бандыта!

Стукнуў удар аўтаматнага прыклада.

— Пастой, пастой, загадана жывым!

Напаўжывога, знясіленага, Мішку пацягнулі па снезе, скруціўшы яму рукі раменнымі паясамі.

Мішка расплюшчыў запаўшыя вочы. І неба здавалася яму незвычайным, казачным. Трапяткім золатам пераліваліся кудзелістыя хмаркі. Зоркі неяк паблеклі, нібы падталі. Яго неслі на самаробных насілках з двух бярозавых вяршынак. Яны пагойдваліся ў такт хадзе. І Мішку здавалася, што вось ён зноў маленькі-маленькі. Маці палажыла яго ў калыску, калыша, спявае яму калыханку. Слоў яе не запомніш. Толькі памятае адно:

— Мішка, Мішутка, а-а-а...

Спявае маці. Ціхі сон ахутвае Мішуткаву калыску.

І пахне, моцна пахне бярозавым лістам. Няйначай, май на дварэ. Спяваюць у сонечным небе жаваранкі, а дзесьці на станцыі гудзе паравоз: гу-гу-гу...

Нібы праз сон прачынаецца маленькі Мішутка, услухоўваецца ў матчыну песню. Але яна абрываецца. З грукатам падае калыска на падлогу.

Ах, як баліць галава ў Мішкі, нібы сціснулі яе жалезнымі абцугамі. І рукі, і ногі, і плечы...

— Вады! Піць!

Мішка ляжаў нерухомы, трызніў нешта і, калі прыходзіў пробліск свядомасці, бязгучна прасіў:

— Маці, піць...

 

8

Пад самую раніцу выйшлі з бункера. Зябка пацепваліся, трапіўшы на свежае паветра. Зірнулі навакол і міжволі спыніліся. Груды чорна-шызага пакарэжанага жалеза грамаздзіліся на ўсіх чыгуначных пуцях. На выходных стрэлках уцалелі ад агню два эшалоны. Адзін з іх моцна ўрэзаўся ў бок другога. Стаялі патрушчаныя вагоны, некалькі іх сышло з рэек, некаторыя стаялі, нахіліўшыся, гатовыя вось-вось упасці. Сям-там дыміліся, датлявалі пажарышчы. Ад воданапорнай вежы асталіся толькі груды бітай цэглы, а адноўлены бак ляжаў змяты і зрашочаны метрах у дваццаці ад вежы. Два паравозы нейкім цудам трапілі ў яму паваротнага круга, збіўшы, пакарэжыўшы яго. На адным яшчэ датляваў вугаль на тэндэры.

З прабоіны тэндэра вырываўся з шыпеннем струменьчык пары, відаць, закіпела перагрэтая ад пажару вада.

Некаторыя рабочыя неўзаметку падмігнулі адзін аднаму. Дубок, угледзеўшы, што поблізу не відаць начальства, хітра прышчоўкнуў языком, мармытнуў пад нос:

— Работы цяпер да самай суботы.

У паравозах, трапіўшых у яму, Заслонаў пазнаў тыя самыя, якія ўчора стаялі пад экіпіроўкай. Усміхнуўся ў думках: «Аднак не падкачалі хлопцы, усё зроблена, як па плану...»

Па пуцях прабіраўся Вейс з некалькімі афіцэрамі. Ён асцярожна перастаўляў лакіраваныя боты, каб не запэцкаць іх у попел, які шэрай пеляной заслаў адтаўшую зямлю на пуцях.

— Жахліва, жахліва! — паўтарыў ён і схіліў галаву. Куды падзелася ганарлівая звычка пазіраць на ўсіх з высока ўзнятай галавой? Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў камендант у добрую перапалку ноччу. Толькі і паспеў надзець новыя чыстыя боты.

— Дзе Штрыпке? Трэба думаць, з чаго пачынаць! Я даўно паслаў па яго! — нецярпліва азірнуўся Вейс.

Штрыпке з’явіўся. Правільней, яго прывялі. Следам бегла расшкуматаная пані — змазчык адразу пазнаў у ёй учарашнюю расфуфыраную асобу, у якой ён пытаўся пра час.

Яна ледзь паспявала подбежкам услед за мужам, якога вялі пад рукі два афіцэры. Бегла, спатыкалася, крычала:

— Я не дазволю! Я не дазволю!

— Што вы не дазволіце, мадам? — нахмурыўся і запытаўся Вейс.

— Я не дазволю, каб здзекаваліся з хворага чалавека. Вы паглядзіце на яго. Вы пагаварыце з ім. Што зрабілі вы з маім мужам? Я пайду да міністра, я буду скардзіцца фюрэру! — І жанчына, якая ледзь трымалася на нагах, зайшлася істэрычным плачам.

— Вы жонка паважанага Штрыпке?

— Ужо дваццаць год, як па міласці госпада бога...

— Калі вы прыехалі?

— Божа мой! Па яго тэлеграме. Учора.

— Аднак супакойцеся, мадам. Бачыце, тут не жаночыя справы. Адвядзіце мадам да кватэры... Што з вамі, Штрыпке? — урэшце глянуў Вейс на шэфа дэпо.

Той стаяў, безудзельны да ўсяго. Вочы яго свіціліся нейкім ліхаманкавым святлом.

Урэшце позірк Штрыпке спыніўся на разбуранай вадакачцы, і ён раптам нібы ажыў, узгарэўся.

— Вада! Вада! — спачатку зашаптаў ён, потым крыкнуў:

— Тут стаяла вадакачка! Я пытаюся ў вас, шволячы, дзе падзеўся мой бак?

Ён агледзеў усіх прысутных памутнелым позіркам, змоўк, ссутуліўся і ціха заплакаў:

— О, ты прыехала, мая старая, добрая жонка!

Плакаў і расціраў рукой брудныя слёзы па зморшчаным твары.

Вейс нахмурыўся. Афіцэры моўчкі пераглянуліся паміж сабой, некаторыя сумна паківалі галовамі.

— Адвядзіце яго ў гарадскі шпіталь. Бачыце, з чалавекам няшчасце...— Вейс мнагазначна пакруціў пальцам над уласным ілбом.

— Паклічце мне гэтага рускага інжынера, часова даручым яму заняцца дэпо,— загадаў камендант. Адзін з афіцэраў кінуўся ў напрамку да групы рабочых, каб знайсці пры іх дапамозе Заслонава. Але інжынер быў непадалёку і, заўважыўшы, што яго шукаюць, сам пайшоў да каменданта.

Не паспеў ён прайсці некалькі крокаў, як убачыў Коха, які з групай жандараў бег яму наперарэз. Выгляд у Коха быў нязвыклы. Ён, відаць, лазіў недзе на пажарышчы, прадзіраўся праз патрушчаныя і спаленыя вагоны. Шынель быў у сажы, у мазутных плямах. Быў распораты рукаў. Вочы — відаць, Кох не спаў усю ноч — былі наліты чырванню і гарэлі неспакойным бляскам. Твар бледны, узбуджаны. Не паспеў азірнуцца Заслонаў, як Кох, моцна ўдарыўшы яго рукаяткай рэвальвера, захрыпеў асіплым, сарваным голасам:

— Рукі ўгору, бандыт!

— Што вам трэба, пан камісар?

— Не размаўляць, бо прыстрэлю! — сіпеў Кох, тыцкаючы рэвальверам у грудзі. Падскочыўшыя жандары скручвалі рукі назад, другія шнырылі па кішэнях.

Камендант Вейс пазіраў на ўсе гэтыя з'явы, усхвалявана запытаўся:

— Пан Кох, што такое робіцца ў вас?

— Потым, потым...— узнервавана адказаў камісар гестапа і загадаў жандарам канваіраваць інжынера.

Так і павялі яго, звязанага, акружанага ўзмоцненым канвоем жандараў, трымаўшых напагатове аўтаматы.

Вейс нездаволена паківаў галавой, мармытнуў нешта пад нос, рушыў следам за Кохам, але перадумаў, паморшчыўся.

— Гэты малакасос зноў наломіць дроў, яму мала ўчарашняга...— злосна прагаварыў ён да сваіх афіцэраў.

 

9

У маленькай, з цэментавай падлогай, камеры ляжала некалькі арыштаваных. Іх заўважыў Заслонаў, калі яго штурхнулі сюды са слізкага парога. Ён упаў, моцна выцяўшыся локцем звязанай рукі, і, сціснуўшы зубы ад калючага болю, прыглядаўся да змрочнай камеры. У хлапчуку з забінтаванай галавой, які ляжаў бліжэй да яго, ён пазнаў Чмаруцькавага сына Мішку, якога памятаў яшчэ да вайны вучнем рамесніцкай школы. Ля сцяны нерухомым пластом ляжаў другі, з акрываўленымі грудзьмі. Ён ледзь стагнаў і ўсё прасіў:

— Браткі, забіце мяне, забіце!

Гэта быў рабочы з вугальнага склада. Каманда Коха знайшла яго паміж пуцей, прыціснутым да зямлі перакуленай з платформы гарматай. У яго былі змяты грудзі, перабіты абедзве нагі. Яго забралі сюды па падазрэнню ва ўдзеле ў дыверсіях у часе налёту. Быў яшчэ паранены асколкам бомбы машыніст Харошаў, падабраны ля рэштак яго паравоза, разбітага прамым пападаннем.

Грукат, калі падаў Заслонаў, абудзіў ад забыцця Чмаруцьку. Юнак з цяжкасцю павярнуў галаву, уважліва прыгледзеўся.

Глыбокая пагарда скрывіла яго губы, ён паморшчыўся і, прашаптаўшы «юда!», адвярнуўся ў другі бок. Багата кніжак чытаў Мішка Чмаруцька. Ён ведае ўсе гэтыя няхітрыя спосабы, калі да вязня падсаджваюць здраднікаў, правакатараў, якія прыкідваюцца такімі ж ахвярамі толькі з тым, каб выпытаць у вязня ўсе яго сакрэты, знаёмствы, сувязі, каб захапіць потым у свае рукі дзесяткі людзей, звязаных з падсудным. Не, ён не скажа, Мішка, ні слова ў прысутнасці гэтага здрадніка радзіме.

Грымнулі дзверы, і ў камеру ў суправаджэнні жандараў увайшоў Кох. З рэвальверам у руках ён абышоў усіх вязняў, грэбліва крануў чалавека з перабітымі нагамі, які ляжаў нерухома і нічога ўжо не чуў і не бачыў. Слабае дыханне, жоўты васковы твар гаварылі аб тым, што яму ўжо не выбрацца жывым з гэтай камеры. Кох ударыў наском бота па яго перабітых нагах. Той не адказаў ні енкам, ні ўздыхам, толькі вочы, якія былі заплюшчаны ўвесь час, адкрыліся на якую хвіліну, абвялі ўсіх нібы здзіўленым позіркам і зноў самкнуліся.

Заслонаву здавалася, што ён страчвае ўсякую ўладу над сабой, усю вытрыманасць. Вось кіне ён гэтаму кату такія словы, што скаланецца той і, ускіпеўшы злосцю, пусціць у яго кулю. Можа, будзе так лепей, чым пераносіць увесь жах, быць сведкам лютай расправы ненажэрнага ката над мілымі і дарагімі яму людзьмі. Аднак, перамагаючы сябе, адчуваючы, як дранцвее і сэрца і розум, ён звярнуўся да Коха:

— Пан камісар, нашто вы здзекуецеся з нябожчыка?

— А, загаварыў інжынер! Ну, мы яшчэ пагаворым з табой, у нас будзе для гэтага час...— А ён,— Кох кіўнуў галавой на ляжаўшага,— ён яшчэ не нябожчык. Але мы паможам яму стаць нябожчыкам, бо жывы ён ужо для нас бескарысны.

Ён выстраліў у знявечанага чалавека, жэстам паклікаў жандараў.

— Вось гэтага першым! — паказаў ён рукою на Чмаруцьку.

Жандары падхапілі юнака, пацягнулі яго па калідоры ў даволі прасторную камеру, дзе праводзіў допыты Кох.

Мішка не мог стаяць на нагах, яго пасадзілі на табурэтку і прыхілілі да сцяны.

— Ну што ж, будзем знаёміцца. Імя, прозвішча?

Юнак маўчаў.

— Імя, прозвішча? — грымнуў Кох на ўсю турму.— Я прымушу цябе гаварыць.

— Не ведаю. Не скажу.

— Хто паслаў цябе з ракетніцай?

— Хто паслаў? Сам пайшоў.

— Чым займаўся там?

— Што вы пытаецеся, вы ж ведаеце, чым я займаўся. Забаўляўся з нямецкімі эшалонамі.

— Гэта забаўка не кепская, але прыводзіць яна да шыбеніцы.

— Я ведаў, да чаго яна прыводзіць.

— Дык хто паслаў цябе, аднак?

— Я сказаў, што не ведаю...

— Дык я скажу табе, дурань, хто пасылаў. Цябе паслаў інжынер Заслонаў, ён даў табе ракетніцу, ён даў табе заданне.

Усё цела ныла ў Мішкі ад пякучага болю. Але калі пачуў ён гэтыя словы, не сцярпеў, рассмяяўся.

— Сказаў... Інжынер Заслонаў ваш падбрэхіч, гэты найміт! Я не ведаю ўрэшце, хто з нас дурань.

— Маўчаць! Завяжы язык, альбо я прымушу яго змоўкнуць.

Разлютаваны, ён кінуўся быў да юнака, але спыніўся.

— Калі ты не хочаш прызнацца, хто цябе пасылаў, то ён сам табе скажа. Ён ужо заявіў, што паслаў цябе разам з другімі тваімі таварышамі, разам з забітым...

— Хто забіты? — вырваліся ў Мішкі ўсхваляваныя словы. І тут жа замоўк, паступова ўспомніўшы мінулую ноч, белае снежнае поле, таварышаў.

— Ну, пасядзі крыху, зараз прывядзём таго, хто пасылаў цябе.

— Не, таго вы не можаце прывесці, вы не маеце ўлады над ім, рукі кароткія ў вас! А кароткія, бо душы ў вас кароткія, танныя, па капейцы за штуку. І справы вашы капеечныя. І інтарэсы капеечныя. Няма ў вас праўды нашай, якая ўсяму свету свеціць. А вы паўзяце, як гады, па зямлі, і ўсе ненавідзяць вас, бо вы п’яўкі, вы крывасмокі.

— Паменей, аднак. Развяжаш язык, калі загадаю!

У камеру ўвялі Заслонава.

— Вось ён сцвярджае, гэты малады чалавек, што вы паслалі яго сігналіць ракетамі савецкім самалётам.

— Хто сцвярджае? Што вы лжаце! — І вочы Мішкі ўзгарэліся калючымі аганькамі.

— Маўчаць, калі цябе не пытаюць. Дык што ты на гэта скажаш, пан інжынер?

— Скажу толькі, што недарэчная правакацыя нічога вам не дасць.

— Што ты разумееш пад правакацыяй, пракляты бандыт?

— Па-першае, я не пракляты, а па-другое, не бандыт. А па-трэцяе, я зусім не ведаю гэтага маладога чалавека, ён не працаваў у мяне. Усе сцвярджэнні могуць быць яго асабістай справай, якая не мае да мяне аніякага дачынення.

Мішка ўслухоўваўся ў словы інжынера. Яму цяжка было разабрацца ва ўсёй гэтай справе, якая разгортвалася перад ім і ў якой сам ён прымаў непасрэдны ўдзел. Няйначай, усё гэта сапраўды падроблена, каб нейкім чынам злавіць яго, Мішку, на слове, загубіць яго жывых таварышаў. Але чаму Заслонаў прыкідваецца, што не ведае яго, Мішкі? Ён ведае, даўно ведае, нават бацьку Мішкі гаварыў некалькі разоў і аб Мішку і аб другіх дзецях. Крыкнуць яму, што ён ілжэ, гэты здраднік радзіме, што ён ведае яго, Мішку! Што ж, тады прызнацца ў сваім прозвішчы, паставіць пад кулю старэнькага бацьку, брацікаў, маці? Не, не будзе гэтага, ніколі не будзе! Ён плюне ім у вочы, катам, ён будзе насміхацца з іх, але ніколі не даведаюцца яны, хто ён, адкуль. Ну, партызан. Шукайце іх па лясах, гады! Яны дадуць вам, забойцам. Аднак дзіўна ўсё гэта. Калі інжынер ведае яго, ён даўно сказаў бы Мішкава прозвішча.

Цяжка Мішку, цяжка разабрацца ва ўсім, што адбываецца ў гэтай камеры, што робіцца з ім, што робіцца з інжынерам. Адно ясна для Мішкі: быў ён, Мішка, савецкім чалавекам, такім і астанецца назаўсёды. Закатуюць? Могуць закатаваць. Страшна гэта, жахліва. Але колькі славутых людзей загінулі пакутнай смерцю! Іх расстрэльвалі, палілі ў топках паравозаў, душылі на шыбеніцах, у казематах, а людзі ўспамінаюць іх заўсёды, як вялікіх сваіх герояў. І жывуць героі доўгім, доўгім жыццём, вядомым усяму свету.

— Дык ты скажаш, урэшце, хто пасылаў цябе?

— Скажу... Партыя, народ мяне паслалі!

— Партыя? О-о... Так усе кажуць... Ты такая парушынка, што і не заўважаць цябе. Хто гэта будзе табой займацца, калі вас, такіх блазнюкоў, мільёны?

— Партыя кожнага бачыць. Яна і паслала мяне. Яна паслала мяне праз Дзядзю Косцю...— гаварыў ужо Мішка, уяўляючы сябе адным з салдат, няхай сабе малым яшчэ, але ж баявым салдатам, якіх пасылаюць на суровае, бязлітаснае змаганне з заклятым ворагам.

— Дзядзя Косця, кажаш? — нібы разгубіўся крыху ад нечаканасці камісар гестапа. Калі ў часе допыту паступова знікалі некаторыя падазрэнні ў адносінах да інжынера, дык цяпер з новай сілай вярнулася стаўшая ўжо неадчэпнай думка. Не, не просты чалавек інжынер Заслонаў. І хаця ўсе яго паводзіны, яго манера гаварыць, пэўная замкнёнасць, маўклівасць, заўсёдная карэктнасць у адносінах да начальства і гаварылі аб ім, як аб чалавеку сціплым, якога, здавалася, і не цікавіла нічога, акрамя яго непасрэдных службовых абавязкаў, і да якога вельмі варожа ставіліся рускія рабочыя, усё ж ён аставаўся загадкай для камісара гестапа. Чаму так гараць яго вочы, калі задаеш пытанні гэтаму хлапчуку, чаму ў яго аж спыняецца дыханне, калі Кох б’е злачынца, чаго дрыжаць тады пальцы яго рук? Можа, проста баіцца сам усіх жахаў, катавання? А можа...

Думкі снуюць у Коха сваім ходам, перакідваюцца адна за другой, то забягаюць некуды наперад, то зноў варочаюцца назад. Аб нечым успомніўшы, ён пытае:

— Ты камсамолец?

— Так, камсамолец... — абыякава адказвае Мішка. Нашто хаваць яму, нашто адкідаць ад сябе тое, што было такім светлым і радасным у яго жыцці, што падобна было на крылы, на якіх ляцеў ён насустрач жыццю! Толькі-толькі расправіў ён свае крылы! Нашто ж таіцца перад гэтым гадам? Так, ён камсамолец і ён памрэ, як паміралі некалі камсамольцы ў грамадзянскую вайну, як паміралі камсамольцы ў трыпольскіх вірах Дняпра... Страшна паміраць, але калі ўжо надыходзіць смерць, то як бы хацелася яму паўтарыць слаўны подзвіг Сашы Тышкевіча, які гераічна загінуў, кінуўшы гранату ў машыну з эсэсаўцамі. Гэта было недзе пад Жлобінам, але чуткі аб яго подзвігу даляцелі і сюды ў гарадок, аб ім гаварылі ўсе, камсамольцы і не камсамольцы. Саша меншы, чым ён... Чым жа ён горшы за Сашу? Так, ён камсамолец.

— Можа, ты скажаш, што ты камуніст?

— Камуніст? — удумваецца Мішка ў гэтае даўно знаёмае слова, якое стаіць у першай шарэнзе самых блізкіх і самых даражэйшых слоў: Радзіма, свабода, рэвалюцыя, Ленін, камсамол... Багата такіх блізкіх і родных слоў, якія бытуюць, як словы маці, бацька, праца. Ёсць яшчэ слова любоў. Любоў да радзімы... Як светлы прамень, прамільгнулі гэтыя словы ў думках Мішкі, лёгкім крылом дакрануліся да здранцвелага сэрца, і яно страпянулася, нібы ажыло. Так цёпла-цёпла стала на сэрцы, а прыжмураныя вочы бачаць далёка-далёка, усе прасторы радзімы, яе незлічоныя гарады, мільёны людзей яе, сэрцы якіх б'юцца суладна, думкі якіх аб адным: ворагу смерць!

Смерць ворагу!

А нехта душыць за горла, б’е галавой аб сцяну.

— Адказвай, калі з табой размаўляюць! — з пенай на губах крычыць азвярэлы кат, ухапіўшыся за Мішкавы плечы.

— Што ты хочаш ад мяне, кат?

— Я пытаюся — камуніст?

— А табе не ўсё роўна? Я камуніст, а ты хто? —І Мішка, напружваючы апошнія сілы, ужо не пытаецца, а крычыць на гэтага вылюдка ў мундзіры: —Ты хто? Адкуль, з якой паганай нары вылез ты, праклятая гадзіна? Ад цябе смярдзіць ужо трупам, ты чакаеш свае чаргі, каб цябе закапалі, як здохлага сабаку. Дарэмна стараешся, пёс, я нічога не скажу, што хацелася б табе пачуць ад мяне...

Забываючыся на ўсё, мяў, душыў падатнае цела ашалелы Кох. Заслонаў прыўзняўся быў на ногі, дужыя жандары пасадзілі яго зноў на табурэтку, балюча націснулі на плечы. Выціраючы спацелы лоб і залпам выпіўшы шклянку вады, расчырванелы Кох люта зірнуў на яго:

— Цяпер пазнаў ты яго?

— Так, пазнаў.

— Хто ён?

— Савецкі юнак.

— І толькі?

— А гэтага дастаткова. Што вы хочаце болей?

— Ладна. У нас яшчэ ёсць час для размовы. Вынесіце яго! — кіўнуў ён жандарам на нерухомае цела Мішкі.

У камеру ўвялі Харошава.

— І гэтага не ведаеш? — запытаўся ён у інжынера.

— Гэта машыніст Харошаў. Вы арыштавалі яго? Але для мяне не дзіўна цяпер, чаму ён тут. Вы проста спаганяеце злосць: на нас, на вашых рабочых, інжынерах, за гэты налёт, у прычынах якога я не абвінавачваў бы ні вас, ні гэтага рабочага, ні сябе самога. Але, можа, ён зрабіў якое злачынства?

— А пра гэта мы запытаемся ў яго. Чаму ты апынуўся на пуцях, калі звычайна ўсе ў такіх выпадках павінны быць у бамбасховішчах?

— А дзе мне было быць? Пан Штрыпке, як толькі пачалася паветраная трывога, загадаў усім дзяжурным машыністам, каб яны нікуды не адлучаліся і былі на ўсякі выпадак поблізу сваіх паравозаў. Вы можаце праверыць у самога пана Штрыпке. Ды і пан інжынер таксама чуў пра загад. Пан Штрыпке яшчэ сказаў, што мне, магчыма, трэба будзе развозіць вагоны. Я хаваўся ад бомб у вугальнай канаве. Але я не вінаваты, што мой паравоз разбіты. Ён, відаць, быў бы разбіты і тады, калі б я сядзеў дзе-небудзь у бамбасховішчы, як і рабочыя. Я астаўся б тады здаровы, не паранены, ды ніхто не стаў бы і цягаць мяне, як апошняга арыштанта.

Зноў уцякалі некуды, здавалася, такія яўныя ўжо доказы, падазрэнні. Кох біў дзёрзкага хлапчука, а ўдары былі прызначаны для інжынера. Ён намагаўся злавіць у чым-небудзь машыніста з тым, каб заблытаць інжынера.

— Ён праўду гаворыць? — коратка запытаўся Кох у Заслонава.

— Такі загад сапраўды быў, і Харошаў павінен быў выконваць яго. Але, калі вы не верыце яму і не верыце мне, то самае простае запытацца ў пана шэфа. Нашто траціць лішні час?

— А вы думалі, што я вам так і паверыў. Мне не абавязкова пытацца ў пана Штрыпке, у мяне ёсць усе сродкі прымусіць і вас сказаць праўду.

— Гэта ўжо ваша справа, пан камісар. У вашы справы не ўмешваюся. Я хацеў толькі даць вам добрую параду, ваша справа — прыняць яе альбо адхіліць.

— Мне не патрэбны твае парады, бандыт! — ускіпеў раптам Кох.— Ён чортведама што нарабіў на станцыі, а цяпер яшчэ будзе апраўдвацца, выгароджваць другіх, яшчэ будзе мець нахабнасць даваць мне парады. Слімака сюды! А гэтага вывесці! — махнуў ён рукой на Харошава.

У камеру бачком не ўвайшоў, а ўсунуўся Слімак. Угодлівыя вочкі яго замігалі пад гнеўным позіркам Коха.

— Вы ведаеце гэтага чалавека?

— Ведаю... Ён начальнік рускіх паравозных брыгад...

— Я не пра гэта пытаюся, дурань! Хто ён сапраўды?

— Пан начальнік, ходзяць такія чуткі, што ён знарок прабраўся сюды, каб шкодзіць вам. Такая думка ёсць і ў пана Клопікава...

— А доказы?

— Каб яны былі, пан начальнік, то і сама паліцыя даўно расправілася б з ім. А так толькі чуткі, а простых доказаў няма...

— Выбіць іх, доказы! Біць, загадваю біць!

Былі звязаны рукі ў Заслонава, але свабодныя былі ногі. Калі ссутуленая постаць наблізілася да яго, ён сабраў усе свае сілы і так ударыў кованым ботам, што Слімак, войкнуўшы, расцягнуўся на падлозе, кусаючы абшарпаны рукаў свайго шыняля.

— Біць, біць! — крычаў раз’юшаны Кох.

Кулакі жандараў звалілі Заслонава з ног. Нехта моцна ўдарыў яго. Інжынер страціў прытомнасць. Калі ён апрытомнеў у лужыне вады, вядро якой выліў на яго жандар, Кох сядзеў за сталом супакоены. Ён сядзеў і цярпліва чакаў, калі інжынер расплюшчыць вочы.

— Ты будзеш адказваць на мае пытанні?

Заслонаў маўчаў. Кох падышоў да яго, прыгледзеўся, выклікаў доктара.

— Ён у цяжкім становішчы, пан камісар, яму трэба даць адпачын.

— Калі вы знаходзіце патрэбным, дамо яму перадышку.

 

 

10

Мішку павесілі раніцай на дэпоўскім двары. Павесілі і труп Ваські Чычына. Вецер пагойдваў іх целы на высокім ліхтарным слупе, з боку ў бок паварочваў фанерныя таблічкі, на якіх напісаны былі кароткія словы: «Яны былі партызанамі».

Рабочыя, якія першымі заўважылі і апазналі павешаных, кінуліся папярэдзіць сем'і, угаварыць маці Мішкі, каб яна не ішла гэты дзень на работу. Яна даўно чакала сына, здагадвалася, што здарылася нейкае няшчасце з ім, бо ён не прыходзіў дахаты пасля бамбёжкі. Але ў яе была надзея, што, можа, ён пайшоў да партызан, што, можа, ён хаваецца ў таварышаў. Падкрадвалася здрадлівая думка, што, можа, загінуў сын у часе бамбёжкі і труп яго ляжыць дзе-небудзь сярод зруйнаваных вагонаў. Яна ўжо не раз гаварыла Чмаруцьку:

— Ты б схадзіў, пашукаў на пуцях, каля станцыі.

Той адмоўчваўся. Адвярнуўшыся, змахваў няпрошаную слязу, выходзіў з дому, каб, трапіўшы на людзі, неяк перачакаць, перамагчы гора, якое навалілася на яго.

Калі сказалі маці аб сыне, яна адразу пачала апранацца.

— Я пайду туды. Я зайду ў гестапа і папрашу дазволу пахаваць яго.

Суседзі патрацілі багата часу, каб пераканаць яе ў вялікай небяспецы такога ўчынку.

— А мне ўсё роўна... Я пражыла сваё жыццё, і мне больш нечага чакаць...

Ёй напомнілі аб мужу, аб дзецях. Ёй сказалі, што гестапа расстрэльвае сем’і партызан.

— Няўжо вы хочаце аддаць у рукі гэтых забойцаў і сваіх меншых? — Іх падвялі да яе. Яны нічога не ведалі, што здарылася з іх старэйшым братам. У іх, у дзяцей, былі свае справы. Яны нецярпліва вырываліся, ім трэба было бегчы на вуліцу, да таварышаў, да сваіх гульняў. Але і яны прыціхлі, калі ўбачылі нахмураныя твары дарослых, а ў маці слёзы ў вачах.

— Чаго ты плачаш, мама?

— А я не плачу...— І да суседзей: — Добра, я астаюся тут, з імі... Я не пайду...

Чычын, які даўно страціў жонку,— яна памерла яшчэ некалькі год назад — сустрэў цяжкую вестку стрымана. Толькі на хвілінку сабраліся змаршчакі пад вачыма, нібы думаў аб нечым, успамінаў. І калі падаліся таварышы з хаты, ён зайшоў у бакоўку, каб ніхто не бачыў, і, прыхіліўшыся гарачым ілбом да шурпатай шалёўкі сцяны, сказаў нібы сам сабе:

— Сын мой, сын, як ты пакрыўдзіў мяне! Хто заменіць мяне, калі аслабеюць рукі мае, сэрца маё?..

Мутным, нічога не бачачым позіркам глядзеў на акно. Халодныя ледзяныя ўзоры вывеў на шкле жорсткі мароз. На сэрцы было яшчэ халадней.

Уздыхнуў. Прайшоўся цяжкім крокам па хаце. І, нібы зварочваючыся да таго, якога не было ўжо ў жывых, крыкнуў з усёй страснасцю набалелага сэрца: — Я клянуся табе, родны мой, мы адпомсцім ім за тваю кроў! Адпомсцім!

 

11

Наступны дзень быў поўны клопатаў для Вейса. Хавалі нямецкіх салдат і жандараў, загінуўшых у часе сутычкі з партызанамі. Вейс сказаў з гэтага поваду прамову, якой астаўся вельмі задаволены. У апошнія месяцы мала здаралася выпадкаў праявіць сваё красамоўства. Карыстаючыся выпадкам, ён гаварыў так доўга, што афіцэры, якія былі на пахаванні, нецярпліва паціскалі плячыма і недаўменна пазіралі на прамоўцу. У яго ўрэшце і ў самога зайшліся ад сцюжы ногі, і ён залпам выпаліў усе здравіцы фюрэру, каб хоць як хутчэй прайсціся і размяць ногі.

— Ну, ведаеце, каб вы зацягнулі яшчэ на колькі хвілін вашу страсную прамову, мы ўсе асталіся б без ног! — скрывіўшы нешта падобнае на лагодную ўсмешку, прамовіў падпалкоўнік.

— Разумееце, мая прамова і мяне самога кранула да самых ног! — адказаў жартам Вейс, здзіўляючыся сваёй уласнай дасціпнасці.— Але вы, пан падпалкоўнік, куды шчаслівейшы за мяне. Мне яшчэ трэба ісці на пахаванне паліцыянтаў.

— І там будзеце яшчэ раз выступаць з прамовай?

— Абавязак службы.

— Ну што ж, ім, відаць, не стане ад гэтага цяплей, нябожчыкам...— неазначальна ўсміхнуўся падпалкоўнік.

— Трэба ўзнімаць дух жывых! — з пафасам адказаў Вейс.

Паліцаяў хавалі без асаблівай пампезнасці. Спяшаючыся засыпалі зямлёй. Клопікаў нават праслязіўся, калі апускаў труну Сёмкі Бугая. Сказаў нешта падобнае на прамову:

— Спіце, нашы храбрыя героі! Над вашым прахам мы паклянёмся пайсці тым жа шляхам, якім ішлі і вы.

Вейс глядзеў на Клопікава, на яго сухую, жылаватую постаць, на хітрыя вочкі, якія слязіліся на марозным пранозлівым ветры, на кашчавыя жаўтлявыя пальцы рук, якія былі падобны на лапы драпежнай птушкі.

Асоба Клопікава зацікавіла Вейса апошнімі днямі. Да гэтага ён не меў асаблівых прычын блізка цікавіцца начальнікам паліцыі. Справы свае Клопікаў выконваў акуратна. З арыштаванымі быў люты. На экзекуцыях — жорсткі і бязлітасны. Але апошнімі днямі Вейс атрымаў крыху загадкавыя лісты. Былі яны ананімныя. Нейкі чалавек, схаваўшыся за подпісам «сапраўдны патрыёт Германіі», папярэджваў камендатуру аб начальніку паліцыі Клопікаве, як аб вельмі небяспечным чалавеку, які хітра маскіруецца, каб праводзіць сваю шкодніцкую падрыўную работу. У апошнім лісце гаварылася:

«...я не магу пакуль што раскрыць свайго сапраўднага прозвішча, бо стаўленікі і саслужыўцы гэтага бандыта Клопікава могуць расправіцца са мной. Я папярэджваю вас: будзьце дбайнымі, пільнымі. Хіба паліцыя Клопікава злавіла хоць аднаго вядомага партызана, камандзіра атрада альбо хоць камандзіра групы? Не. І гэта вам добра вядома. Ці выявіла яна хоць аднаго больш-менш буйнога ўдзельніка дыверсій? Не. Ці ліквідавала яна партызанскі рух у раёне, на чыгунцы? Не. Хіба паліцыя спыніла ўсе гэтыя варожыя акты? Як вам самім вядома, не. Наадварот, яны шырацца з кожным днём, набываюць такія маштабы, што яўна пагражаюць не толькі вашай уласнай бяспецы, яны падрываюць вялікую справу асваення краю. Паведамляю вам гэта, як шчыры патрыёт Германіі, які жадае германскаму народу толькі лепшага».

Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце.

Ліст прымусіў глыбока задумацца пана Вейса. Ён наважыўся быў арыштаваць Клопікава, зрабіць павальныя вобыскі і арышты сярод паліцэйскіх работнікаў. І толькі адна акалічнасць крыху перашкодзіла гэтаму. Ён чуў, што Кох загадаў Клопікаву арыштаваць дзяцей Мірона, які сам да гэтага часу аставаўся недасяжным ні для паліцыі, ні для жандараў, ні для іншых спецыяльных груп і каманд.

— Што ж, пачакаем яшчэ... Паглядзім, як выканае ён падобнае заданне. Тады адразу будзе відаць, хто ж ён, урэшце, гэты начальнік паліцыі Клопікаў.

Вейс выклікаў Шмульке Бруно.

— Вы даўно ведаеце Клопікава?

— Даўно. Як пачаў я працаваць тут.

— І што вы можаце сказаць аб ім?

— Мне цяжка што-небудзь сказаць аб ім, ён не зусім прыемны чалавек, хоць быў маім кватарантам.

— Чаму ён непрыемны?

— Ён неразумны. Ён рызыкаваў. Ён пайшоў быў супроць улады.

— Савецкай?

— Савецкай.

— Значыць, па-вашаму, кожны, хто выступае супроць Савецкай улады, неразумны чалавек? Так ці не так я зразумеў вас? — нахмурыўся Вейс.

— Вы не так мяне зразумелі. Пры Савецкай уладзе ён хацеў стаць вялікім камерсантам, што немагчыма. Гэта можа рабіць толькі неразумны чалавек, рызыкуючы сваёй працай, сваёй будучыняй.

— А-а... гэта іншая справа. А што вы скажаце пра Заслонава?

— Заслонаў галава, пан камендант, вялікая галава!

— Ён нядаўна арыштаваны. Інжынер сігналіў рускім у час налёту.

— Даруйце, гэтага я не ведаў, пан камендант! — зусім замяшаўся Шмульке.

— А як вы думаеце, мог ён падаваць сігналы?

— Божа мой, адкуль я магу ведаць, мог ён ці не мог? Я не жыву разам з ім, я не ведаю, што ён робіць. Калі ён падаваў сігналы?

— У часе налёту, паважаны Шмульке.

— Ну і галава, скажу я вам! Так лоўка прыдумаць: сядзець разам з намі і сігналіць.

— Дзе гэта ён сядзеў разам з вамі?

— Ну як жа. У бамбасховішчы. Сядзеў да самай раніцы, ды яшчэ ў пачатку налёту выратаваў пана генерала.

— Вы не хапілі сягоння часам добрай шклянкі шнапсу?

— Што вы, пан камендант! Я ніколі не п’ю гарэлкі.

— І вы б маглі пад прысягай сказаць, што ў ноч налёту сядзелі ў бамбасховішчы разам з інжынерам Заслонавым?

— Канечне, магу. Але нашто даваць прысягу, калі гэта бачылі шмат хто з рабочых. Урэшце, можна проста запытацца ў пана генерала. Я нават бачыў яго сягоння. Пан генерал — доктар.

— Доктар?

— Так, доктар...

— Гм... Цудоўна, скажу я вам, шаноўны Шмульке. Можаце ісці.

І Шмульке, не ведаючы, як лепш павярнуцца, каб не абразіць нязручным рухам высокага начальства, бачком, бачком, бязгучна і паволі выпхнуўся за дзверы.

Вейс аж рукі пацёр ад вялікага задавалення. Урэшце засыпаўся яшчэ раз гэты малакасос і выскачка Кох.

Яшчэ лішні козыр у яго руках супроць гэтага самаўпэўненага выскачкі. Цяпер ён пакажа яму пры выпадку «надзьмутага індыка», як нахабна назваў яго гэты малакасос, ды яшчэ пры панах афіцэрах.

Ён сабраўся і паехаў у гарадскі шпіталь, дзе часова быў змешчаны пан генерал, які астаўся амаль што адзін ад эшалона, трапіўшага пад бамбёжку. Ад яго і даведаўся Вейс аб усім тым, што яго, уласна кажучы, цікавіла: аб ролі інжынера ў выратаванні генерала.

 

12

У штабе Мірона радаваліся і сумавалі. Радаваліся атрыманай з Масквы радыёграме, у якой перадавалася падзяка камандуючага фронтам партызанам бацькі Мірона і чыгуначнікам Дзядзі Косці за ўдала праведзеную аперацыю. Пацвярджалася атрыманне звестак аб дыверсіях за месяц. У радыёграме з ЦК партыі бальшавікоў Беларусі на імя Дзядзі Косці раілася пашырыць вопыт яго групы на іншыя чыгункі.

У зямлянцы Мірона падпольны райком абмяркоўваў пытанні, звязаныя з абвешчанай фашыстамі «добраахвотнай» мабілізацыяй моладзі на работу ў Германію. Намецілі шырокі план самых разнастайных мер па выкрыццю чарговай нямецкай правакацыі.

Ужо Мірон устаў, каб закрыць пасяджэнне райкома, як яму перадалі запіску, толькі што прынесеную сувязным з гарадка. Мірон прачытаў яе і раз і два і, нахмурыўшыся, стаяў якую хвіліну.

— Не зусім добрыя навіны ў нас...— пачаў ён так ціха, што словы яго даходзілі нібы здалёк, ледзь улаўліваліся прысутнымі.— Павешаны два маладыя рабочыя ў дэпо, у тым ліку і наш сувязны Вася Чычын. Арыштаваны Канстанцін Сяргеевіч, зараз знаходзіцца ў гестапа...

У зямлянцы настала цішыня. Чуваць было, як цяжка дыхалі людзі, як шыпеў невялічкі агеньчык у лямпе і злёгку патрэсквалі ў жалезнай пячурцы сасновыя трэскі. Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Заслонава, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Аб яго сапраўднай ролі ведаў толькі райком.

Спыненае пасяджэнне райкома зноў аднавілася. Самай бліжэйшай задачай стала — чаго б там ні каштавала, вызваліць Канстанціна Сяргеевіча. Задача гэтая была не з лёгкіх. Іншая справа, каб Заслонаў трапіў у звычайную паліцыю, там былі свае людзі, праз іх можна было даведацца і аб усёй справе, а пры выпадку і вызваліць тым ці іншым спосабам арыштаванага. З гестапа было цяжэй. Яно змяшчалася ў раёне ваеннага гарадка, дзе стаялі розныя нямецкія часці.

— Вы разумееце, таварышы, што для выратавання Заслонава мы выкарыстаем усе нашы сродкі, усе магчымасці, якія толькі ёсць у нас. Памогуць нам і дэпоўцы. Ды і самога Заслонава не так-то лёгка фашыстам узяць у рукі. Мне здаецца, што ўзяты ён толькі па падазрэнню. Сярод тых, хто яго ведае, здраднікаў няма, так што прамых доказаў для яго выкрыцця, па-мойму, не павінна быць у фашыстаў.

Было за поўнач, калі разышліся партызаны з зямлянкі Мірона. І ён выйшаў з Блешчыкам, каб размяць крыху ногі, прайсціся па лагеры і падыхаць свежым паветрам. У лагеры было ціха, людзі спалі даўно. Толькі ў адной з зямлянак гаспадарчай каманды чуліся яшчэ галасы. Неўгамонны дзед Сымон, не знаходзячы сабе месца без прызвычаенай працы, наладзіў выраб саней. У яго зямлянцы стаяла печ-парыльня, у якой гнуў ён кляновыя палазы, вязы-папярэчыны, бярозавыя дугі. Атраду патрэбны быў добры транспарт, і на вырабе саней Сымон знайшоў цікавую работу і для сябе і для Сілівона Лагуцькі. Звычайна да Сымона заходзіў Астап Канапелька, які даглядаў атрадных коней. У свабодную хвіліну забягаў сюды і доктар. З гэтай прычыны зямлянку празвалі клубам старых. Тут ішлі гарачыя дыскусіі на самыя разнастайныя тэмы: з якога дрэва лепш зрабіць капыл, які полаз трывалейшы — гнуты альбо копанік, і што б яны зрабілі, каб да іх трапіў у палон Гітлер, і як трэба дамагчыся, каб гэтае праклятае фашысцкае насенне было хутчэй прагнана з нашай зямлі.

Часта заходзіў сюды і Мірон, каб пасядзець са старымі вольны вечар і паслухаць дзесяткі гісторый, расказваць якія быў вялікі майстар Астап. Мірон заходзіў сюды і па сур’ёзных пытаннях, каб параіцца са старэйшымі па веку, як зручней вырашыць якую-небудзь справу.

Праходзячы цяпер з Блешчыкам ля гэтай зямлянкі, Мірон не ўчуў звычайнага перастуку далатоў. Не чуваць было і гучных галасоў, якія ляцелі адтуль у часе якіх-небудзь гарачых дыскусій.

— Нешта ціха ў нашых старых сягоння,— заўважыў ён Блешчыку. І толькі сабраўся павярнуць да зямлянкі, як адтуль выбег Піліпчык і, трапіўшы са святла на цемрадзь, ледзь не наскочыў на іх.

— А ты чаго тут? — спытаўся ў хлопца Мірон, схапіўшы яго за руку.

— А я так,— разгубіўся хлопец і асцярожна вызваліў сваю руку.— Ды вам дзядзька аб усім раскажа, ён ведае...

— Што ён ведае?

— Ну ўсё... Ён вам скажа... А я да хлопцаў пабягу...

Нічога не зразумеў Мірон з гэтых блытаных слоў хлапчука, але ў сэрца прабралася адчуванне нейкай няяснай трывогі. З гэтым адчуваннем і зайшоў ён разам з Блешчыкам у зямлянку, скупа асветленую газнічкай. Старыя вялі ціхую гутарку, але адразу змоўклі, убачыўшы ўвайшоўшых.

— Нешта ціха ў вас сёння?

— А чаго шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын.

Адчувалася, што Астап гаворыць проста так, каб нешта гаварыць. Сымон і Сілівон маўчалі і ўхіляліся глянуць у вочы Мірону.

А Астап завёў яшчэ гутарку аб надвор'і, аб марозах.

— Усе балоты падмерзлі, можна днём па сена паехаць на далёкія лужкі.

З сена перайшоў на хлебапякарню, на гарадскія навіны.

Мірон механічна слухаў і адчуваў,, што нешта ўтойваюць ад яго, адцягваюць час для сур’ёзнай гутаркі. Сілівон Лагуцька моўчкі назіраў за ім, нібы разгадваў яго думкі. Паморшчыўшыся як бы ад нейкага ўнутранага болю, ён раптам рашуча сказаў Астапу:

— Што ты са сваімі навінамі чэпішся? Мірон і без цябе іх добра ведае. Мы дарослыя, чаму нам у жмуркі гуляць? Ты скажы, Астап, галоўнае, чаго ты за сенам хаваешся? Садзіся, Мірон...

Астап стаяў, нахіліўшыся да пячуркі, марудна корпаўся там, дастаючы вугельчык, каб прыкурыць.

— Што ж... Таго, што здарылася, не ўтоіш. А чалавеку так ужо ў жыцці прызначана, што даводзіцца ўсяго паспытаць: і радасці і гора. Але ж не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкое, але трэба адолець яго...

— Што ты ў нейкія абходы пайшоў? Ты кажы, без усякіх гэтых хітрыкаў,— аж узняўся быў і зноў сеў Лагуцька.

— Сапраўды, што ты хочаш сказаць мне?

— Кепскія, Мірон, навіны ў мяне. Мы ўжо гаварылі тут, раіліся. Хацелася раней яшчэ табе сказаць, але ў цябе нарада там ішла.

— А ты карацей...

Астап зірнуў на ўсіх, нібы просячы на падмогу.

— Няшчасце, Мірон, з тваёй сям’ёй. Арыштаваны твае дзеці.

— Адкуль табе вядома гэта?

— Ты ведаеш, Піліпчык учора праведваць пайшоў. Ледзь не злавілі яго там фашысты, яны засаду цяпер трымаюць у той вёсцы, думалі цябе схапіць пры выпадку. Ну, людзі хлопца папярэдзілі.

— Куды вывезены?

— Адны казалі, што ў Мінск альбо ў наш гарадок. Ды ніхто не бачыў, позняй ноччу бралі і паехалі немаведама куды. Яны, бачыш, хочуць...— замяшаўся крыху Астап.

— Так, чаго яны хочуць? — І Мірону свае ўласныя словы паказаліся нейкімі далёкімі, далёкімі, пазбаўленымі ўсякай цеплыні жывога чалавечага слова.— Чаго яны хочуць, урэшце?

— А ты, Мірон, прачытай лепш сам. Піліпчык вось афішку прынёс. Такія афішкі па ўсіх вёсках парасклеены.

Мірон узяў кавалачак тонкай сіняватай паперы, пачаў чытаць яе. Чорныя літары то знікалі, то зноў выстройваліся ў радкі, і сама папера, здаецца, абпальвала пальцы. Не, не пальцы... Сэрца гарэла ў пякучым агні, сціналася так, што вось-вось не вытрывае яно і, скалануўшыся, выскачыць праз цесныя грудзі. І тады знікне ўсё: і пацёртая паперка з чорным арлом, і гэтая нізкая зямлянка, дзе так пахне дымам, смоллю, прэлым бярозавым лісцем. І газнічка з трапяткім кавалачкам святла, якое палахліва мігціць па абсівераных тварах, згушчае змрок у прамёрзлых кутках зямлянкі і гатова вось-вось пагаснуць... Вось-вось пагаснуць...

У лістоўцы пісалася, што, калі не з’явіцца ён, бацька Мірон, у гестапа, яго дзеці будуць расстраляны як заложнікі. Калі з’явіцца — дзецям яго і яму самому даруюць жыццё.

— Даруюць жыццё... Хто? — сам сябе запытаўся Мірон, перачытаўшы лістоўку і перагарнуўшы яе. Відаць былі нейкія плямы на ёй, няйначай прыклейвалі яе дзе-небудзь да плота, да сцяны, асталіся сляды ад клею.

— Вазьмі яе, Астап... У печку...— Цяжка было ўзняцца самому і кінуць у печ гэтую сіняватую паперыну з чорным арлом.

Усе ўсталі, стоўпіліся навакол.

— Набярыся сілы, Мірон, не зважай... Магчыма, пужаюць. А мы выбавім дзяцей з бяды.

І другія нешта гаварылі, несуладна, кожны пасвойму.

— Мы ж з табой. Глядзі, колькі таварышаў спадзяецца на цябе!

— Не паддавайся гору! Яно губіць чалавека, калі яму паддаюцца.

— Тваё гора — наша гора. Яно лягчэйшае, калі яго несці разам...

Ён дзякаваў ім, стараўся гаварыць аб другім, пытаўся ў Сымона пра адмысловыя сані, на якія хлопцы збіраліся ставіць невялічкую гармату, знятую з нямецкага танка. Запытаўся ў Астапа пра коней, пра збрую. Пытаўся, слухаў, а думкі ўсё вярталіся да сіняй паперыны. Нехта ж пісаў яе, нехта ж думаў аб ім, аб Міроне, спадзяваўся на яго прыход.

Куды? У гестапа?

Не, не хадзіць яму ў гестапа, няма спраў такіх у яго, каб наведвацца ў тую ўстанову, парогі якой заліты крывёй.

А дзеці?

Не, не... Я не здраднік перад вамі, дзеці мае. Мы знойдзем вас, мы вызвалім вас ад чорных гадаў!

Ноч была светлая, марозная. Калматыя яліны свіціліся зеленаватым срэбрам. Зацярушаныя снегам, стаялі маўклівыя дубы, задуменныя хвоі. Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Толькі снег рыпіць пад нагамі, і кожны крок чуваць далёка-далёка. Ды з-за аснежанага інеем увахода ў Сымонаву зямлянку даносяцца нечыя галасы. І ў цішыні лясной ночы здаецца, што яны далятаюць аднекуль здалёк, здалёк, аж з-пад самай зямлі.

 

13

Калі яго наважыліся ўдарыць зноў, Заслонаў сказаў:

— Спыніцеся, я хачу гаварыць з панам камісарам.

Кох, які даўно страціў усякую надзею даведацца аб чым-небудзь у інжынера, ажывіўся, павярнуўшыся на крэсле. Ён аж рукі пацёр ад вялікага задавалення.

— Так бы даўно, я зусім не разумею вашай упартасці.

Дужа хацелася Коху пачуць што-небудзь, напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага Дзядзі Косці, якім заняты цяпер усе работнікі гестапа на дарозе. Не можа быць, каб гэты інжынер не ведаў аб ім. Ён, магчыма, выконваў яго волю, бо на станцыі яўныя доказы дыверсійнай работы: і гэтыя ракетчыкі, і знойдзены на паваленым ад узрыву семафоры спецыяльны ліхтарык для сігналізацыі.

Зноў жа шапка, знойдзеная на пуцях. Няхай ён паспрабуе адмовіцца ад яе.

— Я слухаю вас, пан інжынер.

— Я хачу заявіць вам, што ўсе вашы катаванні абсалютна, я падкрэсліваю, абсалютна дарэмныя. Я рускі інжынер, я служу на вашым транспарце і прыношу яму вялікую карысць. Разумееце, карысць. Аб гэтым мне афіцыйна заяўлена на нарадзе ў пана саветніка. Мой вопыт, мая праца рэкамендуюцца як прыклад для іншых служачых нямецкага транспарту, не толькі для рускіх. Вам, як работніку гестапа, гэта павінна быць вядома. І я патрабую, каб са мной абыходзіліся належным чынам. Толькі тады я змагу гаварыць з вамі, адказваць на вашы пытанні. Іначай вы можаце біць мяне, катаваць, страляць, вы не пачуеце ад мяне ніводнага слова. Я загіну, але памятайце, вас абвінавацяць у шкодніцтве, у самым звычайным дыверсійным падрыве транспарту. І мне здаецца, што вы і з’яўляецеся такім шкоднікам, ворагам нямецкага народа, які на чым бы ні стала хоча руйнаваць ваенныя камунікацыі.

Кох быў ашаломлены такой заявай. Ён аж прыўстаў за сталом і глядзеў на інжынера, шырока вырачыўшы вочы. І не пазнаць было, чаго болей у гэтых вачах: гневу альбо крайняга здзіўлення перад нахабнасцю гэтага чалавека, які, ідучы насустрач смерці (так, ён можа забіць яго, і хто будзе спаганяць з Коха гэтую законную смерць?), адважваецца гаварыць такія дзікія рэчы.

— Я, я... Ды я загадаю павесіць вас!

— Павесіць лягчэй, чым пусціць транспарт...— абыякава праказаў інжынер.

— Вы будзеце паміраць у мяне цэлы тыдзень. Мы будзем па кроплі выпускаць з вас кроў, і вы развяжаце свой язык... Вы...

— Я ўжо сказаў вам, што не пачуеце ад мяне ніводнага слова. Адзіная толькі просьба: паведаміць у дэпартамент аб маёй смерці, каб заўчасна прыслалі адтуль інжынера на змену.

— Божа мой, я не разумею гэтага чалавека! А гэта што? Што гэта? — Кох з грукатам расчыніў дзверцы стала, дастаў адтуль нейкае жалеза. У яго рухах было больш адчаю, чымся зразумелай у такім выпадку радасці следчага, які выкрывае злачынца неабвержанымі доказамі.

— Што гэта? — І ён паднёс да твару інжынера змяты ліхтар з уцалелымі кавалачкамі шкла.

— Наколькі я не памыляюся, гэта семафорны ліхтар, пашкоджаны ў часе бамбёжкі.

— А гэта што? — І Кох паказаў на зрэзаную галоўку ліхтара, на малюсенькую лямпачку, прымацаваную так, што яе святло можна было заўважыць згары, на праведзеныя да яе танюткія дроцікі. Можна было патушыць семафор, а маленькая лямпачка ўсё роўна гарэла б, і ніхто не заўважыў бы яе ні знізу, ні збоку.

— Можа, вы скажаце, што гэта не спецыяльная сігналізацыя для самалётаў?

— Чаму я павінен так гаварыць? Гэта сапраўды сігналізацыя і, я сказаў бы, даволі хітрая.

— Хто зрабіў, па чыйму загаду? Хто павінен адказ• ваць за ўсю гэтую бандыцкую работу?

— Пан камісар, вы задаеце адразу столькі пытанняў, хоць добра ведаеце, што я не магу адказаць ні на воднае з іх.

— Як гэта разумець?

— А вельмі проста. Вы запыталіся б у пана Штрыпке, ён шэф дэпо, ён адказвае за ўсё, у тым ліку і за электрасігналізацыю. Я, наколькі вам вядома, толькі начальнік паравозных брыгад. У гэтай справе я ў поўным вашым распараджэнні.

— Я не настолькі наіўны чалавек, каб верыць вашаму слову. Вы даўно з’яўляецеся ў дэпо паўнапраўным начальнікам. Я ведаю гэта.

— Вы гэта ведаеце, але я, як вы таксама ведаеце, сяджу цяпер тут, а не ў дэпо.

— Так, седзіцё праз гэтыя вось ліхтары. І калі вы адмаўляецеся ад іх, то вы не можаце адмовіцца ад гэтай штукі...

І стомлены Кох выцягнуў са стала шапку. Гэта была інжынерская шапка, крыху скамечаная, запыленая.

— Я абавязаны толькі падзякаваць вам, што вы знайшлі яе. Паўраніцы прашукаў яе на пуцях і не знайшоў. Гэта мая шапка.

Кох глядзеў на інжынера і лыпаў вачыма.

Пазваніў тэлефон. Кох машынальна ўзяўся за трубку.

Інжынер не чуў, аб чым гаварылі Коху па тэлефоне. Але па жэстах камісара гестапа, па яго кароткіх адказах, па чырвані, якая разлілася была па твары Коха, адчувалася, што гутарка была не з прыемных.

Званіў Вейс.

Спытаўшыся аб здароўі паважанага камісара гестапа, ён раіўся, як лепш распачаць аднаўленне станцыі і якія магчымасці ёсць у пана Коха ў сэнсе дапамогі рабочай сілай па расчыстцы станцыйных пуцей ад завалаў пасля налёту. Кох распараджаўся турмой і лагерам, ён зможа памагчы каменданту рабочай сілай. Вейс нібы між іншым пацікавіўся лёсам інжынера і вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што ён буйны злачынец.

— Ай, ай, які ён хітры, аднак, чалавек! Столькі давяраюць яму, а ён падводзіць начальства. Спадзяюся, што вы дастойна пакараеце яго.

І тут жа мімаходзь:

— А ведаеце, адзін генерал вельмі цікавіцца Заслонавым. Гаворыць, што гэты інжынер выратаваў яму жыццё, завёў у бамбасховішча і правёў там з ім усю ноч.

— А шапка? — машынальна выпаліў Ганс Кох.— Я пытаюся пра шапку?

— Так, так, пан камісар, генерал гаворыць, што інжынер знайшоў яго на пуцях у пачатку бамбёжкі і выратаваў ад смерці.

— А шапка...

— Добра, што вы ўспомнілі пра шапку. Дарэчы, мне прынеслі сягоння вашу шапку, якую вы згубілі ўчора на полі за станцыяй. Я перашлю яе.

Тут Ганс Кох пачырванеў так, што нават вушам стала горача. Нешта гаварыў яшчэ, блытаючыся, па тэлефоне, сяк-так закончыў размову. Сеў. Зірнуў на інжынера. Той спакойна сядзеў, распраўляў сваю шапку, здзьмухваючы пыл з яе.

Нерашуча запытаўся:

— Якога генерала вадзілі вы ў бамбасховішча?

— Не ведаю, хто ён. Як толькі пачалася бамбёжка, ён зусім разгубіўся. Ды падбіў, відаць, ногі, ісці не мог. Ён ляжаў зусім бездапаможны. Маім абавязкам было даць яму прытулак.

— І вы прасядзелі з ім усю ноч у бамбасховішчы? — недаверліва спытаўся Кох, унікаючы глянуць у вочы інжынеру.

— А што мне было рабіць?

На якую хвіліну ўстанавілася цішыня. Кох думаў, які больш зручны выхад знайсці з не зусім прыемнага становішча. Не ставіць жа сябе ў ролю яўнага дурня, які, па ўсім відаць, памыліўся. Маўчаў інжынер.

— Чаму вы не сказалі мне аб тым, што былі ў бамбасховішчы?

— Я адказаў вам на вашы пытанні. Аб бамбасховішчы вы ў мяне не пыталіся.

— Але вы павінны былі апраўдвацца. Вам прад’яўлены былі сур’ёзныя абвінавачванні.

— Бачыце, я лічу не вартым чалавечага гонару апраўдвацца ў тым, у чым не вінаваты. Падобныя абвінавачванні мне здаюцца проста смешнымі, не вартымі аніякай увагі...

— Аднак вы маглі пацярпець з-за гэтых абвінавачванняў.

— Я спадзяваўся, што вы здольны разабрацца, хто правы, хто вінаваты.

— Вядома, гэта так...— зусім ужо разгублена праказаў Кох.— І, як бачыце, мы ўрэшце разабраліся.— Памаўчаў з хвіліну, схамянуўся: —Мне хочацца сказаць вам... Пра тое, што вам давялося ўбачыць тут, ну... пра вашы асабістыя непрыемнасці, я прашу вас забыць і не ўспамінаць. Самі разумееце, што гаварыць аб іх дзе-небудзь не варта. А цяпер... Але хвіліначку...

Кох загадаў крыху прыбраць у сваім кабінеце. На стале з’явілася віно, сёе-тое з закускі. Відаць, Кох не адмаўляў сабе ў звычцы добра пад’есці. Твар яго ажывіўся, і поўныя шчокі расцвілі румянцам, калі ён зірнуў на талеркі.

— А цяпер... Сядайце бліжэй, вось сюды, да стала! Перакусім крыху і пагаворым. Вы ж клапоціцеся аб інтарэсах Германіі, гэта ўбачыў я нават у часе допыту. Ну, не будзем успамінаць, у кожнага свой абавязак, часам і не вельмі прыемны. Дык вось: у нас з вамі адна агульная задача — рабіць як мага лепш для нашай вялікай Германіі. Што на станцыі ёсць дыверсанты, бандыты, сабатажнікі, я спадзяюся, вы пераканаліся і самі. Нам трэба выявіць іх, узнагародзіць іх тым, чаго яны заслугоўваюць. Зрабіць гэта як мага хутчэй, іначай заўсёды будзе пагроза нашай справе, заўсёды могуць пры выпадку пацярпець зусім невінаватыя людзі. І вось я... мы... гестапа, спадзяемся ўбачыць у вашай асобе чалавека, які памагае нам не толькі наладжваць транспарт, але актыўна спрыяе нашай вялікай барацьбе супроць ворагаў Германіі.

— Я не зусім разумею, чым я магу быць карысны вам, акрамя мае непасрэднае службы?

— Справа, як убачыце, зусім зразумелая. Вы пацярпелі ад нас, мы праследавалі вас. Калі да гэтага часу вашы рабочыя, як вядома нам, ставіліся да вас не сказаць, каб прыхільна, а больш таго, яны ненавідзелі вас, то цяпер іх думкі зменяцца, і я думаю, значна. У вас убачаць чалавека, які няйначай спачувае ім, людзям, трапіўшым, як гаворыцца ў бальшавіцкіх лістоўках, у нямецкую няволю. Яны стануць бліжэй да вас, яны могуць раскрыць перад вамі свае сакрэты... разумееце... Як бачыце, праз вас, пры вашай дапамозе, мы зможам выявіць буйных злачынцаў, ліквідаваць усякі сабатаж на станцыі. І не толькі на станцыі. Нам вядома, што злачынцы звязаны з усёй дарогай. Вы не можаце ўявіць, якую каласальную паслугу зможаце аказаць нам. І тут не трэба ні асаблівай хітрасці, ні выключных захадаў.

— Так, гэта вельмі проста, пан камісар. Але тут патрэбны, як мне здаецца, нейкі вопыт, спрыт?

— Які там вопыт? Абы ў вас з’явілася жаданне.

— Не гаварыце! Без практыкі нічога не зробіш. Ведаеце, шчыра скажу — ніколі не займаўся я такімі справамі. Зноў жа, гэта палітыка. А я не палітык, я толькі чалавек тэхнічнай справы...

— Вы памыляецеся, пан інжынер. Са сваёй работай у дэпо на нямецкі транспарт вы ўжо не знаходзіцеся ў баку ад палітыкі, вы працуеце на нас, а не на бальшавікоў. Апалітычных людзей няма і не можа быць сярод служачых Германіі. Гэта закон. Дык што вы скажаце на маю прапанову?

— Баюся, што я не змагу даць станоўчага адказу на ваша запытанне. Як мне ўзяць на сябе зусім не зручную для мяне і, кажу вам адкрыта, не зусім паважаемую мной ролю, як бы гэта сказаць, ну... ролю даносчыка, ролю шпіка?

— У вас вельмі адсталыя, аднак, уяўленні. Не шпік і не даносчык, а звычайны інфарматар. Ён выконвае дзяржаўныя даручэнні, часам вельмі сур’ёзныя і адказныя.

— Гэта ўсё зразумела, пан камісар. Аднак я не магу адразу, вось проста так, узяцца за падобную справу. Я павінен добра прадумаць, зразумець усе яе асаблівасці, спецыфіку...

— Калі ласка! Падумайце добра і заходзьце заўтра раніцай перад вашай службай.

— Раніцай? Што вы! Ні ў якім разе я не змагу гэтага зрабіць. Вы бачыце, я хворы зусім. Мне патрэбны, магчыма, цэлы тыдзень, каб прывесці сябе ў парадак, стаць як след на ногі. Мне трэба падлячыцца крыху, каб зусім не злегчы ў ложак.

— А праз тыдзень?

— Падумаю, пан камісар.

— Памятайце, што ад гэтай справы вы не можаце ўхіліцца ніякімі адгаворкамі. Я не жартуючы вам скажу, што адмаўленнем ад нашай прапановы вы можаце паставіць сябе па-за рамкамі закону.

— Падумаю, пан камісар.

— Добра. Потым пазваніце мне па тэлефоне. Вам не абавязкова будзе з’яўляцца сюды ў будынак гестапа. Я звяжу вас з патрэбнымі людзьмі. Цяпер можаце ісці, пан інжынер, начальства турбуецца ўжо аб вашым лёсе.

Заслонаў устаў, але, успомніўшы аб нечым, затрымаўся.

— У мяне адно запытанне, пан камісар. Машыніст Харошаў вызвалены?

— А чаму ён вас цікавіць?

— Гэта адзін з маіх машыністаў, прычым з найлепшых машыністаў.

— Ён павінен быць пакараны.

— Ён зрабіў якое злачынства?

— Гэта не важна, пан інжынер, зрабіў ці не зрабіў ён злачынства. Важна пакараць яго, каб папярэдзіць усіх астатніх рабочых, што яны павінны працаваць толькі сумленна.

— Калі вы пакараеце чалавека, які заўсёды даваў прыклад толькі сумленнай работы, гэта пойдзе на шкоду нашай справе.

— Вы так думаеце?

— Не толькі думаю, але і настойваю на яго вызваленні.

— Гм... Што ж мне з вамі рабіць? Прызнацца, мне не хацелася сварыцца з вамі... Ладна, я вызваляю вашага машыніста, можаце браць яго з сабой. Толькі ўмова: праз тыдзень мы сустрэнемся з вамі.

 

14

У ноч перад вызваленнем Заслонава і Харошава рабочыя знялі з шыбеніцы трупы павешаных і пахавалі іх на дэпоўскім двары ў глыбокай варонцы ад авіябомбы. Паліцаі, якія ўдзельнічалі ў пакаранні і ахоўвалі потым шыбеніцу, напіліся ў тую ноч, хадзілі па дэпо, выхваляліся сваёй храбрасцю, пагражалі перавешаць усіх партызан і сабатажнікаў.

Быў сіберны холад, і рабочыя часта прыбягалі пагрэцца ў кацельную, якая разам з канторай і некалькімі цэхамі ўцалела ад бамбёжкі. Сюды зашыліся і паліцаі. Калі ў кацельнай асталося чалавек пяць-шэсць сваіх людзей, нехта выняў з кішэні пляшку і, памахаўшы ёй перад паліцаямі, хітра падміргнуў ім: у самы раз бы цяпер апахмяліцца з марозу!

— Давай, давай, братка, расціснем!

— Так я табе і даў тут! Яшчэ немцы заглянуць сюды, а ў іх наконт гэтага строга. Вас застануць п’яных, дык дастанецца і вам, ды і нам праз вас, дурняў, наганяй будзе.

— Ну, ну, ты не вельмі разяўляйся. Дурняў! За такія словы ведаеш куды вашага брата пасылаюць? Зоры лічыць.

— Раз так, дык аблізвайся на тыя зоры! — Рабочы схаваў пляшку ў кішэню і падняўся з яўным намерам выйсці.

— Пастой ты! Нельга хіба пажартаваць? Расціснем і справе канец.

— Вось так бы даўно. Тады пойдзем адсюль, каб не трапіць каму на вока.

Паліцаі падняліся. Падняліся і рабочыя. Пайшлі шукаць зацішнага кутка, каб быць падалей ад начальства.

Раніцай, калі Чмаруцька ішоў на работу ў вугальны склад, ён спыніўся на хвіліну непадалёку ад таго месца, дзе быў яго сын. Ён баяўся глядзець на тое месца. Страшныя думкі не давалі яму спакою: як жа так, каб ён, бацька, які так горача любіў свайго сына і нечакана страціў яго, не толькі не мог аддаць яму апошняй пашаны, уладзіць яго ў апошні шлях, але не мог, не меў права нават прызнаць яго сваім сынам. Куды б ні ішоў,— ці на вугальны склад, ці ў дэпо, ці на станцыйныя пуці — заўсёды за апошнія два дні трапляў сюды, каб хоць у думках сказаць яму:

— Я тут, сынок! Толькі ратуючы жыццё тваіх меншых братоў, я не прызнаюся перад праклятымі гадамі, што ты мой родны, мой блізкі. Даруй мне і прымі ўсю любоў маю, няхай сагрэе яна цябе ад лютага марозу і ад паганых позіркаў душагубаў. Бывай, мой сын...

І калі глянуў Чмаруцька, дык не паверыў вачам сваім. Шыбеніцы былі пустыя. Угледзеўся ўважлівей. З вялікага плаката кідаліся ў вочы чырвоныя літары слоў: «Вечная слава загінуўшым героям!» Ён паціху крануўся з месца і пайшоў на работу.

А бясконцыя думкі адна за адной мітусіліся, роіліся, пераганяючы адна другую: «Ёсць людзі на свеце. Ёсць праўда на свеце».

 

15

Знікненне трупаў пакараных і ўцёкі ў партызаны двух паліцаяў — толькі так і зразумеў Вейс здарэнне з аховай — нарабіла багата клопату Клопікаву і Коху. Калі разгублены Клопікаў дакладваў аб гэтай справе каменданту, Вейс прыкінуўся зусім абыякавым да яе. Ён запытаўся:

— Хто загадваў вам вешаць тых юнакоў?

— Пан камісар гестапа.

— Тады і вырашайце з ім гэтае пытанне.

— Але ж я павінен дакладваць вам аб усім, пан камендант.

— Вось вы і скажыце мне, куды вы паслалі паліцаяў?

— Я не разумею, пан камендант...

— Вы нешта багата чаго не разумееце. Вашы паліцаі вывезлі некуды трупы пакараных і самі ўцяклі да партызан.

— Не можа быць таго, пан камендант. Такія службісты, што толькі пашукаць. І... зусім надзейныя людзі.

— І ад надзейных людзей ні следу, ні знаку?

— Такія выпадкі здараліся ўжо не раз...

— Вось, вось, вось! Я і кажу, што гэта не ўпершыню. Не з партызанамі змагаецеся, а рыхтуеце кадры ім з сваіх паліцаяў, перабежчыкаў падбіраеце.

— Я не аб тым хацеў сказаць, пан камендант. Іх знішчаюць партызаны.

— Та-а-ак... Цудоўна! Можаце ісці!

Клопікаў выскачыў з кабінета, як варам абліты. Сядзеў колькі хвілін ля перакладчыцы, выкладваў ёй сваю душу.

— Ну як, запрасілі на імяніны?

Клопікаў успомніў, што ён сам перад тым, як ісці да каменданта, пахваліўся, што мае намер запрасіць іх — пана каменданта — на свае імяніны. Вядома, для ветлівасці запрасіць, для прыліку, бо не мог жа ён спадзявацца, што высокае начальства ашчаслівіць яго сваім прыходам. Але Вейс сустрэў яго так, што ён не пасмеў і заікнуцца аб сваім асабістым свяце. Нязручна крыху, што аб гэтых імянінах раззваніў па ўсім гарадку і нават запрасіў на іх некаторых паноў афіцэраў і сяго-таго з начальства.

— Бачыце, думаю запрасіць яшчэ. Нязручна, калі гаворыш аб важных справах ды пачынаць аб нейкіх там імянінах. А для мяне, Верачка, гэта вельмі і вельмі важна, каб па-людску хоць раз успомніць і пра сваё жыццё і неяк жа адзначыць свае пройдзеныя шляхідарогі. А яны ўсё жыццё маё віхляліся неяк — усё ўлукаткі, улукаткі... Колькі ні перажыў я, чаго толькі ні паспытаў у жыцці, божа мой, божа! А што я прыдбаў раней за свае смелыя думкі, што хацеў арлом-сокалам лятаць, каб баялася мяне розная дробная птаха? Нічога ж не прыдбаў. Сядзеў, як вуж пад калодай, і ад злосці свае аж пазелянеў, як тая жаба ў балоце.

— На каго ж злавалі вы, Арэст Адамавіч?

— Як на каго? На людзей, на каго ж болей?

— Вы ў вялікія начальнікі выбіліся, чаму ж вам крыўдаваць на іх?

— А хіба яны мяне вывелі ў свет? Я сам. Сваім розумам, спрытам, сваім надумам. Як вядома вам, жыццё маё цяперашняе — дай божа кожнаму. І павага ёсць і пашана. Баяцца. Аднак, як гаворыцца гэта ў святым слове: ва грэсех радзі мя маці мая... Жыву, стараюся, а клопату майго не заўважаюць. Хочуць, каб усё мог... Але я не бог, няма ў мяне такіх сіл, каб адразу ўсё мог зрабіць, што мне загадаюць. Вось дай ім партызанскага камандзіра! Уга! Ён толькі і чакае, каб я пайшоў і ўзяў яго. Так яго і ўзяў! Праўда, мы яго крыху перахітрылі, усё кодла яго забралі, цяпер нашых ручак і сам не міне.

— Пра якое кодла вы кажаце?

— Ды пра дзяцей яго. Ён думае, што схаваўся недзе ў лесе, дык яго і не дастанем.

— Вы сапраўды хітры, Арэст Адамавіч. Але цяпер клопату ў вас: яшчэ выкрадуць дзяцей з паліцыі.

— А нашто нам трымаць іх тут? Каб яны ведалі, дзе знаходзяцца дзеці, то маглі б здарыцца і розныя непрыемнасці. А мы іх падалей адаслалі, у суседні раён. Гарнізон там моцны, ды ніхто і не ведае, што яны там, ну... дзеці гэтыя самыя.

— Клапатлівая, аднак, у вас служба, неспакойная.

— І не кажыце! Дыхнуць няма калі. З добрым чалавекам словам перакінуцца і то некалі. Вось з вамі хіба і адвяду калі душу, бо вы чалавека разумееце і спачуваеце яму. Дык я ўжо з просьбай да вас, з невялічкай: будзе які выпадак, дык вы ім, начальніку нашаму, намякніце, што прасіць іх хацеў, дабрадзея нашага, каб яны ашчаслівілі мяне ў дзень майго анёла, ды пабаяўся.

— Калі вы думаеце спраўляць сваё свята?

— У нядзелю.

— А дзе?

— Ды ў доме маім, які адзычылі мне, дзякаваць ім, нашы гаспадары. Гэта хоць і на ўскраіне, але жыву, дзякуй богу, спакойна. Склады там нямецкія, дык побач са мной варта іхняя жыве, заадно і мяне пільнуе ад усякай напасці. І жыву, як у Хрыста за пазухай.

 

16

Заслонаў і Харошаў прыйшлі на работу пад вечар. На станцыі і каля дэпо мітусіліся немцы. Мабілізаваныя з бліжэйшых вёсак сяляне расчышчалі пуці ад жалезнага лому. Некалькі нямецкіх брыгад, якія прыехалі са спецыяльнымі аварыйнымі цягнікамі з Мінска, спешна рамантавалі асноўныя пуці.

У дэпо Заслонаў застаў Вейса разам з некалькімі нямецкімі чыгуначнікамі. Камендант адрэкамендаваў ім інжынера.

— Вас, пан інжынер, мы прызначаем часова выконваць абавязкі шэфа ўсяго дэпо. Ёсць спецыяльны загад з дэпартамента. Прашу вас асабіста: вазьміцеся за справы з усёй уласцівай вам энергіяй.

— Пастараюся, пан камендант, наколькі гэта ў маіх сілах.

— Цудоўна! Сіл у вас хапае, гэта нам вядома.

Пазваніў тэлефон. Кох даваў загад выявіць для пачатку акалічнасці знікнення двух паліцэйскіх у дэпо, якіх, на яго думку, няйначай забілі рабочыя.

— Слухаю вас, пан Кох.

— Які вы, аднак, нездагадлівы. Ці можна пры людзях называць маю асобу, гэта ж адразу вас можа выкрыць.

— Прашу прабачыць. З непрывычкі.

Вейс, пачуўшы прозвішча Коха, паморшчыўся. Але падумаў, што справе гэта не перашкаджае, чалавек, звязаны з пэўным месцам, становіцца больш надзейным.

Калі разышліся немцы, у кантору зайшоў Чычын. Ён пастарэў за гэтыя дні, ссутуліўся. Стомлена глядзелі заняпалыя вочы, і ўвесь яго твар неяк змяніўся, зрабіўся больш халодны, суровы. Гэтую суровасць падкрэслівалі пасівелыя скроні, новыя маршчыны пад вачыма.

Ён паволі падышоў да Заслонава, абняў яго.

— Вось і добра, што зноў ты з намі, Канстанцін Сяргеевіч! У нас як гара з плеч звалілася. Хапіла нам клопату! Мірон Іванавіч усіх сваіх партызан на ногі паставіў, каб у выпадку чаго на выручку да цябе. А ў нас радасць, такая радасць, што людзі гатовы ўвесь свет страсянуць.

— Нашто ўвесь свет? — ціха перапытаўся Заслонаў, паціскаючы шурпатую далонь Чычына.

— А каб немцаў да д’ябла скінуць. Нашы б’юць іх пад Масквой, гоняць іх адусюль!

— Пачакай, што ты гаворыш?

— Солнечнагорск, Істра вызвалены і яшчэ дзесяткі розных гарадоў!

— Адкуль ты ўзяў гэта?

— Не я ўзяў, родны мой. Чырвоная Армія бярэ. На вось, чытай, апошняя зводка Інфармбюро.

Заслонаў выхапіў з рук кавалачак паперы з школьнага сшытка, падбег да акна, упіўся вачыма ў шэрыя радкі аловачнага запісу. І чым далей чытаў, тым мацней калацілася сэрца. Аж рукі дрыжалі. І, трымаючы высока над галавой кавалачак паперы з школьнага сшытка,— пад лямпай сінелі, мітусіліся косыя вучнёўскія лінейкі — Заслонаў загаварыў узрушана:

— Ды ты ведаеш, што гэта значыць?! Ці адчуваеш, што гэта пачатак... Аб чым марылі мы, чакалі штодня і штоночы? Ды тут жа...— Ён так ударыў кулаком па стале, што перакулілася бронзавая чарніліца і з хрустам пасыпаліся на падлогу ледашы з падаконнікаў.

І, расцалаваўшыся з Чычыным, з такой сілай сціснуў яго ў абдымках, што той, ледзь устаяўшы на нагах, узмаліўся:

— Цішэй, цішэй, Канстанцін Сяргеевіч! Яшчэ які чорт падслухае.

— Што цішэй? Мы ім цяпер такога грому наробім, што яны паглухнуць, гады, паслепнуць!

І ўжо спакойна, амаль што шэптам:

— Трэба як мага хутчэй размножыць паведамленне.

— Ужо зроблена, Канстанцін Сяргеевіч.

— Тады хвалю. Хвалю, брат, хвалю! — І яшчэ раз паціснуў абедзве рукі. Пільна ўгледзеўся ў твар Чычына, спахмурнеў.— Нешта няладнае з вачыма ў цябе? Ці табе нездаровіцца, ці што! Не бачу агню ў вачах.

— Я здаровы, Канстанцін Сяргеевіч. Толькі душа вось баліць, а ёй не загадаеш... Страты, Канстанцін Сяргеевіч, мы панеслі. Людзьмі. Вось таму і сумна на душы ў мяне.

— Загінуў хто?

— Некалькі чалавек. Старога счэпшчыка Чалыгу...

— Ведаю, ведаю. Пры мне застрэлілі паўжывога ў гестапа.

— Мішу Чмаруцькава. Павесілі.

— Яго пры мне яшчэ дапытвалі ў турме.

— Сына майго забілі і нежывога пацягнулі на шыбеніцу.

Заслонаў неяк машынальна правёў далонню па схуднелай, калючай шчацэ, прыжмурыў на хвіліну вочы. Яму ўявіўся жывы, энергічны юнак, яго жыццярадасны твар, стрыманыя рухі, якімі ён заўсёды пераймаў свайго бацьку. Інжынер ведаў, як ненавідзеў яго юнак, які акуратна выконваў усе заданні, усе даручэнні, не ведаючы таго, што выконвае даручэнні Заслонава.

І вось няма Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Так і не даведаўся ён, Вася, што лік паганцаў на свеце меншы, чым ён уяўляў. Ва ўсякім разе меншы на аднаго чалавека.

Заслонаў падышоў да Чычына, узяў яго за рукі.

— Даруй мне, што я так не да ладу гаварыў.

— Родны мой, я не крыўдую.

— Я разумею. Не буду суцяшаць, бо цяжка суцешыць у такім горы.

Заслонаў змоўк. Яго схуднелы твар гарэў яркім румянцам, чорнымі вугалькамі свіціліся вочы, пальцы рук сціснуліся ў кулакі. Ён хадзіў нервовай паходкай па запыленым, прамёрзлым пакоі.

— Аднак і халаднеча ў нас!

— Разбіта паравое ацяпленне.

— Ну і чорт з ім, з ацяпленнем. Не нам дбаць, каб фашыстам было цёпла і ўтульна.

— Нам працаваць самім тут трэба, Канстанцін Сяргеевіч. Трэба неяк падумаць пра печы.

— Працаваць, кажаш?.. Так, нам трэба працаваць і багата працаваць. Але вось што, таварыш Чычын. Гэтымі днямі закончым мы з табой гэтую справу.

Інжынер расказаў аб падзеях у гестапа, аб шматлікіх падазрэннях, аб нахабнай прапанове Коха.

— Праз некалькі дзён пачнём мы з табой новае жыццё. Трэба падрыхтаваць народ. Ды трэба наладзіць і добрае развітанне з фашыстамі. Вядома, тут пакінем мы некалькі сваіх чалавек, каб не крыўдзіліся фашысты, што мы абыходзім іх сваёй увагай. Некаторыя сем’і трэба пераправіць у больш зацішныя месцы. На развітанне пастараемся наладзіць ілюмінацыю. Падпусцім ім аганьку, каб не скардзіліся на марозы. А цяпер ідзі, таварыш Чычын, займайся сваімі справамі.

 

17

Быў позні час ночы, калі атрад Мірона рушыў у дарогу. Кіраваў атрадам Блешчык. Ён быў ініцыятарам паходу. Ён і другія таварышы адгаварылі Мірона ад удзелу ў налёце на гарнізон суседняга раёна. І хоць яму хацелася самому ўзначаліць атрад, усе таварышы вельмі мякка, але настойліва прасілі яго астацца на месцы. Мірон не любіў марнаваць час без справы і, узяўшы групу байцоў, пайшоў у бліжэйшыя вёскі пагаварыць з людзьмі аб славутых падзеях пад Масквой.

Мястэчка, дзе стаяў нямецкі гарнізон, было кіламетраў за дзесяць ад ляснога масіву. Добрая гравійка злучала яго з гарадком. У бліжэйшых да мястэчка вёсках размяшчаліся паліцэйскія пасты. Немцы адчувалі сябе тут параўнальна спакойна.

У мястэчка зганялі жывёлу, рэквізаваную ў навакольных вёсках. Тут былі прадуктовыя склады і невялічкі маслабойны завод, нядаўна адкрыты сельскагаспадарчай камендатурай. Тут жа змяшчаліся і мясцовая камендатура, валасная паліцыя і эсэсаўскі атрад. У мястэчку некалі быў саўгас. Цяпер яго ператварылі ў дзяржаўны маёнтак, у якім акрамя некалькіх былых рабочых працавала вялікая група ваеннапалонных.

Калі атрад выйшаў з лесу, Блешчык падзяліў яго на тры групы, якія і пайшлі ў абход вёсак, маючы на мэце непрыкметна падысці да мястэчка з некалькіх бакоў. Гадзіны за дзве да відна ўсе групы былі на месцы і па ўмоўнаму сігналу кінуліся ў мястэчка. Гітлераўцаў засталі знянацку. Яны нават не паспелі заняць для абароны падрыхтаваных на ўсякі выпадак дотаў і, выскокваючы з хат амаль што ў адной бялізне, у паніцы кінуліся наўцёкі. Толькі ў памяшканні школы ды ў адным будынку яны паспрабавалі аказаць супраціўленне, але яно было хутка зламана. Пачуўшы, што ў розных мясцінах ідзе страляніна, фашысты падумалі, што яны трапілі ў акружэнне буйных партызанскіх сіл, і пачалі ратавацца, як хто мог.

Гарнізон быў поўнасцю разгромлены. Частка немцаў і паліцаяў трапіла ў палон, частка была знішчана ў часе перастрэлкі. Партызанам дасталіся вялікія трафеі. Але Блешчыка не цікавілі ні трафеі, ні захопленыя склады, ні статак адкормленай жывёлы на саўгасным двары. Уся ўвага яго была прыкута да школьнага будынка, пад якім знаходзіўся невялікі цагляны склеп, ператвораны эсэсаўцамі на турму. Нават у часе перастрэлкі Блешчык прымаў усе захады, каб лішне не пашкодзіць гэтага будынка. Яму было сурова загадана ні ў якім разе пры захопе школы не ўжываць гранат.

Дзверы ў склеп аказаліся адчыненымі. Ніхто не адгукаўся адтуль. Калі прынеслі ліхтар і асвятлілі склеп, Блешчык мімаволі адвярнуўся ад таго, што ўбачыў там. На земляной падлозе склепа ляжалі трупы старых, жанчын, дзяцей.

Сярод трупаў забітых не знайшлі тых, каго шукалі. Ад палонных паліцаяў даведаліся, што яшчэ ўчора з горада прыязджаў нехта з гестапа, і пасля яго прыезду дзеці Мірона і яго маці былі выведзены вечарам са склепа, расстраляны на могілках і там пахаваны. Камендант пацвердзіў словы паліцаяў.

Партызаны слухалі паказанні, і твары іх камянелі. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў!

І хоць уся аперацыя прайшла паспяхова, амаль што без усякіх страт, калі не лічыць некалькіх параненых, вярталіся назад невясёлыя.

Калі атрад вярнуўся ў лагер, Мірона яшчэ не было, ён быў недзе на вёсцы.

 

18

Прыемна расказваць людзям добрыя навіны і назіраць, як у спакучаных вачах пачынаюць разгарацца ледзь бачныя спачатку, непрыкметныя аганькі надзеі, чалавечай радасці. Людзі скідаюць з плеч цяжкае бярэма непрыгляднай абыдзёншчыны, прыціснутасці. Сям-там узнікае жывое слова. Нехта пытаецца. Чутны вясёлы выгук. Нясмелы смяшок урываецца ў стрыманую цішыню. І вось разышліся. Кожны хоча выказаць сваю думку, заўвагу, даць сваю прапанову.

— Дык колькі іх там палягло пад Масквой? — яшчэ і яшчэ перапытваюць, каб пачуць аб самым галоўным, аб выніках перамог.

— Так ім і трэба! Ведалі, куды пайшлі. Будзе ім яшчэ не тое!

— Будзе! — І ўлучыўшы хвіліну, калі крыху прымоўклі галасы, расказвае Мірон: — А вы памятаеце, як выхваляліся фашысты? З аднаго маху думалі сігануць да Урала.

— А як жа! — перабівае яго пажылы селянін.— Ты ўжо выбачай мяне, Мірон Іванавіч, што я крыху перашкоджу твайму слову. Яшчэ на тым тыдні, калі ў нас стаялі эсэсы, дык жа іхні афіцэр усё даводзіў нам, што Расіі ўжо няма, што ўсё войска наша разбіта і ў Маскве нікога не асталося. Вось брахаў!

Даклад ператвараецца ў жывую размову. Людзі задаюць пытанні, раяцца, як лепш прыхаваць дабро, жывёлу, як уберагчы моладзь ад мабілізацыі.

У гутарку ўмешваецца Сілівон:

— Што значыць уберагчы? Не яе берагчы, а яна павінна нас берагчы. Можа, каторы малады думае, што я ваяваць за яго буду, а ён на печы будзе ляжаць. Хацеў бы я паглядзець на такога, дайце мне яго сюды!

Некаторыя бліжэйшыя з моладзі пачырванелі. Чутны сарамяжлівы голас:

— І чаго вы, дзядзька Сілівон, упікаеце нас дарэмна, мы ідзём у партызаны.

— Калі гэта вы ідзяце?

— Ну вось жа разам з вамі і пойдзем.

— І за гэта дзякуй, як-ніяк весялей мне будзе старому з такімі бывалымі ваякамі.

Хлопцы камечаць шапкі, вінавата пазіраюць адзін на аднаго. Нейкая кабеціна смяецца:

— Дай ім, дай ім, дзед, дыхту!

— Ды кіньце вы, цётка, чаго дарэмна чэпіцеся! — не вытрымлівае нехта з хлопцаў.

— Што кіньце? У людзей моладзь як моладзь, а ў нас пазашываліся па завуголлю, нямецкага духу баяцца.

— Хто баіцца? А чые спаленыя машыны ляжаць у лесе? Хто іх паліў? Хто масткі на бальшаку пазнішчаў? Хто тэлефонныя слупы спілаваў? Хто нямецкае сена спаліў? Ці гэта само робіцца?

— Хваліцеся! То партызаны і рабілі, а не вы...— не здаецца цётка.

— Язык у вас, цётка, востры! Яго б на немца пусціць, дык, не раўнуючы, як кулямёт... Тры дывізіі б палажыла...— задзірліва наступае хлопец.

— І палажыла б! Не чакаць, пакуль вы храбрасці наберацеся.

Ужо ўся хата смяецца. Смяюцца старыя і маладыя. Смяюцца добраму жарту, трапнаму слову. Добра, калі смяюцца!

Мірон прыслухоўваецца, і ў яго пракураных вусах хаваецца цёплая ўсмешка.

Крыху ўгаманіліся ў хаце, ён пачаў зноў гаварыць. Калі напомніў пра ахвяры вайны, чуў, як прыціхлі ўсе. Не заўважыў, як з вуліцы зайшлі новыя людзі. Толькі пачуў насцярожаны шэпт, гарачае дыханне, ды некалькі слоў выбіліся з цішыні. Не зразумець іх: «Не, не... не можа быць таго...» А вочы ўсіх глядзелі на яго, прагна лавілі кожнае слова.

І калі сказаў: «Хіба забудзем мы людзей, якія загінулі за нас, за радзіму?» — неяк раскалолася цішыня, і жаночы голас загаварыў спачатку шэптам, потым збіўся на плач, на галашэнне:

— А братачка ты наш родненькі, а не прыйдуць яны болей да цябе, а не ўбачыш ты болей іх!

Вусны дзяўчат, кабет, якія стаялі бліжэй, скрывіліся ў балючую грымасу.

— Забілі іх гады, забілі...

Мірон глядзеў на ўсіх, не разумеючы ні галашэння, ні адведзеных ад яго позіркаў вачэй. А ў сэрца ўваходзіла халодная нямая трывога. Коратка спытаўся:

— Каго забілі, жанчыны?

— Дзетак тваіх фашысты загубілі...

— Хто сказаў? — перапытаў ён здзервянелымі губамі і адчуў, як нібы абарвалася сэрца, аж ледзь устаяў на нагах.

Да стала падышла жанчына. Яна нядаўна, відаць, зайшла ў хату, бо аснежаная, прамёрзлая хустка не паспела яшчэ адтаць і не паддавалася пальцам, якія намагаліся яе развязаць.

— Гэта я сказала, Мірон Іванавіч. Атрад вярнуўся з мястэчка. Немцаў пабілі там бадай што ўсіх. Вось толькі сям’і твае не паспелі выратаваць, ужо два дні, як усіх тваіх...

Яна недагаварыла, заплакала. Плакалі наўзрыд жанчыны.

«Як жа так? Пры чым жа тут дзеці? Дзеці пры чым?» — пытаўся ён у сябе самога і памутнелым зрокам глядзеў на людзей, якія былі ў хаце. Ён вельмі не любіў плачу. Аб чым жа плачуць яны? Аб чым галосяць жанчыны? Адказ прыходзіў хуткі, імгненны і бязлітасны, як лязо нажа,— аж захлыналася сэрца, адчуваючы яго дотык, востры, халодны: «Аб дзецях маіх, аб дзецях маіх...»

Далонню рукі працёр вочы, нібы адганяючы сон. Апёршыся рукамі аб стол, ён прагаварыў стрымана:

— Не трэба, жанчыны, прашу вас, не трэба... Кажу вам, цяжка мне бачыць вашы слёзы.

Хапаючыся, праказала жанчына:

— Як нам не плакаць, Мірон Іванавіч? Хто аплача іхнюю долю, хто іхнія магілкі аплача?

— Не трэба, кажу... Фашысты пачуюць плач наш, падумаюць, што мы баімся іх, што мы запужаны імі. Не трэба плакаць. А іх... дзяцей маіх... і ўсіх нашых загубленых... мы... аплачам па-свойму... Так аплачам... што стынуць будзе кроў у жылах катаў... што душы іхнія будуць трапятаць штодня, чакаючы няўхільнае свае смерці... Чым адкажам мы катам? Смерцю іхняй адкажам. Іх уласнай крывёй напоім мы ненажэрных вылюдкаў, каб яны былі сыты навек. Нічога ім не даруем, нічога ім не забудзем. А вы не плачце, жанчыны... Не сіраты мы. Не нам плакаць.

Змоўк Мірон, задумаўся. І нібы лягчэй крыху стала, нібы зваліўся з сэрца вялікі камень, калі выгаварыў усе словы, нібы палітыя ўласнай крывёю.

Позна ўночы ехалі да лагера. Паскрыпваў снег пад палазамі вазка, якім правіў Сілівон, спрытна кіруючы коньмі па занесенай сумётамі дарозе.

— Снягі, Мірон Іванавіч, у гэтым годзе вялікія. І кажуць, што ўсюды. На добры ўраджай такія снягі.

— Снягі як трэба, нічога не скажаш! — адарваўся Мірон Іванавіч ад сваіх думак.

У глыбокім начным небе высыпала безліч зор, і яны ледзь трымаліся ў марозных вышынях, трэпетна пераліваючыся далёкімі мігатлівымі агеньчыкамі. А навакол, у лесе, над лесам, стаяла цішыня. І гэтая знаёмая лясная дарога, задумлівы лес, блізасць сваіх і маўклівая цішыня — усё суцішала душу, улівала спакой у набалелае сэрца, абуджала надзеі, заклікала жыць.

А Сілівон, каб не пакінуць чалавека з яго горкімі думкамі, усё гаварыў, расказваў. І толькі адно абмінаў, асцярожна абыходзіў словы аб дзецях. Былі і ў яго цяжкія страты. Але гэта ўжо колішні боль. Чалавеку ж яшчэ трэба перажыць, перанесці.

 

19

Кох сядзеў у сваім кабінеце і, збіраючыся ісці на допыт, падбіраў патрэбныя дакументы, перачытваў атрыманыя загады і інструкцыі. Сярод іх былі два загады аб дыверсанце Дзядзю Косцю. Адзін, агульны для ўсіх устаноў гестапа, быў падпісаны самім рэйхсміністрам Гімлерам, які патрабаваў ужыць усе магчымыя сродкі, не лічачыся ні з ахвярамі, ні з вялікімі стратамі, каб толькі абясшкодзіць небяспечнага дыверсанта і ўзяць яго жывым або мёртвым. Другі загад быў падпісаны начальнікам гестапа па Беларусі Цэнерам і адрасаваны непасрэдна Коху. У гэтым загадзе напаміналася аб асаблівасцях раёна, у якім працаваў Кох, раёна, які набыў ужо сумную вядомасць чыгуначнымі катастрофамі і рознымі партызанскімі выступленнямі. Загад рэкамендаваў патроіць службовую пільнасць, бо зусім магчыма, што сам раён і з’яўляецца цэнтрам дыверсійнай дзейнасці чыгуначнага атрада так званага Дзядзі Косці.

Тут была ўласнаручная прыпіска Цэнера, які даволі празрыста намякаў Коху, каб ён шукаў злачынцаў не сярод правераных людзей, самааддана працуючых у дэпо на Германію, а праявіў бы больш стараннасці і спрытнасці ў іншых месцах. Гэта ўжо было падобна на начальніцкія кпіны.

Кох прачытаў абодва загады, нахмурыўся.

Ён ужо збіраўся ісці ў турму, як пазваніў тэлефон. У трубцы пачуўся голас інжынера Заслонава.

— Выбачайце, што турбую так позна, але я павінен выканаць свой абавязак, узяты перад вамі.

Інжынер напомніў, што, паводле яго, пана Коха, загаду, ён павінен з’явіцца заўтра ў гестапа, але звесткі, атрыманыя ім, настолькі важныя, што ён хоча абавязкова перадаць іх сёння.

— У чым справа, вы можаце прыйсці да мяне ў любы час дня і ночы.

— На жаль, не магу, пан камісар, ужо некалькі дзён, як за мной сочаць рабочыя.

— Тады я даю вам адрас чалавека, аб якім я гаварыў вам мінулым разам. Запішыце яго кватэру. Запісалі? Калі не знойдзеце яго, можаце накіравацца па другім адрасе. Гэты чалавек таксама вас прыме, скажыце яму, што па майму загаду. Не паверыць, няхай пазвоніць мне.

Заслонаў запісаў два адрасы явачных кватэр гестапаўскіх рэзідэнтаў. Кох перапытаў яшчэ раз:

— А што ў вас там за тэрміновыя звесткі?

— Звесткі вельмі важныя, пан камісар. Аб чалавеку, якога вы шукаеце доўгі час, аб Дзядзю Косцю. Я натрапіў на некаторыя сляды.

У трубцы чуваць было, як Кох папярхнуўся. Потым чуваць было, як забулькала вада, няйначай пан камісар наліваў вады ў шклянку. Хутка ўсхваляваны голас запытаўся:

— Вы не жартуеце, пан інжынер, паведамляючы аб такіх рэчах?,

— Што вы, пан камісар? Вы ведаеце мяне даўно, як сур’ёзнага чалавека.

— Тады... пачакайце... Вы нікуды не адлучайцеся з дэпо, я зараз буду ў вас.

— Слухаю, пан камісар!

Заслонаў палажыў трубку, зірнуў на Чычына, які чуў усю гэтую гутарку, засмяяўся.

— Што ж, хутка адрэкамендуемся пану камісару. Трэба неяк развітацца з ім. Не шкодзіла б і пана Вейса патрывожыць, але яму яшчэ хопіць турбот, ды і часу няма асабліва займацца з ім.

І адразу нахмурыўся, пасур’ёзнеў.

— Вось што, Чычын! У нашым распараджэнні,— зірнуў ён на гадзіннік,— яшчэ больш як паўгадзіны. Зараз вылучы дзве групы спрытных хлопцаў, чалавекі па тры, не болей. Вазьмі вось два адрасы. Гэта кватэры гестапаўскіх рэзідэнтаў. Трэба альбо ўзяць іх, альбо рашыць іх на месцы... Ну, разумееш... Па магчымасці захапіць паперы, калі будуць якія. Ды без асаблівага там гвалту, крыку. Прасачы таксама, каб Кох не ўчыніў якой пакасці, яшчэ здагадаецца аб усім. Калі будзе ісці з атрадам, папярэдзь. Ну, дзейнічай!

Інжынер астаўся адзін у напаўзмрочнай канторы. З-за перагародкі даляталі гукі з дэпо, там ішла прызвычаеная заўсёдная работа. Мерна цікаў насценны гадзіннік, і яго маятнік, як дыск месяца, пабліскваў, паволі пагойдваючыся за мутным шклом. Недзе на пуцях трубілі паравозы.

Заслонаў зірнуў на гадзіннік. Аставалася хвілін з пятнаццаць. Увайшоў спакойны, засяроджаны Чычын.

— Адзін ідзе!

— Ну і добра... Правер, каб усе былі на сваіх месцах.

Праз колькі хвілін у кантору зайшоў Кох. Відаць, ён вельмі спяшаўся. Вестка пра Дзядзю Косцю так уразіла, так узрадавала яго, так хацелася яму як хутчэй ажыццявіць сваю запаветную мару — злавіць такога буйнейшага злачынца, што ён занядбаў некаторымі мерамі перасцярогі. Хоць на вуліцы быў добры мароз, Кох увесь спацеў. Выціраючы мокры лоб, ён прысеў ля стала.

— Прызнацца, пан інжынер, вашы навіны прыемна мяне ўсхвалявалі. Я сам неадкладна займуся ўсёй гэтай справай. Аднак як і ці даўно ўдалося вам натрапіць на след гэтага чалавека?

— Даўно.

— І вы не паведамілі нам?

— Я не быў пераконаны, што гэта іменна той чалавек.

— А цяпер?

Заслонаў зірнуў на гадзіннік. Аставалася дзве хвіліны. Дзесьці на подступах да станцыі раздаўся далёкі яшчэ гудок цягніка. Прызвычаенае вуха інжынера пачула нават перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі.

— Цяпер? Цяпер я пераканаўся, што гэта ён.

— Божа мой, дзе ж ён? — аж крыху прыўзняўся за сталом пан Кох, хочучы як мага хутчэй вырашыць усю гэтую справу і задаючы безліч пытанняў.

— Дык я ўрэшце ўбачу яго?

Заслонаў устаў за сталом.

— Вы бачыце яго. Дзядзя Косця гаворыць з вамі, пан камісар!

— Аднак кіньце гэтыя жарты, яны не да месца...— сказаў збляднелы Кох, зусім разгубіўшыся і ад нечаканых слоў і ад цяжкага позірку вачэй, які, здаецца, прыціснуў яго да крэсла, амярцвіў усе яго рухі. Пальцы рук сутаргава ўчапіліся ў край стала, ледзь варушыліся здранцвелыя губы, нібы нешта хацеў сказаць пан камісар ці збіраўся крыкнуць шалёна, дзіка, як крычыць звер у сваю апошнюю прадсмяротную хвіліну.

— Не сумнявайся ў гэтым, кат, атрымай усё, што заслужыў ад нашага народа!

Некалькі ўспышак мільганула на змрочных сценах, на прамёрзлых аконных шыбах. Пры кожнай успышцы заміраў, нібы спыняўся медны дыск маятніка, абрывалася мернае ціканне гадзінніка.

Кох паволі спаўзаў з крэсла.

Інжынер агледзеў рэвальвер, не спяшаючыся, палажыў яго ў кішэню. Надзеў ледзь дрыжаўшымі пальцамі шапку, павярнуўся да дзвярэй, у якія ўваходзіў Чычын з некалькімі рабочымі.

— Трэба прыбраць яго адсюль.

— Слухаем, таварыш камандзір.

У гэтую хвіліну задрыжалі сцены, зайшліся ў жаласным дзвынку шыбы акон. Сям-там пасыпалася са сцен атынкоўка. Электрычныя агні мільганулі разы са два і пагаслі.

Да ўваходных стрэлак, дзе ўзнімалася нясмелае зарыва, беглі нямецкія вартавыя, салдаты з чыгуначнага батальёна. Завыла сірэна, палахліва мільганулі з боку чыгуначнага моста некалькі пражэктарных праменняў. Сірэна нібы захліпнулася, змоўкла. Чуваць было, як шыпела пара там, дзе ляжаў пад адхонам воінскі эшалон.

— Хутчэй адыходзь! — крыкнуў Заслонаў.

Па адным, па два яны асцярожна прабіраліся па глухіх завулках прымоўкшага гарадка, які насцярожана пазіраў на трывожнае неба, у якім яшчэ змагаліся з цемрынёй першыя водбліскі зарыва.

Калі людзі Заслонава былі ўжо на ўскраіне гарадка, раздаўся новы выбух.

— Бывай, кацельная! — сказаў нехта ў маўклівай групе людзей, якія ішлі па дарозе ад гарадка.

— Ну вось і адпрацаваліся на немца, дзякуй богу!

— Што ты вярзеш, Чмаруцька? Бачыш нашу працу? Вунь яна гарыць, палыхае!

— Адставіць усякія размовы!

Гэта быў голас Заслонава.

Чмаруцька аж спатыкнуўся, пачуўшы голас Заслонава.

— А ён як з намі? — ціха перапытаў, здзіўлены, усхваляваны.

— Маўчы, чуў каманду?

А на ўскраіне горада, зусім у другім баку ад спушчанага пад адхон эшалона, узнікла страляніна. Некалькі выбухаў гранат гучна аддаліся ў марозным паветры. Узняўся пажар.

— Добрага аганьку падсыпаў бацька Мірон! — ціха вымавіў Чычын, азіраючыся на палыхаўшае зарывам неба.

— Падкопціць як след...— так жа ціха адказаў Заслонаў.

Над аснежанымі вяршынямі дрэў трапяталіся бледныя водбліскі затухаўшага зарыва. Ідучы поплеч з Чычыным, Заслонаў моцна паціснуў яго руку.

— Жыць будзем, Чычын!

Гэта было сказана з глыбокай задушэўнасцю і цеплынёй.

— І рубаць будзем!

Чычын моўчкі адказаў на поціск рукі, не прамовіў ні слова, каб не перашкаджаць чалавеку з яго думкамі.

 

20

Клопікаў быў, як гэта гаворыцца, на сёмым небе.

Даўно не ведаў ён такой вясёлай вечарыны, даўно не чуў ён столькі ветлівых слоў, сказаных у яго адрас. Усе віталі яго, усе віншавалі яго. Нават нямецкія госці, інтэнданцкія афіцэры, шэфы з магістрата, памочнік каменданта і некалькі жандараў-эсэсаўцаў — усе гэтыя ахвотнікі выпіць і закусіць — моцна паціскалі яму рукі, пілі за яго здароўе, за яго поспехі.

Гасцей быў поўны дом. Сам пан бургамістр са сваёй дзябёлай палавінай сядзеў на самым пачэсным месцы. Паколькі ў Клопікава не было гаспадыні, яе ролю і абавязкі ўзялі на сябе жонкі гасцей. Калі госці добра падпілі, аднекуль з’явілася група дзяўчат. Дзябёлая палавіна пана бургамістра, яшчэ некаторыя паважаныя дамы пачалі былі круціць і фыркаць насамі, але флегматычны пан бургамістр, які ўжо ледзь сядзеў за сталом, гыркнуў на сваю палавіну:

— Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ж панам афіцэрам скакаць з вамі, тумбамі!

Дзябёлая палавіна кінула на мужа маланкавы зірк і ўляпіла яму такога ляшча, што ў яго вылецела парасячая костка з рук і з усяго размаху бразнулася аб графін. Шкло дзвынкнула, пасыпалася. Госці войкнулі ад нечаканасці, некаторыя аж схапіліся за пісталеты, падумаўшы ліха ведама што. Гаспадар дома, які здольны быў яшчэ заўважаць і пазнаваць сваіх гасцей, кінуўся да разгневанай палавіны пана бургамістра. Ён нават нязграбна прыкленчыў перад ёй, не раўнуючы як той галантны кавалер:

— Лапку вашу, лапку, непараўнаная Глікерыя Га... га... га... Ах, божа мой, спадобіў госпад бог татку вашага такога імені, што не выпіўшы і не ўспомніш. П’ю за здароўе ваша, вып'ем жа разам, шаноўная мая Глікерыя Га... га... га...

— Гальяшаўна, Арэст Адамавіч!

— Я ж і кажу... Вып’ем жа, Глікерыя Га... га... га... Ну, бог з ім, з таткам вашым, калі ён такі мудроны! Вось ручкі вашы... Цудоўна пахнуць яны, ах як цудоўна! І такія ручкі... Нядобра, нядобра, каб напускаць іх на такое божае стварэнне, як муж ваш, мой шчыры прыяцель. Нядобра, кажу... Я кажу, Арэст Адамавіч, вельмі нават проста... Я... Хто я? Вы скажыце мне, паважаныя госці, хто я ёсць такі? Я? Клопікаў? Арэст Адамавіч?

І ён стаяў на каленях і, выцягваючы трагічна рукі, усё дапытваўся, хто ён такі. Па п’яным твары каціліся буйныя, як боб, слёзы.

— Хто я ёсць? Сірата божая? Тля беспрытульная?

Дзяўчаткі, маляўкі мае, адказвайце мне: хто я, што я?

Яго акружылі жанчыны. Суцяшалі. Угаворвалі. Раілі.

— Нашто вы губіце жыццё сваё, Арэст Адамавіч? Вам гаспадыня патрэбна. За вас кожная сумленная жанчына пойдзе, за вамі любая дзяўчына подбегам пабяжыць.

— Слухай іх, слухай, Арэст, ды не дужа давайся ў рукі! Трапіш у лапы, як я да свае... Крошачка мая, ну не злуй, дай спакойна барана скончыць...— узмаліўся бургамістр перад грознай сваёй гаспадыняй, не прамінаючы, аднак, наліць сабе чарговую чарку, якую Глікерыя Гальяшаўна спрытна вырвала з яго рук і яшчэ спрытней асушыла залпам. Яна яшчэ раз сурова зірнула на яго і, заўважыўшы лены позірк мужа, кінуты на дзяўчат, трагічна адсунулася ад яго, устала:

— Ах, дык ты так! Добра, я ведаю, што рабіць!

І падхапіўшы суседа, кульгавага афіцэра, затупала з ім у факстроце пад шып і візг патэфона. Трашчалі, угіналіся маснічыны. Аб нечым пытаўся ў яе афіцэр. Яна касавурыла твар і, закочваючы вочы пад самы лоб і наступаючы партнёру на крывую нагу, гаварыла з захлёбам:

— Вужасць, як хораша, ву-у-жасць, як цудоўна...

Клопікаў, ужо кінуты суцяшальніцамі, сядзеў за сталом, уткнуўшы спацелую лысіну ў нечую талерку, усё мармытаў сабе пад нос:

— Я ўсё магу, усё... І пабяжыць каторая, вось паклічу толькі! Не, не трэба гаспадыні. Клопат. Непавага. Непарадак. Ах, божа мой, маці мая пакутніца, ты прасіла, каб жаніўся я! Не трэба... Яны размякчаюць сэрца, гэтыя валахатыя стварэнні. Аднак хто дазволіў? Чаму шум у маёй хаце? Ах, госцікі мае! Чаму ж мне не выпіць з вамі? Гарэлкі яшчэ сюды, гарэлкі! Я ўсё магу! Усяго ў мяне многа! Хто гэта не паслухае? Расстраляю... Вельмі нават проста...

Дрыжалі ходырам сцены. Трашчала падлога. Вішчалі дзяўчаты. Нястройныя песні перамешваліся з завываннем патэфона. Некаторыя з гасцей падаліся пад стол. Некалькі асалавелых немцаў спявалі асіплымі галасамі цягучую, як патака, песню. За сталамі ўсё яшчэ пілі. Сюды наведваліся і афіцэры з каравульнага памяшкання склада, што быў побач. Ішла папойка на кухні. Там распараджаліся дзеншчыкі, салдаты з каравульнай каманды.

Калі поблізу грымнулі першыя ўдары гранат, іх спачатку і не заўважылі. Але ў пакой ускочыў з двара перапужаны насмерць салдат. Ён дзіка крыкнуў:

— Партызаны!

У доме ўсё сціхла. Толькі няспынены патэфон усё выкрыкваў і выкрыкваў адну і тую ж пару слоў і ўрэшце нібы падавіўся і змоўк.

Калі зусім ужо блізка, здавалася, на вуліцы, грымнула некалькі гранат і ўсхадзіліся аўтаматы, у доме пачаўся несусветны гармідар. Тлусты бургамістр, набыўшы незвычайны спрыт, сігануў у першае акно і засеўся там у тоўстай раме. Ён заверашчаў такім голасам, нібы яго хто рэзаў. Усе, хто так-сяк трымаўся на нагах, кінуліся куды каторы. Дзябёлая бургамістрава палавіна дарэмна маліла на ўсе галасы:

— Зыгмусь, ратуй! Зыгмусь, заб’юць!

Але Зыгмусь толькі дрыгаў нагамі і екатаў, робячы адчайныя патугі вызваліцца з нечаканага палону. Паважаная Глікерыя, даўно страціўшы ўсю сваю суровасць, кінулася да дзвярэй і на карачках спаўзла з ганка. Яе прыкладу паследавалі і іншыя госці. Афіцэраў і след прастыў. Памочнік начальніка паліцыі намагаўся паставіць на ногі шаноўнага начальніка, але той упіраўся і пагражаў:

— Не дазволю! Хто мае права?

— Ды кіньце вы, Арэст Адамавіч, партызаны склад паляць!

— Партызаны? Як яны асмеліліся? Пойдзем пастраляем!

Памочнік падхапіў яго за пояс, павалок праз дзверы на двор, у сад.

У акне ўсё екатаў бургамістр, пакуль урэшце з вырванай рамай і паляцеў па вуліцы, наганяючы жах на гасцей, якія беглі, задыхаліся, каб падацца як мага хутчэй ад гэтага страшнага склада, над якім ужо ўзнімалася светлае зарыва.

 

21

Была адзінаццатая гадзіна ночы, калі Вейс урэшце змог зайсці ў камендатуру. Ён быў так знясілены, што як плюхнуўся ў крэсла, дык і сядзеў з заплюшчанымі вачыма, аддаўшыся асалодзе цеплыні, утульнасці, якія былі так прыемны пасля ўсяе страшэннае мітусні, беганіны па горадзе. З такой работай і звар’яцець нядоўга, як звар’яцеў нядаўна недалуга Штрыпке. Такая нахабнасць! Такая дзёрзкасць!

І мімаволі ён дакрануўся да мокрых ад расталага снегу валасоў. Зняў шапку, абтрос яе, палажыў на стол. Лямпа-газоўка — электрычнасці не стала пасля бамбёжкі — гарэла няроўным святлом, мігала, сіпела. Твар Вейса нахмурыўся.

Ён паклікаў дзяжурнага па камендатуры.

— Як пажар?

— Затухае, пан камендант.

— Чаму да гэтага часу не патушылі?

— Пажарныя машыны ўцяклі, пан камендант.

— Куды?

— Следам за бандытамі.

— Цу-у-доўна! Гм... І не перанялі?

— Немагчыма было, пан камендант. Страляніна была ў некалькіх месцах, і трэба ж было параненых з эшалона ратаваць.

— Аднак... Ну, можаце ісці.

Ледзь супакоіўся. Пазваніў пану Коху, каб даведацца, што думае камісар гестапа аб усіх апошніх падзеях. Але Кох не адказваў.

— Працуе, выслужваецца! Аднак я падлажыў табе свінню, будзеш ведаць, як задзіраць нос перад старэйшымі...

З прыкрасцю і з пэўнай доляй задавалення ўспомніў пан камендант пра ліст, які адаслаў ён сумесна з падпалкоўнікам, камандзірам пяхотнага палка, у адрас самога гаўляйтэра. Быў той ліст аб недапушчальных паводзінах камісара гестапа, які зусім не лічыцца ні з кім з паноў афіцэраў.

Пазваніў яшчэ ў паліцыю, каб праверыць, што рабіла яна ў часе партызанскага нападу. Незнаёмы голас адказаў, што пана начальніка няма, што ён спраўляе імяніны.

— Імяніны? — аж падскочыў разгневаны Вейс.— У такі час імяніны? Вар’яты! — кінуў ён тэлефонную трубку.

Дзяжурны прынёс вячэрнюю пошту, якой Вейс не паспеў разабраць з прычыны ўсіх гэтых нечаканых турбот. Яго ўвагу прыкаваў да сябе шэры канверт, падпісаны почыркам, які здаўся яму знаёмым. Так і ёсць, няйначай піша той самы загадкавы чалавек, які ўжо і раней прыслаў два лісты. І хаця тыя лісты і не здзівілі яго асабліва, але ж нешта, аднак, ёсць, што прымушае чалавека зноў і зноў зварочвацца да каменданта. У адрозненне ад мінулых, на канверце апошняга ліста стаяла прыпіска «тэрмінова».

Гэта да некаторай ступені заінтрыгавала. Ускрыў, пачаў чытаць. Невядомы карэспандэнт выказваў шчырае шкадаванне, што паважаны пан камендант не прымае ніякіх мер, што бандыты, якія прабраліся ў паліцыю і на чале якіх стаіць вядомы Клопікаў, вядуць і надалей сваю шкодніцкую работу.

«...Баюся, што маё апошняе папярэджанне спозніцца. Мне дакладна вядома, што разбойнік Клопікаў, дагаварыўшыся з партызанамі, спецыяльна наладжвае імяніны, каб, запрасіўшы на іх некаторых афіцэраў, у тым ліку афіцэраў з каравульнай каманды складаў, напаіць і іх і салдат і, такім чынам, памагчы партызанам спаліць склады, папсаваць дэпо і чыгунку...»

У Вейса палезлі вочы на лоб. Ён расшпіліў на шыі гузікі мундзіра, адчуўшы, што гэты мундзір нібы душыць яго. Спяшаючыся, ён выцер спацелы карак, пацягнуўся да графіна з вадой. Вочы не адрываліся ад ліста, які ён палажыў на стол — так дрыжалі рукі.

«...Мне дакладна вядома,— чытаў ён, і літары мітусіліся перад вачыма,— што гэтае кодла нешта замышляе супроць вас і супроць пана Коха. Недарэмна начальнік паліцыі падаслаў да Коха нейкага Слімака, які некалі працаваў у міліцыі. Цяпер гэты Слімак працуе ў гестапа».

Вейс сядзеў колькі хвілін, як прыкуты да крэсла. Расшпільваў і зашпільваў гузікі, схапіў быў шапку і ўзяўся старанна чысціць яе. Потым выйшаў са здранцвення і, стукнуўшы кулаком па стале так, што аж падскочыла лямпа, крыкнуў на ўсю камендатуру:

— Дзяжурны, сюды!

Калі ўбег перапалоханы не на жарты дзяжурны, Вейс коратка загадаў яму:

— Сабраць усіх афіцэраў! Салдат пад ружжо! Машыну!

Ён памчаў спачатку ў гестапа, запытаўся, дзе Кох. Там былі ўсе ў перапалоху, бо з самага вечара пан камісар як пайшоў некуды, дык да гэтага часу і не з’яўляўся. Было вядома таксама, што двух работнікаў гестапа знайшлі на вуліцы забітымі і ніхто не ведаў акалічнасцей усіх гэтых спраў.

Хутка Вейс, заручыўшыся падтрымкай гестапа, жандармерыі і амаль што цэлай роты салдат, развіў шалёную дзейнасць. Гарадок, які крыху ўжо супакойваўся пасля вячэрняй страляніны, зноў абудзіўся, насцярожыўся. Па вуліцах- ездзілі машыны, шалёна праносіліся конныя жандары. Нешта незвычайнае рабілася ля памяшкання паліцыі, дзе згрудзіўся цэлы натоўп з нямецкіх салдат і афіцэраў. Ішлі павальныя вобыскі і арышты па кватэрах паліцэйскіх і ў паліцэйскай казарме. Некаторым паліцаям удалося ўцячы, і шмат дзе па агародах, у полі, па-за горадам беглі куды вочы глядзяць ачмурэлыя паліцаі, якія ніяк не маглі ўцяміць, што за бяда навалілася на іхнія галовы.

Клопікава знайшлі толькі пад самую раніцу. Відаць, памочнік, сілячыся дацягнуць яго да свае кватэры, кінуў Клопікава недзе па дарозе ў знаёмых. Суровы начальнік паліцыі быў настолькі п’яны, што ніякія лютыя захады, якія толькі ні ўжываў разгневаны Вейс, ні да чога не прывялі. Клопікаў безнадзейна пазяхаў.

— Спаць! Адчапіцеся... пастраляю...— мармытаў ён і ледзь стаяў на нагах, падтрымліваемы з двух бакоў салдатамі камендатуры.

Нават раніцай, калі вывелі яго на плошчу, калі ўбачыў ён некалькі шыбеніц, пастаўленых у рад, калі пачуў ён людскі гоман,— Вейс загадаў сагнаць да шыбеніц амаль увесь горад — Клопікаў усё ніяк не мог ачнуцца. Некалькі разоў крутнуўшы галавой і праціраючы вочы, ён устрывожана прагаварыў:

— Божа мой, які, аднак, жахлівы сон!

Моцны мароз выбіваў хмель з галавы: начальніка паліцыі і яго спадручных вывелі без шынялёў. Калі ж канваіры схапілі яго за рукі і пачалі звязваць іх, Клопікаў ірвануўся з усіх сіл, закрычаў:

— Пастойце, пастойце, што вы робіце?! Іх вешайце, іх, яны гатовы знішчыць вас, яны вашы ворагі! — махнуў ён галавой да людзей, якія маўкліва глядзелі на ўсю гэтую сцэну і не зусім разумелі яе: каты вешалі катаў.

І дзіка заскавытаў, калі пацягнулі яго да шыбеніцы.

— Ратуйце, пан камендант! Што яны вытвараюць са мной? Ратуйце, панок, я ж ні душой, ні целам! Я ваш, я за вас, я за фюрэра, я вашы ручкі, вашы ножкі... Я...я...

Вейс махнуў нецярпліва рукой. Сінія льдзінкі вачэй задаволена заіскрыліся. Аблізаўшы сухія губы, ён ганарыста паглядзеў на народ і звярнуўся да яго з кароткім словам:

— Так будзе з кожным, хто выступіць супроць нас.

І велічна азірнуўшы ўсіх прысутных, падаўся да камендатуры, дзе ў гэты дзень у яго было багата розных спраў. Як-ніяк, перамога была не з лёгкіх. Паліцыя разгромлена, магістрат разагнаны. Частку работнікаў пусціў на шыбеніцы, большасць сядзела ў турме. Трэба было арганізоўваць усё нанава.

 

22

З групай гестапаўцаў Слімак некалькі дзён прабыў у канцэнтрацыйным лагеры, дзе па ранейшаму асабістаму загаду Коха яны наводзілі «парадак». Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя, былі некаторыя прыбыткі адзежай, рэчамі. Слімак збіраўся ўжо дахаты, як у дзяжурцы лагера яму трапіла на вочы газетка «Новы шлях», акуратным падпісчыкам якой ён быў ужо некалькі месяцаў. Газетка была самая апошняя, свежая. Налягаючы на кавалак сала, каб добра заправіцца ў дарогу, Слімак машынальна разгарнуў газетку, ленавата прагледзеў розныя аб’явы. Сярод іх было новае распараджэнне аб рэгістрацыі саматужных і гандлярскіх прадпрыемстваў. І толькі мільганула ў яго думка, што трэба сказаць Тамары, каб перарэгістравала сваю краму, як увагу яго прыкавала невялічкая заметка над самымі аб’явамі. Яе загаловак, набраны буйнымі літарамі, адразу кідаўся ў вочы.

Ён падсунуў газету бліжэй, углыбіўся ў чытанне.

«Як паведамілі нам нямецкія органы ўлады, камендатурай выкрыта буйная банда злачынцаў, якая звіла сабе гняздо ў гарадскіх установах. На чале яе стаяў усім вядомы Клопікаў, які праз ашуканства заняў сваю пасаду. Банда, будучы звязана з партызанамі, займалася дыверсійнай дзейнасцю ў горадзе і ваколіцы. Усе злачынцы панеслі заслужаную кару, галоўныя з іх павешаны».

Слімак адчуў, як у яго адразу здранцвелі ногі і рукі. Ён ледзь падняў руку, каб перагарнуць старонкі і пераканацца, што гэта ж такі сапраўдная гарадская газета, а не якая-небудзь партызанская лістоўка ці падкідная газетка, як называлі паліцаі партызанскія выданні. Не, усё было на сваім месцы.

З цяжкасцю падняўся, азірнуўся на ўсе бакі, схапіў газеціну і сутаргава запхнуў яе ў кішэню штаноў. Адмовіўся і ад хлеба і ад сала і, не чакаючы сваіх гестапаўцаў з групы, падаўся на дарогу. Калі апынуўся ў пералеску, збочыў з дарогі, зашыўся ў яловы параснік і сядзеў там спустошаны, знежывелы, адчуваючы, як нямеюць, заходзяцца на марозе ногі, як ледзянеюць адубелыя вушы.

Бралася на цямно. Чарвяк сумнення тачыў яго душу. Не можа быць, каб Клопікаў ды звязаўся з партызанамі. Партызаны галаву б адарвалі Клопікаву, каб трапіў ён у іхнія рукі. Тут нешта зусім незразумелае, нешта такое, што не паддавалася Слімаковай галаве. Гэта, няйначай, нямецкія ўлады знарок апублікавалі, каб увесці ў зман партызан, каб лягчэй саўладаць з імі. Гэта ўсё роўна, як апублікавалі яны некалі аб’яву, што будзе на рынку шырокі продаж солі, а пасля хапалі людзей і адпраўлялі ў Германію. Сам Слімак памагаў тады фашыстам. Зноў нешта надумваюць немцы, друкуючы такую неверагодную штуку.

Перамагаючы страх, ён пайшоў, ці хутчэй папоўз, па снезе да дарогі. Выбраўся, агледзеўся, як напалоханы звер, і, напружваючы зрок і слых, асцярожна падаўся ў кірунку да гарадка. Доўга не адважваўся прайсці апошняга паўкіламетра, усё блукаў па полі, тулячыся ў прырэчных кустах. Пільнаваўся, каб не папасціся на вока каму, хто мог бы ў такую пару ісці з лесу. Баяўся натрапіць і на чалавека, які ішоў бы з горада ў гэты час. Ўрэшце, скарчанелы, змарнелы, сяк-так перапоўз цераз агародныя платы і глухімі вуліцамі, завулкамі падаўся ў бок свае хаты. Калі заўважыў цёмныя слупы на плошчы, ледзь перавёў дыханне, паслабіў шалік на шыі, які муляў горла, ціснуў яго, як тая страшная вяроўка. Перабегшы вуліцу, пакульгаў, тулячыся да хат, да парканаў. У свой двор прабраўся ад завулка, праз сад. Аддыхаўся, прыслухаўся, ціхенька пастукаў у аканіцу. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ. Урэшце рыпнулі нясмела дзверы, і знаёмы голас палахліва спытаўся:,

— Хто там?

— Я...

Яго моўчкі ўпусцілі ў хату. У кухні, завешанай рыззём, жонка запаліла агарак свечкі. Яна стаяла і пільна ўглядалася ў яго.

— Уцякай!

— Куды мне ўцякаць? — зусім абыякава адказаў ён.

— У лес уцякай.

— У лес? Там зверу цяпер страшна.

— Бяжы ў вёску.

Ён паглядзеў на яе са здзіўленнем і недарэчна ўсміхнуўся, гмыкнуў. Яна зразумела.

— Тады падавайся куды ў другі горад, трэба зацерціся сярод людзей, ніхто не пазнае.

— Немцы ўсюды...— зноў абыякава прамовіў ён. Раптам страпянуўся, нібы тапелец, які адчуў пад нагой цвёрды грунт.

— Я да Коха пайду. Ён ведае, як служыў я, без падману служыў.

— Кажуць — Коха забілі.

— Таго не можа быць.

— Усё можа быць у наш час. Сёння знайшлі за вугальным складам.

— Усё роўна пайду... У гестапа пайду. Там павінны ведаць, дзе быў я апошнія дні. Пры чым я, калі палілі склады?

Жонка моўчкі сунула ў яго руку загад каменданта, які быў расклеены па горадзе. Гэта быў загад аб павешанні, аб якім даведаўся Слімак з газеткі. Але тут былі некаторыя пункты, аб якіх не ведаў раней Слімак. Тут было пералічана некалькі прозвішчаў паліцаяў, якія завочна прыгаворваліся да кары смерцю, як уцёкшыя ад арышту. Сярод іх і Слімак.

Апошнія надзеі, якія яшчэ цьмяна тлелі ў Слімаковай галаве, бясследна зніклі. Ён сядзеў, тупа ўставіўшыся ў нейкую кропку на сцяне, і думаў, мнучы ў пальцах распухлы кончык вуха. Жонка заламала рукі і заскуголіла ціха-ціха, як скуголяць у цёмную і непагодную восеньскую ноч бяздомныя псы на мокрых пустырах.

Слімак сядзеў за сталом і ўсё намагаўся думаць, каб знайсці нейкі выхад з той бяздоннай ямы, у якую трапіў. Але думкі былі такія цяжкія і неўвароткія, як важкія жорны: павернуцца, павернуцца, ды зноў становяцца на сваё месца. Цяжка і нязвычна было думаць Слімаку. Так і прасядзеў ён нерухома да самай раніцы. Ужо бралася на відно, калі ў дзверы застукалі моцна-моцна. Чуваць была нямецкая гаворка.

Усхапіўшыся з ложка, Слімакова жонка ліхаманкава адчыніла дзверкі ў пограб, спяшаючыся, кінула туды нейкія клункі, падхапіла пад рукі Слімака, сілком падняла яго з зэдліка:

— Лезь хутчэй, лезь, немцы!

Ён не злез, а скаціўся па слізкіх ступеньках, балюча выцяўшы калена. Стала цёмна. Нешта шарганулася над галавой, відаць, дзверы ў пограб былі засланы зверху дзяружкай.

Сядзеў скамянелы, прыслухоўваўся. На гары бразгалі дзверы, чуўся тупат ног. З двара даносіўся візгат свіней, галашэнне жонкі. Потым над галавой нібы працягнулі па падлозе нешта цяжкое. На хвіліну сцішылася. Але зноў пачуўся нясцерпны грукат, пранозлівы жаночы плач:

— Паночкі, даражэнькія, не бярыце ўсяго! Гэта ж не яго, а мая маёмасць.

Наверсе затупацелі, нібы збіраліся адчыніць ход у пограб. Бразнула жалезнае кальцо.

Спяшаючыся, Слімак зняў папружку са штаноў, накінуў на ўзмакрэлую шыю і, намацаўшы вільготны крук на сцяне, закруціў на ім пояс. Паціснуўся ўбок, было нізка, нязручна. Упаў на калені, выпрастаў анямелыя ногі. Папруга балюча прышчаміла скуру на шыі, аж пасыпаліся іскры з вачэй. Хацеў падцягнуцца, паправіць. Падбітае калена не паддавалася. Упёрся другой нагой, але яна паслізнулася на нечым.

«Божа мой, няйначай гнілая бульбіна!»

Гэта была апошняя яго думка.

Перад вачыма паплылі жоўтыя агні. Потым яны чамусьці сталі сінія-сінія, як поначы воўчыя вочы.

І іх не стала.

 

Частка трэцяя

 

1

Раніцай таго дня, калі Саколіч і яго спадарожнікі спыніліся на балотным астраўку, адбылося першае пасяджэнне абкома. Было яно кароткае, нешматслоўнае. І калі Саколіч сказаў не проста абкома, а падпольнага абкома, людзі нібы неяк падцягнуліся, пасуравелі. Кожны з іх адчуў, усвядоміў, што пачынаецца новае жыццё. Шмат з таго, што хвалявала, што звязвала з ранейшым жыццём, адступіла на задні план, стала другарадным, мінулым.

— За гэтыя два тыдні правядзём ва ўсіх раёнах сходы камуністаў, выявім усе партызанскія групы і атрады, падрыхтуем глебу для арганізацыі новых атрадаў. Народ выступае супроць захопнікаў. Паможам яму ператварыць гэтае выступленне ў вялікую непераможную сілу.

На гэтым скончыў Саколіч сваю прамову. Кожны яшчэ раз праверыў свой маршрут, узнавіў у памяці імёны людзей, з якімі, магчыма, давядзецца сустракацца. Праверылі сабраныя весткі аб бліжэйшых раёнах, удакладнілі формы сувязі, прызначылі месца збору. Саколіч, даўшы апошнія парады і напомніўшы аб асцярозе, крытычным вокам агледзеў абутак у таварышаў, адзенне. Потым зірнуў з-пад рукі на сонца — яно ўзнімалася над вяршалінамі дрэў, высокае, яснае, абяцаючы добрую пагоду.

— Што ж, таварышы, пара! Пажадаю вам шчаслівай дарогі!

Хвіліна, другая — і зніклі за бліжэйшай хвойкай постаці людзей, з якімі дзяліў ён усе небяспекі доўгай дарогі, якая прывяла яго сюды, на гэты балотны астравок. Ужо не чуваць і крокаў, а таварышы ўсё стаяць перад вачыма: і вечна вясёлы жартаўнік Гудзіма, і задумлівы Слышэня, і сарамяжлівы з выгляду Бохан, і непаседлівы Ельскі.

Раніцай разам з Ціханам Зарубам яны выбраліся з астраўка на грэблю, па якой ехалі некалі на машынах. Саколіч хацеў прабрацца ў саўгас, які вырас на ўскраіне асушаных балот і ў якім ён быў не раз за апошнія гады. Прыязджаў паглядзець на багатыя ўраджаі пшаніцы, канапель, на добра наладжаную гаспадарку, якая нагадвала індустрыяльнае прадпрыемства. У саўгасе былі добра абсталяваныя дамы для рабочых, прасторны клуб, кіно, невялічкая гасцініца для прыезджых, не кажучы ўжо аб такіх гаспадарчых пабудовах, як свая лесапільня, масларобчы завод, велізарныя аборы для жывёлы. Саўгас меў і сваю ўласную вузкакалейку, якая злучала яго з чыгункай. Усё гэта вырасла за якія-небудзь дзесяць — дванаццаць год.

Саколіч памятаў, як былі тут некалі непралазныя балотныя нетры, куды вясной ці восенню немагчыма было прабрацца. І вось у другой палове дваццатых гадоў сярод лазовых зараснікаў, на балотнай дрыгве, на гнілых рачулках з’явіліся першыя землечарпалкі, экскаватары. Прыйшлі сотні і тысячы грабароў. Паглыбляліся, выпростваліся віхлястыя і ленаватыя рачулкі, блакітнымі шнурамі праляглі магістральныя каналы, калектары, пракладваліся дрэнажныя лініі, будаваліся дарогі, масты, шлюзавае абсталяванне. Народ ішоў у рашучы наступ на балотную глушэчу. Саколіч быў гады са два партыйным арганізатарам меліяратыўнага будаўніцтва. І калі на асушаных дзялянках загулі сціплыя пуцілаўцы — першыя савецкія трактары, Саколіча паслалі на другую работу. Не без жалю развітаўся ён тады з усім калектывам, са сваімі сябрамі, сярод якіх асабліва блізкім быў яму начальнік аднаго ўчастка Лявон Маркавіч Светлік. Той так захапіўся сваім участкам, што, калі закончылася асушэнне, астаўся на ім будаваць новую, савецкую гаспадарку. Быў ён чалавек упарты, няўрымслівы і вельмі неспакойны. Дастаўляў ён багата клопату некаторым начальнікам, якія любілі пажыць без лішніх клопатаў і турбот. Наганяў страху на планавых работнікаў сваімі шматлікімі планамі і задумамі. То ён наважыцца будаваць чыгунку на балотах, то яму давай абсталяванне для электрастанцыі, то ён задумае нейкае асаблівае шлюзаванне на сваім балоце. І яму даводзілася часам вытрымліваць форменныя баі з былымі чыноўнікамі-прышчэпаўцамі, якія абвясцілі яго палескім Манілавым, кар’ерыстам-фантазёрам. Усё гэта, вядома, даўно мінулася. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. У саўгас прыязджалі з усіх куткоў рэспублікі павучыцца, як трэба весці гаспадарку на колішнім балоце, як трэба ваяваць з балотамі.

Дружба Саколіча са Светлікам мела і іншыя карэнні, яшчэ больш даўнія. Некалі Светлік працаваў рабочым на лесапільні, у тым жа гарадку, дзе Саколіч пачаў сваю працу на чыгунцы. Яшчэ тады, жывучы ў адной хаце, яны і пасябравалі, амаль што разам уступілі ў партыю, бралі чынны ўдзел ва ўсёй той рабоце, якую праводзіў гарком. Былі яны крыху непадобны характарамі. Светлік — жывы, рухавы, аматар пагаварыць, паспрачацца. Саколіч — больш ціхі, спакойны, без лішняй патрэбы не любіў улазіць у гаворку.

Выйшла так, што са Светлікам і парадніўся ў тыя гады, ажаніўшыся на яго сястры. Колішняя дружба не забывалася, і заўсёды з вялікай ахвотай наведваўся ў саўгас, калі праязджаў дзе поблізу. А ў часы адпачынку і спецыяльна заязджаў, каб з дубальтоўкай за плячыма пахадзіць са Светлікам па зарасніках, па густых лясах, якія прытуліліся сярод балот на пясчаных астравах і ўзгорках.

Саколіч ішоў па грэблі і аддаваўся ўспамінам. Па абодвух баках цягнулася зялёная роўнядзь, якая хавалася далей у тумане. Яго ўвагу прыкавала раптам незвычайнае відовішча: велізарны клін пшаніцы, які цягнуўся бадай на цэлы кіламетр, стаяў у вадзе. Стромкія, як чараціны, сцябліны набрынялі, пацямнелі. Сям-там цэлыя палосы пшаніцы, абцяжараныя буйным калоссем, паляглі, прыхавалі сабой вадзяное люстра. І ўсё гэтае вялізнае поле нагадвала дзікія чарацяныя зараснікі, якія некалі стаялі тут, служачы багатым прытулкам усякай балотнай птасе. І з гэтага поля ўзняліся ў некалькіх месцах імклівыя качкі, мякка прасвісталі крыламі ў паветры, зніклі ў кірунку сінеючай на даляглядзе палоскі лесу, якая нібы павісла над туманам.

Заўважыўшы сумны позірк Саколіча, Ціхан загаварыў, нібы апраўдваючыся:

— Для каго старацца? Для немца? Вось і рашылі ў саўгасе затапіць.

Моўчкі пайшлі далей. З-за высокіх параснікаў вербалозу патыхала гарам. Калі выйшлі на паваротку, заўважылі шызаватыя пасмы дыму над дарогай, праз якія прабівалася нясмелае і няяркае пад сонцам полымя. Гарэў мост цераз рачулку. Была яна не асабліва шырокая і глыбокая, але мост цягнуўся на цэлую сотню метраў, бо вясной яна, відаць, шырока разлівалася.

З прыбрэжных лазнякоў Заруба выцягнуў човен, і хутка падарожнікі зніклі ў густых чарацяных парасніках, якія сцяной наступалі з абодвух бакоў на сонную рачулку. Часам яны расступаліся, адкрываючы шматлікія рукавы, шырокія залівы. Чародкі качанят кідаліся з перапуду ў прыбярэжную асаку, ныралі ў чорныя нетры вады, якія, здавалася, не мелі дна. Ледзь гойдаліся на ўстрывожанай вадзе белыя, сцюдзёныя лілеі, паблісквалі пад сонцам васковыя пялёсткі жоўтых гладышыкаў.

Неўзабаве да берагоў рачулкі падступілі нізкія каржакаватыя хвойкі. Ціхан завярнуў човен у шырокую канаву, якая прарэзвала ўкрытае купінамі тарфянішча. Хвойкі сталі часцей, перайшлі ў густы сасновы бор.

— Адсюль зручней пехатой! — І, выцягнуўшы човен, Ціхан завалок яго ў параснікі арэшніку, які густа разросся па ўсім беразе.

Яны падыходзілі ўжо блізка да саўгаса, як за дрэвамі пачулі шматлікія людскія галасы, рыпенне колаў, рыканне жывёлы. Патыхала дымам, відаць, блізка нешта гарэла. Калі яны выйшлі на добра пратаптаную сцежку, аднекуль з-за дрэва да іх кінулася не заўважаная імі раней дзяўчына. Ускінуўшы вінтоўку, яна крыкнула ім:

— Стой, стой, хто такія?

І так пагрозна шчоўкнула затворам вінтоўкі, што Саколіч, які ішоў уперадзе, падняў рукі:

— Ціха, ціха, ваяка, а то яшчэ падстрэліш!

— Не рухацца, іначай заб’ю на месцы!

Яе каманда зрывалася на дзіцячы крык. І наогул у абліччы яе было багата чаго ад дзіцяці, ад хлапчука. З-пад хусцінкі вылазілі непакорныя віхры, бялесыя бровы былі нібы прыклеены на загарэлым твары. Шматлікія вяснянкі абляпілі кірпаўку-нос, рассыпаліся на лбе, надаючы ўсяму хлапчукаватаму твару выраз нейкага здзіўлення. Дзяўчына сапраўды глядзела на спыненых ёю людзей з некаторай разгубленасцю і здзіўленнем.

Раптам губы яе скрывіліся, рукі абмяклі, апусцілі вінтоўку, і, пачырванелая, яна кінулася насустрач Саколічу.

— А дзядзечка, а родненькі, я вас ледзь не падстрэліла!

І засаромелася, зірнуўшы на яго спадарожнікаў, змоўкла.

— Што ты робіш тут, Майка? — прытуліўшы і цалуючы яе, спытаўся Саколіч.

— Я, дзядзечка, жывёлу пільную... Не я адна толькі: тут яшчэ хлопцы, дзяўчаты, ну камсамольцы нашы.

— Ад каго ж вы пільнуеце?

— Ды ад немцаў, тут іх цэлая дывізія нядаўна прайшла.

— Вось якая ў цябе, аднак, справа! Дзе ж бацька?

— Ды там. Пажар тушаць. Гітлераўцы абору падпалілі. Нібы за тое, што ўся саўгасная жывёла даўно выгнана на ўсход, а ім мяса патрэбна было. Ледзь татка ўцёк, хацелі расстраляць яго, ды і іншых камуністаў.

— А гэта чыя жывёла?

— Рабочых. Частка і саўгаснай, якую не паспелі выгнаць.

Падышло некалькі хлопцаў, дзяўчат. У некаторых былі бярданкі, трапляліся і звычайныя паляўнічыя стрэльбы. Майка схамянулася:

— Гэта Васіль Іванавіч, сакратар абкома.— І ўжо крыху цішэй: — Мой дзядзька...

— Які я цяпер сакратар абкома, я проста дзядзька,— паспрабаваў аджартавацца Саколіч.

— Дзядзечка, я разумею вас... Але тут свае, камсамольцы, я сакратаром камсамольскай арганізацыі.

— Калі такая справа, тады нічога не папішаш. Павінен жа ў сакратара і дзядзька быць сакратаром!

Дружна засмяяліся хлопцы і дзяўчаты.

А Саколіч, зірнуўшы на групу юнакоў і дзяўчат, спытаўся ў іх ужо сур’ёзна:

— Што вы будзеце далей рабіць?

І некалькі галасоў адказалі дружна, разам:

— Ваяваць будзем, таварыш сакратар! Партызаніць.

— Багата з вас у партызанах?

Гэтае запытанне ўнесла некаторае замяшанне. Майка то пазірала на Саколіча, то, сумеўшыся, кідала быстры позірк на таварышаў.

— Калі ж нас,— пачала яна нерашуча,— не бяруць яшчэ ў партызаны, не хочуць браць...

— Не давяраюць хіба?

— Не... чаму...

— Шкадуюць, што яшчэ замалыя?

— Не ў гэтым справа. Але ў партызаны пайшлі ў першую чаргу камуністы, ну... і дарослыя...

І тут загаварылі ўсе:

— Несправядлівасць, таварыш сакратар! Калі вузкакалейку разбіраць — давай камсамольцаў, жывёлу гнаць — нам загад. А калі што сур’ёзнае, дык самі робяць, ды ад нас употай.

— Без вінтоўкі і не прымаюць. Ды каб добрая была, спраўная!

— Ды што вінтоўка! Вунь у адным атрадзе без аўтамата і не падыходзь. А дзе ты яго адразу возьмеш?

Саколіч пачакаў, пакуль усе выгаварылі свае крыўды, крыху сцішыліся. Спытаўся ў больш дарослых, дзе хто працаваў. Былі тут два трактарысты, механік з кіно і некалькі маладых рабочых з саўгаса, з вузкакалейкі. Рэшта хлопцаў і дзяўчат — вучні з дзесяцігодкі.

Выслухаў усіх, прыгледзеўся да кожнага.

— Ну, а цяпер і я вам скажу некалькі слоў. Бачу, што бяда ваша не такая яшчэ вялікая. Такая бяда, можна сказаць, паўбяды. Але крыўды вашы ўсе правільныя, законныя. І павінен сказаць, што ад такіх крыўд і пазбыцца лёгка. Спадзяюся, што вашы жаданні хутка здзейсняцца. Абяцаю вам гэта, як ваш старэйшы таварыш.

Саколіч агледзеў прыціхлых юнакоў.

— Багата ў вашых крыўдах яшчэ дзіцячага. Вы амаль што дзеці яшчэ, а яны вунь і зусім дзеці,— паказаў ён на групу падлеткаў.— Правільна робяць старэйшыя, калі шкадуюць вас, не даручаюць вам некаторых спраў. Мне здаецца, і на вайну яшчэ вы глядзіце па-дзіцячы. А яна страшная, лютая. Фашызм намагаецца адабраць у нас усё. Вайна з ім цяжкая і суровая. Рыхтуйцеся да яе, каб кожны, каго мы паклічам, стаў бы прыкладным воінам-партызанам, сумленным народным мсціўцам.

Нечаканая сустрэча з моладдзю, з дзецьмі глыбока кранула і расчуліла Саколіча. Ён ужо збіраўся развітацца і пайсці да саўгаса, як некалькі раптоўных гарматных стрэлаў пракацілася па лесе. Стралялі, відаць, блізка, над самымі дрэвамі прашалясцела колькі снарадаў. Іх выбухі адзін за адным пачуліся недзе за лесам. Усе ўстрывожана азірнуліся, прагна ўслухоўваліся ў цішыню лесу, якая адразу настала пасля стрэлаў. Так жа звінелі восы, так жа гулі авадні ля статка, нястомны дзяцел як ні ў чым не бывала пастукваў сваім долатам і ўзбіраўся ўсё вышэй і вышэй, мільгаючы чырванню то з аднаго, то з другога боку сухадрэвіны. Успырхнула сарока і, апісаўшы паўкруга над палянкай, з размаху села на тонкую бярозавую галінку. Галінка загойдалася. І, каб утрымацца, захаваць раўнавагу, сарока замахала крыламі і ўзмахвала імі ўсё радзей і радзей. І ўжо са спакойнага седала неўгамонная стракатуха імкліва паглядала ва ўсе бакі, за ўсім сочачы, за ўсім цікуючы.

Ніхто, аднак, не зважаў на гэтыя лясныя гукі, на птушыную мітусню. Усё гэта адбылося ў адзін нейкі момант. Саколіч заўважыў жоўты грудок пяску, які цягнуўся ўздоўж канала, зусім абмялелага ў бары.

— А ну, дзеткі, у канаву! Хутчэй! Ды не збірайцеся разам.

Падлеткаў як віхор здзьмуў. Асталіся стаяць побач толькі старэйшыя з камсамольцаў. Майка трывожна і палахліва паглядала на дзядзьку.

Гарматныя стрэлы прагрымелі яшчэ раз. Майка аж войкнула, прыгнулася, боязна азірнуўшыся на бакі. Прыўзнялася, расчырванелася: каб жа гэтыя прайдзісветы хлопцы не заўважылі, што яна спужалася. Саколіч усміхнуўся.

— Не бойцеся! — ціха прамовіў ён, зірнуўшы на Майку.— Б'юць не сюды. Чуеце?

Сапраўды, снарады ўжо не ляцелі над лесам, і іх выбухі былі ледзь-ледзь чуваць, не ўзнімаючы нават лесавога рэха.

— З грэблі б’юць,— заўважыў Заруба.

— Па кім жа яны стралялі там? — спытаўся Саколіч.

— Ды, відаць, напаролася калона на спалены мост, ну і спаганяюць злосць, паляць у белы свет, як у капеечку. Ад страху болей.

— Дзядзечка! — ажывілася тут Майка.— Гэта мы сапраўды сягоння мост падпалілі, бо па ім павінны былі немцы ісці.

— Ну вось, ты ўсе вашы сакрэты і выдала адным махам. Самі спалілі?

Майка зірнула на сваіх хлопцаў, замялася крыху:

— І самі... І нам сказалі...

— Вось бачыце, а вы толькі крыўдавалі, што вам не даюць справы. А вы, аказваецца, дыверсантамі ўжо сталі.

— А як жа! — радасна ўсклікнула Майка і тут жа асеклася, пабялела.

З-за бліжэйшых дрэў на палянку выскачыў коннік, за ім другі, трэці, чацвёрты.

Нечакана наляцеўшы, сем коннікаў згрудзіліся, спыніліся. Коні стомлена паводзілі ўзмакрэлымі бакамі. Ашмоцці пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Коннікі пазіралі хмура, насуплена. Майка моцна сціснула сваю вінтоўку, хлопцы насцеражыліся, падаліся бліжэй, шчыльна акружылі Саколіча і яго спадарожнікаў. Пярэдні коннік глядзеў мутным, няўцямным позіркам. Моцна рыгнуўшы і скрывіўшыся ў сядле, ён кінуў каманду назад:

— А ну, падцягніся!

Сам пад’ехаў бліжэй. Саколіч рыўком адвёў убок мыльную храпу яго каня, якая ўперлася яму ў грудзі.

— Ты, не чапай! Што за народ? — лена спытаўся коннік і пахіліўся, ледзь утрымаўшыся ў сядле.

— Як бачыш, народ! — спакойна адказаў Саколіч, прыглядаючыся да конніка, ад якога патыхала моцным спіртным перагарам. Гэтага перагару не мог перабіць нават востры пах конскага поту.

— Адказваць дакладна, калі пытаюся! І зброя пры чым? — заўважыў коннік вінтоўку ў Майкі.

— Не пры чым, а пры мне! — задзёрыста адказала дзяўчына.

— Цікава, аднак, ведаць, хто пытаецца? — крыху жартаўліва спытаўся Саколіч.

Коннік паглядзеў на яго з яўнай пагардай. З велічным жэстам павярнуўся назад:

— Мішка! Сюды! Скажы гэтаму невуку, хто знаходзіцца перад ім.

Расштурхваючы коней, наперад выскачыў на буланай кабылцы шустры хлапчына.

— Так што перад вамі граза нямецкіх дывізій камандзір лятучага дыверсанцка-партызанскага атрада «Віхор»!

Тут жаласна забляяла авечка, прывязаная да сядла. Буланая кабылка, ростам з добрую мыш, палахліва кінулася ўбок, і хлапчына — ён не меў сядла — нечакана жмякнуўся вобземлю. На палянцы дружна зарагаталі.

Камандзір грознага атрада грымнуў:

— Адставіць!

І невядома было, тычылася гэтая каманда няшчаснай авечкі, забляяўшай неўпапад, ці хлопца, які так неспадзявана спешыўся і стаяў цяпер, атрасаючыся і лыпаючы быстра-быстра асалавелымі вочкамі. Пальцы рук яго ліхаманкава хадзілі, адсоўваючы назад прывешаную да пояса курыцу, якая даўно страціла ўсе адзнакі жыцця. Хлопцы і дзяўчаты паціху пасмейваліся, чакаючы, што будзе далей.

Пярэдні коннік, відаць, яшчэ думаў, ці яму злаваць, ці яму рабіць што другое. Ад натугі ён выцер рукавом спацелы лоб. Урэшце, заўважыўшы, што з усіх бакоў яго кавалерыя акружана, прычым сям-там віднелася і зброя, ён даволі нерашуча запытаўся:

— Хацеў бы я ведаць, з кім мне даводзіцца гаварыць?

— З савецкімі людзьмі.

— Гм...— пачухаў патыліцу камандзір.— Савецкіх людзей багата, не буду ж я з кожным размаўляць.

Саколіч змяніўся ў твары.

— Злазь, ваяка, ды пазнаёмімся бліжэй! — стрымана праказаў ён, беручыся за повад каня.

Коннік напяўся ўвесь, крута павярнуўся назад, крыкнуў:

— Хлопцы! Ды што гэта вы? Мы кроў пралівалі, а тут усякі зброд...— І ён хапіўся за рэмень ад маўзера. Але Ціхан Заруба моцна трымаўся за яго пісталет, Федзя Дудзік не сказаць каб ветліва вызваляў са стрэмені нагу конніка.

Кавалерыя спешылася, хто па добрай волі, хто па прымусу. Жаласна бляяла авечка, якую адвязвалі ад сядла.

— А цяпер, адчайныя дыверсанты, раскажыце, чыю вы кроў пралівалі? Ці больш спецыялізаваліся па курыных дыверсіях, на атаках супроць авечак?

Маўчала кавалерыя як вады ў рот набраўшы.

— Дакументы!

Саколіч уважліва праглядаў розныя пасведчанні, даведкі, кніжкі. Моўчкі вярнуў іх коннікам. Зірнуў яшчэ раз на іх камандзіра, паківаў галавой:

— Эх, Байсак, Байсак, да чаго гарэлачка даводзіць! І не сорамна людзям у вочы глядзець?

— Вінават, таварыш...

— Бачу, што вінаваты. А цяпер ідзіце. І калі хоць раз яшчэ застану дзе п’янымі ці будзеце займацца марадзёрствам,— расстраляю неадкладна. Зразумела?

— Зразумела, таварыш... не ведаю, выбачайце, вашага імені...

— Гэта няважна. А цяпер: кру-у-гом, шагам арш!

 

2

Саколіч са сваімі спадарожнікамі спыніўся ў саўгасе. Пажар аборы ўжо быў затушаны. Людзі мітусіліся ля дамоў, уцягваючы назад розныя рэчы свайго набытку, вынесеныя, відаць, у часе пажару. Ва ўсіх адчуваўся трывожны настрой.

Ля дома дырэктара ён сустрэў цэлую групу ўзброеных. Тут былі пагранічнікі, з дзесятак міліцыянераў, некалькі чалавек у чэкісцкай форме. Большасць была ў цывільным адзенні.

Людзі акружылі Саколіча, віталіся некаторыя, ледзь не заціснулі ў абдымках.

— А дзе сакратар райкома? — спытаўся Саколіч.

— Ён са сваёй групай сочыць цяпер за рухам дывізіі. Заблытвае шляхі немцам.

— Дзе ж гэта дазволена парушаць вайсковыя статуты, выходзіць за рамкі агульнапрынятых правіл вайны?

— Якіх правіл? — насцярожваліся слухачы.

— Ну дзе ж гэта бачылі, чулі, каб некалькі дзесяткаў чалавек выступалі супроць узброенай да зубоў дывізіі?

— Ах вось вы аб чым? — усе дружна рассмяяліся.— Ну што ж, парушаем і будзем парушаць! Нам, вядома, не саўладаць з дывізіяй, але паднесці ёй сякія-такія сюрпрызы можам... Нябось праблукае колькі лішніх дзён па нашых балотах, пакуль выберацца з іх...

— А кіньце вы ўрэшце пра немцаў. Пайшлі ў хату! Майка, бяры на буксір дзядзьку. Пайшлі, пайшлі! А ты, Заруба, чаго глядзіш, не ведаеш хіба ходу ў мае харомы? А гэта што за малады чалавек?

— Шафёр Дудзік,— стрымана адрэкамендаваўся Федзя.

— А братка, а я і не пазнаў цябе. Ці то я старэю, а можа, гэта маладыя старэюць. Але, відаць жа, у цябе і дудзець няма на чым. Значыць, пехам начальніка даставіў? — І заўважыўшы, што словы гэтыя не зусім прыемны хлопцу, паляпаў яго па плячы: — А ты не зважай. Вунь у мяне паравозікі былі, цацкі, а не паравозы. Зняў, што было каштоўнага... ды тыя цацкі пад адхон, у балота.

Ветлівы гаспадар загрузіў стол усім, што знайшлося ў хаце і ў пограбе.

— Чаму ты не паслаў Майку разам з маці ў эвакуацыю? — спытаўся Васіль Іванавіч.

— Яна ад бацькі ні на крок. А па-другое, яна не проста Майка, а сакратар камсамольскай арганізацыі, а гэта, брат, да сяго, да таго абавязвае.

— Хіба не было старэйшых?

— Як гэта старэйшых, дазвольце запытацца ў вас, таварыш сакратар абкома? Быў і стары сакратар, пайшоў у армію. Ну і выбралі яе.

— А чаму ты сам не выехаў, Лявон? Хто загадаў табе сядзець тут?

Светлік аж падскочыў.

— І гэта ты гаворыш, Васіль? Сумленне загадала, вось хто... Вядома, я мог паехаць, я зрабіў, здаецца, усё, што загадвалі. Ну, коней вывеў, кароў таксама. Трактары, некаторыя машыны таксама ўдалося выцягнуць. Хоць цяжка было ўсё гэта рабіць, але справіліся. А паехаць, як бачыш, не паехаў.

— Якая ж была прычына?

— Прычына? Ты бачыў палі нашы? Я б колькі вагонаў загрузіў пшанічкай адной! А каноплі ты бачыў? У два чалавечыя росты выбухалі канапелькі, як лес гулі. А проса? А бульба, а буракі, а... Ды што казаць. Гніе цяпер пшанічка, дагніваюць канапелькі. Не... хваробай ён паласуецца, а не нашай кашай. А на ўсё гэта дні былі патрэбны, а вайна не давала ж нам часу. А ты кажаш, чаму я не паехаў. А людзі? А народ?

Саколіч глядзеў на Светліка і ў такт яго словам моўчкі ківаў галавой. Правільныя былі думкі ў Светліка.

Забыўшыся на свае абавязкі гаспадара, Светлік атакаваў свайго госця безліччу пытанняў.

— У нас, Васіль, сур’ёзная да цябе размова. Розныя справы, параіцца трэба.

— Пагаворым пра ўсё. Вось правядзём раённы партсход...

Саколіч глядзеў на гэтага няўрымслівага чалавека і думаў аб тым, што пражыты час вельмі мала змяніў яго знешні выгляд. Каму-небудзь з боку Лявон Маркавіч мог паказацца спачатку недалёкім і сумбурным чалавекам. Мітусіцца, бегае, непакоіцца, пераскоквае з аднаго пытання на другое. Нават у даручаную справу ўваходзіць не проста, не бярэ яе ў лоб, а нібы ўкочваецца ў яе, бачком, бачком. Прыкінецца і прасцяком і нязнайкам, наіўна выпытвае і распытвае ўсякія дробязі і не дробязі. А потым глядзіш — і пайшла справа роўным ходам, набіраючы ўсё большы і большы разгон.

Гутарка ў хаце зацягнулася аж да раніцы.

Гаварылі аб бліжэйшых задачах, аб лепшай арганізацыі партызанскіх сіл, аб партыйным падполлі, працы з насельніцтвам.

Саколіч прыгадаў моладзь, камсамольскія крыўды і славутую кавалерыю, раззброеную ім сягоння.

— Што за людзі ў Байсака?

— Некалькі чырвонаармейцаў, рэшта з мясцовага насельніцтва, з вёскі, дзе ён атабарыўся.

— А чым займаюцца?

— Спачатку праявілі сябе вельмі добра. Рабілі налёты на нямецкія часці, аднаго разу нагналі вялікую паніку на эшалон на раз’ездзе, падарвалі тры масты.

— А цяпер?

— Ёсць чуткі — займаюцца часам усякім глупствам. П’янкі, гулянкі цэлымі днямі. Былі скаргі на выпадкі дробнага марадзёрства.

— Ад дробнага да вялікага не такі ўжо значны крок.

Вяршаліны хвой пазалаціліся першымі праменнямі сонца, калі разыходзіліся людзі са Светлікавай хаты.

 

3

Там, дзе сыходзіліся дзве лясныя сцяжынкі, дзе згрудзіліся махнатыя елкі, было ціха і ўтульна. Майка крыху хвалявалася, выконваючы ўпершыню такое важнае і сур'ёзнае даручэнне, як ахова партыйнага сходу ўсяго раёна. Праўда, самы сход не быў асабліва шматлюдны. Майка меркавала аб гэтым хоць бы па тым, што па сцежцы, на якой стаяла яна ў дазоры з кінамеханікам, прайшло ўсяго якіх чалавек восем. А дазораў, як яна ведала, было не так ужо багата, ды і чакаць там можна было куды меней людзей, чымся на гэтых сцяжынках.

Сход адбываўся на Барсуковай гары, лясным узгорку, на якім уздымалася некалькі стромкіх хвоек, а ўнізе прытуліліся, нібы сышліся на якую нараду, некалькі велізарных дубоў. І хоць стаялі хвойкі вышэй і вельмі пяліся ўгору, былі яны тым дубам толькі па пояс.

Адзін адхон гары быў пясчаны. Ён быў улюбёным месцам саўгаснай дзетвары, якая наладжвала тут свае гульні. Майка ўспомніла пра гэта, усміхнулася. На Барсуковай гары прайшло, прамільгнула і яе дзяцінства. Чаму прамільгнула? Яна нахмурылася, сагнала з твару ўсмешку, каб не паказацца несур’ёзнай свайму маўкліваму напарніку па пікету. Сапраўды, чаму прамільгнула, калі яна не адчувала яшчэ той выразнай мяжы, якая б падзяліла назаўсёды дзяцінства і юнацтва. Яна любіць і буслава гняздо на дубе, і Барсукову гару, і ёй па-ранейшаму прыемна збегчы басанож па ўгрэтым сонцам пяску адхону. Дружбакі, забыўшыся часам на яе адказныя абавязкі, раптам назавуць чапляй, старой дзіцячай мянушкай. І яна не крыўдуе. Чапля дык чапля. А празвалі некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве і ўзбіралася на Барсукову гару так хутка, што ніхто з сяброў не мог дагнаць. Была ў школе верхаводам, завадатарам усякіх гульняў і не ўступала свайго першынства самым задзірыстым хлапчукам, якія ніяк не маглі прымірыцца з яе завадатарствам і нават рабілі спробу крыху правучыць, каб не дужа лезла не ў свае справы. Але яна так рашуча кінулася тады ў атаку на змоўшчыкаў, што ў паніцы разбегліся куды каторы і, апынуўшыся на добрай дыстанцыі, пайшлі на поўнае прымірэнне:

— Ну чаго ты ўжо, чапля, ці мы супроць цябе? Эх ты...

З таго часу стала яна прызнаным камандзірам сярод сваіх адналеткаў, і не было ніводнай справы, ніводнай гульні, якая б адбылася без яе ўдзелу, без яе каманды. Колькі было паходаў па грыбы, па ягады, а вясной па кляновы і бярозавы сок, па вясновыя раннія кветкі! Восенню збіралі жалуды. На Барсуковай гары была ў іх цэлая гаспадарка. У адмыслова адбудованых доміках і пячорах жылі ў іх прыручаныя вожыкі, вужы.

У дзяцей было багата розных цікавых мясцін у лесе. Тут і схованкі, і паляны для збораў, і свае запаветныя месцы, дзе пасялілася якая-небудзь цікавая птаха ці трапляліся якія рэдкія дрэвы або расліны. А на самым высокім дубе Барсуковай гары пабудавалі нешта падобнае на будан, над якім развяваўся выцвілы пад сонцам сцяг. Гэта вартавая вышка, куды забіраліся назіраць за бліжэйшымі мясцінамі, калі наладжвалі абарону «Мадрыда» ад набегаў «фашыстаў». Гэта было гадоў мо пяць таму назад, а можа, меней. Тады ўсе — і дарослыя і дзеці — уважліва сачылі за далёкімі іспанскімі падзеямі. Аб гэтых падзеях пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася памагчы іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Дзеці гулялі ў іспанскую вайну. Некалькі разоў Майка Светлік ператваралася ў Даларэс Ібаруры. І якую б ролю ёй ні давалі, якую б ролю ні брала яна сама, дрэнна даводзілася «ворагам» іспанскага народа. Іх атакі адбіваліся з такой рашучасцю і адвагай, што часам і дарослым даводзілася ўмешвацца ў гэтыя гульні, каб крыху суняць вялікія страсці, якія бушавалі на славутай горцы.

З тых часоў горка гэтая, якая некалі насіла назву Залатой, стала называцца Барсуковай гарой. І да змены назвы мела Майка самае непасрэднае дачыненне. Пра горку хадзіла легенда, нібы пахаваны на ёй у далёкія-далёкія часы казачны волат-асілак, які некалі абараняў народ ад прыгнятальнікаў, ад папоў. І нібы ў гэтага волата была залатая шабля, якая рабіла розныя цуды ў яго казачным змаганні з ворагам. Гэтая залатая шабля стала прадметам самых гарачых абмеркаванняў сярод Майчыных сяброў. Вядома, ніхто з іх не верыў у асаблівыя цуды шаблі. Але ж яна была залатая. А гэтая ўжо акалічнасць набывала вялікае значэнне. Трэба было дастаць залатую шаблю, пераслаць яе ў падарунак іспанскаму народу, каб за тую шаблю мог ён купіць зброі, танкаў, баявых караблёў, каб хутчэй перамагчы фашыстаў. Была прынята тайная пастанова: дастаць запаветную шаблю. Колькі начэй збіралася група змоўшчыкаў з лапатамі ля гары, капалі, поркаліся з усіх бакоў пры зманлівым святле месяца.

Аднаго разу ўсім ім здавалася, што зусім ужо блізка заканчэнне работы, бо няйначай натрапілі яны на нейкі падземны ход, вось яшчэ выняць некалькі рыдлёвак зямлі і залатая шабля апынецца ў руках. Але тут здарыліся такія непрадбачаныя падзеі, якія палажылі канец пошукам. З падземнага ходу выскачыў дзівосны звер і са страшэнным рыкам — праўда, рык той крыху падобны быў на звычайнае рохканне, як казалі потым некаторыя скептыкі з групы,— прамчаўся міма ашаломленых шукальнікаў скарбу. А за гэтым зверам прамчалася яшчэ некалькі звяроў. Якія яны былі, якой велічыні, сказаць было цяжка, бо перапуджаныя насмерць шукальнікі стаялі зусім анямелыя, страціўшы ўсякую магчымасць што-небудзь бачыць. А праз якую хвіліну яны, пакінуўшы дзе папала свае інструменты, кінуліся з такім імпэтам дахаты, што нават Майка не магла перагнаць іх, нягледзячы на тое, што ўжо ў чым, у чым, а ў хуткім бегу не было ў яе канкурэнтаў.

Толькі днём, калі ўжо высока стаяла над лесам вясёлае сонца, яны сабраліся зноў на таемны сход. З некаторымі перасцярогамі рушылі да горкі, боязна ўзабраліся да сваіх раскопак. І тут павінны былі перажыць пэўны канфуз. Па слядах — а шукальнікі скарбу былі заўзятымі следапытамі — і па ўсіх іншых адзнаках яны ўбачылі, што таемныя і спрытныя звяры былі самай звычайнай барсучыхай са сваімі дзіцянятамі. Падземны ход аказаўся барсуковай нарой. Легенда пра залатую шаблю паблекла, страціла ўсякі інтарэс. Вядома, Майка і ўсе яе бліжэйшыя паплечнікі ўсё ж не прамінулі аказаць пасільнай дапамогі сваім іспанскім таварышам. На гэтую дапамогу пайшлі ўсе Майчыны зберажэнні, прызначаныя некалі на тое, каб набыць веласіпед. Веласіпед як-ніяк мог пачакаць, падзеі ў Іспаніі не чакалі.

А Залатую горку з таго часу празвалі Барсуковай гарой. Ад гэтага, аднак, яна нічога не страціла ў сваёй ранейшай прывабнасці.

Майка сядзела ў дазоры і ўспамінала ўсе дарагія драбніцы з яе маленства, якое і прайшло па гэтых лясных сцяжынках, на балотных рачулках, на адваяваных ад балота палях, на Барсуковай горцы.

Успамінала і часам пазірала на свайго напарніка па дазоры, маўклівага кінамеханіка Юрку, які насцярожана прыслухоўваўся да шолаху лісцяў і думаў аб нечым сваім, хлапечым. Ён быў мо гады на два старэйшы за Майку, некалі вучыўся ў адной школе з ёй, потым так захапіўся кіно, што за які год самавукам зрабіўся механікам і займеў сталую пасаду ў саўгасе. Праўда, ён марыў неўзабаве паехаць вучыцца не то на інжынера, не то на артыста. І калі выказваў каму запаветную думку, дык так моршчыў лоб, што нагадваў сваю школьную мянушку Юрка-філосаф. Так моршчыў лоб, адказваючы ў школе які-небудзь урок, што здавалася, ён вырашае самыя складаныя і высокія праблемы, якія не па сіле нават усім мудрацам зямлі. Адсюль і пайшла за ім мянушка.

Вядома, не да мар цяпер аб вучобе. Усё зблытала вайна, і не кожны ведае сёння, што будзе заўтра і паслязаўтра. Вайна...

Ад дуба, ад Барсуковай гары далятаюць людскія галасы, там ідзе раённы партыйны сход. Галасы то прыглушаныя, то выразныя. Лёгкі парыўчаты вецер злёгку хістае галіны, узнімае лісцяны шолах, задумлівы гоман бору. Прыціхне на хвіліну вецер, і тады выразна далятае кожнае слова. Няйначай гаворыць Саколіч:

— ...хіба аддамо мы ўсё, што зрабілі сваімі мазольнымі рукамі, увесь набытак наш, жыццё дзяцей нашых, свабоду, Радзіму.

Майка ўся ператвараецца ў слых. Нават прыўзнялася, ямчэй прыхілілася да шурпатай хваіны.

— ...хіба аддамо гэта ўсё на здзек, на руйнаванне, на смерць?

І, як выбух, пракаціліся па лесе падхопленыя сходам грозныя словы:

— Смерць, смерць ім, праклятым!

Словы панесліся рэхам па лясных і балотных прасторах, паступова заміраючы, затухаючы, ператвараючыся ў мяккі шолах ліствы, у ледзь чутны подых ветру. І зніклі, зліўшыся з несціханым гоманам бору, з водбліскамі месяца, з клубамі зябкага туману, які поўз па дрыгвяністых нетрах, па лясных лагчынах.

Нібы халадок прайшоў па Майчыным сэрцы. Яна ніколі не думала аб слове «смерць», яна не любіла гэтага слова. Але яно гучала цяпер зусім па-новаму.

Майка стаяла, як зачараваная, прагна лавіла кожнае слова, якое даносілася адтуль, ад сходу. Шэрыя лісты арэшніку, якія ледзь варушыліся пры слабым ветрыку, раптам пацямнелі. Насоўвалася хмара над лесам, месяц нырнуў пад яе і схаваўся. Віхрам прамчаўся вецер, страсянуў дрэвы, і яны зашалясцелі трывожна-трывожна. І сціхлі, нібы прытаіліся. Адтуль, дзе насоўвалася хмара, даляталі нясмелыя, прыглушаныя далечынёй раскаты грому, частыя ўспышкі зарніц выхватвалі са змроку вяршаліны дубоў. З Барсуковай гары даляталі ўжо не асобныя галасы, не асобныя словы. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня, гучная, урачыстая, знаёмая да кожнага слова.

Майка адхілілася ад хваіны і, сціскаючы ў руках вінтоўку, далучылася да песні. Яна бачыла, як, выпрастаўшыся, стаяў Юрка, маўклівы, задуменны. Водбліскі дальніх маланак зрэдку асвятлялі яго пасуравелы твар, яго падцягнуты стан.

Ён злёгку дакрануўся яе рукі і, калі яна здзіўлена азірнулася на яго, прашаптаў ёй:

— Нам нельга спяваць, Майка, мы на пасту.

Ёй не хацелася лішнім словам парушыць урачыстасці песні. Яна змоўкла, у думках спяваючы разам з тымі, што былі там, пад дубам:

 

 

...Кипит наш разум возмущенный

И в смертный бой вести готов...

 

 

Песня заціхла. Усё часцей і часцей грукатаў гром. Навальніца яўна набліжалася. Пырснулі першыя буйныя кроплі дажджу. І раптам усё закруцілася, зашумела, нібы ўсе кусты, усе дрэвы захацелі адарвацца разам ад зямлі і паляцець у цёмнае неба, па якім раз-поразу ўспыхвалі сіняватыя маланкі і перакочваліся з канца ў канец грамавыя ўдары.

Аклікнуў нехта са сваіх:

— Можаце ісці дахаты!

І толькі пабеглі па віхлястай сцяжынцы, як, заглушаючы шум ветру, паліліся такія струмені дажджу, што і лес, і зямля, і неба ператварыліся ў кіпучы вадаспад. Прамоклыя да ніткі, яны дабеглі ўрэшце да купы вялізных елак, кінуліся пад іх.

Пад елкамі было некалькі чалавек. Майка пазнала па голасе бацьку, Саколіча і іншых знаёмых. Бацька заўважыў яе пры водбліску маланкі, пажартаваў:

— А, маладая гвардыя! Размокла, аднак, і камандзір падплыў!

Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Людзі не спынялі гаворкі, пачатай, відаць, даўно. І гаварылі пра будзённыя справы: пра хлеб, пра стажкі сена на балотах, пра жывёлу аднаго калгаса, якая пасецца недзе на астравах. Каб не вінтоўка ў Майчынай руцэ, можна было б падумаць, што проста вось усе гэтыя людзі спазніліся ў лесе на працы, захапіла іх навальніца на час, і яны гавораць пра свае будзённыя справы ды зрэдку пазіраюць на неба, а ці хутка яно праяснее.

 

4

Пункт, куды накіроўвалі ўсіх, хто хацеў трапіць да партызан, ці, як звалі яго,— каранцін, знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі, у густым лесе. Стромкія хвоі ўперамешку з елкамі бралі верх над бярозамі, над асіннікам, над іншымі лісцянымі дрэвамі, якія адступалі бліжэй да палян, да ніжэйшых мясцін. Толькі блізка ля рэчкі бярозы, алешнік, высозныя асіны адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі, хаваючы пад сабой густыя непралазныя хмызнякі, надзейны прытулак рознай лясной зверыны. За рачулкай распасціраліся балотныя абшары, зарослыя асакой ды чаротам. Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараслі нізкарослых абамшэлых хвоек. Каржакаватыя хвойкі саступалі месца багунніку, а далей распасціраліся пухнатыя амшарыны, гасцінны прытулак журавоў і чапляў.

На сухім беразе рэчкі прытуліліся ў засені дрэў дзесяткі буданоў, зробленых з кары, з яловых лапак, а то і проста лёгкія паветкі, абкінутыя бярозавым і алешкавым веццем, ахапкамі папараці, немалочанымі снапамі. Тут жа змясцілася штабная зямлянка, разлічаная, відаць, на больш сталых жыхароў, чымся насельнікі лёгкіх збудаванняў. У самую гушчэчу лесу залезла збітая з дошак, з фанеры кухня. Пад двума разложыстымі дубамі была сталовая: на адкрытым паветры стаялі доўгія лаўкі, збітыя з жэрдак, з неабгабляваных дошак, і такія ж доўгія сталы. Кухня і сталовая, якія былі крыху ў баку ад буданоў, знаходзіліся пад поўнай камандай цёткі Палашкі, кабеты гадоў за пяцьдзесят, асобы характару неўгамоннага і сварлівага; ад рання і да позняга вечара толькі і чуваць быў на кухонным сектары — як празвалі цётчыны ўладанні — яе гучны, як труба, голас: «Тэкля, сюды! Манька, туды! Кацярына, па бульбу!»

Тры дзяўчыны, якія былі пад яе камандай, маланкава выконвалі загады, насілі ваду, чысцілі бульбу, перамывалі крупы. За ўсёй іх спрытнай працай даволі абыякава назіраў дзед Пранук, які, усеўшыся дзе-небудзь у зацішным кутку, флегматычна пакурваў сваю люльку ды ямчэй падстаўляў пад скупое вераснёвае сонца свой сухарлявы твар.

Дзяўчаты, завіхаючыся за работай, шчабяталі, як сарокі, і змаўкалі, угледзеўшы набліжэнне хмурай Палашкі. Палашка грозна аглядала іх і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Але тут жа затулялі раты і сядзелі як мышы пад венікам: цётка Палашка пагрозліва азіралася і глядзела на ўсіх суровым вокам. І тут не вытрымае каторая і разрагочацца на ўвесь лес. Гэта было страшэннай знявагай для цёткі Палашкі, якая ніяк не магла прывучыць да ўзорнай дысцыпліны непаседлівых шчабятух. Яны ж ні хвілінкі не ўседзяць спакойна за работай, а калі і скончаць работу, таго і глядзі знікнуць з вачэй, як растануць, не дазавешся. Шукай іх тады ў лесе. А яна, Палашка, адказвае за іх перад начальствам. Гэта раз. А па-другое, тут столькі спакус і небяспек для яе падначаленых. Буданы ломяцца ад хлопцаў. А цётка Палашка даўно залічыла ўсю мужчынскую палавіну роду чалавечага ў сваіх кроўных ворагаў і ворагаў усіх жанчын. Аб тым даўно ўведзена ў вушы і падначаленых дзяўчат. Аб гэтым ведаюць і ўсе насельнікі буданоў, якія гатовы за паўсотні метраў абыходзіць тэрыторыюкухні, каб не натрапіць толькі ў недазволены час на грознае і дбайнае вока цёткі Палашкі. Паспрабуй сунуцца ў сталоўку раней часу, дык такую ўсчане дыскусію, што аж лес загудзе. Ты ёй слова, а яна табе дзесяць. Ты ёй два, а яна... ды дзе ты злічыш! Так і пойдзе па ўсіх буданах пагалоска:

— Зноў нехта трапіў пад кулямёт.

Бяда цётцы з бязульніцамі. Яна ўшчувае, а каторая рагоча ёй у адказ ды яшчэ апраўдваецца:

— Ну, чаго вы, цётачка? Мы працуем, і спраўна, здаецца.

— Мала табе што здаецца. А смехі да чаго?

— Дык хіба і пасмяяцца нельга?

— Не пярэчыць, калі з табой размаўляе камандзір! — Такую каманду падслухала цётка ў партызан і пускала яе ў самым крайнім выпадку. А дзед Пранук, пачуўшы пра «камандзіра», не прамінаў тут хітра ўсміхнуцца і з самым незалежным выглядам перабіраў сваю рэдзенькую бародку.

Гэтую звадыяцкую ўсмешку заўважала Палашка.

— А ты што? — пачынала яна, пераходзячы на новыя пазіцыі.

Дзед дыпламатычна адмоўчваўся і засяроджана калупаў ды прадзьмухваў сваю люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады.

— Ты што, кажу, ухмыляешся? — не адступала цётка.

— Ідзі, ідзі, мая старая!

— Я ведаю, што я немаладая. Але чаму табе, старому чалавеку, не паўшчуваць вось іх, рагатух?

— Не маю функцыі такой...— ухіляўся дзед ад доўгай гутаркі.

— Ах ты, бессаромныя твае вочы, каб мне, жанчыне, можна сказаць, ды гаварыць такія словы! — з дакорам ківала галавой Палашка.— А яшчэ стары чалавек.

Дзед глядзеў на яе здзіўлена, не ведаючы, чаго, урэшце, чэпіцца да яго. Пачынаў растлумачваць:

— Разумееш: мая функцыя — конь, вада, дровы. Магу выконваць, вядома, і іншыя функцыі, калі загадае мне вышэйшае начальства.

Пачуўшы пра дровы і адчуваючы, што яна яўна заблыталася з дзедавай функцыяй, Палашка пераходзіла на больш блізкую ёй тэму:

— Ты вось палюбуйся, што ты нарабіў толькі са сваімі дрывамі.

— А што?

— Сонца вунь не відаць з-за дыму, бачыш — з печы валіць, як з паравоза. Гэта ты выконваеш так загады? Што табе камандзір гаварыў пра дровы?

— А пры чым тут дровы?

— Ты ж усю маю маскіроўку нашчэнт зводзіш. Гэтыя нелюдзі цяпер за сто якіх кіламетраў, а можа, з самага Мінска маю кухню бачаць. Не дай божа якога самалёта! Бачыш, дым які ад твае сырызны відаць.

— Трэба з розумам паліць у печы, тады і лішняга дыму не будзе,— не здаваўся дзед.— А то напхаюць у печ, як у той смалакурні, яны і смыляць тады без агню, адзін толькі дым. Пры такім паленні і дроў на вас не набярэшся.

— Дзе яны будуць гарэць, калі возьмеш любое палена, а з яго аж вада цячэ.

Вядома, адчувае дзед, што яго тут недагляд, можна было, урэшце, ссячы якую сухадрэвіну. Але не здавацца ж гэтаму камбату ў спадніцы, як празвалі цётку Палашку насельнікі буданоў за яе суровы характар. І дзед пускаецца ў дыпламатыю:

— А што ты хацела, каб з яго малако пацякло? Вядома, вада. І пры чым тут я? Колькі дзён дажджы ішлі. Вільгаці багата ў атмасферы. Разумееш, старая, атмасфера...

Дзед нездарма прабыў колькі год вартаўніком у сельсавеце і ведаў столькі розных мудроных слоў, што падступіцца да яго нават цётцы Палашцы было не так ужо лёгка. Перад атмасферай цётка адступала. Але, адыходзячы на зыходныя пазіцыі, не прамінала, каб не папракнуць старога:

— Пачакай, пачакай у мяне! Вось з’явіцца калі Саколіч, ён табе тваю тамасферу прачысціць, ён твае ўсе хітрыкі як на далоні пакажа.

— Спрэчкі скончаны, пратакол падпісан! — адрэзваў урачыста дзед, і цётка Палашка добра ведала, што пасля гэтага «пратакола» ніякія атакі на дзеда не выведуць яго з раўнавагі і не прымусяць уступаць ані ў якія дыскусіі.

З выглядам абражанай у сваіх лепшых пачуццях цётка Палашка ішла ад дзеда, кідала велічны позірк на сваіх падначаленых і, калі была вольная хвіліна, наведвалася да буданоў. Тут можна было спаткаць знаёмых людзей з бліжэйшых і дальніх вёсак. Штодня прыбывалі і незнаёмыя з горада, з нямецкіх лагераў, уцекачы з палону. Ля буданоў заўсёды было шумна, ажыўлена. Калі начальства было ў зямлянцы і хлопцы адпачывалі, які-небудзь прайдзісвет віхрам падлятаў да цёткі і аддаваў рапарт:

— Армія ў поўным зборы чакае вячэры! Ніякіх здарэнняў, таварыш камбат, не адбылося!

— Ідзі, ідзі, а то вось як перахрышчу...— І цётка даволі міралюбна замахвалася апалонікам, з якім ніколі не разлучалася, і ішла далей. Буданы тут былі з самых ціхіх, маўклівых. У ясныя дні іх насельнікі выпаўзалі на сонца і, выбраўшы зручнейшыя мясціны, ляжалі на шынялях, драмалі. Другія бяздумна пазіралі ў яснае вераснёўскае неба, сачылі за рухам рэдкіх аблачынак, за палётам павуціння. Іх так багата было, гэтых павуцінак, што за кожнай вершалінай елкі або хвоі развяваліся, гойдаліся цэлыя шлейфы ледзь бачных у сонечным бляску срэбных нітак.

І такая цішыня была тут, што здавалася, як прысядзеш ды прыслухаешся — дык нібы ціха-ціха гудзе недзе поблізу пчаліны вулей. Гэта ласаваліся апошнім сонечным цяплом лясныя восы, ленаватыя восенню чмялі, залятаўшыя здалёку пчолы. І людзі тут гаварылі ледзь не шэптам. Перакінуцца скупым словам і змоўкнуць.

Цётка Палашка прыхінецца дзе да хваіны і, уткнуўшыся шчакой у далонь, сумна пазірае на людзей, часам уздыхне, галавой паківае:

— Эх, сынкі вы мае, гаротнікі...

Незнаёмы хлапчына з бялесымі касматымі брывамі, надаваўшымі яму савіны выгляд, мармытнуў нездаволена:

— Глядзі ты, матка знайшлася!

— А як жа, матка, усім вам матка, сынкі мае, недалугі.

Гэты, відаць, з новенькіх, якіх прывялі ўчора.

У буданах, якія звалі аддзяленнем ачуньваючых, слабасільных, размяшчалі прыбываўшых з нямецкіх лагераў для ваеннапалонных, уцекачоў з турмаў, з лагераў смерці. Яны да таго былі знясілены, што здавалася, каб моцны вецер, дык параскідаў бы, паздзьмухваў іх, як пярынкі. Скура ды косці. З імі не вялі пакуль што ніякіх заняткаў, іх лячылі, як маглі, падкормлівалі, ставілі на ногі.

Асабліва змардаваным і знясіленым было ўчарашняе папаўненне, дзесяць чалавек, якіх прывялі з-пад Мінска, адкуль яны ўцяклі з лагера. Вунь у самага меншага з іх аж рука калоціцца, калі намагаецца ён адагнаць асу, якая нахабна гудзе над самым тварам, худым, празрыстым, з завостраным, як шыльца, носікам. Толькі заняпалыя вочы не страцілі свае рухавасці, пабліскваюць, як вугельчыкі.

Палашка і пачынае гаворку: хто, ды адкуль, ды ці ёсць у іх маткі, а можа, жанаты каторы? Аб усім жа трэба ведаць пра чалавека. З усіх іх ахватней адказвае гэты з касмылістымі брывамі. Не толькі адказвае, распытвае:

— А ці доўга нас трымаць тут будуць без справы і куды пашлюць?

— Гэта, сынок, не па маёй камандзе, спытайце ў начальнікаў. Ды і куды пасылаць вас, калі ў такім стане і муха можа ўкрыўдзіць каторага.

— А дзе тут штаб?

— А ў зямлянцы вунь.

— Ды я не пра гэты пытаюся, пра галоўны, над якім Саколіч камандуе.

— Ён на тое і Саколіч, каб фашыста клюнуць там, дзе той і не чакае. Задужа ты порсткі, мой хлопец, каб адразу ўсё ведаць. Мы самі таго не ведаем, чаго нам не належыць.

Цётка Палашка, заўважыўшы ля зямлянкі Светліка, рашуча ішла туды. Хлопец з востранькім, як шыльца, носікам, падміргнуўшы ў бок цёткі, знячэўку пытаўся ў свайго таварыша:

— З’еў, Сыч?

— Не разумею.

— Ды што тут разумець. Абрэзала цябе цётка. Нешта ты, Сыч, храбрасці такой набраўся, як трапілі мы сюды, што хоць цябе адразу ў бой пасылай.

— Ну і набраўся. Палахліўцам ніколі не быў.

— Чаго ж ты за нашымі спінамі туляўся, калі мы з пекла таго выбіраліся?

— Кінь, Сомік, знайшоў аб чым гаварыць. Я і сапраўды адчуваў тады сябе вельмі кепска. А хіба не я падгаворваў вас тады?

— Што там падгаворваў, калі ўсе мы даўно гатовы былі на гэтую справу. Падгаворваў! А яшчэ выхваляецца: ён камісарам быў.

З-пад касмылістых брывей на твары бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Сыч нервовым рухам паправіў пілотку на галаве, прылёг на змяты шынель. Праз хвіліну загаварыў спакойна, разважліва, яўна ідучы на згоду, на прымірэнне.

— Ты дарэмна насміхаешся, Сомік. Шчыра табе кажу, што неўзабаве буду ваяваць. І ты, калі захочаш, адразу апынешся пры справе. Я ўжо хадзіў, распытваў. Тут, у каранціне, кас могуць пратрымаць яшчэ доўгі час. Але можам мы і самі падацца ў які-небудзь атрад, калі там ёсць якія знаёмыя.

— А калі няма, хто гэта адразу прыме незнаёмых?

— Вядома... Але ёсць тут адзін атрад, казалі... Ды я яшчэ добра не выведаў. Вось пахаджу яшчэ, даведаюся.

І Сыч хадзіў.

А цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Светлік адмахваўся абедзвюма рукамі:

— Нічога не выйдзе, Пелагея Сямёнаўна. Распарадак адзін. Рацыён адзін, ані грама болей.

— Ты мне рацыёнам не папікай. Што твой рацыён? Твой рацыён для здаровага чалавека.

— Ні грама болей, для ўсіх аднолькава.

— Што значыць для ўсіх? Ён вунь каторы з вёскі прыйшоў ці з саўгаса, ці адкуль з мястэчка, дык у яго ва ўласнай торбе дзесяць тваіх рацыёнаў.

— Я ж і кажу, нашто тады болей у кацёл пускаць?

— Кажу, кажу. А ты не кажы, а ідзі вунь паглядзі. Людзі з нямецкіх лагераў прыйшлі, ледзь дыхаюць, скура да касцей папрысыхала, а ты... ні грама болей. Не чакала, не спадзявалася. Дай, думаю, хлопцаў падкармлю, хутчэй на ногі іх пастаўлю. Скварчыну ім лішнюю там... Бульбіну ім салам заліць, не так будзе ў горле дзерці. Можна добры кулеш заправіць... Глядзіш, а чалавек і акрыяў і на свет божы глядзіць ужо вясёлым вокам. І вінтоўка ў яго руцэ, як улітая, і не ходзіць ён, а танцуе... Ён тады твайго Гітлера жыўцом у дамавіну загоніць. Ён тады...

— Стой, стой, цётка! Здаюся.

І, падняўшы рукі ўгору, трагічна пытаўся Лявон Маркавіч:

— Ну, колькі табе патрэбна таго сала?

— Пуд! — лаканічна адрэзвала цётка Палашка.

— Ты мяне без нажа рэжаш, Пелагея Сямёнаўна. Дам паўпуда!

— Пуд і ні грама меней.

— Ды зразумей ты, што павінен я ашчаджаць...

— Дзіўлюся я з цябе, Лявон Маркавіч, як гэта язык у цябе павярнуўся на такое слова? На людскім здароўі ашчаджаць збіраешся?

— Ну, годзе, мір. Бяры ў кладоўцы свой пуд і дай мне глынуць паветра крыху!

Цётка ўрачыста несла ў кухню свае пазапланавыя здабыткі, і ўся яе велічная постаць так і пыхала перамогай.

Убачыўшы Палашку са здабыткамі, крыху страчваў свой звычайны спакой і дзед Пранук і, пакручваючы вусы, сустракаў яе прымірэнчай рэплікай:

— Вось і скварку з’ямо.

— Не ўжо... Укусі сваю функцыю.

Дзед флегматычна пераносіў такую знявагу і пасля некаторага роздуму заключаў:

— Характар, аднак...

Пасля чаго ішоў да берага рэчкі, дзе ўкапана была ў круты бераг партызанская лазня, і пачынаў секчы дровы. І сек іх з такой зацятай лютасцю, што які аскабалак ламачыны аж узлятаў у паветра, свірчэў якую хвіліну, як, не раўнуючы, добры прапелер, і з размаху плюхкаўся ў рэчку. Дзед праводзіў яго задумлівым позіркам, уздыхаў:

— Характар, аднак...

 

5

Вераснёўскія вечары пачынаюцца рана. Не агледзішся, а сонца ўжо і зайшло за лес. І не паспее памеркнуць яно, як над зямлёй расплываецца ранняя восеньская золь. Яна зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Людзі згруджваюцца цясней адзін да аднаго, каб было цяплей, утульней.

У буданах весела, шумна. Сям-там пілікае гармонік, і яму падцягваюць дружныя галасы. Сям-там ідуць зацятыя спрэчкі: калі ўрэшце фашыста павернуць назад, калі і ў які атрад пашлюць, да якіх камандзіраў лепш за ўсё б трапіць.

За вечар перабяруць дзесяткі камандзіраў, дзесяткі атрадаў, аб якіх ходзяць тут розныя чуткі. І адна думка ва ўсіх: прасіць, аднак, начальства, каб хутчэй пасылалі ў атрады, бо там жыццё аж гудзе, ідзе поўным ходам. А тут што? Ну, вучоба...

— А як жа,— бубніць нехта з цемры,— усё роўна, як рыштанты сядзім. Адно што кратаў няма. Правяраюць усё...

— А ты што? Без праверкі захацеў? Тут, брат, толькі пусці, дык усякага гадаўя напаўзе на тваю шыю.

Голас з цемры не то гаворыць, не то марыць:

— Та-ак... Багата цяпер развялося атрадаў, проста сілішча! Але што ні кажыце вы пра атрады, а няма весялей, чым у Байсака.

— А ты вясёлага жыцця хіба шукаеш?

— Ды не ў гэтым справа, чаго вы залішне чэпіцеся? Я аб тым кажу, што весела ваюе Байсак. І фашыста б’е, і пагуляць майстар. Усім атрадам як загуляюць, дык аж пыл курыць, аж зямля стогне!

— Ведаем Байсака. Сарваў вунь сумесную аперацыю і хлопцаў ледзь не падвёў пад агонь. Яшчэ да твайго Байсака дабяруцца.

У будане часам узнімалася сварка. Сыч недалюбліваў гарачых спрэчак і паціху падаваўся да свайго будана, дзе, зашыўшыся ў ахапак аўсянай саломы, даўно спалі яго таварышы па лагеры. Сыч грэбліва папраўляў салому, залазіў пад шынель і, прыціскаючыся шчыльней да Соміка, прыцішваўся, каб сагрэцца, задрамаць. Вяртлявы Сомік спаў вельмі неспакойна, трывожна, кідаўся ў сне, нешта выкрыкваў, не то лаяўся, не то падаваў нейкую каманду. Часам прахапляўся, прыўзнімаўся, як ачмурэлы, на саломе, дзіка азіраючыся навакол.

— Чаго цябе чорт падняў, увесь шынель сцягнуў! — нездаволена бурчаў Сыч.

— А, гэта ты... Зноў, бачыш, вярзецца ўсякае. Адно і тое. Апошняя атака, калі я страціў прытомнасць. Б’ю я іх, б’ю, а яны ўсё насядаюць, усё лезуць, без канца і краю.

— Кладзіся ты ўрэшце ды спаць не перашкаджай, ваяка!

Хутка ў будане ўсталёўваецца цішыня. Праз рэдкія і звялыя галінкі над галавой відаць кавалачак начнога неба, некалькі мігатлівых зор. І чым ярчэй яны разгараюцца, тым халадней становіцца нагам, якіх ніяк не ўціснеш у будан, і яны праветрываюцца там, звонку, на падасланых яловых лапках. Холад прабіраецца аж праз падэшвы ботаў. Як недарэчна ўсё тут і непрытульна! Собіла ж яму трапіць у такую камандзіроўку...

Сыч перабірае ў памяці ўсё бачанае і перажытае за апошнія чатыры дні ў лагеры. Сумна. Каб і захацеў выбрацца адсюль, дык не зможаш, не ведаючы дарог. Усё ж варта пагаварыць з кім-небудзь пра Байсака, можа, і ведаюць, дзе знаходзіцца байсакоўскі атрад. Але не гэта галоўнае. А да галоўнага так жа далёка, як і тады, калі выбіраўся ён з гэтымі дзівакамі ў невядомую дарогу. Праўда, аднаго разу бліснула ў яго надзея. Нават два разы. Назіраючы за рухам ля штабной зямлянкі, ён заўважыў, як заварушыліся некаторыя хлопцы, калі ўбачылі ля зямлянкі чалавека ў старой аблупленай скуранцы. Нават прозвішча пачуў — Дудзік. І справа не ў прозвішчы, а ў тым, што пасля яго прыходу цэлая група будановых насельнікаў атрымала прызначэнне ў адзін з атрадаў і таго ж вечара выбыла з лагера. Дудзік і сёння з’яўляўся ля зямлянкі, і, як вядома, зноў хлопцаў дваццаць рыхтаваліся некуды ў дарогу.

Няйначай з галоўнага штаба ён. Можа, сувязны, можа, у яго якія другія даручэнні? Але, відаць, са штаба.

 

6

— Ай-ай! Што ты нарабіла, Майка?

Дзяўчына, якая нібы на крылах імчалася да зямлянкі, разгублена спынілася, і густая чырвань укрыла яе абсівераныя, смуглявыя ад загару шчокі. Вецер бязладна шкуматаў яе косы, лёгкую не па надвор'ю сукенку, выцвілую хусцінку на галаве. Дзяўчына стаяла і сілілася ўспомніць, а што яна такое нарабіла.

— Дзядзечка...

— Па-першае, я табе на службе не дзядзька і ты ў такім разе не пляменніца. Па-другое, зірні сабе пад ногі.

Майка глянула і, войкнуўшы, адступіла на крок назад.

— Гэта ж я незнарок.

Яна нагнулася, каб падняць з зямлі тры раструшчаныя баравікі, якія трапілі ёй пад ногі. Гэтыя баравічкі — адзін за другога меншыя — яшчэ некалькі дзён назад заўважыў Саколіч у якіх двух кроках ад палаткі і, каб хто не наступіў на грыбы, уваткнуў вакол іх некалькі лазовых пруцікаў: «Няхай растуць, цікава...»

І вось гэтая Майка! Калі ўжо бегчы, дык бегчы без памяці. Гэтак жа можна і на міну ўспароцца.

Жартаўліва паўшчуваўшы пляменніцу за разгром свайго запаведніка, ён ужо сур’ёзна запытаў яе:

— Ну што ў цябе там сталася, што ты ляціш, як на пажар?

— На Бранскім фронце, таварыш сакратар, нашы пайшлі ў наступленне, ідуць вялікія баі.

— Запісвае хто?

— Ды я ўсіх вольных людзей мабілізавала, каб не прапусціць ніводнага слова. А яшчэ, таварыш сакратар, перадавалі, што партызаны бацькі Мірона за месяц некалькі эшалонаў нямецкіх пусцілі пад адхон. Ды шмат чаго яшчэ пра іх сказана: пра спаленыя цыстэрны з бензінам, пра розныя склады, і колькі яны знішчылі немцаў, і нават колькі людзей савецкіх вывелі за лінію фронту.

— Гм... А яшчэ пра партызан перадавалі што?

— А як жа... Там запісваюць. Але прозвішчаў камандзіраў няма, даюць адны толькі літары. Адны толькі літары, дзя... таварыш сакратар абкома, але дзе, у якіх месцах яны выступаюць, паказана.

— Пра нас не чуваць там?

— Не чуваць...— І Майка гаварыла гэта з такім вінаватым выглядам, нібы яна сама была прычынай такой, на яе думку, абураючай несправядлівасці, калі пра ўсіх, відаць, партызан пачуеш па радыё, а вось пра сваіх партызан, якімі камандуе Саколіч, не пачуеш ні слова.

— Кепска вы слухаеце, таварыш радыст. Відаць, прапускаеце?

— Няпраўда! Я не прапусціла ніводнай зводкі. А вось, каб сапраўды нам добрае радыё, па якім мы маглі б і з Масквой гаварыць, як бы гэта было добра, дзядзечка! Тады б і аб нас ведалі.

— Добра, добра, таварыш радыст. Ідзі і выконвай свае абавязкі. Глядзі там, каб акуратна ўсё запісалі ды адразу ў рэдакцыю.

— Слухаю, таварыш сакратар.

 

7

Вельмі непакоіла Саколіча думка аб сталай сувязі з Масквой. Ранішняя гутарка з Майкай, вытрымкі са зводкі, дзе гаварылася і аб партызанскай дзейнасці, напоўнілі яго трывогай за лёс двух чалавек, якіх вось ужо з паўмесяца таму назад ён паслаў за лінію фронту для наладжвання сувязі. Тады яшчэ Гомель быў у нашых руках, у Гомелі быў Цэнтральны Камітэт партыі бальшавікоў Беларусі, там жа быў і штаб аднаго з франтоў. Людзі пайшлі, а праз які дзень атрыманы былі сумныя весткі: гітлераўцы занялі Гомель. Цяпер пад Бранскам, прасунуліся далёка за Смаленск. Што сталася з пасланцамі? Ці перабраліся за лінію фронту, ці ўдалося ім выканаць адказнае і складанае даручэнне, ці трапілася ім спаткацца з кім-небудзь з сакратароў ЦК або з прадстаўніком камандавання Чырвонай Арміі?

Гэтыя думкі трывожылі, непакоілі.

Яны не давалі заснуць і ноччу.

Было ўжо за поўнач. Урэшце заснуў і Саколіч. Да чуйнага вуха Дудзіка даходзілі ціхія ўсхрапы людзей, якія спалі побач, у другім будане. Недзе ўгары ледзь чутна шамацела лісце дрэў. Зрэдку ўзнімаўся вецер, страсаў на туга напятую палатку струмені вады, намагаўся прабіцца праз густую загарадку з яловых лапак, пастаўленую з надветранага боку. Чуваць былі асцярожныя крокі вартавога. Вартавых было ўсяго некалькі чалавек на востраве.

Хлопцы з аховы былі камсамольцы з саўгаса, людзі, добра вядомыя і надзейныя. Але на старой прывычцы, набытай за час вандраванняў у апошнія месяцы, Дудзік ніколі не супакоіцца, пакуль асабіста не праверыць выстаўленых пастоў, не абыдзе ноччу ўсяго астраўка, уважліва не прыслухаецца да старожкіх гукаў ночы, нават пакуль не затрымаецца на якія паўгадзіны дзе-небудзь пад елкай, непадалёчку ад подступаў да вострава.

Дудзік пачаў ужо драмаць, калі вуха яго ўлавіла нейкае падазронае шамаценне ў бліжніх кустах і некалькі слоў, сказаных так ціха, што яны ледзь даляцелі да слыху. Схапіўшы аўтамат, ён асцярожна, паўзком, падаўся з палаткі. І толькі падняўся, як поблізу раздаўся не то ўскрык, не то стогн. Нешта чмякнулася аб зямлю, звонка бразнула жалеза, нібы хто ляснуў вінтовачным затворам.

— Хто тут? — гучна спытаўся Дудзік і пачуў, як нехта шпарка пабег наўпрост, прадзіраючыся праз густыя параснікі кустоў.

— Стой, стой! — кінуўся на шорах Дудзік, з гарачкі выпусціў чаргу з аўтамата. На секунду якую прыпыніўся, каб лепш прыслухацца да таго, што рабілася наперадзе, ды пусціць наўздагон другую чаргу. Але ўперадзе было ціха, спакойна. Толькі высозныя асіны, што раслі тут, трывожна шалахцелі лісцем ды нейкая птушка, узагнаная стрэламі, мільганула над галавой і з мяккім посвістам крылаў знікла недзе ў гушчары дрэў.

І тут пачуў ён зноў стогн, які чуў раней. Стогн паўтарыўся. Дудзік падаўся туды і ледзь не спатыкнуўся на чалавека, які ляжаў на зямлі і стагнаў. Побач была вінтоўка. Дудзік прыгнуўся, чыркнуў запалкай. Скупое святло выхапіла са змроку бледны, скажоны пакутамі твар, падкурчаную руку на падмятай папараці.

— Што з табой? — усхвалявана спытаўся Дудзік, пазнаўшы твар і разам з тым адчуўшы ўсю недарэчнасць свайго пытання.

Ужо збегліся людзі. Саколіч ішоў ад палаткі. Раздаўся ўстрывожаны голас Майкі:

— Што такое? Што здарылася?

— Вартавога паранілі!

— Бінты хутчэй! — загадаў Саколіч.

Майка прынесла ліхтар. Яна страпянулася, як асінавы ліст, калі ўбачыла пад папараццю лужыну крыві.

Дудзік выйшаў з хвіліннага здранцвення.

— Бяжыце на ўскрай балота, на сцежку! Злавіць! — кінуў ён каманду вартавым, і тыя ўраз рассыпаліся па лесе.

Бінты аказаліся непатрэбнымі. Не прыходзячы да прытомнасці, паранены сканаў на руках у Майкі.

Яна плакала наўзрыд. Ледзь вымавіла некалькі слоў:

— Гэта наш кінамеханік Юрка!

Усе далучыліся да пошукаў. Абышлі кожны куток. Пошукі нічога не далі. Таемная смерць вартавога здзівіла, узрушыла ўсіх. Што патрэбна было злачынцу, які прабраўся сюды, на астравок? Што ён думаў рабіць тут, узброены, відаць, толькі адным нажом, якім ён і забіў вартавога? Усё гэта было няясна, незразумела. Людзі ціха перагаворваліся між сабой, дзяліліся рознымі здагадкамі, меркаваннямі.

Ужо развіднела. Яшчэ раз абышлі ўсе закуткі ляска, уважліва прыглядаліся да балотных хмызнякоў, да адкрытых дрыгвяністых мясцін, сям-там аголеных ад усякай расліннасці, дзе на тваністай паверхні не знойдзеш нават ніякага буйнога следу, акрамя хіба ўзорыстых адбіткаў ног балотных кулічкоў. Урэшце ля самай балотнай сцежкі, вядомай толькі насельнікам вострава, знайшлі яўныя сляды невядомага. Відаць было, што ён загруз у адным месцы, выбіваючыся на сцежку, колькі метраў прапоўз на жываце, перабіраючыся з купіны на купіну, пакуль не трапіў на сцяжынку. Суцяшальнага ў гэтым, аднак, было мала, бо за пройдзены час ён быў ужо недзе далёка, у поўнай бяспецы ад пагоні. Ды і дзе ты яго знойдзеш у лясным масіве, які распасціраўся за балотам?

Майка ўсё ніяк не магла апамятацца ад вялікага ўзрушэння.

Разгубленая, яна хадзіла па ўскрайку лесу, пазірала на белую заслону туману, якая радзела пад ранішнім сонцам. Лёгкі вецер гнаў рэшткі туману з балотнай роўнядзі, і толькі ля хмызняковых узгрыўкаў туман хаваўся яшчэ ад сонца, чапляўся за парасткі чароту, празрыстымі хвалямі перакочваўся цераз махавыя купіны.

Майка збіралася падацца ў глыб ляска, да буданоў, як заўважыла на доле, сярод густых верасоў, пілотку.

— Хто б гэта мог згубіць яе тут?

Але прыпомніла, што ні ў кога, ні ў камсамольцаў, ні ў людзей дзядзі Васі ніякіх пілотак не было.

І ёй зрабілася раптам так страшна, што захацелася кінуцца бегчы як мага хутчэй, бо, можа, тут ён, тут, гэты пракляты, які наведаў іх ноччу. Хацела бегчы, але не магла, так аслабелі, знясілілі ногі. Яна са страхам азірнулася навакол, але, убачыўшы зыркае сонца, заўважыўшы нейкую птушку, якая бесклапотна завіхалася ля арэхавай галінкі, супакоілася. Урэшце ўспомніла, што гэты невядомы ўцёк, бачылі ж і сляды яго на балоце. Падняла пілотку. Гэта была чырвонаармейская пілотка, злінялая на сонцы, мытая, відаць, не раз. Чырвонаармейскай зоркі не было, ад яе астаўся толькі зеленаваты след, які не паспеў яшчэ выгараць на сонцы.

Раздумваючы, яна разглядала пілотку, зірнула ў сярэдзіну. Тут няйначай прастаўлены былі нейкія ініцыялы хімічным алоўкам, але яны ці распаўзліся ад поту, ці знарок былі замазаны. З цікавасці разгарнула адну бакавіну, другую. Адна была не падшыта наглуха знізу і нагадвала кішэню.

«Можа, трапяцца якія дакументы?» — падумала. Але каб былі якія паперкі, дык яны б шамацелі. Вывернула бакавінку. Тут нічога не было, акрамя кавалачка белай матэрыі, няйначай падкладкі. Майка кінула б пілотку,— што цікавага ў ёй? — каб раптам не заўважыла з другога боку матэрыі некалькі знакаў. У вочы кінуўся нумар, надрукаваны буйнымі чорнымі лічбінамі, побач нямецкая свастыка, некалькі асобных літар, адціснутых сіняю фарбай.

— Тут нешта, аднак, тоіцца. І пры чым гэты № 117?

Уся яе ранейшая ўсхваляванасць даўно прайшла. Раздумваючы над знаходкай, яна зайшла ў палатку да Саколіча, падала яму пілотку.

— Вось знайшла ля балота.

Саколіч зірнуў на яе, суха прагаварыў:

— Аддай каму з хлопцаў, можа, згубіў хто.

— Вы паглядзіце вось, дзядзечка, спачатку на гэта!

Саколіч зірнуў і адразу ажывіўся. Вочы яго ўзгарэліся яўнай цікаўнасцю.

— Давай, давай сваю знаходку! Нікому не кажы аб гэтай пілотцы. А чаму — ты, відаць, разумееш сама. А за знаходку малайчына!

 

8

Яшчэ з вечара Сомік заглянуў у зямлянку. Малады лейтэнант, які сядзеў там з пажылым чалавекам і аб нечым гаварыў з ім, запытаў у Соміка:

— Па якому пытанню?

Сомік непрыязна зірнуў на яго, скоса глянуў на штацкага чалавека.

— Пытанне ў мяне адно: калі мы ваяваць будзем?

— Хто гэта мы?

— Скажам, я. Усе мы, уцекачы з нямецкага палону.

— Цяпер ясна. Каторы дзень жывяце тут?

— Я пяты дзень аціраю бакі тут. Даволі насядзеўся ў нямецкім лагеры. Я не на курорт заявіўся сюды, каб захапляцца вось гэтымі вашымі пейзажамі ды гадаваць пуза.

Светлік слухаў, усміхнуўся, нават слова ўставіў:

— Аднак не сказаць, каб ты ўжо жывот свой адгадаваў. Жывоцік у цябе ў самую меру і нават меней; бачыш, як уцягнула яго ад гітлераўскіх харчоў. І на нагах ледзь стаіш.

— Прашу не перашкаджаць, калі я гавару з таварышам лейтэнантам.

— Порсткі, аднак, ты, порсткі. Люблю такіх.

— Мне не вельмі цікава, што вы там любіце. Да вас зварочваюся, таварыш лейтэнант.

— Чаго ж вы, урэшце, хочаце? — перапытаў яго Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў зборным лагеры.

— Адпраўкі ў баявы атрад. Вось чаго я хачу.

Лейтэнант уважліва агледзеў хударлявую постаць Соміка, яго выцягнуты твар, завостраны, як шыльца, носік, заняпалыя шчокі. Запытаўся аб ранейшай службе, у якім палку быў, дзе трапіў у палон.

— Гэта, таварыш лейтэнант, вядома па спісах. Я аб усім расказаў, калі нас прывялі сюды, вось і пашукайце там. Распытваць мяне болей нечага. Я не для гэтага зайшоў сюды. Калі адпраўка будзе?

— Дзівак! Ды куды ж вас пасылаць цяпер, калі вы на нагах ледзь стаіцё. Вось паправіцеся крыху, тады і пашлём.

— Ага, не давяраеце, значыцца? Ну што ж, не давярайце. Гэта ваша справа. Можна ісці, таварыш лейтэнант?

— Ды зразумейце вы, дзівак, што нам патрэбны здаровыя людзі, моцныя. На першым пераходзе вы адстанеце ад атрада.

— Здаровыя, кажаце...— насупіўся Сомік.— А калі гэтае здароўе з мяне ўсё павыбівана фашыстам. Што ж вы загадаеце мне назад падавацца? У палон? На здзек?

— Не вярзіце вы, аднак, несусвеціцы!

— Якой несусвеціцы? Я не магу так, каб сядзець тут без справы ды націраць мазалі на баках. Я...

— Ды супакойцеся ўрэшце, пашлём і вас у атрад, яшчэ паваюеце ў ахвотку. Але трэба вас крыху паставіць на ногі, адным словам, падрамантаваць ваша здароўе.

— Знаем мы гэтыя вашыя рамонты. Правяраць будзеце нашы душы, праверачкай займацца.

— А як вы думалі? І праверыць трэба. І праверым: не да цёшчы ж на бліны пасылаем. Што ж тут такога страшнага для чалавека, калі ён сумленны?

— А вы сумняваецеся? Дзякуй богу, хапіла праверкі... Хто пекла тое прайшоў, той навекі правераны, не тое, што некаторыя, якія тут па зацішных кутках адседжваюцца.

Камар змяніўся ў твары. Шэрыя вочы загарэліся, сталі калючымі.

— Хто тут адседжваецца? Хто адседжваецца тут? — І грозна насунуўся на Соміка, які мімаволі падаўся назад.

Светлік устаў, узяў за локаць лейтэнанта.

— Кінь... Бачыш, у чалавека насмылела ў сэрцы, ён і крычыць. Ды, відаць, і настройвае нехта на такі лад, усякія яшчэ людзі трапляюцца.

Лейтэнант адышоўся назад, усеўся на рыпучыя дошкі лаўкі.

— Заўтра раніцай да мяне, пагаворым аб усім. А цяпер можаце ісці.

Сомік выйшаў хмуры. Ляжаў у будане, усё думаў, перадумваў. Глыбокае пачуццё незадаволенасці варушылася ў грудзях, не давала спакою. З якой нецярплівасцю ішоў ён сюды, каб вось зараз жа, адразу ўзяўшы вінтоўку ў рукі, рушыць на праклятага ворага і помсціць яму, помсціць так, каб зямля ўся пачырванела ад варожай крыві. І вось на табе, маеш... Праўду, відаць, казаў гэты Сыч, што тут няма асаблівага парадку, займаюцца толькі праверачкай нашага брата...

Доўга цягнецца восеньская ноч, усе бакі абмуляеш на ўляжалай падсцілцы. Не спіцца ад думак. Не спіцца ад холаду. Удвух зручней спаць, прытуліўшыся спінамі адзін да аднаго. І дзе толькі сноўдаецца гэты няўрымслівы Сыч? Усё, відаць, поўзае па буданах, шукае сяброў-таварышаў. Сяк-так захутаўся ў дзіравы шынель, задрамаў. Пад самую раніцу прачнуўся ад штуршка. Сыч выцягнуў з-пад яго свой шынель, на якім яны спалі абодва, апрануўся, відаць, некуды збіраўся пайсці.

— Ты куды? — запытаўся Сомік, паступова скідаючы з сябе апошнія рэшткі сну.

— У атрад іду. З хлопцам з адным, ён ведае дарогу.

— Так цябе там і прымуць!

— Прымуць. Баявы атрад. Там справамі займаюцца, а не паперу псуюць на праверкі ды праверачкі.

— Без гэтага не абыдзешся! Трэба...— А думкі ў самога зусім ужо іншыя. І крыўдай сэрца смыліць.

— А добры атрад?

— Другога такога не знойдзеш, грыміць на ўсю акругу.

Сомік падумаў яшчэ, павагаўся якую хвіліну.

— Тады і я з вамі...

— Калі хочаш, давай. Толькі не шорхай тут дужа ў гэтым палацы, а то яшчэ прытрымаюць такога дурня, як ты, падумаюць — у дэзерціры падаўся.

Сомік не адказваў і моўчкі збіраў небагатую сваю гаспадарку: змяты кацялок, бляшанку з-пад кансерваў, якая замяняла яму кубак, і драўляную лыжку, якую сам ён змайстраваў тут, у лесе.

Было крыху неспакойна на сэрцы ў Соміка. Не з тых ён, каб сваволіць, выступаць супроць пэўнага парадку. Але што зробіш, калі так ужо выходзіць, што сам ты павінен думаць, як бы хутчэй уключыцца ў якую-небудзь жывую справу. Не век сядзець у гэтым будане.

Утрох яны прабіраліся лесам, хмызнякамі, абыходзячы вёскі, трымаючыся падалей ад дарог. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай гармоні, якая асталася дзесьці ў атрадзе, у якім ён быў нядаўна.

— А чаму ж ты астаўся без атрада? — спытаўся ў яго Сомік.

— Ды проста адбіўся. Цётку сваю праведваў у вёсцы, а атрад як скрозь зямлю праваліўся. Я і падаўся сюды, на зборны. А тут выпадкова даведаўся ад хлопцаў, што мой атрад зноў на старым месцы. Чаго ж мне, урэшце, сядзець тут, калі я там, можна сказаць, пры справе. Хлопцы там во! Ім, брат, пальца ў рот не кладзі. Баявыя, нічога пра іх не скажаш. Немцу спаць не даюць. І камандзір вясё-о-лы, абыходлівы. Калі ўдача якая, адразу, брат, пляшку на стол і мне каманду: давай, брат Мікіта, гармонь! А мне што... Я і на гармоні магу, я і на балалайцы магу любы танец сыграць. Усё магу.

— І на балалайцы? — іранічна перапытаў Сомік.

— Абы інструмент. Магу і на балалайцы.

— Балалайкай, аднак, цябе,— выразна пастукаў Сомік па яго лабэціне,— бог не пакрыўдзіў.

— Гм... Нешта ты пляцеш...

— Ідзі ўжо нешта, нешта, а то заначуем.

Так трапілі Сомік і Сыч да Байсака.

Трапілі ў самы раз, калі Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Гэтую ўдачу ён лічыў не лішнім добра замачыць. Праўда, ён не крыўдзіў сябе і пры няўдачах, прыкладаючыся да флягі для падтрымання бадзёрага духу ў сваім яшчэ даволі здаровым целе.

Сыч так геройскі адказыраў і прыстукнуў ботамі, што Байсак аж уміліўся:

— Любата, а не воін. З камандзіраў?

— Батальённы камісар, таварыш камандзір! — адрэзаў Сыч і выцягнуўся ў струнку.

— Любачка мая, як гэта дарэчы! З палітыкай у мяне крыху не клеіцца...— Нават пахмурнеў Байсак.— Не шанцуе мне з палітыкай, праз яе непрыемнасці маю. Яшчэ фашыста біць — гэта мая спецыяльнасць, а тут пасую крыху, пасую.

І задаўшы некалькі нязначных пытанняў,— дзе, ды што, ды як і ці доўга ў палоне прабыў — велічна загадаў:

— Камісарам будзеш пры мне! Каб было, як у людзей. Не павінны мае байцы аставацца без палітычнай работы. На кані можаш ездзіць?

— Вучыўся, таварыш камандзір.

— Тады пытанне яснае, аставайся камісарам. А ты, вастраносы, па якой спецыяльнасці? — заўважыў ён тут Соміка.

— Ездавы артылерыйскага дывізіёна, таварыш камандзір.

— Артылерыйскага? Глядзі ты... Прозвішча?

— Сомік.

— Любачка мая, дай я на цябе бліжэй пагляджу. Такое ласкавае прозвішча, ціхае, і раптам табе — артылерыя. Ах ты, мой бог вайны. Да коней, значыцца, меў дачыненне.

— Без каня ў нашай службе немагчыма, таварыш камандзір.

— Правільныя словы гаворыш. Што ж, прыйшоўся ты мне да густу, будзеш... будзеш...— яўна падбіраў Байсак службу гэтаму спрытнаму на выгляд хлопцу, на якім і парваная гімнасцёрка сядзела, як улітая, распраўленая да апошняй складачкі.

— Ардынарцам будзеш у мяне. Коні каб заўсёды напагатове!

— Слухаю, таварыш камандзір.

— А цяпер выдаць ім зброю, як належыць кожнаму па яго чыну. Елі?

— Не паспелі яшчэ, таварыш камандзір, з самай раніцы ў дарозе, так да вас спяшаліся,— адказаў Сыч, як старэйшы ў чыне.

— Накарміць! І калі там што лішняе ёсць з трафеяў,— кінуў ён каманду аднаму з сваіх байцоў,— апрануць, зброю даць. Батальённаму камісару парабелум, ардынарцу майму карабін і як спецу па конях шаблю... Хоць...— прайшоўся вокам па ўсёй постаці Соміка,— шаблю адставіць, будзе толькі перашкаджаць.

Тут жа накінуўся на Мікіту:

— Ты куды падзеўся, лайдак, з тыдзень не бачу. Дзе бадзяўся?

— Вінават, таварыш камандзір, цётку праведваў. Адбіўся потым, не мог трапіць у атрад.

— Не мог... Я вось табе такое «не магу» прапішу, што ты і дзесятаму закажаш.

І раптам, нібы ўспомніўшы нешта:

— Дзе ж гармонь?

— Тут, у хлопцаў.

— Тады цягні яе сюды.

Пачыналася чарговая гулянка байсакоўцаў, якая магла цягнуцца і дзень і два, у залежнасці ад абставін, ад удачы, ад настрою камандзіра.

 

9

Работнікі абкома паспелі пабыць амаль што ва ўсіх раёнах вобласці і ў некаторых раёнах сумежных абласцей. Бадай што ў кожным раёне заснаваліся падпольныя партыйныя цэнтры. Наладзілася сувязь з мінскімі падпольнымі групамі. Таварышы з абкома былі ў няспынным руху: наведвалі далёкія раёны, прабіраліся ў гарады, хадзілі на сувязь, наладжвалі партыйную работу ў атрадах.

Людзі да таго былі стомлены, што Саколіч часам забараняў каму-небудзь з таварышаў на дзень, на два адлучацца са стаянкі і сілаю прымушаў каторага забрацца ў палатку ды добра выспацца. За апошнія тыдні і сам дапрацаваўся да таго, што стаў падобны на хворага. Гледзячы на схуднелы твар, на заняпалыя шчокі зямлістага колеру, Майка адважылася сказаць яму:

— Вам, дзядзечка, адпачыць таксама не шкодзіла б, ды добра адпачыць. Вы ж зусім хворы. Паглядзіце на сябе, на каго вы сталі падобны: адны толькі вочы і свіцяцца.

— А ты б хацела, каб я ўвесь свіціўся? — жартам адказаў ён.

— Вам усё жарты... А на тое забываецеся, што спадзяюцца на вас.

— Якая ты, аднак, сур’ёзная. Ну, добра, добра, наслухаўся тваіх ушчуванняў, а цяпер давай далей. На чым мы там з табой спыніліся?

Майка паглядзела ў свае запісы — ён дыктаваў ёй артыкул у газету — зірнула на дзядзьку, рашуча ўстала.

— Вы аб Кубэ тут гаварылі. Але ліха яго бяры, гэтага Кубэ, нікуды ён ад нас не дзенецца, пачакае. Больш запісваць не буду. Вы ж зусім хворы, аж рукі ў вас вунь трасуцца... Я зараз скажу Дудзіку, каб ён хутчэй выклікаў доктара з атрада.

Саколіч памкнуўся быў пярэчыць ёй, хацеў нават сурова перапыніць гэтую маляўку, як часам называў яе, каб не ўмешвалася не ў свае справы, але змоўк. Ён адчуў, што не можа прыўзняцца, устаць. Прыкрая млявасць скоўвала рукі і ногі, хацелася пацягнуцца, паварушыць плячыма, выпрастацца вось тут, на гэтых яловых лапках на падлозе. Але ўстаць не мог. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Далятаў да слыху грукат друкарскай машыны, якая стаяла недзе поблізу за кустамі. «Добры будзе нумар газеты»,— мільгала абрывістая думка. І колькі ні сіліўся прыгадаць, аб чым пішацца ў той газеце, не мог успомніць. Можа, заміналі гэтаму ледзь чутныя гукі страляніны, якая ішла недалёка, у якіх кіламетрах шасці-сямі. Яна не спынялася ўжо каторую гадзіну, але гукі ўсё слабелі і слабелі, бойка, відаць, аддалялася. Саколіч ведаў, што гэты бой вядзе атрад Капушы, у лагеры якога спыніўся на пару дзён абком. Нейкая нямецкая часць зрабіла нечаканую спробу прабіцца да лагера атрада. Яе своечасова заўважылі, і вось яна, відаць, адступае, агрызаецца.

Думкі рояцца, мітусяцца, абрываюцца. Дрыжаць у азнобе рукі. Прыкры звон стаіць у вушах.

З дапамогай Майкі Дудзік палажыў Саколіча на плашч-палатку, сцягнуў боты, ухутаў доўгім кажухом.

— Глядзі за ім, а я пабягу ў атрад па доктара.

— Ты не пазніся толькі ды асцерагайся.

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але так і асталася стаяць з разяўленым ротам. У шырока расплюшчаных вачах прамільгнуў цяжкі спалох, і нібы з сэрца вырваўся надрыўны ўскрык:

— Не-е-мцы!

— Парадак, парадак, Майка! — абрывіста сказаў Дудзік і выйшаў з палаткі.

Густы кулямётны перастук ірваў паветра, патрэсквалі аўтаматныя чэргі, чулася абрывістая, спяшлівая пальба з вінтовак. Майка адчула, як на якую секунду аслабелі, падкасіліся ногі, як хацелася ўскрыкнуць яшчэ раз, ускрыкнуць проста, як некалі, па-дзіцячы: мама, мамачка! Але, сціснуўшы губы, яна выскачыла з палаткі, азірнулася навакол, забегла на секунду назад у палатку, схапіла аўтамат. Паўз палатку спяшаліся байцы дзяжурнага ўзвода, які астаўся ў лагеры. Некаторыя таропка ішлі, другія беглі, на хаду правяраючы зброю. Але асаблівай мітусні не было відаць. Чуліся спакойныя словы каманды. Яна заўважыла лейтэнанта Камара, які бег да палаткі.

— Дзе Саколіч?

— Нашто ён вам?

— Без усякіх што, дзе сакратар, пытаюся! — грубавата прагаварыў ён і падаўся да палаткі.

— Не трывожце яго, ён хворы, зусім хворы.

— Ляжыць?

— Мы толькі доктара хацелі паклікаць, Дудзік збіраўся бегчы ў атрад.

— Гэта кепска, зусім кепска...— І загадаў Дудзіку, які тут жа падбег да палаткі:— Зараз жа выносьце на руках. Ды не марудзьце, я падашлю яшчэ людзей. Падавайцеся танкавым ровам, а там прабірайцеся ярам глыбей у лес. Месца збору ля смалярні.

Сказаў і пабег туды, дзе захліпаўся кулямёт, прыкрываючы бліжэйшыя подступы да лагера.

Майка ўхапілася за плашч-палатку, на якой ляжаў Саколіч.

Дзе на руках, дзе поцягам, яны перанеслі Саколіча ў роў, які астаўся ад першых дзён вайны. Сям-там роў асыпаўся, апоўз, пад ногі трапляліся камяні, рознае ламачча, наплывы мокрай гліны ад нядаўніх дажджоў.

Было цяжка, нязручна несці. Жорсткая палатка рэзала пальцы. Падгіналіся ногі. Спаўзала на вочы хусцінка. Хутчэй, хутчэй адсюль, шпарчэй бы пранесці па гэтым месцы, дзе ні кусціка, ні травінкі, дзе адзіная ахова гэты пясчаны роў, па баках якога звісаюць рэдкія сцяблінкі малачаю і сівога палыну, горкі пах якога аж кружыць галаву.

Калі Майка збіралася ямчэй пераступіць цераз пясчаныя завалы на дне, яна зірнула на хвіліну ўбок і так сціснула пальцы, што, здавалася, яны перацялі жорсткую тканіну палаткі.

— Страляй, Федзя, страляй!

Злева, у якой-небудзь сотні метраў ад рова, беглі напярэймы ім чалавек шэсць у чорных мундзірах. Пярэдні быў з ручным кулямётам і нешта крычаў. Майка і не памятала потым, як сарвала яна з галавы хусцінку і, ірвануўшы рэмень аўтамата, прынікла ўсім целам да пясчанага адхону.

— Хальт! Хальт! — крычаў, надрываўся эсэсавец.

— На ж табе, на! — аж ускрыкнула, сцяўшы зубы, Майка, націснуўшы на спуск аўтамата. Лёгкі пылок узняўся перад дулам, засціў на секунду ўсё, што было перад вачыма. Пярэднія два гітлераўцы, як беглі, так і пахіліліся, нібы зачапіўшыся за нешта нагамі. Заднія немцы заляглі, пачалі адстрэльвацца.

Сэрца ў Майкі так усхадзілася, што яна хапілася рукою за бок і, цяжка дыхаючы, хутчэй жэстамі, чым словамі, загадала свайму напарніку:

— Страляй! Страляй! А я сама пацягну.

І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! У шырока расплюшчаных вачах, у прамяністым позірку якіх заўсёды было радаснае здзіўленне свету, непрыкметна было цяпер ні сполаху ні трывогі. Адным жаданнем гарэлі вочы: хутчэй, хутчэй вынесці з-пад агню, з небяспекі гэтага чалавека, за якога адчувала яна цяпер вялікую адказнасць. Калі б ён быў здаровы, то, можа, яна кінулася б да яго, як кідаецца птушаня пад крыло маткі ў хвіліну небяспекі. Але ж ён хворы і бездапаможны.

Яна хапіла за рагі палаткі, уперлася нагамі ў пясок і жвір, скранула з месца непадаткі груз, пацягнула. Яе дагналі чатыры хлопцы, якіх паслаў лейтэнант на дапамогу.

— Адпачні, Майка.

Яны падхапілі разам плашч-палатку, хутка панеслі па рове. Майка спынілася на хвіліну, каб перадыхнуць, азірнуцца. Дудзік, даючы кароткія чэргі, перабягаў усё бліжэй і бліжэй.

— Не спыняйся, Майка, бяжы, бяжы!

Але яна заўважыла, як справа, з агніста-чырвонага асінніку выскачыла некалькі чалавек партызан. Прыгнуўшыся, яны кацілі па зямлі кулямёт. За імі, разасяродзіўшыся, спяшаліся чалавек трыццаць. Бег ад лесу Слышэня.

Вось хлопцы перанеслі на руках кулямёт і паставілі яго за пясчаным грэбенем, пад высокай бярозай, якая аж зіхацела на сонцы залацістай празрыстасцю. Кулямётная стральба прарэзала паветра. Майка бачыла, як трымцела, аж падскаквала, шэрае дула кулямёта і ў такт яму напіналіся, дрыжалі рукі кулямётчыка. А хлопцы ўжо адзін за адным пераскоквалі цераз грэбень, імкліва перабягалі ад куста да куста. Кулямётчыкі падхапілі кулямёт, пакацілі ўслед. Ужо грымела «ўра», стагнала зямля пад конскімі капытамі, гэта кавалерыйскі ўзвод пераймаў эсэсаўцаў, каб адрэзаць ім шляхі да адступлення.

Майка толькі цяпер адчула страшэнную стому і прысела на адхон рова.

— І ты, Майка, тут? — заўважыў яе Слышэня.— А дзе Васіль Іванавіч?

Майка паказала рукой на групу хлопцаў, якія таксама прыпыніліся непадалёчку адпачыць.

— Што, што з ім?

— Вельмі хворы.

Спяшаючыся, падышоў Дудзік. Быў ён узрушаны, усхваляваны.

— Што ў вас тут такое? — спытаўся ў яго Слышэня.

Эсэсаўцы хацелі напасці на лагер. Нашы бой вялі пад Дзямідаўкай з цэлай часцю, а гэтыя хацелі з тылу прабіцца ды лагер захапіць. Аднак не выйшла па-іхняму. Майка наша проста малайчына, двух гадаў падбіла сягоння.

— Майка?

— Ды слухайце вы яго, што ён гаворыць...

Яна асцярожна завіхалася каля Саколіча. Хлопцы хутка зрабілі насілкі, панеслі. Прыпыніліся ў невялічкай хатцы, у якой некалі жылі смалакуры. Горача напалілі печ. Доктар, які агледзеў урэшце Саколіча, знайшоў у яго запаленне лёгкіх. Але, на думку доктара, хвароба не з’яўлялася небяспечнай, і Саколіч тыдні праз два павінен быў ачуняць.

Атрад часова перабазіраваўся да смалярні, каб не пакідаць без аховы Саколіча, бо трымаць яго цяпер у палатцы было немагчыма, а перавозіць куды-небудзь у вёску было не зусім бяспечна, бо за апошнія дні ў навакольныя сёлы і вёскі сталі часта наведвацца гітлераўцы з бліжэйшага раённага гарадка, праз які праходзіла чыгунка. Там стаялі даволі моцны гарнізон і спецыяльныя часці, якія неслі ахову чыгункі.

Ля невялічкага цяпельца, пад густой разложыстай хвояй, сядзелі работнікі абкома і камандзір атрада. Водбліскі цяпельца мітусіліся на тварах людзей, выхватвалі са змроку густа-чырвоную галінку рабіны, пажаўцелы ліст на бярозавым кусце. Аднекуль зверху сеялася прыкрая імжа, ад якой не было паратунку ні ў буданах, ні пад дрэвамі. Гэтая зольная вільгаць абляпляла ўсё: і дрэвы, і кусты, і густую ігліцу на зямлі, і рэдкія палаткі, уласнікам якіх усе зайздросцілі як шчасліўцам.

— Та-ак... Канчаюцца нашы слаўныя дзянькі, калі не трэба было думаць пра дах над галавой. Трэба нешта рабіць, каб па-людску сустрэць зіму.

— Сустрэнем і зіму, не прападзём,— азваўся Слышэня.— Мяне вось што турбуе. Ці не бачыце вы пэўнай сувязі паміж усімі апошнімі падзеямі? Прыгадайце забойства вартавога на астраўку. Цяпер сённяшняя сустрэча з гітлераўцамі і асабліва іх налёт на стаянку атрада. Мажліва, тут нейкая рука, якая накіроўвае фашыстаў іменна туды, дзе знаходзіцца абком. Дарэчы, таварыш Калуша, як маглі эсэсаўцы прарвацца да лагера атрада, калі ўсюды былі выстаўлены заслоны?

— Вы самі, відаць, здагадваецеся аб прычынах іх прарыву. Групе Байсака загадана было заняць пэўнае месца ў засадзе на подступах да лагера. А з’явіўся ён якраз тады, калі мы ўжо разграмілі фашыстаў пад Дзямідаўкай. Засада была сарвана, яе, па сутнасці, не было.

— Выходзіць, што Байсак знарок спазніўся, каб прапусціць эсэсаўцаў на лагер.

— Гэта цяжка сказаць...

Загаварылі аб Байсаку. Імя гэтае сапраўды пачало займаць увагу і абкома і атрадаў каторы ўжо час. Паводзіны яго былі незразумелыя і часам недарэчныя.

— Заўтра ж загадаць Байсаку, каб ён з’явіўся ў абком. Трэба бліжэй пацікавіцца ім, што гэта за чалавек.

 

10

Нараду камандзіраў бліжэйшых атрадаў і прадстаўнікоў з далёкіх раёнаў праводзілі ў невялікай пуньцы, якая прытулілася ў балотных пералесках на ўзбярэжжы вялікага ляснога возера. Раней збіраліся на нарады пад адкрытым небам. Але час ужо той даўно мінуўся. Зіма бралася па-сапраўднаму.

Яна паставіла перад партызанамі багата новых задач. Трэба было падумаць аб адзенні, аб добрым жытле, аб хлебе, а галоўнае, не забывацца на фашыста, выкурваць яго з цёплых бярлог, да якіх ён быў вельмі ласы.

Даклад рабіў Саколіч. Ён паволі хадзіў вакол невялічкага цяпельца, раскладзенага пасярэдзіне пунькі, часам на якую хвіліну спыняўся і, грэючы рукі ля агню, нібы абдумваў чарговае слова.

— Усе вы ведаеце, як значна выраслі нашы сілы за апошні час. Калі мы распачыналі нашу работу, не так багата было ў нас і атрадаў і людзей. Цяпер толькі па нашай вобласці некалькі тысяч партызан, а палічыце ў іншых абласцях, па ўсёй Беларусі, па Украіне, па іншых рэспубліках. Гэта вялікая армія, з якой фашыстам даводзіцца лічыцца.

Страх перад партызанамі, перад народам так заблытвае ўсе замыслы немцаў, што яны сваімі загадамі, распараджэннямі зводзяць на нішто ўсю крыклівую прапаганду і агітацыю. Вось яны лямантуюць з плакатаў, надрукаваных у Берліне, што яны збаўцы нашага народа, што яны прынеслі нам самую сапраўдную свабоду, проста ашчаслівілі нас. І цяжка ўявіць нам такога цёмнага і адсталага чалавека, які б паверыў у гэтыя свабоды. Якая там ужо ў чорта свабода, калі і ў горадзе і ў вёсцы чалавек да пэўнай гадзіны не мае права выйсці са свае ўласнае хаты? Якая тая да ліха свабода, калі чалавеку, каб прывезці воз ламачча з лесу, трэба хадзіць па спецыяльны пропуск у камендатуру? Дзе тут гаварыць аб шчасці, калі фашыст грабе апошні кавалак хлеба са стала і загадзя вылічвае, калі знясецца твая курыца, калі ёй толькі наогул пашанцавала ўцалець ад гэтых кураедаў.

Вы гэта добра ўсё ведаеце і самі. А гавару к таму, што мы павінны біць і біць фашыстаў, і з кожным днём нарошчваць нашы ўдары. Каб жывёльны страх апаноўваў фашыста не толькі ў нас, у вёсцы, у мястэчку, у нашым слаўным Мінску, але каб страх апаноўваў і кожнага гітлераўца, якога пасылаюць на нашу савецкую зямлю, і таго, хто гэтых гітлераўцаў пасылае. Каб гэты страх, урэшце, адбіў ахвоту ў розных фашысцкіх катаў, накшталт гаўляйтэра Кубэ, пісаць бязглуздзіцу аб нашым народзе, зневажаць яго. Вось паслухайце, што піша гэты «дзеяч»: «Не ў нашых мэтах аднаўляць беларускія гарады, яны толькі псуюць чыстую, прымітыўную душу працалюбівага беларуса. Задачай беларускага народа з’яўляецца зноў навучыцца працаваць для ўсёй Еўропы, для Нямеччыны і тым самым для сябе самога». Вы бачыце, як спачатку падлабуньваецца пад народ гэты прайдзісвет, якімі заліваецца песнямі: і чысты ты, беларускі народ, і душа ў цябе такая прыгожая, такая ж працалюбівая...

Ён спрабуе павучаць нас, каб мы зноў навучыліся працаваць на Еўропу, на Нямеччыну. Даўно мы адвучыліся ад такой працы на ўсякія там еўропы і нямеччыны.

Дык вось, таварышы, мы і сабралі вас сягоння, каб параіцца, пагаварыць, як нам лепш наладзіць усю нашу баявую работу ў зімовых умовах...

Выступаў амаль кожны з прысутных. Усе прытрымліваліся адзінай думкі: фашыста біць, нягледзячы ні на снягі, ні на марозы. Былі некаторыя рознагалоссі аб спосабах зімовага размяшчэння. Чуліся паасобныя галасы, што варта атрадам забірацца ў глыб лясных нетраў, недаступных немцам, каб адтуль рабіць нечаканыя напады на варожыя гарнізоны. Другія прапанавалі злучаць па некалькі атрадаў і трымацца да вясны ў населеных пунктах, бо зіма ўсё ж ёсць зіма, не лёгка выседзець у такі час у лесе.

Чуліся галасы, што наспеў ужо час аб’яднаць усе атрады адзіным аператыўным цэнтрам, падпарадкаваць баявую дзейнасць усіх атрадаў адзінаму аператыўнаму плану. Выступаўшыя часам гарачыліся, жорстка насядалі на сваіх супраціўнікаў. Адзін з камандзіраў кпіў з лейтэнанта Камара:

— Што ты нам пяхотным статутам выхваляешся! Армія ведае лінію фронту, а ў цябе праціўнік навакол. І да людзей ты ставішся не зусім добра: нешта не ідуць яны да цябе.

— Чаму? З вінтоўкай, калі ласка. А без вінтоўкі не прымаю. Навошта яны мне?

— А чаму б табе не патрабаваць ад кожнага па кулямёту, ці па гармаце нават? Глядзіш, і ніякага клопату камандзіру пра зброю.

— Ну, гэта ўжо жарты не да справы.

— А як быць з тымі людзьмі, якія не толькі зброі не маюць, а часам і абыходзіцца з ёй не ўмеюць?

— Адчапіцеся ўрэшце, гэта мяне зусім не тычыцца. Я павінен ваяваць, я павінен фашыста біць, пры чым жа тут насельніцтва?

Спрэчкі набывалі ўсё больш жорсткі характар. Каб спыніць іх, выступіў Саколіч.

— Усе мы, таварышы, хочам біць фашыста, б’ём яго і будзем біць. У тым наша галоўная задача. Гэтую задачу добра разумее і малады наш таварыш, лейтэнант Камар, якога я паставіў бы нават у прыклад іншым як добрага ваяку. Але ў тым-сім мы не згодны з ім. Ён забываецца на адну акалічнасць, звязаную з найвялікшай адказнасцю. Ён камуніст. А хіба камуніст можа жыць, працаваць, ваяваць без насельніцтва, без народа, асабліва вось у нашых партызанскіх умовах? Народ ахоўвае нас, калі хочаце. Народ дае нам не толькі хлеб, народ дае сілу нашай барацьбе, ён галоўная наша апора і падтрымка. Без народа, таварышы, мы нішто. Я напомню вам хоць бы аб такой акалічнасці: дзесяткі найлепшых нашых разведчыкаў не зробяць таго, што робіць штодзённа насельніцтва, папярэджваючы нас аб кожным руху гітлераўцаў, аб іх наймалейшым намеры. А для каго мы ваюем, урэшце? Не, таварышы, не раю вам забывацца на насельніцтва.

Тут спрачаліся аб партызанскай тактыцы. Вядома, гэтае пытанне не распрацавана яшчэ як след. Наша тактыка толькі-толькі выкрышталізоўваецца. Яе не падгоніш пад армейскія статуты, хоць некаторыя статутныя палажэнні мы можам і павінны выкарыстоўваць.

Той, хто думае на зіму забрацца глыбей у лес, каб адседзець там да вясны, не варты годнасці партызана. Мясцовыя ўмовы кожнага атрада падкажуць яму і найлепшыя формы зімовага размяшчэння.

Правільныя і зусім своечасовыя чулі мы тут патрабаванні аб стварэнні адзінага аператыўнага цэнтра. Да гэтага часу атрады і групы дзейнічалі па сваёй уласнай ініцыятыве, у залежнасці ад сваіх сіл і магчымасцей. Мы і надалей не думаем скоўваць ініцыятыву атрадаў. Але мы былі б кепскімі ваякамі, каб не выкарысталі магчымасцей біць фашыстаў адзіным, магутным кулаком. У бліжэйшыя дні мы будзем мець аператыўны цэнтр. А зараз, таварышы, рыхтуйцеся да рашучых баёў, да рашучых дзеянняў. Не выпускайце з-пад свае ўвагі чыгункі, гэта мае асаблівае цяпер значэнне, калі гітлераўцы з скуры вылузаюцца, лезучы на Маскву. Яшчэ адзін загад усім камандзірам і камісарам: рыхтуйце транспарт, сані, коней. І летам пехатой цяжкавата, а зімой тым больш. Без каня мы зімой не ваякі.

Саколіч закрыў нараду. Хутка старэнькая пунька апусцела, і глухая цішыня навісла над палянай, над балотнымі пералескамі, па якіх толькі-толькі прайшлі партызаны.

 

11

У прасторнай зямлянцы было цёпла, утульна.

— Што ні кажыце, Васіль Іванавіч, а пад дахам прыемней, чым дзе-небудзь пад елкай.

— Ну, гледзячы, калі і як...

— Вядома, цяпер. Цяжка і ўявіць, што рабілі б мы ў буданах ці палатках пры сённяшніх марозах.

— Так. Асталяваліся. Уваходзім у сілу, Слышэня. Глядзіш, і ў добрую хату ўбяромся.

Людзі распраналіся, развешвалі прамёрзлае адзенне па слупах, па сценах. Згрудзіўшыся ля печкі, грэлі рукі, ногі. Прыемна гуло полымя ў жалезным коміне. Чыгунныя бакі печы, распаленыя да чырвані, патыхалі гарачынёй. Угрэтая цяплом, слаба патрэсквала фанера, якой былі абіты сцены зямлянкі, і ў гэтым патрэскванні была асаблівая ўтульнасць ляснога жылля, куды так прыемна было вярнуцца з марозу, з завеі.

Слышэня дакладваў аб падзеях, якія адбыліся за дзень.

— А што з Байсаком? — запытаўся Саколіч.

— Загад яму перадалі, каб звязаўся ў бліжэйшыя дні з абкомам. Пагадзіўся быў, нават умовіўся аб сустрэчы. Але такая там завіруха потым пачалася, што Байсак адмовіўся ад усякіх сустрэч і катэгарычна заявіў, што ні на якія ён сустрэчы не пойдзе і не збіраецца падпарадкавацца каму б там ні было.

— З якой жа прычыны ён так заганарыўся?

— Ды камісар у яго ёсць, той і пачаў ушчуваць Байсака. Куды ты, кажа, пойдзеш, каб расстралялі нізавошта, ніправошта? Хіба не бачыш, што цябе каторую ноч ужо ловяць, ганяюць, як зайца? Цябе, маўляў, храбрага ваяку, адважнага партызана, яны ператварылі ў злачынца.

— Гм, арыгінальны камісар... Што ж далей было?

— Далей? Нашых хлопцаў ледзь не пастралялі з гарачкі гэты самы камандзір з камісарам. Але тут цэлы бунт узняўся. Пабралі байсакаўцы аўтаматы ды больш паловы людзей і пакінулі атрад. Мы, кажуць, не хочам быць пад камандаваннем такіх камандзіраў, якія невядома куды глядзяць... Камісар быў кінуўся да кулямёта. Я, кажа, навучу вас, як паважаць мяне і слухацца. Але Байсак адштурхнуў яго. Так і разышліся мірна. «Ідзіце, каму са мной нязручна, я нікога не няволю. Але ўбачыце яшчэ вы, што значыць Байсак!» Падаўся Байсак з рэшткай атрада ў другі раён. Далёка не ад’едзе, бо трымаецца ён усё поблізу нашых атрадаў.

— Ведаеце што, Васіль Іванавіч, пара нам канчаць усю гэтую справу...— умяшаўся ў гутарку Бохан.— Хопіць ужо, накамісарыўся гэты бандыт. Самі ведаеце, чаго б магло каштаваць нам такое камісарства! Ужо ў трох раёнах сядзіць яго агентура. Усё пад выглядам пацярпеўшых ад гітлераўцаў пасяляў іх у вёсках, выцягваў з Мінска.

— Ёсць яшчэ якія весткі?

— Самыя дакладныя. Быў ён у Драздоўскім лагеры, ды там засыпаўся, ледзь не забілі палонныя. Пераведзены быў у лагер на Шырокую вуліцу ў Мінску. Адсюль і да нас трапіў.

— Ну што ж, рабі яму вузкую вуліцу. Стаў над ім кропку. Цяпер вось аб чым я хацеў параіцца з вамі сёння...

Але ён не дасказаў. За дзвярыма пачуўся марозны скрып, потым стук у дзверы.

— Заходзьце!

Увайшоў лейтэнант Камар.

— Выбачайце, таварыш сакратар, што запозна турбую. Сувязны двух чалавек прывёў. Я іх у каменданцкі ўзвод, каб вас да раніцы не трывожыць. Ды, відаць жа, і нарада ў вас. Я ўсё чакаў, калі скончыцца. Але ж супакою не даюць: дакладвай і годзе.

— Хто ж там такія?

— З атрада бацькі Мірона, кажуць.

Саколіч аж прыўстаў за сталом.

— Ах ты, Камар, Камар, не спадзяваўся, што праявіш ты сябе такім бюракратам.

— Ды што вы, таварыш сакратар! Такая мая служба, каб не вельмі спяшацца дарогу да вас паказваць незнаёмым.

— Давай, брат, давай, аб службе пагаворым пасля.

Праз колькі хвілін у зямлянку ў суправаджэнні лейтэнанта зайшлі двое і на хвіліну прыпыніліся ў нерашучасці, сілячыся праз марознае воблака, якое ўварвалася разам з імі ў дзверы, разглядзець, а дзе ж тут людзі. Звонкі дзявочы голас парушыў цішыню зямлянкі:

— Дзень добры, Васіль Іванавіч!

Саколіч падняўся насустрач. Успамінаючы, дзе ён мог бачыць гэтую дзяўчыну, павітаўся з ёй і зірнуў на мужчыну, які сіліўся адной рукой развязаць шнурок на шапцы-вушанцы. Чалавек глядзеў на яго вясёлымі вачыма. Твар, аброслы густой русявай барадой, поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Вось ён урэшце зняў шапку, моцна паціснуў працягнутую руку, нават патрос яе:

— Не пазнаеш, Васіль Іванавіч?

— Выходзіць, што так... І голас, здаецца, знаёмы, а пазнаць, каюся, не магу.

— Барада падводзіць, Васіль Іванавіч, ды і асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш... Эге, ды тут свае ўсё людзі, абком, можна сказаць, амаль што ў поўным складзе.

Ён вітаўся з усімі, як са старымі добрымі знаёмымі. На хвілінку затрымаўся, углядаючыся ў незнаёмых.

— Аднак не ўсіх ведаю. Што ж, пазнаёмімся з таварышамі... Аляксандр Дзям’янавіч...

Ён не дасказаў яшчэ свайго прозвішча, як Саколіч схапіў яго за плечы, павярнуў да сябе, моцна сціснуў у сваіх абдымках.

— Рад, вельмі рад, паважаны ты мой камісар! Прашу прабачэння,— жартаўліва дадаў ён,— брыгадны камісар, не трэба ж забывацца на субардынацыю. Але якое ліха занесла цябе ў нашы балоты?

— А якое ліха цябе занесла ў гэты палац? Не будзем, аднак, пытацца, не будзем і адказваць. Я думаю, мы разумеем адзін аднаго.

Саколіч кінуў позірк на пусты рукаў ватніка, адказаў не адразу:

— Так, браток, так, разумеем... А хто гэта з табой?

— А гэта наша сувязная... наша баявая разведчыца, Надзежда Астапаўна Канапелька. Прашу, як гэта гаворыцца, любіць і шанаваць.

— Канапелька?..— І Саколіч уважліва паглядзеў на дзяўчыну, якая завіхалася ля печкі, падкідаючы ў агонь сухія яловыя паленцы. Водбліскі полымя асвятлялі зграбную постаць дзяўчыны, золатам успыхвалі ў тугіх косах.

— Так, Канапелька...

— Надзежда Астапаўна, вы не леснікова дачка часам?

— Леснікова, Васіль Іванавіч.

— Калі мне даводзілася бачыць вас? Былі вы ў калгасе «Ленінскі шлях», як адкрывалі клуб там?

— Была, Васіль Іванавіч, але гэта было даўнымдаўно, калі я хадзіла яшчэ ў піянерах.

— Во-во, яно самае. І дэкламавала тады такі цудоўны верш, што асталіся мы ўсе ў захапленні. Аб арлянятах. Непаўторныя словы! Як гэта там... у маланках

перуновых, з гулкім гоманам грымотаў... Вось забыўся.

— Для вякоў дыктуйце новых нечуваныя ясноты.

— Так, так, нечуваныя ясноты... Вось гэта паэзія!

— А мы папросім Надзежду Астапаўну,— звярнуўся да дзяўчыны Андрэеў,— прачытаць новы верш Купалы, партызанскі, які прынеслі нядаўна да нас з-за лініі фронту.

І як ні была стомлена доўгай дарогай Надзя, як ні здавалася ёй нязручным чытаць верш перад гэтымі людзьмі, занятымі, заклапочанымі нялёгкімі справамі, яна не стала аднеквацца.

Яна чытала і не заўважыла, як у дзверы ўварвалася нейкая дзяўчына. З крыкам «дзядзя, дзядзечка» Майка забегла ў зямлянку. Лейтэнант Камар схапіў яе за рукаў, прыпыніў, каб не перашкаджала слухаць. Яна балюча выцяла яго па руцэ, аж хлопец паморшчыўся. Але Майка заўважыла тут нахмураны твар Саколіча, яго нецярплівы жэст рукой: пачакай!

У зямлянцы запанавала цішыня. Чуваць было, як гудзе полымя ў жалезнай трубе, як у шалёвачныя дзверы кідае вецер цэлыя гурбы снегу, як парыпваюць там, гудуць у завеі хвоі і елкі. А ў кожнага ў думках усё паўставалі грымотнымі перакатамі цяжкія і звонкія, як медзь, словы:

 

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

 

Былі гэтыя словы такія велічныя ў сваёй мудрай прастаце і такія адчувальныя ў сваёй спапяляючай нянавісці, што здавалася: сэрцы людзей пачынаюць біцца хутчэй-хутчэй, а думкі палымнеюць, як гэтыя агністыя словы:

— Кроў за кроў і смерць за смерць!

Майка слухала з захапленнем. Яна хвалявалася, паўтарала ў думках цэлыя радкі. Раз-поразу яна змахвала нецярплівай рукой непакорныя пасмачкі валасоў, якія назольна лезлі ў вочы.

Саколіч, нібы баючыся парушыць урачыстую цішыню, асцярожна павярнуўся на лаўцы, ціха прамовіў да Слышэні:

— Заўтра пусціце чарговую лістоўку. Колькі ёсць паперы, не шкадуйце.

Майка слухала, пазірала на незнаёмую ёй дзяўчыну — а сапраўды слаўная гэта Надзя!

Жывая гутарка зноў узнікла ў зямлянцы.

І тут Майка страпянулася, загаварыла разгублена, вінавата:

— А ведаеце, Васіль Іванавіч, выбачайце, таварыш сакратар абкома...

— Не, не ведаю яшчэ, таварыш радыст.

Майка зачырванелася аж па самыя вушы.

— Я так бегла, спяшалася сюды, ды пачуўшы вось, як таварыш... ну... Надзя чытала верш, я зусім і забылася...

— Вершы, вершы... забылася... эх ты, ваяка! — жартаўлівым тонам прамовіў Камар і быў не рад сваім словам. Майка ўспыхнула, як порах. Рэзка павярнулася да яго, ледзь не кінулася з кулакамі.

— Ты, ты... змоўкні, лейтэнант, не твая справа!

— Што ў вас там, чаго вы не падзялілі? — напаўсур’ёзна, напаўжартаўліва спытаўся Саколіч.

— А што ён чэпіцца ўсё.

— Як гэта чэпіцца?

— Ну, вечна дражніцца са мной. Я так яму адрэжу, дзесятаму закажа.

— А ліха на вас! Ну, проста дзеці, хоць ты іх у пялёнкі спавівай.

— Мне можна ісці, таварыш сакратар? — адчуваючы сябе не досыць зручна, запытаўся Камар.

— Ідзі, браток, ідзі, ратуйся ад Майкі, пакуль не позна. Ну, давай цяпер, радыст, твае запісы ды надалей будзь акуратнай.

Адчуваючы на сабе позіркі — каб сваіх, то нічога, але ж так нязручна перад незнаёмымі,— Майка перадала спісаны лісток паперы.

— Чытайце вось самі.

Саколіч паглыбіўся ў чытанне. І чым далей чытаў, тым святлейшы і святлейшы рабіўся яго твар.

— Ура, таварышы! Жывём мы цяпер, як усе добрыя людзі.

— Што здарылася, Васіль Іванавіч?

— Ды тое, што і павінна было здарыцца. Дайшлі нашы пасланцы ў Маскву, цяпер мы з сувяззю. Чытайце вось... Ну, радыст, выношу падзяку ад усіх нас.

У паведамленні Савецкага інфармбюро коратка расказвалася аб асноўных аперацыях партызанскіх атрадаў Саколіча, ці таварыша С., як адзначалася ў зводцы. Запісы перачытвалі некалькі разоў.

— Усё дакладна да апошняй лічбы. Як было ў нашай справаздачы, так і пададзена.

Запісы пераходзілі з рук у рукі, і калі трапілі зноў да Саколіча, ён, зірнуўшы яшчэ раз на іх, нечакана здзівіўся:

— Аднак што гэта азначае? І не заўважылі вы з радасці, ды і я прапусціў. Тут жа ў канцы гаворыцца і аб нашых аперацыях за апошнія два месяцы. Хто мог паведаміць аб гэтым за лінію фронту?

— Тут няма чаго дзівіцца,— заўважыў Андрэеў.— Разведка наша працуе, і працуе дакладна.

Гутарка зацягнулася далёка за поўнач. Надзя і Майка даўно пакінулі зямлянку.

Андрэеў расказваў аб атрадзе бацькі Мірона, аб чыгуначніках, аб мінскіх навінах, аб атрыманых з ЦК указаннях.

— Пра Мінск ты нам не расказвай, у нас штодня свежая інфармацыя. Вось ты скажы, што нам рабіць з табой, паважаны брыгадны камісар?

— А тут, як гаворыцца, воля камандавання...

— Так, воля камандавання! — сказаў задумаўшыся Саколіч.— Заўтра мы аформім урэшце наш штаб. Аб гэтым мы не раз гаварылі, аб гэтым напаміналі нам і некаторыя таварышы на сённяшняй нарадзе. Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было падыходзячай кандыдатуры. Цяпер і гэтая справа вырашаецца як не трэба лепш у нашых умовах. Прызначым начальнікам нашага штаба брыгаднага камісара Андрэева.

Усе падтрымалі гэтую прапанову.

— Пастойце, пастойце,— адбіваўся той,— што вы хочаце ад інваліда... Гэта раз. А па-другое, які з мяне начальнік штаба, калі я палітработнік?

— Мы ўсе, камісар, палітработнікі. У нас яшчэ горшае становішча,— засмяяўся Саколіч.— Я, напрыклад, і ў страі ніколі не быў. А цяпер вось камандзірам, камандую цэлым баявым злучэннем. Раз партыйны білет здольны насіць, то выканаеш любое заданне. А табе і тым болей: колькі год у арміі, ды і на страявой быў.

— Ёсць, таварыш камандзір, узначаліць штаб злучэння. Будзем старацца!

— Вось і добра... З заўтрашняга дня бярыся за работу. Цяпер аб нашых планах на бліжэйшыя месяцы. Мы прадумалі на гэты час усё амаль што да апошняй дробязі. Аставацца зімаваць у лясах — крыху рызыкоўна: гэта звяжа нашы сілы, абяззброіць. Будуць і гітлераўцы дапякаць, калі будзем сядзець нерухома, ды і мароз не пакіне без свае ласкі, трэба лічыцца і з абуткам і з адзеннем. Як бачыце, не маем мы ніякага права заседжвацца. Які ж выхад? А выхад адзін: трэба рухацца. І не проста, а ўсім нашым злучэннем, усімі нашымі сіламі. Рухацца на конях, на санях. І народ наш узнімем, і на гітлераўцаў страху нагонім, і мароз не так будзе дапякаць. Мы за зіму абрасцём людзьмі. Дзе пройдзем мы, там ужо цяжка будзе фашысту.

Наш рэйд мы пачнём у хуткім часе. А раней мы правядзём невялікую аб’яднаную аперацыю. Я маю на ўвазе некаторыя бліжэйшыя да Мінска аб’екты. Нам трэба адцягнуць увагу немцаў ад самога Мінска, дзе яны цяпер лютуюць, чыняць розныя зверствы. Ды ўрэшце трэба нагнаць на іх такога страху, каб яны падумалі аб адкліканні буйных часцей з фронту. Мы тут з таварышамі прадумалі ва ўсіх дэталях план гэтай аперацыі. Аляксандр Дзям’янавіч паможа давесці яе да канца. Аперацыя гэтая будзе, калі хочаце, пэўнай рэпетыцыяй перад нашым вялікім рэйдам. А цяпер спаць, спаць, афіцыйныя размовы скончаны!

Але доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых.

 

12

Доўга не лажыліся спаць у Майчынай зямлянцы. Цётка Палашка, якая была за паварыху, усё частавала Надзю адмысловымі прысмакамі, распытвала, а што там цяпер у горадзе робіцца і ці даюць там фашысту адпор. Слухала, жахалася.

— Божа мой, якое страхоцце навалілася на наша жыццё. Вось гляджу на вас, дзяўчаткі, і вачам сваім веры не даю. Ці гэта ў вашы гады такімі справамі займацца, калі, можна сказаць, у самы раз пра жыццё думаць. А яна вось,— павяла цётка брывом у бок Майкі,— гэтае дзеўчанё, яшчэ недалетак, які толькі-толькі на жыццё грабецца, яна ў нас ужо двух фашыстаў са свету зжыла.

— Цётачка...— папракнула Майка.

Надзя з цікавасцю зірнула на хударлявую Майку, на яе твар, на якім прамільгнуў не то цень сарамлівай усмешкі, не то ўспышка гнеўнага дакору, так гарэлі і паблісквалі яе вочы.

— А скажыце, Надзя, вам часта даводзіцца сустракацца з фашыстамі? — спытала Майка, каб спыніць крыху залішне ахвочую да слова Палашку.

— Часам і даводзіцца, Майка. Вось, прабіраючыся сюды, не маглі ж мы абмінуць іх.

— І багата вы фашыстаў забілі?

— Ніводнага, не давялося.

— Гэта вы не хочаце казаць. Я разумею вас, вы не хочаце выхваляцца. Такая разведчыца, ды каб ніводнага немца.

— Аднак ніводнага, Майка. Нічога не зробіш, але так ужо выходзіць.

— Так я вам і паверыла! А ў нас вось некаторыя як пачнуць расказваць, дык толькі слухай яго: дзесяткамі, сотнямі знішчае.

— І няпраўду гаворыш, Майка, ніхто не выхваляецца ў нас, усе людзі як людзі, па-сур’ёзнаму ваююць,— умяшалася Палашка.

— А Камар?

— А што табе Камар? Ён смелы, разумны. Чалавек як трэба.

— Як трэба... Хвалько ваш Камар!

— Ну, гэта ўжо хутчэй твой Камар, чым мой,— адрэзала Палашка.

— І няпраўда, і няпраўда...— замяшалася чамусьці Майка і нават пачырванела злёгку.— Хвалько ваш Камар, хвалько. І не толькі хвалько, манюка.

— Дзе тут вас разбярэш? Ты яго то хваліш, то нешта бэсціць пачынаеш.

— І няпраўда, і няпраўда! І ніколі яго не хваліла. Яму б толькі жартаваць ды дражніцца.

— Нешта ён са мной не дражніцца, а з табой.

Майка не на жарты ўзлавалася на цётку Палашку.

Ёй жа так яшчэ хацелася багата аб чым распытаць Надзю — і аб разведцы, і аб горадзе, і дзе яна вучылася раней, і аб усім, аб усім. Гэта такая, відаць, незвычайная дзяўчына, у яе і распытаць бы і павучыцца. Надзя старэйшая за Майку, яна пабачыла больш жыцця. І такая ж яна прыгожая, вось сядзіць, расплятае нанач косы, задумалася аб нечым. Мітуслівае святло газнічкі залоціць яе бронзавыя косы, лашчыцца да яе рук, якія так спакойна, неспяшліва заняты сваёй справай. І ад усёй яе постаці павявае такой прыгажосцю, што Майцы здаецца, каб была яна, Майка, хлопцам, то няйначай пакахала б гэтую слаўную дзяўчыну, і як бы яшчэ пакахала. А пры чым тут Камар?

Ужо лежачы на нарах разам з Надзяй, яна тулілася да яе па-дзіцячы. За акенцам зямлянкі чуваць было, як парыпвалі дрэвы. У жалезную трубу часам урываўся вецер і гуў там, бразгаючы бляшанай юшкай. Зрэдку чуваць былі марозныя рыпы: то праходжваліся там, пад дрэвамі, вартавыя. А тут было ціха, утульна, як у роднай хаце. Майцы хацелася спытацца ў гэтай дзяўчыны, ці кахае яна каго і ці можна кахаць цяпер, у такія дні, калі ідзе страшная вайна, калі людзям даводзіцца часта сустракацца са смерцю. Але пры чым жа тут вайна, пры чым жа тут смерць? Майка ўспамінае пра горкаўскую казку аб дзяўчыне і смерці. Слаўная казка. Каханне заўсёды мацней за смерць, яно перамагае яе. Няма на зямлі нічога прыгажэйшага і мацнейшага за каханне.

Завывае вецер у жалезнай трубе. Аб прамёрзлыя шыбы шархацяць сняжынкі. Зрэдку піскне мыш за фанернай абіўкай сцяны. Раўнамернае дыханне заснуўшых нібы калыша змрочную цішыню зямлянкі. Добра ў зямлянцы, зацішна.

Майка ўспамінае пра бацьку — дзе ён цяпер? Яна ведае, што ён і яшчэ некалькі чалавек пайшлі ў Мінск. Партызаны рыхтуюцца да сур’ёзных аперацый, аб якіх невядома Майцы. Але цяжка ім цяпер, відаць, у горадзе, дзе так багата фашыстаў, дзе так багата розных устаноў, якія пасылаюць на вёскі і салдат і паліцаяў. Майка думае, а можа, марыць аб тым, як стане яна выдатнай разведчыцай,— а такой яна павінна стаць,— як наробіць яна вялікага страху фашыстам... Трэба нешта рабіць ёй, Майцы, яна ж камсамолка, не такая ўжо вялікая справа сядзець з радыёпрыёмнікам у зямлянцы ды запісваць паведамленні. Гэта і кожны можа зрабіць. Некаторыя вунь з хлопцаў і дзяўчат на ўсе атрады вядомы сваімі справамі. Узяць хоць бы лейтэнанта Камара. Ну, так, Камара... Ён адзін тры танкі нямецкія спаліў. З якім захапленнем глядзела на яго Майка, калі ўбачыла першы раз. Аж ён заўважыў яе тады на камсамольскім сходзе, спытаўся:

— А ты, дзяўчынка, што робіш тут?

Дзяўчынка...

Грубавата спытаўся. Нават укрыўдзілася Майка, але не разгубілася, спакойна адказала яму:

— А раблю, хлопчык, тое, што мне трэба.

Ён нічога не адказаў, нешта гмыкнуў пад нос, не зусім ветліва зірнуўшы на яе. А потым, сустрэўшыся з ёй, пытаўся абыякава:

— Ну, як твае справы, маляўка? Што чуваць у эфіры?

Гэта падслухаў, як Саколіч клікаў яе часам маляўкай. Майка альбо не адказвала Камару, нібы зусім не заўважаючы яго, альбо намагалася пайсці ў рашучую атаку:

— І сур’ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя, так і лезеш сляпіцаю ў вочы.

— Ого-о! Маляўка, аказваецца, можа злавацца.

Між імі ўстанавіліся своеасаблівыя адносіны, нешта падобнае на паддражніванне адзін аднаго, на ўзаемныя кпіны. Майка злавала на Камара, але, калі аставалася адна, думкі аб ім чамусьці не пакідалі яе. Здавалася, каб не было Камара, было б ёй, відаць, крыху сумнавата...

Снуюць Майчыны думкі, віруюць. Багата думак, адна за адной, адна за адной. Нібы цёплым вясновым днём устрывожыў хто рой пчол, і яны гудуць, гудуць, залоцінкамі мільгаючы на сонцы, на травах, на кветках, на пахучай квецені яблынь. І ўсё зліваецца ў нешта стракатае, яркае, дзе так багата фарбаў, неўміручага сонечнага ззяння, усяго таго, што завём мы маладосцю і яе радасцямі.

 

13

Слышэня зрабіў даклад аб Дні Канстытуцыі. Гэта быў нават не даклад, а хутчэй інструктаж: што рабіць камуністам і камсамольцам у гэтыя дні па вёсках, занятых гітлераўцамі.

— Кожнае наша слова да народа ў такі дзень — гэта лішняя куля ў фашыста.

Хлопцы і дзяўчаты разыходзіліся па раёне. Майка папрасіла, каб яе паслалі ў сяло, у якім быў некалі раённы цэнтр.

У сяле было некалькі знаёмых дзяўчат і хлопцаў, якіх ведала яна яшчэ раней па камсамолу. Амаль усе яны былі ў падпольнай групе. Сувязь з ёй непасрэдна трымала Майка, калі была яшчэ ў саўгасе, дзе пэўны час знаходзіўся і падпольны райком камсамола, членам якога яна з’яўлялася.

Коратка развітаўшыся з Надзяй, якая збіралася ісці назад у Мінск, яна хацела спачатку запытацца дазволу на свой паход у Саколіча. Але яго не было ў штабе і, як ведала Майка, павінен быў вярнуцца з паездкі ў суседні раён толькі праз пару дзён.

Майка, захапіўшы пачку лістовак, выбралася ў дарогу з адной дзяўчынай з атрада, якая мела сваякоў на сяле. У сяло прыйшлі на змярканні. Паліцай, які стаяў у канцы сяла, спыніў іх грозным воклічам:

— Стой, хто такія?

У Майкі захалодала аж у грудзях ад гэтага воклічу, але спакойны голас напарніцы прывёў яе да раўнавагі. Тая гарэзліва адчытвала вартавога:

— Чаго крычыш? — І пад самы нос тыцнула яму дзве паперкі. Гэта былі позвы, якія пасылаліся паліцыяй у парадку нямецкага закону аб працоўнай павіннасці. У позве пералічаліся рэчы, якія павінен захапіць з сабой чалавек, якога пасылалі ў Нямеччыну. Тут жа і суровае папярэджанне: за нез’яўленне на рэгістрацыю вінаваты будзе залічаны ў бандыты і панясе суровую кару як вораг германскай арміі.

Паліцай пакруціў паперкі і, збаўляючы тон, сказаў ужо даволі лагодна:

— Ідзіце, ідзіце, лапатухі!

І дурасліва ўсміхнуўшыся, кінуў ім услед:'

— Як жа, вас там так чакаюць, не дачакаюцца.

Дзяўчаты не палічылі патрэбным уступаць у залішнюю дыскусію, толькі падміргнулі адна адной і, прыскорыўшы крокі, пабеглі далей. Напарніца пайшла да сваякоў. У яе сваё заданне: трэба пераправіць у атрад медыкаменты з бальніцы, якая была ў сяле. Майка пайшла на явачную кватэру. Пажылая жанчына, што сустрэла яе, спачувальна паківала галавой:

— Не ў часе, дзеванька, заявілася ты. Лютуюць паліцаі, і як лютуюць. Колькі народу сагналі з раёна, думаюць у Нямеччыну выпраўляць. Крый божа, якое няшчасце, гэтак можна і ў лапы да іх трапіць.

— Не на пагулянкі, цётачка, ходзім, некалі час разлічваць.

Вечарам яна сустрэлася з кіраўніком падпольнай камсамольскай групы. Высокі, танклявы хлопец, з твару якога не сыходзіў след не то сарамяжлівасці, не то нейкай віны, прыняў ад яе лістоўкі. Ён акуратна палічыў іх, уважліва перачытаў змест, пахваліў:

— Гэта добра. Мы таксама тут сёе-тое пішам. Бургамістр любіць паслухаць радыё, ну, мы і карыстаемся выпадкам, таксама паслухаем. Але дзе ты ад рукі размножыш усё?

Хлопец некалі працаваў у райземаддзеле. Цяпер служыў пісарам у бургамістра. І хоць паслалі яго на гэтую службу самі камсамольцы, але яго ніколі не пакідала пачуццё пэўнай няёмкасці перад вяскоўцамі.

— Ад гэтых лістовак ашалее наш бургамістр. Ён думае, што яго раён самы спакойны на ўсю вобласць, усё спадзяецца на маёнтак ад фашыстаў за сваю службу. І нібы яны абяцалі яму. Меў ён да рэвалюцыі непадалёчку тут фальварак. Але туды баіцца паказвацца, там часта партызаны бываюць.

Хлопец — яго звалі Іванам Думчыкам — падрабязна дакладваў аб усіх справах. Запытаўся, як паглядзіць яна на такую справу, як знішчэнне будынка паліцыі, якое яны наважыліся правесці ў гэтую ноч.

— У гэтую ноч? — з шчырым здзіўленнем запыталася Майка. Ёй не даводзілася яшчэ браць на сябе такой адказнасці, каб даваць якія выключныя парады. Яна і прыйшла, каб перадаць толькі лістоўкі, даведацца аб усім, што робіцца на сяле і ў бліжэйшых вёсках.

— Так, у гэтую ноч. Падпалім паліцыю.

— А нашто? — так жа шчыра перапытала Майка.

— Там усе дакументы, з усяго раёна. Усе спісы на моладзь. Ды ў часе пажару, магчыма, вызвалім людзей, якіх сагналі на адпраўку ў Германію. Іх нахапалі нават у суседніх раёнах, поўна калгасная стайня. Ці заўтра, ці паслязаўтра будуць адпраўляць на станцыю.

Майка задумалася на хвіліну. Што ж, калі ў яе просяць парады, яна павінна даць яе. Іначай, які яна член падпольнага райкома камсамола, які, праўда, арганізаваўся параўнальна нядаўна і не мае яшчэ вялікага вопыту. Вунь Саколіч спецыяльна ставіў на абкоме камсамольскае пытанне, нават выехаў у суседнія раёны, каб навесці парадак у гэтай справе ва ўсіх атрадах.

— Гэта вельмі добра!

Сказала і так захапілася справай, што распытвала аб усіх дэталях, раіла, спрачалася, хацела сама ўключыцца ў аперацыю, але спахапілася: яе не за гэтым пасылалі сюды.

— Ты вось павядзеш некалькі камсамольцаў да вас, у партызаны, ім небяспечна аставацца больш тут.

Ноччу адбылося ўсё так, як задумалі маладыя падпольшчыкі. Далёка за поўнач, калі глыбокая цішыня стаяла над сялом, над дахам школы, у якой размяшчалася паліцыя, узняліся густыя клубы дыму. У якую хвіліну вострыя языкі полымя прабіліся праз вокны дашчанага франтона, прагна пабеглі па сценах, па страсе. Пачулася некалькі стрэлаў. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы, які вісеў ля дома колішняга праўлення калгаса. З акон і дзвярэй школы выскаквалі ў адной бялізне перапалоханыя насмерць паліцаі, бязладна бегалі вакол гарэўшага будынка. Бургамістр Ярыга ледзь паспяваў следам за начальнікам паліцыі Гнібам, які бег на пажар.

Ярыга зусім прыстаў. Прыхіліўшыся да плота і схапіўшыся за сэрца рукой, ён цяжка аддыхваўся. Яму так хацелася хутчэй бегчы далей, туды, дзе паліцыя, дзе Гніб. За яго спіной заўсёды адчуваеш сябе спакойна і ўпэўнена. Пабег вось Гніб, кінуў яго аднаго.

Абамлелай рукой зняў шапку, марудна выцер спацелы лоб, працёр вочы. І тут заўважыў на плоце белы шматок паперы. Нават вуха ўчула лёгкі шолах: слаба прыклеены лісток трапятаўся на лёгкім ветрыку. І словы на ім былі страшныя для яго:

«...Вітаем вас с Днём Канстытуцыі! ...Зямля савецкая была, ёсць і астанецца савецкай. Фашыстам жа яна будзе магілай. Іх прыслужнікаў і лакеяў нішто не выратуе ад заслужанай кары. Мы білі, б’ём і будзем біць іх смяротным боем».

І самае галоўнае — подпіс:

«...справаздачу перад вамі, савецкімі людзьмі, робіць ваш дэпутат у Вярхоўны Савет...»

У Ярыгі кружылася галава, але пачуццё звычайнай чалавечай цікаўнасці перамагло млосную слабасць, ён зірнуў на подпіс:

«...Саколіч.»

Гэтае слова нібы дваілася ў вачах. Аб ім чуў пан Ярыга. Мала добрага было ў гэтым слове для пана Ярыгі. Колькі чалавек давялося яму прытуліць на сяле за апошні месяц. Яны беглі адтуль, дзе з’яўляўся Саколіч. У суседнім гарадку на чыгунцы ён, пан Ярыга, меў гонар быць на пахаванні некалькіх салдат і афіцэраў, якія загінулі ад партызан Саколіча. Але ж прысутнічаць на чужым пахаванні ўсё ж прыемней, чым на сваім уласным.

Пан Ярыга ледзь адарваўся ад плота і, хістаючыся як п’яны, паволі паклыпаў да пажару.

 

14

Усё адбылося так, як было ўмоўлена. У акенца хаты, дзе спынілася Майка, нехта асцярожна пастукаў тры разы. Майка выйшла на двор. Пажар толькі-толькі ўсчынаўся.

— Хутчэй, хутчэй!

Незнаёмая дзяўчына правяла Майку агародамі да нейкай будыніны, не то лазні, не то невялічкай пунькі. Адразу за плотам пачыналіся густыя хмызнякі. Майка пачула пахрапванне коней, убачыла некалькі чалавек.

Па голасе яна пазнала сваю напарніцу, з якой прыйшла ў сяло. Спрытная дзяўчына-сандружынніца ўкладвала ў сані чамадан, некалькі скрынак, абкладвала іх сенам.

Пажылы чалавек, які ўвесь час зябка пацінаўся ў паліто, спалохана зірнуў на пасвятлелае зарыва і шэптам папрасіў:

— Вы, сапраўды, прыглядайцеся да рэчаў. Тут, ведаеце, шклянкі, лякарствы...

— Не сумнявайцеся, доктар, усё будзе цэла. Ды вы самі прыладжвайцеся ямчэй.

Неўзабаве заскрыпелі палазы саней. Коні натужна скрануліся з месца і, пераходзячы з шагу на рысь, памчалі па зімніку, пракладзеным у балотных хмызняках. Хутка дарога ўвабралася ў лес.

Ужо развідняла, калі сані на якую хвіліну прыпыніліся. Майчына напарніца і ўсе астатнія паехалі на зборны пункт. Майка асталася адна, каб падацца пешкі на лагерную стаянку, да якой асталося якіх кіламетраў з восем. Знаёмай сцяжынкай яна прабіралася пералескамі, палянамі, каб выйсці на бліжэйшую да стаянкі лясную дарогу. Даўно ўзышло сонца. А на снезе, куды ні зірнеш, сляды і слядзінкі. Вось няйначай курапаткі корпаліся на ўзлессі. Хітры лісіны след цягнецца побач. На высокай рабіне чырванелі мёрзлыя ягады. Нейкая птушка цяжка ўзнялася з дрэва і, пахлопваючы крыламі, паляцела ў хваёвыя нетры.

Майка ішла па лесе і разглядвала кожны след, кожную прымятую галінку, запарушаную снегам папараць. Недзе побач бойка ціўкала сініца. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу, і кожны куточак, і кожную галінку, і кожную касматую снегавую шапку на пнях. Іскрыцца снежны пыл на дрэвах, алмазнымі россыпамі ападае на сумёты, на некранутую полазам дарогу.

І так добра, так радасна на душы! Відаць, ад гэтага сонца, ад густога марознага паветра, нібы працэджанага праз зялёнае хвойнае сіта.

Майка падыходзіла ўжо да бальшака, які пераразаў у гэтым месцы лес, як пачула галасы. Калі некалі раней прыемна было пачуць у лесе чалавечы голас зімой, то цяпер гэты голас часам не радаваў. Майка інстынктыўна падалася з дарогі ў гушчыню маладых елак, прытаілася там. Адсюль яна заўважыла, як з бальшака на яе дарогу звярнула цэлая працэсія. Спачатку паказаўся конны паліцай. Наравісты конь гарцаваў пад ім, парываўся перайсці на галоп. Коннік нецярпліва асаджваў яго, б’ючы кулаком паміж вушэй, злосна пакрыкваў назад:

— Цягніцеся хутчэй, бандыты! А вы падганяйце там, не лавіце варон.

З-за павароткі дарогі паказаліся два чалавекі. Ішлі яны поплеч, цяжка перастаўляючы ногі па замеценай снегам дарозе. Проста ў спіны ім тыцкаліся ўспененыя храпы коней двух паліцаяў, якія падганялі гэтых людзей. Адзін, што ішоў па дарозе, быў без шапкі. Левая шчака ў яго ўся ў крыві,— відаць, рассечана бізуном ці шомпалам. Ён раз-поразу нязручна намагаўся пацерці шчаку аб каўнер чыгуначнай курткі, у якую быў апрануты. І калі рабіў гэта, замаруджваў крок. Прыпыняўся і другі, апрануты ў гарадское паліто. Тады заднія паліцаі наскоквалі каршунамі, падганялі.

Той, што ішоў без шапкі, раптам пахіснуўся, няйначай паслізнуўся на аголенай ад снегу, абдзьмутай ветрам каляіне і ўпаў на дарогу. Ён сіліўся ўстаць. Яму памагаў яго таварыш, але рухі яго былі неўвароткія, няспрытныя. Толькі тут заўважыла Майка, што ў абодвух закручаны назад і звязаны вяроўкай рукі. Той жа вяроўкай абодва былі звязаны разам, так што адзін без аднаго не мог бы зрабіць і кроку. Над іх галовамі засвісталі бізуны. І тады той, што стаяў, гнеўна крыкнуў паліцаям:

— Што вы робіце, каты?

Ад воклічу шарахнуліся коні ўбок. Перакошаны ад злосці канапаты твар паліцая нібы душыцца словамі:

— Ты што разяўляешся? Я зараз заткну твой рот! Я зараз... Я зараз... Ужо выюць ваўкі па табе!

— А ты сам паспытаў бы чалавечыны, фашысцкая псіна!

Ён сказаў гэта ціха, спакойна.

Нешта хацеў выкрыкнуць канапаты і не мог. Саскочыўшы з каня, хапіўся за вінтоўку.

— Стой, стой, не чапай! Трэба даставіць па начальству,— крыкнуў на яго паліцай, што быў наперадзе палонных.

— Чаго не чапай! Будзем доўга важдацца з імі! — І ляснуўшы затворам, ён ускінуў вінтоўку да пляча.

Майчынаму сэрцу стала так балюча-балюча, нібы хто сціснуў яго жалезнымі абцугамі. Уся кроў прыліла да твару, і ён гарэў так, што, здавалася, успыхнуць вось марозныя ігліцы, якія дакраналіся, драпалі шчаку. Усе сілы яна сабрала, каб не дрыжалі рукі. І раз і два націснула яна на спуск нагана. Канапаты паліцай няскладна асунуўся далоў, падмяўшы пад сябе ядлоўцавы куст і загробшы рукамі па снезе. Конь пярэдняга паліцая пусціўся ўгалоп, і коннік не стрымліваў яго, не сцішаў. Другі паліцай у імгненне вока саскочыў з каня, папоўз па снезе і, прыпыніўшыся за тоўстай хвояй, пачаў адстрэльвацца з вінтоўкі. Раздаліся чыесьці галасы. Майка выпусціла апошні патрон. Націснула яшчэ раз на спуск і нібы са здзіўленнем зірнула тут на наган. Перазарадзіць бы яго.

Яна нават не зразумела спачатку, што здарылася, калі яе схапілі за плечы нечыя жорсткія, дужыя рукі.

Білі яе. Потым некаторы час прайшоў у непрытомнасці. Яна не памятала, як апынулася ў гэтай змрочнай будыніне, дзе так моцна пахла гнілой саломай і стайняй. Калі ўпершыню апрытомнела, яна заўважыла побач з сабой тых двух, з-за якіх і трапіла сюды. Той, што быў без шапкі, ляжаў на ахапку саломы, і, каб не ледзь прыкметныя струменьчыкі марознай пары над яго вуснамі, можна было б падумаць, што ён мёртвы. Другі ўважліва прыглядаўся да яе. І калі ўбачыў, што яна расплюшчыла вочы і са здзіўленнем агледзелася навакол, раптам сказаў ёй з дакорам:

— Эх, дзяўчына, дзяўчына, дарэмна страляла ты.

Яна глянула на яго з такім гневам, з такім непрыкрытым абурэннем, што ён замяшаўся крыху і сказаў ужо зусім другім тонам:

— Слаўны ты таварыш...

Задумаўся на хвіліну і ціха-ціха:

— ...і чалавек...

Яму, відаць, было цяжка, бо некалькі сказаных слоў так знясілілі яго, што ён прыхіліўся да свайго таварыша, змоўк. Майка адчула вялікую прыязнь да гэтых двух хлопцаў. І нейкае незнаёмае ёй пачуццё, якое называем мы мацярынскай ласкай, апанавала ўсю яе істоту. Яна з цяжкасцю падцягнулася да іх, падгарнула салому, клапатліва захутала ім ногі, падправіла ў галовах. І калі ён запытаўся, як зваць яе, яна адказала яму проста, як свайму блізкаму дружбаку:

— Мяне завуць Майкай.

— А мяне Ігнатам.

І яны ні аб чым не распытвалі адно аднаго, адкуль, ды што, ды хто, ды чаму з’явіліся тут. Ён не сказаў ёй аб тым, як трапілі яны, два таварышы, у рукі гэтых вылюдкаў. Не сказаў таму, што на сэрцы ляжала вялікая крыўда на саміх сябе, на ўвесь недарэчны выпадак, які прывёў іх у рукі гэтых праклятых душагубаў. Яны так удала прабіраліся аж з самага Мінска. І трэба ж было на апошнім пераходзе здарыцца такой непрадбачанай падзеі. Сувязны, да якога яны з’явіліся, быў хворы. Ён не мог іх павесці сам, раіў ім другога ў праваднікі. Але паколькі ўсяе дарогі асталося якіх кіламетраў з дзесяць, ды і сувязны так дакладна расказаў ім пра дарогу, то яны наважыліся абысціся без правадніка, тым больш і ўвесь дзень быў яшчэ наперадзе. Не паспелі яны, аднак, прайсці кіламетры са два, як надвор’е пачало рэзка мяняцца. Спачатку завінулася мяцеліца. Вецер усё мацнеў, і хутка ўсё — і неба, і дарога, і чэзлыя балотныя хмызнякі — патанула ў снежнай завірусе. Яны прахадзілі гадзіны са тры і ўрэшце зразумелі, што збіліся з дарогі.

Ноч спаткала іх на балоце. Выпадкова трапіўшы на стажок сена, яны, ледзь не падаючы ад зморы, зашыліся ў яго і праспалі там да самага відна. Раніца была ціхая, сонечная. Як ні зацішна было ў стажку, але за ноч яны так намерзліся, што рукі і ногі, здавалася, зусім адубелі і заходзіліся ад холаду. І тут узнікла гэтая здрадлівая думка: раней чым пайсці, абагрэцца. Яны нацягалі з-пад стажка рознага ламачча, узялі ахапак шорсткай асакі, пачалі распальваць яе. Сяк-так раздзьмухалі невялічкае цяпельца. Густымі клубкамі паваліў спачатку жоўты дым, потым успыхнула полымя. З асалодай грэлі рукі, ногі. І так захапіліся гэтым цяпельцам, што і не заўважылі, бадай, як усю балотную прагаліну, на якой прытуліўся стажок, акружылі конныя паліцаі. Ігнат паспеў толькі сунуць кольт у снег, бо супраціўляцца было зусім бескарысна. Ды спадзяваліся хлопцы і на свае прапускі. Былі ў іх такія дакументы, нібы адпусцілі іх з горада на пабыўку дамоў на тыдзень у родную вёску, якая была кіламетраў за сорак адсюль.

Паліцэйскі раз’езд ехаў з адной вёскі. Гэта былі так званыя хапуны, якія рабілі аблавы на моладзь, якая ўхілялася ад пасылкі ў Германію. Хапуны пацярпелі няўдачу ў вёсцы ды ўрэшце трапілі ў адным месцы пад партызанскую засаду, страцілі некалькі чалавек. Раз’ятраныя няўдачамі, яны спаганялі злосць на нечаканых палонных. Не памаглі ніякія тлумачэнні, ні прад’яўленыя прапускі.

І зусім ашалелі, калі ў часе гэтай валтузні нечая нага выпадкова выбіла пісталет з-пад снегу.

Так зусім неспадзявана трапілі хлопцы ў былую калгасную стайню.

 

15

У шчыліны паміж бярвенняў прарываліся скупыя праменні сонца.

Сцены стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. З саламянай страхі над акенцамі звісалі доўгія ледашы. Яны пераліваліся на сонцы мутным жаўтлявым святлом. Вязні згрудзіліся купкамі, сядзяць, ляжаць, шчыльна прыхіліўшыся адзін да аднаго, каб неяк сагрэцца, захаваць цеплыню свайго ўласнага дыхання. Пранізваючая стынь бруіцца ці то ад прамёрзлых сцен, ці ад гнілой саломы, якая патыхае старым зляжалым гноем. Натужны кашаль перакочваецца з аднаго канца стайні ў другі, на хвіліну заціхае, каб зноў выбухнуць з новай сілай.

Майка прыслухоўваецца да парыўчатага дыхання Ігната, Анатоля — так завуць другога хлопца. Яна дыхае на хусцінку, каб стала мякчэйшай, выцірае ёю запечаную кроў на шчацэ ў Анатоля, папраўляе бінт на яго галаве.

А на вочы наплывае здрадніцкая муць, закрывае свет. І ўсе сілы напружвае Майка, каб не паддацца, устояць, не заплакаць. Ёй так хочацца ўзняцца на нейкую вышыню, адкуль можна зусім спакойна, разважліва думаць аб усім гэтым. Яно ж мінецца, скончыцца. Можа, не будзе і яе, Майкі, але знікнуць гэтыя прамёрзлыя сцены, знікне ржавае павуцінне дроту, людскія стогны. І можа, яны, тыя, што некалі будуць радасна глядзець у яснае сонцава вока, шчасна глядзець у заўтрашні дзень, у светлую будучыню сваю,— можа, яны ўспомняць і пра яе, Майку, пра дзяўчыну, якая сустрэла ў сваім жыцці семнаццаць вёснаў... Толькі семнаццаць!

Думкі, нібы дзіцячыя мары, цешылі, супакойвалі. Звісалі ашмоткі нейкіх траў, сцяблінак, леташніх каласоў. І ўсё гэта ў марозным інеі, які аж іскрыўся, калі трапляў на яго скупы праменьчык сонца. Дзіўна... Ад гэтых марозных гірлянд нібы цяплей і ўтульней стала на сэрцы.

«Як на ёлцы...»

Падумала і цёпла ўсміхнулася сабе самой. А думкі імкнуліся роем, абганялі адна адну. Успомнілася маці. А сама яна, Майка, яшчэ зусім, зусім малая. Маці заплятае ружовую істужку ў Майчыны косы. У школу ідзе Майка. Навагодняя ёлка ў школе пераліваецца казачнымі агнямі. Колькі гоману, радасці, вясёлай мітусні! Яна чытае верш пра Мароз Чырвоны Нос.

Мароз Чырвоны Нос....

За марозамі вёсны, леты... Майка — піянерка. Майка атрымоўвае камсамольскі білет.

Настаўнікі. Школа. Таварышы. Шэфства над калгаснымі фермамі. Электрыфікацыя. Севазвароты. «Камсамольцы, вышэй ураджай!» Колькі спраў, колькі захапляючых клопатаў. А свет усё шырэй, шырэй, і жыццё, здаецца, з кожным днём прыспяшала свой ход. «Каго ж выберам мы ў сакратары?»

— Майку Светлік!

Аж разгубілася, успыхнулі чырванню шчокі.

— Майка Светлік!

Здрыганулася, агледзелася. У расчыненых насцеж варотах відаць кавалак халоднага неба. Барвовыя,— відаць, вечарэла — нізка плылі па ім зімовыя хмары.

— Майка Светлік! — Голас грубы, патрабавальны.

Схамянулася: пераклічка! Ледзь паднялася на ногі.

— Ты што ж, шэльма, не адгукаешся, калі цябе клічуць?

Яна стаіць, не адказвае. Цяжка адарвацца ад светлых думак-успамінаў.

— Ты хто? — пытаюцца ў яе.

Гэта Гніб, начальнік паліцыі. Ён стаіць са спісамі ў руцэ.

— Я — работніца саўгаса.

— Работніца? — і твар з шызай валбукай пад вокам перакошваецца ў злосці, у мацяршчыне.

— Я не пра гэта пытаюся, брыдота! Ты была сакратаркай у камсамольцаў?

Маўчыць Майка. Страшныя словы б’юць яе, аглушаюць.

Ён крычыць, аж жылы сінеюць у яго на шыі і сутаргава ходзіць маршчакаватая скура на шчаках, на сківіцах.

— Заб’ю, калі не будзеш адказваць!

Побач з ім стаіць пан Ярыга, ружовашчокі стары. Ён ужо акрыяў пасля начнога перапалоху. Стаіць, прыцмоквае, аблізвае сінія губы.

— Дзеванька! — гаворыць ён ціха, украдліва, і ў голасе яго адчуваецца лёгкая дрыготка.— Ну чаго ты вызверылася на мяне, я цябе не з’ем. Раз пытаецца начальнік, адказвай яму з ласкай, з павагай. Яму на тое і права дадзена, каб пытацца. Мы і так ведаем, хто ты такая. Ці ахвота цябе расстрэльваць, гэтакую маладзенькую! Ласкавейшай будзь, раскажы аб усім — пашлём мы цябе тады ў Германію. Ты скажы нам, па якой такой патрэбе ты з наганам бадзяешся? Хто паслаў цябе і куды паслаў? Ты нашто, нашто, пытаюся,— тут ціхі голас яго зрываецца на крык,— чалавека майго забіла? А?

Аблізаў сінія губы, прыцішэў, нячутным крокам нібы падкрадваецца бліжэй.

— А хочаш, дзеўчанё ты неразумнае, пашлём мы цябе да паноў афіцэраў. У паненках будзеш хадзіць, ах, божа мой, божа! — сіпіць ён па-старэчы.

— Даволі, пан бургамістр. Я развяжу язык ёй! — І Гніб цяжкім падкутым ботам цэліць у грудзі дзяўчыне.

— Стой, душагуб! — зліваюцца ў крык гнеўныя галасы.

Дзесяткі рук падхопліваюць Майку, адцягваюць назад. Засланяюць яе. Гніб бачыць пабялелыя твары, сціснутыя кулакі. Людзі рашуча насоўваюцца на яго. Аднекуль ад сцяны ляцяць каменні, цагліны, аскабалкі дошак. Падаецца назад Ярыга. А Гніб крычыць, і ў голасе яго адчуваецца смяротны страх:

— Аўтаматчыкі, сюды!

Узброеныя паліцаі з’яўляюцца ў варотах. Яны адцясняюць усіх да сцяны, адштурхоўваюць нагамі хворых, ляжачых.

У мітусні, гомане раздаецца чыйсці патрабавальны голас:

— Дзе бургамістр? Дзе начальнік паліцыі?

Гэта пытаецца нямецкі лейтэнант. Паліцаі кідаюцца шукаць сваё начальства.

Гніб выходзіць спацелы, узрушаны. За ім тупае ўподбежку Ярыга, слепавата азіраючыся на бакі і паціраючы гузак на лбе. То ўцэліў пан Ярыга лабэцінай у шулу, калі спяшаўся выбрацца са стайні.

— Камандзір спецыяльнага атрада — палкоўнік — патрабуе вас да сябе! — гаворыць лейтэнант і ледзь адказвае кіўком галавы на ліслівыя прывітанні абодвух.

Ля валасной управы стаяў, спешыўшыся, нямецкі атрад. Спрактыкаванае вока Гніба адразу вызначыла: цэлы эскадрон, калі не болей. Калматыя ад інею коні пафырквалі, тузалі паводдзем. Коннікі прытупвалі на марозе, пахлопвалі рукавіцамі, дужаліся, каб сагрэцца, размяць здранцвелыя ногі. На дзесятках саней можна было прыкмеціць кулямёты.

«Відаць, эсэсаўцы!» — мільганула думка ў начальніка паліцыі, калі ён заўважыў чорныя шынялі ў салдат.

За сталом у кабінеце Ярыгі сядзеў палкоўнік. Ён быў чымсьці незадаволены, бо ледзь варухнуў галавой на прывітанне ўвайшоўшых і адразу пачаў допыт, ды які допыт:

— Дзе праходзіў вайсковую падрыхтоўку? — накінуўся ён на Гніба.

— На курсах у Гданску, пан палкоўнік.

— Дзе служыў раней?

— Быў вахмістрам у польскай жандармерыі.

— Ты, нягоднік, зусім распусціў паліцыю, патураеш партызанам. Дзе гэта бачана: вартавы стаіць на ўездзе ў сяло, і не спытае ні прапускоў, ні пароляў!

— Божа мой, хто будзе пытацца пароляў у нашых... гераічных германскіх войск? — вытыркнуўся Ярыга, каб неяк жа абараніць свайго калегу.— Мы ж так вас чакалі, каб канваіраваць на станцыю мабілізаваных у Германію...

— Палкоўнік не займаецца такім глупствам, каб вадзіць палонных,— абрэзаў бургамістра лейтэнант.— Ён праводзіць інспекцыю ўсіх паліцэйскіх войск.

Ярыга з павагай паглядзеў на палкоўніка і, паціраючы — ці то з радасці, ці з перапуду — свае ручкі, зачасціў хутка-хутка:

— Ах, як добра! Гэта такая падмога нам. Сіл у нас асаблівых няма, каб сур’ёзна бараніцца, калі б, скажам, крый божа, які буйны атрад, прабачце, партызан наважыўся б напасці на нас. Але нас бог мілаваў. У нас ціха, зусім ціха, калі не лічыць там якіх,— няўпэўнена зірнуў ён тут на Гніба,— дробных фактаў. Так ціха, што да нас бягуць з суседніх раёнаў, дзе, прабачце, нахабнічаюць гэтыя партызаны. І паліцаі бягуць, і старасты, і бургамістры, і, даруйце мне, мелі гонар прыехаць і суседнія каменданты.

— Паклёп! — гнеўна крыкнуў тут лейтэнант.— Нямецкая армія ніколі не бегае.

— Выбачайце... Яны проста, бачыце, мянялі дыслакацыю...— аж спацеў Ярыга, не рады ўжо, што ўвязаўся ў гутарку.

Хутка палкоўнік праз лейтэнанта-перакладчыка падрабязна распытваў Гніба і Ярыгу, як змагаюцца яны з партызанамі, як выяўляюць падазроных, незадаволеных, ці спраўляецца паліцыя са сваімі абавязкамі. Праглядаліся розныя спісы, загады. Цікавіліся, хто памагае паліцыі. Праверылі ўсе сакрэтныя справы. Урэшце палкоўнік зацікавіўся страявой вучобай паліцыі, загадаў вывесці ўсіх паліцаяў на плошчу.

— Выбачайце, у нас частка людзей ахоўвае стайню з мабілізаванымі...

— Усіх выстраіць. Нават днявальных. Нашы салдаты падменяць варту,— абрэзаў лейтэнант начальніка паліцыі і тут жа паклікаў Ярыгу.

— Пан палкоўнік загадаў вам вывесці на плошчу ўсё насельніцтва. Дзеці няхай астаюцца па хатах. Пасля інспекцыі пан палкоўнік будзе гаварыць з вашымі сялянамі.

— О, гэта мы зараз! — І Ярыга пабег, рады таму, што хоць на нейкі час пазбавіцца ад гэтага прыдзірлівага начальства.

Праз колькі хвілін усе наяўныя паліцэйскія сілы былі выстраены на плошчы. Палкоўнік чамусьці абышоўся і без «хайля», адразу прыступіў да справы. Агледзеў у аднаго, у другога зброю, дакорліва ківаў галавой, знайшоўшы нейкую няспраўнасць. А рухавы лейтэнант ужо распякаў на чым свет стаіць нязграбнага паліцая, затвор вінтоўкі ў якога зусім прымёрз, не адчыняўся.

— Распусціліся, лайдакі! Бач, пысу разгадаваў, толькі шчанят біць! — І тут жа перадаў загад палкоўніка.

— Агледзець ва ўсіх зброю!

Да выстраеных паліцаяў падышлі аўтаматчыкі, бралі вінтоўкі ў іх, бразгалі затворамі.

І тут жа пачулася новая каманда:

— Смірна! Праверку на хвіліну адставіць, будзе гаварыць пан палкоўнік. Бургамістр, бліжэй людзей!

Сяляне, сагнаныя на плошчу, спачатку абыякава пазіралі на ўсе практыкаванні, якія рабілі паліцаі пад каманду нямецкага палкоўніка. Але паступова хмурыя твары рабіліся больш жвавымі, у вачах з’яўляліся пробліскі цікаўнасці. Чым-то ўсё гэта скончыцца? Вядома, і эсэсаўцы і паліцаі — аднаго балота чэрці, але добра, калі яны пачынаюць выскаляцца адзін на аднаго.

Бургамістр усё мітусіўся ля сялян, пакрыкваў, падганяў бліжэй.

Схіліўшыся ў тры пагібелі перад высокім начальствам, лісліва далажыў:

— Калі ласка, пан палкоўнік, можаце пачынаць.

Спацеўшы ад аднаго жадання як найлепш дагадзіць начальству, ён пачціва адышоў назад, дзе з групай нямецкіх афіцэраў стаяў і Гніб.

Палкоўнік тым часам падышоў да сялян, спыніўся на хвіліну, нібы задумаўся аб чым. Потым рэзкім рухам зняў шапку, загаварыў:

— Браты, родныя!

Словы, сказаныя ім па-руску, адразу наэлектрызавалі ўсіх.

— Даруйце мне гэты невялічкі спектакль. Ён спатрэбіўся нам, каб без лішняй крыві... нашых людзей... расправіцца вось з гэтымі катамі, з фашысцкімі наймітамі.

Нешта хацеў крыкнуць пан Ярыга, але папярхнуўся словам і, збялелы, спустошаны, нешта мычаў пад нос. Гніба трымалі пад рукі, вымалі яго пісталет з кабуры.

— Вось яны стаяць перад вамі... пакажыце іх бліжэй. Вось пан Ярыга. Ён палез сюды, каб захапіць зямлю, здабыткі вашы. Старэйшыя з вас памятаюць Ярыгу па часу царызму. Гэты недабітак думаў пры дапамозе фашыстаў вярнуць вам колішнія часы. І ён стараўся, выслужваўся ў сваіх гаспадароў. А вось і Гніб. Верай і праўдай служыў польскім фашыстам, памагаў ім сумленна супроць польскіх і беларускіх сялян. Цяпер ён верна служыць нямецкім фашыстам. Гэта заклятыя ворагі нашы... А вось палюбуйцеся на гэтых мярзотнікаў, на здраднікаў радзімы,— і рухам галавы ён паказаў на паліцаяў. Яны стаялі збялелыя, напалоханыя насмерць.

— Мне брыдка нават гаварыць пра іх, не толькі што глядзець на іх сабачыя скуры!

На плошчы стаяла такая цішыня, што чутна было, як усхліпвае пан Ярыга, усё нешта шэпчучы сабе пад нос.

А палкоўнік расшпіліў футравы каўнер, які хаваў яго твар, расхінуў шынель. І тыя, што стаялі бліжэй, убачылі на палкоўніку сялянскі кажушок, на якім ярка чырванеў значок дэпутата Вярхоўнага Савета.

— Вось і зноў мы сустрэліся з вамі. Мы сустрэліся, каб сказаць вам, што не немцы-фашысты і не яны — халуі іхнія — з’яўляюцца гаспадарамі на савецкай зямлі. Мы з вамі — яе гаспадары. Мы з вамі б’ём нашых ворагаў і будзем біць іх да таго часу, пакуль не ачысцім нашай зямлі ад усёй гэтай погані.

— Браткі! Гэта ж Саколіч, наш дэпутат! — адразу выкрыкнула некалькі галасоў у натоўпе сялян.

Людзі кінуліся да Саколіча, ледзь не заціснулі яго ў сваіх абдымках, падхапілі на рукі.

Многагалосае «ўра» ўзляцела над плошчай, рэхам пракацілася над заснежанымі вуліцамі, над полем. Ад стайні беглі наперагонкі вызваленыя хлопцы, дзяўчаты.

Усё сяло прыйшло ў такі рух, якога не бачылі з самага пачатку вайны.

Над плошчай стаяў вясёлы гоман. Гаварылі, віталіся, спявалі, запрашалі партызан на пачастунак. Над ганкам воласці ўзвілося чырвонае палотнішча. Два старыя выцягнулі з будынка партрэт касмылястага і шпурнулі яго з ганка на снег. На партрэт кінуліся хлапчукі, распатрашылі на шматкі галоўнага начальніка над усімі фрыцамі і бобікамі. Бобікі стаялі ні жывыя ні мёртвыя.

Саколіч расказваў пра партызанскія справы, пра сённяшні разгром нямецкай камендатуры на станцыі.

А людзі распытвалі пра Чырвоную Армію, пра Маскву.

Праз натоўп настойліва прабіралася Майка. Яна спынілася непадалёку і ўсё парывалася падысці да Саколіча. І вось яна кінулася да яго, схапіла за руку:

— Дзядзечка! Таварыш камандзір!

Саколіч зірнуў на яе, здзівіўся:

— А ты як трапіла сюды?

Угледзеў сінія кровападцёкі на твары, нахмурыўся.

— Мяне схапілі гэтыя гады! Яны катавалі двух нашых чалавек, тыя ледзь не пры смерці, там доктар ля іх цяпер, у стайні... Яны...

І ўсе глянулі ў бок паліцаяў. Нібы хваля прайшла па натоўпу. Побач затрашчалі платы, штакеціны. Дзесяткі галасоў грымнулі на ўсю плошчу:

— Смерць душагубам! Біце іх, гадаў!

Саколіч загадаў:

— Спыніць!

І калі ўтаймавалася плошча, спакойна сказаў:

— Што вы? Хочаце з імі самасудам расправіцца? Так не варта. Мы разбяромся з кожным паасобку. І ніводнага з іх мы не пакрыўдзім: кожны атрымае спаўна па заслугах.

Заняліся допытам паліцаяў. Дружна памагалі ўсе.

Некаторых апраўдвалі, якія трапілі на службу па прымусу, з няволі і нічога дрэннага не зрабілі за час свае службы.

Ім кінуў кароткае слова Саколіч:

— Калі яшчэ хто з вас нацягне на сябе сабачую скуру, тады літасці да вас ужо больш не будзе, бо і цяпер плачуць па вас сухія асіны. Толькі крывёй сваёй зможаце змыць з сябе ганебную пляму. А шкадуеце свае крыві, змывайце фашысцкай.

— Родненькі, мы хоць сёння да вас.

— Не, нам такія сваякі пакуль што не патрэбны. Вось заслужыце давер’е ў народа, пастарайцеся, каб гітлераўская нага баялася стаць у ваша сяло ці ў вёскі, з якіх вы родам. Тады, магчыма, і прымем вас у сваяцтва. А цяпер ідзіце адсюль, не мазольце вачэй людзям...

Вызваленых паліцаяў як віхор здзьмуў. З астатнімі доўга не цырымоніліся.

 

16

Ужо бралася на ноч, калі коннікі Саколіча падаліся ў дарогу, каб далучыцца да асноўных атрадаў, якія праходзілі поблізу. Старая баявая песня будзёнаўцаў непрыкметна ўзнялася над полем, над лесам, шуганула да самых зор, якія злёгку трымцелі, нібы зябка пацепваліся на далёкім марозным небе.

Ухутаная ў кажух, Майка сядзела на санях. Роўны рып палазоў, словы песні закалыхвалі, супакойвалі, праганялі калючы боль у плячы, у руцэ. Са змроку ночы нібы ўставаў перад ёю канапаты твар паліцая. Цяпер канапаты нікога ўжо не будзе біць. Але колькі яшчэ гэтых канапатых ходзіць па нашай зямлі... Ці доўга ім хадзіць яшчэ?..

На стаянку прыехалі ноччу. Надзя, прачуўшы раніцай ад Майкі аб хлопцах з Мінска, пайшла з ёй у санітарную зямлянку, куды Ігната і Анатоля змясцілі ноччу. Хлопцы ўжо адагрэліся, спрабавалі жартаваць з пажылым доктарам, з якім разам уцякала з сяла ў памятную ноч Майка. Ён перавязваў рассечаную шчаку Анатолю. Ігнат першы заўважыў Майку, нават прыўзняўся на тапчане:

— А вось і наш збаўца з’явіўся!

— Эге, Майка, а ты і не расказала мне аб гэтым.

Майка разгубілася спачатку і, каб захаваць сваё замяшанне, завінулася памагаць доктару.

Ігнат як прыўзняўся на тапчане, так і сядзеў, углядаючыся ў другую дзяўчыну, голас якой паказаўся яму вельмі знаёмы.

— Надзя!

Яны расцалаваліся так горача, што Майка нават адвярнулася з далікатнасці. Яны мала гаварылі аб сабе. Усё распытвалі адзін аднаго аб знаёмых, аб справах.

У зямлянку зайшоў Саколіч.

— А я на хвілінку да вас! Як справы, доктар? Вы павінны гэтых малайцоў як мага хутчэй на ногі паставіць. Ого, яны, аказваецца, ужо і гаварыць могуць.

Саколіч павітаўся з хлопцамі.

— Чуў я пра ваш выезд з горада. Нядрэнна зрабілі, з помпай. Вось за вашы апошнія прыгоды не хвалю.

— Мы, Васіль Іванавіч, ад самага горада па нашаму праспекту ішлі і ўсё было добра, спакойна. Колькі людзей пераслалі, і ніводнай затрымкі не было.

— Вось бачыце, людзей перасылалі, а самі засыпаліся. Праспект тады і праспект, калі людзі трымаюцца пэўных правіл, ну... і слухаюцца рэгуліроўшчыкаў.

Майка ведала, пра што гаварыў Саколіч. Праспектам ужо з месяц называлася нябачная і невядомая для гітлераўцаў дарога, па якой праходзілі сотні і тысячы людзей з горада і далёкіх раёнаў у партызанскія атрады. На гэтай дарозе ўдзень і ўночы працавалі нядрэмныя сувязныя. Тут былі нават свае партызанскія «гасцініцы», дзе можна было абагрэцца, адпачыць і перачакаць дзень-другі, калі на якім участку псавалася «надвор’е», з’яўляліся «заносы», «абвалы» і ўсякія іншыя з’явы, якія рабілі ўчастак «цяжкапраходным».

— Ну, добра, хлопцы, ачуньвайце, ды будзем разам аднаўляць нашы праспекты і ўсе нашы сцежкі-дарожкі.

І трэба было тут Майцы высунуцца са сваёй заўвагай:

— Яны, таварыш камандзір, правільна ішлі.

Саколіч азірнуўся і, хаваючы ўсмешку, сур’ёзна, ужо завельмі сур’ёзна паглядзеў на Майку.

— А я і не заўважыў, што наш радыст таксама тут. Дзе, думаю, ён дзеўся. Знік і трэція суткі голасу не падае.

— Дзядзечка! — узмалілася Майка.

— Чую, чую, пляменніца. Шкадую толькі, што няма ў мяне яшчэ спецыяльнай зямлянкі пад гаўптвахту, каб прытуліць маю дарагую пляменніцу якіх сутак на дзесяць.

— За што, дзядзечка? — густа пачырванеўшы, ціха перапытала Майка.

— А за тое — ці стане чалавек, калі ён пры добрым розуме, нападаць з пісталетам на атрад паліцыі?

— Дзядзечка... таварыш камандзір...— голас у Майкі дрыжаў, а яе вяснянкі нібы ўзгарэліся, так пабялеў яе твар.— Я не магла іначай. Я не магла... не страляць. Не магла...

Яна стаяла бледная, узбуджаная, нават вочы, здавалася, пасінелі ды злёгку дрыжалі сціснутыя кулакі. Саколіч паглядзеў на яе. І калі пачаў гаварыць, у голасе яго зніклі жарсцвінкі.

— Я ведаю, Майка, што ты не магла інакш. І кожны з нас не мог бы інакш зрабіць, калі б убачыў, што можа загінуць без дапамогі наш чалавек. Але лезці на ражон не трэба. Атака ў лоб з малымі сіламі заўсёды раўназначна паражэнню. Тут патрэбна і хітрасць, і вытрымка, і добры разлік, дакладны разлік... І смеласць, вядома. Патрэбна і разумная рызыка. Аднак загаварыўся я з вамі, ды і хворым мы тут перашкаджаем.

Саколіч запрасіў у сваю зямлянку Надзю. Ён падрабязна распытваў яе аб тым, чаго не паспела яна яшчэ расказаць: аб атрадзе Мірона, аб гарадку, аб Мінску. Пра дэпо не пытаў, ведаючы аб сім-тым ад Андрэева. Урэшце загаварыў і пра Надзіну сястру Галю:

— Ты сама разумееш, не абавязкова табе расказваць ёй аб усім, што ведаеш, што бачыла. Мы з табой не маленькія, знаем, што можна і што няможна. Адно скажу: няхай яна не ўхіляецца ад свае службы. І трэба ёй перадаць, каб не слухала абы-каго, не паддавалася на ўгаворы розных людзей.

Нам яна патрэбна для важных спраў. Калі яе думаюць перавесці на працу ў другое месца, хоць бы і да самога Кубэ, няхай ідзе. А будзе якая патрэба — мы тады і звяжамся з ёй праз цябе, а можа, праз якога другога чалавека, якога ты параіш.

Саколіч даў яшчэ Надзі некалькі даручэнняў па гораду, па атраду бацькі Мірона.

— Калі збіраешся падавацца назад, дык можаш заўтра паехаць з намі. Падвязём.

 

17

Байсак быў пануры, як ноч. Ён сядзеў, нізка пахіліўшы галаву, падпёршы шчаку далонню. Пальцы рукі нервова перабіралі край абруса. Вось яны трапілі ў самагонную лужыну, кроплі пырснулі ў твар. Байсак уставіўся мутным зрокам у пустую шклянку, у бруднаватую пляшку.

Схапіў пляшку і так бразнуў яе аб падлогу, аж дзвынкнулі, прасвірчэлі шкляныя ашкалёпкі, ды сонны гарманіст прахапіўся і ледзь не зваліўся з лаўкі, на якой сядзеў. Працёр вочы, прыўзняўся:

— Можа, сербіяначку загадаеце?

— Хопіць! Даволі! Да д’ябла ўсіх! — Ён так ударыў нагой па зэдліку, што той ледзь не ўліп у печ. Гарманіст у страху падаўся далей ад стала. Няўрымслівы Сомік пакпіў:

— Лезеш, балалайка!

На яго прыкрыкнуў Сыч:

— Калі размаўляе начальства — маўчаць!

— Так і буду маўчаць, знайшоўся для мяне начальнік!

— Маўчаць! — аж ускіпеў Сыч.

— Годзе, годзе, разышліся ваякі! — абвёў іх мутным позіркам Байсак.— У начальнікі любіце гуляць, нягоднікі. Думаць трэба, як далей нам быць.

— Аб чым тут думаць, таварыш камандзір? Пытанне зусім яснае: трэба нам далучацца да партызанскага злучэння, ну... і падпарадкавацца ўсім загадам...

— Падпарадкавацца? Разумна сказана. А што ты спяваў раней, камісар? Адказвай мне, што ты раіў тыдзень назад, месяц таму назад? Адказвай, ці я прасвятлю твае мазгі! — П’яны, расхлістаны, Байсак насоўваўся сцяной на Сыча.

— Ды што вы, што вы, таварыш камандзір! Я толькі клапаціўся аб вашым гонары, аб вашым аўтарытэце...

— Аўтарытэце, кажаш? Дзе ж той аўтарытэт, калі сяляне ўцякаюць ад мяне... Што я — фашыст для іх, здраднік? А гонар, кажаш? Дзе той гонар, калі загінулі лепшыя байцы мае, калі за апошнія тыдні мы злавілі толькі з пяцёра плюгавых паліцаяў, ды і за тымі ганяліся, каб адабраць самагонку? Дзе той гонар, калі са мной астаюцца толькі вось... Палюбавацца толькі на гэтых разяпаў... Вунь ён, балалайка... сербіяначку яму!

— Бываюць няўдачы, таварыш камандзір. І я, магчыма, у сім-тым вінаваты... Не памыляецца той, хто нічога не робіць, а мы ваюем, таварыш камандзір.

Сомік пырснуў у кулак, але змоўк. Добра было б, каб узяў камандзір гэтага ваяку за жабры. Не ляжыць Сомікава сэрца да Сыча. Даўно падаўся б у другія атрады, ды сорамна крыху. Яшчэ даведаюцца ў штабе, абавязкова даведаюцца, як ён уцёк сюды.

— Ваюем, кажаш? — не то перапытаў, не то пагадзіўся Байсак, важна ўсеўшыся на лаўку. Задумаўся.

Задумаўся і Сыч. Думаў аб сваіх справах. Не досыць ладна клеіліся яны. Калі нядаўна наведаўся ён да каменданта суседняга гарадка, яго вылаялі там, як апошняга дурня. Няправільную лінію гнуў, сказалі. А хіба гэта яго лінія? Яму давалі ўсе заданні. Калі сарваўся замах на сакратара абкома, загадалі выкарыстаць Байсака, праз Байсака даведвацца аб партызанскіх планах. Калі і тое сарвалася, параілі ператварыць Байсакоў атрад у звычайных бандытаў, у зялёны атрад. Піў Байсак, запіваў, але ў цвярозыя дні развіваў кіпучую дзейнасць, расстраляў трох марадзёраў, зрабіў некалькі дзёрзкіх налётаў на нямецкія гарнізоны. Сычу асталося справакаваць некалькі няўдалых аперацый, у выніку якіх атрад панёс значныя страты людзьмі. Тыя, што асталіся, пазіраюць воўкам, ходзяць змоўшчыкамі, думаючы пра другія атрады. Тады паразумнела Сычова начальства: «Неадкладна дабіцца ўключэння Байсака ў партызанскае злучэнне і там дзейнічаць у залежнасці ад сітуацыі». Добра ім там, у Мінску, аддаваць такія загады, няхай бы самі паспрабавалі папрацаваць тут, твар у твар з гэтымі людзьмі, перад якімі не раз ужо дрыжаў Сыч за сваю ўласную скуру.

А Байсак сядзеў і свідраваў яго цяжкім, панурым позіркам.

— Дык ваюем, кажаш? А хто,— тут ён загнуў такое, што Сыч увабраў галаву,— хто праваліў апошнюю аперацыю?

Нешта хацеў адказаць Сыч, толькі рот разявіў, ды раптам ускочыў, як уджалены.

— Хто, хто прапусціў? — закрычаў ён насустрач групе людзей, якія з вясёлым шумам не ўвайшлі, а проста ўваліліся ў хату. Сярод іх былі тры аўтаматчыкі, два былі, няйначай, камандзірамі, з рэвальверамі, з палявымі сумкамі. Марознае воблака ўварвалася следам за імі, і, ахутаны ім, усё крычаў Сыч:

— Хто прапусціў?

Пярэдні ўсміхнуўся і, ці то пытаючыся, ці то іранізуючы, сказаў да Сыча:

— Хіба так сустракаюць гасцей партызаны?

Сыч сумеўся ўрэшце і загаварыў ціха, прабачліва:

— Выбачайце, гэта я аб нашай ахове. Такі народ, пастраляць мала! Пайду наганяй рабіць разбойнікам, каб зевака не давалі.

— А вы не турбуйцеся! — загарадзіў яму дзверы адзін з камандзіраў.— Харошы народ у вас, нічога дрэннага пра яго не скажаш. Ды няветліва, урэшце, і гасцей пакідаць адных у хаце. А мы да вас, так сказаць, па суседству... Калі не памыляюся, перад намі мужны камандзір атрада...

— Байсак...— працадзіў праз зубы Байсак, падымаючыся з лаўкі.— Маёр Байсак! — ціха дадаў ён.— З кім маю гонар?

— А мы давайце без гонару, па-простаму. Работнікі штаба партызанскага злучэння. Прозвішчы? Ды мы паспеем яшчэ бліжэй пазнаёміцца ў часе нашай гутаркі. А гаварыць нам ёсць аб чым. Неяк выходзіць у нас з вамі дзіўна: запрашалі вас да сябе, а вы чамусьці ўсё не выбераце часу. А раз Магамет да гары не ідзе, астаецца гары ісці да Магамета.

— Нешта я не разумею вас...— сказаў Байсак.

Сыч сядзеў як на іголках. Звычайны інстынкт падказваў яму, што лепш бы яму быць далей ад гэтых нечаканых гасцей. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі яго, нават інтрыгавалі. Магчыма, і разведае ён што-небудзь цікавае, незвычайнае.

— А што ж тут разумець? Існуе, можна сказаць, атрад, і ўжо колькі месяцаў. Ваюе, нешта робіць, а штабу пра тое і невядома. Нам жа, работнікам штаба, проста сорамна нават за такую нашу нядбайную работу. Вы згодны са мной, камісар?.. Вы, здаецца, камісар?

— Батальённы камісар! — прышчоўкнуў абцасамі Сыч, адчуваючы, аднак, слабасць у нагах.

— Дык вось, правядзём мы сход вашага атрада, бліжэй пазнаёмімся з людзьмі, паставім перад імі баявое заданне.

— Зараз загадаеце сабраць? Я скажу! — падняўся ўзрушаны Сыч.

— А нашто вам турбавацца? Вось баец...— зірнуў Бохан на Соміка.

— Сомік! — адрэкамендаваўся вёрткі хлопец.

— Вось баец Сомік пакліча. Хата ў вас прасторная, тут і збяромся. Клічце там, таварыш Сомік, за выключэннем хіба п’яных.

Байсак густа пачырванеў, засяроджана стаў церці пераноссе.

— Нашто такія зняважлівыя намёкі? — выціснуў ён праз зубы.

— А пры чым тут намёкі? Вы, маёр, так званы камандзір атрада, сам п’яны. Паглядзіце на сябе, палюбуйцеся! — рэзка прагаварыў другі прадстаўнік штаба, апрануты ў акуратны паўкажушок, па пустым рукаве якога можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі.

— Выбачайце, але я не магу прымаць падобных заўваг ад любога цывільнага чалавека, ды ў дадатак яшчэ мне незнаёмага,— насупіўся Байсак.

— А гэта вы памыляецеся. Мы з вамі ўжо сустракаліся і нават знаёміліся.

— Не ведаю, не знаёмы...— сказаў Байсак.

— Што ж, можна напомніць. Вы яшчэ набіваліся тады са сваім самагонам, частаваць хацелі. Памятаеце сустрэчу ў Вязаўцы? Там тады была мая спадарожніца... Вось і камісар ваш успомніць, як дакументы нашы правяраў.

Байсак углядваўся мутным позіркам. Твар яго на хвілінку пасвятлеў.

— Ну, памятаю... Што ж я дрэннага, урэшце, зрабіў вам?

— А пры чым тут дрэннае? Сустрэліся і разышліся.

— Але у вас раней важнецкая барада была, не пазнаць вас цяпер...— усміхнуўся Байсак. Усмешка была вымучаная, кіслая.

— Бароды існуюць для таго, каб галіць іх. Так, таварыш батальённы камісар?

— Так, так...— увішна падтрымаў Сыч.

— Гэта раз... Існуюць і для таго, каб некаторым немагчыма было дазнацца, успомніць, а што гэта за чалавек стаіць перад ім. Так вось і з Байсаком. Не хоча ён успомніць пра мяне, пра іншыя нашы сустрэчы.

— Шчыра кажу вам, што не памятаю.

— Вось бачыце. А можа, вы, маёр, успомніце, ну, хоць бы Ваенны трыбунал акругі?

Байсак часта-часта замігаў вачыма і цяжка дыхаў, ледзь утрымліваючыся на нагах. Ён углядаўся ў аблічча гэтага чалавека, і твар яго паступова бялеў. Некуды вылецелі рэшткі самагоннага чаду. Халодны пот укрыў Байсакоў твар. Ён загаварыў ледзь чутна:

— Даруйце мне, таварыш брыгадны камісар... Я ўсё ж савецкі чалавек, таварыш Андрэеў...

— Мы інакш гаварылі б з вамі, калі б вы не былі савецкім чалавекам. Сядайце, былы маёр Байсак!

Сыч, які з хваравітай цікавасцю назіраў усю гэтую сцэну, некалькі разоў намагаўся ўстаць. Думкі яўна цягнулі яго да дзвярэй. Але там стаялі тры спраўныя аўтаматчыкі, ды і ў нагах адчувалася такая слабасць, што іх цяжка было адарваць ад падлогі, нібы прывязалі да іх стопудовыя гіры.

А ў хату ўжо збіраўся народ. Адны ўваходзілі моўчкі, зашываліся па кутках хаты. Другія малайцавата казыралі, кідалі беглыя позіркі на начальства, рассаджваліся, дзе хто мог.

Сход прайшоў хутка, бурна. Яго вёў Бохан.

— Мы вось прыехалі спытацца ў вас, як ваюеце, як ваяваць далей будзем?

— А вы хто такія, каб пытацца ў нас? — кінуў нехта з зацішнага кутка хаты.

— Так, так, а хто вы такія? — мімаволі вырвалася ў Сыча, і яго вочы забегалі па людзях, як бы шукаючы ў іх спагады, падтрымкі.

— Вось бачыце, даваяваліся вы да таго, што і камісар ваш не ведае, хто мы такія. А павінен бы ведаць. І ведае, мы яму толькі што гаварылі, ды памяць, відаць, у яго слабаватая.

— Якая там у яго памяць? Аб адным памятае — скуру сваю ратуе ў баях.

— З бабамі ваяваць па вёсках спрыцён, ведае, дзе куры нясуцца! — дадаў нехта збоку.

— Я не дазволю... Маўчаць! Я не дазволю, каб так зневажалі мяне, камісара. Я пратэстую! — І Сыч трос кулаком перад сваім носам, твар перасмыкаўся лютай нянавісцю.

— Аднак вы, таварышы байцы, яшчэ не адказалі нам. Пытаюцца ў вас прадстаўнікі падпольнага абкома партыі, работнікі штаба партызанскага злучэння.

У хаце прыціхлі ўсе, задумаліся.

— Дрэнна ваюем...— пачуўся нечы нясмелы голас.

— Чаму дрэнна?

— Ды вы самі бачыце, таварыш прадстаўнік: камандзір п’яны, камісар... Ды што казаць, падсунулі нам камісара... Раней і фашыстаў часцей білі, а цяпер, як стаў ён за камісара, дык нас часцей б’юць. І перад людзьмі сорам, басякамі называюць.

— Ну, ну, ну...— сурова нахмурыўся Байсак.

— А што ну, таварыш камандзір? Вы нічога не бачыце і не чуеце, што нам даводзіцца чуць. Хоць ты ўцякай у іншыя атрады.

— А чаму ж не пераходзілі?

— Ды камісар пужае, што абком абвясціў нас бандытамі, і калі пасунемся ў другі атрад, дык нас пастраляюць.

— Праўда гэта? — спытаўся Бохан у Сыча.

Той сядзеў, маўчаў, сцяўшы зубы. Выступіла яшчэ некалькі байсакоўцаў.

— Што ж, будзем заканчваць сход.

— А як з камандзірам, таварыш прадстаўнік? — запытаўся не на жарты перапалоханы адзін з хлопцаў.

— З Байсаком? Судзіць будзем, як камандзіра, які ў цяжкі для Радзімы час пачаў забывацца на свае абавязкі і нават страчваць паступова воблік савецкага чалавека. Хто такі Байсак? Ён быў маёрам у Чырвонай Арміі, нядрэнным камандзірам. Аднак зап’янстваваў, правінаваціўся. Яго перавялі на адміністрацыйна-гаспадарчую работу. Думалі, паправіцца чалавек. Не апраўдаў надзей. І больш таго, яго, п’яніцу, выкарысталі ў сваіх мэтах розныя прайдзісветы. Байсака судзіў Ваенны трыбунал, які пазбавіў яго годнасці маёра і перавёў у радавыя байцы. Яму далі ў пачатку вайны магчымасць апраўдаць сябе, як савецкага чалавека, савецкага воіна, вярнуць страчанае давер’е. І трэба сказаць, што Байсак мужна ваяваў, змагаўся з фашыстамі, не шкадуючы ні крыві, ні свайго жыцця. Ён быў паранены, яго на полі бою падабралі сяляне...

Уздыхі аблягчэння пачуліся ў хаце. Любілі хлопцы свайго камандзіра за баявы спрыт, за храбрасць, за палючую нянавісць да фашыстаў.

Бохан заканчваў:

— І быў бы Байсак выдатным партызанскім камандзірам, каб не любоў да пляшкі. А да п’янага чалавека, страціўшага мазгі, падбіраецца вораг. Вось ён сядзіць перад вамі.

Бохан паказаў рукой у бок Сыча. Той аж падскочыў на месцы і, крыкнуўшы: «Мана, правакацыя!» — кінуўся да дзвярэй. Яго схапілі за рукі, пасадзілі назад.

— Вось ён перад вамі, гестапаўскі шпік нумар сто семнаццаты.

Сыч хацеў нешта крыкнуць, але абяссілеў і, бледны, спацелы, бязгучна шавяліў губамі.

— Мы сёння ўзялі яшчэ некалькі гэтых гестапаўскіх шпікаў. Іх прывёў у нашы раёны гэты нумар сто семнаццаты. Так званы камісар паслаў на смерць трох лепшых байцоў вашых, якія разам з ім хадзілі ў разведку. Ён сказаў, што яны загінулі ў сутычцы з засадай, а ён выдаў іх камендатуры. Ён некалькі разоў падводзіў вас пад агонь, помсцячы за свае няўдачы.

Ва ўсіх, што сядзелі і стаялі ў хаце, твары паступова цямнелі ды сціскаліся да болю кулакі.

— Сыч намагаўся, гэтая фашысцкая прыблуда, выдаваць нашы партызанскія планы. Ён замахваўся на жыццё Саколіча, нашага камандзіра, кіраўніка, прадстаўніка Цэнтральнага Камітэта партыі. Савецкі чалавек, які ахоўваў камандзіра, загінуў ад нажа забойцы. І не Сыч ён, гэты нумар сто семнаццаты. Перад вамі афіцэр гестапаўскай разведкі, забойца, шпік, правакатар Альберт Хенкель.

У хаце зашумелі, захваляваліся. Пачуліся выкрыкі:

— Ды што на яго глядзець, на гада? На сук яго!

— Пачакайце, пачакайце! Спяшацца некуды, ад кары не ўцячэ. Ён раскажа яшчэ нам, дзе трэба, і пра сваіх памочнікаў і начальнікаў. Раскажа, хто пасылаў яго, хто даваў яму для маскіроўкі гэтую пілотку.

— Вазьмі сваю прадсмяротную шапку, гад!

Той пакорліва ўзяў, пабялеў яшчэ болей.

Усчырванелы ад гневу, Бохан цяжка перадыхнуў.

— Вось і выкрылі ворага. Хто памог нам выкрыць яго? Хіба тая шапка з яго дакументамі, якую згубіў ён у часе аднаго з сваіх злачынстваў? Не толькі гэта. Яго выкрылі нашы савецкія людзі. І тыя, якіх катаваў ён у Драздоўскім лагеры смерці. І людзі, якія бачылі яго ў Мінску, у іншых месцах. Яго памагла выкрыць і простая калгасніца, наша паварыха, і адзін ваш баец. Але я хачу спытацца ў вас ва ўсіх: дзе ж былі вы, дзе была ваша пільнасць? Дзе была пільнасць камандзіра.

— Дазвольце, таварышы,— папрасіў слова Байсак.

Ён стаяў пасярэдзіне хаты, паволі абводзіў позіркам удзельнікаў сходу.

— Таварышы! Правільна сказалі тут пра мяне прадстаўнікі штаба... Я хацеў толькі аднаго: каб зручней, каб спрытней біць фашыстаў. Я некалі панёс заслужаную кару за свае ўчынкі. Мяне знялі з маёра... Мяне — а гэта самая страшнейшая для мяне кара — выключылі з партыі. Я заслужыў усё гэта. Цяжка было мне. Але я думаў, што зноў маё сумленне будзе чыстым перад маім народам, перад партыяй. Я біў, не шкадуючы ні сіл сваіх, ні крыві свае, праклятых фашыстаў. Ніхто не ведае з вас, што фашысты загубілі маю сям’ю. Яна не паспела эвакуіравацца з Беластока. Я даведаўся аб гэтым не так ужо даўно. І ведаеце... я кажу вам шчырую праўду... Я не вытрываў. Усё гэта крыху зламала мяне... Ды што крыху... Я стаў піць... Так вось і здарылася, што я зрабіў найстрашнейшае злачынства перад вамі, перад савецкім народам, перад партыяй, не распазнаўшы нутра гэтай гадзіны. Аб адным я прашу і вас усіх, і падпольны абком партыі, і партызанскі штаб: калі прызнаеце магчымым, зрабіце апошнюю спробу: буду я не лішнім байцом супроць гэтых лютых душагубаў. Аб гэтым вось і прашу вас, таварышы.

І некалькі галасоў бязладна загулі, зашумелі:

— Няхай ваюе Байсак! Ён савецкі чалавек! Даруйце яму памылкі.

Бохан усміхнуўся.

— Вашу думку мы ўлічым, таварышы. А цяпер і за справу. Па загаду партызанскага штаба абвяшчаю вам атрад расфарміраваным. Хто захоча ваяваць, залічым у іншыя атрады. А хто хоча на печ, можа падавацца на ўсе бакі, нам лайдакі не патрэбны.

— Ды што вы, таварыш, няма ў нас такіх, каб пра печы думаць. Усе пойдзем за вамі.

— У такім разе — у дарогу!

Праз колькі хвілін невялічкі атрад Байсака пакінуў вёску пад камандай брыгаднага камісара Андрэева.

 

18

Усю ноч валіў снег. Ехалі глухімі дарогамі. Наперад, пратоптваць дарогу, выпускалі самых дужэйшых коней, часта рабілі ім падмену. Далёка наперадзе і паралельнымі дарогамі снавалі разведчыкі.

У змроку ночы чуваць было пафыркванне коней, ды зрэдку хто-небудзь пакрыкваў на каня, які збіваўся з пратоптанай дарогі і па самыя пахі загрузаў у глыбокім снезе.

На месца прыехалі ў самы час. Асноўныя сілы спыніліся на ўскраіне лесу. Загадзя высланыя ў разведку коннікі перарэзалі тэлефонныя правады, якія злучалі аэрадром з горадам, да якога было кіламетраў з пятнаццаць. Недабудаваны яшчэ да вайны вайсковы аэрадром мясціўся на шырокім прасторным полі. У двух невялічкіх будынках былі размешчаны нямецкая электрастанцыя і пункт радыёсувязі. Лётчыкі, якія прыязджалі звычайна з горада, вольны ад палёту час праводзілі ў вялікім бункеры, у якім мясціліся вартавыя і зенітчыкі. Непадалёчку ў другім бункеры была каманда аэрадромнага абслугоўвання.

За які кіламетр ад аэрадрома знаходзілася вёска, за кіламетры тры — другая. Іх блакіравалі, каб да пачатку аперацыі які-небудзь нямецкі паслугач не папярэдзіў гітлераўцаў аб небяспецы.

Разгром аэрадрома намячаўся перад самым світаннем. Саколіч, які спыніўся ў бліжэйшай ад аэрадрома вёсцы, даваў апошнія ўказанні камандзірам асобных груп, удакладняў з імі дэталі аперацыі. Няўрымслівы Камар усё намагаўся, каб пусцілі спачатку яго з невялічкай групай.

— Я такую паніку на гітлераўцаў наганю, што яны кінуцца наўцёкі.

— Не забывай, таварыш Камар, што ў іх некалькі зенітных кулямётаў, ёсць і звычайныя. Улічыце зброю на самалётах. Улічыце бункеры. І наогул, узброены немцы да зубоў. Урэшце, па радыё яны могуць папрасіць неадкладную дапамогу з Мінска. Залішне рызыкаваць няма ніякай патрэбы.

— А элемент нечаканасці, таварыш камандзір?

— Выконвайце загады, лейтэнант. Неразумнай рызыкі я не дазволю нават вам,— ужо афіцыйна адказаў яму Саколіч.

— Ёсць выконваць загады, таварыш камандзір...— Камар выцягнуўся ў струнку.

Саколіч аддаў ужо ўсе распараджэнні, калі ў хату ўвялі трох паліцаяў і старога селяніна. Паліцаі як пераступілі цераз парог, так і распасцерліся на падлозе.

— Ой, не карайце нас, дарагія таварышы, дайце жыць! Мы не па сваёй ахвоце, а пад прымусам. Ды не па грабежніцтву... Мы проста па нарадах... вось людзей збіраем...

— Дзе вы іх узялі? — запытаўся Саколіч у канваіраў.

— Да старасты яны прабіраліся. І яго прыхапілі разам.

— Стараста? — коратка спытаўся ў старога Саколіч.

— Выходзіць, што так, таварыш камандзір.

— Знайшоўся мне таварыш.

— А гэта як вам заўгодна, але і панам вас называць не збіраюся...— адказаў спакойна стары.

Бохан шапнуў нешта на вуха Саколічу і загадаў вывесці паліцаяў.

І калі вывелі іх, Саколіч проста паціснуў руку старому, запрасіў яго сесці.

— Вы прабачце ўжо мне маю рэзкасць ці, хутчэй няветлівасць, не ведаў я.

— А што тут прабачаць, Васіль Іванавіч, справа ў вас вялікая, багата рознага клопату, каб пра кожнага чалавека ўспомніць, ды яшчэ пра якога-небудзь там старасту, нямецкага служку...

— Не, не, Савасцей Язэпавіч, мы пра кожнага савецкага чалавека помнім, не забываем.

Перад ім сядзеў колішні брыгадзір аднаго з лепшых прыгарадных калгасаў, а цяпер стараста па партызанскаму загаду.

— Відаць, клапатлівая справа ў вас, Савасцей Язэпавіч?

— Хапае клопату, Васіль Іванавіч. Паміж двух агнёў сяджу. Не кожнаму скажаш, што і да чаго. Але не аб гэтым клопат. Абрыдла ўсё. Ды штодня загад за загадам. Вось тыя бобікі таксама з загадам з’явіліся, каб выставіў я на раніцу сто чалавек на аэрадром. Снегам замяло, другі дзень самалёты стаяць. А дзе я тых сотню чалавек набяру, што я ім дзяцей ці старых паганю?

— Сто чалавек, кажаце? — перапытаў, задумаўшыся, Саколіч.

— Так, сто чалавек. Ды з другой вунь вёскі каля таго. Вось і загад ад каменданта...— Стары выцягнуў з кішэні пакамечаную паперку.

— Самі водзіце на аэрадром людзей?

— Нашто? Паліцаі звычайна водзяць.

— На які час загадана прывесці людзей на аэрадром?

— Яшчэ зацемна, на восем гадзін раніцы.

Саколіч зірнуў на гадзіннік, было пяць гадзін ночы. Перавёў позірк на Камара, мякка ўсміхнуўся яму:

— Прыйдзецца задаволіць тваю просьбу, лейтэнант, толькі ў план твой уносім некаторыя папраўкі.

— Гатоў выканаць любое заданне! — І твар Камара ўспыхнуў такой усмешкой, якая асвятліла, здавалася, усе куткі хаты.

Яшчэ бруіўся над полем начны змрок, як па дарозе да аэрадрома пацягнулася калона людзей з жалезнымі і драўлянымі лапатамі на плячах. Ехала некалькі саней з вялізнымі лазовымі кашамі, прызначанымі пад вывазку снегу. Чым бліжэй падыходзілі да аэрадрома, тым спрытней завіхалася некалькі чалавек паліцаяў, якія то падганялі народ, то гучна аддавалі каманды, наводзячы парадак у калоне.

Нямецкі вартавы ля ўвахода на аэрадром яшчэ здалёк аклікнуў калону, загадаў спыніцца. З бліжэйшага доміка выйшаў афіцэр з двума салдатамі. Яны падаліся да калоны. Афіцэр запытаў пароль, узяў у паліцая пуцёўку. Салдаты прайшлі ўздоўж калоны, падлічылі рады. Калі адрапартавалі афіцэру, той павесялеў.

— О, добра, добра... Трэба работаць, добра работаць!

Людзі зрушылі з месца. У такт іх крокам часта-часта біліся сэрцы. Уперадзе, са змроку, выступілі серабрыстыя сілуэты бамбардзіроўшчыкаў. Правей, выстраіўшыся ў роўную шарэнгу, стаяла эскадрылля знішчальнікаў. Аж па самыя крылы самалёты пагрузлі ў высокіх сумётах снегу.

Цішыню марознай раніцы парушалі толькі асіплыя — відаць, ад марозу — галасы нямецкіх салдат, што разводзілі людзей на ўчасткі работ. Некалькі сонных галасоў пачулася ля бункераў, ля пляцовак зенітных установак і кулямётных гнёзд. Даведаўшыся ў чым справа, сонныя галасы зніклі.

— Работаць, работаць! — пахаджваў афіцэр.— Увесь гэты снег... фюйць... каб яго як ветрам здзьмула.

— Пастараемся, пан афіцэр, усё здзьмухнём, да пылінкі, да смяцінкі! — завіхаўся ля яго спрытны паліцай.

— Так, так, старайцеся! — І афіцэр пайшоў да доміка, у якім змяшчалася аэрадромная радыёстанцыя. Але дайсці да гэтага доміка яму не ўдалося. На якую секунду ён убачыў яшчэ, як усё — і змрочнае неба, і бліжэйшыя будынкі, і белы снег — раптам асвяцілася нечаканым зялёным святлом. Ён яшчэ заўважыў, як з вокан доміка радыёстанцыі са страшным выбухам вырваліся языкі чырвона-жоўтага полымя. Больш ён нічога не ўбачыў і не пачуў, бо ляжаў ужо уткнуўшыся носам у снег, і нехта торапка адшпільваў у яго кабуру з парабелумам.

Усё гэта адбылося ў якую долю секунды, бо па снезе, па будынках яшчэ плылі зялёныя водбліскі ад пушчанай у небе ракеты. Па аэрадроме пракаціліся пісталетныя і аўтаматныя стрэлы, ды выбухі гранат абуджалі гулкім рэхам сонныя прасторы поля. Справа крыху зацягнулася ля бункераў. Гітлераўцы адкрылі кулямётны агонь з амбразур, але агонь гэты нікому асабліва не шкодзіў, бо амбразуры глядзелі на поле.

— За мной! — крыкнуў адзін з партызан. Яго постаць мільганула ля бункера, зачарнелася на земляным насыпе. Следам за ім кінулася некалькі чалавек.

— Не ўсе, не ўсе. Вы ўдвух на той бункер!

У пячныя коміны бункераў паляцелі гранаты. Нібы цяжкі ўздых вырваўся з-пад зямлі, і з комінаў шуганула пылам, іскрамі. Сям-там падаўся, асеў земляны насып. А з расчыненых дзвярэй ужо выходзілі, выбягалі з паднятымі рукамі перапалоханыя насмерць гітлераўцы і жаласна скуголілі на марозным ветры:

— Гітлер капут, Гітлер капут!

Нямецкі вартавы, які першы заўважыў калону, пачуўшы гранатныя выбухі, кінуўся без памяці ў заснежаную шчыліну. Ён ледзь апрытомнеў, ляснуўшыся патыліцай аб сукаватую жэрдку з насцілу. Вадзіў па небе вырачанымі вачыма і ўсё не мог уцяміць, што там такое робіцца на аэрадроме. Неба было пахмурнае, але ціхае, спакойнае. Ніякага самалётнага гуку, ні знаёмага посвісту бомб. Высунуўшы галаву са шчыліны, ён заўважыў, як заняліся агнём першыя дзве будыніны, дзе была радыёстанцыя.

Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Ён выкараскаўся са шчыліны, кінуўся быў бегчы да бункераў, але пачуў пранозлівы на марозе крык:

— Капут, капут!

Тады бразнуў вобземлю вінтоўку і, сцягваючы, зрываючы на хаду адубянелы шынель, які быў такі лішні цяпер, калі трэба было бегчы, бегчы, спадзеючыся толькі на адзін паратунак — на свае ногі,— ён падаўся як мага шпарчэй у чыстае поле. Бег і крычаў:

— Партызан! Партызан!

Крычаў і сам не ведаў, чаму ён крычыць.

Не крычаць было страшна.

І тут заўважыў ён, што на яго ляціць імклівая лавіна коннікаў. І яшчэ далей, значна правей яго, імчала другая лавіна. У прадранішняй радзеючай імгле і коні і коннікі здаваліся такія вялікія, такія казачныя і страшныя, што ногі ўцекача нібы прыліплі да зямлі. Закрыўшы рукамі галаву, ён стаў, як слуп. Толькі чутны быў жаласны лямант:

— О, мой бог! О, мой бог!

То імчаліся коннікі Саколіча, спяшаючыся на дапамогу. І хоць ніякага сігналу аб экстранай дапамозе не было, трэба прыспяшыць аперацыю: ужо бралася на відно, маглі з’явіцца з горада падмацаванні, ды багата было на аэрадроме і розных спраў. Хутка ўспыхвалі, як свечкі, аблітыя бензінам самалёты. Узрываліся самалётныя бакі, высока ўскідваючы касматыя лапы агню. Адзін за адным пацягнуліся ўгору густыя чорныя клубы дыму. Цэлая хмара ўзнялася над складам бензіну. І, як бліскавіцы, успыхвалі ў чорным дыме ўзрывы бензінавых бочак.

На падаспеўшыя сані грузілі трафеі: адзенне, вінтоўкі, гранаты, патроны. Калі апошняя падвода ад’ехала ад аэрадрома, Саколіч даў каманду да адыходу. Толькі трое партызан-падрыўнікоў асталіся ля склада авіябомб, які быў размешчаны ў некалькіх глыбокіх траншэях. Праз якое паўгадзіны пачуўся страшэнны выбух. Усе мімаволі спыніліся, пазіраючы на зіхатлівы феерверк. Там, дзе быў склад, узнялося велізарнае жоўтае воблака дыму.

— Добра папрацавалі.

 

19

Самалёт ішоў на ўсход.

Аднастайны гул матора і безмежная снежная роўнядзь, якая распасцёрлася пад крылом, навявалі на палкоўніка дрымоту. Каб развеяць яе, прадстаўнік гітлераўскай стаўкі, эсэсаўскі генерал-лейтэнант, займаў палкоўніка Хірашыта, чым толькі мог. Ён пераказаў яму ўсе заляжалыя анекдоты, велікасвецкія навіны з жыцця сучасных каралеўскіх двароў, расказаў пра любоўныя подзвігі дучэ, празмерную страсць іспанскага каудыльё да ордэнаў. Але аб чым бы ні гаварыў ён, твар палкоўніка аставаўся ўсё тым жа: маўклівым і нават крыху пахмурным. Праўда, палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся куточкамі губ, часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Але ж вочы яго аставаліся па-ранейшаму непранікнёнымі. Палкоўнік нібы і слухаў, але думаў аб нечым далёкім ад усіх гэтых навін і анекдотаў.

Генерал-лейтэнант незадаволена падумаў: «Нічым не раскалышаш праклятага мангола...»

Але стараўся з усіх сваіх апошніх сіл, хоць і адчуваў пэўную крыўду: яму, заслужанаму генералу, трэба дагаджаць, як д’яблу, гэтаму нізенькаму палкоўніку, прадугадваць кожнае яго жаданне, ісці насустрач яго капрызам. Што ж, для дзяржаўнай справы можна ахвяраваць такімі дробязямі, як уласны гонар, уласныя звычкі і схільнасці. Сам фюрэр паклікаў да сябе генерала і даў яму суровы наказ: абставіць палёт пана палкоўніка як мага лепш і ва ўсім дагаджаць яму. Сёння незвычайны дзень. Урэшце збылася запаветная мара фюрэра: яго далёкаўсходні саюзнік сёння ноччу ўступіць у вайну.

Генерал-лейтэнант памятае, як фюрэр стаяў ля вялікай карты Расіі з гэтым палкоўнікам і паказваў яму Маскву, на якую былі нацэлены з захаду, з поўначы, з поўдня імклівыя вострыя стрэлы.

Аблізваючы сухія тонкія губы, фюрэр не гаварыў, а патэтычна выкрыкваў:

— На вас, дарагі палкоўнік, мой друг імператар ускладае гістарычную місію. Ваша слова, ваша паведамленне памогуць маім салдатам злучыць гэтыя стрэлы, заціснуць у смяротны кулак гэты цэнтр, гэты ачаг сусветнага камунізма, агульнага нашага ворага... І ўвесь свет мы сціснем вось так!

Фюрэр закалаціўся, як у ліхаманцы, і, сашчарэпіўшы далоні ў адзін кулак, доўга трос імі перад картай і нешта мармытаў пад нос такое невыразнае і невымоўнае, што было падобна і на стогн і на лямант.

— Так, так, вось так! — урэшце вымавіў ён, і кроплі поту выступілі на пукатым ілбе з-пад чорнай касмыліны.

Ён тут жа ўласнаручна начапіў жалезны крыж на грудзі палкоўніка, доўга трос вільготнай далонню сухую руку японца.

— Гэта авансам, палкоўнік. Жадаю ўдачы, поспеху!

Самалёт ішоў на ўсход.

Палкоўнік думаў аб сваім, аб неабсяжных прасторах неспакойнай Азіі, аб бязмежных прасторах Ціхага акіяна. Вядома, усё гэта так цудоўна і велічна. Не трэба будзе заўсёды думаць аб няўдзячных рабочых. Сотні мільёнаў людзей у адным толькі Кітаі — невычэрпная армія рабоў, дармовых рабоў. Перад уласнымі фабрыкамі і заводамі Хірашыта адкрываюцца велічныя перспектывы. Варта перанесці некаторыя ў Кітай. Можна падацца на Філіпіны. Незлічоныя багацці ў Інданезіі. Сумуе па добрай руцэ Індыя, Бірма, Індакітай. А колькі незлічоных магчымасцей адкрываецца ў прасторах Сібіры! Праўда, спробы пранікнуць на гэтыя прасторы заўсёды канчаліся не зусім прыемна для мужных патомкаў самураяў. І нават цяпер, калі арміі экзальтаванага фюрэра занеслі свой меч над Масквой, суайчыннікі палкоўніка пакуль што не адважваюцца зрабіць новую спробу ступіць на сібірскія землі. Мараць аб ёй, рыхтуюцца з усіх сіл, але пачатак адкладваюць усё надалей.

Палкоўнік сам, на свае ўласныя вочы, бачыў, як Гітлер колькі разоў ужо вёў беспаспяховыя атакі на японскага пасла, а той заўсёды адказваў з пачцівай усмешкай:

— О, мой паважаны фюрэр, мы стрымліваем для вас далёкаўсходнія арміі рускіх... Паверце, што гэта каштуе нам вельмі багата. Усё ў свой час, мой фюрэр.

— Час настаў. Гісторыя, найвышэйшы розум...— Тут Адольф падымаў высока сваю руку з нацэленым, як пісталет, пальцам.— Урэшце, голас вялікага і няўмольнага для ворагаў нашых лёсу падказваюць мне: вось ідзе перамога, яна ўжо блізка, бачу яе, чую яе фанфары. Яшчэ дзень, яшчэ два, і яна будзе ў маіх руках. Хіба вы не ведаеце, урэшце, што мае салдаты, мае афіцэры на ўласныя вочы бачаць Маскву?

— Калі вы будзеце ў Маскве, мой паважаны фюрэр, паверце мне, што і мы дзе-небудзь будзем! — хітра ўхіліўся ад прамога адказу пасол.

Вядома, усё так складана. Можна пры выпадку і прагадаць зручны момант. Аднак быць пад Масквой яшчэ не значыць быць у Маскве. Рускія — асаблівы народ, якога нічым не здзівіш і нічым не напужаеш. Сёння пад Масквой, а заўтра можна апынуцца ліха ведае дзе. Такія выпадкі здараліся ў гісторыі. А з гісторыяй, тым больш з рускай гісторыяй, жартаваць рызыкоўна. Нядрэнна было б, каб арміі Гітлера сапраўды перамаглі пад Масквой. Можа, тады зрабіліся б даступнымі для нас сібірскія прасторы.

Генерал-лейтэнант нібы адгадаў думкі палкоўніка. Зірнуўшы ў акно, ён не то запытаў, не то проста выказаў сваю думку:

— Ведаеце, палкоўнік, а прыемна адчуванне прасторы. Германія не малая краіна, але да нашых вялікіх перамог вы за якія-небудзь дзве гадзіны маглі перасекчы ўсю нашу краіну ад адной мяжы да другой. А мы вось ляцім ужо каторую гадзіну, а мяжа яшчэ далёка. На ўсход ляцім, палкоўнік! І як прыемна было б, каб і насустрач нам ляцелі самалёты на захад, самалёты вашай айчыны, палкоўнік. Самалёты з краіны ўзыходзячага сонца... Хрызантэмы і свастыка!

Генерал-лейтэнант упаў нават у паэтычны настрой. А маўклівы палкоўнік коратка адказаў на яго лірычную дэкламацыю:

— Усё ў свой час, мой паважаны генерал, усё ў свой час.

Можна і адказваць гатовымі формуламі. Адказаў і, задумаўшыся, спытаўся:

— А дзе мы ляцім, генерал?

Генерал зірнуў на заснежаныя вяршыні дрэў, якія павольна праходзілі пад крылом самалёта.

— Самалёт ідзе над беларускімі лясамі. Хутка нас сустрэне гаўляйтэр Беларусі, да аэрадрома ўжо недалёка.

— Кажуць, тут у вас многа партызан?

— Хто сказаў, што многа? Перавялічваюць, пан палкоўнік. Партызаны — гэта архаічны перажытак.

— Аднак яны прыносяць, як я чуў, значныя непрыемнасці вам.

— Якія там непрыемнасці? Партызаны — гэта анахранізм. Яны мелі значэнне ў якім-небудзь там семнаццатым, дзевятнаццатым стагоддзі, калі конь ды добрая шабля, ну, яшчэ ў дадатак крамнёвае ружжо, былі рашаючымі фактарамі ў вайне. У наш час, час пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў, танкаў і аўтаматаў, партызаны — пусты гук, ілюзія, ну, калі хочаце, прапаганда, бальшавіцкая прапаганда, разлічаная на слабанервовага інтэлігента, на пужлівага абывацеля. У нас жа салдаты, палкоўнік, салдаты, жалезныя людзі, якія не ведаюць ніякіх сантыментаў і страхаў. Гітлераўскія салдаты!

Генерал сказаў і, чхнуўшы некалькі разоў, пачаў прынюхвацца. У кабіне моцна запахла бензінавым перагарам. Генерал трывожна зірнуў у кабіну да лётчыкаў. Нічога асаблівага не ўбачыў там. Толькі штурман заклапочана звяраў карту, некалькі разоў браўся за радыёперадатчык, але там, відаць, нешта не клеілася, бо ён зноў хапаўся за планшэтку з картай. А перагарам пахла ўсё мацней і мацней. І толькі зірнуўшы ў вокны ўтульнай пасажырскай кабіны, генерал зразумеў прычыну з’яўлення гэтага непрыемнага паху: самалёт перасякаў густую, чорную, як копаць, хмару. Праз прасветліны гэтай хмары відаць было, як імкліва лавіравалі два «месершміты», якія канваіравалі самалёт.

«Відаць, гарыць нейкі склад на зямлі, што ж тут асабліва дзіўнага, вайна!» — надумаў генерал і моцна ўхапіўся рукамі за крэслы, бо самалёт пайшоў на зніжэнне. Але праз колькі секунд маторы зараўлі на ўсю моц, і самалёт рэзка пайшоў угору. Аб нечым перагаворваліся лётчык і штурман. Стралкі-кулямётчыкі, якія да гэтага часу мірна драмалі за сваімі турэлямі, раптам пачалі праяўляць рухавасць, пільна сочачы за небам праз свае шкляныя каўпакі. Генерал зірнуў уніз. Як вокам скінуць, дыміўся ўвесь аэрадром: гарэлі дзесяткі самалётаў, некаторыя дагаралі. У двух месцах узнімаліся слупы густога чорнага дыму. І ні людзей, ні пасадачнага знаку — нічога.

— Бамбёжка? — успыхнула палахлівая думка.— Але фронт далёка, якая ж тут бамбёжка...

А самалёт ужо рабіў круты разварот, забіраў некуды ўправа, пайшоў на круг. Чапляючыся за крэслы, за дзверцы кабінкі, генерал дапяўся да лётчыка.

— Што такое робіцца?

— На аэрадроме, відаць, катастрофа, пан генерал. Шукаем месца на пасадку на полі, бо канчаецца гаручае... Прывязвайцеся, пан генерал, да крэсла.

Самалёт з ровам пранёсся над прысадамі. Потым стаў набіраць вышыню, нечакана пайшоў у такі круты віраж, што ў пана генерала загуло ў вушах і сэрца затахкала хутка-хутка, нібы збіраючыся выскачыць з цесных грудзей. Насупроць сядзеў палкоўнік. Ён намагаўся захаваць спакойны абыякавы выгляд, але па тым, як моцна ўчапіўся ён пальцамі ў скураную абшыўку крэсла, можна было здагадацца, што на душы самурая не ўсё ўжо так спакойна і ціха. Зямля ўстала сцяной з правага боку кабінкі, відаць былі нават асобныя вяршыні дрэў, якія хутка-хутка праносіліся міма. Генерал заўважыў купкі людзей паміж дрэў. І яшчэ ён заўважыў, як у цэлулоідным акенцы раптам з’явілася невялічкая адтулінка, ды вуха адчула сухі, цокаючы гук: са столі пасыпаўся шкляны друз з разбітага плафона.

Са здзіўленнем і жахам глядзеў на яго палкоўнік.

Сэрца генерал-лейтэнанта захалодала так, што ён, прыплюшчыўшы вочы, не заўважыў нічога болей. Каб ён меў магчымасць заўважыць што, ён убачыў бы, як правы «месершміт» раптам пачаў ператварацца ў нешта падобнае на камету. Густы кучаравы хвост дыму пацягнуўся за ім. «Месершміт» кінуўся ў адзін бок, у другі і ўрэшце кулём пайшоў уніз, падрэзаў у імклівым разгоне некалькі маладзенькіх хвой і, успыхнуўшы агністым воблакам, нерухома дыміў на аснежанай зямлі. Гэта не бачыў і не чуў генерал, гэтага не бачыў і пан палкоўнік. Абодва яны страцілі прытомнасць.

 

20

Апошняя група людзей Саколіча, якая замыкала адыход усёй калоны, была кіламетраў за пяць ад аэрадрома, калі пачула гул матора. Ён рос, набліжаўся.

— Паветра! — раздалася каманда.

Партызаны падаліся пад бярозавыя прысады. Самалёты з гулам пранесліся над самымі дрэвамі. Але не такая ўжо надзейная маскіроўка зімнія бярозы. Не прайшло і хвіліны, як нехта з трывогай крыкнуў:

— Разварочваюцца халеры!

Васіль Іванавіч загадаў хутка разасяродзіцца і падрыхтаваць вінтоўкі.

Над дарогай ляцеў «месершміт». Крыху правей над полем цяжка гуў вялікі транспартны самалёт.

— Агонь! — скамандаваў Саколіч і першы ўскінуў карабін да пляча. Дружны залп вінтовак на якую секунду заглушыў пагрозны роў самалётаў. Партызаны выйшлі на дарогу, сочачы за паветрам.

— Ёсць адзін! — дружна ўскрыкнулі ўсе, заўважыўшы чорны шлейф, які распусціў за сабой адзін з «месершмітаў».

— Па конях! — скамандаваў Васіль Іванавіч.

Каб унікнуць магчымых налётаў авіяцыі, Саколіч загадаў усім атрадам звярнуць з бярозавага тракта і падацца бліжэй да лесу, які цягнуўся злева кіламетраў за пяць. Там ва ўмоўленым месцы ён сустрэўся з Светлікам, які вёў спецыяльны абоз з горада. На санях былі нагружаны валёнкі, боты, целагрэйкі, скрынкі з медыкаментамі.

— Нават тол ёсць...— рапартаваў Светлік.— Пастараліся людзі, хто чым багаты. Ад кожнага завода патроху.

— А вывезлі як?

— Абы было што вывезці, заўсёды вывезем.

І, смеючыся, Светлік расказваў, як дастаў ён спецыяльныя прапускі на выезд, як завязаў знаёмства з цывільнымі гарадскімі ўладамі і яны абяцалі яму ўсякую падтрымку.

— Значыць, «пасведчанне» наша памагло?

— Не толькі памагло, больш. Сустракалі ўлады з распасцёртымі рукамі, яны баяцца і носа паказаць у нашы раёны і гатовы цалаваць куды заўгодна кожнага, хто, значыцца, супроць... гм... бальшавікоў. Гэта я, выходзіць, супроць! Ці бачыў ты такія справы?

 

21

Гэты дзень прынёс Кубэ багата клопатаў і цяжкіх выпрабаванняў. Ужо з самай раніцы ён пачаў выказваць яўныя адзнакі такога хвалявання, што ўсе падначаленыя не маглі не здагадацца: рыхтуецца нешта цікавае, магчыма, незвычайнае.

Яшчэ за дзень Кубэ папярэдзіў і каменданта і начальніка гарнізона, каб наяўныя воінскія часці былі падрыхтаваны да магчымага заўтра парада. У атрыманай тэлеграме з стаўкі Гітлера яўна намякалася на падзеі, якія акажуць рашаючы ўплыў на становішча пад Масквой. Было ясна і зразумела, што Японія ўступае ў вайну. Не былі вядомы дэталі, але ж справа не ў іх.

Урачысты, прыўзняты настрой апанаваў гаўляйтэра. Клапоцячыся аб заўтрашнім прыёме гасцей, ён нават асабіста пазваніў з вечара на аэрадром, запытаўся, як там справы. Аэрадром быў занесены снегам, але пана гаўляйтэра запэўнілі, што раніцай будзе ўсё ў парадку.

Але раніцай пачаліся непрадбачаныя падзеі. З лётнай часці, якая размешчана была на ўскраіне горада, паступіла трывожная тэлефанаграма: на аэрадроме робіцца нешта несусветнае, тэлефонная сувязь не працуе, два матацыклісты, пасланыя туды на спецыяльных гусенічных матацыклах, не вярнуліся. Нядаўна там чуваць была моцная страляніна.

Кубэ падняў на ногі ўвесь гарнізон. Выехаў за горад на легкавой машыне, груба вылаяў афіцэраў. Адзін з іх намякнуў на партызан, магчыма, яны напалі.

— Вы думаеце, аб чым вы гаворыце? — абарваў яго разгневаны Кубэ.— Партызаны пад Мінскам? Трэба страціць апошнія рэшткі розуму, каб гаварыць такое...

Гулкае рэха некалькіх буйных узрываў пракацілася над снежным полем. Над аэрадромам узнімалася густая чорная хмара.

Прымчаліся двое конных разведчыкаў. Спешыліся, далажылі:

— На аэрадроме гараць самалёты!

— Чорт ведае што робіцца! — мармытнуў Кубэ і тут жа накінуўся на начальніка гарнізона, генерала, які быў з ім у машыне: — А вы чаго чакаеце? Прымайце неадкладныя меры. Танкі, конных жандараў, паліцыю, браневікі... Усіх, усіх неадкладна туды!

— Танкаў у нас няма, пан гаўляйтэр, а браневікі па такой дарозе не пойдуць.

— Я не пытаюся ў вас, пан генерал, што пойдзе і што не пойдзе. Каб праз паўгадзіны аэрадром быў у поўным парадку, іначай... іначай я прымушу вас асабіста паўзці па гэтай дарозе!

— Я слухаю вас, пан гаўляйтэр... Усе наяўныя сілы я зараз жа пасылаю туды.

У гэты час з горада пад’ехала машына. З яе выйшаў адзін з кіраўнікоў камісарыята. Ён пачціва адклікаў убок Кубэ, ціха далажыў яму:

— У горадзе, пан гаўляйтэр, не зусім спакойна. Толькі што адбылося некалькі буйных дыверсій: на хлебазаводзе, на электрастанцыі вакзала. У адной з казарм ёсць забітыя і параненыя салдаты...

Кубэ зацята маўчаў з якую хвіліну. Потым паклікаў да сябе генерала.

— Вы не забывайцеся пра горад, не пакідайце без аховы, туды,— кіўнуў ён у бок аэрадрома,— не трэба пасылаць усіх...

— Разумею вас, пан гаўляйтэр.

Спрактыкаваны генерал не мог не заўважыць пэўнай разгубленасці, якая на нейкі момант апанавала высокае начальства.

З гэтага стану разгубленасці і нерашучасці вывела з’яўленне трох самалётаў, якія рабілі разварот над самай дарогай. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Самалёты падаліся назад, робячы шырокі круг. Вось яны яшчэ раз пранесліся над самымі галовамі салдат. Калі пачалі яны з’яўляцца з-за ляска на гарызонце, усе мімаволі ўскрыкнулі. Адзін з самалётаў, цягнучы за сабой доўгі дымны шлейф, раптам крута пайшоў уніз і праз якую секунду на ўзлессі ўпаў, узняўшы вогненны слуп.

І салдаты і афіцэры ахнулі і разам аслупянелі, не адрываючы вачэй ад транспартнага самалёта, які паволі ляцеў над полем, апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй. Яшчэ хвіліна, і ў паветра ўзляцела снежнае воблака, да слыху данеслася нешта падобнае на рып, на трэск.

— Санітарныя машыны сюды! — крыкнуў з усіх сіл гаўляйтэр.

Грузавікі, людзі кінуліся да пацярпеўшай аварыю машыны. Уцалелы «месершміт» усё кружыў яшчэ ў паветры, потым пачаў зніжацца і, узвіхрыўшы носам горы снежнага пылу, стаў старчаком, скапаціраваў.

 

22

Раўло і шалела нямецкае радыё. Грымелі за маршам марш. Адзін за адным выступалі прамоўцы, захліпаліся, вар’яцелі, прызнаваліся ў любві да сапраўдных арыйцаў Азіі, сыпалі пагрозы ўсяму свету, білі ў фанфары. І зноў маршы, маршы.

— Пірл-Харбар! Пірл-Харбар! — свінцовым шротам сыпалася з кожнага рэпрадуктара, з кожнага прыёмніка, чарнелася аншлагамі на выпусках экстраных газет і лістовак.

— Пірл-Харбар!

Гэтае слова паланіла эфір.

У горадзе шырокай ракой лілося французскае шампанскае. Камандаванне спраўляла баль. Падвыпіўшыя афіцэры ўрываліся ў змрочныя завулкі гета, у дашчаныя баракі лагера ваеннапалонных, наладжвалі пагромы.

А над горадам палыхала трывожнае зарыва. Гарэў завод, падпалены нечай рукой. Пацоквалі на бруку кутыя боты эсэсаўцаў, якія ачаплялі падазроныя кварталы.

Падзеі дня так ашаламілі Кубэ, што ён ніяк не мог прыйсці ў стан раўнавагі. Весткі аб уступленні Японіі ў вайну ўзрушылі яго. Урэшце намячаецца нейкі пералом у вайне, гэта паскорыць яе канец, паскорыць перамогу. Але, як ні дзіўна, усе гэтыя весткі не прынеслі яму глыбокага задавальнення. Сумненні адно за адным авалодвалі ім, тачылі сэрца. Яны ўзраслі пасля сённяшніх падзей на аэрадроме. Ён ведаў, што партызаны існуюць, што яны супраціўляюцца ўсім фашысцкім намаганням скарыць народ, але, каб яны дайшлі да такой нахабнасці, гэта ўжо занадта! Ён усё думаў аб тых вялікіх непрыемнасцях, якія прыйдзецца яму перанесці ад фюрэра, думаў, у якой бы форме паведаміць яму аб усіх гэтых падзеях. Утаіць іх немагчыма.

Кубэ ўжо некалькі разоў званіў у шпіталь, у якім знаходзіліся вайсковы аташэ — японскі палкоўнік і эсэсаўскі генерал-лейтэнант. Урэшце яму паведамілі, што параненыя з падбітага самалёта праяўляюць адзнакі прытомнасці і іх можна, калі пан гаўляйтэр хоча гэтага, наведаць. Кубэ паехаў у шпіталь.

Японец ляжаў з туга забінтаваным тварам. З-пад бінтоў паблісквалі вугалькамі вузенькія шчылінкі вачэй. Правая нага, узятая ў шыны, была падважана і выцягнута над ложкам. Ля хворага мітусіліся дактары.

Побач з ложкам палкоўніка стаяў ложак генерал-лейтэнанта. Абедзве яго рукі былі ў лубках, сінякі распісалі ўвесь твар генерала, што, аднак, ніколькі не давала яму ні ваяўнічасці, ні генеральскай велічы.

Выцягнуты ў струнку доктар прадставіў гаўляйтэра.

— Як адчуваеце сябе, пан палкоўнік? — пачціва спытаўся гаўляйтэр, разумеючы, што пытанне яго не патрабуе асабліва дакладнага адказу.

Палкоўнік уздыхнуў, працадзіў праз зубы:

— Як бачыце, пан гаўляйтэр. Я вельмі рад, вельмі рад сустрэчы з вамі...

— Я таксама рад, пан палкоўнік. Я вельмі шчаслівы, што маю гонар віншаваць вас з уступленнем у нашу святую вайну.

— О-о... Я ўжо ўступіў,— сумна кіўнуў галавой палкоўнік.— Не скажу, каб удала.

— Я не аб гэтым, пан палкоўнік... Я гавару аб вашай блаславёнай богам краіне, шчасліва пераступіўшай сёння парог вайны... Выказваю вам нашу глыбокую падзяку і нашу вялікую радасць мець такогамужнага саюзніка ў свяшчэннай барацьбе за нашы агульныя інтарэсы, за новы парадак у Еўропе і Азіі.

Перамагаючы боль, палкоўнік выціснуў некалькі слоў:

— Сардэчна ўдзячны за вашы пачуцці, пан гаўляйтэр. Ваша радасць — наша радасць.

Памаўчаўшы з хвіліну і паказаўшы вачыма на дактароў, якія пачціва стаялі за ложкам, ціха спытаў:

— Скажыце, калі ласка, пан гаўляйтэр: хто? Хто падбіў наш самалёт?

Здагадлівыя эскулапы выйшлі, каб не перашкаджаць размове высокага начальніка з не менш высокім пацыентам.

— Самалёт падбілі партызаны.

— Я здагадваўся аб гэтым, пан гаўляйтэр. І самалёты на аэрадроме яны разбамбілі?

— Спалілі, пан палкоўнік...

Палкоўнік змоўк на якую хвіліну. Потым павярнуўся тварам да свайго суседа па ложку, ціха спытаў яго:

— Анахранізм, пан генерал? Архаічны перажытак?

Генерал нічога не адказаў. Пан гаўляйтэр не разумее, вядома, сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Каб адбіць, аднак, ахвоту ў высокапастаўленага японца так зняважліва ставіцца да нямецкага генерала і разам з тым у некаторай ступені ўзвысіць сябе ў вачах паважанага пана гаўляйтэра, генерал, перамагаючы боль, загаварыў усхвалявана, з пафасам:

— Мы клянёмся вам, пан гаўляйтэр, што расплацімся як след з фанатыкамі. Мы жалезам выпечам усю гэтую небяспечную пошасць. Мы, эсэсаўцы...

— Не хвалюйцеся залішне, пан генерал. Я веру вам, вам верыць фюрэр.

— Хайль! — з крыху падробленым пафасам выкрыкнуў храбры генерал, хацеў быў адсалютаваць і застагнаў ад палючага болю ў перабітых руках.

Японец хаваў у прыжмураных вачах хітраватую ўсмешку. Пан гаўляйтэр паклікаў дактароў і, даўшы ім належныя загады, развітаўся з паважанымі гасцямі.

 

23

Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы.

Так вырастаў у грозную сілу распачаты Саколічам зімовы рэйд яго атрадаў. Вылазку на аэрадром пад Мінскам ён назваў рэпетыцыяй. Яна прайшла ўдала. Абганяючы атрады, ляцелі па раёнах чуткі, самыя незвычайныя, казачныя. Па вёсках гаварылі, што пад Мінскам высадзілася на самалётах Чырвоная Армія і цяпер б’е, знішчае фашыстаў па бліжэйшых раёнах. Былі і другія чуткі: нібы некалькі тысяч чырвонаармейцаў прарваліся праз фронт, прайшлі ў Беларусь і наводзяць жах на нямецкія тылы. Некалькі тысяч перарасталі ў дзесяткі і сотні тысяч.

Атрады Саколіча ехалі днём, па бітых дарогах, не вельмі тоячыся ад гітлераўцаў. Некалькі паліцэйскіх гарнізонаў разбегліся ад страху хто куды. Нямецкія гарнізоны знімаліся са сваіх месц і стрымгалоў падаваліся наўцёкі. Але не заўсёды яны маглі разлічыць кірунак рэйда. І на палях, на глухіх лясных дарогах усё часцей і часцей чуліся адчайныя і безнадзейныя крыкі:

— Гітлер капут! Гітлер капут!

Страх перад партызанамі падаграваўся і весткамі з фронту. «Пірл-Харбар» ускружыў быў спачатку некаторыя гарачыя галовы. Масква астудзіла. Сумныя навіны даляталі з падмаскоўных палёў, на якіх паляглі касцьмі адборныя фашысцкія дывізіі. Адны паляглі, другія адкочваліся назад, губляючы тэхніку, абмарожваючы тысячы салдат, наводзячы паніку на тылы.

Кубэ ўмольваў па тэлефоне фюрэра аб тэрміновай дапамозе.

З Берліна несліся істэрычныя выкрыкі:

— Вы ашалелі там! Лёс Германіі вырашаецца пад Масквой, а вы крычыцё аб нейкіх партызанах. Не дам! Не дазволю! Спыніць іх, расстраляць, абясшкодзіць, знішчыць!

— О, мой фюрэр, іх голымі рукамі не спыніш.

— У вас эсэсаўцы, гестапа, СД. Урэшце, у вас зондэркаманды.

— Не спраўляюцца, мой фюрэр.

— Я пашлю да вас Гімлера, ён навядзе парадак, ён па-а-можа вам.

— Я рад убачыць пана рэйхсміністра, мой фюрэр, але я прашу, я малю вас паслаць некалькі кадравых дывізій, іначай... іначай я знімаю з сябе адказнасць за камунікацыі...

— Вы ўсе там вар’яцееце ад страху.

Тэлефонная трубка маўчала з хвіліну, потым хрыпела, перхала, нібы нехта адкашліваўся там, у Берліне.

— Добра. Я пашлю вам некалькі эсэсаўскіх дывізій з Францыі, з Бельгіі... Аб баявых часцях загадваю нават не думаць. Не думаць!

— Слухаю, мой фюрэр! — І Кубэ ішоў распякаць начальнікаў паліцыі, жандармерыі, брыгадэнфюрэраў эсэсаўскіх войск. Аднак ні распяканні, ні наганяі справе асабліва не памагалі, і гаўляйтэр штодня падыходзіў са страхам да вялізнай карты Беларусі ў яго кабінеце. Ён загадваў ад’ютанту адхінаць шторку, якая закрывала карту, і, заўважыўшы ў яго руцэ падрыхтаваныя рознакаляровыя флажкі, прызвычаена накідваўся на яго:

— Ты што, нягоднік, трымаеш у руцэ?

Ад’ютант не губляўся і так жа прызвычаена адказваў:

— Флажкі, пан гаўляйтэр, каб вам не траціць задужа часу. Я ж ведаю паведамленні...

— Загадваю маўчаць! — І ўжо больш спакойна, ураўнаважана: — Ну, што там у цябе? Чытай данясенні...

Флажок за флажком наколваўся на карту. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, базах, групах, аб дыверсіях, спушчаных пад адхон эшалонах, узарваных мастах, разагнаных гарнізонах, спаленых складах, знішчаных лініях сувязі. Аж гарэлі ў вачах чырвоныя флажкі, якія густой сеткай пакрылі амаль што ўсю вобласць. Што ні флажок — атрад, што ні купка флажкоў — то цэлае партызанскае злучэнне. А праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйда, за якім трывожна сачыў штодня Кубэ.

— Няйначай, яны паварочваюць назад?

— Так, пан гаўляйтэр, паварочваюць.

— Ёсць якія чуткі пра сёмую дывізію?

— Вы пытаецеся пра рэшткі дывізіі?

— Я пытаюся пра сёмую дывізію. І наогул, кіруйцеся заўсёды правілам: не перапытваць начальніка і адразу даваць адказ на яго пытанне.

— Акрамя прынятых учора данясенняў, нічога больш не паступала. Труна з целам камандзіра дывізіі накіравана ў Мінск...

— Балван! Закрыйце карту і можаце ісці.

За апошнія тыдні пан гаўляйтэр пачаў страчваць спакой, люта накідваўся на работнікаў камісарыята, у прыпадках гневу выганяў ад’ютанта, нават свайму бліжэйшаму прыяцелю, начальніку ахоўнай паліцыі генералу Герфу, пагражаў суровымі карамі.

 

24

Спецыяльная нарада адбылася ў генеральным камісарыяце ў самога Кубэ. Былі тут кіраўнікі гестапа, СД, начальнікі эсэсаўскіх войск, паліцыі, генерал Герф, начальнікі ўмацаваных раёнаў, шэффюрэр фашысцкіх прафсаюзаў, кіраўнік біржы, загадчыкі асноўных трох аддзелаў камісарыята — палітычнага, адміністрацыйнага і гаспадарчага і іншыя высокапастаўленыя чыны.

Дакладвалі выкліканыя на нараду каменданты буйнейшых раёнаў, кіраўнікі гестапа, СД, зондэрфюрэры. Асобна трымалася даволі значная група фюрэраў-сірат: камендантаў, зондэрфюрэраў, штурмфюрэраў СС, якім удалося ўцячы з занятых партызанамі раёнаў. Яны палахліва пазіралі на пахмуры твар пана гаўляйтэра, чакаючы суровых спагнанняў за свае няўдачы і ўцёкі. Тыя, што дакладвалі, намагаліся з усіх сіл абысці ўсякія непрыемныя рэчы і давесці, што ў іх раёнах поўны спакой і парадак, што партызаны не што іншае, як прадукт хворага ўяўлення.

Кубэ слухаў, хмурыўся, а на языку вярцелася ўсё адно і тое ж слова «ідыёты».

Дакладваў і Вейс. Яго выступленне было кароткае. Сапраўды, аб чым гаварыць яму, пану Вейсу? Крамола знішчана ў горадзе да апошняга чалавека, злачынцы зніклі з дэпо і пакуль што пра іх не чуваць у межах раёна. А калі і акажуцца зноў у раёне яго дзейнасці, ён нагоніць на іх такога страху...

— Што вы астанецеся, пан камендант, без штаноў! — абарваў яго гаўляйтэр. Вейс запнуўся на слове і, папраўляючы свой рыбін хвост на галаве, частачаста заміргаў вейкамі. Усё той жа быў ён, пан Вейс, як і раней: акуратна апранены, чыста паголены, падцягнены, са спакойнымі, стрыманымі манерамі, поўны свае ўласнае велічы і вартасці, гатовы вось-вось сказаць сваё нязменнае: цудоўна, цудоўна, цудоўна. Але гэта быў ужо не той Вейс. Сінія льдзінкі вачэй часам не маглі ўжо вытрымаць позірку чалавека. Самы звычайны сум, трывога адольвалі пана Вейса.

— Вы лепш расказалі б нам, пан камендант, як павесілі самых адданых работнікаў, як вы разагналі паліцыю, нашу паліцыю... Так разагналі, што ў сумежных раёнах пачаліся масавыя ўцёкі з службы парадку. Вы б расказалі, цудоўнейшы Вейс, як вы давялі дэпо да ручкі. Вы б расказалі нам, мілейшы, як вы пісалі даносы на самага адданага нам работніка, на Ганса Коха, які і загінуў праз вашу нядбайнасць, праз вашу слепату. Вы б, можа, расказалі нам, Вейс, як рускія, як партызаны абвялі вас вакол пальца... Так, так, так, вакол пальца. А вы пачынаеце тут расказваць казкі. Вы не ваяка, не салдат, вы... вы экзальтаваны... Вы — звычайнае цялё, слюнцяй. Сядайце!

— Хайль! — раскрыў быў рот пан Вейс.

— Сесці, загадана вам! — спыніў яго гаўляйтэр і цяжкім насупленым позіркам з-пад напухлых павек абвёў усю залу.

Вейс сядзеў ні жывы ні мёртвы.

— Я павінен давесці да вашага ведама апошні загад фюрэра: дзесяць камендантаў і зондэрфюрэраў, якія праявілі сябе як апошнія палахліўцы і ўцякалі з сваіх раёнаў, пакінуўшы на смерць сваіх падначаленых, сягоння...

Уперыўшы свой позірк у купку фюрэраў-сірат, якія асталіся без пасад, без раёнаў, Кубэ зрабіў шматзначную паўзу. У некаторых з іх трэсліся падбародкі, і ўсе яны сядзелі нібы прыкутыя да крэслаў, нерухомыя, скамянелыя.

— Будуць расстраляны! — не сказаў, а выгукнуў гаўляйтэр.

Зала знежывела ўся, сцішылася, аж чуваць было, як пераліваецца вада ў каларыферах ацяплення ды цяжка дыхаюць, сапуць няўдакі-фюрэры, думаючы, гадаючы, ці не іх гэта мае на ўвазе загад суровага фюрэра. І, як бы ў пацвярджэнне іх думак, зацокалі па паркеце падкутыя боты. Спрытныя эсэсаўцы выводзілі за дзверы дзесяць камендантаў і зондэрфюрэраў. Тыя, хто астаўся сядзець у зале, з палёгкай уздыхнулі, што абмінула іх галовы няўмольная маланка.

А гаўляйтэр чытаў і чытаў пагрозны загад фюрэра. Яшчэ вывелі з залы чалавек дваццаць, якія воляй фюрэра пазбаўлены былі ўсіх чыноў, ордэнаў і адзнак і павінны былі адразу ж накіравацца на фронт, пад Маскву, звычайнымі салдатамі.

Вейс адчуваў, як ліпла да цела кашуля, як каўнер мундзіра стаў адразу такі вузкі, што ні дыхнуць, ні паварушыць шыяй.

А з загаду сыпаліся і сыпаліся розныя кары, спагнанні, вымовы. І малыя фюрэры, і важныя чыноўнікі, і нават брыгадэнфюрэры СС — усе сядзелі чырвоныя, узрушаныя, спацелыя.

Урэшце гаўляйтэр закончыў чытанне загаду і, глянуўшы спадылба на залу, сказаў ужо больш спакойна:

— Загад фюрэра — закон. Мы яго выканаем. Але гэтага мала. Ідзіце і працуйце, як і належыць прадстаўнікам вялікай Германіі: хутка, дакладна, паспяхова. І галоўнае — ніякай літасці, ніякага жалю, ніякага спачування мясцоваму насельніцтву. Не ваша справа, што яно будзе галадаць,— германскі салдат павінен быть сыты. Не ваш клопат, што яно можа астацца без адзення,— германскі салдат павінен мець цёплы абутак, цёплы кажух пад шынель. Не ваш клопат, калі яно будзе выміраць ад хвароб. Чым больш іх памрэ, чым больш мы знішчым іх, тым лягчэй будзе нам, тым лягчэй будзе арміі фюрэра. І, памятайце, як мага менш нахлебнікаў. Мы будзем карміць толькі тых, хто працуе на нас. У вас перагружаны лагеры, турмы, гета ўсякімі няздольнымі да працы. Неадкладна скласці спісы на іх і накіраваць усіх у СД у парадку «зондэрбегандлунг». Сурова караць усякае праяўленне сабатажу з боку рабочых. Увесь лішак рабочай сілы, не марудзячы, накіроўваць у Германію. Сельскагаспадарчым камендантам зараз жа думаць аб вясне. А галоўнае — не спыняць барацьбы з партызанамі.

Калі ўжо разыходзіліся з нарады, Кубэ загадаў Вейсу зайсці да яго ў кабінет. Вейс ішоў, не чуючы ног пад сабой. Не запрашаючы садзіцца, гаўляйтэр змераў яго позіркам з ног да галавы, важка ўсеўся ў крэсла.

— Вы можаце дзякаваць толькі сваім бацькам. Яны — слаўныя, карысныя для Германіі людзі. Дзеля іх мы даравалі вам цяжэйшыя ўчынкі, якія мяжуюць са злачынствам, са здрадай перад радзімай. Дзе вы працавалі раней?

— Да мабілізацыі мяне на работу на акупіраванай тэрыторыі я працаваў выкладчыкам у кёнігсбергскай школе разведкі.

— Дысцыпліна?

— Агульны курс класічнага шпіянажу...

— Класічнага? Класіка тут бадай што мала паможа. Вашы класікі — анёлы перад сучаснымі работнікамі разведкі.

— Я крыху знаёмы і з іншымі дысцыплінамі... дыверсіямі... правакацыяй...

— Хм... Правакатар вы ліпавы, па практыцы вашай мяркую. Нікчэмная практыка.

— Цяжка прыстасавацца, пан гаўляйтэр, да мясцовых умоў, вельмі цяжка падбіраць надзейную агентуру сярод гэтых людзей. У нас было некалькі выпадкаў, калі завербаваныя агенты станавіліся здраднікамі. Цяжкія ўмовы, пан гаўляйтэр...

Кубэ маўчаў. Змоўк і Вейс, не асмельваючыся перабіваць думкі высокага начальніка. Асцярожна выцер спацелы лоб, пераступаў з нагі на нагу, натужна думаў, гадаў аб планах гаўляйтэра.

— Вось што,— урэшце азваўся той,— вы неадкладна здасцё ўсе свае справы новаму каменданту і зоймецеся арганізацыяй спецыяльнай школы. Памочнікаў вам дадзім. Нам патрэбна ўзарваць гэты рух знутры. І тут патрэбны не адзінкі, не дзесяткі лазутчыкаў. Мы павінны ў кожным атрадзе, у кожнай падпольнай арганізацыі мець сваіх людзей, каб пры зручным выпадку абязглавіць, паралізаваць любы атрад, у горшым выпадку так накіроўваць іх дзейнасць, каб яны не заміналі нам. Вы зразумелі?

— О, я ўсё зразумеў...

— Вы будзеце толькі загадчыкам школы, бо здольнасцей асаблівых вы не праявілі.

— Слухаю, пан гаўляйтэр...

— Што слухаю, слухаю? Урэшце перастаньце быць папугаем. Выслухайце да канца. Я вам дам спецыяліста, які мае за сваёй спіной дзесяткі год дыверсійнай работы і такі вопыт разведчыка, што вы будзеце аблізвацца ад яго прапаноў. Чулі пра фон Цайта?

— О, гэта слаўны разведчык. Ён некалькі год быў у Расіі...

— Гэта не ваша справа, дзе ён быў. Ён дасць нам патрэбныя кадры, ён навучыць і вас працаваць як след. А цяпер можаце ісці, ды паварочвайцеся жвавей, не будзьце падобнымі на цялё, якое трапіла на лёд.

У Вейса як гара звалілася з плеч, калі выйшаў ён за дзверы кабінета. Як-ніяк, скончыліся ўсе гэтыя непрыемныя для яго падзеі параўнальна добра.

А Кубэ прымаў новых людзей. У яго прыёмнай сабралася ўсё мясцовае гарадское начальства. Тут быў старшыня гарадской управы, сам прэзідэнт горада інжынер Іваноўскі, нізенькі вяртлявы чалавек у зялёных акулярах. Уныпіўшы вочы ў свежы нумар гарадской газеты, сядзеў яе рэдактар Казлоўскі. Нешта чытаў і паскубваў танклявымі вільготнымі пальцамі рэдзенькую казліную бародку. Ля акна два схуднелыя панкі горача спрачаліся на актуальную тэму: калі пісаць «спары божа», а калі «сыць божа». Адзін, прысадзісты, грубаваты, з неахайным збуцвелым тварам, быў сам правадыр беларускіх нацыянал-сацыялістаў Акінчыц. Другі сваёй постаццю, манерамі, украдлівым голасам нагадваў езуіта. Высокі, танклявы, ён згінаўся ў дугу, каб быць твар у твар са сваім субяседнікам. Гэта быў «спадар» Аляхновіч, які заўсёды рэкамендаваў сябе дзеячам тэатральных падмосткаў і якога ведалі ўсе, як даўнейшага дзеяча польскай дэфензівы, які пасля страты гаспадароў сваіх перайшоў на гестапаўскі харч. Быў яшчэ тут «спадар» Дземідовіч-Дземідзецкі, памочнік прэзідэнта горада, былы памешчык з-пад Вільні. Быў «спадар» Ермачэнка, у вачах якога затаілася ненатольная туга па прыбытках і набытках. Кіраваў ён Беларускай нацыянальнай самапомаччу — арганізацыяй, створанай па загаду Кубэ. Злажыўшы малітоўна ручкі на жываце, меланхалічна пазіраў на ўсіх ксёндз Маўлеўскі, новапрызначаны галоўны інспектар школ. Было яшчэ некалькі розных «спадароў», большых і меншых.

Усе гэтыя «спадары», як паважна называлі яны сябе, былі, так сказаць, мясцовымі нацыянальнымі кадрамі, якія павінны былі прадстаўляць «цвет» нацыі, яе славу і гонар. Праўда, «цвет» гэты, ці, правільней, кветкі гэтыя былі прывазныя. Адных прывезлі з Берліна, другіх з Варшавы, трэціх з Вільні. Усе яны мелі сталы стаж работы, немалую практыку ў колішняй дэфензіве і ў нямецкім гестапа.

Ад’ютант запрасіў «спадароў» у кабінет начальніка. Дружна прараўлі з парога «хайль».

— Сядайце, панове. Я паклікаў вас на кароткую нараду. Як вядома вам, мы праводзім і будзем праводзіць самую рашучую барацьбу з усімі, хто пагражае нашым інтарэсам. Мы знішчалі і будзем знішчаць партызан, якія парушаюць спакой і парадак у краіне. Для гэтага ў нас ёсць і патрэбныя законы, права і сіла. Разумееце, сіла. Але не лішнім будзе сказаць, што значная частка насельніцтва падтрымлівае партызан і яўна і тайна, гэта ўжо ў залежнасці ад абставін. У гэтым вялікая небяспека для нас. Акрамя зброі, патрэбны і іншыя сродкі барацьбы. Мы з вамі павінны дабіцца такога становішча, калі сам народ возьмецца за барацьбу з партызанамі. Гэта будзе ў тым разе, калі беларускія арганізацыі, узначальваемыя вамі, будуць весці актыўную працу сярод насельніцтва. Нацыянальная самапомач пана Ермачэнкі працуе нядрэнна ў самім горадзе, бадай здавальняюча ў буйных населеных пунктах, дзе ёсць нашы гарнізоны. Але яе не чуваць па раёнах і вёсках. А сям-там самапомач не зусім зразумела свае задачы. Гэтымі днямі, як мне стала вядома, з горада адпраўлены цэлы транспарт з адзеннем і медыкаментамі ў адзін з раёнаў, які лічыцца ў нас не такім ужо бяспечным у сэнсе... партызанскай пагрозы. Вывезеныя рэчы могуць трапіць да партызан. Гэта раз. Па-другое, хто даў права вывозіць з горада цёплыя рэчы, якія так патрэбны на сённяшні дзень арміі? Я аддаў загад расследаваць гэты выпадак і прыцягнуць вінаватых да самай суровай адказнасці па законах ваеннага часу.

— Даруйце, пан гаўляйтэр, гэта я даў санкцыю на вываз тых рэчаў. Мясцовая арганізацыя наша вельмі прасіла аб дапамозе. Там вельмі багата сем’яў, пацярпеўшых ад вайны.

— Самапомач павінна, пан Ермачэнка, вышукваць сродкі дапамогі на месцы. Гэта раз. А па-другое, што вы разумееце пад пацярпеўшымі ад вайны? Можа, вы надумаецеся памагаць сем’ям савецкіх салдат і афіцэраў?

— Не, не, божа барані, пан гаўляйтэр! Мы маем на ўвазе сем’і паліцэйскіх, стараст, бургамістраў...

— Тут таксама не трэба асабліва раскідвацца сродкамі. Дапамога павінна аказвацца толькі сем’ям тых пацярпеўшых, якія аказалі каштоўныя паслугі Германіі. І яшчэ вы павінны памятаць, пан Ермачэнка, што галоўнай задачай Беларускай нацыянальнай самапомачы павінна быць самая шырокая і самая дзейсная прапаганда ідэй новай Еўропы і самая актыўная мабілізацыя і вярбоўка рабочай сілы ў Германію.

— Абяцаю прыкласці ўсе свае сілы, пан гаўляйтэр.

— Яны не вельмі карысныя, вашы сілы. Мне патрабуецца рабочая сіла, разумееце, сотні і сотні тысяч рабочых, мільёны рабочых. Ёсць у мяне сур’ёзная прэтэнзія да пана Казлоўскага. Не ўсё мне падабаецца ў яго газеце: суха, нецікава, просталінейна. Вядома, ваша праўда, калі пішаце аб вялікай любві Гітлера да беларускага народа.— Тут пан гаўляйтэр мімаволі зірнуў у акно, у якім відаць была шыбеніца на плошчы.— Але калі вы распісваеце гарачую любоў беларускага народа да фюрэра, калі вы гаворыце, што беларускі народ проста такі не можа жыць без фашызму, тут, як бы вам сказаць, сёе-тое шыта на жывую нітку. Гэтая «гарачая любоў» каштуе нам багата нямецкай крыві, задужа багата...

Пан гаўляйтэр нават задумаўся на хвіліну, спахмурнеў.

— Тут патрэбна разумная прапаганда. Пішыце пра Германію. Пішыце пра нямецкага селяніна. Гаварыце, што гэты селянін мае багата кароў, багата свіней. Так, так, свіней. Селянін любіць шпек. Селянін любіць сваю ферму, сваю зямлю. Будзіце ў чытача пачуцці ўласніка, гаспадара, багатага чалавека.

— Разумеем, пан гаўляйтэр,— у адзін голас выкрыкнулі здагадлівыя «спадары».

— Так, уласніка. Вызваляйце душу селяніна ад розных там свабод, якімі разбязулілі яго бальшавікі. Але памятайце, што і ў гэтай прапагандзе павінна быць мера. Мы не думаем адразу перадаць зямлю сялянам на правах уласнасці. Зямля на сённяшні дзень — уласнасць Германіі. Нам патрэбен хлеб для арміі. Агітаваць за неадкладнае надзяленне сялян зямлёй было б недаравальным злачынствам. Гэтай вясной мы ўвядзём новы парадак землекарыстання на аснове сельскагаспадарчых абшчын. Абшчына будзе здаваць увесь ураджай дзяржаве, селянін будзе атрымліваць паёк, як і кожны рабочы на заваяваных тэрыторыях. Але ніхто не забараняе вам пісаць, што германскія ўлады правядуць потым сапраўднае надзяленне сялян зямлёй, хутарамі. Распісвайце гэтыя хутары. Дражніце ўяўленне селяніна цудоўным хутарам, цудоўнымі каровамі, коньмі, свіннямі. І самае галоўнае, самае асноўнае: з дня на дзень гаварыце яму, што ўсё гэта атрымае толькі той, хто актыўна змагаецца з партызанамі. Той, хто будзе ў баку ад гэтай справы, хто будзе пасіўны ў такі знамянальны час нашай гісторыі, не атрымае нічога. Той асудзіць сябе на голад, на пакуты, на няволю і, па сутнасці, на смерць.

«Спадары» прыціхлі.

Пан гаўляйтэр ужо злосна распякаў «спадара» Акінчыца:

— Вы клянецеся ў адданасці святым прынцыпам фюрэра. У вас ёсць статут, ёсць праграма. А дзе ваша партыя, я вас пытаю? Дзе вашы арганізацыі? Дзе вашы людзі?

— Цяжка, вельмі цяжка, пан гаўляйтэр, працаваць з гэтым народам. Патрэбны час і час, каб схіліць яго на наш бок...

— А мне патрэбна, каб ён быў на нашым баку сёння, зараз жа. Вядома, мы прымусім яго да гэтага зброяй. Але дазвольце тады запытацца: нашто ж мы трымаем вас, для якой патрэбы, для якіх мэт? Для забаўкі хіба, для пустых размоў?

І каб крыху згладзіць уражанне ад рэзкіх слоў, загаварыў больш спакойна, разважліва:

— Напамінаю вам: фюрэр ніколі не забываецца на добрыя паслугі яго гістарычнай справе. Вам заўсёды знойдзецца пачэсная пасада ў новай Германіі. І не толькі пасада. Я проста скажу вам: вы можаце ўжо цяпер аблюбоўваць сабе якія-небудзь былыя савецкія гаспадаркі. Фюрэр загадаў мне перадаць вам: за эфектыўную працу, за дзейсную дапамогу нам кожны з вас будзе забяспечаны маёнткам. Улічыце гэта.

— Вельмі пажадана б мець такі маёнтак дзе-небудзь на нямецкай зямлі, спакайней там! — вырвалася ў «спадара» Дземідовіча-Дземідзецкага, якога не на жарты расчулілі словы гаўляйтэра аб маёнтках. Сказаў і разгубіўся.

Кубэ глядзеў на яго цяжкім немігаючым позіркам. Паглядзеў, працадзіў праз зубы:

— Плата бывае па рабоце. Разумееце? А зямля і тут — нямецкая зямля. Гэта, здаецца, павінны б даўно ўжо ведаць не толькі ўсе простыя людзі, а і некаторыя кіраўнікі.

— Выбачайце, я сказаў гэта зусім у іншым сэнсе. У тым, ведаеце, што Германія — гэта краіна вялікай культуры, што народ там таксама народ вялікай культуры. Там і жыць прыемней, чым дзе-небудзь тут, у нас, сярод мясцовых дзікуноў...

— Германія — для германцаў, раю запомніць.

— О, так, зусім так. Я і не мыслю іначай,— выкараскаўся незадачлівы «спадар», вельмі ласы на розныя маёнткі.

Але Кубэ ўжо не злаваў, міласліва адпусціў усіх:

— Да працы! Да змагання! Да «ходання», як вы гаворыце.

«Спадары» дружна адхайлілі і выйшлі з кабінета.

Ужо на вуліцы накінуліся на Дземідовіча-Дземідзецкага:

— Заўсёды вы, Дземідовіч, праз сваю сквапнасць гатовы сапсуць абедню.

— Не Дземідовіч, прашу пана, а Дземідовіч-Дземідзецкі.

— Вы забываецеся, Дземідовіч, што вы знаходзіцеся не на якой-небудзь, а на беларускай зямлі. Не паны, а «спадары», прашу памятаць гэта.

«Спадары» ледзь не пасварыліся. Але шыльда рэстарана прымірыла іх, напомніла аб полудні. «Спадар» Ермачэнка прапанаваў быў пайсці ў «страўню» самапомачы, яго абсмяялі:

— Нішчымніцай тваёй душыцца.

І дружна накіравалі свае крокі ў рэстаран падмацаваць свае аслабелыя ў «ходанні» сілы.

 

25

Стаялі тыя лютаўскія дні, калі зіма трымаецца яшчэ моцна, калі іскрацца на сонцы снежныя сумёты і сам мароз адчувае сябе паважна і дамавіта. Ён па-гаспадарску пастуквае па начах у сцены хат, у лядовы насціл азёр, у дрэвы па лясных нетрах. Але сонца не-не, ды ўсміхнецца па-новаму. Прыгрэтая хваіна раптам запахне смоллю, і захмялелая ад гэтага паху сініца так расцілікаецца, што нехаця прыгадаеш салаўя і першы ліст на бярозе. То ўсміхаецца здалёк вясна ўсмешкай кароткай і кволай. Хмарка прыкрые сонца, дзьмухне марозны вецер — і ні паху, ні сініцы.

Чырвоны сцяг, які развяваўся на самай высокай хаце сяла, надаваў усяму святочны выгляд. Як вокам скінуць — на плошчы, на вуліцы і нават на полі за сялом выстраіліся партызанскія атрады. Завіхаліся сувязісты, устанаўліваючы некалькі рэпрадуктараў. Пасярэдзіне плошчы чырванела кумачом наспех збітая з дошак трыбуна. Побач размясціўся аркестр: начышчаныя трубы гарэлі безліччу сонцаў, заліхвацкія гарманісты нецярпліва прабавалі галасы. Шумныя чароды неўгамоннай дзетвары мітусіліся ля трыбуны, ля аркестра. Купкі сялян стаялі маўкліва, паважна, з захапленнем пазіраючы на шматлікія шарэнгі ўзброеных людзей, на партызанскія гарматы і мінамёты. Тут жа ля сялян завіхаўся неўгамонны дзед Пранук. Як распачаўся рэйд, ён папрасіўся, каб яго ўзялі ў ездавыя. Праўда, цётка Палашка ніяк не магла пагадзіцца з замысламі дзеда, нават пратэставала:

— Хто лазню паліць будзе, непакойная твая галава?

— Што лазня? Яна не ўцячэ. Няхітрая штука яе напаліць. А кіраваць коньмі не кожны можа. Ды, можа, мне яшчэ прыйдзецца гармату вазіць? Можа, мне даручаць нават страляць з яе?

— А каб цябе пярун страляў! То з дрывамі не спраўляешся, а тут надумаўся.

— І надумаўся, як ёсць я стары артылерыст.

— Сказала б я табе, да людзей вось саромеюся, артылерыст ты гэтакі. Толькі маладым замінаць будзеш...

Ледзь не пасварыліся перад ад’ездам. Але цётка Палашка, убачыўшы, што Пранук заручыўся згодай камандавання на ад’езд, прынесла яму і чыстую бялізну ў дарогу і сёе-тое з харчу. Толькі шкадавала ўсё, раіла дзеду:

— Не з тваім, аднак, здароўем брацца за гармату. Яна цяжкая. Ты ўжо бярыся за якую лягчэйшую арудзію, каб па тваіх сілах.

Ледзь не скампраметаваны цёткай перад маладымі партызанамі, Пранук буркнуў нешта пад нос.

Але развіталіся, як і ўсе добрыя людзі. Дзед Пранук парады сякія-такія даваў на развітанне:

— Ты пільнуйся, аднак, Палашка. Калі што якое, глядзі, каб немцы харч не захапілі.

Дзед меў на ўвазе прадукты сталовай.

Другім бы разам цётка Палашка палічыла гэта за абразу, цяпер жа адказала яму зусім лагодна:

— Ты не клапаціся, Пранук, у мяне на тое ёсць інструкцыя ад камандзіра.

— Калі маеш інструкцыю, то ўсё ў парадку.

Да гарматы Пранук не трапіў, прызначылі яго ездавым да самога Васіля Іванавіча. І гэта напоўніла такім гонарам старога, што калі яго клікаў хто па-простаму — дзед Пранук, то ён сурова адчытваў такога нахабніка, асабліва, калі быў той яшчэ зялёнага веку:

— Можа, для каго я і дзед Пранук. А паколькі ты салдат і я салдат, то, можа, я для цябе не хто іншы, як галоўны ад’ютант самога камандуючага. Разумець ты гэта павінен...

Дзед Пранук стаяў ля сялян, паказваў на гарматы, мінамёты, растлумачваў:

— Вунь тая, даўжэйшая, аж на сем кіламетраў б’е. А вунь тыя, меншыя, на пяць бяруць. Калі, брат, шваркане каторая, аж пыл ляціць з фашыстаў. Не любяць. Ну і тыя вунь таксама важнецка б’юць. Дзе б ён, фашыст, ні схаваўся, выкалупаюць.

— Скажы ты, такая сіла! — захапляліся слухачы.

— Не ў іх адных сіла. У народзе сіла, вось дзе яна! — І Пранук урачыста паказваў на атрады.

— Тут, людцы, усё ёсць: і пяхота, і кавалерыя, і вось табе артылерыя.

Партызаны падміргвалі адзін аднаму:

— Хвацка агітуе Пранук, па-баявому.

Раптам і на плошчы і на вуліцы ўсё сціхла, змоўкла. Толькі чуліся ў розных канцах працяглыя каманды:

— Смірна! Смірна!

На ўпрыгожаную яловымі лапкамі трыбуну падняўся Васіль Іванавіч. Побач стаялі ўсе камандзіры штаба, работнікі падпольнага абкома. Вось Васіль Іванавіч прыўзняў руку.

— Таварышы партызаны і партызанкі! Віншую вас з дваццаць чацвёртай гадавінай нашай гераічнай Чырвонай Арміі. Многа змяла яна з твару зямлі розных ворагаў савецкага народа. Добра б’е яна цяпер нашых лютых ворагаў, фашысцкіх захопнікаў. Насмерць участавала яна няпрошаных гасцей пад Масквой. Будзе фашыстам такая доля ўсюды. А мы з вамі — верныя памочнікі нашай арміі. Багата зрабілі вы за гэтыя месяцы, а зробіце яшчэ болей. І не супакоімся мы да таго часу, пакуль не выганім апошняга фашыста з нашай зямлі. Цяпер мы ведаем толькі адно: ворагу смерць! Кроў за кроў і смерць за смерць! Дык няхай жыве наша гераічная Чырвоная Армія!

Гучнае «ўра» пракацілася над заснежанымі палямі. З усіх канцоў несліся выклікі:

— Слава савецкаму народу! Слава Чырвонай Арміі!

Загрымелі трубы аркестра.

Калі апалі, змоўклі ўрачыстыя гукі Інтэрнацыянала, пачуўся голас з трыбуны:

— Ужо колькі месяцаў прайшло з таго часу, як распачалі мы бязлітасную барацьбу з захопнікамі. Шмат чаго змянілася за гэты час. Мала было нас спачатку. І прымушаны мы былі часам хавацца ад ворагаў, забірацца ў лясы і балоты. Цяпер ворагі баяцца нас, цяпер яны хаваюцца ад нашага вока, ад нашай кулі. Дык паклянёмся, таварышы, што да апошняй кроплі крыві мы будзем змагацца з ненавісным ворагам за шчасце і волю нашай Радзімы, за жыццё нашых дзяцей, за волю і светлую будучыню народа. Прынясём прысягу вялікаму савецкаму народу!

Саколіч саступіў сваё месца начальніку штаба. Той зачытваў тэкст прысягі. І з канца ў канец — над плошчай, над вуліцай, над полем — гучэлі словы клятвы, якія паўтаралі маладыя партызаны, што прымалі ў гэты дзень прысягу.

— Я, грамадзянін Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, уступаючы ў атрад чырвоных партызан для актыўнай барацьбы са зброяй у руках з заклятым ворагам сацыялістычнай Радзімы — гітлераўскай Германіяй, даю савецкаму народу і Савецкаму ўраду наступную клятву:

За сваю Савецкую Радзіму, за пралітую кроў нашага народа, за матак і бацькоў, жонак і дзяцей, братоў і сясцёр, забітых і замучаных фашысцкімі катамі, біць ворага ўсюды і не шкадаваць сваіх сіл, а калі патрабуецца, і свайго жыцця.

...Клянуся, што буду біцца, не складваючы зброі, да поўнага разгрому ворага.

І калі адступлю я ад гэтай урачыстай клятвы свае, няхай пакарае мяне суровая рука рэвалюцыйнага закону!

Цішыня распасцёрлася на якую хвіліну над шарэнгамі людзей.

З трыбуны пачуліся словы Васіля Іванавіча:

— Віншую вас, маладыя партызаны, з прыняццем баявой клятвы!

— Служым савецкаму народу! — грымотным раскатам пранёсся над людзьмі дружны адказ, і адна за адной панесліся каманды. Ад гуку медных труб страсянулася паветра. І пад урачыстыя гукі марша скалыхнуліся людскія грамады, адзін за адным пайшлі міма трыбуны славутыя атрады. Праходзілі рабочыя, чыгуначнікі, былыя міліцыянеры, вайскоўцы. Асабліва багата было калгаснікаў. Засяроджаныя, суровыя ішлі былыя хлебаробы. І каб не вінтоўкі і аўтаматы, моцна прыціснутыя да грудзей, ды патронныя падсумкі і гранаты, заціснутыя за паясы, можна было б падумаць, што ідуць людзі на нейкую работу — ці то ў лес, ці на луг, ці на поле. А людзі ішлі, і абсівераныя, загрубелыя ў працы рукі трымалі не косы і не сякеры, не рыдлёўкі і не граблі. Паблісквалі на сонцы вінтоўкі, чорныя дыскі кулямётаў і аўтаматаў, перакрыжаваныя на грудзях патронныя ленты.

Праходзіў маладзёжна-камсамольскі атрад партызан-разведчыкаў. Тут былі хлопцы і дзяўчаты. Камсоргам атрада была Майка Светлік, якая пакінула работу ў штабе, бо даўно прасілася ў баявы атрад. Яна прайшла міма трыбуны радасная, усхваляваная. І ўсе яны, юнакі і дзяўчаты, толькі сягоння прыняўшыя баявую прысягу, здаецца, зліліся ў адзіным парыве пачуццяў, у адзіным парыве імкненняў, што іх выклік перад трыбунай «За Радзіму, за перамогу!» нібы расцепліў усе сэрцы, знітаваў усіх людзей, якія глядзелі на іх, слухалі іх.

Саколіч адчуў, як пацяплела на сэрцы, як нешта светлае, вясновае абудзіла думкі. Нахіліўшыся да Андрэева, шапнуў яму на вуха:

— Вось бы нам быць такімі, здаецца, зямлю б зварухнулі і адным заходам скінулі б з яе ўсё варожае, злое, паганае.

Андрэеў усміхнуўся, узрушана адказаў:

— Калі здольны, браце, адчуваць мы такое, то не старыя яшчэ мы з табой... Значыць, не апошнія яшчэ людзі на свеце, і крыўдаваць няма яшчэ падстаў.

А людзі ішлі ды ішлі.

Калі скончыўся партызанскі парад, да позняй ночы грымелі на вуліцах гармоні і бубны. Ні мароз, які браўся пад вечар, ні снежныя сумёты, у якія аж па самыя стрэхі зашыліся хаты, не маглі спыніць вясёлых партызанскіх гульняў. Моладзь спявала, вадзіла кадрылі. Аж віхрыў з-пад ног снежны пыл, калі пускаліся ў «Мяцеліцу» альбо «Лявоніху». Нават стары Пранук, які вывеў паіць коней да студні, учуўшы заліхвацкую «Лявоніху», прытупнуў быў так нагой, што паслізнуўся на абледзянелай горцы і не вельмі каб удала з’ехаў, седзячы, аж у самы сумёт. Але не разгубіўся перад неспадзяванымі сведкамі яго канфузу, жанчынамі, і, спрытна падняўшыся, накінуўся на коней:

— От жа характар, няма на вас угамону! Ты яго вядзі каторага, а ён тузаецца...

Жанчыны ля студні кінуліся памагаць дзеду паіць коней, нібы і не бачылі яго канфузу.

А па хатах сядзелі пажылыя партызаны, вялі з сялянамі доўгія гутаркі аб баявых справах, франтавых навінах, аб фашысцкай нелюдзі.

Ля школы ладзіўся цэлы спектакль. Група забаўнікаў паказвала Гітлера і яго генералаў, як збіраліся яны браць Маскву і што з таго выйшла.

Паказ ішоў пад гармонік. Адны прыпеўкі змянялі другія. Партызаны не абыходзілі сваёй увагай ні Гітлера, ні Рыбентропа, ні кульгавага Гебельса. Хапала і радавым фрыцам і ўсім фашысцкім прыслужнікам.

Ля школы стаяў такі рогат, якога даўно ўжо не чулі на сяле з пачатку вайны.

Міма праходзілі Саколіч і Андрэеў. Прыпыніліся на хвіліну, прыслухаліся, Саколіч сказаў задуменна:

— Вельмі добрая адзнака, Аляксандр Дзям’янавіч, калі народ смяецца.

Да самай позняй ночы грымелі на вуліцах гармоні і бубны.

 

26

Раніцаю, калі яшчэ ярчэлі зоры на небе і лютаўскі мароз моцна хапаўся за шчокі, атрады выходзілі з сяла і выцягваліся ў доўгую калону. Справа на змрочным зімовым небе датлявалі водбліскі зарыва.

— Відаць, правая калона выкурвае недзе нямецкія гарнізоны,— прамовіў нехта, ні да кога не зварочваючыся. І ўсе, глянуўшы на гэтае далёкае зарыва, адразу пранікаліся прызвычаенымі думкамі аб суровым паходзе, штодзённых баявых клопатах, барацьбе.

 

 

Кніга трэцяя

 

Частка першая

 

1

Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком. З гарадка было б бліжэй дабрацца дахаты, але ў Надзі былі ўсе падставы не з’яўляцца там, дзе ёй маглі цікавіцца больш, чым на гэтай глухой станцыі.

Разам з Надзяй з вагона выйшла некалькі пасажыраў. Сярод іх увішны лейтэнант з паліцыі, толькі-толькі выпушчаны з спецыяльных курсаў, трое паліцаяў, двое цывільных, відаць, невялікія чыны з якой-небудзь валасной управы. Лейтэнант да таго надакучыў ёй сваім заляцаннем у вагоне, што яна з палёгкай уздыхнула, апынуўшыся з сваім чамаданчыкам у тамбуры. Чаго толькі не нагаварыў ёй за дзень, пакуль марудна сунуўся цягнік! Даведаўшыся, што яна працуе ў школе і прымае ўдзел у самапомачы, ён тут жа пахваліўся сваім дзядзькам:

— Вы ведаеце, сам Кубэ вітаецца з ім за руку... Вя-я-лі-кі начальнік! Усю самапомач на сабе трымае і яшчэ розных другіх дзяржаўных спраў колькі ў яго на плячах. А як жыве! Адных толькі пакояў восем займае, ды машына, шафёр. Асабістая сакратарка, розныя там другія пад рукамі... Багата жыве! Вось і вам...— тут ён з яўным захапленнем агледзеў усю яе постаць, нават уздыхнуў,— і вам бы знайшлося там добрае месца. Ахвота вам працаваць у якой-небудзь глушы... З вашай адукацыяй, з вашым... Ды што гаварыць!

— Аднак жа і вы вось едзеце ў гэтую глуш.

— Наша справа зусім іншая. Мы — прадстаўнікі дзяржаўнага парадку, трэба як мага падтрымліваць яго. Парушальнікаў, чым далей ад Мінска, тым усё больш і больш. Проста, можна сказаць, запаланілі некаторыя раёны. Вось блізка вашага раёна да таго развялося іх, што паслалі туды спецыяльныя атрады, каб крыху ўціхамірыць.

— Што ж вы будзеце рабіць там... куды едзеце? — механічна запытала Надзя.

— Клопату хапае, клопату цяпер багата, абы толькі рукі... Скажу вам, як добрай знаёмай: магчыма, давядзецца мне быць начальнікам над паліцыяй усяго раёна...

— О... Проста страшна сядзець побач з такім высокім начальнікам...— жартаўліва сказала Надзя.

— Ну што ж, я і не высокі, і не начальнік пакуль што... А знаёмству з вамі вельмі і вельмі рад. За месяцы вайны людзі агрубелі, адвыклі ад добрага абыходжання, асабліва з жанчынамі, адвыклі ад добрага слова. А вы чаго тут зубы скаліце? Марш адсюль! — І кандыдат у «высокія начальнікі», які толькі што выхваляў добрае абыходжанне, не сказаць каб далікатна, выкурыў з купэ двух паліцаяў, якія сядзелі тут побач з Надзяй ад самага Мінска.

І тут жа растлумачыў Надзі свой учынак:

— Чалавек павінен заўсёды адчуваць розніцу паміж сабой і другімі. Гэта аснова нашай заходняй культуры.

— Дазвольце запытаць, чаму іменна вашай?

— Бачыце, я, калі можна сказаць, выхаваны заходняй культурай. Я скончыў у Варшаве гімназію. Потым мне давялося паступіць у Пражскі універсітэт. Праўда, з вучобай там не ладзілася, бо, калі прыйшлі туды нашы слаўныя саюзнікі, сярод студэнтаў усчаліся розныя непарадкі, і мне давялося перажыць сякія-такія непрыемнасці. Ну, студэнтаў паразганялі, некаторых у турму, а некаторых... і да кары смерцю. Адным словам, не да вучобы было.

— Як жа вы трапілі ў Прагу?

— Бачыце, мой дзядзька жыў там. У яго свая ўласная бальніца была, дактароў з пятнаццаць на яго працавала. Ён і выпісаў мяне з Варшавы, думаў таксама на доктара вывучыць. Але якія цяпер дактары? Дзядзька кажа, што трэба вырашаць вялікія дзяржаўныя справы.

— Аднак хто ж ваш дзядзька, вы так і не сказалі...

— Выбачайце, я і сапраўды не здагадаўся сказаць вам пра гэта. Дзядзька мой — вядомы палітычны дзеяч пан Ермачэнка. Ён у немцаў у вялікай пашане, высокія паўнамоцтвы яму дадзены...

— А, чула, чула пра вашага дзядзьку...

Недалёкаму лейтэнанту здавалася, што дзяўчына блізка зацікавілася ім, і ён пачаў ужо несці ўсякую лухту, з якой Надзя, аднак, старалася запомніць усё, што было карысна для яе справы.

— Вось і прыехалі! — адразу ахаладзіла Надзя ўвесь лейтэнантаў запал.

Лейтэнант аж уздыхнуў і, хуценька нацягнуўшы шынель, кінуўся ўслугоўваць Надзі. Ужо ў тамбуры падхапіў яе чамадан, спрытна памог сысці з прыступка вагона. Пахмурны паліцай, што стаяў на пероне і разам з нямецкім салдатам правяраў дакументы, паслужліва казырнуў лейтэнанту і прапусціў яго з Надзяй, не зірнуўшы нават у іхнія паперы.

А лейтэнант усё ўвіхаўся.

— Будзеце ў нашым раёне, не абыходзьце мяне, я ўвесь да вашых паслуг... Асабліва раю падумаць пра горад, у мяне ж такія сувязі. Вось і запісачку напішу дзядзьку, каб ён памог вам, калі сапраўды надумаецеся падацца ў Мінск. Гэта будзе не лішнім для вас.

— Што ж, дзякуй вам за клопаты...

Надзя ўзяла запіску і, пажадаўшы лейтэнанту шчаслівай дарогі, развіталася з ім.

У суправаджэнні двух паліцаяў, з якімі ехала ад самага Мінска, яна выйшла са станцыі. Было ўжо цёмна, калі дабраліся ў самы канец аднаго з пасёлачных завулкаў. А яшчэ праз якую гадзіну, пакінуўшы ў хаце значную частку свайго багажу, выехалі ў начную дарогу.

— Аднак доўга чакалі мы цябе, Надзежда,— загаварыў, звычайна маўклівы, Сілівон, які быў за фурмана.— Усяк думалася, дарога ж цяпер не тое што раней.

Ехалі моўчкі. Быў пачатак сакавіка. Удзень гурбы снегу ля дарогі крыху падтавалі. Яны пачарнелі, апалі. Снег стаў падобным на старыя пацямнелыя соты. Ноччу лёгкі мароз трымаў дарогу. Сані шархацелі па ўезджаным шарпаку, сям-там кідаліся ў бакі на ўхабінах, падскаквалі на ўледзянелым карэнні прыдарожных дрэў. Хутка ўехалі ў лес. Конік пайшоў трушком.

Начны лес, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цішыня лясных нетраў — усё настройвала на роздум, на развагі. Надзя думала пра сваю паездку ў Мінск. Цэлы месяц давялося прабыць там, пакуль не выканала даручэння: наладзіла транспарт медыкаментаў. Там, у горадзе, ёй памагала многа людзей. Суправаджалі Надзю два хлопцы з атрада, забяспечаныя патрэбнымі дакументамі і апранутыя пад паліцаяў. Праўда, яны рабілі першую вылазку ў Мінск, і Надзі хапіла турбот з імі. Але ўсё тым часам абышлося добра. Цяпер астаецца толькі заявіцца да бацькі Мірона і пра ўсё далажыць.

Конік ішоў лянівай ступою. Пачынала брацца няйначай на адлігу. Пайшоў мокры снег і хутка абляпіў і дзяружкі на санях, і хамут, і конскую грыву. Палазы ўжо не шархацелі па дарозе, а штохвіліны грузлі ў раскіслым снезе. Сымон і хлопцы злезлі з саней, ішлі следам.

— Цягні, цягні, сівы, хутка будзем і дома...

Як добра было некалі, раней, дабірацца дахаты ў такую вось сакавіцкую ноч. І ніпачым ні мокры снег, ні бездараж. Гэта ж не абы-які месяц, а месяц сакавік! Пройдзе яшчэ якіх тыдні са два, са тры, і над угрэтымі лапінамі зямлі падымецца ў нябесны блакіт жаўранак, а там дзень-два — глядзіш, і прынясе на сваім хвасце шчабятуха-ластаўка такую цяплынь, што людзі падоўгу пачнуць глядзець на празрыстае, трапяткое марыва над полем і заклапочана азіраць плугі, бароны, мацаць шыны на колах,— а ці не парассохліся абады.

І вось едзеш раней паначы, прыслухоўваешся, як чвякаюць капыты, як засмоктвае расквашаны снег палазы, і чуеш гукі жывой вады: дзесьці цурчыць, пераліваецца пад снегам, прабівае сабе пуць-дарогу ў прасторы. А дзе-небудзь у лагчыне бацька спыніць каня, сам пойдзе наперад і будзе важна, нахмурана тыцкаць пугаўём у пацямнелы, набраклы снег, паспрабуе ступіць раз-другі. Потым паківае галавою, пройдзе ў сані і, рашуча насунуўшы шапку на самыя вушы, крыкне не сваім голасам на каня:

— А ну, давай, давай, арол!

«Арол» стрыжэ вушамі, натапырваецца, хрыпіць, потым адчайна рване з усіх чатырох ног, абдасць камякамі мокрага, ліпучага снегу, пырскамі іскрыстай вады. Сані шугануць як у прорву, аж вочы ад страху прыжмурыш. Хвіліна — і на тым беразе. Конь ужо стаіць і лагодна памахвае хвастом. Бацька злазіць з саней, папраўляе дугу, сядзёлку, выцірае далоняю конскія бакі. У перадку саней гара мокрага снегу. Чуваць, як цурчыць вада з яго, а снег відма бялее, бялее.

— Яшчэ б гадзіна-другая, і быў бы нам тут вялікі боўць...— І не зразумець, ці то жартуе бацька, ці гаворыць сур’ёзна. Ён агледзіць яшчэ сані, выб’е снег з перадка, страсе яго з дзяружкі.

— Па-а-ехалі!

Як добра гэта было некалі, у цёмныя сакавіцкія ночы, перадвясновыя ночы.

Цяпер чым бліжэй дахаты, тым больш сумна робіцца Надзі. Неяк там, у горадзе ці ў якім другім месцы, у часе клапатлівых паездак забывалася Надзя на свае глыбокія крыўды. Колькі месяцаў прайшло з таго часу, як сустрэліся яны і гаварылі апошні раз з Харошавым, а сэрца ўсё не можа супакоіцца, не можа пазбыцца ненавіснага вобраза. Яна бачыла яго яшчэ разы два, раз ледзь не сутыкнулася з ім нечакана твар у твар і з ліхаманкавай паспешнасцю — аж зайшлося сэрца — кінулася прэч, каб не сустрэцца. Цяжка нават у думках дапусціць, як магла яна некалі так блізка быць з ім, давяраць яму самыя запаветныя думкі, пачуцці, свае мары, гаварыць аб самым дарагім у жыцці, аб шчасці, аб блізкім будучым. Выходзіць, яна кахала будучага здрадніка радзімы. Каб не бацька Мірон, не дыхаць бы табе, здраднік, чыстым паветрам радзімы...

Ах, бацька Мірон, бацька Мірон... Не разгадаць усіх тваіх думак і замыслаў. Можа, чэрствы ты крыху душой, не ведаеш, што робіцца ў дзявочым сэрцы, і палажыў на гэтае сэрца суровы ланцуг, каб не білася яно вольна, каб прыслухоўвалася яно да розуму. А хіба ж сэрца і розум ворагі адно аднаму? Яны ж заўсёды ў спагадзе: калі што не даспадобы аднаму, таго не прыме і другое. І сэрца кажа — ворагу смерць, і розум падказвае — здрадніку толькі магіла.

Ну што ж, калі тады памылілася... Такія памылкі не позна паправіць, каб ніколі, ніколі потым не шчымела сэрца непазбытым болем, не пляміла душы нязжытым, непапраўным.

Надзя прыгледзелася навакол. Пайшлі знаёмыя мясціны. Стромкія хвоі і елкі саступілі месца дубам. Развіднела. Цёмныя, сукаватыя ствалы выразна акрэсліліся на пасвятлелым ранішнім небе. Дзе пракідаліся чыстыя мясціны, відаць быў з-пад снегу леташні ліст, пачарнелая збуцвелая трава.

«Скора вясна — і ў лесе ўжо снегу паменшала»,— падумала Надзя і пачала прыглядацца да знаёмай прасекі, да знаёмых дрэў. Вунь пад тым дубам, абсмаленым некалі маланкай, ідзе сцежка аж да самай ракі. Колькі раз яны хадзілі тут! З ім... Тут любы куточак выхаджаны, выбеганы яе нагамі. Як толькі памятае сябе Надзя, так памятае і гэтыя дубы, і недалёкі бор, і пералескі, што цягнуцца аж да самай ракі. Яшчэ малой яна бегала сюды з дзетварой збіраць жалуды. Улетку тут трапляюцца добрыя баравікі, а там, бліжэй да рэчкі, чырвонагаловыя падасінавікі. А колькі адных вянкоў напляталі ў гэтай дуброве: тут і сінія званочкі, і смалянкі, і купалкі, і дробная, а такая ж чырвоная — аж зіхаціць — лясная гваздзіка. А вясной цвітуць па ўсёй дуброве сцюдзёныя ландышы, і пах ад іх такі, што не надыхаешся...

Задумалася Надзя і не заўважыла, як выехалі з дубровы, як дарогу ахуталі кусты алешніку, якія саступілі месца густым лазнякам, што згрудзіліся па беразе невялікай лясной рачулкі. Нечыя трывожныя словы: «Што там — ізноў нешта дзеецца?» — сагналі з яе задуменне. Сані прыпыніліся, мужчыны, нечага спяшаючыся, пабеглі наперад, на невялічкі ўзгорак правей ад дарогі. Яны стаялі на ім і пазіралі праз лазнякі за рачулку.

«Там жа сяло...— успомніла Надзя.— Адтуль жа Сілівон, там жыве цётка Сцяпаніха. Васілька там...»

І як успомніла, адразу запаланіла сэрца трывога. Яна прыспешыла крок, хапаючыся ўзбегла на ўзгорак.

Сяло наўпрост было блізка, якіх кіламетры з два. Ля крайніх ад рэчкі хат мітусіліся людзі.

— Пажар! — усклікнула Надзя.

Сапраўды, над крайнімі хатамі — колькі іх там было, дзве ці тры, адсюль добра не разгледзець — узвіліся невялічкія спачатку пасмы белага дыму. Потым яны загусцелі, завіліся жоўтымі клубамі. А людзі, якія мітусіліся ля хат, відаць, і не думалі тушыць пажару. Падобна было на тое, што яны самі падпальваюць будынкі і разганяюць народ, каб не тушыў агню. Адтуль даляталі крыкі, нечы лямант, пачулася некалькі стрэлаў. Дым над хатамі нібы паменшаў, але відаць было, як высока шуганула полымя і завіхрылася аж вышэй за прысады. Хаты гарэлі, як свечкі.

— Вось што, хлопцы...— праказаў Сілівон, хоць акрамя хлопцаў тут была і дзяўчына.— Ехаць нам туды цяпер няма ніякай патрэбы. Едзьце бліжэй да лагера ды пастарайцеся як найхутчэй паведаміць Мірону. А я тым часам прайдуся ўздоўж рэчкі, дабяруся да самага сяла, ці мала там што якое...

— Не варта, дзядзька Сілівон. Нічым вы там не пасобіце, толькі самі ў бяду трапіце. Відаць, карнікі арудуюць на сяле.

— А што мне карнікі... Ды не такі я дурны, каб лезці гадам на вочы. А быць я там павінен...

Яго не сталі адгаворваць. Ведалі, стары клапаціўся пра Васільку.

Хутка сівы павярнуў аглоблі назад. Праехаўшы з кіламетр, звярнулі налева, па глухой дарозе, якая вяла аж да самай ракі. Лёд на ёй яшчэ трымаўся, лёгка перабраліся на другі бераг.

Праехалі яшчэ кіламетраў з пятнаццаць, як пачулі недзе справа далёкую страляніну. Яна нечакана сціхла. Наважылі пакарміць каня, кінулі яму рэшткі сена. Дубок завінуўся ля свае дарожнае торбы, дастаў адтуль буханку хлеба, якім ён таксама намерыўся пачаставаць сівога. І які гэта быў хлеб! Ацеслівы, з шэрай скарынкай, з мякіша вытыркаліся аўсяныя асцюкі, цэлыя саломіны. Буханка да таго была зашмальцавана і выкачана ў рознай пацярусе, што можна было смела сказаць: ніводзін немец, ніводзін паліцай не пагаліцца на гэтае дабро. Дубок тым часам асцярожна разломваў яе, акуратна злажыў кавалкі хлеба і яшчэ больш акуратна перакладваў на чыстую анучу бліскучыя мядзяныя запалы і патроны для нагана. Аднаму яму было вядома, колькі гэтага дарагога дабра было схавана ў яго запаветнай буханцы.

Дубок старанна запакаваў свае здабыткі, закруціў іх у колькі анучак, агледзеўся і панёс усё гэтае багацце пад ладную купчастую яліну.

— Раю і вам так зрабіць, калі сёе-тое асталося на возе.

Хутка падарожнікі пераканаліся, што сапёрава перасцярога не была лішняй. Толькі яны селі на сані і крануліся з месца, як заўважылі ў якім-небудзь паўкіламетры ззаду доўгую калону людзей. Яны ішлі ў адным з імі кірунку.

— Гэта называецца праскочылі...— і Дубок пачаў асцярожна, але настойліва падганяць каня, каб хутчэй даспець да бліжэйшай павароткі.

Пасля павароткі Дубок аж прыўстаў на перадку і так насеў на сівога, што той змяніў свой ленаваты трух на добры галоп.

— Не шкадуй капытоў, сівы, нанава падкуём, калі што...

І тут расказаў падарожнікам свае планы: трэба праскочыць бальшак, які неўзабаве перасячэ дарогу, праехаць яшчэ з кіламетр, а там падацца ўлева балотнымі хмызнякамі.

Але Дубковы планы парушаліся. Не паспелі яны выскачыць на гэты бальшак, як Дубок ад нечаканасці сеў і скоранька прыцішыў каня.

— Называецца адарваліся, як поп ад кадзіла,— шэптам сказаў ён.

Па бальшаку таксама ішла калона людзей. Размінуцца з ёй не было ніякай магчымасці.

«Роты з тры, відаць...» — падумаў Дубок, мелькам зірнуўшы на чорныя постаці, якія без асаблівай ахвоты мясілі расквашаную адлігай дарогу.

Дубок азірнуўся. Ні падацца назад, ні кінуцца куды ўбок — нельга было і думаць. Дрэвы ў гэтай частцы лесу былі рэдкія, ды і як ты сіганеш на санях па лясной бездаражы? Уцякаць не было куды, ды і некалі. Іх ужо і заўважылі, бо ад купкі коннікаў, што была наперадзе першай калоны, аддзяліўся адзін паліцай, стрымгалоў падскочыў да іх, запытаўся:

— А ну, што за людзі?

Голас яго быў прастуджаны. Відаць, паліцаі некуды спяшаліся: адзенне на конніку было мокрае, нібы паліцая выкачалі дзе ў мокрым снезе ці ў гразі. Конік стомлена паводзіў узапрэлымі бакамі, аж выпіналіся з-пад скуры яго худыя рэбрыны.

Дубок сабраўся ўжо быў паказаць рукою на заднюю калону,— маўляў, хіба не бачыш адкуль? — але раздумаў і адказаў, не вельмі каб пачціва:

— А ты не бачыш хіба, што мы за людзі?

— Размаўляць яшчэ надумаў! — аж успыхнуў коннік і прыўзняўся ў сядле.— Дакументы!

Надзя кінула на Дубка быстры позірк: «Знай меру, хлопец...» Усе палезлі ў кішэні.

— Знайшлі час па камандзіроўках цягацца! Тут сем патоў з цябе выганяюць, а яны лынды біць будуць... Злазь з саней...

— Куды злазіць? Я павінен начальніку рапарт аддаць... Хіба не ведаеш службы? — упіраўся Дубок.

— Ты ў мяне пагавары яшчэ! Знайшоўся службака. Вось як спаймаюць партызаны ды кішкі выпусцяць, тады будзе табе не да рапарта. Ну, спрытней варушыся, а паненка і без вас даедзе, куды ёй трэба...

Паліцай сцебануў каня. Ён хацеў быў крыху пагарцаваць перад дзяўчынаю. Але нехлямяжы конік паслізнуўся на пярэднія ногі, і паліцай ледзь не зваліўся.

— Ну, доўга я буду чакаць вас? — вызверыўся ён на хлопцаў.

Хутка Дубка і яго таварыша далучылі да калоны. Дубок убачыў тут, што паліцаяў было ўсяго якая рота. Рэшта людзей былі цывільныя, больш за ўсё дзяўчаты, маладыя жанчыны.

— Зброя ёсць? — запытаўся ў Дубка нехта з начальнікаў.— Няма? Выдаць ім вінтоўкі забітых і паставіць у канвой.

Ужо Надзя пераехала цераз бальшак і, падганяючы каня, важылася як мага хутчэй ад’ехаць адсюль. Але тут жа заўважыла, як з таго боку, адкуль ішла першая калона, прымчала на ўспененых конях чалавек шэсць эсэсаўцаў. Адзін з іх кінуўся да яе, ён крычаў, махаў рукою. Яна не спынілася, і тады ён хутка абагнаў сані, схапіў каня за аброць і завярнуў назад. Ён злосна крыкнуў, але, разгледзеўшы, што на санях дзяўчына, стаў больш лагодны.

— Нядобра так, паненка!

А што нядобра, Надзя так і не магла ўразумець. Хутка яе далучылі да калоны, якая значна паменшала і павярнула назад. Там асталіся толькі паліцаі. Усіх цывільных невялікі канвой пагнаў далей. Сярод паліцаяў Надзя не заўважыла сваіх спадарожнікаў. З гаворкі, якую вялі паліцаі, яна зразумела, што ім давядзецца, магчыма, уступіць у бой з партызанамі, якія недзе цяснілі атрады карнікаў. Не сказаць, каб паліцаі прыхільна сустрэлі такую навіну. З таго боку, адкуль з’явіліся эсэсаўцы, пад’ехала яшчэ некалькі коннікаў і з паўдзесятка падвод, нагружаных раненымі і забітымі. Некалькі лёгкараненых ехала конна, па два чалавекі на кані. Іх перагрузілі на Надзіны сані, і хутка невялікі транспарт паціху рушыў у дарогу.

Так трапіла Надзя ў падводчыцы. Яна моўчкі ішла ўзбоч саней, прыслухоўвалася да паліцаяў, эсэсаўцаў. Яна зразумела, што атрымалі яны добрыя пачастункі ад партызан бацькі Мірона, якіх яны думалі выгнаць з мясцовых лясоў, акружыць і знішчыць. Але выйшла, відаць, іначай. Акрамя Мірона паліцаі і эсэсаўцы ўспаміналі Дзядзю Косцю.

Ужо бралася пад вечар. Ад прыдарожных дрэў пацягнуліся доўгія, аж на ўсё поле, цені. У паветры пасвяжэла, дарогу прыхапіў марозік. Не хлюпала пад нагамі, і сані лёгка ішлі па ледзяной драсве.

 

2

Ва ўсякія пераплёты трапляў Дубок у першыя дні вайны і за час свайго партызанства ніколі не губляў галавы. Але роля, якую давялося яму цяпер выконваць, уразіла да таго, што ён спачатку крыху разгубіўся і ўсё ніяк не мог асвойтацца з ёй. Ён пакрыкваў паціху на дзяўчат, на жанчын, якія штохвіліны парушалі парадак на дарозе, выбіваліся з калоны, адставалі. Хацеў паказаць канвойным паліцаям, што і ён не лыкам шыты, што і ён не абы-хто, а таксама напрактыкаваны паліцай, які добра ведае сваю справу.

Але находзіла на яго часам флегма, ішоў, абыякавы да ўсяго, што рабілася на дарозе. Сіпаты паліцай наскакваў з канём:

— Не лаві мух, паварочвайся, ды глядзі мне!

— Гляджу, гляджу, адчапіся!

Ад сіпатага не адставалі і чатыры пешыя паліцаі. Яны падганялі людзей прыкладамі вінтовак, груба лаяліся і заводзілі з дзяўчатамі такую гаворку, што ўрэшце група жанчын не вытрывала, абурылася:

— Што ж вы, паганыя душы, вытвараеце? Вас паставілі, дык і пільнуйце нас, а не чапляйцеся, як сабакі...

— Замаўчы каторая! — віхрам налятаў сіпаты і пагрозліва ляскаў затворам аўтамата.

Так падышлі да вёскі. Ужо сцямнела. Сіпаты прыпыніў калону, паслаў аднаго паліцая ў разведку.

Хутка калона ішла па ціхай, бязлюднай вуліцы. Сям-там свяціліся скупыя агеньчыкі газнічак, але і тыя гаслі, калі жыхары заўважалі на вуліцы незвычайную калону. Спрактыкаванаму воку можна было прыкмеціць асцярожны рух па гародах, па прыгуменнях. Усе, хто падпадаў пад закон аб абавязковай працы, убачыўшы паліцаяў, спяшаўся схавацца ад хапуноў.

Было ўжо зусім цёмна, калі калону загналі ў вялікую калгасную стайню, якая была на самым ускрайку вёскі.

Сіпаты сам аб’ехаў вакол стайні і, пакінуўшы ля яе трох чалавек — Дубка, яго таварыша і яшчэ аднаго паліцая,— сурова загадаў ім:

— Галоўнае — пільнуйце гэтыя вароты. Канечне, і за другімі назірайце. Калі што якое — страляць. Праз гадзіны тры вас падменім. Па чарзе можаце заходзіць у хату пагрэцца...

Паліцаі размясціліся ў невялічкай хатцы побач са стайняй. У печы ярка палалі дровы — паліцаі паламалі бліжэйшы плот. Засквірчэла сала, і чатыры паліцаі расселіся на вячэру.

Першая, другая шклянка самагону разагнала дрымотную санлівасць, якая зморвала ў хатняй цеплыні. Бяседа службакоў зацягнулася. Успаміналі розныя здарэнні, паліцэйскія прыгоды. Сіпаты разлёгся на ўслоне, соладка пазяхнуў.

— А што вы думаеце, хлопцы,— нідзе не знойдзеш такой добрай работы, як у нас. Усе баяцца, глядзяць на цябе са страхам і, можна сказаць, з павагаю. Такую высокую ўладу рэдка хто мае. Ці праўду кажу я, хлопцы?

— Святую праўду гаворыце, начальнік!

— Я ж і кажу. А галоўнае, ты нікога не баішся. А каб у парадку ўсё было — рабі без усякай жаласці. Вось у мяне выпадак быў такі, калі ўзялі нас на службу ў СД. Даручылі мне трох чалавек, ну каб прыкончыць. Далі перад тым добрую шклянку шнапсу. Каб не марнаваць сябе дужа, стрэліў я адразу ў аднаго, забіў. З пажылых быў чалавек, настаўнік, казалі. Ну, потым старую прыкончыў, маці партызана была, падлюка. Бачу, стаіць яшчэ адзін чалавек перада мной — маладзенькая дзяўчына, гадоў гэтак пад семнаццаць. Хістаецца як былінка, на мяне глядзіць не то з жалем, не то грымаску нейкую строіць. І стаю я, як аглушаны, вінтоўка ў мяне хістаецца з боку ў бок, стрэліў раз, але кулька тая толькі пясок ля магілкі разгрэбла. Пясочак пырх, а дзяўчына стаіць, тварыкам пабялела, а ручка дрыжыць ды коску цярэбіць. Пракурорская дачка была. Пракурор у партызанах, а сямейку іхнюю мы спэйкалі. І хаця дужа тыя пракуроры мне ў печані даліся — гадкоў з пятнаццаць зарабіў ад іх,— але не можа мая рука на яе падняцца. А тут і каманда ўжо, і другая, і, не доўга думаючы, заехаў мне лейтэнант СД па патыліцы. І раз, і два, а потым яшчэ ў зубы даў, а дзяўчынку тую сам з пісталеціка і прыкончыў. Ну, пасля таго мне няма ніякага клопату, хто перада мною стаіць. А ты чаго тут? Хто дазволіў? — раптам вызверыўся кульгавы, заўважыўшы Дубка, які слухаў гэтую гісторыю.

— Хіба ж нельга пагрэцца? Вы ж самі дазволілі, пан начальнік...

— Дазволілі, дазволілі... Абагрэўся хвіліну — і марш назад! Ну, ну, варушыся, тут табе не кампанія...

— Пара, пан начальнік, падмену даваць. Мы зусім замерзлі там, на месяц гледзячы.

— На тое будзе загад мой. Вось яны адпачнуць як след, тады і падменяць, а без дазволу нечага совацца. Пайшоў вон!

— Нешта не хочацца, пан начальнік...

Кульгавы аж прыўстаў ад здзіўлення.

— Як гэта вам падабаецца? — звярнуўся ён да сваіх кампаньёнаў.— Яму, бачыце, не хочацца. А ну, каб і духу твайго тут не асталося!

— Не магу, пан начальнік. Цёпла тут, утульна, ды яно б і паспаць як след не зашкодзіла...— гаварыў, нібы дражніўся, Дубок, пільна сочачы за кожным рухам кульгавага і яго памагатых.

— Ды што ён п’яны, ці што? Ці не разумее, дзе знаходзіцца? От я зараз прачышчу яму мазгі!

Ён кінуўся ў адзін бок, у другі, але дарэмна. І аўтаматы і гранаты ляжалі на лаве каля Дубка.

І як ні п’яны быў кульгавы, але, зірнуўшы на Дубка, працверазіўся. Яшчэ не зразумеўшы ўсяго да канца, ён закрычаў:

— Кінь свае дзікія жарты, бо з аўтаматамі не жартуюць!

— А чаго мне жартаваць з табою! Ты ўжо свайго даслужыўся!..

Шкадаваў патронаў Дубок, але і аднаго хапіла на кульгавага. Як стаяў ён з перакошанымі ад страху вачыма, так і асунуўся за сталом.

— А ну, бярыце гэтую брыду ды валачыце адсюль. Занясіце ў той лясок, што вунь чарнее за полем. Ды толькі без фокусаў! Я зараз праверу, следам за вамі пойдзе мой чалавек...

Хутка цераз поле пацягнулася ўночы незвычайная працэсія. Паліцаі панеслі хаваць свайго суровага начальніка.

Праз адчыненыя вароты выпускалі жанчын.

— Выходзьце, выходзьце, кабеткі,— камандаваў Дубок,— ідзіце дамоў, спяшайцеся...

Доўга не мог супакоіцца жаночы натоўп, уражаны такой нечаканасцю. Па двое, па трое, цэлымі купкамі разыходзіліся хто куды ад стайні.

А лясной дарогай ішоў, не дужа спяшаючыся, Дубок са сваім напарнікам. Крыху замінаў хадзе груз: дзве вінтоўкі, пяць аўтаматаў ды дзве торбы гранат. Праз хвойныя вяршаліны прабівалася скупое месячнае святло, ледзь разганяючы густы змрок пад дрэвамі, між прыдарожных кустоў.

Неўзабаве Дубок дакладваў аб сваім падарожжы Мірону, які толькі што з часткай атрада вярнуўся з аперацыі.

Мірон уважліва выслухаў партызан, пахваліў за вызваленне жанчын і за трафеі. Нарэшце, запытаўся:

— А Надзя дзе?

— Мы разлучыліся з ёй, як нас забралі ў паліцаі.

— Гэта я ведаю. Але дзе цяпер Надзя?

— А мы думалі, таварыш камандзір...— перайшоў на афіцыйны тон Дубок,— што яна даўно дома. Яна паехала тады, яе не чапалі...

— Вось бачыце, не чапалі... А выходзіць, забралі...— уздыхнуўшы, сказаў Мірон.

 

3

Карнікі высадзіліся за ракою, на дзвюх невялікіх станцыях. На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі. Была яна параўнальна невялікая: два эсэсаўскія батальёны і эскадрон конных жандараў. З гарадка павінен быў выступіць яшчэ пешы атрад паліцаяў. Кіраўнік экспедыцыі эсэсаўскі падпалкоўнік Шмерц ускладаў вялікую надзею на нечаканасць і раптоўнасць удару. Спадзяваўся ён, канечне, і на сваю зброю. Конны эскадрон забяспечваў магчымасць хуткага акружэння праціўніка, а ў выпадку патрэбы мог забяспечыць і добрую сувязь.

Падпалкоўніка Шмерца, які прыйшоў у эсэсаўскую паліцыю яшчэ з старой кайзераўскай арміі, нельга было папікнуць у залішняй самаўпэўненасці альбо легкадумнасці. Ён сам да дробязей распрацаваў план правядзення экспедыцыі, дакладна праверыў усё, што было звязана з яе падрыхтоўкаю, абмеркаваў кожную дэталь з начальнікам паліцыі Герфам, выслухаў доўгую інструкцыю самога Кубэ, які спецыяльна выклікаў яго да сябе.

Падпалкоўнік спачатку думаў сам адправіцца з адным батальёнам, каб асабіста на месцы кіраваць усёй аперацыяй. Але танкетка, у якой ён выехаў за батальёнам, безнадзейна засела ў першай жа лагчыне. Тое ж здарылася з другой і з трэцяй. Давялося пакінуць на станцыі і некалькі грузавікоў, якія прыстасавалі пад мінамёты. Вясенняя бездараж парушыла планы падпалкоўніка. Ён прымушаны быў адмовіцца ад свайго намеру рушыць разам з батальёнам і астаўся на станцыі, каб адсюль аператыўна кіраваць усёй экспедыцыяй.

Станцыя, дзе атабарыўся Шмерц, была, калі гаварыць аб партызанах, параўнальна ціхая. Паводле агентурных вестак, такія ж спакойныя былі і бліжэйшыя раёны. Лясоў тут малавата, на колькі кіламетраў цягнуліся адны хмызнякі ды балоты ўздоўж невялічкай рэчкі. Мо з гэтай прычыны немцы адкрылі на станцыі вялікі склад збожжа. Больш за тысячу тон жыта было ссыпана ў крытым станцыйным пакгаузе, некалькі штабялёў мяшкоў з зернем, накрытыя брызентам, стаялі на пакгаузным пероне пад адкрытым небам. Адсюль забяспечваліся хлебам бліжэйшыя гарнізоны. Невялічкі паравы млын ледзь спраўляўся з млівам. Праз якія два-тры дні чакалі прысылкі паражняку, каб адгрузіць цэлы маршрут збожжа ў Германію. На пакгаузным двары знаходзіліся сцірты прасаванага сена і саломы.

Склад збажыны і млын ахоўвала пятнаццаць паліцаяў, ды было яшчэ на станцыі чалавек дзесяць з нямецкай дарожнай аховы. Гэта і быў увесь гарнізон станцыі.

Паколькі лішніх будынкаў на станцыі не было, Шмерц астаўся са сваім невялікім штабам у пасажырскім вагоне, у якім ён і прыехаў. Узвод эсэсаўцаў размясціўся ў сваіх вагонах-цяплушках ля самага пакгауза.

І раніца, і дзень прайшлі спакойна. Падпалкоўніку перадалі па палявой рацыі некалькі данясенняў: усё ішло паводле плана, часці займалі населеныя пункты паводле строга вызначанага графіка, адбылося некалькі дробных перастрэлак, відаць, з нязначнымі групамі партызан. Другі батальён, які рабіў глыбокі рэйд у тыле партызан, накіраваў на станцыю значную групу, больш за дзвесце чалавек, «добраахвотнікаў» для адсылкі ў Германію.

Позна ўвечары ад першага батальёна прыйшло спешнае данясенне, што ён урэшце сутыкнуўся з асноўнымі партызанскімі сіламі, якія адступаюць, унікаючы адкрытага бою, і што з хвіліны на хвіліну можна спадзявацца на іх поўнае акружэнне. У гэтай справе батальёну памагае і паліцэйскі атрад, з якім удалося наладзіць цесны кантакт. Пасля дзесятай гадзіны вечара ніякіх данясенняў больш не паступала, і, прачакаўшы гадзіны са дзве і аддаўшы апошнія загады па начных заставах, патрульных пастах, падпалкоўнік пайшоў адпачыць.

Відаць, усё пачалося гадзіны праз дзве, праз тры. Ад’ютант асцярожна, але настойліва трос яго за плячо.

— Што здарылася? — механічна запытаўся пан Шмерц, праціраючы вочы і ўсё яшчэ не ачомаўшыся ад сну.

— Пажар, пан падпалкоўнік!

Падпалкоўнік і сам урэшце бачыць, што пажар. Акно свеціцца расплаўленым золатам, па столі вагона мітусліва скачуць барвовыя блікі. У вагоне пахне прагорклым дымам. Хапатліва нацягваючы мундзір, падпалкоўнік зірнуў у акно. Проста перад ім на адкрытым пероне стаялі ярка асветленыя тры танкеткі. З-за перона цягнуліся густыя клубы жоўта-белага дыму. Чорныя пасмы яго прабіваліся з вокан і дзвярэй драўлянага пакгауза. Ля танкетак завіхаліся салдаты з ламамі, з рыдлёўкамі. Толькі цяпер заўважыў Шмерц, што гараць і танкеткі. Ледзь прыкметнае бледна-сіняватае полымя нібы лізала, расплывалася па шэрай брані, ад кулямётных байніц і да забітых гразёю гусеніц.

— Ды што яны звар’яцелі, ці што? — вызверыўся падпалкоўнік.— Які дурань тушыць бензін снегам... Я расстраляю мярзотнікаў,— і падпалкоўнік кінуўся ў тамбур.

Не паспеў ён ступіць на перон, як даволі моцны ўзрыў прымусіў яго кінуцца ўніз да падмурка. Узарваўся, відаць, бензінавы бак на адной з танкетак, і чырвонае полымя ўзвіхрылася над перонам, апала, а следам за ім заклубіліся густыя чорныя каснікі дыму. Грымелі паасобныя слабыя ўзрывы. Відаць, ірваліся скрынкі з кулямётнымі патронамі.

З-за перона вецер нёс безліч пякучых іскраў, якія сляпілі, не аднаму прапалілі шапкі і мундзіры. Часам вецер выхопліваў з агню шматкі сена ці саломы, і яны ляцелі яркімі факеламі, асвятляючы вагоны, чыгуначныя пуці і яшчэ больш згушчаючы начную цемень навакол. Вецер сарваў вялізны кавалак толю з даху пакгауза. Ён упаў пад вагонам. І адразу агністая лавіна зашугала над галавою ў падпалкоўніка. Ён бачыў, як лізнула яна раз і другі бліскучую светла-сінюю сцяну вагона. Сцяна пачала жоўкнуць, чарнець, фарба трэскалася, адскоквала лускою. Праз вузенькія пазы бляшаных лістоў сям-там закучаравіліся пасмачкі дыму.

Усё гэта адбылося за якія дзве-тры секунды. Але іх хапіла, каб ушчэнт разнесці ўсе планы пана падпалкоўніка, над якімі сядзеў ён некалькі тыдняў. Нейкая недарэчная выпадковасць касавала не толькі яго планы, але і кар’еру. Нехта ж вінаваты, праспаў ці злачынна недагледзеў. Ён яшчэ не хацеў дапусціць наяўнасці якой-небудзь грознай небяспекі. Але ж трэба ратаваць эшалон з-пад агню. Чаму ж не падаюць паравоза, каб адцягнуць вагоны ад пакгауза? І тут жа ўспомніў, што паравоз яшчэ з вечара пайшоў на суседнюю станцыю набіраць вады.

Многа думак пранеслася ў галаве пана Шмерца. Ён кінуўся з-пад вагона далей ад пакгауза. Яму насустрач бег ад’ютант.

— Ратаваць зброю і боепрыпасы! — толькі і мог крыкнуць збянтэжаны Шмерц, выціраючы далоняю ўзмакрэлую лысіну.

— Выгружаюць, пан падпалкоўнік.

— Дзе ж паравоз?

— Паравоз ляжыць пад адхонам. За семафорам разабраны пуць...

— Як разабраны?

У гэты час ад станцыі даляцеў пранозлівы крык. Трое гітлераўцаў, відаць, з чыгуначнай ахоўнай каманды, стрымгалоў беглі да вагонаў:

— Партызаны! Партызаны!

Недзе ззаду, відаць, ад уваходных стрэлак, адтуль, дзе ляжаў паравоз, застракаталі кулямётныя чэргі.

— Назад, пан падпалкоўнік! — пачуў Шмерц голас ад’ютанта, які шукаў паратунку за коламі вагона.

Падпалкоўнік кінуўся бегчы назад, крычучы:

— Агонь, агонь!

Але і без яго каманды пачалі біць кулямёты з вагонаў. Адстрэльваліся з вінтовак, з аўтаматаў. Нясцерпная гарачыня выганяла салдат з вагонаў, яны выскаквалі на пуці, шукалі прытулку, дзе хто мог. Падпалкоўнік яшчэ азірнуўся на свой вагон. У ім загарэліся рамы вокан, смылелі падножкі, дзверы тамбура.

— Божа ж мой, там усе дакументы! — раптам успомніў падпалкоўнік.

З апошніх сіл ён кінуўся да вагона, скочыў на падножку і тут жа важкім мяшком асунуўся, чмякнуўся на снежную макрэдзь, у бруд. Ён адчуў яшчэ пах старой гнілой шпалы, якая злёгку курылася параю, угрэтая агнём ад пажару...

Тут жа з’явіліся партызаны і скоранька пачалі гаспадарыць у вагоне. Яны выкідалі папкі з паперамі, цягнулі невялічкі партатыўны сейф з сакрэтнымі дакументамі. Асцярожна з рук на рукі перадалі штабную рацыю. І калі праз вокны вылецела яшчэ некалькі аўтаматаў і ўрэшце ёмістая планшэтка, камандзір коратка запытаў:

— Што там яшчэ?

— Мэбля, посуд ды ўсякая драбяза...

— Вылазьце!

Камандзір раскрыў трафейную планшэтку. На карце-кіламетроўцы быў размечаны на некалькі дзён наперад план правядзення экспедыцыі. Тут жа былі і папярэднія намёткі плана мабілізацыі «добраахвотнікаў». Але галоўнае, да чаго імкнуліся эсэсаўцы, гэта партызанскі лагер. Месца прыблізнага яго размяшчэння было абведзена на карце тоўстаю чырвонаю рыскаю, у сярэдзіне якой акуратна было напісана: «Бацька Мірон».

Тут жа ставілася задача і па ліквідацыі атрада Дзядзі Косці, пра дыслакацыю якога ў гітлераўцаў не было нават прыблізных вестак. Так і стаяла на карце некалькі чырвоных пытальнікаў з кароткімі прыпіскамі: «Дзядзя Косця».

Як непрыкметна з’явіўся атрад на станцыі, так непрыкметна і пакінуў яе.

 

4

Вялікае сяло, куды трапіла Надзя з транспартам параненых гітлераўцаў, было знаёмае. Адсюль родам Надзіна маці, і разам з ёю Надзя некалькі разоў прыязджала сюды. Праўда, тое было даўно. За доўгі час сяло змяніла свой выгляд. Тут з’явіліся новыя будынкі, клуб, сярэдняя школа, добраўпарадкаваная калгасная сяліба. У самым пачатку вайны адна з вуліц сяла выгарала ад бамбёжкі, і да гэтага часу стаялі асірацелыя, закураныя коміны. Цяпер у сяле была воласць. А дзе воласць, там і невялічкі гарнізон, і камендатура, і зондэр-фюрэр са сваёй камандай.

Параненых размясцілі ў будынку школы, аказалі сякую-такую дапамогу, і раніцай іх меркавалі накіраваць на станцыю, ці, як казалі гітлераўцы, на базу. Надзя пераначавала на возе на школьным двары і мерылася, як развіднее, падацца дахаты, пры магчымасці наведаўшы на сяле і адну з сваіх цётак, якая жыла тут. Надзя наважылася яшчэ з вечара зайсці да яе, але з двара нікога з падводчыкаў не пусцілі. Позна вечарам у сяло ўвалілася сотні паўтары эсэсаўцаў. Яны былі злосныя, раз’юшаныя. Доўга распытвалі бургамістра, крычалі на яго, ганялі ва ўсе бакі паліцаяў. Тыя таксама былі ўстрывожаныя. Відаць, эсэсаўцам недзе добра ўсыпалі партызаны, бо прывезлі яны яшчэ даволі значную групу параненых. А вазы тры былі загружаны толькі забітымі.

Ноч стаяла над сялом трывожная, напружаная. Людзі прыцішэлі па хатах, чакалі, калі пройдзе гэтая эсэсаўская навала. У адным з школьных пакояў усю ноч свяціўся агонь. Эсэсаўцы вялі допыты затрыманых на дарозе і ў лесе. Памочнік падпалкоўніка Шмерца, нізенькі, пажылы маёр з непамерна выцягнутай і лысай галавою, сам рабіў допыты. Людзей па адным, са звязанымі рукамі, уводзілі ў пакой. Сярод іх былі стары і дзве жанчыны, затрыманыя непадалёк ад сяла, трое маладых хлопцаў, якіх злавілі ў лесе са зброяй. Быў яшчэ настаўнік з сяла, арыштаваны мясцовым камендантам, дзяўчына-падлетак, якую падазравалі ў сувязі з партызанскім атрадам. Было і некалькі падводчыкаў, якія скінулі ў лесе з саней забітых і хацелі ўцячы дахаты, але былі перахоплены паліцаямі.

Лысы маёр дапытваў, а думкі, занятыя нечым другім, не давалі яму магчымасці як след разабрацца ва ўсіх акалічнасцях. Гадзін шэсць мінула з таго часу, як ён паспрабаваў звязацца з сваім начальнікам, падпалкоўнікам. Ужо другога коннага жандара паслаў маёр на сувязь са станцыяй. І яны як у ваду прапалі — ні слуху ні духу.

Толькі пад самую раніцу супакоіўся маёр, уласнаручна расстраляўшы за школьнай агароджай дзесяць чалавек затрыманых.

Як развіднела, пачалі выносіць са школы параненых, лажыць іх на сані.

Заўважыўшы групу паліцаяў, якія кіравалі ўсёй пагрузкай, Надзя падалася да іх.

— Панове, што ж гэта робіцца? Трэція суткі як конь у дарозе, дзе ж ён павязе? Ды і конь не мой, што я скажу гаспадару, калі праз такія парадкі жывёліна загіне ў дарозе?

— Не твой, кажаш? — проста каб адчапіцца, сказаў адзін з паліцаяў.

— Сказала, не мой...

— Чаго ж табе турбавацца, дзеўка! — і руды, падслепаваты паліцай, дурнавата ўсміхнуўшыся, памкнуўся ўшчыкнуць яе. Яна так ударыла па руцэ, што паліцай доўга трос яе, каб неяк суцішыць боль. Ён не ведаў, ці ўсур’ёз прыняць такую нечуваную знявагу, ці адрабіцца жартам. А навакол рагаталі, як не лопнулі, астатнія паліцаі.

І тут адзін з паліцаяў, уважліва прыгледзеўшыся да Надзі, нерашуча памкнуўся да яе:

— Ды гэта ж Канапелька, а я і не пазнаў. Надзя... калі не памыляюся... Добры дзень!

Надзя прывіталася. Прад ёй стаяў невысокі хлапец, які нічым не вызначаўся сярод другіх паліцаяў,— у аднолькавай форме, яны былі падобнымі адзін да аднаго. І толькі раздвоеная верхняя губа, ці, як народ гаворыць, заечая, рабіла яго прыкметным. Па гэтай губе і пазнала яго Надзя. Некалі з гэтым хлопцам вучылася разам у пачатковай школе. Надзі давялося сустрэць яго некалькі разоў і пасля школы, але потым дарогі іх разышліся. Яна нават забылася на яго прозвішча і сілілася ўспомніць. І тут успомніла школьную мянушку — Гымзік, Гымза. Празвалі так хлопца за тое, што якое б слова ні пачынаў, усё зварочваў на гы: «Гы... Надзька, гы... гэта ты ведаеш, гы...»

І вітаючыся, ледзь не сказала: «Здароў, Гымза!»

Але стрымалася, сказала толькі: «Здароў, здароў...» — і сама шырока ўсміхнулася. Усміхнулася таму, пра што думала.

Паліцай нахмурыўся.

— Чаго ты, аднак, смяешся? Заганарылася? Вучоная...

— Ды што ты, Сямён...— нават імя прыгадала.— Гэта ж ты толькі падумай, колькі год не бачыліся...

Паліцай і сам усміхнуўся:

— Сапраўды, колькі год прайшло?! А цяпер, бачыш ты...

Гымзік не сказаць каб добра камандаваў словамі. Таму і перайшоў на больш зручнае, на больш знаёмае яму:

— А твой Коля, гы?!

Надзя паціснула плячыма.

— Ну, што ж ты прытвараешся? Гэта Коля твой... І хто б падумаў? Гы... з Дзядзькам Косцем... Адкалоў! Гы... гэта ж колькі клопату аднаго нарабілі нам.

Надзя разгублена глядзела на яго.

— Ды што ты прыкідваешся? Ну, кавалер твой!

— А такі ён кавалер мой, як і ты, Сямён... Давай лепш кіньма гаварыць пра гэта. Ты ды твае таварышы памажыце мне выбавіць каня з абозу.

— Конь твой будзе цэлы. Я ёй пра хлопцаў, а яна пра каня...

Калі раней паліцаі даволі спакойна прыслухоўваліся да гаворкі Сямёна з Надзяю, і то больш з цікавасці — а як ён, няўвішны з языком, будзе гаварыць з дзяўчынаю,— то цяпер слухалі з вялікім цікаўствам. Адзін з іх на вуха запытаўся пра штосьці ў Сямёна. Той адказаў уголас, нават з ноткай дакору:

— Дык я ж і кажу, гы... Ухажорка ягоная...

Паліцай шапнуў другому і хуценька пабег да школы. Праз якую хвіліну адтуль не выйшаў, а выскачыў паліцэйскі афіцэр. Надзя адчула няладнае, хацела падацца да возчыкаў, якія пад паветкай скідалі свежую салому. Але толькі яна зрабіла крок, як два паліцаі заступілі ёй дарогу.

— Пачакай, зараз пагаворым!

Падбегшы, афіцэр запытаўся:

— Каторая?

Двое паліцаяў паказалі на яе.

Ён груба рвануў яе за руку.

— Ну, хутка! — словам, як арапнікам, сцебануў ён дзяўчыну і пагнаў перад сабою, трымаючы напагатове рэвальвер.

Моўчкі разыходзілася група паліцаяў. Адзін з іх прашаптаў:

— Эх ты, зяпала!

— А што там такое?

— Гэткую дзяўчыну пусціць на згубу...

Сямён маўчаў. Урэшце і да яго дайшло, што ён, відаць, перастараўся... Цяжка Сямёну-Гымзіку разабрацца, каб усім дагадзіць — і тым і гэтым.

А ў школе — як у мурашніку. Узварушыліся эсэсаўцы. Маёр паспешліва ўвайшоў у пакой, дзе трымалі арыштаваную. Паглядзеў у твар і, паціраючы рукі, прайшоўся разы са два па пакоі, не спускаючы воч з яе.

Падышоў, стаў насупраць.

— Гэта ты і ёсць?

Не ведала Надзя, што адказаць.

— Я не разумею, пан афіцэр, пра што вы пытаецеся?

— Хто ты? — намагаючыся не паказаць свае ўсхваляванасці, больш спакойна спытаў ён.

— Падводчыца цяпер...— ціха адказала Надзя, гледзячы яму ў вочы.— Сама я настаўніца, вашы салдаты прымусілі мяне паехаць з канём... Вось і дакументы мае.

Маёр узяў дакументы, не спяшаючыся, перагарнуў пашпарт, прагледзеў пасведчанне. Дакументы былі як дакументы — і перарэгістрацыя пройдзена, і ёсць усе патрэбныя штампы, адзнакі, прапіскі.

Немец задумаўся на якую хвіліну, потым рэзка шпурнуў усе дакументы на стол.

— Мяне не цікавіць твой пашпарт. Мяне цікавіць твой муж, разумееш, муж... Ты ёсць жонка памочніка Дзядзі Косці?

— У мяне, пан афіцэр, ніякага мужа няма. Я незамужняя. І ніколі замужам не была.

Паліцэйскі афіцэр штосьці ціха гаварыў маёру. Той падтакваў, раз-поразу ківаў галавою.

— О-о... так, так... Ну, канечне...

Пасля гэтага ён змяніў тактыку да Надзі, і нешта падобнае на ветлівасць з’явілася на яго твары.

— Мы пажартавалі, паненка. Вы гаворыце шчырую праўду, што не былі жонкаю гэтага... памочніка Дзядзі Косці. Але ж вы збіраліся стаць яго жонкаю... Так, так... нявеста... вы не можаце гэтага адмаўляць!

— Дзядзі Косці, пан начальнік, я не ведаю. Праўда, я чула пра яго, але ніколі не бачыла.

— Вы чуеце, што яна гаворыць? Як гэта вам падабаецца? — з пачуццём яўнай перавагі, і не толькі перавагі, але і відавочнай перамогі, праказаў маёр.

І каб канчаткова выкрыць гэтую хітрую хаўрусніцу і, відаць, памочніцу небяспечнага чалавека, маёр запытаўся ціха-ціха, амаль што шэптам:

— А Заслонава вы таксама не ведаеце? — і ў голасе пачуліся нават ноткі іроніі, якая вельмі рэдка з’яўлялася ў яго размовах з арыштаванымі.

— Заслонава ведаю.

— І збіраліся стаць жонкаю яго памочніка Харошава?

— Я думаю, пан афіцэр, што не так ужо гэта цікава і важна ведаць: хто ды кім збіраўся стаць.

— Я раіў бы вам проста адказваць на мае пытанні. Даўно ведаеце Заслонава?

— Даўно, пан афіцэр.

— І думалі стаць жонкаю Харошава?

— Я павінна сказаць...— замяшалася на хвіліну Надзя,— што была з ім знаёма. Але знаёмства не заўсёды можа быць доўгае.

— Хіба вы палічылі, што вас будзе шакіраваць сувязь з такім... падазроным і... небяспечным чалавекам?

— Я не лічу, пан афіцэр, ганебным, каб мець знаёмства з Заслонавым і Харошавым, якія працуюць для вас так старанна і сумленна.

Нібы аса ўджаліла тут маёра. Ён нават рукамі ўзмахнуў, быццам збіраючыся ўзляцець.

— Вы чулі, чулі, панове? Дайсці да такога нахабства! Дык скажаш, урэшце, ты, партызанка, дзе цяпер Канстанцін Заслонаў?

Ледзь чутна прамовіла Надзя:

— Вам, відаць, лепш вядома, дзе ён знаходзіцца... Як мне вядома, ён начальнік дэпо... І я не разумею, чаго вы, урэшце, прыстаеце, выбачайце, да мяне з такімі запытаннямі?

— Дзе Заслонаў, пытаюся я, Заслонаў, Заслонаў?..— крычаў раз’юшаны маёр і моцна ўдарыў яе па твары.

Надзя адступілася назад і ўзмахнула рукамі, каб прыкрыць твар ад удараў. Яна маўчала. Уся яе істота была перапоўнена такой вялікай нянавісцю да гэтага куртатага, што яна ледзь стрымлівала сябе, каб не кінуцца і не ўчапіцца яму ў горла. Але яна ведала, што адзін неасцярожны рух, і яны заб’юць яе. Надзела маску, дык нясі яе да канца. А калі канец гэты будзе няўмольны, калі падыдзеш да апошняй мяжы, за якой пачынаецца небыццё, тады... Мае чалавек права тады паказаць ім, гэтым слімакам, да чаго прыгожая і велічная справа твая і што смерць твая толькі ўславіць гэтую справу, справу народа.

А куртаты, пырскаючы слінаю, усё размахваў рэвальверам і, загадаўшы людзям адысціся ад яе, сіпеў па-змяінаму:

— Дык скажаш, скажаш? Вуду гаварыць да трох... Апошняе маё слова — і смерць табе...

— Вы можаце застрэліць мяне, пан афіцэр, але я не магу, разумееце — не магу сказаць больш таго, што сказала. Не магу, бо нічога не ведаю...

Маёр апусціўся на зэдлік. Ён цяжка дыхаў, стараўся не глядзець у вочы сваім падначаленым. Паліцэйскі афіцэр паслужліва прынёс яму шклянку вады, але маёр грэбліва адхіліў яе.

— Добра...— неазначальна сказаў ён. Запытаў яшчэ ў лейтэнанта, ці адпраўлены параненыя, ці гатовы батальён у дарогу.

— Салдаты пастроены, даўно чакаюць каманды...

— Перадайце загад: калоне рушыць. На станцыю. Вы на чале калоны. Я неўзабаве буду там. Жандары ёсць у нас?

— Пятнаццаць чалавек, пан маёр!

— Яны будуць са мною, ды скажыце, каб далі мне каня. Ідзіце... А вы,— звярнуўся ён да паліцэйскага афіцэра,— звяжыце ёй рукі...

У прыпадку гневу маёр хацеў спачатку павесіць гэтую ўпартую дзяўчыну. Але потым раздумаў. Такім пакараннем ён нічога не дабіўся б. Трэба захапіць яе з сабой. Урэшце, яна будзе сюрпрызам і для самаго начальніка. Вылі некаторыя і іншыя меркаванні.

Дзень стаяў ясны, сонечны. Зусім па-летняму клубіліся рэдкія беласнежныя воблакі. Прыгрэтыя шчодрым сонцам, курыліся параю чорныя праталіны на полі. Уздоўж дарогі з узгоркаў цурчалі мутныя ручайкі.

Надзя ішла моўчкі, задумаўшыся. Яна крыху накульгвала. Калі конь жандара, яе канваіра, рэзка рвануў, нечага спужаўшыся, убок, туга нацягнутая вяроўка кінула яе на зямлю. Яна моцна выцялася каленкам ці аб лядзяш, ці аб камень. Цяпер кожны крок выклікаў востры боль у калене. Калона, хвост якой быў за кіламетр ад іх, уцягвалася ў лес. Залішне адставаць ад калоны маёр баяўся, хаця да станцыі, як ён ведаў, асталося якіх-небудзь кіламетраў з дзесяць.

У лесе пахла ўгрэтай хвояй. Маёр, з твару якога не сыходзіла заклапочанасць, нібы ачнуўся ад свае ўпартасці. Ён злез з каня, каб крыху размяць здранцвелыя ногі. Сонца, пах хвоі настроілі яго на элегічны лад. Ён пацёпаў сябе па худых, зусім не па камплекцыі, танклявых нагах, весела шмаргануў носам, соладка пазяхнуў:

— Хораша, ах як хораша!

Зірнуў мелькам на Надзю, на пачарнелыя пальцы яе звязаных рук.

— Ідзеш, дзяўчына? — запытаўся без дай прычыны і сам адчуў, што запытанне яго зусім недарэчнае. Захацеў паправіцца.— Вось бачыш, як хораша навокал... Хутка будзе вясна, і сонца будзе яшчэ больш, і цеплыні, і шчасця... Ты разумееш, дзяўчына,— шчасця... Ты, відаць, хочаш, каб мы цябе расстралялі? А то пашлём на шыбеніцу, вось на гэтай самай вяроўцы, за якую ты прывязана. А можам і тут павесіць, у гэтым прыгожым лесе.

Сцяўшы зубы, Надзя маўчала. А ён усё гаварыў, нібы хацеў пераканаць яе:

— Была б ты зусім вольная, і рукі не балелі б... Скажы толькі, дзе Заслонаў і Харошаў. Ты, можа, баішся за іх? Баяцца няма чаго. Вось прыйдуць яны да нас, скажуць, што зрабілі вялікую памылку, што больш не будуць выступаць супроць Германіі, супроць закону. І жывіце тады сабе на здароўе, няхай вам будзе шчасце... Кожны чалавек павінен дбаць аб сваім шчасці!

Надзя не сцярпела:

— Са звязанымі рукамі не гавораць пра шчасце...

Лес раптам разышоўся. Дарога ішла па доўгай — з кіламетр — паляне, што ўпіралася да невялічкай рачулкі, чыстай ад лёду, вада якой сінела праз сетку вербалознага вецця.

Маёр сабраўся ўжо быў ускараскацца на каня, якога паслужліва прытрымліваў за аброць адзін з жандараў, як вінтовачныя стрэлы пракаціліся па паляне. Стрэлы былі да таго нечаканыя, што маёр усё яшчэ скакаў на адной назе, сілячыся патрапіць другой у стрэмя. Ён паспеў заўважыць, што яго салдаты з хваста калоны кінуліся ў бок ад дарогі, заляглі няроўным ланцугом на зямлі і, адстрэльваючыся, адпаўзалі ўсё далей і далей. Конь яго ўзвіўся на дыбкі і тут жа грымнуў аб зямлю, ледзь не спешыўшы жандара, які трымаў яго за аброць.

— Лажыцеся, пан маёр! — крыкнуў гэты жандар і ў адзін міг знік з дарогі.

— Стой, стой! — крыкнуў перапужаны насмерць маёр, бачачы, як галопам памчалі яго коннікі цераз паляну, проста да лесу. Увесь элегічны настрой адразу знік. Маёр адчуў, як прыліпла да спіны сарочка, як нібы адабрала ногі і не трапляў зуб на зуб, хаця і не было асаблівага холаду. Яго не цікавіла больш палонная дзяўчына. Яна ляжала побач дарогі, ад якой ён адпаўзаў цяпер, тулячыся да самай зямлі, да мокрай гліны. Ён бачыў, як упалі на зямлю, на чыстыя пні вырубкі некаторыя з яго коннікаў, як у другіх паляцелі потырч падбітыя коні і, адстрэльваючыся на хаду, жандары паспешліва беглі да лесу.

Напружваючы апошнія сілы, ён поўз да ўскрайку паляны, дзе купчастай зялёнай сцяной стаялі маладыя елкі.

Да ельніку асталося ўсяго якіх з дзесятак крокаў. Карыстаючыся тым, што страляніна ад рачулкі крыху прыціхла, маёр прыўзняўся і кінуўся з усяе сілы да бліжэйшай купкі елак. Але толькі паспеў сігануць у зялёны гушчар, як яго, не сказаць каб далікатна, падхапілі пад абедзве рукі. Нізенькі, вяртлявы чалавек ветліва махнуў перад ім прамазучанай кепкай.

— Віншуем з прыездам, ваша благароддзе, патрапілі без спазнення. Дазвольце, калі ласка, вашы рэчы! — і не зусім ужо гасцінна адшпіліў яго кабуру з рэвальверам, выцягнуў з кішэні дакументы.

— А чаго ты, брат ты мой, яшчэ з ім тары-бары разводзіш, з гадам,— пачуўся тут другі голас.— Ты яго адразу па мазгаўні, з яго і дух вылеціць...

— Адставіць, Чмаруцька, адставіць! Ніякай дыпламатыі ў цябе няма... Не бачыш хіба, чын які... У гэтай мазгаўні яшчэ сёе-тое знойдзецца, пра што камандзіру нашаму вельмі цікава будзе ведаць.

І ўжо да маёра:

— Смялей перастаўляйце ножкі, ваша благароддзе! Вось так, вось так... айн, цвай... айн, цвай...— і далікатна падганяў яго ў спіну вінтоўкаю.

Маёр ішоў, механічна перастаўляючы ногі. Усё баяўся, што вось-вось апусціцца на хрыбет цяжкі вінтовачны прыклад.

На невялічкай палянцы маёра далучылі да групы палонных — тут было чалавек з дваццаць эсэсаўцаў, жандараў, паліцаяў — і пагналі далей.

Цямнела, калі маёра ўвялі ў прасторную хату. На камінку весела патрэсквалі смалякі, ярка асвятляючы выбеленыя сцены і столь. За сталом сядзела некалькі чалавек. Яны пілі чай. І толькі адзін з іх перагортваў запісную кніжку, праглядаў розныя паперы, цэлую пачку фатаграфій. Ён дастаў усё гэта з планшэткі, што ляжала тут жа на стале. На ім быў кароткі чорны пінжак. Пабліскваў перакінуты праз плячо жоўты рамень ад маўзера. Чалавек адарваўся ўрэшце ад сваіх папер і, кінуўшы быстры позірк на палоннага, рэзка запытаў:

— Маёр Найц?

— О так, маёр Найц... маёр эсэсаўскіх войск, дазвольце дадаць...— спяшаючыся, адказаў ён.

— Вы — ваенны, а таму раю адказваць коратка і дакладна. Колькі людзей расстралялі вы ўчора?

Не думаў маёр, што з гэтага пытання пачнецца яго допыт. Да такога пытання ён не быў падрыхтаваны. І трэба ж было яму запісваць прозвішчы тых людзей у сваю пастанову... Урэшце, навошта было класці ўсе тыя паперы ў планшэтку?.. Калі назвалі яго прозвішча, нешта падобнае на мімалётную, як светлы сон, надзею мільганула ў думках у маёра: яны часам бяруць і ў палон, значыць — буду жыць... Галоўнае жыць. А кар’ера, служба — усё гэта дробязі цяпер.

— Я чакаю вашага адказу,— пачуў ён настойлівыя словы.

— Было расстраляна дзесяць чалавек, пан начальнік... Але гэта зроблена па абавязку службы, паводле інструкцый.

— Мяне не цікавяць вашы інструкцыі. За што расстраляны?

— Яны былі партызаны...

— Вось тут запісана ў вас: стары, семдзесят шэсць год, затрыманы з возам дроў.

— О, ён ехаў з лесу, ён няйначай як памагаў партызанам...

— Няйначай?

— О, так, пан начальнік.

— А дзяўчынка, трынаццаці год?

— Яна была сувязною, пан начальнік.

— Гэта было даведзена судом?

— Суда не было, але паліцыя абвінавачвала яе.

— І таму вы расстралялі яе сваімі рукамі?

Маёр маўчаў.

— І меншых дзяцей вы расстрэльвалі?

— Што вы, што вы, пан начальнік! У мяне ж у самога дзеці...

Заслонаў кінуў маёру здымак, на якім была сфатаграфавана плошча невялічкага гарадка. На плошчы з канца ў канец ляжалі шарэнгамі трупы забітых, сярод іх і трупы дзяцей. На пярэднім плане сфатаграфаваны быў і маёр. Ён стаяў з некалькімі эсэсаўцамі, і ганарыстая ўсмешка пераможцы ззяла на яго твары.

— О, пан начальнік! — не сказаў, а прашаптаў маёр.— Гэта ж не тут, не тут... Не ў Расіі. Гэта ў Польшчы...

— Хіба польскія дзеці не маюць крыві, ці яны дыхаюць другім паветрам? Аднак гаварыць пра гэта з вамі бескарысна... Кепскія, безнадзейныя справы вашы — і вашы, маёр, і фюрэра вашага,— калі супроць дзяцей, супроць старых вымушаны вы выступаць з аўтаматамі і кулямётамі... Прыбярыце яго! — Заслонаў рэзка махнуў рукою, нібы хацеў выкінуць хутчэй з хаты гэтае асмецце. Маёр кінуўся на калені, пачаў кланяцца і, стукаючыся лбом аб падлогу, заскуголіў, як падбіты сабака:

— Пан высокі начальнік... Пан высокі начальнік...

Ён упіраўся, калі яго падхапілі пад рукі. А калі пацягнулі да дзвярэй, залямантаваў на ўсю хату:

— Адну хвілінку... Адну хвілінку...

— Варушыцеся, аднак, хлопцы. Хутчэй! — нездаволена паморшчыўся Заслонаў. І дзверы пасля прыадчыніў, каб асвяжыць паветра ў хаце, якім толькі што дыхала гэтая эсэсаўская пачвара.

 

5

Доктар атрада, былы вакзальны ўрач, увесь час не адыходзіў ад Надзі, якую прынеслі з лясной дарогі непрытомную. Яе паднялі на паляне ля кучы ламачча, што асталося тут пасля вырубкі лесу. Відаць, жандар, кінуўшыся са страху ў лес, не выпусціў спачатку з рук вяроўкі, за якую вёў звязаную Надзю. Магчыма, гэтая вяроўка была прывязана да сядла. Некалькі хвілін ашалелы конь цягаў яе па зямлі, пакуль вяроўка не абарвалася, зачапіўшыся аб карчэўе. У Надзі была пераломлена рука, вывіхнута плячо, некалькі ссадзін было на галаве, відаць, выцялася аб камяні. У дадатак да ўсяго яна моцна прастудзілася, праляжаўшы колькі часу ў талай вадзе.

Харошаў з Заслонавым некалькі разоў наведваліся да хаты, у якой ляжала Надзя, але дзяўчына не прыходзіла да прытомнасці. Яна неспакойна кідалася ў ложку, намагалася скінуць лубкі, у якія былі ўзяты рука і плячо. І ўвесь час трызніла.

Пакуль ачуняла Надзя, Заслонаў з Харошавым пабачыліся з Міронам. Той з узводам партызан заявіўся да Заслонава. З бацькам Міронам прыйшоў і Дубок, якому не цярпелася хутчэй убачыць Надзю. Карнікі, як высветлілася ў часе гутаркі Заслонава з бацькам Міронам, сустрэлі моцны адпор. Хаця яны і не былі цалкам разгромлены, але панеслі значныя страты, асабліва першы батальён. Частцы другога батальёна разам з рэшткамі паліцэйскага атрада ўдалося ўцячы. Недабітыя эсэсаўцы з першага батальёна паўцякалі на чыгунку, нагнаўшы страху сваімі расказамі на гарнізон.

Заслонаў і Мірон правялі кароткую нараду. Умовіліся: бацька Мірон будзе і надалей трымацца непадалёк ад горада, а Заслонаў са сваім атрадам, зрабіўшы невялічкі рэйд,— каб крыху прачысціць мазгі паліцэйскім гарнізонам,— пяройдзе бліжэй да другой чыгункі, якая з добрую сотню кіламетраў на поўнач ад гарадка ішла таксама на захад.

* * *

Вечарэла, калі ў хату зайшоў Дубок. Быў ён узрушаны. Зняўшы шапку, віртуозна падкінуў яе ўгору, паддаў другой рукой, і шапка як уліпла ў сцяну — павісла на драўляным круку. На губах у Дубка блукала ўсмешка, і ўвесь ён так і ззяў нейкай стрыманай весялосцю.

— Ці не хапіў ты дзе, хлопец, чаркі? — прыжмурыўшыся, спытаў у яго бацька Мірон.

— Што вы, што вы, таварыш камандзір! Я ў хворай прасядзеў.

— Ну што там?

— Далажыў, як вы наганяй нам давалі, ну...— выразна зірнуў тут Дубок на Харошава,— і пра ўсё іншае... Яна прывітанне вам перадавала, і ім... канечне.

Мірон зірнуў на Харошава.

— Сходзім, Мікола, праведаем?

Харошаў моўчкі надзеў шапку.

Надзя прыўзнялася, каб прыладзіцца як лепш сесці.

— Ляжы, ляжы, не варушыся! — весела супакоіў бацька Мірон. І жартаўліва накінуўся на Харошава: — А ты чаго стаіш, паздаровайцеся па-людску.

Харошаў падышоў да ложка, працягнуў руку. Надзя ўзяла яе, затрымала на хвіліну. Шчокі яе загарэліся румянцам.

— А цалавацца хіба я за вас павінен, чэрці вы лазатыя! — І, адхіліўшы Харошава, Мірон асцярожна абняў дзяўчыну, пацалаваў яе.— Ну, рад, Надзечка, рад, што ўсё скончылася добра. А цяпер ачуньвай, папраўляйся.

Ён падміргнуў доктару, які ўвесь час стаяў збоку, узяўся за шапку:

— Хадзем, брат-медыцына! Мне трэба з табой пагаварыць. А яна няхай цяпер справаздачу возьме ад гэтага...— хацеў сказаць «здрадніка», але змоўчаў: каб не вярэдзіць яшчэ свежых ран.

Харошаў сядзеў ля яе, узіраўся ў знаёмыя рысы твару. Асцярожна ўзяў яе руку. Надзя не аднімала рукі і ўсё ўглядалася ў яго вочы. І смутак, і радасць былі ў іх. Было нешта новае, чаго адразу нельга пазнаць. Новае ў манеры трымаць галаву, у самой хадзе — калі хадзіў ён па хаце. Пад вачамі ляглі бледныя сінцы, на лбе з’явілася маршчынка, і яна асабліва вылучалася, калі Мікола хмурыўся ці пачынаў думаць. Маршчынкі паявіліся і каля губ і надавалі залішняй суровасці ўсяму твару. Можа, і не суровасці, а нейкай цвёрдасці, якая раней не так кідалася ў вочы. Але ўсё ж было і ранейшае: і позірк, і зачосы валасоў, і ледзь прыкметная радзімка на падбародку, і цеплыня яго рукі, і само пачуццё яго блізкасці, і гэты голас яго, які пазнала б яна сярод безлічы людскіх галасоў.

Яму хацелася пра многае расказаць ёй.

Але ж заўсёды так бывае: хоча чалавек увесь свет раскрыць у сваім усхваляваным слове, шчаслівым сэрцам абняць гэты свет, зліцца з ім, выказаць усё, чым жыве і чым дыхае, але скупым бывае тады чалавечае слова. Толькі і здолеў Харошаў сказаць:

— Надзя... Надзечка... Зноў сустрэліся мы з табою...

І засмуціўся, калі ўбачыў — куточкі губ яе задрыжалі. Нібы цень які прамільгнуў па яе твары. Так бывае, калі на спакойную, люстраную паверхню возера нечакана дзьмухне вятрыска, і там, дзе толькі што паблісквала безліч сонечных блікаў, усё пацямнее, нахмурыцца. Свінцовая муць прамчыцца па возеры, узагнаўшы шызыя грабеньчыкі хваль.

Дзяўчына плакала. Спачатку яна сілілася перамагчы гэтыя здрадлівыя прыступы слёз, але адчула, што нічога не можа зрабіць супроць іх.

— Коля, родны мой...— парывіста загаварыла Надзя праз слёзы.— Даруй мне, што я... што я тады нядобра падумала пра цябе... І да апошніх дзён ты быў у маіх думках нядобры. Гэта страшна нават падумаць — здраднік... Я хацела забіць цябе, другіх падгаворвала на гэта. Не ведала, якую кару табе падабраць... І я забіла б цябе, каб не бацька Мірон... Ах, божа мой, які ён харошы чалавек... Мне сорамна цяпер глядзець у вочы табе. Як жа я так памылілася, як магла падумаць такое? Коля мой, родненькі мой. Мы з маткаю тваёю гаварылі, яна праклінала цябе. Што з ёй цяпер, я і не ведаю. Больш як месяц не была на сяле, усё праз гэтыя паездкі...

— Не хвалюйся, Надзя...— суцяшаў яе Харошаў.— Што было, тое прайшло і, як бачыш, не вернецца. Матку з Васільком партызаны перавезлі ў бяспечнае месца. Мы з ёй прымірыліся даўно, яна кажа, што цяпер я стаў нават лепшы, як быў. Крыўдуе толькі, што не сказаў ёй раней праўды. Канечне, я мог сказаць — і ёй, і табе — пра ўсё. Ну, даруй жа мне, Надзечка. Даруй мне, маё сонейка, мая радасць...

Ён прыхіліўся да яе, асцярожна абняў, пацалаваў у мокрую яшчэ ад слёз шчаку, у трапяткія вейкі. Ён ласкава перабіраў яе косы, разгладжваў бровы.

Якіх толькі слоў не пачуў ён. І Коля, і Колечка, і Калюнчык, і такое незнарок важнае, афіцыйна-жартаўлівае, як Мікалай Сцяпанавіч, і зусім смешнае, дураслівае, як Мікалашка-біклажка, што асталося ад яго школьнай мянушкі.

Яны сядзелі радасныя, узрушаныя. Пра што толькі не гаварылі, калі было ўжо сказана самае галоўнае, самае важнае. Перабіралі мінулае, успаміналі што-небудзь смешнае з толькі што перажытага.

Зусім сцямнела, калі зайшоў Мірон.

— Ну што, нагаварыліся? — сур’ёзна спытаў ён і пачаў распранацца.

— Я думаю вось што, паважаныя Мікола Сцяпанавіч і Надзежда Астапаўна! — сказаў ён, надаючы свайму голасу падкрэслена ўрачысты тон.— Жывём мы крыху не па-людску: старым радасці мала, маладым весялосці яшчэ менш. І вось надумаліся — я, Заслонаў, Чычын, Блешчык ды яшчэ гэты «брат ты мой» Чмаруцька,— ды вось яны і ў хату заходзяць...

Сапраўды, яны ўсе зайшлі ў хату, з імі не ўвайшоў, а ўкаціўся і Дубок.

— Ну вось, Дубок, таксама падтрымлівае наш праект... адным словам, надумаліся мы ажаніць вас!

— Мірон Іванавіч, ды кіньце вы жартаваць...— узмалілася Надзя, пачырванеўшы па самыя вушы.

— А якія там да ліха жарты! — гаварыў бацька Мірон, запальваючы лямпу.— Вочы, як зоры, ад шчасця свецяцца, а яна — жарты... Вось зойдзе зараз старшыня сельсавета — найлепшы чалавек,— і аформім. У яго і кніжка загсаўская асталася, навошта ж ёй пуставаць...

— Дзядзечка, ды што на вас напала, тут жа чужыя людзі.

— Чужых няма. Тут усе свае. Вось і Чмаруцька скажа.

— Свае то свае...— азваўся Чмаруцька.— Але пра нявесту ў мяне думка ёсць: няхай трошачкі пачакае. З хвораю рукою яна ж не ўправіцца з мужам, калі, скажам, захоча паўшчуваць яго за якую-небудзь, даруйце мне, таварыш камандзір, правінку.

— Правільна кажа дзядзька Чмаруцька. Няхай перш як след паправіцца Надзя,— дадаў і Харошаў.

— Ну, добра,— згадзіўся Мірон.— З вяселлем, так і быць, пачакаем, але з вячэраю чакаць не будзем.

Чмаруцька і Дубок завінуліся ля стала. З’явілася гаспадыня хаты, увішная, ветлівая жанчына. Муж яе быў на фронце, і яна рада была дагадзіць, чым магла, партызанам. Хутка ў печы весела патрэсквалі дровы, а неўзабаве на прыпечку прыемна папыхваў параю чыгун з бульбай, а яшчэ праз якую хвіліну на тым жа прыпечку так засквірчэла, што ў беднага Чмаруцькі, які ставіў на стол трафейныя здабыткі, так заныла пад лыжачкай, што ён аж праглынуў сліну, не вытрымаў і заглянуў у печ:

— Вот гэта яечня дык яечня, дай ты ёй рады!

— Бра-ат ты мой...— паддражніў яго Дубок.

— А ты не смейся! Да такой яечні я гатоў і прыклад добры даць.

Чмаруцька збегаў у сені і хутка заявіўся адтуль аж з трыма бутэлькамі.

— А ці быў загад на гэта, Саўка Лявонавіч? — паўжартаўліва спытаў яго Заслонаў.

— Загад загадам, Канстанцін Сяргеевіч, але, як я разумею дысцыпліну, павінен і я, як работнік гаспадарчай часткі, пэўную ініцыятыву праявіць. Тут вось бутэлечка шампанскага — гэта ўжо для жанчын — і каньячок, найлепшы, французскі, дай божа ім здароўя, гэтым французам, абакралі іх фашысты. Добры каньяк, сам бы піў, ды шкада: без людзей не разбярэш, што за смак. З самага агню дастаў. Канстанцін Сяргеевіч у нас строгі, каб гэта браць там што, акрамя зброі. Але дзе ж такому дабру прападаць... Ну, дык за стол, калі ласка, ды шчыльней. А Астапаўне ўжо гаспадыня паслужыць...

Хутка за сталом пачалася дружная, вясёлая вячэра. У хату зайшло яшчэ некалькі чалавек: урач, былы старшыня сельсавета, цяпер камандзір адной з рот атрада. Зайшло некалькі старых. Усім знайшлося месца за сталом. Вячэра неўзаметку перайшла ў бяседу. А хто маладзейшы, той зацягнуў і песню. Выявілася тут новая прафесія Дубка. Хлопцы з атрада прынеслі навюсенькі трафейны акардэон, каб паказаць камандзіру. Дубок узяў яго ў рукі, махнуў галавой, каб адкінуць назад валасы, зайграў ціха-ціха. Знаёмая мелодыя адразу паланіла ўсіх. І неяк непрыкметна ўсе падхапілі знаёмыя словы песні. Быў тут і непазбыўны сум па любімай радзіме, якая гарыць «уся ў агні», і гатоўнасць аддаць усё, аж да апошняй кроплі крыві, каб стала яна вольная і шчаслівая.

 

Трансвааль, Трансвааль...

 

Можа, для некаторых і слова гэтае было незнаёмае, і не кожны ведаў, дзе быў той Трансвааль, і калі, у якія гады, адбываліся падзеі, пра якія гаварыла песня, але да кожнага даходзіла чалавечая туга яе задумлівых слоў.

Колькі хвілін маўчалі ўсе пасля таго, як заціхлі гукі музыкі. Потым спелі «Конніцу Будзённага». І нібы ва ўсіх адразу памаладзелі душы. І ўсё, што вісела цяжкім каменем на душы, усё гэта на час адпала, адышло далёка-далёка.

— Ну што ж, падвесялілі душы, час падвесяліць і ногі! — сказаў Мірон, узрушаны, расчырванелы.

Дробным пераборам рассыпаліся галасы гармоніка. І ў такт ім зачасціў падкутымі ботамі Чмаруцька, аж усхадзіліся маснічыны, замільгаў агеньчык лямпы. Віхрам імчаў Чмаруцька. Мільгалі, паблісквалі падкоўкі ботаў, ногі рабілі такія выверты, што гаспадыня хаты аж прыжмурыла вочы, баючыся, каб не рассыпаўся, крый божа, на дробныя мэтлухі гэты непаседлівы чалавек. А той пусціў у ход і рукі і лоўка адбіваў імі такт і па каленках, і па халявах ботаў, спрытна цаляў і па лысіне, і так закружыўся, што, здавалася, яшчэ хвіліна — і адарвецца Чмаруцька ад падлогі, вінтом узаўецца пад самую столь, чаго добрага праб’е яе з разгону і выскачыць з хаты.

 

Барыня, барыня... сударыня, барыня...

 

Не сцерпеў тут і Дзядзя Косця, які сядзеў як на іголках, гатовы вось-вось сарвацца з лавы. Ён скінуў пінжак і, махнуўшы галавою, плаўна пайшоў напярэймы Чмаруцьку.

— Трымайся, Саўка Лявонавіч, наступаю!

Трымаўся Чмаруцька. Ужо цурчаў з яго лысіны пот, не згіналіся ўжо і каленкі, а не паддаваўся.

— Не такая парода наша чмаруцькаўская, каб ім, маладым, дарогу саступіць. Знай нашых!

Але як ні хваліўся Чмаруцька, усё ж выйшаў з круга і, выціраючы рукавом учырванелы твар і ўспацелую лысіну, цяжка апусціўся на лаву побач з Міронам.

— А ты ж, Мірон Іванавіч, чаго глядзіш? Паказаў бы ім, як некалі мы танцавалі. Зямля дрыжала, не то што... Ды што ж, Мірон Іванавіч, падтрымай нас, старых!

— Дарэмна ты, Саўка Лявонавіч, у старыя мяне залічваеш. Мы, брат, маладыя яшчэ з табой. І ў маіх нагах яшчэ свярбун не прайшоў. Дай-тка нам, Дубок, чаго-небудзь лявоністага.

Устаў Мірон, распрастаў плечы, падышоў да гаспадыні хаты. Ды не проста, а з рознымі цырымоніямі: запрашаючы, развёў рукі, аж да самай зямлі пакланіўся нізка. Падвязала гаспадыня хустку ямчэй, прайшлася далонямі па кофце, па спадніцы, падцягнула матузы фартуха. Усё гэта ў адзін міг. А тады руку пад паху, другую далоню на шчаку і пайшла, і пайшла і прысядаючы, і гарманісту падпяваючы, і чаравічкамі паляскваючы. А следам за ёй, наступаючы на яе, прыстукваючы кірзавымі ботамі — па пуду кожны,— ішоў бацька Мірон. І ўсё было ў руху: і кожнае плячо, і падбародак, і доўгія разлапістыя рукі, якія то адбівалі такт, то асцярожна абнімалі гаспадыню, калі трэба было заліхвацкі імчацца па крузе, не адставаць ад імклівага тэмпу «Лявоніхі».

Дрыжалі ад скокаў, ад рогату сцены, падлога. Ад душы смяялася Надзя, шчыра шкадуючы, што хвароба не дазваляе ёй прыняць удзел у агульнай весялосці.

Урэшце здаўся і Мірон. Аддыхаўшыся, зірнуў на гадзіннік.

— Пара, пачэсная кампанія, і разыходзіцца...

Людзі развіталіся, разышліся. І доўга не магла заснуць Надзя пад уражаннем і такой дарагой сустрэчы, і гэтага вясёлага святочнага вечара, якія не так ужо часта трапляюцца ў партызанскім жыцці.

І чамусьці ўспомнілася даўняе-даўняе. Яны абодва вучыліся тады ў пачатковай школе, яна ў трэцім класе, ён у чацвёртым ці пятым. Летам пасвілі, як і іхнія аднагодкі, гусей, ганялі на загуменне цялят, бегалі на балота шукаць качыныя гнёзды, збіралі ў лесе ягады, хадзілі па грыбы. Колькі было радасці, вясёлых гульняў, розных прыгод. Аднаго разу ваўка напаткалі, ды так і не даўмеліся, хто больш напужаўся: ці воўк, ці яны. Беглі без памяці аж да самых гумнаў і толькі тут аддыхаліся і ад страху, і ад беганіны. Былі і другія прыгоды. Збіралі раз суніцы. Коля знайшоў такую мясцінку, што хоць ты зграбай ягады, аж уся паляна была чырвоная.

— Збірай, збірай, гэта я табе знайшоў.

І нават дапамог збіраць ёй, ды яшчэ адсыпаў ёй сваіх ягад з добрага паўстакана.

— Гэта табе, Надзька, у цябе ж меней, чым у мяне...

А другія хлапчукі ці то ўбачылі, ці падслухалі гэта і пачалі на ўвесь лес:

— Кавалер, кавалер!!!

І што тут нарабілася!

Коля кінуўся за хлапчукамі, аднаго пабіў, за другім гнаўся да самай вёскі. А тыя беглі ды ўсё крычалі:

— Кавалер, кавалер!

Надзя і другія дзяўчаткі ішлі следам ды падражнівалі хлапчукоў:

— Дурныя, дурныя!

Сапраўды дурныя, чаму яны б’юцца заўсёды?

І тут Коля падступіў да Надзі.

— Аддавай мае ягады!

— Так табе і аддам, а як жа...

Раз’юшаны Коля схапіў яе за касу і пачаў так штурхаць, што парвалася істужка ў косах і ягады паляцелі, рассыпаліся па дарозе.

— Вось табе, вось табе!

Надзя ў плач. Дзяўчаткі спачатку разгубіліся, а потым наляцелі на яго, як ластаўкі на каршука, баронячы Надзю. А тут і цётка Аксіння. Ішла на поле, на самую бойку натрапіла.

— Эге, мой хлопец, што ж гэта ты Надзю крыўдзіш?

— А няхай не дражняць...

— Хто ж цябе дражніць?

— Гэта яго, цётачка, хлапчукі кавалерам дражняць...— наперабой даводзілі дзяўчаткі.

— А пры чым жа тут Надзя, чаму ты біў яе?

— А няхай не думае, што я кавалер яе... Праз яе мяне і дражнілі...

У самую пору рассмяяцца цётцы Аксінні над такім апраўданнем Колі. Але яна сур’ёзна ўшчувала яго, аж вушы ў Колі гарэлі ад сораму.

— Глядзі ж, каб гэтага ніколі болей я не пачула... А ты,— звярнулася да Надзі,— не плач. Пойдзем заўтра з табой, па поўнаму кошыку набяром... А на яго не крыўдуй, гэта ён па дурасці. Вось ён і прабачэння ў цябе папросіць...

Коля на гэта нічога не адказаў. Толькі наяршыўся, надзьмуўся. Дужа яму патрэбна тое прабачэнне. Не ўніжацца ж урэшце яму перад дзеўчанём, ды яшчэ пры ўсіх. Даведаюцца хлопцы — зусім засмяюць...

Некаторы час не наладжвалася парушаная дружба. Але дзіцячыя крыўды не даўгавечныя, і хутка ўсе, ды і яны абодва, забыліся на гэтую прыгоду.

Было яшчэ адно здарэнне, калі вучыліся яны ў старэйшых класах. Неяк вясной вярталіся цэлай групай са школы. Трэба было перабрацца па кладцы цераз рэчку. Раніцай яна была ціхая, спакойная, а за некалькі гадзін вада так паднялася, што не пазнаць было малой рачулкі. Шалёны струмень імчаў з грозным шумам між альховых кустоў і дрэў, ускідваючы над кладкай шматкі белай пены, відма-відма выходзячы сям-там з берагоў. Таго і глядзі — знясе кладку, тоўстае, сукаватае бервяно. Тонкая парэнчына над ім аж трымцела ад моцнага напору вады. Пачалі асцярожна перабірацца па кладцы. Апошняй ішла Надзя. Ці яна паслізнулася на заліваемай вадой кладцы, ці закружылася ў яе галава ад імклівай вадзяной плыні, як нечакана апынулася ў вадзе і была падхоплена пеністым струменем. Усе ахнулі, разгубіліся. Сёй-той адчайна закрычаў: ратуйце! Ніхто і не заўважыў спачатку, як у імгненне вока Коля скінуў паліто і стрымгалоў кінуўся ўздоўж берага. Секунда, другая, і ён ужо ў рацэ, хапае за руку Надзю, і іх абаіх вада прыбівае да берага, там, дзе рэчка робіць круты паварот. Усе пабеглі туды, дапамаглі выбрацца на сухое. Хутка дабеглі да вёскі. Хата Аксінні бадай што самая бліжэйшая. У ёй і абагрэлі Надзю, пераапранулі ў сушэйшае. Спецыяльна прыходзіла Надзіна маці і так дзякавала Колю, што таму было проста няёмка, і ён нібы апраўдваўся:

— Ды што там такога... І зусім жа не страшна, ды і рэчка наша не такая ўжо глыбокая...

Тады ніхто не стаў дражніць Колю. Праўда, меншыя каторыя падшывальцы гаварылі шэптам услед Колю:

— Надзін жаніх пайшоў...

Гэта не было дражнёлкай. Такое гаварылася з адценнем павагі.

Ну які там жаніх! Гэта ж проста смешна... З таго часу, аднак, дружба Надзі і Колі ўступіла ў новую паласу. Дзіцячая дружба перарастала ў юнацкую.

 

6

Стаяла цёмная майская ноч. Неба было ўкрыта хмарамі, з-за якіх прадзіраўся часам маладзічок. Ужо каторы раз штурман браўся за карту, вывяраў па ёй скупыя арыенціры, якія можна было заўважыць на зямлі. То праблісне мутным люстрам лясное возера, то запятляе злёгку прыкрытая туманам рачулка, то пад месячным святлом, якое праб’ецца зрэдку з-пад хмар, бліснуць недзе далёка-далёка сталёвыя ніткі рэек. Штурман урэшце падаў каманду лётчыку, і самалёт пайшоў уніз.

Ёкнула сэрца ў старэйшага пасажыра, што сядзеў у кабінцы. Пасажыраў усяго было два. Аднаму было год пад сорак, звалі яго Карнеем Сцяпанавічам Пасцябунчыкам. Другі быў зусім малады хлопец, гадоў васемнаццаці. Па прозвішчу яго — а быў ён Івановым — ніхто звычайна не клікаў, а звалі яго проста Сашкам. І вось калі самалёт пайшоў уніз, Сашка і не страпянуўся: скакаць дык скакаць. Не то што ён быў які-небудзь заўзяты рэкардсмен па парашутах, але ж пятнаццаць ці дваццаць разоў скакаў з самалёта, калі яшчэ быў у парашутным гуртку старэйшых класаў школы. Адным словам, ветэран, абжыўся ў паветры. Пасцябунчык быў навічком у гэтай справе. Нельга ж за сур’ёз лічыць тых двух трэніровачных скачкоў, якія давялося яму зрабіць, калі быў на спецыяльных курсах пры Цэнтральным партызанскім штабе. Не сказаць каб соладка даліся яму тыя скачкі. Але нічым не выдаў сябе. І хоць счарнеў быў увесь і тварам падаўся, як прызямліўся, але ж самым бадзёрым голасам заявіў начальству, што ён гатовы хоць зноў на неба, хоць на сем ці там на дзесяць тысяч метраў... Трымаўся чалавек. Усё перамагала адно палкае жаданне — быць там, дзе ваююць. У армію не бралі, бракавалі па вачах: насіў акуляры з таўшчэзным шклом. Ну, а тут можна, тым больш у шыфравальшчыкі пры рацыі. Справы той усяго — папера ды аловак. І сам да гэтага быў канцылярскім служачым, працаваў у абкоме, у бухгалтэрыі. Але ж гэтыя парашуты! І чорт іх выдумаў на яго галаву. Вось чаму ёкнула сэрца ў Пасцябунчыка, калі самалёт пайшоў на зніжэнне. Ён ведаў, што зараз паявіцца штурман і ветліва прымусіць іх падацца ў паветра.

І сапраўды, з лётніцкай кабінкі паказаўся штурман. Ён падвёў пасажыраў да зачыненых яшчэ дзвярэй, уважліва агледзеў мацаванні выцяжных парашутных шнуроў. І калі самалёт адчувальна зыбануўся ўлева, управа, штурман адчыніў дзверы, злёгку ўсміхнуўся пасажырам, весела сказаў:

— Ні пуху вам ні пяра!

Сашка сігануў першы. Зажмурыўшы вочы і памянуўшы ў думках мамку і татку, Пасцябунчык мяшком кульнуўся ўніз.

Ну, а далей усё пайшло, як па раскладу. У вушах засвістала, аж дух заняло. Не паспеў і разабрацца, дзе неба, дзе зямля, як моцна тарганула, выпрастала. І тут заўважыў Пасцябунчык, як яго парашут нібы слізгануўся аж з-пад самага месячыка. Слізгануўся, а потым прыкрыў яго. Пасцябунчык прыпомніў тут усе няхітрыя інструкцыі і пачаў уважліва прыглядацца да зямлі, якая імкліва ляцела яму насустрач. Метраў за сотню ўнізе заўважыў ён чорныя палосы, што выцягнуліся двума роўнымі шнурамі. Паміж імі злёгку бялелася няйначай дарога. Яшчэ колькі секунд і, зачапіўшыся парашутам за сук высачэзнай бярозы, Пасцябунчык закалыхаўся на стропах. А да зямлі ўсяго якіх метра паўтара. Ды дай жа рады! І раскалыхваўся парашутыст, і ўсякімі спосабамі торгаў за стропы, але хоць ты плач.

— Закукуеш тут на бярозе, як зязюля...

Падаспеў Сашка. Падскочыў, учапіўся за ногі, пацягнуў. Сук абламаўся, і Пасцябунчык мяшком сеў на пясок, на самую дарогу. Сцягнулі і парашут з дрэва.

Пакуль хавалі пры скупым месячным святле парашуты ў кустах, зусім пацямнела. Хмары засланілі ўсё неба, пачаў церушыць дробны дождж. Аблажыла, відаць, надоўга. Была ў парашутыстаў і карта. Паспрабавалі ў кустах пры ліхтарыку разабрацца ў ёй, ды дзе там. Хоць і ведалі раён — ім жа штурман сказаў,— але ніякіх арыенціраў, акрамя гэтага бальшака з бярозамі, паблізу не было. Хоць бы хляўчук які ці гуменца, ці што іншае людское — анічагуткі, цемра цемраю. А ці мала такіх бальшакоў у раёне!

Пастаялі з хвіліну і пайшлі проста па шляху, трымаючыся бліжэй да кустоў, што цягнуліся злева ад дарогі.

Ішлі ўнурыўшыся, цяжка перастаўляючы змоклыя боты. Недзе далёка ўперадзе палахліва мільгануў агеньчык. Мільгануў і знік. Потым выразна пачулася, як заспяваў певень, да яго далучыўся другі і трэці.

«Відаць, вёска альбо сяло...» — падумалі абодва і заспяшаліся. Для перасцярогі сышлі з дарогі і пачалі прабірацца кустамі.

Ужо з кустоў яны заўважылі першыя невыразныя будыніны, але тут Пасцябунчык паляцеў потырч цераз нейкую ламачыну. Ад бліжэйшай будыніны пачуўся гучны вокліч па-нямецку: «Стой, хто ідзе?» Абодва падарожнікі ўліплі ў зямлю. Аўтаматная чарга разанула паветра, змоўкла. Настала такая цішыня, што Пасцябунчык чуў, здавалася, як тукае сэрца яго напарніка. Яны паляжалі хвілін з пятнаццаць, бачылі, як мільгануўся яшчэ агеньчык ля крайняй будыніны — мабыць, вартавы, заспакоены цішынёй і засмуткаваўшы па няхуткай змене, наважыўся крадком запаліць цыгарэтку. Дзе паўзком на жываце, дзе на карачках яны падаліся глыбей у кусты і, калі знікла з вока вёска, сталі на ногі і скоранька рушылі на ўсход, які пачаў ужо шарэць. Яны прайшлі кіламетраў якіх пяць-сем, як на ўскрайку балота ўбачылі невялічкую будыніну, няйначай пуньку, у якой складаюць сена. Не пераставаў церушыць дождж, і стомленыя падарожнікі наважыліся перачакаць яго ў гэтай пуньцы, заадно і адпачыць крыху, а калі будзе якая магчымасць, то і абагрэцца. Ды не шкодзіла падумаць і пра сняданак, як-ніяк дарога добра далася ў знакі.

Падарожнікі прымасціліся ў кутку, дзе ляжаў цэлы ахапак зляжалай саломы. Вочы зліпаліся ад зморы, і хутка, як ні сіліліся яны перамагчы дрымоту, абодва заснулі як забітыя. Відаць, праспалі доўга, бо, калі прахапіліся, над страхой стаяла ўжо сонца, і ашмоцці саломы на страсе злёгку курыліся параю. Магчыма, падарожнікі праспалі б і болей, каб не частыя стрэлы з вінтовак. Прынікшы да шчыліны між бярвенняў, яны агледзелі поле, якое цягнулася аж да вёскі, ля якой яны, відаць, блукалі ноччу. У супрацьлеглым баку зелянелі хмызнякі, сярод якіх сям-там паблісквала вада. Няйначай там працякала рэчка, за рэчкаю пачынаўся бор.

Але не хмызнякі, не поле і не рэчка цікавілі цяпер падарожнікаў. Яны заўважылі на палявой дарозе невялічкую купку немцаў. Залёгшы за кучай камення, яны зрэдку пастрэльвалі ў бок рэчкі. У адказ адтуль чуліся таксама стрэлы. Немцы былі значна бліжэй да рэчкі, чым пунька. Зірнуў Пасцябунчык пад хмызнякі і ўкрыўся потам. Шэптам паклікаў Сашку. Паміж кустоў алешніку, прыгінаючыся на адкрытых мясцінах, цугам прабіралася да рэчкі чалавек пятнаццаць гітлераўцаў. Відаць, тыя, што стралялі з поля, адцягвалі на сябе ўвагу партызан, а гэтыя намагаліся перабрацца за рэчку, каб ударыць партызанам з тылу. Былі немцы ўсяго якіх метраў за пяцьдзесят ад пунькі.

Сітуацыя не сказаць каб прыемная для парашутыстаў, і ў іх не было ніякай ахвоты затрымлівацца і далей у сваім вымушаным прытулку. Адзін за адным яны выслізнулі з пунькі і, прыціскаючыся бліжэй да алешніку, хаваючыся між лазнякоў і нізкіх парэчкавых кустоў, папаўзлі таксама да рэчкі.

Вось бліснула ўжо і вада. Нешырокая балотная рэчка, заросшы лапушыннем, густым чаротам, адкрылася перад імі. Было да яе ўсяго якіх метраў за дзесяць, і Пасцябунчык і не заўважыў, як праскочыў гэтыя некалькі крокаў і боўтнуўся, як камень, у ваду. Страляніна ўзгарэлася з новай сілай. Але стралялі цяпер ужо больш з высокага берага, проста над галавою грымелі стрэлы. Падарожнікі і голас пачулі адтуль, з кручы:

— Не вытыркайцеся, не вытыркайцеся пакуль што з вады, трымайцеся берага.

Хто не ўзрадуецца такой камандзе ў падобнай сітуацыі ды яшчэ на роднай мове?

Немцы пастралялі яшчэ крыху, ды так і адышлі ні з чым. Неўзабаве два падарожнікі, мокрыя дашчэнту, стомленыя, сядзелі і абаграваліся ля невялічкага цяпельца ў партызанскай заставе. Партызаны даставілі небагатыя іх пажыткі і груз, схаваныя ў кустах ля дарогі.

Пад вечар парашутыстаў даставілі ў штаб партызанскага атрада.

 

7

Невялікая каламажка пыліла па дарозе. Коні ляніва перабіралі нагамі, спрытна абмахваючыся хвастамі ад аваднёў і сляпнёў. Было апоўдні. Сонца прысмальвала так, што курчыўся малады ліст на алешніку, а дзе на ўзгорках аж пажоўкла трава. Пыл ад каламажкі ды ад дзесятка верхавых узнімаўся слупамі над дарогаю. Коні фыркалі ад пылу, коннікі раз-поразу знімалі шапкі, каб крыху прасушыць успацелыя лбы і чубы. Толькі дзед Пранук не зважаў на спякоту і сядзеў на козлах у сваёй кучомцы. Зручна прымасціўшыся на кажушку і седзячы бокам, каб не ўпускаць з вока коней, ён вёў «сур’ёзную гаворку» з Саколічам.

— Так што выходзіць, таварыш сакратар, у нас цяпер ва ўсіх раёнах Савецкая ўлада?

— Так і ёсць, дзед Пранук.

— Значыць, і немцу ў нашых раёнах канцы? Выходзіць, што хоць ён і заняў нас, а мы на яго, можна сказаць, плюём, ніякай увагі не звяртаем?

— Чаму ж? Увагу звяртаем вялікую, а пастараемся яшчэ і больш звяртаць.

— Гэта я хацеў сказаць пра павагу: не шануем немца, не баімся яго. Усё роўна, як у васемнаццатым ды ў дваццатым было ў Рудабелцы ў нас. І немец тады дапякаў, і белы паляк на нас ішоў, гад гадам. А ў Рудабелцы не скарыліся, нават сваю рэспубліку абвясцілі, так і адстаялі Савецкую ўладу, усю вайну трымаліся.

— Рудабелка малая, дзед. Мы, здаецца, трохі большыя. Амаль што цэлая вобласць, дзед Пранук. Ды і па другіх абласцях тое ж робіцца, што і ў нас.

— Вядома...— сказаў з роздумам дзед.— Вось я прыпамінаю...

Але тут уехалі ў вёску, і дзед вымушаны быў спыніць гаворку, бо трэба ж было глядзець за коньмі.

І толькі яны праехалі хаты з тры, як заўважылі на другім канцы нейкі рух. Там стаяла грамада людзей, некалькі чалавек мітусілася ля воза пад ліпаю. Чуваць было, нібы хто лаяўся ці ўпрошваў каго. І нехта плакаў. Можна было разабраць, што плача жанчына.

— Што там робіцца? — спытаўся Саколіч у хлапчука, які бег адтуль.

— А гэта, дзядзечка, свістуны адзежу адбіраюць, а ў цёткі Мар’і і карову цягнуць, таксама за адзежу.

— Паганяй, дзед! — крыкнуў Саколіч.

Людзі расступіліся, даючы ім дарогу. Двое дужых хлапцоў цягнулі за вяроўку карову, трэці падганяў яе хлабысцінай. Хлопцы намагаліся падвесці карову да воза, каб прывязаць яе. Ля іх бегала, мітусілася нізенькая, хударлявая жанчына са збітай набок хусткай, з ускудлачанымі валасамі. Яна то крычала на карову, каб пагнаць яе назад, то слёзна галасіла, упрошвала:

— А родненькія, а навошта ж апошнюю браць! Ну ўзялі паліто, ну і бог з ім, навошта ж мяне жыцця рашаць, у мяне ж вунь дзяцей куча, куды ж мне падзецца з імі, з галубятамі!

Хлопцы злосна адмахваліся ад яе:

— Адчапіся, баба, а то горш будзе!

Убачыўшы новых людзей, яны крыху сумеліся, але, пазнаўшы ў іх партызан, зноў узяліся за сваю работу. Адзін кінуўся да воза, каб прыкрыць яго падраным брызентам. На возе ляжалі авечкі, дзесяткі тры курэй, ды кідалася ў мяшку і вішчала на ўсю вуліцу парасё.

Грозны, як хмара, сышоў з каламажкі Саколіч.

— Што вы тут робіце?

— А хіба не бачыш? — дзёрзка адказаў адзін з хлопцаў і рашуча павярнуўся, каб узяцца за сваё.

— Вы хто? — адной рукой хапіўшыся за пісталет, другой затрымаўшы хлопца за рукаў, запытаў Саколіч.

— Ну хто... Свістуны мы.

— А гэта што? — паказаў рукою на воз, на карову.

— На атрад забіраем.

— Хто вам дазволіў, сабачыя вы сыны, апошнюю карову браць у жанчыны? У яе ж двое сыноў у арміі.

— За тое, што супраціўляецца. Загадалі ёй паліто аддаць, дык не хоча, упіраецца.

— Хто вас упаўнаважыў на гэта? Самаўпраўства! Марадзёрства!

Хлопцы збянтэжыліся. А калі коннікі Саколіча адабралі ў іх вінтоўкі і гранаты, яны і зусім разгубіліся.

— Расстраляць басоту! — і Саколіч рукою махнуў.— Вядзіце за гумны!..

Адзін, што раней трымаў сябе вельмі дзёрзка, памкнуўся быў уцякаць. Але яго тут жа схапілі за каўнер, прывялі да воза.

Людзі, што стаялі да гэтага моўчкі, раптам загаварылі, зашумелі. Жанчына, якая пагнала была ўжо да варот карову, прыслухалася, прыпынілася і, забожкаўшы, падбегла да Саколіча.

— Родненькі, ды няўжо страляць!

— А вы, відаць, хочаце, каб яны кожнага дня вось так над вамі вытваралі? Ці не шкадуеце ўжо часам іх?

— Хто іх шкадуе, чарцей! Але ж, Васіль Іванавіч, ці варта так ужо люта караць... Іх вунь змусціў той руды д’ябал на паліто, не сваім жа надумам яны прыехалі па яго... Ну, а курэй... Ліха іх бяры, курэй... Не рашаць жа чалавека жыцця з-за іх...

І ўжо не адна жанчына, а колькі было пажылых і старых людзей акружылі Саколіча.

— І папраўдзе, Васіль Іванавіч, можа б ты змякчыў ім кару, дурням гэтым...

Саколіч выслухаў усіх. І калі сціх крыху гоман, сказаў:

— Няхай будзе па-вашаму: караць смерцю мы іх не будзем. А за злачынствы перад партызанскай дысцыплінай мы будзем судзіць іх сваім партызанскім судом. А вы,— звярнуўся ён да падсудных,— кланяйцеся народу ды дзякуйце, што выбавілі вас ад смерці...

Вінаватых не трэба было доўга прасіць. У адзін голас яны загулі:

— Век будзем памятаць ласку вашу... І каб ногі нашы адсохлі, калі мы зноў надумаліся б на такую справу.

— А ты ног, хлопец, не вінаваць, на галаву больш спасылайся! — іранічна заўважыў дзед Пранук.

 

8

Гэта быў дзень, цяжкі для Саколіча. Перад самым пасяджэннем абкома, калі ў зямлянку сабраліся выкліканыя камандзіры і камісары атрада, з’явіўся і Свістун. І выглядам сваім, і вопраткай ён рэзка вылучаўся сярод партызан. Адпушчаная і добра дагледжаная барада гарэла яркім полымем. За гэтую бараду ды за некаторыя ўчынкі яго сяляне празвалі рудым д’яблам. Дыхтоўныя сінія штаны гарэлі малінавым кантам, які знікаў у наглянцаваных да бляску новых хромавых ботах. На Свістуну была такая ж бліскучая скураная куртка, на якой эфектна паблісквалі рамяні партупеі, рэмень ад бінокля, рэмень ад палявой сумкі. На рамянях начэплены былі яшчэ розныя бразготкі: нямецкі кішэнны ліхтарык, палявы свісток. На баку не менш эфектна целяпаўся драўляны футарал ад маўзера. Жартуючы, казалі, што ён нават трафейную запальнічку прымайстраваў да партупеі.

Навюсенькая, з чырвоным верхам і залатымі галунамі кубанская шапка ўпрыгожвала ваяку з галавы.

Свістун і прыехаў з эфектам, не тое што другія: хто пехатою, хто на калёсах, хто верхам на самадзельным сядле, а то і проста на мяшку сена замест сядла. Пад ім ішоў трафейны конь, адбіты ад нямецкіх артылерыстаў, вялізны, грузны — на ім бы толькі калоды вазіць. З Свістуном ехала цэлая світа: васемнаццаць хлопцаў, лоб у лоб, як адзін, усе ў скураных паліто. «Свістуноўскія гусары» — так празвалі партызаны асабовую ахову іх камандзіра.

Свістун не паспеў і рукі падаць, як адразу пайшоў у наступ:

— Нядобра так, стары!

Саколіч паморшчыўся:

— Папрашу пільнавацца парадку, таварыш Свістун, вы ў абкоме.

— Ды кіньма гэтыя дробязі... Мы ж партызаны, таварыш сакратар.

— Тым больш... Давайце ж без усякіх «старых». Што ў вас там за крыўды?

— Крыўда не крыўда, але павінен я заявіць рашучы пратэст супроць таго, як абыходзяцца з маімі партызанамі,— зніжаючы крыху форс, прамовіў ён.

— У чым рэч?

— Навошта вы арыштавалі трох маіх партызан?

— За марадзёрства. Хіба вы не ведаеце?

— Якое там марадзёрства? Тут людзі ваююць, жыцця, можна сказаць, не шкадуюць, а вы за курыцу гатовы чалавека расстраляць.

Ад Свістуна, які гаварыў усё гэта з найграным пафасам, моцна несла самагонным перагарам.

Саколіч непрыязна паглядзеў на яго, падумаў аб прычынах, якімі можна было вытлумачыць такія недарэчныя паводзіны, і ўсё не мог дабрацца да іх. Чалавек як чалавек. Яшчэ ў часе зімовага рэйду ён далучыўся да партызан Саколіча са сваім невялічкім атрадам, які ён вывеў з аднаго заходняга раёна, дзе да вайны быў старшынёй райвыканкома. І ваяваў у часе рэйду нядрэнна, і хлопцы былі як хлопцы, сумленныя, акуратныя. А тут як далі яму невялікую, параўнальна спакойную зону, каб крыху адпачыў за вясну ды папоўніў свой атрад, пачаў мяняцца чалавек. У зоне яго адны лясы, немцы асабліва не турбуюць. І захапіўся рознымі несур’ёзнымі справамі. Надумаўся ператварыць атрад у кавалерыйскі. Коней раздабыў, пачаліся пошукі сёдлаў і скураных паліто. Цэлая пошасць навалілася на акругу — не было спакою ні адной вёсцы, ні аднаму мястэчку праз гэтыя паліто і сёдлы. Калі ж не ўдалося здабыць патрэбнага камплекта, абмундзіраваў у скуранкі і пасадзіў на коней толькі сваю ахову. Атрад па-ранейшаму астаўся пры «пешым строі».

Пасля кавалерыйскіх захапленняў Свістун кінуўся ў другія пражэкты. Пасяліўшы атрад у глухім непраходным лесе ў пабудаваных па ранжыру зямлянках, ён завёў безліч усялякіх пасад і бюро, пунктаў, пастоў і г. д. У штабе атрада, у асабістай ахове, у бюро прапускоў, у пунктах прыёму данясенняў, унутранай і знешняй сувязі была большая палова людзей атрада. Калі яму сказалі, што яго вымудры непатрэбныя і шкодныя, ён не без дакору адказаў:

— А што вы разумееце ва ўсёй гэтай справе! Вось арганізую полк, падвучу яго, а тады ўбачыце, як прагрымім мы па ўсёй Беларусі... А то што гэта за арганізацыя ў нас, саматужніцтва дый годзе...

З Свістуна пасмейваліся, покуль такія практыкаванні не прыносілі асаблівай шкоды. Але ж яны ішлі ўсё глыбей. То не падабаліся яму распараджэнні абкома ці камандавання, і ён ігнараваў іх. То пачынаў, як казаў ён сам, карныя акцыі супроць паасобных вёсак, якія, на яго думку, не праяўлялі асаблівай павагі да яго атрада. Гэтыя акцыі выяўляліся ў кантрыбуцыях курамі і парасятамі для патрэб самога штаба. Ад актыўных выступленняў супроць немцаў Свістун ухіляўся, знаходзячы і пэўную для гэтага прычыну: атрад аслаб ад зімніх паходаў, яму патрэбна перадышка і папаўненне. Гэта, так сказаць, афіцыйная прычына. А неафіцыйна падтрымлівалася і такая тэорыя: чаго асабліва напінацца, немцаў усіх не пераб’еш, партызан малавата, а іх чорт ведама колькі, яны вунь куды залезлі, калі іх адтуль выганіш. Ці не лепш перачакаць, сабраць сілы, і, калі армія пагоніць немца, тады і ўдарыць па ім. Гэтая тэорыя мела сякія-такія водгукі і ў некаторых іншых невялікіх атрадах у час вясновага зацішша, выкліканага бездарожжам.

Абкому давялося правесці спецыяльную растлумачальную работу, а разам з гэтым «правіць мазгі» і Свістуну.

Было з Свістуном і другое здарэнне, якое вельмі ўзрушыла Саколіча. З месяц таму назад Свістун адкамандзіраваў у абласны штаб камісара свайго атрада, якога некалі прызначыў абком. Гэта быў сціплы чалавек, прыкладны камуніст. Да вайны працаваў ён сакратаром партыйнай арганізацыі тарфянога завода, у першыя дні вайны быў цяжка паранены пад Гомелем, дзе ўдзельнічаў у баях у атрадзе народнага апалчэння. Калі падлячыўся, пайшоў у партызаны, хаця пасля ранення адчуваў сябе хваравіта. Яму цяжка даваліся доўгія пераходы, бо моцна накульгваў на параненую нагу. Ён шчыра ўзяўся наводзіць парадак у атрадзе, пакараў некалькіх марадзёраў і палахліўцаў, рашуча выступіў супроць п’яных дэбошаў і самадурства самога камандзіра і яго бліжэйшых прыяцеляў. Не прайшло і месяца, як Свістун ледзь не пад канвоем адправіў яго ў штаб разам з рапартам, у якім развязна пісаў, што ў яго няма спецыяльных машын, каб вазіць камісара ў паходах, і што яго атрад не багадзельня для калек і хворых.

Праз які тыдзень, ігнаруючы абком і ўсю партыйную арганізацыю, сам прызначыў новага камісара, аднаго з сваіх прыяцеляў. А яшчэ праз тыдзень пасыпаліся ў штаб скаргі сялян адной вёскі, а потым заявілася і цэлая дэлегацыя адтуль, якая прасіла Саколіча абараніць іх ад партызанскага камісара. Быў той камісар родам з іхняй вёскі. Там жа жыла і яго жонка.

— Калі быў гэты таварыш камісар звычайным партызанам,— скардзіліся сяляне,— то мы і самі маглі з ім справіцца. Ці мала калі ён біўся з жонкаю, вялікі-то нам з таго клопат... Але ж цяпер усёй вёсцы пагражае. Я, кажа, вас усіх у парашок сатру, бо вы ўсе з ёю, гэта значыць, з яго жонкаю, у адну дудку граеце. Па-ягонаму выходзіць — у нямецкую дудку... Гэта ж не дай божа, каб праз такое каханне ўсе людзі цярпелі...

Нехта наплявузгаў палітруку, што да жонкі нібы забягае паліцай з суседняй вёскі. «Заб’ю, гадаўку!» — крычаў палітрук, абражаны ў сваіх пачуццях. Сабраў чалавек пяць партызан і рушыў у вёску. Перабіў усе рамы ў жончынай хаце і хуценька ўцёк з вёскі з сваёй ваяўнічай групай.

Калі Свістун зрабіў яго камісарам атрада, даведаўся хлопец, што жонка хадзіла ў суседнюю вёску, дзе размешчаны быў нямецкі паліцэйскі гарнізон. І зноў пачалося тое самае старое падазрэнне. Выбраў цямнейшую ночку і падпаліў жончыну хату. На тую бяду быў моцны вецер. Праз якое паўгадзіны пяці двароў як не было.

Пасля гэтага і з’явілася да Саколіча дэлегацыя з вёскі з слёзнай просьбай пазбавіць іх ад такога небяспечнага ваякі. І як ні супраціўляўся Свістун, хлопец гэты быў пазбаўлены годнасці камісара і пераведзены байцом ва ўзвод гаспадарчага абслугоўвання. А жонку яго, якая была найлепшаю сувязною, па загаду Саколіча перавялі ў адзін з далёкіх партызанскіх атрадаў.

Такія справы адбываліся ў Свістуновым атрадзе, для якога падбіраў цяпер Саколіч трапнага чалавека на пасаду камісара.

І вось сядзеў Свістун на пасяджэнні абкома, злёгку драмаў, лена прыслухоўваючыся да таго, пра што гаварылі. Надыходзіла другое ваеннае лета. Шмат было клопатаў абкому і штабу. Ад акупантаў была вызвалена велізарная тэрыторыя, на якую яны рабілі толькі налёты. Калі наважваліся перайсці з месца на месца, то рабілі гэта толькі днём і буйнымі злучэннямі. На вызваленай тэрыторыі, ці — як звалі яе — у партызанскай зоне, адноўлены былі ўсе ранейшыя парадкі. Дарэмна пагражаў усякімі карамі партызанам гаўляйтэр Кубэ. Не дапамагла немцам і так званая зямельная рэформа, якую яны шырока разрэкламіравалі і ў плакатах, і ў газетах, і па радыё. Каб больш прымацаваць людзей да хаты, акупанты ішлі на розныя хітрыкі. Яны абвясцілі, што аднаўляюць рэгістрацыю шлюбаў, спадзеючыся, што жанатаму чалавеку цяжэй, як нежанатаму, адарвацца ад сям’і і ісці ў партызаны. Рэгістрацыя шлюбаў пашырала і спіскі яўных заложнікаў.

У апошнія дні мала было суцяшальнага на франтах. Ішлі ўпартыя баі пад Севастопалем. Немцы занялі Керч.

Не было суцяшальнага і на далёкім Захадзе. На паўночным узбярэжжы Афрыкі актыўнічалі немцы і італьянцы, распачаўшы наступленне ў Лівіі. Немцы лютавалі ва ўсіх краінах Еўропы. І ў гэтай цяжкай, пякельнай атмасферы светлай маланкай прамільгнуў стрэл у Празе чэшскай, які загнаў у труну гітлераўскага сатрапа Гейдрыха.

Пра ўсё гэта гаварыў Саколіч у сваім выступленні.

— Але вораг моцны, вораг люты і каварны. Таму мы павінны патроіць нашы ўдары па ворагу, набіраць і гартаваць нашы сілы. Партыя патрабуе: жалезнай дысцыпліны, няспынных, усё большых удараў па ворагу, уцягвання ўсё большых і большых народных мас у барацьбу, бязлітаснага вынішчэння ў нашых шэрагах усякіх адмоўных з’явішч, як бяздзейнасць, боязь частых сустрэч з ворагам, палахлівасць і панікёрства, а часам — і самае нахабнае марадзёрства, якое толькі ўчора мела месца ў адным з атрадаў...— Тут Саколіч паглядзеў на Свістуна.

Свістун неспакойна закруціўся на лаве, мармытаў пад нос:

— Вы заўсёды бачыце не там, дзе трэба. Паглядзелі б у другіх...

— Бывае і ў другіх, але менш,— стрымана сказаў Саколіч.— А трэба, каб нідзе не здаралася. Раіў бы і вашаму атраду, таварыш Свістун, больш разумна ставіцца да народу, больш прыслухоўвацца да яго крыўд і патрэб. Перад намі яшчэ вялікая барацьба за хлеб.

— Якая там барацьба! — з упартасцю п’янага не супакойваўся Свістун.— Зробім развёрстку, вось вам і хлеб.

— Зрабіць развёрстку на гатовы хлеб — не хітрая справа. Гэта, выбачайце, і ўсякі дурань можа зрабіць. А вы памажыце народу мець ураджай, зберагчы збожжа, не даць яго ў нямецкія рукі.

— Вы, можа, загадаеце майму атраду яшчэ зямлю араць?

— Што ж, трэба будзе — і загадаем.

— Я ваяваць павінен, а не зямлю калупаць ды яшчэ гэтыя... мітынгі ды гутаркі праводзіць...

Саколіч прыўзняўся. Ад моцнага ўзрушэння ён ледзьве падбіраў патрэбныя словы.

— Ведаеце, таварыш Свістун, ваяваць — гэта добрая рэч. Але бяда, калі людзі часам трацяць гэтую здольнасць. Зашыліся некаторыя ў лясы, як краты ў зямлю, і на немца забыліся, які ён там той немец.

— Можна без намёкаў?

— А якія там намёкі...— траціў ужо ўсякую цярплівасць Саколіч.— І наогул параю вам, таварыш Свістун: ідзіце вы ды выспіцеся добра, з цвярозым лягчэй можна дамовіцца. І каб было гэта першы і апошні раз. Для п’янага ў нас не будзе дарогі ў абком.

— Што ж, пайду... Скаруся... Як-ніяк, вы начальства, прадстаўнік ЦК...— марудзячы, з ноткамі найгранага трагізму не гаварыў, а цадзіў словы Свістун, торгаючы рамяні партупеі.— Не прыжыўся, значыць... Што ж, пашукаем і мы праўды, ёсць і акрамя вас упаўнаважаныя ЦК...

— Ды што ён вярзе там? Ганіце ў шыю гэтага курынага дыверсанта! — пачуліся галасы.

— Пайду, пайду, толькі вось вазьміце ды палюбуйцеся, што вытвараюць вашы ўлюбёнцы, якім вы верыце і давяраеце.

Свістун кінуў на стол нейкую газетку і паважна выйшаў з зямлянкі.

Гэта была фашысцкая газета, якая выдавалася ў Мінску. На першай старонцы кідалася ў вочы вялікая аб’ява. У ёй паведамлялася, што пакарана смерцю «паўтараста чалавек камуністаў і камісараў з выкрытага і разгромленага ўрэшце бальшавіцка-партызанскага цэнтра ў Мінску». Звярынай нянавісцю да пакараных быў прасякнуты кожны радок. Як ні цяжка было чытаць гэтую аб’яву, аднак не яна здзівіла Саколіча. Пра некалькі правалаў партыйнага падполля Мінска было ўжо вядома ад сваіх людзей. Вядома было, што лік пакараных быў значна большы, чым гаварылася ў афіцыйным нямецкім паведамленні.

Саколіч бегла зірнуў на нямецкія франтавыя паведамленні, перагарнуў старонку. І тут убачылі ўсе, як рэзка змяніўся ён з твару, як грузна апусціўся на лаву, камечачы рукой ліст газеты.

У газеце надрукаваны быў партрэт чалавека, знаёмага да апошняй рыскі, да апошняй маршчынкі на твары. І гэты размашысты зачос валасоў, і крыху прыўзнятае левае брыво, і моцна сцятыя заўсёды губы, і мужны адкрыты позірк, які заўсёды проста глядзеў субяседніку ў вочы, без ліслівасці, без хітрасці, без затоеных думак. Ён любіў заўсёды гаварыць праўду, хаця гэтая праўда магла часам і не падабацца яго субяседніку. Перад Саколічам быў партрэт Слышэні, члена абкома, работніка партызанскага штаба і блізкага друга Саколіча.

Саколіч моўчкі ўглядаўся ў знаёмыя рысы, баючыся перавесці позірк на чорныя радкі слоў пад партрэтам. Але ж трэба глядзець праўдзе ў вочы. «Як нам паведамілі германскія ўлады,— пісала фашысцкая газета,— некалькі тыдняў таму назад прыйшоў з лясоў у горад і здаўся ў іх рукі былы кіраўнік Камуністычнай партыі Мінскай вобласці, які з пачатку вайны і да апошняга часу кіраваў атрадамі партызан-бандытаў. Ён, як паведамілі нам адпаведныя ўлады, здаўся пасля таго, як пераканаўся ў безнадзейнасці і бязмэтнасці барацьбы з храбрымі войскамі нашых гераічных збаўцаў, што прынеслі нам жыватворчы парадак Новай Еўропы. У хуткім часе ён выступіць перад жыхарамі горада Мінска і раскажа пра той велізарны крах, які пацярпелі абманутыя бальшавікамі людзі, што па несвядомасці сваёй пайшлі ў партызаны».

Саколіч моўчкі перадаў газету другім. Была такая цішыня ў зямлянцы, што чуваць было, як цяжка дыхае Саколіч, як шарахціць папера, калі пераходзіла газета ад адной купкі людзей да другой.

І раптам цішыня гэтая абарвалася. Нехта гучна, усхвалявана загаварыў у канцы стала:

— Аднак цяжка даводзіцца немцам, калі пачынаюць ісці на такія... правакацыі.

— Правакацыя? — ледзь чутна запытаўся Саколіч.

— А вы верыце таму, што пішуць гэтыя фашысцкія пустабрэхі?

— Ці веру я? Ды не ў гэтым справа, наіўны вы чалавек. Ні я, ні вы, адчуваю гэта ўсім сваім сэрцам, ніхто з нас не верыць і не можа верыць у гэтую брудную хлусню. Але справа ў тым, што гітлераўцы намагаюцца выдаць гэтую хлусню за шчырую праўду народу. Разумееце, народу! І мы не павінны заплюшчваць воч на тое, што знойдуцца легкаверныя,— я гавару пра нашых, пра савецкіх людзей,— якія могуць і паверыць гэтай хлусні. Знайшоўся ж вось і сярод нас такі чалавек, ды яшчэ камандзір атрада, на нашу бяду.

— Яму з п’яных воч ліха ведае што можа здацца.

— Дык вось жа бачыце, з п’яных... Прыйдзецца нам больш сур’ёзна ўзяцца за падобныя п’яныя вочы.

У зямлянцы доўга яшчэ гаварылі. Адно, што было правільна напісана ў газеце, гэта тое, што Слышэня трапіў у рукі гітлераўцам. Але ў глыбіні душы Саколіч быў упэўнены, што Слышэня не здрадзіў. Ён добра ведаў Слышэню, каб дапусціць, што гітлераўцы да гэтага часу будуць займацца з ім.

— Як бачыце,— сказаў урэшце Саколіч,— пачалі мы сягоння з невясёлых спраў. Але ўсё ж павінен я парадаваць вас важнай навіной, якой чакалі мы даўным даўно. З сённяшняга дня маем мы сталую сувязь з Масквой. А вось і ліст з Цэнтральнага Камітэта партыі.

Ніколі не было так ажыўлена ў штабной зямлянцы, як пасля гэтых слоў Саколіча. Усе акружылі яго і як на дзівоснае цуда паглядалі на канверт, на паперу, якую Саколіч знарок паволі разгортваў на стале. Усе ўглядаліся ў знаёмыя фіялетавыя літары штампа, у роўныя радкі машынапісу, у знаёмую ўсім пячаць ЦК. Некаторыя памацалі канверт, сургучныя пячаці, якія крыху сям-там патрэскаліся і вышчарбіліся.

— Вось гэта дык та-ак!..

— Глядзіце, і подпіс Панамарэнкі!

Папера была звычайнай пуцёўкай шыфроўшчыка і радыста, накіраваных у распараджэнне партызанскага штаба Саколіча.

Не сказаць, каб адважна, але сяк-так пераступіў Пасцябунчык цераз парог зямлянкі і, убачыўшы даволі вялікую групу людзей, крыху разгубіўся. Ён прыглядаўся да ўсіх праз тоўстыя шклы акуляраў, шукаючы Саколіча.

Сустрэлі яго крыху жартаўліва:

— Ну, як там за воблакамі, Карней Сцяпанавіч?

— Усё ў парадку, поўны ажур.

— Аднак давайце пра справу, Карней Сцяпанавіч,— спыніў жарты Саколіч.— Радыёграму адаслалі?

— Адаслалі, таварыш сакратар.

— Адказ ёсць?

— Ёсць і адказ. Вось ён, калі ласка.

Пасцябунчык перадаў Саколічу складзены лісток паперы, спісаны алоўкам. Каб хто ўважліва назіраў у гэты міг за Пасцябунчыкам, то заўважыў бы, што ён паводзіць сябе не зусім спакойна. Памкнуўся быў наперад, нават рот разявіў, збіраючыся нешта важнае сказаць. Але Саколіч пачаў ужо чытаць, і Пасцябунчык застыў на сваім месцы.

«Пасылаем сардэчнае вітанне камандзіру партызанскіх злучэнняў Мінскай вобласці таварышу Саколічу, камандзірам і камісарам, партызанам і партызанкам. Радыёграму вашу атрымалі. Віншуем з баявымі поспехамі, жадаем і надалей шчаслівых перамог над лютым ворагам. Абнімаем і цалуем усіх вас. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі».

— І ўсё? — запытаўся Саколіч, павярнуўшыся да Пасцябунчыка.

— Усё, таварыш сакратар! — спяшаючыся, адказаў ён.— Мне можна ісці?

— Ідзіце.

Зямлянка паступова зашумела, напоўнілася людскімі галасамі.

Гаварылі, абменьваліся думкамі, успамінамі, спрачаліся. Ва ўсіх быў радасны, прыўзняты настрой.

І ўсё ж кожны з прысутных — а гэта бачыў Саколіч — адчуваў нейкую разгубленасць. Якую — пра гэта, можа, і не сказаў бы ніхто, бо цяжка было выказаць пачуццё, якое валодала ўсімі. Ды проста было нязручна гаварыць пра гэтае няяснае пачуццё ўнутранага незадавальнення, што асталося пасля зачытання радыёграмы ЦК. Не вязалася яно з тым сур’ёзным стылем, якім пісаліся любыя дакументы, дырэктывы, інструкцыі, нават прывітанні з поваду якой-небудзь важнай падзеі. Саколіч закрыў пасяджэнне абкома і, астаўшыся адзін у зямлянцы, доўга хадзіў з кутка ў куток, абдумваючы кожнае слова пісьма.

 

9

Раніца не прынесла ніякіх змен. У чарговай радыёграме ЦК, якую Пасцябунчык перадаў Саколічу, нічога новага не было. Усё тыя ж сардэчныя прывітанні і пацалункі. Саколіч злосна паглядаў на Пасцябунчыка, але, нічога не сказаўшы, заняўся чарговымі справамі. Пасцябунчык выйшаў з яго зямлянкі і адразу заваліўся спаць.

Калі ж тое самае паўтарылася і на трэці дзень, Саколіч зайшоў да Бохана.

— Ведаеш што, глядзі ты як след за гэтымі радыёаматарамі, пакуль мы не разбяромся з імі як след у афіцыйным парадку.— І тут жа расказаў яму пра радыёграмы і пра ўсе свае сумненні.

— Ды я і сам гляджу, Васіль Іванавіч. Справа сапраўды набывае не зусім добры выгляд. Аднак разблытаем, не ўцякуць, калі што якое... Ды, як мне здаецца, тут справа куды прасцей, як мы думаем...

Назаўтра Саколіч паклікаў да сябе членаў абкома, якія трапіліся на той час у штабе. Расказаў ім пра Пасцябунчыка. Паслалі па яго. Але каб не выклікаць ніякіх падазрэнняў, паслалі тады, калі быў час прыняць чарговую радыёграму.

Неўзабаве Пасцябунчык стаяў у штабной зямлянцы, трымаючы напагатове складзены лісток паперы.

— Прыняў? — запытаўся ў яго Саколіч.

— Прыняў, Васіль Іванавіч, вось, калі ласка! — і ён перадаў радыёграму.

— Чытай, Бохан!

Той чытаў, ледзь стрымліваючы ўсмешку. А калі справа падышла да вядомых ужо ўсім пацалункаў, па зямлянцы разлёгся раскацісты рогат.

— Рагатаць няма чаго! — сказаў Саколіч, устаўшы з-за стала.— Такімі справамі не жартуюць, таварышы...— І тут жа звярнуўся да Пасцябунчыка: — Ты што ж, нягоднік, да якога часу будзеш мудраваць?

Пасцябунчык стаяў ні жывы ні мёртвы. У яго трэсліся кончыкі пальцаў і сутаргава перасмыкаліся губы.

— Таварыш сакратар, чаму вы так узлаваліся?..

— Па чыйму загаду ты падаўся ў правакатары?

— Божа мой, няўжо вы думаеце, што я правакатар?

— А гэта што? Вось цалуйся з сваімі радыёграмамі,— і ён кінуў у твар яму прынесены лісток паперы.— Знайшоў з каго дурыкі строіць. Ты што, за ідыётаў нас лічыш, думаеш ашукаць гэтымі тваімі пацалункамі?

— Госпадам богам клянуся: усё праўда, самая чыстая праўда...

— Ты госпада не чапай, кажы пра сябе.

— Дальбог, праўда! — І зусім ужо безнадзейна не прагаварыў, а прашаптаў Пасцябунчык:—Калі не верыце, дык расстраляйце хіба, адно мне асталося...

— Што ж, і расстраляем! Таварыш Бохан, пішы загад штаба: Пасцябунчыка Карнея Сцяпанавіча расстраляць як здрадніка радзімы і правакатара...

Збялеў тут Пасцябунчык, кінуўся да стала:

— Родненькія, даражэнькія, ды што ж гэта такое? Які ж я здраднік, які правакатар? Я шчырую праўду скажу... Ну маніў я вам, усё думаў, што ўспомню шыфр... Шыфр я забыў, калі ад немцаў уцякаў, так жа тады напалохаўся.

— Эх ты... Пацалунчык! — з пагардай сказаў Бохан, прыгадаўшы яго радыёграмы. Не ведаў Бохан, што гэтае слова прыліпне да чалавека і стане другім яго прозвішчам.

А Саколіч паглядзеў з дакорам на ссутуленую постаць, паківаў галавою, сказаў:

— Выходзіць, чакалі мы цябе як чалавека, спадзяваліся, а ты падвёў нас. І хто ж цябе за язык трымаў, што не мог адразу прызнацца, як гэта зрабіў бы кожны сумленны чалавек...

— Сораму баяўся, Васіль Іванавіч. Думаў жа, успомню і ўсё пойдзе як след.

— Аднак чаму ж ты ўсё на гэтыя пацалункі налягаў у тваіх, з дазволу будзь сказана, радыёграмах?

— Думаў я, думаў, Васіль Іванавіч, і нічога лепшага не мог выдумаць, усё на адзін капыл выходзіла...

Да Саколіча паклікалі Сашку.

— Дык вось, Аляксандр Пятровіч, павінны мы вырашыць з табою важную дзяржаўную справу. Радыёграму ты можаш паслаць?

— У любую хвіліну, таварыш камандзір. Праўда, не ў любую, а ў вызначаны для гэтага час. Ну, а калі што тэрміновае, дык пастараемся як-небудзь выклікаць Маскву і цяпер. Давайце шыфроўку, я зараз...

— А без шыфра, скажам? — хітра паглядзеў на яго Саколіч.

— Што вы, таварыш камандзір! За радыёграму без шыфра я адказваю галавой, пад расстрэл іду...

— А можаш ты ўявіць сабе такі выпадак: з напарнікам здарылася якое-небудзь няшчасце, ну, захварэў, скажам, альбо загінуў. Што ж тады рабіць табе як радысту?

Сашка задумаўся на якую хвіліну.

— Бачыце, інструкцыя прадугледжвае і такія выпадкі,— сказаў ён.— Калі якое няшчасце — я часова пераходжу на аварыйны шыфр, які ведаю толькі я. Але ж гэта дазваляецца толькі ў крайніх выпадках.

— Такі выпадак і здарыўся. Пераходзь на аварыйны.

Неўзабаве Саколіч і Сашка зашыфроўвалі кароткую радыёграму ў Маскву з просьбай выслаць новага шыфравальшчыка.

Дні праз тры прызямліўся з самалёта ўночы новы шыфравальшчык, а разам з ім апусцілася і некалькі грузавых парашутаў.

Сталая радыёсувязь з Масквою была для штаба і для ўсіх партызан сапраўдным святам. З гэтай прычыны Саколіч скараціў тэрмін пакарання Пасцябунчыку. І калі таго выпусцілі на волю, абвясціўшы, што ён узнагароджаны суровай вымовай, Пасцябунчык прыбег, як апантаны, у штаб. Крыкнуў яшчэ з парога:

— Усё, усё ўспомніў, да каліўца. Гэта ж трэба, тады такое зацямненне на мяне найшло.

Усміхнуўшыся, Саколіч адказаў яму:

— Што ж, прасвятляйся цяпер пасля зацямнення. А шыфр твой ужо нічога не варты. Пакуль ты сядзеў, і шыфр твой устарэў. Ды і новы шыфравальшчык цяпер у нас. Але не сумуй, справу і табе мы знойдзем.

 

Частка другая

 

1

Яшчэ ў канцы лютага месяца Слышэня быў пасланы ў горад. Адтуль ішлі трывожныя весткі: партыйнае падполле перажывала калі не крызіс, дык вялікія цяжкасці. Адзін за адным здараліся правалы, загінула некалькі таварышаў, якія спецыяльна былі пакінуты абкомам на падпольную работу. Былі разгромлены дзве падпольныя групы ў цэнтральным раёне горада, арыштавана некалькі чалавек з падпольнага гаркома.

Па ўсім відаць было, што ў падполле пралезлі гітлераўскія лазутчыкі і дзейнічаюць там, вынішчаючы лепшых людзей. Трэба было прымаць меры хутка і рашуча.

Слышэня параўнальна новы работнік у абкоме, куды ён прызначаны быў да вайны загадчыкам транспартнага аддзела. У горадзе яго асабліва яшчэ не ведалі, за выключэннем хіба чыгуначнага вузла, дзе ён за кароткі час паспеў добра пазнаёміцца з усім актывам, з найбольш вядомымі людзьмі транспарту.

Паколькі Слышэню мала ведалі ў горадзе, таму і паслалі туды. Ён прыпыніўся на адной з глухіх уцалелых вуліц на ўскраіне горада ў домакіраўніцтве, якое было, па сутнасці, явачнай кватэрай. А праз колькі дзён ён насіў у кішэні дакументы рабочага сталярнай майстэрні, арганізаванай з дазволу гарадской управы групай «саматужнікаў». Арцель вырабляла сякую-такую мэблю. Неўзабаве буйны нямецкі лазарэт прапанаваў рабіць яе толькі па яго заказу. Параіліся «саматужнікі» і аднадушна пагадзіліся на такую прапанову. Арцель пачала вырабляць труны і заслужыла такі давер у гітлераўцаў, што заказы пасыпаліся і з другіх гарадоў. А патрэба ў прадукцыі асабліва павялічылася ў часе баёў пад Масквой: у горадзе не паспявалі размяшчаць эшалонаў параненых.

Майстэрня займалася не толькі вырабам мэблі і трун для гітлераўскай арміі. Яна была, па сутнасці, перасыльным пунктам, праз які праходзілі ўцекачы з лагера ваеннапалонных, а таксама рабочыя з мінскіх фабрык і заводаў, якіх па тых ці іншых прычынах трэба было тэрмінова пераправіць з горада ў партызанскую зону, галоўным чынам у атрады Саколіча. У майстэрні былі добрыя сувязі з заявачным бюро і пашпартным сталом гарадской управы, дзе працавалі свае людзі. Былі сувязі і ў адрасным стале. І калі вынікала патрэба знішчыць які-небудзь адрас, які выклікаў залішнюю цікаўнасць гітлераўцаў, гэта рабілася даволі лёгка.

Слышэня працаваў колькі дзён у майстэрні, габлюючы дошкі, тут жа і начаваў на сасновых стружках. Потым перабраўся на кватэру яшчэ далей на ўскраіну і, паводле слоў загадчыка арцелі, працаваў на кватэрах заказчыкаў. У арцелі працавалі і сталяры, якія не мелі ніякага дачынення да падполля, і ніхто не звярнуў асаблівай увагі на новага сталяра.

Ад хлопцаў, якія працавалі сувязнымі, Слышэня даведаўся пра прозвішчы, клічкі, адрасы явачных кватэр, дзе можна было сустрэцца з некаторымі членамі падпольнага гаркома. Сярод гэтых прозвішчаў былі і знаёмыя. «Дрэнна, аднак, працуе гарком, калі так лёгка можна даведацца пра яго членаў і любы сувязны ведае амаль што палову асабовага складу гаркома»,— падумаў Слышэня і пачаў дзейнічаць з выключнай асцярожнасцю. У яго былі яўкі абкома да мінскіх чыгуначнікаў. Там моцная і згуртаваная партыйная група, якая кіравала на вузле цэлым атрадам дыверсантаў. Як ні намагаліся гестапаўцы пралезці ў чыгуначнае падполле, гэта пакуль што ім не ўдавалася. Слышэня намерыўся ўжо быў пайсці да мінскіх дэпоўцаў, як па горадзе пракацілася хваля арыштаў. Было арыштавана і некалькі чалавек з гаркома, а праз тры дні на гарадской плошчы павесілі сем камуністаў. Сярод іх быў і Стары, ці, як звалі яго яшчэ падпольшчыкі, Бацька. Ён загадваў асабовым сталом у падпольным гаркоме. У яго зберагаліся ўсе спіскі і адрасы актыўных падпольшчыкаў горада. Калі даведаліся, што ён арыштаваны, некаторыя пачалі падавацца з горада або тэрмінова мяняць дакументы і кватэры. Аднак усё абышлося даволі шчасліва. Як стала вядома, Стары, нягледзячы на тое, што яго жудасна катавалі, нікога не выдаў і не сказаў, дзе хаваў і куды падзеў спіскі падполля. Па ўсім было відаць, што яго і некаторых таварышаў нехта выдаў. Але ніякіх кампраметуючых дакументаў ці матэрыялаў пры ім не знайшлі. Вядома стала і другая акалічнасць: з арыштаваных выпушчаны на волю нібы як беспадстаўна абвінавачаныя два чалавекі, абодва члены гаркома. Першы з іх быў сакратаром гаркома. Прозвішчы абодвух былі незнаёмыя Слышэню. Адкуль яны заявіліся, пры якіх акалічнасцях трапілі ў падполле, ніхто дакладна сказаць не мог. Аднаго звалі Кавалевічам, другога Зыбіным, першы і быў сакратаром.

Зацікаўлены ўсімі гэтымі акалічнасцямі, Слышэня наважыўся-такі наведацца да чыгуначнікаў. Была ў яго яўка да старога чыгуначніка, былога паравознага машыніста, які да вайны яшчэ перайшоў на пенсію, але трымаўся дэпо і выконваў сякія-такія работы, каб толькі не пакідаць чыгункі і асяроддзя, з якім зжыўся за доўгія гады працы. Цяпер, паводле вестак, якія меў Слышэня, стары чыгуначнік служыў вартаўніком у дэпо. Вядома было Слышэню, выконваў ён невялікія даручэнні гаркома, галоўным чынам па сувязі з чыгуначнікамі. Сцяпана Іванавіча Журыцкага — так звалі былога машыніста — Слышэня ведаў і асабіста. Яшчэ калі прызначаны быў Слышэня загадчыкам транспартнага аддзела, тады па рэкамендацыі чыгуначнікаў ён стаў часова на кватэру да Журыцкага, дзе займаў два пакойчыкі ў старым доміку ў чыгуначным пасёлку за таварнай станцыяй.

У часе вайны Журыцкі выканаў два даручэнні Слышэні, якія былі перададзены яму праз сувязных. Вось да яго і наважыўся ісці Слышэня, каб потым звязацца і з другімі дэпоўцамі, а таксама з некаторымі таварышамі з вагонарамонтнага завода. Але выпадкова сустрэўся з ім на вуліцы. Журыцкі ішоў з рынку, нёс у кашолцы гладышок капусты ды з паўдзесятка салёных агуркоў.

Калі ціха аклікнуў яго Слышэня, ён асцярожна азірнуўся ва ўсе бакі і, здзіўлена паціснуўшы плячыма, пайшоў далей. Ён не пазнаў Слышэні. Слышэня нагнаў яго.

— Што ж вы не пазнаеце сваіх знаёмых, Сцяпан Іванавіч?

Журыцкі трывожна зірнуў на яго старэчымі вачыма і паківаў галавою:

— Не, не... выбачайце мне старому. Вы памыляецеся, не ведаю вас!

— Не прызнаеце блізкіх людзей, нават колішняга свайго кватаранта?

Убачыўшы, што нікога поблізу няма, стары прыпыніўся, агледзеў незнаёмага. І ўрэшце ўспляснуў далонямі, ледзь не выкінуўшы з кашолкі свае набыткі.

— Божа мой, каго бачу я! Пойдзем хутчэй, тут ля рынку ўсякая брыда бадзяецца.

Калі ўжо добра адышліся і трапілі ў адзін з крывых завулкаў чыгуначнага пасёлка, стары даў волю сваім пачуццям.

— А я цябе, Вадзім Рыгоравіч, і не пазнаў, дальбог не пазнаў. Акцёр, сапраўдны акцёр!

— Ды гэта не фальшывая барада, а свая, можна сказаць, уласнай гадоўлі.

— З такою барадою толькі ў бургамістрах хадзіць!

— Дзякуй за камплімент.

— Гэта жарты, канечне. Але жартаваць будзем пасля. Чуў, што ў горадзе дзеецца?

— Не толькі чуў, бачыў...

— Да мяне ідзеш? — спытаў Журыцкі.

— Адгадаў. Трэба з табой пагаварыць.

Неўзабаве Слышэня і Журыцкі сядзелі за сталом і пілі чай, завараны сушаным маліннікам.

— Дык вось што, Сцяпан Іванавіч, ведаеш ты добра, хто я і што я,— пачаў гаворку Слышэня.

— Гэта я ўсё ведаю, Вадзім Рыгоравіч. Чым ты, аднак, цікавішся?

— Ды цікаўлюся многа чым, але не ўсё разам. Можа, ты скажаш мне, хто ў вас такі Кавалевіч, што ён за чалавек і адкуль з’явіўся?

— Цяжкае пытанне ты задаеш, бо не ўсё ясна мне і самому.

— А ты быў калі-небудзь у гаркоме?

— Раней выклікалі, а цяпер, прызнацца, проста не хаджу. І не тое што сам, а параілі не вельмі ўчашчаць туды... Да некаторых асоб, канечне...

— Нешта ты мудрагеліста гаворыш, Сцяпан Іванавіч? Ніяк я не ўцямлю, што да чаго?

— А што ж тут цяміць? Справа яна хаця і цёмная, але да некаторай ступені і ясная. Адкрыта табе скажу, няма там парадку. Прызнацца табе, проста не хочацца, каб немаведама хто табою камандаваў. Чорт лысы цябе на шыбеніцу можа падставіць — і бывай здароў...

— Як гэта — на шыбеніцу?

— А вось так, звычайна,— Журыцкі на хвіліну задумаўся, нібы вырашаючы, гаварыць яму пра ўсё, што даўно не дае спакою, ці не. І ўрэшце рукою махнуў.— Што ж, мы з табой абодва партыйныя людзі, таіцца нам няма чаго. Ты вось не падумаў, відаць, а з якой прычыны загінуў Стары? З чые гэта ласкі загінулі і другія? І вось скажу я табе,— тут голас перайшоў на шэпт,— праз паганую руку загінулі людзі. А праз чыю? Вось тут і трэба як след падумаць. Яшчэ месяцы тры назад, калі гарком збіраўся часта,— а склікалі тады, як на канферэнцыі ці пленумы, якога толькі народу не сабіралася! — дык вось яшчэ тады гэты пройдах, Кавалевіч, заікнуўся быў, каб перадалі яму спіскі партыйнага падполля. Трэба сказаць, што яму ў гэтым адмовілі. Ну, а нам вядома, што незадоўга перад арыштам Старога Кавалевіч некалькі разоў прасіў неафіцыйна: аддай ды аддай мне спіскі. Нават пагражаў: ты мне, кажа, працаваць перашкаджаеш, бо які я сакратар, калі не ведаю, кім кірую... Але не такі быў Стары, каб паддацца на такія ўгаворы. Або, як ты паглядзіш на такую з’яву: здарылася гэта яшчэ перад арыштамі. Была тут у нас явачная кватэра ў адным доме. А на двары жыла там жанчынка, дачка ў яе малая, гадоў так восем. Часам заўважала тая жанчына, што збіраюцца на кватэру зрэдку адны і тыя ж людзі. А некаторых яна і з твару добра ведала. Разы два на кватэру тую заглядаў і Кавалевіч. Жанчына жыла з таго, што мыла падлогі ў дамах, бялізну. Часта працавала і на кватэры ў аднаго гестапаўскага чыноўніка, эсэсаўца. І вось аднаго разу ўзяла і сказала Старому, каб асцерагаліся ўсе Кавалевіча, бо бачыла яго некалькі разоў у гестапаўца. І што ты скажаш, не паверылі ёй тады. Наладзілі, канечне, сякую-такую праверку, сачылі за домам гестапаўца, за Кавалевічам. Але патрапіць на сляды не ўдалося. А тым часам жанчына была арыштавана, і дзіцё яе знікла невядома куды. Трапілі ў турму і некаторыя таварышы, да якіх прыходзіла некалі тая жанчына. А Кавалевіч як хадзіў, так і ходзіць... Вось, брат, які ў нас упаўнаважаны...

— Кім упаўнаважаны?

— Ды Кавалевіч яшчэ раней, як аб’явіўся ў Мінску, абвясціў сябе ўпаўнаважаным ЦК. Цяпер ён чамусьці не ўспамінае пра свае паўнамоцтвы, а раней нават паказваў паперы.

— А чаго ж глядзелі? З гаркома?

— Ды хто там астаўся? Бадай што ўсе загінулі... Цяпер гэта гарком не гарком, а немаведама што. Ты думаеш, адзін Кавалевіч такі? Тут не адна рука робіць. Яшчэ летась адзін таварыш, ды ты ведаеш яго, на радыё некалі працаваў, прапанаваў арганізаваць нешта накшталт Ваеннага Савета. І што ты думаеш? Таварыш ужо трэці месяц як загінуў на шыбеніцы, а Ваенны Савет Кавалевіч ды яшчэ ёсць тут два чалавекі — Сяловіч і Зыбін нейкі — арганізавалі. Сабралі і людзей у цэнтральную дыверсійную групу. Харошыя хлопцы, адчайныя галовы пайшлі туды. І ўсе яны загінулі, а Ваенны Савет сабе ходзіць, і хоць ты што. Праўда, Зыбін, як памацалі яго добра хлопцы з дэпо, змыўся некуды. Кажуць, падаўся да партызан, а куды — невядома. Сам Кавалевіч і Сяловіч пусцілі чуткі потым, што Зыбін правакатарам быў і што праз яго загінулі таварышы. Вось і паспрабуй цяпер разабрацца, дзе тут што і да чаго.

— Адкуль жа з’явіліся да вас усе гэтыя людзі?

— Кавалевіч, казалі, прыбіўся з групай уцекачоў з Драздоўскага лагера, нібы ў палоне быў. Па чутках, ён да вайны тут пад Мінскам у адным з райкомаў працаваў. А Зыбін і Сяловіч потым ужо з’явіліся, нібы з лагера на Шырокай вуліцы ўцяклі.

— Ты казаў, што і да цябе на кватэру наведваўся Кавалевіч?

— Быў адзін раз. Не наведваўся, а сам я прыводзіў яго па заданню гаркома на сувязь з нашымі хлопцамі.

— І не баішся ты, што могуць наведацца да цябе няпрошаныя госці?

— А чаго мне баяцца? Я ж нічога такога не ведаю. Але без жартаў, прыводзіў я яго ўвосень, цёмнае ночы, дзе яму запомніць, куды ён трапіў тады. Ды і людзей ён запомніць не мог, нарада ішла пры газоўцы. І прозвішчаў ды адрасоў таксама не ведаў. Адно, што магу табе сказаць: Стары, ці Бацька, як яго звалі, быў маім родным братам... Тут ён, праўда, не жыў...

Слышэня горача паціснуў руку Журыцкаму.

— Выбачай, Сцяпан Іванавіч, гэтага я не ведаў...

Умовіўшыся аб сустрэчах з патрэбнымі людзьмі з чыгуначнага пасёлка і развітаўшыся, Слышэня хацеў пайсці.

— Не, так я цябе не пушчу. Час цяпер позні, і няма чаго табе шураваць тратуары. Яшчэ трапіш на які патруль, бяды не абярэшся.

Журыцкі апрануўся і цёмнымі завулкамі завёў Слышэню ў двор аднаго доміка. Ціха пастукаў у акенца:

— Прымай госця, маладуха,— сказаў ён шэптам да жанчыны, якая выйшла на ганак.— А ты,— звярнуўся ён да Слышэні,— пераначуеш тут, а раніцаю і падавайся куды табе трэба.

Ужо лежачы на скрыпучай канапцы, Слышэня доўга думаў, перабіраючы ў памяці ўсё расказанае Журыцкім, і па-новаму пачынаў разумець многае.

Відаць, усё, што расказваў ён, было блізка да праўды, а можа, зусім праўдай. Слышэня пераканаўся ў гэтым у бліжэйшыя дні. Ён пабываў у Красачкі, інжынера з дыспетчарскага ўпраўлення дэпартамента ўсходніх райкомаў горада, пагаварыў з дзвюма работніцамі швейнай фабрыкі, бачыўся з другімі людзьмі.

Куды ні прыходзіў, з кім ні гаварыў Слышэня, усюды яго радавалі і добрымі навінамі. Там знішчаны канвеер на заводзе, там перапалена кіслотамі партыя гітлераўскіх шынялёў, там падлілі ў засекі элеватара вады, у гарматнай майстэрні ўзарвалі перасоўную электрастанцыю, на паравозах паявіліся заслонаўскія міны. Так і называлі іх —заслонаўскімі.

І разам з гэтымі добрымі навінамі ўсюды гаварылі пра адно і тое ж: правакатары пазалазілі ў падполле, праз іх гінуць лепшыя людзі.

З усяго, што чуў і пабачыў на ўласныя вочы Слышэня, яму стала ясна, што гарадское падполле не можа існаваць далей, калі рашучым чынам не зменіць форм свае арганізацыі і ўсяе свае работы. Падпольны гарком, па сутнасці, быў знішчаны ворагамі і ператвораны ў падстаўную арганізацыю, якая стала пасткай для сумленных людзей. Самыя элементарныя правілы канспірацыі былі занядбаны, і трэба было толькі здзіўляцца, што немцам не ўдавалася ўсё ж канчаткова паралізаваць работу падполля. Паступова такія «падпольшчыкі», як Кавалевіч, развенчвалі сябе ў вачах сумленных людзей, якія пачыналі ўсё больш і больш ухіляцца ад сувязей і сустрэч з імі. Кавалевіч адчуваў гэтую насцярожанасць і затоеную варожасць да сябе. І калі аднаго разу яго запрасілі на далёкую ўскраіну горада на нараду, ён палічыў за лепшае не пайсці туды. Ён пачынаў адчуваць, што за ім сочаць не толькі яго сапраўдныя гаспадары — гестапаўцы, але і другія, больш пільныя і больш небяспечныя для яго вочы. Звер пачынаў разумець, што яго скурай сур’ёзна зацікавіліся паляўнічыя. Аднойчы, калі яго наведаў гестапаўскі рэзідэнт, начальнік аддзела разведкі, ён пачаў слёзна ўпрошваць, каб яго тэрмінова перакінулі ў якое другое месца, далей ад горада.

— Наіўны вы чалавек! — адказалі яму. Вы, няйначай, думалі, што мы плацім вам грошы, каб мець прыемнага субяседніка? Давайце ўмовімся: спіскі ўсяго падполля павінны быць вось тут, на стале. І да таго часу, пакуль яны не будуць, прашу і не заікацца, каб вас куды перакінулі.

З гэтага часу кідаўся Кавалевіч як апантаны. Насіўся з канца ў канец па горадзе і з усімі, каго ні сустракаў, асцярожна заводзіў гаворку пра спіскі.

У той час, калі Кавалевіч займаўся пошукамі спіскаў, у шэрым драўляным доміку на Камароўцы адбылася невялічкая нарада. Удзельнічала ў ёй толькі чатыры чалавекі: таварыш Сяргей — кіраўнік чыгуначнай дыверсійнай групы, якога абком месяцы тры таму назад паслаў на падпольную працу ў горад; таварыш Андрэй — рабочы былога станкабудаўнічага завода, ператворанага немцамі ў аўтарамонтныя і танкарамонтныя майстэрні; таварыш Маруся, якая некалі працавала ў горадзе на швейнай фабрыцы, а перад вайной была на партыйнай рабоце на Палессі. Чацвёрты быў Слышэня, ён жа і кіраваў нарадаю. На нарадзе быў адноўлены падпольны гарком партыі. Тут жа вызначылі структуру падпольнай партыйнай арганізацыі, улічыўшы памылкі і ўсе цяжкія ўрокі апошніх месяцаў. Вырашана было арганізаваць у бліжэйшым часе гарадскую падпольную газету. Тут жа пастанавілі неадкладна абясшкодзіць яўных правакатараў і ў першую чаргу — Кавалевіча.

— Самае бадай што лепшае,— сказаў Слышэня,— лавіць яго на спісках, якія не даюць яму спакою.

Як меркаваў Слышэня, так і здарылася. Па горадзе пайшлі чуткі, што спіскі партыйнай арганізацыі зберагаюцца ў пэўным месцы, што ёсць чалавек, які ведае, дзе яны. Чуткі з кожным днём пашыраліся і павінны былі, канечне, дайсці да Кавалевіча. Ён з ног збіўся, стараючыся натрапіць на сляды таго чалавека. Яму памаглі ў гэтым. І вялікая была радасць Кавалевіча, калі ён сядзеў у невялічкім пакойчыку начнога вартаўніка на хлебным заводзе.

— Дык ты ведаеш? — пытаўся няўрымслівы Кавалевіч.

— Што я ведаю? — у сваю чаргу наіўна пытаўся вартаўнік.

— Кажуць, што ты ведаеш пра партыйныя спіскі, якія хаваў Стары перад тым, як яго арыштавалі.

— Якія спіскі? Ды я ж непартыйны чалавек, адчапіцеся ад мяне.

«Вось боўдзіла!» — падумаў Кавалевіч і аж успацеў, шукаючы спосабу, як бы лепш падабрацца да гэтага чалавека. І ён пачаў падыходзіць з другога боку.

— Ты ведаеш, як фашысты здзекуюцца з народа, колькі людзей праз іх загінула?

— Ну, гэта ты не кажы. Я не з тых, каб тут распрастацца перад табой. Вунь у нас на вуліцы адзін таксама распінаўся перад рабочымі, а потым, як пайшоў, колькі клопату было, ледзь ад гора адкараскаліся. А чаму? А таму, што той сабакам аказаўся, самым такім шалудзівым фашысцкім цюцікам.

— Што ж ты, выходзіць, і мяне з такім сабакам раўнуеш?

— Гэта я проста так кажу... Вас я не ведаю.

Кавалевіч сунуў яму некалькі дакументаў.

— Бачыш, я ад камуністаў. Сакратар іхні, разумееш, з падпольнага гаркома.

— Чаго ж тут разумець? Так бы і гаварыў адразу.

— Казалі, што бачыў ты, як Стары закопваў сваё дабро ад немцаў.

— Так бы ты і пытаў...

— Дык ты бачыў, як Стары закопваў?

— Вядома, бачыў. Ён яшчэ і рыдлёўку ў мяне пазычаў. Так і асталася там у склепе.

— І ты мог бы паказаць тое месца?

— Вядома, магу.

— Дык давай зараз жа пойдзем туды!

— Што я, ашалеў, ці што, каб днём туды хадзіць. Мяне ж гестапаўцы адтуль з кватэры прагналі.

— А заўтра?

— Не ведаю... Наогул, не магу я гэтым займацца, не мой гэта клопат. Тут можна і галаву зламаць.

— Ну што ты! На якую хвіліну зойдзем, ты толькі пакажы мне, а там я ўжо сам усё зраблю. Ты можаш адразу і пайсці адтуль. А калі захочаш, то можаш і памагчы, мы табе грашыма заплацім. Зарплата ж, відаць, у цябе невялікая?

— Якая там зарплата? Слёзы адны.

— Значыцца, паразумеліся.

— Ат, што зробіш з табою. Ладна, прыходзь...

Як на крылах паляцеў па вуліцах Кавалевіч. Хапіў добрую шклянку познанскага шнапсу і тут жа ледзь не апалавініў свае прадуктовыя запасы.

Гуляй, Кавалевіч! Гуляй, Неўскі! Гуляй, Крывашэін!.. Многа прозвішчаў было ў яго. І за кожнае варта было выпіць. Калі заваліўся спаць, у галаве мроіліся самыя лепшыя планы.

То вось ён атрымлівае грашовую прэмію за сваю работу, то вось мае найлепшую пасаду — легальную, дзе не трэба туляцца і прыкідвацца. А вось у яго вялікія чамаданы дабра. І грошай, грошай! А з грашыма зробіш, што хочаш. Можна хутар набыць, яшчэ лепшы, як некалі ў бацькі быў. Ды праз той хутар і яму, маладому Кавалевічу, колькі розных перашкод было, пакуль не выбраўся на простую дарогу. У партыю прабіўся, думаў лягчэй пойдзе, ды вайна вось пачалася.

У сне бачыў Кавалевіч запаветны хутар, цот у цот такі ж, на якім давялося яму пабыць у Прусіі, куды вазілі іх у кароткатэрміновую школу. Аж чатырнаццаць парабкаў хадзіла па полі. А ў стайнях коні, коні, не раўнуючы, як бегемоты...

Прачнуўшыся, доўга не мог уцяміць Кавалевіч — ці сон гэта быў, ці ява.

Увесь дзень прахадзіў Кавалевіч у прыўзнятым настроі.

Як толькі пачало цямнець, ён адразу падаўся з кватэры. Не, не падманіў яго рабочы. Ён сядзеў каля прыстанцыйнага скверыка і круціў з махоркі цыгарку.

— Што ж, пойдзем? — запытаўся без прывітання Кавалевіч.

— Ды пойдзем, што ты тут зробіш...

А праз якія тры кварталы і дом патрэбны. Гэта была чатырохпавярховая камяніца. Палавіна яе была разбіта бомбай, асела цагляным друзам, на якім сямтам тарчалі пабурэлыя бадылі леташняга быльнягу. Сцены другой палавіны стаялі цэлыя, з чорнымі праломамі вокан, з густымі вышчэрбінамі ад куль ды асколкаў.

— Спачатку я пайду, а вы крыху пасля. Прыглядайцеся, куды я падамся. Ды пазірайце на вартавога, які вунь ходзіць, каб не заўважыў часам.

Кавалевіч моўчкі кіўнуў галавой. Ён бачыў, як рабочы хуценька падаўся праз разбітыя вароты на двор і, улучыўшы хвіліну, калі вартавы на другім баку павярнуў назад, сігануў следам. Яшчэ хвіліна, і яны нырнулі ў пралом падвальнага акна. Было тут цёмна, вільготна. Пад нагамі хрупасцела шкло ад пабітых рам, якія навалены былі тут у беспарадку. Ногі спатыкаліся аб камяні, бітую цэглу ды рознае ржавае жалеза.

Дом — на цэлы квартал. Вялікае было сутарэнне. Яно цягнулася лабірынтам, у якім незнаёмаму з ім лёгка заблудзіць. Колішняя качагарка затоплена вадой, пад нагамі патрэскваў тонкі лядок. Цэментавая столь у некаторых мясцінах павыгіналася, пагрозліва навісшы над галавою.

У некаторых аддзяленнях сутарэння было зусім цёмна, і, каб не ўдарыцца ў што-небудзь нечакана, Кавалевіч пстрыкаў кішэнным ліхтарыкам пад ногі.

Урэшце спыніліся. Было тут зусім як у магіле, цёмна і ніякага гуку. Аднекуль зверху рэдка падалі вадзяныя кроплі.

— Тут яно і схавана. Вось і рыдлёўка мая. Пасвяціце...

І хаця пахла тут сапраўднай магілай,— божа, божа, вось абваліцца ўсё над табою, шугане так, што і костачак не збярэш! — але Кавалевіч адчуў прыліў незвычайных сіл, нейкага нечуванага ўздыму. І здалося, што рабочы ледзьве варушыцца з рыдлёўкаю, нібы проста жартуе. Кавалевіч выхапіў рыдлёўку ў яго з рук, аддаў ліхтарык.

— На, лепш свяці!

Але хутка змогся, задыхаўся, адышоў убок.

— Бяры, капай сам пакуль што.

Яма ўсё шырэла і глыбела. У яе па самыя плечы ўжо ўлез чалавек. Рыдлёўка цюкнула аб нешта цвёрдае. Аж уліп у яму вачыма Кавалевіч.

— Зараз дастанем, рыдлёўка не ідзе далей.

І калі пачуцці Кавалевіча дасягнулі найвышэйшай мяжы, калі пры скупым святле ліхтарыка нібы ўсё раптам пасвятлела, загайдалася незвычайным святлом,— за плячыма, сцебанулі яго два словы:

— Рукі ўгору!

Калі азірнуўся, адчуў, як пацяжэлі ногі. Два пісталеты не зусім далікатна ўліплі ў самую патыліцу. Трэці нацэліўся збоку.

— Зброя ёсць?

— Ды што вы, панове! Навошта ж так? Я сам, я сам... у правай кішэні, калі ласка, бярыце, браўнінг там. А ў бакавой кішэньцы дакуменцік мой, прашу, прашу.

Браўнінг узялі.

— А дакумент свой падавай сам.

Хаця і свае, можна сказаць,— па форме ж відаць, эсэсаўцы,— а рукі трэсліся, усё не траплялі адразу ў кішэню пінжака. Варта б гэтым дурням, аднак, больш ветліва абыходзіцца з ім, час ужо ведаць як след свае кадры.

— Вось і дакуменцік, бярыце, калі ласка.

З дрыжаннем у руцэ падаў бляшаную кружэлку, падобную на нумар ад вешалкі. Адно, што дзіркі няма. Але нумар як след, не шкадавалі як ціснулі, і сляпы прачытае.

І калі ўзялі нумарок той,— паглядзелі ды ну ў рогат. І чаго б, здаецца, смяяцца ў такім разе, зусім тут не да смеху...

— Не разумею, панове, зусім не разумею.

— Сапраўды, пан Кавалевіч, не да смеху табе, так умазаўся. Ну што ж, давай цяпер поўную справаздачу, калі асобу сваю ўласнаручна пасведчыў.

Маўчаў пан Кавалевіч, усё думаў, ці сон гэта нядобры, ці сапраўды навалілася нешта страшнае.

— Што ж маўчыш ты, гад? Гавары, па колькі марак зарабляў на чалавечай душы?

Задрыжаў Кавалевіч, аж ногі падагнуліся, і калаціліся дробна-дробна тыя штонікі ў елачку, што некалі ў Кёнігсбергу атрымаў. І раптам завыў, закрычаў шалёным голасам:

— Ратуйце!..

Крык абарваўся. Цэлы кляп засунулі ў рот правакатару. Ён паваліўся на кучу жоўтай, вільготнай зямлі. Яна была мяккая, падатная. Ляжаць бы на ёй, ляжаць, адчуваючы яе свежасць, каб не гэтыя людзі. Вось яны вынялі з рота кляп. Ціха загадалі:

— Расказвай!

— Родненькія, любыя, усё раскажу... толькі злітуйцеся.

І ён расказваў. Часам запінаўся. Яму падказвалі прозвішчы людзей, што загінулі на шыбеніцах.

— Так, так...

Гаварыў, адказваў, загаварвацца пачаў. Пераглянуліся людзі, а рабочы, што яму капаў, устаў, абтрос рукі ад зямлі, грэбліва сказаў:

— Павесіць сабаку, чаго з ім валаводзіцца...

— За што, браткі? Ці я ж вінаваты, што доля такая. Я яшчэ раскажу вам...

І такі лямант усчаў Кавалевіч, што хоць ты вушы затыкай. Пісталетны стрэл абарваў сабачы лямант. Глуха чмякнулася на дно ямы цела Кавалевіча. Ён не чуў і не мог ужо чуць, як шархацела зямля, засыпаючы яму.

 

2

Тое, што раптоўна знік Кавалевіч, устрывожыла гестапа. Чакалі дзень, чакалі два, наладзілі сакрэтныя пошукі. Перарылі яго кватэру, спадзеючыся знайсці які-небудзь след. Але сакрэтны вобыск нічога не даў. Кінуліся былі арыштаваць гаспадыню кватэры, у якой жыў Кавалевіч, але ад суседзяў даведаліся, што гэтая жанчына ўжо дзён пяць знікла з дому. Суседзі ж былі як суседзі, усё службовы народ — адны працавалі ў магістраце, другія ў іншых гарадскіх і нямецкіх установах. І калі ўжо гестапаўцы збіраліся пакінуць кватэру Кавалевіча, адзін з іх выцягнуў з кішэні пінжачка, што вісеў на сцяне пакоя, невялічкую запісную кніжку. Гэта былі гаспадарчыя запісы Кавалевіча. І вось у канцы ўсяе бухгалтэрыі быў зроблены зусім чытэльны запіс: «А сёмай гадзіне вечара сустрэча наконт спіскаў». І дата была пастаўлена гэтай сустрэчы — якраз той дзень, калі знік Кавалевіч.

Гестапаўцы адразу зразумелі, што з Кавалевічам ім наўрад ці ўдасца больш спаткацца і што пошукі цяпер трэба рабіць ужо ў другім напрамку: шукаць вінаватых у яго пагібелі. Клопату і турбот ім хапала. І колькі яшчэ дзён яны не адважваліся далажыць не толькі самому Кубэ, але і начальніку паліцыі Герфу, які ўскладаў вялікія надзеі на Кавалевіча.

Вось і далажы цяпер начальству, што галоўны іх козыр бясследна знік. З Кавалевічам знікла некалькі чалавек, якія былі надзейнымі вушмі і вачмі гестапа. Даходзілі чуткі, не правераныя, праўда, яшчэ, што ў горадзе знаходзяцца няйначай бальшавіцкія эмісары, якія не то робяць чыстку ў падполлі, не то аднаўляюць разгромленыя арганізацыі. І тут як гром з яснага неба з’явілася лістоўка. За адну ноч яна ўпрыгожыла абшарпаныя сцены руін, уцалелыя платы, тэлефонныя і электрычныя слупы, дрэвы на гарадскіх скверах і бульварах. Некаторыя з нямецкага начальства, у тым ліку і сам Кубэ, атрымалі яе па службовай пошце.

Кідаліся ў вочы буйныя літары загалоўка: «Сабаку і сабачая смерць!» На жоўтым кавалачку паперы паведамлялася, што гэтымі днямі суд народа пакараў смерцю аднаго з самых гнюсных правакатараў і фашысцкіх наймітаў — Кавалевіча, які за нямецкія маркі паслаў на шыбеніцы дзесяткі людзей горада.

Кубэ склікаў тэрміновую нараду паліцэйскага і эсэсаўскага начальства. Направа і налева сыпаліся перуны і маланкі.

Паляцела з пасад некалькі начальнікаў, і ў першую чаргу начальнік аддзела разведкі гестапа, які непасрэдна кіраваў Кавалевічам.

 

3

Слышэня збіраўся пакінуць горад, каб накіравацца назад, у штаб, як некаторыя ўскладненні з прапускамі і другія прычыны затрымалі яго. Не варта было рызыкаваць, калі ўсё ў горадзе было пастаўлена на ногі, да апошняга паліцая. Ішлі масавыя аблавы, вобыскі.

І хаця Слышэня меў магчымасці выбрацца з горада, яму не хацелася пакідаць у гэты цяжкі час падпольнай арганізацыі, якая адчувала вострую патрэбу і ў добрай парадзе і ў дапамозе.

Слышэня паслаў сувязнога з горада да Саколіча з падрабязным данясеннем пра апошнія падзеі і прынятыя ім захады.

Пад вечар Слышэня непрыкметна прабраўся ў дом да Журыцкага, каб праз яго звязацца з Сяргеем. Даведаўшыся, што сёння Сяргея няма, Слышэня збіраўся пайсці ўжо, але Журыцкі заўважыў на бліжэйшай вуліцы ўзмоцнены рух паліцаяў.

— Відаць, чарговыя аблавы збіраюцца рабіць. Гэта ў нас часта бывае. Ну што ж, прачэшуць нашу вулічку, а тады можна будзе і падавацца.

Праз якое паўгадзіны, калі яны збіраліся выходзіць з хаты, у дзверы з вуліцы моцна застукалі.

Журыцкі асцярожна адсунуў край фіранкі на акне, уважліва ўгледзеўся ў змрок вуліцы. Ля самага плота і ля ганка ён заўважыў некалькі постацей. Пстрыкнуў ліхтарык, нехта зірнуў няйначай у лісток паперы. Святло выхапіла з цемры казырок эсэсаўскай шапкі, абшлаг мундзіра.

— Эсэсаўцы! — шэптам сказаў Журыцкі.— Ну і чорт іх бяры, дакументы ж у цябе добрыя?

У дзверы барабанілі ўсё мацней і мацней.

Знарок гучна пазяхаючы, нібы толькі што прачнуўшыся ад сну, Журыцкі нездаволена запытаўся:

— От жа не даюць паспаць! Ну, хто там?

— Гэта я, Журыцкі, адчыні. Трэба мне да цябе па невялічкай справе.

Каб было святло ў хаце, то заўважыў бы Слышэня, як пабялеў стары. Марудзячы і зашчапляючы дзверы на запасныя крукі, ён, аднак, перапытаў яшчэ раз:

— Хто ж гэта там, нешта не пазнаю я.

— Ну вось, не пазнаеш. Гэта я, Сяловіч!

— Зараз, зараз, таварыш Сяловіч!

Ужо гэтымі некалькімі словамі Слышэня быў падрыхтаваны да самага небяспечнага. Пальцы правай рукі сціснулі тронкі браўнінга, а другая з акрайца хлеба дастала лімонку, сунула яе ў кішэню. А ўжо Сцяпан Іванавіч цягнуў яго за руку, падаючыся за шалёвачную перагародку.

— Хутчэй, хутчэй, Вадзім Рыгоравіч! З гэтай заразай нам сустракацца не варта...

У адно імгненне яны выбілі акно ў сад і апынуліся ў густым вішанніку. Снег яшчэ не сышоў паміж дрэў, у ім грузлі ногі.

— Хутчэй, хутчэй, Рыгоравіч, ды завулкам падавайся на той бок вуліцы. А там садамі, садамі ды ў хмызняк...

Вось і плот, вось і выламаная шчыкеціна.

А ззаду ўжо чуваць асіплыя галасы.

— Стой,— крычаць,— стой!

Пісталетныя стрэлы грымнулі ад дома. Але ўжо на той бок плота і Слышэня, і Журыцкі. Крокаў сорак якіх асталося да вуліцы, толькі перабегчы яе! Ім кінулася напярэймы некалькі аўтаматчыкаў.

І туды, дзе былі гусцей чорныя постаці, шпурнуў лімонку Слышэня.

Каб адцягнуць увагу на сябе, Журыцкі пабег ў супрацьлеглы бок вуліцы, хаця і бліжэй тут былі тыя, што наганялі ад саду. І яму ўдалося на колькі хвілін перахітраваць іх. Яны кінуліся следам за ім. Уперадзе ўсіх бег Сяловіч, які стараўся схапіць Журыцкага жывога. Але паслізнуўся на вулічнай абледзянелай зямлі і, каб не ўпусціць старога, разрадзіў у яго ўсю абойму парабелума. Як бег той, так і прыкленчыў на зямлі. Хапіўся рукою за бок, гарачы струмень пацёк па пальцах.

Хацеў прыўзняцца і не мог. Нясцерпны боль ламаў плячо, працінаў тысячамі іголак грудзі. У роце адчувалася нязвыклая саленаватая цяплынь, і калі наважыўся адкашляцца, ледзь не захліпнуўся. Рука з рэвальверам пацягнулася была да скроні, але тут ён пачуў знаёмы голас:

— Дарэмна ж бег ты. І чаго ты бег?

Гэта гаварыў Сяловіч. Ішоў не спяшаючыся, з перасцярогаю.

— Ад фашысцкіх сабак бег, ад цябе бег...

— Нешта ты блюзніш...

Быў ён ужо зусім блізка.

Тры патроны асталося ў рэвальверы. Гэта добра памятаў Журыцкі, ён не любіў памыляцца.

Сабраўшы апошнія сілы, ён выстраліў тры разы ўзапар.

Сяловіч быў забіты напавал.

Журыцкі яшчэ здолеў голасна крыкнуць на ўсю вуліцу, каб чулі людзі, якія не спалі ў гэтую ноч і трывожна прыслухоўваліся з-за аканіц да трагічных падзей, што разгортваліся ў змроку гарадскіх вуліц:

— Чуйце людзі, я забіў Сяловіча, я забіў правакатара!..

Яго падабралі яшчэ жывога. Не білі, не катавалі. Нават прывезлі доктара, і той тут жа асцярожна зрабіў перавязку.

Па дарозе ў турму ён памёр.

Слышэню затрымалі праз якую паўгадзіну. Адстрэльваючыся, ён перабег на другі бок вуліцы і тут каля нізенькага плоціка быў паранены ў нагу. І, можа, выбавіўся б як з бяды, каб не паліцэйскі патруль, які, пачуўшы стрэлы, спяшаўся сюды з кантрольнага паста на бальшаку.

Слышэню падхапілі паліцаі пад рукі і пацяглі па вуліцы. На перакрыжаванні спыніліся, пакуль не дачакаліся нейкай запозненай грузавой машыны. У турме ўпіхнулі ў вялізную камеру, бітком набітую народам.

Тут сядзелі ў большасці толькі што прывезеныя пасля аблаў, вобыскаў, арыштаваныя ў гэтую і мінулую ноч. Былі тут і пажылыя, і маладыя, і зусім яшчэ падлеткі, былі жанчыны і дзяўчаты. Спалі як дзе хто мог — на нарах, пад нарамі, на праходах, уздоўж халодных сцен.

Ледзьве выбраўшы месца, дзе прысесці, доўга намагаўся Слышэня зняць з нагі бот. Яму памаглі, асцярожна перавязалі рану. Яна была не вельмі сур’ёзная, куля прабіла толькі мякаць, але многа сышло крыві, і Слышэня адчуваў вялікую слабасць. Кружылася галава.

Прыгадваючы цяпер усё спакойна, Слышэня прыходзіў да думкі, што ў гэтай падзеі эсэсаўцаў і правакатара Сяловіча цікавіла чамусьці асоба Журыцкага. Яны прыходзілі спецыяльна па яго, а ён, Слышэня, быў узяты выпадкова.

І калі зрабіў гэты вывад, яму стала лягчэй. Яго сапраўднага прозвішча ніхто тут з турэмшчыкаў не ведаў. Эсэсаўцы ў спешцы не спыталіся, як яго завуць...

Ужо цёмныя шыбы вузенькага акенца пад самай столлю пачалі шарэць, як Слышэня змогся ўрэшце і ўпаў у кароткі сон.

Раніцаю пачалася праверка. Некалькі эсэсаўцаў з грукатам увалілася ў камеру, нагайкамі, ударамі ботаў прымушалі людзей уставаць.

Потым выклікалі па спіску і па адным выпускалі на турэмны двор. Хутка ў камеры асталося толькі некалькі чалавек, у тым ліку і Слышэня.

— Прозвішча? — сурова запытаўся эсэсавец з чорнай павязкай на адным воку.

Гэтае пытанне меў на ўвазе Слышэня. Яшчэ ноччу ён думаў пра тое, як жа яму назвацца, з якім прозвішчам выступаць. У халяве аднаго з ботаў былі ў яго дакументы на імя Сідарчука.

— Сідарчук! — адказаў ён.

— Імя?

— Мікалай Міхайлавіч.

— Ну, ідзі!

Ён не мог хадзіць, не мог стаяць на нагах, і эсэсаўцы загадалі двум вязням памагчы яму выйсці.

Гэта не была звычайная турэмная пагулянка. Проста ўсіх трымалі пад адкрытым небам, пакуль другія вязні падмяталі камеру, сяк-так падчышчалі яе. Але камера даўно была прыбрана, а іх усё трымалі на двары. Ішоў мокры снег. Ён падаў і падаў з дакучлівай аднастайнасцю мокрымі камякамі на плечы, на спіны, на галовы. Калі хто імкнуўся атрэсці яго, чулася грозная каманда:

— Не варушыцеся, іначай будзем страляць!

На двор выйшаў начальнік турмы. Усім абліччам сваім, непамернай таўшчынёю, азызлым шызаватым тварам з вузкімі шчылінкамі залітых тлушчам воч, ён нагадваў каўбасніка. Да яго таўшчыні не зусім пасавалі карацелькі-ногі, і калі ішоў ён, то здалёк можна было палічыць яго за піўную бочку на калёсіках. Ён прайшоўся ўздоўж шарэнг, адсопваючыся, нацягваючы на твар маску пыхлівасці і пільна ўглядаючыся ў твары вязняў. Гэта быў пан Кёрзіг. За ім, не адстаючы ні на крок, ішоў сабака. Эсэсаўцы гаварылі часам між сабой, што сабака быў куды больш разумным за свайго гаспадара. Гаспадар ні ў чым не адставаў ад сабакі, асабліва ў лютай злосці да вязняў. Але сёння абышлося без асаблівых эксцэсаў.

Кёрзіг стаў перад шарэнгамі і, выставіўшы ўгору палец, падобны на перавараную сасіску, сказаў:

— Парадак!

Агледзеўшы вязняў, ці зразумелі яны гэтую глыбакадумную ісціну, літасціва дадаў:

— Парадак і праўда! Хто гаворыць праўду, той... Той, хто будзе гаварыць праўду, будзе есці, разумееце вы, мець хлеб і суп у абед і ўвечары. Хто будзе гаварыць праўду, той можа пайсці потым да сваіх жонак, да сваіх матак, да сваіх дзетак... Разумееце, дзетак... А таго,— тут ён узвысіў голас так, што зароў сабака, настаўбурчыўшы хіб,— хто не любіць праўды, таго мы навучым любіць і паважаць шыбеніцу, чуеце і разумееце вы, шы-бе-ні-цу...

Ён выцер твар хустачкай і пайшоў, перавальваючыся з боку на бок, як качка. І як каччына валлё, цягнуў яго дадолу непамерны жывот, на якім напіналіся, трашчалі форменныя гузікі мундзіра.

Вязні з двара па двое ўваходзілі ў камеру. Пасля волкай вільгаці двара, пасля снегу і сцюдзёнага ветру цесная камера здалася цёплым прытулкам. Усе з палёгкаю ўздыхнулі.

 

4

Калі Слышэню прывялі першы раз на допыт да следчага, той сустрэў яго ветліва. Кароткім жэстам рукі ён прапанаваў Слышэню сесці на крэсла, кіўнуў галавой канваіру — «выйдзі!»

Рэдкія валасіны на галаве былі старанна зачэсаны на адзін бок, каб прыкрыць лысіну, якая, відаць, парушала душэўную раўнавагу яе гаспадара, чалавека яшчэ параўнальна маладога. Ад яго пахла таннымі нямецкімі сігарэтамі, туалетнай вадзіцай і фіксатуарам.

Здавалася, і ўсмешка яго, з якой звярнуўся ён да Слышэні, таксама пахла фіксатуарам.

— Вам, дарэчы, не холадна ў камеры? Наш начальнік турмы, кажучы між намі, даволі-такі вялікая скнара... Між іншым, як ён вам падабаецца? Цяжкі характар, цяжкі... Што ні кажыце, але ж прафесія... Яна дае сябе знаць у жыцці кожнага, і, канечне, такая прафесія не робіць чалавека мяккім і, як бы вам сказаць, высакародным... Так, так... як вы асабіста гледзіцё на гэтую справу?

Яго твар зноў расплыўся ва ўсмешцы, паголеныя аж да сінізны шчокі былі ўкрыты нібы плёнкаю масла. І толькі ў вачах быў халодны алавяны бляск, і яны ўперыліся ў вязня доўгім, пільным позіркам.

Слышэня вытрымаў гэты позірк, не апусціў сваіх воч. Калі заўважыў, што следчы не вытрываў яго позірку, пачціва адказаў:

— Я думаю, пан следчы, што думкі мае па гэтай справе нічым не памогуць і вам і мне вырашыць тое асноўнае, дзеля чаго мы сядзім тут з вамі.

Следчы, масіруючы пальцамі вейкі, скоранька, нібы спалохана, праказаў:

— О, так, так... Ваша праўда. Але ж, ведаеце, сумна так... усё допыты, допыты... Яны ж падобны адзін на аднаго, як гэтыя вось алоўкі на стале. А хочацца гаварыць з чалавекам, як гавораць пры сустрэчы старыя прыяцелі...

— Аднак, пан следчы, я не знаёмы з вамі...

— О, так, так... Я таксама не маю гонару ведаць вас, не сустракаў... Што ж, возьмемся за справу. Ваша імя і прозвішча?

— Сідарчук, Мікалай Міхайлавіч.

— Па якой справе вы папалі сюды?

— Такое ж пытанне я мог бы задаць вам, пан следчы. На вялікі жаль, я не ведаю гэтага: вось ужо некалькі дзён, як я затрыманы, і мне не сказалі — за што.

— Вы жыхар Мінска?

— Не. У дакументах дакладна сказана, дзе я жыў, дзе працаваў, дзе быў апошнія часы.

Сапраўды, у даведцы з смаленскай турмы, выдадзенай на імя грамадзяніна Сідарчука, родам з Саратава, было сказана, што ён вызвалены з турмы пасля адбыцця пакарання і накіроўваецца на радзіму. Стаяла і дата — дзень ці два напярэдадні вайны.

— Чаму ж вы не ў Саратаве?

— Вы самі разумееце, чаму я цяпер не ў Саратаве. Я астаўся працаваць на Смаленшчыне, бо не было сродкаў, каб заехаць на радзіму. А тут вайна... Так і прабіраўся паступова да Мінска, там і адзнакі ў дакуменце ёсць розных упраў і валасных праўленняў, дзе я працаваў па некалькі тыдняў.

— Гм... Недарэчы неяк у вас выходзіць: чалавек хоча вярнуцца дахаты, у Саратаў, а трапляе чамусьці ў Мінск... Ці не скажаце вы часам, якія прычыны прывялі вас у Мінск?

— А прычыны вельмі простыя, пан следчы. Апынуўшыся ў такім становішчы, як я, кожны, зразумела, будзе шукаць сваіх блізкіх ці знаёмых, якія маглі б памагчы яму. Адзіны, хто мог памагчы мне, гэта мой родны дзядзька.

— Паслухайце, паважаны расказчык, ці не здаецца вам, што вы занадта ўпрыгожваеце свае паказанні фантазіяй?

— Даруйце, я не разумею, пан следчы, вашай іроніі. У мяне ў Мінску сапраўдны дзядзька.

— Хто ж ён, хто? — раптам павесялеў следчы, аж прыўстаў за сталом.

— Начальнік вакзала.

— Прозвішча, адрас?

— Прозвішча я магу сказаць вам, а адраса цяперашняга не ведаю. Чатыры дні таму назад я даведаўся, што ён у пачатку вайны эвакуіраваўся на ўсход.

— Слухайце, вы! — ужо даволі рэзка спыніў яго следчы, які ўсё далей і далей адыходзіў ад таго стылю гутаркі, якую вядуць «прыяцелі, знаёмыя».— Вы дарэмна, урэшце, расказваеце ўсе гэтыя байкі... Так, так, казкі... Я павінен сказаць вам, што мы ведаем усё, усё: і хто вы, і чым вы займаецеся, і якія вашы планы і замыслы...

— Чаму ж вы не сказалі мне пра гэта раней? Я ж не займаў бы ў вас столькі дарагога часу на расказы аб усіх гэтых акалічнасцях, якія так добра вядомы вам.

Следчы нібы прыкусіў язык, намерыўся быў нешта сказаць, але памаўчаў якую хвіліну, барабанячы пальцамі па стале.

— Ведаеце, што я вам параю,— урэшце сказаў ён.— Я прыйшоў сюды не ў жмуркі гуляць з вамі. Дзіцячая гэта забава. Мы дарослыя з вамі людзі, і, мне здаецца, вы добра разумееце, што мне патрэбна ад вас...

— Канечне, пан следчы, разумею... Я павінен вам расказваць толькі шчырую праўду...

— Пачакайце, пачакайце, урэшце... З якога года ў партыі ваш дзядзька? — задаў пытанне следчы проста для таго, каб задаваць нейкія пытанні. Закрадваліся сумненні ў яго, ці не памыляецца ён у сваіх падазрэннях.

— Вы пытаецеся пра партыю? Якое там!.. Ён беспартыйны. Ды што беспартыйны... ён такі старарэжымны чалавек, што я толькі дзіву даваўся, як яго Савецкая ўлада трымала... Ну, з спецыялістаў, канечне, з ім лічыліся напэўна...

Следчы, які ўвесь час думаў аб нечым сваім, што не давала яму спакою, нібы між іншым запытаў:

— А дзе гэта вас... вось скажы-тка лепш,— тут ён перайшоў на ты,— дзе гэта падбілі цябе? — і вокам паказаў на нагу, укручаную вышэй калена анучамі.

— А як жа, падстрэлілі, пан начальнік, падстрэлілі...— з «пана следчага» Слышэня перайшоў на «пана начальніка», гэта ж куды зручней, калі цябе называюць на ты.— Яшчэ дзякаваць богу, што паліцыя натрапіла. Каб не падабрала, зусім бы крывёй сышоў, лежачы там на вуліцы.

— А хто ж падстрэліў?

— А бог яго ведае...

— Ты чаму не ў арміі?

— Якая армія? З турмы адразу ў армію не бяруць. Ды і не ў гэтым рэч. Павінен я, пан начальнік, сказаць вам, што да такой справы я крыху і няздатны.

— У паліцыю мог даўно паступіць, лодар! — ужо досыць грэбліва прамовіў пан следчы.

— Вось гэта вы праўду кажаце!

— Устань, рассеўся тут, як роўны з роўным! — не сказаў ужо, а выкрыкнуў нахмураны следчы.— Парадку вас не навучылі як след, дык я навучу адразу.

Слышэня ўстаў.

— Я папрашу вас, пан начальнік, дазволіць хаця абаперціся крыху на крэсла, бо нага вельмі баліць.

— Выстаіш, не дзе дзенешся.

Следчы выклікаў канваіра.

Пакуль той з’явіўся, Слышэня папрасіў:

— Мне б доктара.

— Ідзі, ідзі, там цябе падлечаць і без твае просьбы.

Следчы жэстам падаў знак канваіру. Той рэзка пацягнуў за рукаў, штурхануў наперад.

— Ну, пайшлі!

Канваір вёў не ў камеру, а некуды па калідоры, у якім гулка аддаваўся кожны крок і асабліва крокі канваіра, абутага ў цяжкія, падкутыя жалезам боты.

Канваір ірвануў за дзверы, якія ледзь прыкметны былі ўпоцемку. Адтуль бліснула яркае святло, і не паспеў Слышэня прыжмурыць воч, каб крыху агледзецца, як моцны ўдар у спіну кінуў яго наперад. Ён толькі пачуў два словы канваіра:

— Прымайце, вы!

Слышэня паляцеў потырч праз некалькі каменных ступенек. Ён ледзь не страціў прытомнасць, калі ўпаў на цэментную падлогу, моцна выцяўшыся параненай нагой аб вугол драўлянага тапчана. Ён чуў чыйсьці рогат, да яго дайшоў голас канваіра. Не то з дакорам, не то з вясёлымі кпінамі гаварыў з высокага парога:

— Не ўмееце прымаць, разявакі!

Сказаў і ляпнуў дзвярмі. Нехта рагатаў блізка. Паветра было страшэнна пракуранае, шэрыя клубы тытунёвага дыму навіслі бадай што над самай падлогай. Слышэня натужна прыўзняўся на каленях. Яго ўзялі пад локаць.

— Ну, ну, варушыся, смялей, смялей... Вось так, вось так...

І не паспеў Слышэня яшчэ азірнуцца, як моцны ўдар у грудзі кінуў яго ў процілеглы бок. Ён зноў трапіў у нечыя рукі. Яго білі, перакідалі з рук у рукі, штурхалі на вострыя краі тапчана.

Як праз сон, пачуў ён голас:

— Ну, хопіць з яго!

Кінуўшы яго на падлозе, каты заняліся той справай, якой, як відаць, займаліся і да гэтага часу. Яны ігралі ў карты.

 

5

Калі Свістун быў не ў гуморы, перажываў якія непрыемнасці ці проста нападаў на яго сум, ён аддаваў сваім хлопцам каманду:

— Сядлайце коней, пратрасёмся крыху!

Партызанам з аховы такая каманда — у самы раз. Надакучаюць жа бясконцыя заняткі: то страявая муштроўка, то «славеснасць» — вучылі вайсковыя статуты, то разборка ды зборка зброі.

— Куды загадаеце, таварыш камандзір? — пытаўся ардынарац, хоць і без запытання мог вызначыць дакладны маршрут.

— Кіруй на бальшак! — загадваў начальнік.

— Ёсць на бальшак! — і два-тры коннікі віхрам зрываліся з месца. Гэта была, так сказаць, і разведка і баявая ахова.

Астатнія хлопцы ехалі паціху. Свістун недалюбліваў хуткай язды. Па-першае, ён не хлапчук які-небудзь. Трэба ж паважаць, урэшце, і сябе, сваю начальніцкую годнасць. А калі па шчырасці сказаць, дык дужа і не нагарцуешся на гэтым бегемоце. Можна было б даўно змяняць каня, але гэта было не ў натуры Свістуна. Яго конь павінен быць самы адменны, каб ні ў кога другога такога не было.

Дужа любіў гэтую адменнасць і своеасаблівы размах у працы Свістун. Некалі быў ён загадчыкам аднаго з упраўленняў. Адбудаваў кабінет пад мораны дуб, абставіў такой жа добрай мэбляй, павесіў бронзавыя люстры і, седзячы за сталом, падобным не то на пастамент, не то на саркафаг, любаваўся шэдэўрамі мастацтва, паразвешванымі на сценах. Націскаў на адмысловыя кнопачкі на стале, і ў шырока адчыненых дзвярах паяўлялася зефірападобнае стварэнне, якое напаўняла салідны кабінет шоргатам шаўковай сукенкі, кволым перастукам — ах ты, козачка! — лакавых туфелек, пахамі парфумы і яшчэ шмат чым такім светлым і няўлоўным, як хітраватая ўсмешка на гэтых ружовых шчочках...

— Вы клікалі мяне, Леанід Пампеевіч?

— Клікаў, дарагая, клікаў. Прынясіце-тка спіскі лепшых ільнаводаў.

Разглядаў спіскі, пытаўся пра сёе-тое і нечакана — а можа, чакана — дакранаўся шырокай далоняй да зефірападобнага стварэння. Тое для прыліку пужалася і, адскочыўшы — ах, козачка! — на які-небудзь крок, гулліва пагражала начальніку наманікюраным кіпцюрчыкам:

— Вось скажу, Леанід Пампеевіч, вашай жонцы, як вы з дзяўчатамі жартуеце.

— Дык хто ж пра жарты гаворыць, мая ты хітрушка... Ну, падыдзі бліжэй, ах ты цыпачка...

За мораны дуб — ну, былі там яшчэ сякія-такія прычыны — уляпілі Свістуну такога «страгача» з папярэджаннем, што ледзь на пасадзе ўтрымаўся. Асабліва даўся гэты мораны дуб ды бронзавыя люстры, на якія загнаў Свістун усе сродкі, што адпушчаны былі на тэхнічную прапаганду. І задумаўся Леанід Пампеевіч. Што ж, калі прапаганда, дык прапаганда, дамо вам і тэхнічную прапаганду. І не простае што-небудзь, прымітыўнае, а такое мы вам пакажам, што слава пойдзе пра наша ўпраўленне па ўсіх рэспубліках. Дамовіўся з кіно, з артысткамі. Змайстравалі сцэнарый, і пачаліся здымкі і пераздымкі дакументальна-тэхнічнага фільма пра лён-даўгунец. Шумелі, пасылалі экспедыцыі, здымалі. Рабілася ўсё з размахам, каб здзівіць усіх.

Чаго-чаго не было ў ім. Хадзілі па полі оперныя пейзане. Вадзілі карагоды, спявалі песні. У спявачках і танцорках-ільнаводках пазнавалі гледачы вядомых артыстак, за льнамялкай стаялі не ўсім вядомыя цыпачкі. І сам ён, загрыміраваны пад гэтакага добрага малайца-брыгадзіра, з такім запалам імчаўся ў імклівым разгоне «Лявоніхі» і з такім захапленнем паглядаў на сваю напарніцу-пейзанку... Ён чакаў славы.

І гэтая слава прыйшла, праўда, не зусім такой, на якую спадзяваўся загадчык аддзела тэхнічных культур. Прапагандысцкі фільм забракавалі, зарэзалі пад корань. Фільм забракавалі, бо ў ім не было калгасніц-ільнаводак, не відаць было і льну. Праўда, пад адну песеньку, прыскакваючы, як у кадрылі, спявачкі разаслалі некалькі жменек ільну, ды яшчэ ў адным з кадраў «брыгадзір» падносіў лён да старой пракаветнай мялкі, а знаёмая сяму-таму цыпачка перад тым, як пусціць мялку ў ход, запявала вясёлую песню: «Ой, загуду я, загуду...»

Былі нарады, рэвізіі, пастановы, і прыхільнік красы загудзеў з свайго кабінета далёка ў раён. «За ашуканства, фальсіфікацыю паказу перадавога вопыту, за легкадумную растрату дзяржаўных сродкаў і за бяздзейнасць...» — так і запісана было ў адпаведным загадзе аб звальненні і перакідцы Свістуна на нізавую працу.

Можа, у такім кірунку думак і настрояў прыхільніка красы і камфорту вінаваты былі і яго бацькі. Яны не спускалі вока з свайго любага Лёнькі, хваравітага ў маленстве хлапчука, які так баяўся свежага паветра, ранішняй расы і гарачага сонца. Былі і другія дзеці ў сям’і, тыя без залішніх клопатаў татухны і матухны неяк прабіваліся самапасам у людзі, ды ў якія яшчэ добрыя людзі. А з Лёнькам усё няньчыліся, усё кешкаліся. І ў сярэдняй школе, і калі падаўся ў сельскагаспадарчы інстытут, куды паступіў, не задумваючыся аб будучай прафесіі, не маючы ніякай схільнасці да сельскай гаспадаркі. Ці самому ж думаць, калі думалі за яго татка і мамка? Калі скончыў інстытут і трэба было ехаць у далёкі палескі раён, і тут хапіла клопату старому бацьку. Колькі набегаўся і нахадзіўся, пакуль скарыстаў свае сувязі з добрымі людзьмі, якіх пераканаў, што бедны Лёня не можа жыць без нагляду дактароў. З старым, заслужаным чалавекам палічыліся, сына пакінулі ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, дзе і працаваў ён год з дзесяць на розных пасадах канцылярскага характару. Пасля перавялі яго ў камісарыят, а пасля... у раён.

Абражаная ў лепшых пачуццях і спадзяваннях, жонка палічыла патрэбным пакінуць незадачлівага мужа і шукаць новага, больш вартага апорышча ў сваім жыцці. Так і астаўся Леанід Пампеевіч адзінокім. Пра новую сям’ю пакуль што не думаў, усё перажываў свае службовыя і сямейныя непрыемнасці, крыху раскіс, апусціўся, нягледзячы на свае не такія ўжо і старыя гады — яму далёка было яшчэ да сарака.

Такім і застала яго вайна. Ледзь выйшаўшы з раптоўна захопленага ворагамі прыгранічнага гарадка, ён не паспеў выбрацца на ўсход і знайшоў, як і многа хто ў той час, прыстанак у лесе. Спачатку проста хаваўся ад немцаў, не пакідаючы надзеі, што нашы неўзабаве вернуцца.

З групы людзей, з якімі сышоўся Свістун, неяк неўзаметку вырас невялікі партызанскі атрад. Людзей вайсковых ці хаця такіх, што мелі сякое-такое дачыненне да вайсковай справы ў мінулым, у атрадзе не было. А таму зусім натуральна, што Свістун зрабіўся камандзірам атрада.

Гісторыя гэтага атрада не вылучалася якімі-небудзь выключнымі баявымі падзеямі. Але атрад усё ж такі змагаўся, адбіваў наскокі невялікіх гарнізонаў, адступаў там, дзе даводзілася тугавата, рабіў напады там, дзе адчуваў свае перавагі. Упершыню Свістун адчуў сур’ёзную адказнасць за ўзятую на сябе справу. І толькі адна акалічнасць перашкаджала невялічкаму атраду ператварыцца ў сур’ёзную баявую сілу. З першых дзён вайны ў атрадзе не зусім правільна зразумелі характар і сутнасць партызанскай барацьбы. Спачатку людзьмі кіравала імкненне як найхутчэй прабіцца на ўсход. Калі зразумелі, што гэта не так ужо лёгка зрабіць, пачалі думаць, каб зберагчы сілы, а крыху пазней — каб прабрацца бліжэй да цэнтральнай вобласці, дзе — па чутках і па ўсіх праўдзівых вестках — партызанскі рух набыў такую сілу, з якой немцы павінны былі сур’ёзна лічыцца. Там, відаць, і партызанам весялей, і, што граху таіць, куды больш бяспечна.

Так з’явіўся атрад Свістуна ў зоне дзейнасці партызанскіх злучэнняў Саколіча.

Па дарозе атрад крыху папоўніўся, яму давялося вытрымаць і сур’ёзныя сутычкі з немцамі, ён прыйшоў да месца і з некаторымі баявымі здабыткамі. Штаб Саколіча адвёў атраду пэўную зону і даў яму час на адпачынак.

З таго дня, як Свістун зрабіўся камандзірам атрада, значна змяніўся ў яго характар. Куды дзелася ранейшая яго вымушаная сціпласць, некаторая стрыманасць у абыходжанні з людзьмі, што асабліва кідалася ў вочы пасля яго перакідкі ў раён. Цяпер гэта быў чалавек, які прывык камандаваць, быць галоўным аўтарытэтам і мець над сваімі партызанамі вялікую, амаль што неабмежаваную, уладу. Усё, што было ў ім некалі адмоўнае, калі быў ён «цэнтральным работнікам»,— высакамернасць, залішняя саманадзейнасць, непавага да ніжэйшых за сябе — усё гэта неяк непрыкметна вярнулася назад. Дэспатычныя ноткі ў абыходжанні з партызанамі, выключная чэрствасць у дачыненні да сялянства, любаванне сваім камандзірскім станам і выглядам часцей і часцей прарываліся ў яго характары і паводзінах.

Калі давялося яму разоў колькі пабываць у штабе злучэння і на пасяджэннях абкома, ён прыглядаўся да ўсяго іранічным вокам, унутрана не згаджаўся, нават асуджаў аператыўныя планы і некаторыя абкомаўскія пастановы. Нахмурыўшыся, думаў: «Саматужнікі... Колькі баявых атрадаў, колькі сілы, зброі, а яны займаюцца рознай гаварыльняю пра сяўбу, пра ахову ўраджаю, пра нейкую там работу з насельніцтвам, з моладдзю... Яшчэ, чаго добрага, хутка загадаюць займацца льнозагатоўкамі, вывазкамі лесу... Абкомаўцы няшчасныя...»

Свістун ужо меў некалькі дробных непаразуменняў з абкомам. Адрабляўся пакуль што жартамі, кідаўся часам і ў спрэчкі. Калі не пераконвалі яго, дык ва ўсякім разе прымушалі замаўчаць. Дзе ты з імі дагаворышся... А яшчэ гэтая знявага. Літаральна прагналі сёння з абкома. Падумаеш, выпіў чалавек... Ну, выпіў... Гэтакая абраза для такіх вялікіх начальнікаў! Падумаеш... Ім курыца даражэй за чалавека, за якую сухарэбрую карову яны ледзь не трыбуналам пагражаюць. Вунь прачэшуць немцы раён, ніводнай тут курыцы не астанецца...

Ехаў Свістун на сваім артылерыйскім цягавіку, а нярадасныя думкі не давалі спакою. І каб хоць крыху развеяцца ад гэтых думак — пусціў каня наўгалоп.

Толькі на ўскрайку лесу прыцішыў камандзір успененага каня. Прыпыніла галоп і ўся яго світа, хлопцы адзін у адзін: рослыя, гладкія, аж угіналіся конскія хрыбты пад імі. Нямала клопату займеў Свістун, падбіраючы ўласную ахову. І падабраў. Ты яму пальцам катораму кіўні, ён адразу цябе зразумее, чаго ты хочаш і што ты загадаць надумаўся. З такімі хлопцамі не прападзеш. Канечне, даваў ім некаторую патвору, нібы не заўважаў сякіх-такіх хлапечых жартаў: там маладзіцу гуртам пакрыўдзілі п’яныя, там у дзеда выдралі тры вуллі, там цопнулі швейную машынку, каб загнаць яе за сала ў суседняй вёсцы, там кажух чужы надзелі...

І калі скардзіліся яму сяляне на яго гусараў, Свістун хмурыўся. Пасцёбваючы нагайкаю па начышчаных ботах, ён насоўваўся ўсутыч на чалавека, так што той мімаволі падаваўся на які крок назад.

— Ты што ж, шаноўны мой! — гаварыў тут Свістун, і яго ласкавы зварот паволі пераходзіў у пагражальны шэпт.— Ты на каго паклёпы ўзводзіш? Ты на цёплай печы сядзіш, штодня з жонкай хлеб жуеш, па вачах душу тваю скнарную як навылёт бачу... Дык няхай другія ваююць, галадуюць, няхай другія на холадзе зызнуць...

...Мроіліся розныя думкі, вясёлыя, невясёлыя, пакуль Свістун са сваёй камандай чакаў на ўскрайку лесу разведчыкаў, якія яшчэ раней падаліся ў сяло.

Дзень выдаўся не зусім удалы. Вецер, як увосень, зацягнуў хмаркамі бадай што ўсё неба. Часам пачынаўся дробны дожджык. Сыпане раз-другі, пераціхне, ды зноў вецер распачне свае нудныя перашэпты з мокрымі бярозкамі. А бярозкі выкінуліся на ўскрай лесу, разбегліся, нібы кучка дзяўчат у карагодзе. І вось мокнуць яны пад дажджом, шалахцяць панура.

Кіламетры за тры ад лесу зелянеюць на полі прысады — там бальшак ідзе аж на самы Слуцк.

Бальшак крута паварочваў на захад, губляўся ў сяле. Яно прытулілася на самай гары.

Хутка на палявой дарозе Свістун заўважыў конніка.

Неўзабаве той быў ля камандзіра, дакладваў як след:

— Усё спакойна, таварыш камандзір, і яны дома...

Тамара Васільеўна Збынеўская — так звалі маладую настаўніцу — з’явілася ў гэтых мясцінах яшчэ ў канцы мінулага года. У сяле, непадалёк ад старой, пракаветнай цэркаўкі, стаяла прасторная, драўляная школа, абсаджаная клёнамі і ліпамі, якія давалі добры цень улетку. Школьная сядзіба да вайны была пад агародам, на якім юннаты займаліся рознымі доследамі, наладзілі цэлую сетку мініяцюрных вопытных участкаў. Цяпер усё гэта ператварылася ў голую пустку, на якой сіратліва выглядала некалькі градак з морквай і капустай бабкі Хрысціны, школьнай вартаўніцы. Ад некаторых ліп і кляноў пааставаліся толькі пачарнелыя пні.

У школе да вайны працавалі чатыры настаўнікі. Яны разбрыліся хто куды: адны былі на фронце, другія ў партызанах. Месяцы са два ў школе размяшчаўся невялікі паліцэйскі гарнізон. Але калі поблізу з’явіліся партызаны, паліцэйскі гарнізон перавялі з сяла ў вёску, што стаяла на скрыжаванні дарог.

Тамара Васільеўна, якую прыслалі ці то з воласці, ці то з Мінска, пасялілася ў школе, пачала наладжваць заняткі. Але якая там ужо была вучоба, калі людзі неахвотна пасылалі дзяцей ды проста і ў вочы ёй гаварылі:

— Цяпер, таварыш настаўніца, выбачайце, паненка, не да вучобы.

Яна спрачалася, даводзіла, як магла, што вайна вайной, а вучыць дзяцей трэба.

— Што ж, вучы, глядзі ўжо сама...

Адным словам, вельмі не пярэчылі, ды не вельмі і хапаліся, каб выконваць усе яе просьбы ды распараджэнні. Прыглядаліся. Як-ніяк чалавек новы, а з кожным новым чалавекам асцярожнасць лішняя не будзе.

Нават бабка Хрысціна, якая і школу вартавала не з прыбытку якога (якія там прыбыткі, калі ўжо колькі месяцаў, як не плацілі ёй грошай), а па старым, неяк ужо прызвычаеным абавязку, і тая не дужа ўкідалася ў гаворку з новай настаўніцай. Яшчэ дагаворышся з ёй да якога ліха. Яна ж ад немца пастаўлена, гэтая настаўніца, ад новай улады.

Але прайшоў месяц, другі, трэці, і людзі неяк прызвычаіліся да настаўніцы. І хаця не столькі той навукі было ў школе, але быў прытулак дзецям, сякі-такі ім занятак. А калі з настаўніцай здарыліся сур’ёзныя . непрыемнасці, сталі глядзець на яе другім вокам.

Здаралася, праходзілі буйныя нямецкія часці, спыняліся на колькі дзён у сяле. Тады высялялі настаўніцу з бабкай Хрысцінай са школы, бо там звычайна размяшчаўся штаб. Настаўніца, а разам з ёй і брат яе, знаходзілі часовы прытулак у старой бабчынай хатцы, якая — адно званне, што хатка,— ледзь ліпела, дажываючы свой доўгі век. Брат настаўніцы, як казалі, стрыечны, інвалід, не заўсёды трымаўся ля сястры, яго часам не было па некалькі месяцаў. А калі з’яўляўся, дык гасцяваў не доўга, пабудзе з тыдзень-другі, ды зноў падаваўся ў дарогу. Як ён казаў, у суседнім раёне былі сваякі ў іх.

Апошнім жа разам, калі немцы спыніліся ў сяле дзён на дзесяць, яны абышліся з настаўніцай зусім ужо не па-людску. Ці яна сказала супроць якога начальніка грубае слова, ці яшчэ што, але яе разам з бабкай Хрысцінай прымусілі перамыць падлогу ва ўсіх класах, ды яшчэ насміхаліся.

Людзі пачалі паважаць маладую настаўніцу і ўжо рэдка называлі яе паненкай, а проста таварышам, асабліва, калі не было якога сабачага вока поблізу. І толькі цураліся яе стрыечнага брата. Ды і сам ён быў не з гаваркіх і, відаць, мала чым цікавіўся. Жыццё сяла яго мала абыходзіла. Маўклівы, пануры, праходзіў увечары па вуліцы, ні з кім не вітаючыся ды часам не адказваючы і на прывітанні. А ўдзень сядзеў дзе-небудзь пад яблынькай, бяздумна глядзеў на лес, на марыва над полем, на выкручастыя каленцы далёкай рэчкі, зіхатлівае срэбра якой то гублялася ў чарацяных парасніках, то злівалася з буйнай зелянінай паплавоў. Глядзеў, ленавата жуючы якую сцяблінку. Твар яго быў худы, сухарлявы, з глыбокімі ўпадзінамі шэрых зямлістых шчок. Нібы хто дакрануўся жорсткімі рукамі да тых васковых шчок і назаўсёды пакінуў на іх гэтыя ўпадзіны-яміны. Не згіналася ў локці левая рука.

Калі ён бываў дома, да яго зрэдку заходзілі незнаёмыя людзі. З некаторымі ён стараўся не гаварыць пры сястры, а забіраўся з імі куды-небудзь у зацішны куток у сад або ішоў у поле.

Часам настаўніца пыталася брата:

— Хто яны?

— Хіба ж табе няясна? Хлопцы ўсе свае, з партызан.

Тамара задумвалася на якую хвіліну, нерашуча гаварыла:

— Час цяпер цяжкі, Мікалай Ігнатавіч. Глядзі, каб не засыпаўся ты часам са сваімі падпольшчыкамі. І сябе падвядзеш, і іх, ды і сялян мясцовых пад шыбеніцу паставіш. Я ўжо не кажу пра сябе.

— Эх, Тамарка, Тамарка! — гаварыў ён, нібы жартуючы.— Каму б гэта гаварыць, толькі не табе. Што ж я павінен сказаць, гледзячы на твае мілаванні... ну... выбачай, на твае гэтыя сустрэчы з ляснымі малойчыкамі.

Тамара загаралася:

— Як табе не брыдка пра партызан так гаварыць? Ма-а-лой-чы-кі... Якія малойчыкі? Якія мілаванні?

І дзяўчына гатова была вось-вось расплакацца.

— Ну ціха, ціха, жартаў ты не разумееш. А сама папікаеш мяне за мае сустрэчы. Давай дамовімся: мы не будзем умешвацца ў справы адзін аднаго. Гэта па-першае. А па-другое, ты кінь дурную манеру мяне вучыць. Я, можа, трохі старэйшы за цябе і больш чаго бачыў.

Сапраўды, дзе ты яго будзеш вучыць, калі чалавеку пераваліла ўжо на пяты дзесятак, а табе толькі дваццаць. Ты толькі-толькі выйшла на самастойную дарогу, ды і не сказаць, каб без яго дапамогі. Ён жа скарыстаў, як казаў, нейкія там сувязі, старыя знаёмствы з работнікамі школьнага інспектарыята, дастаў пасаду ёй. Без яго дапамогі давялося б даўно галадаць ёй на мінскіх вуліцах ці апынуцца ў Нямеччыне ў парадку «добраахвотнай мабілізацыі».

З партызанамі яна пазнаёмілася некалькі месяцаў таму назад. Часта ў сяло наведваліся разведчыкі з атрада Свістуна. Распытвалі пра яе ў сялян. Заходзілі і ў школу, на кватэру. Адны заходзілі ціха, без шуму, вады напіцца ці запытацца пра дарогу ў суседнюю вёску. Другія не ўваходзілі, а ўвальваліся з форсам, з шыкам. Важнецкі казыралі і так пастуквалі ботамі, што грымела школьнае вядро, бадай што адзіны посуд на кухні. Казыралі, часамі жартаўліва рапартавалі:

— Дазвольце ад баявых партызан прывітанне перадаць і запытацца пра ваша здароўе!..

— Дзякуй вам, таварышы! Што ж, сядайце...

Скажа дзяўчына, зірне на іх такім прамяністым вокам, як у самую душу загляне. І адразу знікне напускны форс і шык у хлопцаў.

— Вы, таварышы, хацелі сказаць мне што?

Мнуцца хлопцы, не ведаюць, якое слова знайсці.

— Ды мы... ды вы... мы проста так, зайшлі наведацца да вас, паглядзець, як жывеце... А можа, і падмога якая з нашага боку патрэбна...

Слова за слова, гутарка пойдзе. Паступова праходзіць і няёмкасць. Ужо каторы і смешнае слова ўставіць, і пойдзе рогат, дружны, вясёлы.

Але ж няма калі хлопцам доўга расседжвацца:

— Вы ўжо даруйце нам, што зайшлі, можна сказаць, без запрашэння.

— Ды што вы, таварышы. Заўсёды вам рада!

— Хвацкая, браткі, дзяўчына! — скажа хто-небудзь пасля, выйшаўшы.

Ды і так адчувалі, што сюды іх стала вельмі часта цягнуць. Усё роўна, як кожны там нешта пакінуў сваё. Усе адчувалі, што безнадзейна закахаліся ў дзяўчыну. Безнадзейна, бо іх многа, а яна адна.

Заляцанне заляцаннем, а служба службаю. Не маглі ж яны ўтаіць ад камандзіра ніводнай дробязі, якую прыкмячала іх салдацкае вока. Далажылі камандзіру: так і так... Смялейшы нават адважыўся думку падаць:

— Таварыш камандзір, як начальнік разведкі асмелюся далажыць: ёсць дзяўчына, якая, на маю думку, была б добраю сувязною.

Камандзір зацікавіўся.

Неяк вясновым ранкам, калі толькі пачалі цямнець снягі на лясных прагалінах ды ахутваліся ў ліловую смугу лазовыя параснікі на балотах, Свістун з сваімі бравымі канвойцамі выехаў, каб асабіста паглядзець ды праверыць, што дзеецца ў яго зоне.

Заехаў і ў сяло. Спыніўся перад школаю. Хвацка саскочыўшы з сядла і кінуўшы павады паслужліваму ардынарцу, паважна, не спяшаючыся, пайшоў на ганак. Дзверы былі зачынены. Пастукаў раз, другі і ўжо збіраўся плюнуць на ўсю гэтую справу — не сарамаціць жа сябе перад хлопцамі,— як бразнула зашчапка і дзверы адчыніліся.

— Колькі часу цябе чакаць трэба? — крыху ўзлавана прагаварыў камандзір, акінуўшы грэблівым позіркам постаць бабкі Хрысціны. «Вось жа ведзьма...» — мільганула ў думках.

А бабка глядзела на яго ды гадала, чаго заявіўся гэты чалавек. Ціха сказала яму:

— Да нас, таварыш начальнік, больш з двара ходзяць. Вашы хлопцы ходзяць таксама цераз двор.

— Хіба ты ведаеш мяне?

— А чаму ж мне не ведаць цябе? — сказала бабка, адразу пераходзячы на «ты», як заўсёды гаварыла з людзьмі, якія і з ёй так абыходзіліся.

Убогі пакойчык, куды зайшоў камандзір, быў непрыглядны, абшарпаны. На сценах пуста, гола: ні гадзінніка, ні партрэта, ні звычайнай геаграфічнай карты, як бывае ў школьных кватэрах. Праўда, падлога ў пакойчыку чыста падмецена і вымыта да жаўцізны. На вокнах просценькія фіранкі. Ля глухой сцяны прытуліўся непафарбаваны жалезны ложак, акуратна, з пэўным густам, засланы. На драўляным століку побач квяцісты абрусік. На ім стопка кніжак, люстэрка, флакончык, пудраніца.

— Дзявочыя фінціклюшкі! — пакруціў носам Свістун і пальцам дакрануўся да гітары, што вісела на цвіку над ложкам.— Та-ак...— неазначальна прамычаў далей.— Аднак дзе ж гэтае стварэнне тутэйшае? Няйначай пераапранаецца. У іх жа ва ўсіх адзін звычай: як заўважаць мужчыну, дык і нацягваюць на сябе ўсе свае лахманы.

З суседняга пакойчыка выйшла настаўніца. І ніякіх асаблівых лахманоў на ёй не было. У просценькай сукенцы з вясёлага паркалю, у старых туфельках, яна стаяла ў дзвярах нібы апырсканая сонцам: светлавалосая, стройная, з ледзьве прыкметным румянцам. Яна прычыніла дзверы на кухню — там было сонечна,— але ў пакоіку не пацямнела: яна сама была як сонца.

Свістун заглядзеўся на яе, прывітацца забыўся. З гэтага прыкрага становішча вывеў яе голас:

— Добры дзень!

— Выбачайце, што так па-дзікунску ўварваўся да вас. Дзень добры, дзень добры! Будзем знаёмы: камандзір партызанскага атрада Свістун Леанід Пампеевіч!

Здаравеннаю лапаю сваёй, чырвонай яшчэ з марозу, ледзь не адхапіў паўрукі дзяўчыне, аж тая мімаволі пагладзіла пальцы рукі пасля такога моцнага поціску.

— Сядайце, прашу вас!

— Ах, божа мой, ды ці ў гэтым жа рэч! Тут і пастаяць можна, на вас гледзячы... Ды вы не саромейцеся! Адразу відаць — молада-зелена, не пазычаць яшчэ чырвані... Я проста дараваць сабе не магу, што жыву тут, можна сказаць, недалёка і не ведаю, што побач гэтакая... ну... гэтакая дзяўчына жыве.

Яна падалася назад на які крок, спыталася:

— Не разумею...

— Ды што тут разумець...— нахмурыўся Свістун. На сябе крыху ўзлаваў: трэба ж было перад выездам лішнюю шклянку перагону хапіць! — Даруйце за няўдалыя словы. Я пра вас кажу, сябе папракаю, што да гэтага часу не пазнаёміўся з вамі. Дзе ў вас тут маю амуніцыю прыпарадкаваць?

— Вешайце тут, ну давайце я сама,— яна забрала з рук яго скуранку, партупею і ўсё сілілася, каб павесіць іх як на цвічку, убітым у вушак.

— Эт, трэба яшчэ расці вам! — паспрабаваў ён пажартаваць.— Пачакайце, памагу, нічога ў вас не выйдзе...

Ён падышоў да яе, стаў ззаду — у нос ударыў пах яе валасоў. Падняў быў рукі, каб памагчы, і, мелькам зірнуўшы ўніз цераз яе плячо, ледзьве ўстояў, так закружылася галава. У проразі сукенкі ён убачыў, як спелы наліў, яе грудзі. І, не памятаючы нават, як гэта здарылася, абняў яе стан.

Тамара войкнула. Скуранка ўпала долу. Металічна бразнулі аб падлогу бляшкі партупеі. І адразу стала зелена-зелена ў вачах. Аплявушына, адна за адной, ашаломілі на якую хвіліну Свістуна. Дзяўчына вырвалася з яго рук, хацела кінуцца да дзвярэй, але ён засланіў іх сваім важкім целам і стаяў аслупянелы, з налітым крывёю тварам.

— Гнюсны вы чалавек. А яшчэ камандзір партызанскі называецца.

Да яго, нарэшце, вярнулася мова.

— Дык як жа асмелілася ты, нямецкая...— хацеў сказаць самае крыўднае, самае брыдкае слова, ледзьве стрымаўся.— Нямецкая ты паганка! Ды ты ведаеш, хто табе гонар аказвае? Ды я цябе задушу, расстраляю, як апошнюю гадаўку...— і ён скрануўся з месца і, расчырванелы, пайшоў на яе з сцятымі кулакамі. Яна адступіла, спатыкнулася аб крэсла ля стала, упала на яго і, ахапіўшы рукамі галаву, заплакала наўзрыд.

— Ну і страляйце, забівайце, але я не дазволю, каб з мяне здзекаваліся... І хто? Той, што носіць годнасць савецкага чалавека...

— Ну, ну, ну... памалу...— не сказаў, а прарычаў Свістун.

Але сам адчуваў, што гнеў праходзіць, астывае. У сэрцы асталася толькі муць, атрутная, непрыемная. Ды дзесьці варушыўся чарвячок сумнення: «Нядобра, аднак, выйшла».

Маўкліва захадзіў па пакоіку. А яна сядзела за сталом, паціху ўсхліпвала, раз-поразу выціраючы хустачкай твар. Светлы паркалёк на грудзях быў у цёмных плямах ад слёз.

— Вось што...— урэшце сказаў ён, супакоены.— Тамара Васільеўна! Я сам разумею, што гэта не зусім прыгожа... І за ўчынак мой, і за словы брыдкія прашу прабачэння...

— Мне не патрэбны ні вашы прабачэнні, ні, тым больш, вы самі...

— Аднак гэта ўжо не па-суседску! Хіба ж так можна?..

Тут Свістун засердаваў крыху: ты перад ёй чалавек чалавекам, а яна яшчэ фартэлі выкідвае. Аднак падышоў да яе, прыпыніўся.

— Ну, Тамара Васільеўна, ды кіньце ж злаваць... Вы такая добрая, такая слаўная, давайце вашу руку на мір... Ну вось, ці можна злавацца такому міламу цыпунчыку...

Яна так імкліва вырвала руку, што ён мімаволі падаўся на які крок назад.

— Ведаеце што? — прыўзнялася яна на стуле, і ў вачах яе бліснулі калючыя агеньчыкі.— Ніколі не гаварыце пры мне такіх брыдкіх, банальных слоў...

«Ну і вожык у спадніцы!» — падумаў Свістун, натужна прыкідваючы, з якога ж боку падысці да гэтай калючай дзяўчыны, хаця прымірыцца з ёй, каб урэшце не думала яна, што ён — такая апошняя свіння на свеце.

На парозе адчыненых дзвярэй паявіўся незнаёмы. Чалавек гэты расплыўся ў лагоднай усмешцы, хаця яна не пасавала зямлістаму адценню яго заняпалых васковых шчок. Ён стаяў на парозе і паціраў рукі. Паціраў ад холаду, ці то ад якой вялікай прыемнасці, бо губы яго шапталі:

— Вось добра, добра!

— Што добра? — ускіпела дзяўчына.

— Хто? — хутчэй не словам, а позіркам запытаўся Свістун у дзяўчыны.

— Брат. Стрыечны. Знаёмцеся...

Свістун памкнуўся да скуранкі, але яго руку перахапіў ужо Мікола Ігнатавіч.

— Куды вы, куды? Толькі трапілі да нас — і наўцёкі. Так не робіцца. Я ж старэйшы ў гэтым доме. Госць сястры — і мой госць. Завуць мяне Мікалаем Ігнатавічам Збынеўскім... Я думаю, што для першага знаёмства мы з вамі перакулім па адной-другой чарцы. Такі першачок мне знаёмыя з Слуцка прынеслі...

Чыхнуў Свістун, няйначай, прастыў крыху ў лесе. І так запяршыла ў горле, што добры напамінак пра першачок быў якраз да ладу.

— Ну што ж, нясіце яго сюды, першачок. Толькі загадзя прызнаюся: у гэтай справе я дэгустатар дыпламіраваны, так, так!

— Крыўдаваць не будзеце!

Хутка з’явіўся і першачок, і салёныя агуркі, і капуста, і яшчэ сякія-такія прысмакі.

За першаком аказалася, што Збынеўскі, гэты непрыемны з выгляду чалавек, быў добры, вясёлы субяседнік. Ён і пару анекдотаў расказаў, і падзяліўся сваімі думкамі пра гітлераўскую ўладу, і гарадскімі мінскімі навінамі.

— Адкуль вы ведаеце? — пацікавіўся Свістун.

— Я нядаўна адтуль, сам жыхар Мінска.

Выявілася, што Збынеўскі да вайны служыў у Мінску, у адной абласной зямельнай установе, так што ў іх аказаліся і агульныя знаёмыя. Ад былых знаёмых перайшлі да партызан, да партыйнага падполля ў Мінску. Збынеўскі прэзентаваў Свістуну свежы нумар «Звязды» з Мінска.

Уздыхнуў пры гэтым:

— Цяжкая доля ў людзей, а працуюць. Пад самым носам у катаў наладзілі друкарню і вось выпускаюць газету, усё роўна як да вайны. Ёсць яшчэ людзі ў нас, Леанід Пампеевіч, якія за маці-радзіму галавы не пашкадуюць.

Пасля адной пляшкі перайшлі на другую. Шмат аб чым перагаварылі, многа чаго ўспомнілі. Збынеўскі пра здароўе Саколіча спытаўся:

— Кажуць, што хварэе. Перамяніўся крыху, стаў пахмуры, раздражнёны.

— Можа, і праўду кажуць...— не захацеў тут падтрымаць размовы Свістун.

Збынеўскі быў не толькі гаваркі. Ён, нягледзячы на сваю хворую руку, паспрабаваў іграць на гітары і пад уласны акампанемент праспяваў — і не сказаць каб ужо дрэнна — некалькі вядомых песень і «На сопках Маньчжурыі», чым зусім расчуліў Свістуна. Яны тройчы, па-братняму, расцалаваліся, як старыя добрыя прыяцелі...

Так пазнаёміўся Свістун з Тамарай.

На другі дзень пасля візіту партызанскага камандзіра была непрыемная гутарка ў Тамары з яе братам. Яшчэ не вытхнуўся хмель з галавы Збынеўскага, як накінуўся ён на сястру.

— Ведаеш, Тамарка? Трымала ты сябе ўчора зусім не па-людску. Ты ж толькі падумай: прыязджае да нас такі рэдкі паважны госць. Не паспеў ён слова сказаць, а ты — п-пырх...

— Што ты яшчэ, Мікола, скажаш разумнага?

— Я? Нічога... Трэба да людзей больш ветлівай быць.

— А ў чым павінна выяўляцца гэтая ветлівасць?

— Ты што, малая? Не разумееш? Ён да цябе як да дзяўчыны прыехаў, да прыгожай дзяўчыны.

— Дзякуй за камплімент... Але ты, відаць, хочаш, каб дзяўчына на вулічную дзеўку стала падобна.

— Навошта ж такія крайнасці... Ён камандзір партызанскага атрада, твой непасрэдны абаронца, калі хочаш ведаць.

— Чаго ты хочаш, аднак?

— Ды нічога... Я ведаю, ты скажаш мне пра свае крыўды, абурэнні... Як жа: ён за руку схапіў без дазволу... Ай, ай, які страх. Твайго гонару ад гэтага не ўбудзе, а яму прыемнасць; ён жа, акрамя лесу глухога, нічога на свеце не бачыць.

— Што ж, няхай не сядзіць у глухім лесе. Няхай у свет вылазіць, больш справамі займаецца...— сказала Тамара, стараючыся быць спакойнай.

— Ведаеш што, дзяўчына, у партызанскіх справах ты мала разбіраешся...

— Паслухай, ты, партызанскі стратэг! — не вытрымала ўрэшце павучанняў дзяўчына.— Я вось аднаго не магу ўзяць у толк: якія прычыны прымушаюць цябе станавіцца ў ролю свата? Каго зводзіш? Сястру зводзіш...

Ён стаяў аслупянелы, ашаломлены. Словы сястры закранулі за нешта жывое, балючае. Але праз хвіліну ён выйшаў са свайго здранцвення.

— Ты свіння! Няўдзячная свіння... Пра тваё шчасце дбаў, а ты, дурніца, яго адкідаеш.

Зусім спакойна яна сказала:

— Сваім шчасцем я займуся сама і па-свойму. А ўрэшце, давай кінем гэтую гаворку, карыснага ў ёй нічога няма.

Ён глянуў на яе косым вокам. Нешта яшчэ хацеў сказаць, але махнуў рукой і выйшаў.

З таго часу размовы на такую тэму спыніліся. Толькі аднаго разу ён паспрабаваў быў перадаць ёй, што Свістун вельмі хацеў бы, каб Тамара згадзілася стаць яго жонкаю.

Яна коратка адказала яму:

— Пашукай, братка, жонкі яму ў другім месцы.

— І гэта ўсё?

— Усё...

Нягледзячы на першую сваю няўдачу, Свістун прыязджаў вельмі часта і праводзіў свой час звычайна са Збынеўскім. Сядзелі, гаварылі, гулялі ў шахматы, цягнулі несуладнымі галасамі песні пад акампанемент гітары, не забываліся пра пяршак.

Па гэтае суцяшэнне і ездзіў Свістун на кватэру да настаўніцы.

...Вось і сёння ён вядзе бясконцыя гутаркі са Збынеўскім. Абураецца на абком, на партыйнае кіраўніцтва, якое яго не паважае.

— Але я пакажу яшчэ, што значыць Свістун!

— Пакажаш, пакажаш, Леанід Пампеевіч! Толькі ў цябе і асталася правільная партыйная лінія.

 

6

Аднаго разу жонка начальніка турмы Кёрзіга зрабіла нечуваны і зусім неспадзяваны ўчынак. Яна пры людзях, на вачах ва ўсіх арыштаваных, заступілася за дзвюх дзяўчын з ліку арыштаваных, з якіх здзекаваўся Кёрзіг, катуючы і цкуючы сабакам.

Начальнік турмы Кёрзіг спачатку не зразумеў гэтага ўчынку свае жонкі. Ён ведаў, што яна не супроць лютага абыходжання з арыштаванымі. Часам хваліла, калі чарговымі ахвярамі яго нечалавечых здзекаў з людзей былі маладыя жанчыны.

Вось чаму жончын учынак не толькі здзівіў, а прывёў у некаторае замяшанне Кёрзіга. Потым стала непакоіць думка: чым ён, урэшце, мог угнявіць сваю гаспадыню? Паспрабаваў далікатна запытацца пра гэта. Але, відаць, запытаўся не ў часе.

— Ідыёт, ты не разумееш сваіх інтарэсаў! — сказала яна, як абрэзала, і пайшла яшчэ больш узлаваная.

Кёрзігу не ў навіну гэтае слова «ідыёт». Але каб ён не разумеў сваіх уласных інтарэсаў, то гэта ўжо навіна. У чым жа рэч? Кёрзіг задумаўся. І калі толькі прыпомніў некаторыя дэталі, то нават пляснуў сябе па лбе — усё адразу стала зразумела і ясна. Ён чуў не раз, як салдаты з эсэсаўскай каманды называлі яго жонку няйначай, як швачка-вышывачка.

Сапраўды, у фрау Кёрзіг была амаль што адзіная слабасць — гэта яе прыхільнасць да трапных вышывак, да рэдкіх па крою сукенак. Яе ведалі ва ўсіх камісійных магазінах горада, у якіх яна рэгулярна бывала. І калі траплялася дзе якая-небудзь вышытая сукенка ці блузка, ці рэдкія карункі, то яны ўжо не міналі яе рук. Каб набыць такія рэчы, яна не скупілася, чым уводзіла ў ціхі гнеў свайго мужа, які не дужа любіў раскідацца грашмі. У такіх выпадках слова «ідыёт» аднаўляла некаторую раўнавагу ў іх сямейных адносінах.

Вышыўкі і карункі фрау Кёрзіг ухітралася знаходзіць нават у вязняў. Яна пільна прыглядалася да кожнай партыі арыштаваных: а ці няма там чаго новага, арыгінальнага? І калі набытая рэч з цікавай вышыўкай была сама па сабе ўжо старая і непрыгодная да ўжытку, яна акуратна зрысоўвала ўзоры, а часам проста вырэзвала кавалачак старой сукенкі ці блузкі. Сабралася ўжо цэлая калекцыя такіх узораў. Быў і даволі ёмісты альбом з зарысоўкамі.

Можна было палічыць яе за ўлюбёнага ў свае доследы вучонага-этнографа ці за нейкага дзівака калекцыянера, ва ўсякім разе за чалавека з пэўнай мастацкай ці паэтычнай стрункай у душы.

Але фрау Кёрзіг не была ні вучоным, ні калекцыянерам. Не паэтычныя ці мастацкія захапленні кіравалі ўсімі паводзінамі і энергічнымі пошукамі мастацкіх рэчаў.

У Берліне быў у яе вялікі магазін жаночых туалетаў. І хаця новая служба ў інтарэсах вялікай Германіі і адарвала на некалькі год ад магазіна, у якім цяпер часова гаспадарылі дочкі, яна, аднак, ніколі не забывалася пра магазін. У інтарэсах гэтай справы можна было і трэба было выкарыстоўваць любыя акалічнасці, якія б ні трапіліся ў жыцці. Турма не такая ўжо безнадзейная ў жыцці справа, калі не яна табой, а ты ёй камандуеш. Начальнік турмы добра ведаў, што ў адной з камер, спецыяльна вызваленай ад іншых вязняў, працавала ад цямна да цямна некалькі жанчын: вышывалі, рабілі прошвы, рыхтавалі цэлыя гарнітуры жаночых убораў.

Начальнік турмы рабіў выгляд, што ён не заўважае гэтых яўных парушэнняў турэмнага рэжыму. Больш таго, па загаду жонкі ён адаслаў на кватэры буйнейшых начальнікаў горада і краю пакеты-падарункі для іх жонак. Падарункі прыйшліся да густу, і некаторыя высокапастаўленыя модніцы пасылалі ў турму спецыяльных пасланцоў — ад’ютантаў ці асабістых сакратароў сваіх мужоў,— каб заказаць у фрау Кёрзіг сёе-тое з гэтых прыгожых штучак.

Калі Кёрзіг пасылала падарункі модніцам, то рабіла гэта з адзінай толькі мэтай: крыху легалізаваць сваё маленькае прадпрыемства. Добра ведала, што любая яе заказчыца з высокапастаўленых модніц здолее заўсёды заткнуць горла свайму мужу, калі ў прыпадку службовай стараннасці ён наважыўся б чым-небудзь пашкодзіць карыснаму пачынанню фрау Кёрзіг. Яна ведала ўсе слабасці і дзівацтвы сваіх заказчыц.

Дзяўчына Люда, адна з тых дзяўчын, якіх узяла фрау Кёрзіг пад сваю ахову, не была ў курсе афіцыйных і неафіцыйных спраў мадам Кёрзіг. І таму, зразумела, не магла спачатку разгадаць тайных намераў гэтай жанчыны, калі яна так нечакана заступілася за яе і пасля, праз які дзень, раным-рана наведалася да яе ў камеру.

— Я хачу пагаварыць з табой, дзіця маё! — звярнулася яна да дзяўчыны і прызвычаеным жэстам рукі загадала ўсім, хто быў тут, пакінуць камеру.

Уздыхнула і спачувальна зірнула на стромкую, як маладая бярэзінка, дзяўчыну. Дзяўчына была засмучаная, тужлівая. Вочы былі далёка ад усяго, што рабілася тут. Дзяўчына думала пра нешта сваё, але, відаць, намагалася забыцца на тыя думкі, каб неяк жа ўлавіць сэнс таго, пра што гаварыла ёй жанчына.

— Я не буду распытваць цябе, дзіця маё, хто ты і адкуль і якія прычыны прывялі цябе сюды. Мяне не цікавіць, была ці не была ты камсамолка, ці, скажам, партызанка, ці яшчэ там хто. Падкрэсліваю, гэта мяне не цікавіць. Як дазналася я, ты вучылася ў кансерваторыі, ці няпраўда? Ну вось бачыш... Я шчыра зайздрошчу табе: гэта ж так цудоўна — вывучаць музыку, вывучаць спевы, разумець гэтае высокае мастацтва...

Люда слухала і нічога не разумела з слоў гэтай вялікай прыхільніцы мастацтва. А тая распытвалася пра вучобу, пра ўсякую драбязу. І раптам запыталася...

— Дзе гэта ваша слаўная светлая сукенка, у якой былі вы тады... ну, як упершыню я ўбачыла вас?

— Сукенка? — перапытала дзяўчына.

— Так, так! — заспяшалася фрау Кёрзіг.— На ёй былі такія вясёленькія ўзорыкі, нешта з кветак.

— Васількі...— задумліва адказала дзяўчына.— Самыя звычайныя васількі...

— Я так і думала! Мне хацелася паглядзець на іх, Ну, пакажыце іх, гэта такая вышыўка...

— Калі ласка! Але ж мне сорамна паказваць яе... Я не паспела яшчэ адмыць ад крыві...

— Ах, бог ты мой, бог...— са спачуваннем гаворыць фрау Кёрзіг.— Гэта непаразуменне... Але я памагу дастаць цёплай вады, вы памыеце яе, выпрасуеце,— я дам прас,—і яна будзе як новенькая.

— Дзякуй вам...— абыякава адказала дзяўчына, абыякава дастала з клунка скамечаную адзежыну.

Рукі фрау Кёрзіг з прафесіянальным спрытам разгладзілі сукенку. Яна крыху нахмурылася, заўважыўшы на белай тканіне брудныя сляды бізуна. Гэта варварства, сапраўднае варварства: сям-там рассечаны жывы ўзор вышыўкі, матляюцца абарваныя канцы каляровай ніткі. «Бязмозглы ідыёт, так распраўляцца з цудоўнай работай...» — думае фрау Кёрзіг, насупіўшы бясколерныя бровы і падцяўшы сухія тонкія губы. Але бровы ўрэшце выпрастваюцца, разыходзяцца маршчыны на лбе і нават гусіныя лапкі пад вачмі робяцца менш прыкметныя. А вочы фрау Кёрзіг узгараюцца агеньчыкамі.

— Цудоўна! Гэта тое, пра што я так марыла... Вы такая слаўная, мілая дзяўчына. Скажыце мне, ці маглі б вы вышыць такую рэч... ну... для мяне?

— Не магу! — коратка адказала дзяўчына.

— Чаму?

— Вы самі ведаеце, што нас павінны паслаць у канцэнтрацыйны лагер.

— Ах, божа мой, толькі і ўсяго! Гэта не такая ўжо вялікая бяда. Спяшацца туды няма чаго. Я асабіста бяру на сябе адтэрмінаваць вашу адпраўку. Яшчэ раз прашу. Хіба не можаце зрабіць такую ж вышыўку для мяне?

— Для вас? — задумалася Люда. Незразумелая крыху гэтая жанчына... Турэмная наглядчыца... Аднак яна ж выбавіла яе ад лютага здзеку, калі разгневаны начальнік траха не забіў яе. Хіба зрабіць ужо...— У мяне сястра, я не магу разлучыцца з ёй,— сказала Люда.

— Сястра? Ведаю. Яна таксама ўмее вышываць? Вось і добра, гэта проста цудоўна, навошта ж вам разлучацца!

Так трапілі сёстры ў «вышывальную майстэрню» фрау Кёрзіг. Гэтая майстэрня змяшчалася — каб не дужа кідацца ў вочы рознаму вышэйшаму начальству — у невялічкай прыбудове да турмы ў глухім закутку турэмнага двара.

 

7

Слышэню зноў выклікалі да таго ж следчага. І калі прывялі яго другі раз, зразумеў Слышэня, што не такі ўжо дурны і наіўны следчы, як падумаў ён пра яго. І хаця следчы не рабіў ужо ранейшай прапановы пагаварыць, «як гавораць з добрым прыяцелем», не перайшоў зноў на вы, Слышэня адчуваў, што перад ім сядзіць хітры і небяспечны вораг.

— Ну што ж, зноў будзем расказваць прыгоды з дзядзькамі?

— Я расказваю тое, што ёсць, пан начальнік.

Следчы не вытрымлівае. Яго перасмыкае злосць.

— Слухайце, вы! Вы лепш раскажыце, як стралялі на вуліцы! Як кідалі гранаты!

Следчы, прапускаючы паасобныя словы і некаторыя фразы, чытае вытрымкі з афіцыйнага рапарта начальніка вайсковай часці, салдаты якой удзельнічалі ў чарговай аблаве. Там гаворыцца пра яго, пра чалавека з русай барадой, якога потым ранілі ў нагу і які да апошняга адстрэльваўся з пісталета, а потым яшчэ кінуў гранату. Ён ледзь не ўцёк, але патрулі выпадкова натрапілі на яго і ўзялі, калі ўжо агент Сяловіч быў забіты Журыцкім.

Ледзь не ўскрыкнуў Слышэня: вось і добра, вось і добра, што не стала яшчэ аднаго гада. Але стрымаўся, не выдаў радасці сваёй ні адным рухам.

— Аднак гэта ўжо вас не тычыцца...— спахапіўся следчы і, касавурачы вока, спытаў:

— Вы ведалі... Сяловіча?

— Такога прозвішча я не чуў.

— А нябожчыка Журыцкага...— і, заўважыўшы сваю новую прамашку, следчы паморшчыўся.— Я пытаюся пра старога машыніста.

Востры боль уджаліў сэрца. Але стрыманасць, стрыманасць...

— Не ведаю, пан следчы.

— З якімі мэтамі вы з’явіліся ў горад з пісталетам і гранатамі?

— Не разумею, пан начальнік!

Следчы маўчыць, сярдзіта чухаючы пераноссе. Ён націскае кнопку на стале, кідае кароткую каманду дзяжурнаму па прыёмнай:

— Прывядзіце паліцэйскіх!

Хутка ў камеру, адбіваючы не зусім дакладны крок, заходзяць тры паліцаі.

— Вы бралі яго?

— Так точна, пан афіцэр!

— Вы пазнаеце іх? — пытаецца ў Слышэні следчы.

— А як жа, пан начальнік! Яны, тыя ж самыя! Каб не яны, дзякаваць ім, я крывёй сышоў бы... Хлопцы! — нечакана звяртаецца Слышэня да паліцаяў.— Хіба страляў я там, у канаўцы лежачы, як мяне вы схапілі? Начальнік вось гаворыць, што я страляў.

— Паслухайце, вы! Вам ніхто не даў права задаваць пытанняў паліцыі,— спыняе следчы Слышэню. І да паліцаяў: — Вы чулі, бачылі, як страляў гэты чалавек?

— Страляніну мы чулі, пан афіцэр, і на страляніну беглі. А хто страляў, дакладна не бачылі.

— Даволі! — абрывае паліцаяў следчы. І да Слышэні: — Значыцца, уцякалі?

— Канечне, уцякаў, пан начальнік! Добранькая справа: нагу падбілі, мог і пад другую кулю папасці.

— Што вы можаце сказаць яшчэ пра гэтага чалавека? — спытаўся следчы ў паліцаяў.

— А больш нічога. Мы здалі яго эсэсаўцам, якія аблаву рабілі.

— Ідзіце! Службы як след не ведаеце, ёлупы!

За паліцаямі выводзяць і Слышэню.

Дзён праз два следчы наладзіў яму шматлікія сустрэчы. Слышэню выклікалі да яго і ўдзень, і ўвечары. Прыводзілі розных людзей, пыталіся ў іх, ці ведаюць яны чалавека, што сядзіць на крэсле. Тыя ўважліва прыглядаліся, але кожны, як бы ў змове з другімі, адмоўна ківаў галавою:

— Я не ведаю яго.

Следчы мяняў тактыку. Не паспее прыведзены пераступіць цераз парог, як гестапавец крычыць яму:

— Ну, урэшце скажаш праўду! — Ён паказваў жэстам на Слышэню.— Толькі-толькі сказаў, што ты, іменна ты ўзарваў электрастанцыю на заводзе.

— Што вы блытаеце! Я першы раз бачу гэтага чалавека! — не вытрымлівае тут Слышэня.— Хіба можна сцярпець такую лухту!

— Маўчаць, я свінцом залью табе горла! — зверам кідаецца гестапавец.— Адказваць на мае пытанні, гаварыць толькі па майму загаду.

Але для людзей, відаць, не новыя ўсе гэтыя спосабы следства. Чалавек, якога толькі-толькі прывялі на сустрэчу, стрымана гаворыць угневанаму гестапаўцу:

— Прашу прабачэння, пан следчы, але я сапраўды не толькі не знаёмы, але нават ніколі не сустракаўся з ім.

— Я зраблю вам гэтую прыемнасць, я наладжу вам сустрэчу на шыбеніцы! — крычыць гестапавец.

Людзі маўчаць. Не спрачацца ж са зверам.

Было некалькі хвілін на вочных стаўках, якія здаліся вечнасцю. Вось ён стаіць перад табой, шыракаплечы, дужы, учэпістыя пальцы перабіраюць гузік на ватоўцы. Сінія вочы нібы замуціліся крыху — ад страху ці ад трывогі? Не, няма страху ў іх. Глядзіць спакойна, не спускаючы воч з цябе, і ніводная рыска не зварухнецца на яго твары, не выдасць, не раскажа, як моцна-моцна б’юцца два сэрцы — і яго і Слышэні. Ён стаіць, спакойны, абыякавы да ўсяго, нават марудзіць з адказам, каб залішняй хапатлівасцю не выклікаць ценю падазронасці ў халодных і мітуслівых вачах следчага, які нібы свідруе позіркам то аднаго, то другога. Усё той жа Федзя, бесклапотны каваль з вагонарамонтнага завода, весялун, зацяты танцор на самадзейных вечарах, хлопец, на якога праглядзелі вочы дзяўчаты. Але дзе ж падзелася, хлопец, добрая ўсмешка на тваім шырокім і адкрытым твары? І чаму на месцы яе распаўзліся заўчасныя маршчыны? Яны стараць цябе, як старыць і гэтая нібы заснежаная пасмачка ў смольнай роскідзі тваіх валасоў. Якія ж халады, якія маразы дакрануліся шэранем твае галавы, астудзілі бляск тваіх воч?

А ён стаіць і спакойна адказвае:

— Не, не сустракаў, не бачыў гэтага чалавека.

І яшчэ некалькі такіх сустрэч. Людзі не крыўдуюць, што яны не пазнаюць адзін аднаго, нібы ніколі не былі прыяцелямі, дружбакамі.

Нічога не даюць следчаму вочныя стаўкі.

Стамляюцца рукі паліцаяў ад біцця, ад катаванняў.

 

8

Хаця Люда мелькам убачыла твар Слышэні, яна, аднак, пазнала яго. Пазнала хутчэй па голасе, па тых некалькіх словах, якія сказаў ён. Відаць, ён трызніў ці толькі-толькі прыходзіў да памяці. Каб не быў хворым, ён абавязкова пазнаў бы яе. А можа, гэта і лепш, што не пазнаў. Ён бы здзівіўся, чаму яна тут, і адно-другое неасцярожнае слова магло б трапіць у чужыя вушы, выкрыць яго. Калі ты прыбіраеш камеру,— а іх, дзяўчат-вышывальшчыц, пасылалі на ўборку адзіночных камер, дзе былі хворыя вязні,— над табой заўсёды стаіць калідорны наглядчык і не спускае вока ні з цябе, ні з жыхара камеры. Праўда, наглядчык адышоўся на некалькі хвілін, ён быў спакойны за свайго вязня, ведаў, што таму не да ўцёкаў. І за кароткія хвіліны Люда наважвалася памагчы хвораму. Але ўсе яе намаганні былі дарэмныя, ды і не хапала часу, каб што-небудзь прыдумаць. Крыху п’янаваты паліцай падганяў яе, каб залішне не марудзіла з уборкай. Яна паспела, аднак, заўважыць зняможаны твар вязня, яго адкінутую нагу, абверчаную вышэй калена рознымі лахманамі. Нага распухла. Страшна было глядзець на гэтага бездапаможнага чалавека, які меў некаторае дачыненне да яе жыцця. І калі думала аб ім, прыгадала некаторыя падзеі. Успомніла столькі слаўных драбніц, якія ў іншы час і не прыйшлі б на памяць, а цяпер набывалі зусім другое значэнне. Некалі, падлеткам, яна спявала ў хоры чыгуначнага клуба, удзельнічала з хорам у аглядах мастацкай самадзейнасці. Яна выступала і з сольнымі нумарамі і мела немалы поспех. Яе песням, яе поспехам радаваліся бацькі. У дзень паўналецця ёй падарылі новенькае піяніна. Яно каштавала значных патрат у сямейным бюджэце, але бацька пайшоў на гэта.

Але калі аднойчы ён спытаў Люду, што ж яна думае рабіць пасля дзесяцігодкі, а яна жартам адказала яму, што думае вучыцца далей на спявачку, бацька насупіўся і сказаў, як адрэзаў:

— З гэтага хлеба не ядуць, дачка!

Не спрачацца ж было з бацькам. Ды і як можна спрачацца, калі ты яшчэ ў прадапошнім класе школы.

Бацька і сапраўды глядзеў і на піяніна і на доччыны спевы як на добрыя забаўкі. І ўсё ж здаўся стары. Прымірыўся з тым, што яна паступіла ў кансерваторыю.

Ва ўсёй гэтай перамене ў бацькавых поглядах значная роля належала Вадзіму Рыгоравічу Слышэню. Ён жыў непадалёк, праз якія тры, чатыры дамы, а яго жонка Ніна Васільеўна гады два працавала ў клубе культасветработнікам. Ёй было год дваццаць пяць, а мо крыху болей. Яна была родам з Украіны, вельмі любіла песні і добра спявала. Яна памагла хору развучыць некалькі цудоўных украінскіх песень, навучыла ўкраінскім танцам.

Ніхто не бачыў ценю смутку на яе твары. Але тыя, хто быў бліжэй да яе, ведалі, што яна часам і гаруе, і вельмі гаруе, што яка можа і паплакаць і пасмуткаваць. У Слышэні і Ніны Васільеўны не было дзяцей, і гэта было прычынай яе душэўнага гора, якое яна старалася як мага замаскаваць ад старонняга вока. Можа, з гэтай прычыны яна асабліва прывязвалася да дзяцей, любіла іх.

Яна падружылася і з Людай, сачыла за кожным яе поспехам, памагала, чым магла.

Калі бацьку Люды разам з групай другіх чыгуначнікаў вузла ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга і з гэтай прычыны быў наладжаны ўрачысты сямейны вечар, быў запрошаны сярод другіх гасцей і Слышэня са сваёй жонкай. Слаўная была вечарынка. Старыя ўспаміналі пражытае і перажытае, перабіралі ў памяці розныя цікавыя здарэнні і падзеі з мінулага, параўноўвалі старое з цяперашнім часам, не праміналі прапусціць па чарцы-другой за гэтае цяперашняе, новае. Пілі за новае, але пахваляліся і старымі людзьмі: вось дзе народ быў цягавіты! Нялёгка было раней, ніякай табе волі, разгону, але ж калі прайшоў чалавек усе тыя выпрабаванні, дык ужо сапраўды чалавек чалавекам, ты яго нічым не сагнеш, не зломіш, усё роўна як той дуб кражысты. Крыху іранізавалі над моладдзю. І сапраўды: захацеў хлопец машыністам стаць ці там майстрам, дык гэта ж яму не вялікая наўда, абы галава не пустая была. Ого, раней бы ты год з дзесяць, калі не болей, у качагарах паездзіў, а там год з дваццаць у памочніках. А каб у механікі выбіцца, дык гэта ўжо вялікая ўдача чалавеку пад самую старасць. А ім што, цяперашнім, маладым...

А маладзейшыя тым часам весяліліся па-свойму. Ім нечага было яшчэ асабліва ўспамінаць, не было аб чым і дужа ўздыхаць. Яны і весяліліся. Скакалі, спявалі. Ніна Васільеўна іграла на піяніна, акампаніравала. У харавых песнях падцягвалі і старэйшыя. Папрасілі Люду, каб яна спела што-небудзь. І тады палілася тужлівая мелодыя арыі Антаніды:

 

Не о том пою, подруженьки...

 

Бачыла Люда, як заплакала цішком маці і, каб утаіць ад другіх слёзы, прайшла хуценька ў каморку.

Вось на тым вечары і ўгаварыў Слышэня бацьку Люды аддаць яе вучыцца ў кансерваторыю.

Дзе цяпер, на якой працы Ніна Васільеўна, Люда не ведала. Адно, што было ёй вядома,— жонка Слышэні асталася ў Мінску. Бальніца не паспела поўнасцю эвакуіравацца, ды і немагчыма было адпраўляць у далёкую дарогу частку цяжка хворых дзяцей. З імі і асталася Ніна Васільеўна. Люда добра ведала, што перад самай вайной Слышэня паехаў на курорт, адтуль ён не мог ужо дабрацца да Мінска. З таго часу яна і не бачылася з імі.

Усё гэта прыпомнілася Людзе пасля таго, як яна зусім нечакана ўбачыла Слышэню ў турэмнай камеры.

Люда нікому не сказала, што бачыла Слышэню, нават не падзялілася гэтай навіной з сястрою. Яна думала, як бы памагчы яму, хаця б чым-небудзь, што ў яе сілах.

Люда мучылася, сумавала. Работа не спорылася. Некалькі разоў накалола палец аб іголку, зблытала ўзор на вышыўцы. Белае палатно, такое мяккае і падатнае раней, цяпер стала нібы калянае.

«Палатно!..»

Задумалася на якую хвіліну. «Як жа я раней не магла здагадацца, што ў Слышэні параненая нага, што ніхто не робіць яму перавязак, а тут так многа палатна...» І гэтая думка адразу заспакоіла яе. Яна старанна ўзялася за работу, каб падагнаць яе, нагнаць прапушчаныя хвіліны. Узяла ножны і, зрабіўшы выгляд, што падраўноўвае краі вышыўкі, адрэзала ладны кавалак палатна са скрутка. Дзяўчаты не заўважылі, як адрэзала яна палатно і схавала пад блузкай. Толькі вочы Соні прыкмецілі сястрын учынак. Яна прамаўчала спачатку, але, калі павялі іх прыбіраць камеры, паціху спытала:

— Нашто ты хаваеш палатно? Даведаецца гэтая міласэрная мадам — не абярэшся непрыемнасцей.

— А ты маўчы, мая дурненькая...

Людзе зноў давялося прыбіраць камеру Слышэні. З нейкім страхам яна пераступіла парог. У дзвярах стаяў, як звычайна, паліцай,— яна пачала падмятаць падлогу.

— Ну, асабліва не марудзь, я зараз вярнуся.— Паліцай пайшоў па калідоры, спыняючыся на якую хвіліну ля кожнай камеры.

Люда зірнула на тапчан. На ім сядзеў Слышэня і, палажыўшы параненую нагу на зэдлік перад сабою, рабіў перавязку. Ён быў так заняты ўсёй гэтай справай, што нават не звяртаў увагі на дзяўчыну, якая паволі шорхала венікам па падлозе. Яна прыслухалася чуткім вухам да гукаў у калідоры і ціхім-ціхім шэптам праказала да яго:

— Вадзім Рыгоравіч, Вадзім Рыгоравіч...

Яна бачыла, як злёгку здрыгануўся ён і, яшчэ не разгледзеўшы і не пазнаючы яе, засцярожліва выставіў перад ёй руку, далоняй да яе. Яна адразу зразумела гэты знак: не гавары так, не называй так...

— Ты чаго тут?

— Везлі ў Германію, уцякла, злавілі, Вадзім Рыгоравіч...

— Вадзіма Рыгоравіча няма. Ёсць Сідарчук, пляменнік начальніка станцыі, дзесяць год не быў у Мінску. Разумееш? Гэта на выпадак, калі спытаюць. Хто са знаёмых у горадзе?

— Ваша жонка... грамадзянін Сідарчук.

Гэтыя словы нібы аглушылі. Ён сядзеў і невідушчымі вачмі глядзеў на дзяўчыну.

— А дзе цяпер жыве, вуліца, кватэра?

— Не ведаю...

А ў канцы калідора ўжо грукацелі кутыя жалезам боты канваіра.

— Я хацела перавязаць нагу вам, але ж не паспела. Вазьміце вось палатно, перавяжаце як-небудзь самі. Можа, мне ўдасца яшчэ пабачыць вас.

— Дзякуй, дзякуй... Эх, і напыліла ж ты, дзяўчына, не магла хаця вадой папырскаць! — знарок гучна прагаварыў Слышэня, бо ў дзвярах ужо стаяў паліцай.

— Не размаўляць! — паліцай зірнуў спадылба і, акінуўшы непрыязным вокам вязня, загадаў дзяўчыне:

— Пайшлі далей!

 

9

Камісія па інспекцыі і ачыстцы турмаў, якая нечакана прыехала з Берліна, нарабіла многа клапот пану Кёрзігу. Яшчэ добра, што нехта з мясцовага начальства, відаць, з тых, жонкі якіх былі шчырымі прыхільнікамі мастацкіх захапленняў мадам Кёрзіг, своечасова папярэдзіў аб інспекцыі. «Мастацкае атэлье» давялося на дзень-другі ліквідаваць. Частку дзяўчат размясцілі па агульных камерах, сурова наказаўшы ім пад страхам смерці нічога не гаварыць камісіі пра карункі ды вышыўкі. Частку паслалі на работу ў прыгарадную гаспадарку ў Трасцянец, дзе быў некалі саўгас, а цяпер былі агароды і малочная ферма аднаго з ахоўных эсэсаўскіх палкоў. Некалькі дзяўчат мадам Кёрзіг часова ўзяла ў якасці хатніх работніц у сваю кватэру, якая змяшчалася побач з турмой у невялікім двухпавярховым доме. У тым доме была і турэмная канцылярыя. Паміж домам і турмой праходзіла турэмная сцяна. Звычайна Кёрзіг і яго жонка, калі наведваліся ў турму, не карысталіся агульным уваходам праз вароты. У сцяне была жалезная фортка. Тут жа, супраць гэтай форткі, быў і ўваход у былы склад, у якім размяшчалася майстэрня мадам Кёрзіг. У яе і ў самога Кёрзіга былі заўсёды ключы ад форткі.

Кёрзіг вадзіў камісію па камерах. Старшыня камісіі, сухі, жылаваты гестапавец, увесь час нездаволена чмыхаў носам, моршчыўся, а яго вочы шныпарылі па ўсіх закутках і часам, як свярдзёлкі, увінчваліся ў Кёрзіга.

— Вы начальнік турмы? — пытаўся ў каторы раз гестапавец.

— Так точна, пан брыгадэнфюрэр!

— Чаму так перапоўнена?

— Бачыце, яны тут не па вельмі важных справах, а справы яшчэ не закончаны...

— А ляжаць чаму? Устаць! — крыкнуў ён да вязняў, не чакаючы адказу Кёрзіга.

Некалькі чалавек сяк-так устала, астатнія ляжалі, нібы і не заўважалі начальства.

— Гэта яшчэ што такое?

— Дазвольце далажыць, яны зусім знясіленыя, хадзіць не могуць. Здаровых мы пасылаем на працу...

— Начальнік турмы павінен ведаць: лішніх людзей у турме не трымаць, дзяржаўнага хлеба на іх не пераводзіць. Здаць іх неадкладна ў СД!

— Слухаю ваш загад!

— А гэта што? Вы спецыяльна матэрыял набываеце на перавязкі? Не варта, не варта, аднак, расходаваць такога добрага палатна.

Справа адбывалася якраз у камеры Слышэні. Кёрзіг заўважыў белую палатніну, якой была абверчана нага ў вязня. У яго памуцілася ў вачах, да таго падобны быў матэрыял на палатно, якое ён толькі дні тры таму назад купіў для майстэрні. Канечне, гэты бінт. не мае ніякага дачынення да жончыных спраў, але, можа, хто шапнуў начальніку?

Кёрзіг памкнуўся да хворага, ужо ўхапіўся быў і за бінт, каб пераканаць начальства, што ён тут не пры чым і, ва ўсякім разе, не раскідваецца дзяржаўным дабром.

Але начальства, відаць, не дужа цікавілася гэтымі дэталямі.

 

10

Праз дзень у турме усё было, як і звычайна. Праўда, зрабілі вялікую разгрузку. Клопату на які час стала меней. Кёрзіг пасля перажытага страху перад інспекцыяй наважыўся быў распусціць жончыну майстэрню. Але на сямейнай нарадзе гэтыя спробы былі разбіты, і назаўтра майстэрня працавала па-ранейшаму.

Кёрзіг не забыўся пра бінт, які нарабіў быў яму столькі страху і клопатаў і мог прывесці да вялікіх непрыемнасцей. Ён спецыяльна зайшоў у камеру Слышэні, раскрычаўся:

— Ты надоўга сабраўся кватараваць тут?

Слышэня паволі раскручваў бінт і, паліўшы вадой, намагаўся ададраць ад нагі. Бінт не паддаваўся. Чалавек перадыхнуў якую хвіліну, не спяшаючыся адказаў:

— Каб гэта ад мяне залежала, пан начальнік, я гатоў бы і сёння пакінуць гэтае памяшканне...

— Што за жарты? Устань, калі з табою гавораць. Ды стаяць роўна, роўна! А гэта што? — і велічным жэстам Кёрзіг паказаў на бінт, раскручаны канец якога апусціўся дадолу.

— Бінт, пан начальнік.

— Мяне не трэба вучыць, сам бачу...— пераходзячы на пагрозлівы тон, ужо крычаў Кёрзіг. Калі ён ішоў сюды, яму хацелася проста паказаць гэтаму чалавеку сваю ўладу над ім, вылаяць самымі абразлівымі словамі, паздзекавацца з яго, каб добра ўразумеў, якія вялікія непрыемнасці прынёс яму, начальніку турмы, гэты бінт. І калі заходзіў, не было яшчэ ў ім сапраўднай злосці. Яна была прыглушана крыху перажытым пачуццём, што інспекцыя закончылася, што ўсё ўрэшце добра, што нішто не парушыла і не парушыць прызвычаенага парадку. І вось яна зноў прыходзіць, гэтая сапраўдная злосць, расце, падымаецца, напаўняючы ўсю яго істоту. Ён жа ўласнымі вачыма бачыць цяпер, што гэты бінт і ёсць тое палатно, якое купляў ён. Яго прыніжэнні і крыўды маглі стаць у сто раз большыя, яны маглі перарасці ў вялікае няшчасце, праз якое паляцела б кулём усё — і служба яго, і кар’ера, увесь набытак яго і нажытак.

— Хто прынёс? — затрос ён пальцам, паказваючы ім на бінт.

— Хто ж мог прынесці? Гэта ўласны мой бінт, пан начальнік.

— У-у-ласны?.. Гэта ўкрадзенае ў мяне палатно... Гэта...— яшчэ сіліўся нешта сказаць Кёрзіг і, схапіўшы за канец бінта, рыўком сарваў яго з нагі. Слышэня ледзь устояў ад рэзкага штуршка і пякучага болю.

— Што вы робіце?

— Ты, відаць, забыўся, перад кім стаіш? Я начальнік турмы і магу зрабіць з табой усё, што задумаю... Я навяду парадак на вас... Я... я...

Ён грымнуў так дзвярмі, што са столі абарваўся і ўпаў кавалачак тынку.

 

11

Дзяўчаты шылі, вышывалі.

Працавалі моўчкі, кожная занятая сваёй справай, сваімі думкамі. Работы было многа. Кёрзіг загружала дзяўчат так, што тыя ледзь спраўляліся.

Цяпер мадам Кёрзіг значна змяніла свае адносіны да вышывальшчыц. Яны пад яе ўладаю, і ёй няма чаго асабліва няньчыцца з імі. Яна размаўляла ўжо зусім іначай:

— Марудзіш, дзеўка, марудзіш! Што ж, калі не хочаш як след працаваць над гэтым узорам, дык давядзецца табе пазнаёміцца з такімі ўзорамі на ўласнай скуры! У лагер захацела? А можа ў СД хочаш?

Нікому не хацелася ў лагер. Не хацелася і ў СД, адкуль — ведалі дзяўчаты — ніхто назад не вяртаецца. Працавалі, не разгінаючы спін, ад цямна да цямна.

Часам, калі ўжо работа знясільвала так, што хацелася перадыхнуць крыху ды размяць знямелыя ногі і рукі, уздыхне якая дзяўчына ды са злосцю шпурне апрыклую вышыўку на стол:

— А каб яна спрахла, работа такая... Рабі, рабі, а ёй і канца няма. Адпачнём, дзяўчаткі!

На якую хвіліну-другую адыходзіла, знікала прыкрая рэчаіснасць, уступаючы месца чалавечым марам, успамінам.

І калі сядзелі вось так, аддаючыся ва ўладу светлым успамінам, пачулі рэзкі бразгат ключа ў дзвярах. Усе схамянуліся разам і пачалі завіхацца кожная ля свае работы.

Кёрзіг уварваўся ў камеру гнеўны, расчырванелы. Размахваючы акрываўленай палатнінай і свідруючы вачмі іх, ён цёмнай хмарай насоўваўся на дзяўчат, раз-поразу пытаючы:

— Хто? Хто? Хто зрабіў?

Дзяўчаты глядзелі на начальніка турмы, пераводзілі позіркі на ўчырванелую ад крыві палатніну.

А ён стаяў перад імі, крычаў:

— Апошні раз пытаюся: хто?

Дзяўчаты пераглядваліся. Усе заўважылі, як тонкі худы тварык Соні, заўсёды бледны, яшчэ больш пабялеў і стаў празрысты, васковы.

На яе каршуном наляцеў турэмшчык, як абцугамі сціснуў руку.

— Ты, нягодніца?

— Не, не, не... я нічога не ведаю...— спяшаючыся прагаварыла дзяўчынка і, нібы скідаючы з сябе рэшткі раптоўнага спалоху, ужо зусім спакойна і разважна перапытала начальніка: — Пра што вы пытаецеся?

Яна гаварыла і заўважала, як мяняецца твар у сястры. Нібы недзе ў вышыні хутка-хутка праплывалі нябачныя хмурынкі і іх імклівыя цені прабягалі па яе твары. Яе губы былі падцяты, рысы твару зрабіліся цвёрдыя, напятыя, і ўся яна стала насцярожаная, сабраная, гатовая да нечаканага нападу.

Кёрзіг кінуўся да сталоў, ліхаманкава перакідваў скруткі палатна, разгортваў, прыглядваўся.

— Ага, вось яно! — са злавеснай радасцю разгарнуў ён скрутак, які ляжаў на стале супраць Люды. Канечне, гэта быў той скрутак, ад якога адрэзаны кавалак.

Кёрзіг стаяў якую хвіліну маўклівы, грозны. Па яго цяжкім сапенні можна было зразумець, як бурліць, ускіпае злосць. Маленькія вочы яго ўпіліся ў дзявочыя твары — як яны будуць пачуваць сябе пад яго поглядам? Але хто?

Хіба гэта не відно? Вось жа стаіць яна, хмура гледзячы спадылба, насцярожыўшыся, каля гэтага скрутка.

Важкі, насуплены, ён паволі падышоў да яе.

— Твая работа? Твой скрутак? — прасіпеў ён у твар.

— Мой...— адказала Люда на дзіва спакойна і стрымана.

— Як жа ты асмелілася, няшчасная!

З усяго размаху ён ударыў па твары акрываўленай палатнінай і, наступаючы на яе, усё біў і біў, не даючы апамятацца. Кусаючы пальцы рук, наўзрыд заплакала Соня. Усхадзіліся, зашумелі дзяўчаты, спрабуючы схапіць яго за рукі, упрошвалі, умольвалі:

— Навошта яе, навошта яе так, пан начальнік!

— Вон, зараз жа вон! — азвярэла грымнуў ён.— Каравульны, вядзі іх прыбіраць двор! Зараз жа! — аддаў ён каманду паліцаю, які з’явіўся ў дзвярах.

Калі Люда памкнулася таксама выйсці з камеры, ён прытрымаў яе, ухапіўшы за руку. Ён так ірвануў яе, што яна ледзь не ўпала, моцна выцяўшыся каленам аб востры край лаўкі.

— У мяне з табою не скончана яшчэ гаворка! — сіпеў ён у твар ёй і, цяжка дыхаючы, ціснуў і ламаў ёй рукі, прыціскаў да краю стала. Ён мяў, душыў маладое дзявочае цела. Звярыная ненажэрная прага авалодала яго істотай. Якія там учынкі? Якія там парушэнні? Яе, яе, толькі яе цяпер трэба яму... Зубамі упіўся ён у блузку, разарваў яе.

— Людзі, ратуйце! — крыкнула Люда.

Бруднай лапай ён закрыў ёй рот, наваліўся ўсім цяжарам свайго цела ёй на грудзі. Яна баранілася з апошніх сіл.

Вось рука яе, адкінутая ім, дакранулася да халоднага жалеза на стале. Пальцы сутаргава ўхапіліся за гэтае жалеза. Страпянулася, мільганула думка: «Не, не... Не быць таму, што задумаў ты, звер!» І з апошніх сіл Люда ўдарыла яго жалезам па твары. Ах, шкада, ах, шкада, што тупыя турэмныя ножны, тупыя канцы ў іх. Але хопіць з цябе, гадзіна, і тупых.

Кёрзіг зароў, як звер. Адскочыўшы, правёў далоняй па сваім твары. З-пад пальцаў плюшчэла кроў. Шырокі след раскроіў увесь лоб і шчаку. А яна стаяла бледная, знясіленая і цяжка дыхала, прыціскаючы левай рукой парваную блузку. У спакутаваных вачах цяплілася прытоеная радасць. Спакойна было на душы: яна перамагла звера.

Акрываўленай рукой ён выхапіў рэвальвер і, не цэлячыся, ва ўпор выпусціў усю абойму ў яе.

Потым сядзеў колькі хвілін, аслупянелы. На стрэлы пазбягаліся паліцаі з калідора.

Ніхто не пытаўся, як гэта здарылася, у яго не было патрэбы апраўдвацца, тым не менш ён сказаў, паказаўшы на ножны:

— Бачыце, чым нягодніца замахнулася на мяне... Вынесіце яе адсюль, ды каб тыя, што на двары, не бачылі. Прыбярыце як след падлогу...

Выцершы аб злашчасны бінт ножны і наспех захутаўшы твар, ён, як злодзей, тоячыся падаўся да кватэры.

Розныя сумныя думкі прыходзілі ў галаву начальніка турмы, пакуль ён прапалоскваў, спыняў кроў і сяк-так перавязваў твар. Непакоіла і тое, што трэба было ўсё ж схадзіць да доктара: сшыць рассечанае брыво і шчаку.

Ён сабраўся выклікаць па тэлефоне доктара, як з’явілася жонка. Яна з раніцы была ў горадзе, але, відаць, паспела ўжо наведацца ў турму, і адчувалася, што ўжо ўсё ведае. З падкрэсленым спакоем яна прайшлася па пакоі, нібы зусім абыякава спыталася, чаму гэта ён так забінтаваўся.

— Ах, глупства... Адзін злачынец спрабаваў пасягнуць на маё жыццё, ну... падрапаў, як бачыш. Злачынец пакараны.

— Злачынец? — яшчэ раз спыталася яна, уважліва ўглядаючыся ў яго твар.

— Ну...

Яна моўчкі села на канапку і залілася гарачымі слязьмі, галосячы на ўсю кватэру:

— Божа мой, вялікі божа, навошта пакараў ты мяне, звязаўшы з гэтым чалавекам? Дакуль жа буду я цярпець такі здзек?

— Ды сціхні ты, людзі пачуюць!

— І няхай чуюць, няхай ведаюць, як пакутуе сумленная жанчына, маючы такога нягодніка мужа.

 

12

Слышэня чакаў Люду і на другі дзень, і на трэці. Але яна не прыходзіла. Ён хваляваўся, шчыра шкадаваў, што пагадзіўся ўзяць гэты кавалачак палатна.

Спадзяваўся яшчэ, што прыйдзе хто з яе камеры і ён даведаецца пра Люду. Але ніхто не прыходзіў. А праз дзень яму загадалі, каб сам прыбіраў камеру, бо ён мог ужо хадзіць з кутка ў куток.

Як бы рад ён быў хаця раз пабачыць гэтую дзяўчыну, якая прынесла яму столькі ўспамінаў, што ён нібы фізічна адчуў цеплыню колішняга, перажытага. І так жа хацелася запытаць у яе пра Ніну Васільеўну. Але тут надышлі такія падзеі, што засланілі на некаторы час усякія думкі аб сям’і. Некалькі дзён яго не вадзілі на допыт, і ён разумеў, што следчы рыхтуе дадатковыя матэрыялы па справе. І вось аднойчы, позна ўвечары, амаль што ўночы ўжо, яго павялі да следчага. Той сустрэў яго з робленай ветлівасцю, запытаўся:

— Ну як жа, пан Сідарчук, так і не надумалі перамяніць свайго прозвішча?

— Не думаю, пан следчы. Няма асаблівых падстаў на гэта.

— Вам відней.

На гэтым бадай што і закончыліся афіцыйныя роспыты. Далей ужо следчы пытаўся пра розныя дробязі.

У дзверы нехта пастукаў.

— Заходзьце!

У камеру не ўвайшоў, а неяк бокам усунуўся чалавек. На ім быў пінжачок, відаць, залішне прасторны для яго, бо сядзеў мешкавата, тапырыўся. Калі вітаўся з следчым, ён глядзеў больш на Слышэню, чымся на следчага, нібы выказваючы якое здзіўленне.

— Сядайце, калі ласка! — запрапанаваў следчы. І той сеў побач стала, насупраць Слышэні. З таемным выглядам ён паціраў свае кулачкі, раз-поразу падносячы да рота то адзін кулачок, то другі. Нешта мармытаў сабе пад нос:

— Ыгы-ыгы... дык вось яно як... Так, так, так...

Па вачах відаць было, што ён сіліцца нешта ўспомніць. І раптам мутныя вочкі яго нібы прасвятлелі, загарэліся жывым бляскам.

— Ага... вось... нечакана, нягадана!

Слышэня дзівіўся. Відаць, на вочную стаўку прывялі, але чаму ж без канваіраў? Ды і па паводзінах, па яго міміцы, жэстах, калі ён вітаўся са следчым, відаць было, што ён тут не ў першыню, што ён свой тут. Слышэня насцеражыўся, чакаючы, што ж будзе далей. Ва ўсякім разе, сам ён быў спакойны: чалавека гэтага бачыў першы раз, не ведаў яго.

— Пан Сі-ідарчук, вам знаёмы гэты чалавек?

— Я не ведаю.

— О, так, так...— страсянуўся той на зэдліку.— Я павінен сказаць, пан следчы, што та-а-варыш Слышэня сапраўды не ведае мяне.

Слышэню здалося, што ўсё цела яго зрабілася цяжкае-цяжкае, каб і захацеў, не мог бы адарвацца ад зэдліка. Увесь напяўшыся, як спружына, намагаючыся гаварыць як мага спакайней, сказаў ціха-ціха, ледзь не шэптам:

— Што за лухту вярзеце вы!

Той разгубіўся крыху, неспакойна закруціўся на зэдліку. Але тут жа ачуўся:

— Якая ж тут лухта, калі самая шчырая праўда. Хіба ж можаце вы адмовіцца, што вы Слышэня, Вадзім Рыгоравіч, сакратар падпольнага абкома... Ну так, так... чаго вы на мяне гэтак гледзіцё? — і чалавечак аж адсунуўся далей з сваім зэдлікам.— Вы з’яўляецеся і членам партызанскага штаба...

— Аднак майстра вы казкі расказваць. Я яшчэ раз паўтараю, што ніколі вас не бачыў, не ведаю, хто вы, адкуль узяліся і навошта гэтыя дурныя вымыслы?

Следчы быў крыху збіты з панталыку і, адчуваючы, што пытанне яго не зусім дарэчы, аднак задаў яго:

— Дык вы гаворыце, што не ведаеце яго, не знаёмы з панам Зыбіным?

«Ага, вось яно што!» — мільганула ў Слышэні думка. Адразу ўспомніліся прозвішчы Кавалевіча, Сяловіча. Значыцца, гэта і ёсць той трэці, які так раптоўна знік з горада. Але адкуль ён мог ведаць яго, Слышэню?

— Трэці раз гавару, што я не ведаю і не знаёмы з ім. Ды ўрэшце і сам ён сцвярджае, што я не ведаю яго.

— Ды вы можаце ўспомніць мяне. Калі былі выбары ў Вярхоўны Савет, вы працавалі тады ў нашай акруговай выбарчай камісіі, і я рабіў справаздачу там пра наш выбарчы ўчастак.

— Ну вось паслухайце яго: то ён гаворыць, што я не ведаю яго, то намагаецца давесці, што ведаю. Вы скажыце толкам адно: ведаю я вас ці не ведаю?

— Канечне, дзе вам ведаць усіх...

— Я папрасіў бы пана следчага,— сказаў тут Слышэня,— спыніць на які час гэтую... мілую сустрэчу, бо яна толькі заблытае справу. Можа, тым часам у яго праясніцца памяць, і наогул... усё прыйдзе да парадку ў галаве.

— Вы, пан Слышэня, дарэмна адпіраецеся,— сказаў следчы.— Ён не хлусіць, ён, як член падпольнага гаркома партыі, многа чаго ведае. Добра ведае.

— Ці-і-кава,— сказаў Слышэня,— зірнуць на падпольшчыка. Я першы раз бачу такіх... Дык вы партыйны падпольшчык?

Той не адказваў.

Следчы выклікаў канваіра.

 

13

Назаўтра, калі Слышэню зноў прывялі да следчага, там сядзеў ужо Зыбін.

Ён прыўзняўся на сваім зэдліку насустрач Слышэню і, вітаючыся, сунуў сваю руку наперад, каб паздароўкацца як след. Але Слышэня нібы не заўважыў яго ручкі, моўчкі сеў на сваё месца.

— Паказвайце пану Слышэню! — коратка загадаў следчы.

— Калі ласка, я з вялікаю ахвотаю...

Зыбін завіхнуўся ля папкі, што ляжала на стале. Разгарнуў яе, зашастаў паперамі.

— Вось можаце палюбавацца на сябе, якім вы былі два гады назад. Гэта ваш артыкульчык і партрэцік... Не сказаць каб удалы, але пазнаць усё ж можна...

І ён паказаў Слышэню выразку з газеты. Гэта была прамова сакратара абкома па транспарту на злёце машыністаў напарных брыгад.

Слышэня моўчкі разглядаў крыху пажаўцелую газетную паперу, успамінаў падрабязнасці свае прамовы, на якую ён даўно забыўся. Гэта ж сапраўды было гады з два таму назад.

— Ну, а цяпер і другія матэрыяльчыкі можна паказаць. Вось справаздача ў газеце аб перадачы перадавой брыгадзе пераходнага сцяга, тут калектыўны здымачак змешчаны... Ды ці трэба ўсё паказваць, хопіць, думаю, і гэтага. Ну хіба толькі на гэтыя здымачкі паглядзім.

Зыбін выцягнуў з папкі вялікі альбом. Слышэня пазнаў гэты альбом. Некалі ён зберагаўся ў чыгуначным клубе. У альбоме былі здымкі найлепшых перадавікоў чыгуначнага вузла: машыністаў, слесараў, дыспетчараў, счэпшчыкаў, кандуктараў.

— Вось бачыце, вы ў самай сярэдзіне... Калі ў газеце яно не досыць выразна, дык тут і сляпы разбярэцца, стаіце як выліты.

— Што я магу сказаць? Давайце лічыць усю справу закончанай.

— Закончанай? Ваша справа толькі пачынаецца яшчэ. Ад вас залежыць, каб яна хутка скончылася, і не проста скончылася, а з добрымі для вас вынікамі.

— Не прадбачу я добрых вынікаў.

— Вы не прадбачыце, а мы можам гарантаваць вам не толькі добрыя, але нават і выдатныя вынікі. Што ж, пара, урэшце, афармляць вашу справу. Пачнем з пратакола... Імя, па бацьку, прозвішча?

— Сідарчук...

— Кіньце жартаваць, аднак.

— Што ж, тады пішыце паводле слоў гэтага выдатнага падпольшчыка.

— Адчапіцеся ад мяне! Пішыце — Вадзім Рыгоравіч Слышэня,— з пакутлівым выглядам адказаў чалавечак і пачаў масіраваць сваю шчаку, нібы ў яго балелі зубы.

— Слышэня дык Слышэня, пішыце і Слышэню,— абыякава адказаў Вадзім Рыгоравіч.

— Год нараджэння? Дзе нарадзіліся? Даваенная пасада?

— Адзін з сакратароў абкома партыі.

Следчы запісаў і кінуў доўгі позірк на Слышэню. Не так ужо часта трапляюцца ў яго рукі такія паважныя арыштаваныя. Ды што там часта... Упершыню бачыць ён перад сабой сапраўднага, жывога сакратара абкома.

— Та-ак, пан Слышэня, а даволі трапна вадзілі вы мяне вакол пальца... А цяпер будзем запісваць вашы паказанні. Можаце расказваць, як вам будзе зручней. Ну і спяшацца асабліва не трэба...

— А я і не спяшаюся, пан следчы, не думаю спяшацца.

— Можа, вам крыху перашкаджае прысутнасць пана Зыбіна? Дык мы папросім у яго выбачэння і прапануем на якую гадзіну пакінуць нас.

— Не турбуйцеся і не турбуйце пана Зыбіна. Ніякіх паказанняў я даваць не буду...

Следчы наморшчыў лоб: як жа лепш зрабіць яму ў такім выпадку? Каб гэта быў звычайны арыштаваны, яму не трэба было б асабліва ламаць галавы над пытаннем — як прымусіць чалавека развязаць язык. Але тут справа крыху інакшая, патрэбен асаблівы падыход.

— Я так разумею вас, пан Слышэня, што цяжка так адразу... Пратакол мы закончым у другі раз. А пакуль што турбаваць вас не буду.

Слышэня сядзеў у камеры, глыбока задумаўшыся. Да сённяшняга допыту ён мог яшчэ весці з імі бясконцую гульню, выдаючы сябе за чалавека недалёкага, крыху наіўнага, гульню, якая магла скончыцца, ну, самае горшае, адпраўкай як западозранага ў канцэнтрацыйны лагер. А па дарозе ў лагер, ды і з лагера можна было пры выпадку і ўцячы,— вядома, што ён скарыстаў бы для гэтага самую наймалейшую магчымасць. Пасля ж сённяшняга допыту дарогі туды, на волю, былі адрэзаны.

Ён сядзеў і думаў — што ж рабіць? Выхаду ніякага не было. Быў толькі адзін безнадзейны тупік — гэта смерць.

І ён задумваўся над тым, ці не можна самому папярэдзіць двуногіх звяроў, каб не яны распараджаліся яго жыццём і смерцю, а каб сам ён да самага канца быў гаспадаром уласнага жыцця? Не абавязкова ісці па шляху тых, хто ў хвіліну чорнай роспачы назаўсёды гасіць сэрца сваё. Гэта сляпцы, гэта нікчэмныя баязліўцы. Не, не так ён хоча распарадзіцца сваім жыццём. Трэба ж так загінуць, каб смерць твая нагнала страху на іх, а яшчэ лепш, каб яна забрала з сабой каторага з гэтых лютых ворагаў. Ён перабіраў розныя варыянты: забіць якога важнага з іх начальства, выхапіць аўтамат у канваіра і з аўтаматам прабіваць сабе дарогу...

Шмат пра што думаў Слышэня, рабіў розныя планы. У час, калі звычайна прыносілі абед, да яго пастукаліся ў камеру. Ён здзівіўся гэтаму: да яго заходзілі не стукаючыся.

На парозе з’явіўся Зыбін. На яго твары блукала ліслівая ўсмешка. За ім не відаць было каравульнага, які заўсёды стаяў у дзвярах, калі ў камеру заходзіла якое турэмнае начальства.

— Можна да вас, ну... на хвілінку-другую?

— Навошта вы мне?

— Кажу вам ад шчырага сэрца: мне хочацца памагчы вам.

— Мне?

— Але ж.

— А між іншым, цікава...— сказаў Слышэня пасля некаторага роздуму.— Заходзьце...

Чалавек усунуўся ў камеру, прымошчваючыся на крэсле, паспеў хуценька абегчы вачмі і сцены, і ўбогі тапчан, і прамёрзлыя куткі камеры.

— А камерка ў вас не з важнецкіх, зусім незайздросная. Там гаварылі, што пераменяць вам! — І слова «там» было сказана так пачціва, што наведвальнік ледзь не прыўстаў у крэсле.

— А з якой прычыны?

— Ну што вы, Вадзім Рыгоравіч? Яны не такія ўжо некультурныя людзі, каб не разумець, што нельга ж аднолькава ставіцца да кожнага арыштаванага.

— Дзе вы працавалі перад вайной, на якой пасадзе?

— Бухгалтарам аднаго з аддзелаў абласной установы. Што тая пасада... Адно можна сказаць — мадзеў я на ёй і душой і целам. Ніякага разгону: ведай толькі — на лічыльніках ляпай. Ды і што там асабліва ляпаць: сепаратары, культыватары, сеялкі ды веялкі... А мне ад тых веялак душу рве...

— Хіба гэтыя веялкі ды сеялкі такая ўжо сумная справа?

— Справа не ў гэтым. Маштабы не тыя...

— Маштабы ж ад чалавека залежаць. Вы ж, здаецца, і ў партыі былі?

— Не толькі быў, але і цяпер лічуся...— і Зыбін мімаволі апусціў вочы долу і каторы час нібы ўважліва прыглядаўся да сучкоў у старых маснічынах падлогі. Яны не так зношваліся і вытыркалі ўзгорачкамі.

У камеру прынеслі абед, і не на аднаго, а на двух.

— Вось і падсілкуемся трохі, Вадзім Рыгоравіч, калі вы дазволіце і мне паабедаць у вашай камеры.

— Месца хопіць, абедайце...

Слышэню кінулася ў вочы, што гэта не быў турэмны абед. У талерках дыміўся суп з добрым наварам. Ад смажанага мяса несла такім прыемным пахам, што з непрывычкі аж закружылася галава.

Прыглядаючыся да талерак і да Зыбіна, Слышэня заўважаў поўную адсутнасць якіх бы там ні было намёкаў на нож ці на відэлец.

«Шкада, аднак...» — падумаў ён.

Як бы дарэчы былі цяпер інструменты абедзеннага стала. А тут паклалі толькі па драўлянай лыжцы.

Ён моўчкі еў, назіраючы за Зыбіным.

Той пад’еў, рыгнуў ціхенька ў кулачок, акуратна складзенай хустачкай выцер губы.

— Ведаеце,— сказаў ён, замілавана гледзячы на субяседніка,— а добры абед мае ўсё ж вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Але ж выбачайце, дзяўбу я ўсякае глупства, а пра галоўнае мы і забыліся пагаварыць.

— Давайце пра галоўнае...

— Зайшоў я да вас не проста так. Скажу я вам, Вадзім Рыгоравіч, не ўпірайцеся, не гневайце іх залішне.

— Вы што? Параду якую хочаце даць?

— Вядома. Не рабіце супраць іх, пытаюць пра што — расказвайце.

— А калі я не раскажу, што будзе?

— Вы самі добра ведаеце, што будзе... Смерць будзе, Вадзім Рыгоравіч... Самая пакутлівая смерць!

— Калі я раскажу ім пра ўсё, мне ж таксама будзе смерць. Мяне не памілуюць савецкія людзі. Якая ж, на вашу думку, смерць горшая?

— Адразу відаць, такі неспрактыкаваны чалавек, такі наіўны. Хто будзе ведаць пра тое, што вы тут гаварылі. Вас выпусцяць, і вы вернецеся да сваіх таварышаў, да блізкіх, вы будзеце такім жа камуністам, як былі і да гэтага часу, ніхто і ведаць не будзе пра некаторыя вашы прыгоды...

— А калі будуць падазрэнні, як жа тады мне быць?

— І гэта не страшна. Паедзеце куды-небудзь далей...

— Вось вы кажаце, паеду. Ну я, скажам, паехаў. А ўявіце сабе, што праз месяц, ну праз колькі месяцаў, нашы перамогуць — я кажу пра Чырвоную Армію. І не толькі перамогуць, не толькі прагоняць іх, але трапяць і ў Германію. Што ж тады рабіць: вам, ну і мне, канечне, калі пайду... вашым следам?

— Сказалі мне, аднак! Пра якую там перамогу Чырвонай Арміі можна гаварыць цяпер? Хіба вы не ведаеце, што супраць чырвоных выступае амаль увесь свет, што ў немцаў змабілізаваны вялікія сілы. І не толькі нямецкія, і не толькі там, скажам, румыны, ці венгры, ці фіны. Сілы ўсёй Еўропы стаяць напагатове.

— А што ж з Савецкім Саюзам будзе?

— Ніякага Саюза не будзе.

— А куды ж мы камуністаў падзенем?

— Вадзім Рыгоравіч, ну навошта такая дэталізацыя? Хіба трэба пра кожную дробязь думаць?

— Ну, гэта не такая ўжо дробязь — камуністы. Дык як жа вырашылі вы: пакінеце іх на свабодзе ці... на ліквідацыю?

— Вадзім Рыгоравіч, я не разумею вашай усхваляванасці. Урэшце, вы занадта ўжо далікатны чалавек. Што нам да таго, якімі там сродкамі ліквідуюць... гм... камуністаў? Гэтая справа нас мала абыходзіць... Абы ліквідавалі, і добра...

— А мяне яна не абыходзіць, аднак... А чаму, вось я скажу вам...— і Слышэня прыўзняўся з свайго месца і голас панізіў да шэпту, нібы хацеў сказаць нешта важнае, сакрэтнае. Зыбін аж вушы паставіў і вочы прыжмурыў.

Усе сілы сабраў Слышэня, нават падаўся наперад, каб з разгону ямчэй, мацней быў удар. Аж кулак раскрывяніў.

Зыбін зляцеў з табурэткі, гучна пляснуўся аб падлогу.

— Гэта каб ведаў ты, паганая гніда, што справа тая мяне не абыходзіць. А гэта табе за Савецкі Саюз, а гэта за Чырвоную Армію... А гэта... гэта за камуністаў...

Ашаломлены чалавечак хацеў ускрыкнуць, але ледзь не захлынуўся ўласнай крывёй. Выплюнуўшы некалькі зубоў, Зыбін закрычаў аб паратунку.

Прыбеглі паліцаі і, ледзь вырваўшы яго з рук Слышэні, павялі з камеры.

 

14

— Вы не былі калі-небудзь баксёрам?

Слышэня са здзіўленнем зірнуў на паліцэйскага генерала, які асабіста вёў чарговы допыт.

— Ведаеце што, пан генерал, у вас няма лішняга часу, а ў мяне няма асаблівага жадання весці бескарысныя размовы.

— Ды пачакайце вы. Не разабраўшыся, не адказаўшы на пытанне, пачынае ўжо тапырыцца. Эх, моладзь, моладзь, хоць бы паважалі вы старэйшага за вас па ўзросту.

— Не разумею вас, пан генерал!

— А што тут разумець? Я спытаўся пра ваша баксёрства проста таму, што мне расказалі, як апрацавалі вы тут аднаго дурня.

— Уявім сабе, пан генерал, што быў. Далей?

— Я, пан Слышэня, стары салдат, балбатні не люблю, балбатні ў другіх таксама не цярплю. Тут бадай што мы сыдземся з вамі характарамі. Спадзяюся, што наша гутарка не будзе бескарысная ні для вас, ні для мяне. А таму і давайце гаварыць сур’ёзна...

— Слухаю вас, пан генерал.

— Я прапаную вам як салдат салдату: для агульнай нашай карысці выступіць перад народам, перад рабочымі альбо перад служачымі — мы ўжо самі патурбуемся аб месцы вашага выступлення. Вось... Выступіць і сказаць, што вы, пераканаўшыся ў бескарыснасці, у бесперспектыўнасці і, урэшце, у злачыннасці ўсёй партызанскай барацьбы, добраахвотна — падкрэсліваю — добраахвотна — перайшлі да нас, каб сваёй сумленнай, як і належыць грамадзяніну гэтага краю, дзейнасцю спрыяць далейшаму працвітанню роднага краю, які так пацярпеў ад бальшавікоў.

— І гэта ўсё, пан генерал?

— Ну, вядома, самае асноўнае... Магчыма, давядзецца яшчэ выступіць дзе-небудзь перад сялянамі. Захочаце — напішаце пару-другую адозваў да партызан, да насельніцтва. Захочаце — пішыце артыкулы ў газетах. Тут мы няволіць і абмяжоўваць вас не будзем. Поле дзейнасці самае шырокае...

— Вядома, пан генерал. Але дазвольце запытацца, хоць я і не маю права на запытанні.

— Калі ласка.

— Я хацеў бы запытацца, як называецца тая дзейнасць, якую вы прапануеце мне?

— Што за пытанне? Самая разнастайная дзейнасць: культурная, эканамічная, палітычная, любая, да якой у вас будзе схільнасць.

— А ці не здаецца вам, пан генерал, што такі ўчынак і падобная дзейнасць называюцца вельмі проста: здрадніцтва.

— Вы крыху блытаеце рэчы, а таму так многа нагаварылі тут усякіх слоў, якімі можна пужаць хіба толькі далікатных паненак. Сантыменты, сантыменты! Вы зразумейце, па-першае, што мы з вамі знаходзімся ў заваяваным краі. Разумееце, заваяваным! Для гэтага краю выдаюцца належныя законы, і яны павінны быць абавязковымі для ўсіх. А тут знаходзіцца кучка злачынцаў, і яна літаральна дэзарганізуе ўвесь край. Хіба барацьба з гэтымі злачынцамі не з’яўляецца святым абавязкам кожнага сумленнага грамадзяніна?

— Вы маглі б сказаць дакладней: кожнага здрадніка. І пры чым тут сумленне? Вы самі, генерал, добра разумееце, што кучка злачынцаў не магла б дэзарганізаваць увесь край. Справа ідзе не пра няшчасную кучку, а пра вялікую сілу, пра ўвесь народ, які і не хоча, і не збіраецца, і не думае падпарадкавацца вам, і самы край, як гэта вы добра ведаеце таксама, не заваяваны, не пакораны, і ён ніколі не будзе пакораным.

— Ну, ну, ну... кіньце гэту вашу танную агітацыю...

— Агітацыю? Я карыстаюся толькі правам гаварыць з вамі так, як належыць гаварыць, як вы кажаце, салдату з салдатам. Я толькі ваш палонны, і не мне агітаваць вас, генерал. Але калі вы назвалі ўжо сябе салдатам, дык я вам проста скажу: не вельмі гэта добра, калі салдат прапануе салдату пайсці на здраду. Так салдаты не робяць, пан генерал.

— Я мог бы разгневацца на вас за абразлівы тон вашых слоў, але астануся верным нашай умове: мы салдаты! Гэта па-першае. А па-другое, я прадстаўнік паліцыі, а ёй па закону не рэкамендуецца прымаць да сэрца розныя абразлівыя словы. Але ўсё гэта мае вельмі малое дачыненне да справы. Я хачу напомніць вам толькі пра адно: вы падлягаеце, паводле нашых законаў — і дзяржаўных і ваенных,— пакаранню смерцю.

— Што ж, я сапраўды ў вашых руках, нічога не зробіш... Але я павінен сказаць, што смерць прыходзіць да чалавека адзін толькі раз. Ну, а перажыць адзіны раз у жыцці гэтую непрыемную падзею як-небудзь можна...

— Вы памыляецеся. Мы можам прымусіць смерць, каб яна штодня дакраналася да вас сваёй рукою.

— Гэта не па-салдацку, пан генерал...

— Можа, яно і не па-салдацку, але паліцыя ў інтарэсах дзяржавы сантыментамі не займаецца. А са смерцю шчыра вам раю не жартаваць.

— Калі прыйдзе да выпадку, пан генерал, то давядзецца і пажартаваць. Адным словам, не так ужо мы баімся смерці, як гэта здаецца вам.

— Скажу вам толькі адно: многа бачылі мы такіх людзей, многа праслухалі такіх заяў — гэта не навіна для нас.

— Што ж, я ганаруся, пан генерал, што такіх людзей многа. Горш было б, каб іх не было, каб іх было мала.

— Мы і робім, каб іх з кожным днём станавілася ўсё менш і менш,— з яўным адценнем нецярплівасці і раздражнёнасці сказаў генерал.— Вось вы можаце палюбавацца праз краты акна, як некаторыя вашы аднадумцы праз неразумную ўпартасць сваю ідуць на гэтую адзіную ў жыцці сустрэчу, пра якую вы толькі што гаварылі. Ідзіце, ідзіце, палюбуйцеся, можа, крыху зменіце тон тады ды зробіцеся больш лагодным. Можа, тым часам, загаворыць і сумленне ваша: праз вас гінуць тыя людзі, вы іх пасылаеце на шыбеніцу.

Слышэня падышоў да акна, якое выходзіла на турэмны двор. На двор былі сагнаны амаль што ўсе вязні. Перад імі выстраілася шарэнга аўтаматчыкаў, некалькі кулямётаў стаялі напагатове, на выпадак якіх нечаканых здарэнняў. А непадалёк ад аўтаматчыкаў згрудзіліся шчыльнай купкай некалькі чалавек, босых, без верхняй вопраткі. Іх ахоўваў моцны канвой. Некалькі эсэсаўцаў завіхалася ля ліхтарнага слупа, што стаяў пасярэдзіне двара. Тут жа на лесвіцы, прыстаўленай да слупа, чалавек у цывільным адзенні прывязваў вяроўкі да невялічкай перакладзіны.

Была адліга, на двары свінцова паблісквалі лужыны талай вады. Рэзкі вецер наганяў рабацінне на ваду, шкуматаў хмаркі на небе, праз якія прабівалася зрэдку ранняе веснавое сонца.

Слышэня паглядзеў, адвярнуўся. Ён ледзь устояў на нагах, паволі адышоўся ад акна.

— Бачылі?

— Так, у мяне ёсць вочы... Салдаты, якія думаюць забяспечыць сабе перамогу такімі... ганебнымі справамі, даўно не салдаты. І яны — і вы ў тым ліку — даўно ўжо асуджаны на пагібель...

— Бачу я, падзейнічала на вас гэта... Аднак як жа дамовімся мы з вамі? Гаварылі, гаварылі і не прыйшлі ні да якой пакуль што згоды.

— Не, генерал. Згоды ў нас ніколі не было, няма і ніколі не будзе!

— Думаю, што вы будзеце горка раскайвацца за гэтыя словы. Але будзе позна.

Слышэня нічога не адказаў.

Праз гадзіну генерал дакладваў пра ўсе акалічнасці самому гаўляйтэру. Той сядзеў надзьмуты, афіцыйны. Ні адна рыска не зварухнулася на яго мясістым твары, а вочы як утаропіў у кончыкі сваіх пальцаў, так і сядзеў увесь час.

— Ну? — раптам рэзка запытаўся ён.

І па тым, як прагучала гэта кароткае слова і як позірк гаўляйтэра маланкава перакінуўся на пана начальніка паліцыі, генерал Герф зразумеў, што справа вельмі і вельмі цікавіла пана Кубэ.

— Павінен сказаць вам, пан гаўляйтэр, ён не ідзе ні на якія прапановы...

— А вы не знайшлі яшчэ сродкаў прымусіць яго да згоды?

— Праўда, не ўсё яшчэ, але многа рабілася, каб пераканаць яго.

— Пераканаць? Вы што ж, няйначай, думаеце ператварыць турму ў дыскусійны клуб? Але паспрабуйце там давесці да канца вашы працэдуры.

— Слухаю, пан гаўляйтэр! Выбачайце, толькі адно яшчэ пытанне... Я не стаў бы турбаваць вас, каб гэта быў звычайны вязень. Але ж тут маем мы справу з некаторым выключэннем... Што рабіць у тым выпадку, калі, нягледзячы ні на што, чалавек не пойдзе ўсё ж на нашу прапанову?

— Гм... Смешнае пытанне!.. Калі б гэтае пытанне задала мне мая паважаная Аніта, гэта можна было б зразумець. Няўжо не ясна, што мы можам, разумееце, можам абысціся і без яго? У газетах апублікавана, што ён у палоне? Ну вось, тым лепш. А з ім, генерал, можна і так...

Пан гаўляйтэр, як ляжалі яго рукі на стале, прыўзняў іх, упёрся лакцямі аб стол. Указальныя пальцы сышліся крыжыкам.

— Бачыце? — аж лагодна ўсміхнуўся Кубэ.— Толькі вось што...— Тут усмешка знікла, твар пана гаўляйтэра крыху нахмурыўся.— Рабіце гэта без лішняга шуму. Ніякіх там публічных відовішчаў... Адным словам, вы мяне разумееце: каб ніхто, не толькі паліцаі, але нават і эсэсаўцы, не ведалі, што там быў за чалавек. Пусціце з якой партыяй звычайных асуджаных. За гэта, пры выпадку, будзеце несці асабістую адказнасць. Ну, пакончылі ўрэшце з гэтай справай.

Гаўляйтэр устаў з-за стала. Генерал пачціва развітаўся, усцешаны ўжо тым, што справа адбылася без наганяю.

 

15

Цяжка ўявіць усе тыя пакуты і катаванні, якія давялося перажыць Слышэню пасля допыту начальнікам паліцыі.

Знясіленага і акрываўленага кінулі яго ў адной бялізне ў цесную і нізкую, як дамавіна, камеру. У ёй не было ні акенца, ні лямпы, ні чаго-небудзь падобнага на зэдлік ці тапчан. Гэта быў каменны мяшок, ці, як умоўна называлі яго турэмшчыкі, пастка.

Слышэня сяк-так прымасціўся на цаглянай падлозе, марачы аб тым, каб забыцца на ўсё, што перажыта за дзень, і даць адпачыць спакучанаму целу. У камеры стаяў густы змрок, у якім губляліся абрысы сцен, столі, дзвярэй. Цішыня і змрок хілілі да сну, і Слышэня задрамаў на якую гадзіну. Як праз сон чуў ён, што пстрыкнула вочка ў дзвярах і нешта мяккае, жывое, з рэзкім піскам чмякнулася аб падлогу. За ім другое, трэцяе... І яшчэ некалькі раз. Усё гэта чуў ён у глыбокай дрымоце, якая моцна захапіла яго ў свае ласкавыя абдымкі. Калі ад калючага болю — нібы хто вострым нажом паласнуў па пальцу нагі — ён прахапіўся, то колькі хвілін не мог уцяміць, што за шалёная і нябачная мітусня адбываецца навакол. Па ім папаўзла нейкая істота, ён паспрабаваў скінуць яе рукою і тут жа таргануўся ўвесь. На руцэ вісела нешта жывое, і востры боль працяў усю скрываўленую яшчэ днём далонь. З усяе моцы размахнуўся ён рукою, ударыўшы тое жывое аб цагляную падлогу. Яно піскнула і змоўкла. Потым піск узняўся ў кутку камеры, і зноў усчалася мітусня.

«Пацукі...» — скідаючы з сябе рэшткі кароткага сну, здагадаўся Слышэня. Ён не баяўся іх, але, як і кожны чалавек, адчуваў да іх грэблівасць. Па тым, як кідаліся на пах крыві гэтыя брыдкія і пісклявыя істоты, як прагна ўпіваліся яны ў руку ці ў нагу, ён зразумеў, што яны страшэнна галодныя.

Слышэня хутка прыўзняўся, сеў, падкурчыўшы пад сябе ногі. І хаця ён быў не з пужлівых людзей, але перспектыва правесці ноч з галоднымі пацукамі была жахлівая. Перамагаючы боль у скрываўленых членах,— а ён быў куды мацнейшы, чым звычайная грэблівасць да гэтых стварэнняў,— Слышэня ўсё ж наважыўся знішчыць іх. Біў рукамі, нагамі, навальваўся ўсім целам.

Так правёў ён усю ноч і ўрэшце змогся. Прыхіліўшыся ў куточку тварам да сцяны, ён сядзеў знясілены, здранцвелы. Пад самую раніцу ён пачуў чыесьці крокі за дзвярмі.

— Выносьце! — гаварыў нехта не вельмі гучна.

Яго кладуць на насілкі. Два чалавекі нясуць іх, і ў такт хадзе людзей мерна пакалыхваецца яго падатнае цела. Яго прыносяць у камеру следчага. Той нахіляецца над ім, разглядае знясілены твар.

— Не турбуйцеся, ляжыце, адпачывайце,— папярэджвае следчы Слышэню, які намагаецца прыўстаць на насілках.

Следчы корпаецца на стале, цягне нейкую паперу, не адну, а некалькі лісткоў. У адной руцэ яны, у другой канцылярская ручка. Чалавек бачыць, як з пяра яе сцякае цяжкая кропля чарніла і падае на падлогу, ператвараючыся ў рагатую пляму.

— Што гэта? — пытаецца Слышэня.

— Вы не турбуйцеся, і не трэба асабліва хвалявацца. Ляжыце, ляжыце сабе спакойненька. Вось падпішыце толькі гэтую драбязу, і ўсё мінецца, усё мінецца...

Дрыготкімі рукамі Слышэня бярэ лісткі, прабягае вачмі іх пачатак, зазірае ў канец.

— І гэта ўсё?

— Вядома, усё і больш нічога... Вы толькі падпішыце, як дамовіліся з панам генералам.

— Ну што ж, давайце...

На твары следчага ззяе ўсмешка: урэшце скончыцца гэтая справа, якая так апрыкрала яму.

Але яшчэ хвіліна, і ўсмешка гасне на яго твары. На ім успыхвае гнеў. У гэты твар ляцяць шматкі парваных лісткоў, над якімі так доўга сядзеў следчы.

— Забяры сваю пісаніну, дурань!

— Я прымушу цябе гаварыць, бандыт! Гаварыць так, як нам трэба...— не крычыць, а дзіка раве следчы, ашуканы ў сваіх спадзяваннях.

Слышэня не адказвае, а зняважліва пераварочваецца на другі бок.

— Выкінуць! Знішчыць! — раве раз’юшаны следчы і нагой апракідвае насілкі.— У барак! На сметнік!

Паліцаі хапаюць за ногі Слышэню і цягнуць, цягнуць па калідорах, па сходах, па мокрым снезе і лужынах двара. Вось і драўляны барак. Яны перацягваюць Слышэню цераз парог і ўдарамі ботаў пхаюць яго некуды ў кут, пад тапчан. У бараку ўсхліпвае пужлівы тоненькі голас, і вось ужо дружны дзіцячы плач разносіцца пад заінелай столлю. Чутны трывожныя воклічы.

У бараку ўсталёўваецца цішыня. У ім размешчаны людзі, якіх турэмныя ўлады збіраюцца нібы перасылаць у лагеры, на работу... Тут зусім знясіленыя людзі, якія ляжаць без усякага руху, а некаторыя нават і голасу не падаюць. Тут пакутуюць заложнікі, па адным, цэлымі сем’ямі, з усімі блізкімі, з дзецьмі.

Яны, відаць, прызвычаіліся да таго, што толькі тут адбылося, а таму і не праяўляюць асаблівай цікаўнасці да гэтага новага. Што ж, цяплей будзе ў памяшканні. Але тыя, што былі бліжэй, памаглі апрануцца, абмылі скрываўленыя ногі, нацягнулі абутак. А галоўнае, далі напіцца. Нехта прынёс і кавалачак хлеба, але вязень не дакрануўся да яго.

 

16

Ніна Васільеўна сяк-так перабівалася з пачатку вайны. Каб не дужа кідацца ў вочы якому злому чалавеку, яна перамяніла кватэру, перабралася бліжэй да дзіцячай бальніцы, дзе працавала старшай сястрой. Прозвішча насіла дзявочае — гэта было больш бяспечна. Бальніцу немцы хутка прыкрылі, памяшканне было патрэбна ім пад вайсковы шпіталь. Людзі, якія працавалі там з часу вайны, разышліся куды каторы. Было вельмі многа клопату з хворымі дзецьмі, асабліва з тымі, якія яшчэ не ачунялі як след і ў якіх не было ні родных, ні блізкіх.

І трэба сказаць, што Ніна Васільеўна разам з другімі сёстрамі праявіла тут выключны спрыт і кемлівасць. Частку дзяцей аддалі ў дзіцячы дом, які з першых дзён вайны арганізавалі такія ж энтузіясты, як і бальнічныя сёстры. Частку ўдалося раздаць у некаторыя сем’і. Сама Ніна Васільеўна ўзяла двух дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку.

Калі бальніца была закрыта, яе перавялі на службу ў адну з аптэк на ўскраіне горада, дзе яна і працавала то фармацэўтам, то намеснікам загадчыка аптэкі. У яе былі некаторыя сувязі з партыйным падполлем, была яна звязана і з партызанскім атрадам, які дзейнічаў у бліжэйшых да горада раёнах. Праўда, сувязь гэтая абмяжоўвалася перадачай невялікіх партый медыкаментаў, якія здабывала яна то ў сваёй аптэцы, то ў другіх, дзе працавалі яе знаёмыя.

Жыць было цяжка. Кожны дзень Ніна Васільеўна адчувала вострую нястачу і ў хлебе, і ў абутку, і ў адзенні для дзяцей. У няўтульным і цесным пакоіку абагравала дзяцей газніцай. Потым добрыя людзі злажылі ёй невялічкую цагляную печачку з доўгай бляшанай трубой. На руінах можна было дастаць рознае драўлянае ламачча. Так і перабіваліся.

Якім цяжкім ні бывае жыццё, але яно ўваходзіць, хоць і часова, у нейкую сваю каляіну, па якой і ідзе чалавек некаторы час. Так было і з Нінай Васільеўнай. Хадзіла яна на працу. Наведвалася на рынак, каб дастаць які кошык бульбы ці літр малака. На той жа рынак аднесла сёе-тое з лішняй адзежыны.

Вечары аддавала дзецям. Хлопчыку Аліку было чатыры гады. Каці толькі два. Яны не маглі нацешыцца сваёй новай мамай і ў яе ласках, пяшчотах паступова забываліся на сваіх ранейшых мам. Іх узрост, асабліва ўзрост Аліка, быў тым узростам у жыцці дзяцей, калі маленькія чалавечкі пачынаюць цікавіцца ўсім на свеце, у першую чаргу, вядома, тым, што трапляецца на іх дзіцячае вока. У клапатлівай і разам з тым радаснай мітусні з імі яна забывалася на жахлівую рэчаіснасць, на ўсё тое, што прывяло гэтых дзяцей да яе. Яна ведала прозвішча Аліка, яго маленькую біяграфію. За які тыдзень да вайны яго, хворага, прывёз з-пад Брэста ваенны лётчык, капітан. Здаў у бальніцу і, не маючы часу чакаць выздараўлення дзіцяці, паехаў назад. Праўда, ён сказаў, што праз які тыдзень наведаецца. Але ніхто, вядома, так і не прыехаў потым. Дні пайшлі другія, пачалася шалёная завіруха вайны.

Дзяўчынку падабралі недалёка ад горада з эшалона, які разбамбілі немцы. Бацькі яе загінулі ў час бамбёжкі эшалона.

Ніна Васільеўна вельмі любіла сваіх малых. Вечары з імі былі і добрым адпачынкам і ўцехай. Яны і спалі разам з ёй на адным ложку.

І калі заснуць, ты адчуваеш жывую цеплыню гэтых трапяткіх гарачых камячкоў. А ў пакоі цішыня, цішыня... І ніхто і нішто не перашкаджае думкам тваім: вось прыйдзе — прыедзе Вадзім з вайны. І насустрач яму выведзе яна гэтых любых і слаўных: прымай, Вадзім, і шануй іх, галубі, гэта ж нашы з табой салдацкія дзеці. Ён будзе вельмі рад. Ён жа любіць дзяцей, ён так жа хацеў іх.

І вось у радасны свет гэтых пачуццяў, якімі жыў і дыхаў чалавек, уварвалася страшнае, нядобрае.

Яна пачула пра гэта на працы. Работнікі аптэкі — у памяшканні не было ніводнага наведніка — ажыўлена гаварылі пра нешта сумнае.

— Бачыш, Ніначка, у палон да немцаў трапіў партызанскі камандзір, камуніст, так і пішуць — сакратар партыі Мінскай вобласці.

У Ніны Васільеўны трывожна-трывожна забілася сэрца. Сакратар партыі... вобласці. І хаця злучэнні слоў былі крыху нязвычныя, але трывога расла, шырылася, ахапіла ўсю яе істоту. Нехта ж з блізкіх знаёмых...

— Дзе вы чулі? — спытала яна.

— Ды не толькі чулі, але і чыталі. Вось там у газеце іхняй надрукавана.

Можа, было б горш, каб газета была ў іх на руках і ёй давялося б чытаць пры іх. Але газета ляжала на падаконніку, а работнікі ўжо заняліся кожны сваёй справай. Таму ніхто асабліва і не прыглядваўся, як яна чытае газету, ды і што цікавага ў тым. Ніна Васільеўна толькі зірнула на невялічкую заметку, набраную тлустым шрыфтам, і, ухапіўшыся рукой за сэрца, ледзь-ледзь устаяла на нагах. Прыхіліўшыся да аконнага вушака і баючыся, каб не пачуў хто, як моцна-моцна тахкае сэрца, яна дачытала заметку. Каб хто ўбачыў яе твар у тую хвіліну, той заўважыў бы, як здрыгануліся куточкі губ, і яна гатова была, забыўшыся на ўсё, крыкнуць на ўвесь свет аб вялікім і страшэнным горы сваім, якое так нечакана-нягадана навалілася на яе. Усё аблічча змянілася, змарнела, нібы чалавек моцна-моцна перахварэў ці пастарэў на колькі год. Скоранька яна змахнула некалькі слязінак, вялікім напружаннем волі пастаралася быць спакойнай і, палажыўшы газету на месца, узялася за сваю работу.

Яна рыхтавала лякарствы, правярала рэцэптуру, механічна рабіла ўсё, што трэба па службе. Каб саслужыўцы былі больш уважлівыя, яны ўбачылі б, што работа сёння давалася ёй надзвычай цяжка. Часам, падышоўшы да якой шафы, яна раптам не магла ўспомніць, а што, уласна кажучы, ёй трэба ўзяць адсюль? Па некалькі раз перачытвала рэцэпт, намагаючыся зразумець, што там у гэтым рэцэпце. Другія літары, другія словы паўставалі перад ёй, прыгадваючы тое жахлівае, што ўжо здарылася. У газеце былі словы і незразумелыя для яе. І не толькі незразумелыя, але такія, з якімі яна не магла ні ў якім разе пагадзіцца: «Пераканаўшыся ў бескарыснасці партызанскай барацьбы, ён добраахвотна перадаў сябе германскім уладам». Гэтага не магло быць!

Сяк-так дачакалася Ніна Васільеўна канца работы. Управіўшыся з дзецьмі і вывеўшы іх на двор пагуляць, яна ўрэшце магла пабыць на адзіноце, каб хаця выплакацца. Плакала, думала, гадала, што ж гэта такое робіцца ў яе жыцці? І тут жа ўзлавалася на сябе: пры чым тут тваё жыццё, калі недзе там, у турме, можа, гіне чалавек, які для яе даражэйшы ад усіх на свеце.

Многа яна перажыла ў гэты вечар, будавала розныя планы, як бы даведацца ёй і самой пераканацца, ці ёсць хоць кропля праўды ў тым, што надрукавана ў газеце. Пра добраахвотны пераход не магло быць і думкі: хто-хто, а яна ж добра ведала Вадзіма.

Ідучы праз колькі дзён аднойчы на працу, яна ўбачыла, як людзі на хвіліну прыпыняліся ля новых аб’яў, сям-там развешаных на сценах дамоў, на спецыяльных фанерных шчытах.

Прыпынілася і яна.

І тут убачыла, што ўсе яе спадзяванні, увесь той уяўны свет, які быў створаны яе марай, яе надзеяй,— усё гэта адразу знікла. Тое, што людзі, і яна разам з імі, хацелі лічыць звычайнай хлуснёй, аказалася, аднак, суровай праўдай. У аб’яве так і гаварылася, што ён, сакратар партыі вобласці, выступіць перад народам і раскажа, як ад злачыннай партызанскай дзейнасці, асуджанай ім самім, ён вырашыў перайсці на адзіны правільны шлях, шлях супрацоўніцтва з новымі ўладамі на карысць умацавання новага парадку, новага ладу жыцця.

Ніна Васільеўна чытала ўжо спакойна гэтыя радкі. Усім ранейшым яна была падрыхтавана да любых нечаканасцей, да ўсяго, якім бы страшным яно ні было. Што ж, гэта канец, сапраўдны канец жыцця яе любімага чалавека. Але не ганебны канец! За колькі тыдняў пакутлівых перажыванняў яна прыйшла і да гэтага варыянта. Цяпер, прачытаўшы аб’яву, яна была пераконана ў тым, што, відаць, ён і сапраўды выступіць. Але як выступіць?

Ніна Васільеўна ўважліва перачытала апошнія радкі, дзе гаварылася пра месца і час выступлення: заўтра, ля гарадскога сквера, а восьмай гадзіне ўвечары. Тут жа і заклік да ўсіх, каб абавязкова прыходзілі.

Што ж, пойдзе туды і яна, як бы цяжка ні было. Можа, яна дасць знак яму, што яна тут, што яна глядзіць на яго, радуецца яму, жадае яму многа сілы, каб спакойна і бясстрашна зірнуў ён у вочы таму, што няўхільна напаткае яго.

І на другі дзень яна пайшла. Народу было скупавата, у вызначаны час выступленне не пачалося. Гітлераўцы, відаць, загадалі зганяць народ сілком, бо праз якое паўгадзіны людзі сапраўды пачалі прыходзіць цэлымі групамі. І толькі праз гадзіну пасля вызначанага часу выступленне пачалося. На невялічкую трыбуну, збітую з дошак, узабраўся чалавечак у акулярах, і па шэпту людзей, якія стаялі побач з Нінай Васільеўнай, яна даведалася, што гэта бургамістр горада.

— Вось на свае ўласныя вочы пераканаецеся, грамадзяне, што партызанаў на сённяшні дзень амаль што не існуе. І калі некаторыя яшчэ часам не здаюцца, не выходзяць з лесу, дык гэта проста таму, што яны баяцца, каб нямецкія ўлады не пакаралі іх за былую дзейнасць. Зусім дарэмная боязь. Ды што я гавару... Пра гэта раскажа вам сам партызанскі камандзір, пан Слышэня. Калі ласка, наш паважаны госць, Вадзім Рыгоравіч!

Бургамістр працягнуў рукі насустрач чалавеку, памог яму ўзысці на трыбуну. Чалавек зняў з галавы шапку.

Сэрца Ніны Васільеўны ўсхадзілася так, што яна баялася: не вытрымае яно пакуты такой, і ўпадзе яна тут, на брудны вытаптаны снег, на мокрую золь. Упадзе, каб ніколі не ўстаць ужо.

А калі пачула першыя словы, страпянулася і ператварылася ўся ў слых. Паступова яе бледныя шчокі пачалі набірацца жывой чырвані.

«Не, гэта ж не ён, не ён! І голас не яго, і словы не яго!»

І тое, што думала, ледзь не прагаварыла ўголас. Прамоўца амаль што паўтараў словы бургамістра аб партызанах, нешта бубніў там пад нос пра новы парадак, пра тых жа збаўцаў і, зразумела, высмейваў тых, якія вераць, што існуюць партызаны ды чакаюць нейкіх там змен, перамен. Не, не будзе гэтых змен. Працуйце добрасумленна і самааддана на новую Еўропу, і вялікі Гітлер вас не забудзе...

Людзі слухалі моўчкі. Сям-там перашэптваліся. Падышоў да натоўпу чалавечак у кажушку, у старых, стаптаных валёнках. Па тым, як няўпэўнена трымаўся ён на нагах і як хвацка ссунута была шапка-лапавушка на самую патыліцу, відаць было, што хапіў недзе крыху божай слязы і ўсё яму цяпер ніпачым.

Ён задраў нос, наставіў вуха. Слухаў, слухаў і ўвесь яго твар расплыўся ў лагодную ўсмешку.

— Дзе ж гэта ён, каторы гаворыць? Крыху недабачу я.

— Ды вунь з барадой, з вусамі, на самай трыбуне.

— Што ты мне гародзіш? Якая там барада ў Сямёна?

На яго паглядзелі здзіўлена, а ён, ні на што не зважаючы, дзёўб сваё:

— Іш, валацуга няшчасны! Я другі дзень шукаю яго, а ён вунь дзе апынуўся. І глядзіце, рэжа як па-пісанаму.

Ды крыкнуў тут праз увесь натоўп:

— Сямён! Чаго ты там?

Прамоўца папярхнуўся пры гэтым, замоўк на хвіліну, механічна павярнуўся на голас.

— Злазь, куды цябе чорт занёс!

Толькі б прамоўцу «хайль» сказаць, а тут збілі яго зусім. Так разгубіўся, што забыўся, дзе чытаў. Закашляўся, шукаючы тае мясціны, прыкрыў далоняй рот, нібы хацеў выцерці губы. Рогат прайшоўся па натоўпе: адваліўся вус у прамоўцы, а ён у вялікім хваляванні і не заўважыў гэтага, усё шукаў месца, дзе пакінуў чытаць.

А ззаду натоўпу чуліся выкрыкі:

— Ды адчапіцеся ад мяне, што вам трэба? Я ж нічога не сказаў, гэта ж сапраўды мой сябар.

Некалькі паліцаяў адціралі ад натоўпу чалавечка ў стаптаных валёнках. Намагаліся зрабіць гэта ціха, без асаблівага шуму-гоману, каб не перашкаджаць прамоўцу. Але гэта ўжо была дарэмная турбацыя.

Не чакаючы канца сходу, людзі паволі разыходзіліся. Раней, звычайна, не дазвалялі разыходзіцца, пакуль не закончыцца справа. Цяпер ніхто асабліва не трымаў і не прымушаў аставацца. Ды і тыя, што стаялі ля трыбуны, таксама падаліся на машынах, забраўшы і аканфужанага прамоўцу.

Ужо ў машыне афіцэрык тыцкаў рукой у пальчатцы ў самыя зубы прамоўцу, прыгаворваў:

— Згнаю, падлюка, у турме! Гэтакую аперацыю праваліў...

Ніна Васільеўна паволі ішла дахаты. Яна разумела, што з Вадзімам Рыгоравічам усё ж здарылася нейкае няшчасце (без гэтага не рабілі б яны сёння маскараду). Але на сэрцы, якое столькі адпакутвала за апошнія дні, было параўнальна спакойна. Так і здарылася, як думала яна: Вадзім не мог пайсці на ганебную справу.

Ніна Васільеўна падыходзіла ўжо да хаты, як непадалёк, кварталы якія за тры-чатыры ад яе, пачулася страляніна. Яна неўзабаве і сціхла. Але Ніна Васільеўна ўсё пазірала туды, адкуль пачула стрэлы. Праз колькі хвілін з таго боку паказаўся грузавік з людзьмі. Ён прамчаў так хутка па вуліцы, што нельга было разгледзець, што там былі за людзі — цывільныя ці ваенныя. Грузавік прамчаў, а там, адкуль з’явіўся ён, узнікла спачатку празрыстае святло. Потым гэтае святло пачало чырванець, і ўжо можна было бачыць языкі полымя і густыя клубы дыму, якія імкліва ўздымаліся ў хмарыстае неба.

А яшчэ праз гадзіну, калі Ніна Васільеўна была ўжо ў кватэры і займалася з дзецьмі, суседкі сказалі ёй, што ў горадзе ўзняўся новы пажар, яшчэ большы за першы.

Раніцаю Ніна Васільеўна даведалася, што каля поўначы, а можа, крыху пазней, у горадзе ўзнік трэці пажар. Казалі, што гарэла недзе каля турмы і моцна гарэла, бо яшчэ і да гэтага часу на тым месцы злёгку курыліся празрыстыя пасмачкі шэрага дыму.

Людзі, што жылі на ўскраіне горада, ля самай ракі, блізка перакрыжавання вуліц, адна з якіх ішла на Татарскую слабодку, а другая ў раён гета, бачылі, як па вуліцы з гета асцярожна спускалася з гары вялікая крытая машына. Недалюблівалі гэтай машыны. Называлася яна чорным груганом і з’яўлялася на вуліцах толькі познім вечарам або ноччу. Разагнацца на спуску машына не магла, бо тады не паспела б павярнуцца на паваротку, і ёй аставалася б толькі адно — сігануць з крутога берага проста ў рэчку. І толькі яна высунулася на раскрыжаванне, як прымушана была зусім затармазіць: на самым паваротку ляжала невялічкае бярвенца. Шафёр машыны і салдат-эсэсавец толькі памкнуліся вылезці з кабіны, каб скінуць з дарогі нечаканую перашкоду, як, аглушаныя страшэнным ударам, больш нічога ўжо не чулі і не бачылі. Цяжкі грузавік урэзаўся з усяго разгону ў перад машыны. З задняга закрытага сядзення выскачыла некалькі эсэсаўцаў. Але яны тут жа ўпалі, зрэзаныя чаргой з аўтамата.

Праз якую хвіліну-другую былі адкрыты заднія дзверцы, пачалі выгружаць людзей і, свецячы на іх кішэнным ліхтарыкам, пільна прыглядаліся да кожнага твару. Вызваленых людзей перавялі на грузавік.

Трупы забітых гітлераўцаў ускінулі ў закрытую машыну. Туды ж паставілі некалькі каністраў з бензінам. Паліўшы бензінам машыну, падпалілі яе. Грузавік знік.

Гэта быў першы пажар, які заўважыла Ніна Васільеўна ў той вечар.

 

17

Дзён праз пяць пасля таго як трагічна загінула Люда, з турмы ўцякла значная група вязняў, у тым ліку і ўсе дзяўчаты з майстэрні мадам Кёрзіг. Праўда, не дзяўчаты арганізавалі ўцёкі, але паколькі іх камера была вельмі зручная для ўцёкаў, то хлопцы падгаварылі і іх паспрабаваць удачы і выбрацца на волю. Усе пралезлі праз фортку ў турэмнай сцяне, якой карысталіся толькі Кёрзігі.

Іх хапіліся толькі пад раніцу, калі ўжо і след прастыў.

Але Соні — Людзінай сястры — не пашчаслівіла ўцячы разам з другімі. Дні за чатыры да тых уцёкаў Кёрзіг узяла яе да сябе на месца хатняй работніцы, якая захварэла на гэты час. Сам Кёрзіг быў супраць таго, каб у яго на кватэры працавала Соня.

— Навошта табе гэтая малая, не можаш узяць якой дарослай дзяўчыны?

Фрау Кёрзіг, акінуўшы яго такім зняважлівым позіркам, што той гатоў быў раскаяцца за свае словы, скупа працадзіла праз зубы:

— Гэта табе напамінак, мой шаноўны...

Так Соня пачала працаваць хатняй работніцай: мыла, падмятала, насіла дровы, выбівала пыл з дываноў, рабіла ўсё, што загадае гаспадыня. Пасля раптоўнай і таемнай для яе смерці сястры Соня жыла сваім, адчужаным ад усіх жыццём. Яна замкнулася ў сабе, не брала ўдзелу ні ў якіх гутарках, хадзіла і працавала заўсёды ціхая, задумлівая. Яна пра многае з таго, чаго не ведала раней, даведалася тут, у турме. Па намёках, па перашэптваннях дзяўчат, урэшце па перавязаным твары Кёрзіга яна здагадвалася аб сапраўднай прычыне нечаканай гібелі сястры.

Многа чаго яна перадумала, але ўсё не знаходзіла яснага і простага адказу на самае галоўнае пытанне: як жа жыць далей, што трэба рабіць, каб пазбавіцца жахлівых турэмных сцен і яшчэ больш жахлівых людзей, якія займелі права камандаваць, распараджацца табой, урэшце, пазбаўляць цябе жыцця.

Што ж рабіць, дзе шукаць паратунку? Вось яны шчаслівыя, каторым удалося ўцячы. Можа, яны ўжо ў партызанах, можа, яны б’юць ужо дзе-небудзь гэтых ненавісных і праклятых, якія, як ненажэрныя п’яўкі, смокчуць і не насмокчуцца крыві. А тут вось гніся на іх ад цямна да цямна, ды яшчэ выслухоўвай бязглуздыя і абразлівыя парады гаспадыні:

— Я папярэджваю цябе, дзіця маё, будзь асцярожная з ім... Калі што якое, ты адразу гавары мне...— шаптала яна, паказваючы вачмі на мужа.

— Навошта вы гэта гаворыце?

— Ах, божа мой, наіўнае дзіця! О, святая цнатлівасць! Ты не ведаеш, дурнічка, якія небяспекі падсцерагаюць цябе ад іх, ад гэтых мужчын. Глядзі ж у мяне: я ніколі не дарую табе самых нявінных жартаў! — ужо голасна і пагрозліва гаварыла мадам Кёрзіг.

— Чаго вы хочаце ад мяне? — з адчаем гаварыла Соня і, закрыўшы твар рукамі, плакала наўзрыд, прытуліўшыся дзе-небудзь у кутку.

— Гэта добра, дзіця маё, калі чалавек мае здольнасць плакаць...

Соня мерзла, калела начамі ў сваім кутку пад лесвіцай. З аднаго боку калідора — кватэра начальніка турмы, з другога — не то склад, не то нейкі архіў. Наверсе — турэмная канцылярыя. Вокны ўсюды — і ў калідоры, і ва ўсіх памяшканнях — забраны кратамі. Нікуды не вырвешся адсюль, каб і захацеў. Адзіныя дзверы на двор былі заўсёды замкнуты на ключ.

Апошнімі днямі Кёрзіг хадзіў пануры, раздражнёны: нешта не ладзіліся справы. Неяк вечарам, калі ў сталовай Соня налівала газу ў лямпу, яна неасцярожна павярнулася ля яе, і вялізная лямпа з грукатам упала на падлогу. Шырокае цыліндрычнае шкло са звонам разляцелася на кавалкі, шырокая лужына газы падплыла пад стол.

Кёрзіг падскочыў да Соні, стаў біць яе па шчаках.

— Гэта табе за лямпу, паганка! Гэта табе за неахайнасць! Гэта за сапсутую падлогу! Акуратней будзь, акуратней... свіння...

Ён біў, і з кожным ударам нарастала яго лютасць. Дзяўчынка ведала, што ў прыпадках лютай злосці ён мог і забіць чалавека, калі той пачынаў пярэчыць ці апраўдвацца. І яна маўчала, сцяўшы і прыкусіўшы да крыві губы.

На ўвесь гэты шум увайшла фрау Кёрзіг.

— Што ў вас тут такое? — гучна запыталася яна, падазрона агледзеўшы абаіх.

Яе голас нібы працверазіў крыху Кёрзіга. Узрушаны, з яшчэ не астыглым гневам, Кёрзіг паказаў на дзяўчыну, на рэшткі разбітай лямпы.

— Вось палюбуйся на працу свае пратэжэ!

У голасе яго адчуваліся ноткі зларадства.

Здрадлівыя дзве слязы скаціліся на шчокі дзяўчынкі. Як хацелася ёй заплакаць, каб выплакаць страшэнную знявагу. Як хацелася ёй падняць з падлогі рэшткі лямпы і кінуць іх, шпурнуць у перавязаную бінтам пысу ненажэрнага звера. Ён жа шукае заўсёды выпадку, каб спагнаць на кім злосць, каб спатоліць звярыную прагу да катаванняў, да крыві сваіх ахвяр. Яна хуценька нагнулася, узяла ў руку жалезны рэзервуар лямпы, рашуча выпрасталася, мелькам зірнуўшы на постаці гаспадароў, якія стаялі ля стала. Кёрзіг грэбліва сачыў за яе рухамі, а жонка чакала, відаць, нейкіх тлумачэнняў ад яе. У вачах гаспадыні Соня не бачыла асаблівай спагады. Ды ці перад імі ж плакаць ёй? І чаго дасягнеш ты, калі кінеш у яго гэты кавалак жалеза? Гэтым жа не заб’еш, а ён цябе заб’е. Заб’е, і ніхто цябе не пашкадуе, ніхто нават ведаць пра гэта не будзе. Не, не гэта трэба рабіць, не гэта... Перацярпі яшчэ раз, сцісні зубы і памаўчы. І зусім спакойна, пакорліва яна звярнулася да фрау Кёрзіг:

— Даруйце, я не заўважыла, як зачапілася за яе рукой...

Тая трагічна паківала галавой, нахмурылася:

— Сапраўды, нельга ж быць такой бязрукай. Так жа можна і пажару нарабіць... А цяпер не прадыхаеш гэтага смуроду.

І яна загадала дзяўчыне перамыць падлогу гарачай вадой. А калі выйшаў муж у другі пакой, яна падышла да дзяўчыны і, схапіўшы яе за руку, засіпела ёй у твар:

— Ты глядзі ў мяне! Я ведаю, як падаюць лямпы са стала! Я скуру з цябе здзяру і аддам сабакам. Ты гэта памятай заўсёды.

Доўга ў той вечар не магла заснуць Соня. Ляжала на сваім халодным брызентавым матрацы, думала, шукала нейкага выхаду з тупіку. У халоднай цемрані ночы перад ёй узнікалі твары абаіх Кёрзігаў, лютых і бессардэчных ворагаў. Хіба не яна, гэта Кёрзіг, загубіла яе сястру? Хіба не гэтая старая ханжа спрабавала іграць на чалавечых пачуццях жаласлівасці і спачування чалавечаму гору? Хіба не гэтая ведзьма, што выжыла з розуму ад спазнелай рэўнасці, робіць яе цацкай не досыць разумнай ігры ў помсту свайму ідыёту-мужу? І, паставіўшы яе ў гэтую дзікую ролю, гатова западозрыць у самым гнюсным брудзе...

Не, нельга жыць з такімі пачварамі! Нельга дыхаць адным паветрам з імі! А што ж рабіць, каб выбавіцца ад гэтых вылюдкаў?

Што ж рабіць?

Цемра ночы не дае адказу. Дзесьці за сцяной завывае халодны вецер. Чуваць, як сыпле ён снежнай пацярухай у шыбкі акна ў калідоры, як прыўзнімае ён часам жалезны ліст на даху, і той грыміць, пастуквае, наганяючы журботныя думы. Недзе ж тут, непадалёку, гэтыя двуногія звяры закапалі яе сястру. Дзе ты, мая харошая, родная? Я ж так хацела паглядзець на цябе, развітацца з табою, каб не гарэла сэрца невымерным болем, што не праводзіла цябе ў апошнюю дарогу, не сагрэла халодных воч тваіх сваім дыханнем, не аблашчыла іх сястрыным пацалункам. Навошта ж ты пакінула мяне на здзек, на надругу? Мне холадна тут, мне страшна тут...

Перад вачмі яе паўставала нядаўняе, перажытае, з чаго пачалося ўсё жудаснае ў яе жыцці. Груды бітай, задымленай цэглы. Уцалелая сцяна. Там быў дом, там жылі яны. Над карнізам акна з трывожным шчэбетам ляталі ластаўкі. З акна струменіў, завіваўся ў шэрыя клубкі дым. Там усё пагарэла. Дарэмна шукалі гнязда асірацелыя ластаўкі.

Так і яны з сястрой стаялі тады над папялішчам свайго гнязда і баяліся падумаць, куды ж, у якія прасторы панясуць іх апаленыя крылы.

Соня прыўзнялася на сваім ложку. Чамусьці ўспомніліся словы: так жа можна нарабіць і пажару...

Яна не адказала тады на гэтыя словы.

Што ж, адказаць ніколі не позна... Можна адказаць і цяпер.

Яна хадзіла так асцярожна, што не чула сваіх крокаў. Толькі чула завыванне шалёнага ветру ды ціхі плеск выліваемай газы. Цэлыя дзве каністры стаялі ў кутку... І калі выліла ўсё на падлогу і туды, пад дзверы, дзе спалі ў сваёй бярлозе звяры, яна, затаіўшы дыханне, чыркнула запалкаю. І раз, і другі... Ад хвалявання ламаліся запалкі. Але вось узняўся кволы язычок полымя, адкінуў яе трапяткі цень на сцяну. Цень быў такі вялікі, страшны. Кволы язычок ледзь не захліпнуўся, крыху памерк, але тут жа ўзгарэўся з новаю сілаю і пайшоў, і паплыў, расплываючыся ўсё шырэй і далей. І чым шырэй расплываўся ён, тым вышэй узвіваліся яго агністыя касмылі. Стала горача, нясцерпна горача.

Закрыўшы твар рукамі, Соня паволі адступала назад. Яе цень рабіўся ўсё менш і менш, пакуль і не зліўся з ёй. Далей некуды было адступаць. Яшчэ адчувала за сабой халадок сцяны, якую недзе там, на дварэ, злосна абсыпае вецер снежнай пацярухай. Там золкасць, там стынь, там шалее вецер, грукочучы жалезнымі лістамі даху. Але ўжо не чуваць яго завывання, не чуваць яго галасоў. Нібы ўсю моц сваю перадаў ён гэтаму агністаму віхру, які кружыў, скакаў на сцены, на столь і прагна кідаўся ва ўсе бакі, шукаючы выйсця.

— Гэта расплата вам, праклятыя... за ўсё... за ўсё... за вашу крывавую ласку...— яшчэ шапталі яе сасмяглыя вусны ў агністую светлыню, якую бачыла яна нават праз сашчэпленыя пальцы, якімі прыкрывала вочы.

І калі зыркае полымя ахапіла яе з усіх бакоў, дзіцячы пранозлівы крык вырваўся праз жалезныя краты акна.

Агонь выбіўся на прастору, і яго залатыя каснікі імкліва рвануліся ў прасвятлелыя вышыні неба.

 

18

Іх расстралялі позна ўвечары...

Некаторыя падзеі прыскорылі расправу. Нямецкая газетка распісала на ўсе лады выступленне няўдалага прамоўцы. Распісала так, што нібы выступаў сам Слышэня, што людзі, якія слухалі яго, былі так расчулены яго пакаяннай прамовай, што ледзь не пасля кожнага слова хайлілі Гітлеру, а пасля прамовы падхапілі прамоўцу на рукі і на руках неслі яго праз увесь горад. Куды яны занеслі яго, пра гэта газетка не напісала. Тут жа змешчаны быў і партрэт Слышэні. Змешчана была і ўся прамова, нібы сказаная ім...

Праўда, газетка не паведаміла пра тры пажары, якія адбыліся ў тую ноч. Не паведаміла яна і пра тое, што няўдалы прамоўца і два яго неразлучныя прыяцелі — адзін з іх — турэмны цырульнік — былі ў тую ноч няшчадна збіты невядомымі.

Дні праз чатыры нямецкая газетка змясціла яшчэ невялічкую заметку ў хроніцы аб «выключным па сваёй дзёрзкасці нападзе на турму трох фанатыкаў-камуністаў з мэтай вызвалення аднаго зняволенага», імя якога не ўпаміналася. Паводле газеты, «доблесная ахова турмы мужна адбіла гэты напад, і фанатыкі загінулі». Гэтая заметка, не ў прыклад усёй газетнай пісаніне, адпавядала да некаторай ступені сапраўднасці.

Дні праз два пасля гэтых падзей Слышэню і большую частку вязняў барака вывезлі на некалькіх грузавіках кіламетраў за дванаццаць на ўсход ад горада. Везлі спачатку па шашы, потым павярнулі налева, дзе ў якім кіламетры ад дарогі пачынаўся малады хвойны лясок. Днём была адліга, пад вечар падмарозіла.

Машыны па чарзе пад’язджалі да вялізнага рова, выкапанага на ўзлеску. На напалову аголенай ад снегу зямлі жаўцеў свежы пясок, і ён чамусьці здаваўся цёплым і ўтульным. Некалькі чалавек адразу і павалілася на яго, як толькі выгрузілі іх з грузавіка і паставілі на край рова. Спяшаючыся, эсэсаўцы здзіралі з некаторых лепшае адзенне, абутак. Слышэня намагаўся з апошніх сіл, каб не ўпасці і ўстояць на нагах. Ён збіраўся нешта сказаць, нават павярнуўся быў тварам да салдат, але неадольная слабасць вялікім цяжарам навалілася на яго, і ён не мог ужо ўспомніць, ці ад чаргі з аўтаматаў, ці пасля залпа ён асунуўся на пясок і скаціўся ў роў.

 

19

Здавалася, дзесьці ціха-ціха звіняць срэбраныя званочкі. Нібы нанізалі іх, малюпасенькіх, як гарошынкі, на тугую шаўковую нітку і павесілі на леташнія былінкі. Сонечны прамень дакрануўся да званочкаў — і яны звіняць і звіняць. Загойдае іх вецер вясновы ці кранецца мяккім крыльцам палявая птаха — і яны звіняць, звіняць і звіняць.

Доўга прыслухоўваўся чалавек да тонкага срэбранага звону і ўсё не мог уцяміць, ці наяве ён чуе яго, ці ў дрымотным сне далятаюць да яго меладычныя гукі. Было цяжка дыхаць, як каменем якім прыціснула грудзі, ды колькі ні намагаўся расплюшчыць вочы і расплюшчваў іх, але нічога не бачыў. Усё стаяла густая, непраглядная цемра. Колькі часу прабыў у гэтай цемры, ён не ведаў, бо толькі прыходзілі на памяць не то страшныя прывіды, не то абрыўкі нейкіх успамінаў. Потым усё знікала, і ён зноў упадаў у забыццё.

А званочкі ўсё звіняць і звіняць. І з кожнай хвілінай гэты срэбраны звон робіцца гучней і гучней. Потым пранізлівы холад чапляецца за плячо, зябка дакранаецца да шчакі. Чалавек робіць спробу паварушыцца, павярнуць галаву ў другі бок. І раптам робіцца светла-светла. Чалавек аж прыжмурвае вочы, каб неяк жа прывыкнуць да гэтага святла і да бязмежных блакітных вышынь, якія распасцёрліся над ім. «Гэта ж неба! — здагадваецца ён.— Вунь і воблачкі плывуць на ім, плывуць, не спяшаюцца... А сонца, сонца, як многа яго!»

А званочкі ўсё звіняць і звіняць.

Чалавек павярнуўся зручней, агледзеўся. Блізка-блізка, ля самага твару, з рукава ватнага палітэчка выглядала дзіцячая рука: пальцы сцяліся ў маленькі кулачок, і калі чалавек паварушыўся, з гэтага кулачка прасыпалася жменька пяску. Відаць, гэты рукаў ляжаў перад тым на твары, засціў вочы яму. І калі ўбачыў усё гэта Слышэня, то яму здалося, што яшчэ хвіліна, другая — і здрыганецца зямля, каб вялікі гнеў свой абрушыць на тых, хто зрабіў нерухомай гэтую маленькую-маленькую ручку дзіцяці.

Але зямля не здрыганулася. Імчалі і імчалі па небе празрыстыя веснавыя аблачынкі. Прыгрэтая сонцам сценка рова злёгку дымілася параю. Па ёй зрэдку скочваліся з ледзь улоўным шорхатам пясчынкі, дробныя каменьчыкі. Ды, не перастаючы, усё звінелі, звінелі срэбраныя званочкі.

Дзе ж яны, тыя званочкі?

Чалавеку стала душна. Можа, ад сонца, якое ўжо не скупілася на свае ласкі, можа, ад цяжкіх дум, ад хвалявання, што нельга вось так, адразу, поўнай мерай адплаціць ім за ўсё, што яны нарабілі тут. Вызваляючыся ад гэтай душнечы, скінуўшы з сваіх грудзей ногі мерцвяка, чалавек павярнуўся на другі бок. Ценявая сценка рова была халодная. Яна ўся была белая ад калматага інею, на якім сям-там паблісквалі, узгараліся і тут жа гаслі разнаколерныя іскаркі. А, відаць, там, на гары, сонца добра прыгравала зямлю і на сонечных угрэвах падтайвалі рэшткі снегу. Па абсечаным рыдлёўкаю карэньчыку, які навіс бадай над самай галавой у Слышэні, плюшчэла вада і зрывалася ўніз танюсенькім і роўным, як струна, струменьчыкам, які выбіў на дне рова невялічкую лунку і ўсё звінеў і звінеў срэбранымі званочкамі. Вада добра напаіла пясок навакол і падабралася пад самае плячо і шчаку Слышэні, калі ён ляжаў непрытомны.

Слышэня доўга ляжаў яшчэ, падставіўшы твар пад сонечныя праменні, і прыслухоўваўся да ледзь чутных гукаў абуджанай зямлі, прыслухоўваўся да болю ў плячы. Паспрабаваў паварушыць рукою. Яе можна было падняць, можна было сагнуць у локці, хоць усё гэта аддавалася вострым болем у плячы. «Значыць, куля не закранула касці»,— падумалася адразу, і на сэрцы зрабілася лягчэй. І ўсё, што бачыў ён над сабою — і светлыя аблачынкі, і глыбокі, нібы крыштальны, блакіт неба, і ўгрэтыя сонцам кучы пяску над ровам, і леташняя счарнелая былінка палыну, і вясёлы струменьчык вады,— усё гэта стала яшчэ больш прыгожае, яшчэ больш захапляючае, як было раней, калі за працай, за клопатамі ён не заўважаў часам усяго хараства свае зямлі. Ён нават адчуваў пахі палыну, угрэтай смалістай хвоі і зямлі, якой толькі-толькі крануліся жыватворчыя праменні сонца. Бачыў, як прагна цягнецца да сонца ўсё жывое: вунь, як іголачка, прашылася з-пад пяску кволая травінка, зелянее, набіраецца сілы; над самым абрывам цёплымі пухнацікамі жаўцее лазовы куст; нейкае птушанятка прысела на пясчаны грэбень, чырыкнула разы са два і, зірнуўшы мелькам у яміну, страпянула крыльцамі, успырхнула — і вось усё вышэй і вышэй трапечацца ў бяздонным блакіце жывая залацінка. І адтуль, з сонечных вышынь, раптам праліваецца песня.

Успомніў пра жаўранкаў Слышэня: вось і яны прыляцелі... Успомніў, уздыхнуў, пачаў прагна ўглядацца ў нябёсныя вышыні, прыслухоўвацца да песні.

Не, рана, рана табе, Вадзім Рыгоравіч, лажыцца ў гэтую заўчасную магілу. Не табе ж паддавацца ім, чорным сейбітам смерці. Трэба жыць, трэба выжыць і для сябе, і для тых, што ляжаць вось тут, побач з табою. Іх скутыя смерцю рукі не адпомсцяць ужо за крыўды, за нечуваныя здзекі, за вялікую знявагу над жыццём, над чалавекам. Гэта справа жывых. А ты жывы, ты чуеш, як б’ецца тваё сэрца, адчуваеш, як не можа змясціцца ў грудзях тваіх бязмежная нянавісць. Яна апякае сэрца тваё, думкі твае. Ідзі ж, не чакай, пакуль прыйдуць двуногія звяры, каб назаўсёды прысыпаць вочы твае халодным жвірам, пагасіць жывы агонь у тваім сэрцы. Ідзі і нясі сваю нянавісць. Падпарадкуй ёй волю, учынкі, сілы свае. Ідзі ж, чалавек!

Прайшло колькі хвілін, як Слышэня, спрабуючы падняцца з долу, устаў урэшце на ногі. Прыхіліўшыся грудзьмі да краю рова і трымаючыся абедзвюма рукамі за аголенае карэнне хвоі, ён пераводзіў дух. З рова відаць было поле. Сям-там бялелі на ім лапінкі снегу. Зямля пачарнела ўсюды і, здавалася, дыхала: лёгкае празрыстае марыва струменіла над полем. З другога боку відаць зялёная сцяна хвойнага лесу, сям-там прабіваліся ў ёй светла-карычневыя купкі маладога бярэзніку. У супрацьлеглым баку праз рэдкія хвойкі можна было разгледзець кавалак шашы. Мокры асфальт пабліскваў на ёй, часта праходзілі адна за другой машыны, і сонечныя блікі рэзка ўспыхвалі на іх шкле.

«Не, туды нельга ісці...» — падумаў Слышэня.

Цяжка выбрацца з рова, цяжка ісці. А трэба было як мага хутчэй адысціся далей ад гэтага месца. Ужо зусім звечарэла, пакуль Слышэня адышоўся на якога кіламетра. Ён прабіраўся рэдкім хвойнікам да лесу, які бачыў яшчэ з рова. І хоць не многа прайшоў ён, але было гэта яму за вялікую дарогу. Зусім знясілены, ён падоўгу адпачываў, прыладзіўшыся на якім-небудзь пенчуку, а то проста кладучыся пад хвойку, калі траплялася якое сушэйшае месца. Урэшце выбіўся з сілы. Далей не ішоў, а паціху перапоўзваў ад аднаго дрэва да другога.

Было блізка а поўначы, калі падпоўз ён да глухой лясной дарогі, былога тракта, па якім даўно ўжо ніхто не ездзіў, асабліва з таго часу, як правялі шашу. Паўзці далей не было сілы, даваўся ў знакі голад: ужо другі дзень як не бачыў у вочы ён і скарынкі хлеба. Даймаў і холад, ад якога не ратавалі старыя лахманы, што далі яму ў турме. Хоць марозаў ужо і не было, але ад вільготнай зямлі патыхала пранозлівай стынню. У лесе яшчэ не ўсюды сышоў снег, і сям-там трымаліся на нізкіх месцах зімовыя наледзі. Забраўшыся ў калючы гушчар маладога ельніку ля самай дарогі і прымасціўшыся на яловых лапках, Слышэня адпачываў, аддаўшыся млявай дрымоце.

У лесе стаяла цішыня. Нічога не чуваць было ад шашы, на якой спыніўся ўсякі рух, як толькі настала ноч. У цёмным небе ярка гарэлі зоры, абяцаючы на заўтра добрую сонечную пагоду. Слышэня глядзеў на зоркі і думаў пра тое, што вось адпачне ён яшчэ з якую гадзіну і, сабраўшыся з сілаю, падасца далей. Куды? Вядома, далей ад горада. Трэба прабірацца лясамі. Цяпер, пакуль ноч і пакуль не распусціла яшчэ дарогі, можна ісці любым кірункам, нідзе не загрузнеш. І тут жа бралі сумненні: як жа ён пойдзе, калі колькі гадзін спатрэбілася яму, каб адолець некалькі кіламетраў да гэтай дарогі? Было ясна, што недзе давядзецца шукаць яму часовага прытулку, каб адпачыць, агледзець рану і набрацца хоць крышачку сіл.

Ён ледзь не заснуў, калі насцярожанае вуха пачула падазроныя гукі на лясной дарозе. Нібы стукнула жалеза аб камень. Гукі змяніліся, нешта шарахцела па мокрым пяску, і ўжо зусім выразна пачулася, як затарахцелі колы па цвёрдай зямлі, як захрупасцеў лядок, што не растаў за дзень над вымаражанай лужынай.

Слышэня ўжо прыкмеціў з свайго сховішча некалькі падвод. Ён глыбей зашыўся за калючыя лапкі ельніку, каб не заўважылі яго. Але не паспеў яшчэ пярэдні воз пад’ехаць на якіх крокаў дзесяць да сховішча Слышэні, як конь захроп, натапырыўшы вушы, і стаў падавацца назад.

— Што там такое, мо воўк прабег? — раздаліся галасы. Нехта падганяў каня, але ён не кранаўся з месца і, перабіраючы пярэднімі нагамі, намагаўся звярнуць убок, кідаўся назад, ледзь не вылузваючыся з хамута.

— Вазьмі за аброць ды правядзі! — пачулася каманда.

Кінуліся каню наперад і, схапіўшы за аброць, цягнулі яго, паноквалі:

— Давай, давай, не ўпірайся!

Конь стрыг вушамі, нясмела ступіў крок, другі і, параўняўшыся з месцам, дзе ляжаў Слышэня, рвануўся, ледзь не збіў чалавека, які вёў яго.

— Ды ціха ты, воўчае мяса! — вылаяўся ён, не выпускаючы аброці з рук.

Такая ж гісторыя паўтарылася і з другім канём. Людзі, а іх было чалавек дзесяць, сур’ёзна зацікавіліся. Яны ўвайшлі ў часты ельнік, пільна агледзелі кожны кусцік, кожнае дрэўца. І тут адзін з іх заўважыў ногі, якія вытыркаліся з-пад кудлатай елкі. Той, хто заўважыў Слышэню, сказаў, відаць, нейкае слова ці каманду аддаў — яе не чуў Слышэня з-за жалезнага бразгату затвора,— і людзі нібы зніклі. Але двое асталіся ля яго, і адзін, трымаючы аўтамат напагатове, загадаў:

— Не варушыцца, іначай прыстрэлю!

Другі, спяшаючыся, абшукваў.

— Не, няма нічога! — сказаў ён.

— Куды зброю закінуў? — грозна запытаўся першы.

— Няма ў мяне ніякай зброі...

— Хто ж ты?

— Як бачыце, чалавек...

— Гэтага мы не бачым, аднак. А ну, уставай!

— Памажыце падняцца, скалеў я тут зусім, лежачы.

Яго паднялі, паставілі на ногі. Падышлі другія. Ціха далажылі першаму, што нічога падазронага на дарозе больш не чуваць і не відаць, што можна ехаць далей. Слышэня прыглядаўся да людзей, хочучы вызначыць, хто яны такія. Апрануты ў цывільнае, толькі на адным, што камандаваў, быў паліцэйскі мундзір.

— Адкуль жа ты ідзеш? — зноў запытаўся першы.

— З горада... З бальніцы,— нібы схамянуўшыся, дадаў Слышэня.— Вось праляжаў тры месяцы, а цяпер і іду...

— Аднак жа прайшоў ты не вельмі многа. І чаму табе абавязкова ісці гэтай дарогай, калі шашою куды зручней, ды часам і падвезці могуць.

— Гэта вы правільна гаворыце, але, як бачу я, вы таксама чамусьці едзеце па гэтай нязручнай дарозе...

— Пра нас няма чаго гаварыць, у нас свая справа... Захочам, паедзем і шашою...

Нехта чыркнуў запалкаю. Мітуслівы агеньчык асвятліў на секунду зняможаны твар Слышэні, яго лёгкае, падбітае ветрам адзенне.

— Ды ў цябе ж усё плячо ў крыві, дзе гэта собіла так?

— Старая рана... Развярэдзіў вось — яна і адкрылася...

— Та-а-ак... Аднак што ж мы з табою рабіць будзем? Браць нам цябе не зусім спадручна, можа, ты яшчэ партызан які, бандыт?

— Хіба не бачыце, які з мяне партызан?

— Ды гэта бачым. А можа, ты недабіты паліцай які ці шпіён, можа, прытаіўся вось тут пад елкай, каб добрых людзей высачыць? Вось возьмем і прыстрэлім цябе, каб доўга не важдацца з рознымі падазронымі тыпамі! Дакументы ёсць якія?

— Няма.

— Ну вось! Прыемнае, можна сказаць, знаёмства!

Яго пакінулі на якую хвіліну. Раіліся: браць ці не браць. Усё ж надумалі ўзяць: не відаць па чалавеку, каб ён дыхаў дурным паветрам. Канечне, не скажа ён адразу, хто ды адкуль, бо і ты ж яму не адкрываешся.

— Даўно не еў?

— Каб не зманіць вам, ну дні са два...

Яго падсадзілі на калёсы, ускінулі на плечы цёплую світку. Нехта доўга корпаўся ў скрынках, якія былі на возе, урэшце дастаў адтуль невялічкую бутэльку.

— Цягні, брат, проста з пляшкі, бакалаў не прыпаслі! Ды не бойся, звычайная медыцына, мёртвага ставіць на ногі.

Ад добрага глытка спірту ледзь не захлынуўся Слышэня.

— А ты кусай, кусай!

У рукі яму далі добры кавалак сала, такую ж скібку хлеба. Бадай што ніколі ў сваім жыцці Слышэня не еў такога смачнага хлеба. Ад выпітага спірту расплылася па целе такая цеплыня, што, здавалася, падтаялі нават зоры. Бралася, відаць, на раніцу. Ціха пагойдваўся воз па дарозе і, закалыханы дарогай, сагрэты чалавечай ласкай, Слышэня ўпершыню за апошнія тыдні заснуў спакойным, бестурботным сном.

 

Частка трэцяя

 

1

Увесь дзень рылі зямлянкі, рыхтуючы сталую базу. Хлопцы пасля больш чым двухмесячнай вандроўкі не вельмі ахвотна браліся за працу. Як-ніяк адчувалася стомленасць. Ды пайшоў яшчэ мокры снег з паўдня — гэта ў самым канцы красавіка,— лес зрабіўся пануры, непрытульны. Работа спынілася. Хлопцы пазашываліся ў яловыя буданы. Хто старэйшы — адразу пазасыналі. А маладзейшыя сабраліся купкамі і пачалі бясконцыя гутаркі ды ўспаміны. Расказваць ёсць пра што. Чаго-чаго ні было толькі за гэтыя два месяцы з імі: і масты рвалі, і эшалоны скідалі, і маслазаводы, ільнозаводы ды валасныя ўправы палілі, і паліцаяў-бобікаў ганялі, як зайцоў. Канечне, і самім даводзілася сяды-тады, ну як тут сказаць далікатней, даволі тугавата. І самі часам бегалі, ну не як зайцы, а, як сказаў аднойчы Канстанцін Сяргеевіч, як лані, ды яшчэ хутчэй. Гэта сказаў ён тады, калі распякаў гаспадарчы ўзвод, які, напароўшыся на нямецкую засаду, замест таго, каб рашучай атакай разграміць гітлераўцаў, разгубіўся ад нечаканасці і паказаў ім свае тылы.

Пра розныя прыгоды і гаварылі хлопцы. Расказвалі, смяяліся. А калі вычарпалі ўсе запасы жартаў, узяліся за гармонік. Тут і снег перастаў ісці. Шэрыя хмары разагнала, пад самы вечар выглянула сонца, крыху падсушыла зямлю. Стала куды весялей.

Чмаруцька расклаў невялічкае цяпельца, каб крыху абсушыцца ды і чаю сагрэць.

Як прыемна пасядзець ля агню ў лесе, калі зямля патыхае яшчэ вільгаццю, калі вясновыя вятры не прадзьмулі яшчэ як след усіх лясных закуткаў і пад хвоямі ды елкамі, пад якімі даўно сышоў снег, астаўся яго пранозлівы халадок. І колькі дзён яшчэ пройдзе, пакуль не выдыхае яго зямля, абагрэтая ласкавым вясновым сонцам. Людзям жа не чакаць таго лета, пакуль прыйдзе яно. Ім жа трэба і паспаць, і адпачыць. Наламі яловых ветак ды наверх пасцялі леташняга верасу — і спі сабе на здароўе на гэтым ложку, ніякі холад цябе не прайме, абы не дзьмула з бакоў. А каб не дзьмула, пастаў будан. Усё ж цяплей, калі над табою зоры не свецяць.

А ля цяпельца яшчэ лепей. Агеньчык весела патрэсквае. Сухое хвойнае вецце гарыць без дыму. Падкладзеш якую ламачыну, і сноп іскраў узлятае высока-высока. Сонца недзе заходзіць, папаўзуць пад дрэвамі прыцемкі, а іскры робяцца святлейшыя, ярчэйшыя. Другая ўзляціць аж пад самую вяршаліну дрэва і ўсё не гасне. Глядзіш на яе, глядзіш — і не разбярэшся толкам, ці то яна там свеціць, ці то запалілася першая зорка на небе.

Добра ля цяпельца.

Сядзіць на пенчуку Чмаруцька, грэецца. Часам уздыхае. Не сказаць, каб панурага характару быў чалавек, але ж часам агорнуць думкі. Зірнеш назад у сваё жыццё, і крыху сумна стане. Вось ім добра, маладым, калі ніякага клопату: глядзі толькі сябе, пільнуйся толькі сябе. Канечне, і таварышаў трэба пільнавацца, але ж не пра гэта гаворка. Ні дзяцей у іх, ні жонак няма, рэдка ў каторага з маладых свая сям’я трапляецца. А табе, Саўка Лявонавіч, з тваімі гадамі цяжка за маладымі ўгнацца. Пра сям’ю ўсе думкі. Добра ўсё ж, што яшчэ ў канцы мінулага года ўдалося пераправіць сям’ю на ўсход. І Сцепаніду, і ўсіх меншых. Разам пераправілі вялікай групай праз фронт, калі праходзіў ён блізка ля Віцебска. Многа яшчэ хто з дэпоўцаў і з атрада бацькі Мірона паслалі свае сем’і. Усё абышлося добра, лад ладам.

Добра ўсё ж, што справадзіў сям’ю на ўсход, бо тут ні хлеба, а ні работы. А шыбеніца блізка, ой як блізка, ёю толькі і кормяць людзей удосталь гэтыя чорныя крывасмокі. Успомніў Мішу-Мішутку, і адразу загарэніла сэрца. Але ж гэта здарылася, калі і маці была тут. А што ж ён скажа некалі Сцепанідзе пра другога сына, пра Паўла, які быў у партызанах у бацькі Мірона. Ужо з месяц прайшло, як расстралялі яго на турэмным двары ў гарадку разам з другімі партызанамі. Трапілі яны на вялікую засаду, падранілі іх у жорсткай схватцы, у палон захапілі. Тыдні са два катавалі ў турме, прыкончылі, душагубы.

За сумнымі думкамі і не заўважыў, як ледзь не згасла цяпельца. З цяжкай задумы вывеў яго змазчык, сусед па будану. Некуды той адлучаўся дні на два, толькі цяпер заявіўся, прыцемкамі.

— Што, Саўка Лявонавіч, нос павесіў? Глядзі, і чай твой замёрз. Падшуруй, брат, топку, ды будзем вячэру рыхтаваць.

Вясёлы хлопец змазчык. Голымі рукамі яго не возьмеш. Увішны, вёрткі і прайдзісвет з прайдзісветаў. Некалі хадзіў у беспрытульніках, пакуль не прыбіўся да мазутнага племені і назаўсёды атайбаваўся на чыгунцы. Прозвішча ў змазчыка было ласкавае: Дзетка. Зусім не пасавала гэтаму прозвішчу даволі грубае на вымаўленне імя Гардзей, а па бацьку Гіляравіч. Канстанцін Сяргеевіч даваў яму часам самыя далікатныя даручэнні, і, трэба сказаць, хлопец акуратна спраўляўся з імі.

Вось і цяпер Дзетка вярнуўся з аднаго такога задання, даставіўшы ў лагер падвод пяць з розным грузам. Ужо даўно хлопцы ў атрадзе паднасіліся крыху з адзежынай, а ў некаторых вопратка прыйшла ў такі заняпад, што паказацца ў ёй дзе-небудзь днём перад людзьмі было проста немагчыма.

Заслонаў, калі спыніўся з атрадам у лесе, даведаўся, што блізка адсюль быў калісь ваенны гарадок і што ў самым пачатку вайны ў гарадку асталіся нявывезеныя некаторыя запасы з абмундзіравання. Пакуль немцы былі занятыя франтавымі справамі, людзі з бліжэйшых сёл і вёсак паразбіралі, паразносілі ўсё, што было ў гарадку.

Дзядзя Косця і даў загад Дзетку арганізаваць добраахвотны збор абмундзіравання, а калі будзе патрэба, то правесці і рэквізіцыю сярод тых, хто думаў паднажыцца на гэтай справе.

Дзетка захапіў з сабой некалькі чалавек з гаспадарчага ўзвода і падаўся ў бліжэйшыя вёскі і хутары. Першы дзень ён аддаў уважлівай гаспадарчай разведцы: дзе хто жыве, як жыве, чым дыхае. Тут жа завёў цесныя знаёмствы з хлопцамі, дзяўчатамі. З некаторымі старэйшымі паспеў і па чарцы выпіць, прыкінуўшыся сватам. Умеў чалавек да людзей падысці, правільнае слова сказаць, дзе трэба. А назаўтра і за справу ўзяўся. Але браць у людзей які-небудзь апошні шынялёк у хаце ўваходзіла ў планы Дзеткі, і ён пайшоў па хатах, дзе разлічваў на большую здабычу. Зойдзе да гаспадара, пра якога ўжо добра ведае — і што ў яго схована і дзе схована,— і адразу пытаецца:

— Ну як, дзядзька, шынялі вашы цэлыя яшчэ ці не?

— Пра якія ты шынялі пытаешся? — адказвае чалавек пытаннем на пытанне, а вочы тым часам убок адводзіць.

— Ды пра тыя самыя, што ты ў гарадку заграбастаў.

— Смяешся, знайшоў жа час жартаваць.

— Дык няма, кажаш?

— Вядома, няма.

— А калі знайду?

— Шукай, калі палажыў...

— Ладна, паспрабуем шукаць!

І тут Дзетка пачынаў вядзьмарыць, як казалі пра гэта старыя жанчыны. Даставаў з кішэні самы звычайны компас, клаў на стол і ў дзядзькі пытаўся:

— Бачыў ты апарат такі калі-небудзь?

— Гэта ж компас, па якім салдаты ходзяць, знайшоў чым свет дзівіць.

— Каму компас, а каму апарат, які ўсе схованкі адразу паказвае. Бачыш, стрэлка вось гэтая трапечацца, яна на тваё сумленне паказвае, што не досыць чыстае яно.

— Расказвай казкі малым...

— Каму казкі, а каму праўда. Вось глядзі цяпер: стаўлю я вось гэтую жалезінку так і гляджу па ёй. Ведаеш, як яна называецца?

— Дужа мне там патрэбна ведаць.

— Даведаешся. Завецца яна азімутам. Вось цяпер і пайду я па гэтаму азімуту і прыйду, куды ён паказвае, і вазьму там усё, што табой схована.

— Не дуры ты мне, хлопец, галавы, не малы я тым часам.

Звычайна ж збярэцца пры такой справе рознага народу поўная хата, асабліва дзяцей. І ўсе, і гаспадар хаты, ідуць за Дзеткам, цікуюць. Той цераз двор ідзе маўклівы, сур’ёзны. Стане, на хвілінку прыпыніцца, да апарата вокам прымерыцца і дыбае далей. Вось і агароды пайшлі, апарат на самую пуньку нацэльваецца.

— Адчыняй вароты, дзядзька, тут! Вось толькі праверу трохі, колькі тут у цябе чаго схована.

Дзетка трымае компас на далоні, прыглядаецца да яго і шэпча ўголас:

— Адзін, два... тры... чатыры...— Да дзядзькі тут: — Адным словам, паказвае азімут на сем шынялёў!

Дзядзька чухае патыліцу ды з вінаватым выглядам гаворыць:

— І не сем, а шэсць. Чалавеку тут аднаму я на пінжак падарыў...

— Што ж, азімут можа на адзін які і памыліцца. Дык вось, дзядзька, прынясеш свае шынелькі ў Піліпаву хату, там збор у нас.

І пайшла пра той азімут такая слава па ўсім сяле і бліжэйшых хутарах, што, куды ні з’явіцца Дзетка, яму адразу і гавораць:

— Схавай, схавай апарат свой, і без яго здамо!

І што граха таіць, крыху перастараўся Дзетка са сваім азімутам. Неяк частаваўся ў аднаго даволі заможнага дзядзькі. А той, скнара, так прыбедніўся, што пашкадаваў добрую яечню саскварыць, а сунуў пад нос такога сала, што аж глянуць брыдка: сала не сала, адны плеўкі. Дзетка і запытаўся:

— Няўжо ў цябе, дзядзька, нічога другога ў кубле не асталося, што ты гэтым падчарэўем мяне душыш?

— Ды няма, далібог жа няма!

— Што бога абманваеш, гэта добра. А мяне абманваць вялікі грэх.

І пачалася тут гісторыя з азімутам. Дзядзька і не рад, што ўлез у такую справу. Прывёў той дзіўны апарат да двух кублоў з леташнім ды пазалеташнім салам. Ну, канечне, паснедаў Дзетка як мае быць. А дзядзька толькі дзівіўся: «Ну і азімут у цябе».

За скнарасць і хлусню Дзетка налажыў кантрыбуцыю на дзядзьку і ўзяў з сабою вэнджаную шынку — для свайго камандзіра ў падарунак. А па дарозе, усё з тым жа азімутам, напытаў недзе і вядзерца сотавага мёду.

 

2

З самай раніцы Заслонаў наведаўся з Харошавым у чыгуначную казарму ля станцыі. Дарожны майстар, да якога яны зайшлі, быў даўно звязаны з Дзядзем Косцем. Ён падрабязна расказаў пра горад, пра яго гарнізон, пра ахову станцыі. Звязвацца з горадам не ўваходзіла ў план Заслонава, бо там раскватаравана была даволі значная часць, справіцца з якой аднаму атраду не пад сілу. Непадалёк ад станцыі знаходзіўся вялікі артылерыйскі склад, які размяшчаўся ў вялізным пясчаным кар’еры. Складам і зацікавіўся Заслонаў. Пад выглядам механіка маторнай дрызіны выехаў з дарожным майстрам і некалькімі рабочымі на лінію. Такія паездкі майстра не выклікалі ў немцаў ніякіх падазрэнняў, бо яны звязаны былі з штодзённымі патрэбамі чыгуначнай службы.

На станцыі было больш як з паўдзесятка запасных пуцей. Адсюль адыходзіла невялічкая двухкіламетровая ветка ў пясчаны кар’ер, заняты цяпер артылерыйскім складам. Ад чыгункі ён быў непадалёк, за якую-небудзь сотню метраў. Кар’ер быў стары, амаль што закінуты. Ён зарос маладым хвойнікам і розным дробным кустоўем. Падходы да яго ад чыгункі былі зусім адкрытыя. Заслонаў паспеў добра агледзець мясцовасць і ўсе подступы да кар’ера. Ён заўважыў, як прабівалася праз рэдкі хваёвы параснік жаўціня снарадных штабялёў. На гары, на тым баку кар’ера, сярод некалькіх высокіх хвой прытулілася вартавая вышка, зелянелі свежай дзярнінай брустверы кулямётных гнёзд і звычайных акопчыкаў. Некалькі радоў калючага дроту прыкрывалі падходы да склада з усіх бакоў, а ад чыгуначнай веткі стаяў яшчэ вялікі дашчаны плот з шырокімі варотамі-шлагбаумам на рэйках. Там жа віднелася і вартавая кантрольная будка. У некаторай адлегласці ад склада, прыхаваўшыся за чыгуначным палатном, знаходзілася некалькі ёмістых бункераў, у якіх жылі салдаты з аховы склада.

Вынікі праведзенай разведкі не здавольвалі Заслонава. У яго не хапала людзей, каб зрабіць напад на склад, гэта было рызыкоўна: ахова ўзброена да зубоў. Непадалёк быў і гарадскі гарнізон. Заслонаў яшчэ доўга раіўся вечарам з дарожным майстрам.

Трэба ўзарваць артылерыйскі склад — гэтая думка ўзнікла ў часе папярэдняй разведкі на дрызіне. Але як узарваць, якім спосабам?

Ад майстра Заслонаў даведаўся, што праз тыдзень на станцыі пачнецца пракладка двух новых запасных пуцей.

— Вось і добра, вельмі добра. Вашых жа рабочых не хопіць на ўсе гэтыя работы? Відаць, наймаць будзеце новых, магчыма, прышлюць вам людзей і з нямецкіх лагераў? Пажадана, каб на станцыі працавалі свае.

— Сваіх не хопіць, Канстанцін Сяргеевіч.

— Вось бачыце, а на станцыі мы павінны мець моцную групу. Разумееце, партызанскую групу. Ці мала чаго бывае... Давядзецца мне на які час стаць вярбоўшчыкам рабочай сілы для вас.

Дамовіўшыся па некаторых пытаннях, Заслонаў развітаўся і пайшоў з Харошавым на базу. Асцярожна прабіраліся палявымі дарогамі, пералескамі.

Калі аставалася якіх кіламетраў пяць да базы, недзе недалёка бліснула маланка і першы гром нясмела пракаціўся па лясных абшарах. Маланка прабліснула яшчэ і яшчэ, першыя кроплі дажджу зашамацелі па хвоях, і неўзабаве праліўся спорны дождж, напоўніўшы лес густым і аднастайным шолахам. Гром грымеў недзе ўжо далёка. Маланак зусім не было відаць, і толькі слабыя зеленаватыя водбліскі святла на міг успыхвалі на высокіх хвоях. Дождж яшчэ церушыў патрохі, сцякаючы з дрэў буйнымі кроплямі. І адразу пацяплела. Недзе на блізкім балотцы падала свой голас жаба. Ёй нясмела пачала ўторыць другая, за ёй трэцяя, і хутка балотны рознагалосы канцэрт паланіў, здавалася, усю лясную прастору. Мацней запахла лісце бяроз.

Гэтыя рознагалосыя рукі і пахі першай па-сапраўднаму вясновай ночы, шолахі начнога лесу, яго таемны змрок настройвалі па-рознаму нашых пешаходаў. Харошаў нібы прыслухоўваўся да сябе, да сваіх думак.

Ён ішоў задумаўшыся. За яго размашыстым крокам не паспяваў Заслонаў. І яму часам даводзілася даганяць яго подбежкам.

— Ну і мядзведзь! Ты думаеш, што і ў мяне такія цыбалкі, як у цябе? Цішэй давай, а то зусім запарымся. Пра што думаеш, маўклівы? Ну, ведаю, ведаю, не буду распытваць. Скажы толькі, дзе цяпер Надзя?

— Ды яна ў атрадзе бацькі Мірона. Там жа і Астап Канапелька.

— Гэта ўжо добра. А то ўсё саромеешся ўспомніць пры людзях Надзю. Я вось іду з табою, а сям’я з думак не выходзіць: як яны там, жонка, піскляты. Колькі мінула часу як развіталіся, а ніводнага слова ад іх не чутна. Розумам адчуваю, што ўсё там павінна быць добра, спакойна, а на сэрцы часам такі сум, што, здаецца, тысячы кіламетраў прабег бы пешкі, каб толькі на міг, на адзін міг пабачыць іх, патрымаць малых на руках, расцалаваць, пагаварыць з імі. Яны ў мяне пацешныя, піскляты мае. Дык вось як бывае, Мікалай. А ты, брат, бачу, губу павесіў і сумуеш ціхенька. Журыцца нам не выпадае. Трошкі можна, а многа не. Ты глядзі весялей, дыхай весялей ды хадзі з падскокамі, каб чарцям ды немцам мутарна станавілася. Вось крыху хлопцы адпачнуць, і пачнём рубаць! Бамбанём так, што неба ім з аўчынку здасца.

Хутка яны прыйшлі на базу. Падаліся да «сталоўкі», звычайнага будана, ля якога проста на зямлі стаяла некалькі скрынак, якія часова замянялі абедзенныя сталы. Ля адной з такіх скрынак згрудзілася некалькі чалавек, відаць, аматары на розныя быліцы і небыліцы, якія так прыемна паслухаць, калі крыху адпачнеш. Скупа паблісквала там газнічка з снараднага патрона. Заслонаў, не даходзячы яшчэ колькі крокаў да сталоўкі, ціха сказаў, каб не будзіць людзей у буданах:

— Спаць, спаць, арлы!

— Сценгазету выпускаем, таварыш камандзір!

— Тады другая справа, перашкаджаць не будзем.

— Ды вы нам не перашкаджаеце, вось паглядзіце, як хвацка выходзіць.

— Што ж, і паглядзім, і пакрытыкуем, не толькі вам нас крытыкаваць, паважаныя газетчыкі. Падыходзь, Харошаў, пачытаем. Што тут у вас?

— А вось перадавіца, пра нашы апошнія бойкі з немцам, ну і пра храбрасць, пра смеласць...

— Што ж, гэта нядрэнна — пра смеласць. А як у вас з гэтай смеласцю? Пісаць пра яе часам куды лягчэй, чым па-сапраўднаму з ёй здружыцца...

— Не падгадзім, таварыш камандзір...— сціпла адказалі хлопцы з рэдкалегіі.— А тут вось заметкі пра дысцыпліну, зберажэнне і догляд зброі, пра выпадковыя стрэлы...

— А гэта што? Уга, баявая сатыра і гумар. Пра каго ж гэта тут? А, знаёмыя героі! Трапіў-такі сюды І Пішчэйка. Прачытаем: «Баец Пішчэйка так ненавідзіць фашыстаў, што не можа на іх нават глядзець абыякава. Паслалі яго ў дазор на шашу, каб сачыць за нямецкай калонай, дык ён зашыўся ў кусты ды хуценька падаўся ў глыб лесу, каб не адарвацца ад сваіх асноўных сіл. «Глядзець,— кажа,— не магу на гэтых праклятых!» Правільна, хлопцы, давайце ім і ў хвост і ў грыву. А тут жа вы каго падчапілі? Саўрыцкага Яську:

 

За незаконнае із’яцце

Атрымаў ў адзін прысест

Партызан Саўрыцкі Яська

Двое сутак пад арэшт.

 

І мала яшчэ атрымаў, нягоднік! Варта яму набавіць.

Перахапіўшы ў сталоўцы сяго-таго з няхітрых прысмакаў, Заслонаў і Харошаў падаліся да свайго будана.

Хутка ў ім усталявалася цішыня. Але яшчэ доўга не мог заснуць Заслонаў. І гледзячы на зоры, якія прабіваліся сям-там праз елкавыя лапы, ён успамінаў далёкі час, калі таксама глядзеў на зоры дзе-небудзь на ўзлеску альбо ў віцебскім парку, сустракаючыся з той, якая недзе цяпер далёка-далёка. Праўда, мінулі ўжо значныя гады з таго часу, калі ўважліва і звычайна маўкліва вывучаліся зоры, даўно прайшлі «астранамічныя» захапленні, але ўсё ж зашчыміць часам сэрца, калі прыгадаеш тыя даўнія-даўнія часы. Як-ніяк, маладосць прайшла, і каму з людзей не шкада яе.

Думкі пераскакваюць на сённяшні дзень.

Атрад разросся, акрамя рот завяліся паасобныя групы, якія ваююць ужо самастойна, і добра ваююць. Нешта ж трэба рабіць. Відаць, давядзецца новыя атрады арганізоўваць.

Думкі снуюць, блытаюцца. Чым больш зліпаюцца вочы, тым менш стройнасці ў думках. Пераскакваюць з аднаго на другое.

А навокал усё ціха-ціха. Толькі недзе пераклікаюцца, не ўгамоняцца пугачы, і ў розных кутках лесу, то блізка, то далёка чуецца іх глухое, працяглае: фу-ух... фу-ух... І ў адказ чуецца скоранькае лапатлівае: фу-фу-фу-фу... фу-фу-фу-фу...

Вартавы прыслухоўваецца да гэтай начной песні і злосна сплёўвае пад куст:

— Каб вам залажыла, такім певунам!

 

3

Раніца выдалася ясная, сонечная.

Як толькі даведаўся Дзетка, што камандзір прачнуўся, ён пабег адрапартаваць яму аб сваіх справах, аб выкананых даручэннях. Прыхапіў шынку і вядро мёду, прыхаваў іх у кустах ля камандзірскага будана ды, паправіўшы рамень і гімнасцёрку, бадзёрым крокам падышоў да ўвахода ў будан.

Заслонаў быў на двары. Распрануўшыся па пояс, ён умываўся з вядра пад невялічкай елкай, на якую накінуты быў ручнік.

— Добрай раніцы, таварыш камандзір! — і Дзетка так прыстукнуў абцасамі ботаў, што сухая леташняя ігліца веерам разляцелася з-пад ног.

— Здароў, здароў, горды чалавек! Па справе?

Камандзір назваў Дзетку гордым чалавекам нездарма. Той сам пры выпадку, асабліва калі быў у вясёлым настроі, любіў пахваліцца якому-небудзь са сваіх слухачоў: ты маеш за шчасце, што я, горды чалавек, аддаю ўвагу табе і размаўляю з табой. Ты разумееш, хто я? Гардзей! Такое імя, братка, не кожнаму даецца, а калі ўжо часам прысвойваецца каму, дык толькі ў самых рэдкіх і выключных выпадках, як, скажам, тады, калі нарадзіла мяне мая мамачка. Ты толькі падумай — Гардзей, разумееш, горды, як бог перад чарапахай. Зразумей гэта і зрабі належныя вывады, як табе трэба ставіцца да мае персоны.

— Па справе, таварыш камандзір! Як было загадана, усё выканаў і перавыканаў. Дазвольце далажыць па парадку: адных шынялёў трыццаць штук, новенькія, як цвічкі са скрынкі. Салдацкіх ботаў сорак пар. Не боты, а скараходы! Штаноў пятнаццаць і дваццаць тры гімнасцёркі. Тут трошкі некамплектна выходзіць, але што ты зробіш...

— Пастараўся ты, Дзетка, нічога не скажаш. Што малайчына, то малайчына. Дзякуй табе ад імя камандавання атрада!

Заслонаў нават руку паціснуў, і той расплыўся ад радасці ў адну суцэльную ўсмешку. Тут з будана выйшлі Чычын і Харошаў.

— Чулі, як пастараўся наш Дзетка? — праказаў Заслонаў.— Трэба афіцыйна абвясціць падзяку ў загадзе па атраду.

— Рад старацца, таварыш камандзір! — адчаканіў тут Дзетка і па ўсёй ужо форме павярнуўся быў кругом, каб пайсці, як раптам схамянуўся.

— Адну хвіліначку, таварыш камандзір!

Ён кінуўся стрымгалоў за будан і праз якую хвіліну нёс адтуль нешта загорнутае ў газеціну.

— Вам! — толькі і сказаў ад глыбіні пачуццяў усхваляваны Дзетка, утаропіўшы свае быстрыя вочкі ў твар камандзіра.

— Што гэта такое? — крыху здзіўленым тонам запытаў Заслонаў.

Нічога не адказаў на запытанне Дзетка. Толькі падхапіўшы на адну руку тое, што ён нёс, другой разгарнуў газету. І тут усе ўбачылі вялізную шынку.

Яна ляжала ва ўсёй сваёй красе. Зелянела дзераза, якой была абгорнута костка, ды ярка вылучаўся з дзеразы невялічкі букецік свежых фіялак. А на твары Дзеткі расплывалася ўсмешка, цяплейшая за сонца.

— Во-о! — урэшце адказаў на запытанне хлопец.— Падарунак. Для вас, таварыш камандзір.

— Ад каго? — механічна перапытаў камандзір, а твар яго рабіўся ўсё цямнейшым.

— Ад насельніцтва, таварыш камандзір!

Наступіла на якую хвіліну маўклівая паўза. Яе парушыў Харошаў. Ледзь стрымліваючы смех, запытаўся:

— Ад удзячнага ці проста так?

Яго перабіў Заслонаў:

— Адразу ж здай на кухню, у агульны кацёл!

— Вэнджаная, таварыш камандзір, спецыяльна...— разгублена ўпрошваў Дзетка.

— Ты чуў загад?

— Чуў, таварыш камандзір...

Дзетка з адчаем палажыў асцярожна шынку на пянчук, маланкай сігануў за будан. Засопшыся, ён цягнуў адтуль завязанае нечым вядро.

— Таварыш камандзір, таварыш камандзір! — гаварыў ён усхвалявана.— Калі вы ўжо не хочаце шынкі, дык паспытайце хоць мёду!

Ён хуценька сарваў накрыўку.

— Не мёд, а крышталь! Сотавы, таварыш камандзір! Ну, няхай ужо шынка... чорт яе забяры... Але ж, паверце мне, таварыш камандзір, так упрошвалі, так упрошвалі... Ну, проста ўмольвалі людзі, каб я ўзяў вам гэты падарунак! Кажуць, ён жа нічога там салодкага ў лесе...

— Дык ты будзеш яшчэ брахаць мне ў вочы, нячыстая твая душа! — Заслонаў, падышоўшы ўсутыч да Дзеткі, наступаў на яго. Той паволі адыходзіў назад з вядром у руках, пакуль не ўткнуўся ў шурпаты ствол хваіны.— Дык ты салодзенькага захацеў? На мёд пацягнула дзетухну малую, няшчасную! Ах ты, шалапутная твая галава!

— Таварыш камандзір! Я ж не браў, калі хочаце, вось паклянуся вам, што не браў жывасілам. Самі далі...

— Адставіць балбатню! Адразу бяры і тое і другое,— паказаў вачмі на шынку і мёд,— і каб духу твайго тут не было. Аднясі неадкладна тым, у каго ўзяў, і распіскі вазьмі, мне здасі. Запомні, што я сам усё праверу. Зараз жа марш!

— Гэта ж далёка, пятнаццаць кіламетраў, таварыш камандзір! — узмаліўся тут Дзетка, аж пот праступіў на лысіне.

— Нічога не ведаю! Каб сягоння ж распіскі былі ў мяне на руках!

— Будзе зроблена ў адзін міг...— Падхапіўшы няшчасныя свае дары, Дзетка так памчаў да свайго будана, што ледзь не збіў з ног Чмаруцьку, які з кацялком у руках толькі-толькі збіраўся ісці на кухню па кашу. Чмаруцька зірнуў на Дзетку і адразу зразумеў усё. Для прыліку ветліва запытаўся:

— Ну?

— Труба...— адно, што мог адказаць збянтэжаны Дзетка.

— А ці ж я не казаў табе? — з папрокам прамовіў Чмаруцька.— Спажылі б сабе паціху гэтыя... ну... прадукты, і ўсё было б у парадку, ніякай прыкрасці табе ды непрыемнасцей. Але бяда невялікая: не маглі спажыць неафіцыйна, так сказаць, дык цяпер з’ямо ўжо не тоячыся, як кажуць, легальна. І калі казаць табе па шчырасці, дык гэта яшчэ і лепш, брат ты мой.

Як ні паважаў Дзетка Чмаруцьку, але тут не вытрываў і, паставіўшы дары свае на зямлю, паднёс не сказаць каб урачыста пад нос прыяцелю дулю.

— Вось гэта і з’ясі!

Чмаруцька мужна перанёс такую знявагу, толькі ўздыхнуў. Дзетка, каб змякчыць неяк дапушчаную недалікатнасць, дадаў ужо больш лагодным тонам:

— Ты не крыўдуй! Разумееш, так распёк, далей некуды. Хацеў прыстрэліць нават.

— Ну, прыстрэліць ён не прыстрэліў бы цябе, а дрыжыкаў нагнаў... Гэта я па табе бачу, брат ты мой. А як жа з прадуктамі будзе?

— Загадаў назад аднесці ды здаць.

— Та-а-ак... стане гэта табе ў вялікі труд і, можна сказаць, зусім дарэмны. Аднак загад ёсць загад. Што ж, пайду хоць трохі падсілкуюся, сёння кашу варылі...

— Ды пастой ты з кашаю сваёю. Я да цябе на параду ды проста па дапамогу. Пойдзем са мной здаваць усё гэта, бо я ж адзін не данясу.

— Гм...— Чмаруцька яўна зацікавіўся прапановай.— Пайсці з табой я, канечне, магу, але ж патрэбен тут загад больш вышэйшага начальства.

Адпрасіцца ва ўзводнага не было ўжо такой цяжкай справай. Праз якую гадзіну прыяцелі рушылі ў дарогу. Хоць абодва яны былі добрымі гаварунамі, але Дзетка ў гэтую раніцу не праяўляў схільнасці да розных баек, а таму справай гэтай заняўся выключна Чмаруцька. Ён прымаўкаў толькі на тыя хвіліны, калі спрабаваў каштаваць мёд. Дзетка хмурыўся пры гэтым, сярдзітыя рэплікі кідаў:

— Ты не задужа ўжо завіхайся там...

На такія заўвагі той мірна адказваў:

— Ты не турбуйся залішне. Тут жа, брат, цэлае вядро, на ўвесь бы ўзвод хапіла... Ды яно ж і несці лягчэй будзе...

Так і тупалі яны без асаблівых прыгод. І невядома, ці данёс бы Чмаруцька свой груз, каб не пачаліся некаторыя прыгоды. Якраз выйшлі з лесу, ішлі лугам ля рэчкі. Моцна прыгравала сонца. І тут пад самым носам у Чмаруцькі загудзела пчала. Ён пачаў адмахвацца адной рукой і так і гэтак, але тая ўсё лезла сляпіцаю, пакуль і не ўстроілася на губе. Чмаруцька паспрабаваў змахнуць яе і тут жа падскочыў як ашпараны.

— Добра яшчэ, што не за язык джыганула. То ж недысцыплінаванае стварэнне, лезе куды не трэба.

Толькі праказаў, як загудзела другая пчала, робячы рашучыя развароты то пад носам, то ля самага вуха. Чмаруцька пачаў адчайна адмахвацца, круціць галавой. Але тут з’явілася трэцяя, чацвёртая, і ўжо з дзесятак пякучых стварэнняў закружыла ля Чмаруцькі. Ён паставіў вядро на зямлю і пачаў адмахвацца ад пчол абедзвюма рукамі.

— Ды што ты раскруціўся, як вятрак, не варушыся, бо так жа горш. Яны не любяць тых, хто іх баіцца.

Але Чмаруцьку было не да парадаў. Ён як дуж кінуўся да рэчкі, дзе заўважыў кусты, у якіх і спадзяваўся пазбавіцца ад нечаканай пагрозы. І толькі паспеў Чмаруцька знікнуць за першым кустом, як праз якую хвіліну яго імклівая постаць вынырнула адтуль і дала лататы ў процілеглы ад рэчкі бок, проста на поле.

Дзетка ўзяў шынку пад паху, а ў другую руку вядро з мёдам і пацыбаў па дарозе. Ён бачыў, як Чмаруцька ці то змогся ад свайго бегу, ці то па якой другой прычыне, але ўлёгся проста ў баразну, нацягнуў на самыя вушы пінжак і цяпер размахваў ўжо не рукамі, а нагамі.

Дзетка прайшоў з якога паўкіламетра, як заўважыў, што Чмаруцька паціху наганяе яго. Ён прыпыніўся, каб пачакаць. Чмаруцька падышоў сярдзіты, нахмураны.

— Чаго ты бегаў?

— Нябось і ты пабег бы, каб за каўнер табе з дзесятак пчол пасадзіць. Я думаў, там, у кустах, як-небудзь адкараскацца ад іх, а там, як назнарок, нехта некалькі вуллёў схаваў, ну і пачалі джгаць мяне, ледзь адчапіліся на полі.

Адно яго вока значна прыпухла, ды і ніжняя губа пачала ператварацца ў пампушку, якую ён расціраў пяцярнёй.

Далей пайшлі без асаблівых прыгод.

Хутка яны заявіліся па адрасу. Яшчэ раней Дзетка ўмовіўся з Чмаруцькам, каб той замест яго вёў усе патрэбныя перагаворы аб распісках. Перш наведалі старога, дзе Дзетка браў мёд. Прывіталіся як след, пра здароўе спыталіся.

— Што здароўе? Здароўе не мёд, ніхто на яго асабліва не пагаліцца. Хіба толькі што немцы.

Дзетка падміргнуў Чмаруцьку, каб пачынаў ён дыпламатычныя перагаворы, але дзед, заўважыўшы сваё вядро, падазрона агледзеў абодвух, нахмурыўся.

Чмаруцька быў ужо і губу падняў, каб нешта сказаць, але тут саскочыў малы з печы і, прыгледзеўшыся да абодвух, запытаўся ў дзеда:

— Тады ж, дзеду, як мёд бралі, дык быў толькі адзін вунь той дзядзька, а гэтага крывагубага не было.

— Цыц ты, малое-дурное, лезь на печ!

Не сказаць, каб добра пачуваў сябе пасля такой характарыстыкі Чмаруцька. Ён далікатна пачаў:

— Выбачайце, не ведаю, як і па імені вас ды па бацьку, але наважыліся мы патурбаваць вас і мёд ваш назад прынеслі. Ён патрэбны быў у шпіталь, але аказваецца, не падыходзіць па кандыцыі, нельга ім хворых лячыць.

— Цікава, аднак! — не на жарты здзівіўся дзед.— Першы раз дзівакоў сустракаю, якія мёд вярнулі. А пра якасць ты не гавары,— укрыўдаваў тут дзед,— мой мёд усім мядам мёд, некалі яшчэ на выстаўцы медаль за яго палучыў. А ты пра кандыцыю.

Дзед усё бурчаў пад нос, вядро развязваў. Паглядзеў, усміхнуўся хітра.

— Аднак жа і палавіны таго не будзе, што бралі!

— Усохла, дзед! — панура азваўся Дзетка.

— Такое надвор’е, што проста не прадыхаць. Пячэ!

— Дзіва што пячэ... А вы — кандыцыя...

— Ды не крыўдуйце, дзед, за гэтую кандыцыю. Бачыце, загадана прынесці, мы і павінны прынесці.

— От так бы і сказаў, што загадана. Тут і я паверу. А то кандыцыя... Сядайце ж тым часам, ды, можа, малачка па кубку хопіце на дарогу.

Як ні аднекваліся нашы прыяцелі, але ж дзед наліў кожнаму па кубку і па скібцы хлеба адрэзаў.

— Сілкуйцеся, не думайце, што я ўжо скнара якая, як той Хомка, у якога вы шынку бралі.

— Адкуль табе, дзед, вядома? — папярхнуўся тут і падскочыў як на іголках Дзетка.

— Адкуль жа вядома можа быць? У адным сяле жывучы, пра ўсё даведаешся. Пра твой, мой хлопец, вазьмут далёка цяпер чуткі пайшлі. Хітры ты хлопец, нічога не скажаш. Але ж, відаць, камандзір у вас яшчэ хітрэйшы. Добры, відаць, камандзір, калі такія загады аддае — назад прыносіць тое, што партызану па штату не паложана браць. Такому камандзіру сапраўды хвала! А вы — кандыцыя...

Хутка прыяцелі здалі і шынку, і пад самы вечар падаліся ў дарогу, назад. Калі адышліся якіх кіламетраў з пяць — і зусім сцямнела. Ішлі моўчкі, нешта не ішла на язык гамонка. Дзетка сказаў толькі, калі выходзілі яшчэ з сяла:

— Ну і яхідны дзед!

— А чаму яхідны?

— Наскрозь цябе бачыць. Ты толькі падумаеш, а ён тваю думку ўжо ў руках трымае ды яшчэ пасміхаецца.

— Дзед як трэба, разумны. Супраць яго нічога не скажаш. У такога дзеда можна сяму-таму і павучыцца некаторым.

— Каму гэта — некаторым?

— Тым, якія розуму не маюць.

— Хіба толькі ім...— дыпламатычна прамовіў Дзетка, каб адвесці ад сябе яўныя намёкі.

Дарога ішла лесам.

Было блізка поўначы, калі абодва пачулі гул самалёта, які недзе высока кружыў над іх галовамі. Яны сталі і доўга прыслухоўваліся да рокату матора.

— Ты ведаеш, Дзетка, а гэта ж наш самалёт!

Чуваць было, як самалёт пайшоў на зніжэнне. Разы са два ён прайшоў нізка-нізка над самымі вяршынямі хвой і елак, потым зноў падняўся вышэй і, зрабіўшы некалькі кругоў, урэшце знік.

І толькі Чмаруцька наважыўся загаварыць пра ўсю гэтую начную праяву, як кроках у пяці ад іх наперадзе нешта вялікае, белае, прашамацеўшы ў вецці вялізнай хвоі, гучна чмякнулася на самую дарогу.

— Мядзведзь! — мімаволі вырвалася ў Чмаруцькі, які для лепшай перасцярогі сігануў-такі за бліжэйшую хвою.

Дзетка і сам крыху напалохаўся спачатку, але, уважлівей прыгледзеўшыся і трымаючы аўтамат напагатове, праказаў ужо зусім спакойна:

— Мы ж не ў Арктыцы, тут белыя мядзведзі не водзяцца...

— А што, ты ім загадаеш...

Дзетка ж тым часам быў ля таго белага, што шаснулася сюды проста з неба. Гэта быў мяшок з грузам, скінуты з парашутам.

Брызентавы мяшок быў даволі ёмісты і важкі, аднаму і не падняць яго. Сяк-так разблыталі вяроўкі, фінкай успаролі брызент і пачалі выгружаць напакаванае.

— Вось гэта знаходка, ёсць з чым заявіцца да Канстанціна Сяргеевіча. Не будзе цяпер і з гэтымі распіскамі дакучаць...— здаволена прамовіў Дзетка, вымаючы абкручаныя прамасленай паперай аўтаматы.

Дваццаць штук, новенькіх, відаць, толькі што з завода, вынялі з мяшка. Былі там яшчэ скрынкі з патронамі, дзесяткі два пісталетаў, медыкаменты, індывідуальныя пакеты і набор слясарных інструментаў.

— Ну як жа мы панясём усё гэта, брат ты мой? — запытаўся Чмаруцька, сам здзівіўшыся таму, як выгаворваў. «Брат ты мой» выходзіла ў яго, як «псат ты мой».

Бралася пад раніцу. Усход даўно пашарэў. Дзетка зірнуў на Чмаруцьку, спачувальна паківаў галавой:

— Партрэцік, аднак нічога не скажаш...

Твар у Чмаруцькі распух, ён мог бачыць толькі адным вокам. Распухлі і губы. Пухліна была і на лобе, і нос непамерна раздаўся і ззяў цяпер, як добрае спелае яблыка.

Чмаруцька нічым не абазваўся на «партрэцік» і маўкліва ачышчаў аўтаматы ад залішняй змазкі, каб ямчэй было іх несці.

Прыхаваўшы ў кустах большую частку свае знаходкі і ўзяўшы з сабою толькі тое, што можна было панесці, абодва рушылі ў дарогу.

Калі раніцаю прыйшлі ў атрад, дакладваць пайшоў Дзетка.

Заслонаў прыняў яго даволі сухавата і, узяўшы і прачытаўшы абедзве распіскі, не мог не ўсміхнуцца. Але сказаў сурова:

— Памятаеш прыказку: сама сябе раба б’е, што нячыста жне. Думаю, што гаворка наша на падобную тэму будзе апошняя. Можаш ісці.

— У мяне яшчэ адна справа ёсць, таварыш камандзір.

— Давай.

Дзетка расказаў пра знаходку. Заслонаў сам пайшоў паглядзець складзеныя ў Чмаруцькавым будане прынесеныя трафеі, з нямым запытаннем зірнуў на Чмаруцьку, які старанна пераціраў прынесеную зброю і хуценька ўстаў, як толькі з’явіўся начальнік.

— Хто гэта вас так... размаляваў?

— І не кажыце, Канстанцін Сяргеевіч! — ледзь-ледзь прашапялявіў Чмаруцька.

Заслонаў паслаў адну фурманку і некалькі чалавек на чале з Дзеткам па груз. Загадаў конным разведчыкам, каб устанавілі сувязь з суседнім партызанскім атрадам, які павінен быў быць недзе паблізу, бо яму ж, а не каму другому скідалі гэтыя парашуты, аднесеныя, відаць, ветрам ад месца прызначэння.

Хутка Дзетка з хлопцамі ўзвалілі на воз рэшткі парашутнага грузу. І тут, непадалёк ад сябе, за якога паўкіламетра, пачулі частую вінтовачную стральбу.

— Прыхаваць воз глыбей у лесе! — скамандаваў Дзетка і загадаў усім ісці за ім.

Выбраўшыся да лясной прасекі, хлопцы ўбачылі некалькі чалавек у цывільным адзенні. Людзі гэтыя, часта перабягаючы і тулячыся за тоўстымі хвоямі, пастрэльвалі ў супрацьлеглы бок. Яны адступалі. Ужо можна было разгледзець чорныя мундзіры паліцаяў, якія зрэдку мільгалі між дрэвамі.

Хлопцы з. Дзеткавай каманды адразу ўзгарэліся, каб неадкладна ўключыцца ў бой.

Ён адвёў хлопцаў крыху ў бок ад прасекі. Тут быў такі густы малады ельнік, што можна было схаваць пры патрэбе добры атрад.

— Лажыся пад елкі ды маскіруйся як след. А калі ўжо скамандую, тады не маргай.

Заляглі, зашыліся за зялёныя лапкі, і носа не ўбачыш. А перад імі ўсё як на далоні. Перад зараснікамі быў чысты бор, які праглядваўся далёка. Відаць, да гэтых зараснікаў намагаліся прабіцца і тыя, што адступалі, але паліцаі ўсё выбягалі на фланг, адціскалі партызан на той бок прасекі. Густа пасыпалі з-за дрэў паліцаі. Ззаду бег афіцэр.

Нацэліўшыся ў яго, Дзетка ціха скамандаваў:

— Агонь!

Некалькі чэрг аўтаматаў і вінтовачныя стрэлы былі нечаканасцю для паліцаяў, яны разгубіліся і нерашуча затапталіся на месцы.

— Атрад, за мной, у атаку! — грымнуў Дзетка на ўвесь лес.

Афіцэр ужо ляжаў на зямлі. Яшчэ секунда — і паліцаі кінуліся хто куды. Адны памкнуліся бегчы наперад, але тыя партызаны, за якімі толькі што гналіся паліцаі, пачуўшы моцную падтрымку, прышылі некаторых да зямлі. Дзеткавы хлопцы даганялі кулямі другіх. А невялічкая група паліцаяў, што кінулася была ад прасекі на дарогу, напаролася на конных разведчыкаў Заслонава, якія галопам прымчаліся на стральбу. Акружаныя коннікамі бобікі паднялі рукі.

Так устаноўлена была сувязь з суседнім атрадам. Пяцёра партызан, што трапілі пад паліцэйскую засаду, былі з атрада, якім непасрэдна камандаваў начальнік міжраённага партызанскага штаба палкоўнік Лойка. Гэта ён паслаў пашукаць парашутаў, скінутых уночы з самалёта. Тры парашуты былі знойдзены. Але партызаны ведалі, што гэта яшчэ не ўсё, і вось такім чынам у доўгіх пошуках натрапілі на паліцэйскую засаду.

Лойкаўскія партызаны так былі рады нечаканай дапамозе Дзеткі і яго хлопцаў, што аж расчуліліся:

— Дык вы ўжо бярыце сабе адзін парашут, хоць бы на памяць пра гэтую сустрэчу.

Хлопцы па-прыяцельску развіталіся і пайшлі, кожны сваёй дарогай.

 

4

Заслонаў праводзіў інструктаж вялікай групы партызан, якіх накіроўваў на станцыю ў распараджэнне дарожнага майстра.

— Будзеце працаваць там звычайнымі рабочымі на будаўніцтве двух запасных пуцей. Разам з вамі і таварыш Харошаў. Памятайце, заданне выключна адказнае. А таму патрэбна і выключная асцярожнасць. Ні лішняга слова, ні якіх там асаблівых выбрыкаў і фантазій. Калі што трэба рабіць наша, партызанскае, каманду дасць Харошаў. Ён паклапоціцца там і пра вашу зброю. Памочнікам у Харошава будзе Дзетка. Выступайце сёння ўночы.

Камандзір закончыў ужо інструктаж, як яму далажылі, што прыйшоў сувязны з суседняга атрада.

Хутка Заслонаў чытаў невялічкую запіску:

«Атрымаўшы гэтае, прапануецца вам неадкладна выслаць свае тлумачэнні аб парашутах».

Запіска была падпісана начальнікам міжраённага штаба Лойкам.

Заслонаў напісаў невялічкі адказ у штаб, што ён не можа прыслаць ніякіх тлумачэнняў, бо не разумее, пра якія парашуты ў яго пытаюцца. Ён чуў ад другіх камандзіраў атрадаў пра палкоўніка Лойку, чалавека, што называецца, з мухамі. Быў ён прыдзірлівы фармаліст, вялікі аматар канцылярскай бюракратыі. І тут камандзіры многіх атрадаў проста, як гаворыцца, завылі ад безлічы самых разнастайных загадаў штаба.

На другі дзень зноў паявіўся сувязны ад Лойкі з новым загадам: «Прапануецца вам з’явіцца сёння а дванаццатай гадзіне дня ў штаб па неадкладных пытаннях».

Заслонаў, пільнуючыся ўсіх фармальнасцей, зноў адпісаў, што не мог выканаць загаду палкоўніка, бо быў на аперацыі і не ведаў загадзя, што яму трэба з’явіцца ў штаб.

Прайшло якіх дні два, і Заслонаў забыўся пра гэты пісьмовы загад. Ён праводзіў заняткі з дзвюма групамі маладых падрыўнікоў, як прыбег вартавы і далажыў, што партызанскі начальнік, па прозвішчу Лойка, з цэлай групай другіх начальнікаў і партызан прыехалі да лагера і хочуць пабачыць яго.

— Толькі лаюцца, не дай бог, аж мацюкаюцца, але нашы хлопцы не пускаюць і трымаюць іх пад кулямётам...

— Ну добра, прапусціце іх сюды.

Праз некалькі хвілін на паляну ў лесе, дзе праводзіліся заняткі, рыссю прыскакала пяць коннікаў, а за імі, на некаторай адлегласці, паказалася чалавек дваццаць конных партызан. Пярэдні з пяцёркі быў апрануты ў шчыгульную венгерку, да якой ніяк не пасавала шырокая, у лапату, барада. Галіфэ з чырвоным кантам, шпоры, нагайка, камандзірская шапка дапаўнялі яго аблічча.

Наперад выйшаў Заслонаў з рапартам:

— Групы падрыўнікоў чыгуначнага партызанскага атрада праходзяць заняткі. Дзве роты знаходзяцца на заданні. Выслана група разведчыкаў...

— Ды што ты мне са сваім рапартам! Дзе камандзір атрада?

— Я камандзір атрада.

— Гм... Значыць, вы Заслонаў? Цікава, цікава, аднак...— нібы замяшаўся на якую хвіліну Лойка. Але толькі на хвіліну. Тут жа рэзка запытаўся:

— Чаму нас не прапусцілі адразу?

— Па статуту, таварыш палкоўнік, калі не памыляюся.

— Гм... Статут яны, канечне, павінны ведаць, але павінны ведаць і мяне.

— Вось цяпер і вас будуць ведаць, калі пабачылі начальніка ў твар.

— Гм. Гэта так, канечне... Вядома... Ну, добра...

Лойка грузна спусціўся з сядла, міласліва падаў руку Заслонаву.

— Што ж, пагаворым...

Калі расселіся ў будане вакол стала, збітага з дошак, Лойка паморшчыўся крыху, прабурчаў пад нос: «Аднак, мэбля ў вас не важнецкая, не ўмееце гонару камандзір трымаць».

Заслонаў спакойна адказаў:

— Адной мэбляй аўтарытэту не падтрымаеш.

— Вы так думаеце? — адразу настырчыўся Лойка.— А я вам скажу, што не трэба забывацца на любыя драбніцы. Разумееце? І мэбля, і адзенне,— тут ён пакасіўся на пінжачок Заслонава,— павінны быць такія, каб другія маглі паважаць вас. Аднак мы адхіліліся крыху ад справы. Вам вядома, відаць, што я з’яўляюся начальнікам штаба міжраённага партызанскага цэнтра?

— Ведаю, таварыш палкоўнік.

— Ага! Гэта ўжо добра, што ведаеце. Цяпер, калі ласка, растлумачце мне, чаму да гэтага часу не палічылі патрэбным з’явіцца да мяне ў штаб.

— Справа ў тым, што мы паявіліся ў гэтых месцах толькі днямі, і літаральна дні два таму назад мне стала вядома месца прабывання вашага штаба. Сам я быў заняты неадкладнымі аператыўнымі справамі.

— Пачакайце, пачакайце! Вы патурбуйцеся адказаць мне на такое пытанне: хто дазволіў вам базіраваць свой атрад іменна тут, у даверанай, разумееце, у даверанай мне зоне? Чым кіраваліся вы?

— Што ж, магу адказаць. Месца для базіравання атрада падказаў мой некаторы вопыт. А калі гаварыць пра кіраванне, дык, прызнацца, я спасылаюся тут і на свае камандзірскія абавязкі і, урэшце, на сваё партызанскае сумленне.

— Гм... Дзіўна, дзіўна. Абавязкі, сумленне...

— Таварыш палкоўнік, я, урэшце, не разумею ні сэнсу нашай гаворкі, ні таго, чаго вы ад мяне асабіста хочаце.

— Патурбуйцеся штодзённа раніцаю дасылаць мне рапарт пра становішча ў вашым атрадзе. Гэта раз. Па-другое, мне патрэбны падрабязныя звесткі пра тое, колькі ў вас людзей, колькі ўзбраення, якое харчаванне. Неадкладна дашліце арматурныя спіскі і звесткі пра запасы амуніцыі. Не пазней вечара прышліце планы баявых аперацый на бягучы месяц і на бліжэйшы квартал. Пры гэтым напамінаю вам, што план кожнай аперацыі вы будзеце дэталёва распрацоўваць са мной асабіста і таксама пагадняць са мной іх правядзенне. Далей вось што: патурбуйцеся неадкладна, сёння ж, даслаць рапарт з просьбай, каб вам было дазволена спыніцца ў маёй зоне. Гэта самае галоўнае.

— А далей?

— Што далей?

— Што загадаеце рабіць далей?

— А-а! Вы ў гэтым сэнсе. Тут са мной ёсць прадстаўнікі аддзелаў штаба. Яны ўжо самі прад’явяць вам патрабаванні на розныя звесткі. Іх, канечне, даволі многа, такіх дакументаў.

— Асмелюся запытацца,— ужо яўна іранічна сказаў Заслонаў,— а хто ж ваяваць будзе, калі мы ператворым атрад у канцылярыю?

— Ведаеце,— сурова зірнуў тут палкоўнік на Заслонава,— ваша апошняе запытанне зусім недарэчы... А яшчэ вось што: патурбуйцеся сёння ж перадаць мне асабіста ваша пісьмовае тлумачэнне аб тым, як захапілі вы парашутны груз.

— Грузу гэтага, да вашага ведама, ніхто не забіраў. Ён быў знойдзены маімі партызанамі, і зброя з грузу раздана партызанам, якія знаходзяцца цяпер на аперацыі. Пры першай жа магчымасці ўсё, што знойдзена, будзе вернута вам. Але вы не адказалі на маё запытанне: хто будзе ваяваць, калі я засаджу ўсіх за пісаніну?

— Не пісаніну, а справаздачныя і аператыўныя дакументы. Вось што я вам скажу,— пра гэта я думаў яшчэ едучы сюды,— бачу, баіцёся вы ўсіх гэтых абавязкаў. Што ж, можна знайсці самы лепшы і разумны ў дадзеным выпадку выхад: атрад ваш у поўным складзе пераходзіць пад маё камандаванне, я ўжо як-небудзь спраўлюся з гэтай задачай. Ну, а вы, як чалавек, які так клапоціцца пра баявыя справы, узначаліце ў мяне групы падрыўнікоў. Іх можна арганізаваць з вашых чыгуначнікаў. Калупацца там з рэйкамі ды гайкамі гэта, канечне, іх справа, там яны на месцы. Але займацца баявымі аперацыямі ў палявых умовах гэта ўжо, выбачайце, не сказаць, каб было ім пад сілу. Дык вось так і зробім: я зараз жа аддаю загад аб далучэнні вашага атрада да майго, і тады адпадзе ўсякая падстава для нашых спрэчак.

Заслонаў, які да гэтага часу сядзеў параўнальна спакойна за сталом, цяпер ужо не сцярпеў і, рашуча ўстаўшы, рэзка ўдарыў далонню па стале.

— Нічога з вашых планаў не выйдзе, таварыш палкоўнік! Атрад арганізоўваў я і камандаваць ім буду як-небудзь сам.

— Тады патурбуйцеся, малады чалавек...

— Я вам не малады чалавек, а камандзір атрада!

— Тым лепш. Патурбуйцеся выконваць мае загады.

— Трэба, каб яны былі разумныя.

— Як вы асмеліліся зневажаць мае загады? Я неадкладна аддам вас пад суд! Я праганю вас з вашым атрадам з мае зоны... Я забараняю ўсе вашы баявыя, з дазволу сказаць, аперацыі.

І да таго ўзрушыўся начальнік штаба, што не ведаў, куды і рукі падзець у вялікім гневе.

— Вы чулі мой апошні загад? — запытаўся Лойка.

— На жаль, чуў.

— А калі чулі, то выконвайце.

— На жаль, не магу выканаць. І не буду.

— Як гэта не будзеце?

— А проста так. Ніхто не мае права аддаць мне падобныя распараджэнні. Разумееце, ніхто, акрамя Цэнтральнага Камітэта партыі і Цэнтральнага партызанскага штаба.

— Глядзіце на яго, які высокі начальнік знайшоўся! Вы забываецеся, з кім гаворыце! Ды вы... ды я... Ды якое права маеце спекуляваць імем Цэнтральнага Камітэта, калі вы беспартыйны, калі вы...

— Вось, нягледзячы на тое, што беспартыйны, я паважаю высокі аўтарытэт Цэнтральнага Камітэта, які даверыў мне сур’ёзную справу, даручыў яе мне... І спадзяюся, што апраўдаю гэтае высокае давер’е.

— Добра, пагаворым яшчэ ў другім месцы.

Начальнік штаба выйшаў з-за стала, аддаў кароткі загад:

— Па конях!

— Шчаслівай дарогі, таварыш палкоўнік!

— Бачыў? — запытаўся Заслонаў у Чычына.

— Нагледзеўся...— неазначальна адказаў той.

— І гэта называецца штаб, які павінен кіраваць баявымі аперацыямі, кіраваць жывой справай, людзьмі. Гэта ж багадзельня, прытулак для лодараў і няздары. Не, давядзецца і гэтай справай заняцца. Трэба будзе звязацца з абкомам, няхай навядзе належны парадак.

Сяк-так ачуўся Заслонаў ад усхваляванасці пасля візіту штабных работнікаў, калі заслухоўваў партызан, якія толькі што вярнуліся з дыверсій. Групы прыйшлі з далёкіх перагонаў чыгункі, дакладвалі пра ўзарваныя масты, пра пушчаныя пад адхон эшалоны.

Прыходзілі з шашы спецыяльныя паляўнічыя групы. Прыбывалі сувязныя, разведчыкі з горада, з бліжэйшых раёнаў.

І за жывой работай неяк забывалася крыўднае здарэнне.

 

5

З міжраённага цэнтра прыйшоў сувязны з прапановай Заслонаву і Чычыну з’явіцца на нараду.

На другі дзень з групай аўтаматчыкаў яны падаліся ў дарогу.

Нарада аказалася цікавая і шматлюдная. На ёй прысутнічаў сакратар абкома, які некалькі дзён быў у Маскве і толькі ўчора на самалёце пераляцеў цераз лінію фронту. Заўважыўшы Заслонава, падышоў да яго, жартуючы прывітаўся:

— Як паравозы вашы, таварыш Заслонаў?

— Нашы больш пад адхонам. А каторыя і бегаюць яшчэ, то таксама будзем пускаць на той жа маршрут.

— Добрую справу зрабілі вы ў дэпо. І за тое, што вы народ чыгуначны ўзнялі ды пусцілі аганьку па рэйках, дазвольце мне шчыра падзякаваць вам не толькі асабіста, але і ад імя Цэнтральнага Камітэта нашай партыі і ад Цэнтральнага партызанскага штаба.

Заслонаў аж разгубіўся ад такой высокай падзякі.

— А скажыце, як ідуць вашы справы на... новых пазіцыях? Якія ў вас патрэбы? Можа, ёсць перашкоды, крыўды?

— Што вы, таварыш сакратар, якія могуць быць крыўды. Мы такія, што ў крыўду не даёмся.

Сакратар уважліва зірнуў у вочы Заслонаву, усміхнуўся:

— Аднак, па-мойму, вы не ўсё дагаворваеце, таварыш інжынер. Сёе-тое мы чулі ўжо... Ну добра, разбяромся ў гэтым тут на нарадзе. Мяне больш цікавіць, якія ў вас ёсць патрэбы і чым можам памагчы вам?

Заслонаў павесялеў:

— Рацыю б нам, таварыш сакратар. І галоўнае — боепрыпасы. Часам і ў звычайных патронах адчуваем вострую патрэбу. Ну і толу, канечне. Без яго, як без рук. Тут ужо самым настойлівым чынам просім. А мы ўжо абяцаемся вам шчыра: агеньчыку немцам не пашкадуем... У гэтым не сумнявайцеся.

— Ды мы ў вас ніколі і не сумняваліся... Аднак час і нараду пачынаць! — Сакратар зрабіў ужо колькі крокаў, але раптам спыніўся, рушыў назад.

— А я ледзь-ледзь не забыўся... Танцуйце, Канстанцін Сяргеевіч, іначай не аддам! — і ён працягнуў невялікі канверт.

Сакратар бачыў, як загарэліся асаблівым бляскам і пацяплелі вочы інжынера, калі ўзяў ён пісьмо і ўважліва прыгледзеўся да знаёмага почырка на канверце.

Яшчэ агледзеўшы з усіх бакоў пісьмо, Заслонаў беражліва палажыў яго ў кішэню пінжака.

З невялікім дакладам пра бліжэйшыя задачы партызанскай барацьбы выступіў сакратар абкома. Ён расказаў пра становішча на франтах, пра тое, як цікавяцца ў Маскве і на фронце і ў глыбокім савецкім тыле баявой дзейнасцю партызан, спыніўся на канкрэтных задачах мясцовых партызанскіх злучэнняў. Тут жа падаў некалькі прыкладаў безуважлівых адносін некаторых атрадаў да патрэб насельніцтва, пэўнай ізаляванасці атрадаў ад мясцовага жыцця.

— Пакуль некаторыя кіраўнікі атрадаў будуць адгароджвацца кітайскай сцяной ад насельніцтва, да таго часу ў нас не будзе сапраўднага усенароднага партызанскага руху. Я ўжо не кажу пра такіх гора-кіраўнікоў, якія хаваюцца ў такія лясныя нетры, што іх атрады, іх базы ператвараюцца альбо ў нешта падобнае на лясныя санаторыі, альбо ў своеасаблівыя каманды асабістай аховы паважаных начальнікаў. З такімі айцамі-пустэльнікамі нам, канечне, не па дарозе, і іх трэба выцягваць з лясных трушчоб ды праветрываць на сонейку, каб яны канчаткова не заброснелі. Ці ёсць у нас такія атрады? Павінен шчыра сказаць, у вашай зоне іх няма. Але тут жа скажу, што падобныя тэндэнцыі праяўляюцца ў паасобных кіраўнікоў. Жывое, аператыўнае кіраўніцтва партызанскімі атрадамі падмяняецца тады сухой фармалістыкай, канцыляршчынай. Не ведаю, ці ёсць у вас падобныя кіраўнікі.

— Няма, няма, таварыш сакратар! — гучна падаў свой голас начальнік штаба і закруціўся на сваім пенчуку, нібы хто падсыпаў пад яго жменьку іголак.

— Каму-каму, а вам гэта відней, таварыш Лойка! — адказаў сакратар абкома і мнагазначна паглядзеў на яго. Узняўся дружны рогат.

— Аднак мы крыху загаварыліся тут з вамі. Пра парадкі ў вашых атрадах, пра вашы баявыя справы мы яшчэ пагаворым, калі выслухаем справаздачу начальніка штаба. А цяпер яшчэ раз хачу напомніць вам пра нашы вялікія абавязкі перад сялянствам. Вясна, як бачыце, у самым разгары. Як ні цяжка даводзіцца селяніну, але ж ён сее і павінен сеяць, каб нашы людзі былі з хлебам, у тым ліку, вядома, і вы. Памажыце ж селяніну ў гэтай пачэснай, адказнай і цяжкай па сённяшніх умовах справе. Памятайце, што не толькі вясна ў разгары, у самым разгары і фашысцкая прапаганда. Я гавару пра тую зямельную рэформу, пра якую трубяць цяпер ва ўсе трубы нямецкія газеты і лістоўкі, загады і інструкцыі, усе каменданты і падкаменданты, усе фашысцкія найміты і прыслужнікі. Яшчэ з пятнаццатага лютага абвясцілі яны, бачыце, ліквідацыю калгасаў, пераход на новую зямельную сістэму. Канечне, сяляне адразу зразумелі сапраўдны сэнс усяе рэформы, як сродку яшчэ больш дакладнага і сістэматызаванага грабяжу вёскі. Сям-там зямля можа астацца незасеянай, гэта нам не на карысць. Сеяць трэба. Будзем весці сапраўдную барацьбу за хлеб, каб ён не трапіў немцам. Фашысцкія прыслужнікі спрабуюць іграць і на ўласніцкіх інстынктах некаторай часткі адсталых людзей. І гэтаму мы таксама павінны даваць адпор. Вось, таварышы бадай і ўсё, пра што я хацеў сказаць вам.

Перайшлі да справаздачы начальніка штаба. Той пачаў з такіх далёкіх гістарычных экскурсаў у сваёй прамове, што Заслонаў улучыў хвіліну і, дастаўшы з кішэні запаветны канверт, уважліва яшчэ раз перачытаў кожнае слова адраса і ліловага адпячатка на адвароце: «Праверана ваеннай цэнзурай». Па завітушках літар, па націсках пяром намагаўся вызначыць, у якім настроі падпісвалася яму гэтае пісьмо і ці ўсё там урэшце добра і ў парадку. Асцярожна ўскрыў канверт, бегла зірнуў на пачатак.

«Любы, дарагі Кастусь!»

Сэрца ўстрапянулася лёгка-лёгка, адразу трапіўшы ў абдымкі цёплых і ласкавых успамінаў. Зірнуў на дату.

«Ого, вандруе пісьмо ўжо трэці тыдзень... Далёкай, далёкай стала дарога мая да вас...»

Не чытаючы самога пісьма, паглядаў на канец яго. Тут звычайныя прывітанні ад усіх, ад яе, ад дачок, ад маці. Ну, дзякуй богу, усе жывы і здаровы. А чаго ж трэба болей, значыць усё ў парадку. І толькі тады, слова за словам, перачытаў усё пісьмо. І як чытаў, то мяняўся і твар яго. То хмурыўся злёгку, то расплываўся ў мяккую ўсмешку. І, прачытаўшы, акуратна склаў пісьмо і схаваў яго ў кішэню. Сядзеў яшчэ колькі хвілін у прыемнай задуме, успамінаючы нядаўняе, перажытае. Як добра, што па шчаслівай выпадковасці яны паехалі з гарадка яшчэ да вайны. Раіса наважылася наведаць з дзецьмі свайго брата, паехала да яго ў госці ў адзін з паўночных гарадоў. Так пазбавілася сям’я ад тых нечаканасцей, якія абрушыліся на людзей у першыя дні вайны.

Як жа жывуць цяпер яго птушаняткі? Што ж яны робяць цяпер? Відаць, падраслі ўжо...

З глыбокай задумы яго вывеў выбух рогату. Нечаму дружна смяяліся.

— Чаго яны рагочуць? — ціхенька спытаўся ў Чычына.

— З дакладчыка. Залез у нетры і ніяк не выберацца.

Сапраўды, начальнік штаба соп, крактаў, збіраючы з зямлі лісткі сваіх тэзісаў, якія свавольнік-вецер выхапіў з-пад рук і расшпурляў на паляне. Але не вецер быў прычынай смеху. Дакладчык ужо справіўся крыху з капрызамі ветру, і цэлыя каскады лічбаў сыпаліся на слухачоў:

— Для таго каб вызначыць, колькі партызана-гадзін патрэбна для правядзення дыверсіі, ну, скажам, для падрыву шасейнага маста, я загадаў правесці падрабязнае апытанне ў атрадах, для чаго ўвёў спецыяльны апытальны ліст па форме... зараз я скажу вам, па якой форме...— і ён пачаў корпацца ў сваіх паперах.

— Вы адкажыце лепш, таварыш Лойка, колькі папера-кіламетраў вы страцілі на складанне ўсяе гэтае лабуды? — рэзка запытаўся сакратар абкома.— Вы раскажыце лепш пра галоўныя вашы аперацыі, ахарактарызуйце баявую дзейнасць кожнага атрада.

— Я ўсё па дакументах, таварыш сакратар, яны складзены пад маім кіраўніцтвам па звестках, сабраных у атрадах...

— Дакументы мы паважаем, аберагайце іх на здароўе. Але вы раскажыце нам пра людзей, раскажыце пра новае, што з’явілася ў партызанскай тактыцы, урэшце раскажыце, як вы кіравалі баявымі аперацыямі вашай зоны.

— Мы пахалі...— кінуў нехта рэпліку, і вясёлы смех зноў пракаціўся па паляне.

Лойка бездапаможна корпаўся ў сваіх паперах і тануў у іх усё болей і болей.

— Пра кіраўніцтва аперацыямі я скажу... Бачыце, я, паводле выпрацаваных правіл, палучаю ад камандзіраў данясенні. У нас распрацаваны графік аперацый для ўсіх атрадаў на месяц і на квартал. Пра кожную задуманую аперацыю мяне ставяць да ведама, і я сумесна з камандзірам атрада распрацоўваю план яе правядзення. Ну, і яна праводзіцца атрадам, ну... а часам і я выязджаю на дапамогу...

Усе зноў рассмяяліся.

— Таварышы, дарэмна смяецеся. Справа тут больш сур’ёзная, чым вам здаецца,— спыніў смехуноў сакратар.— Сведчыць гэтая справа пра некаторую недаацэнку штабной работы, па-першае, і пра пытанні каардынацыі ўсяе нашае работы ў зоне, па-другое. Адсюль і няўважлівасць, якая праяўлена была ў свой час пры падборы работнікаў. У гэтым усе мы з вамі вінаваты, а вы яшчэ вінаваты і ў тым, што бачылі некаторыя непаладкі і маўчалі, мірыліся з імі, махнулі рукой на штаб. Аднак пра гэта пасля, бо мы перашкаджаем дакладчыку. У мяне толькі яшчэ адно запытанне да яго па ходу даклада. Вось вы гаварылі пра графік аперацыі, пра папярэдняе абмеркаванне кожнай аперацыі і яе правядзенне. Уявім сабе звычайны выпадак: поблізу атрада з’яўляецца ў адной з вёсак даволі значны атрад хапуноў-паліцаяў. Для партызан трапляецца зручны выпадак ліквідаваць гэтых хапуноў, ці проста грабежнікаў. Што павінен у дадзеным выпадку рабіць камандзір партызанскага атрада?

— А гэты атрад далёка ад штаба? — нерашуча перапытаў Лойка.

— Уявім сабе, што блізка, ну кіламетраў за шэсць, за дзесяць...

— Што ж, камандзір здолее паведаміць у штаб, параіцца.

— А паліцаі будуць чакаць, пакуль вы параіцеся?

— Бачыце,— замяўся тут Лойка,— мы ж не можам усё прадугледзець у штабе, і камандзір, канечне, павінен часам, у такіх непрадбачаных выпадках, прыняць і ўласнае рашэнне...

— Вось бачыце, таварыш Лойка, вы б і расказалі нам пра ўсе гэтыя непрадбачаныя выпадкі, ды паменш бы верылі свайму графіку, у які не так ужо ахвотна лезуць фрыцы ды бобікі. Але давайце далей...

Лойка зразумеў, што штабная яго кар’ера безнадзейна пахіснулася, і, камечачы свае лічбы і графікі, сяк-так закончыў справаздачу. Усеўся на пянчук і, трымаючы на каленях даволі ёмісты трафейны партфель, кісла глядзеў перад сабою.

А тым часам ішлі спрэчкі.

Адны востра, другія больш лагодна гаварылі пра яго, пра Лойку. Канечне, не справіўся таварыш Лойка са сваёй задачай, узяўся не за сваю справу, яўна пераацаніў сілы — такая была агульная думка. Ён нядрэнны сам па сабе чалавек і, па ўсім відаць, добры гаспадарнік, вось бы і папрацаваць яму ў гэтай галіне.

З кароткім словам па справаздачы выступіў Заслонаў.

— Таварышы, я чалавек новы ў вашай зоне і асабіста начальніка штаба раней не ведаў і гаварыць пра яго ранейшую дзейнасць, ды і наогул як пра чалавека, не буду. Абмяжуюся толькі кароткімі заўвагамі пра яго візіт да нас.

— Я з візітамі не езджу, няхай будзе гэта вам вядома,— азваўся Лойка.— Я быў у вас па баявых справах.

— Скажу і пра баявыя справы. Шчыра кажу, я спадзяваўся, што начальнік штаба сапраўды паможа мне арыентавацца на новай для мяне тэрыторыі, падкажа некаторыя задачы, вызначыць і некаторыя аперацыі зыходзячы з свайго агульнага плана. Нічога гэтага, на жаль, не было.

— Якія там аперацыі, калі людзі вашы наогул бяздзейнічаюць.

— Як гэта бяздзейнічаюць? — Заслонаў замяшаўся на якую хвіліну ад гэтай рэплікі.

— А так і бяздзейнічаюць. Факты? Калі ласка. Блізка месяца стаіцё непадалёк ад чыгункі, а мы не чулі, каб вашы партызаны хоць раз выйшлі на перагон. Ды больш таго, вы суседняму атраду перашкодзілі ўзарваць мосцік перад станцыяй. Гэта ж усё факты! А што вы скажаце, калі я прывяду вам і такія факцікі: ці не вашы партызаны памагаюць немцам пашыраць запасныя пуці на станцыі? А можа, яны цяпер і не партызаны, а звычайныя ўцекачы з вашага атрада, я не маю падстаў асабіста абвінавачваць вас. Усё ж гэта проста ганебныя факты.

— Сапраўды, гэта ўсё факты, якія і сведчаць пра вашу няздольнасць разабрацца ў самых элементарных справах. Так, мы не чапаем самага бліжэйшага да нас перагону чыгункі і параілі — не перашкодзілі, а параілі — суседняму атраду не ўзрываць мастка на гэтым перагоне. Чаму мы гэта робім? Каб не перашкодзіць правядзенню другой, куды больш важнай і істотнай, аперацыі. А партызаны майго атрада, як вядома вам, таварыш Лойка, ходзяць на далёкія перагоны. А што яны робяць там і што зрабілі, пра гэта вам добра вядома і з рапарта, які пасланы вам, і павінна быць вядома з вашай разведкі. Чаму ж вы пра гэта прамаўчалі? Ну, і пра самае галоўнае абвінавачванне. Праўда, што частка партызан, не ўцекачоў з майго атрада, як вы міласліва змякчалі мае злачынствы, а самыя сапраўдныя партызаны працуюць на станцыі ў немцаў у якасці звычайных — а можа, некаторыя і ў якасці і не звычайных — рабочых. Больш таго, некаторыя партызаны працуюць на сённяшні дзень і ў тым дэпо, дзе не так даўно і я працаваў у немцаў. Чаму яны там працуюць, думаю, што гэта не выклікае ніякага сумнення ва ўсіх таварышаў нашай нарады, акрамя начальніка штаба. Сказаць жа яму цяпер, чаму яны там працуюць, я не магу, бо проста баюся, што прадбачлівы наш начальнік штаба можа сваёй пустой і шкоднай балбатнёй сарваць не толькі намечаную аперацыю, але і паставіць жыццё тых таварышаў пад сапраўдную небяспеку.

— Што ж, захацеў на маё месца стаць? Давай, давай, калі знайшоўся такі разумны,— толькі і мог праказаць зусім ужо разгублены начальнік штаба.

— Бачыце, таварыш Лойка, можа б, і стаў я на ваша месца, каб была на тое воля партыі ды каб быў я здольны да такой пасады. Але, на жаль, такіх здольнасцей і такіх навыкаў я не маю. Мне хопіць і мае пасады, і адзінае маё жаданне: як бы найлепей справіцца са сваімі абавязкамі. Закончу тым, з чаго пачаў. Я спадзяваўся сустрэць сапраўды начальніка штаба, а ў атрад да нас з’явіўся зборшчык звестак, статыстык, калі не раённага маштабу, то крыху, магчыма, вышэй.

Лойка больш не адбрыкваўся. Узважыўшы ўсю сітуацыю, ён папрасіў слова, каб апраўдацца. Але апраўданні гэтыя былі такія нязграбныя, што выклікалі толькі агульны рогат. Ён яшчэ пастаяў маўкліва з якую хвіліну, нешта абдумваючы, потым рашуча адкінуў убок свой ёмісты партфель і сказаў коратка і ясна:

— Па ўсім відаць, што не справіўся я. Правільна гаварылі таварышы, нічога не скажаш. Думаў я выцягнуць гэтую справу, але, відаць, не ў маіх яна сілах.

Нарада закончылася позна вечарам.

 

6

Стаяла ціхая красавіцкая ноч. У густым змроку хаваліся станцыйныя пуці, на якіх дзе-нідзе паблісквалі стрэлачныя ліхтары.

Непадалёк ад станцыйнага будынка ў багажным пакгаузе размясцілася ахова станцыі, чалавек з дваццаць пажылых салдат, людзей таго салдацкага веку, калі добры кацялок супу ды кубак кавы куды больш зразумелыя і цікавыя, чым увесь той складаны лёс, які закінуў іх сюды на гэтую невялічкую станцыю непадалёк ад такога ж невялічкага гарадка. Не сказаць, каб гэтыя людзі адчувалі сябе добра ў прапахлым мышамі пакгаузе, але жыць было можна. Яны чулі пра партызан, але на гэты выпадак у іх былі добрыя дзоты і ўжо, канечне, хапала патронаў і гранат. Можна было залезці проста пад дубовыя дошкі падлогі і сядзець, як за добрай сцяной, за тоўстым каменным фундаментам, у якім былі папрабіваны і нядрэнныя амбразуры. Тут жа, за пуцямі, было чалавек пяць паліцаяў. Яны сачылі за парадкам сярод людзей, якія працавалі на насыпцы новых запасных пуцей. Ахоўваць не было патрэбы, бо яны больш-менш акуратна з’яўляліся штодня па разнарадках валасной управы з бліжэйшых вёсак, а некаторыя, каб дарэмна не біць ног, аставаліся і начаваць тут. Сярод іх было некалькі чалавек са сталай рамонтнай брыгады і з дзесятак вольнанаёмных рабочых.

Усе, хто аставаўся тут нанач, наладзілі сабе часовыя прытулкі сярод штабялёў дроў і бярвення. Двое паліцаяў з самага вечара напіліся і спалі мёртвым сном у будане дрывянога вартаўніка. Трое падаліся ў гарадок, каб неяк пазбавіцца ад адурэння, якое находзіла на іх ад сістэматычнага гультаявання.

Адсюль, ад штабялёў дроў чуваць было, як ля пакгауза немец выцінаў на губным гармоніку. Зрэдку нават можна было пачуць, як сапе, надзімаецца з усяе сілы музыкант. Відаць, інструмент у яго быў надзвычай слабы. Музыка часам зусім прападала, асабліва калі з балотца, якое было непадалёк, на другі бок ад пуцей, пачынаўся дружны жабін канцэрт.

Праз якое паўгадзіны з поўначы ўзняўся халаднаваты вецер. Балотны канцэрт сцішыўся. Толькі чуваць было, як пачмыхвае непадалёк вадакачка.

І зноў ціха-ціха. Двое салдат, папстрыкваючы ліхтарыкамі, пайшлі ад станцыі да семафора і далей.

А ля штабеля дроў ідзе шэптам размова.

Заслонаў правярае апошнія падрыхтаванні.

— Усё гатова, Канстанцін Сяргеевіч. Цяпер справа не за намі, а за немцамі.

Гэта голас Харошава. Ён гаворыць, а сам настромлівае вуха, услухоўваецца ў начную цішыню, каб учуць за добры дзесятак кіламетраў ледзь улоўнае пыхканне машыны і такі ж перастук металу.

Аднаго крыху апасаліся, каб не прыйшоў эшалон з войскам. Гэта значна ўскладніла б аперацыю, а магчыма, і проста сарвала б яе. Але было ўжо вядома, што пасля частых выхадаў партызан на чыгунку немцы не пускалі па начах эшалонаў з войскам. Пускалі альбо паражняк, альбо цягнікі з другараднымі грузамі.

— А ў кар’еры стаяць вагоны пад нагрузкаю?

— Чатыры вагоны. Нядрэнна, Канстанцін Сяргеевіч, калі яны ўжо нагружаны снарадамі.

Заслонаў яшчэ раз выслухаў пра кожную дэталь.

Ля штабялёў зноў стала ціха. Толькі з падвываннем гулі тэлеграфныя правады, відаць, на пахаладанне. З балотца цягнула вільгаццю, і Заслонаў адчуў свежы халадок, які непрыкметна забіраўся пад яго лёгкую чыгуначную куртку.

І тут усе пачулі, як у роўны гул правадоў непрыкметна ўліліся новыя гукі. Былі яны яшчэ вельмі слабыя, ледзь-ледзь улоўныя. Зарадзіўшыся дзесьці за дзесятак кіламетраў, за палямі, за лясамі, гэтыя няясныя яшчэ гукі паступова зліваліся ў суцэльны гул, і ён напаўняў усё болей і болей начныя прасторы. Можна было ўчуць, як дрыжала зямля, як шырыўся і нарастаў гул. Цягнік выйшаў, відаць, з бліжэйшага лесу, і ўжо даносіўся перастук колаў на стыках. І неўзабаве пачуўся рэзкі працяглы гудок.

У змроку чуваць было, як часта-часта дыхаў Харошаў, як нецярпліва нехта затупаў на месцы і зачапіў нагой за палена дроў пад нагамі.

— Спакойна, спакойна, таварышы! Ну, Коля, жадаю ўдачы! — рука Заслонава моцна паціснула шурпатую далонь Харошава.

Некалькі ценей мільганула ад штабеля дроў да водаразборнай калонкі.

Ля ўвахода ў станцыю крыху пасвятлела. З дзвярэй выйшаў дзяжурны сустракаць цягнік. Тут жа з барака, дзе туліліся аглядчыкі вагонаў, змазчыкі, выйшаў і счэпшчык і, не спяшаючыся, рушыў між пуцей да калонкі.

Пагрукваючы на стрэлках, цягнік падыходзіў усё бліжэй і бліжэй і, сцішаючы паступова хаду і злёгку бразнуўшы буферамі, урэшце стаў.

«Будзе ці не будзе набіраць ваду?» — мільганула неспакойная думка ў Заслонава, і ён напружваў зрок, каб не прапусціць найдрабнейшай дэталі, якая можа мець часам рашаючае значэнне.

Ужо хлопцы-дазорцы паспелі данесці, што ўвесь цягнік з таварных вагонаў. Гружаны. Аховы асаблівай не відаць.

Заслонаў, прылёгшы ля самага штабеля і назіраючы за станцыяй, заўважыў чалавека, які пайшоў да дзяжурнага. Відаць, старшы кандуктар. Бразнулі падножкі ў паравоза — нехта сышоў з яго і таксама падаўся да станцыі. Няйначай машыніст наважыўся размяць крыху ногі да пабачыцца з якім знаёмым чынам на станцыі.

«Гэта ўжо ўскладненне... А можа, яно лепей, бо хлопцам давядзецца мець справу толькі з двума...»

Адлягло ад сэрца, калі рэзка забразгалі счэпныя крукі. Заслонаў убачыў ледзь прыкметную чорную постаць счэпшчыка, які, паставіўшы свой ліхтар на мацаванне буфера, раскручваў сцяжныя вінты.

— Значыць, будуць браць ваду...

Счэпшчык вынырнуў з сваім ліхтарыкам з-пад буфяроў і, прасвірчэўшы ў свісток, прымасціўся на тэндэрнай падножцы.

Паравоз чмыхнуў раз, другі і, паскараючы хаду, плаўна пакаціў да ўваходнай стрэлкі. Хвіліна-другая, і ён імчаў ужо назад па другім пуці, дзе і стаў ля калонкі. Заслонаў не мог бачыць усяго, што рабілася потым ля паравоза. Праўда, з групай таварышаў ён перабраўся крыху бліжэй, каб у выпадку патрэбы памагчы тым, якія прыхаваліся поблізу калонкі. А ўсе падзеі разгортваліся ля паравоза самым нармальным парадкам. Счэпшчык саскочыў з падножкі і рушыў быў да калонкі, каб потым па камандзе з паравоза адкруціць кран падачы вады. Але качагар, які шураваў у гэты час топку і якому не хацелася самому лезці на тэндэр, палічыў за лепшае паэксплуатаваць рускага.

— Рус, рус, давай сюды! — пазваў ён счэпшчыка і паказаў яму жэстамі, што яму трэба рабіць.

— Давай дык давай, мне што! — адказаў счэпшчык і даволі спрытна сігануў па падножках паравознай будкі. Памочнік машыніста і качагар не паспелі і вокам міргнуць, як апынуліся раптам у кампаніі не аднаго запрошанага імі «руса». Такіх «русаў» аказалася на паравозе адразу некалькі. Вінтоўку, якая належала машыністу і стаяла ля яго акенца, счэпшчык схапіў так спрытна, што немцы аж раты паразяўлялі ад здзіўлення і нечаканасці. І тут жа адчулі, што гэтыя раты ў адзін які міг аказаліся забітымі кляпамі. Тут жа іх падхапілі пад рукі, асцярожна спусцілі з паравоза і павялі некуды ў бок ад пуцей.

А над тэндэрам шухнула, зашумела вада. Усё адбывалася там нармальна, як трэба.

Дзетка падбег да Заслонава, далажыў:

— Затрымаемся, таварыш камандзір, ля калонкі лішнюю хвіліну, каб не выклікаць асаблівага падазрэння, бо машыніста як на тое ліха пагнала на станцыю, а перахапіць яго на тым баку было цяжкавата.

— Ну і чорт з ім! Доўга не баўцеся...

Хвіліна, другая... Як доўга, неймаверна доўга цягнуўся гэты час. Заслонаў нецярпліва зірнуў на гадзіннік. Прайшло ўсяго тры хвіліны. Усё ж варта прыспешыць хлопцаў. Ён ужо наважыўся быў сам кінуцца да паравоза, але шум вады сціх, цёмная постаць счэпшчыка мільганула на падножцы, паравоз імчаў да ўваходнай стрэлкі.

— Ну, дзякуй богу, усё ідзе як па графіку!

І толькі з палёгкай уздыхнуў Заслонаў, як сэрца ўсхадзілася моцна-моцна. Паравоз яшчэ імчаў да стрэлкі, а адтуль, з усходу, чуўся ўжо блізкі і знаёмы гук. Да станцыі, відаць, падыходзіў другі цягнік, якога, як падумаў Заслонаў, хлопцы і не заўважылі за клопатамі, за хваляваннем. Ужо чуваць былі і гудкі гэтага цягніка, які патрабаваў, каб адкрылі семафор.

— Не хвалюйцеся, Канстанцін Сяргеевіч, і такі выпадак намі, як вы ведаеце, прадугледжаны. Пакуль хлопцы не справяцца, яны прытрымаюць семафор...— сказаў нехта з партызан.

Цягнік ужо стаяў недзе там, за станцыяй. Паравоз даў нецярплівыя гудкі, чакаючы, калі ж яго, урэшце, пусцяць на станцыю.

Заслонаў убачыў, як адразу заварушыліся, відаць занепакоіліся, на станцыі. І раз і два выглянуў адтуль дзяжурны па станцыі, няйначай дзівіўся, чаму не адкрываецца семафор. На пероне з’явілася яшчэ некалькі чалавек. У перарывы між гудкамі звінеў, заліваўся тэлефон у будцы ўваходнай стрэлкі. Урэшце дзяжурны па станцыі ў суправаджэнні салдата з аховы, з ліхтаром у руках пайшоў да стрэлачнай будкі сам.

А за ўваходнай стрэлкай ішла ліхаманкавая работа. Хлопцы прымацоўвалі на буферах тэндэра даволі вялікую скрыню. У заднюю тэндэрную скрынку, павыкідаўшы адтуль змазачныя канцы ды ўсякае другое дабро, усунулі даволі ладную авіябомбу — гэта ўжо для пэўнай перастрахоўкі. Яшчэ і яшчэ раз Харошаў абмацаў увесь агрэгат, агледзеў канцы шнуроў, закручаных на буфер.

— Адкрывай семафор, цягнік нам цяпер не пашкодзіць, а іначай на станцыі яшчэ могуць узняць трывогу.

Ён сам падпаліў шнуры, падняўся на паравоз, пусціў яго і, перавёўшы рычаг на поўны ход, хуценька саскочыў на броўку пуці.

Заслонаў бачыў, як адкрыўся семафор, як заспакоены дзяжурны павярнуў да станцыі з сваім спадарожнікам. Ён пачуў, як крануўся за семафорам цягнік. І тут жа ўбачыў, як ляцела адтуль, з-за стрэлкі, рэзка набіраючы скорасць, цёмная грамада паравоза.

— Ну, здаецца, удача...— радасна ўздыхнуў ён і пачаў сачыць па гуку за паравозам. Але цяжка было ўжо адрозніць гукі паравоза ад грукату цягніка, які ўваходзіў на станцыённыя пуці. Зірнуў на перон. Там узнімалася мітусня. Заклапочаныя, уз’юшаныя, пра нешта гаварылі і, відаць, лаяліся дзяжурны па станцыі і машыніст.

А тым часам цягнік паражняка ўжо зацішваў ход і спыніўся на першым пуці. Назіраць за станцыяй было ўжо немагчыма, ды і не было ў гэтым асаблівай патрэбы. Заслонаў толькі ўскочыў на штабель дроў, каб лепш бачыць адтуль, як багровая ўспышка рассекла начную цемрань і на які міг рэзка асвятліла ўсё, што было навакол. Ён ледзь утрымаўся на нагах, калі пракаціўся ўрэшце аглушальны выбух і следам за ім усё неба над блізкім кар’ерам нібы расквітнела небывалым феерверкам. Выбухі ішлі адзін за адным, велізарныя снапы іскраў разляталіся ва ўсе бакі, то згасаючы на імгненне, то зноў трасучы грымотнымі раскатамі ўчырванелае неба, узнімаліся высока-высока.

— Можна канчаць! — коратка загадаў Заслонаў.

Некалькі чалавек кінулася выконваць каманду. За час работы па насыпцы двух запасных пуцей група Харошава паспела замініраваць у некалькіх мясцінах пуці і ўваходныя стрэлкі. Разбуджаныя ўзрывамі салдаты аховы ад страху кінуліся да балотца. Туды ўжо беглі без памяці і дзяжурны па станцыі, і машыніст, і паравозная брыгада другога цягніка. Разбягаліся куды каторы кандуктары і ўсе, хто трапіў па тых ці іншых прычынах на станцыю.

Адзін за другім прагрымелі яшчэ некалькі ўзрываў. Загарэлася некалькі вагонаў з гружанага цягніка.

— Адыходзіць! — аддаў каманду Заслонаў.

Партызаны падаліся палявымі дарогамі да бліжэйшага лесу. Людзі з вёсак, якія начавалі ля станцыі, разбегліся яшчэ пры першым узрыве артылерыйскага склада.

На станцыі пажар разгараўся ўсё мацней і мацней.

А ў гэты час над гарадком, сілуэт якога можна было ўжо разабраць у пашарэлым змроку, нібы прабліснула маланка, і следам за ёй раскацісты ўдар страсянуў паветра.

— Далі ім сягоння жару, надоўга хопіць...— здаволена сказаў Харошаў.

Неба на ўсходзе пачало святлець. Шэрыя фарбы змроку набывалі ружовае адценне. Надыходзіла раніца.

Вялікае напружанне, у якім партызаны правялі ўсю ноч, а некаторыя ж і некалькі тыдняў, давала сябе знаць. Партызаны ішлі маўклівыя, змораныя.

Калі выйшлі на высокі бязлесны ўзгорак, узышло сонца. Відаць быў горад. Там, на ўскраіне, паволі плылі ўгору клубы чорнага дыму.

— Нафтабаза? — запытаўся Заслонаў.

— Але,— адказаў Харошаў.— Гарадскія хлопцы пастараліся.

— Што ж, малайцы, і яны далі немцу пытлю! Пайшлі далей, арлы!

 

7

Свістун іграў у шахматы са сваім «шваграм», як празвалі хлопцы-канвойцы брата Тамары, хоць і добра ведалі, што іх камандзіру так і не давядзецца стаць сапраўдным шваграм Збынеўскага. Нешта не клеілася дружба ў Свістуна і Тамары. І калі раней ён і сам, і часам праз брата яе спрабаваў загаворваць аб сваіх шчырых пачуццях да дзяўчыны і рабіў прапановы злучыць назаўсёды свой лёс з яе лёсам, дык даўно ўжо не рабілася не толькі такіх прапаноў, але і намёкаў на іх.

Тамара выконвала цяпер абавязкі сандружынніцы, рабіла і другую работу, якая была ёй пад сілу. Яе адносіны да Свістуна былі ясныя і дакладныя. Яна ставілася да яго як да камандзіра, не дапускаючы ў гэтыя адносіны ніякага жарту, ніякага двухсэнсавага намёку.

Часам находзілі на Свістуна рэдкія хвіліны, калі ён разумеў пэўную хісткасць свайго становішча. Усе камандзіры як камандзіры, працуюць, выконваюць распараджэнні штаба. Яны шчыра радуюцца сваім удачам, не вельмі вешаюць галовы, калі напаткае часам і няўдача. Ён жа апошнія месяцы хадзіў як учадзелы. Чарвяк славалюбства не даваў спакою. Не пакідаў думкі ператварыць свой атрад у нешта падобнае на дывізію: вось тады пакажа ўсім, як трэба ваяваць, як трэба змагацца з фашыстамі. Тады няхай паспрабуе хто папракнуць яго... ну хоць бы ў п’янстве ці там, скажам, у бяздзейнасці.

Быў і сягоння пад хмяльком Свістун. У галаве круціліся розныя думкі, перашкаджалі іграць у шахматы, і ўжо другую партыю прасадзіў ён свайму партнёру. Прасадзіў і дзьмуўся, як мыш на крупы, пазіраючы на Збынеўскага.

У гэты час спрытны ардынарац і далажыў, што ў атрад прыехаў Саколіч, ды з ім, відаць, некалькі чалавек са штаба.

— Якога там д’ябла...— хацеў быў яшчэ вылаяць вартавых, якія прапусцілі, але змоўк на хвіліну, задумаўся.

— Добра, няхай ідуць! — нібы яны і не маглі пайсці без яго згоды.— А ты куды? — запытаў Збынеўскага, убачыўшы, што той хоча падняцца.

— А чаго ж я тут буду перашкаджаць вам?

Свістун сяк-так прывёў сябе да парадку, у люстэрка зірнуў, заплікнуўся на ўсе гузікі, паправіў гімнасцёрку, рэмень. Сам сябе папракнуў:

«Глядзі ты, як спужаўся! Каго? Чаго? А ну іх да д’ябла...»

У акенца зямлянкі ўбачыў ужо з дзесятак чалавек, якія ішлі між дрэў да яго прытулку.

Саколіч у гэты дзень наважыўся з некалькімі работнікамі штаба аб’ехаць бліжэйшыя раёны, каб нагледзець дзе трапную мясціну пад аэрадром. Праязджаючы ля лагера Свістуна, захацеў заглянуць да яго.

— Паглядзім, чым ён дыхае тут, а заадно распытаем, што ён думае рабіць надалей, бо пара брацца за гэтага вяльможу ўсур’ёз.

Свістун сустрэў гасцей з некаторай стрыманасцю, але намагаўся быць усё ж ветлівым, гасцінным. Запрасіў на абед.

— Добра,— згадзіўся Саколіч.— Толькі вы, таварыш Свістун, на жывую нітку там, каб нядоўга.

Свістун пайшоў даць каманду. Неўзабаве ён вярнуўся, але адчуваў сябе ніякавата, трымаўся ўбаку.

— Сядайце, таварыш Свістун,— запрасіў яго Саколіч.— Ды расказвайце, як вы тут жывяце.

— Як бачыце, жывём, не сумуем...

— Ну што ж, добра... Чуў я вось, што вы нашых палітработнікаў у лагер не пусцілі. З якіх бы то прычын?

— Хлусня, Васіль Іванавіч, як гэта я мог не пусціць? Гэта, відаць, непаразуменне. Магчыма, мае вартавыя не прапусцілі.

— Магчыма... Можа, раскавалі б нам пра вашу апошнюю аперацыю?

— Вам, відаць, нехта нагаварыў пра сёе-тое.

— Вось што, таварыш Свістун, скажу вам зусім адкрыта. Так ужо неяк заўсёды выходзіць у вас: то нібы нехта нагаварыў, то нібы каму здалося... А тут без усякага нагавору ўзялі вы ды дваццаць чалавек нізавошта-ніправошта і загубілі пад Ліпаўцамі. Можа, таксама скажаце, што гэта нейкія нагаворы?

— Вам жа вядома, Васіль Іванавіч, што не заўсёды камандзіра сустракаюць удачы. Ён, па-вашаму, назаўсёды застрахаваны ад няўдач? Ці ён, урэшце, не мае права і на якую-небудзь там няўдачу?

— Вось усе мы, што сядзім тут, можам сказаць вам — такога права ў нас не існуе і не павінна існаваць. А тым больш, пад гэтымі Ліпаўцамі, дзе сядзіць самы задрыпаны гарнізон. І гэты гарнізон надаваў вам, мякка кажучы, па шыі...

Свістун маўчаў. Толькі ігралі жалвакі пад нябрытай шчацінаю яго шчок, ды нахмураны позірк упыніўся ў нейкую кропку на стале.

— Наогул, таварыш Свістун,— пачаў праз якую хвіліну Саколіч,— багата ўжо мелі мы праз вас розных непрыемнасцей, час палажыць ім канец. Мы нікому, разумееце, нікому не дазволім супрацьстаўляць сябе, сваю дзейнасць ясным і дакладным дырэктывам партыі.

— А хто сказаў, што я супрацьстаўляю сябе партыі?

— Вы не выконваеце распараджэнняў партызанскага штаба.

— Штаб не ёсць яшчэ партыя.

— Разумна сказана. Але, няхай будзе вам вядома, штаб арганізаваны нашай партыяй.

— Вы дарэмна чэпіцеся да мяне. Я, шаноўны Васіль Іванавіч, з’яўляюся работнікам не вашай вобласці, так што можаце пакінуць мяне ў спакоі з усімі вашымі прэтэнзіямі. Вы самі сабе, а я сам сабе, бо я не падпарадкоўваюся вам і не думаю падпарадкоўвацца, паколькі і я і мой атрад не падлягаюць вашаму кіраўніцтву...— ужо раздражнена гаварыў Свістун.

Саколіч уважліва агледзеў усю настырчаную і ссутуленую постаць Свістуна.

— Ну добра, ідзіце тады ў сваю вобласць, калі вы ўжо такі зацяты яе патрыёт. Але прыемна вам гэта ці не прыемна, на сённяшні дзень я з’яўляюся ўпаўнаважаным Цэнтральнага Камітэта не толькі па нашай вобласці, але і па другіх, таксама і па вашай. Так што я і не прашу, а прапаную вам, загадваю, урэшце, выконваць без усякіх агаворак любое распараджэнне штаба. Гэтае папярэджанне робім апошні раз. У далейшым будзем размаўляць з вамі іначай.

Невядома, чым закончыліся б усе гэтыя спрэчкі, але тут увайшоў стары кухар атрада і з дапамогай двух дзяўчат пачаў расстаўляць на стале закускі.

— Асаблівых разнасолаў і далікатэсаў не чакайце, таварышы, гастраномаў пад бокам няма. Але вяндлінка нішто, свае работы, так што не лянуйцеся, дайце ёй рады.

У зямлянцы стала ціха.

Падсілкаваўшыся і чакаючы другой стравы, зрабілі невялічкую перакурку, загаварылі пра розныя партызанскія справы. Ужо гатовы былі ўзгарэцца спрэчкі пра тое, дзе лепш за ўсё будаваць партызанскі аэрадром, як у зямлянку заявіўся ардынарац са штаба, папрасіў дазволу звярнуцца да Саколіча і нешта сказаў яму на вуха.

— Ну што ж, падзякуем за пачастунак, і ў дарогу! — скамандаваў Саколіч.

У дзвярах са сваімі памагатымі заявіўся кухар. Ад бляшанага падноса, на якім стаялі талеркі з ежай, ішоў такі апетытны пах, што Капуша аж прыпыніўся на якую хвіліну, заківаў дакорліва галавою:

— Такому ж дабру ды марна гінуць!

Кухар кінуўся да Саколіча:

— Хіба ж так можна? Ці мая праца — не праца? Я марыў, каб хоць раз пачаставаць вас па-людску, і вас, і ўсіх дарагіх гасцей.

— Дзякуй, даруй, Парфеныч, няма часу, справы. Як-небудзь другім разам. Бывайце.

— Аднак і шанцуе... А я колькі стараўся...

І зусім ужо разгублены стары, калі выйшлі ўсе госці, запытаўся ў свайго начальніка:

— Што ж мне рабіць, таварыш камандзір?

— Займайся сваёй справай.

— Ды я не пра гэтае. Што мне рабіць з харчам гатовым? Гэта ж не жарты, а дванаццаць адбіўных...

— Ну і аддай іх хлопцам, вунь з разведкі ідуць...

Калі повар выйшаў за дзверы зямлянкі, Свістун выняў з-пад нар запаветную сулею і, наліўшы з добрай паўшклянкі спірту, залпам асушыў яе. Падумаў яшчэ, дадаў.

Хадзіў колькі хвілін па зямлянцы і ўсё думаў, думаў.

«І д’ябал яго ведае, як гэта ўсё не па-людску выходзіць. За што ні возьмешся, што ні пачнеш — усё неяк выходзіць бокам. У чым жа яна, урэшце, уся прычына?»

Усё адказу на гэта не знаходзіў. І, прылажыўшыся яшчэ разы са два да шкляной пасудзіны, ён адчуў, як усе яго трывогі, усе яго сумненні, крыўды адходзяць некуды далёка-далёка. Усё нібы стала на сваё месца.

«Жыві, Леанід Пампеевіч, і плюй на ўсіх. Шануй жыццё, карыстайся ім, на твой жа век дурняў хопіць».

Але хто дурні?

І з п’янай логікай павярнуў на другое.

«Не, не, даражэнькі, не папусцімся мы, каб стрэлачнікі якія камандавалі табой... Што яны разумеюць у жыцці?.. Дык вып’ем жа за тваё здароўе, дарагі Леанід Пампеевіч!»

Прылажыўшыся яшчэ колькі раз да сулеі, ён ужо наважыўся быў легчы спаць, як пачуў праз дзверы зямлянкі нейкую беганіну.

— Што там такое, хто дазволіў?

За дзвярыма чуліся галасы:

— Доктара хутчэй, доктара!

Нехта прабег, пачулася, як хтосьці заплакаў, няйначай якая дзяўчына.

«Што там робіцца? Вось жа дзянёк выдаўся, дзякаваць богу... Не даюць спакойна адпачыць».

Сяк-так падперазаўшы рэмень з кабурой, трымаючыся за сцены, выбраўся з зямлянкі. Свежае паветра крыху асвяжыла галаву. Заўважыў, што ля зямлянкі, якая служыла сталовай, многа людзей. На траве, проста пад кустом, ляжала некалькі чалавек яго партызан. Гэта былі разведчыкі, якія толькі-толькі вярнуліся з задання і якіх загадаў ён накарміць. Але чаму яны ляжаць на траве, чаму завіхаецца ля іх доктар?

І тут ён убачыў, як з дзвярэй сталовай вынеслі яшчэ некалькі чалавек і палажылі побач з другімі.

Там жа ён заўважыў кухара, яго памагатых. З перапужанымі тварамі яны мітусіліся таксама ля тых партызан, што ляжалі на зямлі, нешта рабілі па камандзе доктара.

«Што ж там здарылася такое?»

Ён памкнуўся быў пайсці, але адчуў, што не дойдзе, калі не будзе трымацца за што-небудзь.

— А ну, падыдзі сюды! — клікнуў ён партызана.— Што там такое?

— Няшчасце здарылася, таварыш камандзір. Доктар ратуе людзей, паатручваліся...

Свістун правёў далоняю па шчацэ, як бы намагаючыся сагнаць рэшткі хмелю.

— Як гэта паатручваліся? — запытаўся нібы сам у сябе, бо партызан пабег некуды, відаць, па нейкаму даручэнню ці па якой іншай неадкладнай справе.

Ён паспрабаваў ступіць крок, другі. Ногі ступалі няўпэўнена, хісталіся то ў адзін, то ў другі бок, але ён упарта ішоў. Вось і яны. Ляжаць на вільготнай зямлі, нерухомыя, з пасінелымі тварамі. На куточках губ белыя пырскі пены.

— Доктар, з дакладам!

Той адмахнуўся рукою.

— Я пытаюся, што тут такое ў вас?

— Як бачыце, паатручваліся людзі. Трое памерла, астатніх, можа, паспеем адхаяць.

— Чым атручаны?

— Мясам...

У вачах усё мітусілася, дваілася. Ніяк не праходзіў гэты пракляты хмель. Ён ледзь стаяў на нагах, адной рукой трымаючыся за хвойку, другой корпаючыся ля кабуры.

— Хто? — крычаў ужо ён з пабляднелым, перакошаным тварам.— Я пытаюся, хто гатаваў мяса?

— Я, хто ж болей...— ціха адказаў кухар.

— Хто падаваў?

— Вядома, хто падае ў нас, але пры чым жа яны тут?

— Маўчаць, стары нягоднік! А ну, сюды! — кінуў ён дзвюм дзяўчатам, якія, тулячыся адна за адну і закрыўшы вочы далонямі, заліваліся слязьмі.

— Дык вы, мярзотнікі, атручваць маіх людзей надумалі?

— Таварыш камандзір, пабойцеся бога, што вы гаворыце? — прамовіў кухар.

— Не размаўляць, шпіён! Дык вы думалі і маіх гасцей паатручваць, вы хацелі і мяне атруціць, падкалодныя гады...— і непаслушнай рукой Свістун выцягнуў пісталет з кабуры.

Убачыўшы, што Свістун падымае пісталет, кухар падбег да яго, сказаў узрушана:

— Таварыш камандзір, што вы робіце? Гэтым жа не жартуюць...

Ён кінуўся, каб выхапіць пісталет з рук, бо нельга ж пакідаць зброю ў руках п’янага чалавека. Але тут грымнулі стрэлы — адзін, другі.

— Вось жа вам жарты, фашысцкае вы ахвосце!

Стары ўпаў на зямлю, нязручна падкурчыўшы пад сябе руку. Дзяўчына, што стаяла бліжэй, жаласна войкнула і, асядаючы ўсё ніжэй і ніжэй, глядзела на камандзіра спалоханымі вачыма. Так і не сказала ні слова, паволі асунулася бокам на зямлю і заціхла. Другая, што раней тулілася за ёю, выведзеная нечаканымі стрэламі з плачу, кінулася да людзей, якія беглі з усіх бакоў. Яшчэ цэліўся камандзір, але доктар, падбегшы да яго, трапным ударам выбіў пісталет з рукі і схапіў камандзіра за рукі.

— Прэч, нягоднік, я пастраляю вас усіх, я ўсіх заганю на той свет! Будзеце ведаць, як-развадзіць мне тут здраду!

Ён усё лаяўся, пагражаў. Але неяк хутка знясілеў і, падхоплены партызанамі пад рукі, пайшоў, хістаючыся, да свае зямлянкі. Там, здзершы боты, палажылі яго на тапчан, і хутка ён забыўся ў цяжкім, хваравітым сне.

Доктар стараўся ля старога. Той, цяжка пакутуючы, прасіў толькі аб адным:

— Раскажыце пра ўсё Васілю Іванавічу.

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але словы ўжо не даваліся яму, і праз колькі хвілін ён памёр. Дзяўчыне не патрэбна было ніякай дапамогі, яна была забіта напавал. Сямёра атручаных былі адхаены, іх перанеслі ў зямлянку, і доктар не пакідаў іх ні на хвіліну. Яму памагала ва ўсім Тамара, бледная, устрывожаная. Яе скавала нейкая неадчэпная думка, якой, аднак, яна ўвесь час не магла ўлавіць.

Яна памятала, як, нема ўскрыкнуўшы пасля першых стрэлаў, кінулася да свае зямлянкі, куды нядаўна пераехала разам з братам, як падбегла, задыхаўшыся, да яго. Ён сядзеў, спакойна перагортваў нейкую кніжку.

— Бяжы, бяжы хутчэй, адбяры ў яго пісталет, ты ж мужчына...— крыкнула яна.

— Што з табой? Ты ж белая як палатно.

— Бяжы хутчэй, там Свістун кухара забіў.

— Ды пастой ты, вярзеш нейкую несусвеціцу.

— Там нехта людзей патруціў, тры чалавекі памерла.

— Яны? — неяк недарэчна спытаўся. І як ні была ўзрушана дзяўчына, яна прыкмеціла здзіўлены, усхваляваны позірк яго вачэй, у якіх бліснулі на якую секунду злавесныя агеньчыкі. І сам ён аж падскочыў з месца, зрабіў рух да дзвярэй.

— Хто? — перапытаў брат.— Саколіч, Бохан, хто яшчэ?

— Ды які табе Саколіч. Ён паехаў даўно са сваімі людзьмі.

— Хіба паспелі паабедаць ужо?

— Ды і не абедаў ён. Паехаў з усімі па нейкай пільнай справе.

— Ах ты, ч-ч-орт! — І тут жа спахапіўся.— Што ты галаву мне дурыш усякім тут глупствам. Прыбегла, застракатала, як тая сарока. Ніяк да ладу не дабяру, што да чаго.

Яна змоўкла. Ды і што гаварыць з ім? Можа, і ён хапіў перагару, бо нешта да яго гэта не даходзіць.

Яны выйшлі з зямлянкі.

— Ну, дзе ж твая страляніна? Раскудахталася, як курыца...

Тамара варожа паглядзела на брата і скоранька падалася да зямлянкі, куды паклалі хворых.

Ён жа пастаяў з хвіліну, адчуваючы сябе як пабіты сабака, і вярнуўся ў зямлянку. Яшчэ і яшчэ раз агледзеў невялікія свае манаткі: салдацкую торбу, лёгкае палітэчка, палявую сумку, у якой хавалася сякая-такая яго канцылярыя. Агледзеў усё і, ціха вылаяўшыся, падаўся на двор. Трэба ж, урэшце, пахадзіць па лагеры, паслухаць, пра што гамоняць.

А лагер быў сапраўды ўстрывожаны, як мурашнік. Купкамі збіраліся людзі, пагаварыць жа было пра што. Упершыню ў лагеры здарыліся такія падзеі, і ўсе гадалі, хто мог адважыцца на такую ганебную справу. Ніхто не абвінавачваў кухара. Ніхто не адважваўся сказаць пра яго што-небудзь кепскае. Што ён жыў крыху не ў ладах з камандзірам, вельмі часта агрызаўся, дык гэта яшчэ не значыла, што ён мог пайсці на злачынства. Ды як ён мог і пайсці на гэта, калі ў яго двое сыноў супраць фашыстаў б’юцца.

Ніхто не спачуваў камандзіру. Але трэба ж было неяк расследаваць справу, разабрацца толкам. А так — што ж гэта такое? Сягоння ён іх, а заўтра і цябе стукне без дай прычыны пад гарачую руку. Гаварылі, спрачаліся. Але вельмі асцярожна, баючыся.

Так павялося ўжо ў атрадзе за апошнія месяцы, што тут больш маўчалі, калі і мелі што-небудзь сказаць. Для тых, хто асмельваўся і выступаў з якім словам супраць, ствараліся такія ўмовы, што яму аставалася толькі добраахвотна шукаць прытулку дзе ў другім месцы. З ротных камандзіраў засталіся толькі тыя, якія ва ўсім патуралі Свістуну.

Свістун спрабаваў некалькі разоў завесці больш шырокія знаёмствы і сувязі з партызанскімі камандзірамі вобласці. Запрашаў некаторых у госці да сябе. Паступова адышлі ад яго нават добра знаёмыя. Астаўся толькі адзін — Мікола Збынеўскі. Неяк непрыкметна ён зрабіўся самым блізкім чалавекам у камандзіра атрада, нечым падобны не то на саветніка, не то на камісара, хоць трымаўся ён у ценю і дужа не выпінаўся на першы план.

...Калі на другі дзень раніцаю Збынеўскі зайшоў у зямлянку да Свістуна, той ужо ўстаў і, расплёскваючы з тазіка ваду, старанна мыўся, часта паліваючы галаву з бляшанай конаўкі.

— Ах, якога глупства нарабіў я ўчора. Колькі разоў заракаўся не піць, дык д’ябал жа падагнаў. Па шчырасці кажучы, ну навошта я іх...

— Ды што тут гаварыць! Злачынцы павінны быць пакараны. Ну, яны і панеслі належную кару.

— Вы думаеце...

— А што ж тут думаць? Акалічнасць усяе гэтае справы трэба старанна расследаваць.

— З каго ж пачынаць, калі іх ужо і няма... Праўда, была яшчэ другая дзяўчына...

— Думаю, што не варта з ёй звязвацца, бо мне здаецца, яна тут зусім не вінавата. Вы самі падумайце, малое дзеўчанё яшчэ, ды, як даведаўся я, з добрай партызанскай сям’і. Не яе рукамі зроблена гэта справа. Вось стары, гэта так... Вы памятаеце, ён і ў атрад быў падасланы самім Слышэнем. Дык чаго ж добрага было чакаць ад гэтага слышэнеўскага агента.

— Аднак што ж далей рабіць з гэтым?

— А што рабіць? Адно што скажу, трэба ж неяк аформіць усё.

Свістун пагадзіўся з гэтай думкай. Ён тут жа выклікаў камандзіраў трох рот і загадаў ім дасканала абшукаць зямлянку кухара.

Камісія, вылучаная Свістуном, агледзела незайздросныя кухаравы набыткі: фанерны куфэрак і брызентавы плашч. Партызаны з камісіі пачалі рабіць агляд для праформы, бо не спадзяваліся знайсці што-небудзь благое. І як жа здзівіліся яны, калі з кішэні плашча вынялі некалькі шклянак ампул з нейкай вадкасцю. Іх паказалі доктару, і ён прызнаў у ампулах атруту. Гэта моцна ўразіла ўсіх. Свістун не адразу знайшоўся, што сказаць, калі з ім раіліся члены камісіі. Жорсткай далоняй ён правёў колькі разоў па сваім твары, нібы абуджаючыся ад сну. І, запусціўшы пальцы ў свае нячэсаныя кудлы, сказаў нерашуча, унікаючы глядзець людзям у вочы:

— Што ж, выходзіць — не дагледзелі, прыгрэлі ў сваім асяроддзі ворага... Чаго ж там думаць, афармляйце ўсё, як яно было, што там знайшлі. Супраць фактаў нічога не скажаш.

А на другі дзень у атрадзе не далічыліся трыццаці партызан. Падаліся, відаць, у другія атрады. Праз дзень знікла яшчэ адна група. Некалькі чалавек удалося перахапіць, і Свістун уласнаручна расстраляў аднаго з іх, абвясціўшы яго злосным дэзерцірам. Потым, каб узняць баявы дух атрада, наладзіў некалькі аперацый супраць бліжэйшых гарнізонаў. Праведзеныя без добрай падрыхтоўкі, без належнай разведкі, аперацыі пацярпелі няўдачы, і Свістун махнуў урэшце на ўсё рукой.

 

8

На ўскраіне гарадка, які знаходзіўся кіламетраў за трыццаць ад базы лагера Свістуна, за прычыненымі аканіцамі невялічкага доміка сядзелі ў пакоі два чалавекі і вялі ціхую бяседу. Па тону гаворкі, па дробных дэталях можна было прызнаць у адным з субяседнікаў начальніка, у другім — падначаленага. Падначаленым быў Мікола Збынеўскі, які з’явіўся сюды на яўку. Ён дакладваў:

— Як бачыце, з атрутаю выйшла асечка ў мяне...

— Ці не залішне часта бываюць у вас гэтыя асечкі?

— Нічога не зробіш, паважаны Іван Іванавіч. Умовы, самі ведаеце, надзвычай цяжкія. Хаджу ўвесь час як на лязе. Яшчэ добра, што ў гэтым атрадзе такія парадкі існуюць, калі і чорта не заўважаць, каб прывёў яго туды. Але з кожным днём усё цяжэй і цяжэй. Атрад, па ўсім відаць, доўга не пратрымаецца, і мне давядзецца сур’ёзна падумаць пра які новы прытулак.

— Чаму ж здарылася так з гэтай... ну... з сястрой вашай, на якую вы так спадзяваліся?

— Невялічкая памылка выйшла. Не спадзяваўся я, што будзе яна такой непадаткай. Такая, ведаеце, недатыкальная прынцэса, што ёй і слова не скажы. І трэба сказаць, што хоць яна і даводзіцца мне сваячкаю, але аказалася зусім з другога цеста, чым ваш пакорны слуга. Як жа, яна камсамо-о-лка, у яе, бачыце, свае ўласныя погляды. Ды што гаварыць, чыстая бальшавічка. Я разлічваў на яе як на пэўную прыманку, спадзяваўся, што сапраўды клюне хто-небудзь з партызанскіх кітоў на гэтую прыманку...

— Дзівак чалавек! Вы паспрабавалі б яе страхам узяць.

— Як?

— Ну, крышачку прыўзнялі б заслону ды намякнулі б ёй, якую ролю адыгрывае яна фактычна. Ад страху зрабілася б як шаўковая і выканала б любое наша заданне.

— Што вы, што вы! Ды яна адразу гатовую пятлю надзела б на маю шыю.

— Тады, можа, яе проста... ну... у бок з дарогі, каб не замінала.

— Гэтага бадай што не трэба рабіць. Яна нічога не ведае, і ў гэтым сэнсе яе няма чаго баяцца. Урэшце, і для мяне спадручней: як-ніяк, я нібы свой чалавек там, не дужа косяцца вокам.

— Ну, глядзі, Мікола Ігнатавіч, потым на сябе папяняеш, калі што якое, ды будзе позна. Яна ж і мяне некалькі разоў бачыла, калі наведваўся я да вас раней у школу.

— Ці мала народу там пабывала, каб успомніць каго. Тут баяцца асабліва няма чаго. Вы хацелі, відаць, яшчэ нешта сказаць мне?

— Хвалю за здагадлівасць, якой, дарэчы, вам не заўсёды хапае. Вось загад вам: ад сённяшняга дня вы будзеце выконваць мае абавязкі. Аднак не суцяшайце сябе думкай, што гэтыя абавязкі ўскладаюцца на вас за якія-небудзь асаблівыя заслугі. Вашы там мінскія справы з гаркомам — адны правалы.

— Добранькія правалы, калі праз мае ўласныя рукі прайшло больш за паўсотні чалавек.

— Гэта ўсё дробязь, Мікола Ігнатавіч. Падполле як працавала, так і працуе.

— А Слышэня?

— Што ж Слышэня? Арышт яго — выпадковасць. Вы тут ні пры чым.

— А хто выкрыў яго?

— Гэта зрабілі б і без вас.

— Што ж, дзякуй за добрую ацэнку мае службы...

— А вы не хвалюйцеся. Мы, як вам вядома, працуем не за падзякі. Дык вось, вы астаецеся на маім месцы. Я перадам вам спісак людзей, з якімі будзеце мець справу. Вось і ўсё.

Іван Іванавіч устаў, выйшаў з-за стала, нібы хочучы паказаць гэтым, што аўдыенцыя закончана. Недарагі пінжак, штаны, забраныя ў крыху парыжэлыя боты, выцвілая, хоць і чыстая, кашуля, акуратная старэнькая кепка — усё гэтае адзенне надавала яму выгляд звычайнага рабочага. Густыя пракураныя пшанічныя вусы былі акуратна падрэзаны і надавалі яго лагоднаму твару такі спакойны і будзённы характар, што ўсім сваім абліччам ён не прыцягваў асаблівай увагі старонніх людзей.

Збынеўскі развітаўся з начальнікам і пакінуў гарадок. Ён мала знаў свайго начальніка. Толькі ведаў, што той працаваў месяцы са два рабочым на лесапільным заводзе ў адным з раёнаў, прыкідваючыся, нібы служыў раней недзе пад Брэстам і не паспеў эвакуіравацца на ўсход. Збынеўскі не ведаў, што Іван Іванавіч Боўцік, як афіцыйна называў сябе той чалавек, праходзіў тут пэўную стажыроўку. З завода давялося хутка выбрацца, бо праявіў тут Боўцік непатрэбную спешку: некалькі рабочых, з якімі блізка сышоўся ён, неяк таемна зніклі. Пасля даведаўся, што былі тыя рабочыя арыштаваны немцамі і неўзабаве расстраляны за гарадскімі могілкамі. Усе пачалі абмінаць ветлівага чалавека. Адны абміналі, а другія ўважліва прыглядаліся да яго паводзін.

Воўк наважыўся перабрацца ў другое логава. Ён з’явіўся ў гарадку, абзавёўся слясарнай майстэрняй, пачаў папраўляць старыя прымусы, патэфоны, розны гаспадарчы посуд. І ўжо здавалася яму, што ён вось-вось выявіць усю падпольную арганізацыю, але ўсе спадзяванні яго праваліліся ў адзін дзень, і ён апынуўся перад разбітым карытам. У гарадку ён блізка сышоўся з механікам мясцовага кіно, хлопцам даволі праставатым на выгляд, якога, здавалася, не цікавілі аніякія справы на свеце, акрамя яго тэхнікі. Ён і прыносіў сёе-тое рамантаваць да Боўціка, і знайшоў у ім добрага субяседніка па сваіх тэхнічных справах. Так і пачалося ў іх знаёмства.

Паступова ад тэхнікі яны перайшлі ў сваіх гутарках і да другіх спраў. Аказалася, што механік вельмі спачувальна ставіцца да партызан і нават, калі меркаваць па некаторых намёках, прымае ўдзел у партызанскім падполлі. Аднак, як ні падкопваўся да яго Боўцік, хлопец ні слова не сказаў ні пра людзей, ні пра тую справу, у якой, безумоўна, прымаў удзел. Запытаць адкрыта Боўцік не адважваўся, бо разумеў, што той нічога не скажа. Спрабаваў падлабуніцца да хлопца з гарэлкай.

Але хлопец хоць і не адмовіўся ад гарэлкі, але выпіў толькі для прыліку.

— Не магу, Іван Іванавіч, многа піць.

І вось нібы клюнула ў Боўціка. Аднаго разу, ужо без усякай лішняй дыпламатыі, загаварыў ён пра адну рызыкоўную справу.

— Каб быў я на тваім месцы, я не спаў бы ў шапку.

— А што?

— Як што? От гаворым мы з табой пра немцаў, праклінаем іх, языком гатовы са свету звесці, а каб сапраўды дапячы ім, то тут мы з табой слабаваты.

— Голай рукой нічога не зробіш.

— А чаму голай? Хіба няма добрага спосабу на свеце? Амаль што кожны дзень круціш ты кіно перад імі. Чалавек трыста збіраецца штодня. Гэта ж за адзін раз можна іх усіх да прабабкі пусціць.

— За такую рэч могуць і галаву адкруціць.

— А навошта яе падстаўляць? Калі працаваць з галавою, то яна астанецца на месцы.

— Не, на такія справы я не спецыяліст.

— Тут спецыяльнасці асабліва не трэба. Падлажыў міну — і аўфідэрзэйн...

— Каб падлажыць міну, трэба мець яе. А дзе я такую міну знайду?

— Гэта справа няхітрая. Можна і ў немцаў сяго-таго пазычыць. Абы жаданне было.

— Не, не магу.

— А калі я табе памагу? Я слесар, што хочаш магу зрабіць. Такую б цацачку з табой змайстравалі, што адна любата! Разумееш: адразу чалавек трыста фюйць — і няма.

На тым і спынілі гаворку.

А праз які тыдзень Боўцік зноў асцярожна пачаў наступаць на хлопца. Той паспрабаваў аднеквацца, але аднекваўся ўжо даволі вяла. Урэшце дамовіліся. Боўцік толу дастаў, разы са тры перадаваў невялікімі часткамі. Паклапаціўся і пра запалы. Спрабаваў асцярожна выпытаць пра другіх людзей, якіх бы можна прыцягнуць на дапамогу ў такой справе. Хлопец паабяцаў сёе-тое зрабіць, бо на добрыя справы людзі заўсёды знойдуцца.

Дамовіліся пра ўсё. Прызначылі дзень. Вызначылі дакладны час, калі падарваць — зрабіць гэта на самай сярэдзіне карціны. Боўцік падахвоціўся быў сам памагчы, але хлопец ад гэтага катэгарычна адмовіўся.

З якой жа нецярплівасцю чакаў таго дня Боўцік. І вось гэты дзень настаў. Калі падыходзіў вызначаны час, Боўцік пакінуў сваю майстэрню — колішні піўны ларок — і выйшаў пасядзець на невялічкім скверыку непадалёку ад кіно. Сядзеў у глыбіні за чэзлым кустом бэзу. Бачыў, як да будынка кіно строем падышла невялічкая калона салдат. Яны зайшлі ў памяшканне. Ведаў, што гэта спецыяльны эсэсаўскі атрад. Потым убачыў, як паліцыя ачапляла самы будынак кіно і бліжэйшыя вуліцы. Прайшло ўжо з паўгадзіны і болей, але нічога асаблівага не здарылася. Урэшце выйшлі і салдаты. Пайшла і паліцыя з ачаплення. З будынка кіно нікога не выводзілі. Боўцік пасядзеў яшчэ з паўгадзіны на скверы і, трывожна настроены, падаўся ў сваю майстэрню.

На ноч ён не адважыўся пайсці на сваю сталую кватэру, якую займаў у напалову пустым, пакінутым гаспадарамі доміку, і пераначаваў у адной з явачных кватэр, якая знаходзілася ў раёне размяшчэння гарнізона. Раніцаю ён даведаўся, што на яго сталую кватэру ўночы прыходзілі невядомыя людзі, якія перарылі ўсё ў доме і ў невялічкім хлеўчуку на двары. Відаць, шукалі яго. Там жа, непадалёк ад доміка, знойдзены быў труп невядомага чалавека. Труп быў прывезены ў камендатуру, куды ўвечары запрасілі і Боўціка. Той адразу пазнаў у забітым аднаго з лепшых сваіх агентаў, якога ён заслаў у адзін з буйнейшых партызанскіх атрадаў. Відаць, была ў гэтага агента нейкая пільная справа, што ён адважыўся пайсці на кватэру да самога Боўціка, не скарыстаўшы для гэтага якой-небудзь явачнай кватэры ці каго-небудзь з сувязных.

Боўцік толькі ўздыхнуў: уся яго канспірацыя аказалася нічога не вартай. Ён зразумеў, што яго перахітравалі. А калі наступнае начы ў паветра ўзляцела гарадская электрастанцыя, ён здагадаўся, што да гэтай дыверсіі і ён мае непасрэднае дачыненне. Праставаты хлопец са сваёй кампаніяй выкарысталі перададзены ім тол па другім прызначэнні.

 

9

Калі ў Мінску ў чэрвені месяцы выйшаў першы нумар падпольнай газеты «Звязда», то для гітлераўцаў гэта было як гром з яснага неба. І раней выходзілі ў горадзе лістоўкі, пракламацыі, але яны не рабілі такога ўражання, як гэтая першая газета з нумарам, з подпісам «Рэдкалегія». Не было толькі адраса рэдакцыі.

За адну ноч газета з’явілася на сценах дамоў, на слупах, на афіцыйных вітрынах, дзе развешваліся розныя загады і паведамленні. Яе знаходзілі на лаўках у гарадскім скверы, у цэхах уцалелых прадпрыемстваў.

Людзі збіраліся купкамі, скоранька перачытвалі скупыя газетныя радкі пра партызанскую барацьбу народа, пра змаганне на франтах вайны.

Людзі скоранька перачытвалі заметкі і ішлі далей па сваіх справах.

Газета пранікала, відаць, і ў раёны, бо і адтуль паведамлялі ў гестапа пра яе. Паліцыя, эсэсаўцы збіліся з ног, шукаючы патаемных пуцін, па якіх разыходзілася газета.

У гестапа была праведзена спецыяльная нарада загадчыкаў некалькіх аддзелаў. Група экспертаў завіхалася над газетай. Адны вывучалі кожнае слова, стыль, характар і аб’ём інфармацыі. Другія прыглядаліся праз лупу да кожнай літары, загалоўкаў, асаблівасцей набору, вёрсткі, друку, паперы. Як аўтарытэтны кансультант, у нарадзе прымаў удзел сам Цайт, якога запрасілі з упраўлення разведкі і контрразведкі штаба цэнтра нямецкіх армій і які з нядаўняга часу наладжваў разведку ў армейскім тыле на Беларусі. Сярод чорных мундзіраў ён адзін быў апранены ў цывільнае. Шэры пінжак лёгка аблягаў яго ссутуленую постаць. На сухім храшчаватым з гарбінкаю носе паблісквалі акуляры ў жалезнай аправе. Па абліччы яго можна было прызнаць за ўрача. Ён і вёў сябе, як урач на кансіліуме: ціха, спакойна, без залішняй мітуслівасці. Калі запыталіся яго думкі, ён, не спяшаючыся, працёр свае акуляры і, ледзь-ледзь усміхнуўшыся, падзяліўся сваімі меркаваннямі:

— Пытанне з газетай надзвычай яснае, і ўсякія доўгія доследы,— тут ён кінуў позірк на экспертаў,— зусім лішнія. Газета набрана кваліфікаванымі рабочымі, тэхнічна добра аформлена, надрукавана ў вялікай абсталяванай друкарні. Не можа быць ніякіх сумненняў, што выпушчана яна ў Мінску, у друкарні, якая ў бальшавікоў называлася Домам друку. Там і шукайце.

Ён сказаў яшчэ, што асабіста паслаў у друкарню надзейнага чалавека. Гестапаўцы заняліся чарговымі справамі: недзе на партызанскай тэрыторыі будаваўся аэрадром, а дзе — было невядома. Даведаліся толькі, што загінуў адзін з лепшых агентаў Боўціка, які, відаць, намагаўся даставіць звесткі пра аэрадром. Ні гуку і пра другіх агентаў. Нічога суцяшальнага не чуваць было пра Заслонава. Некалькі тыдняў таму назад усё гестапа было ўзрушана, як мурашнік, эсэсаўцы гатовы былі абвясціць свята: адзін начальнік паліцэйскага гарнізона прыслаў афіцыйнае паведамленне, што неўзабаве прывязе забітага Заслонава. Ужо для газет была падрыхтавана добрая інфармацыя, і праз які дзень яны павінны былі затрубіць ва ўсе трубы пра баявыя подзвігі паліцыі. Але ўсё аказалася суцэльным блефам. Знойдзены труп быў трупам паліцая, якому партызаны падсунулі ў кішэню нешта падобнае на пісьмо Заслонаву. А яшчэ праз дзень прыйшлі весткі, што ўзарваны артылерыйскі склад. Начальнікі аддзелаў гестапа параіліся і, не прыходзячы ў асаблівы энтузіязм, вырашылі любымі даступнымі пуцямі давесці да ведама шырокай грамадскасці, што памер узнагароды за Заслонава павышаны.

Раіліся ў гэты час і ў самога Кубэ. Тут было небагата людзей: начальнік паліцыі, начальнік войск СС і Цайт.

Кубэ гаварыў паволі, абдумваючы кожнае слова, акцэнтуючы на самым важным і неадкладным:

— Было б недаравальным выхваленнем недаацэньваць праблемы партызан, паменшваць іх небяспеку. Усё, што ў нашых сілах, мы павінны мабілізаваць на барацьбу з імі — і войскі, і паліцыю, і карную палітыку, і прапаганду. Адно, ад чаго перасцерагаю вас,— не распыляйце, не драбніце сіл. Калі дзейнічаць, дык дзейнічаць толькі разумна, канцэнтруючы сілу на разгроме асноўных ачагоў, і не ўсіх адразу, а па частках. Так лягчэй. Так мы захаваем і свае сілы і даб’емся пэўнага эфекту. А вас, шаноўны Цайт, мы папросім працерці вочы нашай унутранай разведцы. Мы знаем і паважаем вашы заслугі, як нядрэмнага вока нашай арміі. Мы спадзяёмся на вашу дапамогу.

Цайт пачціва пакланіўся Кубэ і абяцаў зрабіць усё, што магчыма ў яго сілах. Ён расказаў пра школу, якую арганізаваў разам з Вейсам па загаду Кубэ, сказаў і пра яе першыя поспехі.

— Я абяцаю вам у бліжэйшыя месяцы ў кожны партызанскі атрад паўночнай зоны заслаць нашых людзей. У другіх зонах гестапа павінна арганізаваць такія ж школы, мы ў гэтай справе паможам.

Пасля нарады ў Кубэ Цайт наведаў яшчэ друкарню, якая знаходзілася ў канцы горада і цудам уцалела ў першыя дні вайны.

Зачыніўшыся з шэфам друкарні ў яго кабінеце, Цайт коратка запытаўся:

— Ну як?

— Усё гатова. Аддрукавана, збрашурована.

Шэф друкарні адчыніў сейф. У ім былі складзены невялікія брашуры, падобныя на сшыткі. Цайт узяў адну, перагнуў, паглядзеў на сінюю вокладку, на якой стаяў акуратны шыфр: «Абсалютна сакрэтна. Толькі для спецыяльнага карыстання. У выпадку небяспекі неадкладна спаліць». Кожны сшытак меў свой парадкавы нумар. Цайт пералічыў усе брашуры, іх аказалася роўна сотня.

— Ну што ж, нядрэнна. Цяпер запакуйце як след, і мы апячатаем іх. А дзе першыя водціскі, карэктура?

— Усё тут. І папсаваныя лісты, і зрыў,— і шэф перадаў Цайту вялікі апячатаны пакунак, у якім акуратна былі складзены груды розных, забруджаных друкарскай фарбай, паперак.

— Печ!

Шэф адчыніў дзверцы звычайнай галандскай печкі-грубкі. Цайт прысеў ля яе і, не спяшаючыся, паперка за паперкай пачаў паліць іх.

Полымя аблізала апошні кавалак паперы, яна пачарнела. І калі прабегла па ёй з канца ў канец залацістая нітка тлену і, распаўшыся на часткі, паволі згасла ледзь мігцеўшымі іскаркамі, Цайт падняўся з крэсла.

— Цяпер я папрашу вас непрыкметна паклікаць да мяне вашага загадчыка афішнага цэха, і на колькі хвілін пакінеце мяне з ім аднаго.

Праз якую хвіліну з’явіўся Боўцік.

— Па вашаму загаду маю гонар з’явіцца, пан начальнік! — і пушыстыя вусы, і рот, і вочы — усё зацеплілася самай адданай усмешкай.

Цайт нічога не адказаў, і толькі холадна паблісквалі шкелкі яго акуляраў, утаропленых у аслупянелага Боўціка.

Урэшце Цайт загаварыў:

— Прыемна, ах як прыемна мне бачыць яснавяльможнага пана! Хм... Пан Боўць-Зязюлькевіч... Як жа... гонар усяе дэфензівы... Страх камуністаў... рабочых... Прэтэнзіі на міжнародныя заслугі ў барацьбе з чырвонымі... Дзе ж вы пер’е сваё разгубілі, абскубаная зязюля? Колькі правалаў у вас за апошнія месяцы?

— Нічога не разумею, пан начальнік...— ледзь прамармытаў збялелы Боўцік.

— А што ж тут разумець? — сказаў ужо больш спакойным тонам начальнік.— Вы ў гэтым годзе не справіліся як след ні з адным заданнем. Куды ні пашлём, вас паўсюды раскрываюць.

— Пан начальнік, не адны ж правалы,— ледзь не залямантаваў тут Боўцік.— Нам цяжка, я гавару не толькі пра сябе, а і пра другіх нашых работнікаў...

— Годзе... Альбо вы ў мяне будзеце працаваць як след, альбо будзеце на шыбеніцы боўтацца. Другога выбару ў мяне няма для вас.

— Пан начальнік, я ж, здаецца...

— У тым то і бяда, што вам усё здаецца. Аднак скароцім нашу гаворку. Мой загад: неадкладна выявіць тых, хто друкуе падпольную газету. А што яна друкуецца тут, у мяне няма аніякіх сумненняў. Выявіце іх — дарую ўсе вашы грахі, пан Боўць-Зязюлькевіч.

— Слухаю, пан начальнік!

Не сказаць, каб у прыемным настроі пакінуў Цайт друкарню. Правалы Боўціка былі не адзінымі. Правалы ішлі адзін за адным, як тут, на партызанскай тэрыторыі, так і там, за лініяй фронту, дзе на чужой зямлі ўжо колькі год плёў ён, як старанны павук, сваю хітрую павуціну. Ужо колькі разоў абрывалася гэтае павуцінне. І яму даводзілася пачынаць усё ледзь не з пачатку. Суцяшала думка, што да летніх аперацый германскіх армій яму ўдалося ўсё ж перакінуць за лінію фронту больш за сотню агентаў. Некалькі чалавек былі ў раёне Масквы, некаторых удалося заслаць у глыб краіны, на Волгу, нават на самы Урал. Большасць трымалася блізка франтавой паласы.

Яшчэ да рускай рэвалюцыі ён правёў некалькі год у царскай Расіі і паспеў добра пазнаёміцца з рускім жыццём, добра ведаў гэту краіну. Асабістае жыццё Цайта склалася не зусім па-людску. Хоць пераваліла яму даўно за пяцьдзесят, ён ніяк не здолеў знайсці часу, каб абзавесціся сям’ёй. Былі некалі і ў яго захапленні і нешта падобнае на каханне. Але ўсё гэтае перамагалася, адкладвалася на пасля, калі, на думку Цайта, зробіць ён нешта незвычайнае, нешта звышгераічнае, чым абяссмерціць імя свайго слаўнага роду, які, дарэчы, не вызначаўся чым-небудзь асабістым у гісторыі і быў самым заняпалым юнкерскім родам Прусіі, што даўно разгубіў усе свае геральдычныя правы і прывілеі.

Але находзілі часам і рэдкія прасветліны ў жыцці старога разведчыка, калі, здавалася, ён забываўся на ўсё: і на свае гады, і на сваю прафесію, і на ўвесь наладжаны і распісаны на хвіліны распарадак жыцця. Ён вельмі любіў жанчын, якія вызначаліся прыгажосцю. І калі траплялася такая на яго дарозе, ён страчваў усякі спакой і ператвараўся ў закаханага хлапчука, гатовага рабіць усялякія глупствы, абы толькі лішні раз паглядзець на сваё бажаство і пакланіцца яму.

Так здарылася ўпершыню гадоў дваццаць таму назад, калі, бадзяючыся па гарадах Еўропы, ён сустрэў у адным прыморскім французскім гарадку такой прыгажосці дзяўчыну, што толькі ахнуў і, бездапаможна развёўшы рукамі, страціў душэўную раўнавагу. Ён пазнаёміўся з ёй, цярпліва заляцаўся, дагаджаў ва ўсім і ўрэшце прапанаваў ёй руку і сэрца. Яго ў час папярэдзілі суайчыннікі. Светлае бажаство яго з’яўлялася даволі буйным і небяспечным шпіёнам варожай дзяржавы. Хлапецкае захапленне ледзь не каштавала кар’еры маладому Цайту.

І вось апошнімі тыднямі ён зноў адчуваў, што трапіў у паласу чарговага захаплення, прычым гэтае захапленне было крыху незвычайным. Спачатку яму здалося, што яму проста падабаўся адзін прыгожы тварык, на якім прыемна спыніць свой позірк. Але потым адчуў, як неадольная сіла прымушала яго шукаць кожнага разу новага поваду, каб яшчэ і яшчэ раз пабачыць зграбную дзяўчыну, палюбавацца на рысы яе твару, сказаць ёй адно-другое ветлівае слова. Праўда, ён не бачыў аніякага следу ўзаемнасці. Яна таксама адказвала на яго словы, як, відаць, адказвала на кожнае ветлівае слова любога чалавека, у тым ліку і свайго непасрэднага начальніка пана Вейса. Цайт быў нават крыху незадаволены сабой. Калі ён убачыў упершыню гэтую дзяўчыну ў канцылярыі ў Вейса, ён дазволіў сабе некалькі фрывольных слоў у адрас гэтай дзяўчыны. Ён сказаў тады Вейсу:

— Дзе вы дасталі такую слаўную кветку?

Вейс разгубіўся ад такога запытання. Яму было крыху і нязручна перад гэтым чалавекам, які мог западозрыць яго, сталага, сур’ёзнага чалавека, у нейкіх там хлапечых шашнях. Ён толькі адказаў:

— Вы не падумайце, паважаны пан Цайт, чаго-небудзь... ну... такога... Гэта вельмі і вельмі прыстойны работнік...

— Ну, вядома! А вы не будзеце, пан Вейс, супраць таго, калі я завяду з вашай работніцай нявінную інтрыжку?

Сказаў гэта жартам. Вейс, разгубіўшыся, адказаў зусім сур’ёзна:

— Калі ласка! Цудоўна!

Але «цудоўна» было сказана толькі адзін раз, і гэта азначала, што падобная перспектыва не была для Вейса такой ужо захапляючай. Але што ж ты зробіш. Цайт ёсць Цайт, з ім трэба лічыцца, трэба дагаджаць.

Так Цайт пачаў заляцацца да дзяўчыны. Ён выкарыстоўваў кожны зручны выпадак, каб зайсці ў канцылярыю, павіншаваць яе з добрай раніцай, сказаць ёй нешта падобнае на камплімент, параўнаўшы яе з той жа самай сонечнай раніцай. Дзяўчына прымала ўсё гэта як даўно належнае ёй па праву і не выказвала ніякіх адзнак прыхільнасці да пана Цайта. Яна трымалася незалежна, карэктна адказвала на запытанні, але далей кароткіх адказаў не ішла і не ўкідалася ў асаблівыя гутаркі з панам Цайтам, хоць ён і рабіў адчайныя спробы пагаварыць з ёй сур’ёзна. Па ўсім відаць было, што ставіцца яна да яго абыякава, як і да кожнага наведвальніка канцылярыі, і не праяўляе аніякай схільнасці прымаць блізка да сэрца ўсе яго кампліменты. І чым больш абыякавай была яна да яго, тым усё больш траціў ён спакой і раўнавагу.

Але з некаторага часу, як заўважыў Цайт, лёд крыху крануўся. Больш ветлівыя сталі адказы на яго прывітанні. А часам, разам з адказам, яна адорвала такой ласкавай усмешкай, што сэрца яго замірала, і ён хадзіў потым цэлы дзень з выглядам сусветнага пераможцы і гучна бубніў пад нос арыі з знаёмых аперэт. Ён яшчэ не ўяўляў, як будзе ісці далей гэтае знаёмства, які характар набудуць яго ўзаемадачыненні з гэтай дзяўчынай. Адно, што ён ведаў,— ён заўсёды бязмежна рады сустрэцца з ёй, пабачыць яе.

 

10

З старога машыніста-наладчыка часам пасмейваліся маладзейшыя таварышы. Назіраючы з друкарні, як паволі пераходзіў ён, кульгаючы, цераз вуліцу, гаварылі:

— Ізноў чапурыцца пайшоў стары хрэн!

І сапраўды, Кірыла Адамчанка кожныя тры дні акуратна наведваўся ў цырульню, якая прытулілася на той бок вуліцы ля згарэўшай камяніцы, у невялікай дашчанай будыніне. Пасмейваліся з яго бяскрыўдна, бо паважалі за ўмельства, за доўгі стаж работы, за лагодны характар. Часам гаварылі і ў вочы яму:

— Ці не збіраешся ў сваты ісці, Кірыла Міхайлавіч, што так прыхарошваешся?

— А чаму б мне і папраўдзе не схадзіць у сваты? — пагладжваючы казацкія вусы, адказваў ён.— Але пры чым жа тут сваты? Ты рабочы чалавек? — ужо ён задаваў пытанне свайму субяседніку і сам адказваў за яго: — Канечне, рабочы. А калі рабочы, дык павінен высока сваю марку несці — і ў працы, і ва ўсім іншым... А то аброс вунь касмылямі, што ў самы раз вераб’ёў табою пужаць на гародзе... Ну, а некато-о-рым і даспадобы бачыць перад сабою такіх касматых ды называць іх дзікунамі. Гаспадары нашы — культурная нацыя, яны паважаюць чысціню і парадак. А ты са сваімі сватамі...— і, хітра падміргнуўшы субяседніку, стары ішоў да свае машыны.

Вось і зразумей ты яго. Адны гаварылі, што з ім трэба абыходзіцца асцярожна, бо, можа, ён сваёй акуратнасцю і сапраўды хоча да немцаў падлабуніцца, так сказаць, выслужыцца перад імі. Другія нічога не гаварылі, толькі пасмейваліся ў вусы. Трэцім было ўсё роўна: іхняя хата з краю, няхай сабе і выслугоўваецца, вялікі то клопат.

...І вось ён сядзіць на крэсле ў цырульні, балюча моршчыцца, калі брытва выказвае яўныя намеры адхапіць разам з жорсткай шчацінай і жывы кавалак шчакі.

— Вас не трывожыць? — кісла пытае цырульнік, такі ж інвалід, як і Адамчанка, і, чакаючы, узіраецца яму ў вочы.

— Ды не толькі трывожыць, а дзярэ, як вышчарбленая піла. Тачы свой інструмент!

Пакуль той вострыць брытву, Адамчанка, нібы папраўляючы сваю дзеравяшку, спрытна дастае адтуль скамечаны кавалак паперы.

— Апошні, перадаць трэба сёння ж.

— Добра...— адказвае цырульнік і спрытна хавае кавалачак паперы ў сваю драўляную нагу.

Вось гэтак аркуш за аркушам — то водціскамі гранак, то прыправачнымі водціскамі цэлых аркушаў — выйшла з друкарні тая самая брашура, якая ляжала за сямю пячацямі ў сейфах шэфа друкарні і прызначалася для штаба германскіх армій. Брашура, якая прайшла праз рукі Адамчанкі, не мела таго зграбнага выгляду, як тая, што ляжала ў сейфах. Была яна бруднаватая, заквэцаная друкарскаю фарбаю, пакрэсленая карэктарскімі значкамі. Але, відаць, не знешні выгляд прыцягваў да яе ўвагу некаторых людзей у горадзе, якія мала каму былі вядомымі з афіцыйных асоб і не вельмі вытыркаліся на людныя мясціны.

Ноччу, пры святле газнічкі, людзі вывучалі кожную старонку гэтай брашуры. Чыесьці старанныя рукі рабілі з яе копію на ўсякі выпадак. І, як звычайна гэта бывала, кожнага выходнага дня адзін паліцай, які служыў у ахове магістрата, выязджаў на веласіпедзе за горад, каб наведацца ў родную вёску. Калі ён прыязджаў дахаты, да яго з’яўляўся знаёмы чалавек, каб распытацца пра гарадскія навіны. Калі паблізу не было чужых, паліцай даставаў з бакавіны веласіпеднага руля згорнутыя ў трубку паперы і перадаваў іх чалавеку.

Паліцай варочаўся пад вечар у горад. А папяровы скрутак ішоў усё далей і далей, бліжэй да партызанскага штаба.

 

11

Астап звычайна наведваўся да цёткі Ганны начамі, каб не наводзіць на яе залішніх падазрэнняў. Астап забіраўся на двор, асцярожна стукаў у шыбіну акна.

— Ізноў, барада, з’явіўся! — сурова сустракала яго Ганна.

— А да каго ж мне і з’яўляцца, як не да такой паважанай удавіцы.

— Ты мне пажартуй болей, дык ёмачніка заробіш! Знайшоў час, калі жарты строіць...— Але тут жа мякчэла і ўжо з трывогаю пыталася: — Божа мой, прыйшоў з лесу і нічога толкам не гаворыць. Ну, як ён там, хлопец мой, ці жыў хоць?

— І жыў, і здароў, і табе загадаў кланяцца. Яшчэ прасіў, каб пацалаваў я цябе ад яго імя. Але вось не адважваюся.

— І дзе твае вочы, саромнік, каб гаварыць мне такую несусвеціцу. Я тут гарую адна, а ён, небарака, у лесе бадзяецца. Як пайшоў, дык адна кашуля ка целе была, відаць жа, сатлела ўжо на плячах. Дый штаны ледзь трымаліся...

— Не бядуй, Ганна. І хлопец твой цэлы, і штаны цэлыя. А калі і прадзярэцца адзежына, дык у нас жа дзяўчат хапае, паправяць.

— Няма каму языка табе паправіць, паставіць на месца. Чаго прыйшоў? — ужо грозна пыталася цётка Ганна.

— Інтарэс ёсць. Павінна ты мне заўтра ў горад схадзіць.

Астап падрабязна пераказваў даручэнне бацькі Мірона.

— Вось так бы і сказаў з самага пачатку, а то блюзніць немаведама што. Што ж, раз трэба, дык трэба... А ты ўжо, Астапчык, зрабі ласку, перадай майму хоць пару бялізны. Ды, можа, прыхапіў бы ты яго святочныя боты, відаць жа, тыя ў яго, па балотах лазячы, даўно сапрэлі. Да яшчэ кавалак сала вазьмі, ды яечак якіх з дзесятак.

— Ну давай, ды хутчэй, бо няма калі тут асабліва затрымлівацца. Ты не забылася хоць на тое, што загадана табе?

— Дзе ж я забудуся. Перадай Мірону, што ўсё будзе зроблена як мае быць.

І цётка Ганна рабіла. Узяўшы з сабой пару сыроў, збітку масла (немцы не чапалі яе каровы, як у пацярпеўшай ад партызан), дзесяткі са два яечак ды бутлю малака, ішла раніцай у горад. Яна паспявала пабыць на базары і абысці ўсе важнейшыя ўстановы, каб даць добрага жару, як яна гаварыла, усім гэтым бобікам і іх начальнікам. Кожны раз, калі бывала ў горадзе, яна наведвалася і ў паліцыю, і ў магістрат. У паліцыю заходзіла, каб дазнацца, а ці высветлілі, дзе хоць пахаваны костачкі яе Сымона, які так пацярпеў праз сваю шчырую службу. У магістраце яна ламала ўсе перашкоды сакратарак, дабіралася да самога бургамістра. Да яго заходзіла яна пагаварыць аб сваім «спасобіі», што яно надта малое і што трэба яго павялічыць.

Бургамістр, выціраючы хустачкай лысіну, намагаўся давесці, што яе просьба не па адрасу, што ёй трэба звярнуцца ў воласць. Тут жа магістрат, а магістрат існуе для горада, а не для вёскі.

На такія довады цётка Ганна рэзонна адказвала:

— Каб не вёска, то вы тут у горадзе даўно б ад голаду і духі падвялі. Вось і мой муж загінуў, нарыхтоўваючы хлеб для вас.

Паставыя паліцаі і паліцэйскія патрулі на дарогах, заўважыўшы высокую хударлявую цётку Ганну з нязменным кошыкам на руцэ, лічылі за лепшае сысці з яе воч, бо пры выпадку яна і ім магла дапячы. Неяк аднаго разу новы паліцай, які асабіста не ведаў цёткі Ганны, сунуўся быў з лапаю ў яе кошык, але атрымаў такую аплявуху, што ледзь устояў на нагах. Ён хапіўся за пісталет, але напарнікі перасцераглі яго.

Некалькі раз наведала цётка Ганна і Бруно Шмульке, да якога былі невялікія даручэнні і ад бацькі Мірона, і ад Дзядзі Косці. Калі першы раз зайшла яна да яго, той страціў быў спакой на цэлы тыдзень і адчуваў сябе так, нібы вісеў між небам і зямлёй. Зайшла яна раніцаю на кухню да жонкі Шмульке, прапанавала ёй яечак і малака купіць. Тая вельмі ўзрадавалася такому здарэнню, бо на базары было пуставата, прадавалася там больш за ўсё леташняя капуста і такія ж гуркі, цыбуля ды свежае шчаўе. Відаць, на гэтых прысмаках зусім змізарнела такая пышная некалі мадам Шмульке.

Жанчыны пагаварылі крыху аб сім, аб тым, кожная асцерагаючыся другой. І зусім насцярожылася мадам Шмульке, калі цётка Ганна запыталася:

— А гаспадар ваш дома?

— Дома. На работу яму яшчэ праз гадзіну. А хіба ў вас справа да яго якая?

— Есць невялічкая. Як жа мне да яго прайсці?

— А я паклічу.

Не паспела цётка Ганна і рота раскрыць, каб сказаць, што яна і сама можа прайсці да яго, як Шмульчыха знікла за дзвярыма. Праз якую хвіліну на парозе заявіўся і сам Шмульке.

— Дзень добры вам! — прывітала яго цётка Ганна, устаўшы з зэдліка.

— Дзень добры! — Шмульке жмурыўся, прыглядаючыся да жанчыны.— Выбачайце, нешта не магу ўспомніць вас...

— Дзе ж вам ведаць усіх, паважаны пан Шмульке. Добра, што вас усе ведаюць. І я вось ведаю...

— О, так так...— крыху разгубіўся Шмульке, яўна ўлешчаны такім зваротам.— Вы, відаць, па нейкай справе да мяне. Калі ласка, прысаджвайцеся.

— Мне б з вамі трэба было пагаварыць з вока на вока, пан Шмульке,— і цётка Ганна выразна зірнула тут на яго палавіну.

— У мяне ад жонкі асаблівых сакрэтаў няма. Кажыце, якая там у вас справа да мяне.

— Не, пан Шмульке, я ўжо сказала, што магу гаварыць толькі з вока на вока.

— Гм... Ну што ж, заходзьце.

Калі ў кутковым пакойчыку яны ўселіся на старэнькіх крэслах, цётка Ганна адразу ўзялася за справу.

— Вось што, паважаны пан Шмульке. Вы павінны дастаць... пачакайце, вось недзе ў мяне і спісачак ёсць...

З толькі ёй вядомых схованак дастала яна шматок паперы.

— Вось чытайце, тут пералічана ўсё, што вы павінны дастаць.

— Чакайце, чакайце, ці не памыліліся вы часам адрасам? Тут жа не магазін і не гандлёвая кантора. Пры чым тут слясарны інструмент?

— Інструмент вы павінны дастаць у дэпо.

— Ці то я страціў розум, ці хто другі, але я нічога не разумею. Які інструмент, каму інструмент?

— Які — там напісана. А каму — магу сказаць: па-а-ртызанам.

ІПмульке аж падскочыў на крэсле, як уджалены.

— Ты, відаць, ашалела, баба! — з перапуду аж на «ты» перайшоў.— Ды я вось паклічу зараз паліцая, і ты апынешся на шыбеніцы за адны толькі словы такія.

— А я думаю: не паклічаш. Калі табе дарагія твае бэбахі, дык гэтага ты не зробіш. Бо іначай і сам апынешся там.

— Божа мой, ад каго ты прыйшла?

— Ад Дзядзі Косці. Разумееш, ад Дзядзі Косці!..— сказала яна, знарок паўтарыўшы два разы. Шмульке нібы звяў і, страціўшы свой баявы, натапыраны выгляд, моўчкі сеў у крэсла. Уздыхнуў, сказаў з папрокам:

— Чаму ж вам не сказаць адразу, ад каго прыйшлі?

— А паглядзець хацела, што вы за чалавек такі. Шмульке, Шмульке, а хто такі Шмульке — першы раз бачу. Вось і знаёмыя будзем.

— Калі ж трэба ўсё? І куды даставіць?

— Думаю, што дзён з дзесятак хопіць на гэта. Інструмент тут, як мне казалі, не бог ведае які, управіцеся.

— Ах, божа мой...— уздыхнуў яшчэ раз Шмульке, але цяпер ужо лягчэй трохі.— Што ж я сваёй жонцы скажу? Яна ж запытаецца, якія такія сакрэты ў мяне з вамі.

— Падумаеш, клопат чалавеку. Ну, скажыце, што прыходзіла да вас пабачыцца старая сімпатыя.

— Ах, вам жарты ўсё. А ў мяне дзеці, у мяне сям’я... Гэтым не жартуюць.

— Вось што,— ужо сур’ёзна дадала Ганна,— скажыце ёй проста, што прыходзіла сялянка, прапанавала цяля купіць. А продаж цялят цяпер немцамі забаронены. Вы, канечне, адмовіліся. Вот і ўсё.

— Як гэта правільна вы гаворыце,— павесялеў Шмульке.— А я ніколі да таго не дадумаўся б...

Цётка Ганна пайшла. Канечне, Шмульчыха адразу запыталася, чаго прыходзіла незнаёмая жанчына. І каб ведаў Шмульке, што адзін напамінак пра цяля можа выклікаць такую бурную рэакцыю ў паводзінах яго палавіны, ён, відаць, выдумаў бы любую другую версію. Чаго толькі не нагаварыла яму яна. І цюхцяй, і няўклюда, і нядбайнік, і дзецям сваім не спагадчык.

— Ідзі дагані, пакуль не позна, бо другія купяць!

Што тут зробіш. Пайшоў, каб неяк жа адчапіцца. Ішоў і бачыў, як мільгала стракатая Ганніна кофта наперадзе. Прайшоў з квартал і ледзь не аслупянеў ад нечаканасці: на свае ўласныя вочы бачыў, як цётка самым рашучым крокам падалася ў дзверы паліцэйскай управы. Аж халодны пот выступіў на лбе і заняло дух. Ён хуценька падаўся ў завулак, каб не бачылі яго на вуліцы, каб не заўважылі, крый божа, з акон паліцэйскай управы. Ён да таго разгубіўся, што з паўгадзіны прахадзіў па бакавой вуліцы, асцярожна назіраючы з-за вішнякоў за сваім дваром — а ці не з’явіліся там паліцаі, ці няма там якога шуму-гаму?

Шмульке добра ведаў Дзядзю Косцю, ведаў, што той не кідае слоў на вецер.

Таму Шмульке і пагадзіўся на прапанову гэтай жанчыны. Пагадзіўся не толькі ад страху. Можа, у яго, у Шмульке, і былі ў свой час некаторыя няправільныя думкі, тады, калі рваліся над станцыяй першыя бомбы. Чаго-чаго не перажыў ён за гэтыя часы! Аб чым толькі не думаў! Не вельмі рад ён быў сваім суайчыннікам. Яны назвалі яго, Шмульке, фолькс-дойчэ, немцам другога гатунку. Хто ж яны, гэтыя першагатунковыя? Ганебныя забойцы, рабаўнікі. Але ж гэтая жанчына... Ці не правакацыя тут?

Відаць, першы раз здарылася ў жыцці Шмульке, што пайшоў ён на работу без сняданку. Не было часу, ды і не хацелася лішні раз усчынаць гаворку з жонкаю. Увечары проста сказаў ёй, што не дагнаў тае жанчыны, і тут жа суцешыў, што яна, магчыма, калі-небудзь зойдзе яшчэ.

...Сёння ж у цёткі Ганны было даволі далікатнае даручэнне. Яна і раней зрэдку сустракалася з гэтаю чарнявенькаю дзяўчынаю. Як звалі дзяўчыну, дзе яна жыла, цётка Ганна не ведала. Не паспела яна ўсесціся на базарчыку, як падышла гэтая дзяўчына, каб купіць у яе жменькі са дзве шчаўя.

— А малака хіба не будзеш браць? — запыталася цётка Ганна.

— Ох жа няўдача, посуд забылася.

— Такой бяды, я магу і на кватэру занесці.

— Не, што вы, не трэба, навошта ж вам такі клопат!

— А які тут клопат...— цётка зірнула на дзяўчыну, і тая згадзілася.

— Ну, добра. Дзякуй жа вам! Тут недалёчка...

Вядома, цётка і не збіралася ісці на кватэру. Збочыўшы ў першую ж вуліцу, яны пайшлі паволі.

— Вось што, дзяўчына, мушу перадаць табе, каб ты была ласкавейшая з гэтым самым... з Цайтам...

— І ўсё?

— Усё. Ты ўжо сама там разбярыся. Так і сказалі, каб была ты ласкавая з Цайтам. Ну вядома, у меру ласкавая. Так і сказалі. А што далей табе трэба будзе рабіць, пра тое перадам другім разам... Ну, дык і будзь здаровенькая!

Цётка Ганна знікла ў завулку. Вера зайшла на кватэру, кінула ў кухні пакункі. Яна была такая задуменная, што не заўважыла, як маці згатавала сняданак.

— Садзіся за стол, чаго задумалася? — напомніла маці.

— Нездаровіцца нешта.

Вера думала пра новае даручэнне. Калі раней да яе зусім не зварочваліся адтуль, дзе жыла яе сяброўка Надзя, тады было ў яе такое адчуванне, нібы назаўсёды кінулі яе ў цёмнае і глухое сутарэнне, адкуль ёй ніколі не выбрацца. І вось ужо месяцы з два, як ёй падаюць голас. Яна выканала некалькі даручэнняў. Здагадалася перадаць туды сякія-такія матэрыялы, якія здаліся ёй цікавымі і карыснымі для партызан. Гэта былі спіскі некаторых вучняў-выпускнікоў школы, пра якіх даведвалася — з гутарак у канторы, з выпадковых рэплік начальства, з свае работы перакладчыцы — як пра самых актыўных, а таму і найбольш небяспечных для тых, хто жыве там, у лясах.

Пасля таго неяк змянілася жыццё Веры. Праўда, яна так жа хадзіла на работу, так жа выслухоўвала частыя папрокі маці, так жа акуратна выконвала ўсе распараджэнні свайго нямецкага начальства. Але хадзіла яна нібы з прыўзнятаю галавою, з воч зніклі адзнакі суму.

Добры настрой Веры крыху змяніўся тады, калі аднаго разу ў расклеенай па горадзе партызанскай лістоўцы, у якой ганьбаваліся фашысцкія найміты як здраднікі радзімы, сярод іх імён прачытала і сваё прозвішча. Канечне, гэта балюча ўразіла яе сэрца, і яна ўдосталь наплакалася дома. Плакала не таму, што ёй, разам з другімі такімі ж, пагражалі партызаны. Хто-хто, а яна добра ведала, чаму з’явілася яе прозвішча ў лістоўцы. Але тое, што яе імя магло стаяць поруч з прозвішчамі людзей, якія заплямілі сябе самымі гнюснымі справамі, парушала спакой, прыносіла пакуты.

Тую лістоўку чытаў і Вейс. Ён павіншаваў Веру:

— Бачыце, бачыце, і вам пагражаюць гэтыя бандыты!

— А што я ім сапраўды зрабіла? — з дзіцячай наіўнасцю спыталася яна.

— Як жа што? Вы думалі, што яны помсцяць толькі вінаватым?

— Божа мой, я так баюся... Яны ж мяне заб’юць...— і Вера заплакала так натуральна, з такім адчаем, што Вейс, якому не ўласцівы былі тонкія перажыванні, паспагадаў ёй.

Тады і Цайт, зайшоўшы ў пакой і даведаўшыся пра прычыну Верыных слёз, пачаў суцяшаць:

— А ці не лепш было б вам, паважаная Вера, зусім перабрацца ў школу, знайшлі б тут для вас вольны пакойчык.

— Не, не... Я прашу вас не клапаціцца пра мяне. Я ж не бургамістр горада, якому патрэбна спецыяльная варта.

Цайт і Вейс выйшлі ў калідор. Гутарка адбывалася ў памяшканні канторы школы. Зайшлі ў кабінет Вейса.

— Вы трымаеце яе звычайнай перакладчыцай? — запытаўся Цайт.

— А што я мог рабіць, у мяне не было другіх вакансій.

— Гэта называецца, шаноўны Вейс, марнаваць людзей. Вы праверылі яе, яна мае здольнасці, адукацыю, чаму ж не даручыць больш важнай работы. І трэба даручаць.

Так адбыліся некаторыя службовыя змены ў жыцці Веры. Ёй пачалі даваць больш адказныя даручэнні ў школе, што насіла сціплую назву школы служачых лясных запаведнікаў. Школа размяшчалася за якога паўкіламетра ад горада на беразе ракі. Тут да вайны існаваў прафсаюзны дом адпачынку. У старым цяністым парку было некалькі аднапавярховых і двухпавярховых драўляных будынкаў, занятых пад розныя службы і пад жыллё «будучых лясных служачых». Да парку прымыкаў вялікі пладовы сад. Галоўны будынак стаяў на высокім узгорку, які пераходзіў у круты абрыў над ракой, пазарастаны арэшнікам, дробным дубняком і другім кустоўем. Унізе раўнюткі пясчаны бераг быў некалі ўтульным пляжам. За ракой распасціраліся бязмежныя лугі, сям-там прарэзаныя блакітнымі затокамі, рачулкамі і старым рэчышчам, якое звалася старыцай.

Калі Цайту даводзілася спыняцца ў школе на некалькі дзён, ён любіў рана прачынацца, каб сустрэць на крутым беразе ракі ўсход сонца. Мясцовасць крыху нагадвала яму родныя мясціны ў Прусіі. Узяўшы ручнік, ён спускаўся з кручы на залацісты пясок і, хутка распрануўшыся, кідаўся з разбегу ў быструю празрыстую ваду, рабіў некалькі кароткіх заплываў.

Цайт падбіваў і Вейса на гэтыя ранішнія купанні. Але Вейс любіў паспаць і не ўяўляў сабе, як гэта можа чалавек ні свет ні зара пакінуць цёплую пасцель ды даваць нырца ў ваду, над якой завіваюцца кудзеркі туману і ў якой плаваюць яшчэ няйначай празрыстыя лядышы, да таго яна зябкая ды кусачая. Раз ужо купацца, дык лепш, калі сонца пад поўдзень добра сагрэе ваду і калі так прыемна бывае паляжаць у гарачым, як прысак, пяску. Ды і не сказаць, каб бяспечна было на гэтым пляжы. Зусім нядаўна, калі купалася адна з груп школы, аднекуль з лугу, з далёкіх кустоў, пачулася некалькі стрэлаў. У выніку двое кандыдатаў у будучыя лясныя служачыя былі забіты сярод белага дня, а тых, хто страляў, так і не злавілі. Ды дзе ты іх зловіш! А калі ноччу згарэў адзін з будынкаў школы, які стаяў ля самай ракі, тады прыйшлося гэты пляж аплесці калючым дротам у некалькі радоў, а ўсю тэрыторыю школы абгарадзіць высокім дашчаным плотам.

А дзевятай гадзіне, калі ў канторы з’яўлялася Вера, сонца ўжо было высока. З зарэчных лугоў, над якімі пералівалася трапяткое мроіва, даходзілі сюды такія пахі розных красак і траў, што Цайт, з’явіўшыся ў канцылярыі і павітаўшыся, расчыніў дзверы на балкон.

— Вы палюбуйцеся, Вера, на гэтую красу!

Вера выходзіла на балкон, адкуль адкрываўся шырокі від на зарэчныя прасторы.

— Вы бачыце?

— Бачу, пан Цайт, сапраўды прыгожа.

— Хо... прыгожа... Гэта сказана скупа. Гэта больш чым прыгожа. Вы дыхайце! Дыхайце на поўныя грудзі. Вы адчуваеце што-небудзь?

— Адчуваю... Адтуль нясе прыемнымі пахамі.

— Не толькі прыемнымі, Вера, але і здаровымі. Гэта не толькі пахі, а бальзам... які аднаўляе сілы, вяртае маладосць. Я адчуваю, як маладзее маё сэрца, як яно пачынае біцца мацней і мацней. Не верыце? Дайце вашу руку, Вера, і дакраніцеся ёй да маіх грудзей. Вы чуеце?

«Будзь больш ласкавая з Цайтам»,— успамінае Вера словы цёткі Ганны. Яна працягвае руку, і сам Цайт прыкладае яе да свайго сэрца.

— Чуеце? — і твар Цайта ззяе як добра начышчаны самавар.

— Чую... А можа, вам, пан Цайт, лепш прыняць якія сардэчныя кроплі, яно так ліхаманкава б’ецца,— з робленай трывогай гаворыць дзяўчына.

— О-о... вы мілая жартаўніца! Ніякія лекі мне цяпер непатрэбны. Я ж бачу вас, а вы... вы... самы найлепшы бальзам, які загоіць любое сэрца, любую рану...— тут пан Цайт набіраецца адвагі,— нанесеную вамі.

Вера робіць выгляд, што не чуе гэтых слоў. Яна глядзіць з балкона ўніз, дзе праходзіць Вейс.

— Пара пачынаць работу, пан Цайт, вунь пан Вейс пайшоў ужо на заняткі.

— А што яму рабіць, нашаму Вейсу, акрамя службовых заняткаў? І на што ён больш здольны, наш слаўны індык.

— Вы зласловіце на пана Вейса... Хіба ж так можна рабіць, паважаны пан Цайт.

— О, слаўная хітруха! — Цайт, хапаючыся, цалуе руку дзяўчыны.— Я ж нічога благога не кажу пра нашага Вейса. Ён нядрэнны чалавек, і я паважаю яго. Але пагадзіцеся, што ён крышачку, крышачку...

— Не разумею вас.

— Што ж тут разумець? Колькі часу як ведае вас, працуе разам з вамі, і не заўважае, не цэніць, не бачыць, які дзівосны перл быў побач з ім. А гэтаму перлу патрэбна такая ж дзівосная аправа...

Пан Цайт спрабуе яшчэ раз узяцца за руку Веры. Але дзяўчына так міла пагражае яму пальчыкам.

— Працаваць, працаваць, пан Цайт! — і подбежкам знікае ў дзвярах.

— Ваша праўда, хітруха! Мы не павінны забывацца на справы!

Цайт ідзе на заняткі. Іх багата. Школа «служачых лясных запаведнікаў» мае некалькі аддзяленняў. За ўсімі трэба дагледзець, даць распарадак. Уся навучальная частка знаходзіцца пад яго камандаю. Вейс заняты больш гаспадарчымі справамі ды падборам сумесна з гестапа кадраў для аддзялення, якое абслугоўвае мясцовыя, так сказаць, патрэбы. Гэтае аддзяленне самае малодшае ў школе. Тут падбіраюць людзей з былых крымінальных злачынцаў, прывозяць і сваякоў заложнікаў, якія сядзяць у турмах. Заняткі на аддзяленні нядоўгія, якіх-небудзь два-тры тыдні. Пасля курсантаў рассылаюць па зонах, каб прабіраліся ў партызанскія атрады, вынюхвалі, даносілі, шкодзілі, наводзілі карныя экспедыцыі на партызанскія базы. Тут жа ў школе, за цаглянай сцяной гаража, расстрэльвалі часам тых, хто правінаваціўся альбо быў безнадзейна ўпарты і адмаўляўся ад абавязкаў «служачага лясных запаведнікаў». Старшым аддзяленнем непасрэдна загадваў армейскі штаб. «Выхаванцаў» адсюль невялічкімі партыямі — па два, па тры чалавекі — адвозілі на аэрадром, дзе крыху трэніравалі абыходжанню з парашутамі. Потым перакідалі на самалётах за лінію фронту. Гэта было самае клапатлівае аддзяленне, дзе Цайту даводзілася часам займацца з кожным паасобку. Тут вучыліся самыя адданыя і правераныя кадры, якія сапраўды гатовы былі служыць не ад страху, а ад сумлення. Тут багата было патрэбна і часу і клопатаў, каб падрыхтаваць спрытных і надзейных лазутчыкаў.

Вера працавала ў канцылярыі, сядзела над спісамі, каштарысамі, праектамі.

Перад ёй былі розныя дакументы — Цайт давяраў ёй многія справы, але было сурова забаронена адтуль, з-за рэчкі, рабіць якія-небудзь выпіскі, копіі. «Толькі запамінай, толькі запамінай ды перадавай па два, па тры прозвішчы, іначай загінеш ад самае невялікае памылкі».

Яна прасіла праз цётку Ганну, каб выбавілі яе як найхутчэй з гэтага пекла, у якім пражыла яна амаль год. Колькі пакут давялося перанесці ёй, покуль удалося паставіць пэўную мяжу ў сваіх дачыненнях з Вейсам. Цяпер дакучліва, кожны дзень, прыстае з сваімі высокімі, ці рыцарскімі, як гаворыць ён, пачуццямі сам галоўны шэф школы Цайт. Ён цікуе за ёю на кожным кроку, абрыд сваімі кампліментамі. Ён нават зрабіў падарунак, ад якога Вера катэгарычна адмовілася, канечне, стараючыся быць пры гэтым і ласкавай і далікатнай.

Цайт мог і пакрыўдзіцца. Але па тым, як зрабіўся ён яшчэ больш запабеглівы, відаць было, што ён высока расцаніў гэты жэст дзяўчыны.

— Я вельмі рад, што знаёмы з такой слаўнай, мілай і... прыстойнай дзяўчынай.

А на ўсе яе просьбы туды, за раку, Веры адказалі, каб яна яшчэ пацярпела крыху.

 

12

Пасцябунчык завіхаўся ля агню, над якім на невялічкім казельчыку вісеў кацялок і весела папыхкваў параю. Не спускаючы вока з кацялка, спрытна пакручваў на вуголлях скавародку. На ёй сквірчэла сала.

На старым кавалку брызенту ляжаў побач Байсак і, удыхаючы апетытныя пахі, сумна ўздыхаў.

— Не ўздыхай, спяшацца дужа няма куды, паспееш.

Байсак і Пасцябунчык, якога празвалі хлопцы Пацалунчыкам пасля яго трагічных прыгод з радыёшыфроўкамі, жылі ў вялікай згодзе. Ім даручылі адказную работу — пабудову партызанскага аэрадрома. Байсака прызначылі начальнікам, ён жа быў і галоўным інжынерам і тэхнікам. Пасцябунчык — памочнікам, ён кіраваў усімі гаспадарчымі справамі, займаўся непасрэдна з людзьмі, якія прыходзілі з бліжэйшых вёсак. На сваіх пасадах абодва яны праявілі сябе здольнымі арганізатарамі, і ўчора, пасля таго як афіцыйна быў прыняты аэрадром, Саколіч абвясціў ім падзяку. Тут жа ён прызначыў Байсака начальнікам аэрадрома. Праўда, Байсак прасіўся назад, на баявую работу. Саколіч абяцаў яму, што калі ён падвучыць гэтай справе Пасцябунчыка, тады адпусціць Байсака ў атрад. А каб не сумаваў па баявой рабоце, то Байсаку абяцалі прыслаць невялікі атрад для аховы аэрадрома, калі будуць прымаць самалёты.

За час будаўніцтва Байсак і Пасцябунчык так здружыліся, што і жылі разам у адным будане, і кухарылі па чарзе.

Яны збіраліся ўжо класціся, каб днём адаспацца за начную работу, як раптам узнікла перастрэлка і прыцягнула іх увагу. Стралялі непадалёк.

— Што б то магло такое здарыцца? — праказаў Байсак і хутка падняўся з свае пасцелі — звычайнага мяшка, набітага саломаю. За ім падняўся і Пасцябунчык. Стралялі на поўдні. Аэрадром акружалі з усіх бакоў непраходныя балоты, толькі сям-там пакладзены былі непрыкметныя для злога вока і добра замаскаваныя кладкі, ды з поўначы, дзе было сушэй, правялі такую ж грэбельку, па якой можна было праехаць і конна і з возам. Ва ўсякім разе, трэба было асцерагацца, каб на тую грэбельку не трапіла нага чужака. На ўскраю паляны ў густым арэшніку было некалькі буданоў, у якіх ляжала чалавек трыццаць параненых і хворых, якіх прывезлі сюды, каб адправіць самалётамі на Вялікую зямлю. Каля іх быў доктар і некалькі сандружынніц. Трэба было паклапаціцца, каб людзям нічога не пагражала. Байсак папярэдзіў доктара, Пасцябунчыка паслаў у атрад Свістуна, каб адтуль далі людзей для пераноскі раненых і эвакуацыі сякой-такой маёмасці ў выпадку сур’ёзнай небяспекі.

А страляніна набліжалася. Хутка ў тым напрамку ўзніклі клубы густога дыму, ператвараючыся ў шырокую хмару, праз якую ледзь-ледзь прабівалася сонца.

Байсак пераправіўся па кладках цераз балота і рэдкім хвойнікам пачаў прабірацца на поўдзень, трымаючыся глухіх лясных сцяжынак, кожную з якіх ён добра ведаў. Хутка ён перабраўся ў дробны алешнік, за якім пачыналіся пясчаныя грудкі, пазарастаныя лазнякамі, а за імі ішла роўнядзь поля, на якім зрэдку трапляліся дубы і, як стагі сена, узвышаліся грушы-дзічкі. Ад грудкоў добра відаць быў вялікі пажар у сяле. Гарэла хат дзесяць. Узброіўшыся біноклем, з якім Байсак ніколі не расставаўся, ён прыгледзеўся да абстаноўкі. На ўсход ад сяла мітусіліся, рабілі перабежкі шэра-зялёныя фігуркі нямецкіх салдат. Яны спрытна акапваліся. Далей, на ўсход, пад самым ляском відаць было некалькі грузавікоў, з якіх немцы білі з мінамётаў. Чуваць былі характэрныя разрывы мін. На захад ад сяла можна было заўважыць людзей, якія беглі з рознымі клункамі ў бок невялікай рачулкі. Сям-там гналі хатнюю жывёлу.

Партызаны трымаліся ў сяле. Некалькі ланцугоў іх раскінулася на гародзе і на полі за сялом.

Узіраючыся ў бінокль, Байсак заўважыў, як за гародамі на захад ад сяла пранесліся скоранька дзве батарэйныя запрэжкі.

Байсак ведаў, што нядаўна Капуша адбіў у немцаў дзве лёгкія пушкі і цяпер пускаў сваю батарэю ў ход. Пушкі павярнуліся на высокім узгорку і пачалі біць прамой наводкай па грузавіках з мінамётамі. Неўзабаве адзін з грузавікоў густа задыміў, і за клубамі дыму выкінулася полымя. Некалькі шэра-зялёных фігурак як мага разбягаліся хто куды. Два бліжэйшыя да сяла грузавікі імчалі па полі далей ад лесу, а адзін падаўся бліжэй да пясчаных грудкоў, на якіх стаяў Байсак. Вось грузавік прыпыніўся ўсяго за якога паўкіламетра ад яго. Байсак мімаволі пацягнуўся да карабіна, які заўсёды насіў з сабою. Прытуліўшыся за кустом ядлоўцу, ён пачаў біць па грузавіку, цэлячыся ў кабінку. Стрэліў некалькі разоў. І тут жа адчуў гук міны, якая праляцела над ім і шлёпнулася дзесьці непадалёку за грудком, абдаўшы яго хваляй густога гарачага паветра. За першай мінай разарвалася другая, трэцяя. Байсак, прыціскаючыся да зямлі і хаваючыся за кустамі, перабег далей ад гэтага месца і зашыўся ў разложысты куст ядлоўцу. Адсюль ён убачыў, як з грузавіка, адкуль па ім стралялі і які стаяў чамусьці на месцы, саскочылі тры гітлераўцы і кінуліся россыпам у бок лесу. Ад партызанскай пушкі бегла да грузавіка некалькі чалавек, відаць, аўтаматчыкі, бо з-за далёкай адлегласці яны не стралялі. Байсак падняўся і пайшоў да пушкі. Тут ён убачыў групу партызанскіх коннікаў, якія ехалі адтуль да яго. Калі яны наблізіліся, Байсак пазнаў Саколіча, Андрэева, Бохана і ардынарцаў.

— А, сам начальнік аэрадрома заявіўся! — усміхнуўшыся, сказаў яму Саколіч.— Гэта так аэрадром сцеражэш?

— Высвятляю баявыя абставіны, Васіль Іванавіч.

— Высвятляць высвятляй, але немцаў на сябе не прыманьвай. Гэта па табе яны з мінамёта пеканулі?

— Магчыма і па мне.

— Аднак грузавічок ты ім, відаць, папсаваў, а можа, вадзіцеля вывеў са строю. А цяпер вось што, Байсак! Ты хацеў высветліць абставіны, дык вось яны: нямецкі батальён захапіў быў сяло, хацеў прарвацца да мястэчка, дзе нашы аблажылі другі батальён гэтага ж палка. Прапусціць яго туды нам, як ты здагадваешся, не вельмі хочацца. І трэба нам яго не толькі не прапусціць, а спісаць, што называецца, з рахунку. А тут у нас пад рукамі ўсяго два атрады. Пакуль падыдзе выкліканы яшчэ адзін атрад, давядзецца доўга правалэндацца з гітлераўцамі, а яны яшчэ, чаго добрага, могуць выклікаць падмогу. За свой аэрадром ты не турбуйся, туды мы гітлераўцаў не пусцім. А цяпер табе баявая задача: бяры ардынарца... Сомік, дай камандзіру каня і сам з камандзірам паедзеш... Дык вось, таварыш Байсак, праз хвілін дваццаць ты будзеш у Свістуна. Калі ён будзе яшчэ марудзіць з выкананнем баявога загаду, дык абяцай яму не менш як расстрэл. А загад такі: абысці тым лясочкам і вунь з таго лесу, куды падаліся грузавікі, ударыць гітлераўцам у тыл. А мы тады націснем ім у лоб ды з левага фланга. Прыціснем да балота.

— Ясна, таварыш камандзір.

— Соміка прышлеш адразу да мяне з дакладам. А сам прасачы, як Свістун будзе выконваць загад. Ну, у дарогу!

Густое воблачка пылу, якое ўзвілася следам за імі, усё меншала і меншала, пакуль не знікла зусім за зялёнымі лазнякамі.

А тым часам Пасцябунчык перажываў не досыць прыемныя хвіліны. Калі ён пешкі, паскораным алюрам дабраўся да Свістуновай базы, яго доўга не пускалі.

Урэшце яго настойлівасць перамагла, вартавыя абшукалі яго, і адзін з іх павёў да зямлянкі камандзіра.

Пасцябунчык пастукаўся ў дзверы.

— Каго там чорт нясе? Ну?

Пасцябунчык пераступіў парог. Трапіўшы з яркага дзённага святла ў змрочную зямлянку, ён сіліўся разглядзець, куды ступіць, і тут, відаць, наступіў ці то на якую мяцёлку, ці то на які кій: нешта павалілася, пачуўся звон разбітай шклянкі, штосьці ўпала са стала і мякка чмякнулася аб дол.

Пасцябунчык з перапуду памкнуўся быў павярнуць назад, як тут грымнуў голас і прыкуў яго да парога:

— Ты хто, каб без даклада да мяне ўваходзіць? Дакументы!

Пасцябунчык разгублена азірнуўся. Толькі тут ён, добра прыгледзеўшыся, прыкмеціў двух чалавек, якія сядзелі за сталом. Перад імі стаяла мутнаватая бутля, шклянка. Асколкі другой, разбітай, валяліся пад сталом.

— У мяне, таварыш камандзір, аніякіх дакументаў з сабой няма. Але я... мяне... я...

— Што ты мне тут заякаў?

І хутка Пасцябунчык адчуў, як каўнер яго гімнасцёркі апынуўся ў досыць дужых руках. А яшчэ праз паўхвіліны ён, не сказаць каб па сваёй ахвоце, апынуўся на дварэ.

— Гэй там, вартавыя, вазьміце гэтага бадзягу пад замок, у халодную. А там разбяромся, можа, шпіён які туляецца тут.

У Пасцябунчыка мароз прайшоў па спіне.

Свістун тым часам не спыняў свае п’янкі. З раніцы ён намерыўся быў вывесці свой атрад па загаду, які надаслаў Саколіч. Ён аддаў быў загад выстраіцца па баявой трывозе і ўжо збіраўся павесці атрад. Але рабіў усё так марудна, што пастроеныя ім у паходную калону роты расплыліся, набылі зноў небаявы выгляд, і ён прайшоўся некалькі разоў па радах з адборнымі мацюкамі. Потым корпаўся ля каня, усё папраўляў сядзельныя папругі і лаяўся з ардынарцамі, з хлопцамі-канвойцамі. А потым і зусім знік у зямлянцы, пайшоў туды шукаць бінокля. А тут якраз і падвярнуўся ў зямлянку Збынеўскі, які тыдні з два не заяўляўся ў атрадзе. Слова за словам, выпілі для сустрэчы па адной, потым па другой. А пасля Свістун махнуў на ўсё рукой.

— А чорт яго бяры з яго загадамі! Што ён мне, начальнік, ці што, каб мне пасылаць загады. Я сам сабе начальнік. Хачу ваюю, хачу не.

Калі прапусцілі па чацвёртай чарцы, Свістун выйшаў з зямлянкі і аддаў гучную каманду:

— Адставіць! Паходу не будзе!

Некаторыя камандзіры збянтэжана паглядзелі адзін на аднаго. Другім быў даспадобы такі загад, і яны распусцілі свае роты і ўзводы. Паколькі страляніна не сціхала, некаторыя ўсё ж папярэдзілі байцоў, каб яны былі напагатове і маглі ў кожную мінуту выступіць, калі будзе патрэба. Двое камандзіраў выслалі без ведама Свістуна разведку, каб удакладніць, што там за страляніна ідзе, каб не трапіць часам па віне п’янага чалавека ў нечаканую пастку.

А тым часам да Свістуна ў зямлянцы далучылася некалькі з яго бліжэйшых прыяцеляў, і там, як кажуць, ішоў дым каромыслам.

У гэты час і заявіліся ў атрад Байсак і Сомік. Вартавыя не хацелі прапускаць іх, але Байсак прышпорыў каня. Той узвіўся на дыбкі, і вартавыя ледзь паспелі адскочыць убок, як Байсак, крыкнуўшы: «Што вы, не чуеце пароля хіба, разявы?» —віхрам прамчаў міма іх. У клубах пылу прамільгнуў за ім следам і Сомік.

— Дзе камандзір? — спытаўся Байсак, рэзка асадзіўшы каня ля групы хлопцаў, што сядзелі проста на траве ля зямлянкі, якая вылучалася сярод другіх акуратна збітымі дзвярмі і чыста падмеценай пляцоўкай перад імі.

— Камандзір тут,— праказаў хлопец, паказаўшы вачмі на дзверы.— Але ён загадаў нікога не прымаць, заняты.

— Добра...— Байсак саскочыў з сядла і, кінуўшы павады свайго каня Соміку, падаўся да зямлянкі.

Стукнуўшы для прыліку ў дзверы, рашуча ўвайшоў у зямлянку. Густы табачны дым воблакам выбіўся адтуль.

Хлопцы-канвойцы, што сядзелі ля зямлянкі, усміхнуўшыся, пераглянуліся між сабой. Адзін з захапленнем сказаў:

— Ну, чакай ізноў спектакля!

Той жа голас спытаўся ў Соміка:

— Адкуль, малы, будзеш?

— Састарэешся, калі будзеш усё ведаць.

— Глядзі ты, на кані ледзь сядзіць, увесь карак збіў носам, а яшчэ агрызаецца!

— Малы, а вастраносы. Такім носам у самы б раз лапці і падплятаць...

— Зломіцца...— панура заўважыў трэці і ляніва цыркнуў слінай праз губу, на якой цудам трымаўся, датляваючы, агарак цыгаркі.

Як Соміку ні хацелася агрызнуцца, але ён маўчаў, надаючы свайму твару выраз велічнага спакою і бязмежнай пагардлівасці да тых, што сядзелі на траве.

— Ну, ну, не бязуль! — прыкрыкнуў ён на каня, які нецярпліва біў нагой і злосна матляў хвастом, адмахваючыся ад надакучлівых сляпнёў і аваднёў.

— І на якіх жа ты харчах, казак, што такі худзюшчы? Вы паглядзіце, хлопцы, на чым толькі тыя штонікі прасмурыжаныя трымаюцца, уся карма свіціцца...

Тут ужо не сцярпеў Сомік:

— Вы не прасмурыжыце, лайдакі! Бачыш ты іх, якія яміны павылежвалі, абібокі...

Узварушыліся хлопцы, як патрывожаны вулей.

— Вы чулі, што сказаў гэты дзяцел? Сцягнуць яго з сядла ды ўсыпаць гарачых!

Невядома, чым бы закончылася ўся гэтая дыскусія, каб не страшэнная ленасць, якая прыкоўвала хлопцаў-канвойцаў да мурожнай травы. А тут і новыя падзеі падышлі, якія адцягнулі іх увагу ад Сомікавай персоны.

У зямлянцы Байсак застаў сапраўдны гармідар. Свістун біў кулаком па стале, нешта даводзячы сваім субяседнікам.

Байсак, прыглядаючыся да твараў, гучна запытаўся:

— Мне да таварыша Свістуна! Можна?

Яму давялося некалькі разоў паўтарыць сваё запытанне, пакуль урэшце яго пачулі.

— Хто там? Каго яшчэ чорт прыпёр? — пачуўся нездаволены голас Свістуна, і ён усёю пяцярнёю паправіў космы валасоў, што падалі на потны, расчырванелы лоб.

— Я да вас, таварыш Свістун!

— Тут ніякіх для цябе Свістуноў няма, тут камандзір атрада, разумееш ты?

— Я да вас, таварыш камандзір...

— Гэта справа іншая, а то...

— Я ад Саколіча да вас.

— Ад каго?

— Ад Саколіча. Ці выканалі вы яго загад, атрыманы вамі раніцаю?

— Загад? — задумаўся на хвіліну Свістун. Відаць было, што нейкія думкі накладалі маршчыны на яго лоб. Ён пацёр яго тылам далоні, каб лепш разабрацца ў гэтых думках.— Ты ўсё гэта са сваімі загадамі... Ну, скажы там: выканаю... а можа, не выканаю... Як захачу, так будзе і зроблена...

— Я павінен перадаць дадатковае распараджэнне камандзіра злучэння: за невыкананне вам будзе пагражаць расстрэл...

Свістун прыўзняўся за сталом.

— Ды я зараз прасушу твае мазгі на сонцы, калі цвіль у іх завялася. Як ты адважыўся абражаць мяне? — Свістун падаўся да Байсака, але спатыкнуўся і паляцеў бы потырч, каб не падхапілі яго паслужлівыя рукі. Некалькі чалавек у момант кінуліся да Байсака, акружылі яго, схапілі за рукі, абяззброілі. Свістун сядзеў ужо на лаве і, цяжка дыхаючы, усё лаяўся.

— Вывесці яго, каб не мазоліў мне воч...

Байсака павялі пад рукі. Убачыўшы такія падзеі, Сомік сарваў быў з пляча аўтамат.

— Я іх у капусту златашу, таварыш Байсак!

Але той катэгарычна забараніў яму рабіць гэта і голасна праказаў:

— Скачы, Сомік!

Сомік не прывык доўга думаць. Яго буланы конік узвіўся як віхор, і не паспелі каторыя схапіцца за вінтоўкі, як Соміка і след прастыў.

Саколіч разам са сваімі людзьмі завіхаўся ля пажару, каб перабіць агонь і не даць яму пашырыцца далей.

Якраз калі Саколіч раіўся з Андрэевым аб некаторай перагрупіроўцы атрадаў, падскакаў на ўзмыленым кані Сомік.

— Дазвольце далажыць, Свістун загаду не выканаў. Ён бунтуе. І наогул увесь яго штаб п’яны. Байсака арыштавалі,— выпаліў адным духам Сомік.

— А як жа ты?

— Байсак загадаў далажыць. Я ледзьве ўцёк.

Хутка Саколіч і Андрэеў у суправаджэнні кавалькады коннікаў чалавек у дваццаць ехалі рыссю ў свістуноўскі атрад. Сомік меланхалічна падганяў свайго буланага, які адставаў, парадкам прытаміўшыся за першыя два рэйсы.

Вартавыя, заўважыўшы кавалькаду, палічылі за лепшае змыцца з воч. Сярод зямлянак тоўпіліся партызаны, са зброяй і без зброі. Відаць, сярод іх ішло бурнае абмеркаванне сягонняшніх падзей у атрадзе, звязаных з арыштамі ні ў чым не вінаватых людзей. Партызаны, што трапляліся па дарозе, казыралі, але былі і такія, якія паглядалі спадылба і лічылі за лепшае схавацца за спіны таварышаў. Ля зямлянкі Свістуна Сомік убачыў усё тых жа хлопцаў, якія былі тут і раней. Яны ўсе сядзелі і скалілі зубы. Праўда, заўважыўшы пад’ехаўшых, яны ў момант усталі і, выцягнуўшыся ў струнку, узялі пад казырок.

Саколіч, коратка павітаўшыся, запытаўся:

— Тут Свістун?

— Тут, таварыш камандзір партызанскага злучэння! — малайцавата адказырнуў адзін з хлопцаў, найбольш увішны на выгляд.

— Пакліч яго зараз жа сюды!

— Слухаюся, ёсць паклікаць...

З хвіліну-другую за дзвярыма чуўся страшэнны гвалт і лямант, нешта грымнула, нібы шпурнулі ў дзверы табурэткай ці чым іншым.

Дзверы ўрэшце расчыніліся і з іх выскачыў, як ашпараны, пасланы хлопец. За ім, цяжка сапучы, нібы задыхаючыся, высунулася няўклюдная постаць Свістуна. Расхлістаны, узлахмачаны, ён стаяў без шапкі і, трапіўшы з цёмнай зямлянкі на дзённае святло, прылажыўшы казырком далонь да лба, жмурыўся, углядаючыся — хто прыехаў. За ім высунулася некалькі такіх жа ўзлахмачаных галоў і паспешна пасунулася назад. Толькі два ці тры чалавекі, паказаўшыся з-за шырокай Свістуновай спіны, хуценька падаліся ўбок і зніклі між буданоў. Гэта былі, відаць, камандзіры, са зброяй, адзін меў зусім цывільны выгляд. Андрэеў варухнуў толькі брывом, і коннікаў з чацвёра раз’ехалася ў чатыры бакі: прасачыць, каб ніводная душа не выбралася з атрада.

Саколіч і Андрэеў спешыліся. З усіх бакоў збіраліся, падыходзілі партызаны, камандзіры. Адны са зброяй, другія без зброі. Усе, відаць, цікавіліся, чым закончыцца справа. Саколіч загадаў Свістуну:

— Падыдзіце бліжэй!

Свістун нехаця пераступіў колькі крокаў, спыніўся.

— Я слухаю вас, таварыш камандзір.

— Як выканалі вы мой загад?

Свістун маўчаў, толькі хадзілі жаўлакі на яго абсівераным твары.

— Яшчэ раз пытаюся: ці выканалі вы мой загад?

— Ніякіх я не ведаю загадаў...

— Вы не мудруйце. Я патрабую яснага адказу на маё пытанне.

— А што вы трэціруеце мяне, як апошняга хлапчука? Хто я вам такі, каб мне тут учыняць такую знявагу? — усхадзіўся Свістун.— І хто вы, урэшце, хто вам дае права абражаць баявых камандзіраў?

— Пра гэта пасля. А цяпер я гавару не з хлапчуком, а з даволі дарослым мужчынам, які да таго ж лічыцца камандзірам атрада. Я прапаную вам апошні раз: адказвайце як камандзір атрада, а не як блазан...

Дзесьці з партызанскага натоўпу пачуліся галасы:

— Дзе вы бачылі таго камандзіра! Быў камандзір, ды з гарэлкай сплыў...

— Таварышы, сябры мае, баявыя мае партызаны, не дапусціце надругі над вашым камандзірам! Узяць яго, арыштаваць яго! — і з выхапленым рэвальверам Свістун ашалела кінуўся да Саколіча. Тут жа ён упаў, прышыты куляй да зямлі. Саколіч спакойна засоўваў у кабуру пісталет. Яшчэ выскачыла з зямлянкі пара хмельных галоў, на хаду расшпільваючы кабуры. Але і яны тут жа ўпалі на прымятую траву, прышытыя з нагана Андрэева. А Саколіч ужо ўскочыў на каня і крыкнуў на ўсю паляну:

— Усім савецкім партызанам і іх сумленным камандзірам загадваю строіцца ў баявы парадак.

Людзі замітусіліся, але ў гэтай мітусні ўжо быў пачатак парадку. Строіліся паўзводна роты. З зямлянак беглі прыпазнелыя, на хаду ўскідваючы на плечы вінтоўкі, зашпільваючы паясы з патранташамі.

І ў гэтую хвіліну да Саколіча падбегла ўсхваляваная і крыху заплаканая дзяўчына.

— Васіль Іванавіч... Таварыш камандзір! Таварыш...— нясмела крыкнула яна.

— Вам што? — спытаўся Саколіч.

— Там яшчэ адзін вораг...

— Дзе?

— Тут непадалёчку, вунь у той зямлянцы,— яна паказала на сваю зямлянку, ля каторай стаяла пышная рабіна.

Саколіч толькі зірнуў на Соміка, і той адразу з двума хлопцамі кінуўся да зямлянкі. Неўзабаве ён выскачыў адтуль:

— Ды тут нікога няма!

— Шукайце, ён там...— ціха сказала дзяўчына, паказваючы нейкія таемныя знакі.

Калі Сомік зноў ускочыў у зямлянку, хлопцы паказалі яму на тапчан. Тапчан быў як тапчан. Па акуратна засланай пасцелі, па сціплым букеціку лясных красак на стале ў бляшанцы з-пад кансерваў можна было здагадацца, што тут жыве жанчына. Але не гэта пытанне займала цяпер хлопцаў. З-пад тапчана тарчалі мужчынскія боты. Па тым, як варухнуліся гэтыя боты, можна было меркаваць аб шчырым жаданні іх уласніка зашыцца яшчэ глыбей ад людскога вока. Але дзе ты дзенешся...

— А ну вылазь! — крыкнуў Сомік, які не любіў доўгіх цырымоній. Але і яго ўзяла жартаўлівая цікаўнасць, і ён запытаўся:

— Што ты парабляеш там?

— Ды нічога, ведаеце... Запальнічку, таварышы, згубіў. Закінулася недзе, дай ты ёй рады...

З-пад тапчана высунуліся ўрэшце ногі, потым спіна, уся ў саламянай пацярусе, за ёй ускудлачаная галава з даволі ёмістай лысінай. Усё гэта, крэкчучы, паднялося з падлогі.

— Вось і я...

— Вельмі прыемна! — сказаў Сомік, але тут жа суха запытаўся: — Нашлі сваю запальнічку?

— Дзе яе знойдзеш...

Сомік падміргнуў сваім хлопцам. Адзін з іх у момант сігануў пад тапчан і выцягнуў адтуль невялічкі пісталет і нейкі пакецік, загорнуты ў газеціну.

— Твая запальнічка? — Сомік тыцнуў пісталетам пад самы нос чалавеку.

— Што вы, што вы...— спалохана загаварыў ён,— гэта ж нямецкі пісталет, зауэр...

— Добрыя ў цябе вочы, разбіраюцца ў пісталетах!

— Ну, пайшлі! — скамандаваў Сомік.

Збынеўскі — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог зямлянкі.

У гэты час Саколіч займаўся людзьмі з зямлянкі Свістуна і яго канвойцамі, якіх вырашылі да разбору ўсяе справы ўзяць пад арышт. Іх па адным выпускалі з дзвярэй. Панылыя, хмурыя, яны пакорна здавалі зброю. Іх адводзілі ў тую ж зямлянку, з якой былі вызвалены Байсак і Пасцябунчык.

Усе гэтыя падзеі адбыліся за якіх хвілін пятнаццаць. Ужо стаяў выстраены атрад, гатовы да таго, каб рушыць у пуць.

— Таварыш Байсак! — гучна праказаў Саколіч.— Прызначаю вас камандзірам гэтага атрада. Бярыце яго і вядзіце на баявое заданне. А якое яно — вы ведаеце.

— Слухаю, таварыш камандзір! — выцягнуўся, як спружына, Байсак, і ў яго панурых заўсёды вачах нібы запаліліся тысячы агеньчыкаў.

Трэба было бачыць, з якім спрытам сігануў Байсак да атрада.

Хутка пачуўся яго зычны голас:

— Атрад, слухай маю каманду: за мной, ша-а-гам... марш!

Роты, адна за адной, скрануліся з месца.

Саколіч яшчэ на колькі хвілін астаўся ў атрадзе, калі падвялі да яго Збынеўскага. Меў ён вельмі збянтэжаны выгляд. Шчылінкі-вочы мітусліва перабягалі з аднаго чалавека на другога, выраз твару мяняўся штохвіліны, на потнай лысіне, да якой прыліпла некалькі саломінак, мільгалі сонечныя блікі. І ўвесь твар яго расплыўся ў суцэльную ўсмешку, калі заўважыў ён Саколіча.

— Дзень добры, Васіль Іванавіч,— хуценька загаварыў ён, паказваючы свае паз’яданыя і вышчарбленыя зубы.

— Хто такі? — нахмурыўшыся, спытаўся Саколіч не то ў яго, не то ў хлопцаў-канваіраў.

— Толькі што выцягнулі з-пад тапчана. Ён там, бачыце, запальнічкі вось такія паразгубляў! — І Сомік падаў Васілю Іванавічу пісталет і згорнуты пакецік.

— Гэта не маё, не маё, Васіль Іванавіч. Я там сапраўды запальнічку сваю згубіў і шукаў яе, а таварышы вось гэтыя рэчы там узялі...— замітусіўся Збынеўскі.— Ён, вядома, і ў мяне мог быць, пісталет, што ж тут такога, але навошта мне чужыя рэчы прысвойваць. Навошта ён мне...

— Ты што, партызан?

— Ну, вядома... як вам сказаць... выходзіць, як бы партызан... Але ж не зусім... ну... не поўнасцю, можна сказаць...

— Значыцца, паўпартызана? Што ж, так і запішам...

— Бачыце, я інвалід, рукой адной кепска валодаю, які ж з мяне партызан? Але я па магчымасці, дзе можна па маіх сілах, ваюю... Так, так, ваюю...

— Так, воін... Як тваё прозвішча?

— Збынеўскі, Мікола Ігнатавіч... Збынеўскі — маё прозвішча, Васіль Іванавіч.

— Чую, чую, адкуль жа ты мяне ведаеш?

— Ну як жа вас не ведаць, Ва-а-сіль Іванавіч?

Саколіч уважліва паглядзеў яму ў вочы. Той палахліва адвёў іх, залыпаўшы павекамі.

— Чаму апынуўся ў гэтым атрадзе?

— Дык жа тут сястра мая працуе. Яна ў сандружынніцах. Ну, і я часцяком наведваю яе...

Саколіч слухаў і разгортваў пакецік. Твар Збынеўскага паступова бялеў і нібы выцягваўся на вачах. У пакеціку была мінская фашысцкая газетка, у якой была надрукавана «пакаяннае» выступленне Слышэні.

— Гэта твой пакецік?

— Навошта ён мне? Вельмі мне патрэбны фашысцкія газеты...

— Адкуль жа ты ведаеш, што яна фашысцкая? — запытаўся Саколіч, бо пакецік ён разгортваў асцярожна, не раскрываючы нават загалоўка і не паказваючы ўсяе газеты.

— Раз яе недзе хаваюць, дык, відаць жа, яна гітлераўская.

— Та-а-к... Як завуць тваю сястру? Паклічце сястру!

Сомік, які паспеў ужо добра сарыентавацца ў гэтым атрадзе, пабег да зямлянкі. Збынеўскі, які лічыў, відаць, Соміка за самага спрытнага канваіра, памкнуўся быў убок, яўна спяшаючыся.

— Пастой, пастой, ты куды кіруешся?

— Гэта я вадзіцы папіць, Васіль Іванавіч, тут жа ў зямлянцы. Такое ж спякотнае надвор’е...

— Назад і ні кроку з месца!

Збынеўскі ўздыхнуў, агледзеўся на бакі. Двое канваіраў насцеражыліся і ўжо не спускалі з яго вока.

Сомік хуценька прыбег назад, ціхенька прашаптаў нешта на вуха Саколічу.

— Вунь тыя дзве зямлянкі, там шпіталь у іх,— ужо голасна праказаў Сомік.— Ды я вас правяду.

— Я сам, ты пабудзь тут. Разумееш?

— Ёсць, таварыш камандзір!

У двух прасторных зямлянках, на якія паказаў яму Сомік, мясцілася дзесяткі з паўтара хворых і параненых. Кідаўся ў вочы іх знясілены выгляд.

Саколіч распытаўся ў аднаго, у другога, чым хварэюць, дзе паранены, як даглядаюць іх.

— Што ж тут гаварыць пра догляд... Каб не гэтыя вось дзяўчаткі, дык і зусім бы акалелі. Пра лекі пытаецеся? Якія там лекі...

— Гэта ўсё праўда? — спытаўся Саколіч у дзяўчат.

— А чаму ж не! — проста адказала смуглявая вясковая дзяўчына.— Просіш яго, просіш... ну, камандзіра нашага, каб для хворых чаго прыдбаў, а ён толькі прыкрыкне. А сам нябось колькі хацеў жор са сваімі гэтымі, ну... як іх... канвойцамі. А тым, што ў бой ці вось з бою, параненым,— ім бульба нішчымная. Яшчэ каторыя здаровыя, тыя і самі сабе чаго прыстараюцца, а гэтыя ж,— махнула яна рукою на хворых,— не пабягуць па вёсках, каб яйкі з-пад курэй выграбаць. Вось які ён у нас парадак, калі вы хочаце аб ім даведацца.

Другая дзяўчына была, відаць, не такога рэзкага складу і характару. Па яе адзенню, па гутарцы, па ўсіх яе паводзінах відаць было, што прыйшла яна з горада. Была яна вельмі прыгожая. Светлыя русявыя валасы адлівалі пад сонцам золатам. З кволым румянцам шчокі, які ледзь-ледзь праступаў праз лёгкі загар,— усё гэта цешыла вока некранутай свежасцю маладосці.

— Ну, а ты што скажаш? — звярнуўся да яе Саколіч.

А я нічога не скажу. Вось Насця — яна ўсё сказала, што ж тут гаварыць... Рабіць нешта трэба, каб палепшыць... вось што...— І яна замоўкла.

— Як завуць цябе?

— Тамара... Збынеўская,— дадала яна, на хвілінку запнуўшыся.

— Ну што, таварышы, абяцаю вам усякую дапамогу...— і Саколіч развітаўся з хворымі. Спадзяюся бачыцца з вамі часцей. А цябе, Тамара, я папрашу на хвіліначку на вуліцу.

Калі выйшлі з зямлянкі, ён запытаўся:

— Чалавек, пра якога ты гаварыла мне,— брат твой?

— Але... Стрыечны...

— І ты ўпэўнена, што ён вораг?

— Вядома, таварыш камандзір, каб не была ўпэўнена, то не гаварыла б.

— А доказы якія ёсць у цябе?

— Каб былі ясныя доказы, то я раней сказала б. Але сённяшнія падзеі раскрылі мне вочы на многае з таго, што бачыла... Яны так многа гаварылі пра вас — і Свістун, і... гэты брат мой. А хіба вам невядома гнюсная падзея з атручваннем людзей, гэта ж вас хацелі атруціць, нават сляпы чалавек мог пераканацца ў гэтым.

— Ён быў тады ў атрадзе?

— Быў.

— А як ты трапіла сюды?

— Трапіць у гэтую мясцовасць памог мне ён жа, брат. Але адчувала я, што ўсё гэта не зусім шчыра, што вакол мяне робіцца нейкая ігра, што я з’яўляюся нібы шырмаю, за якою можна рабіць цёмныя справы...

Тамара расказвала і плакала.

— Ну добра, ідзі і супакойся. Усё яшчэ ў цябе наперадзе, прычым самае лепшае. Ты сандружынніца тут? І гэта добра. У крыўду цябе нікому не дадзім. Вось так...

Калі Саколіч выйшаў да хлопцаў, якія пільнавалі Збынеўскага, адзін з іх запытаўся:

— У арыштную яго, Васіль Іванавіч, з тымі п’яніцамі?

— Не, забяром з сабой, у штаб.

 

13

Немцы некалькі разоў рабілі атакі на ўскраіну сяла, каб прабіцца на захад, але, сустрэтыя моцным прыцэльным агнём, адкочваліся назад, за пясчаныя ўзгоркі пад лесам.

Пераканаўшыся, што ім так і не прабіцца праз сяло на захад, гітлераўцы пачалі адыходзіць на поўдзень з тым, каб паспрабаваць недзе там прарвацца да акружанага партызанамі батальёна. Але іх намеры адразу сарваліся. Іх сустрэў моцным агнём выкліканы на дапамогу новы партызанскі атрад. Немцы, баючыся трапіць у пастку, падаліся назад, каб выбрацца на ўсход праз лес. Не паспелі апошнія гітлераўцы схавацца за дрэвамі, як у лесе пачалася моцная страляніна. Гэта ўступіў у бой атрад Байсака. Сціснутыя з усіх бакоў немцы былі разгромлены.

Партызаны падлічвалі трафеі. Падбітыя і пашкоджаныя грузавікі спалілі, а дзве ўцалелыя машыны, нагружаныя трафейнымі вінтоўкамі, патронамі, некалькімі кулямётамі і мінамётамі, пагналі ў распараджэнне штаба. Былі захоплены штабныя карты, некаторыя іншыя дакументы, сярод якіх і некалькі загадаў па дывізіі. У адным з сакрэтных загадаў эсэсаўскага камандавання было сказана залішне не трывожыць атрад Свістуна, ва ўсякім разе не ўступаць з ім у бой і не прымаць супроць яго ніякіх асаблівых аперацый. Дакладных тлумачэнняў такога распараджэння ў загадзе не было, і толькі запалонены камандзір батальёна на допыце ў штабе Саколіча здолеў крыху прасвятліць гэтую справу. Ад страху за сваю скуру камандзір батальёна прагаварыўся, што ў атрадзе Свістуна знаходзіў свой сталы прытулак адзін з іх надзейных агентаў, які ўцёк сюды пасля буйных правалаў групы правакатараў у Мінску.

Паколькі разгромлены эсэсаўскі батальён прыбыў нядаўна з Мінска, дзе ён, па ўсіх меркаваннях, прымаў чынны ўдзел у розных гестапаўскіх аперацыях, Саколіч асцярожна спытаўся пра Слышэню.

— О, ведаю, ведаю! Вы ж напэўна чыталі ў газетах, там былі апублікаваны яго выступленні. Ён жа цяпер важная асоба, бо перайшоў на службу да нас...

— Брэшаш, каінаў вылюдак! — Саколіч так стукнуў кулаком па стале, што палонны ўцяў галаву ў плечы і прыплюшчыў ад страху вочы.— Гавары, што ведаеш пра яго. А будзеш віляць хвастом, адразу кулю ў лоб.

— Я павінен вам сказаць, што Слышэні больш няма. Нам загадана гаварыць, што ён ёсць, што ён на нашай службе, а папраўдзе, дык ён даўно расстраляны...

— Калі?

— У канцы красавіка.

Некалькі хвілін прасядзеў Саколіч, не сказаўшы ні слова.

Так раптоўна абарваліся яго спадзяванні, што ён яшчэ сустрэнецца з Слышэнем. Праз сувязных ён атрымаў ад яго некалі пісьмо. У тым пісьме ён абяцаў праз два-тры дні вярнуцца ў атрад. І вось прайшоў красавік, адышоў і май, мінула ўжо дзён дзесяць чэрвеня, а пра яго няма ніякае вестачкі.

 

14

Месяцы два, як Лена Красачка працавала на папяровым складзе друкарні. Спачатку яна і думкі не дапускала, што давядзецца працаваць на немцаў. Калі ў горадзе пачаліся аблавы і многія дзяўчаты, што не мелі сталай работы, трапілі ў эшалоны так званых «добраахвотнікаў» і былі накіраваны ў Германію, Лена надумалася падацца да партызан.

— Як сабе хочаш! Не ехаць жа сапраўды на нямецкую катаргу,— згадзіўся на гэта бацька.— Але што скажа наша маці?

— Ей і казаць пра гэта не трэба...

Бацька ведаў і яшчэ пра адну прычыну, якая падганяла Лену ва ўсіх яе зборах у партызаны.

Але праз дзень яна сказала бацьку:

— Астаюся. Буду ў горадзе працаваць.

І сказала гэта без асаблівай радасці, з яўным смуткам на твары.

Сказала і занялася сваімі справамі, не хочучы заводзіць асаблівых дыскусій з бацькам. Зразумеў тут Красачка, што хоць і быў ён добрым таварышам сваёй дачцэ, але былі ў яе і другія таварышы, якія маглі аддаваць ёй і пэўныя загады.

Так яно і было. Калі, закончыўшы ўсе свае падрыхтаванні да выхаду з горада, Лена сказала пра гэта аднаму з колішніх Ігнатавых сяброў, які працаваў цяпер механікам на элеватары, той проста закамандаваў:

— Адставіць, Лена, і нікуды не рыпацца.

— Як гэта разумець, Жэня?

— Так, як і заўсёды. Ты ж ведаеш: загады ёсць загады.

— Дык ці не думаеце вы паслаць мяне свіней пасвіць у Нямеччыну?

— А ведаеш, Лена, каб спатрэбілася нам гэта работа, дык зрабілі б. Але ты ж нічога ў гэтай справе не разумееш, якая там ад цябе карысць была б... Аднак не нахмурвай, не нахмурвай броваў... Справа такая: астаешся ты ў горадзе, пойдзеш працаваць у друкарню.

— У друкарню? Што я рабіць там буду?

— Будзеш рабіць тое, што загадаюць і што ўмееш рабіць. Будзеш працаваць на папяровым складзе.

— Так... Цікавая праца, нічога не скажаш...

— Хопіць і цікавасці. Усё ў свой час.

Хлопец даў ёй прозвішча чалавека, да якога ёй трэба звярнуцца ў друкарню, і праз дзень Лена апынулася на працы ў складзе. Нельга сказаць, каб ёй было весела выседжваць цэлы дзень. Але трэба ж урэшце прывыкаць да сталай працы. Там было чалавекі тры рабочых, шафёр грузавой машыны ды загадчык склада. Побач, у тым жа памяшканні, размяшчалася экспедыцыя некалькіх газет і часопісаў. Народу ў ёй было значна болей, і заўсёды там было весялей, чым на складзе.

Прайшло некалькі дзён, можа, з тыдзень. І ўжо такой аднастайнай здалася ёй праца, што пры сустрэчы з Жэнем яна папрасіла аб новым, якім-небудзь больш цікавым месцы. У адказ на гэта хлопец даў ёй згорнутую газету.

— Пачытаеш дома,— заўважыў ён, калі Лена памкнулася была тут жа разгарнуць яе.— І даю я табе гэтую газету для таго, каб ты зразумела, што і ты маеш некаторае дачыненне да вельмі і вельмі важнай справы. Гэта першы нумар нашай падпольнай «Звязды».

Пасля сустрэчы з Жэнькам Лена пайшла дахаты. Ужо яна была непадалёку ад свайго двара, як з завулка выйшла чацвёра нямецкіх салдат. Яны ішлі ў абдымку пасярод вуліцы, дудзелі пад нос нешта падобнае на песню. Па ўсім відаць было, што яны п’яныя. Лена прыцішыла крокі — ісці ці не ісці? Але тут жа ганарыста страсянула сваімі косамі, пайшла.

«Яшчэ не хапала, каб кожнага баяцца».

Яна заўважыла, што салдаты рэзка змянілі свой кірунак і падаліся на тратуар, па якім яна ішла. Яна азірнулася назад. Вуліца была пустая, толькі ў канцы яе капашыліся ў пяску дзеці. Абарона з іх яўна не надзейная. Яна саступіла з тратуара і падалася на другі бок вуліцы. Салдаты прыкмецілі гэта, і адзін з іх аддзяліўся ад групы і пайшоў напярэймы ёй.

Яна спынілася і рашуча павярнула назад. Каб даць зразумець гэтым п’яным, што яна не так ужо баіцца іх, пайшла ціхім, спакойным крокам, дужа не азіраючыся назад. Але адчувала, што ён ідзе следам, прыспешвае крокі. Яна пайшла хутчэй. Салдат кінуўся подбегам.

— Што табе трэба, нягоднік? — спынілася яна, заўважыўшы на адным з агародаў некалькі жанчын, на дапамогу якіх яна магла ва ўсякім разе разлічваць. Але тыя, убачыўшы п’яных, кінуліся ўцякаць. Яна пачула і голас адной:

— Чаго марудзіш, дурніца, уцякай...

А гэты п’яны ўхапіўся быў ужо за рукаў блузкі і, ледзьве стоячы на нагах, усміхаўся ёй шырокім бязбровым тварам. Па яго расчырванелым лобе распаўзліся з-пад пілоткі запыленыя пацёкі поту, а вочы з цялячым замілаваннем глядзелі на яе.

— Пусці руку! — гнеўна сказала яна.

— О дзеўчына, чаго ты такая злосная...

— Пусці, кажу, руку! — ужо з агідаю крыкнула яна і так ударыла яго па локці, што той аж адскочыў і яшчэ больш вылупіў свае рачыя вочы. Трое на супрацьлеглым баку вуліцы зарагаталі.

— Дык гэта так абыходзіцца з салдатам? Ды якое права ты маеш зневажаць мяне?

Ён так захапіўся сваёй тырадай, што і не заўважыў, як яна адышлася ад яго і ўжо бегла ўзбоч тратуара.

— Трымай, трымай, лаві яе!

А Лена тым часам бегла, не азіраючыся.

Яна так імкліва павярнула ўбок, што ледзь не збіла з ног чалавека. Збянтэжаная, папрасіла прабачэння па-руску, потым, агледзеўшыся, па-нямецку.

— Не турбуйцеся, я разумею па-руску,— адказаў ён, некаторыя словы вымаўляючы не зусім правільна, не то з польскім, не то з якім іншым акцэнтам.— Куды вы так спяшаліся, дзяўчына?

Перад ёю стаяў нямецкі афіцэр, на выгляд зусім яшчэ маладзенькі, відаць, толькі нядаўна выпушчаны са школы.

— Выбачайце яшчэ раз... Я ратавалася ад п’яных хуліганаў і так бегла, што не заўважыла вас...

— Дзе ж тыя хуліганы, мы іх зараз заспакоім.

— Іх аж чатыры там, вашы салдаты...

З-за рога сапраўды паказаліся два салдаты. Заўважыўшы афіцэра, яны ўсё ж прыпыніліся і нерашуча падаліся назад.

— Стой! — скамандаваў ім афіцэр.

Салдаты спыніліся, узялі пад казырок, не досыць пэўна падносячы руку да пілоткі. З-за рога паказаліся і астатнія двое, якія, відаць, не вельмі цікавіліся прыгодамі таварышаў і, абняўшыся, ішлі, спяваючы песню.

Лена апынулася ў вельмі няёмкім становішчы. Калі яна бегла ад п’яных, гэта было натуральна, бо такое і з іншымі жанчынамі траплялася на вуліцы, дзе размясцілася гітлераўская часць, патрапаная на фронце і прывезеная сюды для папаўнення. Цяпер жа, калі Лена стаяла з нямецкім афіцэрам, ёй здавалася, што ўвесь свет з пагардай глядзіць на яе.

— Вы гналіся, мярзотнікі, за дзяўчынай?

Двое, што тады вытыркнуліся на самыя вочы лейтэнанту, не досыць рашуча прамовілі:

— Мы, пан лейтэнант, але мы проста хацелі пажартаваць, ну трошкі папужаць фрэйлен...

— Панапіваліся, лайдакі... Зараз жа далажыце ў часці, як вы паводзілі сябе на вуліцы, ды яшчэ ў дачыненні да жанчыны.

— У нашай часці гэта не заведзена, пан лейтэнант, каб дакладваць... тым больш, калі справа з гэтымі рускімі...— і рабы салдат кіўнуў галавой на дзяўчыну.

— Якой часці, свіння?

Той зірнуў не дужа лагодным вокам на лейтэнанта, але, заўважыўшы, што ён цягнецца да кабуры, назваў часць.

— Ідзіце і далажыце, як загадана, ды больш каб я ў такім выглядзе тут не сустракаў вас.

Не зусім ахвотна павярнуліся храбрыя ваякі назад і пайшлі, ледзь перастаўляючы ногі.

— Дзякую вам! — азвалася Лена, скрануўшыся з месца.

— Не спяшайцеся, я правяду вас дахаты. Я ведаю, дзе вы жывяце, вунь домік пад клёнікам...

Як ні намагалася Лена адрабіцца ад няпрошанага правадніка, але не прагоніш жа яго сілком, ды гэта было б і няветліва ў дачыненні да чалавека, які сапраўды зрабіў табе некаторую паслугу.

Вось урэшце і яе родны клён.

— Бывайце здаровы, дзякуй вам...

— Не варта падзякі! А вы не звяртайце асаблівай увагі на гэтых хамаў, што з імі зробіш... Як, аднак, імя ваша, мы ж, як-ніяк, пазнаёміліся з вамі.

— Лена...— скоранька сказала яна і хуценька падалася ў фортку.

Лена пайшла ў свой пакоік, навяла ў ім парадак, бо не паспела зрабіць гэтага раніцаю, калі спяшалася на працу. Прысела ля стала, аддыхалася. Толькі тады дастала дадзеную ёй Жэнькам газету, прачытала яе ад радка да радка. І ёй здалося, што яна яшчэ зусім маленькае дзеўчанё, якое вось жыве, нешта робіць, аб нечым думае, а нічога яшчэ не бачыць, нічога не заўважае з таго, што можна назваць сапраўдным жыццём. Вось газета піша пра розныя важныя падзеі, пра барацьбу, якая адбываецца ў горадзе, пра гераічныя ўчынкі людзей. Нават друкаванне самой газеты з’яўляецца гераічным учынкам, бо людзі, якія працуюць з гэтай газетай, рызыкуюць штодзённа сваім жыццём. Рызыкуюць, але ж справу сваю робяць. А што ж яна зрабіла? Расклейвала лістоўкі, збірала медыкаменты, адзенне для партызан... Падумаеш, які гераізм...

Шмат чаго перадумала ў гэты дзень Лена, покуль не заснула.

 

15

У вольныя ад баявых аперацый дні да бацькі Мірона збіралася багата людзей па справах, з рознымі просьбамі. Тады ў яго пачыналася нешта падобнае на прыём.

Мірон выслухоўваў кожнага чалавека, абяцаў памагчы, часам тут жа выклікаў каго-небудзь з сваіх партызан, каб удакладніць справу ў тым ці іншым месцы, а то і проста аддаваў належныя загады: узмацніць пасты, падрыхтаваць добрую ўзбучку якому-небудзь паліцэйскаму гарнізону, адвучыць немцаў лазіць у той ці іншы пункт.

Былі і другія просьбы: як выкарыстаць прыбярэжныя лугі ў зоне, што была пад кантролем гітлераўцаў, і як наогул праводзіць касьбу ў гэтым годзе — ці калектыўна, ці падзяліўшы на шнуры, як рабілі гэта даўным-даўно. Былі просьбы як-небудзь памагчы вызваліць з фашысцкай турмы блізкага чалавека ці даведацца пра яго лёс. Былі часам просьбы такія, якім здзіўляўся і сам бацька Мірон, і, паколькі вырашэнне іх не ўваходзіла ў яго кампетэнцыю, як ён гаварыў, яму аставалася іншым разам толькі разводзіць рукамі.

Каля яго зямлянкі ў лесе ці каля хаты на сяле, куды ён наязджаў, тоўпілася ў такія дні чарада народу. Звычайна Астап ці хто другі са старэйшых наводзілі сякі-такі парадак у чарзе, прыкідваючы, у каго якая справа больш пільная і неадкладная. Часам і сам бацька Мірон непасрэдна апытваў усіх і вызначаў чарговасць прыёму. На сённяшнім прыёме за «дзяжурнага» быў Астап. Пакурваючы сваю люльку і перакідваючыся словам-другім з людзьмі, ён тут жа стрымліваў няўрымслівых кабет, якія лаўчыліся прайсці да бацькі Мірона без усякай чаргі.

— А ну, цётка, не выпінайся задужа, нічога з тваіх хітрыкаў не выйдзе. Трымайся парадку, як і ўсе.

— Ды я ж цябе просам прашу. Мне ж не да жартаў тваіх, калі ў мяне самая пільная патрэба да Мірона.

— Патрэбу тваю я навылёт бачу, толькі будзеш языком мянціць ды час дарагі адбіраць у камандзіра. Адыдзіся, кажу. Бачыш, людзей пад канвоем вядуць, тут пільнейшыя справы, чым усе твае бабскія плёткі.

Тыя, што былі пад канвоем, як пераступілі парог зямлянкі, так і кінуліся на калені.

— Што такое? — важка падняўся з-за стала Мірон.— У чым справа? — запытаўся ён у канваіраў.

— Ды бачыце, заявіліся вось на заставу ды просяць, каб да вас даставілі.

— Уставайце, людзі. Што такое з вамі?

— Расстраляйце нас, бацька Мірон.

— Вось дык новы клопат! Чаму я вас павінен расстрэльваць?

— Шпіёны мы, бацька Мірон.

— Ну, шпіёнам я тым часам не бацька,— нахмурыўся Мірон.— Аднак уставайце, не царква тут, і я не Мікола-спас, каб насамі зямлю перада мной поркаць. Якая справа да мяне?

— А справа такая, бацька Мірон, што сапраўды мы шпіёны, ужо дзесяты дзень як шпіёны.

— А раней дзе былі?

— У шпіёнскай школе, бацька Мірон.

— У Цайта?

— А халера яго ведае, ці ён Цайт ці ён Вейс, два там у начальніках ходзяць.

— Прозвішча тваё?

— Пакацей Сямён.

— Так, Пакацей, пакаціўся ты, выходзіць, не па той дарожцы.

— Зусім мне няма пуці цяпер, не толькі што дарожкі.

— Дык кажаш, што дзесяты дзень у шпіёнах ходзіш? — перапытваў Мірон, заглядаючы ў сваю патрапаную запісную кніжыцу, якую выняў з унутранай кішэні пінжака.

— Дзесяты, бацька Мірон.

— Дык жа брэшаш ты, нягоднік, бо ходзіш у сабачай годнасці ўжо чатырнаццаць дзён. Ты ж скончыў школу першага чэрвеня, а сёння ўжо шаснаццатае.

— Я ніколечкі не маню, бацька Мірон, і яны вось пацвердзяць. Мы сапраўды скончылі школу першага, але ж нам далі яшчэ па пяць дзён вольных, нібы на адпачын, а потым ужо мы павінны былі наладзіць сувязь з іх агентамі, ну і пачаць работу.

— І наладзілі сувязь?

— А як жа.

— Яўкі іх ведаеце, паролі?

— А як жа, вось запішыце.

— Не спяшайся, запішам. Паклічце мне Блешчыка! — загадаў Мірон аднаму з канваіраў.

Блешчык, будучы начальнікам штаба, выконваў абавязкі і па разведцы. Разам з ім Мірон яшчэ доўга дапытваў трох перабежчыкаў. У аднаго бацька сядзеў у турме, у другога сям’я была ў заложніках, у трэцяга гестапа арыштавала двух братоў. Пад пагрозай расстрэлу арыштаваных сваякоў, гэтых трох хлопцаў гітлераўцы паслалі ў лазутчыкі, прапусціўшы праз сваю «школу служачых лясных запаведнікаў». Пры ўмове добрай службы ім абяцалі і добрую ўзнагароду, і волю для іх блізкіх.

Хлопцаў адвялі ў адну з спецыяльных будынін, дзе і пакінулі пад вартай. Мірон загадаў Блешчыку:

— Агентаў, на якіх паказалі яны, неадкладна знайсці, арыштаваць і не марудзячы знішчыць. А разам з тым выпусціць належную лістоўку, ды да прозвішчаў расстраляных дадаць і прозвішчы гэтых трох хлопцаў. Адразу двайная карысць будзе. Людзі вызваляцца з турмы як сваякі пацярпеўшых ад «лясных бандытаў». А гэтых «шпіёнаў» пасля дакладнай праверкі пашліцё на работу ў дальнія групы або ў суседнія атрады. Вядома, не пакідаючы іх без моцнага нагляду. Адным словам, дзейнічайце, Андрэй Сяргеевіч, так, як дамовіліся, і фарсіруйце справу з Цайтам. Скажыце там Астапу, каб пускаў наведнікаў.

Хутка ў зямлянку зайшла кабеціна гадоў за трыццаць. Яна ўсё хуталася ў хустку, нібы саромеючыся паказаць свой твар, і тапталася ля парога, не адважваючыся ступіць далей.

— Хадзі бліжэй ды сядай, а то ногі памлеюць стоячы.

— Ды мы і пастаім, нічога...

— Ты ж, відаць, па нейкай справе, маладзіца, гавары, паслухаю.

Жанчына, закрыўшыся яшчэ больш сваёй хусткай, расплакалася. Ды так расплакалася, што аж захадзілі хадуном яе плечы.

— Ну, супакойся ды садзіся...— Мірон і зэдлік падставіў, і сам бліжэй падышоў.— Расказвай, кабета.

— Што ж тут расказваць, калі прыйшла я па такой справе, што і гаварыць пра яе адно сарамоцце... Хацела да доктара вашага заявіцца, але да яго не пушчаюць туды, у шпіталь ваш.

— Хвароба хіба якая?

— Як вам сказаць... каб жа хвароба, а то яшчэ горш... Загрубела я, родны мой...

— Загрубела? Дык чаго ж бедаваць? Акцябрыны будуць, паможам табе такога партызана выгадаваць, што на старасць будзе хлебам карміць.

— Каб жа партызана, а то, можа, гітлераўскі сын...

— Што ты вярзеш, баба? — нахмурыўся Мірон.

— Шчырую праўду кажу. Як начавалі ў нас месяцы два таму назад гэтыя гады, ну і згвалтавалі тады, п’яныя. Удвух яны былі ў мяне ў хаце, ды яшчэ на двары на машынах іх колькі начавала. Дзе мне было бараніцца ад іх, калі была я адна-адзінюткая ў хаце.

— А можа, ты і сама, па жаночай слабасці, кабета, саграшыла з кім?

— Божачка мой, і гэта вы гаворыце? Я ж да вас, як да роднага бацькі ішла. Спадзявалася. Думала, што не можа быць, каб не памог, каб мае астатнія леты не мець мне ганьбы. Што мне астаецца? Толькі адна дарога — у рэчку хіба... Адна надзея на вас...

— Вось табе маеш, я ж не доктар, каб такімі справамі займацца.

— Дык не пра вас жа ідзе гаворка, бацька Мірон. Загадайце свайму доктару, каб ён мне зрабіў... ну, гэты самы...

— Фу ты, д’ябальшчына...— ледзь не ўзлаваўся бацька Мірон.

— Злітуйцеся, родненькі, памажыце, усё жыццё буду за вас бога маліць.

Нахмураны Мірон дастаў лісток паперы, напісаў запіску доктару.

— Ідзі, баба, вось з гэтай запіскай да доктара, ён там ужо ўважыць тваёй просьбе... Ну хто ў цябе там яшчэ, Астап? — спытаў ён, выпускаючы жанчыну, якая на развітанне прасіла яго напрамілы бог не казаць нікому, чаго яна прыходзіла да яго.

Тут пачуўся Астапаў бас:

— Ды во не дам рады яшчэ адной бабе. Так жа насядае, што хоць ты за стрэльбу бярыся.

Нешта хацеў сказаць Мірон, але яго перабіў хуткі вісклівы голас, што застрачыў, як з кулямёта:

— А паспрабуй, барадаты, за стрэльбу ўзяцца! — і ў зямлянку, як віхор, уварвалася разгневаная цётка. Следам за ёю ў дзверы ўсунуўся і збянтэжаны Астап.

— Ну вось бачыш, пралезла-такі, чортава баба!

— Астап, хіба можна так на жанчын гаварыць? — і Мірон усміхнуўся ў вусы.

— Яму, бацька Мірон, гэтаму ліху барадатаму, каб волю даць, дык ён увесь наш род жаночы са свету звёў бы. Ідзі адсюль, душа лесавая, дай мне з начальнікам пагаварыць.

Мірон падміргнуў Астапу, і «лесавая душа» падалася з зямлянкі.

— Ну дык пра што ж мы будзем гаварыць з табою, цётка Матруна? — з некаторай боязнасцю ў голасе сказаў Мірон, зірнуўшы на сваю новую субяседніцу. Цётку Матруну ён знаў даўно, яшчэ да вайны. Жыла яна непадалёку ад лесапільнага завода, на якім ён некалі працаваў. Тады ж працавала работніцай на заводзе і пляменніца цёткі Матруны — Гарпіна, дзяўчына ўжо ў гадах, Не вельмі галіліся жаніхі на выхаванку цёткі Матруны за не досыць цвёрды характар самой Гарпіны. Амаль што кожнага года яна не з’яўлялася на які месяц на працу, і тады Мірон пасылаў па цётку Матруну, каб даведацца, чаму ж прагульвае Гарпіна. І, як заўсёды, цётка Матруна, відаць, не здольная на асаблівыя выдумкі, гаварыла ўсё адны і тыя ж прычыны.

— Ведаеце, дзіця, ці ж за ім дагледзіш? Ну, з’ела няйначай моркаўку ці яшчэ якую трасцу-сырызну ды пачала жыватом кволіцца. Што ж мне рабіць, як даць ёй рады! Ну, адвезла ў бальніцу, няхай паляжыць крыху. Я ўжо вам і даведку ад доктара зрабіла.

А дзіцяці было ўжо за трыццаць год.

Паколькі гэта паўтаралася амаль што з году ў год, то часам цётку Матруну і не турбавалі. Раз Гарпіна не на працы, то, відаць, ізноў прагул тлумачыўся не ў меру спажытай гароднінай...

Сказаць, каб Мірон быў вельмі рады сустрэчы з цёткай Матрунай, было б яўным парушэннем справядлівасці. Ён ведаў яе характар, яе здольнасць сыпаць словамі спрытней за самы спраўны аўтамат. А самае галоўнае, што не менш як паўгадзіны, а то і больш адбярэ на свой візіт цётка Матруна. З ёй трэба было і ўмець гаварыць. Яна пачала сваю гаворку здалёк:

— Дык як жа ваша здароўечка, таварыш дырэктар?

— Як бачыце, цётка Матруна. Мацуемся патроху тым часам.

— Што ж, і добра, калі чалавеку няма на што скардзіцца. Але ж схуднелі вы няйначай і тварам крышачку памізарнелі. Ды яно вядома, без догляду, без жаночае рукі. Няма каму і паклапаціцца пра вас як след, і накарміць у час, і ў пору спаць пакласці... Ну што ні кажыце, але чалавеку без догляду, без падмогі кепска. Я і па сабе мяркую. Божа мой, божа, каб жыў быў мой чалавек, то зусім іначай ішла б мая доля. Ці то жаночы клопат: і пра кавалак хлеба дбай, і каб дровы былі ў печы — падумай, а там шула павалілася, а там страху вецер прадраў, а бо-о-жухна мой, колькі таго клопату кругом... Ці з тваім жаночым розумам ды з слабай нашай рукою з усім гэтым справіцца...

Мірон не без павагі зірнуў на слабую руку цёткі Матруны, якой яна напавал палажыла суседскага парсюка, калі той памерыўся быў забрысці ў яе гародчык. Як трахнула кулаком паміж вушэй, той адразу і асвежаваўся. Узяла тады таго парсюка і перакінула на суседскі двор, каб не было лішняе звягі. Гэтай жа «слабай» рукою яна паўшчувала другога свайго суседа, які з п’яных воч памкнуўся быў спакусіцца на яе жаночы гонар. Два тыдні адлежваўся потым на печы, пакуль акрыяў як след ды сталі глузды на месца, як гаварыла цётка Матруна. Была вядома і яшчэ адна падзея, што адбылася за якія гады два да вайны. Злавілі тады мужыкі сома ў затоцы. У самы паводак трапіў ён няйначай туды, а калі вады паменшала, ніяк не мог выбрацца назад, у раку. Здаравенны быў саміна, пуды на тры, на чатыры. Сяк-так падчапілі яго, выбавілі на бераг. І цётка Матруна была пры гэтым. Праўда, у ваду яна не лазіла, усё больш па беразе хадзіла ды каманду падавала:

— Вы яго, д’ябла, пад зябры хапайце, пад зябры. Ды не трапляйце пад хвост, ногі пераб’е...

Калі сом ужо быў на беразе, паслалі мужчыны па каня ў вёску ды ўсчалі тут сварку, як таго сома дзяліць, бо ад хваста на ім тлушчу болей, а пасярэдзіне ды бліжэй да галавы, ну, дрэва-дрэвам, які тут наедак з таго мяса. Заўважылі тут каторыя, што сом ужо на Матруніным гарбу паплыў, пачалі ўгаворваць:

— Ды не старайся ты задужа, зараз жа з канём пад’едуць, яшчэ надарвешся, кабета.

— Нічога, як-небудзь дапну яго, вусатага...

І дапнула тым часам. А пакуль тыя каня знайшлі, ды запрэглі, ды прыехалі, Матруна з Гарпінай ужо соміка асвежавалі, колькі было гаршкоў ды катлоў, завалілі тым сомам увесь посуд — і ў печ. Сёе-тое Матрунінаму парсючку дасталося, каб жа не прападала дабро, не псавалася дарма.

Пад’ехалі мужыкі да Матрунінай хаты, а Матруна з Гарпінай ужо смажанай самінай ласуюцца.

Урачыста на двор уз’ехалі, драбіны ў возе паправілі, каб ямчэй таго сома ўзваліць,— і ў хату.

— Ну, давай, брат, Матруна, рыбіну!

— Якую вам рыбіну?

Абышлі мужыкі і двор і пад паветку глянулі, зазірнулі і ў адзіны хляўчук Матрунін. Яе парсючок мірна парохкваў, грызучы саміныя зябры ды яшчэ сёе-тое ад галавізны.

— Д’ябал, а не баба,— узлавалі тут мужыкі,— паспела і асвежаваць ужо. І зноў да Матруны: — Ну дык давай дзяліць будзем!

— Што? — пытаецца яна ды латошыць тым часам хвост саміны.

— Рыбіну, а не што...

— Якую там рыбіну? Ці не прыснілася вам што пасля ўчарашняга свята?

І сапраўды, быў мінулага дня прастол, дык не абышлося без таго, што некаторыя і дзюбнулі, і не то што крыху, а як і належыць добраму чалавеку ў святы дзень. Таму і пачухалі некаторыя патыліцы, а можа, і сапраўды ўсё гэта нейкае д’ябальскае насланнё ці проста круціць яшчэ ў галаве ўчарашняе. Некаторыя ўсур’ёз ужо запыталіся:

— Ты, Матруна, без жартаў: рыбіну ж ты сама несла?

— Вядома, сама. Вы ж хворыя, каб памагчы няшчаснай жанчыне.

— Вось бачыш, сама прызнаешся, што рыбіну ўзяла...

— Ведаеце што, хлопцы,— страціла ўжо ўсякую цярплівасць Матруна,— не ўводзьце мяне ў гнеў...

І, выйшаўшы з-за стала, пачала лёгкімі кухталямі выправаджваць мужыкоў за дзверы. Паўпіраліся трохі, ды што ты зробіш, калі сілком за парог перастаўляе.

Падаліся былі ў сельсавет на Матруну скардзіцца. А там паднялі іх праз тую рыбіну на смех.

Яшчэ раз наважыліся на Матрунін двор пайсці, бо там жа і конь стаяў, трэба было даць яму парадак. Але і каня ўжо не было. Гарпіна паехала на ім па дровы. Мужыкі, заўважыўшы цётку Матруну, ужо больш лагодна да яе падкаціліся:

— Хоць бы пачаставалі вы нас, цётка Матруна!

— Вось гэта другая гаворка! А то заявіліся як на сваё... Ідзіце ў хату.

І трэба аддаць справядлівасць цётцы Матруне, яна такі не пашкадавала самяціны на пачастунак.

— Ешце, хлопчыкі, ешце, мне не шкада. І ведаеце ж, такое дзіва з гэтай рыбінай. Як несла, дык жа такі цяжкі быў, што здавалася, во мяса будзе, на добры месяц. А выняла з яго вантробы ды пухір выкінула, ды як усмажыла, дык дзе тая і рыбіна дзелася. Дзіва, як усыхаецца!

Мірон успамінаў усе гэтыя прыгоды і, намагаючыся, каб не засмяяцца не ў часе, слухаў Матруну, спыніць якую магло толькі якое-небудзь цуда. Слухаў і ўсё сіліўся дапяць, куды горне субяседніца, бо дарма яна мянціць языком не любіла.

— Дык вось, таварыш дырэктар, так без мужчынскае падмогі і жывём, сяк-так перакідваемся. Вядома, і ўкрыўдзіць нас кожнаму лёгка, бо заступнікаў у нас асаблівых нямашака. Так і гаруем з няшчасным дзіцем. А начальству што? Яму ніякага клопату да нас. Яму абы камандаваць гэтымі лайдакамі, гэтымі круцялямі, не дай ты божа.

«Няйначай ізноў з партызанамі не паладзіла?» — падумаў Мірон і ледзь не ўсміхнуўся, але ў часе засцярогся, каб не пакрыўдзіць часам цётку, якая ўжо ражком хусцінкі змахнула адну слязіну з вока і цяпер натужна выціскала другую.

Каб крыху прыскорыць справу, Мірон запытаўся:

— Адчуваю я, што нехта пакрыўдзіў вас?

— Мяне? Ого! Не жыве яшчэ такі чалавек на свеце. Адзіную маю дзіцю, пляменніцу маю Гарпіну ўкрыўдзілі...

— Божа мой, і хто ж?

— А ты пачакай, спяшацца некуды, разбярыся з толкам, я табе ўсё раскажу, ты толькі слухай.

— Слухаю, слухаю, цётка Матруна!

— Не перабівай мяне, бо ты мяне з правільнай думкі збіваеш. Я табе ўсё па парадку скажу. Вось слухай. Адных яечняў, можа, з дзесяць спляжыў, а на яе хоць бы вокам кінуў...

— Чакай, чакай, хто тыя яечні спляжыў, якія яечні?

— Вядома, хто... Дубок твой гэты самы...

Тут цётка велічна зірнула на Мірона і, сурова нахмурыўшы бровы, прагаварыла як адрэзала:

— Усе вы, мужчыны, на адзін лад скроены.

— Нічога не разумею, цётка Матруна, дальбог не разумею. І пры чым тут Дубковы яечні?

— Ды не Дубковы, а мае... Дзесяць яечняў спляжыў і хоць бы вокам на яе кінуў...

— Дык навошта ж вы яму давалі гэтыя праклятыя яечні?

— Ніхто, дзякаваць богу, на мае яечні яшчэ не скардзіўся...— нахмурылася Матруна.— А давала я яму праз Гарпіну...

— А пры чым тут Гарпіна? — запытаўся бацька Мірон, у якога пачынала зелянець у вачах ад гэтага ачмурэння.

— А пры тым, паважаны мой дырэктар,— ужо сухім, афіцыйным тонам загаварыла цётка,— што яна адзінае маё дзіця цяпер. І няма каму клапаціцца пра яе шчасце, акрамя мяне. І я клапачуся, з сілоў выбіваюся, а яно ўсё не ідзе на лад. Замуж вось выдаю яе.

— За Дубка? — і ў голасе бацькі Мірона адчувалася шчырая трывога.

— Ну, а за каго ж!

— Хвала табе госпадзі, як я рад...— не сказаць, каб шчыра, выявіў сваю радасць Мірон і тут жа падумаў: як жа собіла яму трапіць у такі нерат.

— Рад!..— перадражніла цётка Матруна.— Каб лютым маім ворагам такая радасць была...

Мірон, прыадчыніўшы дзверы зямлянкі, гукнуў на ўсю паляну:

— Астап, дзе ты падзеўся? Дай вады, а то я самлеў тут у гэтай спякоце. Ну, кажыце далей, ды, можа, як бліжэй да канца.

— Якога канца, калі яго не відаць яшчэ, ды і ці будзе ён, калі ты не ўмяшаешся ў гэтую справу.

— А пры чым жа тут я, цё-о-тухна ты мая! — проста ўзмаліўся тут чалавек.

— Як пры чым? Ты над Дубком начальнік?

— Канечне.

— Ну, дык слухай. Дзеўка, кажу — лепшай не знойдзеш, ну і рукі залатыя. Праўда, крыху ў гадах. Але столькі той бяды... Дык вось... Ты слухаеш? Наважылася я выдаць яе замуж. Як-ніяк, усе мы людзі, усім нам лёс аднолькавы наканаваны. Ці доўга мне там жыць на гэтым свеце, трэба ж неяк пляменніцу прыпарадчыць, у добрыя рукі яе аддаць. Добра. Прыглядаюся. Тут і Дубок твой на вочы мне трапіў.

«Няшчасны хлопец...» — падумаў Мірон.

— Добра. Прыглядаюся да яго. Да сябе на кватэру паставіла. Бачу, хлопец, можна сказаць, як суджаны ў нашу сям’ю. Я яечаньку яму і раз, і другі. З’есць, няма чаго слова сказаць, і падзякуе, а каб на Гарпіну зірнуў, таго нямашака. Я тут і за Гарпіну ўзялася. Апранайся, кажу, лепш, ды каб на кожным кроку яму траплялася. Куды ён, туды і ты, ды што мне цябе вучыць, кажу, павінна ўжо сама разумець, як чалавека да сябе прылашчыць. І не дужа перад ім, кажу, прыніжайся. Ён расказвае, як фашыста б’е, а ты яму таксама скажы, што ты стаханаўкай была, што нават тваіх рук індыкі не міналі, птаха хоць і брыдлівая, але ж далікатная на догляд, не ўсякай такую даручаць. Ну і на тое намякні, што ты і кросны можаш ткаць у любыя ніты. А калі ён будзе сваімі баявымі справамі выхваляцца, дык і ты яму раскажы, як ты старасту раз так адхвастала, што той без памяці праз усю вёску бег. І што ты думаеш, Мірон Іванавіч? Дык жа нічога не выходзіць!

— Ага! — прахапіўся бацька Мірон, які перад гэтым прыдрамаў крыху.

— А ты не агакай, а слухай. Яечню гэта я сасмажу яму, на стол пастаўлю. Тут і Гарпіна ў святочным убранні сядзіць і пра індыкоў пачынае гаварыць. А ён сабе слухае, яечню аплятае ды яшчэ і чарку там перакуліць адну-другую...

— Што-што, цётка Матруна? Ты, выходзіць, і самагонам займаешся? Глядзі ў мяне. За гэта не пахвалю.

— А божа мой, якая там самагонка? Дужа ўжо я і расшчодрылася. Але для такога выпадку, як заручыны, не грэх і пляшку паставіць. Але гэта ж не жарты — дзесяць адных яечняў спляжыў і хвастом накрыўся. Няма ніякае ні веры, ні меры.

— Дык што ж, цётка Матруна, відаць, не выпадае ім жаніцца, калі самі сабой не могуць паразумецца.

— Якое там паразуменне патрэбна! Мяне некалі бацька дубцом адсцябаў, і пайшла як міленькая.

— Тое было даўно. Цяпер другі час. Нельга ж сілком жаніць чалавека.

— Каб жа я сілком! Я ж дабром хачу. А ён, бачыш ты, якім бокам да мяне павярнуўся... Я, вядома, не дарую яму, яшчэ прыпомню яму тыя яечні, калі не будзе па-мойму. Хіба вось ты паможаш мне ў гэтай бядзе, а так я дам яму рады. Я ўжо і ўзялася была за яго. Дык што ты думаеш? Гэта ж не чалавек, а ўбівец, ён жа на маё жыццё пасягае... Ну чаго ты вочы вырачыў, Мірон Іванавіч? Ён жа сапраўды, гэты хуліган твой, абяцаў мяне і Гарпіну жыцця рашыць. Так і сказаў гэты люты разбойнік: калі, кажа, ад мяне не адчэпішся, дык пушчу вас з дымам, з пылам на вецер.

— Ну, ну, ну, цётачка, ты ўжо, здаецца, перахапіла тут крыху. Такі хлопец, ды каб на добрага чалавека руку падымаў?

— Вядома, мне, няшчаснай кабеціне, ты не паверыш. Хто ж мне, акрамя цябе, паверыць? Хіба для гэтага я ішла да цябе? Ты хоць суседзяў маіх распытай, як ён ужо ўчора траха мае хаты не спаліў.

— Як гэта — траха не спаліў?

— А так... Ну трохі я пасварылася з ім, а ён, што-о ты думаў? Аж расказваць і то страшна. Вісеў на шчыкеціне ў мяне гладышок такі ладны. Ён, нічога не кажучы, бярэ гэты гладышок са шчыкеціны, ставіць яго на зямлю, потым нешта кладзе пад яго, запалкай чыркануў. І божа мой міласлівы, як бахне, аж шыбкі затрымцелі. Ад гладыша і следу не асталося: толькі дым — шызы-шызы — так дугой і перавязаў паўнеба. Умлелі мы ўсе, ледзь на нагах стаім. А ён глянуў на нас, злосны, ды і гаворыць: калі не адчэпішся ад мяне, тое будзе і з вамі, і з вашаю хатаю. І костачкі вашы ў небе парассыпаюцца.

Мірон зірнуў на цётку Матруну і, ледзь стрымліваючыся ад смеху, вымавіў, аднак, сур’ёзна і сурова:

— За такое хуліганства мы яго, цётка Матруна, па галоўцы не пагладзім. Абяцаю табе ўзгрэць яго за такія рэчы як мае быць.

— Зрабі, родны, зрабі. Загадай яму, гэтай заразе, каб з людзьмі па-чалавечы абыходзіўся.

— Загадаю, цётка Матруна. Усё ў цябе?

— Бадай што і ўсё... Ну, дык дзякуй табе, Мірон Іванавіч Проста ты мяне абнадзеіў, на ногі паставіў. Дык жа ўсяго добрага табе, бывай!

— Бывай, цётачка, бывай! Кланяйся там у вёсцы ўсім знаёмым.

І цётка павярнулася была ўжо да дзвярэй. Але, успомніўшы яшчэ нешта, зноў вярнулася назад.

— А ведаеш што, Мірон Іванавіч?

— Відаць, што не ведаю...

— Ты яго вельмі не ўшчувай. За гладыш, вядома, дай яму кару, і няхай ён, ірад, назад мне такі ж верне. Ну, а за яечню.. дзе ты тут спагоніш з яго, ды і я ж сама з гэтай яечняй падношвалася. А можа, хлопец яшчэ і на розум узыдзе? Усё ж бывае. Дык ты гэтага лайдака не вельмі карай, халера яго бяры і гладыш той, не ім жа на свеце жывём. Ты вось што загадай яму лепш, як камандзір ягоны. Няхай ён, зараза, лепш жэніцца па дабры... Навошта нам сварыцца.

— Дык ён і сапраўды, можа, пакрыўдзіў Гарпіну?

— А божа мой, я, можа, і рада была б, каб ён пакрыўдзіў, мне лягчэй было б тады з ім распраўляцца. А то ж няма прычыны. А ты па-камандзірску аддай загад, мо ён і паслухае...

— Аддам, цётачка, аддам, хоць за вынікі і не ручаюся, бо гэтыя справы не зусім пад маёю камандаю.

— А ты паспрабуй, ты ўсё можаш! — улашчвала цётка Матруна.

— Ну, паспрабую... А што выйдзе, паглядзім... Ды вось што хацеў я сказаць яшчэ вам, цётка Матруна...

Задумаўся на хвіліну Мірон, як бы тут лепш падысці да гэтага чалавека, каб няўрымслівую энергію яго пусціць на добрую справу. Здаўна ведаў ён цётку Матруну, якая часам такія справы рабіла, што слава аб ёй ішла па ўсім раёне. Даўным-даўно верхаводзіла яна ўсімі жанчынамі ў раёне, калі хадзіла ў жаночых дэлегатках. Арганізоўвалі калгасы — і тут яна не была ў баку ад справы. А калі ішла вайна ў Іспаніі, яна такі наладзіла збор рэчаў для іспанскіх дзяцей, што для гэтых рэчаў спатрэбіўся ледзь не цэлы вагон, і яе тады здымалі, партрэт змясцілі ў цэнтральных газетах. Вось яна якая, цётка Матруна! Толькі пасля смерці мужа неяк адышла ад грамадскіх спраў, зашылася ў сваю гаспадарку, у сямейныя дробязі. А хто вінаваты ў гэтым? Вядома хто... Перасталі цікавіцца ёй, забыліся. Няўдалы жанарганізатар праваліў усю жаночую працу, паразгубіў актыў, усё больш аб паперках клапаціўся, чым аб жывых людзях. Часткова і ён быў вінаваты як дырэктар лесапільні, на якой працаваў яе муж.

Успомніўшы ўсё гэта, сказаў ёй:

— Вось я хацеў папрасіць цябе аб адной справе, не ведаю толькі, ці згодзішся ты...

— Кажы, кажы, якая там у цябе справа.

— Скажу, вось толькі наведаемся з табой у наш шпіталь.

— Што ж, сходзім...— пагадзілася цётка, улашчаная такім запрашэннем. Урэшце, была ёй цяпер магчымасць паказаць той «лесавой душы», што яна не абы-хто, што сам камандзір гаворыць з ёй, як з блізкім чалавекам, вядзе яе сваю гаспадарку паказваць. Няхай тая барада навучыцца, як з жанчынамі абыходзіцца.

Яны наведалі дзве хаты, у якіх знаходзіліся параненыя і хворыя. Мірон гаварыў з доктарам, распытваў саміх параненых аб іх лячэнні. І цётка Матруна ўстаўляла сяды-тады сваё слова, накінулася на доктара, што просціны на некаторых ложках былі вельмі заношаныя, старэнькія, лапік на лапіку.

— Другіх няма, дзе ты іх цяперашнім часам знойдзеш? — апраўдваўся доктар.

— Як гэта дзе? Сабраць трэба, па людзях...— абурылася цётка.

Наведалі і цяжка параненых. Некаторыя з іх былі непрытомныя, нерухома ляжалі на ложках, укручаныя ў бінты, на якіх праступалі чырвоныя плямы. Як жа баялася крыві цётка Матруна... Хадзіла сама не свая, намагалася ступаць на дыбачкі, каб не рабіць лішне грукату сваімі ботамі. Уздыхала. Чула, як Мірон запытаўся ў доктара, ці хапае малака ды ягад для цяжка хворых.

— Дзе там хапае. І з малаком перабоі, ды і з ягадамі не сказаць каб было добра. Дзякаваць вось дзеду Сымону, назбірае калі ў лесе са сваёй брыгадай, прышле, тым і жывём..

— Божа мой, ды цяпер ягад у лесе хоць засыпся! — умяшалася цётка Матруна.

— Можа, хто і засыпаецца, а для параненых дык збіраць няма каму...— злосна адказаў доктар.

Матруна прамаўчала. Выйшла з Міронам са шпіталя прыгнечаная.

— Божа мой, божа, такія ж маладзенькія, а так жа пакутуюць...

— Не лёгкай справай займаюцца хлопцы. Ваююць. А калі ваююць, то і гора хапаюць. Некаторыя ж не разумеюць ды яшчэ гэтых хлопцаў лайдакамі абзываюць. Бываюць жа такія людзі, каторыя ў гэты цяжкі час ліха ведае аб чым думаюць ды яшчэ другім назаляюць рознымі глупствамі.

— Ці не пра мяне ты гэта, таварыш дырэктар? — у засмучэнні праказала цётка.— Можа, я, па дурноце сваёй, і назвала некаторых лайдакамі. Ты не зважай, даруй мне, урэшце... А з ягадай мы справу паправім... Ды мы засыплем ягадай, няхай ядуць на здароўе, папраўляюцца. Гэта ж добрага кампоту ці кісяльку хвораму зварыць можна. І з малаком можна лепш наладзіць, ды і просцін тых прыстарацца і другіх рэчаў для іх. Вось я падгавару сваіх жанчын, дык мы ж зараз прыстараемся.

— Вось гэта словы, цётка Матруна!

Мірон правёў яе з лагера. Запытаўся знеціку:

— Дык як жа будзем з загадам Дубку? Аддаваць ці не?

— Ах, Мірон Іванавіч! Смяешся ты з мяне. Ну, нагаварыла я табе ўсякай тут лухты. Усяго таго, аб чым і не варта думаць цяперашнім часам. Ды колькі часу ў цябе забрала. За гэтае ўсё даруй мне... А што абяцала, дык тое зраблю. Тут ты можаш не сумнявацца.

— А я і не сумняваюся, ведаю ж вас, не першы дзень.

Яны развіталіся добрымі прыяцелямі.

Цётка Матруна спраўдзіла свае словы. Такую разгарнула потым дзейнасць, што не было, бадай, ніводнай жанчыны ў зоне, якая б не клапацілася аб партызанскім шпіталі.

* * *

Амаль што з усіх бакоў подступы да зоны бацькі Мірона былі прыкрыты дзе балотамі, дзе забалочанымі лясамі, так што забрацца ў гэтую зону ці перабрацца праз яе ў другія раёны было для немцаў справай даволі цяжкай. Але кіламетраў за дзесяць ад горада пачынаўся высокі пясчаны груд, які цягнуўся кіламетраў на трыццаць — сорак у глыб партызанскай зоны. Гэты груд падыходзіў да ракі вузкім клінам, далей ён паступова пашыраўся і ў некаторых мясцінах даходзіў кіламетраў да дзесяці ў шырыню. Шумеў на гэтым грудзе векавечны бор, які перамяжаўся бярозавымі гаямі і дубнякамі. Праз гэты груд і прабіраліся часам нямецкія атрады ў зону бацькі Мірона і ў другія раёны. Звычайна яны перапраўляліся з другога берага, якраз насупраць кручы, ад якой пачынаўся той груд. Спрабавалі яны наязджаць сюды з горада і на двух-трох лайбах, якія буксіраваў невялічкі параход.

Спрабавалі ставіць і на грудку, і ў самым месцы высадкі пяхотныя і супрацьтанкавыя міны, але немцы, разы з два напароўшыся на іх, сталі больш асцярожныя і хутка абясшкоджвалі партызанскія міны ў гэтым месцы.

Тады Дубок і прапанаваў Мірону паднесці немцам такі сюрпрыз, які надоўга адвучыў бы іх лазіць цераз грудок.

І ўжо з тыдзень, як Дубок з групай партызан жыў у хмызняках непадалёк ад берага ракі. Ён цэлы дзень шныпарыў на чаўне па рацэ, хадзіў па перакатах, ныраў, прыглядаўся да пясчанага дна, расстаўляў ледзь прыкметныя вешкі.

Сюды ж, на грудок, Дубку даставілі тры авіябомбы, якія некалі не ўзарваліся пры бамбёжцы шашы. Як запаслівы гаспадар, Дубок прыхаваў іх у свой час у лясных сваіх сховішчах, і цяпер яны як нельга лепш спатрэбіліся яму ў задуманай справе. А задума Дубка была вельмі простая: ён наважыўся паставіць донныя міны.

Некалькі дзён засаб ён поркаўся на рацэ, выбіраючы больш зручныя месцы для ўстаноўкі мін. І вось урэшце яны былі ўстаноўлены, дзве па фарватэры і адна, самая буйная, у глыбокім віры пад кручаю, куды звычайна немцы прычальвалі параход, калі рабілі свае высадкі. Міны добра залажылі яшчэ розным каменнем, каб іх часам не змыла плынню. Да кожнай міны працягнуліся трапна замаскаваныя драты, канцы якіх былі прыхаваны ў прыбярэжных кустах.

Калі ўся работа па ўстаноўцы мін была завершана, Дубок атрымаў загад неадкладна з’явіцца да бацькі Мірона. Ад яго атрымаў ён новыя інструкцыі: трэба было зараз жа перабрацца на другое месца па рацэ, ледзь не пад самы гарадок, і там атайбавацца на некаторы час. Новае заданне не мела нічога агульнага з міннай справай. Былі праведзены і некаторыя змены ў складзе самой групы. Сюды былі падабраны толькі самыя спрытныя плыўцы. А некаторыя ўзброіліся яшчэ косамі і граблямі. У тым месцы ішоў сенакос, і хлопцы для лепшай маскіроўкі запасліся і належным інструментам.

 

16

Больш за месяц Слышэня быў прыкуты цяжкай хваробай да пасцелі. Яшчэ тады, калі праляжаў ён халодную красавіцкую ноч у вымушанай магіле, схапіў цяжкае запаленне лёгкіх. Ён быў непрытомны, калі партызаны, якія выпадкова тады натрапілі на яго, даставілі ў свой атрад. Ніхто не мог дабіцца ад яго, што ён за чалавек, адкуль і пры якіх акалічнасцях быў паранены.

Яго палажылі ў партызанскі шпіталь. Тыдні са два яго лічылі безнадзейным хворым. Але добры догляд зрабіў сваю справу, і паступова, з кожным днём, становішча яго пачало ўвачавідкі мяняцца на лепшае. На шэрых, зямлістага колеру, шчоках з’явілася нешта падобнае на румянец, ён перастаў трызніць, а пад канец чацвёртага тыдня позірк стаў спакойны, асэнсаваны. Слышэня ўважліва агледзеў сцены шпітальнага пакоя — гэта была звычайная сялянская хата. У кутку невялічкі столік, ля якога драмала, седзячы, жанчына ў белым.

Хутка першы сонечны прамень нясмела прабіўся ў хату і празрыстым золатам расплыўся па ўсім, што трапілася яму на дарозе.

Наступіла раніца. За акном зацята зашчабяталі ластаўкі. Недзе галасісты пявун, не шкадуючы сілы, пракрычаў «ура» наступаючаму дню, і яму азвалася з паўдзесятка яго калег.

І неяк пасвятлела на душы ў Слышэні, нібы кінуў хто туды кавалачак сонечнага золата, што пералівалася зайчыкамі на сцяне.

«Раз пеўні крычаць, значыць немцы далёка...»

Такая прыйшла думка. І ён пачаў уважліва прыглядацца да ўсяго, што ўбачыў упершыню ў гэтым пакоі. Ён сіліўся ўспомніць акалічнасці, пры якіх трапіў сюды. І не мог іх успомніць. Помніў толькі красавіцкі вечар і сонечную красавіцкую раніцу, калі так багата было сонца, у светлых праменнях якога купаўся тады жаўранак са сваёй песняй. Былі тады і халодная начная макрэдзь на полі, і гурбы падталага снегу ў лесе пад елкамі, пад якімі ледзь не замёрз ён.

А пеўні зноў пераклікаліся дзесьці за акном, ці на вуліцы, ці дзе на лясной паляне ў партызанскім лагеры. А чаму партызанскім? А можа, гэта паліцэйскі гарнізон? Там, дзе многа паліцаяў, там таксама могуць быць пеўні, іх жа не адбіраюць немцы ў сваіх служак. І Слышэня, якому так хацелася гаварыць, абмяняцца з суседам па тапчану сваім першым словам, суцішыўся, каб быць сярод гэтых хворых зусім непрыкметным і да пары да часу не даць ім заўважыць, што ён пачаў ачуньваць, што ён бачыць, чуе, разумее ўсё.

А навакол ужо ўсё абуджалася.

За ўсім прагна назіраў Слышэня. Назіраў і думаў: колькі ж ён праляжаў у гэтым месцы? І, зірнуўшы яшчэ раз у акно, аж здзівіўся:

— Які ж я нездагадлівы...

За самай верхняй шыбай акна злёгку пагойдваліся абвіслыя галінкі плакучай бярозы. Чуваць было, як шапоча на іх лісце, нібы пераліваецца на сонцы жывым зялёным срэбрам. А тады, у тую памятную раніцу, дрэвы былі зусім яшчэ голыя і толькі з краю ямы звешвалася галінка вярбы, уся ў цёплых, залаціста-жоўтых пухнаціках.

— Багата, аднак, часу прайшло з тае раніцы...— здагадаўся і задумаўся.

А за спінаю чуваць былі перашэптванні хворых. Нехта зусім голасна сказаў:

— Падымайся, слабасільная каманда!

Тоненька дзвынкнулі шклянкі на стале, і жаночы голас спуджана прагаварыў:

— А божухна, так жа праспаць!

— А ты спі, не зважай...

— Што ты, што ты, хлопец, пара і тэрмометры ставіць.

Амаль ужо ўсе прачнуліся. За спінаю ў Слышэні гучна шапталіся яго два суседы па тапчане.

— Разумееш, у сне бобікаў бачыў...

Слышэня слухаў і адчуваў, як цяплела на душы. Ніякіх сумненняў быць не магло, што трапіў ён да сваіх, да партызан. Ён перавярнуўся на другі бок, хацеў запытацца аб нечым у свайго суседа, але тут жа адчуў такі востры боль у баку, што ўсё адразу нібы расплылося ў жоўтым тумане і на колькі хвілін ён страціў прытомнасць.

Калі ён ізноў пачаў адрозніваць прадметы, ізноў убачыў палату, як гучна называла гэтую хату ўласніца жаночага голасу. І тут жа заўважыў яе каля сябе. Гэта была маладзенькая дзяўчына з светлымі, залацістымі косамі, якія, здавалася, аж гарэлі на сонцы, якое забіралася сюды праз акно. У дзяўчыны быў такі кірпаты носік, што хацелася дакрануцца да яго. На свежым, пульхным твары, ад якога патыхала, здаецца, халадком ранішняй вады, сям-там параскіданы былі рэдкія залацінкі вяснянак. Яе рукі хадзілі хутка-хутка.

«Што яна робіць са мной?» — прыйшла недарэчная думка. І тут жа ўбачыў у руках яе бінт. Толькі цяпер ён зразумеў, што ляжыць забінтаваны. Дзяўчына асцярожна, але рашуча прыўзняла яго, зняла бінт і, прамыўшы рану, памазала яе нечым такім пякучым, што ў Слышэні набеглі слёзы, і ледзь чутна ён сказаў:

— Ах, як пячэ...

Дзяўчына на секунду сумелася. Яна глянула яму ў твар. У яе шэрых з сінявінкай вачах ён прачытаў спачатку нешта падобнае на здзіўленне. Потым яны адразу нібы заіскрыліся аганькамі, цеплыню якіх ён адчуў на сваім твары. А яна, шырока ўсміхнуўшыся яму, прамовіла і да яго і да ўсяе палаты:

— Глядзіце, загаварыў наш маўклівец... Вось цяпер ты малайчына, ну зусім малайчына... Мы вось зараз памыемся, ды і час за сняданак...

Яна тут жа паднесла бляшаны тазік з чыстай вадою і згорнутым мокрым бінтом пачала аціраць яму твар, сухія сасмаглыя губы.

— Я сам...— слаба сказаў ён, і яму самому здалося, што голас гэты даляцеў аднекуль здалёк.

— Знайшоўся мне герой! — з ласкавай пагардаю прагаварыла яна.— Гэта, братка, яшчэ не ў тваёй моцы, гэта табе яшчэ не прапісана. А ну, ну, не варушыся дужа, бо гэта таксама табе забаронена.

Яна камандавала ім, і ён з ахвотаю слухаў гэтую каманду, якая здавалася яму падобнай на ластаўчын шчэбет за акном.

Яшчэ тыдні з паўтара прабыў Слышэня ў гэтым шпіталі.

 

17

Саколіч хадзіў гэтыя дні ў прыўзнятым настроі. Былі нядрэнныя падставы для таго. Ужо добрых тыдні з два, як партызанскі аэрадром пачаў дзейнічаць і за гэты час прыняў некалькі самалётаў з Вялікай зямлі. Была адпраўлена ў Маскву значная група хворых і параненых, якім нельга было даць у партызанскіх умовах кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, асабліва хірургічнай. Адаслаў Саколіч і падрабязную справаздачу пра ўсе партызанскія справы, паслаў груду нямецкіх дакументаў, здабытых у гітлераўскіх штабах і ад палонных. Паслаў і кніжачку, здабытую ў друкарні мінскімі падпольшчыкамі. Была атрымана значная партыя зброі, асабліва аўтаматаў і розных боепрыпасаў, у тым ліку і ўзрыўчаткі. Масква прыслала газеты, літаратуру, некалькі невялікіх рацый, перасовачныя кінаапараты. Ужо ў некалькіх атрадах партызаны і мясцовыя сяляне праглядзелі новыя кінакарціны і хроніку франтавога жыцця. Хроніка разгрому гітлераўцаў пад Масквой хоць прыйшла і позна, але стала такой папулярнай сярод гледачоў, што ў штаб з’яўляліся дэлегацыі з далёкіх вёсак, каб прывезлі да іх карціну, у якой паказваецца, як па-сапраўднаму білі фашыстаў пад Масквой.

— Бачыш, як брахалі фашысцкія газеты, што ўжо канец Чырвонай Арміі.

— Слухай ты іх, пустабрэхаў!

— Бачыў, як лупілі фашыстаў і ў хвост і ў грыву!

— Што там у хвост і ў грыву? — умяшаўся тут дзед Пранук, які звычайна не прапускаў ніводнага выпадку, каб выказаць і сваё аўтарытэтнае слова.— Гэта ім, немцам, толькі пачатак, самыя, як сказаць, заручыны. А вяселле ім яшчэ наперадзе.

— Ці не збіраешся і ты, дзед, за немца брацца?

— А што ты думаеш? Ты мне хоць самаго Гітлера падсунь цяпер, дык я яму адразу дам парадак.

— Ну вось бачыш! Падсунь яму... Гэтак і тваёй Палашцы каб падсунулі, то яна і апалонікам магла б знявечыць яго.

— Ат, што мне з вамі гаварыць, са смехунамі... Хадзем, Пасцябунчык, пагаворым пра нямецкую сітуацыю, не з гэтымі ж блазнамі балбатаць нам.

Дзед не прапускаў выпадку сказаць мудрашчае слова. Пра сітуацыю ён не раз чуў ад Саколіча. Праўда, калі паспрабаваў дзед упершыню ўжыць гэтае слова, то і сам не рад быў. Здарылася гэта тады, калі на загад Саколіча запрэгчы ў каламажку коней дзед Пранук важка адказаў:

— Так што сітуацыя не дазваляе, таварыш камандзір.

— Якая ж там у цябе сітуацыя?

— Горш і не можа быць. Другі дзень, як жыватом качаюся. І чарніцы сушаныя Палашка давала, і ўзвар нейкі рабіла.

— Ну і што ж?

— А сітуацыя не праходзіць.

Тут усе, хто чуў гэтыя тлумачэнні, кінуліся ў такі рогат, што дзед Пранук нават пакрыўдзіўся.

— З гэтага смех малы, з кожным такое часам здараецца...

— А ты да доктара схадзіў бы са сваёй сітуацыяй.

— Быў.

— І што ён сказаў?

— Кажа, нічога страшнага. Пройдзе, кажа, твая сітуацыя і сама...

Дзед Пранук усё дашукваўся потым прычын, чаму смяяліся з яго. Ён сам жа чытаў у газеце, што сітуацыя ў немцаў такая, што горш быць не можа, не раўнуючы ў самы раз такая, як у яго з жыватом.

Каб памагчы дзеду адолець яго сітуацыю, Саколіч даў яму цэлую чацвярцінку з тых падарункаў, якія прыслала Масква на самалётах.

— Гэта спецыяльна для цябе прыслаў Цэнтральны штаб,— сказаў ён пры гэтым.

— Вось штаб дык штаб, гэта я разумею. Каб нават пра мяне паклапаціліся.

Дзедавай гордасці не было канца. На цэлы месяц яму хапіла расказаў пра чацвярцінку... спецыяльна прысланую яму з Масквы.

— Глядзі ты, такія важныя, брат, людзі, як Варашылаў ды Панамарэнка, пра мяне тым часам не забываюць. Ты гэта разумееш? — ужо сур’ёзна пытаўся ён у Пасцябунчыка, з якім за апошнія дні вельмі блізка сышоўся і стаў яго найлепшым прыяцелем.

Пасцябунчык за апошні тыдзень адчуваў сябе героем. Да яго падлабуньваліся хлопцы, пыталіся, калі будзе чарговы самалёт, звярталіся з просьбамі хутчэй адаслаць пісьмы. І хоць сам ён і не адсылаў іх, а толькі збіраў ды перадаваў у штаб, але ж заўсёды адказваў:

— Ды ўжо ж, пастараюся, хлопец, каб тваё пісьмо даляцела ў Маскву самым першым.

У Пасцябунчыка можна было пажывіцца і на добрую закурку. Лётчыкі асабіста падарылі яму некалькі пачак такой табакі, якой ужо з год як не пахла ў гэтых мясцінах.

Адным словам, Пасцябунчык пайшоў угору. Сам дзед Пранук у часе прыяцельскай гутаркі прызнаўся яму ў лепшых сваіх пачуццях.

— Мы з табой, брат, патрэбныя людзі, без нас не абыдзешся. Я самога Васіля Іванавіча важу, ну і ты важнымі справамі займаешся. Што ні кажы, а з гэтымі, брат, самалётамі трэба адвагу мець.

— Правільна кажаш, дзед...

— Ды ты ж і сам прыляцеў, ды яшчэ скакаў з парашутам. Гэта не кожны можа. Нашто ўжо я чалавек не палахлівы, а каб гэта з парашутам скакаць, дык, відаць, не мог бы.

— Каб загадалі, дык мог бы!

— Хіба што, каб загадалі. А ці можна, брат, з гэтым самым парашутам назад скочыць, ну, скажам, з зямлі ды зноў на самалёт?

Пасцябунчык кінуў на дзеда іранічны позірк, але адказаў зусім сур’ёзна:

— Гэтага, дзед, зрабіць няможна. Навука да гэтага яшчэ не дайшла. Ды гэта было б супроць прыроды. Скажам, як ты камень ні кідай угору, а ён усё роўна ўніз паляціць, таму што ўсё да зямлі прыцяжэнне мае.

— Наконт прыроды ты мне не гавары. Вось вазьмі чалавека: ад прыроды ён не верабей, лятаць сам па сабе не можа, бо і без крылаў, і вялікае, як ты кажаш, да зямлі прыцяжэнне мае, ну, вядома, гледзячы па камплекцыі. А вось узяў ды і выдумаў ён машыну, і лятае сабе так, што будзь здароў. Чалавек, калі захоча, то можа і супроць прыроды пайсці. Як ты глядзіш на гэта? Ты ж вялікія навукі праходзіў і нават з парашутам адважна скакаў.

— Вось што, дзед! — азваўся тут Пасцябунчык.— Кінь ты пра гэтыя парашуты гаварыць. Мне тая адвага бокам выйшла, я цяпер на тыя парашуты і глядзець спакойна не магу, бо ў мяне ў галаве кружэнне ад гэтага пачынаецца.

— Што ты гаворыш?

— Вось табе і што ты... Да таго ж, здаецца мне, што ты проста з мяне насміхаешся з гэтымі парашутамі.

— Ну чаго ты разышоўся, як мая Палашка... Я ж для навукі пытаюся, а ты злуешся. Лепш зойдзем мы з табой да Палашкі, абяцала яна дранікамі пачаставаць.

Пасцябунчык няўпэўненым рухам рукі пачухаў бараду.

— Дранікі, кажаш? Што ж, сходзім.

Парушаны мір быў зноў адноўлены, і абодва прыяцелі паволі падыбалі да штабной сталоўкі, спадзеючыся на добры настрой цёткі Палашкі. Ад яе даведаліся, што сёння ў штабе судзяць важнага шпіёна, якога некалі ўзялі ў Свістуновым атрадзе.

— Адкуль гэта табе вядома?

— А гэта ўсе ведаюць. Вунь і хлопцы казалі, што нядаўна павялі яго, ірада, у штаб.

— Дык скарэй, Пасцябунчык, можа, і мы там якія навіны ля штаба пачуем.

— Ды пачакай ты, дзед! Толькі сюды цягнуў, а як селі за стол, дык табе зноў не рымсціцца, спакойна пасядзець не можаш.

— Ты ўжо выбачай, братка, за мой характар. Вельмі ж трапяткі чалавек я, хачу на ўсё сваім вокам глянуць, і на добрае і на благое.

 

18

У штабе сапраўды ішоў допыт Збынеўскага.

Былі тут работнікі штаба і ўсе члены абкома. Збынеўскі ўсё намагаўся надаць сабе выгляд дарма пакрыўджанага, стараўся трымацца незалежна, з гонарам. Калі толькі прывялі яго, ён звярнуўся да Саколіча з усхваляваным пратэстам.

— Я не спадзяваўся, Васіль Іванавіч, каб вы, паважаны чалавек і камуніст, маглі дапусціць такія здзекі з члена партыі, з інваліда.

— Адно магу вам параіць: гаварыце праўду, ніякая хлусня вам не паможа. Расказвайце пра ўсё, асабліва пра апошнія месяцы вашай работы ў... немцаў.

— Выбачайце, я, можа, не зразумеў вас: у якіх немцаў?

— У фашыстаў, у гітлераўцаў.

— Мне цяжка ў гэтых умовах абараняць сябе ад здзеку, ад такіх цяжкіх зняваг. Што ж, я буду расказваць. Але пра што расказваць?.. Чалавек я маленькі, і служба мая да вайны была маленькая. Працаваў я бухгалтарам у абласной зямельнай установе, вы ж былі, Васіль Іванавіч, непасрэдным начальнікам нашым у вобласці...

— У партыі былі?

— Я і цяпер член партыі.

— Чаму вы не эвакуіраваліся разам з установай?

— Не мог. Быў у камандзіроўцы ў той час аж пад самым Беластокам. Пакуль дабраўся адтуль, Мінск ужо быў заняты фашыстамі.

— Чаму не пайшлі ў партызаны?

— Які ж з мяне партызан, калі я калека?

— Чым вы займаліся гэты час?

— А ўсяк даводзілася. Была сякая-такая работа ў горадзе, потым падаўся ў гэтыя мясціны. Сястра ў мяне тут некаторы час настаўнічала, ну трэба ж неяк жыць. То ў яе месяц пабудзеш, то куды да знаёмых падасіся на тыдзень.

— Назавіце некалькі такіх знаёмых, у якіх вы пражывалі.

— Ну вось Іваноў, з-пад Слуцка.

— Гэта камісар атрада, што быў забіты правакатарамі?

— Але, ён загінуў, добры быў чалавек.

Збынеўскі назваў яшчэ з паўдзесятка імён людзей, якія або загінулі ў бойках з немцамі, альбо былі закатаваны ў фашысцкіх засценках.

— Можа, з жывых каго прыпомніце?

— Дзе тут успомніш.

— У мінскім падполлі вы былі?

— Які з мяне падпольшчык. У першыя дні вайны пабыў трохі, ды і падаўся з горада. Там такое пачалося, што неразбяры бяры...

— Больш канкрэтна давайце.

— Ну, правалы, правакацыі. Я неспрактыкаваны на канспірацыю, ды і няздольны на якую-небудзь сур’ёзную справу. Мне і параілі выбрацца з горада.

— Цяпер раскажыце, чаму і калі з’явіліся вы ў былым атрадзе Свістуна.

— Я некалькі разоў быў у гэтым атрадзе.

— У нас многа доказаў, што вы цэлымі днямі і начамі п’янствавалі з Свістуном.

— Якое там п’янства? Я сам амаль што не п’ю. Але не адмаўляю, што былы камандзір атрада любіў выпіць залішне.

— А хто падбухторваў яго зрываць баявыя загады, настройваў супроць абкома, супроць партызанскага камандавання?

— Адкуль жа я павінен ведаць усё гэта? Я заходзіў некалькі разоў да яго як да камандзіра атрада, ну проста, каб у вольны час пагаварыць. Як-ніяк, а пад яго ж началам была мая сястра. Я не ведаю, да чаго вы ўсё гэта хіліце? Я павінен шчыра сказаць, што нябожчык Леанід Пампеевіч, выбачайце, гэты нягоднік, сапраўды быў часам нечым нездаволены, нават лаяў і кіраўніцтва, але хіба я мог тут што паправіць?

— І вас зусім не турбавала, што на вашых вачах п’яны самадур забівае невінаватых людзей?

— Добрая справа — невінаватых. Яны атруцілі некалькі чалавек разведчыкаў атрада.

— А якім чынам ампулы з атрутай, ад якой загінулі гэтыя людзі, за тыдзень перад тым трапілі ў вашы кішэні?

Твар Збынеўскага пабялеў і зрабіўся падобным на палатно. Ён захваляваўся, хусткай выцер узмакрэлы лоб. І, намагаючыся нешта сказаць, усё разяўляў рот, як выцягнутая з вады рыбіна. Ён аддыхаўся трохі, пачаў гаварыць, і відаць было, што кожнае слова яму даецца вельмі цяжка.

— Я... нікому не дазволю залічваць мяне ў несусветныя злачынцы. Я скардзіцца буду, даб’юся свайго ў Цэнтральным Камітэце.

— А вы не спяшайцеся са сваімі скаргамі. Вось паслухайце лепш адно паказанне: «...калі доктар пасля работы камісіі, якая па загаду Свістуна рабіла расследаванне ўсяе справы і агледзела кухню і зямлянку, дзе былі рэчы повара Парфеныча, паказаў нам шкодныя ампулы, якія былі знойдзены нібы ў плашчы Парфеныча, і сказаў нам, што ў гэтых ампулах была страшная атрута, я проста спужалася. Гэта было жахліва, бо такія ж ампулы я выпадкова, шукаючы запалак, бачыла ў кішэні брызентавай курткі...» — вашай курткі,— звярнуўся Саколіч да Збынеўскага.— Але чытаем далей: «Гэта было за тыдзень да тых сумных падзей. Я так была ўражана гэтым, што не хацела верыць сама сабе. Мне нават пачало здавацца, што я проста трызню, і я нікому пра гэта не сказала. Я многа думала потым, і многа чаго раптам паўстала перада мною ў зусім новым святле. І я зразумела сутнасць іх гутарак з камандзірам, мне стала ясна, чаму ён падражніваўся са мной і пасмейваўся, калі я плакала пасля таго, як загінулі атручаныя людзі. І я зразумела, што Збынеўскі такі ж вораг, а можа, яшчэ і больш люты вораг, чым сам Свістун...»

Збынеўскі нервова круціўся на лаве, збіраючыся няйначай перабіць чытанне.

— Вось бачыце, бачыце,— усхадзіўся ён.— Адразу відаць, адкуль гэтая навала ідзе на мяне. Гэта мілая мая сястрыца стараецца. Ад гэтай дурніцы можна ўсяго дачакацца, яна напіша вам усё, што толькі вы не загадаеце, што толькі будзе вам пажадана. Ампулы? І я не адмаўляю іх. Былі ў мяне ампулы з ёдам. Заўсёды нашу іх з сабою.

— Паклічце сюды Тамару Збынеўскую! — загадаў Саколіч аднаму з ардынарцаў.

Праз якую хвіліну парог зямлянкі няўпэўнена пераступіла Тамара.

— Невялічкае пытанне да вас. Толькі вы не хвалюйцеся. Вы не можаце часам прыпомніць, якога колеру былі ампулы?

— Ампулы я тыя добра памятаю... Яны былі з светлага, празрыстага шкла.

— Во, во, во, я ж тое і кажу! — страпянуўся Збынеўскі.

— Вадкасць у гэтых ампулах была таксама светлая, празрыстая...

Збынеўскі асунуўся адразу, нібы яго прышыў хто цвіком да лаўкі. Але тут жа ўсхадзіўся, загаварыў:

— Так, так, сястрыца, аддзякавала мне за ўсе мае клопаты, за ўсе мае старанні. Без мяне думаеш шчасце набываць? Не, не будзе гэтага! Вось скажу таварышам, якія ты шашні тут з гэтым мярзотнікам Свістуном заводзіла, яны цябе па галоўцы не пагладзяць.

— Вы, Тамара, можаце ісці ў свой атрад,— спакойна сказаў Саколіч.— І нічога не бойцеся.

Збынеўскі сядзеў панураны, стараўся да ўсяго ставіцца абыякава. Допыт далей павёў Бохан.

— Вы ведаеце, Збынеўскі, Зыбіна? — спытаў ён.

Той варухнуўся, хвіліну якую маўчаў, робячы выгляд, нібы сіліцца нешта ўспомніць.

— Зыбіна... Пачакайце, пачакайце... Але, успамінаю такога. Быў такі чалавек у гарадскім падполлі.

— А кім ён быў там?

— Зыбін? Ага... Калі памяць не падводзіць мяне, чуў я, што быў ён членам Ваеннага савета ў горадзе, ну як бы пры гаркоме.

— А імя ды як звалі па бацьку гэтага Зыбіна, вы не памятаеце часам?

— Адкуль жа мне ўсё гэта ведаць.

— Добра, тады я напомню вам. Завуць яго Мікола Ігнатавіч. Вы не знаходзіце крыху дзіўным такое супадзенне імён?

— Што ж тут дзіўнага? Ці мала бывае на свеце такіх супадзенняў? Урэшце, мне няясна, навошта вы пытаецеся пра ўсё гэта?

— Думаю, што вы разумееце. А зараз і ўсе мы пераканаемся ў гэтым, калі я зачытаю невялічкую вытрымку з аднаго дакумента. Вось тут, у адным гестапаўскім данясенні, чорным па белым напісана: «У раёнах размяшчэння партызанскіх злучэнняў Саколіча дзейнічае былы член Ваеннага савета Зыбін Мікола Ігнатавіч, ён жа Збынеўскі. Апорны пункт — атрад Свістуна».

Збынеўскі сядзеў ссутулены, прыгнечаны. Позірк яго, устромлены ў нейкую кропку на падлозе, быў нерухомы.

— Што вы скажаце на гэта, Зыбін?

Збынеўскі паволі прыўзняў галаву і, гледзячы міма людзей і стараючыся надаць свайму голасу як мага спакайнейшы тон, паціху прамовіў:

— Вы не па адрасу звяртаецеся да мяне.

— Значыцца, вы адмаўляецеся, што вы Зыбін?

— Як можна адмаўляцца ад таго, чаго ты не маеш? Як я магу прызнаць за праўду хлусню ворага, яго яўную правакацыю? Я разумею, калі мяне абвінавачваюць савецкія людзі, нашы людзі. Тут ужо такі трагічны збег акалічнасцей, што ёсць хоць фармальныя падставы абвінавачваць мяне ў жахлівых злачынствах. Гэта справа іншая, і я маю тут усе магчымасці абараняцца: я збяру доказы, я дам факты, сведчанні жывых людзей, якія заступяцца за мяне. А як жа бараніцца ад фашысцкай правакацыі, правакацыі лютага ворага, ад якога вы павінны бараніць кожнага савецкага чалавека?

— Дык вы катэгарычна адмаўляеце, што вы Зыбін?

— Адмаўляю.

— Паклічце сведку.

У зямлянку зайшоў пажылы партызан. На абсівераным твары бліснуў белы незагарэлы лоб, калі ён зняў кепку і спакойна прывітаўся. Вочы глядзелі адкрыта, і ў іх позірку хавалася ледзь прыкметная дабрадушная ўсмешка. Шырокія пляскатыя далоні рук з шматлікімі светла-сінімі крапінкамі, са збітым пачарнелым пазногцем на адным з пальцаў гаварылі пра блізкае знаёмства гэтага чалавека з жалезнай апалінай, з горнам.

— Вы знаёмы, Сяргеіч, з гэтым чалавекам? — спытаўся ў яго Бохан.

Чалавек, якога назвалі Сяргеічам, не спяшаючыся павярнуўся да Збынеўскага, акінуў уважлівым позіркам яго ссутуленую постаць і так жа, не спяшаючыся, адказаў:

— Каб сказаць, што быў блізка знаёмы з ім, гэтага не скажу, але тры разы даводзілася мець з ім справу. Гэта Зыбін.

Твар Збынеўскага нібы выцягнуўся, завастрыўся, галава глыбей асела ў плечы.

— Кім вы яго ведалі ў горадзе?

— Ён адрэкамендаваўся нам тады, калі з’явіўся ў раёне вагонарамонтнага завода як член гаркома. А другога разу, калі выклікаў нас, двух чалавек, на явачную кватэру, ён гаварыў ад імя Ваеннага савета.

— Гэта праўда, Збынеўскі? — запытаўся Бохан.

Збынеўскі маўчаў. Відаць было, што ён нешта абдумвае, пільна ўзіраючыся ў бярозавую ножку стала.

— Я пытаюся вас, вы сустракаліся з таварышам Сяргеічам, ведаеце яго?

— Ну, сустракаўся...— нехаця прамовіў урэшце Збынеўскі,— і ведаю яго, наколькі можна было ведаць па кароткіх сустрэчах у падполлі. Але гэта справы не мяняе, я заўсёды быў, ёсць і астаюся Збынеўскім...

— Можа, паклікаць яшчэ каго з мінскіх таварышаў, якія пераканаюць вас у тым, што вы Зыбін?

Пасля некаторага запынку Збынеўскі, відаць, вырашыўшы, што далей цягнуць ужо няма чаго, нечакана рашуча прамовіў:

— Усё гэта лішняе... Маё сапраўднае прозвішча Збынеўскі, я ж тут нічога не хаваў ад вас... А Зыбін... Зыбін,— цяжка было яму дагаварыць да канца,— гэта мая падпольная мянушка...

— Агентурная, гестапаўская? — выкрыкнуў нехта з нецярплівых членаў абкома.

— Падкрэсліваю: мая партыйная, падпольная мянушка...

— Чаму ж вы з такой выключнай упартасцю не прызнаваліся ў гэтай мянушцы?

— Я падпольшчык. З якой гэта прычыны буду я раскрываць сваю мянушку першаму стрэчнаму чалавеку.

— Гэта пахвальна, зразумела. Але нас здзіўляюць тут дзве акалічнасці: вы толькі-толькі заяўлялі ў пачатку нашага допыту, што да падполля мелі самае нязначнае дачыненне. Гэта раз. А па-другое, ці можна параўноўваць абком партыі з першым стрэчным чалавекам.

— Вы не так зразумелі мяне. Я, вядома, сказаў бы пра сваю мянушку альбо сакратару, альбо любому члену абкома, але не на людзях, а з вока на вока. А наконт падполля я сказаў правільна, не магу ж я сваёй ролі ў падполлі надаваць такое вялікае значэнне.

— Вы ж былі членам Ваеннага савета.

— Бачыце, Ваенны савет утварыўся зусім нядаўна, і роля яго сапраўды не мела істотнага значэння для падполля.

— Хто былі членамі савета акрамя вас?

— Кавалевіч, Сяловіч...

— Дзе цяпер Кавалевіч?

— Ён аказаўся правакатарам... Пра гэта ведалі многія і ўрэшце прыбралі яго...

— А Сяловіч?

— Сяловіч загінуў, наколькі мне вядома, пры некаторых таемных акалічнасцях у часе эсэсаўскай аблавы на чыгуначнай ускраіне...

— У часе аблавы, у якой ён прымаў непасрэдны ўдзел як гестапаўскі агент? — паправіў яго Бохан.

— Гестапаўскі? Упершыню чую... хоць усё можа быць, бо і тады меліся некаторыя падазрэнні ў дачыненні яго дзейнасці. Але яны так і асталіся неправеранымі. Час быў страшэнна цяжкі...

— Ну добра, пакінем нябожчыкаў у спакоі, пагаворым цяпер пра вас.

— Я пратэстую супроць таго, што вы ставіце мяне, сумленнага чалавека, на адну дошку з правакатарамі ды здраднікамі...

— Добра, мы ўлічым гэты пратэст. Чым растлумачыць вашы ўцёкі з Мінска ў самы цяжкі для арганізацыі час, калі кожны падпольшчык павінен быў мабілізаваць усе свае сілы на барацьбу з праваламі, на захаванне арганізацыі?

— Бачыце, справа тут вельмі простая. Калі пачаліся ў нас масавыя правалы, мне прапанавалі пакінуць горад, каб нейкі час перачакаць дзе-небудзь у партызанскім раёне і наладзіць сталыя сувязі з партызанамі. І не мне толькі прапанавалі, а некаторым і другім таварышам з актыву.

— Назавіце іх.

Збынеўскі доўга марудзіў, пакуль не назваў некалькі імён.

— Дык гэтыя ж таварышы ўсе загінулі.

— Але... Яны не паспелі выбрацца з горада.

— Цяпер скажыце, хто прапанаваў вам пакінуць горад?

Збынеўскі зноў назваў некалькі імён людзей, якія былі альбо публічна павешаны, альбо загінулі ў фашысцкіх засценках.

— А на таварышаў, якія засталіся ў жывых, вы не можаце спаслацца?

— На жаль, з людзей, з якімі даводзілася мне працаваць, нікога цяпер не асталося...

— Та-а-к... Цяпер адкажыце нам яшчэ на адно пытанне. Вам, члену Ваеннага савета, прапанавалі пакінуць горад. Вы пакінулі яго. Перабраліся ў раён. І не проста ў раён, а ў зону размяшчэння асноўных партызанскіх сіл, якімі, па сутнасці, непасрэдна кіруе абком партыі. Чым жа растлумачыць, што за якія паўтара-два, а можа, і болей месяцы вы, член гаркома, член Ваеннага савета, так і не маглі наведацца ў абком ці хоць даць знаць пра сябе?

— Бачыце...— яўна сумеўся тут Збынеўскі,— часам бываюць такія, як бы тут сказаць, неспадзеўныя акалічнасці, якія могуць паставіць чалавека ў вельмі і вельмі нязручнае становішча. У такім становішчы знаходжуся цяпер і я. А гэтыя акалічнасці такога далікатнага парадку, што пра іх проста сорамна гаварыць. Але ж я павінен сказаць... Шчыра павінен прызнацца, што я праявіў з самага пачатку звычайнае маладушша. Адсюль усё і пачалося. Справа ў тым, што пасля некаторых падзей Ваенны савет набыў такую дрэнную, такую ганебную назву, ну... яго сталі называць і саветам здраднікаў, і гняздом правакатараў... што...

— Правільна людзі называлі!

— Ну вось бачыце! Пасля гэтага было проста сорамна прызнавацца каму б там ні было, а тым болей абкому партыі, што ты быў членам савета. Я думаў: ну, прабуду тут дзе-небудзь непрыкметна, ціха, спакойна. А там час праверыць усе падзеі, усе факты, усё стане на сваё месца. Так, праявіў я сваё маладушша, у чым шчыра прызнаюся вам і прашу дараваць мне.

— Усё?

— Усё... Больш мне няма чаго гаварыць у сваё апраўданне, у чым клянуся вам сваім партыйным сумленнем...

— А вы не спяшайцеся са сваімі кляцьбамі і не разменьвайце на гэтыя танныя кляцьбы сваё сумленне.

— Чаго вы хочаце, урэшце, ад мяне? Вам хочацца, каб я назваў сябе шпіёнам, правакатарам, здраднікам ці кім іншым?

— Мы хочам, каб вы назвалі сябе тым, кім вы сапраўды з’яўляецеся. Вы выслухалі вытрымку з нямецкага дакумента, дзе пішацца і пра вас?

— Слухаў. Вядома, іх разведка можа пранюхаць, дзе цяпер знаходзіцца адзін з членаў былога Ваеннага савета...

— Я павінен расчараваць вас: яны пішуць пра вашу асобу не толькі як члена былога савета, а як спецыяльнага рэзідэнта, які ўзначальвае цэлую павучыную сетку рознай фашысцкай брыды.

— Божа мой, што я чую! Што вы, урэшце, выдумляеце...

— А вы не хвалюйцеся! Я вось прачытаю толькі адзін абзац.

— Гэта будзе зусім лішняя работа. Ці мала чаго могуць напісаць фашысты пра сумленнага чалавека. Колькі такіх правакацый было за апошнія часы...

— Мы ў правакацыях умеем разбірацца. А я вас пытаюся: з якога часу вы пачалі працаваць на фашыстаў?

— Я не магу, паверце, я не маю права, ні маральнага, ні якога хочаце, адказваць на такія зняважлівыя пытанні. Рабіце са мною, што хочаце.

У гэты час за дзвярыма штабной зямлянкі пачуліся галасы, паасобныя выкрыкі «ўра», невыразная мітусня, тупат ног.

— Што там яшчэ такое здарылася? — нецярпліва спытаўся Саколіч і прыўзняўся за сталом.

Ардынарац памкнуўся быў адчыніць дзверы, каб паглядзець, як парог зямлянкі пераступіў чалавек, якога менш за ўсё чакалі людзі, якія тут сядзелі. Многія з прысутных на якую хвіліну нібы здранцвелі ад нечаканасці. Толькі Бохан глядзеў на ўсіх спакойна, ды насустрач імкліва кінуўся Саколіч, загадзя распасцёршы рукі для абдымкаў. А Слышэня — гэта быў ён — уважліва паглядзеў якую хвіліну на людзей і ціха прагаварыў да ўсіх:

— Ну вось, таварышы, ізноў я з вамі. Дзень добры!

Яго схапіў у дужыя абдымкі Саколіч, і на якую хвіліну не відаць было за ім схуднелага зямлістага твару Слышэні, яго запалых воч, усяе яго постаці.

Некаторая замінка, якая адчувалася ў першыя хвіліны сустрэчы, адразу ж прайшла, саступіўшы месца такому ажыўленню, што, здавалася, уся зямлянка пайшла ходырам. Абнімалі, паціскалі рукі, цалаваліся.

Усё гэта адбылося так хутка, што Збынеўскі, заняты сваімі думкамі, так і не заўважыў, хто ўвайшоў у зямлянку. Калі ж уляглося першае ўзрушэнне і Слышэня сеў за стол, Збынеўскі мелькам зірнуў на яго. І ён сам не мог нават усвядоміць таго, што сталася з ім. Спачатку ён прырос быў да лаўкі, як камень да зямлі. Прамільгнула жаданне знікнуць пад гэтай лаўкай, зрабіць спробу выскачыць праз дзверы. А яшчэ лепшае, каб быў у руках нож,— усадзіць яго па самыя тронкі ў грудзі гэтага чалавека. Такім жахліва страшным было яго паяўленне. Страшным да таго, што ён, ледзь не страціўшы прытомнасць, дзіка закрычаў на ўсю зямлянку:

— Людзі, таварышы, ды біце яго, страляйце яго, гэта ж подлы правакатар, юда, хрыстапрадавец... Ён прадаў усіх вас нямецкім фашыстам! Вяжыце яго!

Ён ірвануўся з усяе сілы са сцятымі кулакамі да Слышэні, але дбайныя канваіры схапілі яго за рукі, асадзілі назад. Ён круціўся, біўся, як эпілептык, пырскаючы слінай і мармычучы нешта зусім незразумелае. Урэшце ён супакоіўся і сядзеў на лаўцы, як пастаўлены мяшок пяску.

Слышэня зірнуў на яго — ён заўважыў яго і раней,— ціха сказаў:

— Аказваецца, і стары знаёмы мой тут. Як ні прагнуў я гэтай сустрэчы, але, прызнацца, не спадзяваўся, што так хутка пабачымся. А ты дарэмна, пан Зыбін, так хвалюешся. Не варта. Другі раз мяне пад нямецкую кулю ты ўжо не паставіш. У чым, у чым, а ў гэтым можаш быць ужо ўпэўнены... Даўно ён у вас?

— Адпачывае ўжо тыдні з два, пакуль правяралі матэрыялы. А сягоння — першы дзень допыту,— адказаў Саколіч.— У сім-тым ён прызнаўся ўжо, але яшчэ ўпіраецца. Упіраецца ў самым галоўным.

— Відаць, мае паказанні памогуць яму быць больш шчырым і адкрытым.

Збынеўскі сядзеў як скамянелы. Для яго стала ясна, што больш яму не выплыць з таго глыбокага віру, у які ён трапіў.

Калі раней Збынеўскі выкручваўся, як вуж, і нават спрабаваў разыгрываць ролю дарэмна абражанага, дык цяпер, пасля прыходу Слышэні, ён здаў усе пазіцыі і аднастайна, манатонна вёў свой доўгі расказ.

Ён расказваў пра ўсё. І колькі атрымліваў за кожнага чалавека, якога выдаваў немцам, і як білі яго вязні ў турме, разгадаўшы ў ім правакатара, пашкодзілі руку. І колькі ў яго памочнікаў, і хто яны, і дзе яны туляюцца. Нават пра чэшскую дывізію сказаў, якая ахоўвала адну з чыгунак. І там, у раёне яе размяшчэння, было два надзейныя яго чалавекі. Гестапа не абмяжоўвалася толькі ваеннай сваёй агентурай, яно пасылала і цывільных агентаў у раёны размяшчэння некаторых часцей, укамплектаваных не немцамі. Такі парадак увялі яны пасля таго, як пачасціліся выпадкі пераходу да партызан сербаў, славакаў, чэхаў, палякаў, гвалтоўна мабілізаваных у нямецкую армію.

Ужо з месяц, як цікавіўся Саколіч чэшскай дывізіяй; былі ў яго некаторыя планы і меркаванні, звязаныя з гэтай часцю.

— А ваенных агентаў вы ведаеце ў дывізіі?

— Аднаго ведаю. Але там іх многа. Магчыма, мае людзі звязаны з некаторымі, ва ўсякім разе старшага з іх яны ведаюць, ёсць такі лейтэнант Гросберг. Рота, дзе ён служыць, размешчана ў вёсцы, непадалёк ад чыгункі.

Урэшце допыт закончылі.

— Ну, што ж будзем рабіць з гэтым недабіткам? — для праформы спытаўся Саколіч, хоць і ведаў загадзя думкі ўсіх.

— Што рабіць? Даводзіцца толькі пашкадаваць, што няма паблізу вартай яго сухой асіны: дзед Пранук павысякаў усе на дровы для свае Палашкі.

— Ну, гэта не бяда, для юды асіна заўсёды знойдзецца.

 

Частка чацвёртая

 

1

У той дзень былі дзве буйныя непрыемнасці ў Саколіча. Спачатку яму далажылі, што Капуша арыштаваў Камара за свавольства. Не паспеў Саколіч яшчэ разабрацца з гэтай справай, як яму данеслі, што Ігнат Лагуцька трапіў у палон да немцаў пры выхадзе на чыгуначную дыверсію. Пры гэтым быў сур’ёзна паранены і другі партызан з групы прыкрыцця, які ўдзельнічаў у гэтым выхадзе. Страта Ігната Лагуцькі так уразіла Саколіча, што ён асабіста заняўся расследаваннем справы, хоць гэта нічога істотнага не дало. Пры апошнім выхадзе хлопцы пільнаваліся ўсіх правіл перасцярогі, ніхто і нічым не парушыў дысцыпліны. Але факт астаўся фактам: Ігнат з аперацыі не вярнуўся, прычым двое хлопцаў на ўласныя вочы бачылі, як яго схапілі і павялі гітлераўцы. Паспрабавалі адбіць, але дзе ты адаб’еш, калі гітлераўцаў было чалавек з дзесяць, ды і пазіцыя ў іх была зручнейшая, чым у партызан.

Саколіч аддаў загад Бохану націснуць на ўсе педалі разведкі ў раёнах чыгуначных гарнізонаў і асабліва ў раёне, дзе быў размешчаны штаб дывізіі. Паслалі туды на ўсякі выпадак і некалькі засад, каб у выпадку чаго адбіць хлопца ў гітлераўцаў.

Справа з лейтэнантам Камаром была іншага парадку. Разам з Капушам Камар прысутнічаў на допыце Збынеўскага. Тут ён і дачуўся пра гітлераўскага лейтэнанта Гросберга, мацёрага гітлераўскага агента. «А чаму б яго і не прыхапіць!» — падумаў тады Камар. Будучы чалавекам, які не любіў адкладваць задуманага на доўгі час, ён тае ж начы падабраў групу смельчакоў і правёў разведку ў вёсцы, дзе быў размешчаны адзін з чыгуначных гарнізонаў. І так яму пашанцавала, што ён застаў Гросберга ў звычайнай вясковай лазні.

Гітлераўца перадалі Капушы. Той Гросберга прыняў, што называецца, з рук на рукі, але Камара загадаў тут жа арыштаваць і адвесці ў належнае месца, дзе той мог бы крыху адпачыць і падумаць. Лейтэнант на чым свет стаіць лаяў у думках Капушу, які ўчыніў над ім такую знявагу. Майка Светлік хадзіла грозная, як хмара, і, сустрэўшы Капушу, накінулася на яго каршуком:

— Вы, Платон Піліпавіч, дэспат, вось вы хто...

— Што, што ты гаворыш? — перапытаў Капуша.

— Вы робіце ліха ведае што...— сказала і пабегла, і відаць было па ўсім, што дзяўчына проста расплакалася.

Толькі тут зразумеў Капуша прычыны такога нечаканага наскоку Майкі і ўсміхнуўся сабе ў вусны. Ён паспрабаваў быў паклікаць Майку, каб пагаварыць з ёй і давесці ўсю бестактоўнасць яе паводзін. Але яна толькі агрызнулася:

— Я не хачу і гаварыць з вамі.

Да Капушы прыехаў Саколіч.

— Ну, давай твайго арыштанта, што ён скажа. А табе трэба будзе потым пагаварыць з усімі камсамольцамі, бо па сваёй гарачнасці яны могуць часам і дроў наламаць. І наогул трэба ўнесці некаторую яснасць у пытанні іх ваеннай дысцыпліны.

Хутка прывялі Камара. Ён стрымана прывітаўся з камандзірамі і стаяў суровы, маўклівы.

— Як справы, лейтэнант?

— Даслужыўся. Сяджу як злачынца, як вораг...

— Хіба табе сказалі, што ты вораг?

— Гаварыць ніхто не гаварыў, але ж так робяць толькі з ворагамі.

— Ты, лейтэнант, ведаеш, што мы робім з ворагамі, не табе гэта расказваць. За што цябе арыштавалі?

— Вось прывёў языка, гітлераўца, гестапаўца, за гэта і... падзякавалі...

— Хіба толькі за гэта?

— А за што ж болей? Вось, думаў, зраблю добрую справу, карысць прынясу. Ну і прынёс... дзесяць сутак арышту сабе...

— Сам прынёс, ніхто тут другі для цябе не стараўся. І правільна зрабіў таварыш Капуша. Я на яго месцы, можа, крыху табе і дадаў бы яшчэ. Але давай пагаворым з табой сур’ёзна, таварыш лейтэнант. Ты ваенны і дысцыпліну ваенную ведаеш. Уяві сабе, што ты камандзір палка, а я лейтэнант, камандзір узвода. І вось полк твой рыхтуецца распачаць ноччу наступленне на полк праціўніка. І ў гэты час я, твой лейтэнант, чалавек безумоўна храбры, смелы, надумаўся без твайго ведама дабрацца цішком у полк праціўніка, нарабіць там гармідару, выкрасці языка, хоць у ім асаблівай патрэбы і не было, бо ўсе падрыхтаванні да наступлення былі ўжо скончаны. У выніку полк праціўніка адразу насцеражыўся, узмацніў абарону, прывёў сябе ў поўную баявую гатоўнасць. Як ты думаеш, наступленне твайго палка было б паспяховым пры такіх умовах?

— Яно сарвалася б, таварыш камандзір.

— А што б ты рабіў са мной, лейтэнантам, які, па сутнасці, легкадумным геройствам сарваў наступленне?

— У баявых умовах я мог бы і расстраляць такога парушальніка дысцыпліны.

— Вось бачыш... А што ж нам рабіць з табой, які нам, камандаванню партызан, зрабіў такую ж паслугу, як і той выдуманы лейтэнант, пра якога мы толькі што гаварылі?

— Уга, куды вы хіліце, таварыш камандзір! Тут вялікая розніца. Там жа фронт, хіба можа тут быць якое параўнанне...

— А ў нас што? Курорт? Санаторый? Вясёлая маёўка ў лесе?

— Ну, мала што...

— Мала што? Табе вядома было, што мы думалі рабіць ноччу з гарнізонам, куды ты залез без дазволу? Табе вядома было, што мы думалі рабіць з усімі чыгуначнымі гарнізонамі, з усёй дывізіяй, якая стаіць на ахове чыгункі?

— Адкуль жа мне гэта вядома, таварыш камандзір?

— Чаму ж ты лезеш без ведама штаба туды, куды не трэба, і зрываеш увесь наш аператыўны план? Цяпер разумееш?

— Даруйце, таварыш камандзір, я сапраўды не ўлічыў некаторых акалічнасцей...

— Ну вось, не ўлічыў, а нам цяпер расхлёбваць трэба... Не ўлічыў, а праз гэтае тваё геройства яны ўжо ўсе насцеражыліся, павялічылі чыгуначныя патрулі, і ў выніку ўсяго гэтага сёння ж, на світанні, захоплены ў палон адзін з лепшых нашых падрыўнікоў Ігнат...

— Лагуцька? — з жахам перапытаў Камар.

— Але, Лагуцька.

Калі яшчэ да гэтага Камар стараўся мець суровы і незалежны выгляд, шчыра лічачы сябе абражаным, дык цяпер ён адчуваў сябе сапраўды вінаватым.

— Васіль Іванавіч, ну зразумейце ж мяне, што рабіў я гэта без усякага злога надуму... Абяцаю вам, што нічога падобнага больш не паўторыцца са мной...

— Ты ўжо некалькі разоў даваў такія абяцанні.

— Гэта апошні раз, Васіль Іванавіч...

Саколіч паглядзеў на яго, і яму сапраўды шкада стала гэтага дваццацідвухгадовага хлапчука.

— Вось што, лейтэнант! — сказаў ён.— За храбрасць, за адвагу тваю выношу табе шчырую падзяку ад камандавання.

Таму як крылы прыставілі: страпянуўся, выпрастаўся, аж вочы разгарэліся.

— ...А за тваё свавольства даю табе дадаткова пяць сутак арышту. Адсядзіш, тады з дазволу камандзіра з’явішся да мяне. Зразумеў?

— Зразумеў, таварыш камандзір.

— Што ж, тады ідзі, адседжвай.

— Ёсць ісці адседжваць, таварыш камандзір!

Камара павялі. А Саколіч астаўся гаварыць з Капушам:

— Яму трэба даць большую свабоду. Іначай усе добрыя якасці могуць ператварыцца ў зусім непажаданыя рэчы. Гайку ніколі не трэба завінчваць да канца, можна сапсаваць усю нарэзку. А мы яго занадта звязваем, здольнаму і смеламу бывае няма дзе і разгарнуцца. Адседзіць ён сваё, трохі пафіласофствуе на самоце, а там пусцім мы яго на самастойныя дыверсіі куды-небудзь далей, каб асабліва яго не скоўваць. Канечне, параіцца з намі яму ніколі не пашкодзіць.

 

2

Збіты, акрываўлены Ігнат ляжаў звязаны на падлозе ў каравульным памяшканні невялічкага нямецкага гарнізона непадалёк ад чыгункі. Яго яшчэ ніхто не дапытваў, было рана. Немец-канваір сядзеў насупраць на лаўцы і нешта меланхалічна насвістваў. Ніяк не мог уразумець Ігнат, як жа здарылася ўсё гэта так нечакана! На самым світанні, калі нават і патрулі нямецкія любяць падрамаць, была такая цішыня, што чуваць было, як цурчыць, пераліваецца невялічкі ручай, які працякаў дзесьці поблізу ад чыгункі. На ўсходзе ледзь-ледзь заружавела вузкая палоска. Яшчэ не абзывалася ніводная птаха, і белы туман стаяў нерухома па балоцінах і палявых лагчынах. Ігнат паспеў залажыць міну. Калі ўжо рыхтаваў запал, пачуў, нібы трэснула поблізу якая галінка. Азірнуўся, агледзеўся, але нічога падазронага не заўважыў. Маўчалі і хлопцы недзе там пад адхонам. І толькі ўюшыўся зноў у работу, як дзве пары дужых рук моцна тузанулі яго ўніз, пад броўку. Не паспеў і крыкнуць, каб падаць голас сваім, як рот быў забіты кляпам. Чуў потым некалькі стрэлаў, нехта ўскрыкнуў, а затым усё змоўкла і стала ціха-ціха. Прыйшоў да памяці толькі на падлозе.

Неўзабаве ў каравулцы з’явілася некалькі салдат. Яму развязалі здранцвелыя рукі, загадалі ўстаць. Калі ногі крыху адышлі і ён мог хадзіць, яго павялі ў другі пакой. Там сядзелі два афіцэры. Каб Ігнат разумеў нямецкую мову, то ён даведаўся б, што гэтай начы з гітлераўскай часці таемна знік афіцэр. Жывы быў яго дзяншчык. Дзёўб адно: памагаў пану лейтэнанту мыцца, потым адлучыўся на хвіліну, каб прынесці чыстыя шкарпэткі і свежую пачку сігарэт. А пакуль прабег да хаты ды назад, лейтэнанта і след прастыў. «Чаму ж ты не заявіў адразу пасля такога здарэння з тваім панам афіцэрам?» — пыталіся ў бедалагі. «А навошта мне было заяўляць, калі я падумаў, што пан лейтэнант пайшоў да сваіх таварышаў. Ён жа ніколі не дакладваў мне, куды ідзе і чаго ідзе. А я і пайшоў спаць».

Можа, і не заўважылі б так хутка, што знік лейтэнант, каб не трэба было яму заступаць на дзяжурства а другой гадзіне ночы. З гэтай прычыны і хапіліся яго так рана. Спачатку і сапраўды падумалі, што ён загуляўся дзе ў сваіх калег, абышлі кватэры ўсіх афіцэраў, але лейтэнанта нідзе не было. Пазванілі ў суседнія гарнізоны, нават у штаб дывізіі. Але ніхто нічога не чуў пра лейтэнанта. У гарнізоне абвешчана была трывога. Паслалі ўзмоцненыя патрулі, каб абследаваць усе бліжэйшыя мясціны. Відаць, адзін з такіх патрулёў і наткнуўся на Ігната. Але пра ўсё гэта Ігнат нічога не чуў і не ведаў.

Хутка пачалося тое, што даводзілася перажыць кожнаму, хто трапляў у палон да фашыстаў. Яго білі, катавалі, усё дамагаючыся адказу, з якога атрада, дзе ён размешчаны, хто пасылаў. Віхрасты лейтэнант усё наскакваў пеўнем і, тыцкаючы рэвальверам у грудзі, гаварыў адно і тое ж:

— Не скажаш, дык заб’ю! Не скажаш? Не скажаш? А ну, станавіся да сценкі!

І знясілены Ігнат станавіўся да сценкі. Гэта не было пакорай. Ён чакаў самага горшага. Ведаў, на што ідзе. Лепш памерці, чым цярпець пякельныя пакуты. І ён станавіўся да сценкі, каб хутчэй страляў той гад. А ён цэліўся доўга-доўга, цэлую вечнасць, і страляў у столь. І нанава пачыналася ўсё адно і тое ж:

— Скажаш? Не скажаш?

Магчыма, з далейшых катаванняў Ігната Лагуцьку выбавіў тэлефонны званок. З штаба дывізіі распарадзіліся, каб палоннага прывялі туды. Зноў звязалі яму ногі тэлефонным дротам Ён уразаўся пякучым болем у цела. Яго вынеслі і, як бервяно, ускінулі на грузавік. Тут жа побач размясцілася група аўтаматчыкаў. Грузавік крануўся, загойдаўся на выбоінах. Потым ехаў недзе пяскамі, целу стала крыху спакайней, аб шурпатыя дошкі кузава менш білася галава.

А думкі ў Ігната ляцелі самі сабе, далёка абганяючы грузавік, які то буксаваў у пясках, то загрузаў у непралазнай гразі, то звінеў усімі сваімі жалезінамі, падскакваў на гарбылях масткоў і грэбляў. «Вось і канец, відаць...» — падумаў Ігнат. Ціха прыстрэляць дзе-небудзь на балоце ці ў лесе, каб ніхто не пачуў твайго апошняга слова. А думалася ж часам: напаткае цябе смерць і памрэш героем: мужна, са славай, на вачах у соцень людзей. А вось памрэш, не адпомсціўшы як след за смерць маці. Памрэш і абманеш Лену, ты ж абяцаў, што прыйдзеш, што вернешся да яе.

Зірнуць бы яшчэ раз у яе прамяністыя вочы, прыхіліцца шчакой да яе шчакі і пасядзець так ціха-ціха, адчуваючы цяплынь яе сэрца, прагна ўдыхаючы хвалюючы пах яе валасоў. І да світання будуць яны сядзець і маўчаць, маўчаць і гаварыць. Пра што толькі не перагавораць, куды толькі не заляцяць у сваіх марах. Ён скажа, што будзе яшчэ вучыцца і вучыцца, бо так жа многа трэба ведаць чалавеку, каб споўніліся яго запаветныя мары.

І так да самага світання. Потым яна раптам схопіцца з месца, прагаворыць спалохана: «Гэта ж дзень ужо надышоў». І, адбіваючыся ад яго, яна пабяжыць, але ён дагоніць, і яны пойдуць разам. Ля брамкі ён сарве яшчэ адзін пацалунак і затрымае на якую лішнюю хвіліну яе руку ў сваёй шырокай далоні. А яна вырвецца і пабяжыць, не азіраючыся, толькі мільгане на роснай зелені язмінавага куста яе белая сукенка...

«...Дзе ж ты цяпер, мая Лена, Леначка, мой Лянок сінявокі?» — уздыхнуў Ігнат, і няпрошаны стогн вырваўся з грудзей. Вырваўся і замоўк. Прапылены грузавік спыніўся. Ігнату развязалі ногі, хацелі проста скінуць на пыльную зямлю, але ўмяшаўся нейкі пажылы салдат, не то фельдфебель, не то вахмістр. Ігната знялі з кузава і паставілі на ногі. Тут, відаць, не жаласлівасць была. Высокае начальства не любіць мець справу з запыленым ды забруджаным чалавекам, хоць бы і палонным. Ігнату загадалі ісці да прасторнага дома. То была колішняя школа. Павялі не на парадны ганак, а на двор. Канваіры здалі яго другім салдатам і паехалі назад. Ігнат апынуўся ў пакоіку, як відаць, колішняй вартоўні. Яго пасадзілі на просценькі табурэцік ля акна, што выходзіць на двор, і сказалі, каб ён чакаў і не спрабаваў крануцца, бо тады яго адразу застрэляць.

«Адразу ці не адразу — ці не ўсё роўна...» — падумаў Ігнат.

Яму вельмі балела галава.

 

3

Упершыню пачатак свайго паражэння Цайт адчуў тады, калі ў штабе армій Цэнтральнага фронту адзін з афіцэраў даволі далікатна выказаў яму такую думку:

— Ці не здаецца вам, пан Цайт, што вашы зводкі сталі, ну, як сказаць, крыху... вадзяністыя...

— Як загадаеце вас зразумець? — сухавата запытаўся Цайт.

— Ну, бачыце, крыві ў іх няма, таго паху крыві, які так уласцівы быў вашым нядаўнім інфармацыям.

— Я папрасіў бы вас выказацца больш канкрэтна, бо нюх мой на розныя там пахі атрафіраваны...— нахмурыўшыся, прамовіў Цайт.

— Можна і больш канкрэтна. Павінен сказаць вам, што ў апошніх зводках па інфармацыі вашых агентаў непараўнана вялікае месца займаюць усякія весткі, а часам і агульныя развагі пра настроі насельніцтва, некаторыя ўнутрана-палітычныя падзеі...

— А чаго вы хочаце ад мяне? — ужо рэзка перапытаў Цайт.

— Даруйце, не мне ўмешвацца ў вашу работу, тым больш падказваць вам, але нам жа ў першую чаргу патрэбна чыста ваенная інфармацыя: дыслакацыя войск праціўніка, іх баявая падрыхтоўка, рэзервы, мабілізацыйныя мерапрыемствы, работа ваенных заводаў.

— Што ж, не кожны дзень бывае ўдачным у любога разведчыка. Сягоння настроі насельніцтва, а заўтра будзе і дыслакацыя.

Інфармацыя пачала мяняцца, асабліва пасля таго, як Цайт распарадзіўся даць па радыё некаторыя ўказанні сваім агентам. А праз колькі дзён радыёстанцыі аддзела ўдалося вылавіць у эфіры некалькі сапраўдных жамчужын. Паведамлялася пра буйное перамяшчэнне войск, пра адкрыццё новых заводаў, нават было паведамленне пра паўстанне ў адным з гарадоў Паволжа.

— Вось бачыце, мая сістэма запрацавала на поўную сілу! — крыху ганарліва, лагодна пацёпваючы па плячы, гаварыў Цайт таму афіцэру, які некалі асмеліўся так непаважліва сказаць пра яго інфармацыю.

Прайшоў які тыдзень. І Цайт не забудзе таго дня, калі яго паклікалі да самаго камандуючага арміямі. Вядома, не раз Цайту даводзілася гаварыць з высокімі начальнікамі, ён быў сваім чалавекам і ў галоўнай стаўцы, яму даводзілася гаварыць і з самім Гімлерам. Таму і самы выклік да камандуючага нічым асаблівым яго не здзівіў: можа, хоча камандуючы параіцца з ім або даць якія ўказанні. Ён крышачку замарудзіў, былі тэрміновыя справы. А тут прыбег, засопшыся, ардынарац і не сказаў, а выпаліў:

— Загадана перадаць: калі будзеце марудзіць, то вас павядуць пад канвоем.

Так з ім ніколі яшчэ не размаўлялі. Значыцца, здарылася нешта незвычайнае, калі на яго пачалі крычаць, як на хлапчука.

І толькі ён пераступіў парог кабінета камандуючага, як той прыўзняўся за сталом і, не адказаўшы на Цайтава прывітанне, закрычаў захліпаючыся:

— Каму вы служыце?

Як ні быў абураны Цайт, ён усё ж спытаўся далікатна і пачціва:

— Я не разумею вашага пытання, пан камандуючы...

— Ён не разумее! Ён разыгрывае перада мной цнатлівую дзяўчыну! Ён не бачыць, што ўся яго інфармацыя пайшла аблезламу сабаку пад хвост...

Камандуючы яшчэ доўга лаяўся, пырскаючы слінай і размахваючы рукамі. Урэшце ён угаманіўся крыху і голасам, які не дапускаў пярэчанняў, катэгарычна заявіў:

— Вы служыце бальшавікам, пан Цайт! Так, так, бальшавікам! Я павінен буду арыштаваць вас, калі ў бліжэйшыя дні не пераканаюся ў іншым. Што? — грозна зірнуў ён на Цайта, хоць той і не задаваў ніякага пытання.

Цайт, бледны ад знявагі, ад гневу, усё ж запытаўся стрымана:

— Я толькі хацеў бы даведацца, пан камандуючы, якія прычыны на тое, каб мяне так вінаваціць? Я служу вялікай Германіі і майму фюрэру, і ніхто да гэтага часу не меў падставы сумнявацца ў гэтым...

— А вось я сумняваюся... Так, сумняваюся! Ваша інфармацыя, шаноўны пан Цайт,— камандуючы змяніў крыху тон,— каштуе мне некалькіх дывізій. Разумееце, не-каль-кі-і-х дывізій! Гэта тысячы загубленых, з вашай ласкі, салдацкіх жыццяў, сотні страчаных афіцэраў. Я не гавару вам пра страты ў баявой тэхніцы. Я не кажу вам пра зрыў баявых аперацый, што можа пры выпадку ператварыцца ў дэзарганізацыю ўсяго фронту. Разумееце вы-ы — фро-о-нту, за які я адказваю перад фюрэрам сваёй галавой.

— І ўсё ж, пан камандуючы, — асмеліўся тут зноў запытацца Цайт,— я не разумею яшчэ, пры чым жа тут мая інфармацыя?

— Вы бачылі яго? — сказаў з раздражненнем камандуючы, хоць у кабінеце нікога, апроч іх, не было, хто мог бы бачыць цяпер Цайта.— Ды зразумейце, што ваша інфармацыя ўжо тыдні два, калі не больш, ператварылася ў дэзінфармацыю. Яна робіцца ў інтарэсах Саветаў, і мы панеслі вялікія страты, паверыўшы ёй...

— Але ж да гэтага часу мая інфармацыя ніколі не падводзіла ні вас, ні галоўнай стаўкі.

— Вось іменна: да гэтага часу. А цяпер падводзіць.

Яны абодва маўчалі некаторы час, і кожны думаў пра сваё. Камандуючы скоса зірнуў на Цайта, уважліва прыгледзеўся да яго, нібы ўпершыню ўбачыў гэтага чалавека. Ён ведаў, што Цайт, акрамя знешняй, зафрантавой разведкі, займаецца і разведкай унутранай, сочыць за партызанамі. Але не гэта цікавіла яго. Былі ў яго сякія-такія дадзеныя, якія гаварылі, што Цайту даручана і ўнутрывайсковая разведка, разведка за старымі, кадравымі афіцэрамі былога рэйхсвера, у тым ліку і за ім, камандуючым, за яго аператыўнымі справамі. А таму і мітусілася такая неадчэпная думка: а ці варта сварыцца з гэтым чалавекам, які, па сутнасці, быў вачмі і вушмі Гімлера, а праз яго і самога Гітлера, хоць афіцыйна і не лічыўся ў гестапаўскіх чынах. Можа, гэтыя меркаванні і прывялі да перамены тону гутаркі, які стаў значна мякчэйшы.

— Што ж будзем рабіць, паважаны Цайт? — параўнальна лагодна запытаўся камандуючы.

— Думаю праверыць усю маю сетку, пан камандуючы. Магчыма, што сям-там адбыліся правалы.

Трэба рабіць некаторыя карэктывы ва ўсёй сістэме...

— Што ж, рабіце. А на мяне, старога, не крыўдуйце, калі я сказаў вам што-небудзь лішняе...

Яны мірна разышліся, і трэба сказаць, што сам Цайт быў здаволены канцом гэтай гутаркі. Магло б быць значна горш.

Некалькі дзён праседзеў ён на радыёстанцыі. У вызначаныя па графіку часы выклікаў свае агентурныя нумары і асабіста прымаў ад іх інфармацыю. Ды не гэта цікавіла яго. Самымі рознымі Спосабамі, вядомымі толькі яму і яго агентам, ён намагаўся прамацаць з усіх бакоў кожную сваю далёкую кропку. Усё здавалася нармальным, асабліва з самымі маладымі і неспрактыкаванымі яшчэ агентамі.

Куды большыя сумненні і звычайныя падазрэнні прынесла пераклічка з самымі лепшымі агентамі, асабліва з яго старым, выпрабаваным рэзідэнтам. Быў ён родам з Берліна і заўсёды рад быў пачуць якую-небудзь вестачку аб сям’і. Цайт у дачыненні да гэтага агента рабіў некаторыя выключэнні і зрэдку перадаваў яму кароткую сямейную інфармацыю па пісьмах, якія сям’я гэтага агента перасылала асабіста яму, Цайту. І вось гэты агент паводзіў цяпер сябе зусім недарэчна. Калі Цайт перадаў яму прывітанне ад Марты, яго жонкі, той спытаўся зусім не да ладу:

— Ад якой Марты?

І толькі праз хвіліну, відаць спахапіўшыся, дадаў:

— О, дзякуй, шчырае дзякуй вам, пан Цайт!

— Вы ашалелі там? — гнеўна адстукаў на ключы славуты разведчык, якога ніколі агентура не называла па прозвішчы, а тым больш у эфіры.

І адтуль, здалёк, адстукалі:

— Чаго вы злуеце?

Ён выклікаў яшчэ некалькіх лепшых з лепшых свае агентуры. І тут, урэшце, пераканаўся ў сваім сапраўдным паражэнні. Некаторыя кропкі зусім пуставалі і не адказвалі ні на якія выклікі. З другіх адказвалі яўна не яго людзі. У трэціх ён сам пачаў сумнявацца і ўжо не верыў ні аднаму іх данясенню. У дадатак да ўсяго была атрымана і такая перадача:

— Цудам выратаваўся ад арышту. Перабраўся на новае месца, чакаю распараджэнняў.

У праўдзівасці гэтай перадачы сумнявацца не трэба было.

Усё гэта было страшным ударам для Цайта. Відаць, за адным захадам была знішчана ўся яго сетка, на наладжванне якой пайшло некалькі месяцаў вялікіх намаганняў, клопатаў, страт, штодзённых хваляванняў. Разгромлена больш за сотню кропак. І, відаць, яны некалькі тыдняў ужо існавалі як фальшывыя, з падстаўнымі людзьмі. Нездарма размахваў рукамі і крычаў стары камандуючы. Даводзіцца ўсё пачынаць спачатку. Божа мой, якая гэта цяжкая і вар’яцкая работа.

Цайт да таго расстроіўся, што нават захварэў і некалькі дзён не выходзіў на работу.

 

4

Цётка Ганна вяла за раку маці Веры Смалянкінай. Тая і не разумела, чаму Вера так настойліва ўгаворвала яе пайсці ў вёску.

— Засядзелася ты ў горадзе, мама, там хоць свежым паветрам падыхаеш. Трэба ж, урэшце, і адпачыць табе.

— А ты як тут будзеш?

— А што са мной зробіцца, не прападу. А ты пабудзеш там тыдні з два, потым і вернешся. Хутка грыбы будуць, ты ж так любіш збіраць іх.

— Пра якія цяпер грыбы думаць, калі людзі і ў лес баяцца глянуць, бо немцы караюць за гэта.

— Не ўсюды ж немцы, мама. Ты пажывеш у вёсцы, якая далёка ад дарог, туды немцы і заглядаць баяцца.

Урэшце ўгаварыла.

І вось яны ідуць, дзве жанчыны, і вядуць павольную гаворку пра дзяцей, пра іх лёс, пра цяжкае жыццё.

А ў Веры гэты дзень быў надзвычай цяжкі. Цайт заявіўся ў канторы на якую толькі хвіліну і, спаслаўшыся на сваю хваробу, даручыў весці ўсе справы свайму памочніку, немцу, якога службоўцы надзялілі мянушкай «Зяпа». Быў у яго не то нервовы цік, мо які другі недахоп, але толькі ў яго паторгвалася ніжняя сківіца і на якую хвіліну рот быў так шырока разяўлены, што немец рабіўся падобным на шчупака, які вось-вось гатоў праглынуць сваю чарговую ахвяру. Ён і заікаўся.

Аднак гэта не перашкаджала яму быць адным з самых каштоўных работнікаў у Цайта, незамянімым на допытах людзей.

Ён быў звышвынаходлівы ў розных катаваннях і здзеках. Яму даручалі таксама распраўляцца з тымі вучнямі школы, якія былі альбо непадаткія да вучобы, альбо западозраныя ў неблаганадзейнасці. І службоўцы хоць і пасмейваліся тайком з яго, але яўна пабойваліся, ліслівілі ў вочы, рабілі дробныя паслугі. Але блізка не сыходзіліся, унікалі ўсякай з ім кампаніі. Праўда, ён і не шукаў іх блізкасці, нікуды не хадзіў, у горад наведваўся рэдка, хіба толькі тады, калі трэба было адправіць чарговую пасылку для сям’і ў Германію. Жыў ён тут жа, пры школе, у невялічкім пакоіку, для якога заказаў таўшчэзныя дубовыя дзверы, а на адзінае акно навесіў Моцныя краты.

І вось з гэтым немцам, які насіў прозвішча Цобст, Веры трэба было правесці допыт некалькіх вучняў, якіх злавілі на світанні пры спробе ўцячы. Цобст не ведаў рускай мовы.

Пяцёра хлопцаў былі, па сутнасці, ужо асуджаны на смерць, бо адсюль нікога не выпускалі жывога, калі хто меў хоць невялікую правінку. Цобст задаваў пытанні. Тыя скупа адказвалі. Былі гэтыя хлопцы з партызан і прывезены сюды з турмы, бо далі згоду вучыцца ў гэтай школе. Былі ў іх намеры выкарыстаць школу як апошні сродак выратаваць сябе ўцёкамі. Іх адказы зводзіліся да аднаго: уцякаць яны нікуды не збіраліся, а проста хацелі рана выкупацца.

— Навошта ж вы разламалі плот, калі можна было прайсці варотамі? — задаваў пытанні Цобст, добра ведаючы, што і гэтыя пытанні ніякага сэнсу не маюць, бо абставіны справы і так ужо ясныя і віна іх бясспрэчная.

— Праз вароты нас магла не пусціць варта, бо там праходзяць толькі па дазволу, калі на купанне выводзяць групамі. Мы ж не хацелі турбаваць начальства па такой невялічкай справе.

— Таму вы і забілі вартавога, каб не турбаваць начальства?

— Нас білі, мы абараняліся...

Так пачаўся допыт, які спачатку меў такі лагодны, ледзь не ідылічны характар.

Але так было толькі ў першыя хвіліны. Хутка Цобст увайшоў у сваю прызвычаеную каляіну. Пачалася грубая лаянка, наскокі з кулакамі, пагрозы забіць тут жа, не сыходзячы з месца. І адзін з хлопцаў папрасіў Веру:

— Скажы свайму аблезламу сабаку, што мы яму нічога болей не скажам, дарэмныя ўсе яго старанні.

Яна пераклала, намагаючыся змякчыць словы. Вядома, пра сабаку яна зусім прамаўчала.

І тады адзін з хлопцаў, які разумеў, відаць, крыху па-нямецку, з раздражненнем, у якім адчувалася вялікая нянавісць, кінуў ёй:

— Ды што ты, нямецкая наймітка, так шануеш свайго сабаку ці баішся абразіць яго? Перакладай так, як табе гавораць, бо не дарэмна ж хлеб нямецкі ясі, сука паганая!

На хвілінку здалося Веры, што пад ёй расступілася зямля і яна ляціць у нейкую змрочную бездань. Вялікага намагання каштавала ёй, каб стрымацца, не выдаць сябе слязьмі, якія вось-вось гатовы былі заліць яе твар. Яна толькі затрымалася на хвілінку, абдумваючы, што адказаць ім, робячы выгляд, нібы шукае свае хустачкі і не знаходзіць яе. І вось урэшце знайшлася гэтая хустачка. Яна паволі выцерла лоб, абмахнула твар, бо сапраўды ў пакоіку, у якім вокны з кратамі былі наглуха зачынены, стаяла страшэнная духнеча. І ўрэшце здолела сказаць ім толькі адно, што яна перакладае правільна.

Цобст усе гэтыя хвіліны ўважліва сачыў за ёй, чакаў перакладу, урэшце запытаўся:

— Што там у вас за перамаўленні?

— Я, пан Цобст, перапытвала, ці правільна я зразумела іх словы...

І той жа хлопец, які сказаў такія абразлівыя для яе словы, не змоўчаў тут. Мяшаючы рускія словы з нямецкімі, ён выкрыкнуў Цобсту:

— Ты не вер ёй. Яна маніць, шануючы тваё вуха, пёс...

І, старанна падбіраючы словы, ён усё даводзіў Цобсту, што іменна ён, Цобст, з’яўляецца не кім іншым, як сабакам, што гэта было сказана яшчэ раней, ды вось ягоная паслугачка няправільна перакладае, а таму яны патрабуюць другой перакладчыцы.

Цобст выслухаў усё спакойна, ніводная рыса яго твару не змянілася, толькі голас набыў неўласцівыя яму ўрачыстыя ноткі.

— Што ўсё гэта азначае, паважаная фрэйлен?

Яна крыху разгубілася, не ведаючы, як жа ёй трымаць сябе пры такіх акалічнасцях. Узважаючы кожнае слова, стараючыся гаварыць як мага спакайней, яна адказала яму:

— Я перакладаю правільна, і кожная іх заява перакладзена вам дакладна.

— Аднак яны ж пратэстуюць. Яны гавораць, што вы апускаеце цэлыя словы.

— Не магу ж я, пан Цобст, перакладаць слова ў слова. Урэшце, бываюць часам і непрыстойныя ці абразлівыя словы, не магу ж я перакладаць іх усе. Вы павінны лічыцца з тым, што я жанчына...

— А я вам загадваю!

— А я не кожны ваш загад магу выканаць...

— Вы добра ведаеце, што павінны выканаць любы мой загад.

— Ну, ведаеце...

— Яшчэ раз напамінаю вам аб службовых абавязках. Пачынайце сваю работу.

— А я не буду.

— Выведзіце іх! — сурова загадаў тут Цобст канваірам.— А мы з вамі пагаворым... Я думаю, што мы зразумеем адзін аднаго.

Але зразумець адзін аднаго яны ўсё ж не змаглі. Вядома, пан Цобст мог ужыць самыя крутыя меры ў дачыненні да яе, калі б яна была звычайнай перакладчыцай. Ён бы паказаў ёй, да чаго можа прывесці непаслушэнства і непавага да начальства. Але тут былі некаторыя акалічнасці, якіх не мог не ўлічваць пан Цобст. Хоць працаваў ён і нядаўна ў школе, але добра ведаў, што гэтая капрызуля карыстаецца не толькі сімпатыяй, але і выключным давер’ем з боку самога шэфа, які быў, па сутнасці, больш чым богам для Цобста. Таму ён, у звычкі якога не ўваходзіла такая якасць, як далікацтва ў дачыненні з людзьмі, а тым больш з такімі істотамі, як жанчыны, усё ж пастараўся быць па-свойму далікатным. І ён пачаў сваю гаворку з ёй пра дысцыпліну з таго, што выказаў спачатку сваё шчырае захапленне дружбай людзей наогул, а потым перайшоў да прыязных адносін Цайта да Веры.

— Я, ведаеце, так рад, так рад, што мой паважаны начальнік з такой глыбокай сімпатыяй ставіцца да вас і што вы адказваеце яму належнымі пачуццямі... Але...

Яна сумелася.

— Ідзіце адсюль, грубы вы чалавек!..

— Ды што вы...— Цобст кінуўся быў суцяшаць дзяўчыну, хапіў быў яе за руку, каб перадаць шклянку вады.

Але шклянка выпала з Цобставых рук, і ўся вада выплеснулася яму на грудзі. Дзяўчына ж не гаварыла, а крычала ўжо на ўсю кантору:

— Вон, вон адсюль, нягоднік!

Збянтэжаны Цобст зусім разгубіўся. А тут, да яго сораму, прыбеглі і другія работнікі канторы, паглядзець, што тут робіцца. Цобст з лаянкай накінуўся на іх, выгнаў з пакоя і, ссутуліўшыся, падаўся і сам следам за імі. Допыту нельга было закончыць, другога перакладчыка пад рукой не было, і ўзлаваны Цобст загадаў пад вечар адвесці арыштаваных у гарадок і здаць іх у СД, бо не хапала людзей, каб забяспечыць спецыяльную варту для арыштаваных у самой школе.

Як выявілася позна ўначы, з арыштаваных, якіх паслалі ў СД, траім удалося ўцячы ў часе канваіравання, двое былі забіты. Забіты і адзін канваір, у якога ўцекачам удалося выхапіць аўтамат. Тае ж начы траім чалавекам пашанцавала ўцячы з самой школы.

Цобст перажыў уначы і другія непрыемнасці. У адзіным акенцы яго пакоя не асталося ніводнай шыбы. Кідалі, відаць, каменнямі, абломкамі цаглін і ўсякім другім спадручным матэрыялам.

Сам Цайт, даведаўшыся на другі дзень пра ўсе гэтыя падзеі, сказаў Цобсту, калі яны былі адны:

— Я не магу спадзявацца на вас, стары дурань. Даволі мне адлучыцца на дзень, на два, як вы гатовы разваліць усю школу...

Грэблівым позіркам ён акінуў панурую постаць Цобста. Той доўга апраўдваўся.

— Ладна, ідзіце...

У Веры ён запытаўся:

— Можа, гэты ёлупень чым-небудзь пакрыўдзіў вас, можа, ён гаварыў якую брыду?

— Было б няпраўда, калі б я сказала гэта. Проста ён грубы да немагчымага і зусім не разумее, што я толькі хацела яму дабра, не перакладаючы некаторых абразлівых слоў па яго адрасу.

І яна расказала яму пра ўсю сваю сутычку з Цобстам.

— Ну, кінем гэтую прыкрую тэму. Ён жа вядомы стары салдафон, можа дапусціць і нетактоўныя рэчы. Паедзем лепш ды выкупаемся!

У дні, калі стаяла добрае надвор’е, Цайт любіў арганізоўваць, як ён гаварыў, калектыўныя купанні, на якія выязджалі на невялічкай маторцы. Цайт запрашаў звычайна Вейса, Веру і панурага Цобста, які быў нядрэнным матарыстам. Раней Вера не ішла на такія запрашэнні, бо лічыла непрыстойным для сябе пялёскацца ў вадзе ў кампаніі трох мужчын. Пасля таго як Веры параілі больш ласкава абыходзіцца з Цайтам, яна перастала ўхіляцца ад яго прапаноў і брала ўдзел ва ўсіх такіх пагулянках. Звычайна выязджалі куды-небудзь недалёка за горад.

Цайт быў заўсёды галоўным завадатарам забаў на вадзе, вучыў розным стылям плавання і нырання. Пасля купання каталіся гадзіну на маторцы.

Сёння купаліся недалёка ад лясістага берага. Цобст, які не захапляўся купаннем, лавіў рыбу. Яму не пашанцавала сёння на акунёў, усё больш траплялі мізэрныя печкуры ды ўклейкі.

Паступова псаваўся і яго настрой, з яго пасмейваліся, падражнівалі.

Калі дрэнны настрой Цобста быў зразумелы, дык Цайту не зусім зразумелы быў настрой Веры. Заўсёды вясёлая, часам нават задзёрыстая на такіх пагулянках, яна нібы скісла сягоння, сядзела хмурая, надзьмутая.

— Што з вамі, Вера? Ну зірніце весялей... Ды хоць усміхніцеся вы!

— Проста нездаровіцца, ды і халаднавата крыху... Бачыце, і туман пачаў слацца над вадой...

— Ну што ж, паедзем тады. Шаноўны Цобст, забірайце свой багаты ўлоў, будзем адчальваць.

А ў Веры сапраўды быў сумны настрой. І не Цайту ведаць аб прычынах гэтага настрою. Ужо некалькі такіх пагулянак прайшло без усякіх вынікаў. Відаць, не падрыхтаваліся хлопцы ці якія другія прычыны іх затрымалі, але ўмоўных знакаў як няма, дык і няма. А колькі намаганняў ёй каштавала ўгаварыць Цайта і яго службоўцаў змяніць звычайныя для іх мясціны купанняў, павялічыць зону прагулянак на маторцы. Вейс асабліва баяўся выязджаць за які лішні кіламетр за горад; за кожным прырэчным каменем, за кожным кустом ён гатоў быў бачыць прытоенага партызана.

І вось яны ехалі назад. Да горада было ўсяго якіх кіламетры два ці тры. Ля матора сядзела Вера. Там было цяплей, ды калі рукі заняты якой справай, тады і на душы весялей, не так лезуць дакучлівыя і ўсё такія невясёлыя думкі: калі ж, урэшце, скончыцца гэтае неспакойнае і хісткае жыццё яе. І толькі падумала яна так, як раптам нібы ўся кроў адразу адхлынула ад твару, да таго пабялеў ён. Так бывае, калі чалавека нечакана напалохае што.

А перад вачмі яе ўсё стаялі дзве зялёныя яловыя лапкі, што вылучаліся на белай паверхні вялікага валуна, укрытага з бакоў светла-зялёным мохам. Гэты камень ляжаў ля самага берага. Тут рака рабіла рэзкі паварот. Імклівая плынь гнала ваду ў круты бераг. Вада бурліла, хадзіла кругамі, узнімалася з самых глыбінь і разлівалася над паверхняй ракі ўспененымі наплывамі. Самы стрыжань ракі як бы разбіваўся тут на дзве няроўныя палавіны. Большая цякла далей. Меншая заварочвала назад і ўсё кружыла, віравала між густымі лазнякамі берага і стромкай плынню. Гэтае месца, як ведала Вера, называлі чортавым вірам, і нават спрактыкаваныя плыўцы пабойваліся яго чорнай глыбіні і здрадлівай звычкі нібы абцугамі хапаць за ногі чалавека і няўмольна цягнуць яго ўніз і кружыць, кружыць, да поўнай страты прытомнасці.

Усё, што ўбачыла і адразу перадумала Вера, адбылося ў які-небудзь кароценькі міг. Яе раптоўную бледнасць заўважыў Цайт, які разам з Цобстам сядзеў блізка, амаль што побач. Нахіліўшыся да яе, ён запытаўся:

— Што з вамі, Вера? Вам нездаровіцца?

— Мне сапраўды дрэнна... Загадайце каму кіраваць лодкай...

Яна выключыла матор. Цайт жэстам загадаў свайму памочніку памяняцца месцамі з Верай. Лодка трапіла ў вір і пачала павольна выпісваць дугу, набліжаючыся да лазнякоў. Вера, трымаючыся абедзвюма рукамі за барты лодкі, старалася, прыгнуўшыся, перабрацца на Цобстава месца. Тое ж рабіў і Цобст. Няўстойлівая лодка хадзіла хадуном, і Вейс, які сядзеў на носе, крычаў адтуль:

— Асцярожна, панове, асцярожна, іначай перакулімся.

Цайт зірнуў на яго злым вокам, хацеў нешта сказаць і не паспеў. Каб зручней размінуцца з Цайтавым памочнікам, Вера на якую хвіліну выпрасталася на ўвесь рост, але раптам пахіснулася ўбок, нялоўка трапіўшы нагой на борт лодкі. Тое, чаго так баяўся Вейс, адбылося так хутка, што ён не паспеў ускрыкнуць, апынуўшыся з галавой пад вадой. Следам за ім падаўся і Цайт, які не разгубіўся, аднак, і рабіў адчайныя намаганні выбіцца да берага. Ён ужо ўхапіўся быў рукой за галінку лазовага куста, але ў пальцах асталося толькі некалькі шорсткіх лісткоў, і, падхоплены плынню, ён пачаў аддаляцца ад берага. Вера ледзьве трымалася на вадзе і крычала: «Ратуйце!» Тое ж самае, але па-нямецку, рабіў і Цобст, як клешч учапіўшыся ў нос лодкі, які трымаўся старчаком на вадзе ў той час, як карма, ацяжараная маторам, апусцілася глыбока ўніз.

Вера так шчыра крычала аб паратунку, што здавалася, нібы Вейс пачуў яе пад вадой, бо тут жа вынырнуў і, дзіка азіраючыся, адчайна біўся на вадзе, часам пагружаючыся з галавой і пускаючы бурбалкі.

А Вера ўсё крычала. Калі ў першы момант, апынуўшыся ў вадзе, яна адчула такую радасць, што хоць ты скачы над гэтым вірам, дык цяпер, калі прайшло некалькі хвілін, яе апанаваў страх: а што, калі ў хлопцаў зноў якая няўвязка, так жа можна і загінуць тут, пайсці самой на дно, трымацца ў адзенні на гэтай віратлівай вадзе было надзвычай цяжка. Ужо Цайт зрабіў поўнага круга на вадзе, і імклівая плынь зноў несла яго ад лазнякоў. Вейс рабіў, відаць, апошнія намаганні, бо даваў нырца ўсё часцей і часцей. Нос лодкі, на якім сядзеў Цобст, то апускаўся ў ваду, то вытыркаўся, і Цобст то жахліва заплюшчваў вочы, уцінаючы галаву ў плечы, то выцягваў шыю, як гусак, калі выныраў разам з лодкай.

І вось Вера заўважыла тых, ад якіх залежала цяпер выратаванне. З лазнякоў, метраў за дваццаць ад іх, вынырнула разам два чаўны. На кожным з іх было па два чалавекі. Гэта былі, відаць, звычайныя сяляне з сенакосу, бо ў двух, якія не былі заняты вёсламі, яны ўбачылі граблі. Чаўны хутка падплылі. Першага выратавалі Вейса, якому падалі канец грабель і адбуксіравалі да берага. Тут жа выцягнулі Веру. Такім жа спосабам Цайта і Цобста.

Вейс так узрадаваўся неспадзяванаму выратаванню, што, адфыркваючыся ад вады, якой нахлябтаўся як мае быць, усё гаварыў і гаварыў:

— Цудоўна, цу-у-доўна, цудо-о-ўна!

Здорава напалохаўся і Цайт. Адсопшыся і адкашляўшыся, ён моцна паціскаў рукі гэтым сялянам, якія натрапілі ў такі крытычны момант, і шчыра, з пафасам гаварыў ім:

— О, дзякуй вам, вялікае дзякуй, і ад мяне асабіста, і ад усяе нашае арміі!

І яму ветліва адказалі:

— Не варта асаблівай падзякі, не турбуйцеся надта. Здымайце боты, бо яны поўныя вады!

— О, дзякуй вам! — і ён кінуўся здымаць боты, прычым яму памаглі зняць іх ды разам з тым знялі і партупею з пісталетам.

Ён так быў ашаломлены ўсімі папярэднімі падзеямі, што сустрэў гэта як належную дапамогу, але сказаў усё ж:

— Ну навошта ж, я сам...

А яму ўжо гаварылі:

— Распранайцеся ды выкруціце адзежу, не зручна ж хадзіць у мокрым. Выкручвайце добра!

Адзін з хлопцаў непрыкметна падміргнуў тут Веры:

— А вам, фрэйлен, таксама не варта мокнуць, ідзіце вось туды, за вярбу, ды падсушыцеся крыху і амуніцыю сваю таксама выкруціце, ну ды не вас жа вучыць жаночай справе...

Вера зрабіла нешта падобнае на лагодную ўсмешку.

— А цяпер, паны афіцэры, абагрэйцеся крыху ля цяпельца, а то ўжо вечарэе, можна і прастыць пасля халоднай ванны.

Тут толькі пацярпеўшыя аварыю заўважылі пасля ўсіх сваіх трывог і перажыванняў, што і сапраўды холадна. Над ракой плылі пасмачкі туману, завіваліся клубкамі над вірам, чапляліся за лазовае вецце, навіслае над вадой. Ля цяпельца, раскладзенага тут жа ў крутым рове-прамоіне, было сапраўды добра, можна падсушыць і бялізну. Аднак гэта рабіць было не зусім зручна, бо сюды падыходзіла ўжо і Вера, і джэнтльменам давялося ў спешным парадку нацягваць сваё макраватае яшчэ адзенне і ўжо дасушваць яго на сабе.

Цайт нахмурыўся і пачаў падазрона прыглядацца да сваіх збаўцаў. Запытаўся па-нямецку ў Веры:

— Вы не можаце сказаць, што гэта за людзі?

— Відаць, касцы, цяпер жа якраз ідзе касавіца...

Аднак, калі выратаваным аддалі мундзіры і партупеі з пісталетамі, усе Цайтавы падазрэнні рассеяліся. Ён звярнуўся да хлопцаў:

— Скажыце, як жа ўсё-такі аддзякаваць вам? Мы ж не ведаем, хто вы, адкуль, куды і як нам перадаць узнагароды.

— Дарэмна клапоціцеся. А калі ўжо вы так хочаце, дык зробіце тады, калі мы даставім вас у горад...

— Ды што вы! Вы і так многа зрабілі для нас. Мы самі ўжо дабяромся, тут недалёка.

— Не, мы не маем права пакінуць вас у такім становішчы. Падвязём вас на конях, бо лодка ваша падмокла, ды і матор цяпер сапсаваны.

— Ну, калі вы такія ветлівыя, дык калі ласка. Як ні ехаць, абы ехаць.

— Што ж, давайце паедзем! — не то сказаў, не то скамандаваў той хлопец, што раней падміргнуў Веры, пасылаючы яе падсушыцца.

І сапраўды, у густым ляшчэўніку, у вымытай некалі вясновымі водамі прамоіне знайшліся і коні, з якіх некаторыя былі асядланыя.

— Усаджвайцеся, як каму будзе зручней... Ды не марудзьце!

Апошняе было сказана далёка не тым ветлівым голасам, якім гаварылі з імі раней. Цобст, удзеўшы нагу ў стрэмя, усё не мог злаўчыцца, каб перакінуць другую, і скакаў на адной назе, абедзвюма рукамі ўчапіўшыся ў конскую грыву. Яму нехта падмог ускараскацца на сядло, даў у рукі павады.

— Цяпер трымайцеся, пан Цайт, спакойна і не тузайце каня, ён у нас наравісты.

— О, я не Цайт, я толькі Цобст, толькі Цобст...— паспешліва прагаварыў ён, баючыся, каб такі зварот да яго не быў бы лішняй абразай для паважанага шэфа.

Толькі калі селі на коней, Цайт зразумеў, што ён пацярпеў другое, куды большае і, відаць, апошняе паражэнне. З-за бліжэйшых кустоў выехала некалькі, раней не заўважаных, коннікаў. Гэта б яшчэ не здзівіла Цайта, які ўжо крыху прызвычаіўся да сённяшніх нечаканасцей, але ў гэтых коннікаў, якія ўраз акружылі немцаў, былі аўтаматы, і трымалі яны іх напагатове. Такі ж аўтамат раптам аказаўся і ў руках у хлопца, які да гэтага так лоўка абыходзіўся з граблямі, якімі выцягнуў і Цайта з вады.

Цайт збялеў, механічна пацягнуўся рукой да кабуры, але ў часе схамянуўся — не такія ж яны дурні, відаць, каб аддаваць яму з патронамі пісталет. Ды і што тут зробіш з пісталетам супраць аўтаматаў.

Стараючыся быць спакойным, нібыта нічым не здзіўленым, але з яўнай дрыготкай у голасе, Цайт паспешліва запытаўся ў хлопца, якому так многа разоў шчыра дзякаваў сёння:

— Што гэта азначае?

— Толькі тое, што вы бачыце...

— Хто вы, аднак? — асіплым ужо голасам запытаўся ён яшчэ раз.

— Думаю, што вы самі ўжо здагадаліся, але задаволю вашу цікаўнасць: перад вамі партызаны.

Вейс так залыпаў пры гэтым сваімі бялёсымі вейкамі, што здавалася, яму на вочы села па матылю. Цобст сцяўся ўвесь і сутаргава ўхапіўся аберуч за конскую грыву. Цайт рэзка саскочыў з каня і замахаў рукамі, як вятрак крыламі ў свежы вецер пры добрым завозе.

— Я не дазволю! Вы адкажаце за гэту дыверсію!..

Але яму загадалі зноў сесці.

Коні скрануліся з месца, дробна затупалі нагамі, выбіраючыся на гліністы ўзгорак. На хвіліну якую мільганула люстраная гладзь вячэрняй ракі, сям-там зацягнутай белымі посцілкамі туману. Яшчэ разы з два можна было ўбачыць адсюль блізкі горад. На ружовым захадзе вырысоўваліся, як прачэрчаныя ў паветры, цёмныя фермы чыгуначнага моста. А коні ішлі, не спяшаліся. Абыходзілі балоцінкі, перабіраліся ўброд цераз нейкія рачулкі, ручаі, канавы. Выцяўшыся лбом аб тоўсты сук ляшчыны, Цайт раптам нібы ўтрупянеў і потым сутаргава хапіўся абедзвюма рукамі за кішэні мундзіра. Памацаў адну, другую, залез усёй далонню ва ўнутраную. І, безнадзейна ўздыхнуўшы, перастаў шукаць. Кішэні былі пустыя.

Ён ехаў далей з выглядам чалавека, які трапіў на ўласныя хаўтуры.

Праз якія гадзіны дзве-тры Дубок даставіў палонных у лагер атрада, ёмка аддаў рапарт бацьку Мірону, які спецыяльна выйшаў з зямлянкі, каб паглядзець на палонных. Пакуль рыхтавалі для іх спецыяльнае памяшканне, Мірон запрасіў у зямлянку Веру.

— Ну, віншую цябе з перамогай, малайчына! А цяпер не варта табе больш аставацца з імі вока на вока. Адпачывай пакуль тут, а я пайду пра сёе-тое распараджуся.

 

5

Калі Ігната ўвялі ў прасторны пакой, у якім за школьным сталом сядзеў малады яшчэ палкоўнік, ён падумаў, што цяпер ужо нядоўга астаецца да таго, чым канчаецца кожнае чалавечае жыццё. Ён многа перадумаў за кароткія часы, праведзеныя ў гарнізоне, потым у дарозе. І яму самому здавалася, што пасталеў ён за гэты час. Ужо не бесклапотны юнак стаяў перад сталом, за якім сядзеў чужы, варожы яму чалавек, такі далёкі ад усяго таго, чым жыў, пра што марыў, чаго чакаў, на што спадзяваўся Ігнат.

Многа чаго перадумаў Ігнат, пакуль палкоўнік гаварыў ціхенька з другім, маладым афіцэрам, відаць ад’ютантам, пакуль ён не адаслаў двух канваіраў, якія не спускалі з яго вока і трымалі за развязаныя рукі. Потым палкоўнік адаслаў і ад’ютанта, і яны асталіся ўдвух.

«Відаць, надумаўся пачынаць з угавораў. Але ведаем мы вас і вашы ўсе спосабы навылёт...» — падумаў Ігнат, нібы сцяўшы ўсю сваю істоту ў стальную спружыну.

Ён стаяў натапыраны, з падцятымі губамі, з суровым выглядам твару, рысы якога за апошнія часы завастрыліся. Вочы крышачку запалі, але не пагаслі агеньчыкі ў іх. Вось палкоўнік варухнуўся на крэсле, пасунуўшыся бліжэй да стала, павярнуўся тварам да Ігната. Твар быў смуглявы, з чорнымі, як вуглі, вачмі. Нешта падобнае на лёгкую ўсмешку прайшлося па гэтым твары. Так, па крайняй меры, здалося Ігнату. І палкоўнік загаварыў з ім. Загаварыў па-руску, неяк асабліва, па-свойму вымаўляючы словы:

— Сядай, бяры вунь крэсла і сядай! — сказаў ён роўным і спакойным голасам.

Ігнат не чакаў гэтых слоў і таму разгубіўся. І ад гэтай разгубленасці толькі сказаў:

— Мы можам і пастаяць, пан палкоўнік...

— А ты ведаеш і ваенныя чыны?

— Бачылі... Трапляліся нам усякія...

— Дык ты сядай усё ж...

«Іч ты, мякка сцеле, гад, ды жорстка спаць будзе»,— мімаволі падумаў Ігнат, але ўзяў крэсла і, хутка зірнуўшы на вокны, прысеў. Прыйшла яшчэ такая думка да яго: «Вось гваздану гэтым крэслам, калі што якое, па галаве, з цябе і дух вылеціць, гітлераўская лісіца... а тым часам і ўсё хутчэй скончыцца...»

А той пытаўся:

— Партызан?

— Вы ж самі ведаеце...

— Але, ведаю. Дык што ж, эшалон хацеў у паветра пусціць?

— Але, хацеў... і пусціў бы, каб не перашкодзілі...

— Як жа завуць цябе?

— А ці вам не ўсё роўна...

— Ты не бойся. Я ж ведаю думкі твае: вось, думаеш, пачне гэты гад зараз распытваць: імя, прозвішча, ды з якога атрада, ды хто камандзір, ды колькі вінтовак і аўтаматаў, ды дзе лагер, ды дзе Саколіч размяшчаецца.

«Іч, гад, які ход выбраў... і адкуль толькі ён пра Саколіча ведае... Не такая ўжо хітрая справа разгадаць некаторыя мае думкі. Але куды паверне лісіца, куды яна хіліць? Вядома, каб збіць мяне з тропу. Не, не ўдасца табе гэтага, не ўдасца... Ты мне зубы не загаворыш...» — падумаў Ігнат і адказаў:

— Ніякага Саколіча я не ведаю, а да думак маіх вам няма клопату.

Палкоўнік усміхнуўся, хітра прыплюшчыў вока.

— Правільна адказваеш. А імя сваё ты ўсё ж мне скажы. Пра прозвішча ды пра ўсё другое пытацца не буду.

— Ну, скажам, завуць мяне Іванам, што ж гэта дасць вам?

— Хіба ж людзі павінны думаць толькі пра тое, што ім дадуць ці не дадуць? Мне вось проста падабаецца тваё імя. Іван, Ваня... добрае рускае імя. Вось і пазнаёміліся. Я ўпершыню бачу перад сабою жывога рускага партызана.

Ігнат маўчаў, думаючы, калі ж урэшце пачнецца сапраўдны допыт, калі з’явяцца тыя майстры, якія вядуць гутаркі інакшым манерам. А палкоўнік ужо распытваў пра такія рэчы, якія ніякага дачынення не мелі да справы: ці чытае ён кнігі і якія падабаюцца яму, якія бачыў п’есы ў тэатры, у якой школе вучыўся. Што ж, на такія пытанні і адказаць можна. Яму падабаюцца многія героі лепшых кніг, і больш за ўсіх Паўка Карчагін.

— Чым жа ён падабаецца табе, Ваня? — запытаўся гэты палкоўнік, гэты закляты вораг, голасам, які нагадаў яму чамусьці голас былога свайго настаўніка. Той таксама пытаўся ціха, спакойна, тым прызвычаеным тонам, які нібы заахвочваў да адказу. Незразумелы гэты чалавек, незразумелыя і яго паводзіны. І, вырашыўшы, што можна адказаць яму і на гэтае пытанне, сказаў:

— Тым падабаецца, што ён вучыў мяне, як ненавідзець ворагаў і як...— хацеў сказаць — біць, але сказаў мякчэй,— як змагацца з імі.

— Харошыя словы і харошыя думкі...— праказаў палкоўнік і на хвіліну задумаўся.

Ён запытаўся яшчэ пра прафесію, пра бацькоў, ці ёсць у яго каханая дзяўчына. Гэтыя пытанні ўзварушылі столькі думак і такім калючым агнём апалілі ўсё яго сэрца, што ён замоўк, нахмурыўся і замкнуўся ў сабе. І глядзеў ужо не на палкоўніка, а міма яго, у прыкрытае фіранкай акно. Праз незанавешаны кавалак шыбкі там відно было неба, па якім павольна-павольна плылі белыя аблачынкі, большыя, меншыя. А яшчэ вышэй ярка ззялі пад сонцам лёгкія, як пярынкі, і такія ж узорыстыя хмурынкі.

А палкоўнік уважліва глядзеў на яго, нібы хацеў убачыць усё, што дзеялася ў Ігнатавай душы. І па вачах яго цяжка было разгадаць, якую пастку ён ставіць Ігнату.

— Ну што ж, Ваня,— сказаў палкоўнік,— вось мы і пазнаёміліся з табою, з партызанам. А цяпер так і запішам: партызан Іван нічога не хацеў сказаць у часе допыту...

Палкоўнік пазваніў. Зайшоў усё той жа ад’ютант, што быў у пачатку допыту. Палкоўнік нешта доўга гаварыў яму па-нямецку, і той усё ківаў галавою ў знак згоды. Нарэшце з’явіліся чацвёра салдат з вінтоўкамі і загадалі Ігнату ісці з імі. З злоснымі, нахмуранымі тварамі яны правялі яго па двары школы, вывелі на вуліцу сяла і рушылі па ёй, трымаючы напагатове вінтоўкі. Ах, якая доўгая-доўгая была гэта вуліца. І такая шырокая, што не скочыш куды цераз плот, куды-небудзь у сад, у гарод. Няхай бы стралялі тады, чорт іх бяры, а можа, і пашанцавала б, там жа і лясок сінее непадалёк. Але куды ты скочыш, калі вядуць па самай сярэдзіне вуліцы.

Вось яна і скончылася. І як ні была яна доўгая, злавіў сябе на думцы Ігнат, што быў бы не супроць, каб была гэта вуліца без канца...

За сялом пайшла пясчаная дарога. Бярозы з апаленымі маланкай вяршалінамі да самага долу пазвешвалі свае зялёныя косы-галінкі. Побач дуб стаіць, вялізны-вялізны, і ля буслава гнязда лётае, завіхаецца рознае птаства. А на гняздзе стаіць на адной назе бусел, задуменна ўзіраецца ў далячынь: ляцець яму яшчэ да начы ці не ляцець?

Бярозы саступілі месца куртатым вербам. Не пыляць ногі ў пяску, нават чуваць, як чвякаюць следам за ім салдацкія боты — чатыры пары падкутых ботаў. Ішлі грэбляй. Абапал поўніліся вадой шырокія канавы, пазарастаныя асакой і трысцём. А далей, як вокам кінуць, распасцерліся балотныя прасторы: касматае куп’ё, разводдзе ды зрэдку купкі змізарнелых хвоек на сухіх грудках побач з дрыгвою. Відаць, тут і расстраляюць, і кінуць потым у балацянішча, у рудую ваду, у твань. Колькі ж то кіламетраў прайшлі ад сяла? Асцярожна азірнуўся. Сяла не відаць. Толькі зелянеюць у канцы грэблі куртатыя вербы, і іх макаўкі залацяцца пад сонцам. Так і не заўважыў, як дзень прайшоў, як сонца пайшло на захад.

Калі азірнуўся — убачыў і іх, салдат. Яны пра нешта гаварылі. Яны ішлі зусім не так, як там, па сяле, ледзь не падпіраючы яго ў спіну штыкамі. Цяпер трымалі яны вінтоўкі на рамянях, спакойна ішлі, крыху адстаўшы ад яго. Ён прыслухоўваўся да іх галасоў, але дзе ты разбярэш іхнія словы? Адно, што зразумеў, мова іх не падобна была на нямецкую. А якая — дзе ты ў ёй разбярэшся. А ці не ўсё роўна, хто расстраляе яго, колькі розных наймітаў у фашыстаў, і ў кожных свая мова. Але ж хітрыя, ідуць, як на пагулянцы. Няйначай ведаюць, што нікуды ты цяпер не ўцячэш, не скочыш у гэтую рудую багну, прытулішча вужоў і балотных жаб. І сапраўды, лепш памерці ўжо ад кулі, чым захлынуцца ў гэтай смярдзючай багне. А наперад не пабяжыш асабліва, чатыры кулі дагоняць адразу. Чаго ж марудзяць яны? Ведае Ігнат гэтую дарогу: праз якую пару кіламетраў пачнуцца зноў пяскі, а там бор, стары, дрымучы. Не ў бор жа вядуць яго.

І як бы ў адказ на гэтыя думкі ён пачуў, як яму нібы крыкнулі нешта яго салдаты-канваіры. Ён азірнуўся, на хвіліну спыніўся. Яны стаялі ўчатырох, зняўшы з плячэй вінтоўкі, і нешта махалі яму рукамі, крычалі. Цяжка было разабраць іх словы, але ўрэшце зразумеў ён адно, і гэтае слова нібы нажом прастроміла сэрца.

— Уцякай! — даносілася яно да яго, гэтае слова. А яны ўжо бралі вінтоўкі на рукі.

Ён зірнуў яшчэ раз наперад, агледзеўся на бакі. Багна, трысцё, гнілая вада, зацягнутая бросняй і плеўкамі рудай, іржавай твані. Ён пабег бы, каб быў тут лес навакол. Ён пабег бы, каб было чыстае поле, бо прага да жыцця куды мацней за смерць, якой бы бязлітаснай ні была яна, хоць бы не чатыры салдаты беглі за ім, а некалькі і некалькі разоў па чатыры. А тут не разбяжышся па гэтай вузенькай грэблі, па хісткіх і дрыготкіх аполках, пакладзеных у самых грузкіх мясцінах. Дык не дачакаюцца ж яны, каб ён стаў падобны на палахлівага звера, які ўцякае ад паляўнічых. Раз суджана яму памерці цяпер, то ён сустрэне смерць спакойна і мужна, як сустракае яе стары, бывалы салдат. І была яшчэ такая здрадлівая думка: пабяжыш — і адразу ўсё будзе скончана. Навошта ж прыспяшаць яе, кашчавую? Ідзі спакойна, падражніся з імі, тваімі забойцамі, якія, можа, хочуць прынізіць цябе, зняважыць.

І ён ішоў, не падаючыся ні ўправа, ні ўлева. Ішоў ціха, спакойна, нібы адмерваючы кожны свой крок. Не азіраўся. А сэрца білася так моцна, што ён не чуў шолаху трысця, якое гнулася, кланялася сонцу пад ветрам.

Яны стрэлілі разам усе ўчатырох. Ён здрыгануўся быў, ледзь не спыніўся, услухоўваючыся ў самога сябе, але адчуў зямлю пад нагамі і па-ранейшаму бачыў наперадзе вялікую таўсматую хвою, якая стаяла на ўскрайку недалёкага ўжо лесу. Божа мой, каб быў гэты лес бліжэй! Адчуваў, як прыліпла кашуля да спіны і нібы калючыя ледзяныя іголкі крануліся цела. Не, гэта не кроў. Яны толькі здзекуюцца з яго, робяць забаўку сабе з яго смерці. Страляйце ж, гады, страляйце, не мучце сэрца чалавека, ёсць жа мяжа і яго пакутам.

А да слыху данеслася ўсё тое ж слова:

— Уцякай!

І здалося яму, што гэтае слова сказана не адно. Нібы пачулася яму:

— Уцякай, таварыш!

Але ён ішоў, не азіраючыся.

Грымнула яшчэ чатыры стрэлы. І так паўтарылася тры разы. Больш не стралялі. Не чутно было і галасоў. І тады ён азірнуўся і адразу стаў у здзіўленні: яны не даганялі яго, а, павесіўшы вінтоўкі па-ранейшаму на рамяні, ішлі назад, паволі аддаляючыся ад яго.

А ён стаяў і глядзеў ім услед. У нагах адчувалася слабасць, страшэнная млявасць агарнула ўсё цела, кружылася галава. І каб не ўпасці, ён падаўся да абочыны грэблі і прыхіліўся да ствала рабіны. Адзін з тых салдат азірнуўся, і тады ўсе яны паглядзелі назад, на яго. І ён не паверыў вачам сваім: салдаты махалі яму рукамі. Махалі так, як махаюць на развітанне ўсе добрыя людзі...

Яшчэ не ўсвядоміўшы да рэшты, што ж адбылося з ім, ён таксама памахаў ім рукою і адчуў, як аслабла яна.

Салдаты пайшлі сваёй дарогай.

Ён пастаяў хвілін колькі, прыхіліўшыся шчакой да рабіны. Ад яе патыхала моцным гаркаватым пахам і свежасцю вячэрняй прахалоды. І сапраўды, над багнішчамі, над разводдзямі паплылі шматкі празрыстай воўны. Яны збіваліся, гусцелі, чапляючыся за трысцё і чароты.

Ацёршы лоб ад халоднага поту, Ігнат урэшце пакінуў ветлівую рабіну і, паскорваючы хаду, падаўся далей па грэблі. У роце так перасохла, што ён выбраў чысцейшае месца ў канаве і, прыгаршчамі зачэрпнуўшы вады, прагна напіўся, потым абмыў твар, рукі. Паступова варочалася да яго звычайнае ўспрыманне навакольнага свету. Ён падумаў і пра начлег, спаць сапраўды хацелася моцна-моцна. Можа, ад усяго перажытага, а можа, і проста ад таго, што мінулае начы ён зусім не спаў. А новая думка не давала спакою. Відаць, памыліўся ён у тых людзях-салдатах, бо не ішоў бы ён цяпер па зямлі, каб былі яны яго сапраўднымі ворагамі. Можа, пашкадавалі яго гітлераўскія салдаты, для прыліку стрэлілі некалькі разоў, каб сказаць свайму начальству, што загад яны выканалі. Ён ішоў і адчуваў некаторую ніякаватасць перад людзьмі, якіх толькі перад гэтым лічыў самымі заклятымі ворагамі свайго народа. І тут жа думка пра тое, што каб ведаў ён мову, то зусім інакшы характар мела б гэтая вымушаная сустрэча з чатырма незнаёмымі салдатамі. А можа, у іх многа яшчэ такіх салдат, якія не ворагі яго народу?

Хутка быў ён у лесе. Прайшоўшы чыстым борам, ён трапіў да ляснога возера. Было ўжо цёмна, калі ён, дабраўшыся ў зацішак густых ядлоўцавых кустоў і змайстраваўшы немудрашчае логава з верасу, яловых лапак, прымасціўся на начлег. І толькі прылёг на духмяную лясную пасцель, як адразу заснуў.

 

6

Разведчыкі са штаба Саколіча раніцаю наступнага дня не прынеслі ніякіх суцяшальных вестак пра Ігната. Яны пабывалі і ў вёсках, дзе стаялі гарнізоны чыгуначнай аховы, і ў сяле, дзе стаяў штаб дывізіі. Адно стала вядома бясспрэчна: Ігната сапраўды прывезлі ў штаб. Па звестках ад насельніцтва вядома было, што чатыры салдаты вялі хлапца праз сяло і пайшлі з ім на дарогу і далей на грэблю. Па іх расказах палонны быў сапраўды падобны на Ігната. І яго, відаць, вялі на расстрэл, бо ў сяле чулі, як разы са тры стралялі залпамі на грэблі, ды і салдаты тыя неўзабаве вярнуліся назад. Пра расстрэл абвяшчалі і некалькі нямецкіх аб’яў, надрукаваных на машынцы на нямецкай і рускай мовах. Аб’явы гэтыя былі вывешаны на сяле, і разведчыкам удалося сарваць адну і прынесці ў штаб. Але ў аб’яве гаварылася пра нейкага партызана Івана, злоўленага ў часе падрыхтоўкі ім дыверсіі на чыгунцы. Па даведках, наведзеных амаль што ва ўсіх бліжэйшых атрадах, ніхто з хлопцаў у гэтыя дні ў палон не трапляў, хоць і былі ў гэтых атрадах дзесяткі падрыўнікоў Іванаў.

Саколіч выслухаў усе гэтыя данясенні, нічога не сказаў разведчыкам. А сам падумаў: «Загінуў хлопец».

Подпіс на аб’яве камандзіра дывізіі прымусіў, аднак, Саколіча задумацца.

Былі ў яго некаторыя меркаванні, меўшыя дачыненні да гэтай дывізіі. Як вядома было яму, камандаваў дывізіяй па ахове чыгункі чэшскі палкоўнік. На яго і ўскладаў Саколіч некаторыя спадзяванні, звязаныя з задуманай аперацыяй...

Цяпер жа, прачытаўшы знаёмы подпіс пад аб’явай, Саколіч вагаўся:

«Відаць, не зварыць нам кашы з табой, не з таго поля ягада».

Аднак браў і роздум. Было ў Саколіча многа правераных вестак, якія сведчылі, што камандзір дывізіі паходзіць з вельмі добрай сям’і чэшскіх патрыётаў, што ў раёне размяшчэння яго дывізіі не назіраецца ні тых зверстваў, ні таго несутрымнага грабяжу насельніцтва, якія амаль заўсёды бываюць там, дзе стаяць нямецкія часці. Былі і другія факты, якія гаварылі ў карысць гэтага палкоўніка. Так, назіраліся выпадкі пераходу да партызан чэшскіх салдат, прычым двое з іх, прысуджаных да расстрэлу за забойства нямецкага афіцэра, уцяклі з дывізіённай гаўптвахты, і гэтым уцёкам, як ведаў Саколіч па сакрэтных дадзеных разведкі, непасрэдна садзейнічаў сам камандзір дывізіі.

Раздумваючы над усімі гэтымі пытаннямі, Саколіч прыйшоў да таго вываду, што спяшацца пакуль што няма куды, усё задуманае трэба яшчэ і яшчэ раз праверыць і ўдакладніць. Гэта ніколі не шкодзіць справе.

 

7

Калі Ігнат прачнуўся, сонца стаяла ўжо высока ў небе і моцна прыгравала.

Агледзеўся, выцер пот з ілба. Проста над галавой стаяла сонца і моцна прыпякала ў твар. Падаўся крышачку ў цянёк, аддыхаўся ад спякоты, скінуў апошнія рэшткі сну.

Пасля асцярожна вылез са свайго прытулішча і, дабраўшыся да крыніцы, прагна напіўся, прыпаўшы ротам да самай вады. Не было, здаецца, на свеце смачнейшага пітва за гэтую чыстую і сцюдзёную, як лёд, ваду, якая вынесла сюды, пад сонца, пад спякоту ўсю прахалоду зямных нетраў.

Ён сядзеў і любаваўся крынічкай, сачыў, як у празрыстай вадзе віравалі на дне пясчынкі, утвараючы нешта падобнае на маленькія гейзеры, якія то апускаліся, то прыўзнімаліся да самай паверхні. Пясчаныя гейзеры білі несупынна, але не муцілі вады, да таго чысты і прамыты быў гэты пясок.

Калі лёгкае рабацінне ледзь прыкметнымі кругамі злёгку хвалявала паверхню крыніцы на самай сярэдзіне, то па краях вада была ціхая, спакойная. Ігнат і ўбачыў у гэтай люстранай вадзе свой твар. Зірнуў, прыгледзеўся і адвярнуўся. Такім худым паказаўся твар з зямлістым колерам, з абвостранымі рысамі, з цёмнымі мяшкамі пад вачмі. Каб уважлівей угледзеўся ён у гэтае лясное люстра, то заўважыў бы цэлыя пасмы сівых валасоў, якія нібы ўклеіў хто назнарок у яго цёмна-русую шавялюру.

Так прасядзеў ён на беразе возера, можа, гадзіну, другую, сузіраючы ўсё, нібы ўбачанае ім сёння ўпершыню. Яго радавала і зачароўвала, як малога, і гэтая крынічка, і ціхае-ціхае, ледзь улоўнае пераліўчатае цурчанне малюпаткай ручаінкі, якая выбягала з крыніцы. Яго цешыў супакойлівы гоман бору. Здаецца, кропелькі блакіту прасыпаліся з нябесных вышынь — гэта цвілі ля самай крыніцы незабудкі. А ў кустах алешніку стракацелі на сонцы жоўтыя і сінія касачы. Па пясчанаму адхону берага нібы рассыпаны былі бледна-зялёныя зоркі бяссмертніку ў перамежку з жоўтым, падобным на звычайныя кветкі, і лапінкамі чырвона-ліловага чабару, угрэтага і пахучага на сонцы. І колькі яшчэ было розных кветак: сініх, ліловых, ярка-чырвоных! А ля самага берага млелі на вадзе белыя і жоўтыя лілеі, у знямозе раскінуўшы на паверхні зялёныя сподачкі сваіх лісцяў.

Ігнат захацеў выкупацца. Нагледзеўшы зручную мясціну ля самага берага, атуленую высокім чарацянішчам, ён пачаў распранацца. І тут яго воку трапілася такое відовішча, якое сапраўды ён бачыў першы раз у сваім жыцці. Увесь пясчаны бераг і нізкая лугавіна былі нібы ўсеяны слюдзянымі бліскаўкамі. Здавалася, тысячы і тысячы стракоз сабраліся тут з усіх канцоў зямлі. Нельга было і кроку ступіць, каб не ўзлятала безліч гэтых лёгкіх паветраных стварэнняў.

Усеўшыся на самым ускрайку берага, ён разгадаў таямніцу гэтай страказінай навалы. Ён угледзеў нязграбных цёмна-шэрых казюрак, даўжынёй не больш за паўмезенца, якія цэлымі атрадамі плылі па дне, трымаючыся берага. Вось яны выпаўзалі з вады, гэтыя, крыху брыдкія на выгляд, казюркі, ускараскваліся на абсушаны каменьчык і, нібы прыклеіўшыся да яго сваімі чорнымі танюткімі ножкамі, адразу заміралі. І вось на вачах у Ігната адбываецца цуд. У нерухомай, прыціхлай казюркі пачынае ўсё болей і болей набухаць спінка, нібы горбік які вырастае на ёй. Секунда-другая — і з гэтага горбіка раптам вылузваецца нешта бліскучае, светла-зялёнае, якое нагадвае два кругленькія каменьчыкі-самацветы. Ігнат прыгледзеўся і пазнаў у гэтым светла-зялёным звычайную страказіную галаву. А за ёй ужо выцягваюцца, як з футарала, і яе складзеныя напал тулава і слюдзяныя крыльцы. І вось ужо сядзіць на каменьчыку страказа, выпроствае і абсушвае на сонцы згорнутыя перад гэтым крыльцы. А яе светла-зялёныя вочы, пукатыя, бліскучыя, відма робяцца цямнейшымі, бронзава-зялёнымі. Яе бледнае тулава набывае пад сонцам блакітна-зялёную афарбоўку. Страказа ўжо варушыць крыльцамі, спрабуе скрануцца з месца. Яшчэ міг, і яна з лёгкім шолахам адарвалася ад каменьчыка і ўзнялася ў паветра, насустрач сонцу, лесу, на шырокія лугавыя прасторы. А ад казюркі, нарадзіўшай гэтую прыгожую страказу, не асталося бадай што нічога. Толькі светла-шэрая, васкова-празрыстая шкарлупінка асталася ляжаць на каменьчыку. І тысячы, тысячы іх на ўгрэтым пяску, на ўзбярэжнай вадзе.

Як зачараваны глядзеў Ігнат на гэтую дзівосную з’яву: смерць і нараджэнне. І тое, што нараджалася, было куды прыгажэйшае, прывабнейшае, чым тое, што адмірала і раздзьмухвалася ветрам па пясчаным беразе шэрымі, пустымі шкарлупінкамі.

І, гледзячы на ўсё гэта, Ігнат падумаў, чаму ж ён раней не заўважаў многага з таго, што цяпер успрымаецца зусім па-новаму, як упершыню ўбачанае, упершыню спатканае. Нібы мацней цяпер пахлі травы і кветкі, нібы нешта новае чуў ён у гомане бору, у шолаху трысця, нібы паднавіліся, расквітнелі ўсе звычайныя фарбы, якія бачыў ён і раней.

З’явіўшыся ў свой атрад, Ігнат расказаў падрабязна пра ўсё перажытае ім. Ён не ведаў прычыны свайго выбаўлення ад смерці, а таму шчыра гаварыў:

— А ліха іх ведае, чаму яно так выйшла...

І ў голасе яго адчуваліся ноткі пэўнага асуджэння сябе: гэта ж трэба, расстрэльвалі і астаўся жывы... Вядома, людзі могуць падумаць што-небудзь часам і крыўднае...

Гэтыя ноткі гучалі ў яго расказе і тады, калі паклікалі да Саколіча. Той моцна паціснуў яму руку.

— Хапіў, відаць, гора, братка? — сказаў ён, зірнуўшы на яго заўчасна пабялелыя валасы.— Віншую цябе, віншую з удачай!

— Якая ж удача, таварыш камандзір? — вінавата прамовіў ён.— І дыверсія сарвана, і міну яны забралі.

— Нам, братка, жыццё нашага чалавека куды даражэй за варожы эшалон. Ліха іх бяры, тыя эшалоны, нідзе яны ад нас не дзенуцца. А чалавека не падымеш з магілы. Калі гаварыць па-старому, дык сказаў бы я: шчаслівы твой бог, хлопец мой. А шчасце тваё ў тым, што трапіў ты да добрых людзей, якія, відаць, таксама, як і мы, не вельмі любяць фашыстаў. А таму, каб не пашкодзіць тым людзям, якія цябе вызвалілі, ты пакуль што асабліва і не гавары пра іх. Ну, вялі на расстрэл, уцёк... можна часам і выдумаць што-небудзь для добрай справы. Ты разумееш мяне?

— Усё разумею, таварыш камандзір!

 

8

Веру завялі начаваць у вёску, дзе ўжо больш як тыдзень жыла яе маці.

Калі позна ўвечары ў хату да яе зайшла Вера, яна так разгубілася ад нечаканай сустрэчы, што нават запыталася:

— І надоўга ты да нас?

— Назаўсёды, мама.

— Пачакай,— сумелася яна,— а як жа будзе са мною?

— І ты, мама, назаўсёды з намі...

— З вамі?!

Яна абняла дачку і прытулілася да яе.

— Ну чаго ж ты, мама? Тут радавацца трэба, а ты плачаш.

— Я, дачка, можа, марыла пра такую шчаслівую хвіліну, калі я заплачу ад радасці.

Раніцаю да Веры зайшла Надзя. Прывёў яе Піліпчык, які заўсёды першы ведаў усе навіны ў атрадзе, ведаў, дзе хто жыве, дзе размешчана якая група ці рота. Ён паспеў падгледзець, як канвойныя вялі ў каравульнае памяшканне трох гітлераўцаў-афіцэраў. Ён пахваліўся свайму маленькаму сябру Васільку, што бачыў самага галоўнага шпіёна і што гэтага шпіёна разам з другімі фашыстамі ўзяла ў палон адна дзяўчына. Васілька не заўсёды браў на веру ўсе Піліпчыкавы навіны. Але гэтага не таіў і адразу ж казаў у вочы:

— Ты, Піліпчык, зноў маніш!

— Не верыш? Дык я зараз завяду цябе, я ведаю, дзе яна спынілася.

Утраіх і заявіліся ў хату да Веры: Надзя, Піліпчык і Васілька.

Вера так была ўзрадавана Надзі, што не ведала, дзе пасадзіць яе. Пачаліся ўзаемныя роспыты, успаміны. Верынай маці хацелася пагаварыць з Васількам, але той маўчаў і ўпарта глядзеў на Веру. Улучыўшы хвіліну, калі Надзя пайшла да вядра з вадой, каб напіцца, ён з самым сур’ёзным выглядам падышоў да Веры і запытаўся:

— А скажыце, цётачка, вы і сапраўды ўзялі ў палон трох шпіёнаў?

Тут толькі Вера звярнула на яго ўвагу. Яна падхапіла яго на рукі і, цалуючы, сказала:

— Ах ты, мой маленьчык хлопчык, ці ж магу я ўзяць у палон аж трох фашыстаў. Іх узялі ў палон партызаны.

— Вось і зманіў ты, Піліпчык, я ж гаварыў, што зманіў! — І Васілька вылузаўся з рук дзяўчыны, бо лічыў непрыстойным для сябе ўсякія там мілошчы з чужымі людзьмі.

— І не зманіў! А вось жа не зманіў! — разышоўся Піліпчык.— Я на свае вочы бачыў, як іх прывялі і пасадзілі пад варту.

Верына маці з цікавасцю слухала гэтую гаворку: дзеці ж гаварылі пра яе Веру, пра тое, чаго яна сама не ведала...

* * *

Вера з Надзяй ішлі па загуменню ля жытняга поля. Жыта стаяла густой сцяною. Дробна-дробна шапацела груша-дзічка на ўзмежку поля, стракацелі ля дарогі кветкі брат-сястрыцы, буйнога дзяцельніку. Ля старых, абамшэлых гумён па-ранейшаму шчабяталі ластаўкі, недзе ў вёсцы галасіста праспяваў певень. Ад гумён пахла аржанымі снапамі, зляжалаю мякінаю і несла тонкім водарам пракураных ёўняў. І ўсё, што відаць было, усе гукі, усе пахі нагадвалі тое старое, што бачылі гадамі, з чым зжыліся, да чаго прызвычаіліся... Здавалася, нічога і не змянілася. Так жа па-ранейшаму свяціла і прыгравала сонца. Так, як і заўсёды, плылі па небе незлічоныя хмурынкі. Як і раней, лёталі па гародах неўтаймаваныя шпакі, рупліва абягаючы кожную градку і хутка ўзлятаючы, каб паспець накарміць сваіх нашчадкаў.

Але гэта толькі здавалася.

Вайна нагадвала пра сябе на кожным кроку. Стаялі абгарэлыя ліпы на ўскрайку вёскі — там спалена было некалькі хат. Чарнелі акопныя равы за ўскраінай вёскі, ужо напалову абваленыя, размытыя дажджамі і талымі вясновымі водамі. Сям-там груды акопнай зямлі зазелянелі хвашчом, малачаем, рэдкімі кусцікамі палыну. На самым выгане, ды і па гародах, траплялася багата варонак ад бомб і снарадаў. Напоўненыя зеленаватай, зацягнутай бросняй вадой, яны былі добрым прытулкам для жаб, якія і наладжвалі тут свае ранішнія і вячэрнія канцэрты.

Багата было і другіх слядоў вайны. Пад самым балотам як загруз з разбітай гусеніцай нямецкі танк, гак і стаяў, унурыўшыся па самую вежу, укрыты густой травой. Фарба сям-там аблупілася, і рудая ржа пайшла плямамі, нібы хто знарок навёў своеасаблівы камуфляж на гэтую груду металу. Прабітая і скасабочаная пушка была, мяркуючы па некаторых адзнаках, улюбёным прыпынкам для сарок і іншага птаства.

Трапляліся і зусім свежыя сляды вайны. Па жытнім полі, відаць, прайшло нядаўна некалькі танкаў: яшчэ відны былі на глеістай зямлі рубчатыя адбіткі гусенічных тракаў. Прыбітыя да зямлі сцябліны пажаўцелі і пабурэлі. Танкі прайшлі тут зусім нядаўна, у часе аднаго з налётаў карнай экспедыцыі. Па гэтых танкавых сцежках часта прагульваліся Піліпчык і Васілька. Тут была самая кароткая дарога да лесу, дзе пачалі ўжо выспяваць суніцы, ды, акрамя суніц, было ў іх безліч спраў у лесе, куды бегалі і другія дзеці.

Вера і Надзя прыселі пад вялізнай хвояй, якая адзінока стаяла на пясчаным узгорку сярод поля. Гулі пчолы. Да пчалінага гуду дамешваўся шолах хвоі і ціхі-ціхі, ледзь улоўны, шэпт жыта. Угрэтая сонцам зямля дыхала ласкай і цеплынёй. І так добра было сядзець тут і бяздумна ўзірацца, як пераліваецца над полем трапяткое марыва, як у шызай смузе пабляклі, растварыліся яркія фарбы далёкага лесу, парабіўшыся светла-сінімі, празрыстымі. І здаецца, нібы адарвалася ад зямлі і, павісшы ў паветры, хвалюецца гэтая зубчастая палоска лесу і нябачна зліваецца з блакітам неба.

Сэрца Веры поўнілася радасцю, шчасцем, такім глыбокім было адчуванне паўнаты жыцця, што яна не адважвалася загаварыць, каб звычайным словам не парушыць усяго хараства гэтага дня і ўзнёслага ладу сваіх думак.

Яны сядзелі і маўчалі. Першая парушыла маўчанне Надзя:

— Ну, расказвай, Вера, мы ж так даўно не бачыліся з табою!

Вера, нібы напалоханая гэтым пытаннем, адказала не адразу.

— А што ж расказваць?.. І расказваць быццам бы няма чаго. Ну, жыла як у турме, кожны дзень хадзіла як па вострым лязе. Страціла была ўжо ўсе надзеі, што зноў сустрэнуся з вамі.

Пра што толькі не перагаварылі яны пад старой раскідзістай хвояй. І пра далёкае будучае, і пра мінулае, і пра свой заўтрашні дзень. Крануліся і сваіх асабістых спраў. Вера прыхілілася да сяброўкі, абняла яе, заглянула ёй у вочы.

— Як я зайздрошчу табе, Надзечка! І зайздрошчу, і жадаю багата-багата шчасця. Ці бачылася ты з Колем за апошнія часы?

— Не. Тады толькі і пабачыліся, як вызвалілі мяне партызаны ад немцаў. Цяпер іх атрад далёка адсюль. Магчыма, неўзабаве заявіцца і ў нашых мясцінах.

— Табе хочацца сустрэцца з ім хутчэй?

— Эх ты, хіба ж пра гэта пытаюцца... Ты кахала калі, Вера?

— Я? Здаецца, ніколі...

— Як жа гэта так, калі здаецца? — рассмяялася Надзя.

— А з гэтага не смяюцца...— і Вера замоўкла. Па яе твары прабег нібы цень засмучэння ці жальбы.

— Ты мне даруй, Верачка, мой смех. Я ж з твайго адказу. Ну, не хочаш — не гавары, калі гэта табе непрыемна.

— Ды што тут асаблівага, каб не гаварыць. Ну, проста пакрыўдзілі мяне аднаго разу. Думала я, што і сапраўды кахаю. І чалавек, які спадабаўся мне, здаваўся самы найлепшы з людзей. Кляўся і ў вечным каханні, і ў вернасці да самай магілы. Ты ж ведаеш, як гэта бывае ў такім разе. Каханне, яно, відаць, аднолькавае ва ўсіх людзей, нічога тут новага не было і не бывае...

— З табою нельга пагадзіцца, Вера. У кожным сапраўдным каханні чалавек заўсёды знойдзе што-небудзь новае, адменнае, чым у другіх.

— Дык гэта ж у сапраўдным... А ў мяне такога не было. Толькі спачатку здавалася яно сапраўдным. Ну, і хадзіла ў ружовым тумане, любавалася на месячык, лічыла зоры, а душа была запоўнена ўсякім такім любоўна-касмічным хмелем. Ды ў пору той хмель прайшоў, ацвярозела неяк. Ды ты, можа, і памятаеш крыху гісторыю з выкладчыкам на першым курсе? Ён трапіў пад суд за свае любоўныя захапленні. Гэта пазней ужо было, калі паспеў ён сапсаваць жыццё адной студэнтцы. Ну, а я была тады яшчэ на першым курсе. Усяго год ці два, як абараніў ён кандыдацкую дысертацыю. Выкладаў з аганьком, ахвотна слухалі яго. Мне прыемна было, што ён звярнуў увагу на мяне. Як жа, новае свяціла навукі! А гэтае свяціла нарабіла мне столькі брыдотных прапаноў, што я дзіву давалася. Аднак лічыла ўсё гэта дробязямі, ці мала бывае ў вялікіх людзей розных недахопаў. І зусім выпадкова — я, прызнацца, і не падумала раней пацікавіцца гэтай стараной справы — даведалася, што свяціла маё жанатае, што мае яно жонку і двух дзяцей. Тады я і паставіла перад ім пытанне: што азначаюць усе яго адносіны да мяне? І ён адказаў: «А чаго ты хвалюешся? Ты ж мной цікавішся, а не жонкай маёй і маімі дзецьмі?» І калі я расплакалася ад вялікай крыўды, ён, нягоднік, яшчэ наважыўся суцяшаць мяне. «Ты,— кажа,— дзіця маё, яшчэ не разумееш свету, не разумееш жыцця. Жыццё ў нас такое кароткае, а маладосць яшчэ карацей, дык чаму ж нам не чэрпаць поўнымі прыгаршчамі яго залатыя ўцехі». Ты не глядзі, што я такая баязлівіца і паслушніца, але тут я такія ўцехі распісала на яго навуковай пысе, што, відаць, іх сляды заўважылі потым і другія. Але з яго як з гуся вада. Ну, вытурылі гэтае свяціла з інстытута. Такое было маё першае, калі яго можна так назваць, каханне.

— Та-а-к...— не ведала, як адказаць, Надзя.

— Але гэты, з дазволу сказаць, раман мой не закончыўся. Месяцы са два таму назад сустракаю я гэтага чалавека... І дзе б ты думала? У мясцовай паліцыі служыць следчым. Прызнацца, мяне гэта крыху здзівіла. Каб да такой подласці дажыць, дык гэтага ўжо я не чакала нават ад такога чалавека. Нібы нічога і не здарылася між намі, узрадаваўся. Яшчэ праводзіць мяне пайшоў. «Я,— кажа,— шчаслівы, што з вамі сустрэўся, бо жыву адзін, няма з кім слова сказаць, сям’і няма, недзе выехала за бальшавікамі, ну, туды ёй і дарога. І за вас я рад, як-ніяк мая колішняя ідэалістка за розум узялася». Ну і, вядома, з прапановамі. «Не выйшла,— кажа,— у нас раней, дык цяпер і сам бог загадаў». Бачыш, там у яго кватэрка ўтульная, пенсія нядрэнная, і, вядома, трапляюцца даходы, і немалыя. Ну, я дала яму тут дыхту, пасля і сустракацца баяўся...

Сонца хілілася на захад. Яркія фарбы саступалі месца вячэрнім паўтонам.

Занятыя сваімі думамі, дзяўчаты пайшлі ў вёску.

 

9

Стаялі ліпеньскія дні. Цэлыя тыдні не было дажджоў. Сонца прыпякала так, што ўначы не астывала зямля і, здавалася, дыхала цеплынёй. Нават у лесе душна было ў буданах, і хлопцы спалі проста пад адкрытым небам.

Заслонаў асталяваўся са сваім атрадам на новым месцы, непадалёк ад чыгункі, якая ішла з гарадка на поўнач.

У атрадзе здарылася няшчасце: загінуў адзін з самых блізкіх людзей і найлепшых памочнікаў — Чычын. Цяжка пераносіў гэтую страту камандзір атрада. Чычын быў адным з тых людзей, з якімі пачынаў Заслонаў яшчэ колішнюю сваю службу ў дэпо. З ім ён эвакуіраваў і ўзрываў дэпо, з ім прыйшоў здалёк, з-за лініі фронту, у фашысцкае логава, з ім знішчаў ненавісных гітлераўцаў. І вось не стала гэтага чалавека. Загінуў ён, ідучы з трапна праведзенай аперацыі на чыгунцы, дзе ўдалося вывесці са строю адзін раз’езд. Відаць, сачылі за ім, бо гітлераўцы наладзілі моцную засаду, на якую і натрапіў Чычын са сваёй групай. Толькі некалькім чалавекам удалося выратавацца. Дванаццаць чалавек, у тым ліку і Чычын, загінулі. Іх пахавалі, аддаўшы воінскую пашану, на перакрыжаванні лясных дарог.

Смерць блізкіх людзей не была нечаканасцю, бо вайна ёсць вайна. Але Заслонава абурала варожае глумленне над астанкамі загінуўшых. Разведчыкі, сувязныя данеслі, што ва ўсёй гэтай справе вінаваты салдаты спецыяльнага батальёна, які фарміравалі гітлераўцы з паліцаяў ды з рознага крымінальнага зброду. Сутычкі з паасобнымі ротамі гэтага батальёна ўжо мелі месца і раней у баявой практыцы атрада Заслонава. Было вядома ад сувязных, што ў батальёне нярэдка расстрэльваюць сваіх салдат, што там ёсць асобны ўзвод, які так і называецца службай унутранага парадку. Гэты ўзвод займаецца такімі справамі, якім пазайздросціў бы любы эсэсаўскі атрад. Камандаваў батальёнам уцякач з бранскіх лясоў, адданы фашысцкі найміт. Казалі, што гэты вылюдак быў некалі інжынерам аднаго спіртавога завода, што ў свой час ён адбываў пакаранне за розныя злачынствы. З прыходам немцаў ён адразу перакінуўся да іх, зрабіўся бургамістрам і тут жа бязлітасна расправіўся з сваімі родзічамі і іх сем’ямі, якія мелі дачыненне да партызан. Неўзабаве ён аб’явіў сябе начальнікам некалькіх валасных упраў, а потым акругоў.

Хутка, аднак, ваяўнічы бургамістр прымушаны быў пад націскам бранскіх партызан падмазаць пяткі разам з рэшткамі свайго разбітага атрада, які ён гучна называў вызваленчай арміяй. Увесь гэты зброд, аблашчаны фашыстамі, атабарыўся на тарфяным пасёлку непадалёк ад былой дзяржаўнай электрастанцыі. І тут пачалося фарміраванне спецыяльнага батальёна.

Другі такі батальён фарміраваўся ў адным з гарадоў на поўдні краіны. У батальёне было многа гітлераўскіх інспектараў. Фактычна камандаваў эсэсаўскі палкоўнік. Ён займаўся баявой вывучкай, трэніруючы батальён на зверскіх нападах на мірныя вёскі, на грабяжах і жудасных расправах над захопленымі ў палон партызанамі. Прыязджалі ў батальён і розныя эмісары з белагвардзейскіх арганізацый. Быў тут спецыяльны дарадчык па палітычных справах ад адной з манархічных груп у Берліне.

Пры сустрэчах з часцямі гэтага батальёна мелі месца і такія здарэнні. Часта, калі выцяснялі з вёскі якую-небудзь роту батальёна, то на гарышчах дамоў, дзе-небудзь на паліцах у лазні, а то і проста ў гумнах знаходзілі па некалькі цэленькіх скрынак з патронамі або скрынкі гранат, ці проста якую зброю з наклеенымі запіскамі: «Ад зялёных чырвоным, каб білі, не шкадуючы, фашыстаў». Гэтыя факты гаварылі пра тое, што ў батальёне, акрамя зброду, ёсць, відаць, людзі, якія трапілі туды не па сваёй ахвоце і пры выпадку маглі б быць карыснымі для партызанскай справы.

Некалькі дзён працавалі разведчыкі атрада. У пасёлку была падпольная камсамольская група. Асобных падпольшчыкаў ведаў Заслонаў. Група звязана была з некаторымі салдатамі батальёна. Ведалі таксама, што група падтрымлівае сувязь з камандзірам адной роты, які, паводле сабраных вестак, вельмі кепска настроены супроць свайго начальства і сёе-тое зрабіў для падпольнай камсамольскай справы. Вядома было таксама, што роты па чарзе выходзяць на лесараспрацоўкі.

І вось, дачакаўшыся, калі трэцяя рота пры поўным узбраенні, мабілізаваўшы з сабой ля паўсотні рабочых і сялян, выйшла ў лес,— туды ж, ва ўмоўленае месца, заявіўся з невялічкай групай партызан і Заслонаў. Рота занялася сваімі справамі, а камандзір, як было раней дамоўлена, прыйшоў з адным рабочым да Канстанціна Сяргеевіча.

Яны стрымана прывіталіся.

Камандзіру роты можна было даць гадоў пад сорак. З яго шырокага абветранага твару не сыходзіла панурасць. Апрануты ён быў у чырвонаармейскую форму, толькі знакі адрознення былі нейкага невыразнага колеру ды паблісквала на шапцы трохкаляровая цэшка, якую насілі некалі салдаты царскай арміі.

Заслонаў зірнуў мелькам на гэтую цэшку, запытаўся ўсміхнуўшыся:

— Ці не цара-татку збіраецеся пасадзіць нам на шыю?

Той махнуў рукою, скупа адказаў:

— Яны б чорта пасадзілі, каб мелі сілу...— І тут жа запытаўся: — Чым магу паслужыць... паны партызаны?

І не разгадаць было, ці гэта жарт быў, ці іронія.

— А ты нам не служы,— сказаў Заслонаў,— паслужы народу. Камуніст?

— А гэта ўжо вас не тычыцца...— грубавата адказаў чалавек, зірнуўшы на людзей Заслонава. Але, хочучы змякчыць свае словы, загаварыў больш лагодна: — Я ж не ведаю яшчэ толкам, што вы за людзі.

— Хіба не бачыш — партызаны.

— Партызанаў многа цяпер. Хачу дакладна ведаць, з кім маю справу.

— Партызаны з атрада Заслонава.

Чалавек уважліва прыгледзеўся да людзей, сказаў з роздумам:

— Пра заслонаўцаў мы чулі. Добрыя хлопцы. Але скажу я вам, што прыходзіла да нас вось такая ж група.

— Я думаю, калі б ты сумняваўся ў нас, то не пайшоў бы на сустрэчу,— сказаў Заслонаў.

— Вядома, не пайшоў бы... Але хачу ведаць усё ж, з кім гавару я?

— З камандзірам атрада Заслонавым.

Чалавек падняў вочы і здзівіўся. Нешта падумаў і адмоўна заківаў галавой:

— Не шукай, брат, дурных, каб табе я так адразу і паверыў. Не крыўдуй, калі скажу, што не падобны ты на Заслонава. Не выйшаў, не, не...

— Не верыш?

— Не веру.

— А ты яго ведаеш, можа, знаёмы з ім?

— Можа, і не знаёмы, але ж ведаю. Гэты чалавек не нам з табою раўня. Такіх людзей пашукаць на свеце. Дуж! Храбёр! Ну, і хіцёр да таго ж...

Заслонаў, весела смеючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі сваё колішняе пасведчанне па службе ў дэпо.

— Чытай, Фама ты няверны...

Той чытаў, углядаўся ў фотакартку і раптам выцягнуўся ў струнку:

— Вінават, таварыш Заслонаў!

— Давайце будзем знаёміцца.

— Капітан Пушкароў.

— Ну што ж, таварыш Пушкароў, давайце бліжэй да справы! — Заслонаў падміргнуў хлопцам, каб адышліся крыху ды пакінулі іх з вока на вока.

І калі асталіся ўдвух, Заслонаў спытаўся:

— Яшчэ раз пытаюся — камуніст?

— Беспартыйны я, таварыш Заслонаў, але з партыяй быў заўсёды.

— Чаму ж не ўцякалі з гэтай часці? Тут жа адны забойцы і грабежнікі.

— І дыверсанты ў дадатак. Адну роту паслалі ўжо на фронт. Там яна павінна непрыкметна перабрацца за лінію фронту ды, замаскаваўшыся пад чырвонаармейцаў, ударыць нашым з тылу.

— І вы лічыце патрэбным сядзець у такой часці?

— Але, лічу патрэбным,— спакойна адказаў Пушкароў.— Трэба было сядзець. Мы з той ротай і сваіх людзей паслалі. Так што, як толькі рота перабярэцца за лінію фронту, гітлераўцы могуць са спакойным сумленнем спісаць з рахунку сваіх абаронцаў.

— Вы што ж, сваім надумам праводзіце такую падпольную работу ў гэтым батальёне?

Пушкароў на хвіліну замяшаўся, яўна раздумваючы, як бы дакладней адказаць.

— Бачыце, каму другому я не сказаў бы, а вам скажу. Сваім надумам я толькі трапіў сюды. Трапіў, як і многія другія, ратуючыся ад галоднай смерці, ад расстрэлу эсэсаўцамі. Спадзяваліся, што, любымі сродкамі вырваўшыся з палону, мы здолеем потым знайсці лягчэйшыя шляхі, каб трапіць на радзіму альбо перабрацца да партызан. Я гавару пра сябе і пра некаторых ваеннапалонных. Але ў батальёне, як вам вядома, ёсць і паліцаі, і добраахвотная погань зарубежнага паходжання, і ўсякая іншая брыда. Колькі іх канчаткова апусціліся на дно, спіліся, даўно перасталі быць людзьмі, і яны, бадай што, страшней за эсэсаўцаў і для нас і наогул для савецкіх людзей.

— Гэта заўсёды так: шчыры халуй стараецца быць больш лютым за свайго пана. А цяпер толькі адно пытанне. Вы праводзіце работы па разлажэнню батальёна?

— Праводзім.

— А як бы вы паглядзелі на такую справу: батальён гэты разнесці ўшчэнт так, каб асталося ад яго адно толькі мокрае месца?

— Гэта лёгка сказаць, таварыш Заслонаў,— задуменна прагаварыў Пушкароў.— І мы пра гэта думалі, ды кароткія рукі ў нас. Людзей надзейных у нас вельмі мала. Ну, у маёй роце я мог бы падабраць чалавек з паўсотні, але ў другіх ротах іх меней. Ды майце на ўвазе ўзвод браневікоў, дзе адны эсэсаўцы. Артылерыйскі ўзвод — таксама гітлераўцы. Я не кажу ўжо пра мінамёты. Вось і зрабі тут што голымі рукамі.

— А хіба вы толькі на свае рукі спадзяецеся? Мы паможам! Увесь мой атрад! А трэба будзе, прыйдуць на дапамогу і другія партызаны.

Пушкароў задумаўся. Ён адказаў не адразу. Відаць было, што ён абмяркоўвае з усіх бакоў гэтую прапанову, падлічвае свае магчымасці. Урэшце ён, усхваляваны, узрушаны, схапіў руку Заслонава.

— Добра!

Яны ўмовіліся пра сувязных, пра час перадачы дадатковых вестак. Яшчэ да будучай сустрэчы яны дамовіліся, што ўся аперацыя будзе праведзена тады, калі Пушкарову роту прызначаць несці каравул па батальёне, прычым Заслонаў выказаў пажаданне, каб усю аперацыю дапасаваць да прыезду ў батальён якіх-небудзь важных гасцей.

На другі дзень Заслонаў адвёў свой атрад на новае месца, крыху далей, каб камандаванне батальёна не магло западозрыць што-небудзь няладнае.

І вось чаканы дзень настаў. Сувязны з’явіўся апоўдні, перадаў патрэбныя весткі, пароль.

Яшчэ далёка да цямна атрад, падзяліўшыся на тры групы, рушыў у дарогу.

Яшчэ сям-там вяршаліны асобных высокіх хвой ружавелі ў водблісках вячэрняй зары, як атрад прыйшоў на месца.

Заслонаў сядзеў на лясным узгорку, з якога відаць былі цёмныя абрысы ўсяго пасёлка, аддаваў апошнія распараджэнні, раіўся з сваімі камандзірамі. Калі зусім сцямнела, ён аддаў загад непрыкметна падцягнуць усе групы бліжэй да казарм і залегчы там у чаканні сігналу да атакі. Ноч была бязмесячная. Не відаць было і зор. Усё неба зацягнула суцэльная хмара. Збіралася, відаць, на дождж, бо далёка на захадзе злёгку пагрукваў гром і паблісквалі зарніцы маланак. Цішыня навакол была такая, што чуваць было, як ходзіць вартавы на ўездзе ў пасёлак ды гучна тахкае рухавічок ля штаба батальёна.

Хутка гадзіннік паказаў дванаццаць. Прайшло яшчэ з паўгадзіны. Дзесьці на балотцы ля рачулкі, што агінала поле правей, зарыпеў дзяркач і змоўк.

Прайшло яшчэ хвілін дваццаць, але ў непрагляднай цемрані не відаць было адзнак руху, ніякіх умоўных сігналаў. Заслонаў пачаў трывожыцца.

А ў гэты час, калі ў Заслонава нарастала ўсё больш і больш трывога, калі ў некаторых з хлопцаў прамільгнула думка, а ці не пахне тут правакацыяй з боку гітлераўцаў, у штабе батальёна праводзілася інструкцыйная нарада, якая крыху і зацягнулася. Тут было ўсё камандаванне батальёна, камандзіры рот, госць-генерал, які быў намеснікам начальніка паліцыі Герфа, некалькі гестапаўскіх агентаў. Генерал інфармаваў аб некаторых мерах, якія павінны былі быць прыняты ў бліжэйшы час супроць партызанскага руху. Ён не прыводзіў факты, але ўсе, хто сядзеў тут на нарадзе, добра ведалі іх. Генерал не гаварыў і пра тое, што Кубэ са скуры вылузваўся ад гневу і абяцаў паслаць на шыбеніцу ўсё паліцэйскае і эсэсаўскае начальства, калі ў бліжэйшыя дні не адаб’юць у партызан Цайта ды не зловяць дзёрзкага інжынера Заслонава.

Генерал не казаў аб гэтым, але ўсе дагадваліся аб усім, аб чым ён прамаўчаў. А ён гаварыў:

— Ад гэтага часу ўжывайце самыя лютыя меры супроць партызан і іх пасобнікаў. У палон больш не браць, у нас не хапае турмаў. Вёскі, заражоныя партызанскім духам, будзем бязлітасна паліць. Праз тыдзень-другі будзем высякаць лясы ўздоўж чыгунак і шасейных дарог.

Ён гаварыў яшчэ доўга. Пушкароў з сумам зірнуў на гадзіннік, было ўжо каля гадзіны ночы. Урэшце генерал закрыў нараду і, распусціўшы людзей, астаўся толькі з камандзірам батальёна і камандзірам спецыяльнага ўзвода парадку.

— Я павінен сказаць вам,— канфідэнцыяльным тонам пачаў генерал,— што ў вашай зоне з’явіліся людзі Заслонава, магчыма, што і ўвесь яго атрад у хуткім часе з’явіцца дзе-небудзь паблізу.

— Мы гэтымі днямі знішчылі адну яго групу.

— Гэта добра. Цяпер адно пытанне ў мяне: як з людзьмі ў вас? Усе надзейныя?

— Маніць не будзем,— адказаў падпалкоўнік.— На гэтым тыдні расстралялі шэсць салдат.

— А як з камандзірамі?

— З камандзірамі ў нас, здаецца, усё ў парадку.

— А ў мяне ёсць некаторыя даныя, што адзін з вашых камандзіраў рот не сягоння, дык заўтра пойдзе ў партызаны.

— Асмелюся запытаць, пан генерал, якога камандзіра вы маеце на ўвазе?

— Каб ведаў, то вы мелі б гонар паглядзець на яго.

— Дазвольце сказаць, пане генерал,— умяшаўся тут камандзір спецыяльнага ўзвода службы парадку.— З капітана Пушкарова мы не спускаем вока.

— А ў чым рэч?

— Бачыце, не зусім зразумелы выпадак з адной яго аперацыяй, калі ён асабіста расстраляў трох нашых салдат.

— Што ж, камандзір мае права і расстраляць салдата, калі ён правінаваціўся.

— Гэта вядома, пан генерал, але прычыны... Ён растлумачыў, што расстраляў салдат за панікёрства, за баязлівасць, а былі гэтыя салдаты самыя адчайныя, ну як тут сказаць, галаварэзы.

— Ну?

— І расстраляў ён іх, па сутнасці, за тое, што выразалі яны сям’ю аднаго партызана, згвалтавалі там дзвюх дзяўчынак... Прыстрэлілі, праўда, іх потым.

— Вы цвёрда пераконаны ў тым, што гаворыце?

— Правяралі, пан генерал, і правяраем...

— А яшчэ?

— Наогул здзіўляюць нас некалькі яго паводзіны з салдатамі: занадта ўжо салдаты паважаюць яго.

— Гм...— падумаў генерал.— Падбярыце мне на заўтра ўсе дакументы, я сам пазнаёмлюся з гэтым камандзірам. Як яго? Пушкароў? Што ж, паглядзім, што гэта за пушкар такі...

У гэтую хвіліну дзверы нехта рэзка рвануў, і яны расчыніліся з грукатам. На парозе стаяў Пушкароў. Генерал, зірнуўшы на яго мелькам, пацягнуўся быў рукою да кабуры. Але Пушкароў ступіў яшчэ крок, закрычаў дзікім голасам:

— Ратуйцеся, генерал! Хутчэй, хутчэй! Партызаны! — і сам знік за дзвярыма.

Ва ўсіх трох, што сядзелі за сталом, нібы прыраслі ногі да падлогі. Толькі тут яны зірнулі ў акно і з жахам адсунуліся ад яго. Яны ўбачылі барвяныя языкі полымя, якое шугала ўгору, абліваючы чырванню высокія таполі.

— Божа мой, гараць гаражы, а там жа нашы браневікі!

Генерала як віхор здзьмухнуў. Ён падскочыў і выбег як ашпараны. За ім следам кінуліся падпалкоўнік і камандзір узвода. Падпалкоўнік падбег да ахопленых агнём гаражоў, камандзір узвода кінуўся да свайго памяшкання — невялікага каменнага будынка. Але раптам камяніца гэта асвятлілася выбухамі гранат, пачулася там частая страляніна з аўтаматаў, і камандзір узвода даў драпака ў супрацьлеглы бок, дзе былі казармы. І яго, і падпалкоўніка перахапілі хлопцы, якія сачылі за імі. Загарэліся казармы. Дзесьці паблізу ля гаража пачалі рвацца боезапасы, чорныя клубы дыму ўзвіліся над бензінавым сховішчам.

Разгром батальёна быў поўны.

Моцнае супраціўленне аказаў узвод службы парадку. Эсэсаўцы разумелі, што ім літасці не будзе, і трымаліся да апошняга, баронячыся за каменнымі сценамі свайго будынка. У ход пайшлі гранаты. Гітлераўцаў выкурылі з будынка, як выкурваюць лісіцу з нары.

Да самага світання рваліся снарады на складзе боезапасаў ды чорны дым цягнуўся суцэльнай хмарай.

Да Заслонава прывялі самога генерала. Ён ужо, відаць, паспеў абдумаць свой лёс, бо трымаўся параўнальна спакойна.

— Прозвішча?

— Генерал...— і ад вялікага ўзрушэння эсэсавец нібы падавіўся косткай, не мог вымавіць ніводнага слова. Ён ужо чуў, што тут Заслонаў, але не ведаў яшчэ, што іменна гэты чалавек, які нічым асаблівым не вылучаўся сярод другіх, з’яўляецца грозным партызанскім камандзірам. Некалькі разоў лыпнуўшы разгублена вачмі, ён палахліва прагаварыў:

— О... я рад пазнаёміцца з вамі...

— Паверце мне, генерал, што я яшчэ больш рад. Снедалі, генерал?

— О, не клапаціцеся... Я... Для нас, ваенных людзей, такія рэчы, як сняданак, не такія ўжо істотныя...

Адна думка хвалявала яго і не давала пакою. І, набраўшыся, як сам ён падумаў, адчайнай смеласці, ён запытаўся ў Заслонава:

— Дазвольце звярнуцца да вас, пан камандзір партызанскага атрада?

— Калі ласка,— адказаў Заслонаў.

— Асмелюся запытацца, у які час загадаеце расстраляць мяне?

— Расстраляць? А вы спяшаецеся, генерал?

Генерал паціснуў плячыма.

— Я думаю, што спяшацца вам з гэтай справай не варта. Паспеем!

— О, так, так... я зусім з вамі згодны...— ледзь чутна прамовіў палонны.

 

10

Жыхары невялічкай вёскі Трасцянец, што кіламетраў за адзінаццаць на ўсход ад Мінска, ужо даўно не адважваліся наведацца на сваё поле за шашой, якое межавала з хвойным пералескам. Страшныя расказы ішлі пра гэты пералесак. Казалі, што гітлераўцы душаць у тым пералеску людзей, прывозячы іх на машынах з горада, а часам падвозячы свае ахвяры эшалонамі да недалёкага раз’езда. Тыя, якім давялося пабачыць жахлівае месца, казалі, што там выкапаны вялікія равы, у якіх эсэсаўцы і расстрэльваюць, закопваючы ямы толькі тады, калі яны ўпоравень з краямі запоўняцца мерцвякамі. Казалі, што нібы хлапчаняты, якія бегалі ў лес па грыбы, бачылі аднойчы, як варушылася зямля на магіле.

І вось аднаго разу чарада легкавых машын заехала ў самую вёску і спынілася там, дзе непадалёк ад невялікай рачулкі стаялі былыя калгасныя свірны. Нейкія важныя гітлераўцы вылезлі з машыны, прагуляліся па беразе, заглянулі ў пустыя свірны, пайшлі далей, дзе некалі стаялі розныя грамадскія будынкі, спаленыя яшчэ ў пачатку вайны.

Гітлераўцы паехалі, а некалькі афіцэраў ды салдаты ўсё нешта хадзілі, мералі зямлю, ставілі тычкі. Сяляне цішком выглядалі з сваіх хат. Пазіралі і думалі, гадалі, чаго з’явіліся сюды гітлераўцы, навошта мераюць яны іхнюю зямлю. Нехта сказаў:

— Няйначай новыя магілы будуць капаць, каб і тут людзей душыць...

Але магіл тут не капалі, а аплялі кавалак зямлі калючым дротам у тры рады, а за той калючай агароджай пачалі ставіць доўгія, адну побач з другой, зямлянкі-баракі. І тут сяляне з вёскі зразумелі, што не для добрага жыцця ставяцца тыя будыніны, відаць, цяжкая доля чакае людзей, якіх паселяць тут. Непадалёк ад агароджаных зямлянак салдаты паставілі некалькі дашчаных будынкаў, не то складаў, не то казарм. Ды яшчэ збудавалі непадалёк ад хвой прыгожы драўляны дом пад чарапічным дахам. І калі паставілі ўсе гэтыя будыніны, тады адмералі яшчэ вялізны кавалак зямлі ад вясковага поля, паставілі слупкі, а на некаторых павесілі і шыльды: «Забароненая зона». Адзін з афіцэраў загадаў сабраць сялян з усяе вёскі і перадаў ім, што ў кожнага, хто адважыцца ступіць на адмераную зямлю, будуць страляць без усякага папярэджання.

Гітлераўцы выкопвалі яшчэ з усіх вясковых палісаднікаў вяргіні ды другія кветкі, упрыгожвалі імі клумбы ля адбудаванага дома, які абгарадзілі шчыкетам з неакораных ствалоў маладых бярозак.

Хутка ў новым доме пасяліліся салдаты, некалькі афіцэраў. А перад калючай агароджай насыпаны былі дзве зямляныя пляцоўкі, і на іх з’явіліся два танкі.

Пад вечар аднаго дня вяскоўцы маглі ўбачыць, як па дарозе да гэтых мясцін вялі калону людзей. Чуліся грозныя каманды канвою, паасобныя выкрыкі, жаночы і дзіцячы плач. Некалькі чалавек з калоны кінуліся бегчы па лугавіне да рэчкі, дзе зелянелі кусты алешніку. З ярасным брэхам памчала ўслед зграя аўчарак. Пачулася некалькі таропкіх стрэлаў. І хутка ўсё змоўкла. Людзей загналі ў зямлянкі за драцяной агароджай. Вячэрняя цішыня зноў запанавала над вясковымі прасторамі.

Так узнік Трасцянец. Не вёска Трасцянец, якая існавала даўно, а Трасцянецкі канцэнтрацыйны лагер, праз які прайшлі сотні тысяч людзей, прайшлі толькі ў адным кірунку: туды; адтуль назад ужо не вяртаюцца. Сентыментальныя душагубы абсадзілі кароткую прасёлачную дарогу ад шашы да лагера маладымі таполямі. Яны так любілі зеляніну і кветкі, гэтыя чалавекападобныя істоты ў чорных мундзірах, так цешыліся сваімі клумбамі, бярозавымі шчыкетамі ля службовага дома, на ганках якога чуваць была па вечарах і музыка: салдаты пілікалі на губных гармоніках вальсы і бравурныя маршы. Гармонікам уторыла скрыпка. І ў тон гэтай музыцы падвывалі часам сабакі, засумаваўшы па фатэрлянду.

Музыка гэта далятала да вёскі, і ў тых, хто чуў яе, скраблі на сэрцы чорныя кошкі.

Магчыма, не толькі сентыментальнасць ляжала ў схільнасці немцаў да кветак і зеляніны. Быў тут і свой вузкі практыцызм. Пакуль ішлі шматлікія ахвяры па зялёных алеях і прыслухоўваліся да шолаху дрэў, яны не думалі аб сапраўдных прычынах іх вымушанага падарожжа з гарадоў Еўропы: з Варшавы, з чэшскай Прагі, з далёкага Гамбурга. Ім жа гаварылі, што іх вязуць на новае пасяленне, што ім дадуць тут працу, якой не хапае для іх у тых краінах, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі яны. І людзі ішлі параўнальна спакойна, не было асаблівых эксцэсаў, як пісалі ў штодзённых рапартах кіраўнікі эсэсаўскай службы.

І тут, ля дашчаных складаў, чорныя мундзіры праяўлялі выключную клапатлівасць аб вязнях. Цяпер жа лета, навошта ж цягаць з сабою цёплыя зімовыя рэчы: футры, паліто, шарсцяныя гарнітуры, валёнкі.

— Здавайце на склад, здавайце! Гэта ж так зручна: бясплатная ахова. Да таго ж, квітанцыю лепш хаваць пры сабе, чым цяжкае футра.

Вядома, і на работу нязручна хадзіць з залатымі рэчамі: гадзіннікамі, пярсцёнкамі ці там, скажам, з завушніцамі.

— Здавайце, усё будзе цэла, беражыце толькі акуратна квітанцыі, не згубіце.

І калі здадзена ўсё, калі кішэні поўны акуратна выпісаных квітанцый, калі здадзеныя рэчы ў парадку раскладзены па паліцах склада, тады можна і людзей размясціць урэшце ў памяшканнях. Людзей заганялі за трайную драцяную загароджу, размяшчалі па зямлянках, шчыльна набівалі імі, як звычайнымі рэчамі, засланыя саломай трохпавярховыя нары.

Вязні разумелі тады, што гэта канец.

Трасцянецкі лагер узнік па ідэі Кубэ, які і прыязджаў некалі сюды, каб асабіста выбраць для яго больш зручнае месца. А гэтую думку не досыць ветліва падказаў яму тэлефонны званок з Берліна, з міністэрства самога Гімлера. Кубэ намякнулі, што ў прэсу некаторых краін, як Швейцарыя, Швецыя, прасякнулі непажаданыя весткі з Мінска.

Калі з рускімі не трэба асабліва лічыцца і цырымоніцца, бо яны асуджаны фюрэрам на гібель, дык даводзіцца да часу лічыцца з грамадскай думкай другіх народаў, у тым ліку амерыканцаў і англічан, а гэта не лішняе пры ажыццяўленні вялікай місіі Германіі. А таму трэба ліквідаваць лагеры ў межах самога горада. Работу ж, якую праводзяць такія лагеры, сканцэнтраваць дзе-небудзь у адным месцы, далей ад людскога вока.

І вось ужо месяц прайшоў з часу арганізацыі лагера. Каб бліжэй пазнаёміцца з вынікамі яго работы, Кубэ асабіста, у суправаджэнні начальніка паліцыі Герфа і начальніка эсэсаўскіх войск, выехаў для дакладнай інспекцыі лагера. Кубэ астаўся задаволены работай лагера. Як-ніяк, за месяц было перапрацавана блізка ля сотні тысяч чалавек, і ўсё гэта без лішняга шуму, без вялікіх нарадаў паліцыі і эсэсаўскіх войск, як гэта рабілася звычайна ў часы разгрому гета.

Кубэ аглядаў склады, прыдзіраўся, як і належыць высокаму начальству, да асобных дробязей. Зрабіў наганяй начальніку лагера за скінутыя ў кучу і не адсартаваныя дзіцячыя чаравікі. Дакладна праверыў усе дакументы ў спецыяльнай лабараторыі, дзе зубное золата ачышчалася ад рэштак пратэзаў і ўсякіх другіх прымешак.

Седзячы на верандзе службовага дома лагера, Кубэ з прыемнасцю аглядаў мясцовыя пейзажы. Высокія хвоі, кветнікі пад імі, пагодлівы сонечны дзень прывялі высокага начальніка ў лірычны настрой, і ён завёў быў гутарку пра тое, што ўся гэтая краіна, дзе растуць цудоўныя бярозы і суровыя хвоі, будзе ў хуткім часе цешыць вока толькі германца.

— Усё будзе наша, і мы будзем рабіць, што захочам.

Начальнік лагера, азызлы чалавечак з рахітычнымі нагамі і мутнымі бясколернымі вачмі, зразумеў начальніка па-свойму. А чаму б і цяпер не пацешыць начальніка якой-небудзь выключнай забавай! І ён лісліва запытаў, а ці не мае ахвоты паважаны пан Кубэ паглядзець на работу лагерных аўчарак, якія прайшлі спецыяльную муштроўку.

Пан Кубэ пагадзіўся.

— Прывядзіце сюды з зямлянкі некалькіх падлеткаў,— загадаў начальнік лагера аднаму з салдат і, глянуўшы лісліва ў вочы Кубэ, дадаў: — Пажадана дзяўчынак, гэта куды цікавей.

— А падлеткі навошта? — перапытаў, нахмурыўшыся, Кубэ.

— Сабакі асабліва лютуюць над падлеткамі...

Кубэ надзьмуўся, цагляны карак яго зрабіўся яшчэ больш чырвоны. Скупым жэстам рукі ён прыпыніў салдата, які кінуўся выконваць каманду. І тут жа праказаў да начальніка лагера:

— Вы, гнойны жук, як адважыліся вы рабіць мне такую прапанову?

— Даруйце, пан Кубэ, я толькі думаў зрабіць вам прыемнасць.

— Гм... прыемнасць... Хто падказаў вам такія забавы?

— Ніхто, пан гаўляйтэр. Але хто бачыў, усім падабалася. Вось, пан начальнік...

— Змоўкніце вы, ідыёт! — спахапіўшыся, выкрыкнуў начальнік эсэсаўскіх войск, затузаўшыся на крэсле, як на іголках.

Генерал паліцыі Герф стрымаў міжвольную ўсмешку і, адаслаўшы з нейкім даручэннем начальніка лагера, каб той не назаляў залішне, перавёў гутарку на другую тэму.

Неўзабаве яны ехалі назад, у горад.

Абмінаючы калючую агароджу лагера, машыны набіралі скорасць. Яшчэ раз зірнуўшы на змрочныя зямлянкі, на драўляныя вышкі вартавых і дзяжурныя танкі, Кубэ летуценна праказаў да сваіх падначаленых:

— Ведаеце, толькі тады мы будзем спакойныя, калі апляцём усю краіну такой вось надзейнай агароджай. І яшчэ пра адно я мару: убачыць за такой агароджай усіх гэтых саколічаў, заслонавых, міронаў... Божа мой, колькі іх развялося, колькі нашай крыві каштуюць яны...

— Дарэчы, пан гаўляйтэр,— захацеў тут пахваліцца Герф,— я гэтымі днямі паслаў майго памочніка генерала Гелера ў спецыяльны батальён «Днепр» і ў бліжэйшыя да яго гарнізоны, каб агульнымі сіламі ўтаймаваць Заслонава. Па чутках, і людзей не так ужо багата ў гэтага інжынера, бярэ больш смеласцю і нечаканасцю. Але ж клін клінам выбіваюць, як гавораць рускія.

— Я магу пажадаць вам толькі ўдачы ў гэтай справе. Але ведаеце, Герф, калі вы сказалі мне пра адну рускую прыказку, дык мне чамусьці прыгадалася і другая іхняя прыказка: нашаму цяляці ды воўка б спаймаці...

Герф насупіўся, змоўк.

Машыны ўязджалі ўжо ў горад.

— Ведаеце што? — звярнуўся гаўляйтэр да Герфа.— Час ужо не ранні, самы раз пра абед падумаць. Паедзем-тка да мяне.

— Дзякуй вам, пан гаўляйтэр, слухаюся вашага загаду.

— А вы не па загаду... Аніта будзе рада вам.

Герф яшчэ раз аддзякаваў, але сядзеў рэшту дарогі хмурым.

«Аднак крыўдлівы, стары тхор, злапомны. Яшчэ адчуваецца старая юнкерская закваска, не вытахлася ў жандармерыі...» — падумаў Кубэ пра свайго падначаленага.

Грузным крокам Кубэ падняўся на прыступкі невялічкага ганка двухпавярховага дома — сталай рэзідэнцыі гаўляйтэра. За ім ішоў, адмерваючы дакладны крок, стары Герф. Нягледзячы на гады, нёс ён сваё хударлявае цела лёгка, нібы ў прыскочку ўзбіраючыся на ганак.

У вестыбюлі сустрэлі яны пакаёўку, прыгожую дзяўчынку з белай наколкай на пышнай русай прычосцы. Кубэ жартаўліва узяў яе двума пальцамі за падбародак, патузаў з боку ў бок, загадаў:

— Бяжы хутчэй да пані ды перадай ёй мой загад: абед неадкладна на стол! Ды скажы ёй, што будуць і госці: адзін малады і сімпатычны чалавек.

Дзяўчына тактоўна ўсміхнулася, зірнуўшы на генерала з зялёнымі лампасамі, і хуценька пабегла па лесвіцы, на другі паверх.

Абедалі ў прасторнай зале, вокны якой выходзілі на двор, высаджаны ліпамі і бярозамі. Праз дрэвы відаць была вялізная камяніца, дзе размяшчаўся генеральны камісарыят. Гэта быў адзін з вялікіх дамоў, які астаўся цэлы ад першых дзён вайны. Кубэ быў здаволены сваёй кватэрай: утульны асабняк, на двары старыя цяністыя дрэвы, багаты кветнік. І тут жа побач свая ўстанова. Не трэба асабліва ні ездзіць, ні хадзіць па запыленых руінах, якія дужа не любіў гаўляйтэр.

Шчодра падліваючы ў чарку Герфа, Кубэ гаварыў пра розныя падзеі з сучаснага еўрапейскага жыцця.

— Ведаеце, Герф, у якім-небудзь трыццаць трэцім годзе мы і не марылі пра сённяшні дзень. Зірніце на карту: вы адразу ўбачыце, як выраслі мы за гэтыя гады. Дзе толькі не ступае нага нашага салдата. Ад Ла-Манша да Масквы, ад фіёрдаў Нарвегіі да глыбінь аравійскіх пустынь. На двух мацерыках гаспадарым, а недалёка і той час, калі пераступім рубяжы Азіі. Не цераз Урал, не. Хутчэй за ўсё праб’ёмся мы цераз Каўказ, цераз нізоўі Волгі. Баявыя аперацыі ў нас ідуць больш чым паспяхова. Мне ўчора званілі з штаба арміі, што...

— Выбач мне, Віллі, што перабіваю: з гадзіну таму назад званіў камандуючы фронтам, каб ты неадкладна паведаміў яму пра лёс пана Цайта...

Кубэ папярхнуўся, схапіўся за сурвэтку.

— Д’ябал бы іх пабраў, не даюць спакойна паабедаць!

Ён узлаваўся. Абед быў сапсаваны. Кубэ і Герф паспешліва выйшлі пакурыць у більярдную, куды ім прынеслі кофе.

— Аднак давядзецца нам, генерал, мець багата непрыемнасцей праз гэтага разведчыка, хоць непасрэднага дачынення да нас ён і не меў. Як-ніяк, знік ён на нашай тэрыторыі... Дарэчы, ёсць пра яго якія-небудзь новыя весткі, я маю на ўвазе не чуткі ўсякія, а дакладныя весткі?

— На жаль, пан гаўляйтэр, толькі чуткі, і самыя недакладныя. Нібыта ўзялі партызаны, як паказваюць сяляне, нейкіх важных немцаў. А што гэта за немцы, якія чыны ў іх, куды іх падзелі — гэтага ніхто толкам сказаць не можа. А як вам ужо вядома, сапраўды зніклі тры нашыя чалавекі: Цайт, Цобст і Вейс. Пра перакладчыцу я не кажу, толькі тае бяды...

— Вейс, Вейс, божае цялё...— мармытнуў Кубэ.— Ад яго нельга было і чакаць большага. Аднак вядомы хоць атрад, у зоне якога трапілася гэтае здарэнне?

— Атрад то вядомы. Па ўсім відаць, што не мінулі нашы рук так званага бацькі Мірона.

— Барон, Мірон...— мімаволі ў рыфму выказаўся гаўляйтэр, маючы на ўвазе баронскую годнасць Вейса.— Адным словам, зусім паганая лірыка, ад якой нам не паздаровіцца.

Яны збіраліся ўжо ўстаць, як з’явіўся ад’ютант Кубэ.

— Тэрміновы пакет, пан гаўляйтэр! — адрапартаваў ён, перадаючы Кубэ канверт, заляпаны сургучнымі пячацямі.

Гаўляйтэр разарваў канверт і пачаў чытаць. Твар гаўляйтэра выцягнуўся. Ён рэзка павярнуўся да Герфа і глядзеў на яго так, нібы бачыў упершыню.

— Паслухайце, вы...— так звяртаўся ён да сваіх падначаленых, калі быў чым-небудзь моцна ўсхваляваны,— як прозвішча вашага памочніка, якога вы паслалі лавіць гэтага самага... ну як яго, ну інжынера Заслонава.

— Генерал Гелер, пан гаўляйтэр.

— Тады пішыце яго ў памінальніцу...

— Дазвольце запытацца...

— Нічога не дазваляю! Гэта чорт ведае што... Няма таго дня, каб у мяне не было якога-небудзь сюрпрызу. То адно, то другое, то трэцяе...

— Дазвольце запытацца...— усё спрабаваў генерал даведацца аб прычынах, якія так раптам вывелі гаўляйтэра з раўнавагі.

— Што дазвольце? Што такое дазвольце? Мы страцілі сотні людзей... Вось вам ваша дазвольце... Ды чытайце самі, радуйцеся, д’ябал бы вас узяў усіх разам... Ручнік мне! — крыкнуў ён Аніце, якая, напалохаўшыся, забегла ў пакой.— Ды змачы вадой...

— Божа мой, што з табой! На табе ручнік...

— Абвяжы галаву мне, яна развальваецца на кавалкі.

— Ах, божа, божа!.. Гэтыя справы давядуць цябе да магілы...

Герф глядзеў на ўсё гэта, нічога не разумеючы. Ён бачыў толькі тую невялічкую паперу, якая мітусілася ўваччу, не даючы магчымасці ўчытацца ў скупыя радкі слоў. Дрыжалі рукі.

— Чыталі? — запытаўся суха Кубэ.

— О, так... Я зараз...

Герф правёў заплаканую Аніту ў другія пакоі. Урэшце можна спакойна прачытаць гэтае праклятае пісьмо. Унізе стаяў подпіс каменданта гарадка, які заступіў на гэтую пасаду пасля каменданцтва Вейса. Герф паглыбіўся ў чытанне. І разам з чытаннем бісерынкі поту праступалі на яго загарэлым ілбе.

«Пасылаю вам гэты ліст, паважаны гаўляйтэр, бо не меў магчымасці паведаміць пра ўсё па тэлефоне. У ноч на дваццаць дзевятае чэрвеня поўнасцю разгромлены партызанамі Заслонава батальён «Днепр». Камандзір батальёна забіты. Камандзіры рот, узводаў і многія з салдат службы парадку расстраляны. Больш сотні салдат узята ў палон. У палон трапілі паважаны памочнік начальніка паліцыі генерал Гелер, спецыяльныя дарадчыкі падпалкоўнікі Баўх і Шлетцэр і прадстаўнік зарубежных рускіх нацыянальных арганізацый палкоўнік лейб-гвардыі рускай імператарскай арміі пан Струмілін. Паводле неправераных чутак, расстраляны і паважаны бургамістр нашага горада пан Курдыбайла. Казармы, умацаванні знішчаны. Аўтамашыны, чатыры браневікі, склад боезапасаў і гаручага спалены. Спалены таксама ўсе нарыхтаваныя шпалы і запас гатовай драўніны. Уся зброя трапіла ў рукі бандытаў. Прымаю тэрміновыя меры, каб злавіць іх. Чакаю экстранай дапамогі».

Герф дачытаў, і адзінае слова, якое вырвалася ў яго, было кароткае і выразнае:

— Ідыёт!

— Хто? — запытаўся механічна Кубэ.

— Ну, вы разумееце, гэты дурань яшчэ мае нахабства выхваляцца. Ён, бачыце, зловіць, ён прымае неадкладныя меры... Блыха думае злавіць слана!

Яны тут жа дамовіліся адазваць некаторыя гарнізоны з асобных раёнаў, вылучыць частку эсэсаўскіх войск палявой жандармерыі, узяць з дазволу армейскага штаба адзін з рэгулярных палкоў, які праходзіў перафарміраванне пасля панесеных цяжкіх страт на фронце, і, спалучыўшы ўсе гэтыя разрозненыя часці ў адзін кулак, правучыць урэшце Заслонава і Мірона.

Але час быў падумаць, як паведаміць фюрэру пра ўсе гэтыя рэчы.

— Я прашу вас, пан гаўляйтэр, не рабіць гэтага цяпер. Ну няхай пройдзе яшчэ дзень, другі, усё праясніцца, ды і самі мы падумаем яшчэ, знойдзем найбольш зручную форму для паведамлення.

Але затрымаць надоўга такіх вестак ім не давялося. Ужо вечарам яны яшчэ раз даведаліся пра ўсе гэтыя падзеі з чарговай зводкі Савецкага інфармбюро. У ёй былі прыведзены дакладныя лічбы забітых і палонных, прозвішчы і чыны запалоненых важных гітлераўцаў.

Кубэ вымушаны быў тут жа тэрмінова сазвоньвацца праз прамы провад з Гітлерам. Той, відаць, быў вельмі заняты, бо яўна спяшаўся, калі гаварыў у тэлефонную трубку:

— Ну, хутчэй там, хто там, мне няма часу вас доўга слухаць! — Ён крыху палагоднеў, калі пачуў урэшце голас Кубэ.— А, гэта ты, Віллі! Відаць, зноў будзеш прасіць войска? Не дам, не дам, нават не заікайся. Цяпер не да вас мне. Чуў, як ідуць справы? Севастопаль наш! Варонеж вось-вось будзе ў нашых руках! Справы ідуць! Адным словам, крычы «ўра» і ўсім загадай крычаць! Што? Батальён? Які батальён? Разбілі? Ну і д’ябал з ім. Што? Што значыць які-небудзь паршывы батальён у параўнанні з усімі падзеямі на маіх франтах. Вялік бог і вяліка ласка яго да мяне. Што? Ты, бачу я, намагаешся псаваць мне настрой у такія светлыя гадзіны? Не? Ну і ладна! Бывай! Што там яшчэ? У цябе што, партызаны язык, відаць, адкусілі, што заікаешся? Ну, гавары ясней! Цайт? Які Цайт? Ага, разведчык наш, ну-ну, ведаю. Знік? Знік, гаворыш? У палон трапіў? Гелер? Ну, вы там усе, відаць, сышлі з розуму... Але што табе да Цайта, пра яго камандуючы няхай клапоціцца. Што? Цывільная школа разведчыкаў? Разумею. Та-а-к... Давядзецца мне, няйначай, багата каму з вас мазгі ставіць на месца ды добра заняцца вамі. Ну, усё? Бадзёрасці больш, ды каб не раскісалі вы там на сваіх балотах. Ну, не хныкай, не хныкай, дарую вам паршывы батальён. Ну, мне няма часу, бывай!

Кубэ, як святыню, палажыў тэлефонную трубку. Сядзеў маўкліва якую хвіліну і выціраў твар. Заўсёды надзьмуты вяльможа, які ледзь прыкметным кіўком галавы адказваў на прывітанне нават буйных сваіх чыноўнікаў, ён богатварыў фюрэра.

— Ну, дарагі мой генерал,— звярнуўся ўрэшце ён да Герфа, які ў часе ўсяе гэтае размовы сядзеў як мыш пад венікам,— ёсць яшчэ бог на свеце! Дзякуйце госпаду богу, што патрапілі мы пазваніць у шчаслівую хвіліну.

 

11

Калі спачатку работа не захапляла Лену, то праз які тыдзень яна праяўляла ўжо яўныя адзнакі нецярплівасці, заўсёды спяшалася на працу.

Трэба было спяшацца. І не таму толькі, што праца цягнула, але і таму, што далекавата было: калі толькі дабярэшся пешкі да Дома друку? Гэта ж не блізкі свет — кіламетраў за шэсць. І бяжыць, нават не спыніцца, каб пачытаць якую афішу ці аб’яву. Была яшчэ і трэцяя прычына такой спешкі. Унадзіўся той афіцэр, што некалі абараніў яе ад п’яных хуліганаў, падыходзіць да варот якраз у той час, калі ёй на работу бегчы. Лена шукае спосабу як бы непрыкметна з хаты выбрацца. Ціхенька крадзецца праз садок, каб завулкам на вуліцу выскачыць. Яна ў завулак — і ён тут як тут, ну проста насустрач.

— Добры дзень, Лена! — і шапку здымае, кланяецца.— Куды ж вы так спяшаецеся?

— На работу, пан лейтэнант...

— Адну хвіліначку! Ну чаго вы так адразу ўцякаеце. Мне б хацелася сказаць вам пару слоў.

— Няма пра што нам гаварыць з вамі...— і стараецца як абысці.

— Адно толькі слова, Лена...— і ён ступае ў той бок, у які намагаецца ступіць дзяўчына.

— Паслухайце, як вам не сорам! А яшчэ афіцэр! Нельга ж прыставаць на вуліцы да незнаёмых дзяўчат...

— Ды мы ж з вамі знаёмыя. Хіба не памятаеце, як разагнаў я салдат-грубіянаў?

— Я ўсё памятаю, я ўдзячна вам, але ж не магу я з выпадковай сустрэчы лічыць вас сваім знаёмым. Выбачайце, але ж я так спяшаюся...

— Ну бяжыце, бяжыце, а то вы яшчэ бог ведае што падумаеце. Шчыра прашу прабачэння, але ж спадзяюся, што мы яшчэ сустрэнемся...

Ліха ведае, што за чалавек гэты афіцэр і што яму трэба, гітлераўцу? Ці мала іх бадзяецца па гораду?

У першыя дні Лена сумавала на працы і лаяла ў думках Жэньку, праз якога ўліпла ў гэтую папяровую нуду.

І ўсё ж спяшалася дзяўчына на работу, нібы чакала яе там нешта незвычайнае. А пачалося гэта з таго часу, як Жэнька намякнуў, каб выконвала яна просьбы шафёра Федзі, які абслугоўваў сваёй машынай і склад і экспедыцыю. Але Федзя дзён дзесяць нічога не прасіў, нічога не пытаўся, ды і ў гутаркі з ёй не пускаўся. «Дзень добры», «бывайце»,— толькі і пачуеш ад яго, калі даводзілася сустракацца за працаю. Маўклівы, негаваркі, ну чыстая флегма.

Але вось аднаго разу шафёр разгрузіў сваю машыну, накладныя здаў і прыпыніўся на якую хвіліну. Стаіць ля стала, маўчыць. Загадчык склада, стары немец, адлучыўся ў друкарню.

— Вы, відаць, нешта сказаць мне хацелі, пан шафёр?

— Але... Я папрашу вас, Леначка, перадайце вось гэты скрутак рабочаму, які прыйдзе з друкарні, каб узяць паперу.

— Іх многа ходзіць. Катораму? — запыталася Лена і паглядзела ўжо з цікаўнасцю на шафёра.

— Ходзіць тут да вас з афішнага цэха, хударлявы такі, крышачку накульгвае.

— У жалезных акулярах?

— Але. Дарэчы, ён і запытаецца ў вас: «Ці ёсць што?» Толькі не рабіце гэтага пры загадчыку. Скрутка ніхто не павінен бачыць. Трапіць ён на вока начальству ці вартавым — вам яўная смерць.

Тут жа параіў ёй, што рабіць на выпадак, калі заявіцца які кантроль ці часам паліцыя наскочыць для вобыску.

Яшчэ гадзіну якую сядзела Лена як на іголках. Усё хацела паглядзець, а што там такое ў скрутку? Але то забягалі дзяўчаты з экспедыцыі, то прыходзілі з друкарні. Заявіўся і сам загадчык склада, доўга корпаўся ў накладных, звяраючы нейкія дакументы.

Урэшце пайшоў ён, наказаўшы, што сёння, магчыма, і не будзе больш на складзе.

Усеўшыся зручней, яна дастала запаветны скрутак, разгарнула яго. У першую хвіліну яна расчаравалася. Нічога асаблівага ў скрутку не было. На папяроснай паперы надрукаваны былі на машынцы найбольш важныя паведамленні за апошнія дні Савецкага інфармбюро, якія Лена ўжо чула. Другія лісткі спісаны ад рукі чарнілам і алоўкам. Тут быў артыкульчык сакратара абкома Саколіча, у якім гаварылася пра вынікі партызанскай барацьбы за год і заклік да партызан біць яшчэ мацней гітлераўскіх захопнікаў. Былі заметкі пра разгром паліцэйскіх гарнізонаў, фельетончык пра немцаў, якія сапраўды ўбачаць Маскву, калі трапяць туды палоннымі. А пад фельетонам заметка пра партызанскія атрады Дзядзі Косці і бацькі Мірона, якія, разбіўшы гітлераўскія часці і знішчыўшы многа немцаў, узялі ў палон важных гітлераўцаў, у ліку якіх быў адзін генерал.

Лена шчыра радавалася. Яна ведала прозвішчы некаторых вядомых гітлераўцаў, якімі немцы ў сваіх газетах і лістках пужалі партызан і якія цяпер аказаліся ў іх у палоне.

Аднак разумныя гэтыя партызаны. Не маўчаць аб сваіх перамогах, а расказваюць пра іх і народу. Відаць, і сюды лісткі гэтыя прыслалі, каб пачыталі рабочыя друкарні.

Прыйшоў рабочы, пра якога казаў шафёр.

— Давай, дзяўчына, паперу.

Яна пачала адлічваць яму пачкі. Ён злажыў іх так, каб ямчэй было панесці, і стаяў якую хвіліну, гледзячы на яе.

— Ці ёсць што?

Яна перадала скрутак, які схаваў ён у кішэню.

Перадаўшы гэтыя паперкі, Лена адчула вялікае задавальненне: вось і яна нешта карыснае робіць.

Адно, што непакоіла яе, гэта малады лейтэнант. Ён да такога нахабства дайшоў, што калі Лена аднаго разу рашуча заявіла, што ў яе няма хвілінкі вольнай, каб стаяць з ім ды пустасловіць, ён сказаў:

— Я ведаю, вам далёка на працу, дык я падвязу вас на машыне. Тут у мяне блізка гараж! — і заспяшаўся назад, каб выканаць сваё абяцанне.

— Пастойце... пачакайце... Ці не думаеце вы, што я звар’яцела, каб раз’язджаць з вамі па горадзе?

— А што ж тут дрэннага? Я проста падвязу вас да Дома друку, дзе вы працуеце.

— Адкуль вы ведаеце, дзе я працую? — мімаволі вырвалася ў Лены.

— Я ведаю ўсё пра вас...

Аб усім гэтым яна расказала кіраўніку свае пяцёркі, Жэньку, у часе чарговай яўкі ў нядзелю. Ён, уважліва выслухаўшы, нахмурыўся.

— Давядзецца табе няйначай шукаць новай работы...

— Чаму?

— Я думаю, што ты і сама здагадваешся.

Потым падрабязна пачаў распытваць, дзе, на якой вуліцы сустракалася яна з немцам. Калі даведаўся, што ўсе гэтыя сустрэчы адбываліся на яе вуліцы, задумаўся на хвіліну і пачаў распытваць, што за чалавек гэты немец, які мае выгляд.

— Малады лейтэнант, у армейскай форме, сам смуглявы, валасы, здаецца, цёмныя...

— І на левай шчацэ бародаўка?

— А ты адкуль ведаеш?

— Гм... Я ж павінен усіх немцаў ведаць у сваім раёне. І гаворыць ён па-руску з табой?

— Па-руску.

— Тады, Лена, вось што скажу: немца ты гэтага не бойся. Хоча пазнаёміцца — пазнаёмся. Я гавару табе не проста як дзяўчыне, а як члену нашай арганізацыі. Калі я сказаў не бойся, дык не зразумей так, што яму можна пра ўсё гаварыць. Тое, што робім, ведаем толькі мы ды тыя людзі, якія намі кіруюць. А пазнаёміцца можаш.

— Ты што, сватам зрабіўся? — успыхнула Лена.

— Ды кінь ты свае дзіцячыя выбрыкі. Немец гэты і не немец, а чэх. Яго часць сапраўды размяшчаецца непадалёк ад твайго дома і нясе каравульную службу на аэрадроме. Разумееш, на аэрадроме. У гэтай часці пераважна чэхі.

— Разумею, разумею... Дык ты, відаць, хочаш, каб я кінулася на шыю гэтаму лейтэнанту ды адразу і запрасіла яго ў наша падполле?

— Тады мне няма чаго з табою гаварыць...

— Ты таксама не гарачыся... Ну добра, падумаю...

— Тады да пабачэння. Ды вось вазьмі нашу газетку, толькі не дужа вытыркайся з ёю на чужое вока.

Дома Лену чакала адно адкрыццё. Чытаючы газету, яна здзівілася. Усё, што было надрукавана тут, яна прачытала яшчэ там, у складзе друкарні. І калі здагадалася, у чым тут справа, дык стала і сорамна і радасна. Сорамна, што не здагадалася тады адразу, якое прызначэнне меў скрутак паперы. Радасна, што некаторае дачыненне да выхаду ў свет гэтай невялічкай газеты мае і яна.

 

12

Генерала Гелера і некаторых другіх палонных Заслонаў перадаў Мірону: той трымаў самалётную сувязь з Вялікай зямлёй.

Не сказаць каб з вялікай прыемнасцю, але ж і не без пэўнага задаволення Гелер сустрэўся тут з Цайтам, Цобстам і Вейсам.

Усё ж лягчэй, калі не адзін ты трапіў у бяду, а ёсць у цябе і супольнікі па няшчасцю. Сустрэліся, праўда, стрымана, не распытвалі адзін аднаго, як жа гэта здарылася ўсё.

Паколькі Гелер далучыўся да кампаніі пазней, у яго запыталіся пра апошнія падзеі на франтах. Севастопаль прыўзняў на некаторы час іх настрой, і Вейс пусціўся ў такую доўгую прамову аб будучай вялікай Германіі, што Цайт вымушаны быў далікатна спыніць яго:

— Даруйце, пан Вейс, але для вашай цудоўнай прамовы так мала слухачоў цяпер, што ці не лепш было б з гэтай прычыны перанесці яе на які больш зручны час. У нашых не досыць спрыяльных умовах не пашкодзіць, каб мы падумалі і пра асабісты лёс. Вы, пан Гелер, не заўважылі, часам, па паводзінах партызан, што яны думаюць рабіць з намі?

— На вялікі жаль, нічога канкрэтнага сказаць не магу. Магчыма, якое-небудзь больш высокае начальства хоча дапытаць нас дадаткова. Можа, яны хочуць зрабіць які-небудзь паказальны суд над намі, гэта ж яны практыкуюць часам.

Палонным прынеслі абед: па кацялку супу, у якім было і па кавалку мяса.

— Вось бачыце,— прагаварыў Цайт,— я ж вам казаў пра асаблівасці характару рускіх людзей.— І, звярнуўшыся да старога, які прынёс абед, праказаў да яго: — Вось я гавару, што рускі народ добры. Правільна я кажу?

— Чаго ж няправільна? Быў бы яшчэ дабрэйшы, каб не лезла да нас усякая свалата, накшталт вашага зброду.

— Вось бачыш! І свалату гэтую корміш...

— І кармлю. Загадала мне начальства — і кармлю. Яно цацкаецца з вамі, у яго свае планы. Магчыма, так і трэба рабіць. А каб не было загаду, то я накарміў бы вас...

Не сказаць, каб гэтая рэпліка спрыяла ажыўленню дыскусіі пра якасць рускага мужыка, і Цайт палічыў за лепшае прыпыніць яе, не спадзеючыся асабліва на яе ўдалы працяг. Ды і наогул ва ўсіх палонных прапала ахвота гаварыць пра што б там ні было.

Надышоў цёплы ліпеньскі вечар. Дзесьці блізка, відаць, каля адной з зямлянак, іграў гармонік. Маладыя звонкія галасы спявалі песні. Былі яны то сумныя, працяглыя, поўныя тугі і глыбокага роздуму, то поўніліся празрыстым святлом маладога шчасця, то раптам песня зрывалася з месца і, высока ўзляцеўшы, дробна рассыпалася, нібы самі гукі яе пускаліся ў шалёныя скокі. І сапраўды, да песні прымешваўся перастук ботаў, тупат многіх ног.

Цайт слухаў гэтую музыку, песні, прыслухоўваўся да тупату ног і да болю ў галаве задумваўся ўсё над адным і тым жа пытаннем: з якой прычыны такая весялосць?

Прыгледзеўшыся да вартавога, які сядзеў ля зямлянкі ў шырокай палосе месячнага святла, ён убачыў, што гэты чалавек вельмі пажылы. Цайт наважыўся загаварыць з ім.

— Эй, стары! — паклікаў ён вартавога.

— Чаго табе, малады? — іранічна адказаў той.

— Ты скажы, з якой гэта радасці спяваюць і скачуць вашы партызаны?

— Павінен бы я забараніць табе ўсякія гутаркі, але адкажу. Скачуць і спяваюць таму, што маладыя, што весела ім. А да таго ж яшчэ ўдача: узялі ў палон такіх важных тыпаў, як ты, чаму ж ім і не паспяваць...

— Вы ўзялі некалькі чалавек, а ў вас узялі Севастопаль. Разумееш, стары, Севастопаль ды безліч другіх гарадоў. Якая ж тут удача?

— Пра Севастопаль ты не кажы. Сягоння вы ўзялі Севастопаль, а заўтра мы Берлін возьмем, так што дужа ты не хваліся сваімі перамогамі. А яшчэ я табе скажу: ты, заваёўнік, сядзіш у мяне за кратамі, а я вось, якога ты лічыш заваяваным, пільную цябе як рыштанта і злодзея. Вось ты і падумай тут, у каго з нас перавага.

— Аднак, дзед, ты востры на язык, у гэтым табе не адмовіш...— праказаў Цайт, каб неяк змякчыць дзеда ліслівасцю.

— А ты думаў, што ўсе мы лыкам шыты? Некалі і кайзер твой гэтак думаў. І гэты неданосак ваш, Гітлер, відаць, з такімі ж думкамі з ланцуга сарваўся, калі на нас кінуўся.

— Ты пра Гітлера, дзед, не павінен так гаварыць. Не забывайся на тое, што ён правадыр нашага народа.

— Знайшоў правадыра! Сабачага племені ён правадыр. А народ ваш калі не сёння, дык заўтра разбярэцца з такімі правадырамі, успамянеш маё слова!

— Сярдзіты ты, дзед. Хацеў я з табой прыемна пагаварыць, але бачу, субяседнік ты дзёрзкі.

— Ад прыемнай бяседы я не адкажуся, але гледзячы з кім.

— Дык вот, дзед, жывеш ты кепска...

— Гэта як сказаць!

— А ты не спрачайся. Вайна, для ўсіх не лёгка. Ведаю ж я, і хаты ў некаторых папалены, і палі не засеяны, ну... і рэквізіцыі, і, што граха таіць, грабеж.

— Што правільна, то правільна, на гэта вы майстры, па грабежнай лініі.

— Бывае, дзед! — падлабуньваўся Цайт.— Вось я і кажу: усе няшчасці ў вайну на чалавека, ну... і вядома, на такіх людзей, як вы.

— Гаварыць умееш...

— Пачакай, дзед... Вось я і спытаўся б у цябе: хочаш ты добрага спакою, добрага жыцця, такога жыцця, каб сапраўды шчаслівым быць, мець багацце...

— Багацце, кажаш? А ты паціху кажы, а то яшчэ пачуе хто...

І Цайт перайшоў на шэпт.

— Ты разумееш, дзед, ёсць спосаб такі, адразу можна стаць багатым і шчаслівым.

— Гавары ж хутчэй пра свой спосаб.

— А спосаб просты, дзед.— І Цайт знізіў свой шэпт да таго, што чуваць быў шолах лісця на дрэвах.— Спосаб просты і нескладаны.

— Ну-ну, давай яго, давай!

— Дык вось, дзед, можаш ты выкуп атрымаць ад нас усіх. За грашмі справа не стане, частку цяпер атрымаеш, частку пасля...

— А колькі, колькі? — і Цайту здалося, што стары затросся, як у ліхаманцы.

— Ну, пяць тысяч марак...

— Усяго? — аж уздыхнуў дзед.

— Ну, дзесяць, ды мы даталкуемся, дзед, даталкуемся! Не забудзься, што ў прыдачу яшчэ добры маёнтак, скажам, гектараў на трыццаць, а то і болей...

— Прапанова важнецкая! — праказаў шэптам дзед.— Але ж гэта не дарма, відаць, даецца?

— Я ж казаў, як выкуп. Паслуга за паслугу.

— А ў чым жа тая паслуга мая павінна быць?

— Паслуга простая, дзед... Ты выпускаеш нас на волю...

— Ну-ну?

— Апранеш нас у што-небудзь ваша, ну ў сялянскае ці партызанскае...

— Значыцца, у партызаны хочаце падавацца?

— Ах, які ты, дзед, някемлівы. Не ў партызаны, а каб прыхавацца ад партызан, разумееш?

— Ага, зразумеў, а далей?

— Ну, ты правядзеш нас тайнымі сцежкамі... да нашых... ну, і азалоцішся адразу...

— Адразу?

— А што ж ты, дзед, думаў? Я ж казаў табе, што першую частку выкупу мы зараз жа табе на рукі дадзім, як дамоўлена, дзесяць тысяч...

— Малавата для пачатку, але што з вамі зробіш, давай хоць іх!

У зямлянцы пачалася мітусня, прыцішаныя галасы, перашэпты, шолах паперак. Хутка Цайт прашаптаў праз адтуліну:

— Ну, бяры, дзед!

Астап, а гэта быў ён, не стаў чакаць, тут жа ўзяў жмук марак і, зручней усеўшыся ля зямлянкі, пачаў пералічваць іх пры скупым святле месяца.

— Хутчэй, дзед, хутчэй!

— Не спяшайся задужа, грошы любяць, каб іх палічылі...

Ён акуратна адкладваў паперку да паперкі, марудна прыглядаўся да некаторых купюр, спрабаваў іх на калянасць.

— Тут лішняя сотня! — важка сказаў ён.

— Бог з ёй, з той сотняй, гэта табе на чай...— нецярпліва адгукнуўся Цайт.

— На чай, дык на чай, спатрэбяцца і яны! — абыякава праказаў Астап і, выцягнуўшы з шапкі суровую нітку, гаспадарліва перавязаў ёй жмук паперак і акуратна палажыў яго ў тое ж сваё сховішча, у сваю шапку-кучомку. Потым усеўся яшчэ зручней і пачаў набіваць табакай сваю люльку. Доўга, сапучы, выкрэсваў агню.

З крэсіва ляцелі ўсё іскры, але жаданага дымку не з’яўлялася. Нават абыякавы да ўсяго Цобст, і той, назіраючы праз шчыліну ў дзвярах за дзедам, пачаў непакоіцца, прапанаваў быў спецыяльны кнот. Але дзед адмовіўся.

Нарэшце бялюткі струменьчык дыму завіўся ў паветры, і Астапава люлька заіскрыла пад медным каўпачком.

— Любата! — ні да каго не зварочваючыся, сказаў Астап, пазіраючы на рэдкія кудзелістыя хмурынкі, у якія перабягаў месяц.

— Спяшайся, аднак, дзед, а то хутка ўжо і днець пачне! — з яўнай нецярплівасцю прамовіў Цайт.

— Паспею з сваімі козамі на торг, куды хапацца?

— Хапацца, вядома, не трэба, але адчыняць дзверы ўсё ж пара. Адмыкай замок, дзед! А можа, ключоў пры табе няма?

— Ключы да вас у мяне ёсць заўсёды, вось яны,— і Астап любоўна пагладзіў свой аўтамат.— Да любога фашыста падыходзяць, адмыкаюць у адзін секунд.

— Час, дзед, не да жартаў, пакінь іх на другі раз...

— А якія мне да ліха жарты з вамі! А ну, адыдзіце ад дзвярэй ды спыніце там усякую гаворку, законаў хіба не ведаеце? Зараз жа, а то і страляць буду! — і Астап тут жа ляпнуў затворам.— Я вам такога кнота ўстаўлю, што і на ногі каторы не ўстане. Іч ты іх, пачалі дурняў шукаць, я вас адвучу ад такой звычкі назаўсёды, воўчае мяса! Вось далажу камандзіру пра гэтыя грошы, дык каторы і на расстрэл пойдзе за такія штучкі... Не людзі, а шчанюкі, даруй ты божа...

Астап вылаяўся і змоўк. З ім ужо не ўступалі ў спрэчкі, не рабілі і спроб аднавіць перамаўленняў. Палонныя зашыліся, як мышы, у далёкі кут зямлянкі і пракліналі ў душы саманадзейнага Цайта за ўсё яго дасканалае веданне характару рускага мужыка.

Раніцаю палонных вывелі з зямлянкі і пасадзілі на сялянскія калёсы. Палонныя ўжо ні пра што не пыталіся. Ехалі моўчкі, думаючы ды гадаючы, куды іх вязуць і навошта вязуць. Ноччу праз сцены будана, дзе іх часова змясцілі, пачулі яны гукі самалёта. А неўзабаве ўзмоцнены канвой павёў іх на ўзлессе да шырокага і роўнага поля. Тут стаяў вялікі транспартны самалёт, гатовы да ўзлёту.

Перад самай пасадкай да палонных падышлі два чалавекі. У адным з іх Цайт пазнаў бацьку Мірона, а ў другім Гелер пазнаў Заслонава, пра што ён і паспеў шапнуць некалькі слоў Цайту і яго спадарожнікам. Як ні былі ўстрывожаны гітлераўцы невядомасцю свайго лёсу, яны з цікаўнасцю паглядзелі на Заслонава, пра якога так многа чулі. І амаль у кожнага з іх з’явілася адна і тая ж думка: як гэта магло здарыцца, што такі непрыкметны з выгляду чалавек перамагае іх воінскія часці, бярэ ў палон і робіць такія справы, што нямецкія салдаты пачынаюць палохацца аднаго імя гэтага чалавека? Вядома, тое самае можна сказаць і пра гэтага бацьку Мірона. Адказу на свае думкі яны не знаходзілі. Але не было ўжо і часу на асаблівыя думкі. Мірон загадаў рабіць пасадку. Перад гэтым ён сказаў пару слоў вымушаным пасажырам:

— Усім вядома, як імкнуліся вы патрапіць у Маскву. І мы вось з таварышам Заслонавым вырашылі задаволіць ваша жаданне. Вы будзеце ў Маскве. Спадзяюся, што будзеце трымаць сябе па-людску і ў дарозе, і там. А што мы абяцалі — выконваем. Дарэчы, пан Цайт, прыміце квітанцыю на дзесяць тысяч сто марак, прынятых ад вас вартавым і, паводле яго слоў, перададзеных вамі ў фонд абароны.

— О, так, так, я вельмі ўдзячны вам...— разгублена праказаў Цайт да агульнага замяшання ўсіх яго спадарожнікаў.

— Не варта асабліва дзякаваць,— прамовіў Мірон.— Ну што ж, пажадаем вам добрай дарогі...

Праз якую хвіліну самалёт адарваўся ад зямлі і хутка схаваўся ў цемені ночы.

 

Кніга чацвёртая

 

Частка першая

 

1

У зале першага класа Брэсцкага вакзала было людна. Тут заўсёды поўна афіцэраў з эшалонаў, якія ішлі на Львоў, Мінск, Смаленск, на Беласток і ў другія гарады. Малодшыя афіцэры, як мухі, аблеплівалі стойку буфета, рэстаранныя сталы. Станцыя Брэст стала аднымі з тых шырокіх варот, праз якія праходзілі гітлераўскія папаўненні — знятыя з заходнееўрапейскіх франтоў баявыя дывізіі.

За Брэстам пачыналася Расія, і таму натуральна, што і маладыя, яшчэ не абстраляныя як след лейтэнанты і другія афіцэры праяўлялі павышаны інтарэс да ўсяго, што мела дачыненне да Расіі, што называлася рускім. Новаспечаныя афіцэры прагульвалі свае пад’ёмныя, справядліва лічачы, што на фронце асаблівых магчымасцей правесці весела час не будзе. Закрадваліся і думкі аб недаўгавечнасці жыцця франтавога афіцэра. Ад маладых не адставалі і больш пажылыя. Падвыпіўшы, крычалі аб перамогах, аддавалі належную пашану Гітлеру, падымалі тосты за вялікую Германію. Трапляліся тосты, у якіх гучалі і ноткі асуджанасці. І тыя, хто трымаў такія тосты, паводзілі сябе даволі панура. Яны і пілі, трымаючыся лозунга: пі, бо ўсё роўна заб’юць. Не заб’юць на фронце, дык дзе-небудзь падпільнуюць партызаны. Наогул тут часцей і часцей — і ў вакзальным натоўпе, і ў эшалонах — пачыналі гаварыць аб партызанах.

У невялічкай групе афіцэраў, сярод якой чынна сядзелі і двое штабных генералаў, ішла ажыўленая гутарка якраз аб партызанах. Адзін з падпалкоўнікаў, які, відаць, ехаў з адпачынку на фронт, пераконана гаварыў:

— Зразумела, партызаны для нас не з’яўляюцца сур’ёзнай небяспекай, але, паважаныя панове, недаацэньваць яе не зусім разумна.

— Глупства! — сярдзіта мармытнуў стары генерал.

Падпалкоўнік не здаваўся:

— Я прашу прабачэння, пан генерал, але пагадзіцца з вамі ні ў якім разе не магу. Вясной гэтага года я з сваім палком ехаў на фронт. Ужо ў Баранавічах мы вымушаны былі выгрузіцца з вагонаў, бо наперадзе чыгунка была папсавана і, як сказалі нам, на некалькі дзён быў спынены ўсякі рух. І я павінен сказаць вам, панове, што пешы шлях да фронту каштаваў вялікіх ахвяр.

— Аднак вы хапілі цераз край, пан падпалкоўнік. Я, зразумела, не схільны адмаўляць такіх фактаў, але ж вы павінны ведаць, што бываюць выключэнні. З палком вашым магло гэта здарыцца. Магчыма, быў ён з маладога папаўнення, і выпадковы стрэл мог нарабіць у такім выпадку вялікай панікі.

— Ахвяры, пан генерал, ахвяры! Больш за дзвесце чалавек згубілі толькі па дарозе на фронт.

— Я ж гавару — паніка, а пры паніцы ахвяры могуць быць яшчэ большыя.

— Ніякай панікі, пан генерал. Баявы полк, з Нарвегіі, меў вопыт.

— Што ж, тады дазвольце мне паставіць пад сумненне здольнасці камандзіраў...

Падпалкоўнік насупіўся.

— Нарэшце,— наважыўся генерал змякчыць крыху свае словы,— вопыт, набыты ў Нарвегіі, ды і ў любой еўрапейскай краіне, мала, а то і зусім не падыходзіць для тактыкі ў рускіх умовах.

— З гэтым я цалкам згодзен, пан генерал,— крыху павесялеў падпалкоўнік.

— Вось бачыце. А партызаны вашы ў значнай ступені міф, створаны намі самімі... Ці не так гэта, шаноўны лейтэнант? Вы, здаецца, франтавік? — запытаўся генерал у лейтэнанта, які сядзеў поблізу і пачціва прыслухоўваўся да гутаркі.

— Франтавік, пан генерал. Вы гаворыце выключную праўду. Мы іх б’ём, як мух, калі яны асмельваюцца выступаць.

— Ну вось бачыце! Лейтэнант гаворыць ісціну. Я вас папрашу, мой друг,— звярнуўся ён зноў да лейтэнанта,— зрабіце мне маленькую паслугу, загадайце афіцыянтцы, каб яна прынесла мне шклянку мінеральнай вады.

— Слухаюся, пан генерал! — і спрытны лейтэнант пабег да буфета.

— Прыклад бярыце з яго, панове! — важна праказаў генерал, ні да кога асабіста не зварочваючыся.— Ён ведае, што такое парадак і дысцыпліна. З імі мы заваюем увесь свет...

Сёй-той падтакваў генералу, некаторыя іранічна ўсміхнуліся.

Вёрткі лейтэнант прывёў афіцыянтку. Генерал доўга цадзіў ваду са шклянкі, прыглядаючыся да афіцыянткі, нібы пералічваючы ўсе завіткі ў яе прычосцы. Яшчэ даўжэй корпаўся ў кішэні, шукаючы дробязь, каб разлічыцца.

— Я ўжо расплаціўся, пан генерал!

— А-а... ну дзякуй, дзякуй, мой друг. Прыемна сустрэць у дарозе такіх паслужлівых афіцэраў.

Лейтэнант адказыраў.

— Сядайце, сядайце, без асаблівых цырымоній! — лагодна праказаў генерал.

Лейтэнант заняўся часопісам, падсунуўшыся са сваім чамаданчыкам бліжэй да генералаў. Урэшце ён згарнуў часопіс, палажыў яго на чамадан і выйшаў з залы на прывакзальную плошчу. Агледзеўшы рад машын, якія стаялі непадалёк, ён рашуча накіраваўся туды і хутка апынуўся ля новенькага опеля. Маўклівы шафёр пачціва адкрыў перад лейтэнантам дзверцы машыны.

— А дзе Ганс? — па-нямецку спытаўся лейтэнант.

— Зараз будзе. Пайшоў вас шукаць, разам з палкоўнікам.

— З якім палкоўнікам?

— Бачыце, пан лейтэнант, тут адзін палкоўнік хоча тэрмінова патрапіць у Баранавічы, а чыгунка закрыта, недзе адбылося крушэнне воінскага эшалона.

— Гм... У Баранавічы нам не зусім па дарозе...— ціха прамовіў лейтэнант, пастаяў якую хвіліну, нешта раздумваючы і, спяшаючыся, пайшоў да вакзала. Але насустрач яму ішоў ужо Ганс з незнаёмым палкоўнікам.

Ганс адрапартаваў лейтэнанту:

— Пан лейтэнант, вас хоча бачыць пан палкоўнік.

— О, я так рад, я так рад, пан лейтэнант. Вы сапраўды выратуеце мяне з бяды, калі падвезяце да Баранавіч. У мяне тэрміновыя справы. І заўсёды, калі ты спяшаешся, трапіцца якая-небудзь непрадбачаная замінка. Чорт бы пабраў гэтых партызан з іх сюрпрызамі...

— Прашу вас, пан палкоўнік, машына ў вашым распараджэнні. Але баюся: калі яны вывелі са строю чыгунку, то маглі нарабіць якой шкоды і на шашы. Ну, па дарозе будзем бачыць.

Машына плаўна кранулася з месца і, набіраючы хуткасць, памчала на шашу. На кантрольным пункце палкоўнік, як старшы па чыну, паказаў свае дакументы, і перад імі адразу падняўся шлагбаум. Лейтэнант таксама паспеў зазірнуць у палкоўніцкія дакументы і, відаць, астаўся імі вельмі здаволены. На іх стаяў штамп генеральнага штаба арміі. Палкоўнік быў не з гаваркіх. Толькі, калі ад’язджалі ад вакзала, абмяняўся некалькімі скупымі словамі пра пагоду. Потым папрасіў прабачэння:

— Вы не зважайце асабліва на мяне: я так стаміўся за дарогу, што магу крыху і падрамаць.

І толькі ён прагаварыў гэта, як глухі ўзрыў страсянуў паветра. Усе насцеражыліся.

— Што такое? — запытаўся палкоўнік.

— Недзе ўзрыў, па гуку — няйначай у горадзе,— адказаў лейтэнант.

Яны ад’ехалі якіх кіламетры чатыры. Дарога паднялася на ўзгорак, і, калі лейтэнант азірнуўся назад, ён убачыў горад, які ляжаў як на далоні. Спынілі машыну, вылезлі.

— Глядзіце, пан палкоўнік, над вакзалам дым!

Лейтэнант толькі паспеў праказаць гэта, як пачуўся другі выбух, куды больш моцны.

— А ведаеце, ці не паставіць нам машыну куды-небудзь у больш непрыкметнае месца? — праказаў палкоўнік.

— Вы думаеце, што бамбёжка?

— Тут і думаць, пан лейтэнант, не трэба, бо бамбёжка ў наш час не такая ўжо рэдкая з’ява.

— Ваша праўда, пан палкоўнік... Але варожых самалётаў не чуваць. Ды і далёка фронт адсюль. Гэта звычайныя ўзрывы.

І тут пачуўся трэці ўзрыў. Простым вокам можна было заўважыць, як высока ўгору ўзвіўся над вакзалам слуп полымя і тут жа асеў, саступіўшы месца густому чорнаму дыму.

— Вось вам, пан лейтэнант, і звычайныя ўзрывы...— з роздумам праказаў палкоўнік і, узброіўшыся біноклем, пачаў прыглядацца.

— А ведаеце, вакзал з аднаго крыла ахоплены полымем. Гарыць. Што б там ні было, пан лейтэнант, але нам астаецца толькі падзякаваць богу, што ён так цудоўна выбавіў нас ад смяротнай небяспекі. Я ўдзячны вам, што вы пагадзіліся мяне падвезці. Вы разумееце, там здарылася нейкае няшчасце, і мы з вамі, каб не выехалі адтуль, маглі б стаць яго ахвярамі.

Пасажыры забраліся ў машыну, і яна без асаблівых прыгод пакаціла далей. Палкоўнік хутка задрамаў, закалыханы яздой.

Лейтэнант не без цікаўнасці пазіраў на яго: як-ніяк не так ужо часта траплялі да яго афіцэры генеральнага штаба.

Ужо цямнела, калі машына звярнула з шашы і паехала пыльнай грунтоўкай.

Лейтэнант насцярожліва глядзеў наперад, трымаючы напагатове аўтамат, які не па чыну з’явіўся ў яго ў руках.

Даўно ўжо мінулі паваротку на Баранавічы, нагналі страху на паліцаяў двух невялікіх гарнізонаў, калі лейтэнант заявіў ім, што пан палкоўнік едзе са спецыяльным заданнем па інспекцыі паліцэйскіх гарнізонаў. Урэшце прачнуўся і палкоўнік. Прачухаўшыся і закурыўшы сігарэту, ён палічыў патрэбным спытацца пра дарогу:

— Дзе мы едзем цяпер, лейтэнант?

Лейтэнант паказаў яму карту, спрытна вызначыў месца, якое яны праязджалі.

— О, гэта ж далёка ўжо ад Баранавіч, чаму мы трапілі сюды?

— Я не хацеў залішне турбаваць вас, пан палкоўнік, вы так добра спалі... Справа, бачыце, у тым, што на пад’ездах да Баранавіч сапсаваны масты на шашы і мы вымушаны былі ехаць другімі дарогамі. Але гэта куды больш бяспечна, чым ехаць па партызанскай зоне. Хутка мы будзем не так далёка ад Мінска. Як я даведаўся, чыгуначная лінія далей там зусім спраўная. Улічыце таксама, пан палкоўнік, што там некалькі аэрадромаў, так што ў выпадку патрэбы вы будзеце мець поўную магчымасць ляцець далей самалётам.

— Самалётам? Гэта бадай самае ідэальнае, што можна прыдумаць! Аднак, шаноўны лейтэнант, дарэмна не пабудзілі мяне раней.

— Пан палкоўнік, даруйце мне, што я не парушыў ваш сон! Але, паверце мне, было б проста нетактоўна будзіць здарожанага чалавека.

— Мілы мой лейтэнант, я разумею вас, але, ведаеце, далікатнасць у некаторых справах бывае часам... ну, як вам сказаць... крышачку і залішняй. Я шчыра прызнаюся вам: я адчуваў бы цяпер сябе ў цягніку куды лепш... Што можам зрабіць мы з вамі, лейтэнант, калі на нас нарвецца часам дзесятак партызан?

— Мы не з голымі рукамі, пан палкоўнік. У нас і гранаты ёсць на ўсякі выпадак, і аўтаматы, ну і нашы пісталеты таксама не апошняя зброя. А ў дадатак да ўсяго ў нас ёсць яшчэ і два ручныя кулямёты. Ганс, пакажы кулямёты пану палкоўніку.

Пабачыўшы кулямёты, палкоўнік паспакайнеў і сабраўся яшчэ трошкі паспаць. І толькі наважыўся ямчэй прымасціцца на сваім месцы, запіхаючы пад ногі ёмісты партфель, як наперадзе засігналіў чырвоны ліхтарык.

Машына прыцішыла ход. Чырвоны ліхтарык набліжаўся. І калі машына затармазіла, з абодвух бакоў дарогі выскачыла па два чалавекі, і чатыры аўтаматы недвухсэнсоўна тыцнуліся ў дзверцы машыны. Пачулася каманда:

— Рукі ўгору! Хто такія, вылазь!

Лейтэнант паспеў шапнуць палкоўніку, каб той асабліва не хваляваўся і, крый божа, не хапаўся за зброю, бо могуць здарыцца ўсякія непрадбачаныя непрыемнасці. З паднятымі рукамі лейтэнант сяк-так выкараскаўся з машыны, узброеныя аўтаматамі людзі схапіліся за яго кабуру. Але ці ён сказаў якое слова, ці проста яго пазналі, як хутка пачулася каманда чалавека, які стаяў з ліхтарыкам:

— Прапусціце машыну!

Машына кранулася з месца.

— Вы не заўважылі, пан палкоўнік, увесь гэты маскарад? — усхваляваным голасам прамовіў лейтэнант.— Паліцыя маскіруецца пад партызан, каб ямчэй натрапіць на іх след.

— Прызнацца, з-за цемрыні я і не прыкмеціў, якое адзенне было на іх.

Калі б ён быў больш шчыры ў сваіх словах, то мог бы прызнацца, што за якую хвіліну ён вельмі і вельмі напалохаўся, аж да таго, што ў яго перасохла ў горле, і ён пачаў шукаць свае фляжкі, каб асвяжыць горла. Прайшло ўсяго некалькі хвілін, у часе якіх палкоўнік не паспеў яшчэ пазбавіцца апошніх рэштак перапалоху, як пачаліся такія прыгоды, якіх палкоўнік, відаць, не забудзе за ўсё сваё жыццё. Машына раптам прыцішыла ход, потым пачала віляць паміж дрэвамі, асвятляючы іх фарамі то з левага, то з правага боку. Хутка і зусім спынілася.

— Што здарылася? — трывожна спытаўся палкоўнік.

— Ды, відаць, нічога асаблівага. Якая-небудзь непаладка ў машыне. Зараз паглядзім...— прамовіў лейтэнант абыякавым голасам і вылез з машыны. За ім высунуўся і палкоўнік. І толькі ён ступіў на зямлю, як дзве пары моцных рук падхапілі яго пад пахі. Ён добра не бачыў, хто схапіў яго, і з моцнага перапуду мог толькі сказаць:

— Што такое, што такое?

— Не хвалюйцеся, пан палкоўнік, яны толькі возьмуць у вас зброю... А наогул магу павіншаваць вас: урэшце мы прыехалі.

Цьмяная здагадка дайшла да свядомасці палкоўніка. Ён як стаяў, так і ўпаў на рукі партызан, што трымалі яго.

— Ванька, вады! — скамандаваў лейтэнант.

— Зараз, таварыш лейтэнант! — і салдат Ганс, які так раптоўна ператварыўся ў Ваньку, маланкай кінуўся ў бліжэйшую зямлянку.

Хутка палкоўнік апрытомнеў, яго адвялі ў зямлянку, запалілі газнічку, зробленую з гільзы снарада. Пры яе змрочным святле палкоўнік разгледзеў пасцель на рыпучым тапчане, салдацкі кацялок з вадой на стале. Потым прыйшлі нейкія людзі, спыталіся ў яго, можа, пан палкоўнік хоча павячэраць?

— Пакіньце мяне ў спакоі. Які ідыёт будзе думаць пра вячэру ў такі позні час...— азваўся ён, прымошчваючыся на тапчане.

Яго не сталі ўпрошваць, палкоўнік быў яўна не ў гуморы, і, пажадаўшы яму спакойнай ночы, замкнулі за ім дзверы.

Тысячы думак лезлі палкоўніку ў галаву, але ніводная не давала асаблівай суцехі. Так папасціся, так паслізнуцца на зусім сухім месцы! І ён праклінаў сябе за тую вар’яцкую спешку, з якой рушыў з галоўнай стаўкі. Хто быў вінаваты ў гэтай спешцы? Вядома, ён сам, а не хто іншы... Не фюрэра ж вінаваціць у тым, што ён загадаў як найхутчэй даставіць аператыўныя загады і планы ў штаб Цэнтральнага фронту...

 

2

Лейтэнант Камар рапартаваў Саколічу пра свой «рэйд». Рапарт быў даволі змястоўны, хоць лейтэнант і не любіў асабліва распісваць падзеі і абмяжоўваўся самымі кароткімі паведамленнямі:

— Ліквідавалі двух бургамістраў. Знішчылі аднаго гестапаўца. Звязаліся з польскім партызанскім атрадам. Даведаліся ад ксяндза ў гарадку Н., якому адрэкамендаваліся гестапаўцамі, што там існуе падпольная арганізацыя, якая выступае супроць польскіх і савецкіх партызан і мае кантакт з гітлераўскім камандаваннем. Учынілі тры ўзрывы на станцыі Брэст: у афіцэрскім зале, у салдацкім і ў камеры хавання. Узрывы бачылі ўласнымі вачмі. Вынікі невядомыя. Пры правядзенні гэтай аперацыі ўзялі ў палон гітлераўскага палкоўніка, прадстаўніка генеральнага штаба. Яго асабістыя дакументы, а таксама ўсе штабныя дакументы, якія вёз ён, здадзены дзяжурнаму штаба.

— Віншую вас, таварыш Камар! Папрацавалі вы па-партызанску. Як відаць, падабаецца вам гэта работа?

— Не то што падабаецца, а сапраўдная, бачыце, работа.

— Ну, я рад, што вы ўрэшце знайшлі сваю справу. Дзейнічайце і надалей так. Адпачніце, прадумайце чарговы маршрут, параімся, калі выбірацца вам, ну і план ваш абмяркуем.

У гэты час веставы прынёс Саколічу радыёграму. У радыёграме Цэнтральнага партызанскага штаба з Масквы прапанавалі ўдакладніць весткі з Брэста, дзе нібыта ўзарваны вакзал і сярод загінуўшых, паводле нямецкіх даных, значацца два генералы. Тут жа было прапанавана паведаміць імёны ўдзельнікаў аперацыі, калі яны вядомы Саколічу.

— Вось бачыш, таварыш Камар, а пра генералаў ты і не сказаў у сваім рапарце...

— Я ж не ведаў, таварыш камандзір, хто трапіць пад нашы чамаданы. А генералы былі.

— Ну што ж, удакладнім гэтыя весткі.

Саколіч паведаміў у Цэнтральны штаб імёны ўдзельнікаў брэсцкай аперацыі, дадаўшы, што ў палон захоплены імі палкоўнік з важнымі дакументамі, які чарговым самалётам будзе дастаўлены ў Маскву.

 

3

Канчаўся жнівень. Атрад Заслонава па дарозе ў новы раён спыніўся на некалькі дзён на адпачын непадалёк ад атрада Мірона.

Вечарам на беразе невялікага ляснога азярца адбываўся сход партыйнай арганізацыі атрада. Разглядаліся справы аб прыёме ў партыю. Сярод заяў былі заявы Заслонава і Харошава.

Выступаў Заслонаў:

— Ведаеце, таварышы, мне, прызнацца, крыху сорамна, што толькі на чацвёртым дзесятку гадоў свайго жыцця я, урэшце, адважыўся прасіць прыняць мяне ў партыю бальшавікоў. Я ўсё спадзяваўся, што зраблю нешта асабліва добрае для радзімы і тады прыйду да камуністаў і скажу ім: «Толькі цяпер я поўнасцю апраўдаў ваша давер’е і прашу залічыць мяне ў вашы рады». Але ўсё мне здавалася, што раблю я дужа мала, што прыношу вельмі мала карысці. Адно скажу: усё, што толькі ні рабіў і да вайны, і ў вайну, стараўся рабіць гэта так, як рабіў бы камуніст. Шчыра кажу вам, што і надалей буду біць фашыстаў па-бальшавіцку, літасці яны ад мяне не дачакаюцца. А таксама скажу, што не дам я спуску і тым з нашых людзей, якія думаюць пражыць вайну за чужою спінаю. Я ўжо не кажу пра тых, хто запаганіў сваю душу здрадніцтвам, прадажніцтвам, гэтае пустазелле вырываем і будзем вырываць з коранем, каб не паскудзіла нашай зямлі. Што ж мне казаць вам болей: і ранейшая мая праца і цяперашняя праходзіла і праходзіць у вас на вачах. Прашу прыняць мяне ў партыю.

Асаблівых запытанняў амаль што не было, бо і сапраўды ўсё жыццё Заслонава прайшло на вачах людзей, якія складалі асноўнае ядро яго атрада. Багата хто ведаў яго і з атрада Мірона. Задавалі пытанні толькі некаторыя навічкі, якім проста хацелася даведацца больш пра свайго камандзіра. Адзін з самых маладых партызан запытаўся і адразу ж пачырванеў, як дзяўчына:

— Вось скажыце, Канстанцін Сяргеевіч, як гэта вам удаецца часам перамагаць куды больш моцнага, чым наш атрад, ворага і ў чым сакрэт гэтых перамог?

Некаторыя са старэйшых мімаволі ўсміхнуліся.

Заслонаў нахмурыўся.

— А чаго ж тут смяяцца, таварышы? Пытанне зусім законнае. Калі вам, бывалым байцам, яно, можа, і здаецца крыху наіўным, дык для пачынаючага байца яно мае сур’ёзнае значэнне. Пачнём з другога пытання, з сакрэту перамогі. Сакрэту тут бадай што і няма, бо ўсе вы самі ўдзельнікі гэтых перамог і на свае вочы, на саміх сабе адчувалі ўдачы гэтых перамог. Трэба хацець перамагчы. Трэба верыць у свае сілы. Трэба добра ведаць ворага, яго сілу, яго зброю, яго слабыя мясціны. Вось каб усё гэта добра ведаць, патрэбна сур’ёзная і сур’ёзная, аж да сёмага поту, праца: і дакладная разведка, і ўлік сваіх сіл, і іх трапная расстаноўка, і выбар зручнага часу для нападу, каб ён быў нечаканым для ворага. Ну, а калі кінуліся ўжо ў атаку, тады на кусты не азірайся, тут, брат, ламі, крышы, малаці фашыста па хрыбціне, не шкадуй яму агню. Вось і ўвесь наш сакрэт, калі назваць яго сакрэтам.

Сярод выступаўшых быў і Чмаруцька.

— Можа, маё слова будзе тут і не да ладу, але павінен і я сказаць, што думаю. Некалі я вельмі любіў і паважаў Канстанціна Сяргеевіча.

— Чаму толькі некалі, а цяпер?

— А ты, хлопец, не спяшайся мяне перабіваць. Замолад яшчэ, каб папраўляць старога Чмаруцьку.

— Калі ласка, Саўка Лявонавіч!

— Дык вось я і кажу: любілі і паважалі мы Канстанціна Сяргеевіча. Гэта быў начальнік дэпо, дай бог і ўсім такога. Справу разумеў — раз. Спуску лодарам там ці прагульшчыкам не даваў — два. Дзяржаўным быў чалавекам, вось што. Гэта значыць — тры. Ну і аб рабочым класе клапаціўся як след: і патрабаваў, і трудзяшчага чалавека ў крыўду не даваў. Адным словам, справядлівы быў чалавек, чаго там гаварыць. Вось вам і чатыры. Ну, а прыйшла вайна, ды з’явіўся потым у дэпо Канстанцін Сяргеевіч, дык, скажу проста, няхай ужо не гневаецца таварыш Заслонаў, дужа мы яго не ўзлюбілі і вока мелі на яго злое, чаго ўжо тут таіцца. Ну, а чаму не ўзлюбілі, дык вы ж самі разумееце, чаго мне доўга казаць. Аказваецца, аднак, што вельмі і вельмі памыліліся мы тады ў сваіх думках, бо на справе аказалася, чалавек рабіў супроць фашыстаў, ды яшчэ як рабіў. Каб кожны з нас так стараўся, дык мы Гітлеру даўно б галаву адкруцілі і вайне быў бы поўны канец. Ну, а цяпер Канстанцін Сяргеевіч ёсць сапраўдны баец супроць сусветнага фашызму, і я вось, Саўка Лявонавіч Чмаруцька, гатоў галасаваць за тое, каб прынялі яго ў партыю, бо я разумею, што ён і да гэтага быў сапраўдным бальшавіком, хоць і беспартыйным. І няхай жыве наша партыя! А фашыстаў мы білі, і правільна сказаў таварыш Заслонаў, будзем і надалей біць. Не выкруцяцца яны з нашых рук, ужо дамо ім рады. Я скончыў, таварышы, няхай цяпер хто іншы скажа.

— Правільна, Саўка Лявонавіч, усё правільна! — пачуліся галасы.

Але нехта, відаць, шапнуў Чмаруцьку, што з галасаваннем ён выказаўся не зусім правільна, бо паколькі ён чалавек беспартыйны, то і галасаваць не мае права. Гэта так абурыла Чмаруцьку, што ён адразу ж папрасіў яшчэ слова.

— Тут адзін таварыш неафіцыйна папракнуў мяне маім беспартыйным становішчам. Але, відаць, ён думае, што я не ведаю правіла пра галасаванне. Калі я казаў пра гэта, дык меў на ўвазе, што буду ў думках галасаваць за таварыша Заслонава. А такога правіла, паколькі я ведаю, няма, каб мне забараніць гэта. Гэта раз. Да таго ж, сёння я беспартыйны, а, можа, заўтра ці паслязаўтра таксама буду партыйным чалавекам. Гэта два. Я скончыў.

Чмаруцька сеў і абвёў позіркам усіх, нібы хацеў праверыць уражанне ад свайго выступлення. На ўсіх тварах свіцілася яўнае спачуванне яго выказванню.

Выступіла яшчэ некалькі партызан, сярод іх і Мірон.

— Думкі мае пра Канстанціна Сяргеевіча выказаны мной у рэкамендацыі, якую тут ужо чыталі. Мне астаецца выказаць толькі маю шчырую радасць, што такі слаўны камандзір, як таварыш Заслонаў, будзе яшчэ болей, ну, непасрэдна звязан з баявой партыяй камуністаў. Зразумейце гэта не як лішнюю пахвалу вядомаму нам чалавеку. Добрага чалавека не перахваліш. Адно, што мне хочацца яшчэ сказаць самому таварышу Заслонаву: больш нагружаць сваіх камандзіраў. Гэтым я не хачу сказаць, што яны не загружаны ў яго. Але справа ў тым, што таварыш Заслонаў часам бярэ на сябе занадта многа абавязкаў, любіць часам сам выконваць тое, што павінны рабіць яго падначаленыя камандзіры. А прычыны гэтага магчыма ў залішняй гарачнасці чалавека. Кажучы пра гэта, я звяртаю ўвагу ўсяго калектыву, каб таварышы таксама мелі сумленне і вызвалялі камандзіра ад розных другарадных спраў. Вядома, камандзір павінен уваходзіць ва ўсе дробязі, але гэта не азначае, што ён павінен рабіць за ўсіх. Вось пра гэта я і хачу вам сказаць. А ва ўсім іншым я згодны з Саўкам Лявонавічам: быў Канстанцін Сяргеевіч прыкладным беспартыйным бальшавіком, цяпер будзе ён такім жа прыкладным партыйцам. Народ ён ведае і любіць яго, ну і народ ставіцца да яго як да свайго адданага і любімага сына.

Прагаласавалі аднадушна.

Заслонава віталі, паціскалі яму руку. Ён дзякаваў, абменьваўся прыязнымі позіркамі з людзьмі, адчуваў сябе глыбока ўсхваляваным і расчуленым.

Яго сардэчна вітаў Харошаў, які сядзеў побач з ім, і тут жа шапнуў яму ціха:

— Ведаеце, Канстанцін Сяргеевіч, як я хвалююся. Прызнацца, больш, чым тады, як мы ўзарвалі з вамі артылерыйскі склад.

— Што ж, гэта добра, Мікалай, калі хвалюешся. Скажу табе, мне дужа не падабаюцца людзі, якіх нішто і ніколі не хвалюе.

Харошаву, як маладзейшаму, задавалі болей пытанняў. Выказваліся пра яго таварышы спачувальна, як пра добрага камандзіра, аднаго з лепшых падрыўнікоў, які багата каго з маладзейшых навучыў гэтай справе.

Выступаў і Дзетка. Куды падзелася яго колішняя крыклівая развязнасць і пазіроўка. Ён сказаў проста і коратка:

— Таварыш Харошаў багата чаму навучыў мяне, хоць ён бадай што мой аднагодак. Не толькі ў падрыўной справе. Ён сапраўды савецкі чалавек. Не губляецца, калі здараюцца цяжкія хвіліны. Не траціць галавы, калі трапляюцца выключныя ўдачы. Не задзірае носа перад партызанамі. Ён слаўны таварыш. Я рад, што ён падаў заяву ў партыю, бо ён будзе сапраўдным камуністам.

Са сходу Заслонаў пайшоў разам з бацькам Міронам да сябе на кватэру. Было шмат агульных спраў у абодвух атрадаў. Трэба было прадумаць і рад арганізацыйных пытанняў. Атрады выраслі настолькі, што можна было вылучаць з іх па некалькі новых атрадаў. За час баёў выраслі і людзі, выявіліся здольныя арганізатары, камандзіры. Была і дырэктыва з Цэнтральнага штаба партызанскага руху ператвараць буйнейшыя партызанскія атрады ў брыгады.

Да позняй начы сядзелі Мірон і Заслонаў са сваімі бліжэйшымі памочнікамі, абмяркоўвалі кандыдатуры людзей на камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабаў атрадаў. Заслонаў раіўся з бацькам Міронам аб дыслакацыі свае будучае брыгады ў новай зоне баявой работы. Як і раней, для Заслонава планавалася работа на чыгунках, на якіх яго атрад набыў ужо высокую кваліфікацыю і выпрацаваў свае сталыя метады, так сказаць тактыку і стратэгію.

Мірон астаўся начаваць у Заслонава.

А ў гэты час на беразе возера пад раскідзістай каржакаватай хвояй сядзелі Харошаў і Надзя. Святло месяца надавала лясному возеру казачны выгляд. Лес на другім беразе возера хаваўся ў начным змроку, толькі відаць былі асветленыя зубчастыя вяршыні дрэў, ды вялікая частка возера ля другога берага пералівалася цьмяным срэбрам, а ад сярэдзіны і да берага, на якім яны сядзелі, працягнулася трапяткая месячная дарожка. Было так ціха, што чуваць было, як пераліваецца вада недзе ў крыніцы ды ледзь чутна лапоча начная азёрная хваля, ціха плёскаючыся аб прыбярэжны жвір, аб шорсткія асокі — соннае акунёвае царства. І яшчэ чуваць было, як біліся ўласныя сэрцы.

Здавалася, так можна прасядзець цэлую вечнасць, узіраючыся ў месячную бездань возера, прыслухоўваючыся да казачных гукаў ночы і адчуваючы саграваючую цеплыню адно аднаго. Гаварыць не хацелася, бо, здавалася, любое слова можа адразу спудзіць усю чароўнасць гэтай ціхай жнівеньскай ночы. Светлы месяц між тым пачаў ахутвацца хмарамі. Возера адразу пацямнела. У ціхія ўсплёскі соннай вады і палахлівы шолах прыбярэжных асін урываўся толькі ціхі шэпт:

— Я цябе кахаю, я не магу жыць без цябе, Надзя.

— Я ж тут, нідзе не дзелася. Я сяджу побач з табою.

— Ай, насміхаешся ты з мяне... Ды я хачу, каб у нас усё было, як у добрых людзей. Сям’і я хачу, нашай з табой уласнай сям’і.

— А ты думаеш, я не хачу сям’і, не хачу ласак тваіх? Можа, я цябе штоноч у сне бачу, бязула ты мой! Можа, мне часам сняцца гэтакія малюпаткія сінявокія харошаўцы, вось з такімі насамі, як у цябе, мядзведзька ты мой, з такімі вось лабэцінкамі, ну, вядома, куды меншымі, чым твая. І мне хочацца мець сваё гняздо. І як кожнае гняздо, яно павінна быць надзейным і ўтульным для дзяцей. Ці час жа думаць пра ўсё гэта? Ці не адцягне гэта думкі, і твае і мае, ад таго галоўнага, чым жывём мы з табой сягоння і чым жыць павінны і абавязаны ў бліжэйшыя часы? Мы вядзём барацьбу, а яна без ахвяр не абыходзіцца. І кожны з нас — і я, і ты, і нашы блізкія і таварышы — можам стаць такімі ахвярамі. Дык хіба ты хочаш множыць сірат, іх жа і без таго багата на нашай зямлі. Я адчуваю сябе сапраўды шчаслівым чалавекам, што кахаю цябе, і думаю, што і ты мяне кахаеш. А ўсё іншае, як гаворыцца, давай адкладзём на той жаданы час, калі возьмемся мы за свае мірныя справы. Я думаю, ты разумееш мяне...

Ён нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў і адвярнуў свой твар, калі святло раптам вырвала яго з цемрыні.

— Чаго ж ты маўчыш і чаго адварочваешся? — і яна, як малога, лашчыла яго, перабіраючы пальцамі пасмы валос на галаве.

Ён маўчаў, яму было добра і чуць яе папрокі, і адчуваць яе ласкі.

— Маўчыш, сярдуеш? Ну што ж, пазлуйся крыху, мой сярдунька. Але ж ты ведаеш, злуюцца звычайна тыя, хто не мае рацыі.

Пачаў церусіць дожджык.

Другім разам не рад быў бы Харошаў гэтаму прыкраму, дробнаму дажджу, які сеяўся як праз сіта. Спачатку ён не даставаў іх пад навіссю касматай хвоі. Прыемна было б сядзець тут з Надзяй і пад манатонны шолах марыць аб сваім будучым, гадаць, блізка яно ці далёка. Але дождж усё мацнеў і неўзабаве дапяў і да іх, прабіўшыся праз густую хвою спачатку нясмелымі буйнымі кроплямі, а потым праліўшыся халоднымі струменьчыкамі.

— Хадзем, Коля,— проста сказала яна.

І так жа адказаў ён:

— Хадзем, Надзя.

Яны накрыліся плашч-палаткай і пайшлі. Па брызенту глуха барабанілі дажджавыя кроплі, а ім было так добра, так утульна, бо яго рука была ў яе руцэ, іх твары былі блізка, і кожны адчуваў цеплыню другога.

Ён схапіў яе, падняў, закружыў вакол сябе і асыпаў гарачымі пацалункамі.

Намоклая, злубянелая палатка блыталася на зямлі пад нагамі. А яны стаялі пад дажджом, забыўшыся на яго, хоць ліў ён як з вядра.

 

4

Яе затрымалі пры самым уездзе ў сяло, якое стаяла на беразе ракі кіламетры за тры ад чыгункі. Паліцай, які нечакана выскачыў з-за старэнькай пахіленай кузні, што прытулілася пад вербамі ля самай дарогі, схапіў за аброць каня, груба вылаяўся:

— Куды вас нячыстая прэ! Аслеплі хіба, не бачыце?

Ён тыцкаў рукой у невялічкі шчыток з фанеры, прыбіты да сточанага шашалем і пагрызенага конскімі зубамі слупа, да якога, відаць, прывязвалі даўней коней, калі прыводзілі да каваля.

На таблічцы было ўсяго два словы: «Забароненая зона».

Паліцай сілком зварочваў каня з дарогі, але тут жа, нібы ўспомніўшы што, спахапіўся. Ускінуўшы свой аўтамат, ён грозна спытаўся:

— Дакументы!

— Вось так бы і казалі адразу, а то лаецеся... А яшчэ называецеся службай парадку...

— Ну, ну, ну... пагавары ў мяне болей.

— А ці нельга абыходзіцца больш ветліва, без гэтага нукання? — спакойна прагаварыла на возе маладая жанчына і рашучым жэстам працягнула паперу пад самы нос паліцаю.

Той аж спалохана адхіснуўся, недаўменна зірнуў на дзяўчыну, потым, надаючы сур’ёзнасці твару, уныпіўся ў паперу. Прачытаў раз, другі, пакруціў у руцэ і, урэшце, аж уздыхнуўшы, рашуча прамовіў:

— А ўсё ж няможна.

— Што няможна? — наступала дзяўчына.

— Ехаць тут няможна, бачыце — забароненая зона...

— Для каго, можа, і забароненая зона, толькі не для мяне. Вы ж чытайце ўважліва дакумент, я прызначана настаўніцай у гэтае сяло, вось і накірунак.

— Гэта мне мала абыходзіць. Тут ніхто, акрамя немцаў, не мае права ездзіць.

— Вядома, калі не па справе, дык ніхто і не паедзе. А я павінна працаваць тут.

Паліцай разгубіўся. Каб гэта хто другі так гаварыў з ім, дык ён даў бы рады. А тут усё ж неяк няёмка. І настаўніцай прызначана, і з выгляду прыгожая такая дзяўчына, як жа тут лаяцца з ёй.

Але тут у справу ўмяшаліся нямецкія патрулі і неўзабаве прывялі пасажырку ў камендатуру штаба. Дакументы былі ў парадку.

— Можаце ісці, фрэйлен, да старасты, прашу выбачэння за затрымку. Але не зайздрошчу вам, якое цяпер можа быць навучанне...

Стараста, пажылы ўжо чалавек, пакруціў у руках яе прызначэнне, нездаволена чмыхнуў:

— Ці яны там у розуме, куды яны пасылаюць вас?

— А што?

— А вось што... Якая цяпер навука, даруй ты божа. У школе вайсковы штаб...

— Што ж, школу можна размясціць дзе-небудзь у хаце.

— У хаце...— нібы перадражніў дзяўчыну стараста.— Кожная хата бітком набіта салдатамі. Дзе вы, урэшце, самі будзеце жыць, хацеў бы я спытацца ў вас?

— Там, дзе дасцё мне кватэру, стараста,— спакойна адказала дзяўчына.

Стараста запнуўся на якую хвіліну, потым безнадзейна махнуў рукою:

— Што ж з вамі зробіш? Не начаваць жа вам на вуліцы. Размяшчайцеся пакуль што вунь у той бакавушцы, а там пабачым.

 

5

Некалькі дзён маладая настаўніца рабіла беспаспяховыя спробы дабіцца на прыём да палкоўніка, камандзіра дывізіі.

Яна пабывала ў некаторых начальнікаў, непасрэдных падначаленых палкоўніка. З яе то пасмейваліся, то проста выправоджвалі за дзверы, то пагражалі арыштам. Ёй нават сказаў адзін обер-маёр, каб хутчэй адчапіцца:

— Вашы падапечныя няхай падзякуюць нам і за тое, што яны жывуць. Якая ім яшчэ грамата патрэбна? А вам, паненка, раю пакінуць усю гэтую турбацыю.

— Гэта мой абавязак...— рэзка перапыніла дзяўчына, якую ўжо выводзілі з раўнавагі павучанні прусака.

— Я вось вазьму вас разам з вашымі абавязкамі ды ў лепшым выпадку загадаю выкінуць вашу дзёрзкую персону за межы раёна.

Але дзяўчына не здавалася. Яна спаслалася на выступленне гаўляйтэра Кубэ, які гаварыў аб сапраўдным росквіце духоўнай культуры, якую прынесла армія збаўцаў на беларускую зямлю.

Афіцэр зірнуў на дзяўчыну, грэбліва ўсміхнуўся, працадзіў праз зубы:

— Больш нам няма пра што гаварыць. Можаце ісці, фрэйлен.

І ўсё ж яна дамаглася сустрэчы. Спачатку ўсё высвятляла, а якой гадзіне з’яўляецца ў штаб камандзір дывізіі. І вось аднае раніцы зноў падышла да школы, якраз у тую хвіліну, калі да штаба ў суправаджэнні свайго ад’ютанта падыходзіў і палкоўнік. Вартавы, які стаяў ля ганка школы, гучна аклікнуў, каб яна хутчэй павярнула назад, бо тут нельга хадзіць прыватным асобам.

Дзяўчына спынілася.

— Што такое? — запытаўся ў вартавога палкоўнік.

— Цывільная дзяўчына, пан палкоўнік. Не пускаю.

— А-а-а, вось у чым справа...— і ён зірнуў на дзяўчыну.

— Я да вас, пан палкоўнік.

— Пропуск ёсць у вас?

— Няма.

— А хіба вам невядома, што ўваход у штаб без пропуска сурова забаронены? Вы рызыкуеце быць забітай вартавым.

— Што ж мне рабіць, калі ваш памочнік загадаў не выдаваць мне больш прапускоў.

— Хто вы?

— Мясцовая настаўніца.

— А-а... разумею. Чуў, чуў пра вас...

Ён тут жа загадаў ад’ютанту дастаць пропуск і знік за дзвярыма штаба.

І вось праз якіх хвілін дваццаць яе запрасілі да палкоўніка.

Ён сядзеў за сталом і перагортваў паперы. Палкоўніка нельга было назваць пажылым чалавекам, хоць скроні яго і некалькі пасмаў густой шавялюры былі абсыпаны сярэбраным пылам, які толькі падкрэсліваў смуглявасць яго твару.

— Выбачце, што крыху затрымаў вас. Я слухаю вас цяпер,— сказаў ён, адарваўшыся ад папер.— Павінен вас, аднак, папярэдзіць: калі вы думаеце гаварыць пра вызваленне школьнага будынка, то гэта будзе непатрэбнай тратай дарагога часу. Справа гэтая, павінен вам сказаць, зусім безнадзейная. Вы хацелі гаварыць яшчэ пра што-небудзь?

Дзяўчына хвалявалася. Яна часта кідала позірк на прыадчыненыя дзверы. У суседнім пакоі сядзеў маёр, гутарыў з нейкім афіцэрам.

Палкоўнік устаў за сталом, даючы зразумець, што аўдыенцыя скончана. Але яна не выказала ніякага намеру падняцца.

— Я хачу гаварыць з вамі толькі з вока на вока.

— Не зусім разумею вас...— збянтэжыўся крыху палкоўнік і прысеў на сваё крэсла.— Што вы хочаце сказаць?

— Я кажу, што хачу гаварыць з вамі з вока на вока, каб ніхто старонні не чуў ні адзінага слова.

— Тут нікога старонняга няма...

Дзяўчына моўчкі паказала рукой на прыадчыненыя дзверы.

— Іх не бойцеся, обер-маёр мой памочнік па службе.

— Вось таму, што ён ваш памочнік, я і не хачу гаварыць пры ім. І наогул, я хачу сказаць вам, што ніводзін з вашых немцаў не павінен быць пры нашай гутарцы.

— А хто ж я, па-вашаму?

— Вы добра ведаеце, хто вы. А калі запамяталі, дык я напомню: вы чэх, родам з Кловіц пад Пільзенам, з сям’і рабочага.

— Пастойце, пастойце, адкуль гэта вам вядома?

Ён спытаўся і, не чакаючы адказу, выйшаў у суседні пакой, дзе, відаць, аддаў нейкі загад свайму памочніку. Праз хвіліну дзяўчына ўбачыла, як обер-маёр паволі праплыў пад вокнамі пакоя і падаўся ў канец вуліцы.

— Дык адкуль вы ведаеце пра мяне? — запытаўся яшчэ раз палкоўнік, вярнуўшыся ў пакой.

— Мы даведаліся пра вас упершыню ад Чэстка. Перадаю вам прывітанне ад яго.

— Пра якога Чэстка вы гаворыце?

— Маю на ўвазе лепшага вашага прыяцеля, якога гітлераўцы два гады як выкінулі з завода, а потым мабілізавалі ў армію, адкуль ён і трапіў да нас...

— Паслухайце, вы, не ведаю, хто вы, адкуль з’явіліся сюды, я зараз жа загадаю арыштаваць вас, і вы будзеце неадкладна расстраляны... як... як...— палкоўнік падбіраў патрэбнае слова,— як партызанка-падпольшчыца.

— Вы не зробіце гэтага...— спакойна праказала дзяўчына.

— Дзіўна, аднак... Мой службовы абавязак, мая годнасць камандзіра загадваюць мне зрабіць гэта. Вось даволі мне пазваніць — і вы трапіце ў турму...

— І ўсё ж гэтага вы не зробіце.

— Чаму, пытаюся я вас?

— Вы не зробіце гэта ў імя свае радзімы.

— Хто вас паслаў сюды? Адкуль у вас такая ўпэўненасць, што вы з’яўляецеся да мяне, у штаб дывізіі, як на які-небудзь бяспечны візіт да добрага знаёмага?

— Мы спадзяёмся, пан палкоўнік, што будзем такія добрыя знаёмыя. А цяпер магу адказаць вам і на некаторыя вашы пытанні. Ведаем мы пра вас усё. Не толькі пра ваша паходжанне, пра вашых бацькоў. Ведаем і ад Чэстка, і ад некаторых іншых чэхаў, якія знаходзяцца цяпер у нас. Вы, зразумела, можаце падумаць, што маеце справу з правакацыяй... гестапаўскай... Але думаю, што вы паставіцеся да мяне больш прыязна...— і яна дастала з свае ручное сумкі некалькі сшыткаў, падала іх палкоўніку. Гэта былі запісы практыкаванняў у нямецкай мове, пераклады гутарковых фраз, асобных слоў. Некалькі старонак былі запоўнены вершамі з нямецкіх паэтаў. Было і акуратна перапісанае, праўда другім почыркам, прысвячэнне да «Фауста» Гётэ. Тут жа была прыпіска: «Слаўнай маёй вучаніцы на памяць аб нашых занятках». У прыпісцы было імя і прозвішча вучаніцы, не было толькі прозвішча таго, хто пісаў.

— Гэтая вучаніца, як бачыце, я... А почырк гэты нічога не гаворыць вам?

— Так, пазнаю ў ім руку Чэстка...— задумліва праказаў палкоўнік.

— Гэта ўсё добра... Вы ж разумееце самі, што не магла я прынесці да вас ліст ад вашага прыяцеля, бо пры выпадку гэта магло б паставіць вас пад сур’ёзную небяспеку. І мяне, зразумела. Што ж яшчэ вам сказаць? Ведаем пра вас і ад Гросберга.

— Ён таксама ў вас? — страпянуўся палкоўнік.

— Але, і ён у нас. Праўда, заявіўся ён да нас не звычайным парадкам. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што асаблівых намераў перабірацца да нас ён не меў.

— Але, але, ведаю...— мімаволі сказаў палкоўнік.— Іначай ён не мог трапіць да вас.

— Я забылася, выбачайце, перадаць вам прывітанне ад «расстралянага» па вашаму загаду партызана Вані...

— Але, але...— мімаволі ўсміхнуўся палкоўнік.— Добры ён хлопец, нічога не скажаш...

Палкоўнік на хвіліну задумаўся. Потым паволі загаварыў:

— Мне здаецца, што ёсць падставы верыць вам. Як вядома, мая дывізія была да апошніх дзён да пэўнай ступені лаяльна да партызан. Я не супроць таго, каб... ну... дамовіцца, зразумела, абсалютна сакрэтна, з партызанамі аб пэўнай зоне, дзе мае салдаты маглі б без усякай небяспекі праводзіць патрэбныя часам нарыхтоўкі прадуктаў. Як бачыце, я стараюся... памагаць вам...

Дзяўчына, якая слухала ўсё гэта ўважліва, раптам рассмяялася.

— Што вам смешна? — холадна спытаўся палкоўнік, для якога гэты смех здаўся абразлівым.

— Бо гэта ўсё дробязь, што вы гаворыце. Мяне паслалі да вас як да чэха, да патрыёта свае радзімы, які, ведаем мы, ненавідзіць гітлераўцаў. І мы хочам, каб вы сапраўды памагалі нам. Мы прапануем вам прыняць актыўны ўдзел у такой аперацыі.

Палкоўнік сядзеў і левай рукой паволі пагладжваў лоб, нібы яму балела галава ці ён проста збіраўся з думкамі. Урэшце ён загаварыў:

— Я разумею вас і не здзіўляюся ні вашаму запалу, ні вашай нянавісці да гітлераўцаў. Але вы зусім, як мне здаецца, не разумееце таго становішча, у якім апынуліся мы, чэшскія і славацкія салдаты і афіцэры. Яно куды складаней, чым вам здаецца. Лёс кожнага з нас шчыльна звязаны з лёсам дзесяткаў і соцень людзей там, на радзіме. Я ўжо не кажу пра блізкіх, пра сваякоў. Даволі толькі западозрыць мяне ці любога з нас у якім-небудзь, хоць бы і нязначным, выступленні супроць Германіі, і мы ставім пад пагрозу лютай расправы сотні і сотні людзей там, на радзіме.

— А вы ведаеце, пан палкоўнік, што з многімі з вашых блізкіх людзей гітлераўцы распраўляюцца незалежна ад вашых учынкаў?

І дзяўчына назвала некалькі імён, прозвішчаў, пры ўпамінанні якіх твар палкоўніка насцярожыўся, а ў яго вачах засвіцілася разгубленасць і нешта падобнае на нямое запытанне.

— Дазвольце! — урэшце схамянуўся ён.— Адкуль могуць быць у вас падобныя весткі?

— Гэтыя весткі вы можаце знайсці ў гестапа, якое старанна абсякае ўсе вашы сувязі з радзімай. Мы можам вас пазнаёміць з падрабязнымі паказаннямі таго ж самага Гросберга. Урэшце, вы і самі ведаеце пра Лідзіцэ. Не можа быць, каб да вас не дайшлі весткі пра гэтае жахлівае злачынства. Але бліжэй да справы, пан палкоўнік. Павінна вам сказаць, што мы цяпер настолькі моцныя, што маем сувязь і з тымі вашымі суайчыннікамі, якія вядуць партызанскую барацьбу ў самой Чэхаславакіі. Паверце мне, палкоўнік, што мы маем магчымасці паклапаціцца ў выпадку патрэбы пра бяспеку таго ці іншага чалавека ў вас на радзіме, які, скажам, дораг вам ці блізкі вам. І яшчэ я хачу сказаць, што не абавязкова ж адкрыта пераходзіць да нас. Можна зрабіць добрую справу і без гэтага. Нарэшце, можна самому пераходу, калі на тое будзе жаданне, надаць такія формы, што сам Гітлер залічыць вас у пакутнікі, у героі за вялікую справу «Новай Еўропы»... Вас могуць пры выпадку ўкрасці... Калі такая перспектыва, скажам, вам будзе не даспадобы, вы можаце проста трапіць у палон.

— Пачакайце, пачакайце... Гэта не так усё проста. Трэба прадумаць усё. Я не магу вам цяпер сказаць нічога: ні пагадзіцца з вамі, ні адмовіць. Трэба падумаць. Трэба і параіцца з сябрамі.

— Мы будзем чакаць.

— Добра. Давайце так і ўмовімся: калі я праз тры дні асабіста не паклічу вас... ну нібы для вырашэння вашай просьбы аб школе... то гэта азначае маю згоду... А калі вас пакліча ў штаб обер-маёр, якому я даручу вашу школьную справу,— то гэта будзе азначаць, што я не згодны з вашымі прапановамі. Дарэчы, калі будзеце ў сваіх, перадайце прывітанне ад мяне Саколічу. Скажыце яму, што я сапраўды захоплены дзейнасцю яго слаўных партызан.

Яны дамовіліся яшчэ пра дзень і месца, дзе павінна адбыцца — у выпадку згоды — сустрэча прадстаўнікоў ад партызан і чэхаў, па два чалавекі ад кожнага боку, каб канчаткова дагаварыцца па ўсіх справах.

У пакой да камандзіра дывізіі, запытаўшыся дазволу, зайшоў обер-маёр. Ён пачаў гаварыць пра нейкія гаспадарчыя справы. Палкоўнік перабіў яго:

— Да вас асабіста не звярталася гэтая паважаная паненка?

— Была, пан палкоўнік. Я ж ёй сказаў, што нічым мы не можам памагчы і зусім дарэмна яна турбуе вас.

— Ваша праўда, обер-маёр.

І тут жа, павярнуўшыся да дзяўчыны, ён праказаў да яе:

— Нічым, нічым не можам памагчы пам, паважаная настаўніца! Я ж гаварыў вам. Як бачыце, і пан обер-маёр, мой шаноўны памочнік, такой жа думкі. Вайна, вайна, слаўная паненка, трэба неяк лічыцца з яе суровымі законамі.

Дзяўчына, не спяшаючыся, пайшла да свайго часовага прытулку. Стараста, які часаў на панадворку новае шула для хлеўчука, запытаўся:

— Ну, выхадзіла што-небудзь, пані настаўніца?

— Нічога, дзядзька, не выхадзіла, толькі дарэмна час патраціла.

— Я ж казаў, што з тваіх клопатаў нічога не выйдзе.

 

6

Праз які тыдзень пасля свайго прыезду дзяўчына згадзіла падводу і, дастаўшы пропуск, выехала з сяла.

Падводчыкам быў пажылы селянін гадоў пад шэсцьдзесят. Нягледзячы на свае гады, быў ён лёгкі ў рухах, спрытна завіхаўся ля ніштаватага коніка, заводзячы яго ў аглоблі.

— Ну, ну, калгаснічак, варушыся!

Гаварыў ён гэта ціха, лагодна пабіваючы далоняй па конскіх баках.

— Калгасны? — запыталася ў яго дзяўчына.

— Вядома. Не паспелі мы вывесці ад немцаў жывёлу, падзялілі сяк-так, да часу прыхоўваем.

Ён гаварыў адкрыта, бо дзяўчына, калі дамаўлялася з ім аб падводзе, сказала ўмоўны пароль, і дзядзька ведаў, што мае справу са сваім чалавекам. З сяла выбраліся рана. Ехалі, аднак, не спяшаючыся, дарога ішла больш пяскамі, па якіх асабліва не разгонішся. Ды і там, дзе трапляўся цвярдзейшы грунт, дарогу так расквасілі нядаўнія дажджы, што колы грузлі ў гразі аж па самыя калодкі. Толькі дзе-нідзе з пагоркаў ці па дзірваністай абочыне конік памыкаўся прайсці трушком, але хутка сцішыўся і ледзьве цягнуў калёсы, ленавата перабіраючы нагамі.

Пасажыры злезлі з калёс, пайшлі пехатою.

Дарога пайшла лесам. Стромкія хвоі надавалі бору нейкую святочную ўзнёсласць. Сонца скупа прабівалася праз вяршаліны, лажылася трапяткімі залацістымі лапінкамі на жорсткую ігліцу, пажаўцелую папараць, верасы, якія дзе-нідзе пачыналі ўжо зацвітаць. Сям-там між імхоў успыхвала чырванню спазнелая ягада касцяніца і гарэла, пералівалася пад сонцам рубінавым агеньчыкам. У падлеску ля дарогі жаўцелі гронкі рабіны. Зірнеш на іх і чамусьці падумаеш аб першых прымаразках і завеях.

У бары пахла хвояй, мокрым лістам, грыбамі. А вакол ні гуку, ні вясёлай птушынай песні, ціха-ціха. Толькі ўгары, у вяршалінах дрэў, ідзе ледзь улоўны гоман.

Было ўжо далёка за поўдзень, калі падарожнікі наважыліся зрабіць прыпынак, каб адпачыць і папасвіць каня. Ён ужо не раз і не два збочваў з дарогі, каб ухапіць зубамі сцябліну ці шматок травы. Хутка ўбачылі лагчынку ў лесе, па якой працякала невялічкая ручаінка. Праехалі дрыготкі мосцік і збочылі з дарогі. Тут багата было алешніку і рознага другога кустоўя, так што можна было прыхавацца ад дарогі. Пясчаны ўзгорак, які падымаўся ад лагчыны, зелянеў ядлоўцавым параснікам, маладым бярэзнікам. За ім відаць быў густы ельнік уперамежку з чарналессем. Ледзь прыкметная лясная дарога віляла туды.

— Вось тут і папасвімся. І зацішна, і каню выгада, і чужому воку не замінаем...

Але толькі наважыўся дзядзька спыніць каня, як той захроп і, нібы спужаўшыся чаго, падаўся на крок назад, узбіўшы хамут ледзь не на самыя вушы.

Дзядзька хуценька саскочыў з калёс і, трымаючы за аброць каня, агледзеўся, але нічога падазронага не заўважыў. Ён хацеў павесці каня ў руках, як ускрыкнула дзяўчына. Дзядзька павярнуўся, зірнуў на яе, заўважыў збялелы твар.

— Глядзіце, дзядзечка, глядзіце вось туды...

З-пад ядлоўцавага куста, метры за чатыры ад дарогі, тырчала рука.

Дзядзька хуценька прывязаў каня да хвойкі. Кінуліся да куста, разгарнулі калючае вецце.

— Божа мой, няйначай забілі! І кроў жа, бачыце, кроў на кашулі!

Сапраўды, зрэбная кашуля на чалавеку, што ляжаў, уткнуўшыся тварам у пясок, была ў плямінах запечанай крыві. Адна рука была падкурчана, другая выцягнулася наперад. Пад скурчанымі пальцамі быў разгрэбены пясок, ігліца.

Дзяўчына ўзяла руку, памацала пульс. Некалькі секунд стаяла на каленях ціха, прымоўкшы. Дзядзька бачыў, як страпянуліся яе вейкі. Усхвалявана сказала яму:

— Жывы! Дзядзечка, бяжыце хутчэй да ручая, нясіце вады. Ды не кідайцеся вы так, пачакайце, што я вам скажу. На возе там жа чайнік у мяне да чамадана прывязаны, вазьміце яго.

Хутка яны ўдваіх асцярожна выцягнулі чалавека з-пад ядлоўцавага куста, палажылі на ахапак саломы. Ён ледзь чутна застагнаў.

— Божа мой, ды гэта ж знаёмы хлапчук, я ж яго добра ведаю...— прамовіў дзядзька, гледзячы, як спрытна дзяўчына расшпіліла каўнер.

Пад правай ключыцай у хлапчука была закарэлая рана ад кулявога ранення. Выхаду кулі не відаць было, яна няйначай засела дзе-небудзь у лапатцы. Правая рука была прабіта ў двух месцах навылёт, але кулі не зачапілі косці.

Дзяўчына асцярожна прамыла раны. У яе чамаданчыку знайшлася і пляшачка з ёдам. Парэзаўшы цэлую сарочку, яна акуратна забінтавала плячо, руку. Усё гэта яна рабіла так упэўнена і хутка, што дзядзька аж здзівіўся:

— У вас жа, пані настаўніца, усё гэта як у добрага доктара выходзіць Але што ж з хлопцам будзем рабіць?

— Трэба везці хутчэй, яму патрэбен доктар.

Яны паклалі хлопца на воз, добра аблажыўшы яго сенам, каб было яму ямчэй і мякчэй. Толькі цяпер дзяўчына ўгледзелася яму ў твар. Быў ён худы, збялелы, з празрыста-сіняватай скурай пад вачмі. На лобе прыліпла некалькі ігліц. Ускудлачаныя русыя валасы былі ў пыле. Ніжняя губа распухла, відаць, прыкусіў яе хлапчук ад болю. І, прыглядаючыся да гэтага твару, яна ўспомніла, што недзе ж бачыла гэтага хлапчука. Толькі ж не летам, а зімой, бо быў ён тады ў кажушку і ў нейкай шапцы-кучомцы, якая рабіла яго больш дарослым і такім жа не па-дзіцячы строгім. З незвычайнай акрэсленасцю паўстаў перад ёй і той чыгунок з паранай бульбай, ля якога так старанна завіхаліся і ён, і яго меншыя брацікі, што былі пад яго апекай.

— Лявонка? Праваднік? — нібы да самой сябе праказала дзяўчына.

— Ён, пані настаўніца. Відаць жа, здарылася нейкае няшчасце і з другімі, бо ён адзін звычайна не хадзіў.

Ужо вечарэла. З лясных нізін пацягнула начною золлю. Ехалі моўчкі, прыслухоўваючыся да лясных гукаў і думаючы ўсё пра адно і тое ж: пра гэтае загадкавае здарэнне.

 

7

Іх даставілі да Бохана з атрада Капушы, дзе яны былі затрыманы на заставе.

— Дык вас затрымалі нашы партызаны?

— Не, таварыш начальнік, мы самі заявіліся да партызан, каб яны даставілі нас да штаба.

— Да якога ж вам штаба патрэбна?

— Вядома, таварыш начальнік, да галоўнага. Мы да Саколіча пасланы дэлегатамі.

— Што ж, прыемна пазнаёміцца. Прашу вашы дакументы.

— То ў нас няма ніякіх дакументаў.

— Няма...— механічна праказаў Бохан, і па выразу яго твару цяжка было разгадаць, пра што ён думае цяпер, прыглядаючыся да гэтых двух чалавек.

На адным была брызентавая куртка, штаны з саматканага сялянскага сукна, відаць, такой жа свае ўласнае работы шапка заходняга ўзору, аднолькава зручная і летам і ўзімку. Праўда, да рысаў твару, да рук, якія яўна былі няздатны да сялянскай працы, не зусім пасавала гэтае простае адзенне. Але нічога дзіўнага ў тым не было, асабліва цяперашнім часам, калі чалавек апранаецца так, каб не дужа кідацца ў вочы немцу.

Другі быў апрануты па-гарадскому. Праўда, гарнітур быў паношаны і добра прапылены за дарогу. Чалавек, відаць, крыху хваляваўся і нервова камячыў выцвілы польскі картузік з парэпаным казырком-лакіркай.

— Даруйце, але ж я не даведаўся ў вас, з якога вы атрада? — спытаўся Бохан.

— З атрада імя Касцюшкі, можа, чулі пра нас? — адказаў апрануты па-гарадскому.

— Пра такі атрад мы ведаем. Ведаем і пра другія атрады. Добра змагаюцца з фашыстамі вашы таварышы. Сапраўдныя партызаны, нічога не скажаш. І ваякі з іх выдатныя, і добрыя патрыёты. Такія ў крыўду народ свой не дадуць. А вось скажыце мне, як ставяцца нашы польскія таварышы да эвакуацыі польскай арміі ў Іран?

— Мы ўпершыню чуем... Хоць гэта не зусім правільна, што я сказаў. Мы ж яшчэ ў красавіку ведалі, што частка арміі Андэрса выехала з Расіі. Але ж гэта зразумела. Вам жа цяжка ўтрымліваць усю армію, няхай і другія нашы саюзнікі памогуць, яны ж не маюць такіх цяжкасцей, як вы, як мы...

— Канечне, гэта было б нядрэнна. Але павінен я вам сказаць, што ўся армія Андэрса, да апошняга чалавека, выехала ў Іран.

— Не чулі, дальбог не чулі! Можа, здарылася гэта апошнімі днямі, калі мы былі ў дарозе? Як табе падабаецца гэта, Стасек?

Той, каго назвалі Стасекам, паволі варухнуўся ў сваёй брызентавай куртцы, зірнуў спадылба на таварыша.

— А чаму мне гэта павінна падабацца, Юзаф?.. Я і раней казаў, але нешта тут не так... ну, не зусім я разумею ўсяе гэтае справы. Колькі часу прайшло, як арганізавалі армію, а ніводзін полк, ніводная дывізія на фронт не пайшлі. Мы тут кроў праліваем, мы з апошняга змагаемся з праклятым германцам, а яны, бачыце, на поўдзень падаліся, можа, на цёплыя воды захацелі...

— Ну, ты ўжо залішне. Мы з табой партызаны, не можам жа мы пра ўсё ведаць. А ў вышэйшага камандавання — і ў савецкага, і ў другіх саюзнікаў, можа, тут якія-небудзь свае планы... Можа, тут другім фронтам пахне?

— Ах, Юзаф, Юзаф! Ты заўсёды залішне захапляешся рознымі марамі. І другі фронт у яго ўжо гатовы, і ён ужо ў Варшаве, і ўся Польшча, як ёсць, вызваленая. Не, Юзаф, не так яно ўсё проста, як ты думаеш. Я вось адкрыта павінен сказаць пры таварышу начальніку...

— Ды я не начальнік над вамі, і клічуць мяне проста таварышам...— усміхнуўся Бохан.

— Не, усё ж вы ў штабе працуеце... Мне здаецца, што гэты наш польскі ўрад у Лондане занадта ўжо мудрагеліць...

— Што вы маеце на ўвазе, таварыш Стасек? — запытаўся Бохан.

— А ведаеце, з’яўляюцца часта асобныя персоны ў нашых раёнах, часам зусім незнаёмыя нашым людзям. І такое пачынаюць гаварыць, такія распускаюць чуткі, што нашы людзі толькі рукамі разводзяць. Нібы палякам не трэба асабліва задзірацца з немцам, не лезці на ражон, што лепш перачакаць, зберагчы сілы і зброю, бо яна можа спатрэбіцца не толькі супроць немцаў, а хутчэй за ўсё супроць бальшавікоў. Бо яны, бачыце, галоўныя ворагі польскага народа.

— Перабольшваеш, Стасек. Ці мала трапляецца яшчэ розных правакатараў. З такімі, таварыш начальнік, мы не цырымонімся, пускаем іх проста да бога.

— Якое ж тут перавелічэнне? Я кажу шчырую праўду, няхай таварыш начальнік ведае пра ўсё.

Стасек змоўк. Буйныя рысы яго твару сталі зноў нерухомыя.

Бохан зірнуў на аднаго, на другога.

— А пра справы вашы мы так і не гаварылі. Калі ёсць якія неадкладныя, давайце зараз жа.

— Мы б вельмі хацелі пагаварыць з Саколічам. У нас ёсць да яго канфідэнцыяльныя пытанні.

Бохан зрабіў выгляд, што іх жаданне расцэньваецца ім як зусім законнае і натуральнае, але тут жа заявіў, што Саколіч можа з’явіцца толькі праз некалькі дзён.

— Даруйце, аднак я зусім забыўся спытацца ў вас пра дарогу, цяжкая, відаць?

— Вельмі цяжкая! — адказаў Юзаф.— Гэта ж не жартачкі, з-пад самога Кобрына да вас ішлі.

— З праваднікамі ці так?

— Усяк было, таварыш начальнік. Дзе з праваднікамі, а дзе толькі са сваім уласным нюхам.

— І да самага партызанскага атрада без сувязных ішлі?

— Без сувязных. Партызан жа заўсёды куды трэба патрапіць.

— Правільна сказана. Прабачце, цікава, аднак, ведаць, з кім маю гонар гаварыць? Зразумела, я пытаюся не пра партызанскую вашу дзейнасць, а пра цывільныя прафесіі.

— Да вашых паслуг звычайны земляроб Юзаф Пшыборскі і мой каханы сябра аграном Стась Хатур.

Абодва спрытна грукнулі абцасамі.

— Служылі ў войску, відаць? — усміхнуўшыся, запытаўся Бохан.

— О, не... Быў толькі я калісьці капралам, а Стась не нюхаў салдацкага хлеба.

— Што ж, бывайце здаровы, шаноўныя госці! Таварыш камендант! — загадаў ён лейтэнанту, які на працягу ўсяе гутаркі сядзеў тут жа ў зямлянцы з некалькімі ўзброенымі партызанамі.— Паклапаціцеся, каб госці былі добра накормлены і забяспечаны спакойным адпачынкам.

Камендант добра разумеў Бохана з паўслова. Яму не трэба было і загадваць асабліва.

— Прашу за мной, шаноўныя госці!

Камендант правёў іх у зямлянку, дзе былі добрыя тапчаны з акуратнымі пасцелямі.

— Размяшчайцеся, як у роднай хаце, хутка і вячэра прыспее. Калі выпадкам ноччу будзе якая патрэба ў вас, адразу ж паклічце вартавога, ён будзе тут жа ля зямлянкі.

Камендант пайшоў.

Неўзабаве, павячэраўшы, госці забраліся на тапчаны і, ямчэй умінаючы пад сабой партызанскія сеннікі, соладка адпачывалі.

 

8

Іх злавілі на самым світанні.

Яшчэ вечарам некалькі вясковых хлапчукоў заявіліся да камандзіра атрада лейтэнанта Камара і сказалі, што бачылі ў лесе трох незнаёмых, якія пыталіся ў іх, дзе знаходзяцца бліжэйшыя вёскі і ці далёка адсюль нямецкія гарнізоны. Тыя людзі нібы проста адпачывалі ў лесе, яны сказалі хлапчукам, што заблудзіліся па дарозе і баяцца трапіць у нямецкія рукі. Калі хлапчукі пагадзіліся вывесці іх да бліжэйшай вёскі, дык яны адмовіліся ад іх паслуг, сказаўшы, што ім трэба добра адпачыць і што пасля яны і самі патрапяць на дарогу.

Атрад выставіў засады па дарогах. На самым світанні партызаны, што прытуліліся побач з лясной прасекай, заўважылі чалавека, які асцярожна прабіраўся праз маладыя асінавыя параснікі. Не паспела гэтая постаць схавацца ў лесе, як за ёй з’явілася другая, потым трэцяя. Хлопцы з засады падаліся ім напярэймы. І калі чалавечыя постаці паказаліся на адкрытым узгорку, хлопцы крыкнулі як адзін:

— Стой, стой!

Але незнаёмыя не спыніліся і кінуліся наперад, перабягаючы ад аднаго дрэва да другога.

Калі ім паўтарылі каманду, той, што бег апошні, выстраліў некалькі разоў і кінуўся ўбок, каб адвесці ўвагу ад тых, што беглі наперадзе.

Грымнула некалькі вінтовачных стрэлаў. Партызаны стралялі, аднак, толькі для таго, каб незнаёмыя спыніліся. Але тыя яшчэ больш заспяшаліся ў надзеі дабегчы да густога бярэзніку. Магчыма, ім і ўдалося б гэта, каб не трое конных партызан, якія віхрам наляцелі на іх з таго ж самага бярэзніку, куды кіраваліся незнаёмыя. Двое адразу ж паднялі рукі, кінуўшы зброю і заенчыўшы на ўвесь лес:

— Не страляйце, не страляйце, таварышы, мы ж свае...

Але трэці з гэтых «сваіх» не спыніўся і бег далей.

— Стой, засяку, бандыт! — і адзін з коннікаў кінуўся наўздагон уцекачу. Той прыпыніўся на якую секунду і, рэзка размахнуўшыся, шпурнуў гранату насустрач конніку. Коратка бліснуў агонь, металічны гук выбуху страсянуў паветра, асыпаючы расу з бліжэйшых кустоў. Конь, проста на галопе, бразнуўся вобзем, перакуліўшыся цераз галаву і далёка адкінуўшы свайго седака. Але і ўцякач, прашыты некалькімі кулямі, грузна апусціўся на зямлю.

— Кончыўся, гад! — узрушана праказаў адзін з партызан, падбегшы да забітага.

А тыя два, якім звязвалі рукі, хапаючыся, перабіваючы адзін аднаго, узрушана гаварылі:

— О, той не наш, той не наш!

І ў галасах іх, акрамя перапуду, адчувалася і ліслівасць.

— І вы ж стралялі, басота!

— О, то мы проста думалі, што трапілі на паліцэйскую засаду. А той не наш. Ён прыблудзіўся сёння да нас...

Затрыманых старанна абшукалі, але, акрамя кінутых імі самімі пісталетаў ды некалькіх запасных абоймаў з патронамі, нічога больш не знайшлі. Праўда, у забітага вобыск даў большыя вынікі. З яго кішэняў выцягнулі некалькі пачак грошай. Былі тут і савецкія, і польскія, і нямецкія, і зусім незнаёмыя, якія хлопцы пабачылі ўпершыню. Акрамя папяровых грошай было з паўсотні залатых манет. Знайшлася ў яго і карта, дзе назвы вёсак і гарадоў былі надрукаваны па-нямецку. З халявы бота выцягнулі некалькі паперак, напісаных на не зразумелай для хлопцаў мове. Ды быў сярод гэтых дакументаў лісток тонкай папяроснай паперы, спісаны дробнымі літарамі, лічбамі, у якіх таксама нельга было разабрацца.

Лейтэнант Камар зрабіў першы допыт арыштаваным. У адзін голас яны заявілі, што прыйшлі на сувязь з партызанамі Саколіча, што яны пасланы спецыяльнымі хадакамі ад польскага партызанскага атрада, каб дамовіцца з Саколічам пра некаторыя сумесныя дзеянні на самай мяжы з Польшчай.

— А трэці? — спытаўся Камар.

— Трэцяга мы не ведаем.

Яны расказвалі, што гэты трэці далучыўся выпадкова да іх па дарозе непадалёк ад месца, дзе іх і затрымалі, што ён выдаваў сябе за партызана і нібы нёс нейкую інфармацыю ў штаб Саколіча.

— Вы толькі ўдвух прыйшлі ці, акрамя вас, былі яшчэ людзі з вашага атрада? — запытаўся Камар.

Гэтыя словы прывялі затрыманых у некаторае замяшанне. Яны разгублена пераглянуліся, і кожны з іх яўна марудзіў з адказам. Урэшце адзін, нібы ўспомніўшы што, спяшаючыся, загаварыў:

— Таварышу напэўна ж вядома, што ў партызанскі штаб прыбылі двое сувязных з атрада Касцюшкі. Мы ішлі разам і, толькі праходзячы праз раёны, занятыя немцамі, разлучыліся, каб не дужа кідацца ў вочы. Мы ведаем і іхнія прозвішчы: адзін таварыш Пшыборскі, другі таварыш Хатур.

— А з якога ж вы атрада?

— Мы з «Чырвоных стшэльцаў», таварыш.

— Дзе цяпер размяшчаецца ваш атрад?

— А пад самым Брэстам...

Камар рэзка абарваў іх:

— Каго вы думаеце абмануць? Ды «Чырвоных стшэльцаў» даўно няма пад Брэстам.

— Як няма, калі мы самі нядаўна адтуль!

— А з якой роты вы? — лейтэнант рэзка запытаўся ў старэйшага па ўзросту «стшэльца» — каржакаватага чалавека, на магутных плячах якога матлялася наўздзіў малая галава.

— То я з першай роты, таварыш камандзір...

— З першай? Хто камандзірам?

— Дазвольце, дазвольце...— сіліўся ўспомніць чалавек і, спяшаючыся, выпаліў: — Камандзірам мае роты таварыш Гансецкі.

— Добры камандзір?

— О, дай божа кожнай роце. Адзін з лепшых камандзіраў.

— А вы ведаеце, што ваш Гансецкі правакатар?

— Што вы, што вы, таварыш камандзір, навошта такія, выбачайце, злыя жарты...

— Не злыя жарты, а дурныя жарты з вашага боку,— абарваў яго Камар.— Колькі дзён, як вы пакінулі атрад?

— Дзён шэсць, таварыш камандзір.

— Як жа так вы ўхітрыліся не ведаць, што Гансецкі расстраляны польскімі партызанамі ўжо дзесяць дзён таму назад, як здраднік свае радзімы.

Толькі тут рухавыя вочкі «стшэльца», які назваў сябе Ясем Брадоцкім, замерлі на якую хвіліну і безнадзейна ўтаропіліся ў адну кропку.

Другі «стшэлец», Гэмдаль па прозвішчы, разгубіўся так, што не мог прыпомніць нікога са свайго атрада.

— Вывесці іх да д’ябла! — загадаў Камар канваірам.

Ён і сам бы даў рады гэтым прайдзісветам, але ж трэба было перадаць іх у распараджэнне таварыша Бохана. Загадаўшы, каб канваіры не спускалі вока з затрыманых, Камар падаўся ў штаб партызанскага злучэння.

 

9

Калі Надзя пераступіла парог зямлянкі, Саколіч так быў узрадаваны, што прыпыніў гаворку, якую вёў з Боханам і Андрэевым, і, выйшаўшы з-за стала, моцна паціснуў ёй руку.

Апошнія дні Саколіч быў вельмі заклапочаны лёсам дзяўчыны, якую сам паслаў на такое адказнае заданне. Праўда, перад гэтым праведзена была вялікая і дакладная работа па разведцы.

Яшчэ колькі месяцаў таму назад Саколіч марыў аб гэтай аперацыі, але тады ў яго не хапала на яе ажыццяўленне ні сіл, ні тэхнічных сродкаў. Справа ішла пра знішчэнне вялізнага, у некалькі пралётаў, чыгуначнага моста, які, можна сказаць, проста мазоліў вочы партызанскаму штабу. Рабілі ўжо некаторыя спробы ўзарваць яго, але яны канчаліся няўдачамі.

Гітлераўцы зразумелі, што партызаны сур’ёзна цікавяцца мостам, і прынялі некаторыя дадатковыя меры па ўмацаванню яго аховы. Быў павялічаны гарнізон, зроблены новыя ўмацаванні з абодвух бакоў на подступах да моста.

Саколіч добра ведаў, што ля самога моста размешчаны ў казарме цэлы батальён салдат, не лічачы каманды некалькіх зенітных батарэй, узвода зенітных кулямётчыкаў ды спецыяльнай пантоннай часці. Сам штаб дывізіі быў таксама непадалёк, там жа было раскватаравана некалькі батальёнаў пяхоты. На станцыі за ракой быў таксама вялікі гарнізон, ды ў бліжэйшым сяле стаяла артылерыйская часць. Не было ні адной вёскі ў радыусе пяці — сямі кіламетраў ад моста, дзе не было б немцаў. Узмоцнена ахоўвалася і сама чыгунка, а на адной з бліжэйшых станцый быў і браняпоезд, які таксама знаходзіўся пад камандаваннем камандзіра дывізіі.

Вядома, можна было б злучыць усе партызанскія атрады і брыгады ў адзіны ўдарны кулак і ўрэшце ўзарваць мост. Але гэта каштавала б партызанам вялікай крыві, і, зразумела, Саколіч не мог пайсці на такую аперацыю. Трэба было шукаць іншага спосабу.

Вось чаму так узрадаваўся Саколіч, калі паявілася Надзя ў зямлянцы. Ледзь не адціснуўшы ёй руку і забыўшыся запрасіць прысесці, ён пачаў нецярпліва распытваць:

— Ну, гавары, гавары, разведчык!

— Усё ў парадку, Васіль Іванавіч. Поўная згода. Як і загадвалі вы, ён згодзен, каб на сустрэчу пайшло па два чалавекі з абодвух бакоў, без зброі. Аб адным ён вельмі прасіў: каб пра ўсю справу ведалі толькі вы ды асноўныя работнікі штаба.

— Гэта вядома, Надзя. Ну, цяпер скідай паліто ды будзеш самым найлепшым нашым госцем.

— Я не пра ўсё яшчэ сказала вам, Васіль Іванавіч. Тут хоць і меншая справа, але ж, відаць, сур’ёзная.

Надзя расказала пра Лявонку, як і ў якім стане знайшла яго.

Справа гэтая ўсіх зацікавіла. Саколіч адразу ж пазваніў у шпіталь, даведаўся пра здароўе параненага. Тут жа выклікаў аднаго з работнікаў штаба і загадаў яму, каб неадкладна паклапаціліся пра двух братоў Лявонкі. У гэты час Бохан працягнуў Саколічу паперу. Гэта было данясенне лейтэнанта Камара.

— Цікава: за адзін дзень аж дзве дэлегацыі...— сказаў Саколіч, перачытваючы Камарова данясенне.

— Разбяромся як след, Васіль Іванавіч. Мне здаецца, што і справа з Лявонкам мае, відаць, непасрэднае дачыненне да гэтых дэлегацый. Я праверу яшчэ некаторыя акалічнасці...

Бохан падрабязна распытаў у Надзі, дзе, у якім месцы падабрала яна параненага хлапчука, і неўзабаве падаўся з зямлянкі.

Надзя таксама пайшла. Яна наведала шпіталь. Ад доктара даведалася, што Лявонку пасля пералівання крыві стала значна лягчэй, што ён вельмі непакоіўся за сваіх двух братоў. Потым ён успомніў нейкіх людзей і так расхваляваўся, што зноў страціў прытомнасць, усё трызніў аб забойцах. Цяпер, як сказаў доктар, ён прыцішыўся ўрэшце і заснуў. А гэта добра, калі хворы засынае.

Пасля шпіталя Надзя прайшлася па лесе ля лагера. Восень паклала ўжо свой адбітак на ўсё. У гомане бору не было той ласкавай чароўнасці, якую адчуваеш у ім вясной ці ў пачатку лета. Прыціхлі галасы птушак. Адцвілі лесавыя краскі, пажоўклі і змізарнелі раскідзістыя папаратнікі. Нібы лёгкі сум сеяўся праз парадзелую гушчыню бяроз і грабаў. Такім жа сумам поўніліся верасовыя паляны. Яны гаварылі пра блізкія халады, пра хмурыя восеньскія дні, невятлівыя, непрытульныя. Лёгкі сум закрадваўся і ў сэрца дзяўчыны.

Надзя так задумалася, што і не прыкмеціла, як на шыю ёй кінулася дзяўчына.

— Надзя, Надзечка, гэта ж так добра, што я сустрэла цябе!

Надзя хутчэй па голасе, чым па выгляду, пазнала Майку Светлік. Тая значна змянілася за апошні год. Яна пасталела, пазбавілася былой мітуслівасці. І голас яе стаў цвярдзейшы, а на загарэлым твары з аблупленым ад сонца носам нібы лёг адбітак суровай заклапочанасці. Гэтую заклапочанасць падкрэслівала і лёгкая маршчынка на лбе, і нешта новае, больш сталае, у манеры трымацца і гаварыць. У позірку яе воч, некалі такім мяккім і цёплым, праблісквалі часам халодныя жарсцвінкі, і ў голасе тады прабіваліся ноткі не то загаду, не то ўпартай рашучасці.

Майка пачала распытваць:

— Відаць, па сур’ёзных справах да нас, Надзя?

— Хіба ж можам мы з табой займацца несур’ёзнымі справамі? — пытаннем на пытанне адказала Надзя і прыгарнула да сябе Майку, прытуліла, як туляць дарослыя малых дзяцей.— Расказвай, Мая, як жывеш, як ваюеш?

— Ды мне няма чаго асабліва расказваць. Я ўжо ў брыгадзе цяпер, таксама па камсамолу, работы багата-багата... Ну... брыгада ваюе, фашыстам дае клопату. Вось толькі вярнуліся з аперацыі, разграмілі гарнізон адзін, які перашкаджаў нашым падрыўнікам хадзіць на шашу і на чыгунку.— І тут жа перайшла на другую тэму.— Як я рада, Надзя, што некаторыя людзі, якіх мы некалі лічылі ворагамі... ну, вельмі і вельмі сумняваліся ў іх, аказаліся такімі слаўнымі людзьмі. Ці бачылася ты хоць з ім?

— З кім гэта? — усміхнуўшыся, запытала Надзя.

— Ай, Надзечка, ты ж ведаеш, пра каго я гавару. Ты ж тады, памятаеш, нават праклінала яго... А цяпер...

— Што цяпер, што цяпер, слаўны ты мой следчы? Усё добра цяпер. Так добра, што і сказаць табе не магу. Але давай пагаворым з табой пра што-небудзь другое, ты вось нічога не расказала пра сябе, пра свае справы.

— Ды я ж казала ўжо. Колькі месяцаў была ў атрадзе падрыўнікоў. Спецыяльны такі атрад быў у нас, камсамольскі. Была некалькі раз на аперацыях, масты рвалі, эшалоны. Ну, як і заўсёды. І часам, асабліва спачатку, так страшна было,— і Майка аж прыжмурыла вочы,— што нават сэрца заходзілася. Гэта калі даводзілася натрапіць на якую засаду. А пасля нічога, абцерлася. І скажу табе, Надзя, што камандаванне вынесла мне падзяку. Ды казалі яшчэ, што і медаль дадуць. Гэта ж зусім дзіўна, калі я такі медаль атрымаю...

Майка задумалася на якую хвіліну. У яе сініх вачах загарэліся аганькі. Яна нібы ўспамінала што, нібы збіралася з думкамі. Уздыхнула. І тады яе твар, як бы асветлены знутры, зноў нагадаў тую дзяўчынку, крыху мітуслівую, крыху экспансіўную, якой памятала яе Надзя па першай сустрэчы.

— Як жа ставяцца да цябе хлопцы з твае брыгады?

— Пабойваюцца! — рашуча адказала дзяўчына, і адразу ў яе абліччы з’явілася нешта ад хлапецкай задзірыстасці. Нават рэзка вочы ўскінула і зухавата страсянула сваёй падстрыжанай шавялюрай.

— Пабойваюцца? Гэта, можа, і добра... Аднак ты ні слова не сказала мне пра лейтэнанта Камара.

Майка насцярожылася, неяк падазрона глянуўшы на Надзю.

— Пра яго мне няма чаго гаварыць... Лейтэнант як лейтэнант, іх у нас багата, і лейтэнантаў і нелейтэнантаў.

— Гэта, вядома, Майка, але ж ён чым-небудзь вылучаецца сярод іншых?

— Як жа, вылучаецца... Як быў задавака, так і застаўся. Падумаеш, герой... Ён цяпер атрадам камандуе. Ну і што з таго, што камандуе? Я вось у брыгадзе цяпер, амаль што памочнік камандзіра брыгады па камсамолу. А ён толькі камандзір атрада, дык чаго ж тут дужа задавацца? Ды не так даўно яшчэ і пад арыштам сядзеў. Герой...— і ўся постаць дзяўчыны набыла такі камічны і яршысты выгляд, што Надзя ўрэшце не вытрымала і рассмяялася.

Майка зірнула на яе, не разумеючы гэтага смеху.

— Ды ты ж любіш яго, і як яшчэ любіш, малая ты мая! — і Надзя прыгарнула да сябе прыціхлую дзяўчыну, якая сарамліва адвярнула ад яе свой твар, на якім выступіла ледзь прыкметная ад загару чырвань.

Яны ішлі па лесе. Надзя з далікатнасці ні аб чым не распытвала болей Майку, каб не перашкаджаць яе думкам, не парушаць яе пачуццяў, якія, відаць, моцна яе хвалявалі. Раптам Майка спынілася, абняла Надзю, парывіста пацалавала і, прытуліўшыся да яе, загаварыла, перайшоўшы на ледзь чутны шэпт:

— Гэта ж так добра, так добра, мілая, харошая мая Надзя... І так добра, што мы з табою сустрэліся...

 

10

Шмат перадумаў палкоўнік за тыя дні, што асталіся да ўмоўленага тэрміну, калі ён павінен быў даць свой адказ партызанам, згадзіцца ці не згадзіцца з іх прапановамі.

Вядома, Вацлаў Страмічка — так звалі палкоўніка — спачуваў партызанам, спачуваў мясцоваму насельніцтву, але гэтае спачуванне было хутчэй маральным, унутраным голасам яго сумлення. Што мог ён зрабіць, каб гэтае спачуванне ператварылася ў нейкія практычныя дзеянні, у практычныя справы?

Да якога ж часу можна жыць гэтым раздвоеным жыццём, да якога часу можна лавіраваць паміж высокай годнасцю чалавека і абавязкамі камандзіра гітлераўскай дывізіі? Да якога часу можна трымаць у ланцугах сваё сэрца, душу сваю паганіць гэтай службай на карысць спрадвечных ворагаў свае радзімы? Цяжка прабіцца сапраўдным весткам з радзімы праз шматлікія цэнзурныя загародкі. Нават агульнасалдацкія нямецкія газеты, у якіх даецца часам інфармацыя аб жудасных расправах над людзьмі ў захопленых краінах, не дастаўляюцца ў дывізію, калі там пішацца аб Чэхаславакіі. Гэта, так сказаць, «гуманныя» клопаты гестапаўцаў, каб лішне не вярэдзіць душ чэшскіх і славацкіх салдат, не падрываць баявога духу. Праўда, іх не пасылаюць на фронт, не вельмі спадзеючыся на гэты дух. Іх трымаюць больш на ахове чыгунак, складаў, прымушаюць часам выконваць розныя гаспадарчыя работы. І на гэтай службе іх стараюцца акружыць сотнямі і сотнямі пільных вачэй і вушэй, каб яны, салдаты, шчыра і беззаганна неслі сваю службу.

У штабе дзесяткі зацятых гітлераўцаў. Афіцыйныя і неафіцыйныя шпікі наглядаюць за кожным крокам, намагаюцца прасачыць за кожнай салдацкай думкай, прасякнуць у кожную салдацкую душу. Вось ён сядзіць у суседнім пакоі, нахабны і самаздаволены обермаёр, твой памочнік па службе, які ўмешваецца ў любыя справы і распараджэнні. Колькі сутычак адбылося з ім за апошнія месяцы, і самая буйнейшая мела месца тры дні таму назад. Обер-маёр асабіста расстраляў трох сялян, сярод якіх была адна пажылая жанчына і хлапчук-падлетак. Яны везлі з лесу па кучы ламачча на двух ручных цялежках. І калі ён, камандзір дывізіі, запытаўся ў гэтага душагуба, за што пакараны людзі, той усміхнуўся, працадзіў скрозь зубы:

— Яны расстраляны за сувязь з партызанамі.

У страшэнным гневе ён, палкоўнік, расцягваючы ад хвалявання кожнае слова, перапытаў гэтага ката:

— Хіба лічыце вы падобную, нічым не апраўданую расправу, забойства бяззбройных людзей, сумяшчальнай з высокай годнасцю афіцэра?

Обер-маёр, пагардліва акінуўшы яго вокам з ног да галавы, дзёрзка адказаў:

— Я прымушаны напомніць вам, пан палкоўнік, што я толькі сумленна выканаў загад майго фюрэра. А загад фюрэра — непарушны закон для мяне, і спадзяюся... і для вас, пан палкоўнік...

Што можна было адказаць яму, гэтаму афіцэру, даўно страціўшаму ўсякае ўяўленне аб звычайным сумленні, аб элементарнай павазе да чужога жыцця, служаку, якога пабойваюцца нават некаторыя нямецкія афіцэры з былога кадравага складу?

Праз прыадчыненыя дзверы палкоўнік бачыць обер-маёра. Той распякае маладога афіцэра, і на яго адкормленым твары ззяе такое самадавольства, што прыкра глядзець.

Палкоўнік прычыняе дзверы і ходзіць з кутка ў куток па пакоі, узрушаны, знерваваны. Думкі аб сучасным дні чаргуюцца з думкамі аб мінулым. Яшчэ ў той час, калі быў ён маладым інжынерам, трапіў на першую сусветную вайну. Не доўга ён прабыў на фронце і хутка, разам з другімі, апынуўся ў рускім палоне. Гэта было ў часе славутай рускай рэвалюцыі. Багата чаго давялося тады перажыць, а яшчэ больш пабачыць. Падзеі тых год набывалі такі віратлівы разбег, што многім ім, людзям маладога веку, здавалася, што ўсё старое жыццё еўрапейскіх краін захлынецца ў вялікай рускай рэвалюцыі і пачнецца новае, зусім нябачнае, нязведанае. Праўда, не ўсе спадзяванні спраўдзіліся, але ў Чэхаславакіі ў хуткім часе адбыліся ўсё ж вялікія змены. Яго радзіма стала рэспублікай. Вацлаў Страмічка вярнуўся на радзіму, стаў афіцэрам свае чэхаславацкае арміі. Служыў сумленна, шчыра, як і належыць добраму чэшскаму патрыёту. Было багата розных захапленняў, хоць былі і пэўныя расчараванні: не ўсё падабалася маладому афіцэру, сыну колішняга рабочага-півавара. А не падабалася таму, што ў новым чэшскім жыцці мала было таго, што пабачыў ён у новай Расіі. Можа, таму, даслужыўшыся да палкоўніка, камандзіра дывізіі, ён кінуў вайсковую службу і стаў інжынерам-дарожнікам.

А тым часам усё новыя і новыя хмары збіраліся не толькі над краінай, але і над усёй Еўропай. У суседняй Германіі раздаваўся бразгат зброі. На прасторы Еўропы насоўвалася вялікая навальніца, і яе грымотныя раскаты ўсё больш адчуваліся. Страмічку, як і многіх другіх афіцэраў запасу, прызвалі ў армію.

І вось прыйшлі жалобныя дні Мюнхена. Страмічка памятае, як ён і некаторыя другія афіцэры, што мелі французскія ордэны (ён калісьці выязджаў некалькі разоў у Парыж у складзе ваеннай чэшскай місіі), зрывалі іх са сваіх мундзіраў. Адны адсылалі іх спецыяльнымі пасылкамі ў Францыю, другія проста кідалі гэтыя рэгаліі, як непатрэбнае смецце, на ганак дома французскага пасольства ў Празе. Узмоцненыя нарады чэшскай паліцыі, якія ахоўвалі ў тыя дні пасольства, не перашкаджалі патрыётам так арыгінальна расставацца з французскімі знакамі пашаны. І хоць горка было ў тыя дні на душы ў чэшскіх салдат і афіцэраў, але большасць іх гатова была да канца пастаяць за сваю зямлю, за гонар свае радзімы. А ўжо германская армія была ў Судзетах. А ў сакавіку трыццаць дзевятага года гітлераўскія полчышчы ўварваліся ў краіну. Урад Чэхаславакіі, на які так спадзяваліся салдаты і афіцэры як на вернага абаронцу радзімы, загадаў ім... здаць зброю немцам. Гэта былі ганебныя дні для краіны, якія і на сённяшні дзень будзяць сумныя думкі ў кожнага чэха і славака. А потым пайшло ўсё тое старое, даўняе, на што народ пачаў быў ужо забывацца за апошнія дваццаць год існавання рэспублікі. А далей... Не, лепш не ўспамінаць усяго, што адбылося за гэтыя тры гады. Іх, чэшскіх і славацкіх афіцэраў, якія не паспелі выбрацца за межы радзімы, прымушалі праходзіць штотыднёвую рэгістрацыю ў германскіх камендантаў. Іх прыніжалі, з іх здзекаваліся, ім гаварылі, каб яны назаўсёды пакінулі думкі аб чэшскай дзяржаўнасці, за імі сачылі як за самымі цяжкімі злачынцамі. Потым загадалі з’явіцца на зборныя пункты і там абвясцілі ім, што ад гэтага дня яны з’яўляюцца афіцэрамі германскай арміі.

Не абышлося без пышных урачыстасцей, крыклівых прамоў розных фюрэраў. Ім гаварылі, іх стараліся пераканаць, што вялікі фюрэр бачыць у чэхах сваіх надзейных саюзнікаў, а кожны саюзнік, які добрасумленна будзе несці пачэсныя абавязкі, можа разлічваць на пэўнае месца пад новым еўрапейскім небам, вядома, пад началам вялікай Германіі, якая нясе найвялікшыя ахвяры ў імя вызвалення ўсяго свету.

Парадны шум урачыстасцей і прамоў не заглушаў і расстрэлаў. Каралі тых, хто не з’яўляўся на зборныя пункты альбо ўцякаў адтуль, не бачачы асаблівай спакусы ў шэра-зялёных мундзірах. Каралі і тых, хто адкрыта сумняваўся ў выгодах арыйскага раю.

Скупыя весткі, якія даходзілі з радзімы, не прыносілі радасці. Нібы далёкае сярэднявечча вярнулася на чэшскія раўніны і горы, над якімі зноў залуналі чорныя здані былых крыжаносцаў.

Часам прыходзілі весткі, якія ўзнімалі ў сэрцы надзеі, будзілі чалавечую радасць. Не ўсё ж яшчэ спаганена на роднай зямлі, не перавяліся яшчэ сапраўдныя людзі там, якія памятаюць запаветы продкаў, якія не забыліся на палымяныя словы легендарных табарытаў, на іх баявы гімн: «Хто ж вы, боскія воіны?» Б’юць ворагаў патомкі пераможцаў на Жыжкавай гары. Невядомымі патрыётамі забіты Гейдрых — гнюсны кат чэхаславацкага народа. Але яшчэ мала знішчана іх, гэтых крыважэрных, ненасытных звяруг.

Хто ж вы, боскія воіны? Дзе ж вы, сапраўдныя воіны чэшскай зямлі? Што ж вы робіце, людзі, апрануўшыя на сябе чужыя шэра-зялёныя мундзіры? Ці не ў забойцы братоў сваіх рыхтуеце вы сябе? Дзе ж вочы вашы, дзе ж сэрца ваша, дзе ваша святое сумленне?

Хто ж вы, боскія воіны?..

Які ж выхад? Як выбрацца з тупіка?

Успомнілася гэтая слаўная дзяўчына, што прыходзіла сюды, у штаб. Трэба мець вялікае сэрца і сапраўдную любоў да свайго народа, спалучаную з яснай мэтай, каб так бясстрашна хадзіць сярод ворагаў і так нечакана — для яго нечакана — рабіць такія прапановы. Гэта не падобна было на якое-небудзь дзёрзкае геройства, на нешта такое, што можа з’явіцца ў выніку кароткай успышкі экзальтаванага духу. Гэта звычайная, простая смеласць чалавека, памножаная на бязмежную веру ў свае сілы, у сваю справу і ў справядлівасць гэтай справы.

Хто ж вы, боскія воіны?..

Хадзіў палкоўнік і думаў. Шмат чаго, што раней здавалася цяжкім, цяпер уяўлялася ў зусім іншым святле...

Калі з’явіліся людзі, якіх пасылаў ён на ўмоўленую сустрэчу, ён коратка загадаў ім:

— Дакладвайце.

— Яны просяць, каб мы памаглі ім у адной важнай аперацыі.

— Просяць ці прапануюць?

— Прапануюць, пан палкоўнік...— сумеўшыся, адказаў малады афіцэр.

— Наперад будзьце больш дакладным, капітан. Аб якой аперацыі ідзе справа?

— Яны хочуць узарваць чыгуначны мост на рацэ.

Палкоўнік задумаўся. Перад яго вачмі ўзніклі вялікія трохпралётныя фермы, ціхая, нешырокая рака, дрыгвяністыя берагі, неабсяжныя прасторы балот, якія цягнуліся аж да самага гарызонта, сям-там перабіваючыся зялёнымі і сіняватымі ў смузе масівамі лясоў. Ды вось ён відаць і ў акно, гэты мост. На светлым блакіце неба і на фоне белых аблачынак выразна праступае ажурны пераплёт ферм. Далей відаць кавалак зялёнага насыпу, жоўтая палоска пуцявой броўкі, за раскідзістымі вербамі пад насыпам прабіваецца чырвань казармы.

Палкоўнік устаў з-за стала, каб лепш зірнуць на гэты мост. Добры мост, спраўны мост. Каму лепш ведаць гэта, як не яму, інжынеру-дарожніку. Але пры чым тут яго інжынерства? Ён жа мае большае дачыненне да гэтага моста як камандзір дывізіі, якая і размешчана тут, каб ахоўваць чыгунку, ахоўваць мост, па якім ідуць і ідуць бясконцыя эшалоны на ўсход. І чым далей пойдуць тыя эшалоны, тым цяжэй будзе ім, што бароняць цяпер подступы да Сталінграда, што змагаюцца на смерць у горных цяснінах Каўказа. Цяжэй будзе і яго радзіме, яго суайчыннікам.

— Давайце ўмовімся, што мы згодны з іх прапановай. Ці ставіліся яшчэ якія другія пытанні?

— Яны прапануюць перадаць ім падрабязную дыслакацыю ўсяе нашае дывізіі і другіх часцей, а таксама ўсе важнейшыя дакументы па аператыўных планах у сакрэтнай інфармацыі галоўнага германскага камандавання.

— Добра. Яшчэ пра што гаварылі?

— Яны прапануюць прыняць непасрэдны ўдзел у аперацыі і распрацаваць агульны план яе правядзення.

— Добра.

— Выказана і такая думка, што кожны чэх і славак — ад салдата да афіцэра — будзе мець магчымасць трапіць у палон да партызан.

Палкоўнік усміхнуўся.

— Ну што ж, я думаю, не варта адмаўляцца ад такой прапановы. У палон — дык у палон! А цяпер, мае шаноўныя сябры, удакладніце ўсё, што патрэбна для поспеху гэтае справы, і дамоўцеся з нашымі слаўнымі саюзнікамі аб усіх дэталях справы.

Упершыню за апошнія гады палкоўнік адчуў сябе ў добрым настроі.

 

11

Месяцы за два Слышэня стаў на ногі і разам з усімі цягнуў той вялізны воз розных спраў і клопатаў, якія прыпадалі на штаб. Але цяжкае раненне, асабліва перанесеныя катаванні, давалі сябе адчуваць, і таварышы са штаба вырашылі паслаць яго з бліжэйшым самалётам у Маскву, каб ён грунтоўна падлячыўся ды крыху адпачыў па-людску ў лепшых, чым тут, умовах. Цэнтральнаму партызанскаму штабу патрэбны былі некаторыя дакладныя звесткі па баявой дзейнасці злучэння, якіх нельга было перадаць ні кароткімі рапартамі, ні шыфроўкамі. А таму Слышэню даручылі асабіста далажыць у Маскве аб усім, што магло непасрэдна цікавіць Цэнтральны штаб і Цэнтральны Камітэт партыі.

За дзень да адлёту Слышэня зайшоў развітацца да Бохана. Той шчыра зайздросціў Слышэню і адкрыта гаварыў яму пра гэта:

— Ты не паверыш, як я зайздрошчу табе!.. Папрашу цябе аб адной практычнай справе: пашукай там маіх. Да гэтага часу я нічога не чуў пра іх. Праўда, казалі хлопцы з Мінска, што нібы дом, дзе жылі мае, быў разбіты бомбай яшчэ ў самым пачатку вайны. Але ж не хочацца верыць, што яны загінулі тады. Ды ёсць людзі, якія гаварылі, што бачылі сясцёр пасля бамбёжкі. Нядаўна пісаў у Маскву. Адказалі, што дакладна не ведаюць, дзе яны. Прызнацца табе, сумую па сям’і.

Слышэня слухаў Бохана, і па яго твары можна было прасачыць, як недзе ў душы ў яго змагаліся розныя пачуцці: «Сказаць ці не сказаць?»

«Не, не... Не трэба. І ці маю я права гаварыць? Магчыма, паліцай хацеў лішні раз паздзекавацца з яго, хацеў балюча ўразіць, таму і сказаў, што Люду забілі. А можа, яна жыве, можа, ужо на свабодзе. Але паліцаю не было асаблівай прычыны лгаць. Ён жа не следчы... Не, не трэба гаварыць, не трэба парушаць душэўнага спакою чалавека, адбіраць ад яго радасных спадзяванняў.

Бохан заўважыў пакутлівы выгляд твару Слышэні і занепакоіўся.

— Табе, відаць, нездаровіцца?

— Не зважай. Проста бываюць невялічкія прыступы слабасці.

— Я памагу табе зайсці да зямлянкі. А хочаш, лажыся на тапчане.

— Не турбуйся, мне ўжо лягчэй.

— Ну, як хочаш... Дык я яшчэ раз прашу цябе: будзе вольны час, пацікаўся маімі. Што ж табе яшчэ сказаць? Перадай прывітанне ад мяне тваёй жонцы, ты ж абавязкова з ёй сустрэнешся там. Усім жа вядома, што бальніца, дзе працавала яна, эвакуіравалася без асаблівых прыгод.

— Перадам і прывітанне,— механічна адказаў Слышэня.

І тут жа адчуў пэўную няёмкасць, бо зманіў другі раз. Ніна ж Васільеўна ў Мінску. Праўда, ён не бачыў яе. Пра яе сказала яму Люда ў турме. Але не будзеш жа пра ўсё гэта расказваць.

Яны ўжо моцна паціснулі рукі адзін аднаму, збіраючыся расцалавацца на развітанне, як у зямлянку зайшоў ардынарац і далажыў, што прывёў арыштаваных.

— Ну што ж, давай іх сюды! — сказаў Бохан і звярнуўся да Слышэні: — Можа, хочаш паглядзець ды паслухаць, калі маеш час? Цікавая справа.

— А чаму і не паглядзець, тым больш што чалавек я цяпер, можна сказаць, вольны, справамі не заняты.

У зямлянку з аўтаматам напагатове зайшоў рослы партызан, за ім пратупалі са звязанымі рукамі два чалавекі.

— Усаджвайце іх на лаўку, вось тут...— праказаў Бохан і звярнуўся да арыштаваных:

— Маеце якую справу да мяне?

Тыя адразу залямантавалі. Асабліва стараўся каржакаваты. Другі больш падтакваў і ківаў галавой, сцвярджаючы першага.

Па загаду Бохана ім развязалі рукі. Ясь Брадоцкі з выглядам пераможцы распростваў свае магутныя плечы. Ён мелькам зірнуў на свайго таварыша, і ў яго вачах прамільгнула не то кароткая ўсмешка, не то намёк-папярэджанне гэтаму чалавеку, які і сваім выглядам і паводзінамі быў вельмі непадобны да Брадоцкага. Сухі, кашчавы, відаць, лёгкі і спрытны ў хадзе, ён адразу кідаўся ў вочы сваім тварам, на якім вылучаліся тонка акрэслены нос з гарбінкаю і шэрыя, алавянага колеру, вочы, якія былі напалову прымружаны пад доўгімі бялесымі вейкамі. Невялікі сіняваты рубец праходзіў наўскасяк па шчацэ, перацяўшы правае брыво. Усё аблічча яго нечым нагадвала сонную драпежную птушку. Спужай яе — і яна ўскіне дзюбу і, перад тым як узляцець, зірне на цябе шырока вырачанымі вачмі.

— Вашы прэтэнзіі і крыўды,— сказаў Бохан, прыглядаючыся да гэтых людзей,— зусім беспадстаўныя. Як мне вядома, вы супраціўляліся, калі вас бралі партызаны. Адзін з вас нават пусціў у ход гранаты.

— О, то не наш, мы не маем да яго ніякага дачынення.

— Не мудруйце.

— Што вы, што вы, таварыш начальнік... Мы сапраўды не ведаем яго, хоць ён і казаў, што таксама ідзе з нейкімі даручэннямі ў ваш штаб. Магчыма, ён і загінуў дарэмна. І нас маглі падстрэліць, бо мы таксама думалі спачатку, што натрапілі на паліцаяў, але мы хутка агледзеліся...

— Калі выхаду ўжо не было?

— Дарэмна жартуеце, таварыш начальнікі Вы не ведаеце, як цяжка, калі цябе незаслужана крыўдзяць...

— Хто з вас Гэмдаль? — нечакана спытаўся Бохан.

— Я ёсць Гэмдаль...— спалохана ўскінуў галаву дзюбаты.

— Хто яшчэ ішоў з вамі?

Дзюбаты запнуўся на хвіліну. На яго кінуў хуткі позірк таварыш.

— Як дакладвалі мы ўжо лейтэнанту, з намі некаторы час ішлі два чалавекі з атрада Касцюшкі.

— Іх прозвішчы?

— Пшыборскі і Хатур.

— А дзе яны цяпер?

— То мы, таварыш начальнік, не ведаем.

— Я хачу атрымаць ад вас абодвух хуткі адказ: з якой прычыны былі забіты вамі сувязныя Пшыборскі і Хатур?

— Божа мой, яны ж жывыя, мы толькі заўчора развіталіся з імі...

— Выведзіце іх! — загадаў Бохан партызанам.

Праз хвілін дзесяць у зямлянку прывялі Пшыборскага і Хатура. Відаць, канваіры дакладна выконвалі дадзеныя ім інструкцыі, так што абодвум затрыманым і ў галаву не прыйшло, што яны, па сутнасці, арыштаваныя. Яны павіталіся з Боханам і Слышэнем, без асаблівага запрашэння ўселіся за сталом.

— Трэба ўдакладніць некаторыя пытанні з вамі як з дэлегатамі. Хачу запытацца: у часе дарогі вы не прыкмячалі чаго-небудзь падазронага, ну якіх-небудзь людзей, якія сачылі б за вамі, спрабавалі ісці разам?

— Не, таварыш начальнік, дарога была выключна спакойная.

— Вы ўвесь час адны ішлі да нас? Можа, далучаліся да вас якія-небудзь знаёмыя ці незнаёмыя?

Пшыборскі кінуў быстры позірк на Хатура і хуценька адказаў:

— Не, да нас ніхто не далучаўся, ніхто не трывожыў. Ішлі мы толькі ўдвух, толькі ўдвух.

— З вашага дазволу,— перабіў яго Бохан,— яшчэ адно пытанне. Вы не мелі з сабой ніякіх дакументаў: ні шыфровак, ні якіх пакетаў?

— Не, не, таварыш начальнік, ніякіх дакументаў мы не мелі.

— Ну вось і ўсё, аб чым мне хацелася распытаць вас, каб выясніць некаторыя акалічнасці. Як вы адпачывалі ў нас, ці добра правялі ноч?

— О, цудоўна, цудоўна. Мы проста павінны падзякаваць вам за выключную гасціннасць.

Размова цягнулася яшчэ колькі хвілін. Пасля дзверы зямлянкі адчыніліся, і зноў з’явіліся Брадоцкі і Гэмдаль. Яны зрабілі некалькі крокаў і, калі добра агледзеліся ў цёмнай зямлянцы, кінуліся да гасцей:

— Стась, Юзаф, як мы рады, як мы шчаслівы бачыць вас!

Канваіры затрымалі іх на месцы. Але яны не маглі супакоіцца і, перабіваючы адзін аднаго, усё гаварылі да Пшыборскага:

— Нас жа таварыш начальнік абвінаваціў у жахлівых злачынствах. Нібы мы забілі вас...

Пшыборскі сядзеў скамянелы. Застыглы позірк яго гаварыў пра тое, што ён на хвіліну забыўся на гэтых людзей і на ўсё, што адбывалася тут, у зямлянцы. Толькі пальцы рукі, якія трымаў ён на лацкане пінжака, нервова варушыліся, нібы ён шукаў нейкага выхаду з усёй гэтай сітуацыі. Шмат чаго перадумаў Пшыборскі ў гэтыя кароткія хвіліны. І каб мог прасякнуць у яго думкі Хатур, ён бы не спытаўся так праставата ў прыведзеных людзей:

— А дзе ж наш Антак?

Тыя разгублена зірнулі адзін на аднаго, і кашчавы паспешна адказаў:

— Мы не ведаем ніякіх Антакаў...

— Божа мой, я пытаюся пра нашага Антака. Ён жа ішоў з вамі!..

Гэты «Антак» вывеў Пшыборскага са здранцвення, і ён кінуў такі знішчаючы позірк на Хатура, што той адразу звяў і ўтаропіў вочы ў прапыленыя халявы сваіх ботаў.

Пад пільнымі позіркамі партызан ён адчуў сябе так ніякавата, што нават паспрабаваў пстрыкнуць пальцам па адной халяве, потым абедзвюма рукамі падцягнуў яе, нібы там што муляла.

На якую хвіліну ў зямлянцы ўсталявалася цішыня. Слышэня з цікавасцю глядзеў на гэтых людзей. Ён угадваў сярод іх і таго, хто іграў галоўную ролю. Бохан тым часам звярнуўся да Пшыборскага:

— Я папрашу ўдакладніць некаторыя вашы... словы з нашай гутаркі. Вы сказалі, што ішлі да нас толькі ўдвух. А яны вось і раней, і толькі што, як вы чулі, сказалі, што ішлі разам з вамі.

Пшыборскі ўстаў і, косячы вокам на двух арыштаваных, працадзіў праз зубы:

— Тут, відаць, нейкае непаразуменне. Я не ведаю гэтых людзей, незнаёмы з імі. Я ўпершыню бачу іх.

Стась Хатур, пачуўшы ўсё гэта, аж уздыхнуў і палічыў патрэбным падцягнуць другую халяву.

— А што думае пра арыштаваных пан Хатур? — запытаўся Бохан.

— О, я таксама не ведаю іх...— спяшаючыся, прагаварыў той і кінуў беглы позірк на Пшыборскага.

— Як жа тады разумець вас, калі толькі-толькі што вы пыталіся ў іх пра «нашага» Антака? Хто гэты Антак?

Хатур некалькі разоў разяўляў рот, нібы яму не хапала паветра. Урэшце ён сабраўся з сіламі і, асцярожна зірнуўшы на Пшыборскага, цяжка падбіраючы словы, праказаў хвалюючыся:

— Я прашу прабачэння, але я проста памыліўся. Бачыце, я заўсёды нашу акуляры. А тут, як на грэх, згубіў іх у дарозе. А без акуляраў мне цяжка распазнаць людзей, і я памылкова палічыў іх за знаёмых. Так што гэта проста непаразуменне.

— Ну што ж, непаразуменне дык непаразуменне. А што скажуць нам на ўсё гэта Брадоцкі і Гэмдаль?

Маленькая, як прыплюснуты гарбузік, галава Брадоцкага хадзіла нібы на шарнірах. Ён глядзеў то на Бохана, то трывожна ўзіраўся ў цяжкі позірк Пшыборскага, і кожны раз галава паварочвалася то ў адзін, то ў другі бок. Удыхнуўшы паветра ў магутныя грудзі, ён загаварыў рэзкім пісклявым голасам:

— Я павінен сказаць дарагому таварышу начальніку, што мы таксама памыліліся, мы абазналіся ў людзях.

— Таксама згубілі ў дарозе акуляры? — рэзка перабіў яго Бохан.— У мяне толькі адно яшчэ пытанне да Пшыборскага: якім чынам трапіла да вас шыфроўка, якую вы неслі з сабою?

— Яшчэ раз гавару, што ніякай шыфроўкі мы не мелі,— злосна адказаў Пшыборскі.

— Калі вы не мелі, дык меў яе ваш Антак, ад якога вы адмаўляецеся.

— Клянуся таварышу начальніку, што не было ў нас ніякай шыфроўкі...— яшчэ раз сказаў Пшыборскі, і ў голасе яго на гэты раз было столькі шчырасці, што Бохан глянуў на яго з некаторым здзіўленнем. Але тут жа сказаў:

— І вы сапраўды з’яўляецеся Пшыборскім Юзафам?

— Даруйце мне, але ж мяне здзіўляе такое пытанне і тон яго. Я ўжо трыццаць дзевяты год нашу гэтае прозвішча і называюся тым імем, якое далі мне мае дарагія бацькі.

— А вы, Хатур?

— О, я таксама ёсць Стась, ураджоны Хатур, Стась Хатур...

Бохан дастаў невялічкі кавалачак папяроснай паперы са звычайнага бляшанага партабака, напалову запоўненага табакай.

— Я прачытаю вам пачатак гэтага невялічкага дакумента, які будзе мець для вас некаторую цікавасць. Вось слухайце: «Камандзіру партызанскіх злучэнняў таварышу Саколічу. Камандаванне партызанскага атрада імя Касцюшкі накіроўвае да вас на сувязь двух партызан: таварышаў Пшыборскага Юзафа і Хатура Стася...»

Сярод «гасцей» і арыштаваных адбылося некаторае замяшанне. Пануры Гэмдаль, з адчаем і непрыхаванай надзеяй зірнуўшы на крыху прыадчыненыя дзверы, памкнуўся нават устаць, але партызан, які не спускаў з яго вока, тут жа пасадзіў яго назад.

— Дык вы, можа, скажаце, Пшыборскі, што пішацца далей у гэтым дакуменце?

— Як жа я магу ведаць, што піша наша камандаванне ў сваім пісьме да вас?

— Гэта не пісьмо, а шыфроўка, якая ўзята ў аднаго з вашых людзей. А вы ведаеце, што той, хто нясе падобную шыфроўку, павінен ведаць на ўсякі нечаканы выпадак на памяць кожнае яе слова.

Пшыборскі маўчаў з якую хвіліну.

— Даруйце, але я не магу гаварыць пры незнаёмых людзях, яны не павінны ведаць пра змест дакумента,— і ён кінуў вокам у бок арыштаваных.

Калі вывелі Брадоцкага і Гэмдаля, Пшыборскі, паціраючы шчаку, пачаў гаварыць, цяжка падбіраючы словы, нібы ўзважваючы іх.

— Вядома, я магу сказаць і пра шыфроўку. І не гаварыў я таму, каб не выдаваць яе сакрэтаў выпадковым людзям. Камандаванне піша да вас, каб вы памаглі яму боепрыпасамі. Нам вельмі патрэбны супрацьтанкавыя ружжы. Не пашкодзіла б нам атрымаць ад вас і рускіх вінтовачных патронаў. А яшчэ чулі мы, што ў вас ёсць станкі для перакаліброўкі патронаў, мы былі б так удзячны вам за такі падарунак і, зразумела, знайшлі б чым аддзячыць вам...

Бохан глядзеў на яго доўгім працяглым позіркам. Была ў гэтым позірку і грэблівасць, і звычайная чалавечая агіда.

— Вы, прызнацца, здзівілі нас сваім выключным умельствам у хлусні, так званы Пшыборскі. Кожнае ваша слова — мана ад пачатку і да канца.

Той сядзеў і маўчаў як вады ў рот набраўшы.

— Дык вы, магчыма, забыліся на сваё сапраўднае прозвішча?

Пшыборскі насцярожыўся. Нават Хатур, які ўсё пацеў і выціраўся хусцінкай, і той на хвіліну кінуў свае практыкаванні і ўважліва ўслухоўваўся ў кожнае слова.

— Дык слухайце... Каб спыніць усю гэтую камедыю, я назаву вашы сапраўдныя прозвішчы. Вы і вось гэты памочнік ваш прысвоілі прозвішчы сумленных людзей, якія вамі зверскі забіты тры дні таму назад у лесе, за пятнаццаць кіламетраў адсюль...

Той, хто называў сябе Хатурам, разы са два пакруціў галавой, нібы каўнер яго брызентавай курткі стаў адразу цесны яму. І сапраўды, ён расшпіліў верхнія гузікі і, зморшчыўшы ў пакутніцкай грымасе твар, пачаў старанна выціраць хусцінкай узмакрэлы карак. Пшыборскі маўчаў, сашчарэпіўшы рукі, і вялікія пальцы круціліся адзін вакол аднаго то ў адзін, то ў другі бок. Яго прыжмураныя вочы глядзелі долу. Урэшце ён страпянуўся і, вяла ўзняўшы вочы, ціха сказаў:

— Вы можаце гаварыць цяпер на нас усё, што хочаце, таварыш начальнік...

— Д’ябал вам можа быць за таварыша, пан Орлік!

Нішто не ўразіла б так Пшыборскага, як гэтае адно слова. Ён так разгубіўся, што не знайшоўся нават, як адпарыраваць нечаканай атакі. А Хатур як падняў руку з хусцінкай, так і застыў на які міг у гэтай позе.

— Ваша прозвішча, Хатур? — няўмольна наступаў Бохан.

— Я ёсць Гмысь, пан начальнік... О мой бог, о матка свента...— заенчыў ён і заківаўся з боку ў бок усім сваім важкім тулавам.

— О, псякрэў, ты губляеш розум, гнілая шынка...— засіпеў на яго Пшыборскі і, нібы набраўшыся сіл, ужо не гаварыў, а крычаў на ўсю зямлянку:

— Я не дазволю! Вы адкажаце за ўсю гэтую гнюсную правакацыю! Вы даводзіце людзей да страты розуму, ператвараеце іх у апошніх жывёлін...

— Не турбуйцеся, пан Орлік, за яго розум. Ён ужо стаў на месца. Спадзяюся, што ён стане на месца і ў вас.

Калі бразнулі за ім дзверы, Бохан, усміхнуўшыся, зірнуў на Слышэню.

— Цяпер я разумею бадай што ўсё,— сказаў Слышэня.— Але адкуль ты даведаўся аб прозвішчы гэтага чалавека?

— Бандыта, ты хочаш сказаць? Да таго ж буйнога і небяспечнага дыверсанта. Што ж, гэтая справа не хітрая. Шыфроўку да нас яны перахапілі ў забітых імі сувязных. У часе затрымання трох яны не паспелі знішчыць яе. Не паспелі знішчыць і другой, якая была дадзена гэтым бандытам і прызначана не ў наш адрас, а вядомаму табе камісару гестапа Гросбергу.

 

12

Стаяла надзіва прыгожая раніца, якія бываюць у канцы жніўня, калі з поля звезена ўсё да апошняга снапа, калі грамаздзяцца на лугах пашарэлыя стагі сена, калі шпакі лятаюць над полем вялікімі гурмамі, І які-небудзь дрот ад слупа да слупа ўнізаны так густа ластаўкамі, што аж угінаецца пад імі. Але яны не шчабечуць так, як вясной, сядзяць маўкліва, спакойна, нібы ціха раяцца між сабой аб хуткай дарозе ў далёкія краі. Росы бываюць раніцаю такія халодныя, што аж дубеюць босыя ногі пастушкоў. Але падымецца сонца вышэй, абсушыць сцюдзёныя росы, аблашчыць цяплом дарогі, палі, і мала чым розніцца жнівеньскі дзень ад чэрвеньскага. Адно, што спякоты няма, цеплыня пяшчотная, ласкавая.

Наезджанай дарогай між полем і лугам Васілька і Піліпчык ішлі ў лес. Ішлі, ганяліся адзін за адным, тузаліся, бязулілі.

Яны збочылі на лесавую сцежку, дзе так прыемна пахла ядлоўцам, грыбамі і перапрэлай ігліцай, па якой аж паслізгаецца нага. Сям-там трапляліся баравікі, і хлапчукі спрачаліся, хто з іх першы ўбачыў грыба. Часам трапляліся такія волаты, што Піліпчык, якога нічым не здзівіш, і той прыходзіў у такое захапленне, што каб не жорсткія хваёвыя шышкі навокал, то прайшоўся б на руках, калясом, вакол такога дзіва.

Так, дурэючы і жартуючы, хлапчукі ішлі па сцяжынцы, што віляла на доўгім лясным узгорку, на якім раслі выносістыя мачтавыя хвоі. Зірнеш на якую вяршаліну — аж шапка з галавы скідаецца. Месца гэтае звалася ў народзе Гарбахай. Ніжэй хвоі радзелі, саступаючы месца бярозам, дубам, а ў самым нізе, дзе працякала невялічкая і ціхая рачулка, было прытулішча ляшчынніку, крушыны і ўсякага дробнага хмызняку. Арэхаў тут цяпер было — не абярэшся. Піліпчык з Васількам не ўстоялі перад спакусай, і праз колькі хвілін іх кішэні былі поўныя спелых арэхаў. Можна было б напоўніць і запазухі, але хлапчукі спяшаліся. Яны мелі на ўвазе трапіць за рачулку, дзе за шырокімі паплавамі пачыналіся балотныя абшары з бязмежнымі непраходнымі лазнякамі, карлікавымі хвойкамі і такімі ж чэзлымі нізкарослымі бярозкамі, з якіх не высечаш тапарышча. Сям-там на больш сушэйшых мясцінах яны чаргаваліся з параснікам багульніку. А дзе багульнік, там растуць і ягады дурніцы, ці, як называюць іх яшчэ, буякі. Цяпер, відаць, не час ужо для іх, пераспелі, асыпаліся. Некаторымі мясцінамі сустрэнеш адны купіны ды непралазныя чараты, трысцё, зыбучыя багны, ледзь-ледзь прыкрытыя рэдкай бледна-зялёнай траўкай і розным лапушыннем.

Сярод гэтых балот трапляліся вялікія астравы, пазарастаныя лесам, хмызнякамі, на якіх былі і добрыя выпасы для жывёлы. На самых астравах і атабарыліся старыя з брыгады бацькі Мірона. Тут яны пасвілі партызанскую жывёлу, займаліся і другімі справамі: збіралі грыбы, лясную ягаду, лавілі рыбу ў лясных і балотных рачулках. Былі тут спецыяльныя малочныя пункты, дзе білі масла, рабілі сыры. На пунктах працавалі жанчыны, была сярод іх і цётка Матруна. Быў на востраве своеасаблівы дом адпачынку чалавек на пятнаццаць, дзе набіраліся сіл некаторыя цяжкапараненыя пасля выхаду з партызанскага шпіталя. На адным з астравоў знаходзілася і партызанская гарбарня, дзе выраблялі скуры, аўчыны. Непадалёчку ад яго была і шавецкая майстэрня, якая выпускала няхітры партызанскі абутак.

Жыццё на гэтых астравах працякала ціха, спакойна. Немцам сюды даступіцца было даволі цяжка, бо добрых дарог сюды не было. А свае людзі прабіраліся па кладках, якія вядомы былі не ўсім партызанам.

На гэтыя астравы і кіраваліся Піліпчык і Васілька. Яны ўжо спускаліся з Гарбахі, як пачулі недзе наперадзе моцную ружэйную страляніну. Напалоханы Васілька прыпыніўся і стаяў, прыхіліўшыся да шурпатай хваіны. Насцеражыўся і Піліпчык і ўважліва ўглядаўся наперад, сілячыся адгадаць, а што там адбываецца наперадзе? Стрэлы перасталі ўжо, толькі зрэдку чуўся заядлы сабачы брэх.

Яны пайшлі далей, але відаць было, што і Піліпчык крыху ўстрывожаны, бо часам азіраўся і раіў Васільку не вельмі вытыркацца з-за кустоў. Наперадзе было адкрытае месца, шырокая з рэдкімі кустамі лагчына, па якой працякаў невялічкі ручай.

Яны перабраліся цераз ручай і прайшлі ўжо якіх метраў з пяцьдзесят далей, як раптам нечы моцны голас гучна аклікнуў іх:

— Хто там?

Яны адразу сцішыліся, прышыліся да куста і са страхам пазіралі адзін на аднаго. Потым Піліпчык, які зразумеў, відаць, што яму як старэйшаму трэба браць камандаванне на сябе і прымаць нейкія меры, ціха праказаў да свайго меншага таварыша:

— Што ж, пабяжым, Васілька, назад...

Грозны вокліч пачуўся яшчэ раз. Абодва прыяцелі, не ўкідаючыся ў залішнюю дыскусію, кінуліся бегчы назад.

— Стой, стой, страляць будзем!

Дзе ты знойдзеш такую сілу, якая затрымала б цяпер двух хлапчукоў, якія ўсвядомілі, што ад тых, якія аклікаюць іх, асаблівага дабра для сябе не прычакаеш. Ціўкнула адна, другая куля, збіўшы некалькі галінак з кустоў.

— Бяжы, бяжы, Васілька, трымайся лявей!

Наперадзе быў схон узгорка. Бегчы туды, угору, было б цяжка, ды і дзе ты схаваешся за рэдкімі хвоямі? А лявей зелянелі прырэчныя альшанікі, хутчэй туды, хутчэй, ніякая сіла там цябе не дастане. Яны прабеглі адкрытую палянку. Вось ужо Васілька нырнуў за алешкавы куст, Піліпчык азірнуўся назад і збялеў. Цераз лагчыну бег вялізны сабака, прынюхваючыся да слядоў. Вось ён адным махам перасігнуў цераз ручай, кінуўся ўлева, потым управа па беразе і, няйначай зноў натрапіўшы на сляды, залівіста забрахаў.

— Бяжы, Васілька, бяжы, я ўжо сам як-небудзь...— крыкнуў Піліпчык, з адчаем азірнуўшыся навакол. Каб хоць дручок які ці хоць добры камень трапіў на вока! А напужаны да апошняга Васілька азірнуўся з-за куста і, заўважыўшы сабаку, так і стаў, не маючы сілы крануцца далей. І страшна было, і як жа яму бегчы далей, каб астацца зусім-зусім аднаму? А Піліпчык крычаў:

— Бяжы, кажу, бяжы, не стой!

А сам павярнуўся назад і, выхапіўшы неразлучны свой кінжал — звычайны штык ад нямецкай вінтоўкі,— аб якім успомніў ён у апошнюю хвіліну, натапырыўся, як верабей, і прытаіўся за кустом. Рука яго дрыжала моцна-моцна, і ён з апошніх сіл намагаўся ўтрымаць кінжал, аж пабялелі пальцы, сціскаючы ручку.

Сабака быў недалёка. Ужо відаць была яго аскаленая пашча, жаўтаватыя клыкі, налітыя чырванню вочы. Піліпчык не вытрываў і, выскачыўшы са штыком з-за куста, дзіка закрычаў насустрач звярузе:

— Ату, ату, заб’ю гадзіну!

На які міг сабака спыніўся, потым зарычаў і спружынай кінуўся наперад. Можа, да Піліпчыка аставалася якіх крокаў пяць, як аднекуль злева, відаць з Гарбахі, пракаціўся гучны стрэл. Сабака як бег, так і перакуліўся цераз галаву і, заекатаўшы, папоўз на пузе назад. Адтуль, дзе чулася раней чыясьці чужая каманда, пачалася была страляніна. Але кулі не ляцелі сюды. Стралялі, відаць, у бок Гарбахі.

Толькі цяпер, калі Піліпчык убачыў падстрэленага сабаку, ён адчуў, як пахаладзела яго спіна, да якой аж прыліпла сарочка.

— Ну як ты? — сказаў, каб нешта ж сказаць, Піліпчык.

— Нічога...— а слёзы каціліся з воч, і шчокі былі мокрыя-мокрыя. То ж ад радасці. Другім бы разам Піліпчык насмяяўся б з гэтых слёз, але толькі не цяпер. Ды і што ты возьмеш з малога...

— А я... я зусім не баяўся, вось жа... ну... зу-у-сім, а ні крышачку не баяўся...— натужна выціскаў Васілька словы, крыху заікаўся, і левае брыво яго чамусьці торгалася ўгору.

— Чаго ж баяцца! — ужо разважліва адказаў Піліпчык.— Я ўсё роўна забіў бы яго. Ведаеш, як даў бы пад рабро, з яго і дух бы вон. Не верыш?

— Не, чаму! Я ж бачыў: ты смелы, Піліпчык!

— Пайшлі! — рашуча загадаў Піліпчык, і яны паспешна, ледзь не подбежкам, накіраваліся кустамі, каб выбрацца потым на Гарбаху. Абодва адчулі, як моцна аслабелі іх ногі.

Калі яны падымаліся ядлоўцавымі зараснікамі на Гарбаху, іх ціха аклікнуў знаёмы голас:

— А ну, Піліпчык, хадзі сюды!

Гэта быў дзядзька Астап з вінтоўкай.

Піліпчык зразумеў, што карыснага для яго ад гэтай нечаканай сустрэчы будзе мала. Калі б гэта быў не дзядзька Астап, а хто іншы, Піліпчык падаўся б «на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі», спадзеючыся на свае добрыя ногі. Але з дзядзькам Астапам жарты кепскія, да і не было яшчэ такога выпадку, каб ён у чым-небудзь не паслухаўся яго. А таму, надаўшы свайму твару як мага больш паслухмянасці і хаваючы пад кашулю сваю зброю, ён мужна падышоў да дзядзькі. І тут жа зразумеў, што яго разлікі спраўдзіліся на сто працэнтаў. Яго вуха апынулася ў шурпатых і жорсткіх дзядзькавых пальцах, і ён стаічна, не спрабуючы нават вырывацца, пераносіў выпаўшую на яго долю кару. А дзядзька Астап, трасучы сваёй шырокай барадой, караў і прыгаворваў:

— Колькі разоў гаварыў табе, шалапут, каб не цягаўся, дзе не трэба. Дык жа няма таго дня, каб не выкінуў, неслух, якой-небудзь штукі. То яго цягне на заставу, то яго Дубковы бомбы цікавяць, то яму ў ружэйную майстэрню трэба ўбіцца, нідзе няма ад яго спакою. Ды яшчэ малога зводзіць, звадыяш ты гэтакі! Куды хадзілі?

— Па арэхі, дзядзька. Тут жа арэхаў столькі, што хоць ты вазы грузі ды ў Мінск адпраўляй. Солі на ўсю брыгаду намянялі б...— не міргнуўшы вокам, адказаў Піліпчык.

— Вось я табе падсыплю солі, нарыхтоўшчык ты гэтакі! Нябось на астравы задумаў пралезці, уюноў захацеў?

Што тут скажаш яму? Мужна пераносіў кару Піліпчык, хоць рот яго і нос і ўсе рысы твару так крывіліся ад болю, што нават Васілька не вытрываў і заплакаў.

— Не трэба так, дзядзя Астап. І на востраве мы не былі. Мы ж толькі збіралі арэхі, бачыце, колькі сабралі,— і ён выняў з кішэні жменьку арэхаў, каб паказаць, што ён жа ніколечкі не маніць.

— А на востраў не думалі падацца? — запытаўся Астап ужо больш лагодным тонам і выпусціў з рук Піліпчыкава вуха, якое гарэла як мак.

— Можа, і думалі, дзядзя Астап, але недзе там пачалі страляць, па нас стралялі, ды яшчэ гэты страшэнны сабака, які даганяў нас. Піліпчык, вядома, забіў бы яго, але нехта падстрэліў сабаку, так што мы не вельмі і спужаліся. Ну, трохі толькі...

Васілька гаварыў і нібы падміргваў каму, так торгалася яго левае брыво.

— Што з вокам у цябе?

— А нічога, дзядзя Астап. Гэта так...

Астап сурова зірнуў на Піліпчыка.

— Бачыш, чым канчаюцца твае дурыкі? Ды вас аўчарка магла парваць на мэтлухі, каб не трапіўся я выпадкам на Гарбасе...

Піліпчык палічыў за лепшае памаўчаць, бо не будзеш жа спрачацца з дзядзькам Астапам. Гэта табе не Васілька, перад якім можна выхваляцца і сваёй сілай, і сваімі подзвігамі. Убачыўшы, што Астап палагаднеў, Піліпчык наважыўся ўсё ж сказаць некалькі слоў:

— А лоўка вы, дзядзька, з аднаго патрона ўцэлілі ў гэтага сабаку! Я, відаць, не змог бы так...

Астап зірнуў на яго спадылба, але ўсміхнуўся.

— Ты да мяне цяпер не падлабуньвайся. Ведаю ўсе твае хітрыкі... Але вось што, ваякі, ногі ў вас спрытнейшыя, чым у мяне, бяжыце напрасцяк праз лес да дзядзькі Шведа і скажыце яму ад майго імя, што невялікі атрад гітлераўцаў і паліцаяў спрабаваў прабрацца на востраў за самай Гарбахай. А я астануся на каторы час тут, папільную, што яны думаюць рабіць.

Хлапчукоў як віхрам здзьмула. На такія заданні іх не трэба было доўга ўпрошваць.

Астап намацаў у кішэні абоймы з патронамі і паволі пайшоў назад, асцярожна прабіраючыся ад дрэва да дрэва. Хутка ён пераканаўся, што Шведавы хлопцы ўжо ведаюць пра гітлераўцаў. Каля сотні партызан ляжалі ў засадзе за схілам Гарбахі і пільна сачылі за кожным рухам немцаў. Агню не адкрывалі. Немцы зрабілі, відаць, невялікі прыпынак, бо адсюль можна было заўважыць, як з дзесятак салдат пялёскалася ў рачулцы. Другія проста ляжалі на траве і грэліся на сонцы. Было іх блізка ля роты, а можа, і болей. Магчыма, яны спыніліся тут, пачуўшы раней Астапаў стрэл і не адважваючыся ісці далей, каб не трапіць пад нечаканы агонь. Можа, былі ў іх якія другія меркаванні. Партызанам відаць былі іх вартавыя, якія стаялі за кустамі ля самай ручаіны. Хлопцы-разведчыкі далажылі, што сакрэты гітлераўцаў з баявой аховы размешчаны па лесе за якога паўкіламетра ад рэчкі. Ад балота аховы не было, бо непасрэднай небяспекі для сябе немцы тут не адчувалі. Асаблівага руху сярод гітлераўцаў не заўважалася, толькі зрэдку прыязджалі і ад’язджалі матацыклісты, па ўсім відаць, сувязныя. Ды чалавек з дзесяць матацыклістаў пад’ехалі да самай ручаіны і, злезшы з машын, доўга хадзілі па яе тваністым беразе, шукаючы зручнага месца для пераправы. Потым яны завінуліся ля кустоў, высякаючы таўсцейшыя алешыны, якімі і гацілі бераг ручаіны.

— Думаюць забрацца на наш востраў,— ціха сказаў Астапу камандзір узвода.

— Не відаць ім яго як сваіх вушэй! — адказаў Астап.

Яго ўпэўненасць павінна была крыху пахіснуцца, бо неўзабаве і ён, і ўсе, хто быў тут, на Гарбасе, пераканаліся ў самых сур’ёзных намерах немцаў перабрацца на тэрыторыю, дзе яшчэ ніводнага разу не ступала іх нага. Усе ўбачылі на дарозе новую калону. Спачатку падумалі, што гэта ідзе падмацаванне да немцаў. Але калона падышла бліжэй, і ўжо няўзброеным вокам можна было распазнаць сялян, якіх пад канвоем вёў атрад паліцаяў. За калонай ехалі вазы з нейкім грузам. Калона спынілася, сялянам параздавалі сякеры, пілы. Метраў за сто ад дарогі пачынаўся густы хвойнік, туды немцы і павялі людзей.

Камандзір узвода паслаў чалавек з сорак партызан, каб яны, падаўшыся глыбей у лес і перабраўшыся неўзаметку праз ручай, зайшлі немцам у фланг з другога боку, а адну групу пакінулі бліжэй да немцаў, паставіўшы яе непасрэдна супроць іх размяшчэння.

— Агню раней нас не адкрываць і сябе ні ў якім разе не выяўляць. Калі дам ракету, тады і пачынайце.

Расцягнуўшыся ланцужком, хлопцы зніклі ў алешніку. Партызаны чулі нямецкую каманду, пасля яе заглушыў стук сякер і звон піл.

Неўзабаве з-за ядлоўцавых кустоў выскачыў знаёмы сувязны з атрада. Конь быў увесь у мыле і цяжка паводзіў бакамі. Саскочыўшы з сядла, сувязны перадаў распараджэнне камандзіра атрада:

— Загадана, таварыш лейтэнант, не спадзявацца на дапамогу і абыходзіцца толькі сваімі сіламі.

— А дзе таварыш Швед?

— Ён зараз гоніць карнікаў-падпальшчыкаў. Яны спалілі вёску Навасёлкі. А там яшчэ немцы лес сякуць ля чыгункі, дык нашы партызаны заняты імі. Ды яшчэ прарваўся атрад паліцаяў праз Старыя Брады, пачалі грабеж у Лазішках. І тых трэба біць.

— Як згаварыліся, паганыя! А бацька Мірон?

— Сказаў, што не толькі якога атрада, а ніводнага чалавека не дасць.

Немцы капушыліся ля свае стаянкі, дзе знаходзілася і палявая кухня. Да кухні выстраілася чарга салдат з кацялкамі. Толькі вартавыя ля ручаіны ды кулямётчыкі, што прытуліліся за невялічкімі ўзгоркамі, не пакідалі сваіх месц, пільна назіраючы за лесам.

Перадаўшы па ланцугу, каб білі ў першую чаргу па кулямётчыках, лейтэнант сказаў тое слова, якога так нецярпліва чакалі партызаны:

— А-а-гонь!

Астап бачыў, як ад дружнага залпу пасыпалася ігліца з дрэваў. Лясное рэха падхапіла залп і раскацістымі грымотамі пранесла яго над ляснымі абшарамі.

Яшчэ і яшчэ залп. Прамчала адзін за адным некалькі матацыклаў. Пярэдні з разгону не трапіў на грэбельку і перакуліўся на тваністым беразе, выкінуўшы матацыклістаў проста ў ручай. Другіх знялі меткія кулі, і пустыя матацыклы яшчэ тарахцелі колькі хвілін, круцячыся па лугавіне, пакуль не перакуліліся альбо спыніліся, ушыўшыся ў кусты.

На стаянцы немцаў узнялася неразбярыха. Некаторыя кінулі кацялкі і вінтоўкі і сіганулі ў лес. Другія далі лататы ў супрацьлеглы бок, за рэчку, але, апынуўшыся на адкрытым месцы, беглі назад, хаваліся за тваністымі берагамі, часам правальваючыся па самыя вушы. Ад немцаў не адставалі і паліцаі, якія сваёй мітуснёй толькі павялічвалі агульную паніку. Чуліся крыкі, лаянка, рэзкія гукі каманды. Афіцэры ўжывалі апошнія сродкі, каб прывесці да нейкага парадку роту, разгубленую ад панікі.

Але тут свінцовы дождж паласнуў гітлераўцаў ззаду. Ашаломленыя салдаты затапталіся на месцы. Некаторыя заляглі, частка кінулася ў лес, але іх сустрэў новы залп з зусім нечаканага боку. Яшчэ некалькі залпаў, і рэшткі гітлераўцаў замітусіліся ў беспарадку і кінуліся куды каторы, кожны ратуючы на ўласны страх і рызыку сваю скуру.

Перамога была поўная, хоць частцы гітлераўцаў і ўдалося ўцячы. На месцы асталіся і некаторыя трафеі: з паўсотні вінтовак, чатыры матацыклы з кулямётамі. Пакінута на месцы і кухня з гатовым супам, і камандзір узвода распарадзіўся, каб наладзіць абед партызанам. Ад наварыстага супу не адмовіліся і сяляне. Неўзабаве прыйшло некалькі чалавек з вострава, і з імі стары Сілівон.

— Добра, хлопцы, што вы падмазалі ім пяткі, больш не палезуць да нас.

— Не толькі пяткі, дзядзька! — і партызан з вясёлым, смяшлівым тварам паказаў рукой на шэра-зялёныя мундзіры, якія валяліся па кустах, па беразе рачулкі і на самой дарозе.

— Бач, як паўлягаліся, падлы,— сказаў усё той жа партызан.

— З мерцвякоў, хлопец мой, не варта насміхацца, лепш пасмяешся з жывых...— даволі строга праказаў Сілівон і, убачыўшы Астапа, падышоў да яго.

— А ты чаго тут, стары лясун?

— Вось ішоў да вас у госці, ды трапіў на партызанскі пачастунак. Будуць памятаць, гітлераўскія заразы.

— Гэта добра, што пачаставалі, але скажу я табе, што трэба больш частаваць. Ты бачыш, што робіцца? — ён зірнуў на неба, на якім цягнулася рудаватая хмара.— Бачыш, што вырабляюць?.. Мала таго, што лес сякуць ля чыгункі і ля шашы, дык і бліжэйшыя вёскі паляць.

У гэты час прыскакаў ардынарац. Партызанам было загадана зараз жа ісці на дапамогу атраду Лагуцькі ў раён Рудомінкі і не падпусціць туды нямецкіх падмацаванняў з суседняга раёна. Лейтэнант хутка пастроіў сваю групу ў баявы парадак і, не марудзячы, павёў яе туды.

На месцы асталіся Сілівон, Астап ды некалькі дзесяткаў сялян, якія не паспелі разысціся.

— Вось што, хлопцы,— сказаў Астап.— Пачалі вы лес секчы, нарабілі толькі глуму. Зараз жа сцягвайце ў кучу, ды спалім, каб не мазоліла вока. А то памкнуцца яшчэ фашысты сюды, могуць гатовае і скарыстаць.

Ля рэчкі закіпела работа. Расклалі вогнішча, на якое нацягалі перш сушняку, каб яно зырчэй гарэла.

Сілівон сядзеў ля цяпла на старым хваёвым пенчуку, з якога даўно ўжо адстала кара і тут жа валялася на доле, паточаная шашалем, спарахнелая і пакарабачаная пад сонцам. Ён падстаўляў цяплу свае нягнуткія ад раматусу калені і зябкія рукі. Полымя зырка гарэла, прагна хапалася за сырую смалістую ігліцу, якая спачатку густа дымілася, тлела, потым з трэскам успыхвала, як порах.

Па кустах на беразе рэчкі і на поплаве за рачулкай ляжалі трупы гітлераўцаў. Сілівон глядзеў на іх безудзельным вокам і адчуваў нібы нейкую пустэчу ў сэрцы. Колькі давялося перабачыць за апошні год гэтых відовішчаў, і сэрца нібы заклякла: ні жалю ў ім, ні асаблівага смутку. Што ж, прыйшлі да нас, пазырыліся на нашу зямлю — ну і атрымалі што трэба. Успомніў і тых мерцвякоў, якіх бачыў у першыя дні на рацэ. Успомніў, і сэрца сцялася болем.

— Падкідай, падкідай, хлопцы! — сказаў ён, як бы хочучы пазбавіцца ўсіх гэтых думак, якія толькі халадзілі сэрца, вярэдзілі старыя раны. Ён павярнуўся, каб ямчэй падставіць другі бок пад цяпло, уздыхнуў.

— Ведаеш што, Астап, думаю я, што варта нам прыбраць іх,— і паказаў вокам на мерцвякоў.

— А няхай ляжаць, чорт іх бяры.

— Лічыў я цябе, Астап, разумным чалавекам, ды і цяпер лічу. Тут жа от пройдзе дзень-другі, пацягне ветрык з гэтага боку, дык і не прадыхаеш. А ўрэшце, калі ты толкам возьмеш да розуму, дык і яны ж як-ніяк колішнія людзі-чалавекі. А як табе вядома, жывому хочацца па зямлі хадзіць, а мёртвы ў зямлю просіцца. Ды што тут лішне гаварыць.

— Вось так бы ты і сказаў.

Непадалёк ад ручаіны, дзе рос густы нізкарослы бярэзнік, была выгарына. Яе можна было адразу пазнаць па глыбокіх чорных правалах, па безлічы сухіх бязлістых бярозак, якія, відаць, падсохлі ў часе пажару тарфянішча. Некаторыя заваліліся і звісалі па краях выгарыны, другія ледзь трымаліся з пачарнелымі сукамі. Драбнейшае вецце, відаць, абгарэла ці проста асыпалася, збуцвеўшы. У глыбейшы правал выгарыны і сцягнулі на бярозавых валакушах усе трупы, прысыпалі іх зямлёй.

Сцямнела ўжо, калі людзі разышліся. Змрок адразу апусціў ніжэй неба. На нізкіх хмарах бледна ружавелі водбліскі дагараючых пажарышч. Зрэдку далятала прыглушаная страляніна.

— Душа баліць, Астап,— ціха, нібы да сябе, праказаў Сілівон.— Вось страляюць, а там жа мой сын Андрэй, ён жа за камандзіра. Што з ім там, як ён там... Але пра Андрэя я хоць кожнага дня чую, а пра Ігната колькі месяцаў як не маю ніводнай вестачкі. Цяжка, Астап...

Яны прабіраліся балотамі на востраў. Ішлі вельмі асцярожна, намацваючы нагамі хісткія кладкі, якія па некаторых мясцінах былі прыкрыты слізкай і грузкай тванню. Пачаў марасіць халодны дождж, які сабраўся, відаць, на ўсю ноч, а можа, і на болей.

— Прызнацца табе, Астап, так жа я ненавіджу вайну, што і сказаць цяжка. Ці мне з маімі нагамі мясіць гэтую твань? І мне, ды і табе, тым часам, самае лепшае цяпер забрацца на печ ды прагрэць добра старыя косці. А дзе ты цяпер да той печы дабярэшся? Ты, можа, смяешся, што я пра такія рэчы загаварыў. Ты ж ведаеш, і мяне вайна не абышла сваёй ласкай: і сям’і рашыла, і хаты рашыла... І нічога, здаецца, мне больш не асталося, жыццё я пражыў, на другі век аставацца не сабіраюся, каб не замінаць асабліва маладзейшым. І ўсё ж хочацца дажыць да таго часу, калі людзі нашы зробяць канец гэтай вайне, калі людзі перастануць баяцца начаваць у сваёй хаце, калі гэтую хату не стануць паліць другія, калі гэтая хата стане сапраўдным мілым гняздом для твае сям’і, для тваіх дзяцей.

— І калі на тваіх дзяцей перастануць паляваць з сабакамі, як на звяроў,— дадаў Астап.

Астап расказаў аб ранішнім здарэнні з Піліпчыкам і Васількам. Сілівон вельмі ўстрывожыўся. Ён любіў малога і прывязаўся да яго. Васілька быў для яго не толькі як звычайнае хлапчанё, якое патрабуе добрага догляду і ласкі. Ён быў для яго адзіным, што асталося ад зруйнаванай сям’і, што звязвала яго з недалёкім мінулым, якое так поўнілася жыццём, якое так багата было радасцямі і ўцехамі.

Далей ішлі моўчкі. Быў позні час, калі яны дабраліся да зямлянкі.

 

13

Як ні цяжка было двум атрадам Лагуцькі і Шведа выбіваць гітлераўцаў, якія прасачыліся ў яго зону, Мірон не пасылаў туды новых падмацаванняў. Немцы прабраліся з усходу цераз невялікае балотца, якое перасохла ўлетку. Сям-там яны намасцілі драўляныя гаці. Відаць, дазналіся пра балотныя астравы і хацелі захапіць партызанскі статак. Аднак гэтыя аперацыі не вельмі трывожылі Мірона, бо ён добра ведаў, што немцы не мелі тут якіх-небудзь буйных часцей і маглі выкарыстаць хіба толькі паліцэйскія гарнізоны суседніх раёнаў. Гітлераўцам удалося спаліць дзве вёскі. Яны намагаліся прабрацца далей, атрымалі сякія-такія падмацаванні. Але прасунуцца ў глыб партызанскай зоны яны так і не здолелі: атрад Шведа ўвесь час стрымліваў іх. А калі на дапамогу прыйшоў атрад Андрэя Лагуцькі, партызаны пачалі адціскаць немцаў і паліцаяў. Быў загад Мірона знішчыць іх, а калі б гэта не ўдалося, то выгнаць з зоны і разбурыць наведзеныя немцамі гаці.

Усё гэта можна было б зрабіць значна хутчэй, каб у дапамогу Шведу і Лагуцьку даць яшчэ хоць бы адзін атрад. Але Мірон не ішоў на гэта, бо ў яго былі некаторыя свае меркаванні. У штабе брыгады стала вядома, што ўся актыўнасць немцаў на ўсходзе яго зоны была звычайнай дэманстрацыяй, разлічанай на тое, каб нарабіць там больш шуму і адцягнуць туды асноўныя сілы партызан. Сапраўдная небяспека пагражала з берагоў ракі, з боку горада, у якім размешчаны былі асноўныя сілы гітлераўцаў. Немцы не рызыкавалі ў той час пускаць гэтыя сілы ў далёкія абходныя манеўры і думалі перахітрыць партызан. Калі б тыя паддаліся на іх правакацыю і адцягнулі свае сілы на ўсход, тады немцам было б параўнальна лёгка ўварвацца з захаду, ад ракі, і поўнасцю адціснуць ад яе партызан. Ад разведчыкаў стала вядома, што ў сёлах на той бок ракі спынілася некалькі часцей, якія прыбылі з горада. Кіламетры за тры ўверх па цячэнню ракі, бліжэй да горада, размясціліся нямецкія пантанёры і ўсе дні займаліся рознымі практыкаваннямі, перабіраліся нават на другі бераг. Але і гэта не трывожыла асабліва Мірона, бо ўсходні бераг там быў балоцісты і, калі б перабраліся на яго і якія значныя сілы немцаў, яны ўсё роўна не мелі б магчымасці прасунуцца далей і чым-небудзь пагражаць партызанам.

Адчувалася, што немцы нервуюцца. Ім вельмі б хацелася адным ударам разграміць партызан бацькі Мірона, і ў той жа час яны вельмі непакоіліся за гарадок, дзе таксама не лічылі сябе ў поўнай бяспецы. Толькі наважыліся яны былі распачаць наступ на партызанскую зону, як ноччу ў горадзе, у размяшчэнні адной часці, якую паслалі супроць партызан, быў узарваны склад боепрыпасаў. Мірону ды Блешчыку было добра вядома, што гэты ўзрыў зроблены партызанамі адной з заслонаўскіх груп, якія жылі і дзейнічалі ў самім горадзе.

Уся ўвага Мірона была прыкута да Пясчанага Груда, адзінага месца, дзе пераправа магла даць для немцаў эфектыўныя вынікі. Мірон і Блешчык праводзілі тут дні і ночы, рыхтуючыся да абароны. Выкапалі і акопы поўнага профілю, падрыхтавалі кулямётныя гнёзды, сховішчы, намецілі пазіцыі для свае артылерыі — захопленых у немцаў мінамётаў. Сям-там пусцілі ў ход калючы дрот, замініравалі некаторыя подступы. Вядома, не думаў Мірон распачынаць з немцамі пазіцыйнай вайны, бо на гэта не хапіла б у яго ні сіл, ні боепрыпасаў, ды гэта і не ўваходзіла ў тактыку партызанскай вайны. Але месца для абароны тут было вельмі зручнае, і не хацелася пакідаць абжытай тэрыторыі, з якой вельмі зручна было трымаць немцаў заўсёды ў напружанні і мець пад кантролем і гарадок, і бліжэйшыя дарогі. Большасць атрадаў сваіх Мірон трымаў непадалёчку ад Пясчанага Груда, загадаўшы ім не дужа вытыркацца на бераг. Яны неслі па чарзе ахову берага, і толькі група Дубка заўсёды праводзіла дні і ночы на гэтым месцы.

І вось урэшце, калі немцам здалося, што асноўныя сілы Мірона адцягнены на ўсход зоны і скуты там, яны наважыліся наступаць. Пераправу пачалі на самым світанні. Над ракой быў густы туман, і, карыстаючыся ім, яны надумаліся неўзаметку перакінуць бліжэй да месца пераправы пантоны і маторныя кацеры, якія, каб не рабіць залішняга шуму, пусцілі на вёслах. Але партызанскія разведчыкі пачулі ў тумане падазроны пляск вады і адразу паведамілі пра гэта на Пясчаны Груд. І хоць стаяў яшчэ перадранішні змрок, але ўжо можна было заўважаць паасобныя постаці салдат, якія спускаліся па берагавой кручы ўніз, да вады. Часам чуўся неасцярожны бразгат кацялка ці сказанае ціха слова каманды. Некалькі груп партызан-аўтаматчыкаў, падмацаваных ручнымі кулямётамі, асцярожна спусціліся па равах-вымоінах да самай вады і прыхаваліся ў тумане, хто за кустамі, хто за прыбярэжным каменнем, якога было тут безліч.

Хлопцы ляжалі на сваіх месцах і напружана чакалі, уперыўшы вочы ў густы малочны туман і ўважліва прыслухоўваючыся да кожнага гуку над ракой. Цурчала, пералівалася вада сярод прыбярэжнага камення, ціха пляскаліся вадзяныя струмені, чуліся ледзь улоўныя ўсплёскі водаваротаў. Хісталася ад хуткай плыні прыбярэжнае трысцё і пахіленае да самай вады вецце лазнякоў. І вось да ўсіх гэтых гукаў далучыліся другія гукі, рытмічныя. Хлопцы ведалі, што гэта пругкія вёслы рассякалі імклівы стрыжань ракі. Чуваць было, як парыпвалі ўключыны ды зрэдку пастуквала вясло аб вясло, метал аб метал — то зачапілася дзе каска за каску ці штык за штык.

Партызаны ляжалі на беразе і, здавалася, намагаліся прытаіць сваё ўласнае дыханне, каб не прапусціць ніводных гукаў. І вось непадалёк ад берага ў кудзелістай імгле туману паказаліся цьмяныя контуры аднаго з пантонаў. За ім няясна вырысоўваліся і другія.

Кароткая, як стрэл, прагучала каманда:

— Агонь!

Дружны залп паласнуў паветра, пачалі біць кулямёты. Здавалася, тугая заслона туману хістанулася і на якую хвіліну адышлася ад берага, агаліўшы чорнае люстра вады з яе пеністымі водаваротамі. Але ж толькі на міг. Белыя пасмы зноў сышліся над вадой, і ў густым тумане чуліся бязладныя галасы, чыйсьці лямант, адчайныя крыкі аб дапамозе, імклівыя ўдары вёслаў. Да ўсіх гэтых гукаў далучылася нешта падобнае на сіпенне, на булькат: хлопцы ведалі што з прабітых гумавых пантонаў выходзіла паветра і яны пагружаліся ў ваду. Нечакана затарахцеў матор. Відаць, перапужаны насмерць матарыст завёў матор свайго кацера, каб спрытней выбрацца з усёй гэтай калатнечы. Хлопцы далі яшчэ некалькі залпаў, прыслухаліся. Бязладныя галасы і крыкі на вадзе чуліся ўсё далей і далей.

Нямецкі бераг, які спачатку нічым не выяўляў сябе, хутка ажывіўся. Адтуль пачалася страляніна.

Ужо світала. Усё выразней выступаў нямецкі бераг. Відаць было, як немцы на некалькіх лодках вывозілі на бераг сваіх забітых, тапельцаў, ратавалі параненых, выцягвалі на бераг падбіты кацер.

Хутка ўзышло сонца. Страляніна ўзгарэлася з новай сілай. Па ўсім відаць было, што гітлераўцы не супакоіліся, пацярпеўшы першыя няўдачы, што яны не пакінулі сваіх замыслаў перабрацца на другі бераг. Яны пачалі абстрэльваць Пясчаны Груд са станкавых кулямётаў, час ад часу прачэсваючы і пясчаныя наносы, і вымоіны з рэдкімі хмызнякамі. У адной з такіх вымоін, якая знаходзілася правей Пясчанага Груда, быў назіральны пункт Мірона, які разам з Блешчыкам і некалькімі ардынарцамі ўвесь час быў тут.

Калі страляніна крыху прыцішылася, з ракі, з яе верхняга цячэння, пачуліся новыя гукі, нібы нехта біў па вадзе звычайнай дошкай. Усе адразу зразумелі — ідзе параход. Ды і назіральнікі перадалі, што на далёкай лукавіне мільгануў сілуэт парахода і двух лайб, якія ішлі за ім на буксіры.

Дубок запытальна зірнуў на Мірона, той маўкліва адказаў яму лёгкім кіўком галавы, і сапёр тут жа знік. Далі каманду быць напагатове невялічкім групам партызан, якія на ўсякі выпадак сядзелі ў засадах на нізкім, забалочаным беразе ракі. На Пясчаным Грудзе заварушыліся ў сваіх укрыццях кулямётчыкі, снайперы, байцы з супрацьтанкавымі ружжамі.

Дубок заявіўся каля невялічкага акопчыка з добра ўмацаванай нішай і замаскаваным ходам зносін з другім такім жа акопчыкам.

Удары па вадзе калёсных пліц парахода чуліся ўсё бліжэй і бліжэй. Пачало злёгку дрыжаць паветра, па ім адчувалася натужнае дыханне параходнай машыны. Вось ужо белы сілуэт парахода паказаўся ля супрацьлеглага берага. Паволі праплылі адна за адной дзве лайбы з прывязанымі да іх лодкамі. Відаць былі на бартах зялёныя постаці салдат, якія ляжалі, шчыльна згрудзіўшыся, за белымі мяшкамі з зямлёй, прыпаўшы да сваіх вінтовак.

З-за правага борта парахода паказаліся два кацеры, яны, відаць, былі прышвартаваны там раней. Адзін з іх падаўся наперад, другі назад, і праз якую хвіліну прыглушанае тарахценне іх матораў злілося з басавітымі чэргамі кулямётаў. Кацеры прачэсвалі на ўсякі выпадак берагі ніжэй і вышэй пясчанага грудка. Берагі маўчалі. З нямецкага берага не стралялі, каб не трапіць выпадкам у сваіх на параходзе і лайбах. Параход прыцішыў хаду, пачаў рэзка паварочвацца, кіруючыся на сярэдзіну ракі, каб прапусціць лайбы. Вось яны, адна за адной, паволі праплылі за кармой парахода. Перамагаючы плынь быстрака, параход пачаў набліжацца да Пясчанага Груда. На ім відны былі ўжо дзве невялікія пушкі на карме і на носе, некалькі спараных кулямётных установак. Салдаты мітусіліся ля трапаў, каб па камандзе перакінуць іх на бераг, калі будзе апушчаны якар. Абодва кацеры павярнулі назад і цяпер спяшаліся сюды ж, да месца высадкі.

Калі да парахода асталося якіх пяць ці шэсць метраў, Дубок парывіста ўздыхнуў і, намагаючыся, каб не дрыжалі рукі, крутнуў ручку машынкі.

Ён адчуў выбух па лёгкім штуршку зямлі, які аддаўся ў ногі. І разам з ім, скалануўшы паветра і аглушыўшы ўсіх, вырваўся высокі слуп вады ля правага борта парахода. Упала з грукатам некалькі камянёў, нейкіх жалезін. А параход на вачах усіх нібы раскалоўся напал і з пакарэжанай трубой пачаў асядаць у ваду, выкінуўшы цэлае воблака густой пары. Не паспеў грымнуць другі выбух, як на паверхні відны былі ўжо толькі кармавыя і насавыя парэнчы ды трапятала на ветры свастыка кармавога флага.

Наступны выбух быў не такі ўдалы. Ён толькі вырваў нос лайбы, і яна пачала тануць, задзіраючы ўгору карму. Але другая лайба, падхопленая плынню, паволі падалася далей.

Усё гэта адбылося за якія лічаныя хвіліны. Мірон і Блешчык аж знялі шапкі, выціраючы ўспацелыя твары.

— Вось гэта работа!

Немцы на супрацьлеглым беразе былі так ашаломлены ўсім, што адбылося на іх вачах, што ў першыя хвіліны нават не кінуліся ратаваць сваіх дэсантнікаў. А тыя, аглушаныя выбухамі і ашалелыя ад страху, кідаліся ў ваду з абедзвюх лайб, цэлай і падарванай. Не пашкоджаныя ж кацеры далі драпака па рацэ і, толькі крыху агледзеўшыся, паволі вярталіся назад, палахліва прыціскаючыся да супрацьлеглага берага.

Немцы распачалі агонь са свайго берага. Але быў ён вялы, няўпэўнены. У іх не было ўжо той лютасці, з якой яны раней абстрэльвалі Пясчаны Груд, рыхтуючыся да пераправы. Урэшце агонь і зусім змоўк. Асобныя нямецкія часці падаліся берагам ніжэй па рацэ, каб даць рады сваім тапельцам. Тыя, што асталіся, ужо маршыравалі па дарозе да гарадка.

Калі з бранябоек затапілі адзін кацер — другому ўдалося ўцячы,— Мірон загадаў спыніць агонь.

— Няма чаго глуміць патроны, яны яшчэ спатрэбяцца нам!

Ён тут жа, перад усімі, горача падзякаваў Дубку і яго двум памочнікам за ўдала праведзеную аперацыю. Дубок быў на сёмым небе ад радасці.

 

14

У тую ноч Вацлаў Страмічка надоўга затрымаўся ў штабе. Сяло спала. Разышліся па кватэрах і работнікі штаба, і толькі некалькі дзяжурных змагаліся са сном пры скупым святле газнічак. Рухавічок, які тарахцеў вечарамі на двары і асвятляў штаб, з-за позняга часу не працаваў ужо.

Палкоўнік патушыў свечку на стале і, падняўшы маскіроўку на акне, адчыніў яго. На вуліцы стаяла такая цемень, што нельга было заўважыць супрацьлеглых будынкаў. Гэтая цемень і цішыня, якія, здавалася, праглынулі ўсе гукі, крыху прыгняталі, трывожылі.

Пад вокнамі чуліся крокі вартавога. У суседнім пакоі зазваніў тэлефон. Дзяжурны ведае, што палкоўнік яшчэ тут, ён стукае ў дзверы.

— Дазвольце далажыць, пан палкоўнік! З другога палка паведамляюць, што на дарозе,— і ён называе пэўныя пункты,— заўважаны падазроны рух. Ёсць меркаванні, што гэта партызаны. Просяць даць ім належныя ўказанні...

— Няхай не перастаюць назіраць, а потым — паведамляць...

«Няйначай нейкі з атрадаў Саколіча не вельмі сцеражэцца на дарозе,— падумаў сам сабе.— Так жа могуць быць і непрыемнасці. Можна праваліць аперацыю».

Ён прыслухоўваўся да новых званкоў, але былі яны не такія ўжо частыя і тычыліся розных дробязей. Урэшце ў штабе ўсталявалася такая цішыня, што чуваць былі крокі вартавога за сцяной і пагойдванне маятніка ў школьным насценным гадзінніку.

Страмічка паклікаў ад’ютанта і разам з ім выйшаў са штаба. Яны жылі ў доміках, якія стаялі побач. Перад тым як развітацца з ад’ютантам, Страмічка запытаўся ў яго:

— Як справы, Людвік?

— Усё ў парадку, пан палкоўнік.

— Не наблытаюць хлопцы?

— Інструкцыі дадзены дакладныя, абы не пранюхалі толькі маёравы служкі.

І Страмічка, і яго ад’ютант добра ведалі, што памочнік камандзіра дывізіі быў нягласным вокам гестапаўцаў. У часе перамаўленняў партызаны прапанавалі былі, каб палкоўнік у самым пачатку аперацыі непрыкметна знік са сваімі людзьмі з тэрыторыі штаба. Але Страмічка адмовіўся ад такога плана, і яго аргументы партызаны палічылі слушнымі. Палкоўнік павінен быў аставацца ў штабе да самага канца аперацыі, каб, па-першае, не выклікаць якіх падазрэнняў у гітлераўцаў, а па-другое, каб сваімі распараджэннямі ў часе самой аперацыі памагчы партызанам чым можна. Калі адны часці маглі непасрэдна спрыяць партызанам, то другія трэба было альбо абясшкодзіць, альбо паралізаваць прадуманымі загадамі. Усё гэта было прадугледжана загадзя, але ў часе самой аперацыі маглі быць нечаканасці.

Шапнуўшы ад’ютанту, каб быў той напагатове, Страмічка пайшоў на кватэру. Ён распрануўся, каб крыху адпачыць, бо часу да пачатку аперацыі было яшчэ, як ведаў ён, багата. Але заснуць яму не ўдалося. Ляжаў з расплюшчанымі вачмі, прыслухоўваўся, як недзе ў сцяне тачыў шашаль, як за акном шалахцеў клён.

Ён, відаць, на які час задрамаў, бо не ўчуў асцярожнага стуку ў дзверы і не заўважыў, як, страціўшы ўсякую надзею дастукацца, дзяжурны са штаба ўваліўся ў пакой і, зачапіўшыся нагой за крэсла, перакуліў яго.

— Што такое? — спытаўся Страмічка, падняты гэтым грукатам.

— Паслухайце, пан палкоўнік, што робіцца там!

Страмічка прымоўк на якую хвіліну. Шыбы вокан ліхаманкава дрыжалі, у іх чорных квадратах успыхвалі, мітусіліся яркія зарніцы.

 

15

Было так цёмна, што за два крокі ад ракі нельга было ўбачыць яе вадзяной пространі. Неба зацягнула суцэльнаю хмараю, і праз гэтую нябачную заслону не прабівалася ніводная зорка. Слабы вецер то ўзнімаўся, то ападаў, згушчаючы цішыню ночы.

Прытуліўшыся за невысокім берагам ракі, якая рабіла тут крутую паваротку, сядзелі проста на пяску Саколіч, Бохан і Андрэеў. Паводдаль ад іх у прырэчных кустах пафырквалі коні. Там былі сувязныя.

Зрэдку паглядаючы на свой гадзіннік, Андрэеў гаварыў:

— Ну вось і Заруба павінен ужо быць на месцы. Дзесьці падыходзіць і брыгада Капушы, Байсаку астаецца прайсці кіламетры з два...

За пясчаным узгоркам, укрытым лазнякамі, размясціліся падрыўнікі. У вялікай варонцы, якая асталася ад бамбёжкі ў першыя дні вайны, згрудзілася некалькі чалавек бліжэйшых памочнікаў камандзіра падрыўнікоў Гушчы. Прыкрыўшыся пад некалькімі плашч-палаткамі, яны слухалі апошнія настаўленні свайго начальніка.

Саколіч стаяў, прыслухоўваючыся да начных гукаў. Ці то блізкасць падзей, ці то свежае начное паветра, якое ўдыхаў ён на поўныя грудзі, напаўнялі сэрца асаблівай прыўзнятасцю.

І ў гэтым прыўзнятым настроі прарываліся, аднак, неакрэсленыя, няясныя ноткі трывогі. Можа, уплываў трывожны шолах густых хмызнякоў, калі ўзнімаўся ад ракі лёгкі вецер? Ці, можа, непрыемна дзейнічала надрыўнае гудзенне тэлеграфных правадоў, якое даносілася сюды з боку чыгункі?

Зірнуўшы на гадзіннік, ён заспяшаўся. Да пачатку аперацыі аставалася якіх хвілін дваццаць. З захаду пачуўся грукат цягніка.

— Вось гэта называецца прыехаць не ў часе...— нездаволена сказаў Саколіч.

Эшалон ішоў без агнёў, толькі можна было заўважыць ледзь прыкметнае сіняватае святло, відаць, ад топкі. Не чуваць было і характэрнага перастуку класных вагонаў. Можна было меркаваць, што гэта быў звычайны грузавы эшалон.

Усе сцішыліся, прытаіліся. Рукі мацней сціснулі зброю. І ў маладзейшых, яшчэ як след не абстраляных, і ў старэйшых, якія прызвычаіліся да штодзённых сутычак з гітлераўцамі і якім не ў навіну былі ўсякія нечаканасці і самыя небяспечныя прыгоды,— ва ўсіх сэрцы нібы крышачку заспяшаліся, забіліся часцей. У гэты час на захадзе палыхнула зарніца. Дакаціўся прыглушаны адлегласцю гук выбуху. Такая ж зарніца ўспыхнула і на ўсходзе. Гэта ўзрывалі чыгунку, каб не падпускаць сюды варожых падмацаванняў.

— Сігнал! — крыху ненатуральным голасам крыкнуў Саколіч.

У неба ўзвілася ракета, і на якую хвіліну густая цемрыня знікла, нібы яе праглынула трапяткая чырвань. Яшчэ асыпаўся, церушыўся, ападаючы, след ракеты, як недзе непадалёк цяжка вухнула — і раз, і два, і тры. Над галовамі прашалахцела нешта вялізнае, нябачнае, успорваючы, як палатно, пругкае паветра, і жоўтыя агні разрываў выхапілі з цемры фермы моста.

І тут жа горача загаварылі кулямёты. Пры ўспышках разрываў відаць было, як замітусіліся ля казармы гітлераўцы. Некаторыя выскаквалі ў адной бялізне. Чуліся рэдкія галасы каманды. Узнялася страляніна. Забомкалі зенітныя скарастрэлкі. Скрозь грукат страляніны чулася, як тужліва завывалі сірэны на станцыі ды захлёбваўся ў трывозе гудок паравоза. Цягнік, відаць, не паспеў праскочыць да суседняй станцыі і, пачуўшы наперадзе выбух, падаўся назад і цяпер гудзеў, надрываўся, трапіўшы між двух агнёў.

Нечакана за якіх кіламетраў два за мостам усчалася частая перастрэлка, да якой далучыліся нямецкія мінамёты. Відаць, ад станцыі ішлі падмацаванні ахове, якія стрымліваў атрад лейтэнанта Камара. Адчуўшы падмогу, ажывіліся немцы ля моста. З апошніх сіл пачалі біць іх уцалелыя кулямёты і зенітка.

І калі здавалася, што гэты агонь дасягнуў найбольшай сілы, аднекуль злева, з-за чэзлага пералеску, які цягнуўся ўздоўж ракі, раптам пачулася некалькі гулкіх пушачных залпаў. Яны былі такія нечаканыя, што партызаны яшчэ шчыльней прыціснуліся да зямлі. Гэта білі ўжо не зеніткі-скарастрэлкі і не свае пляскаўкі, як празвалі хлопцы артылерыю Капушы. Нават артылерысты з цікаўнасцю глядзелі на гарматныя ўспышкі, і сёй-той не стрымаўся, каб не сказаць:

— Во гэта б’е!

— Не менш за дзесяць сантыметраў, д’ябал!

— Глядзі, хлопцы, яны ж па сваіх лупяць!

І сапраўды, снарады густа клаліся паабапал моста, якраз там, дзе прытаіліся дзоты. Залпы два прыйшліся па размяшчэнню зенітнай батарэі, і тут жа агонь быў перанесен на станцыю і на чыгуначны насып, адкуль стралялі нямецкія падмацаванні.

Гітлераўцы ля моста зусім былі прыціхлі, уражаныя нечаканым артылерыйскім налётам. Потым пачалі адстрэльвацца, але стралялі ўжо вяла, няўпэўнена. Партызаны двух атрадаў падышлі ўздоўж насыпу да самай ракі і, залёгшы на яе беразе, білі па дзоту, які агрызаўся яшчэ з таго берага кароткімі кулямётнымі чэргамі.

А нямецкая артылерыя ўсё біла і біла па сваіх. Ужо языкі полымя ўсхапіліся над станцыяй. Адзін снарад, відаць, трапіў у вагон з боепрыпасамі, бо на месцы выбуху разляталіся ва ўсе бакі агністыя істужкі. Не перастаючы шалёна гудзець, цягнік так і падаўся далей з хвастом, ахопленым агнём, каб хоць адысціся крыху ад абстрэлу.

З месца, на якім стаялі Саколіч і Андрэеў, цяпер можна было бачыць усё: абодва берагі, асветленыя пажарам казармы, ахопленую агнём станцыю, аграмадзіну моста, які ў палахлівых водблісках пажарышча здаваўся то лёгкім, ажурным, то раптам цямнеў і нібы апускаўся ніжэй, прагінаючыся пад уласным цяжарам.

— Пара! — адрывіста праказаў Саколіч і, як здалося Андрэеву, уздыхнуў.

Зялёная ракета заліла на які міг усё наваколле зданневым святлом.

Сухі трэск аўтаматаў разам зноў абудзіў страляніну. То ўзбегла на мост спецыяльная група аўтаматчыкаў і кулямётчыкаў, каб прыкрыць падрыўнікоў, якія ўжо цягнулі па шорсткіх дошках міжрэйкавага насцілу свае цяжкія пакункі.

— Хутчэй, хутчэй, не марудзь! — чулася праз аўтаматныя чэргі каманда Гушчы.

Аўтаматчыкі прабеглі да сярэдзіны моста і, прыкрываючыся за шырокімі бэлькамі фермы, вялі прыцэльны агонь, не падпускаючы гітлераўцаў на насып. Тыя яшчэ пастрэльвалі з укрыццяў, з уцалелага дзота. Паспрабавалі нават выбіцца на насып, але вымушаны былі адкаціцца назад.

Падрыўнікі працавалі хутка, суладна. Нехта войкнуў і сарваўся ўніз з моставага бруса. Яго месца адразу ж заняў другі і рупліва мацаваў тэлефонным дротам да бэлькі скрынку толу. Гушча перапоўзваў з месца на месца, прызвычаеным рухам пальцаў правяраў мацаванні запалаў, шнуроў. І хоць усё гэта было знаёма яму да апошняй драбніцы, хоць і не даводзілася самому цягаць сюды пудовыя пакункі толу, усё ж адчуў, як пацёкі поту залівалі твар. Тыльным бокам далоні выцер успацелы лоб, праверыў злучэнні шнуроў-дэтанатараў, перакінуў запальны шнур на канцы рэйкавых брусоў, каб не трапляўся ён пад ногі партызанам.

«Вось, здаецца, і ўсё...» — з палёгкаю падумаў і памацаў у кішэнях, шукаючы запалак. Усё ў парадку. Прыхіліўшыся спінаю да бэлькі, адну за другой выпусціў дзве белыя ракеты. Страляніна сціхла на абодвух берагах. Злёгку загудзеў мост пад тупатам ног. Беглі, спяшаліся назад падрыўнікі, аўтаматчыкі, кулямётчыкі, паспешна скочваліся з насыпу.

Гушча ступіў на дошкі бакавога насцілу, азірнуўся: а можа, хто там астаўся яшчэ на мосце? А мо хто паранены, ляжыць непадабраны? Прылёг, каб шалёная куля не скінула часам пад мост, узяў канец запальнага шнура, дастаў карабок з запалкамі. Трымаў яго моцна-моцна, нібы баяўся, каб не выхапіў вецер, хоць навакол было ціха. Толькі чуваць было, як патрэсквалі ў агні сцены казармы, ды ледзь улоўныя ўсплёскі вады чуліся знізу, ад ракі. Злажыў разам тры запалкі, не спяшаючыся чыркануў імі. Паднёс да зыркага полымя канец шнура. І тут жа разам з танюсенькім струменьчыкам белага дыму з ледзь улоўным сіпеннем пачалі вырывацца ружова-блакітныя іскаркі.

— Гарыць...— сказаў сам сабе Гушча і важка падняўся на ногі. Ступіў раз і два. Яшчэ раз азірнуўся. Га-арыць! Белы струменьчык дыму выразна відзён быў на цёмна-шэрым фоне насцільных дошак. Ён пабег па мосце і, саскочыўшы на пясчаную броўку, кулём кінуўся ўніз пад адхон, схаваўшыся ў нямецкім апусцелым акопчыку.

Слепкая ўспышка святла змяла на міг цемрыню ночы. Потым цяжка здрыганулася зямля ад глухіх грымотаў. Нешта са свістам, са свірчэннем пранеслася ў паветры і цяжка вухнула, дзесьці ўпаўшы. Паветраная хваля выхапіла з ахопленай агнём казармы некалькі бярвенняў, і яны імкліва пранесліся над зямлёй, пакідаючы за сабой дымныя іскрыстыя каснікі.

Тыя, хто знаходзіўся бліжэй, былі аглушаны так, што некалькі дзён кволіліся потым на вушы.

Калі рассеяўся дым, усе ўбачылі, што моста ўжо не было. Яго сярэдні пралёт нібы раскалоўся напал. Адна частка сарвалася з апоры і цяпер ляжала ў вадзе, вытыркаючыся пакарэжаным жалеззем. Другая частка стаяла ледзь не старчком.

Праз якую хвіліну пасля ўзрыву моста ўзгарэлася моцная страляніна ў сяле, дзе размешчаны быў штаб гітлераўцаў. Але як імгненна пачалася яна, так імгненна і закончылася.

Тым часам неба на ўсходзе пачало святлець. Бледная палоска вераснёўскай зары нібы праз сілу прабівалася праз змрок ночы. Людзі толькі цяпер адчулі восеньскую золь паветра і зябка пацепвалі плячмі, разміналі ацёклыя ад ляжання ногі. Неўзабаве быў дадзены сігнал агульнага адыходу, і да прыглушаных гукаў начы далучылася лёгкае парыпванне колаў: вывозілі забітых, паспешліва эвакуіравалі параненых.

Фантастычныя ўначы абрысы рэчаў станавіліся на месца, набывалі сваё звычайнае аблічча. Нягледзячы на тое што твары людзей былі шэрыя, зямлістыя ад стомленасці, ад узрушанасці, чуліся вясёлыя галасы, выбухі гучнага смеху, трапныя жарты.

Толькі Капуша быў хмуры. У вялікую злосць увайшоў ён праз страту двух сваіх пушак, падбітых фашыстамі. Да таго ж яго артылерысты не далічыліся чатырох таварышаў. Былі страты і ў атрадах, якія ўдзельнічалі ў блакадзе і штурме моста.

Крыху спаў гэты хмуры настрой, калі раптам у калоне, якая паволі ўцягвалася ўжо ў лес, пачуўся рэзкі выкрык:

— Немцы!

Кожны хапіўся за зброю, некаторыя адразу кінуліся ўбок і заляглі, трымаючы напагатове зброю.

Але тут жа пачулася гучная каманда Андрэева:

— Не страляць! Тут свае.

І праўда, калона спакойна выцягвалася ўжо на паляну. Партызаны глядзелі і не маглі зразумець, што тут робіцца.

Крыху воддаль, на прычэпе ў цягачоў, выцягнуўшыся ў шарэнгу, стаяла некалькі пушак, якія памерамі і сваім выглядам міжвольна выклікалі да сябе павагу.

Побач з групай нямецкіх афіцэраў стаяў Андрэеў, а з ім разам было і некалькі другіх партызанскіх камандзіраў.

Пачулася каманда спыніцца.

Калі да групы немцаў наблізіўся Саколіч з бліжэйшымі памочнікамі, да яго падышоў пажылы нямецкі капітан, адрапартаваў, узяўшы пад казырок.

Калі ж Саколіч і той капітан, моцна паціснуўшы адзін аднаму рукі, тройчы пацалаваліся, агульнаму здзіўленню партызан не было канца. І толькі тады, калі капітан той звярнуўся са словам да партызан, усё адразу стала ясна, і адны пачуцці саступілі месца другім.

— Таварышы! Мы рады вітаць вас як нашых родных братоў, як сапраўдных змагароў з фашыстамі. Мы рады заявіць вам, што ад гэтага дня мы, чэхі і славакі, пойдзем разам з вамі адной дарогай. І ніхто і ніколі не парушыць нашай дружбы, народжанай на полі бою. Смерць жа нямецкаму фашызму! Няхай жыве наша дружба і наша свабода!

Яшчэ не сціхлі грымотныя раскаты «ўра», а на паляне тварылася нешта несусветнае. Абнімаліся, цалаваліся, горача тлумачылі нешта адзін аднаму. І хоць не зусім разумелі адзін аднаго, але кожны на сваёй мове хацеў выказаць другому сваё захапленне, усю радасць з поваду гэтых падзей. Капуша, які хварэў душой за сваю артылерыю, улюбёным вокам пазіраў на пушкі, падышоў бліжэй да іх і, пагладжваючы рукой халаднаватую сталь дула, гаварыў з захапленнем:

— Мамачкі мае, вось гэта дык пушкенцыя, ды не адна, а цэлы, можна сказаць,— тут ён прыкінуў вокам,— дывізіён.

Тут жа схапіў у абдымкі маладзенькага лейтэнанта, камандзіра гарматы, і, пацепваючы яго па плячы і ласкава пазіраючы ў самыя вочы, усё ўгаворваў:

— Цяпер давай дамовімся: толькі да мяне, толькі ў маю брыгаду! Адразу ж скажу: абяцаю табе капітанскія зоркі. Як зваць цябе?

— Драгамір.

— Мамачкі мае, вось гэта імя! Драгамір — гэта ж няйначай як па-нашаму — даражэнькі! Дык выходзіць, што мы з табой самыя сапраўдныя прыяцелі. Дык так і знай: да мяне, у брыгаду Капушы, тут кожны ведае. І другім сваім скажы...

І каб хутчэй ажыццявіць свае намеры, Капуша, не зусім далікатна пакінуўшы свайго субяседніка, заспяшаўся да Саколіча, каб заручыцца яго згодай. Але Саколіч быў заняты сур’ёзнай размовай з капітанам. Капуша пачуў, як паўтаралася імя палкоўніка Страмічкі. Твар капітана быў сумны. Васіль Іванавіч паківаў галавою, раздумліва праказаў:

— Як жа гэта магло здарыцца? Загінуць у апошнюю хвіліну, калі нашы ўварваліся ў штаб?..

Капуша пачуў гэтыя словы і зразумеў, што цяпер не час гаварыць пра свае замыслы.

 

16

Калі палкоўнік, пакліканы дзяжурным, прыйшоў у штаб, там была поўная сумятня, блізкая да панікі. Праўда, обер-маёр прымаў самыя суровыя меры, каб навесці належны парадак. Ён арыштаваў ужо аднаго лейтэнанта і пагражаў яму расстрэлам за распаўсюджванне правакацыйных чутак. Але праз колькі хвілін ён і сам пераканаўся, што чуткі пра партызан ужо не чуткі, а самая рэальная сапраўднасць. Калі адзін за адным раздаліся выбухі на чыгунцы і тут жа пачаўся артылерыйскі і ружэйны абстрэл казармы ля моста, ён раскіс, зразумеўшы памеры той небяспекі, якая пагражала не толькі мосту, але і ўсім ім, хто непасрэдна адказваў за цэласць і спраўнасць чыгункі. Ён кінуўся быў да тэлефонаў і тут адчуў лёгкую дрыготку, якая працяла ўсё цела і халадком прабегла па спіне. Тэлефоны аглухлі, не працавалі. Здагадаўся, што сувязь перарэзана партызанамі. Паслаў ардынарцаў у розныя часці і бліжэйшыя гарнізоны, хоць і разумеў, што гэтым ардынарцам цяпер не прабіцца, бо было ўжо вядома, што партызаны апынуліся ў такіх месцах, дзе яны ніколі яшчэ не з’яўляліся. Ды і страляніна ішла, здавалася, усюды.

Ён заганяў ужо да сёмага поту дзяжурных і ўсіх другіх афіцэраў, як у штаб прыйшоў сам палкоўнік. Маёр адчуў вялікую палёгку, з яго плеч звалілася адказнасць за ўсе гэтыя падзеі. Ён хуценька далажыў аб прынятых мерах і сам чакаў распараджэнняў.

— Вы паведамілі на суседнія станцыі аб нападзе?

— Прашу прабачэння, але не мог.

— Прычыны? — суха запытаўся палкоўнік.

— У першую чаргу я заняўся нашымі мясцовымі сіламі...

— Гэта пахвальна... Але чаму вы не патурбаваліся неадкладна звязацца з бліжэйшымі станцыямі і гарадамі і папрасіць дапамогі?

— Чыгунка ўзарвана, пан палкоўнік...

— Не абавязкова ехаць чыгункай. Падмацаванні могуць падаслаць і на машынах, гэта будзе яшчэ хутчэй.

— О, пан палкоўнік, уся наша сувязь папсавана.

— Хто папсаваў?

— Партызаны, пан палкоўнік...

— Як бачу я, усе вы канчаткова тут страцілі розум. Самы страшны вораг кожнай арміі — гэта паніка. І вы ўсе паддаліся ёй, у тым ліку і вы, обер-маёр. Неадкладна на рацыю!

Толькі тут маёр успомніў, што ва ўсёй гэтай мітусні ён забыўся пра такі надзейны сродак сувязі, як радыё.

Радыст выцягнуўся ў струнку і з вінаватым выглядам чакаў распараджэнняў.

— Мне горад! — коратка загадаў палкоўнік.

Радыст разгублена адказаў:

— Асмелюся далажыць, рацыя выйшла са строю...

— Што, што ты сказаў, нягоднік?

— Апарат зусім не працуе, я вось мяняю каторую ўжо батарэю, агледзеў усе часткі, а ён маўчыць...

— Ты якой нацыянальнасці?

— Немец, пан палкоўнік...

Страмічка кінуў на яго беглы позірк.

— Шкада, шкада! — сказаў ён.— Калі б ты быў чэхам, я расстраляў бы цябе ўласнаручна, тут жа, ля твайго апарата.— І, павярнуўшыся да маёра, коратка загадаў яму:

— Арыштаваць і пад суд! Дзе ў нас яшчэ спраўныя рацыі?

— Ёсць на станцыі, ёсць у аховы моста, але цяпер не прабіцца туды. Ёсць яшчэ ў нашым артылерыйскім дывізіёне.

— Неадкладна паслаць туды матацыкліста, я дам тэкст шыфроўкай, каб зараз жа перадалі ў горад.

— Слухаю, пан палкоўнік.

Маёр толькі памкнуўся за дзверы, каб выканаць загад, як шыбы вокан так забразгацелі, што радыст спалохана таргануўся ўбок і ледзь не ўпаў, але, у час схамянуўшыся, выпрастаўся і стаяў бледны, разгублены.

— Гэта яшчэ што такое? — спыніўшы позіркам маёра, спытаўся палкоўнік тым абыякавым тонам, якім часам пытаюцца начальнікі ў сваіх падначаленых.

— Нашы пушкі, пан палкоўнік!

— Гэта добра. У самы раз,— спакойна прагаварыў Страмічка.

Калі яны выходзілі з пакоя, іх ледзь не збіў з ног адзін з афіцэраў штаба.

— Пан палкоўнік, пан палкоўнік!

— Што здарылася?

— Няшчасце, пан палкоўнік! Там нейкае непаразуменне!

— Дакладней і карацей, як і належыць афіцэру!

— Там нашы артылерысты б’юць па нашых пазіцыях!

— Божа мой, няйначай вы ўсе сягоння з глузду з’ехалі! Па якіх пазіцыях, я вас пытаюся?

— Па мосту, пан палкоўнік.

— Можа, там партызаны прарваліся?

— Не, пан палкоўнік, нашы супраціўляюцца, вось чуеце, які жорсткі бой вядуць яны? Тут жа простым вокам відаць уся карціна бою.

Сапраўды, у адчыненае акно школы ўвесь мост, асветлены пажарам казармы, быў як на далоні. Трасёры кулямётаў, зенітак ярасна праціналі цемень ночы. Разрывы снарадаў шчыльна лажыліся з абодвух бакоў моста, дзе былі размешчаны дзоты і другія ўмацаванні аховы. Недзе бліснулі ўспышкі гарматных стрэлаў, і разрывы снарадаў пачалі ўзнімаць слупы пылу, якія можна было лёгка прыкмеціць на асветленай пажарам зямлі.

— О, божа мой! — ускрыкнуў афіцэр.— Наша артылерыя! Але куды яны б’юць, куды яны б’юць? — афіцэр выхапіў хусцінку, выцер лоб, вільготныя скроні.

— Вы, шаноўны, не божкайце тут, як перапуджаны манах, і вазьміце сябе ў рукі. Не божкаць, а дзейнічаць трэба. І дзейнічаць неадкладна. Тут і сапраўды нейкае непаразуменне, якое можа прывесці да вялікай катастрофы. Нечая злая рука няправільна карэкціруе агонь. Зараз жа спыніць гэта і расстраляць на месцы карэкціроўшчыка. Пан маёр, разам з падрыхтаванай шыфроўкай матацыкліст павінен зараз жа перадаць камандзіру дывізіёна і мой загад неадкладна спыніць агонь па станцыі і перанесці яго на партызанскую батарэю.

Ён паспешна напісаў загад і, перадаючы яго маёру, тут жа загадаў афіцэру, які, разгубіўшыся, нерашуча перамінаўся з нагі на нагу, каб ён узяў палову салдат — каменданцкага ўзвода — і пастараўся прабрацца ў тыл партызанскай батарэі, нечакана напасці і абясшкодзіць яе.

— Слухаю, пан палкоўнік! — адказаў ён упаўшым голасам. І ў яго вачах з’явілася такая смяротная туга, што маёр, стары службака і чалавек, які не прызнаваў, як ён казаў, ніякіх сентыментаў, грэбліва скрывіў губы і не сцерпеў, каб не сказаць, намагаючыся надаць свайму голасу як мага больш пачцівасці:

— Пан палкоўнік, можа, лепш даручыць гэтае заданне каму-небудзь другому, а пану лейтэнанту...

— Патурбуйцеся, маёр, дакладна выконваць мае загады і пакажыце гэтым прыклад і маладзейшым. Усё! — апошнім словам ён падкрэсліў, што ўсякія размовы скончаны. Праўда, калі маёр і лейтэнант выходзілі з пакоя, Страмічка кінуў услед: — А вы, маёр, аддайце загад і зараз жа вяртайцеся, вы мне патрэбны.

«Вось гэта голас...» — падумаў маёр. Яму падабалася і рэзкасць тону палкоўніка, і яго безапеляцыйныя загады, а галоўнае тое, што ў палкоўніка была, відаць, добрая цвярозая галава. Ён не разгубіўся, як некаторыя іншыя, ва ўсёй гэтай не зусім бяспечнай мітусні. А мітусня была сапраўды вялікая.

Ужо данеслі ў штаб, што некаторыя падраздзяленні абстралялі ў начной неразбярысе сваіх. Другія, па ўсім відаць, паддаўшыся агульнаму замяшанню, тапталіся на адным месцы, марудзілі з агнём. Ад трэціх і зусім не было ніякіх вестак. Тыя ж, што не разгубіліся з самага пачатку, неслі цяпер вялікія страты. Ну і, вядома, цяжэй за ўсё даводзіцца батальёну, які дзяжурыў ля моста, і гарнізону станцыі. Пан палкоўнік меў рацыю, кажучы, што самае небяспечнае на вайне гэта паніка. Калі шчыра казаць, то і сам ён, маёр, разгубіўся спачатку так, што не ведаў адразу, за што ўзяцца, што пачынаць. Калі гаварыць па праўдзе, дык і ён, маёр, адчувае сябе крыху вінаватым ва ўсёй гэтай начной неразбярысе.

Былі ў маёра і другія думкі. Ён недалюбліваў палкоўніка. Як-ніяк, ён усё ж такі чэх, а не чэхам жа, урэшце, камандаваць сапраўднымі немцамі, такімі, скажам, як ён, маёр. Зразумела, калі начальства прызначыла яго палкоўнікам, дык на гэта ў начальства і ёсць, відаць, нейкія падставы. Тут і рэзон пэўны ёсць: не адным жа немцам падстаўляць свае галовы пад партызанскія кулі. Няхай і другія паспытаюць гэтага шчасця. Адным словам, калі добра падумаць, дык, можа, і няма асаблівых прычын недалюбліваць пана палкоўніка, каб не было адной акалічнасці, прычым сур’ёзнай акалічнасці. Яму, маёру, давялося пабыць на вымушаным візіце ў адным з важных аддзелаў штаба корпуса. Там камісар адной важнай дзяржаўнай установы сказаў яму, што на яго, маёра, ускладаецца адна з адказнейшых задач: ён павінен быць у дывізіі нядрэмным вокам гестапа і берагчы інтарэсы дзяржавы больш пільна, чым свае ўласныя.

Выконваць гэтыя новыя, не зусім афіцыйныя абавязкі аказалася не так ужо лёгка. Паспрабуй забярыся ў душу гэтага палкоўніка. Да яго службы ніяк не прычэпішся, у яго можна шмат чаму навучыцца ў армейскай справе. Ён ведае навылёт душу кожнага афіцэра, сурова спаганяе службу, і паспрабуй зрабіць у чым-небудзь правінку, ён дасць табе такога пытлю, што і дзесятаму закажаш. Не паглядзіць, ці ты чэх, ці ты немец, ці хто іншы. Праўда, калі трапляліся якія выпадкі выключнага злачынства з боку нямецкага афіцэра ці салдата, злачынства, якое патрабавала вышэйшай меры пакарання, палкоўнік абмяжоўваўся толькі арыштам вінаватых і перадаваў іх у распараджэнне вышэйшага камандавання. Што ж, гэта і правільна. Не чэху ж, урэшце, рабіць расправу над немцам.

Спраўны камандзір, нічога не скажаш. Калі б не быў ён чэхам, то вадзіў бы цяпер баявыя карпусы, а можа, і арміі. Але ж ён быў чэхам, ім і астаецца.

Розныя супярэчлівыя думкі апаноўвалі душу маёра.

Усе гэтыя думкі не давалі нічога суцяшальнага. Перад тым як аддаць загад дзяжурнаму матацыклісту, ён яшчэ раз уважліва прачытаў яго. Загад як загад, нічога ў ім падазронага няма.

Думкі захадзілі такім ходырам, што ў маёра разбалелася галава, і ён страціў усякую здольнасць дакладна разбірацца ва ўсім, што адбывалася навакол. Калі ён зайшоў да палкоўніка, той аддаваў распараджэнні афіцэрам, якія аставаліся яшчэ пры штабе. Тут быў і камандзір каменданцкага ўзвода, і кватармайстар, і начальнік канцэнтрацыйнага лагера, танюткі, як хлабысціна, капітан, вядомы ўсім па мянушцы «чысцютка», бо дзе б ні быў, куды ні трапляў, усё абіраў з грэблівай грымасай пылінкі, якія траплялі на яго мундзір. Капітан апынуўся ў штабе выпадкова, відаць быў у гасцях у каго-небудзь з прыяцеляў-афіцэраў. Маёр недалюбліваў «чысцютку», якога адносіў да той катэгорыі арыстакратаў, інтэлігентаў і іншых беларучак, якія яму так не падабаліся. Ды былі ў яго з ім і сякія-такія сутычкі па службе. Неяк той запатрабаваў ад яго батальён салдат, каб лавіць лагерных уцекачоў. Вядома, салдат давялося ўсё ж даць — прыкрыкнулі са штаба корпуса,— але ён, маёр, намякнуў тады гэтаму нахабнаму капітану, што займацца лоўляй уцекачоў справа паліцыі, а не арміі... Капітан проста ў тэлефонную трубку сказаў тады яму: «А хіба вы армія? Вы паглядзіце на сябе, вы ж не здольны са сваёй дывізіяй нават курэй лавіць!» І рэзка бразнуў трубкай. О, асмеліўся б ён сказаць так у вочы яму, ён бы паказаў яму тых курэй!

Палкоўнік аддаваў загады і, прыслухаўшыся да іх, маёр зразумеў, што становішча сапраўды цяжкае. Палкоўнік нешта сказаў і капітану-«чысцютцы». Той пачаў агрызацца, усхвалявана гаварыў, нервова пакусваў губы.

— Я не прымаю вашага загаду, бо не падначальваюся вам.

— Цяпер не час гаварыць аб падначальванні! У такіх абставінах, у якіх мы з вамі знаходзімся, кожны падпарадкуецца старэйшаму па чыну нямецкаму камандзіру.

— Так, я і падначалюся іменна нямецкаму камандзіру.

— Што вы хочаце сказаць гэтым, пан капітан?

— Тое, што вы чуеце, пан палкоўнік...

— Я загадаю зараз арыштаваць вас! — ужо крыкнуў выведзены з усякай цярплівасці Страмічка.

«Так яго, так яго, гэтую беларучку!» —мімаволі падумаў маёр, яўна спачуваючы палкоўніку і гатовы памагчы яму ва ўсёй гэтай справе.

Невядома, чым бы скончылася сутычка, каб у дзверы не ўварваўся перапалоханы афіцэр. З вырачанымі вачыма, з разгубленым позіркам, у пашкуматаным мундзіры з артылерыйскімі пагонамі, ён крыкнуў не сваім голасам:

— Ратуйце! Бунт!

Палкоўнік адразу пазнаў у ім афіцэра артылерыйскага дывізіёна. Угневаны, ён рэзка спытаўся ў яго, ступіўшы на які крок наперад:

— Што за вар’яцкі выгляд у афіцэра?

— Даруйце... Там робіцца бог ведае што. Там сапраўдны бунт... Яны зусім не слухаюць мяне... Яны стралялі па мне...

Палкоўнік паволі адшпіліў кабуру рэвальвера.

— Калі вы зараз жа не вернецеся ў дывізіён і не зробіце там належнага парадку, я ўласнаручна расстраляю вас як апошняга панікёра, як здрадніка на полі бою...

Афіцэр палахліва падаўся назад.

— Вось што, маёр! — звярнуўся палкоўнік да маёра.— Становішча ў нас сапраўды цяжкае. Зараз трэба накіраваць двух найлепшых матацыклістаў у горад. Дапамога патрэбна неадкладна. Потым я альбо вы, адным словам хто-небудзь з нас, павінен будзе з рэшткай салдат, якія ў нас асталіся, рушыць на вядомы вам мост у Гарэлым Лесе і прыкласці ўсе намаганні, каб абараніць яго ад захвату партызанамі. Іначай нам будзе кепска. Захопяць яго партызаны, тады не змогуць перабрацца і падмацаванні. А той, хто астанецца тут, неадкладна накіруецца ў дывізіён, там і сапраўды, відаць, не ўсё ў парадку. Вы разумееце мяне, маёр?

— Так, я разумею вас, пан палкоўнік...— з непрыхаваным смуткам адказаў маёр, не вельмі радуючыся таму, што яго чакала.

Зніклі ўсе сляды падазрэнняў, бо ён не мог знайсці якой сур’ёзнай прычыны, каб сапраўды западозрыць у чым-небудзь камандзіра. Вось жа ён прыняў захады, нагнаў страху на баязліўца-афіцэра, што зрабіў бы ў такім выпадку любы палкоўнік-немец.

— Пойдзем да карты, пан маёр! — паклікаў яго палкоўнік.

І толькі ён сказаў гэта, як моцна здрыгануліся сцены будынка, вылецела са звонам некалькі шыб, калыхнуліся чорныя лісты светамаскіровачнай паперы, адзін з іх сарваўся і з сухім трэскам упаў на падлогу.

Усе, хто быў у пакоі, зразумелі, што адбылося нешта непапраўнае, ва ўсякім разе такое, што парушыла ўстаноўлены распарадак службы і, відаць, будзе звязана з рознымі буйнымі непрыемнасцямі. Ды не мінала і адчуванне вялікай небяспекі, якая непасрэдна навісла над імі.

І не паспела заціхнуць раскацістае рэха выбуху, як тут жа, побач, у самым сяле ўзнікла частая страляніна. Яна прыкметна набліжалася да штаба.

Некаторыя інстынктыўна падаліся ад акна ў глыб пакоя.

Ужо чуваць было, як бягуць па вуліцы людзі. Можа, то беглі свае салдаты, а можа, партызаны — ніхто дакладна не ведаў, ды ніхто, відаць, і не меў асаблівай ахвоты падацца туды, каб дакладна высветліць, што адбываецца там.

Некалькі стрэлаў пачулася пад самымі вокнамі, на вуліцы і на двары школы. У пакой ускочыў з двара напалоханы насмерць вартавы. Ён крыкнуў сарваным голасам:

— Пан палкоўнік, пан палкоўнік, ратуйцеся, там партызаны! — і ў страху замёр на месцы. Ён баяўся і палкоўніка, які мог сурова пакараць яго за тое, што пакінуў без дазволу свой пост, і баяўся партызан.

Словы салдата, які глядзеў на афіцэраў, нібы чакаючы ад іх ратунку, вывелі некаторых з таго здранцвення, у якім яны знаходзіліся.

Хапаючыся за кубуру і кусаючы губы, капітан-«чысцютка», нібы задыхаючыся, прасіпеў прыглушаным шэптам:

— Святло тушыце, святло!

— Цяпер гэта зусім дарэмна...— спакойна адказаў палкоўнік.

А на ганку школы за дзвярмі ўжо чуўся тупат людскіх ног, пачулася незнаёмая каманда, і ўсе зразумелі, што там партызаны.

— Я загадваю, панове афіцэры,— крыху ўсхваляваным голасам праказаў палкоўнік,— каб не рабіць лішняга кровапраліцця, скласці зброю...

Дзверы з шумам расчыніліся, уварвалася некалькі чалавек.

— Рукі ўгору! — грымнуў уладны голас, і разам з ім пагрозна бразнулі затворы аўтаматаў і вінтовак.

Рукі афіцэраў выцягнуліся ўгору. І тут пачуўся істэрычны выкрык:

— На ж табе, пракляты чэх!

Адзін за другім раздаліся два стрэлы з пісталета. Выбітая з рук капітана зброя гулка ўдарылася аб стол. Капітан-«чысцютка» шалёна намагаўся вырвацца, калі яму скручвалі рукі за спіну. Людзі не паспелі падскочыць да палкоўніка, каб падтрымаць яго, як ён паволі асунуўся на падлогу.

Маёр, які, пачуўшы тупат ног на ганку, падаўся бліжэй да акна, быў ні жывы ні мёртвы ад перапалоху. Калі раздаліся пісталетныя стрэлы, ён у жывёльным страху кінуўся ў акно. Некалькі куль дагналі яго, і ён глуха чмякнуўся вобзем.

Калі кінуліся да палкоўніка, каб аказаць яму першую дапамогу, ён быў ужо мёртвы.

Так загінуў Вацлаў Страмічка, якому не давялося ўбачыць завяршэння ўсіх падзей, удзельнікам якіх стаў ён, каб адпомсціць ворагу за знявагу свае айчыны.

 

17

Польскіх «дэлегатаў» судзілі разам з некаторымі палоннымі гітлераўцамі. Частку палонных, у тым ліку і лейтэнанта Гросберга, адаслалі самалётам у Маскву.

Суд адбываўся ў адной вёсцы. Паколькі Саколіч выказаў думку, каб палякаў судзілі самі палякі, у штаб да яго з’явілася спецыяльная дэлегацыя з атрада імя Касцюшкі. З дэлегацыяй прыбыла і рота партызан.

Пшыборскі, Хатур да апошняга дня адмаўлялі свой удзел у якіх бы то ні было злачынствах. Хатур адмовіўся і ад свайго ранейшага прызнання, што ён не Хатур, а Гмысь.

На судзе было багата народу. Тут было і мясцовае сялянства, і партызаны, і салдаты са славацкай дывізіі, і польскія партызаны.

Першага дапытвалі на судзе Пшыборскага. Ён яшчэ не ведаў, што на суд з’явіліся польскія партызаны, і ўсё нёс старую лухту пра сваё дэлегацтва.

Суд даў слова камісару польскага партызанскага атрада імя Касцюшкі.

Пшыборскі, пачуўшы толькі адну назву атрада, звяў, разгубіўся, зразумеўшы, што ўсёй яго ігры прыходзіць урэшце канец. Камісар запытаўся:

— Скажыце, з якой мэтай вы забілі нашых таварышаў — Пшыборскага і Хатура?

«Дэлегат» маўчаў якую хвіліну, натужна думаючы, як лепш выбрацца з тупіка. Урэшце ўсміхнуўся і даволі развязна адказаў на пытанне пытаннем:

— Я не ведаю, навошта вы задаеце мне пытанне пра Пшыборскага, якога нехта недзе забіў? Так, я Пшыборскі, але Пшыборскіх сотні і тысячы, якое ж я маю дачыненне да другога Пшыборскага?

— Маеце непасрэднае дачыненне. Вы ж заявілі, што вы дэлегат ад партызанскага атрада імя Касцюшкі!

— Як жа я магу адмовіцца ад таго, пра што сам сказаў? Так, я дэлегат ад названага атрада.

— Вы несяце несусветную лухту. Вось тут сядзяць дзесяткі партызан з атрада Касцюшкі, ніхто з іх у вочы вас не бачыў.

— Ім не абавязкова мяне бачыць. Гэта справа камандавання атрада, а яно не дакладвае ўсім партызанам, каго, калі і куды пасылае на сувязь.

— Я прадстаўнік камандавання атрада, але вас я зусім не ведаю. І не толькі не ведаю, нават ніколі не бачыў, а таму і пасылаць вас куды-небудзь не мог.

— Што ж тут дзіўнага? Не адзін у нас атрад імя Касцюшкі, не абавязкова вы павінны ўсіх ведаць.

— У той мясцовасці, якую вы назвалі, толькі адзін атрад імя Касцюшкі.

— Мясцовасцей у нас багата, я мог выпадкам і памыліцца ў слове.

— Вы маглі памыліцца ў слове, але адкажыце нам, як у вашы рукі папала шыфроўка, якую пасылалі мы ў штаб з нашымі людзьмі Пшыборскім і Хатурам?

— У маіх руках не было ніякай шыфроўкі.

— Не ў вашых руках, дык у вашых саўдзельнікаў.

— Я тых людзей не ведаю.

Суд апытаў і Хатура, а за ім Брадоцкага і Гэмдаля. Тыя таксама адмаўлялі якое б там ні было дачыненне да шыфроўкі, ды і спасылаліся на тое, што яе ўзялі ў забітага, якога яны не ведаюць, бо ён выпадкам толькі далучыўся да іх.

Усё змянілася, калі суд выклікаў новага сведку. І хоць быў ён недарослы яшчэ, падсудныя адразу настаражыліся.

Лявонка, калі вялі яго да стала, за якім сядзелі суддзі, не заўважыў спачатку падсудных. Адна рука яго была яшчэ перавязана. Ён стаяў перад судом, шчуплы, хударлявы, у зрэбных штанах, у новых кірзавых ботах, якія падабралі яму ў штабе. Ад ляжання ў шпіталі густы загар сышоў, і твар стаў бялявы, як бы празрысты. Рысы твару завастрыліся, патанчэлі. Ён з цікавасцю зірнуў на судзейскі стол, за якім сядзеў Бохан і двое незнаёмых, адзін з якіх быў у нямецкай форме, другі ў цывільным адзенні. Бохан запытаўся:

— Ці ведаеш ты, Лявонка, гэтых людзей?

Хлапчук зірнуў у той бок, куды яму паказалі. І тут знікла ўся яго павольнасць, уся яго сталая разважлівасць. Твар пабялеў, здавалася, яшчэ болей, узгарэліся вочы. Ён увесь напружыўся, нібы быў гатовы кінуцца стрымгалоў на гэтых людзей. Сцятыя кулакі яго дрыжалі. І ён ускрыкнуў рэзкім, нібы сарваным голасам:

— Чаму вы не пазабіваеце гэтых душагубаў?

— Спакойна, Лявонка, не хвалюйся! Ніводзін бандыт не міне свае кары. Ты вось раскажы нам лепш усё па парадку, што пра іх ведаеш.

Падсудныя сядзелі ўнурыўшыся. Толькі Пшыборскі, паціраючы сваю левую шчаку, мармытнуў праз зубы:

— Усё гэта мана, мана, мана...

— Што мана? — аж успыхнуў Лявонка.— Добрая мана, калі вы самі забілі з пісталета чалавека, якога я вёў, калі ён паспрабаваў бегчы. І мне загадалі, каб я не бег, а тады даганялі яшчэ ды ўсё стралялі. Добрая мана, калі праз гэтую ману я праляжаў колькі тыдняў у шпіталі. А другога чалавека, якога яны ўтрох трымалі і адбіралі ў яго нейкі дакумент, забіў вунь той, што сядзіць з краю, з рубцом на шчацэ. Нажом забіў. Ды яшчэ прыстрэльваў вунь той, што галава круціцца, як у гада, ва ўсе бакі.

І Лявонка паказаў на Брадоцкага, які ўцяў сваю галаву ў плечы. Гэмдаль сядзеў, сагнуўшыся ў тры крукі, і яго твар пачынаў рабіцца ліловы, нібы ўбіраў усю сінь з глыбокага рубца на шчацэ, які надаваў твару калючы, непрыемны выгляд.

— Можа, падсудныя хочуць задаць якія пытанні сведку?— звярнуўся да іх Бохан.

Падсудныя сядзелі ў глыбокай задуме. Толькі Брадоцкі памкнуўся быў нешта сказаць. Але калючы позірк Пшыборскага прастроміў яго і прыкаваў да лаўкі. Ён так і сядзеў з разяўленым ротам, уныпіўшы вочы ў пясок.

— Тады, можа, з падсудных хто хоча расказаць пра ўсю справу? — перапытаў Бохан.

— Нам няма чаго гаварыць,— суха адказаў Пшыборскі, абвёўшы ўважлівым позіркам сваіх таварышаў, як бы прыкмячаючы кожны іх рух, кожную рыску на іх тварах.

У якасці абвінаваўцы выступіў адзін з польскіх партызан.

— Дарагія таварышы і сябры! Перш за ўсё я павінен выказаць вам глыбокі жаль з прычыны таго, што гэтыя здраднікі, якія набраліся нахабнасці называць сябе прадстаўнікамі польскага народа, мелі на ўвазе нарабіць вам вялікай шкоды. Яны намерваліся знішчыць ваш штаб. Як бачыце, вашы ворагі з’яўляюцца заклятымі ворагамі і польскага народа. Агульны наш вораг — нямецкі фашызм. Ёсць у польскага народа яшчэ адзін вораг, гэта тыя, хто здрадзілі яму ў трыццаць дзевятым годзе, пакінулі яго на волю лёсу перад разлютаванымі полчышчамі гітлераўцаў, а самі паўцякалі за межы і спакойна сядзяць там, праядаючы народнае дабро, якое паспелі вывезці з Польшчы. Але было б столькі бяды, каб яны толькі сядзелі там. Прызвычаіўшыся сядзець на народным карку, яны і цяпер лічаць сябе кіраўнікамі Польшчы і прымаюць усе захады да таго, каб і пасля вайны зноў сесці на шыю народу. Як вам вядома, ёсць і так званы лонданскі ўрад, у які ўваходзяць усе былыя міністры. Ім мала абыходзяць інтарэсы народа. Яны клапоцяцца больш за ўсё пра тое, каб пааставаліся маёнткі памешчыкаў, фабрыкі і заводы фабрыкантаў. Як жа, яны чакаюць канца вайны, каб зноў вярнуць нам усіх польскіх крывасмокаў! Але ў якім канцы вайны яны зацікаўлены? Яны супроць таго, каб прыспешыць канец фашызму. Яны за перамогу над савецкім народам, бо тады яны вярнулі б сабе не толькі маёнткі і фабрыкі на польскай зямлі, а вярнулі б і маёнткі, страчаныя імі на заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх землях. А хіба мала яшчэ прыхільнікаў лонданскага ўрада ў нас, у Польшчы? Усімі праўдамі і няпраўдамі яны намагаюцца стрымаць барацьбу польскага народа супроць гітлераўцаў. Яны перашкаджаюць польскім партызанам біць сваіх ворагаў. Ствараюць падпольныя баявыя арганізацыі, але рыхтуюцца ваяваць не з фашыстамі, а з савецкім войскам, якое адзін на адзін змагаецца з лютым ворагам. Яны ідуць на ганебнае пагадненне з гітлераўскім камандаваннем і выконваюць паліцэйскія функцыі супроць польскіх і савецкіх партызан. З асяроддзя іх выходзяць самыя агідныя адшчапенцы народа, для якіх не існуе на зямлі нічога святога. Вось тут сядзіць перад вамі пан, які называе сябе Пшыборскім. Ён прысвоіў сабе прозвішча забітага ім чалавека, каб лепш прабрацца ў ваша асяроддзе і весці там падрыўную работу. Хто ён, гэты пан? Гэта пан Пшэздэцкі, які некалі меў маёнтак пад Гродна. Ён быў капітанам у арміі Пілсудскага. У падпольнай баявой арганізацыі ён з’яўляецца камендантам Слонімшчыны і мае мянушку Орліка. На службу да гітлераўцаў ён перайшоў у саракавым годзе і цяпер з’яўляецца кіраўніком тэрарысцкай групы, якая забіла дзесяткі нашых лепшых падпольшчыкаў. А колькі чалавек ён паслаў на фашысцкую шыбеніцу? Няхай пра гэта ён раскажа сам. Вось кім з’яўляецца так званы пан Пшыборскі.

— Мана, правакацыя! — выкрыкнуў Пшыборскі, выціраючы густы пот, які пацёкамі расплываўся па твары і шыі.

— Гэтае слова вы любіце, пан Пшэздэцкі: на мане і правакацыі вы пражылі ўвесь век. Хоць дарэмна я называю вас панам Пшэздэцкім. Які з вас пан, ды яшчэ польскі, калі сапраўднае апошняе прозвішча ваша нумар соты, як лічыцеся вы ў гестапаўскіх спісках... Ад імя гераічнага польскага народа я і патрабую для сотага нумара смяротнай кары праз павешанне. Такія гадзюкі не павінны атручваць нашай зямлі.

Пракаціўся гнеўны гул, і падсудныя зразумелі, што гэта прыходзіць немінучы канец, ад якога не знайсці ўжо ніякага збавення і не знайсці ніводнага заступніка. Яны сядзелі з апушчанымі галовамі, нерухомыя, здранцвелыя. У некаторых дробна трымцелі калені. Толькі Брадоцкі парываўся ўсё нешта сказаць, раз-поразу торгаючыся на месцы. Але штурхалі пад бакі яго суседзі, нешта злосна сіпелі.

Выступіў абвінаваўца.

Ён гаварыў пра кожнага падсуднага, прыводзіў факты і зачытваў дакументы. І перад людзьмі праходзілі гісторыі розных жыццяў. Шляхі былі розныя, але сыходзіліся яны ў канцы разам у адных і тых жа дзвярах гестапа. У кожнага па два, па тры прозвішчы, гестапаўскія нумары. Для ўсіх падсудных абвінаваўца патрабаваў вышэйшай меры пакарання.

Першы з апошнім словам выступіў Брадоцкі.

— Я не прашу ў суда дараваць маіх злачынстваў, бо яны сапраўды цяжкія. Я і раней хацеў расказаць пра ўсё, але вось яны,— паказаў ён на сваіх калег,— пагражалі задушыць мяне. Абвінаваўца не сказаў яшчэ, што пан Пшэздэцкі да гестапа працаваў і ў польскай дэфензіве. Ён заўсёды быў супроць народа, ён багата расстраляў людзей, калі са сваім уланскім палком некалі ўдзельнічаў у карнай экспедыцыі. Яны ж праводзілі тады пацыфікацыю краю. І вось гэтыя разбойнікі падманілі мяне, як багата каго і з іншых. Яны ж абвясцілі нам, што змагаюцца супроць немца за нашу родную Польшчу. Я, рабочы гуты, паверыў ім, бо яны гаварылі, што кожны паляк, які здольны насіць зброю, павінен быць гатовы да змагання з фашыстамі. Потым мы, такія як я, убачылі ка ўласныя вочы, як расстралялі яны некалькі нашых таварышаў, якія памагалі чырвоным партызанам. І яны сказалі нам, што пакаралі смерцю людзей за тое, што тыя нібыта былі гітлераўскімі шпіёнамі. Некаторыя з нас адмовіліся быць у такой арганізацыі. Тады яны знішчылі сем’і нашых таварышаў і сказалі, што гэта зроблена чырвонымі партызанамі. А некаторым, у тым ліку і мне, яны сказалі, што расстраляюць і нас і нашых блізкіх, калі мы не будзем выконваць іх загадаў.

Я адмаўляўся ісці сюды, і тады яны ўзялі ў заложнікі майго шаснаццацігадовага сына, якога і цяпер трымаюць недзе ў патайной турме ў скляпенні аднаго з касцёлаў на Слонімшчыне. Вось што я магу сказаць вам. І гэта не ў апраўданне, бо на маёй душы таксама ляглі цяжкія злачынствы. Праўду сказаў хлапчук, які выступаў тут, што я прыстрэліў аднаго з дэлегатаў. Яго біў нажом вось гэты недабіты пан паручнік. Біў і не дабіў. Кажу гэта не ў апраўданне сваё, а каб людзі, якія чуюць мяне, выбавілі з няволі майго сына, ён жа ні ў чым, ні ў чым не вінаваты ні перад панам богам, ні перад польскім людам. А я гатовы прыняць лёс, наканаваны мне.

Людзі выслухалі Брадоцкага моўчкі. Ніхто асабліва не спагадаў яму, бо завельмі вялікія былі злачынствы, перад якімі ніклі, адыходзілі на задні план усе акалічнасці, пра якія расказаў ён.

З другіх падсудных выступіў толькі Орлік, ён жа пан Пшэздэцкі.

— Я быў бы наіўны, каб спадзяваўся на нейкую вашу літасць. Я ведаю, што я загіну, а таму і гавару вам шчырую праўду: я ненавіджу вас, як лютых маіх ворагаў, ворагаў мае Польшчы, тае вялікае, ад мора да мора, Польшчы, за якую змагаліся стагоддзямі мае слаўныя дзяды і прадзеды. Змагаліся і кіравалі ёй. Кіравалі і вамі, халопы. І вы не прычакаеце, каб паставіць нас пад сабой. Не будзе гэтага... Я гіну за маю вялікую, старую Польшчу...

— Ты гінеш за Гітлера, сабака, а не за Польшчу. Яна пастаіць за сябе і без твае дапамогі, бо твая дапамога штурхае яе ў бездань, юда! — выкрыкнуў нехта з польскіх партызан.

Пасля невялікай нарады суддзі абвясцілі свой прысуд ад імя польскага і савецкага народаў: Орліка павесіць, Гэмдаля і Хатура расстраляць, а справу Брадоцкага даследаваць дадаткова.

Суд апраўдаў некалькіх афіцэраў з палка Вацлава Страмічкі, і ім абвясцілі, што ў якасці палонных яны будуць перапраўлены ў Савецкі Саюз. Начальніка лагера, эсэсаўскага капітана, прысудзілі да павешання.

 

Частка другая

 

1

Маладзенькая сакратарка акінула вокам Надзю з ног да галавы, даўшы ацэнку яе адзенню, прычосцы, манеры трымацца. Маленькі лобік над напудраным носікам прыйшоў да заключэння:

«Відаць, з адукаваных... Але што з таго, што з адукаваных. Цяпер нават некаторыя прафесары вартаўнікамі працуюць. Аднак яна прыгожанькая...»

Гэты вывад быў ёй не вельмі даспадобы, і, нахмурыўшы свой лобік і важна задзёрты гузічак носа, яна спыталася тым суха-афіцыйным тонам, якім могуць размаўляць толькі асабістыя сакратаркі:

— Вам да каго?

— Да пана Ермачэнкі.

— Не да пана Ермачэнкі, а да спадара Ермачэнкі.

— Выбачайце, іменна да спадара.

— Яны цяпер не прымаюць. У іх важная нарада ідзе.

— Што ж, я пачакаю, часу хапае.

— Хочаце — чакайце...— безуважліва адказаў напудраны носік, уважліва прыглядаючыся да дзяўчыны.— Толькі я павінна заявіць вам, што спадар Ермачэнка не любіць, каб у прыёмнай сядзелі розныя староннія асобы.

— Дзякуй, што сказалі. Я пасяджу і ў калідоры.

— Сядзіце сабе хоць і тут,— міласліва дазволіў носік, якога цікавіла кожная новая асоба. Ды і рабіць не было чаго. Алоўкі даўно завостраны, некалькі паперак падрыхтаваны, нямецкі часопіс прагледжаны. Сумна ж пазяхаць адной, бо, чаго добрага, можна і сківіцы паламаць.— Вось там крэсла, бярыце і сядайце. Калі шчыра казаць, дык спадар Ермачэнка не вельмі ўпадобаюць, калі ў прыёмнай аціраюцца мужчыны ды яшчэ якія-небудзь, фі, ну простыя людзі. Яны цярпець не могуць такога народу, бо ад яго адны толькі непрыемнасці і больш нічога. А вы па якой справе да спадара Ермачэнкі?

— Шукаю працы...

— О, гэта цяжкая справа. Дзе цяпер той працы набярэшся. А вы ж якую спецыяльнасць маеце?

— Была і настаўніцай, і медыцынскім работнікам. Магу працаваць і ў канторы.

— У канторы? Гэта, бадай што, немагчыма. Патрэбны асобныя заслугі, каб прыдбаць якое добрае месца.

— Што ж, можа, я і маю патрэбныя заслугі...

— Тады вядома...— і носік з падвоенай цікаўнасцю зірнуў на дзяўчыну.— А скажыце, калі ласка, дзе вы працавалі да апошняга часу?

— Больш па раёнах.

— О, гэта ж так цікава! Але ж, відаць, страшна цяпер працаваць на раёне. Там жа ўсюды гэтыя бандыты, ну, як называюць іх, партызаны. І вы не баяліся іх?

— Чаго ж мне баяцца?

— О, не кажыце! Расказваюць, яны чэпяцца да ўсіх, усіх рэжуць ды забіваюць, нікога не мілуюць, ні старога, ні малога. Гэта ж храбрасць трэба мець, каб жыць цяпер дзе-небудзь за горадам. Калі ў нас у горадзе, скажу вам, дык і то неспакойна. А ноччу і носа на вуліцу не паказвай. Хто-хто, а нават мы са спадаром Ермачэнкам і то баімся. Ноччу дык ва ўсім доме ўсе дзверы і вокны на замкі ды на завалы, на другім паверсе ўнутраныя аканіцы ставім.

— А хіба вы жывяце ў адным доме са спадаром Ермачэнкам?

— А як жа! — з шчырым здзіўленнем прамовіў носік.— Мы ж і прыехалі ўсе разам з Прагі: і я, і спадар Ермачэнка, і яго шафёр. У Празе ў нас была ўласная жаночая бальніца, адных прафесараў аж некалькі чалавек працавала, шы-ыкозная бальніца. Ну і цяпер у спадара вялікі штат уласнай прыслугі. З Прагі ўсіх прывёз. Бо, ведаеце, тут цяжка знайсці шчырых беларусаў, усё невукі нейкія, ну як бы вам сказаць, няма ў іх належнай еўрапейскай культуры. А, ведаеце, там жа такія цудоўныя гарады. І Прага наша, дзе жылі мы, і другія гарады. Я, мілая, ездзіла аднаго разу са спадаром у Парыж. Ну, скажу я, гэта сапраўдны горад. І Берлін прыгожы. Гарады дай божа, не раўня якой-небудзь Маскве. Гэта ж проста звычайная вёска.

— А вы былі калі-небудзь у Маскве?

— Не, не даводзілася. Расказвалі. А вам якія панчошкі лепш падабаюцца?

— Любыя, абы цэлыя.

— Вы адсталі ад жыцця... Мы дык з Парыжа выпісваем. Але мы з вамі гаворым, гаворым, а я не ведаю яшчэ, як вас зваць, сястрыца?

— Завіце Надзеждай Астапаўнай.

— Ага, гэта можна проста гаварыць Надзя.

— Можаце называць і Надзяй.

— А маё імя Марлен.

— Вы немка, відаць?

— Якая там немка! Маё імя Маруся, бо мой татка быў рускім палкоўнікам царскай службы. А спадар Ермачэнка заве мяне Марыляй, гэта па-беларуску. Ён і гаварыць мяне навучыў па-беларуску, я спецыяльныя курсы прайшла. Ну, для спадара я магу быць і Марыляй, яму ж так патрэбныя шчырыя беларусы... Ён, можа, стане хутка міністрам, ну дык і мне неяк трэба для свае кар’еры быць шчырай беларускай, няхай сабе і Марыляй. Але гэта ўсё ж так непрыгожа гучыць. Ма-ры-ля... Дык для сябе і для паноў афіцэраў я толькі Марлен, толькі Марлен. Гэта так цудоўна і, ведаеце, крыху рамантычна.

— Але, для вас нядрэнна, зусім нядрэнна...

— Вось бачыце, я так рада, калі адчуваеш агульнасць думак!

За якую гадзіну Надзя даведалася ад гаваркога носіка пра ўсё закуліснае жыццё гэтай саліднай установы, якая называлася ,,Беларускай самапомаччу”. Марлен расказала ёй,— «ну, вы ж свой чалавек!» — як ставяцца самі начальнікі да свае ўстановы.

— Спадар часам як падап’юць, дык так і гавораць: самапомач і існуе для таго, каб самому сабе памагаць, ні на кога асабліва не спадзеючыся. Дык так і жывём, і памагаем сабе. Ну, і нам таксама не кепска жыць, куды лепей, чымся тады, як жылі мы ў Празе...

Невядома, колькі часу працягнулася б гэтая гутарка, каб дзверы з кабінета раптам не адчыніліся і адтуль не высыпалася з паўдзесятка спадароў. Яны яшчэ затрымаліся на якую хвіліну ў прыёмнай, пакуль не выйшаў сам начальнік самапомачы спадар Ермачэнка. Зірнуўшы ўважлівым вокам на Надзю, ён спытаўся ў сакратаркі пра нейкія паперкі, і тая стрымгалоў кінулася шукаць іх у насценнай шафе.

Мелькам прагледзеўшы паперкі і яшчэ раз кінуўшы вокам на незнаёмую яму дзяўчыну, ён начальніцкім голасам звярнуўся да падначаленых:

— Можаце ісці, спадары. Да наступнай нарады падрыхтуйце мне дакладныя весткі па ўсіх акругах. Памятайце, што галоўнае на сённяшні дзень — гэта добраахвотнікі ў Германію.

Спадары ўгодліва развіталіся і адзін за адным, бачком, бачком, падаліся да дзвярэй.

— Гэта ваша новая прыяцелька, Марыля? — шэптам спытаўся начальнік у сакратаркі.

— Не, паважаны спадар, гэта наведніца да вас, прыйшла па нейкіх справах.

Ермачэнка крыху спахмурнеў.

— Шкада, шкада, цяпер жа позна, самы раз ісці на абед.

Але, зірнуўшы яшчэ раз на дзяўчыну, ён увесь ператварыўся ў лагодную ўсмешку, ад якой, здавалася, успыхнуў стракаты гальштук пад каротка абстрыжанай барадой.

— Вы да мяне?

— Да вас, спадар Ермачэнка.

— Ну, што ж мне рабіць з вамі? Час позні ўжо. Але ж для слаўнай палавіны роду чалавечага ў нас заўсёды павінен знайсціся час. Прашу вас!

Ён галантна адчыніў дзверы, схіліўся ў пачцівай паслужлівасці і, перачакаўшы, пакуль дзяўчына не пераступіць парога, зайшоў следам за ёй. Прапанаваўшы крэсла, сам сеў за сталом, пацёр з асалодай кулачкі.

— Чым магу служыць вам, шаноўная спадарыня?

— Ведаеце, мне не хацелася турбаваць вас, бо вы ж чалавек заняты, у вас такія важныя дзяржаўныя справы.

— О, спраў хапае!

— Бачыце, ваш пляменнік некалі параіў мне перайсці на працу ў горад, бо тут, кажучы шчыра, і людзей культурных болей, і зусім другі размах у працы, і значна бяспечней, чымся дзе-небудзь на раёне.

— Гэта вы правільна, зусім правільна гаворыце. Дык вы былі знаёмымі з маім пляменнікам?

— Але, была знаёма.

— Калі ж вы пазнаёміліся?

— Мы пазнаёміліся ў поездзе. Ён ехаў у Кутасавіцкую воласць, а я на настаўніцкую працу па суседству. Ён яшчэ на ўсякі выпадак запіску мне даў да вас. Вось, калі ласка.

Ермачэнка ўзяў запіску, распрастаў яе пальцамі на стале. Твар яго нахмурыўся. Сашчарэпіўшы рукі, ён сумна праказаў:

— О мой Гена, мой экспансіўны хлопчык! Ужо колькі месяцаў, як яго няма на свеце...

— Божа мой, што ж здарылася з ім? — зусім натуральна спыталася дзяўчына.

— Загінуў смерцю храбрых на полі бою. Народ нясе вялікія ахвяры за сваю ідэю. Мой хлопчык Гена — адна з такіх ахвяр.

— Як жа гэта ўсё здарылася?

— Што гаварыць... Гэта самая звычайная гісторыя, якая паўтараецца амаль штодня. Паліцэйскі атрад разам з нямецкім гарнізонам уціхамірвалі нейкую там вёску, у якой мужыкі ніяк усё не могуць адысціся ад бальшавіцкіх ідэй... Ну, і напароліся на ўзброеных бандытаў. А ў фінале — дзесяткі страчаных жыццяў. Загінуў як воін, як сапраўдны змагар за нашу бацькаўшчыну. Вы беларуска?

— Але. Бацькі і дзяды былі беларусамі. Ну, вядома, і сама беларуска.

— Прыемна, вельмі прыемна. Ды вы так добра гаворыце па-беларуску, што адразу відаць — гэта ў вас не нажытае і набытае, а сваё кроўнае, роднае. Адукацыя ваша?

— Апошні курс медыцынскага інстытута.

— Значыцца, рыхтуецеся стаць доктарам?

— Рыхтавалася, паважаны спадар Ермачэнка, ды вайна перашкодзіла.

— Ды што вы, спадар ды спадар, называйце мяне проста Пятром Халімонавічам. А вас як загадаеце велічаць?

— Надзежда Астапаўна.

— Вельмі прыемна... Аднак не буду доўга затрымліваць вас. Мы ж не падышлі яшчэ да справы, па якой такая слаўная... не ведаю, дзяўчына вы ці ўжо маеце мужа... ага, дзяўчына, ну гэта для вас яшчэ лепш,— дык вось, па якой такая слаўная дзяўчына з’явілася сюды. У чым вы адчуваеце патрэбу?

— Мне патрэбна толькі праца, якая-небудзь сталая служба, ну, вядома, па маіх сілах.

— Што ж, праца знойдзецца. Для каго няма яе, ну а для вас — калі ласка. Ды павінен я ўрэшце лічыцца і з пажаданнем майго любага, майго незабыўнага Гены. Яго пажаданне — закон для мяне... Я вось толькі думаю, што прапанаваць вам? Не працаваць жа вам якой-небудзь канторшчыцай? Ведаеце, ёсць у мяне адна свабодная вакансія. У нас у самапомачы ёсць і медыцынскі аддзел, які будзе займацца ў будучым спецыяльнымі амбулаторыямі, а магчыма, і бальніцамі для бяднейшага насельніцтва. Бярыцеся ўзначальваць яго, паколькі ў вас і спецыяльная падрыхтоўка ёсць, і самі вы сапраўдная беларуска.

— Такая праца мне не пад сілу. Усё ж я не маю належнага адміністрацыйнага вопыту.

— Што вопыт? Набудзеце яго ў самым хуткім часе. А пакуль гэты аддзел разгорне сваю дзейнасць, будзеце займацца справамі матэрыяльнага забеспячэння. Працаўнікі там ёсць, трэба толькі кіраваць імі як належыць.

— Ну што ж, паспрабую, Пятро Халімонавіч.

— Вось і добра. Не богі ж, як гаворыцца, гаршкі лепяць.

Ермачэнка, каб быць ветлівым да канца, крыху павагаўшыся, прапанаваў быў Надзі паабедаць у бліжэйшым рэстаране, але дзяўчына тактоўна адмовілася:

— Вы не крыўдуйце на мяне, Пятро Халімонавіч, але ж якая буду я падначаленая, калі з першага дня службы пачну хадзіць са сваім начальнікам па рэстаранах? Ды ўрэшце, мне як дзяўчыне і не вельмі выпадае, каб наведваць такія месцы!

— Хоць гэта і забабоны, але я хвалю, паважаная Надзежда Астапаўна, за такую вашую лінію...— І спадар Ермачэнка паважна развітаўся з дзяўчынай.

Так Надзежда трапіла на службу ў Беларускую самапомач.

 

2

Лена і Драгош Чэпічка — так звалі маладога лейтэнанта — сядзелі ў нядзелю ля Свіслачы. Выдаўся добры вераснёўскі дзень. Сонца не скупілася на ласкавую цяплынь, як бывае на пераломе, калі пагодлівыя ясныя дні саступаюць месца сапраўднай восені, з яе дажджамі і пахмурай стынню.

Лена і Драгош вялі ціхую, але жывую гутарку пра ўсё, пра што толькі могуць гаварыць людзі іх веку: пра радасці жыцця, пра будучыню, пра дружбу, пра вернасць у каханні. Вядома, гаварылася гэта ўсё ў абстрактным плане, бо, хоць Драгош і спрабаваў павярнуць гаворку на свае асабістыя пачуцці да яе, Лена настойліва пераводзіла гаворку на другія тэмы.

— Ну чаму вы, Лена, не хочаце выслухаць беднага чэха, не даяце яму магчымасці сказаць некалькі добрых слоў у ваш адрас?

— Пра гэта калі-небудзь пасля, паважаны Драгош...

— Аднак вы не сказалі, калі ж гэта можна будзе гаварыць?

— Тады, калі вы крышачку паразумнееце.

— Вось табе раз! Выходзіць, што я не знаходжуся яшчэ ў сталым розуме, а падобны на нейкага падлетка, якому трэба багата і багата вучыцца.

— Не аб гэтым розуме гавару я вам. Зразумейце правільна мяне, Драгош. Вы бачыце штодня горад, які для мяне ўдвая дарагі: гэта сталіца мае краіны, у гэтым горадзе я нарадзілася і вырасла. Што ж асталося ад гэтага горада? І ці вам хацелася б, каб на руінах майго роднага горада я выслухоўвала ад вас нейкія там... банальныя, скажам, кампліменты?

— Паслухайце, Лена, я не такі чалавек, каб займацца нейкімі банальнымі кампліментамі. Я кажу вам зусім шчыра аб маіх сапраўдных пачуццях, аб маіх самых сур’ёзных намерах.

— На вас гітлераўскі мундзір, Драгош, што можа быць агульнага ў нас з вамі?

— Хіба я вінаваты ў тым, што мяне ледзь не гвалтам мабілізавалі ў гэтую армію? Урэшце, я не ваюю на фронце, а нясу толькі каравульную службу.

— Каравуліць ад нас? Ад нашых людзей?

— Ведаеце, Лена, для вас я гатоў пайсці на ўсё, што толькі вы ні загадалі б мне. Я разумею вас. Вам не толькі ненавісны гэты мундзір, ён проста варожы вам. І каб пераканацца ў самых найлепшых маіх пачуццях да вас, я і прашу: загадайце мне што хочаце, і я, не задумваючыся, зраблю ўсё для вас і дзеля вас.

— Але не пашкодзіла б раней пацікавіцца і тым, чым жыву я, якія думкі ў мяне, што звязвае мяне з народам.

— І пра гэта я думаў, Лена, многа думаў. Мне, вядома, не даводзілася раней знаёміцца з савецкай моладдзю. Яе ведаў я толькі па кнігах. І трэба сказаць, што я зайздросціў вашым юнакам і дзяўчатам, бо жылі і жывуць яны слаўным жыццём. І я шчыра прызнаюся вам, што за дзесяць месяцаў, якія знаходжуся на вашай зямлі, я пераканаўся, што пісалі і пішуць пісьменнікі пра вашых звычайных людзей і што гэтыя людзі, за нязначнымі выключэннямі, з’яўляюцца сапраўднымі героямі. Гэта гавару я, Драгош Чэпічка, чэх, які, да слова кажучы, таксама любіць і шануе свой родны народ, як і вы...

— Гэта харошыя і правільныя словы. Але ўсё ж вы не ведаеце мяне як след, а таму, мне здаецца, заляцаючыся да мяне, перш за ўсё бачыце ва мне легкадумную дзяўчыну, якой можна ўскружыць галаву кампліментамі і прыгожымі словамі.

— Як сумна мне, Лена, выслухоўваць падобныя рэчы. Зразумела, цяжка верыць чалавеку на слова, асабліва ў наш час. Але я спадзяюся: неўзабаве вы пераканаецеся, што субяседнік ваш куды лепшы, чым вы яго ўяўляеце.

Яны абое задумаліся кожны пра сваё. Драгошу здавалася, што ён сапраўды заглянуў у душу рускага чалавека, аб якой так багата пісалася некалі ў еўрапейскай літаратуры як аб загадкавай душы, не зразумелай еўрапейцу, душы, поўнай трагічных супярэчнасцей і выключнага размаху. І вось ён, Драгош, блізка пазнаёміўся з рускай дзяўчынай. Што ж у ёй асаблівага, загадкавага? Дзяўчына як дзяўчына. Па ўсім відаць, што гора народа цалкам заўладала яе душой, і таму так настойліва адхіляе яна ўсякую гутарку, якая не мае непасрэднага дачынення да сур’ёзнай справы.

За некалькі сустрэч Драгош шчыра пакахаў яе і вельмі сумаваў, што яна проста закрывае рот яму, калі ён пачынае гаварыць ці намякаць на свае пачуцці. Ён глыбока перажываў сваю вымушаную прыналежнасць да гітлераўскай арміі і не бачыў пакуль што выхаду са становішча, у якое трапіў пасля мабілізацыі. Вядома, ён чуў пра выпадкі дэзерцірства.

Усё гэта прыходзіла на памяць, бо думка аб дэзерцірстве сапраўды ўзнікала неаднойчы. І толькі адно, што стрымлівала Драгоша ад такога ўчынку, гэта ўспаміны аб сваёй старэнькай маці, якая жыла недзе адна і была на поўным яго ўтрыманні. Што ж будзе з ёй, калі кінуць гэтую праклятую і ненавісную службу?

Драгош думаў аб усім гэтым, спыняўся ў думках і на дзяўчыне. Ён так закахаўся, што, як свята, шукаў кароткай сустрэчы з ёй.

Ён прыглядаецца да Лены збоку. Яна сядзіць маўклівая, нерухомая, углядаецца ў прагал паміж дрэвамі, як плывуць па небе белыя, калматыя хмаркі. Потым глядзіць на пясок дарожкі, вычэрчваючы на ім наском чаравіка нейкія геаметрычныя фігуры. Вось акінула позіркам усю дарожку, аж да таго месца, дзе гэтая дарожка ўпіраецца ў фортку, дзе стаіць газетны кіёск. І Драгош заўважае, як ажыўляецца яе твар і нібы напружваецца ў нейкім чаканні. Яна глядзіць у бок вітрыны для аб’яў, што стаіць побач з газетным кіёскам. Ля вітрыны чамусьці спыняюцца людзі, відаць, нешта чытаюць там цікавае. Але вельмі не затрымліваюцца.

— Хадзем, Драгош! — раптам кажа дзяўчына.— Там новыя аб’явы.

Некалькі чалавек, якія стоўпіліся ля вітрыны, заўважыўшы афіцэра, маўкліва расступаюцца і хуценька падаюцца ў сваю дарогу. Другія глядзяць на дзяўчыну, і ад тых позіркаў нібы халадок прабягае па сэрцы.

На жоўтай паперы аб’явы выразна выпуклялася кожная літара. Гітлераўская служба парадку паведамляла, што ўрэшце выяўлена месца, дзе да гэтага часу выходзіла бальшавіцкая газета «Звязда», што арыштавана цэлая шайка падпольных бандытаў, якія парушалі спакойнае жыццё горада, і што некаторыя злачынцы атрымалі заслужаную кару.

Сонца грэла па-ранейшаму, але Лене зрабілася так холадна, што яна зябка пацяла плячмі і пачала нервова хутацца ў свой плашчык.

Ён зразумеў яе адчуванні, прамаўчаў і, толькі калі адышліся на колькі крокаў, усхвалявана прамовіў:

— Чаму ж здзіўляцца тут, Лена? Гэта ж звычайная фашысцкая гідасць.

Лена маўчала. Яна ніяк не магла сабрацца са сваімі думкамі. Яна яшчэ нічога не ведала, пра ўсё, што здарылася, але жаль па людзях, якія мелі непасрэднае дачыненне да ўсяе гэтае справы і, відаць, пацярпелі за яе, быў такі вялікі, што яна расплакалася б, калі б была адна. Калі вастрыня першага ўражання ад аб’явы крыху згладзілася, яна пачала прыпамінаць кожную дробязь з працы ў суботу. Здаецца, нічога незвычайнага на папяровым складзе ды і ў экспедыцыі не здарылася. Адзінае, што звярнула яе ўвагу за мінулы дзень,— гэта адсутнасць шафёра Федзі. Замест яго прывозіў паперу і развозіў газеты зусім незнаёмы Лене чалавек. Быў ён пажылых год, з коратка падстрыжанымі пракуранымі вусамі, з шырокім васпаватым тварам, на якім бегалі-мітусіліся рудаватыя лупатыя вочы. Ён быў надзвычай ветлівы. Убачыўшы ўпершыню Лену, ён прыўзняў шапачку, павітаўся:

— Маё вам шанаванейка, паненка!

— Дзень добры! — сухавата адказала дзяўчына.

— Як здаровейка ваша?

Дзяўчына недаўмёна паціснула плячмі.

— Як бачыце...

— А вам прывітанне ад Федзі.

— Ад якога Федзі?

— Ад шафёра.

— Дзякуй яму, калі ўспомніў. Хіба захварэў ён, што вы замест яго працуеце?

— А чаму чалавеку і не пахварэць крышку? Рабочаму чалавеку і хвароба ў адпачын. Можа, будуць ад вас якія даручэнні Федзю?

— Якія ж могуць быць у мяне даручэнні яму? — шчыра здзівілася дзяўчына.— Хіба толькі такія, як і вам. І то не даручэнні, а просьбы: прывязіце паперу хутчэй, а то на складзе астаецца зусім мала.

— Не турбуйцеся, паненачка, папера неўзабаве будзе...— неяк загадкава адказаў ён, памахаўшы на развітанне яшчэ раз сваёю шапачкаю і ўсё намагаючыся зірнуць ёй у вочы.

Лена бачыла, што такім жа манерам ён спрабаваў размаўляць і з работніцамі экспедыцыі, калі прымаў ад іх газеты, і таксама зусім давяральна пытаўся ў некаторых, а ці няма ў іх якіх даручэнняў Федзю.

Яшчэ прыпомніла Лена, што ўчора ні разу не зайшоў у склад рабочы з друкарні, той, што ў акулярах з жалезнай аправай. Але ўсім гэтым падзеям яна не прыдавала ўчора асаблівага значэння. І толькі цяпер, пасля прыкрай аб’явы, усе ўчарашнія падзеі пачалі вырысоўвацца ў зусім іншым святле. А ў сэрцы расла і шырылася няясная трывога.

Драгош некалькі раз спытаў яе, што з ёй, ці не захварэла яна. І ўрэшце, уцяміўшы яго пытанне, Лена адказала з роздумам:

— Баюся, што я крыху застудзілася сёння. Восеньскае сонца такое ж абманлівае, яму нельга асабліва давярацца.

Здранцвенне яе парушыў Драгош нечаканай заўвагай:

— Паглядзіце, якая дзяўчына з’явілася на вашай вуліцы. Такой я яшчэ ніколі не сустракаў тут.

Лена зірнула, прыгледзелася. «Не, не можа быць, каб яна. Яна ж даўным-даўно не з’яўлялася ў горадзе». Калі ж дзяўчына была ўжо зусім блізка ад іх, Лена пераканалася, што гэта была Надзя. Яна, відаць, заходзіла да іх у хату і цяпер ішла адтуль. Надзя зірнула нібы мелькам на яе, на Драгоша і пайшла сваёй дарогай. Лена бачыла гэты позірк, у якім можна было заўважыць і гатовую вырвацца радасць сустрэчы, і пэўнае замяшанне, і некаторае здзіўленне. Лена не магла адказаць на гэты позірк, ды яна добра разумела — ёй не трэба, яна і не мае права паказаць перад Драгошам, што знаёма з гэтай дзяўчынай.

А ў сэрцы панавала такая сумяціца пачуццяў, што яна мімаволі пачырванела. «Божа мой, што падумае пра мяне Надзя, якую я так люблю, так паважаю».

Драгош заўважыў і чырвань, і ўвесь яе разгублены выгляд. Ён ціха аклікнуў:

— Лена!

— Ну што? — рэзка адгукнулася яна і, заўважыўшы яго, як здалося ёй, насмешлівы позірк, праказала зусім узлавана: — Чаго вы хочаце ад мяне?

— Не пазнаю вас, Лена. І мне не хочацца бачыць вас такой.

— Вы не злуйцеся на мяне... Калі-небудзь вы зразумееце ўсё-ўсё...

Драгош пастаяў з хвіліну, пакуль стракатая пад сонцам хусцінка не знікла ў густым ценю вішняку, што навісаў над платамі. На душы ў яго стала крыху весялей. У яе голасе адчуў ён і ноткі лагоднасці да сябе. Дзіўныя гэта стварэнні, дзяўчаты, так і не ведаеш добра, з якога боку падысці да каторай. І характары як порах. Усё ціха, здаецца, спакойна, а раптам успыхне, выбухне, не раўнуючы, як бомба. І ў вачах, поўных нябеснай сіні, раптам зазіхацяць такія маланкі, што мімаволі станеш чакаць грымотаў. Падумаў так і тут жа папракнуў сябе: не, нікуды не варты ўсе гэтыя параўнанні да дзяўчыны, да жыцця, да ўсіх гэтых акалічнасцей, дзе людзі ходзяць кожны дзень як па лязу брытвы, кожны дзень заглядаючы ў вочы смерці. Твая асабістая трагедыя, Драгош, і ўсе твае дробныя крыўды і непаразуменні — нішто ў параўнанні з вялікай трагедыяй народа, сярод якога ты жывеш.

Ён ішоў па вуліцах горада і нібы па-новаму бачыў багата з таго, міма чаго раней праходзіў зусім безуважліва: і жахлівыя лабірынты з руін, і схуднелыя, змарнелыя твары людзей, і панурыя твары дзяцей, якія, забачыўшы афіцэра, як мага хутчэй знікаюць з воч; і частыя ўмацаванні, і калючыя агароджы ля ўцалелых дамоў, у якіх размясціліся розныя гітлераўскія ўстановы і камендатуры; і гэтыя нідзе не бачаныя ў свеце агароджы з абпаленых ложкаў і дзіцячых калясак, агароджы, за якімі прытуліліся драбнюткія грады; і галоўнае, непамерная колькасць розных аб’яў і загадаў, расклееных на слупах, на ўцалелых сценах, на платах, на спецыяльных вітрынах. На кожнай аб’яве відна абавязковая свастыка. У канцы кожнай аб’явы, кожнага загаду абавязковыя словы: за парушэнне гэтага — смерць. Хіба ж не аб смерці напамінаюць людзям і шыбеніцы на плошчы, на скверы, якія сталі нібы сталым упрыгожаннем горада. Чаму ж ты не бачыў, Драгош, усяго гэтага раней, а калі бачыў, дык чаму абыякава праходзіў міма?

Багата аб чым перадумаў Драгош у той дзень. І шмат якія з’явы з жыцця ўласнага батальёна сталі перад ім у зусім новым святле, ён пачаў разумець іх па-новаму.

А Лена ў гэты час ішла і вагалася: ісці ёй дадому сягоння альбо перабыць якую ноч у знаёмых? За які квартал ад дома яе аклікнуў з-за плота хлапчук з суседняй вуліцы. Відаць, ён пільнаваў яе тут, бо і тон яго голасу, і ўсе яго манеры гаварылі аб тым, што ён атрымаў ад некага спецыяльнае даручэнне, і трымаўся падкрэслена канфідэнцыяльна.

— Ён загадаў табе, каб ты не начавала сягоння дома.

— Чаму? — ціха перапытала яна.

— Пра гэта не казаў.

І тут перайшоў на зусім другі тон:

— Мне здаецца, што не павінна ты з’яўляцца дахаты таму, што ў вас сягоння быў вобыск.

Ногі ў Лены аслаблі, і яна ўзялася нават за плот, каб не ўпасці альбо не пахіснуцца.

— Што ты гаворыш, малы? — ледзь не шэптам прамовіла яна.

— А я што? Маніць табе буду? Раз гавару — павінна верыць, бо мне нечага тут з табой у жмуркі гуляць. Малы... Сама ты не вельмі вялікая!

— Ты не крыўдуй, а кажы толкам. Калі вобыск быў?

— Гадзіны з дзве таму назад. Ператрэслі ўсю хату, а чаго шукалі, яны не сказалі. З сабой нікога не ўзялі, так што бацька твой і маці дома. І брат твой, чыгуначнік, таксама дома.

— Добра, Янка, дзякуй, што сказаў. Можа, убачыш каго з нашых, перадай, што сягоння я дома не буду.

Яна перабрала ў памяці ўсіх сваіх знаёмых дзяўчат, якія па тых ці іншых прычынах не паспелі эвакуіравацца. Адна з сябровак жыла кварталаў за дванаццаць. Каб не з’яўляцца задужа рана, не выклікаць у іх лішніх падазрэнняў, яна праблукала колькі часу па глухіх завулках і за якіх хвілін дзесяць да наступлення каменданцкага часу падалася да знаёмых.

На другі дзень раненька яна прыйшла на явачную кватэру і папрасіла, каб ёй памаглі хутчэй пабачыцца з Жэнькам. Той не прымусіў яе доўга чакаць, і неўзабаве яна расказала і пра вобыск, і што не начавала дома.

— А ты асабліва не хвалюйся. Адразу ж ідзі на працу, бо калі пойдзеш дахаты ды адтуль падасіся на свой склад, дык спознішся, а гэта ўжо будуць падставы для непатрэбных непаразуменняў. Не пойдзеш зусім на працу — падазрэнняў будзе яшчэ болей.

І ён расказаў некаторыя акалічнасці справы. Вобыскі рабілі амаль што ва ўсіх, хто меў тое ці іншае дачыненне да друкарні і экспедыцыі. Некаторых нават арыштавалі, але гэта ўсё людзі, якія нічога не ведаюць пра газету.

— А як з Федзем? — спыталася Лена, успомніўшы чалавека, да якога мела самае большае дачыненне па справе газеты.

— Федзя? — твар Жэнькі змяніўся.— Федзі няма больш.

Гэта так уразіла Лену, што яна разгубілася і некаторы час сядзела як здранцвелая. Яе прыгнечаны стан разумеў Жэнька і, каб не расстройваць яшчэ болей, абмежаваўся толькі адной парадай:

— А ты ні на што не зважай. Ідзі і працуй. Пасля дазнаешся аб усім. Ды і я табе потым раскажу.

 

3

Гэта здарылася яшчэ ў пятніцу, у канцы дня.

Да газетнага кіёска на Плошчы Свабоды падышлі два чалавекі. Адзін пажылы, у даволі паношаным, але акуратна выпрасаваным гарнітуры. Рэдкая бруднаватая бародка, лысы чэрап і тонкі сухарлявы храшчык вушэй рабілі яго прыкметным. Другі чалавек быў маладзейшы. Апранены ў новенькі шэры гарнітур са стракатым гальштукам, у наваксаваных да глянцу жоўтых чаравіках, з чорнай шчапоцькай вусоў, ён выглядаў адмысловым франтам.

Старэйшы сказаў яму:

— Няйначай, забыў я сваю газету ў вас у камісарыяце. А там важная прамова правадыра, давядзецца купіць новую.

І ён звярнуўся да прадаўшчыцы кіёска:

— Сённяшнюю газету мне!

— Вам нямецкую ці беларускую?

— І тую і другую.

Прадаўшчыца, маладая яшчэ жанчына, падала яму газеты, і абодва чалавекі паволі пайшлі ад кіёска. Але не прайшлі яны і дзесяці якіх крокаў, як старэйшы, нешта сказаўшы маладому, рэзка павярнуўся назад да кіёска.

— Аказваецца, вы мне далі і трэцюю газету, якой я не прасіў у вас.

І ён выняў з «Беларускай газеты» падпольную «Звязду».

— Але я заплачу вам і за гэтую газетку, цікава пачытаць, што пішуць у ёй. Колькі вам трэба?

Прадаўшчыца, убачыўшы «Звязду», збялела, і ў яе вачах прамільгнула трывога. Але, намагаючыся надаць свайму голасу больш спакою, яна адказала абыякава:

— Выбачайце, пан, я не прадавала вам такой газеты, так што і платы мне ад вас ніякай не трэба.

— Бачыш ты, куды гне гэтая кабета. Яна не прадавала! А хто ж прадаваў мне! Дух святы ці хто іншы? Колькі ў вас яшчэ такіх газет?

— Я першы раз бачу такую газету.

— Ты расказвай, даражэнькая, казкі сваім дзецям, я ж даўно выйшаў з дзіцячага ўзросту. Ну, давай сюды тваю газету! Я адкуплю яе оптам, усю.

— Адкасніцеся, пан, і не замінайце мне абслугоўваць пакупнікоў.

Ля кіёска пачалі спыняцца прахожыя, зацікавіўшыся здарэннем. Падышоў і малады чалавек, спадарожнік пажылога.

— Што ж, калі ты не аддаеш мне гэтых газет, я прымушаны сам узяць іх у цябе.

Стары нырнуў з галавой у акенца кіёска, запусціўшы туды і абедзве рукі. Ён пачаў корпацца ў пакунках газет, кніжак і розных брашур.

— Людцы, памажыце, грабяць! — загаласіла прадаўшчыца. Яна выскачыла з дзвярэй кіёска, памкнулася пабегчы, але маладзейшы схапіў яе за руку.

— Людзі, чаго стаіцё? — крыкнуў нехта з прахожых.— Кабету грабяць нейкія бандыты, а вы любуецеся?

— А ну, хто гэта там зяпу разявіў? — пагражальна выкрыкнуў маладзейшы, заломваючы жанчыне рукі за спіну.

Пажылога як варам ашпарыла. Ён вытыркнуўся з акенца, зірнуў на людзей, расчырванелы, узлаваны.

— Хто гэта хуліганіць тут? — крыкнуў ён, размахваючы пачкай газет і папраўляючы гальштук.— Ды я ў турме згнаю кожнага, хто паспрабуе тут абражаць мяне, прэзідэнта горада.

— Аднак і час настаў, калі жулікаў у прэзідэнты ставяць...

— Трымайце, лавіце яго, бальшавіцкага агента!

Але ніхто не праявіў асаблівага энтузіязму, каб выканаць загад высокапастаўленага грамілы. Пачуўшы пра яго пасаду, людзі — а іх было не так ужо багата — падаліся моўчкі куды каторы. Быў якраз канец рабочага дня, па скверыку праходзіла багата людзей, і тыя, хто стаяў раней ля кіёска, змяшаліся з прахожымі. Нечага было і думаць, каб злавіць таго чалавека, што абразіў высокую годнасць спадара Іваноўскага, які не так даўно заняў пасаду прэзідэнта горада. А ён стаяў ўсё з той жа пачкай газет і тыцкаў ёй у нос паліцаю, які падбег на здарэнне.

— Разявы, дармаеды, толькі трацімся на ваша ўтрыманне, а карысці ад вас ні на ломаны шэлег. Бачыш, што робіцца ў вас пад носам?

— Газета, пан начальнік...

— Не пан, а спадар, дурная твая галава! — умяшаўся тут маладзейшы.— Колькі ўжо вучыш вас, ідыётаў, каб гаварыць навучыліся як след, а вашы галовы як пустое рэшата.

— Адвядзі яе!

— Куды, спадар начальнік?

— Вядома куды, у гестапа. Ды не забудзься, расцяпа, распіску ўзяць.

— Усё будзе зроблена як належыць. Пайшлі! — скамандаваў ён жанчыне.— І, пагрозліва ляснуўшы затворам аўтамата, падштурхнуў кабету перад сабой.— Ды глядзі ў мяне, калі будзеш размаўляць ці надумаешся ўцякаць, дык адразу прыстрэлю...

Кабета з канваірам пайшла з плошчы, прахожыя праводзілі яе спачувальнымі позіркамі.

Прэзідэнт горада Іваноўскі і перакладчык генеральнага камісарыята Ганько зірнулі ім услед, з хвіліну пастаялі, пакуль тыя зніклі за вуглом вуліцы.

Спадары падаліся да рэстарана абедаць. У рэстаране былі і нямецкія афіцэры.

Пад канец абеду, калі спадары ласаваліся кофе з каньяком, да іх століка падселі рэдактар «Беларускай газеты» спадар Казлоўскі і знаёмы афіцэр з гестапа.

Іваноўскі, як змоўшчык, палажыў перад рэдактарам пачку забраных ім у кіёску газет.

— Бачыў? Нядрэнна працуюць канкурэнты, хутка выціснуць з горада тваю газету.

— Знайшоў чым здзівіць! Не першы раз бачу гэты лісток.

— Толькі бачыш? Гэта і кожны дурань, выбачай мяне, можа бачыць...

— Аднак і лексікон у цябе сягоння, паважаны прэзідэнт, не ведаю, дзе запазычаны. Пры чым тут я? У мае функцыі не ўваходзіць выкрываць гэтых падрыўшчыкаў.

— У мае таксама не ўваходзіць. Але ж вось з гэтым маладым чалавекам,— тут ён фамільярна ляпнуў па плячы Ганько,— злавілі злачынцу, які мае непасрэднае дачыненне да выдання гэтага лістка.

— Ну, ты заўсёды любіш выкінуць які жарт, каб падкалоць мяне. Ты паабедаў ужо, дык табе ў самы раз да жартаў. А я так запарыўся ў сваёй рэдакцыі, што ледзь і на абед не спазніўся, і цяпер гатовы вала з’есці.

— Вось гэта і кепска, што ты ўсё парышся. Усё гэта адразу адчуваецца на тваёй газеце.

— Мая газета ўсё ж працуе лепш, чым твая гарадская ўправа. Калі закажаш некралог на яе?

— Кіньма спрачацца, паважаныя сябры,— умяшаўся Ганько.— Думаю, што рэдактара нашай газеты сапраўды зацікавіць той факт, што мы, па сутнасці, раскрылі і месца друкавання газеты, і яе работнікаў. Ва ўсякім разе, учапіліся грунтоўна за іх. Калі не сягоння, дык заўтра яны ўсе будуць у нашых руках.

І ён расказаў Казлоўскаму пра падзеі з газетным кіёскам. Рэдактар сапраўды зацікавіўся, адразу ажывіўся, блакнот дастаў.

— Ды ты не спяшайся. Гестапа табе такія падрабязнасці раскажа, што пальчыкі абліжаш.

Гестапаўскі афіцэр, які пачуў пра ўсе гэтыя падзеі, зацікавіўся імі яшчэ больш, чым самі спадары.

— Вы не разумееце, пан Іваноўскі, якую паслугу вы зрабілі нам. Мы з ног збіліся, шукаючы слядоў гэтых падпольшчыкаў, але яны нібы невідзімка якая.

Але, дазвольце запытацца, дзе ж цяпер знаходзяцца затрыманыя вамі асобы?

— Адаслалі да вас, у гестапа.

— Ну, мы іх прывучым да парадку.

Тут жа і вырашылі даць у заўтрашні нумар газеты кароткае паведамленне ў хроніцы аб разгроме рэдакцыі падпольнай газеты.

З прычыны такіх радасных падзей спадары наважыліся крыху «замачыць» іх. Да кампаніі далучыўся яшчэ Ермачэнка. Спіртныя градусы развязалі так языкі, што афіцыянткі пачалі затыкаць вушы. Рэдактар газеты Казлоўскі аказаўся майстрам на такія анекдоты, ад якіх чырванелі вушы нават у гестапаўскага афіцэра.

— Уяўляю цябе, паважаны калега, у ролі ксяндза, вось бы вясёлыя споведзі мелі твае парафіянкі,— заўважыў Ермачэнка.

— Спадзяюся, што і ты не адмовіўся б цяпер калі не ад добрых парафіянак, дык ад добрых дзяўчат. Ты ў сваёй самапомачы цэлы гарэм арганізаваў, ласунчык! Прывёў бы сюды з дзесятак!

— І арганізаваў. Але не для цябе. Гарэм не гарэм, а дзяўчаты сапраўды адменныя, умеюць пастаяць за аўтарытэт установы.

— Узяў бы мяне ў памочнікі, я навучыў бы цябе, як з тваёй парафіяй абыходзіцца.

— Так я і пусціў казла ў агарод!

— Што казёл, што ксёндз — адзін д’ябал.

Усе весела хіхікнулі, зірнуўшы на Казлоўскага. Было вядома ўсім, што ён некалі вучыўся ў каталіцкай семінарыі і па нейкай прычыне быў зволены адтуль, так і не дапяўшы да пасады ксяндза.

Хутка спадары так налізаліся, што, заспяваўшы гітлераўскі гімн, адразу ж перайшлі на «Канарэечку» і тут жа зацягнулі «Разлуку». Загадчык рэстарана, які баяўся, каб не выйшла якіх непрыемнасцей праз гімн для яго самога, паслаў па паліцэйскую ахову гарадской управы. Хутка паліцаі пачціва выводзілі пад ручкі шаноўных айцоў горада і развозілі іх па кватэрах.

 

4

Яшчэ калі праходзілі па плошчы, жанчына некалькі разоў спынялася, паварочвалася назад:

— Сказана табе, не пайду...

— Пагавары ў мяне, дык сілком пацягну, толькі сораму сабе наробіш,— гразіў ёй паліцай.

— Ты не ўлада нада мной.

— Па несвядомасці гаворыш, кабета. Вышэйшая ўлада на кожным квартале, на кожнай вуліцы — гэта паліцай. Што ён скажа, тое і закон. А не будзеш слухацца — галаву далоў, і кончана справа.

Яны яшчэ спыніліся некалькі разоў, і паліцай, відаць, траціў апошнія рэшткі цярплівасці, бо расчырванеўся, успацеў і ўсё рашучай размахваў аўтаматам.

Калі выйшлі на бязлюдную, глухую вулачку між руінамі, паліцай ціха шапнуў жанчыне:

— Калі хочаш жыць, кабета, спяшайся хутчэй дахаты...

Жанчына падумала з якую хвіліну. Нечаканая прапанова паліцая здалася ёй звычайнай пасткай.

— У мяне няма ніякай кватэры, я начую дзе трапіцца, так што ўсе хітрыкі свае пакінь...

— Ды не дуры ты, кабета! Каму б другому гаварыла, а не мне. Я ж ведаю і вуліцу, на якой ты жывеш, і дом, і кватэру. Твайго мужа ведаю, шафёра Федзю, які працуе ў друкарні. Дык што ты мне лішнія балачкі разводзіш? Кажу табе, як чалавеку, бяжы хутчэй дахаты, папярэдзь мужа, ды ўцякайце з горада.

Нешта шчырае, прыязнае пачулася жанчыне ў словах паліцая.

— Ну добра, я пайду...— ціха прамовіла яна, усё яшчэ вагаючыся, як тут лепей зрабіць, каб не навесці бяды на людзей.

Вось і дом, вось і знаёмая кватэра. Яна назнарок прайшла міма яе.

— Ну, не прыкідвайся болей... Не хочаш ты паказаць дарогі, дык я зайду першы.

І паліцай адчыніў фортку, зайшоў на двор. Шафёр Федзя якраз стаяў ля свае машыны і нешта корпаўся ў маторы. Заўважыўшы паліцая, ён ветліва ўсміхнуўся яму і, прывітаўшыся, запытаўся:

— Нешта ты завітаў да мяне, Сідар, ды ў поўнай баявой амуніцыі?

— Ты мне скажы лепей, куды збіраешся? — запытаў паліцай, аціраючы, нягледзячы на даволі халодны дзень, пот з узмакрэлай шыі.

— Загадалі па торф ехаць. Трэба да ночы да Грабянёва дабрацца.

— Пропуск ёсць?

— Ну, вядома...

Жанчына, якая стаяла на вуліцы і прыслухоўвалася да мірнай бяседы мужа з паліцаем, урэшце перамагла сваю нерашучасць і падалася на двор.

А паліцай, азірнуўшыся на бакі, шапнуў шафёру:

— Не губляй ніводнай лішняй хвіліны. Кідай на машыну самае патрэбнае, грузі туды і жонку, і ў дарогу. За вуглом і я падсяду непрыкметна. Падрабязнасці раскажу на машыне.

Федзя зразумеў, што здарылася нешта выключнае, і не стаў марудзіць. Хутка па ўскраінных вуліцах горада паціху, каб не прыцягнуць да сябе чые-небудзь увагі, пыліла трохтонка. Выбраўшыся ка шашу і мінаваўшы паліцэйскую заставу, машына дала такі ход, на які і не спадзяваўся нават яе вадзіцель. Ужо зусім сцямнела, калі, адмахнуўшы кіламетраў шэсцьдзесят, машына рэзка павярнула з шашы і ціхім ходам, каб не вельмі бразгацець на выбоістай лясной дарозе, падалася глыбей у лес, дзе і прыпыніліся на начлег.

Хутка шафёр моцна паціскаў руку паліцая, калі даведаўся ад яго аб усіх падзеях са сваёй жонкай.

Вядома, і ён сам штодня хадзіў пад гэтай шыбеніцай, але неяк прызвычаіўся ўжо да небяспекі, так што не задумваўся асабліва над ёй, калі ішоў на самыя рызыкоўныя справы, як тады, калі рабіліся спробы выбавіць з турмы сакратара абкома. Чуткі дайшлі, што астаўся ён у жывых. Ну і добра, няхай працуе на карысць людзям. Хоць сам і ішоў на рызыкоўныя справы і не асабліва палохаўся магчымых правалаў, усё ж не хацеў, каб і жончынае жыццё ставіць пад такія ж жорсткія выпрабаванні. Не таму, што не давяраў ёй ці сумняваўся, што яна гатова без страху сустрэць усё, самае цяжкае ў жыцці. Проста баяўся за рэшткі свае сям’і. У самым пачатку вайны пры бамбёжцы загінулі іх дзеці, сын і дачка. Загінулі разам з другімі дзецьмі ў школьным бамбасховішчы. І з таго часу Федзя і Таццяна нібы бліжэй сталі адно да аднаго, нібы колішняя прыязнь перарасла ў нешта яшчэ больш трывалае, чым была яна ў гады іх шчаслівага, юнацкага кахання. Гэта хутчэй за ўсё былі пачуцці асірацелых рана бацькоў, у якіх так багата было яшчэ нерастрачаных пяшчот і ласкі да дзяцей.

Федзя знайшоў спакойную, як яму здавалася, пасаду для жонкі. Яна прадавала фашысцкія газеты, часопісы, розныя выданні мясцовых выдавецтваў, канцылярскую дробязь. Разам з гэтым выконвала і невялічкія даручэнні Федзі, якія не мелі непасрэднага дачынення да яе працы.

Паступова яе кіёск ператварыўся ў адзін з пунктаў распаўсюджвання «Звязды» ў горадзе. Былі ў яе сталыя пакупнікі, былі «аптавікі», якія адразу бралі па дзесятку-другім экземпляраў. Чаму бралі і для каго бралі — ёй было невядома, але яна здагадвалася, што няйначай для падпольных арганізацый.

Выконвала яна і другія асобныя даручэнні.

— Як жа табе пашанцавала так? — першы раз за дарогу спытаўся ўрэшце Федзя ў жонкі.

— Не ўспамінай. Проста абмішулілася, не памятаю добра, як гэта здарылася. Відаць, разгубілася. Да камендатуры павялі некалькі чалавек арыштаваных. Я загледзелася на іх, спытала ў людзей, якія праходзілі ля кіёска, каго гэта павялі там... А тут і падвярнуўся гэты самы прэзідэнт, я раней не бачыла яго. Спытаўся пра газету, я механічна і перадала яму, забыўшыся, што ўзяла не з той пачкі.

— Шанцуе табе, Таццяна,— уздыхнуў Федзя.

Яшчэ не развіднела, як тры чалавекі падаліся ў дарогу. Ехаць далей машынай было ўжо небяспечна. Пропуск быў на адзін толькі дзень і да пэўнага пункта. Ды маглі і з Мінска перадаць на дарожныя заставы і затрымаць дзе-небудзь разам з машынай. Таму грузавік загналі глыбей у лес, замаскіравалі, каб пры зручным выпадку перадаць партызанам. Забралі свае манаткі і падаліся пешкі далей.

 

5

Паведамленне «Беларускай газеты» аб тым, што разгромлена рэдакцыя падпольнай «Звязды», трапіла ў мясцовае радыё. Шмат хто з гараджан балюча перажываў гэтыя падзеі. Людзі, якія мелі дачыненне да гэтай справы, прымалі ўсе меры перасцярогі, каб магчымы правал асобнага звяна не пацягнуў за сабою правалу ўсёй арганізацыі.

Навіна адразу дайшла і да Кубэ. Гаўляйтэр распарадзіўся запытаць гестапа, як ідуць пошукі. Гестапа ўспалашылася, бо, акрамя скупога паведамлення аднаго са сваіх афіцэраў, нічога не ведала аб самой справе. Пазванілі Казлоўскаму: адкуль трапіла ў газету такое паведамленне? Той спаслаўся на самога прэзідэнта горада і на Ганько. Пачаўся тэлефонны вэрхал. Іваноўскі паведаміў, што ён жа адаслаў злачынцу пад канвоем паліцыі ў гестапа. Яму адказалі, што ніхто з паліцыі ніякіх злачынцаў па справе газеты не прыводзіў. Паклікалі начальніка аховы гарадской управы. Выявілася, што ноччу быў знойдзены забіты на вуліцы адзін з паліцаяў управы, а другі знік бясследна, хоць рэчы і таго і другога цэлыя і асталіся ў казарме.

Невядома, як пайшло б расследаванне далей, калі б спадароў не паклікалі тэрмінова да самаго гаўляйтэра. Яны адразу адчулі сябе як мышы пад венікам.

Калі яны з’явіліся ў кабінет да Кубэ, той сядзеў за сталом хмуры, насуплены. Ледзь адказаўшы кіўком галавы на іх пачцівыя прывітанні, ён адразу пайшоў у атаку:

— Мне хацелася б ведаць, шаноўныя, хто з вас займаецца правакацыямі? — І, не атрымаўшы адказу на такое рубам пастаўленае пытанне, ён разышоўся як мае быць.— Гэта чорт ведае што робіцца ў нас. Мы напружваем усе сілы — і на франтах, і тут,— а вы, як мне добра вядома, займаецеся толькі п’янствам, распутнічаеце, наладжваеце оргіі і ўсемагчымыя дэбошы. Ды, урэшце, мяне мала абыходзіць і гэта. Але хто ўпаўнаважыў вас умешвацца не ў свае справы? Мае работнікі рыхтаваліся месяцамі да пэўнай аперацыі, сачылі, вялі разведку, расстаўлялі свае кадры, а вы адной бурнай сенсацыяй у вашай газеце сарвалі аперацыю. А ў выніку вораг яшчэ больш замаскаваўся. Я пытаюся вас, дзе тыя злоўленыя злачынцы, пра якіх вы абвясцілі ўсяму свету?

— Паважаны спадар гаўляйтэр, усё гэта зроблена па інфармацыі спадара прэзідэнта.

— Даруйце, шаноўны рэдактар, але ніякай інфармацыі я не даваў вам. Я толькі казаў, што мы, разам з Ганько, сапраўды злавілі аднаго са злачынцаў і адаслалі яго зараз жа ў гестапа.

— Але мяне цікавіць, шаноўны прэзідэнт, дзе ваш злоўлены злачынец? — едка запытаўся Кубэ.

— Як нам стала вядома, паліцэйскі, які вёў злачынца, бясследна знік. Загінуў ноччу адзін паліцэйскі. Ёсць усе падставы меркаваць, што першы паліцэйскі таксама загінуў, стаў ахвярай бандытаў.

— А ў мяне ёсць падставы меркаваць, кажучы вашымі словамі, што ваш паліцэйскі не трапіў ні ў якія ахвяры, а проста ўцёк з вашай службы парадку. І не толькі ўцёк, а памог уцячы і некаторым другім, у тым ліку і той асобе, якую вы, шаноўны прэзідэнт, загадалі яму канваіраваць. Адным словам, пра ахвяры тут нечага асабліва гаварыць, акрамя хіба таго, што некаторыя з вас сталі стопрацэнтнай ахвярай свае, выбачце мне, уласнае дурасці.

Спадары як па камандзе апусцілі насы долу, кідаючы косыя позіркі ў бок тых, хто з’явіўся прычынай сённяшняй праборкі.

— І яшчэ я павінен вам сказаць: я хвалю, калі хто праяўляе добрую ініцыятыву. Учынак шаноўнага прэзідэнта, які, нягледзячы на свой высокі пост, знайшоў патрэбны час, каб выявіць і злавіць злачынца, варты пахвалы і пераймання з боку ўсіх вас.

Спадар Іваноўскі падняў галаву і з гонарам зірнуў на другіх.

— Але прэзідэнт не давёў справы да канца. Трэба было адразу ж выклікаць прадстаўніка гестапа, а не даручаць злачынца паліцэйскаму гарадской управы.

Спадар Іваноўскі зноў апусціў вочы долу.

— Цяпер пра ўчынак шаноўнага рэдактара. Бясспрэчна, што гэты ўчынак заслугоўвае самага суровага ганьбавання. Здаецца, я не раз, ды і адпаведныя мае работнікі таксама давалі інструкцыі прэсе, як ім рабіць у тых ці іншых выпадках. Паўтараю, што ўсякія паведамленні, якія маюць востры палітычны характар, павінны пагадняцца вамі з нашымі належнымі ўстановамі. Зразумелі, шаноўныя?

— О, кожнае ваша слова адразу даходзіць да сэрца!

— Мне б хацелася, шаноўныя,— суха праказаў гаўляйтэр,— каб гэтае слова даходзіла перш за ўсё да вашага розуму.

У голасе гаўляйтэра чуліся зласлівыя ноткі.

— Думаю, што нам можна скончыць сённяшнюю гутарку.

Спадары адхайлілі тут на ўсю моц сваіх лёгкіх.

Апынуўшыся на вуліцы, лёгка ўздыхнулі ўсе разам.

 

6

Калі Лена з’явілася раніцаю на працу і, як заўсёды, ветліва прывіталася са сваім непасрэдным начальнікам, той запытаўся ў яе:

— Скажыце мне, мілая фрэйлен, чаму вас не было дома ў часе вобыску ў вашай сям’і?

Лена сумелася спачатку, але потым даволі рэзка перапытала:

— Вас гэта асабіста цікавіць?

І нават пагардліва прыжмурылася, гледзячы на старога лысаватага немца, які намагаўся разгледзець яе блізарукімі вачыма, якім слаба памагалі пачэпленыя на самы кончык носа акуляры.

— Мяне гэта мала абыходзіць, мая мілая фрэйлен. Але гэтым цікавіцца наш паважаны шэф.

Лена збіралася сказаць што-небудзь дзёрзкае, але перадумала і адказала міралюбіва:

— Я, паважаны пан Цырліх, была занята ў той час. Як вам вядома, справа адбывалася ў выхадны дзень, і я мела поўнае права пагуляць. Я была з адным афіцэрам.

— Нашым афіцэрам?

— А якія могуць быць у нас яшчэ афіцэры?

— І вы ведаеце прозвішча афіцэра?

— Не толькі прозвішча, а ведаю і часць, у якой ён служыць.

— Тады, мая мілая фрэйлен, вам не трэба з’яўляцца да шэфа. Я сам далажу яму. Бярыцеся, фрэйлен, за работу.

— Слухаю вас, паважаны пан Цырліх!

У яе ўстанавіліся нядрэнныя адносіны з загадчыкам склада. Гэта быў бяскрыўдны стары, бацька аднаго з нямецкіх чыноўнікаў з камісарыята.

Стары быў гаваркі. Часам у размовах з Ленай ён мімаходзь закранаў якія-небудзь важныя пытанні, важныя навіны, аб якіх ён дачуўся ад сына, што працаваў у генеральным камісарыяце. Жэнька, які дачуўся аб норавах старога, часам даручаў Лене даведацца праз яго аб якіх-небудзь сур’ёзных справах, скажам, ці хутка будзе праверка пашпартоў, калі распачнецца чарговая мабілізацыя «добраахвотнікаў» у Нямеччыну.

Ва ўсім іншым стары быў тыповы нямецкі служачы, акуратны, педантычны ў дробязях. Ён мінута ў мінуту з’яўляўся на працу, не пакідаў яе раней часу, і толькі старэчыя хваробы прымушалі яго адступаць ад сваіх правіл. Лена старалася патрапляць доўгагадовым звычкам старога, не спазняцца на працу, акуратна вяла ўсю пісьмовую справаздачу, добра афармляла «службовыя справы». Усё гэта падабалася старому, і ён не раз гаварыў, што яна з цягам часу можа зрабіцца ўзорным працаўніком, і аказваў ёй поўнае давер’е. Калі яму даводзілася хварэць, ён даручаў ёй усе справы папяровага склада.

У адзін з такіх дзён, калі ў складзе была яна толькі адна, да дзвярэй склада пад’ехала легкавая машына. З яе выйшла, на вялікі здзіў Лены, Надзя Канапелька і зусім незнаёмы чалавек. Лене яна не сказала нічога, нібы былі яны зусім незнаёмыя. І толькі калі яе спадарожнік пайшоў у экспедыцыю, Надзя ветліва ўсміхнулася:

— А я і не ведала, Леначка, што ты тут працуеш.

Лена спачатку зусім разгубілася. Потым яна кінулася да Надзі, абняла яе, расцалавала.

— Надзечка, міленькая, не падумайце пра мяне чаго-небудзь кепскага.

— Чаму гэта я павінна думаць пра цябе кепскае?

— Ну... памятаеце, бачылі мяне на скверы ў нядзелю з афіцэрам... Я тады гатова была скрозь зямлю праваліцца ад сораму...

— Ах, вось ты пра што! Не раю табе прымаць усё гэта блізка да сэрца. Ён жа нядрэнны хлопец, гэты Драгош Чэпічка. І я добра ведаю, што Ігнату няма ніякіх падстаў асабліва хвалявацца... Ты даўно служыш тут?

— Ды вось ужо трэці месяц.

— Добра... Ну, давай цяпер і справамі зоймемся. Ёсць нарад у мяне на дзве тоны паперы, думаю, што адпусціш яе, не марудзячы асабліва.

Яна падала Лене афіцыйную паперу з генеральнага камісарыята. У ёй прапанавалі складу выдаць паперу для Беларускай самапомачы.

— Надзя, пры чым тут самапомач? Гэта ж такая паскудная арганізацыя.

— Правільна, Лена. Паскудная арганізацыя, горш не прыдумаеш. Але вось жа мне даводзіцца займацца і яе справамі.

Лена была збянтэжана гэтымі словамі.

— Праўда, Лена, праўда. Аднак ідзе мой памочнік... Давай умовімся, Лена. Ты ведаеш мяне толькі як работніцу самапомачы, ну, а я цябе толькі як служачую гэтага склада. Ты разумееш урэшце мяне? Так трэба для справы... Дык дамовіліся... Ведаеце, што, паненка,— праказала яна, калі зайшоў яе памочнік,— вы не марудзьце асабліва і пастарайцеся хутчэй аформіць. Зараз падыдзе грузавік. Ну, я пайшла...

Калі Лена прыйшла пасля працы дахаты, радасці маці не было канца.

— Я ж учора вочы праплакала, чакаючы. А цябе няма і няма. Думаю, арыштавалі гэтыя злыдні, бо яны ж усё ў хаце дагары нагамі паставілі. Заляжаліся ў бацькі,— так называла яна мужа,— некаторыя старыя газеты, дык і да іх прычапіліся. Як жа, бальшавіцкія газеты! Маўчала я, маўчала, ды не сцерпела ўрэшце. А потым усё пра цябе пыталіся. Дзе, кажуць, дачка ваша? Я, каб хутчэй як адрабіцца ад іх, узяла ды сказала, без выдумкі: з вашым афіцэрам гуляць пайшла. Сказала так, каб не вельмі яны мелі цябе на воку, бо чуе маё сэрца, што не абыходзяць і цябе розныя справы.

Лена ўстала, абняла маці, прытулілася да яе.

— Якая ж ты ў мяне добрая, мама, якая ты ў мяне харошая! Самая лепшая мама ва ўсім свеце...

 

Неўзабаве Лена пабачылася з Жэнькам.

— Няйначай, як нейкі інтэрас маеш. Чым цікавішся?

— Усім цікаўлюся. Мне не зусім зразумелыя ўсе падзеі, звязаныя з нашай друкарняй.

— Падзеі вельмі ясныя і зразумелыя. У гітлераўцаў атрымаўся чарговы пшык. Зачапіліся яны выпадкова за адно здарэнне і думалі, што адным махам знішчаць раз і назаўсёды падпольную газету. А закончылася ўсё вялікім канфузам: пахваліліся, ды, як кажуць, пралічыліся. Павінен узрадаваць цябе: шафёр Федзя не загінуў, жыў і здароў і знаходзіцца цяпер у поўнай недасягальнасці для гітлераўцаў.

Гэтая навіна так узрадавала Лену, што яна сядзела якую хвіліну як зачараваная.

Яны доўга гаварылі пра розныя справы, пра друкарню, і ўжо Лена збіралася пайсці дахаты, як Жэнька затрымаў яе.

— Як ты думаеш,— спытаўся ён,— надзейны чалавек той лейтэнант?

Дзяўчына задумалася на хвіліну.

— Цяжка адказаць на такое пытанне, бо ў чужую душу не залезеш. Скажу толькі, што, як мне здаецца, становішчам сваім ён не здаволены. Фашызм ён ненавідзіць. Відаць, не супроць таго, каб і самому прыняць які ўдзел у барацьбе. Але бачыш, у чым справа...

Лена нібы сумелася крыху, не адважваючыся гаварыць да канца пра тое, пра што яна думала. Памаўчала з хвіліну і рашуча страсянула сваімі косамі.

— Скажу табе шчыра і адкрыта. Мне здаецца... ды што там здаецца... Проста я пераканана, што хлопец без памяці закаханы ў мяне.

Жэнька зірнуў на яе, усміхнуўся.

— Вось табе маеш, новая сітуацыя!

— Але, сітуацыя... А пад уплывам гэтай сітуацыі хлопец гатоў на ўсё, на любы ўчынак, адным словам — гатоў зрабіць усё, што я толькі яму ні загадаю...

Лена сказала і нават крышачку пачырванела.

— А не пераацэньваеш ты... сваіх здольнасцей тут?

— На гэта я магу адказаць табе, што ты звычайны дурань.

— Пакінем гэтую дыскусію на другі раз. А цяпер я магу толькі сказаць табе, што любыя справы, можна сказаць, у тваіх руках. Дзейнічай. Загадвай і сачы за выкананнем сваіх распараджэнняў. А што трэба загадваць, падумаем з табой.

Дзяўчына ўздыхнула.

— Зразумей ты, што не магу я... як гэта лепш сказаць... ну... іграць на лепшых пачуццях чалавека. Прасцей кажучы, спекуляваць на каханні.

— А хто табе загадвае спекуляваць? Ты ж яго не кахаеш, я ж гэта ведаю. А пачуццё яго, калі ласка, пастаў нам на службу.

— Ну, ведаеш, як жа гэта да цябе не даходзіць?.. Не магу ж я фальшывіць, весці нейкую не зусім чыстую ігру на сур’ёзных пачуццях... добрага чалавека.

— Скажу табе, Леначка, калі нам загадаюць для нашай справы мабілізаваць не толькі свае пачуцці, але і пачуцці другіх, нават ворагаў нашых, мы павінны сумленна выканаць такі загад.

— Мне здаецца, што мы маем поўную магчымасць прыцягнуць чалавека на наш бок, не прыбягаючы ні да якога фальшу. Я зраблю гэта. І можаш паверыць мне, што будзе гэты чалавек самым надзейным маім сябрам і будзе рабіць усё, што нам трэба, не таму, што ён будзе звязаны нейкім там каханнем, а гэта будзе загадам яго асабістага сумлення. Разумееш цяпер, што я хачу і што я зраблю? А што зраблю, у гэтым можаш не сумнявацца.

Жэнька выслухаў дзяўчыну без жартаў.

— Што ж, прызнаю тваю перавагу ў гэтым пытанні. У такіх тонкасцях, шчыра табе кажу, я не зусім разбіраюся. А думкі твае правільныя, з імі і пагаджаюся. Рабі, але і асцерагайся тым часам, не хапай цераз край. Пачынай з малога. На якую канкрэтную дапамогу яго мы можам разлічваць ці павінны разлічваць? Нам да зарэзу патрэбны запалы. Вось для пачатку і намякні яму, што нядрэнна было б займець якую паўсотню запалаў. А ў яго аэрадромным батальёне яны ёсць, павінны быць. І не абавязкова, каб ён даставіў запалы асабіста табе ці каму-небудзь другому. Скажам пра месца, дзе ён можа схаваць іх. Так і дзейнічай! А цяпер бывай! Сустрэнемся праз тыдзень.

Хоць Лена і здаволена была сустрэчай з Жэнькам і тым планам, які намецілі, усё ж было многа чаго няяснага, няпэўнага. І самае няяснае было ў асобе лейтэнанта. Ці так яна ведае яго, каб звярнуцца з рызыкоўнай просьбай? Вядома, яна не адкрые яму ніякіх сакрэтаў, ды, прызнацца, і сама не вельмі ведае іх. Не ведае нават таго, з кім звязаны Жэнька, чые загады выконвае, з кім яшчэ, акрамя яе, мае справы... Праўда, яна ведае, што існуе акрамя Жэнькавай групы багата і другіх маладзёжных груп. Але дзе размяшчаюцца гэтыя групы, хто ўваходзіць у іх, Лена не ведае. Не ведае нават тых, хто ўваходзіць у Жэнькаву групу.

Разумны ўсё ж хлопец Жэнька, хоць часта Лена любіць і пасварыцца з ім. Жыццё хлопца было цяжкім. Яшчэ за некалькі год да вайны, калі быў ён на першым курсе электратэхнікума, памерлі бацькі. Вучобу давялося пакінуць, трэба было думаць пра кавалак хлеба. Каб быў ён адзін, то хлопцы-камсамольцы, яго таварышы, маглі б падтрымаць яго, ды на аднаго хапіла б і той невялікай стыпендыі, якую атрымліваў. Але на яго ўтрыманні асталося два чалавекі: старэйшая за яго хворая сястра і брат, які толькі пачаў яшчэ хадзіць у школу.

Кінуўшы вучобу, Жэнька пайшоў на сталую працу рабочым-электраманцёрам. Кожную вольную хвіліну і доўгія зімовыя вечары ён аддаваў вучобе. Хацелася не адстаць ад сваіх колішніх таварышаў па тэхнікуму. Але, вядома, гэта давалася вельмі цяжка.

Ён ужо рыхтаваўся здаваць экзамены па завочнай вучобе, як навалілася вайна. У завяршэнне ўсіх няшчасцяў собіла яму за якія тыдні два перад тым паслаць сваю сям’ю да далёкіх сваякоў на вёску. Кінуць сястру і брата на волю лёсу ён не мог, паехаў па іх, а пакуль збіраліся падацца назад, немцы апынуліся ў Мінску. Так і не ўдалося Жэньку выбрацца на ўсход. Першыя дні акупацыі, як і шмат хто з мінчан, адседзеў у лагеры ў Драздах, дзе набачыўся розных жахаў. Пакуль пакутаваў у лагеры, сястра памерла ад голаду, малы сяк-так перабіўся, дачакаўся брата. Падвярнулася праца на млынакамбінаце, заробкі былі невялікія. З харчам часам выручалі партызаны, з якімі ў першыя ж дні пасля лагернай адсідкі звязаўся Жэнька. Думаў зусім да іх перабрацца, але знаёмыя адгаварылі, сказалі, што і ў горадзе знойдзецца для яго патрэбная справа.

Такі быў Жэнька.

 

7

Сідар Бабок стаяў перад бацькам Міронам і аддаваў рапарт. Сказаў у канцы:

— Не магу больш, таварыш камандзір. Звольце мяне з паліцаяў!

Бацька Мірон глядзеў на яго, і ў вачах іскрыліся вясёлыя аганькі.

— Дык адслужыўся, кажаш?

— Адслужыўся, таварыш камандзір. Выйшаў, можна сказаць, на поўную адстаўку.

— З мундзірам нават?

— Але і з мундзірам. Вам, таварыш камандзір, смешкі, а мне гэтая службка во як прыпякла, здаволіўся аж па самае...

І Сідар Бабок паласнуў далоняю па сваёй шыі.

— Прымаю тваю адстаўку, хоць, як табе вядома, звальненне паліцаяў са службы і не ўваходзіць у маю, як гэта гаворыцца, кампетэнцыю.

— Вось і добра, таварыш камандзір.

— Што ж мне рабіць цяпер з табой, такім непапраўным і зацятым паліцаем?

— А вы не смейцеся, таварыш камандзір. Паверце, што мне зусім не было весела на гэтай праклятай службе...

— Я і не смяюся, таварыш Сідар. А за тваю службу, асабліва за тваю дапамогу партызанам у цяжкую часіну, я выношу табе шчырую падзяку. Гляджу я на цябе і радуюся: ты ж сапраўдным чалавекам стаў! Вядома, не скажаш, што зрабіўся ты добрым чалавекам праз сваю паліцэйскую службу, але, што ні кажы, узмужнеў ты і спрыту патрэбнага набыў і добрай кемлівасці. Што ж думаеш рабіць цяпер?

— Ваяваць буду, таварыш камандзір. На самыя цяжкія заданні можаце пасылаць. Усё зраблю так, як загадаеце.

— Задавольваю тваю просьбу, таварыш Бабок. Будзеш цяпер у самым баявым атрадзе.

— Дзякуй вам, таварыш камандзір.

Так Сідар Бабок, гады паўтара пахадзіўшы ў «паліцаях», урэшце атабарыўся ў атрадзе.

 

8

Ніколі Лена не трапляла ў такое складанае становішча. Яе дзявочае самалюбства цешыла, вядома, тое глыбокае пачуццё, якое выказваў да яе Драгош. Але сумленная натура не дазваляла ёй іграць пачуццямі чалавека, адрабляцца ад гэтых пачуццяў танным і легкамысным фліртам. Ды і як яна магла здрадзіць свайму міламу Ігнату, які недзе там, у лясах ды балотах, вядзе суровае партызанскае жыццё? І хіба скажаш пра гэта адкрыта Драгошу. Але неяк жа трэба, урэшце, унесці яснасць ва ўзаемаадносіны з маладым лейтэнантам, каб не ставіць ні яго, ні сябе ў непрыемнае становішча.

Выпадак зрабіць гэта выпаў неўзабаве. Аднаго вечара лейтэнант запрасіў яе ў кіно. Яна не адмовілася. Перад мастацкім фільмам паказвалі хроніку з ваенных франтоў. На экране мільгалі эпізоды, у якіх гітлераўцы, вядома, мелі адну перамогу за другой. Была паказана сфатаграфаваная з самалёта Волга, ахопленыя полымем кварталы Сталінграда і бамбёжкі, бамбёжкі і бамбёжкі. Глядзельная зала, перапоўненая нямецкімі вайскавікамі і розным гітлераўскім чыноўным людам, раўла ад захаплення і не скупілася на шумныя апладысменты. Глядзець на тое, што адбывалася на экране, слухаць ваенныя маршы і назіраць, як шалеюць ад захаплення гітлераўскія ваякі, было звыш сіл дзяўчыны. Яна шапнула Драгошу:

— Хадзем адсюль!

— Нязручна, Лена, асабліва табе, могуць палічыць гэта за дэманстрацыю. А трэба памятаць, што тут, у зале, не адзін дзесятак гестапаўскіх воч і вушэй.

— Я не баюся іх. Урэшце, чалавеку проста можа зрабіцца нядобра, і яму трэба выйсці на свежае паветра...

— Пачакаем, Лена. Зараз будзе мастацкі фільм. Кажуць, што ў ім удзельнічае вядомы артыст.

Але і мастацкая карціна мала чым рознілася ад хронікі. Герой фільма іграў вядомага гітлераўскага аса. І зноў на экране замільгалі пажары, паветраныя баі, бамбёжкі. І зноў палалі савецкія гарады, і дымныя каснікі пажарышч засцілі сонца над савецкай зямлёй.

— Ну, ты як хочаш, а я пайду! — рашуча сказала Лена.

— Я не магу пакінуць цябе адну...

Пад шыканне гледачоў яны паціху выбраліся з кіно, вялізнага драўлянага барака, адзінай, бадай што, будыніны, узведзенай гітлераўцамі на руінах горада.

— Навошта вёў ты мяне ў кіно? — з сумам запыталася Лена.

— Божа мой, я думаў зрабіць табе прыемнасць, бо ў гэтым горадзе ніякіх іншых відовішч не сустрэнеш.

— У гэтым горадзе, як ты меў ласку выказацца, было некалькі тэатраў, сярод якіх такія вядомыя на ўсю Савецкую краіну, як драматычны, тэатр оперы і балета. Але цяпер гэты оперны тэатр стаіць з разбомбленым дахам, і ў ім тваё нямецкае камандаванне адкрыла нейкі склад. Чым жа гэта не відовішча? — ужо з раздражненнем, блізкім да гневу, спыталася дзяўчына.

— Ты дарэмна злуешся на мяне. Я ж усё ведаю. І я меў на ўвазе толькі падкрэсліць, што сталася з горадам, калі ён трапіў пад фашысцкую ўладу.

— Трапіў, трапіў...— перадражніла Лена.— Знайшоў уладу...— і дзяўчына змоўкла, скеміўшы, відаць, што сказала, магчыма, і лішняе.

— Ну не злуй, супакойся, мая слаўная Лена. Такі лёс напаткаў не адзін твой горад. Шмат гарадоў зруйнавалі гітлераўцы. Ты паглядзела б на Варшаву, на другія гарады Еўропы...

— Хіба гэтым можна суцешыць мяне?

— Ты не так зразумела мяне. Я хачу толькі сказаць, што, магчыма, тыя, хто руйнаваў чужыя гарады, у тым ліку і Мінск, прымушаны будуць аднаўляць іх. Бо, павінен я сказаць табе...— і хлопец задумаўся на якую хвіліну, нібы вырашаў, гаварыць яму гэта ці не,— бо мне гэтая справа крыху відней, чым табе, што не ўсё выглядае так бліскуча... ну, разумееш, для гітлераўцаў... як паказваецца на экране. Яны крычаць цяпер пра Волгу, пра Сталінград, лямантуюць пра хуткую канчатковую перамогу. Але крык гэты, калі хочаш, гэта крык адчаю, бо яны знясільваюцца ўжо, напінаюцца з апошніх сіл... І ты ж ведаеш, што не ўсюды людзі пакорна сталі на калені перад іхняй сілай. У кожнай захопленай гітлераўцамі краіне ідзе вострая барацьба народа супроць заваёўнікаў. Я ўжо не кажу пра вашу краіну...

— А як твае суайчыннікі? — ціха спыталася Лена.

— Мой народ ніколі не быў прыхільнікам захопнікаў...— задуменна праказаў Драгош.

Яны маўчалі, думаючы кожны аб сваім і паволі ідучы ўздоўж чыгуначнага бульвара. Быў вечар. Над горадам стаяла цішыня. Прахожых ужо не было, бо даўно настаў каменданцкі час. Пад нагамі мякка шамацеў асыпаны ліст з маладых таполяў і клёнаў.

— Я хачу, слаўная Лена...— першы парушыў маўчанне Драгош і запнуўся, нібы падбіраючы словы.— Бачыш, мне цяжка гаварыць. Каб ты толькі ведала, што робіцца ў маім сэрцы. Я даўно збіраўся сказаць табе пра гэта, але ўсё неяк не выпадала. Пры нашых сустрэчах ты стараешся як мага хутчэй развітацца, вечна спяшаешся... Як вялікага шчасця, я чакаю кожнай сустрэчы з табой. І каб ты спыталася ў мяне, чым жа я жыву цяпер, я сказаў бы: жыву думкамі аб табе, жыву спатканнямі з табой. Мілая мая, слаўная Лена... Я шчыра табе скажу...— і ён павагаўся з хвіліну, падбіраючы тое патрэбнае слова, якое ў такіх выпадках так не даецца адразу.

Ён асцярожна ўзяў яе руку ў сваю. І раптам, прыпаўшы губамі да гэтай маленькай цёплай рукі, ён пачаў цалаваць яе.

— Я кахаю цябе, мая слаўная, мая мілая, мая любая...

Хоць Лена і здагадвалася пра яго пачуцці, але ж гэта было так нечакана, што яна разгубілася.

— Што ты робіш, Драгош? Урэшце, людзі ўбачаць, не абярэшся сораму...

— Божа мой! Няхай глядзяць усе, няхай глядзіць увесь свет! Хіба магу я саромецца свайго кахання? Хіба яно абражае цябе, мая радасць?

— Не трэба, Драгош, не трэба...— разгублена гаварыла яна, не ведаючы добра, як жа трэба паводзіцца ў такіх выпадках, каб не пакрыўдзіць чалавека, да якога пачалі з’яўляцца пачуцці добрай таварыскай прыязні.

Ён выцер свой гарачы твар, прагаварыў усхвалявана:

— Я не патрабую... даруй мне... я не прашу неадкладнага адказу. Толькі дай мне надзею... І я шчаслівы буду. Ну, чаго ж ты маўчыш?

— Я думаю, Драгош...

— Не буду парушаць тваіх думак.

Яны даўно мінавалі чыгуначныя пуці, былі ўжо на ўскраіне горада. І хоць позні быў час і блізка быў дом Лены, яна не спяшалася дахаты, нават прапанавала Драгошу:

— Давай паходзім яшчэ па вуліцы, калі не затрымаюць толькі нас патрулі.

— Са мной ніхто цябе не затрымае.

У глухім завулку яны прыселі на лаўку, пад разгалістай бязлістай ліпай. Позні лістападаўскі вечар быў халодны. У небе запаліліся яркія ў гэту пору і зябкія зоры. У вяршаліне ліпы няўтульна шумеў восеньскі вецер. Але ні гэтай няўтульнасці, ні холаду не адчувае Лена. Узрушаная, усхваляваная, яна падбірала словы, якія павінна сказаць гэтаму чалавеку, сказаць так, каб зразумеў ён, не палічыў за крыўду, за знявагу. Але не так лёгка падабраць такія словы. І, не спяшаючыся, яна пачала:

— Раней, чым сказаць табе маё адказнае слова, я прашу цябе абяцаць мне, што ты пагодзішся з усім, што я скажу табе, нягледзячы на тое, будзе гэта прыемна альбо непрыемна табе.

— Ну, вядома, Леначка, іначай жа я і не мыслю.

— Ты пачуеш, магчыма, і непрыемныя для цябе словы. Шчыра прызнаюся, што адказаць узаемнасцю на тваё каханне я не магу... ну, калі хочаш, не маю права.

Драгош нізка апусціў галаву. Лене захацелася хутчэй растлумачыць, чаму яна так гаворыць.

— Не сярдуй, Драгош. Я па-ранейшаму паважаю цябе... і нават... нават магла б пакахаць, каб мы сустрэліся з табою крыху раней... Я кахаю другога, Драгош, даўно кахаю... Як жа назваў бы ты мяне, калі б я з такой лёгкасцю памяняла сваё каханне...

Драгош глыбока і цяжка ўздыхнуў.

— Ведаеш, Лена, я не перанясу ўсяго гэтага. Усё гэта з’яўляецца страшным ударам для мяне, які выбівае з-пад маіх ног усё і... нават... жыццё... Я не змагу жыць без цябе. Клянуся табе...

Ён устаў, падаў ёй руку.

— Сядзь, супакойся.

Ён без ваганняў паслухаўся.

— Мой слаўны Драгош. Ты вельмі падабаешся мне, можа, я нават схільна пакахаць цябе. Разумееш — схільна... Але ў цябе не знойдзецца ніводнага слова, каб асудзіць мяне толькі за тое, што я шчыра кахаю аднаго чалавека і хачу — што б ні здарылася — да канца дзён сваіх быць вернай яму. А табе я прапаную маю шчырую дружбу... І я спадзяюся, я хачу верыць у гэта, што ты будзеш маім верным і надзейным сябрам, маім таварышам, на якога я магу разлічваць у цяжкую хвіліну.

Ён кінуўся да яе, працягнуў абедзве рукі.

— Дазволь мне называць цябе па-ранейшаму: слаўная мая, мілая дзяўчына. На ўсё, на ўсё я згодзен з табой. Я разумею цябе. І калі я патрэбен табе як добры салдат, я заўсёды ў тваім распараджэнні.

— Я рада за цябе. А шчасце тваё цябе не міне.

Яны доўга гаварылі ў той вечар. І кожны з іх стараўся не закранаць ніводным словам некаторыя акалічнасці іх знаёмства.

 

9

Было нейкае гітлераўскае свята, і з гэтага поваду прэзідэнт горада наладзіў вечар, на які запрашаліся вышэйшыя чыны гітлераўскай адміністрацыі і прадстаўнікі мясцовых цывільных улад.

На прыём была запрошана і Надзя, хоць яна і не займала якой-небудзь важнай пасады ў горадзе.

Спачатку Надзя аднеквалася ад запрашэння.

— Не, не, не, душачка, адмаўляцца ад гэтага прыёму вы не толькі што не павінны, але і не маеце права,— заявіў ёй непасрэдны начальнік Ермачэнка.— Быць на прыёме — гэта, так сказаць, дзяржаўны абавязак.

Трэба сказаць, што спадар Ермачэнка, які заўсёды ўлічваў любую магчымасць выслужыцца і чым-небудзь звярнуць на сябе ўвагу вышэйшага начальства, запрашэнне Надзі на прыём важыўся выкарыстаць у сваіх уласных інтарэсах. Ён ведаў, што сам гаўляйтэр даў згоду быць там уласнай персонай. Гаўляйтэр меў адну слабасць: ён вельмі любіў прыгожых дзяўчат і ўсімі спосабамі вербаваў іх, гледзячы па здольнасцях, альбо ў сваіх служачых, альбо ў хатнія работніцы. Спадар Ермачэнка нават перажыў няўдачу ў адной даволі далікатнай справе, звязанай з гэтай слабасцю начальніка. Неяк адбываўся сход медыцынскіх работнікаў горада, перад якімі гітлераўскія ўлады ставілі задачу рашучай барацьбы з эпідэміямі, якія раз за разам успыхвалі ў горадзе. Гітлераўцы не вельмі турбаваліся аб здароўі галоднага насельніцтва. Іх турбавала другая справа: небяспека эпідэміі для самой гітлераўскай арміі. А таму, хочаш не хочаш, даводзілася клапаціцца аб здароўі цывільнага насельніцтва. На тым медыцынскім сходзе палічыў патрэбным выступіць з кароткім словам сам гаўляйтэр. У часе выступлення Кубэ прыкмеціў сярод слухачоў прыгожую, чарнявенькую дзяўчыну. Ён не спускаў з яе вока і тут жа спытаўся ў прэзідэнта горада, які ўзначальваў сход, што гэта за асоба і дзе яна працуе. Прэзідэнт пацярпеў фіяска, бо не мог даць дакладнага адказу высокаму начальніку. І толькі дасціпны Ермачэнка, які трапіўся тут жа на сходзе, паспяшыў задаволіць цікаўнасць пана гаўляйтэра. Ён далажыў, што дзяўчына з’яўляецца маладым урачом, што яна працуе ў бальніцы Беларускай самапомачы і клічуць гэтую дзяўчыну Славай.

Ужо ў канцы сходу, калі ўсе ўдзельнікі разыходзіліся, гаўляйтэр паклікаў Ермачэнку. Ён пачаў з афіцыйных спраў.

— Паколькі ваша арганізацыя з’яўляецца самай моцнай у горадзе, пастарайцеся ўзначаліць усю гэтую эпідэмічную справу.

— Слухаюся вашага высокага загаду! — лісліва адказаў Ермачэнка.

А гаўляйтэр тут жа, нібы між іншым, закрануў і другую тэму, якая, відаць, цікавіла яго больш, чым усе эпідэміі, разам узятыя. Ён фамільярна ўзяўся за гузік субяседніка.

— Вось што, мілейшы, вы для мяне свой чалавек... Даручаю вам: займіцеся далікатна з гэтым вашым урачом... Адным словам, намякніце, што для яе было б зусім не блага, калі б яна перайшла на працу да мяне, ну... у якасці хатняга ўрача...

— У вас жа, асмелюся сказаць, ёсць спрактыкаваны хатні ўрач, а гэтая дзяўчына яшчэ зусім малавопытная...— ляпнуў, не падумаўшы, кіраўнік самапомачы і тут жа замяўся, зразумеўшы, што язык яго даў не зусім пажаданы рыкашэт.

Гаўляйтэр акінуў яго даволі пагардлівым позіркам, але тут жа міласліва прамовіў:

— Зразумейце, мілейшы, што мы гаворым з вамі як мужчына з мужчынам...

Спадар Ермачэнка заззяў, як месяц на поўні, і некалькі разоў кіўнуў галавою ў знак таго, што, урэшце, зразумеў высокую просьбу.

Аднак выканаць гэтае далікатнае даручэнне аказалася не так лёгка, як здавалася Ермачэнку. Паслухмяная і пакорлівая з выгляду дзяўчына з першага намёку начальніка на магчымы перавод яе на службу непасрэдна да Кубэ катэгарычна адмовілася. І выстаўляла пры гэтым рэзонныя прычыны: яна не мае яшчэ такога стажу і практыкі, каб брацца лячыць такіх паважаных, высокапастаўленых асоб. Калі ж Ермачэнка пачаў намагаць, яна адкрыта сказала яму з вока на вока:

— Ведайце, палюбоўніцаю я ніколі не была і мушу вас запэўніць, што ніколі не буду...

Спадар Ермачэнка ўваходзіў у злосць.

— Вы страцілі розум, калі аб такой высокапастаўленай асобе, як наш глыбокапаважаны гаўляйтэр, маеце смеласць так гаварыць. Ды я прымушу, урэшце, вас як непасрэдны ваш начальнік.

— Ніхто і ні да чога мяне не прымусіць...

— Маўчыце, нягодніца вы гэтакая. Так плаціце вы за маю дабрату і ласку... Вы падумайце толькі, хіба я прапаноўваў вам калі-небудзь што непатрэбнае, брыдкае, ну... што-небудзь такое, што было б несумяшчальна з вашым дзявочым гонарам.

У гэтым была доля праўды. Спадара Ермачэнку ніхто не мог папракнуць у якіх-небудзь злоўжываннях у дачыненні да сваіх падначаленых жанчын. Тут ён трымаў сябе, як належыць добраму рыцару. Але былі і некаторыя прычыны гэтаму. Гаварылі ўпотай аб жудасным лёсе двух дзяўчынак, якіх узяў ён з дзіцячага дома, каб удачарыць іх. Адной было гадоў дванаццаць, другой — чатырнаццаць. Меншая і цяпер жыве ў кватэры Ермачэнкі пад суровым наглядам хатняй работніцы. Старэйшая месяцы праз два збегла з дому, а яшчэ праз якіх месяцы тры — чатыры была расстраляна як прастытутка, якая нібы заразіла некалькі салдат і афіцэраў. Вядома, усё гэта былі чуткі, але чуткі вельмі і вельмі верагодныя.

Калі Слава не паддалася ні на якія ўгаворы, ён даў ёй два дні тэрміну падумаць. Але прайшлі і два дні, а дзяўчына асталася пры сваёй думцы.

Ермачэнка пачаў гразіць, але гэта нічога не памагло. Тады ён аддаў загад звольніць яе з работы і разам з тым дамовіўся з біржай працы, каб ёй паслалі позву з’явіцца для адпраўкі на работу ў Нямеччыну. Увесь гэты каварны план пацярпеў няўдачу. На другі дзень яму данеслі, што дзяўчына пакончыла жыццё самагубствам. Спадар Ермачэнка разгубіўся спачатку, сур’ёзна пабойваўся, каб не ўгневаўся часам высокі начальнік за невыкананне яго далікатнага даручэння. Хацеў асабіста далажыць яму аб усіх акалічнасцях справы, але, падумаўшы, парашыў не рабіць гэтага. Кубэ ніводным словам не заікнуўся потым аб той дзяўчыне, бо з штодзённай зводкі гарадскіх здарэнняў, якую давала яму паліцыя, сам раней за Ермачэнку даведаўся пра лёс дзяўчыны. Больш таго: з таго часу Ермачэнка ўвайшоў у выключнае давер’е да гаўляйтэра, і гэта памагала яму ўнікаць заслужанай кары за праступкі, у тым ліку і за растраты.

І цяпер, калі Надзя атрымала запрашэнне на прыём, Ермачэнка таксама меў сякія-такія замыслы. Як-ніяк Надзя супрацоўніца яго арганізацыі. Калі зверне на яе сваю міласлівую ласку пан гаўляйтэр, то львіная доля гэтай ласкі перападзе і яму...

Вечар праходзіў спачатку даволі вяла. Госці сноўдаліся па залах як сонныя мухі. Чакалі высокага начальніка. Расфуфыраныя дамы хадзілі з поснымі мінамі, што не перашкаджала ім, аднак, дружна абмяркоўваць кожную складку на сукенцы якой-небудзь важнай матроны ці якую навіну са спадарскага жыцця: таму далі павышэнне, таму гаўляйтэр даў медаль, той атрымаў выгадную камандзіроўку ў Берлін, у таго жонка пашыла незвычайны гарнітур... Ды ці мала бывае навін, якія так хвалююць кабет.

Ермачэнка адрэкамендаваў Надзю некаторым дамам. Тыя з напускной ветлівасцю прывіталі яе, не забыўшыся мімаходзь падпусціць і пару-другую шпілек.

Раптам госці ўсе прымоўклі і падаліся бліжэй да сцен, каб расчысціць сярэдзіну галоўнай залы. Пачуліся шапатлівыя галасы:

— Гаўляйтэр, гаўляйтэр!

Сапраўды, у зале з’явіўся сам Кубэ з жонкай і цэлай світай сваіх бліжэйшых памочнікаў. Ён павітаўся за руку з некаторымі спадарамі, рэшту прывітаў узнятай рукой.

Ермачэнка тым часам далікатна выводзіў Надзю наперад:

— Ну што вы зашыліся тут за гэтай нафталіннай старызнай,— кіўнуў ён галавой на паважных дам,— ваша месца там, наперадзе! Не саромейцеся, не саромейцеся, давайце бліжэй!

На яго зашыкалі, але тут пан гаўляйтэр разявіў рот, і спадар Ермачэнка ператварыўся ў слых.

— Сардэчна віншую вас са святам, і ад імя германскага народа дзякую вам за вашы слаўныя пачуцці да нас. Мне хацелася б сёння асабліва парадаваць вас: нашы поспехі на франтах растуць з цудоўнай прагрэсіяй. Яшчэ тыдзень-другі, і мы з вамі, панове, будзем святкаваць найвялікшую ў гісторыі перамогу.

Тут грымнуў такі «хайль», што нервовая Аніта аж страпянулася ад перапуду, і Кубэ спачувальна зірнуў на яе напалоханы твар.

Кубэ хацеў сказаць яшчэ нешта, але з’явіўся ардынарац і перадаў яму запіску.

— Прашу прабачэння, панове, дзяржаўныя справы заўсёды павінны быць на першым плане. Зычу вам бадзёрасці і весялосці.

Гаўляйтэр развітаўся і пайшоў, а за ім разам выйшла і яго світа. Адразу ў зале пачалося ажыўленне. Грымнуў аркестр, і першыя пары закружыліся ў вальсе. Надзя карысталася на вечары выключным поспехам. Яе запрашалі наперабой на танцы, яе частавалі, мужчыны спаборнічалі між сабою, каб паказацца перад ёй самымі галантнымі, самымі разумнымі.

Усё гэта страшэнна абрыдла дзяўчыне, якая адчувала тут сябе не ў сваёй талерцы.

Яна не на жарт напалохалася, калі да яе падышоў адзін з гітлераўскіх афіцэраў і загаварыў, як даўні знаёмы:

— О... і вы тут, паважаная настаўніца!

Яна разгубілася, успамінаючы, дзе і пры якіх акалічнасцях сустракалася з ім.

— Але, я тут...

— Відаць, там у вас нічога і не выйшла са школай?

Тут толькі здагадалася яна, што гэты афіцэр быў няйначай у штабе чэхаславацкай дывізіі, калі яна наведалася туды са спецыяльным заданнем Саколіча. І ўжо зусім спакойна яна адказала:

— Разумееце, не магла ж я астацца на службе там, дзе няма самых элементарных умоў для працы...

— Т-так, панна, так! — І ўжо зусім давяральным голасам дадаў: — А вы, відаць, не ведаеце, што адбылося пасля ў тых мясцінах? Штаб быў разгромлены, загінула многа нашых, быў забіты і камандзір дывізіі.

— Божа мой, што ж там адбылося? — зусім натуральна здзівілася дзяўчына.

— Мне, ведаеце, проста пашанцавала выбрацца адтуль за якую пару дзён да трагічных падзей.

— Уяўляю, як гэта было жахліва...— спачувальна праказала Надзя.

— Зразумела, як і заўсёды ў такіх выпадках. Партызаны не ведаюць ніякіх боскіх, ні чалавечых законаў.

Надзя ўспомніла, як перад яе паездкай у штаб ёй гаварылі, што там знаходзіўся ў той час афіцэр сувязі, спецыяльна прыкамандзіраваны да гаўляйтэра, і што з гэтай прычыны ёй варта трымаць сябе выключна асцярожна. Цяпер яна здагадвалася, што гэты афіцэр няйначай і гаворыць з ёй.

Пачуўшы пра партызан, заварушыліся і спадары. Распачалася цэлая дыскусія. Давалі самую разнастайную ацэнку партызанскай небяспецы, але ўсе сыходзіліся на адным: усімі сіламі і ўсімі сродкамі памагаць германскім уладам вынішчаць партызанскую заразу.

Спрэчкі былі ў самым разгары, калі заявіўся спадар Казлоўскі, які адлучыўся на колькі хвілін з вечара, каб наведаць рэдакцыю газеты. Ён адразу ўключыўся ў спрэчкі.

— Падумаеш, партызаны, партызаны! Звычайная з’ява вайны, якая заўсёды ўносіць у грамадства некаторыя непажаданыя ўплывы. Дэзерцірства, свавольства злачынных элементаў. Абуджэнне звярыных інстынктаў. Звычайны бандытызм, да якога ўладам не прыступіцца, бо яны заняты больш важнымі справамі...

— Што ж рабіць з гэтымі азвярэлымі людзьмі?

— Што рабіць? Больш вераўчаных гальштукаў!

— Вельмі лёгка гэта ў вас, пан Казлоўскі.

— Дарэчы, я хачу ўзрадаваць вас адной навіной. Толькі што мной атрымана для публікацыі цікавае паведамленне, якое...

— Цікава — якое ж?

— У заўтрашніх газетах будзе апублікавана аб разгроме штаба вядомага і даволі ўсім абрыдлага... ну каго б вы думалі? Самога, разумееце, самога Заслонава!..

Усе, хто быў у зале, пераглянуліся. І ў іх позірках, акрамя яўнай радасці, прамільгнула яшчэ нешта падобнае на страх, бо іменна такое пачуццё заўсёды выклікаў нават проста ўспамінак гэтага прозвішча. Якуюсьці хвіліну панавала ў зале цішыня. Потым нехта крыкнуў «ура», некалькі спадароў прахайлілі, і гул нястройных галасоў ператварыўся ў нейкі ўрачысты лямант.

Да Надзі, якая стаяла ля акна і старалася быць далей ад усіх гэтых людзей, што згрудзіліся ля Казлоўскага, падышоў усё той жа афіцэр.

— Вы чулі навіну, фрэйлен?

— Што, што? — перапытала яна. Першыя словы паведамлення прайшліся як нож па яе сэрцы. Ёй здавалася, што яна ляціць у нейкае чорнае прадонне. Кружылася галава, і ў нагах адчувалася такая слабасць, што яна ледзь не сарвала парцьеру, за якую вымушана была ўхапіцца рукою, каб не ўпасці. Каб крыху прывесці да ладу свае думкі, яна прыпала тварам да халоднай, прапацелай шыбкі акна. Холад асвяжаў лоб. Праз запацелае шкло нічога не відаць было, ды і ці здольна была яна ўбачыць што-небудзь у гэтыя хвіліны?

Афіцэр паўтарыў запытанне.

— О, так, так,— урэшце адказала яна.— Гэта так жахліва, так жахліва.

— Што жахліва, фрэйлен?

— Я кажу пра злачынствы... Божа мой, якія жахлівыя злачынствы.

— Вядома, фрэйлен. Ён нарабіў столькі злачынстваў, што каб меў ён тысячу жыццяў, то і імі не расплаціўся б за ўсё зробленае супроць нашай вялікай справы. Аднак што з вамі, фрэйлен? У вас такі бледны твар...

— Разумееце, я не пераношу гэтага, гэтага...— цяжка падбірала яна словы.— Я не магу пераносіць тытунёвага дыму.

У зале сапраўды было накурана так, што паветра было шызавата-блакітнага колеру.

— Чым жа мне памагчы вам, фрэйлен?

— Адчыніце, калі ласка, фортку ў акне.

У зале па-ранейшаму стаяў гоман. Нехта ўрачыста запрасіў да стала.

— За такія перамогі не грэх выпіць і шампанскага!

Гучна стрэлілі коркі, зазвінела шкло бакалаў. І раптам усе гэтыя гукі і ўсхваляваны гул людскіх галасоў патанулі ў моцным выбуху, які страсянуў сцены і прымусіў жудасна зазвінець запацелыя шыбкі вокан.

Усё змоўкла, замерла на якую хвіліну. Дзынкнула і рассыпалася на падлозе шкло бакала, што выпаў з рукі перапалоханага спадара. Завойкалі з перапуду жанчыны і кінуліся ў глыб апартаментаў. Водбліскі агню забегалі па шыбах.

— Божа святы, што гэта робіцца ў нашым горадзе?

— Ды чаго вы стаіцё, мужчыны? Дзе ваша зброя?

— Спакойна, спакойна, панове! Я зараз высветлю, у чым справа.

Увішны рэдактар кінуўся да тэлефона. Хутка пачуліся яго пытанні.

— Ну, што там, што там? — кінуліся да яго з усіх бакоў, калі ён палажыў трубку.

— Спакойна, спакойна, панове, не хвалюйцеся! Толькі што адбылася чарговая дыверсія, якая звязана, відаць, з тымі падзеямі, аб якіх гаварылася ў афіцыйным паведамленні.

— Пры чым тут паведамленне?

— А пры тым, што на месцы дыверсіі знойдзена запіска з кароткім подпісам: «Заслонаўцы».

— Божа, адкуль яны маглі ўзяцца ў нашым горадзе?

— Паверце, панове, што гэта ўжо знаходзіцца паза маёй кампетэнцыяй. Узарвана сталоўка эсэсаўцаў. Загінула дваццаць чалавек афіцэраў...

Доўга мітусіліся па зале не на жарты напалоханыя спадары і іх шаноўныя палавіны. Ад прыўзнята-святочнага настрою не асталося і следу. У зале прытушылі святло, каб не вельмі кідалася яно ў вочы з вуліцы. Праз адчыненыя форткі прыслухоўваліся да гукаў начнога горада.

Разам з усімі выйшла і Надзя. Праводзіць яе навязаўся афіцэр сувязі. Яна не адмовілася, бо ў такі час, калі па горадзе шныпараць разлютаваныя гестапаўцы, мець надзейнага праважатага не пашкодзіць.

— Як вам, фрэйлен, падабаецца сённяшні вечар? — распачаў стандартную размову афіцэр.

— Я адчувала сябе так кепска, так балела галава, што нават не заўважыла, як прайшоў увесь вечар.

— Спачуваю вам ад усяго сэрца, фрэйлен! Вечар быў бы ўдалы, каб не гэтыя раптоўныя эксцэсы, я сказаў бы... інтымна-сямейны вечар.

Афіцэр галантна развітаўся ля яе кватэры, выказаўшы надзею на далейшыя сустрэчы.

Забраўшыся ў свой непрытульны і цёмны пакоік, яна дала волю сваім пачуццям і горка расплакалася.

Чорныя, трывожныя думкі апанавалі яе. Ёй здавалася, што сёння яна прысутнічала на пахаванні ўсяго таго, чым жыла, што прымушала яе працаваць, ісці на рызыкоўныя справы. Нібы адразу згаслі, памерклі ўсе тыя светлыя надзеі, якія заўсёды падтрымлівалі яе ў самыя цяжкія часіны, цешылі яе, напаўнялі ўсю яе істоту адчуваннем паўнаты жыцця. А на сэрцы стынь, восеньская слата, неадольны і цяжкі смутак. Дзе ж знайсці сілы, каб перанесці гэты страшэнны ўдар, вярнуць назад усё, што так радавала, захапляла ў жыцці? Няўжо згаслі назаўсёды ўсе жывыя фарбы навакол, няўжо здранцвела назаўсёды сэрца, якое так чула адклікалася на ўсё — і на росную былінку, і на трапяткое святло месяца, і на сонечную ўсмешку дзіцяці?

«О, слаўны і мілы Васіль Іванавіч! Навошта паслаў ты мяне на такія пакуты? Навошта трэба мне ўсміхацца там, дзе сэрца абліваецца крывавымі слязьмі? Навошта гаварыць пустыя і фальшывыя словы там, дзе лепш было б размаўляць куляй, гранатай? Навошта мне дыхаць адным паветрам з тымі, хто ніяк не нап’ецца крыві маіх блізкіх і родных? Навошта мне паціскаць тыя рукі, якія ўюць вяроўкі для маіх братоў, ткуць саваны для маіх мілых сясцёр? О, Васіль Іванавіч, Васіль Іванавіч! Ты ж сказаў, што так трэба. Можа, і трэба... Але як цяжка гэта, як цяжка...»

А можа, усё гэта нікчэмная хлусня, тая звычайная фашысцкая пахвальба, якую не раз і не два чула, назірала яна ў гэтым праклятым акружэнні? Божа мой, як бы добра было, каб усё гэта было хлуснёй.

Паступова Надзя сабралася з думкамі, пачала перабіраць у памяці ўсё, з чым сустрэлася сягоння на гэтым недарэчным вечары. Вядома, яна наслухалася багата чаго, аб чым не без цікавасці і не без карысці даведаюцца ад яе свае людзі. Думала аб працы. Самапомач памагла ёй пазнаёміцца з рознымі людзьмі, у большасці сваёй самымі заклятымі ворагамі яе народа. Гэта нядрэнна, што яна ведае, вывучае іх, дазнаецца аб іхніх планах. Зразумела, яны не здагадваюцца аб тым, якую практычную дапамогу робіць яна праз самапомач партызанам.

Гэтыя думкі крыху адцягнулі ўвагу ад таго, што так уразіла яе. Цяпер яна ўжо не хацела верыць таму, што пачула. Прыемная цеплыня агарнула сэрца. І чамусьці ўсе яны — блізкія, знаёмыя, свае — паўставалі перад ёй у вобразе Мікалая. І вобраз гэты быў такі яркі, асязальны, што яна нібы чула крокі яго, адчувала ўсхваляванае дыханне, бачыла ўсмешку, позірк яго вачэй, угадвала думкі яго:

«Слаўная мая, харошая, ці сумуеш жа ты па мне?»

І адказвала:

«Сумую, любы мой, ненаглядны...»

Гаварыла ў думках і глядзела на ледзь прыкметнае ў змроку акно, нібы чакала: вось жа з’явіцца ён, пастукае ў шыбу і ціха-ціха ды так ласкава скажа:

«Адчыні, мая Надзюня, гэта ж я, твой Мікалай!»

Але ў акно толькі білася снежная завея, і ад шорхату сняжынак па шкле холадам працінала сэрца.

 

10

Тыдні са два ішлі няспынныя дажджы. Дарогі раскіслі, па іх цяжка было праехаць. Нават пешаходу нельга было выбірацца ў дарогу — усюды бясконцая вада, ад яе нідзе не было паратунку. Палі, паплавы панабракалі вільгаццю. Вада чвякала пад нагамі, зацякала за каўнер, зябкімі пацёкамі прабіралася па спіне і змочвала да апошняй ніткі — стылая, зольная — так, што зуб на зуб не трапляў ад пранізлівага холаду. І не было дзе сагрэцца ды абсушыцца, бо ўсё пераходы і пераходы, амаль што цэлы тыдзень у безупынным руху.

Людзі змарыліся да апошняга і, як пра найвышэйшае шчасце, марылі пра цёплы і сухі начлег. Але гэта аставалася толькі мараю. Па пятах неадступна насядалі карнікі. Цэлая дывізія эсэсаўцаў і паліцаяў навалілася на заслонаўскую брыгаду.

То збіраючы сваю брыгаду ў кулак, то разбіваючы яе на асобныя баявыя групы, Заслонаў выводзіў сваіх людзей з-пад удару, разам з тым наносячы адчувальныя ўдары і па гітлераўцах. Ён то граміў іх флангі, то нечакана нападаў з тылу. Эсэсаўцы пракліналі і партызан, і восеньскую бездараж, і сваё вышэйшае начальства, якое ведала толькі адно: на чым бы то ні стала, не лічачыся ні з якімі ахвярамі, разграміць асноўныя сілы Заслонава. Але лёгка загадваць, выконваць жа загады было куды цяжэй. Адзін артылерыйскі дывізіён, які адстаў быў ад дывізіі, нечакана апынуўся ў руках заслонаўцаў і адкрыў знішчальны агонь па немцах. Гітлераўцы кінуліся на выручку свае артылерыі і сапраўды выручылі яе, але гэта была ўжо не артылерыя, а груды жалезнага лому.

Заслонаў умелымі аперацыямі вымотваў сілы ворага, які быў куды больш моцны і па ўзбраенню, і па колькасці людзей. Але вымотваліся і сілы брыгады. Былі да рэшты і знясіленыя, і хворыя, якіх трэба было неадкладна накіроўваць у бяспечныя мясціны.

Аднак, як ні былі змораны людзі, яны павесялелі, калі неба праяснела і з-за рваных хмар паказалася доўгачаканае сонца. Праўда, яно не вельмі грэла. Абсушвала і сагравала свая ўласная хада, ды на кароткіх прыпынках можна было днём разлажыць і невялікае цяпельца. Сабраўшы сілы, Заслонаў рашуча ўдарыў па ворагу і, выкарыстаўшы яго замяшанне, на які час адарваўся ад яго і павёў свае атрады рознымі дарогамі ў глыбінныя лясы, дзе думаў даць людзям кароткі адпачынак і, калі будзе магчымасць, арганізаваць сталыя зімнія базы. Аб гэтым час было падумаць: зіма не за гарамі. Пасля ясных сонечных дзён, якія, здавалася, удыхнулі новыя сілы ў стомленых людзей, пагода зноў папсавалася. Зноў пайшлі дажджы, паваліў мокры снег, які адразу прыбраў усё ў белае святочнае адзенне. Хлопцы паспрабавалі гуляць у снежкі. Але белыя ўборы патрывалі нядоўга. Усё навакол прыняло такі сумны выгляд, што нават Дзетка апусціў нос і лаяўся на чым свет стаіць.

Пасля надышлі замаразкі. Яны ўсё мацнелі і мацнелі, і ўжо раніцамі зямля адзывалася пад нагамі лёгкім звонам, і кожны крок быў чуваць за колькі кіламетраў па ўсім наваколлі. Сыпануў снег, і па ўсім відаць было, што намерыўся легчы ён ужо зусім сур’ёзна, аж да самай вясны. Снег сыпаў спачатку спакваля, нібы з нейкім роздумам. Потым пачаў ісці так густа, што на пенчуках, на валунах з’явіліся пухнатыя белыя шапкі, а над маладзенькімі елкамі, над малымі бярозкамі хутка выраслі снежныя шатры. Некаторыя маладыя дрэўцы пагнуліся пад цяжарам, прыпалі вяршынкамі да зямлі, утварыўшы сотні і сотні беласнежных арак, якім так і стаяць у лесе да самай вясны, пакуль цёплае сонца не распрастае іх прымёрзлых да зямлі ствалін. Лес адразу напоўніўся новымі, зімовымі галасамі, упрыгожыўся белымі фарбамі.

Хутка над лясамі і палямі загула завея, надзімаючы першыя, невысокія, і доўгія, як каснікі, сумёты, у якіх яшчэ больш пяску, чым снегу.

Зябка пацінае плячмі Чмаруцька. Чыгуначны шынялёк, які даўно страціў свой колер, здорава паднасіўся. Яго подбіўка пушчана на розныя гаспадарчыя патрэбы. Слаба грэе шынялёк. Але калі ідзеш, тады нічога, не адзежка сагравае, а добрая хада. На прывалах горш. Выліняла пад сонцам і дажджом летняя шапка-форменка. Ды хоць была б яна і новая, не вельмі ўберажэш вушэй ад пранізлівых вятроў, толькі і ведаеш, што паціраеш дзе далоняй. А гэта зусім нязручна, бо рукам хапае клопату з кароценькім нямецкім карабінам ды з кіёчкам-папірашкай, які памагае перастаўляць стомленыя дарогай ногі. У самы б раз цяпер зімнюю форменку на галаву, ды дзе ты возьмеш яе?

На кароткім прывале Чмаруцька наведваецца ў адзін з гаспадарчых узводаў і выпрошвае там звычайную сырую аўчыну з барана, які пайшоў на сняданак атрада. Узброіўшыся іголкай з суравой ніткай і пакалечаным ножыкам-сцізорыкам, Чмаруцька, утульна размясціўшыся пад елкай, майструе нешта падобнае на шапку-кучомку.

— Што гэта? — пытаецца ў яго цікаўны Дзетка.

— Тое, што бачыш...— адказвае Чмаруцька, які не асабліва любіць тачыць зубы, калі рукі заняты справай. Ды і настрою няма: іголка ўвесь час гнецца, некалькі разоў накалоў непадаткія, закачанелыя на ветры пальцы.

Дзетка іранічна паглядае на Чмаруцькаву працу, потым глыбакадумна гаворыць:

— Няйначай, шапку крамзоліш?

Не адрываючы вачэй ад іголкі, Чмаруцька адказвае:

— Аднак ты не страціў здагадлівасці, ведаеш усё, як малы.

— Я яшчэ больш ведаю, як табе здаецца. У такой шапцы добра ў лазню хадзіць, у самы раз на палок з ёй лазіць: ніколі вушы гарэць не будуць, як парышся.

— Асабліва ў таго, у каго вушы халодныя...— ужо злосна гаворыць Чмаруцька, пасмоктваючы палец, наколаты аб іголку.

— Ведаеш што,— гаворыць Дзетка,— шапка ў цябе сапраўды будзе хвацкая. Вось толькі пусці залатога галуна на верх, і будзе сапраўдная кубанка, як у добрага казака. Толькі каня тады трэба, бо хадзіць у такой шапцы пеша добраму ваяку зусім не выпадае.

Чмаруцька адрываецца ад свае іголкі, акідае Дзетку такім зняважлівым позіркам, што той нават сумняваецца, а ці варта яму было чапіцца да свайго прыяцеля? А Чмаруцька, хукаючы на застылыя пальцы, гаворыць:

— Вось што, брат ты мой! Добрае ў цябе прозвішча, якраз па твайму розуму... А яшчэ ў дэпоўцах ходзіш. Адразу ж сыдзі з маіх воч, каб не бачыў я цябе!

— Загад зараз жа будзе выкананы, таварыш камандзір! — і Дзетка з падкрэсленаю ахвотаю кідаецца ўбок.

— Ідзі, ідзі, пакуль не прышыю язык твой да гэтага пня...

— Вось гэта ўжо не варта рабіць, паважаны мой Саўка Лявонавіч...— прыпыняецца і лагодна гаворыць Дзетка.

— А чаму не варта? — перапытвае Чмаруцька.

— А таму што, па-першае, можаш ты іголку зламіць на такой кравецкай аперацыі...

— Гэта ўжо не твой клопат...

— Не ў клопатах справа... А па-другое, як мы з табой без майго языка жыць будзем?

— Як ты — не ведаю, а я магу і абысціся...

— Не паверу, Саўка Лявонавіч. Засумавалі б мы без яго, занудзіліся б, зусім бы душой зачаўрэлі. А там, глядзі, і пасмяемся мы з табой часам, і людзей падвесялім.

— На гэта ты спец, каб языком дарма часаць, тут ужо нічога не скажаш...— гаворыць Чмаруцька.— Тваім бы языком ды шпалы часаць, вось дзе была б карысць. Калі не для цябе, дык для дзяржавы.

— Гэта ты дарэмна... На шпалы знойдзецца і пэўны інструмент... Але кіньма пра гэта. Ці не закурылі б мы лепш з табою, Саўка Лявонавіч? Тытунец у мяне найлепшы, не раўнуючы, як стамболь твой, пра які ты некалі мне казаў...

— Ведаю твой стамболь. З баравога моху ці з балотнага?

— Што ты, што ты, Саўка Лявонавіч! Самы сапраўдны самасад, вось палюбуйся! Бяры, бяры, не шкадуй!

Чмаруцька круціць цыгарку, пільна сочыць, каб не прасыпалася ніводная табачынка. Каб прадоўжыць хвіліну прыемнага чакання, пстрыкае трафейнай запальнічкай і ўрэшце соладка зацягваецца дымком, ад чаго заходзіцца сутаргавым кашлем.

— Аднак духмяны, скажу я табе,— гаворыць ён праз слёзы.— І кусучы, не прадыхаць.

— Не раўнуючы, як той Гітлер.

— Ну, знайшоў з кім дабро параўноўваць.

На пах дыму высоўваецца то адзін, то другі нос з яловых буданчыкаў, часовых партызанскіх прытулкаў. І хутка на палянцы перад двума субяседнікамі тоўпіцца ўжо каля паўдзесятка маладых партызан. Чмаруцька вядзе ціхую бяседу, скардзіцца прыяцелю на дрэнныя ніткі — вось бы навашчыць іх як след! — і скоса пазірае на хлопцаў — чаго яны тут аціраюцца? А тыя рагочуць, пазіраючы ўгору на елку, пад якой сядзяць Чмаруцька з Дзеткам. Ды і Дзетка, уважліва слухаючы прыяцеля, нечага падміргвае хлопцам. А іх усё большае і большае, і такі тут гармідар пайшоў, што Чмаруцька цярпеў, цярпеў і ўрэшце не вытрываў:

— Чаго вы ўсхадзіліся тут?

— Так што дазвольце запытацца, Саўка Лявонавіч,— выцягнуўся ў струнку зухаваты хлопец,— праз колькі дзён будзе шапачка гатова?

Чмаруцька недаўменна зірнуў на яго, перавёў позірк на аўчыну, якую толькі што кроіў, перапытаў:

— А чаму гэта, брат ты мой, прыспічыла табе пытацца пра гэта?

— Ды не мяне, а ўсіх нас гэтая справа цікавіць.

— Калі ўсіх, тады магу і сказаць. Вось калі не перашкодзяць мне, дык сягоння і пашыю лапавушку.

— А з чыйго матэрыялу прымаеце вы заказы?

— Якія заказы?

— Ну, на шапкі заказы.

— Якія там шапкі?

— Ды вы жартуеце, дзядзька, ці што? Вось тут жа проста напісана, заказы прымаюцца штодня... На вашай шыльдзе так і напісана. А з чыйго матэрыялу — невядома. Вось і пытаемся.

І хлопец паказвае на елку.

— Што за чамярыца, аднак,— уздыхае Чмаруцька і падымаецца са свайго пенчука. Не можа стрымацца ад рогату Дзетка і робіць выгляд, што папярхнуўся ад свайго «стамболю». А Чмаруцька адыходзіць на колькі крокаў і глядзіць туды, куды глядзяць і з чаго рагочуць, відаць, усе гэтыя хлопцы-прайдзісветы.

Проста на яловай лапцы сяк-так прымацавана тоўстая паперына, а на ёй выпісана чырвоным алоўкам: «Атэлье модных галаўных убораў. Прыём заказаў штодня».

Чмаруцька ўчытваецца ў сэнс гэтых слоў, а вакол падымаецца вясёлы рогат.

Чмаруцька глядзіць на шыльду, потым пахмурна ўглядаецца ў Дзетку.

— Ты? — коратка пытаецца ён у прыяцеля.

— Ды што ты? З якога б то інтарэсу...

— Ну і свіння ты, брат ты мой,— кажа Чмаруцька.— Ну і натура, даруй ты божа!

Дзетка раптам рашуча падаецца за спіны другіх.

— Бачыш, сорамна табе і ў вочы мне глядзець...— кідае ўслед Чмаруцька і асякаецца. Яго дзівіць цішыня, якая нечакана ўстанавілася на палянцы: ні рогату, ні слова. Толькі рыпае недзе поблізу снег пад нагамі, ды чуваць, як у вяршынях хвой злёгку павявае вецер.

І вось за плячмі чуецца знаёмы голас:

— Што за мітынг, хлопцы, у вас? Чым займаецеся, Саўка Лявонавіч?

Азірнуўся Чмаруцька, стаіць перад ім Канстанцін Сяргеевіч.

— Ды вось... галаўны ўбор майструю...

Сказаў і сам не рады: згары ён, гэты галаўны ўбор, трэба ж так, усё роўна як з гэтай праклятай шыльды вычытаў. І каб неяк пазбыцца непрыемнага пачуцця, дадаў жартуючы:

— Як у прыказцы той, не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць...

І ўсе навакол пачціва ўсміхнуліся і замоўклі.

— Дык вы, відаць, калектывам фасон выбіраеце?

— Якое там фасон! Жартуюць вось хлопцы з маіх практыкаванняў...

— Гэта дарэмна. І шыльдачку, відаць, для жарту вам падкінулі? А ты, Дзетка, не хавайся, не хавайся, падыдзі бліжэй. Твая работа?

Каб другі хто пытаў, адрабіўся б жартам Дзетка. Тут жа не пажартуеш.

— Не буду маніць, таварыш камандзір, мая...

— А ты ж казаў...— не сцерпеў тут Чмаруцька, злосна кінуўшы на пянчук сваю аўчынку.

— Весялун ты, Дзетка, нічога не скажаш. Ведаю я цябе як добрага гарманіста. Узяў бы ты баян ды пацешыў хлопцаў лепш, чым са старога чалавека кепікі строіць.

— І рад бы, таварыш камандзір, ды не маю магчымасці. Папсавалі абознічкі мой баянчык. Абярнулі воз у канаву на балоце, ну і падмачылі як след.

— Што ж ты не сказаў мне раней? А мне ўчора хлопцы трафейны акардэон прынеслі. У самы раз да тваіх рук. А ну-тка, хлопчыкі, збегайце, хто не палянуецца, да мяне ў будан, давайце музыку сюды.

Хутка Дзетка трымаў у руках акардэон. Уважліва агледзеў яго з усіх бакоў, ласкава прайшоўся, ледзь-ледзь дакранаючыся пальцамі, па перламутравых ладах, пагладзіў далоняю адмысловую інкрустацыю, падзьмуў на яе і ўздыхнуў.

— Хараство!

Дзетка нічога ўжо больш не бачыў і не заўважаў, увесь ператварыўся ў слых. Пальцы яшчэ нерашуча варушыліся, як бы ім не хапала адвагі добра ўзяцца за лады. Нясмела, ледзь-ледзь чутна прарваліся два галасы, нібы цілінкнулі сінічкі ў заснежаным лесе. Цілінкнулі і замоўклі.

Па твары ў Дзеткі прамільгнуў нібы цень. Ён нахіліў галаву, каб вухам быць бліжэй да гармоніка. А ён ужо іграў. Ніхто і не прыкмеціў, калі пачалася мелодыя.

Недзе ля дальніх буданоў крыкнулі: «Гармонік, гармонік!» З шумам падбегла некалькі хлопцаў, дзяўчат. На іх замахалі рукамі, зашыкалі.

Хутка лунала над палянай такая знаёмая, колькі раз чутая і перачутая мелодыя, і разам з тым такая далёкая-далёкая, як цьмяны ўспамін аб нечым даўным-даўно перажытым. Яна так не пасавала, гэтая мелодыя, ні пахмураму зімоваму вечару, ні гэтаму лесу, які нібы прымоўк, страціўшы без сонца свае жывыя, вясёлыя колеры. На памяць прыходзілі словы, звязаныя з мелодыяй. Яны нагадвалі сумныя падзеі даўняга мінулага.

А людзі стаялі маўклівыя. І калі падыходзіў хто, дык стараўся ступаць так асцярожна, нібы мяккі падатны снег пад нагамі мог выбухнуць і змясці з твару зямлі ўвесь гэты суладны подых чалавечых сэрцаў, зачараваных музыкай. Дзетка іграў «На сопках Маньчжурыі».

Група дзяўчат стаяла паасобку, згрудзіўшыся ля невялікай елкі. Тут былі дзяўчаты з кухні, з гаспадарчага ўзвода. Было некалькі разведчыц. Да іх прытулілася стройная русявенькая дзяўчынка. Яе звалі Марусяй, а часцей за ўсё Незабудкай. Другі месяц працавала яна радысткай у брыгадзе. Сюды яна трапіла з Масквы самалётам. І калі з’явілася першы раз перад камандзірам, Заслонаў мімаволі паморшчыўся, сказаў:

— Ды куды такое горкае дзіцё пасылаюць? Адаслаць назад...

І дзяўчына не то ў страху, не то ў адчаі загаварыла хутка-хутка, нібы апраўдваючыся:

— Мне васемнаццаць год, таварыш камандзір, поўных васемнаццаць... Вось, калі ласка, мае дакументы... Я дзесяцігодку скончыла...— і такімі вачмі глянула, што Заслонаў, якога цяжка было ўразіць чым-небудзь, нібы прыйшоў у нейкае замяшанне, у якім было штосьці ад здзіўлення перад чалавечай красой: як ён не заўважыў адразу гэтых дзіўных вачэй. А гэтыя вочы нібы ўвабралі ў сябе ўсю прамяністую сіняву вясновага неба, і ў іх свіцілася столькі чыстага, харошага, падобнага на майскі светлы ранак ці на ласкавы пацалунак дзіцяці. Ён не ўтаіў свайго захаплення і сказаў ёй:

— З такімі вачмі, мая дзяўчынка, цяжка хадзіць па нашых сцежках.

Сказаў і падумаў: а можа, і не трэба было гаварыць гэта. Але чаму ж не трэба? Ад такіх вачэй святлеюць людскія сцяжынкі... Так, сцяжынкі... Але не сцяжынкамі пахне тут, а цяжкімі і крывавымі дарогамі вайны, на якіх так багата патаптанага чалавечага шчасця і красы чалавечай.

А яна нахмурылася, скупа праказала:

— Мне можна ісці, таварыш камандзір?

— Ідзіце. Начальнік штаба паможа вам уладзіцца з месцам, дзе будзеце жыць і працаваць.

...За гэтыя вочы і празвалі дзяўчыну Незабудкай. Спачатку яна абражалася, а пасля прывыкла, як і да свайго сапраўднага імя.

І вось яна стаіць цяпер, не зварухнецца. Рот крышачку прыадкрыты, і ўся яе постаць — жывое ўвасабленне напружанай увагі і захаплення. Захаплення музыкай, не музыкантам. З Дзеткам была ў яе сур’ёзная сутычка. У таго ёсць свае дрэнныя звычкі вельмі фамільярна абыходзіцца з дзяўчатамі, з якімі знаёміцца ён першы раз. Падкаціўся да яе гогалем, адрэкамендаваўся:

— Дзетка! Пройдземся па бульвары, пагуляем...— і пад руку падхапіў. Тая вырвала ў гневе руку:

— Ніякая я вам не дзетка, адчапіцеся, нахаба!

— Не так зразумелі, прынцэса. Гэта я Дзетка, Гардзей Карнеіч...— ды жывым манерам з другога боку апынуўся, зноў хацеў пад ручку ўзяць.

І зарабіў тут па шчацэ, ды пры ўсім народзе.

Ад сораму адышоў далей. Хадзіў колькі часу па «бульвары» — па лесе, у якім тады стаялі. Было крышку і крыўдна: падумаеш, недатыка! Колькі дзён да гармоніка не дакранаўся.

Не заўсёды ж чалавеку вясёлым хадзіць: трэба яму і памаўчаць часам, сам-насам зазірнуць у душу сабе. Можа, ад гора хацелася Дзетку прыкінуцца вясёлым, каб не паказваць староннім гэтага гора і жыццёвых няўдач. Гады за тры да вайны загінула маладая Дзеткава жонка, трапіла няшчасным выпадкам пад цягнік. Прыгожая, вясёлая, песенніца на ўвесь пасёлак. Была запявалай у чыгуначным хоры, ездзіла часам з хорам у вобласць і ў самую сталіцу. І не раз людзі шчыра зайздросцілі Дзетку:

— З песняй жывеш заўсёды, Гардзей Карнеевіч!

— І з музыкай...— жартаваў ён у адказ. Сапраўды, і сам ён выступаў часта ў чыгуначным клубе.

Пагараваў чалавек без свае песні, гады з два хадзіў як у ваду апушчаны. Але жыццё ёсць жыццё. Яно ды час гояць любыя раны. І неўзабаве перад вайной ажаніўся Гардзей Карнеевіч другі раз. Узяў сабе за жонку маладую стрэлачніцу Ксаню, якой так даспадобы была яго музыка і якая з такім імпэтам кружылася ў вальсе ці кадрылі пад яго баян.

Яны жылі вельмі добра. Будавалі розныя планы на будучыню.

Яны чакалі дзіцяці. І гэтае чаканне напоўніла іх пакоік, у якім яны жылі, нейкай асаблівай урачыстасцю, святочнай таемнасцю. Нібы ў гэтым пакоіку пасялілася разам з імі вялікая і важная істота, нябачная для другіх, але запаланіўшая ўсё іх жыццё, усе іх думкі, іх словы. Для яе, гэтай істоты, былі ціхія шэпты: «Ну як яно? Ці ёсць яно?» І былі ласкавыя адказы: «Чую, мой родны, чую трапяткое яго сэрцайка...»

Людзі заўважалі, як змяніўся крыху Дзетка ў сваіх паводзінах. Менш стала ранейшай зухаватасці. Не было ўжо таго, каб без дай прычыны зачапіць каго, укінуцца ў лішнія кепікі. Было падобна на тое, што пасталеў чалавек і з выгляду, і ў характары, нібы скінуў з сябе апошнія рэшткі таго, што аставалася ў ім ад былога бадзяння і беспрытульніцтва.

Блізкія сябры, улучыўшы зручны момант, часам асцярожна пыталіся:

— Ну калі ж, Гардзей Карнеевіч?

Зразумеўшы, пра што пытаюць, так жа паважна адказваў:

— Відаць, браткі, пад восень.

І вось усяго гэтага не стала.

У дзень, калі быў першы налёт нямецкіх сцярвятнікаў на станцыю, Гардзей Карнеевіч пахаваў сваю Ксаню. Тады багата яшчэ пахавалі людзей у чыгуначным пасёлку — і старых, і малых, і ўсякага веку. Чорная жалоба скамяніла ў той дзень сэрца чалавека, апаліўшы яго горам і смуткам. Гэтая жалоба ўсё ніжэй і ніжэй апускалася над маленькім гарадком. І не толькі над ім. Яна апусцілася над усёй роднай зямлёй. І другі ўжо год, як чалавечыя сэрцы ў смутку і трывозе. Але не смутным адным жывуць людзі. Не для смутку сабраліся яны сюды. Не для смутку прыйшоў сюды Саўка Лявонавіч. Не для смутку ляцела сюды гэтая сінявокая дзяўчына. Сотні і сотні іх, злучаныя адзінай мэтай, адзіным імкненнем, прыйшлі сюды, каб вярнуць на гэтую спакучаную і здратаваную зямлю колішнюю ласкавую цяплынь сонца і шчаслівую цяплынь чалавечага сэрца.

Заслонаў абвёў позіркам усіх, што стаялі тут, зачараваныя музыкай. Ён падумаў і аб сотнях і сотнях другіх, якіх не было тут. Якія розныя гэтыя людзі, з розных мясцін, рознага веку, рознае мовы, рознае працы. Агульная небяспека перакрыжавала і злучыла іх жыццёвыя шляхі, зрабіла іх больш блізкімі, больш роднымі адзін аднаму.

Вось яна, сінявокая дзяўчына, што стаіць тут у лесе і з прыадкрытым ротам слухае музыку. Магчыма, раней гэтая музыка і не закранала так глыбока яе сэрца, бо ў ім панавала заўсёды бязмежная радасць успрыняцця навакольнага свету, радасць дзіцяці, якому ўсё люба на свеце. Дзяўчына заўважыла, відаць, позірк Заслонава, бо неяк сумелася, паправіла шапку-вушанку і непакорныя пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад яе. Заслонаў мімаволі ўсміхнуўся. Ён успомніў адно невялічкае здарэнне. Раней былі ў Марусі дзве цудоўныя касы. Былі яны, відаць, у свой час прадметам вялікіх клопатаў і догляду як самой Марусі, так і яе маці. Было ў тых косах нешта такое слаўнае і мілае, што так падкрэслівала ва ўсёй постаці Марусі прывабную, як вясна, дзявочасць. І вось аднаго разу зніклі косы ў дзяўчыны. Яна прынесла была шыфроўку і чамусьці надта заспяшалася, каб выйсці. Заслонаў адразу заўважыў перамену ў яе выглядзе і нядобра сказаў:

— Што, і тут надумалі моды пільнавацца?

Дзяўчына сумелася, пачырванела. Ёй было крыўдна, што яе не так зразумелі.

— Ды не, таварыш камандзір, так зручней насіць шапку. І косы патрабуюць многа догляду, а часу няма.

— А-а! — зразумеў тут Заслонаў, і цяпер ужо яму самому стала няёмка.— Ну добра, вельмі добра...

Успамінаў і з замілаваннем глядзеў Заслонаў на гэтую дзяўчыну. Як ён мог тады падумаць пра «моду»? Не, не ў модзе тут справа. Не для моды трапіла сюды гэтая дзяўчынка, якая кінула бацькоў, кінула прызвычаены куток свой, рассталася з марамі аб тэкстыльным інстытуце. Ці яе сілай пасылалі сюды? Ці два браты яе не пайшлі на фронт? Ці не шкадавалі бацькі яе?

А музыка грае, не сціхае. І пад гукі яе рояцца роем думкі, вялікія і малыя, аб людзях, аб справах, аб родных, аб блізкіх. Аб звычайных савецкіх людзях... Няхай будзе пракляты той час, калі забываюцца нашы дзяўчаткі пра свае русыя косы.

Задумаўся Заслонаў. Не заўважыў, як прымоўкла раптам музыка. Усе замерлі, нібы ў нейкім здранцвенні. І такая цішыня стаяла ў лесе, што, здавалася, чуваць было, як шархацяць на яловых лапках сняжынкі. А яны падалі густа-густа. У некаторых хлопцаў, дзяўчат зусім зацерушыла снегам плечы, шапкі, хусткі. Нібы баючыся парушыць гэтую цішыню, пачуўся нечы нясмелы голас:

— Вясёлую б нам, ногі размяць...

Ці то пачуў гэты голас музыкант, ці рабіў ён гэта сваім надумам, але, матнуўшы некалькі разоў рукамі — відаць, занямелі пальцы,— ён расцягнуў гармонік, зухавата прайшоўся па ладах, і гучная, рэзкая мелодыя разам абарвала нязвыклую цішыню. Ён зайграў, заспяваў, і ўсе, хто быў на палянцы, дружна падхапілі частушкі:

 

Ў кожным лесе ёсць паляны,

Ў кожным цвецікі цвітуць.

Ў кожным лесе партызаны

Немцам копаці даюць.

 

Ах ты, Гітлер, касы бес,

Чаго ў рускі лес палез?

Заваліўся у равы —

Задзяўбалі журавы.

 

І пайшло, і пайшло.

Гарманіст замарыўся ўжо спяваць і толькі старанна расцягваў гармонік. Спевакоў жа тут хоць адбаўляй. Было нешта падобнае на вясёлае спаборніцтва. Толькі канчаўся адзін куплет, як хто-небудзь падхопліваў новы:

 

Ах, падружка дарагая,

Ў партызанах твой і мой,

Мы вазьмём з табой вінтоўкі

І пайдзём за імі ў бой.

 

— Здаюся, дзяўчаткі, здаюся, мае курносыя! Замёрз! — нарэшце крыкнуў Дзетка.

Але тут жа яму праспявалі куплет:

 

А ты, Дзетка, не фарсі:

Нос карытам не насі.

Калі граеш, дык іграй,

А не то гармонь аддай.

 

Дзетка не пакрыўдзіўся. Ён ведаў, што з дзяўчатамі заводзіцца не варта. Аддаў другому гармонік, размяў ногі ды, ссунуўшы кепачку на самую патыліцу, схапіў пад ручку дзяўчыну:

— Музыкант, кадрыль!

І пайшоў, закружыў. А за ім усе, у каго ногі яшчэ не прымерзлі да зямлі. Аж узвіхрылася паляна снежным пылам пад дзесяткамі імклівых ног.

— Шырэй круг!

Тыя, што стаялі ды слухалі ці дзівіліся, падаліся на колькі крокаў назад, каб не замінаць віратліваму разбегу няўрымслівых танцораў. А ім усё мала разгону:

— Паддай жару, гарманіст!

Стараецца, пацее гарманіст, аж струменьчыкі пары ўзвіліся над яго шапкай-кучомкай ды чуб узмакрэў, навісае на вочы, засціць. Спрытным рухам галавы, нібы ў такт самім скокам, адкідае гарманіст непакорную чупрыну ды ямчэй расцягвае гармонік...

Звечарэла. На праяснелым небе выплішчыліся першыя зоры. Бярэцца на мароз. Шорсткі снежны пыл з-пад ног танцораў сячэ па тварах, віхрыцца па баках, у водблісках скупога цяпельца цярушыцца алмазным россыпам на елкавых лапах. І ў гэтым алмазным уборы дрэвы стаяць задумёныя, маўклівыя. І нечым патыхае ад іх такім радасным, узнёслым, што аж сэрца заходзіцца і шчыміць салодкім болем. І ўспамінаў Заслонаў: гэта ж некалі, у маленстве, так любіў ён гэты снежны пыл, гэтыя алмазныя блёсткі на гурбах, калі, прыпазніўшыся — ужо месяц на небе,— прыпусцішся з крутой горкі на санках. У вушах аж вецер свішча, а ты ляціш стрымгалоў, сэрца сціскаецца ў камячок, і здаецца тады, нібы і месяц ляціць разам з табой у клубах снежнага пылу, рассыпаючы маразявыя іскры.

Успомніў. Уздыхнуў. Нібы гарачая хваля прайшлася па сэрцы. Усміхнуўся сам сабе шырокай і цёплай усмешкай. Нехта ж прыкмеціў усмешку. І адразу крыкнула некалькі галасоў:

— Камандзіра сюды, камандзіра!

Павярнуўся да дзяўчат. Каб не дужа выбіраць — яшчэ пакрыўдзяцца каторыя,— падышоў да крайняй. Ах, гэта ж сінявокая тут! Стаіць, абцярушвае шапку ад снегу, шчокі гараць пад марозцам, расчырванелася ад скокаў.

Дзяўчына разгубілася, скоранька надзела шапку.

— Ды я, таварыш камандзір, не ўсе танцы ўмею...

Музыкант зайграў рускага. Топнуў нагой камандзір, і пайшоў, і паплыў па паляне, то плаўна наступаючы на дзяўчыну, то адступаючы ад яе. І лясныя жыхары сышліся ўкружка, каб паглядзець ды палюбавацца на свайго камандзіра ў такой нечаканай справе, як танцы...

 

11

Дзень выдаўся сонечны, ядраны. З раніцы быў моцны мароз, і кожны крок на вуліцы аддаваўся гучным рыпам. Утульныя дымкі з каміноў падымаліся роўнымі празрыстымі слупамі і раставалі, бясследна знікалі ў вышыні. Цягуча ўзвізгвалі калодзежныя жураўлі, парыпвалі вароты, брамкі, дашчаныя ганкі хат.

Каб не ажыўлены рух партызан на вуліцы і на дварах, то невялічкая вёска, якая прытулілася сярод палёў і лясоў, нічым і не нагадвала б аб ваенным часе. Мірна выглядалі яе заснежаныя хаты пад абледзянелымі клёнамі і бярозамі. Звычайным вясковым спакоем патыхала ад пратаптаных па гародах сцяжынак, сям-там зацярушаных сенам, саломай, мякінай. Неўгамонная дзетвара коўзалася на ледзяшах з узгорка, што ля самага берага рэчкі. Тут жа курыліся парай дзве лазні, ад якіх даносіліся пахі распаранага бярозавага веніка.

У прасторнай хаце, горача напаленай, было шумна. Толькі што Дзетка далажыў аб разгроме яго атрадам суседняга паліцэйскага гарнізона, і Заслонаў прыдзірліва распытваў яго пра ўсе дэталі:

— Што ж будзеце рабіць з вызваленымі?

— Адправім на нашу базу, таварыш камандзір. А там трэба будзе пераправіць іх самалётам на Вялікую зямлю. Зусім знясілелі, ледзь на нагах трымаюцца, а каторыя і хадзіць не могуць.

— Накармілі?

— Адразу ж, таварыш камандзір... Цяпер лазні ім падрыхтавалі. Паклапаціліся і аб адзенні, зусім жа былі раздзетыя. Асабліва цяжка з дзецьмі, сэрца надрываецца, гледзячы на іх.

— Многа іх?

— Восем дзяцей ад года да дванаццаці...

Заслонаў задумаўся на хвіліну, адвёў свой позірк ад Дзеткі.

— Ну хто так робіць, хто так робіць?

Ён прыўзняўся з-за стала, рашучым крокам падаўся да групы людзей, якія сядзелі непадалёк ад печкі. Двое з іх завіхаліся ля маладзенькага партызана. З вялікімі цяжкасцямі толькі што былі сцягнены боты, і на яго босыя ногі адзін паліваў ваду з меднай конаўкі.

— Снегу давайце, зараз жа снегу!

Заслонаў сам пачаў расціраць пабялелыя пальцы ног, дакорліва папракаў хлопца:

— Ну як жа табе собіла так, разявяка ты гэтакі! Ды ладна ўжо, лаянкай тут табе не паможаш. Ну, трыце, хлопцы, вось так, вось так, не лянуйцеся!

Яшчэ пастаяў хвіліну-другую.

— Цяпер бадай што і хопіць.

Тут жа ўзяў свае зімовыя панчохі, якія прасушваліся ў пячурцы.

— А ну, нацягвай на свае цыбы!

Гэта быў адзін з любімых разведчыкаў. Ён толькі што нядаўна заявіўся да камандзіра і далажыў, што ў сяле, кіламетраў за пятнаццаць ад вёскі, размясцілася ля батальёна эсэсаўцаў.

— Ну, адагравайся, гвардыя! — кінуў ён хлопцу. Нацягнуўшы панчохі, той увесь ужо аддаўся пад уладу прыемнай цеплыні і, відаць, доўга не спаўшы, соладка пазяхаў і паціраў вочы.

— Лажыся вунь ды паспі крыху!

У хату заходзілі і выходзілі. Неспрактыкаванаму воку ўвесь гэты рух мог паказацца падобным на нейкую мітусню. Але нічога мітуслівага ў паводзінах людзей не было. Быў крыху прыўзняты настрой, які бывае пасля добрай удачы. І сапраўды, чым жа не ўдача? Вырваліся з лап ворага, які некалькі тыдняў усё намагаўся акружыць, раскалоць, знішчыць па частках. У ворага былі куды большыя сілы, і лепшая зброя, і багатая тэхніка. Цяжка даводзілася партызанам, што і казаць. Увесь час трэба было выкручвацца, манеўраваць, наносіць па ворагу кароткія імклівыя ўдары, калі гэта было зручна. А калі навальваўся вораг усёй сваёй масай і гатовы быў, здавалася, вось-вось расціснуць, скрышыць, сцерці ў пыл сваёй тэхнікай, артылерыяй, мінамётамі — тады прасочваліся, прасклізалі праз яго баявыя парадкі і тут жа, злучыўшыся, сабраўшыся, білі ворага. Хапіла фашыстам, будуць доўга памятаць сустрэчы з партызанамі. Усё слабей і слабей быў націск гітлераўцаў і вось зусім спыніўся. Яны выдахліся, выматалі ўсе свае сілы.

Заслонаў разумеў, што цяпер патрэбен добры адпачын, сталая перадышка, каб потым з новымі сіламі брацца за ворага. І гэтая перадышка наладжвалася. Ужо ўсе атрады, за выключэннем атрада Дзеткі, падаліся ў вызначаныя ім лясныя раёны. Гаспадарчая частка недзе атайбавалася ў недаступным для немцаў месцы, занялася абуткам, адзеннем. Харошаў, які ў апошнія часы выконваў абавязкі начальніка штаба брыгады, ужо вывез у лясы ўсе боепрыпасы, наладзіў некалькі сховішч, пра якія ведалі толькі самыя бліжэйшыя таварышы. Харошаў вывез і брыгадныя дакументы, таксама захаваў іх у такіх мясцінах, аб якіх здагадацца могуць толькі мядзведзі ды совы. Усё рабілася так, каб атрады, брыгады на пераходах, у сутычках з ворагам не адчувалі сябе звязанымі альбо абцяжаранымі чым-небудзь залішнім.

Харошаў даўно адрапартаваў аб базах і сховішчах, і цяпер яны сядзелі ўдвух з Заслонавым, вялі ціхую гаворку.

У хату зайшоў Дзетка:

— Апошнюю партыю вызваленых выпраўляем. Хлопцы падводы прыгналі.

— Пойдзем, Харошаў, паглядзім, што там за людзі...— паклікаў Канстанцін Сяргеевіч, і ўсе яны ўтрох падаліся на вуліцу.

На дварэ было шэра, няўтульна. Сонца даўно знікла за завіссю рваных аблачынак, якія грамаздзіліся, збіваліся ў бялесыя хмары і, ускудлачаныя ветрам, выцягваліся кудзелістымі пасмамі, каснікамі. Бярозы, кляны шкляна шархацелі пад ветрам абледзянелым голлем. У прагалах паміж хат курылася пазёмка, намятаючы цераз вуліцу вузкія і доўгія сумёты. Шорсткі, калючы снег кусаўся за шчокі, прымушаў настаўляць каўняры, глыбей націскаць шапкі-кучомкі. Па ўсім відаць было — вецер мацнее.

— Будзе завея...— сказаў Заслонаў і тут жа звярнуўся да Дзеткі:—Хутчэй трэба людзей адправіць, каб хоць паспелі да лесу дабрацца, там зацішней будзе.

— Мы і так спяшаліся, але ж з коньмі была няўпраўка. У нас жа ля сотні параненых набралася. Пакуль тут нашы медыкі апрацавалі іх, прайшло багата часу. А тут праваждаліся доўга з вязнямі, больш за тры дзесяткі чалавек.

— Ладна, ладна, Дзетка, ты ўжо расказваў. Паказвай, дзе яны.

— Ды вось у гэтай хаце.

На прасторным двары стаяла чацвёра запрэжаных саней. Некалькі сялян ладавалі іх сенам, саломаю, укрывалі паверх посцілкамі. Тут жа завіхаліся партызаны, якіх вылучылі канваіраваць гэты абоз.

Заслонаў са сваімі людзьмі зайшоў у хату. Тут было поўна народу: стаялі ў куце, сядзелі на лавах, некалькі чалавек ляжала на саломе, насланай на ўсю шырыню хаты. Вызваленых з фашысцкага палону адразу можна было адрозніць ад мясцовых жыхароў. Знясіленыя, худыя, з празрыста-васковымі бледнымі тварамі, з глыбока запаўшымі вачмі, яны былі падобны на цені.

У куце, на саломе, сядзела група дзяцей. Відаць, іх толькі нядаўна пераапранулі, бо адзежа была крыху не па росту, але чыстая, дагледжаная. Дзеці трымаліся маўклівай кучкай. Вылучаліся іх вочы. Яны здаваліся вялікія-вялікія на схуднелых тварыках. І ў гэтых вачах усё ніяк не рассейваўся не то страх, не то нейкі цяжкі-цяжкі смутак.

Заслонаў падхапіў на рукі малога. Падкінуў яго на руках, загушкаў.

— Ну, як жа завуць цябе, верабейка?

Малы маўчаў, і яго тварык крывіўся: не то ён збіраўся плакаць, не то след нейкіх пакут чорным ценем ляжаў на зямлістых шчаках.

— Ды ты і гаварыць не хочаш са мною? Ах, як няветліва гэта з твайго боку, друг ты мой слаўны!

— Вы ўжо даруйце яму, таварыш камандзір, ён жа зусім гаварыць развучыўся, часам і на сваё імя не адгукваецца. Ванькам яго завуць...— скоранька сказала жанчына, якая нібы сумнявалася, што калі запнецца яна на якім слове, то не здолее ўжо выказаць свае думкі, не збярэ сіл на гэта. Колькі год было гэтай жанчыне, цяжка было сказаць, такі змардаваны і спакучаны быў яе твар.

Ужо на двары Харошаў заўважыў, як пасуравеў, нібы скамянеў, твар Заслонава. Пакідаючы двор, ён прагаварыў:

— Гэта страшна... Страшна, калі дзеці губляюць, страчваюць дзіцячыя ўсмешкі. Гэта страшна... Хто ж даў ім права, праклятым, абязвечваць дзіцячыя душы? Хто даў ім гэтае права?

Тут жа паклікаў аднаго партызана, загадаў, каб той хутчэй збегаў па яго вялікі кажух і аддаў яго на падводу дзецям. «Кіламетраў трыццаць будзе да суседняй вёскі, накалеюцца, пакуль даедуць...»

Моўчкі ішлі па вуліцы. Калі аглянуліся, убачылі, як адна за адной падаваліся з двара падводы з людзьмі, з другіх двароў далучылася некалькі саней з параненымі і хворымі партызанамі — цэлы абоз выцягнуўся па вуліцы, умінаючы невялікія яшчэ сумёты, якія, аднак, нібы раслі на вачах, курыліся віхрыстымі струменьчыкамі снегавога пылу.

З гучнай камандай прамчала з паўсотні конных партызан з аўтаматамі, ручнымі кулямётамі. Хлопцаў паслалі заместа канвою, каб засцерагчы людзей ад усякіх выпадковасцей, з якімі можна сустрэцца ў дарозе.

Заслонаў з Харошавым падышлі ўжо да хаты, дзе яны размяшчаліся, як парыў ветру данёс да іх гукі далёкай страляніны. Заслонаў насцеражыўся, усё прыслухоўваўся, у якім баку чуюцца стрэлы.

— Што б гэта магло значыць?

— Відаць, нехта напароўся на наш заслон, Канстанцін Сяргеевіч.

Страляніна тым часам сціхла. І толькі вецер, які ўсё мацнеў, набіраўся сілы, часам шалёна кідаўся на хаты, на абледзянелыя дрэвы. І тады шаматлівым шротам асыпаліся з дрэў ільдзінкі. Старыя ліпы, клёны цяжка парыпвалі, адчайна гнуліся маладыя бярозкі, нібы просячы паратунку ў зімы.

Некалькі коннікаў галопам прамчала ў той бок, адкуль нядаўна чуліся стрэлы. Да Заслонава, спяшаючыся, падышоў Дзетка.

— Немцы, таварыш камандзір брыгады!

— Многа? Дзе?

— Сотні дзве, з мінамётамі. Па дарозе з усходу.

— Што зроблена?

— Я загадаў нашаму заслону затрымаць іх.

— Правільна робіце, камандзір атрада!

— Але я хачу параіцца з вамі: да якога часу затрымліваць іх? Людзей у заслоне небагата. Частка, праўда, невялікая, стаіць у засадзе на другой дарозе. Тут у вёсцы — лічаныя хлопцы з атрада, ёсць яшчэ трохі з штаба брыгады.

— А мы з табой, Дзетка, не ваякі хіба? — жартаўліва праказаў Заслонаў.

— Гэта вядома...— механічна адказаў Дзетка, які не зразумеў, відаць, жарту.— А мы надумалі тут з таварышамі неадкладна адправіць вас у лес, да атрадаў. Коні добрыя ёсць у запасе, санкі на падрэзах — віхарам даставім у бяспечнае месца...

Дзетка, захапіўшыся, гаварыў і не бачыў, як паступова змяніўся твар Заслонава. І калі заўважыў — як апёкся, і змоўк.

Нешта хацеў сказаць камандзір брыгады гнеўнае, але, перамогшы сябе, сказаў зусім ціха, спакойна:

— Ты што ж, і камандзірам брыгады наважыўся камандаваць?

— Ды што вы, што вы, таварыш камандзір! Я толькі клапачуся, каб вам нічога не пагражала...

— Адставіць гэтыя клопаты... Слухаць маю каманду! Ты прасіў парады? Затрымлівайце немцаў, пакуль можна. На ражон асабліва не лезьце: шкадуйце людзей, дарэмна не падстаўляйце іх пад агонь. Адным словам, дзейнічайце па-партызанску. Розум у вас ёсць, ён заўсёды вам падкажа.

— Ёсць дзейнічаць па-партызанску! Я загадаў, таварыш камандзір брыгады, пусціць спачатку ўгаворшчыкаў. Там больш за ўсё паліцаяў сягоння, мову нашу разумеюць, сабачыя сыны... А не зразумеюць — загаворым іначай.

— Ладна, дзейнічай, Дзетка!

Той хуценька падаўся назад.

Злосць на Дзетку астыгла ўжо. Сапраўды, што ж благога ў тым, калі чалавек клапоціцца пра сваіх камандзіраў.

— Справіцца ён з задачай? — спытаўся ў Харошава.

— Справіцца, як заўсёды. Гарнізон ён сёння так пачысціў, што лепш не трэба.

Заслонаў і Харошцў адчынілі былі брамку, каб зайсці на двор свае хаты, як прыціхшая страляніна ўзгарэлася з новай сілай, чуваць было, у ход пайшлі кулямёты і мінамёты. Як высветлілася пасля, Дзетка, калі ўбачыў, што варожы атрад складаўся амаль што з адных паліцаяў, пусціў спачатку ўгаворшчыкаў. Былі ўжо ў яго практыцы такія выпадкі, калі паліцаі падаваліся назад без усякага бою пасля некалькіх трапных слоў добрага агітатара-прамоўцы.

Паліцаі заляглі ў баявых парадках паабапал дарогі, не вытыркаліся дужа наперад і нічым не адзываліся. Відаць, слухалі. А прамова тая была вельмі кароткая: не лезьце на смерць, а падавайцеся цэлыя ды здаровыя назад, адкуль прыйшлі.

«Угаворвалі» даволі спакойна, нават бобікамі не называлі, залішне не абражалі. Паліцаяў было многа, не варта было злаваць іх, патрэбна была і некаторая дыпламатыя. Спачатку ўсё ішло, здаецца, добра. Бачылі партызаны, што ў паліцаяў сапраўды выходзіць замінка, не вельмі яны кідаліся наперад. Ды відаць было, што частковае замяшанне ў паліцаяў гатова ўжо было перайсці ў нешта больш сур’ёзнае: адтуль чуліся гарачыя спрэчкі, чыясьці лаянка — лаяліся між сабою камандзіры. Хлопец, які «ўгаворваў», ужо смела быў высунуўся з-за камля прыдарожнай бярозы, за якой ён туліўся, праказаў яшчэ:

— Сапраўды, чаго мерзнеце ў полі, хлопцы, давайце каманду назад!

Магчыма, што і падаліся б паліцаі без бою назад, бо лезці наперад перад самай ноччу ды не ведаючы добра партызанскіх сіл асаблівай ахвоты не мелі. Але здарыліся тут некаторыя непрадбачаныя падзеі. На дарозе, ззаду ў паліцаяў, заўважылі яшчэ адзін атрад, які спешна набліжаўся. Па шынялях адразу прызналі эсэсаўцаў.

Хлопец, які ўгаворваў, яшчэ крыкнуў:

— Ну, чаго марудзіце? Глядзіце, пагоняць вас зараз, як бараноў на зарэз. Назад, назад, раім вам...

Крыкнуў і ўпаў, прарэзаны кароткай кулямётнай чаргою.

— Наперад, за мной, ура-а...— загадаў камандзір паліцаяў.

Ён ірвануўся наперад сам. Заднія ланцужкі пахіснуліся, некаторыя прыўзняліся, кінуліся наперад, але адразу плюхнуліся ў снег пад кулямётным агнём партызан.

Пачаліся дробныя перабежкі паліцаяў. Эсэсаўцы памкнуліся абысці партызан з левага фланга, але шквальным агнём былі прымушаны закапацца ў сумёты. З правага фланга заходзіць не адважваліся. Там уздоўж поля цягнуліся рэдкія і нізкія хвойнікі, эсэсаўцы баяліся натрапіць на нечаканую засаду. Але хутка за гэтымі хвойнікамі таксама ўсчалася страляніна. Там праходзіла другая дарога, па якой і рушыла невялічкая калона немцаў, трымаючыся кірунку на вёску, дзе быў Заслонаў. Калону гэтую затрымала засада, якая была выстаўлена яшчэ ноччу.

Перастрэлка разгаралася ўсё больш і больш. Партызаны, не даючы ворагу падняцца з зямлі, паволі адпаўзалі назад. А вецер мацнеў і мацнеў. Завея круціла ўжо так, што за які дзесятак метраў цяжка было заўважыць чалавека. Асноўнай частцы партызан удалося непрыкметна адарвацца ад немцаў і павярнуць бліжэй да вёскі. Заслонаў наладжваў абарону, вызначаў пазіцыі для кулямётчыкаў, паказваў, дзе трэба размясціць меткіх стралкоў на дахах.

Харошаў паспрабаваў быў намякнуць яму, што ў гэтай сутычцы з немцамі хлопцы могуць абысціся і без яго, не абавязкова камандзіру брыгады кіраваць кожнай дробнай сутычкай і без сур’ёзных падстаў ставіць сябе пад усякія выпадковасці.

— Твая праўда, Харошка. Але калі бой адбываецца пры мне, тады я ўжо не магу быць толькі гледачом. Разумееш ты гэта?

— Разумею, таварыш камандзір. Тады я прапаную,— зусім ужо ціха прагаварыў ён,— адарвацца ад немцаў, адступіць. Асаблівага сэнсу няма трымацца за іх, бо сілы ў нас куды меншыя...

— Разумная прапанова,— адказаў так жа ціха Заслонаў.— Ажыццявім яе пазней. Цяпер нельга, бо расстраляюць у чыстым полі, як курапатак, ды і не можам мы дарогі ім адкрываць куды не трэба. Вось сцямнее крыху, тады справа іншая. І адарвёмся, і патыліцу ім добра намнём, а цяпер,— ужо сказаў гучна, каб усе чулі,— трымаць іх даўжэй на снезе, няхай ахалодаюць... Давай, давай, не шкадуй аганьку! Так ім, так ім, праклятым!

Бой ішоў ужо зусім блізка, каля самых гумнаў. Сям-там немцы прарываліся на гароды, імкнучыся, відаць, прабіцца да хат. У вячэрнім змроку ўжо відаць была ўспышка кожнага стрэлу. Дзесьці за лазняй прыладзіўся нямецкі кулямёт, і няспынная стужка агню мігала чырванню. Раптам жоўты слуп агню ўскінуўся аглушальным выбухам ля кулямёта. Кулямёт змоўк. Праз завыванне мяцеліцы данёсся гучны выкрык Дзеткі:

— Душы іх, душы, прысмальвай!

Усміхнуўся Заслонаў. «Так, Дзетка, так, рубай іх, рубай, не давай ім спуску... Добра налаўчыўся ты, колішні змазчык, падмазваць ім пяткі, праклятым, іх жа крывёю...»

Але тут жа Заслонаў нахмурыўся. Голас Дзеткі раптам абарваўся. Там пачуліся ажыўленыя чужацкія галасы, нечы ўскрык, каманда.

— На левы фланг, Харошка! Яшчэ пару хвілін затрымацца, а тады непрыкметна і адступім.

Ужо не па-вячэрняму мігцяць, успыхваюць стрэлы. З бледна-чырвоных успышкі зрабіліся яркімі, агністымі.

Вось б’е поруч кулямёт наш. Не бачыць кулямётчык, як перабягаюць немцы цэлымі групамі справа, хочуць абысці, адрэзаць.

— Ваня, Ваня, направа глядзі!

Кінуўся да яго, каб памагчы, бо нумарны ляжаў ля кулямёта, шырока раскінуўшы рукі.

— Хутчэй, хутчэй, Ваня!

А немцы лезлі і лезлі. Ці то падганялі іх эсэсаўцы, ці падганяла ледзяная завея. Ці, можа, яшчэ падышла якая калона.

Нешта крыкнуў кулямётчык, ці то «спраўлюся сам», ці то «не турбуйцеся, таварыш камандзір». Кулямёт жорстка агрызнуўся, узвіхрыў сумёт перад сабой, загаварыў упэўнена, самавіта. Некаторыя гітлераўцы нібы рабілі фантастычныя выверты ў водблісках кулямётнага агню. Гэтыя водбліскі вырывалі з цемры празрыстыя каснікі завеі.

— Стой! — ускрыкнуў Заслонаў, заўважыўшы, як проста на яго і на кулямёт набягае злева з добры дзесятак чорных шынялёў.— Не выйдзе! Атрымайце! — ускрыкнуў, даў адну, другую чаргу з аўтамата. Тыя пахіснуліся. Сёй-той асунуўся на снег, рэшта падалася назад. Але зноў і зноў лезуць яны, бягуць, крычаць, падганяючы адзін аднаго.

Кончыліся патроны. Няма калі дыск мяняць. Яшчэ пісталет пры запасе. «Не ўзяць вам, гады, мяне, не ўзяць... А ну, налятай на гранату, праклятыя!» Адну паслаў, следам за ёй і другую. Ірванула раз і другі, размяло іх ва ўсе бакі, што лезлі сюды, набягалі.

— Крышы іх, бі! — крычаў Заслонаў, сочачы за кулямётчыкам, каб не падабраліся нечакана да яго немцы збоку.

— На зямлю, таварыш камандзір! — пачуўся голас Харошава.

Азірнуўся. Толькі ўбачыў, як кінуўся той, захіляючы яго сваім целам.

«Куды ж ты, Харошка, куды ж ты, мой родны...» — думка мільганула як маланка.

Сухая аўтаматная чарга прайшла недзе блізка-блізка. Чуваць было яшчэ, як біў кулямёт, але ўсё глушэй і глушэй. Што ж гэта такое? Нібы ў нейкім казачным карагодзе, замільгалі адзін за адным чалавечыя постаці, нейкія малюнкі, падзеі. «Клянуся...» — вырвалася слова з партызанскай прысягі. Заснежаныя лясы. Барвовым зарывам разгараюцца вяршаліны дрэў. Гэта ўзрывы, узрывы... У іх водблісках ляцяць пад адхон паравозы. І вось яны, вось — перакошаныя ад смяртэльнага страху, бледныя, сінія твары ворагаў. Вось Кох глядзіць на яго вырачанымі ў жаху вачыма. Прымі ж, кат, кулю сваю, кару сваю, за кроў нявінных людзей, за люты здзек, за надругу... Твар Коха расплываецца і знікае... Усё цішэй і цішэй гучаць кулямёты. Усё нібы адышло, адплыло кудысьці далёка-далёка... І нібы туман залацісты апаў на зямлю, ахінуў яе. І вось усміхаюцца яму, махаюць мілымі ручанятамі яго слаўныя галубкі, маленькія дочкі яго. Падыдзіце ж бліжэй, я аблашчу вас, прыгарну да свайго сэрца, зазірну ў вашы вочы, якія так многа-многа будуць бачыць у жыцці, усяго пабачаць, чаго ты ўжо не ўбачыш ніколі... Бліжэй жа, бліжэй, мае ненаглядныя галубкі... Як хочацца абняць вас, прылашчыць. Ды цяжка рукі падняць. Яны прыпалі да радзімай маці-зямлі ў апошнім і вечным абдымку. І шчака прынікла да зямлі, нібы хоча выслухаць усе яе скаргі і крыўды. Холадна. Можа, гэта калючыя сняжынкі, якія шархацяць-шархацяць, замятаючы твой халадзеючы твар. І нічога не чуваць ужо. Усё знікае. Нікне туман залацісты. І ўсё ціха-ціха... Зусім стала ціха...

Праўда, біў яшчэ кулямёт. Біў кулямёт, і Ваня-кулямётчык прыгаворваў:

— Атрымайце, атрымайце як мае быць, душагубы!

А калі скончыліся патроны, калі замоўк кулямёт і дзесяткі чорных постацей ашалела кінуліся да кулямётчыка, тады пачуўся голас:

— Не, гэтага вы ніколі не прычакаеце!

Кулямётчык не спяшаўся ў рухах. Куды спяшацца яму цяпер? Ён спакойна намацаў рукой гранату, другую. Што ж, абедзве саслужаць апошнюю службу. Калі наваліліся ашалелай ваўчынай зграяй, прыпаў, прыціснуўся грудзьмі да зямлі, трымаючы руку на халодным метале гранаты. Зірнуў, нібы хацеў убачыць яшчэ ўсю зямлю, увесь свет у іх бязмежнай прыгажосці, убачыць яшчэ раз, ці далёка прайшла па свеце вялікая і неўміручая чалавечая праўда. Зірнуў, нібы супакоіўся, ціха праказаў нешта сабе самому. Ці то развітваўся з сабой і са сваімі слаўнымі таварышамі? Ці то пажадаў шчасця сваім таварышам, дружбакам, усім-усім, хто ўбачыць заўтра сонечны ўсход над зямлёй?

Сонечны ўсход...

Агністае святло слізганула маланкай у цемрыні ночы, прыглушыла грымотамі скавытанне завеі...

Раніцаю, ледзь толькі пачалі шарэць вокны, чорныя шынялі выбраліся з хат. Яны хадзілі па вуліцы, па гародах, раскопвалі снежныя сумёты. Шукалі сваіх забітых. Мясцовым людзям яны сурова загадалі не выходзіць з хаты. Яны не хацелі, каб гэтыя людзі бачылі іх страты. Падбіралі трупы, падганялі, прыспешвалі салдат. Нагружаныя сані дбайна ўвязвалі брызентам. Больш за паўтараста салдат знайшло канец свой у гэтых сумётах. Хутчэй, хутчэй адсюль...

Эсэсаўцы і паліцаі хутка пакінулі вёску і падаліся туды, адкуль яны і заявіліся ўчора. Вялікі страх, які авалодаў іх сэрцамі, гэта быў страх перад невялікай жменькай людзей, якія выстаялі насмерць, якія не адступілі ні на крок, якія так жорстка, так сурова адплацілі за сваю смерць.

Не, далей, хутчэй далей ад гэтых страшных мясцін, ад гэтых страшных і бясстрашных людзей.

 

12

Была ў той дзень адліга.

Раніцаю лёг густы туман. За якія крокі тры-чатыры цяжка было заўважыць чалавека. Ледзь відаць была праз заслону туману шырокая брацкая магіла. На свежым жоўтым пяску ляжалі нябожчыкі на шынялях, на вясковых посцілках.

Часта змянялася ганаровая варта. І ў тых, што стаялі ва ўрачыстай нерухомасці на варце, і ў тых, што прыходзілі сюды і адыходзілі суцэльным патокам, былі сумныя, шэрыя твары, на якіх застыла, скамянела жалоба.

Вялікая група вясковых жанчын тоўпілася непадалёк. Некаторыя з іх ціха гаманілі, некаторыя плакалі наўзрыд, не саромеючыся сваіх слёз.

Хутка туман пачаў разыходзіцца. З-за нізкіх хмарак выцерабілася сонца, і адразу ўсё пасвятлела, памякчэла, стала ласкавейшым.

— Божа мой, гэтулькі людзей, гэтулькі людзей! — сказала адна з жанчын.

Толькі цяпер, пад сонцам, стала відаць, колькі народу сабралася на пахаванне. Дарога, бліжэйшае поле і вясковая вуліца былі поўны людзей. Сюды прыйшлі атрады брыгады, вольныя ў гэты дзень ад баявых аперацый, каб аддаць апошнюю пашану свайму камандзіру і таварышам, якія загінулі разам з ім.

Адзін за адным выходзілі прамоўцы і, хвалюючыся, праглынаючы асобныя словы, гаварылі аб загінуўшых. Народ слухаў маўкліва. На тварах была ўважлівасць і суровы роздум аб тым, аб чым гаварылі прамоўцы. Вось і апошнія словы. Яны нібы ўскалыхнулі людзей, наэлектрызавалі іх, сагналі з твараў задуму.

— Браты, таварышы! Не верце нікому, не верце нават сабе, што загінуў наш камандзір. Хто сказаў, што няма Дзядзі Косці? Будзе вечна з намі, у памяці нашай, у нашых справах, у нашых сэрцах любы наш Дзядзя Косця! Вядзі ж і далей нас на подзвігі, наш дарагі камандзір! Будзе вечна жыць бессмяротная слава Заслонава! Слава ім, слава, нашым мілым і любым!

Адгрымеў развітальны салют. Злучаны аркестр зайграў паходны марш. Адзін за адным праходзілі атрады міма ўзгорка, на якім вылучаўся на прытаптаным снезе свежы жоўты пясок магіл, упрыгожаных вянкамі з яловых лапак.

Кумач сцягоў плаўна калыхаўся над радамі байцоў, ярка палымнеў пад сонцам. І ва ўзнёслай музыцы марша, і ў гарачай чырвані сцягоў было столькі заклікаючага, што кожнаму хацелася думаць толькі аб радасным, светлым і такім бязмежным-бязмежным, як слаўнае чалавечае жыццё. Толькі калі праходзілі атрады міма магіл і нахіляліся да гэтых магіл сцягі — у знак ушанавання і развітання,— гарэлі твары байцоў і пальцы рук да болю сціскаліся на ложах вінтовак і аўтаматаў. І думкі былі, як у аднаго:

«Не, гэтага не даруем ніколі, ніколі...»

А імклівая музыка марша і такі ж імклівы крок шчыльных радоў клікалі наперад і наперад.

Ужо ледзь відны былі на дарозе байцы з апошняга атрада, а ля магілы яшчэ стаяла некалькі чалавек. Гэта, відаць, былі самыя блізкія, тыя, якія прайшлі не адзін і не два гады сумесных дарог жыцця, у якіх было шмат чаго ўспомніць пра тых, што знайшлі вечны прытулак пад жоўтым пяском. Тут жа стаяла, жаласна ссутуліўшыся, у салдацкім кажушку дзяўчына. Яна раз-поразу непрыкметна хукала на счырванелыя ад холаду пальцы. Неяк непрыстойным здавалася ёй надзяваць цяпер рукавічкі, нібы гэта абразіла б памяць загінуўшых. Яе постаць часам здавалася зусім нерухомай, нібы яна баялася парушыць нейкі ход сваіх думак. А думак было сапраўды многа. І яны ніяк не маглі прымірыцца з гэтым жоўтым пяском, што назаўсёды пахаваў пад сабой тых, якія былі жывым увасабленнем кіпучага жыцця. Дзядзя Косця! Яна ж так паважала яго, яна ж так ганарылася ў думках, што ёй даводзіцца працаваць пад яго камандай, слухаць яго загады, проста бачыць яго амаль штодня, бачыць чалавека, якога сапраўды лічылі героем з герояў. Ды каб загадаў ёй Дзядзя Косця, яна, не задумваючыся, пайшла, калі б трэба было, на самую лютую смерць, абы гэта было ворагам на згубу... Так, яна пайшла б... Хіба не прасіла яна яго часам, каб дазволіў схадзіць хоць бы раз калі-небудзь на баявую аперацыю? Ён не насміхаўся з яе просьбы, ён проста казаў ёй:

— Маруся! У кожнага байца свая зброя. І ніхто не мае права кінуць яе. Ваша зброя — радыё. Радыстаў рэзервовых у нас няма. Вось і ўсё. Ясна?

— Ясна, таварыш камандзір брыгады.

Маруся стаяла і ўспамінала розныя здарэнні, розныя эпізоды, значныя і нязначныя факты, так ці інакш звязаныя з жыццём камандзіра. Успомнілася, як нядаўна паказваў ён бліжэйшым сваім таварышам здымкі сям’і. Мільганула думка адна і тут жа паказалася такой дзікай і недарэчнай: яны ж шчаслівыя цяпер... Чым жа яны шчаслівыя? Яны ж нічога не ведаюць, бо, успамінаючы аб ім, яны бачаць толькі яго ветлівую ўсмешку, жывы бляск яго вачэй, яго голас, яго рухі, яго бацькаўскую ласку. Ці ж гэта можа быць шчасцем, божа мой, божа? Страшная вестка дойдзе ж і да іх і наваліцца невымерным горам, якое можа ўсё скрышыць і знявечыць у чалавечых сэрцах. Няхай жа ласка людская, ласка народная атуліць гэтыя сэрцы, каб мелі яны падтрымку ў сваім вялікім горы, каб мужна перанеслі пакутны час і неслі б праз усё жыццё светлую памяць аб ім, аб загінуўшым.

Тут жа, побач з камандзірам, заснуў вечным сном і яго бліжэйшы памочнік Коля Харошаў. Дзесьці ходзіць Надзя, Надзя Канапелька, і нічога не ведае аб страшным, аб беззваротным. Іх слаўнае каханне сагравала не толькі іх адных. Гэтаму каханню радаваліся і шчыра зайздросцілі. Гэтае каханне прайшло праз суровыя выпрабаванні. Яно ледзь не загінула пад цяжарам палючай чалавечай нянавісці. Але нянавісць прайшла, калі сэрцы даведаліся, што яны не здраджвалі адзін аднаму, што яны асталіся чыстымі перад сваім народам.

Тут жа камандзір атрада Дзетка, які ніколі не выхваляўся сваім горам. Можа, ён быў грубаваты крыху, але заўсёды, дзе ні з’яўляўся ён, людзям рабілася неяк весялей і святлей.

Колькі іх тут яшчэ, родных і слаўных...

Чмаруцька, які стаяў увесь час з непакрытай галавой, урэшце надзеў шапку і, дбайна паправіўшы яловую лапку на пясчаным узгорку, сумна сказаў:

— Хадзем, таварышы!

Калі яны адыходзілі, дзяўчына хуценька дастала з-за пазухі галінку рабіны і, азірнуўшыся, палажыла яе на пясчаны ўзгорак. Гэта была цэлая гронка рабінавых ягад. Яна сарвала яе ў лесе, калі ішлі сюды раніцаю. Адыходзячы ад пясчанага ўзгорка, яна яшчэ раз азірнулася. Сярод цёмнай зелені яловых лапак ягады зіхацелі пад сонцам залацістай чырванню.

Яна пайшла па дарозе разам з усімі. Заснежаныя палі гарэлі нясцерпным бляскам, аж трэба было прыжмурваць вочы, калі глядзець у бок сонца. Яго так багата было ў сённяшні дзень, нібы яно хацела аддаць усю ласку сваю ім, якія ўжо ніколі-ніколі не адчуюць яго жывой цеплыні.

Ішлі. Ціха гаварылі між сабою. Гаварылі аб усім: аб ранніх халадах, аб снезе, які добра захутаў зямлю, аб будучым леце, што яно ўрэшце прынясе нашым людзям. Дзяліліся весткамі, якія прыходзілі з роднага гарадка. Твары рабіліся сумныя, калі прыгадвалі навіны з франтоў. Яны не былі суцяшальныя, гэтыя навіны. Ужо месяцы з два, як ішлі жорсткія баі пад Сталінградам. Гаварылі, сумавалі, але тут жа падбадзёрвалі адзін аднаго: не, не можа быць, каб і цяпер нашы арміі не далі ім добра па зубах, як мінулай зімой пад Масквой. Не, зломяць фашысты хрыбет сабе і пад Сталінградам, не ўбачаць яны як вушэй сваіх і Каўказа. Гаварылі аб усім, і толькі не краналіся аднаго: думак сваіх аб загінуўшых таварышах. Ведалі самі, упэўнены былі ў гэтым, што прыйдзе ж, урэшце, жаданы час перамогі. А тыя, што назаўсёды пакінулі іх, так і не ўбачаць таго светлага дня, той вялікай радасці, якой чакаюць і дачакаюцца людзі. Як жа гэта крыўдна, балюча за іх, за любімых.

Зімовае сонца хілілася на захад, нізка спусцілася над самым лесам. Ад прыдарожных дрэў пацягнуліся доўгія цені па полі. Яркім барвенцам узгарэлася на захадзе неба. Снег пад нагамі зрабіўся больш шорсткі, рыпучы.

— Бярэцца на мароз, людзі...— ціха праказаў, ні да кога не звяртаючыся, Чмаруцька.

Усе прыспешылі крок. Вячэрнія змрокі хутка ахінулі іх, калі ўвайшлі яны ў маўклівыя гушчары лесу. У лесе было ўжо амаль што цёмна. І толькі на стромкіх вяршалінах ялін трапятліва дагаралі апошнія водбліскі сонца.

Хутка і яны зніклі. І людзі, прыслухоўваючыся да лясной цішыні, туліліся бліжэй адзін да аднаго. Так жа добра, калі ты не адзін, калі сэрца тваё б’ецца разам з сэрцам тваіх блізкіх.

 

13

Герф быў страшна ўзрадаваны, калі да яго дайшлі першыя весткі, што загінуў міфічны Дзядзя Косця. Ён тут жа сабраўся ў генеральны камісарыят, каб адразу ж усцешыць гэтай навіной свайго хмурага начальніка. Сапраўды, за апошнія тыдні Кубэ хадзіў пануры, вельмі часта быў раздражнёны, і ў такія дні лепш за ўсё было не натыкацца на яго вочы. Але ж з такой навіной можна з’явіцца перад ім у любую хвіліну.

Ён ужо сабраўся пайсці, але зноў з’явіліся некаторыя сумненні, якія за апошнія тыдні так часта авалодвалі ім. Не, не трэба спяшацца, асабліва з такімі справамі. Яшчэ і яшчэ раз праверыць, яшчэ і яшчэ раз упэўніцца, што ўсё гэта праўда, што ўсё гэта сапраўды адбылося. І толькі праз колькі дзён, калі надышоў тэрмін яго даклада, ён заявіўся да Кубэ.

Ён дакладваў аб розных справах і яўна хваляваўся. Голас яго зрываўся. То гаварыў ён ціха, намагаючыся быць зусім ураўнаважаным, хоць крышачку падобным да свайго начальніка, якога, здавалася, нічым нельга было вывесці з прызвычаенай раўнавагі. То пачынаў гаварыць гучна, ледзь не выкрыкваючы асобныя словы. І яго склератычныя пальцы дрыжалі пры гэтым, а вочы мітусліва бегалі, пераскаквалі з рэчы на рэч і, каб не выдаць сябе, старанна ўнікалі сустрэцца з халодным позіркам начальніка. Кубэ заўважыў яго ўзнерваванасць, калюча ўпікнуў:

— Нешта вы, паважаны генерал, паводзіце сябе сягоння, як курыца, якая збіраецца знесці яйцо.

Герф разгубіўся крыху ад гэтай заўвагі. Але ж яна і падагнала яго.

— Ведаеце, пан гаўляйтэр, я сапраўды павінен паведаміць вам пра некаторыя радасныя падзеі.

— Даўнавата вы, пан генерал, не радавалі мяне сваімі паведамленнямі... Што ж, слухаю вас!

— Як дакладна мной устаноўлена, урэшце ліквідаваны адзін з самых небяспечных нашых праціўнікаў.

— Вы думаеце гаварыць мне пра Заслонава? — зусім абыякавым тонам спытаўся Кубэ.

— Але, але...— крыху разгубіўся Герф.— Вы ўгадалі. Вось апошнія паведамленні, з самых надзейных крыніц...— і ён палажыў перад Кубэ некалькі афіцыйных данясенняў.

— Ат, кіньце вы гэта...— Кубэ адсунуў рукой усе Герфавы паперы, ссунуў іх на край стала.

Герф стаяў перад ім збянтэжаны, ссутулены, нібы хто выліў яму за каўнер шклянку халоднай вады.

А Кубэ глядзеў яму ў твар і нібы свідраваў сваім халодным, алавяным позіркам.

— Чуў я пра гэта. Не раз чуў. Дазволю сабе запытаць вас, паважаны генерал, колькі раз вы ўжо ліквідавалі гэтага небяспечнага праціўніка?

— Здараліся, пан гаўляйтэр, непрадбачанасці, памылкі...

— Памылкі... Ды вы сам, шаноўны пан генерал, і ўся ваша паліцыя, скажу я вам, ні больш ні менш, як суцэльная памылка.

— Дазвольце, пан гаўляйтэр...— памкнуўся Герф, каб неяк жа апраўдвацца, каб неяк жа бараніць сваю паліцыю, якая, ва ўсякім разе, так многа зрабіла.

— Нічога не дазволю. І слухаць нічога не хачу. І акрамя вас знайшліся аматары лавіць ды ліквідаваць... на паперках. Вы майстры пісаць усе гэтыя данясенні. Але я запытаю вас, з якой прычыны ляцяць нашыя эшалоны пад адхон? З якой прычыны ў апошнія дні зусім выведзены са строю цэлы ўчастак чыгункі? Чаму ж вы сягоння не сказалі мне, што гэта работа не каго іншага, а заслонаўцаў, якіх вы паспелі ўжо ліквідаваць у сваім рапарце?

— Я, пан гаўляйтэр...

— Я даўно ведаю, што я пан гаўляйтэр...— рэзка сказаў Кубэ.— Толькі не ведаю вось, кім вы сапраўды з’яўляецеся?

Відаць, каб змякчыць крыху гутарку, Кубэ сказаў ужо больш мякка:

— Ладна, пакінем гэтую гаворку. Вы чыталі пра апошнія падзеі? — і ён падаў Герфу зводкі з кватэры галоўнакамандуючага.

— Пра падзеі ў Афрыцы?

— Але... І пра падзеі ў Афрыцы, і пра некаторыя, не досыць прыемныя для нас навіны з-пад Сталінграда...

— Я, пан гаўляйтэр, учора праслухаў цудоўную прамову Гебельса. Я зусім згодны з ім, што ва ўсіх гэтых справах няма нічога нечаканага для нас, ну... і небяспечнага... Усё гэта...

— Ведаеце што? — перабіў яго Кубэ, акінуўшы яго такім зняважлівым позіркам, што ў Герфа захаладала на сэрцы.— Я, вядома, заўсёды паважаў аптымістаў. І каб за аптымізм узнагароджвалі ордэнамі, дык я першы ўзнагародзіў бы вас жалезным крыжам. Можаце мне ў гэтым паверыць. Але, акрамя голага аптымізму, мой паважаны генерал, патрэбна мець яшчэ хоць крышачку...— тут Кубэ выразна пакруціў пальцам перад сваім ілбом,— розуму... Розуму, мой паважаны, розуму... І, вядома, работы, сапраўднай работы. Разумееце, урэшце, мяне?

— Ды я, пан гаўляйтэр...

— Я добра разумею вас, генерал!

А што ён разумеў, гэтага і сам ён не сказаў бы. Не варта было залішне крыўдзіць старога, які рабіў, урэшце, усё, што было яму пад сілу.

— Сядайце, генерал,— сказаў ужо мякка,— ды сумесна вось падумаем, што ж, урэшце, рабіць нам, каб калі не ліквідаваць партызан зусім,— бо хто-хто, а мы з вамі добра ведаем, што гэта немагчыма,— дык хоць крыху паралізаваць іх падрыўную дзейнасць, не даць ёй пашырацца на ўсе раёны.

Яны доўга сядзелі ў той вечар за картай, але дакладнае вывучэнне яе не дало ім асаблівага задаволення. Хоць быў і зімні час, партызанскія зоны ўсё шырыліся і выраслі да пагражальных памераў.

 

Частка трэцяя

 

1

Роўны гул матораў хіліў да сну. Але ніхто ў самалёце не думаў пра сон. Праўда, калі спалі, то, можа, толькі дзеці, якіх вывозілі на Вялікую зямлю. Неспакойна варушыліся цяжкапараненыя. Часам чуліся іх стогны, нехта трызніў, выкрыкваў каманды.

Стралок-кулямётчык усё прыглядаўся да цэлулоідных акенцаў. Ён узбіраўся на спецыяльную падстаўку і падоўгу нешта рабіў там пад шкляным каўпаком — паварочваў яго, правяраў мацаванне кулямёта. Праз шкло відаць былі часам ледзь прыкметныя ў цемрыні хмары.

«Што ён убачыць цяпер там, у начной цемры...» — падумаў Саколіч.

Кулямётчык злез з падстаўкі, чагосьці зайшоў у лётную кабіну і зноў сеў на сваім месцы, побач з Саколічам, гледзячы ў акенцы.

— Хіба ноччу могуць напасці на наш самалёт? — ціха спытаўся ў яго Саколіч.

— А хіба ім, д’яблам, забароніш? — пытаннем на пытанне адказаў той.

— І вы з гэтым адным кулямётам можаце адбіцца ад варожага самалёта?

— Вядома! — упэўнена адказаў кулямётчык, нібы і сапраўды не магло быць іначай.

Саколіч пачаў гаварыць з кулямётчыкам, распытваў яго пра ўсякія сямейныя драбніцы, а пачуццё вялікай усхваляванасці не пакідала яго ўвесь час. Яно пачалося з тае хвіліны, калі ён атрымаў радыёграму з Цэнтральнага партызанскага штаба, які выклікаў яго ў Маскву. І хоць усё гэта было нармальна, але ўсё ж быў у гэтым і пэўны элемент нечаканасці. І хваляваўся ён не таму, што баяўся адказнасці за сваю работу. Гэтая работа не выклікала ніякіх папрокаў яго сумлення, за яе ён быў зусім спакойны. Вядома, хацелася б зрабіць яшчэ болей, яшчэ лепей. Але не заўсёды ўдаецца чалавеку зрабіць усё, што яму хацелася б. Хваляваў час, у які яго выклікалі. Гэтымі днямі нашымі войскамі пакінуты быў Новарасійск. Напружаныя, цяжкія баі ішлі пад Сталінградам.

Дзесяткі разоў ездзіў Саколіч у Маскву да вайны, і заўсёды гэта было самай звычайнай, можна сказаць, будзённай справай. Цяпер жа гэтая паездка ўяўлялася яму як нейкае далёкае-далёкае вандраванне. Вандраванне ў цудоўны край, у зусім другі свет. І як недарэчна было ўсё гэта, калі над сваёй роднай зямлёй даводзілася ляцець з асцярогаю, каб цябе не падпільнаваў вораг.

Безліч неадчэпных пытанняў паўставала перад ім. І хоць былі яны ясныя і не патрабавалі асаблівых адказаў, але яны стамлялі, не давалі сабрацца з думкамі. А яму так жа хацелася з усяго пражытага і перажытага вылучыць самае галоўнае, самае важнае, самае рашаючае, аб чым можна было б гаварыць там, у Маскве. Прыслухоўваўся да дрымотнай цішыні, якая ўсталявалася ў самалёце, і думаў, што ўся гэтая ўсхваляванасць і ўзнерваванасць ёсць вынік вялікай стомленасці. За працай не заўважаў яе, ды і некалі было заўважаць.

Саколіч так задумаўся, што і не прыкмеціў, як кулямётчык падаўся пад свой шкляны каўпак. І толькі тады схамянуўся, як нехта мякка дакрануўся да яго пляча. Гэта быў штурман.

— Васіль Іванавіч,— сказаў ён,— зараз будзем пералятаць лінію фронту, там ідзе цяпер бой. Калі захочаце паглядзець, дык хадзем да нас.

Яны перайшлі ў пярэднюю кабіну, да лётчыкаў. Спачатку Саколіч колькі ні ўглядаўся ў акно, нічога не мог заўважыць. Густая цемрыня вераснёўскай ночы надзейна ахінала зямлю. Нідзе не відаць было ні агеньчыку, ні хоць бы слабага пробліску святла.

Здавалася, што самалёт павіс у цёмнай бездані між небам і зямлёй, і толькі роўны гул матораў гаварыў аб тым, што ён не стаіць на месцы, а імчыць і імчыць у кірунку, які вядомы толькі лётчыку.

Ён прыглядаўся да спакойных рухаў лётчыка, да ледзь прыкметнага мігцення кантрольных лямпак на рознай апаратуры, прыслухоўваўся да гулу матораў. І адразу насцеражыўся, калі бледна-ружовыя водбліскі святла зайгралі на шкле насавога ліхтара, як звалі лётчыкі гэтае шырокае акно.

— Вёска гарыць...— прагаварыў на вуха штурман.

Сапраўды, наперадзе ўсё ярчэй і ярчэй праступала зарыва. Спачатку здавалася, што гэта ўзыходзіць месяц, цяжка, натужна адрываючыся ўсёй сваёй барвовай масай ад зямлі, каб, набраўшыся сілы і ўзняўшыся над зямлёй, змяніць гэтую злавесную барвовасць на ціхую і срабрыстую яснасць. Але барвовасць не знікала. Яе трапяткія водбліскі выхоплівалі з цемрыні ніжнюю кромку хмар, асобныя аблачынкі, якія адарваліся і завіслі ніжэй суцэльнага масіву воблачнай заслоны.

Хутка такое ж зарыва ўзнікла крыху лявей. І паміж гэтымі зарывамі нібы ўспыхнула зарніца, за ёй другая, трэцяя. І як вокам акінуць, па ўсім гарызонце трывожна пульсавалі гэтыя ўспышкі.

Самалёт пачаў набіраць вышыню.

І раптам наперадзе слуп яркага блакітнага святла прастроміў начную цемрыню і, затрымаўшыся на якую хвіліну на паружавелай заслоне хмар, паволі падаўся лявей, лявей, часам прыпыняючыся, і тады відаць было, як шпарка-шпарка бягуць кудзелістыя аблачынкі. Такі ж рухавы слуп святла ўзнік наперадзе. Самалёт, крута забраўшы ўправа, усё набіраў вышыню. Узнікла яшчэ некалькі такіх слупоў, і яны ліхаманкава шарылі па небе, сыходзіліся разам у адной бліскучай кропцы і зноў разыходзіліся ва ўсе бакі, як гіганцкія шчупальцы нейкай пачвары. А з зямлі нібы кінуў хто ў неба нізку разнаколерных пацерак. Яны ляцелі, здаецца, паволі, гэтыя чырвоныя, зялёныя пацеркі, і плаўна знікалі дзесьці там, за хмарамі.

— Ну, усё ў парадку, хутка будзем і дома! — прамовіў маўклівы лётчык і, зняўшы шлем, старанна выцер далоняй лоб.

Самалёт апусціўся зноў ніжэй. Зарывы пажараў асталіся ззаду, іх водбліскі на хмарах паступова трацілі сваю трапяткую чырвань. Зноў суцэльная цямрынь ахінула зямлю і неба, але яна была куды прыемней, чым увесь гэты бліскучы феерверк, які яны толькі што назіралі.

Далей ляцелі нядоўга, мо з паўгадзіны, мо крыху болей. Прыкметна пачало шарэць неба на ўсходзе. Самалёт пайшоў на разварот. Пусцілі апазнавальныя ракеты. І адразу на зямлі запаліліся пасадачныя агні. Мінута, другая і, мякка крануўшыся зямлі, самалёт ужо імчаў па ёй, з кожнай секундай замаруджваючы свой бег. Падруліўшы ў бок з пасадачнай дарожкі, стаў зусім. І калі сціх гул матораў, Саколічу здалося, што ён праваліўся ў незвычайную цішыню. Але гэта толькі на міг. Ужо чуваць былі людскія галасы. Заварушыліся ў самалёце. Вось адчыніліся і дзверы. Свежае паветра патыхнула ў твар. Размінаючы самлелыя ад сядзення ногі, Саколіч асцярожна сышоў па трапу і адразу трапіў у абдымкі людзей, твараў якіх і не распазнаць было ў скупым святле ліхтароў. Пазнаваў па голасу. Былі тут прадстаўнікі з Цэнтральнага партызанскага штаба Беларусі, з Цэнтральнага Камітэта партыі, усе свае, знаёмыя, таварышы па ранейшай працы.

— З прыездам, Васіль Іванавіч!

— З шчаслівым пералётам!

Абдымалі, моцна паціскалі рукі.

Толькі сабраліся ісці да машын, як дарогу перагарадзіў высокі вайсковец у лётніцкай форме. Гэта быў палкоўнік, начальнік аэрадрома.

— Таварышы, гэта нікуды не гадзіцца. Госця трэба накарміць — папрашу зайсці ў нашу сталовую.

З вясёлым шумам усе спусціліся ў зямлянку-сталовую. Ярка асветленая, застаўленая сталамі з бялюткімі абрусамі, яна была такая чыстая і ўтульная, што Саколіч на якую хвіліну нават адчуў сябе не досыць ёмка тут у сваім кажушку, які, як кажуць, бачыў парадкам розных відаў і яўна прасіўся на капітальную рэстаўрацыю. Але гэты кажушок, апынуўшыся ў нечых паслужлівых руках, ужо знайшоў сваё месца на сцяне. Саколіча падхапілі пад рукі, усадзілі за стол, на якім было настаўлена столькі ўсякай усячыны, што Саколіч з самым сур’ёзным відам заявіў гаспадарам:

— Павінен папярэдзіць вас, таварышы, што калі трапіце да мяне ў госці, дык такіх разнасолаў выставіць вам не здолею. Кажу гэта зусім сур’ёзна і шчыра, каб не было пасля ніякіх непаразуменняў на гэтай глебе.

Адзін з лётчыкаў заўважыў:

— А вы дарэмна, Васіль Іванавіч, прыбядняецеся. Вы першы раз у нас, а нашы хлопцы па некалькі разоў былі вашымі гасцямі, і нешта не чулі мы, каб хто з іх крыўдаваў на партызанскія пачастункі. Ды справа хіба ў пачастунках, Васіль Іванавіч? Хіба за якія-небудзь пачастункі паважаем мы і любім і вас і ўсіх нашых партызан? Вось я скажу вам аб адной драбніцы. На аэрадроме ў нас такі звычай: закурка агульная. Стаіць у дзяжурцы скрынка табакі, куры, колькі каму хочацца. І як толькі ляцяць хлопцы да вас, скрынка адразу пусцее. Кожны хоча прыхапіць з сабой лішнюю закурку для партызан-прыяцеляў. Гэта драбніца, Васіль Іванавіч, але ж яна гаворыць аб вялікім...

Ужо развіднела, калі развітаўся Саколіч з гасціннымі гаспадарамі.

Стаяў марозны дзень. Паветра было чыстае, празрыстае, у якім дакладна вырысоўвалася кожная галінка дрэва, кожны ўцалелы на ёй лісцік, кожны зубчык далёкага лесу, што сінеў на гарызонце. Трава па абочынах шашы, іржэўнік на полі былі прыпарушаны зябкім інеем.

Не адзін раз ездзіў Саколіч па гэтай шашы з аэрадрома ў сталіцу, яму быў да дробязі знаёмы кожны кіламетр гэтай дарогі. Але цяпер багата новага на ёй. У некалькіх месцах шчыльна падыходзілі да яе супрацьтанкавыя равы. Чарнелі па полі супрацьтанкавыя надаўбы. Ашчацініліся сталёвыя яжы, сям-там распаўзлося ржавае павуцінне калючага дроту.

Надаўбы і сталёвыя яжы былі і пры самым уездзе ў горад, яны трапляліся і далей на некаторых плошчах і вуліцах. Саколіч з болем углядаўся ў тыя змены, якія прынесла вайна. З хваляваннем у сэрцы прыглядаўся да слядоў бамбёжак. Але не пакідала пачуццё гордасці, што народ адстаяў ад праклятага ворага сваю сталіцу, збярог яе, абараніў. Стаіць Масква, як стаяла, цэлы яе вуліцы і кварталы. Толькі рух на вуліцах крыху меншы.

Горад нібы прыціх, прытаіўся. Ён як бы набіраўся сілы, каб урэшце размахнуцца з усяго пляча і назаўсёды разлічыцца з ворагам, які яшчэ не кінуў сваіх замыслаў. Горад пасуравеў. Зусім па-франтавому выглядалі артылерыйскія зенітныя ўстаноўкі на плошчах і скверах. А вялізныя аэрастаты-загароды, якія прытуліліся на бульварах, нагадвалі нейкія фантастычныя стварэнні, прыручаныя чалавекам. І зусім фантастычна выглядалі некаторыя гарадскія плошчы, асфальт якіх быў размаляваны ў стракатым камуфляжы. Гэты ж камуфляж змяніў аблічча некаторых будынкаў, надаў некаторым змрочны, непрытульны выгляд. З вялізных плакатаў на сценах дамоў кідаліся ў вочы строгія літары слоў: «Што ты зрабіў для Радзімы?»

Гады паўтара, як не быў Саколіч у Маскве. А таму асабліва прыглядаўся да вулічнага руху, да дамоў, магазінаў, да афіш і розных аб’яў. Як заўсёды спакойна, без спеху, з пачуццём уласнай годнасці працавалі дворнікі. З хлебных крам і магазінаў выходзілі людзі з чорным і белым хлебам, з сушкамі, сухарамі. Ніякіх чэрг тут не было. Працавалі кінатэатры. Афішы паведамлялі аб новых пастаноўках.

Саколіча змясцілі ва ўтульным, хоць крыху і халаднаватым, нумары вялізнай гасцініцы. Вельмі хацелася спаць, але дзе ты заснеш, калі дзесяткі знаёмых, блізкіх таварышаў запоўнілі ўвесь нумар. Ішлі бясконцыя роспыты, успаміны, расказы. І так да позняга вечара, пакуль адзін з прыяцеляў ледзь не сілком пачаў разганяць гасцей.

І вось разышліся ўсе. Ціха ў нумары. Ціха і ў гасцініцы, няма ў ёй такога ажыўлення, якое было да вайны.

Праходзяць па вуліцы рэдкія машыны. Чуваць, як патрулі пытаюцца пропуска ў спазнелага чалавека, як праходзіць, дакладна адбіваючы крок, нейкая вайсковая часць. Акуратна адлічваюць гадзіны Крамлёўскія куранты. Яны звоняць вось тут жа, недзе зусім недалёчка. Побач жа Крэмль.

Гэтая думка хвалюе. Тут жа самае сэрца краіны, яе мозг, яе розум, тут урад, Цэнтральны Камітэт партыі, Штаб абароны. Дзень і ноч стаяць яны на варце Радзімы. Адсюль відаць яе неабсяжныя прасторы. Адсюль відаць усё, што робіцца і ў далёкіх беларускіх, смаленскіх і бранскіх лясах, у стэпах Украіны, пад Сталінградам. Тут плануюцца ўдары па ворагу, адсюль ідуць загады арміям і франтам, адсюль атрымоўваюць загады і партызаны — крымскія, наўгародскія, ленінградскія...

Праз раскрытую штору відаць шэрыя ўначы крамлёўскія сцены, абрысы крамлёўскіх палацаў. У змрочным месячным святле цямнеюць аграмадзіны аэрастатаў паветранай загароды. Яны відаць у розных кірунках, на розных вышынях. Як казачныя вартавыя, яны ахоўваюць, сцерагуць горад. Вулічныя светафоры прыкрыты доўгімі казыркамі. Такія ж казыркі надзеты на аўтамабільныя фары. Кішэнныя ліхтарыкі патрулёў гараць ледзь прыкметным зблізу сінім святлом. Горад прыціх, заснуў. Але не ўсе спяць у гэтым прымоўклым, неасветленым горадзе. Прайдзіцеся ля зацямнёных фабрык, заводаў, і вы адчуеце, як у прызвычаеным працоўным гуле дрыжаць іх сцены. На зацямнёных пуцях станцый і вакзалаў пабразгваюць буферамі вагоны, пачмыхваюць параю неўгамонныя паравозы. Іх вясёлыя гудкі бадзёра вырываюцца з вільготнай цемрыні. Чамусьці асаблівую прывабнасць маюць гэтыя начныя гудкі. Яны як бы клічуць цябе ў тыя далёкія прасторы, адкуль прыйшлі ці куды памчаць зноў уночы.

Адна за адной узнікалі розныя думкі. Багатыя ўражанні дня і мінулай ночы ўзрушылі, адганялі сон.

Праз прыадчыненае акно чуліся гукі артылерыйскай страляніны. Яна была спачатку гучная, а потым пачала паступова заціхаць. Відаць, недзе далёка ад горада паспрабавалі прабіцца фашысцкія самалёты. Іх адагналі, каб не рабіць залішніх клапот людзям, не абвяшчалі паветранай трывогі. Зноў стала ціха. Толькі куранты адбіваюць чарговую гадзіну, але чамусьці так глуха, што і не разбярэш, якая ж цяпер гадзіна.

Якая ж цяпер гадзіна? Чуваць, як на вуліцы шоргаюць мётлы. То дворнікі ўзяліся за штодзённы ранішні туалет свае вуліцы. Спіць Саколіч і бачыць у сне, як выстраіліся ў шарэнгу касцы, як косы суладна і дружна пасвістваюць у траве. Толькі і чутна: шшах... шах... шшах... шах... Гэта ж партызаны памагаюць сялянам прыбіраць сена... А лугі, лугі! Аж да самага гарызонта распасцерліся іх прасторы! Мядвяныя водары красак і траў струменяць у паветры, напаўняюць грудзі, кружаць і хмеляць галаву. А сонца ўсё вышэй і вышэй. Падсыхаюць травы, цяжэй і цяжэй становіцца касцам. Яшчэ крыху, яшчэ крыху, тады можна і на адпачын. Намахаўшыся касой, як добра спіцца пад духмянай капёнкай. Як добра спіцца...

Харошы сон пасля добрай стомы.

 

2

Калі Васіль Іванавіч, прачнуўшыся, глянуў на гадзіннік, дык не на жарты спалохаўся: была адзінаццатая гадзіна дня. Ніколі не даводзілася яму так позна спаць. Праспаў бы, відаць, і далей, каб не настойлівы тэлефонны званок, ад якога аж забразгацела шклянка ля графіна з вадою.

Па тэлефоне перадалі Саколічу з Цэнтральнага партызанскага штаба, што праз якую гадзіну да яго заедзе сакратар ЦК, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху таварыш Панамарэнка.

Скоранька апрануўся, прыбраў пакой. А тут, як толькі пачулі, што там заварушыўся чалавек, адзін за адным пачалі стукацца ў дзверы людзі. Хутка іх зноў набраўся поўны нумар.

За жывой гутаркай і не заўважыў Саколіч, як у пакоі з’явіўся начальнік штаба. Вітаючыся, ён моцна паціснуў руку Саколічу, на якую хвіліну затрымаў яе ў сваёй.

— Бачу, ад народа вы не адрываецеся,— сказаў ён жартам, вітаючыся з усімі, што былі ў пакоі.

Калі асталіся ўдвух, твар Панцеляймона Кандратавіча адразу пасур’ёзнеў, у вачах зніклі смяшлівыя аганькі, зніклі і ноткі жартаўлівасці ў голасе.

Спыніўся супроць яго, уважліва зазірнуў у твар.

— Такі ж, такі, як бачыў я вас апошнім разам. Нават больш стройны... Ну, гэта з усімі ваеннымі так бывае. Аднак з твару вы памізарнелі... Не хварэлі часам? Ну і добра. А калі што якое, падправім...

Прайшоўся па пакоі, падумаў.

— Аднак мы з вамі не з той пароды людзей, якія любяць раскідацца сентыментамі. Скажу вам, што і ЦК партыі і Беларускі Цэнтральны штаб здаволены работай нашых партызан. Ну, а таму можаце зрабіць і для сябе некаторыя вывады,— ветліва ўсміхнуўся ён.— А цяпер расказвайце. Вы ж, відаць, прывезлі з сабой і розныя афіцыйныя справаздачы.

Саколіч расказваў пра апошнія аперацыі, пра работу на камунікацыях, пра планы на бліжэйшыя месяцы, пра падпольныя арганізацыі, пра партызанскія газеты, пра работу сярод насельніцтва. Панамарэнка ўважліва слухаў, часам перабіваў, задаваў пытанні. Яго асабліва цікавіла, як партызаны падрыхтаваліся да зімы, ці сабралі сяляне ўраджай, што новага робіцца ў гарадах, якія настроі бытуюць сярод насельніцтва ў сувязі з апошнім наступленнем на Сталінград. Ён распытваў пра асобных людзей, як спраўляюцца яны са сваімі абавязкамі ў гэтых новых і складаных для іх умовах.

Гутарка надоўга зацягнулася. Гаварылі аб узбраенні, аб аружэйных майстэрнях, аб станках па перакаліброўцы патронаў, якія Цэнтральны партызанскі штаб падрыхтаваў для перасылкі партызанам.

— Аднак мы загаварыліся з вамі, Васіль Іванавіч. Забег я да вас на якой паўгадзіны, дый заседзеўся. Думаю, што вас цікавіць і такое пытанне: з якой прычыны мы выклікалі вас у Маскву, ды ў такі напружаны час, як цяпер. А выклікалі мы вас вось па якой прычыне. Партызанскі рух вырас, набыў пэўны вопыт, пэўны размах. Баявая дзейнасць партызан значна памагае арміі. Бясспрэчныя заслугі партызан прызнаюцца ўсімі. Гітлераўцы, якія некалі пагардліва называлі партызан бандытамі альбо неразумнымі фанатыкамі, цяпер лямантуюць на ўсю «новую Еўропу», што мы, савецкія людзі, ваюем не па правілах вайны. Партызанская барацьба набыла сталыя формы, сваю тактыку і стратэгію. Але на сённяшні дзень гэтага ўжо мала. Вайна ўваходзіць у новую стадыю, і мы спадзяёмся, што гэтая стадыя будзе рашаючай у нашу, вядома, карысць. Армія з фронту, партызаны з тылу — так сціснем праклятых, што з іх пацячэ крывавая жыжка. Вось мы і выклікалі вас для таго, каб падумаць і аб тым, як мы будзем ваяваць далей.

— Прызнацца, Панцеляймон Кандратавіч, мне цяжкавата адразу адказаць вам. Баюся, што вы пераацанілі мяне крыху... Ну які з мяне дарадчык, ды ў такой адказнейшай справе?

— Не абавязкова быць якім-небудзь Клаўзевіцам. Пісаць вучоных прац па партызанскай справе мы не збіраемся, бо на гэта ў нас і часу няма. Мы б’ём ворага, намагаемся перахітраваць яго, і ў гэтай дзейнасці сваёй зыходзім з рэальных умоў, з канкрэтных абставін. Вось мы і павінны ўлічваць, Васіль Іванавіч, усе змены, якія могуць з’явіцца ў абставінах і ўмовах.

— Але я павінен сказаць, што ўсіх змен, ці, як кажуць вайскоўцы, усіх новых уводных дадзеных, не заўсёды загадзя вызначыш.

— Тут ваша праўда, Васіль Іванавіч, толькі напалавіну. Усіх змен, вядома, не прадугадаеш. Але ж галоўныя мы можам заўсёды прадбачыць. Вось я прывяду хоць бы такі прыклад. Гэта нават не прыклад, а тое, што будзе неўзабаве нашай явай. Сёння мы нішчым усё, што можа так ці інакш спрыяць ворагу, памагаць яму. Нішчым масты, склады, электрастанцыі, заводы, фабрыкі. Мы не спыняемся перад тым, каб спаліць школу, калі ў ёй размясцілася паліцыя альбо гестапа ці, скажам, якая-небудзь зондэркаманда. І вось уявіце сабе — мы ўрэшце пагналі ворага назад. Вораг бяжыць, агрызаецца, зверскі лютуе ў сваім бяссіллі. Ці правільна мы будзем рабіць, калі па-ранейшаму будзем паліць масты, узрываць электрастанцыі, нішчыць школы, фабрычныя будынкі? А ці не варта нам будзе падумаць аб тым, каб, памагаючы арміі біць гітлераўцаў, абараніць ад гэтых гітлераўцаў і мост, які будзе патрэбны нашай арміі? І заместа таго, каб узрываць электрастанцыю ці завод, альбо фабрыку, ці не лепш будзе ў тых умовах проста вывесці іх часова са строю? Ды трэба ўлічыць, Васіль Іванавіч, і такую акалічнасць: адступаючы, вораг усю злосць за свае няўдачы паспрабуе спагнаць на нашым народзе. Вораг захоча пакінуць за сабой мёртвую пустыню. Хто ж, як не мы, павінен паклапаціцца аб абароне нашага мірнага насельніцтва? Мы павінны будзем абясшкодзіць усякія зладзейскія замыслы ворага супроць нашых гарадоў і сёл. Вораг замініруе фабрыку, а мы павінны ведаць, дзе і як яна замініравана. І калі не здолеем непрыкметна размініраваць яе, дык у патрэбную хвіліну знішчым мінёраў ворага. Вы разумееце, як важна нам адстаяць тое, што яшчэ ўцалела ў нас на Беларусі? Або, скажам, і адабраць тое, што забраў з сабою ў нас вораг.

Ён гаварыў з такім запалам, што Саколіч не ўтрымаўся, каб не сказаць:

— Ведаеце, Панцеляймон Кандратавіч, вы расказваеце пра ўсё гэта так, як некалі гаварылі пра план генеральнай рэканструкцыі Мінска.

— Ах, вось вы пра што...

Лёгкая ўсмешка прамільгнула на яго твары і знікла, саступіўшы месца задуменнасці.

— Ведаеце, Васіль Іванавіч, бальшавікі не адмаўляюць чалавеку ў праве на мару, без мары нельга жыць. Мы таксама з вамі дружылі з добрай марай: зрабіць нашы гарады і сёлы па іх прыгажосці, па іх утульнасці вартымі беларускага народа. Вы вось беларус, Васіль Іванавіч, добра ведаеце свой народ. Я не беларус, але за гады працы ў Беларусі добра пазнаёміўся з беларускім народам і, скажу вам шчыра, палюбіў яго. Я дакладна вывучаў яго эканоміку, знаёміўся з яго побытам, з яго гісторыяй. Навучыўся збольшага гаварыць па-беларуску. Іначай жа нельга. Кіраваць народам — гэта перш-наперш трэба ведаць народ. Слаўны народ. І ці вам гаварыць, якія страшэнныя пакуты перажывае ён цяпер. І, нягледзячы на пакуты, на цяжкія страты, на жудасныя правакацыі і здзекі, на жахлівы тэрор, ён не скарыўся ворагам, а вядзе бязлітасную барацьбу з імі. Вось мы з вамі і прадумаем, Васіль Іванавіч, як нам лепей спраўляцца з нашай асноўнай і самай галоўнай задачай — біць ворага... Аднак сапраўды загаварыліся мы з вамі. Даруйце, Васіль Іванавіч, я так разышоўся, што не даў вам і слова сказаць. Але нічога, яшчэ сустрэнемся ў штабе ці ў ЦК, тады ўжо ваша будзе чарга: будзеце гаварыць, дакладваць, а я ўважліва слухаць вас.

 

3

Тое, што яго наведаў сакратар ЦК, вельмі ўзрадавала Саколіча.

Пачуццё прыемнай узрушанасці доўгі час не пакідала Саколіча. Яму хацелася адразу ўзяцца за якую-небудзь справу, бо за апошнія часы ён так прызвычаіўся да штодзённай напружанай работы, што без яе адчуваў сябе не досыць зручна. Ён наважыўся наведаць ваенны шпіталь, куды накіроўваліся яго параненыя партызаны.

Праз якую гадзіну ён быў ужо ў будынку вялізнай бальніцы, ператворанай цяпер у ваенны шпіталь. Падпалкоўнік-урач, начальнік шпіталя, пажылы ўжо чалавек, аказаўся добрым знаёмым па Мінску. Гэта быў адзін з вядомых у рэспубліцы ўрачоў, які багата зрабіў і ў навуковай медыцыне. Ён так быў здзіўлены з’яўленнем Саколіча, што ад узрушанасці не мог спачатку прамовіць ні слова і стаяў які міг з распасцёртымі рукамі, пільна прыглядаючыся да наведніка блізарукімі вачыма. Урэшце схамянуўся, падаўся насустрач:

— Васіль Іванавіч, ды ці вы гэта?

— Як бачыце, сваёй уласнай персонай.

Хоць была на ўрачу ваенная форма, якая не досыць прылягала да яго хударлявага цела, і на поясе вісела кабура, было ва ўсёй яго постаці столькі мірнага, колішняга, што, здавалася, вось-вось запытае ён з уласцівай яму мяккай усмешкай:

— На што скардзіцеся, даражэнькі? А ну, дайце свой пульс...

— Зайздрошчу вам, Васіль Іванавіч! Шчаслівы вы чалавек...

— Чым жа я шчаслівы?

— Хіба ж гаварыць вам аб гэтым? Я гляджу вось на вас і думаю: чалавек жа толькі-толькі чуў гоман нашых бароў, дыхаў пахамі нашай зямлі, глядзеў у вочы нашым людзям... Хіба ж гэта не шчасце?

— Не ведаў я, Сяргей Міхеевіч, што вы не толькі ўрач і вучоны, але яшчэ і паэт.

— Мне здаецца, Васіль Іванавіч, што кожны чалавек, калі ўспамінае аб сваёй радзіме, калі сумуе аб ёй, дык, як бы ні зачарсцвела яго сэрца, становіцца на нейкую хвіліну паэтам. Я не пытаюся ў вас: як там людзі жывуць. Суровы адказ на гэтае пытанне дае наш шпіталь: цяжка жывуць. Я не кажу ўжо аб нашых дарослых хворых, параненых. Але я маю на ўвазе дзіцячае аддзяленне нашага шпіталя. У ім дзеці з Беларусі і з другіх краёў, у большасці вывезеныя самалётамі праз лінію фронту. Гэта ж не салдаты, разумееце, а дзеці, горкія дзеці. А ў іх жа кулявыя раненні — вінтовачныя, аўтаматныя, рэвальверныя. Ёсць зрашочаныя, літаральна пасечаныя гранатамі. Ёсць абпаленыя, цудам уцалелыя на пажарышчах. У які ж век мы жывём, Васіль Іванавіч? Я ўдзельнічаю вось у трэцяй вайне: некалі студэнтам-практыкантам працаваў у шпіталі ў часе японскай вайны. Быў палкавым урачом на імперыялістычнай вайне. Але клянуся вам, я ніколі і нідзе не бачыў падобнага. Дзе ж мяжа чалавечаму здзічэнню? Дзе мяжа гэтым нечалавечым жахам? Прызнаюся вам, Васіль Іванавіч, мяне адольвае часам такая думка: узяць бы мне гэтых дзяцей сваіх ды павезці іх, каб можна было, паказаць людзям усяго свету. Глядзіце на іх, людзі, глядзіце на гэтых дзяцей. Глядзіце і абуджайце сумленне сваё і ўсяго чалавецтва, калі яно заглухла... Глядзіце, людзі, каб не сталі ўсе вы і дзеці вашы такой жа ахвярай ненажэрнага фашысцкага вылюдка. Глядзіце і збірайце ўсе сілы, каб назаўсёды развеяць карычневы туман над зямлёй. Не магу, Васіль Іванавіч, гаварыць спакойна пра гэта. Каб не гады мае, узяў бы, здаецца, вінтоўку ды пайшоў бы да вас.

— Вы і тут, Сяргей Міхеевіч, робіце вялікую справу. Адной вінтоўкай вы столькі не зрабілі б.

— Вы мяне не зусім зразумелі. Я дайшоў да такога становішча, калі мне хочацца, разумееце, хочацца забіваць. Іменна самому, вось гэтымі маімі рукамі забіваць ворага. Па сваёй прафесіі мы, Васіль Іванавіч, праціўнікі смерці. Існаваў такі няпісаны кодэкс, што ўрач павінен памагчы кожнаму, незалежна ад таго, хто ён. У дачыненні да іх, да гэтай праклятай саранчы, усякія кодэксы адпадаюць. Фашызм, як мы бачым, перарос у нешта страшнейшае ад любой чумы, ад самай лютай халеры. Гітлераўцы загубілі маіх калег, вядомых урачоў. Не загубілі, а па-садысцку замучылі. Гэта былі мае таварышы, з некаторымі я некалі яшчэ разам вучыўся. З імі я жыў і працаваў разам, з імі састарыўся. Яны лячылі і вылечвалі тысячы і тысячы людзей.

Яны памаўчалі з якую хвіліну. Нібы кожны думаў з іх, што трэба адысціся неяк ад усяго гэтага цяжкага, каб спакайней пагаварыць.

— Вы наведаць каго хочаце, Васіль Іванавіч?

— Вядома, Сяргей Міхеевіч, калі чалавек прыходзіць у вашы ўстановы, то ён мае заўсёды такія намеры. Тут у вас шмат маіх партызан, хацелася б праведаць іх. Ёсць некалькі камандзіраў. І Вадзім Рыгоравіч пад вашай жа апекай.

— Ёсць, ёсць...

— Як са здароўем у яго?

Сяргей Міхеевіч нахмурыўся.

— Са здароўем у яго не досыць добра. Куляй закранута было лёгкае. Раненне само па сабе не такое страшнае, але далося ў знакі перажытае, у дадатак— запаленне лёгкіх. Цяпер ідзе на папраўку. На нагу будзе накульгваць.

— Гэта не так страшна, абы нага асталася.

Неўзабаве яны былі ў палаце ў Слышэні. Сяргей Міхеевіч пакінуў госця і пайшоў па сваіх справах.

— Ну як жывём-можам? — запытаўся Саколіч, пераступіўшы цераз парог пакоя.

Слышэня прызнаў, відаць, госця, апраненага ў шпітальны халат, за звычайнага ўрача, бо адказаў прызвычаена:

— Ды ўсё па-старому...

— А як гэта разумець ваша «па-старому»?

Слышэня раптам уважліва паглядзеў на госця, страпянуўся ўвесь і, ссунуўшы з сябе коўдру, прыўзняўся на ложку, сеў. Відаць, гэта каштавала яму вялікіх намаганняў, а можа, так моцна ўзрушыла яго нечаканасць, бо на лбе аж праступілі кропелькі поту.

— Ці не сон бачу я? Якім добрым ветрам занесла вас сюды, Васіль Іванавіч?

— Не ветрам, даражэнькі, а паветрам... Ну вось і пацалавацца з табой нязручна... Ды ты лажыся, а то бачу я, што мой візіт толькі пашкодзіць табе... Перш-наперш дазволь перадаць табе прывітанні ад усіх нашых сяброў з абкома і штаба. І прывітанні, і ўсякія добрыя пажаданні. І нават віншаванні...

— З чым гэта яны надумаліся віншаваць мяне?

— Нават не здагадваешся. Пра сям’ю сваю чуў што-небудзь?

— І не напамінайце нават, Васіль Іванавіч... Чуў у турме, што жонка была ў Мінску. Але дзе яна цяпер і ці жыве яна — гэтага не ведаю. Баюся, каб не здарылася з ёй чаго дрэннага.

— Дык вось, даражэнькі, баяцца цяпер няма ніякай падставы. Сям’я твая жывая...

— Васіль Іванавіч, дайце я вас расцалую за такія весткі!

— Што ты мяне будзеш цалаваць? Зберажы лепш свае пацалункі для жонкі, для дзяцей.

— Пастойце, пастойце...— няўцямна пазіраў Слышэня.— Ці не памылка тут якая?

— Няма ніякай памылкі.

— Ды вы ж пра дзяцей гаворыце, а самі добра ведаеце, што ніякіх дзяцей у мяне не было.

— Вось табе раз! У цябе не было, дык у людзей былі. Ну, не хвалюйся: двое дзяцей у яе прыёмных, з бальніцы. Яна там і асталася праз гэтых дзяцей... Што табе яшчэ сказаць? Хлопцы нашы зробяць усё, каб вывесці тваю сям’ю да нас. Ну, чаго ж ты маўчыш?

— А ведае яна пра мяне што-небудзь?

— Ведае, што ты жыў і здароў... Я хачу вось спытацца пра адну справу. Бохан прасіў мяне, каб я пры выпадку пацікавіўся яго сям’ёй. Ён гаварыў, што і цябе прасіў аб гэтым. Але, вядома, дзе табе было займацца такой справай.

— Займаўся...

— Ну, ну? — трывожна запытаўся Саколіч.

— Не цяпер займаўся, а тады, калі хадзіў у Мінск. Адна сястра яго вучылася ў кансерваторыі, другая, зусім яшчэ падлетак, у сярэдняй школе. Ну што тут доўга расказваць, Васіль Іванавіч? Няма іх ужо на свеце, ні большай, ні меншай. Большую пры мне застрэлілі ў турме. Баюся, што, магчыма, быў я пабочнай прычынай яе смерці, яна ж памагла мне там...

— А меншая хіба таксама была ў турме?

— Яны былі ўзяты абедзве. Людзі, якім удалося уцячы з турмы, гаварылі, што меншую пасля смерці сястры ўзялі хатняй работніцай да начальніка турмы. Вядома, аднак, што службовы флігель, у якім жыў начальнік турмы, неўзабаве згарэў з усімі сваімі жыхарамі... Прычына пажару невядомая.

— І ты ні словам не намякнуў пра гэта Бохану?

— Хіба ж можна, Васіль Іванавіч... На свае ўласныя вочы я не бачыў усіх гэтых трагічных падзей. Ды магло і так стацца, што паліцай мог і схлусіць, каб яшчэ больш атруціць апошнія хвіліны жыцця чалавеку. Так што бачыце, не меў я ні маральнага, ні фармальнага права гаварыць пра гэта ўсё Бохану.

Калі выйшаў Васіль Іванавіч, Слышэня з асаблівай сілай адчуў, як хочацца яму хутчэй пазбавіцца свайго вымушанага палону. На душы было спакойна, радасна. І таму, што даведаўся пра таварышаў, пра справы, і таму, што вестка пра сям’ю зняла з сэрца трывогу аб ёй...

 

4

Некалькі дзён Саколіч правёў у вялікіх клопатах. Быў на прыёме ў членаў Саюзнага ўрада, у Цэнтральным партызанскім штабе. Асабліва хваляваў яго прыём у Крамлі: яму ніколі не даводзілася рабіць справаздачы перад Саюзным урадам, перад Вярхоўным камандаваннем.

Але ўсе страхі, хваляванні, сумненні рассеяліся ў самым пачатку прыёму. Саколіча ўважліва слухалі, задавалі пытанні, цікавіліся кожнай драбніцай партызанскага жыцця. Тут жа аддаваліся распараджэнні аб практычнай дапамозе партызанам. Справаздача адразу ператварылася ў жывую гутарку.

З радасна прыўзнятым настроем пакінуў Саколіч прыём у Крамлі. Яго асабліва ўсцешыла даручэнне, якое далі яму члены Палітбюро: перадаць беларускаму народу прывітанне і падзяку за яго гераічную барацьбу з фашыстамі і ад імя Цэнтральнага Камітэта партыі і ўрада сказаць, што хутка Чырвоная Армія прыйдзе ў Беларусь.

На другі ж дзень ён пайшоў у Цэнтральны Беларускі партызанскі штаб прасіць, каб яму неадкладна далі самалёт ляцець назад да партызан. Але Панамарэнка пажартаваў з яго спешкі.

— Не ведаў я, што вы можаце быць такім нецярплівым чалавекам. Трэба ж нам з вамі вырашыць яшчэ багата розных практычных спраў. Таварышы лічаць, што вам не пашкодзіць пабываць у некалькіх прамысловых гарадах, расказаць рабочым, як жывуць і змагаюцца нашы партызаны. Вы ж самі разумееце, якое можа мець важнае значэнне такі праўдзівы расказ непасрэднага ўдзельніка партызанскай барацьбы. Ну, і, калі гаварыць адкрыта, не вельмі нам падабаецца ваш выгляд. Што-што, а адпачыць вам хоць бы з месяц, а трэба. Не спрачайцеся, гэта гавару вам у парадку загаду. Скажу па сакрэту,— усміхнуўся тут Панцеляймон Кандратавіч,— што гэта не мой асабісты загад, а загад вышэйшых інстанцый...

 

5

Іван Іванавіч меў усе падставы радавацца. Праўда, месца для праяўлення такой радасці не зусім падыходзіла. Ён быў у касцёле. Ішла жалобная імша. Гукам аргана нібы цесна было ў іх урачыстым і велічным узлёце, і яны вырываліся, выляталі на плошчу, будзячы ў сэрцах рэдкіх прахожых розныя пачуцці. У адных сумныя, трывожныя, у другіх — радасныя.

Калі спачатку Гітлер утойваў няўдачы свайго наступлення пад Сталінградам і ўсе яго газеты захліпаліся ад штодзённай пахвальбы перамогамі фашысцкіх войск, дык разгром пад Сталінградам нібы працверазіў на які час мазгі фюрэра і прымусіў яго прызадумацца. Ён абвясціў жалобу па ўсёй краіне ў сувязі з сталінградскімі падзеямі. Жалобу адзначалі і на акупіраваных тэрыторыях.

І калі большасць з тых, што былі ў касцёле, шчыра перажывалі горыч няўдачы на фронце, якая была роўнай катастрофе, дык Іван Іванавіч не адчуваў асаблівай схільнасці да сумных пачуццяў. Для каго сённяшні дзень жалоба, а для яго хутчэй за ўсё радасць.

Сапраўды, чаму ж яму і не радавацца? Пасля столькіх няўдач па службе сустрэў яго і добры поспех. Выклікалі яго сягоння і ў гестапа, і ў адзін з аддзелаў генеральнага камісарыята. Там яго пахвалілі і абяцалі павысіць па службе, даць нейкае новае, яшчэ больш адказнае заданне.

Зрабіўшы посны твар і пачціва гледзячы на высокія асобы, якія ў суровай задуменнасці слухалі жалобную імшу, Іван Іванавіч думаў пра свае справы. Колькі месяцаў прайшло, як паслалі яго ў друкарню, каб натрапіць на след злачынцаў. І так, і гэтак браўся ён за справу, а падпольная газета як выходзіла, так і выходзіла. Ён аблазіў усе паверхі друкарні, яго пераводзілі загадчыкам з цэха ў цэх, але тыя, каго шукаў ён, нібы пахаваліся пад шапкамі-невідзімкамі, ні следу ад іх, ні паху.

І вось урэшце Івану Іванавічу пашанцавала. Сляпая выпадковасць памагла яму натрапіць на след газеты. Ён ішоў па двары друкарні з папяровага склада. У гэты час з друкарні рабочы вывозіў на цялежцы гатовую прадукцыю. Ці то цялежка занадта нахілілася, ці наогул яна была перагружана, але некалькі пакункаў, перавязаных шпагатам, скінулася з цялежкі, а адзін з пакункаў і зусім рассыпаўся. Іван Іванавіч зірнуў абыякава на ўсю гэтую падзею, збіраўся ўжо вылаяць рабочага за нядбайнасць і ісці далей па сваіх справах, але тут кінулася яму ў вочы адна акалічнасць, якая прымусіла адразу насцярожыцца. Рабочы чамусьці быў напалоханы і, з страхам азірнуўшыся на бакі, пачаў ліхаманкава падбіраць парассыпаныя лісты. Твар рабочага стаў бледным-бледным.

— Што ты робіш, нядбайнік! — падыходзячы да яго, крыкнуў Іван Іванавіч.— Хіба можна так абыходзіцца з гатовай прадукцыяй?

Ён злёгку адштурхнуў рабочага, калі той наступіў ботам на цэлы жмут газетных лістоў.

Хацеў ужо спытаць у яго прозвішча, але тут кінуўся ў вочы загаловак друкаванай палоскі. У яго адразу запяршыла ў горле. Ён хацеў крыкнуць, але перадумаў і, стараючыся надаць голасу як мага больш лагоднасці, спакойна сказаў:

— Хіба ж можна рабіць так? Збірай хоць акуратна...

Сказаў і пайшоў паволі. Не ў друкарню, а да выхадных варот. Ішоў і думаў, як жа гэта зручней зрабіць, каб захапіць усіх? Бегчы ў кантору друкарні да тэлефона? Могуць за гэты час уцячы. Ён добра ведаў, з якога цэха гэты рабочы, ведаў, якія машыны там. Некалькі амерыканак ды адна старая плоская машына. Выходзіць, што гэта справа інваліда, ён працаваў на той плоскай машыне. На невялікіх амерыканках такой палосы не надрукуеш. Хто б мог падумаць, што гэты маўклівы інвалід займаўся такой справай? Цяпер толькі б затрымаць іх усіх, не выпусціць з друкарні. Аднаму яму, Івану Іванавічу, не справіцца з імі.

Ён гатоў быў кінуцца бегма да варот, але стараўся ўсё ж ісці спакойна, каб не выдаць сябе. Вось ён зайшоў у прахадную будку, паклікаў паліцая, які сядзеў там з вартаўніком.

— Нікога не выпускаць з двара!

Сказаў і падаўся вуліцай да ўваходных дзвярэй, дзе такую ж каманду аддаў другому паліцаю. І толькі пасля гэтага ледзь не бегма кінуўся ў кантору да тэлефона, які знаходзіўся ў кабінеце самога шэфа друкарні.

Праз якіх хвілін пяць у друкарні з’явілася чалавек дзесяць гестапаўцаў. Яны кінуліся ў цэх, дзе працаваў Кірыла Адамчанка. Ужо не хаваючыся ад рабочых, з імі спяшаўся і Іван Іванавіч. Але не прадбачыў Іван Іванавіч тых некалькіх гадзін горкага расчаравання, якія давялося яму яшчэ перажыць, пакуль не пераканаўся ён канчаткова ў сваёй удачы. Не ведаў ён, што за ўсімі яго паводзінамі пільна сачылі рабочыя. Не паспеў ён ад цялежкі дайсці да варот, як рабочы кінуўся стрымгалоў назад у цэх. А там праз акно бачылі ўсе яго прыгоды з Іванам Іванавічам і прымалі ўжо ўсякія захады, каб неяк выбавіцца з небяспекі. І калі рабочы крыкнуў: «Таварышы! Руды бачыў газету!» — дык на яго замахалі рукамі. І ўсе глядзелі на Кірылу Міхайлавіча, чакалі яго загаду.

— Уцякайце зараз жа, не марудзьце ніводнай хвіліны!

— А вы, Кірыла Міхайлавіч?

— Я з вамі не спраўлюся... І немагчыма мне.

— Мы паможам вам спусціцца!

— Выконвайце загад! — ужо гнеўна праказаў ён і заспяшаўся ля рэала машыны, адключаючы і здымаючы набор газетнай палоскі, які быў умацаваны на рэале побач з рознымі афіцыйнымі аб’явамі і загадамі.

Тры наборшчыкі, якія працавалі разам з Кірылам Адамчанкам, ды рабочы са склада адразу ж пасля загаду падаліся з цэха. Уцякаць праз вароты ці праз дзверы галоўнага ўваходу не было магчымасці. Усе вокны першага паверха былі забраны кратамі. Але ведалі яны адзін ход, які выкарыстоўвалі ўжо не раз у розных непрадбачаных выпадках. Праз яго даводзілася часам начамі перапраўляць і гатовую газету, калі ў агульнай экспедыцыі складвалася не зусім пажаданая сітуацыя. Акно прыбіральні другога паверха выходзіла на ціхі, глухі завулак. Ля самага акна да сцяны прымацавана была пажарная лесвіца, якая, праўда, не даходзіла да самай зямлі, але не так ужо цяжка было саскочыць з яе дадолу. Хапіла якой мінуты, каб чатыры чалавекі, азірнуўшыся на бакі з акна, хутка апынуліся на зямлі і тут жа зніклі пад шэрымі платамі гарадской ускраіны. Ведалі, што калі ў рукі гітлераўцаў трапіць газета, дык яны ў першую чаргу абвінавацяць тых, хто падаўся наўцёкі. У самым жа цэху ніякіх слядоў друкавання газеты не асталося, набор быў адразу зняты і рассыпаны.

Калі гестапаўцы ўварваліся ў цэх, Кірыла Адамчанка спакойна завіхаўся ля свае машыны.

Скамандаваўшы «Рукі ўгору!», да яго кінулася трое дужых гестапаўцаў. Не паспеў ён і рук падняць, як гестапаўцы заламалі яму іх назад і пачалі шныпарыць па кішэнях. Але асаблівых здабыткаў для сябе яны не знайшлі там.

Іван Іванавіч, які бегаў вакол машыны, прыглядаўся да кожнага водціску, да кожнага радка набору. Урэшце падскочыў да машыніста:

— Дзе астатнія рабочыя?

Кірыла Адамчанка спакойна адказаў:

— Відаць, пайшлі абедаць.

— А ты? Чаму тут у абедзенны перапынак?

— Я з вамі дзяцей не хрысціў, каб тыцкаць мяне. Паколькі хадзіць мне цяжка, абед я заўсёды бяру з сабой. Вунь мой абед! — ён паказаў вачмі на звычайны вузельчык з насавой хусцінкі, які ляжаў на падаконніку.

Іван Іванавіч кінуўся да вузельчыка, пачаў развязваць яго. Па падаконніку пакацілася некалькі вараных бульбін, выпаў з хусцінкі кавалак хлеба, з папяровай загорткі прасыпалася шчапоцька солі.

— Калі маеце ахвоту, частуйцеся, Іван Іванавіч. Вам жа за вашымі клопатамі і часу не хапае, каб паабедаць па-людску.

І сказана гэта было так, што і не зразумееш, ці то сур’ёзна чалавек прапануе другому паласавацца яго прысмакамі, ці ён іранізуе з яго.

Словы гэтыя ўзарвалі Івана Іванавіча. Ён трымаўся заўсёды з рабочымі ветліва, падладжваўся пад іх, напрошваўся на дружбу, намагаўся ўцерціся ў іх асяроддзе, па-панібрацку абыходзіўся з маладымі рабочымі. Цяпер ён вызверыўся, наляцеў крумкачом, закрычаў, аж вусы, здавалася, пабялелі на расчырванелым твары:

— Ты мне бандыцкія жарты кінь, мы навучым цябе, як трэба размаўляць.

Кірыла Адамчанка бачыў у акно, як некалькі гестапаўцаў завіхаліся ля цялежкі. Вось адзін з іх кінуўся бегма назад, у цэх. У руках у яго было некалькі экземпляраў газеты. Іван Іванавіч выхапіў з рук у яго адну і, мелькам зірнуўшы на яе, замахаў ёй перад машыністам.

— Папаўся ўрэшце, бандыт! Твая работа?

— Мая работа на машыне...— адказаў той, намагаючыся з апошняе сілы, каб трымаць сябе спакойна.

Пачалі рабіць павальны вобыск ва ўсёй друкарні, экспедыцыі, на складах. Але нічога недазволенага больш не знайшлі. Арыштавалі яшчэ некалькі чалавек, паводзіны якіх здаваліся Івану Іванавічу падазронымі.

Урэшце гестапаўцы пакінулі друкарню і паехалі, захапіўшы з сабой арыштаваных.

Дні са два Івану Іванавічу давялося перажыць горыч розных сумненняў. Дапякала начальства, што раней часу выявіў ён сябе, груба правёў усю справу, пагарачыўся. Ён дакараў сябе, чаму не схапіў адразу таго рабочага, які вывозіў цялежку. Хто-хто, а той бы сказаў, дзе ён браў газету, хто яе друкаваў. Ну, а ад тых маглі б дабіцца і хто рыхтаваў такую газету, хто кіраваў. Закрадалася некаторае сумненне. Можа, і сапраўды інвалід не мае ніякага дачынення да гэтай справы? Можа, газету друкавалі тыя, што ўцяклі? Вельмі ж падазроны быў чалавек у старых металічных акулярах.

Дні праз два яго паклікалі ў гестапа.

На гэты раз начальства сустрэла яго вельмі прыхільна. Гестапавец, які вёў справу арыштаваных друкароў, моцна паціснуў яму руку, павіншаваў з удачай.

— На гэты раз,— сказаў ён,— вы патрапілі ў самую кропку, вы памаглі нам выявіць чалавека, які друкаваў гэтую дзёрзкую газетку.

Ён выняў з папкі на стале пакамечаны ліст паперы, дробна спісаны хімічным алоўкам.

— Чытайце, чытайце. Пазнаеце?

— Сапраўды, штосьці знаёмае. Ды гэта ж перадавіца з тае газеты.

— Але. Нават можаце параўнаць з газетай. Бачыце?

Сапраўды рукапісны тэкст поўнасцю паўтараўся ў газеце. Кідаўся ў вочы загаловак, набраны буйнымі літарамі:

«Дарагія таварышы, віншуем вас з вялікай перамогай пад Сталінградам!»

Гэта ўжо, аднак, цікава... Іван Іванавіч ведаў пра некаторыя сумныя чуткі, якія неафіцыйна прыходзілі з франтоў, але толкам даведацца аб сапраўдных падзеях там было даволі цяжкавата. І вось на табе: сотні тысяч палонных, дзесяткі тысяч забітых, тэхніка, зброя... бог ты мой, бог!.. Гэта ж пахне страшэннай катастрофай, калі ўсё гэта праўда.

Нягледзячы на самыя страшныя катаванні, гестапаўцы нічога не дабіліся ад інваліда. Ён адмаўляў які б там ні было ўдзел у друкаванні газеты і катэгарычна заявіў, што ён не ведае ніводнага чалавека, які б меў дачыненне да такой справы. І вось у канцы другога дня, калі яго выцягвалі амаль што непрытомнага з-пад нар, куды закінулі пасля чарговага допыту, пратэз зачапіўся за ножку нар. Ці пратэз быў кепска прымацаваны, ці рамяні, якімі ён быў прывязаны, аслаблі, але калі чалавека рванулі за рукі, пратэз адваліўся. З самаробнай дзеравяшкі і выпаў спісаны лісток паперы. Калі Кірыла Адамчанка апрытомнеў і ўбачыў сябе без пратэза, ён зразумеў, што асабісты лёс яго безнадзейны. Вядома, гэты лісток можна было ў свой час знішчыць. Але ён пакінуў яго, бо адозву трэба было надрукаваць яшчэ асобнай лістоўкай...

Яму паказалі гэты лісток і сказалі:

— Вось бачыш, дарэмна толькі аднекваўся. Сказаў бы адразу, і тваё гасцяванне ў нас было б куды больш прыемнае. А так сам вінаваты, што мы абышліся з табой не досыць ветліва. Але ўсё гэта лёгка паправіць. Вось і паправім з некаторым спазненнем. Што ж, пачнём нашу гутарку зноў. Расказвай пра ўсё па парадку.

— Расказваць ёсць многа чаго, але што ж вас больш цікавіць?

— Прыемна пачуць ад цябе такія словы. Вось гэтая паперка ды і адозва ў газеце падпісана гаркомам партыі. Спадзяёмся, што табе вядома, дзе ён знаходзіцца, хто ўваходзіць у яго, хто кіруе газетай. Для пачатку можаш спыніцца на гэтых пытаннях.

— Для пачатку можна і адказаць. Як мне вядома, гарком партыі знаходзіцца ў горадзе, уваходзяць у яго людзі, і трэба сказаць, сур’ёзныя людзі. Яны ж кіруюць і газетай.

— Ты думаеш яшчэ жартаваць? Гэтага мы не раілі б табе, бо такія жарты, ведаеш, да чаго даводзяць?

— Ведаю, бо не наіўны я чалавек. Спадзяюся, што і вы не наіўныя, каб вельмі спадзявацца, што я вам усё раскажу.

— А калі мы прымусім цябе гаварыць так, як гэта нам патрэбна?..— прагаварыў гестапавец, намагаючыся вытрымаць спакойны тон размовы.

— Вы спрабавалі ўжо, і нічога не выйшла.

На яго накідваліся, закрывалі рот, душылі. І калі чалавек страчваў прытомнасць, аблівалі вадой. І зноў, і зноў накідваліся разлютаванай зграяй звяроў, калі бачылі, як варочаліся да чалавека пробліскі прытомнасці.

— Скажаш цяпер?

Яго ледзь жывога вывелі разам з другімі арыштаванымі на двор гестапа. І калі падвялі пад шыбеніцу, яшчэ раз паспрабавалі ўгаварыць:

— Бачыш, ад цябе самога залежыць цяпер прамяняць тры хвіліны жыцця, якія асталіся табе, на доўгія і доўгія гады, калі адкажаш урэшце на нашы пытанні. Падумай, праз якія-небудзь там сакрэты з паганай тваёй газеткай ты рызыкуеш жыццём.

— Я падумаў... Газета выходзіла і будзе выходзіць, ці буду я мёртвы, ці буду жывы.

З-пад яго ног выбілі зэдлік.

...Усё гэта ўспамінаў Іван Іванавіч, слухаючы ў касцёле жалобную імшу. Слухаў урачыстыя гукі аргана, думаў пра сумныя і страшныя падзеі пад Сталінградам, думаў пра свой лёс. Куды ж паверне гэты лёс, калі здрадзіць шчасце яго гаспадарам? А яно пачынае здраджваць.

Што ж будзе з ім, з Іванам Іванавічам, калі прыйдзе тое страшнае няшчасце, злавесны прывід якога ўзнік пад Сталінградам? Кожная вайна мае свой канец. Магчыма, вызваляцца польскія землі з-пад нямецкай улады. Ці будзе ж яму месца там, на тых землях, якія ўспаілі і ўскармілі яго? Ці прымуць яго, як свайго, суайчыннікі? Не ўсіх жа ён аддаў смерці, каторыя называлі яго праклятым юдам...

Успомніўшы, што яго чакаюць сягоння яшчэ некаторыя справы, Іван Іванавіч ціхенька падаўся з касцёла. Ён спыніўся на хвілінку на цвінтары, каб перажагнацца на касцельныя дзверы, як і належала кожнаму добраму католіку. І толькі падняў быў руку, як яна бязвольна павісла ў паветры, а сам нібы прыкіпеў да каменнай падлогі. Ля самых дзвярэй на сцяне касцёла бялеў ліст паперы. Можа, Іван Іванавіч і прайшоў бы міма гэтага лістка, каб не стаялі на ім даволі буйныя і такія знаёмыя да дробязі літары. Літары загалоўка газеты «Звязда». І тыя ж знаёмыя словы так і кідаліся ў вочы. «Дарагія таварышы, віншуем вас з вялікай перамогай пад Сталінградам!»

Мімаволі ён прыгледзеўся ўважлівей. Так, гэта ж тая самая адозва і подпіс пад ёй той самы: «Гарком партыі». Але гэта была новая газета, тут другія былі тэксты і толькі перадавіца асталася ад той газеты. Значыць, як выходзіла, так і выходзіць гэтая газета, рэдакцыю якой колькі месяцаў прагна шукаў Іван Іванавіч.

Яму здалося, што на шэрай сцяне касцёла акрэслілася постаць чалавека. Была яна нерухомая, нібы нежывая. І толькі вочы гарэлі жывым бляскам, такім нясцерпным, што, здаецца, прапальвалі цябе да самага сэрца. Гэта ж вочы таго чалавека, які сказаў ім тады сваё апошняе слова. Нібы і цяпер вось чуюцца тыя словы: «Газета выходзіла і будзе выходзіць, ці буду я мёртвы, ці буду жывы».

Першае здранцвенне прайшло. Іван Іванавіч змог перажагнацца. Яго засмяглыя губы прыглушана прашапталі:

— О божа праведны! Дзе ж моц твая, каб знішчыць усіх ворагаў маіх...

Не хапіла сілы, каб сарваць са сцяны гэты ліст паперы. Палахліва азірнуўся ва ўсе бакі і, ссутуліўшыся, наставіўшы каўнер паліто, заспяшаўся з цвінтара на плошчу. Падаў густы, мокры снег. Стаяла адліга. Пад нагамі хлюпала вада. Усё навакол было мокра, непрытульна. І ўпершыню за каторы год падумаў пра сябе, як пра пабітага сабаку.

 

6

Стаялі апошнія дні красавіка.

Сваё права брала вясна. Пупышкі на таполях так набраклі, што вецце дрэў пагусцела, страціла сваю зімовую празрыстасць. Днём на санцапёку ўжо дзвынкалі мухі, зрэдку заляталі аднекуль з палёў белыя матылі, завіхаліся над дрэвамі працавітыя гракі, а вечарамі над гарадскім паркам з пранозлівым карканнем насіліся неўгамонныя зграі варання.

Аніта без памяці была ад сціплых букецікаў пралесак і фіялак, па якія яна звычайна пасылала на рынак Галю.

— Ты толькі паглядзі, якое хараство! Вілі, гэта ж вясна, разумееш — вясна!

Але фіялкі не маглі сагнаць панурасці з твару Кубэ. Ён нюхаў іх, каб неяк адчапіцца ад жонкі, гаварыў, намагаючыся надаць свайму голасу ноткі захаплення:

— Так, так, вясна, мая дарагая!

Вясна... Каму вясна, а яму толькі яшчэ большыя турботы, нястомныя клопаты.

— Як ён там? — запытаўся ён у жонкі.

— Відаць, яшчэ спіць...

Гэта пра важнага госця з Берліна. Меўся прыехаць сам рэйхсміністр Гімлер, але чамусьці прыслаў аднаго з галоўных сваіх намеснікаў. Гэта быў чалавек сярэдніх год, крыху распаўнелы для свайго веку. Паважныя рухі, манера не спяшацца з адказам субяседніку выдавалі чалавека, які не толькі ведаў сабе цану, але намагаўся надаць яшчэ большую. Калі гаварыў ён, галава яго з рэдкай расліннасцю аставалася нерухомай і крыху схіленай набок. І толькі рукі не ведалі спакою, перабіралі розныя рэчы, якія трапляліся на стале. Возьме аловак, пакруціць, пакруціць у руках, паднясе да носа, нібы прынюхваецца. Нават відэлец за вячэрай і той панюхаў.

Кубэ прыглядаўся да яго, і яму мімаволі захацелася параўнаць гэтага чалавека з паляўнічым сабакам.

Яшчэ звечара гэты чыноўнік доўга гутарыў з Кубэ. Не сказаць, каб гэтая гутарка дала асаблівую прыемнасць Кубэ. Яна не толькі пацвердзіла некаторыя яго не вельмі вясёлыя думкі, але адкрыла такія перспектывы, аб якіх лепш было б не гаварыць.

— Я папярэджваю вас, паважаны гаўляйтэр, што тое, аб чым мы гаворым, стаіць, так сказаць, у плане магчымага. Іменна таго, што можа пры выпадку здарыцца. Мы павінны быць гатовымі да ўсякіх нечаканасцей. Вядома, наш любімы фюрэр, наша камандаванне прымаюць усе захады, каб зноў узяць ініцыятыву ў свае рукі і не толькі ўзяць рэванш за Сталінград, але наогул канчаткова разграміць рускіх. Але, самі разумееце, вайна ёсць вайна. У такі напружаны час тылы нашы павінны быць чыстыя і, зразумела, спакойныя. Ваша задача, паважаны гаўляйтэр, дабіцца такога становішча, каб зямля гэтая, якой кіруеце вы, у выпадку — ну, не хочацца гаварыць пра гэта, але ж даводзіцца,— калі фронт наш апыніцца тут, дык каб зямля гэтая была для салдата нямецкай зямлёй. Разумееце, каб ён не баяўся сваіх тылоў, каб у яго быў толькі адзіны клопат пра лінію фронту. Разумееце?

Вядома, тут і дурань зразумее такую сітуацыю.

Цэлы дзень пасля сняданку быў запоўнены раз’ездамі. Пабывалі ў турме, наведалі лагер ваеннапалонных і другія лагеры. Пад вечар паехалі ў Трасцянец. Тут госць зацікавіўся месцам масавых экзекуцый. Паехалі ў рэдкі хвойны лясок кіламетраў за два ад лагера. Тут толькі што расстралялі больш сотні чалавек, і эсэсаўцы ўтрамбоўвалі трупы ў шырокім і доўгім рове.

— Адставіць! — коратка загадаў госць.

Эсэсаўцы пераглянуліся, але загад ёсць загад, тым больш што ён аддаваўся такім высокім начальствам.

— Выцягвайце трупы назад! — аддаваў новае распараджэнне чыноўнік. Ён тут жа загадаў каменданту зараз жа прывезці з лагера некалькі грузавікоў дроў.

Праз якую гадзіну палаў жахлівы касцёр. Гарэў вялізны штабель з трупаў і дроў. Чыноўнік усё завіхаўся навакол, даваў інструкцыі каменданту.

— Дровы павінна прывозіць насельніцтва бліжэйшых валасцей. Няхай звозяць у адзін пункт, з якога ўжо вашы грузавікі даставяць паліва сюды. Старонняе вока не павінна ведаць, што робіцца тут. А каб лепш гарэла, можаце ўжываць бензін, нафту, смолы. Я аддам загад, каб вам перадалі выбракаваныя запальныя бомбы, іх таксама можна ўжываць для гэтай справы, яны даюць высокую тэмпературу. І пасля каб ніводная косць не аставалася тут. Усе рэшткі змяльчыць трамбоўкамі і разам з попелам рассыпаць па полі.

Ён так захапіўся сваім інструктажам, што забыўся на гаўляйтэра. Той стаяў у баку ад жахлівага кастра і здзіўляўся не таму, што бачыў — чаго толькі не перабачылі яго вочы за гэты час,— а таму новаму часу, які прымушае іх рабіць некаторыя справы ўжо ўпотай. Яны ж рабілі тут, што хацелі, нікога не баючыся, не апасаючыся таго, што нехта можа калі-небудзь папракнуць іх у гэтай, калі можна так мякка сказаць, залішняй крыві. Калі з такімі справамі даводзіцца хавацца, значыць, нешта не выходзіць з усяго таго, на што размахнуўся вялікі фюрэр...

А чыноўнік пытаўся ў яго:

— Скажыце, колькі людзей прайшлі тут экзекуцыю?

— Прыблізна каля чатырохсот тысяч. Мы прывозілі сюды і з Германіі, і з Польшчы, і з іншых мясцін.

— Гэта добра, ва ўсякім разе не кепска.

Ён хадзіў з камендантам уздоўж равоў, засыпаных зямлёй, якая сям-там парасла густой травой.

— З заўтрашняга дня пачнеце раскопваць па чарзе ўсе гэтыя магілы. Паліць! Калі астанецца хоць адзін труп — адказваеце ўласнай галавой.

— Я слухаю вас, пан начальнік. Але ж тут старыя трупы, яны ляжаць ужо даўно...

— А-а, разумею вас. Не абавязкова ж нашым салдатам займацца такой справай. Бярыце палонных. Іх і прымушайце рабіць гэтую справу.

— Яны могуць расказаць староннім людзям пра тое, што бачылі.

— Мёртвыя не размаўляюць, як вам вядома.

— Разумею вас.

— А калі разумееце, дык акуратна выконвайце мой загад. А шкадаваць вашых рабочых — не наш інтэрас. Дык вось: кожную партыю палонных, якая папрацуе ў вас тут днём, вечарам вы знішчаеце, ну, вядома, каб і пасля іх не аставалася ніякага следу. Павінен вам яшчэ сказаць, што вы дапускаеце буйнейшую памылку. Навошта вам рабіць экзекуцыю тут, калі яе можна рабіць у самім лагеры.

— Там не было дзе хаваць.

— Зноў хаваць, хаваць... Спальваць абавязаны, а не хаваць. Неадкладна пастаўце спецыяльную печ для спальвання, заўтра атрымаеце спецыяльныя інструкцыі і чарцяжы. Там у лагеры бачыў я і зручнае месца для такой пабудовы. Там і будзеце праводзіць экзекуцыі і тут жа спальваць. Адразу пазбавіцеся ад лішніх турбот, не трэба далёка вадзіць, не трэба лішніх клопатаў з канвоем.

Ужо цямнела. Агонь кастра зрабіўся больш зыркі.

Кубэ шчыра верыў у вялікую місію фюрэра і новай Германіі. Гэтай справе аддаў ён усе свае сілы. І цяпер, пазіраючы на гэты незвычайны касцёр, ён прыгадваў з гістарычнага мінулага пэўныя аналогіі. Так, у гэтым кастры была своеасаблівая рамантыка сярэдніх вякоў, прыгадваліся агні святой інквізіцыі, прыгадваліся падзеі яшчэ больш даўнія.

Агонь заўсёды быў сімвалам ачышчэння.

Але пры чым тут трупы з магіл?

Такія думкі ўносілі трывогу.

Гэта ўжо было падобна на звычайнае замятанне слядоў. А калі замятаюць сляды, тады, зразумела, пачынаюць нечага баяцца. А калі пачынаюць баяцца, дык гэта ўжо яўная адзнака няўпэўненасці ў сваёй справе...

Яны прыехалі позна ўвечары. Брыгадэнфюрэр быў увесь час у прыўзнятым настроі. Ён пахваліў Кубэ.

— Я павінен вам сказаць, пан гаўляйтэр, што фюрэр вельмі задаволены вамі. Сапраўды, нам цырымоніцца няма чаго асабліва з гэтымі туземцамі. Чым меней іх стане, тым меней будзе ў нас яўных і патэнцыяльных ворагаў. Але скажу вам па шчырасці: тэхніка ўсяе гэтае справы астаецца ў вас на вельмі і вельмі нізкай ступені. Гэта, разумееце, крыху ўскладняе нашы задачы. Павінен вам сказаць, што ў Польшчы, ды і ў нас, мы паставілі гэтую справу на належную вышыню. У нас працуюць ужо, можна сказаць, цэлыя фабрыкі, калі можна так назваць нашы спецыяльныя крэматорыі. Там ідзе ўсё амаль што па канвееру. А ў вас яшчэ прымітыў, калі хочаце — саматужніцтва. Але мы паможам вам паставіць усю гэтую справу на належную вышыню. Дарэчы, я загадаю надаслаць вам добрую партыю спецыяльных газавых машын.

Намеснік рэйхсміністра прабыў у горадзе яшчэ пару дзён. Ён і яго шматлікія памочнікі наладжвалі нарады з работнікамі гестапа, з афіцэрамі эсэсаўскіх войск, з турэмнай і лагернай адміністрацыяй. Іх кіпучая дзейнасць крыху выбівала Кубэ з прызвычаенай каляіны, адцягвала ад некаторых чарговых спраў, давала багата лішніх турбот. Таму, калі брыгадэнфюрэр урэшце абвясціў, што ад’язджае, Кубэ быў шчыра рады. Ён з вялікай прыемнасцю праводзіў госця на вакзал да яго спецыяльнага цягніка, у якім былі і класныя вагоны, і адзін салон-вагон, і два браніраваныя.

Ужо Кубэ развітаўся ў салон-вагоне з брыгадэнфюрэрам і выйшаў на перон, як з вакзала прыбег камендант і праз канваіра перадаў намесніку рэйхсміністра, што яго выклікаюць з Берліна да тэлефона.

Брыгадэнфюрэр паморшчыўся. Яшчэ, чаго добрага, дадуць якія-небудзь дадатковыя заданні, а яму ўжо не цярпелася вярнуцца хутчэй назад, да сям’і, якую ён так любіў і паважаў.

Кубэ праводзіў яго да пакоя каменданта. Тэлефонны званок быў не службовы. Званіла жонка, якая вельмі непакоілася, бо мужу давялося паехаць у такія мясціны, пра якія ходзяць самыя паганыя чуткі. Там жа партызаны, трэба ж берагчыся, быць асцярожным.

Брыгадэнфюрэр быў, вядома, рад гэтаму званку, жартаваў з жончыных страхаў, пахваліўся:

— Ды яны тут, пачуўшы мой дух, за сотню кіламетраў паўцякалі. Жартую, жартую, якія тут партызаны... Ну, бывай, бывай, іду на цягнік, каб ехаць да цябе. Ты ж яго затрымала вось на колькі хвілін...

Кубэ і брыгадэнфюрэр ішлі да выхаду на перон, як іх ледзь не асляпіла яркая ўспышка за вокнамі вакзала. Ад узрыву страсянулася падлога, з бразгатам пасыпалася шкло з акон.

Кубэ і брыгадэнфюрэр пабялелі. У намесніка рэйхсміністра дробна калаціліся рукі і нібы ў ціку ўздрыгвала ніжняя губа.

А ўжо камендант, які паспеў хуценька выскачыць на перон, вярнуўся назад з перапужаным тварам.

— Салон-вагон узарваўся, пан гаўляйтэр!

— Што ты вярзеш, мярзотнік! — вызверыўся Кубэ і памкнуўся быў на перон, каб пабачыць на ўласныя вочы, што там здарылася.

— Не ідзіце, прашу вас, не ідзіце, могуць паўтарыцца ўзрывы...— і камендант рашуча перагарадзіў яму дарогу. Не трэба было, аднак, і выходзіць на перон, бо і праз акно відаць было ўсё, што адбылося на пуцях. Салон-вагон цяжка было пазнаць. Дах грамаздзіўся пакарэжанымі бляшанымі лістамі, частка яго была знесена ўзрывам. Палавіна вагона была патрушчана ўшчэнт і свіцілася наскрозь. Пагнутыя і вышчарбленыя жалезныя стойкі мацаванняў чарнелі на фоне светла-блакітнага вясновага неба. Дым узрыву яшчэ не рассеяўся і паволі расплываўся празрыстымі пасмамі.

А навакол ужо мітусіліся людзі, беглі санітары з насілкамі, падбіралі вынесеныя з вагона трупы, параненых. Мітусіліся эсэсаўцы з спецыяльнай аховы, якая па загаду Кубэ была выстаўлена ля цягніка з самага дня прыезду начальства, а таксама з аховы, якая ў дзень выезду павінна была забяспечыць парадак на самім вакзале.

Кубэ назіраў гэтую мітусню, а яго цаглянага колеру твар з жорсткімі выцвілымі бровамі ўсё цямнеў і цямнеў. Ён коратка загадаў каменданту:

— Начальніка аховы да мяне!

Хутка перад ім выцягнуўся ў струнку малады лейтэнант эсэсаўскіх войск.

— Слухаю вас, пан гаўляйтэр! — а твар яго бялеў, бялеў, і ў вачах свіціўся смяротны страх.

— Трэба было слухаць як след раней, а не цяпер, пракляты...

Рука Кубэ выцягнулася наперад. Пачуўся стрэл. Эсэсавец нібы пераламаўся напал, ногі яго падкурчыліся, і ён цяжка асунуўся на цэментаваную падлогу.

Намеснік рэйхсміністра, які назіраў усю гэтую сцэну і ўжо трошачкі апрытомнеў пасля перажытага перапуду, важна падтакваў:

— О, вы зусім правільна робіце, пан гаўляйтэр. Гэтыя нядбайнікі і злачынцы толькі і заслугоўваюць такой кары. Гэта жорсткі ўрок тысячам і тысячам другіх.

— Я прашу ў вас, пан брыгадэнфюрэр,— спахапіўся тут Кубэ,— прабачэння за ўсё, што тут здарылася...

— Што вы, што вы... Вы ж прымалі ўсе меры, вы зрабілі ўсё, што маглі, каб памагчы мне ў завяршэнні мае місіі.

Кубэ аддаў па тэлефоне некалькі тэрміновых загадаў: каб ачапіць вакзал, бліжэйшыя кварталы, каб неадкладна даследавалі падзеі на вакзале.

Брыгадэнфюрэр, да якога вярнулася ўжо яго звычайнае самапачуццё, занепакоіўся раптам, як жа яму быць: спраў асаблівых у яго тут не асталося, трэба падавацца назад, але якім жа спосабам выбрацца адсюль? І адразу ўзгарэўся, успомніўшы, што пад самым горадам ён бачыў ваенны аэрадром.

— Ведаеце, я магу з бліжэйшымі маімі памочнікамі вылецець на самалёце, а работнікі мае могуць паехаць пазней цягніком.

Кубэ, твар якога пасля ўсіх гэтых прыгод зноў набыў свой нерухомы, нібы каменны выгляд, мякка запярэчыў:

— Я шчыра раю вам не рабіць сёння ніякіх спроб падавацца ў дарогу. Мой абавязак падказвае мне, каб мы з вамі праявілі выключную асцярожнасць. А таму самае лепшае, дарагі мой госць, гэта паехаць назад, да мяне на кватэру. Пераначуем, а там знойдзем дзесяткі спосабаў, каб забяспечыць вам спакойную і... абсалютна бяспечную паездку.

— Мне астаецца толькі падзякаваць вам за вашы клопаты і гасціннасць! — адказаў брыгадэнфюрэр, зразумеўшы сэнс некаторых намёкаў гаўляйтэра.

З вакзала яны прыехалі на кватэру Кубэ праз якіх хвілін дзесяць. Напалоханая не на жарты Аніта — яна ўжо даведалася пра падзеі на вакзале — кінулася абдымаць мужа.

— О, мой Вілі, як я рада бачыць цябе, гаварыць з табой... Ты ж быў у такой небяспецы! Гэта ж так жахліва! — Яна спынілася, заўважыўшы энергічныя мігі і ўсякія знакі, якія жэстамі падаваў ёй муж.

Ён нават папракнуў яе:

— Не мне, а нашаму паважанаму госцю пагражала небяспека. Ты павінна павіншаваць брыгадэнфюрэра з шчаслівым завяршэннем гэтай справы.

Тут толькі схамянулася Аніта і кінулася да госця:

— І сапраўды, што ж я раблю... Ад вялікага хвалявання я разгубілася. Я радуюся разам з вашай сям’ёй, колькі шчаслівых хвілін перажыве яна, убачыўшы вас.

Брыгадэнфюрэр, які, апынуўшыся ў гэтай ціхай і ўтульнай кватэры, амаль што пазбавіўся ўжо ўсіх перажытых страхаў, спрабаваў весела жартаваць:

— Адно, што скажу вам, вы, жанчыны,— нашы сапраўдныя анёлы-ахавальнікі. Маёй дарагой жонцы я абавязаны сягоння сваім жыццём... Не было б яе, я не меў бы гонару размаўляць з вамі.

І ён тут жа расказаў Аніце ўсе акалічнасці вакзальных прыгод.

З выпадку ўсіх гэтых падзей была наладжана ўрачыстая вячэра.

Можа, усе перажытыя хваляванні, а можа, лішнія чаркі віна былі таму прычынай, што неўзабаве і гаспадары і госці спалі моцным сном. У доме панавала цішыня, толькі на двары ды на вуліцы чуліся асцярожныя крокі вартавых. Было ўжо за поўнач, калі ў цёмным начным небе пачаў нарастаць самалётны гул.

І вось дзесьці пад самымі воблакамі ўспыхнулі і павіслі адзін за адным яркія ліхтары. Адразу пасвятлела так, што на бруку можна было заўважыць трэшчыны ў каменнях, а чорныя цені ад таполяў і ліп былі такія выразныя, што можна было адрозніць кожную паасобную галінку.

— Трэба неадкладна будзіць! — параіліся вартавыя і пачалі, спачатку даволі нясмела, націскаць на кнопку званка. Можа, гэты званок, а можа, панылае завыванне сірэны паветранай трывогі, якая адразу раскалола начную цішыню горада, разбудзілі дом, і ў ім пачалася ліхаманкавая мітусня. Хутка госць і гаспадары разам з дзецьмі і шматлікімі работнікамі, хапаючыся, ледзь апраненыя выбеглі з дома. Ужо над горадам грымелі першыя выбухі бомб, сям-там выбліснулі яркія ўспышкі святла, а навакол надрываліся зенітныя пушкі і кулямёты. Толькі паспеў Кубэ са сваім госцем і сям’ёй нырнуць у невялічкі бункер, як зямля здрыганулася так, што ўсім здалося, нібы ўсё гіне і вось-вось абрушыцца на галовы цяжкае награмаджэнне бярвенняў і рэек і назаўсёды пахавае іх у гэтым сырым прытулку. Зямля скаланулася яшчэ мацней, відаць, бомба ўпала недзе непадалёк.

Шаноўны госць сядзеў у куточку і, уцягнуўшы галаву ў плечы і скоса пазіраючы на слізкую столь, чакаў у смяротным жаху, калі гэтая столь абваліцца на яго галаву.

Кубэ наважыўся хоць крыху суцешыць свайго госця.

— Усё будзе ў парадку, пан брыгадэнфюрэр. Кажучы між намі, — сказаў гэта зусім ціха, каб пачуў толькі ён,— гэта зусім неспадзявана. Такіх налётаў даўно не было.

— О-о, лепш бы іх зусім не было, пан гаўляйтэр!

Але думаў Кубэ пра другое. Буйны налёт ён звязваў з усімі тымі загадамі і распараджэннямі, якія прывёз з сабой пасланец з Берліна. Калі гэта так, то суцяшальнага надзвычай мала. Хацелася, каб налёт быў выпадковы, не звязаны з нейкімі там буйнымі планамі і аперацыямі.

Урэшце стала нібы цішэй, не чуваць было ўжо гучных выбухаў, замоўкла зенітная страляніна. Ледзь-ледзь выпаўзлі з бункера, да таго аслаблі ногі, нібы пасля доўгай хадзьбы. Агледзеліся.

За якіх два-тры кварталы дагараў даволі вялікі будынак, і чуваць было, як там мітусяцца людзі, чуліся розныя каманды, гучнае сіпенне вады, з трэскам падала перагарэлае перакрыцце. Пажары бушавалі яшчэ на вакзальных пуцях, і вялікае зарыва надавала ўсяму гораду фантастычны, казачны выгляд. Старыя, двухгадовай даўнасці, руіны нібы ажывіліся ў трапяткіх водблісках, то выныраючы з цемрыні, то нібы пагойдваючыся ў зманлівым святле пажараў.

З кабінета Кубэ пазваніў па тэлефоне ў некалькі адрасоў. Адказы нічога не прыносілі суцяшальнага. Вялікія страты на транспарце. На аэрадроме знішчана пятнаццаць «юнкерсаў», некалькі самалётаў пашкоджана. У самім горадзе бомба трапіла ў будынак, дзе размяшчаліся афіцэрскія курсы.

Паведамілі, што налёты адбыліся на Гомель, на Оршу і Бранск. Гэта толькі пацвердзіла некаторыя думкі, здагадкі, ад якіх, вядома, не робіцца лягчэй.

Раніцаю Кубэ ўстаў з цяжкаю галавою, увесь разбіты, з пабляднелым тварам, з пасінелымі мяшкамі пад вачмі. Пайшоў у свой кабінет. Адчыніў вокны. У пакой уварвалася свежае майскае паветра. На дварэ ўсё поўнілася сонцам, цеплынёй. З-пад леташняга лісця ў садзіку прабіваліся першыя травінкі. Аб нечым вялі свае спрэчкі вераб’і. Заклапочаны шпак раз-поразу сігаў у шпакоўню, цягаючы туды свае здабыткі.

І сонца, і цяплынь, і вясновая птушыная мітусня неяк адцягнулі ўвагу ад перажыванняў мінулага дня і ночы.

Ён парадаваў брыгадэнфюрэра, сказаўшы, што дамовіўся з адным з бліжэйшых ваенных аэрадромаў, каб далі брыгадэнфюрэру самалёт для вылету ў Берлін.

 

7

Яны спаткаліся вечарам на тым жа месцы, дзе звычайна адбываліся іх сустрэчы. Гэта была глухая вулічка на ўскраіне горада, непадалёк ад аэрадрома, недалёка ад дома Лены. Тут былі рэдкія драўляныя домікі, паміж якімі цягнуліся доўгія платы, што аддзялялі вуліцу ад садоў і агародаў.

Вуліца была сухая, пясчаная. Людзей жыло тут не вельмі багата. Лена адчувала сябе значна вальней, чымся на другіх вуліцах, дзе часцей можна было заўважаць непрыязныя людскія позіркі.

Драгош быў вельмі ўсхваляваны. Ён ціха расказваў, калі паблізу не было нікога:

— Ты толькі падумай: пятнаццаці «юнкерсаў» як не было. Мы ж разлічвалі толькі на пяць. А налёт так нам памог, ну ўсё роўна як па заказу. Я, прызнацца, дужа хваляваўся ўчора, калі хлопцы падлажылі на самалёты магніткі. Чакалася нейкая авіяцыйная інспекцыя. Але ўсё абышлося як лепш не трэба.

Лена слухала, радавалася. Вось урэшце і яна не стаіць у баку ад вялікай справы, а памагае ёй, чым можа. І мімаволі ўспомнілася, як некалі пакрыўдзілася яна на Жэньку, калі ён парэкамендаваў не ўхіляцца ад знаёмства з маладым афіцэрам. Тады здалося ўсё гэта страшэннай абразай, у лепшым выпадку непрадуманай як след прапановай. Цяпер яе адносіны з Драгошам сталі сапраўды таварыскія.

Неяк неўпрыкметку пачаліся паслугі Драгоша і яго таварышаў падпольнаму гораду. Дзесяткі запалаў, потым скрынкі патронаў, добрая партыя толу. І да ўсяго гэтага мела дачыненне Лена, сціплая дзяўчына з папяровага склада друкарні. Потым гэтая ўдалая перадача амерыканкі — невялікай друкарскай машыны. Відаць, яна была вельмі патрэбна, бо на гэтым асабліва намагаў Жэнька, а калі ён намагае — гэта раўназначна загаду. Лена не ведала, якім чынам Драгош выконваў яе даручэнне, як не ведала яна і месца падпольнай друкарні, для якой патрэбна была машына. Ды і сам Драгош таксама не ведаў, куды, у якое месца пайшла канфіскаваная ім амерыканка.

Слухаючы Драгоша, Лена ганарылася ім і радавалася за сябе. Былі і другія падставы для яе радасці. Яна дазналася, што рота Драгоша рыхтуецца перайсці да партызан. Жэнька ведаў пра гэта. І абяцаў, што дазволіць ёй паехаць разам з чэхамі. Блізілася здзяйсненне запаветнай мары: трапіць урэшце да партызан, да Ігната.

Уся ва ўладзе сваіх радасных думак, у захапленні ад подыху вясны, яна многа гаварыла, шчыра смяялася, па-дзіцячы дурэла, дражнілася з Драгошам.

Яны пайшлі паціху бліжэй да дома Лены.

І каб менш яны былі заняты сваёй гаворкаю, заўважылі б, як чалавек, што паступова набліжаўся да іх, раптам прыцішыў хаду, некалькі хвілін уважліва ўслухоўваўся ў іх гаворку, потым рэзка павярнуўся і хутка пайшоў назад, каб сысці ўбок, у першы завулак.

 

8

Ігнат з невялічкай групай партызан удзельнічаў у аперацыі на вакзале. Ёй надавалі вялікае значэнне. Па некаторых звестках, у Мінску павінен быў з’явіцца сам Гімлер, галоўны кат, на сумленні якога былі мільёны загубленых жыццяў. Вядома, такі кат заслугоўваў толькі аднаго: неадкладнага знішчэння.

І якое ж расчараванне было ў партызан, калі ўсе намаганні не прывялі ні да чога. Вагон узарвалі, а той, за якім палявалі некалькі дзён, адрабіўся толькі звычайным перапалохам, паспеў уцячы ад заслужанай кары.

Пасля ўзрыву на вакзале ў бліжэйшых ад яго кварталах ішлі павальныя вобыскі. Але гарадскія падпольшчыкі прытулілі партызан у надзейных сховішчах. Праўда, пасля начной бамбёжкі дыверсія на вакзале адышла на некаторы час на другі план. Гітлераўцам было не да дыверсантаў, трэба было прыводзіць у парадак чыгуначны вузел, які за адну ноч быў амаль што выведзены са строю.

Перад тым як выбрацца з горада з сваёй групай, Ігнат наважыўся наведаць праз явачную кватэру свайго старога прыяцеля Жэньку. Былі да яго некаторыя заданні, звязаныя з перапраўкай людзей з горада да партызан.

Яго прыгнечаны настрой пасля няўдачы на вакзале крыху рассеяўся пасля начной бамбёжкі.

Ігнат прабіраўся да явачнай кватэры ўскраіннымі вуліцамі, уважліва прыглядаўся да знаёмых мясцін, да рэдкіх прахожых. Калі б хто і трапіўся з былых знаёмых, дык наўрад ці пазнаў бы яго. І сапраўды, у чалавеку з незайздроснай, рэдкай бародкай, з такой жа рэдкай расліннасцю над верхняй губой, якая ўсё ж мела падабенства да вусоў, ён зусім быў не падобны да колішняга Ігната, бязвусага хлопца. Ды і адзенне было не ранейшае. Колішняя кепка саступіла месца капелюшу, праўда, паношанаму, але ўсё ж сапраўднаму капелюшу. Сціплае паліто і такі ж гарнітур добра адпавядалі той пасадзе, пра якую гаварылася ў яго пасведчанні як пра тэхніка аднаго з заводаў горада. У парадку былі і пашпарт, і іншыя дакументы.

Ён ішоў не спяшаючыся. І чым бліжэй было да явачнай кватэры, тым лепшы рабіўся настрой. Прычынай таму была блізкасць таго доміка, дзе ён некалі кватараваў. Ды Ігнат прымушаны быў прызнацца сабе самому, што больш за ўсё яго цікавіў другі домік, суседні. Праўда, заходзіць туды ён не думаў. Гэта б пярэчыла і атрыманаму заданню, а парушаць яго ён ні ў якім разе не збіраўся. Але зірнуць хоць вокам на мясціны, з якімі звязана ў яго столькі ўспамінаў,— у гэтым ён не мог сабе адмовіць.

Была і яшчэ тайная надзея: сустрэць пры выпадку, вядома, зусім неспадзявана, Лену. І калі не пагаварыць, дык хоць зірнуць на яе.

І толькі падумаў пра гэта Ігнат, як да яго даляцела некалькі слоў, якія прымусілі яго адразу ж страпянуцца.

Не можа быць.

Але знаёмы голас зноў пачуўся, раздаўся смех, звонкі, вясёлы. Так жа смяецца толькі яна...

Ён азірнуўся назад, на бакі. Няйначай жа яна недзе тут, паблізу.

А знаёмы голас пачуўся зноў. І так блізка, што ён разабраў кожнае слова.

Толькі тут прыгледзеўся Ігнат уважлівей да двух чалавек, якія ішлі наперадзе, непадалёк ад яго. Ён і раней зводдаль бачыў іх. Гэта быў нямецкі афіцэр з нейкай жанчынай. Ці мала іх ходзіць па горадзе, гэтых афіцэраў. Ён думаў абагнаць гэтую пару, бо ішлі яны зусім паволі, нікуды не спяшаючыся, як і ходзяць на прагулянцы. Што яму да гэтых афіцэраў з іх паклонніцамі.

Калі б паблізу былі другія прахожыя, яны ўбачылі б, як збляднеў раптам Ігнат, як замарудзіў ён хаду і на якую секунду прыпыніўся ка месцы. Кроў нібы адхлынула ад твару, балюча зашчымела сэрца.

«Забіць гадаў!»

Рука мімаволі пацягнулася да кішэні і... затрымалася.

«Не, не, не варта гэтага рабіць, не на гэта паслалі цябе сюды...»

Ледзь адарваў ад тратуара ногі, калі павярнуўся і пайшоў назад. Было адчуванне: трэба ўхапіцца рукой за плот, каб не выдаць слабасці ў нагах, не пахіснуцца. Азірнуўся яшчэ раз назад. Але, яна... Пра нешта гаворыць, смяецца... А ён трымае яе пад руку, нешта расказвае, відаць жа, весяліць сваю спадарожніцу...

«Ах ты, божа, мой божа, што ж гэта робіцца на свеце, каму ж тады верыць...»

На сэрцы было цяжка, нібы ў ім стала пуста-пуста. Усё, што сагравала яго, што поўніла светлымі надзеямі, што падтрымлівала ў самыя горкія часы,— усё гэта знікла, прапала. І горш за ўсё было адчуваць, што так цяжка памыліўся ў чалавеку. Гэта ж не легкадумнасць дзяўчыны, не вераломства, не здрада ў каханні. Тут жа зусім другая рэч. Хіба мог ён падумаць калі-небудзь, што яна пойдзе на здраду свайму народу, здраду вялікай справе, за якую лепшыя людзі праліваюць кроў, не шкадуюць жыцця?

А ён верыў, кахаў яе, і ўсю сваю будучыню бачыў разам з ёй. Як жа пагана ўсё скончылася гэта...

І дзесьці ў глыбокіх тайніках сэрца варушыліся, тлелі сумненні: не, не можа гэтага быць... не такая яна, не такая... Яе ж сумленне было чыстае і светлае, як усмешка дзіцяці. Не можа быць, не можа быць... І тут жа ўзнікалі думкі: «Можа, я абазнаўся, можа, я памыліўся? Бываюць жа такія здарэнні, калі незнаёмага чалавека прымаеш зводдаля за свайго...»

Каб жа гэта сапраўды было так...

Калі ён, урэшце, спаткаўся з Жэнькам, той запытаўся:

— Ці не хворы ты?

Аднекваўся. Якая там хвароба!

— Аднак выгляд у цябе зусім не зайздросны. Няўдача хіба якая?

— Вядома, няўдача.

І ён расказаў пра ўсе прыгоды на вакзале.

— Гэта мы ведаем, Ігнат. Аднак адчайвацца няма ніякіх падстаў, і так ім страху нарабілі, не прадыхаюць, брат. А налёт нашых самалётаў надоўга пазбавіць іх спакою. Так што радавацца нам з табой трэба, а не вешаць носа.

Ігнат перадаў Жэньку звесткі пра некаторыя змены ў яўках і паролях на славутым партызанскім праспекце. Скупа адказаў на розныя запытанні Жэнькі і лавіў сябе на думцы: як жа хочацца яму запытацца пра Лену. Але гэта былі толькі думкі.

І нібы ўгадваючы думкі яго, Жэнька спытаўся:

— Нікуды не заходзіў болей?

— Не. Не было ды і няма часу.

— А цябе, брат, так чакалі...

— Хто там дужа мяне чакае?

Жэнька шматзначна зірнуў на яго. Хацеў нешта сказаць, але змоўчаў. Не заўсёды тактоўна ўмешвацца ў некаторыя справы. Падумаў: ці не пасварыліся, без гэтага ж не бывае ў закаханых... Падумаў і прапанаваў Ігнату павячэраць. Але той адмовіўся, спаслаўшыся, што трэба рыхтавацца з хлопцамі ў дарогу.

Ноччу, калі партызаны выбіраліся з горада, распачаўся новы налёт савецкіх самалётаў.

Хлопцы рады былі налёту. Ён памагаў іх бяспечнаму выхаду з горада. Ачмурэлыя ад страху гітлераўцы зашываліся ў бункеры, а там, дзе не было бамбасховішч, беглі стрымгалоў з горада ці шукалі ратунку ў скляпеннях старых руін, ведаючы, што не стануць жа савецкія лётчыкі бамбіць гэтыя замшэлыя груды цэглы.

 

9

Цётка Ганна поркалася на гародзе, рыхтуючы грады.

Дзень выдаўся сонечны, цёплы.

Ці ўседзіш у хаце, калі зямля відма-відма прасыхае і над полем курыцца цёплая смуга, а ў бязвоблачным небе звініць, пераліваецца жаўрукова песня.

Дзеці бегаюць гурмамі па дварах, па вуліцы. Заседзеліся на печы за доўгую зіму, цяпер радуюцца не нарадуюцца цеплыні, сонцу, вулічнаму пылу, які аж клубкамі ўзвіваецца за іх голымі пяткамі. Дзе-нідзе завіхаюцца людзі на полі. Рыхтуюцца да сяўбы. Не пасееш, не пасадзіш — чым жыць будзеш з дзецьмі доўгі год? Немец жа цябе не накорміць, ён сам глядзіць, каб з твайго стала сцягнуць апошні акраец хлеба.

Бралася пад вечар. Ускапаўшы некалькі град, цётка Ганна збіралася ўжо ісці ў хату, як пачула з вуліцы перапужаныя галасы дзяцей:

— Цётачка, немцы!

— Ну што ж, калі немцы? Хіба вам упершыню бачыць іх?

— Яны вунь людзей з поля зганяюць...

Прыгледзелася цётка Ганна да бліжэйшага поля, што ля самых гумнаў, заўважыла рух. Па полі скакалі конныя немцы, бізунамі зганялі людзей. Чулася гучная каманда, крыкі, лаянка. Некага катавалі на полі. Грымнула некалькі стрэлаў.

Цётка Ганна зірнула на другі бок вуліцы. І там за гародамі рабілася тое ж самае. У канцы сяла чуваць была лаянка, крыкі, жаночае галашэнне.

«Што б то магло значыць, аднак?» — падумала цётка Ганна і падалася бліжэй да вуліцы.

Гітлераўцы часта наведваліся ў вёску па розных сваіх патрэбах, але ж такога вэрхалу не рабілі. Возьмуць, што ім трэба ці што трапіцца на вока, і паедуць у горад. Часам і аблавы рабілі і вобыскі, але ж не было яшчэ, каб навальваліся на вёску такой вялікай зграяй.

— Ратуйцеся, людцы! — крычалі-галасілі жанчыны, думаючы, відаць, уцячы ў другі канец вёскі, дзе пакуль што не відаць было немцаў. Але хутка і ў тым канцы пачалася несусветная калатнеча. Сялян сілком выганялі на вуліцу, з малымі, з старымі. Хворых проста выкідвалі з хат, прымушалі падбіраць іх і весці далей, па вуліцы. Салдаты мітусіліся па хатах, цягнулі ўсё, што траплялася на вока. А на дварах выганялі кароў, ганяліся з аўтаматамі за парсюкамі і курамі, завіхаліся па клецях, па істопках.

Вяскоўцы кінуліся былі бараніць сваё дабро. Іх адганялі штыкамі, прыкладамі вінтовак.

І нехта, даведзены да адчаю, крыкнуў:

— Ды біце іх, гадаў, чаго гледзіцё?

Затрашчалі платы. Некалькі гітлераўцаў упала з праламанымі чарапамі. Але дзе ж ты саўладаеш з гэтай раз’юшанай зграяй звяроў? Аўтаматныя стрэлы зліліся з адчайнымі крыкамі, з нястрымным плачам дзяцей. Натоўп бяззбройных адцяснялі ўсё далей і далей па вуліцы.

У хату да цёткі Ганны заявілася некалькі афіцэраў з паліцаямі. Аднаго з гэтых паліцаяў ведала яна.

— Што гэта робіцца ў нас? — спыталася цётка Ганна.

— Нічога, цётка, нічога... Парадак наводзім, спакой. За мужа твайго расплачваемся, старасціха...

Адзін з афіцэраў спытаўся ў паліцая, што за жанчына ў хаце. І калі даведаўся, хто яна, лагодна кіўнуў галавой.

— О, гэта карашо!

У хату не ўвялі, а ўвапхнулі некалькі чалавек з жыхароў вёскі. Сярод іх двое былі падлеткі, зусім яшчэ дзеці. Пачаўся хутка допыт. Як зразумела цётка Ганна, на чыгунцы — а яна праходзіла блізка — ноччу забілі патрулёў і мініравалі рэйкі. Усё дапытваліся, хто зрабіў гэта, дзе партызаны. Пачаліся катаванні. Збіты ручкаю пісталета хлапчук, абліваючыся крывёй, упаў на падлогу.

— Што вы робіце, пры чым жа тут дзеці? — ускрыкнула цётка Ганна, прыхінуўшыся ад слабасці да сцяны.

— Не з тваёй жаночай галавой быць пры гэтай справе...— вызверыўся паліцай і сілком выпхнуў яе праз сенцы на чорную палавіну хаты. Яна сядзела там у здранцвенні. Чорны смутак агарнуў душу. Думкі прыходзілі адна за адной, і цяжка было спыніцца на якой-небудзь. Адно, што даходзіла да свядомасці, гэта тое страшнае, што навалілася на вёску, на людзей, з якімі пражыла яна свой век, з якімі дзяліла яна свае радасці і сваё гора.

І гэтае жахлівае так прыгнятала, што яна сядзела ў маўклівым задуменні, і ўсё, што рабілася ў хаце, на вуліцы, у вёсцы, неяк не паддавалася разуменню. Усё здавалася нейкае невыразнае: крыкі і стогны, нечыя грубыя галасы, тупат конскіх падкоў на вуліцы, прыглушаныя стрэлы. У цяжкім здранцвенні яна не магла паварухнуцца, каб зірнуць у акно, што ж робіцца на двары, на вёсцы.

Яна не бачыла, як выводзілі з хаты тых, якіх дапытвалі, і прыстрэльвалі тут жа, на двары, за свірнам. Яна не бачыла, як салдаты зганялі сялян, гналі іх завулкамі да ветрака, што стаяў на ўзгорку за вёскай. Гэта быў стары вятрак, які ўжо даўно не махаў сваімі крыламі. На ім асталася адна толькі маха. Другую, да рэшты збуцвелую, зламаў вецер, і яна дагнівала на доле, стаўшы прытулкам мурашынага царства. На ветраку буслы зрабілі гняздо. Яны стаялі і пазіралі дадолу, не разумеючы, што адбываецца там. Людзей сілком заганялі ў вятрак. І калі за апошнімі зачыніліся з бразгатам дзверы, тады салдаты выплеснулі некалькі каністраў бензіну на дашчаныя сцены ветрака. Хутка агромністы факел ускінуў пад самае неба грывастыя касмылі дыму. Буслы кружылі высока ў небе, не адважваючыся спусціцца ніжэй.

Салдаты стралялі. Дабівалі тых, хто спрабаваў выбавіцца з полымя праз выламаныя дошкі ў сценах.

Яна, цётка Ганна, не бачыла, як адзін з салдат ля пажарышча раптам збялеў і цяжка асунуўся на зямлю.

— Смаркач! — крыкнуў тут афіцэр і загадаў другім адцягнуць самлелага ад пажарышча. І тады адзін з салдат, якім загадалі зрабіць гэта, нешта выкрыкнуў голасна, усхвалявана і, ускінуўшы аўтамат, выстраліў у сябе. Калі ён упаў, афіцэр накінуўся з грубай лаянкай на другіх:

— Я загадаю расстраляць вас усіх, мярзотнікі, слюнцяі!

Ён хацеў змяніць усю каманду, але, зірнуўшы на вятрак, перадумаў. Ніякай аховы ўжо не патрэбна было. З ахопленага полымем ветрака не прабівалася ніводнага чалавечага голасу. Там было ўсё спакойна. Не чутно было ні праклёнаў, ні жаночых галашэнняў аб літасці да дзяцей. Толькі трэск пражэрлівага агню стаяў над усёй ваколіцай. З грукатам, рассяваючы снапы іскраў, упала на дол перагарэлая маха. Полымя ўзвіхрылася яшчэ вышэй, нібы імкнулася падагрэць халодныя зоры, сям-там праступіўшыя ў вячэрнім небе. Ды ля кастроў салдаты, якім не хапіла месца для размяшчэння па хатах, вялі бясконцыя гутаркі. Адны выхваляліся сваімі прыгодамі ў гэтай вёсцы, другія хваліліся сваімі трафеямі, трэція слухалі і панура маўчалі. Над кастрамі стаяў густы кухарскі пах: смажылі курэй, свежавалі свіней, цялят.

Тое ж рабілася ў кожнай хаце. Ля напаленых да немагчымай гарачыні пячэй завіхаліся салдаты: варылі, смажылі, лаяліся за чаргу, за посуд. З усіх комінаў валіў густы дым, нібы вёска рыхтавалася да вялікага свята, каб загадзя нагатаваць, прызапасіць, каб не было замінкі потым у частаванні сваіх блізкіх, гасцей.

Усяго гэтага не бачыла цётка Ганна. Яна толькі заўважыла пажар, калі страпянулася на вокліч паліцая, які зайшоў да яе.

— Чаму гэта? — ціха спыталася яна, гледзячы на ахоплены агнём вятрак.

Спыталася і сама здзівілася свайму голасу — да таго ён быў ціхі, нібы безудзельны да ўсяго.

Пасмейваючыся, паліцай адказаў:

— Цяпер твае першамайцы супакоіліся назаўсёды. Меней клопату нам. Усе яны там! — махнуў ён рукой на вятрак, і рука гэтая, у водблісках пажарышча, здалася аблітай гаручай чырванню.

І тут жа паліцай заспяшаўся:

— А я знарок да вас, цётка Ганна. Трэба ж неяк памагчы ім. Як-ніяк афіцэры, а мы таксама не вялікія спецы ў такіх справах. Так што вельмі просім вас...

— Чаго вы хочаце ад мяне? — ціха спытала яна.

— Памажыце нам на кухні.

Яна ледзь устала і машынальна пайшла на чыстую палавіну. Паліцаі ўжо распалілі печ. Яна бязгучна хадзіла па хаце, моўчкі мыла посуд, памагала ля печы, нешта смажыла, варыла. Самавар, як назнарок, не хацеў доўга распальвацца, і яна шчапала лучыну старым тупым калуном. І ён здаваўся ёй цяжкі-цяжкі ў аслабелых руках. Адчувала, што не было сілы ў гэтых руках, каб падняць яго і апусціць. Не на гэтыя сасновыя цюльпахі, а на чырвоны, у складках, карак паліцая, які аж соп, раздзьмухваючы самавар. А жаданне было такое неадольнае, што аж закружылася галава. Каб не ўпасці, яна прыхілілася на які міг да печы, цяжка перадыхнула.

— Што з вамі, цётка Ганна?

— Старасць...

— А вы не зважайце, цётка, на старасць. Вось вазьміце чарачку з намі, адразу памаладзееце.

Яка адмахнулася ад прапановы, замітусілася, намагалася быць ветлівай, заклапочанай. Не перад імі ж, гадамі, душу сваю раскрыць, не ім жа паказваць цяжкія, пякельныя раны на сэрцы. Перацірала посуд, ставіла кубкі, чаркі на стол. А яны пілі, елі, рагаталі, расказвалі нейкія вясёлыя для іх гісторыі. Успацелы паліцай падышоў і шапнуў ёй на вуха:

— Можа ў вас, цётка, самагон ёсць? Вы ж запаслівы чалавек, як мы ведаем.

Яна не адказала адразу, нібы задумалася на хвіліну. І, як бы схамянуўшыся, заспяшалася, загаварыла:

— Ага, ёсць, чаму ж, бярыце... Я прынясу...

А ў думках: «Няхай п’юць, жаруць, няхай заліваюць апошнія мазгі».

Узяўшы агарак свечкі, пайшла ў камору ў сенцах. Дастала са скрыні дзве бутэлькі самагонкі, прынесла іх у хату.

— Уся, больш не прасіце, няма, хочаце верце ці не верце.

— Уга, і гэтай хопіць...

Яна паслала яшчэ пасцелі. Сабрала ўсё лепшае, што было ў хаце, каб не ў крыўдзе былі паны афіцэры за яе гасціннасць, за ласку ў яе доме. Не пакінула без увагі і паліцаяў, дала ім па кажуху, па падушцы, каб самі масціліся потым на лаве. Агледзела яшчэ раз гаспадарлівым вокам хату, завешаныя дзяружкамі вокны. Пажадала гасцям спакойнай ночы і пайшла на чорную палавіну.

Прыпала лбом да халоднай шыбы акна, на якой зрэдку ўзнікалі і пераліваліся слабыя водбліскі дагараючага пажарышча. На вуліцы было цёмна. Часам праходзілі па ёй, пстрыкаючы ліхтарыкамі, групы салдат, але праз якую гадзіну на вуліцы ўсталявалася глухая цішыня. Толькі чуваць былі часам крокі вартавога ля дома. Яна ж успомніла: у яе хаце начуе начальства, яго павінны ахоўваць.

Доўга праседзела так, прыслухоўваючыся да гукаў ночы, аддаючыся ва ўладу сваіх думак. Гаравала, што выйшла ўсё так неспадзявана, што нічым не магла памагчы людзям. І некага было паслаць папярэдзіць, папрасіць аб паратунку. Ды ведала, што бацька Мірон цяпер са сваімі партызанамі ў суседніх раёнах. Там у яго нейкія сур’ёзныя заданні. Быў бы тут альбо бліжэй, не здарылася б такога няшчасця. Цяпер жа не трэба ўжо аніякай дапамогі: ніхто не парушыць вечнага спакою мёртвых.

Яна прыслухоўвалася, што робіцца ў яе хаце, дзе афіцэры і паліцаі. Галасы паступова заціхалі, нарэшце і зусім заглухлі. Толькі прабівалася праз шчылінку дзвярэй скупая палоска святла. Відаць, кладучыся спаць, не патушылі лямпы, а толькі прыкруцілі кнот.

Зусім замлела спіна ад сядзення ў нязручнай позе на зэдліку ля акна. Захацела прылегчы на які час, каб крыху даць адпачыць стомленаму целу. Тут стаяў стары драўляны ложак, але ён быў не засланы, без падушкі. Але каму патрэбны гэтыя падушкі? Яна абмацвала сцены, каб знайсці якую адзежыну пад бок. Ледзь не спатыкнулася, наступіўшы на нешта, што з бразгатам паляцела на падлогу. Здалося, што гэты бразгат абудзіў увесь свет. Замерла на якую хвіліну, спужалася. Баючыся зварухнуцца, чула прыслухоўвалася да ўсяго. Па-ранейшаму стаяла цішыня на вуліцы, у хаце. Успомніла: гэта ж звычайныя жалезныя вілы. Імі накладаюць сена, салому, накідаюць гной на вазы. Сама надоечы паставіла іх сюды, прыбраўшы разам з рыдлёўкай з-пад паветкі на двары, каб не ржавелі. Старыя, але ж вострыя яшчэ вілы...

І неяк адразу палягчэла на душы. Да гэтага часу ўсё вагалася: як жа зрабіць, каб не асталіся ў крыўдзе за добрую расплату. Няма ёй, Ганне, жыцця болей, калі не паквітаецца з імі. Не прыкідвацца ёй больш старасціхай, не сустракаць іх, праклятых, ветлівымі ўсмешкамі. Мо і можна было прыкідвацца да гэтага часу, але пасля сённяшніх падзей яна не можа больш насіць гэтай ганебнай маскі.

Так жа добра, калі прыйшло яно, гэтае рашэнне. Думала спаліць іх ва ўласнай хаце. Але ж прачнуліся б, гады, ды маглі б выратаваць іх і другія. Думала пра стары калун, але не такі ён ёмкі ў яе руках...

Яшчэ з гадзіну чакала, некалькі разоў прыслухоўвалася ля дзвярэй. Там усё было спакойна, толькі чулася моцнае храпенне ды неўгамонны цвыркун раз-поразу пачынаў сваю песню. Урэшце і ён замоўк. Не чуваць крокаў вартавога на вуліцы. Відаць, сцішыўся, прысеўшы на прызбу, задрамаў.

Сэрца білася моцна-моцна, калі паціху, здавалася, цэлую вечнасць, адчыняла дзверы. Каб жа не рыпнулі часамі! І ўсё супакойвала сябе: ну што ж, калі прачнуцца? Яна ж мае права зайсці ў сваю хату, прыгледзець за парадкам, каб добра было гасцям, каб не нарабіла пажару лямпа. Але ніхто не зварухнуўся, не ўстаў. Толькі адзін з паліцаяў ускрыкнуў праз сон, скрыгануў зубамі.

Усё адбылося хутка. Толькі адзін з іх, апошні, на міг прахапіўшыся са сну, убачыў перад сабой страшны прывід. І, не разумеючы, усё яшчэ думаючы, што гэта жахлівы сон, ён нема ўскрыкнуў, выставіў, абараняючыся, рукі. Але гэта быў яго апошні ўскрык.

Ганна прытушыла лямпу, у якой дагаралі рэшткі газы. Выйшаўшы ў сенцы, прытулілася на хвіліну да сцяны, каб аддыхацца, супакоіць крыху сэрца, якое гатова было вось-вось вырвацца з грудзей.

Потым асцярожна прыадчыніла дзверы на двор, сышла з ганка і падалася гародам да прыгумення.

«Вось і палавіну грады гэтай яшчэ не ўскапала...— мільганула нечаканая думка.— Але пры чым жа тут грады?..»

Калі яна асцярожна падыходзіла да гумна, каб падацца потым у поле, яе аклікнуў вартавы. Ён стаяў, відаць, недзе ля гумна. За гумном было поле, а непадалёк пачынаўся малады хвойны параснік, які паступова пераходзіў у густы лес. Сюды і кіравалася цётка Ганна. Пасля воклічу вартавога яна кінулася направа, каб неяк абысці гумно. Пад нагамі моцна зашуршала. Гэта было леташняе лісце. Злямчанае, прыбітае да зямлі дажджамі і снягамі, яно паспела ўжо абшэрхнуць пад вясновым сонцам і ветрам і гучна шамацела пад нагамі.

Вартавы крыкнуў яшчэ раз, і адзін за другім прагрымелі два вінтовачныя стрэлы. Усё сціхла потым, і вартавы падумаў нават, што ўсё гэта яму, відаць, проста здалося ці прыкінулася ад страху.

Значная частка карнікаў пакінула вёску яшчэ звечара... Рэшткі спешна выбіраліся раніцаю. І калі калона карнікаў выцягнулася з вуліцы ў кірунку да чыгункі, частка салдат пачала падпальваць хаты. Ужо гарэла каля дзесятка двароў, як раптам моцная страляніна ў лесе, куды паспела ўжо ўцягнуцца галава калоны, нарабіла вялікага перапалоху немцам. Частка калоны кінулася стрымгалоў назад, шукаючы ратунку. Шалёна імчаліся, абганяючы адна адну, машыны. У гразкай лагчыне перад самай вёскай некалькі машын загрузлі, адразу ўтварыўшы затор. Салдаты, што аставаліся яшчэ ў вёсцы, кінуліся ў супрацьлеглы бок цераз поле, спадзеючыся знайсці паратунак у лесе. Але, сустрэтыя моцным агнём адтуль, кінуліся назад. А там, дзе зрабіўся затор, салдаты, спяшаючыся, пакідалі машыны, беглі куды каторы. Лагчына, дзе згрудзіліся машыны, была пад моцным агнём. Афіцэры прымалі адчайныя меры, каб прывесці салдат у баявыя парадкі. Але гэта было цяжка зрабіць у вузкай лагчыне, якая была пад перакрыжаваным абстрэлам. Хутка ўсё было скончана. Літасці нікому не давалі. Некалькі афіцэраў, убачыўшы безвыходны канец свой і ўспомніўшы ўсё, што нарабілі яны ў гэтай вёсцы, палічылі за лепшае пусціць сабе кулю ў лоб.

Расправіўшыся з гітлераўцамі, партызаны кінуліся ратаваць вёску ад агню. Гэта былі партызаны з коннага атрада Шведа. Атрад вяртаўся з задання на сваю сталую базу. Ноччу ад сялян, якім удалося выратавацца ад жахлівай расправы над вёскай, яны даведаліся пра яе лёс.

Пажар удалося затушыць. Але сумна выглядалі ўцалелыя двары. У хатах стаяла магільная цішыня, не асталося ў жывых ні малога, ні старога. Стаялі з расчыненымі насцеж варотамі пустыя хлявы і свірны. Валяўся па дварах, па вуліцы розны сялянскі набытак. Лепшае пазабіралі немцы, рэшту кідалі дзе папала.

За свірнам цёткі Ганны знайшлі некалькі трупаў расстраляных, сярод якіх партызаны пазналі сваіх родных і блізкіх. Пад старой грушай-дзічкай на прыгуменні знайшлі цётку Ганну. Яна нібы прылягла адпачыць пад любімым сваім дрэвам, і вось ляжыць, прыслухоўваецца, а ці гудуць пчолы ў пышнай цвецені грушы. Ружовыя пялёсткі засыпалі ўсё навакол і рэзка вылучаліся на адзенні, на чорнай хустцы, на сівых валасах, якія выбіваліся з-пад яе. Правая рука была закінута за дрэва, нібы збіралася яна абняць яго ці сілілася ўхапіцца за яго рукой, каб ямчэй падняцца з долу.

У хаце цёткі ўсё было ў крыві: і шырокі ложак, дзе, відаць, спала некалькі чалавек, і ліпавая лаўка, і чыстая падлога. На падлозе і на лаўцы ляжалі два мёртвыя паліцаі. Трупы афіцэраў немцы паспелі прыбраць і ўзяць з сабой. Тут жа на падлозе, ля ложка, валяліся і акрываўленыя вілы. І ўсе, хто ўбачыў гэта, зразумелі, што адбылося ў хаце.

Доўга стаялі партызаны, зняўшы шапкі, ля папялішча старога ветрака. Яшчэ тлелі галавешкі на ім. Вецер здзьмухваў попел з чырвонага вуголля, сям-там бегалі яшчэ жоўтыя язычкі полымя, віхрыліся, расплываліся шэрыя струменьчыкі дыму. І ніхто не папракнуў другога за скупыя і суровыя слёзы, якія цяклі па абветраных тварах людзей. У атрадзе багата было партызан з гэтай вёскі. Адсюль быў і камандзір Апанас Швед. Былі сем’і ў іх, бацькі, жонкі, дзеці. І вось усё, што асталося ад іх, ад самых блізкіх, ад самых дарагіх на свеце... Здаецца, кожны вугаль пажарышча абпальваў сэрца, узнімаючы нясцерпны боль у ім.

Не капалі магіл. Не хацелі варушыць, дакранацца да попелу, які астаўся ад тых, хто яшчэ ўчора жыў у родных хатах, хто правёў першыя барозны на ўгрэтай сонцам зямлі, хто песціў і лашчыў дзяцей сваіх, хто слухаў песні жаўрука, думаючы апладніць зямлю, марачы аб ураджайным леце, аб спакойным і слаўным жыцці.

Над папялішчам насыпалі курган.

Швед, хвалюючыся і праглынаючы словы, сказаў кароткую прамову:

— Даруйце, родныя, што з’явіліся мы не ў час. Абяцаем вам, што адпомсцім за ўсё, за ўсё...

Ушанавалі салютам памяць загінуўшых. Побач кургана пахавалі расстраляных. Пахавалі цётку Ганну пад яе любімым дрэвам на прыгуменні. У простай труне, якую змайстравалі ёй, яна ляжала ў суровай задуменнасці. Нібы сілілася разгадаць нейкія думы свае, можа, аб той градзе, якую не паспела ўскапаць яна, можа, аб вясёлым пчаліным гудзе, якім поўнілася дрэва над яе галавой, дрэва, падобнае ў сваёй буйнай цвецені на ружовае лёгкае воблачка, упаўшае долу з недасяжнага блакіту неба.

Ні песень, ні жартаў не чулася ў атрадзе, калі паехалі далей. Ехалі моўчкі, кожны з сваёй невясёлай думай. Адно жаданне было ва ўсіх: біць, як мага болей біць ворагаў.

* * *

Яшчэ з месяц цягнулася напружаная барацьба з карнікамі, якія намагаліся блакіраваць брыгаду бацькі Мірона. Калі спачатку яны дзейнічалі паасобнымі групамі, выступаючы адразу ў некалькіх пунктах, дык цяпер яны трымаліся разам і навальваліся як лавіна, бязлітасна знішчаючы ўсё, што траплялася ім па дарозе. Палілі хаты, калгасныя збудаванні, высякалі і ламалі калгасныя сады, варварскі падпальвалі лясы.

Насельніцтва, папярэджанае партызанамі, загадзя вывозіла ў лясныя сховішчы небагатыя свае набыткі і пры набліжэнні карнікаў само ратавалася ў лясах. Не памагалі карнікам ні грозныя загады, ні іх лістоўкі, у якіх яны не рэкамендавалі насельніцтву пакідаць сваіх вёсак пры набліжэнні войск або паліцыі. Загады і лістоўкі пагражалі, што з такімі ўцекачамі гітлераўскія ўлады будуць сурова распраўляцца як з пасобнікамі партызан і партызанамі. Але людзі за два гады вайны добра ведалі ўжо цану нямецкаму слову і кожнаму іх абяцанню.

Панёсшы вялізныя страты ў жывой сіле, разгубіўшы па лясах і балотах большую частку свае баявой тэхнікі ды напароўшыся на другія партызанскія брыгады, якія прыйшлі на дапамогу бацьку Мірону, карнікі, урэшце, адступілі і падаліся да горада. Гэтае адступленне ледзь не ператварылася ў суцэльную паніку. Адчуванне няўмольнай расплаты за зробленыя злачынствы, усё большыя ўдары партызан, панесеныя страты нагналі на іх такі панічны страх, што яны кінулі нават рэшткі свайго абозу, частку машын з параненымі, якіх не маглі вывезці па бездарожжы.

 

10

У часе блакады быў паранены Астап. Па даручэнню Мірона ён абыходзіў некалькі вёсак, каб папярэдзіць насельніцтва аб набліжэнні карнікаў. Кіламетраў за трыццаць ад размяшчэння брыгады на яго наляцела конная эсэсаўская разведка.

— Хто ты? — накінуліся на яго спешаныя коннікі.

— Вы ж бачыце хто, селянін.

— Куды і адкуль ідзеш?

— Ды вось шукаю каровы свае, збегла некуды, а мо заблудзіла. З самае раніцы шукаю...

— Мы вось табе паможам шукаць! — мнагазначна адказалі яму салдаты.

Яны старанна абшукалі яго. Але што можна было знайсці ў старога селяніна, які выйшаў у поле, каб недзе знайсці сваю збегшую жывёліну? Адзіная зброя, якую адабралі ў яго і кінулі прэч, была пужка. Усё гэта не перашкодзіла, аднак, эсэсаўцам моцна закруціць за спіну Астапавы рукі. Разведка паехала далей, даручыўшы двум коннікам адканваіраваць палоннага да штаба часці. Праз якую гадзіну салдаты даставілі Астапа ў вёску, якая стаяла ля ракі. Вёска была напалову спалена, і яго прывялі на ўцалелы канец, аж на самую кручу над ракой, дзе стаяла старэнькая, пахіленая кузня. Адсюль адкрываўся шырокі від на зарэчную старану. Вада спала ўжо, зазелянелі лугі; ніжэйшыя, больш мокрыя, мясціны жаўцелі суцэльнымі дыванамі люціку. Па вымоінах, па берагах дробных рачулак і ручаін цягнуліся параснікі алешніку, лазняку. Кучаравіліся над берагам вербалозы. Ніжняе шэрае галлё не абсохла яшчэ ад павадку, на ім звешвалася над вадой рознае ашмоцце, жмакі збуцвелай саломы і ўсякае смецце, прынесенае талай вадой. За лугамі ў сіняватай смузе праступала каёмка далёкага лесу. У трапяткім мроіве чарнелі сям-там палі, за якімі відаць былі вёскі.

Над самай кручай стаялі тры афіцэры. Адзін быў з фотаапаратам, усё пстрыкаў ім. Быў ён даволі пажылых год. Паблажліва слухаў гутарку двух маладзейшых афіцэраў, з якіх адзін быў зусім бязвусы. Пажылы рабіў здымкі з такім паважным выглядам, нібы выконваў важную дзяржаўную справу. Маладзейшыя забаўляліся, усё намагаліся падстрэліць буслоў, якія кружылі высока ў небе. Тут жа непадалёк, крокаў якіх за дзесяць, стаялі і ўсміхаліся два салдаты, лісліва пазіраючы на паноў афіцэраў. Афіцэры стралялі, відаць, з іхніх вінтовак.

Калі канваіры падвялі Астапа, пажылы афіцэр мелькам зірнуў на яго, кісла паморшчыўся:

— Ах, яшчэ аднаго прывялі, ну зараз зоймемся ім. Аднак шанцуе ж нашым разведчыкам на партызан, хутка стогадовых пачнуць прыводзіць.

Ён быў яўна нездаволены, пан афіцэр, высокі гестапаўскі чын, які прыехаў з Берліна, каб правесці інспекцыю карных часцей. Быў нездаволены тым, што яго адрываюць ад любімай забавы. Другая рэч, калі б гэтыя арыштаваныя былі чаго-небудзь варты, ну хоць бы падобны былі на сапраўдных партызан. А то водзяць розных дзядуляў, якім у самы раз на печы палежваць. З сабой прывёз ён і пляменніка, таго бязвусага афіцэра, які захапляўся цяпер стралянінай па буслах. Пляменнік толькі што скончыў спецыяльную гестапаўскую школу і прыехаў сюды на практыку.

Калі ж зірнуў стары афіцэр на Астапа другі раз, дык твар яго крыху праяснеў і ў вачах з’явілася яўная зацікаўленасць да чалавека.

— Ого! — абышоў ён вакол Астапа, прыглядаючыся да яго блізарукімі вачыма.— Ды гэта ж патрыярх мясцовых лясоў. І рост, і барада, а паглядзіце на гэтыя плечы — гэта ж сапраўдны асілак. Супраціўляўся? — рэзка спытаў ён у канваіраў.

— Не, пан афіцэр...

— Зброя была?

— Не, пан афіцэр. Пры ім была толькі пужка.

— Гэта добра. Партызан? — звярнуўся ён урэшце да Астапа.

— Што вы, пан афіцэр, які з мяне можа быць партызан?

І ён расказаў афіцэру гісторыю з пошукамі збрадлівай каровы, якая наважылася, ліха яе бяры, уцякаць з двара.

Обер-лейтэнант, камандзір эсэсаўскага батальёна, што прыпыніўся на час у вёсцы, учыніў кароткі допыт:

— Ці ёсць партызаны ў мясцовых лясах?

— Чаму ж, ёсць... Каго-каго, а іх хапае...

— А якія атрады?

— Усякія, пан афіцэр.

— А ўсё ж?

— Ёсць партызаны бацькі Мірона, ёсць яшчэ, каторыя заслонаўцамі называюцца. Усякія ёсць, хіба і прыпомніш усіх.

— А правесці можаш на стаянку якога-небудзь атрада?

— Чаму ж не правесці, каб гэта ведаць, дзе яны размяшчаюцца. Яны ж нас, старых, і ў лес не пушчаюць, нечага, кажуць, без справы бадзяцца па лесе, падстрэлім яшчэ, чаго добрага...

— А з якіх вёсак партызаны?

— Ды як вам сказаць, усё больш прышлыя, не тутэйшыя. Яно, вядома, трапляюцца і з мясцовага насельніцтва, але ж такія трымаюцца ўпотай, не разбярэшся, ці ў партызанах ён, ці не.

— Кіньце вы, обер-лейтэнант, свой допыт. Хіба не бачыце, з кім маеце справу? Мы вось лепш здымем яго, гэта будзе цудоўны здымак, рэдкі здымак для нашых часопісаў. Аднак развяжыце рукі яму, нязручна ўвекавечваць яго звязанага. Уявіце сабе здымак: патрыярх мясцовых лясоў вядзе прыязную гутарку з афіцэрамі германскай арміі. Няхай і за мяжой дзе падзівуюцца, а то яны майстры распісваць усякія жахі на гэтай тэрыторыі.

Астапа развязалі. Яго здымалі ў розных позах. Здымалі аднаго, потым у кампаніі з панамі афіцэрамі. Высокі чыноўнік, перадаўшы апарат пляменніку, сфатаграфаваўся сам з Астапам.

— Весялей, весялей пазірай, стары патрыярх. О, так, ты ж рады нам, нашай уладзе?

— Як вам сказаць, пан высокі начальнік. Ніякай жа ўлады пакуль што не відаць... Вайна... А якая ж радасць у вайну нам, простым людзям?

— Ну-ну, разышоўся, стары філосаф. Вайна...— перадражніў Астапа афіцэр, але праказаў гэта даволі лагодна.

— Як загадаеце, пан начальнік? Адаслаць яго ў гарнізон? — спытаўся обер-лейтэнант.

Начальнік паморшчыўся.

— Навошта ён там патрэбен, толькі салдат адрываць ад справы.

— Згодзен з вамі, пан начальнік. Але ж і адпускаць яго так не варта. Вы ведаеце, і такія патрыярхі часам страляюць у нашых салдат. О, гэта народ небяспечны.

— Тады зрабіце так, каб ён ніколі не страляў.

Обер-лейтэнант разумеюча зірнуў на начальніка.

— Не, не... Ён такога ўжо веку, што, можа, і не варта гэта рабіць. Ды сёння і дзень у мяне асаблівы, якраз імяніны мае слаўнае Берты, мне не хочацца азмрочваць яго нават смерцю гэтага тубыльца.

— Тады загадаеце зрабіць яму малую аперацыю?

— Гэта калі ласка!

Ужо канваіры і двое салдат, адставіўшы свае вінтоўкі да кузні, моцна трымалі за рукі Астапа.

Па камандзе обер-лейтэнанта яго падвялі к масіўнаму стану, збітаму з тоўстых дубовых брусоў. На гэтым стане звычайна нацягвалі шыны на колы.

— Няхай гэтай справай зоймецца мой пляменнік, яму карысна будзе для практыкі.

— А ну, давай сваю правую руку. Вось так...— камандаваў обер-лейтэнант.— Лажы на брус, ды не ўсю руку, ну чаго спужаўся? Такі асілак, а пужаецца. Кладзі на брус указальны палец.

Не разумеў спачатку Астап, чаго вымагаюць ад яго. Упіраўся з усяе сілы, спрабаваў вырывацца. Але яшчэ надышлі два салдаты, наваліліся на яго, ашчарэпілі, як абцугамі.

А бязвусы афіцэрык, зусім яшчэ хлапчанё, выняў з ножан у салдата пляскаты штык і, увесь учырванеўшы, старанна пілаваў Астапаў палец. Як ні моцны быў здароўем Астап, але пякучы боль прастроміў усё цела, ён ледзь не страціў прытомнасць.

Высокі начальнік змрочна пазіраў на недакладную працу пляменніка. Раптам выхапіў з рук яго цясак, адштурхнуў няўмеку ўбок.

— Хіба так гэта робяць!

Адным узмахам цесака ён адрубіў палец, пераможна зірнуў на ўсіх.

— Вось як трэба рабіць! Цяпер ён не зможа больш страляць, каб нават і меў такую здольнасць.

І да старога:

— Можаш ісці, ды падзякуй богу і мне, што астаўся жывы.

Пазелянела ў вачах у Астапа, але, сабраўшы ўсе сілы свае, выстаяў, не паддаўся здрадлівай слабасці ў нагах. І нібы нічога не было, весела ўсміхнуўся ён — так па крайняй меры здалося высокаму начальніку — ды ціха, спакойна праказаў:

— Дзякуй, пан начальнік, за ласку вашу!

— Нічога, нічога...— не ведаў, што адказаць, здзіўлены афіцэр. Схамянуўшыся, сказаў ужо зусім лагодна: — Ну ідзі, чаго ж стаіш?

— Я хацеў бы толькі спытацца ў вас, ці не з’яўляецеся вы, пан начальнік, доктарам?

— А што?

— Ды так жа трапна адсеклі палец вы, ну як на аперацыі, без усякага болю. Папрасіў бы вас, ці не зрабілі б вы мне такую ласку, каб выразаць бародаўку на назе. Сядзіць, праклятая, на самым пальцы, пакутую праз яе ўжо колькі год...

Твар афіцэра, на якім увесь час жыло нічым не прыхаванае здзіўленне, паступова расплыўся ў шырокую ўсмешку. І вось ужо рагатаў высокі начальнік, рагатаў, хапаючыся за бакі. З салідарнасці з ім смяяліся і малодшыя афіцэры, і пачціва ўсміхаліся салдаты і канваіры.

— Божа мой, божа! Вы паглядзіце на гэтага чалавека! Гэта ж святая, вясковая прастата. Хіба вы знойдзеце што-небудзь падобнае ў Еўропе, ды і ў нашай слаўнай Германіі?

Крыху аддыхаўшыся, ён звярнуўся да Астапа:

— Ну, паказвай твае мазалі-бародаўкі. Ды адпусціце рукі яму, навошта трымаць яго?

Астап нахіліўся быў на міг, нібы збіраючыся сцягнуць бот з нагі. Усё адбылося імгненна, так што і тыя, хто астаўся жывы ад гэтай вясёлай кампаніі, не маглі дакладна прыпомніць потым, як жа гэта ўсё здарылася.

З усяго разгону ўдарыў Астап нагой у паху высокаму начальніку. Цяжкі быў падкуты кірзавы бот Астапа. Не паспеў, упаўшы, і войкнуць начальнік, як, схапіўшы з бруса акрываўлены цясак, Астап левай рукой усадзіў яго па самую ручку ў першага, хто стаяў ад яго паблізу. Не маглі ж ведаць гітлераўцы, што Астап прыроджаны ляўша. Усё гэта было так нечакана, што немцы кінуліся куды каторы. Салдаты забыліся і пра вінтоўкі, якія былі прыстаўлены да кузні. Калі ўрэшце обер-лейтэнант схамянуўся, ён кінуўся ў першую чаргу на дапамогу начальніку, які ляжаў пад кузняй, страціўшы прытомнасць.

— Лавіце, лавіце яго! — здагадаўся ўрэшце аддаць каманду обер-лейтэнант.

Салдаты кінуліся да вінтовак. Але Астапа ўжо і след прастыў. Усяго з дзесятак крокаў было да берагавой кручы. Ашаломіўшы ворагаў, Астап у імгненне вока апынуўся над кручай і, не азірнуўшыся, кінуўся ўніз, у вір, які пеніўся вадаваротамі. Халодная вада самкнулася над яго галавой. Быстрак падхапіў яго і панёс уніз па плыні. Ледзь не захлынуўшыся, Астап з апошніх сіл намагаўся трымацца бліжэй да берага, густа ўкрытага хмызнякамі, з-за якіх гітлераўцы не маглі яго заўважыць.

А над кручай бегалі збянтэжаныя салдаты. Некаторыя кінуліся ўздоўж берага, стралялі, мітусіліся.

Астап тым часам быў на другім беразе. Зашыўшыся ў лазнякі і парваўшы сарочку, ён сяк-так перавязаў скрываўленую далонь рукі, разуўся, выліў ваду з ботаў. Ужо вечарэла, абсушыцца было недзе, і, выкруціўшы збольшага адзенне, ён падаўся сцежкамі да вёскі, дзе былі ў яго знаёмыя. Ішоў, саграваўся хадой ды часам гаварыў уголас:

— Я вас навучу, праклятыя вырадкі, як пальцы людзям адсякаць...

Пасля ўсіх гэтых здарэнняў Астап прахварэў каля месяца, вельмі прастудзіўшыся ў рацэ, схапіўшы запаленне лёгкіх. Усе веды, усё старанне сваё ўжыў доктар, каб выхадзіць старога. І вось, урэшце, хворы, які некаторы час ледзь пазнаваў яго, пасля чарговага прыёму нейкай мікстуры жаласна папрасіў:

— Даў бы ты мне, доктар, чаго-небудзь такога, каб сапраўды сагрэла, заместа гэтай брыды, што частуеш мяне...

Доктар выслухаў гэтыя словы, як самую цудоўную казку, і, нічога не сказаўшы, кінуўся да Мірона.

— Усё ў парадку, таварыш камандзір, будзе жыць Астап.

Удвух пайшлі назад да хворага і ў знак вялікае свае радасці далі яму маленькую порцыю. Той прыняў гэтую даніну без асаблівага захаплення і, уздыхнуўшы, нават папракнуў сваіх дружбакоў:

— Як бачу я, скнарамі вы становіцеся, толькі душу маю падражнілі...

— Ну-ну, Астап, ты не дужа рыпайся, доктар ведае меру...— лагодна праказаў Мірон.

— Такая кропля камару хіба толькі, а не мне, жывому чалавеку.

— Ладна, ладна, вылежыся добра, тады адсвяткуем тваю папраўку!

Аб сваіх прыгодах ён не любіў гаварыць, хоць партызаны ўжо добра ведалі аб іх ад сялян тае вёскі, дзе здарылася гэта.

Калі пачаў ачуньваць Астап, праведаць яго пусцілі і Піліпчыка. Той раней толькі праз акно мог пабачыць дзядзьку і вельмі сумаваў па ім, баючыся, што ён, чаго добрага, і памрэ ў гэтым шпіталі, звычайнай вясковай хаце, прыстасаванай для хворых. Меў Піліпчык правіннасці перад дзядзькам, сёе-тое зрабіў без яго ведама. Таму і трымаўся з ім даволі асцярожна, дыпламатычна, каб не сесці задужа блізка да Астапа, трымаць далей свае вушы, якія звычайна адказвалі за ўсе яго несамавітыя ўчынкі. Усё налягаў на суніцы:

— Вы, дзядзечка, ешце, вельмі смачныя ягады, я каторы дзень збіраю іх, але ж мне не дазвалялі заходзіць да вас.

Памаўчаў з якую хвіліну Астап, уздыхнуў, адказаў:

— Ты да мяне са сваімі суніцамі не падлабуньвайся. Бачу цябе наскрозь і ўсе справы твае бачу. Дык хто гэта танкі рваў?

— Дзядзечка, ніхто іх не рваў, яны самі пагарэлі. Ды і якія там танкі, усяго толькі два...

Сказаў Піліпчык і сумеўся, крышачку назад адсунуўся: будзе яму цяпер за гэтыя танкі. Але дзядзька не лаяўся, як заўсёды, калі звычайна даведваўся пра яго практыкаванні са зброяй. Нават ціха паклікаў да сябе:

— Ідзі, ідзі, не бойся! Раз зрабіў, дык зрабіў, няхай яны яшчэ болей гараць, тыя танкі...

За руку ўзяў, прайшоўся сваёй далоняй па непакорных віхрах Піліпчыкавай галавы.

— Падрос ты, мой хлопец. Хутка чатырнаццаць год табе будзе, сапраўды салдат. Што ж, даводзіцца і нам з табой ваяваць, нікуды ад гэтага не дзенешся. Дзе ж ты міну браў, аднак?

— Ды мне некалі Дубок даў, мы тады думалі нямецкія аўтобусы рваць, але ж не ўдалося тым разам. Абыходзіцца з імі я ўмею. Дубок навучыў мяне.

— Ну што ж, калі добра зрабіў, хвала табе. На ражон толькі не прыся, хлопец мой.

— Ды я асцярожна, дзядзька, ніякі немец не падкапаецца.

— Глядзі ж... Суніц я тваіх трохі вазьму, а рэшту бяры, паласуецеся там з Васількам.

— Ды мы яшчэ набяром, а вы ешце, не шкадуйце.

— Ладна, ладна. Раз сказаў табе, значыць загадана. Ды вось яшчэ: калі здарацца там якія справы ў цябе, дык глядзі, каб не ўцягваў Васільку ў іх.

— Што вы, дзядзька, ён жа яшчэ зусім малы, горкае дзіця, можна сказаць,— стараючыся пераймаць дзядзькавы манеры, адказаў Піліпчык.

— Вось бачыш, горкае... дык каб было ўсё добра... А то не пагляджу, што ты танкі паліў...

— Раз я сказаў вам, дзядзька, значыць канец, усё будзе, як загадана.

— Ну добра. Калі будзеш выпадкам на востраве, перадай прывітанне ад мяне старым ды скажы, што і сам хутка да іх завітаю.

— Скажу, дзядзечка. Калі не скажу, дык праз людзей перадам. Дык я пайду, дзядзька.

Піліпчык радасны выйшаў з хаты і прайшоўся калясом па двары, што было адзнакай найлепшага яго настрою. Ён наважыўся выкінуць яшчэ якое-небудзь антраша, але ўспомніў тут дзядзькавы словы: «Мы ж з табой салдаты, Піліпчык». Успомніў і прысмірэў: ці гэта ж салдатам вытвараць розныя штукі, не раўнуючы, як тыя малыя дзеці? Ішоў паважны, задумёны. Успомніў, як спаліў ён два танкі, і сам цяпер дзівіўся: як гэта трапна ўсё выйшла. Ён жа збіраўся ўзарваць адзін, ды і спосаб у яго быў толькі на адзін танк. А адбылося тады ўсё такім чынам. Піліпчык па сваёй уласнай ініцыятыве шныпарыў па ўсёй акрузе. Вось і высачыў ён цэлае танкавае падраздзяленне, як казаў ён потым. Праўда, было там усяго пяць танкаў, ды і тыя як атабарыліся ля адной вёскі, так і стаялі некалькі дзён як укапаныя. Відаць, не хапала паліва. Тады і задумаў Піліпчык як-небудзь падабрацца да іх зручным часам, ды і падлажыць пад каторы магнітку, якая сапраўды была прыхавана ў яго схованках. Ён высачыў усё дакладна: дзе, па якіх хатах размешчана каманда, дзе звычайна стаяць вартавыя і калі змяняюцца яны.

Уначы, калі хмызнякамі падабраўся ён да танкаў, убачыў і некаторыя змены: побач, непадалёк ад танкаў, стаяў вялізны грузавік-бензавоз, ёмістая такая цыстэрна. «Відаць, паліва для танкаў прывезлі»,— падумаў Піліпчык і адразу ж зрабіў некаторыя папраўкі да свайго плана. «Танк без паліва не страшны, нікуды ён не пасунецца»,— прыйшоў да вываду Піліпчык. І калі зусім сцямнела, яму ўдалося паўзком падабрацца да бензавоза і паставіць пад ім магнітку.

Некалькі гадзін цярпліва праседзеў Піліпчык у густых хмызняках, страціўшы ўсякую надзею на поспех свае задумы. Ужо неба пачало шарэць, на ўсходзе ўсё шырэй і шырэй расплывалася ружовая палоска. Піліпчык збіраўся ісці дахаты, і раптам рэзкая ўспышка на які міг асвятліла дрэвы старых могілак, ля якіх стаялі танкі. І грымнуў выбух. За ім узнікла полымя, спачатку невялікае. Але яно расло з неймавернай хуткасцю. Распаўзаючыся па зямлі, яно ўзвілося агромністым агнявым слупам з густымі клубамі чорнага дыму. Піліпчык бачыў, як полымя ахапіла два танкі, якія стаялі бліжэй да цыстэрны. Перапужаны насмерць вартавы даў некалькі трывожных стрэлаў. Усчалася страляніна на вёсцы. Напалоханым гітлераўцам здалося, што на вёску робяць налёт партызаны. Піліпчык не стаў чакаць канца падзеям і, спяшаючыся, падаўся назад. Не прайшоў ён якога і кіламетра, як моцны выбух ледзь не прымусіў яго прыгнуцца да зямлі. Неўзабаве пачуліся два меншыя. Каб быў Піліпчык бліжэй да месца свае дыверсіі, ён убачыў бы, як узарвалася цыстэрна, а за ёй узляцелі ў паветра гарматныя вежы абодвух танкаў. У іх узарваліся боепрыпасы.

Страляніна даўно сціхла. Гітлераўцы з вялікімі цяжкасцямі адвялі ад пажару ўцалелыя тры танкі і, не рызыкуючы пакідаць іх у вёсцы, спешна пераправілі іх да сваіх асноўных сіл. На месцы пажарышча асталіся пакарэжаныя ўзрывам рэшткі бензавоза і абпаленыя, знявечаныя танкі.

Спачатку ні немцы, ні партызаны не ведалі сапраўднай прычыны гэтых падзей. Піліпчык лічыў за лепшае памаўчаць да пары да часу, бо пабойваўся дзеда Астапа, не ведаючы, як той будзе рэагаваць на яго сакрэтныя аперацыі, якіх ён ні з кім не пагадняў. Але доўга маўчаць Піліпчык не мог, і першы, каму сказаў ён аб сваіх прыгодах, быў яго верны прыяцель Васілька. Прымусіўшы таго некалькі раз паклясціся, што ён «ніколі, нічога і нікому не скажа, хоць бы вось настолечкі або напаўстолькі», ён паведаміў яму аб праведзенай аперацыі. Вядома, Васілька, не меўшы асаблівых падстаў давяраць кожнаму слову Піліпчыка, сустрэў гэтае паведамленне даволі абыякава і нават выказаў пэўнае сумненне.

— Ты заўсёды выхваляешся, Піліпчык!

— Я? Выхваляюся?

— Ты. Ты ж манюка і хвалько!

І колькі ні божкаўся Піліпчык, колькі ні гаварыў: «каб мне і з месца не сысці, калі я маню, няхай мяне і гром прыб’е, калі я хлушу», Васілька ўсё ж стаяў на сваім:

— Не так ужо лёгка танк узарваць. Вунь партызаны б’юць іх з спецыяльных ружжаў, а ў цябе ж такога ружжа не было.

Гэтую гарачую дыскусію і заспела Арына Пятроўна, якая даглядала за дзецьмі.

Пра міну дачуўся Мірон. Дакладная праверка боепрыпасаў, зробленая па яго загаду, выявіла сапраўды недахват дзвюх магнітак. Каб не рабіць залішняга шуму, Мірон наведаўся праз дзень у хату, дзе жыў Піліпчык. Той адразу зразумеў, па якой прычыне з’явіўся камандзір брыгады.

— Я не браў, дзядзька Мірон, сапраўды не браў.

— Чаго ты не браў? — хітравата прыжмурыўся Мірон.

— Магнітак не браў. Мне Дубок некалі даў, калі практыкаваўся на нямецкіх аўтобусах... Мы з ім і хадзілі тады, але нічога не выйшла. А я збіраўся аддаць іх назад, ды вось усё не сабраўся...

— Дык у цябе яшчэ адна асталася?

— Асталася, дзядзька Мірон...— аж уздыхнуў тут Піліпчык.

— Здасі яе сёння ж.

— Ды яна далёка ў лесе схавана.

— Ладна, заўтра прынясеш. А цяпер расказвай, як ты танкі паліў.

І давялося Піліпчыку падрабязна расказаць пра ўсе свае прыгоды.

Выслухаў яго бацька Мірон, пахваліў:

— Малайчына, што спаліў. А міну ўсё ж прынясі і здай. І наперад запомні: без майго ведама а ні кроку. Зразумеў?

— Зразумеў, дзядзька Мірон,— і яшчэ раз уздыхнуў Піліпчык.

Калі пайшоў з хаты Мірон, Піліпчык доўга яшчэ распякаў Васільку:

— Здраднік няшчасны, вось хто ты!

Апраўдваўся Васілька, як мог. І толькі тады Піліпчык перастаў чапіцца да малога, калі той шчыра сказаў:

— Я ж сапраўды не ведаў, што ты такі герой. А цяпер і ўсе ведаюць, што ты храбры. І я ж вось пра гэта кажу.

На гэтым і прымірыліся. Ды Піліпчык абяцаў яшчэ паказаць яму — калі адыдуць немцы далей — рэшткі спаленых ім машын. Паміж Піліпчыкам і Васількам зноў устанавіліся самыя прыязныя адносіны.

 

Частка чацвёртая

 

1

Карныя экспедыцыі немцаў не спыняліся. Праўда, у іх не хапала сіл, каб праводзіць аперацыі на ўсёй тэрыторыі разам. Правядуць аперацыю ў адной зоне, потым, сабраўшыся з новымі сіламі, перабіраюцца ў другую.

Супроць партызанскіх злучэнняў Саколіча яны збіраліся доўгі час. Падцягвалі эсэсаўскія часці, паліцыю, увялі некалькі рэгулярных часцей. У аперацыю ўведзены былі авіяцыя, артылерыя, танкі. Экспедыцыя не застала знянацку партызанскі штаб Саколіча. Ад «языкоў», з перахопленых дакументаў даведаліся аб аператыўных планах гітлераўцаў. Псавалі дарогі, масты, мініравалі найбольш зручныя для немцаў праходы сярод балотных мясцін і асабліва подступы да партызанскага аэрадрома. Выключную ўвагу аддалі ахове насельніцтва. Часовыя сховішчы, спецыяльныя грамадзянскія лагеры ў лясах, зручныя мясціны для непрыкметнага для ворага масавага перасоўвання людзей — усё гэта было падрыхтавана загадзя.

Вядома, нельга было прадугледзець усяго, бо і планы немцаў мяняліся. Багата было розных нечаканасцей, сітуацыя мянялася часам кожнага дня, уносячы вялікія ўскладненні і цяжкасці ў работу партызанскага штаба. Немцы распачалі аперацыю масавай бамбёжкай вёсак партызанскай зоны. Нават маладыя лётчыкі, якія праходзілі на авіяцыйных палігонах вучэбную практыку бомбамятання, перанеслі сваю вучобу на партызанскія вёскі. Але масавыя налёты не далі таго эфекту, на які разлічвалі немцы. Не станеш жа бамбіць падрад усе лясы і балоты, і ўсе шматлікія вёскі.

Немцы кінулі ў бой супроць партызан усе свае наяўныя сілы. Яны бязлітасна палілі вёскі, жорстка распраўляліся з людзьмі, якія траплялі ў іх рукі, вытоптвалі пасевы. Партызаны не прымалі адкрытага бою, манеўравалі. Багатыя сродкі сувязі, якія на той час былі ў партызан, памагалі штабу аператыўна кіраваць брыгадамі і асобнымі атрадамі. Шматлікімі атакамі з флангаў, раптоўнымі начнымі налётамі на паасобныя падраздзяленні партызаны вымотвалі ворага. Было праведзена некалькі ўдалых дыверсій на гітлераўскіх аэрадромах, што адразу знізіла актыўнасць авіяцыі.

У ярасці бяссілля кідаліся з боку ў бок гітлераўскія часці, спаганяючы злосць на людзях, якіх удавалася захапіць ім. У самы напружаны момант, калі гітлераўцы прабраліся ў глыб партызанскай зоны, калі некалькі танкавых узводаў прарваліся ледзь не да самага аэрадрома ды чакаліся падмацаванні з другіх абласцей, здарылася некалькі падзей, якія адразу зблыталі ўсе замыслы гітлераўцаў. Чэшскія артылерысты, якія ў свой час перайшлі да партызан, здолелі разам з артылерыстамі Капушы і бранябойшчыкамі другіх атрадаў заманіць даволі буйную танкавую групіроўку на вузкую і доўгую грэблю ў пойме адной рачулкі. Каля дваццаці танкаў, падбітых і цэлых, асталося ляжаць нерухомай жалезнай грудай на вузенькай грэблі.

А ў наступную ноч Андрэеў з трыма атрадамі прабраўся ў нямецкі тыл і зрабіў удалы налёт на вёску, у якой ужо з тыдзень размяшчаўся галоўны штаб карнай экспедыцыі. Налёт быў такі нечаканы для немцаў у гэтым месцы, што яны не маглі ні супраціўляцца, ні ўцячы. Ахоўны батальён перабілі, захапілі багатыя трафеі, усе дакументы штаба. Трапіў у палон і камандуючы экспедыцыяй, эсэсаўскі генерал, і яшчэ некалькі афіцэраў штаба. Экспедыцыя была абезгалоўлена.

А тым часам амаль што пад самым Мінскам, у мясцовасці, у якой гітлераўцы адчувалі сябе ў поўнай бяспецы, было знішчана амаль што цалкам усё абласное начальства паліцыі і жандармерыі. Не так далёка ад горада стаяў даволі вялікі паліцэйскі гарнізон. У самым пачатку правядзення карнай экспедыцыі гэты гарнізон заслужыў вялікую павагу ў немцаў, бо бязлітасна знішчыў некалькі вёсак, загубіўшы некалькі соцень бяззбройных людзей з насельніцтва. Начальства ў Мінску наважылася ўзнагародзіць адважных паліцаяў. Для падтрымання баявога духу паліцыі і намечана было правесці спецыяльныя ўрачыстасці ў мястэчку.

Штаб Саколіча дакладна даведаўся аб дні, калі мінскае начальства паедзе раздаваць узнагароды. Спецыяльная аперацыя была даручана дыверсійнаму атраду лейтэнанта Камара.

У прызначаны час лейтэнант Камар з паўсотняй людзей свайго атрада і ўзводам з маладзёжна-камсамольскага атрада разведчыкаў сядзеў у засадзе ў завалах спілаванага паабапал грунтоўкі лесу. Лес быў спілаваны па загаду немцаў, але расчысціць яго і вывезці ад дарогі яшчэ не паспелі. Была ў засадзе і Майка Светлік. Яна наведала ў гэты дзень маладзёжна-камсамольскі атрад, дзе раней была камсоргам, і, даведаўшыся, што адзін узвод прымае ўдзел у цікавай аперацыі, наважылася пабыць там.

Камар выставіў дазорныя пасты па дарозе, якія павінны былі непрыкметна сігналізаваць засадзе аб набліжэнні машын і аб іх колькасці.

Стаяла свежая ліпеньская раніца. Лес навакол поўніўся птушыным шчэбетам. Смалістыя пахі паваленых ля дарогі дрэў змяшаліся з густым, нібы настоеным, водарам угрэтага сонцам чабору. Сярод верасоў сям-там чырванелі зоркі дзікай гваздзікі, сінелі лясныя званочкі, жаўцелі суквецці бяссмертніку. Крохкія сыраежкі прытуліліся аж ля самага кювета ля дарогі, ды грыб мухамор адважна падымаў сваю чырвоную шапку ў парасніку маладых асінак ля лясной канавы, цераз якую перакінуты быў невялічкі масток на дарозе. Цікаўныя да ўсяго сарокі пакруціліся былі над дарогай, але напужаныя паляцелі ў гушчар лесу. Стракаты ўдод сядзеў на тэлефонным дроце і гарэў пад сонцам, як вясёлка. Непадалёк гаспадарліва пастукваў дзяцел. Усё гэта надавала такі мірны выгляд і лесу і дарозе, што Майцы здавалася, нібы не васемнаццаць год ёй, а якіх-небудзь дванаццаць-трынаццаць і гуляе яна з сваімі дружбакамі-школьнікамі ў лесе ў схованкі ды ў другія гульні.

Над дарогай, над лесам кружыць каршучок, усё выглядае здабычу. Так жа хочацца пужнуць яго, крыкнуць, пляснуць далонямі. Але ўжо ад аднаго да другога байца шэптам перадаецца слова: «Увага!»

І ўсё нібы знікае разам: і лясныя пахі, і сонечная цяплынь, і празрыстая сінь неба, у якім растаюць перыстыя аблачынкі. Усе сочаць за дарогай, адкуль едуць яны. Ужо чуваць, як гудуць маторы машын.

— Без каманды не страляць!

І лейтэнант Камар аддае яшчэ некалькі загадаў: каму адказваць за якую машыну.

На месцы засады ціха-ціха. Кожны адчувае, як б’ецца яго сэрца. Вось прамчаліся тры матацыклісты. Няхай едуць, іх пярэйме група хлопцаў, якія сядзяць у лесе далей, за паўкіламетра. За матацыклістамі пыліць танкетка. На некаторай адлегласці ад яе, каб не трапляць у густы пыл, паволі ідуць некалькі легкавых аўтамашын. За імі — два грузавікі з аўтаматчыкамі. Адзін з іх адстаў на якога паўкіламетра, відаць, нешта не ладзіцца з маторам.

Немцы не адчувалі ніякай небяспекі. Танкісты высунуліся па пояс з-за брані, начальства ехала ў адкрытых машынах, нібы выбраліся на вясёлую прагулянку ў лес.

Прытаіўшыся за наваленымі дрэвамі і назіраючы за машынамі, усе мімаволі глядзелі на невялічкі масток. Танкетка, замаруджваючы ход, каб не дужа адрывацца ад калоны, паволі набліжалася да мастка. Вось асталося якіх метраў пяць... Шызая пліска, якая бесклапотна памахвала хвосцікам, бегаючы па дошках мастка, успырхнула, спужаная машынай.

Майка, якая назірала за мосцікам, аж уздыхнула:

«Як добра, што паляцела, як добра...»

Уздымаючы воблака пылу, грымнуў узрыў. Танкетка рэзка крутнулася на месцы, трушчачы абломкі дошак. Відаць, перабіта была адна гусеніца. Яшчэ раз ірванулася танкетка і перакулілася бокам у кювет. А ўжо рваліся гранаты ля машын, захліпаліся два партызанскія кулямёты, трашчалі аўтаматы. Уся ахова гітлераўцаў была ў момант перабіта, не паспеўшы падрыхтавацца да бою. З легкавых машын паспрабавалі адстрэльвацца, нават кінулі гранаты. Супраціўленне было яўна бескарыснае і бязмэтнае. Сёй-той паспрабаваў кінуцца наўцёкі на другі бок дарогі, але тут жа падаў, дагнаны партызанскай куляй. Другі грузавік з аўтаматчыкамі, які адстаў ад калоны, паспрабаваў падацца назад, але, сустрэты моцным агнём групы партызан, якія прыкрывалі засаду, павярнуў назад, праехаў колькі метраў, спыніўся. З бартоў саскоквалі аўтаматчыкі. З кабіны шафёра выскачыў афіцэр і кінуўся ў лес. За ім пагнаўся Камар.

Гітлераўцы адстрэльваліся. Партызаны бачылі, як лейтэнант, страляючы на бягу, раптам нібы спатыкнуўся на ядлоўцавы кусцік і ўпаў на жоўты пясок, выпусціўшы з рук аўтамат.

Усе пачулі, як жахліва ўскрыкнула Майка, на якую хвіліну прыкрыўшы твар рукамі.

— Бяжыце ж туды, бяжыце! — ужо крычала яна і кінулася напярэймы гітлераўцу. Але хлопцы апярэдзілі яе, пераняўшы яго трапнай куляй. Хутка закончылі ўсю аперацыю.

Нахіліўшыся над лейтэнантам, Майка нецярпліва пыталася ў медсястры, якая аказвала яму першую дапамогу — рабіла перавязку:

— Ды скажы ты мне, будзе ён жыць?

— Будзе, будзе, не хвалюйся...

Камара палажылі на спіну, забінтавалі прабітыя грудзі. Твар яго быў збялелы, відаць, паранены страціў багата крыві. Скончыўшы перавязку, медсястра памацала пульс, усміхнулася.

— Ну, будзе жыць лейтэнант. Рана не такая ўжо страшная.

Майка прыпала вухам да яго грудзей. Яе пахмуры твар паступова праясняўся. А вакол ужо збіраліся хлопцы. І вось паранены папрасіў піць. Потым расплюшчыў вочы, абвёў усіх доўгім позіркам, нібы прыгадваючы, дзе ён і што з ім. І раптам не то спытаўся, не то загадаў:

— Дакументы! Усе дакументы... Сабраць.

Яго зразумелі.

— Усё сабралі, таварыш камандзір. І дакументы гітлераўцаў, і наградныя лісты паліцаяў, і нават нарыхтаваныя ім медалі.

Трэба было спяшацца. Адзін з грузавікоў калоны ўцалеў. На яго пагрузілі трафеі і параненых і, ад’ехаўшы на якога паўкіламетра назад па дарозе, звярнулі на глухую лясную дарогу і падаліся да сваіх.

Саколіч абвясціў усім удзельнікам аперацыі вялікую падзяку. Аказалася, яны знішчылі трыццаць сем чалавек усялякіх паліцэйскіх і жандарскіх чыноў. Сярод загінуўшых былі і сам абласны гебітскамісар, і ўрадавы інспектар гестапа, і начальнік абласной жандармерыі, і розныя зондэрфюрэры, і больш дробныя гестапаўцы. З дакументаў былі захоплены важныя аператыўныя загады і спецыяльнае распараджэнне гаўляйтэра карнікам аб пагалоўным знішчэнні насельніцтва партызанскіх раёнаў. Калі партызаны даведаліся аб такіх замыслах гаўляйтэра, пачуліся галасы:

— Смерць кату!

Так нарадзілася думка ў партызан, у народа звесці ўрэшце рахункі з гаўляйтэрам, які не спыняў бязлітасных распраў з мірным насельніцтвам, нягледзячы на грозныя папярэджанні партызан.

Жывёльны страх за сваю скуру ўсё часцей і часцей авалодваў Кубэ, асабліва пасля ўзрыву на вакзале. Ён добра разумеў, што каб не здарыўся тады тэрміновы тэлефонны званок з Берліна, то намесніку Гімлера, ды, відаць, і яму самому, Кубэ, не давялося б больш хадзіць па зямлі. З таго часу і пасля выбуху ў тэатры на ўрачыстым пасяджэнні, наладжаным у другую гадавіну з дня захопу Мінска (Кубэ выпадкова пакінуў тое пасяджэнне за якую хвіліну да выбуху), ён інстынктыўна адчуў, што за ім палююць нястомныя партызаны. Страх не пакідаў яго, калі яму даводзілася альбо перайсці пешкі невялікую адлегласць ад кватэры да дома генеральнага камісарыята, альбо ехаць на машыне па горадзе. Ён стараўся ездзіць на розных машынах, мяняў нумары машын, мяняў маршруты сваіх паездак, баяўся ўжо бываць у турмах, у лагерах, каб быць далей ад выпадковасцей, эксцэсаў, якія маглі пагражаць яго ўласнай асобе.

Настрой Кубэ пагоршваўся з кожным днём. Не паспеў ён апамятацца ад разгрому штаба карнай экспедыцыі і страты дзесяткаў танкаў, як ледзь не захварэў, дачуўшыся аб гібелі кіраўнікоў абласной паліцыі і жандармерыі, яго бліжэйшых памочнікаў. Ён літаральна ўмольваў штаб вярхоўнага камандавання тэрмінова падаслаць яму падмацаванні паліцэйскімі злучэннямі і рэгулярнымі часцямі. Ён даводзіў штабу, што разгромам партызан ён акажа выключную дапамогу вялікаму германскаму наступленню, якое было ўрачыста абвешчана і аб якім трубілі ва ўсіх газетах і па радыё. І тут жа перажыў вялікае расчараванне. Яму сказалі, каб ён уважліва пазнаёміўся з новым загадам штаба, які вось-вось ён пачуе па радыё, і зрабіў з яго належныя вывады для сябе. Яшчэ да загаду атрыманы былі тэрміновыя тэлеграмы, каб зараз жа адклікаць з карнай экспедыцыі ўсе часці рэгулярных войск і неадкладна накіраваць іх на фронт.

Гаўляйтэр зразумеў, што абвешчанае з такой помпай наступленне, відаць, церпіць няўдачы, а можа, і зусім правалілася. Вячэрняе радыё ўнесла па крайняй меры некаторую яснасць, хоць перададзенае паведамленне і было крыху незразумелым. Быў жа раней загад аб германскім наступленні, а ў паведамленні гаварылася пра вялікае наступленне савецкіх войск. З гэтага дня ўсё часцей і часцей навальваліся на гаўляйтэра непрыемнасці.

Гаўляйтэр спаганяў сваю злосць на тых, над кім ён меў яшчэ ўладу. Рэшткі людзей з яўрэйскага гета, якіх асталося ўсяго тысяч шэсць, былі ліквідаваны. Апошнімі ў гета былі расстраляны члены яўрэйскага камітэта і сфарміраваная ў свой час яўрэйская паліцыя. Здраднікаў не выратавалі ад смерці ні іх паслугі немцам, ні іх гнюсная, правакатарская дзейнасць, у выніку якой больш за сотню тысяч ні ў чым не вінаватых людзей былі закатаваны фашыстамі.

Цяпер амаль штотыдзень праводзіліся чысткі турмаў і лагераў. Машыны-душагубкі працавалі з поўнай нагрузкай. І днём і ноччу дыміла печ Трасцянца, прымаючы партыі чарговых ахвяр.

А на вялікіх могільніках: і ў лесе пад Трасцянцом, і ў супрацьтанкавых равах, і па гліняных ямах ля цагельных заводаў, і па ўсіх іншых месцах, дзе закопаны былі раней тысячы ахвяр масавых экзекуцый, хадзілі каманды смертнікаў. Яны раскопвалі магілы, і даўнія і свежыя, выцягвалі трупы і складвалі іх штабялямі ўперамежку з дрывамі, бярвеннямі. Падпальваліся штабялі, і трупныя дымы пасцілаліся над палямі і лясамі.

У гэты час гаўляйтэр Кубэ распрацоўваў розныя дырэктывы, аддаваў загады аб наладжванні лагераў, куды перавозілася частка людзей са старых лагераў і пасылаліся арыштаваныя. Звычайна туды перавозілі хворых і слабасільных. У гэтых лагерах амаль што не расстрэльвалі, не выводзілі на працу. Зняволеныя былі пакінуты цалкам на саміх сябе. Ім не будавалі ніякіх баракаў. Маглі ж зняволеныя і самі, калі гэтага хацелі, вырыць у зямлі норы, пячоры, каб укрыцца ад дажджу, ад непагоды. Маглі і проста ўкрыцца пад дрэвамі, калі не мелі сілы выкапаць сабе які-небудзь прытулак. Зняволеных амаль што не кармілі. Толькі зрэдку прывозілі гнілую бульбу, буракі, даючы ім поўную свабоду падрыхтаваць сабе якое-небудзь нішчымнае варыва, каб не памерці з голаду.

Гэта былі сакрэтныя тыфозныя лагеры, той апошні сродак, на які разлічвалі гітлераўцы, каб нейкім чынам абяскровіць у недалёкім будучым Савецкую Армію, наступленне якой паспяхова развівалася і вынікі якога былі відны нават самым недальнавідным гітлераўскім палітыкам і ваякам. Фашысты спадзяваліся займець сваім верным саюзнікам і тыфозную вош. Не сказаць, каб яны дужа верылі ў гэтага саюзніка, але што ж зробіш, калі другіх, больш надзейных, ужо не знаходзілася.

 

2

Ніна Васільеўна і ўзрадавалася, і засумавала.

Узрадавалася вестцы, што яе ў хуткім часе вывезуць з горада ў партызанскую зону. Сувязны намякнуў, каб яна пастаралася больш назапасіць медыкаментаў, бо вывезуць не толькі яе, а і ўсю аптэку, у якой яна ўжо некалькі месяцаў была загадчыцай.

Засумавала таму, што баялася за лёс сваіх дзяцей, якія былі цяпер ледзь не асноўнай апорай у яе жыцці. Яна ведала, што ўсякія выезды з горада, асабліва цяпер, пасля многіх няўдач у гітлераўцаў, звязаны з вялікімі цяжкасцямі. Рызыкаваць сабой — адно, а ставіць жыццё дзяцей пад гэтую рызыку ёй не хацелася. Але гэты смутак не быў цяжкі. Наперадзе паўставалі такія перспектывы і для яе і для дзяцей, што не страшна было пайсці на любую рызыку.

Урэшце надышоў і гэты жаданы дзень. Яе папярэдзілі загадзя, каб уся сям’я была гатова заўтра накіравацца ў дарогу.

І вось а шостай гадзіне раніцы яна была ў аптэцы, яшчэ раз агледзела ўсе скрынкі на складзе, у якія акуратна было запакавана ўсё, што трэба было вывозіць. А сёмай гадзіне на двор дома заехаў вялізны нямецкі грузавік. Яна адчыніла дзверы на двор. Шафёр і адзін салдат — абодва ў нямецкай форме — хутка перагрузілі ўсе скрынкі на машыну. Прайшло яшчэ якой паўгадзіны, і Ніна Васільеўна сядзела з дзецьмі ў кузаве грузавіка.

Машына заязджала яшчэ ў некалькі месц. З’явіліся новыя грузы і некалькі пасажыраў, якіх яна не ведала.

Ніна Васільеўна разумела, што ўсе пасажыры грузавіка свае людзі, якія па тых ці іншых прычынах выбіраюцца з горада. Яна занялася дзецьмі, накарміла іх, хацела ўкласці спаць на сваіх невялікіх пакунках. Але, трапіўшы ў новае асяроддзе, яны цікавіліся ўсім: і машынай, і пасажырамі, і ўсімі рэчамі, з якімі яны сустракаліся першы раз у сваім жыцці. Толькі калі падыходзілі салдаты, яны насцярожваліся, замаўкалі. Хутка і ім перадалася трывога дарослых, якія пачалі непакоіцца нейкай затрымкай, праз якую дзесяць машын, што сабраліся на ўскраіне горада, стаялі яшчэ на месцы. Два маладзенькія афіцэры з нецярплівасцю пазіралі ўздоўж вуліцы. Кагосьці чакалі.

Нехта з пасажыраў падзяліўся сваёй думкай:

— Камандзіра чакаюць.

Усе прыкмецілі, як адзін з афіцэраў махнуў рукой і салдаты пачалі садзіцца на машыны. Пасажыраў яшчэ раз папярэдзілі, каб яны, выязджаючы з горада, не вельмі высоўваліся з-за бартоў. Папярэджвалі салдаты.

Машыны ўрэшце скрануліся з месца і падаліся ў дарогу. Паліцэйская застава за горадам не спыніла іх для праверкі, і, набіраючы хуткасць, грузавікі запылілі па шашы. Ад’ехаўшы якіх кіламетраў трыццаць, машыны з’ехалі на лесавую дарогу, а праз якіх кіламетраў з дзесяць спыніліся ў густым бярозавым гаі. Па ўсім відаць было, што кіраўнікі калоны зноў некага чакалі, паслалі на шашу матацыкліста. Хутка ён вярнуўся, і па расчараваных тварах афіцэраў відаць было, што паездка яго не дала ніякіх вынікаў.

Калона хутка зноў кранулася ў дарогу. Неўзабаве Ніне Васільеўне, ды і ўсім пасажырам, давялося перажыць некалькі трывожных хвілін. Пры аб’ездзе аднаго мястэчка калону спрабавала спыніць паліцэйская застава. Пачаліся спрэчкі між афіцэрамі і старшым паліцэйскім, які намагаў на тым, каб калона пачакала.

— Хіба ты не бачыш, што гэта ідуць машыны з германскімі салдатамі?

— Вось таму і загадана затрымаць вас, нейкія будуць вам распараджэнні...

— Ну што ж, паспрабуй, калі можаш! А калі пачуецца хоць адзін стрэл з вашага боку, жывым не пакінем.

Паліцай зірнуў на машыны, з якіх вытыркаліся гатовыя да бою кулямёты, і безнадзейна махнуў рукой.

— Наша справа давесці да вашага ведама загад, а далей мы вам не ўказчыкі, мы ніколі не ваюем з германскімі салдатамі...

— Так бы і раней сказаў.

Калона рушыла далей. Афіцэр, які з правадніком вёў калону, увесь час непакоіўся. Праўда, ён атрымаў указанне ад камандзіра роты не чакаць яго, калі ён у час не прыбудзе да калоны, і ехаць самастойна. Сам жа ён, камандзір, нагоніць калону на легкавой машыне, і, самае большае, ён спозніцца на якую гадзіну. Але прайшло ўжо больш гадзіны, калі лічыць стаянкі, а камандзіра ўсё не было. І калі ён паедзе гэтай дарогай, то паліцаі, чаго добрага, могуць і затрымаць легкавую машыну. Сваімі сумненнямі ён падзяліўся з правадніком. Але той супакоіў яго, што ў першай жа вёсцы, куды яны патрапяць, ён прыме меры, каб папярэдзіць па дарозе камандзіра і параіць яму паехаць па бяспечнай дарозе. Сапраўды, праваднік пагаварыў у вёсцы з сувязным, і той неадкладна пайшоў у абход паліцэйскай заставы.

Пад вечар машыны, блукаючы ляснымі і прасёлачнымі дарогамі, дабраліся ўрэшце і да месца. Адбылася радасная сустрэча з партызанамі. Аб прыездзе далі знаць у штаб, і пад самы вечар прыехалі Саколіч, Слышэня і адзін з чэшскіх афіцэраў. Слышэня адчуваў сябе бясконца шчаслівым, урэшце спаткаўшыся з жонкай. Ён так загаварыўся з ёй, што не заўважыў і дзяцей. Ніна Васільеўна жартам папракнула яго:

— Гэта называецца бацька, на сям’ю забыўся зусім, пра дзяцей не дбае.

Ён кінуўся да малых, тут жа ўспомніў, што яшчэ ў Маскве набыў ім сякія-такія прысмакі, якія зберагаў ужо колькі месяцаў. Дзеці інстынктыўна адчувалі, што гэта добры дзядзька. Праз якую хвіліну яны ўжо сядзелі ў яго на плячах і адзін перад адным выхваляліся сваімі падарункамі.

Усміхнуўся Саколіч:

— Шчаслівы ты чалавек, Вадзім Рыгоравіч! Адлучыўся ад жонкі на якіх два гады, глядзі — поўная хата дзяцей!

— А і сапраўды шчаслівы, Васіль Іванавіч. Не я адзін прыкмеціў, што каля дзяцей чалавек адчувае сябе значна лепей, адным словам, сапраўдным чалавекам становіцца.

Драгош не з’явіўся ні праз гадзіну, ні позна вечарам. Не дачакаліся яго і наступнай раніцай. Не з’яўлялася і дзяўчына, якая, як ведаў Саколіч, мела некаторае дачыненне да пераходу на бок партызан усяе гэтай групы чэхаў.

Зараз жа была дадзена каманда разведчыкам, сувязным, каб высветліць прычыны затрымкі.

 

3

Гэта быў вельмі шчаслівы дзень для Лены. Урэшце збываліся яе надзеі трапіць да сапраўдных партызан, аб чым яна думала ўжо некалькі месяцаў. Ёй дазволілі выехаць з горада. І першы сказаў ёй пра гэта Жэнька.

— Скажы бацькам, што табе абавязкова трэба выехаць, што аставацца ў горадзе нельга.

Драгош заехаў па яе гадзіне а сёмай на легкавой машыне. Яны ўжо збіраліся паехаць у яго роту, як Драгош успомніў пра адно нявыкананае даручэнне. Разам з рэчамі, якія былі ўзяты на грузавікі, трэба было ўзяць з сабой і даўно падрыхтаваную партыю газетных шрыфтоў. Партыя гэта была не вельмі цяжкая па вазе, і Драгош наважыўся ўзяць яе ў легкавую машыну. Калі яны выехалі на галоўную вуліцу, Драгош заўважыў, як адна сустрэчная машына адразу павярнула і паехала за імі. Ён не прыдаў гэтаму аніякага значэння, тым больш што машына тая адстала і спынілася ля нейкага дома, відаць, установы, бо ля варот стаяў нямецкі вартавы.

І толькі пад’язджаючы да паліцэйскай заставы за горадам, Драгош заўважыў там дзве машыны, ля якіх стаяла група гестапаўцаў. Сустракацца з імі Драгош не збіраўся, тым больш што таварышы са штаба батальёна папярэджвалі аб некаторай зацікаўленасці да яго з боку палявой жандармерыі і нават рабілі намёкі, каб ён быў выключна асцярожны, калі мае за сабой якія-небудзь там «грахі».

Драгош павярнуў машыну назад, прыбавіў скорасць. У бакавое люстэрка бачыў, як тыя дзве машыны, набаўляючы ходу, памчаліся за ім. Лена зразумела, што адбываецца нешта нядобрае. Як бы ўгадаўшы яе думкі, Драгош паспрабаваў супакоіць яе:

— Нічога асаблівага, проста праверка дакументаў. Мы пастараемся адарвацца ад іх, ты не хвалюйся.

Але Лена бачыла, што і сам ён хвалюецца. Вось ён паспрабаваў павярнуць у бакавую вулічку, але пасля дажджоў тут была такая гразь, што машына ледзь-ледзь выбралася з яе. Адна гестапаўская машына зусім загрузла, але другая здолела праскочыць. Ужо машына Драгоша імчалася на самай большай хуткасці, заносіла заднія колы на рэзкіх паваротах. Вось зноў галоўная вуліца, і Драгош зноў імчыць ранейшым кірункам, спадзеючыся прарвацца праз паліцэйскую заставу. Там жа няма цяпер тых гестапаўскіх машын, а з паліцаямі гаворка кароткая: пара гранат, і шлях будзе адкрыты. Толькі б не было гэтых чорных д’яблаў, цяжка ж аднаму ўправіцца з імі.

Імчыць машына, слупы пылу ўзнімаюцца за ёю, у страху разбягаюцца сустрэчныя прахожыя. Але, відаць, не ўцячы табе, Драгош, ад чорных мундзіраў: ужо не дзве, а некалькі машын імчыць следам. Вось адна абганяе. Гестапавец, высунуўшыся з машыны, размахвае рэвальверам, жэстамі загадвае спыніцца. Не, не будзе спыняцца Драгош. Гестапавец спрабуе загарадзіць яму дарогу сваёй машынай, рэзка паварочвае яе бокам, дае каманду сустрэчным, каб яны таксама закрывалі дарогу. Але на гранічнай скорасці імчыць машына Драгоша, і гестапавец, баючыся трапіць пад яе ўдар, ледзь паспявае адскочыць убок са сваёй машынай. Пачынаецца шалёная гонка. З гестапаўскіх машын адкрываюць страляніну. Відаць, хочуць захапіць жывымі, бо страляюць па колах, каб спыніць машыну. Лена з пабялелым ад страху тварам глядзіць, як насцігаюць іх гэтыя праклятыя аўтамабілі.

Вось і надыходзіць тое, аб чым ніколі не хацелася ні думаць, ні гадаць. А жыццё толькі ж пачыналася.

І наперадзе столькі харошага, прывабнага. І раптам усё абрываецца, гіне, гіне тады, калі перад табой адкрывалася яшчэ больш шырокая дарога, дзе так багата было яшчэ нязведанага, новага, дзе чакалі і радасці, і шчасце.

Рукі Драгоша зліліся з рулём, яму немагчыма нават азірнуцца на Лену, трэба ж глядзець толькі наперад, толькі наперад. Ён намагаецца спакойна, як толькі можна гэта яму, суцяшаць яе:

— Вось праскочым чыгуначны мост, вырвемся за горад, дамчым да лесу, а там ніхто не дагоніць нас, ніхто не затрымае...

Чыгуначны мост над вуліцай набліжаецца з маланкавай быстрынёй. Усё часцей і часцей чуюцца стрэлы. І раптам машыну рэзка заносіць направа, відаць, перабілі задняе кола. З разгону машына прабівае хліпкі плоцік, яшчэ імчыць некалькі метраў праз кусты агрэсту, маладога вішняку нейкага садзіку і на які метр узбіваецца на адхон чыгуначнага насыпу.

— Уцякай! — крычыць Лене Драгош, ледзь адкрыўшы пакарабачаныя дзверы кабіны.

— А ты? — і ў вачах яе смяротны жах.

— Уцякай, гавару, я іх тут затрымаю.

Яна завагалася.

— Загадваю: уцякай! Іначай загінем абое. Спяшайся хутчэй.

Яна кінулася ў зараслі вішняку, перабралася ў агародзік, адтуль трапіла ў завулак, потым нейкай крывенькай вуліцай выбралася на галоўную вуліцу і, не спяшаючыся, каб не прыцягваць на сябе асаблівай увагі прахожых, пайшла далей. Ішла, а сэрца поўнілася вялікім смуткам: як жа ён там — адзін супроць цэлай зграі звяроў. Божа мой, як дарэчы быў бы ёй той аўтамат, які аддала яна Жэньку. Не з голымі ж рукамі ісці супроць узброеных да зубоў гестапаўцаў. Ішла і прыслухоўвалася да заціхаючай страляніны ля чыгуначнага моста. Кожны стрэл нібы вострым цвіком працінаў яе сэрца.

Яе думкі былі так сабраны на тым, што адбывалася ля чыгуначнага моста, што яна ні на што не звяртала ўвагі, нічога не прыкмячала і не пачула, як яе паклікаў знаёмы чалавек.

Яна разгублена адказала нешта, спаслалася на нейкую тэрміновую справу, дзеля якой так спяшаецца, і памкнулася ісці далей. Але чалавек пайшоў побач і ўжо зусім ціха, шэптам праказаў:

— Не раю вам хадзіць па вуліцах сёння. Хадзем да мяне.

Яна здзіўлена зірнула на яго. Якое мае ён права так звяртацца да яе? Разы са два, праўда, бачыла яго на явачнай кватэры разам з Жэнькам. Яна зразумела, нарэшце, што чалавек гэты мае, відаць, нейкае дачыненне да спраў, якімі займаецца і Жэнька.

— Хадзем, спяшайцеся, вам нельга аставацца тут на вуліцы. Пасля я вам усё растлумачу.

Гэта сказана было такім тонам, які не дапускаў аніякіх спрэчак. Ды ўрэшце ж, гэта не чужы чалавек, не вораг. Пайшла з ім. Здрыганулася, калі адзін за адным грымнула некалькі ўзрываў.

— Божа мой, гэта, відаць, машына! — мімаволі вырвалася ў яе.

— Не, дарагі мой таварыш, машыны так не рвуцца. Гэта куды больш сур’ёзней, чым любая машына. Вось чуеце?

Узрывы сапраўды чуліся раз-поразу, але цяпер куды ўжо цішэйшыя, чым раней.

— Я перайду на другі бок вуліцы,— сказаў ён на перакрыжаванні,— а вы ідзіце, як ідзяце. Бачыце, вунь домік ля старой бярозы? Зараз жа заходзьце туды і скажыце таму, хто вас сустрэне, што вы прыйшлі па прымус, які аддалі ў паправу. Так і скажыце: прыйшлі па наш прымус. Спытаюць, калі здавала, адкажыце, што сам дзядзька Андрэй здаваў. Запомнілі?

Яна неўзабаве зайшла ў невялічкі стары домік з сенцамі, накрытымі счарнелай фанерай і лістамі абпаленай — відаць, з пажарышча — бляхі. Яе сустрэла бабулька, якая да гэтага корпалася ў гародчыку. Выслухала яе і, выцершы рукі аб фартух, завяла ў хату.

— Вось у гэтым пакоіку і размяшчайся. Можа, есці хочаш?

— Не хачу...— хацела была сказаць «цётачка», але не адважылася.— Не хачу, бабулька.

— Ну, глядзі... Захочаш спаць, кладзіся тут на канапцы, ды не зважай, калі мае майстры ляпаць пачнуць, яны зараз на абедзе.

Сапраўды, у другім пакойчыку праз калідор Лена ўбачыла нешта падобнае на слясарны варштат, а на падлозе груды рознага посуду, вёдзер, прымусаў і другіх рэчаў хатняга ўжытку.

Доўга не магла заснуць у той дзень Лена. І не новае месца, не незнаёмыя людзі, з якімі давялося ёй сустрэцца, былі таму прычынай. Яе хвалявала думка аб Драгошы. Што ж сталася з ім, які лёс пасцігнуў гэтага чалавека? Страшны, відаць, лёс, трагічны.

Сотні розных трывожных пытанняў паўставалі адно за адным, а адказаў не было. Даўно ўжо настала ноч, а дзяўчына ўсё мучылася ў здагадках, меркаваннях. Толькі пад раніцу яна заснула на некалькі гадзін ад сваіх трывог і хваляванняў.

 

4

На іх след натрапілі дзён два назад. Гестапаўцы не спынялі пошукаў рэдакцыі і друкарні падпольнай газеты. Кожны новы нумар даваў ім багата клопатаў: вывучалі шрыфты, параўноўвалі памеры і гатункі паперы гэтай газеты з паперай, якая была на складах, на якой друкавалі афіцыйныя выданні. Але ўсё гэта пакуль што нічога не давала.

Адзін з гестапаўскіх агентаў, корпаючыся з шрыфтамі і гатункамі паперы ў невялічкай друкарні, арандаванай у гарадской управы адным наваяўленым прадпрыемцам, зусім выпадкова натрапіў, як здавалася гестапа, на верны пуць да выкрыцця падпольнай газеты.

У часе гутаркі ўладар друкарні паскардзіўся агенту гестапа на цяжкасці, якія самі нямецкія ўлады мімаволі ставяць перад людзьмі, занятымі карыснай справай.

— Бачыце,— гаварыў ён,— мы друкуем для вас і аб’явы, і афішы, і загады, і лістоўкі, адным словам, усё, што вам так патрэбна. Дык падумайце, як жа я магу спраўляцца з усім гэтым, калі нямецкая ўлада не знайшла нічога лепшага, як канфіскаваць адну з маіх ледзь што не апошніх машын. Я маю на ўвазе амерыканку, узятую ў мяне месяцы з два таму назад.

Агент гестапа пачаў быў ушчуваць гаспадара друкарні, яго заяву назваў не чым іншым, як злосным паклёпам на нямецкія ўлады, якія заўсёды трымаюцца закону і не могуць дапусціць беспрычынных канфіскацый чыёй бы там ні было маёмасці, бо яны паважаюць прыватную ўласнасць... І пайшоў, і пайшоў...

Гаспадару друкарні, каб нейкім чынам апраўдацца перад абаронцам нямецкіх законаў, нічога больш не аставалася, як паказаць распіску аб канфіскацыі, выданую прадстаўніком вайсковай часці.

Агент спачатку і не надаў асаблівага значэння гэтаму факту. Але яго начальства глянула на падзею зусім іншым вокам і адразу зацікавілася самой распіскай. Па штампу і пячаці лёгка было ўстанавіць, што квітанцыю выдала камандаванне батальёна аэрадромнага абслугоўвання. Спецыяльна запрасілі камандзіра батальёна, для чаго ён браў друкарскую машыну. Той выказаў здзіўленне: ніякіх машын ён не браў, бо яны проста яму непатрэбны. Западозрыць камандзіра не было ніякіх падстаў, гэта быў стары фашысцкі ваяка, па частковай інваліднасці пераведзены на нестраявую службу. Паехалі паказаць яму квітанцыю. Ён прызнаў, што бланк сапраўды належыць канцылярыі батальёна, але ён ніколі не выдаваў яго, аб чым сведчыў і подпіс, не зусім чытэльны, але яўна не ягоны.

Усё гэта заінтрыгавала работнікаў гестапа, і яны пачалі правяраць па дакументах, якія былі ў самім штабе, подпісы ўсіх афіцэраў батальёна. Не цяжка было ўстанавіць, што подпіс, хоць і зроблены быў не досыць чытэльна, належыць не каму іншаму, як маладому камандзіру адной роты, дзе пераважная большасць салдат была з чэхаславакаў, ды і сам камандзір Драгош Чэпічка быў чэхам. Гэта адразу падагрэла следчы пыл гестапаўцаў. Тут жа хапіліся за ўсе сакрэтныя матэрыялы, у якіх давалася падрабязная характарыстыка маладому афіцэру, за якім ужо і раней уважліва сачыла гестапаўская агентура. З яе данясенняў было відно, што афіцэр некалькі разоў выказваў нездаволенне існуючым у арміі парадкам, што ён, як можна меркаваць, не адабрае самой вайны, ставіцца адмоўна да свае мабілізацыі ў армію, дазваляе гаварыць перад салдатамі рэчы, якія гучаць двухсэнсава. Праўда, яўных доказаў якой-небудзь падрыўной, злачыннай дзейнасці з яго боку ў данясеннях агентуры не было. Што тычыцца службы, то камандзір батальёна даваў яму самую станоўчую характарыстыку як акуратнаму афіцэру, які не меў ніводнага службовага спагнання. Чалавек здаваўся зусім лаяльным.

— А гэта квітанцыя? — ва ўпор ставілі перад ім пытанне.

Камандзір батальёна разводзіў рукамі.

— Мне дакладна вядома, што такой машыны яму абсалютна не трэба і няма яе ў роце.

— Кепска, пан падпалкоўнік, што вам нічога невядома. А ці вядомы вам некаторыя акалічнасці з асабістага жыцця чэшскага афіцэра, у прыватнасці яго зусім падазронае ў святле ўсіх фактаў знаёмства з адной рускай дзяўчынай?

— Пра гэта я ведаю. Мае афіцэры гаварылі, што яна зусім прыстойная дзяўчына. Ды ці мала хто з нашых афіцэраў заводзіць знаёмства з мясцовымі жанчынамі?

— Ну, ведаеце, у нашых умовах лепш, калі яны заводзяць знаёмствы з непрыстойнымі жанчынамі. Гэта куды больш бяспечна, па крайняй меры для нашай справы, чым гэтыя прыстойныя... Вам вядома, што дзяўчына працуе на папяровым складзе ў друкарні?

— Пра гэта я чуў...

— Чулі, чулі...— зняважліва кінуў старшы гестапавец.

Уся справа, не досыць прыемная для камандзіра батальёна, адбывалася а дзевятай гадзіне раніцы. Тут жа гестапаўцы загадалі камандзіру батальёна неадкладна выклікаць у штаб Драгоша Чэпічку. Для гестапаўцаў станавілася ўжо ясна, што канфіскацыя друкарскай машыны мела непасрэдную сувязь з існаваннем падпольнай газеты.

Камандзір батальёна пазваніў у роту і загадаў, каб да тэлефона падышоў камандзір. Яму адказалі, што яго зараз няма.

— Дзе ж ён?

— Ён паслаў роту на вучэбную стральбу, а сам паехаў у горад, але да гэтага часу не вярнуўся яшчэ.

Камандзір батальёна стаў шэры. Ён мімаволі зірнуў на графік ротных заняткаў: ніякіх выездаў, ніякіх вучэбных заняткаў ні ў гэты дзень, ні на працягу ўсяго тыдня тут не значылася. Ды ўрэшце перад кожным выездам, якія часам паротна праводзіліся, афіцэры дакладвалі загадзя.

Як асінае гняздо, заварушыліся гестапаўцы. Яны кінуліся спачатку ў роту, спадзеючыся, што, магчыма, камандзір і сапраўды прыедзе туды. Але, акрамя дзяжурнага і некалькіх салдат-немцаў, якія прыглядвалі за ротнай гаспадаркай, нікога не знайшлі там.

Мабілізавалі ўсю гестапаўскую машыну. Паехалі ў друкарню на папяровы склад, мяркуючы, што афіцэр надумаўся прагуляцца з дзяўчынай па горадзе. Але загадчык склада нічога дакладнага сказаць не мог:

— На жаль, яна не з’явілася сягоння на службу. Няйначай, як захварэла, бо яна дысцыплінаваная работніца.

Яго адарылі такім позіркам, што стары разгубіўся.

Гестапаўцы паехалі на яе кватэру, не пакідаючы надзеі, што, магчыма, там застануць чэха.

Стары Красачка і брат Лены былі на рабоце, дома былі толькі маці Лены ды жонка брата. Гестапаўцы перарылі ўсю сялібу, зрабіўшы дэтальны вобыск, арыштавалі старую і жонку брата. Пазней арыштавалі і старога. Брату, папярэджанаму аб небяспецы, удалося ўнікнуць арышту і перайсці ў падполле. А тым часам па заставах, па ўсіх дарогах снавалі гестапаўскія машыны. Урэшце гестапаўцам удалося натрапіць на машыну Драгоша, які не паспеў выбрацца з горада.

Усё вузей і вузей змыкалася кола гестапаўцаў і выкліканай паліцыі вакол машыны Драгоша. Драгошу ўдалося на некалькі хвілін затрымаць іх на пэўнай адлегласці ад машыны. Ён абараняўся спачатку гранатамі. Але кончыліся гранаты, ён адстрэльваўся з пісталета. Радзей і радзей рабіліся стрэлы, трэба было берагчы патроны. Драгоша хацелі захапіць жывым. І гестапаўцы і паліцаі, якія забраліся ўжо на чыгуначны насып, з усіх бакоў усё шчыльней і шчыльней акружалі яго.

З першых мінут акружэння Драгошу стала ясна, што яму не выбрацца за шчыльнае кола чорных мундзіраў. Здавацца ім — значыла ісці на цяжкую пакутлівую смерць.

Усё бліжэй паўзлі, падпаўзалі чорныя звяры. Яны на міг які нібы разгубіліся, калі прагрымелі гучныя выбухі. Драгош ведаў гэтыя выбухі. Развітваючыся з аэрадромам, яго салдаты залажылі міны ў склады авіябомб. Выбухі нібы падтрымалі сілы Драгоша, усялілі ў душу той мудры спакой, з якім людзі ідуць на подзвіг.

Калі з усіх бакоў кінуліся на яго чорныя мундзіры, ён яшчэ выстраліў колькі раз і двое гестапаўцаў асунуліся на пыльны брук. У рэвальверы асталося два ці тры патроны. Мільганула думка: нельга ж рызыкаваць так, з апошнім патронам можа здарыцца і асечка...

Ён выстраліў яшчэ раз. Гэта быў стрэл у сябе.

 

5

Ігнат чуў, як Слышэня сказаў чэхам, якія прыехалі з Мінска:

— Павінен перадаць вам, дарагія таварышы, сумную вестку: камандзір ваш загінуў смерцю храбрых у сутычцы з гестапаўцамі.

Салдаты знялі шапкі, перажагналіся, схілілі ў жалобе галовы. На колькі хвілін усталявалася цішыня.

Слышэня расказаў усе падрабязнасці гібелі Драгоша, якія сталі вядомымі штабу праз разведку. Расказаў і аб узрыве склада авіябомб.

І тут жа некалькі салдат запыталі:

— А што з дзяўчынай, з якой думаў ён выехаць з горада?

— Лёс яе невядомы. Пакуль што мы не маем ніякіх вестак.

«Лёс яе невядомы...» Гэтыя словы балюча ўразілі Ігната. Ён не чуў усяе размовы Слышэні з чэхамі, абвешчанага ім загаду штаба, што чэхаславацкая рота ператвараецца ў партызанскі атрад і што камандзірам яго назначаецца былы намеснік камандзіра роты.

Многа перажыў за гэты час Ігнат, многа перадумаў. Шырока рассунуліся перад ім гарызонты жыцця. І калі раней да кожнай з’явы ён падыходзіў з уласцівым маладосці эгаізмам, дык цяпер ён разумеў шчыльную сувязь і свайго, асабістага, з вялікай агульнай справай.

Ігнат цяжка перажываў невядомы лёс Лены. Ён папракаў сябе за тыя нядобрыя думкі аб ёй, што былі паявіліся тады, калі ён бачыў яе на вуліцы з Драгошам...

 

6

Калі Надзя адчыніла на стук дзверы, перад ёй стаяла сціпла апранутая маладая жанчына. З-пад белай касынкі відаць былі чорныя косы. Такога ж колеру бровы надавалі ёй выгляд смуглянкі. Але смуглянкай яна не была. Твар быў бледны, празрысты, як у чалавека, дужа запрацаванага альбо ацяжаранага безліччу розных турбот. Цёмна-шэрыя вочы глядзелі адкрыта, не адрываючыся ад позірку яе субяседніка. Кажуць, што вочы — душа чалавека. Яе вочы апраўдвалі гэтую назву. Жанчыне можна было даць гадоў трыццаць, мо крыху болей. Па яе пальцах можна было з дакладнасцю сказаць аб яе прафесіі, звязанай з іголкай.

Жанчына была незнаёмая Надзі. На недаўменны позірк дзяўчыны жанчына спакойна праказала:

— А я прыйшла па вашаму заказу...

Надзя памаўчала, сілячыся прыгадаць, аб якім тут заказе ідзе гаворка? І раптам, ледзь не пачырванеўшы, спяшаючыся запытала:

— Хіба ён гатовы ўжо?

— Гатовы, гатовы...

— Аднак што ж мы стаім тут,— разгублена адказала Надзя, запрашаючы жанчыну ў пакой.

Тая ўвайшла, уважліва глянула на вокны, на сцены. Яе адразу зразумела Надзя.

— Гэта прыбудова да дома, глухія сцены: можна нават крычаць, ніхто не пачуе.

Жанчына ўсміхнулася.

Надзя хвалявалася. Яна даўно чакала слова ад Саколіча, які нібы забыўся на яе існаванне.

І вось пасланы ад Саколіча з’явіўся. Чым жа парадуе яе камандзір партызанскіх злучэнняў?

Незнаёмая жанчына тым часам адразу перайшла да справы. І з першых жа яе слоў між ёй і Надзяй устанавіліся тыя адносіны, калі, здавалася, абедзве яны былі знаёмыя і блізкія з даўняга часу.

— Вось што, Надзечка, я напомню вам гутарку з Саколічам пра вашу сястру Галю. Ён жа сказаў тады вам, што калі з’явіцца патрэба ў паслугах вашай сястры, дык даручэнне будзе перададзена праз вас. Памятаеце такую гутарку?

— Хіба можна забыць гэта?

— А цяпер, Надзя, прыйшоў час звярнуцца да вашай сястры. Народ вынес смяротны прысуд галоўнаму кату. Няма другіх людзей, якія мелі б лепшыя ўмовы для выканання гэтага прысуду. Калі сястра ваша пагодзіцца на такую справу, вы паможаце мне звязацца з ёй. Як вы самі мяркуеце, можна разлічваць на яе ў гэтай адказнай і небяспечнай справе?

— Перад тым як адказаць вам, я павінна перагаварыць з сястрою.

— Ну вядома, а як жа іначай...

Яны дамовіліся аб будучай сустрэчы. Перад тым як развітацца, Надзя запыталася:

— Вось мы гаварылі з вамі, а я так і не ведаю, з кім жа маю справу?.. Хоць бы імя сваё сказалі.

— Завіце мяне Марынай, а большага нам і не трэба,— смеючыся, адказала на развітанне жанчына.

 

7

З’езд беларускай грамадскасці быў праведзены пад гукі фанфар, з выключнай пампезнасцю і ўрачыстасцю.

Кожнага аратара сустракалі і праводзілі музыкай. Падносілі ім букеты кветак, не было недахопу ў воплесках.

Сцэна тэатра зіхацела палотнішчамі. Чырвоныя фашысцкія сцягі з белым кругам са свастыкай перапляліся з бела-чырвона-белымі сцягамі беларускіх нацыяналістаў. Германскі фашысцкі гімн змяняўся адпаведным беларускім.

Адбываўся, як пісалі на ўсе лады належныя газеты, з’езд гістарычнага яднання дзвюх нацый — нямецкай і беларускай.

У прэзідыуме сядзелі буйнейшыя тузы гітлераўскай адміністрацыі з віднейшымі прадстаўнікамі «беларускай грамадскасці». Тут былі кіраўнікі дэлегацый з усіх акруг, прысутнічалі і паважныя спадары горада — прэзідэнт Іваноўскі, рэдактар Казлоўскі, новы кіраўнік самапомачы Сабалеўскі, які некалі разам з Акінчыцам і Астроўскім выдаў Беларускую Грамаду польскай дэфензіве. Прысутнічаў і Акінчыц — фюрэр беларускіх нацыянал-сацыялістаў,— і Ермачэнка, хоць ён і быў зняты з кіраўніцтва самапомачы за грандыёзныя ў ёй растраты і крадзяжы. Быў і шэф-кіраўнік толькі што арганізаванага саюза беларускай моладзі, і шэф-кіраўнік прафсаюзаў, і кіраўнікі жаночай і культурнай працы.

З вялікай прамовай выступіў сам Кубэ. З пафасам гаварыў ён аб велічы новай Еўропы, перад якой адкрываецца незвычайная будучыня. Гэтай будучыняй сваёй яна абавязана богу і самой гісторыі, якія паслалі людзям вялікага і мудрага фюрэра. Пасля ён перайшоў да канкрэтных спраў і задач беларускіх нацыяналістаў.

— Гістарычная агульнасць нашых народаў усім вам добра вядома. Адзіныя былі ў нас ворагі на працягу стагоддзяў. І хоць мы не мелі агульнай граніцы, але заўсёды германскі народ праяўляў братнія клопаты аб беларуцінах. Германскія ўлады хоць і заваявалі цаной нямецкай крыві вашу тэрыторыю, але яны, следуючы велікадушшу і мудрасці фюрэра, далі беларускаму народу багата льгот і прывілей. Я ўжо не кажу, што мы вызвалілі яго ад бальшавікоў. Хоць цяпер ідзе вайна, вялікі фюрэр робіць усё, каб забяспечыць беларускаму народу спакойнае жыццё, мірную працу і пачэснае месца ў агульным жыцці ўсяе Еўропы. Фюрэр думае не толькі аб вашым сённяшнім дні, ён думае аб вашым будучым. Яго найвышэйшаю воляю загадана нам, германскім уладам, ужо сягоння пакласці падваліны будучай дзяржаўнасці беларускага народа. Мы некалі пачалі з самапомачы. З кожным днём мы пашыралі сферу дзейнасці актыўных беларускіх сіл. Сягоння я абвяшчаю вам ад імя самога фюрэра стварэнне Беларускай Рады Давер’я. Спадзяюся, што прызначаныя намі Мужы Давер’я памогуць мне пашырыць зоны спакойнай дзейнасці народа, памогуць па-сапраўднаму ўключыць Беларутэнію ў агульнае рэчышча новага жыцця, якое апякуе сам бог і вялікі фюрэр. Германскія ўлады не спыняцца на Радзе Давер’я і Мужах Давер’я. Гэта пераходныя формы да больш шырокага і непасрэднага самакіравання народа. І зразумела, што стварэнне новых форм беларускай дзяржаўнасці будзе залежаць ад поспехаў усяе грамадскасці Беларутэніі і, у першую чаргу, ад актыўнасці яе перадавых свядомых сіл.

Былі воплескі, былі здравіцы, была тэлеграма фюрэру з вялікай падзякай ад «ашчасліўленага» ім беларускага народа.

Потым выступалі Мужы Давер’я ад розных акруг. Не ўдаючыся ў асаблівыя гістарычныя перспектывы, яны дакладна пералічвалі свае заслугі: колькі і дзе было знішчана пад іх ідэйным кіраўніцтвам партызан і іх сем’яў, якія меры яны яшчэ плануюць, каб уціхамірыць тэрыторыі, інтарэсы якіх яны прадстаўляюць з гэтай высокай трыбуны. Кожны Муж выхваляўся перад другімі і, б’ючы сябе ў грудзі, кляўся ўсе сілы свае палажыць на славу новай Еўропы. Былі і такія Мужы, якім нечага было сказаць, бо яны не бачылі яшчэ сваіх тэрыторый і адседжваліся ў Мінску, спадзеючыся на міласць госпада бога і ўдачы карных экспедыцый.

Пасля з’езда было нешта падобнае на агляд-парад усіх наяўных сіл беларускай грамадскасці. Парад быў адкрыт шэсцем дзіцячай дружыны саюза беларускай моладзі, арганізаванага дзён пяць таму назад па загаду Кубэ. Дружыну вёў обер-камерадшафтсфюрэр, ззаду якога ішоў камерадшафтсфюрэр, а затым обер-ротэнфюрэры і проста ротэнфюрэры.

Перад дружынай ішоў цэлы атрад розных дзіцячых і маладзёжных фюрэраў на чале з обер-гебітсфюрэрам Ганько. Фюрэраў было больш, чым дзяцей. Былі тут абласныя, акружныя, валасныя і ўсякія іншыя фюрэры, якія былі падабраны ўжо, належным чынам нашпігаваны духам новай Еўропы і фашысцкай прамудрасцю і павінны былі раз’ехацца па месцах, наладжваць там дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі.

За дзіцячай дружынай пацягнуліся з плакатамі і партрэтамі розныя арганізацыі: работнікі магістрата, газеты, самапомачы, культпрацы і жаночай працы. Невялікае шэсце, якое працягвалася хвілін пятнаццаць, замыкала «старая гвардыя», чалавек з пяцьдзесят беларускіх нацыянал-сацыялістаў на чале з Акінчыцам.

Усё было як належыць: прывітальныя словы, ура, здравіцы Гітлеру і Кубэ, букеты кветак любімаму гаўляйтэру. Урачыстасці прайшлі б зусім добра, каб гэтае свята «яднання нацый» не было азмрочана некаторымі акалічнасцямі, якія шмат папсавалі крыві гаўляйтэру і шмат каму з яго падначаленых. Толькі «старая гвардыя» падышла да трыбуны і спынілася на якую хвіліну, каб даць магчымасць фюрэру Акінчыцу сказаць кароткую прывітальную прамову да Кубэ, як адбыліся падзеі, не прадугледжаныя планам урачыстасцей. Акінчыц ужо і рот разявіў, і сказаў першыя словы звароту да шаноўнага і агульналюбімага гаўляйтэра, як да яго ног з радасным візгам кінуліся два вялізныя сабакі. Гэта былі яго любімыя сабакі. Хто і калі выпусціў іх з яго кватэры, ён так і не даведаўся. Ды справа, урэшце, была і не ў сабаках. Калі прыбеглі ўжо, няхай сабе на здароўе і пабегаюць, нічым жа яны «яднанню нацый» не перашкодзяць. Але калі шаноўны фюрэр зірнуў на сваіх сабак, ён ледзь не ўмлеў адразу. Ён скамячыў усю сваю прамову і, збялелы ад страху, як мага суровей гыркнуў на псоў. Тыя адбегліся крыху далей ды паважна пайшлі ўздоўж радоў дэманстрантаў.

Акінчыц быў гатовы праваліцца скрозь зямлю, разгубілася ўся «старая гвардыя», а любімы гаўляйтэр ужо крычаў з трыбуны:

— Знішчыць, прыстрэліць, віноўных пакараць!

У замяшанні былі ўсе Мужы Давер’я. Нерашуча пераглядаліся чыны паліцыі і жандармерыі, пакуль сам гаўляйтэр грозна не прыкрыкнуў на іх:

— А вы чаго стаіцё? Злавіць!

Пачалася шалёная пагоня за сабакамі. Некаторыя выхапілі рэвальверы, але дзе ты тут стрэліш, калі сабакі гойсалі паміж радамі дэманстрантаў, падбягалі да трыбуны, прабягалі ўздоўж натоўпу, які быў сагнаны на «свята», кідаліся назад да свайго гаспадара. Ужо і дэманстранты хіхікалі пад нос, а ў натоўпе чуўся самы недвухсэнсавы рогат. Усе з вялікай цікавасцю назіралі незвычайнае відовішча. На кожным сабаку чыёйсьці рукой было прымайстравана па даволі вялікаму партрэту-плакату. На адным быў намаляваны Гітлер з подпісам на ім: «Адольф — сабачы фюрэр», на другім — Кубэ з кароткім подпісам: «Гаў-гаў-гаўляйтэр». Ды пад кожным партрэтам было яшчэ па надпісу: «Сабака едзе на сабаку».

Парад закончыўся поўным канфузам. Тут жа, паклікаўшы на трыбуну Акінчыца, гаўляйтэр распякаў яго за брыдкае здарэнне, якое сарвала такую выдатную ўрачыстасць. Фюрэр беларускіх нацыянал-сацыялістаў апраўдваўся як мог, што над яго сабакамі ўчынілі дыверсію няйначай беспрытульнікі, якія яшчэ бадзяюцца часам па глухіх вуліцах і хаваюцца ў недаступных падвалах і бункерах руін горада.

Гаўляйтэр выслухаў яго апраўданні, урэшце праказаў ужо больш спакойна:

— Толькі ўлічваючы вашы былыя заслугі, я дарую вам гэты ганебны выпадак. Ідзіце...

Кажуць, пасля перажытага канфузу правадыр беларускіх нацыяналістаў так усхваляваўся, што захварэў і праляжаў тыдні з два. Калі ж акрыяў, дык разгарнуў такую бурную дзейнасць, што здзіўляліся бліжэйшыя яго сябры. Правадыр хацеў падняць свае акцыі, так нечакана падмочаныя яго ўласнымі сабакамі. Ён бегаў па ўсіх камітэтах і ўстановах па барацьбе з партызанамі, пісаў артыкулы ў газетах, друкаваў адозвы, дэкларацыі, чытаў лекцыі па розных курсах, шпігаваў фашысцкай прамудрасцю слухачоў паліцэйскіх і іншых школ, агітаваў каго толькі мог і дзе толькі мог за ўступленне ў шэрагі яго баявой партыі. На гэтай пагоні за ростам свае партыі і паслізнуўся нястомны правадыр.

Здарылася так, што бургамістр адной валасной управы, асабіста знаёмы Акінчыцу, пазваніў яму праз тэлефон і паведаміў радасную навіну. Ён, бургамістр, арганізаваў пры валасной управе партыйную ячэйку, у якую ўвайшло дзевяць чалавек. Назаўтра прызначаны на вечар першы ўрачысты сход ячэйкі. Ёсць усе падставы меркаваць, што калі б прыехаў на гэты сход асабіста сам дарагі фюрэр, дык у партыю запісалася б яшчэ чалавек пятнаццаць. Фюрэр быў на сёмым небе ад захаплення такой навіной. І недалёка было да валасной управы, усяго якіх кіламетраў з дванаццаць. На ўсякі выпадак асцярожны Акінчыц запытаўся, а як там у іх воласці праходзіць барацьба з партызанамі і ці ёсць якія поспехі. Знаёмы голас здзіўлена адказаў, што, на жаль, мясцовыя работнікі пазбаўлены такога высакароднага абавязку, як змаганне з ворагамі грамадскай цішыні і парадку, бо партызан у іх зусім няма, што яны, калі і трапляюцца, дык толькі кіламетраў за шэсцьдзесят ад іх воласці, ды ўрэшце ў воласці размешчаны моцны паліцэйскі гарнізон, у якім таксама непачаты край работы па вярбоўцы новых членаў партыі.

Акінчыц крыху павагаўся, але спакуса была такая вялікая, што ён даў згоду прыехаць. На другі дзень ён нават не паведаміў гаўляйтэру і іншым уладам аб сваім выездзе: хацелася пахваліцца нечаканым сюрпрызам — за адзін дзень ды такія поспехі. Паклікаўшы з сабой чалавек сем сваіх людзей, ён і выехаў днём у воласць на дзвюх легкавых машынах.

Прайшоў дзень, другі, а фюрэр усё не вяртаўся. Настаў і трэці дзень, а фюрэра і яго бліжэйшых паплечнікаў як не было, так і не было. Урэшце належныя ўлады хапіліся за пошукі. Але што ні рабілі яны, якіх мер ні прымалі, фюрэр бясследна знік, а з ім разам і яго памочнікі, і дзве машыны, на якіх паехалі яны ў сваё апошняе вандраванне. Хапіліся бургамістра, а таго таксама след прастыў. Ад некаторых паліцаяў даведаліся, што сапраўды прыязджалі дзве машыны, што ў ляску, кіламетраў за пяць ад гарнізона, пачуліся пісталетныя стрэлы, але яны былі рэдкія, іх было так мала, ды і спыніліся яны хутка, што ніхто гэтым стрэлам не прыдаў асаблівага значэння, бо ці мала цяпер страляюць у любым месцы па любому выпадку. Пры старанных пошуках у гэтым лесе ўдалося знайсці толькі шапку аднаго з памочнікаў фюрэра. Гэта было ўсё, што асталося ад штаба беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі і яе правадыра.

Так закончыў свой жыццёвы шлях Акінчыц, які ўдала служыў у свой час польскай дэфензіве і не паспеў як след адслужыцца прытуліўшаму яго гестапа.

 

8

Надзя прысутнічала і на з’ездзе прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, была і на парадзе, якім завяршыўся той з’езд. Калі яна, сустрэўшыся з Галяй, падрабязна расказала ёй аб усіх прыгодах з сабакамі Акінчыца, тая весела, ад душы, смяялася.

Надзя расказала сястры ўсе навіны з родных мясцін. Галя радавалася, што бацька ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды, што Піліпчык, гэты непакойны прайдзісвет, узнагароджаны партызанскім медалём і ходзіць цяпер, падшывалец, задраўшы нос, а Васілька лічыць яго самым выдатным героем на свеце.

Усе гэтыя навіны цешылі Галю, і яна не раз перабівала Надзю:

— Як жа добра, што нашы людзі і жывуць па сваёй волі, і не паддаюцца немцу.

Сумавала, калі даведалася, як цяжка быў хворы бацька, як знявечылі гестапаўцы руку яму. І зусім расплакалася, калі даведалася, што загінула цётка Ганна і які лёс спасцігнуў яе вёску і ўсіх людзей гэтай вёскі, ад старых да малых.

Усхліпваючы, яна гаварыла праз слёзы:

— Цяжка, дужа цяжка жыць у гэтым доме. Жыву я тут, як на могільніку, вельмі ўжо мерцвякамі прапах гэты дом. Ты ж разумееш, Надзя, што ўсякая смерць ідзе адсюль... Кожны загад — каго павесіць, каго расстраляць, а каго і спаліць — ідзе адсюль. Страшна, Надзя, страшна... Я і не ведаю, што рабіць мне далей. Усё б, здаецца, аддала, нічога не пашкадавала, каб да сваіх людзей дабрацца...

— Я разумею цябе. Але гору твайму не так ужо цяжка і пасобіць. Захочаш, людзі памогуць табе выбрацца з гэтага дома.

— Каб жа такія знайшліся! — шчыра адказала Галя.

Слова за слова, і Надзя паступова ўвяла Галю ў курс усяе справы. Задумалася Галя, засмуцілася. Адмоўна паківала галавой. Ціха-ціха праказала:

— Здаецца мне, сястра, што не магу я гэтага зрабіць...

— Чаму?

— Ты ж ведаеш мяне: некалі і жабы няшчаснай баялася... Смеласці ў мяне не хапае...

— Тут смеласці асаблівай не трэба, Галя!

— Не, ты не кажы... Такія справы смелыя людзі робяць, а як жа мне? Да таго ж, ты сама ведаеш, страляць я не ўмею... Не атручваць жа, бо невінаватыя людзі загінуць: ён жа, Кубэ, кожную страву прымушае кухара свайго ды тых, што падаюць, паспытаць. Ну, не з нажом жа мне на яго кідацца, не ўмею я, ды і заб’юць адразу...

— Справа, Галя, добраахвотная, ніхто не збіраецца сілком прымушаць цябе гэта зрабіць. Народ вырашыў пакараць урэшце ката, які тысячы і тысячы людзей загубіў. Хіба ж можам мы дараваць яму ўсё, што нарабіў ён на нашай зямлі?

— Я сама ўсё добра ведаю. І як бы я радавалася, калі б хто прыбраў яго са свету.

— На другіх, Галя, лёгка спадзявацца. А калі самой гэта зрабіць? Падумай. Трэба добра падумаць, каб потым ні сябе, ні людзей не падводзіць.

Надзя расказала пра міну, якую думалі скарыстаць для гэтай справы партызаны.

— Добра, Надзечка, я ўсё ж падумаю. Можаш лічыць, што я згодна, але мне трэба прадумаць, калі лепей падлажыць яе, у які дзень, у які час. Ён часам вылятае і ў Берлін, калі кліча яго начальства. Падложыш вось так, а яно ўсё будзе дарэмна...

— Вывучай усё да дробязі, добра прадумай усё. Я не збіраюся падганяць цябе. Калі ты будзеш сапраўды ўпэўнена ў тым, што можаш зрабіць такую справу, тады і скажаш мне. А сустрэнемся мы з табой у твой выхадны дзень.

— Спадзяюся, што я не падвяду цябе, сястра.

 

9

Лена прабыла колькі дзён у доміку старой. Потым прыйшоў чалавек, які сказаў, што ён ад таварыша Андрэя, даў ёй новы адрас. Вечарам яна трапіла на ўскраіну горада ў невялічкую хату побач з гарадскімі могілкамі, за якімі пачыналася поле. Гаспадар хаты быў вартаўніком могілак. Навакол жылі агароднікі, сем’і рабочых былых цагельных заводаў, якія цяпер не працавалі, і ўсякі іншы люд, які сяк-так перабіваўся з дня на дзень, спадзеючыся на лепшае. Часам стары вартаўнік ноччу знікаў з хаты і вяртаўся толькі на досвітку. Лена чула аднаго разу, як ён ціха сказаў дачцэ:

— Ну і яшчэ адну партыю пераслалі, дзякуй богу.

Аднае раніцы на двары хаткі з’явілася незнаёмая Лене жанчына. Лена падалася ўжо ў другі пакойчык, каб не паказвацца на вочы, але дачка вартаўніка папярэдзіла яе:

— Можаш быць і тут, гэта наша Марына.

Што за Марына, чаму іменна наша, Лена не паспела запытаць, бо жанчына была ўжо на парозе хаты. І толькі павіталася з усімі, як зараз жа звярнулася да дзяўчыны:

— А я да цябе, Лена.

І каб папярэдзіць недаўменныя пытанні, дадала:

— Я ад таварыша Андрэя. Збірайся ў далёкую дарогу.

— Зборы ў мяне кароткія, я ўся тут.

— Тады і добра. Зараз жа пойдзем.

— Як зараз? А не ноччу хіба?

— Навошта ж паначы соў пужаць, калі нам і дня хопіць.

— А немцы, а паліцаі?

— А што нам немцы?

Перад тым як выйсці з хаты, яна коратка праінструктавала Лену:

— Цяпер пагалоўная праверка пашпартаў, так што трэба было паклапаціцца і пра гэта. На пашпарт.

— Ды ў мяне ж ёсць...

— Ты слухай, калі табе гавораць. Ды запомні добра: цябе завуць Зося, прозвішча тваё Іванова. Маё прозвішча таксама Іванова, ну а завуць мяне... Марынай. Ты даводзішся мне пляменніцай, і абедзве мы працуем з табой на швейнай фабрыцы швачкамі. Ідзём у вёску выменяць што-небудзь за адзежу ды соль, ну, адным словам, харч здабываць. Ёсць у нас яшчэ сёе-тое з дробязі — запалкі, сінька, сахарын, іголкі. Калі дзе прыйдзецца гаварыць, дык ты дужа ў гутарку не ўбівайся, звяртайся больш да мяне і называй, зразумела, цёткай.

Марына дала ёй невялікі кошык з рознай дробяззю, і яны пайшлі, развітаўшыся з гаспадарамі хаты. З горада выбіраліся не па шашы, а старым гасцінцам. Кіламетраў за пяць ад горада з-за куста вытыркнуўся паліцай і не вельмі каб грозна — была нядзеля, народу на дарозе праходзіла багата,— проста для праформы загадаў:

— Стой, бабы!

— Ты сам пастой, а ў нас часу на гэта няма. Трэба выхадны дзень па-людску скарыстаць ды хоць бульбы якой прыстарацца.

— Я вось табе прыстараюся! Дакументы!

— На табе дакументы, ды не важдайся доўга. Табе тут добра ў цяньку сядзець ды сала на карку наганяць.

— Глядзі, цётка, каб я табе языка не ўкараціў.

— А паспрабуй!

— Во нахаба! Ну што вы несяце, давай-тка паглядзім. Эге, дык у цябе ж тут цэлы магазін, давядзецца канфіскацыю зрабіць. Гэта ж не абмен ужо выходзіць, а цэлы гандаль.

— А табе што да таго? Хіба не ведаеш, што немцы дазволілі прыватны гандаль?

— Ты мяне не вучы, мы вучаныя... Вось заарыштую за знявагу ды адбяру ўсю тваю камерцыю. Бяры палавіну ды ідзі і дзякуй госпаду богу, што на добрага чалавека нарвалася.

— Я табе забяру, я каменданту паскарджуся на твае свавольствы!

— Ідзі, ідзі, баба, пакуль я не ўзлаваўся.

— Ты ў мяне сам пойдзеш! Давай сюды вашага старшага! Ну чаго глядзіш, зараз жа пакліч, іначай усе твае вусы павыскубаю...

Але старшы і сам ужо выходзіў з бярозавага буданчыка і, ляніва калупаючы ў зубах лазовай сцяблінкай, паблажліва пытаўся:

— Ну чаго шум паднялі, не застава — базар...

— Пан афіцэр, пан афіцэр, ды ці можна ж так самаўпраўнічаць? Кожнага разу прыдзіраецца. І каб сказаць прычына якая была, дык жа не... У мяне ўсё як па закону. Вось самі паглядзіце, пан афіцэр.

— Ну буду я корпацца ў тваіх кошыках...— абыякава адказаў «пан афіцэр», звычайны сержант паліцыі.— А ты заўсёды, Ілья, наробіш тут гармідару, проста заснуць не дасі. Ну, ідзі, ідзі,— звярнуўся ён да цёткі.— Калі будзеш залішне апастыляцца з маімі людзьмі,— тут «пан афіцэр» прыняў ваяўнічы выгляд,— дык не пагляджу, што з пляменніцай,— важна падкруціў ён вус,— загадаю апошнюю спадніцу садраць.

— Божа мой! — усклікнула цётка.— Вось гэта дык чалавек: ён сур’ёзна можа гаварыць, ён і жартам скажа.— І зусім ужо ціха: — Калі назад буду ісці, дык абавязкова сальцам вас пачастую.

— Ат, што мне з таго сала, каб ты якой божай слязы расстаралася, гэта я разумею...— так жа ціха адказаў паліцай.

— Абяцаю, пан афіцэр. Толькі, каб мне ведаць, калі вы на дзяжурстве тут будзеце?

— У суботу заступаю... Ну, ідзіце з богам! — І шэптам: — Там у Рудні часовая застава выстаўлена, могуць і пакрыўдзіць. Гаўрыльчык там дзяжурыць, ну ты ж ведаеш, ні сабе ні людзям,— жыла... Так што раю абысці другой дарогай.

— Дзякуй, пан афіцэр!

«Цётка» палічыла, відаць, патрэбным спыніць далейшую дыскусію, і яны моўчкі падаліся далей.

Адышоўшыся на якога паўкіламетра, яна сказала Лене:

— Бачыла ты гэтага «пана афіцэра»? Думаеш, ён спачувае нам? Якое там! Каб ведаў, хто,— тут жа на алешыне павесіў бы. П’яніца страшэнны, на гэта і бяром.

Пад самы вечар яны зайшлі ў вёску. Марына адвяла Лену ў адну хату і з рук у рукі, што называецца, перадала дзяўчыну маладой сялянцы. Тая калыхала дзіцё. Яна, відаць, была рада Марыне, бо адразу ж узялася завіхацца ля печы. Але Марына адмовілася:

— Некалі, некалі мне расседжвацца ў цябе, Аўдоцця. Ды і елі мы нядаўна. Ну, як тваё малое?

Яна ўжо была ля калыскі і праз якую хвіліну гушкала дзіцё на руках, забаўляла.

— Вось бачыш, казала ж я табе, што будзе здаровы твой хлопец, а ты не верыла мне.

— Я, Марынка, век не забуду на твае лекі. Ну, ведаеш, як рукой зняло адразу, і спаць пачаў, і есці ўзяў, цяпер жа дзіцё як дзіцё. Але куды ты спяшаешся? Пасядзела б трохі.

— Другім разам, Аўдоцця. Вось ледзь не забылася я, прынесла ж я табе іголак, што ты прасіла. А ты, Зося, не чакай мяне, далей пойдзеш без мяне. Але не бойся, не адна будзеш, цэлая кампанія табе падбярэцца.

Яна па-жаночы расцалавалася і з Аўдоццяй, і з Ленай.

Як толькі пачало брацца на змрок, Аўдоцця павяла яе сцяжынкай цераз агарод, потым жытнім полем да невялікай рачулкі, дзе ў густым парасніку пад высокім берагам ужо чакалі людзі. Гэта было зборнае месца, адкуль, звычайна, накіроўваліся далей.

Правадніком быў пажылы селянін, вельмі павольны ў рухах і ў гутарцы. Ён пералічыў людзей.

— Ну ўсё ў парадку. А цяпер мой загад вам: пакуль я не дазволю, каб ніякае гаворкі не чутно было. Калі нават каторага на кашаль павядзе, стрымайся альбо кашляй сабе ў шапку ці ў рукаў...

І ён пайшоў наперадзе, ледзь прыкметны ў начным змроку. Ніякай зброі ў яго не было, калі не лічыць звычайнай сякеры, заткнутай за пояс. Нашто яму была тая сякера, Лена так і не магла здагадацца. Але ўжо неўзабаве яна зразумела прызначэнне гэтай зброі. Разы з чатыры за ноч даводзілася перабірацца па хісткіх кладках цераз дрыгву, цераз нейкія балотныя ручаіны. І ў адзін міг які стары амаль што бязгучна высякаў усім па кію, без якога проста немагчыма было б пераходзіць па хісткіх і слізкіх кладках.

Было ля гадзіны ночы, калі праваднік папярэдзіў:

— Хутка будзем пераходзіць чыгунку. Тут ужо нішкні. А пяройдзем ды адыдземся крыху — тады, калі ласка, хоць песні можаце спяваць. Там у нас пойдзе партызанскі край.

І толькі ён праказаў гэта, як наперадзе, на адлегласці некалькіх кіламетраў, адкрылася такая страляніна, што людзі мімаволі прыпыніліся на якую хвіліну.

— Што гэта?

— Партызаны чыгунку рамантуюць,— абыякава адказаў праваднік.— Гэта ў нас не навіна. Відаць, зараз дзе-небудзь мост узарвуць, а можа, што іншае. Мы яшчэ з кіламетр які можам прайсці, а далей не варта высоўвацца, бо можна трапіць у такі час і пад кулю...

Толькі праказаў ён гэта, як грымнула некалькі ўзрываў. А потым яшчэ і яшчэ. Выбухі пайшлі такой густой чарадой, што яны зліваліся ў адзін суцэльны гул. Нібы стралялі з якога гіганцкага кулямёта, які біў не кулямі, а бомбамі.

Сам праваднік, чалавек бывалы, прыпыніўся, пільна ўглядаючыся ў агні ўзрываў, і сказаў, ні да кога не звяртаючыся:

— Вось гэта дык так!

— Што так? — запыталіся ў яго.

— Не разбяры-бяры! Такое я і сам упершыню чую. Усё роўна як жывым агнём усю чыгунку паляць. Бачыце, куды агні пайшлі?

Усе прыспешылі крок. Праваднік правёў праз чыгунку адкрыта, не тоячыся, як не рабіў ён у звычайныя дні, калі поблізу не было партызан.

Некаторыя з групы мімаволі спыніліся на якую хвіліну на чыгунцы, каб уласным вокам зірнуць, што ж тут толькі-толькі адбылося?

— Зусім па-новаму хлопцы рамантуюць! Гэтага я не бачыў яшчэ,— здзівіўшыся, сказаў праваднік.

Сапраўды, кожная рэйка была перабіта, хоць яна і ляжала на сваім старым месцы з цэлымі кастылямі і стыкавымі замкамі. Але па такіх рэйках ужо нельга было ездзіць.

Прайшло яшчэ з якую гадзіну, і група людзей нагнала партызан, якія пасля начной працы зрабілі прывал у лесе.

Ужо ўзыходзіла сонца.

 

10

Спадарожніца Марыны ўстрывожылася.

— Глядзі, машына насустрач ідзе! — паказала яна на слуп пылу, які паступова набліжаўся па прасёлачнай дарозе.

— Ці мала машын ходзіць па дарогах, столькі тае і бяды! — адказала Марына, акінуўшы вокам усё наваколле. Нідзе не было ні кусціка, ні канавы, ні хоць бы палосы жыта. Гэта не ў лесе, дзе можна прыхавацца за якую хваіну. Тут жа чыстае поле. Але і хавацца было пазнавата, бо з машыны іх няйначай ужо як прыкмецілі.

Сапраўды, параўняўшыся з імі, машына рэзка затармазіла. З кабінкі выскачыў сержант паліцыі, строга махнуў рукой.

— Стой, хто такія?

— Дык вось, пан афіцэр, з вёскі ідзём да горада. Хадзілі выменяць што-небудзь з прадуктаў. Вяртаемся назад.

— Шляецеся па дарогах дзень і ноч, а нам праз вас толькі клопат,— буркатліва праказаў сержант і, каб паказаць перад гэтымі цёткамі сваю ўладу, важна загадаў паліцаям, якія саскочылі ўжо з бартоў машыны:

— Абшукаць!

— Шукайце, пан афіцэр, шукайце! На тое ж вы і пастаўлены, каб злачынцаў шукаць.

Певень, які да гэтага спакойна сядзеў у кошыку, раптам, нібы яго ўкалоў хто, раскудахтаўся і, падхапіўшыся з свайго месца, сігануў з кошыка і як дуж кінуўся ў поле.

— А бо-о-жухна! А што ж вы мне нарабілі! А як жа я цяпер яго злаўлю! — загаласіла раптам жанчына. І кінулася лавіць пеўня.

Салдаты перасталі шукаць і разам з сержантам з цікавасцю назіралі пагоню за пеўнем. Той бег подскакам, намагаючыся ўзляцець, але крылы, відаць, былі звязаны. Дыстанцыя між ім і цёткаю меншала. Цётка ўжо ледзь-ледзь не ўхапіла яго за хвост, як ён нечакана змяніў курс, рэзка кінуўшыся ўбок. Паліцаі дружна запляскалі ў далоні, каб паддаць спрыту няшчаснаму бегуну. Нават шафёр, які, па правілах, не спыняў матора і трымаў яго на малых абаротах, і той вылез з кабінкі і далучыўся да гледачоў.

А цётка, як апантаная, бегала за пеўнем, галасіла на ўсё поле. Урэшце яна крыкнула сержанту:

— Пан афіцэр, пан афіцэр! Ды пашліце вы сваіх бугаёў, няхай памогуць птаха злавіць, нечага ім рагатаць з майго няшчасця!

Пеўня ўрэшце злавілі, надзейна перавязалі яму ногі і пасадзілі назад у кошык, якім паліцаі і не займаліся, занятыя ўсім гэтым нечаканым відовішчам. Цётка ж тым часам уцірала самыя сапраўдныя слёзы, бо ўсё не магла супакоіцца пасля перажытых хваляванняў.

— Аднак наладзіла ты нам добры спектакль! — паблажліва кінуў сержант.

— Вам спектаклі, а мне адно гора. Я ж за яго, праклятага, можа, апошнюю хустку аддала, каб хворых дзяцей падтрымаць, бо ўжо колькі-то часу на адной нішчымніцы сядзяць...

— Ну-ну, разгаварылася! Нішчымніца! — перадражніў ён цётку і тут жа загадаў: —Бяры свайго пеўня, ды можаце падавацца сваёй дарогай!

— От жа дзякаваць вам, начальнік, і вам, хлопцы, што пасобілі майму гору, памаглі злавіць гэтага д’ябла. А мы ўжо ідзём, ідзём, не будзем назаляць вам.

Цётка і яе спадарожніца, якая, відаць, хвалявалася яшчэ больш, чым яна, узялі свае кошыкі і пайшлі па дарозе.

— Гэй вы, пачакайце! — супыніў іх сержант.

Сваёй уласнай асобай наблізіўся ён да іх і, намагаючыся гаварыць зусім абыякава, спытаўся:

— Вось што, цётка, можа, вы дзе-небудзь партызан бачылі?

— Партызан? Як вам сказаць? Іх жа не адрозніш ад другіх людзей. Бачылі мы чалавек дваццаць узброеных. А хто яны, партызаны ці паліцыя, нам невядома, бо прайшлі яны стараной. Праўда, я заўважыла — ішлі яны ў цывільным. Магчыма, то і былі партызаны, бо паліцыя так не ходзіць.

— Адкуль табе вядома? Так не ходзіць!.. Паліцыя можа хадзіць так, як ёй і трэба хадзіць.

— Гэта вядома, пан афіцэр.

— Вось бачыш. Дык я пытаюся: ці не прыкмецілі вы, якая зброя была ў іх?

— Не дужа мы ў той зброі разбіраемся, пан афіцэр. Бачылі, што яны са стрэльбамі, а што там за стрэльбы, дык жа ліха іх ведае, бо не жаночым розумам у гэтым разбірацца.

— Можа, падобны яны на такія? — сержант паказаў на аўтаматы, якія былі ў двух паліцаяў.

— Во-во, якраз, здаецца, такія.

— А можа, вось такія? — паказаў сержант на вінтоўкі, што былі ў другіх паліцаяў.

— Не, пан афіцэр, кароткія, зусім кароткія, вось як гэтыя стрэльбачкі, на якія вы раней паказалі.

— А кулямёты былі ў іх?

— Вось гэтага мы не ведаем. Калі гармату часам убачыш, дык жа ведаеш, што гэта гармата. Цягнулі яны нешта на калёсіках, а што гэта за прылада, дык жа мы так і не дабралі да розуму.

— А дзе яны ішлі, тыя людзі?

— А гэта можам паказаць. Вунь бачыце, сінее лясок, кіламетраў за сем адсюль? Дык яны з таго лесу падаліся вунь на тыя ўзгоркі, дзе стаяць высачэнныя хвоі,— адна, вунь, як шацёр, раскінулася, а другая сухім сукам, нібы пальцам, на нас паказвае.

Сержант нервова хапіўся за бінокль, пачаў уважліва прыглядацца і да сіняга чубка лесу, і да ўзгоркаў, якія былі значна бліжэй, чым лес.

Яшчэ раз спытаўся, нібы для праверкі:

— Дык, кажаш, чалавек дваццаць?

— Але, пан начальнік. Ну, можа, крыху болей ці крыху меней, мы ж не лічылі.

— Ну, ідзіце, цёткі!

Сержант жэстам нешта загадаў шафёру, і той пачаў паварочваць машыну назад. Гэта прыкмецілі і цёткі, і ў першую чаргу тая, што лавіла пеўня. Яна адразу ж падбегла да сержанта.

— Пан начальнік, я ж да вас з просьбай.

— Якія тут просьбы, калі мне няма часу важдацца з вамі.

— Ды ў мяне ж невялічкая: ці не падвезлі б вы нас трохі, бо вы ж, відаць, на горад цяпер кіруецеся, а мы вельмі ж прысталі.

— Хіба я падгаджаўся вазіць вас?

— Яно вядома, пан афіцэр... Але ж зрабіце ўжо ласку. Нам жа,— і тут зусім сцішыла голас,— адно страхоцце аставацца тут. Яшчэ, не дай божа, насунуцца гэтыя партызаны, пра якіх казалі вы, што мы рабіць тады будзем?

— Ці не думаеш ты, цётка, што мы ад партызан уцякаем?

— Што вы, што вы, пан начальнік, каб я з месца не сышла, калі б на такую думку ўзвёў мяне нячысты. Самі мы баімся вельмі. Вядома, у вас служба, але ж і тое мы ведаем, што кожны сапраўдны начальнік ніколі чалавеку не адмовіць, бо на тое ён і начальнік, каб яго паважалі і любілі.

— Ну і хітрая ты, шчыра скажу я табе, цётка! Ну, ідзіце, садзіцеся, чорт вас забяры...

Неўзабаве абедзве ехалі, прытуліўшыся да барта грузавіка.

Так і даехалі амаль што не да самага горада. І толькі калі асталіся яны адны, старэйшая дала волю словам:

— Ну і ператрэслася ж я, даражэнькая Марына, ад страху, калі яны нас затрымалі.

— А чаго табе баяцца асабліва? Ну адабралі б твае два кілаграмы круп ды яшчэ драбязу якую, на тым бы твае страхі і кончыліся б.

Не ведала Марыніна спадарожніца, звычайная работніца швейнай фабрыкі, па якіх справах хадзіла Марына і што несла яна пад сваімі брусніцамі. Каб ведала, то страхі яе павялічыліся б яшчэ болей.

Праз якую гадзіну Марына сядзела непадалёк ад сквера разам з вясковымі цёткамі, якія прыносілі на продаж грыбы і ягады, і прадавала брусніцы. Асаблівых ахвотнікаў на гэтыя ягады не знаходзілася, бо на цукар у горадзе было скупа, аб ім толькі ўспаміналі. Але некаторыя бралі па шклянцы, другой, проста каб паспытаць лесавой ягады ці дзецям даць як рэдкі ласунак. Хутка да Марыны падышла дзяўчына, сціпла, але акуратна апраненая, з кошыкам у руцэ.

— Я хацела купіць у вас шклянак дзесяць брусніц,— звярнулася дзяўчына да цёткі.

Тая акінула яе ўважлівым позіркам, не спяшаючыся адказала:

— А бярыце хоць і дваццаць, у мяне хопіць, даражэнькая. Давайце свой кошык.

Яна мерала шклянкаю ягады, нават лічыла.

— А гэта,— цётка азірнулася на бакі,— высыпце лепш у сваю сумачку...

Яна перадала дзяўчыне разам з шклянкаю ягад невялічкі пакунак. І калі раней цётчыны вочы ветліва ўсміхаліся, то цяпер яны нібы крыху пасуравелі і глядзелі дапытліва на дзяўчыну. Яна бачыла, як Галіны пальцы — гэта была яна — злёгку трымцелі.

— А вы будзьце спакойныя, за ягады свае я ручаюся, адна да адной, спелыя.

Галя пайшла. Яна адчувала сябе так, нібы на яе глядзеў увесь горад, асабліва ж гэтыя паліцаі і немцы, якія трапляліся на кожным кроку.

Прыціскала да грудзей сваю сумачку, і ёй здавалася, што гэта сумачка апальвае ёй сэрца. Толькі б зайсці цяпер спакойна ў дом, нічым не выдаць свайго хвалявання. Добра і тое, што на варце ля варот стаіць сягоння гэты недалужны салдат Лотар, які сімпатызуе ёй і заўсёды расплываецца ў шырокую ўсмешку, калі яна праходзіць на працу. Ён нават робіць для яе выключэнне, не лезе з сваімі лапамі ў яе сумачку альбо ў кошык, каб абшукаць, калі яна прыносіць што-небудзь для гаспадароў з базару. І калі яна сама загадзя раскрывае сваю сумачку, ён заўсёды гаворыць:

— О, мілая фрэйлен, я так рад вас бачыць, што мне некалі займацца вашай сумачкай. Мне хочацца болей паглядзець на вас. Праходзьце, праходзьце, вас ужо чакае гаспадыня.

І вось яна ў доме, дзе заведзен свой сталы распарадак. Пан Кубэ на працы ў генеральным камісарыяце. Жонка Аніта наглядае за ранішнім туалетам і кармленнем дзяцей, потым разам з боннай выводзіць іх на прагулянку ў сад пад цень раскідзістых ліп і бяроз. Тут мноства кветак, якія так любіць Аніта. Покуль бонна займаецца з дзецьмі, Аніта абыходзіць клумбы, аглядае штамбавыя ружы, абразае падсохлыя кветкі, рыхтуе букеты для сталовае. Пасля кветак любіць займацца рукадзеллем.

Пакуль Аніта займаецца кветкамі, рукадзеллем, у доме ідзе штодзённая работа: націраюцца падлогі, мыюцца вокны, прыбіраюцца пакоі, на кухні гудзе пліта, кухар рыхтуе абед гаспадарам і іх гасцям, якія часта наведваюць дом. Цэлы штат слуг абслугоўвае дом. Тут і пакаёўкі, і лёкаі, і камердынеры, і прачкі, і проста служанкі для самай чорнай работы.

Разам з імі працуе і пакаёўка Галя. Яна абслугоўвае апартаменты ніжняга паверха. Сёння работа неяк не ладзіцца ў яе. Праціраючы акно, ледзь не парвала дарагой фіранкі, наступіўшы на яе. Аж сэрца зашчымела ад жаху. Але не гэта асабліва турбуе Галю. З гутарак, з паасобных загадаў па доме ад’ютанта яна ўжо ведае, што гаспадар збіраецца на некалькі дзён у Берлін. Магчыма, ён і сягоння паедзе. Вось і паспрабуй тут выбраць зручны момант. Той пакуначак, што прынесла яна ў сумцы, яна ўжо даўно разгарнула, схавала пад карсаж, бо няма куды больш яго дзець.

Галя працірала вокны, выбівала пыл з дываноў, але думкі ўвесь час былі далёка ад гэтай работы. Дзе ж сапраўды прыхаваць гэтую штуку да больш зручнага моманту?

Усё гэта трывожыла, хвалявала дзяўчыну. Яна і ў твары змянілася, і ўжо каторы раз дзяўчаты-служанкі пыталіся ў яе, што з ёй.

— Нездаровіцца нешта, зубы баляць...— нерашуча адказала яна.

І тут жа ледзь не папракнула сябе, як яна не магла да гэтага часу прыдумаць такой зручнай прычыны свае ўзнерваванасці?

— Калі нездаровіцца, дык папрасі ў гаспадыні, і яна вызваліць цябе ад работы,— раілі дзяўчаты.

Пачаліся розныя парады. У справу ўрэшце ўмяшалася і сама гаспадыня. Запытаўшыся, ці не пачынаецца ў Галі флюс, яна тут жа параіла зрабіць цёплы кампрэс і абвязаць шчаку.

Неўзабаве Галя хадзіла з туга забінтаванай шчакой, раз-поразу хапаючыся за яе рукой, нібы суцішаючы прыступы болю.

— Заўтра абавязкова наведайся да зубнога ўрача, бо запускаць флюс небяспечна,— загадала Аніта.

Загад гаспадыні прыйшоўся якраз дарэчы. Заўтра трэба было пабыць на яўцы, каб удакладніць некаторыя пытанні, як ставіць гэтую праклятую міну, як наогул абыходзіцца з ёю. У часе кароткай сустрэчы з жанчынай, якая перадала ёй пакунак, яна не магла падрабязна даведацца аб усіх тэхнічных дэталях справы.

Прайшоў другі дзень і трэці, а зуб усё не праходзіў. Прыбіраючы лесвіцу, якая вяла на другі паверх, Галя трапіла на вочы самому Кубэ.

— Што такое здарылася? — запытаўся ён, убачыўшы забінтаваную шчаку.

Даведаўшыся, у чым справа, ён тут жа загадаў ад’ютанту неадкладна завесці яе ў нямецкі шпіталь да зубнога ўрача.

Колькі ні даводзілася Галі ў сваім жыцці наведвацца ў медыцынскія ўстановы, але гэтага свайго візіту яна ніколі не забудзе. Урач уважліва агледзеў зубы. Усё шукаў хворага месца. Галя ўспомніла, што некалі, яшчэ гады са тры назад, яна ставіла пломбу. Трэба было ахвяраваць гэты зуб на лячэнне, хоць ён быў здаровы і моцны, як камень.

— Вось тут і баліць! — паказала яна гэты зуб доктару. Давялося вытрымаць катаванне бормашынай. Уся працэдура закончылася даволі паспяхова, і ўрач прапанаваў Галі яшчэ разы два наведаць шпіталь, каб паставіць новую пломбу.

 

11

З сярэдзіны ліпеня на галоўным партызанскім аэрадроме назіралася вялікае ажыўленне. Штоноч прыляталі самалёты, выгружалі ўсё адзін і той жа груз: шматлікія скрынкі аднаго і таго ж памеру. Гэты груз неадкладна развозілі па брыгадах і атрадах. А самалёты ўсё прыбывалі і прыбывалі, разгружаліся, бралі з сабой параненых, палонных. Часам перавозілі ў Маскву партыі палякаў, якія прыходзілі з Польшчы, каб перабрацца ў савецкі тыл, дзе фарміраваліся польскія вайсковыя часці. Самалёты бралі з сабой і чэхаў і славакаў, уцекачоў з германскай арміі, якія захацелі ўступіць у чэхаславацкую брыгаду Свобады.

Самалёты не затрымліваліся доўга на аэрадроме, бо ночы былі кароткія, трэба было загадзя трапіць назад, за лінію фронту. Адным з такіх самалётаў накіроўвалася ў Маскву і сям’я Слышэні. Праводзіць Ніну Васільеўну з дзецьмі прыйшоў і Слышэня, і Андрэеў, і яшчэ некаторыя таварышы. Ужо ўладзілі ўсіх пасажыраў у самалёт, ужо збіраліся зачыніць дзверы, каб запускаць маторы, як у самалёце пачуліся радасныя галасы, шум, гамонка. У дзвярах паказалася Ніна Васільеўна.

— Ты тут яшчэ, Вадзім?

— Тут, тут, а што там здарылася ў вас?

— Там сына нашага адбіраюць, хадзі хутчэй!

У голасе яе, аднак, не было асаблівай трывогі, тым больш роспачы.

Слышэня і Андрэеў заглянулі ў самалёт. Яны ўбачылі рослага лётчыка, які трымаў на руках хлапчука Ніны Васільеўны, абнімаў яго, цалаваў і, здаецца, нічога і нікога не заўважаў навакол.

— Алік мой, сынок мой маленькі...— толькі і чуўся яго ўсхваляваны голас.— Які ж я шчаслівы, які шчаслівы! А як рада будзе твая мама...— І тут жа да Ніны Васільеўны: — А я пазнаў вас адразу! Памятаеце, як перад самай вайной прывёз я да вас яго ў бальніцу? А цяпер толькі па голасе пазнаў, бо вырас жа ён і змяніўся крыху...

Ніна Васільеўна стаяла разгубленая, узрушаная. Пярэчыць гэтаму чалавеку яна не магла, бо хто ж не разумее бацькоўскіх праў.

А хлопчык на руках у лётчыка міргаў вачанятамі, яго тварык быў гатовы расплакацца, і ён яўна вырываўся з рук і нават прасіўся:

— Дзядзечка, пусці мяне да мамы!

Ніна Васільеўна павярнулася да Слышэні са слязьмі на вачах.

— Што ж рабіць будзем, Вадзім?

Андрэеў, які стаяў ззаду, ля самых дзвярэй, раптам кінуўся наперад. Радасны, узбуджаны, ён голасна ўскрыкнуў:

— Людзі, ды дайце і мне паглядзець, што тут робіцца?

А праз якую секунду ён ужо абнімаў лётчыка:

— Вось дык сустрэча, Сяргей! Ніколі не думаў, што спаткаемся так нечакана. Але як жа я не пазнаў раней свайго ўнука?

— Дык ён жа, бацька, тады зусім малы быў, калі ты бачыў яго. Гэта ж было яшчэ за год да вайны. Аднак да вас лятаць, да партызан, гэта ўсё роўна, што па шчасце. Бацьку знайшоў, сына знайшоў, што ж трэба больш чалавеку?

Усе гэтыя падзеі занялі каля гадзіны, і воляй-няволяй самалёт давялося затрымаць. У Маскву далі радыёграму, што ён вернецца назад у наступную ноч.

Як ні заняты былі людзі, але з поваду такой шчаслівай сустрэчы яны прасядзелі разам амаль што да раніцы. Шчыра сумавала Ніна Васільеўна, яе суцяшаў Вадзім. Як мог, суцяшаў і лётчык.

— Я ж разумею вас... і шчыра дзякую вам... Я проста не ведаю, чым бы я мог па-сапраўднаму аддзякаваць вам за гэтую незвычайную паслугу мне... Ва ўсякім разе, вы не будзеце развітвацца з ім. Я ж бачу, як прывык ён да вас. У Маскве я пастараюся, каб вас эвакуіравалі ў той жа горад, дзе цяпер знаходзіцца і мая сям’я, вы там будзеце штодня сустракацца.

Сяргей расказваў, як ён нядаўна даведаўся з газет, што бацька яго знаходзіцца сярод беларускіх партызан. Ён прачытаў спіс партызан, узнагароджаных ордэнамі, і ў гэтым спісе знайшоў і прозвішча бацькі. Адно, чаго не ведаў, гэта ў якім партызанскім злучэнні ён знаходзіцца. Збіраўся ўжо з’ездзіць у Маскву ў Беларускі партызанскі штаб, але ўсё не хапала часу, і вось сягоння такая неспадзяваная сустрэча...

На сустрэчу з’явіліся Саколіч і Бохан. У цеснай зямлянцы на аэрадроме адбыўся невялічкі пір, прысвечаны шчасцю двух бацькоў, знайшоўшых сыноў сваіх. Саколіч прапанаваў тост за тое, каб наблізіць той радасны час, калі зноў сустрэнуцца разлучаныя вайной бацькі і дзеці. Светлае чалавечае шчасце лунала ў цеснай зямлянцы, і ўсе, хто быў тут, рады былі вітаць яго і адчуваць на сваім сэрцы яго ласкавы подых.

Хутка Саколіч жартаўліва звярнуўся да начальніка штаба:

— Павінен я разлучыць вас з сынам, Аляксандр Дзям’янавіч. Трэба ж даць і яму магчымасць памілавацца са сваім сынком, а мы ім толькі замінаем.

І ўжо больш сур’ёзна да самаго Сяргея:

— Вы ўжо выбачце нас, работы ў нас з вашым бацькам непачаты край.

 

12

Работы сапраўды было многа. Яшчэ дні з два таму назад прыляцела на самалёце група ўпаўнаважаных Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, а з імі і некалькі работнікаў Беларускага Цэнтральнага партызанскага штаба. Усе яны раз’ехаліся па брыгадах. Яны ж прывезлі і загад штаба, каб правесці буйнейшую аперацыю на чыгунцы. Да гэтых аперацый даўно рыхтаваўся Саколіч з сваім штабам. Гэта было практычным ажыццяўленнем таго, аб чым гаварыў Саколічу сакратар Цэнтральнага Камітэта партыі ў часе іх сустрэчы ў Маскве.

Па ўсіх брыгадах ішла ўзмоцненая падрыхтоўка да выхаду на чыгунку. Калі раней у кожным атрадзе былі свае падрыўнікі і нават паасобныя групы падрыўнікоў, дык цяпер усе партызаны спяшаліся авалодаць гэтай справай.

Цэлыя дні ішлі практычныя заняткі на кавалках рэек, спецыяльна дастаўленых у атрады. Гучалі глухія ўзрывы, і маленькая шашка альбо перабівала рэйку, альбо вырывала з яе такі аскабалак, што рэйка ўжо рабілася не рэйкай, а звычайным кавалкам жалеза, абсалютна бескарысным для чыгункі.

Гэтай практыкай усе захапіліся. Нават людзі з гаспадарчых узводаў і тыя рваліся ў падрыўнікі. Хоць на занятках і не дазволена асабліва рагатаць, але на вучэбных узрывах стаяў суцэльны рогат. Аказалася, што шашкі былі загорнуты кожная ў спецыяльную паперку, на якой партызаны знаходзілі кароткія сатырычныя вершы і партызанскія частушкі, нешта накшталт пажаданняў гітлераўцам. Тут былі і кароткія двухрадкоўі:

 

Хоць памерам — і галушка,

Немцу ж ты страшней, як пушка.

 

Былі тут і спецыяльныя прысвячэнні Гітлеру:

 

Гітлер рваўся на усход —

Падарваў сабе жывот.

Будзе ж бегчы да Берліна —

Зломім мы хрыбет скаціне.

 

Што ні паперка, то новы верш, новы жарт. Там і тут чыталі, смяяліся, рагаталі, рабілі здагадкі, што будзе рабіць Гітлер ды розныя гебельсы пасля партызанскіх прагулянак па чыгунцы.

Вядома, калі выйшлі ўсе на чыгунку на аперацыю — а выйшлі адначасова ўсе брыгады,— было не да смеху. Там былі моцныя гарнізоны, ахова, патрулі. Амаль што праз кожныя пяцьсот метраў былі ўмацаваныя дзоты. Ахова чыгункі трымала шчыльную сувязь з нямецкімі і паліцэйскімі гарнізонамі па-за чыгункай. Урэшце, па паасобных, найбольш небяспечных для гітлераўцаў участках курсіравалі бронецягнікі. І ўсё ж уся гэта ўзброеная да зубоў сіла была зломлена пад магутным партызанскім ударам. Штурмавыя, ударныя групы грамілі гарнізоны і дзоты. Заслоны затрымлівалі і адціскалі нямецкія падмацаванні. А ў гэты час партызаны рабілі масавыя ўзрывы, сістэматычна, участак за ўчасткам, выводзячы на доўгі час са строю важнейшыя камунікацыі гітлераўцаў.

Выхады на масавыя ўзрывы, ці, як празвалі іх партызаны, выхады на канцэрты, былі паўтораны некалькі раз. «Канцэрты» нарабілі вялікага перапалоху немцам. Чыгункі былі фактычна паралізаваны.

Гітлераўцы пачалі галасіць на ўсю Еўропу аб варварстве бальшавікоў, якія парушаюць усе законы вядзення вайны, нападаюць на нямецкія тылы, з дапамогай насельніцтва знішчаюць камунікацыі.

А галасіць было ад чаго. Калі Кубэ далажылі ў пачатку другой палавіны верасня, што партызанамі ўзарвана за апошні час больш за сто дваццаць тысяч рэек ды забіта пры гэтым каля трыццаці тысяч салдат і паліцаяў, той хапіўся ў адчаі за галаву і ўпаў у чорную меланхолію. Ён доўга не мог сабрацца з духам, каб паведаміць вярхоўнаму камандуючаму гэтыя страшныя лічбы.

Пазней Кубэ атрымаў афіцыйную радыёграму, у якой паведамлялася, што высылаюцца рэйкі з Францыі і Бельгіі (там разбіралі для гэтага запасныя пуці), і загадвалася неадкладна аднавіць камунікацыі, за што ён нясе персанальную адказнасць.

Хоць радыёграма і была падпісана самім Гітлерам, гэта не выклікала ўжо асаблівага энтузіязму ў гаўляйтэра. «Тут лягчэй неадкладна ў магілу легчы, чым выканаць такое грандыёзнае заданне»,— падумаў ён. Але, як заведзеная спружына, ён яшчэ актыўна дзейнічаў. Аддаваў грозныя загады, распякаў падначаленых, мабілізоўваў усе рэзервы на тэрміновыя работы і люта, нястомна распраўляўся з усімі, хто трапляў у фашысцкія засценкі. Ён аддаў быў загады аб падрыхтоўцы да эвакуацыі некаторых гарадоў, якія не так далёка знаходзіліся ад лініі фронту. За гэтыя загады ён атрымаў суровае папярэджанне, як за меры, якія дэмаралізуюць сілы фронту і тылу.

Некалі вайна паўставала перад ім у ружовым святле. Яна пачалася, нібы ўрачысты парад. Музыка, штандары, бравурныя маршы, экзотыка захопленых краін, бязмежная рамантыка, заваёвы ўсяго свету і яшчэ больш бязмежныя перспектывы, якія раскрываліся перад ім самім,— як гэта ўсё захапляла, кідала на самыя адчайныя справы, натхняла на рызыку, развязвала рукі на ўсё, што толькі ты ні задумаў. Білі, стралялі, вешалі, глуміліся з дзяцей і старых, ператваралі ў суцэльную бойню захопленыя краіны, думалі ўгнаіць чужою крывёю, чужымі касцьмі ўсю зямлю, каб дала яна пышныя ўсходы для новай Германіі, Вялікай Германіі. Усё гэта, відаць, асуджана на правал. Ці раскайвацца ж у тым, што рабілася? Ці папракаць сябе тымі рэкамі крыві, якая праліта? Чужой крыві на чужой зямлі?

Не! Трэба ўсё зрабіць, каб зберагчы набытае, каб рэкі пралітай крыві не патапілі Германіі, не патапілі і вялікай справы, распачатай фюрэрам. Трэба супраціўляцца, паставіць усё — і сваё і чужое — на службу супраціўленню.

І Кубэ супраціўляўся.

 

13

Быў той слаўны вечар, якія бываюць у пачатку жніўня, калі яшчэ цёпла, калі нават ноччу не адчуваеш яшчэ восеньскай стыні, калі на бярозах яшчэ рэдка-рэдка натрапіш на жоўты лісток. Яшчэ не зжата збажына на полі, і толькі першыя бабкі стаяць, як салдаты, на варце лета. Ну, а раз варта ўжо выстаўлена, то не за гарамі і восень. Яна ўжо набліжаецца неўзаметку. Блізасць яе адчуваецца ў празрыстасці паветра, у ранішнім зябкім ветрыку, які цямніць дробным рабаціннем спакойнае люстра возера. Даўно сплылі мутныя воды, пашарэла багавінне ў рацэ, і на дне яе выразна вылучаецца кожны каменьчык і кожны пячкур на пясчаных намоінах.

Пасля начнога «канцэрта» хлопцы з атрада Ігната слаўна адпачылі. Паспелі нават удзень правесці футбольнае спаборніцтва з суседнім атрадам, а цяпер сядзелі на лясной паляне і чакалі, пакуль кінамеханік, які ўжо з месяц як прыляцеў з Масквы, рыхтаваў свой апарат для паказу новых фільмаў з Вялікай зямлі.

Весела пілікаў гармонік. Сёй-той падпяваў яму. Пары са дзве — хлопцы і дзяўчаты, — папрасіўшы гарманіста сыграць што-небудзь вясёлае, скакалі кадрыль. Ігнат сядзеў з групай хлопцаў, якія не ішлі ў танцы і аддаваліся ўспамінам аб праведзенай аперацыі. Сотні тры рэек узарвалі за ноч — вынік быў нядрэнны. І толькі адзін з хлопцаў пачаў расказваць аб тым, як ён ледзь не апраставалосіўся, падпальваючы ноччу шнуры, як Ігната паклікалі і сказалі, што яго хоча бачыць дзяўчына.

— Якая там дзяўчына? — нездаволена адказаў ён, бо не было ніякай ахвоты пакідаць карціны.

— Прывялі з штаба брыгады, кажуць, залічылі ў наш атрад.

— Ну дык вядзі яе. Аформіць паспеем, а тым часам і кіно паглядзіць.

Ужо кінамеханік абвясціў, што зараз ён пачне, як Ігната зноў паклікалі:

— Вось і тая дзяўчына, таварыш намеснік камандзіра!

Ён азірнуўся і на якую хвіліну нібы аслупянеў: глядзеў і не верыў вачам сваім. Потым рэзка прыўзняўся, кінуўся насустрач дзяўчыне, якая стаяла ў нерашучай позе і на твары якой чаргаваліся розныя пачуцці: і радасць спаткання, і мімавольная крыўда, што яго ж клікалі, а ён як прыкіпеў на гэтым хваёвым пні, няйначай чакае, пакуль падыдуць да яго...

— Відаць, не рад ты, Ігнатка, спатканню?

— Ды што ты, Лена!

Ён горача абняў яе. Крыўда дзяўчыны растала, як хрупасткі лядок пад сонцам, і яна моцна-моцна пацалавала яго.

Ігнат з Ленай адышліся далей, каб не перашкаджаць таварышам ды каб і самім вальней адчуваць сябе.

— Дык вось ты якая стала?

— Змянілася хіба?

— І змянілася... Сур’ёзная такая, зусім пасталела...

Ён крытычным вокам агледзеў Лену, пасур’ёзнеў.

— Нешта ты не вясёлы? Можа, разлюбіў?

— Не гавары так...

Сказаў рэзка і, як здалося Лене, крыху адчужана. Бачыла, як нахмурыўся хлопец. А чаго? Хіба чым нездаволены?

— Нешта не разумею я цябе, чаму не гаварыць пра тое, што мне самае дарагое.

— Ты зусім мяне не зразумела. Я ніколі не разлюблю цябе. Але ці аб каханні ж гаварыць цяпер, калі так выйшла?.. Я шчыра, сардэчна спачуваю табе ў гэтым нечуваным горы.

— Божа мой, я не разумею, пра што гаворыш ты? Пра якое гора?

— Лена...— нясмела пачаў Ігнат.— Бацькоў губляць не так ужо лёгка для чалавека...

— Пастой, пастой, чаму ты гаворыш пра бацькоў? — і сэрца ў Лены балюча сцялася ў адчуванні вялікай і нечаканай бяды.

Ігнат зразумеў сваю памылку. Відаць, Лена нічога не ведала пра бацькоў. Ён замяшаўся, не маючы сілы сказаць ніводнага слова болей.

— Ну гавары, гавары, чаго ты маўчыш?

— Што ж я скажу табе? Я нічога асабліва не ведаю... Я ж не ведаю, і як здарылася...

— Што здарылася? Ну не маўчы ты, не маўчы... Што ты мучыш мяне, жорсткі ты чалавек...

— Хіба брат твой не казаў пра ўсё?

— Дзе ты бачыў брата?

— Ды тут жа ён! Ужо другі тыдзень, як працуе пры штабе ў Саколіча.

Твар Лены прасвятлеў. Яна ўся нібы страпянулася, і ў вачах замітусіліся жывыя іскаркі радасці.

— Дык ён тут хіба? А чаго ён трапіў сюды? І як ён? — адразу выпаліла яна некалькі пытанняў. І, запытаўшыся, астыла, твар зноў пацямнеў. Не чакаючы адказу, яна запыталася яшчэ раз:

— Што ж ён казаў табе? Гавары, гавары! — і глядзела на Ігната з пакутніцкім чаканнем.

— Слаўная мая, харошая! Але даруй мне за жорсткую праўду... Тваіх бацькоў... тваіх бацькоў ужо няма на свеце...

Яна ўся нібы здранцвела на якую хвіліну. Яўна перамагаючы сябе, намагаючыся быць спакойнай, яна спыталася:

— Што здарылася з імі?

Ігнат уздыхнуў. Цяпер ужо лягчэй было гаварыць, калі сказана было самае галоўнае.

— Іх расстралялі гітлераўцы тыдзень таму назад...

Пранозлівы ўскрык, здавалася, пахіснуў высокія вяршыні дрэў. Некаторыя партызаны, якія сядзелі бліжэй, з трывогай азірнуліся і пачулі ўжо глухія рыданні дзяўчыны.

— У яе фашысты бацькоў расстралялі...— шэптам перадавалі адзін аднаму.— Мабыць, толькі цяпер дазналася...

Дзяўчына плакала, прыхіліўшыся да мшыстай хваіны. Сутаргава паціналіся яе плечы. Яна не саромелася цяпер сваіх слёз.

Янтарны пацёк смалы завіс на яе валасах. Ігнат асцярожна зняў яго. Пачаў нясмела лашчыць яе рукі, плечы, спрабаваў суцяшаць:

— Не, не трэба так! Гэтым жа не пасобіш гору, слязьмі іх не вернеш назад...

Лена ўрэшце супакоілася. Яны многа гаварылі ў той вечар. Ігнат усё вагаўся: сказаць ці не сказаць? Адважыўся і расказаў пра свае колішнія пакуты і сумненні, калі яму давялося выпадкова ўбачыць Драгоша і Лену.

— Гэта добра, Ігнат, што ты расказаў мне ўсё, што на тваёй душы не астаецца ніякіх сумненняў. Так жа лепей жыць на свеце, калі цалкам верыш адзін аднаму. А Драгош? Мы заўсёды з табой будзем памятаць пра яго, як пра самага лепшага нашага прыяцеля, які ўсё, што толькі мог, аддаў для нашай справы...

 

14

Майка першая даведалася пра такую радасную навіну. Яна наведала сваю знаёмую таварышку-радыстку, а тая толькі-толькі прыняла чарговыя паведамленні Савецкага інфармбюро. Толькі пачула яна, што нашы ўзялі горад, адразу ж сарвалася з месца і памчала. Куды? Ну, вядома, туды, дзе праводзіла яна кожную вольную сваю хвіліну, дзе ляжаў, ужо ачуньваючы ад цяжкіх ран, лейтэнант Камар.

Доктар, прыкмеціўшы яе ў акно партызанскага шпіталя, цёпла ўсміхнуўся ў пракураныя вусы:

— Ляціць зноў наш віхор...

Доктар некалі назваў яе віхорам не з любасці. Ён ставіўся да яе спачатку непрыязна. Потым прыкмеціў, што хворыя і параненыя заўсёды рады ёй, што яны нават непакояцца, калі яна доўгі час не прыходзіць. Усе яе любілі за таварыскасць, за яе здольнасць знайсці для кожнага цёплае слова. Аднаго яна прывітае з папраўкай, другому перадасць прывітанне ад яго знаёмых, трэцяму нешта шапатне на вуха, і той аж заззяе, як толькі што атрыманы партызанскі медаль. Чацвёртаму проста ўсміхнецца, а ва ўсмешцы той столькі цеплыні ды невыказнай жаночасці, што пануры твар хворага адразу прасвятлее, а да сэрца нібы дакранецца сонечны праменьчык.

Майка часта бывала тут, асабліва з таго часу, як паранілі лейтэнанта Камара. Быў такі час, калі яна і ночы праводзіла ля яго ложка, прыслухоўваючыся да цяжкага, перарывістага дыхання, падсцерагаючы кожнае яго слова, яго просьбу, калі ён ужо апрытомнеў. І калі доктар заявіў ёй, што хворы, магчыма, у хуткім часе стане на ногі, яна расцалавала старога пры ўсёй палаце ды, ухапіўшы яго за халат, імкліва закружылася з ім.

І вось Майка з’явілася на парозе, усхваляваная, расчырванелая. «Ёсць навіны, ёсць!» — мімаволі падумаў кожны. Але, ветліва кіўнуўшы ўсім галавой, яна ледзь не подбегам кінулася да ложка лейтэнанта.

— Лёшачка, даражэнькі мой, ці ведаеш, што я хачу сказаць табе?

— Відаць, падарвала з дзесятак рэек?

— Што значыць дзесятак рэек у параўнанні з тым, што я табе скажу?

— Ну гавары, гавары!

— А скажу я табе, ды і ўсім людзям скажу, што сёння перад раніцаю нашы ўзялі твой горад!

— Арол?

— Арол!

— Ура-а-а! — скаланулася выбухам шпітальная цішыня. Напалоханы шумам, у пакой заглянуў доктар і, даведаўшыся, у чым справа, сам далучыўся да агульнай радасці.

А Камар прыўзняўся, колькі мог, на сваім ложку і, прыхіліўшы да сябе Майку, некалькі разоў пацалаваў.

— Качаць Майку! — пачуліся дружныя галасы, і некалькі хлопцаў з тых, што рыхтаваліся ўжо на выпіску, падхапілі яе на рукі, падкінулі пад самую столь.

— Што вы надумаліся, вар’яты, пры чым жа я тут? Не я ж брала Арол!

Але дзе ты ўтаймуеш гэтых хлопцаў!

— Мы не толькі за Арол, але авансам за ўсе нашы гарады! Ды яшчэ за тое, што выхадзіла нашага Камара. Ён жа без цябе зусім абяскрылеў бы.

А лейтэнанту аставалася толькі назіраць ды кідаць адчайныя рэплікі:

— Вы ж, хлопцы, асцярожней, а то растрасяце ўсе яе пачуцці да мяне...

— Не турбуйся, лейтэнант, мы ж далікатна, не растрасём!

Вестка аб вызваленні Арла і Белгарада маланкаю абляцела ўсе атрады. Партызаны сустрэлі гэтую падзею, як вялікае свята. А тут што ні дзень радыё прыносіла весткі аб новых перамогах. Савецкія войскі набліжаліся да Смаленска і Палтавы, у зводках Інфармбюро з’явіўся Гомельскі напрамак.

Гомельскі напрамак! Як багата значылі гэтыя словы для людзей, якія ўжо больш за два гады жылі, як гаварылі старыя, пад фашыстам. Гэтыя два словы багата значылі і для тысяч і тысяч беларускіх сем’яў, якія, пакінуўшы родныя гарады і сёлы і ўвесь свой набытак, каторы ўжо час знаходзіліся ў бежанцах.

Хоць і не крыўдзіліся яны на людзей, якія па-братняму прытулілі іх і чым толькі маглі аблягчалі іх вымушанае гора, усё ж кожны з іх, як пра вышэйшае шчасце, марыў аб тым дні, калі можна будзе вярнуцца ў родныя мясціны.

Пра тое ж марылі тысячы і тысячы рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, землі якіх таксама знаходзіліся яшчэ ў фашысцкім палоне. Нібы жыватворныя ветры падзьмулі над роднай зямлёй і ўдыхнулі новыя сілы ў мільёны і мільёны чалавечых сэрцаў, спакучаных вайной.

 

15

Да шматлікіх клопатаў Кубэ далучыліся новыя: трэба было прымаць і наладжваць работу шматлікіх устаноў, якіх як ветрам надзьмула з усходніх зямель. Гэта былі гітлераўскія ўстановы, якія беглі без памяці з Арлоўшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны. Разам з установамі прыбывалі сотні і сотні розных фюрэраў. Ашаломленыя ўцякацтвам, выкінутыя з прызвычаеных наседжаных месц, паразгубіўшы часам усе свае чамаданы, яны з азартам браліся за новую работу, каб сяк-так падправіць свае справы, паспець напоўніць новыя чамаданы.

За фюрэрамі і падфюрэрамі цягнуліся абозы ўсякай драбязы: бургамістры, каменданты, паліцаі. Уся гэтая шматлікая саранча вызначалася прагнай пражорлівасцю і вялікім спрытам да чужога дабра. Там, дзе асядала яна, удвая і ўтрая павялічваліся пакуты насельніцтва, грабяжы, здзекі, дзікія расправы.

Хоць і большымі сталі клопаты ў Кубэ, але сёе-тое мела для яго і свой станоўчы бок: павялічыліся яго кадры, папоўніліся работнікамі яго ўстановы. У горадзе было ўжо не адно СД, а цэлых тры: да мінскага СД далучыліся арлоўскае і смаленскае. Тэрор у горадзе і ў раёнах, якія былі пад кантролем гітлераўцаў, набыў яшчэ большыя памеры.

Штодня праз горад праходзілі калоны людзей, якіх фашысты сілком прымусілі эвакуіравацца з блізкіх да фронту раёнаў і з тых раёнаў, якія немцы вымушаны былі пакінуць. На вачах насельніцтва адбываліся жорсткія расправы з уцекачамі, адсталымі. Напаўняліся і разгружаліся турмы, не згасалі злавесныя агні Трасцянца.

І ўсё ж, нягледзячы на шалёны тэрор, падпольнае жыццё ў горадзе не спынялася. Адбываліся па начах узрывы, бясследна знікалі паасобныя, найбольш старанныя работнікі гестапа, раптам разбягаліся цэлыя паліцэйскія часці, не спыняліся дыверсіі на дарогах.

Фашысты лютавалі, уводзілі самыя суровыя распарадкі. Ліхаманкава працавала прапаганда. Гітлераўцы распісвалі на ўсе лады міфічнае выраўноўванне і скарачэнне лініі фронту, намякалі на новую зброю, якая ў парашок сатрэ ўсе савецкія арміі. Газеты запужвалі насельніцтва небывалымі расправамі бальшавікоў з людзьмі, якім давялося жыць на акупіраванай тэрыторыі.

Кубэ працаваў з усяе сілы. Начальнікі гестапа і СД амаль не выходзілі з яго кабінета. Неўзабаве ён збіраўся выехаць у Берлін на нараду гаўляйтэраў. Мімаходзь, пры служанках, намякнуў Аніце, каб яна паклапацілася аб некаторых прадуктах, якія ён можа адвезці яе сваякам у Берліне.

Галя чула пра гэтыя размовы. Дакладна даведалася і пра дзень, калі збіраўся паехаць гаўляйтэр. Трэба было спяшацца. Праз явачную кватэру яна звязалася з Марынаю. Усю аперацыю прызначылі на наступны дзень. Падпольшчыкі загадзя падрыхтавалі грузавую машыну, пропускі для людзей, якім патрэбна будзе неадкладна ж пакінуць Мінск, калі ўсё будзе зроблена.

Хоць Галя і ўлічыла ўсе акалічнасці, але вельмі баялася, каб яны выпадкова не змяніліся. Яна ішла цяпер на гэтую справу ўжо без усякіх ваганняў. У гэтай справе бачыла цяпер галоўную задачу. Аднаго баялася, як і раней, гэта тых пакут, якія могуць выпасці на яе долю ў выпадку правалу.

І вось настаў доўгачаканы дзень, ясны, сонечны. Кубэ, як заўсёды, падаўся ў свой камісарыят. Як і меркавала Галя, Аніта паехала з дзецьмі па магазінах, узяўшы з сабою і некалькі служанак. На другім паверсе, дзе былі галоўныя пакоі гаўляйтэра, усё корпалася з уборкай адна служанка. Хадзіць наверх без выклікаў Галі не дазвалялася, яна абслугоўвала толькі першы паверх. Трэба было выдумаць якую прычыну, каб паклікаць уніз тую служанку, і знайсці повад, каб самой пабыць там. І тут памагла нечаканая выпадковасць. Зазваніў тэлефон. Яна ўзяла трубку. Нехта папрасіў паклікаць да тэлефона тую служанку, што працавала наверсе. Гэта быў жандарскі вахмістр, чарговы паклоннік служанкі.

Галя з вялікай ахвотай кінулася выконваць просьбу. Яна паклікала дзяўчыну. Тая, збегшы ўніз, папрасіла Галю:

— Зрабі мне, даражэнькая, паслугу: там не паспела я прыбраць спальню ў гаспадароў, прыбяры яе. Калі-небудзь і я табе ўслугую.

Вядома, Галя пагадзілася. Яна добра ведала, што калі тая дзяўчына завядзе з вахмістрам тэлефонную размову, то яна не спыніцца па крайняй меры раней чым праз паўгадзіны. Назнарок павольна, нібы нездаволеная гэтай просьбай, яна пайшла наверх. Вось і спальня. Сэрца забілася хутка-хутка, калі пераступіла яе парог. Здрыганулася, калі з кутка, з-за ложка Аніты, пачулася глухое гырканне. Аднак супакоілася. Успомніла: тут жа заўсёды ляжыць гэтае страшыдла — сабака, які не прапусціць за парог ніводнага незнаёмага чалавека. Сабака павінен бы пазнаць яе. Сапраўды, ён паглядзеў на яе чырванаватым, налітым крывёю вокам, ленавата пазяхнуў і мірна палажыў галаву на свае таўшчэзныя лапы.

Галя пачакала якую хвіліну, ці паварушыцца гэтая дурная звярына. Але дог спакойна драмаў, зрэдку пазіраючы прыжмураным вокам за рухамі дзяўчыны. Перш чым прыбіраць пакой, яна занялася ложкам Кубэ. Азірнулася, прыслухалася да гукаў, якія даляталі знізу. Тэлефонная размова была ў самым разгары. Тады яна хуценька выняла міну з-за карсажа і, яшчэ раз праверыўшы яе, засунула між спружын матраца. Міна добра трымалася. Галя паспрабавала паварушыць, патрэсці матрац, міна не выпадала.

Усё гэта было зроблена ў якія дзве-тры хвіліны. Здавалася, і не вялікая гэта была праца, але Галя адчула, як уся яна ўкрылася потам. А на душы было лёгка-лёгка, нібы скінула з плеч гару, якая прыціскала яе дадолу. Не спяшаючыся, прыбрала спальню, старанна зняла невялічкую павуцінку з люстра, агледзела прывычным вокам начны столік, этажэрку, паставіла ўсё на месца, змяла пыл.

Падышла да акна, паглядзела на вуліцу. Там было ціха, спакойна. Не спяшаючыся, сышла ўніз. Служанка толькі што закончыла сваю размову, была ў прыўзнятым настроі. Убачыўшы Галю, падышла да яе.

— Дзякуй табе, Галечка. Ён хоча жаніцца са мной, пытаўся, ці не перадумала.

І пайшла, і паехала...

Гэта балаболка магла гаварыць бясконца. Галя спяшалася. Улучыла момант, ухапілася за сваю шчаку, з такім пакутніцкім выглядам зірнула на дзяўчыну, што тая аж запытала:

— Ай-я-яй... Ці не зноў зубы ўсхадзіліся? Бяжы хутчэй да доктара, а то будзеш пакутаваць усю ноч.

— І праўду ты гаворыш, дзяўчына. Ты паглядзі ўжо тут за парадкам... Я скоранька...

Накінуўшы на плечы паліто, Галя, не марудзячы, выйшла з дому, усё трымаючыся за шчаку. Вартавы ля варот спачувальна паківаў галавой:

— О фрэйлен, фрэйлен! Не лячыць, а вырываць трэба хворы зуб, толькі тады палягчэе.

Галя спяшалася. І цяпер, калі ўрэшце апынулася па-за домам, яна зноў пачала хвалявацца. Час ад часу азіралася назад. Усё здавалася: вось імчыць услед пагоня, вось пачынаецца аблава — квартал за кварталам. Сэрца заходзілася ад хуткай хады, ад трывогі. Не так ужо і блізка да Траецкай гары, хвілін дзесяць — пятнаццаць патрэбна хуткай хады. А кожная хвіліна здаецца такая доўгая, доўгая, нібы ногі прыліпаюць да тратуара, слізгаюць назад.

Аж задыхалася, пакуль дайшла.

Усё ў парадку на ўмоўленым месцы. Стаіць падрыхтаваны грузавік. Шафёр з абыякавым выглядам корпаецца ў маторы. Насустрач паволі ідзе сястра. Яна нічога не гаворыць, пытаецца толькі вачмі: «Зроблена?»

І ледзь прыкметным кіўком галавы адказвае і Галя: «Усё ў парадку».

Ужо набліжаючыся да грузавіка, Галя запытала ў сястры:

— А дзе ж тая жанчына?

— Яна не паедзе з намі. Яна толькі пазаўчора хадзіла па гэтай дарозе, паліцаі яшчэ могуць западозрыць яе. Пойдзе другой дарогай таксама сёння. Сустрэнемся на месцы.

Шафёр назнарок гучна сказаў ім:

— Ну, дзяўчаты, не марудзьце, паедзем на пясчаны кар’ер па пясок. Рыдлёўкі там, у кузаве. Залазьце!

Роўнай хадою імчыць грузавік. Адна застава, другая. Паліцаі добра ведаюць гэтага шафёра з магістрата. Убачыўшы яго, нават не пытаюцца ў дзяўчат прапускоў. Запытаюцца для прыліку:

— Ізноў па пясок?

— Як бачыце!

— Неважнецкая, браце, твая служба. З такога тавару, як пясок, не пажывішся!

— Служба не дружба!

Імчыць грузавік. З гасцінца зварочвае на прасёлачныя дарогі, уздымае клубы пылу за сабой. Дзяўчаты напудрыліся ім, аж пачарнелі. Але вось пачынае пакрысе накрапваць дожджык. Спачатку нясмела, потым уваходзіць у сілу, і вось ужо сеецца, як скрозь рэшата, самы сапраўдны абложны дождж, якому самая пара цяпер восеньскімі днямі. Пыл прыбіла на дарозе, абмыла твары дзяўчат. Зябка, непрытульна робіцца ў забруджаным кузаве.

Грузавік імчыць і імчыць роўнай хадой. Сеецца восеньскі дождж, сцякае буйнымі кроплямі з ражкоў хусцінак. Кожная з сясцёр думае пра сваё — пражытае, перажытае, будучае...

 

16

Восеньскі дождж надакучлівы, як і доўгая восеньская ноч. Як пачаўся — так і няма яму канца. А калі і сціхне, дык хіба на якую толькі хвіліну. Ды каб лінуў ужо добра, як бывае гэта летам, а то імжыць, слязіцца, нібы плача бабуля старэчымі скупымі слязьмі. Неба як бы ўсхліпвае, калі рэзкі парыў ветру разгоніць на хвіліну парваныя на шматкі хмаркі. Вынырне з-за іх месяц, халодны, абмыты, і зноў забіраецца ў мокрую кудзелю хмар.

Вартавы туліцца ад дажджу пад казырок варот, зябка пацінае плячмі, адчуваючы пранізлівую макрэдзь, якая забіраецца пад шынель, пад мундзір. Ён пацірае мокрыя, азяблыя рукі, патупвае, спрабуючы сяк-так сагрэцца. Але, пачуўшы тупат уласных ног, адразу палохаецца. Можа, хто падбіраецца цяпер сюды пад гэты тупат, рыхтуецца кінуцца на цябе ззаду, альбо збоку, альбо ўсадзіць нож табе ў грудзі. І ты звалішся, будзеш плазам ляжаць на гэтым бруку, на брудным каменні, па якім ляніва плюскоча вада.

О, каб хто ведаў, як цяжка стаяць у начной варце ў гэтым горадзе! Колькі розных гісторый выслухаў вартавы аб нечаканых нападах, аб таемных знікненнях вартавых, якіх і следу потым не знаходзілася. Расказвалі, як з’яўлялася часам перад вартавым такая ж найпрыгажэйшая дзяўчына-чараўніца, што хоць ты маліся на яе. Яна міла ўсміхалася, ласкава пыталася, як прайсці на тую ці іншую вуліцу. Развесіць вушы вартавы, дзівуецца на незвычайную прыгажосць, і так жа яму сумна аднаму астацца, што ён расказвае ўсё падрабязна, так падрабязна, што можна паўгорада абегчы за гэты час. Расказвае, дзівуецца на дзявочыя чары, ды так і не прыкмеціць, як упадзе бездыханным на сырую зямлю. І не бачыць ужо, і не чуе, як гараць, разгараюцца сцены склада або казармы, як грукочуць выбухі боепрыпасаў. І хто тая дзяўчына, і хто памагаў ёй у таемных чарах — ніхто гэтага не бачыў. Бо той, хто бачыў яе,— бачыў апошні раз зямлю і неба і ўжо ніколі-ніколі не ўставаў з гэтай зямлі.

Як жа сумна, аднак, на начной варце. Вартавому, што на двары, таму добра. Яму і дождж не ў дождж, і страхі не ў страхі. Забраўся пад ганкавы дах і драмлі сабе колькі хочаш, прытуліўшыся да сцяны дома. Там і прысесці можна неўпрыкметку, прыслухоўвайся толькі, каб не з’явілася раптоўна праверка.

А тут не прысядзеш. Шчыльна прыхіліўшыся да варот, пільна ўзіраецца ў начную цемрадзь Лотар. Ціха-ціха. Толькі плюскоча вада ў рыштку ды дзесьці цурчыць, пераліваецца танюсенька-танюсенька. Ці то па каменнях бруку, ці то ў вадасцёкавых трубах дома. Пераліваецца, наганяе дрымоту. Але вось страпянуўся вартавы і, адставіўшы каўнер шыняля, уважліва прыслухаўся. Дзесьці ў канцы вуліцы чуецца глухое цоканне падкоў аб камяні. Твар Лотара святлее. Гэта ідзе начны патруль. Цоканне падкутых ботаў чуецца ўсё бліжай і бліжай. Лотар ужо можа распазнаць цёмныя постаці двух салдат, афіцэра. Ідуць звычайна не па тратуары, а па самай сярэдзіне вуліцы, цугам. Лотар з удзячнасцю праводзіць іх ледзь прыкметныя ў цемрані постаці і ўздыхае. Добра было б, каб часцей праходзілі патрулі, развейвалі б сум і ўсе гэтыя начныя страхоцці. Але гэтыя патрулі не такія ўжо частыя госці на вуліцы, асабліва ж у такі дождж. Прайшлі, і няма іх, і не будзе гадзіну і другую...

А дождж імжыць і імжыць. Гусцеюць начныя змрокі. Хмары, відаць, заслалі ўсё неба, бо ні на адну хвіліну не прабіраецца з-за іх месяц. Холадна, сыра. Стынь працінае ўсё цела. І страшна-страшна...

Як бы хораша цяпер быць дома, далей ад гэтага чужога горада, далей ад вайны... І наогул, каб не было яе, каб ніколі не чуць і не бачыць яе... Яго паранілі на фронце. Там было таксама страшна, можа, у некалькі разоў страшней, чымся тут, бо не раз бывалі такія часіны, калі смерць хадзіла поруч з табою, дыхала побач з табою, глядзела ў вочы табе сваім жахлівым сляпым зрокам, і ты праклінаў дзень і час, калі нарадзіла цябе твая маці. Але там стаялі плячо ў плячо тысячы і тысячы такіх жа, як ты. Там паміралі разам, разам атрымлівалі раны і разам лячыліся. А калі ты зноў мог хадзіць і насіць вінтоўку, цябе пасылалі назад, пад агонь, пад кулі, пад страшэнны грукат гэтых рускіх кацюш, якія даводзілі некаторых да вар’яцтва. Паўтаралася старая гісторыя: цябе калечылі зноў, лячылі зноў, зноў пасылалі назад.

За што ж трэба несці ўсе гэтыя пакуты? Гаварылі ім усім, што рускія напалі, каб адабраць ад немцаў іх зямлю, спустошыць іх гарады і вёскі, знішчыць іх набыткі і іх саміх. Але салдаты скора перасталі верыць гэтым словам. Не верылі, але маўчалі, бо добра ведалі на ўласным вопыце, што той, хто спрабаваў сказаць нешта сваё аб усіх гэтых страшных падзеях, звычайна атрымліваў не варожую, а сваю, нямецкую кулю. Не трэба мець свайго ўласнага слова, не трэба асабліва думаць самому. Гэта ж так небяспечна. Нават калі ты не вытрымаеш у баі і павернешся спінаю да ворага, цябе сустрэнуць эсэсаўскія кулямёты. Яны прымусяць цябе зноў узяць пакінутую табой вінтоўку і ісці толькі наперад, толькі наперад. А не можаш ісці — памірай альбо зноў ператварайся ў калеку, у недалугу.

Ім, эсэсаўцам, добра ваяваць за спінамі другіх. Нават тут яны туляцца за тваёю спіной. Ты стаіш вось перад усімі нечаканасцямі ночы, а эсэсаўцы-вартавыя стаяць там — адзін на двары, на ганку, другі ў самім доме, дзяжурыць ля тэлефона. Не ім прызначана першая куля, а табе. Калі якая і небяспека, дык яны ж паспеюць пачуць твой перадсмяротны стогн, яны паспеюць схавацца ад небяспекі за мураваныя сцены...

Ах, як добра б цяпер пабыць дома, у роднай вёсцы, у сваім уласным доме. Невялікі ён, але ўтульны. Што ж робяць яны цяпер там, яго родныя, яго блізкія? Спяць, вядома, бо ноч. Спіць жонка, соладка спяць дзеці, раскінуўшыся ў сваіх ложках. Хоць холадна на дварэ, а ў доме цёпла. Спяць усе ў доме, бо як і не паспаць у доўгую восеньскую ноч, ды пад гэты дождж, які будзе ліць і ліць усю ноч, ды, магчыма, зацягнецца і на дзень. Толькі пад самым дахам, дзе чуваць, як падае на чарапіцу кожная дробная капля дажджу, варочаецца з боку на бок на мулкім ложку ў цесным пакоіку яго старэйшы брат-інвалід. Яшчэ ў першую сусветную вайну ён страціў свае ногі дзесьці тут, пад Пінскам. І калі дождж — яму заўсёды не спіцца: ныюць патрушчаныя косці.

Вось і ў яго, у Лотара, заўсёды ные пад дождж прастрэленае плячо, а правая нага пачынае накульгваць, хоць бяры ды прыстаўляй да яе драўляныя мыліцы. Але добра, што ногі, хоць і пашкоджаныя крыху, але асталіся з ім. Брату горш без ног. Так і не знайшоў якой выгоднай працы, не займеў свае гаспадаркі, не займеў і ўласнае сям’і. Дажывае свой век пры братняй сям’і.

Цяжка чалавеку без ног. А чаму ён без ног? Вайна ж была таму прычынай. А пры чым вайна, а навошта вайна?

Не, не, далей ад такіх пытанняў і думак. Твая справа, Лотар, вартаваць гэты дом, пільнавацца службы, каб не было да цябе ніякіх прэтэнзій, каб не мець ніякіх заўваг і спагнанняў,— тады будзеш мець ты права на кароткі водпуск на радзіму, да жонкі, да дзяцей. Да мілых дзяцей. Як гэта слаўна: убачыць іх, расцалаваць іх, пагушкаць меншае на руках, пашлакатаць яму шыйку калючай шчэццю вусоў і лашчыць, лашчыць без канца, адорваючы яго ласункамі, добрай цацкай, якую прывязе ён з чужых краёў. Цацкай... Аднак дзе ты возьмеш у гэтым зруйнаваным горадзе трапную цацку, добрыя ласункі дзецям?

Дождж імжыць і імжыць. Пад яго манатонны шум рояцца незлічоныя думкі. Без канца і краю. Хіба давядзеш іх да парадку, хіба знойдзеш адказ на кожную? Зусім знямогся Лотар. Свярбіць, ные параненая нага, дранцвее ўсё цела. Вось бы ў самы раз цяпер ды на тапчан дзе-небудзь пад добрым дахам. Ды каб крышачку цяпла. Можна і без яго, абы не заліваліся за каўнер пацёкі гэтай пранізлівай вільгаці. І спаць бы, спаць! Аж пазяхнуў і вочы прыжмурыў. Так жа добра, калі навальваецца на цябе дрымота! Тады ўсё адыходзіць некуды ўбок, знікаюць і думкі твае, і ўсе трывогі. І нічога ўжо не боязна, бо табе цяпер усё роўна, усё роўна...

Але рэзкая ўспышка святла адразу працверазіла Лотара ад дрымоты. Інстынктыўна ён моцна сціснуў сваю цяжкую вінтоўку. Можа, ён і не заўважыў сваіх рухаў, аглушаны выбухам. Ад нечаканасці нават не зразумеў спачатку, што гэта здарылася такое і дзе яно здарылася, і толькі ачомаўшыся крыху і агледзеўшыся з перапуду, зразумеў, што гэта адбылося на другім паверсе дома. Адно акно ззяла пустым правалам, ды яшчэ зрэдку сыпаўся, дзвынкаў долу дробны шкляны друз. А ўжо ў доме пачалася несусветная мітусня. Мільгалі агні, нехта крычаў, нехта галасіў, і няспынна верашчалі два тэлефоны — унізе дома і ўверсе. Вартавы на двары ўрэшце падумаў, што ж яму рабіць пры гэтых акалічнасцях, і зрабіў тры стрэлы.

А вуліца ўжо абудзілася. Па ёй імчалі машыны, санітарная, гестапаўскія, начальніка эсэсаўскіх войск пана Готберга і шмат іншых. Здавалася, абудзіўся ўвесь горад. Усюды чуліся трывожныя гудкі машын, недзе на ўскраіне прагучала некалькі аўтаматных чэрг, грымнула некалькі вінтовачных стрэлаў. Зацокалі па бруку конныя патрулі, якія насіліся цяпер як віхор па вуліцах, затрымліваючы кожнага, хто меў і не меў пропускі. Пачалася масавая праверка ўсяго горада.

Лотар рад быў у душы, што скончыліся яго начныя страхі. Не разумеў аднаго, што гэтыя страхі толькі пачынаюцца. Праз якіх хвілін пяць яго бязлітасна біў па твары нейкі высокі афіцэр, мяркуючы па пагонах, сам брыгадэнфюрэр Готберг. Лотар з усяе сілы намагаўся не хістацца і стаяў, выцягнуўшыся ў струнку і ўзяўшы вінтоўку на каравул. Афіцэр прыходзіў у ярасць. Не здаволіўшыся кулакамі і выхапіўшы рэвальвер з кабуры, ён ударыў наводліў ручкаю па твары. Ціхім і дысцыплінаваным салдатам быў Лотар. І ўбачыў ён, што ніколі не збудзецца яго мара пайсці ў заслужаны водпуск і пабачыць дзяцей сваіх.

І тады ціхі і дысцыплінаваны салдат, даведзены да крайняга адчаю, страпянуўся ўвесь і грозна ўскінуў вінтоўку. Гэтага было даволі, каб яго тут жа прыстрэлілі з пісталета. Ён ужо не бачыў, як вялі пад канвоем другога вартавога, таго, што стаяў ноччу на двары, як здзіралі пагоны з ад’ютанта Кубэ і цягнулі яго пад рукі да паліцэйскай машыны. У тую ж машыну грузілі схопленых з ложкаў служанак: і тых, што былі прывезены з самой Нямеччыны, і тых, што набралі ў другіх краінах. Вялі і кухара, і ўсіх, хто абслугоўваў гаўляйтэра і яго хатнюю гаспадарку.

Суровы і грозны Готберг рэзка выкрыкваў загады сваім падначаленым:

— У Трасцянец! Да ўсходу сонца каб іх не было!

Мабільныя каманды гестапа ачаплялі паасобныя кварталы, прачэсвалі дом за домам. З вуліцы, на якой жыла служанка Кубэ, якая бясследна знікла, зганялі поначы ўсіх людзей з дзецьмі, са старымі, з хворымі. Спешна грузілі на паліцэйскія машыны. Над вуліцай успыхвалі ракеты. Ярка гарэлі фары грузавікоў — гестапаўцы выконвалі загад: ніводзін чалавек — ад старога да груднога дзіцяці — не павінен быў пазбегнуць кары. Адчайны плач, жалобныя ўскрыкі дзяцей, грубая лаянка канваіраў стаялі над вуліцай, на якой адбываўся незвычайны пагром.

— У Трасцянец! — аддаваў адну і тую ж каманду брыгадэнфюрэр.

Гэтае слова часцей за ўсё чулася і ноччу, і наступным днём. Калона машын спяшалася, каб хутчэй адвезці людзей на смерць і вярнуцца па новыя ахвяры.

Вялікай крывёй надумаўся Готберг загадзя суцішыць нястрымны гнеў Гітлера, адвесці гэты гнеў і ад сябе як адказнага за бяспеку гаўляйтэра.

А па ўсіх дарогах снавалі гестапаўскія і паліцэйскія машыны. Быў загад — жывой альбо мёртвай даставіць служанку Кубэ, якой не ўдалося знайсці ў горадзе, нягледзячы на ўсе аблавы, вобыскі, прачэсванні і масавае выгнанне людзей цэлай вуліцы ў Трасцянецкі лагер. Няйначай жа гэтая служанка і зрабіла нечуваны тэрарыстычны акт.

Але злавіць яе так і не ўдалося. Гестапаўскія шайкі натрапілі былі на яе сляды. Некалькі машын узброеных да зубоў эсэсаўцаў памчалі па лясной дарозе. Назад удалося выскачыць толькі адной.

А ў самім горадзе, каб ахаладзіць пыл наваяўленага сатрапа, адразу ў некалькіх месцах адбыліся буйныя дыверсіі. Узляцела ў паветра сталовая гестапа, пахаваўшы пад руінамі добрую паўсотню гестапаўцаў. Загарэўся склад паліва эсэсаўскай механізаванай дывізіі, раскватараванай на ўскраіне горада. Пажару так і не ўдалося затушыць, бо ўсе пажарныя механізмы былі папсаваны. Сярод белага дня згарэў да рэшты склад гатовых парашутаў на швейнай фабрыцы. Адбылося і некалькі больш дробных дыверсій.

Сем’і гітлераўцаў і іх наймітаў жылі некалькі дзён у такім страху, што баяліся класціся спаць. Усе матрацы, канапы, падушкі былі ўспораты — шукалі міфічных мін. Падпольшчыкі пусцілі чуткі, што імі замініраваны і самыя дамы, дзе жывуць гітлераўскія чыноўнікі. Гэта паддало такога страху, што некаторыя сем’і не адважваліся спаць у дамах, а размяшчаліся нанач бівуакамі па дварах і агародах. Былі мабілізаваны каманды мінёраў, якія дакладна правяралі кожны дом, кожны будынак.

Тэрмінова пачалі будавацца пры самых дамах і сям-там нават на балконах цэментавыя доты. Ад вуліцы ставілі агароджы з калючага дроту. У фундаментах прабівалі байніцы, наладжваючы кулямётныя гнёзды ў скляпеннях дамоў.

Усё гэта не ратавала, аднак, ні ад ручных гранат, ні ад тэрмітных шарыкаў, якія невядомыя рукі падкідвалі начамі пад вокны альбо на двары гітлераўцаў.

Гітлераўцы і іх найміты ўжо не адчувалі сябе гаспадарамі ў горадзе. Суровы і бязлітасны закон — смерць за смерць і кроў за кроў! — увесь час трымаў іх у смяротным страху.

 

17

Надзя і Галя даведаліся аб гібелі Кубэ з паведамлення па радыё. Яно было кароткае:

«У ноч на 22 верасня беларускія партызаны пакаралі смерцю галоўнага ката беларускага народа гаўляйтэра Кубэ».

Партызаны атрада Ціхана Зарубы, у які прыбылі сёстры, шчыра захапляліся людзьмі, якія ўрэшце загналі ў дамавіну гітлераўскага сатрапа.

— Аказваецца, і ў горадзе працуюць партызаны, ды, відаць, яшчэ лепш, чым мы. Нам жа такога важнага туза не ўдалося яшчэ прыбраць.

Убачыўшы Галю і Надзю і не ведаючы, чулі яны па радыё гэтую навіну ці не, пахваліліся і перад імі:

— Во, дзяўчаты, як нашы хлопцы працуюць! Самога намесніка Гітлера падмялі! Гэта хлопцы дык хлопцы!

Сёстры весела ўсміхнуліся ў адказ на гэтую наіўную пахвальбу, падтакнулі ім:

— Добрыя хлопцы.

Ціхан Заруба, які быў у курсе ўсяе справы, падміргнуў дзяўчатам і «пад’ехаў» да хлопцаў:

— Нешта вы, браткі мае, усё выхваляеце сябе: хлопцы ды хлопцы... А можа, гэта і дзяўчаты зрабілі?

— Што вы, таварыш камандзір! Мы, вядома, не ганьбім нашых дзяўчат. Яны і ў разведку ідуць, і раненых даглядаюць, і добра перавязку робяць у часе бою, але каб на такую справу пайсці, дык тут ужо не...

І як жа аканфузіліся, калі Ціхан Заруба сказаў:

— Вось гэтыя дзяўчаты, якія стаяць перад вамі, і забілі Кубэ. Ды трэцяя яшчэ, якая хутка будзе тут, па яе паслалі ўжо коней у суседнюю вёску.

Надоўга зацягнулася прыязная бяседа і таварыская вячэра, якую наладзілі партызаны ў гонар слаўных дзяўчат.

Начавалі ў будане, змайстраваным з галля. Было ў ім утульна, прасторна і так пахла бярозавым лістам, што Галі, якой ніколі не даводзілася спаць у такіх буданах, мімаволі ўспомніліся дзіцячыя гады, калі звычайна на сёмуху ўсёй сям’ёй упрыгожвалі двор і хату бярозкамі і рабінавым веццем, а падлогу ўсцілалі пахучым аерам. Колькі светлай дзіцячай радасці было ў тыя дні! Усё здавалася пранізаным цёплым сонечным святлом, яркай зелянінай, і ўсюды стаяла такая духмянасць, што і двор, і вуліца, і нават хата здаваліся лугам, дзе так багата прыгожых і пахучых красак.

Можа, ад гэтых успамінаў, можа, ад усяго перажытага Галя нават паплакала крыху. І калі сястра і Марына спыталіся, з якой такой прычыны так расчулілася яна, Галя адказала:

— Ведаеце, вось адчуваю, што пачынаю жыць нанава, ну і радасна...

Ноч стаяла светлая, месячная. Холадна паблісквалі восеньскія зоры. Патыхала рэзкім халадком ад рачулкі, якая працякала непадалёчку. Каб было цяплей, дзяўчаты шчыльней прытульваліся пад вялізным кажухом адна да адной. Агульная справа зрабіла іх блізкімі таварышкамі, і гэтая блізкасць давала ім падставы ведаць калі не ўсё, то хоць галоўнае аб кожнай. Надзя так і сказала Марыне:

— Вось я і сястра ведаем вас толькі як Марыну. Вядома, што раней я і не пасмела б запытацца ў вас, што вы за чалавек, што вы робіце... А цяпер вось лёс злучыў нас. Скажыце ж нам аб сабе, мы ж нічагуткі пра вас не ведаем.

— А што ж тут асаблівага і казаць, Надзя? Чалавек як чалавек. Аднак я разумею цябе: кожнаму хочацца ведаць, з кім ён мае справу. Самая звычайная я швачка, можна нават сказаць, спецыяліст у сваёй прафесіі, бо на фабрыцы лічуся майстрам па цэху. І раней, год трынаццаць таму назад, таксама была швачкай. Была ў камсамоле, на камсамольскай рабоце, некалі сакратаром камсамольскага райкома абіралася. А потым была і на партыйнай рабоце, загадвала жаночым аддзелам. Год таму назад трапіла на швейную фабрыку ў Мінск, ну... і працавала разам з тым у гаркоме партыі. А каб анкета мая для вас была ясная ад кропкі да кропкі, дадам яшчэ, што нарадзілася я ў Бабруйску. Муж быў вайсковец. Загінуў у сорак першым у Брэсце. З ім, відаць, загінулі і двое маіх малодшых дзяцей, хлопчык сямі гадоў і дзяўчынка пяці гадоў.

Надзя слухала Марыну і шчыра здзіўлялася: адкуль жа ў гэтай звычайнай жанчыны такая вялікая сіла жыцця, прага да жыцця, што кожным сваім учынкам, паводзінамі, словам яна абуджае і ў другіх вялікую і неадольную любоў да жыцця?

— Слаўная ты, Марына, я адчуваю сябе шчаслівай ад сустрэчы з табой! — і яна шчыра паціснула руку сяброўцы.

Быў позні час. Галя спала, нешта ўскрыквала праз сон, відаць, не адрабілася яшчэ ад усіх апошніх перажыванняў. Надзя думала аб сваім уласным жыцці, аб горы, якое, хоць прайшоў ужо амаль што год з часу трагічных падзей, усё не магло ўтаймавацца. Цяжка было ўсвядоміць, што Мікалая няма, што некалькі год іх шчаслівага кахання прайшлі, як беззваротны сон. Але сны забываюцца і з часам трацяць сваю яркасць. А ўсё, што звязана з Мікалаем, астаецца такім жа свежым, як і некалі, калі ён упершыню прызнаўся ёй у сваім каханні. І першы нясмелы пацалунак...

Усё гэта, відаць, астанецца назаўсёды ў памяці...

 

18

Перад тым як яны трапілі да Саколіча, у яго, у штабным пакойчыку, сядзела Майка.

Яна з’явілася да яго падцягненая, сабраная, як і належыць з’яўляцца на афіцыйны прыём да начальніка. Так дакладна адрапартавала аб сваім з’яўленні і так стукнула абцасамі ботаў, што Саколіч мімаволі ўсміхнуўся. Аднак зусім сур’ёзна, пагасіўшы ўсмешку, сказаў ёй:

— Сядайце, намеснік камісара брыгады па камсамолу!

Таварыш намеснік крыху стушаваўся. Куды дзелася вайсковая выпраўка, калі крыху дрыготкім голасам яна заявіла:

— Я прыйшла да вас, таварыш камандзір, па асабістай справе, а таму прашу прабачыць мяне, калі адарву на хвілінку ад службовых спраў.

— Слухаю вашу просьбу.

І тут у намесніка адразу пачалі чамусьці чырванець вушы, і сам ён крыху запінаўся, муляўся, калі пачаў выкладаць сваю просьбу:

— Бачыце... я... мы... дазвольце, таварыш камандзір, выйсці мне замуж...

— Табе? Замуж?

— Мне...

— За каго?

— За лейтэнанта Камара.

— Ну, дзяўчынка мая, ты зусім мяне здзівіла. Па-першае, ты яшчэ малая, па-другое, якое замужжа цяперашнім часам, калі ідзе вайна, па-трэцяе... гм... вы ж з гэтым Камаром заўсёды дражніліся, як самыя што ні ёсць падшывальцы. Адны сваркі ды падкалупванні... А па-чацвёртае, пры чым жа тут я: што я вам, загс які, ці што?

І ў голасе яго з’явіліся самыя звычайныя ноткі раздражнення. Не тым, вядома, што да яго прыйшлі з такою просьбаю. Проста і ў думках не было, каб гэты клоп, як ён заўсёды называў сваю пляменніцу, ды раптам надумаўся выходзіць замуж. А бярозавай кашы яна не хоча часам, гэта наваяўленая нявеста?

— Дзядзечка! — узмалілася тут Майка, адразу збіўшыся з афіцыйнага тону.— Гэтак вы і на сёмае, і на дзесятае, і на дваццатае можаце перайсці... Я ўжо не малая, мне хутка дзевятнаццаць год будзе...

— Што праўда, то праўда...— мармытнуў пад нос Саколіч, прыгадаўшы, што ён жа сам некалі ажаніўся з семнаццацігадовай дзяўчынай. Значыць, тут яго аргументы рассыпаліся.

— А па-другое, пры чым жа тут вайна? Ды яна ж і скончыцца ўрэшце, і, відаць жа, хутка.

— Та-ак... Давай, давай усе свае аргументы!

— Ну, вось... А Камар... што ж Камар? Ён харошы чалавек. І герой...

— Дык, выходзіць, ты проста заваявала яго, пакарыла?

— А можа, і заваявала, дзядзечка. Ён сам мне прызнаўся ў шпіталі. Ты, кажа, урэшце адолела мяне, бо пасмейваўся я, пасмейваўся крыху з цябе, ды неўзаметку і закахаўся. А цяпер, кажа, я і жыць без цябе не магу, маляўка мая... Так і казаў...

Ад гэтага прызнання аж засаромелася дзяўчына, але тут жа заспяшалася, каб хутчэй закончыць усю гэтую размову.

— А да вас я прыйшла як да свайго дзядзькі. Можа, я і не пайшла б да вас, каб бацька быў блізка. З ім бы і параілася я. Але ж вы паслалі яго ў Маскву, з кім жа мне параіцца цяпер?

— Ну, гэта ты добра, канечне, зрабіла. Але мне здаецца, што не кепска было б, каб сам Камар з’явіўся да мяне з такімі справамі, а не ты...

— Ён і хацеў пайсці, але я загадала яму не хадзіць, бо мне ж неяк зручней ісці да вас.

— Так проста і загадала? — засмяяўся Саколіч.

— Ну, адраіла, дзядзечка...

— Вось і разбярыся: то загадала, то адраіла... Але добра, магу ўрэшце параіць і яму і табе. Не спяшайцеся вы з гэтай справай, хопіць у вас яшчэ часу. Вось закончым вайну і такое табе вяселле наладзім, што... адным словам, пачакайце яшчэ.

Рысы ўпартасці, якія ўвесь час не знікалі з твару дзяўчыны, нібы неяк памякчэлі, крышачку згладзіліся. Крыху другім тонам, у якім было нешта ад разгубленасці, ад насцярожанага чакання добрага адказу, яна нерашуча праказала:

— Мы не можам чакаць, дзядзечка...

— Чаму гэта?

— Я павінна стаць, ну... буду праз колькі месяцаў маці...

— Вось табе раз! — аж прыўстаў за сталом Саколіч.— З чым, з чым, а з гэтым маглі і не спяшацца...— І, зразумеўшы, відаць, што гэта магло прагучаць грубавата, ён дадаў, закранаючы яе балючую струнку: — А ці ведаеш ты, мая малая, што для такой справы я ж павінен буду адаслаць цябе адсюль куды-небудзь за лінію фронту. Ты ж павінна будзеш адысці ад нас, ну... ад нашага партызанскага жыцця.

Рыска ўпартасці зноў выразна вызначылася на яе твары. Ужо рашуча і катэгарычна яна заявіла:

— А я нікуды не паеду адсюль... Да апошняга буду займацца камсамольскімі справамі...

— Бачыш ты, якая знайшлася баявая... Ты ж нічога не разумееш яшчэ ў тым, да чаго рыхтуешся... Заўсёды ў вас, маладых, так: спачатку зробіце што, а потым ужо раіцца. А варта было б зрабіць наадварот...

— Выбачце мне, таварыш камандзір, што патурбавала вас...— і Майка з рашучым выглядам устала з зэдліка. Хоць выраз твару быў падкрэслена суровы, але здрадлівыя слёзы гатовы былі вось-вось навярнуцца на вочы.

— Ну-ну, ужо насупілася... І слова нельга сказаць. Падыдзі бліжэй... ну, ну, смялей, смялей!

Ён палажыў ёй руку на плячо, дастаў з кішэні хустачку:

— Давай слёзы вытрам, не да твару яны такому партызану, як мая... непаслухмяная пляменніца.

— Вы не смейцеся з мяне!

— А што ж, мне таксама плакаць загадаеш? Каму ж і паўшчуваць цябе, як не мне? Вось паклічу яшчэ твайго лейтэнанта, ды не пагляджу, што ён герой, а так абламлю яму камарыныя крылы, што ён і дзесятаму закажа збіваць з тропу некаторых... пляменніц...

— Толькі не рабіце гэтага! Ён ні ў чым, ні ў чым не вінаваты...

— Ручаешся?

— Кажу ж вам шчырую праўду!

— Тады няйначай давядзецца даць вам дазвол на афіцыйны шлюб з усімі адсюль, як кажуць, акалічнасцямі. Адным словам, благаслаўляю...

Расчырванелая, вясёлая, узрушаная, яна кінулася абнімаць дзядзьку, некалькі разоў цмокнула яго ў шчаку.

— Ціха ты, ціха, а то задушыш!

Яна цмокнула яго яшчэ раз і як віхор памчалася з пакоя, забыўшыся на ўсякія вайсковыя рытуалы развітання з начальнікам. За дзвярмі яна нос у нос сутыкнулася з Надзяй і яе сяброўкамі.

— Што з табой? — запыталася Надзя, заўважыўшы яе незвычайны выгляд.

— Ах, Надзечка, слаўная, мілая, любая, харошая! — адразу павісла яна на шыю дзяўчыне і тут жа паспела шапнуць ёй на вуха: — Я ж замуж выходжу, разумееш, замуж!

— А-а... тады ўсё зразумела... Ну, віншую, віншую, жадаю табе вялікага шчасця!

— Дзякуй, Надзечка! Ты ж, відаць, астанешся і яшчэ на ноч, дык прыходзь да мяне.— Урэшце яна заўважыла дзвюх Надзіных сябровак.— Хто гэта? — ціха спыталася яна.

— Сястра мая Галя і Марына, яны забілі Кубэ.

— Кубэ? Яны? — і на яе твары з’явілася такое шчырае і непасрэднае захапленне, што яна, не саромеючыся, разглядала ва ўпор абедзвюх жанчын. Потым кожную абняла, расцалавала, прыгаворваючы:

— Вось гэта справа дык справа! Вас жа партызаны на руках будуць насіць, што забілі такога... такога гада. Ну, я, дзяўчаткі, пабягу! Бывайце. Заходзь жа, Надзя!

Другім разам Майка не адстала б ад людзей, каб яны падрабязна, да апошняй дэталі, расказалі ёй аб усіх гэтых цікавых падзеях.

Але цяпер ёй было не да Кубэ. Што ёй Кубэ, калі Алёшачка цяпер для яе калі не свет цэлы, дык ва ўсякім разе большая яго палавіна.

 

19

Саколіч цёпла прыняў трох сябровак. Павіншаваў, падзякаваў ад імя камандавання.

— Вы зрабілі не звычайную справу, а гераічную, і павінны гэта ведаць. Вы, можа, і не ўяўляеце, як пакаранне Кубэ ўзняло баявы дух народа. Некаторыя атрады і групы нават у спецыяльнае спаборніцтва ўступілі: хто болей знішчыць розных фашысцкіх фюрэраў і падфюрэраў. А паслухалі б вы, як гітлераўскія газеты адгукнуліся на гэтую падзею: скуголяць на ўвесь свет, як пабітыя сабакі, на нас скардзяцца, што мы і варвары, і несвядомыя, і не паважаем іх заваёўніцкіх праў. Дарэчы, шмат папсавалі вы крыві гэтаму вар’яту Гітлеру. Як перадаюць, ён укінуўся ў такую істэрыку, што нават бліжэйшыя памочнікі яго баяцца трапіць яму на вочы. Ну, а вам ён нарабіў столькі абяцанкаў, што іх хапіла б на тысячу чалавек.

Саколіч падзяліўся з усімі апошнімі навінамі.

— Толькі паспелі вы прыбраць гэтага ката, як нашы войскі вызвалілі Палтаву, Смаленск. А на Гомельскім напрамку — Сураж, Навазыбкаў і Злынку. На Украіне нашы войскі ў некаторых мясцінах выйшлі да Дняпра. А ці чулі вы, дзяўчаты, што на фронце з’явіўся новы напрамак — Магілёўскі?

— Васіль Іванавіч, даражэнькі, ды вы сягоння проста чараўнік, ну чаму ж вас і не падзякаваць за такія навіны? — і Марына тут жа пацалавала яго, ледзь не пусціўшыся ў скокі ад такіх вестак.

— Аднак шанцуе мне сёння на пацалункі...— і Саколіч, жартуючы, расказаў пра апошні візіт сваёй пляменніцы.

— Што ж вы загадаеце рабіць нам цяпер? — запыталі жанчыны на развітанні.

— А нічога... Вы адпачывайце як мае быць, і праз колькі дзён сядзеце на самалёт. Цэнтральны штаб запрашае вас у госці ў Маскву. А пасля, калі ласка, можаце вярнуцца і да нас. Праўда, у Мінск мы вас болей не пусцім, пакуль не выкурым адтуль фашыстаў.

Марына пайшла па знаёмых, якіх багата было ў яе сярод партызан. Надзя з Галяй наведаліся да Майкі. Тая так была рада, што не ведала, дзе і пасадзіць такіх знакамітых гасцей. Колькі ўзаемных роспытаў, колькі цікавых расказаў. Яна ж, Майка, не была ў Мінску ў гэтыя гады і не мае ніякага ўяўлення, як гэта могуць жыць людзі там, калі побач процьма фашыстаў. Куды лепш ёй вось тут, у лесе. Не выхваляючыся асабліва, яна падрабязна расказала, дзе і ў якіх аперацыях яна ўдзельнічала. Расказала, што некаторыя партызаны з брыгады на асабістым рахунку маюць па сорак і паболей фашыстаў. І з сумам прызнала, што яе рахунак зусім невялікі...

Але ж не пра фашыстаў адных гаварыць на такіх сустрэчах, перайшлі і на другія тэмы. Надзя асцярожна запыталася, як ладзіцца яе цяперашняе жыццё, ці шчасліва яна жыве з сваім мужам.

— Божа мой, ды які ён муж? Ну, збіраецца стаць мужам. А ці шчасліва? — адразу ўзгарэлася Майка.— Ды вы ж не ведаеце, што гэта за чалавек! Ну, магчыма, ён трошачкі і грубіян, а каму можа здацца, што і задавака і фанабэрысты, а некаторыя кажуць, што ён і рызыкант вялікі... А якая там фанабэрыя ў яго ці задавацтва?! Ён калі і грубы, дык толькі хіба да фашыстаў. Ох, як ён іх не любіць, ну праз іх часам і на вялікую рызыку ідзе. Воляй-няволяй, а даводзіцца мне часам і адчытваць яго за гэта. Вось вы ўбачыце яго і адразу палюбіце.

— Я рада, Маечка, за цябе, за тваё шчасце, за дзіця тваё!

— Якое там дзіця? — насцеражылася дзяўчына.

— Ну, ты ж дзіцяці чакаеш...— досыць нерашуча прамовіла Надзя.

— Хто вам сказаў пра такое? — ужо натапырылася Майка.— Ну, няйначай гэта мой дзядзька нагаварыў. Вось жа чалавек: скажы яму, дык потым і сам рад не будзеш.— І Майка раптам разрагаталася самым шчырым смехам і праз гэты смех ледзь прагаварыла: — Ды гэта ж, Надзечка, чыстая, ну як гэта ў кніжках пішуць, місты-фі-ка-цы-я... А папросту — мана... Я ж гэта знарок нагаварыла яму...

Сёстры дружна рассмяяліся.

— Выходзіць, што ты абманула свайго дзядзьку?

— А што мне было рабіць? Ды які ж тут абман? Усё роўна ж я калі-небудзь ды буду мець дзіця...

Майка рассмяялася шчыра, бесклапотна, так, як могуць толькі смяяцца шчаслівыя людзі. І раптам смех яе абарваўся, нібы ёй здалося, што смех яе гучыць цяжкай абразай для другіх. Твар нахмурыўся. Яна рэзка прыўстала і кінулася да Надзі.

— Надзечка, міленькая, родная! Даруй мне, што я ад свайго маленькага шчасця забылася, як багата, багата яшчэ гора ў нас, ва ўсіх, і ў цябе, мая слаўная! Я ж нават не паспачувала табе... Ну, даруй мне, я ж прашу цябе, гатова на калені перад табой стаць, каб ты не пакрыўдзілася на мяне...

— Дарэмна хвалюешся, Майка! Я не маю на цябе ніякай крыўды. Ды і зразумей, мая дзяўчынка, што гэта было даўно. Хутка год будзе з таго часу, як Мікалай загінуў... Што было, таго не вернеш, не будзем гаварыць пра гэта...

Яны замоўклі на якую хвіліну. Майка, як кацянё, лашчылася да Надзі, шэпчучы на вуха ёй самыя цёплыя, самыя ласкавыя словы. Так хацелася ёй, каб і Надзя была радасная і шчаслівая.

 

Частка пятая

 

1

Апошнія месяцы сорак трэцяга года і пачатак сорак чацвёртага былі багаты радаснымі падзеямі на Беларусі. Адзін за адным вызваляліся гарады і вёскі Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Гомельшчыны. У лістападзе сорак трэцяга года быў вызвалены Гомель, у студзені сорак чацвёртага Мазыр і Калінкавічы, а ў канцы лютага Рагачоў, прычым быў ачышчаны ад немцаў іх плацдарм на левым беразе Дняпра ад Рагачова да Жлобіна. Лінія фронту пралягла па ўсходніх і паўночных тэрыторыях рэспублікі. У Гомель прыбыў з Масквы Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі і ўрад рэспублікі, а таксама Беларускі партызанскі штаб. І ЦК і ўрад былі заняты новымі клопатамі: падбіраліся і рыхтаваліся кадры для вызваленых раёнаў, арганізоўвалася матэрыяльная дапамога насельніцтву, якое пацярпела ад фашысцкіх грабяжоў і разбою. Нягледзячы на перагрузку чыгункі ваеннымі перавозкамі, ужо ішлі з усходу першыя эшалоны са збожжам, з прадуктамі, з будаўнічымі матэрыяламі і станкамі, з рабочай жывёлай. Былі ж раёны, у якіх з сельскагаспадарчага інвентару асталіся толькі рыдлёўкі, дзе не было ні каня, ні каровы, дзе не асталося ніводнай будыніны, і людзі жылі ў сырых зямлянках, адчуваючы вострую патрэбу і ў кавалку хлеба, і ў адзенні.

Пасля вызвалення Рагачова на фронце ў Беларусі наступіла на некалькі месяцаў зацішша, пэўная аператыўная паўза. Яна цягнулася чатыры месяцы, якія былі вялікім выпрабаваннем і для партызан, і для насельніцтва. Гітлераўцы кінулі супроць партызан дзесяткі дывізій і асобных палкоў, асобных батальёнаў і ўсе эсэсаўскія і паліцэйскія часці, якія былі на тэрыторыі Беларусі. Гітлераўцы намагаліся ўціхамірыць і ўмацаваць свой тыл. Яны разумелі, што савецкія арміі не спыняцца на Дняпры, што яны пойдуць далей, а цвярозыя галовы з гітлераўскага генералітэту і прадугадвалі ўжо няўхільнае паражэнне сваіх армій, але не іх голас быў рашаючым у стаўцы Гітлера.

Цяжка даводзілася ў гэты час брыгадзе бацькі Мірона. Яго зона трапіла ў гэты час пад непасрэдны тыл нямецкіх часцей, якія займалі фронт. Тылавыя гітлераўскія часці тэрмінова будавалі на берагах ракі запасныя рубяжы абароны, умацаваныя раёны. Яны наладжвалі штодзённыя аблавы па лясах, па апусцелых вёсках, шукаючы так патрэбнай ім рабочай сілы на падрыхтоўку акопаў, супрацьтанкавых равоў, на папраўку дарог і гацей. Партызанскія атрады бацькі Мірона знішчалі паасобныя падраздзяленні гітлераўцаў, рабілі нечаканыя налёты на буйнейшыя вузлы нямецкіх умацаванняў, вызвалялі ваеннапалонных і людзей з мясцовага насельніцтва, сагнаных немцамі на прымусовую працу. Разведчыкі дакладна вывучалі лініі гітлераўскіх умацаванняў, штодзённа перадавалі камандаванню Савецкай Арміі падрабязныя весткі аб размяшчэнні гітлераўскіх войск, аб з’яўленні новых часцей і папаўненняў.

Немцы шалелі ад злосці, знімалі з фронту рэгулярныя часці і пасылалі іх на барацьбу з партызанамі. Пачаліся шматлікія блакіроўкі партызанскіх зон, якія цягнуліся месяцамі, не даючы гітлераўцам якіх-небудзь адчувальных вынікаў. Амаль што ўсё насельніцтва хавалася ў недаступных для гітлераўцаў мясцінах.

Суровая барацьба не абыходзілася без ахвяр. У гэты час загінуў пры загадкавых акалічнасцях камандзір аднаго з атрадаў Андрэй Лагуцька, былы старшыня калгаса. У зоне бацькі Мірона з’явіўся незнаёмы партызанскі атрад, які, паводле расказаў яго байцоў, ішоў не то са Пскоўшчыны, не то з-пад Ноўгарада, дзе ён нібы пацярпеў сур’ёзнае паражэнне, і прыйшоў нібы на адпачынак да беларускіх партызан.

Бацька Мірон быў рад кожнаму атраду, кожнай брыгадзе, якія з’яўляліся ці ў яго зоне, ці ў непасрэднай блізкасці да яе. Усе суседнія брыгады і атрады падтрымлівалі самы шчыльны кантакт, памагалі адзін аднаму, выступалі сумесна ў агульных аперацыях. Новы атрад вёў сябе крыху незразумела, а некаторыя яго дзеянні былі яўна недарэчныя і выклікалі нездаволенне другіх атрадаў. Атрад жорстка расправіўся з адным невялікім паліцэйскім гарнізонам, з якім бацькам Міронам была наладжана сталая сувязь і які не раз памагаў партызанам. Гарнізон гэты быў даўно ператвораны ў своеасаблівы партызанскі філіял.

Мірон палічыў спачатку ўсю гэтую падзею трагічным непаразуменнем і загадаў Андрэю Лагуцьку ўстанавіць неадкладна кантакт з новым атрадам і запрасіць яго камандаванне ў штаб брыгады. Андрэй Лагуцька з групай партызан паехаў выконваць загад камандзіра брыгады. Ён не вярнуўся яшчэ назад, як дайшлі чуткі, што атрад напаў на вялікі нямецкі абоз і разграміў яго, захапіўшы багатыя трафеі з боепрыпасаў і прадуктаў. Партызаны з таго атрада нават выхваляліся перад насельніцтвам сваім багатым харчаваннем. У кожнага нібы было і віно, і шакалад, і добрыя сігарэты.

Высветліліся і некаторыя не зусім прыемныя акалічнасці. Пры разгроме нямецкага абозу былі перабіты ўсе падводчыкі-сяляне. Нямецкім ездавым чамусьці ўдалося паспяхова ўцячы. Ніводзін з іх не быў ні забіты, ні паранены, ні ўзяты ў палон. Прыйшлі і другія весткі. Некалькі падпольных актывістаў з адной вёскі былі павешаны па загаду камандавання таго атрада нібы за малую актыўнасць у барацьбе з немцамі.

Усе весткі выклікалі сур’ёзныя сумненні і падазрэнні. Было падобна на тое, што гэты атрад і яго дзейнасць з’яўляюцца самай звычайнай правакацыяй з боку немцаў. Падазрэнне выклікала і ўзбраенне атрада. Як перадавалі вачавідцы, гэтыя партызаны былі моцна ўзброены, мелі мінамёты і нават тры танкеткі. Камандзір і камісар атрада раз’язджалі на легкавой машыне.

Самыя горшыя падазрэнні апраўдаліся назаўтра ж, калі сяляне адной вёскі знайшлі ў лесе трупы зверскі забітых Андрэя Лагуцькі і партызан, якія былі з ім. Ніхто з сялян і сувязных не бачыў, як яны загінулі. Але добра было вядома, што загінулі яны не ад паліцэйскіх засад, не ад сутычкі з рэгулярнымі часцямі гітлераўцаў, бо ў мясцовасці, дзе ўсё здарылася, ні гітлераўцы, ні паліцыя ў тыя дні не з’яўляліся. Ніхто не сумняваўся болей, што ў забойстве, як і ў іншых злачынствах, вінаваты быў таемны атрад, які выдаваў сябе за партызан. Былі некаторыя і доказы: сяляне далёкай вёскі перадавалі, што адзін з партызан невядомага атрада прагаварыўся, нібы яго атрад расстраляў адзінаццаць партызан бацькі Мірона за здраду радзіме і за заступніцтва за паліцаяў.

Мірон адразу вылучыў лятучы атрад у пагоню за невядомымі злачынцамі і даручыў камандаванне ім Блешчыку. Але пагоня нічога не дала. Таемны атрад як нечакана з’явіўся, так нечакана і знік, замёўшы ўсе свае сляды. Адно, аб чым даведаўся Блешчык і што вельмі растрывожыла яго, гэта выпадковыя весткі аб прозвішчы камандзіра атрада. Аказваецца, ён таксама быў Блешчыкам, меў тое ж самае імя, аднолькава называўся і па бацьку. Блешчык перабраў у памяці ўсіх сваякоў, далёкіх і блізкіх, але такога супадзення не выявіў. Усе Блешчыкі былі як Блешчыкі, кожны меў сваё імя, ніхто з іх не пераблытаў сваіх бацькоў. Вядома, маглі быць дзе-небудзь і другія Блешчыкі, аб існаванні якіх ён мог і не ведаць. Але наколькі было яму вядома, прозвішча яго было даволі рэдкае. Значыць, гэтым камандзірам мог быць толькі адзін чалавек, твар якога так запомніўся Андрэю Сяргеевічу. З якой бы радасцю сустрэўся ён з гэтым чалавекам, каб расплаціцца з ім за неаплачаны рахунак. І мучыла яшчэ думка, што чалавек з яго імем і прозвішчам робіць нечуваныя злачынствы, прыкрываючыся годнасцю партызана, правакуючы на адданасці і давер’і народа да партызанскай справы.

Аб сваіх меркаваннях і здагадках Блешчык расказаў Мірону. Аб невядомым атрадзе і яго паводзінах неадкладна паведамілі ў Цэнтральны партызанскі штаб, які і папярэдзіў іншыя партызанскія злучэнні аб магчымасці з’яўлення такога атрада ў іх зонах і ліквідацыі правакатараў.

Хутка новыя падзеі адціснулі на задні план усе гэтыя здарэнні. Няспынныя блакіроўкі, якія праводзіліся рэгулярнымі часцямі, вымотвалі сілы партызан. Некалькі месяцаў атрады пастаянна былі на нагах, у паходзе, то праследуючы паасобныя гітлераўскія часці, то выбіраючыся з акружэнняў, каб зноў і зноў імгненнымі атакамі ў розных месцах дэзарганізаваць нямецкія тылы. Гітлераўцам удалося было прыціснуць брыгаду к фронту, узяць яе ў моцныя абцугі і з чыста нямецкай педантычнасцю распачаць аперацыю па яе знішчэнню. Становішча здавалася зусім безвыходнае. Ішлі безупынныя бамбёжкі. Не спыняўся артылерыйскі абстрэл. У партызан канчаліся боепрыпасы. Некалькі дзён людзі елі толькі каніну, наспех прыгатаваную на скупых вогнішчах, бо і добрага агню нельга было раскласці: гітлераўцы пачыналі мінамётны абстрэл па кожным дымку.

Мірон з’яўляўся ў самых небяспечных месцах, каб падтрымаць дух у байцоў, якія займалі кругавую абарону. Ён наведваўся і ў «шпіталь» — некалькі звычайных буданоў на дне глыбокага ляснога рова, дзе часова прытулілі параненых. Тут працаваў, не пакладаючы рук, доктар. Яму памагалі атрадныя ўрачы і Надзя Канапелька, якая месяцы з два, вярнуўшыся з Масквы, знаходзілася ў брыгадзе. Яна не хадзіла больш у разведку, а наведвацца ў Мінск ёй забаранілі, бо гэта было б неразумнай рызыкай. Яе прылёт з Масквы быў вялікім святам для Астапа. Рад ён быў пабачыць дачку жывой і здаровай пасля ўсіх яе небяспечных вандраванняў і службы ў Мінску. Цешыўся стары і тым, што Надзя прыехала з ордэнам Чырвонага Сцяга, а другая дачка, Галя, стала Героем Савецкага Саюза і цяпер знаходзілася ў Нова-Беліцы на курсах, якія рыхтавалі кадры культурна-асветніцкіх работнікаў. Шчаслівы быў пабачыць Надзю і Піліпчык, які ганарыўся ёю як смелай разведчыцай і падпольшчыцай. Праўда, у дачыненнях да яе ён трымаў сябе так, як і належала паважаючаму сябе байцу, які таксама не апошні чалавек у партызанах.

З захапленнем сустрэў Надзю Васілька. Ён глядзеў на яе, як на цуда. І калі раней ён быў вельмі прывязаны да яе і павяраў ёй усе свае дзіцячыя тайны, дык цяпер пабыць з ёй, пагаварыць з ёй ён лічыў за вялікае шчасце і гонар для сябе. Гэта ж не абы-якая звычайная цётка, а сапраўдны герой, яна ж знішчыла самага злога фашыста, які забіў багата-багата людзей, патапіў і яго маму з маленькім брацікам. Хоць дзеці ўсе ведалі Надзю, ён лічыў патрэбным заўсёды сказаць ім, калі сустракаліся з Надзяй:

— Гэта наша цётка Надзя, якая нікога не баіцца, калі яна захоча, дык пакарае і самаго Гітлера.

Пасля такіх заяў у дзяцей пачыналася шырокая дыскусія, а ці сапраўды зможа цёця Надзя расправіцца з самім Гітлерам? І большасць вырашыла: зможа. Толькі скептыкі выказвалі некаторае сумненне, і то з прычыны таго, што цётка Надзя не носіць з сабой ні вінтоўкі, ні пісталета.

* * *

Брыгада бацькі Мірона была ў цяжкім становішчы. Мірону стала вядома, што брыгады, якія ішлі на падмогу яму, немцы адціснулі назад. Аб гэтым паведаміў яму па радыё і Цэнтральны партызанскі штаб і абяцаў тэрміновую падтрымку і дапамогу з боку камандавання фронту савецкіх войск. З штаба фронту прыслалі радыёграму, у якой прапанавалі пратрымацца яшчэ які дзень, пакуль не будзе арганізавана дапамога.

І вось у наступную ноч, калі крыху прыціх абстрэл акружанай брыгады, за якіх кіламетраў дваццаць узнікла моцная артылерыйская кананада.

Гэта была першая кананада, якую пачулі партызаны. І не толькі пачулі, але нават убачылі далёкія водбліскі артылерыйскіх залпаў. Некаторыя партызаны з былых артылерыстаў адразу вызначылі, што страляюць савецкія пушкі. Хутка кананада ператварылася ў суцэльны гул, у якім можна было хіба толькі адрозніць паасобныя стрэлы цяжкіх гармат. Нямецкая артылерыя адказвала рэдка.

Кананада цягнулася хвілін трыццаць. У самым пачатку яе ў размяшчэнні гітлераўцаў, што акружалі брыгаду, узляцела некалькі ракет, сігналаў трывогі.

— Эге, чуюць разбойнікі нешта няладнае, замітусіліся! — пачуўся нечы голас.

І кананада, і сігналы трывогі гітлераўцаў узбадзёрылі партызан, якія колькі ўжо дзён не мелі не толькі адпачынку, але і звычайнага перадыху.

Пачуліся вясёлыя галасы, жарты. Нібы павеяла ў лесе ласкавым ветрам. Некаторыя з нецярплівых байцоў ужо хваляваліся: чаму камандзіры не даюць загаду адкрыць агонь, бо цяпер жа самы час ударыць па гітлераўцах, якія яўна збянтэжаны і ўстрывожаны. Але каманды такой не было.

Калі гул кананады пачаў паступова затухаць, уступаючы месца скупому артылерыйскаму паядынку, у сэрцы людзей пачаў закрадвацца смутак, трывога.

Адгалоскі апошняга гарматнага стрэлу гулка пранесліся над лесам і дзесьці зніклі, праглынутыя ляснымі нетрамі. Хвіліну-другую стаяла нязвыклая, напятая цішыня. А людзі чакалі, чакалі.

І раптам усё загудзела, завіхрылася. Шалёная перастрэлка ўзнікла неяк адразу, у момант раскалоўшы трывожную цішыню ночы. І ўсё гэта ўзнікла непадалёк, у непасрэднай блізкасці ад брыгады. Нейкая птушка мільганула з перапуду чорным зігзагам і знікла за вяршалінамі хвой. Кулямёты білі часта, заглушаючы беглы вінтовачны агонь. Забумкалі лёгкія пушкі.

— Танкі б’юць, танкі!

І сапраўды, перасільваючы і глушачы ўсе гукі яраснай перастрэлкі, паветра задрыжала роўным, нарастаючым гулам, які ўсё набліжаўся і набліжаўся. І кожны адчуваў, як злёгку дрыжала зямля і паволі асыпалася сухая ігліца з хваін.

— Браткі, ды гэта ж родныя трыццацьчацвёркі смаляць!

І гэты выкрык патануў у камандзе, паўторанай дзесяткамі галасоў:

— Па гітлераўцах — агонь!

Хутка выскачыўшы з акопаў, партызаны кінуліся ў атаку, гонячы ашаломленых ад страху немцаў. Хоць ноч была параўнальна светлая, Мірон Іванавіч, каб дакладна паказаць танкам размяшчэнне свае брыгады, загадаў даць умоўныя сігналы ракетамі.

Блешчык за апошнія дні дакладна вывучыў пазіцыі гітлераўцаў і нават ведаў, дзе размяшчаецца штаб дывізіі. Штаб, разлічваючы на лёгкую перамогу над партызанамі і занядбаўшы ўсякімі правіламі перасцярогі, знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да акружанай брыгады. Блешчык, узяўшы адзін атрад, хутка правёў яго ляснымі равамі ў тыл штабу дывізіі і адрэзаў яму шлях да адступлення. Ашаломленая страхам перад танкамі і нечаканай атакай партызан з тылу, ахова штаба пасля кароткай перастрэлкі ў паніцы разбеглася, пакінуўшы работнікаў штаба без усякай абароны. У палон трапіў палкоўнік, памочнік камандзіра дывізіі і некалькі штабных афіцэраў.

Палонных тут жа перадалі танкістам, якія, зрабіўшы ўдалую разведку боем і выручыўшы партызан, зараз жа павярнулі назад. Сустрэча партызан з танкістамі была такая кароткая, што яны паспелі толькі абмяняцца некалькімі прывітаннямі.

— Чакайце, таварышы, нас. Неўзабаве сустрэнемся назаўсёды!

— Шчырае вам дзякуй за дапамогу!

У часе перастрэлкі з дывізіяй быў паранены Блешчык. Рана была параўнальна лёгкая, аднак патрабавала якога тыдня-другога шпітальнага лячэння. Калі брыгада выбралася ў больш бяспечнае месца, каб крыху адпачыць і як след заняцца параненымі, Блешчыка палажылі ў шпіталь. Даглядаць за ім давялося Надзі. Калі ёй даводзілася рабіць перавязку, ён вёў сябе зусім недарэчна: то адказваў неўпапад альбо зусім маўчаў, то раптам ажыўляўся і гаварыць мог бясконца. І гэтае ажыўленне заўсёды канчалася адной і той жа фразай:

— Ведаеце, Надзежда Астапаўна, мне трэба пагаварыць з вамі пра вельмі і вельмі важную справу, надзвычай сур’ёзную справу.

— Гаварыце, Андрэй Сяргеевіч, я слухаю вас.

Але ўся рашучасць у тоне Блешчыка адразу знікала, і ён гаварыў не то разгублена, не то спалохана:

— Не, не... Толькі не цяпер. Толькі не тут. Калі-небудзь другім разам, у больш зручным месцы, Надзежда Астапаўна.

Блешчык выйшаў са шпіталя ў пачатку чэрвеня. У лесе, дзе часова стаяла брыгада, усё поўнілася сонцам і пахам угрэтай хвоі. Ярка зелянела папараць па цяністых месцах. Па нізінах востра пахла багульнікам. Па зацішных, недаступных ветру кутках стаяў густы камарыны звон. Ад камароў ратаваліся невялічкімі цяпельцамі, падкладаючы ў іх сырую хвою, трухлявыя пні, якія давалі багата дыму.

Надзя праводзіла Блешчыка, які атрымаў дазвол доктара вярнуцца да сваіх службовых абавязкаў. Не такая ўжо вялікая дарога была з таго шпіталя, але Блешчык настойліва папрасіў Надзю, каб яна правяла яго да штаба.

Ішлі спачатку моўчкі. Потым Блешчык пахваліў брыгадных дактароў за іх стараннасць і ўважлівасць. Перачакаўшы якую хвіліну, пахваліў і добрае надвор’е, якое так спрыяе партызанам. І зноў замоўк. Адчувалася, што ён хвалюецца, збіраючыся загаварыць аб нечым больш важным. Памог звычайны зайчык, які так нечакана выскачыў на сцежку, ледзь не пад самыя ногі. Надзя аж ускрыкнула і ледзь не ўпала, спатыкнуўшыся на вузлаватым карэнні. Блешчык утрымаў яе, падхапіўшы абедзвюма рукамі, ды так і не выпускаў. Нерухома стаялі яны якую хвіліну на лясной сцяжынцы. Надзя ўзіралася ў глыб кустоў ляшчыны, куды кінуўся стрымгалоў зайчык.

— Ну і напужаў мяне ён, ды і сам, відаць, яшчэ больш напужаўся! — праказала Надзя.— Аднак чаго мы стаім? Пусціце мяне, я ж не ўпаду.

Блешчык апусціў рукі. Пакутніцкім тонам, у якім была і просьба і надзея, ледзь чутна прамовіў:

— Надзежда Астапаўна... Надзя... Доўгі час я збіраюся сказаць вам аб тым, што так хвалюе мяне, і ўсё неяк не адважуся... Мы з вамі перажылі багата, Надзя, не дай бог нікому такіх перажыванняў. Я страціў Ксаню, дзіця. Вы панеслі, Надзя, вялікую патрату, я ж ведаю, колькі каштавала вам усё гэта... Але ж прайшло ўжо многа часу...

— Не гаварыце пра гэта, Андрэй Сяргеевіч...— глуха праказала дзяўчына.

— Ну, не буду, не буду...— разгубіўся Блешчык.— Я ж не хацеў рабіць вам балюча. Я толькі хацеў сказаць вам, што я... Мне хочацца папрасіць вас стаць маёю жонкаю...— І як бы спужаўшыся гэтых слоў, ён торапка дадаў: — Вас жа так любіць мой Васілька, ён заўсёды ўспамінае, заўсёды гаворыць пра вас...

Хоць і ведала Надзя, пра што будзе гаварыць Блешчык, але гэтыя словы нібы засталі яе знянацку. І яна зусім разгубілася. Як жа быць ёй, што сказаць гэтаму чалавеку, якога яна ведала ўсё ж мала. Ды і не гэта галоўнае... Як жа быць з тым дарагім і незабыўным, што асталося ў сэрцы ад нядаўняга мінулага, якое, відаць, ніколі, ніколі не забудзецца? Як жа зрабіць, каб асталася нічым не патрывожаная, нічым не заплямленая ранняя мара твая, празрыстая, як сонечны ўсход, светлая і няздзейсненая? Так жа часта здаралася з ёй: задумаешся на якую хвіліну, забудзешся — і вось зноў ты з ім, з жаданым сваім, з шчасцем сваім. Ці проста рояцца думкі: ён жа прыйдзе зноў, вернецца... Ён не можа быць мёртвы, ён жывы. І здаецца — бачыш ты яго цёплую ўсмешку, чуеш кожнае яго слова, здагадваешся нават аб думках яго... Коля мой, мілы мой, радасны мой, як жа мне жыць без цябе, каму давяраць думкі свае, мары свае?..

А чалавек ідзе з табой поплеч, ідзе, чакае твайго адказу. На твары ў яго смутак. І нават хада яго, панурага, ссутуленага, нібы прыгнечанага невядомасцю,— няўпэўненая, няроўная. Трэба ж адказаць чалавеку, не выпадковаму ў яе жыцці чалавеку. А што ж адказваць, як адказваць? Ну што ж, яна адкажа, і словы яе будуць шчырай праўдай, і не пакрыўдзяць яны, дадуць яму хоць крышачку надзеі на будучае.

— Ведаеце, Андрэй Сяргеевіч,— з адценнем некаторай вінаватасці перад ім сказала яна,— я прашу вас не гаварыць пра гэта... Вы самі добра разумееце чаму. Ну... пакуль што не трэба.

— Не разумею я вас...— і ў голасе яго страчаная надзея.— Калі ж можна будзе гаварыць?

— Я і не ведаю, калі гэта можна... Ну не сярдуйце на мяне, Андрэй Сяргеевіч. Іначай я не магу. А калі гаварыць? Ну, давайце умовімся з вамі: скажаце пра гэта пасля вайны... Вядома, калі думкі вашы не зменяцца, калі пачуцці астануцца тыя самыя...

Ён спыніўся, нерашуча ўзяў яе за руку.

— Дзякуй вам, Надзя, і за гэта. Вашы словы я лічу найвялікшым для сябе шчасцем. Спадзяюся, што я не пакрыўдзіў вас. Думайце аба мне толькі лепшае. Я не абманваю вас, не спакушаю... Адно, што скажу: я думаю толькі аб тым, каб вы былі шчаслівая...

— Дзякуй вам на добрым слове, Андрэй Сяргеевіч.

Яна добра ўсміхнулася яму на развітанне, і ён пайшоў ашчасліўлены, усцешаны гэтай прыязнай усмешкай.

 

2

Сонца паліла неміласэрна.

Людзі ішлі і ішлі, абцяжараныя небагатымі набыткамі, самымі патрэбнымі ў жыцці рэчамі, без якіх не абыдзешся нават у лесе. Не паложыш жа дзяцей спаць на голую, сырую зямлю. Трэба і коўдра, трэба і падушка, і сякая-такая змена бялізны. Цягнулі і вёдры, і гаршкі, і другі немудрашчы посуд, без якога не зварыш нават бульбы ці якой няхітрай заціркі для дзяцей. Сёйтой вёў на павадку ўцалелую ад гітлераўцаў карову, старанна падганяючы яе дубцом, каб хутчэй перабрацца праз небяспечнае месца. Людзі ціха пакрыквалі на дзяцей, каб не вельмі шумелі і не дужа падавалі голасу. Узброеныя партызаны, якія стаялі на адхоне ляснога рова, прыспешвалі людзей, напаміналі ім аб патрэбным парадку, аб цішыні. То выводзілі насельніцтва ад фашысцкага разбою, ад свавольства і здзекаў. Перасялялі грамадзянскія лагеры ў больш бяспечныя, недаступныя для фашыстаў месцы.

За які кіламетр ад рова не сціхала рэдкая перастрэлка. Партызаны стрымлівалі немцаў, не пускалі іх глыбей у лес, да рова, па якім перабіраліся людзі.

На самым схіле, на паваленай ветрам хваіне сядзеў Саколіч і сачыў за патокам людзей, якія вось ужо гадзіну ўсё ішлі і ішлі, падганяемыя страхам за жыццё, за сваіх дзяцей. Вось немаладая жанчына сяк-так усадзіла дзіця ля ручаіны, прыпала сасмаглымі вуснамі да вады і прагна п’е, мочыць вадой успацелы твар, спрабуе напаіць з далоні дзіця. А тое крычыць, заходзіцца плачам, распырсквае ручанятамі ваду з далоні мацеры. Людзі скоса пазіраюць на яе. Некаторыя спуджана раяць ёй:

— Ды сунімі ты яго, кабета...

Але дзе ты яго сунімеш? Яна спрабуе суцяшаць яго і ласкавым словам, і калыхаць на руках, і злосна пакрыкваць. Але яно заліваецца плачам, аж маленькі тварык пасінеў ад крыку. А тут пакрыкваюць партызаны:

— Не збірайцеся натоўпам, праходзьце, праходзьце!

Страляніна не сціхае. Зрэдку абапал рова рвуцца нямецкія міны. Тады дзеці палахліва кідаюцца да матак, хапаюць іх за рукі:

— Мамачка, страшна!

— Праходзьце, праходзьце!

А малое не сціхае, б’ецца на руках трапяткім камячком. Са злосцю ўскліквае маці:

— Калі ж ты сціхнеш, няшчасце маё! Крычыш, паганае, на маю пагібель. Каб жа толькі мяне, ды і другіх загубіш, праклятае... Змоўкні ўрэшце, а то задушу цябе сваімі рукамі...

Яна спрабуе закрыць рот дзіцяці далоняй. Тое ўскрыквае яшчэ больш. І яна б’е яго ў дзікім адчаі.

Саколіч цямнее тварам, цяжкім крокам ідзе да жанчыны, корпаецца ў сваіх кішэнях.

— Што ты робіш, неразумная ты кабета? Кінь здзекавацца з дзіцяці! — сурова кідае ён угневанай маці.

— А ты што за ўказчык мне? Ідзі сваёй дарогай!

— Дзіця, кажу, не бі, яно ж ні ў чым не вінавата.

— Багата вас, шкадавальнікаў, бачыла я за дзень, а накарміць дык няма каму...— і жанчына сама кідаецца ў слёзы.

Саколіч бярэ на рукі дзіця і, знайшоўшы ў кішэнях драбок цукру, суе яго ў рот дзіцяці. Пачуўшы салодкае, дзіця замаўкае. Яшчэ хвіліна, і дзіця шчасліва ўсміхаецца, цягнецца ручкамі да носа добрага дзядзькі. А ў дзіцячых вачанятках ужо свеціцца радаснае задаволенне.

Нешта хацела адказаць жанчына, але ад’ютант прывёў да Саколіча групу сялян. Тут было некалькі кабет і мужчын. Высахлы як трэска дзядок, на якім пры кожным руху матлялася адзенне, нібы нацягнутае на тонкім кіі, адразу загаварыў:

— Родненькі, дарагі, на цябе ж адна надзея. Пабачыў бы, што вытвараюць твае партызаны! Немцы па лагеры б’юць з пушак, ды з кулямёта пачалі біць. Мы просім партызан, каб яны немца адагналі ці пасобілі нам з месца зняцца, дык яны і не ў той бок. Нам, кажуць, не да вас, у нас свае справы, мы на баявую аперацыю ідзём. Ну, кінулі, іх толькі і пабачылі, а немец ужо буданы паліць ды каторых заспеў, дык пастраляў ды замучыў. А мы ўцяклі, ну яшчэ каторыя ўцяклі. А багата людзей трапіла да душагубаў. Дык вось, Васіль Іванавіч, як твае партызаны народу памагаюць.

— Пастойце, пастойце! Якога атрада вы прасілі памагчы вам?

— Дзе ж там разбярэш, які там атрад? Камандзіра сапраўды мы не прызналі, відаць жа з новых. Высокі такі, і ўсё крычыць ды лаецца. Я, кажа, не абавязаны вашы лахманы бараніць, у мяне свая задача, баявая. А пры чым тут лахманы? Людзей жыцця рашаюць, а ён лахманы ўспомніў. Чалавек, называецца, камандзір...

Саколіч тэрмінова перадаў загад аднаму з атрадаў ударыць па немцах, якія ўварваліся ў лагер, і тут жа назваў сялянам некалькі прозвішчаў сваіх камандзіраў атрадаў, якія павінны былі знаходзіцца ў зоне такога лагера.

— Ды не, Васіль Іванавіч, гэтых жа ўсіх мы ведаем. Вядома, і ў іх трапляюцца партызаны, якім часам не ўзрадуешся, але каб народам так кідацца, дык таго мы не бачылі. Чаго не было, дык не было, маніць не будзем. А то на табе, хлопцы як быкі, адзін да аднаго, пры добрай зброі, нават тры танкі з сабой гоняць і, бачыш ты, далі ходу ад немцаў.

— Тры танкі, кажаце? — перапытаў, задумаўшыся, Васіль Іванавіч.— Вось што скажу я вам: апраўдвацца перад вамі не буду, прагледзелі мы, выходзіць, справу адну, а таго, што сталася ў вас, ужо не паправіш. Адно, што скажу вам: вінаватых за разгром вашага лагера па галоўцы не пагладзім. Так пакараем, што дзесятаму закажуць!..

У той час, калі Саколіч гаварыў з сялянамі, невядомы атрад трапіў ужо ў непасрэднае дачыненне з брыгадай Капушы і атрадам Зарубы, якія спыніліся на кароткі адпачынак пасля значнага дзённага пераходу. Відаць, камандзір невядомага атрада не меў на ўвазе асабліва затрымлівацца там, дзе размясціліся на адной лініі некалькі другіх атрадаў. Калі атрад яго трапіў на партызанскія заслоны, ён збіраўся аддаць каманду змяніць маршрут.

Заўважыўшы, што атрад па сутнасці быў ужо акружаны падаспеўшымі з прывалу партызанамі, камандзір і камісар новага атрада даволі лагодна спыталіся:

— Дзе ж ваша начальства, каб пазнаёміцца?

І як бы ў адказ на гэта пытанне, тут жа з’явіўся Капуша.

— Што за шум і што за людзі? — жартаўліва-грозна спытаўся ён, ні да кога асабліва не звяртаючыся. За ім паволі ішоў Заруба.

— Дазвольце адрэкамендавацца: камандзір атрада «Слава» Бліскаўка Андрэй Сяргеевіч, а гэты таварыш — камісар атрада Боўцік Міканор Савасцеевіч.

— Вельмі прыемна, вельмі прыемна... Адкуль жа кіруецеся ды куды?

— Доўга расказваць, таварыш камандзір брыгады. Некаторы час былі пад Псковам, пабывалі і ў Літве, цяпер кіруемся да вас, да Васіля Іванавіча. Трапілі былі ў моцнае акружэнне, ды, дзякуй богу, выбіліся, хоць і з вялікімі стратамі.

— Што ж, без страт не бывае. Аднак і танкеткі ў вас ёсць, цікава...

— Адбілі ад фашыстаў пры выхадзе з акружэння.

— Па якой жа прычыне да нас падаліся?

— Дзе ж брату партызану шукаць добрага поля бітвы, як не на Беларусі. Тут жа зараз чакаюцца важныя падзеі. Па ўсім відаць, гітлераўцам канец падыходзіць, пабягуць яны як зайцы.

— Што пабягуць, то пабягуць. Яны і цяпер ужо бягуць на другіх франтах. Пабягуць і ў нас.

І ў гэтую хвіліну адбыліся непрадбачаныя падзеі, хоць і павінны былі яны адбыцца, як меркаваў Капуша, але трохі інакш. Ён і меры належныя прыняў, каб наваяўленыя «партызаны» не зрабілі часам якога-небудзь сюрпрызу. Падзеі ж павярнуліся іншым ходам.

У часе гутаркі Капушы з Бліскаўкам і Боўцікам прыйшоў работнік брыгаднай друкарні з толькі што выпушчанымі газетамі. Ён стаяў спачатку зводдаль, чакаючы зручнага выпадку, каб даць Капушу свежы нумар. Блізарукі, у акулярах у простай металічнай аправе, ён узіраўся ў незнаёмых людзей і, калі яму здалося, што Капуша закончыў гутарку, падаўся да яго. Тут ён і заўважыў чалавека, які назваўся Міканорам Савасцеевічам Боўцікам. Відаць, яго гэта так ашаломіла, што ён аж стаў і некаторую хвіліну ўважліва прыглядаўся да гэтага чалавека. Друкара заўважыў раптам і Боўцік. Усе ўбачылі, як адразу змяніўся твар незнаёмага камісара. І ў адзін які міг ён выхапіў пісталет і выстраліў у чалавека ў акулярах. Рэзкім ударам кулака Капуша выбіў пісталет з рукі ў Боўціка.

— Хто дазволіў вам страляць? — гнеўна запытаўся ён.— Я арыштую вас!

— Вы не маеце права, не смееце! Трэба знішчыць гэтага ворага, гэтага правакатара, які прабраўся ў ваша асяроддзе! — істэрычна выкрыкваў камісар.

Відаць, рука яго вельмі дрыжала, калі ён страляў. Друкар быў злёгку паранены. Сур’ёзна паранены быў партызан, які стаяў за ім. А друкар, ашаломлены стрэлам і яшчэ больш, відаць, самой сустрэчай, даволі нясмела звярнуўся да Капушы:

— Таварыш камандзір брыгады! Гэты чалавек, якога выдаюць тут за камісара, самы звычайны гестапаўскі шпік, які дзесяткі нашых людзей паслаў на шыбеніцу.

— Мана, правакацыя! — крычаў Боўцік, спрабуючы вырвацца з рук партызан, якія ўзялі яго пад канвой.

Але тут з’явіліся яшчэ некаторыя хлопцы з мінскай друкарні, якія цяпер партызанілі ў Капушы.

— А, сам Іван Іванавіч да нас прыбыў? Рады сустрэць яго! Мала было яму крыві друкароў, дык і сюды пацягнула гадзіну!

Відаць, наваяўлены камісар зразумеў, што яго партызанская кар’ера закацілася назаўсёды.

— Сумленнага чалавека вам не ашальмаваць. Мы яшчэ разбяромся з вамі...— мнагазначна сказаў ён, зірнуўшы на камандзіра, і замоўк.

Відаць, спадзяваўся яшчэ на свайго камандзіра, на нейкія яго рашучыя дзеянні. Але камандзір стаяў нерухомы, маўклівы, збіты з тропу ўсімі гэтымі падзеямі. Па яго твары цяжка было распазнаць, аб чым думае, што намерваецца рабіць. Ён некалькі раз мелькам зірнуў на свой атрад, на групы байцоў Капушы, Зарубы. Людзі з усіх атрадаў нібы перамяшаліся, купкамі парассядаліся на зямлі, жартавалі, смяяліся.

Бачыў ён і заклапочаныя, нахмураныя твары сваіх блізкіх людзей, якія, няйначай, чакалі ж нейкага сігналу, нейкай каманды ад яго, свайго камандзіра. Ён яшчэ раз уважлівым вокам прыгледзеўся да ўсяго наваколля. І канчаткова вырашыў: не, сілай нічога не зробіш...

І калі павялі Боўціка, ён сумна сказаў:

— Нядобра выйшла ў нас з камісарам, так жа нядобра, што проста сорам. Хто мог падумаць?

— А вы не бядуйце, таварыш Бліскаўка. Чаго толькі не здараецца ў наш час. А можа, ён, тым часам, і не вінаваты, мы ж разбяромся.

— Што вы, таварыш камандзір брыгады! Вашы ж людзі сведчаць, не стануць жа яны маніць.

— Часам людзі могуць і памыліцца. А мы ўважліва ўсё даследуем, і не без вас, вядома. Думаю, што дабяромся да парадку... А цяпер возьмемся за справы. Як я зразумеў вас, вы прыбылі ў нашу зону, каб партызаніць разам з намі?

— О, так, вядома, так! — заспяшаўся ён.

— А калі так, ваш атрад часова астанецца ў маёй брыгадзе. А ўвечары дамовімся з Саколічам пра ўсё як мае быць. Можа, вы захочаце быць асобным атрадам, непасрэдна падначаленым штабу,— калі ласка. Ды мы з вамі зараз жа і пададзімся да штаба. А вы, калі ласка, аддайце загад каму-небудзь з сваіх старшых памочнікаў, каб атрад аставаўся тут разам з маімі хлопцамі. Згодны на гэта?

— О, так, вядома, так.

— Вось і добра, тады зараз жа і паедзем.

 

3

Яшчэ не заходзіла сонца, як пачалі разбіраць справу Боўціка.

Покуль не з’явіліся выкліканыя сведкі, вялі гутарку з Бліскаўкам. Цікавіліся, як чалавек трапіў у партызаны, адкуль паходзіць, якія на яго рахунку самыя лепшыя аперацыі і дзе. Ішла звычайная гутарка людзей, якія ўпершыню сустрэліся і якія заўсёды цікавяцца, што за чалавек іх новы субяседнік.

— Па паходжанню я беларус, так сказаць, сібірскі беларус: некалі бацькі перасяліліся на сібірскія прасторы, ну і цяпер яны жывуць там. Служыў у палітупраўленні фронту. У часе выезду ў адзін з палкоў трапіў у акружэнне, ну а далей звычайная гісторыя: уцёкі з лагера, сувязь з партызанамі... Тут і арганізаваўся мой атрад. Ну, ды гэта гісторыя знаёмая для ўсіх, для кожнага нашага брата партызана з акружэнцаў. Расказваць аб дзейнасці атрада... але, ведаеце, я не прывык выхваляцца. Ну, партызанілі, як і ўсе, як кожны з нас...

— А з якога часу працаваў у атрадзе ваш камісар?

— Ён зусім у нас нядаўна, усяго які-небудзь месяц. Да яго быў камісарам слаўны чалавек, але, на вялікі наш жаль, загінуў у часе сутычкі з гітлераўцамі. А гэты... ну, ведаеце, я месца сабе не знайду, калі расказанае аб ім вашымі людзьмі будзе праўда. Гэта будзе недаравальнай маёй памылкай, ды не толькі маёй, а і ўсёй партыйнай арганізацыі атрада. Так жа падвёў, так падвёў мяне гэты мярзотнік. А такім, ведаеце, прыкідваўся нашым чалавекам: ён і рабочы, былы каваль каломенскага завода, нібы і старшым батальённым камісарам быў у танкавых часцях... Ну, адным словам, пралетарый і бальшавік... А мы і развесілі вушы...

І тут нібы схамянуўся, заспяшаўся:

— Трэба было б мне пра сёе-тое запытацца ў яго. Дык з вашага дазволу і ў вашай прысутнасці...

Капуша і Бохан пераглянуліся.

— Калі ласка, вы можаце і адзін высветліць з ім усё, што трэба,— сказаў Бохан.— Наша прысутнасць толькі пашкодзіць. Ён жа не скажа пры нас таго, што можа сказаць вам, якому ўсё ж давяраў і працаваў разам. Калі ласка, можаце яго запытваць, часу ў нас яшчэ хапае.

Тут жа далі каманду ахове, каб яна прапусціла да арыштаванага Бліскаўку.

Боўцік сядзеў у звычайнай сялянскай клеці. Вокан у ёй не было. Скупое святло прабівалася ў яе праз вузенькую адтуліну, выразаную ў шырыню аднаго бервяна. Боўцік сядзеў на нейкай разбітай скрыні. Узлахмачаныя валасы, абвіслы вус сведчылі аб тым, што вымушаны адпачын быў не вельмі прыемны для яго. Быў ён у самым прыгнечаным настроі. Аж закалаціўся ўвесь, калі адчыняліся дзверы. Заўважыўшы постаць Бліскаўкі, супакоіўся крыху, нецярпліва падаўся яму насустрач.

— Ну як яны там? — запытаўся.

— Ды нічога асаблівага. А вы дужа і не хвалюйцеся,— ціха, амаль што шэптам сказаў Бліскаўка.— Усё, мне здаецца, абыдзецца як лепш не трэба. Я прыняў належныя меры, нашы салдаты напагатове, і калі іх атрады пасля поўначы выйдуць на чарговую аперацыю, мы не толькі вызвалім вас, але наробім яшчэ такіх спраў, што аб нас будуць гаварыць усе газеты. А цяпер наладзім яшчэ маленькі спектаклік для іх. Няхай паслухаюць, а мы пасмяёмся пасля. Я буду распякаць вас, а вы апраўдвайцеся.

І праз якую хвіліну вартавыя і ўсе, хто знаходзіўся ў гэты час паблізу, пачулі разгневаныя выкрыкі ў клеці:

— Ды як жа вы, камісар, асмеліліся страляць у нашага брата партызана? Гэтак можа рабіць толькі сапраўдны правакатар, люты вораг народа. Толькі мярзотнікі могуць рабіць такія ўчынкі...

Больш ціхі голас, відаць, апраўдваўся.

Боўцік спадзяваўся на свайго камандзіра. Ён акуратна рабіў усё, што шэптам і на мігі загадваў яму Бліскаўка. Вось ён павярнуўся назад, каб ямчэй усесціся на паламанай скрыні. І разам з гнеўным выкрыкам «Ды я ж цябе, мярзотнік...» пачулася кароткая чарга з пісталета-аўтамата. Усю абойму ўсадзіў Бліскаўка ў свайго камісара.

У клець кінулася варта. З хаты паказаліся Бохан, Капуша, некалькі партызан.

З дзвярэй клеці выйшаў Бліскаўка. Гнеўны, узрушаны, ён запіхваў у кабуру пісталет.

— Разумееце, разумееце, таварышы! — крыкнуў ён хвалюючыся.— Ён ледзь не зарэзаў мяне, гэты мярзотнік, з нажом кінуўся. Гэта ж такое нахабства. Я, прызнацца, яшчэ сумняваўся крыху... Прыгрэць такую гадзіну, бог ты мой, бог! Ну, я яго, паразіта, прыкончыў, больш ён не будзе паганіць нашай савецкай зямлі. Прашу загадаць хлопцам, каб прыбралі гэтую падлу.

— Аднак паспяшаліся вы, Бліскаўка! — спакойна заўважыў Капуша.

— Пагарачыўся, таварышы... Ды і што мне было рабіць, не падстаўляць жа сябе пад нож! Вядома, трэба было б наладзіць дасканалы допыт, можна было б многа даведацца ад гэтага д’ябла. Гэта ж усё гестапаўскія штучкі — не пакідаюць нашага брата без увагі.

— Ваша праўда, Бліскаўка. Але і мы таксама не пакідаем іх без увагі, у крыўдзе на нас не будуць...— сказаў Бохан і запрасіў усіх у хату.

Толькі Бліскаўка пераступіў парог, як двое дужых партызан падхапілі яго пад рукі.

— Што за жарты, таварышы? — ускрыкнуў адразу збялелы Бліскаўка.

— Чорт з балота табе таварыш! — не сцерпеў тут Капуша.— Не такія яшчэ жарты ты ўбачыш.

У гэты час у хату зайшлі Саколіч і Андрэеў, якія толькі што прыехалі ў штаб Капушы.

— Што ў вас за страляніна тут? — павітаўшыся, спытаўся Васіль Іванавіч.

— Ды вось камандзір атрада забіў свайго камісара.

— Як жа гэта собіла яму?

— Абараняючыся, таварыш, абараняючыся...— залямантаваў Бліскаўка.— Мой камісар аказаўся здраднікам, правакатарам. Больш таго, ён намерваўся мяне забіць, ён на мяне з нажом кінуўся, пракляты... І вось таварышы ні з таго ні з сяго арыштавалі мяне.

— Якія няветлівыя, аднак, таварышы! — усміхнуўся Саколіч.— Камандзір камісара свайго забівае, а яны яго не віншуюць з такой перамогай, а яшчэ арыштоўваюць. Ну і таварышы!

Збіты з панталыку арыштаваны маўчаў, робячы здагадкі, што за чалавек з ім гаворыць. А Саколіч зусім ужо сур’ёзна спытаўся ў яго:

— Бліскаўка, здаецца?

— Але, Бліскаўка, Андрэй Сяргеевіч.

— Дык вось што, Бліскаўка, скажу я вам. Кожная камедыя мае свой пачатак і свой канец. Думаю, што пара вам кінуць ламаць камедыю, прычым камедыю брыдкую, якая каштуе добрым людзям багата крыві.

— Я вас не разумею, таварыш...— ціха азваўся Бліскаўка.

— Што ж тут разумець асабліва. Ваша прозвішча?

— Я ж сказаў вам, таварыш. Ды вы і самі назвалі маё прозвішча.

— Гэта прозвішча са спіскаў гестапа, яно нас не вельмі цікавіць. Яшчэ было ў вас адно прозвішча — Блешчык. А вы скажыце нам сваё сапраўднае, прыроджанае, так сказаць, прозвішча, якое дасталося вам ад бацькоў і дзядоў.

— Я сапраўды не разумею ўсяе тае камедыі, якую вы разыгрываеце са мной...— намагаючыся быць спакойным і абыякавым, прамовіў арыштаваны.

— Тут справа пахне ўжо не камедыяй, а сапраўднай трагедыяй, вашай, асабістай.

— Якое вы маеце права затрымліваць мяне, здзекавацца з мяне? — урэшце не вытрываў і істэрычна выкрыкнуў Бліскаўка.— Я буду скардзіцца на вас Саколічу, у распараджэнне якога я прыбыў сюды.

— Што ж, можаце скардзіцца тут жа, на месцы. Я і ёсць Саколіч.

Арыштаваны абмяк і адразу страціў выгляд абражанай нявіннасці.

Сядзеў ціхі, прысмірэлы. Зрэдку кідаў прагны позірк на акно, ля якога пасадзілі яго. Ці спадзяваўся на ўцёкі, ці чакаў якога ратунку адтуль, дзе пакінуў свой атрад?

— Дайце, хлопцы, яго дакументы!

Канваіры падалі Васілю Іванавічу ўсё, што знайшлі пры арыштаваным,— і яго зброю, і розныя дакументы.

— Выходзіць, вы выдаеце сябе за члена партыі? — запытаўся Саколіч, разглядаючы партыйны білет.

— Не выдаю, а з’яўляюся такім...— раптам асмялеў арыштаваны.— З дваццаць сёмага года з’яўляюся бальшавіком.

— А скажыце — навошта зроблена тут такая падчыстка? З Блешчыка перарабілі прозвішча на Бліскаўку.

— Ніякага Блешчыка я не ведаю.

— Ну як жа не ведаеце, калі нядаўна ў партызанскай зоне бацькі Мірона вы называлі сябе Блешчыкам.

— Выбачайце, але гэта ваша фантазія.

— Дазвольце, Васіль Іванавіч, зірнуць на яго партбілет.— Андрэеў узяў дакумент, уважліва агледзеў яго, запытаўся:

— Скажыце, Бліскаўка, дзе вы працавалі ў пачатку вайны?

— Дзіўнае пытанне. Дзе ж я мог працаваць, як не ў Чырвонай Арміі.

— А канкрэтна, у якой часці служылі?

— Служыў у палітупраўленні Заходняга фронту, па агітацыі і прапагандзе. Потым трапіў у акружэнне, у палон, потым уцёк...

— Гэта ўсё добра. Але скажыце — хто быў начальнікам аддзела тады?

— Ды хіба ўпомніш усе прозвішчы? З таго часу прайшло ўжо тры гады...

— Тады я вам напомню. Быў Блешчык Андрэй Сяргеевіч, партбілет якога вы і прысвоілі сабе. А Блешчыка... ды вы самі добра ведаеце, што вы зрабілі з Блешчыкам.

— Ну, ведаеце, я не дзіця, каб мне расказвалі казкі, ды казкам я і не веру.

— І не верце. А вось таму, што гэты партбілет выдадзены партарганізацыяй палітупраўлення Блешчыку Андрэю Сяргеевічу, можаце паверыць. Гэты білет выдаў я, але выдаваў не вам, а другому чалавеку.

— Вы таксама маглі забыць, каму выдавалі. Чалавечая памяць не такая ўжо надзейная і дасканалая рэч.

— Тады нам няма чаго гаварыць з вамі, пан Вілі Шніцке.

Адно ўпамінанне гэтага прозвішча так падзейнічала на арыштаванага, што ён спачатку нібы аслупянеў і сядзеў, уныпіўшы нерухомыя вочы ў адну кропку. Потым сутаргава зварухнуўся на месцы і глуха сказаў:

— Усё... правакацыя.

— Вы сцвярджаеце гэта? Зачытайце, Аляксандр Дзям’янавіч, гестапаўскія дакументы аб гэтай асобе. Пакажыце яму яго ўласную фатаграфію, засведчаную гестапа. Пакажыце яму яго характарыстыку, пачынаючы са службы ў якасці кіраўніка групы дыверсантаў і канчаючы прызначэннем камандзірам зялёнага атрада.

Арыштаваны нават не слухаў. Ён толькі скоса зірнуў на некаторыя дакументы, адвярнуўся і стаў рассеяна глядзець у акно. Усім выглядам сваім ён выказваў цяпер нібы поўную абыякавасць да ўсяго, што адбывалася тут.

— Вы, можа, цяпер праявіце праўдзівасць у сваіх паказаннях?

— А навошта мне клапаціцца аб нейкай там праўдзівасці? — і ў голасе яго загучалі зусім другія ноткі. Ён гаварыў спакойна, узважваючы кожнае слова. Толькі часам разгараліся вочы хваравітым сухім бляскам.— Я ненавіджу ў першую чаргу сябе за тое, што ўніжаў сябе і так старанна прыкідваўся камуністам. Я ненавіджу вас, ненавіджу вашых людзей, бо яны мае смяротныя ворагі. Так, я вораг вам і вораг вашых ідэй. Я не магу здавольвацца малым, і я ненавіджу казкі аб нейкай там роўнасці, аб нейкай там свабодзе. Я тады свабодны, калі ў мяне ёсць неабмежаваная магчымасць браць ад жыцця ўсё, што мне люба, што мне падабаецца. Я народжаны як вышэйшая істота, якой павінны падпарадкавацца іншыя, што маюць шэрыя мазгі і абмежаваныя патрэбнасці. Я не хачу жыць так... Вы ў мяне пыталіся пра Блешчыкаў, пра Бліскаўкаў... Усё гэта такія дробязі, якія не варты ніякай увагі... Я мог быць і быў кім хацеў на вашай зямлі. І я рабіў, што хацеў і што было трэба майму вялікаму фюрэру, які так добра разумее найвышэйшае прызначэнне нашай нацыі. Вы пыталіся пра адзінаццаць забітых партызан. Ну, я забіў іх, бо яны перашкаджалі мне! Магу сказаць і пра Блешчыка. Я забраў яго дакументы, але, каб не перашкаджала мне такое вядомае прозвішча, паправіў на Бліскаўку, а Блешчыка, як вы правільна здагадваецеся, забіў...

— Вы памыляецеся, Шніцке, ён жыў і здароў, і вы падмазвалі пяткі, уцякаючы ад яго, баючыся аднаго яго прозвішча.

— Думаю, што гэта не так... Я не люблю пакідаць сведкаў маіх спраў. Аднак, магчыма, спяшаючыся, крыху і не дагледзеў...

— Скажыце, за што вы застрэлілі Боўціка, ці, правільней будзе сказаць, Боўць-Зязюлю?

— Ён залішне многа ведаў, а мне гэта не патрэбна... Вам, можа, цікава, урэшце, ведаць, чаго я з’явіўся да вас з атрадам?

— Аб гэтым можаце не расказваць. Пра ўсё гэта дакладна сказана ў загадах пана Готберга.

Вілі Шніцке маўчаў. Ён думаў. На літасць ён не разлічваў. Адно, што мучыла яго, гэта ўсведамленне поўнага правалу свае кар’еры. Да чаго ён дайшоў? Яго расціснуць, як апошнюю казюрку. Ад яго не астанецца нават магільнага ўзгорка. Быў Шніцке — і не стала яго, знік, як пылінка ў гэтым крывавым віхоры.

І раптам гэты чалавек, які, не міргнуўшы вокам, саджаў нож у спіну нават сваім салдатам, заліўся слязьмі. Гэта быў істэрычны плач, з перапынкамі, з надрывам, з рэзкімі пераходамі ў сутаргавы смех, які, здавалася, душыў яго, прыгінаў да самай лавы. Людзям страшна было глядзець на слёзы гэтага чалавека, і зусім ужо дзікім здаваўся яго смех, смех вар’ята.

Плач так жа раптам абарваўся, як і пачаўся. Рысы твару Шніцке нібы выцягнуліся, зрабіліся больш рэзкія, жорсткія. Ён сутаргава пазяхнуў разы два і ўжо зусім спакойна праказаў:

— Я праклінаю сябе, што мне не ўдалося зрабіць з вамі таго ж, што рабіў я з другімі вашымі... гм... героямі... Я праклінаю вас і ненавіджу... Так, ненавіджу...

— Ваша нянавісць, як і нянавісць усіх фашыстаў да нас, гэта сляпая звярыная нянавісць. Яна не прыдае вам ні сілы, ні розуму, ні чалавечага аблічча. Вы ж даўно ператварыліся ў далакопаў жыцця, вы сталі канібаламі. Уся ваша справа, уся ваша культура, калі можна назваць культурай культуру шыбеніцы і душагубкі, даўно асуджана на гібель. Аднак што мы дыскуціруем тут з вамі? Не да месца ўсё гэта, ды і без патрэбы...

Яго расстралялі раніцаю, калі на ўсходзе і на поўдні грымела ўжо далёкая кананада. То пачалося рашаючае наступленне савецкіх войск на беларускай зямлі.

 

4

Увесь дзень не змаўкала артылерыйская кананада. Калі раніцаю вуха ледзь улоўлівала яе далёкія раскаты, дык цяпер, пад сярэдзіну дня, яна грымела ўжо так, што каманду трэба было перадаваць з вуха на вуха, бо слова знікала, глухла ў вялікіх грымотах, ад якіх злёгку дрыжала зямля.

Паліла нясцерпна сонца. Густыя клубы пылу стаялі над дарогай, на якой не змаўкалі, натужна раўлі машыны, чуўся жалезны скрогат танкаў. Часам гул матораў сцішаўся, паступова аддаляючыся. Імкліва наляталі самалёты, пранозліва свісталі бомбы над дарогай. Словы каманды, гучныя выбухі, тарахценне тэхнікі — усё змешвалася ў суцэльным шуме і грукаце.

У пясчанай вымоіне сярод лазнякоў, непадалёк ад самай ракі, размясціўся штаб бацькі Мірона. Ён пільна сачыў адсюль за мостам, па якім, не сціхаючы, грукацелі машыны, фарсіраваным маршам, падобным на самыя сапраўдныя ўцёкі, спешна праходзілі пяхотныя часці. Паток людзей і машын, падобны на хаатычную лавіну, каціўся на захад. Захліпваючыся, цяўкалі зенітныя скарастрэлкі, калі над мостам з’яўляліся самалёты. Яны не бамбілі самога моста, білі па берагавых з’ездах, па самых дарогах, на якіх адразу ўзнікалі заторы і пачыналася несусветная паніка, якую ў дадатак падагравалі партызанскія засады.

Але ля самага моста партызаны нічым не выяўлялі сябе. Некалькі атрадаў непрыкметна размясціліся ў прыбярэжных лазняках і, трапна замаскаваўшыся, чакалі каманды бацькі Мірона. Ужо вечарэла, калі радыст падаў Мірону кароценькую шыфроўку з штаба арміі савецкіх войск, якая наступала ў гэтым раёне. Зірнуў у гэтую шыфроўку Мірон Іванавіч, адразу неяк падцягнуўся, пасуравеў. Абвёўшы ўсіх урачыстым позіркам, ён, хвалюючыся, што рэдка здаралася з ім, праказаў да людзей:

— Ну, хлопцы, пачынаем...

Ён паглядзеў яшчэ на дарогу. На ёй было цяпер параўнальна ціха. Пераганяючы адна адну, па ёй беглі паасобныя групы гітлераўцаў.

— Ракету! — хутчэй жэстамі, чым словамі, падаў ён каманду.

З лёгкім сіпеннем узвілася чырвоная ракета. І адразу на абодвух берагах загуло, зашумела. Атака партызан была да таго імклівая, што ахова моста не паспела нават павярнуць супроць іх зенітных кулямётаў. Ахова моста часткова разбеглася, часткова была знішчана. Партызанскія сапёры спешна праводзілі размініроўку моста. Зенітныя гарматы былі павернуты на ўсход, бо чакаліся яшчэ ар’ергардныя часці гітлераўцаў, якія прыкрывалі адступленне. Было вядома, што апошняй адыдзе пяхотная дывізія, якая займала за ракой невялікі ўчастак фронту. Ужо вечарэла, калі яе галоўныя часці паказаліся на дарозе. Падпусціўшы іх бліжэй, партызаны адкрылі прыцэльны агонь. Гітлераўцы заляглі, але хутка прымушаны былі адкаціцца назад. Партызаны займалі зручныя пазіцыі на берагах ракі, немцам недзе было разгарнуцца, каб увесці ў бой усе свае сілы.

Лугавая пойма ракі, па якой яны наступалі, прастрэльвалася. Яны спрабавалі прарвацца ў другіх месцах, спадзеючыся пераправіцца ўброд ці натрапіць на пантонныя масты. Але ўсюды іх сустракаў моцны агонь партызан з другіх брыгад.

Урэшце яны, не лічачыся ні з якімі стратамі, кінуліся на адчайны штурм моста. Партызаны пусцілі ў ход нямецкія зенітныя пушкі і сваю ўласную артылерыю. Усцілаючы трупамі дарогу, немцы ўпарта прасоўваліся наперад. Было некалькі крытычных хвілін, калі Мірон пачаў ужо сумнявацца — а ці вытрымае яго брыгада шалёны штурм гітлераўцаў, якія колькасна і па ўзбраенню яўна перавышалі яго сілы. І ў гэты час узнялася моцная страляніна ў тыле немцаў. Па грукату матораў, які імкліва набліжаўся і рабіўся ўсё больш моцны, Мірон здагадаўся, што ідуць савецкія танкі.

— Паддайце аганьку, хлопцы! — скамандаваў ён і загадаў разгарнуць сцяг брыгады, рыхтуючыся да сустрэчы з савецкімі салдатамі.

Немцы, трапіўшы пад двайны агонь, замяшаліся і, паддаючыся паніцы, кінуліся ва ўсе бакі, шукаючы паратунку ва ўцёках. Некаторыя пакідалі і зброю і машыны, намагаючыся як найхутчэй уцячы з дарогі, прыхавацца па лазняках і дробных пералесках поймы.

А ўжо галаўны савецкі танк спыніўся перад мостам. З люка паказаўся лейтэнант.

— Вітанне таварышам партызанам! Як мост?

— Цэлы, можаце ехаць.

— Вялікае вам дзякуй, таварышы, што збераглі пераправу. Лавіце цяпер гэтых душагубаў, яны нікуды ад вас не ўцякуць.

І, даўшы газ, машына рванулася наперад, на мост. За ёй другая, трэцяя... Танкі прагрымелі па мосце і, уздымаючы густыя клубы дыму, памчалі па дарозе на захад. Неўзабаве з усходу з’явілася вялікая калона машын з пяхотай. Пры мосце адбыўся кароткі мітынг сустрэчы. Партызаны абнімаліся з салдатамі, распытвалі аб апошніх навінах, частаваліся салдацкай махоркай.

— Вось і дачакаліся мы ўрэшце вас, дарагія браты! Тры гады чакалі гэтага свята.

Салдаты з цікавасцю знаёміліся з людзьмі, аб якіх большасць з іх чула толькі па франтавых зводках.

Машыны падаліся на захад. А праз якую гадзіну суцэльным патокам рушылі па дарозе шматлікія часці Чырвонай Арміі. Разам з імі рушыла ў паход і асноўная група атрадаў брыгады пад камандаваннем Блешчыка. А ўсю ноч напралёт партызаны, што асталіся з Міронам, вылоўлівалі немцаў, выкалупвалі іх, як прусоў, з кожнай шчыліны, з лазнякоў, з пералескаў, з бліжэйшага да ракі жытняга поля. Разам з немцамі траплялі ў рукі партызан і розныя здраднікі — бургамістры, паліцаі, якія ашалела прабіваліся на захад, ратуючыся ад народнага гневу. І ўсю ноч, і раніцаю, і ўдзень на лузе і ў лесе чуліся адны і тыя ж нямецкія словы:

— Гітлер капут! Гітлер капут!

Прайшоў дзень і другі, як савецкія войскі прайшлі на захад, а з лясоў, з жытніх палёў выходзілі ўсё новыя і новыя групы немцаў. Абшарпаныя, галодныя, групамі і па адным, яны падыходзілі да ўцалелых паселішч і, загадзя падняўшы рукі, пыталіся, дзе здаюцца ў палон. Палонных канваіравалі жанчыны, падлеткі. Толькі адзін Піліпчык адвёў за гэтыя дні некалькі калон гітлераўцаў. Верхам на кані, з неразлучным аўтаматам, ён ехаў звычайна наперадзе калоны, каб паказваць, як ён гаварыў, фашыстам правільную дарогу. І трэба было бачыць, які важны і сур’ёзны выгляд меў ён у такія хвіліны. З медалём на грудзях, з новай чырвонай істужкай на шапцы, ён адчуваў сябе на кані калі не маршалам, дык, ва ўсякім разе, не менш як камандуючым арміяй. Грозна пакрыкваючы на гітлераўцаў, ён прыпыняўся часам, каб даць ім каманду: направа ці налева. І такім суровым позіркам абводзіў рады палонных, што катораму з іх у самую пару было выкрыкнуць выратоўчыя словы: Гітлер капут! Гітлер капут!..

Сустрэчныя людзі часам спрабавалі паджартаваць з яго:

— Гэй, Напалеон, куды вядзеш гэтых гадаў? Узяў бы ды паласнуў па іх добрай чаргой з аўтамата, вось бы і меней клопату і табе, і каню твайму.

За «Напалеона» не злаваў. А наконт прапановы важна адказваў:

— Нашлі што сказаць... Мы ў баі іх білі, а палонных біць не з рукі, ды і не загадана.

Асабліва перажываў Піліпчык і адчуваў сябе на сёмым небе пры сустрэчах з савецкімі часцямі, якія ішлі як папаўненне на фронт. Здаралася, гэта былі навічкі, якім і гітлераўца пабачыць было ўпершыню. Глядзелі яны, дзівіліся ды захапляліся спрытным канваірам, які адзін вядзе такую процьму фашыстаў.

— Дзе ты іх, браціку, падчапіў?

— Вядома, дзе... Там, дзе іх бяруць у палон...

Каб, аднак, не падумалі салдаты, што ён залішне выхваляецца, ён тут жа дадаваў:

— Гэта нашы партызаны па лясах вылавілі, таму і канваіруем іх.

— Няўжо і ты партызан?

— Хіба гэтага не відаць? — пытаннем на пытанне адказваў Піліпчык, красуючыся на кані і падганяючы яго абцасамі ботаў.

Але акрамя прыемных перажыванняў і не менш прыемных уражанняў былі ў Піліпчыка і буйныя непрыемнасці, пра якія і ўспамінаць ён не любіць. Аднаго разу паставілі яго несці варту ля вялізнага калгаснага гумна, якое цудам уцалела за гады вайны. Гумно было бітком набіта палоннымі гітлераўцамі. Тут жа і невялічкая, чалавек на пятнаццаць, група ўласаўцаў, самых апошніх здраднікаў. Палонныя немцы сядзелі каля сцен, займаючыся сваімі салдацкімі справамі: папраўлялі боты, бачыўшыя, як гаворыцца, віды, лапілі прахудзелае адзенне, а то і проста давалі добрага храпака, рыхтуючыся да далёкай дарогі. Уласаўцаў яны стараніліся, не прымалі іх у сваю кампанію. Тыя трымаліся асобнай купкай, сядзелі моўчкі, панурыя, абыякавыя ўжо да ўсяго. Штохвіліны ў гумно, з дазволу Піліпчыка, заходзілі групы сялян падзівіцца на палонных, паглядзець, як трымаюць сябе гэтыя людзі, якія яшчэ так нядаўна лічылі сябе паўнапраўнымі гаспадарамі не толькі чужога дабра, але і чужога жыцця, столькі бед і пакут прынеслі з сабой на захопленыя землі.

Пачыналася звычайная гутарка.

— Адваяваліся, ірады? — пытаў хто-небудзь з сялян.

Сярод немцаў знаходзіўся адзін-другі, які разумеў па-руску. Адказваў, не зводзячы з сялян палахлівага позірку:

— Вайна капут...

— І вам наладзіць бы капут, гады вы нямытыя! — усхвалявана гаварыў хто-небудзь.

Палонныя маўчалі, насцярожана сочачы за кожным рухам людзей. Часам сярод іх чуўся нясмелы голас:

— Я рабочы...

— Як жа! Яны цяпер усе рабочыя! Як хату маю палілі ды апошняга падсвінка павялі з двара, тады ён каторы не прызнаваўся, што рабочы...

Сапраўды, калі партызаны і сяляне лавілі гітлераўцаў, багата хто з немцаў паспешна называлі сябе рабочымі, нават камуністамі, справядліва лічачы, што гэта змякчыць гнеў людзей і выратуе ад жорсткай расправы. Гэты прыём так часта ўжываўся, што сяляне перасталі верыць «рабочым».

— Рабочы... Прывыклі вось да млека ды яйка! Кончылася ваша масленіца.

І нечы лагодны голас сярод палонных жартаўліва-трагічным тонам заяўляў:

— Капут млека, капут яйка!

— Бачыш ты яго, хоць немец, а разумее...— і сяляне ўжо глядзелі другім вокам на сваіх учарашніх ворагаў. Пачыналіся роспыты пра сем’і, пра дзяцей. Знікалі, раставалі ноткі злосці, саступаючы месца звычайнай чалавечай спачувальнасці:

— Не хутка ўбачышся ты са сваімі кіндарамі. Палон не радасць. Але нічога не папішаш, заслужыў па праву. Яшчэ дзякуй богу скажы, што жыў астаўся...

Твары людзей адразу рабіліся хмурыя, калі заўважалі прымоўклыя постаці ўласаўцаў.

— А гэта што за поскудзь? — пыталіся грозныя галасы.

Баяліся ўласаўцы зірнуць людзям у вочы. І ні слова апраўдання не маглі знайсці яны, каб хоць чым-небудзь сцішыць гнеў народа, прытушыць палючую нянавісць да сябе. Маўчалі, патупіўшы вочы ў ток гумна, уцягнуўшы галовы ў плечы.

І хто-небудзь з немцаў адказваў за іх:

— Бандыты... Уласаўцы...

— Няма кары для вас па заслузе, юды! Няма ахвоты рукі свае аб вас паганіць, сабакі.

Людзі пляваліся і выходзілі з гумна, коратка кідалі Піліпчыку:

— Глядзі, ваяка, каб не ўцяклі адсюль тыя юды.

— У мяне не ўцякуць! Хіба на той свет толькі.

— Хваліцца хваліся, аднак вока не спускай з іх.

— Аб гэтым не турбуйцеся, дзядзькі. Усё будзе ў парадку.

Але парадак быў парушаны. Не прайшло і паўгадзіны, як да гумна збеглася ля сотні жанчын.

— А ну, паказвай, хлопец, дзе твае ўласаўцы? — пытаюцца, а самі тым часам ломяць добрыя калы ад плота.

— Што вы, цёткі? З кіямі я не пушчу вас у гумно.

— Гэта ты не пусціш? — грозна наступала на яго пажылая жанчына.

— Я вартавы. Я адказваю за іх. Біць не загадана палонных.

— А мы тваіх палонных і чапаць не будзем. Дужа яны нам патрэбны. Ты ўласаўцаў нам падавай.

— Не пушчу, цёткі, дальбог не пушчу. Страляць буду, калі паспрабуеце ўвайсці.

— Ах ты, смаркач гэтакі! Ён не пусціць! Ён будзе ўласаўцаў абараняць! Ды я тваю стрэльбу на табе паламлю, калі што якое... Іч, заступнік душагубам знайшоўся! — і пад яе камандай натоўп жанчын, адпіхнуўшы ўбок Піліпчыка з яго аўтаматам, уварваўся ў гумно. Кінуўся следам за імі Піліпчык, але дзе там... Яго адціснулі назад, выштурхнулі з гумна. Дужа крыўдна было яму і за парушэнне ўсякіх правіл, і за смаркача, так незаслужана атрыманага. Пабегаў ён, пабегаў ля варот, каб хоць не ўцёк каторы з палонных. Каб не быў ён на варце, дык магчыма, напаткаўшы ўласаўца, сам бы забіў і за грэх не лічыў. Дужа народ быў гнеўны на іх. Яны ж, гады, цэлую вёску спалілі, не пашкадавалі ні малых, ні старых. Ды яшчэ як здзекаваліся. Гэта адно. Але ж ён вартавы, пастаўлены тут, і павінен за парадкам глядзець. Думаў, думаў Піліпчык і, зусім ужо разгубіўшыся, гатоў заплакаць быў і ў поўным адчаі за свой аўтарытэт пальнуў разы са тры з аўтамата. Для трывогі.

Збегліся людзі, гадаючы, з якой такой прычыны Піліпчык агонь адкрыў. Палонны цяпер пайшоў такі, што яму не да ўцёкаў. Немец сам у палон просіцца, шукаючы ў ім паратунку ад усякіх нечаканасцей. Можа, проста сваволіць хлапчук, захацеў варон пастраляць...

А з гумна ўжо выходзілі жанчыны, учырванелыя, узбуджаныя, кідалі да плота калы, выціралі рукі аб фартухі і моўчкі разыходзіліся. Толькі тая, што верхаводзіла, кінула ўжо жартам Піліпчыку:

— Ну чаго шуму нарабіў, ваяка? Напужаць думаў? Эх ты... заступнік уласаўскі!

— Ды я, цётачка, за іх адказнасць нясу, я на варце пастаўлены.

— Ладна... пастаўлены...— больш лагодна сказала яна і пайшла.

У гумно зайшлі людзі. Усе ўласаўцы аказаліся перабіты. Прысмірэлыя, прыціхлыя, сядзелі гітлераўцы. Пачуліся іх асобныя галасы:

— Бандыты капут... Уласаў капут...

— Ну што ж, сабакам і сабачая смерць...— сказаў нехта з людзей.

— Гэта вядома... Але ж не мелі яны, бабы нашы, права біць іх без суда...

— У той жанчыны, браток, уласаўцы трох дзяцей спалілі, вось ты і паспрабуй спытацца ў яе права!

Гатовая была ўзгарэцца спрэчка адразу знікла. Людзі моўчкі разыходзіліся па хатах.

Нічога не сказаў аб гэтай падзеі і Мірон, калі даведаўся аб ёй. А калі Піліпчык набраўся храбрасці далажыць яму аб усім гэтым, ён проста сказаў яму:

— Правільна ты рабіў, Піліпчык, што падняў трывогу. А наогул, мой хлопец, давай забудзем усю гэтую гісторыю. Удосталь мы з табой наглядзеліся вайны, хапіла нам яе з табой па самае горла, так што давай пагаворым лепш, што ты думаеш далей рабіць?

— Я ў Мінск хачу, кажуць, там партызанскі парад будзе.

— На парадзе мы з табой пабудзем. І дзядзьку Астапа возьмем, і другіх нашых людзей. Я пытаюся, што ж пасля Мінска мы будзем рабіць з табой?

— Пайду з салдатамі немцаў правучыць.

— Замалы ты яшчэ для гэтай справы, там і без цябе абыдуцца.

— Гэта яшчэ невядома...— мармытнуў, насупіўшыся, Піліпчык.

— Можа, табе і невядома, а мне вядома. Вось мне таксама хацелася б пайсці з сваімі партызанамі, аж да Мінска і далей. А мне загадалі ўзяцца за старую работу. Дык вось і я табе загадваю: пара ўзяцца за старую работу.

— Аднак і параўналі вы мяне з сабой...— сумеўся Піліпчык.— Якая такая старая работа ў мяне? Карову пасвіць? Ды яе ж даўно няма. Дык якая ж такая работа?

— А ў школу ты хадзіў? Хадзіў. А бачыў ты яе за гэтыя тры гады?

— Дык што з таго? Вы ж самі добра ведаеце, што школы ў нас не было, дык хіба я вінаваты ў тым, што не вучыўся?

— Вось табе раз... Адразу відаць, што тры гады хлопец бібікі біў, таму і разважаць па-чалавечы не навучыўся.

— Я партызан...— з гонарам заявіў тут Піліпчык.— Павінен я спачатку вайну закончыць, а тады будзем бачыць...

— Вось я табе пабачу, партызан ты гэтакі. Камандзір я табе ці не камандзір?

— А хто кажа іншае? Вядома, камандзір...

— Камандзір мае права загадваць?

— Ну ў каго вы пра гэта пытаецеся? — з выглядам абражанай нявіннасці адказаў Піліпчык.

— Дык вось, паважаны мой партызан, загадваю табе: кінуць думкі пра ўсякія там войны. Яны і без цябе закончацца, ды відаць, што ў хуткім часе. А табе ў самы раз падручнікаў шукаць ды рыхтавацца да школы. Праз два месяцы асабіста праверу, як выконваецца мой загад. Зразумеў ты гэта, храбры мой ваяка?

— Хто ж гэтага не зразумее...— уздыхнуў Піліпчык.

— Я ў цябе пытаюся, а не ў нейкага там, як ты гаворыш, хто.

— Зразумеў, бацька Мірон... Вы хоць у Мінск мяне вазьміце. А то яшчэ, чаго добрага, і тут я для вас замалы буду...

— Вазьму, вазьму. Раз сказаў — не падвяду.

Так закончылася для Піліпчыка вайна.

 

5

Традыцыйнае свята вызвалення ад бальшавікоў спраўлялі, як і кожны год, пышна і пампезна. На плошчу быў сагнаны народ. Спачатку было нешта падобнае на вайсковы парад, які адкрыў прамовай сам гаўляйтэр Готберг. Прамаршыравала некалькі гітлераўскіх часцей. За імі прайшлі мясцовыя паліцэйскія сілы.

Усё было як і трэба. Гучала медзь аркестраў, стараліся да поту барабаншчыкі, паліцаі надрываліся, гарланячы спецыяльныя вайсковыя песні. Арганізатары з бела-чырвона-белымі павязкамі на рукавах з ног збіліся, наводзячы належны парадак на плошчы, на якой першыя рады займалі работнікі гарадской управы, шматлікія дзеячы культурнага аб’яднання, жаночай працы, прафсаюзныя шэфы і іншыя прадстаўнікі вышэйшых колаў.

Асобнай групай стаялі работнікі, якім сёння даваліся гаўляйтэрам медалі за беззаганную і адданую службу на славу вялікай імперыі. Тут жа стаяла машына, нагружаная адзеннем, абуткам і рознымі другімі рэчамі, прызначанымі быць сёння ў якасці прэмій найбольш апраўдаўшым сябе на службе чынам мясцовай адміністрацыі. Гэтыя чыны, пастроеныя ў спецыяльную калону, то ласа пазіралі на грузавік з новымі штанамі і чаравікамі, то надавалі сваім тварам такі сур’ёзны і важны выгляд, што старонняму чалавеку адразу магло здацца, што ён мае справу ні больш ні менш як з высокімі міністрамі.

У першых радах стаялі з букетамі кветак і групкі дзяцей, прывезеных сюды з розных гарадоў Беларусі. Яны павінны былі па праграме паднесці гэтыя кветкі гаўляйтэру Готбергу, Астроўскаму і другім дзеячам і барацьбітам за новую бацькаўшчыну. Яны пужліва азіраліся на бакі, не забываючыся рэпеціраваць шэптам спецыяльныя прывітанні высокім начальнікам.

На трыбуне, строга пільнуючыся субардынацыі, былі сам Готберг, сам прэзідэнт Беларускай Рады спадар Астроўскі і добры дзесятак Мужоў Давер’я.

Пасля двух гімнаў прэзідэнт трымаў прамову:

— Спадары, людзі! Перад тым як выказаць радасць нашу з поваду ўгодкаў вялікага вызвалення, успомнім выдатных людзей, якія загінулі за нашу справу. Схілім галовы свае перад святой памяццю спадара гаўляйтэра Кубэ, вялікага друга нашага, слаўнага патрыёта новай Германіі. Ён загінуў як мучанік за сваю і нашу бацькаўшчыну. Хто ж адабраў ад нас гэтае чыстае сэрца, якое заўсёды поўнілася любасцю да нас, да нашага народа? Ён загінуў ад рук ворагаў нашых, якія ненавідзяць спакой і парадак...

Прэзідэнт дэманстратыўна выцер слязу на твары і ўгледзеўся ў палаючае гарачынёй ліпеньскае неба.

— А дзе наш мілы прэзідэнт горада, спадар Іваноўскі? Ён таксама загінуў як мучанік. Па яго гераічнаму шляху пайшоў наш слаўны рэдактар газеты спадар Казлоўскі. І колькі яшчэ вялікіх змагароў за нашу будучыню палегла тут, у Мінску, і на прасторах нашай беларускай зямелькі! Ушануем іх памяць хвілінай маўчання.

Плошча прыціхла. Прэзідэнт касіў вокам, прыглядаючыся, каб народ на плошчы вёў сябе прыстойна. І тут ён заўважыў, як да Готберга, спяшаючыся, падышоў ад’ютант і нешта шапнуў яму на вуха. Готберг паспешна падаўся з трыбуны, а за ім і яго падначаленыя па камісарыяту і паліцыі. Хвіліна маўчання павінна была б ужо скончыцца, як увішны Дземідовіч-Дземідзецкі, які заўсёды раней за другіх даведваўся аб усіх важнейшых навінах, шапатнуў на вуха:

— Ратуймася, спадар прэзідэнт, пакуль не позна...

Не пытаючы, у чым справа, напалоханы не на жарты Астроўскі адразу ж падаўся з трыбуны. За ім, як па камандзе, падаліся ўсе Мужы Давер’я і галоўныя дзеячы цэнтральнай рады.

Толькі апынуўшыся па-за плошчай, прэзідэнт спытаўся ў Дземідовіча-Дземідзецкага:

— У чым, аднак, рэч?

— Бальшавікі ў Асіповічах і пад Барысавам!

— Вы не хапілі часам, спадар Дземідовіч-Дземідзецкі, лішняй чаркі? Заўчора яшчэ былі яны за Дняпром.

— То было заўчора, спадар прэзідэнт. А сёння яны недалёка ад нас. А што будзе заўтра, тое аднаму богу вядома.

Хутка плошча прыняла незвычайны выгляд. З яе пацягнуліся ва ўсе канцы людзі. А калі нечакана над горадам пранесліся на вялікай вышыні некалькі савецкіх самалётаў-разведчыкаў, з плошчы пабеглі ўсе, хто яшчэ аставаўся там, чакаючы канца дэманстрацыі. І пабеглі ў першую чаргу тыя, хто атрымліваў медалі і хто чакаў падарункаў. Усім гэтым прэтэндэнтам на славу і на новыя штаны было не да падарункаў. Чуткі, адна за другую злавесней, папаўзлі па вуліцах. Казалі, што бачылі савецкіх салдат ледзь не пад самым Мінскам. Некаторыя шэптам перадавалі, што значныя савецкія сілы абыходзяць горад з поўдня і з поўначы і што нібыта чыгунка на Баранавічы паралізавана ўжо ў некалькіх месцах. Тых, хто верай і праўдай служыў гітлераўцам, цікавіла толькі адно, як бы хутчэй і зручней падацца з горада. Бачыўшыя віды грузавікі, абшарпаныя опелі і бенцы, сотні ламавых фурманак пацягнуліся па дарогах на захад. На самым выездзе з Мінска ўтварыўся вялікі затор. Нехта гучна выкрыкнуў: «Танкі!» І пачалася несусветная паніка. Былі пакінуты і фурманкі, і машыны з награбленым дабром, і ўсе, хто баяўся навальніцы з усходу, кінуліся стрымгалоў дарогамі, жытамі, палявымі сцяжынкамі на захад.

Рэзідэнцыя цэнтральнай рады была непадалёк ад плошчы. Узмакрэлы ад хвалявання і спешкі прэзідэнт нервова накручваў тэлефон. Доўга не было ніякага адказу, урэшце ўдалося натрапіць на знаёмага чыноўніка з генеральнага камісарыята. Той паспешна, каб адчапіцца, адказаў, што пан Готберг і ўсё вышэйшае начальства ўжо выехала з горада і што камісарыят спешна эвакуіруецца.

— Што ж нам рабіць?

— Вам? — задумаўся на якую хвіліну чыноўнік.— Думаю, паважаны пан прэзідэнт, што вам разумна зрабіць тое ж самае, што робім і мы: выязджайце хутчэй.

— А вагоны?

— Якія там вагоны? Ва ўсякім разе, кіруйцеся на вакзал, як-небудзь уладзім...

— Гэта хамства! — крыкнуў разгневаны прэзідэнт, папярэдне палажыўшы, аднак, тэлефонную трубку.— Зусім забыцца на нас, урэшце, не папярэдзіць... Буду пісаць самому фюрэру...

— Дарэмная праца, пан прэзідэнт! Іх і абвінавачваць зараз цяжка. Вы ж самі бачыце, што ім не да нас...

— Вы забываецеся, Дземідовіч-Дземідзецкі, што я з’яўляюся галавой дзяржаўнага ўрада, што я прэзідэнт, што я маю права патрабаваць да сябе належнай увагі і клопатаў...

— Ніводнае ваша слова не выклікае сумненняў, пан прэзідэнт... Але ўмольваю вас: давайце спяшацца на вакзал, іначай мы можам спазніцца...

Да вялікага засмучэння прэзідэнта, яго аўтамабіль, на якім збіраліся яны паехаць на вакзал, аказаўся сапсаваным, а шафёр некуды знік. Кінуліся шукаць другіх членаў рады, але тых і след прастыў. Думалі спачатку захапіць з сабой усе свае набыткі, але цяпер адмовіліся і ад гэтага. Прыхапіўшы паліто ды па невялічкім ручным чамаданчыку і падганяемыя страхам, падаліся да вакзала. Тое, што адбывалася там, не паддавалася апісанню. На пуцях стаяла некалькі гатовых да адпраўкі эшалонаў. Ля кожнага вагона адбываліся форменныя баталіі. Месцы браліся з бою. Кагосьці выкідвалі з тамбура. Эсэсаўцы ачышчалі ад цывільных пасажыраў некалькі вагонаў. Клункі, чамаданы, цэлыя скрыні выляталі праз вокны і дзверы, разбіваліся на пероне. Стаяў шум, крыкі, лаянка, узаемныя пагрозы.

Прэзідэнт, Дземідовіч-Дземідзецкі і некалькі супрацоўнікаў рады, якіх знайшлі яны тут, тыцнуліся ў адзін эшалон, у другі, але іх усюды гналі, а шаноўны Дземідовіч-Дземідзецкі за залішні спрыт атрымаў ужо разы са два па загрыўку і цяпер трымаўся ззаду, старанна пачэсваючы патыліцу. Іх выратаваў чыноўнік з камісарыята, і з яго дапамогай яны ўладзіліся на тармазной пляцоўцы таварнага вагона. Урэшце цягнік крануўся, і яны шчасліва ўздыхнулі, пакінуўшы сталіцу, якая так няветліва праводзіла іх у невядомую дарогу. Калі прыехалі да першай станцыі, пан прэзідэнт спалохана пляснуў рукой па кішэнях штаноў.

— Божа мой, пячатка! — з жахам прамовіў ён, збянтэжана азіраючыся на ўсе бакі.

— Якая пячатка? — недаўменна перапыталі яго памочнікі.

— Вялікая пячатка цэнтральнай рады. Яна ж асталася ў Мінску.

Гэтая вестка не аказала такога ж уздзеяння на прыбліжаных, як на самога прэзідэнта. Пан Дземідовіч-Дземідзецкі, які паспеў ужо крыху падсілкавацца парай крутых яек з фондаў беларускай самапомачы, даволі скептычна кінуў:

— Няхай яна згарыць цяпер, тая пячатка!

За гэта атрымаў ён суровы прэзідэнцкі разнос і такі ж суровы загад: неадкладна вярнуцца ў Мінск і захапіць пячатку, а калі дазволяць магчымасці, дык і ўсю канцылярыю рады.

Пан Дземідовіч-Дземідзецкі зірнуў тут на прэзідэнта з яўнай іроніяй і адказаў зусім абыякава:

— Свае галавы, пан прэзідэнт, я не магу схаваць у кішэню, як вашу пячатку. Абыдземся і без пячаткі.

Пачалася доўгая і даволі вострая дыскусія, якая ледзь не прывяла да падзення ўрадавага кабінета... з тармазной пляцоўкі. На шчасце, цягнік крануўся далей, і ўрад адбыў, як кажуць, у заходнім напрамку. Кажуць, урадавы кабінет яшчэ некалькі разоў засядаў, вырашаючы праблему: у якім горадзе ім найлепш за ўсё атайбавацца, каб зноў разгарнуць сваю дзяржаўную дзейнасць. Але ўрад быў прыкуты да пляцоўкі і так баяўся страціць гэты апошні пункт апоры, што і сама праблема аставалася нявырашанай.

А тым часам у Мінску ішлі ліхаманкавыя падрыхтаванні да абароны. Эвакуіравалі, што можна было эвакуіраваць. Разгружалі турму, вывозячы вязняў у Трасцянец. Будавалі вулічныя дзоты, спешна канчалі мініраванне дамоў, капалі новыя акопы на подступах да горада.

З вялікай перагрузкай працаваў Трасцянец. Масавыя экзекуцыі не спыняліся ні днём, ні ноччу. Спецыяльна пабудаваная печ па спальванню трупаў была так перагружана, што расстрэлы пачалі праводзіць непасрэдна ў лагеры, у вялізным складзе. Суцэльная гара з некалькіх тысяч трупаў уздымалася да самай страхі. Склад падпалілі. Жоўты тлусты дым не знікаў ні днём, ні ноччу на працягу цэлага тыдня. Навальвалі трупы і на высокія штабелі бярвення, якія былі ля склада, але спаліць ужо не здолелі, не паспелі. Фашысцкія каты вымушаны былі ратаваць свае скуры паспешнымі ўцёкамі. Трэцяга ліпеня Мінск быў вызвалены савецкімі войскамі. А трасцянецкія кастры палалі яшчэ некалькі дзён, напамінаючы савецкім салдатам і партызанам аб той жахлівай долі, якую рыхтавалі фашысты ўсім савецкім людзям.

Наступленне савецкіх войск было такое імклівае, што фашыстам не ўдалося ажыццявіць свайго злачыннага намеру знішчэння тых дамоў Мінска, якія ўцалелі ад першых дзён вайны. Яны паспелі толькі замініраваць буйнейшыя будынкі, як Дом урада, дом Цэнтральнага Камітэта партыі, тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў і некаторыя іншыя. Узарваць не паспелі. Часткова перашкодзілі ім у гэтым і групы падпольшчыкаў, якія былі спецыяльна арганізаваны, каб у патрэбную хвіліну даць рашучы адпор гітлераўскім падпальшчыкам.

Мінск быў вызвалены, былі перарэзаны чыгункі на Вільнюс і Баранавічы, было ўзята ўжо некалькі гарадоў далей на захадзе, а пад самым Мінскам, на ўсход ад яго, ішлі яшчэ жорсткія баі. Больш за сто тысяч салдат і афіцэраў чацвёртай гітлераўскай арміі былі акружаны ў мінскім катле.

Багата перажылі за дні вызвалення партызаны Саколіча. Дні і ночы былі яны на нагах. Затрымлівалі гітлераўцаў на пераправах, ахоўвалі мірнае насельніцтва ад лютых фашысцкіх распраў, памагалі арміі граміць адступаўшыя гітлераўскія калоны, перахоплівалі групы гітлераўцаў, якія спрабавалі вырвацца з катла на захад. Кожны дзень прыносіў вызваленне новым і новым раёнам. І чым больш набліжаўся штаб Саколіча да Мінска, тым усё больш мірнымі, грамадзянскімі станавіліся яго функцыі. Аказанне першай дапамогі пацярпеўшаму насельніцтву, поўнае аднаўленне органаў Савецкай улады ў вызваленых раёнах, збор трафеяў, дапамога ў размініраванні дарог і населеных пунктаў — тысячы і тысячы новых спраў і клопатаў узнікала перад штабам.

Непасрэдныя баявыя задачы саступалі месца клопатам аб пачатку аднаўлення ўсяго, што было зруйнавана і знішчана за тры цяжкія гады гітлераўскай акупацыі. Калі партызаны ўбачылі перад сабой палаючы Мінск, у якім ішлі яшчэ жорсткія баі, Саколіч доўга ўглядаўся ў знаёмыя абрысы горада, і даўкі камяк падкочваўся пад самае горла, і вочы зацягваліся на які міг вільготнай пеляной. Ён усхвалявана гаварыў да тых, што стаялі побач:

— Не сягоння, дык заўтра мы пачынаем з вамі новае жыццё. Як гэта слаўна, таварышы!

Ніхто не гаварыў лішняга слова. Усе ў задуменні глядзелі на горад, прыслухоўваліся да гукаў бою, які ішоў на яго вуліцах.

 

6

Брыгада, якой камандаваў цяпер Блешчык, уступіла ў Мінск на другі дзень яго вызвалення. Яшчэ дыміліся некаторыя дамы, не былі прыбраны шматлікія трупы гітлераўцаў. Вуліцы былі поўны рознага друзу, валяліся абрыўкі тапаграфічных карт і рознай фашысцкай макулатуры. Раз за разам чуліся гучныя выбухі, сапёры выяўлялі міны, збіралі іх у кучу, узрывалі. На абшарпаным скверы тоўпіліся людзі. Тут адбываліся сустрэчы, лятучыя мітынгі. Непрывычна для вока выглядалі шматлікія агароды і агародзікі сярод руін, агароджаныя спінкамі пагарэлых ложкаў. На месцы некаторых былых кварталаў каласілася жыта. Сям-там на сценах руін і на ўцалелых доміках трапляліся скупыя надпісы аб лёсе жыхароў таго ці іншага дома.

Адны былі расстраляны, другія вывезены ў Германію, трэція загінулі ў часе шматлікіх бамбёжак. Былі і радасныя надпісы: паведамлялася, што тая ці іншая сям’я перасялілася ў другі дом, на другую вуліцу. І хоць вайна яшчэ толькі-толькі адыходзіла з вуліц горада, хоць многія дамы і вуліцы насілі яшчэ яе гарачыя сляды, ужо чуваць былі звонкія дзіцячыя галасы, асабліва на ўскраінах, больш уцалелых, чым цэнтр горада. Дзеці купаліся ў рацэ, з якой яшчэ вытыркаліся трапіўшыя туды танкі і пушкі. На некаторых вуліцах дзеці гулялі ў партызан. І не цацкі былі ў іх, а папсаваныя нямецкія вінтоўкі і аўтаматы, якіх хапала і ў рэчцы, і ў лабірынтах руін, валяліся яны і на прапыленым бруку вуліц.

Цэнтральныя вуліцы амаль што ўсе былі разбіты, зруйнаваны, па некаторых з іх нават нельга было прайсці. Хоць па горадзе праходзілі і воінскія часці, і сцягваліся сюды для ўдзелу ў святочным парадзе партызанскія брыгады, усё ж стаяла ў ім нейкая асаблівая цішыня. Не было чутно трамвая. Трамвайныя рэйкі амаль што ўсюды былі папсаваны бамбёжкамі. У некаторых месцах пакарэжаныя, пагнутыя, яны выпіралі з зямлі пачварным спляценнем знявечанага жалеза. Не чуваць было гудкоў фабрык, заводаў. Фабрычныя карпусы альбо стаялі ў руінах, альбо ззялі пустымі праваламі акон, гарматнымі і бомбавымі прабоінамі і праломамі. На вакзале было ціха і глуха. Абгарэлыя вагоны, разбітыя паравозы стаялі на ўзарваных пуцях. Будынак вакзала быў увесь у руінах.

Блешчык правёў сваю брыгаду ў раён, дзе некалі жыў. Ён зусім не пазнаў квартала, дзе быў дом, у якім кватараваў ён з сям’ёй да вайны. Усё было пабіта, патрушчана, і чырвоны цагляны пыл густа абляпіў уцалелыя слупы электрычнай праводкі. На двары дома, дзе быў некалі добры сад, не было ні дрэўца, ні кусціка. Сіратліва стаяла разбітая трансфарматарная будка. Ад дома асталася толькі частка сцяны, да якой прыляпіўся цудам уцалелы балкончык, на якім стаяла абгарэлая дзіцячая каляска. Можа, па гэтай калясцы і балкону Васілька і пазнаў месца, дзе некалі жыў. Ён доўга ўглядаўся ва ўцалелую сцяну, нібы хацеў пералічыць кожную цаглінку. Твар яго, вусны паступова крывіліся, пацінаючыся лёгкай дрыготкай. Левае брыво яшчэ больш усхадзілася ў нервовым ціку, і ён урэшце заплакаў, уткнуўшыся ў бацькавы калені.

— Дзе ж мы, татачка, цяпер жыць будзем? — ледзь вымавіў ён праз слёзы.

Ён хацеў яшчэ спытаць, дзе ж падзеліся яго самалёты, якія стаялі тут жа, на двары, на такім прыгожым аэрадроме, які быў зроблены пад кустамі маліны і парэчак. Але не спытаў, бо ўспомніў, колькі вялікіх самалётаў, абгарэлых, разбітых, бачыў ён за гэтыя дні, калі ехалі сюды. Падумаў яшчэ: скажуць — пытаешся, як маленькі, не ведаеш хіба, што тут жа была некалькі год гэтая страшэнная вайна. Падумаў і не спытаў. Ён жа сапраўды ўжо не маленькі, яму ідзе дзевяты год, ён амаль сам навучыўся чытаць кніжкі, газеты. Ну, вядома, памагаў Піліпчык, часта памагала цёця Надзя. Але дзе ж давядзецца жыць? І як шкада гэтага старога дома, у якім ён ведаў кожны пад’езд, кожную кватэру. Шкада і тых пакояў, у якіх некалі жылі яны. Дзе ж цяпер будзем жыць? Аб гэтым і спытаў.

— Не сумуй, Васілька, будзем жыць,— не загінем, адбудуецца і дом наш, і кватэра.

Блешчык суцяшаў малога, а ў самога ад усяго гэтага дзікага спусташэння злёгку пяршыла ў горле.

Суцяшала Васільку і Надзя, якая ўзяла яго ў апошнія дні, калі рушылі на Мінск, пад сваю апеку. І, відаць, знаходзіла яна нейкія асаблівыя словы суцяшэння і сагравала глыбокай мацярынскай ласкай так, што малы, прыціхшы і даверліва прытуліўшыся да яе, гаварыў ёй шэптам:

— Ты мне ўсё роўна як мама, цётачка Надзя. Вось бы добра было, каб ты была маёй цяпер сапраўднай мамай.

— Ты гэтага хочаш, мой хлопчык?

— Хачу, цётачка Надзя.

— Што ж, я буду тваёй мамай...

Блешчык, які чуў гэтыя словы, моўчкі паціснуў ёй руку. Яны абмяняліся кароткімі позіркамі. У адным была згода, у другім — вялікая чалавечая ўдзячнасць.

А горад стаяў перад імі, асветлены ласкавым вячэрнім сонцам. З усходу даносілася незмаўкаючая артылерыйская кананада і гром няспынных бамбардзіровак.

— Што гэта, мама? — спытаўся прыціхлы малы.

— Гэта фашыстаў дабіваюць, Васілька...

— Мне страшна... Яны яшчэ прыйдуць сюды.

— Сюды мы іх ужо ніколі не пусцім.

І яны стаялі ўтраіх і думалі, кожны па-свойму, аб тым добрым часе, калі назаўсёды знікнуць войны на зямлі, якія так бязлітасна і люта нявечылі жыццё чалавека, нішчылі яго здабыткі, адбіралі яго шчасце і радасць.

А навакол ішло сваім парадкам жыццё. Паміж руін ставілі палаткі партызаны. Раскладалі вогнішчы. Сям-там зайграў ужо гармонік. Моладзь весялілася шчыра, з усім запалам сваіх сэрцаў. Скакалі, пелі песні, расказвалі вясёлыя гісторыі, наладжвалі розныя гульні.

У святле партызанскіх кастроў не такімі ўжо змрочнымі здаваліся руіны горада. Яны нібы ажывалі ў трапяткіх водблісках агнёў, шумелі адгалоскамі ад людской песні і слова.

 

7

Па шашы на Мінск ад самай Бярэзіны імчала грузавая машына.

Майка, некалькі яе блізкіх таварышаў і звычайных спадарожнікаў спяшаліся ў Мінск. Майка хвалявалася. Колькі яна марыла за апошнія месяцы трапіць у Мінск у час яго вызвалення! І гэтая мара да гэтага часу не здзейснілася. Калі пачаліся ўсе гэтыя доўгачаканыя падзеі, ёй катэгарычна забаранілі ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Ёй проста далі водпуск. Яе пакінулі ў партызанскім шпіталі, дзе быў добры доктар, знаёмыя і блізкія таварышы: хворыя і лёгкараненыя з розных атрадаў.

Набліжаўся дзень, якога даўно чакала і крыху пабойвалася Майка. І чым бліжэй падыходзіў ён, тым больш хвалявалася яна. Можа, Майка, некалі зманіўшы Саколічу, захацела астацца праўдзівай перад сваім дзядзькам, ці былі там якія другія прычыны, але ж ёй давялося самым сур’ёзным чынам рыхтавацца да важнай падзеі ў сваім жыцці: яна збіралася стаць маткаю. Спачатку гэта не замінала яе штодзённай працы ў брыгадзе, і яна нават не задумвалася сур’ёзна аб тым, як жа гэта ўсё адбудзецца, што новага ўнясе такая падзея ў яе жыццё, у яе працу. Працы ж было так многа, што некалькі месяцаў прайшло амаль што неўзаметку, яна нават забылася на нейкі час аб тым, што яе чакае. Але яно само напомніла аб сабе, напомніла даволі рашуча. Гэта было на выхадзе на адну аперацыю. Майка, якая ніколі не адчувала стомы на любых пераходах, раптам адчула такую слабасць, што прымушана была прысесці на зямлю, каб перадыхнуць і пазбавіцца прыкрага галавакружэння. Гэта паўтарылася некалькі раз. Таварышы, і ў першую чаргу таварышкі, адразу спахапіліся і, зразумеўшы ўсё, запратэставалі супроць яе выхаду на цяжкую і складаную аперацыю. Справа ішла аб разгроме аднаго паліцэйскага гарнізона. Умяшаўся і сам Камар. Камандаванне брыгады адхіліла яе ад удзелу ў аперацыі, і Майку на фурманцы завезлі назад на базу.

Усё гэта было так нечакана для Майкі, што яна нават разгубілася спачатку і некалькі дзён хадзіла як не свая, раскайваючыся ў сваім былым жаданні і нават папракаючы сябе ў легкадумнасці, з якой яна пайшла на такую справу. Былі і хвіліны цяжкага роздуму, калі яна гатова была шукаць любога паратунку ад таго прыкрага, на яе думку, становішча. Але гэтыя хвіліны роздуму, цяжкіх сумненняў і папрокаў неяк прайшлі, саступіўшы месца ціхаму і радаснаму чаканню таго, што няўхільна павінна было адбыцца. Можа, прычынай гэтаму была тая агульная ўвага і клопаты, якімі акружылі яе ўсе таварышкі, якія так спачувалі ёй і ўпотай ад хлапцоў — не ім пра гэта ведаць — рыхтавалі невялічкае прыданае яе будучаму малому ці малой. Яны праяўлялі сапраўдную вынаходлівасць, а некаторыя нават і немалую адвагу і спрыт, калі, ідучы ў разведку ў гарадкі, занятыя варожымі гарнізонамі, даставалі пры зручным выпадку кавалачак паркалю ці палатніны на пялёнкі і на ўсякія там іншыя патрэбы для будучага нашчадка Майкі. Яна нават павесялела, стала той жа ранейшай Майкай, заўсёды рухавай, ніколі не сумуючай, пачынальніцай самых розных спраў у сваёй брыгадзе.

Яна правяла некалькі вострых дыскусій з Камаром. Той чакаў сына і гаварыў аб гэтым з такой упэўненасцю, нібы гэты сын быў ужо ў пялёнках. Майка пярэчыла. Ёй не падабаліся хлапчукі.

— Ад іх толькі адны непрыемнасці. Яны толькі і ведаюць, што штаны рваць ды кідацца ў бойкі. А ў мяне будзе малюсенькая, вось такая кірпаносенькая дачушка.

— Толькі паспрабуй адважыцца на гэта,— жартаваў Камар,— я спыню ўсе дыпламатычныя адносіны з табой. Пакіну абедзвюх — і цябе і яе.

— А гэта ўжо як сабе хочаш...— безуважліва кідала Майка.

Іх дыскусію спыніла цётка Палашка, якая блізка да сэрца прыняла ўсю Майчыну эпапею.

— Аб гэтым грэх спрачацца! — катэгарычна заявіла яна.— Што бог пашле, таму і рады будзеце. Нечага загадзя заказваць...

І вось некалькі дзён, як Майка ў шпіталі. Такія ж яны доўгія гэтыя дні, калі ты без працы, без пэўнага абавязку. Падлічыла сёе-тое Майка ад нечага рабіць і жахнулася: гэта ж павінна адбыцца вось-вось... Не сягоння, дык заўтра...

А тут падаспелі такія падзеі, што і на месцы не ўсядзіш. Наступленне савецкіх войск разгортвалася з такой імклівасцю, што Майка і аглянуцца не паспела, як апынулася на вызваленай зямлі.

Хворыя і параненыя, якія ўжо крыху ачунялі і адчувалі сябе нядрэнна на нагах, адразу страцілі спакой і апетыт і патрабавалі неадкладнай адпраўкі да сваіх атрадаў.

— Пакуль мы будзем тут бакі пралежваць,— заўважалі яны,— без нас і Берлін возьмуць.

Машын у шпіталі не было, але цяпер хапала спадарожных армейскіх грузавікоў. Калі аднаго дня адразу трапілася некалькі такіх машын і з шпіталя выбіралася даволі значная група партызан, Майка цішком уладзілася на адзін з грузавікоў. Забраўшыся пад брызент, якім быў прыкрыты невялікі багаж, Майка прыцішылася ды так і паехала, нікім не заўважаная.

Толькі калі ад’ехалі з добрую паўсотню кіламетраў і прыпыніліся на якую хвіліну ля адной пераправы, спадарожнікі Майкі выкрылі яе. Сярод іх былі хлопцы і дзве дзяўчыны з Майчынай брыгады. Яны кінуліся ўгаворваць яе:

— Ці ж табе падавацца ў такую дарогу? Злазь адразу!

Добрая справа — сказаць «злазь»! А куды ж ты злезеш, куды пойдзеш адна. Ёй давалі і праважатых. І пагражалі сілком сцягнуць з машыны, і нават павярнуць грузавік назад, але ні ўгаворы, ні пагрозы не дзейнічалі на Майку. Ды ў руках яе быў і аўтамат.

— Паспрабуйце толькі падступіцца, адразу прышыю каторага...— з гневам сказала яна, зашыўшыся за скрынкамі грузу.

Яе рашучы адказ, уся яе натапыраная постаць прымусілі таварышаў пакінуць яе ў спакоі. Паехалі далей. У адной вёсцы даведаліся, што Мінск ужо вызвалены. Тут Майка і ўсе яе спадарожнікі пачалі праяўляць такую нецярплівасць і так падганяць шафёра, што і таму перадалася іх усхваляванасць. Ён пачаў так націскаць на ўсе педалі свае паўтарачкі, што аж вецер свістаў у вушах пасажыраў ды падскаквалі на выбоінах скрынкі, прыціскаючы Майку да самай кабіны.

І ўсё было б добра, каб не сапсавалася машына. Пярэднія грузавікі, не спыняючыся, падаліся далей. Шафёр, якому памагалі ўсім калектывам, доўга корпаўся ў маторы. Урэшце матор чыхнуў разы са два, завёўся. Рушылі далей. Пачаліся розныя аб’езды вакол папсаваных мастоў. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, сярод пасажыраў знайшліся людзі, якія, спасылаючыся на добрае веданне мясцовасці, раілі ехаць самым кароткім шляхам да Мінска. Пад самы вечар нечакана выбіліся з пыльных прасёлкаў на Магілёўскую шашу. Потым зноў давялося падацца аб’ездам. Спяшаючыся і не прыкмецілі, што нідзе не было рэгуліроўшчыкаў на дарогах, ды і руху асаблівага тут не прыкмячалася. Натужна равучы маторам, машына ледзь паўзла па глыбокіх калеях пясчанай дарогі.

І толькі паспеў нехта сказаць, што праз гадзіну, а магчыма і праз паўгадзіны, яны будуць у Мінску, як з жыта, якое суцэльнай сцяной стаяла паабапал дарогі, выскачыла дзесяткі з два гітлераўцаў і нехта з іх гучна выкрыкнуў па-нямецку:

— Рукі ўгору!

Шафёр памкнуўся быў даць поўны газ, але ўбачыў, што наперадзе ля густога маладога хвойніку ляжалі ланцужком гітлераўцы. Два кулямёты былі нацэлены проста ў машыну.

Шафёр затармазіў машыну, спыніў.

Гітлераўцы акружылі грузавік, прымусілі злезці ўсіх пасажыраў, папярэдне адабраўшы зброю. Хутка Майку і яе спадарожнікаў, акружыўшы моцным канвоем, гітлераўцы павялі па жыце, кіруючыся на ўзлесак. Ніхто з Майчыных спадарожнікаў так і не зразумеў спачатку, што ж адбылося тут і пры чым тут немцы, калі Мінск узяты, ды казалі ў адной вёсцы, што былі вызвалены ўжо і некалькі гарадоў на захад ад Мінска. Некаторыя спрабавалі ўголас выказаць свае сумненні, але гітлераўцы, пагражальна ляснуўшы затворамі аўтаматаў, прымусілі іх сцішыцца. І толькі некаторыя з хлопцаў надумаліся падавацца наўцёкі, як усё паветра напоўнілася гудзеннем мноства самалётаў. Канваіры пачалі палахліва пазіраць на неба, насцярожана азірацца на бакі. Самалётны гул нарастаў усё больш і больш, салдаты страцілі ўсякі баявы запал і, калі пачулі рэзкі свіст першай бомбы, кінуліся куды каторы. Адны папаўзлі па барознах, другія беглі без памяці па жыце, кіруючыся на бліжэйшы ўзлесак. Па ўсім полі, як вокам кінуць, узняліся чорныя слупы зямлі. Гучныя выбухі скаланулі паветра. Гарэў як свечка пакінуты грузавік. А пранозлівы свіст бомб не сціхаў, хваля за хваляй праносіліся над полем чароды самалётаў, скідваючы над ім свой смертаносны груз.

Майка і яе таварышы, ашаломленыя і нечаканым нападам немцаў і раптоўнай бамбёжкай, спачатку прытуліліся, разгубленыя, да зямлі. Яны пракліналі саміх сябе, што занядбалі, калі ехалі, самымі простымі мерамі перасцярогі, а таму і трапілі, як думалі яны, на перадавую лінію фронту. Але ж якая перадавая, калі наперадзе Мінск? А бамбёжка не сціхала. Часам здавалася, што і неба, і зямля — усё паляціць потырч ад страшнага грукату, які зліваўся ў суцэльны гул. Калі крыху асвойталіся з гэтым гулам, наважыліся паціху падавацца па жыце ў другі бок, туды, куды не беглі немцы. Немцаў ужо не вельмі баяліся. Відаць, гітлераўцам было не да іх. Паўзлі па жыце, стараючыся як мага хутчэй адысціся ад гэтых месц. Майка адчувала, што яе пакідаюць апошнія сілы. І хоць бы які глыток вады! У роце перасохла так, што ёй здавалася, нібы яна чуе, як скрыпіць пыл на сасмаглых вуснах. Яна сарвала жытні колас, пачала жаваць яго. Вострыя асцюкі калолі дзёсны, але прыемнай прахалодай аддавала ад зерняў, якія толькі-толькі пачалі налівацца. І раптам такі калючы боль працяў усю яе істоту, што, прыпыніўшыся, яна аж скурчылася ўся, прыпаўшы ніцма да зямлі. Калі прыступ болю паўтарыўся, яна аж ускрыкнула немым голасам:

— Ратуйце мяне, дзяўчаткі!

Да яе нахіліліся таварышкі. Азірнуліся хлопцы.

— Нічога, дзяўчаткі, нічога... Я ўжо сама...

І яна першая папаўзла далей. Боль як прыйшоў раптам, так жа раптам і адышоў. А наўкол не змаўкаў нарастаючы грукат. Да разрываў бомб далучылася артылерыйская кананада. Здавалася, над самымі галовамі з пагражаючым шолахам праносіліся імклівыя снарады. Іх разрывы дзесьці бумкалі ззаду. Некалькі снарадаў упала зусім недалёчка. Майка чула яшчэ, як са свістам і звонкім свірчэннем пранёсся над ёй цэлы рой асколкаў. Потым некалькі хвілін яна нічога не чула. Люты боль скаваў усё цела і, здавалася, пахаваў пад сабой усё, што было навакол Майкі. І змрочнае вячэрняе неба, на якім запальваліся першыя зоркі, і блізкіх ёй людзей, якія былі тут жа, побач, і густое, пераблытанае жыта, і ўсе пахі зямлі, і востры пах серы, які заносіў сюды слабы ветрык, што патыхаў адтуль, дзе рваліся снарады і бомбы. Адно, што адчувала яна яшчэ, гэта прыемны халадок зямлі, да якой прыпала яна ўсёй сваёй істотай, нібы хацела астудзіць гэтым халадком той пякучы боль, які, здавалася, сціскаў жалезнымі абцугамі яе сэрца, уцінаўся тупымі іголкамі ў цела. Яна ляжала нерухома. Спачатку ціхія, стогны рабіліся ўсё гучней і гучней. Гэтыя стогны перасілілі ашалелы грукат бомб і снарадаў, бо іх пачулі яе таварышы.

— Божа мой, ды ты ж збіраешся радзіць...— са страхам і спалохам праказала дзяўчына, якая першая кінулася ёй на дапамогу.— Хлопцы, ды дзе ж яны, давайце перанясём яе ў лепшае месца, хоць бы вось туды...

Наперадзе, на ўзмежку поля, цямнела ў вячэрнім змроку невысокае дрэва. Гэта была груша-дзічка, якую адразу распазналі пры маланкавых успышках узрываў. Сюды і перанеслі Майку, палажыўшы ёй пад галаву некалькі ватнікаў. І толькі паспелі прытуліць яе пад дрэвам, як пякельны грукат абрушыўся на зямлю. Было падобна на тое, нібы сотні цягнікоў, гружаных каменнем, абрушылі разам на зямлю, ды сотні агністых маланак прастромілі адразу пацямнеўшае неба. І ў гэтым жахлівым грукаце ўчулі ўсе, хто памагаў ёй, новы гук, які, здавалася, заглушыў усё і паланіў і зямлю, і неба, і трапяткое паветра, якое разрывалася бомбамі і снарадамі кацюш.

— Ку-у-га... ку-у-га! — чуўся, мацнеў гэты настойлівы голас, якому падпарадкаваліся цяпер усе думкі, усе пачуцці людзей, што згрудзіліся пад дрэвам, так гасцінна сустрэўшым прыход на зямлю новага чалавека.

— Хлопцы, прэч адсюль! — замітусіліся, забегалі дзяўчаты.— Ды пастойце, можа, запалкі ці запальнічка ў каго ёсць? Ну, ідзіце, ідзіце ды пашукайце вады дзе...

І гэтыя галасы перакрыў раптам крык:

— Танкі!

Сёй-той кінуўся ў лагчыну, якая межавала з полем. Некаторыя ўкрыліся ў жыце. Некалькі чалавек прыхаваліся за дрэвам, ля якога не сціхаў голас новага чалавека. Усе былі страшна ўсхваляваны. І толькі яна, прыціхлая, палагаднелая, слухаўшая толькі тое, што было ёй цяпер цікавей за ўсё на свеце, не зварухнулася з свайго месца. Моўчкі правяла яна вачмі цёмныя аграмадзіны некалькіх танкаў, якія, натужна равучы маторамі і прымушаючы здрыгацца зямлю, цяжка пранесліся амаль што побач. Яна нават адчула гарачыню іх распаленых матораў і закашлялася ад даўкага перагару выхлапных труб. І толькі прамчаліся гэтыя аграмадзіны, як насустрач ім нібы выбліснула некалькі маланак. Адна з машын закружылася яркім факелам. Другія кінуліся ўбок. Ветрык данёс пах паленага жалеза і гумы.

А ўжо хлопцы прынеслі ў шапках вады і, спыніўшыся непадалёк, пыталіся, ці не трэба яшчэ.

— Мы зараз жа збегаем, тут жа зусім блізка...

І сапраўды, калі ўцішыўся грукат і над жытнім полем усталявалася няпэўная цішыня, чуваць было, як дзесьці поблізу пераліваўся, срэбна звінеў струменьчык вады. Гэта вылівалася з невялічкай крыніцы ледзь прыкметная ручаінка.

Калі раніцай першы сонечны прамень разагнаў рэдкія пасмачкі туману над ручаінай, людзі, якія прытуліліся пад дрэвам, стараліся адзін перад адным, каб чым-небудзь памагчы маладой маці. А яна карміла яго, ціха гушкала, прыгаворваючы ласкавае, пяшчотнае:

— Камарык ты мой маленькі! Камарык насаценькі!

— Значыць, вітаем з сынам, з партызанам! — азваліся хлопцы, пачуўшы гэтыя словы.

Яна не паспела адказаць, бо ў гэтую хвіліну з супрацьлеглага боку лагчыны пачуўся нечы разгневаны голас. Калі прыгледзеліся, адразу ўзрадаваліся. Да іх бег вайсковец. Ён нешта размахваў рукамі, паказваў жэстамі ў свой бок, чагосьці крычаў. Але людзі, якія прытуліліся пад старой грушай, не разумелі яго, толькі калі ён падбег бліжэй, усе пачулі, як гэты савецкі афіцэр — пазналі па форме,— крычаў да іх:

— Што вы там робіце, вар’яты? Вы ж трапіце пад нашы альбо нямецкія снарады. Адразу ж за мной!

Убачыўшы, што гэтыя людзі яўна марудзяць, ён падбег да іх. Па ўзбуджаным пачырванелым твары маладзенькага лейтэнанта было відаць, што ён збіраецца лаяць людзей за іх неасцярожнасць і непаваротлівасць. Ён ужо і рот разявіў, каб добра прыкрыкнуць на гэтых дзівакоў, якія выбралі такое нязручнае месца для адпачынку. Але, заўважыўшы дзяўчат, адразу памякчэў і, хвацка казырнуўшы, коратка спытаўся:

— Што за людзі?

— Партызаны...

— Дык чаго ж вы тут прахалоджваецеся? Вы ж седзіцё ў самым катле, у які трапілі гітлераўцы. Зараз паддадзім аганьку ім, каб лепш падсмажыць. Пайшлі за мной!

У гэтую хвіліну залілося плачам малое.

— Ку-у-га... ку-у-га...— заяўляла яно аб сваіх законных правах на клопаты і ўвагу.

— Бачыш, брат лейтэнант, радзіны ў нас. А ты вось крычыш...

Твар лейтэнанта адразу набыў нейкі спалоханы і разам з тым радасны выгляд. Вінавата спытаўся:

— Дык жа доктар, відаць, патрэбен?

— Без доктара сяк-так абышліся, а ёй вось абавязкова трэба памагчы выбрацца адсюль, зусім абяссілена дзяўчына.

— Ды гэта мы адным мігам. Хто вольны, бяжым са мной.

Лейтэнанту, артылерыйскаму карэкціроўшчыку, некалькі хвілін давялося аддаць справе, не прадугледжанай ні ў адным з вайсковых статутаў. Хутка санітары з дапамогай партызан панеслі на насілках Майку з яе маленькім. Яна хацела ісці сама, але хлопцы ледзь не сілком улажылі яе на насілкі.

— Ляжы ўжо, ляжы, зберагай сілы для малога.

А малое не ленавалася выконваць свае нескладаныя абавязкі перад жыццём, і яго пранозлівае «ку-у-га, ку-у-га» штохвіліны чулася над ранішнім росным полем. І твары ўсіх, хто чуў гэты мілы і магутны голас — і афіцэраў, і салдат-артылерыстаў, і санітараў,— адразу неяк прасвятляліся, мякчэлі, і на іх выплывалі цёплыя-цёплыя ўсмешкі. І не адны вочы, праводзіўшыя гэтую незвычайную працэсію з насілкамі, па-здрадніцку правільгатнелі. Пажылы маёр, камандзір артылерыйскага палка, які ўжо і рот разявіў быў, каб загадаць адкрыць агонь, пачакаў якую хвіліну-другую, даў магчымасць слаўнай працэсіі адысціся далей. «Не спужаць каб малое...» — падумаў ён, пачухаўшы срабрысты вожык свае галавы, што было яўнай адзнакай яго незвычайнай усхваляванасці. А працэсія ішла і ішла, мінаючы батарэі, пакуль да яе не пад’ехаў санітарны аўтамабіль.

І толькі тады пачулася гучная каманда:

— Па фашыстах, усімі батарэямі, агонь!

Пушкі грымнулі разам, абудзіўшы ранішнія прасторы грукатам стрэлаў і разрываў. Залпы ішлі адзін за адным, не сціхаючы ні на хвіліну. Гэта была суровая і справядлівая расплата з фашысцкімі катамі і дзетазабойцамі. З тымі, якія наважыліся заліць нявіннай крывёю чужую зямлю. З тымі, якія марылі аб панаванні над усім светам. З тымі, якія пасля пачварных зладзействаў і пасля паражэння намагаліся яшчэ ўцячы ў сваё звярынае логава. З тымі, якія не хацелі яшчэ здавацца.

Залпы грымелі адзін за адным, скаланаючы зямлю і паветра. І яны былі і ўрачыстым салютам таму, каго маладая маці называла сваім маленькім камарыкам, камарыкам-насацікам.

Яе спыталі ў санітарнай машыне, куды ж яна думае ехаць, куды спяшаецца.

— У Мінск, толькі ў Мінск! — быў адзіны яе адказ. Машына пад грукат кананады памчала ў Мінск.




Тэкст падаецца паводле выдання: 1) Лынькоў М. Збор твораў. У 8-мі т. Т. 4. Векапомныя дні. Раман у 4-х кн. Кн. 1 і 2. Мн.: Навука і тэхніка. 1983. - 671 с., 3 іл. л. ; 2) Лынькоў М. Збор твораў: У 8-мі т. Т. 5. Раман «Векапомныя дні». Кн. 3-я і 4-я / [Паслясл. Э. С. Гурэвіч].— Мн.: Навука і тэхніка, 1984.— 718 с.