epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Тычына

Пад знакам Быкава

Будуць часам ідалы раструшчаны,

Свет разумны стоміцца ад крыкаў.

Васільком у жыце Беларушчыны

Назаўсёды застанецца Быкаў!

Рыгор Барадулін

 

Больш за сорак гадоў мы жылі па хранометру Васіля Быкава. Ягоныя аповесці з'яўляліся ў друку з дзівоснаю рэгулярнасцю, якая нагадвае звышдакладную працу астранамічнага гадзінніка. Што ляжыць у аснове гэтае працы? Талент? Самадысцыпліна? Сумленне, «абсалютна нязменнае, - паводле слоў Эрнеста Хемінгуэя, - як метр-эталон у Парыжы»? Мусібыць, і тое, і другое, і трэцяе разам. А яшчэ нешта ўласна быкаўскае - адчуванне сябе ў гісторыі і гісторыі ў сабе. Яго творы, у тым ліку і творы апошніх гадоў жыцця, былі надзвычай своечасовыя, чаканыя.

Праўда, інакш кажучы, абсалютная ісціна, убачаная вачыма асобнага чалавека, - самае змястоўнае паняцце ў творчасці В.Быкава. Найперш гэта праўда пра Вялікую Айчынную вайну, з адкрыцця якой і пачынаў пісьменнік. «Гаварыць няпраўду аб ёй, - сцвярджаў Быкаў, - не толькі амаральна, але і злачынна як у адносінах да мільёнаў яе ахвяр, так і ў адносінах да будучыні. Людзі Зямлі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся і якой цаной дасталося ім гэтае збавенне».

У векавечнай спрэчцы мяча і духу сіла заўсёды належала мячу. Аднак канчатковая перамога ўсё ж была на баку духу. Гэты феномен нашага чароўнага і такога неўладкаванага свету, кажуць, здзіўляў самога Напалеона, аднаго з апошніх рамантыкаў вайны. Між тым тлумачэнне ляжыць на паверхні. Меч, узняты дзеля таго, каб забіваць, і меч, з якім прыйшоў у свет Ісус Хрыстос, каб караць, маюць супрацьлеглыя мэты.

Беларусы гэта зразумелі адны з першых. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі, якія мінулі з часу прыняцця хрысціянства, навучылі наш народ, што браць у свае рукі зброю не грэх, калі праўда на нашым баку. Беларусы занадта дорага заплацілі за гэтыя веды, каб так лёгка здрадзіць у часы ліхалецця сваім перакананням. Народ, які змагаецца, ненавідзячы вайну, забівае, не прымаючы забойства, ахвяруе сабой, любячы жыццё, такі народ варты павагі. Ён, прынамсі, ведае, што дзеля таго, каб перакаваць мячы на аралы, трэба напачатку хоць бы мець гэтыя мячы.

Фёдар Дастаеўскі, згадваючы дзівосную здольнасць беларусаў захоўваць праз стагоддзі ўціску і здзекаў сябе, сваю мову і сваю культуру, быў блізкі да разгадкі феномена народа, да якога меў самыя крэўныя дачыненні. Анталагічныя глыбіні беларускай гісторыі мовілі ягонымі вуснамі, каб нагадаць свету пра моц духу народа, які на практыцы праверыў слушнасць хрысціянскай маралі і прыняў яе як адзіную вечную праўду. Самому Фёдару Міхайлавічу, аднак, не хапіла адвагі назваць сябе сынам гэтага народа, хоць ён, як вядома, заўсёды быў на баку «прыніжаных і абражаных». Калі б ён нарадзіўся на сто год пазней, то, магчыма, усё было б зусім іначай. Але ён прыйшоў у свет зарана.

Феномен мастацкага генія Васіля Быкава ў тым, што ён прыйшоў да нас надзвычай своечасова. Менавіта тады, калі беларусам, пасля перажытага ў часы сталінскага і гітлераўскага генацыду, патрэбен быў абаронца, які на поўны голас заявіў, што праведны дух, узброены мячом, завостраным з двух бакоў, мае рацыю. Быкаў належыць да нацыі, якая сапраўды «нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася», і Францішак Багушэвіч, аўтар гэтых слоў, ніколькі не памыляўся. Якая, нягледзячы на свае працяглыя гістарычныя блуканні і памылкі, здолела захаваць і зберагчы галоўнае ў сабе, тое, што імкнуцца выявіць яе таленавітыя абраннікі, а сам народ выказвае ў лёсавызначальныя моманты свайго існавання. У Васіля Быкава гэта атрымліваецца асабліва яскрава, пераканаўча, паслядоўна.

У самой натуры Быкава шмат нацыянальна-беларускага, таго, што ідзе ад яго бацькоў-дзядоў: мужнасць і сціпласць, сіла і слабасць, суровасць і спагада. Якасці, на першы погляд, супрацьлеглыя, але яны злучаюць у адно цэлае ўсё тое, што зведалі беларусы за тысячу гадоў свайго гістарычнага існавання на тэрыторыі, дзе сутыкаліся розныя этнасы, культуры, канфесіі, цывілізацыі. Менавіта гэта сенсацыйнае сумяшчэнне несумяшчальнага, уменне бачыць паразу ў перамозе і перамогу ў паразе, быць самабытнымі да таго, як прыйшло ўсведамленне гэтай самабытнасці, вылучае іх сярод народаў-суседзяў. Наша сіла, як гэта ні дзіўна, у нашай слабасці, у здольнасці разумець іншага, як самога сябе, спагадаць, быць літасцівым і міласэрным. Гісторыя навучыла беларусаў, што такое вышыня чалавечага духу і што з'яўляецца сапраўднымі каштоўнасцямі. Яна наглядна прадэманстравала перавагу натуральнага існавання на ўлонні роднай прыроды і ўмення задавальняцца малым і самым неабходным. Злы лёс і чужая воля змушалі беларусаў зноў і зноў адстойваць сваё права жыць так, як жылі дзяды-прадзеды, нанова адбудоўваць свой зруйнаваны дом. Нашы паражэнні, якіх куды больш, чым перамог, дарагога вартыя. Перамогі, нават самыя вялікія, урэшце нічога добрага не нясуць пераможцам, акрамя неапраўданых прэтэнзій ды пустой ганарлівасці. Але каб усё гэта спасцігнуць, трэба было прайсці крыжовы шлях выпрабаванняў і пакутаў.

У нас ёсць Быкаў, і значыцца ёсць падставы для таго, каб ганарыцца сваёй Беларуссю. Быкаў ратуе нас ад прыніжэння і ганьбы, у якой мы сядзім, як у ваўчынай яме, саромеючыся, і небеспадстаўна, называцца ў цывілізаваным свеце, што мы беларусы. Эпоха, калі нам пашанцавала жыць, - гэта эпоха Быкава. Мы - нацыя Скарыны, Каліноўскага, Купалы, Быкава. Цяжка ўявіць пісьменніка, які б так маштабна і метадычна думаў пра лёс свайго народа, з такім трагічным напалам пачуцця перажываў бы за тое, што адбываецца ў вялікім свеце. Нездарма імя Быкава набыло эўрапейскую вядомасць. Цікава, што яго творы ўключаюцца нашымі ўсходнімі суседзямі ў школьныя праграмы і падручнікі, а самога пісьменніка лічаць лепшым сярод лепшых расейскіх пісьменнікаў і ўганароўваюць прэстыжнымі літаратурнымі прэміямі і расейскімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Беларусь не хутка дачакаецца прыходу яшчэ аднаго пісьменніка такога маштабу і таленту, як Быкаў, бо падобнае здараецца раз на паўстагоддзе. Беспрэцэдэнтная, нябачаная з часоў Янкі Купалы пасіянарнасць, адстаронены погляд на ўсё, што з'яўляецца атрыбутыкай савецкай аднамернай сістэмы, адэкватнасць гістарычным задачам, якія стаяць перад нашай краінай, пагружананасць у глыбіні нацыянальнага быцця і напружанасць роздуму над векавечнымі чалавечымі праблемамі, - усё гэта Васіль Быкаў. У тым, што мы жывём у час, калі прыкметна пашырыўся «сектар свабоды», павялічылася сама інфармацыйная прастора, што мы адчуваем сябе не толькі беларусамі, але і жыхарамі планеты Зямля, ёсць вялікая заслуга гэтага выдатнага мастака слова, якога можна з поўным правам назваць адным з прадвеснікаў новага духоўнага Адраджэння, аднаго з яго галоўных ідэолагаў і актыўных рушэнцаў, дзяржаўным дзеячам кантынентальнага маштабу.

Васіль Быкаў - гэта ўнікальная эстэтычная з'ява ў айчыннай і сусветнай літаратуры, найвялікшая ступень мастацкай праўдзівасці, глыбіня пранікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі, рэдкасная вастрыня і рэчыўнасць вобразнага бачання свету, фенаменальная своечасовасць большасці публікацый, вялікая ўдзельная вага вобразнага і публіцыстычнага слова, прытчавая шматзначнасць і прарочая відушчасць.

За ўсім, пра што апавядае Быкаў у сваіх творах, моцна адчуваецца прысутнасць беларускай рэчаіснасці, нашай унікальнай нацыянальнай гісторыі, пройдзеных намі за дзесяць стагоддзяў крыжовых шляхоў, надзвычай уражлівых і павучальных. У яго прозе з надзвычайнай вобразнай сілай выявіўся вопыт перажытага ім самім і яго пакаленнем, якое пісьменнік нездарма назваў «забітым» і якое амаль цалкам засталося на полі бою. У свеце, дзе на працягу амаль цэлага стагоддзя раскашавалі некрафільскія рэжымы, гэта пакаленне зведала толькі адну ісціну, і гэтай ісцінай была смерць, абсурднасць вайны, выдатна прадэманстраваная ў аўтабіяграфічных дыялогах з Алесем Адамовічам «Маладыя гады».

Спатрэбіўся час, каб зразумець сябе, спасцігнуць маштабы бяды, якая звалілася на быкаўскае пакаленне і на ўвесь народ, пранікнуць у глыбінныя прычыны падзей усясветнага значэння. Пачаўшы з апавяданняў, дзе ўжо столькі знаёмага, такога непаўторна быкаўскага, што, аднак, праявіцца на поўную сілу пазней, пісьменнік упэўнена і паслядоўна асвойвае вялізную прастору ХХ стагоддзя, на якой сутыкнуліся ў касмічных маштабах пабоішчы сілы ўсясветнага дабра і зла. Быкаў не разгубіўся ў хаосе праблем, узнятых эпохай тэктанічных зрухаў і катастроф, сярод руін і магіл на прасцягу ад Атлантыкі да Курыльскіх астравоў: у яго руках заўсёды была нітка Арыядны, якая пачыналася ў яго дзяцінстве, праведзеным сярод блакітных азёр Віцебшчыны, родных палёў і алешнікаў, блізкіх і дарагіх людзей. У творах Быкава, дзеянне якіх адбываецца на вусцішнай прасторы распластанай пад гітлераўскім і сталінскім ботам Эўропы, гучыць гімн роднай Віцебшчыне, краю бедных суглінкаў і самых прыгожых ландшафтаў, дзе ў вайну загінуў кожны трэці, а ў многіх мясцінах і кожны другі беларус. Першая і апошняя думка быкаўскіх герояў пра родны край. Туды рвуцца яны душой у свой перадсмяротны міг. У апошнія часы ў прыпавесцях, «байках жыцця», рэдкіх і кароткіх, як стрэл апошняга байца, выступленнях, больш падобных на рэплікі чалавека, які адчаяўся і горка іранізуе, усё мацней і выразней чуецца рэквіем па няшчаснай Бацькаўшчыне, акупаванай прыхаднямі і пустадомкамі ўсіх масцей.

Вось ён стаіць, моцны, непахісны, няўмольны ў сваёй празе называць рэчы сваімі імёнамі. Адзін супраць цэлай раці шматаблічнага зла, неверагодна вынаходлівага ў сваёй мімікрыі, заклапочанага адным: колькі жывых душ удалося збіць са шляху дабра і колькі цёмных людзей пашэнціла збіць с панталыку. Хто і што за яго? Толькі талент, толькі праўда-матка, толькі слова, кволае, як немаўля на ўскрайку чорнай прорвы з карціны Чурлёніса. Але такая ўжо сіла святла, што і аднаго яго слабога праменьчыка дастаткова, каб цемра і чарната адступіліся на крок і не здаваліся такімі глухімі і безнадзейнымі, як чорны квадрат Казіміра Малевіча. І такая сіла хараства яго слова, сціплага, як васілёк у жыце, які, аднак, надае сакральны сэнс усяму вакол. Мае рацыю народ, які пра гэта спявае ў песні: «Няма цвяточка над васілёчка».

Быкаў адзін у цэлай Беларусі. Усе тыя, хто прэтэндуе на лідэрства і першынства, знаходзяцца наводдаль, як нязваныя госці на чужым свяце. Ніхто не валодае такой унутранай свабодай, як Быкаў. Менавіта таму яго слова гучыць як само Боскае Наканаванне. Улада цемры і ўлада грошай баіцца яго асуджэння і непрыняцця, бо гэта прысуд самой гісторыі. Аспрэчваць Быкава, змагацца з Быкавым, аб'яўляць яму вайну - марны занятак: быкаўская бывалая «саракапятка», ахрышчаная байцамі, якія зведалі, па чым фунт ліха, тужліва-вясёлай мянушкай «Бывай, Радзіма!», яшчэ здольная пастаяць і за сябе, і за тых, хто застаўся на велізарных прасторах ад крывавай Волгі і да блакітнага Дунаю. Ды і за тых, хто ўжо ні на што не здатны, акрамя звыклага айкання і скаргі на сваю горкую долю, асуджаных на немату людзей. Ён прыйшоў у гэты свет зусім не дзеля таго, каб быць уладаром думак і строга асуджаць адступнікаў і баязліўцаў. Яго клопат і ўдзень і ўначы адзін і той жа, і выяўляецца ён найперш у тым, каб зразумець іншага і, па магчымасці, дараваць яму «за грахі вольныя і міжвольныя». У перанасычаным інфармацыяй розных калібраў свеце яго голас, голас Быкава, ціхі, скрушна-стомлены, іранічна-роздумны, не знікае ў людскім шматгалоссі. Ціхае і спакойнае слова праўды над усім.

На працягу цэлых сарака гадоў, з часу публікацыі «Жураўлінага крыку», мы жывём па хранометру быкаўскіх аповесцяў, якія з'яўляліся адна за адной кожныя год ці два. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Знак бяды», «Кар'ер», «Аблава», «Пакахай мяне, салдацік», «Ваўчыная яма», «Балота» - не проста назвы, але і этапы нашага духоўнага пасталення, нацыянальнага самаўсведамлення, маральнага самаўдасканалення. Этапы нашай нацыянальнай драмы, якая надзіва дакладна паўтарае сюжэт евангельскіх містэрый, дзе ёсць свой Ісус Хрыстос, і свой Юда, і свой Понцій Пілат, і свой цар Ірад. Нават і цяпер, калі Васіль Быкаў, здаецца, напісаў усё, што задумваў, а пра яго самога напісана гэтак многа, загадкі яго творчасці застаюцца без адказу. Хіба не варты здзіўлення хоць бы той факт, што пісьменнік трымае нас, сваіх чытачоў, у напружанні столькі дзесяцігодзяў, калі змянілася гэтулькі куміраў. Калі мінуліся цэлыя грамадска-палітычныя фармацыі, зніклі вялізныя імперыі, абрынуліся долу гліняныя калосы ўлады. Змянілася тры чытацкія пакаленні, выхаваныя Быкавым, свет ужо не той, якім быў, а кожны твор пісьменніка нязменна ўспрымаецца як адкрыццё, кожнае яго выступленне выклікае высокую хвалю грамадскай увагі. Рэйтынг папулярнасці Быкава, нягледзячы на тое, што мастацкая літаратура займае ў жыцці грамадства далёка не тое месца, як яшчэ нядаўна, як ніколі стабільна высокі. Падобнае ў гісторыі здараецца рэдка, і цяжка прыгадаць яшчэ такі ж прэцэдэнт. Быкаў абвяргае распаўсюджанае меркаванне аб заняпадзе мастацтва слова, аб вычарпанасці радовішчаў народнай мудрасці, аб так званым канцы чалавека, гісторыі, літаратуры. Ён вяртае прафесіі пісьменніка імідж абранасці і святасці, нагадваючы, што яго абавязкам з'яўляецца не толькі пісаць, але і ствараць новыя мастацкія каштоўнасці, памагаць людзям утрымацца на краі прорвы.

Фінал ХХ стагоддзя бязрадасны. Не менш бязрадасны і пачатак новага стагоддзя. Столькі надзей было ў самым пачатку - на магчымасці чалавечага генія, на навуку і тэхніку, на рэвалюцыйную пераробку свету і стварэнне новага чалавека. І такое расчараванне ў самым канцы. Грандыёзны сацыяльны эксперымент завяршыўся вялікай няўдачай. Мы вымушаны гібець на руінах цывілізацыі, заснаванай на розуме асветнікаў, і выношваць кволую надзею на нацыянальнае Адраджэнне, спадзявацца на літасць Божую і багадаць. Усе мы сёння шукаем чалавечыя каштоўнасці, здольныя аб'яднаць прагматычнае і раздробленае грамадства, і пакрысе вяртаемся да скарбаў нацыянальнай і сусветнай культуры і літаратуры як вышэйшага выяўлення духоўных і творчых магчымасцяў чалавека.

У час, калі выпушчаная на волю з-за калючага дроту грамада кідаецца то назад у «светлае» мінулае, то наперад, у невядомасць, то некуды ўбок, далей ад гісторыі, якая прад'яўляе звычайнаму чалавеку неміласэрныя патрабаванні, Быкаў цярпліва і ўпарта, як ваяваў за праўду ўсё сваё свядомае жыццё, раскопвае кар'еры народнай памяці пра савецкае мінулае, нагадвае, што баліць жывым, бо мёртвым, як вядома, не баліць, дзе нас чакае пастка, а дзе падсцерагае аблава, дзе зеўраюць пусткай чорныя ляды, а дзе недаступнай скалой устае праклятая вышыня, дзе сцяна, якую мы разбіраем, каб тут жа наткнуцца на яшчэ больш стромую сцяну-мур у свеце, дзе столькі турмаў, што ён і сам пачынае нагадваць вялізазны астрог, як беларусам-балацянам выбрацца з такога ўтульнага і зацішнага роднага балота, дзе труба, з якой няма выхаду ні на ўсходзе, адкуль яна цягнецца, ні на захадзе, куды яна вядзе, чаму ў гэтым цудоўным свеце жоўты пясочак нагадвае не пра паўднёвыя пляжы, а пра апошняе прыстанішча чалавека. На жаль, ашалелая ад спакусаў свабоды, ачмурэлая ад таннай гарэлкі, знявераная ўшчэнт грамада не паспявае за крокамі волата, безнадзейна спазняецца ў сваім культурным развіцці і не бачыць нічога з таго, што ўжо выразна бачыць Быкаў: незалежную эўрапейскую краіну Беларусь. Гэтую краіну нашы нашчадкі ўзновяць, рэстаўруюць, рэканструіруюць, вядома, пры ўмове, што самі мы не выкарыстаем магчымасцяў, дадзеных нам гісторыяй, па творах лепшых нашых пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, гісторыкаў, філосафаў. І найбольш поўную і дакладную вобразную інфармацыю яны адшукаюць у творах Васіля Быкава.

Усё больш відавочным становіцца тое, што творчасць Быкава - гэта не толькі і не столькі адлюстраванне гістарычнай праўды пра Другую сусветную вайну і ўжо не адно ўсяго шматгадовае супрацьстаянне таталітарызму ва ўсіх яго жахлівых мадыфікацыях. Творчасць Быкава - гэта перш за ўсё ўнікальная эстэтычная з'ява ў сусветнай літаратуры, найвышэйшая, нават на фоне высокай класікі, ступень мастацкай праўдзівасці, нязвыклая нават для самага інфармаванага чытача глыбіня пранікнення ў таямніцы людской псіхалогіі, драматычная вастрыня і разам з тым рэдкасная рэчыўнасць вобразнага бачання свету, майстэрскае выбудоўванне архітэктуры сваіх твораў, фенаменальная актуальнасць большасці яго публікацый, небывалая ўдзельная вага вобразнага і публіцыстычнага слова, якое часам нагадвае сваёй звышшчыльнасцю і насычанасцю думкамі зорнае рэчыва, прытчавая шматзначнасць і прадбачлівасць пісьменніцкага зроку. Многае з таго, што нават яго нязменным прыхільнікам здавалася перабольшваннем або празмерным завастрэннем, якія парушаюць класічныя каноны і расхістваюць іерархію існуючых эстэтычных каштоўнасцяў, сёння аказалася горкай праўдай, праўдзівей якой ужо нішто не можа быць, неаднаразова пацверджанай вучонымі, гісторыкамі, філосафамі, псіхолагамі, сацыёлагамі. У тым, што на графіку чалавечых магчымасцяў «сектар свабоды» прыкметна пацясніў «сектар неабходнасці», велізарная доля заслугі менавіта Васіля Быкава. Яго шматгадовыя намаганні ў напружаным супрацьстаянні жыццёваму абсурду, які прадэманстраваў сябе з небывалай у гісторыі людства нагляднасцю і жорсткасцю, не былі марнымі, а яго імя невыпадкова асацыіруецца з паняццем сумлення беларускай нацыі.

Сярод паняццяў «быкаўская аповесць», «быкаўскі герой», «быкаўская сітуацыя» асобнае месца займае паняцце «быкаўская мова». У пявучай, мілагучнай, прадметна заземленай беларускай прасодыі Быкаў адшукаў высокае слова народнай трагедыі, суровыя інтанацыі жаночага плачу, страшны ў сваёй роспачы крык галашэння над труной, у якой ляжаць мілыя беларускія дзяўчаткі і хлопчыкі, што загінулі ў падземным пераходзе на Нямізе і папоўнілі сабой бясконцы лік ахвяр, знявечаных нялюдскімі рэжымамі. У беларускай мове, якая, на думку не самых выдатных прадстаўнікоў беларускай нацыі, нібыта не здатная выказваць разумныя думкі, Быкаў адшуквае словы эпічнага гучання, як у Льва Талстога, напоўненыя прарочай сілай, як у Фёдара Дастаеўскага, трагічна-ўзрушаныя і напоўненыя энергіяй роздуму над лёсам беларусаў, як у Янкі Купалы, мудра-іншасказальныя і іранічна-саркастычныя, як у Якуба Коласа, аўтара «Казак жыцця», шчымліва трывожныя і эсхаталагічна-апакаліпсічныя, як у Альбера Камю, гнеўна-асуджальныя, бы прысуд самой гісторыі, як у Аляксандра Салжаніцына. У быкаўскай мове жыве душа беларуса, дыхае на поўныя грудзі метафізічнае, эзатэрычнае, сакральнае ў беларускім нацыянальным космасе. Выхоўвае само слова гэтага пісьменніка.

Мастацкая моц і відушчая яснасць быкаўскага слова, яго сугестыўнае ўздзеянне на чытача знаходзяцца ў прамой прапарцыянальнай залежнасці ад яго ўпэўненасці, што ўсю праўду пра шматгадовую вайну народа і вайну з народам не дадзена сказаць нікому асобна, нават генію з геніяў. На выручку прыходзіць велізарны запас унутранай духоўнай энергіі народа, які за тысячагоддзе сваёй пакутнай і велічнай гісторыі здолеў захаваць маральныя праасновы свайго зямнога быцця, стварыць найбагацейшы ў свеце фальклор і міфалогію, выдатную мастацкую літаратуру, зрабіць уклад амаль ва ўсе сферы разумовай дзейнасці сучаснага чалавека. «...гады каласальных намаганняў народа, - сцвярджаў некалі Быкаў, - стварылі духоўны канцэнтрат небывалай цаны, маральны сплаў нацыі, у якім адшукалі сваё найбольш поўнае ўвасабленне не толькі наша мінулае, але ў пэўным сэнсе і наша магчымая будучыня». З незвычайнай хуткасцю, за якой не паспявала крытычнае асэнсаванне даследчыкаў літаратуры, гістарычная прастора, якую пільна азіраў і абдумваў пісьменнік, пашыралася, захопліваючы не толькі новыя, нечапаныя сферы перажытага народам вопыту, але і нябачныя раней пласты народнай памяці пра ўсе дзесяцігоддзі савецкай мінуўшчыны. Пры ўсім гэтым Быкаў досыць сціпла ацэньвае ўласныя мастацкія адкрыцці і мысліцельныя прарывы, бо вымярае не толькі свае, але і наогул чалавечыя магчымасці, фізічныя і духоўныя, па гамбургскаму рахунку, не шукаючы апраўданняў дзесьці па-за сабою. Больш таго, ён перакананы, што мастацкая літаратура з часам апыніцца «перад альтэрнатывай: вельмі значнае і, магчыма, самае важнае пра мінулую вайну будзе сказана ў бліжэйшыя дзесяць-дваццаць год, альбо наогул ніколі не з'явіцца на свет». Гэта суджэнне, на думку Быкава, бясспрэчнае, «бо вялікую праўду пра мінулую вайну суджана сказаць толькі яе ўдзельнікам альбо сведкам. Іншым не дадзена. Іншыя могуць стварыць нават геніяльныя творы, але гэта ўжо будзе з нагоды вайны, а не яе горкай і крывавай праўдай».

Чым далей, тым больш уплываў на творчы працэс пісьменніка фактар часу. Быкаў не стаў марнаваць абмежаваны тэрмін асобнага чалавечага жыцця на тое, каб ствараць абавязкова эпас вайны, расцягваць адшуканы сюжэт на бясконцыя серыялы, множыць творчыя знаходкі, якія для пісьменніка іншага маштабу былі б падставай гонару на ўсё астатняе жыццё. Вопыт беларускай літаратуры пераканаўча сведчыў, што гэта і немагчыма, і не непатрэбна, і наогул учарашні дзень літаратуры. Ён абраў, і гэта сёння бачна, самы аптымальны варыянт рэалізацыі сваіх мастацкіх задум. Паставіўшы ў эпіцэнтр аўтарскага сузірання і напружанага асэнсавання звычайнага чалавека, «пралетарыя вайны», Быкаў вярнуў беларускую літаратуру ў яе класічнае рэчышча. Быкаўскі герой генетычна і гістарычна звязаны з пушкінскім Белкіным і гогалеўскім Башмачкіным, з купалаўска-коласаўскім мужыком-беларусам, з чорнаўска-гарэцкаўскім інтэлігентам «у сярмязе». Шараговы ўдзельнік вялікага супрацьстаяння таталітарнай ідэі, ён фізічна адчувае нечалавечы ціск чыгуннага кола гісторыі.

Кожны змагаецца за сябе і сваё выжыванне, але тым самым і за сваіх франтавых сяброў, бо часам зыход у смерць можа ўспрымацца як здрада жывым, а ўрэшце атрымліваецца, што і Радзіма не абстрактнае для яго паняцце, бо гэта і яго родны кут, да якога герой раз-пораз звяртаецца ва ўспамінах. Глечык, Лазняк, Васілевіч, Іваноўскі, Валошын, Ляўчук змагаюцца са зброяй у руках, а Сотнікаў, Мароз, Пятрок і Сцепаніда Багацькі, Хведар Роўба - адстойваючы сваю годнасць. У характары быкаўскага героя шмат «празмернай чалавечнасці» (М.Бахцін), бо перад намі - Асоба, разбуджаная ў звычайным чалавеку эпохай «паўстання мас». Гэта апошняя апора чалавечнасці ў няўтульным і жорсткім быкаўскім свеце, які з'яўляецца на рэдкасць дакладнай мадэллю свету, што на поўны рост паўстаў у ХХ стагоддзі, дзе энтрапія бярэ верх, а дэструктыўныя сілы ашалела імчаць у прорву. У Асобе адзіная надзея на тое, што д'ябальскі механізм усеагульнага адчужэння і нівеліроўкі індывіда, наткнуўшыся неспадзявана на маўклівае супраціўленне, разваліцца на састаўныя часткі і рассыплецца на друз. Быкаўскі герой паступова ператвараецца ў апошняе звяно гістарычнага ланцуга падзей, здарэнняў, выпадковасцяў, нечаканак і адказвае ўжо не толькі за самога сябе, але і за ўсіх сваіх літаратурных папярэднікаў.

Дэталёва абмалёўваючы свайго героя, вывучаючы яго ў «памежнай сітуацыі», у стане маральнага выбару, Быкаў імкнецца ўвасобіць у жыццё «маральны імператыў», сарваць усе маскі са зла, якое мімікрыруе, лёгка прыкідваецца самой дабрадзейнасцю, спрабуе дапамагчы вытрываць безабароннаму дабру і адначасова абнавіць адчуванне жывога жыцця, якое людзі чамусьці схільныя губляць у руціне клопатаў і прымхлівых памкненняў. Так узнікае дзівоснае адчуванне «вечна новага» Быкава, заўжды цікавага, яркага, глыбокага, мудрага, пісьменніка, які абяцае новыя адкрыцці. Як мастаку слова яму заўсёды самому цікава, як адчувае сябе «душа ў запаветнай ліры» альбо як астудзіць «гарачую магму» даваеннага, ваеннага і паваеннага матэрыялу ў абалонцы слова і вобраза. Чыста эстэтычныя катэгорыі (героя і сюжэта, жанру і стылю, вобраза і сімвала), пры вонкавай бясстраснасці і не афішаванай цікаўнасці, заўжды прыцягвалі ўвагу Быкава-мастака, хоць сам ён, здаецца, даўно вырашыў для сябе, якая манера, традыцыйная ці супермадэрная, яму бліжэй, на каго з папярэднікаў альбо нават сучаснікаў варта арыентавацца ў сваім пошуку, якому жанру, стылю аддаць перавагу і г.д.

Наўрад ці ставіў Васіль Быкаў калі-небудзь свядома перад сабой чыста тэарэтычную задачу: стварыць «новую прозу», сцвердзіць «новы стыль», пераўзысці папярэднікаў, вырашыць у творчасці ўсе жыццёвыя і мастацкія задачы... Першаштуршком для яго заўжды было жывое жыццё, яго вечны і зменлівы рух - невычэрпная крыніца абнаўлення і вечнай маладосці душы, нават калі нешта паўтараецца або вяртаецца зноўку ў яго творы. Гэта можа быць выпадковая сустрэча: менавіта так узнікла задума «Альпійскай балады». Альбо ўспамін, які не дае спакою і вярэдзіць старыя раны: так распрацоўваўся сюжэт «Мёртвым не баліць». Альбо думка, якую трэба абавязкова вырашыць: так з'явіліся «у адной звязцы» Сотнікаў і Рыбак, герой і антыгерой. Альбо схаваная «на потым» згадка пра бязрадаснае і галоднае дзяцінства, пра якое не хацелася ні гаварыць, ні пісаць: яна ажыла, увасобілася ў шматлюддзе вобразаў у «Знаку бяды». Альбо разбуджаная рухам падзей памяць пра паўзабытыя эпізоды мінулага, у якіх больш горкай праўды пра эпоху, чым у вялізнай бібліятэцы мемуараў военачальнікаў...

У што ператворыцца мастацкае апавяданне - у гераічную оду ў гонар непераможнага чалавечага духу альбо ў скрушную песню ў стылі Эклезіяста? Гэта пытанне вырашаецца ў кожным выпадку асобна і неспадзявана. З аднаго боку, папярэджанне Генрыха Бёля аб тым, што «чалавек перастае быць мастаком не тады, калі піша слабы твор, а тады, калі пачынае баяцца ўсялякае рызыкі». А з другога - напамін пра вядомае, што галоўным крытэрыем каштоўнасці твора з'яўляецца ступень абавязковасці і своечасовасці яго ўзнікнення. І як працяг - думка: «Безадказнасць, бесклапотнасць адносна формы вельмі часта цягне за сабой абыякавасць чытача да зместу твора... Мастацтва помслівае. Яно жорстка распраўляецца з тымі мастакамі, якія свядома і міжволі здраджваюць яго асноўным законам - законам праўды і чалавечнасці». У векавечнай спрэчцы рэалізму і рамантызму Быкаў нязменна аддае перавагу жорсткаму рэалізму, выяўленчых магчымасцяў якога дастаткова, каб сказаць праўду пра чалавека і свет, бо сама рэчаіснасць дае такія прыклады ўзлёту чалавечага духу і яго маральнага паніжэння, што ніякі самы фантастычны сюррэалізм не зможа прыдумаць. Досыць усяго толькі павагі да жывога жыцця, звычайнай увагі да яго шматлікіх праяў.

Ведаючы гэта пра Быкава, разумееш яго сённяшняга, аўтара гнеўнай палітычнай публіцыстыкі, дзе выносіцца няўмольны прысуд подлай натуры маленькага чалавечка, які некалі марыў перажыць вайну і «ўпіцца ў самае салодкае месца» пасляваеннага жыцця і які, падобна, дачакаўся свае зорнае часіны. Разумееш і яго неспадзяваны для многіх пераход да жанру прытчы ў форме «баек жыцця», выхапленых, здаецца, як распалены вугельчык з вялізнага агню беларускай гісторыі. Быкаў і ў гэтым выпадку з'яўляецца, несумненна, беларускім пісьменнікам. Беларускі лад розуму, заснаваны на эўрапейскім рацыяналізме, асаблівы строй душы, не чужой лірызму, сардэчнасці, прыкметная далікатнасць у дачыненняз з блізкімі і аднадумцамі і сухаватая жорсткасць ацэнак, трагічны каларыт прадказанняў, разуменне іншага, як самога сябе, - ва ўсім люструюцца перыпетыі асабістага лёсу пісьменніка і складаная гісторыя краю. «Маё пакаленне, - адзначае Быкаў, - гэта пакаленне няшчасных людзей. Яно не мела шчасця ў мінулым і, мабыць, будзе пазбаўлена яго ў блізкай будучыні. Гэта пакаленне вартых жалю людзей. Людзей, абдзеленых Богам і ў значнай ступені - самімі сабою».

Пры ўсім гэтым, не дужа вясёлым роздуме пра эпоху фундаментальныя перакананні Быкава застаюцца нязменнымі. Час толькі ўносіць свае карэктывы. Філасофія жыцця, па Быкаву, стала яшчэ больш песімістычнай, стылявы каларыт больш змрочным, высновы, нягледзячы на моцны сарказм, не пакідаюць надзеі на лепшае. Экзістэнцыйная праблема выбару, якой пісьменнік аддаў належнае, дапаўняецца яшчэ адным распаўсюджаным у заходняй літаратуры паняццем абсурду. Менавіта абсурд дакладна выяўляе наш духоўны стан, стан людзей ХХ стагоддзя. Абсурд як шпаркае пераўтварэнне маральных катэгорый у сваю супрацьлегласць. Абсурд як руйнаванне былой іерархіі каштоўнасцяў. Абсурд як хуткае падзенне чалавецтва ў прорву забыцця. Абсурд не сёння пачаўся і не заўтра скончыцца.

Мастацкае слова, адной з задач якога з'яўляецца ўтаймаванне хаосу, здаецца нямоглым перад наплывам стыхіі. Аднак Быкаў таму і Быкаў, што ў сваім працяглым і цярплівым супрацьстаянні са злом і хлуснёй не здаўся. Васіль Уладзіміравіч Быкаў ужо ў Вялікім Часе. Адкрыццём быкаўскага генія сталася менавіта адкрыццё Часу ва ўсіх рэаліях нашага зямнога існавання і радыкальнае сцвярджэнне яго магчымасцяў, якіх да Быкава не ведала сусветная літаратура. Гэта і паняцце незваротнасці часу, і звязанае з ім шкадаванне аб упушчаных магчымасцях, аб чым беларусы ведаюць лепш, чым хто. Гэта і паняцце выбару, якое звужаецца да дылемы: быць альбо не быць - нацыі, мове, самому жыццю. Гэта і паняцце абсурду, калі знікае аптымістычная спадзяванка на шчаслівы збег акалічнасцяў і як багадаць з'яўляецца пачуццё рэальнасці і маральнай адказнасці, разуменне сваіх кволых чалавечых магчымасцяў у супраціве хаосу, велічы чалавечага духу.

А на пытанне: «Дык што ж мы можам?» - якое задае сабе ці не кожны пісьменнік, Васіль Быкаў даў вельмі дакладны адказ: «Мы можам тое, што мы ўмеем: пісаць...» Гэтага ўжо нямала ў сучаснай сітуацыі на лёсаносным пераломе двух стагоддзяў, тысячагоддзяў, цэлай касмічнай эры, які адбываецца для беларусаў пад знакам Быкава.


2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2004.
Крыніца: скан