epub
 
Падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Пра дзеда Альпіна

 

Пакуль старшыня сельсавета чытаў пастанову, дзед Альпін звонку трымаўся спакойна і важна. Яго буйны мясёны твар быў скамянеўшы, у строгай пахмурасці быццам стаяў ён пры нейкай урачыстай адправе. І толькі тады, як, скончыўшы чытанне, зірнуў на яго старшыня шырока і ўсмешліва (ну, што скажаш на гэта, мілы дзядок?), твар у яго сударгава смаргануўся, часта заміргалі павекі і ўсёй сваёй карабатай фігурай памкнуўся ён да гэтага несусветнага злосніка. Адылі стрэў у старшынёвых вачах вельмі выразны агоньчык і ўраз суняўся.

(У пастанове было: за злачынны продаж жывёлы, за сістэматычную агітацыю супроць калгаснага будаўніцтва, за няправільны, ашуканскі разлік з парабкамі ды іншае — адабраць у кулака такога-та ўвесь жывы і мёртвы інвентар, а таксама спагнаць з яго трыста рублёў грашыма.)

Дзед Альпін, згубіўшы сваю станавітасць, беспарадна азірнуўся навокал (паразышліся ўсе чыста, адзін ён ды ўнук Амелька ў дварэ) і зачаў бажыцца, зачаў хрысціцца.

— Як свят бог... Каб я так дыхаў... Бярыце ўсё, бярыце коні, каровы... Вашая ўлада, вашая сіла... Грошай няма... ані капеечкі... Як свят бог...

І хапліва, разгублена махаў рукою ў той бок, дзе ў змрочным брудным кутку вісела чарада закапцелых багоў. А калі старшыня следам за ягонымі рухамі перавёў вочы і пільна ўгледзеўся ў боскі прытулак, дзедава рука дзерганулася і спынілася на паўдарозе. З падазронай паспешлівасцю дзед пачаў торкаць рукамі ў хатнія рэчы.

— Нічога няма, таварышы родныя... нічым-чагенечка... Гэта ж — смецце... гэта ж — ламаччо... Каб што прадаць, дык — анічогачка...

Старшыня сельсавета вынес з хаты таемную хітраватую ўсмешку на твары — дзед заўважыў яе і закалаціўся як асінавы ліст. Ці толькі сціхлі ў аддаленасці крокі ліхіх нечаканых гасцей, ён зашчапіў на крук дзверы, з трывожнай апаскай зірнуў у акно і сцеражліва, на цыпках падышоў да абразоў. Куца перахрысціўся і трапятлівымі рукамі дастаў з заплечча ў святога Міколы шэры пыляны скрутак.

Пяцёхгадовы Амелька ўпершыню бачыў такога дзіўнага дзеда. Зашыўшыся ў глухі куточак, ён палахліва сачыў за дзедавымі рухамі і страшэнна дзівіўся, чаму так калоціцца дзед, калі ў хаце добра напалена і горача, як у лазні. А калі ўбачыў у дзеда ў руках шэры пыляны скрутак, ён і сам затросся ад нясцерпнай дзіцячай цікавасці і прагавіта ўпіўся вочкамі ў таемны прадмет. Ледзьве дачакаўшыся, пакуль выйшаў дзед з хаты і пакуль ляпнулі за ім надворныя дзверы, ён спрытным мышаняткам цмыгнуў у сенцы і прыліп да шчэлкі, праз якую відаць было, што дзеецца на двары.

Ён бачыў, як з шалёнай паспешнасцю кідаўся дзед па двары, нікаў па ўсіх кутках, па ўсіх закавулках і ўсё прыціскаў да грудзей шэры таемны скрутак. Нарэшце ён спыніўся ля клеці, прыгнуўся долу і колькі хвілін поркаўся ў падмурку. Калі ж устаў і, боязна азірнуўшыся, павольным крокам падаўся да хатніх дзвярэй, рукі ў яго былі ўжо пустыя і млява, як пасля натужнай работы, целяпаліся па баках.

Амелька страпянуўся, маланкай скочыў у хату і зноў зашыўся ў свой глухі куточак.

* * *

Дзед Альпін увайшоў у хату спакойны і важны. Пад сівымі вусамі ў яго тулялася хітрая ўсмешка, а праз густыя навіслыя бровы прасяваліся агоньчыкі едкай злараднасці.

Ён падышоў да акна і стаў перад ім нерухома — утаропіў у снегавую бялосць застылы погляд. У вачах тады згаслі агоньчыкі, сталі вочы цяжкія і плыткія (мабыць, успамінаў дзед даўнейшае, жалкаваў аб багацці, раскошы, аб моцным багатырскім жыцці). У гэты момант смаргануў носам са свайго кутка Амелька, і дзед здрыгануўся ад гэтага гуку, як ад раптоўнага ўдару. Але ўбачыў унука (быў забыўся зусім, што той у хаце), паклікаў яго да сябе і стаў лашчыць малога, рыпець старым караватым голасам:

— Чуў, Амелька, што злыдні казалі... Забяруць усё чыста... Жылі, набывалі, стараліся... на табе... спажывай... Дрэнна, галубок, ой, як дрэнна...

Галубок тупаў, круціўся і відочна цэліў даць лататы ад дзедавай ласкі. Нешта карцела яму, нешта рупіла — вочы ў яго бегалі, як мурашкі, і гарэлі агнём вострае нецярплівасці. Выбраўшы зручную хвіліну, ён спрытна вылузнуўся з дзедавых лоняў, мімаходзь ухапіў кажушок з шапкай і кумільгам пакаціўся за дзверы.

* * *

Дзедаў спакой цягнуўся нядоўга. Прашуравалі за акном нечыя важкія крокі, і ён здрыгануўся, як злоўлены злодзей, і, палахліва настаражыўшыся, чакаў, што во-во нехта ўвойдзе, нехта пратне яго навылёт страшным праніклівым поглядам і ўбачыць усё і аб усім дазнаецца.

Потым зазвінелі на вуліцы дзіцячыя галасы, уляцелі ў хату і шчамялямі закруціліся над яго галавой — дакучна, назолліва. Сярод іх вылучаўся тонкі галасёнак унука Амелькі і чамусьці асабліва яго непакоіў. Нейкі час дзед падазрона прыслухваўся да дзіцячага клуму (аб чым яны там стрыкочуць?), але не разабраў нічагутка і не ўрымсціў — схапіў шапку ды ў незразумелай трывозе выбег на вуліцу.

Дзед Альпін убачыў там во што.

Ля варот таўклася цэлая купа дзяцьвішча. Абшарпаныя хлапчаняты крычалі, тузаліся, коўзаліся нагамі ў расцярушаным снезе і рвалі з рук адзін у аднаго шэры пыляны скрутак. Дзе-хто трымаў у руках жоўтыя бліскучыя кружэлачкі, некалькі гэткіх кружэлачак рассыпаны былі навакол і дзіўна, нязвыкла гарэлі агнёвымі кроплямі на халоднай бялосці снега.

Дзед Альпін стаў страшны. Мясёны твар яго пабраўся грубымі пукатымі складкамі, і сівое валоссе ўзнялося дзіка натапыранай шчэццю. З крывавым агнём у вачах, з драпежна выцягнутымі рукамі кінуўся ён на дзяцей.

З самага нутра ў яго вырваўся жудасны нечалавечы рык.

Дзеці ўзнялі шалёны лямант, шумархнуліся хто куды, і ля варот астаўся стаяць адзін Амелька. Ён нязграбна трымаў у аднэй руцэ развязаны шэры мяшок, а другую, з жоўтай кружэлачкай, працягваў насустрэчу дзеду і вінавата ўсміхаўся.

— Цацачкі... Жоўтыя цацачкі...

Дзед з разгону рынуўся долу, у расцярушаны снег, накрыўшы сваім карчаватым тулавам рассыпанае золата.

Аднак, падаючы, ён не забыўся ўхапіцца за крысо Амелькавага кажушка і моцна трымаў яго сударгава сашчэмленымі пальцамі. Колькі секунд ён так і ляжаў, раздвоены гневам і сквапнасцю. Адылі гнеў перамог: адарваўшыся ад золата, дзед зверам кінуўся на Амельку (на збянтэжанага, асалапелага) і касцянымі круччам-рукамі ўцупіўся ў шыю дзіцяці.

Смяротнае хрыпенне ўнука перамяшалася з звярыным дзедавым рыкам. А тады — ударыў раптам, як гром, як страшэнны выбух, спакойны і цвёрды голас:

— Кінь, дзед... Не руш...

Дзедавы кручча-рукі самі па сабе разышліся — ён выпусціў унука і ўжо з крыкам бязмежнае роспачы паваліўся зноў на сваё золата.

* * *

Дзед Альпін поўзаў раскірэкай па снегу і недалужна грабаў дрыжачымі рукамі. Унук Амелька, лежачы тварам угору, ціха плакаў ад болю ды крыўды і з глыбокім неўразуменнем глядзеў у шэрае неба. А над дзедам стаяў старшыня сельсавета, варушыў мыском чаравіка жоўтыя кружэлачкі ў снезе, моўчкі ківаў галавой і ўсміхаўся.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com