epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Шэпты восені

 

Слухаю, седзячы ў лесе панурым, ціхія шэпты лістоў, пакідаючых роднае дрэва...

Сумна-ўрачыста, з маўкліваю скаргай на злую прыроду, ціха, паволі — бы нехаця — падаюць з неба і бліскучаю жоўцю зямлю засцілаюць...

У роспачы круцяцца, у бокі кідаюцца — мусіць, не хочуць, баяцца цалункаў халоднага долу.

Квола-празрыстыя, жоўта-васковыя — сумна лятуць і з маркотай вялікай кладуцца...

І шэпчуць...

Шэпчуць так ціха, ледзь чутна, цягуча, тужліва...

Што? Не згадаць!

Нешта адвечнае, цёмна глыбокае, нешта праўдзівае, смутна знаёмае шэпчуць...

Нешта мінулае і непазбыўна жывучае...

Нешта такое, што кратае ў сэрцы балючыя струны і грудзі агортвае жалем пякуча-салодкім...

Нешта такое...

А што? Не згадаць!

Не згадаць, аб чым шэпчуць лісты, як кладуцца на чорную, брудную глебу...

Шэпчуць так ціха, ледзь чутна, цягуча, тужліва...

Дрэвы панура стаяць... Жоўцяю плачуць... К сонцу працягваюць веткі свае нерухомыя — быццам ратунку ў сонейка просяць...

З ветак сцякаюць астатнія кроплі жаўцізны...

А сонца не чуе... Чужое, далёкае стала... Глядзіць і не бачыць... Неяк няўважна кідае наўкола свае нежыццёвыя косы... Быццам за лета змарылася, сілу згубіла... І дрэвы чарнеюць... Чарнеюць ад гора-пакуты...

Плачуць і слухаюць разам са мною ціхія шэпты слязінак-лісточкаў...

Шэпчуць лісты...

Шэпчуць так ціха, ледзь чутна, цягуча, тужліва...

 


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан