epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

42 дакументы

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42


 

1

АНКЕТА

Прозвішча — Гроцкі.

Імя — Ігнат.

Імя па бацьку — Рыгораў.

Колькі год — 27.

Ці жанаты — жанаты.

Нацыянальнасць — беларус.

Сацыяльны стан — селянін.

З якога часу ў партыі — з ліпеня 1917 г.

 

2

ПРАТАКОЛ
пасяджэння N-га павятовага камітэта РКП (б)
ад 24 чэрвеня 1919 г.

Слухалі: IV. Даклад Чарняўскай ячэйкі РКП.

Дакладчык т. Грышчанок.

Становішча ў Чарняўскай воласці небяспечнае. Усё больш і больш пашыраецца антысавецкая агітацыя, якую вядуць тамтэйшыя контррэвалюцыйныя элементы на чале з сынам быўшага памешчыка Заслаўскім. Агітацыя мае частковы поспех. Настрой некаторых вёсак, асабліва з перавагаю кулацкага жыхарства, варожы да Савецкае ўлады. Гэты самы памешчык Заслаўскі арганізаваў атрад бандытаў, з якім туляецца па лясах і адтуль робіць налёты, наганяючы непамерны спалох на жыхарства. Рабіліся спробы наладзіць у мяст. Чарняўцы пагром, але пакуль што без поспеху. Мясцовыя сав. установы працуюць пад пастаяннай пагрозай нападу банды Заслаўскага, якая ўсё больш і больш павялічваецца. Трэба прыняць пільныя і энергічныя меры, каб наладзіць у Чарняўскай воласці рэвалюцыйны парадак.

Пастанавілі: Арганізаваць у Чарняўскай воласці рэўком. Старшынёй рэўкома паслаць т. Гроцкага. Прапанаваць павятовай надзв. камісіі выслаць атрад па барацьбе з бандытызмам. Мясцовай ячэйцы павесці самую шырокую агітацыю сярод сялянства.

 

3

Горад N. Кацярыне Макараўне Гроцкай
Мая любая жонка!

Вось я й прыехаў. Ураз акунуўся ў гэта трывожнае напружанае паветра. Усё вакол нейкае дзіўнае, на ўсім ляжыць нібы нейкая пячатка небяспекі, няпэўнасці ў тым, што будзе заўтра. Імя Заслаўскага не сходзіць з вуснаў. Аб ім складаюць цэлыя байкі. Асабліва тэрарызавана яўрэйскае жыхарства мястэчка. Чакаюць пагрому. І спалох раджае нейкую панічную ўпэўненасць, што ён будзе. Нашы хлопцы (супрацоўнікі) тож баяцца. Нялёгка дастаецца ўзняць іхны настрой.

А мне, Каця, дужа добра. Я пачуў сябе ў сваёй стыхіі, як кажуць. Я аджыў тутака. Прыемна памерацца сіламі. Весела! А часамі смешна бывае. Я табе перасылаю дзве запіскі, якія я атрымаў зараз жа пасля прыезду. Пасмейся разам са мной. Як бачыш, мой прыезд не астаўся незаўважаным. А як табе падабаецца гэтая запіска ад дзяўчыны? Праўда, вар’ятка нейкая?

Эх, Каця, як мне шкада, што цябе тут няма. Але пакуль што жыві там, бо тут небяспечна, а ты да гэтага яшчэ не прызвычаілася. Як троху пацішэе, тады прыедзеш. Пабачыш, што гэта за пекная мясцінка! Гэты глухі куточак па свайму хараству нагадвае той рай, аб якім ты чула ў дзяцінстве. Гушчарны лес, рэчка... Адным словам — усё, што трэба.

Ну, а як ты маешся там? Не сумуеш па мне? А мо ўжо знайшла сабе ўцеху? Глядзі, бо за вушы нарву, калі што... А цяпер пацалую многа-многа раз, во...

Ну, бывай пакуль што.

І. Гроцкі.

17 чэрв. 1919 г.

 

4

Старшыні рэўкома Гроцкаму.

Вітаю Вас з прыездам. Чуў пра Вас шмат чаго добрага. Вельмі прыемна мець справу з разумным чалавекам, а не з такімі дурнямі, як да гэтага часу. Але наперад кажу, што ані чорта не выйдзе ў Вас. Адылі паспрабуйце, калі галавы, вядома, не шкода. Спадзяюся, што хутка сустрэнемся.

Заслаўскі.

 

5

тав. Гроцкаму.

Мне вельмі сорамна пісаць Вам, але я прывыкла заўсёды быць простай і шчырай. Вы мне ўпадабаліся з першага разу, як я Вас убачыла. Чаму — я не ведаю. Вы мне здаліся моцным, дужым мужчынам, героем. Я знаю, што Вы заняты важнай справай, што Вам няма часу глупствам займацца, але так хочацца мне пазнаёміцца з Вамі, што я сама першая прашу Вас аб гэтым. Мне здаецца, што сярод працы ў Вас знойдзецца калі вольная часінка, каб аддаць яе дзяўчыне, якая Вамі вельмі цікавіцца.

Ніна (Загорная, 17).

З падаўцом гэтай дайце адказ. Хоць пару слоў.

 

6

Загорная, 17. Ніне.

Пару слоў? Калі ласка — тры: кіньце глупствам займацца.

 

7

ЗАГАД № 1
Чарняўскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта
ад 18 чэрвеня 1919 г. м. Чарняўка

З гэтага дня мяст. Чарняўка і воласць абвяшчаецца на ваенным становішчы. Хадзьба па мястэчку пасля 11 гадзін вечара дазваляецца толькі асобам, якія маюць належныя пропускі. Ніякіх сходаў, вечарын і інш. наладжваць без спецыяльнага дазволу рэўкома не дазваляецца. Катэгарычна забараняецца распаўсюджванне ўсякіх неправераных чутак, якія наганяюць спалох і дэмаралізуюць жыхарства. Распаўсюджванне такіх чутак будзе разглядацца як крымінальнае злачынства, і вінаватыя будуць аддавацца пад суд. Просьба да ўсіх грамадзян затрымліваць на месцы асоб, якія займаюцца гэтым, і накіроўваць іх у рэўком. Кожны селянін і рабочы павінен помніць, што толькі агульнымі, злучанымі патугамі мы здолеем знішчыць злачынны бандытызм і наладзіць у воласці рэвалюцыйны парадак.

Старшыня рэўкома Гроцкі.

 

8

ЛІСТ

Таварышу Рэўкому ад селяніна вёскі Кудлатаўкі, Чарняўскай воласці Лявона Пстрычкі ў собсцвенныя рукі очэн сакрэтна таварыш Раўком я хачу табе паведаміць, што пан у нашай вёсцы местапрабаванне маець і часта наяжджаець у нашую вёску з сваімі бандытамі к багацею нашаму Данілу і заўтрачка небяспрыменна надвячоркам прыедуць і Даніла самагону нагнаў будуць частавацца толькі таварыш Раўком каб ніхто не знаў што я табе напісаў бо я мужык бедны і мяне небяспрыменне заб’юць. Дык прыяжджайце заўтрача і забярыце гэтага пана і ўсю яго банду ў нашай вёсцы толькі таварыш раўком нікому не кажыце, што я напісаў вам аб гэтым...

 

9

ПРАТАКОЛ
экстраннага пасяджэння Чарняўскага рэўкома
ад 20 чэрвеня 1919 г.

Слухалі:

1. Т. Гроцкі. Зачытвае ліст ад селяніна в. Кудлатаўкі Лявона Пстрычкі і прапануе безадкладна выслаць у вёску Кудлатаўку ўзброены атрад. Т. Гроцкі зазначае, што гэта вельмі зручны выпадак, каб адразу і без вялікіх ахвяр распарадкавацца з бандай.

Т. Зянькевіч. Катэгарычна супраць такога плану. Нельга даваць веры нейкаму селяніну, якога ніхто не ведае. Можа, тут якая пастка?

Т. Грышчанок. Я добра ведаю Пстрычку. Гэта бядняк, які шчыра падтрымлівае Савецкую ўладу і якому, безумоўна, можна давяраць.

Т. Зянькевіч. Усё роўна ні ў якім выпадку не трэба пасылаць атрада. Лепш паслаць наведнікаў і распазнаць, як там і што, а таксама вызваць і дапрасіць гэтага Пстрычку.

Т. Гроцкі. Марудзіць нельга. Ліст пісаны, відаць, яшчэ ўчора, значыць бандыты будуць сёння ўначы. Ні разведаць, ні дапрасіць Пстрычку мы не справімся. Прапусціць жа гэты выпадак мы не маем права, бо кожная гадзіна бавення дасць нам новыя бязвінныя ахвяры. Мы нічым не рызыкуем, бо на чале атрада Мякуш, а гэта такі чалавек, які не зблыша ні ў якім становішчы.

Т. Зянькевіч.......

Пастанавілі:

Зараз жа выслаць у в. Кудлатаўку атрад па барацьбе з бандытызмам.

 

10

(у блакноце Гроцкага)...

...Зянькевіч... Зянькевіч... Зянькевіч... не трэба... не трэба... азнаёміцца... не спяшацца... Дзіўны гэты Зянькевіч...

 

11

ЗАГАД № 57
Па асобым атрадзе камандзіра Мякуша Саўкі
ад 20 чэрвеня 1919 г. м. Чарняўка

Праз дзве гадзіны выступаць на бандытаў. Пакуль што нішкні. Калі хто, так вашу так, пікне хоць слова, праганю ў каршэнь ка ўсім чарцям. Глядзі мне, хлопцы, каб не падгадзілі. Не першыня ж вам, чэрці лысыя.

Камандзір Мякуш Саўка.

Пісар Чаклюшкін.

 

12

Горад N. Кацярыне Макараўне Гроцкай.
Мая дарагая Кацечка!

Што ж ты гэта маўчыш? Яшчэ аніводнай пісулькі не напісала. Думаеш, лёгка гэта так жыць, не ведаючы, што там робіцца з любым пісклёнкам? Гэта ж часамі дык так балюча, крыўдна робіцца. Хочацца злавацца на цябе, дужа злавацца. Але хіба ж я магу злаваць, калі так моцна люблю.

Як не шанцуе нам, Каця! Толькі ажаніліся, толькі пачалі наша супольнае жыццё і ўраз прыйшлося расстацца. Нават не было часу, каб як мае быць пазнаць адзін аднаго — блізка, глыбока. Ты ведаеш, Каця, на мяне часам находзіць сумненне. Я так мала яшчэ знаю цябе. Мо ты зусім не такая, як я цябе ўяўляў і ўяўляю? Мо я памыліўся? Ты даруй мне, даражэнькая, але гэткія думкі часам лунаюць у маёй галаве. І як мне цяжка бывае тады, каб ты ведала. Цяжка і страшна чагосьці. Быццам баюся, каб усё тое, што я стварыў у сваім уяўленні, тыя мары аб таварыстве, дружбе, якія гадую я ў сэрцы, каб усё гэта раптам не разляцелася, не рассыпалася попелам брудным... Ну, добра. Гэта так сабе, Каця. Мабыць, ад таго, што я так моцна цябе пакахаў. Хутка ўбачымся, тады добра пагутарым.

Цяпер 11 гадзін вечара. Сяджу ў рэўкоме, чакаю вестак ад Мякуша. Ён паехаў з атрадам у адну вёску, дзе павінны быць бандыты. Ты, Каця, помніш гэтага мядзведзя Мякуша? Што гэта за любы хлапец! Колькі ў ім шчырасці, адданасці справе і колькі дзіцячай прастаты! А як яго армейцы любяць. Яны за ім гатовы пайсці хоць у пекла. Эх, каб такіх больш у нас хлопцаў было!..

А як марудна паўзуць хвіліны. Як цяжка так сядзець і чакаць. Здаецца б, птушкай паляцеў туды сам. Але хлопцы не пускаюць. І Мякуш не любіць, каб каля яго лішнія блыталіся.

Справы нашы наогул нішто. Жыхарства блізка ўсё на нашым баку. Я кожны дзень выязджаю ў якую-небудзь вёску — праводжу там мітынгі, гутаркі. І да мяне кожны дзень гурмай сяляне прыходзяць. Кажуць: «О, каб мы ведалі, што гэта за штука — Савецкая ўлада. А то нам вунь што казалі!..»

Відаць, спрытна агітавалі тут паны контррэвалюцыянеры...

Ну, бывай, мая красачка! Не забывайся: пішы. Многа-многа пішы, аб усім чысценька. І рыхтуйся прыехаць да мяне. Я дык з шалёнай нецярплівасцю чакаю таго дня, калі ўбачу цябе і моцна-моцна пацалую...

Бывай яшчэ раз. Пішы.

20 чэрвеня 19 г.

Ігнась Г.

 

13

Гроцкаму

Сволачы, сцервы, халеры, паскуднікі!.. І ты разам з імі, мой любы! Прыехаў, называецца, выступіў на бандытаў. Хоць бы на смех з паўчалавека. Не толькі бандытаў, а й следу іхняга ані звання. Пстрычка твой — сапраўдная пстрычка. Ну, але добра. Пабачым, што далей. Чакай мяне сёння к вечару. Пакуль што паабнюхаю тут. А кулака, у якога меўся быць Заслаўскі, забраў, прывязу табе — рабі, што хочаш. Чуе мой нос, што тут не ўсё чыста. Бывай!

Мякуш Саўка.

21.VI. 19 г.

в. Кудлатаўка.

 

14

Чарняўскаму рэўкому.

Пачатак не надта ўдалы. Але не зважайце на гэта. Не трацце надзеі сустрэцца са мной, бо я маю на ўвазе зрабіць усё ад мяне залежнае, каб наблізіць гэту сустрэчу.

Заслаўскі.

А Пстрычку я пстрыкнуў. Хай не лезе, куды не просяць.

 

15

ПРАТАКОЛ
следства па справе аб выкрыцці банды Заслаўскага і
дапамозе яе контррэвалюцыйнай дзейнасці.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Селянін в. Кудлатаўкі, Чарняўскай вол., N-га павета Даніла Брудаў, 43 год, жанаты, беспартыйны, са слоў яго пад судом і следствам не быў,— паказаў па гэтай справе наступнае:

З Заслаўскім я пазнаёміўся месяцы паўтары таму назад. Я тады не знаў, хто ён і чым займаецца. Я толькі знаў, што ён сын памешчыка Заслаўскага і жыве ўтайку. Прыязджаў ён да мяне ў сярэднім раз на тыдзень. Кожны раз з ім было чалавек 8 таварышаў. Звычайна яны гулялі цэлую ноч, пілі самагонку, якую мне прыходзілася дастаўляць, бо яны вымагалі гэтага. Уночы прыходзілі дзеўкі з мястэчка, відаць — гуляшчыя, і таксама з імі гулялі. Я хацеў колькі раз даказаць на іх, але баяўся, бо пагражалі забіць. У той вечар, калі прыязджаў атрад, Заслаўскі таксама быў, але нейкі незнаёмы хлопец прынёс запіску, прачытаўшы якую Заслаўскі раптам сабраўся і знік, строга наказаўшы, каб я нікому не гаварыў аб тым, што ён быў. Больш па гэтай справе паказаць нічога не маю.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

16

(На платах у мястэчку й па вёсках)
Грамадзяне!

Два гады ўжо як вы зносіце нечуваны прыгнёт і знявагу. Два гады як вы не можаце вольна дыхнуць, як на вашым карку сядзяць вашыя лютыя ворагі — бальшавікі і жыды. Гэта новыя паны, якія прыйшлі ў нашу краіну, каб забраць наша дабро, каб знішчыць нашу гаспадарку, каб зачыніць нашы праваслаўныя цэрквы, абярнуць іх у жыдоўскія школы.

Грамадзяне! Годзе цярпець гэты здзек! Годзе быць паслухмянай скацінай, з якой робіць усё, што хоча, немаведама хто! Усе, каму дорага наша айчызна, хто шануе веру сваю хрысціянскую, бярэце аружжа й прыходзьце папоўніць рады тых, хто выйшаў на змаганне за волю й жыццё.

Усе да нас!

Усе за аружжа!

Камандзір вольнага атрада паўстанцаў Заслаўскі.

 

17

(З газетнае хронікі)
БАНДЫТЫ ЗЛАЧЫНСТВУЮЦЬ

У раёне Чарняўскай воласці сабралася хэўра бандытаў, на чале якой стаіць вядомы контррэвалюцыянер, сын памешчыка гэтай мясцовасці — Заслаўскі.

Банда робіць напады на вёскі, зніштажае ўсіх, хто мае якую-небудзь блізкасць да Савецкай улады, не гаворачы ўжо пра камуністаў, руйнуе сялянскую гаспадарку. У банду збіраюцца ўсе тутэйшыя рэакцыйныя элементы, і яна ўсё больш і больш павялічваецца, наганяючы спалох на жыхарства і пагражаючы нават мясцовым савецкім установам.

Да знішчэння банды прыняты пільныя меры, але да гэтага часу напасці на след Заслаўскага не ўдалося.

 

18

ПРАТАКОЛ
пасяджэння Чарняўскага Рэўкома
ад 25 чэрвеня 1919 г.

Слухалі:

т. Гроцкі. Становішча ў воласці робіцца ўсё больш і больш трывожнае. Банда расце. Урэшце мы не можам лічыць сябе забяспечанымі ад нападу на валасны цэнтр. Трэба прымаць пільныя і энергічныя меры. Пакуль што мы не можам спадзявацца на дапамогу з павета. У нас ёсць весткі, што сталая сяліба банды ў Кудлатаўскім лесе, што паміж вёскай Кудлатаўка і Сёмкава. Я прапаную вось што:

1. Правесці шырокую агітацыю сярод сялянства, каб знішчыць ахапіўшы ўсіх спалох і знайсці з боку сялянства актыўную дапамогу ў змаганні з бандытызмам. Для гэтага выслаць на вёску нашых лепшых партыйных і савецкіх працаўнікоў.

2. Зараз жа выслаць атрад Мякуша ў той раён, дзе па вестках знаходзіцца Заслаўскі.

3. Тэлеграфаваць у павет аб становішчы ў воласці і прасіць вайсковае дапамогі.

Т. Зянькевіч........

Пастанавілі:

Прыняць прапазіцыю т. Гроцкага.

 

19

Старшыні рэўкома Гроцкаму.

«Не шукай мяне ў лесе шумлівым, пад зялёнаю сховай разложыстых дрэў». Дый наогул — кінь ты, усё роўна не зловіш. Лепш пачакай, хутка ўбачымся...

Твой шчыры вораг Заслаўскі».

26.VI-19 г.

 

20

т. Гроцкаму.

Я зноў пішу Вам. Помніце тую запіску ад невядомае Ніны, якую вы атрымалі, як толькі прыехалі к нам? Я знаю, Вы пасмяяліся толькі. Ды зрабіць іначай вы і не маглі. Пэўна, падумалі: «Во, распусніца нейкая, на шыю чапляецца з першага дня...» Так, вядома, распусніца, бо хіба ж іншы хто мог так зрабіць? Распусніца, так, я гэта адкрыта кажу Вам. Як кажуць — прастытутка. Ну, што ж, доля такая... Але цяпер я не маю намеру чапляцца на шыю Вам — не да таго цяпер Вам, дый мне таксама. Вы, пэўна, зноў будзеце смяяцца, калі я скажу, што хачу Вас бачыць і гаварыць пра сур’ёзныя грамадскія справы. Прастытутка і грамадскія справы... Дзіўна, сапраўды, і смешна? Але чаго не бывае на свеце! Калі Вы хочаце са мной убачыцца, Вы пераканаецеся, што й такі чалавек, як я, можа знадабіцца ў вашай справе. Я сама не ведаю, чаму мне захацелася гэта зрабіць. Можа, усё тое, што перажыла я, што сцярпела за сваё не вельмі прыгожае жыццё, можа, усё гэта раптам радзіла ўва мне злосць і нянавісць, якая штурхае мяне на гэта, якая прымушае ісці да вас, далучыцца ўсёй істотай да вашых імкненняў, да вашай работы? Можа, й так? Я сама не ведаю, што мной кіруе. Я раскажу Вам усё, як убачымся, я раскажу Вам пра ўсё жыццё маё, у якім Вы, пэўна, знойдзеце многа цікавага. І я спадзяюся, што Вы паможаце мне разабрацца ў маёй душэўнай блытаніне, вызначыць месца маё ў жыцці і паможаце мне зрабіць тое, што я надумала. Пакуль што — бывайце!

Ніна.

 

21

У N-скі павятовы камітэт РКП (б)

Абавязак старога сумленнага партыйца прымушае мяне апісаць вам сапраўднае становішча ў нашай Чарняўскай воласці. Становішча гэта вельмі і вельмі небяспечнае. Бандытызм усё расце, пагражае неўзабаве ахапіць усю воласць і перакінуцца за яе межы. Жыхарства траціць давер’е да Савецкай улады, бо бачыць, што яна нічога не можа зрабіць, каб знішчыць бандытызм. Прычыны ўсяго гэтага — няўдалае, няўмелае кіраўніцтва таварыша, які стаіць на чале рэв. камітэта. Трэба прыняць пільныя меры, бо йначай можна чакаць вялікай небяспекі для ўсяго павета.

Сябра рэўкома Зянькевіч.

27 чэрвеня 19 г.

 

22

ЛІСТ

Міламу майму мужу Саўку Ларывонаву Мякушу ад законнае супругі яго Арыны Аксентавай Мякушыхі.

У першых страках майго ліста спяшу паведаміць вас, дарагі мой муж Саўка Ларывонаў, што мы жывы і здаровы, чаго і вам жадаю. . . . . . . . . . .

Яшчэ кланяецца сын ваш Рыгор Саўкаў Мякушаў, ён ужо хадзіць пачынае і гаворыць «тата» і «мама». А жонка твайго прадсядацеля круціцца і хлапцоў водзіць, а пра яго й не ўспомніць. І скажы яму, што яна б.... і круціцца, як апошняя шлюха.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Астаюся ваша любімая супруга Арына Мякушыха.

 

23

(у блакноце Гроцкага)

28 чэрв. 19 г. Першы раз у жыцці бяруся пісаць дзённік. Дзіка й неразумна. Але ж неяк так чалавек ужо ўроджан, што калі гора-бяда якая, калі цяжкім жыццё робіцца, дык хочацца, як той казаў, выліць каму-небудзь сваю душу, падзяліцца думкамі й перажываннямі. Раней ёй пісаў, выліваў усё, раскрываў душу. А цяпер? — Мякуш ёсць... Але ён не зразумее ўсё роўна. Не, ён надта просты для гэтага. Ён так, як жонка яго: «круціцца», «хлапцоў водзіць», «б....» — і ўсё, на гэтым канец, больш не можа быць гутаркі й думкі... А ў мяне не выходзіць так. Мне шкада, што разбіўся той пекны будынак, які я пабудаваў з сваіх мар, што запэцкаўся ў гразь той вобраз, які я стварыў у думцы сваёй, які я злучыў з яе асобай. Эх, Каця, Каця! Ці ведае яна, як цяжка мне разлучацца з тымі думкамі, марамі, якія я песціў, гадаваў у сабе з першага дня знаёмства з ёй? Якая яна была любая, простая тады, якой блізкай, роднай здавалася! Думалася, што можна смела пайсці з ёй у жыццё, што шчырым, верным таварышам будзе, памочнікам... А мо трэба было сюды яе ўзяць, каб акунуцца разам у стыхію жыцця? Мо б гэта стыхія бурлівая зрадніла, звязала путамі таварыстваў?.. Але не, усё роўна. Так яшчэ лепей, што адразу выявілася. Лягчэй так усё-ткі...

Ну, годзе. Досыць папускаць лейцы, бо так дакаціцца можна чортведама да чаго. Час не такі, каб раставаць у блакітна-ружовай чмуце розных «перажыванняў». Агульная справа прымушае забыцца на асабовае, растапіць гэта асабовае ў тым шырокім, агнёвым, што гарыць, бушуе магутным уздымам, што з грукатам, з гулам варочае камні цяжкія гісторыі, і нічога няма тут такога — зусім проста. Толькі больш працаваць, так працаваць, каб часу не было на розныя думкі. І тады на ўсё чыста забудзешся. А калі адгукнецца часам глыбока там недзе, у сэрцы ці яшчэ дзе-небудзь, тады зубы сашчэрыў ды йзноў за работу.

Так. Здаецца, справы наладжваюцца ў нас. Жыхарства блізка што заспакоена. Сярод сялян моцнае абурэнне супраць бандытаў. Пры гэткіх абставінах можна ўраз справіцца з імі. Але сярод нашых ёсць здрада. Адкуль жа б ведаў Заслаўскі ўсё, што мы толькі надумаем рабіць?

І што, калі спраўдзяцца мае падазрэнні? . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А гэта... Пашлю сёння к ёй. Хай прыйдзе. Цікава. А мо паспрабаваць змяніць тое туманнае, зыбкае больш простым, рэальным? Мо пашукаць у гэтай дзяўчыне спосабу пазбыцца шчымлівых успамінаў аб той. Кажуць, што клін выганяецца клінам...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

24

Загорная, 17. Ніне.

Тое, што Вы напісалі мне апошні раз, зацікавіла мяне і як савецкага працаўніка і проста як чалавека. Ахвотна пабачуся з Вамі. Калі гэта Вас не кампраметуе, прыходзьце да мяне сёння ўвечары. Буду чакаць.

Гроцкі.

 

25

Горад N.
Кацярыне Макараўне Гроцкай.

Мяне перш дзівіла Ваша маўчанне. Цяпер мне ўсё ясна і зразумела. Я не скажу, што чакаў такога канца, але думка аб магчымасці гэтага даўно ўжо жыла ўва мне. Мяне часта забірала сумненне: ці не памыліўся я ў Вас, ці не стварыў я сам сабе нейкую мару, якую па непаразуменні злучыў з Вашай асобай? Так яно й выйшла.

Я сам не ведаю добра, нашто я пішу Вам. Пэўна, лішняе гэта. Але мне хочацца ўсё-ткі сказаць Вам колькі слоў, апошніх слоў. Эх! Каця, Каця! Як цяжка было мне, калі я ўзнаў і зразумеў, што памыліўся ў табе. Мне й цяпер яшчэ цяжка бывае часамі, калі старое ўспомніцца. А я знаходжу ўцеху сабе ў безадхлыннай рабоце. Ды яшчэ часамі ў іншым у нечым. Хочаш, скажу?..— У абнімках жанчыны, якую завуць прастытуткай. Ты, пэўна, моршчышся? Дарма, бо часамі прастытуткі бываюць лепшыя за «сумленных» жанчын. Ды, урэшце, хто разбярэ, дзе канчаецца сумленная жанчына, а пачынаецца прастытутка?..

Ну, годзе. У мяне ёсць просьба да Вас. Апошняя просьба. Не завіце нідзе і ніколі сябе маёй жонкай, бо Вы ніколі ёй не былі і не будзеце.

Гроцкі.

1 ліпеня 19 г.

 

26

Гроцкаму

Нікаю, як сабака, высалапіўшы язык. Здаецца, натрапіў на гарачы след. Мой атрад удвая пабольшаў. Далучыліся хлопцы сялянскія. Не раўнуючы, як на ваўкоў выйшлі з аблавай. Адным словам, прыяцель, усё добра. Так што скора зловім. А хітры, халера, як чорт...

Мякуш Саўка.

 

27

ТЭЛЕГРАМА

30-VI-19 партком

Становішча адчайнае кропка зніміце Гроцкага прымайце меры.

 

28

ТЭЛЕГРАМА

3.VII-19 Чарняўка рэўком Гроцкаму

Перадайце справы часова Зянькевічу прыязджайце незадаўна.

Сакратар парткома (подпіс).

 

29

(у блакноце Гроцкага)

3 ліпеня 19 г. Зноў пішу. Зноў хочацца падзяліцца хаця з паперай сваймі думкамі. Тэлеграма з парткома... Ці ехаць, ці не? Не, тут, мусіць, непаразуменне нейкае. У такі момант нельга пакідаць свайго месца. Я павінен быць тут, гэтага патрабуе справа. Няйначай тут нечыя злосныя хітрыкі, бо ў апошнім даносе я добра выклаў сапраўдны стан воласці, і парткому павінна быць ясна, што я не магу цяпер выехаць адсюль. Трэба скарыстаць сучасны настрой сялянства, узрушанага супраць злачынцаў, каб ураз расправіцца з бандытызмам. Раптоўны выезд, замена старшыні рэўкома ў такі напружаны момант, безумоўна, народзіць розныя чуткі і плёткі і шкодна адаб’ецца на справе.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А дзіўна як складаецца жыццё! Ужо тыдзень, як я знаюся з Нінай. Ужо тыдзень, як я прыглядаюся да яе і знаходжу ў ёй усё больш і больш цікавага. Прастытутка... Я б не назваў яе так, мая мерка не гэткая. Што ж там, што жыццё, як кажуць, «распуснае». Але хіба ж можна назваць прастытуткай таго, у кім так многа здаровых жывых парыванняў, у каго душа поўніцца такімі цэльнымі, такімі шчырымі пачуццямі?

Жыццё над ёй падсмяялася, добра пакомчыла яе. Не жыццё, а лад, той злачынны стары. Яна адна з тых нездаволеных, злосных, што поўны вострага магутнага пратэсту, што гатовы гэты пратэст абярнуць у гарачую ўпартую чыннасць, у дзейнае парыванне. Яна прыйшла цяпер да нас. Я не верыў адразу, мне смешна было. Цяпер ужо ясна мне, што яна сапраўды прыйшла. Прыйшла, бо зразумела, што яна — наша, што пратэст яе — гэта наш агульны пратэст, які выліўся ў рэвалюцыю, што нездаволенне яе — гэта адвечнае агульнае нездаволенне ўсіх, каго ціснуў, ламаў стары лад.

Яна, відаць, кахае мяне. Смешна неяк — ні з таго ні з сяго... А я? — Мне з ёй лягчэй, я забываюся на тую. Я гавару з ёй, як з таварышам, і яна разумее мяне. З гэткай можна рука ў руку працаваць і змагацца. Гэткая не здрадзіць... Цікава толькі, чым кончыцца гэта.

 

30

ТЭЛЕГРАМА

4. VII. 19 партком.

Стан справы не дазваляе выехаць зараз кропка падрабязна даносе.

Гроцкі.

 

31

Камандзіру атрада тав. Мякушу.

З гэтай запіскай прыйдзе да цябе дзяўчына. Яна можа нам дапамагчы. Як — аб гэтым яна сама раскажа. Па-мойму, ёй можна даверыць. Як ты думаеш? Зірні на яе сваім сур’ёзным жорсткім поглядам, знаеш, такім, як ты часам глядзіш на бандытаў, і твой інстынкт падкажа табе, хто яна й што. Прысылай спраўна даносы аб рабоце. Я ведаю, што ты не любіш гэтага «пэцкання паперы», але, братка, так трэба. Бывай!

Старшыня рэўкома Гроцкі.

5 ліпеня 19 г.

 

32

Гроцкаму

Дзяўчыну тваю атрымаў у цэласці. Глядзеў на яе больш, чымся ты загадаў, але, апрача вялізных чарнюшных вачэй, нічога не ўбачыў. Прыгожая дзеўка, дабро, і, здаецца, свая. Мы з ёй адразу знюхаліся. Атрад пасылаю ў мястэчка на чале з Кузьмёнкам. Будзем працаваць з дзяўчынай. Ты не думай там абы-што... Ды не, ані ў зуб, цэлай астанецца. Як трэба будзе падмога, накажу. Аб усім, што ўзнаеш пра мяне, ані пісні, бо сам ведаеш, адным словам — бывай!

Мякуш Саўка.

 

33

ПРАТАКОЛ
пасяджэння N-га павятовага камітэта РКП (б)
ад 8 ліпеня 1919 г.

Слухалі:

П. Аб барацьбе з бандытызмам.

Дакладчык т..... З кожным днём мы атрымліваем з Чарняўскае воласці ўсё горшыя і горшыя весткі. Бандытызм расце, ахапляе ўсё большы раён і пагражае перакінуцца ў суседнія воласці. Сялянства спагадна адносіцца да бандытаў і варожа да ўлады. З афіцыйных даносаў старшыні рэўкома Гроцкага гэтага не відаць, усе яны працяты аптымістычным настроем, але сябра таго ж рэўкома т. Зянькевіч, стары надзейны партыец, і іншыя таварышы засыпаюць лістамі і тэлеграмамі аб крытычным становішчы ў воласці і ўсе ў адзін голас тлумачаць гэта няздольнасцю і няўмеласцю Гроцкага. На тэлеграму, якою Гроцкі быў выкліканы сюды, ён адказаў вось як (чытае тэлеграму Гроцкага). Нам трэба дакладна абгаварыць гэта пытанне, абмеркаваць усё і прыняць канчатковыя і самыя энергічныя меры, бо...

Пастанавілі:

1. У другі раз прапанаваць т. Гроцкаму неадкладна здаць справы т. Зянькевічу і з’явіцца ў партком.

2. Паставіць на від таварышу Гроцкаму яго недысцыплінаванасць, якая выявілася ў невыкананні загаду парткома.

3. Выслаць у Чарняўскую воласць дадатковую вайсковую сілу.

 

34

ТЭЛЕГРАМА

9.VII.19. Чарняўка рэўком.

Высылаецца вайсковая дапамога кропка Гроцкаму здаць справы Зянькевічу і неадкладна з’явіцца партком.

Сакратар парткома (подпіс).

 

35

Гроцкаму ва ўласныя рукі.

Прысылай атрад у вёску Сёмкава сягоння ўночы. Зрабі так, каб аб гэтым не знаў ніводзін чалавек. Асабліва сцеражыся Зянькевіча. Чаму — аб гэтым, пэўна, дазнаешся, як прачытаеш перасланую разам з гэтым запіску. Я выпадкова адабраў яе ў аднаго хлапца, які адмовіўся даваць якія б ні было тлумачэнні. Хлапца я здаў пакуль што ў Кудлатаўскі камбед, а запіску табе пераслаў. Прыгледзься да пісьма і параўнай яго з пісьмом некаторых нашых. Пакуль што — бывай. Чакаю людзей.

Мякуш Саўка.

9.VII. 19 г.

 

36

Сцеражыся дзяўчыны, Нінай завуць, прастытутка. Яна апошні час з Гроцкім нешта вадзілася і потым, здаецца, яна пайшла ў атрад к Мякушу. Май гэта на ўвазе. З Гроцкім хутка развітаемся, справа йдзе добра.

 

37

Добры дзепь, Гроцкі!

Пішу табе з саменькіх лап звера. Цікава, га? Я ў захапленні проста, таму, можа, й лёгка мне граць сваю ролю. Каб ты ўбачыў мяне, якая я добрая артыстка. Я не ведала, што маю такі талент. А што асабліва цікава, гэта тое, што гульня мая — гульня са смерцю. Так, жыццё маё, як кажуць, вісіць на валаску. Я бачу, што ён нібы трохі дагадваецца. Мо гэта й не так, але ўсё роўна: калі што, дык першая куля прызначана мне. І ведаеш, Гроцкі, я ані-ні не баюся. Я проста не пазнаю сябе. Мне так радасна, добра. У мяне ж цяпер так поўна, так многа чаго ў жыцці. Цяпер мне ўсё асветлена наперадзе.

Ты знаеш маё жыццё. Ты знаеш, што ў ім было трохі і пекных старонак. Праўда, разбаўляліся, губляліся ў агульнай цямноце, але ж былі ўсё-ткі, як ні кажы. І вось я раўную цяпер самыя лепшыя часіны майго жыцця з цяперашнім. Выходзіць, што там і сотае часткі не было таго, што я цяпер адчуваю.

Адно кепска. Надта непрыемна бывае, калі прыходзіцца з ім... ну, ты сам ведаеш што... Але й тут я найшла спосаб збавення. Я, заплюшчыўшы вочы, уяўляю цябе, нібы не з ім я, а з табой... Ты смяешся? Вядома, што смешна. Я ж пішу табе так адкрыта аб усім, аб усім чысценька. Ты не злуй на маю балбатню, я ж так даўно не гаварыла ні з кім па-прыяцельску.

Цябе, можа, цікавіць, як ён да мяне? Мо, думаеш, ён закахаўся ў мяне? Ды не, тут прасцей. Кожнаму зверу самка патрэбна. Ну, а дзе ж яе знайсці? Як ты ведаеш, мы з ім раней сустракаліся і ён улічае мяне за звычайную прастытутку.

Ну, дык вось, мой любы таварыш (выбачай, што назвала так), у мяне больш шансаў на тое, што мяне заб’юць. І нейкае дурацкае прадчуванне шэпча мне, што так будзе напэўна. Мабыць, мы з табой не сустрэнемся больш. Мне хочацца табе шчыра-шчыра падзякаваць, бо, як ні кажы, праз цябе я знайшла сабе шлях. І яшчэ адна просьба табе. Калі мяне не будзе і калі ты ўспомніш часамі мяне, дык успамінай як жанчыну, якая цябе моцна-моцна кахала. Ты паверыш, цяпер я знаю, бо маніць мне няма ніякага сэнсу. Ну, выбачай, таварыш, за гэту мімавольную сентыментальнасць. Бывай!

 

38

ТЭЛЕГРАМА

9.VII.19. партком.

Заўтра выязджаю кропка. Здаю Грышчанку.

Гроцкі.

 

39

Сакрэтна.

Час. камандзіру атрада Кузьмёнку.

Загадваю зараз жа арыштаваць сябра рэўкома Зянькевіча і трымаць пад надзейнай вартай да асобнага распараджэння. Падрыхтаваць атрад да выступлення сягоння ўночы. Выхад атрада з мястэчка павінен прайсці непрыметна. Аб часе выступлення я дам загад асабіста. Я буду знаходзіцца з атрадам.

Старшыня рэўкома Гроцкі.

9.VII. 19 г.

 

40

У N-ю павятовую надзвычайную камісію.

Разам з гэтым перадаецца на Ваша распараджэнне правадыр шайкі бандытаў Заслаўскі і 15 яго таварышаў згодна прыкладзенага спіску, забраныя ўночы з 9 на 10 ліпеня ў в. Сёмкаве. Падрабязнасці забрання бандытаў у даносе камандзіра атрада т. Мякуша. Адначасна перадаецца быўшы сябра вал. рэўкома Зянькевіч, які выкрыты ў здрадзе і зносінах з бандытамі, што відаць з прыкладзенай пры гэтым запіскі, якая напісана, відавочна, яго рукой. У мясцовай ячэйцы атрыманы толькі што неафіцыйныя весткі, якія прымушаюць сумнявацца ў яго сапраўднай належнасці да РКП (б).

Час. старшыня Чарняўскага рэўкома Грышчанок.

№ 179

10 ліпеня 1919 г.

 

41

(З газетнае хронікі)
ЛІКВІДАЦЫЯ БАНДЫ ЗАСЛАЎСКАГА

9 ліпеня г. г. у в. Сёмкаве, Чарняўскай воласці атрадам па змаганні з бандытызмам злоўлен правадыр шайкі бандытаў Заслаўскі і яго 15 таварышаў. Падрабязнасці забрання бандытаў вось якія:

За тры дні да гэтага ў банду пранікла абліччам прастытуткі адна мясцовая дзяўчына, якая сышлася з Заслаўскім і ўвайшла ў курс жыцця банды. Узнаўшы, што Заслаўскі рыхтуецца ўночы на 10 ліпеня наведацца ў в. Сёмкава, дзяўчына паведаміла аб гэтым у мясцовы рэўком. У тую самую ноч у в. Сёмкава быў выслан атрад, які абкружыў хату, дзе быў Заслаўскі, і пасля ўпартага адпору з боку бандытаў яны ўсе былі забраны, апрача трох, забітых на месцы. Сам Заслаўскі забраны жывым, але цяжка паранены. З боку атрада — пяць раненых і тры забіты. Сярод забітых — старшыня мясцовага рэўкома т. Гроцкі. Таксама забіта й тая дзяўчына, якая была з бандытамі і выдала іх.

Злоўленыя бандыты накіраваны ў надзвычайную камісію, якой цяпер вядзецца следства з мэтай выкрыцця рэшты ўдзельнікаў банды.

 

42

N-скі павятовы партыйны камітэт з жалем паведамляе аб геройскай смерці на фронце барацьбы з бандытызмам старшыні Чарняўскага рэвалюцыйнага камітэта Iгната Рыгоравіча Гроцкага.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан