epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Петрык і Пятрусь

1
2


 

1

За Петрусёвым дваром адразу пачынаецца вялікі калгасны сад, і малому Петрыку досыць узлезці ў сваёй пуні на сена і падпаўзці да шырокае — з цэлае акно — дзіркі ў старым дашчаным франтоне, каб перад самым сваім носам убачыць крамяныя чырванашчокія апорты. Петрык — з яго спрытам і адвагаю — мог бы, вядомая рэч, давесці свае назіранні да пэўнага лагічнага выніку — гэта значыць, пачапіць за франтон вяроўку і спусціцца па ёй у самыя лоні спакусы, але ў яго ёсць дзве прычыны, каб гэта не рабіць: па-першае, хоць тут і глухі куточак саду, а тым часам — ці ж можна верыць гэтаму крывому Піліпу, зловіць, дык мала не будзе: па-другое ж, Петрыкаў бацька, аднаасобнік Пятрусь, колькі раз намякаў яму:

— Глядзі, сукін сын, толькі паткніся куды ў калгаснае — зрэжу на горкае яблыка.

Таму Петрык у вымушанай добрасумленнасці адмяжоўваецца аднымі пазіраннямі.

А за апортам блішчыць, аж свіціцца, пышны белы наліў, а за налівам — фарсістыя дулі, а праваруч — позныя і праз гэта яшчэ саладзейшыя карабкоўкі, а леваруч — пуцінкі (напэўна, ужо досыць мяккія — есці можна), а там яшчэ і яшчэ...

Часам Петрык — проста дзеля пацехі — займаецца такімі разрахункамі: пералічае перш за ўсё, колькі ёсць у садзе дрэў, што латвей зрабіць яму, седзячы на высокай сцяне сянніцы, потым лічыць, колькі грудоў (у яго «груд» — пэўная дакладная мера), колькі грудоў будзе з кожнае яблыні, далей «бярэ на вучот» усіх калгаснікаў і, нарэшце, выводзіць, па колькі грудоў яблыкаў і дуль прыпадзе на кожнага. А дайшоўшы канчатковага выніку, ён сціскае зубы ад злосці і цэдзіць скрозь іх чутае недзе ад старэйшых:

— Ато ж дурны, крый божа... І чаго ён яшчэ чакае?

Гэта так пра бацьку, што не пішацца ў калгас.

Неяк па канцы лета, седзячы на сваім назорным пункце, Петрык згледзеў у калгасным садзе незвычайнае ажыўленне. Цэлая плойма дзяцей і некалькі чалавек дарослых, раптам урынуўшыся ў сад, з тлумам і сумятнёй завінуліся каля дрэў. Паміж чырванашчокіх апортаў, празрыста-жоўтых антонавак, халодна-бліскучых цітавак выраслі скурчаныя ад натугі фігуры Сцёпак, Сёмак, Яськаў, Міхаськаў і іншых Петрыкавых равеснікаў.

У Петрыка ёкнула сэрца: ён зразумеў, што гэта ўзяліся калаціць сад, што зараз ужо знікне з ягоных вачэй усё гэтае хараство, якое — што б там ні было,— а ўсё-ткі грэла ў яго ў сэрцы нейкую дзіўную безгрунтоўную надзею.

Петрык увесь абярнуўся ў зірк. Ён не толькі сачыў за кожным рухам сваіх таварышаў — ён перажываў гэтыя рухі, адчуваў іх у сваім целе, і кожная няўдача, кожны няёмкі выкрут узнімаў у ім пагардлівае абурэнне.

— Авой, няўмекі, авой, нязграбы! Гэта ж каб я, дык бы вунь на тую галінку ўзглабаўся, ухапіўся за той вунь сучок, нагой адпіхнуў тую галінку — эх, каб гэта мне туды...

І пякучая злосць на бацьку сціскае Петрыкава азнібелае сэрца, і ўжо не чутае ад старэйшых, а сваё — дзіцячае, горкае зрываецца з вуснаў:

— Дурны, дурны, вось і ўсё... Хай сабе... Усё роўна дурны, дурны...

У гэты час пад пуню лёгкім трушком, трымаючы ў руках напагатове штанёнкі, падскочыў найбліжэйшы Петрыкаў прыяцель Янка. Петрыкава злосць адразу абярнулася на няшчаснага Янку, і ён — толькі той пачаў асталёўвацца — свіснуў так тонка й прарэзліва, як адзін толькі ён умеў свіснуць з цэлае вёскі. Янка крыкнуў і памкнуўся быў бегчы, але прыстоіў і, пільна ўзіраючыся ў чорную дзірку франтона, нясмела запытаў:

— Петрык! Гэта ты?

Петрык вытыркнуў галаву і забалбатаў па-індычаму:

— Был-был-был-был...

Але тут у галаве яго мільгнула раптоўна думка, і ён змяніў тактыку.

— Здароў, Янка! Дармо, можна сабе й тут, усё роўна... Яблыкі калоціце?

Янка дзеля ўсякага выпадку зашпіліў усё-ткі штанёнкі і адказаў троху недаверлівым тонам:

— Сам бачыш, чаго ж пытацца...

— Многа будзе яблык?

— Ого!

Петрык падміргнуў.

— А што, каб гэта я да вас туды, га? Што ты думаеш, Янка?

— Няможна, ты ж не калгасны...

Аднак яго сухі безапеляцыйны тон не спыніў Петрыка. З момант падумаўшы, ён прапанаваў:

— А я мог бы табе нават свой зламаны ножык даць — паўляза яшчэ цэлае. А хоць сікаўку — цераз вуліцу дастае.

Янка, пачуўшы выгодны гешэфт, затрымаўся.

— Чакай, я зараз...

І, скочыўшы за рог, ён праз хвіліну вярнуўся адтуль з гатовай прапазіцыяй.

— І ножык, і сікаўку?

Петрык у знак згоды махнуў безнадзейна рукой (ат, прападзі яно ўсё).

У Янкі ўжо быў гатовы план.

— Я скажу, што ты за нашу Насту. Адно каб працаваў добра, чуеш? Глядзі ты мне... Ты — сюды?

— Па вяроўцы...

І праз хвіліну Петрык апынуўся ў тым заказаным раі, што праз усё лета дражніў яго палкай нясцерпкай спакусай.

Гэта было як у сне. Ён заблытаўся сярод плоймы дзяцей, і ніхто не зважаў на яго, ніхто не гнаў яго з чароўнага раю, ніхто не крычаў, што ён чужы, што гэты сад не яго. Навакол — і на дрэвах, і на зямлі, і, здавалася, у паветры ззялі сваёй бліскучай свежасцю барвістыя плады. Ён мог іх есці, колькі хацеў, ён мог каштаваць па чарзе ўсе так дасканала вывучаныя ім здалёк гатункі. Ён нават мог, пакаштаваўшы, кінуць недаедзенае, калі не да смаку — так і рабілі іншыя,— але ён ўсё-ткі не важыўся: хоць каторае і не зусім падабаецца, а з’есць да канца, да самых зярнятак.

А як шчыра, як самааддана ён працаваў! Ён узлазіў на самыя верхавінкі, пераскакваў, як вавёрка, з галінкі на галінку. Ад яго не ўцякаў ніводзін яблык, ніводная дулька. Нават стары, крывы на адно вока, стораж Піліп колькі раз пахваліў яго незвычайны спрыт, не ведаючы, мабыць, што хваліць чужога тут зусім, які злоснымі хітрыкамі пралез сюды, аднаасобніка.

Потым збіралі яблыкі, зносілі ў места. Вырасталі пышныя пераліўчастыя груды, ад якіх ішоў зусім новы — густы, мядовы пах. Петрыку груды здаліся значна большымі, чым ён дасюль уяўляў, і ён ужо меркаваў, што, мабыць, не прыйдзецца кожнаму па столькі грудоў, па сколькі ён быў прызначыў. Ён з нецярплівасцю чакаў, пакуль нарэшце пачнуць шчаслівыя калгаснікі дзяліць накалочаныя яблыкі.

Аднак не дзялілі зусім — ні яблыкаў, ні дуль. Прыехалі на конях калгаснікі і пачалі перавозіць яблыкі ў агульны калгасны свіран.

Гэта Петрыку дужа ўпадабалася. Ён, праўду сказаць, чакаў тэй дзяльбы з захаваным страхам. Па-першае, маглі б яго тады выкрыць і, зрабіўшы яму страшнае жорсткае запытанне — а ты чаго тут? — выгнаць з чароўнага раю. А па-другое, каму ж прыемна глядзець, як іншыя аграбаюць такое неверагоднае багацце, а самому тым часам стаяць убаку ды разам з абрыдзелым раптам яблыкам давіцца горкімі слязьмі?

Шчаслівы Петрык цяпер адчуваў сябе цалкам роўным з усімі і нават прадэманстраваў гэта тым, што ўрачыста пад’ехаў на калгасным кані аж да самых варот саду.

Вярнуўся Петрык дахаты, як ужо клаліся спаць, і злосны Пятрусь сустрэў яго ласкавым запытаннем:

— Пагуляў трошку, сынок?

Што вешчавала Петрыку самыя горшыя непрыемнасці.

І праўда, не ўправіўся ён яшчэ і зманіць, што «нечага ў школу ўсіх вучняў збіралі»; як у Петрусёвых руках з’явілася дзяга, і зараз жа пачалася экзекуцыя.

Петрык плакаў так проста, дзеля прылікі, чыста з дзіцячай традыцыі. Ніколі яшчэ з такім лёгкім сэрцам не зносіў ён свае «непрыемнасці», як сёння. Ці дзіва? Ён жа меў сабе гэтулькі пацяшэнняў. Па-першае — было за што, па-другое — усё роўна ў калгасным садзе ён ужо пабыў — хоць як бі, дык гэтага не вернеш, а па-трэцяе — каб бацька ведаў «усё», дык бы не гэтак біў. О, каб ён ведаў!

Як і заўсёды, пасля «непрыемнасці» Петрык у знак пратэсту падлез пад лаўку і, як заўсёды, хліпаў там доўга і жаласна, але ў гэты самы час з спакойным сэрцам і глыбокаю асалодаю бачыў перад вачмі вялізныя пераліўчаста-бліскучыя груды яблыкаў, такіх яблыкаў, якіх «ён» (у падобных выпадках Петрык заўсёды зваў бацьку «ёнам») — якіх ён, можа, ніколі і ў вочы не бачыў.

У Петруся сэрца было адходлівае. Як Петрык добра ўжо надакучыў яму сваім хліпаннем, ён звярнуўся да яго з нядбайнай паблажлівасцю:

— Ну, сціхні ўжо, дурань... Нешта дам табе зараз...

І Петрык, убачыўшы, што бацька і сапраўды пайшоў у сенцы, сціх адразу і настаражыўся.

— Што ён дасць?

Бацька прынёс яму вялізны чырванашчокі апорт.

Петрык аслупянеў. Ён адразу пазнаў яго, гэты цудоўны яблык. Такія маглі быць толькі там, у калгасным садзе!

Ён парыўчата схапіў з бацькавых рук яблык, паспешна абгледзеў яго з усіх бакоў, ёмка скрывіўшыся, упусціў у яго свае вострыя зубы і звонка сербануў пабеглы сок.

— Тое!

І малому Петрыку стала раптам крыўдна. Яго чароўная таямніца адразу страціла палавіну свае прывабнасці, і ўспамін пра бацькаў ушчунак паўстаў перад ім ужо куды ў гарчэйшым выглядзе.

Ён схаваў яблык у кішэню з цвёрдым намерам выкінуць яго вон.

 

2

Назаўтра Петрык быў ужо хітрэйшы. Ён вярнуўся з саду куды раней, чымся ўчора, і скрозь, да самай начы, стараўся так рабіць, каб зарэкамендаваць сябе перад бацькам з найлепшага боку. Пятрусь быў ім цалкам здаволены і даў яму зноў яшчэ большы і яшчэ чырванейшы яблык. Петрык — хітрук — прыкінуўся, што дужа рады.

А была ў яго, выходзіць, свая асаблівая захаваная мэта...

Сёння былі занятыя калгасныя коні, і груды накалочаных яблыкаў асталіся нанач у садзе. А дзеля таго, што іх было многа і ляжалі яны ў розных канцах саду, а стораж Піліп быў адзін ды яшчэ і з адным вокам,— выклікалі былі хлопцаў-ахвотнікаў начаваць гэтую ноч у садзе, памагаць дзеду Піліпу вартаваць яблыкі. Ясная рэч, што ахвотнікаў знайшлося досыць і што найахвотнейшы з усіх ахвотнікаў быў Петрык, хоць не меў ніякага дачынення ні да калгаса, ні да калгасных яблыкаў.

І вось як падышла пара класціся спаць, Петрык, мякка падлабуніўшыся да бацькі, папрасіўся, каб яго пусцілі сёння спаць на сена (у хаце горача, а ноч такая цёплая-цеплая, як нагрэтая). Расчулены сынавай ласкай і слухмянасцю, бацька згадзіўся, і Петрык, горда выступаючы з хаты, неўзаметку захапіў з сабой вяроўку.

Было весялей яшчэ, як на начлезе. Хлопцы расклалі сярод саду агонь, бегалі вакол яго, скакалі, як чарцяняты, крычалі, пелі і бясконца хрускалі яблыкі. У дрыготным, паклычаным, перамяшаным з цемраю святле яблыкі былі зусім інакшыя — цёмныя, кашлатыя, таемныя. Дзеці знайшлі сабе гульню: паказвалі здалёку яблык — адгадай, які? — і тады правяралі пры агні з заўзятасцю азардоўных гульцоў. Прабавалі таксама яблыкі пячы, адылі пераканаліся, што сырыя смачнейшыя.

Раз-пораз хлопцы па чыёй-небудзь раптоўнай звонкай камандзе разбягаліся ў розныя бакі на чарговы вартаўнічы абход, але кожны лічыў, каб трымацца бліжэй да суседа, і, знячэўку стыкнуўшыся ў цемры, сударгава хапаліся адзін за аднаго і калаціліся ад страху.

Ужо добра па поўначы дзеці змарыліся і паціхлі. Тады вылез з свае саламянае будкі дзед Піліп — аспалы, пахмуры, як мядзведзь,— падышоў да агню і, смачна крактануўшы спрасонку, закурыў піпку.

— Ну, цяпер ідзіце ўжо спаць — я буду сцерагчы. Марш у будку... Ну?

Спаць у дзедавай будцы — гэта ж не абы-што якое. Не чакаючы далейшых запросін, хлопцы шмарганулі як адзін у той бок, дзе стаяла гэтае знатнае памяшканне, і з піскам, енкам затаўкліся ў дзвярах.

Петрыку ўлезці ў будку неяк не ручыла, і ён, працяўшыся глыбокай пагардай да шчаслівейшых таварышаў, падумаў:

«Эх, вартаўнікі! Навартуюць, тухнучы ў будцы... Сама такіх у сад пускаць абібокаў...»

І ён, набраўшыся адпаведнай важнасці, узапнуў на сябе сваю начлежную «пару» і, перамагаючы страх, адышоўся крокаў за дваццаць ад будкі, дзе і лёг пад вялізным кустом агрэсту.

Петрыку не спалася: ён глядзеў на зоркі і летуцеў. Ён думаў пра тое, якімі спосабамі латвей абярэгчы сад ад зладзеяў. Можна, вядома, абгарадзіць высачэзным плотам і панаторкаць угары цвікоў. Гэта занадта проста, дый дзе ты цвікоў гэтулькі набярэшся. Можна таксама выкапаць з гэтага боку глыбокую канаву і ў яе вады наліць, а хоць панабіць ражэння, як, казалі, на ваўкоў робяць. А найлепей, дык гэта ўзяць даўгую нітку, абвесці яе вакол усяго саду, а канцы — у будку ды да званка. Як наткнецца каторы, званок — дзын — і гатова... А так — дзе ты яго пачуеш.

Адылі Петрык пачуў і без званка. Зусім блізка ад яго нехта зашамацеў, і зараз жа Петрык пачуў выразны гук перасыпаных яблык.

Сэрца ў яго зайшлося ад страху. Першая думка ў яго была — ці добра схаваўшыся ён пад кустом, ці не тырчаць дужа далёка ягоныя ногі. Але зараз жа ён змеркаваў, што баяцца яму няма чаго, што ён заўсёды, калі трэба, управіцца закрычаць, а пакуль усё спакойна, ён можа нават пацікаваць, хто гэта там шамаціць.

Злодзей быў, пэўна, зусім дурны, бо да кучы, з якой награбаў ён яблыкі, даляталі водблескі агню і асвятлялі ўсю яго постаць. Петрык зусім асмялеў і падпоўз бліжэй. Прыгледзеўшыся добра, ён пазнаў дзеда Піліпа і з уласцівай яму паслужнасцю хацеў ужо быў аказацца і памагчы старому парадкаваць яблыкі. Але тут ён згледзеў у руках у старога мяшок, і гэта яго затрымала.

Дзед спакойна насыпаў мяшок як панесці, старанна завязаў хахол і, устаўшы з зямлі, паспрабаваў, ці цяжка. Тут Петрык удругае мала не здрадзіў сябе, бо яму страшэнна захацелася падбегчы да дзеда і падсобіць на плечы. Але ён ізноў стрымаўся. З нечаканым спрытам і сілаю дзед Піліп усхапіў на плечы мяшок і, нізка сагнуўшыся, пацягнуўся садам.

Петрык, апрача таго, што палахлівы, быў яшчэ без меры цікавы, а таму — хоць бы й хацеў, ён не здолеў бы ўжо ўтрымацца, каб не падгледзець, куды дзед панёс яблыкі.

Абагнуўшы цяньком асветленае кола, дзед Піліп завярнуў пад той бок, дзе была іхная, Петрусёвых, сяліба. Гэта яшчэ больш заінтрыгавала Петрыка і разам з тым надало яму большай адвагі: усё-ткі бліжэй да хаты.

Вось чорнай расплыўчатай плямай вырасла перад вачмі іхная пуня — Петрыкаў назорны пункт. Тут дзед троху збочыў і падаўся туды, дзе высокі шчыкет адгароджваў калгасны сад ад іхнага гароду. Прайшоўшы крокаў з дваццаць пад самым шчыкетам, дзед раптам суняўся і асцярожна спусціў на дол сваю ношку. З хвіліну ён стаяў нерухома, прыслухоўваючыся, потым сціха гукнуў:

— Пятрусь, дзе ты там?

І зараз жа шпаркімі паспешнымі крокамі падаўся ў глыб саду. На тым месцы, дзе стаяла яго грамоздная фігура, Петрык убачыў цёмна-шэрую пляму выбранага ў шчыкеце прахону.

Ён зразумеў усё. Доўга не разважаючы, ён — нібы хто яго падштурхнуў — кінуўся да мяшка і ўцупіўся ў яго сваімі слабенькімі, дрыжачымі ад страху і яшчэ ад нейкага няяснага, але дужа моцнага пачуцця, рукамі.

З таго боку за мяшок узяліся даўгія бацькавы рукі. Петрык напяў усе сілы і, трымаючы мяшок, прапішчэў:

— Татка! Гэта — калгасныя...

Бацькавы рукі адарваліся ад мяшка, як апечаныя, але зараз жа ўзяліся за яго нанова. Здушаны злосцю голас прасіпеў з-за шчыкета:

— Петрык, сукін сын, што ты тут робіш?

Замест адказу Петрык прапішчэў зноў сваё:

— Гэта — калгасныя... Татка...

І ён як мага трымаўся за мяшок. Пятрусь толькі цяпер зразумеў, што гэта ён трымае мяшок, і, рвучы мяшок да сябе, сыкнуў з бязмернай лютасцю:

— Пусці, шчанё... Пусці, табе кажу...

Петрык цягнуўся ўслед за мяшком...

— Не пушчу... Гэта — калгасныя...

Раптам ён пачуў, што на тым месцы, дзе расце ў яго левае вуха, загарэўся нясцерпна-пякучы агонь. Ён добра не ўцяміў яшчэ, што гэта значыць, як агонь гэты ўпіўся яму ў самае нутро і апаліў яго вострай нястрымнай злосцю. Забыўшыся на ўсё на свеце, амаль непрытомны, ён закрычаў на ўсё горла — дзікім прарэзлівым крыкам, які жудасна перацяў глухую цішыню соннага саду:

— Зло-о-дзей...

Пятрусь выпусціў з рук і мяшок, і сына, і яны абое каршнём адкаціліся ў сад.

Ля будкі ўзняўся страшэнны амбарас. Спалашоныя раптоўным крыкам хлопцы паўскаквалі з месц і, асалапелыя, кідаліся ўва ўсе бакі, не ведаючы, што рабіць. Нарэшце нехта даўміўся — схапіў галавешку і пабег з ёй у той бок, адкуль прыляцеў жудасны крык. Следам за ім падаліся іншыя.

Петрык з хвіліну ляжаў нерухома, прыціснуты мяшком, і, ашаломлены, амаль не разумеў, што гэта сталася. Потым пачуў тлумныя дзіцячыя галасы, якія шпарка набліжаліся да яго, і агнёвы страх страсянуў яго. У сударгавых патугах выкараскаўся ён з-пад мяшка і кінуўся ўбок, не ведаючы — куды, не ведаючы — чаго.

Праз колькі хвілін яго знайшлі нездалёк ад мяшка: ратуючыся ад свайго дзікага страху, ён убіўся галавёнкай у нейкі шчытны калючы куст, а ўсё яго дрыжачае тулава й ногі ляжалі адкрытыя на траве. Яго паднялі і павялі да агню, хорам распытваючы, што з ім здарылася.

Петрык не адказваў на запытанні — адно хліпаў і ўсё лапатаў, як непрытомны:

— Я не пайду дахаты... Я баюся... Я не хочу... Я не пайду... не пайду...

З левага вуха ў яго сачылася густая і зусім чорная ў змроку кроў....

 


1932?

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан