epub
 
Падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Камсамолка

 

Каб я быў мастаком, я б намаляваў вобраз камсамолкі. Я б уліў у яго ўсю магутна-бурлівую моц маладога жыцця, я б аздобіў яго хараством нябачаным, дзіўным.

Ён стаіць уваччу ў мяне, гэты дзівосны вобраз — сымболь нязведаных радасцей новага жыцця. Ён гарыць пекнатой неўмірушчай, ён маладосцю задорнай, гуллівай брызгае з блакіту іскрыстых вачэй.

Бачу ў ім водбліск агністага сонца, бачу ў ім волю раздольна-шырокую, мора імкненняў адважных, глыбокіх. Удалеч, ушыр, у адкрыты зарністы прасцяг, каб усё агарнуць сваім буйным запалам, каб усё ажывіць, акрапіць жыватворчым дажджом красавання!..

А часам —

Бурным уздымам, віхурнай гразою сталіцца люстра блакіту. Тады здаецца, што ў гнеўным шале, у грымотах чорных, сярод маланак бліскуча-вострых устае вялізнай грамадай бурнай жывы Кастрычнік.

Тады — адвага, сталёвы гарт.

Тады — усё перамагчы! Усё!

Вінтоўку ў рукі! На бой!..

Пакуль зноў не развеюцца хмары, пакуль не ўсміхнецца ласкавае сонца.

А тады —

Цвіце, красуе чырвань твару, з вачэй іскрыстых радасць льецца, расце, бушуе жарам сонца, блішчыць наўкола новым светам.

Тады ў спевах, у забавах, у гуллівым карагодзе паміж працы крапатлівай граюць вочы маладосцю, рунню свежай, срэбралістай. І звініць, зычыць няўпынна голас звонкі камсамольскі, голас тысяч, мільёнаў, дружным спевам, дзіўным хорам:

— Я — камсамолка! Мой бацька — Кастрычнік!..

Дык вось які б я хацеў стварыць вобраз камсамолкі — сымболь нязведаных радасцей новага жыцця. Эх, каб я быў мастаком!..

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com