epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Хвіліна

 

Старшыня правяркома ціхім ад зморы і нервовага напружання голасам выклікаў чарговага кандыдата:

— Кастроў Мікола!

Да стала падышоў сярэдняга веку мужчына з ахайнай чарнявай бародкай, з вострымі ўсмешлівымі вачмі з чмарай радзімай над левым брывом.

Старшыня паволі ўзняў ад паперы марудны погляд і зірнуў на Міколу Кастрова. Урачыста-спакойны твар яго застыў у раптоўным акамяненні, вочы зайстрыліся рэзкім сталёвым агнём і — завыў, застагнаў па заўголлю раз’юшаны вецер, шумархнуў па стрэхах саломай і клок яе — мокрае, цвілае — нахабна кінуў пад ногі, як глумлівы паскудны падарунак. У гэтую ноч усё было чорнае, чужое, варожае — таму і вецер, чулася, быў іхны, не свой, і прыляцеў ён сюды з бяздоннае цемры (з мокрых сцюдзёных палёў) не іначай затым, каб сваім лютым шалам ускалануць, узбучыць мора злавеснай трывогі, застойна звеслае над сялом.

Камісар адчыніў фортку і выйшаў на вуліцу.

Скрозь лямант ветру гукі страляніны прабіваліся глуха і няпэўна. Не згадаць было, ці далёка-далёка аднеслася крывавая мяжа, ці мо вось тут блізка, пад самым сялом, здрадліва прытулілася чорная небяспека.

Па вуліцах ужо віхравала трывожная сумятня. Стаялі абозы, гатовыя да адступлення,— нецярпліва порскалі коні, дакучна рыпалі, сморгаючыся на месцы, вазы, мокра пляскаліся ў цемры, у ветры азызлыя галасы абознікаў. З жвавым пярэклікам прабеглі паўз плот тэлефаністы — прапішчэла жаласна і працавіта шпулька, на якую намотваліся правады. Недзе далёка (а мо і блізка) нехта з трагічнай настойнасцю некага клікаў.

Толькі што ў штабе атрымалі загад з дывізіі — адступіць. Штаб палка ўжо цалком звінуўся і чакаў трэцяе роты, якая ішла ў рэзерв,— разам з ёй мела адыходзіць штабная каманда.

Камісар дайшоў амаль што да краю сяла і нарэшце пачуў паміж узвываў ветру далёкі (а мо і блізкі зусім?) перабор хліпкіх уцісклівых крокаў. І адразу ж, над самым вухам, выбухнулі парваныя галасы.

Ён спыніўся.

— Камандзір трэцяе роты!

— Слухаю, таварыш камісар!.. Рота... стой!..

Нешта бязладна целяпнулася ў цемры і змоўкла. Дымнай плямай вызначылася непамерна вялікая постаць камандзіра роты.

— Ну, што?

— Дазвольце далажыць, таварыш камісар. Згодна загаду, з’явіўся да штаба палка. Белыя наступаюць і неўзабаве павінны быць тут.

— Як рота?

Камандзір адказаў з жорсткай нялюдскай сур’ёзнасцю (на вачах у смерці родзіцца гэта сур’ёзнасць):

— Пяцьдзесят сем чалавек пакінулі строй... Рэшта — змардаваныя да краю. Але ў прыгодзе рота яшчэ здолее паказаць сваю баявітасць.

— Добра. Штаб палка на тым канцы вёскі. Скажэце таварышу камандзіру, каб чакалі мяне за сялом.

— Слухаю!

Камісар вярнуўся назад, на сярэдзіну сяла, і ўвайшоў у хату з зырка асветленымі вокнамі.

Тут усё было напагатове. Сакратар у поўным страі сядзеў на скрыні сакрэтных папер і з хаплівай паспешнасцю (быццам не ўправіцца) курыў сваю люльку. Ля парога стаяў веставы — з вінтоўкаю за плячыма.

А на стале, пад старадаўнай вісучай лямпай яшчэ ў бяспечным спакоі ляжала разгорнутая карта ваенных дзеянняў, і на ёй самотна стыла забытая шклянка гарбаты.

Камісар загадаў:

— Таварыш сакратар! Зараз мы выступаем. З усім сваім барахлом ідзіце да начальніка штаба...

Потым — веставому:

— Вы паедзеце разам з ім і, як усё там будзе гатова, прыскачаце да мяне.

— Слухаю...

Камісар астаўся адзін. Колькі хвілін задуменна сігаў па пакоі, потым, нібы ўспомніўшы што, схапянуўся і падышоў да стала. На карце шпількамі адзначана была лінія фронту. Камісар сеў за стол, машынальна выпіў сцюдзёную гарбату (бо замінала) і ўдаўся ў розгляды стратэгічных планаў.

На дварэ варожы вецер завінаўся штораз з большай лютасцю і нахабствам. Ён гадзюкай віўся навокал хаты, у бяссільнай злосці грыз мокрыя вуглы, драў на страсе салому і выў, як падбіты сабака.

А ў хаце стаяла зусім лагодная, зусім далёкая ад вайны, ад завірухі ціша.

Вецер прынёс і ўпіхнуў у хату глухое зазыўнае іржанне. Гэта конь — верны таварыш — настойна клікаў свайго гаспадара.

Камісар не пачуў. Сядзеў — нерухомы, акамянелы, цалкам углыбіўшыся ў свае думкі. І толькі раптоўная цішыня за акном (на момант адляцеў некуды ці мо змоўк, знясілены, вецер) абудзіла яго.

Ён прыслухаўся. У гэтым неспадзяваным зацішшы не чуваць было абыклых гукаў паходнага мятушэння. Мабыць, штаб цалкам ужо выбраўся за сяло.

— Чаму ж няма веставога?

І нібы ў адказ яму раптам выбіўся за сцяной конскі тупат. (Не адзін конь, а некалькі — мабыць, нехта прыехаў яшчэ з веставым.)

Загрукатала ў сенцах. Камісар з чаканнем глядзеў на дзверы. І дзверы расчыніліся — ураз, адным рэзкім парыўчатым махам. І ў напята расчыненых дзвярах (таксама ўраз, адным махам) выраслі тры вінтоўкі і тры ў чужой форме салдаты. Вінтоўкі з дзікай выразнасцю глядзелі ў яго чорнымі рулямі.

— Рукі ўгору!..

Камісар хапянуўся быў за кабуру, але суняўся (што ён можа зрабіць?). І рук не падняў — сядзеў у той паставе, у якой заспелі яго.

Потым — штурхаючы, тузаючы — павялі яго ў штаб.

— Камісара спаймалі!

І рагаталі, і здзекаваліся з яго, хто толькі хацеў.

Далажылі камандзіру, і да яго выйшаў афіцэр — голены, белы, з вострымі ўсмешлівымі вачмі, з чмарай радзімкай над левым брывом. Афіцэр падступіў да яго блізка-блізка і з тонкай усмешкай (колькі было ў ёй атруты!) кінуў у твар яму:

— Падлюга! Бальшавіцкая погань! Свіння!..

Камісар ведаў, што будзе, і хацеў, каб было скарэй.

Таму ён з маўклівай спакойнасцю плюнуў у вострыя ўсмешлівыя афіцэравы вочы.

Афіцэр — ашалелы, дзікі — выхапіў з кабуры наган. Але не страляў. Ён біў яго перш ручкай нагана, а потым кінуў наган і, як звер, уцупіўся ў яго кіпцюрамі.

Камісара не стралялі адразу. Колькі гадзін давялося яму прасядзець з іншымі палоннымі ў цёмным халодным свірне. Там упацёмку па голасе пазнаў яго веставы і расказаў, як злавілі яго, калі ён ехаў далажыць свайму камісару, што ўсё гатова да адыходу.

А пад ранне перайшлі ў наступленне чырвоныя, адбілі тое сяло — прайшла доўгая, як вечнасць хвіліна. Яна мулкім ражном захрасла ў пакоі, да болю напнула людскія пачуцці, скруціла іх у адно палкае, нясцерпнае чаканне. На задніх лавах пачала падымацца публіка. Па ўсім пакоі пайшоў перабойнымі хвалямі нервовы напружаны шопат.

Тады Мікола Кастроў моўчкі завярнуўся і пайшоў ад стала, панура схіліўшыся пад цяжарам свайго маўклівага прыгавору.

 


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан