epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Чаплюк

 

Дружна жыла наша камуна. І весела. Бывала, ці добра, ці дрэнна, ці ёсць чым пазатыкаць назойлівыя жываты, ці няма,— усё роўна смех, песні, жарты нязводна панавалі ў нашай хацёнцы.

Стаяла нас у аднаго селяніна роўна пяць чалавек. Цесна было. Вядома ўжо, якія раскошныя пакоі ў нашага селяніна, ды к таму яшчэ незаможнага. І ў сэнсе «прадуктыўнасці» — таксама кепска... Паёк... А каб ад гаспадара што — не. Ды куды ж там: пакармі гэткую плойму раз-другі, дык і сам без хлеба астанешся.

Але ў нас быў надта добры звычай: ніколі не траціць прысутнасці духу. І жыццёвыя нягоды толькі давалі нам багаты матар’ял да бесканцовых гутарак, жартаў. Як прыйдзе, бывала, ноч, паляжам упокат на падлозе — усю хату засцелем — і давай гарэзаваць. Ужо пеўні недзе ратунку пракрычаць, ужо гаспадар разоў дваццаць перавернецца, лежачы на печы і, пэўна, на ўсе чатыры бакі лаючы ў думках сваіх кватарантаў,— а мы ўсё сваё...

Адно, другое, трэцяе — тэмы мяняюцца, пралятаюць, як матылькі ўлетку... І ўсё смешнае, усё вострае, ёмкае, усё такое, што наскрозь працінае.

Весела было... І калі на дзела станавіліся, таксама не тужылі. Умелі з работы пацеху рабіць.

Быў у нас Чаплюк... З аблічча нічога цікавага: маленькі, хударлявы, непрыгожы, нос непамерна вялікі, губы тоўстыя... А дзіўны быў хлопец!

У нашай часці ён быў самым старым чырвонаармейцам. Ад самага фармавання часці ён як трапіў у яе, дык увесь час безадлучна і служыў у ёй. На яго памяці колькі камандзіраў, камісараў перабыло, склад чырвонаармейцаў зусім змяніўся, а ён нязменна аставаўся на сваім месцы.

Быў ён сакратаром ячэйкі. І трудна было адзначыць: ці добры ён сакратар, ці благі? Абавязкі свае спаўняў шчыра, нават залішне шчыра. Бывала, як прыйдзе час справаздачы, як надыдзе дзела да ўсялякіх «формаў» ды «бланкаў» — бяда! Ад кампаніі адаб’ецца, забудзецца аба ўсім чыста на свеце і сядзіць. Строчыць. Колькі ён, бывала, паперы перапсуе, колькі чарніла паразлівае! А сам запэцкаецца ўвесь, ускалмачыцца — зірнуць страшна.

У гэткую пару звычайна ўся камуна наша неяк цішэла. Спачатку, бывала, пасмяёмся троху над нашым «пісарам», пажартуем, а потым кінем яго, займёмся кожны ў адзіночку сваім дзелам — няхай працуе! Зналі, што йначай не можа наш Чаплюк.

А цяжка-ткі давалася Чаплюку пісарская справа. Яно й не дзіва: бадай, толькі ў арміі ён і пісаць добра наўчыўся. Проста ад станка з завода пайшоў ён бараніць Саветы.

Ну, затое ж і аджывала наша камуна, як вялізным пакетам скідаўся з Чаплюка цяжар месяцовай адчотнасці! Тады Чаплюк — не пазнаць — мяняўся. Трудна было даць веры, што гэта той самы пісака, што толькі што з натугай выседжваў за сталом страшэнныя, вялізныя «формы».

Дый наогул Чаплюк неяк дужа ўмеў мяняцца. У яго было два абліччы: адно, калі можна так назваць,— «афіцыйнае», а другое — «сяброўскае». Першае з’яўлялася тады, калі Чаплюк быў заняты сур’ёзнай справай або як саромеўся. А саромеўся ён часта. Досыць было з’явіцца ў нашай камуне якому-небудзь новаму чалавеку, як Чаплюк, што смоўж, убіраўся ў сваю шкарлупу і выстаўляў напаказ толькі свае наіўна-сур’ёзныя вочы ды важна напружаны выраз цьмянага твару.

Затое, калі аставаўся ён сярод сваіх блізкіх сябрукоў (а гэткімі былі ўся вайсковая часць і блізка ўсе мясцовыя сяляне), ён ураз вылазіў з свае шкарлупы і разліваўся на ўсе бакі ўсёй сваёй істотай.

Чаго толькі ён не вытвараў! Чаго не выгадваў! Бывала, да таго давядзе, што духу не хапае смяяцца. Ён табе і тэатр, і балет, і опера, калі хочаш. А то проста скорчыць такую міну, што ўсе аж кладуцца. І мастак жа ён быў міны корчыць! Ды не проста, абы-як, а ўсё з закідам у чый-небудзь бок.

Больш за ўсё армейцы любілі, як ён «Антанту» паказваў. Заўсёды, бывала, так і крычаць:

— Антанту! Антанту!

А паказваў ён яе якраз так, як у чытальні на афішы яна была намалёвана, ды так удала — проста дзіва!

Здольны быў хлопец. Хто толькі не знаў яго, усе ў адзін голас казалі:

— Талент. На сцэну трэба, у студыю, вучыцца.

І ўсе вешчавалі яму слаўную будучыню.

А ён, калі чуў гэта, не карожыўся, як іншыя, не аднекваўся, а сур’ёзным, шчырым тонам гаварыў:

— Мне каб павучыцца. Каб апрацавалі мяне добра, адшліфавалі. Толькі — дзе там...

Колькі раз прабавалі зацягнуць Чаплюка на сваю армейскую сцэну, але з гэтага нічога не выходзіла. На рэпетыцыях яшчэ нішто, а як прыйдзе справа да спектакля — быццам нешта зробіцца з ім. Палохаўся, мусіць, ці што. Ужо за колькі гадзін да пачатку засмуціцца неяк, убярэцца ў сваю шкарлупу, і хоць ты што хочаш рабі — не разварушыш яго, не абудзіш у ім таго Чаплюка, які патрэбны. Гэтак і выйдзе на сцэну і пачне гаварыць нейкім глухім, замагільным голасам.

Так і не ўдалося прыцягнуць яго да сцэны. Прыйшлося махнуць на яго рукой, пакінуць у спакоі.

Любілі Чаплюка ўсе чыста: і армейцы і сяляне. Нават старыя і тыя ахвотна з ім час марнавалі, не гледзячы на тое, што і камуніст. І не злаваліся дужа, калі ён над імі часамі жарт які выкіне. Былі ў яго і асаблівыя прыхільнікі сярод сялян, з якімі ён вёў самую заўзятую дружбу. Цікава было бачыць, як калі-небудзь спатыкаўся ён з каторым ад гэтых сваіх сябрукоў. Яшчэ здалёк крычаць абодва ва ўсё горла:

— Чаплюк!

— Дзядзька Змітрок!

— Дзень добры!

— Добры дзень!

— Куды?

— Адкуль?

Сыдуцца — і пачалося. Толькі:

— Га-га-га-га! Го-го-го-го! — рагоча на ўсю вёску барадаты селянін...

А што свая братва — армейцы, дык тыя без Чаплюка жыць не маглі. Ён неяк умеў злучаць усіх — і простых армейцаў і камандзіраў у адну дружную, сяброўскую сям’ю. Чуць калі вольная часіна, збяруцца, бывала, усе ў чытальню, балалайка, гітара аднекуль з’явяцца — і пойдзе вясёласць! Іграюць, пяюць, а больш Чаплюка слухаюць. А той адчувае сябе на сваім месцы і «працуе» ад усяго сэрца. Канчалася ўсё гэта звычайна тым, што, замарыўшыся ад смеху і спеваў, армейцы сядуць разам з сваімі камандзірамі ў гурток і пачнуць доўгую сяброўскую гутарку. І кожны тады адчувае сябе сябром адзінай, моцнай і дружнай пралетарскай сям’і.

Трапляліся ў армейскім жыцці гадзіны, калі цяжка прыходзілася хлопцам. І тады Чаплюк быў незамянімы. У яго была нейкая дзіўная здольнасць ніколі не адчайвацца. Як бы дрэнна ні было яму, ён усягды быў вясёлы, бязрупатны, і сваёю бязрупатнасцю ён захапляў усіх.

Помню, нешта аднаго разу нашай часці прыйшлося пільна перабрацца з аднаго месца на другое. У тры дні трэ было зрабіць пераход блізка ў паўтараста вёрст. Надоўга застаўся ва ўсіх у памяці гэты пераход.

Была зіма. Жорсткая, сцюдзёная зіма. Завея і завея. Дарогі няма. Па калена вязнуць ногі ў сыпкім, глыбокім снезе. Куды ні зірнеш — белае мора, смутнае, бяскрайнае... Нідзе канца не відаць. Цяжка і нудна. Ног не чуваць, а ў галаве быццам туман нейкі — зыбкі, цягучы... Неяк міжвольна роспач бярэ, неахвота. Не хочацца йсці. Лёг бы, здаецца, у мяккі, пульхны снег і спачыў у салодкай нерухомасці.

Але зірнеш убок: воддаль у снезе калупаецца маленькі, недалужны. Рукамі махае, рупіцца, каб не астацца. Зірнеш на яго, а ён міну скорчыць табе насустрач ды пракрычыць што смяхотнае. І, змораны, зняможаны, не ўтрымаешся, каб не зарагатаць.

І не прыкмеціш, як сілы прыбавіцца. Смялей і адважней засігаеш у бела-туманную даль...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Неяк улетку, якраз у самы разгар сенакосу, у той час, як армейцы дружна працавалі на сялянскіх пожнях, далучаючы да сялянскага поту кроплі свайго чырвонаармейскага, у часці атрымалі загад аб звальненні ў двор старых гадоў.

Заварушыліся, загаманілі армейцы. Адны радаваліся, як шалёныя, другія адкрыта зайздросцілі. Звальнялася адразу колькі гадоў; блізка што палавіна ўсяе часці рыхтавалася ехаць.

Адразу змяніўся настрой ва ўсіх. Усе інтарэсы сучаснага жыцця адышлі ўбок, і некаторы час блізка ўсе чырвонаармейцы жылі салодкімі, ап’яняючымі настроямі сваіх родных вёсак, сваіх родных краін. Заціхлі спевы, гульні; замярцвела вясёла-ёмкая праца ў палях. Замест гэтага сям-там гурткамі па двое, па трое збяруцца, зюкаюць жвава, узрушана. Адны радуюцца, другія сумуюць.

А ў штабе пісалі дакументы...

Чаплюк таксама падлягаў дэмабілізацыі. Яго год яшчэ раней звольнены быў, а ён затрыманы як партыйны. А цяпер і яго чарод прыйшоў...

Чаплюк адразу, як пачуў новую вестку, узрадаваўся нейкай дзіцячай шалёнай радасцю. Ён пачаў скакаць, кідацца ка ўсім, лямантаваць так, як сілы хапала... Кінуў работу і пайшоў падымаць гвалт па вёсцы.

Толькі нядоўга цягнулася яго шалёнасць. Увечары таго самага дня я, увайшоўшы ў гаспадарскі сад, убачыў, як ён у глыбокай развазе сядзеў пануры ў куточку на бервяне. Я падышоў да яго.

— Ну, што... едзеш, значыцца?..

— А што там!.. Дакуль служыць?.. Час у двор... Эх, знаеш, брат... цяпер я... Скрыдлы развязаны... вольная птушка!..

— Куды ж ты думаеш падацца: на Урал ці на Украіну?

— А ўсё роўна. Я яшчэ не надумаў. Ды мне што! На Урал паеду, там на завод з’яўлюся. Брат ты мой! Усе свае хлопцы. Эх, зажывём! А то на Украіну. Брат усё піша, каб прыязджаў. Зямлю буду араць на валах...

Адразу відаць было, што ўсё гэта Чаплюк гавора не ад сэрца, што ўся гэта яго бадзёрасць, рызыка падробленая, што ён проста не хоча выгляду даць, а на сэрцы ў яго зусім іншае. Я зразумеў гэта, і мне неяк шкода-шкода стала гэтага маленькага чалавечка.

У Чаплюка не было свайго двара. Ён быў, як кажуць, чалавек без роду і племені. Яшчэ змалку ён пазбыўся бацькоў і пайшоў вандраваць па свеце. У апошні час жыў дзесь на Урале, на заводзе працаваў; адтуль і ў войска пайшоў. Быў у яго брат: той недзе на Украіне на гаспадарку ўзбіўся, жыў нішто, заможна. Да яго і меўся паехаць Чаплюк або на Урал, на знаёмы завод...

Я знаў, што не надта ўсміхалася Чаплюку будучыня, хоць ён і хваліўся. На Урале голад: пасунься туды, дык здохнеш, пакуль заробіш што-колечы. А к брату — таксама мала прыемнага... Мала што піша, а там запяе што другое... ды і на зямлі не прывык працаваць Чаплюк — цяжка...

І відаць было, што ён і сам цяпер не ведае, што рабіць; страшна яму зрывацца з пэўнага, бяспечнага месца і ехаць у невядомую даль. Мусіць, надта цяжкім бярэмем ляжалі на яго душы ўспаміны аб мінулых бадзяннях.

А паказваў выгляд, быццам сапраўды давольны, што з войска звальняюць.

У наступныя дні Чаплюк трымаў сябе вельмі дзіўна. Калі дзе на людзях — смяецца, весяліцца, жартуе, а адзін застанецца — адразу засмуціцца, задумаецца, убярэцца ў сябе... Сядзіць, глядзіць у адну кропку. Колькі раз заставалі мы яго ў гэткім стане. Як падыдзеш, усхамянецца, быццам засароміцца, і пачне гаварыць-гаварыць усё адно, аб адным: як ён рад, што паедзе. Неяк цяжка, балюча было яго слухаць, і мы кожны раз стараліся пакідаць яго ў адзіноце...

Чым бліжэй надыходзіў дзень ад’езду, тым дзіўней быў Чаплюк і тым цяжэй і неяк напружней станавілася ў нашай камуне. Мы ўсе разумелі, што дзеецца з нашым Чаплюком, усе наскрозь бачылі яго пачуцці, яго сумлеўкі. І, апрача таго, што нас усіх надта цяжарыла, маркоціла блізкасць разлукі з сваім лепшым сябруком, нам было непамерна цяжка глядзець на яго пакуту. Ясна было, што Чаплюк зусім не хоча, баіцца ехаць, а паедзе... Паедзе, можа, на гора, бядоту толькі затым, што яму пасля выказанай радасці неяк сорамна ўжо заставацца.

І мы ўсе думалі, радзіліся, як памагчы справе, як выручыць сябрука. І, урэшце, надумаліся...

На другі дзень камісар заявіў Чаплюку, што, згодна толькі што атрыманага распараджэння, усе сакратары ячэек на нявызначаны час затрымліваюцца ў войску і што яму, Чаплюку, таксама прыйдзецца астацца.

Невядома, ці дагадаўся Чаплюк, што гэта яму наўмысля гэткую штуку падладзілі, ці не. Пасля ўжо, як прайшло нямала часу і мы раскрылі яму свой сакрэт, ён запэўніваў, што і ў думках у яго не было нічога падобнага. Як там ні было, але наш Чаплюк, дзеля прыліку палаяўшы некага за тое, што яго «сілком трымаюць, копцяць тут у войску», астаўся служыць... І адразу супакоіўся...

Праз колькі дзён мы праводзілі ад’язджаючых таварышаў, і Чаплюк, як і раней, пацяшаў усіх сваімі вострымі жартамі, выкладаючы ад’язджаючым самыя недарэчныя пажаданні.

А тыя пазіралі на яго з ласкава-светлай усмешкай і гаварылі:

— Каго-каго, а Чаплюка мы будзем доўга помніць!..

 


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан