epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Сцежкі-дарожкі

Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя
Частка чацвёртая
Частка пятая
Частка шостая
Эпілог
Каментарыі. Чалавек і рэвалюцыя ў «вялікай прозе» М. Зарэцкага


 

 

Частка першая

Лясніцкаму ўелася ў памяць, што ў той дзень, калі парасклеілі ў горадзе афішы — маніфесты цара Мікалая і вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча, калі пачалося гэта трывожнае мятушэнне,— у той дзень сонца было яшчэ зусім зімовае — такое вятранае, халоднае, рэдкае. У той дзень быў ладны мароз — вуліцы ўкрыты былі вострай лядзянай грудай, а на панелях, выцертых ветрам, было так слізка, што трудна было прайсці.

Людзі марозу не баяліся і — цікавыя — цёрліся гурмай па вуліцах, нарастаючы купамі пры слупах, пры сценах дамоў, дзе казыталі вочы вострай навізнай белыя паперкі — маніфесты.

У той дзень у Лясніцкага (гэта таксама доўга ён помніў) настрой быў раскіданы нейкі і лёгкі — такі безгрунтоўны настрой. От невядома: ці то чаго хочацца, некуды цягне пайсці, пабегчы, ці то сумна трошачку, ці, можа, у сэрцы вальготнасць расце, гуллівасць юнацкая, каб што зрабіць недарэчнае, смешнае...

Адно ясна: хочацца бесперастанку хадзіць, шлындаць, цягацца без аніякае мэты, напрамку — так, куды вочы глядзяць.

Лясніцкі ўжо колькі разоў прачытаў маніфесты, помніў ужо слова ў слова, але ціснуўся ўсё-ткі, каб яшчэ прачытаць, бо на паперы словы былі жывей і важней:

«Божиею милостию, Мы, Николай Второй, Император и Самодержец Всероссийский, Царь Польский, Великий Князь Финляндский и пр. и пр. и пр. ...»

Да Лясніцкага бокам прысунулася нейкая баба, закручаная ў незлічонае мноства адзежын і хустак, і прагамзіла з-пад пасінелага носа:

— Панічок! Аб чым гэта пішацца... Га? Што?.. Дрэнна чую я...

Лясніцкі крыкнуў у падстаўленае вуха:

— Цара скінулі... Няма ўжо цара ў нас...

Старая глядзела колькі хвілін нерухомым поглядам некуды міма Лясніцкага, перабірала сухімі вуснамі.

— Цара... скінулі... А хто ж царом цяпер?

— Ніхто! Няма зусім цара! — зноў крыкнуў Лясніцкі.

— Няма...

І старая, адвярнуўшыся ад Лясніцкага з недаверлівай мінай на твары, папаўзла чарапахай па вуліцы. Пэўна, не ўцяміла, не раздзяўбла старой галавой, у чым тут усё-ткі справа.

Лясніцкі глядзеў ёй услед і смяяўся. Перавёў потым усмешку на твар суседа, але сустрэў сівую бараду, кукарду, гузікі і напышліва-сур’ёзную міну.

— Малады чалавек, нельга над гэтым смяяцца... Цар — божы памазанік, і не нам судзіць аб яго высокіх учынках...

У Лясніцкага ў сэрцы закіпеў юнацкі задзёр. Хацеў адказаць нешта гарэзнае, але, пакуль надумаўся, было позна. Стары чыноўнік, павучальна кіўнуўшы яму галавой, ужо адвярнуўся і гаварыў з высокай саліднай дамай. На Лясніцкага з пагардлівай паблажкай зірнула колькі чалавек і сярод іх адна гімназістка. Пачырванеўшы ад нечаканага сораму, ён паспешна пакінуў гэтую купку людзей.

Праз колькі крокаў ён упёрся ў Халіму. Той раптам стаў яму на дарозе і прагудзеў сваім нутраным, глухаватым, але моцным голасам:

— Васілю... Шанаванне...

Халіма ціснуў руку з асаблівым фасонам — адрывіста неяк і адной толькі пясцю свае медзвядзёвае лапы. Быццам гэта пясць яго недзе там цісне, а ён і не ведае, ён не цікавіцца гэтым. Таму заўсёды выходзіла, што ад яго поціску ўсе раптоўна прысядалі і крывіліся.

— Ціху ты,— зморшчыўся ад болю Лясніцкі.— Куды разагнаўся?

— Пойдзем хадзіць... Ты што робіш?

— Нічога.

— Я таксама... У клас хадзіў?

— Дзе там!..

— І я... Ну, хадзем!..

Яны выйшлі на Дняпроўскі праспект. Здавалася, што тут цяпер стоўпіўся ўвесь узрушаны горад і мятушыцца ў чаканні нечага яшчэ яскравейшага, яшчэ цікавейшага, чымся было дагэтуль. Сярод агульнае цьмянае масы людзей на кожным кроку праразаліся бліскучыя постаці афіцэраў. Гэтыя ішлі ў большасці шпарка, паспешна, быццам ім дужа некалі, быццам ідуць яны ў пэўнае месца, па пэўнай справе, быццам яны дык зусім добра ведаюць, у чым тут штука, чаго можна чакаць ад развіцця далейшых падзей. А калі трапляўся дзе генерал, дык яго важны напышаны твар выяўляў такую дзяржаўную мудрасць і заклапочанасць, што кожны сустрэчны ўпінаў у яго, як у нейкае дзіва, поўны страшэннай павагі погляд і пэўна сам сабе думаў:

«О, гэты ведае ўсё... Гэты адтуль, мусіць, з самае стаўкі...»

Генералам усе шырока давалі дарогу.

Абкружаныя нервовай сумятнёй гаварлівага натоўпу хлопцы дайшлі да канца праспекту, дзе ў губернатарскіх палацах змяшчалася царская стаўка. Там, як і раней, стаяла ўсё ў строгім спакоі, як і раней, не дазвалялі збірацца вялікімі гурмамі, далікатна прасілі ісці сваёй дарогай. Стаялі салдаты-вартаўнікі, мільгалі сям-там дужыя фігуры асабовае царскае варты. Але чамусьці здавалася, што гэты парадак, гэты спакой толькі надворны, а там, унутры, пэўна, бурліць усё чыста, б’ецца ў сутаргах вострай трывогі.

Халіма звярнуў увагу на двух цывільных, што круціліся недалёчка ад іх,— абодва такія вяртлявыя, юркія.

— Бачыш... шпігі... тут заўсёды іх поўна... Чуць што прымеціць — зараз на манжэту...

— Як на манжэту?

— Запісваюць, каб неўзаметку.

Лясніцкі ўтаропіўся шырока расплюшчанымі вачмі ў нечакана раскрытых Халімам шпігоў і думаў, як гэта можна так запісаць, каб ніхто не заўважыў, і што ім тут трэба запісваць, гэтым хітрым пралазам.

У гэты момант адзін з іх, шапатнуўшы нешта таварышу, падаўся да хлопцаў. Лясніцкі мімаволі адступіў з паўкрока назад, а Халіма нахабна выпяў уперад сваю грамоздную фігуру. Шпіг загаварыў лісліва і разам з тым злосна:

— Дзівуецеся?

Халіма буркнуў:

— Глядзім...

— Ну і што ж цікавага бачыце?

— Пакуль што нічога.

— А што чакаеце ўбачыць?

— Можа, што ўбачым. Цяпер жа ці мала цікавага робіцца...

— Ага... цікавага...

Шпіг раптам страціў сваю ліслівасць і зірнуў на хлопцаў з едкай падазронасцю.

— Вы хто такія?

— Як бачыце, людзі.

— Якія людзі?

— Звычайныя.

Халіма смела наругаўся шпігу, а той аж зелянеў ад злосці. Кончылася гэта справа на тым, што шпіг палез ужо быў у кішэню за сваім жандарскім значком, маючы, як відаць, рашучы замер затрымаць назоллівых хлопцаў, але ў гэты момант нездалёк пачуўся шум аўтамабіля, і ён рынуўся яму насустрэчу, сцяміўшы, мусіць, што лепш паказацца лішні раз на вока начальству, чымся вантэжыцца з нейкімі нахабнікамі.

Хлопцы тады далі драла. Яны пайшлі на кватэру да Халімы, дзе разам з ім жыло яшчэ некалькі таварышаў. Сабралася цэлая кампанія. Усе дзяліліся свежымі ўражаннямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. А потым знайшлі вясёлую забаву: пачалі дражніцца з гаспадыняй. На сцяне вісеў царскі партрэт — яны перакручвалі яго дагары нагамі і клікалі за чым-небудзь гаспадыню. Маленькая істэрычная мяшчанка — багамольная і дабрачынная — з пенай на вуснах лаяла хлопцаў і папраўляла партрэт. А хлопцы моўчкі чакалі, пакуль яна выйдзе, і з дружным рогатам браліся зноў за партрэт, зноў перакручвалі і зноў яе клікалі. Пасля чацвёртага разу гаспадыня, нарэшце, даўмілася вынесці з пакоя партрэт, але лаяцца не пакінула — з кухні доўга яшчэ чуваць быў яе прарэзліва-вісклівы голас.

Вясёлая кампанія адказвала на лаянку выбухамі гуллівага смеху.

 

Увечары хлопцы сышліся на кватэры ў Лясніцкага. Спачатку дражніліся з Нінай — гаспадарскай дачкой. Іначай няможна з ёй, як не дражніцца. Так павялося даўно і ўвайшло ў абыкласць.

Ніна наогул дзяўчына нядрэнная. У яе дужа добрыя, трохі хітраватыя вочы і дабрадушная ўсмешка. Першае ўражанне ад яе — ат, просценькая дзяўчынка, не вельмі разумная, але і не дурная, будзе некаму некалі здатная жонка. Так тады ўсе і лічылі яе. Любілі з ёй часам пажартаваць, падражніцца, а сур’ёзна гутарыць з ёй не маглі ці не ўмелі —прынамсі, ніхто не ўмудрыўся. Казалі, нібы закахалася была яна ў Халіму. Над гэтым многа смяяліся. Наогул, у той час усё на смешкі прымалі: хлопцам было па якіх дваццаць ці меней гадоў — не было ў іх дужа сур’ёзнасці.

У пакоі ў Лясніцкага было цесна. Сядзелі ўсе грудам на ложку, а хто на ляжанцы. Але была ў гэтым пакоі асаблівая такая халасцяцкая прытульнасць, якая ўзнімала ўва ўсіх пачуццё таварыскай блізкасці, рабіла ўсіх прыемнымі адзін аднаму.

Як выйшла Ніна ў сваю палавіну і асталіся хлопцы адны, пайшлі анекдоты, жарты, загрымеў здаровы малады смех. Потым, як Халіма расказаў анекдот пра нейкага генерала, а другі хлопец пра цара, неўзаметку перайшлі на сур’ёзную гутарку, загаварылі аб апошніх падзеях. Пачаліся спрэчкі.

Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец у акулярах на маленькім, кнопачкай, носе, з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Калі гэты хлопец глядзеў проста, адкрыта ў твар каму-небудзь і калі ў яго акулярах наіўна бегалі іскрачкі бляску, тады яго вочы здаваліся старымі і добрымі. Тады немінуча расла да яго ласка і сімпатыя. Звалі хлопца гэтага — Нікадзім Славін.

Ён гаварыў ціха і спакойна, але дрыжанне голасу выдавала, што ён усё-ткі трохі хвалюецца:

— Гэта наспела даўно. Як вось вясной у рацэ... вада ўсё падымаецца, падымаецца, падымаецца, а потым і лёд крышыцца пачне... Можа, як гэтая рэчка, і слёзы народныя так... Вякамі збіраліся, цярпеў народ... Больш ужо некуды... вось і трашчыць... Не можа так доўга цягнуцца, каб была такая няроўнасць і здзек, каб людзі былі горш за скаціну...

Што да Халімы, дык той не меў ніякага пэўнага погляду на тое, што дзеецца ў свеце, не адчуваў і пэўнае сімпатыі ні да старога ладу, ні да рэвалюцыі. Таму ён нічога не гаварыў па сутнасці Нікадзімавых слоў, а толькі ў нейкай дзікай, шалёнай злосці біў кулаком па стале і лаяўся:

— Жыды вінаваты ўва ўсім, каб не яны, усё б добра было... Біць іх трэба, у Палестыну гнаць... Тады і будзе парадак... У іх усе грошы, у іх улада ўся... Усіх купяць, сцервы... Немцам Расію прадалі, акаянныя... Не, брат, мяне не ўгаворыш, не пераканаеш... Не люблю, ненавіджу жыдоў, гатоў вось хоць зараз іх разарваць, вось дай мне яго... жывога... сюды... сволач пархатую...

І ён, крывячы твар у страшэнную міну, рабіў так рукамі, быццам рваў жывога чалавека і быццам чалавек гэты быў як кавалак паперы... Хлопцы ўсе рагаталі, давольныя... Нікадзім злёгку ўсміхаўся.

— Наіўны ты які... смешны... Да чаго тут яны?.. Справа зусім у іншым... Лад такі ў нас цяжкі, што няможна трываць. А чаму ты не любіш іх, ты не ведаеш, га? Таму, што гэта некаму трэба... А ён такі чалавек, як і ты...

— Пайшоў к чорту!.. не лезь! Не люблю, цярпець не магу пархатых... Сваімі рукамі буду душыць...

Нехта крыкнуў:

— Бі жыдоў, ратуй Расію!..

І ўсе заліліся гуллівым рогатам. Зноў пасыпаліся жарты, анекдоты.

Гадзіне а дзесятай частка хлопцаў разышлася, а частка асталася гуляць у дваццаць адно. Прыйшоў з начной работы, з чыгункі, сын гаспадара Андрэй; таксама падсеў.

Лясніцкі адразу пачаў хвалявацца. Ён не можа спакойна гуляць. Ён заўсёды распаліцца, аж дрыжыць увесь, рызыкуе страшэнна, хапаецца. Таму і прайграе заўсёды.

Прыгожа гуляе Андрэй. Ніхто ніколі не бачыў, каб ён хоць трошкі ўзрушыўся. Ніхто ніколі не бачыў, каб змяніўся яго твар, заўсёды аднакава цёплы і ветлы, заўсёды поўны нейкай мяккай сілы.

Лясніцкі часта глядзіць на Андрэя і мімаволі зайздросціць яму. Хочацца, каб і самому вось так: узяць нядбала карту, другую — адной рукой, не спяшаючыся, узяць, паляпаць задуменна аб стол, зірнуць праніклівым, з тонкай хітрынкай поглядам па банкамёта і праказаць спакойна так, самаўпэўнена:

— Паспрабуй набяры...

Тужыцца Лясніцкі гэтак рабіць і колькі хвілін, здаецца, выходзіць. А тады забудзецца, і зноў тое самае: рукі дрыжаць, хапае, спяшаецца, выдае сам сябе банкамёту. Узрушэнне ў злосць пераходзіць,— злуе тады страшэнна на ўсіх, нават на Ніну, якая сядзіць і глядзіць на яго, вочы прыплюшчыўшы... Можа, смяецца ў думках над ім...

Лясніцкі ўсё больш і больш рызыкуе, ставіць на кон апошнія грошы. Часамі ў распаленых тлумных мазгах прамігне поўны смутнага дакору твар бацькі, выплыве хата з усімі сваімі — небагатая сялянская хата, адкуль дасылаюць апошнія капейкі. Нутро тады сціснецца, ахаладжае раптам ад скрухі. Але толькі на момант. Потым зноў закіпіць з яшчэ большым імпэтам.

Нарэшце знік запал, знікла цікавасць, застаўся адзін балючы тлум у мазгах, быццам заліў нехта іх растопленым волавам. Ахапіла нервовая вострая нецярплівасць.

Каб хутчэй скончыць, хоць бы і прайграць — усё роўна. Каб пайсці легчы на ложак, прастудзіць гарачую галаву.

Ён падклаў пад карту, не лічачы, усе грошы, якія яшчэ засталіся, праказаў зніжаным змораным голасам:

— На ўсё, што пад картай!..

Усе неяк змоўклі адразу. Устала ў пакоі напятасць трывожная, банкамёт на твар напусціў урачыстасць і афіцыйную важнасць.

— Яшчэ!..

— Калі ласка!..

— Яшчэ!..

— Можна...

— Многа... прайграў.

Сабраў усе сілы, каб не ўвязнуць у мора ліпучага сораму, кінуў карты, грошы і ўстаў. Услед яму ўсе асцярожна зірнулі, але не смяяліся, зналі, што чалавеку дрэнна, што цяпер цяжкай будзе яму насмешка.

Лясніцкі лёг на ложак.

Было такое адчуванне, нібы адышоў ён ад нечага душнага, тлумнага і акунуўся ў свежы такі халадок. Звонка ў вісках білася кроў, але што далей заціхала — рабілася самотна і ціха, быццам быў адзін у пакоі. Тады цвяроза падумаў аб тым, што зрабіў. Зразумеў, што не будзе далей на што жыць, што прайграў апошнія грошы, бацькавы грошы.

Ад цвярозае гэтае думкі заныла нутро. Заныла, засадніла — быццам яго хто падрапаў едкімі кіпцямі. Захацелася забыцца на ўсё, ласкі нечае захацелася — ціхае, чыстае ласкі... як калісьці матка малога лашчыла... Каб, можа, Ніна падышла, слова якое сказала...

І, нібы ўгадаўшы яго пачуццё, устала Ніна, падышла і села каля яго на ложку. Хацела, здаецца, нешта сказаць, ужо ласкава вочы прыжмурыла. Але Лясніцкі раптам схапянуўся, усклычыўся, быццам яго ўкалола тое, што яна падышла суцяшаць. Замест супакою злосць узнялася. Сказаў ёй груба, дасадліва:

— Я хачу спаць, не перашкаджайце.

Ніна паспешна ўстала і, не сказаўшы ні слова, выйшла з пакоя.

Неўзабаве і ўсе разышліся. Лясніцкі раздзеўся і лёг, з галавой накрыўшыся коўдрай.

У гэтую ноч давялося яму перажыць колькі гадзін вострага тамення душы, перацярпець балючы прыбой пачуццяў, якія змучылі яго сваім незвычайным ліхаманкавым чаргаваннем.

Пачуцці гэтыя былі настолькі яскравыя і моцныя, што прымалі зусім жывыя рэальныя формы. Яны напаўнялі стомленую свядомасць Лясніцкага то крывымі нейкімі страшнымі зданямі, то нечым мяккім, ружовым, што заспакойвала ўзбітыя нервы, навявала цішу і ласку. У хвіліны, калі было гэта ружовае, гатоў быў Лясніцкі заснуць, ужо апускалася ў цела цяжарная млявасць, бяссілле, ужо ў галаве пачынаў завівацца туман. Але праз момант зноў ужо нарастала ўнутры цяжкае і мулкае, зноў пачынала кроіць свядомасць рэзкімі зданямі трывогі, адчаю.

З маладосці заўсёды бывае так, што першая няўдача ў жыцці абурае страшэнным душэўным змаганнем, і здаецца, што ўжо клінам сышоўся свет, што ўжо надышло рашучае і важнае, што гэта — генеральны крызіс жыцця. Тады некаторы час пануе ўнутры прыкрая блытаніна, некаторы час здаецца ўсё агідным і нецікавым. А потым самі сабой адшукаюцца неяк канцы, разблытаецца прыкры вузел і ўсё стане ясным і простым.

Заснуў быў Лясніцкі тады блізка пад самае ранне, заснуў неяк няўмысля зусім, нечакана, не знайшоўшы выйсця з свае блытаніны, не заспакоіўшыся.

Але заснуў моцна і глуха.

 

Было ўжо блізка дванаццаці, калі Лясніцкі прачнуўся. Разбудзіла яго Ніна — прыбірала ў пакоі і нешта скінула. Можа, наўмысля гэта зрабіла, каб ён прачнуўся, каб было весялей, бо адна была ў хаце.

Лясніцкі зірнуў заспаным поглядам на яе і, сустрэўшы звычайны хітравата-цікуючы бляск яе дабрадушных вачэй, усміхнуўся цягуча і сонна, поўны цёплай прыемнай млявасці. Пачаў моўчкі разглядаць дзяўчыну. Яна адвярнулася, не спускаючы з вуснаў таемнае ўсмешкі.

Добрай яна здавалася цяпер Лясніцкаму — простай зусім і ціха-прытветнай. Было ў ёй нешта агульнае з спакойным святлом адліжнага дня, што шырока прыпаў быў сваім бялясым тварам да вокан і глядзеў у хату з ласкавай хмурасцю.

Ніна зноў зірнула на Лясніцкага і зрабіла выгляд, што злуецца.

— Вы чаго на мяне ўтаропіліся?.. Чаму спіцё так позна, як вам не сорамна... Усе ўжо добрыя людзі на працу пайшлі...

Лясніцкі дэманстрацыйна пазяхнуў і праказаў няўважна так, лена:

— А я толькі думаю, чаго яна ў хаце таўчэцца... Усе добрыя людзі пайшлі...

— Ну, я працую... А вы лайдак... і картыжнік, да дзвюх гадзін у карты гулялі...

І вось абдало тады раптам Лясніцкага ўчорашнім, тлумным. Да гэтага часу неяк забыўся ён быў на тое, што ўчора было, што прайграўся зусім, без капейкі астаўся. А цяпер вось адразу ўсплыло і агарнула едкай турботай. Зрабілася прыкра, знікла прытульнасць навокал, захацелася некуды рушыцца, некуды ісці, каб заглушыць турботу і злосць. Ніна ўжо стала зусім непрыгожай і нецікавай. Хваравіта-назоллівай плямай кінуўся ў вочы яе курносы, трохі прыплюшчаны нос. І ўсмешка яе зусім непрыгожая, дакучлівая — смяецца вечна, а чаго — немаведама.

— Я буду ўставаць... Калі ласка, выйдзіце вон...

— А можа, далікатней трохі папросіце?

— Выйдзіце вон!..

— Ну, што вы кажаце?..

— Ідзіце, а то я буду пры вас надзявацца...

— Паспрабуйце толькі!..

— Ну, раз... два...

Яна пайшла з пакоя... Каля самых дзвярэй затрымалася і праказала трохі пакрыўджаным голасам:

— Я ведаю, чаму вы злосны,— у карты ўсе грошы ўчора прайгралі...

І выйшла.

Лясніцкі стаў надзявацца. Шчымела нутро, да ўсяго, што было, далучыўся яшчэ прыкры сорам. Гэта ж яна смешкі строіць над ім. І ўсе пэўна будуць смяяцца, будуць дражніцца... І няма чаго есці, трэба недзе шукаць, пазычаць.

Надзеўшыся, ён адразу выйшаў з хаты. Нават не мыўся, бо, каб памыцца, трэба было ісці на кухню, дзе Ніна, а ён не хацеў цяпер бачыць яе.

На дварэ было цёпла. Мякка патыхала вясной, ужо чорна і тлуста блішчалі абмытыя тратуары, ужо снег на вуліцах зрабіўся бурым і крохкім. І насіўся ў паветры мяккі пах мокрага дрэва і яшчэ чагосьці з вятраных прастораў, што напамінала вёску і казытала сэрца не то ўспамінамі, не то глухаватым нейкім шчымлівым імкненнем.

Гэты веснавы павеў суцешыў Лясніцкага і заспакоіў яго ўстурбаваныя нервы. Пад уплывам яго шырокае свежасці адышла тая турбота некуды ўдалеч і здалася ўжо другараднай, няважнай. Успомніў вёску Лясніцкі — разам неяк успомніў усю яе, быццам прынёс гэты мяккі ветрык і ўліў адразу ў нутро ўсе малюнкі яе — смутна-ціхія.

І разам з гэтым паўстаў вобраз Макрыны — невялічкай і чорненькай, якую і замужжа не папсавала, толькі паклала на вусны пакутную ўсмешку, можа, і непрыгожую — хто яе ведае. Але Лясніцкі, як ездзіў на каляды, дык, калі заставаўся з ёю адзін на адзін (мужык пайшоў на вайну), любіў глядзець на гэтую горкую ўсмешку і раз за разам цалаваць Макрыніны вусны. Ён тады адчуваў наплыў балючай і горкай пяшчоты, ад якой, здаецца, ірвалася сэрца, і быў шчаслівы. Таму, можа, пасля ён не мог і ўявіць іначай Макрыну, як толькі з гэтай любай для яго ўсмешкай, можа, і непрыгожай, хто яе ведае.

І цяпер яна такая ж на памяць усплыла — разам з вёскай, з палямі ціхімі, з бярозавым гаем, дзядулькай Дняпром і яшчэ маленькай рачулкай, што палахліва туліцца ў кучаравы хмызняк.

Вёска і Макрына — палюбоўніцы горкія, крушынавая радасць яго...

У гэты момант успомніў Лясніцкі пра маніфесты, пра адрачэнне цара, пра ўсё тое, што робіцца недзе ў Маскве ці яшчэ, можа, дзе-небудзь. Захацеў злучыць гэта з вёскай, з сялянскай хатай сваёй, гаспадаркай, каб праверыць, ці добра гэта, ці дрэнна. Але нічога не выйшла, бо не ведаў ён нічога, не разумеў. Чамусьці толькі таўхануліся ў сэрцы ўчорашнія словы Халімы, злосць яго на яўрэяў, таўхануліся нейкай несвядомай апаскай, турботай.

Тым часам Лясніцкі, сам таго не прымеціўшы, прайшоў некалькі вуліц і апынуўся ў незнаёмым нейкім завулку, які праз крокаў сто раздаваўся ў пустыя прахоны гародаў. Тут зусім было падобна на вёску, і Лясніцкі міжвольна спыніўся, канчаткова аддаўшыся жывым і свежым успамінам. Яго вывелі з задуменнасці галасы цэлае купы мужчын, што раптам з’явіліся на парозе дому, ля якога ён спыніўся. Лясніцкаму стала прыкра, што яго заўважылі і, можа, падумалі немаведама што. Ён завярнуўся і хацеў пайсці, але раптам нехта з гэтае купы людзей гукнуў яго. Ён, здрыгануўшыся, азірнуўся і ўбачыў Андрэя, гаспадарова сына.

Андрэй падышоў да яго сваёй плаўнай хадою — сам такі шчытны, крамяны, з прыгожым буйным тварам, з ветлай, але разам з тым самаўпэўненай усмешкай.

— Ты чаго тут, Лясніцкі?

Лясніцкі не ведаў, што адказаць. Рашыў не лгаць.

— А, ведаеш, проста ішоў так, задумаўся і неўзаметку затрапіў сюды...

— Дахаты цяпер?

— Усё роўна...

— Дык пойдзем разам...

Андрэй быў у добрым гуморы — гэта адразу кідалася ў вочы. Усю дарогу ён апавядаў Лясніцкаму пра палітычныя навіны, прычым выказваў такія думкі, якія вельмі дзівілі Лясніцкага, бо былі для яго зусім новыя.

— Цяпер стаіць справа так... Рэвалюцыя пачалася, прыйшоў такі момант, што далей няма куды ісці... Дума хоча скомчыць усё, каб цягнуць тую ж песню... вайна каб ішла, каб нехта на ёй нажываўся... І ўрад такі падабралі, што лепш і не трэба... Але не выйдзе нічога, далібог жа, не выйдзе... Справу вырашыць народ, які цяпер пачуў сілу, які пазнаў свае патрэбы і свае правы... Ого, гэта не хаханькі ім... Як ты думаеш, га?

Лясніцкаму было сорамна, што нічога не можа адказаць. Даў у думках сабе абяцанне ўзяцца ўсур’ёз за палітыку, каб узнаць дасканала ўсе гэтыя справы. Зусім жа стала яму не па сабе, калі раптам Андрэй запытаўся:

— А ты сам за якую партыю ідзеш?

Лясніцкі чуў, што хвалілі кадэтаў. Ён дакладна не ведаў, што яны хочуць, але раз хваляць іх, дык чаму ж і ён не можа ім спачуваць.

— Я так мяркую, што ўсё-ткі найбольш правільна робяць кадэты. Мне яны падабаюцца.

Андрэй моўчкі ўсміхнуўся. У гэтай усмешцы выяўна мігнуў цень жаласлівае паблажкі — Лясніцкі добра гэта заўважыў. Яшчэ горш сорамна стала яму, да злосці, да болю. Прасачылася ў сэрца і варожая зайздрасць да Андрэя. Вось ён і не вучыцца, бадай што малапісьменны, а ведае ўсё і, самае галоўнае, мае нешта сваё, сваю пэўную думку, свой інтарэс. І ён можа нешта рабіць, можа сам прымаць удзел у гэтых дзіўных незразумелых падзеях. Мо ён і цяпер вось быў на сходзе якім, мо ён ужо ў якую-небудзь партыю запісаўся... Хіба спытацца ў яго?

— Слухай, Андрэй... Дзе ты быў цяпер?

Той памаўчаў важна з хвіліну, быццам і не пачуў запытання, і праказаў потым адмыслова няўважным тонам, нібы гаварыў пра нейкае глупства:

— Так... Збіраліся там нашы хлопцы...

Лясніцкі больш пытаць не важыўся. Ішлі некаторы час моўчкі. Як падыходзілі ўжо к дому, Андрэй раптам спыніўся і сказаў Лясніцкаму з нечаканай мяккасцю і шчырасцю:

— Ты, Лясніцкі, учора прайграўся дашчэнту. Я выйграў усе твае грошы. На, я аддам табе іх.

Лясніцкі загарэўся ад сораму, паспрабаваў адгаварвацца, але не выйшла нічога. Андрэй дастаў грошы і, рашуча спыніўшы яго адгаворы, паклаў іх яму ў руку.

Толькі тады, як прыйшлі ўжо дамоў, Лясніцкі схапянуўся, што грошы браць зусім не трэба было, што цяпер яшчэ горш яму сорамна, што ён цяпер блазен супроць Андрэя,— Андрэй паступіў з ім, як з маленькім дзіцем. Кінуўся быў адразу Лясніцкі, каб аддаць назад гэтыя грошы, але падумаў, што выйдзе смех толькі з гэтага. Тады сціснуў зубы і ледзь не заплакаў ад сораму і злосці.

З Андрэем пасля таго Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць.

 

Рэвалюцыя ўціскалася ў горад замаруджана, туга. Багамольнае, манархічна настроенае гарадское мяшчанства чытала газеты, пускала розныя, часамі страшэнна недарэчныя плёткі і, вохкаючы, жалячыся на дарагоўлю харчоў, чакала ўсё нечага, што немінуча прыйдзе і знішчыць тую няпэўнасць, якая трывожна лунае ў паветры, верне зноў над ногі знаёмы, абыклы грунт, пахіснуты лютаўскім паўстаннем.

Цар, падпісаўшы адрачэнне, прыехаў у стаўку і сядзеў тут, абкружаны адданым спачуваннем прыслужнікаў і ўсяго «благароднага» жыхарства. Ад яго нібы чагосьці чакалі, аб ім гаварылі ў кожнай «приличной» хаце, гаварылі з жалем і скрухай, перадавалі ў розных варыянтах словы яго, поўныя царскага велікадушша і хрысціянскай лагоднасці, абкружалі яго арэолам святой пакуты.

І адначасна ішла недзе неўзаметку, употайку, чорная работа, недалужная, брыдкая — работа брудных сіл старога жандарскага ладу. Часта чуваліся словы «жыд», «жыдоўская ўлада», хадзіў у цёмных мяшчанскіх масах прыдушана-злосны і пагражаючы шопат. Нехта нешта рабіў, рыхтаваў.

Аднойчы ўвечары, ужо блізка дзесятай гадзіны, да Лясніцкага зайшоўся Халіма і прапанаваў яму некуды ісці па сакрэтнай і вельмі цікавай справе. Халіма быў незвычайна сур'ёзны, нахмураны, і яго грубы, быццам наспех пакроены твар выдаваў ад гэтага асабліва рэзкім. Не было на ім ані следу той заўсёдашняй цені гумару, якая рабіла грубыя рысы трохі мякчэйшымі, а часамі бадай што і прыгожымі.

Лясніцкі спачатку толькі здзівіўся.

— Куды гэта так позна?

— Збірайся хутчэй, там убачыш. Толькі хутчэй. А не хочаш, дык так і кажы. Аставайся сабе, можаш і на печ яшчэ ўзлезці.

Тон быў такі, што Лясніцкі не мог не пайсці. Ён ураз сабраўся, і яны выйшлі.

Ноч была мокрая, чорная. Па завулку насіўся вільготны вецер — мяккі, густы, як воўна. Вецер закручваў іх сваім шумлівым крылом, атуляў шчыльна з усіх бакоў, быццам хаваў ад цікавае ночы. І тады здавалася, што яны адны, што ніхто іх не можа ўгледзець, што зусім не па завулку ідуць яны, а можа, куды-небудзь у поле глухое, бяскрайнае перанесліся і ідуць без дарогі, проста наперад, у самыя абнімкі шаўковага падатнага ветру. Прынамсі ў Лясніцкага было такое ўражанне. Можа, гэта таму, што не бачыў нічога ён у мокрай цемры, а ішоў за Халімам, паклаўшыся на яго правадырства. І яшчэ чамусьці здавалася Лясніцкаму, што гэта вецер наўмысля шум уздымае, каб заглушыць тое, што дзеецца недзе там, угары. А там, напэўна, нешта цяпер разгулялася. Можа, там мітусяцца акраўкі калматыя хмар, у перагонкі гуляюць па чорнаму небу? Можа, там збіраецца чорны натоўп, каб звіснуць катлом над самай зямлёй і, дачакаўшыся зручнага моманту, рынуць уніз шырокім, шумлівым дажджом?..

Хлопцы ішлі моўчкі. Халіма ныраў у цемень з нейкай наўмыснай паспешнасцю, быццам хацеў уцячы ад Лясніцкага або падражніцца, прымусіць прабегчы трушком, каб не астацца. Лясніцкі часта трапляў нагой у нейкія лужыны і тады злаваўся на Халіму, што ён сігае так, не зважаючы на яго, нібы і забыўся зусім, што ён тут. Але злосць зараз праходзіла, сціралася пачуццём урачыстай таемнасці, чакання нечага незвычайнага, важнага.

Халіма спыніўся ў вузкім нейкім завулку каля старых пахіснутых варот.

— Тут... прыйшлі...

Голас яго быў сцеражліва прыдушаны, нізкі. Лясніцкі запытаў дрыжачым шопатам:

— А як увайсці?

— Зараз.

Халіма паляпаў у фортку. Зараз жа ім адчынілі і правялі праз брудны двор і брудную кухню ў цямнявы пакой, асветлены невялікай газавай лямпай. Тут сядзела некалькі чалавек, сярод якіх з вялікім здзіўленнем і радасцю Лясніцкі пазнаў трох сваіх аднакласнікаў і аднаго настаўніка. Рэшта былі нейкія незнаёмыя і падазроныя абшарпанцы з тварамі настолькі ж смешнымі, паколькі сур’ёзнымі.

Лясніцкі сеў на ложак. Ён з вялікай патугай трымаў на твары сур’ёзную міну, бо нутро яго проста ірвалася ад раптоўнага прыліву гуллівае весялосці. Радасна было ад думкі, што вось і ён прыйшоў на нейкую справу, на важную справу, напэўна, бо чаго ж бы іначай былі ўсе такія сур'ёзныя? І не страшна было, бо многа сваіх, нават настаўнік адзін прыйшоў. Толькі вось каб хутчэй, а то не ўседзець проста ад нецярплівасці.

Нарэшце настаўнік, пашаптаўшыся трохі з суседзямі і адкашляўшыся, пачаў урачыста і трохі напышліва:

— Гаспада! Мы не будзем доўга тут гутарыць... Усім, пэўна, вядома, чаго мы тут сабраліся... Я думаю, што кожны, хто даражыць нашай айчынай, хто... гм... каму не ўсё роўна, хто будзе правіць вялікай Расіяй... гм... я, гаспада, пэвен, што наш вялікі абавязак паўстаць на абарону нашых святынь ад антыхрыстаў, ад хрыстапрадаўцаў, ад...

Ён раптам ні з таго ні з сяго распаліўся і закрычаў:

— Хто скінуў цара, манарха расійскага? Хто яго мучыць цяпер, здзекваецца над ім, як над апошнім злачынцам? Хто гэта кроў нашу п’е, га?.. Мы ведаем хто, мы бачым, чыіх рук гэта справа... За Расію, за айчыну сваю мы... мы кроў пралівалі, а яны...

Яго прамова рабіла відочны ўплыў. У вучняў гарэлі вочы, яны напружана глядзелі ў яго распалены твар, лавілі смагла кожнае слова. Трохі сапсаваў справу адзін з абшарпанцаў, які, не дачакаўшыся канца прамовы, неяк кругла, спакойна стукнуў кулаком па стале і аўтарытэтна заявіў, матнуўшы галавою:

— Біць... ж-жыдоў...

Выйшла дужа смешна і недарэчна. Адылі аказалася, што ён быў п’яны.

Як кончыў настаўнік, адгукнуўся з кутка нейкі мізэрны мешчанін у паддзёўцы, з кіёчкам у руках. Ён пачаў адразу, быццам гаварыў і дасюль, толькі яго перапынілі, быццам доўга ўжо ён гаварыў і доўга яшчэ будзе гаварыць, толькі хай слухаюць. Гаварыў ён салодзенька, тоненька і плаўна:

— Ездзіў падовечы я ў Маскву, дык мой швагра, што на паштамце служыць, казаў і дасканала тое засведчыў, што ёсць у Расіі такое жыдоўскае вобчаства, якое вядзе такую лінію, каб абвясціць у Расіі жыдоўскае царства, а нас усіх, праваслаўных, забраць у палон і абрэзаць каторых, а хто не згодзен, паставіць на працу, каб на іх, значыць, на жыдоў, працавалі... І вось, значыць, у гэтага вобчаства ёсць незлічоныя грошы, мільярды мільярдаў, якімі яны падкупаюць на свой бок начальства — міністраў усіх, генералаў. А цара вось і не падкупілі. Давалі яму, кажуць, сорак вагонаў чыстага золата, а ён і ні-ні, гаварыць нават не хоча. «Як, кажа, прадам я сваю Расію, народ свой верны, праваслаўны». За гэта жыды і ссадзілі яго, за гэта ён і пакуту нясе...

Апавядальніка перабіў зноў той п’яны, выцяўшы зноў кулаком па стале і заявіўшы:

— Пабіць... усіх... жыдоў...

Пасля таго гаварылі ўсе наперабой — кожны стараўся выказаць сваю нянавісць, кожны стараўся як мага распаліць сябе і другіх.

Нарэшце настаўнік зрабіў выгляд, што хоча яшчэ нешта сказаць, і ўсе паціхлі, бо чакалі самага важнага... У гэты раз настаўнік гаварыў ціха, паўшэптам, нахіліўшыся крута наперад сваім перахлябістым тулавам:

— У сераду будзе іхняя маніфестацыя... Я прапаную на гэты дзень склікаць народ і сустрэць іх дзе-небудзь... так, як патрэбна. Афішкі можна... хлопцы напішуць... Каб з аружжам, як мае быць... га?..

— Добра!

— Згодны!..

— Во, гэта дык так...

Чамусьці ўсе цяпер гаварылі шэптам і ўсе адзін да аднаго нахіляліся.

Назначылі месца, размеркавалі абавязкі і разышліся.

Лясніцкі ішоў дахаты адзін. Шпарка, адважна сігаў па лужынах, махаў шырока рукамі і свідраваў цемру цвёрдым напружаным зрокам. Адчуваў сябе поўным героем. Куды ж там! Ён прымае ўдзел у цэлай змове, будзе кіраваць палітычным выступленнем, яго могуць забіць, і ён можа забіць каго-небудзь...

О, ён заб'е... Толькі дайце яму дабрацца да якога пархатага... У, як ён іх ненавідзіць!..

І, каб сапраўды распаліць у сабе нянавісць, Лясніцкі стараўся ўявіць самага злоснага, самага атрутнага яўрэя — крывога Пейсіка, у якога ён купляе табаку. Пейсіка ўявіць яму ўдавалася лёгка, але нянавісці чамусьці не было да яго аніякай. Гэта яго нервавала, і ён пачынаў злавацца. Тады гэту беспрадметную злосць ён накіраваў на беднага Пейсіка і лічыў, што ўсё-ткі і ён, не менш за іншых, ненавідзіць яўрэяў.

 

Ад густога прамення вясновага сонца палахліва ўцякаў ручаямі шумлівымі стары пабурэлы снег. Ручаі беглі напераспехі, засопшыся, змарыўшыся — яны поўнілі горад свежай імпэтнай музыкай, ад якой замірала сэрца ў салодкай млосці і грудзі праглі паветра вольнага, ад якога хацелася жыць шырока, бяскрайна, як сіняе неба, як поўныя сонца прасторы.

Можа, ад гэтай вясновай гуллівасці стаяла над горадам урачыстасць, можа, таму ўсе хадзілі ў святочным настроі, гатовыя ўраз загарэцца шалёнай радасцю, аддацца бурліваму захапленню.

Лясніцкі доўга помніў гэты дзень, поўны шумлівай вясны, бо ён даў яму так многа новага і нечаканага, бо ён страсянуў нутро яго моцнымі перажываннямі, след ад якіх астаўся надоўга.

Перад гэтым днём Лясніцкі не спаў амаль што ўсю ноч. Уся ноч прайшла для яго ў трывожных думках, у сумятні пачуццяў, ліхаманкава ўзбітых, узрушаных, у нейкім шалёным трызненні. Многа бывае гэткіх начэй у дні маладосці, калі ў душы некранутая свежасць, калі закіпае нутро ад кожнай, самай драбнюсенькай іскрачкі.

Заўтра будзе тое, на што змовіліся. Можа, будзе што-небудзь страшнае, можа, заб'юць. Але — няхай сабе, ён не баіцца... Затое будзе ён заўтра героем, абавязкова будзе героем. Ён пакажа гэтаму хвальку Андрэю, што і ён не абы-што... Ён таксама ведае, што рабіць, таксама мае свой палітычны інтарэс...

І ўсцяж цэлую ноч Лясніцкі ўяўляў сабе беднага Пейсіка, правяраючы на ім сваю нянавісць, падбіраючы ў думках яму самую страшэнную крывавую расправу.

Назаўтра на прызначаным месцы ў прызначаны час пачаў збірацца «народ». Прыйшоў першы Лясніцкі, за ім Халіма і праз хвілін дзесяць яшчэ тры хлапцы. Настаўнік зусім не прыйшоў. Затое праз дваццаць хвілін з’явіўся той флегматычны басяк, што калісьці на сходзе заяўляў аб канечнай патрэбе біць яўрэяў. Ён быў сягоння не менш п’яны, як і тады.

Увесь «народ» адчуваў сябе зусім няёмка. Стаялі яны на рагу дзвюх вуліц, што давала магчымасць ім заходзіць то на тую, то на другую, каб не сустракацца з падарожнымі. Пераходы гэтыя рабіліся неяк самі сабой, мабыць, зусім мімаволі. Кожнаму хацелася стуліцца, схавацца, знікнуць з вачэй, і таму інстынктыўна шворыўся кожны туды, адкуль менш відаць яго, дзе не звернуць на яго ўвагі. Гаварыць не хацелася — стаялі больш моўчкі. Чагосьці чакалі яшчэ, а чаго, дык не ведаў ніхто.

І вось раптам прыляцелі аднекуль абрыўкі музыкі, вырас глуха-настойлівы, мерны бой барабана. Яшчэ колькі хвілін — і разрасліся абрыўныя гукі ў стройны звон марсельезы, у магутна-гарэзную ўрачыстую гармонію.

З-за рога, праз квартал ад хлопцаў, выліўся раптам натоўп і паплыў проста па іх. Над людзьмі чырванелі штандары, калыхаліся ў яскравым ад сонца паветры з нейкай святочнай паважнасцю, з мляваю сілай. Гукі аркестра спляліся цяпер з дружна-імклівым хорам людскіх галасоў, з пераблытаным гоманам — не то магутным, не то проста бязладным.

Не дайшоўшы з гоні да хлопцаў, маніфестанты спыніліся. На балконе з’явілася вятка людзей, адзін пачаў нешта крычаць, і народ то сціхаў, то ірваў паветра гучным «гурра».

Хлопцы пераглянуліся. Халіма насунуў шапку на лоб, чамусьці сярдзіта, адчайна паморшчыўся і рашуча сказаў:

— Хадзем! — Яны пайшлі да натоўпу. Пайшлі проста затым, каб паглядзець ды паслухаць, што дзеецца там. Але настрой быў такі, што і сапраўды ідуць насустрэчу нейкаму ворагу.

І вось тут якраз здарылася тое трагічнае і смешнае, чаго, пэўна, ніхто не чакаў.

Як падышлі хлопцы да самае гурмы людзей, раптам над сціхшым у гэту хвіліну народам паплылі плаўныя гукі жалобнага маршу. Яго падхапіла некалькі істэрычна-напружаных галасоў, за імі ўпляліся другія, і памалу ахапіў усю масу гэты шырокі, спакойна-сумны напеў.

Да хлопцаў абярнуўся рабочы ў скураной аблезлай тужурцы, з чырвоным, урачыста распараным тварам:

— Шапкі далоў... Далоў шапкі...

Лясніцкі шапкі не здзеў выключна па свайму юнацкаму задзёру, але рабочы, мабыць, не зразумеўшы гэтага, здзеў яму шапку лёгкім ударам далоні па цемю.

Тут ужо дапамог п'яны абшарпанец, які ўсё яшчэ цёрся з хлопцамі. Вынырнуўшы аднекуль з-пад рукі ў Лясніцкага, ён метадычна, размерана размахнуўся і звонка ёкнуў рабочаму ў твар.

Далей у вачах Лясніцкага так прамігнула: абшарпанец з задранымі ўгару нагамі, чырвоны твар, шмат яшчэ твараў і рук, і ўжо ў самым тумане — кнопачкай нос і акуляры на старых добрых вачах.

Паваліўся ён ад першага ўдару ў вісок, і яго больш не білі. Таму праз якіх дзве ці тры хвіліны ён ужо ачуняў і з вялікім здзіўленнем азіраў чужы раскошны двор, абстаўлены высокімі камяніцамі.

Ён сядзеў на нейкіх прыступках, абкружаны таварышамі. Пад руку яго падтрымліваў Славін, а Халіма прыкладаў да віска брудны, набраклы конскім гноем снег.

Нездалёк, успёршыся на адну руку, сядзеў яго абаронец і пляваў крывянай слінаю. На твары ў басяка быў поўны спакой і нават нейкае асаблівае здаволенне. Відаць, гэта была для яго звычайная справа.

Як ужо добра Лясніцкі ахамянуўся, яго пад рукі вывелі са двара і павялі на кватэру да Славіна, бо той жыў тут недалёчка, усяго праз адзін квартал.

У Славіна пакойчык быў нейкі бязладны. Здаецца, не было тут ніводнае рэчы, каб яна была на тым месцы, дзе ёй прызначана быць. Ложак стаяў у яго ля акна, у той час як стол — каля цёмнае сцяны, прычым абодва стаялі коса, няроўна, быццам наругаліся гаспадару, дэманстрацыйна паказвалі сваё неслухмянства. На ложку ў Славіна ляжаў цэлы груд кніг. Як прыйшлі, ён адразу пачаў іх прыбіраць, складваючы на крэслы, каб даць легчы Лясніцкаму. Потым перакладаў іх з крэслаў на скрыню, каб даць сесці іншым хлопцам.

У пакоі было цямнява — адно мізэрнае акенца выходзіла ў двор. Ад таго, што быў такі рэдзенькі змрок і бязладдзе вакол і хлопцы ўсе так далікатна, прыветна з ім абхадзіліся, і ў галаве балела зусім паціхеньку, нейкім салодзенькім болем,— стаў у Лясніцкага прыемна-ўзняты настрой, які бывае ў хворага, калі ён здаравее. Усё здаецца тады прыемным, быццам усё — сваё, роднае. Калі расказалі Лясніцкаму пра тое, як яго ратаваў Славін, ён шчыра смяяўся. І скрозь смех у яго ледзь чутна звінелі слёзы радасці і сімпатыі — любіў ён у гэту хвіліну Славіна з яго кнопачкай, з акулярамі, з яго бязладдзем дзівачлівым.

Праз паўгадзіны разышліся хлопцы. Астаўся толькі Халіма, які сядзеў у кутку і чамусьці ўпарта маўчаў. Славін сеў каля Лясніцкага і пачаў ціха, няспешна яму гаварыць. Яго мяккі голас закалыхваў і разам з тым не даваў заснуць. Гэта быў асаблівы нейкі стан, нейкая салодкая ясная дрэма, праз якую зусім акрэслена праходзілі словы і думкі Славіна. Мабыць, блізкі да гэтага бывае стан пад гіпнозам.

Славін гаварыў пра рэвалюцыю, пра гора народа, пра змаганне, пра гібель у гэтым змаганні дзесяткаў, соцень і тысяч лепшых людзей, пра імкненне да светлае волі, да прыгожага шчасця.

— Мы жывём у вялікія дні. Гэтыя дні будуць векапомнымі для нашай краіны, дый не толькі для нашай — для цэлага свету. Гэта — вялікае абуджэнне народнага духу, народнае волі, гэта — вялікае пароднае ўваскрэсенне. Колькі было слёз, колькі нядолі, колькі бязвіннай крыві!.. Ты падумай, Лясніцкі, прыслухайся да музыкі гэтых слоў: свабода, роўнасць, братэрства... Ці чуеш ты, колькі хараства — гордага, высокага хараства ў гэтых словах... А што яны значаць? Ведаеш, Лясніцкі, што яны значаць? Яны значаць тое, што твой бацька — мужык, лапцюжнік — ровен з вяльможам, з князем, з генералам, з кім сабе хочаш... Усе — грамадзяне, усе — вольныя, роўныя, усе — браты... Нездарма ж усе так рады, нездарма ж такое свята ва ўсіх... Бачыў, якое было захапленне ў гэтых людзей, якая шчырая радасць?.. Ведаеш, Лясніцкі... рэвалюцыя — гэта вялікае ўсеагульнае свята, гэта — самае ўрачыстае, самае святое вялікадне... Я чуў, як сягоння хрыстосваліся. Адзін кажа: «Народ уваскрос!» А другі адказвае: «Ваісціну ўваскрос!..» Як многа ў гэтым паэзіі!..

Славін на хвіліну змоўк. І, нібы скарыстаўшы гэту маўчанку, устаў раптам Халіма, устаў нязграбна, з шумам, з грукатам і, не сказаўшы ні слова, выйшаў з пакоя. Відаць, выйшаў сярдзіты, узрушаны, бо моцна стукнуў дзвярмі.

Славін няўцямна зірнуў на Лясніцкага.

— Што гэта з ім?

Але Лясніцкі не ведаў і сам, што гэта значыць.

— Нешта выдумаў, пэўна. Гэта ж не выйшла ў нас сёння...

— Што не выйшла?

— А! Ты, праўда, не ведаеш. Толькі, брат, пад вялікім сакрэтам...

І Лясніцкі, саромячыся, расказаў яму ўсю гісторыю з іхнім антысеміцкім выступленнем, з яго рамантычным пачаткам і трагікамічным канцом.

Славін дабрадушна смяяўся, а разам з ім і Лясніцкі. Гэты анекдот Славін так растлумачыў:

— Трэ працаваць. Рукі свярбяць, просяць нейкай сур’ёзнай дзейнасці. Пачакайце, знойдзецца праца. Мы цяпер народу патрэбны...

Лясніцкі сядзеў у Славіна аж да самага вечара. Пілі чай з ніколі не мытага чайніка, прычым абодва з аднае чашкі, па чарзе. Больш посуду ў Славіна не было, а жыў ён адзін, самастойна, без гаспадарскае апекі.

А ўвечары Славін пацягнуў Лясніцкага на мітынг.

 

У досыць раскошнай зале было ўжо поўна народу. Шукаючы месца, Лясніцкі раптам убачыў Андрэя і Ніну. Ніна весела ўсміхнулася і кіўнула галавой, каб лезлі да іх. Хлопцы праціснуліся, і сапраўды там аказалася два месцы, на якіх яны і размясціліся.

Як вітаўся Лясніцкі з Андрэем, той працяжліва і ўпарта зірнуў яму ў вочы, быццам хацеў сказаць сваім поглядам, што паміж іх нешта ёсць сваё, супольнае, што яны цяпер адзін аднаго разумеюць. Лясніцкаму не здалося гэта занадта дзіўным, бо і сапраўды раптоўная сустрэча іх тут, на мітынгу, неяк збліжала іх, адкрывала аднаго перад адным. Гэта Лясніцкаму было прыемна, і ён чуў, што пачуццё варожасці да Андрэя, якое засела ў нутро яго колькі дзён таму назад, цяпер траціць вострасць сваю, расплываецца, уступае месца пачуццю сімпатыі, дружбы.

Вось толькі ўсмешка гэта Андрэева. Яна чамусьці прымушае Лясніцкага недаверліва настарожвацца, чакаць нечага ад Андрэя. Здаецца — ведае нешта ён такое, чаго ніхто больш не ведае, апрача яго, і што для ўсіх вельмі цікава. Ведае і наўмысля маўчыць, не гаворыць. Скажа мо калі-небудзь, ды толькі не цяпер, цяпер яшчэ рана, час не прыйшоў...

Калі пачаўся мітынг, Андрэй тлумачыў Лясніцкаму, хто гэта выступае, гаворыць, да якой ён належыць партыі, якое яго мінулае і г. д. Лясніцкі дзівіўся, адкуль гэта ўсё так дасканала вядома яму. І з кожнай хвілінай рос аўтарытэт Андрэя ў вачах Лясніцкага.

Выступала на мітынгу многа прамоўцаў. Усе гаварылі бадай што адно, але слухаць усіх было цікава, бо гаварылі яны тое, што поўніла ўсіх, хто сабраўся ў гэтай зале, што было яшчэ зусім свежае, што яшчэ адчувалася, як нешта яскравае, дзіўнае.

Лясніцкі неяк зірнуў на Славіна і, нягледзячы на ўрачыстую сур'ёзнасць абставін, не мог утрымацца ад міжвольнай усмешкі. У таго твар, здавалася, быў адным згусцелым адбіткам таго захаплення, якое лунала ў зале. Лясніцкаму ўспомніліся Нікадзімавы словы:

— Рэвалюцыя — гэта агульнае свята...

І сапраўды, яго твар выяўляў гэта ўрачыстае свята. Быў ён падоўжаны нейкі цяпер, вашчана-чысты і маслены. А добрыя старыя вочы яго так і плылі ў светлай радасці, быццам хацелі мякка сагрэць усіх сваёй вясёлкавай цеплю. І смешным-смешным здаваўся ад урачыстасці славінскі нос — мізэрная кнопачка.

Дайшло да апагея агульнае захапленне тады, калі на сцэне з'явіўся Матрунін, вядомы рэвалюцыянер, які, толькі што выпушчаны з турмы, вярнуўся ў свой родны горад.

Андрэй, адрэкамендаваўшы яго Лясніцкаму, зазначыў:

— Я яго ведаю добра, знаёмы з ім. Я і цябе пазнаёмлю.

Матрунін гаварыў ціха і расцяжліва. Але ў слабым дрыжачым голасе было многа сціснутай сілы, многа было пачуцця. Словы яго не ў розум ішлі, а неяк проста ў нутро і вялі за сабой настрой слухачоў, бралі ўсіх пад уладу сваю, што далей, то больш і больш напіналі агульную ўвагу, распасціралі ў паветры нервовае напружанне.

Прамоўца ўспамінаў турму, успамінаў тыя здзекі і мучэнні, якія яму давялося зазнаць, якія ўзгадавалі ў сэрцы яго вострую нянавісць да царскага ладу. І, нарэшце, голас яго пачаў дрыжаць, пачаў сутаргава перацінацца, ад чаго пайшоў па залі ўзрушаны рокат і з розных бакоў пачалі вылятаць рэзкія крыкі абурэння. А скончыў Матрунін неяк ураз, нечакана, амаль на паўслове. Быццам гаварыў, гаварыў дый потым махнуў рукой.

— Ат, усё роўна не выкажаш больш, чымся ўсе разумеюць і адчуваюць.

Яго праводзілі авацыяй. Білі ў ладкі, крычалі, нагамі стукалі, нехта лез на трыбуну, нехта стараўся нешта запець. Пад бокам у Лясніцкага крычаў-высцігаўся прарэзлівым голасам Славін:

— Прашу слова!.. Слова!.. Прашу слова!..

Яго ніхто не чуў і не слухаў. Мабыць, і сам ён не ведаў добра, нашто ён крычыць. Наўдачу, каб меў ён сур’ёзны замер выходзіць з прамовай.

І вось у гэты момант зноў прыкра ўелася ў вочы Лясніцкаму Андрэева ўсмешка. Няўжо ён не захапляецца гэтым усім? Ці, можа, ён так, каб схаваць хваляванне, каб не выявіць слабасці? Трудна яго зразумець. Неяк заўсёды хавае ён шчырасць сваю за гэтым мяккім выразам буйнога твару, за хітраватай усмешкай.

Раптам Лясніцкі аж здрыгануўся ад нечаканасці. На трыбуне стаяў той чырвоны рабочы ў скураной аблезлай тужурцы, з якім так нешчасліва яны былі сёння сустрэліся. Ён пачаў гаварыць гучна і мерна, выкідаючы па адным з сваіх магутных грудзей важкія шурпатыя словы, аброслыя мохам густой хрыпоты.

Рабочы гаварыў непрыгожа. У прамове яго зусім мала было святочных слоў аб рэвалюцыі. Ён, пэўна, і мала іх ведаў. Чамусьці ён стаў гаварыць аб вайне, аб дарагоўлі, аб голадзе. Гэта ўсіх нібы пакарожыла. Быў нейкі захованы дысананс паміж гэтай прамовай і агульным настроем у залі. Таму халодна чакалі ўсе канца, не перапынялі прамоўцу, як раней, нецярпліва-бурнымі воплескамі. І Лясніцкі заўважыў, што рабочы нібы дзівіцца такому прыёму, нібы пачынае хістацца тая грубая шчырая ўпэўненасць, з якой ён пачаў гаварыць. Нечакана для самога Лясніцкага шавальнуўся ў нутры яго прамень спачування да гэтага простага нязграбнага чалавека, а разам з тым з'явілася злосць на ўсіх, што так халодна сустракаюць яго шчырыя, хоць, мо і непрыгожыя словы. Лясніцкі наўмысля нарыхтаваўся як мага мацней пляскаць у ладкі, як кончыць ён гаварыць.

Аднак апошнія словы рабочага — завучаныя рэвалюцыйныя лозунгі, выкрыкнутыя сіпатым змораным голасам, узварушылі трохі народ. Праводзілі прамоўцу, як і ранейшых, дружнымі воплескамі, шалёным крыкам і грукатам ног.

Мітынг скончыўся позна. Змардаваны народ выходзіў з залі лена, спакваля, быццам нехаця. У дзвярах ішла павольная таўханіна — з маруднай і млявай настойнасцю людзі ўпіраліся ў дзверы і сціснутым комам стаялі, пакуль не прапіхаў іх новы людскі напор. На вялікае дзіва Лясніцкі, падышоўшы да самых дзвярэй, раптам убачыў Халіму. Той стаяў, прыхінуўшыся да сцяны,— змрочны, пануры, як чорная цень. Лясніцкаму кінулася ў вочы, што правая рука ў яго перавязана нейкай, не надта чыстай, ашмёткай, на якой відаць цёмныя плямы крыві.

Лясніцкі падышоў да Халімы, поўны раптоўнай трывогі.

— Што ты тут робіш?.. Што ў цябе на руцэ?..

— Нічога...

Халіма моўчкі завярнуўся, каб ісці разам з Лясніцкім. Быццам ён для таго і стаяў тут, каб дачакацца і разам пайсці. Як выйшлі на вуліцу, Лясніцкі запрасіў яго да сябе начаваць. Ён нічога не адказаў, але пайшоў разам з усімі. Славін таксама пайшоў у іх бок. Ён ішоў з Нінай і ўвесь час аб нечым горача гаварыў. А Ніна маўчала. З таго моманту, як убачыла Халіму, Ніна стала сур'ёзная і смутная. Яшчэ там, у залі, Лясніцкі заўважыў, як яе твар, устрапянуўшыся раптоўнай трывогай, пакрыўся ценем глыбокае думкі-развагі.

Халіма ішоў вялікімі, наўмысна-размашыстымі крокамі. Кожны рух яго выяўляў зацятую змрочную злосць. Маўчанне яго было цяжкае, непрыемнае. Здавалася — во-во разарвецца яно ў нейкі нечакана-дзікі ўчынак, у нешта нежаданае і дрэннае. Лясніцкі ўвесь час пазіраў на яго настарожаным вокам, і чым дальш, тым больш працінаўся трывогай і страхам.

Аднак кончылася ўсё адным смяхоццем. Як прайшлі ўжо яны з паўдарогі, Халіма раптам дагнаў захопленага гутаркай з Нінай Славіна, сярдзіта адпіхнуў яго ў бок ад дзяўчыны, моўчкі ўзяў яе пад ручку і — нібыта што — пасігаў далей сваёй нязграбнай хадою.

Андрэй таўхнуў моўчкі пад бок Лясніцкага, і абодва ледзь стрымаліся, каб не зарагатаць на ўсю вуліцу. А збянтэжаны Славін так і стаяў на адным месцы, разважаючы, пэўна, чаму на яго, а не на каго другога, выліў злосць сваю Халіма. Хлопцы, смеючыся, пачалі яго суцяшаць. Тады і ён засмяяўся — проста так, шчыра, нібы зусім не да яго датыкалася справа. Каб не дражніць Халіму, яны ўсе прыстоілі трохі, пусцілі таго з дзяўчынай наперад, а самі пайшлі зводдаль, жартуючы і смеючыся. На іхняе дзіва праз колькі хвілін Халіма раптам спыніўся і стаў іх чакаць.

— Ну, Нікадзім, беражыся,— пажартаваў Лясніцкі.

І, як на смех, выйшла, што Славіна ткі Халіма і чакаў. Ён падпусціў яго на крок да сябе і прабурчаў не то пагрозна, не то пагардліва:

— Рэвалюцыя — свята гаворыш! Га?.. Свята?.. Свята?.. Вялікадня?.. Не пры-зна-ю!..

І, крута завярнуўшыся, пайшоў далей...

Славін цяпер ужо зусім асалапеў. Лясніцкі тож нічагутка не цяміў. Толькі Андрэй зразумеў, мабыць, нешта, бо зайшоўся раптам ад грубага давольнага рогату. Гэты смех не ўпадабаўся Лясніцкаму. Нешта ў ім пачулася рэзкае, металічнае. Ад гэтага смеху злёгку прабеглі ў яго па скуры мурашкі.

Славін далей не пайшоў. Развітаўся ён з хлопцамі неяк паспешна і суха — пайшоў назад задуменны, пануры.

А Халіма пайшоў-ткі начаваць да Лясніцкага. Там Ніна яму прамывала руку, ён дабрадушна лаяўся і апавядаў, як, невядома чаго раззлаваўшыся, ён пайшоў увечары ў школу і там — на адзіноце — выбіваў кулаком шыбы ў вокнах...

— Калі добра біць, нішто... А то неяк няладам ударыў, дык шкло і паўлазіла...

Ніна, робячы перавязку, вясёла смяялася, зазірала ў твар яму радаснымі вачмі. А Лясніцкаму было трохі непрыемна, зайздросна. Нічога добрага вось не зрабіў, а такая ўвага яму, як герою ўсё роўна. І Андрэй глядзіць на яго з асаблівай прыхільнасцю, быццам сапраўды чалавек зрабіў нешта цікавае, важнае. А што Ніна, дык тая не ведае, што ўжо і зрабіць, як дагадзіць. Такая яна нецікавая, гэтая Ніна... І непрыгожая, зусім непрыгожая...

Лясніцкі нават нахмурыўся быў, стуліўся ў панурым маўчанні. Настрой гатоў быў зусім сапсавацца. Але схапянуўся потым, зразумеў, што так нядобра, брыдка. Дый усё роўна трудна ўстрымацца было, гледзячы на груба-жартлівую міну Халімы, каб не засмяяцца шчырым, вясёлым смехам.

Як кончылася работа з перавязкай, яшчэ з гадзіну сядзелі ўсе ўчатырох у пакоі Лясніцкага, захопленыя дружнай гутаркай, жартамі.

Спаць ляглі позна.

 

Лясніцкі атрымаў з вёскі ліст, напісаны нязграбнай рукой меншага брата. У лісце было пералічана блізка паўсотні паклонаў (у самым канцы быў і ад Макрыны, ад невялічкай, чорненькай), і было ў лісце сказана, што прадалі цялушку на корм, што хлеба хапае і ёсць скароміна, што ходзяць чуткі аб прыбаўцы зямлі, што вярнуўся сусед Аксента бязногі з вайны, а Рыгор, здаровы, туляецца, не хоча ісці на вайну, што трэба лесу шукаць — разбурылася пуня зусім і г. д. Пыталіся, ці хутка будзе мір і які будзе новы парадак. А ў самым канцы, ад сябе ўжо, мусіць, брат прыпісаў, што пракруціў на гумнішчы тры бярозы і што бярозавік сёлета дужа салодкі, добра сабраць дзежку на квас. А Макрына асабліва прасіла перадаць паклон, і яна дужа маркоціцца, чакае яго...

Ужо быў канец сакавіка. Стаяла ў горадзе вясна — мяккая і туманная, поўная вільготнага паху. Разліўся Дняпро. Лясніцкі штодня хадзіў глядзець, як у магутна-імпэтным спакоі сунецца веліч яго, як трэцца ён аб сцены будынкаў і пагрозна бурчыць, глытаючы задзірлівыя постаці ледаколаў.

Дома, на вёсцы, Дняпро разліваецца шырока-шырока, так што не відаць зусім працілеглага боку. Тады дужа дзіўна тырчаць на вадзе адзінотныя дрэвы, быццам няўмысля забеглі ў ваду і стаяць асалапелыя, не ведаюць, што рабіць. Задзіраюць спалохана полы свае, баяцца змачыць набраклае жыццёвым сокам галлё. А Дняпро жартуе, гарэзуе з імі, трэцца ў нагах, булькае ў гулліва-ласкавым захапленні.

Дняпро адчувае сілу сваю ў вясновыя павадкі. З Дняпром тады жарцікі дрэнныя. Пра вясновыя штукі Дняпра трэба паслухаць вось апавяданні старога перавозніка Саўкі, які Лясніцкаму нават даводзіцца нейкай раднёй. Ён, калі хочаце, пералічыць на сваіх карузлых, скручаных ад вясла пальцах, колькі праглынуў Дняпро чалавечых ахвяр за шэсць дзесяткаў гадоў, якія жывуць ва ўёмістай памяці дзеда. Ой, немалая лічба збярэцца!..

Лясніцкі хадзіў на Дняпро, каб у свежых павевах, у мяккім шолаху вадзяных прастораў пачуць прывітанне далёкае вёскі, узняць у душы квяцістую сетку ўспамінаў.

Але ці ж гэта ўспаміны? Вось калі слухаеш, прыслухоўваешся да свайго сэрца і ў тон яго салодкім заміранням плывуць у свядомасці павольнай чаргой абрыўкі малюнкаў, асобныя рэчы, словы, напевы — да болю знаёмыя, родныя, калі няма ні думак, ні летуценняў, а толькі акорды глухіх адчуванняў... Калі ўпінаецца зрок у адну якую-небудзь кропку на шырокай гладзі і потым пікне і кропка, і гладзь, і ўсё, што наўкола, і нібы засыпаеш, укалыханы музыкай павадак, і, нібы ў сне, мільгаюць туманна, няясна абрыўкі балюча-знаёмага.

І часамі іначай бывае. Часамі Лясніцкі ходзіць на Дняпро, каб цвяроза падумаць, каб у спакоі зрабіць падрахунак таму, што дзеецца вакол, што шчыльней і шчыльней абкружае, што патрабуе пэўных адносін, што патрабуе актыўнага ўдзелу.

Доўга часамі думае ён, да болю напружвае розум — і не выходзіць нічога. Каб гэта знайсці які пункт, апору якую, каб было вакол чаго снаваць разважанні. А то — адна блытаніна, адна няўцямнасць. Так многа вакол яскравага, новага, а што ў гэтым новым, што нясе яно — за сабой — невядома.

Прайшоў адзін месяц, а колькі падзей прамігнула, колькі ўбачыў, даведаўся такога, аб чым і не думаў ніколі.

Было шмат сходаў, былі дэманстрацыі. Усюды гаварылі ўрачыста і прыгожа. І прывык сам думаць аб вялікім, прыгожым, аб рэвалюцыі, вызваленні, аб шчасці народа, аб шчасці ўсяго чалавецтва. Прывык адчуваць свята, захапляцца ім да слёз, да шчымлівага болю ў сэрцы...

Але не было свядомага разумення ўсяго, што бачыў наўкола. Не было «пункту», не было апоры для разважанняў.

У горадзе ўсталявалася новае, новы парадак. Выехаў цар, з'явіліся партыі, адозвы, афішкі, пайшлі сходы, спрэчкі, прамовы, рэзалюцыі... Прыязджалі міністры — яны яшчэ прыгажэй гаварылі, яны так горача заклікалі паўстаць на абарону вольнай айчыны, што закіпала адвага ў грудзях і сапраўды хацелася рынуцца ў бой.

А з вёскі пішуць, што няма корму і бурыцца пуня. Пытаюцца, ці будзе мір, які будзе новы парадак. А што ён адкажа? Чаму няма корму і лесу на пуню, а лясы ёсць, і зямлі ёсць шмат, і лугоў, і ўсяго?.. Чаму трэба нейкі іншы парадак? Дзе знайсці «пункт»? Дзе знайсці разуменне?

Коціцца пад нагамі стары пасівелы Дняпро, сцеле шлях шырачэзны праз палі і лясы, сцеле магутны шлях, які дыхае напорным поступам, у якім сіла зямлі, сіла жыцця. Гэты шлях зачароўвае, цягне за сабою думкі і мары ў вольную далеч, у нязведанае, у непазнанае. І вось, калі аддасіся ўплыву гэтага шырокага поступу, калі паляціш па бязмежных прасторах смелымі марамі, тады можа знікнуць на час усё будзённае, дробнае, тады можна зведаць чыстае пачуццё волі, тады загарэцца можа ў сэрцы радаснае імкненне да нечага светлага, і гэтае светлае здасца магчымым і блізкім. І тады можна на момант пачуць, што нібы знойдзен «пункт», што нібы стала ўсё зразумела і проста.

Гэта — міраж. Гэта — самападман. Лясніцкі даўно пераканаўся ў гэтым. Лясніцкі ведае, чым гэта канчаецца. Развеецца мара, выплыве зноў усё гэта будзённае, шэрае, і зноў — няўцямнасць цяжкая, зноў няма «пункту», няма апоры для думкі.

Аднаго разу Лясніцкі хадзіў глядзець павадкі з Нінай. Ніна сама папрасілася з ім, як даведалася, што ідзе на Дняпро. Ён згадзіўся ахвотна.

Яны зайшлі аж за горад, дзе ў бязлюддзі глыбей адчуваўся подых вясны, дзе шырэй і вальней разліліся павадкі і гусцей пахла цёплай вясновай вільгаццю. Там глядзелі яны, як па бязмежжы вадзяных прастораў памірае дзень, як засцілаецца ён волкаю воўнай вячэрняга змроку. Там яны слухалі, як у прытоеным бульканні хваль, як у поўным стрымленай моцы шолаху павадак родзіцца таемнасць і жудасць, родзяцца нейкія дзіўныя гукі — глухія і пагрозныя.

Спачатку яны жартавалі, Лясніцкі дражніўся з Нінай, абое весела, зычна смяяліся. Але як патыхнула аднекуль вячэрняй жудасцю, як пайшлі па вадзе таемныя змрокі, неяк міжвольна прыціхлі абое, загаварылі сур'ёзна і шчыра. Змрок снаваў паміж іх сяброўскую блізкасць, хацелася аб нечым расказаць, успамінаць, адкрываць адно аднаму жыццё сваё, свае пачуцці і настроі.

Таму, калі папрасіла Ніна сардэчна і ціха: «Раскажыце што-небудзь!», Лясніцкі пачаў успамінаць і апавядаць ёй пра розныя з’явы з свайго жыцця. Ніна ніколі не бачыла вёскі. Яе цікавіла кожная дробязь. Яна моўчкі сядзела — нерухомая, ціхая — і ў наіўна-шырокіх вачах яе было поўна цікавасці. Часамі яна аб чым-небудзь запытвала. Голас яе быў задуменны, працяжлівы, нібы гаварыла яна скрозь густую дрэму. Калі ж Лясніцкі змоўк быў на часіну, яна раптам сказала, гледзячы ў змрочную далеч:

— Мая маці з вёскі была... Яна любіла расказваць... і песні пела вясковыя...

Лясніцкі зірнуў на яе з здзіўленнем. Дасюль ні разу Ніна не ўспамінала пра маці. Для далікатнасці ён спытаўся:

— Калі памерла ваша маці?

— Чатыры гады ўжо прайшло... Яна была яшчэ зусім маладая. Але мы дрэнна жылі, у вечнай бядноце. Ёй трэба было добра карміцца і лячыцца таксама... А тады адзін бацька толькі зарабляў. Андрэй не хадзіў на работу, малы быў яшчэ. Яна з сухот памерла.

Лясніцкі глядзеў на Ніну і не пазнаваў яе... Ён прывык бачыць яе заўсёды вясёлай, бязрупатнай. Ён ні разу з ёй не гаварыў усур’ёз, а толькі жартаваў ды дражніўся. Цяпер гэты голас яе — задуменны, журботны, твар яе строгі, ахутаны змрокам,— усё гэта рабіла яе нейкай новай, зусім незнаёмай.

А Ніна апавядала далей. Захацелася, мусіць, і ёй расказаць пра жыццё сваё, пра гароту.

— У нас тады быў яшчэ брат адзін. Уладзік. Ён быў малодшы за ўсіх. Дык Уладзік таксама памёр, праз год пасля мамы. Яго аддалі былі ў вучні на гарбарню, а яму, мусіць, пашкодзіла праца... Уй, як там дрэнна было працаваць! Такое паветра там дрэннае, шкадлівае. І праца цяжкая была. Змарнеў ён ад гэтага... Добры быў такі хлопец... Усе хвалілі, казалі, што дужа разумны. А тады пайшоў на чыгунку Андрэй, пачаў зарабляць... Нішто, трохі жылі. Цяпер ізноў дрэнна — дарагоўля такая, а грошай мала, бацька хварэць пачаў, кінуў работу.

Апошнія словы Ніна сказала глыбока-зніжаным голасам, у якім пачулася Лясніцкаму нервовае дрыжанне. Страшна стала яму, каб не заплакала часам, бо не ведаў бы тады, што рабіць. Але Ніна толькі цяжка ўздыхнула і, адвярнуўшыся, моўчкі глядзела ў той бок, дзе ў густым змроку пагрозна і жудасна шасталі павадкі.

А Лясніцкі напружна ўглядаўся ў яе, шукаў знаёмага ў ёй, звычайнага, што бачыў заўсёды, штодня. І не знаходзіў. Ніна была незнаёмая, новая. Нават твар яе, мяккі ад змроку, здаваўся зусім не такім, як заўсёды. З яго свіцілася нешта балючае, горкае, што надавала яму асаблівую, трагічную нейкую сталасць.

І вось здалося яму, што некалі быў ужо якраз такі момант, як цяпер, што паўтарэнне гэта чагось прамінулага, але моцна, глыбока асеўшага ў памяць. І тады постаць Ніны ахінулася раптам незвычайнай сімпатыяй і ў твары яе ўбачыў Лясніцкі балюча-знаёмае, роднае. Гэта ўжо быў не Нінін твар, а другі — любы і блізкі. Гэта быў твар Макрыны — невялічкай, чорненькай, гэта была яе пакутная ўсмешка. І здалося тады, што гэта кругом роднае поле, што злева сцяной насуваецца лес, а справа ў Дняпро ўбягае рачулка. А за спіной за сотню-другую крокаў пачынаецца вёска, дзе трэцяя з правага боку стаіць яго хата.

У хаце цяпер рыхтуюць вячэру. Там бедна і брудна, але ёсць асаблівая прытульнасць, нязграбная нейкая, чорная. Зараз трэба ўжо ісці туды, каб не чакалі. Трэба яшчэ схапіць колькі пацалункаў, трэба яшчэ ўглядзецца добра ў любую ўсмешку. Яшчэ моцна-моцна прытуліць яе трэба — невялічкую, чорненькую... палюбоўніцу горкую, крушынавую радасць яго...

У гэты момант абарачваецца Ніна і пытаецца звычайным сваім голасам:

— Можа, пойдзем ужо? Нешта сцюдзёна...

І нервова паводзіць плячмі, шчытней захутваецца ў сваё паліто.

Лясніцкі яе пазнае, яна стала звычайная, як і заўсёды. Яшчэ момант — і засмяецца, пачне жартаваць.

Але ісці Лясніцкаму яшчэ не хочацца, у яго раджаюцца нейкія новыя не то пачуцці, не то думкі, яму здаецца, што ясней робіцца ўсё, аб чым думаў усе гэтыя дні, што намячаецца нейкае абагульненне, нейкая стройнасць, парадак. Нібы пачынае злучацца ў адно і шчырае апавяданне Ніны, і тое, што там, на вёсцы, і Матрунін, што вярнуўся з турмы, і чырвоны рабочы ў аблезлай тужурцы — нязграбны і цвёрды, як кавадла ў кузні.

Потым мігаюць адно за адным: працяты ўздымнаю радасцю твар Нікадзіма, буйныя парыванні Халімы, таемная ўсмешка Андрэя. Але як успомніў Халіму, пачуў лёгкую непрыязнасць да Ніны, стала чамусьці прыкра. І наўмысля запытаў, хоць ведаў, што недарэчы пра гэта пытацца:

— Вы Халіму даўно не бачылі?

А Ніна адказала зусім шчыра і проста:

— Чаму даўно? Ён жа кожны дзень прыходзіць да нас.

І потым, нібы схапянуўшыся, дадала:

— Яны з Андрэем бадай што не разлучаюцца. Кожны вечар некуды ходзяць...

Лясніцкаму яшчэ больш стала прыкра. Ён і сам бачыў, што ў апошні час Андрэй з Халімам вельмі блізка сышліся, сустракаюцца часта, многа аб нечым гавораць. І Ніна часта з імі бывае. А ён убаку неяк заўсёды, бо сам сваёй дружбай набівацца не хоча, а яны таксама яе не шукаюць. І яму непрыемна бывае ад гэтага. Таму, калі Ніна наўмысля напамянула пра гэта, Лясніцкі зусім нахмурыўся і, памаўчаўшы хвіліну, грубавата і надута сказаў:

— Ну, пойдзем... Позна зусім ужо...

Ішлі яны моўчкі. Аж да самага горада не пакідаў Лясніцкага дрэнны настрой. У думках зноў бязладдзе было непрыемнае, зноў апанавала цяжкая няўцямнасць.

А Ніна сама сабе ціха ўсміхалася...

 

Андрэй спраўдзіў сваё абяцанне: ён пазнаёміў Лясніцкага з Матруніным. Лясніцкі ад гэтага быў у надзвычайным захапленні. У першы момант, як падвёў яго Андрэй да гэтага славутага рэвалюцыянера, Лясніцкі страшэнна ўзрушыўся. Ён забыўся на ўсё, нічога не бачыў, апрача жывых і вострых вочак старога, нічога не чуў, апрача слабага, трохі пявучага голасу. Калі Матрунін нешта быў запытаў у яго, дык ён так смешна, па-вучнёўску, замятушыўся і не ведаў, як, якімі словамі яму адказаць. Выручыў Андрэй. Ён загаварыў аб нечым з Матруніным — проста так, стала, быццам з раўнёй, быццам з сваім звычайным таварышам.

Тады Лясніцкі, трохі адступіўшыся, пачаў разглядаць Матруніна. Ён яму дужа ўпадабаўся. У яго голеным, зусім маленькім твары Лясніцкі ўбачыў нейкую пакутную мяккасць, нейкую бязмежную самаахвярнасць. Асабліва яна выглядала з яго тонкіх, нервова расцягнутых вуснаў, абкружаных сеткай маршчынак. Здавалася, што куткі гэтых вуснаў няўпынна дрыжаць, што гэта — вынік глыбокага гора, вынік цяжкага напружання духу. І цяпер, здавалася, жыве ўнутры яго ўсё перажытае, сочыцца з сэрца, мяшаецца з сённяшняй радасцю. Таму і асабліва сімпатычным здаваўся гэты стары чалавек, што нібы заключыў у сабе ён сінтэз адвечнага гора і маладой, яшчэ няпэўнай і хісткай радасці.

Развітваючыся з Лясніцкім, Матрунін запрасіў яго да сябе.

— Заходзьце ўвечары, пагамонім аб тым аб сім... Я моладзь люблю, я і сам яшчэ малады, дармо што галава пасівела, хе-хе... Заходзьце, заходзьце...

Лясніцкі ведаў ужо, што ў Матруніна часта збіраецца моладзь, што вакол яго ўтварыўся цэлы гурток прыхільнікаў, нібы вучні вакол настаўніка. Таму ён прыняў усур’ёз запрашэнне старога і пастанавіў абавязкова зайсціся, а калі магчыма, дык і стаць пастаянным сябрам гуртка, які яго абкружае. І яшчэ ён надумаў узяць туды з сабой Славіна. Таму, напэўна, будзе прыемна пайсці. А ўдвух лепш. Пасля абмяняцца думкамі, растлумачыць што адзін аднаму... І смялей неяк удвух.

Дні праз два яны пайшлі да Матруніна. Яны лёгка знайшлі яго кватэру, бо на колькі кварталаў яе ведаў амаль што кожны жыхар. Жыў Матрунін у досыць багатай кватэры на адной з галоўных вуліц горада. Толькі цяпер, прыйшоўшы да яго, Лясніцкі даведаўся, што ён халасцяк і не мае ніякай радні. Жыве з ім толькі нейкая маўклівая, крута сагнутая бабулька — мабыць, яго ахмістрыня.

Лясніцкаму зусім пышнай здалася кватэра Матруніна. Бадай, першы раз ён быў у такой. Дываны на падлозе звязвалі яму ногі, ён ступаў так нязграбна, быццам ішоў па слізкім лёдзе.

У гасцінай весела, ясна тапілася грубка, разлівала па пакоі цудоўную цёплую прытульнасць. Каля грубкі ў крэсле сядзеў сам Матрунін, а вакол яго размясцілася з дзесятак хлопцаў. Хто сядзеў, хто стаяў, хто хадзіў па пакоі — відаць, трымалі ўсе сябе вольна, як дома.

Матрунін пазнаў Лясніцкага і ветла прывітаўся з ім. Славіна Лясніцкі адразу прадставіў. Стары і таго сустрэў вельмі цёпла, быццам чакаў яго, і рад, што прыйшоў.

У мяккім хатнім гарнітуры, асветлены гарэзлівым бляскам грубкі, Матрунін здаўся Лясніцкаму яшчэ больш сімпатычным, чым той раз. Дый усё тут было сімпатычнае. Нават хлопцы — усе незнаёмыя, чужыя — здаліся такімі добрымі, слаўнымі, быццам былі гэта старыя таварышы і прыяцелі.

Як увайшлі Лясніцкі і Славін, ужо вялася жвавая гутарка. Хлопцы селі ў куток і пачалі ўважна прыслухоўвацца. Спачатку трудна было ўявіць, аб чым ідзе гутарка. Часта паміналіся словы «народ», «дэмакратыя», «свабода». Потым ясна стала, што гутарка ідзе аб сучаснасці, аб рэвалюцыі, яе лёсе, аб лёсе Расіі і г. д. Спрачаліся: ці павінна быць у Расіі дэмакратычная рэспубліка, ці проста рэспубліка, ці канстытуцыйная манархія. Вышуквалі розныя спосабы для захавання моцнай арміі, для захавання парадку, для перамогі над немцамі.

У той час усе гаварылі аб гэтым, у той час наогул шмат гаварылі, пачынаючы з міністраў і канчаючы дробным гандляром з бакалейнай крамкі.

Матрунін глядзеў на моладзь і ўсміхаўся пагадлівай усмешкай. Ён зрэдку ўстаўляў сваю аўтарытэтную рэпліку, але больш маўчаў і слухаў. Мабыць, чакаў, каб выгаварыліся ўсе колькі хоця, каб вылілі свой юнацкі пыл.

Нарэшце неяк само сабой выйшла, што змоўклі ўсе, а пачаў гаварыць Матрунін. Гаварыў ён доўга, мабыць, гадзіны са дзве, але не надакучыў нікому. Ні на хвіліну не зніжалася агульная ўвага, ні адным гукам ніхто не перапыніў яго.

Матрунін быў стары рэвалюцыянер-народнік. Ладную частку жыцця ён правёў у турмах і высылцы. Мабыць, там ён і выгадаваў у сабе незвычайна прыгожы ідэал свабоды і шчасця, які мог вырасці толькі на глебе глыбокага асабістага гора, злітага з горам мільёнаў, з адвечнай народнай пакутай. Гэты ідэал, якім цалкам прасякнута было ўсё жыццё старога Матруніна, яго ажыўляў, рабіў маладым, даваў яму здольнасць уплываць на другіх, асабліва на моладзь.

Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое, як кахалі яны, старыя рэвалюцыянеры, народ, як гатовы былі пайсці за яго на пакуту і смерць, як адданы былі сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе.

На Лясніцкага словы Матруніна рабілі моцнае ўражанне. Прад вачмі ў яго плылі поўныя цудоўнай рамантыкі малюнкі. Яны захаплялі яго, поўнілі напружана-вострымі летуценнямі. Ён гатоў быў цяпер пайсці на змаганне, гатоў быў ахвяраваць нават жыццё.

За народ... за свабоду...

Вочы ў яго блішчалі ясным агнём парывання, і неяк млосна, балюча сціскалася сэрца.

Калі ж потым Матрунін пачаў гаварыць аб сучасным, пачаў гаварыць аб абавязку кожнага з іх пайсці на службу народа, Лясніцкі зусім загарэўся. І тады яму стала надзвычайна радасна, бо здалося, што праясніліся ўсе сумненні яго, што сам сабою знайшоўся той «пункт», якога шукаў ён, без якога не мог знайсці месца ў жыцці...

За народ... за свабоду...

Мігнула ў думках прыгожым туманам родная вёска... Сям’я... Макрына... І ўсё расплылося ў нечым шырокім, кажуховым, у любым такім, да чаго трэба ісці, чаму трэба служыць.

Гэта — народ. Гэта — той «пункт», вакол якога павінна віцца жыццё, гэта апора імкненняў, думак і летуценняў. Цяпер усё ясна, усё зразумела.

І Лясніцкага ўсё больш і больш ахапляе вострая радасць. Сэрца яго топіцца ў моры агнявых жаданняў — у бурным моры, ад якога ў сэрцы ўскіпае балючая слодыч. Ён не бачыць нічога навокал, яго погляд увабраўся некуды ўглыб, ён сузірае, ён яскрава бачыць вобразы сваіх летуценняў, бо малюнак іх ясны і прыгожы.

Яму здаецца, што перад ім вольна раскрылася шырокае бязмежнае поле. Гэта — жыццё. І ў гэтым полі-жыцці пераблытанай сеткай віюцца сцежкі-дарожкі. Іх многа бязмерна, яны перасякаюць, пераганяюць адна адну і неяк паспешна, уцякаючы, губляюцца ўдалечы, быццам хочуць завабіць туды, заманіць...

Ён выбірае адну сцежку і ідзе — смела, адважна ідзе ў шырокае поле-жыццё. Сцежка прыгожая — на ёй мякенькі жоўты пясочак, а па баках свежыя кветкі. Ён цвёрда ведае, куды яна прывядзе. Ён ужо бачыць там, недзе далёка, у дыме сіняе смагі, невыразна-знаёмае, любае... Там — кажуховая вёска. Там — народ.

Ён спяшаецца, бо ведае, што там шмат слёз, шмат гароты. Там — горкая ўсмешка Макрыніна рассцілаецца, топіць усё, пакрывае ўсё чыста сваёй гаркатой.

Ён спяшаецца, бо ідзе на ратунак, бо ідзе, каб аддаць свае сілы, жыццё сваё нават — за долю народа. Ён чуе, ён назаўсёды запомніць гэтыя словы Матруніна.

«Народ вякамі стагнаў пад прыгнётам. Народ прагна чакаў вызвалення... Цяпер ён яго атрымаў. Цяпер ён другога чакае, другога ад нас патрабуе... Ён цёмны, ён хоча свету, хоча навукі. Ідзіце ўсе, вучыце народ, аддавайце яму свае веды, свае сілы... Помніце, што людзі паміралі за тое, каб вы — цяперашнія гаспадары жыцця — убачылі волю, убачылі такую высокую радасць. Працуйце ж, каб працягнуць з гонарам справу бацькоў...»

Так, яны будуць працаваць, яны ўсё зробяць, што толькі будзе па сілах...

І як скончыў Матрунін сваю двухгадзінную гутарку, хлопцы азваліся дружным, бязладным выбухам гоману, у якім чутна было сапраўднае імкненне да нечага вялікага, новага, да працы па дасягненню гэтага новага. А Матрунін, змораны, аслабелы, адкінуўся ў крэсла і сядзеў нерухома, гледзячы на хлопцаў з цёплай бацькоўскай усмешкай. Рад быў стары, што словы яго так запаляюць людзей, такі робяць уплыў на іх сэрцы.

Ад Матруніна Славін пацягнуў Лясніцкага да сябе.

Вясновая ноч была цёплая, на вуліцы роілам біўся народ, было навокал пярэста і шумна. А як збочылі з галоўнае вуліцы ды прайшлі кварталы са два, там ужо спаў горад у ціхай цемры, было бязлюдна і пуста.

З-за аднаго рогу наўпярэймы ім выйшла купка нейкіх людзей. Яны завярнуліся і, голасна гамонячы, пасунуліся спераду ў хлопцаў.

Хлопцы прыціхлі і прыслухаліся. Гутарка людзей іх зацікавіла.

— Ён паручнікам служыць... гран нейкі знатны... багатыр...

— Сволач... вядома...

— Ну дык што?

— Прыязджаюць, заказваюць поезд — падарункі, значыць, салдатам на фронт...

— Трэба ім дужа... Усё на падман... каб не разбегліся...

— Так... Дык вось поезд гатоў, прыязджае гэты панок — фэртам такім, займае мяккі вагон, адпраўляецца поезд, усё як мае быць... А потым, бач, аказалася, што ў сумятні недзе сабачка яго тут, на вакзале, згубілася... Што ж бы вы думалі? Дайшоў поезд да першага раз’езда і — стоп... круці назад... Раз’езд звоніць сюды — так і так, сабачка, значыць, у грапа прапала, дайце жазла... назад, значыць, ехаць... Дзяжурны туды-сюды... і прыняць поезд,— дык прапаў, і не прыняць — то ж прапаў, гран не спусціць...

— Ну і як жа выйшла?..

— Ды так... знайшлі тую шчэнь ды на паравіку адправілі — гаспадара даганяць... Для сабачкі, значыць, паравік прадставілі... А на вакзале чакаюць адпраўкі сотні людзей, а мо і тысячы...

Цёмную ціш прабіла некалькі ўзмахаў ядрана-злоснага мата.

— Сволачы, жывадзёры!..

— Раскашуюцца, чэрці, з чужога поту. Ім — што, сабачкі ў модзе, а людзі здыхаюць з голаду... Тыдзень працуеш, а на дзень не заробіш... Свабоду далі...

— Свабода, ды не табе...

— Свабода панскім сабачкам, ха-ха...

Зноў паляцела некалькі матаў. Потым яшчэ апавядаў той, што раней расказаў пра сабачку. Хлопцы ўжо недаслухалі, бо тыя звярнулі, пайшлі другой дарогай...

Лясніцкі адчуваў сябе неяк няёмка. Цягнула пагаварыць зараз аб тым, што чулі са Славіным, але чамусьці трудна было распачаць. А Славін таксама маўчаў, нешта думаў. Мабыць, і яму карцела пагутарыць, ды не ведаў, як тут пачаць.

І пачуў Лясніцкі, што гэты выпадак, гэтая наўмысля падслуханая гутарка ўбілася мулкім ражном у той узняты настрой, з якім ён пайшоў ад Матруніна. У тое ружовае, светлае — капнула кропля чорнай атруты, едкай гаркатой разбавіла чароўную слодыч.

Хацелася пазбыцца гэтага ўражання, хацелася аднавіць ранейшы настрой. Але не ведаў, як гэтага дасягнуць. Каб далей не маўчаць, каб, нарэшце, завесці аб гэтым гутарку, Лясніцкі спытаўся:

— Славін! Хто гэта былі?

— Пэўна, рабочыя... З чыгункі, мусіць...

І зноў змоўклі. Так і дайшлі моўчкі да кватэры Славіна. Толькі там, мабыць, пад уплывам класічнага бязладдзя славінскага пакоя, якое раджала нейкую вальготную раскіданасць і лёгкасць настрою, сцёрлася ва ўяўленні хлопцаў жывасць усяго, што было ў гэты вечар. Смеючыся, жартуючы, яны гатавалі чай, пілі яго з чэрствым хлебам і сахарынам, чыталі потым вершы Ясінскага і чамусьці незвычайна захапляліся імі.

А калі ўжо ляглі былі спаць, Славін раптам устаў, палез у скрыню, доўга поркаўся там і падышоў да Лясніцкага, неяк вінавата бліскаючы сваімі акулярамі — смешны такі, недарэчны.

— Слухай, Васіль, я прачытаю табе адзін верш...

Ён чамусьці ўтупіўся і пачырванеў. Яшчэ шмаргануў сваім кнопачкай-носам. І тады ўжо Лясніцкі не вытрымаў — зарагатаў ва ўсё горла.

— Ха-ха-ха... Чаго ты там неяк?.. Мабыць, сам напісаў?.. {на-

— Ты паслухай.

Нечакана для Лясніцкага верш аказаўся зусім нядрэнны. Ахвяраваны нейкай дзяўчыне, верш быў напісаны з пачуццём і захапляў сваім шчырым наіўным лірызмам.

Лясніцкі выказаў свой погляд. Славін яшчэ больш засумяціўся.

— Гэта так... У мяне ёсць яшчэ... Я пішу рэдка... для забавы...

І, паглядзеўшы на паперку, чамусьці ўздыхнуў...

 

У наступныя дні Лясніцкі блізка што не разлучаўся з Славіным. Удзень яны разам сядзелі ў школе, а ўвечары або хадзілі да Матруніна, калі там збіраліся, або сядзелі разам у хаце, праводзячы час за чытаннем ці проста за шчырай таварыскай гутаркай.

Гэтыя дні для Лясніцкага прынеслі яшчэ большы душэўны разлад, яшчэ большую нутраную барацьбу. Ён зноў не бачыў прасвету ў жыцці, не бачыў адказу на ўсё, што дзеецца вокал, зноў не было таго «пункту» для думак, якога ён шукаў ужо не малы час. Ён стараўся знайсці яго, мучыўся — і не знаходзіў.

У Матруніна кожны раз набіраўся ён гарачага захаплення, кожны раз выходзіў адтуль, як у чадзе, з успененым сэрцам, з гатоўнасцю рабіць нешта вялікае, труднае, з радаснай упэўненасцю, што цяпер можна рабіць, што адкрыты цяпер светлыя шляхі, шырокія прасторы. І тады сапраўды здавалася яму, што знайшоў ён тую сцежку-дарожку, якая выведзе на правільны шлях, што знайшоў той «пункт», без якога так трудна ісці ў жыццё. Гутаркі з Славіным падагравалі гэты настрой. Ім удваіх заўсёды ўдавалася адцягнуцца ад абыдзёншчыны і захапіцца высокімі, смелымі летуценнямі, у якіх расплываліся, раставалі ўсе непаразуменні жыцця, усе цяжкія пытанні, якія яно ставіла перад іх юнацкім розумам.

А жыццё тым часам давала сябе адчуваць. Яно жорстка ўрывалася ў пабудаваны Лясніцкім свет летуценняў, хістала яго, рабіла вялізныя шчыліны, праз якія нёсся ў нутро холад непрыветнай будзёншчыны, ледзяніў гарачыя парыванні.

Да гэтага часу ўлёгся ўжо першы ўздым рэвалюцыі, апала ўрачыстасць перамогі. У горадзе жыццё ўвайшло ў сваю каляіну. Аголенае ветрам лютаўскае рэвалюцыі, але не закранутае ў сваёй сутнасці, яно ўсё ясней ды ясней наказвала свае хваравіта-агідныя і страшэнныя праявы, усё больш і больш выносіла наповерх свае глыбокія, невыгойлівыя супярэчнасці.

Расла дарагоўля, не ставала харчоў. Разам з тым расло нездаволенне сярод мас гарадскога жыхарства, асабліва сярод рабочых. Да гэтага далучалася агульнае абурэнне супроць вайны. Масы вайны не хацелі, бо яна несла голад і смерць. Чакалі міру, дамагаліся міру, паўтаралі ўсё часцей ды галасней лозунг — «мір без анексій і кантрыбуцый». Салдаты беглі з фронту, чыгункі былі забіты адпускнікамі і дэзерцірамі, было дэзерціраў поўна і ў горадзе.

А ў гэты час афіцыйныя і неафіцыйныя агенты часовага ўрада крычалі аб абароне, аб узмацненні арміі, праводзілі на кожным кроку добраахвотныя зборы на абарону, па вуліцах шпацыравалі розныя «ўдарныя» батальёны, «жаночыя батальёны смерці», якіх публіка праводзіла жартамі ды анекдотамі; на пляцах ладзіліся ўрачыстыя парады, дзе таксама заклікалі да абароны, дзе салдаты гулка крычалі «ўра», каб потым, разышоўшыся, праклінаць тых, каму трэба вайна, і ладзіцца разбегчыся па хатах.

Усе гэтыя падзеі не маглі прайсці міма Лясніцкага. Ён бачыў іх, бо яны кідаліся ў вочы. Яны паказвалі яму, што нешта тут не ў парадку, што вакол яго змагаюцца нейкія сілы, што змаганне гэта расце з кожным днём, з кожным днём абвастраецца.

Зразумець усяго гэтага ён не мог, бо ішло яно насуперач усяму яго мысленню, насуперач тым квяцістым марам, якімі ён сябе абкружыў.

І вось, як выхад з гэтага неўразумення, з'явіўся ў Лясніцкага востры сум на вёсцы, моцнае жаданне паехаць туды, каб пазбыцца ўсяго гэтага цяжкога, непрыемнага, што робіцца тут, у горадзе. Свае мары злучаў ён цяпер толькі з вёскай — горад яму знялюбеў, як знялюбела ўсё тое, што наганяла на розум цяжар балючай няўцямнасці.

Здавалася, што там, на вёсцы, на вольных прасторах палёў, дзе так проста, так ціха цячэ жыццё гарапашных сялян, там знойдзе ён прыгожае, новае, што прынесла з сабой рэвалюцыя. Там знойдзе ён глебу для працы, там з захапленнем, з радасцю аддасць свае сілы на служэнне народу.

І Лясніцкі не мог дачакацца таго недалёкага часу, калі скончыць школу і здолее ехаць дахаты. Думку аб хуткім ад’ездзе на вёску ён ні па хвіліну не выпускаў з галавы. Усё, што б ні рабілася вакол, усё, што б ні ўсплывала ўнутры ў самога, ён злучаў з гэтай думкай. І яна давала спакой, пазбаўляла ад усіх сумненняў, ад усяго непрыемнага, што паўставала на жыццёвым шляху.

Сваім новым жаданнем Лясніцкі заразіў і Славіна. І вось пачаліся ў іх доўгія гутаркі-ўспаміны аб вёсцы, аб розных праявах вясковага жыцця. Пачалі ўмаўляцца яны аб тым, што кожны на вёсцы будзе рабіць, аб тым, колькі лістоў у тыдзень будуць пісаць адзін аднаму і г. д.

А з Нінай Лясніцкі дык пасварыўся нават праз гэта самае. Ён успомніў быў нешта, як калісьці хадзілі яны на Дняпро, як апавядаў ён пра вёску, як яна потым успомніла маці сваю, сказала, што маці таксама з вёскі была, што пела яна вясковыя песні. І захацелася яму яшчэ з ёй так шчыра пагутарыць, захацелася і з ёй падзяліцца сваім новым настроем.

І вось, калі Лясніцкі ўжо расказаў пра сваё замілаванне да вёскі, пра сваю радасць, злучаную з блізкім ад'ездам туды, пра свае шырокія планы, калі ён ужо, як мог, пахваліў вёску і вясковае жыццё, Ніна раптам спыніла сваю работу (яна нешта шыла) і сур’ёзна яго запытала:

— Колькі ў вас зямлі?

Ён адказаў.

— Колькі вы збіраеце хлеба?

Ён адказаў таксама.

Потым пайшлі запытанні: колькі коней, кароў, авец, ці вялікая сям’я, ці ёсць якія заробкі і г. д. Калі Лясніцкі на ўсё адказаў, Ніна крыху падумала і потым аўтарытэтна зазначыла:

— Так. Вы справядліва гаворыце... На вёсцы цяпер жыць куды выгадней...

Лясніцкі разумеў, што яна наўмысля, каб падражніцца, дала яго словам такое грубае матэрыяльнае тлумачэнне, але ўсё роўна горка стала і крыўдна. Ён хацеў быў перавесці гэта на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор:

— Ніна! Нашто вы так...

Тады схапянулася раптам яна і праказала ўжо сапраўды сур’ёзным, нават трохі сярдзітым голасам, у якім таксама чулася крыўда і дакор:

— А што вы мне казкі розныя расказваеце, калі ведаеце, што ў нас хлеба не заўсёды хапае, што бацьку на лякарства няма, што я чаравікаў не маю зусім...

Лясніцкаму тады страшэнна сорамна стала. Каб не паказаць гэтага, ён завярнуўся і, не сказаўшы нічога, выйшаў з пакоя.

Пасля таго ён цэлы дзень з ёй не гаварыў і свае думкі затоіў глыбока ўнутры, не казаў аб іх больш нікому. Калі нешта Андрэй між іншым запытаў, ці скора іх пусцяць дахаты, ён буркнуў скрозь надутыя вусны:

— Не ведаю...

І больш ані слова. Здалося яму, што Андрэй нешта мае на вуме, можа, хоча пасмяяцца над ім. Андрэй больш яго не чапаў.

І пасля таго з кожным днём Лясніцкі ўсё глыбей затуляўся ў сябе, рабіўся ўсё больш нахмурым і дзікім. Ён бадай што ні з кім не гаварыў, ад усіх стараніўся, стараўся, каб быць аднаму. Толькі з Славіным яны часамі, як і раней, схадзіліся. Але і ў іх не было ўжо ранейшае шчырасці, ранейшага ўзаемнага разумення. Не маглі ўжо яны супольна снаваць свае мары, распаляць адзін у адным парыванні, імкненні. Выходзіла ў іх неяк суха і штучна. І Лясніцкага мала цягнула да Славіна, больш любіў ён быць у самоце,— яскравей і жывей былі тады летуценні, шыбчэй ляцеў час, шыбчэй набліжалася пара ад'езду.

І яшчэ палюбіў цяпер Лясніцкі хадзіць туды, дзе шмат незнаёмых людзей, куды-небудзь у шумлівае зборышча, дзе так лёгка было загубіцца ў агульнай масе, дзе яшчэ глыбей адчуваў ён сваю адзіноту. Хадзіў ён у сад, на людныя вуліцы горада, на вялікія сходы, мітынгі, дыспуты. Часамі прыглядаўся ўважліва да твараў, прыслухоўваўся да асобных гутарак, чамусьці стараўся ўсё гэта запомніць, а найчасцей проста слухаў агульны шум-гоман, калектыўны голас натоўпу. І тады поўнілася галава роўным тлумам, прыемна круцілася. Хадзіў тады, як у паўсне, закалыханы, нічога не сачыў, нічога не чуў, апроч таго тлумнага шуму.

Часамі прыходзілася сустракацца з знаёмымі. Гэта яму было непрыемна, і ён па магчымасці стараўся так зрабіць, каб яго не заўважылі.

Аднойчы, ужо за некалькі дзён да ад'езду, ён такім парадкам наткнуўся на Халіму. Хацеў быў міма прайсці, але тон заўважыў і пайшоў да яго.

— Здароў, Васіль... Чаго шлындаеш тут?..

— Здароў... А ты тут чаго?..

— Прыйшоў паглядзець, як дурань аслоў навучае...

Лясніцкі міжвольна ўсміхнуўся. Яны былі на лекцыі аднаго мясцовага кадэта, які лічыўся, і сам сябе пэўна лічыў, бадай што самым разумным чалавекам у горадзе...

— Пачакай! — пажартаваў Лясніцкі.— Ты ж і сябе рэкамендуеш — таксама ж слухаеш лекцыю.

Халіма ўрачыста падняў палец угару.

— Я — казёл... Я прыйшоў, каб збіць ілбом гэта пужала... Хочаш, Васіль, я зараз саб'ю яго?.. Хочаш — пайду і не дам гаварыць?.. Хочаш?..

Тут Лясніцкі з страхам заўважыў, што Халіма ладна выпіў. Ён ведаў, што ў такіх выпадках усяго ад яго дачакаешся...

— Наліха ён табе... Хадзем лепш пройдземся трохі.

Халіма памкнуўся пярэчыць, але-ткі згадзіўся.

Яны выйшлі на вуліцу. Халіма злёгку хістаўся і ўсё бурчаў з п’янай упартасцю:

— Ты думаеш, можа, што я выпіўшы, га?.. Васіль... ты нешта злуешся на мяне... Я выпіў, бо не магу... У мяне гарыць кроў... Я хачу, каб нешта крышыць, ламаць... Я хачу, каб рабіць рэвалюцыю... Васіль, ты думаеш, гэта — усё? Га?.. Хе-хе... Трасца... А рабочыя дзе, а? А сяляне дзе, а? А фабрыкі, заводы, зямля, а? Ха-ха-ха-а-а... Хітрунчыкі... А вайна нашто? Каму вайна трэба, ты ведаеш, Васіль?.. Ты на мяне не злуйся... я люблю такіх, як ты... табе — каб гэта ціхенька, зладненька... А мне — рэвалюцыю дай, я буду біцца!

Ён, захапіўшыся, стаў амаль што крычаць. Лясніцкі яго папрасіў:

— Халіма! Сціхні... Я і так добра чую... І я на цябе не злуюся...

— То-то... Помніш, як мы супроць жыдоў выступалі... Я цябе запрасіў, я на цябе спадзяваўся... Праўда, мы ўсе былі дурні... я яшчэ вокны біў тады... помніш? А цяпер я — ого! — разумею... Стой... Пайду растлумачу...

Ён завярнуўся назад. Лясніцкі хацеў яго затрымаць, але ён не слухаў ужо.

— Я скажу... Я выкажу ўсё... Хай яны ведаюць...

І, не зважаючы на ўгаворы Лясніцкага, ён рашуча падаўся назад, на лекцыю.

Лясніцкі пайшоў следам за ім.

Як увайшлі яны ў памяшканне, якраз толькі што скончылася лекцыя. Старшыня звярнуўся да публікі:

— Можа, хто хоча выказацца?

І раптам Халіма раўнуў ад парога:

— Я хачу!..

Усе з цікавасцю азірнуліся. Старшыня трохі пагардліва перапытаў:

— Там нехта, здаецца, хацеў...

— Я хацеў!..

— Калі ласка...

Халіма папёрся на трыбуну, шырока распіхаючы публіку, грукаючы на хаду сваімі вялізнымі ботамі.

Усе сціхлі.

— Таварышы! А ці ведаеце вы, што ўсё гэта хлусня?.. Не верце, таварышы!.. Зірніце на наша жыццё... За што мы пакутуем?.. Голад, вайна, эксплуатацыя... Капіталісты...

Яго перабілі грукатам, шумам:

— Досыць! Досыць!.. Далоў!..

Ён колькі хвілін змагаўся з абязуміўшай публікай, выкрыкваючы асобныя, відаць, нялюбыя для прысутных словы. Потым безнадзейна махануў рукой і пад агульны лямант спакойна пасунуўся к выхаду. Падышоўшы да Лясніцкага, ён яшчэ раз махануў рукой, скорчыў пагардліва-няўцямную міну.

— Не разумеюць... Публіка... Фі-ці-фі... Бур-ржуазія... Пойдзем, Васіль, нам тут не месца...

Як выйшлі, Лясніцкі запрасіў Халіму да сябе. Ён адмовіўся. Праводзіць яго таксама не дазволіў.

— Не хачу... Што я, п’яны, ці што... Бывай!..

І вось асталося ў Лясніцкага ад гэтай сустрэчы нешта трывожна-няяснае... Нешта новае чуў ён ад Халімы, але дзе ж разабрацца ў словах п’янога. Рашыў лепш не думаць аб гэтым, каб не турбаваць галаву лішнімі сумненнямі. Пачаў думаць зноў аб хуткім ад’ездзе, аб вёсцы, аддаўся зноў сваім летуценням.

Але ад гэтай сустрэчы асталося таксама ў Лясніцкага пачуццё сімпатыі да Халімы, якое вымела з сэрца цень ранейшай беспрычыннай непрыязнасці.

 

І Лясніцкі, і Халіма, і Славін ехалі ў адну дарогу. Згаварыліся паехаць разам, на адным поездзе, каб было весялей.

Лясніцкі і Славін хадзілі на развітанне к Матруніну. Стары развітаўся з імі, як бацька: прасіў іх берагчы сябе, свае сілы, здароўе, каб больш пражыць, каб як найболей зрабіць для народа; напамінаў аб ранейшых гутарках, аб іх абяцаннях працягваць справу старых рэвалюцыянераў; перасцерагаў ад магчымых спакус, ад магчымых нядобрых уплываў і г. д. Нарэшце ён нават блаславіў іх і адвярнуўся ўбок, каб схаваць нечакана набегшыя слёзы. Хлопцы таксама расчуліліся. Ішлі назад моўчкі, нібы баяліся парушыць неасцярожным словам урачысты настрой развітання. Толькі прайшоўшы ўжо з гоні, Славін паволі высмаркаўся і праказаў:

— Дарагі чалавек...

Лясніцкі ўздыхнуў.

— Так... Не многа гэткіх на свеце знойдзецца...

І тады зноў маўчалі, аддаўшыся салодкай журбе.

Потым таксама моўчкі з сумам разышліся, умовіўшыся сустрэцца на вакзале.

Поезд ішоў а восьмай гадзіне ўвечары. А ўжо гадзіне а шостай пачалі збірацца вучні. На вакзале было поўна народу. Паміж тугаваротнай масы салдацкіх шынялёў, паміж роіла клункаў і торбаў вучні шмыгалі, як юркія мышы, праразаючы мяккі застыглы гуд вакзала свежым смехам і віскам. На вакзале адзін з адным сустракаліся так, быццам паўгода не бачыліся.

— А! Сцёпка!..

— Мікола!..

— Білет узяў? Ты куды?.. Не даюць?

— Здароў, Ляксандра, браток ты мой родны!..

— Здароў, каб ты згарэў... Ты ўжо тут?..

Лясніцкі прыйшоў раней за ўсіх сваіх спадарожнікаў. Яго праводзілі Андрэй і Ніна. Білетаў яшчэ не давалі, і яны ўсе ўтраіх сталі каля праходу, каб лепей было заўважыць сваіх. Чакаць доўга не давялося. Праз хвіліну ўбачылі Славіна, які, не прымячаючы іх, заўзята цёрся скрозь публіку, адчайна абараняючы акуляры і клунак. Яны яго паклікалі, ён з хвіліну мацаў няўцямна навокал сваімі сляпымі вачмі, потым заўважыў іх і рашуча змяніў напрамак. Падышоў запараны, змучаны, але з дабрадушна-ветлай усмешкай на твары.

— Халімы няма?

— Не яшчэ...

Ён зайшоў за выступ сцяны, выняў хусцінку і пачаў старанна церці свае акуляры.

А яшчэ праз колькі хвілін і Халіма прысунуўся. У яго выгляд быў зусім паходны. Ён быў у нейкай куртузай паддзёўцы, падпяразанай салдацкім рэмнем, за плячмі ў яго тырчала салдацкая паходная торба, а на баку задорна боўталася металічная фляжка — напэўна, пустая. Упацеў ён быў страшэнна, але трымаўся бадзёра і важна. Як прыйшоў, спачатку паволі прывітаўся з усімі, даведаўся пра поезд і потым ужо стаў здзіраць з плеч сваю торбу.

У Лясніцкага быў вельмі добры настрой. Яму хацелася пець, крычаць, смяяцца, хацелася выкінуць якую-небудзь гарэзную штуку. І таму, што нічога такога няможна было рабіць, стаўплялася ў грудзях захапленне, сціскала горла нервовымі даўкімі спазмамі.

Яму ўсе здаваліся цяпер прыемнымі, слаўнымі. На Ніну дык ён не мог паглядзець, каб не ўсміхнуцца пяшчотнай светлай усмешкай. Такая яна была любая ў гэту часіну. І хлопцы таксама... Толькі Андрэй трохі нібы турбаваў сваёй нязменнай тонкай усмешкай. Стаіць, ледзь-ледзь нахіліўшы набок галаву, злёгку падрыгвае нагой, разглядае ўсіх навокал смелым задорным поглядам і ціхенька сабе ўсміхаецца. А чаго? — немаведама.

Пачалі даваць білеты. У адзін момант вырасла ад касы даўжэзная чарга, канец якой махануў аж у другі пакой. Хлопцы цяпер толькі ўздумалі, што забыліся заняць сабе месца ў чарзе. Цяпер не ведалі, што і рабіць. Але выручыў усіх Халіма. Ён чамусьці надзеў сваю торбу (мабыць, для большай важнасці) і заявіў:

— Давай грошы!..

Праз хвілін дзесяць-пятнаццаць ён вярнуўся, засопшыся, і раздаў усім білеты.

— На ўсё трэба практыка...

Усе радасна і дружна смяяліся.

Поезда яшчэ не было, але рашылі выйсці на перон, бо было душна ў вакзале.

Перон быў густа абліты крывяна-чырвоным бляскам: недзе далёка за горадам, за сілуэтамі цэркваў і фабрычных труб, памірала ў глыбокай чырвані сонца. І адтуль, з гэтай казачна-прыгожай далечы, веяла ціхай цеплю, вясной і спакоем.

Па пероне слаўся тонкімі цурочкамі бэзавы пах: цвіў бэз у станцыйных садах і паміраў пышнымі букетамі ў руках станцыйных красунь, што пярэстымі вяткамі гулялі па пероне.

І сонца, і бэзавы пах, і аксамітная цепль вясновага падвячорку — усё гэта ўліло ў сэрца Лясніцкага ружовую слодыч, атуліла павевам дзівосна-мяккай пяшчоты. Захацелася цяпер быць ціхім-ціхім і пявучым, як арфа, каб вясна сваім квяцістым дыханнем зайграла на сэрцы непазнана-чароўную песню.

І было прыкра, што цяпер ён не ўдваіх і не на крутым беразе Дняпра, у люстраных водах якога так яскрава купаецца вячэрняе сонца і так звонка плёскае рыба.

Раптам замітусіўся народ, хлынуў бліжэй да пуцей. Набліжаўся поезд. Узнялася страшэнная сумятня. Толькі цяпер падумалі хлопцы, што могуць астацца. Пачалі паспешна развітвацца. Лясніцкаму неяк кінулася ў вочы, што Ніна на момант затрымала руку Халімы і твар яе асвяціўся променем сумнай адданасці. А Халіма толькі нахмурыўся, вырваў руку і завярнуўся ісці...

Лясніцкаму чамусьці шкада стала Ніны.

Пачалася пасадка. Хлопцы на чале з Халімам убіліся неяк у вагон, але далей калідора не пралезлі. Частка народу асталася.

Як крануўся поезд, на хлапцоў напала нейкае шаленства. Яны пачалі крычаць, скакаць, пець песні, а Халіма знайшоў на вокнах драўляныя накладкі (каб не біліся вокны) і ўрачыста пачаў іх адламваць. Балазе цёмна ў калідоры і цесна — ніякі кандуктар не ўлезе. Потым пачалі прымашчвацца. Халіма неяк умудрыўся, пралез у вагон. Славін сеў тут жа ў кутку, а Лясніцкі астаўся стаяць ля акна.

Ужо сцямнела. За акном толькі мітусіліся, лёталі іскры, не то ладзілі нейкія дзіўныя адчайныя скокі, не то ўперагонкі гулялі. Лясніцкі, прыхінуўшыся тварам да шкла, дзіваваўся на іх, і, калі доўга глядзеў, пачынала здавацца, што гэтыя іскрачкі жывыя, што, даганяючы, яны штурхаюць адна адну і некаторыя валяцца ўніз, а другія з пабедным імпэтам яшчэ вышэй узнімаюцца. І ўсе імчацца, спяшаюцца некуды, баяцца, каб не астацца.

А калі яшчэ даўжэй углядаўся, тады наогул знікалі іскры, вязлі ў глыбокай цемры. Але цемра ад гэтага рабілася яснай, бліскучай, і ў ёй уяўленне малявала розныя казачна прыгожыя малюнкі. Былі нейкія горы, палацы, мора, шырокія пясковыя наспы... Адно змяняла другое, і потым знікала ўсё — скакалі зноў, мітусіліся іскры.

Нарэшце зніклі і іскры — мабыць, звярнуў поезд ці вецер падзьмуў у другі бок. Асталася адна чорная засланка ночы.

Лясніцкі ўсё глядзеў у акно. Роўная цемра перад вачмі давала магчымасць цяпер углыбіцца ў сябе, аддацца цалкам пачуццям. І вось усплыла страчаная на момант у сумятні пасадкі ружовая радасць. Сэрца салодка зайшлося, неяк зусім блізка падышло, агарнала адчуванне хуткай сустрэчы. Усталі ў вачах жывыя вобразы блізкіх, знаёмых.

Неяк выяўна зусім адчувалася, як з кожнай хвілінкай, з кожным рытмічным перакатам каткоў далее горад, далее яго сумятня і напружанасць, яго загадкавыя супярэчнасці. І адчуванне гэта раджала ўнутры прыемную лёгкасць, узнятасць, узмацняла пачуццё радаснага здавалення.

А там — вёска. Ён цяпер так выразна яе ўяўляе.

Вось ён упінае зрок у акно, у бяздонную цемру, і бачыць там хату сваю, як наяву.

Вунь стары бацька ўзлёгся локцем на стол, падпёр бараду і зважна апавядае пра вясковыя навіны, пра гаспадарскія справы... Матка ад печкі яго папраўляе, устаўляе якую драбніцу. Робіць гэта такім тонам, нібы хоча сказаць:

— Ат, слухай ты яго... Што ён ведае. Але хай сабе гаворыць. Усё роўна заўтра паедзе на млын, дык я ўсё чысценька перакажу, ды па-свойму, ды ўсё да дробачкі, як палагаецца...

А вунь і браценнік малы... Той нібы трохі саромеецца. Стаіць, утупіўшыся, ля полу, на руках з бязвінным відам трымае трусянё або кацянёнка. Хітры хлапец! Стаіць — нібыта што, а тым часам толькі таго і чакае, каб брат заўважыў яго аблюбенца. Наўмысля ж і ўзяў на рукі. А тады з захапленнем раскажа, як кацянілася кошка, як аднаго пакінулі, а рэшту ўкінулі ў рэчку, як гэты добра гадуецца, якім стаў дуронікам і г. д.

А вось хата знікае і перад вачмі ўжо вясковая вуліца. Ён ідзе па вуліцы, сустракаецца з сябрукамі, радасна з імі вітаецца. Усе яго ведаюць, і ён ведае ўсіх. Разам жа гадаваліся, разам раслі. Хлопцы трохі яго стараняцца, але гэта толькі адразу. Праз два-тры дні зноў будзе так, як раней...

Ён ідзе далей, ён шукае вачмі. Неслухмянае сэрца пачынае біцца ў грудзях, наганяе чырвань на твар. Ага, вунь на прызбе сядзяць маладзіцы. І яна там... так, вунь яна... беленькі твар, чорныя вішанькі-вочкі. Ён вітаецца з усімі агульным уклонам і не спыняецца. На яе толькі адзін непрыметны погляд кідае. Яна так люба, прыгожа ўтулілася, пачырванела, здаецца. Але спадылба, як звярок, кінула вокам.

Колькі радасці ў гэтых дарагіх вочках!

Любая Макрына!..

Любая вёска!..

І яшчэ малюе ўяўленне Лясніцкага нешта няяснае, туманнае, але шырокае і вялікае... Не то нейкі сход, не то працэсія нейкая, не то проста прастор неабсяжны з кажуховымі нейкімі плямамі... І ён, Лясніцкі, робіць вялікую слаўную справу, ён кладзе сілы свае, сваё жыццё на карысць народу. Ён повен глыбокага адчування сваёй самаахвярнасці, свайго геройства. Ён — як Матрунін, як усе старыя рэвалюцыянеры...

Там, на вёсцы, ён знойдзе глебу для працы. Там не так, як у горадзе. Там будзе ўсё яму зразумела, будзе ўсё ясна.

Эх вёска, любая вёска!..

І як прыемна, што з кожнай хвілінай, з кожным перакатам каткоў далее гэты знелюбелы горад!

Як прыемна, што так шпарка нясецца поезд, рэжацца ў чорную мякаць ночнае цемры...

Эх, каб яшчэ шпарчэй...

Каб — як птушка, як бліскавіца...

Вёска, вёска! Любая вёска...

 

Частка другая

Зяленічы, родная вёска Лясніцкага, расцягнулася шнурам усцяж па Дняпры. За гумнамі, за нешырокай — крокаў у сто або дзвесце — палянкай, па якой разбегліся, важка асеўшы ў зямлю, хмура-магутныя асілкі-дубы, залёг стары Дняпро ў мярлогу глыбокую і старожка затоіў у сіва-люстранай гладзі свой напорна-імпэтны поступ, здрадлівы рух сваіх патаемных віроў.

З гэтага боку бераг Дняпра крута зрываецца высокай жоўтаю стромай, па якой сям-там раскіданы чорныя рэбры калматых карчоў. Тут Дняпро пагрозна хмурыцца цёмным прадоннем. Тут ён, як хітры драпежнік, прыцішыў свой ход, прыкінуўся ціхенькім-ціхенькім і падцікаецца, гатовы праглынуць бяздонным зевам сваім неасцярожную ахвяру. А ў пагодныя летнія дні прадонне бывае шыза-празрыстае і зусім ласкавае, мяккае. Тады ясна відаць, як у цёплай вадзе мітусяцца жвавыя ўклейкі, як паміж іх шпацыруюць поўныя напышлівай грацыі маладыя яльцы і галавеньчыкі. Тады хочацца акунуцца ў гэта сагрэтае сонцам прадонне, каб пазнаць яго чароўныя таямніцы, каб пагуляць, пагарэзваць з яго юркім, спрытным насельніцтвам.

А з працілеглага боку воды Дняпра хаваюцца пад нізка навіслае вецце кучаравага лазняку. Лазняк атуліў той бераг шчытным радном зеляніва, бераг той невысокі і роўны, быццам гэта адзін суцэльны куст, падстрыжаны руплівай рукой садоўніка. За тым зялёным роўным шнуром раскошна паслаўся аксамітны дыван заліўных сенажацей. Там вырастае ўлетку трава ў рост чалавека, і тады раздолле бывае гулліваму рачному ветрыку завіваць чупрыну гэтай травы ў мякка-разгонныя хвалі. А сонца тады пераліваецца ў травяных хвалях глыбокім смарагдавым бляскам.

Прыгожа ўлетку ў вёсцы Зяленічах!

Адзін канец вёскі амаль што губляецца ў лесе. Лес той цягнецца далёка-далёка ўніз па Дняпры, і чым далей, чым глыбей удацца ў нутро яго, тым шчыльней ахіне ён дыханнем адвечнай дзікасці, тым мацней зачаруе глухім звонам глыбокай сваёй цішыні.

У лесе ўлетку бывае шмат ягад, грыбоў. У святочныя дні там шумліва блытаюцца песні птушак з песнямі шустрых дзяўчат, з віскам і смехам, з гулкім гойканнем моладзі. Жыве тады лес пярэста-звонкім жыццём, і ў тым жыцці — у зялёным, у сонечным — чуваць гармонія шчасця, гармонія светлае радасці.

А вечарамі, калі па вёсцы клапатліва задзынкаюць начныя жукі ды пачнуць моўчкі ныраць з-за вуглоў чорныя шаптуны-кажаны, калі на прызбе ў бабылкі Хадоры ціха і рытмічна забрукуюць старыя жанчыны, а ў гуртку хлопцаў, што рыхтуюцца весці на начлег, дзед Лявон заспявае «Саву», калі пранясецца над вёскай ціхамірны подых начнога спакою,— над Дняпром тады сакавіта пальецца беларуская звонкая песня, разальецца ў працяжлівых ядраных гуках надрыўны сум беларускае вёскі.

Добра пайсці тады ў лес аднаму, убіцца ў глухі хмызняк над Дняпром і моўчкі слухаць, як у сівым кудлатым тумане над соннай вадой б’юцца прыгожыя гукі, як растаюць яны водгуллем недзе там, за Дняпром, дзе спяць сенажаці, дзе адгукаецца на песню адзін аднастайна-рыпучы крык дзергача.

І яшчэ добра тады ўпарта ўглядзецца ў спавітыя туманам і змрокам воды Дняпра, увабраць у сябе іх таемнасць маўклівую, сугучную чароўнаму маўчанню чорнага лесу. Тады могуць паўстаць у душы цені дзівосных малюнкаў, дзівосных падзей, цені наіўных дзіцячых трызненняў. Тады можа здацца, што рассуваецца ціха туман над Дняпром, раздаецца вада і ўсплывае напаверх цудоўнай красы дзяўчына. Яна асцярожна наўкол азіраецца, яна, пэўна, хоча выйсці на бераг, каб пагойтацца на гнуткім вецці бяроз.

Мо гэта русалка. А мо гэта казачная Дзеўка-Паланянка, што ў моры з сонцам купаецца? Мо недзе ўжо сочыць за ёй гарачым вокам шчаслівы Іванька, каб злавіць яе знецікі, каб завесці да злоснага пана?

А там, пад той бок, нешта раптам шчубоўкнула. Гэта, пэўна, ударыў са злосці хвастом па вадзе страшэнны Цмок, гэта ён, пэўна, рыхтуецца ў бойку пайсці з смелым, харобрым Іванькам?

І ўжо гэта не сава над галавой пераляцела з дрэва на дрэва,— гэта ляціць, спяшаецца да Іванькі стары мудрэц беларускіх лясоў — чорны Крумкач, нясе ваду гаючую, ваду жывучую.

І ўжо гэта не далёкая зорка праз туман прабілася, каб пакупацца ў чыстай сцюдзёнай вадзе. Гэта блішчыць там пяро залатога Дра-Птаха, гэта ён згубіў яго, уцякаючы ад спрытнага Іванькі.

Эх, казкі, смешныя дзіцячыя казкі!..

Можа, і гэта журботная песня дзяўчат таксама казка? Мо гэта сон залатога дзяцінства?..

Прыгожа ўлетку ў вёсцы Зяленічах!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У вольны ад працы час Лясніцкі ідзе да перавозніка Саўкі. Той дае яму чорную ад старасці, страшэнна нязграбную лодку, і ён едзе катацца. Ён выганяе лодку на сярэдзіну рэчкі, кладзе вёслы, вальготна адкідаецца на спінку кармы і плыве ўніз, аддаўшыся спакойна-шырокай плыні Дняпра.

Ёсць нейкая невымоўная слодыч у гэткім павольным руху па блакітна-люстраным улонні Дняпра. Асабліва калі пачнецца ўжо лес. Там — куды ні зірнеш — усё агарнуў незвычайнай, цудоўнай красой — ціхай, прыветнай, якая поўніць нутро глыбокім спакоем, якая ўсяго ахінае нейкай празрыстай ціхасцю, аблівае зялёным ласкавым сонцам. Там на круты высокі бераг Дняпра ўзбягаюць беланогай плоймай красуні-бярозкі, каб паглядзецца ў яго чыстае люстра. І такая ў іх любая сціпласць, так бязвінна і ясна кідаюць яны свой адбітак у сінюю глыб, што міжвольна здаецца, нібы яшчэ больш весялее дабрадушны Дняпро, нібы расплываецца ён у ласкавай старчай усмешцы, нібы ўсё навакол пачынае радасна, ціха смяяцца.

І чалавеку таксама хочацца ціха смяяцца, хочацца быць вясёлым і радасным. І ў расчуленым сэрцы з’яўляецца тады вялікая любасць да ўсяе гэтае красы, хочацца тады абняць магутныя грудзі старога Дняпра, абняць усё, што бачыш наўкола, што ззяе чароўным такім хараством.

Аддаўшыся так спакойна шырокай плыні Дняпра, Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. І ў тон агульнаму настрою прыроды ўспаміналася толькі прыгожае, светлае, што прайшло нібы чароўным сном у жыцці, што абярнулася ў казку.

Успаміналіся далёкія гады дзяцінства. Яны так шчыльна зрасліся з Дняпром, што, здаецца, ён на Дняпры толькі і жыў, што, апроч Дняпра, не было больш нічога. Мо таму і палюбіў ён так моцна старога дзядульку, мо таму і знаходзіць у ім такую чароўную ўцеху...

У дзяцінстве добра было. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя аторвы — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Тады было толькі і клопату, што накапаць чарвей, мух налавіць ды знайсці добрае месца, каб ніхто больш туды не затрапіў, каб налавіць больш за іншых. А колькі радасці, шчасця было, калі пасля доўгага чакання, пасля вострай і трывожнай напружнасці заб’ецца, бывала, у руках срабрыстая плотка або растапырыць калючкі свае, як папоўскі сабака, ёрш!

А ўжо ў самае лета хадзілі гурмай угару, за рачулку, што, прыкрыўшыся кусцем, неўзаметку ўбягае ў Дняпро.

Там Дняпро робіць вялікую луку, амаль на вярсту разганяецца ўбок, быццам забыўся, што трэба наведацца ў вёску, і потым, успомніўшы, вяртаецца раптам назад, амаль што на старое месца. На гэтай луцэ берагі густа абраслі лазняком, а сярод лазняку заблыталіся кусты чорнай смуродзіны, распусцілі свае цупкія лапы жавіны. І вось, калі паспявалі ягады, тады пачыналася хлопцам раскоша. Тады яны не вылазілі з зарасляў, рабілі там патаемныя хады — жылі там цэлымі днямі, нявідныя звонку, нібы краты ў сваіх падземных норах. Траплялася часам, што каторы ў захапленні шчубоўкне ў ваду, сарваўшыся з здрадлівае галіны,— але было там ад берага не вельмі глыбока: вылазілі і смяяліся разам з усімі...

А яшчэ Лясніцкаму ўспамінаецца восень. Восень абветрывала берагі, рабіла лазняк пустым і празрыстым, агаляла дасюль схаваныя ў зеляніве карчы. І на той самай луцэ яны, пасучы коней, раскладалі цяпло, плялі з гнуткай лазы сабе кошыкі, рабілі з алешыны піпкі і курылі ў іх сушаны на вогнішчы алехавы ліст. Яшчэ пяклі бульбу, боркаліся і спявалі песні, якія самі ж і выдумлялі.

Але Дняпро быў ужо дзікі тады, непрыветны, заўсёды моршчыўся, дзьмуў на бераг пустым нейкім холадам. Быццам прыкра было яму, што турбуюць яго ў той час, калі ладзіцца ён заснуць, адпачнуць на колькі месяцаў, укрыўшыся цяжкай лядзянай коўдрай. І чулыя хлопцы баяліся тады Дняпра, не падыходзілі блізка к старому. Хто яго ведае, што ён надумаў, што ён хавае там пад цёмна-сівымі глыбокімі зморшчкамі.

Восень дала Лясніцкаму яшчэ адзін незабытны малюнак, адзін чароўны сон, у якім так дзіўна перамяшалася была чорная горкасць з нечаканай і палкай радасцю. Гэта ўжо было пазней, гэта зусім нядаўна было. З таго часу прайшло тры гады. Але і гэтых трох гадоў было досыць, каб выбраць горкасць з чароўнага сну, каб пакінуць толькі ружовае.

Ён тады выпадкова прыехаў быў са школы. Ён не помніць ужо дакладна, як гэта было. Мабыць, некалькі дзён было свята, дык надумаў даведацца ў двор.

Была тады восень чыстая, светлая. Такая восень была, што не сядзелася ў хаце, што хацелася некуды ісці — далёка ісці, у адзін бок, у адзін напрамак. Ён пайшоў тады ў лес, ішоў па беразе Дняпра, дзіваваўся на яго халодна сярдзітую веліч, слухаў, аб чым пяе звонкі вецер, што прылятаў з таго боку, з голых пустых сенажацей.

У лесе, пад разложыстай хвояй, карэнне якой аж даставала да берага і, вырваўшыся з зямлі, недалужна звісала над стромай, ён знайшоў быў Макрыну. Яна сядзела і плакала. Убачыўшы яго, яна схапянулася і хацела ўцячы. Ён ледзьве яе затрымаў.

І вось тады ўзнялося было наповерх усё, што ў абаіх дасюль гадавалася ў сэрцы. Было тады многа гарачых слоў, было многа слёз. А потым былі і пацалункі.

Захліпваючыся слязьмі, яна расказала яму гора сваё.

Бедная! Ёй так не хацелася замуж ісці! Яна не ведала, што ёй рабіць. Усё было ў яе волі — яна магла не пайсці. Але і так не было ўжо жыцця.

Лясніцкі неяк яе суцяшаў, гаварыў нейкае глупства. Бадай што не разумеў ён тады ўсяе глыбіні яе гора. Ён проста любіў яе, яна плакала, і яму да болю было яе шкада. Ён не помніць нават, ці гаварыў ёй замуж ісці, ці не ісці. А мо гаварыў і тое і другое. Але ёй прыемна было, што ён суцяшае, што ён яе ўгаварвае. Потым яна так бязрупатна смяялася, так вясёла блішчала яшчэ мокрымі ад слёз вачмі.

А як ёй радасна стала, калі, заўважыўшы, што яна дрыжыць ад холаду ў сваім бедным адзенні, ён захінуў яе ў полы сваёй вучнёўскай шынелі. Яе, горкую наймітку, якую гаспадар гоніць з хаты!

Любая! Яна нясмела кратала яго бліскучыя гузікі, яна забаўлялася імі, як дзіця новай прыгожай цацкай...

Гэта нядаўна было. Тры гады прайшло з таго часу. Але час ужо выбраў горкасць усю, і ўспамінаецца яно, як салодкі сон, як чароўная казка.

Потым ён паехаў вучыцца, яна выйшла за нялюбага замуж і год з ім жыла, пакуль яго не забралі ў салдаты. І гэты год замужжа паслаў ёй на вусны пячатку — пакутную, горкую ўсмешку.

Эх, успаміны, успаміны! Як яны цудоўна фарбуюць надзеі мінуўшчыны, як ачышчаюць яны гэту мінуўшчыну ад чорнага бруду, ад прыкрага жыццёвага смецця. Якім прыгожым у свеце ўспамінаў здаецца жыццё!..

І як прыемна ім аддавацца, плывучы па глыбока-блакітнай гладзі Дняпра, сярод чыстага бляску зеляніны і сонца, сярод пярэстага звону птушыных спеваў! Як ціха і соладка сціскаецца тады чулае сэрца, як мякка поўняцца грудзі наплывам жывых адчуванняў!

Успаміны звычайна прыводзяць Лясніцкага да сучаснасці. Але яны прыводзяць да яе неяк адной стараной — фарбаванай, квяцістай. Таму і сучаснасць у такія хвіліны здаецца ружовай, таму і не ўсплываюць у свядомасці яе непрыветныя з’явы, нібы забываецца на момант тое цяжкае, няўцямнае, што ёсць заўсёды ў жыцці, што ўлівае ў сэрца тупое знібенне.

Неяк самі сабой, мімаволі ўюцца думкі вакол Макрыны, усплывае вобраз яе, поўны гарачай вабнасці, узнімае ў грудзях добра знаёмае радасна-буянае хваляванне.

Глыбока запаў у нутро першы вечар, які праводзіў ён з ёй пасля прыезду на вёску. Потым ужо злілося ўсё ў адно палкае, тлумна-салодкае адчуванне, якое закрыла сабой усё чыста. А тады, у той незабытны вечар, была дзівосная свежасць і квяцістасць, адчуванні былі шырокія, чыстыя.

У той вечар свяціў на небе чыста вымыты месяц і над Дняпром пелі дзяўчаты. Лес ад месячнага святла быў нейкі настарожаны, чулы. Здавалася, што сочыць ён, прыслухоўваецца. Міжвольна галасы іх рабіліся ціхімі-ціхімі, палахлівымі. Іншае слова дык проста ўгадвалі па руху абеленых месяцам вуснаў.

Пры бледным святле месяца ён разглядаў яе твар, шукаў у ім змен і адзначаў іх пяшчотнымі пацалункамі.

Ён казаў ёй:

— Вось гэтых маленькіх маршчынак на лбу не было ў цябе... Адкуль узяліся яны?

І цалаваў яе лоб, цалаваў маленькія маршчынкі.

— А вочы твае былі яснейшыя. Цяпер яны глыбачэй сталі чамусьці і змрок у іх нейкі з’явіўся...

І цалаваў яе глыбокія чорныя вочы.

І глядзеў на вусны, пазнаваў тую горкую ўсмешку. Цалуючы іх, гаварыў ёй ціхім-ціхім шопатам:

— Ты мая крушынавая радасць...

Яна — светлая — ціха смяялася і пытала:

— Чаму крушынавая?..

І не чакала адказу, а чакала новага пацалунку.

Лес снаваў вакол іх белае чараўніцтва, атуляў іх цудоўнаю казкай. Лясніцкі смехам пужаў яе, паказваў на абрыўкі туману, што дзыбата віхаліся над соннай вадой.

— Глядзі, вунь вылазяць тапельнікі з рэчкі... яны ідуць, каб зацягнуць нас да сябе. Бачыш, вунь Грышка, што летась утапіўся. Вунь ён выцягнуў рукі да нас, вунь набліжаецца ўжо...

Яна зноў светла смяялася.

— Гэта ж туман паўзе над ракой...

І тулілася да яго — не ад страху, а ад кахання...

Такіх вечароў нямнога бывае ў жыцці. Таму і жывуць яны доўга ў сэрцы, каб часам усплысці наповерх душы і кінуць ружовы прамень у будзённую шэрасць жыцця.

А праз дні тры пасля гэтага вечара ў п’янай спякоце квяцістага дня было гарачае, палкае. І з таго часу звініць у галаве салодкі тлум, з таго часу жыццё стала новае, дзіўнае нейкае — не то сонечна-прыгожае, не то бруднае, мутнае, як дажджавая патока.

І калі ўспамінае Лясніцкі пра гэта, калі вырастаюць ва ўяўленні спакуслівыя палкія вобразы,— рвецца адразу лагодны настрой, ахапляе незразумелая рупнасць, патрэбнасць нешта рабіць, некуды рухацца. Тады ён сядае на вёслы і ў напружнай рабоце спрабуе развеяць гэты наплыў неспакойнай энергіі.

Лодка разганяецца, птушкай бяжыць па гладзі Дняпра. Здаецца, усё ажывае наўкола, усё наліваецца нейкай турботай, імклівасцю. Бо сам повен гэтай імклівасці, самому хочацца некуды гнацца, ляцець, хочацца шалёнага руху, шалёнай работы.

Але вось ужо ўплецены ў свежы сасоннік на бераг насунуўся дзікі парк маёнтка Лоўчына.

Вярста. Цяпер трэба назад.

Лясніцкі падплывае к берагу і пачынае памалу, чарапахавым ходам падымацца ўгару.

 

Перад сходам да Лясніцкага ў хату прыйшла Макрына. Яму гэта не спадабалася. Ён ведаў, што матка не любіць Макрыны — за яго не любіць, бо адчувае, што паміж іх нешта ёсць. А матка ў хаце была.

Макрына пастаяла хвілінку ў парозе, перакінулася словам-другім з маткай (тая парадчыла ў печы) і потым падышла да яго. Яна была ў звычайнай сваёй вопратцы — у вышыванай белай сарочцы; яна, як звычайна, была простая, ціхая, як звычайна наіўна міргала сваімі яснымі, як у дзіцяці, вачыма.

— Ты што — чытаеш?.. Я мо перашкоджу табе?

— Не, нічога... сядай.

Ён не ведаў, як з ёй абысціся. Ні разу дасюль не даводзілася яму быць з ёй удваіх пры людзях. Ён адчуваў, што чырванее. А яна села і моўчкі глядзела на яго. Потым узяла, пачала разглядаць яго кніжку. І ён маўчаў. У замяшанні пазіраў скоса то на яе, то на матку.

Нарэшце яна загаварыла аб справе:

— Ты, Васіль, можа б, прыйшоў таксама на сходку. Там, казалі, будуць гаварыць пра салдатак, дык, можа б, сказаў слова якое... Усё-ткі цябе паслухаюць... А ты ж сам ведаеш, якое жыццё ў мяне. Усе ўжо паадсяваліся, а ў мяне і не пачата... Што ж тады есці буду?.. Зноў у найміткі прыйдзецца ісці...

Яна пакрыўджана ўтуліла вочы і змоўкла. Быццам, пажаліўшыся яму, чакала, што ён зараз нешта для яе зробіць, што ён зараз пакарае ўсіх, хто прынёс ёй гэтую вялікую крыўду.

Лясніцкаму шкада стала яе. І разам з тым яму падабалася, што вось у яго абароны шукаюць, што ён на маленькім можа пачаць тую вялікую справу, аб якой марыў, едучы ў двор. Ён аўтарытэтна заспакоіў Макрыну:

— Я буду канечна на сходцы. Я зраблю ўсё, што толькі здолею...

У гэты час выйшла некуды матка, і яны засталіся ўдваіх. Атмасфера адразу змянілася. І дзіўна неяк стала абаім, што вось момант назад гаварылі суха, сур’ёзна, быццам чужыя, а цяпер раптам сядзяць вока на вока і зноў блізкія, зноў, як раней. І невядома, ці цягнуць далей гутарку, ці неяк інакш абысціся.

Лясніцкі зірнуў на яе, шырока, адкрыта ўсміхнуўшыся, і яна яму тож адказала сваёй любай усмешкай. Тады Лясніцкі да яе нахіліўся і пацалаваў яе нібы спадкрадня. І абое звонка зарагаталі.

Выйшла Макрына заспакоеная, пэўная ў тым, што знайшла абарону.

Сходка была каля грамадскага свірна, што стаяў край вёскі на невысокім гладкім узгорку. Як прыйшоў Лясніцкі, ужо сышлося трохі народу. На ганках сядзелі старэйшыя пачэсныя гаспадары, а рэшта размясцілася на бервяне пад сцяной, на падмурку, а хто і проста на голай зямлі. Моладзі бадай што не было — не ў звычаі гэта, каб блазнота хадзіла на сходкі. Збіраліся ўсе барадатыя сталыя сяляне. Але як прыйшоў Лясніцкі, яму, пасунуўшыся, далі месца на ганках. Усё-ткі вучоны, не абы-які хлопец. Ён у міжвольным замяшанні заняў прапанаванае месца.

Пакуль не пачалася сходка, сяляне займаліся сваімі звычайнымі гутаркамі. Лясніцкі заўважыў, што ўсе самі сабой падзяліліся на тры групы: на ганках сядзелі «пачэсныя» — яны вялі зважную гутарку аб надвор’і, аб жытах, аб пасевах; другая група сабралася вакол Рыгора, што самавольна прыбег з вайны і звычайна туляўся, а сягоння чамусьці паказаўся адкрыта,— тыя гаварылі ўпаўголаса, але Лясніцкі ведаў аб чым: аб вайне, аб парадках, аб свабодзе, аб бальшавіках і г. д.; нарэшце, трэцяя група скупілася вакол Аўтуха — маленькага вясковага скамароха, у якога пісклявы голас, рухавая — з падскокам — фігура, кукішам твар і вечна разбарсаная абора. Аўтухова аўдыторыя ўбірала ў сябе найбольш індыферэнтную частку насельніцтва, прапісных вясковых скалазубаў.

Лясніцкі ўважна разглядаў усіх і сам сабе думаў:

«Вось і народ... Вось і тое шырокае поле для працы — для вялікай і труднай працы, аб якой так прыгожа гаварыў Матрунін... Але як пачынаць? Як падысці?.. Вось узяў газеты з сабой, каб пачытаць... а ці будзе хто слухаць, ці трэба яны тут каму?..»

Ён моўчкі сядзеў сярод старых, не мяшаўся ў іхнюю гаворку, і яны таксама яго не чапалі. Нарэшце ад гэтага прыкра зрабілася. Тады ўстаў і падышоў да Аўтуха. Спачатку Аўтуховы жарты толькі дзівілі сваёй недарэчнасцю, а потым пачалі захапляць, пачаў шчыра смяяцца разам з іншымі.

Праз хвіліны дзве пачалася і сходка. Перш чыталі нейкія паперкі з воласці ці з павету. Трудна было вызначыць, ці гэта загады, ці адозвы. Пісалася ў іх пра свабоду, пра абарону айчыны, пра ахвяры на армію, пра выдачу дэзерціраў і г. д. Калі пачалі чытаць пра дэзерціраў, усе з усмешкай абярнуліся да Рыгора. Аўтух падкраўся адзаду і крыкнуў раптам у яго над вухам:

— Дзяржы!

Увесь сход дружна зарагатаў. А як трохі сціхлі, стараста сказаў, развёўшы рукамі:

— Ну і што вось з гэткім зробіш... Ты б хоць, сукін сын, пабаяўся бога ды нас не падводзіў... Сядзеў бы ў запеччы дзе-небудзь... А то — наце вам! — на сходку прыпёрся!..

Сяляне зноў рагаталі. Рыгор нешта крычаў, абарачваючыся ва ўсе бакі. Гэта быў высокі кашчавы мужчына з дробным тварам, аброслым кароткай і цвёрдай, як шчэць, рыжай бародкай. Твар яго быў рэзкі і таму здаваўся непрыгожым. Асабліва псавала яго хваравітая, поўная едкага сарказму ўсмешка. Яна выдавала ў ім злоснага задзіру, які нікому не дасць спуску. Гэта быў такі чалавек, якога добра трэба пазнаць, каб пазбыцца таго непрыемнага ўражання, якое рабіў ён у першай сустрэчы.

Калі трохі ўгамаваўся народ, Рыгор раптам высунуўся наперад і загаварыў высокім крыклівым голасам:

— Дык бярыце, калі хочаце, выдавайце... Прыслужыцеся, дык, можа, заробіце што... можа, зямлі прыбавяць, лесу на хату дадуць... Паспрабуйце... А можа, і ў лёкаі возьмуць да пана на службу... ха-ха...

Потым ён ураз змяніў тон — быццам гэта прадмова была, а цяпер скажа ён самае галоўнае — і закрычаў прарэзлівым, звонкім, як метал, голасам:

— А ты ідзі ды ваюй, калі маеш ахвоту. Ідзі барані «свабоду»... пакармі вошы, пасядзі па шыю ў вадзе, падстаў свой шчыры лоб пад нямецкую кулю... А каму гэта трэба, табе?.. За цябе гэта б’юцца, га? Вунь за каго! Вунь за таго, да каго ты на падзёншчыну ходзіш... а калі не ходзіш, дык пойдзеш... вось паваюем яшчэ з паўгода... Дурань мужык, во што!.. Таму і ездзіць на карку ў яго хто толькі хоча...

Больш не чуваць было, што ён гаварыў. Гулкім выбухам агульнага гоману сцёрся яго тонкі прарэзлівы голас. Загаварылі разам усе, як гэта заўсёды бывае на вясковых сходах. І ніяк няможна было разабраць, аб чым ідзе гутарка. Толькі не было ўжо смеху цяпер — гаварылі ўсе сур’ёзна, заўзята.

Лясніцкі пастараўся разабраць што-небудзь у гэтым бязладным моры людскіх галасоў, злавіць у ім хоць крушыначку яснасці, каб зразумець настрой грамады. Ён прайшоўся праз натоўп і прыслухаўся. Адзін гаварыў пра зямлю, другі пра каня, трэці пра хату, чацвёрты пра пуню і г. д. У кожнага было сваё маленькае, свая дробная нястача, дробнае гора. Але неяк само сабой, арганічна злучалася ўсё гэта дробнае ўместа, і тады было ўжо нешта буйное, важнае, было агульнае вялікае гора і вялікая нястача.

Гэта быў голас народа.

Лясніцкі чуў гэты голас і адчуваў сябе чамусьці маленькім-маленькім. Як дзіцячыя цацкі-піскунчыкі, спрабавалі ўзнімацца аднекуль з глыбі тыя ружовыя мары, тыя смелыя ўзлёты юнацкай фантазіі, з якімі прыехаў на вёску. А іх прыціскаў настойна, бязлітасна гэты голас народу, гэты агульны ўзрушаны гоман.

І расла ўнутры тупая няўцямнасць.

А ў гэты час збянтэжаны стараста стараўся ўціхамірыць народ. Ён нешта крычаў, пептта гаварыў і паўтараў за кожным словам:

— Грамадзяне! Грамадзяне!..

Нарэшце ўдалося яму навесці парадак. Тады павялі далей сходку. Пытанне было аб дапамозе салдаткам. Лясніцкі раптам заўважыў, што ззаду, за мужчынамі, стаіць колькі жанчын і сярод іх Макрына. Чамусьці яму не ўпадабалася, што яна тут.

Стараста абвяшчаў:

— Дык вось, мужчынкі, наконт салдатак, што з імі рабіць... Тут ёсць загад, дый самі мы тож не скаціна, што-якое ды разумеем... зноў жа няможна і каб паздыхалі не еўшы... ваююць жа, кроў праліваюць за айчыну, можна сказаць, за свабоду... (І ён сам засаромеўся свайго няўмыснага красамоўства.) Дык як, старычкі, га?..

Маўчалі. Нехта нясмела і вельмі туманна азваўся:

— Дык што ж? Яно няхай...

А другі пацвердзіў:

— Вядомая рэч!..

Іншыя нібыта і не чулі нічога — цішком вялі паміж сабою сваю прыватную гутарку.

Загаварылі тады самі салдаткі. Яны гаварылі ўсе разам аднатонным, звыклым да пастаяннае скаргі голасам, у якім выразна гучала нотка недавер’я, безнадзейнасці. Быццам гаварылі толькі таму, што звыкліся ўжо гаварыць усюды, дзе толькі можна пажаліцца, дзе будуць слухаць, а тым часам думаюць самі сабе:

«Ат! Дажджэшся ад іх дапамогі. Усё роўна іначай неяк трэба выкручвацца».

Можа, каторая меркавала ў гэту хвіліну, як бы спрытней павярнуцца, як бы ўдала павесці брывёй, каб спазрыцца якому мужчыну — з багацейшых, з кім ёсць рахуба пагуляць ды пацешыцца...

А мужчыны пачалі жартаваць, пасміхвацца. Аўтух, прыспеўшы да ладу, ужо семяніў дробным макам каля жанчын, бязглузда паўтараючы пісклявым сваім галаском:

— Бабы-бабы, бабачкі... Бабы-бабы, бабачкі...

Некаторыя з жанчын пачалі здавацца на смех, агрызацца на жарты мужчын. Але выйшла наперад і загаварыла высокая, худая і даўганосая баба, мужа якой нядаўна забілі на фронце. Усе неяк нібы засаромеліся, як яна пачала гаварыць. Было ў ёй нешта застыглае, нязграбна-трагічнае — у хваравіта-сінім, рэзка акрэсленым твары, у голасе — грубым і працяжлівым, поўным нейкага пагардлівага дакору.

— Як гэта вам не сорамна! А шчэ мужчыны, гаспадары... Які ж тут смех? Ці ж гэта мы вінаваты, што сіратамі асталіся... Пазабіралі, папастралялі, як авечак якіх... Што ж нам цяпер рабіць астаецца, га? Які ж тут смех?.. Каб пасобіць, дык яны шчэ жарцікі строяць... А ў нас дзеткі, можа, хлеба не бачаць, не то што...

Следам за ёй загаварыла Макрына, пачала скардзіцца на сваю долю. Сур’ёзнасць і некаторая трагічнасць моманту надала ёй смеласці, экзальтавала яе. Лясніцкі з прыкрай трывогай прымячаў, што голас яе ўсё больш пачынае дрыжаць, што вочы яе ўсё паўней ды паўней наліваюцца слязьмі.

І раптам яна заплакала. Не па-бабску, не загаласіла, а смешна неяк, не ўмеючы, зарумзала, як дзіцянё.

Лясніцкаму стала не па сабе. Ён чуў, што нешта трэба цяпер сказаць, і хацеў гаварыць, бо страшэнна ўзрушылі яго Макрыніны слёзы. Але баяўся, каб не смяяліся потым, каб не дражніліся, бо ўсё ж трохі ведалі або дагадваліся аб іхняй блізкасці.

І Лясніцкі маўчаў. Успамінаў сваё абяцанне Макрыне, гарэў проста ад сораму, але сіл не хапала выступіць на яе абарону.

І раптам зноў азваўся Рыгор. Лясніцкі пачуў, як ён са злосцю крыкнуў на Макрыну:

— Ціху, дурная! Не румзай...

І потым звярнуўся да сходу, заверашчаў сваім прарэзлівым голасам:

— Вось, усё смешкі ды смешкі... А за што бабы пакутуюць, за што пасірацілі дзяцей! А хай бы цяпер дапамаглі, хай бы прыйшлі вось ды поле засеялі... А? Дык усё каб мужык? Усё на яго карак? Нічога! Мужык дужы, ён панясець, ха-ха!.. А калі мужыку, дык фігу з маслам... На што б яно што, о-го-го!.. У іх зямля, у іх багацце, а ты гаруй, ды ідзі памірай, ды сям’ю без хлеба кідай...

Яго перапыніў стараста:

— Не баламуць! Гавары, калі што да ладу, а не мялі языком...

Рыгор узлаваўся.

— А што, ты думаеш, я мялю языком, дык і па тым?.. Нічога, брат, яшчэ невядома, хто што якое... А вось, грамадзяне! Слухайце, што я скажу... Мужчыны! Вось трэба пасобіць салдаткам... У Макрыны вунь ні ражна не пасеяна... Дык я ёй засею ўсё чыста як след. Толькі хай сход дасць слова, што ніхто мяне не зачэпіць, што ніхто не выкажа... Га? Як, згода? Пайду да Макрыны ў прымы... Як ты, Макрына, згодна ці не?

Макрына смяялася. Лясніцкі кіпеў ад сораму перад ёй ды яшчэ ад нейкага едкага, як шчолак, пачуцця. Стараста не ведаў, як адчапіцца ад Рыгора. У мужчын узнімалася весялосць, але добрая, сяброўская, без жорсткіх кпін, без асміхвання.

Наконт прымаў пусцілі пару дабрадушных жартаў, нехта кіўнуў на Лясніцкага, нехта ўспомніў пра мужа. Потым сур’ёзна пачалі абгаварваць справу і назначылі талаку. Салдаткі, давольныя, зычна смяяліся, каля іх ужо цёрліся спрытнейшыя мужчыны. Макрына нешта ў захапленні гаварыла Рыгору. Твар яе быў асветлены радасцю, у ясных вачах гарэла павага і ўдзячнасць.

Лясніцкі пайшоў са сходу з цёмным настроем, з прыкрым знібеннем у сэрцы. Пайшоў адразу, як скончыўся сход, хаця народ яшчэ аставаўся, яшчэ бавіўся гутаркай, жартамі. Макрына засталася яшчэ. Здалося Лясніцкаму, што яна нават не азірнулася, не заўважыла, што ён пайшоў.

Было гэта ў нядзелю, і таму Лясніцкі не ведаў, як далей змарнаваць час. У хату ісці не хацелася, не хацелася сустракацца з людзьмі. Трэба было пабыць аднаму, каб упарадкаваць трохі свае думкі і пачуцці. Ён пайшоў к Дняпру і там лёг пад шырокі алехавы куст, утаропіў погляд у ціхую глыб блакітнага неба.

Па небе лёгка плылі беленькія пярэстыя балачынкі. Ад іх спрытнага лёту мякка круцілася ў галаве, здавалася, што ляціш некуды сам або гоўтаешся на нявідных, лёгкіх, як вецер, арэлях, нячутна, як цень, носішся ў празрыстым паветры.

І вось найшла тады на Лясніцкага цудоўная ціхасць, апала абурэнне, нібы адляцела некуды ўсё, што было там на сходцы, нібы ён сам адляцеў на лёгкіх нячутных арэлях ад усяго гэтага тлуму, пакінуў недзе далёка-далёка — цьмяным туманам — усё, што ўстае непаразуменнем цяжкім перад свядомасцю.

Але было так толькі хвіліну. Потым разам усё паплыло, агарнула — увесь сорам нядаўні, усё хваляванне — і абярнулася ў агнявую пякучую крыўду. Крыўда сціснула грудзі, аж зацяло дыханне, а к горлу балючым комам падступілі слёзы. Тады лёг ніц, уткнуўся ў траву і заплакаў.

А чаго заплакаў — і сам бадай што добра не ведаў. От здалося, што ён такі няздатны, нязграбны ў жыцці, што не можа да яго прыстасавацца, што не можа рабіць так, як хоча, як імкнецца рабіць, што ад усіх ён нібы адарваўся, што адзін ён зусім на ўсім свеце, не любяць яго.

Лясніцкі ў той час пачынаў толькі як след сваё жыццё. А ў пачатку жыцця, ой, многа бывае такіх пякучых затоеных слёз. У іх выліваецца патаемны рост душэўных эмоцый, у іх чалавек расцвітае. Потым смешна бывае і сорамна нават, а ў той час гэтыя мінуты бываюць поўныя сапраўднага — свежага і прыгожага трагізму.

Выплакаўшыся, Лясніцкі зноў утаропіўся ў неба і пачаў думаць чыстай, асвяжэўшай ад слёз галавой.

Усплыла на думкі Макрына. Як-то яна, ці пакрыўдзілася? Можа, яна ўжо яго і за чалавека не лічыць? Чужыя, староннія заступіліся... Рыгор гэты. А ён і слова не вымавіў. Ён толькі ўзяць ад яе слодыч, уцеху, а больш — нашто яна яму... Хай памірае з голаду...

О, яна цяпер ведае, хто ён такі, што за птушка!

І шчымела сэрца ў Лясніцкага ад непамернага сораму, ад пякучае скрухі і жалю. Захацелася ўбачыць Макрыну, пагаварыць з ёй. Не апраўдацца, бо гэта ж недарэчна... А хоць бы ўзнаць, як яна цяпер да яго, што яна думае.

Ён рашуча падняўся і пайшоў на вёску шукаць Макрыну. Але, перш чым знайсці яе, ён наткнуўся на групу маладых і старых сялян, якія сабраліся каля Лявонавай хаты. У цэнтры гэтае групы сядзеў бязногі Аксента і гаварыў нешта — напэўна, апавядаў пра свае баявыя прыгоды. А збоку кінуўся ў вочы Лясніцкаму рэзкі твар дэзерціра Рыгора, пакрыўлены звычайнай яго едкай усмешкай.

Лясніцкі рашыў падысці, паслухаць. Рыгор, як убачыў яго, чамусьці пасунуўся і даў яму каля сябе месца на прызбе. Лясніцкі з непрыемнасцю заняў гэта месца.

— Вучышся ўсё, га?

— Не ўжо, кончыў...

— Кончыў? Дык цяпер ужо будзеш станавіцца на службу?

— Не, думаю дома пакуль што астацца на гаспадарцы...

Рыгор дрэнна, прыкра так засмяяўся.

— А што, выгадней цяпер, мусіць, на гаспадарцы?

— Не ў тым, а... проста мне так падабаецца...

І ўспомнілася Лясніцкаму, што калісьці Ніна яму такое самае запытанне давала. Тая наўмысля, каб падражніцца, ён добра ведае. А ў гэтага зайздрасць, не іначай. Непрыемны ён чалавек!

А Рыгор зноў пытаецца:

— Казалі, газетку выпісваеш? Каб так калі зайсці пачытаць...

— Заходзь. Выпісваю...

— А якую?..

Лясніцкі назваў.

— Нішто газетка. У нас, на фронце, дык бальшавікі добрыя выпускалі газеткі. Там як прапішуць — ого!.. Так прабяруць, так прабяруць... І памешчыкаў, і буржуяў, і паноў... Любата!..

Нехта нецярпліва яго перабіў:

— Кінь ты ўжо бальшавікоў сваіх... Носіцца з імі, як дурань з торбай... Знайшоў па сабе басатву.

Рыгору толькі гэтага і трэба было. З усім сваім злосным задзёрам ён накінуўся на таго небараку:

— Вот ты лепшы, ты разумнейшы... Ты ўсё растлумачыш, як, што і дзе. Як гэта цябе дасюль у міністры не ўзялі?.. Эх ты, дурань набіты... Ці знаеш ты сам, што плявузгаеш... Заўчыў, што малпа: басатва, басатва, а ў толк не бярэш... Ну, скажы вось, разумнік, хто за тое, каб зямлю сялянам аддаць, га? Ай табе не трэба зямлі, сваёй досыць, ха-ха!.. Ну што, Керанскі дасць табе, га?

Той ужо не рад быў, што і зачапіўся.

— Ат! Буду я ламаць галаву, хто ды за што...

— Дык паламай... калі галава няспрытная...

Сяляне спачувальна зарагаталі. Лясніцкі ладзіўся быў сказаць сваю думку, але пабаяўся, каб не зацягнулася спрэчка, хацеў скарэй пайсці да Макрыны. Адыходзячы, ён звярнуўся да Рыгора:

— Дык заходзь калі, пачытаеш газету.

— Добра, зайду.

І сказаў гэтыя словы Рыгор з нейкай нахабнай пагрозай, нібы сэнс іх быў такі:

«Ведаю, што не хочаш, каб прыйшоў, што для прылікі толькі запрашаеш. Але вось наўмысля прыйду, вось каб табе сагразіць...»

Лясніцкаму крыўдна стала. Ён запрашаў шчыра, без усякае захаванае думкі.

На вуліцы Макрыны не відаць было, і ён рашыў зайсціся да яе ў хату. Жыла яна адна (муж быў аддзяліўшыся ад бацькоў) у мізэрнай хацёнцы ў завулку. Таму Лясніцкі смела пайшоў да яе — спадзяваўся, што ніхто не заўважыць. Хіба толькі ў яе хто будзе сядзець.

Макрына была ў хаце адна. Яна здзівілася, убачыўшы Лясніцкага.

— А бач! Во хто гэта прыйшоў! А я думала — хто там такі?..

Яна стаяла над расчыненай скрыняй. На лаве было раскладзена рознае плацце.

— Ты што — скрыню парадчыш? Замуж, можа, рыхтуешся?..

— За каго? За цябе?..

— Чаму? Знойдуцца лепшыя...

— За цябе дык пайшла б...

І яна хітравата ўсміхнулася.

— Ды не. Проста часінку выбрала, каб навесці парадак. Ну, сядай у мяне... рэдкі госць...

Ён сеў на лаву. Яна пачала парадчыць у скрыні. У акно зазірнула чырвонае з захаду сонца, лягло мякка-дрыготнымі плямамі на абрус. Сонца на абрусе — на белым, васьмінітовым — зацяпліла ў хаце прытульнасць сямейную, а ў сэрца Лясніцкаму ўліло хвалю пяшчоты.

— Макрына! Ты на мяне злуешся, што я сягоння на сходзе нічога не сказаў?

— Ды не. Усё роўна ж добра ўсё абышлося... Рыгор — во, маладзец... Добры ён чалавек. Каб не ён, дык, можа б, нічога і не выйшла. Пацукі гэтыя — ім хоць бы што...

— Я не гаварыў затым, каб не смяяліся потым. Сказалі б, што вось бароніць, заступаецца, бо... ну, ты сама ведаеш...

— Ат, глупства... Кіньма аб гэтым...

Яна замармытала нейкую песню. Чырвоны прамень скаўзануўся ў яе па плячу і асвяціў частку шчакі. Шчака зрабілася ружовай, і празрыстай, і аксамітнай, як абрыкос.

— Макрына! Ты прыйдзеш сягоння... туды?..

— Во... А чаму ж не?

Яна так проста і шчыра здзівілася. Лясніцкі пачуў да яе вялікую любасць і ўдзячнасць. Ён падышоў да яе, але не кратаў: стаў і моўчкі глядзеў, любаваўся. Яна прытулілася да яго, ускінула сваімі чыстымі вачмі.

— Ну, пацалуй!..

Ішоў Лясніцкі ад Макрыны зусім заспакоены. Было ўнутры поўна здаволення, радасці.

І недзе глыбока-глыбока, употайку, было трошачкі расчаравання.

 

Прайшло пасля таго тыдні са два. Плыло ў сонечнай яснасці цёплае лета, рассыпала шчодра навокал пышнае спелае хараство. Прырода ззяла багаццем і здабыткам. Зямля нібы раставала, растаплялася ў душна-салодкай млосці; гэтая млосць пераходзіла на людзей, на жывёлу, спавівала ўсіх чыста мяккай пялёнкай бяссілля. Ішлі нязменна адзін за адным бліскучыя дні, поўныя густога вязкага ваду.

Гэтыя дні дзіўна адпавядалі перажыванням Лясніцкага — проста зліваліся з тым агнявым і палкім, у чым гарэла яго ўсхваляваная істота. Дні і ночы мяшаліся ў сонечным, ясным, забывалася ўсё, што навокал,— была адна нейкая тлумная дрэма, было гарачае салодкае трызненне.

Знаў Лясніцкі, што гэта — хворае, ненатуральнае. Наўмысля сам сябе распаляў, наўмысля ўвесь акунаўся ў мора вострых, агнявых адчуванняў, каб захлынуцца ў іх, каб жыць толькі ў іх, толькі імі. Бо цяжкім гнётам душыла няўцямнасць, жыццё насядала чорнай камлыгай — не было прасвету, не было разумення.

І пачынаў думаць Лясніцкі, што гэта шчасце. І часамі дзівіўся такой прастаце, такой абычайнасці. Успамінаў свае парыванні, мары свае нязбытныя і ўсміхаўся з горкай іроніяй.

— Дзіцячае гэта ўсё, несур’ёзнае...

І стараўся не думаць аб гэтым зусім, стараўся думаць аб адным — аб маленькай, адданай яму Макрыне, аб яе шчырых гарачых ласках.

Але прайшлі гэтыя два тыдні. І вось пачуў раптам Лясніцкі, што проці яго волі пачынае развейвацца салодкі тлум, што ўсё часцей ды часцей расплываецца хваляй густой па істоце адчуванне тупой пярэсыці, што прыгледзелася ўжо, стала абыклым тое, што раней распаляла магутным агнём, што абурала дзіка-прыгожым захапленнем.

Стала тады страшна чамусьці. Страшна стала за сябе, за Макрыну, страшна стала за свой спакой, за тое, што ён называў быў шчасцем. З трывогай пачаў ён сачыць за сабой, за кожным рухам свайго пачуцця, стараўся вярнуць ранейшае, штучна распаліць ранейшы агонь. Ад гэтага яшчэ мацней расла тупая пярэсыць, яшчэ хутчэй халаджала нутро.

Лясніцкі пачаў тады шукаць адзіноты. Калі меў час ад працы, ён ішоў у лес, забіраўся ў самыя нетры і хадзіў-хадзіў без канца, аж пакуль не пачынала круціцца галава, пакуль не нахадзіла глухое, як дрэва, бяздум’е. Было нешта хваравітае, ліхаманкавае ў гэтай хадзьбе. Быццам хацеў уцячы Лясніцкі ад некага, хацеў заблытаць свае сляды. Здаралася, што неўзаметку для самога сябе ён заходзіў у такое балота, адкуль нават цяжка было і выбрацца. І тады хадзіў, блудзіў, шукаючы выйсця, давольны, што знайшоў забаўку, што знайшоў, на што накіраваць назоллівыя думкі.

Аднойчы (было гэта зноў у нядзелю) зайшоў ён быў у сасоннік, што мяжуецца з паркам маёнтка Лоўчына. Там стаяла мяккая цішыня, насычаная цёплым смаляным араматам. Здавалася, што маладыя хвойкі замерлі ў нейкім урачыстым маленні, баяцца парушыць цішу нават ледзь чутным шолахам, баяцца ступіць на мяккі і пышны маховы дыван. Стаяць — прыгожыя, сціплыя,— застыглі ў святой нерухомасці.

Лясніцкі несвядома адчуў гэту ціхую ўрачыстасць. Ён міжвольна прыпыніў ход, асцярожна, паціху ступаў па пышным дыване, здрыгаўся, калі трэскала пад нагой сухая галінка. Веяла тут, у гэтым сасонніку, у гэтай цёплай сонечнай цішыні, у напружаным паху свежай смалы нейкай жудасцю — дзіўнай і недарэчнай сярод поўнага бляску гарачага летняга дня.

І раптам Лясніцкі ўбачыў дзяўчыну. Ён адразу пазнаў яе. Ён часта бачыў, як пралятала яна праз вёску на сваім шыбкім, як віхор, інаходцы. Гэта была паненка Раіса — дачка памешчыка Янава.

Дзяўчына яго не заўважыла. Яна была ў гэты час цалкам захоплена сур’ёзным заняткам — прышпіляла да грудзей нейкую блакітную кветку, якую, відаць, толькі што тут знайшла. У яе нічога не выходзіла, бо перашкаджаў кошык з грыбамі, які яна не дагадвалася чамусьці паставіць на дол — упарта трымала пад пахай.

Лясніцкі і раней, калі сустракаў паненку, мімаволі дзівіўся яе незвычайнай прыгожасці. Але цяпер, у гэтых дзіўных абставінах, у гэтым урачыстым наўкольным харастве, яна здалася яму нейкай чароўнай феяй, цудоўнай багіняй гэтага хараства. Ён стаяў моўчкі і любаваўся.

Тым часам фея прышпіліла кветку і зрабіла рух, каб пайсці, але, мабыць, таго толькі і чакаў кошык з грыбамі. Ён моўчкі выслізнуў з-пад пахі, і грыбы веерам рассыпаліся вакол яе ног. Яна інстынктыўна азірнулася наўкола і ўбачыла Лясніцкага. На твары ў яе разам адбіўся спалох, здзіўленне, сорам і злосць.

А Лясніцкі ўпарта глядзеў на яе і дабрадушна ўсміхаўся. Ён заўважыў, як яна закусіла губу, каб схаваць сваё замяшанне, напусціла на твар пагардліва-гнеўную міну.

— Чаго глядзіцё? Збірайце грыбы!..

Яна гаварыла прыемным, смелым і звонкім кантральта. Відаць, прывыкла, каб яе ўсе слухалі, выконвалі яе кожны капрыз. Стаяла і задорна глядзела на яго, звёўшы свае прыгожыя бровы, чакала, ці скора ён паслухае яе. А Лясніцкі ўсё глядзеў ды ўсміхаўся.

— Чуеце? Збярыце мне грыбы!..

Ён адказаў ёй наўмысля расцягнута, роўна, націскаючы на кожнае слова:

— Я чую, бо не глухі... Але збіраць грыбы не буду... Не хачу...

— Грубіян!

Тады загарэлася ў ім шалёная гарэзасць. Захацелася зрабіць нешта нечакана-смелае, каб здзівіць яе, збянтэжыць. І вось ён пайшоў да яе шырокімі, мернымі крокамі, падышоў і, з усмешкай гледзячы ёй проста ў вочы, наступіў нагой на рассыпаныя грыбы.

Яна адступіла на паўкрока. На твары яе ў першы момант выразна бліснуў спалох, але зараз жа змяніўся на злосць. Шырока раскрытыя зеленавата-блакітныя вочы бліснулі рэзкім агнём. Яна крута завярнулася і пайшла.

— Кошык вазьміце! — крыкнуў Лясніцкі.

Яна і не азірнулася — пайшла шпаркім узрушаным крокам — зграбная і прыгожая, як маладая сасонка. Лясніцкі праводзіў яе вачмі, аж пакуль не мільгнула апошні раз у зеляніне дрэў яе павеўна-белая сукенка, падпяразаная празрыстым ружовым шалікам.

Лясніцкі стаяў, ашаломлены гэтай кароткай, нечаканай сустрэчай. Яшчэ фізічна адчувалася яе прысутнасць, быццам пакінула яна тут свой нявідны цень. Мо гэта таму так здавалася, што яшчэ не растаў быў прыемны арамат яе парфумы, яшчэ не разбавіўся ў застойным моры смалянога паветра.

Потым Лясніцкі давольна ўсміхнуўся і сагнуўся, каб падняць кошык. І раптам ён загрымеў на ўвесь лес шалёным рогатам... Сярод грыбоў, набраных паненкай, было палавіна валуёў, мыш'якоў, мухамораў і іншых неядомых экземпляраў. Лясніцкаму шкода стала, што ён раней гэтага не заўважыў. Ён бы пасмяяўся пры ёй, пры паненцы, ён бы яшчэ горш збянтэжыў яе.

Забраўшы кошык, Лясніцкі пайшоў дахаты. Было весела, усю дарогу ён высвістваў нейкую задзёрыстую песеньку. Ён быў рад, што так абышоўся з паненкай, ён быў зусім давольны сабой. Хацелася толькі яшчэ падвесці нейкі сталы грунт пад гэту мімавольную сварку, знайсці ёй нейкае апраўданне. Гэта было нятрудна зрабіць. У яго быцці было два выпадкі, калі ён быў пакрыўджаны ў яе прысутнасці і нават пры яе ўдзеле. І вось ён цяпер памсціўся. Яна, вядома, не помніць тых выпадкаў, яна зусім і не знае яго. Дзе яна запомніць нейкага сялянскага хлапчука, які прамігнуў калісь перад вачмі яе — шэры, непрыметны, як адно з незлічоных дрэў у гэтым вялікім лесе.

Але затое Лясніцкі добра помніць гэтыя выпадкі. Яны здарыліся тады, калі яму было яшчэ гадоў дзесяць ці мо адзінаццаць. Першы раз ён сустрэў яе з гувернанткай у лесе. З імі былі два вялікія страшныя сабакі. Калі ён праходзіў міма, гэтыя сабакі кінуліся былі на яго, гатовыя яго разарваць. І вось, калі ён, абамлелы ад страху, адмахваўся ад іх тоненькім сваім кіёчкам, яна сярдзіта крычала (голас і тады ў яе быў такі звонкі, задорны):

— Хлопчык! Не бі Трэзора!.. Хлопчык, кінь палку... Чуеш?..

І другі раз ён таксама сустрэў яе ў лесе. Яна была тады з старэйшым братам — брат той вучыўся ў кадэцкім корпусе. Лясніцкі збіраў у лесе суніцы, а гэта не дазвалялася. І вось калі кадэт ад нуды злавіў быў яго і адабраў ягады, яна скакала на адным месцы, пляскала ў ладкі і смяялася звонкім, вясёлым смехам. Ён тады трымаўся пры ёй, нават не прасіўся. А плакаў пасля ўжо, як адышоўся з гоні, як ішоў панура дамоў без суніц і... без шапкі.

Пры ўспаміне аб шапцы Лясніцкі міжвольна ўсміхнуўся і паглядзеў на кошык. І прыемна стала, што кошык тут, што астаўся ў яго. Ён не ведаў яшчэ, што будзе рабіць з гэтым кошыкам, але знаў, што кошык дасць магчымасць яшчэ раз убачыцца з ёй. І яшчэ раз ён здолее з ёй падражніцца, пазліць яе трохі.

Аб сваёй сустрэчы з паненкай Лясніцкі ў той жа вечар, смеючыся, расказаў Макрыне. Макрына, аднак, і не ўсміхнулася — выслухала яго з спакойнай сур’ёзнасцю. Нават нейкае здзіўленне праслізнула ў яе ціхіх вачах. Быццам хацела сказаць:

— Што ж тут ёсць смешнага?..

А як кончыў Лясніцкі расказваць, Макрына задуменна спытала яго:

— Слухай, Васілёк... Ці будуць гэта цяпер паны, ці не?..

— Як гэта — ці будуць?..

— Ну цяпер жа свабода нейкая...

Лясніцкі пачаў ёй тлумачыць, што гэта невядома, што ўсё гэта вырашыць устаноўчы сейм, што цяпер трэба думаць аб тым, каб разбіць праклятага немца, што правы цяпер роўныя ўсім — як панам, так і мужыкам і г. д. Гаварыў ён шпарка, спяшаючыся, абы каб сказаць... Знаў, што ўсё роўна не зразумее яго Макрына. А яна слухала і нешта думала сваё, глыбокае, глядзела некуды ў прасцяг, не міргаючы, шырока раскрытымі ціхімі вачмі. Як памянуў Лясніцкі пра немцаў, яна спакойна зазначыла:

— У маёнтку палонныя немцы работалі. Такія добрыя мужчыны... Прыгожыя... ветлыя...

Лясніцкі перапыніў яе:

— Ты, Макрына, не разумееш, у чым справа... Мала што добрыя, ветлыя... Тут дзяржаўныя меркаванні... Не можам мы паддацца Нямеччыне, бо мы тады эканамічна загінем... А свабоды тады не застанецца і следу... Задушаць свабоду...

— Хто яго ведае...

І зноў яна нешта сваё, глыбокае, думала, хацела дайсці да нечага сваім нямудрым бабскім розумам. А праз колькі хвілін зноў яго запытала:

— Васілёк! Ці любіш ты паноў?

Ён усміхнуўся.

— Як гэта — ці люблю? Гледзячы каго... Вось, напрыклад, паненку люблю, бо яна прыгожая...

Макрына быццам і не заўважыла яго жарту.

— А я дык дужа не люблю паноў, баюся іх... Яны смяюцца, здзекваюцца над простым народам... Быццам яны нейкія асаблівыя, не такія людзі, як усе... Я б, здаецца, ні за што не пакахала пана, хоць бы які быў прыгожы... А нашы ж бабы дык некаторыя ў Карлу пазакахаліся... Казалі, што Тэкля-салдатка хадзіла да яго ў пакой нанач, сама набілася... А яму што — баба хоць куды, такую пашукаць трэба...

І Макрына неяк наіўна, па-дзіцячаму засмяялася. Смешна ёй стала, што бабы Карлу кахаюць, нанач да яго самі ідуць...

А цяпер Лясніцкі ўжо не зразумеў яе смеху. Ён здаўся яму зусім недарэчным. Найшла з чаго смяяцца!..

І яшчэ не падабалася Лясніцкаму, што Макрына зусім не зважае на яго словы пра паненку. Мабыць, наўмысля, каб віду не даць, каб паказаць, што гэта зусім яе не цікавіць...

Лясніцкаму захацелася яшчэ раз павесці гутарку на гэту тэму, і ён загаварыў пра кошык.

— Што мне рабіць з ім... Хоця не хоця, а прыйдзецца неяк ёй перадаць. Што ж, трэба будзе ўбачыць яе, нічога не зробіш...

А Макрына ўжо клапацілася разам з ім.

— Можа, табе, Васілёк, дужа не хочацца, дык я магу перадаць... Я часамі хаджу ў маёнтак.

— Ты тут ні пры чым.

Лясніцкі ўсур’ёз пачынаў злавацца. Макрына пачула гэта сваім жаночым інстынктам. Яна абвіла яго рукамі, шчыльна да яго прытулілася, зазірнула ў твар яму светлымі адданымі вачмі...

— Васілёк! Чаго ты сярдзіты? Не злуйся, Васілёк... Ну, пацалуй мяне, любы...

Ён пацалаваў яе з нейкай нервовай паспешнасцю. Ён сам не мог вызначыць, ці прыемна, ці непрыемна яму ад гэтых пацалункаў. Сам не знаў, ці гэта спяшаецца ён, каб больш атрымаць здавальнення, ці каб скарэй адвязацца, здаволіць яе.

Быў такі двоісты нейкі настрой.

 

Два дні пасля таго не выходзіла з галавы ў Лясніцкага паненка Раіса. Два дні ён ламаў галаву, думаў усё, як цяпер абысціся, што зрабіць з гэтым няшчасным кошыкам. І нарэшце надумаўся.

На трэці дзень апаўдні ён узяў у перавозніка лодку і паплыў уніз па Дняпры. Ён з напружанай энергіяй працаваў вёсламі, і лодка неслася, як птушка, смела пераганяючы быструю плынь. Не прайшло і паўгадзіны, як засінеў на левым беразе густы і цёмны лоўчынскі парк.

Лясніцкі прыстаў к берагу. Ён ледзь выбраў сярод павіслага над вадой лазовага вецця мясцінку, дзе б можна было паставіць лодку, прымкнуў яе і праз пераблытаны гушчар палез на гару. Тут лазняк быў шчытна пераплецены косамі хмелю, жавін і воўчых ягад, прыходзілася ірваць рукамі гэтую глухую заслону, каб праз яе прабрацца. Ды яшчэ не даваў як след разгарнуцца пракляты кошык. Таму Лясніцкі зусім затаміўся, пакуль выбраўся з берага.

З боку Дняпра парк не быў абгароджаны. Выбраўшыся з зараслі, Лясніцкі адразу апынуўся ў пачатку роўнай шырокай алеі, якая другім канцом сваім выходзіла на дзядзінец, поплеч з белым панскім домам. Алею шчытна сціскалі з бакоў два рады таўшчэзных стогадовых ліп, якія сваімі хмурымі постацямі стваралі ўражанне нечага змрочнага, векавога. Такое ўражанне робяць старадаўнія, счарнелыя ад часу партрэты, развешаныя ў строгім парадку дзе-небудзь у пыльнай закінутай залі.

Парк быў страшэнна запушчаны. Толькі на гэтай алеі прыметны былі сляды сякога-такога дагляду. А ўжо за радамі ліп адразу пачыналася дзікая, непраходная гушчэча.

Лясніцкі заўважыў на некалькі крокаў у бок ад алеі старую напаўразбураную альтанку. Калісь яна была абвіта жывой зелянінай дзікага вінаграду, бо і цяпер яшчэ па баках недалужна звісала жоўтае сухое галлё, а ў іншых мясцінах нейкім дзівам яшчэ прычапілася пара-другая зялёных свежых лістоў.

Лясніцкі накіраваўся ў гэту альтанку і сеў там на струхлелую паламаную лаўку. Ён наўмысля выбраў такую пазіцыю, каб было добра відаць яго ад алеі. Потым ён выняў з кішэні кніжку і стаў чытаць.

Колькі хвілін Лясніцкі і папраўдзе чытаў, нават разумеў прачытанае. Але хутка адарваліся думкі ад кнігі, залуналі ў іншым напрамку, завіліся вакол другога прадмета. Перш-наперш ён цвяроза і крытычна зірнуў на самога сябе, на свой учынак і схапянуўся, гатовы кінуцца на бераг і паплысці назад, пакуль не позна. І сапраўды: забраўся ў чужы парк, у чужую альтанку, ніхто яго тут не ведае, убачаць — могуць падумаць немаведама што... Могуць прагнаць як злодзея. Яшчэ сабакамі зацкуюць...

Але тут жа з’яўлялася ў Лясніцкага нейкая ўпартая рашучасць, нейкая дзіўная ўпэўненасць, што ўсё кончыцца добра. Чамусьці ён быў перакананы, што ён тут сустрэне паненку, што сустрэне яе адну і, такім парадкам, будзе мець магчымасць вольна з ёй пагутарыць. І, як надзіва, яго разрахункі спраўдзіліся. Прайшло хвілін 40 (прайшлі яны ў вострым нервовым хваляванні), і ў канцы алеі паказалася знаёмая постаць у белай сукенцы, у ружовым шаліку. Яна ішла шпаркай, зграбнай хадою, энергічна, але нешырока махаючы правай рукой. У левай у яе відаць была кніжка, якую яна трымала, прыціснуўшы да грудзей.

Лясніцкаму нешта заняло дыханне, сэрца пачало балюча млосна зрывацца. Але гэта было адзін толькі момант. Потым зноў зацяплілася ўнутры ранейшая гарэзасць, стала лёгка і прыемна. Ён утупіў вочы ў кніжку і пачаў чакаць.

Хутка пачуліся яе лёгкія крокі. Потым яны спыніліся. Значыцца — заўважыла. Ён яшчэ глыбей утупіўся ў кніжку — нібы нічога не чуў і не бачыў, нібы суздром захапіўся чытаннем. Прайшло так з паўхвіліны. І тады пачуўся яе сярдзіты, раздражнёны голас:

— Вы што тут робіце?

Лясніцкі спакойна зірнуў на яе, прывітаўся (яна гэтага быццам і не заўважыла) і адказаў з наўмыснай безуважнасцю:

— Чытаю брашуру «Манархія ці рэспубліка», але нецікавая... А вы што?

Яна, відаць, гэтага не чакала. З момант яна не ведала, як адказаць. Потым сказала з яскрава падкрэсленым сарказмам:

— Было б куды больш арыгінальна, каб вы для гэтае мэты прыйшлі ў наш дом, калі там нікога няма...

— Дзякую... Я лепш уважаю цяністы халадок гэтага здзічэлага саду. Я першы раз у гэтым цудоўным куточку і, шчыра скажу вам, шкадую, што не знаў яго раней... А вам падабаецца тут?..

Яна азірнула яго мнагазначным упартым поглядам, які нібы гаварыў:

— Ён яшчэ разгаварвае... а?..

І сказала з смешнай дзяцінай пагрозай:

— Слухайце. Я пайду зараз і скажу тату: ён загадае вас вывесці адсюль.

Лясніцкі ўсміхнуўся.

— Гэта будзе зусім лішні клопат. Пакуль вы дойдзеце да хаты, я ўжо буду пасярод Дняпра, бо ў кустах стаіць мая лодка. Але скажыце: няўжо вам так нясцерпна мая прысутнасць? Калі гэта так, дык я і без таты магу пазбавіць вас ад яе... Я прынёс вам кошык, які вы выпадкова згубілі ў лесе... Вазьміце яго!

Ён устаў, рыхтуючыся пайсці. Апошнія словы яго неяк самі сабой сказаліся шчырым, нават крыху ўзрушаным голасам, у якім празвінела міжвольная нотка крыўды.

Яна спыніла яго:

— Я не ганю вас, можаце аставацца... А кошык вазьміце сабе на ўспамін аб нашай сустрэчы і... аб вашай грубасці...

Яна завярнулася і зрабіла некалькі крокаў у бок дома, але зараз жа спынілася і праказала ўжо інакшым — лагодным, нават трохі жартлівым тонам:

— Вы маё месца занялі... Я заўсёды чытаю ў гэтай альтанцы.

Ён зрабіў рух, каб уступіць ёй альтанку. Яна зноў спыніла яго:

— Не-не... Можаце не турбавацца — я не праганю вас...

Хвілінку яна нібы змагалася з сабой і потым сказала тонам вымушанай уступкі:

— Ну што ж... Я пасяджу разам з вамі... Нічога не зробіш — не гнаць жа вас, калі вам так страшэнна тут падабаецца... Яшчэ заплачаце.

У дзвярах альтанкі яна на момант спынілася.

— А грубіяніць больш не будзеце? Так? Абяцаеце?..

— Я магу быць і далікатным, калі мяне добра папросяць.

— Прасіце зараз жа прабачэння! Чуеце? Наце, цалуйце...

Ён з радасным захапленнем пацалаваў яе маленькую ручку.

— Не буду больш... добра...

— Цяпер скажыце, хто вы такі, як вы сюды забраліся і дзе вы навучыліся вашай незвычайнай далікатнасці.

Лясніцкі пачаў весела, жартліва рэкамендавацца. Ён быў повен цяпер дзівоснай узнятасці, ён быў надзіва спрытны на словы, перасыпаў свае апавяданні ўдалымі жартамі. Праз пяць хвілін Раіса Андрэеўна качалася ад смеху, весела, гулліва блішчала сваімі прамяністымі, зеленаватымі вачмі. А Лясніцкі ўсё больш і больш расплываўся ў пачуцці салодка-шчымлівага захаплення. Ён не зводзіў вачэй з сваёй суседкі, упіваўся яе свежым яскравым хараством. Яму проста не верылася, што гэта ён сядзіць. размаўляе з красуняй-паненкай; яна яму здавалася нейкай асаблівай, недасяжнай. І дзіўна: чым больш ён з ёю гаварыў, чым бліжэй яны адзін з адным знаёміліся, тым больш узмацнялася ў ім гэта пачуццё. Ён адчуваў яшчэ на вуснах мяккае прыткненне яе рукі, ён глядзеў на гэту маленькую руку — кволую, як белая лілея,— і не верыў, што цалаваў яе,— здавалася гэта такім вялікім, немагчымым шчасцем.

Прайшло з гадзіну, а можа, і больш — Лясніцкаму прамігнуў гэты час адной вясёлкава-яснай хвілінай. І раптам ён заўважыў, што Раіса збялела і неяк вінавата замятушылася, быццам хацела знікнуць, стаць непрыметнай. Інстынктыўна ён азірнуўся і ўбачыў, што па алеі да іх сунецца высокая фігура мужчыны. Лясніцкі пазнаў гэтага чалавека і міжвольна сам здрыгануўся. Нешта было ў гэтым чалавеку цяжкае і жорсткае, што раджала ва ўсіх, хто з ім сустракаўся, незразумелую жудасць.

Гэта быў славуты «Карла» — Карл Іванавіч Шэмпель, брат нябожчыцы пані — маткі Раісы Андрэеўны. Лясніцкі бачыў яго і раней, але толькі здалёку. З прагнай цікавасцю ён пачаў цяпер яго разглядаць.

Карл Іванавіч быў надзвычайна прыгожы мужчына гадоў пад сорак. Ён меў буйную, дужую і разам з тым зграбную фігуру, твар яго, амаль што абсалютна правільны, быў працяты глыбокай і цвёрдай мужнасцю, а далёка запалыя вочы іскрыліся чорным агнём — глядзелі пільна і ўедліва.

Калі ж зусім блізка ўбачыў яго Лясніцкі, дык заўважыў у твары яго нешта такое, што ў першы момант зніштожыла ўсякае ўражанне хараства. Ён заўважыў, што на прыгожых рысах яго твару расплылася нейкая павучыная сінь, нейкае шызае адценне хворасці. Было гэта трохі падобна на той сінявы налёт, які часамі бывае на маладых баравіках. І гэты налёт у яго быў на ўсім твары: былі сінявыя вусны, прабівалася сінь на шчоках, на носе, нават у вачах было нешта сінява-шызае.

І яшчэ кінуўся ў вочы лоб Карла Іванавіча. Ён быў густа пакрыты глыбокімі зморшчкамі, якія стваралі ўражанне, быццам у яго страшэнна баліць галава.

Карл Іванавіч сунуўся па алеі роўна, павольна, як нейкая здань. Параўнаўшыся з альтанкай, ён марудна, быццам нехаця, павярнуў галаву і правёў па ёй цягучым змораным поглядам. Можна было падумаць, што ён і не ўбачыў нікога, што проста зірнуў у прасцяг пустымі, углыблёнымі ў нутро вачмі. Але Лясніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Гэта страшэнна здзівіла Лясніцкага, стала перад ім вострай загадкай.

Тым часам Карл Іванавіч дайшоў да канца алеі і завярнуў па сцежцы ўбок, у зараслі здзічэлага парку. Раіса Андрэеўна ўстала, затурбавалася.

— Ну, ідзіце ўжо. Я пайду дахаты... Бывайце!

Яна была нейкая дзіўная. Яна цяпер быццам не прымячала зусім Лясніцкага — нешта трывожнае ўпарта займала цяпер яе думкі. Развітваючыся, Лясніцкі хацеў пацалаваць ёй у руку — яна вырвала, паглядзела на яго з сярдзітым здзіўленнем.

— Бывайце!

Яму стала сорамна. Ён нічога больш не сказаў, пайшоў моўчкі да берага. Умомант згінуў яго радасна-ўзняты настрой, асела на сэрца нешта цяжкае, даўкае. Плывучы назад, ён з злоснай напружанасцю працаваў вёсламі і з усіх сіл стараўся адагнаць цяжарныя думкі, якія назоллівым роем лезлі ў мазгі. Хацеў і паненку Раісу выкінуць з думак, але нічога не выходзіла. Яна стаяла ўваччу, як жывая, і поўніла сэрца нейкім трывожна-шчымлівым пачуццём. Было чамусьці сумна да слёз і трохі крыўдна.

 

Надыходзіў час сенакосу. Перад сялянамі вёскі Зяленічы ўставала пільная і турботная задача — даставаць сенажаці. Сваёй сенажаці вёска не мела, з даўніх пор купляла то ў памешчыка, то ў суседніх сялян. Усе апошнія гады зяленіцкія сяляне касілі панскую луку, якая была каля самае вёскі. Прыходзілася, праўда, даражэй трохі плаціць, але затое — тут, каля блізу: і прывезці бліжэй, і лепш упільнуеш.

Сёлета таксама ладзіліся браць у памешчыка. Ужо меркавалі аб грошах, хацелі пасылаць сваіх выбарных да пана, каб трохі збавіць цану, ужо раскладалі прыблізна, як падзяліць сенажаць між вяскоўцамі. І вось у гэты гарачы час раптам пайшла, разышлася па вёсцы дзіўная прачутка, якая ўскаланула свядомасць сялян, абвастрыла іх пачуцці і ўнесла карэнную змену ў справу з сенажацямі.

Пачалося гэта з бязногага Аксенты. Ён нешта ездзіў у горад (дахадзіў усё сабе пенсіі) і, прыехаўшы адтуль, расказаў такую гісторыю. У горадзе, у заезным двары, сустрэў ён старога п’янчужку, які раней служыў у чыноўніках, а цяпер за капейкі пісаў «прашэнні» і заўсёды ўпарта шукаў якога-небудзь спосабу выпіць. Гэты п’янчужка пісаў і Аксенту заяву, дзеля чаго яны дасталі былі трохі ханжы і разам выпілі. І вось тады п’янчужка яму расказаў, што калісьці, гадоў мо пяцьдзесят таму назад, у губернскім судзе разбіралася справа памешчыка Янава з сялянамі вёскі Зяленічы, на якой памешчык Янаў адсудзіў у сялян трыццаць дзесяцін сенакосу, што знаходзіўся на луцэ, якую робіць Дняпро каля вёскі Зяленічы. І яшчэ расказаў стары п’янчужка, што справа гэта была цёмная, што тут нейкі быў зроблены фокус з планамі і што недзе, у нейкай «управе», пашукаўшы, можна знайсці сапраўдны старадаўні план, па якім выходзіць, што лука належыць да сялянскай зямлі, а не да панскай.

Сяляне, выслухаўшы апавяданне Аксенты, з глыбокай скрухай уздыхнулі і ў сумнай роспачы паківалі галовамі. Старыя засведчылі, што-ткі і сапраўды калісьці лука да вёскі належала, а потым быў суд, цягнуўся ён доўга-доўга, мо гадоў з дваццаць, і, нарэшце, пан адсудзіў. А як там было, якія там «планты» былі, гэтага яны ўжо не помняць — старыя ўжо сталі, многа чаго пазабываліся.

Вось паўздыхалі трохі мужчыны дый кінулі гэтую гутарку. Толькі яшчэ буркнуў нехта пад нос сабе з дрэнна схаванай прагнасцю:

— О, каб гэта лука... Ого-го!.. Нашто б яно і што!..

А на другі дзень з самага ранку да Аксенты прыбег адзін малады гаспадар і, сказаўшы для прыліку пару слоў аб надвор’і, завёў гутарку аб луцэ, аб учарашнім Аксентавым апавяданні. Не трудна было заўважыць, што селянін гэты правёў усю ноч у бяссонні — такі быў у яго змардаваны выгляд. Разважанні яго звяліся да наступнага:

— Раз калісьці сяляне карысталіся гэтай лукой, значыць, тут нешта не так. Ніколі пан свайго не перапусціць, ніколі не памыліцца. Тут дзела яснае: сяляне касілі луку па праву. Пан пазайздросціў на добры, зыскоўны кавалак зямлі, нешта там змахляваў і адсудзіў яго.

Аксента важна выслухаў селяніна і з відам тонкага знаўцы гэтае справы зазначыў:

— Я ж то і кажу... Не мог чалавек ні з таго ні з сяго набрахаць. Пэўна, ёсць нейкая тут закаключка...

Яны пагаманілі яшчэ колькі хвілін, і селянін пайшоў, цвёрда перакананы ў справядлівасці сваіх падазрэнняў і давольны сваёй спрытнасцю ў такіх мудроных разважаннях.

Не паспеў ён выйсці, як да Аксенты з’явіўся другі селянін, трохі старэйшы, але не менш дасціпны за першага. І ў яго на твары выразна сінелі сляды бяссоннай ночы, і ён загаварыў аб сенажаці. Яго разважанні былі такія:

— Не можа быць, каб панская зямля аказалася нейкім адарваным кавалкам сярод сялянскай. Гэта ж не менш як з вярсту ад лукі пачынаецца панская зямля, а тут навокал наша, вясковая. Значыць, дзела тут яснае: пан пагаліўся на добры кавалак зямлі і адсудзіў яго нейкім жульніцтвам...

Аксента ўжо смялей намякнуў на свае аўтарытэтныя веды ў гэтай мудронай справе:

— Дык а як жа!.. Ці ж я б гэта стаў так проста малоць языком, каб не меў аргументу... Я, брат, тонка разумею гэту палітыку.

Трэці селянін (сляды бяссоннай ночы, загаварыў адразу аб луцэ і г. д.) ніяк не мог уразумець, як гэта цэлае «вобчаства» не мае зусім сенакосу.

— У падліпаўцаў ёсць, у парэчанцаў ёсць, у Крыніцах — цэлыя абшары, у Падгерцах — як вокам скінуць... Не, тут нешта не так — цёмнае дзела. Не іначай лука да вёскі па праву належала, пакуль хітры пан не ўцяўся ды не адсудзіў. Дзіва — такі ласы кавалак...

З гэтым Аксента пайшоў яшчэ далей. Ён з хвіліну глядзеў на селяніна дапытлівым вокам, быццам вагаўся: ці сказаць яму, ці не сказаць. І потым выпаліў, мнагазначна нахіліўшыся да селяніна:

— Лука — наша. Гэта, брат, як дважды два... Каго ўжо каго, а мяне не паддурыш... я ўсе франты прайшоў ды жывым вярнуўся, хоць без нагі...

Селянін радасна падхапіў:

— Вот жа і я тое... А то — ліха ведае... плоціш, плоціш чорту лысаму, а за што, за якую трасцу, каб хто спытаўся...

Той дзень Лясніцкага не было дома: ён ездзіў на места. А дзеля таго, што з ім папрасілася пад’ехаць Макрына, вярнуўся ён, як ужо добра сцямнела. Пад'язджаючы да хаты, ён пачуў, што адтуль глуха вылятае густы мужчынскі гоман. У яскрава асветленых вокнах (звычайна ўлетку цяпла ў хаце зусім не палілі) боўталіся калматымі карчамі сілуэты мужыцкіх галоў. Відаць, у хаце была цэлая сходка.

Лясніцкі ўзвёў каня на двор і, поўны вострай цікавасці, увайшоў у хату. Адразу ён бадай што нічога не мог разглядзець — так густа было накурана ў хаце. Яго спачатку тож не заўважылі — былі захоплены ўсе нейкай гарачай спрэчкай, у якой часта мільгалі словы «лука», «сенажаць».

— Ага! Сенажаць купляць збіраюцца...

Лясніцкі гукнуў брата і паслаў распрагаць каня, а сам падышоў бліжэй да стала. Яго заўважылі — сціхлі неяк скомчана, раптам. Нехта пасунуўся, даў яму месца на лаве, каля стала.

— Аб чым, дзядзькі, гамоніце?

Нехта безнадзейна крактануў, нехта выкінуў недаверліва і глуха:

— Ат!.. Глупства гэта адно...

А дзед Лявон панура сагнуў галаву, задуменна паляпаў па стале пальцамі і пачаў:

— Бачыш, Васіль, ты ж, казаў той, чалавек пісьменны, навуку прайшоў там усякую... Зноў жа, законы ведаеш, артыкулы... Тут вось якая гамонка...

І дзед пачаў апавядаць пра справу з лукой, пра дзіўную, нечаканую чутку. Усе моўчкі слухалі. Дзе-хто рабіў папраўкі, але ціхенька, для сябе. Толькі разы са два голасна і аўтарытэтна паправіў апавядальніка Аксента — паправіў у нейкай драбніцы, мабыць, выключна для таго, каб даць зразумець, што ён тут ёсць першакрыніца гэтай гісторыі. А як кончыў стары гаварыць, усе дапытліва зірнулі на Лясніцкага, чакалі яго слова.

Лясніцкі абвёў поглядам прысутных. З усіх бакоў напружана ўтаропіліся ў яго барадатыя твары, у вачах у кожнага гарэла трывожнае чаканне — нясмелая надзея мяшалася з чорнай апаскай. Лясніцкі адразу зразумеў, што ад яго чакаюць станоўчага адказу, чакаюць, каб ён, які нібыта ведае ўсе «артыкулы», пацвердзіў іхняе права, падтрымаў іхнюю ўпэўненасць у справядлівасці прывезенай Аксентам весткі. І разумеў Лясніцкі, што, калі не зробіць ён таго, чаго ад яго чакаюць, будзе агульнае нездаволенне, будуць на яго ўсе чыста злавацца. Але, з другога боку, ён бачыў, што ўся гэта гісторыя пабудавана на вельмі нямоцным грунце, што толькі наіўнасць сялянскай думкі ды шчэ нервовая распаленасць пачуццяў маглі надаць столькі сур’ёзнасці гэтай выпадковай неправеранай чутцы.

І Лясніцкі рашыў шчыра перасцерагчы сялян ад залішняга захаплення, накіраваць іх на шлях цвярозых і грунтоўных разважанняў. Ужо раскрыўшы рот, каб пачаць гаварыць, Лясніцкі раптам убачыў вострыя, як голкі, вочы Рыгора, якога ён дасюль чамусьці не заўважыў. Рыгор, як і іншыя, дапытліва глядзеў на яго, але ў яго вачах Лясніцкі заўважыў яшчэ едкі аганёк недавер'я, гатоўнасць спрачацца, лаяцца, калі Лясніцкі скажа не так, як ён думае.

«Што ж, паспрачаемся»,— падумаў Лясніцкі.

— Вось што, дзядзькі,— звярнуўся ён да сялян,— я згодзен з тым, што гэта гісторыя, можа, і справядлівая, можа, так і было, як вы кажаце. Але ж тут ёсць яшчэ і фармальны бок... Каб гэта ўзналі раней, каб быў час разабрацца ў гэтым, раскапаць што трэба, пашукаць тых дакументаў — тады была б іншая справа. А цяпер — што ж... Праз тыдзень-другі сенакос, пан самохаць лукі не аддасць — аб гэтым няма чаго і гаварыць. А без суда такую справу не вырашыць... Прыйдзецца чакаць да налецця, а сёлета так-сяк даставаць за грошы...

Яго словы, як ён і чакаў, зрабілі на сялян цяжкае ўражанне. Хвілінку ўсе халодна, напята маўчалі — кожны чакаў, каб пачаў нехта другі. Потым загаварыў Аксента. Загаварыў ён нейкім пакрыўджна-настойлівым і разам з тым падкрэслена аўтарытэтным тонам:

— А што мы на фронце біліся ды калекамі засталіся, дык гэта так сабе? А свабоду хто адваяваў, га?.. Суд... Мала што суд! У акопы дык без суда пасылалі, а цяпер — суд!.. Думаў ты гэта...

І ён няўцямна развёў рукамі перад сялянамі. Тыя пакрылі яго словы здаволеным гудам. Як ні дзіўна, а гэтыя наіўныя, дзіцячыя аргументы Аксенты зрабілі на сялян уражанне куды большае, чымся цвярозыя разважанні Лясніцкага. Кожны гатоў быў разам з Аксентам няўцямна развесці рукамі, кожны гатоў быў разам з ім шчыра здзівіцца:

— Як жа так? Як жа можна? Ваявалі, здабывалі свабоду, а тут — суд!..

Аўтарытэт Лясніцкага пахіснуўся адразу. Калі ён хацеў сказаць яшчэ нешта, каб растлумачыць сваю думку, яго ўраз перапынілі, паднялі ўсе разам страшэнны гвалт — кожны спяшаўся з ім паспрачацца. У гэтым агульным узрушаным гомане Лясніцкі, аднак, здолеў адрозніць металічна-рэзкі голас Рыгора. Ён чуў толькі абрыўкі яго злосна-крыклівых сказаў, і таму здавалася, што Рыгор гаворыць нешта вар’яцкі-недарэчнае, дзікае.

— Ваявалі... свабода... буржуі... зямля... бальшавікі... здраднікі... Керанскі.

Лясніцкі з нервовай напружанасцю лавіў Рыгоравы словы, стараўся знайсці іх сэнс. Яму здавалася, што ў тых словах ёсць нешта нядобрае ў адносінах да яго; ён інстынктыўна чуў, што Рыгор супроць яго чамусьці абуран. Яму было ад гэтага непрыемна і крыўдна.

Трохі ўгамаваўшыся, сяляне пачалі стала абгаварваць, як што рабіць, з чаго пачынаць, якія ўжываць спосабы, каб ткі дасягнуць справядлівасці, каб адваяваць сваю законную сенажаць. Сышліся ўсе на тым, каб перш-наперш схадзіў хто да пана: можа, той самахоць аддасць ім луку, можа, у ім прачнецца ўсё-ткі сумленне.

Выбралі ісці Аксенту, Лявона і Лясніцкага. Лясніцкага папрасілі неяк глуха, няўпэўнена:

— Хоць ты і па-свойму гаворыш, не згодзен з намі, старымі... Але б добра, каб ты схадзіў... пагаварыць, ці што... усё граматны чалавек не тое, што цёмны...

Лясніцкі згадзіўся. Нават давольны быў, што сяляне ўсё-ткі яму давяраюць, пасылаюць сваім прадстаўніком.

А ўнутры ўжо сам сабой, міма свядомасці, выплываў вобраз паненкі Раісы, ветла ўсміхнуўся яскравым сваім хараством.

«Можа, убачу як-небудзь...»

Сяляне разышліся здаволеныя, поўныя ружовых надзей. Лясніцкі выйшаў за імі на вуліцу і сеў на прызбе, каб прасвяжыцца трохі ад хатняй духаты. Але і на дварэ было мала чым халадней. Укрытая шчытнымі хмарамі, ноч проста млела ў густой цеплыні. Нават ціхенькі ветрык, што патыхаў часамі аднекуль з палёў, і той не даваў прахалоды — быў ён нібы нагрэты і парны.

«Надвор’е зменіцца»,— падумаў Лясніцкі.

Ляпнулі дзверы. На вуліцу выйшаў бацька. Ціхенька падышоў, намацаў сабе месца і сеў поплеч з ім на прызбе. Ён у белай сарочцы, у белых штанах. Ён сядзіць нерухома, а ў цемры здаецца, што шэрая пляма яго сарочкі няўпынна віхаецца, быццам ён то адхінецца, то зноў прысунецца бліжэй.

Бацька перш моўчкі пачухаўся, потым пачаў гаварыць. Ён гаварыў ласкава — ціхім грудным голасам. Такім голасам могуць гаварыць толькі бацькі з сваімі дзецьмі, і голас гэты заўсёды ўціхамірыць, заўсёды навее лагодны, трошачкі смутны настрой.

— Хто іх разбярэць — можа, так, можа, гэтак. Казалі старыя, што даўней сялянам належала гэта лука. Даўно ўжо я чуў пра гэта... Яшчэ так казалі, што нібы ў нашай вёсцы было многа дваровай чэлядзі. Як была аб’яўлена воля, дык і яны ўзялі ў нашым вобчастве сабе надзелы. А потым кінулі, пайшлі зноў да пана служыць... Можа, гэта праз іх і адсудзіў быў пан гэту луку... Хто іх ведае... Калі паслухаеш вось так сваіх, дык яно і выходзіць, як на паперы — наша, значыць, лука... Але раз няма дакументаў, дык што ж ты зробіш... Без дакументаў, брат, не ступіць... Такі ўжо час цяпер...

Лясніцкі слухаў бацьку і не мог вызначыць — ці той угаварвае яго, ці стараецца апраўдаць. Адно было ясна, што бацька — з імі, з сялянамі, што ён цалкам падзяляе іх наіўную ўпэўненасць, што ён разглядае сынавы словы як памылку, якую, аднак, даруе яму па яго маладосці. Але Лясніцкага не раздражняў такі погляд бацькі. Спакойная, хоць і прымітыўная, бацькава мудрасць і яго тактычны падход, наадварот, заспакойвалі яго, згладжвалі вострасць разыходжання. Адно толькі было непрыемна Лясніцкаму, што вось не можа ён шчыра выказаць бацьку свае думкі, сумненні, што каб і захацеў гэта зрабіць, дык не знайшлося б слоў такіх, не зразумелі б адзін аднаго. І вось выходзіць, што сын на бацьку глядзіць з нейкай паблажкай, даруе яму яго міжвольную памылку, а бацька якраз таксама глядзіць на сына. Сын гэта бачыць, разумее, можа, і бацька адчувае сэрцам — напэўна адчувае, а ні той, ні другі не скажа. Слоў патрэбных не знойдзецца.

І хоча сын хоць што-небудзь сказаць, каб было бацьку прыемна, каб пачуў ён сынаву блізкасць. Ні з таго ні з сяго ён заяўляе:

— Я, татка, буду старацца, буду рабіць усё, што змагу, каб адваяваць гэту сенажаць...

Бацьку не падабаецца, што сын так рэзка выкрыў яго тактыку. Ён стараецца захаваць сваю дзіўную дыпламатыю.

— Ды я не пра тое... Я ж кажу, што — хто іх тут разбярэ. Можа, так справядліва, а можа, так справядліва... Закону няма, значыць — каюк...

А сын слухае ды моўчкі ўсміхаецца. Ды думае сам сабе:

«Які ён добры і чулы! Колькі ў ім сырога землянога розуму, колькі гэтай сялянскай мудрасці. А вось маўчыць заўсёды. Тыя крычаць, высцігаюцца, а ён моўчкі нешта сам сабе думае... А разумней мо за кожнага з тых... Забітасць такая, ціхасць. Вось і мяне прывучыў быць такім сарамлівым, баяцца людзей... Нядобра так, пашкодзіць гэта ў жыцці...»

На вёсцы запелі пеўні, пачалі сваю спрадвечную пераклічку. Бацька адразу ўсхапіўся.

— Спаць, спаць, сынок, пеўні ўжо запелі.

І Лясніцкі раптам пачуў, што вочы ў яго зліпаюцца — страшэнна хочацца спаць. Ён ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў як забіты.

 

Было хмарна, але дажджу не было. Дзень быў мяккі і цьмяны — нейкі мякінавы дзень. У такім надвор’і плавае звычайна ціхая задуменнасць, атуляе чалавека, дзе б ён ні быў — ці ў лесе, ці ў полі, ці ў падарожжы,— пачуццём ціхамірнай дамоўнасці. У такое надвор’е не бывае ў чалавека размаху ўдалеч, у прастор, не бывае шырокай імклівасці. Быццам прырода надзявае цьмяную вуаль, каб не вабіць, не захапляць чалавека сваімі яснотамі. І чалавек неяк набліжаецца сам да сябе, сам да сябе прыглядаецца, сам сябе сузірае ў маўклівай ціхасці. І яшчэ ў такія цьмяныя дні чалавек добра прымячае другога чалавека, нібы бачыць яго адзін на адзін у сваёй хаце, і лёгка збліжаецца з ім, лёгка знаходзіць мову таварыства.

Як ішлі выбарныя ад сялян вёскі Зяленічы ў маёнтак Лоўчын (лесам ішлі — ціхім, сціпла прытоеным), дык гутарка ў іх была прасякнута сяброўскай мяккасцю, згодай. Чула адзін аднаго разумелі, далікатна спачувалі адзін аднаму. Крывы Аксента, як зазвычай, апавядае пра свае ваенныя прыгоды, а Лясніцкі з дзядзькам Лявонам яму ахвотна падтаквалі, шчыра дзівіліся яго спрытнасці і шчасцю. Такая — на хаду—ціхамірная гутарка неяк падбадрывала, узнімала настрой. Нават Лясніцкі і той пачынаў верыць, што сапраўды можа выйсці нейкі толк з гэтае іхняе справы.

На паўдарозе да Лоўчына яны раптам пачулі глухі перабор конскага тупату. Праз хвіліну наперадзе паказаліся два коннікі, якія галопам несліся насустрэчу.

Яны праскачылі, як птушкі. Але часу досыць было, каб сэрца Лясніцкага зайшлося ў раптоўным наплыве агнёвага хвалявання: яшчэ здалёк ён пазнаў у першым конніку паненку Раісу. Яна здалася яму нейкай казачнай прынцэсай — яна была сапраўды надзвычайна прыгожай. Распаленая шыбкай яздой, яна ззяла здаровай чырванню, у вачах у яе гарэў агонь гордай імклівасці, агонь маладога дзявоцкага задору. Яна стройна і смела трымалася ў мужчынскім сядле, злёгку адкінуўшы назад галаву, быццам аддаўшыся ўсёй істотай сваёй буянай радасці шпаркага лёту, быццам аддаўшыся з смелай рашучасцю жорсткім абнімкам сустрэчнага ветру.

Лясніцкі з момант стаяў аслупянелы. Ён ледзь ахамянуўся, каб прывітацца, ледзь паспеў нейкім нязграбным паспешным рухам зняць сваю шапку. Яна адказала зусім непрыметным кіўком галавы, не азірнулася, не ўсміхнулася, праляцела недасяжная, як чароўная здань, як дзіўны соп.

А за ёй чорным ценем прамігнуў Карла. Ён на ўсім скаку неяк дзіўна, страшна нагінаўся разам з канём да самай зямлі і паднімаў з долу рассыпаныя Раісай шпількі. Лявон з Аксентам айкалі ад здзіўлення і страху за смелага конніка, а Лясніцкі дрыжаў ад злосці і зайздрасці. Ён цяпер ненавідзеў гэтага сіняга хмурнага Карлу, ненавідзеў за тое, што ён такі спрытны, што ён мае магчымасць і ўмее прыгожа так ёй услужыць, што ён мае магчымасць заўсёды быць разам з ёй. Ён зусім у гэты момант забыўся на тое, што Карла — родны дзядзька Раісы. Ён цяпер бачыў чамусьці ў ім шчаслівага свайго супраціўніка.

Коннікі зніклі з вачэй, Лявон яшчэ трохі паайкаў, і яны пайшлі далей. Ступілі колькі крокаў, і Аксента раптам схапянуўся:

— Пастойце! Дык чаго ж мы папромся? Карла ж усім там кіруе ў маёнтку.

Пастаялі трохі, падумалі. Лявон разважыў, што трэба ісці.

— Раз пайшлі, дык пайшлі... А можа, з старым панам скарэй што ўладзім, можа, без яго ён, без Карлы... Гэта ж — выжыга, скнара...

— Праўда! — згадзіўся Аксента.

І яны пайшлі.

У маёнтку ім давялося чакаць хвілін дваццаць, пакуль выйшаў да іх стары пан. Нарэшце ён паказаўся ў дзвярах сваіх белых пакояў — хударлявы, лёгенькі, з сівенькай бародкай, з рухавым пенснэ на тонкім — у свежай чырвані — носе. Ён не стаў нават гаварыць з сялянамі, адразу занекаў, з адчайнай катэгарычнасцю замахаў сваімі маленькімі ручкамі.

— Не-не-не... Не-не-не... Я, стары, у гэтыя справы не мяшаюся... З Карлам Іванавічам, з Карлам Іванавічам... О-то-то, з Карлам Іванавічам... гэта з ім, так-так... А я, галубочкі, нічога не ведаю... Не-не-не... Гэта ўжо вы з Карлам Іванавічам... з ім... так-так... Ён зараз прыедзе, вы пачакайце, так-так...

І ён неяк раптам знік у дзвярах, быццам уцёк, схаваўся. Сяляне пастаялі, пачухалі патыліцы.

— Што будзем рабіць?

Лясніцкі рашуча быў за тое, каб пачакаць.

— Не будзем жа па некалькі раз хадзіць... Ды казаў жа, што зараз прыедуць...

Пастанавілі чакаць. Адышліся ад ганка, падышлі да сцяны нейкай пуні. Лявон з Аксентам селі на зямлю, а Лясніцкі астаўся стаяць, прыхінуўся толькі плячмі да сцяны. Ён ужо не слухаў цяпер, што гаварылі сябры, ён не мог цяпер слухаць, не мог разумець нічагуткі. У яго ўяўленні стаяў жывы вобраз Раісы — надзіва выразны, нібы ён зараз бачыў яе перад сабою. І шчымлівай трывогай поўніла сэрца ўпартая думка:

«Яна зараз прыедзе. Яна будзе тут праязджаць, мо пройдзе блізка зусім. Ці заўважыць, ці паглядзіць, ці скажа слова якое?..»

І ў яго распаленым уяўленні рысаваліся розныя карціны іхняй сустрэчы, складаліся цэлыя дыялогі, поўныя ўдалых зваротаў, поўныя глыбокай значнасці. А далей мары разгортваліся шырокімі — у яскравых нязбытных фарбах — палотнамі. Ён ужо быў спрытным, смелым ездаком, ён рабіў перад ёй розныя фокусы, якіх і Карла не ўмее рабіць, яна захаплялася ім, усміхалася яму такой чароўнай даверлівай усмешкай, ад якой гарэла агнёвай радасцю сэрца...

— ...дык мы замацуем яе ўжо назаўсёды... Як ты, Васіль?..

— Што?

— Калі згадзіцца Карла... Дык трэба ўжо нейкую форму завесці, каб, значыцца, назаўсёды... каб зноў не адабраў... Га?..

Лясніцкі няшчыра згадзіўся:

— Так, вядома. Як жа іначай...

Словы старога пана спраўдзіліся. Неўзабаве пачуўся тупат, з цёмных ліпавых прысад, што вядуць ад шляху ў маёнтак, паказаліся знаёмыя коннікі. Яны праскакалі галопам цераз дзядзінец і спыніліся недалёчка ад сялян. Тыя высунуліся наперад, каб заўважыў Карла, каб не чакаць яшчэ потым. Лясніцкі ўпяў гарачы погляд у паненку, з ліхаманкавым хваляваннем сачыў за кожным яе рухам.

Карла памог ёй злезці з каня. Яна з любай даверлівасцю абаперлася аб яго плячо, саскочыла лёгка, спрытна, як козачка.

І прайшла міма Лясніцкага, нават не зірнуўшы ў той бок, дзе ён стаяў, папраўляючы на хаду сцёртую яздою сукенку.

Карла заўважыў сялян, спыніўся.

— Вы да мяне?..

І нават не абярнуўся як след да іх, стаў неяк у паўзварота — сярдзіты, нахмураны...

Лявон паспешна здзеў шапку, пакланіўся нізенька-нізенька.

— Дзень добры, паночку! Да вашай міласці...

І таўхае пад бок Лясніцкага.

— Васіль, гавары... ну...

Лясніцкі зрабіў паўкрока наперад і пачаў гаварыць. Гаварыў ён смела, вольна, быццам не прасіў, а тлумачыў проста цікавую нейкую штуку. Ён знаў, што сябрам, асабліва Лявону, гэта не ўпадабаецца, што па іх трэба прасіць, угаварваць, лашчыць панскае самалюбства. І калі ўспамінаў пра гэта, калі адчуваў, што Лявон ужо злуецца, ужо гатоў перапыніць яго, дык наўмысля гаварыў яшчэ смялей, нават сярдзіта — хай сабе, думаў, злуюцца, хай потым лаюцца: досыць знявагі, цяпер усе роўныя...

Карла выслухаў да канца ў той самай постаці — нерухомы, насуплены. Толькі зморшчкі на ілбе то распускаліся, то зноў збіраліся густа-густа, як глыбокая ралля. Як кончыў Лясніцкі, ён абярнуўся да яго, правёў па ім сваімі маруднымі вачмі. Лясніцкаму ўдалося блізка зусім зазірнуць у гэтыя вочы, і ён міжвольна задзівіўся іхняму халоднаму хараству. Гэта была аксамітная чорная сталь, нібы патануўшая ў сваёй уласнай бяздоннай глыбіні. І ледзь прыметны шызы налёт не змяншаў хараства гэтых вачэй — ён ахінаў толькі іх летуценнаю мяккасцю. Дзіўнае злучэнне чорнай сталі і гэтай нечаканай мяккасці надавала вачам хмурага Карлы нейкую незвычайную вабнасць. Цяпер зразумеў Лясніцкі, чаму пазакахаліся ў Карлу вясковыя бабы, чаму набіваюцца самі да яго начаваць.

Карла загаварыў нізкім, круглым і трохі сіпаватым голасам. Слова ад слова ён адлучаў невялічкай, ледзь прыметнай паўзай.

— Вы, здаецца, інтэлігентны чалавек, а гаворыце відочнае глупства... Вы страшэнна мяне насмяшылі (а тым часам на твары ані следу ўсмешкі)... Вы хочаце, каб я аддаў кавалак зямлі толькі затым, што недзе нехта пусціў на вецер ні на чым не ўзгрунтаваную чутку... Вы разумееце, як гэта недарэчна і смешна.

Ён нарыхтаваўся ісці. Тады не вытрымаў ужо стары Лявон.

— Паночку! Дык нам жа не змога ўжо. Кожны ж год плоцім гэткія грошы...

— Я тут ні пры чым... Скажыце там сялянам, каб паспяшаліся з грашмі, бо да мяне купцы ўжо прыходзяць, я прадам каму-небудзь другому...

І пайшоў к сабе ў пакоі.

— Паночку! — справіўся крыкнуць яшчэ Лявон. Але той не звярнуў увагі.

Дзед Лявон моўчкі пачаў надзяваць шапку. На валасатым твары яго неяк смешна перамяшалася злосць з тупым неўразуменнем. Гледзячы некуды ў пусты прасцяг, ён прагаварыў ціхім голасам, здушаным злосцю, адчаем, дакорам, крыўдай — цэлаю плоймай раптам ахапіўшых яго пачуццяў:

— Трэба было прасіць... прасіць трэба было...

Лясніцкі зразумеў, што гэта ў яго бок закід, хацеў быў ужо спрачацца, але Аксента яго папярэдзіў:

— Што ты ўпросіш у гэткае сцервы... Толькі сябе зняважыш...

Лявон згадзіўся. Ён сказаў быў, відаць, толькі затым, каб на кім-небудзь спагнаць сваю злосць. Потым, ідучы дамоў, ён ужо лаяў праклятага Карлу. Лаяў ён са смакам — сур’ёзна, станоўка, лаяў без перапынку, адно за адным навязваючы ў бесканцовы ланцуг самыя адборныя, самыя жорсткія словы. Лясніцкі з Аксентам слухалі-слухалі, трывалі-трывалі, але-ткі не ўцерпелі — зарагаталі ва ўвесь лес. І сам дзед Лявон міжвольна ўсміхнуўся.

На вёсцы з нецярплівасцю чакалі «дэлегатаў». І толькі ўбачылі — адразу ўцямілі, па выразу твараў дазналіся, што справа дрэнь. Але прымусілі расказаць усё да каліва, як што было, як прыняў пан, як гаварылі і г. д. Потым усе ўзяліся лаяць паноў, і лаялі не горш за Лявона. А тады нехта ўспомніў пра воласць. За гэта ўхапіліся.

— У воласць! Гайда ў воласць! Можа, там разбяруць...

Лясніцкі знаў, што ў воласці будзе тое самае, што і ў пана. Але не хацеў уразацца ў агульны дружны настрой, не хацеў парываць тае блізкасці, якая ўжо завязалася ў яго з сялянамі. Ён нават запрог свайго каня, і яны ўтрох паехалі зараз жа ў воласць.

Да воласці было вёрст сем. Яны прыехалі туды гадзіне а першай. З гадзіну прыйшлося чакаць, бо ўсе валасныя былі на мітынгу. Яны таксама зайшлі ў школу і паслухалі, як нейкі плюгавы ў фрэнчы тлумачыў, якая розніца паміж манархіяй і рэспублікай і што такое ўстаноўчы сойм. Кончыўшы гаварыць, ён чамусьці звярнуўся да прысутных з прапановай, каб хто-небудзь паўтарыў тое, што ён расказаў. Спачатку ўсе маўчалі, але потым нехта нясмела азваўся:

— А ці скора кончыцца вайна?..

Плюгавы зазначыў, што гэта «не по существу», але адказаў, што трэба змагацца з ворагам, трэба падтрымліваць армію, што на фронце цяпер ідзе наступленне і набліжаецца час перамогі.

Тады яшчэ спытаўся Аксента — проста так, відаць, для забавы:

— А як вот каторыя інваліды вайны прыйшлі без ног ці без рук... Ці будзе якое спасобсцвіе?..

Плюгавы адказаў, што будзе. Яшчэ нешта гаварыў, але Аксента ўжо не слухаў.

Пасля мітынгу «дэлегаты» пайшлі ў воласць. Там ім слова ў слова пераказалі тое самае, што і сказаў Карла: на чутках грунтавацца яны не могуць, дакументаў ці якіх іншых «даных» няма, ды наогул такія справы вырашаюцца толькі судом. Калі ж Аксента загаварыў пра заслугі на франтах, а Лявон прагамзіў нешта няяснае пра «свабоду», дык ім прачыталі лекцыю аб барацьбе з анархіяй, аб грамадзянскай дысцыпліне і высокай волі ўстаноўчага сойма, на што яны вымушаны былі адказваць туманнымі словамі, якія, аднак, яскрава выяўлялі іх поўную лаяльнасць,— як напрыклад:

— Вядома... Ну хто ж там што... Гэта само сабой... Ну, дык а як жа... і інш.

На вёсцы зноў іх чакалі з турботнай нецярплівасцю, зноў па тварах убачылі, што справа дрэнь, зноў выпытвалі ўсё да каліва. Потым лаяліся і пачыналі сталы абгавор справы. Гаварылі, спрачаліся аж да самага вечара, а ўвечары сабраліся зноў у Лясніцкага ды зноў спрачаліся. Гаварыла ўся вёска аб адным, бабы паднялі гармідар большы яшчэ, чым мужыкі, нават падшпаркі малыя і тыя сярод гульні-забавы раптам дзяліліся салодкімі марамі:

— Сцёпка! А як наша лука будзе — во будзе добра!.. Тады і смуродзіна будзе наша — ніхто не будзе ганяць, хоць і луг будзем таптаць — ведама, свой...

І вось у выніку гэтых гарачых абгавораў і спрэчак прынята была такая пастанова:

Ехаць Аксенту, не марудзячы, у губерню, знайсці таго п’янчужку, купіць яму кварту ханжы — і няхай выручае. Адначасна праслухаць добра ў горадзе, што чуваць пра вайну, пра парадкі, ці астануцца паны, ці будзе якая прыбаўка зямлі і г. д. Патрэбныя на дарогу і на справу сродкі сабраць з усіх жыхароў вёскі.

І ляглі спаць у той вечар сяляне ўсё-ткі з цвёрдай надзеяй на поспех свае справядлівае справы.

 

Аксенту праводзілі да перавозу амаль што ўсёй вёскай. Ён ішоў сярод натоўпу з выглядам чалавека, які адважыўся на вельмі небяспечны і вялікі ўчынак, і з самадавольнай важнасцю, у якой чувалася нотка некаторай паблажкі, адказваў на бесканцовыя перасцярогі і парады вяскоўцаў:

— Я ўжо ведаю добра — аб гэтым вы не турбуйцеся... Ці ж мне ўпершыню? Нешта, помню, паслалі былі мяне хлопцы — свая братва, салдаты — да самага енерал-енфантэра графа Пясоцкага — была скарга на несправядлівасці розныя... Я прыходжу, дапускаюць мяне... Так і так, ваша высокаправасхадзіцельства...

Яго сяляне не перабівалі. Сёння з павагай прыслухоўваліся да кожнага яго слова, мякка і далікатна яму падтаквалі. Ведама, чалавек «абчэсцвены», на вялікую справу едзе.

А тыя, хто ішоў зводдаль, каму не выпаў гонар весці гутарку з Аксентам,— тыя ўстаўлялі няўцямна вочы ў зямлю, задзіралі ў глыбакадумнасці бровы, моршчылі лбы і задуменна цягнулі:

— Хм... Хто яго ведае... А можа, што-небудзь і выйдзе...

На паром узышлі толькі чалавек з пяць — самыя заводцы — рэшта асталіся на беразе: крычалі нешта, некаторыя кідалі шапкі ўгору, а потым пайшлі гаварлівым натоўпам назад на вёску.

Сярод тых, якія праводзілі цераз раку, быў і Лясніцкі. Увесь час ён маўчаў, толькі ўжо развітваючыся, калі дружна, па-сяброўску сціснулі адзін аднаму рукі, сказаў Аксенту:

— Калі што — бі тэлеграму...

Гэта Аксенту ўпадабалася. Ён мнагазначна кіўнуў галавой, быццам хацеў сказаць:

— Гэта само сабой, я ўжо ведаю... А яны — от, хай пагамоняць... Цёмны народ...

І пайшоў, пакавыляў памалу Аксента — падаўся шукаць для вёскі праўды і справядлівасці.

Сяляне моўчкі пагналі назад паром. Чамусьці астаўся ва ўсіх на душы ціхі смутак, быццам выправіў кожны свайго некага блізкага. Можа, і таму яшчэ смутак гэты з’явіўся, што надвор’е было смуткам прасычана. Надвор’е было шэрае, цьмянае, і над Дняпром нёсся чужы, няласкавы вецер. Здавалася, што прылятаў ён аднекуль, з далёкіх краёў, з самай той халодна-захмаранай далечы і — працавіты, сур’ёзны — ляцеў паспешна далей, ахапіўшы на ляту верхавінкі чалавечых імкненняў, памкнуўшы з сабой іх у невядомы прасцяг. Таму і шчыміць у такое надвор’е чалавечае сэрца ціхім смуткам, таму і асядае ў нутро халодны цень невядомай разлукі, што растрасае пералётны вецер пачуцці чалавека, цягне абрыўкі іх за сабой у далёкі сцюдзёны палёт.

Па Дняпры заклапочаным роем мітусіліся хвалі. Яны былі сінява-чорныя з глухім металічным бляскам. Лясніцкаму заманулася пакатацца цяпер у лодцы, пакалыхацца трохі на гэтых непакойна-бурлівых хвалях. Ён астаўся на перавозе і, як адышліся сяляне, папрасіў у перавозніка лодку. Аднак доўга катацца не давялося. Хвалі злосна штурхалі нязграбную лодку, яна цяжка варочалася на адным месцы, увесь час памыкаючыся стаць бокам пад вецер. Хвілін дзесяць Лясніцкі змагаўся з яе натурлівым характарам, змарыўся зусім і, расчараваным, ледзь прыбіўся назад да парома.

— Лодка ў вас, дзядзька, як бервяно ўсё роўна.

Перавознік Саўка флегматычна згадзіўся:

— Цяжкая лодка, нязручная...

Нос аднае лайбы, на якіх трымаўся паром, быў закрыт саламянай страхой. У гэтай прытульнай будачцы, схаваўшыся ад ветру, стары перавознік плёў сетку. Лясніцкаму чамусьці не хацелася ісці дахаты, ён рашыў пагутарыць трохі з старым.

— Дзядулька! Ці можна да вас у будку?..

— Лезь, Васілёк, лезь. Пагрэйся трохі — вецер сягоння такі заядлы, што проста бяда... Лезь, лезь — пагрэйся.

Перавознік Саўка любіў Лясніцкага. Можа, лашчыла старое сэрца думка, што вось вучоны, адукаваны хлапец, а не чураецца яго, за радню прымае, з павагай заўсёды адносіцца. Любіў стары «пазюкаць» з Лясніцкім, расказаць байку або праўдзівую старую гісторыю. А многа, ой, многа знаў чаго Саўка! Не прайшлі без следу сем, а мо восем дзесяткаў гадоў жыцця. Сабраўся ў старчай памяці нязмерны запас дзівосных успамінаў, у якіх пераплялася здаровая жыццёвая мудрасць з густой сеткай спрадвечных забабонаў.

Цяпер Саўка зусім ужо стары, слабы чалавек. Старасць яго пакрывіла, пагбала, зрабіла з яго смешную карыкатуру на чалавека. У яго, як у маладога кацянёнка, пазліпаўшыся вочы,— ён дрэнна, зусім дрэнна бачыць,— крыва сцятыя вусны высунуліся далёка наперад — быццам надуўся стары ад нейкае крыўды,— расліннасць на твары купаватая, бедная. І фігура такая: адна нага тырчаком служыць, не згінаецца ў калене, другая згінаецца, ды затое ступня падвярнуўшыся. Ідзе стары, дык толькі — кулдык, кулдык...

А з перавозам спраўляецца. Ды яшчэ рэдка хто так укіруе лодкай, як ён — дармо што слабы.

Саўка запытаў у Лясніцкага, куды гэта каго выпраўлялі. Лясніцкі пастараўся яму растлумачыць. Стары безнадзейна матнуў галавой.

— Эх, сынок! Дрэнна з панам цягацца... Лепш сваё перапусціць, каб толькі не занімацца. Дармо што многа ў іх усяго, а зайздросцяць, ой зайздросцяць на чужое дабро. Гатовы апошняе садраць з мужыка... Была, а як жа, была ў сялян гэта лука... Я добра помню. І помню, як суд быў... Адсудзіў — ведама, багаты ды лаўчэйшы за нас, разумнейшы... Што ты зробіш з панам, калі ён усюды — свой, усюды прымаюць яго з чэсцю, з гонарам... Ты будзеш у парозе стаяць, а яму з павагай дзверы адчыняць, самы вялікі начальнік да сябе пакліча... Эх-хе-хе... Як пайшлі па свеце паны, згубілася праўда, зусім недзе загінула... А была ж некалі...

— Дзядулька! Дык хіба быў такі час, калі паноў не было?..

— Во... А як жа! Мой ты даражэнькі, быў такі час, няўжо ж не... Даўней і не зналі, што гэта за пан. Усе працавалі, зямлі было досыць — ведама, людзей тады меней было — жылі ў згодзе, у раскошы, адзін аднаго паважалі, бога баяліся. А як жа, сынок, быў такі час, быў, даражэнькі... Толькі не ведалі тады гэтай навукі, без усякай механікі людзі жылі... Працавалі ўсе роўна — як адзін, так і другі... Гэта ж потым ужо стаў падмушчаць д’ябал людзей, каб жылі сваім розумам, а не божай прамудрасцю, пачаў навучаць розным хітрыкам. Дык тады, хто хітрэйшы-мудрэйшы, пачаў ужо ашукваць сваіх братоў, пачаў так лучыць, каб на іх шчот пажывіцца. Вось і пачалі тады слабейшыя ды прасцейшыя на тых байбакоў працаваць, а самі ў нягодзе жыць ды страждаць. А тыя ўзялі сілу ды пачалі ўжо гвалтам гнаць гэтых к сабе на работу. Так і завяліся паны... Д’ябал-змусціцель гэта падстроіў, ён падзяліў чалавечацкі род...

І, трохі памаўчаўшы, дзед дадаў тонам добраахвотнай уступкі:

— А можа, і не так. Вы ж, маладзейшыя, ужо не прызнаіцё ні бога, казаў той, ні чорта... Можа, і не так, хто яго ведае...

— А як, дзед, будзе далей? Ці паны назаўсёды ўжо застануцца?

Саўка трохі змаўчаў, паправіў сетку. Лясніцкі знаў ужо, што зараз пачне стары нейкую байку баіць, ужо прыладзіўся слухаць.

— Хто яго ведае, даражэнькі... Трудна сказаць, як, якім бокам павернецца ўсё... Калісьці, даўно-даўно, можа, у дзяцінстве яшчэ, чуў я байку адну на гэты прадмет. Многа я знаў гэтых баек — пазабываўся ўжо... Дык вось байка гэта пра Іваньку-Прастачка. Было гэта якраз тады, як ужо завяліся паны, як пачалі ганяць яны мужыкоў к сабе на работу. Ходзяць мужыкі, працуюць на тых паноў — паны сабе выгалянтаюцца, пукаюцца ад жыру, а самі мужыкі галодныя, халодныя — не бачаць жыцця, не бачаць прасвету. І так ужо прызвычаіліся, што перасталі і думаць аб лепшым жыцці — ні быццам яго не было, ні быццам спрадвеку так богам паложана.— Бацькі нашы так жылі, дзяды так жылі, дык і нам, відаць, так жыць наканована. Але вось нарадзіўся ў тым краі хлапчук. Назвалі яго Іванька-Прастачок. Быў ён чэзлы такі, слабенькі, рос сабе цішком, ніхто яго не бачыў, ніхто не чапаў. Так і вырас, стала яму ўжо гадоў з дваццаць. Паны яго не чапаюць, на работу не гоняць — які ўжо з яго работнік. Вось так пойдзе ўся вёска да пана працаваць, а ён адзін астаецца, гуляе сабе з дзецьмі, забаўляецца. Але нешта прыходзяць у тую вёску старцы. Селі яны на прызбе, хочуць закурыць, аж агню няма ні ў кога. Папрасілі яны Іваньку — той і прынёс ім жару з хаты.— Чаму ж ты,— пытаюцца,— тут адзін, чаму нічога не робіш? — А што я, кажа, буду рабіць, калі, што не наробіш, усё на пана пойдзе. Усё заграбе, усё прысвоіць, усе жылы выцягне з мужыка. Вось тады тыя старцы ўзялі свае струманты і зайгралі. Першы раз зайгралі — Іваньку розум далі; другі раз зайгралі — язык Іваньку развязалі; трэці раз зайгралі — у сэрца жаласці нагналі. Вось зніклі тыя старцы, а Іванька давай майстраваць сабе дудку. Змайстраваў ды як зайграе, ды так прыгожа, жаласна, што не толькі людзі, а і звяры і птушкі сталі слухаць. Слухаюць усе, не наслухаюцца. Пайшоў тады Іванька-Прастачок па свеце хадзіць ды ў тую дудку іграць. Як зайграе, дык у людзей нібы вочы адкрыюцца; бачаць яны, што вялікая крыўда ў жыцці, што адны пануюць, а другія гаруюць. Слухаюць дудку, а самі розуму набіраюцца ды думаюць-гадаюць, як тут праўды дабіцца, як сваю долю знайсці. Дайшла тая музыка і да панскіх палацаў. Спалохаліся паны ды і задумалі зніштожыць таго Іваньку. Сабралі яны вялікае войска, пайшлі. І вось зайграе дудка на ўсходзе, яны за ёй — туды, сюды, шаблямі звіняць, з гарматаў страляюць. Глядзь — а яна ўжо на захадзе іграе. Яны туды, а яна зноў у другім баку. Так з таго часу і не маюць спакою паны — усё тую дудку ловяць. А дудка іграе сабе ды іграе. Ідзе ад яе водгулле, па ўсім свеце разносіцца, навучае людзей. Няма таму водгуллю загародак, не злавіць яго, не забіць. І кажуць, што быццам прыйдзе час, калі пачуюць усе чыста тую Іванькаву дудку і ўсе разам падымуцца, каб за праўду пастаяць. Вось і стануць тады зноў усе людзі роўныя...

— Дык вось, Васілёк, якую чуў я некалі байку. А ці будзе так, як гаворыцца ў ёй, адзін бог святы ведае.

Стары змоўк, пачаў адкусваць нітку. За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі, недзе наверсе клапатліва свішчаў чужы пералётны вецер. Лясніцкі ляжаў нерухома на мяккай саломе, аддаўшыся ціхаму пявучаму бяздум'ю.

Дзед паправіўся, пачаў зноў гаварыць:

— Вось як, даражэнькі... А як на мяне — дык што мне паны! Яны мне ані ў галаве... Што ён мне зробіць каторы... Жыў бабылём, працягнуў неяк век, неяк і памерці патраплю... Як быў маладзейшы, дык часам і пакпіць спрабаваў... Аднойчы было нешта...

Стары недалужна зморшчыўся і прасіпеў. Гэта азначала, што ён засмяяўся.

— Дык было... доўга тады смяяліся... Нешта зайшоўся я ў маёнтак, а пан убачыў мяне ды пытае: — Што, кажа, новага, Саўка? Дык я і сказаў. Кажу — у Мікалаеўцы сома ўлавілі. Дванаццаць пудоў адзін хвост... Дык яны пазапрагалі коней, паехалі цэлым кагалам — гасцей тады многа было. Па дарозе пана сустрэлі.— Куды гэта? — Сома глядзець. Ну і той да іх далучыўся... Паехалі, паднялі гармідар, а там таго сома і звання не было...

І ён зноў засмяяўся сваім дзіўным смехам.

У гэты момант знадворку пачуўся стрымлены тупат каня. Нехта верхам пад’ехаў да парома. У Лясніцкага чамусьці трывожна забілася сэрца. Ён спыніў старога:

— Не турбуйцеся! Я перавязу.

І сам паспешна вылез з будкі.

Перад прыпарамкам злязала з каня паненка Раіса. Яна яго заўважыла, ветла ўсміхнулася, заківала галавой. Ён адкінуў жардзіну, памог ёй узвесці каня на паром. Яна ў здзіўленні яго запытала:

— Што вы тут робіце?

— Прыйшоў вось паслухаць дзедавы казкі. Цяпер замест дзеда буду вас перавозіць.

— Я сама.

Яна ўзялася за канат, пацягнула з усяе сілы, але паром і не крануўся з месца.

— Чаго ж вы стаіцё, не памагаеце?..

— Вы казалі, што самі будзеце...

Яна зрабіла від, што злуецца.

— Вы зноў пачалі грубіяніць?

Неяк разам спіхнулі з месца паром, далей ён пайшоў плаўна і лёгка. Лясніцкі, аднак, не спяшаўся цягнуць — хацеў больш пабыць з паненкай. Ён моўчкі з ласкавай усмешкай глядзеў на яе, а яна ўсё гаварыла:

— Вы любіце народныя казкі?.. Я таксама калісь любіла. Мне няня многа апавядала... І цяпер я таксама люблю... казкі, песні...

Яна раптоўна змоўкла, быццам нешта ўспомніла або нешта наспех меркавала.

— Слухайце... як вас... як ваша імя і па бацьку...

— Васіль Данілавіч.

— Дык вось што, Васіль Данілавіч. Хутка будзе Купала... Так... Я хачу паслухаць, як спяваюць купальскія песні... Я б хацела, каб пайсці разам з вамі... вы ўсё гэта... ведаеце... Добра?

— З ахвотай. Але як я сустрэну вас?..

— Прыйдзеце... не, лепш не так... Мы сустрэнемся з вамі — ведаеце дзе? — на нашым могільніку, каля капліцы... Добра? Вы не баіцеся?.. А якой гэта трэба гадзіне?..

— Як ужо добра сцямнее...

— Ну, дык угавор?

— Угавор...

Паром прыстаў да берага. Яна ўскочыла на каня, яшчэ раз з ветлай усмешкай кіўнула яму і паскакала.

Лясніцкі астаўся ашаломлены. Неяк выйшла ўсё занадта раптоўна — мігнула, як ясны прамень, і знікла. А ў сэрцы астаўся ружовы чад — яно доўга яшчэ не спыняла свой ліхаманкавы бой, напорна гнала ў галаву хвалі гарачай шумлівай крыві.

Ён колькі хвілін стаяў, як зачараваны, абапёршыся аб парэнджы парома, і вецер паслужна апаласкваў сваім халаднаватым павевам яго распалены твар. Потым з радасна-п’янаватай усмешкай ён палез зноў у будку і ў нейкай нервовай млявасці выпрастаўся на мяккай саломе.

— Паненка паехала? — не то запытаў, не то проста зазначыў стары.

— Ага.

Дзед памаўчаў. Потым чамусьці ўздыхнуў і ціхенька забубніў, нібы гаварыў сам з сабой:

— Э-хе-хе... Чаго толькі не вычвараюць гэтыя паны, чаго не выгадваюць... З распусты ўсё гэта, з таго, што волю чуюць, робяць, што толькі хочуць... А вось і расце сіраціна... Прыдбаў... хе-хе... пяць тысяч каштуе.

Лясніцкі страшэнна зацікавіўся.

— Пра каго вы, дзядулька, гаворыце?

— Ды пра яе ж, пра паненку... Ат, можа, і няпраўда гэта зусім. Мала што дзейкаюць людзі.

— Раскажыце, дзядулька!

— Казаў мне пра гэта адзін яўрэй — ён усё тады цёрся каля маёнтку... Стары пан удаўцом быў пасля другой жонкі... Ну, і прыехаў у мястэчка немец-аптэкар. А ў таго немца ды была дужа прыгожая жонка... А я бачыў, дык нічога цікаўскага — баба як баба... Тады стары пан упадабаў тую немцаву жонку. Ну, і купіў... пяць тысяч рублёў нібыццам убухаў...

— Як гэта — купіў?

— А проста. Прыйшоў дый кажа — прадай жонку. Ну той быў ласы на грошы — згадзіўся. Хто іх там ведае, ці яны разлуку ўзялі, ці так проста пайшла яна да пана. Але-ткі прыжыў пан з ёй дачку — во гэтую самую паненку... І неяк праз год ці два яна і памерла, тая немка... Дык вось розна людзі казалі. Адны — што звёў ён яе са свету... ведама — надакучыла ўжо... А іншыя дзейкалі, што і цяпер яна недзе жыве, мо ў Амерыцы або Сібіры... Толькі ўпотайку, не хоча пан, каб ведалі, што яна жывая... Так і расла без маткі... Ну, а ўжо ведама, якое шчасце без маткі гадавацца... Але-ткі нешта было, мусіць, у пана з той немкай. Бо ўжо моцна загроб яго потым у рукі Карла... Братам ён немцы даводзіўся...

Лясніцкі слухаў, зацяўшы дыханне, каб не прапусціць ніводнага слова. На яго гэта гісторыя зрабіла вялікае ўражанне. Вобраз паненкі Раісы паўстаў у яго ўяўленні ў новым рамантычна-таемным асвятленні і ад гэтага набыў яшчэ большую прывабнасць.

Дзед кончыў апавяданне, бурчаў сам сабе нешта пра распусту, пра сваволле паноў. Лясніцкаму гэта было нецікава. Яму ўжо цяжка ўседзець было тут, у будцы,— яго нутро кіпела ад вострых уражанняў, ад цэлай віхуры разнастайных пачуццяў. Хацелася цяпер пайсці куды-небудзь, каб на адзіноце разважыць душэўную сумятню.

Ён перагнаў назад паром, развітаўся з дзедам і пайшоў па беразе на тую луку, аб якой так многа гаварылі ў апошнія дні. Ён зайшоў у самы канец, лёг у траву (трава там у рост чалавека) і даў поўную волю сваім летуценням.

У лазняку свішчаў пералётны вецер, недзе задуменна плёскалі ў бераг маркотныя хвалі, над галавой мякка шумела трава.

Лясніцкі ляжаў нерухома і слухаў, як пяе свае разгонна-вольныя песні прастор, як кліча ён сэрца некуды ў нязведаны край, у дзіўнае, чароўнае бязмежжа.

А ва ўяўленні лёгка спляталіся з стройных імклівых мар палотны квяцістых малюнкаў, вабілі нязбытнай прыгажосцю, прымушалі сэрца біцца ў нейкім трывожна-радасным прадчуванні.

Вярнуўся дамоў Лясніцкі ўжо надвячоркам. Дома чакала яго яшчэ новая вестка. Прыйшоў з горада ліст ад Андрэя, у якім той пісаў, што праз некалькі дзён прыедзе да яго, да Лясніцкага, каб закупіць на вёсцы харчоў. Пісаў, што ў горадзе ўсё надта дорага, што ўжо не хапае пенсіі на пражытак, што прыходзіцца галадаваць.

Лясніцкі недаверліва паківаў галавой. Дзіўным здавалася, непраўдападобным, каб Андрэй за харчамі паехаў. Не з такіх ён, не гэта цікавіць яго. Нешта другое тут ёсць, нешта ён у лісце недаказвае.

Але доўга Лясніцкі не думаў над гэтым, не тое было на вуме. Махануў няўважна рукой.

— Хай сабе... Там будзе відаць...

 

Частка трэцяя

На прыклецце прыляцеў з усходу густы прамень барвянага сонца і лёг яскравай плямай на вочы Лясніцкаму. Лясніцкі млява пажмурыўся і пачаў прачынацца. Тады ў яго свядомасць, яшчэ спавітую пялёнкай цягучае дрэмы, уварвалася разам: самадавольнае сакатанне курэй, клапатліва-жвавае ціўканне на страсе вераб’ёў, далёкія — з поля — галасы, перамешаныя з рыканнем кароў і бляяннем авец, і нейкі незразумелы рытмічны грукат на суседнім дварэ. Усё гэта, прасычанае свежым, ядраным пахам пагоднага рання, узняло ўнутры Лясніцкага ціхую радаснасць. Ён шчасна ўсміхнуўся і ўспомніў, што сёння ўвечары будзе купальскае свята.

Уставаць не хацелася — у галаве яшчэ плавалі цені нейкага прыгожага сну, яшчэ іскрыліся ў сэрцы пераліўныя ўсплёскі салодка-забытых адчуванняў. Ён пацягнуўся і зноў задрамаў з асветленай сонцам усмешкай на твары.

Канчаткова прачнуцца прымусіў Лясніцкага стук хатніх дзвярэй і гучныя галасы на дварэ. Адзін голас быў бацькаў, а другі невядома чый, але дзіўна-знаёмы і прыемны. Лясніцкі расплюшчыў вочы і з цікавасцю зірнуў на двор. Да яго ішоў сваёй мякка-развальнай хадою Андрэй. Ішоў і ўсміхаўся — прыветна, ласкава.

— Яшчэ спіш?.. Здароў! Ці чакаў мяне, га?

Ён ускочыў на прыклецце, сеў на ложак к Лясніцкаму.

— Іш ты, як прыладзіўся... Добра тут спаць... А я толькі што з чыгункі. На станцыі сустрэў аднаго вашага, дык разам прыйшлі, паказаў, дзе ты жывеш...

— Бязногі?

— Так...

— Гэта наш выбарны, ездзіў у горад па грамадскіх справах...

— Я ведаю, ён усё расказаў мне па дарозе. Нічога не выйшла там у яго. Прыехаў злосны, як воўк,— чыстым бальшавіком зрабіўся, ха-ха...

Смех у Андрэя астаўся такі, як і быў,— металічны, рэзкі. І тая ж таемная ўсмешка блукала на вуснах. Але Лясніцкаму чамусьці ён цяпер здаўся асабліва сімпатычным. Лясніцкі шчыра ўзрадаваўся гэтай сустрэчы — быццам убачыў некага блізкага, роднага. І ён з цёплым, чыста сваяцкім пачуццём любаваўся дужай фігурай Андрэя, яго буйным, выразна і разам з тым мякка акрэсленым тварам.

Андрэй за гэты час многа пасталеў, набыў больш сур’ёзнасці і глыбіні. Ад яго цяпер яшчэ шырэй веяла той мяккай сілай, той ласкавай мужнасцю, якую заўважыў у ім Лясніцкі раней.

Андрэй прывёз Лясніцкаму подых сумятлівага горада. Дасюль ён ні разу і не ўспомніў пра горад — так далёка-далёка быў ён астаўся. А цяпер раптам пачуў яго, убачыў у таемнай усмешцы Андрэевай, у яго хітравата-шчырых вачах. І закарцела ўзнаць, што там, у горадзе, робіцца, якой сумятнёй поўніцца ліхаманкавы вір гарадскога жыцця. На яго запытанне Андрэй адказаў, трохі падумаўшы:

— Добра ўсё ў горадзе, лепш і не трэба. У стаўцы збіраюцца крумкачы, пачынаецца чорны паход. Прыязджае часта Керанскі — заваёўвае букеты і жаночыя сэрцы. Ён дужа спрытна пяе арыю з оперы «Вайна да пабеды», і яму пляскаюць у ладкі. Ну, што ж яшчэ... Цкуюць бальшавікоў, ціснуць рабочых, абяцаюць устаноўчы сойм і розныя палёгкі. Расце галадоўля, масы галеюць... Словам — рэвалюцыя разбухае. Чым горш — тым лепш, ха-ха... Разумееш?

— Не зусім. Ты ж ведаеш, я тут далёка адстаў ад апошніх падзей. А ты яшчэ гаворыш нейкімі загадкамі...

— Нішто... Будзе час, дык усё раскажу падрабязна. Чакай, табе ж ліст ёсць у мяне ад Халімы... І прывітанне ад Ніны забыўся перадаць...

— Халіма хіба ў горадзе?

— Ужо скора месяц, як прыехаў. Паступіў на нейкую службу...

У лісце было навэдзгана нязграбнымі, як сам Халіма, літарамі:

 

«Васілю — шанаванне!

Шкадую цябе, што браснееш у затоцы сваёй зяленіцкай будзёншчыны. Жыццё разварочваецца віхурна. Можна буяніць. Прыязджай, калі хочаш, дык наўчу выбіваць шыбы. Помніш?

Халіма»

 

Лясніцкі засмяяўся. З гэтых радкоў выглядаў, як жывы, Халіма — любы, слаўны буян з даўгім носам і энергічна-нязграбнай фігурай. Ён ужо знайшоў нейкі спосаб выліць сваю непакорна-бурлівую сілу, ужо гатоў буяніць, калаціць шыбы.

Лясніцкі даў прачытаць ліст Андрэю. Пакуль той чытаў, ён з асалодай падцягнуўся на ложку і глыбока зірнуў у бязмежны блакіт спакойнага неба. Стала на душы вальготна, радасна. Падумалася: вось недзе там ідзе калатня, нехта нечага дабіваецца, спрэчкі розныя. Халіма шыбы збіраецца біць, а тут так ціха і роўна цячэ жыццёвая плынь, тут так шырока сінее чыстае неба, так мілосна разліваецца сонца, і недзе на полі бязрупатна спее ў плоднай цяжарнасці жыта, і ярына ўсміхаецца дзявоцка-чыстай вясёлай рунню.

— Затока, ха-ха!.. Гэта ён здорава...

Лясніцкі сур’ёзна зазначыў:

— Так, у нас тут спакойна. У горадзе заўсёды бывае больш нервовасці, чымся на вёсцы. Тут такі ідылічны спакой, такая патрыярхальная ціхасць. Добра, Андрэй, тут жыць... Цяпер, з рэвалюцыяй, пачнецца новая праца, шырока пойдзе асвета, селянін пачне культурна расці... Па-мойму, будучыня ўсё-такі за вёскай, а не за горадам... Як ты глядзіш на гэта?..

Андрэй адказаў тож сур’ёзна, нават без свае звычайнае ўсмешкі:

— Вось табе пакажуць яшчэ і будучыню, і культуру, і што толькі хочаш... Пачакай!..

Потым пацягнуўся задуменна:

— Затока, хм...

І задумаўся. Лясніцкаму здалося, што ён нешта сам з сабой рахуе, нешта падлічвае. Ён яму не перашкаджаў, моўчкі сачыў за рухамі яго твару. Твар гэты быў сур’ёзны цяпер і глыбокі, нават звычайная мяккасць яго неяк развеялася, агаліла цвёрдую сілу буйных энергічных рысаў.

Раптам Андрэй лэпнуў Лясніцкага па плячы і праказаў поўным вясёлай надзеі голасам:

— Нічога, Васіль, не прападзём!.. Ускаланецца затока, і хвалі пойдуць... Ды яшчэ якія хвалі — ого!.. Многа чаго пазмятаюць яны, многа чаго пазальюць... Нічога, Васіль, пажывём — убачым.

Потым ён чамусьці нахіліўся бліжэй да Лясніцкага і пачаў амаль што шэптам пералічаць з нейкай дзіўнай злараднасцю:

— У Пракудзіне сяляне высеклі дзесяць дзесяцін панскага лесу і забілі двух стражнікаў... У Хадулях сяляне самавольна падзялілі панскую зямлю і спалілі панскія свірны... У Аўсянішчы сяляне, абураныя жывадзёрствам памешчыцы, спалілі дашчэнту маёнтак і разабралі ўсё панскае збожжа. Спалены маёнткі Шчамялёва, Гонкі, Лісічына, Лавы... Пачынаецца, Васілёк, чуеш, га?..

І ён закаціўся сваім металічным рогатам. Лясніцкаму не па сабе неяк стала.

— Слухай, Андрэй, гэта ж анархія? Гэта ж пагібель наша? Гэта ж пагібель рэвалюцыі, свабоды, пагібель усяго, што мы да гэтага часу прыдбалі...

Андрэй зноў стаў сур'ёзны.

— А ці ведаеш ты, Васіль, што значыць анархія? Ці ведаеш ты, што анархія — гэта і ёсць рэвалюцыя, што толькі з анархіі, толькі з непарадку, з разбурэння ўсіх законаў і норм можа вырасці новы парадак?.. Гэта я смяюся, жартую, што — чым горш, тым лепш... Але так яно і выходзіць — такі закон гістарычнага развіцця... Ну, але аб гэтым мы справімся яшчэ пагутарыць... Вось яшчэ... Як ты глядзіш на гэтую вашу справу з сенажаццю? Ці не думаеш ты, што тут таксама ўжо ёсць зародак гэтае твае «анархіі», га?..

Лясніцкі замятушыўся.

— Так, так... я гэта ведаю. І я зрабіў быў усё, што мог, каб не даць разгарэцца дрэнным інстынктам сялян. Так, ты праўду кажаш — іх лёгка было распаліць...

— А цяпер, ты думаеш, усё добра? Ха, ха... Ты дужа наіўны... Але досыць ужо. Надзявайся ды пойдзем на вёску — там пэўна ўжо пачалося...

Лясніцкі з трывогай зірнуў на Андрэя.

— Слухай, Андрэй. Я буду ўсё рабіць, каб не даць сялянам дайсці да якога-небудзь непарадку. Я спадзяюся, што і ты мне паможаш.

Андрэй засмяяўся:

— Ха-ха-ха!.. Чым горш — тым лепш!.. Надзявайся...

Андрэй сказаў праўду. Калі яны, паснедаўшы, выйшлі на вуліцу і падаліся пад другі канец вёскі, яны зараз жа ўбачылі гурму народу, які сабраўся каля Аксентавай хаты. Адтуль нёсся прыглушаны далечынёй гоман, у якім, аднак, выразна чуваць была нервовая ўзнятасць і ажыўленне.

У Андрэя заблішчалі вочы гуллівай давольнасцю, на вуснах зайграла ўсмешка.

— Бачыш, Васіль? А ты думаў, што ўсё абышлося. Угаварыў, ха-ха...

Каля Аксентавай хаты сышлася бадай што ўся вёска.

Праз напята расчыненыя хатнія дзверы то ўваходзілі, то выходзілі сяляне. Самога Аксенты на вуліцы не было.

«Пэўна, яшчэ снедае»,— падумаў Лясніцкі.

Народ размясціўся навокал у самых разнастайных паставах. Адны сядзелі на ганках, другія на прызбе, трэція на траве, чацвёртыя стаялі, пятыя ляжалі. Іншыя не мелі пэўнага месца, хадзілі ад адных да другіх, дзе-нідзе ўстаўляючы да ладу ці не да ладу сваё слова. Аўтух з сваёй кампаніяй скалазубаў прытарнаваўся да плота — вакол яго, як заўсёды, грымеў безупынны раскатны рогат.

Ужо кожны ведаў, чым скончылася паездка Аксенты, але чакалі, хацелі паслухаць самога. Ды яшчэ кожны чуў, што на гэтым не абыдзецца, што яшчэ нешта трэба будзе рабіць, меркаваць. А пакуль што адны распальвалі сябе, без канца выказваючы ўсім, хто толькі слухаў, сваё абурэнне, другія, больш разважныя, «зюкалі» ціхамірна, спакойна загадвалі на тое, чым кончыцца ўся гэта справа.

Аксента выйшаў на ганкі, зважна абцёр вусы, паглядзеў, прыплюшчыўшы вока, на сонца і сышоў уніз з такім відам, быццам ён і не ведае зусім, што яго тут чакаюць, быццам проста выйшаў прайсціся. Калі ж яго абкружылі, абсыпалі з усіх бакоў запытаннямі, ён моўчкі пайшоў да прызбы, сеў, закурыў і ўжо тады пачаў апавядаць. Вакол яго ўраз вырасла шчытнае, роўнае кола застыглых у вострай цікавасці сялян.

— Ну, дык, браткі, слухайце, што я вам скажу. Ездзіў я ў горад, кідаўся ва ўсе ўстановы, у якіх толькі для мяне былі адчынены дзверы, знайшоў быў і таго заштатнага «эсэсара», з якім раней была гутарка, ну і прыехаў з тым, з чым паехаў. Хто тут праў, а хто вінават — глядзіце ўжо самі, браткі,— я раскажу ўсё па парадку...

І палілася доўгая аднастайна-цягучая гісторыя Аксентавых прыгод у губернскім горадзе. З кожнага слова гэтае гісторыі веяла безнадзейнай крыўдай і глыбокім неўразуменнем. Быццам паехаў чалавек, каб знайсці нейкую праўду, таўхануўся туды, дзе спадзяваўся знайсці яе, і ўпёрся ў глухую сцяну — пастукаў, паляпаў у яе, пахадзіў трохі туды ды сюды і, не дастаўшы адказу, пайшоў назад — асалавелы, збянтэжаны...

З кожным словам Аксенты ўсё пахмурней ды пахмурней рабіліся твары сялян. Усё гусцей ды цямней збіваўся настрой грамады — расло агульнае пачуццё крыўды, нездаволення, якое кожную хвіліну магло прарвацца хваляй бязмежнага абурэння. Трэба быў нейкі прахон для гэтае хвалі, і яго шукалі ўсе ў словах Аксенты, напружана чакалі ад яго нечага іншага, апрача скаргі і нараканняў на гарадское начальства. Таму, калі кончыў ён, стаялі ўсе ў замяшанні, не глядзелі адзін на аднаго, ніхто не хацеў пачынаць першы гаворкі. Быццам усе перакананы былі, што яшчэ нешта ёсць у Аксенты, што не ўсё ён сказаў, што павінен сказаць яшчэ самае галоўнае.

Нехта нясмела запытаў:

— Ну а што там чуваць яшчэ... так... аб усім?..

Фактычна ў кожнага было на вуме гэтае пытанне. Таму, як выказаў яго нехта, па ўсім натоўпе прайшла нервовая хваля, усе бліжэй прысунуліся, каб не прапусціць часам якога слова.

Аксента хвіліну мнагазначна маўчаў, і настрой натоўпу напружыўся да апагею.

— Што ж чуваць?.. Усяго, браткі, цяпер начуешся. А каму верыць, дык ліха ведае...

Ён яшчэ змоўк на адзін момант і потым выпаліў рашуча і рэзка:

— Во што чуваць... Каб гэта на разумнейшых людзей ды каб гэта дружна ўзяліся — ніякае трасцы і пытацца не трэба: пайшоў ды касі...

Яшчэ момант да болю напружанага маўчання і — прарвала, рынула ў раптам адкрыты прахон стрымленая хваля абурэння.

Крычалі, спрачаліся, пагражалі, успаміналі даўнейшыя крыўды, лаялі некага. Вочы ўва ўсіх загараліся адным прагавіта-злосным агнём. Была ў гэты момант паміж сялян нейкая жалезная, жорсткая згода, была ўва ўсіх адна воля, адно імкненне.

І вось у гэта разбушаванае мора людскога абурэння кінуўся Лясніцкі з словамі ўгавору, памкнуўся ўціхамірыць, спыніць злосна-раз’юшаныя хвалі. Ён не думаў цяпер аб тым, чым можа кончыцца яго смелы замер, ён проста не мог устрымацца, бо чуў у хваляванні натоўпу цяжкую пагрозу, бачыў у распаленых ліхаманкава-бліскучых вачах чорную здань гвалтавання, пажараў, жудаснай дзікай анархіі. Ён павінен быў нешта зрабіць, гэта быў яго грамадзянскі абавязак.

І Лясніцкі, сам мала ўсведамляючы, што ён робіць, ускочыў на прызбу, крыкнуў нейкім рэзкім экзальтаваным голасам, які прымусіў усіх звярнуць на яго ўвагу:

— Грамадзяне! Дайце сказаць некалькі слоў! Паслухайце, грамадзяне!

Натоўп неяк нясмела, недаверліва скомчыў свой гоман, гатовы зараз жа ўзняць яго, калі толькі прамоўца хоць на крышыначку адпусціць нітку цікавасці, на якой прыцягнуў ён агульную ўвагу. Лясніцкі чуў гэта і як мага напружваў волю, каб не выпусціць гэтае ніткі, каб да канца выказаць тое, што трэба было сказаць. Ён гаварыў далей ціхім, але поўным нутраной сілы, шчырым і праканалым голасам:

— Братцы! Вы мяне добра ведаеце, вы не падумаеце, што я гавару гэта з нейкай асабовай мэтай. Мне сенажаць патрэбна не менш, як вам, я не багацей за вас, я такі самы селянін, як і вы. Але паслухайце, я добра ведаю, да чаго можа давесці гэтая справа. Ці ж вы думаеце, што пан не знойдзе сабе абароны, што ён так сабе папусціць, каб забіралі яго дабро...

Нехта крыкнуў:

— Дзе ж гэта яго?

— Хай сабе, усё роўна... Яно за ім лічыцца, на яго баку закон... І папомніце мае словы — не кончыцца гэта дабром... Знойдзе пан абарону, знойдзе сілу, каб задушыць непарадак...

Дзе хто з натоўпу пачаў гаварыць. Пракацілася першая хваля гоману. Лясніцкі напяў усе сілы, закрычаў з адчайнай патугай:

— А вы ведаеце, што гэта значыць? Вы падумалі, да чаго гэта давядзе, га?..

Ён прыпыніўся на момант, і сяляне зноў змоўклі, прыслухаліся.

— А во што гэта... Сягоння мы забяром у пана луку, а заўтра мы ўбачым, што ў Нялляна ёсць добры кавалак пахаты,— забяром гэты кавалак, а тады ўбачым, што ў Ляксандры карова лішняя,— тож забяром, а тады пойдзем па засеках мацаць... Га? Вы пра гэта падумалі?

Гэтыя апошнія словы зрабілі нечаканы ўплыў. У гомане, які за ім узняўся, не чуваць было ўжо дружнага аднадумства — пайшло па натоўпе блытанае замяшанне.

А ў гэты час Андрэй жвава аб нечым шаптаўся з Аксентам. Ён нешта даводзіў яму, і той, згаджаючыся, энергічна ківаў галавой. Потым Андрэй адышоўся, а Аксента ўстаў і зважна, адным рухам рукі ўціхамірыў сялян. Яго адразу паслухалі, бо чакалі, што ён яшчэ раскажа што-небудзь з уражанняў ад паездкі.

— Хлопцы, давайце неяк гэта парадкам... Вось паслухаем, што аб’явіць нам чалавек — ён са мной разам прыехаў з горада... Свой брат, рабочы...

Усе ўважна прыслухаліся. Андрэй злёгку ўсміхнуўся, зірнуў неяк скоса згары і праказаў тонам пагадлівай уступкі:

— Што ж... Тут хочаш — так, хочаш — гэтак... Паны зямлі дарма не аддадуць, а судзіцца — чорт з яго высудзіць... Некаторыя спрабуюць...

І ён — спакойненька, ціхенька — пералічыў тыя выпадкі, аб якіх ужо казаў Лясніцкаму. Сяляне слухалі з напружанай увагай. Некаторыя здаволена падтаквалі, некаторыя круцілі галавой з недаверліва злоснай усмешкай. Адзін — чырвоны ўвесь, з сцюдзяністымі вачмі — перабіў Андрэя:

— Ага... Значыць — бяры, хапай, дзе толькі можна... Значыць — і ў сваіх тож можна... Іш ты які...

Андрэй зусім спакойна адказаў:

— Калі ў сваіх задужа, дык чаму ж не, можна і сваіх абрэзаць...

Падняўся страшэнны гармідар. Грамада падзялілася на дзве часткі, і гэтыя дзве часткі завялі паміж сабой гарачую, злосную спрэчку. Яшчэ гаварыў нешта Лясніцкі: крычаў аб анархіі, аб непарадках, і яго адна частка падтрымлівала. Другая частка групавалася вакол Андрэя і Аксенты. Неўзабаве з’явіўся яшчэ і Рыгор — тож рашуча да іх далучыўся. У часе спрэчкі нехта крыкнуў на іх:

— Бальшавікі! Баламуты!..

Тады Андрэй з мяккай, кацячай лёгкасцю ўскочыў на прызбу, пастаяў хвілінку моўчкі, гледзячы ў натоўп з адкрытай усмешкай, і, калі трохі ўгамаваліся людзі, заявіў з смелай, шчырай прастатой:

— Так, мы бальшавікі!.. Я — член бальшавіцкае партыі...

Усе раптам змоўклі, утаропіліся ў яго, вытрашчыўшы вочы. А ён стаяў і ўсміхаўся — моцны, прыгожы, адкрыты — чараваў усіх сваёй дзіўнай ласкавай сілай.

— Наша партыя — не вораг працоўнаму люду... Бальшавікі — не басякі і не шпігі, як вам, пэўна, не раз гаварылі. Бальшавікі бароняць сялян і рабочых. Мы супроць вайны, бо вайна не трэба ні селяніну, ні рабочаму. Вы бачыце, што дае селяніну вайна. (Ён паказаў на Аксенту.) Мы супроць памешчыкаў, бо яны жывуць з чужой працы, з чужога поту. Мы гаворым: зямля — сялянству. Мы супроць фабрыкантаў, бо яны таксама жывуць чужым потам. Мы кажам: фабрыкі — рабочым.

Усе слухалі яго, зацяўшы дыханне. А ён гаварыў спакойна, роўна, нібы якую байку баяў. У яго словах была незвычайная прастата — таму яны гладка і станоўча клаліся ў мужычыя галовы, зрасталіся жывым целам з іх абычайнымі думкамі, упляталіся непарыўным вузлом у штодзённы кірунак іхняй свядомасці. Каб каторы і не захацеў слухаць, каб наўмысля адпіхваў гэтыя словы, дык бы ўсё роўна ўлезлі яны ў галаву. А тады ўжо прапала: не разбярэш, ці гэта прамоўца сказаў, ці гэта свая старадаўняя думка — улежаная, абветраная глыбока-таемнымі віхрамі надзей і расчараванняў.

Добра ўмеў гаварыць Андрэй, знаў, як дадзець да нутра. І напаследак ён так заўладаў усіхнім настроем, што, здаецца, каб узняў ён голас ды крыкнуў — гайда на пана! — дык бы і рынуліся ўсе як адзін. Як кончыў ён гаварыць, зноў у грамадзе была дружная згода, зноў была адна воля, адно імкненне. Толькі некалькі чалавек на чале з Лясніцкім яшчэ трымалі сваю пазіцыю. Лясніцкі паспрабаваў быў яшчэ выступіць, нешта сказаць, дык Андрэй кінуў яму насустрэчу лёгкі, вясёлы жарт, і яго абсмяялі.

Аксента ўзяўся зноў навадзіць парадак.

— Дзядзькі! Якую ж пастанову будзем рабіць, га? Трэба неяк фармальна. Дзе стараста?

Але старасты не знайшлі. Дзеля ўсякага выпадку ён ужо ўцёк. За ім падаліся вяткай яшчэ колькі сялян з багацейшых. Іх праводзілі вясёлымі жартамі.

— Ну, дык якую ж пастанову? {пастапову?

— Касіць!

— Што ж там яшчэ!..

— Касіць! Касіць!..

Нехта сцеражліва зазначыў:

— Толькі каб усёй вёскай, каб усім разам адказваць, калі што якое...

Пастанавілі заўтра ж пачаць касьбу, прычым сенажаць касіць разам, а дзяліць ужо потым, у копах.

Пасля гэтага частка людзей разышлася, частка абкружыла Андрэя, засыпала рознымі запытаннямі. Ён усім ахвотна адказваў, а потым дастаў з кішэні газету, некалькі брашур і пачаў чытаць. Лясніцкі сказаў яму, каб прыходзіў палуднаваць, а сам пайшоў дахаты — не захацелася тут аставацца. Быў страшэнна дрэнны настрой — мучыў сорам, нездаволенне і прадчуванне нечага нядобрага. Яго не пераканалі былі словы Андрэя, ён не верыў яму. Ранішняя гутарка застрала ў мазгах цяжкім неўразуменнем, з галавы не выходзілі туманныя, незразумелыя словы, якія палохалі сваёй навізной, сваёй незвычайнасцю.

На вуліцы Лясніцкі сустрэў Макрыну — яна ішла ад калодзежа з поўнымі вёдрамі вады. Яшчэ здалёку ўбачыла яго, ветла ўсміхнулася.

— З поўным цябе сустракаю. Пашчасціць у нечым.

Лясніцкі чамусьці ўспомніў пра спатканне з паненкай. Мо там пашчасціць?

Як ужо размінуліся, Макрына раптам паставіла вёдры, аклікнула яго:

— Васіль! Хадзі-тку сюды, нешта скажу...

Ён вярнуўся. Макрына ў нейкім замяшанні зірнула на яго спадылба, сарамліва ўсміхнулася.

— Ты, Васіль, можа, сёння пойдзеш да дзяўчат? Сёння ж Купала... сёння ўсе будуць гуляць...

Лясніцкі міжвольна пачырванеў. Ён дагадаўся: Макрына з ім хоча правесці купальскую ноч. Што ж ёй сказаць?

— Я буду заняты сягодня. Я табе потым скажу, дзе я буду. Да дзяўчат я — не, не пайду.

У Макрыны ў вачах застыла расчараванне.

— Заняты?.. А можа, прыйдзеш... я ў хаце буду, не пайду нікуды.

— Не, Макрына, сёння я буду заняты. Я пасля ўсё раскажу табе... Бывай!

Яна пайшла задуменная, смутная.

 

Дзяўчаты на вуліцы заклікалі на купальскае свята. Іх песні, пераплеценыя з абрыўкамі смеху і крыку, звінелі смелым задорам, сапраўды заклікалі да сябе, абяцалі цэлае мора гуллівае весялосці.

 

...А хто не ідзе на вуліцу,

Ой, рана на Івана,

Няхай ляжыць калодаю.

Ой, рана на Івана,

Калодаю дубоваю,

Ой, рана на Івана,

Дзеткі яго цяльпушкамі,

Ой, рана на Івана,

Няхай яго лянок зарасцець,

Ой, рана на Івана,

Макрыцаю, павіліцаю,

Ой, рана на Івана,

Той травою, што ў балоце,

Ой, рана на Івана,

Тым асотам, што ў гародзе,

Ой, рана на Івана.

 

 

Ну дзе ж там не пойдзе хто, калі так настойна звіняць дзявочыя галасы, калі так моцна вабяць яны сваім глыбокім, як зорнае неба, лірызмам і свежасцю, калі абяцаюць яны, што сягоння ў мяккім змроку начы, разбаўленым барвістым светам агнёў, адбудзецца вясёлае набажэнства, у якім малельнымі гімнамі будуць дзявочыя свежыя песні, у якім замест пакутнае скрухі будзе радасць і смех, будзе шырокі размах маладосці. Купала — гэта ж такое любае бязбожнае свята, у ім так многа дзікай паэзіі, у ім з паганскай вольнасцю разгортваецца чалавечая істота, шукае волі і радасці, хоча зліцца з чароўным сонечным богам — Прыродай, бо гэты бог — сама воля і радасць.

А колькі паэзіі ў гэтых наіўных варожбах, у ахінутым палахлівай тайнасцю шуканні кветкі шчасця, якая таму і вабіць да сябе, што ніколі не знаходзіцца. У гэтых варожбах цудоўна ўваскрасае дзяцінства чалавечага роду, апавітае густой сеткай забабонаў і чараўніцтва, у гэтых варожбах уваскрасае першабытны чалавек — дзіця магутнага і страшнога дзіва — Прыроды.

Час уважліва і шчыра перагледзеў спадчыну даўніх вякоў, зрабіў у ёй свае глыбокія няўхільныя змены. І цяпер усе гэтыя фантастычныя дзівы-варожбы — толькі наіўная казка, поўная своеасаблівае паэзіі, поўная радасці жыцця, ружовых смелых надзей і кахання.

Дзяўчаты заклікалі на купальскае свята. У гэтую ноч ніхто з моладзі не павінен спаць — пойдуць усе ў жыта або на бераг Дняпра, там загарацца зырка агні — будуць карагоды і скокі, будуць сакавітыя песні і малады сярэбраны смех. І там, у ціхім змроку начы, так радасна будзе кахаць, такімі любымі стануць дзяўчаты і пацалункі будуць саладзей за мёд, гарачэй за агонь.

Бо сягоння Купала — любае, вясёлае, бязбожнае свята. Зазыўныя песні дзяўчат падганялі Лясніцкага. У лесе ўжо густа расплыўся змрок, апрануў у цёмна-шэрае ціхія постаці дрэў, пусціў наўкола чорныя цені таемнасці. Лясніцкі спяшаўся — баяўся, каб не спазніцца. Яго затрымаў быў Андрэй. Ён ледзь адарваўся ад бесканцовых гутарак, спрэчак, у якіх прайшоў блізка што цэлы дзень. Ён не сказаў, куды ён пойдзе,— ого, каб сказаў! Па Андрэеву гэта ж напэўна — злачынства, гэта — здрада; паны ж — ворагі, з імі трэба змагацца. Значыць, і паненка Раіса — тож вораг. Заўтра вёска пойдзе адбіраць у яе сенажаць, і ён сам, можа, пойдзе, бо нельга паўстаць супроць цэлае вёскі. А сягоння ён з ёй сустрэнецца, будзе гаварыць, як з прыяцелем, нават не скажа, што будзе заўтра. Значыць, і тут — таксама здрада.

А можа, сказаць ёй аб усім, што было сёння на вёсцы?

Андрэй казаў, што нібы ён, Лясніцкі, на сходзе абараняў багатыроў, вёў іхнюю лінію. Гэта ён наўмысля. Ён вялікі дэмагог, гэты Андрэй. Ён умее весці за сабой людзей, умее граць на самых тонкіх струнах іх псіхікі. Ён нейкі д’ябал, чорны геній руйнавання.

Але што яму тут трэба? Чаго ён хоча тут дасягнуць? Чаго ён прыехаў сюды?

Страшны ён чалавек, гэты Андрэй. І няўжо гэта ўсе такія бальшавікі? Чаго яны хочуць, чаго дамагаюцца?

Лясніцкі добра праслухаў быў сёння словы Андрэя. І потым многа яны гаварылі ўдвух. Андрэй чаруе сваёй прастатой, прастатой праграмы свае, сваіх дамаганняў. А Лясніцкі таму і баіцца ўсяго гэтага, што яно занадта проста — да дзікасці проста, да недарэчнасці. Лясніцкаму прастата гэта здаецца дэмагогіяй, ён ёй не верыць, ён чуе тут нейкі ліхамысны падкоп. О, ён не паддасца гэтай спакусе, ён будзе цвёрда трымаць сваю лінію!

Пры думцы аб «лініі» Лясніцкага ахапляе непрыемнае замяшанне. Лініі якраз і няма, лініі ён не знайшоў. Яшчэ да гэтага часу пануе ў свядомасці глухая няўцямнасць — невядома, куды падацца, за што ўхапіцца. Паслаліся перад вачмі бязмежныя сцежкі-дарожкі, перапляліся пераплётам заклятым — не згадаць, па якой трэба пайсці, каб патрапіць на правільны шлях.

Не, лепш не думаць зусім.

Каб адагнаць дакучныя думкі, Лясніцкі як мага напінае слых, ловіць тонкія гукі прыціхлага лесу. Яшчэ далятае невыразна-музычным водгуллем лілова-смутны напеў купальскае песні. Ён неяк дзіўна блытаецца сярод апавітых змрокам і ціхім шолахам дрэў, і пачынае здавацца, што гэта не з вёскі лятуць ліловыя гукі, а недзе тут у лёгкім вецці сасонак грае нявідная арфа, пацяшае чароўных насельнікаў цёмнага лесу. Мо таму і гэты мяккі павеўны шолах наўкола, што пад музыку ціхае арфы скачуць па ветках карагоды лёгкіх русалак? Мо яны выйшлі ўжо з глыбокіх вод Дняпра, каб па-свойму, па-русалаччу, адзначыць вялікае купальскае свята?

Лясніцкаму робіцца трохі шорахна і разам з тым вальготна, лёгка. Ён спяшаецца, ідзе шырокімі шпаркімі крокамі, але хочацца ісці яшчэ шыбчэй, хочацца пабегчы — жвава, з падскокам, так, як калісьці ў дзяцінстве. І яшчэ страшэнна хочацца крыкнуць або піскнуць на ўвесь лес. Ад гэтага хацення Лясніцкі не можа ўтрымацца. Ён на момант спыняецца і крычыць, як хапае сілы:

— Го-го-го!..

І дзіўна. Нехта адказвае з глыбіні лесу, аднекуль здалёку-здалёку:

— Г о-го-го!..

Гэта не водгук. Водгук не бывае такі выразны. Гэта сапраўды нехта адгукаецца. Значыць, пачынае ўжо жыць глухі лес сваім таемным купальскім жыццём.

Вось ужо і сцежка, па якой нацянькі можна прайсці на панскія могілкі. Лясніцкі зварочвае і ідзе амаль што вобмацкам, натыкаецца на дрэвы, спатыкаецца на нейкія карчы. Нібы наўмысля выпаўзла ўсё гэта на сцежку, каб загарадзіць яму дарогу, каб затрымаць. Ён пачынае злавацца і яшчэ часцей натыкаецца на перашкоды.

Але вось замітусіўся ў цемры белы расплыўчаты цень. Гэта — капліца. Лясніцкі асцярожна абыходзіць бокам, каб не ўзбіцца на жалезную агароду, і ўваходзіць у шырокія вароты. Падыходзіць да капліцы. Пуста, нікога няма, толькі ўвушшу шаломным звонам звініць цішыня.

Няўжо пайшла? А мо яшчэ не прыходзіла?

«Як ужо добра сцямнее...» Пэўна, яшчэ не прыходзіла. А мо і зусім не прыйдзе?..

Лясніцкі сядае на ганкі, пачынае чакаць. Памалу ў нутро ўплывае золкая жудасць. Здаецца, нехта падцікаецца ззаду, становіцца за спіной, робіць нейкія страшныя рухі, мо ладзіцца ўхапіць халоднымі кіпцюрамі за горла. А азірнуцца няможна — страшна нават паварушыцца, здаецца — во-во наткнешся на нешта страшэннае, дзікае.

І як прыемна, радасна стала, калі ў ночнай цішы лёгка зашамацелі асцярожныя крокі. У варотах віхнуўся дрыготнай плямай шэры расплыўчаты цень. Чамусьці спыніўся.

— Хто тут?

— Добры вечар, Раіса Андрэеўна!

— А, гэта вы?

Ён ідзе ёй насустрач, знаходзіць у цемры руку яе і доўга цалуе ў нейкім парыўчатым захапленні. Яна ціханька смяецца.

— Узрадаваўся... Вы даўно чакаеце?..

— Што вы! Каб я пачакаў больш як дзесяць хвілін, вы б наўдачу знайшлі мяне тут жывога.

— Баіцеся?.. Як вам не сорамна... Ну, дык пойдзем. Наце руку, вядзіце, куды хочаце... Я здаюся сёння на ваша кіраўніцтва.

Яны выйшлі на дарогу, пайшлі пад вёску. Чым бліжэй падыходзілі, тым выразней чуваць былі песні, а потым пачалі далятаць і выбухі смеху, тлумнай гамонкі. Раіса спынілася.

— Я не хочу ісці туды, да іх... Мы пасядзім дзе-небудзь воддаль, паслухаем.

Лясніцкі прапанаваў пайсці на бераг Дняпра. Яна згадзілася.

Яны ўдаліся ў лес. Было цёмна, хоць вока выкалі. Раіса даверліва абапёрлася на руку Лясніцкага, ён ціха вёў яе праз цёмны натоўп хмурых дрэў, расхінаючы вольнай рукой вецце кустоў, якія трапляліся па дарозе. Часамі ён спыняўся, нібы затым, каб разглядзець дарогу,— тады моўчкі браў руку яе і цалаваў з глыбокай пяшчотай і сам ціха смяяўся, поўны нейкай дзіўнай радасці і шчасця.

Яны выйшлі на бераг Дняпра ў самым канцы лесу, адкуль быў зусім выяўна чуваць гоман і смех вясковае моладзі. Лясніцкі адразу ніяк не мог разабраць, дзе сабралася моладзь, пакуль не бліснуў агеньчык на палянцы, між Дняпром і вясковымі гумнамі.

Так. Тут збіраюцца блізка што кожнае лета.

Яны выбралі мясцінку і селі над самай кручай Дняпра, заплыўшай чорнай, як дзёгаць, цямнотай.

— Ну, цяпер раскажыце што-небудзь. Скажыце, што яны будуць там рабіць?

— Раскладуць агні, будуць пець, вадзіць карагоды, скакаць праз агонь. Потым пачнуць варажыць, пускаць вянкі на ваду... Вось, слухайце...

Там запелі працяжліва-звонкую песню, якая асабліва падабалася Лясніцкаму. У гэтай песні неяк трагічна перапляталася радасць з смуткам — быццам нехта смяяўся скрозь слёзы або плакаў ад нязвыклае, занадта вялікае радасці. Асабліва падабаліся Лясніцкаму канчаткі песні — такія халодныя, гонкія, як восеньскі вецер, і разам з тым шчымліва-радасныя. Лясніцкаму ад іх чамусьці ўспаміналася дзяцінства. Успаміналася, як у халодным восеньскім полі капалі бульбу, як ужо ўвечары, калі марозна барвянілася зара на захадзе, бацька накладаў мяшкі на калёсы, а ён скакаў навокал, рады, што зараз паедуць у двор і ён добра-добра адагрэецца на гарачай печы.

Лясніцкі расказаў пра гэта Раісе і вельмі здзівіўся, калі яна зразумела яго.

— Так, у гэтай песні чуваць нейкі бязмежны холад і цёплая надзея на саграванне. Мне тож падабаецца гэтая песня.

Яны моўчкі слухалі, пакуль не заціх апошні акорд. Потым ён пачаў гаварыць аб народных песнях, абрадах, аб іх гісторыі і значэнні. Яна слухала ўважна, бо ён дзівосна мяшаў рэальныя факты з казачным выдумствам, і выходзіла прыгожа, занятна.

Ужо тысячу гадоў, як на Беларусі ідзе паядынак багоў. Спачатку была агульная завіруха: прыйшлі з Грэцыі няпрошаныя госці — чужыя, незнаёмыя багі і пачалі выганяць нашых добрых старых Перуноў, Стрыбогаў, Дажбогаў і г. д. Аднак нашы паганскія багі не захацелі самохаць здавацца, ушчарэпіліся за свае боскія пасады і рашылі прыняць бой. Прышляцы тады заключылі саюз з князямі, дагаварыліся адзін аднаму памагаць. Убачылі паганскія багі, што справа дрэнь, што не ўстояць супроць дружын князёўскіх, і пусціліся на хітрыкі. Яны зрабілі від, нібы здаюцца, а тым часам пахаваліся і доўгі час жылі спакойна за спіной простага люду, які іх паважаў і шанаваў. Але грэцкія багі заўважылі гэтыя хітрыкі і зноў пачалі барацьбу. Толькі цяпер ужо яны не кідаліся разам на ўсіх, а схапіліся па адным, наладзілі паядынкі. Так, Ілья схапіўся з Перуном, Аўлас з Вялесам і г. д. Яны б’юцца аж да гэтага дня, і бадай што ніхто нікога не перамагае. А добры беларускі народ усё стараецца іх памірыць і па сваёй шчырасці гатоў верыць і ў тых і ў другіх, і тым і другім гатоў маліцца... Я дужа люблю Купалу. Кажуць, што гэта бог кахання. Мо таму ён і дасягнуў большай, як хто другі, перамогі над сваім супраціўнікам. Я добра ўяўляю сабе Івана Хрысціцеля. Гэта — высокі, хударлявы пустэльнік, перахлябаны ад доўгага посту — у яго і твар посны, быццам не кроў у ім, а аліва. Ну дзе ж яму саўладаць з чырванашчокім Купалам, з сонечным богам, які ўвабраны вянкамі і кветкамі, ад аднаго погляду якога загараецца ўсё весялосцю і смагай кахання, які любіць песню і радасны смех, які дазваляе чалавеку ўсе ўцехі жыцця і не патрабуе ні за які грэх пакуты і каяння...

І Лясніцкі гатоў быў бясконца цягнуць свае дыфірамбы паганскаму богу Купалу, але Раіса раптам схапіла яго за руку і паказала на Дняпро.

— Глядзіце, глядзіце! Як прыгожа!..

Сапраўды, гэта была цудоўная карціна. Адтуль, дзе гуляла моладзь, па Дняпры плыла цэлая плойма маленькіх дрыжачых аганькоў, якія то збліжаліся, то разыходзіліся, адзін аднаго даганялі, пераганялі. У іх асцярожнай гульні была нейкая напружная ўрачыстая важнасць, быццам яны адчувалі, што за імі сочаць з затоенай трывогай і страхам, што нехта чакае ад іх вырашэння свае долі.

А з берага плыла на ваду стройная песня, працятая трывожным смуткам, настойнай мальбой. Здавалася, што гэта песня даганяе чароўныя аганькі, лунае над імі і просіць-моліць іх аб долі тых, хто пусціў гэтыя вяночкі. У гэтай песні-маленні, у гэтых аганьках, у чорным маўчанні прытоенай ночы сапраўды адчуваўся павеў чагосьці старадаўнага, паганскага.

Аганькі падплывалі, набліжалася песня. Раіса ўстрывожылася.

— Яны ідуць сюды. Я не хачу, каб нас тут заўважылі...

Але турбота была дарэмная. Аганькі, не даплыўшы з гоні да іх, адзін за адным зніклі ў чорнай процьме Дняпра. Дзяўчаты з тлумным смехам і гоманам вярнуліся на старое месца — адтуль зноў прыляцелі гукі карагодных песень, рогат хлопцаў і дзявочы віск.

— Васіль Данілавіч! Я хачу паваражыць. Скажыце, як гэта зрабіць?

— У мяне ёсць дзве свечкі. Мы можам таксама пусціць вянкі. Я знаю месца, дзе лёгка сысці да вады.

— А вянкі?

— Вянкі можна звіць з папараці — яна заменіць нам кветкі. Тым больш што яна сама на сабе мае цудадзейную сілу і вартасць.

Яны, смеючыся, нарвалі цэлы ахапак папараці. Раіса пачала віць вянок, а ён расказваў фантастычныя байкі аб тым, як смелыя людзі хадзілі ў купальскую ноч шукаць кветку папараці, чароўную «кветку шчасця», як знаходзілі гэтую кветку і пагібалі потым пад злоснай навалай нячыстае сілы.

Вянкі выйшлі страшныя, нязграбныя. Раіса паказала яму, наіўна спытала:

— Ці можна такія пускаць?

У яе голасе гучалі ноткі любай дзяцінай няўпэўненасці, яна нібы крыўдавала на самую сябе, што не можа лепей зрабіць, што такая яна няўмека. Лясніцкі ў знак сваёй аўтарытэтнай ухвалы пацалаваў па некалькі разоў кожную яе руку, за што яна са смехам надзела на галаву яму абодва вянкі.

Па добра знаёмай Лясніцкаму сцежцы яны спусціліся ў чорную процьму абрыву. Там глуха, нездаволена хлюпала вада, быццам сварылася на іх за нясвоечасныя жарты. Ад Дняпра веяла халоднай непрытульнасцю, глуха-затоенай злосцю. І ад таго, што была навакол такая цёмная жудасць, ад таго, што Дняпро бурчаў пагрозна і гнеўна,— згінуў раптам у абаіх жартлівы настрой, працяліся абое глыбока трывожнай сур’ёзнасцю. Калі Лясніцкі запаліў свечкі і зірнуў на асветлены дрыжачым святлом твар Раісы, ён здзівіўся выразу яго. Яе вочы былі цяпер глыбокія і зусім чорныя, у іх было нешта далёкае, балючае, нешта ахінутае жудаснай трывогай.

Раіса заўважыла, што ён глядзіць на яе, нібы схапянулася і заспяшыла яго:

— Давайце хутчэй...

Ён даў ёй вянкі.

— Пускайце разам. Загадайце на каго-небудзь. Калі сыдуцца, значыць... і вы сыдзецеся, а калі разыдуцца, значыць...

Яна пусціла вянкі на ваду. Лясніцкі заўважыў, што ў яе дрыжалі рукі. Ён здзівіўся.

«Няўжо яна сапраўды верыць гэтым варожбам?»

І мімаволі самога агарнула нейкая ліпучая жудасць, сам пачаў з шчырай трывогай сачыць за вянкамі.

Вянкі адплылі на аршын ад берага і раптам — ці то затым, што былі звіты няўдала, ці мо свечкі былі няўдала прывязаны,— але неяк разам, у адзін момант, абодва аганькі пагаслі.

Здалося, што цемра цяпер стала яшчэ гусцей, яшчэ чарней, чымся была дагэтуль. І яшчэ больш стала жудасна, страшна навокал. Хвіліну яны стаялі моўчкі. Потым яна спытала нейкім чужым палахліва-дрыжачым голасам:

— Што гэта значыць?

Ён не ведаў, што адказаць. Паспрабаваў абысціся жартам.

— Гэта значыць, што вы астанецеся ў ранейшых адносінах, не сыдзецеся і не разыдзецеся.

Выйшла недарэчна, суха. І раптам яна схапіла яго за руку, затармашыла, зашаптала парыўчата, захліпваючыся:

— Я баюся... Васіль Данілавіч... Мне страшна, страшна... Пойдзем хутчэй... Васіль Данілавіч...

І, працятая нейкім хваравітым жахам, яна кінулася ад вады, пачала першая паспешна лезці ўгару, на кожным кроку спатыкаючыся, абрываючыся з крутой сцежкі, якая ўзбягала па абрыву. Лясніцкі, як сіла, кінуўся ўслед за ёй і якраз упару дагнаў. Яшчэ момант, і яна б, сарваўшыся з незнаёмае сцежкі, паляцела ў Дняпро.

Яна сутаргава схапілася за яго і ўсё гаварыла, прасіла:

— Скарэй, скарэй... Я баюся... Васіль Данілавіч...

Тады ён узяў яе на рукі і вынес на бераг. Там пасадзіў на траву, сам сеў поплеч, не адпускаючы яе з сваіх абнімкаў, пачаў угаварваць:

— Раіса Андрэеўна... Раіса... Чаго вы... Супакойцеся...

Яна дрыжала, тулілася да яго і гаварыла вінаватым узрушаным голасам, нібы хацела апраўдацца ці заспакоіць Лясніцкага:

— Я страшэнна нервовая... я нервовая... Мне здалося нешта — я сама не ведаю... Чаму гэта свечкі пагаслі? Вы не ведаеце, Васіль Данілавіч?..

Ён ёй тлумачыў, што гэта зусім натуральна, што вянкі былі звіты няўдала, што свечкі ён слаба прыладзіў. Яна згаджалася, сама знаходзіла розныя прычыны, нібы разам з Лясніцкім і сама старалася сябе ўгаварыць. І потым, калі ўжо, здаецца, зусім супакоілася, раптам прытулілася да грудзей Лясніцкага і заплакала. Лясніцкі, поўны глыбокай пяшчоты, гладзіў яе дрыжачыя плечы, браў яе рукі і цалаваў іх, гатовы сам заплакаць ад жаласці. І не угаварваў, а прасіў, маліў яе, каб перастала.

А яна нібы і не чула яго, нібы і забылася на яго прысутнасць — плакала усё і гаварыла скрозь слёзы нешта дзіўнае, незразумелае:

— За што гэта мучэнне... я не хачу, я не прашу нічога... Нашто гэта страшнае, дзікае... Божа мой... што я раблю... Я не хачу кахання... мне не трэба... Нашто гэта? Нашто?..

Ён слухаў яе няскладныя словы, яны гнялі яго сваёй дзікай незразумеласцю. Здавалася, каб знаў ён, у чым тут справа, каб знаў яе гора, дык бы здолеў разважыць яго, здолеў бы яе суцешыць. Каб толькі знаць, у чым тут справа!..

— Раіса Андрэеўна! Раскажыце мне, аб чым вы плачаце... Раіса Андрэеўна!..

Яна раптам змоўкла, падняла галаву. Нібы толькі цяпер заўважыла, што плача ў яго на грудзях, што ён абнімае, лашчыць яе. Яна моўчкі адхінулася, толькі пакінула сваю руку ў яго руцэ. Так сядзелі колькі хвілін у маўчанні. Потым яна палягчона ўздыхнула і загаварыла сваім звычайным голасам:

— Я вам многа турботы нарабіла, Васіль Данілавіч. Вы мяне выбачце — я такая дурная, хворая...

Потым, памаўчаўшы трохі, весела засмяялася.

— Смешны вы які... Скажыце, Васіль Данілавіч, вы кахалі каго ці не?..

Ён замяшаўся.

— Як вам сказаць... Я кахаў... Я кахаю, праўда, адну... жанчыну... Я кахаю ўжо некалькі год яе.

— Пакахайце мяне... Добра?..

У яе голасе гучаў ужо звычайны гуллівы задор.

— Я хачу, каб хто пакахаў мяне... Але ведаеце, як я хачу, каб мяне кахалі? Ведаеце?.. Каб той, хто мяне пакахае, забыўся на ўсё, што ёсць у яго ў жыцці, апрача мяне, каб ён маліўся на мяне, чакаў, як міласці, аднае мае ўсмешкі, каб ён хадзіў за мной, як цень... Я здзеквалася б над ім, я яго мучыла б, катавала... О, я загубіла б яго, я атруціла б яму ўсё жыццё, я выдумала б яму самую страшэнную, самую дзікую кару... Я яго ненавідзела б, як толькі можа ненавідзець жанчына...

Яна гаварыла гэта з гарачай злосцю, і ў яе голасе было так многа шчырасці, што здавалася, нібы ўсе гэтыя пагрозы яна накіроўвае на пэўную асобу, што яна хоча памсціцца за нейкую крыўду, якую зрабілі ёй самой. Калі кончыла пералічаць яна ўсе кары таму невядомаму нешчасліўцу, які у яе закахаецца, яна зноў гулліва засмяялася, звярнулася да Лясніцкага:

— Ну як, Васіль Данілавіч, ці згодны вы мяне пакахаць?

І, відаць, дужа здзівілася, калі Лясніцкі раптам адказаў зусім сур’ёзна і шчыра:

— Згодзен, Раіса Андрэеўна.

— Згодны?

— Так, згодзен.

Яна часінку падумала. Потым здзіўлена ўсміхнулася, яшчэ раз сказала:

— Смешны вы, Васіль Данілавіч!

У гэты момант запелі пеўні на вёсцы, абвясцілі поўнач. Там, дзе гуляла вясковая моладзь, цяпер ясна гарэлі агні, грымеў смех і вясёлы гоман. Песень ужо не чуваць было: відаць, патаміліся дзявочыя галасы.

Лясніцкі загаварыў у нейкай цягучай задуменнасці:

— Дванаццаць гадзін. Цяпер расцвітае агнёвым цветам папараць. Для аховы гэтае кветкі збіраюцца ў лесе ведзьмы, русалкі, чарцяняты. Стары Лясун у іх правадыром, ён тут самы старэйшы. Калі сарве чалавек гэтую заклятую кветку, вакол падымецца страшэнны гвалт, з усіх бакоў пацягнуцца страшныя чарцячыя лапы, таго чалавека заскубуць, затурхаюць, прымусяць выпусціць кветку. І тады пойдзе па лесе страшэнны д’ябальскі рогат — узрадуецца нячыстая сіла, што не дапусціла чалавека заўладаць шчасцем. Во, чуеце? Чуеце смех?.. Чуеце віск?.. Ха-ха!..

Раіса яго нецярпліва перапыніла:

— Кіньце чмурыць... Я не такая наіўная, каб не пазнаць, як крычыць сава.

На Дняпры плесканулася нейкая рыбіна.

— Чуеце, Раіса Андрэеўна, гэта рыба ловіць вашы нешчаслівыя вянкі.

Яна засмяялася.

— Слухайце! Ніколі не ўспамінайце мне пра гэтыя вянкі. Добра?..

Ён згадзіўся. На колькі хвілін запанавала маўчанка. Потым Раіса раптам звярнулася да яго, сказала зусім сур’ёзным, нават нейкім сярдзітым тонам:

— Васіль Данілавіч! Пацалуйце мяне!..

Лясніцкі асалапеў ад нечаканасці. Але неяк нязграбна прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў у шчаку. Яна нібы раззлавалася.

— Не так вы, не ўмееце... Во так трэба, во... во...

І яна пачала цалаваць яго ў вусны, у вочы гарачымі моцнымі пацалункамі.

— Во так... Любы, дарагі... сонца маё... мучыцель мой...

Лясніцкі не ведаў, што рабіць. Потым забунтавалася кроў, затуліў галаву пякучы салодкі туман — ён памкнуўся абняць яе, прыгарнуць да сябе. Яна заўважыла, сярдзіта яго адпіхнула.

— Пусціце, няўмека... Я пайду ўжо дахаты...

Ён праводзіў яе, поўны вострага захаплення — ён адчуваў сябе глыбока шчаслівым. У сэрцы прыемна расквітала пачуццё бязмежнай адданасці гэтай чароўнай дзяўчыне. Ён гатоў быў так пакахаць яе, як яна гаварыла.

Дарогай усплыло было на думкі тое, што павінна адбыцца ўранні, і стала страшэнна прыкра. Тады ён рашыў расказаць ёй аб тым, што было на вёсцы, што надумалі зрабіць узбунтаваныя сяляне. Яна спачатку слухала зусім няўважна, а потым зацікавілася, пачала сама ўсё падрабязна распытваць. Потым падзякавала. Лясніцкага неяк балюча кальнуў тон гэтай падзякі. Выйшла так, што нібы ён набіўся ёй як паненцы сваімі паслугамі, што ганебна даказаў на сваіх вяскоўцаў. Але гэта ўражанне хутка зацёрлася, і Лясніцкі вярнуўся дахаты ў добрым, шчаслівым настроі.

 

Як выйшла ядранай роснай раніцай раць дзябёлых касцоў — больш як сто чалавек, куды! — ды як уцялі ва ўсю шырыню панскае лукі — ад Дняпра да Дняпра,— эх, закіпела вясёлая, дружная праца, разгарнулася магутным махам сіла сялянская — заложная, цяглая.

Ад берага да берага расцягнуўся пярэсты ланцуг — ідуць адзін за адным станоўка, упорыста, падганяе ліхі, маладзецкі задор.

— Эй, беражыся, пяткі падрэжу!

Вострыя косы ў сялян — самі ўпіваюцца, хрумсаюць смагла залітую мядовай расой траву — толькі спраўляйся махаць услед ды адварачваць цяжкія неўвароткія гурбы. Але вастрэй за косы, вастрэй за сталь вясёлыя жарты сялян, званчэй за барвяную зару іх вольны раскатны смех. Пад жарты, пад смех спарней ідзе праца, танчэй развінаюцца дужыя плечы, шчырэй завіхаюцца рукі. І вось ужо даганяюць, падганяюць ужо адзін аднаго.

— Эй, беражыся, пяткі падрэжу!

Трывожыцца глухая нечапаная сенажаць. Палахліва туліцца травіна да травіны; кветкі, красуні дзікія, з адчайным неўразуменнем ківаюць галоўкамі — што за бяда, што за насланне! — дзе-нідзе ўзляціць асалапелая перапёлка, ёй услед — ату! го-го-го! — а над галавой даўно ўжо вяжа кругі хітрая чайка — прыкінулася казанскай сіратой — кі-гі! кі-гі! — быццам во ўжо ўспораць гняздо, во ўжо загінуць яе піскляняты. А тым часам гняздо тое мо з паўвярсты, мо нават за Дняпром дзе-небудзь. Ой, хітрая птушка гэтая чайка!

Трывожыцца сенажаць, бярэцца дзень сумятлівы, тлумны, не будзе спакою нікому. Мышы, жабы, птушаняты малыя, падлеткі — тыя ўцякаюць, забіраюцца ўглыб, у някранутыя нетры травы. Як будуць дакоскі — во будзе пацехі! Апошні лапік няскошанай сенажаці будзе заалагічны сад, там збяруцца, ратуючыся ад касы, усе прадстаўнікі лугавога насельніцтва. Прыйдуць тады малыя хлопцы і завядуць на іх паляванне.

А горш за ўсіх шчамялям. Абы толькі пачуў каторы касец іх недалужна-завязлае ў траве, тонкае, як валасіна, звіненне, адразу кідае касу, шукае саломінкі і — прапала шчамялёвая праца. Смачны мёд шчамяліньг, хоць і ёсць там яго — адзін смех!

А што толькі робіцца з скачкамі, з кабылкамі, з рознымі лугавымі казюлькамі!

Трывожыцца сенажаць, бярэцца дзень сумятлівы, тлумны. І ад гэтай жывой сумятні, ад гэтае агульнае панікі яшчэ весялей працуецца, яшчэ бурней закіпае энергія, хочацца так разгарнуцца, каб зрабіць больш за ўсіх, каб усіх перагнаць.

— Эй, беражыся, пяткі падрэжу!

Андрэй не ўмее касіць зусім. Ён нязграбна пора касой, клыча траву, сам увапрэў чыста ўвесь, а ладу ніякага. Над ім сяляне ласкава падсміхваюцца, ён і сам шчыра смяецца і сур’ёзна баіцца, каб не падрэзалі пяткі,— з смешнай гатоўнасцю пераступае чаргу кожнаму касцу. А выйсці з шэрага не хоча, пнецца, як сілы хапае, каб выйшла што-небудзь, каб налаўчыцца.

Каб не пайшоў быў Андрэй, дык, можа б, і Лясніцкі астаўся ў дварэ. А так ужо неяк было не пайсці.

Спачатку да болю было непрыемна. Мучыла свядомасць, што гэта супроць яго думкі, супроць яго волі гняло настойнае прадчуванне, што дрэнна кончыцца гэтая справа. Ды яшчэ не даваў спакою пагодлівы ўспамінак аб тым, што ўсё расказаў паненцы. Гэта ж фактычна ён даказаў на сялян, зрабіў дрэнны шпігоўскі ўчынак. І цяпер — нібыта што астаецца сярод іх, робіць сам тое, што яны робяць, аб чым паслужна паведаміў паноў. У гэтым была вялікая подласць — ён гэта ведаў, і гэта страшэнна яго турбавала.

Але напружана-разгонная праца, вясёласць навокал, смех, жарты сялян паступова заглушылі гэтае пачуццё, вярнулі спакой. Працавалася добра. Ад бяссоннай ночы ва ўсім целе адчувалася млосць, але не хваравітая, не цяжкая — такая, ад якой хочацца пацягнуцца, магутна распрастаць усе костачкі, зрабіць нейкую напружаную патугу. Таму праца сягоння не толькі была не цяжкая, а давала прыемную слодыч, дзіўна здавальняла патрэбнасць істоты.

Праз гадзіну ці паўтары пасля пачатку работ, калі ўжо далёка ў глыб лукі закаціліся густыя пракосы, на сенажаці з’явіўся Карла. Ён прыскакаў верхам на сваім шалёным стаенніку, сперш пагарцаваў па скошаным, потым пад’ехаў да сялян, спыніўся ля іх — пануры і грозны, як хмара. Ён правёў разы са два сваім марудным цяжкім поглядам па шэрагу касцоў, потым запытаў ціхім нізкім голасам:

— Хто вам дазволіў касіць?..

Усе маўчалі, утупіўшыся ў зямлю, заўзята махалі косамі.

— Хто дазволіў касіць?..

Голас яго ўжо ўзняўся, набыў металічную рэзкасць.

Нехта азваўся, буркнуў нібы сам сабе:

— Ніхто не дазваляў, самі дазволілі...

Тады яшчэ колькі чалавек падхапілі:

— Вядома, што самі. Хто ж нам дазволіць? Пайшлі вось дый зачалі.

Карла, відаць, пачуў у галасах сялян нотку абдуманай, загадзя падрыхтаванай упартасці. Ён зноў панізіў тон.

— Хто ў вас старэйшы?..

— Усе старэйшыя... Усе... Усе...

— З кім я магу гаварыць?..

— Усе ўмеем, можна з усімі...

Раптам з пракосу выйшаў Андрэй і падышоў да Карлы. Ён прыняў наўмысна пакорны, смяхотна-далікатны выгляд, падышоў, жартліва пакланіўся.

— Паночку! Калі будзе на тое вашая ласка — я магу добра з вамі пагутарыць. Я не ўмею касіць — бачыце, колькі барод? — гэта ўсё я нарабіў,— але гаварыць я — мастак. У мяне, як і на касе, лапатуха на лапатусе, таму ён можа брынчаць хоць цэлы дзень. Скажыце толькі, што цікавіць вашу мосць, я далажу аб усім.

Карла туга ўпяў у яго свой хмуры погляд, быццам хацеў працяць яго наскрозь, каб разглядзець, што гэта за чалавек. Андрэй і вокам не міргнуў — адкрыта глядзеў на яго чыстымі, поўнымі вясёлай павагі вачмі. Карла паўтарыў яму сваё запытанне:

— Хто дазволіў касіць сенажаць?..

— Э, паночку! Вы б лепей спыталі, хто дазволіў расці гэтай траве, хто дазволіў дажджу яе паліваць, сонцу — саграваць, ветру — разносіць яе насенне... А скасіць — гэта і без дазволу не трудна... А калі хочаце ведаць, хто нам дазволіў, дык слухайце: атрымалі дазвол мы здалёку, прынёс яго нам лёгкі вецер, перадаў і строга-строга заказаў, каб нікому не гаварылі, адкуль прыйшоў гэты дазвол. Асабліва каб не казалі старому пану і яго маладзейшым падпанкам...

Пры гэтых словах нехта сярод сялян пырснуў са смеху. За ім другі, трэці, і нарэшце зарагаталі ўсе зычным смелым рогатам.

Карла пасінеў ад злосці. Твар яго сутаргава перакасіўся, ён крануў каня і падаўся на Андрэя, пагрозна ўзмахнуўшы бізуном. Андрэй і не зварухнуўся, толькі загарэліся вочы ды з твару збегла мяккасць, асталася напружная цвёрдая сіла. Ён адну руку выставіў перад сабой, нібы спыняючы панскую прыць, а другой мнагазначна паказаў на касу, што поплеч з ім была ўторкнута ў дол. На Карлу гэты жэст зрабіў патрэбны ўплыў. Ён ураз асадзіў каня, крута яго завярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў.

— Ату! Го-го-го!.. Ату!..

Сяляне пацяшаліся, як мага крычалі, тукалі, аж пакуль ён не схаваўся з вачэй. Тады пачалі жвава абгаварваць становішча. Ніхто не сумняваўся, што пачнецца цяпер барацьба, што возьмецца Карла як след. Але ўсе былі за тое, каб цвёрда — што б там ні было — стаяць да канца на сваім. Ды яшчэ парашылі як сіла спяшацца, каб папярэдзіць панскія захады.

Так у гутарцы, у меркаваннях прайшло з паўгадзіны. І вось раптам нехта закрычаў:

— Глядзіце, глядзіце-тку! Вунь ён куды паляцеў!..

Ніхто не прымеціў, як Карла, ужо, мабыць, пабыўшы ў маёнтку, пераплыў на пароме цераз Дняпро і скакаў цяпер па тым баку — у напрамку пад станцыю.

— Паляцеў біць тэлеграму некуды. Іш ты, узяўся.

— Набегаецца, накідаецца...

— А мы тым часам пакосім дый прыбяром. Тады — на, пасвішчы...

Раптам некаму прыйшла ў галаву гуллівая, дзівачлівая думка.

— Што, каб яго цяпер не пусціць з таго боку. Узяць ды затрымаць тут паром — хай пакрычыць.

Думка ўсім спадабалася. Усе сустрэлі яе дружным рогатам. Зараз жа вылучылася некалькі чалавек для перамаўленняў з перавознікам Саўкам.

Дзед, калі яму расказалі пра задуманы план і папрасілі яго дапамогі, здаволена зморшчыўся, засіпеў і скрозь гэты свой недарэчны смех праказаў:

— А я засну... Улезу ў будку і буду спаць... Ого, калі я засну... Мяне сам чорт тады не даб’ецца.

Пасланцы пакаціліся ад радаснага смеху.

— Пастарайся, дзядулька. Мы табе за гэта табакі купім.

Дзед махаў рукой.

— Што вы! Што вы!.. Я сам сазнаю... Ого, некалі я любіў падстроіць. Мне — што паны, ані ў галаве...

І ён, размаўляючы нешта сам з сабой, палез на паром, у сваю будку. Сяляне вярнуліся на луку, пачалі ў нецярплівасці чакаць, ці скора вернецца Карла. Той доўга не забавіўся. Праз якую гадзіну ён ужо пад’язджаў к парому. Сяляне настаражыліся, прыслухаліся. Пакаціліся ўсе са смеху, калі пачулі яго нецярплівы крок:

— Паром! Давай паром! Паром!..

— Нічога. Пакрычы, пакрычы, не трэснеш...

Нехта прапанаваў:

— Гайда бліжэй — паглядзім, як ён будзе там захадзіцца.

Усе пакідалі пракосы, пайшлі, пабраўшы косы на плечы, к парому. Падышлі і пачалі жартаваць, смяяцца. Той небарака круціўся ўсё на сваім стаенніку, усё гукаў:

— Паром! Паром!..

А тут спакойна назіралі і, смеючыся, рабілі заўвагі:

— Іш, высцігаецца...

— А голас у яго няхвацкі...

— Вось каб яму нашага Сёмкі голас... Во, гэта голас!..

— Глядзіце, глядзіце, зараз закрычыць...

— А ты адкуль ведаеш?

— Сакунды тыя прыйшлі...

Але, ткі даўміўся Карла нарэшце, у чым тут штука. Ён адразу завярнуўся, паехаў назад, але, праехаўшы трохі, вярнуўся зноў — не заманулася ехаць за пяць ці шэсць вёрст на другі паром. Ён у нерашучасці пакруціўся яшчэ з хвіліну на беразе, потым з усяе сілы хляснуў бізуном па кані і з маху ўскочыў у Дняпро.

Адразу сярод сялян смех як ветрам здзьмула. Нягледзячы на тое, што гэта быў вораг, што, можа б, кожны рад быў яго пагібелі,— у гэты момант усе мімаволі працяліся павагай. Трэба было мець асаблівую адвагу і спрытнасць, каб пусціцца ўплынь праз Дняпро, асабліва ў гэтым глыбокім і быстрым месцы. І мімаволі кожны ўдалы рух ездака сустракалі спачувальнымі ўскрыкамі і цяжка заціналі дыханне, калі той ледзь-ледзь трымаўся супроць зганяўшай яго ўніз плыні.

Калі ж Карла нарэшце пераплыў і выехаў на бераг — увесь мокры, завэдзганы — зноў заіскрыўся смех у натоўпе, зноў узвіліся вясёлыя спрытныя жарты.

Тым часам Карла, у лютасці б’ючы з усяе сілы каня, паскакаў да парома. Сяляне ўмомант сцямілі, у чым тут справа, захваляваліся:

— Трэба выручыць...

— Не дазволім біць!

— Што ж ён вінават?

— Гайда к парому!

Але турбота іх была дарэмная. Пакуль яны падышлі да парома, Карла ўжо справіўся злезці з каня, узысці на паром, агледзець кожную шчыліну і, нікога не ўбачыўшы, зноў узлез на каня і праскочыў каля іх страшным разлютаваным д’яблам.

Сяляне няўцямна глядзелі на паром.

— А дзе ж Саўка?

Але стары не забавіўся развеяць агульнае неўразуменне. Ён вытыркнуў з будкі сваю лахматую галаву і ўвесь аддаўся свайму дзікаму смеху-сіпенню.

— Дзе ж ты быў, дзядуля?..

— А я... а я... у саломе... х-х-х... чорту вер, яшчэ дасць бізуна... дык я... схаваўся... х-х-х...

І, здаволены сваёй спрытнасцю, дзед качаўся ад нястрыманага смеху.

Сяляне пачалі закурваць.

 

У той дзень палажылі большую палавіну лукі. А назаўтрага, як толькі выцерла сонца сваімі шаўковымі ручнікамі наплаканую начным туманам расу, запярэсціўся луг морам рознакалёрных істужак — высыпалі з усяе вёскі маладзіцы, дзяўчаты, хлапцы-падшпаркі сушыць свежае мурожнае сена.

Вось калі ажыў, апавіўся гуллівым тлумам сонечны луг. Вось калі загрымеў, рассыпаўся ў ясным паветры звонкі сярэбраны смех, палілася шумлівай плынню рознагалосая гутарка. Ведама, баба, калі лапоча языком, дык удвая больш наробіць. А прымусь яе моўчкі рабіць, дык і рукі апусцяцца ў небаракі.

Мужчынам сёння не балазе. Апанавалі бабы, прыціснулі плоймай крыклівай — не зысці проста з пракосу. Бо пападзіся адзін у іх стан — заклююць, заскубуць — хоць трэсні, дык не адбрэшашся. Абсмяюць з усіх бакоў, аблаюць — няма куды дзецца. Такая ўжо задзірлівая парода бабская.

К паўдню кончылі мужчыны касьбу. Папалуднаваўшы, узяліся разам з бабамі за сена. Праца пайшла яшчэ спарней, бо адны адных падганялі. Мужчыны падсміхваліся над бабамі, над іх дробным, няспорным завіханнем, тыя стараліся ўцяцца, каб мужчын перагнаць, каб асароміць іх, пасмяяцца над імі. Жарты, заляцанні хлопцаў да дзяўчат, сяброўская лаянка, сварка — гэта не перашкаджала ў працы, толькі больш распаляла энергію.

Пачуў сябе вольна цяпер і Андрэй. Цяпер ён быў ужо раўнапраўны з усімі, бо, каб грабці, не трэба было асаблівае мудрасці — не тое што касіць. Ён укладаў у работу ўсю сілу, быў рады, здаволены, як дзіця. Нешта сышоўшыся з Лясніцкім, ён крыкнуў яму ў глыбокім шчырым захапленні:

— Васіль, браточак! Каб так век працаваць... Гэта не праца, а нейкая шырокая прыгожая забава!..

Лясніцкі зірнуў на яго і мімаволі залюбаваўся. Ён распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай, ён, здавалася, быў увасабленнем гэтае шырокае, магутнае, як прырода, працы-забавы, гэтага радасна-тлумнага квяцістага дня. А на твары ў яго светла іскрылася любая дзяціная радасць, яснае шчасце. Гледзячы на гэты твар, хацелася глыбока, добра так засмяяцца, хацелася нешта зрабіць ласкавае, прыемнае.

Андрэю спазрылася Макрына, і ён жартам пачаў каля яе ўвінацца. Ён усё стараўся дагнаць яе і, калі ўдавалася, рабіў від, што хоча загрэбці яе разам з сенам, пагрозна ўзмахваў граблямі. Яна ўцякала з давольным смехам і яшчэ доўга смяялася здалёку, гарэзліва бліскаючы сваімі прамяністымі, як чорны тапаз, вачанятамі.

Ён жартам гразіў ёй:

— У-у-у, цыганё... Вот зараз я цябе заграбу...

А Макрына і сапраўды была чыстае цыганё. Яна загарэла, засмылела на сонцы, яе звычайна беленькі твар быў цяпер смуглы зусім, і больш, як звычайна, было на ім здаровае чырвані. Лясніцкі спадкрадня да яе прыглядаўся і бачыў, што яна не паблажэла ні-ні, можа, нават і папрыгажэла, але была не такая, як раней, не такая, якая яму падабалася. Ён знайшоў прычыну гэтага ў тым, што яна загарэла, што няма ў ёй ранейшае кволасці, што цяпер у ёй поўна сытога здароўя, што гэта здароўе і свежасць надае ёй нейкую грубаватую абычайнасць, робіць яе падобнай на ўсіх іншых вясковых жанчын.

Калі ён глядзеў на яе, калі перад вачмі спакусліва мільгала яе зграбная, прыемна поўненькая фігурка, у яго загаралася знаёмае палкае пачуццё, набягала ў сэрца гарачая хваля пяшчоты. Але гэта не было ўжо тое, ранейшае. Гэта міналася зараз жа, як толькі яна знікала куды-небудзь з вачэй. І калі бачыў Лясніцкі, што з ёй жартуе Андрэй, што і яна з ім абыходзіцца ласкава, яму ані-ні не было прыкра. Ён з спакойным сэрцам глядзеў на іх, любаваўся іх яскравым свежым здароўем і нават з усмешкай думаў: «Вось была б добрая парачка».

К вечару прыбралі палавіну лукі. На чыстай, гладкай, як яйцо, палянцы ў прыгожым парадку выстраіліся роўныя зграбныя копы, быццам нарыхтаваліся, каб пачаць нейкую гульню, быццам во-во гатовы сарвацца і пабегчы па чыстаму, гладкаму, замітусіцца ў павеўных скоках.

Шэрай гадзінай сяляне вярталіся ў вёску. Дзяўчаты спявалі песні, хлопцы круціліся каля іх, нахабна ім бунтавалі, старэйшыя вялі зладную, давольную гутарку.

У той вечар на вёсцы доўга не спалі — не даваў спаць узняты дружны настрой, які астаўся ад дзянной працы, не хацелася расхадзіцца па хатах, хацелася быць разам, у кучы. Некаторыя паляглі, аж калі пеўні запелі. Ляглі, каб праз якіх дзве-тры гадзіны падняцца і зноў распачаць цяжкую сялянскую працу.

На другі дзень кончылі ўсё. Надвячоркам хадзілі паміж коп, любаваліся ўдалым, зялёным, як мурог, сенам і меркавалі, як бы спрытней і скарэй падзяліць, каб заўтра ўжо можна было звазіць у пуні. І, прыйшоўшы на вёску, доўга яшчэ гаманілі аб гэтым, нават сабралі фармальную сходку. На сходцы выбралі пяць надзейных чалавек, якім далі поўную волю падзяліць так, як яны знойдуць патрэбным і справядлівым.

А назаўтрага зранку прыехалі з павета салдаты і агітатар. Агітатар сабраў сход і паспрабаваў зацягнуць песню аб небяспецы, свабодзе і рэвалюцыі, аб анархіі і бальшавіках, аб непарушным праве ўласнасці, аб устаноўчым сойме і г. д. Ён гаварыў хвілін пяць, а потым яго прагналі. З салдатамі ж справа выйшла горшая. Іх прагнаць было трудна, бо ў іх былі вінтоўкі. А салдаты самі прагналі ўсіх чыста з лукі і потым надта блізка не падпускалі.

З паўдня прыехалі панскія падводы і пачалі забіраць гатовае сена. Бяссільныя супроць узброенай сілы хадзілі вакол збянтэжанай гурмай сяляне і з горкай дасадай глядзелі, як звозяць у пракляты маёнтак плады іх трохдзённае працы. З кожным звезеным возам расло ў сялянскіх грудзях абурэнне, закіпала сэрца агнёвай злосцю — гатовы былі кінуцца ў бойку, учапіцца хоць за гэта апошняе, што яшчэ асталося. Але што ж зробіш з голымі рукамі супроць салдацкіх вінтовак? Прабавалі пагаварыць з імі па-добраму, падыходзілі, завадзілі сяброўскую гутарку, распытвалі пра іх несамавітае салдацкае жыццё. Тыя абыходзіліся ласкава, ахвотна гаманілі з сялянамі, але кожны раз, як толькі закідвалі сяляне ў бок таго, каб як-небудзь неўспадзеў дапусціць іх да сена,— салдаты нязменна прымалі сур’ёзны выгляд і з паважнай таемнасцю ківалі галовамі:

— Э не... Цяпер у нас строга. За гэта нам будзе — ведаеце што?.. Ну дык і не кажыце нават...

Па луцэ гарцаваў на дзіка ўспененым стаенніку Карла. На яго хмурым твары густа застыгнуў быў цень трывожнай руплівасці — ён нібы не бачыў ні сялян, ні салдат, нічога навокал, аддаўся цалкам распарадкаванню падвод, якія незлічонай плоймай усё наязджалі на луг. Знаў хітры Карла, што калі не возьме за дзень, дык — памінай чым звалі. Пад аховай ночнае цемры лягчэй распаляюцца пачуцці, глыбей ахапляе адчай і адважнасць. Уначы і салдаты могуць астацца бяссільнымі.

Нібы пад павевам якога заклятага ветру агалялася гладка лука. І гэтая чыстая гладзь, гэты быстры разгон зялёнай роўнядзі, які звычайна робіць уражанне нечага прытульнага, па-святочнаму прыбранага,— цяпер раздаваўся халоднай пустэчай, невясёла, нудна блішчаў голай лысінай. І крышылася сэрца сялянскае ад вострай роспачы, ад турботнае думкі пра немінучую бяскорміцу, пра заклятую спрадвечную нястачу. А разам з роспаччу разбухаў у сялянскіх грудзях магутны, заложны гнеў — не хвілінны выбух раз’юшанай злосці, а сапраўдны гнеў, корні якога ў даўняй, як свет, нянавісці, захаванай глыбока-глыбока ў сялянскіх сэрцах.

Карла свайго дабіўся. К захаду сонца не асталося на сенажаці ні жменькі сена — чыста было, як падмецена.

На вёсцы ішла замятуха. Хадзілі ўсе злосныя, раздражнёныя, у гутарках не было ранейшае зладнасці, усе гатовы былі адзін з адным грызціся, завадзіць беспрычынную сварку. Павылазілі цяпер з сваіх мярлог багатыры ды іх падлізы-прыспешнікі, што былі супроць памыкання на панскую ўласнасць, хадзілі цяпер, здаволена пазадзіраўшы насы, зларадасна выгаварвалі:

— А што? Пайшлі супроць закону, супроць парадку? Папрацавалі тры дні на пана, а ён і дзякуй не сказаў...

Лясніцкі адчуваў, што ён з большым правам, чым хто другі, можа напамянуць аб правільнасці сваіх разважанняў, аб перасцярогах сваіх, якія поўнасцю спраўдзіліся, але тактоўнасць не дазваляла яму раскалупваць свежую больку сялян. І, апрача таго, як гэта ні дзіўна, а цяпер, калі ўсё ўжо кончылася, ён ані-ні не адчуваў свае перамогі, свае, здаецца, зусім бясспрэчнае справядлівасці. Наадварот, цяпер чамусьці пачынала здавацца яму, што іначай і быць не магло, што ўсё гэта павінна было стацца, што ў сутнасці не было тут ніякай памылкі. І яшчэ адчувалася — глуха, інстынктам,— што гэта не канец, што будзе, павінен быць яшчэ нейкі працяг гэтае справы.

А сярод сялян пад уплывам злосна-насмешлівых дапіканняў багатыроў расло цёмнае, нядобрае нездаволенне. Пачыналі загаварваць аб тым, што нехта звёў, што нехта наўмысля падбухторыў на гэту дрэнную справу, што каб не тыя заводцы, дык бы спакойна купілі ў пана луку, потым бы раскапалі, суд завялі, калі сапраўды ёсць якія матэрыялы. Спачатку нездаволенне гэта бурліла глуха, затоена, потым выслізнула раптам наповерх і загарэлася агнём вострага абурэння. Асабліва моцна ўзнялося абурэнне назаўтрага ўранні, калі за бяссонную ноч выела нутро сялян пякучая дасада, да краю змучыла сэрца бясплоднае едкае каянне. Уранні абурэнне ўвабралася ў пэўную форму і знайшло сабе аб’ектаў. Гэтымі аб’ектамі аказаліся Аксента, Рыгор і Андрэй. Асабліва расла злосць супроць Андрэя — мабыць, таму што чужы ён, наезны, што не мае нічога супольнага з вясковай сялянскай сям’ёй.

Раніцай прыйшоў да Лясніцкага Аксента. Па яго важным, урачыста-трывожным выглядзе Лясніцкі адразу ўцяміў, што нешта здарылася або можа здарыцца. Аксента чамусьці пачаў распытваць у Андрэя, што ён яшчэ меціць тут, на вёсцы, зрабіць, калі рыхтуецца ехаць у горад, ці многа ў яго з сабой рэчаў. Калі нарэшце Андрэй, збіты з панталыку гэтымі дзіўнымі распытваннямі, проста, адкрыта запытаў у яго, чаго ён хоча, к чаму вядзе гэту гутарку, дык Аксента дасадліва зморшчыўся, зрабіў від, што яму дужа б не хацелася пра гэта казаць, і наўмысна безуважным тонам зазначыў:

— Там нешта гавораць мужчыны... сабраліся туды, пад той канец... Хто іх ведае, каб чаго не было... дужа злосныя ўсе; на мяне тож плятуць нямаведама што, але я не баюся, мяне не крануць... Больш за цябе, Андрэй, зачапіліся... Дык я — каб не выйшла чаго нядобрага...

Андрэй ураз сцяміў, у чым справа. Ён спакойна ўсміхнуўся, быццам не прымеціў тут нічога важнага, быццам для яго гэта — глупства адно. Але Лясніцкі заўважыў, што ўсмешка гэта пустая, надворная, што за ёй рэзка цямнее сур’ёзная напружана-паспешная думка. Дзіўныя сталі вочы Андрэевы — быццам чужыя, далёкія, адцятыя ад усяго выразу твару, ад гэтае спакойнае безуважнае ўсмешкі. У іх і ўбачыў Лясніцкі агеньчык трывожнае думкі.

— Можа, Васіль, пройдзем туды, ці што?

Аксента спалохана замахаў рукамі.

— Што ты? Не лезь, калі цябе яшчэ не чапаюць... Ого, пайсці туды...

Перасцярог і бацька Лясніцкага:

— Чорт ім вер... Народ такі, што ў злосці зробіць што хоця... Народ цяпер стаў дужа гняўлівы.

Андрэй устаў, пахадзіў нервова па хаце. Потым падышоў да Лясніцкага, зірнуў у твар яму дзіўна ўглыблёнымі некуды ў нутро вачмі. І ўсміхнуўся.

— Ну як, Васіль, ты пойдзеш са мной туды?.. Калі пойдзеш, дык — гайда...

Аксента з бацькам яшчэ браліся ўгаварваць. Лясніцкі моўчкі надзеў шапку — чуў, што цяпер не ўгаворыш Андрэя. Аксента тады таксама пасунуўся ўслед.

Сяляне сустрэлі іх злосна-напятым маўчаннем. Гэта было самае горшае, бо ставіла ў нейкае тупа-недарэчнае становішча. Невядома, што яны думаюць, аб чым толькі што была гутарка і як, за што зачапіцца, каб не стаяць у прыкрым бязглуздым маўчанні.

Сяляне скупіліся былі каля нечае хаты. Галоўныя заводцы сядзелі на прызбе, а рэшта стаялі наўкола бязладнай гурмай. Як убачылі іх, неяк самі па сабе раздаліся, так што адкрыўся вольны прахон да самае прызбы. І вось тут выйшла нечаканае, дзіўнае. У той час, як Лясніцкі, поўны трывогі і страху, прыцёрся з крайку да сялянскага натоўпу, Андрэй сваёй смелай, развальнай хадою прайшоў праз адкрыты прахон, падышоў да прызбы і моўчкі, адным знакам рукі, папрасіў пасунуцца, даць яму месца. Гэта выйшла так неспадзявана, што яму сапраўды далі месца, нават некаторы ўстаў, каб зволіць яго. Андрэй сеў пасярод, азірнуў усіх строгім, сур'ёзным поглядам і загаварыў зусім проста, абычайна, быццам гэта тут ішла ціхая гутарка пра надвор’е, пра ўраджай і ён між іншага выказваў свой погляд. Па тону яго голасу ніяк няможна было падумаць, што гэта ён гаворыць пра сябе, што гаворыць у вочы злосна абуранай грамадзе, якая, можа, гатова разарваць яго на шкумацце. І яшчэ было поўна ў гэтым голасе глыбокай, упартай праканаласці, якая неяк гвалтам прымушала кожнага на хвіліну зацяць сваё пачуццё і цвяроза, бесстаронна падумаць.

Ён сказаў:

— Я зусім не вінават, што так выйшла. Вы мяне спыталі, і я расказаў пра тое, што знаў. Так? Калі б цяпер спыталі, я сказаў бы тое самае... Я ў гэта веру ва ўсё, перакананы ў гэтым... Вось падумайце...

Тут ён зрабіў невялічкую — на адзін момант — паўзу і кончыў зусім ціха, задуменна гледзячы некуды ўбок, быццам гаварыў не сялянам, а сам з сабой меркаваў:

— Каб на адзін дзень паспяшыліся, усё б абышлося добра... Папярэдзіў, сцерва... даў тэлеграму... Не дагадаўся ніхто — можна было паехаць каму, падняць там гармідар, затрымаць на які дзень... Каб адзін толькі дзень...

Хвіліну сяляне маўчалі. Нявідны, нячутны ішоў пералом у іхняй свядомасці, пераключаўся ток нервовай напружанасці ў новы, адкрыты Андрэем, напрамак. Пачалася разрадка невыразнымі бурклівымі праклёнамі, невядома куды, на каго скіраванымі:

— Во, каб на яго ліха...

— Ах ты, чортава хара...

— Каб цябе агні...

Нехта замацаваў нечакана-гучным і таму надзіва ўдалым матам. І тады разлілося, расплылося ў злосна-ўзрушаную, густа перамяшаную з лаянкай гутарку людское абурэнне. Было два асноўных напрамкі ў гэтай гутарцы: жалкаванне аб тым, што не справіліся парой прыбраць, што не ўцяліся так, каб звезці ў той дзень, як саграблі, і другі — гнеўныя праклёны, злосная лаянка па адрасу пана. Андрэй ужо быў асяродкам ажыўлення, ужо сяляне забыліся на нядаўні гнеў, ужо прыслухоўваліся да яго з даверлівай павагай. І невядома: ці то само па сабе так выйшла, ці то Андрэй спрытна ўзвёў на гэта свядомасць сялян, але сярод іх радзілася і буйна ўзрасла нейкая фатальная ўпэўненасць, што гэта не канец, што яшчэ будзе працяг — сур’ёзны, грозны працяг, што яшчэ стрэнуцца з панам, яшчэ скрыжуюцца іхнія шляхі.

А пакуль што, выгаварыўшыся, разышліся сяляне, пацягнуліся — панурыя, злосныя — касіць свае худыя аборкі ды думаць, ламаць галаву, як выкручвацца сёлета з кормам, як пражывіць сваю небагатую скаціну.

 

Завілася чорнай жудаснай хмарай трывога. Адкуль узнялася яна, хто нанёс яе ў глухія, ціхія вёскі — невядома, але з кожным днём, з кожнай гадзінай гусцела чорная хмара, і цень яе слаўся наўкола глухім хваляваннем, разбягаўся ва ўсе бакі дзіўнымі, часам зусім недарэчнымі чуткамі-пагалоскамі. І трудна было нават пазнаць, чаго больш у гэтай трывожнай сумятні, у глухім хваляванні сялянскіх думак: ці грубых, напаўмістычных надзей на нейкае вялікае палягчэнне, на нейкую вялікую змену, якая адкрые прасвет у сялянскім жыцці, прынясе сялянам доўгачаканае шчасце, ці чорных прадчуванняў чагось нядобрага, страшнага, што насуваецца аднекуль грузнай навалай, што яшчэ больш зацямрыць і без таго поўнае мроку жыццё сяляніна. Бадай што было больш другога, бо дахадзілі да вёсак страшныя чуткі-вястункі, якія глушылі ўсе ружовыя надзеі, давалі багатую страву чорным прадчуванням.

На фронце ішло ваўсю руйнаванне расійскае арміі. Ужо дало свае вынікі бязглузда абвешчанае Керанскім наступленне. Немцы прарвалі фронт, зноў пацякла кроў, зноў паляглі тысячы перапранутых у вайсковыя шынялі сялян і рабочых. Пайшлі чуткі аб магчымым вялікім наступленні немцаў, аб забранні ўсяе Беларусі, аб падрыхтоўцы да эвакуацыі.

У Петраградзе крывавай зданню прайшлі славутыя Ліпеньскія дні, услед за імі разгарнуўся дзікі разгром рабочых, якія ішлі за бальшавікамі, саміх бальшавікоў. Пайшлі незлічоныя арышты, ператрускі, цкаванне, развінулі сваю крывавую жандарскую работу раз'юшаныя юнкеры. Контррэвалюцыя відочна расла, узмацнялася, пагражала захлынуць, задушыць усе дасягненні лютаўскай рэвалюцыі. У адказ на гэта па гарадах расло абурэнне рабочых, яны ўсё больш і больш праціналіся рэвалюцыйнымі настроямі, якія кожны момант маглі пераліцца ў грозную крывавую чыннасць.

Усё гэта даходзіла ў вёску ў перакручаным выглядзе, аброслае карой фантастычных выдумак, перавелічэнняў, усё гэта сыціла тую трывогу, якая звінулася, павісла над сялянамі чорнай жудаснай хмарай.

У Зяленічах не затуплялася вострасць абурэння, узнятага выпадкам з лукой. Новыя чуткі, новыя весткі няўпынна яго падагравалі, не давалі забыцца на цяжкую, нясцерпную крыўду. І дзейкалі ўсё, пагаварвалі сяляне аб нечым неадступна-турбуючым, аб нечым няскончаным і пільна патрэбным.

Андрэй усё яшчэ жыў у Лясніцкага. Але з Лясніцкім ён бачыўся рэдка і мала зусім гаварыў з ім. Ён блізка што не стыкаўся ў хаце, усё лётаў недзе — вечна рухавы, спакойна-руплівы, вечна вясёлы. Нязменным яго спадарожнікам быў цяпер Рыгор. Яны з ім ездзілі некуды па суседніх вёсках, нешта рыхтавалі, нешта заварвалі. Рыгор цяпер менш заядаўся, чым раней, менш было ў ім ужо той едкай крыклівасці, таго наўмысна-раздутага сарказму. Затое цяпер з’явіўся ў яго новы гатунак амбіцыі: ён напусціў на сябе таемную, глуха зацятую сур'ёзнасць і насіў яе на твары з нейкім асаблівым фасонам — задраўшы нос, на ўсіх паглядаючы з лёгкай паблажкай.

Аднаго разу Лясніцкі жартам запытаў у Андрэя:

— Ну як у цябе з харчамі? Ці многа ўжо закупіў?..

Андрэй весела засмяяўся, адказаў, хітра міргнуўшы вокам:

— Я, брат, усё збожжа, якое купляю, тут жа і сею — не магу трымаць пры сабе, такі ўжо характар.

А наогул Лясніцкі не вельмі стараўся выведаць у Андрэя, што ён робіць, дзе шалаецца,— у Лясніцкага было досыць свайго клопату. Апошнія падзеі ўзнялі ў ім новы магутны віхор душэўнае сумятні, паставілі перад свядомасцю тую знаёмую — глухую, як сцяна, няўцямнасць.

Лясніцкі адчуваў рост наўкола чорнай трывогі, яна і да яго датыкнулася сваім поўным незразумелае жудасці ценем. Ён чуў, што нешта расце, паўстае, узнімаюцца нейкія сілы, набліжаецца новая грозная барацьба, чуў, што жыццё цяпер неяк трагічна стала на мёртвы пункт, з якога павінна сысці, пакаціцца — туды ці туды. Але ў гэтым росце сіл, у набліжэнні нечага немінуча-магутнага не бачыў Лясніцкі яснасці і — самае страшнае — не бачыў сабе месца.

Каб не знаць гэтага, каб ішло ўсё глуха, цёмна, каб не прымячаць свайго трагічнага становішча! А то ж чуваць, ясна чуваць, што нешта ідзе, набліжаецца, што гатоў зашумець бурлівы, можа, крывавы баль, і ён не будзе ў ліку запрошаных, ён, можа, будзе стаяць і глядзець пад вокнамі.

Андрэй будзе запрошан. Той сам паб’ецца, той гатоў ужо сам запрашаць на гэты наступны баль. Можа, будзе запрошан і Рыгор. І Аксента, напэўна. Яны ўсе маюць месца, бо ўсе цямяць сэнс таго, што развінаецца: Андрэй — разуменнем, а тыя—сваёй прастатой, інстынктам.

Здаецца, чаго ж яшчэ прасцей: калі не знаеш, ідзі ды спытай. Падысці да Андрэя ды запытаць:

— Скажы мне, браток, як ты знайшоў сабе месца і ў чым сэнс таго, што вакол робіцца?

Андрэй раскажа, і будзе ўсё ясна, і не будзе няўцямнасці, і тады ўссадзіць на лоб, як той Рыгор, фасон наіўна важнай амбіцыі і хадзіць, нос задраўшы.

Але Лясніцкі не можа спытацца, не дазваляе прыроднае самалюбства, замкнёнасць. Ды ўсё роўна, хоць бы і спытаўся, хоць бы і расказаў Андрэй ці хто-небудзь — усё роўна веры не іме — не здаволіць тое простае, яснае, што здаволіла Аксенту і Рыгора, а ў чужых мудраваннях ніколі не знайсці адказу на глыбокія, у самой істоце закладзеныя запытанні.

І мучыцца Лясніцкі ў нязбыўных сумненнях, згрызотах, і гняце, прыціскае глухая, як сцяна, няўцямнасць.

А да ўсяго гэтага яшчэ далучылася другое, сардэчнае. І тут пайшло неразборнае заблытанне, і тут стаў перад зачарованым раздарожжам.

У апошнія дні ўстрасянулася тое застыглае, закаржэлае, што было з Макрынай. Растапілася ад раптоўнае хвалі гарачага жалю і, здалося, уваскросла ў поўнай ранейшай глыбокасці, у ранейшай свежасці і харастве. І пераблыталася ў дзіўны клубок з тым шчымлівым, трывожна-радасным, з тым, што ўзняла ў сэрцы паненка Раіса.

Лясніцкі нешта рабіў на гумне, калі прыбегла Макрына — бурна-радая, усхваляваная. Яна, небарака, ад радасці зусім забылася, што не ў абычайнасці гэта — скакаць, весяліцца, калі прыйшла такая жалобная вестка.

Макрына пабыла ўжо ў Лясніцкага ў хаце — яна перш-наперш да яго кінулася — і ўжо адтуль прыбегла на гумно. Яна адразу хацела павіснуць у яго на шыі, але ўбачыла, што ён сур’ёзны (ведама — думкі ўсё, разважанні), дык яна ўтупілася і, як магла, скомчыла сваю радасць. Нават надала свайму голасу трохі жаласнасці, мабыць, успомніла-ткі, якога гатунку гэта нечаканая вестка.

— Васіль... ці чуў ты... Забілі ж майго, прыйшла сёння карта...

І замоўкла. І ён маўчаў, не ведаў, ці яму радавацца, ці не. І наогул не ведаў, што цяпер трэба рабіць, бо было гэта зусім нечакана. Першая думка ў яго была такая: чаму гэта раней ён ніколі не падумаў аб гэтым, хоць гэта можна было чакаць, гэта заўсёды магло здарыцца. Потым ён чамусьці палічыў патрэбным спытацца:

— Дзе забілі?

Яна шчыра і проста адказала:

— А хто яго ведае.

І зноў маўчалі. Потым Макрына сцеражліва азірнулася наўкола і сказала яму таемным шопатам:

— Я дык дужа рада — ай-яй!.. А трэба паказваць від усім, што жалкую — я ведаю... А то засмяюць!

Лясніцкі неяк няўважна і сумна ўсміхнуўся Ён напружна думаў, меркаваў, ці добра, ці дрэнна гэта яму, што так здарылася. Усё выходзіла неяк, што дрэнна. Расло ўнутры пачуццё нейкай звязанасці, няволі і тады чамусьці мільгаў уваччу вобраз паненкі Раісы — рабілася страшэнна прыкра і шкода чагосьці, і — немаведама што...

А Макрына пастаяла-пастаяла ды зноў зазначыла — на гэты раз у нейкім задуменным захапленні:

— Цяпер жа я зноў, як дзяўчына... Як гэта хвацка!.. Вольная, як птушка ўсё роўна... Буду рабіць што хачу, і ніхто мне слова не скажа.

Лясніцкі дасадліва яе перабіў.

— Ат, знайшла чаго радавацца...

Ён сказаў гэта проста таму, што быў заняты думкамі і яна бунтавала яму. А на Макрыну гэтыя словы зрабілі вялікае ўражанне. Яна палахліва зірнула на яго шырокімі, поўнымі балючага неўразумення вачмі і ціха спытала:

— Васілёк! А ці ты не рад?..

Ён яе супакоіў, але выйшла суха, няшчыра.

— Чаму не рад? І я рад — не менш за цябе. Але нашто ж гаварыць аб гэтым?..

— А чаму не сказаць? Хіба нам трэба адзін перад адным хавацца...

Яго кальнуў гэты няўмысны дакор. І яшчэ больш напяў нейкую брыдкую ўпартасць, што мімаволі стаўплялася ўнутры. Хацелася спрачацца — дасадліва, раздражнёна, каб укалоць, памучыць.

— Не заўсёды трэба крычаць аб тым, што адчуваеш. Часамі гэта бывае дзіка і недарэчы?.. Разумееш?..

Замест адказу яна зноў здзіўлена і палахліва зірнула на яго.

— Чаго ты злуешся, Васілёк?

Ён сабраў усе сілы, пастараўся ласкава, ветла ўсміхнуцца.

— Гэта я так... Настрой у мяне такі нядобры. Давай вось сядзем тут, пагамонім.

Яны селі на таўстую калоду, што ляжала пад сцяной гумна, у цяні старой разложыстай бярэзіны. Макрына пачала наіўна лапатаць аб сваім далейшым жыцці, будаваць розныя планы. Ён няўважна, суха падтакваў, а сам думаў сваё — прыводзіў да ладу свае меркаванні, усё стараўся ўсвядоміць тое, што адбылося, унітаваць яго ў звычайны ход свайго душэўнага жыцця.

А Макрына ўсё больш і больш ажыўлялася, сама захапляючыся сваёй гаворкай.

— А праз год пайду замуж... Можа ж, хто знойдзецца, каб узяць... мо яшчэ спазруся каму...

Яна на хвіліну змоўкла і зірнула на яго з хітраватай усмешкай. Яна была пэўная, што ён разумее яе, што ён так, як і яна, з непасрэднай прастатой вырашыў ужо пытанне далейшых іх узаемаадносін, што і для яго цяпер справа толькі ў тым: калі, праз колькі часу.

Ён паспяшыў згадзіцца:

— Так, так... Безумоўна...

— А пайду я замуж за добрага, за прыгожага... А кахаць я буду яго — у-ю-юй! А ён мяне, можа, не будзе кахаць...

— Так, так... безумоўна...

Яна здзіўлена ўтаропілася ў яго.

— Як ты кажаш? Не будзе?..

Ён сцяміў, што не патрапіў. Напружыў памяць і па чыста механічных адбітках гукаў дабраўся да сутнасці таго, што яна сказала. Каб супакоіць яе, моўчкі абняў за плечы, прытуліў да сябе і пацалаваў у галаву. А сам з жахам думаў:

«Гэта ж я няшчыра... Гэта ж я свядома яе падманьваю... »

Рабілася страшэнна прыкра, няёмка. І чым больш думаў аб гэтым, чым больш крытычна глядзеў на свае пачуцці, тым глыбей адчуваў халоднасць да Макрыны, тым мацней урастала ў свядомасць пераконанне, што ўсё кончана, што няма больш пачуцця, няма пяшчоты. А ў той самы час нечым яшчэ глыбейшым, яшчэ больш аб’ектыўным сачыў за гэтым пераконаннем і здавалася, што ўсё тут выключна ад думак крытычных, што ён сам штучна стварае гэтае пераконанне, што каб здолеў зірнуць на яе непасрэдна, без мудраванняў, без загадзя нарыхтаванае крытычнае меркі, дык і было б, як раней, вярнулася б пачуццёвая свежасць.

Тым часам Макрына лапатала-лапатала ды раптам змоўкла. Лясніцкі, інстынктыўна заўважыўшы гэта маўчанне, зірнуў на яе і здрыгануўся.

Макрына ўпарта глядзела на яго, быццам пільна-пільна прыглядалася, быццам не пазнавала. Вочы яе — шырокія, цёмныя — раскрыліся чорным прадоннем, і ў гэтым прадонні застыгнуў дзікі адчайны спалох. Быццам яна, захопленая сваёй гутаркай, сваімі летуценнямі, не заўважыла, як да яе набліжалася нешта страшнае, жудаснае, і толькі тады, як падышло ўжо, як стала перад самымі вачмі,— толькі тады ўбачыла і скамянела ад раптоўнага жаху.

Лясніцкі ўстрывожыўся.

— Чаго ты, Макрына, слухай?..

Яна яшчэ момант маўчала, быццам убірала ў сябе да канца тое новае, страшнае, што раптам паўстала перад яе свядомасцю. І потым, нічога не адказаўшы яму, адвярнулася і заплакала цяжкім сутаргавым плачам.

Лясніцкі дагадаўся: гэта яна зразумела нарэшце, пачула інстынктам сваім, што дарэмны яе летуценні, што тое, у чым яна так шчыра была ўпэўнена, што лічыла ўжо канчаткова вырашаным, што яно цяпер далей, чымся было калі-небудзь, што адкрылася новае — сухое і жорсткае.

І вось тут Лясніцкі раптам убачыў яе — непасрэдна, проста, як бачыў некалі раней, убачыў яе — любую, слаўную, так глыбока і проста, па-дзяцінаму адданую яму, і стала страшэнна шкода яе, захлынулася нутро хваляй агнёвага сораму, пачуў усю глыбіню, усю горкасць крыўды, якую гатоў быў зрабіць ёй. І вось тады ўваскросла тое ранейшае, агарнула грудзі магутным агнём,— зноў кахаў яе, зноў поўніўся глыбокай, свежай пяшчотай. Ён забыўся на ўсё чыста, забыўся, што іх тут могуць убачыць, што потым будуць смяяцца — у гарачым экстазе стаў перад ёй на калені, узяў яе грубаватыя, запрацаваныя рукі і цалаваў іх бясконца, абнімаў, цалаваў калені яе і гаварыў у нейкім салодка-балючым забыцці:

— Я пакрыўдзіў цябе... родная... я вінаваты, ну я ведаю, што вінаваты... любая, я пакрыўдзіў цябе... я цябе люблю, дадушы люблю... ты — добрая... ну, даруй... я буду дужа-дужа любіць... дарагая...

Яна спалохана вырывала рукі, адхілялася ад яго, быццам баялася яго прыткненняў, і ледзь выгаварвала скрозь спазмы сутаргавага плачу:

— Не-не... Я ж... не ведала... Я думала... так... як было... Я гаварыла... А ты... ты не слухаў... не любіш... хай сабе... не трэба...

А праз колькі хвілін, заспакоіўшыся ў пяшчотных абнімках Лясніцкага, яна раз-пораз усхліпвала і гаварыла ўжо другім — глыбокім ад шчасця, млява-цягучым голасам...

— Ты не кідай мяне, Васілёк... я прывыкла так... мне ўжо здаецца, што ты — мой, родны... Нашто нам кідаць адзін аднаго? Ці ж нам дрэнна ўдваіх... Га? Ці дрэнна?.. Ну, вось... Дык і будзем так... кахаць адзін аднаго... Ну, пацалуй мяне... яшчэ пацалуй...

Потым яны пайшлі к Дняпру, к старому вернаму сведку свайго кахання, селі над кручай, над сівым, разагрэтым ад сонца прадоннем і вялі ціхамірную гутарку, снавалі ціхія ўзоры шчаснае будучыні. Лясніцкі ўсё абарачваў да сябе яе твар і глядзеў у яго, прыглядаўся. І пазнаваў яе — сваю ранейшую Макрыну, дзівіўся, як гэта яму здалося было, што яна змянілася, стала не такая, якая яму падабаецца. А Макрына была рада, што ён глядзіць на яе, любуецца яе хараством,— яна ўвесь час здаволена, ціха смяялася.

У гэты час было Лясніцкаму ўсё зусім простым і ясным. А блытаніна пачалася ўначы, калі ў тлумным бяссонні бясконцым калаўротам закруціліся ліхаманкава-яскравыя вобразы, калі агарнулі яны нутро цяжкім замяшаннем.

Паўстаў тады ва ўяўленні яго вобраз паненкі Раісы і смела ўварваўся ў тое зладнае, добрае, што было зацяплілася ўдзень. Усю ноч у яскрава-тлумным трызненні мітусіўся гэты смела-прыгожы вобраз поплеч з вобразам ціхай Макрыны, а часам сплятаўся з ім, урастаў у яго, так што не пазнаць было, ці гэта лунае ўваччу любая ўсмешка Макрыны, ці гэта ўжо смела, задорна ўсміхаецца гордая паненка. А то дык у глыбокіх чорных вачах, так прыгожа налітых чыстай слязой, раптам загарыцца, засвеціцца нешта зялёнае, вострае — і ўжо не чорныя ціхія вочы, а гарэзна-бліскучыя вочы паненкі Раісы — і цягнуць да сябе, зачароўваюць сваім магутным змяіным агнём. І звініць увушшу звонкае, поўнае насмешлівага задору кантральта:

— Палюбіце мяне... Добра? Ну як, ці згодны вы мяне палюбіць?..

І баляць салодкім болем на вуснах тыя гарачыя, палкія пацалункі.

Усю гэту ноч правёў быў Лясніцкі ў ліхаманкавай сумятні, і асталася гэта сумятня на доўгі час, пераплялася шчытным, неразвязным вузлом з ранейшай трывогай, злілася ў адну глухую, як сцяна, няўцямнасць.

 

Здарылася гэта напярэдадні нейкага свята. Ніхто не чакаў гэтага, ніхто мо і не думаў, што так абернецца справа, але чамусьці і не дзівіўся ніхто, быццам было гэта зусім натуральнае звяно ў ланцугу тых падзей, якія настойна вялі да нечага неадступнага, новага, якія сваім фатальна-прыспешаным чаргаваннем фактычна і звівалі чорную хмару агульнай трывогі.

У той дзень Андрэй з паўдня быў дома. Ён бесперастання хадзіў то ўзад, то ўперад па хаце, аб нечым думаў з ліхаманкавым напружаннем і відочна хваляваўся. Часамі ён спыняўся, стаяў некаторы час на адным месцы, быццам разважаючы нешта, потым рашуча ўзмахваў рукамі і нервова прыспяшаў ход, захоплены нейкім незразумелым імкненнем.

Перад змрокам ён раптам узяў і пачаў парадчыць свой невялічкі чамадан. Лясніцкі ўбачыў, здзіўлена запытаў:

— Што ты?

— Заўтра ўранні крануся. Досыць ужо — нагуляўся, час узяцца за працу.

— А харчы як — багажом?

Андрэй ударыў сябе па ілбе.

— А ты праўду сказаў, Васіль... Як жа гэта так...

Ён зараз жа кінуў чамадан, пабег на вёску і праз паўгадзіны прыцягнуў некалькі кавалкаў сала, чарапок масла і яшчэ нечага ў мокрай і не зусім чыстай шмотцы.

— Вось і гатова... Гэта будзе Ніне гасцінец... Яна ж у нас стала заўзятай гаспадыняй... Як то цяпер там яны з Халімам выкручваюцца...

— Чаму з Халімам?

— Во... Дык ці я табе не казаў, што ён у нас стаў на кватэры. Заняў твой пакой. Але ты, калі ўздумаеш часам прыехаць у горад, дык таксама да нас — у нас камуна вясёлая, табе ўпадабаецца напэўна.

Потым, як ужо ўпакаваўся, Андрэй сказаў Лясніцкаму ў нейкім неабычайным для яго замяшанні:

— Я падгаварыў Макрыну паехаць разам са мной. Там ёй лягчэй будзе дайсці сабе, як удаве салдата, дапамогі. Мы наладзім так, што адтуль проста дадуць загад у павет або ў воласць.

— Што ж, гэта добра.

Чым бліжэй к начы, тым больш ахапляла Андрэя нейкая дзікая нервовая нецярплівасць. Ён усё хадзіў, не мог хвіліны ўседзець на месцы. Калі хто звяртаўся да яго з якім запытаннем, ён спыняўся і з хвіліну глядзеў на таго, тупа выпяўшы вочы, потым пытаўся:

— Што?

І яшчэ хвіліну моўчкі глядзеў. Толькі пасля трэцяга разу разумеў, у чым справа, і з вінаватай усмешкай адказваў. Лясніцкі, нарэшце, не ўцерпеў, запытаў яго, што з ім такое сталася. Ён дасадліва адмахнуўся:

— Не чапай. Потым сам узнаеш...

Як паклаліся спаць, Андрэй спачатку сядзеў за сталом, чытаючы нешта пры святле мізэрнай лямпачкі, потым устаў і зноў пачаў хадзіць узад і ўперад. Лясніцкі ляжаў на лаўцы, сачыў за яго аднамерна-нуднымі рухамі. Чамусьці спаць ісці не хацелася, прыемна было ляжаць так — у глухім цягучым аслупяненні, слухаць звон у галаве ды сачыць за віханнем шчытнай Андрэевай фігуры. І не прымеціў Лясніцкі, як пачалі зліпацца вочы, як фігура Андрэева разлілася ў суцэльную — на ўсю хату — шэрую пляму, як з’явіўся ў хаце Халіма і пачаў рабіць нейкія мудроныя фокусы, навучаючы яго, Лясніцкага, па новых правілах біць шыбы. Потым прыйшла Ніна і пачала пець: «Ах, зачем эта ночь», а Макрына паказвала на яе пальцам і неяк нахабна, дзіка смяялася, як звар’яцелая. А далей пайшоў ужо розны недарэчны тлум, якім звычайна поўніцца ўзбунтаваны дзянной сумятнёй сон чалавека.

Андрэй будзіў яго з нейкай сярдзітай жорсткай паспешнасцю.

— Уставай... Пойдзем... Ну, хутчэй, а то спознімся... Уставай.

Тое самае дрыготнае святло лямпачкі, тая самая ціхая шэрая хата. На печы, на палу чуваць напружана-спакойнае соннае дыханне. І цыркун у запеччы...

Куды пойдзем? Куды ён кліча? Чаму ён не сніць?..

— Уставай жа, Васіль... Пойдзем хутчэй...

— Куды?..

Замест адказу Андрэй падымае палец угару, застыгае ў нейкай таемнай нерухомасці, як страшны варажбіт.

— Чуеш?

Лясніцкі цяпер толькі пачуў — дасюль мяшалася з цішынёй — недзе плыў у адчайным разгоне трывожны голас глухога звону, ліў у прасторы вялікую магутную жудасць, прасіў, маліў аб нечым прасторы, галасіў, поўны густога жалезнага суму.

Лясніцкі ўраз ускочыў, нервова схапіўся за шапку.

І чамусьці — па нейкай дзіўнай асацыяцыі — у галаве перш паўстаў вобраз Макрыны і некалькі хвілін упарта стаяў уваччу, не даваў успомніць таго, патрэбнага. А потым ужо выплыў у рэзкай яскравасці вобраз паненкі Раісы, працяты глыбокай роспаччу, так як тады, на купальскую ноч. І стала ўсё зразумела — і хваляванне Андрэя, і яго раптоўныя зборы ў дарогу, і яго ранейшая клапатлівая сумятня. Нечым назолліва-лішнім, непатрэбным убіліся ў вушы поўныя вясёлай усхваляванасці крыкі на вуліцы:

— Маёнтак гарыць!.. Паны загарэліся!.. Гайда ў маёнтак!..

Хлопцы беглі, як мага, абганялі з нецярплівай паспешнасцю гурмы сялян, якія ўжо загацілі глухую чорную дарогу. Лясніцкі ўсё паўтараў, як непрытомны:

— Скарэй, Андрэй... Скарэй, скарэй...

І парываўся ўперад, поўны нейкай нервовай імклівасці.

Над лесам злавесна крывянілася неба. Было ў гэтым жудасным святле нешта крыважэрнае і разам з тым урачыста-шырокае, напружана-пышнае. Быццам у гэтым наўмысна распаленым бляску самадавольна прымала неба страшэнную агнявую ахвяру. А як убеглі ў лес, згінула зарыва, агарнула непарушна ціхая цемра, і толькі нервова-ўзнятыя галасы па дарозе падтрымлівалі трывожны настрой.

Потым нібы парадзеў чорны мрок, разбавіўся нечым дрыготна-бялясым. А яшчэ далей бялясае перайшло ў ружовае, пачало гусцець, чырванець, і нарэшце ў прахонах паміж дрэў бліснуў чырвоны, дзіка раз’юшаны агонь пажару.

Ужо цалкам былі ахоплены полымем дваровыя будынкі і неяк нехаця, спакваля загараліся абтынкаваныя знадворку панскія пакоі.

У маёнтку было поўна народу. Вакол пакояў сяляне пасталі роўнай, шчытнай сцяной і моўчкі глядзелі, як з шумам і трэскам, з нейкім глухім жудасным гудам уядаўся разлютаваны агонь у непадатны будынак.

Лясніцкі з Андрэем, нервова распіхаючы натоўп, пралезлі наперад. На пляцоўцы, якая засталася паміж сцяной людскога натоўпу і домам, у зыркім святле яскравага полымя недалужна кідалася ва ўсе бакі невялічкая купка панскіх парабкоў, стараючыся пагасіць яшчэ не набраўшы вялікай моцы агонь. Сярод іх цёмным сілуэтам сноўдаўся Карла, аддаючы загады грубым асіплым голасам. Гэтыя загады не рабілі бадай што ніякага ўплыву, бо іх больш слухалі, чым выкопвалі. Відаць было, што парабкі толькі спраўляюць свой службовы абавязак, што яны ані-ні не зацікаўлены ў выніках свае працы.

А сяляне стаялі грузнай нерухомай сцяной і спакойна глядзелі на смяротную гульню крыважэрнага полымя. Яны, вядома, бачылі, разумелі, што яшчэ можна ратаваць будынак, што для гэтага досыць шчыра ўзяцца дзесятку-другому чалавек. Але вось бачылі і разумелі, а стаялі моўчкі, ніхто не кратаўся з месца.

Перад натоўпам лётаў збянтэжаны стары пан, кідаўся ад аднаго к аднаму, неяк смешна, з нязграбна-ліслівым нязвыклым для яго прыніжэннем прасіў, маліў, каб памаглі тушыць.

— Браточкі, родныя... Я прашу вас, зрабіце ласку... Браточкі... Ну не стойце ж так, вазьміцеся... Я заплачу... Памажыце, родныя, даражэнькія...

Потым ён адбягаў, бег да агню, там мітусіўся трохі, нешта крычаў парабкам, кідаўся туды-сюды і зноў вяртаўся да сялян, зноў пачынаў іх прасіць.

Сяляне не смяяліся, хоць і было поўна камізму ў раструшанай сухарлява-лёгенькай фігурцы старога пана, апранутага ў нейкі смешны куртаты халацік. Сяляне не смяяліся — жыццё навучыла іх быць сур’ёзнымі перад тварам грознай магутнай стыхіі. Сяляне маўчалі хмура, напружана, быццам глядзелі на нейкае дзікае, поўнае ўрачыстай велічы, набажэнства.

Лясніцкі ўсё гэта бачыў, і яго ахапляла тупая, чорная жудасць. Ён азіраўся па баках, ліхаманкава шукаў, каб убачыць хоць адзін твар, асветлены спачуваннем, і ўсюды бачыў адну страшэнную бясслоўную змову, адусюль выглядаў цень маўклівае помсты. Адчувалася, што ўсе ўпарта сочаць адзін за адным, што ўсе адзін аднаго адчуваюць, што ўсе зліты ў адно каменнае, грознае. І гора таму, хто б памкнуўся пераступіць гэты бясслоўны зговар, хто б памкнуўся парушыць нявідны, але цвёрда, жорстка ўстаноўлены закон грамады!..

Гэта была стыхія — не менш магутная, не менш грозная за тае, што глытала цяпер сваім бяздонным агнёвым зевам панскі маёнтак. Лясніцкі адчуваў гэта і міжвольна працінаўся жудаснай павагай і страхам перад гэтай стыхіяй, перад каменна-злітай сцяной людской нянавісці. Але скрозь павагу і страх вырывалася аднекуль з падсвядомай глыбі другое пачуццё — вострае, смелае — пачуццё жывога чалавечага пратэсту супроць дзікай стыхіі, супроць звярынае жорсткасці. Гэта пачуццё ўзмацнялася з кожнай хвілінай, ад яго неяк дзіўна здрыгалася ўся істота, захлыналіся грудзі хваляй гарачай нервовай энергіі. І расла, разбухала ў грудзях шалёная адвага, гатова была прарваць цяжарны пласт даўкага страху, выліцца ў нейкі злосна-рашучы ўчынак. Паўстаць супроць гэтай глуха-замкнёнай сцяны, прабіць гэтую нечалавечую змову, паказаць, што гэта па-звярынаму, дзіка і жорстка!

І чуў Лясніцкі, што яшчэ адна кропля, адзін маленькі штуршок — і ён пойдзе ў разрэз з грамадой, смела паўстане супроць маўклівага закону яе, разарве яе магутную згоду. Хай там будзе што будзе!

Гэты штуршок дала паненка Раіса. Ён нечакана заўважыў яе збоку, пад маладой клянінай, дзіўна афарбаванай дрыжачай крывянай чырванню. Яна была ў лёгкай белай сукенцы, наспех накінутай, непадпяразанай, валасы яе былі бязладна распушчаны, яна ўся была прасякнута трывогай і дзікім, балючым неўразуменнем. Яна не зводзіла вачэй з натоўпу сялян, дзе недалужна семяніў яе бацька, і ў гэтых дзіўна-прыгожых вачах, увабраўшых, здаецца, у сябе ўвесь бляск пажару, Лясніцкі ўбачыў маўклівую мальбу, перамяшаную з палкім нечалавечым болем. Трудна было зразумець, аб чым больш баліць яе сэрца: ці аб тым, што гіне ў агні ўсё тое, з чым яна пражыла жыццё, з чым зраднілася, звыклася, што ніхто не хоча ісці ратаваць, ці аб тым, што так непрыгожа, так ганебна прыніжаецца яе бацька. Яна напружана падалася наперад, да натоўпу, і востра блішчала вачмі, гатовая кінуцца туды, да бацькі, гатовая сама прасіць, маліць — мо для таго толькі, каб падзяліць з бацькам яго прыніжэнне, каб не глядзець збоку, не гарэць ад нясцерпнае мукі.

Лясніцкі не мог адвесці вачэй ад Раісы. І чым больш глядзеў, тым больш адчуваў яе душэўную муку, і сам мучыўся разам з ёй, сам адчуваў у сэрцы агнёвы боль. І ад гэтага болю, ад гэтае нязмернае жаласці яшчэ больш узяў сілы голас пратэсту, яшчэ вастрэй успеніў нутро буянай адвагай, смеласцю.

А Раіса нарэшце не вытрымала. Лясніцкі бачыў, як пыхнуў у яе вачах апошні агеньчык душэўнай барацьбы, як яна ірванулася наперад, потым нібы сунялася і ціха пайшла да натоўпу, няпэўна ступаючы па траве босымі ненатуральна бледнымі нагамі. Яна зусім блізка падышла да Лясніцкага, і ён добра заўважыў, з якім сціснутым болем яна звярнулася да сялян.

— Грамадзяне!..

Яна спынілася — не ведала, што гаварыць, ці мо не магла — і неяк глыбока павяла па натоўпе шырока раскрытымі, поўнымі хвалявання вачмі. Потым, мабыць, сустрэўшы нечую ўсмешку, жахліва замятушылася, быццам убачыла нешта дужа-дужа страшнае і ўжо гатова была пайсці назад, але ў гэты момант убачыла Лясніцкага. У вачах яе бліснула падзея. Яна парыўчата кінулася да яго.

— Васіль Данілавіч!.. Памажыце мне!..

У гэтым ускрыку яе была і радасць ратунку, і палкі агонь нутранога болю, і даверлівая надзея.

Лясніцкі азірнуўся наўкола. Усё — свае, знаёмыя твары. І ўсё — чужыя, бо такіх ён ніколі не бачыў на вёсцы. Глядзяць, усміхаюцца. Не ўсміхаюцца, а неяк дзіка-зларадасна шчэрацца, быццам гавораць без слоў:

— Ану, паспрабуй, галубок! Паспрабуй пайсці супроць нас, супроць нашай волі.

А Раіса стаіць перад ім дзіўна-прыгожая ў сваім гарачым хваляванні — глядзіць поўнымі маўклівай просьбы вачмі, чакае. І цяпер ужо выразна ўбачыў Лясніцкі ў яе любых прамяністых вачах светлыя іскрынкі балюча-стрымленых слёз.

Тады Лясніцкі адважыўся. Хай будзе што будзе! Ён смела, рашуча ступіў наперад, упарта зірнуў у натоўп і крыкнуў:

— Хлопцы! Няможна так! Гэта — звярынства! Хадзем, паможам!..

Яму адказалі маўчаннем. Некаторыя едка ўсміхнуліся. Чалавекі тры памкнуліся выйсці наперад, але іх зараз жа ўцягнулі назад упартыя погляды сялян. Тады Лясніцкі крыкнуў у нейкім злосным адчаі:

— Дык я адзін... Хто хоча — за мной!..

Апошняе, што застрала ў яго вачах,— гэта пагардлівая, крывая нейкая ўсмешка Андрэя. І чамусьці мігнула ў думках:

— Ну што... Прапала ўсё, дык прапала...

Ён кінуўся да агню, туды, дзе поркаліся парабкі, схапіў нейкае вядро, некуды ліў ваду — нашто, і сам добра не ведаў, бо замуцілася ўсё ў галаве гарачым ліхаманкавым тлумам — дрэнна разбіраў, што дзеецца вокал.

Пажару спыніць не ўдалося. Ён набіраў усё большую моц, гудзеў з кожнай хвілінай усё з большай злавеснасцю, з большай гразою. З магутным трэскам вырываліся ўгару слупы злосна-імклівага полымя, гналі перад сабой вялізныя ахапкі сумятлівых іскр. А там, дзе яшчэ не прарваўся агонь, дзе ён тачыўся яшчэ ўсярэдзіне, употайку, там шырокімі разложыстымі клубамі зважна лез у неба чорны дым — густы, як ноч, і цяжкі, як хмара.

Калі ўжо ахапіў агонь увесь будынак, калі з аднаго боку ўжо абвалілася з трэскам страха, раптам прабегла на натоўпе шпаркая, як маланка, вестка:

— Свірны б’юць... Панскія свірны б’юць... парэчанцы...

І вось кінуліся ўсе туды, дзе стаялі наводшыбе панскія свірны, дзе за моцнымі замкамі, у вялізных дубовых засеках ляжалі запасы панскага дабра...

У гэты час Лясніцкі — змардаваны, зняможаны фізічнымі патугамі і душэўнай бурай — адышоўся ад агню і ўбачыў: на апусцелай пляцоўцы, дзе раней была сцяна людскога натоўпу, стаіць Андрэй, злажыўшы на грудзях рукі і глядзіць у агонь з задуменна-гордай давольнай усмешкай. Як убачыў Лясніцкага, перамяніў усмешку на тую пагардлівую крывую.

Лясніцкі загарэўся шалёным гневам. Ён падышоў да Андрэя, амаль што ўпёрся ў яго і прагаварыў нейкім нечаканым для самога сіпучым здушаным голасам:

— Ты... гэта звярынства... гэта дзікая крыважэрнасць... ты — разбойнік...

Андрэй спакойна глядзеў на яго, не крануўся нават, толькі ўсмешка стала пустой, халоднай.

— І ты палічыў патрэбным змяніць гэта на рыцарскую далікатнасць і паслужнасць?

Лясніцкі яшчэ горш загарэўся. Хацеў нешта сказаць, але злосць здушыла горла. Тады Андрэй зусім весела засмяяўся...

— Ты, можа, біцца хочаш? Калі ласка... Але ж гэта не адпавядае высокакультурным уласцівасцям твайго характару...

Лясніцкі нічога не адказаў, моўчкі адышоўся прэч. Ён не так ужо і пэўна адчуваў сваю справядлівасць. Гэты выбух шалёнага гневу быў больш інстынктыўнай маскіроўкай таго непрыемнага пачуцця, якое чорным комам пачало злівацца ўнутры на глебе нядаўняга непаразумення з сялянамі. Цяпер, калі прайшоў запал гарачага моманту, зніклі ўсе тыя разважанні, якімі апраўдваў свой учынак. Як ён ні стараўся навесці на іх свае разбушлаваныя думкі,— нічога не выходзіла. Замест гэтага тупа расла цяжкая свядомасць, што зроблена непапраўная памылка, што цяпер глыбачэнная прорва лягла паміж ім і вяскоўцамі, што цяпер ён чужы для вёскі, вораг яе.

Яму страшэнна не хацелася больш аставацца тут, не хацелася сустракацца сёння з вяскоўцамі. Ён гатоў ужо быў пайсці дамоў ці так куды-небудзь, але з’явілася раптам настойнае бажанне ўбачыць Раісу. Ёе заўважыў яе пад той самай маладой клянінай. Яна сядзела на нейкай скрынцы і плакала, прыхінуўшыся да дрэва. Каля яе мітусіўся стары пан і мізэрная бабулька — мабыць, нянька яе. Абое нешта горача ёй гаварылі — пэўна, стараліся супакоіць.

Лясніцкі не адважыўся падысці — не хацелася з ёй сустракацца пры бацьку. Колькі хвілін ён глядзеў на яе здалёку, працяты бязмерным жалем, лашчыў яе ціхім, поўным адданай пяшчоты поглядам, выбіраў у думках і паўтараў бясконца самыя добрыя, самыя ласкавыя словы спачування. Потым рашуча завярнуўся і пайшоў паспешнымі крокамі прэч ад маёнтка. Ужо выйшаўшы на шлях, ён раптам убачыў новы агонь трохі воддаль ад згарэўшых пакояў: гэта сяляне падпалілі абрабаваныя панскія свірны.

Лясніцкі адразу дамоў не пайшоў. Трэба было неяк разважыць той натоўп пачуццяў, які сціснуў, здушыў глухой пятлёй усю істоту. Ён збочыў на першую сцежку, якая трапілася па дарозе, і ўглыбіўся ў вільготную, шэрую ад цьмянага зарання гушчэчу.

А вярнуўся дамоў Лясніцкі тады, як усплыло ўжо на небе свежа-барвянае сонца, як разліло па роснай зямлі густую сваю пазалоту. У хаце ўжо былі ўстаўшы. Матка затапляла печку, а бацька поркаўся недзе на дварэ. Брат яшчэ не вярнуўся з начлегу.

У хаце чакаў Лясніцкага Андрэй, зусім гатовы ў дарогу. Лясніцкі глуха яго запытаў:

— Ужо сабраўся?

— Так... Макрына пайшла наперад, я астаўся, каб развітацца з табой.

Лясніцкі зразумеў, што Андрэй наўмысля паслаў Макрыну наперад, каб пабыць адзін на адзін з ім — не хацеў ехаць так, не разважыўшы таго непаразумення, з якім разышліся ў маёнтку. І замест ранейшага гневу цяпер зацяплілася ў сэрцы ў Лясніцкага сімпатыя да Андрэя, вярнулася тое цёплае, сваяцкае пачуццё, якое было ў першы момант іхняй сустрэчы тут, на вёсцы.

— Я пайду разам з табой на вакзал... калі хочаш...

Андрэй гэтага і чакаў.

— Вядома... Я буду рад... Ну, дык пайшлі...

Аднак яшчэ затрымала іх матка — прымусіла на дарогу паснедаць.

Памыўшыся ў чыстай расе, сонца пабялела, павесялела — яго праменні развеялі ўжо сваю густа-чырвоную хмурасць і пачалі заводзіць з квяцістай, млявай ад нядаўняга сну зямлёй палкія любоўныя пяшчоты. Але зусім яшчэ не расплыўся холад маўклівага прасыхання.

Над Дняпром бесканцовым кругазваротам плаваў туман, быццам круціўся, тупаў на месцы, набіраючы сіл, каб нарэшце ўзняцца ўгару, выбрацца з прытульнага логава свайго начлегу. А Дняпро ані-ні не зважаў на яго турбацыю. Ён ішоў праз яго ў магутным люстраным спакоі, моўчкі ўбіраў у сваё сцюдзёнае ўлонне мяккі, ужо трохі сагрэты блакіт глыбокага неба.

Над Дняпром стаяла празрыстая ціхасць, насычаная шопатна-клапатлівым ледзь чутным шуматам імклівае плыні. Яе парушала нейкае асцярожнае, меладычнае, як ціхі ўспамінак, хлюпанне ды смела-шумлівае, рэзкае чоханне вады, якую выліваў з лодкі перавознік Саўка.

Дзед вытыркнуў сваю ўсклычаную галаву, запытаў з ласкавым здзіўленнем:

— Ты куды ж гэта, Васіль, выпраўляешся?..

— Нікуды, дзядулька, праводжу вось таварыша...

— А, таварыша...

Ён кінуў на Андрэя няўважна-абеглы погляд і з пачціва-ласкавай буркатнёй завінуўся каля парома.

— Яшчэ паспееце, дзеткі... Ого, зарання выбраліся. Яшчэ балаголы не ехалі...

За Дняпром перад хлопцамі гонка раскінуліся глыбока-зялёныя росныя сенажаці, на якіх паволі ўжо шаваліліся завязлыя па пояс у траве касцы. Косы чыркалі здалёку квола, прыглушана, і здавалася, што гэта недзе зусім блізка верашчаць скачкі, а косы ходзяць бясшумна і лёгка, як у пустым паветры.

Над сенажаццю жаласна плакалі чайкі, і, нібы ў насмешку над імі, рассыпаліся тонка-срабрыстымі гарэзлівымі званочкамі высокія, як неба, жаўранкі. У паветры востра мільгалі рознакалёрныя стрэлкі, на кветкі буркліва прымацаваліся вечныя поркалы-шчамялі, скачкі рэзалі паветра моцным — як мага — верашчаннем. Дзень уставаў поўны, раздольны, да краю прасечаны яскравым жыццём.

Андрэй спыніўся, паставіў на дол чамадан і глыбока, шчасліва ўздыхнуў, акінуўшы вокам разгонна-зялёную далеч.

— Васіль! Ці хочацца табе абняць во гэта жыццё, га?.. Або кінуцца долу, распрастацца бязмежна, каб аж дасягнуць вунь да таго ляску, што схаваўся ў смагу, каб застыгнуць навек у невымоўнай слодычы адчування гэтага хараства... Ты, Васіль, не глядзі на мяне так здзіўлена, я ўмею любіць хараство і разумею яго. Для гэтага не трэба мець нейкага незвычайнага таленту. Я страшэнна люблю жыццё, люблю кожнае яго стварэнне ўсцяж да самай малюпасенькай казюлькі, во да гэтага жучка, што сеў мне на грудзі... Гэты жучок падскаквае, калі яго пакласці на спінку... Во, бачыш? Глядзі, Васіль! Бачыш? Во, во...

І ён, як дзіця, забаўляўся з жучком. Потым пяшчотна пусціў яго поўзаць па руцэ, цярпліва чакаў, пакуль той паляціць.

Лясніцкі хітравата ўсміхнуўся.

— А чалавека ты любіш?

— О, больш за ўсё...

Потым ён заўважыў усмешку Лясніцкага, дагадаўся, што ён меў на ўвазе...

— А, ведаю, куды ты закідаеш... Ха-ха!.. Тут, брат, трэба разабрацца глыбока... Мо я затым і не жалею некаторых людзей, што люблю чалавека. Ха-ха!.. Іш — ты куды...

Смеючыся, ён расперазаў рамень, зачапіў на яго чамадан, перакінуў за плечы і пайшоў, перавальваючыся на хаду з нейкай грубавата-вольнай сілай.

Ён пачаў нешта расказваць — вясёлае, смешнае — з свайго жыцця. Расказваў паволі, расцяжліва, як звычайна расказваюць звыклыя да далёкіх дарог хадакі. Лясніцкі слухаў уважна, але з нейкай дасадлівай нецярплівасцю. І чым далей ішлі, тым больш расла гэтая нецярплівасць. Баяўся, што не астанецца часу пагутарыць аб больш важным, сур’ёзным, аб чым так рупіла пагаварыць.

Прайшлі сенажаць, увайшлі ў лёгкі барок. Тут патыхнула смалістай, пахучай цеплю, агарнула светлая цішыня, якая бывае звычайна ў сонечны дзень у маладым сасновым ляску.

Лясніцкі ведаў, што адсюль асталося ўсяго вярсты паўтары. Нецярплівасць перайшла ў трывогу. Няўжо так дойдуць да станцыі і не ўсплыве тое важнае! І ён рашыў першы пачаць гутарку.

— Слухай, Андрэй, я хачу аб нечым з табой пагаварыць...

— Давай... Ну, пачынай, аб чым ты там хочаш...

Лясніцкі трохі падумаў — шукаў лепшага пачатку.

— Во што. Перш за ўсё — калі, вядома, ты мне давяраеш — скажы, гэта ж ты наладзіў гэты пажар і рабунак?..

— Я накіраваў толькі тое нутраное абурэнне, якое ўсё роўна неяк бы вылілася. Ну, не спалілі, дык бы забілі, абакралі, акалечылі... Мала як магло абярнуцца...

— Ну так, я разумею... Але ж нашто гэта? Нашто гэты агонь, гэты разбой, нашто тая кроў, якая, ты сам кажаш, магла быць і якая, можа, яшчэ будзе? Нашто? Каму гэта трэба?

Андрэй здзіўлена зірнуў на яго, нават спыніўся.

— А бач! Што ты гэта пытаеш, Васіль?.. Ты нешта не так, не тое пытаеш... Можа, ты хацеў спытаць — чаму? Чаму ўсё гэта робіцца? Дык, мне здаецца, ты павінен ведаць гэта больш, як я. Адказ зусім лёгка знайсці на гэта запытанне — досыць прыгледзецца да сялянскага жыцця, да яго чорных гаротных праяў, да бядоты, да вечнае крыўды... Вось і адказ... Разумееш?..

Лясніцкі ўсміхнуўся.

— У цябе гэта проста выходзіць, да жаху проста. Усё-ткі не тое... Я хачу знаць — нашто? Ці трэба гэта? Мо гэта нічога не дасць, толькі разбудзіць дзікія інстынкты? Можа, гэта трэба неяк стрымліваць, шукаць іншых спосабаў, іншага шляху...

Андрэй чамусьці зарагатаў.

— Стрымліваць, ха-ха!.. Іш ты, як гэта гуманна!..

Потым ураз стаў сур’ёзны, спыніўся, узяў за руку Лясніцкага.

— Давай сядзем тут, адпачнём.

Яны сышлі з дарогі, селі на дол.

— Слухай, Васіль. Калі ў тым доме, які ўвесь дыміцца, гатовы ў кожную хвіліну пыхнуць вялікім магутным агнём, які ўжо загараецца, які ўжо смагла ліжуць языкі полымя, калі ў гэтым доме хадзіць са шмоткай і заціраць асобныя дробныя іскрачкі,— ці будзе гэта разумна, га?.. Ці будзе ў гэтым сэнс які-небудзь?.. Дык вось, Васіль, усё гэта — іскрачкі. А сапраўдны агонь яшчэ будзе, ён выбухне разам, і гэтыя іскрачкі растануць у ім, увальюцца ў яго. Ён ідзе, гэты агонь, набліжаецца. Гэты агонь будзе страшны — у ім будуць і стогны, і кроў, у ім будзе чорная смерць, у ім будзе вялікае руйнаванне. Ён таму і будзе жыватворчы, гэты агонь, што скалане ўсё магутным ударам свайго зніштажэння, разбудзіць свежыя сокі зямлі, дасць балючы, але патрэбны штуршок застыгламу ў аледзянелых формах жыццю... Пажар набліжаецца... Ха-ха!.. Пажар будзе не такі, які ты бачыў сёння, гэта толькі прэлюдыя, толькі падрыхтоўка... Ужо відаць зарыва, ружавее на ўкрытым чорнымі хмарамі небе. Жыццё, Васілёк, развінаецца, жыццё будзе цікавае, дзіўна-прыгожае... будзе агонь, а з агню родзіцца новае, нябачанае...

Андрэй гаварыў у нейкім гарачым захапленні. Яго вочы дзіўна пацямнелі, страцілі мяккасць сваю, загарэліся чорным вострым агнём. Ён быў падобны да нейкага таемнага вешчуна, на прарока. Ён фанатычна верыў у тое, што гаварыў.

Лясніцкаму рабілася страшна. Ён верыў Андрэю, чуў у словах яго немінучае, чуў жорсткую, жудасную праўду. У гэтых словах, у ліхаманкавым бляску вачэй, у жудасным вешчаванні Андрэевым лунаў чорны цень той трывогі, што з’явілася ў апошні час, навісла цяжарнай хмарай, прыдушыла глухой няўцямнасцю.

Не заспакоіў Андрэй Лясніцкага, не даў яму таго, што б пагадзіла яго з гэтым неадступным, страшным, што б развеяла трывогу. Толькі больш жудасці, страху набыў ён ад гэтае гутаркі.

Далей ішлі моўчкі — кожны думаў сваё. Не даходзячы гоняў з двое да станцыі, убачылі Макрыну. Яна сядзела каля дарогі і весела смяялася ім насустрэчу.

— Во, якія яны... Я чакаю-чакаю...

— Чаго ж ты сядзіш тут?

— А што я там буду... Не люблю, дзе многа народу... Ды ўсе чужыя...

Раптам Андрэй утаропіўся ў яе, з жартлівым адчаем развёў рукамі:

— А бач! Яна ўжо і разуцца паспела... Ну што ж мне рабіць з табой?.. Гэта ж ты, чаго добрага, і ў горадзе так прылаўчышся.

Макрына вінавата смяялася.

— Калі ж не звыкла я. Улетку ды ў чаравіках...

Яна нехаця набулася, і яны пайшлі на станцыю — там Андрэй узяў білеты, яны патаўкліся трохі сярод густога натоўпу падарожных і потым выйшлі на залітую сонцам платформу.

Тут сустрэла Лясніцкага дзіўная нечаканасць. На краю платформы, дзе пачынаюцца рэйкі, стаяла паненка Раіса і пільна ўглядалася ў той бок, адкуль павінен быў прыйсці поезд. Яна страшэнна змянілася — вочы глыбока запалі, суха гарэлі ліхаманкавым агнём, твар пакрыўся густой хваравітай цьмянасцю. Яна пачула іх крокі і інстынктыўна перавяла на іх марудны, змораны погляд.

Лясніцкі прывітаўся. Яна заўважыла, радасна ўсхамянулася і пайшла да яго з сумна-прыветнай усмешкай.

Мусіць, нешта вельмі яскрава адбілася ў гэты момант на твары Лясніцкага, бо Макрына, якая сачыла за ім, раптам працялася тым адчайным спалохам, які ўжо бачыў Лясніцкі ў яе ў час іхняе гутаркі пасля весткі аб смерці мужа. Яна шырока раскрыла вочы, быццам убачыла нешта нечакана-страшнае, дзікае, і недалужна схапілася за руку Андрэя, прытулілася да яе, нібы шукаючы абароны. Гэта заняло ўсяго адзін момант і, апрача Лясніцкага, бадай што ніхто гэтага не заўважыў.

Раіса падышла, запытала:

— Вы едзеце, Васіль Данілавіч?..

— Не, я не еду. Я праводжу свайго таварыша. Вось, будзьце знаёмы...

На яго дзіва Раіса адказала з едкай усмешкай, за якой хавалася трывожнае хваляванне:

— Мы сустракаліся. Мы знаёмы... Добры дзень...

Яна наўмысля падкрэсліла сваё прывітанне, каб паказаць на яго недалікатнасць. А ён адказаў зусім спакойна, нібыта што:

— Добры дзень!

— Куды вы едзеце?

Андрэй адказаў. Яна хвіліну маўчала, нібы разважаючы нешта, нібы хацела нешта сказаць, ды не важылася. Потым загаварыла з наўмыснай рэзкасцю:

— Я таксама еду туды... адна. Я даўно не ездзіла і баюся цяпер... Я б хацела, каб ехаць разам з вамі...

Андрэй з нейкай загадкавай усмешкай разглядаў мысок свайго бота.

— Што ж, паедзем разам... Вось таксама падарожніца... Пазнаёмцеся.

Ён паказаў на Макрыну. Паненка з паспешнай гатоўнасцю падала ёй руку. Лясніцкі заўважыў, як ледзь-ледзь крануліся куточкі яе вуснаў, як праслізнуў па твары ў яе цень грэблівай грымасы. А Макрына нясмела ўзяла пешчаную панскую руку, нязграбна яе патрымала і неяк скоранька, палахліва выпусціла, быццам не рука была гэта, а страшная гадзюка.

У гэты час аднекуль з'явіўся бацька Раісы. Яна яму весела крыкнула:

— Вось я найшла сабе падарожнікаў!

Пан падазрона азірнуў іхнюю несамавітую кампанію, але — што зробіш? — прыйшлося ветла, саладжава ўсміхнуцца.

— Так-так... гэта добра... я дужа рад...

Праз хвіліны тры прыйшоў паўнютка набіты поезд. Андрэй неяк упіхнуў адну за адной сваіх спадарожніц, і толькі ўскочыў сам, як заядла свіснуў кандуктар, захрыпеў асіплы ад зморы паравік, і поезд крануўся.

Лясніцкі астаўся адзін. Ён стаяў на платформе, аж пакуль, закрыўшыся клубком белага дыму, не знік поезд за далёкім лясістым заваротам. Тады прайшоўся яшчэ разы са два па платформе, быццам баяўся, каб чаго тут не забыцца, быццам што ўспамінаў, і — пануры — пабрыў са станцыі.

І вось агарнуў яго цяжкі беспрасветны сум. Пачуў ён сябе адзінотным, усімі пакінутым. Успомніў вёску — не захацелася ісці туды, палохала там нешта варожае, чорнае.

Андрэй разумее. Андрэй тож быў злосны тады, яшчэ так пагардліва, дрэнна ўсміхаўся. А потым жа зразумеў, нават першы захацеў гаварыць з ім. А вёска гэтага не даруе. Там іначай, там проста: з намі ці не...

Лясніцкі дайшоў да ляска, забраўся ў густыя кусты алешніку і лёг там, глыбока аддаўшыся свайму шчымліваму суму. Неяк жыва, выразна паўсталі ўваччу твары Андрэя, Макрыны, Раісы — ахінуліся смутнай прыветнасцю, сяброўскай ласкай. Усе былі цяпер аднакава любыя, усе былі блізкія, родныя...

Макрына, дарагое дзіця... Што яна думае цяпер пра яго? Яна нават не ўсміхнулася на развітанне, толькі зірнула глыбока так, жаласна. І гэты адчайны спалох — ён астаўся ў любых ясных вачах — у чорным маўклівым прадонні.

Што цяпер рабіць? Куды падацца? Дзе знайсці прытулак азнібеламу сэрцу, дзе развеяць чорную жудасць, трывогу?..

А вакол так пярэста ззяе жыццё, так цудоўна звініць бязрупатная весялосць, шырокая радасць. Міма, міма ідзе гэта жыццё — з сонцам, з чыстым срэбрам жаўранка, з ціха пявучым блакітам — пакідае яго самотнага, хворага, пакідае па з'ежу чорнаму суму.

Што рабіць? Куды падацца?

І доўга, мо колькі гадзін ляжаў так Лясніцкі — адзінотны, пакінуты — і ў бязмежнай роспачы прыслухоўваўся да болю свайго, да мукі. Калі ж сонца пад паўдзён падабралася, калі застыгла ў паветры душна-яскравая спякота, тады ўзяла сілу фізічная змора — заснуў цяжкім ліхаманкавым сном.

У той дзень увечары, прыйшоўшы да хаты, Лясніцкі пісаў ліст Нікадзіму Славіну. Вось пачатак таго ліста:

«Любы мой, дарагі друг!

Пашкадуй мяне, бо мне страшэнна цяжка. Жыццё ўстала глухой, непрагляднай сцяной, агарнула ўсяго цемра і жудасць. Не ведаю, куды падацца, дзе знайсці сабе месца. Чую, нешта ідзе, набліжаецца — нешта страшнае, і дрыжу, баюся, гатоў, як той страус, зарыцца ў адчаі галавой куды-небудзь, каб нічога не чуць, не бачыць. Адзінота... Добры мой Нікадзім! Ці зазнаў ты калі цяжар беспрасветнай адзіноты?.. Гэта такая нясцерпная мука, калі адзін, абсалютна адзін, калі няма каму слова сказаць. Сягодня я ўспомніў нашы апошнія дні ў горадзе. Ці помніш ты іх? Ці помніш нашы бяссонныя ночы, летуценні нашы — такія непазбыўна-прыгожыя, такія светлыя? Помніш вечары ў Матруніна?.. Я знаю, ты не забыўся на гэта на ўсё. Ты ж яшчэ большы рамантык, як я, ты смялей, паўней умееш аддацца лятункам. І вось — слухай, Нікадзім,— усё ж гэта паляцела, разбурылася, адзін жа попел астаўся, брудная шума. Няма таго радасна-светлага — чорна ў жыцці, страшна і жудасна. Не ведаю, што рабіць, баюся, дрыжу, гатоў зрабіць з сабой што-небудзь нядобрае. Ратуй мяне, Нікадзім, скажы такое слова, каб супакоіць мяне,— я цябе зразумею — дай падтрыманне. Хоць тое вярні, што было тады, каб зноў забыцца на жыццё, каб зноў было радасна-светлае, нязбытна-прыгожае, каб былі летуценні. Пашкадуй мяне, родны, бо цяжка мне, дужа, дужа цяжка...» І яшчэ ў той вечар хадзіў Лясніцкі на прыгуменне і плакаў там пад старой разложыстай бярэзінай.

 

Частка чацвёртая

Вось ціхі бярозавы шлях, абвеяны задуменнымі вятрамі, абвеяны бязмежна-цягучымі думкамі самотных падарожнікаў, вось ён у млявым жнівеньскім сонцы, у ціхавейным паху блізкай восені. Старэнькі бярозавы шлях дыхае нечым сумна-далёкім і спакойна-імклівым. От ён цягнецца, клыпае сабе памаленьку, як старавечны, але жывучы дзядок, паглядзіць навакол, пажмурыцца на белае сонца, усміхнецца ў сівую сваю бараду дый пайшоў, дый пайшоў. І няма, здаецца, яму ні канца ні пачатку, бязмежны ён, як свет, як жыццё, і вечны ў сваёй маўклівай старасці.

Славін ідзе, недалужна згарбаціўшыся пад цяжарам свае нязграбнай клумкі, і ён страшэнна падобны на адну з тых карузлых бярэзін, што крыва ўкланіліся абапал дарогі. Смешна чамусьці, што ён у адной мультавай сарочцы (здаецца, прасцей бы яму ў нечым даўгім і раскошным, што б хавала худую фігуру яго), смешна, што сарочку ён нізка-нізка перацягнуў тонкім рамнём, і яна вісіць карыкатурна пакрыўленым ад фігуры прастакутнікам. А вочы яго, як той шлях — старэнькія і ціха-бязмежныя, і трохі сумныя, добрыя.

Славін, ідучы, філасофствуе. Ён старанна зморшчыў лоб, забыўся на ўсё чыста ў свеце і з патугай фармулюе сваю наіўную тэорыю «залатой адлегласці». Тэорыя дзяціная, смешная, але Лясніцкаму люба слухаць, бо ён чуе тут сляды тых самых сумненняў, тых душэўных трывог, якія мучаць самога. Калі чалавека гняце што-небудзь, дык яму бывае куды спакайней ад таго, што і другога гняце тое самае. Лясніцкі для прылікі ўсміхаецца, але за ўсмешкай уцішку хавае дапытлівую сур’ёзнасць. Ён нават гатоў і паверыць. Ён шчыра жадае паверыць — таму і пільнуе напружана за словамі Славіна, з надзеяй іх аглядае, абмацвае, каб не прапусціць у каторым залатой крупачкі праўды.

Ад патугі ў Славіна збягаюць зморшчкі з ілба аж на пераноссе і кнопачка-носік лезе ўгару, быццам меціць, дуронік, каб выскачыць з-пад акуляраў і самому ўсесці на іх — ужо досыць панасіў! — або зусім сарвацца і паляцець угару, да сонца.

— Ну вось... можна іначай назваць — справа не ў назве... Дон Кіхот быў смешны, бо ён не знаў меры... У кожнага чалавека ёсць частка Дон Кіхота — кожны хоць раз у жыцці паспрабуе змагацца з ветракамі. А смешным астаецца той, хто не знае меры, хто пераступіць «адлегласць». Я даўно думаю аб гэтым. Усё лета насілася гэта прада мной такім нейкім разбеглым туманам. А потым акрэслілася і стала ясна. Кожная рэч здаецца прыгожай на пэўнай адлегласці. Абсалютна прыгожага няма. Ёсць мяжа ўсякага хараства. Калі адыдзешся далей, чым трэба, расплывецца яно ў невыразным тумане, калі занадта блізка падыдзеш — стануць адны пустыя, часам брыдкія формы... Я быў у садзе... Тады было дзіўнае яскравае надвор’е і ў садзе быў чысты рай: кветкі, птушкі розныя, арамат... Я хадзіў, аглядаў свае кветкі (ты ж бачыў, колькі іх у мяне), ну і, ведаеш, думаў чамусьці аб тым, на якой яблынцы лепш за ўсё было б засіліцца. Раптам я заўважыў на дрэве шэры камок, неяк дзіўна ўціснуты паміж сучкоў. Я зацікавіўся, падышоў трохі бліжэй і аслупянеў. Камок раптам заіскрыўся яскрава-бліскучымі пералівамі, у якіх мігцелі, здаецца, усе колеры, якія толькі ёсць у свеце. Я падумаў быў, ці не рэдкі гэта камень-самацвет, ці не трапіўся мне дарагі скарб, якому мо няма і цаны... Ну, падышоў бліжэй — і аказалася, што гэта трупік сіўкі-варонкі, ужо добра загнілы, у якім капашылася брудная куча мух і чарвей, ад якога ўжо нёсся агідны пах трухляціны. Ты разумееш? Вось тут і адкрылася ўсё, і я зразумеў ісціну «залатой адлегласці»...

Тут Славін з выглядам зморанага пераможніка здзеў акуляры і пачаў выціраць густа спацелы твар. Без акуляраў вочы яго былі нейкія лысыя і вялыя, як шмотка.

Ён недалужна плюскаў імі, змагаючыся з назолліва смелым праменнем сонца.

Лясніцкі запытаў з усмешкай:

— Які ж сэнс твае гэтае «адлегласці»? Дзе ж яе філасофская сутнасць?

Славін хітравата ўсміхнуўся, хвіліну змоўчаў і загаварыў зноў наўмысна размераным, расцяжлівым голасам:

— А вось які сэнс... Выходзіць, што няма нічога непрыгожага, агіднага, што ўсё чыста мае сваё хараство і справа ў тым толькі, каб знайсці пункт, з якога відаць гэта хараство, справа ўся ў адлегласці. Самую брыдкую рэч можна так паставіць, на такую далячынь, што яна здасца незвычайна прыгожай... І наадварот: вазьмі найпрыгажэйшую статую або карціну, падыдзі да яе да самай, дык убачыш толькі фарбу або гліну ці яшчэ што. Адыдзіся далей, чым трэба, будзе зноў звычайная шэрая пляма... Цяпер разумееш?..

— Яшчэ не зусім.

Славін аж спыніўся, узняў угару палец і выпаліў з радаснай важнасцю:

— Усё жыццё прыгожае. Няма нічога дрэннага ў жыцці — усё добрае. Справа толькі ў «адлегласці»... Разумееш?.. Вось я раблю цяпер псіхічную трэніроўку. Ты бачыў калі, як свеціць пражэктар? Яго косы можна спыняць на любой адлегласці. Вось ідзе, такая светлая, белая каса, а потым — стоп, і далей ужо цёмна. Можна яе караціць, даўжыць — як-хоця. Вось нешта падобнае, я адчуваю, трэба прызвычаіцца рабіць з сваёй псіхікай, і тады будзеш бачыць ва ўсім толькі радасць і хараство. Кожнае з’явішча ў жыцці можа быць прыгожым, калі толькі знайсці для яго патрэбную «адлегласць». Часамі яна выпадкова сама знаходзіцца. Помніш, як мы ехалі з горада?.. Нам тады было ўсё прыгожа ў жыцці, бо мы глядзелі на яго з «залатой адлегласці». А тады ты паглядзеў на яго бліжэй, чым трэба,— і спалохаўся, і расчараваўся. Не трэба было блізка глядзець. Зблізу ўсё страшэнна агіднае...

— Дык, значыць, па-твойму, трэба зусім адысці ад жыцця, глядзець на яго збоку, здалёку?..

— Славін нібы спалохаўся яго безнадзейнай няёмкасці.

— Што ты? Нашто адыходзіць? Псіхіку трэба трэніраваць. Ты будзь у самай гушчы жыцця, працуй, Змагайся, усё што хочаш. Толькі глядзець умей правільна. І на сябе таксама, не толькі на тое, што навокал. Ну вось... прыклад табе. Мяне неяк былі арыштавалі (за што — я не ведаю), я сядзеў два дні ў халоднай. Дык я настроіў так сябе, што быў страшэнна рад і задаволен. Пры ўсёй невыгодзе гэтае седні (мне амаль што не давалі есці) я адчуваў сябе добра, бо знайшоў «залатую адлегласць» і глядзеў на ўсё гэта, як на прыгожую рамантычную прыгоду.

Лясніцкі не стрымаўся, зарагатаў.

— Дзівак ты, Нікадзім! Дон Кіхот ты дваццатага веку! Страус ты палахлівы!.. Думаеш, схаваўся, уцёк? Галаву толькі схаваў, дый то не ўсю, ха-ха!.. Адлегласць ты недарэчная!..

Славін няўцямна і вінавата плюскаў вачмі.

— Дон Кіхот не знаў меры. Ён адышоўся занадта далёка. Хараства рэчаў ён не бачыў, ён бачыў толькі туманныя плямы, і ўжо сам ствараў з іх тое, што патрабавала яго хворая свядомасць. Не, тут не так... Я не страус, я не хаваюся... Я хачу, каб было прыгожа і добра... Вось ты сам казаў, што баішся гэтае завірухі, што сяляне паляць, руйнуюць маёнткі, што дзікасць, звярынства страшэннае... А можа, гэта прыгожа? Можа, гэта не звярынства, а святы, справядлівы гнеў? Ты вось ад вёскі ўцёк, табе здалося гэта агідным, страшным, ты паўстаў супроць гэтага... А можа, ты паўстаў супроць хараства?.. Гледзячы — як, адкуль паглядзець...

Лясніцкі нецярпліва перапыніў яго.

— Годзе! Давай адпачнём. Ужо вёрст дзесяць адмахалі без адпачынку.

Яны сышлі з дарогі, ляглі ў засені, пад калматай прысядзістай бярэзінай. Абое чамусьці змоўклі, кожны ўглыбіўся ў свае асобныя думкі.

Лясніцкі лёг на спіну, упяў погляд у халаднаваты блакіт і млява сачыў за празрыстым ныраннем балачынак — лёгкіх і наіўных, як філасофія Славіна. Разам з гэтымі балачынкамі паплылі ўваччу нядаўнія малюнкі-ўспаміны, выплыла вёска — з чорным абурэннем, з цяжкай блытанінай, нясмела вызірнуў смутны твар Макрыны, ахінуты тым няясным, загадкавым, што прывезла яна з горада. Потым у яскравай вабнасці смела паўстаў, быццам вырас у вецці бярозы, вобраз паненкі Раісы, пасуліў нейкую невыразна-шчымлівую радасць.

«Пэўна, сустрэну там...»

У раптоўным незразумелым узрушэнні Лясніцкі абярнуўся да Славіна і жартліва, весела крыкнуў:

— Ну вось, філосаф, парай, што мне рабіць. Я кахаю адразу дзвюх жанчын — гэта страшэнна мучыць мяне... Скажы, з якой зірнуць мне адлегласці, каб разлюбіць каторую або як-небудзь іначай пазбыцца гэтае мукі?..

Славін радасна ўсхапіўся.

— Ага! Вось — жанчына... Во-во, нашто табе і што... Паспрабуй вось тут без адлегласці... Вось табе прыклад, дзе наша псіхіка сама знаходзіць патрэбны пункт, з якога мы і глядзім на даную рэч. Тут сама прырода так робіць... Вось мы часам захапляемся хараством жаночага цела. Каб не псаваць табе настрою, я не буду гаварыць аб фізіялогіі гэтага цела, аб тым, з чаго яно складаецца — ты сам разумееш... А вось кахаеш, захапляешся хараством... А паспрабуй адысці занадта далёка, каб зусім не было ўжо фізіялогіі,— і зноў будзе дрэнь. Ёсць такі пункт, такая адлегласць, якую ў гэтым выпадку становіць сама прырода. Вось так трэба і ва ўсім, трэба тэхніка, трэба псіхічная трэніроўка.

— Добра. Але ж ты адкажы на маё запытанне: што мне рабіць?..

Славін трошкі падумаў і потым здаволена засмяяўся.

— Ха-ха! Дык нічога ж табе і рабіць не трэба. Нашто табе разлюбляць? Нашто табе збываць сваю муку? Ты знайдзі «залатую адлегласць» і адтуль зірні на сябе, на свой настрой, на сваю гэту «муку». І тады сама ў сабе мука здасца табе нечым прыгожым і шчасным, ты знойдзеш у ёй асалоду.

Лясніцкі тож засмяяўся.

— Іш ты, хітрунчык, выкруціўся...

Яшчэ паляжаўшы трохі, Лясніцкі запытаў:

— Слухай, Нікадзім... А скажы, як у цябе справа з адлегласцю ад жанчыны?..

Ён запытаў гэта жартам і сам здзівіўся, калі раптам па твары Славіна расплыўся цень смутнай сур’ёзнасці. Хвіліну Славін маўчаў, быццам апанавала яго знецікі цэлая плойма назоллівых успамінаў — не адчапіцца ад іх,— потым глыбока ўздыхнуў і сказаў ціха-ціха:

— Можа, тая жанчына і сама ведаць не будзе, якую я пакахаю...

Потым ён лёг на спіну і пачаў гаварыць у цягучай задуме, паволі выстаўляючы слова за словам:

— Люблю я вось так ісці куды-небудзь па старым прытульным шляху... увосень, калі павучына плыве над іржышчам і хмызняк чужы стаў, непрыветны, замкнёны такі... У траве жоўтыя лісты — пялёсткі восеньскага суму... а жаўранак нейкі мінулы, даўні, як чутая калісьці ў дзяцінстве песня за рэчкай... Каб так пайсці без мэты, без пэўнага напрамку, міма старых бабулек-бяроз, у далёкі свет. Там стаіць недзе вясёлая вёска з фарбаванымі ганкамі, з садкамі сукрыстымі. Каля вёскі прыгожыя дзяўчаты сцелюць лён і спяваюць песні. Там адна мая дзяўчына — у яе крамянае цела, смелыя формы і ўсмешка, якая абяцае бяздоннае шчасце. Яна пазірае на далёка адкрыты стары шлях, на бабулькі-бярозкі, яна глядзіць, ці не ідзе яе суджаны. І тады па яе твары праходзяць маршчынкі балючага суму, і яна ўздыхае так глыбока, што сарочка ледзь стрымлівае ўздым яе белых грудзей...

Тут Славін і сам уздыхнуў. Скарыстаўшы гэты перапынак, Лясніцкі пачаў гаварыць далей яму ў тон:

— І вось ідзе яе суджаны — зграбны, прыгожы герой Нікадзім Славін. Яго акуляры бліскаюць, як сонца, сам ён, як чыстая зорка, як камета, а за спіной у яго астралябія — ён ходзіць па свеце і мерыць адлегласць, і шукае, дзе б прымасціцца, адкуль зірнуць, каб убачыць усё хараство свае аблюбёнае...

Тут абодва весела зарагаталі. Ідучы далей, яны яшчэ доўга строілі жарты вакол міфічнага вандравання Славіна і яго сустрэчы з чароўнай дзяўчынай, пакуль усур’ёз не захапіліся думкай аб такім бязмэтным, вольным падарожжы, поўным нечаканых прыгод і бясконца-свежых уражанняў. Кончылі на тым, што шчыра, дружна ўмовіліся (нават у захапленні адзін аднаму рукі паціснулі), каб налета пайсці разам у свет і, вандруючы, сузіраць жыццё, вывучаць яго пярэстыя праявы.

Гэтая гутарка Лясніцкага з Славіным адбылася была ў самым канцы жнівеня месяца, калі яны з славінскай сялібы выправіліся ў горад шукаць самастойнага месца ў жыцці. А перад гэтым два тыдні Лясніцкі жыў у Славіна — ён уцёк быў к яму ад навалы жыццёвых нягод, ад балючае блытаніны, у якой недалужна біўся ўвесь час пасля ад’езду Андрэя. Два тыдні прайшлі ў шчырых таварыскіх гутарках, дзе былі і ўспаміны, і летуценні, і змрокі чорнай роспачы, і смелыя ўзлёты надзей. Два тыдні гэтыя Лясніцкага трохі заспакоілі. Не таму, што далі адказ на сумненні яго, а таму, што не было адзіноты — кожную чорную думку можна было растапіць у агні глыбокае дружбы.

Ад вёскі Славіна да чыгуначнай станцыі было дваццаць пяць вёрст.

 

Горад сустрэў хлопцаў глухім алавяным раннем. Яшчэ едучы па чыгунцы, яны даведаліся аб паўстанні Карнілава, аб тым, што горад абвешчан на асадным становішчы, што разгортваецца сур’ёзная рашучая барацьба. Таму ў ціхім бязлюдным ранні чулі хлопцы цвёрда затоеную трывогу, чулі паходную салдацкую напружанасць. І ўва ўсім, што траплялася па дарозе, яны гатовы былі бачыць нешта незвычайнае, небяспечнае. Калі сустракалася якая група салдатаў, яны ўжо інстынктыўна туліліся адзін да аднаго, чакалі, што вось іх затрымаюць, павядуць куды-небудзь, будуць дапытваць, мо за шпігоў за якіх улічаць. А ў кожным аўтамабілі, які з сярдзіта-паспешным гурчаннем пралятаў міма іх, здаваўся ім сам «глаўкаверх» Карнілаў або хто-небудзь з яго галоўных прыспешнікаў. Кожны аўтамабіль яны праводзілі асцярожнымі заўвагамі:

— Во тут, мусіць, нейкі дужа важны генерал паехаў — вокны і то пазавешаны...

— А вунь кулямёты брызентам накрыты, бачыш? Па форме відаць...

— Вось санітарны, на гэткім раненых возяць... І сястра сядзіць... бачыў?

Ужо ў самым цэнтры яны сустрэлі досыць вялікі атрад узброеных салдат. Салдаты ішлі ў стройных шэрагах, і бязлюдная ціхасць вуліцы неяк асабліва выразна і рэзка падкрэслівала іх дружныя крокі. У кожнага на рукаве была сіняя перавязка, на якой намаляваны быў чалавечы чэрап і надпіс — «карнілаўцы». Лясніцкі першы заўважыў гэтыя перавязкі і таўхануў пад бок Славіна.

— Во... во... карнілаўцы...

Яны несвядома спыніліся і з нейкім палахлівым задзіўленнем глядзелі на салдат, аж пакуль не прайшоў міма апошні шэраг. Мабыць, быў у салдат такі ўрачыста-баявы пагрозны выгляд, а мо і тут проста быў вінават трывожны настрой хлопцаў, толькі пачулі раптам абодва лёгкі павеў напружанай жудасці, жывы подых крывавай барацьбы. Быццам гэтыя хмурыя салдаты во-во гатовы былі спыніцца, рассыпацца і пачаць страляніну, абсыпаць свінцовай смерцю нявіднага ворага.

Пад уплывам гэтага настрою Славін неяк зябка ўздрыгнуўся і прабурчаў скрозь зубы:

— Не люблю вайны... У ёй ёсць нешта стыхійна-халоднае, бязлітаснае, неўгаворнае... Жалезам ад яе пахне...

Лясніцкі, каб развеяць цяжкае ўражанне, пажартаваў:

— Ты паспрабуй зірнуць на вайну з «залатой адлегласці», можа, здасца прыгожай.

А Славін прыняў гэтыя словы ўсур’ёз і з настойнай паспешнасцю заспрачаўся:

— Так. Натрэніраваўшыся, можна. Шмат хто і глядзіць на вайну як на нешта прыгожае. Паэты абпяваюць войны самымі пекнымі песнямі, народы складаюць аб іх неўміручыя легенды, для цэлай групы людзей і цяпер яшчэ вайна — родная стыхія... А я яшчэ не ўмею знаходзіць патрэбнага пункту, з якога глядзець,— мне вайна не падабаецца...

Яны сышлі з цэнтральнай вуліцы, пайшлі да Андрэя — там рашылі яны спыніцца.

Як падыходзілі да Андрэевай хаты, Лясніцкі пачуў лёгкае і прыемнае хваляванне, быццам ішоў насустрэчу старому, даўно нябачнаму другу. З нечаканай рэзкасцю выбіліся ва ўяўленні твары Андрэя, Ніны, Халімы і нават старога хворага бацькі. Потым, калі ўжо ўваходзілі ў фортку, апанавала прыкрае замяшанне — яно заўсёды з’яўляецца, калі пасля доўгага расстання ўваходзіш у блізка знаёмы дом.

На кухні сустрэла іх Ніна, шырока адтапырыўшы запэцканыя ў сажу рукі (затапляла печку) і не менш шырока і ветла ўсміхаючыся сваімі сяброўскімі шэрымі вачмі.

— А! Нечаканыя госці!.. Ну, давайце вітацца... Хто першы?

Яна пагрозна выставіла свае чорныя рукі. Тым часам Лясніцкі абхадзіў яе кругам, аглядаў з усіх бакоў з жартлівай уважнасцю.

— Падабрэла, папрыгажэла... зусім на дзяўчыну стала падобна... Пакажыцеся к свету, ну-ну... Эге! І вас жыццё закранула...

Сапраўды, яму кінулася ў вочы, што пад бяспечна-ўсмешлівым выразам Нінінага твару лягла ўжо сетка турботнай сур’ёзнасці і ў куточках вуснаў упарта застралі ледзь прыметныя слядкі задуменнага болю.

— Ну, досыць ужо разглядаць, а то абмажу сажай... Ідзіце туды, у пакой...

— А Халіма дома?

Па яе твары прабег цень трывожнай руплівасці. Яна раптам стала сур’ёзнай і задуменнай.

— Халіма дома... Ён спіць, бо ўчора позна прыйшоў... Ідзіце туды, разбудзіце... Ён сам вам раскажа ўсё... Вы ўбачыце, што гэта за ўпарты чалавек...

Хлопцы, зацікаўленыя, увайшлі ў Халімаў пакой. Халіма спаў, шырока раскінуўшыся на ложку,— вялікі і цяжкі, як дубовая калода. На крэсле, а часткаю на стале і на ляжанцы была раскінута салдацкая вопратка і розная вайсковая амуніцыя. На сцяне вісела шабля.

— Глядзі-тку! Гэта ж ён ужо ў войску!..

І неяк смешна стала абодвум, што Халіма, з якім зусім нядаўна сядзелі разам на вучнёўскай лаўцы, ужо вайсковы, мае аружжа, форму. Здалося, што гэта новы нейкі Халіма, не той, што быў там, у школе.

Яны пачалі яго паціху будзіць. Гэта аказалася досыць труднай работай, бо Халіма толькі тады рашыў прачнуцца, калі яны сцягнулі ўжо з ложка абедзве яго нагі. Тады ён сеў і пачаў церці кулакамі вочы. Потым пазнаў іх і чамусьці сур’ёзна і заўзята загвалтаваў:

— Здарова, хлопцы!..

А тады зноў узяўся за вочы, забурчаў сонным сіпаватым голасам скрозь магутнае пазяханне:

— Я думаў — прыйшлі ўжо... аж гэта вы... Ну, малайцы, хлопцы... А я... збіраюся арыштавацца... мяне арыштаваць... як гэта... ну, так — мяне збіраюцца арыштаваць...

Патугі гэтае фармуліроўкі канчаткова яго адарвалі ад сну... Ён раптам зірнуў на хлопцаў чыстымі энергічнымі вачмі і запытаў:

— Андрэй дома?

— Не, здаецца, няма...

— А Ніна?

— Тут.

Ён з нейкай смешнай сцеражлівасцю зірнуў на дзверы і загаварыў зніжаным голасам:

— Яны ўгаварваюць мяне ўцячы... гэта лёгка зусім, нецікава... Я не хачу — хай сабе забяруць, не прападу... Я ж яшчэ не сядзеў ні разу. А палявым судом не засудзяць — брэшуць яны, пужаюць, каб уцёк... А я не хачу — і ўсё... Паспею яшчэ, наўцякаюся... Ну, добра... Сядайце, дзе хто хоча... Малая! Малая!..

У пакой увайшла Ніна. Яна сарамліва ўсміхалася:

— Я зусім не малая... Выдумаў... Што табе трэба?

— Хто сягодня дзяжурны?

— Андрэй.

— А дзе ён?

— Пайшоў некуды...

— Дык хто самавар наставіць? Як жа гэта?

І ён утаропіўся ў Ніну з глыбокім шчырым неўразуменнем. Тая пагадліва засмяялася.

— Добра ўжо, я настаўлю. Потым залічым...

Лясніцкі ўспомніў, як Андрэй называў — «наша камуна». Ён міжвольна ўсміхнуўся і запытаў:

— У вас усё па чарзе робіцца?

Ніна адказала, жартліва крыўдуючы:

— Ого, усё... Печку я таплю, палудзень я вару, харчы я купляю, усё я раблю... Бо я беспрацоўная... А дзяжурны толькі самавар ставіць ды хату мяце... Во, як у нас...

Як яна выйшла, Халіма пачаў надзявацца і апавядаць пра свае злыя прыгоды:

— У нас тут бяда... контррэвалюцыя, ваўкі яе рэж... Карнілаў... чулі?.. Ну, вось... Было добра, а то — яшчэ лепш... зусім ужо да цара каб дабрацца... Ну і мая часць за яго, за сволач гэту чарнасотніцкую... Учора загад выдаў Карнілаў, усюды развешан ужо, можа, чыталі... А я ўначы мітынг сабраў у сваёй часці, будзіць пачаў на бальшавіцкую лінію... Мяне б учора ўжо арыштавалі, дык уступіліся хлопцы. А я адрас пакінуў ім, сказаў, што буду чакаць іх роўна а дзесятай. Яны паверылі... Колькі цяпер? Палавіна дзевятага?.. О, яшчэ рана... Уцячы тут лёгка — перайшоў на другую вуліцу, вось і ўсё. А ён доўга не пратрымаецца, бо не мае грунту... Вось... Уцячы можна, але я не хачу... Хай сабе...

У вайсковай вопратцы Халіма выглядаў зусім зграбным мужчынам. І наогул за гэты час ён неяк выраўнаваўся, нават папрыгажэў — большую гарманічнасць набылі яго рэзкія буйныя рысы. Ён крыху саромеўся — бачыў, што хлопцы яго разглядаюць,— і, каб захаваць замяшанне, рабіў як мага сярдзітую міну. Ад гэтага ён сапраўды выходзіў страшны і новы.

Ніна прынесла самавар. Яна чым дальш, тым больш смутнела, рабілася цёмнай, маўклівай. Гэта адбівалася на ўсіх — памалу звівалася ў пакоі трывога, напінала нервы, падкрэслівала кожнае слова, кожны погляд, кожны, нават зусім нязначны, гук. Так бывае заўсёды, калі чакаюць усе нечага выдатнага, непрыемнага, ведаюць, што яно будзе, і баяцца або лічаць нетактоўным аб ім гаварыць.

Трывога гусцела з кожнай хвілінай. У пакоі вісла ненатуральная цішыня і маўчанне. Толькі Халіма наўмысля многа і голасна гаварыў, жартаваў, смяяўся, каб разбавіць прыкра напяты пастрой. Часамі ён неўзаметку кідаў цікуючы погляд на Ніну (Ніна ўсё хадзіла то туды, то сюды, нервавалася), і ў гэтым поглядзе дзіўна мяшалася злосць з нейкім напружаным чаканнем. Быццам сачыў ён за Нінай, чакаў, што яна нешта зробіць ці скажа, рыхтаваўся злосна, груба ёй адказаць. А Ніна на яго не глядзела і ўпарта, зацята маўчала. Гэта, відаць, збівала яго з панталыку.

Падыходзіла да дзесяці. Ужо ўсе мімаволі прыслухоўваліся, чакалі крокаў, стуку ў дзверы. І вось, калі ўжо асталося, можа, хвілін дзесяць, не вытрымаў раптам Халіма. Ён бурна, сярдзіта ўстаў і ўдарыў па стале цяжкім сваім кулаком.

— Добра. Я ўцяку... Я зраблю гэта для цябе, Ніна. Чуеш?..

Ён зірнуў на Ніну сярдзіта распаленым поглядам. А тая стаяла ля акна і глядзела некуды ўбок, баючыся крануцца з месца, каб якім-небудзь няўмысным рухам не выказаць свайго здаволення, каб не спудзіць гэтым нечаканай рашучасці Халімы. Адзін толькі раз яна спадкрадня зірнула на яго. І ў гэтым яе палахлівым поглядзе скрозь цень трывожнага недавер’я бліснуў гарачы прамень радаснай удзячнасці.

Халіма паспешна, рашуча пачаў збірацца. Праз хвіліны дзве ён стаяў ужо ў поўным страі — надзеты, узброены — і глыбока моршчыў лоб — можа, успамінаў, каб чаго не забыцца, а можа, хацеў нешта сказаць на развітанне, ды не ведаў, як тут пачаць.

У гэты момант паляпалі ў дзверы. Ніна інстынктыўна кінулася да Халімы.

— Хавайся!

Ён усміхнуўся.

— Позна ўжо — нічога не зробіш. Ідзі адчыні...

І ў яго голасе выяўна чувалася нотка здаволення. Рад быў, што не трэба лішняга клопату, не трэба турбавацца. А Ніна зноў стала замкнёнай, цёмнай, больш не сказала ні слова, моўчкі пайшла адчыняць.

Прыйшло трое салдат. Ва ўсіх на руках былі ўжо знаёмыя хлопцам адзнакі. Халіма сустрэў іх шумліва, весела, адразу пачаў распяразвацца, здзяваць сваю зброю.

— Малайцы, хлопцы, якраз у пару. Колькі цяпер? Роўна дзесяць? Ого, амерыканская спраўнасць, хвіліна ў хвіліну... Дык во каго яны прыслалі за мной!.. Слухай, Мірончык (ён звярнуўся да самага маленькага чарнявага салдаціка), чорт ты лысы, халера! Ты ж учора абараняў мяне больш за ўсіх... Які ж гэта толк у цябе, га?..

Салдацік сумна ўсміхнуўся.

— Учора іншая рэч была, учора гэта мы так, па-вальготнаму, таварышамі... А сёння загадалі, дык і пайшоў... Служба, браток...

— Ха-ха! Па-вальготнаму! Гэта ты здорава, хвацка... Ну, хлопцы, бывайце!

Ён парыўчата, моцна — па-свойму — паціснуў рукі хлопцам. Як развітваўся з Нінай, наўмысля не глядзеў ёй у вочы. Хацеў, відаць, і з ёй так, як з хлопцамі, але потым абдумаўся — з нейкай сярдзітай паспешнасцю пацалаваў яе ў лоб.

— Ну, чарнасотнікі, гайда!..

І пайшлі — затаўкліся ў дзвярах бязладна-шумлівай гурмай. Ляпнулі дзверы, уляцелі з двара глухія, парваныя галасы, і стала ціха, асталася ў хаце балюча-напружаная пустата.

Ніна села на крэсла і прыціхла ў нейкай ненатуральна-застыглай паставе — упяла ў халодна-бялясую пляму акна нерухомы погляд. Славін падышоў да яе і, асцярожна бліскаючы сваімі акулярамі, пачаў яе суцяшаць. Гэта было зусім недарэчы, і Лясніцкі хацеў спыніць яго, але было неяк нязручна. А Ніна спачатку зусім не слухала, што ён гаворыць, думала нешта сваё. Калі ж заўважыла, што Славін яе ўгаварвае, дык нервова здрыганулася і зірнула на яго з такой злосцю, якой Лясніцкі дасюль ніколі ў яе не бачыў. Яе звычайна ласкавыя шэрыя вочы наліліся раптам слязьмі і заблішчалі дзікім агнём — яна гатова была, здаецца, кінуцца кошкай на беднага Славіна. Але гэта было адзін толькі момант. Недалужна вінаваты выгляд Славіна адразу ўлагодзіў яе, яна мякка ўсміхнулася, і злосць выкацілася з яе вачэй дзвюма буйнымі слязінамі. Тады Славін зрабіў новае дзівацтва. Ён з нейкай нязграбнай паспешнасцю схапіў яе руку і звонка пацалаваў.

— Я вас разумею, Ніна... Я пазнаю вас...

А Лясніцкі збоку глядзеў на іх і глыбока шкадаваў абоіх.

 

Хлопцы асталіся жыць у Андрэя — занялі ўдвух Халімаў пакой.

Лясніцкі ў той дзень нецярпліва чакаў, калі прыйдзе Андрэй, дужа хацелася ўбачыць яго. З ім злучаны былі некаторыя сумненні, якія ў апошні час гнялі Лясніцкага. Лясніцкі не збіраўся распытваць, не меў на ўвеце нават і памінаць пра гэтыя сумненні, але спадзяваўся, што Андрэй неяк сам усё выявіць, што само стане ясна ўсё — толькі ўбачыць яго.

Перш-наперш не давала Лясніцкаму пакою думка аб паездцы Макрыны ў горад. Яна была тут тры тыдні і вярнулася на вёску нейкая новая, незвычайная. Яны добра сустрэліся, Лясніцкі наўмысля стараўся з ёй быць найбольш ласкавым, яна з ранейшай гатоўнасцю аддавалася любоўным уцехам, і не раз ужо гаварылі яны — адкрыта, проста — аб тым, каб пабрацца, каб пачаць супольнае жыццё. А тым часам было нешта новае ў ёй — зусім нявіднае, непрыметнае, але глыбока нязводнае, што станавілася паміж іх прыкрым ражном, халадзіла іхнія адносіны. Быццам прывезла Макрына з горада нейкае палахлівае недавер’е і моцна, глыбока захавала яго, цвёрда перакананая, што знадабіцца яно калі-небудзь, што ніяк не пражывеш без яго на свеце. І гэта недавер’е часамі выслізала напаверх і ўлівалася сцюдзёным цурочкам у агонь іхняе блізкасці. Некалькі разоў Макрына гаварыла няўмысля Лясніцкаму «вы» — гэта асабліва выразна застрала ў яго свядомасці. Яна пасля сама смяялася, з любай пакорай прасіла ў яго прабачэння і паўтарала бясконца — «ты», «ты», «ты», дадаючы да кожнага поўныя ласкі эпітэты. Але бачыў Лясніцкі, што і сама яна потым задумлялася — пэўна, і самую яе турбавалі гэтыя несвядомыя праявы мімавольнай халоднасці. І вось усё гэта чамусьці Лясніцкі злучаў з асобай Андрэя і ў часы трывожных думак, сумненняў прагна хацеў убачыць яго, думаў, што ад сустрэчы з ім стане ўсё ясна і зразумела.

А яшчэ пакінула ў Лясніцкага глыбокае неўразуменне сустрэча Андрэя з Раісай на станцыі, калі ад’язджалі ў горад. Адкуль Андрэй знае Раісу і яна — яго, дзе яны пазнаёміліся? Чаму ў Раісы відаць было захаванае хваляванне, калі яна віталася з Андрэем? Чаму ён першы не захацеў з ёй вітацца?..

Потым, пазней ужо, дні праз тры, можа, пасля прыезду Лясніцкі быў запытаў у Андрэя пра гэта — запытаў між іншага, быццам гэта зусім няважна яму, проста ўсплыло нешта на памяць. Андрэй жа стаў адразу сур’ёзны, нават на твары яго мільгнуў лёгкі цень замяшання. Крыху падумаўшы, ён адказаў:

— Па некаторых прычынах я не магу табе расказаць, дзе і як мы сустракаліся. Скажу толькі адно, па-таварыску, спадзеючыся на тваю сціпласць: сцеражыся яе, як жанчыны...

Лясніцкі асалапеў ад нечаканасці. Ён памкнуўся быў яшчэ запытаць нешта, але Андрэй катэгарычна змяніў гаворку і больш ніколі не гаварыў нічога на гэтую тэму.

Гэта было дні праз тры пасля прыезду. У першыя ж дні Лясніцкі ні адным словам не выказаў сваіх сумненняў, толькі ўважна прыглядаўся да Андрэя ды напружана чакаў, ці не скажа што-небудзь ён сам.

Андрэй прыйшоў толькі к полудню, прыйшоў страшэнна змардаваны, цяжка заклапочаны нечым. Ён няўважна, наспех прывітаўся з хлопцамі і адразу пачаў рэзка, спяшаючыся, распытваць пра арышт Халімы. Потым сярдзіта нахмураны хадзіў па пакоі, нешта мармытаў сабе пад нос, забыўшыся зусім на тое, што ў пакоі ёсць, апрача яго, людзі, што гэтыя людзі глядзяць на яго ў прыкрым замяшанні і не ведаюць, што рабіць.

Нарэшце ён спыніўся, з відочнай патугай адагнаў ад сябе назоллівыя думкі і быццам цяпер толькі убачыў хлопцаў.

— Ну дык як, прыехалі, значыць? Як жывіцё? Што цікавага чуваць?.. Ніна, яшчэ не палуднавалі? Давай хутчэй, бо я галодны, як воўк...

Ён быў ужо такі, як заўсёды, быццам і не было ў яго ніякай турботы, ніякага клопату. За полуднем весела, жвава распытваў у Лясніцкага пра вёску, пра настроі сялян, пра падзеі, якія адбыліся там пасля яго ад’езду, пра ўражанне ад пажару і г. д. Запытаў і пра Макрыну — і тады наўмысля адкрыта, упарта зірнуў у твар Лясніцкаму. А Лясніцкі трохі замяшаўся і, утуліўшы вочы, адказаў нешта невыразнае, скомчанае. На адзін момант устала было паміж іх нешта прыкра-напятае, недаказанае. Але Андрэй спрытна пакіраваў гаворкай, рэзка перавярнуў на другую тэму. Ён успомніў пра Халіму, з бурклівым дакорам заківаў галавой.

— Не будзе толку... Пайшоў жа так, ні за кога — ні за нас, ні за сябе... Пайшоў таму, што не мае сталасці — у крыві нейкія дрожджы паганыя: як заходзяць, вось ён і шалее тады.

Ніна заўважыла з настойлівай цвёрдасцю:

— Ён хацеў уцячы, ды не справіўся.

Андрэй махнуў рукой.

— Справа не ў тым. Тут — глыбейшае, арганічнае... Ну, але хай сабе... там будзе відаць... Во што,— раптам успомніў ён, звярнуўшыся да Ніны: — Сёння ўвечары збярэцца тут некалькі чалавек, ты, можа, чай наладзіш, га?

— Сходка будзе?

— Не то што... Прыйдуць, пагамонім...

Лясніцкі далікатна зазначыў:

— Нам, пэўна, не варта тут быць?

Андрэй засмяяўся:

— Чаму? Вы ж, здаецца, людзі свае, ці ад вас будзем хавацца...

Пасля паўдня Андрэй зноў некуды збег. Ніна пайшла на кухню парадчыць пасуду, і хлопцаў абвалакла шэрая цягучая нудота, якая і заўсёды бывае ў першы неўпарадкаваны дзень пасля прыезду на новае месца. З паўгадзіны яны сядзелі ў пакоі, ціха змаўляліся, куды б пайсці, і ніяк не маглі знайсці такога месца, каб абодвух туды павабіла. Нарэшце Лясніцкі ўспомніў:

— Да Матруніна!

І абодва ўзрадаваліся, і дзівіліся, здаволена смеючыся, як гэта адразу не даўміліся, жартам загадвалі на тое, што за гэты час зрабілася з старым, як ён цяпер выглядае, якіх трымаецца думак наконт сучаснасці і г. д.

Як падыходзілі к Матруніну, у Лясніцкага ўнутры зноў задрыгацела лёгкае хваляванне, як і тады, перад Андрэевай хатай, і атулены цёплай ласкай паўстаў уваччу твар старога рэвалюцыянера.

Адчыніла добра знаёмая ім бабулька. Яна перш уважна на іх паглядзела, потым запытала, сцеражліва нахмурыўшыся:

— Вам каго?

— Матрунін тут жыве?

Старая паволі адвярнулася на паўзварот, быццам раздумваючы, ці яшчэ весці гутарку з імі, ці проста зачыніць дзверы. Потым сярдзіта буркнула:

— Пачакайце!

І знікла ў пакоях. А праз хвіліны дзве зноў прачыніліся дзверы і нясмела вызірнула здзіўленая фізіяномія старога. Хлопцы прыветна ўсміхаліся яму насустрэчу, а ён глядзеў на іх халодна-цікуючым поглядам і не пазнаваў.

— Што скажаце?

Тады хлопцам стала ўжо зусім няёмка. Лясніцкі неяк нязграбна, запыняючыся, растлумачыў старому, што яны яго даўнейшыя знаёмыя, што прыехалі з вёскі і прыйшлі проста даведацца. І вось замятушыўся стары, дробненька зморшчыўся, засюсюкаў не то радасна, не то ўстурбавана:

— Помню, помню... Я дужа рад... Заходзьце, зрабіце ласку... Во, малайцы... Ну добра, добра, што не забыліся на старога...

І вось тыя самыя пышныя прытульныя пакоі, дзе калісьці так яскрава, так палка гарэў агонь рамантычных летуценняў, дзе зліваўся ў адным прыгожым парыванні дзесятак маладых сэрцаў — свежых і сакавітых, як вясновае ранне. У гасцінай таксама, як і тады, ціха, прытульна топіцца грубка (любіць стары цеплыню), і бляск ад яе бегае жвавымі зайчыкамі па буйных узорах кашлатага дывана.

Лясніцкі ўвайшоў у гэты пакой з глыбокай набожнай павагай, як у нейкі святы алтар, дзе калісьці ў малельным экстазе даваў прысягу на верную службу невядомаму туманнаму богу — Народу.

І чамусьці стала сумна-сумна. Чаму — дык ён сам не ведаў. Можа, таму, што пуста было цяпер у гэтым алтары, не было тых дружных захопленых юнакоў (куды паразносіў іх бурлівы вецер жыцця?), толькі адзін тлусты кот млява качаўся ў дрыготным святле ласкавае грубкі... Можа, таму, што жыццё груба патаптала з такім замілаваннем звіты вянок барвістых лятункаў... Можа, таму, што Матрунін не сядзеў, як прарок, абкружаны гуртком адданых вучняў, а чамусьці мітусіўся вакол і ўсё дробненька моршчыўся, і паўтараў бясконца, што ён страшэнна рад іхняму прыходу...

А горш за ўсё, што вочы не тыя ў Матруніна, падмяніў нехта іх, не іначай. Тады было ў іх чыстае захапленне, самаахвярнасць, а цяпер яны бегалі палахліва і хітранька, як мышаняткі.

Было сумна-сумна.

Матрунін, нарэшце, пасадзіў іх, сам сеў каля грубкі і пачаў гаварыць. Хлопцы сядзелі моўчкі і слухалі, і адчувалі нейкую прыкрую няёмкасць, быццам памыліліся адрасам, папалі няўмысля ў чужую незнаёмую кватэру.

Стары скардзіўся на цяжкі час.

— Добра было ў першыя дні рэвалюцыі! Успамінаеш гэта, як нейкае свята, як нейкую вялікую ўрачыстасць. Якое было дружнае адзінства, якое палкае захапленне! Усе — за адно, усе гатовы ісці рука ў руку да аднае мэты. Наперадзе светлыя прасторы — воля, шчасце, роўнасць... Спаскудзілі ўсё, усё ў гразь затапталі. Вялікае імя «сацыялістага» зрабілі нечым задрыпаным, як фартух у бруднае гандляркі з рынку. Цяпер — кожны сацыялісты. Кожны стараецца надзець тую ці іншую маску сацыялізма, каб не адстаць ад моды. Нідзе ніколі не было такой страшэннай, такой бруднай прафанацыі самых святых ідэалаў чалавека. Кожны мужык лічыць сябе і называе сацыялістам, бо ён, бачыце, за сацыялізацыю зямлі, ён наслухаўся бальшавікоў і з нахабным самаўладствам забірае памешчыцкую зямлю, «таму — я сіцыліст». Так, мае дзеткі, у грубыя, у чорныя рукі папала прыгожая кветка нашай свабоды — і загіне. Народ прачнуўся ад векавога сну, ён, як дзіця, ідзе вобмацкам,— яму трэба правадыр. І вось — знайшліся, павялі, ударылі па дзікіх звярыных інстынктах... Прападзе ўсё чыста, сваёй уласнай крывёй зальюць сваю свабоду...

Стары распаляўся сам сваімі словамі, і што чым далей, то ўсё больш і больш было ў яго голасе злосці і раздражнення.

Лясніцкі скарыстаў быў невялічкую паўзу ў яго гаворцы і запытаў пра Карнілава — чаго можна чакаць ад яго ўзброенага выступу. Матрунін спачатку неяк раптоўна сціх, увабраўся ў сябе, быццам спалохаўся гэтага запытання. Потым неахвотна прабурчаў:

— Што ж, Карнілаў — ваенны герой, ён любіць парадак. Цяпер такі момант, што трэба дыктатура. Карнілаў можа аднавіць парадак, з ім трэба было ўвайсці ў згоду, а не абвяшчаць яго ворагам... Трэба злучыць усе сілы, каб перамагчы анархію, пераламіць шкодны ўплыў на цёмную масу розных безадказных элементаў...

Ён змоўк, і часіну стаяла між іх да болю прыкрая напятасць. Каб разбіць яе, Лясніцкі з натужнай рашучасцю загаварыў аб першым, што ўсплыло ў галаву, расказаў нейкі выпадак з вясковага жыцця. Матрунін ухапіўся за гэта й пачаў распытваць. Каб зрабіць старому прыемнае, Лясніцкі наўмысля выбіраў такія факты, якія б ілюстравалі яго песімістычныя разважанні, і стары хапаўся за іх з наіўнай радасцю, як дзіця за прыгожыя цацкі.

Потым, выбраўшы зручную хвіліну, хлопцы развіталіся і пайшлі. Адышоўшыся трохі ад дзвярэй яго хаты, Лясніцкі з жартлівай скрухай уздыхнуў і запытаў у Славіна:

— Ну, як?

Славін адказаў не адразу. Яго, відаць, глыбей закранула гэта спатканне — ён нешта напружана думаў, з тупым задзіўленнем упяўшы вочы ў зямлю. Потым тож уздыхнуў, але шчыра, сур’ёзна і з жалем зазначыў:

— Згубіў адлегласць — цяпер яму дрэнна.

Лясніцкі засмяяўся.

Яны пахадзілі яшчэ з паўгадзіны па горадзе і прыйшлі дамоў, як ужо добра сцямнела. У Андрэя былі госці. Яны сядзелі ў пакоі хлопцаў, бо не хацелі турбаваць сваім шумам хворага бацьку. Андрэй пазнаёміў іх з хлопцамі. Лясніцкаму чамусьці асабліва выразна кінуліся ў вочы двое: маладая яўрэйка з рэзкім фанатычным тварам і яшчэ мужчына адзін гадоў у трыццаць — мабыць, таксама яўрэй. У гэтага хударлявага мужчыны быў цікавы твар: шэры, нязначны такі, быццам выцерты, і разам з тым прасякнуты нейкай затоенай глыбінёй — быццам хаваў ён, баяўся, каб не заўважылі, што ў яго многа ёсць розуму і дабраты, ды не бракуе і волі. Як прыйшлі хлопцы, ён сядзеў за сталом каля лямпы і чытаў нешта ўголас па свежых друкарскіх шпальтах.

Лясніцкі прыслухаўся. Гэта былі свежыя паведамленні аб барацьбе з карнілаўскай контррэвалюцыяй, аб арганізацыі ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў, аб абароне Петраграда, аб рашучых мерапрыемствах Саветаў, аб распадзе карнілаўскіх войск і г. д. Гэта былі нелегальныя лістоўкі, якія назаўтрага павінны былі з’явіцца ў горадзе, гэта былі лістоўкі, з смелай рызыкай надрукаваныя пад самым носам у карнілаўскай хеўры.

Як кончыў ён чытаць, пачалася жвавая гутарка, галоўнай тэмай якой было пытанне, ці доўга пратрымаецца Карнілаў. У тым, што ён наогул не ўтрымаецца, чамусьці не сумняваўся ніхто. Калі закранулі пытанне аб становішчы тут, у горадзе, Андрэй сярдзіта ўстаў, засігаў па пакоі, нездаволена забурчаў:

— Гэта — не горад, а балота нейкае. Усё жыхарства моліцца на Карнілава... герой, прыйшоў ратаваць парадак, спакой... Хай прападзе ўсё чыста, хай заўтра жраць не будзе чаго, абы толькі ціха, спакойна, абы не ўзбаўтнулася балота... Нічога, яшчэ ўзбаўтаецца не гэтак, пачакайце, мае даражэнькія!..

Потым усе разам лаялі мясцовы Савет, мясцовых меншавікоў, эсэраў, бундаўцаў, скардзіліся на тое, што ніадкуль не прысылаюць сюды працаўнікоў, што цяжка весці непасільную барацьбу ў Савеце, сярод рабочых, на вёсцы. У самым разгары гутаркі раптам загрымеў смелы грукат у дзверы. Ніна пайшла адчыніць, і праз хвіліну ў кухні заклычыўся хрыплы, з падсвістам голас, які належаў, відаць, нечаму вялікаму, неўвароткаму. Лясніцкі здрыгануўся. Гэты голас здаўся яму назолліва-знаёмым і чамусьці да болю непрыемным.

І вось у пакой уваліўся той чырвоны рабочы ў скураной аблезлай тужурцы, з якім калісьці была ў Лясніцкага прыкрая сустрэча на маніфестацыі.

Рабочага сустрэлі ўсе радаснымі прывітаннямі, ён пачаў па чарзе вітацца з усімі, асцярожна сціскаючы на сваёй шырокай далоні рукі, якія ўсе яму з асаблівай ветласцю падавалі. І вось ён падышоў да Лясніцкага. Ён ужо хацеў быў механічна з ім прывітацца і пайсці, не пазнаўшы яго, далей, але Лясніцкаму самалюбства не дазволіла пакарыстацца гэтым выпадкам, каб пазбыцца непрыемнага пазнавання. Ён перш, чымся падаць рабочаму руку, сказаў рашучым і таму занадта сур’ёзным голасам:

— Мы з вамі сустракаліся.

Той адступіўся ад святла, пільна ўглядзеўся Лясніцкаму ў твар.

— А дадушы ж нешта знаёмае... Вы не працавалі ў N-ай арганізацыі?..

Лясніцкі гатоў быў згарэць ад сораму. Цяпер, пасля гэтых слоў рабочага, ён ужо не мог, не хапала сіл сказаць аб сапраўдным месцы сустрэчы. Ён стаяў і моўчкі лыпаў вачмі і яшчэ горш мяшаўся ад напружных патуг знайсці нейкае выйсце. А паўза рабілася ўжо немагчыма даўгой, становішча было страшэннае. Але-ткі выручыў Славін — па-свойму выручыў, па-славінску. Ён падышоў да рабочага збоку, крануў яго правай рукой (левай папраўляў акуляры) і праказаў з спакойнай дзелавітай сур’ёзнасцю:

— Ды не, не ў арганізацыі... Гэта вы яго ў часе лютаўскай рэвалюцыі па галаве ўдарылі...

Рабочы загрымеў шалёным раскатным рогатам і з радаснай дружнасцю стаў трэсці руку канчаткова збянтэжанаму Лясніцкаму.

— Ха-ха-ха!.. Я ж добра помню... ха-ха!.. хрэснік, значыцца. Ну, здароў, здароў... Дык як жа... цяпер наш, значыць, га?.. О-го-го... Вось дык сустрэліся... Ну, здароў, браток, здароў...

І ўсе, хто быў у пакоі, нават добра не ведаючы, у чым тут справа, клаліся ад смеху. Нельга ўтрымацца было — так заражаў грымучы смех бурна ўзрадаванага рабочага. А Лясніцкі не знаў, што рабіць. Хацелася ўцячы, бо не хапала сіл слухаць гэты д’ябальскі рогат, але ўцячы было неяк — заўважылі б і яшчэ больш абсмяялі. Так і стаяў, як грэшнік пад градам каменняў, пакуль не злітаваўся нехта, не пачаў цікавую гутарку, якая адцягнула ўсіхнюю ўвагу. Тады Лясніцкі цішком выслізнуў з пакоя і больш ужо туды не паказваўся. Ён пайшоў на гаспадарскую палавіну — там Ніна нешта чытала хвораму бацьку — і сядзеў там, слухаў, пакуль бацька не заснуў. А тады завялі з Нінай доўгую сяброўскую гутарку — апавядаў ён з жартлівай шчырасцю аб усіх прыгодах, якія спасцігнулі яго за час іхняга расстання.

А ў тым пакоі аж гадзіны да першай грымела жвавая гутарка — горача абгаварвалі дружныя аднадумцы яскравыя надзеі бягучага дня.

Карнілава пасадзілі ў адну з лепшых гасцініц горада. Кожны дзень апаўдні міма акон гасцініцы праходзіў, вяртаючыся з заняткаў, ударны карнілаўскі полк і салдаты дружным крыкам «ура» віталі свайго зняволенага шэфа. Карнілаў падыходзіў да акна і з сумным прыветам праводзіў вачмі шэрагі адданых яму байцоў.

У гэтую пару супроць гасцініцы збіраўся натоўп народу — гарадскія мяшчане прыходзілі паглядзець на нешчаслівага «збавіцеля вялікай святой Расіі». Сярод натоўпу часамі чуваць былі нервова-зацятыя ўсхліпванні — гэта плакалі жаласлівыя бабулькі, верныя спрадвечнаму абычаю справодзіць слязьмі ўсякую выдатную,дзяржаўную змену, які б характар яна ні мела. Так плакалі калісьці, як змяняўся цар, як нараджаўся новы царанёнак, як забівалі чарговага міністра, як абвяшчалі вайну або заключалі мір і г. д.

Аднойчы і Лясніцкі падышоў быў паглядзець на Карнілава — была нейкая асаблівая цікавасць убачыць чалавека, які набраўся адвагі, каб прайсці буйнымі крокамі па пярэстых старонках гісторыі расійскае рэвалюцыі. Выгляд Карнілава яго страшэнна здзівіў. Ён чакаў убачыць нейкага страшнага, грознага генерала з гнеўнымі маланкамі ў вачах, з рэзка напружанымі рысамі твару, а замест гэтага за акном цьмяна мільгнуў аброслы ласкавай расліннасцю твар спакойна-сумнага мужчыны, твар, на якім выразна адзначаліся рысы глыбокай эмацыянальнасці, які быў працяты непадробленай шчырасцю, нават фанатызмам. З цягам часу Лясніцкі ўспамінаў гэты твар і яму здавалася, што з усіх актыўных герояў контррэвалюцыі, з усіх паслугачоў буржуазнага класа — генерал Карнілаў быў самы адданы і самы шчыры.

Канец карнілаўскай авантуры прынёс ў горад дзіўна раскіданую, бязладную сумятню. Наколькі ў першыя дні яго выступу сціснуў быў горад па-ваеннаму, па-баявому сканцэнтраваны настрой, настолькі цяпер расплылася ўсюды вальготнасць, распушчанасць. Фактычна не адчувалася ні пераможнікаў, ні пераможаных, нават шмат хто дакладна не цяміў, хто гэта перамог, хто пасадзіў Карнілава і ці сядзіць ён, ці так проста жыве тут, у добрай гасцініцы, адкуль кіруе сваім войскам.

Па вуліцах, бязладна-бурлівых і тлумных, хадзілі разам і карнілаўскія ўдарнікі са сваімі страшнымі для дзяцей і паэтычна прывабнымі для жанчын «смерцямі» на рукавах, і салдаты часцей, якія былі на баку часовага ўрада. Часамі яны завадзілі дзе-небудзь на вуліцы спрэчку, але да бойкі даходзіла рэдка. Адзін раз толькі давялося натрапіць Лясніцкаму на досыць сур’ёзную звадку, якая здалася яму настолькі ж павучальнай, наколькі смешнай.

Гэта было неяк надвечар каля скверу, што на адной з цэнтральных вуліц горада. Лясніцкі падышоў у той момант, калі ў невялічкім шчытным гуртку вайсковых зважна спрачаліся карнілавец з салдатам ягор’еўскага батальёна. Лясніцкі спыніўся і прыслухаўся. Яму адразу кінулася ў вочы, што супярэчнікі больш захоплены сваёй рытарычнай спрытнасцю, чымся зместам самае гутаркі,— гэта было відаць па іх вытрымана-задорных, поўных спакойнага самалюбавання фізіяноміях, па тым, як кожны, падаўшы чарговую рэпліку, здаволена прыслухоўваўся да смеху і вясёлых адгалоскаў у спачуваючай яму частцы натоўпу. А ў сутнасці, відаць, абодвум было ўсё роўна, ці будзе ездзіць на рэвалюцыі казачы генерал Карнілаў, ці эсэраўскі адвакат Керанскі. З такім імпэтам звычайна спрачаюцца аматары скачак аб тым, які выйграе конь: ці вараны з белай зоркай на ілбе, ці рыжы, белакапыты. А тым часам ні ад таго, ні ад другога ні аднаму, ні другому няма ніякай карысці. Толькі яшчэ прыметна было, што як супярэчнікі, так і публіка нечым нервова ўстурбованы, што яны шукаюць якога б ні было спосабу, каб выліць сваё нутраное напружанне.

Дзякуючы пад’юджванню слухачоў супярэчнікі ўсё больш і больш распаляліся, паступова саскаўзваючыся з узвышша тонкай палітыкі на чыста-асабовую глебу. Канец іх спрэчкі быў прыблізна такі:

— Многа ты разумееш... Твой Карнілаў — такі самы дурань, як ты...

— Хай сабе дурань... А ты вось слухай толькі гэтую мяліцу Керанскага, дык яшчэ больш вушы вырастуць. І так ужо, як у асла...

— Вушы — глупства, абы нос не скрывіўся... А то ж во... так і верне на Оршу... Збіў нехта, бо дужа жорсткі... Во, во... ха-ха!..

— Памалу, не паднасіся... І да твайго недалёка, дармо, што маленькі... Бачыў во гэта?..

— Ты што... біцца, га?

— А ты чаго лезеш?..

— Дык на ж табе!..

Да гэтага часу галоўнае ядро натоўпу ўжо само сабой падзялілася на дзве прыблізна роўныя часткі, якія згрупаваліся абапал аднаго і другога. Таму пачатак бойкі выйшаў надзіва шпаркі і ўдалы. Ужо праз момант у ёй прымала ўдзел дзесяткі два чалавек. Было некалькі стрэлаў, але пэўна ў паветра, бо, як потым выяснілася, не было ні раненых, ні забітых.

Лясніцкаму надоўга запомніўся гэты выпадак. Пры ўсёй сваёй малазначнасці ён уліў новы струмень у тую чорную мешаніну, якую бачыў Лясніцкі наўкола. Лясніцкі думаў:

— Што ж гэта, гульня? Забава? Цырк гэта ці рэвалюцыя? Хто тут гуляе, у якія гульні, хто расквітаецца за пройгрышы?..

У той час ён не знаходзіў на гэта адказу — тады папраўдзе пераблытана было ўсё ў трагічна-бязладны клубок — трудна было знайсці ў ім канец ці пачатак.

Дзён праз пяць пасля ліквідацыі карнілаўскага паўстання Лясніцкі, прыйшоўшы ўвечары дахаты, заспеў жывога і здаровага Халіму. Халіма ўжо справіўся быў навесці ў пакоі буянае, як сам, бязладдзе і цяпер, грузна раскінуўшыся на ложку, здзекваўся над Славіным. Ён выбраў для таго вельмі тонкае і выдатнае па сваёй жорсткасці катаванне. Ён наўмысля выклікаў Славіна на шчырыя філасофскія разважанні, чакаў, пакуль той з патугай выкажа ўсё, і тады бязлітасна высміхваў яго, але рабіў гэта так, што Славін не прымячаў падкопу, выпінаўся, як было сілы, і ў гарачым запале, блізка што са слязьмі на вачах, стараўся давесці сваю справядлівасць.

За экзекуцыяй моўчкі сачыла Ніна, і па твары яе было відаць, што яна страшэнна нездаволена. Яна відавочна ўзрадавалася, калі прыход Лясніцкага спыніў гэту прыкрую спрэчку.

— Ну як? — запытаў Лясніцкі ў Халімы.

Халіма размашыста зацягнуўся цыгаркай, цяжка паправіўся на ложку і забурчаў:

— Глупства, я ж добра ведаў, чым гэта кончыцца. Каб тыдзень яшчэ ці два, ну, тады, можа, і зрабілі б што, чорт ім вер... Цяпер выпусцілі ды яшчэ героямі зрабілі — пацярпелі, значыць, за рэвалюцыю... Чаго выдумаюць, чэрці... Ха-ха! Я іх дадзеў там, усю турму ўзбушлаваў... Апошнія дні сядзеў у адзіночцы — сумна было, думкі розныя лезлі... Не люблю, брат, думак — паскудная рэч. Іншы тужыцца, тужыцца, уваб’ецца ў нетры, заблытаецца, як кацянё сляпое, а думае, што нешта знайшоў, нешта адкрыў... У-у-у, мяшчанства! Менш думаць трэба, Васіль, ведаеш? Зусім не думай, а — бі, куды пападзе, дык больш сэнсу будзе...

У гэты момант Славін, які ціха сядзеў у кутку, раптам падняўся, схапіў шапку і, не сказаўшы ні слова, выйшаў з пакоя. Яго праводзілі ўсе здзіўленым маўчаннем — усе заўважылі, што ён няспросту пайшоў, што быў ён нечым моцна ўзрушаны. І моўчкі слухалі ўсе, пакуль не ляпнула фортка,— ясна стала, што Славін падаўся некуды ў горад.

— Што з ім такое? — здзівіўся Халіма.

— Хто яго ведае...

І тут успомніў раптам Лясніцкі, што калісьці якраз тое самае было з Халімам на кватэры ў Славіна пасля іхняй няўдачы на маніфестацыі. Ён хацеў напамянуць аб гэтым, але стрымаўся, толькі ўсміхнуўся сам сабе ды падумаў:

«Гэты вокны біць не адважыцца».

А Халіма зноў сярдзіта бурчаў, лежачы на ложку:

— Чорт яго ведае... кацянё нейкае... Не люблю такіх мудроных... Філосаф, бач, ты... казяўка разлезлая... Бунт на іх трэба на ўсіх, ускалануць балота...

Ён раптам падняўся на локці і дапытліва зірнуў на Лясніцкага.

— А ты ведаеш, чаму не выйшла нічога ў Карнілава, га?.. Не ўмеў ён бунту зрабіць, во чаму... Дый хто б паслухаў яго?.. А народ хоча бунту, во што... Тут і ўся філасофія. Хто пойдзе з бунтам — таго прыме народ... А то — фі-ці-фі... Філасофія.

Ніна з усмешкай зазначыла:

— Усякі бывае бунт... Часамі проста вокны б’юць, каб кроў разышлася, калі дужа застоіцца...

Лясніцкі дадаў нібы зусім сур'ёзна:

— Але і вокны біць — тож не кожнаму дадзена. Вось Славін не будзе біць, хоць як раззлуецца,— няма ў яго той крыві.

Халіму гэта раздражніла. Ён з грубым запалам пачаў даводзіць, што і ў гэтым ёсць сэнс, што кожны бунт мае сваё апраўданне, што ачышчае ён жыццё ад застояў, прасвяжае паветра. Аргументы яго былі нязграбныя, карабатыя. У іх мала было праканаласці, але мімаволі яны рабілі ўсё-ткі ўплыў сваёй непасрэднай прастатой і пачуццёвай насычанасцю.

А Славін усё-ткі добра ўсіх устрывожыў. У тую ноч ён зусім не вярнуўся, начаваў невядома дзе і прыйшоў толькі назаўтрага к вечару. Прыйшоўшы, ён мала з кім гаварыў (аб учарашнім ані слова), сказаў, што пераходзіць на другую кватэру, забраў свае клумкі і пайшоў. Так і не дазнаўся ніхто, што спрычынілася яго хваляванню, чым ён быў нездаволены. Дні праз два толькі давялося Лясніцкаму ўзняць ражок заслоны, за якой Славін схаваў сваю таямніцу.

Славін сам прыйшоў за Лясніцкім, павёў яго на край горада — паказаць сваю новую кватэру. Гэта быў вялікі пакой, які займаў цэлую палавіну дома. У другой палавіне жыла гаспадыня — нейкая старая бабылка. У пакоі Славіна не было ніякай мэблі, апрача старога хісткага стала кухоннага гатунку ды нейкае прылады, якую з вялікай нацяжкай можна было назваць зэдлікам. Ложак Славін сам сабе змайстраваў — ён складаўся з чатырох пар высачэнных асінавых козлаў, дзвюх пераводзін і дзвюх вузенькіх дошак. На гэтай курасадні ляжаў яшчэ худзенькі сяннік, які дала свайму новаму кватаранту жаласлівая гаспадыня.

Славін пасадзіў Лясніцкага на падабенства зэдліка, а сам пайшоў к гаспадыні і прынёс адтуль сабе нейкую скрынку. У іх спачатку не вязалася гутарка. Лясніцкі запытаў нешта пра кватэру. Славін нешта адказаў, потым маўчалі. Але муліўся Славін, уздыхаў — відаць было, што хоча ён шчыра пагаварыць, што не можа ўтрымаць унутры ўсяго, што там набралася. Нарэшце пачаў ён — абходам так, здалёку. Запытаў пра Халіму, пра настрой яго, пра службовыя справы чамусьці. Потым памаўчаў яшчэ і нарэшце загаварыў ціхім задуменным голасам:

— Ён асаблівы чалавек... У яго скрозь адна грубасць... Мне здаецца, што ён разумней, чымся самому яму здаецца... О, ён — разумны, ён — здольны, у яго — невычэрпны запас жыццёвай сілы, яму трэба быць шчаслівым. Куды супроць яго такі, як я! (І ён горка ўсміхнуўся.) Я, можа, зайздрошчу, што ён такі моцны, хто яго ведае. Мне цяжка з ім неяк, я чую, што ён не любіць мяне... Я, Васіль, таму і перайшоў на другую кватэру... Ты думаў — чаму?.. Выключна толькі дзеля гэтага... Ты не думай...

Лясніцкі яго заспакоіў:

— Мы ўсе так і меркавалі... Чаго ж больш — вядома...

І Славін цягнуў далей свае разважанні пра Халіму. Здалося Лясніцкаму, што ён наўмысля стараецца больш гаварыць пра яго, каб адцягнуць увагу, і што ёсць у яго нешта больш патаемнае, больш далікатнае, якое ён хоча і баіцца сказаць. І Лясніцкі не памыліўся. Зрабіўшы такую сталую падрыхтоўку, Славін нарэшце запытаў неяк неўзаметку, нібы спадкрадня:

— Яны з Нінай пэўна жывуць... як муж з жонкай, га?..

Лясніцкі няўважна зазначыў:

— Хто іх ведае... З погляду дык у іх досыць блізкія адносіны... А там жа хто разбярэцца, як і што...

— Яна, мусіць, любіць яго... Яна тады так была засмуцілася, калі яго забралі. Добрая яна, Ніна... Калі яна любіць яго, ён павінен быць шчаслівы...

Ён змоўк і глыбока задумаўся. Потым пачаў дэкламаваць нейкі досыць прыгожы верш, дзе некалькі раз упаміналася пра добрыя шэрыя вочы. Лясніцкі дагадаўся, што гэта верш яго ўласны. І вось раптам захацелася яму збянтэжыць Славіна, нечакана адкрыць яго няхітрыя карты. Як толькі той кончыў свой верш, ён ні з таго ні з сяго запытаў яго — проста, быццам дарэчы прыйшлося:

— Ты што, Нікадзім, любіш Ніну?

Аднак выйшла зусім іначай. Славін і не зварухнуўся — адказаў так жа проста, як і запыталі ў яго:

— Здаецца, люблю... Але я яшчэ сам не ведаю... Толькі я не хачу, каб яна ведала, нават каб дагадвалася. Ты не скажы, Васіль, я прашу цябе...

І зноў задумаўся, адвёў некуды ў куток свае вочы.

Тады адкрылася Лясніцкаму сапраўдная прычына таго дзіўнага ўзрушэння. Але ён абяцаў Славіну, што нікому ні слова не скажа з усяго таго, аб чым яны гаварылі ў той дзень.

 

З дапамогай Андрэя і Халімы Лясніцкаму ўдалося паступіць на пасаду пісара ў адну мясцовую вайсковую часць. Ён з асаблівым здаволеннем апрануў вайсковую форму і разам з новай адзежай пачуў сябе новым чалавекам. Яму давала вялікую радасць думка аб тым, што цяпер ён ужо зусім самастойны, што ён сам зарабляе сабе на хлеб, ні ад каго не залежыць. Асаблівую ж уцеху давала вайсковая вопратка. Ён не мог проста ўседзець у хаце — усё карцела прайсціся па горадзе ў новай салдацкай шынелі — з пустымі, але чысценькімі пагонамі на плячах.

І вось у гэтыя шчаслівыя дні выпала Лясніцкаму яшчэ нечаканая радасць: ён сустрэў тут, у горадзе, паненку Раісу.

Гэта было ў нейкі святочны дзень. Ён ішоў па адной з бязлюдных вуліц горада, аддаўшыся прыемнаму адчуванню на плячах лёгкага цяжару свае шынелі. І раптам наперадзе, крокаў за пятнаццаць, ён заўважыў Раісу. Ён адразу пазнаў яе, нават не ўбачыўшы ў твар, бо такой прыгожай любай хады ён не бачыў ні ў воднай жанчыны. Яна ішла лёгка, спрытна і ў той самы час з ледзь прыметнай млявай павольнасцю, быццам адчувала, што нехта сочыць за кожным рухам яе цела, любуецца хараством яе стройных форм, быццам думала з какетлівым самадавольствам:

«Што ж, любуйцеся, калі хочаце. На тое я і прыгожая, каб мной любаваліся».

Лясніцкі адразу пазнаў, што гэта яна, і яго сэрца ні з таго ні з сяго пачало свавольна біцца ў грудзях, быццам падавала адтуль нейкія перасцерагаючыя сігналы. Адну хвіліну Лясніцкі не знаў, што рабіць: ці ісці так адзаду, ці дагнаць яе, хутчэй сустрэцца. Потым ён выбраў апошняе і прыбавіў ходу. Ён неўзабаве перагнаў яе, зайшоў на колькі крокаў наперад і, нібы няўмысля, азірнуўся.

Яна яго не пазнала, можа, проста не заўважыла. Тады ён спыніўся, абярнуўся назад і, каб не прапусціць яе міма, яшчэ за некалькі крокаў прывітаўся:

— Добры дзень, Раіса Андрэеўна!

Яна перш здрыганулася ад нечаканасці (так глыбока была задумаўшыся), потым з вясёлым здзіўленнем узняла свае жвавыя бровы.

— Гэта вы? Адкуль вы ўзяліся? Хто гэта надзеў вам такую страшэнную халаміду? (Гэта так пра шынель пра яго.) Дзень добры! Я дадушы рада, што вас сустрэла... Ой, які ж вы смешны!.. Вы падобны цяпер на нейкага старадаўняга рыцара, сапраўды...

Лясніцкі светла ўсміхаўся, не выпускаючы маленькай рукі Раісы, глядзеў на яе з прагным замілаваннем, быццам піў вачмі яе глыбокае свежае хараство. Яна гарэзліва смяялася.

— Чаго гледзіцё, як на дзіва? Што, прыгожая, га?.. Можа, збіраецеся мяне пакахаць? А помніце ўмовы мае? Іначай я не згодна...

— Я казаў ужо вам, што гатоў прыняць вашы ўмовы, нягледзячы на іх нечалавечую жорсткасць.

— О, які вы добры!..

Яна смехам зрабіла від, быццам працялася раптоўнай роспаччу.

— Ах, я зусім забылася, што ў мяне ёсць шчаслівая супраціўніца. Шаноўны рыцар! Як жыве ваша чарнавокая Дульцынея і дзе яна цяпер знаходзіцца?..

— Цяпер далёка, за мяжой магутнага святла вашых прыгожых вачэй.

— Ого, кампліменты пачаліся...

Перакідваючыся жартамі, яны дайшлі да бліжэйшага завароту. Раіса спынілася.

—Далей я вас не пушчу... Вы куды: проста ці налева? {на-лева?

— Мне ўсё роўна.

— Ідзіце налева, бо я пайду направа... Во што... Сягодня ўвечары а... якой... а восьмай гадзіне вы будзеце ў мяне дома... гэта самая вуліца № 26. Чулі?..

І, нават не пачакаўшы адказу, яна крута завярнулася і пайшла, пакінуўшы Лясніцкага ў нейкім салодка-няўцямным аслупяненні. Ён не мог адвесці вачэй ад яе постаці, праводзіў яе гарачым поглядам, аж пакуль не схавалася яна за рогам нейкага дома. Тады пайшоў абы-куды, упяўшы ў дол задуменна-шчаслівыя вочы, млява, быццам нехаця перастаўляючы ацежалелыя ногі.

Увушшу выразна звінеў меладычны, звонка-задорны голас.

Ён прыйшоў да яе ў той дзень якраз а восьмай гадзіне. Ён разы са два прайшоў міма светлых, шчасліва-бліскучых акон, каб суняць сваё хваляванне. Але ўсё роўна сэрца балюча білася, калі браўся за ручку званка.

Адчыніла тлустая манументальная жанчына гадоў пад сорак. Здзіўлена ўзняла магутныя бровы, запытала грубым цяжкім рэчытатывам:

— Што вам трэба?

Ён толькі прыладзіўся адказаць загадзя падрыхтаванымі словамі, як раптам пачуўся з пакояў знаёмы голас:

— Цёця! Пусціце! Гэта ка мне...

— К табе?..

Цёця, відаць, яшчэ больш дзівілася. Але ўпусціла ў пярэдні пакой. Аднекуль збоку зноў пачуўся голас Раісы:

— Цёця! Гэта ж зямляк мой — я гаварыла вам... Помніце?.. Хадзіце сюды, Васіль Данілавіч!

Цётка моўчкі махнула рукой на бакавыя дзверы, а сама грузна пасунулася ў пярэднія.

Лясніцкі нясмела адчыніў дзверы, ступіў крок у раскошны прытульны пакой і мімаволі спыніўся, застыгнуў у нечаканым захапленні.

Яна, мабыць, хацела канчаткова давесці яго да вар’яцтва. Яна бязлітасна дражнілася сваім бліскучым хараством, яна наўмысля прываблівала, спакушала.

У пакоі лунаў пявуча-ружовы свет, насычаны нейкім цудоўным, трошачкі сумным араматам. У кутку пакоя прытульна растапырыўся масіўны раяль, і на яго глыбока-чорным фоне стаяла Раіса, апранутая ў лёгкі хатні ўбор — таксама ружовы, мякка-празрысты. Гэтая павеўная сукенка з чароўнай цеплатой акрэслівала кожную рысачку яе цела — бязмерна прыгожага, быццам жывога, адухоўленага ў кожнай сваёй частцы.

Яна стаяла, закінуўшы назад аголеныя рукі (папраўляла валасы), і глядзела на Лясніцкага з горда-прыветнай, поўнай спакусы, усмешкай. Яна ўся была ўвасабленне спакусы, яна здавалася дзівоснай, да святасці грэшнай багіняй бязмежна-смелых агнёвых уцех.

Лясніцкаму хацелася стаць перад ёй на калені і ў малельнай радасці сузіраць бясконца гэта непераможнае яе хараство. Ахоплены раптоўным парываннем, ён і сапраўды падышоў да яе, спусціўся на адно калена, сказаў з наўмыснай жартлівай афектацыяй:

— Вы — бязлітасна прыгожая, Раіса Андрэеўна... Дазвольце беднаму рыцару пацалаваць край вашай адзежы.

Яна падышла, падняла яго за вушы і ў тон яму адказала з усмешкай:

— О, мой рыцар! Вы заслужылі гонару дакрануцца сваімі шляхетнымі вуснамі нават да мае рукі. Наце, цалуйце!..

Лясніцкі сядзеў у Раісы, вязка атулены нейкім атрутна-салодкім чадам. Яна потым іграла на раялі шчымліва-сумныя мелодыі, і ў яго ціха плакала сэрца, да краю поўнае пяшчоты і ласкі. Ён заплюшчваў вочы і слухаў, і тады ўсе думкі і пачуцці, уся істота злівалася ў адно адчуванне — гэта адчуванне было зусім матэрыяльнае — яно было туманна-ружовае, расплыўчатае і пабрадзенае чароўна-мудронай сістэмай празрыстых складак.

Калі кончыла Раіса іграць, у Лясніцкага палахліва зашчымела сэрца — ён пачуў, што трэба ісці, бо ўжо прайшло гадзіны паўтары. Аднак Раіса дазволіла яму астацца да дзесяці, а потым, падумаўшы, і яшчэ працягнула тэрмін.

— У дзесяць дзядзя Міка прыйдзе, але вы можаце пры ім аставацца.

Яны селі поплеч на канапу, яна ўспомніла, што ён умее расказваць, і загадала яму гаварыць «рознае глупства». Ва ўзнагароду за гэта яна дала яму ў поўнае распараджэнне сваю левую руку. Ён пачаў гаварыць і сапраўды гаварыў класічнае глупства, бо быў больш заняты бясконцым цалаваннем «свае» рукі і адчуваннем салодкай бязмежнасці свайго нечаканага шчасця.

Трохі пазней чым а дзесятай гадзіне прыйшоў дзядзя Міка. Дзядзя Міка цалкам адпавядаў сваёй назве. Гэта быў забаўны тоўсценькі чалавечак, насычаны кругленькімі, заўсёды нарыхтаванымі жарцікамі, з арыстакратычна-грэблівай мінай на твары, з наіўна скругленымі, як у дзіцяці, вачмі. Ён мог пражыць цэлы век (пражыць цёпленька, тоўсценька) і быць нязменна для ўсіх вялікім смешным дзіцем, над нязграбнай наіўнасцю якога заўсёды можна весела і бескаранна пасмяяцца. Ён умеў так глыбока хаваць сваю тонкую каціную хітрасць, што, мабыць, часамі і сам на яе забываўся, і сапраўды быў тым добрым вясёлым прастачком, за якога яго ўсе ўлічалі.

— Раіса сустрэла дзядзю Міку з бурнай радасцю.

— Дзядзя Міка! Коцік, золатца маё... Хадзіце хутчэй сюды... Я так вас чакала, так чакала.

Дзядзя Міка з урачыстым шумам раздзеўся і ўкаціўся ў пакой вясёла-бліскучай салодкай кружэлачкай.

— Выбачайце, кацянёначак, я толькі на дзесяць... усяго на дзесяць хвілін спазніўся... Я быў...

Раіса яго спыніла з жартлівай рэзкасцю.

— Стоп! Маўчыце! Ідзіце сюды, ну? Доўга я буду чакаць? Нагніцеся... так... вось вам, вось вам, не ўчыцеся пазніцца, вось вам.

Яна досыць сур’ёзна драла яго за рэдзенькі хохлік, і яму, небараку, відаць, з вялікай патугай удавалася ўтрымаць у сваім жартлівым айканні нотку здаволення. Потым Раіса пазнаёміла дзядзю Міку з Лясніцкім. Вітаючыся, ён зірнуў на Лясніцкага з нейкім пабрацімскім спачуваннем, быццам сказаў гэтым поглядам:

«Ага, разумею... Таварыш па няшчасцю...»

Лясніцкаму не ўпадабаўся гэты погляд. Наогул, з прыходам дзядзі Мікі прыляцела ў пакой нешта з чужога, незнаёмага Лясніцкаму свету, нешта занадта для яго лёгкае, лятуча-пярэстае. Яму незразумелы былі ні жарты дзядзі Мікі, ні шумлівая вясёласць Раісы — яе кароткі, няпоўны, быццам прыспешаны смех. Было такое ўражанне, што перайшлі яны з Раісай з аднаго пакоя ў другі і ў тым першым асталася іх глыбокая блізкасць, асталося тое бязмежна-салодкае адчуванне. Тут, у гэтым шумлівым пакоі, Раіса была ўжо другая.

Каб канчаткова не сапсаваць сабе настрою, Лясніцкі не па доўгім часе развітаўся і выйшаў. І сапраўды, не паспеў ён прайсці і сотні крокаў, як развеялася гэта непрыемнае, чужое, і ў поўнай яскравасці вярнулася ранейшае захапленне. І чым далей ішоў, тым гусцей заплывала свядомасць шумлівай хваляй салодкага чаду і сэрца тлумней пачынала біцца, ахапляў нейкі радасна-рашучы вольны настрой, падкрэслены шчымлівым адчуваннем злачыннасці, незаконнасці гэтага палкага шчасця. Такі настрой бывае ў дзіцяці, калі яно, заместа лекцый, бяжыць куды-небудзь на ўлонне прыроды і з вольнай радасцю аддаецца прыгожым забавам, рашуча махнуўшы рукой і на нудную школу, і на сярдзітага настаўніка, і на магчымую кару.

Падыходзячы к дому, Лясніцкі раптам успомніў, што ён не ўмовіўся наконт далейшых пабачэнняў. Гэта яго страшэнна ўстурбавала, ён ніяк не мог дараваць сабе такой неабачлівасці. Але потым супакоіўся на думцы, што, можа, як-небудзь зноў удасца сустрэць яе выпадкова.

Пасля таго некалькі дзён Лясніцкі жыў выключна настроем гэтага вечара. Дзе б ён ні быў — ці дома, ці на занятках, ці яшчэ дзе-небудзь, ён, углыблёны ў сябе, бясконца перабіраў у сваім уяўленні ўсе маленькія драбніцы гэтай сустрэчы, усе словы, якія яму гаварыла Раіса, усе самыя тонкія адценні сваіх адчуванняў. І гэта давала яму жывое здаволенне, рабіла жыццё квяцістым і радасным. Часамі ў гэты шчаслівы настрой уплятаўся ўспамін аб Макрыне. Ён не адганяў яго, ён наўмысля стараўся ўявіць яе вобраз, праверыць сваё пачуццё да яе. Яна стаяла недзе далёка-далёка — няясная, непрыметная — і абуджала толькі ледзь чутную жаласць.

Так прайшло дні чатыры. Потым пачалі сцірацца фарбы ўспамінку, пачалі траціць сваю яскравую свежасць і збірацца ў адно пачуццё глухога суму. І тады з’явілася прагнае жаданне ўбачыць Раісу. Гэтае жаданне чым далей, тым больш настойна турбавала свядомасць, напаўняла істоту неадступна-трывожным чаканнем. Ён пачаў часта хадзіць па той вуліцы, дзе яна жыла, праходзіў з заміраннем сэрца міма акон яе дома і напружна чакаў сустрэчы. Нарэшце дайшло да таго, што прагнае жаданне зламіла далікатнасць і сорам — ён рашыў пайсці да яе ў хату.

Ён доўга вагаўся, пакуль канчаткова надумаў пайсці да Раісы. Ён знаў, што можа яе не заспець, што можа прыйсці ў няўдалы час, што наогул гэта неабычайна — пайсці без запрашэння. Але не мог саўладаць з пачуццём — і пайшоў.

Гэта сустрэча з Раісай дала яму многа нечакана-яскравых перажыванняў, узняла яго пачуцці да найвышэйшай мяжы напружання, канчаткова і непарыўна прывязала яго да гэтае прыгожае, часам жудасна-дзівачлівае жанчыны.

Ён пайшоў быў, як і тады, гадзіне а восьмай увечары. Ён заспеў яе дома, і яна нават узрадавалася, што ён прыйшоў. Яна выглядала зусім іначай, чымся ў той раз. Яна была ў просценькай шэрай сукенцы — і сама такая простая, ціхая. Яе хараство не было рэзка-бліскучае, агнёвае, як тады, яна быццам працята была нейкім трагічным смуткам.

Як увайшоў Лясніцкі ў пакой, яна чамусьці з палахлівай паспешнасцю прыбрала са стала нейкі ліст, схавала яго ў маленькую касцяную скрыначку. Потым села ў куток канапы, стулілася ў прытульны камочак і загаварыла глыбокім, трохі надламаным голасам:

— Я атрымала ліст сёння з дому, Васіль Данілавіч, і сумую... Нешта ўспамінаецца дзяцінства — усё ўяўляю сябе маленькай дзяўчынкай — бязвіннай, чыстай, як незабудка... Чамусьці захацелася быць добрай. Я не ведаю, як гэта зрабіць. Кажуць, што любіць трэба ўсіх так, як сябе, а я ўсё роўна сябе люблю больш за ўсіх... Каб я не любіла сябе, дык я б не жыла... я б даўно не жыла... я б памерла... Ці шкадавалі б вы мяне, Васіль Данілавіч, каб я памерла?.. Ці плакалі б?..

— Хіба толькі ў слёзах выказваецца пачуццё?..

— Так, гэта правільна. Слёзы змываюць пачуццё. Як паплачаш — стане спакойна і ціха...

Яна задумалася і нейкі час сядзела моўчкі. Потым пачала ўспамінаць — расказваць пра сваё дзяцінства, і яе вочы ціха запаліліся агнём ласкавага захаплення. У сярэдзіне апавядання яна раптам гукнула Лясніцкага:

— Хадзіце сюды, Васіль Данілавіч...

Ён падышоў.

— Сядзьце во тут, поплеч... бліжэй...

Потым яна ўзяла яго галаву і палажыла сабе на калені, пачала задуменна перабіраць яго валасы.

— У вас валасы дужа мяккія — такія валасы больш у жанчын бываюць... Ну, сядзіце спакойна, дзетка, не варушыцеся... Слухайце далей...

І зноў пачала расказваць пра сваё дзяцінства — і ўсё пяшчотна перабірала яго валасы. Так гаварыла хвілін пяць, потым змоўкла, падняла з кален яго галаву і пачала цалаваць твар ціхімі задуменнымі пацалункамі. Калі ж ён з свайго боку памкнуўся быў праявіць актыўнасць у гэтым самым напрамку, яна балюча ўдарыла яго па вуснах.

— Не смейце цалаваць!.. Хто вам дазволіў? Грубіян...

А сама зноў цалавала і гаварыла з ціхенькай усмешкай:

— Вы — другі, Васіль Данілавіч, вы не павінны цалаваць... Вы думалі — гэта я вас цалую, га?.. Вы — другі, зусім другі... Чаму ў вас мяккія валасы, Васіль Данілавіч, як у жанчыны ўсё роўна?..

Лясніцкаму рабілася дужа крыўдна ад гэтых слоў Раісы. Яе пацалункі не радавалі, яны неяк суха абпальвалі твар — здаваліся назоллівымі, прыкрымі. Увушшу балюча застрала гэта дзіўнае слова — «другі», і з кожным пацалункам Раісы, з кожным яе загадкава-незразумелым сказам расло гэта да болю шчымлівае пачуццё крыўды, быццам пералівалася ў яго ўсё каханне, якое гарэла дасюль у сэрцы, уся пяшчота. Нарэшце яму нясцерпнай стала такая мука. Ён парыўчата вырваўся з яе абнімкаў, забегаў па пакоі — глыбока ўзрушаны, гатовы заплакаць.

Яна здзіўлена запытала:

— Што з вамі, Васіль Данілавіч?

Тады надрыўна вырваліся з самых грудзей у яго гатовыя пераліцца ў слёзы дрыжачыя словы:

— Я не хачу, каб... другі... Я — не другі... Вы... так няможна мучыць... гэта ж... бязлітасна так...

Раіса зразумела яго абурэнне і раптам пасыпалася нейкім жорсткім, нахабна раскатным смехам.

— Вы пакрыўдзіліся, ха-ха!.. Бедны рыцар, няшчасны герой!

Лясніцкі спыніўся прад ёй з горача распаленымі вачмі, ледзь выгаварыў скрозь сціснутыя зубы:

— Раіса... Андрэеўна... Не смейцеся... досыць...

Яна перастала смяяцца, але вочы яе загарэліся нечым другім — цвёрдым і страшным. Яна раптам устала, зняла са сцяны бізун і падала яму.

— Я вінавата, я — дрэнная... Набіце мяне, Васіль Данілавіч!.. Ну, бярыце... біце... ну біце мяне, чуеце?.. Чаго стаіцё?.. Я хачу, я прашу вас... ну ўдарце... Васіль Данілавіч...

Лясніцкі няўцямна глядзеў на яе, не ведаў, што рабіць. А яна ўсё больш і страшней блішчала вачмі і гаварыла з нейкай хваравітай паспешнасцю:

— Вы не хочаце? Так? Вы баіцёся? Ага, я разумею... вам страшна... ха-ха... мужчына!.. Страшна, так... Страшна?.. Дык вось вам, ха-ха... вось... вось...

І яна некалькі раз з усяе сілы ўдарыла яго бізуном — і смяялася дзіўным нейкім, зларадасным смехам.

У Лясніцкага пацямнела ў вачах. Абураны раптоўным гневам, ён інстынктыўна кінуўся на яе, схапіў за руку і... убачыў горда-прыветную любую ўсмешку, поўную глыбокай непераможнай спакусы. І ён, абязволены, пацалаваў маленькую белую ручку, якая яшчэ трымала бізун. А яна тады блізка, зусім блізка ўся да яго нахілілася і загаварыла-зашаптала, палка бліскаючы прамяністымі зеленаватымі вачмі:

— Помніце ўмову? Вы казалі, што пакахаеце... Я хачу, каб вы пакахалі... Васіль Данілавіч, я дужа страшная, небяспечная жанчына... Я магу пагубіць... Хочаце, я пагублю вас, хочаце?.. Я пагублю вас сваім каханнем... Вы баіцёся? Так? У, які вы трус, Васіль Данілавіч... Ну хочаце — я вам аддамся? Я дам глыбокую, поўную асалоду... я пагублю... Васіль Данілавіч... Вася, любы мой... ну зараз... во тут... я сама... я раздзенуся... я пакажу вам цела сваё — вы такога не бачылі... У мяне цудоўна-прыгожае цела... Вася, Васечка... хочаш? Хочаш пагібнуць? Давай разам... у каханні, у шчасці... Любы... другі... Ты — другі, мучыцель мой, шчасце маё...

Яна нахілялася да яго ўсё бліжэй, абдавала твар яго сваім гарачым дыханнем, распальвала кроў блізкай цеплатой свайго цела. І вось замуціў галаву яму агнёвы тлум, ён забыўся на ўсё чыста, нічога не бачыў, бачыў толькі скрозь гарачы туман зеленаватыя вочы з дзікім русалаччым агнём ды акруглыя рысы бязмежна-дарагога прыгожага цела. Нервова-дрыжачымі рукамі ён схапіў яе, падняў, як дзіця, і моцна, з усяе сілы туліў да сябе, і цалаваў яе твар рашучымі смелымі пацалункамі. А яна тады раптам затрапяталася, быццам працятая вострым спалохам, вырвалася з яго абнімкаў і, кінуўшыся ніц на канапу, заплакала цяжкім жудасным плачам, у якім чувалася магільная роспач чалавека, які страціў усё, што было ў яго дарагое...

Лясніцкі забыўся і на крыўду сваю, і на гэта агнёвае, палкае. Ён бачыў бязмерную муку чалавека, які быў цяпер даражэй яму за ўсё на свеце, і ён мучыўся сам, гатоў быў зрабіць усё, што-хоця, толькі каб даць ёй заспакаенне. Поўны балючай пяшчоты, ён схіліўся перад ёй і з нейкай новай сваяцкай ласкай гладзіў яе валасы, суцяшаў наіўна ласкавымі словамі:

— Раіса... дзетка мая... плакаць не трэба — гэта зусім нядобра... Я жалею цябе... можна цябе пажалець? Можа, ты пакрыўдзілася на мяне? Я больш не буду... нічога не буду... Я толькі хачу кахаць цябе, ты дазволь мне кахаць... Добра?.. Я буду цябе так кахаць, як ты — помніш? — казала там, на купальскую ноч... Ну, не плач, дзетка... родная... сястрыца мая дарагая...

Яна, не падымаючы ад падушкі твару, абняла адной рукой яго галаву і загаварыла скрозь слёзы:

— Я жартавала... Я не аддамся нікому... я не магу аддацца... Вы не падумайце, што я магла... так, адразу... Я жартавала толькі... Васіль Данілавіч... Я кахаць вас не буду, я не магу вас кахаць... І вы не кахайце — не трэба... я буду мучыць вас толькі... я не хачу... і не пагублю вас... нашто?..

У той вечар яна сама доўга не пускала Лясніцкага ісці. Седзячы поплеч з ім на канапе, яна палахліва тулілася да яго і гаварыла, што баіцца нечага, што ёй жудасна.

— У мяне часта бывае так... Я многа думаю, летуцею, і потым мне немаведама што пачынае здавацца. У мяне цяжкае жыццё, Васіль Данілавіч... Я так многа думаю, я так мучуся... Каб памерці... каб магла...

Ён не прасіў яе, каб расказала пра сваё гора, бо ведаў, што ўсё роўна не скажа. Ён пачынаў паступова звыкацца з думкай, што ў яе ёсць нейкая таямніца, якую яна ўсё роўна не выкажа, і што гэта таямніца страшэнна мучыць яе. І ён з маўклівай пакорай балеў сваім сэрцам, калі бачыў яе душэўную муку, і суцяшаў яе, не ведаючы прычыны яе хвалявання.

Гадзіне а дванаццатай Раіса ціха заснула ў яго на руках, і з паўгадзіны ён сядзеў так, прасякнуты адчуваннем глыбокага шчасця, з пяшчотнай усмешкай любаваўся яе ціхім, бязвінна-чыстым, як у дзіцяці, тварам і баяўся шавальнуцца, каб не спудзіць гэтага чароўнага спакою. Потым яна прачнулася, зірнула на яго здзіўлена раскрытымі вачмі і, зразумеўшы, прашаптала з пачуццём пяшчотнай удзячнасці:

— Цяпер ідзіце ўжо... Мне зусім добра, я буду спаць...

Выходзячы, Лясніцкі з урачыстай сур’ёзнасцю папрасіў яе:

— Раіса Андрэеўна! Абяцайце мне, што, калі трэба вам будзе дапамога старонняга чалавека, вы звернецеся перш за ўсё да мяне.

Яна сонна ўсміхнулася.

— Добра, Васіль Данілавіч, я абяцаю...

 

Хмары гусцелі, чарнелі, звісалі зусім нізка над галавой і ўсё цяжэй душылі сваім пагрозна-нахмураным ценем. Расла трывога, пералівалася ў настойлівае прадчуванне, у пераконанне, што насуваецца ўжо, хутка загрыміць-загуляе дзікая навальніца.

Ужо бушавала злоснае мора, ужо хадзілі па ім імпэтна-гонкія хвалі, ужо высока, да самага хмарнага неба, узляталі ярыя брызкі шалёнага абурэння. І на гэтых дзіка-магутных хвалях, у рэзкім тумане гэтых раз’юшаных брызкаў недалужна гоўтаўся човен буржуазна-дэмакратычнага ладу і ледзьве ліпеў, апанаваны ўздымам ліхой навальніцы, во-во гатоў быў захліпнуцца, знікнуць у нетрах разбушаванай стыхіі.

Здань небяспекі супроць волі ашалелага кодла вольных ці нявольных паслугачоў буржуазіі прымала з кожным днём выразныя пэўныя формы, і ўжо мінорна-ўзнятыя песні аб безадказнай анархіі, аб дэмагагічнай рабоце невялічкай групы кайзераўскіх наймітаў, прысланых затым, каб распаліць крыважэрныя інстынкты цёмнае масы і гэтым загубіць моц «вялікай Расіі»,— усе гэтыя песні дашчэнту страцілі сваю праканаласць, гучалі, як хваравіты ёкат ахопленага перадсмяротнай агоніяй звера. Здань небяспекі бязладнаму ладу збянтэжанай буржуазіі паўставала пагрознай веліччу ў яскравым выглядзе магутнага абурэння працоўных, у настойным, усё больш і больш арганізаваным патрабаванні міру, зямлі, заводаў і фабрык — таго, што складала для рабочага і селяніна сапраўдную волю, сапраўдную дарогу да новага лепшага жыцця.

У гэты час з нябачанай шпаркасцю рос уплыў партыі бальшавікоў, якая бязлітасна раскрывала працоўным сутнасць і сапраўдныя замеры ўлады Керанскага, якая нязменна вяла іх да ўзброенага захопу ўлады. За бальшавікамі дружнай сцяной ішлі рабочыя, якія настойна штурхалі на рашучы рэвалюцыйны шлях свае баявыя Саветы. За бальшавікамі ішлі на тысячы вёрст раскіданай сярмяжнай масай сяляне, якія накрылі ўвесь бязмежны абшар «Расійскай імперыі» агнём пажараў, грымотамі стыхійна-магутнага руйнавання.

У чорнай трывозе, у глухіх гнеўных грымотах набліжаўся страшны судны дзень, вырастаў буяны віхор вялікага народнага бунту, загараўся нябачны ў свеце пажар.

Напорна ішло немінучае, грознае.

А ў горадзе, дзе давялося перабываць гэтыя дні Лясніцкаму, стаяў той самы бязладна-распушчаны дробна-сумятлівы застой, які павёўся аж з таго часу, калі ліквідавалі Карнілава. Можа, дзе ўпотайку хто-небудзь нешта і рабіў, можа, рыхтаваліся моўчкі тыя ўзаемна-варожыя сілы, якія ўраслі потым ў вялікую барацьбу, але знадворку было ўсё так, як і раней. Стаўка бліскала штаб-афіцэрамі, парадамі, рознымі прыездамі, ад’ездамі, мізэрныя адросткі незлічоных партый ладзілі мітынгі, бясконца спрачаліся паміж сабой, рыхтаваліся да выбараў ва ўстаноўчы сейм і ўсе разам лаялі бальшавікоў, спраўлялі рознагалосы гвалт пра пагрозу чорнай анархіі, пра небяспеку для рэвалюцыі; прыватныя грамадзяне лаялі як бальшавікоў, так і тых, хто лаяў бальшавікоў, а найгорш — кірмашовых сялян, якія нахабна вымагалі за свае прадукты казачна-вялікія цэны.

І вось нарэшце ўдарыў пярун — пакаціліся па ўсёй неабсяжнай краіне грозныя яго адгалоскі.

У той вечар Лясніцкі быў дома. Ён чытаў уголас нейкую кніжку. Ніна слухала і шыла, а Халіма па свайму ўлюбёнаму звычаю размашыста курыў, лежачы на ложку, і не то нешта бурчаў, не то ціха спяваў сабе пад нос. І раптам — стук у дзверы, прыходзіць Андрэй, урачыста сур’ёзны, стрымлена ўзрушаны, і заяўляе нізкім ад хвалявання голасам:

— Пачалося... Ёсць тэлеграма з Петраграда, што рабочыя і салдаты арганізавалі ўзброенае паўстанне і захапілі ўладу.

Усе заціхлі ў нейкім да краю напружаным маўчанні. А Андрэй урачыста выбіваў дзіўна-новыя незвычайныя словы:

— На вуліцах Петраграда ідуць баі, якімі кіруе ваенна-рэвалюцыйны камітэт... На бок рабочых пераходзяць усё новыя вайсковыя часці. Міністры часовага ўрада арыштаваны...

Потым ён скінуў сваю ўрачыста-важную міну і зірнуў на ўсіх з яснай, адкрытай радасцю.

— Чулі, га?.. Разумееце, што гэта значыць?.. Халіма, давай сюды сваю лапу, чорт ты лысы... Гэта ж, хлопцы, наша пайшло. Гэта ж пажар, Васіль, разумееш?.. Вось яно падышло, пачалося тое страшнае, немінучае, аб чым — помніш? — мы з табой гаварылі...

А Халіма раптам устаў — сярдзіты, нахмураны — з усяе сілы ляснуў кулаком па стале.

— Пойдзем!

Ніна не то з трывогай, не то з цікавасцю ўскінула на яго погляд.

— Куды? {Куды?.:

— Усё роўна... Пойдзем, Андрэй... Васіль, хадзі...

Андрэй з ласкавай усмешкай затрымаў яго.

— Пачакай... Зараз пойдзем усе разам на мітынг — нашы сёння наладзілі, будзе Гольдзін даклад рабіць... Давайце яшчэ чай арганізуем...

Чай арганізоўвалі ўсе разам, каб не спазніцца, і ўсе страшэнна бунтавалі Ніне. Пілі таксама на скоры паспех — абы тое адбыць, і зараз жа ўсе ўчатырох навыперадкі пабеглі ў горад.

Мітынг быў недзе на самым канцы горада не то ў рабочым, не то ў салдацкім клубе, у нізкім даўгім і панурым будынку, нават асветленым чамусьці не электрычнасцю, а газавымі лямпамі, якія кідалі навокал жоўта-смяглае хваравітае святло і надавалі памяшканню манастырска-нудны выгляд.

Народу на мітынг сышлося многа — як стоўпіцца ў памяшканні. Гэта былі ў большасці або салдаты, або рабочыя. Ужо ўсе ведалі пра падзеі ў Петраградзе, і яны глыбока ўсіх узварушылі. У памяшканні ўсцяж да пачатку мітынгу стаяў бадзёра-напружаны гуд — кожны стараўся падзяліцца з кім-небудзь сваімі думкамі-меркаваннямі.

Дакладчык Гольдзін аказаўся тым самым хударлявым яўрэем, які быў у Андрэя ў часе карнілаўскага паўстання. Яго Іго } голас цалкам адпавядаў выразу твару. Ён быў ціхі такі, сцеражліва-глыбокі, поўны нейкай асаблівай, быццам наўмысля стрымленай праканаласці. Такі голас няможна не слухаць — ён сам сабой, супроць волі, увап’ецца ў свядомасць, як нейкае тонкае джала, і пачне там настойліва калупацца, знаходзіць месца для прынесеных ім думак і пераконанняў.

Слухалі Гольдзіна ўважліва, нягледзячы на тое, што ў зале было нямала яго супраціўнікаў, якія раз-пораз адгукаліся з публікі бязладна-парванымі выкрыкамі. І як ні дзіўна, але і гэтыя выкрыкі праходзілі без звычайнага шуму, быццам гэта так і трэба было, быццам былі гэтыя выкрыкі часткай самога даклада. Гаварыў Гольдзін аб петраградскіх падзеях і ўсю сваю ўвагу засяродзіў на тым, каб давесці іх гістарычную немінучасць і мэтазгоднасць, іх глыбокую сувязь з самымі пільнымі інтарэсамі рабочых і сялян. У яго прамове мала было агітацыі — больш сталых цвярозых разважанняў. Лясніцкі з вялікай ахвотай праслухаў яго даклад, і ён шмат чаго праясніў у той блытаніне, якой і да гэтага часу поўнілася свядомасць Лясніцкага. Дый на ўсіх прысутных, відаць, зрабіў даклад вялікае ўражанне. Калі ж, канчаючы, памкнуўся прамоўца прыдаць свайму голасу патэтычную ўзнятасць — выйшла неяк мізэрна і рэдзенька — гэта сапсавала трохі ўражанне ад дакладу.

Пасля дакладу пачаліся звычайныя партыйныя спрэчкі, якія ўвайшлі ўжо ў традыцыю і страшэнна надакучылі Лясніцкаму. Ён паслухаў яшчэ, як паміж іншых прамоўцаў гаварыў Андрэй, з мяккай упартасцю адважваючы свае прыветна-сур’ёзныя словы, як грукацеў нязграбным пераборам слоў яго добра знаёмы — чырвоны рабочы ў аблезлай тужурцы,— і потым ціхенька выбраўся з залі, пацягнуўся дахаты.

У яго астаўся ад гэтага вечара нейкі раскіданы, невыразны настрой. Ідучы, ён думаў з лёгкім, нават трохі радасным неўразуменнем:

«Ну вось... І пачалося, прыйшло тое, што так турбавала, трывожыла. Дзе ж яно? Як яго ўбачыць? У чым яго жудасць, страхоцце?..»

А назаўтрага гэта неўразуменне яшчэ больш умацавалася. Назаўтрага ён выйшаў быў з дому з пэўным чаканнем убачыць на вуліцах горада нешта новае, мабыць, трывогу, узрушэнне якое, злучанае з учорашнімі весткамі, і ўбачыў той самы дробна-сумятлівы застойны горад, і ніякага знаку, што адбылося нешта вялікае, важнае. Мясцовыя газеты ў той дзень адзначылі падзеі ў Петраградзе без асаблівага крыку, адзначылі, як чарговую выхадку бальшавікоў, якая «пагражае свабодзе і рэвалюцыі», якую «трэба ліквідаваць супольнымі патугамі ўсяе краіны». А ўвечары прыйшлі новыя весткі — яны гаварылі аб новых перамогах паўстаўшага Петраграда, аб пашырэнні паўстання, аб уцягненні ў яго новых рабочых мас і новых вайсковых часцей.

З таго дня мясцовыя кіраўнікі грамадскага настрою зачалі весці з гэтым настроем цікавую, але мала павучальную гульню, якая цягнулася больш трох тыдняў і якую потым вялі ў працягу колькі гадоў усе цёмныя сілы, якія змагаліся з Саветамі. Гэта гульня заключалася ў тым, што кожны дзень для заспакаення «честной публики» ўстанаўлялася непарушная мяжа «бальшавіцкай авантуры», гаварылася прыкладам так:

«Верныя часоваму ўраду вайсковыя часці на чале з Керанскім падыходзяць да Петраграда, каб канчаткова расправіцца з бунтаўшчыкамі. Дні бальшавіцкага панавання злічаны. Гэтая авантура паслужыць добрай навукай усім, хто патурае цёмным сілам, якія развальваюць адзінства і згоду ў краіне».

А назаўтрага прыходзіла вестка аб канчатковай перамозе бальшавікоў над Керанскім. Тады спрытныя вешчуны ставілі новую мяжу, гаварылі або пісалі:

«Паўстанне, безумоўна, больш нідзе не дасягне такіх выпадковых поспехаў, якіх яно дасягнула ў Петраградзе...»

І з метадычнай спраўнасцю біў тэлеграф свежыя весткі аб перамозе Саветаў у Маскве. І г. д.

Аднак пажар разрастаўся, перадаваўся з цэнтра на перыферыі, разбягаўся ўсё далей ды далей, ахапляў усё новыя пункты. І, нягледзячы на такую гульню ў заспакаенне, пайшлі па горадзе трывожныя чуткі, заварушылася мяшчанска-інертнае жыхарства. Асабліва стала трывожна, калі загаварылі аб магчымым прыездзе ў горад бальшавіцкіх войск для захопу стаўкі, аб тым, што і сюды можа дакаціцца разбушаваная хваля, прынесці новы лад, новыя парадкі.

У гэтую пару Лясніцкі блізка што кожны дзень хадзіў да Раісы. Ён рэгулярна прыносіў ёй апошнія весткі, якія самому ўдавалася сабраць у горадзе. Яна слухала іх з напружанай увагай, а потым доўга распытвала яго, што гэта значыць, чаго можна яшчэ чакаць, якая і для каго небяспека ва ўсіх гэтых падзеях. Ён, як умеў, тлумачыў ёй.

З кожным днём Раісу ахапляла ўсё большая і большая трывога. Пасля таго, як пачула яна пра новыя зямельныя парадкі, пра бальшавіцкі дэкрэт, пра непакой сярод сялянства, якое ўсё часцей і часцей рабавала панскія маёнткі,— у яе чамусьці склалася ўпэўненасць, што дома здарыцца нешта нядобрае, што над яе бацькам вісіць нейкая страшная немінучая пагроза. Да гэтага далучылася яшчэ тое, што з дому чамусьці спынілі прысылаць ёй лісты. Гэта яе турбавала больш як што. І дарма памыкаўся Лясніцкі растлумачыць гэта натуральнай для такога часу няспраўнасцю пошты — яна не хацела і слухаць.

Нешта раз Лясніцкі заспеў яе асабліва ўстрывожаную, заплаканую. Яна, як убачыла яго, парыўчата ўстала яму насустрэчу і адразу загаварыла яшчэ дрыжачым ад слёз голасам:

— Васіль Данілавіч! Я не магу больш... Я паеду туды... я заўтра еду... Вы казалі — помніце? — каб я звярнулася да вас, калі мне трэба будзе дапамога... Я цяпер вось прашу вас... Ды не, Васіль Данілавіч, я жартую... я не таму, што вы казалі, а проста так... Паедзем са мной... Мне адной страшна... Толькі не адгаварвайце, я ўсё роўна паеду і адна... я больш не магу...

Лясніцкі яе не адгаварваў і адразу згадзіўся.

На другі дзень ён расквітаўся са службай (водпуск даць яму адмовіліся), а Андрэю сказаў, што атрымаў з дому ліст — просяць чамусьці як мага хутчэй прыехаць.

 

Яны выправіліся ў дарогу ў той дзень, калі горад быў заняты войскам першага пралетарскага глаўкаверха — прапаршчыка Крыленкі, які прыехаў, каб канчаткова рассячы той вузел контррэвалюцыйных настрояў і чыннасці, якім з’яўлялася стаўка.

Горад сустрэў надыход гэтае новае фатальна-напорнае сілы з сумятліва-трывожным спалохам, з жахлівым недаверам. Востра-сіберным ветрам пранеслася ўраз па ўсім горадзе шпаркая вестка:

— Матросы! Матросы прыехалі! Бальшавікі! Страшныя, злосныя, як звяры... Поўны горад панаехала, няма куды дзецца.

Тады некаторыя з жахам хаваліся ў свае прытульнабяспечныя норы, а хто смялейшы — беглі на галоўную вуліцу падзівавацца, што там за такія дзікія заморскія звяры.

Па вуліцы праходзілі жорстка-сціснутым строем аддзелы ліхіх маракоў — усе як адзін буйныя, дужыя, поўныя хмурай сур’ёзнасці, поўныя адчування сваёй калектыўна-дружнай сілы. Ад іх сапраўды веяла жудасцю — чулася ў іх жалезна-злучанай масе вялікая бязлітаснасць паўстання, бязмежна-грозны замах на ўсе абвыклыя для людзей умоўнасці, на ўсе законы — такія непатрэбныя, лішнія ў часе крывавае барацьбы на жыццё і смерць.

Лясніцкі з Раісай пад вечар прыехалі на станцыю. Адразу, як увайшлі яны ў памяшканне вакзала, іх страшэнна здзівіла, што тут зусім нямнога людзей, што няма таго шэра-злітага густога натоўпу, якім звычайна поўніліся ў той час чыгуначныя станцыі. Потым ім стала зразумела гэтае дзіўнае з’явішча, калі і яны далучыліся да гледачоў жудасна-крывавае драмы.

Лясніцкі запытаў у нейкага чыгуначніка, калі будзе пасажырскі поезд. Той безнадзейна махнуў рукой.

— Хто яго ведае!.. Цяпер на пасажырных не ездзяць... Пашукайце лепш эшалона якога...

Лясніцкі здзіўлена на яго ўтаропіўся.

— Тут жа зусім мала народу!

— Ого! Паглядзіце-тку, што робіцца на пероне.

Тут Лясніцкі пачуў прыглушаны чорны гуд нявіднага натоўпу. Ён прапанаваў Раісе выйсці паглядзець, што робіцца на пероне. Яна згадзілася.

І вось акунуліся яны ў нешта шаломнае, пераблытанае — у бурлівы вір чалавечых цел, аплецены роілам гвалту, узрушаных крыкаў, ядрана-злоснай лаянкі. Тут была бязладная мешаніна шынеляў, кажухоў, армякоў, рознага рыззя — усяго таго, ва што была ў той час апранута звычайная чыгуначная публіка. І сярод гэтай мешаніны неяк асабліва смела, рашуча і важна плавалі чмарыя папахі матросаў.

Твары ў большасці людзей былі распалены ўпарта-капрызным раздражненнем, якое з шумам вылівалася ў задорна-крыклівы говар, у напружанае мятушанне. А некаторыя цмыгалі сярод натоўпу проста з цікавымі тварамі і прыслухоўваліся да ўсяго, што навокал, з пустым чаканнем нечага выдатнага, рэзка-эфектнага.

Лясніцкі пакінуў Раісу ў зацішным кутку недалёчка ад уваходу ў вакзал, а сам прайшоў наперад, каб канчаткова даведацца, у чым тут справа. Раіса адразу з нервовай трывогай у вачах схапіла была яго за руку, быццам хацела затрымаць, а потым сама схамянулася, засмяялася.

— Што гэта я... Мы ж не ў лесе...

Лясніцкага падхапіла ўпартая патока народу, ён пакорна аддаўся ёй і праз момант апынуўся перад адным з вагонаў нейкага поезда. Каля ўваходу ў вагон напорна мятушылася група матросаў, абкружаная і сціснутая з усіх бакоў бурлівым натоўпам. Лясніцкі прыслухаўся да блытаніны крыкаў і лаянкі, і з вялікай патугай яму ўдалося зразумець, што ў гэтым вагоне сядзіць генерал Духонін і што разбушаваны натоўп патрабуе яго расстрэлу. Тады Лясніцкаму зусім ясны стаў гэтым гоман, ён пачаў адрозніваць асобныя галасы, асобныя ўскрыкі. Большасць проста кідала кароткія і няскладныя пагрозы напалам з брыдкімі цяжкімі словамі адмысловае лаянкі, а некаторыя крычалі з сэнсам — гэтыя адухаўлялі, заражалі натоўп гарачым настроем.

— Карнілаў уцёк, дык і гэты ўцячэ, мы ўжо ведаем!..

— Хай пазнае, як станавіцца папярок дарогі нашаму брату!..

— Разгадаваўся на нашай крыві — буржуазея праклятая!..

— Даёш! Расстраляць яго тут, каб бачылі ўсе сабачую смерць!..

— Бяры яго хлопцы, чаго там!..

Матросы, якія вартавалі вагон, ледзь стрымлівалі напор раз’юшанай масы. У агульным гомане бяссільна вязлі іх адчайна-ўзнятыя галасы:

— Таварышы... Крыленка... няможна... Пачакайце... Прыедзе...

Потым на пляцоўцы вагона з'явіўся малады стройны мужчына ў форме марскога афіцэра. Ён памкнуўся нешта сказаць, дык на трэцім ці чацвёртым слове затапілі яго голас яшчэ бурнейшым выбухам гвалту. Тады на месца яго з’явіўся новы — у форме армейскага прапаршчыка, і раптам гоман асеў, замітусіўся лёгкі ветрык пачцівага шопату.

— Крыленка... Крыленка... Ціху!..

Крыленка гаварыў паволі, не спяшаючыся, выразна выбіваючы кожнае слова,— і пры ўсёй нервовай узрушанасці натоўпу яго да канца выслухалі ў глыбокім маўчанні. Ён гаварыў, што Духоніна завязуць у Петраград, што ён не дапусціць ганебнага самасуду, што толькі праз яго труп яны здолеюць уварвацца к Духоніну.

Тады трохі заспакоены натоўп патрабаваў, каб паказалі Духоніна. І вось ён з’явіўся поплеч з Крыленкам — чырвоны, распараны, з расплыўчаста-дзікім спалохам на твары. Ён памкнуўся нешта сказаць, пачаў ужо нясмела-дрыжачым голасам:

— Дарагія таварышы!..

Але яго словы ўраз закомчыў рэзкі выбух гвалту, рогату, свісту, і ён шпарка знік у вагоне, быццам уцягнуты некім адзаду.

Народ пачаў разыходзіцца. Гоман зрабіўся больш ціхамірным, часцей узвіваўся вясёлы, здаволены смех. І вось раптам ускочыў на пляцоўку вагона жудасна-вялікі грамоздны матрос, пачаў гаварыць гарачым сіплым голасам, пачаў распальваць ужо трохі астыглае абурэнне натоўпу. І з кожным словам яго зноў закіпала, зноў узнімалася бура, зноў густа нахлынулі к вагону, загрымелі лютым бурлівым гоманам. Крычалі ў нейкім шалёным запале, патрабавалі, каб зноў вывелі, паказалі Духоніна. На пляцоўцы з’явіўся Духонін. І вось тут адбылася крывавая драма. Як толькі паказаўся недалужна-спалоханы твар генерала, нешта завілося ў натоўпе — такое едкае, вострае, нешта звыш таго гнеўнага абурэння, і пачало шпарка-шпарка расці, закруцілася віхрам, зліло ўсіх у адно агнёва-прагнае, дзікае, скрывіла твары адной нечалавечай грымасай.

Першы ўдар грамоздкага матроса паслужыў сігналам. Быццам усе напружна чакалі гэтага першага ўдару, быццам узрадаваў ён усіх — узвіўся рэзкі, невыразна-дзікі крык, грузна матнулася ў паветры скарабачанае цела генерала, усе сутаргава памкнуліся туды, да яго,— і перамяшалася ўсё ў невымоўна-тлумным, нечалавечым.

Быў адзін момант, калі пад напорам задніх радоў пераліваўся некалькі раз натоўп праз тое страшнае месца, і тады невядома было, дзе ляжыць крывавы кавалак мяса, і людзі, перабягаючы праз яго і спатыкаючыся, пэцкалі ногі ў свежую кроў.

Потым матросы, што вартавалі поезд, разагналі народ, зараз жа нечым накрылі абязвечаны труп і праз момант панеслі некуды на насілках.

Здалося Лясніцкаму, што ў гэты момант шырока пранёсся недзе ў паветры ўздых здаволенага палягчэння. Яго ахапіла дзікая жудасць, ён затросся ўвесь, быццам фізічна пачуў ледзяны подых смерці. Потым туманна ўсплыло ў памяці, што ў той гарачы момант у яго ў самога сутаргава сціснуліся былі кулакі і ён разам з усімі быў памкнуўся наперад, гатовы ўпіцца ў бяссільнае акрываўленае цела. І яшчэ чорна мігнула страшнае падазрэнне, што ў той дзікі радасна-крыважэрны крык уліўся быў апантаным віскам і яго ўласны голас.

Ідучы ад крывавага месца, ён не мог зірнуць у твар сустрэчным — яму здавалася, што яшчэ не сцерлася тая грымаса, што яшчэ чакаюць нечага, што жорстка стаіць ва ўсіх маўклівае запытанне:

— Хто наступны?

І не паверыў, што гэта праўда, калі няўмысля ўпёрся ў нейкага ласкавабародага селяніна, які зусім па-хатняму выціраў аб палу запэцканыя ў кроў рукі і вінавата ўсміхаўся яшчэ белымі ад хвалявання вуснамі.

— Так яму і трэба, сволачы... Ах ты, буржуйская морда... Яшчэ аб’ясняецца.

Раіса чакала Лясніцкага на тым самым месцы. Яна была бледная, устрывожаная. Яна нецярпліва кінулася насустрэчу Лясніцкаму, запытала:

— Васіль Данілавіч! Што там было? Што гэта панеслі тут абкручанае брызентам?..

Ён адказаў ёй:

— Толькі што тут натоўп разарваў генерала Духоніна.

І раптам ён са страхам заўважыў, што вусны Раісы пачалі дрыжаць, вочы заміргалі, глыбока наліліся слязьмі — яна не вытрымала моцнага нервовага ўзрушэння і сутаргава заплакала. І тут жа пачуўся збоку пагрозна-насмешлівы голас:

— Іш ты, пашкадавала... Адразу відаць панская костка...

Лясніцкага ахапіў шалёны страх. Ён з усіх сіл сціснуў Раісу за руку, засіпеў сярдзітым шопатам:

— Маўчыце!

І паспешліва павёў яе ўбок, дзе было менш народу. Яна да крыві закусіла губу, каб стрымаць свой мімавольны плач, і толькі зрэдку балюча ўсхліпвала — а слёзы ліліся бязгучным дажджом і таму былі дзіўныя, недарэчныя.

Лясніцкі ўсё так жа сур’ёзна і строга звярнуўся да яе:

— Цяпер што-небудзь з двух — выбірайце... Або вярнуцца назад, або пайсці шукаць эшалона і ехаць з салдатамі.

Яна рашуча адказала:

— Я не вярнуся, Васіль Данілавіч!

Тады яны найшлі па пуцях і з паўгадзіны шукалі, пакуль натрапілі на эшалон, які павінен быў неўзабаве пайсці ў іхні бок. Яны падышлі да таварнага вагона, у якім праз адчыненыя дзверы відаць было яшчэ не мала вольных месц, і Лясніцкі запытаўся ў тых, што сядзелі бліжэй да дзвярэй:

— Ці можна з вамі праехаць?

Адзін паджылы салдат адказаў павучальна-сур’ёзным тонам:

— Чаго пытаешся? Бачыш — месца ёсць, значыць, і можна. Гэта ж табе не даўнейшае, што сюды — можна, а туды — няможна.

У гэты час падскочыў да дзвярэй юркі лёгенькі салдацік, закрычаў фамільярна і тонка:

— А даёш, даёш, даёш!.. Любачка, красачка!.. Ай-яй-яй, што за золатца!..

Раіса спалохана ўхапілася за руку Лясніцкага. Але разважаць было позна. Ён памог ёй, дрыжачай ад страху, улезці ў вагон, ускочыў сам, і яны занялі сабе ў кутку прытульнае і ціхамірнае месца.

Салдаты пазіралі на Раісу з адкрытым салодкім замілаваннем, кідалі досыць выразныя і не зусім сціплыя жарты. Потым адзін падсеў к Лясніцкаму, лэпнуў яго па плячы.

— Што, зямляк, жонку вязеш?..

І раптам мільганула ў Лясніцкага радасна-хітрая думка. Ён адказаў з прыветна-вясёлай шчырасцю:

— Так... Прыехала вось да мяне, пагасцявала трохі... Цяпер я ўзяў невялічкі водпуск...

— Іш ты... У войску жаніўся?..

— Так, нядаўна зусім... У Смаленску раней мы стаялі, там я і жаніўся. Дык як выйшла! Вось сёння жаніўся, а праз тры дні выступаць... Нават не паглядзелі добра адзін на аднаго...

— Ды ўжо такая наша доля... Глядзі што ў кожнага так...

І вось пад уплывам, мабыць, наіўна-шчырага тону гэтага выдуманага апавядання ўсе, хто быў у вагоне, працяліся нейкім асаблівым спачуваннем к Лясніцкаму, пазіралі ўжо і на яго і на Раісу з таварыскай ласкай, пачалі расказваць адзін аднаму пра свае сямейныя справы. Нават дайшло да таго, што калі нехта занадта востра вылаяўся, дык усе на яго дружна тукнулі:

— Ціха! Не бачыш — жанчына сядзіць.

Тады Лясніцкаму стала зусім добра, прыемна. Радасна-заспакоены, ён сам сабе думаў:

— Гэта ж усё такія добрыя, любыя мальцы...

І нават рабілася сорамна, што падманіў іх, што ашуканствам дасягнуў такога цёплага спачування.

Поезд пайшоў, як ужо зусім сцямнела. Тады шчытна зачынілі дзверы і ў вагоне асталася глухая цемра, мяккі грукат каткоў ды прыглушаны {прыглушапы ціхамірны гоман збліжаных дарогай людзей. І паплыло тады ў роўным калыханні нешта млява-цягучае, спакойна-бязмежнае, як ціхі сум па мінулым, мякка адкрыла сэрца для свежай пяшчоты.

Раіса прымасцілася, як котка, на руках у Лясніцкага, шчыльна прытулілася к яму так, што ён чуў чароўна-мяккую цеплыню яе любых грудзей, і ціха шаптала, каб ніхто не пачуў:

— Ну, абнімі мацней, мне холадна... Сагрэй мяне... Вася...

А яму цяпер хацелася, каб не было нідзе станцый на гэтым пуці, каб ехаць так без канца-краю, каб вечна трымаць у руках свой мнагацэнны скарб, сваё шчасце. Працяты глыбокай пяшчотай, ён шаптаў ёй скрозь ціхія (каб ніхто не пачуў) пацалункі:

— Ты — жонка мая... ты — дарагая, любая жоначка... Я цябе не аддам нікому, буду ўвесь век трымаць так... буду моцна-моцна абнімаць... во так... во...

На вузловай станцыі, дзе была ім перасядка, давялося чакаць да самага рання. Раіса пайшла ў жаночы пакой — адзіны пункт, дзе яшчэ можна было знайсці вольнае месца, а Лясніцкі пачаў бадзяцца па вялізным змрочным памяшканні вакзала, церціся сярод шчытна-шэрага людскога натоўпу. І чым больш ён хадзіў, чым больш прыслухоўваўся да нервова-ўзрушанага говару людзей, тым глыбей працінаўся нейкім новым невыразным пачуццём, падобным на шчымлівае імкненне некуды ўдалеч, на ласкавы сум па прасторах, па нечым шырока-бязмежным. Ён памалу заражаўся агульным настроем, якім быў ахоплены ўвесь гэты шэры натоўп, унутры ў яго пачынала расці тая разгонная лёгкасць, вальготнасць, якая характарызуе псіхалогію паўстання, якая вырастае з пратэсту супроць усяго таго, што гняло дасюль, што адбірала вольную волю. Калі ён слухаў, як на лятучых, тут жа ў вакзале або на пероне наладжаных мітынгах з радасна-ўрачыстым запінаннем (бо не ўмелі) гаварылі шэрыя салдаты свае нямудрыя прамовы, у якіх з асаблівым замілаваннем выгаварваліся крывава-блізкія словы «мір», «зямля», «заводы»,— дык у яго сціскалася сэрца і хацелася самому гаварыць, хацелася зрабіць нешта, пайсці куды-небудзь з гарача-распаленымі вачмі, з вольным захапленнем.

Але з’яўлялася прыкра-даўкая думка, што ён не можа, не ўмее быць разам з усімі, што ён чамусьці збоку стаіць, што не запрошан на гэты бурлівы баль, нават не разумее яго гістарычнай сутнасці і справядлівасці. Разам з гэтай думкай выплывала ва ўяўленні вёска, мільгала чорная варожасць, тупое неўразуменне, якое жорстка застрала паміж ім і сялянамі. І было тады дужа няёмка, хацелася схавацца куды-небудзь, уцячы ад самога сябе.

У адным кутку вакзала ён убачыў ідылічна-смешную карцінку. На нейкай скрынцы сядзелі поплеч афіцэр і салдат — абое п’яныя. Афіцэр абнімаў салдата і ўсё тлумачыў, што яны цяпер роўныя, што яны любяць адзін аднаго і г. д. А салдат у гэты час задуменна спусціў галаву і ціхенька пеў тонкім, але поўным заўзятай гуллівасці голасам:

 

Па...ці...рала я калечка-чка,

Па...ці...рала я любоў —

          Я любоў.

          Наверна,

Па...ці...рала я любоў...

І...з-за...гэтага калечка-чка

Бу...ду... плакаць дзень і ноч —

          Дзень і ноч.

          Наверна,

Бу...ду... плакаць дзень і ноч...

 

Лясніцкі падышоў і звярнуўся да іх:

— Што, весяліцеся?..

Салдат і не павярнуўся — мармытаў сабе сваю песню, а афіцэр адгукнуўся ахвотна, пачаў гаварыць з ім — балазе знайшоў размоўцу. І Лясніцкі цэлую гадзіну сядзеў з гэтым афіцэрам, рады, што хоць з п’яным здолеў знайсці нешта супольнае, дружнае, што хоць праз яго падыдзе бліжэй да гэтага дзіўна-смелага ўзрушэння.

 

Чым бліжэй падыходзілі да вёскі (са станцыі ішлі пехатой — не знайшлі падводы), тым больш і больш халадзеў настрой Раісы — яна рабілася такой самай лядзяна-замкнёнай, як мёрзлае восеньскае ранне, праз якое ішла іх дарога. Яна была зноў чужая, далёкая — з глыбока-таемнымі сваімі думкамі, з глуха закрытым для Лясніцкага светам сваіх пачуццяў і перажыванняў. Лясніцкі стараўся як-небудзь затрымаць нядаўнюю блізкасць — ён многа гаварыў, наўмысля падаваў свайму голасу сяброўскую прастату і фамільярнасць, выбіраў словы такія сваяцка-цёплыя — думаў словамі звяжа, зацягне шчыліну халоднае чужасці. Гаварыў датуль, пакуль не прымячаў, што словы, як іскры, гаснуць у нейкай нямотнай пустэчы, што выходзіць недарэчна, што ў яе на твары ледзь прыметна збіраецца цень дасадлівага неўразумення. Тады некаторы час маўчаў і з недалужнай роспаччу глядзеў на халодную чужую Раісу.

Калі пераязджалі праз Дняпро (хадзілі глыбокія сінія хвалі і вецер дзіка пеў у чорна-аголеным лазняку), Раіса чамусьці запытала ў Лясніцкага:

— Васіль Данілавіч! Вам не пашкодзіла гэта паездка — па службе ці так у чым-небудзь?

Ён, вядома, не сказаў ёй праўды, запэўніў, што нічым не пашкодзіла.

— Я так вам удзячна, Васіль Данілавіч. Я не ведаю, што б я рабіла, каб не вы...

Тады ў Лясніцкага ў думках рэзка, нахабна мільгнула:

— Што гэта? Расквітваецца?..

Бацька Раісы жыў пасля пажару на вёсцы, у папоўскім доме. Палавіна вёскі трэба было прайсці ім да гэтага дома. Лясніцкі бачыў, як у вокнах з’яўляліся цікавыя твары дзяцей, як следам за імі прыліпалі да шыб не менш цікавыя твары дарослых — усе праводзілі іх здзіўлена ўсмешлівымі поглядамі. Лясніцкі фізічна адчуваў на сабе прыкра-калючае прыткненне гэтых поглядаў, і ў яго ўсплывала едкае пачуццё не то сораму, не то адчаю, яд якога хацелася пабегчы, уцячы, знікнуць ад людзей і ад самога сябе.

Раіса папрасіла яго зайсці на хвіліну да іх.

— Тата страшэнна спалохаецца, што я адна... Вы мне пасобіце запэўніць, што ўсё было добра, што я нічым не рызыкавала, выправіўшыся ў гэту дарогу. Добра?..

Гэта быў першы выпадак, калі Лясніцкі з вялікім нездаволеннем выконваў просьбу Раісы — дужа не хацелася яму сустракацца з старым панам.

Пан быў ужо ўстаўшы. Ён сустрэў дачку з спалохана-сумятлівай радасцю, па-старэчаму разам смяяўся і плакаў, шапялявіў у паспешным хваляванні:

— Божа мой!.. Як жа ты?.. Дачушка, дзетачка... У такую пару... адна... родная... як жа гэта ты?..

Раіса нецярпліва прымала слязлівыя бацькавы ласкі, спяшалася яго заспакоіць:

— Я не адна, тата, я з Васілём Данілавічам... І нічога тут страшнага... Дадушы, татачка, усё было зусім-зусім добра... Вось і Васіль Данілавіч можа сказаць...

Пан заўважыў Лясніцкага, ветла яму заўсміхаўся.

— А-а-а... малады чалавек... Я ўжо недзе бачыў вас... Ага, помню-помню... Шчыра дзякую. Шчыра дзякую... Ведаеце, у такі нядобры час усё можа здарыцца... Дык як, нішто, добра праехалі?.. Сядайце, калі ласка!..

Лясніцкі для прыліку нешта сказаў пра дарогу, але сесці адмовіўся, сказаў, што зараз пойдзе дахаты. У гэты момант Раіса запытала:

— А дзе Карл Іванавіч?

Пан прыняў трывожна-маркотную міну, з глыбокай скрухай уздыхнуў:

— Забралі Карла Іванавіча, арыштавалі... Нейкае дзікае бязладдзе пайшло тут у нас. Робяць што хочуць, не баяцца нікога, сваволле, самаўладства ўсюды... Ужо і зямлю нашу забралі, лес раздаюць каму-хоця... Нейкая дзікая звярыная анархія...

Раіса перабіла яго:

— Даўно арыштавалі?

— Тры дні ўжо.

— Яму нічога не пагражае?

— Хто ж іх ведае, дзетачка. Усё ў іхняй волі. Зробяць, што толькі захочуць.

Раіса звярнулася да Лясніцкага, спакойна, трохі сарамліва ўсміхнулася:

— Васіль Данілавіч! Выбачайце, што я так часта карыстаюся дадзеным мне правам... Але ж мне няма да каго больш звярнуцца. Вы тут ведаеце ўсіх, яны таксама вас ведаюць добра. Я прашу вас толькі дакладна даведацца, у чым тут справа і што можна зрабіць, каб памагчы яму.

Лясніцкі згадзіўся. Ён запытаў, хто на вёсцы кіруе гэтымі справамі, і аказалася, што ўсім заварачвае камітэт і што на чале яго стаіць Рыгор.

— Я пайду зараз жа і аба ўсім даведаюся. Я зраблю ўсё, што толькі здолею, каб як хутчэй ліквідаваць гэта непаразуменне.

І ён пайшоў, трохі здзіўлены тым роўным спакоем, з якім сустрэла Раіса вестку аб арышце свайго роднага дзядзькі.

Рыгор сустрэў яго едка накіраванай некуды ўбок усмешкай, запытаў з варожым закідам:

— Што, паненку прывёз з горада?..

Лясніцкі чамусьці зманіў:

— Сустрэліся на станцыі, дык разам прыйшлі. Слухай, Рыгор, што гэта здарылася тут з Карлам, за што яго арыштавалі?

— А гэта ўжо ведалі, мусіць, за што... Некаторых зусім не пыталіся...

Лясніцкі закіпеў:

— Я думаю, што кожны грамадзянін можа знаць, што робяць прадстаўнікі ўсёй грамады.

Рыгор нібы памякчэў.

— Папытайся ў воласці, што ты ў нас пытаешся...

— Хіба ён у воласці?

— А так. Яшчэ ўчора адправілі ў распараджэнне.

І Рыгор праводзіў Лясніцкага той жа едкай усмешкай, якой і сустрэў, толькі ўжо не вёў яе ўбок, а ўпяў проста ў яго ды больш выразна, чымся раней, заблішчаў злымі вачмі.

А Лясніцкага ахапіла злосная ўпартая рашучасць. Перш ён падумаў быў, каб пайсці дамоў ды запрэгчы каня, але потым схапянуўся:

— Дома, напэўна, затрымаюць.

І зараз жа, не заходзячы дамоў, падаўся пяхотай у воласць.

У воласці доўга глядзелі на яго з дапытлівым недаверам, падазрона шапталіся, патрабавалі, каб ён паказаў свае дакументы, і нарэшце далі яму зусім нечаканы адказ:

— Ужо гадзіна, як яго выпусцілі.

Лясніцкі пацягнуўся назад — да краю збянтэжаны, працяты злосцю, дасадай і вострым пякучым сорамам. Ён страшэнна каяўся, нашто пайшоў быў, нашто наогул так горача ўцяўся ў гэтую справу.

Да яго прыходу ўся ўжо вёска ведала, што ён прыехаў з паненкай, што хадзіў у воласць выручаць Карлу, што нават не зайшоўся, прыехаўшы, у родную хату. І ўсе пазіралі на яго з пагардлівым адчужэннем, з варожасцю, як на нейкага брыдкага злачынца. Ён чуў гэта і мімаволі тупіў у дол свае вочы і ўсё прыспяшаў ход, разважаючы з нейкай ліхаманкавай паспешнасцю:

— Зайсціся, пабачыцца ды зараз жа ехаць... Сягодня ж... адразу... толькі зайсціся...

Родная хата здалася чамусьці закінутай, нахмурана-ціхай, старой, быццам не жыў тут ніхто, павымерлі ўсе. І толькі цяпер, як убачыў гэтую хату, засадніла сэрца шчымлівай турботай.

— Як-то, ці ўсе жывы-здаровы?..

На дварэ пад павеццю ўбачыў браценніка. Ён з нейкай невясёлай млявай упартасцю дрэсіраваў нязграбна-пузатага шчанюка.

— Цю-цю!.. Буржуй!.. Служы, ну?.. Мц-ц... Буржуй!.. Фю!..

Лясніцкі гукнуў яго:

— Здароў, Пётра! Ну, як тут у вас?..

Той адразу радасна ўсхапіўся, потым сумна скругліў свае блакітна-чыстыя вочы.

— Татка хварэе... А мамкі няма, паехала сёння ў мястэчка...

У Лясніцкага ёкнула сэрца. Ён увайшоў у хату з палахлівым замяшаннем, падышоў, вінавата схіліўшы галаву, да полу, дзе ляжаў хворы бацька. Бацька заўважыў яго і з турботнай патугай узняўся на локаць, каб прывітацца.

— Здароў, сынок, здароў... Ну, маладзец... А я вось, бачыш, нешта зблышыў...

І, быццам убачыўшы думкі сынавы, яго цяжкае душэўнае мятушанпе, бацька загаварыў адразу глыбокім ласкавым голасам:

— Нічога, сынок... Усяк бывае ў жыцці, усяго чалавеку прыйдзецца. Калі там нойдзеш сваю тую пуцявіну... І пакрыўдзяць, і сам пакрыўдзіш каго... А потым усё пяройдзе на лепшае...

Лясніцкі сеў за стол, узлёгся галавой на рукі і з цягуча-салодкім болем слухаў бацькаў ласкавы голас. Мякка ціхамірыла ціхасць роднае хаты, пачынаў уяўляць сябе маленькім зусім, бяспечна-шчаслівым, як калісьці ў дзяцінстве, і ані-ні не пужала, што ўжо не прыйдзецца ехаць, што трэба астацца каля хворага бацькі. Толькі каб не было таго, надворнага, варожага. Каб толькі тут, у гэтай пяшчотнай ціхасці, у прытульным спакоі.

Бацька праз хвілін дзесяць сціх, пачулася яго роўнае дыханне. Заснуў, стомлены доўгай гаворкай. А сын нерухома сядзеў за сталом у плаўным забыцці, слухаў мяккае знібенне свайго ўсхваляванага сэрца.

Потым нясмела прачыніліся дзверы і ўвайшла Макрына. Яна падышла да яго, сказала ціха, асцярожна:

— Здароў, Васілёк! Я на адну часінку да цябе...

Ён падняў галаву, дапытліва зірнуў на яе, быццам спытаўся:

— Ну, што табе трэба?..

Ад гэтага погляду ў яе ясных вачах замітусіўся трывожны спалох. Тое, што яна мелася сказаць, відаць, застыгла на яе вуснах, і яна хвіліну стаяла ў цяжкім маўчанні. Потым села на лаўку і прашаптала ледзь чутна:

— Васіль! Нашто ты так робіш?

— Як гэта так?..

Ёй, відаць, трудна было сказаць тое, што яна думала.

— Ну... я не ведаю... Ты неяк не так... ты раней не такі быў... Быццам ты стаў зусім другі чалавек, не такі, як мы,— ужо нейкі вышэйшы...

Ён дасадліва спыніў яе...

— Макрына! Ты не разумееш... Ты зусім другое... Я такі самы, як і быў, толькі проста склаліся так недарэчна абставіны, непаразуменне, можа, нейкае выйшла.

Макрына памаўчала трохі ды зноў загаварыла таксама ціха, амаль што шопатам:

— Я ўжо раней ведала, што ў нас кончыцца так... Дык спачатку мне дужа дрэнна было... Я ўсё плакала, думала — нашто я яго пакахала так, нашто звязала долю сваю? Але-ткі звыклася, ведама — нічым ужо тут не парадзіш, не пара мы адно аднаму...

Лясніцкі зноў перабіў яе:

— Макрына! Што ты гаворыш! Ты нават не папытала, ці люблю я цябе, ці не, не папытала, што ў мяне ў думках цяпер...

— Нашто пытацца? Хіба я сама не бачу... Ды я, Васілёк, не крыўдую. Хай сабе... Можа, другая лепш палюбіць цябе, можа, будзеш з ёй шчаслівей... Што мне... Ведаеш, Васілёк, аб чым я рада? Што не замела ад цябе дзяцёнка. Гэта была б нешчаслівая душа... сіротка была б горкая...

— Макрына, кінь ты... Мне цяжка цяпер... Мы яшчэ пагамонім пасля...

— Я зараз пайду... А гаварыць яшчэ — не ўжо, хай лепш не будзем. Я ўжо надумала, што мне рабіць... Досыць ужо... Пакахала цябе колькі гадкоў, зазнала і шчасця і гора... Можа, і яшчэ буду кахаць, пакуль не забудуся... Цяжка забыцца на гэта... на першую любасць... Але нішто, неяк абыдзецца... Ты даруй, Васілёк, калі што... за ўсё... за ўсё чысценька... дзякуй табе...

І не паспеў схамянуцца Лясніцкі, як яна ў глыбокім узрушэнні схапіла яго руку і пацалавала. Адна слязіна паспела скаціцца на руку, і Лясніцкаму здалося, што была яна дужа-дужа гарачая. Ён хацеў затрымаць Макрыну, нешта сказаць, але яна з рашучай паспешнасцю пайшла к дзвярам і, не азірнуўшыся, выйшла з хаты.

З глыбокага, драўлянага аслупянення вывеў яго потым браценнік, які прынёс свежую навіну:

— Паехалі ўжо нашы паны. Усе: і пан, і паненка, і Карла... Тры падводы наклалі розных скрынак ды кашалёў — павязлі ўсё на станцыю.

Тады Лясніцкі моўчкі ўстаў і ціха, паволі — як лунацік, пайшоў к Дняпру.

 

Частка пятая

Спачатку было ўсё пераблытаўшыся ў магутна-імпэтнай віхуры — у хмарах чорнага пылу ішло першае, найбольш заўзятае і найбольш стыхійнае руйнаванне. Пад бязладна-напорным рухам стыхіі былі сцёрліся межы і станы, не было акрэсленых лагераў — браліся ворагі адзін з адным урукапашку і адчайна боркаліся ў крывавым святле пажараў. А часамі нават траплялася, што ішлі ворагі поплеч, не пазнавалі адзін аднаго, пакуль не выкрываў іх жудасна-яскравы выблеск чырвонага полымя. Тады ўжо востра загараўся агонь нянавісці і дзіка напружваліся сілы для смяротнай бойкі. А бывала і так, што не пазнаваў свой свайго і ўжо ў разгары жорсткага паядынку з радасным задзіўленнем падавалі адзін аднаму сяброўскія рукі.

Так прайшла першыя гоні рэвалюцыя. Гэта быў дзіка-бурлівы бязмежны бунт...

Потым з стыхійнай шпаркасцю пайшло канцэнтраванне сіл — рэзка, акрэслена сталі адзін супроць аднаго два смяротна-варожыя лагеры. У першым лагеры была шэрая грамада паўстаўшых работнікаў і сялян, а ў другім сабраліся, зліліся ў раз'юшанай злосці размеценыя бурнай віхурай паны ды падпанкі з вольнымі і нявольнымі сваімі паслугачамі. Пачалася нябачаная ў свеце вайна — у той вайне звярыная лютасць дзіўна спляталася з прыгожай рашучай адвагай, з бязмежнай адданасцю свайму калектыву. Бо вайна тая для абодвух бакоў вырашала пытанне: жыць ці не жыць?

І яшчэ была адна чорная сіла — закутая ў цяжкую кайзераўскую дысцыпліну, шчытна ўціснутая ў жалезны мундзір беспрасветнай ваеншчыны, нямецкая армія. Гэтая сіла жорсткай навалай пасувалася на рэвалюцыю, якая смела кінула ў свет жаданы лозунг — «прэч вайну», якая ў адказ на ўпартасць нямецкага імперыялізма абвясціла роспуск расійскіх салдатаў, смела адкрыла свой твар перад рабочымі і сялянамі, сціснутымі ў жалезе імперыялістычных армій.

Трэцяя сіла ішла на рэвалюцыю.

Так было ўвясну 1918 года.

На Беларусі ў той час сцягнулася была чорная хеўра пад штандар генерала Доўбар-Мусніцкага, які надзіва здолеў злучыць у сабе адвечную чарнату расійскага самаўладства з фанатычна-тупым і дзікім польскім шавінізмам. Легіёны гэтага няслаўнага героя за кароткі час свайго панавання густа злілі нашу зямлю бязвіннай кроўю мірных сялян, укрылі наша яснае неба зарывам лютых пажараў, агаласілі нашы прасторы жудасным стогнам і плачам. Як агідная зграя дзікіх шакалаў, забягалі яны перад грузна наступаючай кайзераўскай арміяй і ў крыважэрнай корці ўпіваліся ў абязвечанае пакутнае цела нашае бацькаўшчыны.

Так было ўвясну 1918 года.

У канцы сакавіка гэтага года Лясніцкі падыходзіў да горада. Было гэта сонечным раннем, калі маладая зямля тлуста блішчала вільгаццю і мякка курылася шызым дымком, а ціхая даль з асаблівай шчырасцю раскрывала сваю чыстую, як шкло, празрыстасць. Ішоў ён пяхотай з самага дому, бо чыгунка была ўжо занята палякамі. Трапілася некалькі раз выпадкова пад’ехаць, але большую частку ўсё-ткі прайшоў — прамераў аднастайна-нуднымі крокамі палатно роўнай, як лінейка, шашы.

Калі ў ціхім сонцы цукровай бялосцю бліснулі вежы гарадскіх царквей, Лясніцкі ўспомніў нейкі далёкі ядраны звон і меладычны вясновы смутак (у небе ў гэты час бязмежна звінела песня жаўранкі),— яму заманулася сысці ў хвойны параснік і паляжаць, акунуўшыся ў глыбокую слодыч спакою, аддацца на момант смутным пералівам успамінаў.

На голках малодзенькіх хвоек дрыжалі ў празрыстай бязвіннасці кроплі расы — хвойкі з наіўным какецтвам узнімалі бліскуча-зялёную росную адзежу і паказвалі сакавітую смугласць сваіх крамяных ног.

Любыя, ціхія хвойкі!

І жаўранка...

Кроплі расы на хвойках нагадалі Лясніцкаму Макрыну. Яна такая самая чыстая і бязвінная.

Каго больш хочацца ўбачыць: яе ці Раісу?

У той чорны час, калі хвароба бацькі была прывязала яго да варожай вёскі, калі жыццё ўшчаміла было яго ў жалезныя клешчы глухіх супярэчнасцей (цяпер — смешна, як успомніш пра гэта, а тады ж усур’ёз хацеў утапіцца ў Дняпры),— у той чорны час Макрына, распрадаўшы наспех сваю маёмасць, сабралася і паехала ў горад. З ім не развіталася — яны так ні разу і не ўбачыліся пасля той мнагазначнай гутаркі.

Прайшла гэта зіма для Лясніцкага ў чарнаце беспрасветнага суму, у няўпынным знібенні збалелага сэрца. Цяпер, калі азірнешся назад, прад вачмі жудасна разгорнецца непраглядная процьма — патыхне адтуль ледзяным беспрытуллем і незразумелы холад апаўе ўсяго прыкрай дрыготай. З процьмы мінулага ўсё выглядае крывым, пакарожаным — не твары там, а грымасы, не падзеі, а дзікія страшныя дзівацтвы. Прайшла гэта зіма для Лясніцкага ў глухім мятушанні на месцы, бо сціснуты быў ён у чатырох сцянах роднай хаты, замураваны ў склепе цяжкай адзіноты — звонку напірала цёмная варожасць вёскі, праз якую праходзіла ў фантастычна-заблытаных формах тое невядомае, новае, што бушавала наўкола. Было незразумела і страшна.

Вясна прынесла бацьку здароўе, а Лясніцкаму свежы подых надзей і імкненняў, вясна развязала яго маладыя крыллі, прынадна адкрыла прад ім ахінутыя новай цеплю прасцягі. І пайшоў ён тады — вольны, бязрупатны — шукаць сваіх сцежак-дарожак, шукаць такога прахону, праз які б можна было выйсці з заклятага чорнага кола. А мо і яшчэ чаго-небудзь, бо часта, ой часта луналі ўваччу салодка-знаёмыя вобразы і шчымлівым цяжарам ападаў на сэрца балючы смутак.

Каго больш хочацца ўбачыць?

Лежачы на спіне пад маленькай, да смяхоцця растапырыстай хвойкай, Лясніцкі пільна ўглядаецца ў парваны веццем блакіт, стараецца так углыбіць і напружыць зрок, каб перамяшалася ўсё ўваччу, каб зрабіўся адзін расплыўчаты фон,— тады можна ясна ўбачыць вобразы свайго ўяўлення, тады можа выплысці аблічча тае, да каго найбольш імкнецца сэрца. Так калісьці ў дзяцінстве з’яўляліся Лясніцкаму ў небе белыя, як снег, анёлы або вялізныя, ружовыя, з апетытна-выразнымі пячаткамі пернікі.

Лясніцкі глядзіць, углядаецца, і вось цёмныя веткі памалу тонуць у блакіце, разліваецца ўваччу хвалістае, светлае... Аднекуль збоку вылазіць вялізнае страшыдла — рогі, клюшні нейкія, лапы. Шаволіцца, лезе... Лясніцкі здрыгаецца ад нечаканасці і бачыць, што над самым вокам па тоненькай галінцы паўзе маленькі жучок. Лясніцкаму чамусьці робіцца радасна і смешна. Нейкая гуллівая энергія ўзнімае яго, і ён ідзе, голасна смеючыся, па густым і макравым парасніку, з вясёлай гатоўнасцю падстаўляе рукі пад жартлівыя ўколы маладых гарэзлівых хвоек. На шашу ісці не хочацца, цягне ісці куды-небудзь без мэты — усё роўна ён вольны цяпер, зусім вольны, можа хадзіць куды-хоця, можа і зусім тут астацца да вечара.

Праз крокаў сто параснік пачаў радзець, пачаў расхінацца, паказваючы жоўта-шэрыя кавалкі паляны. У гэты момант Лясніцкага спыніў раптоўны воклік. Нехта гукнуў нядбайным і леным голасам:

— Гэй!

Лясніцкі азірнуўся наўкола, але нікога не заўважыў і крануўся далей. Нявідны голас паўтарыў больш настойна і злосна:

— Гэй!..

І вось тут ужо Лясніцкі ўбачыў гаспадара гэтага голасу. З-пад шырокае хвойкі вытыркнулася галава сярэдняга веку мужчыны з раскудлачанымі валасамі, з гультаяватым бляскам макравых вачэй, з жыдкімі вусікамі, якія, вяла сцякаючы ўніз, надавалі твару не то глыбока-апатычны, не то філасофскі выраз. Следам за галавой паказаўся і сам мужчына, апрануты ў лапці, шырокае сіняе галіфэ, саматканы суконны кулёк і нейкую жоўта-сінюю форменную шапку. Ён быў падперазаны вайсковым рэмнем з дзвюма партупеямі, цераз плячо ў яго вісеў бінокль і яшчэ нешта ў скураной скрынцы, а ў руцэ ён трымаў вінтоўку.

Лясніцкі здзіўлена ўтаропіўся ў нечаканую праяву. А той паволі выбраўся з-пад хвойкі і, не ўстаючы з зямлі, яшчэ раз пусціў свой цягуча-бурклівы голас:

— Ну? Што ты?..

Лясніцкі зусім асалапеў.

— Вы гэта да мяне?

— Не, во да гэтага дрэва...

Потым ён ўстаў, прыняў адчайна-сур'ёзны выгляд і закрычаў пахмурым голасам:

— Чаго шляешся па перадавой лініі баявога агню!.. Вашы дакументы!..

У Лясніцкага ўсяго за душой было нейкае старое вучнёўскае пасведчанне. Ён паказаў яго. Той, відаць, проста дзеля прылікі правёў разы са дна па паперцы сваім марудным поглядам, потым, не выпускаючы з рук пасведчання, падняў галаву і закрычаў:

— Міць-ка-а-а... Узвод-на-а-а... Міць-ка!..

І прабурчаў, нібы сам з сабой разважаючы:

— Гукнём начальства... Што ж, дзела яснае...

Праз хвіліны дзве з'явіўся ўзводны — рухавы, чырвоненькі, яшчэ зусім малады салдацік.

— Што табе?

— Шпіёна ўлавіў... Ты ні трасцы не робіш — завядзі вось да Багуна.

Узводны строга зірнуў на Лясніцкага і павёў яго па кустах некуды ўбок, бліжэй да шашы. Яны хутка выйшлі на раскошную паляну, на якой дымна гарэла цяпло і вакол яго ляжала купка людзей рознага ўзросту, апранутых у самую разнастайную, да смяхоцця зборную вопратку. Тут жа роілам валялася аружжа і розныя вайсковыя прылады. Узводны звярнуўся да грубога, вялізнага мужчыны ў скураной тужурцы, які, выцягнуўшыся ніц на зямлі, нешта расказваў пад дружны рогат кампаніі. Гэта, мусіць, быў той самы Багун, да якога вялі Лясніцкага. Твару яго Лясніцкі адразу не ўбачыў, бо ён ляжаў, адвярнуўшыся ў працілеглы бок. Калі ж узводны далажыў аб здарэнні, Багун перавярнуўся на локці і цяжка ўтаропіў у Лясніцкага свае буйныя пукатыя вочы. І вось загрымеў так добра знаёмы Лясніцкаму густа-сіпаты з удушлівым подсвістам рогат. Ад гэтага рогату Лясніцкаму стала разам і прыкра і радасна. Ён і сам пачаў неяк бяссільна ўсміхацца і, да краю здзіўлены гэтай нечаканай сустрэчай, думаў:

«Ці на шчасце, ці на гора зводзіць нас лёс з гэтым рабочым?»

А Багун тым часам аж клаўся ад свайго магутнага рогату.

— Шпіён... ха-ха-ха!.. Шпіён!.. Гэта ж мой хрэснік!.. Ха-ха-ха!.. Вось дык аказія!

І ён пачаў скрозь смех апавядаць таварышам аб тым, як сустрэліся яны з Лясніцкім на вуліцы ў першыя дні рэвалюцыі. Слухачы тож пачалі рагатаць, а Лясніцкі моўчкі стаяў, кіпеў ад злосці і сораму, гатоў быў кінуцца на рабочага, упіцца ў яго шырока-чырвоны твар, заткнуць яму рот, каб сціх, каб не мучыў сваім рогатам, сваёй грубай, як камень, насмешкай.

Як усе ўдостач нарагаталіся, Багун пасадзіў Лясніцкага ля сябе, пачаў з ласкавай цікавасцю распытваць, якім парадкам ён сюды трапіў. Калі Лясніцкі расказаў аб мэце свайго падарожжа, Багун з сумненнем паківаў галавой.

— Ну, што ж думаеш — ты б дайшоў?.. Шчасце, што яшчэ трапіў да нас. Папаўся б тэкінцам у рукі — там і капец табе.

І Багун расказаў Лясніцкаму аб тым, што ў гэты час тварылася ў горадзе.

Рака Дняпро дзяліла горад на дзве няроўныя часткі. Большая і галоўная частка горада была ў гэты час акупавана польскімі легіёнамі, а ў другой, меншай частцы, фактычна ў прадмесці горада, панаваў атрад тэкінцаў — паследкі той дзікай дывізіі, на якую калісьці абапіраўся Карнілаў. Гэты атрад тэкінцаў увабраў у сябе яшчэ нямала і старога афіцэрства — выйшла ладная банда, досыць моцная для таго, каб сваім разбоем і рабаваннем тэрарызаваць жыхарства прадмесця, а таксама і бліжэйшых вёсак. З гэтай разбойнай бандай спрабавалі трохі змагацца малаарганізаваныя, выпадкова-складзеныя атрады добраахвотнай чырвонай гвардыі, якія стаялі на шашы — вярсты за дзве ад прадмесця. У адзін з такіх атрадаў і трапіў Лясніцкі. Багун быў выбарным камандзірам гэтага атрада.

Апавяданне Багуна зрабіла на Лясніцкага цяжкае ўражанне, навеяла на яго туман глухой шчымлівай маркоты. Ён зразумеў, што адляцела на невядомую далечыню тое, аб чым летуцеў праз увесь час бясконца-цягучай дарогі, што сваёй неадступнай вабнасцю ўзнімала сілу, энергію, стварала бадзёрую ўпэўненасць у нейкім шчаслівым канцы. Ён ішоў у горад, каб знайсці ў ім той закляты «пункт», якога не ставала ў яго жыцці, каб знайсці самае гэтае жыццё. Цяпер горад стаў далёкі і недасяжны, як мара.

— Слухай, Багун, няўжо ніяк няможна прабрацца?..

— Калі пападзеш у лапы гэтым чарцям, дык не выпусцяць... Яны гатовы кожнага чужога чалавека за бальшавіка ўлічыць, асабліва калі малады... Тады — канец... Табе што, дужа пільна патрэбна, га?

— Страшэнна.

— К Андрэю пойдзеш?

— Вядома...

Багун злёгку задумаўся.

— Трэба б было расказаць яму што-якое пра нас... сувязь зусім дрэнная, ліха на іх... Валяй, калі адважышся... Галоўнае — да тэкінцаў, а там ужо глупства!.. Міцька!.. Міцька!..

Падышоў знаёмы ўжо Лясніцкаму ўзводны.

— Ты сягодня, здаецца, ладзіўся туды, да іх... Так?.. Возьмеш з сабой гэтага хлопца...

Міцька шырока ўхмыльнуўся, падміргнуў Лясніцкаму неяк усёй сваёй жвавай фігурай.

— Шалда-балда... бальшавік... дайёш-бірош... фюіць...

Ён зрабіў пры гэтым вельмі выразны жэст, які прымусіў усіх засмяяцца, а ў Лясніцкага ўзняў халаднаватую хвалю трывогі. Але трэба было паказаць неяк сваю рашучасць, і Лясніцкі пастараўся тож засмяяцца, лэпнуў Міцьку па плечуку.

— Нічога, браток, не прападзём!

Увесь той дзень Лясніцкі перабыў у напружным чаканні, якое часамі пераходзіла ў вострае ўзрушэнне, у невыразную, але цяжкую турботу. Тады балюча, несутрымана білася сэрца і няможна было ўседзець на месцы — карцела пайсці куды-небудзь, аддацца нейкаму ліхаманкава-паспешнаму руху. Каб разважыць свой неспакойны настрой, Лясніцкі пачаў пільна прыглядацца да ўсяго, што робіцца вокал. І ён убачыў тут многа цікавага. Гэта быў адзін з тых першых атрадаў чырвонай гвардыі, якія выраслі былі ў розных раёнах Усходняй Беларусі, замяніўшы сабой распушчаную армію і ўзяўшы на сябе пачатак барацьбы з мясцовай контррэвалюцыяй. Гэтыя атрады складаліся з самых разнастайных элементаў. Разам з свядомымі абаронцамі рэвалюцыі сюды ішло шмат аматараў вальготнага жыцця або проста жулікаў, якія прыносілі з сабой тэндэнцыі рабавання, разбою, анархіі, усяго таго, што часамі дэзарганізавала работу атрадаў. Разнапёрыя па сваім асабовым складзе, апранутыя ў пярэсты збор самых разнастайных адзежын, узброеныя не менш пярэстым асартыментам усякага, якое толькі магчыма, аружжа,— гэтыя атрады выяўлялі сабой сапраўды дзіўную непаўторную карціну. Увесь нутраны лад у атрадах грунтаваўся на вольнай таварыскай дысцыпліне, якую большасць разумела ў тым сэнсе, што кожны загад трэба спаўняць падумаўшы, што наогул не трэба дужа патворыць начальства — балазе самі ж яго і выбіралі. У некаторых выпадках усе найбольш важныя стратэгічныя пытанні вырашаліся агульным сходам. І, нягледзячы на такую згубную для вайсковай часці сістэму, на такое сваволле і анархію, былі атрады, якія паказвалі сапраўдную баявую сілу і трываласць. Прычына гэтаму — уплыў той свядомай часткі чырвонагвардзейцаў, якія былі шчыра аддадзены справе рэвалюцыі.

За дзень жыцця ў лагеры чырвонагвардзейцаў Лясніцкі вельмі блізка сышоўся з імі. У гэты дзень не было амаль што ніводнага стрэлу — тэкінцы сядзелі спакойна, а атрад пакуль што наогул не меў замеру з імі займацца. Таму ўвесь дзень прайшоў у самых ціхамірных занятках: варылі бульбу, гатавалі чай, пелі песні, расказвалі байкі, анекдоты. Цёплы вясновы дзень мякка атуляў усіх пачуццём давольнасці, згоды, ад гэтага пачуцця мацней звівалася сяброўская блізкасць, здаваліся ўсе даўно знаёмымі і прыемнымі. Лясніцкі ляжаў у гуртку чырвонагвардзейцаў, слухаў іх бясконцыя апавяданні і пачынаў забывацца на сваю турботу, на ўсё, што чакае наперадзе. Тады адчуваў на сэрцы прыліў цёплай ласкі і гатоў быў астацца тут назаўсёды, кінуць усё на свеце, забыцца на ўсё.

Пад вечар Лясніцкі сустрэў тут яшчэ аднаго свайго знаёмага. Гэтая сустрэча не дала яму ўцехі — толькі на нейкі час сапсавала настрой. Было так. Ён стаяў, прыхінуўшыся да нейкага дрэва (гутарыў з узводным Міцькам), і вось чуе, што нехта асцярожна крануў яго за руку. Азірнуўся і бачыць — стаіць фігура: мізэрны пакомчаны твар радасна сцягнут у самую найпрыямнейшую міну, чырвонае вока плюшчыцца ў нахабна-вясёлым мірганні, сам увесь застыгнуў, напружыўся, быццам з усіх сіл трымаецца, каб не пырскнуць са смеху, чакае шумлівага сяброўскага пазнавання. І неяк цішком, быццам з-пад палы, тыкае Лясніцкаму сваю чорную брудную руку.

Лясніцкі няўцямна глядзіць на гэта зданнё і пачынае нешта ўспамінаць. Шпарка, лётам мільгаюць у памяці: школа, настаўнік, Халіма, вечар, чорнае нешта, лямпачка, нейкі боль, музыка...

— А-а-а!.. Пазнаю... Здароў!

Перад ім стаяў той флегматычны басяк, што калісьці быў яго няпрошаным абаронцам на маніфестацыі.

— А ты што тут робіш?

Басяк таемна падміргвае і ківае ўбок галавой — хоча гаварыць адзін на адзін. Яны адыходзяць крокаў на дзесяць у кусты, і басяк з апаскай нахіляецца, шэпча на вуха:

— Я з табой таксама пайду... Добра?

— Чаго?

Той вінавата і хітра моршчыцца.

— Там, кажуць, плоцяць добра... і гэта ёсць... польскі чысценькі...

І выразна, гулка пстрыкае сябе па горлу.

У Лясніцкага закіпела шалёная злосць. Хочацца ўдарыць, задушыць гэтае агіднае стварэнне. Адразу знікае той лагодны настрой, што радзіўся пад уплывам збліжэння з чырвонагвардзейцамі,— і яму да болю шкода гэтага настрою. У злоснай рашучасці ён адварочваецца ад басяка, робіць некалькі крокаў у бок палянкі.

— Я скажу Багуну...

Гэтыя словы страшэнна палохаюць басяка. Збялелы, устрывожаны, ён кідаецца да Лясніцкага, пачынае прасіць:

— Братачка, не кажы... заб’ець. Гэта ж я так... жартам... А ты і паверыў, га?.. Во табе! Я проста пажартаваў...

Ён жыдзенька смяецца падлыжным вінаватым смяшком і не пушчае Лясніцкага, зазірае ў вочы, просіць усё... Нарэшце Лясніцкі дасадліва абяцае:

— Добра... адлезь!

І, адыходзячы, неяк неўзаметку спраўляецца ўбачыць, як кідае басяк на яго злосны звярыны погляд.

Зоркі разбаўлялі начную цемру ледзь прыметнай шэра-дымчастай празрыстасцю. Па хмызняку невыразнымі хвалямі хадзілі нейкія цені — часамі падплывалі к вачам, і тады здавалася, што во-во на нешта наткнешся: на куст ці на пень, на дрэва якое. А натыкаліся сама тады, калі здавалася, што наперадзе чысты прахон. Падманвае такая зорная — без месяца — ноч.

Багун правёў іх гоней са двое — даваў апошнія парады і даручэнні. Ён быў цяпер зусім не такі, як заўсёды, і дужа падабаўся Лясніцкаму. У ім з'явілася ласкавая мяккасць, ціхая раздумлівасці, і сяброўская чуласць. Цёмная ноч не давала магчымасці ўбачыць, як не пасуе такі настрой да яго грамоздкай фігуры, а гаварыў ён шопатам — не чуваць было і грубізны яго голасу. Быццам ішоў з імі зусім нейкі новы, другі чалавек.

— Ну, далей не пайду. Бывайце, хлопцы!.. Шчасліва!.. Ты, Міцька, добра пераапрануўся? Наган пакінуў? Там, калі будзе патрэбна, у Прудніка ёсць... Глядзі, паперку не страць... Ну дык, Васіль, вітай нашых, перадай усё Андрэю, аб чым мы з табой гаварылі... Бывайце здаровы!..

Ён крута завярнуўся і знік у цемры, а Лясніцкі з Міцькам паціху, вобмацкам пасунуліся далей. Хмызняк даходзіў аж да самых канцавых двароў прадмесця, а потым трэба было сігаць па задворках, па гародах, бо прайсці па вуліцы — дык напэўна трапіш к тэкінцам.

Не справіліся хлопцы прайсці і сотні крокаў, як раптам пачулі за сабой ціхі хруст: нехта асцярожна падцікаўся за імі. Яны спыніліся. У Лясніцкага пацякла па целе халодная дрыгота, моцна забілася сэрца. А крокі зрабіліся выяўнымі і набліжаліся. Нарэшце з цемры пачуўся шопат:

— Гэта я, не бойцеся!..

Лясніцкі аж затросся ад раптоўнага гневу.

— Пайшоў вон, сволач!.. Не падыходзь!..

А басяк — нібыта што — падышоў да самых да іх, зашаптаў паспешна і рупліва:

— Ну, чаго сталі? Хадзем, хадзем... Чаго будзем стаяць?..

Лясніцкі рашуча звярнуўся да ўзводнага:

— Міцька! Лупім назад... ён не павінен з намі ісці.

Але тут выйшла нешта зусім неспадзяванае. Толькі выгаварыў Лясніцкі гэтыя словы, як басяк раптам патануў у цемры і адтуль пачуўся брыдкі здушаны злараднасцю голас:

— А я не пушчу назад, я буду страляць...

Лясніцкі не ведаў, што больш рабіць. А Міцька праказаў спакойным стрымленым голасам:

— Добра... Хадзем. Кінь наган, бо пападзешся...

— Не турбуйся, я кіну там, далей...

Пайшлі. Міцька ішоў паперадзе, упэўнена выбіраючы дарогу, з мяккай спрытнасцю рассуваючы падатныя чупрыны кустоў. Басяк ішоў зараз жа за Лясніцкім і ўсё нешта шаптаў не то Лясніцкаму, не то проста самому сабе. Лясніцкаму прыкра было адчуваць за спіной яго прысутнасць — было такое ўражанне, што нешта ліпне да спіны — сцюдзёнае і мокрае.

Што чым бліжэй падыходзілі к гораду, то ўсё больш і глыбей працінаўся Лясніцкі нейкім дасюль не вядомым яму адчуваннем, у якім чорныя цені трывогі і страху дзіўна мяшаліся з вясёлым уздымам, з радаснай лёгкасцю. Думка аб тым, што вось ён ідзе на такую небяспечную справу, што ён рызыкуе нават жыццём,— гэта думка, раджаючы страх і трывогу, адначасна давала нейкую чыста дзяціную ўцеху. Ён пачынаў уяўляць сябе героем, паслужная фантазія снавала розныя прыгожыя малюнкі і перспектывы — было зусім весела, забаўна. Ідучы, ён напружыў усе мускулы цела, стараўся, каб кожны рух быў размеркаваны, лёгкі, і з давольнасцю думаў, што ён спрытны і гібкі, як тыгра.

Пачаліся гароды. Тут часта прыходзілася пералазіць, зацяўшы дыханне, цераз хісткія шчыкеты і праслы, прыходзілася падоўгу стаяць, прытуліўшыся дзе-небудзь у куточку, чакаць, пакуль сціхнуць брахаць сабакі або замоўкнуць галасы на вуліцы. Калі ўжо добра змарыліся ад гэтых бесканцовых пералазаў, Міцька спыніўся і прашаптаў:

— Тут трэба перайсці цераз вуліцу. Калі прымецяць — не ўцякаць! Кажы, што — тутэйшыя, загуляліся трохі, забавіліся. Яны даходзіць не будуць: або заб’юць, або пусцяць... Ну, гайда! Дойдзем да Прудніка, дык — жывы...

У гэтым месцы нечы гарод выходзіў аж на самую вуліцу і канчаўся не дужа высокім праслам. Паціхеньку, асцерагаючыся нават уласнага дыхання, падышлі яны да прасла. Пастаялі, паслухалі,— ціха ўсё чыста, нікога няма. Міцька ўзяўся за прасла. І вось тут нешта дзіўнае стала з Лясніцкім — нейкі дзікі незразумелы страх напаў на яго. Чамусьці здалося, што ўсё цяпер у тым, каб хутчэй пералезці, каб не астацца. З адчайнай паспешнасцю кінуўся ён на прасла і палез, нервова падхватваючы ногі, быццам баяўся, каб хто не ўцупіўся ў іх адзаду. А як саскочыў на дол, страшэнна захацелася пабегчы. І пабег бы, каб не ўбачыў, што Міцька яшчэ на прасле, што ён зусім не спяшаецца, злазіць спакойна, паволі.

Лясніцкі з Міцькам былі ўжо на сярэдзіне вуліцы, калі раптам пачуўся ад прасла поўны дзікае нечалавечае роспачы і страху голас басяка:

— Пачака-айце!

Ён яшчэ поркаўся там, зачапіўшыся за нешта сваім рыззём. Пэўна і яго ахапіў той дзікі спалох, у якім толькі што быў Лясніцкі. І вось ад суседняга дома адлучыліся дзве вялізныя цёмныя фігуры, злавесна бразнулі на хаду аружжам.

— Хто тут?

Лясніцкаму востра ўрэзаўся ў вушы чужы, незнаёмы акцэнт.

«Тэкінцы!»

А Міцька адразу адгукнуўся — у голасе яго зычала вясёлая наіўная бязвіннасць і прастадушнасць.

— Гэта мы... свае, тутэйшыя... У дзяўчат гулялі, трохі забавіліся...

У гэты момант нешта важка і глуха шмякнулася каля прасла. Адзін тэкінец кінуўся туды і па невялічкім часе прывалок да краю збянтэжанага басяка. Тут, адкуль быўшы, падышло яшчэ некалькі тэкінцаў, загергаталі ўсе на сваёй напорна-адрывістай гартаннай мове. Потым забралі ўсіх, павялі ў самы канец глухой цёмнай вуліцы, дзе стаяла варта, увялі ў нечую клець — у вартавальнае памяшканне. Пачалася самая дэтальная ператруска. Калі знадворны абгляд не даў ніякіх вынікаў, загадалі раздзявацца. Лясніцкага гэтая працэдура пачынала трохі забаўляць і заспакойваць. Раздзеючыся сам, ён з цікавасцю сачыў за тым, як раздзяецца басяк. Яго страшэнна смяшыла тая станавітасць і метадычна-спакойная акуратнасць, з якой ён здзяваў і раскладваў свае дашчэнту задрыпаныя транты. Потым Лясніцкі неяк няўмысля зірнуў на Міцьку і скамянеў ад раптоўнага сполаху. Міцька сядзеў белы-белы, як смерць,— у яго адзін тэкінец паспешна і груба цягнуў з ног панчохі. Сцягнуўшы, ён па чарзе ў адну і другую ўсунуў руку і, радасна ашчэрыўшыся, выняў у некалькі рэдзь складзеную паперку.

— А!.. Бальшавік!.. Папаўся!..

Другі тэкінец з жудаснай гатоўнасцю выцягнуў з похвы кінжал і пагрозна намерыўся на Міцьку. Але яго спынілі.

— Стой! Да камандзіра трэба... Паспееш...

Нехта заўважыў:

— Камандзір спіць... будзіць няможна... заўтра пакажам...

Далей яны гаварылі зноў на сваёй незразумелай мове, горача спрачаліся — мусіць, аб тым, што рабіць з палоннымі. Нарэшце выйшлі ўсе вон, пакінулі іх адных у цёмнай пустой клеці, замкнулі знадворку дзверы.

Міцька намацаў у цемры Лясніцкага, сутаргава сціснуў яго за руку.

— Прапалі, братка... Заўтра заб’юць...

Лясніцкі бадай што не зразумеў гэтых слоў. З таго часу, як убачыў ён збялелы твар Міцькі, як вострым агнём мільганула ў думках страшэнная здагадка,— з той хвіліны раскрылася ўнутры ў яго тупая мулкая пустата і галава замуцілася нейкім суха-звінючым туманам. Сядзеў застыгла ў кутку — без думак, без разважанняў, не прымеціў нават, як выйшлі тэкінцы, як стала цёмна і ціха, не пачуў, не зразумеў таго, што гаварыў расхваляваны Міцька.

Ачулеў Лясніцкі тады, як па клеці разлёгся моцны здаровы хропат басяка, як напалохаў ён сваёй недарэчнасцю, дзікім дысанансам з страшным і жудасным атачэннем. Першая думка была аб тым, каб дастаць як-небудзь яго нагой, штурхнуць добра, спыніць гэты нахабны хропат. Потым усміхнуўся — здалося гэта хаценне дзівачлівым і бязглуздым. А тады ўжо пабеглі, паляцелі адна за адной шпаркія, балючыя думкі, апляліся яскравымі фарбамі вобразаў, закруціліся ў шаломным заблытаным карагодзе.

З думкай аб немінучасці смерці пагадзіўся неяк адразу, без доўгіх разваг. Падзеі на вызваленне з’явіліся значна пазней, спачатку іх зусім не было. Спачатку была толькі тупая ўпэўненасць у тым, што заб’юць, ды непамерная роспач, жалкаванне аб загубленым жыцці. Пярэстым роем атачылі былі ўспамінкі — адзін за адным выплывалі аднекуль да болю яскравыя і выразныя вобразы, выплывалі даўно забытыя рэчы і з’явы, самыя маленькія, непрыметныя раней драбніцы жыцця,— усё было цяпер такое любае, дарагое, усё абуджала глыбокі жаль, гатовы кожную хвіліну выліцца ў цяжкія горкія слёзы. Успомнілася чамусьці матка (раней рэдка калі яе ўспамінаў), потым бацька, браценнік — здаліся яны ціха-ласкавымі, смутнымі, і горла сціснулі даўкія сутаргі плачу. Потым — бярозка на прыгуменні, пузаты сабачка Буржуй, дубкі над берагам, жавіны, смуродзіна, летняе сонца ў Дняпры і вясёлая жвавая рыбка — уклейкі, яльцы, галавеньчыкі.

Лясніцкі стараўся так плакаць, каб не пачуў Міцька. Ён знаў, што Міцька не спіць, што ён не менш усхваляваны. Можа, таксама плача ўцішку? Можа, лепш бы плакаць разам? Але — хто яго ведае, яшчэ смяяцца будзе.

Каб заспакоіць сябе, Лясніцкі пастараўся адцягнуць думкі ад хаты, ад радзімы, перанесці іх на што-небудзь іншае. І тады ўспомніў Раісу.

Лепш бы яна не ўспаміналася! Яна ўстала перад вачмі — зусім жывая, рэальная, у поўным бляску свайго хараства, яна ўзняла ў сэрцы Лясніцкага шалёную буру пачуцця, якое дасюль ціха, пакорна драмала. Гэтае пачуццё — свежае і поўнае — сціснула грудзі Лясніцкаму сваёй магутнай, не меўшай выхаду, сілай, кінула яго ў ліхаманку балюча-напружанага хвалявання. Ён не плакаў ужо — ён кідаўся, як у гарачцы, скрыгаў зубамі ад думкі пра сваё бяссілле, рваў валасы на галаве. Ён у адчайнай журбе працягваў перад сабой рукі, быццам хацеў злавіць гэты прыгожы дарагі вобраз, каб абняць, прытуліць да сябе, каб пазнаць нязведанае шчасце.

І вось замест пакорнай роспачы загарэлася ў Лясніцкім прагнае жаданне жыць, ускаланула нутро магутным упартым пратэстам. І разам з тым упершыню паўстала ў сваёй поўнай значнасці пытанне:

— За што? Чаму?

Тады пайшла ў Лясніцкага паласа разважанняў, падагульненняў і сістэматызацыя таго, што яму давялося пачуць або пабачыць за апошні дзень. Аказалася, што ён нават не ведае дасканала, што трэба тэкінцам, чаго яны хочуць і дамагаюцца. А здавалася цяпер, што ў гэтым якраз уся справа. Ён рашыў пагутарыць з Міцькам.

— Міцька! Ты спіш?

— Не, не сплю. А што?

Голас у Міцькі зусім змяніўся — стаў нізкі і ціхі, здушаны нейкі.

— Скажы, што трэба гэтым чарцям? За каго яны ідуць?

— Карнілаўцы?

— Ага. Карнілаўцы. А за каго ішоў Карнілаў? Ён казаў, што за Расію, а Расія яго прагнала. Ці ведаюць то тэкінцы, за каго ішоў Карнілаў?..

Разважанні развеялі Лясніцкаму чорны гнёт пачуццяў і нібы супакоілі трохі. Потым, як дапаследку стаміліся мазгі, прыйшоў цяжкі, хваравіты сон, прынёс чараду страшных кашмараў. Бесперастання круціліся навокал тэкінцы — пужалі сваімі калматымі шапкамі, бліскучымі вуголлямі вачэй і даўгімі гарбатымі насамі. Яны ўсе корчыліся, як звар'яцелыя, рабілі страшныя грымасы і злосна махалі кінжаламі. Прыходзіла яшчэ Раіса, салодка прытулялася да яго сваім целам і балюча-балюча цалавала. З шалёным рогатам яе адцягнулі тэкінцы — ён парываўся ўстаць, абараніць яе, але быў моцна звязаны — толькі нема стагнаў ад злосці і роспачы.

Уначы Лясніцкага будзіў Міцька. Ён спытаўся задуменным хворым голасам:

— Васіль! Ці верыш ты ў бога?

Ён першы раз назваў Лясніцкага Васілём. Лясніцкаму стала бязмерна шкода яго — мо таму, што і сябе было шкода. Хацелася адказаць яму мякка, ласкава.

— Трудна цяпер верыць, Міцька,— многа ў ім недарэчнасці, у гэтым багу... Я то не веру...

— А ці трэба маліцца, як ты думаеш?

— Кінь ты, яшчэ жывы будзем, чаго там...

— Я знаю, што заўтра памру.

Сказаў ціха, але зусім цвёрда і змоўк. Больш не кратаў Лясніцкага, пакінуў яго на волю тлумных цяжкіх кашмараў.

А можа, і гэтая кароткая гутарка таксама была толькі ў сне?

Прачнуўся Лясніцкі тады, калі шырока расчыніліся дзверы і ў іх лынула патока вясёлага пагоднага дня. Ён адразу, яшчэ нават як след не прачнуўшыся, уявіў усё, што з ім здарылася, але чамусьці замест ранейшага душэўнага мятушэння пачуў цвярозы спакой і ўпэўненасць, што ўсё абыдзецца нечым зусім не страшным. Можа, будзе што непрыемнае трохі — нічога не зробіш.

Іх адразу павялі да камандзіра. Вуліцы былі ненатуральна бязлюдныя, зусім мала відаць было жыхароў — толькі бразгалі сваімі крывымі шаблямі чорныя страшныя тэкінцы ды дзе-калі мільгалі адзінотныя, досыць паабшарпаныя фігуры армейскіх афіцэраў. Такі незвычайны выгляд вуліцы зноў абудзіў у Лясніцкага трывожны настрой, і чым далей ішлі, тым больш сустракалася каменна-пахмурных рэзкіх твараў тэкінцаў, тым мацней ахапляў гэты настрой.

Увайшлі ў нейкі досыць раскошны і прыгожы дом. У вялікім пустым пакоі прыйшлося чакаць, пакуль старэйшы пайшоў дакладваць камандзіру. Ён быў там хвілін пяць, потым вярнуўся і павёў з сабой чамусьці аднаго Міцьку. Лясніцкі і басяк селі на лаўку. Каля іх астаўся цяпер адзін тэкінец — відаць, дабрадушны і гаваркі, бо адразу ж завёў з імі самую сяброўскую гутарку. Лясніцкі гаварыў з вялікай ахвотай — разважаў гаворкай сваю трывогу і хваляванне. Цяжка сядзець было так, страшэнна мучыла невядомасць таго, што будзе праз колькі хвілін. І яшчэ не давала спакою пытанне: куды павялі Міцьку?

Прайшло хвілін дзесяць. І вось раптам аднекуль з глыбіні дому пачуўся прыглушаны сценамі крык, быццам нехта некага лаяў, і потым ледзь чутны нямы ёкат. У Лясніцкага заныла ў грудзях, па целе пацякла нейкая вадкая млявасць — ён адчуваў сам, што страшэнна збялеў.

«Няўжо будуць выпытваць? Няўжо будуць біць? Не, хай лепш застрэляць адразу, так і скажу».

А ў гэты час іх вартаўнік кулдыячыў страшэнна калечанай расійскай мовай:

— Бальшавікоў б’ём... бальшавікоў сячом... Бальшавік дрэнны чалавек, начальства не прызнае... Карнілава нашага забралі... Карнілава забілі... За што забілі?..

Лясніцкі дасадліва перапыніў яго:

— А нашто табе Карнілаў, га? Ён табе трэба?..

Тэкінец сперш паглядзеў на яго недаверліва, тады адвярнуўся, трохі падумаў і нарэшце адказаў руплівым і трохі смутным голасам:

— Нам трэба дамоў, у нас хадзяйства, вінаград... Жонка маладая была — будзе старая... У нас жонкі старыя бываюць скора... у вас усе маладыя...

У гэты момант у пакой знадворку ўвайшоў малады, зграбны і досыць прыгожы тэкінец. Ён далей не пайшоў, а чамусьці стаў у задуме хадзіць па пакоі. Як толькі ён паказаўся, Лясніцкі ўпяў у яго свой няўцямны асалапелы погляд.

«Што гэта, здань? Ці мо двайнік?.. Чаму — тэкінец?.. Што гэта?..»

Усё, што было далей, прайшло для Лясніцкага, як тлумны, недарэчны і разам з тым вельмі радасны сон. Тэкінец заўважыў яго і спыніўся — вочы сталі шырокія-шырокія, поўна налітыя задзіўленнем. Потым тэкінец падышоў да яго, і ўжо не тэкінец, а Халіма — жывы, сапраўдны. Здаецца, абнімаліся, Халіма балюча сціснуў руку. Забубнеў недзе яго грубы, быццам сярдзіты голас — здалося далёка-далёка, а стаялі адзін супроць аднаго. Потым Халіма знік, замест яго дабрадушна ўсміхаўся перад вачмі вартаўнік, гаварыў нешта простае, але чамусьці незразумелае.

Выйшлі ўсе разам: Халіма, старэйшы тэкінец і Міцька (Міцька цьмяна-збялелы, напалоханы, з мутнымі непрытомнымі вачмі). Старэйшы сярдзіта скасурыўся на Лясніцкага, каротка махнуў галавой.

— Ідзі!

І потым таксама кіўком галавы паказаў на тых на двух, буркнуў вартаўніку:

— Застрэліць...

Міцька астаўся такі, як і быў, толькі адразу неяк аўтаматычна здрыгнуўся — так здрыгаецца ў сне чалавек, калі сядзе на твар яму муха-джыгучка,— а басяк раптам выцягнуўся ўвесь, быццам ахоплены сутарагай, шырока і страшна выпяў свае сцюдзяністыя вочы, хацеў нешта сказаць, але страшэнна задрыжалі вусны, і зубы некалькі раз ляснулі дзіка і жудасна. Потым ён хапліва ўтаропіў у Лясніцкага і Халіму свой няцвёрды, але цупкі погляд, у якім гарэла адчайнае маленне, маўклівы крык аб ратунку. Лясніцкі недалужна зірнуў на Халіму — той падхапіў яго пад руку і паспешна вывеў на вуліцу.

Толькі прайшоўшы гоняў з двое па чыстай сонечнай вуліцы, Лясніцкі сабраў у парадак свае думкі і адчуванні і толькі тады ў поўнай меры ўсвядоміў дзівосную выпадковасць свайго збавення, тады толькі пачуў глыбокую, прасякнуўшую ўсю істоту радасць. З’явілася прагная патрэбнасць нешта такое рабіць, што б падкрэслівала яго жыццё, што б давала адчуванне гэтага жыцця,— захацелася гаварыць, смяяцца, разглядаць усё чыста навокал, ісці, прыстоіць, зноў ісці, шыбка ісці, нават пабегчы. Ён пачаў з таго, што спыніўся, азірнуў з ног да галавы Халіму і гучна, раскошна зарагатаў.

— Халіма, братка, што ж гэта ты? Што ты тут робіш?

— Бачыш — ваюю...

— З кім?

— А чорт яго ведае... Усё роўна...

— Як ты сюды трапіў?

Халіма не адказаў, перавёў на другое.

— Жраць хочаш?

Лясніцкі неяк ураз пачуў востры ваўчыны голад.

— Хачу страшэнна.

— Хадзем.

Яны ўвайшлі ў прыветна-чысценькі мяшчанскі домік. На кухні поркалася яшчэ не зусім старая гаспадыня — тапіла печку. Як убачыла іх, трывожна насупілася, зірнула на іх спадылба. Халіма стаў перад ёй, упорыста раскірэчыўшы ногі, забалбатаў, пераймаючы вымову тэкінцаў:

— Калы — мара — цукун — якшы — памір — цянь-шань — сухум... дайёш шамаць!..

Перапалоханая гаспадыня замітусілася перад ім.

— Няма ж у нас ні яек, ні масла — сала ж вы не ясцё...

— Дайёш сала... Смаж сала на патэльні... сухум — каір — стамбул...

Лясніцкі толькі цяпер сцяміў, якім спосабам ладзіўся частаваць яго Халіма. Яму стала страшэнна сорамна і непрыемна — ён сказаў ціхенька Халіму:

— Я не хачу... Пойдзем адсюль...

Халіма злосна бліснуў вачмі і зусім сур’ёзна ўзяўся за ручку кінжала.

— Паспрабуй ты мне малімоніцца тут...

Гаспадыня ўмах падрыхтавала снеданне, і Лясніцкаму хоця-нехоця, а выпала перакусіць здабытымі марадзёрскім спосабам харчамі. У часе снедання ў хату зайшла гаспадарская дачка — маладая, але спрытная і расхадовая дзяўчына. Тая ўвязалася з імі ў жартлівую гутарку, пачала патрохі какетаваць. Лясніцкі глядзеў на яе, дзіваваўся і проста не верыў, каб чалавек так лёгка, так непасрэдна мог прыстасавацца да тых смяротна-напружаных абставін, якія былі наўкола, адчуваць сябе так спакойна і абычайна.

Паснедаўшы, хлопцы пайшлі на Халімаву кватэру. Там, вальготна выпрастаўшыся на ложку, з асалодай пыхнуўшы піпкай, Халіма пачуў настрой гаманіць і выказаў Лясніцкаму некалькі філасофскіх думак, якія трохі асвятлілі таемную сутнасць яго дзіўнай трансфармацыі.

— Вось так і ваюем, братка Васіль... прахлаждаемся... Тут табе ёсць чалавек, а тут і няма — гэта, брат, не заўсёды так будзе, гэта, брат,— вялікая рэч, натура... Чалавек аднаўляецца — во што... Хе-хе... Табе Андрэй растлумачыць там пра мяне, раскажа ўсё, як належыць... Я, бачыш, здраднік, я не захацеў слухацца іхніх статутаў і загадаў... А мне ўсё роўна: ці там, ці тут, ці яшчэ дзе-небудзь... Ваяваць трэба толькі, буяніць, каб не загасілі бунту, каб больш разгаралася. Ты ведаеш, Васіль, у чым сутнасць усяго, што цяпер замясілася? Будзе з гэтага вялікае аднаўленне — асвяжыцца чалавек, пройдзе праз горан натуры і будзе моцны, не такі, як цяпер. Чым большы бунт, тым глыбей адрадзіцца жыццё. Трэба, каб больш крыві было, каб больш смерці, больш іх напужаць, сукіных сыноў... Ты тож баішся — такая ўжо ваша доля... Славін вось яшчэ... Ваяваць трэба, біць куды пападзя... Гэта мне глупства, ці там ты, ці тут. Усе адну справу робім — калоцім задрыпаны свет, бунтуем... Чалавек убачыць прыроду і смерць — гэта добра...

Лясніцкі перабіў яго, запытаў з хітраватай усмешкай:

— А ты сам не баішся?

— Я баюся, ды не так. У мяне страх перад смерцю, а ў вас перад жыццём. Вы жыцця поўнага баіцёся. Вам трэба цацачкі, а не жыццё.

Лясніцкі не спрачаўся. Першая цікавасць яго здаволілася, і далей ужо цяжка было слухаць Халіму. Глыбокая змора мяшалася ў ім з непакойнай турботай, з клопатам аб тым, што рабіць далей,— ніяк не ўдавалася спыніць думак на прадмеце гутаркі. Халіма заўважыў гэта і прапанаваў яму спаць, а сам некуды выйшаў.

Прачнуўся Лясніцкі пад вечар. Халімы ў хаце не было. Потым ён прыйшоў раздражнёны нечым, пахмуры і рашуча заявіў, што таксама пойдзе ў горад.

— Надакучыла тут, няма цікавасці... Пайду — можа, натраплю на што-якое...

Назаўтра пасля паўдня яны без асаблівых прыгод перайшлі на той бок Дняпра і апынуліся ў занятай палякамі частцы горада.

 

Яны ўмовіліся сустрэцца на другі дзень а дзесятай гадзіне раніцы на адным з гарадскіх сквераў. Цяпер Халіма пайшоў шукаць сабе якога прыпынку (да Андрэя ісці катэгарычна адмовіўся), а Лясніцкі рашыў паблындаць па вуліцах, падзівавацца на шумлівае гарадское жыццё. Начаваць ён меўся пайсці да Андрэя.

Лясніцкі быў здаволен, што астаўся адзін. Хацелася ў гэты момант цалкам аддацца тым ласкавым і мяккім адчуванням, якія немінуча з’яўляюцца пры ўзвароце на старую мясціну. Хацелася, каб апаў на сэрца ціхі салодкі смутак, каб у прыемна-ўсхваляванай памяці плаўна, без перашкод, раслі празрыстыя ўспаміны. І яшчэ хацелася поўна, да краю адчуць тое шчымлівае абурэнне, якое раджалася ад свядомасці, што горад забраны, што пануе тут новая сіла — незнаёмая і чужая, якой раней не было тут і звання. Гэтае абурэнне ўзнялося ўжо тады, як па дарозе сустрэўся першы афіцэр польскага корпуса.

Вуліцы горада, поўныя сонца і араматнай вясновай цеплі, пярэсціліся гаварлівым натоўпам. Сям-там мільгалі рухавыя, поўныя напышлівага форсу легіянеры. На іхніх, у большасці чыстых і прыгожых, тварах ззяла самадавольнае адчуванне той агульнай увагі, якую на іх звярталі. Яны рабілі выгляд, што не прымячаюць гэтай увагі. Яны наўмысна гучна і захоплена вялі паміж сабой гутарку, быццам ані-ні не цікавіліся тым, што навокал. Наогул ад іх густа патыхала тым грубаватым, трохі нахабным глянсам, які характэрны для ўсёй польскай шляхты.

На адной з бакавых вуліц Лясніцкі сустрэў бліскучага пышнага конніка ў форме ўланскага афіцэра. Ён ехаў па панелі, какетліва гоўтаючыся на сваім стаенніку, і ўсе, хто ішоў насустрэчу, схадзілі на брук, пускалі яму дарогу. Лясніцкі бачыў, як нейкі хлапчына забавіўся саступіць з дарогі — афіцэр грацыёзна нагнуўся, сцёбнуў яго бізуном і з лёгкай усмешкай паехаў далей. Лясніцкі стаяў, як скамянелы, аж пакуль не знік ён за заваротам вуліцы. Спачатку было адно цяжкае, як гнёт, задзіўленне. Потым закіпела агнёвая злосць, сціснула горла балючай спазмай, штурханула наперад. Ён шпарка падаўся ўслед за коннікам і прабег цэлы квартал, сам не ведаючы — нашто, для чаго. Потым схамянуўся і махнуў рукой.

«Што ты з ім зробіш!»

Яшчэ з паўгадзіны Лясніцкі хадзіў без мэты па вуліцах. З кожнай хвілінай чамусьці ўсё больш і больш рабілася сумна — пачынала цяжка адчувацца адзінота, нямотна і глуха знібела сэрца. І вось неяк адразу раптам рашыўся і пайшоў у той бок, дзе жыла Раіса. Спачатку не было пэўнасці, што пойдзе да яе, думаў, можа, пройдзе толькі каля дому, паглядзіць на яго, адродзіць свежасць успамінаў. Але з кожным крокам забірала ўсё большую сілу пачуццё, раджала прагнае, непераможнае жаданне ўбачыць яе, і розум, падпарадкаваны гэтаму пачуццю, паслужна вышукваў аргументы за тое, што сустрэцца трэба якраз цяпер, што гэта будзе прыгожа і зусім натуральна, прыстойна.

Уяўленне пачало рысаваць яскравыя, поўныя вострага драматызму малюнкі магчымай сустрэчы. Можа, яна не пазнае адразу — будзе ўглядацца ў яго, здзіўлена падыме свае жывыя рухавыя бровы. А потым засмяецца, напэўна засмяецца — вось так, як тады, з гордай прыветнасцю, з любым, толькі ёй адной уласцівым какецтвам. А потым сядуць на тую прытульную канапу, ён будзе расказваць, раскажа пра апошнія прыгоды свае — яна будзе дзівіцца іх жудаснай неабычайнасці, будзе глядзець на яго з сур’ёзнай павагай. Ён скажа ёй і тое, што ў самую страшную часіну ўспамінаў яе. Наогул, ён скажа сёння, што кахае яе — гэта ж зусім ясна, чаго ж маўчаць. У сумятні першай сустрэчы гэта выйдзе да ладу і зусім неўзаметку.

А можа, яе няма тут?

Гэта раптоўная падумка ахалоджвае яго летуценні. Яна пераходзіць у трывогу, трывога расце, мацнее і ахапляе нарэшце ўсю істоту. Ён несвядома прыспяшае ход, быццам баіцца, каб не спазніцца, каб не выпусціць магчымага шчасця.

Вось і той вясёлы стройны дом, дзе яна жыла. Вокны бліскаюць прыветна, але з нейкай затоенай хітрасцю — не згадаць па іх, што робіцца там, усярэдзіне.

Што чакае ў гэтым прыгожым вясёлым доме?

Адчыніла нейкая дзяўчына, мабыць, прыслужніца, не папытаўшы, прапусціла ў пярэдні пакой. Лясніцкі сам першы звярнуўся да яе:

— Ці Раіса Андрэеўна дома?

— Зараз.

Яна пайшла ў тыя дзверы, куды калісьці, у першы прыход яго, паплыла была манументальная цёця. У прахон адчыненых дзвярэй на момант вылецеў да Лясніцкага вясёлы звон посуду і шумлівыя галасы. У вочы балюча ўрэзаўся бляск афіцэрскіх пагонаў.

Выйшаў чамусьці Карла, п'янавата нахмураны, запытаў не зусім цвёрдым голасам, гледзячы на Лясніцкага вяла і расплыўчата:

— Што скажаце? Вам спецыяльна трэба Раісу Андрэеўну, ці наогул...

Лясніцкі раздражнёна падкрэсліў:

— Не наогул, а спецыяльна Раісу Андрэеўну.

— Вы хто такі?

— Скажыце, што яе хоча бачыць Лясніцкі.

— Зараз.

Здалося Лясніцкаму, што калі адчыніў Карла дзверы, дык звонка матнуўся ў паветры абрывак яе вясёлага задорнага смеху. Потым зноў адчыніліся дзверы, і зноў выйшаў нялюбы Карла.

— Раіса Андрэеўна прасіла зайсці заўтра а дванаццатай гадзіне.

Лясніцкі невядома нашто перапытаў яшчэ, як вучань.

— Калі?{Налп

— А дванаццатай гадзіне.

Тады — ашаламелы, збянтэжаны — паціху завярнуўся і пайшоў з хаты.

Нічога не чуў, нічога не бачыў — сціснула ўсяго чыста балючая горкая крыўда, прыгняла сваім нечаканым цяжарам. Увушшу шаломным звонам звінеў вясёлы шумлівы гоман, а ў ім мітусіўся густы і сіпаты голас хмурага Карла ды той абрывак задорнага смеху — такі назоллівы, дражлівы. Хацелася заплакаць — і заплакаў бы, каб дзе на самоце,— лягчэй бы стала на сэрцы.

«Што ж гэта? Так сустрэліся? Заўтра а дванаццатай гадзіне...»

Ён не пойдзе заўтра, гэта напэўна. Але як жа збыць гэтую боль, крыўду гэту і сорам? Каб не думаць, забыцца. Дзе там! Ніякая старонняя думка не ідзе ў галаву — застрала гэта балючае, горкае.

З няпэўнай надзеяй спрабуе Лясніцкі ўзняць у сваім уяўленні вобраз ціхай Макрыны — мо ён унясе новы струмень у мысленне, новы кірунак. Макрына ўспамінаецца цьмяна, невыразна — зусім нецікавая, шэра-будзённая. А вобраз Раісы гарыць уваччу, і ніяк ад яго не пазбыцца — ззяе ён ясным жывым хараством, цягне да сябе ўсе думкі і пачуцці. Тое, што адбылося там, у яе, пачынае здавацца чорным злавесным сном — нечым чужым, выпадкова прынесеным аднекуль збоку. Яно шчыльна злучаецца з тым, што бачыў на паўгадзіны раней — з напышлівым форсам легіянераў, з бізуном нахабна-свавольнага афіцэра,— і раджае ўнутры пачуццё гневу, глухой невыразнай нянавісці. Гнеў разбаўляе крыўду і сорам, ад гэтага робіцца трохі лягчэй, думкі набываюць больш лёгкасці і рухавасці, з’яўляюцца дзіка нязбытыя летуценні аб нейкай помсце, аб адплаце некаму за нейкае злачынства, за крыўду.

Лясніцкі пайшоў у пустэльны, яшчэ не прыбраны з зімы, гарадскі сад, сеў над высокай кручай, пад якой аблеплены мізэрнымі домікамі рассцілаў сваё люстранае ўлонне сівы Дняпро, і ў ціхай самоце аддаўся лятункам, якія чароўна-імклівым лётам развейвалі чорны настрой. Ён сядзеў да цёмнага ў гэтым маўклівым садзе і выйшаў адтуль шэрай гадзінай — не то заспакоены, не то проста змораны напружаным душэўным хваляваннем.

Падыходзячы да дому Андрэя, Лясніцкі адчуў мімавольную трывогу.

«Можа, і тут сустрэне што-небудзь нядобрае?»

Потым сам гэта заўважыў і ўсміхнуўся.

«Напужаў мех, дык і торба страшна».

І паляпаў у дзверы ўжо з вясёлай бадзёрасцю, з спакойным сэрцам.

— Хто там?

Лясніцкі пазнаў голас Ніны і адгукнуўся, трохі здзіўлены тым, што, не адчыніўшы, пытаецца, бо раней ніколі гэтага не было. Ніна адразу загрымела завалам, загаварыла яшчэ з-за дзвярэй:

— Такога госця трэба пусціць, хоць і не зусім варты, бо адчураўся зусім. Ну, заходзьце, калі патрапіце. Можа, забыліся ўжо, дзе ў нас дзверы?

У пакоі, дзе калісьці жыў Лясніцкі, гарэла прытульная — з блакітным каптуром — лямпа, кідала на стол роўны круг цёплага мяккага святла. На стале скомчаным грудам ляжала нейкае швіва. У пакоі, апрача Ніны, не было больш нікога.

Лясніцкі ўвайшоў і спыніўся ў замяшанні — не ведаў, ці пачаць што распытваць, ці чакаць, каб сама расказала. Ніна заўважыла гэта і растлумачыла:

— Таты ўжо няма, памёр. Я жыву зусім адна — у гэтым пакоі. Тут самае прытульнае месца.

— А Андрэй?

Ніна трохі змоўчала, нібы падбіраючы словы, як бы лепей сказаць.

— Андрэй тут жыве, у горадзе. Ён на другой кватэры.

Потым, заўважыўшы яшчэ большае яго задзіўленне, яна пагадліва засмяялася.

— Ну добра, я ўжо растлумачу ўсё да каліва. Андрэй хаваецца, бо яго шукаюць. Ён адзін з кіраўнікоў нашай падпольнай хеўры. А вось тут вы бачыце той перасылачны пункт, праз які толькі можна да яго патрапіць. Загадчык гэтага пункту — я. Разумееце? Цяпер дазвольце ў вас запытацца, ці хочаце вы есці. Але ўсё роўна без самавара я вам нічога не здолею даць. Давайце пачнем ставіць самавар...

Лясніцкаму яшчэ карцела аб нечым спытаць, але не важыўся. Рашыў лепш чакаць, пакуль скажа сама, або пасля неўзаметку навесці гутарку. Ніна, аднак, не забавілася здаволіць яго цікавасць. Яна пэўна толькі з далікатнасці і не хацела гаварыць адразу. Поркаючыся ля самавара, яна зрабіла від, быццам няўмысля толькі што ўспомніла, і расказала:

— Тут была зямлячка ваша — Макрына, яна служыла на трапальні. Нядаўна паехала на вёску.

— Дамоў?

— Не, тут недалёчка — вёрст пятнаццаць ці дваццаць. Паступіла там недзе служыць.

Лясніцкі з задзіўленнем заўважыў, што вестка гэта не зрабіла на яго амаль што ніякага ўражання. Яму зусім усё роўна было цяпер — ці ўбачыць Макрыну, ці не.

Ніна, кончыўшы з самаварам, села за стол, узялася за сваю працу. Лясніцкі паспрабаваў яе разглядаць, дык яна адразу гэта заўважыла, з сарамлівай усмешкай падняла на яго свае ласкавыя шэрыя вочы.

— Што вы разглядаеце? Я старая цяпер, непрыгожая стала... {непрыгожая' СТЭЛд.»»

Лясніцкі хацеў пярэчыць, але ўбачыў, што гэта праўда. Для прыліку сказаў:

— Так, вы выглядаеце горш, чымся раней. Але, здаецца, вы не пахудзелі...

Яна весела засмяялася.

— Які вы смешны, Лясніцкі! Ці ж вы не бачыце, што я цяжарная... У мяне праз два месяцы будзе дзіця...

Апошнія словы яна сказала з выразным адценнем здаволення і радаснай гордасці. Потым, убачыўшы ў вачах Лясніцкага маўклівае запытанне, цвёрда і паспешна загаварыла:

— Вы хочаце ведаць, ці замужам я? Я жыла з Халімам — і гэта будзе яго дзяцёнак. Ну так, я любіла яго — хіба вы не прымецілі гэтага?..

Яна змоўкла, утулілася ў сваё швіва. Яна была зусім спакойная, а можа, паказвала від, што спакойная. Лясніцкі не ведаў, ці шкадаваць трэба яе — ці, наадварот, прасякнуцца да яе шчырай і глыбокай павагай. Словы яе страшэнна яго ўразілі. Перад ім паўстала цень нейкай глыбокай драмы ці, можа, камедыі, але наогул нечага моцнага, неабычайнага. Ён пачуў, што пад абліччам гэтай ціхай ласкавай дзяўчыны хаваецца ўпартая душэўная сіла — і гэта сіла раптам пацягнула яго да сябе сваёй таемнасцю, сваім глыбока затоеным рухам. Яму захацелася пачуць ад яе што-небудзь шчырае, адкрытае. Ён ласкава папрасіў яе:

— Ніна! Ведаеце што... Раскажыце мне пра гэта... ну, пра сваё жыццё... калі можна, калі не будзе вам цяжка ад гэтага... Давайце пагаворым шчыра, як — помніце? — калісьці даўней.

Ніна ўсміхнулася:

— Я многа чаго вам не скажу, бо не ўмею расказваць... пра сваё... Дый няма аб чым... Ну, было тое, што бывае з кожным. Я пакахала яго, а ці кахаў мяне ён, я, на жаль, і цяпер не ведаю. Ну, што... расказаць вам, як кахаюцца? Вы, здаецца, ведаеце гэта не менш, як я... (Яна хітравата ўсміхнулася.) А глядзела я зусім проста на гэта і цяпер не каюся... Я хацела сама, каб у нас быў дзяцёнак... у нас не было ніякага спадману... разумееце?.. А тады.. ён перайшоў на другі шлях... непрыгожы... уцёк, здрадзіў... Цяпер нам не па дарозе... я хачу ненавідзець яго... і буду ненавідзець. А дзяцёнка буду гадаваць — я ўжо цяпер адчуваю да яго матчыну любасць... Як вырасце, скажу яму, хто ў яго быў бацькам, раскажу пра яго ўсё, што буду ведаць сама. А можа, ён і не будзе гэтым цікавіцца? Як вы думаеце, Лясніцкі?

Замест адказу Лясніцкі запытаўся:

— Дзе цяпер Славін, вы не ведаеце?

Ніна засмяялася:

— Вы б проста запыталі, што я да яго адчувала, вас гэта цяпер цікавіць... Ха-ха! Ён жа ўсё-ткі не вытрымаў і прызнаўся мне ў каханні. Ён дужа добры і чулы — мне шкода яго. Ведаеце што? Я шчыра хацела яго палюбіць... Я і цяпер, можа, стараюся гэта зрабіць... Вам смешна? Я ўжо аднаго дасягнула: страшэнна хачу, каб ён быў шчаслівы, каб не быў такі... нікчэмны... А дзе ён цяпер — не ведаю. Ён паехаў быў неўзабаве пасля таго, як паехалі вы... Вось... Але цяпер не да гэтага. Цяпер трэба старацца на рэвалюцыю — барацьба ідзе дужа цяжкая...

Апошнія словы Ніны асабліва здзівілі Лясніцкага. У іх не было ні кроплі напышлівасці, афектацыі, яна сказала іх проста, ад сэрца — яна сапраўды гаварыла пра блізкую ёй і дарагую справу.

У гэты час закіпеў самавар. Ніна спакойна ўсміхнулася Лясніцкаму, быццам дала зразумець, што ўсё гэта больш цікава, чымся сур’ёзна, і пайшла рыхтаваць чай.

Яны ў той вечар доўга сядзелі ўдвух у гэтым прытульным пакоі, злучаныя цёплай таварыскай блізкасцю, адкрывалі адзін аднаму патаемныя старонкі свайго жыцця. Лясніцкі расказаў пра свае апошнія прыгоды, перажыванні, пра свае ўражанні тут, у горадзе, пра тую нянавісць, якая загарэлася ў ім пасля таго, што ён тут убачыў. Толькі не памянуў зусім пра свой візіт да Раісы ды замест Халімы ўставіў у апавяданне аднаго знаёмага хлопца — не хацеў напамінаць пра яго. Ніна ўважна выслухала ўсё і з усмешкай зазначыла:

— Дзіўны вы нейкі, Лясніцкі. У вас ёсць адна цікавая рысачка бацькаўская, відаць, сялянская: вы тое пазнаіцё і таму верыце, што самі навочна ўбачыце або адчуеце. Смешны вы вось з такімі наіўнымі абурэннямі — мы ўжо прывыклі глядзець на гэта з цвёрдым сэрцам і шукаем глыбачэйшага, каранёвага, каб прычыну выявіць і знішчыць, а не хапацца за павярхоўныя вынікі.

Лясніцкаму сорамна трохі было, што яна навучальна, як з дзяцёнкам, гутарыць з ім, што яна адчувае сябе больш станавітай у такіх сур’ёзных пытаннях. Але гэтае прыкрае ўражанне гублялася ў глыбіні шчырага даверу, які яна ў ім абуджала. Ён нават сам потым пытаўся ў яе, сам прасіў растлумачыць яму няясныя, незразумелыя рэчы.

Лясніцкі астаўся начаваць у Ніны — яна з жартлівым нездаволеннем уступіла яму яго былы пакой, а сама перабралася ў сваё ранейшае памяшканне. Лёг ён зусім заспакоены, поўны бадзёрасці і невыразных, але вельмі светлых надзей. Перад сном ён яшчэ раз цвёрда і рашуча падумаў:

«Да Раісы заўтра не пайду!»

 

А дзесятай гадзіне Лясніцкі пайшоў на ўмоўленае месца — у гарадскі сквер. Халіму ён ледзьве пазнаў — на ім не было ўжо ўчарашняй вопраткі, з тэкінца ён абярнуўся не то ў рабочага, не то ў маламожнага мешчаніна (пінжак, сіняя сарочка, высокія боты, ёмка сплюшчаны стараваты картуз). Ён быў трохі смешны ў гэтым уборы — грамоздна высунуўся наперад яго вялікі нос, а вочы сталі дробныя, басякаватыя.

Лясніцкі запытаў у Халімы, дзе ён спыніўся. Той безнадзейна махнуў рукой.

— Чорт яго ведае — нейкі махляр з рынку. Завецца Шмуйлам і, нягледзячы на гэта, мае дасканала прыгожую дачку, да якой прычапіўся быў нават адзін ваяка з высока-панскіх легіёнаў. За тое, што я няўмысля лучыў яму кулаком у храпу, Шмуйла з поўным сумленнем рэалізаваў маю чаркеску і купіў мне вось гэты гарнітур. У выніку ўсяго — маю яшчэ ў кішэні некалькі вольных манет.

— Значыць, справіўся ўжо набуяніць?

— Здаецца, усё абыдзецца добра. У харобрага ваякі быў такі выгляд, што ён зусім не мае замеру займацца помстай, таксама як і прыгожай дачкой майго прыяцеля.

Хлопцы занялі выгадную лавачку, адкуль добра відаць быў вулічны рух, і пачалі весела гутарыць. У Халімы сёння быў добры настрой, і таму ён увесь час гаварыў у жартлівым насмешлівым тоне. Лясніцкі спачатку смяяўся, потым перастаў, пачаў слухаць няўважна, урыўкамі, стаў думаць аб другім. Чым бліжэй падыходзіла да дванаццаці, тым часцей і з большай настойнасцю ён паўтараў сам сабе:

«Да Раісы не пайду ні за што. Гэта было б канчатковае прыніжэнне, гэта б паказала, што ў мяне няма ніякага асабістага гонару, што я нейкая шмотка — і больш нічога».

А калі да дванаццатай асталося роўна пяць хвілін, Лясніцкі неспадзявана для самога сябе ўстаў і ў замяшанні сказаў Халіму:

— Я павінен зараз пайсці ў адно месца — можа, на паўгадзіны ці на гадзіну. Дзе мы сустрэнемся?

Халіма перш зірнуў на яго з задзіўленнем, гатовы запытацца — куды ён так заспяшаўся, але, мусіць, прачытаў нешта на яго ўзрушаным твары — зрабіў спакойную, безуважную міну.

— Прыходзь туды, дзе я спыніўся. Я таксама пайду неўзабаве туды.

Ён сказаў адрас. Лясніцкі паспешна, баючыся, каб не спазніцца, пайшоў да Раісы. На яго неадчэпнай плоймай насядалі едкія дакорныя думкі — ён з усіх сіл ад іх бараніўся, каб не адчуваць сваёй слабасці і прыніжэння, каб не раструйваць сэрца. Ён цяпер адчуваў і ведаў, што ўсё роўна пайшоў бы, што б там ні было, якія б ні былі разважанні і пастановы.

Ён увайшоў у дом да краю расхваляваны, з устурбаваным сэрцам, з пачуццём нейкай прыкрай пудлівай раскіданасці. Раіса сустрэла яго ў сваім старым пакоі. Яна была не адна — быў тут яшчэ дзядзя Міка (вясёла-бліскучая салодкая кружэлачка), яны з ім аб нечым шумліва і звонка гутарылі.

Раіса была апрануўшыся ў цёмную пышную сукенку, ад якой хараство яе здавалася трохі сухім, афіцыйным. Яна ветла ўсміхнулася Лясніцкаму і з млявай паважнасцю падала яму сваю высока аголеную руку. Лясніцкі паціснуў руку не зусім зграбна і ўпэўнена — ён разглядаў яе, здзіўлены зусім халодным, непрыветным бляскам яе мармуровай бялосці. Потым ён прывітаўся з дзядзем Мікам і пачуў унутры прыкрую агіду і непрыязнасць. Ён, каб прымеў, дык бы з вялікай ахвотай выкінуў яго за дзверы — так быў ён тут недарэчы ў гэту часіну.

Раіса запрасіла Лясніцкага сесці, зрабіла яму для прыліку пару запытанняў і ўзнавіла перарваную гутарку з дзядзем Мікам. Лясніцкі астаўся сядзець у нейкім недарэчным маўчанні, прыгнечаны нязвыклымі для яго абставінамі, збянтэжаны халоднасцю Раісы. Потым ён трохі заспакоіў сябе думкай, што гэта яна таму з дзядзем Мікам гаворыць, што хоча скарэй яго выправіць, што толькі пры ім яна трымае сябе з афіцыйнай сухасцю. І ён пачаў цярпліва чакаць канца іхняе гутаркі, спадкрадня любуючыся Раісай і пацяшаючы сябе думкамі аб магчымасці іншых адносін, аб блізкасці і шчырасці, якая, безумоўна, устане між іх, калі яны астануцца адзін на адзін.

Разглядаючы тонка акрэслены шаўковымі складкамі стан Раісы, знаёмыя і любыя рысы яе прыгожага твару, Лясніцкі з гарачай яскравасцю ўяўляў, як калісьці трымаў у руках у сваіх гэты чароўны стан, цалаваў гэтыя гордыя вусны, адчуваў іх салодкую цеплату, ад якой уся істота пачынала іскрыцца пералівамі цудоўнай смагі, ад якой так балюча загараліся магутныя жаданні. І не верылася, каб магло ўсё гэта без следу мінуцца, каб сапраўды закрылася глухой сцяной гэтае жудаснае халоднасці. Ды не, гэта толькі да часу. Потым яна ўсміхнецца ласкава — не так, як пры сустрэчы,— у вачах у яе гарэзліва бліснуць зеленаватыя аганькі і прасякнуць у самае сэрца яго, і распаляць сэрца сваёй вясёла-іскрыстай спакусай. Яна будзе смяяцца так, як тады, будзе дражніцца з ім, а ён, жартуючы, скажа ёй пра сваё каханне. Ці здзівіцца то?

І Лясніцкі напружана сочыць за гутаркай — ці скора ўжо кончаць яны? — і з кожнай хвілінай усё больш ненавідзіць салодка-бліскучую кружэлачку, яго гладзенькія жарцікі, арыстакратычна-грэблівую міну і гаворку яго — сю-сю-сю — як мядочак. Чаго яму трэба? Чаго ён сядзіць тут, назола?

Раптам Раіса спыніла гутарку, зірнула на гадзіннік і заявіла:

— Ну, я пайшла ў горад. Дзядзя Міка, вы пойдзеце мяне праважаць...

Дзядзя Міка, поўны самай рашучай гатоўнасці, падняўся з крэсла. Лясніцкі таксама ўстаў і застыгнуў у тупой няўцямнасці.

«Як жа гэта? І ўсё тут? Канец... Што ж цяпер... сказаць — бывайце! — і пайсці? Пасядзеў моўчкі... пайшоў... нейкі дурань... бясслоўны ўздыхацель... Не, дужа ж сорамна так... так няможна...»

І ён у адчайнай рашучасці звярнуўся да Раісы:

— Раіса Андрэеўна! Я хачу з вамі пагаварыць адзін на адзін...

Мімаволі голас яго прагучаў глуха і парвана — выдаў яго хваляванне. Раіса здзіўлена на яго азірнулася.

— Са мной? Гэта многа зойме часу?

— Некалькі слоў.

Дзядзя Міка далікатна затурбаваўся:

— Я вас, кацянёначак, пачакаю на ганках...

А Лясніцкі ў гэты момант з напружанай паспешнасцю падбіраў гэтыя «некалькі слоў» і ніяк не знаходзіў патрэбных. І палохаўся, што не будзе чаго сказаць — выйдзе зусім недарэчна, будзе сорамна яшчэ больш. Ужо ўедліва лезла ў мазгі атрутна-дакорная думка:

«Нашто гэта ўсё? Нашто зрабіў яшчэ гэтую дурасць?»

Раіса нецярпліва чакала. Ён бачыў гэта і яшчэ больш хваляваўся — яшчэ больш блыталіся неслухмяныя думкі. Яна яго паспяшыла:

— Ну, што вы хацелі сказаць, Васіль Данілавіч?

Тады ён пачаў гаварыць, натужна падбіраючы словы, нервова спяшаючыся і ад гэтага яшчэ больш заблытваючы неўвароткія вузлы сваіх думак.

— Я хацеў сказаць... Раіса Андрэеўна... мне дужа цяжка стала.. вы сустрэлі мяне не так... вы — зусім неяк афіцыйна, халодна... Я думаў, што мы з вамі сустрэнемся, як прыяцелі... ну, як добрыя знаёмыя... Я... хацеў дужа з вамі пабачыцца, думаў аб гэтым... увесь час...

Раіса слухала яго з спакойнай ветлай усмешкай. Калі ён залішне замарудзіў, шукаючы нейкага слова, яна далікатна перабіла яго:

— Я зусім не хацела вас крыўдзіць, Васіль Данілавіч, і мне здаецца, што вы дарма на мяне наракаеце... А калі сапраўды было з майго боку што-небудзь не зусім далікатнае, дык я шчыра прашу прабачыць мяне: у мяне ў абычаі парушаць гэтыя розныя... умоўнасці.

Лясніцкі канчаткова сумеўся. Ён не ведаў, што далей сказаць, яна звязвала яго сваёй казённай ветласцю, сваім упартым уніканнем усяго, што магло б радзіць паміж іх некаторую блізкасць. Прайшла цяжкая хвіліна маўчання. Раіса зрабіла ледзьве прыметны нецярплівы рух у той бок, дзе дзверы. Лясніцкі заўважыў гэта і з апошняй адчайнай патугай загаварыў:

— Вы наўмысля гаворыце не тое што трэба. Вы разумееце ўсё, толькі робіце від, што не разумееце, вы хочаце згладзіць усё, што было паміж нас раней...

Яна надала свайму голасу тон жартлівага дакору.

— Васіль Данілавіч, як вам не сорамна... Што вы хочаце гэтым сказаць? Паміж нас, здаецца, не было нічога, апроч некаторых бязвінных жартаў. Папраўдзе, вы мяне хочаце раззлаваць.

Лясніцкі раптам загарэўся ўвесь, захваляваўся.

— Няпраўда! Было. Многа чаго было... Вы не былі раней такая, як цяпер... Вы... вы самі зрабілі так, каб я вас пакахаў... Ну так, я пакахаў... Я прыйшоў да вас таму, што кахаю вас... Вы ўсё мяне мучыце, Раіса Андрэеўна... Вы бязлітасная нейкая...

А яна ўсміхалася. Яна адказала яму, дражліва бліснуўшы вачмі:

— Каб вы мяне кахалі, Васіль Данілавіч, дык бы не затрымлівалі ў той час, як мяне пільна чакаюць, не рабілі б мне непрыемнае. Ад тых, хто кахае мяне, я патрабую самага ўважлівага абыходжання са мной. Як бачыце, дзядзя Міка куды мацней за вас паказвае сваё каханне. Дзядзя Міка! Вы тут?..

Лясніцкі зразумеў, што трэба канчаць. Ён у апошні раз зірнуў на Раісу гарачым, поўным крыўды і болю поглядам. Яна заўважыла гэты погляд і ўсміхнулася з вясёлым самадавольным какецтвам. Лясніцкі пахмура і глуха развітаўся:

— Бывайце, Раіса Андрэеўна... Назаўсёды...

— Бывайце!

Ён шпарка, раней за яе, пайшоў з хаты. На ганках стаяў дзядзя Міка — ён усміхнуўся Лясніцкаму з пагардлівым спачуваннем.

«Нашто я сказаў гэтае «назаўсёды»? Нашто — «назаўсёды»? Назаўсёды... назаўсёды... уй, які ж я дурань, які дурань... дурань... дурань...»

Ад злосці хацелася ўцупіцца сабе ў валасы або моцна-моцна з усяе сілы ўкусіць за палец. Нашто ён разыграў гэтую камедыю? Нашто так бязвольна паддаўся пачуццю, так раскіс, расслюмачыўся? Яна, смеючыся, апавядае гэтаму тлустаму ідыёту, як палахліва і нерашуча прызнаваўся ёй у каханні наіўны сялянскі хлопец — яе выпадкова знаёмы — як з камічным трагізмам сказаў ён — бывайце... назаўсёды... Той з парасячым самадавольствам смяецца — рох-рох-рох — і адчувае сваю непараўнальную перавагу, і — ідыёт, яшчэ шкадуе яго, зазначае салодзенькім — сю-сю-сю — галаском:

— Бедны хлопец. Ён, відаць, бязмежна адданы вам, кацянёначак. Мне шкода было яго яшчэ тады, як я першы раз сустрэў яго ў вас. Гэта, відаць, шчырая і трохі экзальтаваная натура — такія індывідуумы часам сустракаюцца сярод нашага сялянства.

— У-у-у, свіння!

Тады злосць з самога сябе пераходзіць на гладкага, тлустага дзядзю Міку, а з дзядзі Мікі на ўсіх гладкіх і тлустых, успамінаецца ўчарашні афіцэр, бліскуча-давольныя твары легіянераў, Карла, яшчэ стары пан, вялізная цётка Раісы — усё збіраецца ў адно варожае, ненавіднае, у чужы, незнаёмы свет, у які ён быў зазірнуў, поўны шчырых гарачых парыванняў, поўны глыбокага пачуцця. Яго з пагардай і смехам вытурылі адтуль ды яшчэ балюча прышчамілі ў дзвярах.

Нашто ён палез туды, у гэта агідна-бяздушнае кодла, дзе ён зусім непатрэбны, дзе яму не дадуць нават годнасці «сапраўднага» чалавека!

Лясніцкі рад, што замест усяго ўнутры разрастаецца адна кіпучая злосць — ён свядома яе распаляе, аддаецца ёй з нейкай парыўчатай прагнасцю. Ён нахабна кідае на сустрэчных легіянераў поўныя задзёру погляды, не саступае ні перад кім з дарогі, наўмысля шукае прычыны з кім-небудзь заняцца. Ён ахвотна пайшоў бы цяпер у самую непрыгожую, у самую дзікую бойку, з вялікай асалодай упіўся б у чыё-небудзь агідна-тлустае гладкае цела. Але, як назло, насустрэчу трапляюць самыя ціхамірныя людзі, якія, нават заўважыўшы яго ваяўнічую гатоўнасць, зусім і не думаюць яго чапляць, а здзіўлена на яго пазіраюць і далікатна саступаюць з дарогі.

Злосць у Лясніцкага паступова ўлягаецца — астаецца на сэрцы нейкае мулкае невыразнае адчуванне — не то нездаволенне, не то агіда, не то турботнае едкае каянне. На хвіліну ўсплывае нешта былое, непазбыўна-прыемнае (можа, ноч у спакойным калыханні глухога вагона?) і ўспамінаецца ласкавая, як котка, Раіса, голас яе, нервова-дрыжачы ад холаду:

— Вася! Сагрэй мяне... абнімі...

Глыбокі шчымлівы смутак залівае сэрца, і гняце мазгі настойная думка аб тым, што нешта прапушчана, няскончана — нешта дужа дарагое і непаўторнае. Тады, каб пазбыцца смутку, Лясніцкі зноў пачынае распаляць у сабе злосць і гэты спосаб дапамагае вельмі спраўна.

Лясніцкі падаўся адразу туды, дзе чакаў яго Халіма. Ён знайшоў паказаны яму дом і гаспадара яго Шмуйлу. Шмуйла перш папытаў у Лясніцкага яго прозвішча, потым жаласна павойкаў і гукнуў у суседні пакой:

— Сора! Падай таварышу тую запіску, што ляжыць пад вялікім фікусам на сярэднім акне.

Запіску вынесла прыгожая Шмуйлава дачка — з люба заплаканымі чорна-аксамітнымі вачмі. У запісцы было напісана:

«Я буду чакаць цябе да другой гадзіны на рынку».

Лясніцкі зірнуў на гадзіннік: без чвэрці два. Нічога не распытваючы ў Шмуйлы, ён выйшаў з хаты і, як сіла, пашыбаваў на рынак.

Халіму ён знайшоў на адным з сялянскіх вазоў. Ён ляжаў на калёсах поплеч з даўгім завадскім парсюком і, пыхкаючы піпкай, глядзеў угару, у яснае, бліскучае ад паўдзённага сонца, неба. Лясніцкі і пазнаў яго выключна па той вольна-раскінутай паставе, у якой ён ляжаў на возе.

Халіма ў кароткіх словах растлумачыў, што з ім здарылася:

— Вышла так, што мой хрэснік не супакоіўся і наслаў на мяне цэлы атрад легіянераў, якія меліся мяне арыштаваць. Дык я ўцёк і вось ладжуся ехаць вёрст за сорак да свайго дзядзькі — знайшоў знаёмага селяніна з суседняй вёскі. Яшчэ забаўка вось — трэба прадаць гэтага таварыша.

Ён ласкава палэпаў па тлустым баку парсюка і потым, убачыўшы нейкага мешчаніна, закрычаў прарэзліва і дзіка:

— Прадаю свінню маладую, свежую... Варшаўскай пароды, шляхецкага заводу... Кормная, тлустая, адно сала — няма ні касцей, ні мазгоў... Вось яна, вось яна!.. Чысты палкоўнік!..

Лясніцкага працяла раптоўная думка. Ён спыніў Халімаў лямант і запытаў яго:

— Слухай! Ці можна мне з табой паехаць?

Халіма дапытліва паглядзеў на яго.

— А ты ад каго ўцякаеш?

— Ад аднаго нутранога ворага. Потым я раскажу...

І ён хваравіта, крыва ўсміхнуўся. Халіма падняўся, прыклаў палец к носу, памеркаваў нешта і рашуча ўдарыў Лясніцкага па плячы.

— Гайда! Паехалі.

У гэты час падышоў селянін — гаспадар воза і парсюка — прывёў нейкіх купцоў. Пачаўся заўзяты торг, у якім самы чынны ўдзел прыняў і Халіма.

 

У вёску, дзе жыў Халімаў знаёмы, яны прыехалі ўжо ў позні вечар. Да дзядзькі аставалася прайсці пехатой яшчэ вёрст восем, а таму яны рашылі заначаваць. Пайшлі назаўтрага гадзіне а сёмай раніцы.

Усю дарогу, асабліва ж цяпер, калі ў маладой свежай напружанасці мералі яны паўсажнёвымі крокамі пульхна ўкрытую пылам дарогу, калі ўдыхалі на ўсе грудзі араматную свежасць роснага рання і калі па ўсёй істоце жыватворчай сілай разлівалася ласка вясёлага сонца,— Лясніцкі адчуваў незвычайную лёгкасць, нейкі хмельны ўздым, вольнае радаснае парыванне. Усё, што перажыў за апошнія дні, асталося туманным сном недзе адзаду. Калі і ўспаміналася, дык не цяжарыла сэрца, а толькі ўзнімала інстынктыўнае імкненне ісці наперад, далей і далей, каб зусім адысціся, каб забыцца на ўсю гэтую жыццёвую сумятню.

Перад домам, у якім жыў дзядзька Халімы, шумліва тоўкся народ, іграла музыка і цэлай хмарай узнімаўся пыл — відаць, ішлі самыя заўзятыя гуллівыя скокі. Халіма, падышоўшы, запытаў у нейкага малога падшпарка:

— Што гэта тут за ігрышча?

Той здзіўлена вытрашчыў вочы.

— Якое ігрышча? Гэта ж вяселле тутака ў іх.

— Хто з кім жэніцца?

— Во... Ці ж вы не ведаеце? Піліп дачку аддае — Арыну.

Халіма радасна штурхнуў Лясніцкага.

— Чуеш? У дзядзькі вяселле... Гульнём!

І Лясніцкаму сапраўды радасна стала, што ў дзядзькі вяселле. І гульнуць захацелася — ды так, каб разгарнуцца да краю, каб аж пекла заварушылася, каб сагразіць і сабе і ўсім чыста на свеце.

Яны праціснуліся скрозь натоўп і ўвайшлі ў хату. Там у густой ліпучай духаце, у хмарах табачнага дыму стоўпілася паўнютка народу — найбольш моладзі. У покуце, здавалася, недзе далёка-далёка (а хата была ўсяго аршын з дзевяць), за шумлівым сталом сядзелі госці — там кудлычыўся п’яны гоман і смех. Там гарачым пунсовым макам цвіла шчасліва-бліскучая маладая.

Халіма праціснуўся да стала і моўчкі стаў перад ім — сур’ёзны, нават нахмураны — чакаў, каб звярнулі на яго ўвагу. Спачатку ніхто і не прымеціў яго, потым некаторыя пачалі скаўзацца па ім п’янымі няпэўнымі поглядамі, і нарэшце падскочыла, як абстрыканая, вастраносенькая юркая свацця.

— А божачка мілы! Што гэта? Дзядзька Піліп! Гэта ж твой родны пляменнік!

Далей усё пераблыталася ў нечым бязладным і тлумным. Нехта нешта крычаў, нехта некага цалаваў, абнімаў — папаў і Лясніцкі ў агульную завіруху, і сам не заўважыў, як апынуўся за сталом поплеч з шчытным камляватым матросам — чырвоным і дабрадушным ад гарэлкі. Свацці ў гонар новых гасцей гулліва запелі нейкую вясельную песню. Ім рознагалоса падцягнулі ўсе, хто быў за сталом. Лясніцкі, яшчэ і не піўшы нічога, пачуў сябе захмялелым. Потым паднеслі яму вялікую ўёмістую чарку, і ён выпіў яе з зухаватай шпаркасцю, за што дастаў агульную ўхвалу суседзяў.

Матрос цалкам заўладаў Лясніцкім і зацягнуў яго ў бесканцова-віхлястую п’яную гутарку. Ён усё нахіляўся да Лясніцкага і гаварыў чамусьці таемна, прытоена:

— Браточак... Мы п’ём, вось, гуляем... а чаму? Арыну што аддаём? Гэта глупства... Можа, што вы надышлі? Малайцы, хлопцы, здорава гэта. А чаму п’ём — ведаеш? Ведаеш? Гора наша п’е... во... У-у-у, сволачы... Ты чуў, што толькі робяць?.. Эх, братка... як цябе... ага, Васіль... Васіль!.. Душа баліць... Спалілі цэлыя вёскі, сякуць, б’юць, страляюць... Забіраюць усё, што на вока трапіць... Во, Васіль, як робіцца... А чаму? — Сілы няма, неяк адбараніцца... Ты не бачыў? Прыедуць, яшчэ мо і сёння заявяцца... Эх, каб гэта хлапцоў з паўсотні — закруціў бы я ім хахлы... А можа, і закруцім яшчэ... Ты свой... я цябе не баюся... Хочаш — пойдзем да нас... А-а-а... баішся... нічога, потым падумаеш... Выпі цяпер...

Лясніцкі п’е яшчэ чарку, і яшчэ, і яшчэ. У галаве зашумела, вочы сталі цяжкія, неўвароткія — мітусіцца ў іх нешта. Унутры расце буяны ўздым, хочацца гаварыць і смяяцца. Матрос такі стаў сімпатычны, любы — трэба з ім абавязкова пацалавацца, не іначай.

Матрос усё нешта гаворыць. Лясніцкі тож пачынае гаварыць. Адзін аднаго мала слухаюць. Але, як Лясніцкі пачаў гаварыць пра бальшавікоў і памянуў прозвішча Андрэя, матрос пачуў і здзіўлена ў яго ўтаропіўся.

— Ты яго знаеш?

Лясніцкі сказаў, як ён знае Андрэя. Тады матрос увайшоў у нейкую шалёную экзальтацыю. Ён схапіў Лясніцкага, абняў, пачаў цалаваць.

— Браточак! Васілька! Дык ты яго ведаеш? Жыў з ім? Бадай ты згарэў! Гэта ж... Гэта ж чорт, а не чалавек. Ён жа быў тут, халера... Ды я ж... дай мне сюды яго, сволача... Я ж памру за яго, за баламуту. У агонь, у ваду... Гэта ж такі чалавек — ён жа каго хочаш прайме... Ён жа нас так ускруціў...

Потым ён зноў нахіліўся і зноў зашаптаў:

— Я ж таксама... бальшавік, так... Я табе ўсё... я табе веру, бо — Андрэй... Ах, любы хлопец, халера... За яго, канечна, трэба па чарцы... Вып’ем, Васіль, за Андрэйку...

Пілі яшчэ. Яшчэ цалаваліся. Потым матрос зусім расчуліўся і абавязкова захацеў паказаць Лясніцкаму сваю дзяўчыну. Ён пачаў гукаць яе:

— Ганна! Ганулька! Ганулечка! Стань перада мной, як ліст перад травой! Цялушачка!

Аднекуль вынырнула і падышла, сарамліва ўсміхаючыся, поўненькая свежая дзяўчына. Матрос абняў яе, прыгарнуў да сябе.

— Во мая цялушачка... Васіль, бачыш? Падабаецца, га? Хочаш пацалавацца? Цалуйся... ну?.. Яшчэ, яшчэ...

Лясніцкаму дзяўчына гэта здалася надзвычайна прыгожай, і ён вельмі ахвотна з ёй цалаваўся. Яна была трохі п’янаватая, а таму ўжо з другога разу пачала шчыра адказваць на пацалункі — вусны яе сталі мяккія і гарачыя, а ў вачах заіскрыўся юрлівы агеньчык. Калі ж Лясніцкі ўзяўся за яе чароўна-пухкія грудзі, матрос чамусьці страшэнна ўсердзіўся, закрычаў і ўжо намерыўся на яго магутным сваім кулаком. Але Лясніцкі зусім не спалохаўся. Ён кінуўся матросу на шыю і пачаў яго цалаваць з такім самым імпэтам, як і дзяўчыну. Гэта дало інцыдэнту зусім добрую і мірную развязку. Матрос прапанаваў выпіць — і ўсе ўтраіх выпілі дружна па чарцы.

Гулянка тая цягнулася б без перапынку ўвесь дзень, каб не адно здарэнне, якое нечакана ўзбушавала ўсю вёску, унесла новую плынь у яе зладнае жыццё. Пачалося з таго, што гадзіне а чацвёртай спаўдня на вёску прыехалі палякі (матросавы словы-ткі спраўдзіліся). Вестка аб гэтым умомант абляцела ўсю вёску і не мінула таксама хаты дзядзькі Піліпа. Пачалося нервовае мітусенне, адзін аднаму жвава, спяшаючыся, перадаваў навіну:

— Зачалі трэсці з таго канца — шукаюць бальшавікоў, аружжа. Ламагаць, крышаць усё чыста. Што аблюбуюць — усё на воз, на воз... Б’юцца, калі хто спіраецца...

Матрос, як пачуў пра ўсё гэта, парыўчата ўстаў, ляснуў кулаком па стале.

— Дык жа досыць ужо! Панапіліся крыві... Пойдзем-тку, пагамонім... Хлопцы, хадзем!..

Яго спрабавалі затрымаць — зналі, што наробіць бяды, дык — дзе там! Крутнуўся разы са два (дужы, як вол) — і ўсе паадсыпаліся.

Лясніцкі не адставаў ад яго ні на пядзь. Ад выпітай гарэлкі, ад запальных матросавых слоў, ды яшчэ ад шпаркага руху (яны беглі ўгрунь) бушавала ў грудзях кіпучае мора злосці, якое магло цяпер штурхнуць яго на самы дзікі ўчынак.

Каля нечае хаты ўжо сабраўся досыць вялікі натоўп. Вароты на двор былі зачынены, а перад форткай стаяў салдат з нарыхтаванай стрэльбай і адганяў народ. Матроса адразу прапусцілі наперад — за ім прайшоў і Лясніцкі. Яны падышлі да вартаўніка. Тут стаяў ужо, раскірэчыўшы ногі, Халіма і не то сварыўся, не то проста дражніўся з вартаўніком. З двара чуваць быў гоман, нейкі трэск, бабскі плач і недалужны ёкат мужчыны.

Матрос падышоў да салдата, пахмура і злосна крыкнуў:

— Прапусці, ну!..

Салдат моўчкі навёў у яго стрэльбу. Матрос спыніўся.

— Што, страляць? Хочаш забіць, так? Думаеш, гэта так сабе пройдзе? Кажу — прапусці, ну?!

У гэты момант адчынілася фортка, і ў ёй паказаўся афіцэр — мусіць, іхні старэйшы — высокі мужчына, з маленькім тварам, на якім грэбліва шаваліліся вусікі і тупа плылі масляністыя кацячыя вочы. У руках ён трымаў наган.

— Што тут такое? Чаго пазбіраліся, а? Разыйдзісь!

Матрос не крануўся з месца. Утупіўся, як бык, і прабурчаў з настойнай пагрозай:

— Чаго шукаеш, га? Што табе трэба тут?..

— Разыйдзісь, а то загадаю страляць!.. Разыйдзісь!..

— Каго шукаеш, пытаю?

— Разыйдзісь! Салдаты, сюды!..

Тут здарылася нешта зусім нечаканае. Матрос паспешна выхапіў з кішэні рэвальвер і стрэліў у афіцэра. Той недалужна заграбаў рукамі, сутаргава хапнуў некалькі раз паветра і пасунуўся долу. Збялелы, перапалоханы салдат няпэўным рухам навёў у матроса вінтоўку, але не справіўся стрэліць, як Халіма, падкраўшыся збоку, зусім спакойна падняў вінтоўку ўгару і потым без асаблівых патуг адабраў яе.

Матрос дзіка зароў, як звар’яцелы:

— За мной!

Уварваліся на двор. Нехта страляў, нехта нешта крычаў — падняўся страшэнны гармідар. Хваля людскога натоўпу выперла Лясніцкага аж на гарод, і тады ён убачыў, як ужо далёка, ля самых гумён, беглі асалапелыя ад страху палякі, кідаючы на бягу аружжа. Адзін застраў быў, зачапіўся, пералазячы цераз прасла, і Лясніцкі бачыў, як нейкая баба, трапіўшыся тут каля блізу, падбегла да яго і заўзята хвастала яго карамыслам, аж пакуль не перакуліўся ён на той бок і не пашыбаваў па полю ўслед за сваімі харобрымі таварышамі.

Сярод сялян падняўся вясёлы рогат. За палякамі далей не пагналіся — пачалі шумліва перакідвацца жартамі — смяшылі адзін аднаго і самі сябе. Потым вярнуліся на вуліцу. Вакол матроса сабраўся шчытны гурток — пачалі радзіцца, што рабіць далей. Пастанавілі вынесці забітага афіцэра за вёску і кінуць дзе-небудзь у роў, а матросу ўсе ў адзін голас параілі зараз жа, не марудзячы ні хвіліны, уцячы.

Матрос узяў з сабой трох хлопцаў і некуды знік. А праз хвілін дзесяць з’явіўся па-дарожнаму апрануты, узброены, пачаў развітвацца з усімі вяскоўцамі. Адзін з тых хлопцаў, якіх ён вадзіў з сабой, таксама быў гатовы ў дарогу.

Матрос быў ужо зусім цвярозы — яго грубаваты твар выяўляў сур’ёзную руплівасць, турботу. Развітваючыся з Лясніцкім, ён сказаў яму з сумнай усмешкай:

— Не давялося нам і пагуляць разам... Ну, можа, яшчэ ўбачымся. Калі што,— пытай тут у хлопцаў — яны будуць ведаць — ды прыходзь да мяне — паваюем...

Вяселле гулялі далей. Спачатку — пад свежым уражаннем — толькі і гаворкі было, што аб гэтым здарэнні. Потым гарэлка вольна разблытала думкі — зноў пайшло тое, што было і раней.

Лясніцкі спачатку моцна адчуваў адсутнасць свайго вясёлага размоўцы, але праз хвілін дзесяць, калі ў галаве зноў расплылася хмельная муць, а ў вачах мігнуў яшчэ мокры ад слёз, але ўжо сагрэты знаёмай гарэзлівай усмешкай твар матросавай Ганны,— узняўся настрой, забушавала кіпучая весялосць. Неўзабаве ён апынуўся ля Ганны, пачаў суцяшаць яе, частаваць гарэлкай і, нарэшце, завёў з ёй лёгкую жартлівую гутарку, ад якой яна то сарамліва тупіла свае вочы, то бліскала на яго смелым юрлівым агеньчыкам.

Шэрай гадзінай паляцела па вёсцы новая вестка: па дарозе на воласць у лесе нехта забіў польскага каменданта. На вёсцы кожны адразу падумаў:

«Забіў матрос».

Гэтая вестка чамусьці ўзбудзіла ўнутры Лясніцкага хвалю тупой невыразнай трывогі. Мімаволі падумалася:

«Палякі гэтага не даруюць».

Але ў п’янай галаве доўга не трымалася гэтая думка: прамігнула і знікла, патанула ў хвалях вясёлага тлуму.

Позна ноччу Лясніцкі пайшоў з Ганнай гуляць. Яны апынуліся сярод нейкіх дрэў, потым упёрліся ў прасла, і Лясніцкаму здалося, што яны заблудзіліся ў нейкіх непраходных нетрах. Але замест таго, каб шукаць якога выйсця, ён абняў Ганну і пачаў цалаваць. Яна спачатку млява здавалася на яго ласкі, а потым, калі ён стаў занадта рашучы, злёгку ўдарыла яго па руцэ і ўцякла. Лясніцкі пачуў тады страшэнную змору і рашыў адпачыць. Ён сеў на траву, вяла разважаючы аб залішняй далікатнасці жаночага роду і аб тым, як прыемна пасядзець на свежай травіцы дзе-небудзь у глухіх бязлюдных нетрах. А як лажыўся і як засынаў, Лясніцкі ўжо зусім не помніў.

Прачнуўся ён ад глухога, але балючага ўдару ў бок і ўбачыў над сабой сталёвы свет ранняга золку, цёмныя зубастыя лісці крапівы і некалькі польскіх салдат. «Нетры» аказаліся невысокім узгоркам, які падымаўся ад вуліцы да абгароджанага праслам садзіку і на якім расло некалькі сухарлявых дрэўцаў.

Салдаты будзілі з жорсткай настойнасцю і без усякай далікатнасці. Ад другога выспятка ён ускочыў на ногі і гатоў быў рабіць усё, што яму загадаюць. Яго, злосна штурхаючы, правялі крокаў сто па вуліцы, і тут ён убачыў цэлую вятку хлопцаў, якія стаялі супроць Піліпавай хаты, абкружаныя коннымі салдатамі. Сярод іх выразна вылучалася грамоздная фігура Халімы.

Лясніцкаму далі апошняга таўкача, і ён быў далучан да грамады арыштаваных хлопцаў. Ён перш за ўсё страшэнна здзівіўся, убачыўшы, што ўсе хлопцы зусім спакойныя: вясёла жартуюць, смяюцца, быццам сабралі іх на нейкую цікавую забаву. Але зараз жа нейкі хлопец растлумачыў яму, цішком шапарнуў на вуха:

— Матрос у лесе з хлопцамі. Як будуць весці ў воласць — адаб’е. Пры першым стрэле кідайся на каторага...

Тады і Лясніцкі ўсміхнуўся, давольны, што будзе сведкай і ўдзельнікам такой цікавай баталіі.

Па вёсцы туды ды сюды гарцавалі коннікі — лавілі хлопцаў і валаклі іх у агульны гурт. З кожнай хвілінай рос і пашыраўся па вёсцы жудасны плач — маткі, сёстры выйшлі выпраўляць сваіх родных у невядомую страшную дарогу. Дзе-нідзе чуваць былі рэзкія гукі злоснай лаянкі, якія ў большасці канчаліся бяссільным стогнам і ёкатам: умелі польскія жандары навадзіць парадак.

Пагналі іх, як скаціну, бязладным гуртам — пусцілі наперад, а самі ехалі адзаду з нарыхтаванымі стрэльбамі. Калі хлопцы ішлі не так шпарка, як хацелася праваднічым, наязджалі коньмі на задніх і звонка сцёбалі бізунамі па галовах, па тварах, па чым пападзя.

Пацягнулася шырокае, яшчэ пустое і шэрае поле. За ім далёка-далёка, ледзь прыметным чорненькім матузком адзначыўся лес, які цягнуўся вёрст на шэсць, даходзячы да самай воласці. На лес пазіралі ўсе з захаванай надзеяй, з трывожным боем усхваляваных сэрцаў. Пэўна, кожнаму дарога праз поле здалася бясконца-цягучай і нуднай. Палякам не трэба было падганяць: ішлі ўсе з нервовай напружанай паспешнасцю.

Вось і зусім ужо блізка жаданы лес. Бліжэй, бліжэй. Ужо вока пранікае ў яго маўклівую глыбокую гушчыню, ужо відаць, як на гладка-ўбітую дарогу лезуць з бакоў карчаватыя дрэвы, як выстаўляюць свае даўгія голыя цыблы кусты прыдарожнай лазы.

І бачаць хлопцы, што на дарозе — далёка-далёка, ад самага ледзь віднага завароту, ціха курыцца пыл. У вачах ва ўсіх палахліва мільгае неўразуменне.

«Хто гэта? Няўжо нашы на конях!»

Пыл расце, набліжаецца, потым, на момант затрымаўшыся, вылучае сілуэт аднаго конніка. Яшчэ праз хвіліну — відаць, што гэта скача польскі ўлан — скача з шалёнай адчайнай шпаркасцю. Ён падляцеў проста да камандзіра — збялелы, устурбованы, з недалужна і неяк смешна адвіслай левай рукой (рукаў быў густа запэцканы ў кроў) — пачаў нешта, захліпваючыся, яму дакладваць. Хто быў бліжэй, то разабраў сэнс гэтага дакладу: улан сустрэў у лесе вялікі атрад партызанаў і, паранены ў левую руку, ратаваўся толькі дзякуючы шпаркасці свайго каня.

Камандзір зараз жа даў загад звярнуць убок, і яны пайшлі нейкімі блытанымі абходнымі дарогамі. Настрой у хлопцаў асеў — яны ішлі пахмурыя, цёмныя, мала адзін з адным гаварылі — кожны ўглыбіўся ў свае невясёлыя думкі.

У воласці стаяла польская камендатура — туды і даставілі арыштаваных хлопцаў. Там наладзілі ім жорсткі допыт (патрабавалі выдаць бальшавікоў), які, аднак, не даў ніякіх вынікаў: усе паказвалі на матроса, а больш ніхто нічога і не ведаў. Тады пачалася страшэнная дзікая экзекуцыя над усімі арыштаванымі. Секлі шампаламі да непрытомнасці, сыпалі соль на парванае раскрывяненае цела, уторквалі ў цела вострыя канцы шабель і паволі пакручвалі, прыгаварваючы ў крыважэрнай злараднасці:

— Вось вам свабода... Вось вам саветы... Помні бальшавікоў. Помні, як бунтаваць...

Экзекуцыя мінула толькі Халіму і Лясніцкага — іх, як чужых, нетутэйшых, улічылі за важных бальшавікоў, за арганізатараў усяе завірухі і ў той жа дзень накіравалі да галоўнага пракурора.

 

Увушшу ў Лясніцкага надоўга асталася жудасная музыка гэтых страшэнных стогнаў, гэтага дзікага ляманту людзей, згубіўшых волю і памяць ад нясцерпнага лютага болю. Ён павінен быў усё гэта слухаць, ён не мог не слухаць, бо катавалі пад самымі вокнамі таго памяшкання, у якім іх з Халімам запёрлі.

Халіма быў бадай што спакойны, ён толькі не мог быць на адным месцы — усё хадзіў, усё мераў пакой буйнымі рэзкімі крокамі. А Лясніцкі зусім страціў прытомнасць. Заткнуўшы вушы, ён кінуўся ніц на падлогу, забіўся ў куток і калаціўся ўвесь, як у трасцы. Вушы няможна было так заткнуць, каб не чуць нічагутка. Усё роўна даляталі жудасныя гукі і — прыглушаныя, затуманеныя — былі нават яшчэ страшнейшыя. Лясніцкі пачынаў плакаць, але плакаў бязгучна, адным сухім уздрыгваннем сціснутых болем грудзей. А ў галаве балюча біліся некалькі слоў і гнялі сваёй нязменнай паўторнасцю, будзілі прылівы шалёнае гнеўнае роспачы.

— Дзе канец? Дзе мера гэтым мучэнням? Хто адплоціць за іх? Хто пакарае?..

Потым ён кінуўся быў да дзвярэй і біў у іх з усіх сіл кулакамі, крычаў не сваім, прарэзлівым нейкім голасам:

— Пусціце! Вазьміце і мяне!.. Бярыце!.. Бярыце мяне, звяры!..

Салдат, што іх вартаваў, адчыніў дзверы і флегматычна ўдарыў яго ў грудзі прыкладам. Калі ж ён зноў ашалела кінуўся на дзверы, яго схапіў Халіма і, моцна сціснуўшы сваімі дужымі лапамі, адвёў у дальні куток.

А самы нясцерпны боль быў тады, як узялі таго маладзенькага, беленькага — гадоў у шаснаццаць — хлопчыка. Лясніцкі адразу пазнаў яго голас. Яшчэ ідучы, ён да яго прыглядаўся, загаварыў з ім і дзівіўся яго простай вясёлай наіўнасці. Цяпер, як жывы, ён паўстаў уваччу: чысты адкрыты твар, шыракаваты рот, бліскучыя жвавыя вочкі, так люба прыжмураныя ад сонца.

Спачатку нічога не чутна было — мусіць, трымаўся, гаротнік, хацеў паказаць сваю мужнасць. А потым пачулася ціхае стагнанне, жудасна падобнае на горкі дзіцячы плач. І гэта, вырванае з самага сэрца, бязмежна-балючае слова:

— Мамка! Мамачка!..

Ці адчувала ў тую хвіліну матчына сэрца, як мучылі яе дарагога сыночка?

Яго замучылі. Ужо значна пазней, мо праз некалькі год, Лясніцкі выпадкова даведаўся, што гэты беленькі хлопчык не вытрымаў катавання і праз тыдзень сканаў.

Лясніцкага і Халіму выправілі ў той самы дзень гадзіне а чацвёртай спаўдня. Іх павялі два добра ўзброеныя легіянеры. Адзін з іх быў пажылы, вусаты — ён аказаўся потым дужа гаваркім і вясёлым. А другі — яшчэ зусім малады — увесь час летуценна маўчаў, азываючыся толькі глыбокімі гучнымі ўздыхамі. У гэтага быў невялічкі — клінам уніз — твар, а на ім шырокія сцюдзяністыя вочы і малюпасенькі роцік. Ён быў дужа падобны на птушку, а ўздыхаў таму, што пакідаў на некалькі дзён сваю каханую — нейкую тутэйшую шляхцянку. Першы зусім добра гаварыў па-расійску, а другі за ўсю дарогу блізка што не сказаў ніводнага слова, і было невядома, ці ўмее ён гаварыць наогул.

Спачатку ішлі моўчкі. Старэйшы вартаўнік (пажылы, вусаты) памыкаўся праявіць належную строгасць і нават забараніў хлопцам гутарыць паміж сабой. Потым пачаў бурчаць нешта пра бальшавікоў, перайшоў на зямлю, на сельскую гаспадарку, пачаў лаяць тутэйшых сялян за тое, што не ўмеюць хадзіць каля зямлі. Халіма тады запытаў у яго:

— А ў вас хіба не так гаспадараць?

Ён змоўк, быццам разважаючы, ці варта гэта завадзіць гутарку з арыштаваным, ці не. Але натура перамагла — ён пачаў апавядаць, як працуюць у іх на зямлі, колькі маюць прыбытку і г. д. Гаварыў спачатку сярдзіта, быццам нехаця, а далей захапіўся і забыўся зусім, што гаворыць з арыштаваным, што трэба трымаць з ім жорсткі, сур’ёзны тон. І завязалася ў іх з Халімам заўзятая гутарка, якая неўзабаве ўвяла вусатага ў самы дабрадушны настрой. Праз хвілін дзесяць ён пачаў ужо выкладаць сваю аўтабіяграфію, у першую чаргу важна зазначыўшы, што яго завуць «пан Пясоцкі». Калі ж ён памянуў пра месца свайго нараджэння, у гутарку ўвязаўся Лясніцкі. Лясніцкі добра помніў геаграфію, а памянёная легіянерам мясцовасць чамусьці асабліва станоўка ўелася яму ў памяць. Ён назваў некалькі суседніх пунктаў і, калі той здзіўлена ў яго ўтаропіўся, няўважна зазначыў:

— Бывалі і там — знаёмая мясціна...

Тут ужо вусаты зусім узрадаваўся. Ён у сваю чаргу пачаў з захапленнем прыпамінаць суседнія гарады і мястэчкі, а Лясніцкі рабіў від, што добра іх ведае, і нават апісваў некаторыя падрабязгі, спецыяльна выбіраючы такія, якія падышлі б да кожнага горада або мястэчка.

Праз гадзіны паўтары між хлопцамі і вусатым легіянерам была поўная сяброўская згода і прыязнасць. Быццам і не было таго, што яны арыштаваныя, а ён іхні вартаўнік, што ён вядзе іх, як важных злачынцаў, на нейкі страшны суд, а можа, і на смерць. І вось тады Халіма, сустрэўшыся поглядам з Лясніцкім, бадзёра і весела яму падміргнуў. Лясніцкі падумаў, што ў Халімы ёсць ужо нейкі план вызвалення, і стаў трымаць сябе напагатове. Ён заўважыў, як Халіма спрытным манеўрам перавёў гутарку на палітычную тэму, на барацьбу легіянераў з бальшавікамі. А далей ужо сам легіянер падышоў да іхняга арышту, з шчырай спагадай запытаўся, за што іх узялі. Халіма расказаў усё, як было, і «пан Пясоцкі» задуменна зазначыў:

— Хто яго ведае, што там будзе. Мы — што... Мы робім, што нам загадаюць...

Увайшлі ў лес. Тут адразу пачулася, што дзень падыходзіць к канцу — косы барвянага сонца мазалі толькі макушкі дрэў, а ўнізе стаяла цьмяная муць. Паміж дрэў ужо гатовы былі звінуцца першыя згусткі вячэрняга змроку.

«Пан Пясоцкі» чамусьці змоўк, пачаў турботна сапці, мычаць, мармытаць нешта сам з сабой. Потым звярнуўся да маўклівага таварыша:

— Што, пан Быліна, ці не панна Адэля прымусіла так сумаваць?

Той маркотна ўсміхнуўся, але нічога не адказаў. Прайшлі яшчэ трохі моўчкі. Вусаты зноў звярнуўся да «пана Быліны»:

— Як, пан Быліна, дзён пяць давядзецца патраціць, не іначай?

Той моўчкі ўздыхнуў. Яшчэ прайшлі трохі. Яшчэ вусаты памуліўся, памычаў трохі і зноў сказаў, але ўжо зусім няўпэўнена:

— А каб узяць ды вярнуцца назад, га?..

Халіма дарэчы ўставіў, быццам — так сабе, між іншага:

— А чаго б вам з намі вантэжыцца... Вярнуліся б, ды і па тым...

«Пан Пясоцкі» зрабіў від дужа хітрага чалавека і засмяяўся:

— Хе-хе-хе... Іш ты, куды заварачвае... Я, брат, бачу цябе навылёт... А з вамі што зробім?

— А мы ўцячом.

— Э не, галубец, на гэтым не выедзеш...

— Ну, адбяром у вас вінтоўкі...

— Зусім кепска... Прападзём!..

І вось тут азваўся маўклівы і летуценны Быліна:

— Можна сказаць, што партызаны адбілі, гэта ж не першыня...

Небарака, відаць, страшэнна хацеў вярнуцца да свае панны Адэлі.

Кончылася ўся гэта справа на тым, што яны па-сяброўску развіталіся і легіянеры пайшлі той самай дарогай назад, а хлопцы ўглыбіліся ў густы, ужо добра зацягнуты змрокамі лес. На развітанне «пан Пясоцкі» шчыра пажадаў хлопцам усяго лепшага, пацалаваўся з абодвума, а Лясніцкаму з цёплай ветласцю напамянуў:

— Калі прыйдзецца быць у нашых мясцінах, дык не забудзьцеся, дзе мая хата.

Лясніцкі, да слёз расчулены гэтым развітаннем, думаў:

«Гэта ж зусім не ворагі... Гэта ж — свае... Ці ж ім трэба ваяваць з бальшавікамі ды катаваць мірных сялян?..»

А Халіма, як за звычай, схаваў сваё пачуццё пад маскай беспрасветнай пахмурасці.

У лесе пахла мохам, леташнім лістам і цёплым дыханнем пышна набраклых почак. Стаяла мяккая плынная цішыня, якая была настолькі адчувальная, што здавалася нейкім бязгучным, але настойліва-блізкім шопатам.

Хлопцы стараліся далёка не адбівацца ад дарогі і пайшлі лесам у той самы бок, куды вярнуліся легіянеры. Так ішлі яны, пакуль зусім не сцямнела, а тады рашылі выйсці на дарогу. Аднак дарогі яны не знайшлі. Яны не прымецілі, як упацёмку ўзялі няпэўны напрамак і заблудзіліся. Тады пачалі яны з упартай настойлівасцю шукаць гэтую згубленую дарогу і чым больш шукалі, тым глыбей убіваліся ў чорныя непраходныя нетры. Нарэшце, натрапілі на нейкую сцежку і пайшлі па ёй, спадзеючыся хоць куды-небудзь ды выйсці. Праз паўсотні крокаў сцежка нечакана разбеглася, быццам растала, і зноў пачаўся дзікі някрануты лес. Яны рашылі пайсці назад па гэтай самай сцежцы і — не знайшлі яе. Тады Халіма рашуча спыніўся.

— Кончана. Заблудзіліся ў поўнай меры. Прыйдзецца начаваць.

Лясніцкі яшчэ з нейкай надзеяй пазіраў на глухую сцяну чарнільнай цемры. Здавалася, што якраз во тут, за гэтым бурвалкам, будзе абавязкова дарога. Яшчэ, можа, крокаў з дваццаць якіх.

Яны яшчэ трохі прайшлі, і Лясніцкі пераканаўся, што не толькі дарогі, а і бурвалка тут не было аніякага. Тады зноў спыніліся і пачалі меркаваць, як наладзіць сабе начлег. У часе гутаркі Халіма раптам сціх і застыгнуў, напружана ўглядаючыся ў цемру. Потым весела таўхануў Лясніцкага.

— Агонь!

Сапраўды, прыйшоўшы з гоні, яны выйшлі на невялічкую прагалінку, сярод якой быў раскладзен агонь. Тут быў цудоўна прытульны зацішны куточак. Дрэвы і кусты абгароджвалі прагалінку шчытнай, быццам наўмысля зробленай сцяной, на якой дрыготна бегалі калматыя, парваныя водбліскі агню і вырывалі з цемры дзівосна-пераблытаныя жмуты голага вецця.

На вялікае дзіва, каля агню не было ніякага жывога стварэння. Хлопцы пастаялі трохі ў нерашучасці, а потым усё-ткі адважыліся і падселі к агню. Падумалі, што гаспадар агню адышоўся ў лес за галлём. Аднак прайшло хвілін пяць, потым дзесяць, пятнаццаць, а ніхто не прыходзіў. Хлопцы ўжо і перасталі чакаць, выгадна разлягліся каля агню і з вясёлай жартлівасцю пачалі перабіраць свае нядаўнія прыгоды. Тады раптам рассунулася вецце і на прагаліну выйшаў чалавек. Ён здаўся адразу Лясніцкаму незвычайна кудлатым і страшным — мабыць, здалося гэта ад фантастычнай гульні дрыготных водбліскаў. У адной руцэ чалавек трымаў стрэльбу, а ў другой — торбу і напалавіну абскубленую нейкую птушку.

— Я прыглядаўся, хто вы такія... Нічога, нічога, ляжыце...

Ён спакойна падышоў к агню і, заняўшы вольнае месца, пачаў даскубваць сваю птушку. Цяпер Лясніцкі ўбачыў, што гэта — буйны і дужы мужчына, з прыгожым тварам, поўным трохі пахмурай мужнасці, з энергічнай — чорнай і кароткай расліннасцю.

— Я чуў, як вы гаманілі тут... Дзе гэта было, далёка?..

Хлопцы пачалі тлумачыць, дзе гэта было, неўпрыметкі перайшлі на апісанне саміх падзей і расказалі яму пра ўсё чыста, што толькі бачылі і перажылі за апошнія дні. Ён слухаў з глыбокай цвёрдай увагай і ў залежнасці ад зместу гаворкі то хмурыў свае густа-чорныя бровы, то панура ківаў галавой, то ўсміхаўся — хваравіта і сумна.

Кончылі хлопцы расказваць, і на нейкі час змоўклі ўсе — у сцеражліва-застыглай цішы выразна адзначыўся дробны трэск агню ды недзе заплакала сава адзінотным горкім дзяцёнкам. Хлопцы з затоенай цікавасцю сачылі за незнаёмым мужчынам, за кожным яго сур’ёзна-размераным рухам — нечага напружана чакалі, глыбока заінтрыгаваныя яго таемнай маўклівасцю.

Незнаёмы спёк на агні сваю птушку і моўчкі падзяліў яе на тры часткі. Хлопцы не адмаўляліся — з ахвотай прынялі яго пачастунак, пачалі жадліва есці — яны добра паспелі ўжо выгаладацца.

Павячэраўшы, незнаёмы закурыў піпку і, выгадней прыладзіўшыся каля агню, нерухома пусціў некуды ўбок пусты невідушчы погляд. Здавалася — нешта перабіраў ён у сваёй станавітай памяці, нешта шукаў у ёй з спакойнай абыклай стараннасцю. Ясна стала, што зараз пачне ён нешта расказваць і раскажа толькі цікавае, важнае — глупства якога ён не будзе казаць, не з такіх.

І вось расказаў незнаёмы мужчына адну страшную трагедыю, разгарнуў невялічкі кавалак жыцця, які сабраў у сабе ўсю чорную жудасць жорсткай няпраўды, усю лютую сілу адвечнай варожасці.

— Вёска мая была недалёчка тут, вёрст якіх шэсць ці сем. Ну, што там казаць: за бальшавікамі ўзялі трохі вольнасці — лес там, зямля ды і сялібу панскую трохі чапілі. Паня ўцякла, разумеецца, і сын яе, і камісар. А потым кінулі нас бальшавікі, запанавалі гэтыя легіёны. Ну, тут ужо і пайшло, пачалося. Вярнулася паня з усёй сваёй хеўрай і давай спаганяць. Легіёны сабе, яна сабе — пайшло такое разбойства, якога і свет не бачыў. Ездзяць гэта па вёсках — паніч з афіцэрамі, з легіёнамі раз’язджае — што пакажа, тое і бяруць. Хай бы сваё, а то ж пачалі забіраць усё, што толькі спазрыцца. Ды яшчэ б’юць — нашто браў панскае дабро. А той каторы і блізка не быў. Потым пачалі ганяць на работу — чыста прыгон вярнуўся. І араць, і гной вазіць, і парк, і сялібу ўсю падчышчаць... Ну дзе ж там вытрымаеш! Ды, калі што,— розгі, шампалы! Слова скажаш — а, бальшавік! — і ўзялі на рэмус... Было ў нас на вёсцы два матросы — расхадовыя хлопцы! — дык з іх усё занялося. Пачалі народ бунтаваць, аружжа недзе дасталі, набралі хлопцаў з паўсотні ці больш. Прыязджаюць нешта чалавек з дзесяць палякаў (лес трэба было пані прыбраць, галлё павывезці), а ім замест усяго далі такога гасу, што — дзе толькі дзеліся! Старэйшага і двух салдатаў забілі. Ну, тут і пайшло... Пад вечар у той жа дзень наступала на вёску паўтараста палякаў. На вёсцы падняўся гвалт, лямант. Усе ўцякаюць — хто на кані, забраўшы якую лахманіну, хто пехатой, абы самому ўцячы. Ну, нашы хлопцы стаяць, не палохаюцца. З старэйшых хто-які далучыўся (пайшоў і я ўжо тады), чакаем сабе, рыхтуемся. Ну і што ж вы думалі — адбілі. Ды мала таго... Прагналі іх, а тады ўдарылі на маёнтак. Паны ўсе — драла, палякі (стаяла там дзесяткі два) — драла. А мы падпалілі маёнтак ды самі назад. Гарыць маёнтак, палае, а тут — крык, гармідар, плачуць бабы, дзеці, усе спяшаюцца, уцякаюць — ведаюць усе, што не будзе дабра. І вось той ноччу пасунуліся на нас з двух бакоў палякі. Поўныя два батальёны пайшлі — затрашчалі стрэльбамі, кулямётамі. А нас з кожнай хвілінай меншае: каго заб’юць, а то самі ўцякалі ўжо, бачылі, што дзела дрэнь. Асталося нас так чалавек з трыццаць. Дык усё-ткі да свету трымаліся. Каб паказаць, што нас многа, перабягалі ўсё з аднаго месца ў другое — балазе цёмна, не відаць ім — ды і смалілі бесперастання. А залачком не заўважылі, як падышла да самай вёскі іхняя разведка — чалавек сорак. Схапянуліся, смалянулі з-за вуглоў — яны, бачым, замяшаліся трохі. Вось тут — быў у нас дзед адзін, стары салдат — выскачыў ён ды як закрычыць — ура! за мной! Кінуліся ўрукапашку, прагналі. Ну тады ўжо бачым, што не паласа — бокам, бокам ды й драпанулі. Палавіна дабегла да лесу, а палавіна лягла пад кулямі. І дзед наш, ваяка, застаўся там... Ну, а што было далей... эх, нядобра, хлопцы, было... Не мне б пра гэта казаць, а не вам слухаць...

Ён змоўк на хвіліну, стаў раскурваць піпку. Балюча заныла едкая цішыня, хацелася, каб скарэй пачаў ён зноў гаварыць, каб не мучыў цяжкім маўчаннем. А як стаў гаварыць, пужаў яго голас — ненатуральна цвёрды, сціснуты нейкі, страшна было, каб не парваўся ён, каб не прабіліся скрозь яго напружаную сцісласць нясцерпна-пякучыя мужчынскія слёзы.

— Перш-наперш пачалі рабаваць. Клалі на падводы ўсё, што толькі мела якую цану, і вывазілі. Падушкі, адзежу, збожжа, свіней, кур — усё чысценька. А тады падпалілі. Не было ветру, дык хадзілі і падпальвалі кожную хату, кожны будынак. Спалілі ўсё дашчэнту, бервяна не асталося. А з людзьмі што рабілі... Былі на вёсцы, аставаліся яшчэ некаторыя — не хацелі ісці ад дабра ад свайго. Дык лавілі, здзекваліся, выраблялі, што толькі хацелі. Як рабавалі, дык лавілі мужчын і запрагалі ў калёсы, вазілі на іх іхняе ж дабро. Вазы накладалі, як на каня, а калі не браў каторы везці — білі бізунамі, прыкладамі, калолі шаблямі. А потым, як запалілі, кідалі жывых у агонь, заганялі бізунамі... Старых жанчын — усіх, хто толькі трапляў пад рукі... Сына майго... семнаццаць гадоў... уцякаў ён ад іх, ад звяроў, убіўся некуды ў пуню, у дровы... дык падпалілі... жывога... і пахаваць не давялося... Жонку забілі, двое сірот пакінулі... недзе ў чужых... хто іх там ведае... А пачалі ж потым нас шукаць. Усе лясы паабнікалі, усе разлогі... Дзе толькі знойдуць каго маладога — б’юць, страляюць. Людзі нашы з сем’ямі былі ў адным ляску сабраўшыся. Дык і там не далі спакою. Наехалі, пачалі і тое адбіраць, што з сабой увалаклі. Падушкі з-пад дзяцей хапалі. А дазналіся, чые былі ў паўстанцах,— пачалі сеч. Двух мужчын да смерці засеклі. Потым яшчэ што надумалі — на ўсю акругу загад далі, каб не прымалі нікога з нашай вёскі... Так і бадзяюцца некаторыя — галодныя, голыя... А іншыя падаліся куды-небудзь... У старцы многа пайшло... Хто ўжо ведае, як яно будзе далей...

Кончыўшы расказваць, ён пачаў з нейкай ненатуральнай стараннасцю раздзьмухваць агонь — мусіць, хацеў схаваць сваё хваляванне — потым устаў і пайшоў за дрыўмі.

Хлопцы ляжалі ў напружаным нямотным маўчанні. Лясніцкаму здалося, што недзе ў чорнай цішыні лесу пранёсся глухі прыдушаны енк. Можа, гэта дзе-небудзь завыла сава? А мо яшчэ не расталі ўвушшу адгалоскі таго, што давялося пачуць там, у воласці?

Нешта балюча сціскала сэрца, нешта гняло тупа навіслым цяжарам. А ў галаве засела адно назоллівае, невыводнае:

«Дзе мяжа гэтым здзекам? Дзе мяжа гэтай лютай варожасці, гэтай жорсткай бязлітаснай барацьбе? Ці ёсць такія законы людскасці, якія б маглі стрымаць крывавы шал гэтае барацьбы».

І сам сабою выплываў адказ, вырастаў з нутра, як страшны, але немінучы вынік усяго перажытага.

Бязмежная гэта варожасць і бязмежная барацьба! І няма для яе ніякіх законаў і правіл, бо барацьба гэта на жыццё і смерць. Яна падзяліла ўсё чалавецтва на два смяротна-варожыя лагеры — паміж іх не можа быць міру, не можа быць ладу. І ніхто не стане воддаль ад іх, ніхто не міне барацьбы.

Хто не з намі, той супроць нас!

Вярнуўся незнаёмы, падклаў дроў у агонь і сеў у ранейшай паставе — маўклівы і задуменны. У гэты момант недзе зусім блізка запела, пачуўшы ранне, нейкая птушка. Тады Лясніцкі ўспомніў пра казку перавозніка Саўкі, пра дзіўную Іванкаву дудку.

Ці не яна гэта, тая чароўная дудка, узбудзіла народ, узняла яго, каб пастаяў за праўду, за шчасце? Ці не за ёй гэта так ашалела ганяецца панская зграя, на смерць перапалоханая яе дзіўным магутным іграннем?

Яны праляжалі моўчкі аж да самага золку. Ніхто і вокам не звёў у гэту кароткую вясновую ноч. А як занялося на зару, незнаёмы запытаў у хлопцаў:

— Вы куды цяпер пойдзеце?

Лясніцкі адказаў адразу, быццам ён ужо думаў аб гэтым і ўжо даўно гэта вырашыў.

— Я пайду ў горад. Мне трэба бачыць Андрэя.

Чаму — бачыць Андрэя, дык ён і сам не ведаў: неяк само сказалася. А Халіма памаўчаў трохі і потым запытаў у незнаёмага:

— Ты што тут робіш?

— А? А вось хаджу ды высцерагаю. Калі на каго натраплю,— застрэлю.

— Ну і як?

— Забіў паню, афіцэра і двух легіянераў...

— Адзін ходзіш?

Той падазрона зірнуў на Халіму. Відаць, падумаў, што хоча прысябравацца.

— Мне таварышаў не трэба. Баюся людзей. Прападу, дык сам... Усё роўна...

Тады Халіма рашуча нахмурыўся і заявіў:

— Пайду к дзядзьку, пашукаю матроса. Трэба ваяваць дзе-небудзь.

Незнаёмы вывеў іх на скрыжаванне дарог і паказаў:

— Вось гэта — на горад, гэта — да дзядзькі твайго, а мне дарога — назад, у цёмны лес.

Лясніцкі спытаў у Халімы:

— Калі сустрэнемся?

Той трохі падумаў і адказаў:

— У першы дзень, як займуць бальшавікі горад, я там буду.

Сказаў зусім упэўнена, быццам загадзя ведаў, калі гэта будзе.

Яны развіталіся і пайшлі ўсе трое ў розныя бакі...

 

Частка шостая

Ніна неўваротка і дробна перавальвалася з нагі на нагу, у шчаслівай знямозе нясла перад сабой свой выразна ўзняты жывот. Яе такая хада, увесь яе камічна-раструшаны выгляд ды яшчэ гамонка — паспешная, перарваная частымі аддышкамі, паўзамі,— усё гэта заражала нейкай інстынктыўнай руплівасцю. І Лясніцкі, неўзаметку для самога сябе, пачынаў падбаўляць ходу, пачынаў спяшацца — аднаўлялася і ахапляла ўсяго тая трывожная турбота, якая гнала ў горад, якая ўвесь час выклікала вострае адчуванне нечага пільна неабходнага, да чаго трэба імкнуцца ў напружанай паспешнасці, каб не празяваць, каб не страціць патрэбнай хвіліны. А што гэта было — такое пільнае, неадкладнае — Лясніцкі і сам не цяміў.

Ніна спыняла Лясніцкага толькі тады, як ужо нязмога была ёй справіцца з ім (ён чым далей, тым больш разганяўся, захоплены сваёй незразумелай турботай). Яна лавіла яго за руку і гаварыла ў жартлівай роспачы:

— Лясніцкі! Я ж не хачу аставацца... Пачакайце мяне.

Лясніцкі тады, смеючыся, затрымліваў ход і некаторы час ішоў з наўмыснай павольнасцю, смешна так, дзыбата перастаўляючы ногі. Ніна смяялася над ім і дражніла буслам, а ён называў яе качкай.

Яны сышлі ўніз па крутых драўляных прыступках і адразу апынуліся ў акрайным раёне горада — пайшла чарада бедных завулкаў, дзе зусім аголена свіцілася дробнае жыццё маламожных мяшчан — з козамі, з парсюкамі, з брудным дзяцьвішчам, сланечнікам, з адкрытым — на ўвесь завулак — смехам і сваркай, з вазонамі і мандалінамі, з спелымі, заўсёды гатовымі да замужжа, дзяўчатамі. Ад таго, што косы вячэрняга сонца зусім нізка слаліся па завулках і былі наіўна-простыя, хатнія, ад таго, што недзе рыкалі каровы,— гэты раён цяпер здаваўся дужа падобным на вёску.

Ніна спынілася каля варот аднаго мізэрнага доміка.

— Сюды, у фортку.

У Лясніцкага ні з таго ні з сяго забілася сэрца. Ён стаў хвалявацца — здалося чамусьці, што тут адбудзецца нешта важнае, непаўторнае, што тут чакае яго нейкае вялікае і глыбокае ўзрушэнне.

Нашто яму трэба было бачыць Андрэя?

Яны ўвайшлі праз чорны ход у кухню, і Ніна, ласкава прывітаўшыся з гаспадыняй, паляпала ў нізенькія цямнявыя дзверы.

Андрэй быў адзін. Як увайшлі, ён сядзеў, узлёгшыся рукамі на стол, і трудна было азначыць, ці ён што рабіў перад гэтым, ці проста сядзеў так, думаў аб чым. Сустрэў ён іх энергічна-спакойнай усмешкай, скрозь якую свіціўся (як і раней, як і заўсёды) мяккі цень таемнасці. На Лясніцкага зірнуў ён з такім выглядам, быццам ані-ні не здзівіўся яго прыходу, быццам і чакаў гэтага, лічыў гэта зусім натуральным і зразумелым.

Ніна адразу кінулася на ложак, пачала шумліва, шырока аддыхвацца.

— Ух... замарыў мяне... такі бязлітасны... бяжыць, як конь... бусел гэты... Вось прывяла табе, Андрэй, валацугу — хацеў пільна бачыць цябе. Як прыйшоў, так і патурыў — нібы там хто памірае... Ну вось, калі ласка... Мне, Лясніцкі, можна тут быць ці пакінуць вас адзін на адзін? Можна? Дзякую, бо мне трэба адпачыць... замарылася...

Лясніцкі моўчкі разглядаў Андрэя (Андрэй у нейкай цвёрдай задуме быў адвярнуўся к акну) і думаў: ці выкажа ён гэтаму чалавеку тое глыбокае, балючае, што нарасло на сэрцы дзікім каменем, што гатова выліцца ў бурнае агнёвае парыванне? Ці адкрые гэта гутарка жывое выйсце для парывання, ці дасць вольны кірунак збітым у неразвязны клубок думкам і пачуццям?

Андрэй глядзіць у акно ў цвёрдай задуме — у яго цвёрды твар, усмешка збегла з вуснаў і збегла звычайная мяккасць — густое цягучае сонца абліло яго крывянай чырванню, паглыбіла рысы твару, зрабіла іх рэзкімі, акамянелымі. Не, такому Андрэю Лясніцкі нічога не скажа, хоць і сорамна будзе, смешна, што дарма толькі бег, спяшаўся.

Ніна, мусіць, пачула цяжар залішне доўгай паўзы, засмяялася проста і весела:

— Ці ж затым сышліся, каб маўчаць, га? А й вы без слоў размаўляеце, аднымі думкамі?

Андрэй ледзь-ледзь усміхнуўся і, не кідаючы глядзець у акно, загаварыў:

— Сёння дзіўна сонца заходзіць. Усё неба на захадзе быццам у крыві. Сапраўдная — гарачая, свежая кроў. Агонь і кроў, як у жыцці. Агонь і кроў — гэта сімвал нашага часу. Помніш, Васіль, наш першы агонь? Там не было яшчэ крыві, а ты ўжо спужаўся быў. Помніш? Ха-ха... А цяпер, брат, усё загарэлася. І кроў палілася — многа будзе крыві, яшчэ будзе ліцца, можа, доўга яшчэ... Што ж, братка, трэба змагацца, здабываць жыццё — хто ж захоча без бою загінуць! Ну, апавядай, Васіль, дзе бадзяўся, што рабіў, што мусіш рабіць,— рэж усё чысценька.

Ён адкрыта зірнуў на Лясніцкага шырокім сяброўскім поглядам, і гэты погляд раптоўна абудзіў у Лясніцкага цёплую даверлівасць, жаданне сапраўды ўсё расказаць, што прыспела яму ў жыцці, што абурыла цэлай навалай новых, дасюль не зведаных пачуццяў і перажыванняў. Толькі ж ці варта казаць аб усім? Ці захоча, ці будзе ён слухаць? І ці будзе толк які з гэтага?

Андрэй заўважыў яго нерашучасць і наўмысна, каб паказаць, што ён стала і надоўга прыладзіўся слухаць, перасунуў крэсла, выгадней сеў і спакойна заўважыў:

— Ну, значыцца, пагамонім — балазе цэлы вечар вольны... Нінка! Скоч ты да гаспадыні — хай самавар наставіць...

Ніна цяжка паднялася, споўзала на кухню і вярнулася на сваё месца. Тады Лясніцкі пачаў апавяданне.

Спачатку ён гаварыў у лёгкім жартлівым тоне — усе прыгоды свае выдаваў як несур’ёзныя, поўныя камізму, здарэнні. Але чым дальш, тым больш працінаўся нейкай глыбокай змрочнай сур’ёзнасцю, рэчы і з’явы прымалі ў яго больш трагічнае, чымся камічнае, выражэнне — ён памалу ўключаўся ў захаваны, заціснуты комплекс сваіх пачуццяў, які прывёў яго сюды, да Андрэя. Калі ж дайшоў ён да тых крывавых чорных звярынстваў, да тых нечалавечых здзекаў і катаванняў, калі ўваскрэслі ў вушах жудасна-дзікія стогны і енкі, калі ўваччу выразна, як жывы, паўстаў чысты вобраз таго наіўнага белага хлопчыка,— голас яго пачаў выяўна дрыжаць, вочы заіскрыліся балючым агнём — яго захлынуў прыліў той агнёвай нянавісці, якая расла і гадавалася ў ім з першага дня прыходу ў гэты забраны горад. І ён не хаваў гэтай нянавісці, не саромеўся жорсткай зголенасці сваіх пачуццяў. Бо і ў іх — і ў Андрэя, і ў Ніны — ён бачыў у вачах выразныя аганькі гэтай нянавісці, бо ён адчуваў, што ў гэту пару агнёвай завірухі нянавісць рушыць жыццё — яна самы магутны, самы ўздымны штандар барацьбы. А хто ж будзе хаваць баявы штандар? Высока ўзняць, паказаць яго ўсім, узняць яго ў самае неба, каб загарэўся ён свежай гарачай кроўю, каб на ім агнёва бліснула кроў тых пакутнікаў, таго белага наіўнага хлопчыка!.. Хто будзе хаваць сваю магутную святую нянавісць?

Андрэй і Ніна слухалі ў напружаным маўчанні. Яны не перапынялі яго запытаннямі, не ўстаўлялі ніводнага слова. Быццам слухалі не толькі словы, не толькі рухі яго ўсхваляванага голасу, а і яшчэ нешта глыбачэйшае, нутраное — можа, ліхаманкавы бой яго сэрца, гарачыя пералівы яго ўзбушлаванай крыві. Ад таго, што яны абое глуха маўчалі, Лясніцкаму страшна было канчаць. Ён баяўся, што ўстане тады тупое маўчанне і ў ім так цяжка, няёмка павіснуць словы, і пачуццё абсячэцца балюча і тупа. Але страх яго быў дарэмны. Андрэй загаварыў адразу, як толькі ён кончыў. Пэўна, і ён таксама адчуў, што маўчанне цяпер будзе цяжкае. Гаварыў ён спакойна і цвёрда, рэзка адсякаючы слова за словам.

— Добра, Васіль, што ты ўсё гэта пабачыў — ты пабачыў жыццё ў яго самым жывым, крывавым разрэзе — ты ўбачыў жыццёва нутро, во што. Барацьба агаляе, страшэнна агаляе жыццё, узварочвае яго, як капу заляжалага сена. Тады і духу-паху не астаецца ад усякіх «высокіх» катэгорый ды норм, ад усякіх «агульначалавечых» ідэалаў, законаў і іншага глупства. Гэта ўсё — гладка прымасленая зачоска, пад якой хаваецца гнойная брудзь спрадвечнай няпраўды. Бачыш, Васіль, што робіцца? А што казалі гэтыя самыя «героі» трохі раней, калі бальшавікі яшчэ толькі браліся ў сілу, га? А што ты казаў — помніш? Ха-ха! Анархія... пагібель рэвалюцыі... дрэнныя інстынкты... Вядома — інстынкты... О-го! Калі справа падыдзе да таго, што — ці жыць ці памерці, дык сама-што інстынкты і ў модзе... Клас на клас. Хто каго... Яны разумеюць, што, калі паддадуцца цяпер, значыць, страцяць усё... капут.. Таму і асцервіліся так, лезуць, шчарэпяцца... Не смачна астацца з аднымі рукамі, пазбыцца сваіх прывілеяў, свайго панавання... Хе-хе... Інстынкты, брат, дрэнныя інстынкты... Але ж на тое вайна...

Лясніцкі гэтыя словы прымаў, як справядлівы дакор за свае памылкі, за сваё ранейшае недаразуменне. Але не было ад іх ні крыўдна, ні сорамна. Нават хацелася, каб больш Андрэй так гаварыў, больш гудзіў, перабіраў да каліва яго памылковыя думкі і словы, да канца выяўляў іх шкадлівасць. З гэткім настроем слухае матчыны выгаворы дзіця, выратаваўшыся ад якой-небудзь небяспекі. Чым больш матка гудзіць яго, чым больш з яе слоў выяўляюцца тыя страхоцці, якія шчасліва мінулі яго, тым больш ахапляе яго радасная давольнасць.

Ужо ў пакоі густа сабраўся змрок, ужо на кухні даўно адшумеў самавар. На яго ўспомніў нарэшце Андрэй — тады перапынілі гаворку, пачалі запальваць лямпу, наладжваць чай. Потым Андрэй гаварыў аб рабоце сваёй арганізацыі, аб агульным стане рэвалюцыі, аб поспехах і незадачах у барацьбе. Ён многа гаварыў і таго, аб чым не раз ужо чуў Лясніцкі, але цяпер Лясніцкі ўспрымаў усё неяк іначай, па-новаму. Усё праходзіла скрозь прызму ім самім перажытага, усё станавілася зусім блізка да яго, у сферу яго асабовага жыцця, яго інтарэсаў. Для яго асаблівай значнасцю насыціліся цяпер словы «мы», «яны», «нашы», «іхнія». Ён паўтараў іх часцей, чым трэба было, ён адчуваў у іх нешта важнае, моцнае і надзвычайна для яго патрэбнае.

Увесь той вечар Лясніцкі быў у радасным захапленні. Яму страшэнна хацелася быць шчырым — ён гатоў быў сёння раскрыць усю істоту сваю, усё жыццё сваё паказаць, каб бачылі ўсе, як ён дайшоў да свае радасці.

Так проста ўсё, зразумела. Нашто тыя бясплодныя мудраванні? {мудраваіші? Дзве людскіх грамады зачалі і вядуць смяротную бойку. Вонках не станеш ад іх — завіруха ўцягне ўсё роўна. Значыць — адно з двух: або ісці з сваімі, дамагацца разам волі і шчасця — сабе, бацьку, маці, сялянам, работнікам — або здрадзіць сваім, перакінуцца ў чужы варожы лагер. Толькі не плысці так недалужна па хвалях, як адарваная з роднага дрэва галіна, не блытацца ў бурлівай імгле завірухі. Змагацца, аддаць усе сілы, удацца цалкам у гэты рашучы смяротны бой!

— А потым, Андрэй, як пераможам, тады ж зусім па-новаму будзем жыццё завадзіць. Зусім жа будуць другія парадкі... Мусіць, дужа будзе прыгожа тады і добра.

Ніна смяялася — шчыра так, па-сяброўску.

— Андрэй! Гэты ж Лясніцкі дык чысты дзівак. Яму ўсё трэба памацаць — іначай ён веры не йме. Як той Хомка няверны. І яму ўсё здаецца, што ён Амерыкі адкрывае... Смяхоцце!..

Андрэй чамусьці загаварыў аб філасофіі.

— Вось яшчэ з гэтай філасофіяй. Шукаюць іншыя нейкага найвышэйшага сэнсу, нейкіх глыбокіх тлумачэнняў, ісцін — тужацца, пнуцца або ходзяць, ды зоркі лічаць, ды блытаюцца пад нагамі. Не пара на гэта цяпер, во што... Гэта падобна на тое, каб у той час, як цябе колюць штыком ці яшчэ чым-небудзь, ды пачаць разважаць: адкуль узяўся штык, дзе яго першапачатак, ці вечная гэта катэгорыя ці пераходная... Гэта потым. Знойдзем усё — і першапачаткі, і ісціны, і ўсякае ліха,— дай нам акрыяць, дай жыццё адваяваць... А цяпер — або станоўся ў шэраг, бяры аружжа, або — прэч з дарогі, не замінай!..

Лясніцкі ўспомніў Халіму. Усплылі ў думках Халімавы разважанні — буяныя, несуладныя, як і ўся натура яго. Але ў іх мігнула нешта дужа падобнае да Андрэевых слоў — нават у тоне, якім гаварыў той і другі, было нешта супольнае. Лясніцкі памінаў ужо пра Халіму ў сваім апавяданні. (Ніна зацята хмурыла бровы — ненавідзець хацела), цяпер ён рашыў расказаць пра яго разважанні, пра яго бязладна-смелыя думкі.

Ніна зноў злосна насупіла бровы — замоўкла. А Андрэй толькі ўсміхнуўся — зусім спакойна, ласкава.

— Што ж... Халіма ішоў з намі і яшчэ, можа, будзе ісці. Але на яго пакладацца няможна — не наш ён. Халіма ўспрыняў адзін бок рэвалюцыі — руйнаванне, і паставіў яго як самамэту. Гэта — натура такая, арганізм. А яго гэты бунт, абнаўленне — глупства гэта, няўдалая спроба апраўдаць сваё буянства. Як стане ён непатрэбны — яго змятуць з дарогі — перайначыцца ён наўдачу, каб здолеў.

Лясніцкі яскрава ўявіў Халіму — грубога, вялізнага, поўнага непасрэднай сілы, жыцця. Вобраз яго чамусьці ўплёўся ў бяздонную лесавую гушчэчу, у дзікія непраходныя зараслі, у зеляніну. Успомніліся яго неўвароткія жарты, яго глыбока схаваная сяброўская шчырасць — здаўся ён дужа сімпатычным і любым. Андрэевы словы прагучалі ліхім прыгаворам — ад іх вобраз Халімы ахінуўся арэолам трагізму — стала страшэнна шкода яго. Лясніцкі пастараўся змяніць тэму гутаркі.

Яны гаварылі яшчэ аб падпольнай бальшавіцкай рабоце — Андрэй апавядаў пра розныя цікавыя вынікі, якія сам перажыў або пра якія расказалі яму блізкія таварышы.

Перад вачмі Лясніцкага разгортваліся прыгожыя малюнкі геройства, адважнасці, страшных небяспечных прыгод. Яны вабілі сваёй вострай неабычайнасцю, сваёй прыгожай рамантыкай. Яны ўзнімалі ўнутры непакойнае хваляванне, палкі імпэт да барацьбы, да геройства — яны палілі ў сэрцы агонь новага гарачага захаплення.

Лясніцкаму здалося, што ў той вечар ён стаў другім чалавекам. Перад ім адкрыўся просты, яскрава асветлены шлях, і ён гатоў быў смела і рашуча пайсці па ім — яго ані-ні не палохала тое, што шлях гэты ідзе праз агонь і кроў, што там на кожным кроку падсцерагае чорная небяспека.

Ён быў рад, што знайшоў сабе месца ў жыцці, знайшоў той пункт, вакол якога можна снаваць пачуцці, думкі, імкненні, на якім можна пабудаваць стройны будынак свайго светаадчування.

Гэтая сустрэча з Андрэем, гэтая глыбока-шчырая гутарка вызначылі далейшую плынь жыцця Лясніцкага. Ён астаўся ў горадзе і цалкам удаўся ў рэвалюцыйную работу. Яму знайшлі нейкую дробную і страшэнна недарэчную службу, сутнасці якой ён, як ні пяўся, не мог уявіць (нешта не то гандлёвае, не то прасветнае). Але пенсію атрымліваў, і гэта давала некаторую магчымасць жыць і працаваць. Кватэру знайшоў ён сабе ў тым раёне, дзе жыла Ніна.

Панаванне дзікіх легіёнаў пана Доўбар-Мусніцкага цягнулася нядоўга. З захаду цяжкой жалезнай хадою сунулася нямецкая армія. Адна банда чорных драпежнікаў павінна была саступіць з дарогі перад другой, бо гэтая другая была большая і мацнейшая. Некалькі дзён была ў горадзе нервовая сумятня — недалужна кідаліся туды і сюды асалапелыя ваякі харобрага корпуса, у хаплівай паспешнасці ірвалі апошнія кветкі свайго панавання. Потым знецікі выліп на сценах {сцепах паважны загад нямецкага каменданта, прайшлі цьмяныя змораным строем салдаты ў касках, прагрукацела артылерыя, жвава пранесліся славутыя вільгельмаўскія «гусары смерці» — горад пачуў бліскуча-выглянсаваную, але ад гэтага ані-ні не лягчэйшую пяту нямецкага імперыялізма. Некаторы час яшчэ мільгалі па вуліцах недалужныя фігуры абяззброеных легіянераў, потым яны зніклі — іх выправілі некуды акуратныя, звыклыя да абсалютнай чыстаты, немцы.

Пачаўся новы перыяд, новае панаванне, новы лад і парадак. Немцы неслі з сабой дух цвёрдай бязлітаснай ваеншчыны. У іх было ўсё «чыста, культурна і станавіта». Немцы не рабілі нічога наспех, не кідаліся, не карожыліся, як іхнія папярэднікі,— яны стала прыладжваліся да доўгага, заложнага панавання. Яны ўсё рабілі культурна і станавіта. Яны многа бралі з сялян: накладалі кантрыбуцыі, адбіралі працэнты ад ураджаю, проста насыпалі з засекаў. Але і тут яны выяўлялі сваю культурнасць. Калі вёска не выконвала кантрыбуцый, яны не палілі яе, не стралялі людзей, не секлі шампаламі, а проста прыязджалі і бралі заложнікаў. Калі якая-небудзь некультурная сялянка не хацела аддаваць аднаго з сваіх двух пудоў жыта (апошняга немцы не бралі), калі яна перашкаджала сваім крыкам і гвалтам, дык яе не білі прыкладам у грудзі і не давалі ёй выспятка (як іхнія папярэднікі), а проста адзін салдат браў яе аберуч і трымаў, пакуль другі насыпе яе збожжа. А працэнты з ураджаю немцы, нават не турбуючы гаспадароў, вылічалі самі — такія былі далікатныя,— а турбавалі трохі тады ўжо, як прыязджалі на сваіх велізарных параконных гарбах забіраць сялянскае дабро.

Немцы ўсё рабілі культурна і станавіта.

У горадзе шмат хто быў здаволен панаваннем немцаў. Былі здаволены нават тыя, хто выносіў штодня на рынак чарговую лахманіну, каб здабыць сваю абыдзенную марку. Былі здаволены і тыя, хто стаяў на рагу з пакам газет і з прагным жаданнем як-небудзь збіць з драбязы тую самую пільна патрэбную марку. Былі здаволены, бо ёсць парадак, бо немцы ўсе далікатныя і бальшавікоў не любяць, і не пусцяць сюды гэтых бунтаўшчыкоў. Можна спакойна спаць і сніць аб лепшым часе, аб белым хлебе і свежым масле, аб грамафоне і мяккай канапе.

Праз тыдні два пасля прыходу немцаў у горадзе ні з таго ні з сяго аказаўся Нікадзім Славін. Ён прыйшоў да Ніны ў той час, як там быў Лясніцкі, прыйшоў светла-радасны, давольны, прынёс поўныя акуляры ласкі і ветласці. Яго не пазналі адразу — ён урос ужо ў гладзенькую бялявую барадзёнку — стаў падобны на нейкага заняпалага святога. Потым Лясніцкі з Нінай у два галасы ўзнялі гармідар — пачалі, як мага, вітаць яго. Ён сумятліва саромеўся.

— Я быў настаўнікам — там, у чырвоных... Заняткі кончыліся, стала дужа маркотна, і я надумаў прыехаць сюды. Цяпер страшэнна цяжка ехаць — трэба розныя прапускі, дазволы. Але я абавязкова рашыў... (Бедны Славін! У гэты момант ён заўважыў, што Ніна цяжарная.) Я рашыў... трэба было... прыехаў пабачыцца... Як тут у вас?.. Дзе Андрэй?..

Славін не ўмеў хаваць сваіх пачуццяў. На твары ў яго выразна адбілася глыбокая балючая роспач. Апошнія словы ён сказаў зусім механічна, нават ненатуральна зацягнуў іх — відаць, што аб другім ужо думаў у гэту хвіліну. І ад таго, што ён так адкрыта паказваў свае пачуцці, ад таго, што не здолеў схаваць свайго раптоўнага болю,— стала ўсім дужа прыкра, і ўсе змоўклі, не ведалі, аб чым цяпер гаварыць. А больш за ўсіх муліўся небарака Славін. Ён ужо сам заўважыў сваю няспрытнасць і з усіх сіл пяўся, каб вярнуць свой ранейшы выгляд, каб запхнуць у нутро гэты няўмысны настрой. Але ніяк яму не ўдавалася. І вось загаварыла Ніна — жорстка, раздражнёна, наўмысля падкрэсліваючы рэзкасць сваіх слоў:

— Вас здзівіла, што я цяжарная, так? Растлумачыць вам трэба? Ну так і ёсць, як вы адразу падумалі. Я была жонкай Халімы і ад яго маю дзяцёнка. А цяпер ён кінуў мяне... разумееце? І я вось не ведаю, што мне рабіць, дзе шукаць яго... Саламяная ўдава... ха-ха!.. Ну, зразумелі?

Славін вінавата плюскаў вачмі і, стараючыся нешта сказаць, нязграбна комчыў у барадзе неслухмяныя словы. Нарэшце пачуўся:

— Я нічога не ведаў... выбачце мяне... нічога... я проста так...

Ніна не вытрымала — засмяялася.

— Ну што мне з вамі рабіць — сама не ведаю. Аднаму растлумач, ды другому, ды трэцяму. Што я, нарэшце, не маю права спакойна радзіць, ці што?

Лясніцкі, каб да канца развеяць непаразуменне, расказаў у смяхотным тоне аб тым, як і яму некалі Ніна тлумачыла, як і ён быў асалапеў ад неспадзяванасці. Потым перайшлі на іншыя тэмы і гутарка пайшла звычайным парадкам. Але Славін ужо не мог пазбыцца свайго цяжкага настрою. Ён як сіла стараўся, каб быць вясёлым, бязрупатным, каб зусім натуральна і шчыра смяяцца, гаварыць аб усім з лёгкай жартлівасцю. Выходзіла ж зусім іначай: смех быў нейкі раптоўны і штучны, усмешка крывая, хворая, а жарты больш недарэчныя, чымся смешныя. Яму была нясцерпная мука сядзець тут — гэта адразу кідалася ў вочы. Лясніцкі рашыў пайсці, кінуць іх адзін на адзін — думаў, што так яму будзе лягчэй. Аднак Славін з нейкай палахлівай паспешнасцю ўстаў і пайшоў следам за ім.

Некаторы час яны ішлі моўчкі. Лясніцкі наўмысля не гаварыў ні слова, чакаў, каб пачаў сам Славін. Ён знаў, што Славін будзе гаварыць, будзе гаварыць многа і шчыра — яму цяпер трэба выліць каму-небудзь сваё пачуццё. І сапраўды, прайшоўшы з гоні, Славін загаварыў нейкім расцяжлівым, поўным тупога неўразумення голасам:

— Як гэта сталася... я не ведаю... дзіўна чамусьці... Нашто гэта выйшла так?..

І зараз жа перамяніў тон, загаварыў з нейкай настойнай жальбой, з роспаччу:

— Я, Васіль, так многа за гэты час перажыў, каб ты толькі ведаў. Мяне некалькі раз гатовы былі расстраляць... білі многа... А ўсё — выпадак. І тут таксама ён спрычыніўся... Выпадак — аснова ўсяго...

— Які выпадак?

— Наогул выпадак. У жыцці ўсё падпарадкавана выпадку — нічога няма сталага, незалежнага...

— Гэта што: твая новая тэорыя?

Славін зрабіў сур’ёзную хмурую міну.

— Гэта — закон жыцця. Гэта можна давесці з матэматычнай дакладнасцю. І жыццё само мне гэта адкрыла. Я раскажу, калі хочаш...

Лясніцкі зацікавіўся.

— Гавары, будзем слухаць.

— Я тры разы быў пад расстрэлам. Мая школа вёрст сем ад Дняпра. Я хадзіў нешта на гэты бок (тут палякі стаялі) і, варочаючыся назад, папаў у чырвонагвардзейскі атрад. У іх парадак такі — усіх затрымліваць. Мяне абшукалі, дапытвалі, і нарэшце камандзір загадаў расстраляць. Але ўступіўся яго памочнік — пачаў са мной гаварыць, распытваць, знайшлі мы агульных знаёмых — ён давёў таму камандзіру, што я зусім не шпіён, а звычайны настаўнік. Мяне выпусцілі. Наказалі, каб больш не пападаўся, бо гутарка будзе кароткая. Праз тыдзень я зноў быў на гэтым баку (была нейкая пільная патрэба) і варочаўся ўжо зусім іншай дарогай, баяўся, каб не трапіць зноў у той самы атрад. Аказалася, што атрад мой змяніў сваё становішча і я акурат у яго залучыў. Мяне зноў прывялі да таго сярдзітага камандзіра. Гэты раз ён не распытваў — адразу аддаў загад расстраляць. Мяне павялі два чырвонагвардзейцы. Мне было страшэнна дзіўна і непрыемна слухаць, як яны, ідучы, умаўляліся, што каторы возьме з маёй вопраткі. Са мной яны не загаварвалі, не звярталі на мяне ніякай увагі — мусіць, забыліся, што я яшчэ жывы і магу гаварыць. Мы ўжо дайшлі былі да самага месца расстрэлу, калі раптам дагнаў нас чырвонагвардзеец і сказаў, што камандзір адмяніў загад. Мяне павялі назад... Чырвонагвардзейцы былі страшэнна нездаволены, што я забраў іхнюю вопратку. Камандзір яшчэ палаяў мяне і адпусціў. Я не ведаю нават, чаму быў адменен загад. Потым прайшоў яшчэ тыдзень, і ў нашу вёску прыйшлі на адпачынак чырвонагвардзейцы. У маёй школе паставілі штаб. Я адразу ўбачыў, што гэта той самы атрад, дзе мяне хацелі страляць... І вось тут здарылася самае страшнае. Нешта ў нядзелю, калі на вёсцы бязрупатна гулялі з дзяўчатамі чырвонагвардзейцы, у школе зрабіўся магутны выбух. Разнясло ўвесь штаб, забіла аднаго пісара. Мяне зараз жа ўлавілі і прывялі на месца здарэння. Доля была мая вызначана, бо нехта сказаў, што гэта я наставіў выбуховую машыну. Тут мяне білі — хацелі, мусіць, каб я сам прызнаўся. Я амаль што не помніў нічога, што там рабілася,— чакаў толькі, каб скарэй застрэлілі. А потым прызнаўся капцёр, што ён узнёс быў і схаваў на гары, каб ніхто не крануў, адну бомбу. Праверылі тады па трэсках, аказалася, што выбух быў з гары. Мяне кінулі біць і адпусцілі. Такім парадкам я трэці раз вызваліўся ад расстрэлу. Во як было...

Славін зрабіў паўзу, і Лясніцкі, каб не маўчаць, зазначыў з спакойнай разважлівасцю:

— Наш час дужа трывожны і небяспечны. Многа дзіўнага ёсць, ёсць і несправядлівае. Такі закон барацьбы.

Славін пагардліва ўсміхнуўся.

— Закон? Які там закон... Вось слухай яшчэ, я давяду табе, ты зразумееш, бо гэта матэматычна правільна. Я доўга думаў аб гэтых маіх прыгодах. Яны страшэнна дзівілі мяне сваім фатальным супаданнем. А я не мог пагадзіцца з тым, што тут ёсць нешта надзвычайнае, і напружна шукаў тлумачэнняў. І вось тады я напаў на шлях, які прывёў мяне да пазнання гэтай бясспрэчнай ісціны. Ты слухай уважна — я зараз увяду цябе ў сутнасць маіх разважанняў. Я думаў так... Першы раз я папаўся — тут не было нічога дзіўнага. Цяпер другі раз. Я мог папасціся і мог не папасціся. Дапусцім, што было сто розных магчымасцей і з іх здзейснілася толькі адна, скажам, сотая — гэта значыць, што я папаўся. Ці ёсць тут што дзіўнае, незвычайнае? Хай бы, прыкладам, здзейснілася дзевяцьдзесят дзевятая магчымасць — было б тут што больш натуральнае, законнае? — Не. Мы маглі б з гэткім самым задзіўленнем сказаць: — Чаму ж гэта якраз на дзевяцьдзесят дзевятую трапіла, а не на сотую? Так? Хай бы здзейснілася семдзесят сёмая... Чаму якраз гэтая? Зноў ніяк не меншае дзіва... Разумееш? Таксама і трыццатая, і сёмая, і дваццаць першая і г. д. Выходзіць, што кожная з гэтых ста магчымасцей аднакава магла нас здзівіць сваім «незвычайным супаданнем». Значыць, каб я, скажам, не папаўся другі раз у атрад, гэта было б у такой самай меры дзіўна, як і тое, што я папаўся. Разумееш?.. Калі я дайшоў да трэцяга разу, мне ўжо не было нічога дзіўнага. Я зноў уявіў гэтыя сто магчымасцей, нібы сто абсалютна роўных клавіш — незалежных ад мяне, нават не злучаных са мной. Каторую ні пацісні — будзе аднакава дзіўны эфект. Мяне дзівіць якраз гэты вынік, а не іншы таму, што ён непрыемны для мяне. А можа, семдзесят пяты вынік, семдзесят пятая сітуацыя датыкнулася б да каго другога і той бы асалапела вытрашчыў вочы: што за дзіўнае «супаданне»? А мне ў гэты час не было б зусім нічога дзіўнага... Разумееш?

— Прыблізна. Але ж тут не адзін раз, а тры разы быў націснуты якраз той клавіш, які даваў эфект на тваю галаву,— як ты гэта тлумачыш?

Славін шырока заззяў пераможнай усмешкай.

— Дапусцім, што з ста магчымасцей была адна магчымасць вось такога з погляду дзіўнага супадання. Яна здзейснілася. Такое ж самае дзіва было б, каб не супалі гэтыя тры выпадкі — гэта б здзейснілася нейкая другая — раўнапраўная і раўнадзіўная магчымасць, быў бы націснуты іншы клавіш. Так?

— Чакай, Нікадзім. Дык жа, па-твойму, выходзіць, што зусім не бывае выпадкаў?

Славін ужо глядзеў на Лясніцкага з пагадлівай усмешкай, як на добрага вучня, які няўмысля заблытаўся.

— З гэтага ж якраз і відаць, што выпадак — аснова ўсяго. Усё, што ні дзеецца ў свеце, усё — выпадак. Толькі іншы раз дзівіць ён нас, а іншы раз мы яго зусім не бачым. Вось мы ідзём цераз вуліцу і на нас можа наехаць аўтамабіль. Гэта ўсе б назвалі выпадкам. А калі глыбей паглядзець, дык тое, што ён не наехаў на нас — такі самы, і не менш дзіўны, выпадак. Каб на нас скінуўся зараз метэарыт — гэта быў бы дзіўны выпадак. Але не менш дзіўны выпадак, што ён на нас не скінуўся. Гэта, брат, дакладная, непарушная ісціна. Гэта — матэматыка... Непрыемна гэта, крыўдна неяк... Чалавек траціць сваю вялікасць — недалужны чалавек, зусім мізэрны... Мне дык часамі страшна бывае, калі ўдумаешся ў гэта. Усё — выпадак. Жыццё — гэта перасячэнне, скрыжаванне выпадкаў, свет увесь — таксама выпадак. Каб не было свету, каб нічога не было — таксама быў бы такі выпадак... дзіўны ці не дзіўны — усё роўна...

Славін сціх у глыбокай смутнай задуме. Па тону яго апошніх слоў адчувалася, што тая часовая ўзнятасць, якую радзілі ў ім разважанні, раптам апала, пусціла месца ранейшаму пачуццю неўразумення і роспачы. Магчыма, што ён не думаў ужо аб сваіх выпадках, аб клавішах — можа, зноў балюча гняло мазгі тое нечаканае, прыкрае, што ён убачыў у Ніны. Лясніцкі рашыў не спрачацца з ім, пакінуць у спакоі яго наіўна-блытаныя мудраванні. Толькі зазначыў дабрадушна-пагадлівым тонам:

— Твая тэорыя, Нікадзім, гэта — капітуляцыя перад жыццём. Дало яно табе некалькі жорсткіх нечаканасцей, калатнула туды ды сюды — вось ты і зняверыўся, і заскакалі ўваччу ў цябе выпадкі ды клавішы. Пасля калі-небудзь сам спакайней да ўсяго прыгледзішся і ўбачыш, што ўсё мае свае прычыны, што паміж усім ёсць цвёрдая, хоць і не заўсёды прыметная, сувязь...

Славін не адказаў нічога. Ён панура дзыбаў, утупіўшы ў дол свае старыя ціхія вочы, на твары ў яго нямотна застыгла глухая журба. Лясніцкі заўважыў, што яны неўпрыметку зайшлі ў нейкі незнаёмы раён горада,— ён спыніўся, звярнуўся да Славіна:

— Ну, куды цяпер пойдзем?

Той схапянуўся, узняў на яго няўцямны, устрывожаны погляд.

— Куды? Пойдзем разам... Ага... назад... Хадзем куды-небудзь...

І, як толькі звярнуліся назад, загаварыў слабым глуха-прыціснутым голасам:

— Я хачу пагаварыць з табой, Васіль... Мяне, разумееш, дужа ўразіла гэта... ну, што Ніна замужам... Я неяк не цямлю. Калі гэта стала, не ведаеш? А Халіма дзе?.. Што ж гэта...

Лясніцкі наўмысля ўзяў праканала-цвёрды спакойны тон.

— Гэта Ніна жартам казала, быццам яна шукае Халіму, не ведае што рабіць. Дзяцёнак гэта, праўда, ад Халімы — яны некалі жылі, як муж і жонка. А цяпер, брат, зусім другое. Яна ненавідзіць Халіму, здорава ненавідзіць, бо ён, бачыш, здрадзіў і перайшоў быў да тэкінцаў. І ніякая яна не ўдава, а проста дзяўчына... толькі што гэта... дзяцёнак... Разумееш?

Славіна гэтыя паведамленні нібы супакоілі трохі. Ён запытаў, дзе цяпер Халіма, і Лясніцкі каротка расказаў аб сваім вандраванні з ім, аб тым, дзе і як яны разлучыліся. Тады Славін упаў у ціхі лірычны настрой, ласкава і цёпла засвяціў сваімі акулярамі.

— Я Ніну люблю ўжо зусім сур’ёзна... Глыбока так, шчыра люблю. Я за зіму канчаткова пераканаўся ў гэтым. Каб не яна, мне б зусім дрэнна было жыць. А то я заўсёды помніў яе, летуцеў аб ёй, і было лягчэй. Безнадзейна гэта... яна зусім не любіць мяне... Праўда, Васіль?..

Заманулася Лясніцкаму расказаць, як калісьці Ніна пра Славіна гаварыла, што хоча яго пакахаць, што ўжо дасягнула чаго-якога. Але ўстрымаўся, не захацеў даваць чалавеку дачасную і няпэўную надзею. Абышоўся невыразнай агульнай заўвагай:

— Хто яе ведае. Ці ж гэта ўлезеш у нутро чалавеку...

— Яна такая добрая, слаўная... Я ўсё роўна буду любіць яе, хоць яна мяне і не палюбіць.

І Славін глыбока, гучна ўздыхнуў.

 

Лясніцкі некалі ў школе вучыў нямецкую мову. Трохі папрактыкаваўшыся, ён налаўчыўся сяк-так размаўляць, і тады на яго ўсклалі амаль што цалкам жывыя зносіны з нямецкімі салдатамі, сярод якіх арганізацыя вяла рэвалюцыйную прапаганду. Ён неўзабаве сярод салдат знайшоў сабе некалькі шчырых прыхільнікаў — перадаваў праз іх літаратуру, пракламацыі, даведваўся аб настроях салдацкай масы і г. д. У адной нямецкай часці пры яго актыўным удзеле нават была заложана цэлая арганізацыя.

Работа гэта захапляла Лясніцкага. Ён аддаваўся ёй з усім сваім маладым кіпучым запалам, наўмысля шукаў сабе больш абавязкаў, выбіраў самыя небяспечныя планы і камбінацыі, даходзячы часам да зусім непатрэбнай рызыкі і дуронства. Траплялася, што яны з якім-небудзь другім падобным рызыкантам падыходзілі да нямецкай казармы, кідалі пад ногі вартаўніку цэлы пак пракламацый і, пакуль той няўцямна глядзеў на жвавае пырханне белых лісточкаў, змываліся ў бліжэйшы завулак. А то ў сумятні панельнага руху заторквалі пракламацыю за адварот рукава важнаму нямецкаму афіцэру і потым зводдаль сачылі, ці доўга ён будзе несці яе і якую састроіць міну, калі заўважыць.

У тую пару гушча нямецкіх салдат чула ўспрымала бальшавіцкую прапаганду. Жорсткая дысцыпліна не магла канчаткова закаваць свядомасць нямецкага селяніна ці рабочага, адарванага ад роднага кута і прыгнанага невядома зачым і нашто ў чужую далёкую старану. Змора ад чатырох гадоў напружанай вайны, расчараванне ў непераможнай моцы нямецкага мілітарызма, асабліва пасля незадач на французскім фронце, і, нарэшце, прынадны подых новай, нябачанай вольнасці, які нёсся з блізкага Задняпроўя,— усё гэта стварала спрыяючыя ўмовы для бальшавізацыі нямецкага салдата. Вынікам гэтага быў паступовы развал дысцыпліны і частковы пераход нямецкіх салдат за Дняпро, да Чырвонай гвардыі. Гэтыя перабежчыкі потым уліліся ў чырвоныя інтэрнацыянальныя батальёны і прынялі ўдзел у барацьбе за саветы.

Лясніцкаму некалькі раз давялося перабрацца цераз Дняпро ў тое прадмесце, дзе калісьці ён быў папаўся да тэкінцаў. Там быў цяпер асяродак чырвонай улады — там у напружанай спешнасці разгортвалася новае жыццё, дзіўна-насычанае нейкім незвычайным рупліва-бадзёрым зместам. Лясніцкага кожны раз ахапляў там востры неспакойны настрой. З’яўлялася нервовая патрэбнасць нешта рабіць, спяшацца некуды, другіх спяшыць, падганяць. Гэты настрой прыносіў ён з сабой у горад, і тады здавалася, што ўся работа, якую вядзе ён і яго таварышы, нічога не варта, што трэба нешта зрабіць вялікае, важнае, трэба нешта ўзняць, крануць, пахіснуць... Тады ён на сходцы даваў самыя недарэчныя прапазіцыі і над ім хлопцы смяяліся.

Там жа, на бальшавіцкім баку, Лясніцкі сустракаў Багуна. Ён хадзіў цяпер у новай вайсковай вопратцы і ганарыўся сваім чырвоным палком. Лясніцкі, жартуючы, напамінаў яму аб яго першым атрадзе — ён спачатку грымеў самым раскатным смехам, а потым прымаў сур’ёзны выгляд і заяўляў:

— Так, братка. Цяпер вось смяёмся, а тады і тое патрэбна было — на ўсё свой час.

Цяпер Багун камандаваў чырвонагвардзейскім палком — дружным, дысцыплінаваным і яшчэ да гэтага добра абмундзіраваным, якім з поўным правам можна было ганарыцца.

Лясніцкі расказаў Багуну аб усім, што было з імі ў тэкінцаў. Багун дужа шкадаваў Міцьку (ён ужо і сам быў пэўны, што яго застрэлілі), а басяку, смеючыся, паслаў на той свет шчырую лаянку. Аказалася, што ён таго басяка зусім не пазнаў быў і прыняў у атрад з асаблівай ахвотай як рабочага і быўшага салдата (так той сам рэкамендаваўся).

У вольныя ад работы часы Лясніцкі рэгулярна наведваўся да Ніны. Андрэй спецыяльна прасіў наглядаць за ёй, бо надыходзілі апошнія дні цяжарнасці, а яна была абсалютна адна, не было нават каго паслаць за акушэркай. Праўда, тут вызваляў Лясніцкага Славін. Гэты філосаф надзіва скора пагадзіўся з быўшым замужжам і сучаснай цяжарнасцю Ніны, прыняў гэта, як наяўны і неадхільны факт, і зрабіўся верным пажам свае каханае. Ён літаральна не адыходзіў ад яе ні на крок, карыстаючыся тым, што яна хворая і патрабуе чыйго-небудзь дагляду. А Ніна выкарыстоўвала яго з самай бязлітаснай жорсткасцю. Яна стала цяпер дражлівая, злая і ўсе капрызы свае, усе прычэпкі накіроўвала на беднага Славіна. А ён не разумеў таго, што гэта проста вынік яе хваробы, і прымаў да сэрца кожную дробязь. Лясніцкі, прыходзячы да Ніны, часта заспяваў яго, тупа-застыглага, у цяжкай балючай няўцямнасці, быццам скутага нейкім раптоўным незразумелым горам. Ніна зараз жа выкрывала прычыну гэтага з’явішча. Яна гаварыла Лясніцкаму раздражненым пакрыўджаным голасам:

— Ну што ён за чалавек, гэты Славін. Вы ведаеце, Лясніцкі, ён зусім не разумее асноў нашага сацыяльнага ладу. Ён проста змучыў мяне сваёй някемнасцю. Лезе з сваімі дурнымі клавішамі — усе нервы мне папсаваў...

Ніна во-во гатова была заплакаць. Славін дапытліва і няўцямна глядзеў на Лясніцкага, а Лясніцкі ціха ўсміхаўся і сам сабе думаў:

«Значыць, сёння сацыяльнымі асновамі катавала. Як дойдзе да палітыкі — пачнуцца роды».

У часіны ж, калі на Ніну находзіў добры настрой, яна, нібы ў адплату за свае ранейшыя прычэпкі, была асабліва ласкавая з Славіным. Тады яна ўважна прыслухоўвалася да кожнага яго слова, далікатна згаджалася там, дзе толькі можна было згадзіцца, і старанна ўнікала ўсякай спрэчкі. Тады яна, жартуючы, гаварыла:

— Мой дзяцёнак, напэўна, будзе падобны на Славіна, бо я ўвесь час у яго ўзіраюся... Толькі каб нос быў трошачкі большы... І каб не было акуляраў...

У такія моманты Славін быў дужа шчаслівы, а вочы яго рабіліся старымі-старымі і добрымі.

Славін не адыходзіў ад Ніны і тады, як пачаліся роды. Ён сам збегаў за акушэркай, дастаў яшчэ недзе крывенькую старую бабульку, бегаў у аптэку і, седзячы ў кухні, слухаў, як нема і трудна стагнала парадзіха.

Гэта пачалося звечара і цягнулася цэлую ноч. Лясніцкі нічога не ведаў і таму пазаўтрага, прыйшоўшы да Ніны, быў глыбока здзіўлен і ўсцешан нечакана-новай карцінай.

Ніна ляжала на ложку — змардаваная і шчаслівая. На яе твары млява расплыўся ціхі свет новай давольнасці, новага радаснага адчування, а ў шэрых вачах, яшчэ марудных і вялых, відочна хацеў запаліцца любы іскрысты агеньчык. У нагах у яе (люлькі не было) ляжала нешта закручанае ў белыя шмоткі, што неўзабаве піснула і аказалася малым Халімам. А трохі воддаль сядзеў Славін, блішчаў акулярамі і сарамліва, вінавата ўсміхаўся. Лясніцкі чамусьці падумаў, што так павінен усміхацца бацька, калі ў яго народзіцца першы дзяцёнак.

Ніна сустрэла Лясніцкага слабай усмешкай, паказала вачмі на крэсла. А яму страшэнна захацелася падысці і пацалаваць яе — так цудоўна і чыста ззяла яна хараством першага абуджэння жанчыны-маткі. Ён сказаў аб гэтым сваім жаданні і ўбачыў, як на бледным Нініным твары з'явілася празрыстая свежая чырвань. Яна сарамліва ўсміхнулася і адказала:

— Мяне, Лясніцкі, варта пацалаваць, бо я радзіла добрага здаровага сына. Паглядзіце...

Лясніцкі нерашуча падышоў да ложка і асцярожна разгарнуў пялёнку. Ён убачыў чырвоны зморшчаны твар з непамерна вялікім непрыгожым носам. Яму стала гідка, і ён скоранька адышоўся. А Ніна заўважыла гэта і зрабіла від, што пакрыўдзілася.

— Вы нічога не разумееце... Мой сын дужа прыгожы... Ён важыць дзесяць фунтаў і ні каліва не падобны на Славіна... Нос не такі, і акуляраў няма...

Славін моўчкі ўсміхнуўся, а Лясніцкі аўтарытэтна зазначыў:

— Мусіць, будзе падобны на Халіму... Як вы думаеце?

Ніна толькі шчасліва ўсміхнулася.

Скора прыйшла крывенькая старая бабулька і выгнала хлопцаў. Яны пайшлі блындаць па горадзе. Славін разгаварыўся і ўсё даводзіў Лясніцкаму, што зусім натуральна любіць дзяцёнка той жанчыны, якую кахаеш, хоць гэты дзяцёнак і не твой. І сур'ёзна запэўніваў, што ён любіць Нінінага сына.

У той дзень увечары Лясніцкі зноў зайшоўся да Ніны і на сваё вялікае дзіва заспеў там Андрэя. Андрэй сядзеў ля Ніны і нешта ёй гаварыў. Як увайшоў Лясніцкі, ён спыніў гаворку і ўстаў яму насустрэчу.

— Вось і сам ён тут... Справа, братка, ёсць — важная і цікавая. Я еду сёння на з’езд і прабуду, мусіць, не менш як тыдзень. Табе прыйдзецца паехаць вёрст за дваццаць адсюль у мястэчка — там стаіць нямецкая часць, у якой развінуўся добры для нас настрой. Там рыхтуецца пераход за Дняпро ладнай групы нямецкіх салдатаў — трэба яшчэ агітнуць там трохі... Разумееш?

— Я буду адзін там?

— Камітэт камандзіраваў туды аднаго працаўніка. Ты, мусіць, помніш яго — Гольдзін, ён быў у нас у часе карнілаўшчыны. Ён пераправіцца туды з-за Дняпра і прывязе літаратуры. Табе прыйдзецца прыняць удзел і ў гэтай пераправе таксама. Ну, і мясцовыя хлопцы там знойдуцца — яны ва ўсім дапамогуць.

— Як з імі звязацца?

Андрэй трохі падумаў, памеркаваў.

— Самае лепшае знайсці Макрыну. Яна служыць там у бліжэйшай вёсцы, у школе. Яна ведае ўсіх нашых, якія там працуюць. Ты адразу да яе і падайся.

Нечаканы напамін аб Макрыне абудзіў у Лясніцкага вострае хваляванне. Каб не выдаць яго, каб паказаць, што ён зусім безуважна аднёсся да весткі аб ёй, ён толькі запытаўся пра назву вёскі, дзе яна жыве, і адразу — нібыта што — пачаў падрабязна распытваць аб мясцовых працаўніках, аб складзе нямецкай часці, умовах работы і г. д. Толькі ў самым канцы неўзаметку (гледзячы ўбок) пацікавіўся:

— Макрына — што, таксама працуе?

— Трохі... Перадатачны пункт... Для зносін...

І больш Лясніцкі ні словам не памянуў пра Макрыну.

Андрэй спяшаўся некуды, дый сядзець яму тут было не зусім бяспечна. Развітваючыся, ён чамусьці сур'ёзна і настойліва напамянуў Лясніцкаму:

— Ты мей на ўвазе, Васіль,— гэта дужа небяспечнае даручэнне. Рабі ўсё асцярожна, не рызыкуй. Правал у гэтай справе кончыцца ведаеш чым? — Ваенна-палявы суд...

Ён з грубаватай шчырасцю паціснуў Лясніцкаму руку і хацеў ісці, але Лясніцкі раптам успомніў:

— А Ніна?

Андрэй вінавата ўсміхнуўся.

— Выбачай, Нінка, я зусім няўмысля забыўся... На табе грошы... Тых не руш ні ў якім выпадку... Калі будзе небяспека якая — перахавай... Скажы Славіну, што я дужа прасіў яго цябе даглядаць... Грошы гэта вам на дваіх... У яго напэўна няма... Ну, бывайце...

Лясніцкі яшчэ трохі сядзеў у Ніны. На развітанне і яна чамусьці з шчырай турботай яму напамянула:

— Лясніцкі. Я вас асабіста прашу — рабіце ўсё з найбольшай асцярожнасцю. Добра? Вы абяцаеце?

Лясніцкі пагадліва ўсміхнуўся.

— Цяпер жа ні ў чым вам няможна адмовіць. Разумеецца — абяцаю. Буду старацца...

 

Спачатку было вясёлае надвор’е — у лугах стаяла напружанае стракатанне скачкоў, а палі мякка і плаўна курыліся пылам жытнёвага красавання,— і шырока-ўзняты настрой Лясніцкага знаходзіў дзівосную сугучнасць у звонкім жыцці гэтага прыгожага летняга дня. Думкі і пачуцці растапляліся ў гарачай плыні барвістага сонца — аставалася адно бязмежнае адчуванне — туманнае і яскравае (яскравы туман), а ў ім хадзілі, узнімаліся, падпаласкваліся пад самае сэрца подыхі даўняга і глыбокага. Адчувалася зяленіцкае квяцістае сонца і балюча-салодкія жаночыя ласкі. А ўявіць Макрыну ніяк не ўдавалася — рассыпалі вобраз яе назолліва-пярэстыя карагоды кветак і птушак, карагоды звону і песень і дзікага шумату, тапілі ў цягучых хвалях парна-застыглага вару. Наогул вобразаў уявіць няможна было — уяўляліся толькі настроі — і тыя настроі не мелі вобразаў — былі расплыўчата-светлыя (яскравы туман). Яшчэ адчувалася Лясніцкаму блізкасць небяспечнай цікавай справы, на якую ён ехаў, ды адчувалася неяк дзіўна, як павеў даўно-даўно прачытанага ў кнігах, ад чаго ўжо сціскалася некалі дыханне і дрыжала ўжо сэрца ў прыліве гарачае млосці.

Так было спачатку, пакуль уехалі ў палавіну дарогі. Потым пачалі засціць сонца пракудніцы-хмаркі (у жмуркі гулялі, ці што) дый няўпрыцям згубілі яго ў сваёй грамадзе — пачалі потым шукаць, нікаць плоймай па небе, зазіраць адна за адну — пацямнелі, пачарнелі ад смутку, насупіліся, гатовыя заплакаць, зарумзаць. І апаў тады цень на зямлю — алавяная муць расплылася па свеце. Стала непрытульна і ветрыва. Нездаволена, пакрыўджана змоўкла прырода, схавала свае чароўныя ясноты. І стала раптам невядома: ці гэта дзень, ці вечар (выехалі гадзіне а пятай спаўдня).

І вось тады вылучыла прырода Лясніцкага з свайго раскошнага ўлоння, сагнала ў кучу ўсе адчуванні, і думкі, і пачуцці, сціснула, скутала — калупайся сам у сабе колькі-хоця! Тады расплыліся, зніклі недзе ў алавянай муці тыя яскравыя адчуванні, а замест іх пачалі чаргавацца рэзкія адрыўчастыя вобразы. Яны ўзнікалі раптоўнай выразнасцю, застыгла стаялі ўваччу і праз хвіліну так жа раптоўна знікалі. Андрэй, Гольдзін, Ніна, Макрына... Макрына ўяўлялася вельмі яскрава, але не абуджала таго палкага адчування, якое само па сабе ўсплывала на паўгадзіны раней. Яна ўяўлялася чамусьці хмурая, замкнёная і больш турбавала, чымся вабіла. У сэрца праточваўся незразумелы страх і прадчуванне нечага халоднага, непрыемнага. Няясным водгукам азваліся чорныя настроі мінулай восені — уваччу засінелі сцюдзёныя цёмныя хвалі Дняпра.

Вёска, дзе жыла Макрына, стаяла на ўзгорку. Пад’язджаючы да яе, можна было бачыць толькі некалькі акрайных сялянскіх двароў ды вялікі з гонтавай крышай будынак, абгорнуты пышнай купай зеляніны. Вознік сказаў, што ў гэтым будынку якраз і змяшчаецца школа. Лясніцкі тады адпусціў яго, а сам пайшоў далей пеша, каб не ўзнімаць лішняй увагі на вёсцы. Парадны ход у школе быў забіты, і ён абышоў з двара, але там аказаўся замок. Ён пастаяў трохі, мяркуючы, што тут рабіць, але-ткі заўважыў недалёчка нейкага хлопчыка. Ён запытаў у яго:

— Што тут, нікога дома няма?

Хлопчык з паспешнай жвавасцю яму адказаў:

— Старажоўка пайшла на дзярэўню. Яна, мусіць, зараз падыдзе...

Лясніцкі хацеў запытаць пра Макрыну, але ў пару схапянуўся, падумаў з усмешкай:

«Гэта ж яна і ёсць. Чым жа яна больш можа служыць тут у школе?..»

Ён сеў на ганках і рашыў чакаць. Ужо зусім густа збегліся вячэрнія цені і ўсе вакольныя рэчы страцілі выразнасць сваіх абрысаў — паплылі ў сцюдзяністым віханні змроку. Закрапаў рэдкі і дробны дожджык і нагнаў яшчэ большую нудоту сваім нядбалым млявым брызганнем. Клапатліва і нудна прагудзеў над галавой нейкі жук.

Лясніцкі ўпаў у глухое бяздумнае аслупяненне — нічога не чуў, не бачыў, не заўважыў нават, ці прайшла гадзіна, ці, можа, усяго хвіліны са тры. І вось пачуліся дробныя шпаркія крокі, цьмяна вылучылася са змроку бялясая пляма. Пачуўся спалоханы Макрынін голас:

— Хто тут?

— Гэта я.

— Хто вы?

Лясніцкі ўстаў, падаўся ёй насустрэчу.

— Ці ж ужо не пазнаеш, Макрына, га?..

Яна не кранулася з месца — запытала яшчэ больш спалоханым дрыжачым голасам:

— Васіль... Ці гэта ты? Адкуль ты ўзяўся?

Лясніцкі, смеючыся, падышоў да яе, узяў за руку.

— Ну, чаго ты дзівішся? Я ж не зданнё, дадушы не... Ну, ці здарова жывеш?..

Ён чакаў ад яе нейкага падатнага руху, каб абняць, пацалаваць яе. Але яна ўсё стаяла нерухомая, а потым, нібы ачулеўшы, моцна паціснула яго руку, выпусціла яе і загаварыла ўжо цвёрдым спакойным голасам:

— Каб ты ведаў, Васіль, як я напалохалася... І сама дзіўлюся чаму. Ка мне ж ходзяць часамі людзі і ў такую пару. Ну, але ж пойдзем у хату. Ты даўно тут чакаеш?..

Макрына жыла ў адным з пакояў, прызначаных для кватэры настаўніка. Яна жыла цяпер зусім адна, бо настаўніца, кончыўшы заняткі, некуды з’ехала.

Пры святле запаленай лямпы Лясніцкі разгледзеў Макрыну. Яна выглядала дужа добра — была надзіва свежая, загарэлая, зграбная фігурка яе прыемна круглілася здаровай крамянай поўнасцю — яна нават як быццам памаладзела. Лясніцкаму ўспомніўся леташні сенакос. Яна якраз такая была ў той час — тады завінаўся каля яе Андрэй, а яму яна не падабалася. І цяпер — тое самае да яе пачуццё. Не тая яна, не каханая,— няма той беленькай ціхай Макрыны, яго крушынавай радасці. Вабіць толькі гарачая свежасць маладога прыгожага цела.

Макрына запытала ў Лясніцкага пра мэту яго прыезду, і, калі ён стаў тлумачыць, яна зрабіла такую адчайна-сур’ёзную міну, так удумліва і строга заміргала сваімі яснымі вочкамі, што Лясніцкі ледзь утрымаўся, каб не засмяяцца. І падумаў сам сабе:

«Яна аддаецца справе зусім як дзіця, як маленькая і дужа старанная вучаніца».

Калі ж потым пачала гаварыць Макрына, дык у яе нават голас дрыжаў ад пачуцця таемнай важнасці гэтай гутаркі, а часамі зусім пераходзіў у наіўна-заклапочаны энергічны шопат.

— Ты якраз упару трапіў да нас. Заўтра хлопцы збіраюць патаемную сходку. Я цябе завяду туды і пазнаёмлю. Там усе нашы будуць.

— А што будзе на сходцы? Нашто збіраюць яе?

— Ды каб жа ты ведаў, Васіль, няможна зусім ужо жыць. Так прыціснулі, абабралі кругом — дыхнуць нечым. Хочуць, мусіць, нешта рабіць нашыя хлопцы. Казалі — аружжа недзе дасталі — многа, чалавек на сорак... Ты сам заўтра даведаешся аб усім...

— Дзе будзе сходка?

— У рове. Якраз недалёчка ад нашай вёскі.

Яны з гадзіну гаварылі аб справе. Лясніцкі памалу захапіўся гутаркай, пачаў і сам удавацца ў таемна-сур’ёзны напружаны тон, пачаў нават шаптаць так, як і Макрына. А потым схапянуўся, зірнуў — нібы збоку — на сябе і на Макрыну, на ўсе гэтыя неабычайныя абставіны, і тады страшэнна дзіўным здалося, што гэта з ёй, з Макрынай, ён гутарыць так, што зусім не глядзіць на яе, як на жанчыну, а іначай зусім, па-таварыску, як раней ніколі на яе не глядзеў. І чамусьці прыкра стала, як гэта заўважыў. Ён разумеў, што дрэннае гэта пачуццё, недарэчнае, але ніяк не мог пераадолець яго. І куды лягчэй стала тады, як кінулі гэтую гутарку, як Макрына завінулася, каб даць яму што павячэраць.

У той час, як Макрына мітусілася па хаце, рыхтуючы яму вячэру, Лясніцкі сядзеў і моўчкі сачыў за ёй, любаваўся яе спрытнымі, трохі сарамлівымі рухамі. Яе здаровае хараство пачынала дражніць яго, спакушаць. Ён усё з большай і большай прагнасцю ўзіраўся ў выпадковыя — з-пад вопраткі — вырысы яе стройнага цела (так блізка, горача знаёмага), і ўнутры ў яго ўзнімаліся буяныя хвалі жадання. Ён неяк злавіў быў яе за руку і прыцягнуў да сябе, хацеў палашчыць, дык яна палахліва вырвалася і потым старалася да яго блізка не падыходзіць.

За вячэрай Лясніцкі апавядаў Макрыне пра гарадскія навіны, расказаў пра Ніну, пра Славіна, і Макрына шчыра смяялася, а потым сказала ў наіўным здзіўленні:

— Як гэта можна так смешна любіць? Навошта ж яно, такое каханне?

Лясніцкі толькі ўсміхнуўся.

Пасля вячэры Макрына затурбавалася — дзе пакласці Лясніцкага спаць. Лясніцкі сказаў — не то жартам, не то сур’ёзна:

— Я лягу з табой.

Гэтыя словы відочна напалохалі Макрыну. Яна сцеражліва насупілася і сказала з упартай рашучасцю:

— Не, Васіль, я спаць з табой не буду.

— Чаму?

Яна замяшалася трохі, утупілася і не то сарамліва, не то пакрыўджана адказала:

— Я ж замужам.

Чамусьці гэта ані-ні не здзівіла Лясніцкага. Мабыць таму, што ён здаўна прывык яе знаць, як замужку. Нават шавяльнулася недзе ўнутры нядобрае эгаістычнае пачуццё давольнасці, ад якога самому яму зрабілася брыдка. Ён усміхнуўся і спакойна зазначыў:

— Ужо замужам? Скора... А хто твой муж — гэта не сакрэт?

Яна яшчэ больш сумелася.

— Ці ж ты не ведаеш... Андрэй...

Гэта было неспадзявана. Лясніцкі спачатку не разумеў, ці гэта праўда, ці жарт, і няўцямна глядзеў на Макрыну, шукаючы адказу ў рысах яе твару. Яна цяпер глядзела проста на яго сваімі чыстымі дзяцінымі вачмі і ўсміхалася (усмешка — тая: ціхая, горкая). Лясніцкі не ўтрымаўся, запытаў:

— Гэта праўда?

— Вядома, што праўда. Нашто б я казала табе.

«Чаму ж не казаў нічога Андрэй? Ці ён хаваўся, ці проста забыўся, як тады пра Ніну?»

— Калі гэта ў вас... было?

Тады Макрына расказала ўсё па парадку:

— Як была я некалі ў горадзе, дык Андрэй казаў мне, каб я, калі што-якое, пераязджала зусім у горад. Тады ў нас з ім не было яшчэ нічога. Ну, ты ж ведаеш... я чакала цябе, усё думала, што ты мяне любіш... А тады — помніш? — ты прыехаў быў і я пазнала, што ты ўжо інакшы зусім. Тады я прадала ўсё і паехала ў горад. Ён мне памог паступіць на працу і наогул так добра са мной абышоўся — тлумачыў усё, навучаў... ведама, што я тады разумела?.. А потым ён мне зусім упадабаўся — добры такі, ласкавы, разумны... Я сама неяк сказала яму, што кахаю... а што ж там маўчаць, тут жа няма ніякага сораму. Ну і сталі мы жыць з ім... У царкве не вянчаліся... усё роўна. А цяпер вось выпала разлучыцца... пасумуем трохі, дык тады мацней будзем кахаць адно аднаго... гэта яшчэ лепей...

Лясніцкі хадзіў па пакоі, усё пільней і пільней прыглядаўся да Макрыны і пачынаў заўважваць нешта новае ў ёй — ці, можа, у сваім пачуцці да яе, у сваім настроі. Адчувалася нейкая дзіўная незразумелая двоістасць. Ён перабіраў поглядам кожную рысачку яе твару — і ўсё здавалася тым самым ранейшым, знаёмым, здавалася — во нядаўна зусім, толькі што цалаваў гэтыя вусны і вочы і зараз зноў будзе цалаваць — яна сама падыдзе, падыме свае чорныя вішні, усміхнецца і скажа — ну, пацалуй! — і ў той самы час здавалася, што ўсё ў яе — чужое, незнаёмае, што ніколі ён не цалаваў яе, а каб і пацалаваў, дык бы не адчуў асалоды (нават уяўлялася, якое б пустое і шурпатае было прыткненне яе вуснаў), здавалася, што гэта першы раз яна сустрэлася з ім і толькі прыкідваецца, што даўно знаёмая, блізкая.

Каб без болю і без крыві адцяць у чалавека руку і пакласці яе поплеч з ім, ён бы глядзеў на яе прыблізна з такім адчуваннем, як глядзеў цяпер Лясніцкі на Макрыну. І гэта двоістасць не была раўнастайнай. Яна кожную хвіліну змянялася ў адноснай пераважнасці той ці другой стараны: адзін момант — узмацнялася і вырастала першае адчуванне, занімала бадай што ўсю істоту (тады гэта новае — апавяданне яе і тое, што руку вырвала, што стаіць воддаль, не падыходзіць, палахліва чужаецца яго,— усё гэта здавалася смешным і трохі дакучным жартам), а потым з несутрыманай шпаркасцю раставала гэтае адчуванне і расло другое — і ўжо Макрына была халодна-новая, зусім чужая, дзіўна было, як магла яна абуджаць у ім пяшчоту і палкае жаданне, як магла здавацца яна блізкай, сваёй.

Лясніцкі паспрабаваў пажартаваць, пасмяяцца з яе гэтага неспадзяванага замужжа, дык выйшла цьмяна і нудна — яна не зразумела жартаў яго, не ўсміхнулася нават. Яна стаяла воддаль ад яго, ля дзвярэй, і шырока глядзела ціхімі — без бляску — вачмі, быццам палахліва чакала нечага. Лясніцкі ўстаў, пахадзіў па пакоі. Унутры востра ўзнімалася едкае раздражненне, якое паступова пераходзіла ў зайздрасць. Яго пачынала ўжо назолліва турбаваць думка аб тым, што яна належыць другому, што яна другога лашчыла і дзеля таго, другога, адштурхвае яго, унікае яго ласкі, можа, нават грэбуе ёй. Пачынаў браць свой голас — уражаны гонар мужчыны.

Лясніцкі спыніўся перад ёй і сказаў з едкім сарказмам:

— Якая ты добрая, верная жонка... Андрэй можа ганарыцца табой...

Макрына зусім сур’ёзна і цвёрда адказала:

— Што я нелюдзь якая, ці што. Ці мне аднаго мала...

— А было ж так, здаецца...

— Я таго не любіла... я тады цябе аднаго, усё роўна любіла...

— А цяпер любіш Андрэя?

— Люблю.

Лясніцкі яшчэ раз прайшоўся па пакоі і зноў спыніўся перад ёй, паглядзеў на яе ўсмешліва, ласкава:

— Дык ты ўжо, Макрына, не любіш мяне? Зусім не любіш, ані-ні?..

— Кінь ты, Васіль, нашто аб гэтым казаць...

— Ты ўжо зусім забылася на тое, што ў нас было? Зусім забылася, так? Можа, і ўспомніць нялюба?..

Макрына пачынала хвалявацца — мусіць, цяжка было ёй слухаць аб гэтым. А Лясніцкі наўмысля распаляў у сабе агонь журботнай крыўды, у якую зусім выпадкова і нечакана вылілася яго раздражненне,— ён усё з большым і шчырэйшым запалам гаварыў ёй поўныя дакору словы:

— Табе ўжо брыдка, калі я да цябе дакрануся, не хочаш, каб я палашчыў цябе, пажалеў. А помніш? — ты сама прасіла, каб я цалаваў цябе, ты была рада, калі я абнімаў цябе, трымаў на руках. Помніш, як я прыехаў з горада — ноч тая якая была... Дняпро... месяц... Табе, мусіць, не хочацца пра гэта ўспамінаць? Макрына, так?.. Ты ж ужо ані-ні не любіш мяне?..

Лясніцкі гаварыў зусім шчыра. Выпадкова і, можа, нават штучна ўзнятае пачуцце гэтай крыўды перайшло ў сапраўднае глыбокае хваляванне. Перад ім плылі поўныя непаўторнага хараства малюнкі мінулага, ён адчуваў іхнюю неўзваротнасць і поўніўся шчырым балючым жалем.

Макрына ўсё больш і больш хвалявалася. Яна прасіла Лясніцкага не гаварыць, не ўспамінаць аб тым, што было. А Лясніцкі наўмысля гаварыў, каб мучыць і сябе і яе, каб бачыць, як маўкліва глыбее пакутны свет у яе ясных вачах, як гатовы гэтыя вочы наліцца слязьмі.

Макрына заплакала. Скрозь слёзы, скрозь сутаргавае ўсхліпванне вырвалася ў яе надрыўна, горка:

— Ты, Васіль, гора маё... Нашто ты прыйшоў?.. Што табе трэба ад мяне?.. Толькі мучыць... жыццё адбіраць...

Лясніцкі быццам чакаў гэтых слёз. Яны знішчылі ў ім тую прыкрую двоістасць — асталося адно пачуццё даўнейшае палкае блізкасці. Тады пачуў ён сваю сілу і права, смела абняў яе, прыгарнуў да сябе, пачаў пацалункамі сунімаць яе слёзы. Яна не баранілася, і таму ён узяў на рукі яе, сеў з ёй на ложак, лашчыў яе, поўны гарачай пяшчотнасці.

— Ну вось і заплакала... Гэта за тое, што не любіш мяне... Ну, досыць плакаць, абнімі мяне... во так... Пацалаваць? Хочаш? Ну вось... Во так я люблю цябе... во... моцна?

Яна пакорна аддавалася ласкам Лясніцкага і ў той самы час прасіла яго, працятая інстынктыўным спалохам:

— Васілёк... не трэба... Нічога не рабі са мной... няможна... Васілёк, родны, я прашу цябе...

Лясніцкі прашаптаў ёй на вуха ціхенька-ціхенька:

— Андрэй нічога не будзе ведаць пра гэтую ноч... не бойся...

Гэтыя словы нібы абудзілі Макрыну. Яна сутаргава закалацілася, з нейкай адчайнай сілай вырвалася ад яго і кінулася ў дзверы. Лясніцкі ступіў некалькі крокаў за ёй, потым спыніўся, прыслухаўся. Ляпнулі дзверы недзе тут, у сярэдзіне дома: яна, мусіць, пайшла ў клас. Лясніцкі пастаяў трохі, падумаў, потым у нервовым раздражненні пачаў хадзіць па пакоі... Прайшло хвілін дзесяць, потым і пятнаццаць, дваццаць, паўгадзіны, гадзіна. Макрыны не было. Лясніцкі злаваў і не ведаў, ці чакаць яе, ці класціся спаць. Нарэшце, адважыўся на апошняе. Хацеў перш легчы на яе ложак, але абдумаўся. Са злосцю раскідаў у бакі крэслы і лёг на падлозе. Хай заўтра ўбачыць, яму нічога ад яе не трэба!

Заснуў Лясніцкі надзіва скора. І так жа раптам прачнуўся — свежы, бадзёры — прачнуўся, мусіць, ад лёгкага грукату ў кухні — там завіналася каля печы Макрына, у адчыненыя дзверы відаць было, як мільгаў край яе сукенкі. Лясніцкі ўраз успомніў аб усім, што было ўчора, і спачатку стала дужа сорамна. Але ўспомніў канчатак і ўсміхнуўся. І радасна стала, што так усё кончылася. Сёння глядзеў на Макрыну проста, па-таварыску, як тады, калі гутарыў з ёй аб справе. І зусім натуральным здалося, што яна Андрэева жонка, дзіўна нават было, чаму ўчора гэта яго турбавала. Толькі вось як зірнуць ёй сёння ў вочы?

Лясніцкі ўстаў і выйшаў на кухню. Прайшоўся туды ды сюды (Макрына не адварочвалася ад печкі), стаў ля акна, абапёрся спіной аб вушак. Маўчалі. Потым Макрыне трэба было ўзяць нешта на стале (стол стаяў ля акна), яна падышла, утуліўшы вочы, а потым нібы неўзаметку зірнула на Лясніцкага — недаверліва і сцеражліва. Ён злавіў гэты погляд і адказаў на яго сарамлівай усмешкай. Тады і яна ўсміхнулася і радасна прасвятлела. Лясніцкі вінавата і глуха прабурчаў:

— Ну, выбачай, Макрына... Я больш не буду... На руку, што гэта было апошні раз...

Яна, шчасліва смеючыся, падала яму сваю руку і лагодна зазначыла:

— Гэта было нейкае азяленне — ці праўда, Васіль?

Ён, замест адказу, спытаўся, гледзячы ўбок:

— Ты Андрэю скажаш пра гэта?

Яна падумала і адказала:

— Мусіць, скажу. А што ж там такое...

— Можна і сказаць... Я супроць таго нічога не маю...

Адразу пасля снедання яны пайшлі шукаць падпольнай сходкі. Макрына, ідучы, лапатала ўсё ў жвавым турботным захапленні:

— Яны казалі, што будуць збірацца з самага рання. Гэта зусім недалёчка. Але мы пойдзем не проста — проста дык яшчэ хто дазнаецца — а мы абыдзем гэты ўзгорак, там па дарозе пройдзем да хмызняку, а тады па закустаўю, дык ніхто не ўбачыць. Я ўжо прывыкла — ведаю, як трэба рабіць...

Гэта быў глыбокі, заліты густа-зялёным хмызняком роў. Тут усё ўзгор’е — можа, на колькі дзесяткаў вёрст — было перасечана такімі вялізнымі крутымі разлогамі, схоны якіх абраслі збітым у непралазную глуш кусцем ляшчыны, алешніку, дубняку, усіх тых раслін, што любяць чапляцца за сухія пескаватыя сцены абрываў. Праз гэту жывую калматую поўсць трудна было пралезці, спусціцца на глыбокае дно гэтых разлогаў, а былі і такія глухія мясціны, якія мелі толькі два нешырокія выхады — і ў адзін канец і ў другі. Адну такую мясціну і абабралі хлопцы для свайго патаемнага сходу.

Дзіка, недарэчна гучалі тут новыя словы, ніколі нечуваныя ў гэтых глухіх бязмежна-зялёных нетрах.

— Парадак дня, хлопцы, увага... Мы абгаворым сёння такія пытанні: бягучы момант, арганізацыйнае пытанне і бягучыя справы... Як, досыць гэтага? Ні ў кога няма больш пытанняў? Дык пачынаем, хлопцы... ціху...

Настрой быў урачыста-напружаны. Лясніцкі бачыў, як сялянскія твары — у большасці маладыя, яшчэ зусім юнацкія — прымалі жорстка-сур’ёзны выраз, як густа схадзіліся бровы, а вочы рабіліся цямнейшымі і глыбачэйшымі. Лясніцкі і сам адчуваў нейкае незразумелае хваляванне.

Па першаму пытанню рабіў даклад невысокі тонкі хлопец з велікаватым носам і вясёлымі слядамі чорных гарэзлівых вусікаў. Ён пачаў з агульных слоў аб рэвалюцыі, аб класавай барацьбе, перайшоў да абгляду апошніх падзей і скончыў досыць гарачым, патэтычным пратэстам супроць нямецкага імперыялізма. Па яго дакладу мала хто выказваўся — чакалі далейшага, ведалі, што там будзе самае важнае. Адзін устаў і ў кніжна-драматычным тоне пачаў гаварыць аб нядолі працоўнага народу, аб гнёце эксплуататараў і г. д. Дык яго слухалі не дужа ахвотна і ён скора кончыў. Прынялі нейкую рэзалюцыю і перайшлі да другога пытання.

Арганізацыйнае пытанне аказалася пытаннем аб арганізацыі партызанскага атрада. Гэтае пытанне абудзіла надзвычайную цікавасць і ажыўленне. Тут вылілася ўсё: і глыбокія балючыя скаргі на несправядлівы ўціск, на здзекі над працоўным людам, і спрадвечная арганічная варожасць да пана, пераплеценая з прагным імкненнем здабыць сабе лепшае жыццё, лепшую долю, і зацяты гнеў, і бурлівы юнацкі энтузіязм, гарачая гатоўнасць ісці на змаганне. Гарэлі рэзкім агнём вочы сялян, рукі цягнуліся ў нервовым палкім дрыжанні:

— Слова!

— Дай слова!

— Я скажу, хлопцы!

— Дай мне!

Адзін апавядаў на скоры поспех пра люты звярыны ўчынак нямецкага каменданта, другі кідаў няскладныя ад узрушэння словы палкага закліку, трэці некага лаяў, чацвёрты злосна патрабаваў аружжа.

— Досыць ужо!.. Што там такое... Засядзем во ў гэтых разлогах, ды і будзем калупаць іх, чарцей... Што яны зробяць нам!

У гэтых бязладных спрэчках, у гэтым вострым распале гнеўнага абурэння бачыў Лясніцкі твар змучанай, знерваванай беларускай вёскі, гвалтам адарванай ад тае светлае волі, якая ўжо была разгарнулася перад вачмі раскошнымі, поўнымі цудоўнай красы прасторамі. І хацелася дужа Лясніцкаму выйсці ды сказаць нешта такое гарачае, агнёвае, што б маланкай убілася кожнаму ў сэрца, запаліла яшчэ большы, несутрыманы пажар у маладой сялянскай крыві, што б штурхнула ўсіх на шалёна-адважнае, бязмежна-геройскае. Але помніў Андрэевы словы і заместа таго выйшаў і пачаў гаварыць аб асцярожнасці, аб тым, што трэба спакойна, разважна абдумаць кожны пачынак, прадугледзець магчымую небяспеку.

На тым сходзе пастанавілі маладыя сялянскія хлопцы арганізаваць партызанскі атрад і помсціцца каму належыць за сялянскае дабро, за сялянскія слёзы і кроў.

Макрына пазнаёміла Лясніцкага з некалькімі хлопцамі — самымі іхнімі верхаводамі — і яны ўзялі яго пад сваю апеку. Сярод іх было двое з мястэчка. Пасля сходу Лясніцкі пайшоў разам з імі — яны павінны былі знайсці яму там памяшканне і наладзіць сустрэчу з патрэбнымі людзьмі.

Макрына правяла яго да таго месца, дзе канчаўся роў, выбягаў на нізкую пустую лагчыну, сярод якой тачылася невялічкая рэчка. Развітваючыся, яна чамусьці захвалявалася, турботна ўтуліла ў дол закрытыя дрыжачымі расніцамі вочы. Лясніцкі ласкава яе запытаў:

— Ты, Макрына, нешта хочаш сказаць? Кажы, усё роўна...

Яна ўзняла на яго ціхі погляд, наліты трывогай і яшчэ нечым пакорным, балючым.

— Васіль! Не сустракайся са мной... Не трэба...

Ён усміхнуўся, з сяброўскай шчырасцю паціснуў яе руку.

— Калі і сустрэнемся, дык з нейкім інакшым настроем... Таго ўжо не будзе, не бойся...

 

Гольдзіна пераправілі без асаблівых перашкод — паспрыяла непраглядная чорная ноч ды патаемнае спачуванне берагавой варты. Гольдзін прывёз з сабой вялізны пак літаратуры, свежыя партыйныя інструкцыі і трохі аружжа. Ціхі непрыметны домік на самым канцы мястэчка, у якім закватаравалі Лясніцкі і Гольдзін, на некаторы час стаў асяродкам напружанага, але пільна захаванага ажыўлення. Сюды позна ўвечары — хто па глухіх, бязлюдных завулках, хто зусім па задворках, па гародах — збягаліся неспакойныя людзі, засядалі ў заднім глухім пакойчыку (вокны — у сцяну нейкага дворнага будынка), завадзілі даўгую сумятлівую гутарку. Гаварылі, чыталі, зноў гаварылі, хапліва перабівалі адзін аднаго, хваляваліся. За сталом на сваім нязменным месцы (неяк адразу зазвычаілася, што гэта месца пад жоўтай карцінай — яго, пастаяннае) сядзеў глыбока-затоены Гольдзін — ён быў асяродкам гутаркі, ён дзіўна прыцягваў усіх сваёй марудлівай стрымленасцю, сваім сцеражлівым уедліва-пракананым голасам.

Кожны вечар прыходзілі тры пераапранутыя ў цывільную вопратку нямецкія салдаты. Два былі пастаянныя, а адзін штораз то быў новы. Гэтыя два пастаянныя былі зусім розныя, не падобныя адзін на аднаго, людзі. Адзін быў высокі, меланхалічна выпрастаны, з нерухома-здзіўленымі малавыразнымі вачмі, з жорстка-аддудыранымі вусамі. А другі — рыжанькі, рухавы і пільны, з белымі брывамі і белымі расніцамі (калі белыя бровы і расніцы, ды яшчэ рабаваты твар — вочы здаюцца хітрымі, жулікаватымі). Немцы блізка што нічога не разумелі з таго, што гаварылі хлопцы,— сядзелі моўчкі на лаўцы, і адзін упінаў свой марудны погляд у нейкую нявідную кропку, а другі жвава ўсё разглядаў, усім цікавіўся і нават прыслухваўся да гутаркі, хоць, пэўна, нічога і не разумеў. Калі ж Лясніцкі і Гольдзін пачыналі гаварыць з імі па-нямецку (Гольдзін гаварыў зусім добра), яны страшэнна ажыўляліся і гаварылі з нейкай хаплівай узнятасцю, якая Лясніцкаму спачатку здавалася ненатуральнай. Высокі пачынаў экзальтавана і трохі дзіка блішчаць вачмі, а рыжанькі захліпваўся гарачымі рэвалюцыйнымі сказамі. Хлопцы тады, нічога не разумеючы, глядзелі на іх і няўцямна лыпалі вачмі.

Немцы рэгулярна кожны вечар бралі літаратуру і рэгулярна кожны вечар прыносілі паведамленні аб тым, якія вынікі дае прапаганда. Гэтыя вынікі з кожным днём былі больш яскравыя і больш рэальныя. Кожны раз, як яны апавядалі пра тое, што робіцца ў іхняй казарме, Лясніцкага ахапляла нецярплівая турбота. Яго раздражняла метадычная паступеннасць немцаў і спакойна-цвёрдая вытрыманасць Гольдзіна. Яму кожны раз здавалася, што вось цяпер самы зручны момант для рашучай чыннасці, што калі не скарыстаць яго, дык усё прападзе, не выйдзе нічога. Ён хваляваўся і настойваў на тым, каб пачынаць. Яго кожны раз падтрымлівалі хлопцы, але Гольдзін сунімаў іх усіх сваёй ціхай упартасцю.

Так цягнулася дзён пяць. Потым наладзілі патаемную салдацкую сходку. Гэта быў дужа трудны, амаль што немагчымы ўчынак. Тут былі мабілізаваны ўсе сілы, ужыты ўсе магчымыя спосабы, было ўсё размеркавана дакладна і падрабязна, сходка адбылася сярод начы ў тым самым таемным акрайным доміку. Сышлося чалавек дзесяць нямецкіх салдат, а з сваіх быў Лясніцкі, Гольдзін ды яшчэ пара хлопцаў. Гольдзін чытаў нейкую адозву, потым гаварыў — спакойна, праканала, як заўсёды,— тлумачыў салдатам мэты расійскай рэвалюцыі, яе агульную інтэрнацыянальную значнасць. Немцы слухалі надзіва ўважна. Зрэдку ківалі галовамі, быццам пацвярджалі праўду Гольдзінавых слоў, праўду гэтай чужой для іх і разам з тым роднай рэвалюцыі. Лясніцкі быў глыбока, да слёз, узрушаны, калі потым гаварыў адзін малады немец-шахцёр сілезскіх капальняў, калі пераплятаў ён, як у нейкай цудоўнай рамантычнай казцы, яскравыя малюнкі свайго цяжкага шахцёрскага жыцця з прыгожымі, светлымі надзеямі на тую невядомую волю, за якую змагаюцца чужыя для яго і для яго роднай Сілезіі людзі. І Лясніцкі бачыў, як у часе гаворкі яго на ўсіх тварах плавала мяккая летуценнасць, як загараўся ва ўсіхніх вачах агонь ціхага хвалявання, агонь няяснай палахлівай радасці.

Гэтыя ўсе дзесяць нямецкіх салдат гатовы былі пайсці за Дняпро. Чалавек пяць такіх асталося ў казарме — не маглі выбрацца — ды былі яшчэ няпэўныя, з якімі толькі вяліся перамаўленні. На гэтай сходцы склалі падрабязны план пераправы, прызначылі месца і час, размеркавалі ўсе абавязкі. Разышліся яшчэ зацемна, каб маглі салдаты непрыметна вярнуцца ў казармы.

Ноч тая задалася сляпая, дажджавая. Па дне рова цёк шумлівы і страшны ў цемры ручай — ён прымушаў Лясніцкага лезці вышэй па схоне, скаўзацца і пэцкацца ў прыкра-ліпучы глей. Ён хацеў быў зусім выйсці на гару, але ўспомніў пра асцярожнасць і, сціснуўшы зубы, сунуўся далей па схоне, гатовы кожную хвіліну скаціцца ў ручай. Ён ведаў, што вады ў тым ручаі не больш, як па калена, але неяк забываўся на гэта, і тады здавалася, што можна ўтапіцца.

На гары свішчаў раз’юшаны вецер, ашалела ганяўся за некім па полі. Часамі ён і сюды, уніз, залятаў — нейкімі істэрычнымі ўсхліпамі — і нечакана абдаваў усяго жорсткай халаднаватай золлю. Было дужа непрытульна ў гэтай чорнай мокрай слізоце.

Лясніцкаму здалося, што ён ужо прайшоў чорт ведама колькі, а ўсё не было канца гэтаму рову. Пачынала адчувацца змора, і ўсё больш турбавала трывожная думка, што не паспее да назначанага часу. Ён прыспяшаў ход і ад таго яшчэ больш скаўзаўся, яшчэ больш пэцкаўся ў глей. Унутры расла тупая бяссільная злосць.

Нарэшце спераду патыхнула нечым шырокім і свежым — выяўна адчуўся пусты там адкрыты прахон. Лясніцкі дагадаўся, што гэта Дняпро. Ён пайшоў цішэй, зусім ціха, ледзьве пераступаючы нагамі,— каб не абшаснуцца ды не скаціцца ў Дняпро, бо нічагуткі не бачыў наперадзе. Прайшоўшы яшчэ крокаў з дзесяць, пачуў ціхія галасы — зусім блізка неяк, пад самым вухам. Ён хацеў моўчкі прыслухацца, але паслізнуўся і шумліва асыпаў у ручай камлыгу пяску.

Галасы сціхлі, а потым нехта аклікнуў:

— Хто тут?

Лясніцкі па голасе пазнаў, што свае, і з мімавольнай злосцю адгукнуўся:

— Дзе вы там? Пахаваліся, ці што?

Аказалася, што хлопцы сядзелі крокі на два вышэй за яго, пад нейкім хударлявым і мокрым кустом.

— Не было яшчэ нашых?

— Не.

—А лодка?

— Стаіць у кустах.

— Колькі вас?

— Чацвёра.

— Во што... Ідзіце па двое ў адзін і другі бок, прасачыце вартавых... Калі свой, дык будзе высвістваць якую-небудзь песеньку. Можаце загаварыць, толькі асцярожна... І тады — назад...

Лясніцкі адчуваў цяпер прыемнае радаснае ўзрушэнне. Гэта ж першы раз ён прымае ўдзел у такой важнай небяспечнай справе ды яшчэ кіруе, дае загады — ён жа цяпер тут галоўны распарадчык, бо Гольдзін яшчэ ўдзень перайшоў на той бок, рыхтуе там сустрэчу гасцям.

Лясніцкі сеў пад той куст, дзе былі хлопцы, і пачаў чакаць. Ад таго, што пасля паспешнага нервовага руху ён апынуўся раптам у абсалютнай нерухомасці і спакоі, хваляванне яго яшчэ больш узмацнілася і цяжка, безвыхадна стоўпілася ўнутры, сціснула грудзі нейкім тупым і мулкім болем. Было трудна чакаць — марудныя хвіліны пераварачваліся нязграбна і важна, як вялізныя неўвароткія камлыгі. Ды яшчэ гэтая непакойная — вятраная і мокрая ноч!

Але вось з таго боку, адкуль і ён прыйшоў быў, пачулася слюнявае цмяканне ног. Ён прытоіўся, нават спыніў дыханне і слухаў. Ішла ладная грамада людзей. Ён запытаў па-нямецку:

— Хто гэта?

— Мы... Свае...

А адзін з сваіх, з праваднічых, радасна далажыў:

— Дзевятнаццаць штук прывялі...

Зараз жа вярнуліся і выведнікі, якіх пасылаў Лясніцкі.

— Усё добра. З абодвух бакоў стаяць нашыя. Яны будуць чакаць, пакуль іх паклічуць.

Асцярожна, паціху сышлі ўсе к Дняпру. У цемры не відаць было, дзе канчаецца пескаваты адхонны бераг, а дзе пачынаецца вада. Не відаць было і як падплыла лодка — сядалі ў яе вобмацкам, адзін за адным. Лясніцкі ўпацёмку наткнуўся на нешта цвёрдае, рагаватае, закручанае ў змакрэлы брызент — два немцы ладзілі ўкласці яго ў лодку. Ён запытаў у іх:

— Што гэта?

— Гэта — аружжа.

Лясніцкі ўсміхнуўся. Гэта не было раней абгаворана — акуратныя немцы самі падбалі аб тым, каб не з’явіцца з пустымі рукамі.

Паплыла першая партыя. Вёслы спускаліся ў ваду з кволым, ледзь чутным плясканнем, а здавалася, што яны падаюць гук на цэлыя гоні, і было да болю прыкра ад гэтага назолліва-едкага гуку. Потым змоўкла ўсё чыста — пацягнуліся нудныя цяжкія хвіліны чакання. Здалося Лясніцкаму, што вецер прынёс быў адтуль, з таго берага, абрывак нейкага вокліку. Потым зноў усё змоўкла, толькі свішчаў нервовы апрысклівы вецер.

Лодка падплыла так жа непрыметна, як і той раз. Пасадзілі другую партыю. Асталося яшчэ пяць чалавек. Лясніцкі паслаў за вартавымі. Яны падышлі якраз к таму часу, калі вярнулася лодка. Як ад’язджалі гэтыя апошнія, Лясніцкі сказаў на развітанне:

— Вызваляйце ж нас... Хутчэй... Будзем чакаць, каб сустрэцца...

Немцы адказалі дружна і зусім голасна, быццам для іх ужо не было небяспекі:

— О, наша возьме! Чакайце, хутка сустрэнемся!..

Лясніцкі яшчэ нейкі час стаяў над вадой, апалосканы хвалямі золкага ветру. Было трошкі сумна — так адчувалася, быццам вось гэтыя людзі падаліся некуды ў новае, светлае, а яго пакінулі тут, сярод мокрае цемры, як непатрэбнага, лішняга. Але брала верх другое адчуванне — радасная давольнасць, што ўсё абышлося так добра, што справа даведзена да канца.

— Ну, хлопцы, хадзем дадому... Здаецца, зрабілі ўсё, як след...

Яны вярнуліся ў мястэчка, як пачало ўжо зараць. Падыходзячы да кватэры, Лясніцкі пачуў страшэнную змору. Ён ледзь дацягнуўся да свайго пакоя і, нават не раздзеўшыся, рынуўся на ложак. З ім прыйшло яшчэ двое хлопцаў (далёка было ісці) — яны тож паляглі дзе каторы. І ўсе разам у адзін момант паснулі.

Гадзіне а дванаццатай іх разбудзіла перапалоханая асалапелая гаспадыня.

— Уставайце скоранька! Немцы ідуць да нас... Уцякайце...

Пакуль хлопцы добра расчухаліся, пакуль раздзяўбалі, у чым тут справа, на кухні пачуліся незнаёмыя галасы з рэзкім нямецкім акцэнтам. Пыталіся, дзе жывуць кватаранты.

Уцякаць было позна. Хлопцы здзіўлена пераглянуліся (здаецца, усё ж было кончана ўжо) і пачалі падымацца. У пакой увайшлі нямецкія салдаты. Адзін стаяў ля дзвярэй, а іншыя пачалі рабіць ператруску. Яны адразу натрапілі на некалькі брашур і лістовак, якія нехта пакінуў тут на стале, потым у адзежы хлопцаў намацалі рэвальверы.

— Збірайцеся хутчэй! Вы арыштаваны!..

Лясніцкі папрасіў дазволу памыцца. Яго вывеў адзін салдат на кухню, дзе быў рукамыйнік. Лясніцкі запытаў у салдата:

— Вы не ведаеце, з якой прычыны нас арыштавалі?

Салдат матнуў галавой у знак таго, што ён нічога не разумее. Лясніцкаму гэтага толькі і трэба было. Ён смела звярнуўся да гаспадыні:

— Скажыце, каб перадалі Андрэю, што справа зроблена, але трох расстраляюць. Калі можна, хай выручае.

І сказаў падрабязны адрас Андрэя ў горадзе. Тады спакойна памыўся і вярнуўся ў пакой.

Іх павялі ў мясцовую нямецкую камендатуру і запёрлі ў нейкай глухой цямнявай каморцы з малюпасенькім акенцам, праз якое відаць быў шырокі брудны двор. Астаўшыся адны, хлопцы першую хвіліну неяк тупа, няўцямна маўчалі — не то былі ашаломлены сваім нечакана-новым становішчам, не то проста не ведалі, з чаго пачынаць гутарку і як гаварыць: ці баяцца, каб не падслухалі, ці гаварыць адкрыта аб усім, што на вуме. Лясніцкі першы азваўся, сказаў сцеражлівым шопатам:

— Дрэнная, хлопцы, рахуба... Мусіць, пстрыкнуць...

І з гэтага неяк само сабой у іх устанавілася — гаварыць аб усім, але шопатам. Перш-наперш заняліся пытаннем: хто выказаў? Усе былі ўпэўнены, што нехта выказаў — іначай адкуль бы немцы дазналіся? — але як ні ламалі галовы, нічога не маглі прыдумаць. Так асталося гэта неразгаднай цёмнай загадкай. Потым перайшлі на другое: пачалі меркаваць, ці ўдасца Андрэю як-небудзь выручыць, ці не. Але і тут не дайшлі ні да чога. Трудна было ўявіць тыя спосабы, якія мог ўжыць Андрэй да іхняга вызвалення. Хутка і на гэтую тэму не асталося чаго гаварыць. Тады для ўцехі свае, для забавы пачалі ўспамінаць аб зробленай справе, перабіраць усе самыя дробныя абставіны, усе ўдалыя выкруты. І забыліся на бязвыхадны стан свой, пачалі весела, давольна смяяцца.

Той дзень іх зусім не чапалі. А назаўтра з самага рання павялі на допыт. Першага ўзялі Лясніцкага, прывялі ў чысты раскошны пакой, дзе за пісьмовым сталом сядзеў вусаты — грубага салдацкага выгляду — нямецкі афіцэр. Ён запытаў па-нямецку ў Лясніцкага:

— Раскажыце, як вы дапамагалі дэзерцірству нашых салдат?

Лясніцкі моўчкі крутнуў галавой, што не разумее. Афіцэр здзіўлена выпяў свае алавяныя вочы.

— Вы не разумееце па-нямецку?

Лясніцкі маўчаў. Афіцэр звярнуўся да вартавых:

— Вы не таго прывялі. Я сказаў прывесці таго, што прыехаў з горада.

— Гэта ён і ёсць, пан паручнік.

Паручнік зноў да Лясніцкага:

— Дык вы не ведаеце нямецкай мовы?

Лясніцкі бачыў, што ім вядома ўсё чыста. Яму захацелася кінуць гэтыя хітрыкі ды сказаць адкрыта аб усім — рэзка сказаць, злосна, здзівіць яго нечаканай смеласцю, перакананасцю. Але ўспомніў аб угаворы з хлопцамі, рашыў стрымацца і гаварыць так, як умовіліся. Таму маўчаў і стараўся глядзець на немца з шчырым наіўным неўразуменнем.

Паручнік пачаў гаварыць на ламанай расійскай мове. Лясніцкі прызнаўся, што ён бальшавік і вядзе прапаганду сярод насельніцтва, але рашуча адмаўляў сваё дачыненне да нямецкага войска. Як ні пяўся паручнік, больш нічога ад яго не дабіўся. Яго вывелі ў суседні пакой і трымалі там, пакуль не зрабілі допыт хлопцам. Тады зноў завялі ўсіх у тую самую глухую каморку. Хлопцы з радасцю хваліліся Лясніцкаму, што сказалі ўсё так, як было ўмоўлена. Лясніцкі сумна ўсміхнуўся:

— Усё роўна. Ім вядома ўсё не менш, як нам. Нехта выказаў з сваіх...

Пасля гэтага чамусьці іх больш не чапалі. Яны з трывожнай нецярплівасцю чакалі палявога суда і з патаемнай надзеяй загадвалі на тое, дзе будуць судзіць: тут ці ў горадзе. Чамусьці здавалася, што калі павядуць у горад, дык там лягчэй будзе хлопцам вызваліць іх.

Так прайшло два дні. На трэці дзень падвячоркам, у той час, як павінны былі прынесці ім па шклянцы вячэрняй кавы, у каморку да іх зайшоўся сам паручнік з адным вартавым. Ён моўчкі буркнуў ім у нейкім сярдзітым замяшанні:

— Ідзіце за мной!

І дасадліва махнуў на дзверы.

У Лясніцкага мігнула шпаркая радасная думка:

«Адпраўляюць у горад...»

І ён з жвавай паспешнасцю пайшоў за афіцэрам.

Паручнік вывеў іх чамусьці на двор, потым давёў да варот і, спыніўшыся там, сказаў па-расійску — нехаця і пагардліва:

— Цэнтральная гасцініца... нумар трэці...

І пайшоў назад разам з вартавым.

Хлопцы асалапелі. Што гэта, выпусцілі? На волю? Ці, можа, якое хітрае падступства? Чаму цэнтральная гасцініца?

Яны нясмела прачынілі фортку — можа, там стаіць варта? — і ўбачылі, што там нікога няма. Тады паціху выйшлі на вуліцу, азірнуліся ва ўсе бакі і пасунуліся ў той бок, дзе была местачковая «цэнтральная» гасцініца.

На бліжэйшым завароце яны раптам натрапілі на рыжанькага немца, які прыходзіў да іх на патаемныя нарады. У першы момант Лясніцкі толькі здзівіўся, чаму ён астаўся, не пайшоў з сваімі таварышамі. Потым працяла мазгі раптоўная думка, скаланула нутро вострым агнявым хваляваннем. Ён нервовымі крокамі падышоў да немца, жорстка запытаў у яго:

— Ты чаму тут? Чаму астаўся?

Немец не то палахліва, не то зларадасна заміргаў сваімі бялясымі расніцамі.

— А хто вам казаў, што я буду ўцякаць? Я ніколі аб гэтым не гаварыў...

— Гэта ты выказаў, ты? Гавары!..

Немец азірнуўся наўкола, яшчэ горш заміргаў. Але цяпер ужо выразна відаць было, што не баіцца ён — у хітрых вачах пыхнуў едкі агеньчык, а на вуснах дрыготка і дробна адзначыўся след сцеражлівае ўсмешкі.

— Я магу не адказаць вам, і вы мне нічога не зробіце... хе-хе... А калі захачу, дык скажу — ад гэтага мне таксама нічога не будзе... А нашто я выпусціў тых, чаму раней не данёс, га?.. Чаму дзевятнаццаць нямецкіх салдат перайшлі на той бок? Хе-хе... А потым вось выказаў... І прызнаюся, бо не баюся вас...

Немцаў твар зусім аблысеў, заплыў дурной і хітра таемнай усмешкай. Адбілася ў ім нешта нахабнае, тупа заўзятае,— яно ашаламіла Лясніцкага, скончыла злосць у ім, перавярнула яе ў раптоўнае задзіўленне. Ён запытаў у немца — ціха зусім, у замяшанні:

— Нашто ж выказаў, га? Усё было кончана... Што ты хацеў?

Немец высока ўзняў свае бялясыя бровы, ладзячыся сказаць нешта рэзкае, нечаканае, але зараз жа рупліва і акуратна спусціў іх, бо ўбачыў афіцэра, які набліжаўся да іх. З угодліва-заклапочаным выразам ён падаўся яму насустрэчу, здалёку прымяркоўваючы ўсю сваю несамавітую фігурку для спрытнага аддання чэсці. Хлопцы пайшлі ў сваю дарогу.

Гэты рыжанькі немец — рухавы і спрытны — з белымі брывамі і белымі расніцамі (вочы ад гэтага выдаюць хітрымі, жулікаватымі) прайшоў праз паласу жыцця Лясніцкага неразгаданы, хоць і дробны. Потым не раз успамінаў Лясніцкі назоллівае мірганне бялясых расніц і заўсёды яго турбаваў тупы прыліў неўразумення. Што яму трэба было? Ці вадзіла яго чорная сіла чалавечай сквапнасці, ці было ў ім што глыбачэйшае, сваё (можа, дзівацкае, а мо фанатычнае ці хваравітае)?

У гасцініцы (жудасна бруднай, хоць і «цэнтральнай») хлопцаў сустрэла нервова насцярожаная старая яўрэйка. Яна чамусьці нічога не папытала, а павяла адразу па гнілым калідоры і паказала на дзверы трэцяга нумару. Адчыняючы дзверы, Лясніцкі адчуў прыемна-вострае ўзрушэнне, бо чакаў, што тут будзе разгадка ўсёй гэтай дзіўнай гісторыі.

У шэрым пакоі шэрай воўнай паклычыўся змрок — знадворку ўвайшоўшы, здавалася, што ходзіць ён блытанымі бязладна-парванымі хвалямі. У змроку гэтым ціха зусім было (а чакалі нечага шумлівага, рэзкага), за сталом, узлёгшыся шчакой на руку, сядзела жанчына. Як увайшлі, яна паволі і, здалося, зусім безуважна падняла галаву, паглядзела на іх. Лясніцкі ўпіўся вачмі ў яе твар, у бледны зусім ад змроку, і баяўся пазнаваць, каб не памыліцца, бо відаць было ў гэтым ацененым твары толькі нешта невыразна-знаёмае, такое, што бачым мы ў кожным блізкім для нас чалавеку.

Жанчына ласкава іх прывітала і запрасіла сесці. Быў адзін момант, калі, нават пачуўшы голас і пазнаўшы яе, Лясніцкі не мог паверыць, што гэта Ніна, не мог злучыць яе вобраза з вобразам гэтай бледнай у змроку жанчыны — і Нінін, так добра знаёмы голас здаўся спачатку дзіўным, неабычайным. Сталася так, мабыць, затым, што зусім неспадзяваная была гэта сустрэча.

Ніна гаварыла ціхім напружаным голасам:

— Я адкупіла вас за тыя грошы, што пакінуў Андрэй. Я сама надумалася гэта зрабіць, бо Андрэй яшчэ не вярнуўся... Не ведаю, што гэта за грошы,— Андрэй казаў іх дужа берагчы... Але ж, мне здаецца, за жыццё трох чалавек можна было аддаць іх, га?.. Як вы думаеце?..

У яе голасе чуваць была шчырая турбота. Яна не ўпэўнена была ў тым, што зрабіла так, як было патрэбна і неабходна. Каб заспакоіць яе, Лясніцкі сказаў:

— Тут можна разважаць толькі аб тым, ці варта было нас выручаць ці не варта. Што датычыць спосабу — іншага быць не магло...

Тады Ніна ласкава засмяялася.

— Ну, як гэта не варта! А што ж: кінуць вас — пагібайце сабе! Ого... Нам людзьмі раскідацца не выпадае... Людзі многа каштуюць...

Ніна запаліла лямпу, і дрыготнае крывое святло цьмяна адкрыла яе змучаны твар, паказала глыбока-запалыя вочы — цёмныя і марудныя, поўныя зморы. Яна пачала апавядаць, як давялося ёй вызваліць іх з нямецкага палону.

— Я атрымала вестку вашу ў той самы дзень і адразу паехала. Больш не было каму, бо Андрэй не вярнуўся, а знайсці другога каго, каб даручыць гэту справу, мне не ўдалося... Адразу было дужа трудна — мне немцы проста не верылі. Мабыць, думалі, што ў мяне грошай няма, што я так толькі з імі таргуюся. Тры дні я білася тут, кідалася ва ўсе бакі... Змарылася... Дужа змарылася... Сёння я сустрэла на вуліцы паручніка і запрасіла сюды. Ён прыйшоў, і я паказала яму свае грошы, каб спакусіць... Я думала, што ён адбярэ — у яго так сквапна загарэліся вочы — я нарыхтавалася абараняць іх, рашыла, што лепш памру, а не аддам яму так... Але выйшла да смеху проста, зусім па-гандлярску. З паўгадзіны мы з ім таргаваліся і кончылі тым, што ён аддаў мне вас па тысячы марак за чалавека... Вось і ўсё...

Лясніцкі жартліва зазначыў:

— Цяпер хоць будзем ведаць сваю рыначную цану... Нішто сабе, тысяча марак... Чацвёра коней можна купіць, ды і не абы-якіх...

Хлопцы дружна зарагаталі, а Ніна нібы і не пачула гэтага жарту. Яна нерухома глядзела на жаўтлявы агонь бруднай лямпы, аддаўшыся глыбокай задуме. Потым з відочнай патугай адвяла ад свету свае марудныя вочы (погляд бяссільна расплыўся ў віхлястай муці пакоя) і ціха, быццам сама для сябе, праказала:

— Дамоў трэба... Каб як скарэй... Трудна так, калі не ведаеш, што там...

Лясніцкі тады з раптоўнай рэзкасцю ўспомніў пра тое, што адбылося нядаўна ў Ніны ў жыцці,— ён чамусьці страшэнна спалохаўся і ў незразумелай трывозе схапіў яе за руку.

— Ніна! А сын ваш як? Дзе ён?..

Ужо сказаўшы і ўбачыўшы, як балюча здрыганулася ад гэтых слоў Ніна, Лясніцкі зразумеў, што не трэба было цяпер пра гэта пытацца, што закрануў ён няўмысля свежую рану яе. Ніна сутаргава зацяла вусны, каб схаваць сваё хваляванне, але яны — бледныя, неслухмяныя — пачыналі нервова сморгацца ўніз, дый у вачах у яе ўжо срабрыста дрыжалі першыя кропелькі слёз. Ёй бы трэба было часінку цяпер памаўчаць, каб заціснуць узрушаныя пачуцці, каб праглынуць усплыўшую горкасць, а яна пачала гаварыць (не хацела, мусіць, маўчаннем сваім скутаць усіхні настрой), і голас выдаў яе — ён быў дрыжачы, раскеплены нейкі, зусім расслаблены хваляваннем.

— Сын быў хворанькі, як я кінула... як паехала... Я нічога не ведаю... Там Славін... Славін даглядае яго... А можа, да гэтага часу... не ведаю я нічога...

Яна змоўкла, і хлопцы маўчалі — сядзелі ўсе хмурыя ад зацятага ўнутры спачування і яшчэ ад нейкага пачуцця — не то сораму, не то каяння (быццам гэта яны вінаваты, што Ніна дзяцёнка хворага кінула). Але-ткі Лясніцкі загаварыў — і трудна азначыць было, ці ён вінаваціць яе, ці сам адчувае сябе вінаватым. Ён так сказаў:

— Нашто было гэта рабіць? Вы, можа, праз нас згубілі дзяцёнка... Хай бы неяк іначай... Гэта ж — ахвяра, цяжкая ахвяра...

Ён сам адчуваў, што гаворыць не тое. Ён знаў, што Ніна зрабіла правільна, што яна павінна была так зрабіць — гэта быў яе абавязак. Ён гаварыў затым, што дзіўна і страшна было бачыць так блізка самаахвярнасць чалавека (так, гэта была самаахвярнасць) і, што найважней, бачыць яе ў такім простым і ціхім выглядзе, без ніякай знадворнай яскравасці, без прыгожай, бліскучай формы.

А Ніну словы Лясніцкага яшчэ больш узрушылі. Яна гнеўна бліснула вачмі (некалі было так з Славіным) і рэзка — скрозь слёзы — адказала:

— Я не для вас гэта зрабіла... Вы не маеце права мне так гаварыць...

Потым раптоўна змяніўшы тон, загаварыла хапліва, горача, быццам спяшалася некуды.

— Лясніцкі... слухайце... Мне трэба з вамі з адным астацца... Пагаварыць трэба... адзін на адзін...

Хлопцы наспех развіталіся і выйшлі з пакоя. Тады Ніна дала поўную волю сваім пачуццям. Ужо ўсхліпваючы ад цяжкага даўкага плачу, яна ў нервовай паспешнасці гаварыла:

— Я буду плакаць, Лясніцкі... Я не стыдаюся вас... я вам веру... Лясніцкі... гэта слабасць... часовая... Вы смяяцца не будзеце... вы разумееце. Каб мне ведаць, як там, дык я б не плакала... Гэта хвіліна проста... Не зважайце на гэта, Лясніцкі. Я зусім слабая стала...

Лясніцкі не суцяшаў яе, не кратаў зусім, бо знаў, што ад гэтага горш яшчэ будзе. Яна сама праз хвілін пяць супакоілася і, старанна абцёршы твар, загаварыла ўціхамірана-роўным голасам:

— А трэцяй гадзіне раніцы сюды прыедзе фурман, я змовілася... Мы паедзем разам у горад... Пэўна, Андрэй вярнуўся ўжо, навін свежых прывёз... Каб скарэй з гэтымі немцамі кончылі — мір нам дужа патрэбны цяпер...

У словах Ніны ўжо чулася абычайная для яе спакойная руплівасць, якая здавалася асабліва сімпатычнай тады, калі гаварыла Ніна пра агульную справу, калі ў вялікі клопат мільёнаў людзей улівала шчырую цеплату сваёй жаночай турботы — такой простай і праўдзівай, роджанай з самай глыбіні істоты.

Лясніцкі адчуваў глыбокую павагу да Ніны — ён хацеў цяпер сказаць ёй нешта прыветнае, ласкавае і разам з тым мнагазначнае, каб паказаць, што ён разумее яе, што яны блізкія адзін аднаму. Ён пачаў асцярожна, з прадмовай, каб не спудзіць яе ўціхаміранага настрою.

— Вы, Ніна, не злуйцеся, калі я, можа, глупства якое скажу... Дадушы, я хачу так, па-таварыску... Мне трэба гаварыць, каб зафіксаваць неяк гэты настрой мой... цяперашні... Я, сапраўды, адчуваю да вас цяпер нешта страшэнна добрае. Вы казалі, што вы слабая... Ды не, вы не слабая, Ніна. Я здзівіўся сёння ад вашай сілы. Я дужа ўдзячны вам — не за тое, не... Вось за сілу за гэту, за непасрэднасць... Неяк сам смялейшы робішся, калі такіх людзей сустракаеш... Сапраўды... Я зусім сур’ёзна кажу, што вы, Ніна, моцны і добры чалавек... Вы — слаўны таварыш...

Ніна глядзела на яго з чыстай і ласкавай усмешкай. Потым, як кончыў ён, яна ў лёгкай задуме сказала:

— Жыццё ў мяне, Лясніцкі, было цяжкае — яно выхавала мяне... Вы ж ведаеце — я некалі вам гаварыла — змалку прыйшлося цярпець... Матку страціла, брата, бацьку. Усё жыццё — нястача, гарота... Вось і шукаеш нечага лепшага, верыш у яго, захапляешся... А цяпер я чамусьці канчаткова ўпэўнена, што скора знойдзем мы гэтае лепшае. Таму я і проста гляджу на ўсё, не маю сумненняў... А слабасць усё-ткі нападае часамі... Люблю вось сына, да болю шкада яго... пэўна, памрэ... а мо памёр ужо... Горш няма, як не ведаеш...

Яна зноў пачала хмурнець, заблішчалі раптоўнай слязой яе добрыя шэрыя вочы. Лясніцкі пастараўся перавесці гутарку на другую тэму — напамянуў пра справу, якую яны тут зрабілі, і Ніна папрасіла расказаць аб усім па парадку. Яны рашылі зусім не класціся спаць і прагаварылі аж датуль, пакуль не прыехаў фурман.

 

Дзіця памёрла на руках у Ніны на другі дзень пасля таго, як яна вярнулася ў горад. У гэты час у хаце ў яе былі Лясніцкі і Славін. Калі заціхлі апошнія недалужныя і жаласныя — стогны дзіцяці, Ніна спынілася сярод хаты і колькі хвілін глядзела на пасінелы тварык малога, быццам вывучала на ім незразумелы дзікі ўзор халоднае смерці. Потым асцярожна паклала яго на ложак і зноў пільна ўглядалася ў нейкім тупым і цяжкім задзіўленні. Нарэшце сказала ледзь чутна — нібы разважала сама з сабой:

— Як мала жыў... А мог быць вялікім і моцным...

І ў глыбокай задуме адышла ад ложка, пачала глядзець у акно. Тады да нябожчыка падышоў Нікадзім Славін і, гледзячы на яго, загаварыў цягуча і жаласна:

— Так... Мог быць вялікім і моцным... Вось так смяецца жыццё над чалавекам. Няма ні ў чым пэўнасці — усё залежыць ад выпадковых і больш за ўсё недарэчных сітуацый, усяму ў любы момант пагражае смерць... Які здаровы ён быў радзіўся... І жыў бы, каб не выпадак... Страшна робіцца, жудасна... Выпадкова жывём, выпадкова паміраем... Няма нічога пэўнага, сталага...

Ніна падышла да Славіна і злёгку адпіхнула яго рукой.

— Ідзіце вы, Славін, не каркайце... Ідзіце цяпер ад мяне, я хачу быць адна. Ну, ідзіце ўсе, хутчэй!

Хлопцы нерашуча пераглянуліся — ці варта кідаць яе адну? — але яна яшчэ з большай настойлівасцю папрасіла, і яны выйшлі.

Пад вечар, калі ва ўбогай — маленечкай і нейкай смешнай труне неслі дзяцёнка на могілкі, Ніна была ўжо зусім спакойная — яна ішла са Славіным і ўвесь час аб нечым з ім гаманіла. Наогул з гэтага дня Лясніцкі амаль што заўсёды сустракаў яе з Славіным. Ён з цікавасцю прыглядаўся да іхніх адносін, але ўбачыць у іх што-небудзь пэўнае яму не ўдавалася. Часамі паміж іх панавала цёплая прыязнасць (з боку Ніны яна была нават асабліва выразная, падкрэсленая), а часамі Ніна рабілася сухой і глуха-замкнёнай — тады веяла паміж іх халодная чужасць і тады Славін страшэнна мучыўся. Лясніцкі дагадваўся, што гэта Ніна стараецца пакахаць небараку Славіна, і дзень у дзень чакаў канца гэтай цікавай гульні. Аднак неўзабаве яму прыйшлося спыніць свае назіранні, бо арганізацыя камандзіравала яго для працы на вёску.

Вандруючы па вёсках і наладжваючы сувязь з рэвалюцыйнымі ячэйкамі, а часам нават з асобнымі таварышамі, Лясніцкі пільна прыглядаўся да жыцця сялянскай грамады, старанна вывучаў захаваныя рухі сялянскіх настрояў, рабіў падрахункі разнастайных сімпатый і жаданняў, якімі жыло ў той час беларускае сялянства. Ён адразу пераканаўся, што тая стыхійная барацьба, якую ўзняў на вёсцы Кастрычнік і якую са звярынай жорсткасцю пяліся задушыць перш польскія легіёны, а потым кайзераўскія палкі, што гэтая барацьба толькі ўвайшла ўглыб, захавалася, а тым часам бушуе, бурліць, пагражае магутным выбухам свае бязмежнай патэнцыяльнай сілы. Ён бачыў, як прыгнечанае сялянства памалу, але настойна змагаецца з памешчыкамі, што панаехалі зноў, заселі ў сваіх разбойніцкіх гнёздах. Ён бачыў, як, абабранае да ніткі, — яно то там, то сям дае жудасна-ўпарты дружны адпор нямецкім рабаўнікам. Ён бачыў, як знерваваная, раздражнёная сялянская моладзь стыхійна арганізуе партызанскія атрады, гатовыя да шырокай масавай барацьбы. Ён бачыў, як па ўсёй акупаванай Беларусі з кожнай гадзінай расце нястрымна-настойнае патрабаванне міру і волі, як з кожнай гадзінай смялейшым робіцца погляд, з палкай надзеяй накіраваны туды, на ўсход, адкуль павінны прыйсці чырвоныя збавіцелі... І разам з тым, як ён усё гэта бачыў, у ім гартавалася сіла і воля барацьбіта, свядомасць жалезнай лучнасці з калектывам, за які і разам з якім ён змагаецца. Часамі яму здавалася (ён амаль што фізічна адчуваў гэта), што ўзмыўна-бурлівае народнае абурэнне ўзносіць яго на сваіх хвалях некуды высока-высока, на страшнае і прыгожае ўзвышша — там бліскавіцы, ветры парыўныя, злосныя, там сціскаецца сэрца ад наплыву дзіка-імпэтнага парывання і ў грудзях узнімаецца новая непераможная сіла — жалезная сіла калектыву — і штурхае, нясе ў барацьбу — да перамогі, да вызвалення...

Калі ўжо ў пачатку восені вярнуўся Лясніцкі ў горад, ён заспеў там надзвычайна-нервовы, мятушлівы настрой, якім было ахоплена ўсё жыхарства. За тыдзень перад гэтым па горадзе пайшла выразная і пэўная чутка, што немцы пакідаюць горад, што прыходзяць сюды чырвоныя. А дні праз два пасля гэтага сярод белага дня і на ўсіхніх вачах праляцеў па галоўнай вуліцы горада аўтамабіль, на якім жвава трапятаўся вясёлы чырвоны сцяг. На аўтамабілі сядзела некалькі чалавек у скураных тужурках з наганамі — яны задорна пазіралі на публіку і ўсміхаліся. Пра гэты аўтамабіль за дзесяць хвілін пачуў увесь горад, і ўсе ведалі, што гэта праязджалі бальшавіцкія прадстаўнікі для папярэдніх перамаўленняў з нямецкім камандаваннем.

З гэтага пачалася сумятня. Заварушыліся мясцовыя буржуі, закідаліся ў жорсткай ліхаманцы нечаканага спалоху. Пачаўся паспешны, поўны турботы і панікі, выезд з горада большасці багатыроў. Некаторыя ехалі стала, з усім сваім дабром (паслужныя немцы за казачныя цэны прадавалі вагоны і нават цэлыя эшалоны), іншыя выбіраліся ўлегцы — абы вынесці ўласную шкуру. Гэтая сумятня асалапелых паноў адбівалася і на іншых колах жыхарства, ствараючы агульны нервова-напружаны настрой.

У гэту пару энергічна ўзялася за працу мясцовая бальшавіцкая арганізацыя. Не выходзячы з падполля, яна здолела разгарнуць шырокую дзейнасць па падрыхтоўцы да ўстанаўлення ў горадзе савецкай улады. Вывучалі, падрахоўвалі свае і варожыя сілы, падбіралі кадры савецкіх працаўнікоў, шукалі і бралі на прыметку {прыметку матэрыяльныя магчымасці, якія б можна было скарыстаць у першую часіну. З гэтай мэтай рабілі спробы затрымаць некаторых багацейшых буржуяў — каб не даць ім вывезці з сабой золата і каштоўных рэчаў. І адначасна з гэтым вялася праца сярод нямецкага войска — у той час нямала нямецкіх салдат перайшло да чырвоных і нямала асталося ад немцаў рознай вайсковай маёмасці.

Перад самым ужо прыходам чырвоных арганізацыя праведала, што ў горадзе збіраецца контррэвалюцыйны атрад, які мае на ўвазе змагацца з чырвонымі пасля таго, як горад пакінуць немцы. Было адразу вядома, што на чале гэтае справы стаіць купка памешчыкаў, маёнткі якіх знаходзяцца пад чырвонымі, але натрапіць на самае іхняе логава ўдалося толькі за два дні да выхаду немцаў.

У той дзень гадзіне а трэцяй спаўдня за Лясніцкім забег адзін з таварышаў і сказаў, што трэба зараз жа ісці да Андрэя. Праз хвілін дзесяць яны ўжо ўваходзілі ў той мізэрны домік на акрайнай вуліцы — у Андрэеву патаемную кватэру. Там было ўжо некалькі чалавек сваіх. Як увайшоў Лясніцкі, Андрэй чамусьці з жвавай паспешнасцю звярнуў на яго ўвагу.

— Ага! Вось хто ведае! Ён там быў не адзін раз... Яго нам зараз і трэба...

І, убачыўшы няўцямна-здзіўленую міну Лясніцкага, звярнуўся да яго:

— Разумееш, Васіль, які выпадак... Мы знайшлі галаву гэтай чорнай сотні... Ведаеш, хто ў іх там найважнейшы? Зямляк твой, Карл Іванавіч Шэмпель... Зараз табе трэба пайсці туды з кім-небудзь і прасачыць, каб не з’ехаў куды... Увечары зробім напад на кватэру і паспрабуем яго ўлавіць... Разумееш?

— Добра!

Лясніцкі нічога не распытваў, не чакаў больш тлумачэнняў,— узяў з сабой яшчэ аднаго хлопца і пайшоў на знаёмую вуліцу. Ад гэтай раптоўнай весткі, ад гэтага дзіўнага нечаканага супадання збіўся настрой яго ў невыразна-глухое і даўкае пачуццё — не то прадчуванне нейкае сашчаміла сэрца, не то тачыла нутро боязнь магчымай сустрэчы — недарэчнай і непатрэбнай. Карлу ён і не ўспомніў — адразу ў думках мігнула і асталася ўжо там паненка Раіса — яна і абудзіла гэтае прыкрае пачуццё.

Калі да знаёмага дома аставалася крокаў з пяцьдзесят, Лясніцкі заўважыў, як адтуль выйшаў нейкі мужчына і падаўся ім насустрэчу. Яшчэ здалёку Лясніцкі ўбачыў у ім нешта знаёмае, але канчаткова пазнаў толькі тады, як асталося крокаў пятнаццаць. (Ды і то не паверыў адразу — не мог зразумець, чаму ён выйшаў ад Карлы.) Гэта ішоў Матрунін.

На вялікае дзіва Лясніцкага, Матрунін пазнаў яго і яшчэ здалёку прывітаўся з едка падкрэсленай далікатнасцю.

— Добры дзень, малады чалавек! Як даўно мы не бачыліся! Гуляеце ці па справе куды?

Усмешка ў Матруніна зусім брыдкая — ліслівая і разам з тым злосная. А твар стаў яшчэ драбнейшы і яшчэ больш паморшчыўся — недалужны такі, старэнечкі твар. Лясніцкаму здаўся Матрунін зусім непрыемным. Ён наўмысля перапытаў груба і фамільярна:

— А вы, дзядзька, таксама, мусіць, гуляеце?

— О, не! Я іду на экстраны сход нашай партыі...

— Бальшавікоў сустракаць рыхтуецеся?..

— Хе-хе... Мы іх сустрэнем, так-так... Ого! Мы і зладзеяў можам сустрэць... Калі ласка, заходзьце ў кватэру, вось нашы рэчы... можа, шклянку чаю? Хе-хе... Прыходзіцца сустракаць, даражэнькі...

Лясніцкі заўважыў з выразным націскам:

— А некаторыя ўцякаюць...

Стары дробненька замятушыўся.

— Нам не страшна... Мы аддалі ўсё чыста на рэвалюцыю... Больш не маем... Выбачайце, калі ласка... Можа, скуру возьмеце нашу? Хе-хе...

І ўжо заварочваючыся ісці, ён запытаў з хітрым намёкам:

— Вы ж таксама, здаецца, партыйны? Га, малады чалавек?..

Лясніцкаму чамусьці стала зусім зразумела, чаго быў Матрунін у Карлы. І яшчэ ўспомніў ён, як казалі яму ў арганізацыі, каб асцерагаўся мясцовых «сацыялістых», якія выдадуць хутчэй, чымся хто іншы. Лясніцкі падумаў:

«Так. Гэткія могуць выдаць, могуць прадаць...»

Да вечара хлопцы праседзелі ў нейчым глухім затравянелым садку, у які зусім лёгка было ўлезці праз дзіравы шчыкет і з якога добра відаць быў пярэдні фасад патрэбнага ім дома. У дом прыходзілі і з дому выходзілі розныя незнаёмыя людзі, але Карлы было не відаць. Потым, пад вечар, на канцы вуліцы паказалася некалькі сваіх, і хлопцы вылезлі з саду, пайшлі ім насустрэчу.

Да цёмнага сабралася чалавек дзесяць узброеных хлопцаў. Спачатку хацелі атачыць дом з усіх бакоў, але потым рашылі проста зайсціся з параднага ходу і ў поўным парадку, зусім фармальна зрабіць патрэбныя арышты.

Гадзіне а дзесятай падышлі да дому. На гэтай вуліцы не было зусім ліхтароў, і толькі з яскрава асветленых вокнаў слаліся на дол шырокія снапы святла ды над ганкамі цьмяна блішчала слабенькая электрычная лямпачка. Хлопцы спачатку трымаліся ў цемры, а потым смела ўвайшлі ў асветлены пляц і падышлі да ганкаў.

Лясніцкі ішоў наперадзе — яму даручылі кіраваць гэтай справай. Ён смела і цвёрда ступіў на першую прыступку, але якраз у гэты момант расчыніліся дзверы і на ганкі выйшла Раіса. Яна адразу заўважыла хлопцаў і спынілася, сцеражліва азіраючы чужых, незнаёмых людзей. Лясніцкаму трэба было затрымаць яе (потым так разважалі), але ён замяшаўся ад нечаканасці і моўчкі глядзеў на яе, не ведаючы, што рабіць. Тады Раіса рэзка завярнулася і пайшла назад, гулка ляпнуўшы за сабой дзвярыма. Лясніцкаму здалося, што яна пазнала яго і што ў той момант, калі былі сустрэліся іхнія погляды (ён стаяў наперадзе ад усіх), у яе вачах загарэўся востры варожы агонь.

Дзверы былі завалены. Лясніцкі раздражнёна, сярдзіта ляпаў у іх і лаяўся, а хлопцы выдумлялі розныя спосабы, як дабіцца ў хату. Усе былі перакананы, што дзвярэй цяпер ужо не адчыняць. І ўсе памыліліся. Праз хвіліну ці дзве пачуліся ў сенцах важкія крокі, загрымеў завал і манументальная цётка Раісы адчыніла ім дзверы. Потым хлопцы дазналіся, чаму ім зрабілі такую ласку, а ў першы момант страшэнна здзівіліся і нават не адразу адважыліся ўвайсці ў хату.

Ва ўсім доме яны не знайшлі ніводнага чалавека, апрача Раісы і яе цёткі. Раіса сядзела ў сваім пакоі. Лясніцкі туды не пайшоў і не бачыў яе, але хлопцы потым казалі, што была яна страшэнна ўсхваляваная і ні з кім не гаварыла ні слова — толькі злосна бліскала вачмі ды кусала бледныя дрыжачыя вусны. А цётка гаварыла занадта многа, сама чаплялася ў гутарку, ахвотна паказвала ўсе закавулкі ў доме, дзе толькі мог схавацца чалавек. Гэта адразу здзівіла Лясніцкага, але самая здагадка мігнула ў яго галаве тады, як неўзаметку заўважыў ён прагна чакаючы погляд цёткі, накіраваны на дзверы. Тады ён крыкнуў як сіла:

— Хлопцы! Уцякайце хутчэй, тут нам пастку рыхтуюць!

І сапраўды, не паспелі яны рассыпацца ў цемры, як пачуўся кароткі абарваны тупат коней: к дому пад’ехаў нямецкі атрад. Стала ясна цяпер, што Карла ўцёк праз задні ход і выклікаў немцаў. Так няўдала скончылася была гэтая смелая спроба ўлавіць заводцу контррэвалюцыйнай хеўры. Аднак гэтая чорная зграя нічым не пасмела сябе праявіць пасля таго, як горад забрала чырвонае войска.

 

І вось надышоў той гістарычна-яскравы дзень, калі ўзвіўся над горадам чырвоны сцяг і калі ў горад прыйшло дзіўна-новае жыццё, у якім пераплялася жорсткая цвёрдасць далёкіх паходаў з барвістым агнём прыгожых лятункаў. Прыйшло жыццё, поўнае рэзкіх кантрастаў і цудоўна-дружных суладдзяў.

Гэта было блізка другой гадзіны спаўдня, а ў той самы дзень гадзіне а адзінаццатай зранку Лясніцкаму выпала быць сведкай таго, як ад няўдалага ходу ў жыцці жоўкнуць у чалавека кветкі захаваных і таму асабліва яскравых лятункаў, як вяне душэўны запал і як астаецца ён, чалавек, з халоднай жменькай шурпатага попелу на дне апусцелай душы.

Славін сам прыйшоў да Лясніцкага (куды ж ён дзенецца больш!) і зрабіў від, што ён зусім спакойны, абсалютна нічым не ўстурбаваны. Калі ён сказаў, што паедзе на вёску, дык, хто не знае яго, мог бы падумаць, што і сапраўды ён едзе туды па нейкай справе. Але ж гэта той, хто не знае, а Лясніцкі зразумеў з першага погляду, што Славін прынёс нешта цяжкое, балючае і што яго штучная безуважнасць не больш як на колькі хвілін.

Славін, сказаўшы некалькі слоў, змоўк і ўпяўся ў акно цяжка-застыглым маркотным поглядам. За ім мімаволі зірнуў у акно і Лясніцкі — там было, на дварэ, хмарна і шыза (сляпы восеньскі дзень), і калі Лясніцкі перавёў погляд па шызыя вочы Славіна, дык здалося яму, што нутро ў беднага Нікадзіма якраз такое цяпер, як гэты нярадасны дзень.

Перад тым як пачаць гаварыць, Славін неспакойнымі рукамі працёр акуляры (без акуляраў вочы ў яго лысыя і вялыя) і неяк зусім па-вучнёўску паправіў рамень, абсмаргнуў сваю даўгую задрыпаную сарочку.

— Сільнаму, Васіль, добра ў жыцці — толькі сільны можа знайсці сабе... не знайсці, а ўзяць, адабраць, вырваць усё, што патрабуе яго натура, што яму падабаецца, а гэта значыць — на што ён мае права... Ты думаеш, тут несправядлівасць якая? Гэта — найвышэйшая, найглыбачэйшая справядлівасць... Так, так... Сільны бярэ, бо ён скарыстае — поўнасцю, без астачы, а слабы толькі папсуе, памусоліць... Нашто псаваць прыгожыя рэчы! Аддай іх таму, у каго ёсць сіла спажыць, праглынуць, здаволіцца... Ха-ха... Вось — справядлівасць!.. Аддай, не трымайся дарма, бо... адбяруць, усё роўна, ха-ха...

Славін неяк цяжка-цяжка згарбаціўся, панура ківаў галавой і ўсміхаўся бязмежна-горкай усмешкай — ён здаваўся цяпер яскравым увасабленнем людскога расчаравання. Потым ён сутаргава ўзняў галаву, зірнуў у твар Лясніцкаму дзіка-збянтэжаным поглядам і загаварыў шпарка, хапліва, не саромячыся таго, што голас дрыжыць і рвецца ад слёз, што вусны трасуцца, ледзь спраўляюцца прапускаць напорна-блытаныя словы:

— А нам жа як, га? Слабым як, скажы? А нам жа хочацца трошачкі шчасця, жыцця, як усім... Мы ж таксама любім прыгожыя рэчы, як нам жыць без іх, га? Што нам рабіць? Скажы, што ж нам рабіць?..

Лясніцкі адказаў — не то жартам, не то сур’ёзна:

— Філасофстваваць.

Славін на хвіліну задумаўся.

— Так... Ты жартуеш, а сказаў праўду. Калі не возьмеш нічога ў жыцці, калі адбяруць усё чыста, тады трэба стварыць жыццё ў сваім жа нутры, міраж тады трэба, ілюзія... Мы, слабыя людзі, усе фантазёры вялікія, выабражэнне нам замяніла і волю і, калі хочаш, розум... Ведаеш, Васіль, мне здаецца, што толькі слабыя людзі могуць быць мастакамі, бо мастацтва — гэта вышэйшая мяжа ілюзіі, і сільны чалавек тут не зробіць нічога — выабражэння не хопіць...

Лясніцкі далікатна паспрабаваў узвесці яго на больш канкрэтную тэму.

— Во што, Славін... Я разумею прычыну гэтых тваіх разважанняў — ты можаш яе мне не гаварыць. Але мне цікава, што ты хочаш рабіць далей? Ты ўжо думаў аб гэтым ці не?

Замест адказу Славін летуценна адвёў убок свой расплыўчасты погляд і з сумнай павольнасцю зацягнуў:

— Яна баіцца, што кіне мяне ў першы момант, як я зраблюся ёй лішні. Яна дзяцёнка свайго дужа моцна любіла — і кінула. Гэта жанчына незвычайная — у яе многа сілы і розуму. Яна хацела мяне палюбіць, я гэта сам заўважыў... і яна мне казала. Хацела, каб я быў у жыцці больш дарэчы... так і казала — «дарэчы». Ну, а як я зраблю... Я стараўся, рабіў усё, што мог, каб не быць «недарэчным». Я не крыўдую на яе, ані-ні... я буду любіць яе, усё роўна... буду помніць. Гэты час мне здаўся прыгожым — яна часта была дужа ласкавая, і я быў упэўнены, што яна мяне палюбіла. Ну, а цяпер...

— Што ж ты будзеш рабіць цяпер?

— Я паеду на вёску, у сваю школу... Буду працаваць, каб мець на што жыць, каб не памерці... памерці я ўсё-ткі не здолею. Ну, і што яшчэ... летуцець буду, можа, верш калі напішу... даўно ўжо не браўся... вось...

Ён зноў застыгла ўпяўся ў акно сваім поглядам, і Лясніцкаму зноў здалося, што ўнутры ў яго па-восеньску хмарна і шыза, як там, на дварэ, і таксама, як там, асядаюць гнілымі пацёкамі нікому не патрэбныя нудныя слёзы.

Пасля полудню хлопцы разам пайшлі ў горад. Седзячы ў хаце, яны зусім не прымецілі, як распагодзілася і пасвятлела на дварэ. Цяпер на небе плылі — спяшаліся некуды — рашуча парваныя, зусім не страшныя хмары, спаміж якіх выглядалі лапікі свежа сіняга неба, а па мокрых вуліцах ужо поўзала жаўтлявае і рэдкае (восеньскае) сонца.

На галоўнай вуліцы хлопцаў увабрала ў сябе густая, шумлівая патока народу і пацягнула к мосту, адкуль павінны былі прыйсці чырвоныя. Горад быў поўны пярэста-звонкага мятушання, у якім мяшалася радасць адных з адчаем другіх, у якім крыкі вясёлага захаплення ахіналіся глухой буркатнёй нездаволеных, у якім было толькі адно агульнае для ўсіх — гэта напружанае, нервовае чаканне нечага яскрава-новага, што павінна прыйсці зараз з таго боку Дняпра.

Яшчэ сустракаліся на вуліцы апошнія ўцекачы, якія ўжо, пэўна, і самі не ведалі, куды яны ўцякаюць, дзе будуць шукаць прытулку ад незразумела-грознай сілы. Лясніцкі бачыў, як купка людзей спыніла аднаго мешчаніна, які праз нейкае непаразуменне ўбіўся ў хеўру багатыроў з невялічкім возам свайго небагатага рыззя. Яны са смехам пачалі яго ўгаварваць, і ён перш спіраўся, а потым размашыста плюнуў і завярнуў назад сваю худую шаўлюжку. Яго праводзілі радасна-дзікімі крыкамі і шалёным рогатам.

Дзе-нідзе яшчэ відаць былі асобныя нямецкія коннікі, а перад самым ужо мостам праскакаў насустрэчу натоўпу эскадрон «гусараў смерці», апошні раз бліснуў сваімі бліскучымі, аздобленымі эмблемай смерці каскамі.

На беразе Дняпра было поўна народу. Сям-там адзінока і нясмела луналі чырвоныя сцягі, дзе хто начапіў сабе ўжо, адпаведна моманту, чырвоныя банцікі. З неба ліўся ясны і свежы восеньскі дзень, пераплятаў хвалі народнага ажыўлення яскравымі каснікамі чыстага сонца.

Хлопцы ледзь знайшлі сабе месца, адкуль відаць быў пачатак маста. Чакаць было весела. Вакольны гоман і шум узнімалі ў нутры прыемна-лёгкае хваляванне — яно неяк узмыўна расло, горача апаласквала грудзі, пераходзіла ў радасць, у захапленне,— тады дужа хацелася крыкнуць што-небудзь або запець нейкую вясёлую хвацкую песню.

Аб тым, што ідуць чырвоныя, паведамілі гукі аркестра, якія раптам прыляцелі адтуль, з-за Дняпра, і прымусілі натоўп замятушыцца ў новым, ужо зусім жывым і вострым хваляванні.

У Лясніцкага чамусьці сціснулася сэрца. Мімаволі зацяўшы дыханне, ён упяў у той бок, адкуль ляцелі гукі, свой гарачы напружаны погляд. Неяк проста не верылася, што вось зараз прыйдуць свае, што прынясуць зараз сюды той дзіўны, нябачаны ў свеце парадак, які так многа нясе ўсім абяздоленым, за які з такім энтузіязмам змагаюцца і паміраюць.

Набліжаліся і гусцелі гукі, усё з большай сілай штурхалі перад сабой разгонныя хвалі сталёвага ўздыму, улівалі ў грудзі агонь магутных непераможных імкненняў.

Яшчэ бліжэй — яшчэ больш сілы і больш хвалявання.

Загарэліся ў сонцы крывавым полымем чырвоныя сцягі.

Першыя шэрагі. Людзі ў звычайнай рабочай вопратцы — з наганамі, з вінтоўкамі. У іншых кулямётныя стужкі. Гэта партыйная арганізацыя. У кожнага ў твары — урачыстасць і сіла. Сіла гэта роджана калектывам — яна адна ва ўсіх, яна вяжа ўсіх адным непадзельным і непераможным.

Музыка вырасла, абкружыла, заняла ўсю вуліцу, крыкі і песні ў ёй патанулі — гэта таксама музыка. І таксама музыка — пагрозны гуд чорных браневікоў, і музыка — жорсткі скрогат гарматаў, і тупат чырвоных калон — таксама музыка.

Непаўторна прыгожая, дзіка-магутная музыка!

І вось ужо на плацы, дзе калісь блішчала мундзірамі і тлустымі тварамі чорная царская стаўка, разгарнуўся шырокі народны мітынг. І нехта крыкнуў каля самага вуха Лясніцкага:

— Браткі! Сцяг... Вунь, вунь... угары...

На гарадской каланчы ўжо горда лунаў яскравы чырвоны сцяг.

А па трыбуне зусім нехта знаёмы — вялікі, неўвароткі — крычыць сіпавата-грамоздным голасам, пакрывае ўзрушаны гоман натоўпу.

— Братка! Багун! Багун, ура!.. Хай жыве рэвалюцыя!..

Потым хадзілі з песнямі па вуліцах горада, ладзілі на кожным кроку лятучыя мітынгі. Лясніцкі быў зусім ахмелены гэтай урачыстай радасцю — ён да знямогі пеў, крычаў, вылазіў на трыбуну і гаварыў блытаныя палкія прамовы, якімі сам запаляўся бадай што больш, як хто з слухачоў.

Пасля адной з такіх гарачых прамоў, калі ён, сціснуты натоўпам, стаяў недалёка ад трыбуны і абціраў хусцінкай спацелы твар, яго нехта досыць выразна штурхануў у плячо. Ён абярнуўся і ўбачыў Халіму — худога, чорнага, з падвешанай на перавязцы рукой.

— Я казаў табе, што сустрэнемся, як бальшавікі прыйдуць у горад... Вось я і тут...

Яны вылезлі з натоўпу і сталі ў браме нейкага дома.

— Ну, дзе ты быў, Халіма, га?..

Халіма хвілінку змоўчаў, потым адказаў нехаця і буркліва:

— Гэта ўсё роўна... Ваяваў... А ты гэта ўдала там, на трыбуне... Урачыста выходзіў...

Лясніцкі ўсміхнуўся.

— Сёння не выпадае сачыць за тым, як хто гаворыць. Сёння гавораць затым, што рвецца з грудзей пачуццё. Свята ж у нас вялікае сёння. А гаварыць як след мы будзем пасля. Дый не гаварыць, а рабіць — не да гаворак цяпер...

Халіма — быццам і не чуў Лясніцкага — прабурчаў панура, сярдзіта:

— Дзе пачынаецца ўрачыстасць, там канчаецца бунт.

— Ну і што?

— А бунту мала... Яшчэ многа бунту патрэбна... Трэба пашукаць, дзе няма ўрачыстасці...

— Як гэта зразумець?

— А так, што няма мне чаго тут рабіць... Бывай, Васіль!..

— Куды ты?

Халіма не адказаў. Ён моўчкі завярнуўся і пайшоў прэч ад Лясніцкага — вялікі і нязграбны, як мядзведзь. З таго часу ніхто не бачыў яго і ніхто не ведаў, дзе ён робіць свой універсальны бунт.

У той самы дзень увечары паехаў і Славін — зарабляць свой кавалак хлеба, летуцець і пісаць свае сентыментальныя вершы.

А над горадам віўся чырвоны сцяг, і ў горадзе пачыналася дзіўна-новае жыццё, поўнае рэзкіх кантрастаў і цудоўна-дружных суладдзяў.

 

Эпілог

У пачатку восені 1920 года асобны батальён Чырвонай Арміі, камісарам якога быў Васіль Лясніцкі, атрымаў загад у пільным парадку перакінуцца з польскага фронта на ўсход Беларусі для барацьбы з бандытызмам. Асноўным пунктам, вакол якога павінен быў батальён разгарнуць свае аперацыі, прызначаўся загадам родны горад Лясніцкага.

Эшалон прыйшоў а другой гадзіне спаўдня і да вечара разгружаўся. Лясніцкі толькі а дзевятай гадзіне здолеў выбрацца ў горад. Ён адразу паехаў да Андрэя, бо ведаў, што Андрэй займае ў горадзе адну з адказных пасад, і хацеў загадзя пагутарыць з ім аб умовах работы. Апрача таго (а можа, гэта і галоўнае), цягнула проста пабачыць блізкіх людзей, падзяліцца ўражаннямі, ды і, нарэшце, хацелася трохі паласаваць цёплай хатняй прытульнасці (восень тая пачыналася мокрай сцюдзёнай золлю).

У хаце была Макрына. Яна, мусіць, узрадавалася прыезду Лясніцкага, бо ў яе вачах — і цяпер яшчэ дзяцінна-чыстых — адразу запыхаў вясёлы іскрысты агеньчык. Яна трохі замяшалася, як яго ўбачыла, і, утупіўшыся, глядзела на яго з сарамліва-ветлай усмешкай.

— Аброс як... Зусім стары нейкі стаў... Барада якая...

Лясніцкі весела засмяяўся.

— Глупства. Заўтра пагалюся, дык не пазнаеш... Не нагледзішся — такі буду прыгожы... А дзе ж вашы?..

— Ніна на вёску паехала, у камандзіроўку. Яна ж працуе цяпер у жанаддзеле. А Андрэй мой дык вечна так. Цалюткі дзень не стыкаецца ў хаце. Чыстае гора...

— Што, нудна?

— Ды не ў тым... Проста — ладу неяк няма... А нудна — дык не... Часу няма, каб нудзіцца. Я ж таксама працую, ды яшчэ вось вучуся... Бачыш?

На стале ляжаў грудок кніг, адна была разгорнута — відаць, Макрына толькі што над ёй працавала.

— Ну і як вучэнне?

— А вось я ўжо дакуль прайшла арыфметыку... Усе чатыры дзеянні ведаю ўжо... Во, паглядзі...

Яна ў парыўчатым захапленні пачала паказваць яму свае поспехі — забылася нават, што ён у шынялі яшчэ, што рэчы яго не прыбрадзены. А Лясніцкі глядзеў на яе, дабрадушна ўсміхаўся і думаў:

«Асталася такая ж наіўная, шчырая і адданая. Яе няможна ўявіць адну, без апоры, без праваднічага».

Ён узяў у яе з рук кніжку, адклаў яе ўбок і запытаў з сяброўскай фамільярнасцю:

— Ну, а як ты жывеш усё-ткі, Макрына, га? Так, наогул...

Яна зірнула на яго з лёгкім задзіўленнем.

— Добра жыву... Працую, вучуся...

— Ну, а як... з Андрэем у вас... га?..

— З Андрэем? (Яна трошкі падумала.) Андрэю некалі... Мы рэдка бачымся з ім — толькі ноччу, ды і то не заўсёды... А так у нас... што ж, ён мяне любіць, а я... не ведаю ўжо, ці можна любіць яшчэ мацней, як я яго...

Потым яна зрабіла ўпэўнена-сур'ёзную міну і дадала з праканалай важнасцю:

— Гэта ж не заўсёды так будзе. Вось толькі кончыцца вайна, установіцца наша ўлада — тады паспакайнее, не будзе хапання такога. Тады і жыць будзе лягчэй...

Лясніцкі ўсміхнуўся і пачаў парадкаваць свае рэчы. А кончыўшы, без асаблівай далікатнасці напамянуў:

— Некалі ў нас быў добры звычай: калі прыязджаюць госці, дык частаваць іх чым-небудзь.

Макрына перш схапянулася, а потым (успомніўшы, мусіць) утупілася і густа пачырванела.

— Няма нічога. Сёння якраз прыходзіў Андрэй з нейкімі двума — паелі ўсё чыста.

Лясніцкі ўспомніў, што ў чамадане ў яго ёсць два селядцы. Ён весела лэпнуў яе па руцэ.

— Селядца хочаш?

— Ой, як хачу!.. У нас селядцоў не даюць — гэта толькі ў войску. У нас цяпер сачыўку даюць і тараны.

Яны пачалі даставаць селядцы — ладзіць сабе вячэру.

Андрэй прыйшоў блізка што а дванаццатай гадзіне. Ён прынёс туга набіты партфель і атмасферу бязлітасна-напорнай занятасці. Здавалася, што з прыходам яго ўсё, што было ў пакоі, прыняло заўзята-руплівы выраз, усё заспяшалася некуды, затурбавалася. Але не цяжарыла гэтая атмасфера, не гняла сваёй напружанасцю. Тут адчувалася нейкая імклівая лёгкасць — хацелася нешта рабіць, але рабіць з жвавым разгонам, з вясёлай энергіяй.

Андрэй прывітаўся з Лясніцкім, потым патрымаў у раздум’і над сталом партфель і, нарэшце, з адчайнай рашучасцю кінуў яго.

— Адкладзем на дзень... Не буду ўжо працаваць сёння... Будзем гутарыць...

Макрына зірнула на яго гарачым радасным поглядам. А Лясніцкі сур’ёзна і працавіта заўважыў:

— Я буду гаварыць з табой па справе, а таму ты ўсё роўна не страціш гэтага вечара.

Андрэй засмяяўся.

Яны сядзелі гадзіны да трэцяй, і Лясніцкі апавядаў усё аб сваіх вандраваннях, аб пярэстым жыцці сваім, поўным нечакана-яскравых прыгод і небяспекі. Андрэй слухаў з сваёй нязменнай — тонкай і мяккай усмешкай, а Макрына — тая гатова была праглынуць Лясніцкага шырока-раскрытымі, поўнымі захаплення вачмі. Аднак разам з тым яна не забывала ўсё-ткі шчыльна туліцца да свайго Андрэя, абнімаць яго і пяшчотна гладзіць яго вялікія дужыя рукі.

Аб справе гаварылі мала. Але тое, аб чым тут Лясніцкі даведаўся, так узрушыла яго сваёй нечаканасцю, што ён доўга не мог заснуць, апанаваны дзікім наплывам ліхаманкавых думак.

Вёрст за сорак ад горада, у непраходных нетрах лясоў, мае прытулак вялікая моцная банда, якая робіць налёты не толькі на вёскі, а нават на валасныя цэнтры. На чале гэтай банды стаіць атаман Воліч, а па ўсіх прыметах гэты атаман Воліч ёсць не хто іншы, як Карл Іванавіч Шэмпель.

Так расказаў Андрэй. І потым дадаў яшчэ, чамусьці ўпарта гледзячы ў вочы Лясніцкаму:

— А ў нас у выканкоме служыць яго пляменніца — Раіса Андрэеўна Янава; ты, здаецца, знаеш яе. Мы прынялі яе праз біржу на тэхнічную канцылярскую працу. Толькі нешта яна дужа благенькая стала.

— А што з ёй?

— Хто яе ведае. Ды ты ўбачыш сам яе — будзеш жа ў выканкоме.

Андрэй, мусіць, проста не ведаў, што больш сказаць пра Раісу, а Лясніцкаму чамусьці здалося, што ён ведае нешта, ды не хоча сказаць. Нават здалося, што і погляд яго стаў нейкі хмура-раскіданы, быццам дужа прыкра яму гаварыць пра гэта і нецярпліва чакае ён новай тэмы. І вось успомнілася Лясніцкаму тая сустрэча Андрэя з Раісай на станцыі і тыя дзіўныя словы яго — «сцеражыся яе, як жанчыны». Ці тут ёсць нешта глыбока-таемнае, ці проста глупства якое? Заманулася Лясніцкаму запытаць цяпер у Андрэя пра гэта — моцна захацелася, не ўсуцерп проста стала — але прыйшлося ўстрымацца, бо неяк было аб гэтым гаварыць пры Макрыне.

Вось і пайшлі тады блізка што на ўсю ноч сумненні ды разважанні. Змучылі зусім, змардавалі.

Назаўтра Лясніцкі гадзіне к другой абладзіў свае пільнейшыя справы і пайшоў у выканком. Там тож была ў яго справа, але ён ведаў, што сёння ўжо позна будзе яе вырашаць — ішоў за другім, хацеў усё-ткі пабачыць Раісу.

У першым — халодна-высокім і раскошным пакоі шумліва цёрся разнапёры натоўп народу. Тут не відаць было ніводнага супрацоўніка — толькі ў кутку, ля акна, нейкі старэнькі майстра шчыра поркаўся над пісьмовай машынкай. Лясніцкі ўлічыў яго за аднаго з мясцовых працаўнікоў і падышоў да яго, каб запытаць, як прайсці ў выканком.

— Слухайце... Скажыце, калі ласка...

І раптам убачыў Лясніцкі вострыя, хітравата-ліслівыя вочы, маленечкі зморшчаны твар, нервова-дрыжачыя старэчыя вусны. Ён падумаў адразу, што гэта нейкая містыфікацыя, і ў замяшанні не ведаў, як абысціся: ці смяяцца, ці клікаць міліцыянера, ці яшчэ што-небудзь рабіць. Але Матрунін — жывы сапраўдны Матрунін — глядзеў на яго зусім сур’ёзна і смела, ківаў галавой і гаварыў з нейкай злоснай пакорай:

— Не пазналі, таварыш? Выбачайце, гэта я і ёсць, так-так... Матрунін, таварыш Матрунін... А вы сталі важным такім, станавітым... хе-хе... Камісарам служыце, таварыш, га?.. А я вось майструю патрохі... так-так... Вы не глядзіце, гэта не абы-якая работа... Слесар, думаеце, гэта зробіць? Хе-хе... Такіх майстроў у нас на ўвесь горад — два... так-так... Гэта, ведаеце, не так прафесія, як мастацтва, аматарства... Што ж, трэба, таварыш, чым-небудзь займацца...

Ён уздыхнуў, хацеў усміхнуцца з жартліва-лагодненькім жалем (што ж, такая пара — мы ўсё разумеем і не крыўдзімся), але выйшла едка і кісла — зморшчыўся стары ў недалужнай злосці, а не засмяяўся.

Лясніцкі запытаў для прылікі:

— Ці сустракалі каго з той нашай кампаніі — помніце?

Стары ажывіўся.

— Так-так... сустракаў некаторых... Вашага таварыша неяк сустрэў быў — мы доўга з ім гаманілі, і многа разумных рэчаў ён мне сказаў... Гэта — глыбокі філасофскі розум і шчырая летуценная душа... Я з такой радасцю ўспамінаў сваё юнацтва, калі глядзеў на яго... Але што ж... Цяпер цяжка такому быць, цяпер век жорсткага практыцызму... Паёк...

Лясніцкі ледзь прыметна ўсміхнуўся:

— І паёк, які трэба зарабіць...

— Так-так, таварыш... Хто не працуе, той не есць... Вось і працуем, і зарабляем...

Ён узяўся за сваю машынку. Лясніцкі, узрадаваны магчымасцю адарвацца ад гэтае гутаркі, запытаў у яго, дзе канцылярыя выканкома, і развітаўся.

Яго ахінуў сумятлівы лёскат машынак і тлумны хор паспешных службовых размоў. Ён не пытаўся ні ў кога, дзе працуе Раіса, а абхадзіў па парадку ўсе памяшканні выканкома. На яго ніхто не звяртаў увагі — кожны быў цалкам заняты сваімі справамі.

Раісу ён знайшоў у вялікім пакоі, дзе сядзела блізка дзесяці супрацоўнікаў і супрацоўніц. Ён прайшоў каля самага яе стала — яна безуважна ўзняла на яго стомлены погляд і зноў узялася пісаць. Тады ён адышоўся да бліжэйшага акна, узяў там нейкую старую газеціну і, зрабіўшы від, што чытае, пачаў разглядаць Раісу.

Яна сапраўды страшэнна змянілася. Твар яе і цяпер яшчэ быў прыгожы, але не было ў ім той невымоўна-жывой адухоўленасці, якая рабіла хараство яго асабліва яскравым і дзіўна-прывабным. Цяпер яе твар быў пакрыты хваравітай цьмянасцю, рысы яго здаваліся залішне выразнымі, рэзкімі. Яна была прыгожая, але ў ёй не было той вострай задорнай чароўнасці, якая некалі так моцна захапіла Лясніцкага. І яшчэ (Лясніцкі, заўважыўшы гэта, здрыгануўся ў нейкай незразумелай жудасці) па твары яе — рэдка зусім, ледзь прыметна — расплылася шызая павучыная сінь, якую некалі бачыў Лясніцкі ў твары хмурага Карлы.

Тым часам на Лясніцкага пачалі звяртаць увагу — неяк было стаяць так далей. Ён падышоў да Раісы і прывітаўся. Ён думаў, што яна страшэнна здзівіцца, як пазнае яго, аж яна зусім спакойна ўсміхнулася і падала яму руку.

— Добры дзень, Васіль Данілавіч! Я глядзела на вас і не пазнала. Вы дужа пасталелі і, трэба сказаць, пахарашэлі... Вы тады зусім не такі былі, сапраўды...

Лясніцкі інстынктыўна зірнуў на Раісу — хацеў у адказ што-небудзь сказаць пра {гіра яе, але яшчэ раз убачыў, як яна паблажэла, і замяшаўся. Раіса заўважыла гэты погляд і горка ўсміхнулася. Тады Лясніцкі, каб выйсці з замяшання, загаварыў трафарэтна і вяла:

— Ужо больш за два гады, як мы не бачыліся. Гады накладаюць пячатку на чалавека. А год у нашу пару роўны некалькім гадам — так многа прыносіць ён новага, нечаканага зместу.

Раіса з той жа ўсмешкай перапыніла яго.

— Я гэта ведаю... Я па сабе магла ў гэтым пераканацца...

Яны сказалі адзін аднаму яшчэ колькі дробных нязначных сказаў, і Лясніцкі пачуў, што трэба ўжо ісці, каб не замінаць ёй у працы. Яго ахапіла назолліва-прыкрае нездаволенне (гэта сустрэча не дала яму абсалютна нічога), у ім загарэлася ўпартае жаданне бліжэй да яе прыгледзецца, пранікнуць хоць на момант у таямніцы яе жыцця. Ён запытаў у Раісы, як і дзе яе можна ўбачыць. Перш чым адказаць, яна са скептычнай усмешкай зазначыла:

— Вы пэўны, што ёсць хоць маленькая патрэба ў гэтай сустрэчы?

Ён таксама ўсміхнуўся:

— Я не надаю гэтаму асаблівай значнасці. Але чаму не сустрэцца, не пагутарыць.

Раіса хвілінку падумала і адказала:

— Заходзьце ў грамадскую сталоўку — я там палудную. А адтуль пойдзем... усё роўна куды. Да сябе я вас баюся запрашаць, бо ў мяне цяпер непрыгожа зусім. Я займаю ў тым доме зусім малюсенькі пакойчык...

Лясніцкі развітаўся і выйшаў.

 

Тая вуліца была аблямована двума радамі маладых пышных кляноў. Яшчэ стаялі кляны ў сваім глыбока-зялёным уборы, але ўжо насіўся пад імі нявідны і невыразны павеў празрыстай восені. Здаецца, усё было яшчэ летняе і нават сонца ў той дзень улашчылася — акунула горад зусім гарачым праменнем,— але ў звонкім паветры ўжо сеяўся рэдкі восеньскі смутак, і хоць яшчэ не ляцела на дол жоўтае лісце, а ўжо чуўся пах яго — тонкі і дальні. Сумна бывае на сэрцы ў такую пару — точыцца срэбным цурочкам нейкі няведамы жаль, а мо і не жаль зусім, а нейкае бязмежнае шчымлівае імкненне, і многа чаго ўспамінаецца, многа ўсплывае далёкага, перажытага.

Мабыць, пад уплывам гэтага мякка-смутнага павеву восені так упарта правяраў Лясніцкі сваё пачуццё да Раісы, з такім болем шукаў у ім слядоў мінулай палкасці. Гэта было дужа цяжкае адчуванне, калі ён бачыў перад сабой жанчыну, да якой некалі меў незвычайную любасць, якая магла ашчаслівіць яго адной сваёй ласкавай усмешкай, калі ён цяпер глядзеў на яе, разглядаў кожную рысачку яе твару і не знаходзіў таго, што тады хвалявала яго, што рабіла яе чароўна-прывабнай, бязмежна-патрэбнай.

Яны бесперастання хадзілі па прытульнай кляновай вуліцы — яны баяліся сысці з яе, бо адчувалі, што кожнае новае месца штурхне іх на непатрэбную і напэўна штучную блізкасць. Яны хацелі сёння гаварыць як проста знаёмыя.

Раіса адчувала настрой Лясніцкага, і жаночы інстынкт ёй падказваў, што цяпер усякая, нават самая непрыметная, спроба какецтва зробіць яе канчаткова агіднай яму. Таму яна была надзвычайна простая і па-таварыску шчырая. Яна апавядала яму пра апошнія падзеі ў сваім жыцці — гаварыла без асаблівай пачуццёвасці, халаднавата-простым, часамі трохі гумарыстычным тонам. Некалькі раз яна нерашуча спынялася, глядзела на яго з сумнай усмешкай і няўцямна пыталася:

— Скажыце, Васіль Данілавіч, а нашто гэта я вам гавару?

Ён, смеючыся, адказваў:

— Кожны чалавек павінен некаму расказаць пра сябе. Іначай яму будзе цяжка.

Аднак яна зусім не мела замеру раскрываць яму ўсе свае таямніцы. Таму ў словах яе ўвесь час адчувалася недаказанасць, здавалася, што круціцца яна вакол аднаго — найбольш важнага і таемнага месца, у якім сходзяцца ўсе ніткі яе жыцця, а раскрыць гэтае таемнае месца не хоча ці, мабыць, не можа.

Раіса расказала Лясніцкаму, як яна апынулася ў цяперашнім становішчы:

— Мы павінны былі паехаць. І мы паехалі б, каб не тата. У той вечар — помніце? — як вы прыходзілі... Я ж вас пазнала тады, Васіль Данілавіч... І я знала, зачым вы прыйшлі... Я тады страшэнна вас ненавідзела, так, як толькі можна ненавідзець... Дык вось, у той вечар мы чакалі тату — ён ездзіў у адзін знаёмы маёнтак. Ужо былі заказаны білеты, ужо была складзена палавіна рэчаў (вы гэтага тады не прымецілі?) — мы павінны былі выехаць назаўтра ўранні. Але тата не прыехаў тады, а праз два дні яго прывезлі адтуль зусім хворага. Вось мы і асталіся. Як прыйшлі чырвоныя, у нас блізка што ўсё канфіскавалі, а што высталася — прыйшлося прадаць, каб пражыць нам з татам. Ён жыў да апошняга часу са мной — толькі тыдні з два, як паехаў на вёску. Знайшоўся нейкі стары аканом яго, дык узяў да сябе... Хворы ён зусім... А цяпер я адна...

— А дзядзька?

Лясніцкі даўно ўжо нарыхтаваў гэтае запытанне і цяпер пільна сачыў за тым, якое ўражанне зробіць яно на Раісу. Яна і не зварухнулася, нават ані-ні не змяніла тону свае гаворкі.

— Карл Іванавіч паехаў некуды ў той самы дзень, як прыйшлі чырвоныя.

Яна памаўчала трохі і загаварыла зноў марудным стомленым голасам:

— Цяжка жыць цяпер... У вас многа страшнага, дзікага... Я ведаю, што вы на гэта маеце нейкую рацыю... Можа, нават няма тут нічога страшнага... Але я не разумею, не прывыкла... Я з дзяцінства баялася мужыкоў. Калі прыходзілі яны гурмай у маёнтак і калі тата пачынаў на іх сварыцца, мне кожны раз чамусьці ўсплывала на думку, што яны могуць узяцца разам і забіць тату... Яно, бадай што, і выйшла так... І вось страшна цяпер... Жывеш так, глядзіш наўкола і не разумееш, навошта ўсё гэта, хто сабе робіць лепш, а каму горш. І не разумееш, навошта сама жывеш — каму ад гэтага карысць, а каму шкода... Дрэнна жыць цяпер...

— Ну, а далей?

— Далей?

Раіса сперш глыбока задумалася, потым раптам абярнулася да Лясніцкага і засмяялася.

— Васіль Данілавіч! Гэта ўжо цэлая споведзь выходзіць, на гэта не было ўгавору.

І зноў замоўкла. А тады пачала гаварыць сур’ёзна і задуменна:

— Вы неяк дзіўна ўрэзаліся ў маё жыццё. Калі я думала пра вас — мне заўсёды здавалася, што ўсё ў нас ненатуральнае. Вось цяпер я апавядаю вам, гавару рознае глупства, а нашто — сама не ведаю... Проста — веру я вам, Васіль Данілавіч... А веру таму, што ведаю — вы любілі мяне. Гэта ж праўда? Васіль Данілавіч, вы ж моцна, глыбока мяне любілі? Помніце, як вы гатовы былі прыняць умовы мае? Ха-ха... Вы гатовы былі дорага заплаціць за мае пацалункі... Васіль Данілавіч! Помніце, га?..

Яна ўжо з вясёлым задорам глядзела на Лясніцкага, і ў вачах у яе загараўся зеленаваты гарэзны агеньчык. Лясніцкі ў гэты момант убачыў у ёй яскравы цень ранейшай чароўнасці — і ў сэрцы ў яго пыхнула іскра забытага пачуцця. Але так было адзін толькі момант. Яна раптам абвяла і неяк палахліва стулілася — стала смутная, цьмяная... Лясніцкі сказаў з падкрэсленай сур’ёзнасцю:

— Гэта праўда, Раіса Андрэеўна, што я любіў вас. І я магу адказаць вам, што любіў глыбока і моцна. Але ж сапраўды ў нас было ўсё ненатуральнае. Вы смяяліся, забаўляліся — вы не маглі іначай, бо (я проста скажу) пра шчырае каханне паненак да сялянскіх хлопцаў толькі пішацца ў казках. А я быў хлопчык яшчэ, ну і трохі дурань... Таму і выходзіла так.

Яны некаторы час хадзілі моўчкі. Лясніцкі глядзеў і слухаў, як у шэрай ласкавай мяккасці памірае гарадскі дзень (нейкі выпадковы шопатны ветрык пацерабіў кляны, недзе нахабна і жорстка загрымелі вітрыны). Раіса папрасіла, каб ён узяў яе пад руку, і, даверліва прытуліўшыся, загаварыла нейкім нізкім, прытоеным голасам:

— Мне не толькі, Васіль Данілавіч, гэта ваша стаіць на шляху. У мяне б знайшлося сілы справіцца з ім — я б прывучыла сябе, перасіліла. Вы помніце, Васіль Данілавіч, дзядзю Міку? Ён адчувае цяпер сябе як лепш і не трэба... Ён асвойтаўся ўжо... (Між іншага — са мной ужо не вітаецца, бо я яго шакірую.) Але я б не так, я б шчыра ўзялася... У мяне другое, Васіль Данілавіч... У мяне жыццё з нутра атручана... Адзін крок мне прыйшлося зрабіць, і я згубіла ўсё, што магла мець у жыцці... жыццё згубіла... атруціла сябе... Ох, Васіль Данілавіч! Як цяжка гэта!.. думку цяжка насіць... Прамяняць жыццё на гэта... на салодкі боль, на чад... А цяпер вось страх надышоў... Ён і даўней быў у мяне... помніце? А цяпер ён зусім жыцця не дае... Думак страшна... Гэта самая балючая рэч. Уявіце сабе, Васіль Данілавіч... Ноч. Ціха вакол, суседзі паснулі даўно. Ляжыш колькі хвілін, і, здаецца, спакойна ўсё, абычайна... А потым ціхенька пачынае нешта шчаміцца ў мазгі. Я адразу ўжо чую і пачынаю змагацца, не пускаць... А яно лезе, лезе, расце... мне робіцца страшна, халодны пот усю аблівае. Але гэта яшчэ нішто... А вось вырасла ўжо, заняло ўсе мазгі, усю істоту накрыла адно... Думка... страшэнная няўхільная думка. Пачынаюцца здані тады, праявы розныя — у розных абліччах і формах з’яўляецца яна... смерць. Звычайна, я не баюся смерці, а вось у гэту хвіліну гатова крычаць, на сцены кідацца, гатова з хаты ўцячы... Тады праклінаю ўвесь свет і да слёз, да балючых слёз шкадую сябе, сваё атручанае жыццё...

Раіса змоўкла і, дрыжачая, яшчэ мацней прытулілася да Лясніцкага. Прайшлі так моўчкі некалькі крокаў, і раптам яна затурбавалася, сутаргава схапіла яго за руку.

— Васіль Данілавіч... Не кідайце сёння мяне... Вы ж самі выклікалі мяне на гэтую гутарку... Я баюся цяпер, я не пайду адна ў хату — я... сама не ведаю, дзе я буду... Цэлая ноч... Слухайце, Васіль Данілавіч, глядзіце на мяне, як на хворую... Вы ж маглі б пасядзець каля хворай, каб вас папрасілі? Так? Я ж хворая, цяжка хворая... Васіль Данілавіч, вы не кінеце мяне? Мы, калі хочаце, будзем тут, на вуліцы... А потым я супакоюся...

Лясніцкі сказаў, што ён астанецца з ёй, пакуль ёй будзе патрэбна, і яна, глыбока ўсцешаная, смяялася ціхім радасным смехам.

Яны потым пайшлі да яе на кватэру. Лясніцкі сам прапанаваў пайсці, бо заўважыў, што яна дрыжыць ад вячэрняга холаду. Яна займала сапраўды зусім маленькі — поплеч з кухняй — пакойчык, у якім і мэбля была зусім прымітыўная: стол, жалезны ложак, пара крэслаў і, нейкім дзівам, невялічкая мяккая канапка. Відаць было, што яна ўжыла ўсе магчымыя спосабы, каб зрабіць у пакоі сякую-такую прытульнасць, але ўсё роўна тут асталася карузлая, кухонная нейкая шэрасць. Лясніцкі, агледзеўшыся, зважна зазначыў:

— Так, у вас тут няма гэтай... светласці, ружовасці... Непрытульна ў вас...

Яна чамусьці страшэнна засаромелася.

— Я ж вам казала, Васіль Данілавіч, што не трэба ісці, бо ў мяне дрэнна. Адылі сядайце цяпер ужо ды менш разглядайце... Я зараз нешта зраблю, і будзе лепш.

Яна абгарнула лямпачку чырвонай паперай — і сапраўды выгляд пакоя адразу змяніўся. Лясніцкаму ўспомніўся той вечар, калі ён першы раз прыйшоў да яе (пявуча-ружовы свет, мяккі, трошачкі сумны арамат, раяль і яна ў празрыстым ружовым уборы — бязмежна-дарагая, прыгожая). Ён перамог раптоўны наплыў шчымлівага смутку і з іранічнай усмешкай сказаў:

— Цяпер трэба раяль і сумныя ціхія мелодыі...

Раіса парыўчата сарвала з лямпы паперку.

— Я не хачу, каб вы ўспаміналі... Мне цяжка ад гэтага... Цяпер хай будзе ўсё іначай... каб не злучаць адно з адным... У мяне, Васіль Данілавіч, усё-ткі жыве сваё, асабістае,— яно варожае вам і, мабыць, брыдкае... Але ж вам зусім усё роўна, што мне люба, а што нялюба — я ж бяссільная, хворая... Што вам за наўда, калі я буду цешыць сябе тым трагічна-неўзваротным, што вы ненавідзіце, а што я люблю... У маім жыцці былі тады сонечна-прыгожыя старонкі — пакіньце іх мне, не адбірайце і не лайце за гэта мяне. Я ж хворая, недалужная... Я ж дажываю, а не жыву... Я нічым, нічым не магу вам пашкодзіць...

Яна зноў узрушылася — у голасе ў яе пачуліся балючыя ноткі. І вось, як наўмысля, у гэты самы момант нехта з метадычнай размеркаванасцю паляпаў у сценку з суседняга пакоя. Раіса настаражылася.

— Ну?

І пачуўся спакойны, адзервянелы ў сухой безуважнасці, голас:

— Таварыш Янава! Заўтра вам вуліцу месці...

— Добра!

Яна гэтае «добра» сказала нейкім нервова-ўзнятым голасам і зараз жа заплакала — цягуча і горка, як пакінуты дзяцёнак. Лясніцкі ў замяшанні не ведаў, як яе суцешыць,— чамусьці пачаў гаварыць аб калектыўным жыцці, аб правах і абавязках кожнага ў калектыве, аб усіхнай роўнасці і г. д. Яна, вядома, не слухала яго ўгавораў і плакала. А тады раптам усхапілася (з вачэй яшчэ буйным дажджом капалі слёзы) і засмяялася ў нейкай дзіка-задорнай і горкай весялосці:

— Ха-ха! Я ўжо мяла два разы... мяла... Гэта было нават цікава... ха-ха!.. Знаёмыя збіраліся, глядзелі— спачувалі нават... Я ўжо прывыкла, у нас усё па чарзе — калектыў... Васіль Данілавіч! Вы думаеце — гэта мяне заб’е? не... Я спакойна, зусім спакойна... У мяне ёсць свая будучыня — добрая, светлая будучыня... і такая блізкая, ясная... Хочаце знаць маю будучыню? Я пакажу вам яе, Васіль Данілавіч... Вось тут яна, тут, во зараз... во...

Яна ў ліхаманкавай паспешнасці расчыніла сваю касцяную скрыначку і дастала адтуль нешта ў белай паперцы. Лясніцкі дагадаўся адразу, што гэта атрута, і зрабіў інстынктыўны рух, каб вырваць яе. Раіса заўважыла гэты рух і засмяялася.

— Ды не, Васіль Данілавіч, не цяпер... і не пры вас... Я чакаю некага, хто б падзяліў са мной гэтае шчасце... Вы думаеце, прыемна адной паміраць? О не! Самае цяжкае — гэта паміраць аднаму... Я пачакаю яшчэ, пажыву... Нехта знойдзецца, нехта прыйдзе ка мне і згадзіцца выпіць смерць з адной чаркі са мной... Я яшчэ пачакаю...

Лясніцкі блізка што ўсю тую ноч перабыў у Раісы. І ўсю ноч яна мучыла яго нечакана-крутымі пераломамі свайго настрою, раптоўнымі пераходамі ад сумнай ціхасці да нервова-крыклівага ўзрушэння. І калі пад самае ранне ён пакінуў яе — змораную і заспакоеную — калі, выйшаўшы з хаты, акунуўся ў чыстую свежасць халоднага золку,— яму здалося, што гэтую ноч ён перабыў у нейкай душнай бальніцы, над ложкам паміраючага ў страшнай агоніі чалавека.

Выйшаўшы ад Раісы, ён пачуў вялікае палягчэнне.

 

Батальён у горадзе доўга не стаяў. У адну з бліжэйшых начэй ён у поўным складзе падаўся ў той бок, дзе былі сляды злачыннай працы банды атамана Воліча. У тую беспрасветна-чорную і халодную ноч адцялі былі трыццаць вёрст і дайшлі да невялічкага глухога мястэчка, дзе і абсталяваўся штаб батальёна. Роты, яшчэ не даходзячы да мястэчка, збочылі з галоўнай дарогі і разышліся па асобных маршрутах, згодна загадзя складзенага плана.

Пачалася рашучая, зацятая барацьба — не барацьба нават, а нейкая напружаная гульня, у якой выйгрышы браліся не па сіле, а па хітрасці, па здольнасці арыентавацца, знайсці патрэбныя хады-выхады ў глухіх бязмежных пушчах, у непраходных дрыгвах-балотах. І чым даўжэй цягнулася гэта гульня, чым мацней націскалі чырвоныя роты, тым глыбей і глыбей удаваўся ў чорную глуш хітры атаман Воліч з сотняй сваіх малайцоў.

Штаб батальёна ўжо пяць разоў змяняў сваё месца — пяць разоў змянялася абстаноўка і пяць разоў змяняўся план барацьбы.

Нарэшце ўдалося абкружыць банду ў Кіслым Маху — балоцвенным лесе, што на ўсю акругу вядомы, як самае непраходнае страшнае месца. Тут сціснулі тугім непарыўным вязьмом, пачалі наступаць — паступенна і цвёрда.

Штаб батальёна адразу забраўся і выехаў на месца аперацыі. Лясніцкі з камбатам увесь час пераязджалі ад роты да роты, сачылі за наступленнем, аддавалі, дзе трэба, асабістыя загады і распараджэнні. Кожную ноч чакалі прарыву — кожную ноч не спала палавіна армейцаў, пільна сачылі за здрадлівай цемрай маўклівага лесу. А ўдзень паўзлі па балоце, пасуваліся ўглыб, усё шчытней ды шчытней сціскалі бандытаў. Тыя ўжо сталі кідацца ад аднаго да другога краю жывога кола і ўсюды натыкаліся на жорсткія чырвонаармейскія стрэльбы.

І вось надышоў рашучы момант. Усім вядома было, што ў тую ноч зробяць бандыты апошнюю спробу прабіцца. Бо назаўтрага сціснецца кола і астанецца адно толькі — здацца. Па батальёну быў дадзен загад — не спаць у тую ноч ніводнаму чырвонаармейцу, быць усім напагатове, пільна {нілыіа сачыць за бандытамі.

Страляніна пачалася гадзіне а трэцяй начы. Бандыты падышлі былі да самага размяшчэння трэцяй роты, але іх парой заўважылі і адагналі дружнымі стрэламі. Тады і яны пачалі страляніну. Так цягнулася гадзіны са дзве. Страляніна не мела ніякіх вынікаў, бо кулі ў большасці застравалі ў дрэвах, не далятаючы нават да ворага. Перад раннем зноў падыходзілі бандыты ўжо да другой роты, зноў іх парой адагналі, зноў яны з паўгадзіны адстрэльваліся, і вось пры першым ледзь прыметным заранні пайшоў загад па батальёну — наступаць. Сціснулася яшчэ мацней смяротнае кола, яшчэ кінуліся туды ды сюды збянтэжаныя бандыты, паспрабавалі ўдарыць урукапашку — і нарэшце здаліся. Ім загадалі скласці аружжа, пастроілі па два чалавекі ў рад і пад моцнай вартай накіравалі ў бліжэйшую вёску. Частка армейцаў была пакінута пры раненых і забітых, за якімі павінны былі потым прыйсці падводы.

Лясніцкі прапусціў міма сябе ўсіх палонных, спадзеючыся пазнаць сярод іх атамана. У адным бандыту — вялізным, аброслым купкаватай расліннасцю — здалося Лясніцкаму нешта знаёмае, але той не даў дужа сябе разглядаць — хмура адвярнуўся і прайшоў міма, шырока махаючы цяжкімі рукамі. Ды Лясніцкаму і не да яго было цяпер — ён шукаў Карлу, ён ведаў, што адразу пазнае яго — як бы ён ні змяніў свой надворны выгляд.

Аднак Карлы не было сярод палонных. Тады Лясніцкі вярнуўся і пачаў пераглядаць усіх забітых і раненых. Сярод іх таксама не было атамана. Лясніцкі загадаў некалькім чырвонаармейцам абысці лес і пільна пашукаць, можа, астаўся яшчэ дзе-небудзь забіты ці ранены. Ён чакаў іх не менш як паўгадзіны, і, вярнуўшыся, яны далажылі яму, што нідзе нікога няма. Тады Лясніцкі сеў на каня і паехаў на вёску.

Ён загадаў выбраць з арыштаваных некалькі чалавек — з прасцейшых — і па адным прывесці да яго на допыт. Яму прывялі маладога — гадоў у дваццаць — сялянскага хлопца, які страшэнна спалохаўся і ніяк не мог знайсці месца сваім убога-асалавелым вачам. Лясніцкі перш распытаў у яго, хто ён, адкуль, якім парадкам трапіў у банду. Хлопец на ўсё адказваў шчыра, прычым расказаў цэлую даўгую гісторыю, як ён з простага вайсковага дэзерціра паступенна зрабіўся бандытам. Потым Лясніцкі запытаў у яго:

— Дзе ваш атаман?

Хлопец зразу, не задумаўшыся, адказаў:

— Ён, мусіць, забіт ці паранен — з намі яго няма.

— А ўчора ён быў з вамі?

— Быў.

— А ў яго памочнік які-небудзь быў?

Хлопец шырока выпяў вочы, быццам здзівіўся, як гэта сам камісар ды не ведае іхніх заводцаў.

— А як жа... Вядома, што быў... Хомка Жгут у яго быў самы першы...

— Ён тут?

— Там, у пуні сядзіць, з усімі...

Гэтае самае сказалі яму і іншыя, выкліканыя на допыт, бандыты. Тады ён загадаў, каб прывялі да яго Хомку Жгута. І вось прывялі вартавыя таго самага вялізнага, купкавата аброслага бандыта, на якога яшчэ там, у лесе, звярнуў быў увагу Лясніцкі. Бандыт увайшоў цяжкай нязграбнай хадою, стаў, раскірэчыўшы ногі, і ўпяў у Лясніцкага жвавыя, поўныя насмешлівага бляску, вочы. Адзін вартавы хацеў нешта далажыць Лясніцкаму, дык бандыт пагардліва і рэзка яго адпіхнуў.

— Адкасніся! Я сам раскажу... Здароў, Васіль! Як стаў камісарам, дык кінуў ужо пазнаваць старых сяброў, га? Ну, глядзі, ну... Ці пазнаў?..

Толькі цяпер пазнаў Лясніцкі знаёмыя рысы буйнога рэзкага твару, пазнаў той доўгі грамоздны халімаўскі нос. Пад уплывам раптоўнага ўражання гэтай сустрэчы ён ледзьве не кінуўся на шыю Халіму, але парой схапянуўся і ўзяў сябе ў рукі...

— Я пазнаў цябе, Халіма... Здароў... Я не мог цябе адразу пазнаць, бо... як жа я мог дапусціць у думкі, што цябе тут сустрэну...

Халіма прабубнеў не то іранічна, не то задуменна:

— Дзіўна... нечакана... дзе ж ты мог думаць...

Потым узняў галаву і запытаў з наўмыснай грубасцю:

— Ты хочаш са мной гаварыць, так? А калі не, дык чаго валаводзіць...

— Так, хачу гаварыць...

Халіма паказаў на вартавых.

— Пры іх ты ад мяне не пачуеш ні слова.

Лясніцкі загадаў вартавым стаць з таго боку дзвярэй. Адзін з іх зноў памкнуўся нешта сказаць — Халіма зноў абсек яго і дасадліва растлумачыў Лясніцкаму:

— Ён хоча сказаць, што я спрабаваў уцячы. Гэта зусім натуральна, і няма чаго аб гэтым гутарыць... Ну, я слухаю...

Лясніцкі сеў за стол і запрасіў Халіму сесці на ўслоне. Але той астаўся стаяць магутна і нахабна, раскірэчыўшы ногі.

— Воліч уцёк?

Лясніцкі чамусьці пачаў з гэтага, хоць унутры было цяпер зусім іншае. Халіма каротка адказаў:

— Уцёк.

— Гэта — Карл Іванавіч Шэмпель? {Шэмнель?

— Карл Іванавіч Шэмпель.

— Ты яго памочнік?

— Памочнік.

Лясніцкі змоўк, мяркуючы, аб чым далей гаварыць з ім. У гэты момант Халіма кінуў шпаркі настарожаны погляд у адчыненае акно, ля якога блізка стаяў. Лясніцкі заўважыў і ўзяўся за рэвальвер. Халіма не то ўсміхнуўся, не то злосна скрывіўся і прабурчаў:

— Ведаю... застрэліш...

Лясніцкі спакойна згадзіўся:

— Калі будзеш уцякаць, застрэлю.

Потым Лясніцкі ўстаў з-за стала і ў задуменні прайшоўся па хаце, Халіма яго паспяшыў:

— Будзем мо гаварыць?

Лясніцкі спыніўся і, гледзячы проста ў вочы Халіму, пачаў:

— Я вось аб чым думаў цяпер, Халіма. Я думаў аб тым, як глыбока і страшна рэвалюцыя жыццё ўскаланула. Куды і як толькі яна не параскідала людзей!.. Ворагі зрабіліся прыяцелямі, а прыяцелі — ворагамі.

— Я не лічу цябе сваім ворагам... Мы пакуль што робім адну з табой справу...

— Я ведаю... Ты скажаш зараз пра свой бунт, пра аднаўленне жыцця і г. д. А вось я дык лічу цябе сваім ворагам, бо ты пад маркай гэтай універсальнай месіянскай справы робіш справу Шэмпеля... А што за справы ў Шэмпеля — мы гэта ведаем... Калі табе ўсё роўна — чаму ты не ў Чырвонай Арміі, а ў бандзе памешчыка Шэмпеля?

Халіма з хвіліну падумаў.

— Чырвоная Армія нясе парадак. Можа, і новы — мне ўсё роўна. Дзе парадак — там гнёт, ціскі, там жыццё пад мерку і вагу, там няма волі, няма натуры... Кожны парадак — гэта падман, на які злятаюцца ўсе, хто баіцца жыцця. Смерці трэба баяцца, а не жыцця. Вось я б забіў цябе, каб было як, і выскачыў у гэта акно — я зрабіў бы таму, што баюся смерці, а вы мяне заб’еце таму, што баіцеся жыцця... Вам парадак трэба, а не жыццё...

Ён спыніўся, трохі падумаў і зноў пачаў:

— Вы свой бунт ужо кончылі — ваш цяпер бунт супроць бунта. Але ўсё роўна ён бунт, і таму я кажу, што мы з табой — не ворагі... Шэмпель свайго не возьме — іхні парадак кончыўся ўжо... Ён цяпер бунтуе супроць вашага новага парадку — таму ён таксама мой прыяцель...

Лясніцкі з горкай насмешкай паківаў галавой.

— Як штучна ўсё гэта, Халіма. Мне здаецца — і сам ты сур’ёзна не верыш у гэтую сваю філасофскую блытаніну. Не бунт гэта, Халіма, а барацьба. І не супроць жыцця, а за жыццё, за магчымасць жыцця, за права на яго... Гэта барацьба двух парадкаў — у адным з гэтых парадкаў жыццё маё, а ў другім — Шэмпеля. Вось чаму я супроць Шэмпеля і супроць цябе, бо ты аб’ектыўна — за іхні парадак, за іхняе жыццё...

Халіма адвёў убок сярдзіта-задуменны погляд.

— Ваш парадак не вечны... Ён сустрэне сваю супярэчнасць. Гэта супярэчнасць яго — бунт. Бунт вызваляе і ачышчае... Бунт — уваскрасенне жывога чалавека, зварот яго да волі і жыцця...

Ён раптам распаліўся і закрычаў:

— Я — асоба! Я — чалавек! Разумееш? Які вам клопат да мяне! Хто даў вам права ўціскаць мяне ў цесны мундзір, калі я ў сарочцы хачу... голы хачу хадзіць... га?.. Хто даў вам права лезці ў жыццё маё, дыктаваць законы і правілы?.. У мяне ёсць закон — мая воля... Я вольным хачу быць. Я — чалавек і хачу быць чалавекам... Што вам трэба, чаго вы лезеце?..

Лясніцкі зноў усміхнуўся:

— Мы гэта чулі даўно-даўно... Надакучыла ўжо... Ты чытаў анархістаў?

Лясніцкі зноў усміхнуўся:

— Нічога я не чытаў. Я не сляпы — я бачу, што робіцца ў жыцці...

— Ты бачыш, што робіцца ў жыцці? А ці бачыў ты, як сяляне палілі маёнткі, як выходзілі яны з віламі, з тапарамі і гналі к чортавай матары сваіх спрадвечных ворагаў — памешчыкаў? Ці бачыў ты, як гэтыя памешчыкі, вярнуўшыся за штыкамі польскіх жандараў і з іх дапамогай, палілі і руйнавалі цэлыя вёскі, сотнямі секлі сялян, забівалі, мучылі... ты гэта бачыў? А ці бачыў ты, як стыхійна збіралася ў партызанскія атрады сялянская моладзь, каб даць адпор ашалеламу панству? Што гэта — бунт? Хто бунтаваў тут — сяляне ці памешчыкі, га?.. Хто шукаў жыцця, а хто баяўся яго?.. Ці заўважыў ты, што ў гэтым «бунце» былі два рэзка акрэсленыя станы і што абодва біліся за жыццё — жорстка біліся, да самазабыцця, да самаахвярнасці...

Халіма дасадліва моршчыўся. Як кончыў Лясніцкі, ён з едкай грымасай сказаў:

— Агітаваць мяне хочаш? Мала карысці... Ды і не варта — усё роўна страляць будзеце... Будзеш яшчэ пытаць што, ці можна ісці?

— Больш нічога. Цяжка з табой гаварыць... Усё-ткі, Халіма, мне шкода цябе...

Халіма злосна ашчэрыўся.

— Глядзі за сабой.

Лясніцкі гукнуў вартавых.

— Вядзіце. Скажыце каравульнаму начальніку, каб узяў гэтага... грамадзяніна пад асобную ўзмоцненую варту...

У той самы дзень блізка паўдня батальён падаўся ў горад. Наперадзе вялі арыштаваных бандытаў. Лясніцкі зноў прапусціў іх усіх міма сябе. Асобна ад іншых два чырвонаармейцы вялі Халіму. Ён зрабіў від, што не заўважыў Лясніцкага,— прайшоў міма, хмуры, насуплены, шырока махаючы цяжкімі рукамі.

 

Яшчэ зусім рана — мабыць, гадзіне а дзевятай — нехта паляпаў у нумар да Лясніцкага. Лясніцкі адгукнуўся, і ўвайшла Ніна. Яна шчыра і весела прывіталася з ім, уважна азірнула яго ўсмешлівым поглядам сваіх шэрых вачэй і загаварыла з жартлівым дакорам:

— Здаецца, сталы зусім чалавек, а непрыгожа так рабіць. Вы ж, Лясніцкі, яшчэ заўчора вярнуліся ў горад і ні разу да нас не зайшліся. Вы ведаеце, як гэта завецца?

— Свінства?

— Так, адгадалі.

Лясніцкі пачаў апраўдвацца.

— Па-першае, у мяне ні ўчора, ні заўчора не было ані хвілінкі вольнага часу. Па-другое, сёння я ўжо канечна меўся пайсці да вас. І па-трэцяе, хіба не ўсё роўна, ці я б зайшоўся да вас, ці вы прыйшлі да мяне!..

Ніна зрабіла від, што злуецца.

— Я прыйшла да вас, таварыш Лясніцкі, па справе, во што... Між іншага, я ведаю ўжо, чым кончылася ваша аперацыя, і рада за вас. Шкода толькі, што Воліч уцёк — ён яшчэ можа нам тут нашкодзіць.

Лясніцкі моўчкі паціснуў плячмі. Ніна на хвіліну задумалася (стала раптам сур’ёзная, нават хмурая) і потым звярнулася да Лясніцкага ў сухавата-паспешным тоне:

— Во што, Лясніцкі. Самае лепшае — пагаворым адразу аб справе. Я хачу бачыць Халіму. Я магла б наладзіць гэта праз Андрэя, але мне чамусьці не хочацца гаварыць з ім на гэтую тэму. Я рашыла звярнуцца да вас.

Лясніцкі ў задуме прайшоўся па пакоі.

— Я ўжо думаў аб тым, што вы захочаце з ім пабачыцца. Гэта, вядома, можна будзе наладзіць.. Нават і сёння... Але вось, Ніна, я б хацеў пытанне адно задаць вам... па-таварыску... вядома, калі дазволіце...

Яна ў знак згоды кіўнула галавой. Лясніцкі гаварыў далей:

— Мне неяк раз задавала такое пытанне адна асоба — я скажу яе словамі: ці ўпэўнены вы, што ёсць хоць маленькая патрэба ў гэтай сустрэчы?

Ніна адразу нібы здрыганулася, потым даверліва ўзняла на Лясніцкага адкрыты погляд глыбока-сур’ёзных ціхіх вачэй.

— Вы добра зрабілі, што спыталі пра гэта. Вы мелі права пытаць, бо ў нас здаўна павялося быць шчырымі адзін перад адным...

Яна спынілася, быццам збіраючы думкі, адвяла погляд на светлы квадрат акна і загаварыла ціхім марудлівым голасам:

— Я сама многа аб гэтым думала... з самай той хвіліны, як даведалася, што яго арыштавалі. Толькі вось з паўгадзіны назад я канчаткова пастанавіла, што пайду да яго... Вы, Лясніцкі, наўдачу, каб зразумелі мяне, бо вы мужчына, а тут якраз нешта спецыфічна жаночае. Я не люблю яго — гэта цвёрда я разумею. Я нават ненавіджу яго, як свайго ворага... Я не таму іду, што чакаю нечага ад яго, што шукаю для сябе нейкага ўзвароту перажыванняў. Я іду... Слухайце, Лясніцкі, ці траплялася вам, ідучы басанож, моцна, да слёз у вачах, ударыць нагу? Ці адчувалі вы тады незразумелую патрэбнасць абярнуцца і зірнуць на тое, што дало вам гэтую боль?.. З такім прыблізна настроем я іду да яго... Я ж так моцна аб яго ўдарылася. Я ж любіла яго і радзіла была яго дзяцёнка... Мне трэба, Лясніцкі, паглядзець на яго, я хачу паглядзець...

Лясніцкі маўчаў. Ніну гэта дужа, відаць, турбавала — яна з трывожным чаканнем лавіла яго халодна-раскіданы погляд. Потым загаварыла зноў — у нейкім адчайным цяжкім парыванні:

— Я магу не пайсці, Лясніцкі... Скажыце мне, каб я не пайшла, і я не пайду. Растлумачце мне, што гэта дрэнна, што гэта выяўленне слабасці, што гэта пашкодзіць нашай справе... Растлумачце мне, Лясніцкі, і я не пайду — мне самой спакайней тады будзе... Ну, гаварыце!

Лясніцкі маўчаў. Ён не ведаў, што сказаць. Ён сам не разумеў, чаму яму непрыемна, што Ніна пойдзе да Халімы. Гэта было нешта зусім новае — нейкае новае і, мабыць, нядобрае пачуццё. Ён пачынаў не любіць Халіму.

А Ніна глядзела на яго ў напружаным чаканні. Ён ведаў, што Ніна яго паслухае, бо для яе цяпер будзе законам голас кожнага старонняга чалавека. У незразумелым узрушэнні ён прайшоўся разы са два па пакоі. Потым пераадолеў сябе, рашуча падышоў да Ніны і сказаў ёй:

— Вам можна пайсці... Я наладжу гэта і сёння ўвечары зайдуся за вамі...

У той самы дзень гадзіне а пятай спаўдня яны пайшлі туды, дзе змяшчаліся арыштаваныя бандыты. Усю дарогу Ніна са звычайнай жвавасцю гаварыла аб розных старонніх рэчах — у яе непрыметна было ніякага хвалявання, быццам ішла яна куды-небудзь па зусім дробнай і звычайнай справе. Адно было падазрона, што ўжо занадта многа яна гаварыла — не маўчала ніводнай хвіліны. Мабыць, гэтай бясконцай гутаркай старалася яна развеяць сваё душэўнае ўзрушэнне.

Іх увялі ў пусты цямнявы пакой (вокны з жалезнымі кратамі пад самай столлю), пасадзілі на адзіную драўляную лаўку і сказалі чакаць. Як выйшлі праваднічыя, Лясніцкі ўстаў і сабраўся ісці.

— Я пачакаю вас там, на дварэ.

Але Ніна рашуча спыніла яго.

— Будзьце тут, Лясніцкі! Я хачу бачыцца і гаварыць з ім пры вас.

Лясніцкі астаўся. Хвілін праз пяць вывелі Халіму. Ён быў чорны і страшны — нос яго асабліва нязграбна і дзіка вылучаўся на твары, а ў вачах гарэў хваравіты ліхаманкавы агонь. Як убачыў Лясніцкага і Ніну, ён памкнуўся быў усміхнуцца, але замест усмешкі выйшла ў яго нейкая дражліва-едкая грымаса. Наогул гэта грымаса цяпер вельмі часта ўсплывала на яго твар.

Ніна запрасіла яго сесці на лаўку і, калі ён адмовіўся, настойліва паўтарыла сваё запрашэнне.

— Мне цяжка так з табой гаварыць, калі ты будзеш стаяць.

Халіма сеў. Ён сеў неяк бокам да Ніны, не глядзеў на яе, упяў у дальні куток свой цяжкі неўвароткі погляд. Ён першы пачаў гаварыць — запытаў нездаволена, груба:

— Чаго прыйшла? {гірыйшла?

— Прыйшла паглядзець на свайго першага мужа.

— А другіх у цябе многа было?

Ніна на момант замоўкла, уражаная яго грубасцю. А тады сказала яму з ціхім дакорам:

— Ты хочаш мяне зневажаць? Гэта — самае лёгкае. Я чакала, што ты возьмеш больш трудны і... больш сумленны напрамак...

Халіму гэта, відаць, трохі задзела. Ён сказаў ужо больш лагодна і мякка:

— Калі хочаш, дык давай пагутарым... Ты пытайся, што табе трэба.

Ніна памаўчала з хвіліну і потым запытала з ледзь чутным болем і ласкай у голасе:

— Скажы, Халіма, калі ты стаў нашым ворагам?

Халіма нездаволена паморшчыўся.

— У яго запытай (кінуў на Лясніцкага) — ён табе скажа. Я яму ўсё расказаў...

Тады хвіліны дзве, а мо і больш маўчалі. Халіма нецярпліва затурбаваўся:

— Ну, што яшчэ?

— Яшчэ... Што яшчэ... Ага... Мне, вось, цяжка пытацца ў цябе — не пэўна я ў тваёй шчырасці. Калі хочаш, скажы — гэта будзе апошняе запытанне: ці любіў ты мяне калі-небудзь, ці было тады паміж нас шчырае нешта, сапраўднае?..

Халіма перш панура маўчаў, потым адказаў запытаннем:

— Дзяцёнак жыве?

Ніна ажывілася.

— А ці любіў бы ты яго, каб ён жыў?

— Я б з радасцю яго задушыў... каб не жыў без мяне, не стаў такім... паслухмяненькім...

Ніна сказала іранічна і рэзка:

— Не прыйдзецца турбавацца... Сын наш памёр... Я ахвяравала яго на рэвалюцыю...

Пры апошніх словах Халіма неяк сутаргава ўсхапіўся, зірнуў на Ніну адкрытымі трывожнымі вачмі, хацеў, мабыць, прасіць тлумачэння, але зараз жа зноў увабраўся ў сябе, зноў стуліўся ў сваёй панурай хмурасці.

— Ну, больш нічога?

— Ты не адкажаш на маё запытанне?

Халіма маўчаў. Тады Ніна загаварыла ў нейкай напружанай паспешнасці, быццам баялася, каб не пайшоў ён, не даслухаўшы гэтага самага важнага, што яна зберагла на канчатак.

— Вось яшчэ што. Я гэта скажу табе абавязкова, я даўно хацела, каб ты гэта ведаў... Я, можа, і прыйшла сюды толькі для гэтага... Я хацела сказаць, што я цябе ненавіджу. Ты — вораг мой, ты мне агідны, брыдкі... Я ненавіджу цябе з самага таго дня, як ты першы раз здрадзіў нам... Я каюся — чуеш? — я каюся, што была тваёй жонкай, я лічу гэта за ганьбу сваю — ты мяне апаганіў... Каб жыў наш сын, я б і яго прывучыла ненавідзець цябе — яму б імя тваё было сімвалам усяго брыдкага, паскуднага... Во што... Во што я хацела сказаць... Цяпер усё... Больш нічога... ідзі...

Халіма з момант сядзеў яшчэ, цяжка схіліўшы галаву, потым грамоздна падняўся і моўчкі пасунуўся на сваё месца. Лясніцкі і Ніна выйшлі на вуліцу.

На дварэ быў вясёлы празрысты марозік — ён чыста высушыў вуліцу і пасыпаў сям-там сухую белую шэрань. На захадзе бліскуча мёрзла ірдзяная паласа — след зайшоўшага ў восеньскім холадзе сонца. Хацелася глыбока-глыбока набраць у грудзі паветра і пайсці ў сцюдзёную даль — паглядзець, як мерзне тая ірдзяная паласа.

Ніна сказала, што ёй не хочацца ў хату, і яны пайшлі ў той бок, дзе канчаецца горад, завярнулі на звонкі, прыбраны марозікам, шлях і выйшлі ў сіняе поле. Яны ішлі моўчкі. Пасля таго, што адбылося там, неяк страшна было пачынаць размову. Але не цяжарыла гэта маўчанне, бо, калі так чыста ўвосень памірае сцюдзёнае сонца,— прыемна тады і салодка маўчаць. Яны ішлі так, пакуль не зайшлі ў невялічкі — з кволых і сціпных бярозак — лясок, а тады заўважылі, што на захадзе замест ірдзянай паласы застыгнуў ужо ледзяны перламутр, а на шлях насунуліся змрочныя і сярдзітыя цені падарожных дрэў. Ніна сказала рупліва і ласкава:

— Вернемся ўжо, Лясніцкі. Нам прайсці трэба не менш як тры вярсты...

І з гэтага пачалася іхняя гутарка. Гаварылі яны аб розным глупстве (прырода там, восень, вёска, Дняпро) і старанна ўнікалі ўспамінаць пра Халіму. Але, мусіць, думалі ўсё-ткі аб ім, бо, як увайшлі ў горад, неяк мімаволі і раптам пра яго загаварылі. Ніна — спакойная і бадзёрая — нечакана адкрыла:

— А ведаеце што, Лясніцкі... Я-ткі там пад свежым уражаннем залішне многа нагаварыла патэтычнага, гарачага... Мне проста шкода яго... Я гляджу цяпер на яго, як на хворага, як на калеку... Ён і сапраўды калека. Гэта толькі з першага погляду здаецца, што ў ім — суцэльнасць нейкая, сіла... Паламаны ён чалавек, згублены для жыцця... А я ж, Лясніцкі, баялася... Я не казала вам, а баялася... Я не была ўпэўнена ў сваёй сіле, я баялася, што ён зломіць мяне — жаласцю ці яшчэ чым... нашым, бабскім... Я не была яшчэ ўпэўнена, што не люблю яго... А цяпер я — вольная, зусім ужо вольная...

Потым яна гаварыла яшчэ ў нейкім жахлівым задзіўленні:

— Страшна як глядзець, калі чалавек сваё месца траціць... Гэта — самае горшае. Тут — канец чалавеку... Будзе біцца, кідацца, а ўсё роўна загіне, як адарваны ад дрэва сук...

Яны прыйшлі ў горад блізка а дзесятай гадзіне. Ім абодвум дужа не хацелася цяпер разыходзіцца — цяжка было несці ў самоту прыкрыя ўражанні гэтага дня. Таму Лясніцкі з асаблівай ахвотай згадзіўся перабыць вечар у Ніны.

Андрэй з Макрынай пайшлі на нейкую вечарынку, і яны асталіся ў хаце адны. Яны выбралі сабе прытульны куточак і завялі глыбока-шчырую гутарку, пачалі адзін аднаму «спавядацца». У гэты вечар Лясніцкі першы раз адкрыў Ніне ўсе свае таямніцы — расказаў ён усё, што ўпотайку перажыў за гэтыя бурлівыя гады і што старанна хаваў дасюль ад погляду старонняга чалавека.

 

Праз тыдзень пасля гэтага па прыгавару рэвалюцыйнага трыбунала быў расстраляны Халіма. А на другі дзень (дзіўнае супаданне) якраз адбылося тое жудаснае здарэнне, якое выклікала ў горадзе цэлую віхуру гутарак і разважанняў: адначасна кончылі самагубствам, выпіўшы з аднае чаркі раствор цыяністага калію, Карл Іванавіч Шэмпель і яго пляменніца Раіса. На стале ў іх знайшлі кароткую лаканічную запіску:

«У нашай смерці вінаваты мы самі».

 

А пры далейшым даследаванні гэтай справы была знойдзена ў маленькай касцяной скрыначцы другая запіска, напісаная няцвёрдай рукой Раісы і адрасаваная яе бацьку. Вось змест гэтай запіскі:

«Даражэнькі тата!

Мне цяжка паміраць, ведаючы, што я пакідаю цябе зусім аднаго ў такую страшную пару. Але адно пагаджае мяне з гэтай балючай думкай — гэта тое, што я пры сваім поўным бяссіллі, пры сваёй фізічнай і духоўнай хваробе ўсё роўна не магла б нічым дапамагчы табе. Так, даражэнькі тата, я страшэнна хворая, атручаная, паламаная. Мне сорамна пісаць табе, бо я адчуваю сябе глыбока вінаватай перад табой: я ні разу не звярнулася да цябе, як да бацькі, каб расказаць табе сваю трагедыю і папрасіць дапамогі. Ты і не ведаў зусім, што поплеч з табой гіне твая дачка, памірае павольнай і ад гэтага асабліва жудаснай смерцю.

Я цяпер скажу табе ўсё чыста, бо перад смерцю не выпадае хавацца... Я кахала свайго роднага дзядзьку — кахала нейкім дзікім, страшэнным каханнем. Гэта і было прычынай маёй пагібелі. Але ён, тата, не вінават, ён рабіў сумленна і шчыра. Ён сам перасцярог быў мяне, што ў яго гэта страшная хвароба. Я свядома пайшла на пагібель, я знайшла асаблівую дзікую слодыч у тым, каб ахвяраваць для кахання сваё жыццё... Я ведала тады, што загіну, і ў нейкім шалёным пале кінулася ў бяздонне. За гэты салодкі боль, за бязмежна-вострае адчуванне самаахвярнасці я заплаціла жыццём.

Татачка, даражэнькі! Даруй мне, што я ўсё гэта хавала ад цябе. Але ж нашто было яшчэ і табе псаваць жыццё? Досыць аднаго... Я спрабавала лячыцца, але потым кінула, бо для таго, каб вылечыцца, трэба было або разысціся з ім, або разам з ім лячыцца. Разысціся я не магла, бо ён заняў занадта вялікае месца ў маім жыцці — я толькі ім і жыла. А яму лячыцца... ён казаў, што ўжо позна...

І вось мы дайшлі да нашай мяжы. Можа, каб не было гэтай завірухі, мы і жылі б яшчэ, дажывалі. Можа, гэта прыспешыла наш канец. Ён цяпер хаваецца, яго шукаюць, каб знішчыць, каб пазбыцца ад лішняга ворага. І знойдуць, абавязкова знойдуць... Дык лепш не чакаць... лепш мы самі...

Калі табе перададуць гэты ліст, я ўжо буду закапана недзе на грамадскіх могілках. Ты магілы мае не шукай... І не злуй, даражэнькі татачка, на сваю дрэнную дачку... На яго таксама не злуй... ён не вінават — я сама паміраю, па сваёй волі... Гэта мая апошняя радасць — памерці з ім разам. Дык не злуй, тата... Даруй нам абодвум. Бывай...»

 

Батальён зноў перакідалі на новае месца. Лясніцкі выехаў з горада за тры дні да агульнай адпраўкі, каб скарыстаць зручны выпадак і заехаць к сабе на вёску. Ён не быў там аж з вясны 1918 года, і цяпер нейкая непераможная сіла цягнула яго хоць на момант адзін залучыць у родныя мясціны.

У той час чыгункі, з сваёй напорна-паспешнай, заблытанай куламесай, сабралі былі на сабе ў асабліва згушчанай форме нервовае напружанне эпохі. Акунуўшыся ў гэту стракатую куламесу людзей, мяшкоў, вінтовак, спрэчак, лаянкі, крыку, Лясніцкі пачуў добра знаёмы вольна ўзняты настрой, які прыемна казытаў нутро бадзёрымі ўзмывамі, які абуджаў шчымліва-радаснае імкненне да руху, да смелага поступу ў нейкую востра-свежую далячынь. Лясніцкаму давала вялікую ўцеху думка аб тым, што ў гэтай заблытанай мітусні, у гэтай людской завірусе ён бачыць і адчувае глыбока захаваны сэнс, нявідны, але цвёрды жорсткі парадак. Гэта было падобна на тое, як шахматны гулец бачыць сэнс і парадак там, дзе з погляду ўсяго толькі — хаатычнае бязладдзе фігур.

Сумятня чыгункі захінула ад Лясніцкага густым туманам усё, што перажыў ён у горадзе, і ўспаміны аб гэтых, поўных трывожнага хвалявання днях былі зусім цьмяныя, невыразныя. Толькі ў поўнай яскравасці яшчэ стаяла ўваччу карціна ад’езду.

Яго праводзілі на вакзал Андрэй, Макрына і Ніна. Гэта нагадала Лясніцкаму той момант, калі яны ў апошні раз ехалі са школы з Халімам і Славіным. Тады не было толькі Макрыны. Андрэй і цяпер, як тады, мякка ўсміхаўся сваёй загадкава-тонкай усмешкай. Макрына пяшчотна тулілася да Андрэя, а Ніна... хто яе ведае, можа, гэта здалося Лясніцкаму, а можа, і сапраўды яе шэрыя вочы весела і хітравата блішчалі нечым недаказаным, светлым.

Лясніцкі там, на вакзале, адвёў быў убок Андрэя і, трохі засаромеўшыся, спытаў у яго:

— Скажы мне... цяпер жа ўсё роўна... што ў вас было з гэтай... Янавай? Помніш, вы неяк сустрэліся там... на станцыі... А потым ты засцерагаў мяне... помніш?..

Андрэй засмяяўся.

— Помню, а як жа... Глупства... Я потым думаў аб гэтым, хацеў расказаць табе, але проста забыўся... Ну, ведаеш... бываюць часамі такія выпадкі... Адным словам — мы з ёй адзін час сустракаліся ў доктара па венерычных хваробах... Што да мяне, дык тут было проста непаразуменне: нехта сказаў мне, што мой бацька ў маладосці хварэў на пранцы,— я спалохаўся і пабег да доктара... Я быў там разы са тры і кожны раз бачыў яе... Вось і ўсё...

Гэтыя Андрэевы словы развеялі апошнія цені таго глухога неўразумення, якое некалі балюча гняло Лясніцкага і якое было злучана з асобай Раісы.

Прыехаў Лясніцкі на сваю станцыю а першай гадзіне спаўдня. Са станцыі, як за звычай, прыйшлося ісці пехатой. Але ён быў нават здаволен гэтым, бо хацелася як найбольш паўзірацца на знаёмыя мясціны, абудзіць у сабе адгалоскі тых далёкіх падзей і настрояў, якія злучаны з імі. Ідучы, ён бясконца пераносіўся думкамі ў мінулае — і вобразы гэтага мінулага паўставалі ў нейкай прыгожай вабнасці, давалі шчымліва-салодкую ўцеху.

...Вось тут іх некалі чакала Макрына, як ішлі яны з Андрэем на станцыю... Тут ляжаў ён, убіўшыся ў кусце, перажываў гарачыя хвіліны свайго душэўнага мятушання... Вось тут Андрэй, як таемны вяшчун, гаварыў яму аб набліжэнні вялікага страшнага пажару. А вось і луг, праз які яны ішлі тады ў самы разгар касавіцы (сонца, краскі, чырканне кос, верашчанне скачкоў, плакучыя чайкі, срабрыстыя жаўранкі)... За лугам — сівы, старэнькі Дняпро...

Перавазіў той самы крывы карыкатурны Саўка — ён яшчэ больш пакарабаціўся, яшчэ больш стаў падобны на чорны дняпроўскі корч. Ён не пазнаў Лясніцкага і глядзеў на яго з сцеражліва-халоднай пачцівасцю... Лясніцкі весела крыкнуў яму:

— Дзядуля! Ці ж вы ўнука свайго не пазналі?

Стары здрыгануўся, настарожана прыгледзеўся да Лясніцкага, потым неяк недалужна схапіўся за парэнджу, схіліў галаву, зморшчыўся ўвесь і засіпеў. А ці гэта плакаў ён, ці смяяўся — было невядома. Загаварыў жа ён, мабыць, не раней як хвіліны праз тры, дый то нельга было разабраць, ці ён пытаецца што, ці выказвае радасць сваю, ці хоча што-небудзь ужо расказаць. Лясніцкі наўдагад пачаў адказваць, адкуль і як ён прыехаў, ці доўга меціць прабыць тут і г. д.

Як ужо выехалі на сярэдзіну Дняпра (у вадзе халодна і чыста адбілася яснасць празрыстай восені), Лясніцкі раптам успомніў пра тую дзіўную казку, якую некалі расказаў яму дзед тут, на пароме. Ён захацеў напамянуць пра яе і запытаць у дзеда, ці выйшла так, як гаворыцца ў казцы. Дзед спачатку нічога не разумеў, потым, успомніўшы пра казку, захлібнуўся сваім сіпучым смехам і, нарэшце, уцяміў, пра што ў яго пытаецца Лясніцкі. Тады зморшчыў твар у хітра-таемную міну і адказаў:

— Хто ж яго, дзетка... Вось замяшалі, забаўталі... добрую куламесу паднялі... А што спячэцца — яшчэ мы не ведаем... Так... Не будзем зарання казаць... Прыгледзімся, прыслухаемся...

Памаўчаў трохі і, сарамліва засмяяўшыся (дзіўна яму, што пра тую казку гутарка ідзе), дадаў:

— Яшчэ, чуваць, ганяюцца за Іванькавай дудкай, яшчэ звіняць аружжам, страляюць... А там — хто ж яго ведае, дзетка, што будзе...

Калі Лясніцкі сышоў з парома і падаўся далей, на вёску, ён, азірнуўшыся неяк, заўважыў, што стары Саўка старанна клыпае следам за ім. Лясніцкі запытаў у яго:

— Куды вы, дзядуля, сабраліся?

Стары неяк тупа, ураз спыніўся, падумаў трохі і, зморшчыўшыся ў сваёй звычайнай усмешцы, адказаў:

— А вось пайду паслухаю, што маладзейшыя будуць гаварыць... Цябе ж гады на ўрады пабачыш...

— А паром?

— Ат, нехта перавязе...

Яны пайшлі разам. Як увайшлі ў вёску, Саўка адстаў — зайшоўся за нечым у сваю хацёнку — і Лясніцкі пайшоў дахаты адзін. Яго не пазнавалі — гэта відаць было па тых напружана-цікавых і сур’ёзных поглядах, якія кідалі ў яго з акон. Лясніцкі рад быў, што яго не пазнаюць, бо лягчэй і смялей так было прайсці цераз вёску.

Дома яго тож не адразу пазналі. Пётры не было — той бы, напэўна, пазнаў. А бацька дык перш са спакойнай цікавасцю адказаў на прывітанне, потым неяк скосу пачаў прыглядацца, і толькі тады, як Лясніцкі не вытрымаў і засмяяўся,— толькі тады пачалася сумятня радаснай сустрэчы. Быццам спецыяльна запрошаныя, зараз жа з’явіліся і матка з Пётрам — матка пачала плакаць у качарэжніку, а Пётра нясмела мацаў на поясе ў брата наган. Бацька спакойна і дабрадушна перабіраў бесканцовы ланцуг меркаванняў, па якіх усё выходзіла, што сын зрабіў надзвычайна добра, прыехаўшы ў двор. А калі Лясніцкі зазначыў, што прыехаў толькі на два дні, бацька змоўк і ў замяшанні не ведаў, што далей гаварыць. Яго падмяніла матка — яна, плачучы, пачала наракаць на ліхую вайну, што не дае спакойна пажыць «дзяцёнку» ў роднай хаце. Бацька пастаяў трохі ў раздум’і і раптам з нейкай рашучай злосцю спыніў старую:

— Ціху ты! Завяла ўжо сваю музыку... Не чулі, падумаеш...

І з разважнай сур’ёзнасцю запытаў у сына:

— Значыцца, зноў у войска?

— У войска.

Стары аб нечым задумаўся...

— Так... Хто яго ведае... яго і войска, можа, патрэбна... Зямлі вось трохі забралі ў паноў... Зямлю, глядзі што прыйдзецца бараніць — наўдачу, каб так яны супакоіліся... га? Як там?.. Што там чуваць у вас?

Лясніцкі пачаў тлумачыць бацьку, дзе і што «чуваць», але не давялося задоўжыцца гутарцы. Не паспеў ён яшчэ і перакусіць з дарогі, як пачаў збірацца народ (ужо ўся вёска ведала, што ён прыехаў) — прыйшоў дзядзька Лявон, прыкандыбаў бязногі Аксента (старшыня сельсавета), дзед Саўка прыпоўз і многа каго. Лясніцкі шукаў вачмі яшчэ аднаго — былога дэзерціра Рыгора, але яго ўсё не было. Нарэшце ён запытаў у Аксенты і той растлумачыў, што Рыгор ужо два гады як пайшоў самахоць у Чырвоную гвардыю і што з таго часу аб ім вёска нічога не чула — мабыць, загінуў дзе-небудзь. Лясніцкі ўявіў Рыгора — яго рыжанькі, рэзкі, з саркастычнай усмешкай твар, яго вечнае хапліва-злоснае ўзрушэнне. Чамусьці шкода стала, што не пазнаў ён як след гэтага чалавека.

У Лясніцкага ў хаце разгарнулася цэлая сходка. Дайшло да таго, што прыйшлося Аксенту праявіць увесь свой арганізацыйны талент, каб навесці сякі-такі парадак. Лясніцкага засыпалі градам запытанняў і спрэчак, ад яго з нейкім настойным правам патрабавалі адказаў і тлумачэнняў і, трэба сказаць, яму верылі. Ён стараўся гаварыць і расказваць не тое, што чуў дзе-небудзь або вычытаў у кнігах,— ён выкладаў тое, што сам перажыў, аб чым перабалеў сваім сэрцам. Мабыць, затым і расла паміж ім і сялянамі блізкасць, мабыць, затым яны яму і верылі. А Лясніцкі чуў гэтую прыязную блізкасць сялян і ад гэтага поўніўся радасна-свежай энергіяй і думаў з уцехай, што цяпер няма і следу колішняй чорнай варожасці, што цяпер ён свой тут, родны для ўсіх.

Гэтая гутарка цягнулася, мусіць, добрых гадзін са тры. А потым Лясніцкі доўга яшчэ гаманіў з Аксентам — той апавядаў яму пра розныя тутэйшыя справы. Аксента так сказаў пра сялян:

— Яны вераць, сяляне,— дармо што брэшуць... У іх ёсць застава — зямля. Зямля, брат, для мужыка — аснова... А цяпер цяжкавата — дык жа не дурні яны, ведаюць, што не заўсёды так будзе, што і зусім добрыя часы надыдуць... А пабрахаць — гэта яны ахвоча...

Надвячоркам хадзіў Лясніцкі на бераг Дняпра — адпачыць хацеў ды па самоце сабраць да ладу свежыя думкі і ўражанні.

Шапацелі чырвоным сваім лістападам асілкі-дубы, снавалі навокал урачыстую ціхасць. У лісці іх грэлася халоднае вячэрняе сонца, і лісце палала ў радаснай ветласці, і здавалася, што гэта не золата смерці, а кроў жыцця, што асілкі-дубы жывуць новай чырвонай вясной.

Лясніцкі сеў над высокаю кручай. Дняпро перад ім разаслаў бліскуча-барвістую гладзь, якая пышна гарэла вясёлкавым разнацветам. Там, дзе танула ў Дняпры вячэрняе сонца, там яскрава гарэла гарачая кроў, а чым далей ад сонца, тым больш было хваравітай бледнасці і сіні, пакуль зусім не чарнеў Дняпро глухой варанёнай сталлю. А за Дняпром на голым і чыстым лузе хадзілі коні — бліскучыя цацкі — і з тлумным гоманам пераляталі гракі. Там было многа прастору і многа прывабнай далёкасці.

Дзіўны настрой апаў на Лясніцкага. На душы і ў сэрцы стала цудоўная яснасць, як і ў гэтым чыстым восеньскім вечары. І ў яснасці той выразна адзначыўся кожны рух, кожны момант былога і сучаснага — стала так, быццам ён глядзеў у нейкую дзіўна-празрыстую глыбіню і бачыў у ёй сваё ўласнае жыццё — яго буйныя ўсплёскі і дробныя, ледзь прыметныя пералівы. Тады Лясніцкі цалкам углыбіўся ў сябе, сабраў усю ўвагу і азірнуў стракатую чараду сваіх мінулых гадоў. І ўбачыў ён, як паслаліся там пераблытанай сеткай глухія сцежкі-дарожкі, перапляліся пераплётам заклятым — няма ў іх, здаецца, ні канца, ні пачатку, і невядома, як разблытаць мудроны іх вузел, як раскрыць іх зачараваны круг. Па гэтых сцежках блукаў ён і з гэтых сцежак выйшаў на роўны, шырокі шлях. Па гэтым шляху многа злавеснай, чорнай небяспекі, але ісці па ім радасна, бо не сваёй ідзеш недалужнай сілай, а сілай дружнай грамады, вялікага калектыву.

Лясніцкі сядзеў, углыблёны ў сябе, і думаў — перабіраў драбніцы жыцця свайго, правяраў яго няпэўны блытаны поступ. Калі ж апаў на зямлю ліпучы вячэрні змрок і Дняпро хмура прытоіўся ў чорнай бяздоннай процьме, калі з вёскі нейкім выпадкам даляцеў сюды абрывак задорнага дзявочага смеху,— тады ў нутро к Лясніцкаму аднекуль уліўся ціхі шчымлівы смутак, абудзіў чараду невыразна-прыгожых вобразаў. Тады мякка запаліўся ў сэрцы агеньчык ружовай ласкі і замігцеў палахлівым святлом салодкіх імкненняў.

Гэты незразумелы смутак не пакідаў Лясніцкага праз увесь той вечар. Мабыць, ён і з’явіўся прычынай таго, што Лясніцкі да поўначы сядзеў за сталом і пісаў нешта пры цьмяным святле маленькай газовачкі. Напісаўшы, ён уважна перачытваў, задумляўся на момант, моршчыўся, ірваў спісаную паперку і браўся пісаць нанова. Толькі тады, як ужо больш не асталося паперы, ён спыніў гэтую працу і стаў залепліваць у канверт апошнюю спісаную паперку.

Вось што было ў ёй напісана:

 

«Дарагі таварыш Ніна!

Неяк дужа нядобра, што мне прыходзіцца пісаць Вам пра гэта, а не гаварыць. Вінават тут выключна сённяшні дзень, які я правёў у сваёй роднай вёсцы. Гэты дзень даў мне нямала радасці. Мяне сяляне дужа добра сустрэлі і верылі мне. Я гаварыў з імі гадзіны тры. Мне гэтыя адносіны асабліва прыемны таму, што (помніце, я апавядаў Вам?) паміж мной і вёскай была такая дзіка-глухая сцяна варожасці. А цяпер я ўжо свой тут, зусім свой... Адылі гэта не мае непасрэднага дачынення да таго, аб чым я пішу Вам. Сёння надвячоркам я хадзіў на Дняпро. У мяне быў нейкі дзіўны настрой — мне выразна ўяўлялася ўсё жыццё маё, я разглядаў яго так, быццам стаяла яно ў мяне на далоні. Я азіраўся назад і бачыў там многа блытанага, цёмнага. А наперадзе мне ўяўляўся роўны, шырокі шлях, па якім так лёгка і радасна ісці. Я ўяўляў сабе гэта, і мне было добра так, лёгка, здавалася, што ў жыцці маім усё цяпер як мае быць. А потым нейкі раптоўны смутак напамянуў мне, што яшчэ чагось на стае. Я не ведаю, можа, гэта ад вёскі, ад прыгожага ціхага вечара... Тады я ўспомніў, што калі Вы праводзілі мяне на вакзал, дык у Вашых шэрых любых вачах («любых» старанна замазана) гарэла напамінанне аб нечым недаказаным і патрэбным. Можа, я памыліўся? Яшчэ вось што, Ніна. Часамі трэба ў жыцці блізкі таварыш — бліжэйшы за іншых, зусім блізкі, родны, любімы... Вось гэта, мусіць, па ім і смутак быў у мяне... Вы прымецілі, Ніна, што паступова ў нас з Вамі завязалася шчырая таварыская блізкасць? Гэтая блізкасць і дае мне права гаварыць Вам аб гэтым усім. Можна было б і маўчаць пакуль што, пагаварыць пры сустрэчы, але вінават у гэтым сённяшні дзень... ды яшчэ Вашы шэрыя вочы... там, на вакзале... Таму я і пішу Вам адсюль і прапаную дагаварыцца аб тым, каб нашай дружбе і блізкасці надаць больш пэўныя і сталыя формы... У нас наперадзе дужа многа барацьбы і працы — мо прыйдзецца і абціснуцца часамі... Сапраўды, Ніна, будзе нам куды лепш, калі мы пойдзем разам удваіх і будзем адзін аднаго падтрымліваць... Як вы думаеце?..

Напішыце мне на адрас батальёна.

Ваш В. Лясніцкі».

 

Заляпіўшы канверт, Лясніцкі яшчэ сядзеў колькі хвілін у глыбокай задуме. Потым устаў і, ідучы спаць, заспакоена прашаптаў:

— Так будзе лягчэй і мне і ёй...

 

 

Каментарыі. Чалавек і рэвалюцыя ў «вялікай прозе» М. Зарэцкага

Аповесць «Голы звер» (1920) займае даволі прыкметнае месца ў творчасці М. Зарэцкага. Гэта — змястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага плана. Віктар Яроцкі выступае ў аповесці як носьбіт філасофіі эгаізму. Каб задаволіць свае нізкія памкненні, Яроцкі не спыняецца ні перад чым, ідзе на падман, на жульніцтва. Ён ігнаруе пісаныя і няпісаныя законы чалавечага грамадства, калечыць лёсы людзей, што сустракаюцца на яго дарозе. Апраўдання сваім учынкам Яроцкі не шукае і не збіраецца шукаць, бо ён узяў на ўзбраенне філасофію ўсёдазволенасці, незалежнасці моцнай духам асобы ад грамадства. «— Ха-ха-ха! Кажуць — так жыві, а не гэтак, тое рабі, а не гэта. Каму якое дзела? Хто мае права мной кіраваць? Я жыву так, як мне прыемна, я хачу ўзяць ад жыцця ўсё, што мне ўцеху дае, асалоду. Якое мне дзела, што людзям дрэнна жывецца! Ха-ха!.. Каб не было дурняў, дык што б тады было рабіць разумнаму?.. Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. І я жыву. І ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... ха-ха-ха!.. гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я — вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я — сам сабе пан...»1

І хоць узнятая М. Зарэцкім тэма не з'яўлялася цалкам новай, бо пафасам асуджэння ваяўнічага эгаізму, індывідуалізму прасякнута ўся класічная літаратура, тым не меней з'яўленне аповесці «Голы звер» мела вялікае значэнне. Сваім творам малады пісьменнік не наводзіў глянец на новае грамадства, не займаўся наіўнай апалагетыкай існага, а гаварыў мужную праўду сучаснікам пра небяспеку, якая рэальна існавала... Ужо адно тое, што галоўным героем твора аказаўся адмоўны персанаж, было сведчаннем творчай і грамадзянскай смеласці пісьменніка. М. Зарэцкі адчуваў, што літаратура новай эпохі абавязана не толькі ўслаўляць рэчаіснасць, але і адлюстроўваць яе негатыўныя бакі.

Існуючыя ацэнкі аповесці патрабуюць сёння пэўных паправак і ўдакладненняў. Сэнс твора нельга зводзіць да маральнага асуджэння галоўнага героя, як гэта назіраецца ў некаторых працах. Сваю пісьменніцкую ўвагу М. Зарэцкі засяродзіў не толькі на вобразе Віктара Яроцкага, але і на даследаванні грамадска-псіхалагічных умоў, якія спараджалі падобны тып, на ўнутраным свеце тых, хто станавіўся ахвярай яго злачынных дзеянняў.

Вартасць аповесці «Голы звер» трэба бачыць менавіта ў тым, што надзённае пытанне сучаснага яму жыцця М. Зарэцкі пераводзіў у шырокі план, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадства застаюцца актуальнымі сёння і будуць актуальнымі заўтра.

Псіхалогія чалавека, які напісаў на сваім сцягу лозунг: «Маё жыццё, толькі маё, мне дорага... Я — сам сабе пан», не магла не зацікавіць пісьменніка-гуманіста, пісьменніка-аналітыка. Дзе вытокі жывучасці такіх людзей? З якіх крыніц яны чэрпаюць сілу? Яроцкія па сваёй натуры энергічныя, смелыя, не баяцца рызыкі, умеюць знайсці выйсце з самых неверагодных сітуацый. Яны не чакаюць пасіўна, калі ім хтосьці паднясе на талерачцы жыццёвыя выгоды, а самі імкнуцца здабыць тое, што ім патрэбна. Здабыць з дапамогай палахлівых, нерашучых, беспрынцыпных, але не меней сквапных, чым яны самі. Адной з такіх ахвяр Яроцкага з’яўляецца старшыня крэдытнага таварыства Шчупак.

Гэтаму, здавалася б, відочна службоваму персанажу ў аповесці надаецца тым не менш значная ўвага. Яно і зразумела, паколькі вобраз старшыні Шчупака дае магчымасць яскрава высветліць умовы росквіту Яроцкіх, іх жыццёвую трываласць. Як вынікае з логікі развіцця падзей, будучыя ахвяры, у тым ліку і Шчупак, вельмі ахвотна лезлі ў пастку, расстаўленую Яроцкім. А лезлі ад упэўненасці, што з дапамогай лоўкіх і спрытных ім таксама тое-сёе перападзе, што і яны адхопяць смачны кавалак ад дармовага пірага. Самі ж «ахвяры» нічога не ўмеюць у жыцці рабіць самастойна, у іх няма для гэтага ўласнай ініцыятывы, смеласці, няма й жадання змяніць што-небудзь у лепшы бок. На параду Яроцкага памяняць прафесію, узяцца «за другую працу» бухгалтар Шчупак адказвае: «Што вы? За якую другую? Я калісьці ў дзяцінстве дудкі з вярбы рабіў, ды яшчэ з дзягелю майстраваў спрытныя пырскаўкі. А больш спецыяльнасці ніякай не помню. Вось і вазьміся за якую працу» (13).

Зразумела, з такой прыладай, як пырскаўка, багацця не нажывеш! А да багацця Шчупак прагны. Вось якую буру пачуццяў узняла ў душы беднага бухгалтара размова з Яроцкім. «Грошы, шмат грошай. Столькі, што стане на дваццаць гадоў. Нашто тады гэтая служба, мадзенне? Тады — кватэру лепшую, вопратку... хутру абавязкова, такую, як выстаўлена там, у вакне магазіну. І бялізну таксама... Пархумы... А можа... а можа... сорак гадоў... дык што там? Можа, знайсці... такую... не зусім прыгожую, не... не трэба... каб простая, ласкавая, каб з ёй звіць гняздзечка, каб прытуліцца адно к аднаму...» (33). Дык якая ж, скажыце, розніца паміж злачынцам і яго ахвярай? Хіба Шчупак не ўсведамляў, што задуманая Яроцкім фінансавая авантура — супрацьзаконная? «Гэта ж відочны падлог, гэта жульніцтва» (35),— так расцэньвае старшыня таварыства прапанову свайго новага працаўніка. І тым не менш уступае з ім у хаўрус, бо яго палапіла смеласць і сіла, сталёвая цвёрдасць Яроцкага. Шчупаку нават здалося, што з’яўленне Яроцкага — гэта знак лёсу, што «сама доля паслала яго, каб падняць на ногі старога Шчупака» (33).

Старшыня таварыства пераканаў сябе ў тым, што на Яроцкага «смела можна пакласціся, ён пераможа ўвесь свет, калі толькі захоча», а пераможцу Шчупак гатовы служыць «як парабак, як сабака» (34), Вось так нечакана раскрываецца сапраўдны твар адной з «ахвяр», а разам з тым выяўляюцца і прычыны поспеху «спакушальніка». Апошні добра спазнаў псіхалогію сваіх добраахвотных памочнікаў, а фактычна — саўдзельнікаў у злачынстве. Яроцкі «адразу знаходзіў унутры чалавека інстынкты звярыныя і ўспораваў іх, узбіваў у бурна-шалёную пену, каб захлынула яна ўсё нутро, каб затапіла ўсё чалавечае» (14). І Яроцкаму ўдавалася дасягнуць пастаўленай мэты. А пакуль будуць існаваць на свеце палахлівыя, але прагныя, гатовыя да паслуг Яроцкім, апошнія доўга яшчэ не перавядуцца, будуць па-ранейшаму ўцягваць у свае брудныя справы новых аматараў лёгкага жыцця.

Нельга не сказаць і пра слабыя бакі пісьменніцкай пазіцыі ў абмалёўцы вобраза галоўнага героя. Асабліва наглядна яны праяўляліся там, дзе Яроцкі пачынаў заўзята выкрываць сваю індывідуалістычную сутнасць. «Шчупак, я звер, дадушы, звер. Мне дужа лёгка загубіць чалавека. Я й цябе пагублю, дадушы, пагублю... А? Спалохаўся? Дрыжыш?» (26). Яшчэ далей ішоў Яроцкі ў сваім самавыкрыцці падчас размовы з Лідачкай: «Усё тое, што ты чула пра мяне, усё тое, што казаў гэты Горскі, усё гэта — праўда. Так, так. Больш таго. Яны мо сотую частку ведаюць толькі. Я — злачынец, я — прахвост, я — чалавек, які згубіў усё чалавечае, я — злодзей, я — распуснік, я — звер... Мне месца ў турме, на катарзе. Я — вораг чалавецтва; такіх, як я, зніштажаюць. І зніштожаць мяне, я чую, хутка прыйдзе мой час, ён набліжаецца» (65).

Вядома, даследчыкі, якія галоўную мэту пісьменніка бачылі ў маральнай дыскрэдытацыі буржуазнага індывідуалізму і носьбітаў эгаістычнай філасофіі як параджэння нэпа, падобныя адкрытыя выказванні героя слабасцямі ці недахопамі твора не лічылі. Наадварот, для іх гэта асабліва каштоўныя мясціны аўтарскага тэксту.

І ўсё ж прылюднае самаагаленне героя — не самы эфектны сродак раскрыцця яго характару. Відаць, толькі праз творчую нявопытнасць пісьменнік спрашчаў сваю мастакоўскую задачу, калі разбуральны пачатак у характары Яроцкага вытлумачваў адпрыроднымі дадзенымі.

Гераіня аповесці Лідачка не належала, вядома, да прагных і хцівых, але і яна з прычыны малога жыццёвага вопыту, наіўнасці, легкадумнасці таксама аказалася ахвярай цынізму Яроцкага. Трэба сказаць, што ўзаемаадносіны гэтых дзейных асоб не ўяўляюць асаблівай цікавасці. Тут няма значных псіхалагічных знаходак, наватарскіх паваротаў тэмы. Перад намі — даволі распаўсюджаны ў літаратуры сюжэт спакушэння знешне абаяльным, лоўкім прайдзісветам маладой наіўнай дзяўчыны. Аднак ёсць у сюжэтнай лініі Яроцкага — Лідачкі момант, на які варта звярнуць увагу. Гэта матыў літасці, тэма спачування чалавеку, які апусціўся па дно жыцця, спазнаў усю глыбіню маральнага падзення. Зусім відавочна, што тут аўтар «Голага звера» звярнуўся да творчага вопыту Ф. Дастаеўскага, да паэтыкі яго сусветна вядомых раманаў. Пасля таго як маска прыстойнасці была сарвана з твару Яроцкага, ён звяртаецца да падманутай ім дзяўчыны: «Лідачка! Бачыш, хто я такі? Ты не чакала, праўда, не чакала гэтага? Ну, ці скажаш цяпер ты, што любіш мяне, што я табе родны і блізкі? Ці можна кахаць такога, як я? Ці можна кахаць таго, хто ад усіх чыста адбіўся, хто акунуўся ў страшэнную гразь, з якой нязмога ўжо вырвацца?» (66).

Гераіня аповесці аказалася вартай славутых літаратурных папярэдніц: яна гатова самаахвяраваць сабой, гатова па-ранейшаму пяшчотна і самааддана любіць Віктара, дзяліць з ім радасць і гора. Але верны сваім прынцыпам горды індывідуаліст Яроцкі — зноў жа па ўзоры герояў Дастаеўскага — не прымае спагады і літасці як рэчаў абразлівых для яго. Ён патрабуе іншага: «Я хачу, каб знайшоўся такі чалавек, які б забыўся на ўсё, які б убачыў мяне такім, якім я ёсць, і такім мяне палюбіў, які б палюбіў мяне ў гразі, які б сам акунуўся ў гэтую гразь, быў бы разам са мной, быў такім, як я... Ха-ха-ха... Табе не быць такім чалавекам, ты чыстая, ха-ха... ты дабрачынная, ты не можаш з любым сваім паўстаць супраць усіх людзей, супраць усяго свету... Ты — слабая для гэтага» (67).

Такім чынам, свае паводзіны і ўчынкі герой аповесці «Голы звер» спрабуе расцэньваць як бунт, паўстанне супраць людзей, супраць усяго свету. Што ж, гэты матыў — своеасаблівы варыянт багаборства — думаецца, не разбурае вобраз героя-індывідуаліста, які ўласныя жаданні і памкненні ставіць вышэй за інтарэсы іншых людзей. Але матыў бунту сэнсава не ўзбагаціў аповесць, не прыдаў новага павароту яе асноўнай тэме. Яно і зразумела: на ролю ідэйнага бунтара Яроцкі — паводле маштабаў сваёй натуры і пастаўленых перад сабой жыццёвых мэт — не мог прэтэндаваць. За яго бунтам ніякай асэнсаванай філасофскай канцэпцыі, а тым болей гуманістычнай ідэі не стаяла. Тут не было пратэсту супраць мяшчанскай маралі, якая падпарадкоўвае асобу чалавека, уніфікуе яе самабытны ўнутраны свет. Тут быў толькі паслядоўны, прынцыповы эгаізм і прага задавальнення асабістых патрэб за кошт іншых людзей.

Ёсць у аповесці яшчэ адзін персанаж, які беспадстаўна ўзведзены крытыкай на п’едэстал станоўчага героя,— працаўнік палітасветы Горскі. Зусім відавочна, што да станоўчага героя Горскаму вельмі далёка. І падаецца гэты вобраз у іранічным асвятленні. Не будзем гаварыць пра тое, што адарваны ад рэальнага жыцця Горскі не мог знайсці агульнай мовы нават з Лідачкай, у якую ён быў закаханы. Яго спробы маралізатарскімі прамовамі перавыхаваць дзяўчыну церпяць крах. Але не гэта галоўнае. Куды важней тое, што падобнымі ж наіўнымі сродкамі — казённа-выкрывальным пафасам — Горскі спадзяецца перамагчы і Яроцкіх.

Як паказвае ход спрэчкі, Горскі не зразумеў, што якімі б трапнымі ні былі яго рэплікі, яны не здольны пахіснуць пазіцыю Яроцкага. Таму апошні так ахвотна пагаджаецца з усімі выпадамі свайго апанента. Маралізатарскіх сентэнцый Яроцкі не баіцца, яны не пагражаюць яго становішчу. Сіла Яроцкіх — не ў іх саміх, а ў тым асяроддзі, у якім яны існуюць, у той маральнай падтрымцы, якую ім аказваюць Шчупакі, Лідачкі. Вось гэты перанос цэнтра цяжару з павярхоўнага маралізатарства, з адкрытага выкрыцця адмоўнага героя на даследаванне сацыяльна-псіхалагічных умоў, якія спараджалі гэтых герояў, якраз і робіць аповесць «Голы звер» змястоўным мастацкім творам.

У крытычнай літаратуры раман «Сцежкі-дарожкі» ацэньваецца даволі высока. Тым не менш ёсць падставы лічыць, што і па сённяшні дзень «Сцежкі-дарожкі», гэты выдатны твор, як след не ацэнены. Тлумачыцца такое становішча тым, што многія аспекты пастаўленай пісьменнікам праблемы — рэвалюцыя і інтэлігенцыя, шляхі інтэлігенцыі ў рэвалюцыю — доўгі час не прынята было шырока абмяркоўваць. Больш таго! Лічылася, што такія, скажам, аспекты, як рэвалюцыя і гуманізм, даўно і паспяхова вырашаны. Зусім лагічна, што аб’ектыўна абумоўленая абмежаванасць, звужанасць погляду на змест твора адбілася на выніках яго вывучэння. Як і можна было чакаць, сумеснымі намаганнямі даследчыкаў быў створаны даволі прывабны, але неадэкватны рэальнаму зместу «Сцежак-дарожак» варыянт рамана. На фабульным узроўні і на ўзроўні агульных ацэнак гэты варыянт быццам бы і падобны да арыгінала, але толькі знешне. Па сутнасці ж, ён дае збедненае ўяўленне аб аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі, аб вобразным багацці твора.

Даследчыкі не здолелі раскрыць і ўнутраны сэнс змены аўтарскай пазіцыі ў дачыненні да Лясніцкага, хоць зусім відавочна, што яна шмат у чым розная на пачатку і ў канцы рамана. Іншыя дзеючыя асобы —рабочы Андрэй, Славін, Халіма — таксама разгледжаны не на адпаведным узроўні. Асабліва гэта датычыць вобраза Матруніна, вобраза паненкі Раісы. Яны паспешліва залічаны да т. зв. адмоўных герояў, стаўленне да якіх з боку даследчыкаў увесь час прадузятае, неаб’ектыўнае. Адмоўны герой, як правіла, не ацэньваўся, а выкрываўся, што дэзарыентавала чытача адносна мэт і задач літаратуры, мастацтва. У чытача складвалася ўяўленне, быццам літаратура — гэта не форма пазнання рэчаіснасці, а сродак адкрытага асуджэння негатыўных з’яў і публіцыстычнага аўтарскага сцвярджэння станоўчых пачаткаў жыцця. А некаторыя сюжэтныя сітуацыі, многія калізіі твора ўвогуле застаюцца непрачытанымі альбо ацэнены вельмі павярхоўна, спрошчана. Так, паасобныя літаратуразнаўцы ледзь не высмейваюць тэорыю «залатой адлегласці», якую прапаведваў Нікадзім Славін, не заўважаючы глыбокага сэнсу, які нясе гэта тэорыя, не бачачы яе сувязі з галоўнай праблематыкай рамана, з асэнсаваннем падзей рэвалюцыі.

Хацелася б сказаць яшчэ і аб тым, што ў даследчых працах увогуле не раскрыта велізарнае значэнне, якое адыграў раман «Сцежкі-дарожкі» ў выпрацоўцы нацыянальнага эпічнага вопыту адлюстравання рэвалюцыі. Даследчыкі і сёння не адважваюцца на поўны голас заявіць: плённая традыцыя, якую закладваў М. Зарэцкі сваім творам, не была належным чынам прадоўжана і ўзбагачана пісьменнікамі 30—50-х і пазнейшых гадоў. Без усведамлення вось гэтага моманту нельга ацаніць ролю і значэнне рамана М. Зарэцкага ў гісторыі нацыянальнай літаратуры. Сутнасць жа традыцыі ў тым, што аўтар «Сцежак-дарожак» рашуча адмовіўся ад падфарбоўкі жыцця пры адлюстраванні рэвалюцыйных падзей часу. Пісьменнікі пазнейшых дзесяцігоддзяў, звяртаючыся да гэтай нялёгкай тэмы, пад уплывам неспрыяльных грамадска-палітычных умоў, створаных Сталіным і яго прыспешнікамі, як правіла, станавіліся на шлях спрашчэння, схематызацыі, на шлях паляпшэння гістарычнага мінулага. Канкрэтна гэта выяўлялася ў ідэалізацыі прадстаўнікоў рабочага класа, у прымітыўным паказе варожага лагера, у спрашчэнні складанага, супярэчлівага працэсу рэвалюцыйнай барацьбы. З мастацкіх твораў, прысвечаных Кастрычніку і грамадзянскай вайне, пад уздзеяннем антыгістарычных канцэпцый перыяду сталінізму паступова знікала суровая, непадфарбаваная праўда, вострыя канфлікты эпохі. На змену ім прыходзіла паўпраўда, прыхарошванне рэчаіснасці, з’яўляліся схематычныя, аднапланавыя героі, закліканыя пацвердзіць думку аб нястрымным руху народа да перамогі. А галоўнае, са зместу твора знікаў гуманістычны пафас, агульначалавечыя каштоўнасці выцясняліся класавымі.

У 30-я і пазнейшыя гады тэма рэвалюцыі для маральна няўстойлівых пісьменнікаў станавілася нярэдка прадметам палітычных спекуляцыі!. Існавала цвёрдае перакананне, што зніжаны план, наяўнасць побытавых элементаў, сцэн паўсядзённага, звычайнага жыцця — гэта быццам бы сведчанне нясталасці светапогляду аўтара, адзнака яго ідэалагічнай нявытрыманасці. Зместам гісторыка-рэвалюцыйнага рамана аказвалася дысталяваная рэчаіснасць. Зусім відавочна, што героіка-патэтычнае, узвышанае адлюстраванне, ачышчанае ад побытавых падрабязнасцей, а фактычна — падфарбаванае ў ружовыя, блакітныя, чырвона-барвовыя колеры — гэта яшчэ не ўся рэвалюцыя, не ўся праўда жыцця, дзе побач з прагай расплаты крыўдзіцелям народа, радасцю перамогі ёсць смерць, пакуты, ёсць жорсткасць, бязлітаснасць, несправядлівасць ахвяры. У такім гранічна праўдзівым выяўленчым ключы і падаецца вобраз рэвалюцыі ў «Сцежках-дарожках».

На працягу ўсяго рамана, ад першых яго старонак да апошніх, Зарэцкі дае праўдзівую, гістарычна дакладную абмалёўку падзей, паказвае цяжкасці, з якімі сутыкаліся працоўныя масы ў сваіх спробах пераадолець супраціўленне сіл старога свету.

Нават першыя спробы Лясніцкага прыняць непасрэдны ўдзел у рэвалюцыі пададзены аўтарам не ў гераічным, а хутчэй у камічным, выразна зніжаным асвятленні. Адбылася сутычка з удзельнікамі дэманстрацыі працоўных, і Лясніцкі атрымаў аплявуху ад рабочага, вобраз якога таксама малюецца зусім не ў гераічным арэоле. Рабочы ў «скураной аблезлай тужурцы, з чырвоным, урачыста распараным тварам»2 згадаў прысутным скінуць шапкі, бо музыканты пачалі граць жалобны марш. Лясніцкі не захацеў падпарадкоўвацца загаду, «шапку не здзеў выключна па свайму юнацкаму задзёру» (31). Рабочы ж не стаў цырымоніцца і «здзеў яму шапку лёгкім ударам далоні па цемю» (31). А калі падпіты абшарпанец уступіўся за Лясніцкага, тады і рабочы паказаў свой нораў: «Лясніцкі паваліўся ад першага ўдару ў вісок, і яго больш не білі. Таму праз якіх дзве ці тры хвіліны ён ужо ачуняў і з вялікім здзіўленнем азіраў чужы раскошны двор, абстаўлены высокімі камяніцамі» (31).

Урок і сапраўды аказаўся павучальным. Справа была, вядома, не ў маральным прыніжэнні ці фізічных пакутах, тым болей што семінарысты да боек звыклыя. Ды і не так ужо моцна пабілі юнака. Сэнс урока быў у іншым: Лясніцкі на ўласнай скуры адчуў, што рэвалюцыя — справа жорсткая, што яе ахвярамі могуць быць і вінаватыя, і невінаватыя. Вядома ж, у Лясніцкага ніякай асаблівай віны перад рабочымі не было, але ў гэтым ніхто разбірацца не хацеў.

Вось гэты, здавалася б, зусім прыватны, побытавы выпадак стаў тым адпраўным пунктам, вакол якога і сканцэнтраваліся далейшыя думкі-развагі героя. Толькі ўжо спраецыраваны яны, думкі, не на яго асабіста, а на ўсё грамадства — думкі аб шляхах дасягнення абвешчаных рэвалюцыяй сацыяльных, палітычных свабод. Лясніцкі, сын беззямельнай вёскі, шчыра спачувае прыгнечанаму народу, але якімі шляхамі трэба выводзіць працоўных на дарогу справядлівага жыцця, ён яшчэ не ўяўляў. Адносна ж выбару шляхоў існавалі два супрацьлеглыя погляды: мірныя сродкі або бязлітасная барацьба. Лясніцкі не бярэ на веру чужыя думкі, а імкнецца да ўсяго дайсці самастойна. І не таму, што юнацкае самалюбства не дазваляе. Прычына ў іншым — ва ўсведамленні адказнасці за свае дзеянні. Характэрны штрых: у самым пачатку твора, як толькі пачуў Лясніцкі «пра маніфесты, пра адрачэнне цара», адразу ўспомніў пра родны кут. «Захацеў злучыць гэта з вёскай, з сялянскай хатай сваёй, гаспадаркай, каб праверыць, ці добра гэта, ці дрэнна. Але нічога не выйшла, бо не ведаў ён нічога, не разумеў» (23).

І калі ў горад пачалі прыязджаць міністры Часовага ўрада і ў пафасных прамовах так горача «заклікалі паўстаць на абарону вольнай айчыны», што «закіпала адвага ў грудзях і сапраўды хацелася рынуцца ў бой» (40), думкі пра родную вёску ўсё роўна не пакідалі Лясніцкага: «А з вёскі пішуць, што няма корму і бурыцца пуня. Пытаюцца, ці будзе мір, які будзе новы парадак. А што ён адкажа?» (40). Сапраўды, прыгнечаная, абрабаваная вёска чакала адказу ад інтэлігента Лясніцкага — яна хацела ведаць, «чаму няма корму і лесу на пуню, а лес ёсць, і зямля ёсць, і лугоў, і ўсяго» (40).

Спрабуючы знайсці адказ на гэтыя балючыя пытанні, Лясніцкі не мог, аднак, пагадзіцца з рабочым Андрэем, які сэнс сваёй працы як рэвалюцыянера бачыў у распальванні класавай нянавісці сялянства да паноў. На такія сродкі вырашэння зямельнай праблемы сялянскі інтэлігент не адважваўся даць маральную згоду, бо прадбачыў згубныя вынікі анархічнага бунта. Лясніцкі баяўся, што абуджаныя злыя інстынкты прывядуць да бяссэнснага, непатрэбнага руйнавання, да неапраўданых ахвяр, у той час, як прызванне інтэлігенцыі, паводле яго меркаванняў,— несці ў народ асвету, навуку, умацоўваць стваральныя пачаткі жыцця. Гэтаму ж Лясніцкага вучыў і стары рэвалюцыянер-народнік Матрунін, які шмат гадоў правёў у турмах і высылцы. Вось з якімі змястоўнымі, глыбокімі заклікамі звяртаўся былы вязень царскіх астрогаў да маладога пакалення: «Народ вякамі стагнаў пад прыгнётам. Народ прагна чакаў вызвалення... Цяпер ён яго атрымаў. Цяпер ён другога чакае, другога ад нас патрабуе... Ён цёмны, ён хоча свету, хоча навукі. Ідзіце ўсе, вучыце народ, аддавайце яму свае веды, свае сілы... Помніце, што людзі паміралі за тое, каб вы — цяперашнія гаспадары жыцця — убачылі волю, убачылі такую высокую радасць. Працуйце ж, каб працягнуць з гонарам справу бацькоў...» (47). І зусім невыпадкова Лясніцкі дае сабе абяцанне «назаўсёды запомніць гэтыя словы Матруніна».

Стала ўжо агульным месцам пры разглядзе рамана гаварыць пра той вялікі ўплыў, які аказаў на Лясніцкага рабочы Андрэй.

Што ж датычыць Матруніна, дык гэты вобраз даследчыкі характарызуюць як вобраз адмоўнага плана, і тут ужо, зразумела, не да размоў пра дабратворнае ўздзеянне, хоць яно таксама мела месца. Адсюль зразумела, чаму ў гісторыка-літаратурных працах станоўчыя аўтарскія характарыстыкі Матруніна як правіла не прыводзяцца, хоць іх у рамане багата.

Загнаны на край свету Матрунін «выгадаваў у сабе незвычайна прыгожы ідэал свабоды і шчасця, які мог вырасці толькі на глебе глыбокага асабістага гора, злітага з горам мільёнаў, з адвечнай народнай пакутай» (44—45). Цалкам аддадзены рэвалюцыйнай справе, Матрунін так і застаўся адзінокім. У яго не было часу паклапаціцца пра тое, каб абзавесціся сям’ёй, уладкаваць свой побыт. Нават радні ніякай не было ў старога рэвалюцыянера. Зусім лагічна, што такі цэласны, мэтанакіраваны чалавек не толькі імпанаваў маладому Лясніцкаму, але і павінен быў паўплываць на яго светапогляд, на выбар маральнай пазіцыі. Так яно і здарылася. Калі Лясніцкі разам са сваім блізкім сябрам Славіным вырашыў паехаць у вёску, «стары развітаўся з імі, як бацька: прасіў іх берагчы сябе, свае сілы, здароўе, каб больш пражыць, каб як найболей зрабіць для народа: напамінаў аб ранейшых гутарках, аб іх абяцаннях працягваць справу старых рэвалюцыянераў; перасцерагаў ад магчымых спакус, ад магчымых нядобрых уплываў і г. д.» (55).

Па сутнасці, тут выкладзены маральны кодэкс рэвалюцыянера, змагара за народную справу. Галоўнае ў гэтым кодэксе — беззапаветнае служэнне высокім агульнанародным ідэалам, гуманістычныя адносіны да канкрэтнай чалавечай асобы. Палемічны сэнс звароту Матруніна відавочны. Ва ўмовах рэвалюцыйнага разбурэння старых устояў, ва ўмовах бязлітаснай барацьбы, ахвярамі якой часта аказваліся і невінаватыя, мала хто мог адважыцца на тое, каб загаварыць пра фізічнае і духоўнае здароўе, тым болей — пра даўгалецце чалавека, пра маральную бескампраміснасць і здольнасць засцерагацца ад магчымых спакус. Калі б, скажам, рабочы Андрэй ці анархіст Халіма раптам сталі праяўляць клопат пра здароўе блізкіх, гэта ўспрымалася б як нечаканасць, як праява дробнабуржуазнага ўплыву.

Літаратуразнаўцы, звяртаючыся да рамана «Сцежкі-дарожкі», часта без падстаў абмінаюць тое вострае, праблемнае, што ёсць у творы. Вось і пры разглядзе вобраза Матруніна лічаць за лепшае ў агульным плане асудзіць гэтага героя як ворага сацыялістычнай рэвалюцыі, прыхільніка жорсткай палітыкі Карнілава.

Няма, вядома, ніякай патрэбы ідэалізаваць вобраз Матруніна, бо М. Зарэцкі імкнуўся паказаць складанасць становішча ў гады рэвалюцыі, рашучае размежаванне палітычных сіл, супярэчлівыя шляхі ў рэвалюцыю прадстаўнікоў розных класаў, партый, груп, іх неаднолькавыя погляды на сродкі ўсталявання новага ладу. Вось і ў старога рэвалюцыянера-народніка адносіны да дыктатуры пралетарыяту негатыўныя. Але сказанае не азначае, што на гэтай падставе можна абвінавачваць Матруніна ва ўсіх смяротных грахах, прыпісваць яму тое, чаго ён не рабіў, абвінавачваць у неіснуючых злачынствах.

Лясніцкі паслядоўна прытрымліваўся тых маральных прынцыпаў, якія былі сфармуляваны Матруніным напярэдадні яго, Лясніцкага, ад’езду ў вёску. Пра гэта сведчыць пазіцыя Лясніцкага, занятая ім падчас канфлікту сялян з уладальнікам маёнтка панам Янавым за луг, які некалі належаў вяскоўцам і які зараз сялянская грамада пастанавіла сілай адабраць у пана. Лясніцкі «рашыў шчыра перасцерагчы сялян ад залішняга захаплення, накіраваць іх на шлях цвярозых і грунтоўных разважанняў» (92). Аднак спробы яго аказаліся марнымі. Сяляне асудзілі план мірнага развязвання справы, адвярнуліся ад Лясніцкага як ад ненадзейнага абаронцы іх інтарэсаў. Яны аддалі свае сімпатыі, сваю шчырую прыхільнасць рабочаму Андрэю, які заклікаў грамаду адабраць луг у пана, а не чакаць справядлівага суда.

Уласна кажучы, Лясніцкі ўступіў тут у глыбокі канфлікт не толькі з аднавяскоўцамі, але і з Андрэем. Сюжэтная напружанасць першых частак рамана (а фактычна — усяго твора) якраз і трымаецца на сутыкненні гэтых двух герояў, носьбітаў розных маральных, светапоглядных канцэпцый адносна ролі і месца інтэлігенцыі ў рэвалюцыйнай барацьбе, разумення сутнасці рэвалюцыі, суадносін агульначалавечага і класавага.

У большасці даследчых прац гэта сутыкненне Лясніцкага і Андрэя разглядаецца ўсё ж такі неглыбока. Недастаткова падкрэслена якраз светапогляднае разыходжанне герояў. І зусім выпадаюць з поля зроку далёкія вынікі спрэчкі. Бо каб устанавіць ісціну, каб разабрацца, на чыім баку праўда, трэба абавязкова прымаць пад увагу час напісання твора, здольнасць пісьменніка прадбачыць будучыню. Калі мы так паставім пытанне, дык вымушаны будзем прыйсці да высновы, што гістарычная праўда аказалася на баку Лясніцкага, у той час, як многія даследчыкі сцвярджалі адваротнае. Яны лічылі, што праўда была на баку Андрэя. У закліках Андрэя, вядома, адбілася праўда свайго часу — М. Зарэцкі праўдзіва паказаў нянавісць прыгнечаных да крыўдзіцеляў. Але ж працоўная інтэлігенцыя ў асобе найболей свядомых прадстаўнікоў, такіх, як Лясніцкі, бачыла сваё гістарычнае прызначэнне зусім не ў распальванні інстынктаў руйнавання і анархічнай помсты прыгнятальнікам, а ў тым, каб несці ў рэвалюцыйную барацьбу ўсвядомлены, стваральны пачатак. Яна імкнулася захаваць у душах і сэрцах людзей гуманістычнае пачуццё, агульначалавечыя каштоўнасці, бо адчувала, што без выразных чалавечых пачаткаў — без дабрыні, спагадлівасці, пачуццяў літасці і высакародства да пераможаных — нельга пабудаваць справядлівае грамадства. Вось гэта сцвярджэнне гуманістычнай канцэпцыі абароны чалавека і складае найвялікшую каштоўнасць твора.

Звернемся да зместу рамана і паглядзім, як кожны з удзельнікаў спрэчкі аргументуе ўласную пазіцыю. Лясніцкага заўсёды бянтэжыла «нейкая дзіўная злараднасць», з якой Андрэй гаварыў пра падпалы і забойствы, учыненыя сялянамі навакольных вёсак: «забілі двух стражнікаў», «спалілі панскія свірны», «спалілі дашчэнту маёнтак і разабралі ўсё панскае збожжа» (114). І гэтыя паведамленні суправаджаліся «металічным рогатам», ад якога Лясніцкаму станавілася «не па сабе». І ў паводзінах сялянскай грамады Лясніцкі таксама бачыў небяспечныя сімптомы: «Сяляне крычалі, спрачаліся, пагражалі, успаміналі даўнейшыя крыўды, лаялі некага. Вочы ўва ўсіх загараліся адным прагавіта-злосным агнём. Была ў гэты момант паміж сялян нейкая жалезная, жорсткая згода, была ўва ўсіх адна воля, адно імкненне» (117). Прагавіта-злосны агонь і жорсткая згода пакрыўджаных пужалі Лясніцкага, і ён лічыў сваім «грамадзянскім абавязкам» стрымліваць развіццё гэтых небяспечных памкненняў. Стрымліваць, бо «чуў у хваляваннях натоўпу цяжкую пагрозу, бачыў у распаленых ліхаманкава-бліскучых вачах чорную здань гвалтавання, пажараў, жудаснай дзікай анархіі» (117).

Як бачым, нерашучасць, ваганні героя ўзгадаваны зусім не яго цемнатой, не палітычнай адсталасцю, як тое спрабавалі даказаць даследчыкі, а зусім іншымі прычынамі — клопатам пра заўтрашні дзень рэвалюцыі, пра яе далёкія вынікі. Калі Лясніцкага адштурхоўвала «чорная здань гвалтавання», дык набліжэння гэтай здані чакаў і прагнуў Андрэй. У гэтым і была сутнасць ідэйнага, светапогляднага сутыкнення герояў {свотапогляднага сутыкпення горояў рамана.

За вобразам Андрэя трывала замацавалася атэстацыя «рабочы». Але гэта толькі характарыстыка яго сацыяльнага становішча, а не вызначэнне светапогляднай пазіцыі. Даследчыкі чамусьці не звярнулі ўвагу на тое, што ў шэрагу момантаў праграма Андрэя на здзіўленне блізкая да праграмы анархістаў. Не без жартаўлівасці Андрэй гаворыць Васілю: «Ці ведаеш ты, што анархія — гэта і ёсць рэвалюцыя, што толькі з анархіі, толькі з непарадку, з разбурэння ўсіх законаў і норм можа вырасці новы парадак» (114). Але ўжо без жартаў, на поўным сур'ёзе Андрэй лічыць, «чым горш, тым лепш» і што гэта нібыта «закон гістарычнага развіцця».

Такімі вось акрэсленымі, рашучымі, недвухсэнсоўнымі выказваннямі Андрэй ставіў даследчыкаў рамана ў нялёгкае становішча. А вынікае яно з дагматызму нашага мыслення. Пад уплывам літаратуры, выяўленчага мастацтва, асабліва кінафільмаў культаўскай, а затым і брэжнеўскай застойнай эпохі, склалася трывалае ўяўленне аб нейкім эталонным вобразе рабочага. Звычайна гэта просты чалавек, рашучы і паслядоўны ў сваіх дзеяннях, ваганні і сумненні яму неўласцівыя, ён заўжды гаворыць правільныя словы і робіць правільныя ўчынкі, у спрэчцы з рознымі «гнілымі інтэлігентамі», абстрактнымі гуманістамі, адарванымі ад жыцця кніжнікамі нязменна выходзіць пераможцам. Размовы аб існаванні нейкіх там агульначалавечых каштоўнасцей ён рашуча спыняе як пропаведзь буржуазнай ідэалогіі. І яшчэ трэба сказаць, што ў адпаведнасці з літаратурным канонам гэты ледзь не іканапісны вобраз павінен быў увасабляць не меней чым увесь рабочы клас. Апошні ж, згодна ідэалагічным устаноўкам, лічыўся чымсьці маналітным, цэласным, недыферэнцыраваным. Ён з'яўляўся сімвалам маральна-палітычнага адзінства народа, дзяржавы і г. д. Так жангліраванне палітычнымі тэрмінамі замяняла сабой і логіку, і навуку, і павагу да ісціны.

Гісторыкі літаратуры чамусьці забываліся, што майстры слова ў першыя паслякастрычніцкія гады былі яшчэ свабодныя ад пазней навязаных ім стэрэатыпаў і схем. Таму і рабочы ў рамане «Сцежкі-дарожкі» далёкі ад ружовых, сусальных, аднапланавых вобразаў, што пераходзілі з твора ў твор у літаратуры пазнейшых гадоў. Адпаведна гэтаму і структура канфлікту ў літаратуры 20-х гадоў істотна адрознівалася ад таго, што мы потым мелі ў творах 30—50-х гадоў. Пісьменнікі не ілюстравалі «ў вобразах» агульнавядомыя палажэнні, а намагаліся даследаваць пэўную сацыяльную з’яву ў дынаміцы, у руху, у супярэчнасцях. Імкненне бачыць заўтрашнія вынікі развіцця той ці іншай грамадскай з’явы было вельмі прывабнай якасцю многіх тагачасных твораў. І што асабліва каштоўна, маральныя аспекты праблемы не выцясняліся, не адсоўваліся на другі план палітычнымі, як мы гэта і бачым у рамане «Сцежкі-дарожкі».

Так, Васіль Лясніцкі не горш за Андрэя разумее эканамічнае становішча вёскі. На першым жа сходзе ў Зяленічах ён дакладна вызначыў яе класавае размежаванне, убачыў наяўнасць розных маёмасных груп — заможных гаспадароў, бяднейшай часткі, якая цягнулася да былога салдата, і пэўны лік індэферэнтных вясковых жыхароў. «На сходзе адзін гаварыў пра зямлю, другі пра каня, трэці пра хату, чацвёрты пра пуню і г. д. У кожнага было сваё маленькае, свая дробная нястача, дробнае гора. Але неяк само сабой, арганічна злучалася ўсё гэта дробнае ўместа, і тады было ўжо нешта буйное, важнае, было агульнае вялікае гора і вялікая нястача.

Гэта быў голас народа.

Лясніцкі чуў гэты голас і адчуваў сябе чамусьці маленькім-маленькім. Як дзіцячыя цацкі-піскунчыкі, спрабавалі ўзнімацца аднекуль з глыбі тыя ружовыя мары, тыя смелыя ўзлёты юнацкай фантазіі, з якімі прыехаў на вёску. А іх прыціскаў настойна, бязлітасна гэты голас народа, гэты агульны ўзрушаны гоман» (71). Сацыяльны позірк учарашняга семінарыста даволі праніклівы, а сэрца яго чулае. Яно адгукалася на гора і пакуты народныя.

І тым не менш, калі «чорная здань гвалтавання» стала жывой рэальнасцю, калі падтрыманыя Андрэем сяляне збіраліся сілай захапіць у пана луку, Васіль Лясніцкі не пакідае спроб прадухіліць «жудасную дзікую анархію». Звярніце ўвагу на тыя аргументы, якімі ён карыстаецца ў надзеі пераканаць сялян. Галоўнае ў яго разважаннях — клопат пра заўтрашні дзень, пра маральныя вынікі сілавой акцыі: «Сягоння мы забяром ў пана луку, а заўтра мы ўбачым, што ў Нялляна ёсць добры кавалак пахаты,— забяром гэты кавалак, а тады ўбачым, што ў Аляксандры карова лішняя,— тож забяром, а тады пойдзем па засеках мацаць?.. Га? Вы пра гэта падумалі?» Толькі боязь папрокаў у мадэрнізацыі зместу рамана «Сцежкі-дарожкі» прымушае ўстрымацца ад вываду, што герой М. Зарэцкага вёў тут гаворку аб прававым аспекце рэвалюцыйных дзеянняў, выступаў супраць прымітыўнай ураўняльнасці. Ён прадбачыў, што абуджаная стыхійная нянавісць не пакіне месца гуманістычнаму, стваральнаму пачатку. Лясніцкага прыгняталі «прадчуванні чагось нядобрага, страшнага, што насуваецца аднекуль грознай навалай, што яшчэ больш зацямрыць і без таго поўнае мроку жыццё селяніна» (44—45).

Не выклікае, аднак, сумнення той факт, што, працуючы над буйным эпічным творам, М. Зарэцкі ўлічваў вопыт, які набывала савецкае грамадства ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва. Удумлівы пісьменнік, які ведаў рэчаіснасць не па кніжках, бачыў, што многія негатыўныя з’явы грамадскага, нацыянальна-культурнага жыцця 20-х гадоў былі народжаны парушэннем гуманістычных прынцыпаў на пачатковых этапах развіцця рэвалюцыі. Гэтыя парушэнні тлумачыліся не толькі складанымі абставінамі, цяжкім становішчам, у якім напярэдадні 1917 года знаходзіўся рабочы клас, бальшавіцкая партыя, але і нясталасцю поглядаў тых, хто быў актыўным удзельнікам рэвалюцыі, хто меў магчымасць кіраваць рэвалюцыйным рухам. Носьбітамі і своеасаблівымі тэарэтыкамі гэтых парушэнняў у рамане М. Зарэцкага якраз і выступаюць рабочы Андрэй, анархіст Халіма, дэзерцір Рыгор.

Выклікае асаблівую цікавасць шматзначная размова Лясніцкага і Андрэя. «Цяпер, з рэвалюцыяй, пачнецца новая праца, шырока пойдзе асвета, селянін пачне культурна расці... Па-мойму, будучыня ўсё-ткі за вёскай, а не за горадам... як ты глядзіш на гэта»,— звяртаецца Лясніцкі да Андрэя. Хоць дзеянне першых частак рамана адбываецца адразу пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, але пісаўся раман у сярэдзіне 20-х гадоў. Менавіта далейшы лёс рэвалюцыі, лёс працоўнага сялянства турбаваў М. Зарэцкага. І гэта турбота, гэты боль за селяніна-працаўніка выразна прагучалі ў падтэксце зададзенага Лясніцкім пытання. Адказ жа Андрэя быў злавесным папярэджаннем, дрэнна схаванай пагрозай: «Вось табе пакажуць яшчэ і будучыню, і культуру, і што толькі хочаш... Пачакай!»

Як у ваду глядзелі героі М. Зарэцкага разам з пісьменнікам, які даў ім доўгае раманнае жыццё! Наіўным уяўленням вясковага інтэлігента, які паверыў рэвалюцыянеру-народніку адносна жаданай ці магчымай у будучым перавагі вёскі над горадам, быў нанесены ашаламляльны ўдар у гады «вялікага пералому», калі авантурнай палітыкай Сталіна быў і сапраўды пераламаны станавы хрыбет працоўнаму сялянству, асуджанаму курчыцца ў шматгадовай агоніі эканамічнага закабалення і юрыдычнай бяспраўнасці. У прадчуванні гэтай небяспекі, гэтай вялікай трагедыі народа і пісаўся раман «Сцежкі-дарожкі». Вось адкуль тая пільная ўвага пісьменніка да пэўных рыс характару герояў, многім з якіх потым пашчасціла стаць кіруючымі работнікамі рознага ўзроўню і рангу. І сапраўды, у фінале твора мы даведваемся, што Лясніцкі стаў камісарам батальёна і ўдзельнічае ў барацьбе з бандытызмам, Андрэй працуе на адной з адказных пасад у горадзе, Ніна — у жанаддзеле. Макрына выйшла замуж за Андрэя і пачала вучыцца. «Усе чатыры дзеянні ўжо ведаю» (330),— з гонарам паведамляе яна Лясніцкаму.

Што ж неслі ў будучыню гэтыя людзі, прадстаўнікі новай сацыяльнай фармацыі, як засвоілі яны ідэалы рэвалюцыі, які іх гуманістычны патэнцыял — вось што цікавіла Зарэцкага-мастака. Але ж менавіта гэтыя пытанні турбавалі і Васіля Лясніцкага ў яго спрэчках і сутыкненнях з Андрэем. Лясніцкі ўбачыў, што сялянская грамада варожа паставілася да ягоных заклікаў мірнага вырашэння канфлікту з панам і пайшла за Андрэем, бо апошні здолеў удала сыграць на спрадвечнай крыўдзе сялян, распаліць у іх інстынкт класавай нянавісці і помсты. «Ён вялікі дэмагог, гэты Андрэй. Ён умее весці за сабой людзей, умее граць на самых тонкіх струнах іх псіхікі. Ён нейкі д’ябал, чорны геній руйнавання» (122). Гэта вельмі важна, што «геніем руйнавання» Лясніцкі назваў Андрэя яшчэ да падпалу маёнтка, бо інтуітыўна спасціг яго сутнасць: «Страшны ён чалавек, гэты Андрэй. І няўжо гэта ўсе такія бальшавікі. Чаго яны хочуць і чаго дамагаюцца?» (122).

Знішчэнне панскага маёнтка, які сяляне падпалілі, а затым і расцягнулі збожжа са свірнаў, стала практычным увасабленнем праграмы Андрэя, кульмінацыяй яго рэвалюцыйнай дзейнасці на вёсцы. І гэтая акцыя стыхійнай помсты яшчэ раз пераканала Лясніцкага, што анархічны бунт, узор якога ён убачыў на ўласныя вочы, не мае пазітыўных вынікаў. Калі пан пачаў прасіць у прысутных уратаваць дваровыя будынкі і жылыя пакоі, ніхто не адгукнуўся на яго просьбу. Разам са страхам перад гэтым стыхійным сялянскім пратэстам, перад «каменна-злітай сцяной людской нянавісці» ў душы Лясніцкага ўзнікла і «пачуццё жывога чалавечага пратэсту супраць дзікай стыхіі, супраць звярынай жорсткасці» (156). Гэта былі цяжкія хвіліны для Лясніцкага. Яго натуральнае памкненне кінуцца ратаваць панскія будынкі ад знішчэння стрымліваліся пагрозлівым выглядам вяскоўцаў. Дваістыя пачуцці яшчэ болей ускладніліся, калі Лясніцкі ўбачыў Раісу, убачыў у яе вачах «маўклівую мальбу, перамяшаную з палкім нечалавечым болем» (156). І невядома было, аб чым больш балела сэрца паненкі: аб страчаным жытле ці аб тым, што «так непрыгожа, так ганебна прыніжаецца яе бацька» (157).

Аддамо належнае Васілю. Ён разумеў практычную бяссэнснасць сваёй дапамогі і тое, што ягоны ўчынак пакладзе непераходную мяжу паміж ім і вяскоўцамі, зробіць яго ворагам, панскім паслугачом у вачах вёскі, тым не менш не захацеў бясстрасна назіраць за ўсім, што адбывалася ў часе пажару: «Лясніцкі азірнуўся наўкола. Усё — свае знаёмыя твары. І ўсё — чужыя, бо такіх ён ніколі не бачыў на вёсцы. Глядзяць, усміхаюцца. Не ўсміхаюцца, а неяк дзіка-зларадна шчэрацца, быццам гавораць без слоў:

— Ану, паспрабуй, галубок! Паспрабуй пайсці супраць нас, супраць нашай волі» (157). І Лясніцкі пайшоў, бо пераконаны быў у справядлівасці сваіх дзеянняў. Але пайшоў ён не супраць сялян, якіх ведаў, а якіх убачыў у час пажару — супраць «чужых, якіх ніколі не бачыў на вёсцы», гэта значыць, ахопленых пачуццём нястрымнага разбурэння, нянавісці. Пайшоў Лясніцкі і супраць ініцыятара падпалу Андрэя: «Ты... гэта звярынства... гэта... дзікае крыважэрнасць... ты — разбойнік» (159). Наіўны пратэст інтэлігента-гуманіста не крануў сэрца і душы Андрэя, толькі яго «ўсмешка стала пустой, халоднай». А калі крыху ўлягліся страсці, Андрэй разгарнуў перад Лясніцкім яшчэ болей злавесную і жудасную панараму далейшага разгортвання рэвалюцыі: «Дык вось Васіль, усё гэта — іскрачкі. А сапраўдны агонь яшчэ будзе, ён выбухне разам, і гэтыя іскрачкі растануць у ім, увалыоцца ў яго. Ён ідзе, гэты агонь, набліжаецца. Гэты агонь будзе страшны — у ім будуць і стогны, і кроў, у ім будзе чорная смерць, у ім будзе вялікае руйнаванне... » (163).

Разгледжаныя тут сцэны даюць магчымасць убачыць сапраўднае наватарства Зарэцкага ў мастацкім адлюстраванні рэвалюцыі, зразумець непераходзячае значэнне яго рамана. Рэвалюцыя, шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю — гэта зусім не парадная, святочна-ўрачыстая хада паўстаўшых працоўных, пра што так бадзёра, весела апавядалася ў многіх творах на гісторыка-рэвалюцыйную тэматыку, гэта — бязлітасная, жорсткая, крывавая барацьба, дзе было шмат пакут, страху, адчаю, разгубленасці, сумнення. Вось у якім цяжкім душэўным стане аказаўся Лясніцкі пасля ўсіх перыпетый, звязаных з падпалам маёнтка і рабаваннем панскіх засекаў сялянамі суседніх вёсак. У лісце да Нікадзіма Славіна ён пісаў: «Любы мой, дарагі друг! Пашкадуй мяне, бо мне страшэнна цяжка. Жыццё ўстала глухой, непрагляднай сцяной, агарнула ўсяго цемра і жудасць. Не ведаю, куды падацца, дзе знайсці сабе месца. Чую, нешта ідзе, набліжаецца — нешта страшнае, і дрыжу, баюся, гатоў, як той страус, зарыцца ў адчаі галавой куды-небудзь, каб нічога не чуць, не бачыць. Адзінота... Добры мой Нікадзім! Ці зазнаў ты калі цяжар беспрасветнай адзіноты?.. Гэта такая нясцерпная мука, калі адзін, абсалютна адзін, калі няма каму слова сказаць...» (167). Прызнанні Лясніцкага глыбокія і праўдзівыя. Яны выклікаюць шчырыя спачуванні, тут няма ні каліва фальшу і меладраматычнай перабольшанасці. Сапраўды, што рабіць сумленнаму інтэлігенту, калі вёска адвярнулася ад яго як нібыта ад здрадніка, сам ён метады бунту і распальвання класавай нянавісці не прызнае за маральна апраўданыя і мэтазгодныя, з Макрынай, сваёй каханай, развітваецца, а паненка Раіса па-ранейшаму застаецца далёкай і непадступнай? {непадстуіінай?

Дарэчы сказаць, перыяд знаходжання Лясніцкага ў вёсцы, асабліва яго паводзіны пасля няўдалых спроб сялянскай грамады сілаю захапіць панскі луг, у даследчых працах ацэньваецца вельмі спрошчана. А. Майсеенка, напрыклад, сцвярджае, што «служыць народу Лясніцкі яшчэ не можа, бо не разумее сапраўдных сялянскіх імкненняў, не ведае жыцця вёскі. Лясніцкі жыве ў палоне сваіх мар, яго больш за ўсё вабяць народныя легенды і паданні, захапляе этнаграфічны бок народнага жыцця. У час, калі асноўным у народным жыцці была барацьба за кавалак хлеба, за сацыяльнае вызваленне, такія інтарэсы Лясніцкага не маглі не прывесці яго да сутыкнення з сялянамі. Лясніцкі пакутуе ад гэтага, у яго душы наспявае канфлікт. Стомлены і заблытаны супярэчнасцямі эпохі, Лясніцкі знаходзіць уцеху ва ўспамінах аб каханні да Макрыны, а пасля ў каханні да панскай дачкі Раісы. Але якімі б прыгожымі фарбамі ні было аздоблена мінулае, сучаснасць уладарна ўрываецца ў жыццё Лясніцкага, прымушаючы яго рэагаваць на навакольнае, тым больш што і сам герой не хоча заставацца ў баку ад імклівых падзей»3. {падзей»

Мы прывялі вялікую вытрымку з даследчай працы, бо тут выкладзена сутнасць поглядаў аўтара працы на галоўнага героя «Сцежак-дарожак». Трэба шчыра сказаць, што погляды гэтыя супярэчлівыя, пазіцыя даследчыка непаслядоўная. Так, рэальныя факты біяграфіі Лясніцкага набылі вельмі адвольнае тлумачэнне. Гэта тым болей прыкра, што А. Майсеенка з прыхільнасцю ставіцца да героя і слушна гаворыць аб яго жаданні быць актыўным удзельнікам жыцця. Аднак суб’ектыўныя намеры даследчыка ў працэсе аналізу твора не набылі адэкватнай формы выяўлення. А. Майсеенка несправядлівы ў меркаваннях наконт адносін Лясніцкага да народа. Гэта няпраўда, што сялянскі сын быццам бы «не разумее сапраўдных {сапраўдпых сялянскіх імкненняў», тым болей — нібыта «не ведае жыцця вёскі». Калі б яно на самай справе было менавіта так, то даследчык абавязаны быў бы растлумачыць гэту неверагодную з’яву. Можа, Лясніцкі не выхоўваўся ў вёсцы, можа, на яго аказалі шкодны ўплыў у час навучання ў семінарыі? Не, здаецца, гэтыя фактары не паўплывалі на героя, а пра наяўнасць другіх фактараў нічога невядома. Выходзіць, што сур’ёзны папрок у адрас Лясніцкага цалкам беспадстаўны.

Фарміраванне светапогляду Лясніцкага — гэта адна з тых праблем, якая вырашаецца покуль што не ў самым перспектыўным кірунку. Прынамсі, так было да апошняга часу. Аўтары даследчых прац вось ужо на працягу многіх гадоў, паўтараючы адзін другога, дружна гавораць аб тым, што вызначальная роля тут належала рабочаму Андрэю4. Пра гэта піша і А. Майсеенка: «Андрэй — чалавек свядомага рэвалюцыйнага дзеяння. Вобраз гэты надзелены праўдзівымі жыццёвымі рысамі. М. Зарэцкаму ўдалося выявіць аптымізм чалавека, высакароднасць і цэльнасць яго рэвалюцыйнага шляху. Андрэй упэўнены ў правільнасці сваёй справы, бачыць ясную і радасную перспектыву ў будучыні... ..»5 Праўда, калі аўтар кнігі перайшоў да разгляду праблемы «гуманізму ў рэвалюцыйным дзеянні мас», ён зусім слушна заўважыў, што «ў гэтым важным пытанні пісьменнік на баку Лясніцкага, а не Андрэя, які пры ўсёй яго несумненнай адданасці рэвалюцыі не разумее яе сапраўднага сацыялістычнага гуманізму, чалавечай сутнасці яе задач»6. На жаль, А. Майсеенка не патурбаваўся прывесці тэкставых доказаў у пацвярджэнне думкі аб падтрымцы Лясніцкага пісьменнікам, і таму справядлівая заўвага прагучала дэкларацыйна. Але гаворка зараз ідзе аб тым, што сваім слушным меркаваннем даследчык паставіў сябе ў цяжкае становішча, бо незразумелым аказваецца, як мог «прафесійны рэвалюцыянер, камуніст-падпольшчык» Андрэй адыграць «выключную ролю ў фарміраванні светапогляду Лясніцкага»7 калі сам не разумеў гуманістычнай сутнасці рэвалюцыі, чалавечага зместу яе задач? Што ж гэта быў за настаўнік і што за светапогляд, у якім няма месца гуманізму? І пра якое высакародства можа ісці гаворка, калі герой «не прызнае ў рэвалюцыі агульначалавечых, высакародных пачаткаў»?! Гэта ўжо не логіка, а гульня ў словы: высакародны герой без высакародных пачаткаў — хіба што так?

Боязь паглядзець праўдзе ў вочы, нерашучасць у пераадоленні стэрэатыпаў мыслення якраз і перашкаджаюць даследчыкам аб’ектыўна ацаніць вобраз Андрэя, а значыць, і ўсяго твора. Аўтарская падтрымка пазіцыі Лясніцкага выяўляецца ў рамане менавіта праз крытычнае стаўленне да ўчынкаў і лозунгаў Андрэя. Калі ж мы гэтыя ўчынкі і выказванні ўхваляем — «Андрэй упэўнены ў правільнасці сваёй справы», «бачыць... радасную перспектыву ў будучыні»,— дык нам не ўдасца даказаць, што ў пытанні «гуманізму ў рэвалюцыйнай дзейнасці мас» М. Зарэцкі «на баку Лясніцкага, а не Андрэя». Літаратуразнаўства — навука дакладная. Яна патрабуе лічыцца з логікай мастацкай думкі.

Вывады даследчыкаў павінны грунтавацца на аналізе зместу твора, а не на суб’ектыўных жаданнях прымірыць непрымірымае, як гэта мы бачылі ў дадзеным выпадку з вобразам Андрэя. Калі Андрэй не разумее гуманістычнай сутнасці рэвалюцыі, дык грош цана яго рэвалюцыйнасці! І яго пазнейшыя па часе разважанні лішні раз пацвярджаюць справядлівасць сказанага. «Барацьба агаляе, страшэнна агаляе жыццё, узварочвае яго, як капу заляжалага сена. Тады і духу-паху не астаецца ад усякіх «высокіх» катэгорый ды норм, ад усякіх агульначалавечых ідэалаў, законаў і іншага глупства. Гэта — усё — гладка прымасленая зачоска, пад якой хаваецца гнойная брудзь спрадвечнай няпраўды» (277—278),— вось як разгортвае Андрэй у размове з Лясніцкім філасофскую аснову свайго светапогляду.

У сваіх выказваннях Андрэй, вядома ж, шчыры, адкрыты. Але шчырасць толькі падсвечвае яго абмежаванасць, аднабаковасць поглядаў і адначасова дапамагае лепш зразумець вытокі многіх супярэчнасцей, закладзеных у кастрычніцкія дні людзьмі, якія былі пераконаны ў тым, што падчас рэвалюцыі не трэба ні высокіх катэгорый, ні агульначалавечых ідэалаў. І анархіі, маўляў, не трэба баяцца! Яна не страшная. Куды страшней тыя, хто вядзе філасофскія спрэчкі. «Вось яшчэ з гэтай філасофіяй,— працягвае свае разважанні Андрэй.— Шукаюць іншыя нейкага найвышэйшага сэнсу, нейкіх глыбокіх тлумачэнняў, ісцін — тужацца, пнуцца або ходзяць ды зоркі лічаць, ды блытаюцца пад нагамі. Не пара на гэта цяпер, во што...» (279). Маўляў, прыйдзе час, з усім разбярэмся, установім, што другаснае, а што першаснае. «Знойдзем усё — і першапачаткі, і ісціны, і ўсякае ліха,— дай нам акрыяць, дай жыццё адваяваць... А цяпер — або станоўся ў шэраг, бяры аружжа, або — прэч з дарогі, не замінай» (279).

Што ж, узятая на ўзбраенне Андрэем філасофія рэвалюцыі выкладзена тут з гранічнай выразнасцю. Але нічога новага, арыгінальнага ў поглядах Андрэя няма: ва ўсе гістарычныя эпохі былі дзеячы, пераконаныя ў тым, што ў час вострай барацьбы можна абысціся без высокіх прынцыпаў і агульначалавечых ідэалаў. Яны, маўляў, спатрэбяцца потым. На жаль, шматвяковы вопыт гісторыі засведчыў адваротнае: дастаткова было ў часы рэвалюцыйных бітваў застацца без высокіх прынцыпаў і ідэалаў, як аказвалася, што можна існаваць без іх і пасля завяршэння рэвалюцыі.

Звернем увагу і на другі бок выкладзенай Андрэем праграмы: тых, хто хістаўся, рэвалюцыя, маўляў, не прымае, у лік сваіх прыхільнікаў. А калі няўстойлівых было шмат? Што з імі неабходна было рабіць? «Прэч з дарогі, не замінай» — вось адзін в пунктаў праграмы, на якім Андрэй і Лясніцкі прынцыпова разыходзіліся. Такой жорсткасці, бесчалавечнасці Лясніцкі, зразумела, прыняць не мог.

Пісьменніцкая ацэнка філасофскіх разважанняў Андрэя даецца ўскосна — праз аналогію з Халімам: «Лясніцкі ўспомніў Халіму. Усплылі ў думках Халімавы разважанні — буяныя, несуладныя, як і ўся натура яго. Але ў іх мігнула нешта дужа падобнае да Андрэевых слоў — нават у тоне, якім гаварыў той і другі, было нешта супольнае» (279). А супольнага было — аж замнога! «Не люблю, брат, думак,— шчыра прызнаваўся Халіма,— паскудная рэч. Іншы тужыцца, тужыцца, уваб’ецца ў нетры, заблытаецца, як кацянё сляпое, а думае, што нешта знайшоў, нешта адкрыў... У-у-у, мяшчанства! Менш думаць трэба, Васіль, ведаеш? Зусім не думай, а —бі, куды пападзе, дык больш сэнсу будзе...» (191).

На жаль, блізкасць пазіцыі Андрэя і Халімы як важны момант агульнай канцэпцыі рамана застаецца покуль што зусім неасэнсаванай, хоць пра вобраз Халімы даследчыкі пішуць шмат. Але бяда ў тым, што бярэцца ён ізалявана ад іншых. Супадзенне пазіцый героя-анархіста і героя-рабочага не ўкладваецца, як бачым, у спрошчаную схему, якую стварылі даследчыкі рамана «Сцежкі-дарожкі». І не толькі не ўкладваецца, але прынцыпова пярэчыць ёй!

Тое ж трэба сказаць і адносна вобраза Раісы Янавай. Тут сацыялагізатарская скіраванасць літаратуразнаўчай метадалогіі папярэдніх гадоў выяўлена з асаблівай нагляднасцю. Вобраз паненкі Раісы як прадстаўніцы пануючага класа звычайна разглядаецца ў негатыўным плане. Выкрывальны пафас тым болей узмацняўся, калі з эпілога твора станавілася вядома пра венерычную хваробу Раісы і пра яе амаральную інтымную сувязь са сваім родным дзядзькам Карлам Шэмпелем. Прадузяты, тэндэнцыйны падыход да гэтага складанага вобраза адмоўна адбіваецца на агульным разуменні твора, маральна-этычнай канцэпцыі пісьменніка, перашкаджае ўспрыняць наватарскую сутнасць рамана.

Няма нічога заганнага ў тым, што Лясніцкі захапіўся прыгажосцю панскай дачкі. І не пра светапоглядную нясталасць героя трэба ў гэтым выпадку гаварыць, а пра неардынарнасць яго натуры, пра ўнутраную, духоўную свабоду, гатоўнасць кінуць выклік застыглым паняццям і ўяўленням. Лясніцкі добра ўсведамляе розніцу паміж сацыяльным становішчам паненкі і сваім уласным, але гэта не толькі не перашкодзіла ягонаму захапленню, але нават спрыяла яму. Лясніцкі схіляецца долу перад незвычайнай прыгажосцю Раісы. Яму даспадобы прыйшлася ўпэўненасць яе паводзін, незалежны выгляд, яе жыццёвая актыўнасць, жыццялюбства, а яшчэ — таямнічасць, загадкавасць яе лёсу, што не магло не заінтрыгаваць рамантычна настроенага юнака. «Яна ззяла здаровай чырванню, у вачах у яе гарэў агонь гордай імклівасці, агонь маладога дзявоцкага задору» (97). Пры першай сустрэчы паненка здалася Васілю «чароўнай феяй», «цудоўнай багіняй... хараства». Такіх вось прыхільных аўтарскіх ацэнак мы амаль не сустракаем у даследчых працах. А калі часам і спатыкаюцца, дык прыведзены яны з мэтаю падкрэсліць наіўнасць учарашняга семінарыста. Як бачым, дагматызм і абмежаванасць уласных уяўленняў мы, даследчыкі, гатовы прыпісаць аўтару рамана. Няўдзячны, шчыра скажам, занятак! Сялянскі сын, як і героі апавяданняў М. Зарэцкага, міжвольна цягнецца да панскай дачкі, бо не бачыць у ёй прыніжанасці, пасіўнай пакоры, уласцівых характару вясковых дзяўчат і маладзіц. Яго вабіць адукаванасць паненкі, шырыня яе інтарэсаў. Гэты момант чамусьці выпадае з сістэмы разважанняў тых, хто даследуе раман. Яны гатовы лічыць маральным дасягненнем тое, што вясковы хлопец абавязкова павінен закахацца толькі ў вясковую дзяўчыну! Так сказаць, праява класавай псіхаідэалогіі, класавай прыроды ў сферы інтымных пачуццяў.

Раіса Янава не адгукнулася сэрцам на шчырыя пачуцці Лясніцкага зусім не таму, што належала да іншага сацыяльнага саслоўя, чым ён. Прычынаю было яе самаадданае рамантычна-ўзнёслае каханне да Карла Шэмпеля, вернасць доўгу. І гэты немалаважны факт нельга скідаць з рахунку, калі мы разглядаем вобраз Раісы, ацэньваем узровень яе духоўнасці, яе ўнутранай свабоды, здольнасці на самаахвярны ўчынак. У гэтых адносінах і Макрына, і Ніна значна ўступаюць Раісе. Успомнім, з якой радасцю паведамляе Макрына Васілю вестку аб смерці свайго мужа, забітага на вайне. Яна ўпэўнена, што да самазабыцця любіць Лясніцкага, а потым з такой жа пераконанасцю лічыць, што любіць Андрэя. Ніна спярша зажадала мець дзіця ад Халімы, потым спрабавала адказаць узаемнасцю на пачуццё Славіна, і нарэшце ў фінале мы бачым, што яна, пэўна, адгукнецца на заклік Лясніцкага, стане сяброўкай яго жыцця.

Як сабе хочаце, але ўсё гэта нейкае несапраўднае, разліковае, разумовае, меркантыльнае каханне. Яно ідзе ад цвярозай развагі, а не ад шчырага сэрца. А між тым крытыкі схільны ацэньваць па вялікім рахунку адносіны названых тут гераінь рамана да сферы інтымнага жыцця. Гэта яўна завышаная ацэнка ўзроўню іх духоўнасці, у той час як стаўленне да Раісы Янавай неаб’ектыўнае, прадузятае. Яе роля ў рамане недаацэньваецца.

Недаацэнены даследчыкамі і вобраз школьнага сябра Лясніцкага Нікадзіма Славіна, добрага, гуманнага чалавека, рамантыка, філосафа, фантазёра. Тэорыяй «залатой адлегласці», над нібыта наіўным зместам якой ахвотна іранізуюць некаторыя аўтары, Славін па-свойму раскрыў эвалюцыю поглядаў Лясніцкага. Апошні ад агульных, абстрактных уяўленняў пра рэвалюцыю прыйшоў да яе болей глыбокага разумення, убачыў рэвалюцыйную рэчаіснасць такой, якой яна была ў сапраўднасці — супярэчлівай, жорсткай, у крыві і пакутах чалавечых. Калі хочаш бачыць рэвалюцыю ў яе гарманічных прапорцыях, дык шукай «залатую адлегласць»: зблізку паглядзіш — шмат жорсткага, непрымальнага угледзіш, калі ж адыдзешся далёка — агульныя абрысы застануцца, а сутнасць знікне.

Яшчэ адна тэорыя, якую прапагандуе Славін,— тэорыя выпадку. Яна заснавана на асабістым трагічным вопыце Славіна: яго тройчы расстрэльвалі чырвонаармейцы як нібыта шпіёна. Праўда, не расстралялі, выпадкова ён застаўся жывы. Але вялікай розніцы паміж блуканнямі па пакутах Васіля і Халімы, арыштаваных палякамі, і блуканнямі Славіна фактычна не было. Усе яны з'яўляліся ахвярамі абставін, трэскамі на хвалях бурлівага мора рэвалюцыі. І гэту глыбокую праўду, увасобленую ў драматычных лёсах герояў рамана, мы павінны ацаніць сёння па вялікім рахунку.

Нельга не сказаць на заключэнне некалькі слоў пра майстэрства Зарэцкага-раманіста. Маладому пісьменніку ўдалося падпарадкаваць разнастайны жыццёвы матэрыял, увесці яго ў кампактныя і змястоўныя жанравыя рамкі. Асабліва ўражвае ўменне аўтара чаргаваць розныя планы — агульны і канкрэтны, даваць панарамныя апісанні і непасрэднае сутыкненне герояў. Пазнейшая практыка раманістаў, у тым ліку і беларускіх, нярэдка замацоўвала ў якасці дамінуючага тыпу так званы раман падзей, у якім характары герояў выяўляліся невыразна. У гэтым сэнсе аўтар «Сцежак-дарожак» даў перспектыўную жанравую мадэль рамана, калі герой і абставіны існуюць у арганічнай узаемасувязі, калі характар героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай практыкі. Шырока выкарыстоўваецца ў рамане форма дыялога, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў. Але лепшым пацверджаннем высокага майстэрства Зарэцкага-раманіста было тое, што галоўным героем «Сцежак-дарожак» з’яўляецца мужная, суровая праўда жыцця.

 

МІХАСЬ МУШЫНСКІ

 

1 Зарэцкі М. Голы звер. Аповесць. Мн. 1929. С. 15. Далей спа­сылкі на гэтае выданне — у тэксце.

2 Зарэцкі М. Сцежкі-дарожкі: Раман.— Мн., 1959. С. 31. Далей спасылкі на гэтае выданне ў тэксце.

3 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 57.

4 Гл.: Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. І. С,. 472.

5 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 58.

6 Тамсама. С. 60.

7 Тамсама. С. 58.




Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў у 4 т. Т. 2. Голы звер: Аповесць. Сцежкі-дарожкі: Раман. - Мн.: Маст. літ., 1990. - 414 с., [1] л. партр.