epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Парася

 

Галоўны герой гэтага апавядання — Марына Карпава Перагуд, грамадзянка вёскі Парэнджы, сябра калгаса «Сцяг Перамогі» — мела ў жыцці сваім мала выдатнага, калі не лічыць трох здарэнняў, якія, мабыць, у нейкай меры вылучаюць яе з агульнае грамады жанчын памянёнае вёскі.

Першае здарэнне напаткала Марыну, калі яна была яшчэ Марынка і нават не ўмела хадзіць: тады ёй, пакінутай без дагляду бабылькаю-маткай, рабая суседава свіння пажавала была мезіны пальчык. Яго потым старанна лячылі ўсімі выпрабаванымі сродкамі: прыкладалі павучынне, курылі портам, прысыпалі чырваточынай, чыстай зямелькай. А скончыў лячэнне мясцовы лекар, адняўшы мезіны пальчык разам з выразна азначанаю гангрэнай.

Марынка не помніла гэтага выпадку, але ў яе на доўгі час асталося было інстынктыўнае пачуццё страху і недавер’я да мілых, з выгляду такіх дабрадушных і ласкавых дзюшак. Гэтае пачуццё знікла толькі тады, як паступіла Марына (ужо Марына, а не Марынка) на службу да добрага, заможнага, усімі паважанага гаспадара Язэпа Шпулькі. А як пачаў жыць з ёй (праўда, што не па закону, але сумленна і з любасцю) Шпулькаў сын, у яе нават з’явілася да дзюшак цёплая гаспадарская прыязнасць, і яна ўжо з чыста сваяцкай ласкай чухала іх тлустыя цяжкія бакі.

На гэтым этапе спасцігнула Марыну другое выдатнае ў яе жыцці здарэнне: Шпулька з сынам нарэшце дапалі таго патрэбнага закону і — прагналі Марыну.

Ідучы ў свет, Марына доўга плакала горкімі слязьмі, а пасля кінула плакаць, сашчаміла зубы, сказала:

— Свінні!

І шчыльней захінула ў палу прыжытае з Шпулькавым сынам дзіця.

Што да трэцяга здарэння, дык яно можа прытрапіцца ў жыцці кожнай жанчыны, якая ў балючай журбе прагне якога-небудзь, хоць маленькага, хоць скупога зусім спацяшэння. Адным словам — апрача бялявага Сымонкі, у Марыны з’явілася яшчэ чарнявая Манька.

Вось тут і ўсё выдатнае ў мінулым жыцці Марыны Карпавай Перагуд, грамадзянкі вёскі Парэнджы, сябра калгаса «Сцяг Перамогі».

_______

Бадай штодня ўранні, калі ўсе насельнікі свінчага царства, чакаючы першае порцыі паранкі, узнімалі дружны вясёлы скогат (ніхто так усмак не паскаголіць, як здаровая галодная свіння),— у гэтую пару, зазвычай, ідучы на працу, заходзіў сюды старшыня калгаса Нічыпар Крук. Марына Карпава Перагуд сустракала яго прыблізна з такім пачуццём, з якім спраўны камандзір батальёна сустракае ў даручанай яму часці камандзіра палка. Яна прымала заклапочана-строгі выгляд, яшчэ вышэй і ямчэй падтыкала саматканую спадніцу і з памагачымі сваімі гаварыла ціха, але з адпаведным націскам.

Старшыня Нічыпар Крук лічыў калгасны свінушнік за аснову далейшага росквіту ўсяе калгаснае гаспадаркі — Марына адчувала гэта, была гэтым надзвычайна здаволена і гатова была немаведама што зрабіць, абы спраўдзіць ускладзенае на яе грамадскае давер’е.

Свінні, не перастаючы скаголіць, праводзілі іх пачцівымі, але разам з тым і хітраватымі позіркамі. Іншыя цяжка ўзнімаліся на ногі, іншыя ўскаквалі перадам на дзверы свайго катушка, высувалі ў шчэлачку рыла і вішчэлі з асаблівай, нават ліслівай троху, стараннасцю.

Падыходзячы да канца свінушніка, Нічыпар Крук сунімаў ход і гаварыў расцяжліва, з летуценнай усмешкай:

— Ану-тку, як наш эксперыментальны?

І яны колькі хвілін стаялі перад маленькім катушком, дзе мітусіўся, як срэбная плотачка ў чыстай вадзе, маленькі, беленькі, кірпаценькі парсючок: яго гадавалі па асаблівай методзе, вынайдзенай мясцовым аграномам.

Памацаўшы на развітанне мокры парсючкоў пятачок, Нічыпар Крук, здаволены, выходзіў з свінушніка. Марына праводзіла яго, пасля зноў варочалася да свайго аблюбенца і, занядбаўшы ўсю сваю камандзірскую строгасць, доўга глядзела на яго з цёплым матчынскім замілаваннем.

А то дык залучаў у калгасны свінушнік сярэдняга веку ўдавец, жыхар тэй жа вёскі Парэнджы Хомачка Гэрцык. Ён спачатку чмыхаў троху сваімі тоненькімі, падхутраванымі рудымі вусікамі, носам, адылі зухавата запальваў папяросу (папяросу, не іначай!) і падыходзіў да Марыны абсалютна як кавалер.

Хомачку Марына сустракала з большай інтымнасцю. Яна выпускала з катуха якога-небудзь найбольш спакойнага вепрука, клала яго на бок і пяшчотна гладзіла яго ружовы жывот, какетліва ўнікаючы Хомачкавага погляду. Хомачка з жывым апетытам узіраўся ў пышныя кумпякі вепрука і з гэткім жа апетытам пераводзіў позірк на яшчэ досыць свежую фігуру Марыны. Пад левым вусікам у яго трымцела вясёленькая ўсмешачка, ён неўзаметку — гусачком — падступаў да Марыны і асцярожна, нібы баяўся, каб не апячыся, лэпаў яе па баку.

Марына адпіхала яго локцем без асаблівае злосці.

_______

Бялявы Сымонка часам цікавіўся:

— Мамка! Гэта нашы дзюшкі?

— Нашыя, дзеткі, калгасныя.

— Усіхныя?

— Усіхныя, дзеткі.

Ён на момант задумляўся.

— І дзядзькавага Сцёпкі?

— І дзядзькавага Сцёпкі.

— І Волькі дзядзькавае?

— І Волькі.

— І Петрыка Грышчанкавых?

— І Петрыка.

— І Аўгена Дразда?

— І Аўгена.

Сымонка зноў задумляўся і потым пытаўся ўжо з відавочным сумненнем:

— І спірмінтальны ўсіхны?

— Усіхны.

Тут Сымонка ўжо задумляўся глыбей і думаў датуль, пакуль не знаходзіў формулу азначэння своеасаблівае блізкасці да «спірмінтальнага»:

— А толькі я памагаю табе даглядаць яго. Праўда, мамка?

— Праўда, сынок, праўда, любы...

І бялявы Сымонка канчаў гутарку агульнай заўвагай:

— Я люблю дзюшак. Дзюшкі добрыя...

Марына пагадліва ўсміхалася і неўзаметку кідала погляд на сваю левую куксу.

Папраўдзе, гэтая кукса ўжо ані-ні не засмучае Марыну. Яна нават дае ёй нейкае дзівоснае заспакаенне.

Так глядзіць на лёгкую драпінку на сваім целе чалавек, які выбавіўся з смяротнае небяспекі.

_______

Ну, ці ж гэта старая жанчына — у трыццаць пяць год? Іншая каторая, дайце рады, яшчэ такога палу запаліць, што і дзяўчына таго не дакажа!

А чым дрэнны, скажам, хоць і пажылы троху, але зусім дзябёлы яшчэ ўдавец Хомачка Гэрцык?

Марына нікому не кажа пра гэта, але ў тую часіну, як прыходзіць да яе Хомачка Гэрцык і як потым ён ласым вокам азірае яе круглявую фігуру, яна адчувае ўсё-ткі хоць мо і не зусім бурную (дзе там!), але досыць вострую і салодкую бабскую непакойнасць. І нават, шчыра сказаўшы, яна сама чакае, калі ён, нарэшце, падкрадзецца да яе і раптам праявіць сваю асцярожную мужчынскую ласку.

Дый што там? Дзеці дарослыя, а ў яго і зусім не асталося нічога ад першае жонкі. Адным словам — у вольную часам гадзіну, адышоўшыся ад абыдзеннага тлуму, чаму не падумаць цішком пра, можа, і дурную, але ж зусім беззавадную ўцеху!

Так вось і падышло. Як прыйшоў быў неяк пад вечар да Марыны Хомачка Гэрцык ды яшчэ з сваім сябруком Арсенам Даўгім, ды яшчэ абое вясёлыя, пад невялічкай чаркай — Марына сэрцам пачула, што гэта ўжо нібы тыя даўнейшыя заручыны,— і радасна здрыганулася.

...Але ж трапіцца часам такое ў жыцці, што во-во ўжо, здаецца, звяжаш, скруціш каляныя пруткія галіны, аж раптам — трах? — парвалася лычка, і паляцелі куды каторая...

Мужчыны паставілі на стол паўлітра. Тады Марына схапянулася, што не мае чаго закусіць, і хацела ўжо бегчы куды пазычаць, але Хомачка суняў яе велічна-шырокім жэстам, разам з тым управіўшыся ёмка падміргнуць Арсену.

— Наша гарэлка, дык і наша закуска. Мы самі сабе гаспадары! Праз дзесяць хвілін я буду тут.

І ён выйшаў. Услед яму Арсен (змова была ў іх, няйначай!) паслаў вельмі загадкавы сказ:

— І жораў нізка, і стрэльба блізка...

Ды хітра-хітра ўсміхнуўся.

Марына была ўжо занепакоілася, адылі ўсміхнулася сама сабе (можа, жарт які надумалі?) і завяла з гасцём вясёлую гутарку.

І вось, папраўдзе, праз дзесяць хвілін, не болей, гонкім махам расчыняюцца дзверы, уваходзіць вясёлы, давольны сваёй удачай Хомачка і ўрачыста, як рыцар перад сваёй дамай, кладзе перад Марынай яшчэ цёпленькага зусім парася.

Вось тут акурат і парвалася лычка...

У гэтым беленькім сыценькім парасяці, якое шырока, нібы смеючыся, шчэрыла белыя малочныя зубкі, Марына пазнала свайго аблюбенца, свайго пестуна — «эксперыментальнага» парсючка.

Яна аслупянела. Усё, што было ў жыцці ў яе: і гордая здаволенасць працы, і адказнасць перад калектывам, і радасць новага бязгорнага існавання,— усё яно неяк несвядома злучылася, было для яе ў гэтым маленькім парасяці. І ёй здалося цяпер, што, забіўшы парася, Хомачка хацеў адабраць у яе ўсё тое, чым урасла яна — бабылка, бяздомніца — у людскую працоўную грамаду.

Яна шукала слоў, каб неяк выказаць сваё пачуццё, і знайшла толькі адно, Сымонкава:

— Гэта — усіхнае... усіхнае...

Хомачка бязглузда пілаваў п’янаватымі вачмі і, фігурна водзячы рукой у паветры, тлумачыў:

— Гэта жарт, Марына Карпаўна, просты жарт... Я адкуплю, канечна... Я заўтра сваё прынясу... Безумоўна... Мы самі сабе гаспадары, Марына Карпаўна...

Тады Марына Карпаўна падышла да яго — страшная ў сваёй раптоўнай злосці, і з сакавітай выразнасцю адчыкрыжыла:

— Свіння!

І нават не трэба было кідаць ёй адпаведнага позірку ў качарэжнік, каб Хомачка і так зразумеў, што яго жаніхоўскі візіт скончаны.

_______

Ну, ці ж гэта старая жанчына — у трыццаць пяць год? Іншая каторая, дайце рады, яшчэ такога палу запаліць, што і дзяўчына таго не дакажа!

...Але ад той пары сярэдняга веку ўдавец Хомачка Гэрцык у калгасны свінушнік не патыкаўся.

 


1931?

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан