epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Ліпа

1
2
3


 

1

Чорная, дзіка пагбаная старасцю,— яна адным сваім выглядам абуджала ў кожнага чалавека непрыемнае пачуццё. Яе тулава было цяжка схіліўшыся да зямлі, быццам застыла яна ў беспрасветна-панурай гатоўнасці рынуцца долу і з чорнай пакорай аддацца смерці. А сук адзін — караваты, грамоздны — тырчэў высока ўгару і выдаваў страшэнным пальцам, узнятым у нейкай злавеснай пагрозе.

Пад гэтай ліпай плакала некалі дзяўчына вясковая Ганна, на грудзях плакала ў хлопца свайго аблюбёнага, у нешчаслівага свайго жаніха. А йшоў Андрэй тады ў свет няведамы, уцякаў ад немінучае смерці. У глухую чорную ноч адбылося іхнае развітанне — гэтая ноч была ціхая ад грузна навіслай трывогі, была чужая зусім, непрытульная. Удзень перад тым з вёскі пайшлі чырвоныя. Хоць блізка быў вораг і па вёсцы ўжо вострым сіверам віўся спалох, але ўсё ж моладзь праводзіла іх аж да Шырокага Бору, і Андрэй зноў браў у Ганны тую пунсовую хустку, каб, уздзеўшы яе на шасток, несці наперадзе — з Ганнінай хусткі рабіў ён прыгожы яскравы сцяг. Гэтай хусткай выціраў ён уночы пад ліпай Ганніны гарачыя слёзы, а потым, адыходзячы, роўненька склаў яе і прашаптаў з балючай пяшчотнасцю:

— Хай гэта на памяць... Я буду, Ганулька, насіць яе пры сабе і цябе ўспамінаць... увесь час... да смерці.

Пад чорнай пакарожанай ліпай злавілі потым Андрэя, пераапранутага ў старца-калеку. Для прыгрозы сялянам яго павесілі на крывавым суку, што ўзняты быў як страшэнны, жудасны палец. А здымаць або нават кратаць яго забаранілі строга — смерць чакала таго, хто б памкнуўся парушыць гэты загад. Чорнымі бяздонна пустымі начамі прыходзіла толькі старая матка наведаць свайго гаротнага сына — падпаўзала, як злодзей, пад сагнутае тулава ліпы, сцеражліва ўставала з долу і ўзнімала ў цемру дрыжачыя рукі, каб знайсці мёртвыя сынавы ногі. Яна абнімала гэтыя ногі, аплятала іх шорсткімі пасмамі сівых валасоў і стаяла так у бязмернай ціхасці гора, пакуль не ссыпалася з ліпы дробная песня вясёлай птушкі — вястунні блізкага золку. Тады пачынала плакаць старая — плакала яшчэ з паўгадзіны і адыходзіла роўнымі маруднымі крокамі, змораная і апусцелая. Каля гумён яе чакала Ганна. На змучаным твары старой тады аджывала трывожная ласка. Яна рупліва зашпільвала Ганне кажушок, папраўляла на галаве ў яе хустку і, выціраючы шурпатай рукой Ганніны слёзы, шаптала:

— Не йдзі, нявестачка... Не йдзі, сіротачка... Хай ужо я, старая, дык мне чаго ўжо баяцца... А цябе не пушчу, мая дзетухна: загубяць цябе, закатуюць...

Агульнае гора звязала было гэтых жанчын глыбокай пяшчотай, і Ганне зусім не дзіўна было, што цяпер, калі не стала яе жаніха, старая пачала яе зваць нявесткай.

 

2

Зусім натуральна, што пан скрыгаў зубамі ад злосці, калі бачыў, як на былых яго абшарах працавітым і дружным роем будуюць сяляне муры новага свайго дабрабыту. З самага таго часу, як у зялёнай лагчыне, што за вясковымі гумнамі, мізэрная рэчка Латаўка абярнулася ў непераступны рубеж і нахабна разбіла жыццё на два дзіўна-розныя светы, з самага таго часу і пайшло гэта нявіднае і няўлоўнае спаборніцтва.

Невядома, якім спосабам маглі пералятаць цераз рубеж розныя весткі і чуткі, але яны ўсё-ткі пераляталі і пераносілі з аднаго боку дзіка-пагрозную, але бяссільную лаянку, а з другога — нечакана яскравыя ўзбліскі новага росквіту. Калі праз гады тры выскачыў з вёскі на былое панскае поле зграбны пасёлак, пан нават ліст пераслаў — пагражаў, што як зменіцца лад, дык спаліць дашчэнту пасёлак, а гаспадароў засудзіць за беззаконнае засяленне чужой зямлі. Сяляне тады наладзілі пану грозную дэманстрацыю: усцяж па мяжы пусцілі новенькі трактар (трактар туркатаў з ваяўніча-задорнай пыхай, быццам дражніўся) ды яшчэ начапілі чырвоны сцяг — на, пан, дзівуйся, дрыжы ад злосці.

Але вось і некалькі год мінула, а ўсё неяк зашчэміць сэрца, калі зірнеш туды, за сялянскія гумны, дзе такая лагодная, простая Латаўка стала раптам грознай мяжой і адзічэла ў суровай сваёй незачэпнасці. За Латаўкай усё тое самае: гарэзна пабег удалеч узгорак — направа ўпёрся ў пушчу-драмушчу, а налева адкрыўся раскошным полем; на самым бадай што ўзлессі хмура затоіўся ў зеляніне панскі маёнтак — пераходжана гэта ўсё, перасаджана, шчодра паліта мужыцкім потам, а часам слязьмі. Усё — тое самае і ўсё — дзіка-чужое, непрыветнае.

Зусім блізка за рэчкай Латаўкай на скрыжаванні дарог стаіць, панура схіліўшыся да зямлі, старая чорная ліпа. Сяляне не любяць глядзець на гэтую ліпу — цяжкое пачуццё абуджае яна сваім карчаватым шкілетам, збярогшым у сабе жывы напамінак аб смерці. Але найбольш гняце гэты злавесны помнік таго, каму ў самае сэрца ўвайшла страшэнная смерць партызана. Кожны ранак, ідучы на гумно па трушанку, старая Арына з балючым сумам глядзіць на крывую постаць знаёмага дрэва, і яе аслабелае сэрца сціскаецца ад глыбокага жалю, перамяшанага з невыразным цяжкім прадчуваннем. Яна на скоры поспех робіць трушанку і, працятая незразумелай трывогай, спяшаецца ў хату, каб заспець яшчэ, каб не пайшоў на службу ў Савет Міколка. Яна з хаплівай прагнасцю ўглядаецца ў прыгожы энергічны твар свайго меншага сына, быццам хоча ўбачыць на ім таемныя адзнакі сынавай долі, і ў матчыным эгаізме шкадуе, што Міколка такі прыгожы, разумны, усюды прыметны. Такому, як ён, заўсёды першы гонар і першая кара. Не ўжыве ён, пакіне яе, сіраціну, як і той, старэйшы.

Адно толькі нарэшце давала спакой Арыне — гэта ціхая, светлая думка аб тым, што Міколка кахае Ганну і скора ажэніцца з ёй. Здавалася, што ад гэтага неяк зменіцца ўсё, паспакайнее ў жыцці. А тое, што Ганна кахала Андрэя, яна не лічыла за перашкоду да іхнага шлюбу — гэта яшчэ больш прыхіляла яе да дзяўчыны.

— Які ж тут грэх! Яна, можа, і кахае Міколку затым, што помніць таго, што падобны ён на Андрэя...

Аднойчы прыйшоў на вёску чужы чалавек — назваўся перабежчыкам з Польшчы,— ён цэлы вечар апавядаў пра тое, што дзеецца там, за мяжой. Ён расказаў, што збіраецца там незлічоная сіла, каб пайсці на бальшавікоў, што хутка будзе вялікі бой і расправа. Арына чула гэта апавяданне і пасля таго не спала цалюткую ноч. Уваччу вырастала крывая чорная ліпа, узнімала ўгару свой страшэнны палец і пагражала. Арына рабіла вялікія патугі, каб не ўявіць, як на гэтым заклятым суку вісіць яе Міколка, нейкая непаслухмяная частка істоты ўпарта падсоўвала гэты жудасны вобраз. Арыне пачынала здавацца, што ўся небяспека, увесь страх толькі ў ёй, у ліпе, у яе гэтым высока ўзнятым суку. Раніцой Арына, ідучы на гумно, доўга баялася зірнуць у той бок, дзе стаяла страшнае дрэва. Але нешта цягнула паглядзець на яго, перамагала гэты інстынктыўны і незразумелы страх. Яна спачатку скоса зірнула туды, потым шырока выпяла вочы, задрыжэла ўся чыста і павалілася на свае вераўчаныя рэзвіны. Ёй здалося, што на ліпе, на страшэнным тым высокім суку вісіць чалавек.

 

3

На вёсцы адразу ўсе зразумелі, што гэта пан загадаў павесіць на дрэва сабаку, што гэта яго чарговы жэст супраць вёскі. Пужае! І над гэтым усе дружна смяяліся. Але старую Арыну не заспакоіла гэта. Тое, што яна бачыла раніцой, застрала жудаснай зданню ў яе свядомасці і, злучыўшыся з начнымі кашмарамі, апанавала нязводнай трывогай і страхам. Яна не магла ўжо пайсці туды, на гумно, не магла зірнуць на чорны шкілет заклятае ліпы. Ёй здавалася, што гэта дрэва стала перад ёй і загарадзіла жыццё, не дае прасвету, не дае вольна, спакойна дыхнуць.

Гэты хваравіты настрой і штурхнуў старую Арыну на небяспечную і зусім недарэчную справу. Яна гукнула да сябе Ганну і, сцеражліва зачыніўшы дзверы, зашаптала ў ліхаманкавым хваляванні:

— Я ўжо, Ганначка, больш не стрываю так... Мне ўсё здаецца, што Міколка наш там вісіць нежывы... Не будзе дабра нам, галубачка, згубіць яна... Дзетухна, памажы ты мне, не пакінь, ты ж дачкой мне цяпер зрабілася... Я надумала ўжо, што рабіць... адной не змога... удзвюх трэба... Пойдзем, Ганначка, пойдзем...

У тую самую ноч гэтыя дзве жанчыны перайшлі дзяржаўную мяжу. Ім спрыяла надвор’е: навакол непрагляднай сцяной стаяла густая чорная цемра. Толькі няўмесны шолах мог выдаць іх пагранічнай варце, але яны ішлі так ціха, што самі не чулі сваіх крокаў. Як і тады, калі хадзіла Арына да мёртвага сына, яны падпаўзлі пад сагнутае тулава ліпы і прытаіліся там, правяраючы вакольную цішыню. Да маёнтка адсюль было крокаў трыста — там не павінны былі нічога пачуць. Магла выкрыць іх пры сваім абходзе пагранічная варта. Але — хай будзе, што будзе!

Яны пачалі пілаваць. Хрыпучы гук першых махаў пілы нязграбна кульнуўся ў цемру. Яны спыніліся і паслухалі. Ціха ўсё, як і раней. Пачалі зноў. Піла, разагнаўшыся, пайшла ямчэй і плаўней — яны не спыняліся ўжо, а з адчайнай рашучасцю налягалі на працу. Трупехлае цела старой ліпы надзіва лёгка паддавалася ім, а праз колькі хвілін піла і зусім вольна пайшла — усярэдзіне ліпы было шырокае дуплё. Потым выяўна пачулася, што зубы пілы вязка чапляюцца за нешта мяккае, зусім не падобнае да дрэва. Жанчыны разам спыніліся. Старая шапнула з мімавольным страхам у голасе:

— Там нешта ёсць у дупле... Будзем пілаваць з берагоў.

Ліпа пачала глуха крактаць — і здавалася, што не на смерць сваю яна наракае, а толькі на тое, што не даюць ёй, старой, спакойна заснуць. Павалілася яна зусім нечакана і неяк смешна: спачатку боўтнулася, як п’яная, уваткнулася лбом у зямлю, потым зважна перакруцілася (сук той уніз пацягнуў) і саскочыла з пня — здалося, што перавярнулася дагары, каб выгадней было ляжаць. Некалькі хвілін жанчыны нерухома сядзелі і прыслухоўваліся. Потым старая пачала аглядаць, што там было ў дупле. Яна доўга комчыла нешта, варочала, варушыла, а тады раптам пахіснулася, як тая падцятая ліпа, узляглася на пень і захліпала жаласна:

— Сыночак ты мой, даражэнькі... Гаротненькі мой...

У дупле была Андрэева вопратка. Ганна зразумела гэта, як толькі абмацала так добра знаёмы ёй узор вышыванай сарочкі. Яны прытуліліся адна да адной — гэтыя дзве пакрыўджаныя жанчыны — і аблівалі слязьмі вопратку загубленага колькі гадоў таму назад чалавека...

— Ён пераапрануўся тут у старца... а гэта схаваў... Родненькі мой, даражэнькі... Забяром гэта з сабою... Забяром, дзетухна...

Яны, спяшаючыся, сабралі раскіданую вопратку і цішком пасунуліся ад гэтага страшнага месца. Як падышлі ўжо блізка да самае рэчкі, Ганна раптам, быццам успомніўшы нешта, замятушылася, кінулася да Арыны...

— Мамка, мамачка!.. Пакажыце сюды!

І, вырваўшы з рук у старой Андрэеву вопратку, пачала паспешна перабіраць яе ўсю, быццам нечага ў ёй там шукала. А тады зноў аддала назад, а сама кінулася туды, дзе была ліпа.

— Чакайце мяне, мамачка, тут...

Працяклі тры даўгія-даўгія хвіліны. Здалося старой, што сухі хруст пачуўся адтуль, куды пабегла Ганна, быццам ламалася там нейкае дрэва. Яна пастаяла яшчэ колькі хвілін і хацела ўжо йсці туды, але ў гэты момант пачуўся паблізу стоены воклік дзяўчыны:

— Гэта вы, мамка? Пойдзем ужо...

У яе голасе чуваць было радаснае заспакаенне — гэта вярнула спакой і Арыне. Яны памалу пасунуліся далей. І цяпер ніхто не заўважыў іх у чорнай беспрасветнай цемры.

А назаўтра ўранні старая Арына пайшла на гумно па трушанку. Яна дрыжала ад страху, калі падыходзіла да таго месца, адкуль відаць было заклятае дрэва. У яе была нейкая жудасная ўпэўненасць, што чорная ліпа стаіць, як і раней, што ўначы гэта быў толькі сон, ад якога не магло астацца ніякага следу. Яна ледзь ступала ціхімі няўпэўненымі крокамі і доўга не магла ўзняць ад зямлі палахлівага погляду. Калі ж нарэшце сабрала ўсе сілы і зірнула туды,— такая карціна адкрылася ёй:

На зямлі, як агідны труп нейкага страшэннага звера, ляжала ліпа. Чорны жылаваты сук (той закляты жудасны палец) недалужна ўпёрся ў зямлю і ўламіўся. Здавалася, што гэта ліпа, падаючы, памкнулася была абаперціся аб яго, але ён не вытрымаў цяжару старога трухлявага цела.

А ў чорным пні зрэзанай ліпы тырчэла высокая палка, і ранішні вецер жвава церабіў на ёй яскравы пунсовы сцяг — Ганніну хустку.

Дзіўны спакой сышоў тады на старую Арыпу, і яна ціха, радасна засмяялася.

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан