epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Тычына

Цана прароцтваў

«Божа, напішы за мяне мае раманы,

хіба так маліцца, ці што?..»

Апошні запіс Кузьмы Чорнага

 

Літаратурная крытыка 20-х гадоў, калі Кузьма Чорны толькі-толькі ўваходзіў у свет прыгожага пісьменства, прадказвала яму будучыню «беларускага Дастаеўскага». Яна, напэўна, трымала пры гэтым у памяці словы Максіма Гарэцкага, сказаныя яшчэ ў 1914 годзе: «Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т.п.». Адам Бабарэка, выдатны крытык, сябар Чорнага па літаратурнай суполцы «Узвышша», называў яго стваральнікам «першага беларускага рамана» і ні на шэлег у гэтым не перабольшваў, бо іншыя раманы (Я.Коласа, Ц.Гартнага, Ядвігіна Ш.) былі няскончаныя на той час. А Чорны апублікаваў ужо «Сястру» і «Зямлю». Чорны разумеў, што знаходзіцца ў самым пачатку стварэння сапраўднай беларускай прозы, а таму адразу ставіў перад сабою і перад сябрамі па пяры самыя надзённыя і самыя складаныя задачы: «Павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры». Пад гэтым празаік разумеў «беларускасць вобразаў», «беларускасць моўнага накірунку», «беларускі стыль». Ён не ўсё з задуманага паспеў здзейсніць, неспрыяльныя для творчасці часы моцна дэфармавалі ягоны творчы пошук, аднак самае галоўнае Чорны ўсё ж паспеў зрабіць, стаўшы стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, у якой чытач адшукае сапраўднага беларускага мужыка і сапраўднага беларускага інтэлігента, патрыёта і гуманіста.

У час, калі змяняецца гісторыка-літаратурны ландшафт, вялікае бачыцца вялікім, а малое малым, побач апынаюцца Янка Купала і Паўло Тычына, Андрэй Платонаў і Кузьма Чорны, Мыкола Хвылёвы і Максім Гарэцкі, Міхаіл Булгакаў і Ўладзімір Віннічэнка, Уладзімір Дубоўка і Майкл Ягансен, Сяргей Ясенін і Язэп Пушча - чытач знаходзіцца пад гіпнозам прарочага дару гэтых і іншых пісьменнікаў, якія, будучы ў эпіцэнтры гігінцкага разлому ХХ стагоддзя, здолелі прадугадаць ход падзей, папярэдзіць аб магчымасці вялікіх трагедый, сказаць сваё слова ў абарону чалавечага ў чалавеку. Прарокі, нягледзячы на евангельскае «няма прарокаў у сваёй Айчыне», усё ж такі жылі ў родных краях, адно што іх голас не быў пачуты сучаснікамі, а саміх прарокаў падмяла ўрэшце цяжкая хваля прадбачаных імі драматычных падзей.

Ёсць сімвалічны сэнс у тым, што Чорны (сапраўднае імя і прозвішча Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся на самым зломе стагоддзяў, 24 чэрвеня 1900 года. Яго дзяцінства і юнацтва, пара ўздыму творчай асобы супалі з часам абуджэння нацыянальнага жыцця ў «Северо-Западном крае», як афіцыйна тады называлася Беларусь. Водгалас нацыянальнага культурнага адраджэння дайшоў да самых глухіх куткоў. Прынамсі, на радзіме пісьменніка, у мястэчку Цімкавічы, якое знаходзілася акурат паміж Капылём, вядомым сваімі рэвалюцыйнымі традыцыямі, і Нясвіжам, з яго багатай радзівілаўскай бібліятэкай, калекцыяй твораў выяўленчага мастацтва, настаўніцкай семінарыяй, прыкметы аднаўлення ў духоўным жыцці былі выразнымі. Менавіта Цімкавічы Чорны лічыў заўсёды сваёй сапраўднай Радзімай, хоць нарадзіўся ў вёсцы Боркі, непадалёк ад Цімкавіч, за некалькі вёрст праз Екацярынінскі шлях ці, інакш кажучы, Варшаўку: яго бацькі там парабкавалі ў пана Эдварда Вайніловіча, таго самага, на чые сродкі быў збудаваны ў пачатку стагоддзя Чырвоны касцёл у Менску - у памяць дачасна памерлых панскіх дзяцей Сымона і Алены. У 1907 годзе залежны парабчанскі лёс змусіў Раманоўскіх перабрацца ў фальварак Вінцантова - тут маці, Глікерыя Міхайлаўна, навучыла Міколку чытаць. Ён добра маляваў (асобныя яго малюнкі алоўкам захаваліся), іграў на розных музычных інструментах, прыгожа спяваў, меў добрыя акцёрскія здольнасці. Дзеля ягонай адукацыі бацькі вярнуліся ў 1908 годзе ў роднае мястэчка Цімкавічы - там было народнае вучылішча.

У краі з'явілася кагорта маладых людзей, якія ўсведамлялі сваю нацыянальную прыналежнасць і ў сваіх духоўных памкненнях выходзілі далёка за кола вузкіх гаспадарчых інтарэсаў. Каштоўнасныя арыентацыі сярод мясцовага сялянства і рамеснікаў прыкметна змяніліся: імкненне да адукацыі і высокай культуры выявілася асабліва яскрава. Дзед па матчынай лініі Міхал Парыбак, па-вулічнаму Чорны (адсюль літаратурны псеўданім празаіка), быў выдатным майстрам-сурвэтнікам, якога ведаў сам князь Радзівіл, і пакінуў пасля сябе сшытак з двумастамі ўзорамі-дасэнямі адмысловага ткацкага рамяства. Бедны чалавек, у якога ўсяго і багацця было, што кросны ды мазолістыя рукі працаўніка, ён усё зрабіў, каб вывучыць аднаго з сыноў на настаўніка. Ведала грамату і любіла чытаць, калі дазвалялі ўмовы, таксама яго дачка Гліцэра: сярод кніг, прачытаных ёю, пісьменнік называў Біблію і творы Льва Талстога. Бацька Карл Феліксавіч таксама быў пісьменны, але выславіўся ў наваколлі тым, што меў залатыя рукі: умеў ткаць тыя ж сурвэткі, быў добры цесля, калі ўзнікала патрэба, браў у рукі шавецкія прылады, валодаў кравецкай іголкай, садзіў уздоўж гасцінцаў прысады, карчаваў лес і араў поле. Гледзячы на яго, Міколка думаў пра здольнасць простага чалавека перайначваць, упрыгожваць сваёй працай і выдумкай навакольны свет, заваёўваць сімпатыі і прызнанне іншых людзей не сілаю і не багаццем, а хараством сваёй душы, дабрынёй і спачуваннем такім жа, як сам, гаротнікам і цягавітым працаўнікам. Прыходзіў ён і да высноў пра той сацыяльны лад, які не даваў мужыку-аратаму і майстравітаму чалавеку разгарнуць схаваны талент напоўніцу, ператвараючы яго ў цярплівага і маўклівага парабка-раба. Бацькі, якія за працай і галечай свету не бачылі, адзінае выйсце з гэтага становішча шукалі ў асвеце, выцягваліся ў нітку, каб толькі вывесці сваіх дзяцей у людзі. Асаблівыя надзеі ўскладаліся на Міколу, малодшага ў сям'і, у якога ўжо ў малыя гады выявіліся незвычайныя здольнасці ў розных накірунках. У гэтай празе духоўнасці і хараства не адно толькі асабістае жаданне людзей, што жылі з працы сваіх мазольных рук, бачыць сярод «паркалёвых людзей» уласнага сына, але і адвечнае імкненне занядбанага народа да вяршынь агульначалавечай культуры. Такім чынам, шлях Мікалая Раманоўскага быў наканаваны: Цімкавіцкае народнае вучылішча, Нясвіжская настаўніцкая семінарыя («найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі плату за навуку, а лепшым вучням, якія добра вучыліся, давалі стыпендыю»), праца на духоўнае адраджэнне нацыі спачатку ў якасці настаўніка, а потым і літаратара.

Вялікая гісторыя рэдка калі песціла беларусаў як нацыю. У першую сусветную вайну беларуская зямля зноў стала арэнай супрацьборства дзяржаў, нацый, імперыялістычных груповак. Зноў на поўны рост паўстала пытанне аб самім нацыянальным існаванні народа. Даследчыкі называюць лічбу ад двух да трох мільёнаў беларусаў-бежанцаў, змушаных ратавацца ад ваеннай навалы на Ўсходзе. Многія не вытрымалі цяжкай дарогі, загінулі, многія прыжыліся ў новых мясцінах і не вярнуліся на радзіму. Так бяднеў, бэсціўся, распадаўся, гінуў нацыянальны генафонд. Вядомая ў народзе Варшаўка стала шляхам усенароднага гора: уздоўж яе скрозь стаялі самаробныя схіленыя на ветры крыжы, горбіліся спехам насыпаныя магілкі. Адбываліся незваротныя працэсы, у выніку якіх, па назіраннях маладога семінарыста Раманоўскага, беларускі чалавек набываў «некаторыя рысы пакутніка-бежанца, які зносіў сваё нацыянальнае гора». Сам Мікалай, разам з іншымі семінарыстамі, апынуўся ў Расеі: калі фронт наблізіўся да Нясвіжа, настаўніцкую семінарыю перавялі ў Вязьму. Трагічны вопыт народа, набыты ў гэтыя часіны, наклаў моцны адбітак на душу будучага празаіка, які ўжо тады рабіў першыя спробы выказацца на паперы, пра што сведчаць успаміны сяброў яго юнацтва. Нацыянальны характар, адносіны беларусаў да падзей, змест якіх глыбока і драматычна выявіўся ў вайну, імперыялістычную і грамадзянскую, Чорны пазней асэнсоўваў і адлюстроўваў у многіх сваіх эпічных творах: вельмі часта сюжэтнаю завязкаю дзеяння з'яўляецца менавіта гэты гістарычны перыяд.

Люты 1917 года беларусы ўспрынялі як паратунак, што прыйшоў акурат у час, калі ўжо была страчана ўсякая надзея на выратаванне этнасу, на магчымасць духоўнага ўзняцця «забытага Краю». Словы амерыканскага прэзідэнта Вільсана аб праве нацый на самавызначэнне свядомыя беларусы, творчая інтэлігенцыя зразумелі як маральны закон, які дазваляе ім будаваць на новым гістарычным грунце сваю нацыянальную культуру. Вось чаму многія з іх так балюча перажывалі, калі на справе сутыкаліся з супрацьлеглым разуменнем нацыянальнай палітыкі, якое дэманстравалі, з аднаго боку, рэвалюцыйная ўлада ў Расеі, а з другога - творцы абноўленай Польшчы: і тыя і другія не прызнавалі права беларусаў на дзяржаўную незалежнасць і нацыянальную самастойнасць. Да мастацкага (у многіх творах) і публіцыстычнага (у нарысе «І вада заліта крывёю») асэнсавання гэтага пераломнага моманту ў гісторыі беларусаў Чорны звяртаўся неаднойчы, тым самым падкрэсліваючы духоўнае і маральнае значэнне падзей рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Становішча ў Беларусі заставалася яшчэ некалькі гадоў няпэўным: значная частка маладой рэспублікі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, салдатаў кайзера змяніла польскае войска, затым прыйшлі Саветы. Пра вучобу ў настаўніцкай семінарыі не паўставала і гаворкі: Нясвіж пасля ганебнага Рыжскага дагавора апынуўся за мяжой, а сама мяжа знаходзілася непадалёк ад ваколіц Цімкавіч, - калі захварэла маці, Мікалай Карлавіч хадзіў у Нясвіж па лекі. Гэты факт беларускай гісторыі і ўласнай біяграфіі, калі жывое цела нацыі суседзі гвалтоўна парэзалі на дзве часткі, у творах Чорнага набудзе сюжэтаўтваральны характар, наглядна выяўляючы трагедыю народа.

Улетку 1920 года Раманоўскія атрымалі надзел зямлі, паводле колькасці «душ». Мікалай Карлавіч як чалавек пісьменны пайшоў на працу ў ваенны аддзел Цімкавіцкага валаснога рэўкома, пасля быў пераведзены на канцылярскую работу ў Слуцкі павятовы ваенкамат, адкуль звольніўся ўлетку 1922 года. Кароткі час працаваў у аддзеле народнай асветы пры Цімкавіцкім валрэўкоме, настаўнічаў у Цімкавіцкай сямігодцы. Мястэчка Цімкавічы знаходзіцца побач з мясцінамі, дзе ў лістападзе-снежні 1920 года адбывалася славутае Слуцкае паўстанне, а таму міжволі ўзнікае пытанне: як паставіўся да яго Мікалай Раманоўскі, патрыятычна настроены юнак, з чулай, уражлівай душою, начытаны, адукаваны, які памятаў удзел семінарыстаў у Нясвіжскіх хваляваннях, пасля чаго палякі зачынілі настаўніцкую семінарыю, ці меў ён нейкае дачыненне да падзей, што былі тады на слыху ў кожнага цімкаўца? Дакументальных звестак, на жаль, мы не маем, і іх не магло быць па тым жорсткім часе. Толькі ў апошнія гады жыцця, калі Чорны спяшаў выказацца даастатку, ажыццявіць, хоць у нейкай меры, свае задумы, ён ускосна, у вобразнай форме, выявіў свае адносіны да гераічных землякоў-случакоў. У пачатых і незавершаных яго раманах так ці інакш закранаецца згаданая тэма партызанскага супраціву акупантам менавіта ў згаданы перыяд грамадзянскай вайны. Калі памятаць, што героямі накіданых празаікам частак і мастацкіх фрагментаў звычайна з'яўляюцца маладыя людзі, апантаныя ідэяй служэння Беларусі, то можна паспрабаваць узнавіць асноўную схему пісьменніцкіх думак. Герой рамана «Вялікі дзень» (1941-1944) Кірыла Вялічка ратуецца ад пераследаў менавіта на Случчыне, адкуль сам родам, пра што добра ведаў яго сябра Максім Астаповіч: «І якой мілай і слаўнай была яму цяпер семежаўская, ці лешанская, ці вызнянская вымова, з якой ён раней часамі пасміхваўся». Сын Вялічкі, Уладзя, пасля смерці бацькі таксама вырашае падавацца на Бацькаўшчыну, нягледзячы на ўгаворы абачлівага Максіма Астаповіча.

«- Мне бацька цябе прыпаручыў, - сказаў Астаповіч.

- Мала што, але я пайду. Я вярнуся! Дзядзька, я вярнуся!

- А куды ты пойдзеш?

- Я пайду пад Слуцак, у той бок. Там недзе татаў брат.

- А што там рабіць будзеш?

Выразнага ж адказу ад Уладзі ні Астаповіч, ні Марына не пачулі. Яны толькі бачылі, што Ўладзя або нешта ведае, або пра нешта здагадваецца. І відно было, што ім заўладала адна думка, ад якой яго не адарве ніякая сіла».

Ведаючы чорнаўскую схільнасць да мастацкага падтэксту, да лаканізму і стрыманасці, калі дзейнічае мастацкі прынцып «лепш недагаварыць, чым нагаварыць лішняга», лёгка ўявіць ход яго думак, што пісьменнік меў на ўвазе, пра што не змог сказаць адкрыта. Хоць адкрытасці таксама хапала. Мікалай Хадыка, герой «Сумліцкай хронікі» (1944), аўтабіяграфічнасць якога навідавоку, расчуліўшыся, спавядае ўласнаму бацьку сваю запаветную мару: «Вялікая мне будзе радасць, калі я так паднімуся, што буду працаваць дзеля ўсёй Беларусі... Я хачу працаваць так, каб ніякая бяда не тапталася больш па нашай роднай зямлі... Колькі буду жыць, то буду служыць Беларусі...».

Юнацтва Чорнага супала з маладосцю беларускай дзяржавы, з перыядам яе станаўлення, з часам узнікнення літаратурных суполак, асветніцкіх і культурных устаноў, газет, часопісаў, альманахаў. У «Сумліцкай хроніцы» пра гэта сказана дакладна і ўражліва: «Гэта быў час, калі бурна ўзнікалі тэхнікумы і рабфакі. А што да горада Менска, то ў яго з Беларусі адусюль імкнулася моладзь. У Менску ўжо быў універсітэт. Максім Хадыка неўзабаве апынуўся ў Менскім педагагічным тэхнікуме, і да некаторай ступені гэта вырашыла яго далейшы лёс. Трэба ведаць, што ў той час кожны малады чалавек, які трапляў вучыцца ў Менск, неўзабаве пачынаў гаварыць сабе: «Я беларус, і ганаруся гэтым». Цэлая плеяда маладых беларускіх паэтаў і раманістаў выйшла ў той час з менскіх тэхнікумаў, інстытутаў і ўніверсітэта. Таксама, як усюды, усё аднаўлялася пасля вайны і забудоўвалася нанава, як пачыналі выростаць новыя вёскі, пашырацца мястэчкі (як тыя Сумлічы) і перайначвацца гарады, як скідалася з плеч чалавека дзіравая сярмяга і з ног лапці, так выростала ў моладзі нацыянальная свядомасць прыналежнасці да свайго народа і гордасць за свой народ. Рэвалюцыя вяла на вялікую дзейнасць новыя сілы. Душа Максіма Хадыкі, які дагэтуль ведаў толькі хараство сумліцкай прыроды, а Менск яму здаваўся найвялікшым у свеце горадам, душа яго свабодна аддалася на тое, каб у ёй старанная рука напісала веру ў Бацькаўшчыну».

Моладзь, а сярод іх і студэнт Белдзяржуніверсітэта, філфакавец Мікалай Раманоўскі, шчыра верыла ў тое, што яе таленты, веды і праца сапраўды патрэбныя народу і краіне. Лепшыя з іх, адораныя літаратурнымі здольнасцямі, увайшлі ў літаратурна-асветніцкую суполку «Маладняк», філіі і выданні якой узніклі ці не ў кожным беларускім мястэчку, такімі папулярнымі сталіся ідэі нацыянальна-культурнага абнаўлення, а пазней і так званай культурнай рэвалюцыі. У маі 1923 года ў газеце «Савецкая Беларусь» з'явіліся першыя апавяданнні празаіка, падпісаныя крыптанімам К.Ч., з якімі і ўвайшоў у літаратуру Кузьма Чорны. Яго першыя спробы былі заўважаны і высока ацэнены старэйшым беларускім пісьменнікам Змітраком Бядулем. Малады празаік неўзабаве стаў «маладнякоўцам», але ў асяроддзі такіх жа самых, як і ён, пачаткоўцаў вылучаўся сваёй удумлівасцю, любоўю да кнігі і вучобы, што не вельмі шанавалася многімі тагачаснымі маладымі літаратарамі, якія арыентаваліся на штурм бастыёнаў «нашаніўцаў-парнасцаў». У «Сумліцкай хроніцы» гэты момант апісваецца так: «У маладога і наіўнага яшчэ Максіма аднак жа хапіла сілы, каб згадзіцца з тым, што кожнаму паэту патрэбен талент, і што яшчэ невядома, ці гэты талент у яго ёсць. Такую ацэнку яго вершаў і паэм даў вядомы пісьменнік і аўтарытэт для моладзі. Як гэта часта бывае, жаданне стаць паэтам ператварылася ў Максіма ў вялікую замілаванасць да роднай літаратуры, а замілаванасць да роднай літаратуры вырасла ў яго ў высокі беларускі патрыятызм. Вядома, вызначаць глыбіню і грунтоўнасць гэтага патрыятызму трэба ў залежнасці ад узросту самога патрыёта, які тады толькі яшчэ выходзіў з падросткаў. У кожным разе, у некаторых выказваннях Максіма было тады яшчэ многа дзіцячай наіўнасці...».

Раннія апавяданні Чорнага - тыповыя для маладнякоўца замалёўкі, імпрэсіі, «вершы ў прозе». Ягоны герой - мужык-беларус, бядняк, які марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлі. Рэвалюцыя дала яму надзел, і ён пэўны час сапраўды адчуваў сябе гаспадаром уласнага лёсу. Вось чаму ён стаіць «на варце» сваіх інтарэсаў - менавіта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў «На варце» і «На граніцы» (абодва напісаны ў 1923 годзе). Акрамя гэтага, заўважаецца і асаблівая ўвага аўтара да тэмы дзяржаўнай мяжы, якая не магла ім успрымацца як справядлівая, бо раздзяліла Беларусь на дзве часткі, разарвала яе жывое цела на Захад і Ўсход. Герой Чорнага адчувае сябе на самай мяжы двух светаў: мінулага і будучыні, Заходняй Эўропы і Расеі, каталіцтва і праваслаўя. З цягам часу гэты тыповы для беларускай рэчаіснасці канфлікт зойме ў творчасці празаіка адно з цэнтральных месцаў і набудзе глыбокае філасофскае і гісторыка-псіхалагічнае гучанне. Перад героем Чорнага адкрыліся далягляды «людской маладой жыццёвай радасці», і аўтар спяшае выказаць гэты небывалы энтузіязм чалавека з дапамогай рытмізаванай, фрагментарнай прозы, з уласцівай ёй дынамікай апавядання, музычнасцю фразы, эмацыянальна-экспрэсіўнай насычанасцю слова, імпрэсіянізмам малюнкаў. Выяўна прыўзняты, амаль паэтычна-натхнёны настрой у маладых герояў апавяданняў «Будзем жыць» (1924), «На беразе» (1924), «Жалезны крык» (1924), «Максімка» (1924), «Новыя людзі» (1925), што выяўляецца ўжо ў назвах гэтых твораў. Асобныя эцюды нагадваюць своеасаблівыя верлібры, дзе аўтар балансуе на мяжы паэзіі і прозы, пачуцця і думкі, псіхалогіі і філасофіі («Восень і радасць», «Срэбра жыцця» - абодва 1925 г.). У кожным творы за пачуццём маладога захаплення жыццём, выказанага ў словах «Жыццё як радасць існавання» - своеасаблівай філасофскай формуле, крэда юнакоў і дзяўчат 20-х гадоў, заўсёды прысутнічае глыбокая думка пра чалавека, яго зямны лёс, трагедыю існавання.

Лепшыя прадстаўнікі паслярэвалюцыйнага пакалення, такія, як студэнт Алёша, герой апавядання «Бяздонне» (1925), і ў горадзе не забывалі, што выйшлі «з самага «дна» беларускага жыцця і з гэтым «дном» звязаны духоўна і фізічна» (словы Чорнага, сказаныя пра самога сябе ў «Аўтабіяграфіі» 1927 года). Чым розніцца Алёша ад такога ж студэнта Андрэя Строніна? Ды тым, што той не бачыў у сваім жыцці «ніякіх пакутных здарэнняў, над якімі трэба было б доўга думаць». Алёша, юнак, чулая душа якога развярэджана перажываннямі і думкамі пра сваіх прыціснутых клопатамі землякоў, і вучыцца дзеля таго, каб нарэшце аддзячыць гэтым простым людзям за ўсё, што ён сам мае: «...хочацца Алёшу стаць перад імі, каравымі, запыленымі, і сказаць ім аб тым, што зразумеў сам, - аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлі: што жыццё шырокае, яно само ў сабе - нават як факт ужо існавання - радаснае». Менавіта гэтыя людзі для Алёшы, за вобразам якога лёгка пазнаюцца натура і лёс самога Мікалая Раманоўскага, Кузьмы Чорнага, з'яўляюцца апошняй інстанцыяй, прысуд якой не падлягае апеляцыі. Так пісьменнік разумеў ужо ў маладыя гады сваё прызначэнне, свядома ставячы ўласную творчасць у прамую залежнасць ад «думкі народнай», не баючыся, як многія, «тыраніі большасці».

Чорнаму здавалася, што рэвалюцыя адбылася дзеля высокай мэты вызвалення чалавека, а таму панесеныя народам вялікія ахвяры маюць хоць нейкае маральнае апраўданне. Пісьменнік-гуманіст, які ўсё на свеце вымяраў мерай чалавечнасці, хутка заўважыў, як адбываецца нешта адваротнае ягоным чаканням: расчалавечванне. Размах пачуццяў ранніх чорнаўскіх герояў вялікі: аднаго ўражвае гібель малой пташкі («Восень і радасць», 1925), а другога мала цікавіць смерць жывой істоты, бо ён па прафесіі жывадзёр («Буланы», 1925), трэці і на гвалтоўную смерць людзей глядзіць з пункту погляду «гістарычнай заканамернасці», маўляў, лес сякуць - трэскі ляцяць (раман «Сястра»). Галоўнае пытанне, што не толькі цікавіла, але і мучыла Чорнага, - пытанне адносін рэвалюцыі і новай улады да гуманістычных каштоўнасцей, сярод якіх пісьменнік нязменна вылучаў хрысціянскія пачуцці справядлівасці, чуласці, спагады, шчырасці, сціпласці, сумленнасці. Гэта пытанне хвалявала і многіх сучаснікаў - А.Фадзеева і М.Шолахава, Л.Лявонава і А.Платонава, М.Гарэцкага і М.Зарэцкага, М.Булгакава і А.Мрыя, Л.Калюгу і П.Галавача... Вось чаму так пільна сачылі па першым часе творцы, пакуль яшчэ была магчымасць неяк уплываць на ход падзей мастацкім і публіцыстычным словам, за супярэчлівым працэсам сцвярджэння новых чалавечых каштоўнасцей у сацыялістычным грамадстве. Сёе-тое радавала іх, а многае засмучала, трывожыла, адчайвала. «Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маіх, - пісаў у сярэдзіне 20-х гадоў К.Чорны, - гэта пакуты чалавека на зямлі, якія ў нас яшчэ не знішчаны і за знішчэнне якіх мы ўсе цяпер змагаемся». Памыляўся ён у адным, думаючы, што ў працэсе гуманізацыі свету сапраўды свядома ўдзельнічаюць «усе». Час паказаў, і вельмі хутка, што гэта не так. Далёка не так.

У сваёй творчасці Чорны працягваў купалаўска-коласаўскую традыцыю ўвагі да жыцця і турбот «маленькага чалавека», які пасля рэвалюцыі адчуў гонар называцца беларусам, але, на жаль, ягоная радасць была кароткаю. Пісьменнік шмат разважаў над тым, чаму беларусы, якім выпала цяжкая доля жыць на скрыжаванні вялікіх дарог, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, на стагоддзі прыгнёту, здзеку і глуму над іх душою, не загінулі, выжылі насуперак акалічнасцям. «Усё перанёс беларускі селянін, - пісаў Чорны, - усякія пакуты ўведаў і ў вострыя моманты на ўсё здольны». Сваё разуменне нацыянальнага характару беларуса ён выказаў у словах: «І ў цішыні буры, і ў бурах - цішыня». Вонкавая ціхмянасць, сціпласць, цярплівасць беларускага селяніна тояць у сабе бунтоўнае непрыняцце ўсялякага здзеку і гвалту. Падзеі, у якіх прымаў удзел беларускі народ, навочна паказалі, чаго больш у ягонай душы - актыўнасці ці пасіўнасці, прагі дзейнічаць ці сузіральнасці, адчування чалавечай годнасці ці пакорлівасці.

Герой Чорнага часам выглядае дробязным і мітуслівым, успрымаючы малую з'яву як вялікую трагедыю («Начлег у вёсцы Сінегах», 1927), або, наадварот, сапраўдную драму як нявартую ўвагі падзею («Ноч пры дарозе», 1924). У час змагання «за знішчэнне прыніжанасці чалавека перад чалавекам» празаік схільны ацэньваць кожны факт такога прыніжэння як пагрозу ўсёй светабудове. Менавіта так успрымае ягоны герой звычайнае відовішча: руйнуецца стары дом, побач будуецца новы, а ён разважае аб тым, што на старых сценах засталіся сляды людскіх пакут, маленькіх радасцей і вялікіх драм («Сцены», 1926). Яго вера ў тое, што «ўсё, што было, ненастаяшчае, настаяшчае і светлае ідзе», непарушная, бо трымаецца на грунце абнаўлення жыцця, якое досыць імкліва адбывалася ў часы нэпа і «беларусізацыі». Праз усю творчасць Чорнага праходзіць вобраз трапяткога, палахлівага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашніка-мужыка, які толькі ў новы час на кароткі перыяд адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркі ён і часам непрыемна балбатлівы, таму што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная сацыяльнай сістэмай да векавечнага маўчання шматмільённая маса. Міхалка Сляпенькі («Максімка, 1924), Кірылка («Мельнікі», 1925) радыя любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часта ўсё ўжо сказана і паўторана на розныя лады. Той жа Міхалка, трапіўшы на вясковы сход (Чорны любіў паказваць людскую грамаду «агульным планам», вылучаючы асобныя каларытныя постаці), адчувае сябе так, быццам без яго «дзела не зробіцца»: «Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локці, усім замінаючы, ён стараўся ўсіх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку - «тымчасам, браткі мае». Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усіх і ўсё на свеце вымярае мераю чуласці, чалавечнасці, дабрыні, справядлівасці, хрысціянскай міласэрнасці, што з умацаваннем сталінскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскіх дачыненняў. Гэтага героя-трапетуна мы сустракаем у рамане «Сястра» (Радзівон Цівунчык), і ў рамане «Трэцяе пакаленне» (Кравец), і ў рамане «Пошукі будучыні» (Юрась Нявада, Фельчар), і ў рамане «Вялікі дзень» (Максім Астаповіч), і ў незавершанай аповесці «Скіп'еўскі лес» (Марцін Прыбыткоўскі). Ад твора да твора ўдакладняецца яго псіхалагічная характарыстыка, герой паступова перарастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасці беларусаў як нацыі. Яго біяграфія, па словах Чорнага, - «біяграфія, праз якую відаць эпоха рэвалюцыі».

Увагу Чорнага прыцягваў і вобраз маладога беларуса, які ўвасабляе новае пакаленне. Калі вобраз трапетуна ствараўся пераважна сродкамі знешняй характарыстыкі (партрэт, дзеянне, рухі, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў і дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамі апісання іхняга ўнутранага свету. Гэта зразумела, бо перад намі людзі, якія ўмеюць выказваць у словах тое, што адчуваюць, пра што думаюць, мараць, схільныя да самааналізу, рэфлексіі. Начытаныя, адукаваныя, яны адносяцца да пакалення кніжнікаў і летуценнікаў. Аднак яны выяўляюць сябе ўжо і як дзейсная сіла, якая ведае, чаго хоча і якімі шляхамі ісці да мэты. Самае цікавае ў апавяданні «Вечар» не жыццёвыя назіранні Віктара Зеніча, чулага да падзей і людзей юнака, не малюнкі гарадскога побыту, якія мы бачым ягонымі вачыма, а яго рэакцыя на вонкавыя раздражняльнікі, яго роздум над убачаным і пачутым. Жыццярадасны і бадзёры, поўны жадання перарабіць ледзь не ўвесь свет на новы лад, паводле законаў хараства, вонкавага і ўнутранага, Віктар у той жа час глыбока разумее, якое складанае чалавечае жыццё, як шмат у ім неразгаданага, колькі навокал драматычных людскіх лёсаў: «Неспакойна ўяўлялася зямля і людзі. Зямля - для людзей вялікая, ды ад людзей цесная. А людзі, не могучы цаніць ні цеснаты, ні шырыні, робяць жыццё сваё цесным... І ўяўлялася зямля і людзі на ёй. І ўсё хацелася пайсці па зямлі, ахваціць яе сабою і сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. І пачынаю адчуваць тое, чаго ты і сам можа не адчуваў...». Віктар Зеніч, герой апавядання «Хвоі гавораць», студэнт Мікалай, інжынер-таксатар Ваця Браніславец з рамана «Сястра», малады сакратар сельсавета Алесь, герой рамана «Зямля» - людзі высокага інтэлекту і вялікай адказнасці перад жыццём. Яны ўжо ведаюць, што роздум, слова і дзеянне не замінаюць адно аднаму, а, наадварот, дапамагаюць адшукаць шлях да праўды аб свеце і людзях. Малюючы моладзь, якая не задавальняецца існым і прагне пазнання, апошніх ісцін, Чорны тым самым прыўздымаў «заслону перад чалавечаю душою» і паказваў, які «вялікі і глыбокі свет там, у чалавеку»: «Дно ў чалавека заўсёды відаць. І рух увесь яго як на далоні. І загэтым вось і вядома, што там ні з чым непараўнаная тонкасць і бясконцы рух - як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае і адзінае люстэрка...».

Чым далей, тым часцей празаік звяртае ўвагу на складанасць жыцця і чалавека. За радасцю ён бачыць смутак: «Гавораць людзі, носяць радасць і смутак, смяюцца і плачуць. Б'ецца з пустаты глыбіня, з-пад смутку - радасць. Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбіня мая бяздонная» («Вечар», 1925). Адсюль - ад разумення жыцця як велічнай містэрыі - назвы твораў: «Бяздонне» (1925), «Маленькая драма» (1926), «Трагедыя майго настаўніка» (1927), «Ноч пры дарозе», «Па дарозе» (1925)... Жыццё, дзе «адно ўмірае, другое расце», дзе адно і тое ж людзі бачаць па-рознаму, захапляе чорнаўскага героя-думанніка, не толькі ўдзельніка падзей, але і іх даследчыка, філосафа. Любімая формула галоўнага героя, якая адначасова з'яўляецца і творчым крэда самога пісьменніка: «Чалавек - гэта цэлы свет». Чорны паўтарае яе ў розных варыянтах ў многіх творах 20-х гадоў. Празаіка захапляе праблема «жывога чалавека», якая бурна дыскутавалася ў тыя часы, але інтэрпрэтуе ён яе па-свойму - у пазітыўным, «жыццесцвярджальным» значэнні. Гэта ўжо крыху пазней крытыкі-вульгарызатары надалі тым паняццям негатыўнае адценне. У творчасці расейскага празаіка У.Івбнава, украінскага празаіка В.Стэфаніка, якому Чорны прысвяціў асобны артыкул, беларускі пісьменнік шукаў пацвярджэння сваім патаемным задумам. «Васіль Стэфанік, - пісаў ён, - не пісьменнік быту. Хутчэй яго льга назваць тварцом псіхалагічнае навелы. Ён не расказвае пра бытаванне сваіх герояў, ён бярэ які-небудзь момант, заўсёды характэрны і тыповы, і яго героі дзейнічаюць, гавораць... Ён падымае заслону перад чалавечаю душою і паказвае - які вялікі і глыбокі свет там, у чалавеку». Гэтую характарыстыку, амаль не ўдакладняючы, можна адрасаваць самому аўтару - паэту «змучанага вякамі сялянства», толькі ўжо беларускага, лёс якога гэтак нагадвае лёс украінскага селяніна-гарапашніка.

Свайго «жывога чалавека» Чорны супрацьстаўляе «чалавеку ў скуранцы» з яго «класавай нянавісцю». У апавяданнях празаіка 20-х гадоў перад намі людзі складанага лёсу, загадкавых характараў, каларытныя народныя тыпы. Мэта аўтара-псіхааналітыка: «непрыкметна душой увайсці ва ўсе таямніцы, што ў жывых істотах захованы, увайсці ласкава і ціха, з чыстымі думкамі і адчуваннямі». Пісьменніка цікавіць у чалавеку ўсё: як той адносіцца да жыцця і як да смерці? як у людской істоце ўзнікае пачуццё закаханасці? у чым бачыць сэнс жыцця? як адносіцца да іншых людзей? Калі ў раннім апавяданні «Жалезны крык» аўтара захапляў «жалезны душой» чалавек, які насміхаецца над «ціхімі, палявымі людзьмі», то ўжо ў апавяданні «Новыя людзі» (1925), а яшчэ больш у апавяданні «Па дарозе» такі позірк «зверху» на бліжняга яго насцярожвае. А ў апавяданні «Трагедыя майго настаўніка» расказваецца, як гіне стары чалавек, якога ўласныя дзеці гоняць з хаты, каб не замінаў жыць. Ёсць тут свой «тэарэтык», журналіст, які, азнаёміўшыся са скаргай настаўніка, лёгка вырашае пытанне: маўляў, той ужо аджыў сваё, таму павінен саступіць новаму! З аднаго боку, «агульны закон», «формула» («пастолькі паколькі»), з другога - трагедыя жывога чалавека. Чорны згодзен, што «ласкавае слова - саматужніцтва», але, калі можаш, то лепш дапамажы чалавеку. Яго насцярожвае тое, што развялося шмат «пісароў», якія за паперай не бачаць чалавека.

Творчы рост Чорнага адбываўся вельмі шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць і за сябе, і за сваіх землякоў-цімкаўцаў, і за ўсіх беларусаў, асуджаных на бязмоўе. Услед за першым зборнікам «Апавяданні» на працягу толькі 1925-1926 гадоў выйшлі яго кнігі «Па дарозе», «Срэбра жыцця», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». Малады празаік хутка пазбаўляўся «дзіцячых хвароб» пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыцці вёскі і горада, у чым ён збліжаўся з іншымі маладнякоўцамі, шлях вёў у глыбіні чалавечай душы, дзе віравалі вялікія буры пачуццяў і думак, дзе якраз і выспявалі будучыя ўчынкі. Літаратура, сцвярджаў ён, адрозніваецца ад «агіткі», бо ў яе іншая задача. Разам з сябрамі-аднадумцамі У.Дубоўкам, А.Бабарэкам, Я.Пушчам, К.Крапівой, стваральнікамі літаратурнай суполкі «Узвышша», такімі ж, як сам, маладымі і дзёрзкімі, К.Чорны падпісаў дэкларацыю, надрукаваную ў першым нумары часопіса «Узвышша», дзе быў заклік пісаць творы, якія «ўбачаць вякі і народы». Ці не залішне гучна? Эпахальна? Вялікі замах пры небагатых на той час магчымасцях? Так здавалася многім, і «Узвышша» ад пачатку трапіла пад асабліва пільны нагляд крытыкаў-«аглабельшчыкаў», якія спавядалі сваё разуменне літаратуры як прапаганды партыйных ідэй «у вобразнай форме». Тым не менш большасць надрукаванага ва «Узвышцы» за няпоўныя 5 гадоў яго існавання перажыло час. Многія мастацкія шэдэўры «ўзвышаўцаў» прадказвалі далейшы ход падзей у краіне. Народ, які абуджаўся, павінен быў вылучыць са свайго асяроддзя таленты эўрапейскага маштабу, і ён іх вылучыў.

Як сведчыць гісторыя савецкай літаратуры 20-х гадоў, тое, пра што пісалі, аб чым папярэджвалі лепшыя тагачасныя пісьменнікі, было надзвычай своечасовым. Захоплены ідэямі «культурнай рэвалюцыі», паверыўшы ў тое, што гэта не проста чарговая палітычная кампанія, а жыццёвая патрэба, Чорны раскрываў праграму барацьбы «за літаратурны сталічны Менск, супраць Менска - як губернскай правінцыі, з кансерватарскімі поглядамі на літаратуру і традыцыямі губернскага маштабу». Ён адвяргаў тых, хто, у адпаведнасці з кан'юнктурай, лічыў, што «літаратура ёсць зброя класавага змагання», і не мог «адрозніць канцылярскую інструкцыю ад мастацкага твора» («некаторыя асобы ў Менску»). У лепшых сваіх творах празаік імкнуўся выявіць гуманістычны патэнцыял беларускага сялянства і інтэлігенцыі, бо надышла апошняя праверка новай улады і новай ідэалогіі - праверка іх адносінамі да чалавека як непаўторнай асобы. З твора ў твор не стамляўся ён паўтараць: жыццё само па сабе, безадносна да «ідэі», радаснае; свет складаны («і смяецца, і маўчыць, і плача, і пакутуе, і цешыцца зямля»); душа чалавека поўная супярэчнасцей («і ў цішыні буры, і ў бурах - цішыня»); ніхто не мае права лезці ў чужую душу («напоўніся вялікай пашанай... насі ў сабе вастрату хараства»). Жорсткасць грамадзянскай вайны, перанесеная ў мірны час, небяспечная сваімі непрадказальнымі, катастрафічнымі вынікамі. Творы Чорнага вылучаюцца балюча-страснай пастаноўкай праблемы «чалавек і свет», трансфармаванай у новы час у праблему «чалавек і рэвалюцыя». Празаік пільна ўглядаўся ў стыхію, абуджаную падзеямі, намагаўся ўгадаць будучыню. Яго абвінавачвалі ў «дастаеўшчыне», «змадэрнізаванай андрэеўшчыне», а ён адчуваў, што без дакладнай ацэнкі сітуацыі ісці наперад небяспечна: занадта шмат з'явілася людзей, для якіх няма ў свеце нічога «ні вышэйшага, ні ніжэйшага», на ўсё гатовых. Шукаючы адказу на няпростыя пытанні, Чорны прагнуў ведаць усю праўду пра чалавека, які ён ёсць і якім можа быць, калі трапіць у надзвычайныя акалічнасці: «Тады, пачуўшы аб сабе праўду, чалавек, можа, хутчэй адкінуў бы ад сябе ўсё паскудства, што ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў і, будучы часам нават малым, псуе вялікае хараство чалавека».

Эстэтычныя катэгорыі «хараства» і «паскудства» выяўляліся Чорным на канкрэтным матэрыяле жыцця беларускай вёскі і горада, калі пад націскам спрошчаных класавых ацэнак падміналіся агульначалавечыя каштоўнасці. «Ён жа чалавечай душы не прызнае!» - жахаецца стары Радзівон Цівунчык, «слаўны чалавечнасцю» герой рамана «Сястра», калі сустракаецца з чэрствасцю тых, хто «рабіў рэвалюцыю». А героя наступнага рамана «Зямля» старога Тамаша больш за ўсё хвалюе тое, што «чалавек ад чалавека далёка». У саміх назвах гэтых першых буйных твораў Чорнага заключаецца асаблівы філасофскі сэнс. Менавіта ў Мані Ірмалевіч бачаць героі сваю сястру - у евангельскім разуменні слова: увасабленне душэўнасці, жаноцкасці, спагадлівасці, хараства («Сястра»). Маня вабіць да сябе такія супрацьлегласці, як Абрам Ватасон, былы камісар, які ў часы нэпа стаў цырульнікам, але не страціў сваёй класавай пільнасці, Казімір Ірмалевіч, хірург, для якога чалавек - недасканалая істота, бо часта хварэе і патрабуе ўрачэбнага ўмяшальніцтва. Вось чаму ёй бліжэй няўрымслівы Ваця Браніславец, які ніяк не адшукае сваё месца ў жыцці, «сістэму духовых паводзін», увесь час спрачаецца з нейкім «членам ці сакратаром», з ягонай канцэпцыяй «чалавека-шрубкі». «Сухія, сухія вы вельмі ўсе. Жывое душы больш патрэбна чалавеку», - кідае папрок Маня тым, хто зачарствеў у «класавых баях». Паняцце «зямля» таксама займае асаблівае месца ў сістэме поглядаў селяніна-беларуса на свет («Зямля»). Усе гаворкі герояў рамана адбываюцца вакол «зямельнага пытання», а заезджы каморнік - адна з цэнтральных фігур вёскі. Аднак «зямля» асэнсоўваецца Чорным у філасофска-паэтычным плане як месца, дзе дзеецца містэрыя чалавечага жыцця - ад нараджэння і да смерці. Твор завяршаецца перапіскай закаханых маладых герояў, каморніка Андрэя і вясковай дзяўчыны Ганны, якія збіраюцца пабрацца, стварыць новую сям'ю, жыццё, дзе не будзе дробязных згрызот і непаразуменняў, што прыніжаюць чалавека як істоту найперш духоўную, надзеленую неўміручай душою.

Для перабольшвання праніклівасці Чорнага няма падстаў. Ён быў сынам свайго часу і не бачыў сапраўдных прычын духоўнай катастрофы, хоць многае чуў душою. Да ўсяго, ён, таленавіты мастак слова, выдатна засвоіў урокі сусветнай класікі, помніў, як грунтоўна вывучалі свет А.Бальзак і Э.Заля, на каго заклікаў у пачатку 30-х гадоў раўняцца, якім быў узровень маральнасці ў творах Л.Талстога і Ф.Дастаеўскага. Нездарма крытыка 30-х гадоў параўноўвала задуманую празаікам серыю раманаў пра гісторыю беларусаў «ад паншчыны і да нашых дзён» з «Чалавечай камедыяй» Бальзака. Як сапраўдны мастак-філосаф, псіхолаг, гісторык Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краінай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькі разумных і нармальных людзей, не толькі не адступае, але і часам святкуе перамогу над справядлівасцю, чалавечнасцю, чысцінёй, красой?! Можа, таму, што зло ірацыянальнае і чалавечая падсвядомасць нараджае яго зноў і зноў...

Менавіта псіхалогія, падсвядомае ў чалавеку, нават біялагічнае зацікавіла Чорнага ў аповесці «Лявон Бушмар» (1929), напісанай у той гістарычны момант, калі ідэі ўласніцтва ў Савецкім Саюзе аб'явілі «апошні і рашучы бой» і пачаўся наступ на яе натуральнае асяроддзе, «дробнабуржуазную стыхію». У Беларусі гэту стыхію найперш увасабляла сялянства, вёска, хутаранская сістэма, якая там-сям ужо ўсталявалася. Лясны хутар Лявона Бушмара - апошні астравок, што сімвалізуе непарушнасць векавечнага побыту мужыка, земляроба, «сейбіта і карміцеля». Сам гаспадар хутара, магутны, нібы стогадовы дуб, з'яўляецца ахоўнікам інстытута ўласніцтва: вобраз, намаляваны рукой мастака, што ўжо адчуў, у чым яго моц. Лявон упэўнены ў сваёй гістарычнай неабходнасці і праваце, а таму з усяе сілы, якою ён не абдзелены матухнай-прыродаю, абараняе сваю цытадэль. Ён нутром звера, загнанага ў аблогу, чуе наступ «новага свету» і адбіваецца, як умее, наіўна, амаль па-дзіцячы (у тэксце частае параўнанне яго з дзіцем). Імкненне адгарадзіцца ад усяго свету, засланіцца на хутары лесам і адлегласцю, інстынктыўнае, прадыктаванае пачуццём слабасці. Магутная постаць Лявона Бушмара, што ўнушае ўсяму наваколлю страх і вымушаную павагу, адзінока ўзвышаецца, быццам апошні рэлікт мінулай эпохі. Ён і свайго натуральнага саюзніка, такога ж абаронцу ўласнасці, Вінцэнтага не падпускае блізка, а калі той, па натуры больш эластычны, хітры і хцівы, усё ж неасцярожна пераступае мяжу хутара, па сутнасці, зводзіць яго са свету. У вобразе, натуры, ладзе жыцця Лявона празаік бачыць з'яву, якая атрымлівае ў творы абагуленую назву «бушмароўшчына»: яна сімвалізуе «цёмнае» ў чалавечай істоце, не асветленае розумам, што ўяўляе сабой немалую небяспеку. Бушмар супрацьстаіць маладым «калектывізатарам»: яны ў аповесці выглядаюць досыць кволымі, калі параўноўваць іх з вобразам галоўнага героя.

Вульгарная крытыка канца 20-х - пачатку 30-х гадоў папракала Чорнага ў апраўданні «кулака», «хутаранскіх настроях», «апяванні кулацкіх інстынктаў», а таксама ў «біялагізме», запазычаным у французскіх пісьменнікаў-натуралістаў. «Пра адну рэакцыйную аповесць», - менавіта так, а не інакш, называўся пагромны артыкул А.Кучара, прысвечаны «разбору» чорнаўскага «Лявона Бушмара». Нягледзячы на фінал, дзе Лявона «ізалююць» ад калектыву, арыштоўваюць і высылаюць («другая гісторыя перад намі»), у творы прысутнічае гуманістычны погляд аўтара на людзей, ахопленых «уласніцкім індывідуалізмам»: «Чалавеку цяжка перарабіцца адразу...» - так сцвярджае празаік, бо разумее складанасць чалавечай псіхалогіі. Думка пра выхаванне «новага чалавека», узнятая афіцыйнай прапагандай як лозунг эпохі, цікавіла Чорнага і ў іншых яго творах 30-х гадоў, незавершаных («Ідзі, ідзі», 1930; «Трыццаць год», 1934) і завершаных («Бацькаўшчына», 1931; «Трэцяе пакаленне», 1935; «Люба Лук'янская», 1936; «Насцечка», 1940). Прыкметна, што ў пісьменніка свой погляд на чалавека, які не заўсёды супадаў з афіцыйным разуменнем гісторыі, хоць супрацьстаяць агульнай тэндэнцыі да прыхарошвання жыцця было складана: улада, быццам ненажэрная пачвара, патрабавала пастаяннага пацвярджэння лаяльнасці.

Калі ў мастацкіх творах яшчэ захоўвалася мінімальная магчымасць паказваць аб'ектыўную карціну жыцця, то ў публіцыстыцы, дзе думкі і ідэі выказваліся адкрыта, прамой моваю, даводзілася шчодра выкарыстоўваць афіцыйную рыторыку, якой шмат у тагачасных артыкулах Чорнага. У адных з іх аўтар выкрывае «нацдэмаўшчыну», пацвельваецца з «нацдэмаўскай» лексікі, сентыментальнасць якой нібыта не адпавядае часу «класавага змагання» («нацдэмаўскі стылёк»), у другіх выступае за «наркомаўку», у трэціх з прыкметна гіпертрафіраванымі пачуццямі ўслаўляе «правадыра ўсіх народаў» Сталіна і яго «верных паплечнікаў». Чорнаўскага вельмі мала ў падобных славаслоўях, што лёгка заўважаецца сёння.

Аднак і ў неспрыяльны для вольнай творчасці перыяд 30-х гадоў Чорны не пакідаў спроб уздымаць у сваіх творах праблемы, якія заўсёды хвалявалі беларусаў. Так, героі рамана «Ідзі, ідзі», прадстаўнікі творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі, горача абмяркоўваюць пытанне пра месца нацыянальнага ў працэсе «вялікай перабудовы» грамадства: раман нараджаўся ў той час, калі «нацыянальная эліта», за выключэннем адзінак, была выслана за межы Беларусі, а пазней амаль цалкам знішчана. Таму твор застаўся незавершаным. Шырокі спектр нацыянальнай праблематыкі ў наступным рамане «Бацькаўшчына» звузіўся да адной, але сапраўды важнай у жыцці нацыі, праблемы - праблемы Бацькаўшчыны. Пошукі Радзімы Леапольдам Гушкам, галоўным героем твора, - пошукі сваёй зямлі, палкая мара пра ўласны куток, дзе гэты вялікі працаўнік адчуваў бы сябе свабодным і незалежным, пазбыўся б сваёй адвечнай трапятлівасці, няўпэўненасці ў сабе. Гушка шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то нават у прыстава, пакуль не пераконваецца на ўласным прыкладзе, што яго «беларуская мара» не знаходзіць водгуку ў чужой улады. Яго фанатычная вера ў магчымасць нармальнага існавання ва ўмовах беззямелля і бяспраўя ператвараецца ў такой жа сілы расчараванне. У фінале рамана перад намі іншы Леапольд Гушка: моцны, загартаваны, валявы. Герой, паводле логікі сюжэта, адшукаў сваю «праўду», хоць Чорны заўсёды любіў «адкрытыя фіналы», бо яны выяўлялі погляд пісьменніка на чалавека як вечнага шукальніка ісціны.

Раман «Бацькаўшчына» Чорны бачыў у сістэме іншых сваіх буйных твораў пра гісторыю беларусаў у ХХ ст. Падзеі сучаснасці празаік асэнсоўваў на фоне Вялікага Часу, прагрэсу чалавецтва, якое на працягу стагоддзяў выпрабоўвала, сцвярджала і абвяргала мноства розных ідэй грамадскага ўладкавання. У рамане «Трэцяе пакаленне», шырокавядомым у 30-я гады савецкаму чытачу (твор выдаваўся штогод на розных мовах былога Савецкага Саюза), празаіка захапіла праблема ўласнасці як грамадскага інстытута, што займае такое вялікае месца ў жыцці. Свае гуманістычныя погляды на беларуса, якім ён быў у ХХ ст., аўтар падае ў захапляючай форме дэтэктыва, дзе сваё месца мае інтрыга, загадка, следчы пошук (аграбленне банка, забойства, пераслед, допыт, суд, пакаранне). Чорны ўвесь свой праведны гнеў скіроўвае супраць уласніка, які ў пагоні за багаццем занядбаў у сабе ўсё чалавечае, тым самым аўтар стварае вобраз фенаменальнага злачынцы, кулака Скуратовіча, увасабленне «філасофіі нянавісці»: чалавек чалавеку воўк... Уласніцтва ў сваім крайнім выражэнні, калі цана грошай і золата пераважае цану чалавечай асобы, сапраўды калечыць дзяцей, такіх, як падлетак Міхалка Тварыцкі, дэфармуе іх псіхіку, вядзе да духоўнай дэградацыі. У страсным маналогу «кулака» Скуратовіча, акрамя недаверу да ўсіх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блізкі апакаліпсіс, калі дзеці, «трэцяе пакаленне», будуць бадзяцца беспрытульнымі па ваенных дарогах. Міхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень. Іншы шлях выбірае Зося, яго будучая жонка, якая, у сваю чаргу, паверыла ў «праўду» чырвонаармейца Назарэўскага, захопленага ідэяй «канкрэтнага і страшнага выкарчоўвання эксплуататарскага і нявольніцкага з душы», і ўзялася за «выкарчоўванне» носьбітаў «радзімых плямаў» капіталізму, пачаўшы з уласнага мужа. Фармальна перамагае Назарэўскі, але ў мастацкім плане больш пераканаўчай уяўляецца пазіцыя Тварыцкага, які ахвяруе сабой, каб уратаваць сваю дачку Славу ад будучых трагедый, хоць і разумее гэты паратунак па-свойму. Гэтага вострага прадчування блізкай трагедыі няма ў камуніста Назарэўскага і ў Зосі: яны аднабаковыя і павярхоўныя ў сваім пафасным услаўленні «новага чалавека». Так, «новы», перавыхаваны Кравец, той самы чорнаўскі «трапятун», страціў сваю непаўторнасць, набыўшы хіба толькі нязвыклую для яго маўклівасць і спакой, больш падобныя на абыякавасць да людзей і жыцця. Непазнавальнай у другой частцы рамана становіцца і мова, набыўшы нетыповую для Чорнага сухасць і афіцыйнасць, як і ўсякая савецкая «наркомаўка».

Для творчасці Чорнага характэрна, што свае думкі ён развівае і ўдакладняе ў наступных палотнах. У аповесці «Люба Лук'янская», у драме «Ірынка» (1941), у творах для дзяцей, напісаных у другой палове 30-х гадоў, заўважаецца змякчэнне рыгарыстычнай пазіцыі празаіка, які зразумеў, што яго героі жывуць у жорсткі час і ў сваіх драмах невінаваты. Так, у драме «Ірынка», напісанай пасля ўз'яднання Беларусі ў 1939 годзе, выразна гучыць думка, што «чалавек - стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае і злое», і што жыццё трымаецца не на «здаровым розуме» прыгнятальніка, а на «чыстай, чалавечай, літасцівай, міласэрнай, ласкавай праўдзе». Па сутнасці, Чорны, насуперак афіцыйнай прапагандзе «класавай нянавісці», недаверу і падазронасці, сцвярджаў хрысціянскую мараль, адвергнутую «новым светам». У апавяданні «Макаркавых Волька», напісаным у 1938 годзе, у самы разгар рэпрэсій, празаік паказаў атмасферу, у якой квітнела даносчыцтва: «кааператар» Сафрон Дзядзюля літаральна віжуе, не дае жыцця маладой дзяўчыне Вольцы Макаркавых, помсцячы ёй за ўсё на свеце і за ўласныя няўдачы.

Восем месяцаў, з кастрычніка 1938 па чэрвень 1939 года, праведзеныя Чорным у яжоўскай турме, надламалі яго здароўе і ў адначассе змянілі адносіны да людзей. У гады вайны Чорны зноў і зноў паўтараў сваю магічную формулу 20-х гадоў: «Чалавек - гэта цэлы свет».

У першыя дні вайны з фашызмам пісьменнік разам з сям'ёй (жонкай і дачкой) пешшу пайшоў на ўсход. У Крычаве ён уступіў у рады Чырвонай Арміі, але праз некалькі дзён быў адкліканы ў групу друку і стаў супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». З другой паловы студзеня 1942 года Чорны жыве ў Маскве, займае з сям'ёй невялічкі нумар у гатэлі «Якар», дзе ў той час знаходзіліся многія эвакуіраваныя беларускія пісьменнікі. Ён увесь час марыў пра хуткае вяртанне на Радзіму, у Менск, уяўляў, як вернецца ў родныя Цімкавічы, у бацькоўскую хату (калі толькі яна не згарэла ў вайну), адпачне душой і целам ад перажытых хвароб і нягод, здзейсніць нарэшце ўсё задуманае, пачатае і незавершанае.

За тры з паловай ваенныя гады К.Чорны, цяжка хворы (амаль паўгода кепска бачыў, балела сэрца, ацякалі да калень ногі), паўгалодны, перагружаны тэрміновай працай у журналістыцы («на хлеб надзённы»), напісаў каля паўсотні публіцыстычных артыкулаў, выступленняў, фельетонаў, падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца», напісаў тры раманы, задумаў і часткова ажыццявіў каля дзесятка іншых эпічных твораў. У гэты ж час ён рабіў кароткія, але надзвычай ёмістыя ў філасофскім сэнсе дзённікавыя запісы, дзе называў рэчы сваімі імёнамі, на поўны голас гаварыў пра трагедыю, якая спасцігла беларусаў у савецкія часы, называў некаторыя прозвішчы канкрэтных віноўнікаў многіх людскіх драм. Самы апошні запіс, зроблены за паўгадзіны да смерці, гучыць як малітва (К.Чорны памёр 22 лістапада 1944 года): «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца ці што?..».

Падзеі другой сусветнай вайны Чорны ўспрымаў як новы этап у трагічнай гісторыі народа. Нездарма адзін з раманаў ён назваў «Вялікі дзень», а сярод варыянтаў значылася і іншая назва: «Судны дзень». Пісьменнік разумеў: у вайне вырашаецца лёс нацыі і ўсяго чалавецтва. Менавіта таму яго захапляла задума стварыць «раман вынікаў», дзе падводзіліся б падрахункі вялікай гісторыі беларусаў. Ужо ў апавяданнях ваеннага часу «Бацька», «Маленькая жанчына», «Аксініны сляды» (усе 1942), «Прасторны дом», «Вялікае сэрца» (абодва 1944) узнаўляюцца не толькі асобныя эпізоды вайны, але і даецца філасофскае падсумаванне маральных вынікаў, да якіх прыйшло чалавецтва. Чорнага ўразіла карціна адступлення, разбурэння, гібелі мноства людзей, у якой ён убачыў выразныя абрысы апакаліпсіса. Яго героі, простыя беларускія людзі, як біблейскі Іоў (вобраз якога ён згадваў у адным з раманаў), поўняцца велізарнай цярплівасцю, мужна прымаюць свой лёс, застаючыся ў экстрэмальных умовах самі сабою, вернымі чалавечай прыродзе.

У творах Чорнага ваенных гадоў на ўсю моц загучалі гуманістычныя ідэі, занядбаныя ў часы сталіншчыны. Ствараючы вобразы сялян і інтэлігентаў, вясковых мудрацоў, самабытных філосафаў, дзівакоў, праўдашукальнікаў (а менавіта на іх трымаецца цікаўнасць чытача нават незавершаных твораў, фрагментаў і ўрыўкаў), празаік думаў пра тое адвечнае і сапраўднае, чым жыў і жыве народ. Гэта быў унікальны ў нашай літаратуры выпадак, калі пісьменнік ішоў паралельна, а то і апярэджваў у мастацкім асэнсаванні ХХ ст. сваіх замежных калег, пра многіх з якіх ён нічога не чуў і не ведаў (А.Камю, Т.Ман, І.Андрыч). Асобныя старонкі чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкі, думкі ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як «успамін пра будучыню».

Усведамленне асабістай адказнасці за лёс жыцця на Зямлі вызначае пачуцці і думкі герояў рамана «Пошукі будучыні». Аўтар называе іх, жыхароў мястэчка Сумлічы, сумлічанамі - ад слова «сумленне». Гэта людзі «з праўдай у сэрцы і розумам у галаве». Вясёлы, гаваркі, чулы да жыцця Фельчар не мае нават імя: доктар, лекар, ён знаецца на спосабах ратунку і ад фізічных траўмаў, і ад душэўнага болю. Ён бязмежна верыць у светлы пачатак у чалавеку, у тое, што зробленае дабро вяртаецца стакроць больш моцным, адгукаючыся ў будучыні. Чорны бачыць сваіх герояў на шырокім фоне беларускай і сусветнай гісторыі, разумеючы, што за ваенным подзвігам «ціхага чалавека» стаіць усё яго ранейшае жыццё. У першай частцы рамана апавядаецца пра Вялікага Злодзея, які прымушае згадваць творы Ф.Дастаеўскага, аднаго з самых любімых чорнаўскіх пісьменнікаў: сусветны мілітарызм, грамадства, пабудаванае на нянавісці, развязалі вайну і «ўкралі» ў бацькоў маленства іх дзяцей. Асірацелі Кастусь Лукашэвіч, «выгнанец з-пад Вільні», і Волечка Нявада, якая чакае не дачакаецца звароту бацькі з вайны. Вайна прымусіла гэтых герояў стаць дарослымі раней часу, а бязлітасная неабходнасць вымушае разам шукаць паратунак, стаць «вялікімі змоўшчыкамі». «Дзеці прыроды», яны выклікаюць замілаванне сваім даверам, жаданнем рабіць дабро, ахвяраваць апошнім, абы ў свеце надышло замірэнне, настаў лад. Разам з іншымі сумлічанамі, «быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмічнай катастрофы», Кастусь і Волечка ратуюць немца Шрэдэра: дабро павінна адгукацца дабром. Так шукаюць і выбіраюць беларускія дзеці, «трэцяе пакаленне», будучыню. Якою яна стала, пра гэта апавядаецца ў другой частцы рамана.

У рамане «Вялікі дзень» Чорны разгортвае панараму глабальнага сутыкнення Дабра і Зла. Дзея адбываецца ў Беларусі, якая ўспрымаецца аўтарам як гістарычная арэна, на якой сутыкаюцца супрацьлеглыя сілы. У першай частцы «Пошукі роднай зямлі» ставіцца праблема, што адвеку хвалявала беларусаў. Бацькаўшчына, родная зямля, свой кут - пытанне пытанняў для беларусаў, боль іх душы, незагойная рана. Адны («кулак» Блецька, пан Гальвас, «тэарэтык» расізму Тоўхарт) лічылі «роднай» толькі тую зямлю, якая з'яўляецца іх уласнасцю, другія (сяляне-земляробы Максім Астаповіч, Уладзімір Вялічка) перакананыя: Радзіма - паняцце не толькі фізічнае, але і духоўнае, яно ўключае ў сябе замілаванне да прыроды, любоў да працы на сваёй зямлі, чуласць да бліжняга, каханне да любай жанчыны, адданасць звычаям продкаў і родным магілам. Другая частка «Спусташэнне» ўпершыню ў беларускай літаратуры ўзнаўляе трагедыю народа: масавае знішчэнне мірнага насельніцтва, карніцкія акцыі фашыстаў, генацыд і этнацыд. Максім Астаповіч паўтарае ў сваім лёсе перажытае беларусамі на працягу ХХ ст.: здольны «змяніць аблічча ўсёй мясцовасці», ён адвеку працуе на іншых, будуе сабе дом, але вайна руйнуе гэты дом, і гэтак паўтараецца тройчы. Яго вера ў будучыню грунтуецца на ведах, што слушнасць мае толькі сумленная праца, праўда, дабро, хараство. Чорны не шкадуе сваім героям (Максіму Астаповічу, Уладзіміру Вялічку, Антону Цвірку) самых высокіх ацэнак: «усеабдымная чалавечая асоба», «вялікая душа, што змяшчала ў сабе ўвесь свет». Глыбокае замілаванне да Радзімы натуральна перарастае ў такой жа сілы нянавісць да акупантаў і іх памагатых (Гальвас, Тоўхарт, Блецька), якімі кіруе халодны разлік, бяздушны эгаізм, пагарда да людзей, прапаведнікаў нацысцкага «сімвалу веры», «новых прынцыпаў», ідэі «звышчалавека». Вобраз Генрыха Тоўхарта, які спавядае «новае евангелле» і марыць паставіць «жалезны п'едэстал над усім светам», з'яўляецца наватарскім адкрыццём Кузьмы Чорнага, зробленым ім задоўга да Нюрнберга.

Творчая задума рамана «Млечны шлях» (1944) сфармулявана пісьменнікам: «беларускі чалавек сярод сваіх эўрапейскіх суседзяў». З першых старонак гэтага невялікага па аб'ёме, але ёмістага па змесце твора малюецца панарама спаленай, знявечанай Беларусі. На папялішчы некалі квітнеючай краіны сутыкаюцца «апошнія з людзей»: чырвонаармеец Уладзімір Ярмаліцкі, які ўцёк з нямецкага палону, каб дапасці нарэшце да сваёй любай Случчыны, чэх Эдвард Новак, дэзерцір, паляк Люцыян Акаловіч, які марыць аб «вялікай Польшчы», немцы - «таўсматы» і «стары», беларусы Мікалай Сямага, навуковец, яго дачка Гануся. Недавер, варожасць, стоеная нянавісць, якія запанавалі ў свеце, дзе бушуе вайна, вярнулі гэтых людзей да першабытнага стану, «распрануўшы» іх духоўна, вывернуўшы «на левы бок» іх душы. Пасля перанесеных пакут, голаду, страху яны, аднак, маюць патрэбу паспавядацца перад дзяўчом-падлеткам, маленькай беларускай Мадоннай, якую героі бачаць у Ганусі. Па выглядзе, па манеры гаварыць, па паводзінах чытач лёгка здагадваецца, хто ёсць хто, якую «філасофію жыцця» спавядае. Але душа, патаемныя лятункі выяўляюцца ў адкрытых маналогах гэтых герояў.

У цэнтры аўтарскай увагі - вобраз Уладзіміра Ярмаліцкага, уражлівага юнака, інтэлігента, які ніяк не можа вызваліцца ад убачанага ў канцлагеры, бо гэта, у яго вачах, увасабленне магчымай будучыні ўсяго чалавецтва. Яго душэўная чуласць, высокая духоўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасці ад лёсу ягонага народа, які мацней, чым хто з эўрапейскіх суседзяў, адчуў цень апакаліпсіса: «Я ўжо думаў, што буду навекі без роду і без радзімы, без волі і без сваіх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць і вырвуць з душы». Нацыянальная прыналежнасць героя выяўляецца ў яго адносінах да бліжняга: ён, бадай, адзіны ў кампаніі, хто чула рэагуе на ўсякую маральную нечысціню, зло, варожасць, недалікацтва. Але наймацней яго душа выказвае сябе ў бурным і працяглым маналогу-споведзі, з якім Ярмаліцкі звяртаецца да Ганусі. Ён згадвае свой жахлівы сон-фантасмагорыю, антыутопію, дзе выявіўся глыбокі сэнс падзей ХХ стагоддзя. Жыццёвая логіка вядзе яго, па натуры ціхага, спакойнага сумленніка, думанніка да высновы, якой ён працівіцца: сіле трэба супрацьставіць сілу, акупанта трэба гнаць з роднай зямлі з дапамогай зброі. Сваю «філасофію дзеяння» Ярмаліцкі выказвае ў словах: «Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, які толькі хоць дзе на зямлі радзіўся на свет. І чорнае пракляцце таму, хто паліць і разбурае!». Раман завяршаецца стрэлам з вінтоўкі ў ворага, якім уяўляецца герою нямецкі акупант.

К.Чорны ў гады вайны выношваў маштабныя творчыя задумы. Разумеючы, што здзейсніць іх ён ужо не можа, пісьменнік канспектыўна абазначыў свае ідэі ў «Дзённіку», у незавершаных творах, планах, накідах. У аповесці «Заўтрашні дзень» (1944) ён адкрыта гаворыць пра дачыненні паміж людзьмі ў перадваенны час, калі ў краіне ўсталявалася сталінская дыктатура і яе апарат нагляду і здзеку. Гэта, бадай, адзіны выпадак мужнага выяўлення гуманістычнай пазіцыі пісьменніка на ўвесь былы Савецкі Саюз. Пісьменнік, не баючыся помсты з боку карных органаў, сказаў усё, што думаў пра злачынны рэжым «дурняў і брахуноў», даносчыкаў, віжоў, карнікаў, які нішчыў нацыянальную культуру, растаптаў мільёны чалавечых надзей, светлых дум, лепшых лятункаў. Кузьма Чорны ў сваіх творчых памкненнях і развагах знаходзіўся на сучасным яму эўрапейскім узроўні і адпавядаў самым высокім патрабаванням эпохі. Ці не пра гэты сусветны мастацкі ўзровень марыў ён некалі ў пачатку сваёй творчасці, марыў разам з сябрамі-аднадумцамі «ўзвышаўцамі»!

Уласнай творчасцю Чорны засведчыў, што на самай справе існуе беларуская літаратура, беларускі стыль, беларуская жанравасць, багатая літаратурная мова, на якой льга выказаць тое, што яшчэ не выказалі пісьменнікі-гуманісты на іншых мовах свету. Выдатны майстар слова падрыхтаваў глебу для прыходу і плённай працы таго самага «трэцяга пакалення», пра якое так шмат думаў і дбаў.

 

* * *

 

Кожны сапраўдны пісьменнік марыць пра сваю Галоўную Кнігу, у якой змог бы выказацца напоўніцу. Кузьма Чорны знаходзіўся на падыходзе да гэтай кнігі. Бо што такое для празаіка, тым больш эпічнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Між тым менавіта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею «Вайна і мір», а Джэймс Джойс апублікаваў раман «Уліс». Рукапісы апошніх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаік стаяў на парозе самых вялікіх сваіх мастацкіх і філасофскіх адкрыццяў.

Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класікам нацыянальнай літаратуры і тады, калі б лічыўся аўтарам толькі рамана «Зямля» альбо «Бацькаўшчына». Тым не менш і ў яго ёсць мастацкія творы, у якіх талент пісьменніка выявіўся асабліва ўражліва і глыбока, выявіўся ў сваёй «рэальнай шматграннасці і філасофскім адзінстве», калі карыстацца ў дадзеным выпадку словамі самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця чорнаўскай творчасці мы паспрабавалі зрабіць пэўны адбор - гэта апавяданні, аповесці, раманы, дзённік, асобныя артыкулы розных перыядаў, якія і сёння гучаць надзвычай надзённа, а ў сукупнасці ствараюць стэрэаскапічны творчы партрэт выдатнага празаіка.

Аўтографы празаіка захоўваюцца ў сямейным архіве пісьменніка, а таксама ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (ДАМЛіМ, ф. 52. Страхавыя мікрафільмы. воп. 1, адз. зах. 1-76).

Асноўнай тэксталагічнай крыніцай пры складанні аднатомніка паслужыў найбольш поўны і найбольш дакладна вывераны Збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-і тамах (1972-1975). Што да «Дзённіка» празаіка, то ён публікуецца па часопісе «Полымя» (1988, № 4), дзе ўпершыню прадстаўлены ў аўтэнтычным выглядзе.

Каментар да яго склалі М.Тычына і Я.Янушкевіч; да астатніх раздзелаў - М.Тычына.

У каментарнай частцы дзённіка выкарыстаны заўвагі і парады Янкі Брыля, Валянціны Гапавай, Генадзя Кісялёва, Арсена Ліса, Уладзіміра Ляхоўскага, Рыгора Рэлеса, Анатоля Сабалеўскага, Фрыды Фінкель.


1999?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000
Крыніца: скан