epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Максімаліст

 

Максімалістам назваў быў яго Вовачка Пенкін, як рабіў даклад на тэму «Аб этычных нормах і прадпасылках свядомае дысцыпліны ў атрадзе». Ніхто не ведаў тады, што гэтае слова ўсяго за дзень перад тым знайшоў Вовачка Пенкін у «Слоўніку палітычных тэрмінаў», а таму ўсе, як адзін, працяліся глыбокай павагай да незвычайнае Вовачкавае прамудрасці. З таго часу максімаліста ніхто і не зваў іначай, як толькі — Максімаліст. Праўда, гэтая назва, як і ўсе іншыя назвы, потым была скарочана (Макс), але ў скарочаным выглядзе яна яшчэ шырэй зазвычаілася сярод піянераў, і сапраўднае імя Максімаліста асталося выключна толькі ў спісках атрада.

Ён і сапраўды быў максімаліст, гэты неспакойны, дакучлівы піянер. У яго была непрыемная звычка — ва ўсе пытанні ўносіць нейкую раптоўную дзікую паспешнасць. Калі, скажам, стаяла пытанне аб выпуску насценгазеты, ён, замест таго, каб гаварыць пра мэты і задачы газеты, пра характар яе, кірунак і г. д., раптам пачынаў турбавацца аб тым, дзе дастаць паперы і фарбаў, хто будзе маляваць, хто будзе збіраць матэрыял — ён быў відавочна ўпэўнены ў тым, што — сказаць, гэта значыць — зрабіць, і гатоў быў рабіць зараз жа, тут, не выходзячы нават са сходу.

І яшчэ была ў Макса адна асаблівасць: у яго надта часта загараліся вочы. У дзяцей наогул вочы ззяюць чыста і зырка — гэта свеціцца ў іх свежы агонь жыццёвага рання,— але ў Максавых — сініх, як неба, вачах агонь быў асабліва моцны і рэзкі. Калі ў Максавай галаве паўставала якая-небудзь жывая вострая думка і ў сэрцы ўзмываліся хвалі новых, яшчэ невыразных імкненняў, тады сінь яго чыстых вачэй займалася магутным полымем, і тады здавалася, што ён увесь тут, у гэтым полымі, што ў бляску вачэй гарыць, цвіце агністым цветам уся яго непакойна-бурлівая істота.

Такі быў дзіўны, недарэчны гэты Максімаліст. Ён загараўся залішне часта, ён залішне многа гарэў, гарэў больш, чымся належыць гарэць вытрыманаму піянеру. І патухаў ён толькі тады, калі іскры агню яго натыкаліся на шэрую муць бясцветнага погляду Вовачкі.

Вовачка самы старэйшы і самы разумны ў атрадзе — ён самы важны ў атрадзе, ён зусім, як дарослы. Вовачка нават умее рабіць на сваім белазорым твары асаблівую нейкую спагадліва-насцярожаную ўсмешку, якраз такую, якую ён бачыў у аднаго з важных палітычных правадыроў. Гэтай усмешкай Вовачка і тушыць заўсёды Максаў агонь. Ад гэтай усмешкі (яе пераймаюць, яна расплываецца па ўсіх піянерскіх тварах, бо Вовачка — самы разумны і важны), ад гэтай усмешкі Макс стуляецца, як вожык, і хавае глыбока ў нутро свой непамерна зыркі агонь.

Ад гэтай усмешкі ў Макса глуха знібее сэрца.

* * *

Пытанне аб цыганятах стаяла ўжо некалькі раз на сходзе атрада. З таго часу, як побач з пярэста-шумлівым лагерам піянераў выраслі шэрымі цвілымі порхаўкамі брудныя шатры цыганоў, з таго часу, як у мяккай, шаўковай маўклівасці чэрвеньскіх вечароў пачуліся адтуль, з-за ракі, таемна-прыглушаныя адгалоскі дзіўнага табарнага бязладдзя (было многа шчымлівай рамантыкі ў вечаровых песнях, дзікіх выкрыках, у піску, у плачы, ва ўсёй гэтай напружанай сумятні),— з таго часу ўсю піянерскую ўвагу забралі на сябе няшчасныя цыганяты.

На апошнім сходзе лаялі Максімаліста. Небарака Макс, як і заўсёды, загарэўся ад цыганят занадта гарачым бурлівым полымем — ён са слязьмі на вачах дамагаўся, каб узяць іх, вырваць з бруду, гароты, пазбавіць ад здзекаў шалёных бацькоў, ад голаду, холаду, залучыць у сваю грамаду, схаваць, калі трэба, і не аддаваць, не аддаваць пі за што. Дзівак! Ён думаў, што ўсё можна зрабіць адразу, ён быў упэўнены, што — сказаць, гэта значыць — зрабіць.

Вовачка Пенкін учыніў на твары сваю партрэтную ўсмешку, яна слізганулася па тварах усіх піянераў (Вовачка — самы разумны і самы важны), і Макс пачуў, як раптам абкружыла яго сцяна агульнага пагардлівага адпору. Але ён не здаваўся, ён не мог сёння здацца, бо ў яго памяці яскрава жыў учарашні вечар — з камарыным звонам, з трэлямі нявідных мядзведзькаў, з яварам каля ракі, з тым пакрыўджаным цыганём — з маленькай чорнай Аленкай, з яго, Максавымі, гарачымі ўгаворамі. Ён многа чаго абяцаў ёй, ён думаў, што так і будзе, што гэта проста зусім, бо аб гэтым усе гаварылі і нават запісвалі ў пратакол. А цяпер выходзіла, што словы яго астануцца словамі, што трэба чакаць, што ўсё трэба рабіць паступова.

Што ён скажа сёння гэтай маленькай слаўнай Аленцы!

Максімаліста лаялі, з яго смяяліся. А ён упарта стаяў за сваё, ён ні за што не хацеў сёння тушыць свайго непакойна-бурлівага полымя.

* * *

Пасля сходу спявалі «жураўля». Макс неўзаметку адлучыўся ад грамады, праслізнуў паміж заплямленых вячэрнім змрокам шатроў, перабег праз невялічкі, ужо зусім цёмны, барок і па крывой, вужакаватай сцежцы падаўся ўніз, да рэчкі.

На завароце рэчкі яшчэ ляжаў перламутр пахаладзелага захаду.

Макс асцярожна, з апаскай перайшоў цераз кладку. Пад кладкай зусім ціха, ледзь чутна, хлюпала рэчка, і здавалася, што ў гэтым мяккім ліслівым хлюпанні схавала яна нейкае ліхое падступства.

На тым баку рэчкі бераг заросшы быў лазняком і высокай, вышэй за Максавай галавы, асакой. Макс убіўся ў гэтыя зараслі і пайшоў па іх, поўны трывожна ўзнятага пачуцця, быццам ішоў ён па дзікіх джунглях, дзе на кожным кроку можна наткнуцца на крыважэрнага звера, дзе ўсё насычана смяротнай небяспекай. Яму было прыемна адчуваць гэты востры незвычайны настрой.

Ён падышоў так да крывой карчакаватай алешыны, што расла на ўзгорку, зусім недалёчка ад берага. Пад алешынай зашавяліўся нейкі чорны камочак, і адтуль пачуўся слабенькі дзіцячы голас:

— Макса! Ты?

«Макса» — гэта выходзіла троху непрыгожа і смешна, але ён не злаваў на яе — яна ж таму гэтак звала яго, што іначай не ўмела, іначай у яе не выходзіла. Ён сеў каля дзяўчынкі і моўчкі дастаў з кішэні кавалак булкі, які прыблюў яшчэ ад снядання. Аленка пачала гучна чмякаць і смешна так кулдыячыла скрозь шчытна напхнуты рот:

— Макса! Каб ты ведаў... Мы абышлі сягоння ўвесь горад... Я ўсё скакала, скакала... Я маўчала, нічогачка не казала нікому, барані божа... Дзядзька думае, што я і заўтра пайду з ім... Хай сабе думае! А мяне заўтра і звання не будзе. Во, будзе клопату... Ці праўда, Макса?

Што Максу было гаварыць? Ён учора зусім не ведаў, што трэба ўсё паступенна, ён быў наіўна ўпэўнены ў тым, што — сказаць, гэта значыць — зрабіць.

— Макса! А дзядзька зноў сёння набраўся быў, як свіння... мы многа-многа сабралі грошай... Зноў біўся... Такі паскуднік... Во, памацай, які гуз ускочыў на галаве...

Яна сказала гэта і з крыўдай, і з гордасцю — яна ў дзіцячай сваёй прастаце ганарылася тым, што ў яе такі вялікі выдатны гуз. Макс дакрануўся рукой да таго месца, на якое яна паказала, і яму стала страшна. Жудасным, дзіка-жудасным — да болю, да пякучых слёз — здалося яму гэтае непамернае злучэнне маленькай Аленкавай галавы з такім жорсткім нечалавечым ударам. Макс затрымаў руку на Аленкавай галаве, але гладзіў не гуз, не страшнае гэтае месца, а дробныя пярсцёнкі сухіх, як дрот, валасоў на яе худзенькай патыліцы.

— Макса! Ці скора мы пойдзем туды, да вас? Трэба, мусіць, скарэй, бо як хопіцца дзядзька, як зловіць — то задасць тады мне!..

Макс маўчаў. Максу хацелася плакаць, але дзе ж ён заплача! У яго хопіць сілы стрымацца, няпраўда! Ды гэта ж зусім і не слёзы, гэта падыхнуў востры ветрык з ракі, дык разануў троху вочы.

— Макса! Чаго ты нешта маўчыш! Я не хочу так, мне страшна. Скажы, ці скора мы пойдзем?

Трэба нешта сказаць, трэба нешта зрабіць. Вовачка гэты... Які ён нядобры! Ён, мусіць, не бачыў ні разу гэтае любае гаротнае Аленкі.

Уся Максава істота напружваецца ў адчайных патугах — ён хоча знайсці ўсё-ткі нейкае выйсце, ён не можа забыцца на ўчорашні вечар. І вось заглухлы на момант агонь яго выбухае раптам з нечакана магутнай сілай, з такой сілай, што, каб магла яго бачыць Аленка, яна б, напэўна, перапалохалася да смерці. І цяпер ужо Максу ўсе дарогі сталі адкрытымі, віднымі, цяпер ён ужо не баяўся нічога.

Ён смела і цвёрда ўзяў за руку Аленку.

— Зараз пойдзем, Аленка! Ведаеш што... Мы пойдзем дужа далёка, па лесе будзем ісці... ты не баішся?..

Аленка з радасцю хваліцца:

— Я і на магільнік адна хадзіла. Я не баюся нічога, ані-ні...

Ён бярэ яе за руку, і яны ідуць па беразе рэчкі, па дзікіх джунглях, асцярожна рассуваючы высокую, вышэй за Максавай галавы, асаку. Цяпер Макс яшчэ больш, яшчэ свяжэй адчувае шчымліва-ўзнятае пачуццё небяспекі, цяпер жа пад яго абаронай яшчэ і гэтае малое, недалужнае дзіця.

Максу цяпер зусім добра — у ім закіпае новая, вострая, як маланка, радасць.

Перайшлі назад цераз кладку. Прайшлі міма піянерскага лагера — ён прытаіўся збоку, у густых хмарах дрыготнага змроку, і быў чамусьці страшны цяпер для Макса — страшны і чужы. Узышлі на сцежку, якая вяла ад лагера да гасцінца, углыбіліся ў чорны маўклівы лес.

Макс на хвіліну спыніўся, прыслухаўся. Піянерскі лагер ужо глуха заснуў — у піянераў цвёрдая дружная дысцыпліна — а адтуль, з-за ракі, яшчэ ішлі няясныя адгалоскі сумятлівага цыганскага бязладдзя. Макс мацней сціснуў Аленчыну руку — сухенькую трэсачку,— бліжэй прыцягнуў да сябе дзяўчынку.

— Аленка! Ты не бойся — я дарогу ведаю добра.

Яна слухмяна пайшла за ім. Нязграбна клыпаючы на слабенькіх ножках, яна ўсё-ткі спраўлялася, ідучы, лапатаць аб сваіх табарных справах.

— ...А цётка вучыла мяне скакаць качучу. Трэба высока-высока падымаць нагу, вышэй за галаву, каб было прыгожа. Але потым ногі дужа баляць. Гэта пакуль прывыкнеш... Цётка казала, што многа грошай будуць даваць... Хай цяпер скача сама, калі хоча...

Потым Аленка змоўкла — мабыць, замарылася, лапатаўшы. Макс таксама маўчаў. Ён нават не чуў зусім, аб чым гаварыла Аленка. У яго ў думках было сваё — турботнае і балючае. Яго радаснае захапленне, яго бурлівая ўзнятасць наткнуліся раптам на нешта халоднае, мулкае, што вырасла аднекуль з падсвядомай глыбіні яго піянерскай істоты. Ён успомніў пра атрад, пра Вовачку Пенкіна, пра іхныя спрэчкі і пачуў сябе злачынцам.

Ён не каяўся, не, агонь яго не патух — агонь падагравала маленькая трэсачка-ручка, якая даверліва і падатна грэлася ў яго гарачай руцэ. Але цяжка было ад турботнай няўпэўненасці, ад няведання таго, ці вялікі зрабіў ён праступак, ці праступак гэта наогул, як будуць караць за гэта яго і ці будуць наогул караць.

У Максавай душы расло прыкрае, балючае мітусенне.

Лес агарнуў іх пільна насцярожанай цішынёй — здавалася, сочыць ён, цікуе за імі чорным поглядам незлічоных вачэй, страшных у сваёй таемнай нявіднасці. Чым далей ішлі, тым шчытней апляталі іх гэтыя чорныя погляды, калолі ледзянымі іголкамі жудасці, дабіраліся аж да самага трывожна прытоенага сэрца і ўзнімалі ўнутры цені несвядомага страху.

Аленка мацней ухапілася за Максаву руку.

— Макса! Ці баішся ты?

Макс адказвае наўмысна гучным бязрупатным голасам:

— Во... чаго ж мне баяцца? Зараз выйдзем на шлях...

На шлях яны, вядома, не выйшлі. Праз нейкі час Макс абмацаў перад сабой густы калючы куст і спыніўся. Аленка палахліва прыціснулася да яго рукі.

— Ну, пойдзем, Макса, чаго ты стаў?..

— Мы сышлі троху са сцежкі... Сюды трэба, налева.

Зноў нейкі куст. Звярнулі направа і ўпёрліся ў грубое караватае дрэва. Аленка зноў запытала дрыжачым голасам:

— Чаго ты, Макса? Пойдзем лепш... ну, пойдзем хутчэй...

Макс маўчаў. Макс ужо зразумеў, што заблудзіўся. Яго сэрца захлынулася хваляй пякучай горкасці, ён раптам пачуў сябе адзінотным, усімі пакінутым і глыбока-глыбока пакрыўджаным. Мімаволі ў яго вырваліся поўныя балючай роспачы словы:

— Аднаму ў лесе дрэнна... Адзін заўсёды заблудзішся.

І ён успомніў атрад, успомніў Вовачку Пенкіна.

Аленка сударгава ўхапілася за яго.

— Я баюся... Макса, мне страшна. У мяне ногі баляць, я замарылася.

Макс знайшоў у цемры яе галаву і з нязграбнай пяшчотай пагладзіў яе.

— Ціху, Аленка, не бойся. Ноч цяпер зусім кароткая. Улетку ноч бывае куды карацей, чымся дзень. Ужо зараз будзе відна. Сядзем во тут, пад дрэвам, і будзем ціхенька сядзець. Ты прытуліся да мяне, дык будзе цяплей. Во так... Спі, Аленка, не бойся — я буду цябе пільнаваць. Ты спі...

— А ваўкоў тут няма?

— Ды не, ваўкоў няма. Ваўкі дзяцей малых не кратаюць, бо дзеці ім таксама нічога не робяць. Ваўкі зусім не страшныя, я бачыў аднаго ў звярынцы. Прыгожы такі, калматы.

Чорны лес сцеражліва прыціх і пільна сачыў за імі ліпучымі поглядамі сваіх незлічоных вачэй.

Аленка спала моцным сном зморанага дзіцяці.

* * *

Адказны таварыш, самы адказны таварыш у горадзе толькі што прыняў даклад самага адказнага сакратара і сядзеў адзін у строгім сваім кабінеце, пахмура схіліўшыся над вялізным грудам службовых папер. У кабінеце вісела магільная цішыня, і ў ёй назойліва і сумна звінела адзінотная мухіна.

Адказны таварыш быў сёння ў дрэнным настроі.

Ціхенька, быццам пад лапай збродлівай кошкі, прачыніліся дзверы, і ў шчэлку востра бліснулі гарачыя вугалькі вачэй. Потым паказаўся нос, піянерскі гальштук і, нарэшце, увесь піянер — абдзёрты, растрапаны, з слядамі бяссоння і зморы на замурзаным твары. Ён уцягнуў за сабой нейкае маленькае чорнае зданнё, якое з радасным захапленнем азіралася наўкола.

Адказны сярдзіта зірнуў на нечаканую праяву.

— Вас хто ўпусціў сюды?

Піянер зрабіў некалькі крокаў наперад.

— Мы самі прыйшлі. У нас надзвычайна пільная справа... Вось яна, Аленка (ён шырокім махам рукі паказаў на чорнае стварэнне), яна ўцякла ад цыганоў. Я хацеў, каб узялі яе ў атрад, дык маю прапазіцыю не прынялі... А яе б’юць там...

Адказны таварыш дасадліва перапыніў яго:

— Ну, дык што вам трэба тут, га?

Піянер няўцямна развёў рукамі.

— Трэба ж неяк прыстроіць Аленку... Я павінен зараз жа бегчы ў лагер.

І, памаўчаўшы, дадаў:

— Яна яшчэ сёння нічога не ела.

Адказны таварыш дапытліва зірнуў на яго.

— Ты хто такі?

— Я — Макс... Максімаліст.

— Максімаліст?

Па твары адказнага таварыша праслізнуў прамень цікавасці. Піянер растлумачыў:

— Гэта так завуць мяне ў атрадзе... А ў яе ні бацькі, ні маткі — яна жыве ў дзядзькоў. Яны прымушаюць яе скакаць і заўсёды б’юць... Во, глядзіце, таварыш...

Ён узяў у абедзве рукі Аленчыну галаву і, разам з Аленкай, падцягнуў яе да стала. Адказны таварыш мімаволі здрыгануўся і прашаптаў з ласкавым спачуваннем:

— Дзетачка...

Аленка зрабіла на твары гордую самадавольную міну.

Самы адказны таварыш у горадзе пазваніў, і ў кабінет увайшоў самы адказны сакратар. Адказны таварыш сказаў:

— Зрабіце зараз жа распараджэнне, каб прынялі гэту дзяўчынку ў дзіцячы дом нумар першы.

Потым дадаў:

— Накарміце яе.

Потым, падумаўшы, яшчэ дадаў:

— Выклічце аўтамабіль і дайце яго ў распараджэнне таварыша Максімаліста: ён паедзе на ім у піянерскі лагер.

* * *

Было дужа весела і прыемна. Макс даехаў на машыне да самага лагера, і ўсе гэта бачылі, і ўсе абкружылі яго, і ўсе напераспехі распытвалі, што з ім такое здарылася.

Вовачка Пенкін усміхнуўся, але ўсмешка не выйшла такая, як у правадыра,— выйшла ўсмешка простая і нават трошачку вінаватая.

* * *

Макс сабраў усе кнігі, якія толькі знайшліся ў лагеры. У яго было многа агню і многа ўпартасці — ён рашыў дамагчыся свайго, ён цвёрда верыў, што недзе ў кнігах павінна быць сказана, каб усе піянеры былі максімалістамі.

 


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан