epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Сымон Карызна

Акт першы
  Сцэна 1-я
  Сцэна 2-я
  Сцэна 3-я
Акт другі
  Сцэна 1-я
  Сцэна 2-я
  Сцэна 3-я
  Сцэна 4-я
Акт трэці
  Сцэна 1-я
  Сцэна 2-я
  Сцэна 3-я
  Сцэна 4-я
Акт чацвёрты
  Сцэна 1-я
  Сцэна 2-я
  Сцэна 3-я (Эпілог)


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Сымон Карызна — загадчык сямігодкі, сакратар партыйнае ячэйкі.

Марына Паўлаўна — яго жонка.

Пацяроб — старшыня сельсавета, даўгі і калматы, як памяло.

Зелянюк — малады рабочы з горада, прысланы на работу па калектывізацыі.

Галілей — ён жа селянін-бядняк Ахрэм Данілавіч Пунцік, стары мудрагель.

Вера — настаўніца пачатковае школы, дзяўчына прыгожая.

Цімафей Міронавіч Гвардыян — хударлявы кулак з голым пергамінавым тварам. Былы кур’ер высачайшае камісіі па такіх-та і такіх-та справах.

Матруна Іванаўна — яго жонка, дробная, молепадобная жанчына.

Паўлюк — брат Гвардыяна, нікчэмны шалапутны мужык, п’яніца.

Віктар — сакратар камсамольскае ячэйкі.

Якуб Лакота — былы партызан і чырвонагвардзеец.

Прахор — селянін-бедняк.

Тацяна — яго дачка, маладая жанчына, разводка.

Сакратар райкома партыі.

Старшыня райкомаўскае камісіі.

Сябры бюро ячэйкі, сяляне, калгаснікі.

Месца дзеі — адзін з сельсаветаў БССР.
Час дзеі — год вялікага пералому.

 

 

Акт першы

 

Сцэна 1-я

Кватэра Сымона Карызны. Марына Паўлаўна стаіць, укленчыўшы на канапе, перад акном, узіраецца ў сіні вечаровы змрок.

 

Галілей (нячутна і непрыметна з’явіўшыся ў парозе). Кхе... Кхе...

Марына Паўлаўна (здрыганулася). А, гэта вы, дзядзька Ахрэм? Я зараз запалю святло.

Галілей. Кхе... Кхе... вось зараз скончу сваю работу, дык зраблю вам, Марына Паўлаўна, электрычнасць... ветрачок, як у мяне.

Марына Паўлаўна. А пакуль што запалім лямпу. Сядайце, дзядзька Ахрэм! (Паліць лямпу і сядае пры стале, глыбока засмучоная.)

Галілей (падыходзіць бліжэй, спагадліва глядзіць на Марыну Паўлаўну, гаворыць так, нібы стараецца забавіць яе). А я, Марына Паўлаўна, з печкай усё... ага... Цыркулярную печку раблю, цыркуляцыя, значыцца, духу. Хочу, каб без дыму. Дым цеплыню з хаты выносіць, Марына Паўлаўна.

Марына Паўлаўна (з смутнай усмешкай). Без дыму ж агню не бывае, дзядзька Ахрэм.

Галілей. Хто яго ведае... кхе... кхе... трэба памеркаваць... ага... трэба памеркаваць...

Марына Паўлаўна. Што мне рабіць, дзядзька Ахрэм? Ці мне самой кончыць усё, ці чакаць, мо ўладзіцца неяк, мо мінецца гэта ў яго... Яму ж скора ўжо сорак год, вы ведаеце? У нас жа зусім дарослая дачка. Як гэта разумець, дзядзька Ахрэм, што рабіць?

Галілей. Кхе... кхе... трэба памеркаваць... Стары дурней за маладога кахае... ага... Ды і свет цяпер такі пайшоў. Гэткім светам няма чалавеку ніякага ўёму.

Марына Паўлаўна. Я ж не трымаю яго, дзядзька Ахрэм. Ён сам не хоча кідаць мяне.

Галілей. Пэўна, што не хоча... Кхе... кхе... Не хоча, бо да старое ласкі прывык, да абыходу. А і новае загарэлася. Вось і ламаецца чалавек.

Марына Паўлаўна. Праўда, што цяжка яму бывае таксама.

Галілей (у раптоўным ажыўленні). Я мяркую так, Марына Паўлаўна. Усё ламаецца, дык і чалавек мусіць ламацца. Не ў тым, дык у тым. Раз ператруска ўсяму... усяму ператруска... (Таемна нахіляецца да Марыны Паўлаўны, шэпча змоўніцкім шэптам.) Дадушы ж усё ламаецца... усё чыста. Нешта будзе, нешта будзе... Можа, новая рэвалюцыя ідзе. Я — не ведаю... не ўцямлю. Думаю-думаю, а не надумаю нічога. Як вы ўважаеце, Марына Паўлаўна, у які бок гэта пойдзе?

Марына Паўлаўна. Не ведаю я, дзядзька Ахрэм. Пагаманіце з Сымонам, ён добра знаецца ў гэтым.

Галілей (спалохана). Добра, добра... Я пагаманю з ім, я пагаманю...

МарынаПаўлаўна (летуценна). Дзве сястры нас было. Ліда была год на тры старэйшая за мяне. Яна і больш адукаваная была, чым я — шэсць класаў гімназіі скончыла. Усе думалі, што гэта ён дзеля яе, дзеля Лідкі ходзіць. А ў мяне і думкі не было, каб гэта як іначай. Бывала, пасяджу-пасяджу троху ды ўцяку. Сорамна мне неяк і крыўдна і немаведама што. І доўга вялося так, покуль не паехала была Лідка да цёткі на нейкі час. А тады, ведаеце...

 

Ажывіўшыся, абарачаецца да Галілея і заўважае, што яго ўжо няма.

Знік дзядзька Ахрэм.

 

На кухні чуваць цяжкія мужчынскія крокі.

Сымон прыехаў...

 

Уваходзіць Сымон Карызна. Ён кідае на крэсла зашаранелае футра і ходзіць па пакоі, тручы скалелыя рукі.

 

Карызна. Мароз аж трашчыць. Зусім адубеў.

Марына Паўлаўна. Я зараз пастаўлю самавар.

 

Выходзіць.

Карызна (ходзіць па пакоі, адылі сунімаецца перад пісьмовым сталом, заўважае на ім ліст, адпячатвае і чытае — то ўголас, то ціха). Даражэнькі сынок Сымонка... не ведаем, ці жыў ты... цяперашнім светам... богу душой вінават, а цябе... ці давядзецца ўбачыцца... як жывадзёраў якіх... у кулакі... раскулачваць, а мо і высяляць... За вашай жа, дзеткі, дапамогаю абжыліся. (Кідае чытаць, палахліва азіраецца і з нервовай паспешнасцю хавае ліст пад груд кніжак. Адыходзіцца ад стала, сунімаецца сярод пакоя.) Ну, вось і ўсё... Я — кулак. (Спрабуе ўсміхнуцца.) Не яны, а я — кулак. «За вашай, дзеткі, дапамогай...» Так, я свядома рабіў іх кулакамі. (Паўза.) Ды ці толькі іх? (Зноў натужна ўсміхаецца.) А цяпер будзем з гэтымі самымі кулакамі бязлітасна змагацца. Ліквідаваць кулацтва як клас... (Рашуча.) Што ж, буду змагацца. Буду шчыра праводзіць лінію партыі. Буду змагацца бязлітасна. Я не пашкадую нікога! (Узрушана кідаецца па пакоі.) Трэба спяшацца. Не можна траціць ні аднае хвіліны. Я мушу адзін з першых скончыць суцэльную калектывізацыю ў сваім сельсавеце!

 

Спяшаючыся, апранае футра і ідзе да дзвярэй. У дзвярах з’яўляецца Марына Паўлаўна.

 

Марына Паўлаўна. Сымон, я ведаю, куды ты ідзеш.

Карызна. Што табе трэба, Марына?

Марына Паўлаўна (нерашуча). Сеня! Нам даўно ўжо трэба было пагаварыць...

Карызна. Аб чым?

Марына Паўлаўна. Я ведаю ўсё, ты дарма ад мяне хаваешся.

Карызна. Гэта ты што... пра Веру? Я не хаваюся... Вера мне падабаецца, я часта хаджу да яе, мы гутарым, абмяркоўваем нашы справы...

Марына Паўлаўна (перапыняючы). Гэта — не тое. Я не зайздрошчу, я не такая... Але ты чужы стаў нейкі... быццам няма цябе зусім... ці мяне няма... Разумееш?

 

Карызна няўцямна паціскае плячыма.

Марына Паўлаўна ( у раптоўнай навазе). Сымон, чаму ты ўжо не канчаеш?

Карызна (сумеўшыся). Што — не канчаю?

Марына Паўлаўна. Мы не звязаны нічым. Нашто нам адно аднаму замінаць?

Карызна. Я не ведаю, Марына, што табе трэба. Не тое ў маёй галаве.

 

Дасадліва махае рукою і ідзе ў дзверы.

Марына Паўлаўна (услед яму гарачкава). Я не хочу, каб так было. Я не хочу, каб ты жыў так... надвая... Або яна — або я!

 

Карызна пайшоў, Марына Паўлаўна ўраз абвяла і, разгубленая,
ціха адыходзіцца ад дзвярэй.

Якая дурная... Якая дурная... Нашто было так гаварыць?

 

 

Сцэна 2-я

У пачатковай школе. Невялічкі чысты і ўтульны пакойчык настаўніцы Веры. Перш пусты, потым уваходзіць Вера — відочна змораная, змардаваная. З хвіліну яна ў млявай нерухомасці стаіць на адным месцы, потым ідзе да стала, бярэ блакнот і чытае.

 

Вера. Заўтра — драмгурток, кройка-шыццё, жаночы актыў... Наладзіць перапіску роляў... Падабраць літаратуру для жанчын... Узгадніць з сельсаветам... (Заклапочана.) Нешта трэба ўзгадніць з сельсаветам...

 

Цяжка ўздыхнуўшы, сядае на канапу. За дзвярмі чуваць гоман.

Скончыўся камсамольскі сход.

 

Ідзе да дзвярэй, прачыняе іх і нечага выглядае. За дзвярмі чуваць голас Зеленюка: «Галоўнае, хлопцы, добра разварушыць. Узяць за жывое, за нутро за самае! Хай пакрычаць, пагалёкаюць — значыць, дадзела, значыць, добра і падумаюць над усім...»

 

Вера. Зелянюк! Зайдзіце да мяне на хвілінку.

 

Уваходзяць Зелянюк і камсамолец Віктар. Следам за імі неўзаметку ўціснуўся Галілей, стаў, як цень, у парозе.

Зелянюк. Ну і закруцілі, што называецца. Увесь Сівец заварушыўся! Няма тае хаты, дзе б не бушавала цяпер, як у катле.

Віктар. Заўтра нашы хлопцы як след возьмуцца — не тое яшчэ будзе!

Вера. Зелянюк! Я хацела з вамі параіцца. Мне здаецца, што мы на жанчын мала ўвагі звяртаем. А яны ж тут, бадай, галоўную ролю адыгрываюць. Калі не захоча баба, дык і мужчына не пойдзе ў калгас. А бабы крычаць, лямантуюць.

Зелянюк. Як на тым сходзе... памятаеце? Ой, і хітры наш мужычок! Бабу наперад — хай пакрычыць, пашалее — што з яе возьмеш? — а сам паслухае моўчкі, прыгледзіцца, можа, ясней што пакажацца.

Галілей. Кхе... Кхе... Жанчыне трэба крычаць. Яна крыкам гора сваё збывае... ага...

Зелянюк. А! Дзядзька Галілей! Слаўны вынаходца зямлі сівецкае!

Галілей (ступіўшы два крокі наперад, строга). А я папытаю... ага... Вы мне праўду скажыце, таварыш... Што вы тут робіце? У які бок гэта вы? Ага...

Зелянюк. Рэвалюцыю робім, дзядзька Галілей.

Галілей. Ну вось... ага... а тая ўжо скончылася?

Зелянюк. Якая тая?

Галілей. Што была супроць паноў.

Зелянюк. Гэта — тая самая, дзядзька Галілей. Толькі на другім перагоне. І цяпер супроць паноў, супроць кулака, заўтрашняга пана. Разумееце?

Галілей (мармоча сам сабе). А ў Цімафея Міронавіча карова ацялілася... прыбытак... ага...

Бяжыць да дзвярэй і натыкаецца на Пацяроба і Карызну, якія ў гэты момант уваходзяць у пакой.

Пацяроб. Чакай, любачка, што гэта ты блытаешся тут пад нагамі?

Віктар. Дзядзька Галілей праўды дапытваецца... пра калектывізацыю...

Пацяроб. Праўды дапытваецца? (Да Галілея, які памыкаецца абмінуць яго.) Якой жа табе, родненькі, праўды не хапае? Ты што — не згодзен з чым-небудзь, га?

Галілей (разгублена мітусіцца, не ведаючы, куды дзецца. Але бачыць, што ніякага выйсця няма, і, набраўшыся духу, раптам крычыць з адчайнай смеласцю, якая палохае нават яго самога). Згодзен з усім, з усім чыста! Але ты мне растлумач па сэнсу... ага... па сэнсу...

Пацяроб (троху знізіўшы тон). Што ж табе, любачка, растлумачыць? Ты ж кажы ясна, а не то што...

Галілей (звычайным голасам). Кхе... кхе... таварыш старшыня... цікаўлюся я... каб уцяміць усё гэта, значыцца... ага... што вось у жыццё цяпер праводзіцца...

Пацяроб (аўтарытэтна). Што праводзіцца, пытаеш? Праводзіцца суцэльная калектывізацыя сельскае гаспадаркі і ліквідацыя кулацтва як класа, на базе суцэльнае калектывізацыі. Разумееш?

Галілей. Ага... Разумею, таварыш старшыня... разумею...

Пацяроб (грозна). А можа, не разумееш, га?

Галілей зноў памыкаецца цмыгнуць у дзверы, але Пацяроб велічным жэстам сунімае яго.

 

Чакай! А ці разумееш ты, мой даражэнькі, хто гэта ўсё праводзіць? Гэта праводзіць партыя і Савецкая ўлада. Улада!.. Разумееш? А хто ідзе насупроць — супроць каго ён, любачка, ідзе? Га? Супроць каго ён ідзе, мой даражэнькі?

 

Галілей нарэшце ўцёк. Пацяроб падыходзіць да Веры, падлабуньваецца.

П’явачка...

Карызна (узрушана ходзіць па пакоі). Гэтымі днямі склікаем агульны сход у Сіўцы. Канчаткова і рашуча становім пытанне пра калектыў. Трэба нарэшце рабіць тут нейкі лад.

Зелянюк. Роўна пяць дзён таму назад мы такі сход правалілі.

Карызна (рэзка). Ты што прапануеш?

Зелянюк. Мы разгарнулі ў Сіўцы шырокую падрыхтоўчую працу. Мабілізавалі камсамольцаў, актывістаў, перанеслі работу ў сялянскія хаты. Разумееш, Карызна, нам трэба нейкі час, каб сабраць моцны надзейны актыў, разбіць кулацкія махінацыі, добра арганізаваць беднату.

Пацяроб. А мой жа ты залаценечкі! Гэта ж ты да налецця будзеш тут арганізоўвацца. Любачка мая! Ты не ведаеш селяніна. З ім марудзіць няможна, раз, два ды ў дамкі! (Да Веры.) П’явачка, праўда?

Зелянюк (не зважаючы на Пацяроба). Сёння зарэчанцы пастанавілі, не чакаючы Сіўца, арганізаваць свой асобны калгас...

Карызна. Што, свой асобны калгас? Я гэтага не дапушчу, гэта партызаншчына, таварыш Зелянюк, гэта зрыў усёй нашай працы.

Зелянюк. Ты маеш рацыю. Гэта з майго боку — партызаншчына. Мне трэба было раней памеркавацца з ячэйкай. Але мая памылка не павінна адбіцца на агульнай справе. Зарэчанскі калгас будзе добрым прыкладам Сіўцу, ён дапаможа ў нашай рабоце. Там усё гатова, усе чакаюць. Не пайсці ім насустрэчу, значыць — загубіць усё...

Карызна. Я сваю думку сказаў. Я гэтага не дапушчу.

Зелянюк. Але ж твая думка — гэта не думка ўсяе арганізацыі?

Карызна. Мы паставім гэта пытанне на ячэйцы.

 

Зелянюк моўчкі ідзе да дзвярэй, але сунімаецца і, стрымаўшы сваю гарачкавасць, з лагоднай усмешкай зварачаецца да Карызны.

 

Зелянюк. Мы з табой, Карызна, так і пасварыцца гатовы. Самы час для гэтага... Ты, значыць, агульны сход думаеш усё-ткі збіраць?

Карызна (таксама мяняе тон). Сёння, здаецца, пятніца... Зробім давай у нядзелю, праз два дні, значыць...

Зелянюк. За гэтыя дні мы яшчэ ўправімся сёе-тое зрабіць... (Да Віктара.) Ты на Зарэчча?

 

Абодва развітваюцца і выходзяць.

 

Пацяроб (заходзіцца раптам ад дзікага рогату). Хаха-ха-ха!.. Сымонка!.. а-ха-ха-ха-ха!.. Во маладзец!.. Во гэта так!.. ха-ха-ха-а-а...

Вера (пакрыўджана). Сапраўды... робіць усё, што хоча, нібы ён тут начальнік нейкі. Раз ён прысланы пад загад сакратара ячэйкі, дык павінен усё рабіць так, як яму скажуць.

Пацяроб. Любачка, што яму адыходзіць? Адбыў тут сваё, дый — пырх, паляцеў, а мы тут сядзі ды кукуй. Бач ты, рабочы з горада! А мы — хто? Не рабочыя? Яшчэ паглядзім, хто лепш патрапіць загнуць пралетарскую лінію!..

Карызна. Пацяроб! Я маю справу да Веры Міхайлаўны, нам трэба пагутарыць.

Пацяроб. Залаценечкі мой, калі ласка... мяне ўжо няма, любачка, ані няма.

Ідзе да дзвярэй.

Вера. Заходзьце, таварыш Пацяроб!

Пацяроб. П’явачка! (Ад дзвярэй да публікі.) Смаркачы! Я вам за тры дні ўвесь сельсавет у калгас увапхну. Пішчом будуць лезці, а не то што... Цьфу!

Выходзіць.

Карызна (пасля паўзы). Я не маю, Вера, ніякай справы.

Вера (усміхаючыся). Я ведаю...

Карызна (падумаўшы). У Пацяроба надзвычай просты погляд на рэчы: ён упэўнены, што вярнуўся дзевятнаццаты год. Першае і асноўнае, што ён зрабіў, як пачалася ўся гэта завіруха,— начапіў на сябе наган.

Вера. Помніш, Карызна, як ты наракаў на шэрую плынь будзёншчыны, сумаваў па геройстве мінулых дзён, па захапленні першых год рэвалюцыі? Ты таксама — помніш? — чакаў, што вернецца дзевятнаццаты год.

Карызна. Так, я б хацеў, каб вярнуўся дзевятнаццаты год. Тады было проста і ясна. Мы бачылі перад сабой адкрытага ворага, ненавідзелі яго непасрэднай арганічнай нянавісцю. Нянавісць гэта была ў нас з малых дзён. Я — помню — пана нашага зненавідзеў яшчэ тады, як ён злавіў мяне ў сваім заказаным бары і садраў з мяне шапку. Я ў дзевятнаццатым годзе імсціўся за гэтую шапку. А цяпер — не тое. (Паўза.) Вера... Цяпер вораг — ведаеш хто? Мой родны бацька... (Устае, падыходзіць да Веры, гаворыць з наўмыснай выразнасцю.) Майго бацьку раскулачылі і выслалі, як злоснага кулака. Ты спалохалася, Вера? Баішся? Пра гэта яшчэ ніхто не ведае тут. Я не хачу, каб ведалі. Ты не скажаш? Праўда, Вера, не скажаш?

Вера (стараецца схаваць свой мімавольны спалох). Я — не... я так сабе... Я не баюся! (Парыўчата хапае яго за руку, крычыць з роспаччу, са слязьмі на вачах.) Карызна! Не злуйся! Проста ты сказаў неяк раптам, такім голасам... Я не баюся... Чаго мне баяцца? (Змоўніцкім тонам.) Я нікому не скажу пра гэта. Не трэба, каб ведалі тут.

Карызна (панура). Я не магу іх ненавідзець. Вера, чуеш? Я не магу іх ненавідзець! (Сядае за стол, кладзе галаву на далоні.)

Вера (падыходзіць, ціха дакранаецца да яго валасоў). Не трэба так, гэта ў кожнага бывае. Ведаеш, я ж таксама шкадавала. Да мяне прыходзіла Гвардыяніха — такая простая, няшчасная жанчына. Яны ж дык ого якія злосныя кулакі, а мне ўсё роўна шкода было яе... папраўдзе... А ў цябе бацькі. (Дзелавіта ўздыхнуўшы.) Бацькоў заўсёды шкода бывае...

Карызна. Яны папракаюць мяне, што я сам іх зрабіў кулакамі. Яны просяць у мяне дапамогі. А што я ім адкажу? Што зракаюся іх, што лічу ганебным называць іх сваімі бацькамі?.. Ды ці ў бацьках справа! Трэба зрачыся нечага большага, можа, самога сябе... Цяжка, Вера, цяжка ісці па шляху, на якім сам панакідаў столькі камення...

Вера (пяшчотна). Трэба старацца, трэба дужа старацца... каб усё было добра, усё чысценька, каб ніхто ні да чога не мог прычапіцца. Праўда... Тады і спакойны будзеш, зусім спакойны.

Карызна (павесялеўшы). Як ты, Вера... як ты сказала? Ха-ха! каб усё было добра, усё чысценька... У тваіх словах, Вера, цэлая праграма, цэлая жыццёвая філасофія. Каб усё было добра... Проста і ясна. (Задумляецца.) Так, я мушу рабіць, каб усё было добра. Як гэта? Як ты сказала? Як? (Бярэ яе за рукі і з жартаўлівай настойнасцю зазірае ёй у вочы.)

Вера (засаромеўшыся). Трэба старацца, трэба дужа-дужа старацца.

 

 

Сцэна 3-я

Кватэра Зеленюка — чыстая палавіна сялянскае хаты. На парозе дзвярэй, што ў другую палавіну, Зеленюкоў гаспадар Прахор падплятае атопак. На пяколку сядзіць Тацяна. Уваходзіць Зелянюк.

 

Зелянюк (мінаючы Прахора). Дармо, дармо, сядзіце! Што ж гэта вы, дзядзька Прахор, лапаць падплятаеце, ды яшчэ атопак? Трэба боты насіць.

Прахор (зачэпліва). А хто ж мне даў тыя боты, скажыце вы мне? Я ўжо даўно, пяты ўжо дзесятак гадоў чакаю, каб хто прыйшоў вось, як вы, дый сказаў: «Дзядзька Прахор, ты цэлы век свой працуеш, корміш і сябе і людзей, а не бачыш у жыцці ніякай прасветласці. На табе, братачка, за гэта гамбургскія боты з шчыгрэневымі халявамі! На лепшае прабачай, дзядзька Прахор, іншым разам...» (Памаўчаўшы.) Не ідуць, ліха на іх! Не прыносяць!

Зелянюк. А ці спрабавалі вы, дзядзька Прахор, самі хадзіць па гэтыя боты?

Прахор. Хадзіў! Чаму не хадзіў? Пяць год хадзіў, пяць гадочкаў. І з царом хадзіў, і на цара. Далі... во сюды, во... (Сутаргава торкае сябе кулаком у бок, мабыць, паказваючы на месца атрыманае некалі раны.)

Зелянюк. Слухайце, дзядзька Прахор, а Гвардыян ці ў ботах ходзіць?

Прахор. Гвардыян? Што Гвардыян? Гвардыян усіх не набуе.

Зелянюк. А Кандрацёнак?

Прахор. І Кандрацёнак.

Зелянюк. А Сахацкі?

Прахор. І Сахацкі.

Тацяна. Гвардыян пэўна што не набуе, але татка Гвардыяна дык, бадай што, набуў у добрыя боты? Ці мала некалі папарабіў на яго?

Прахор (задзеты за жывое). Што вы торкаеце іх? Што вы мне іх прыкладаеце? Яны мо палавіну жыцця ў мяне адабралі! Яны кроў маю пілі! Яны ў маіх ботах ходзяць! Яны ўсе ў маіх ботах ходзяць! Што яны? Гэта — зладзеі. Разбойнікі!..

Зелянюк. Ха-ха-ха!.. Так іх, дзядзька Прахор, так іх...

Тацяна. Сціхніце, татка! Досыць вам ужо надакучаць чалавеку.

Прахор. А хто ж за мяне будзе крычаць? Каму гэта ў галаве, што Прахор праз усё сваё жыццё ў лапцях ходзіць, што ён свету яснага не бачыў, га? Хто будзе пра гэта крычаць?

 

Ідзе на чорную палавіну, адтуль яшчэ нейкі час чуваць яго тонкі прарэзлівы голас. Тацяна хоча таксама ісці, але Зелянюк сунімае яе.

 

Зелянюк. Сядзі, Тацяна, ты мне не замінаеш. У бацькі ў твайго злосць правільная, законная, але ён не ведае пакуль што, куды яе дзець. Дармо, мы ёй пакажам дарогу...

Тацяна. Хітры ты чалавек, ой хітры!

Зелянюк. Трэба быць хітраму, Тацяначка. Як не будзеш хітры, дык нехта іншы знойдзецца на цябе хітрэйшы, і ты будзеш дурнем яму. А мы ўжо ці малы час былі дурнямі?

Тацяна. Цяпер вы ўжо хітрыя, а мы яшчэ дурні.

Зелянюк. Хто гэта — мы і вы?

Тацяна. (у замяшанні). Ну, вы... гарадскія...

Зелянюк. Ты таксама хітрая, Тацяна. Каб не была ты хітрая, дык бы дасюль мардавалася ў свайго нялюбага мужыка, а то дык жывеш вось, як вольная птушка, водзіш за нос сівецкіх мужчын. Разумная ты баба, Тацяна!

Тацяна. А вой, пахваліў. Каб адно не перараніўся з хвальбою, бо яшчэ не знаеш мяне, што я за птушка.

Паўза.

Зелянюк. Якуб Лакота не прыходзіў?

Тацяна. Прыходзіў. Казаў, што неўзабаве надыдзе зноў.

Паўза.
Зелянюк сядае за стол, перабірае паперы.

Зелянюк. Тацяна!

Тацяна. Што?

Зелянюк. Я табе хачу пра Якуба сказаць. Ён дужа дарагі чалавек. Ён шчыры, сумленны, ён проста гарыць увесь... Ну, і ён... як табе гэта сказаць... троху да цябе... нешта такое...

Тацяна (дасадліва перапыняе яго). Ат! Кінь ты глупства рознае гаварыць.

Зелянюк (смяецца). Добра. Не буду. Дык вось што... Трэба берагчы яго... Ты яго, Тацяначка, беражы. Падтрымлівай яго. Будзеш, так? Абяцаеш гэта мне?

Тацяна. Ён нейкі... дужа добры такі... Яго ўсе чыста шкадуюць.

Зелянюк. А ты, Тацяна, шкадуй больш за ўсіх.

Паўза.
Потым на гаспадаровай палавіне чуваць тупат і галасы людзей.

 

Ці не ён там прыйшоў? (Ідзе да дзвярэй.) А! Якуб Лакота! Хто там яшчэ? Заходзьце, заходзьце! Чым больш, тым лепш.

 

Уваходзяць Якуб Лакота, Віктар і некалькі сялян, сярод якіх блытаецца п’янаваты Паўлюк Гвардыян.
Зелянюк пільна ўглядаецца ў Лакоту.

А ты, Яша, не спаў і гэтую ноч. Ты паглядзі на сябе, да чаго ты падобны.

Лакота. Я спаў, здаецца. Ну пэўна, што спаў... (Бачыць, што ніхто не верыць яму, і вінавата ўсміхаецца.) Я ж здаровы, зусім здаровы. Гэта проста так... (Закашляўся. Адкашляўся, дабрадушна ўсміхаецца.) Ну вось... Як толькі пойдзе гутарка пра здароўе, дык у мяне кашаль. Не трэба гаварыць аб гэтым... Скажы, браток, гэта праўда, што з нашым калгасам закаклюка нейкая здарылася, га? А тут вось адхлану не даюць. Калі рабіць, кажуць, дык рабіць.

1-шы селянін. Дык яно і пэўна што... адклад не ідзе на лад. Раз ужо ўва ўсіх закіпела, дык бы, як кажуць, пад гарачую руку.

Зелянюк. Хо-хо! Калі вы ўжо з гэтага насы павесілі, дык што ж будзе далей?

2-гі селянін. Ну, насоў яшчэ ніхто не вешаў, а вось што рукі свярбяць, дык свярбяць. Каб хаця іх заняць за што-небудзь.

Паўлюк (вылазіць наперад і сморгае Зеленюка за рукаў). Таварыш... быр... бры... таварыш брыгадзір...

Віктар (адцягвае яго). Дзядзька Паўлюк! Калі ўжо глынуў якую кроплю, дык бы сядзеў ціханька...

Паўлюк. Ганіце мяне... ганіце мяне адусюль...

Зелянюк. Чакай, Віктар. Што ты хочаш, дзядзька Паўлюк?

Паўлюк. Ганіце мяне... Адусюль ганіце... прапашчы я чалавек. (Канфідэнцыяльна.) Я — п’яны. Мяне брат паіў... родны брат... Цімахвей Міронавіч... А я — Павел Міронавіч... Паўлюк... п’яніца... валацуга... (Нечага хапліва шукае за пазухай.)

Віктар. Ну, вось зараз будзе картку паказваць. Во ўжо няшчасце...

Паўлюк (разгортвае брудную шмотку і дастае фатаграфію). Во... дачка... родная дачка... у гімназіі вучыў... у пятай клясе... Такая была... такая...

Тацяна. Дзядзька Паўлюк! Вы ўжо яе так зашмальцавалі, што там адзін фартух застаўся.

Зелянюк разглядае фатаграфію.

Паўлюк (слязліва). Памерла... Год лячыў... Цэлы год... У яго пазычаў, у брата... Даваў... Скрозь даваў...

Зелянюк. Дык гэта ж добра, калі даваў?

Паўлюк (смяецца ціхім п'яным смяшком). Хі-хі-хі... Даваў... А зямлю забраў... А гаспадарку забраў... Хату, дзякуй яму, пакінуў... А я — валацуга... п’яніца... Ганіце мяне...

Зелянюк (строга). Во што, дзядзька Паўлюк... Гнаць мы цябе ніадкуль не будзем, а хто цябе поіць і за што цябе поіць — гэта ты ўжо памяркуйся са сваім сумленнем... (Паўлюк палахліва адціскаецца ўзад.) Ну, хлопцы, не будзем марнаваць часу. Сёння Якуб Лакота пакажа нам нешта вельмі цікавае. Праўда, Яша?

Лакота (у замяшанні). Выдумаў ужо... Нічога няма там цікавага...

Зелянюк. Дзядзька Прахор! Хадзіце, можа, тут свае боты ўбачыце! Тацяна, падыходзь бліжэй!

Лакота (ласкава). Ты, можа, не хочаш, Тацяначка?

Усе збіраюцца вакол стала, на якім Лакота разгортвае вялікі аркуш паперы.

 

Лакота. Я ўзяў толькі агульны план... Гэта — наш Сівец. Вось — рэчка... Млын... Вось тут і Зарэчча наша. (Да Віктара, які ўважна ўзіраецца ў план.) Хочаш хату сваю знайсці? Не знойдзеш, Віктар, няма яе. Ты прабачай, але тут надта ўжо месца прыдатнае пад стадолы. Дык мы зняслі тваю хацінку... Бачыш — даўгія жоўтыя палачкі... Гэта і ёсць новыя стадолы — тут будзе малочная ферма... А вось шырокая роўная фарба — гэта наша калгаснае поле... (З дзяціннай радасцю.) Вось тут, як станеш— не ўбачыш канца. Як вокам сігнуць — адно суцэльнае мора... А далей троху — бачыце? — зноў будынкі... Тут будзе цагельня, бо цэглы нам на першыя гады не адабрацца. Гэта — там, дзе глінішча, адтуль мы палякаў абстрэльвалі. (Летуценна ўсміхаецца.) Помню, дужа смешна было... Там мы, малыя, гуляючы, розныя пячуркі ў гліне капалі... агонь клалі ў іх, бульбу пяклі... Дык такія трапныя бойніцы выйшлі, быццам сумысля пароблены... А з паўвярсты адсюль, во ў гэтым бары пас і злавілі...

1-шы селянін. А вось тут вунь крывулькі — каго яны паказваюць?

Лакота. Гэта — сад. Вялікі пладовы сад — дваццаць гектараў... А сярод саду — бачыце? — таксама будынкі... Гэта для дзяцей: школа тут, дзіцячы сад...

Тацяна. Як у казцы ўсё роўна.

Лакота (гарачыцца). Не казка гэта, Тацяначка. Усё тут вылічана да кропачкі. Усё разрахавана. (Яшчэ больш гарачыцца.) Ды не тое яшчэ... Гэта на першыя гады. А потым — бачыш? — во тут, ад самага саду, на ўзгорку, над рэчкай — тут будзе — ведаеш што? — новы Сівец... Калгасны пасёлак... Новыя дамы... высокія, светлыя... Шырокія вуліцы... Зеляніна.

2-гі селянін. Во, каб гэта хаця мае ўнукі дажылі да такога шчасця.

Лакота (у захапленні). Не ўнукі — мы!.. Мы дажывём!.. Мы самі... Мы дажывём... (Моцна закашліваецца.)

Зелянюк (глыбока ўзрушаны). Дажывём, Яша, дажывём, любы! Усё будзе... І сады будуць. І дамы высокія. І зеляніна... Да ўсяго дойдзем, раз на дарогу выйшлі! І ніхто — чуеш, Яша? — ніхто, ніякая сіла не саб’е нас з гэтае дарогі! Яна — наша. Мы заваявалі яе і здолеем абараніць. Мы будзем змагацца за яе так, як умеў змагацца наш слаўны партызан і чырвонагвардзеец Якуб Лакота!

 

Падыходзіць да збянтэжанага Лакоты і горача цісне яму руку.

 

 

Акт другі

 

Сцэна 1-я

У хаце Цімафея Міронавіча Гвардыяна. Вялікая чыстая святліца, у якой сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця. Цэлы пакой пазастаўлены розных гатункаў мэбляй. Усё стаіць у дасканалым парадку: паўз адну сцяну шнурам павыстаўлены крэслы — перш маленькія, потым большыя, яшчэ большыя і г. д. Паўз другую сцяну таксама плячо ў плячо стаяць шафы. У двух процілеглых кутках стаіць па вялізным трумо, а ў трэцім кутку, што супроць абразоў, шырокае і глыбокае спрунжынавае крэсла. У гэтым крэсле, як на троне, засядае сам Цімафей Міронавіч Гвардыян, а Паўлюк стаіць побач і, таямніча нахіляючыся да брата, робіць свой даклад.

 

Паўлюк. ...і яшчэ кажуць, што неўзабаве пачнуць раскулачваць... (Смакуе гэтае слова.) Раскулачваць... хі... хі...

Гвардыян (дасадліва). Ну?

Паўлюк. Раскулачваць, значыцца... (Зларадасна.) Адбяруць конікаў, каровак, свіначак, авечак. Забяруць дабро ўсё чыста... інвертал... (Азірае хату.) І хату таксама не адкінуць. Пад праўленне калгаса акурат падыдзе. (Зважна.) Ну, канечна, калі, скажам, у каго мэблі рознае многа...

Гвардыян (нецярпліва). Хто табе гэта сказаў?

Паўлюк (таямніча). А ў Якуба Лакоты ёсць ужо планты на калгас... хі-хі... Дык у гэтых плантах ужо і конікі і кароўкі твае паказаны... і будыначкі ўсе як адзін. Пра гэта яшчэ ніхто не ведае, а я ўжо знаю. Я — бядняк... разумееш? Мне ўсюды хады адкрыты... во... Я, калі хочаш, і на ячэйку пайду... і ў камуністы запішуся...

 

Гвардыян устае, падыходзіць да шафы, дастае пляшку з гарэлкай і налівае поўную шклянку.

 

Гвардыян. На, выпі...

 

Паўлюк ідзе да гарэлкі павольна, сцеражліва, як па кладцы, і ўжо з паўдарогі выцягвае наперад руку. Узяўшы шклянку, з момант трымае яе ў нейкім зачараваным аслупяненні і потым хапліва п’е, гулка чоўкаючы рухавым горлам. Выпіўшы, ідзе адразу да дзвярэй, несучы на твары крывую горкую міну. Перад тым як выйсці, безнадзейна махае рукой.

 

Паўлюк. Які ўжо з мяне чалавек!..

Гвардыян (правёўшы Паўлюка нерухома застыглым поглядам). Брат...

 

Ідзе да крэсла, сядае і, важна адкашляўшыся, гукае валадарным тонам.

 

Матрёна!

 

Убягае Гвардыяніха — дробная, молепадобная жанчына.

 

Прынясі мне, будучы, свежую бутэльку нарзану...

 

Гвардыяніха выходзіць і праз момант урачыста ўносіць бутэльку нарзану і чарку. Аддае нарзан мужыку і знікае. Гвардыян адкаркоўвае бутэльку, налівае чарку, размашыста выпівае, моршчыцца, крэкча. Налівае другую, меціцца выпіць, але ў гэты момант у пакой убягае Галілей.

 

Галілей. Дзень добры!

 

Не сунімаючыся, трусіцца цераз хату і сядае ў пышнае крэсла на покуце. Гэтая дэманстрацыя відавочна не ўсмак Гвардыяну.

Гвардыян (стрыкліва). Сядайце, Ахрэм Данілавіч!

Галілей. Сяджу ўжо, Цімафей Міронавіч.

Гвардыян. Як маецеся, Ахрэм Данілавіч?

Галілей. Баюся, Цімафей Данілавіч.

Гвардыян. Чаго ж вы баіцеся, Ахрэм Данілавіч?

Галілей. Таго, чаго і вы, Цімафей Міронавіч.

Гвардыян (троху здэтанаваны). Я дык што ж, пэўная справа, кулак, хе-хе-хе... А чаго ж вам, будучы, баяцца?

Галілей. Кхе... Кхе... Каб ведаў, дык не баяўся б. Чалавек таго баіцца, чаго не бачыць, не разумее...

Гвардыян (разважна). Што праўда, то праўда. Каб гэта ведаў усё, што наперадзе, дык які страх! Хе-хе... Каб ведаў, дзе павалішся, дык бы лёг там спакойненька, яшчэ і саломкі падаслаў.

Паўза.

Што ж яны, будучы, зробяць вам, Ахрэм Данілавіч?

 

Галілей. Яны мне нічога не могуць зрабіць. Ці аб адным чалавеку страх? Вам, Цімафей Міронавіч, будзе канец... ага... А ці варты вы таго ці не варты? Трэба памеркаваць... ага... Рэвалюцыя нейкая ідзе. Рэвалюцыя заўсёды шукае чые-небудзь пагібелі. З гэтае пагібелі — іншым шчасце. Можа, з нашае пагібелі будзе некаму шчасце... ага... Я не ведаю... не разумею... Нічога не разумею...

Гвардыян. Не разумееце?

Галілей. І нічога я вам не скажу.

Гвардыян. Не скажаце?

Паўза.
Гвардыян пачынае }дрыжэць, і вусны ў яго замест усмешкі расцягваюцца ўбогай разгубленай грымасай.

Можа, скажаце, зямлю адбяруць?

Галілей. Кхе... кхе... адбяруць.

Гвардыян. Можа, скажаце, гаспадарку рашаць?

Галілей. Кхе... кхе... і рашаць.

Гвардыян (усё больш распаляецца). Можа, і хату? І тое, што ў хаце? Га? І тое, што ў хаце? Можа, скрыні пачысцяць, кішэні павыварочваюць? Можа, сарочку здзяруць? Ну? Кажы! Ну? Кажы!.. (Падступае да Галілея.) А можа, ты брэшаш, га? Брэшаш, Галілей, го-го-го!.. Брэшаш!.. Брэшаш!.. Не загубяць бязвіннага чалавека! Няма таго закону! Закону няма!

Галілей (скорагаворкай). А ўчора я трактар бачыў... ага... Ішоў некуды праз наша мястэчка. Так-тахтах-тах... І жук поўз па дарозе. Жучок. Проста — чорны жучок... Кхе... кхе... Дык трактар пайшоў, а жучок застаўся... раструшчыў трактар жучка. І ніхто не пашкадаваў. Раструшчыў, Цімафей Міронавіч, ага... раструшчыў.

Гвардыян. А што гэта па-твойму — трактар?

Галілей (з трыумфам). Ага... Вось не ведаю... кхе... кхе... Не разумею, Цімафей Міронавіч, не разумею. І нічога не скажу... ага...

 

Зрываецца з месца і, не развітаўшыся нават, выбягае з хаты. Гвардыян нейкі час стаіць асалавелы на адным месцы.

 

Гвардыян. Разбой... Гэта ж чысты разбой! Сярод белага дня рабаваць чалавека... Што ж гэта будзе? Што ж гэта будзе?

 

Зноў стаіць моўчкі, потым голы пергамінавы твар яго крывіцца ў страшэнную жабіну грымасу, ён туга перахіляецца наперад і крычыць здушаным злосцю голасам.

Але ж чакайце, браточкі, не адзін Гвардыян ёсць на свеце! Усіх не ймеш — няпраўда ваша! Мы ж таксама не будзем сядзець склаўшы рукі, мы таксама нешта будзем рабіць. Чакайце, мае даражэнькія!

 

Мітусіцца на месцы, нібы шукае, за што хапіцца, потым, ахамянуўшыся, крычыць.

 

Матрёна, Матрёна!

 

Убягае Гвардыяніха.

Дай мне, будучы, мой добры пінджак.

 

Пачынаецца цырымонія надзявання «добрага пінджака». Хоць «пінджак» вісіць тут жа, у першай ад Гвардыянавага трона шафе, але бярэ яго канечна «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падыходзіць да Гвардыяна з набожнай, блізкай да сполаху, павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спіной насустрэчу «добраму пінджаку» і выставіў назад скачарэжаныя рукі. «Матрёна», зацяўшы дух, напінае на гэтыя рукі неслухмяныя рукавы. Надзеўшы «пінджак», Гвардыян злосным рашучым крокам выходзіць з пакоя. Гвардыяніха з хвіліну стаіць, узняўшыся на цыпачкі, слухае, пакуль ляпнуць надворныя дзверы. Тады, палахліва азірнуўшыся, бяжыць да Гвардыянавага трона, сядае на ім і жаласна падпірае рукой галаву.

 

Гвардыяніха (дужа трагічна). Божа мой, божа! За што я такая няшчасная! Дзе маё хараство? Дзе мая прасветлая маладосць? (Плача.) А я ж у гімназіі вучылася, а я ж на гітары іграла... (Трошку паплакаўшы, выцірае кулачком слёзы, уздыхае, зноў з хвілінку сядзіць, падпёршы рукой галаву, і раптам заводзіць тонкім кволым галаском.)

 

Ветер пронесся над речкою сонной,

Тихо шумит очерет...

 

 

 

Сцэна 2-я

Кватэра Карызны. Марына Паўлаўна і Тацяна збіраюць рэчы. Галілей муляецца ў парозе.

 

Тацяна. І каб гэта я ды нейкі там сорам займела? Гэта — мой гонар, што я не захацела, як каторыя іншыя, век гараваць, ды дала сама сабе рады. А то — прыходжу, а яна сядзіць, асалавеўшы, як нежывая ўсё роўна.

Марына Паўлаўна (да Галілея). Ці добра я раблю, дзядзька Ахрэм? Вы ж ведаеце ўсё, я ж нікому, апроч вас, не гаварыла пра гэта, пра наша...

Галілей. Кхе... кхе... Трэба памеркаваць... ага... Трэба памеркаваць...

Марына Паўлаўна. Я не ведаю... Здаецца, усё я абдумала, абмеркавала. Усё нібы паказвае на тое, што так трэба зрабіць. А можа, не? Можа, дрэнна так будзе? Я не пра сябе... Нават не пра яго... Я не ведаю, як будзе дачцэ...

Галілей (рашуча). Усім будзе лепей... ага... усім лепей.

Тацяна. Цяпер жа ўсё нанова перарабляюць, дык вось і мы сваё жыццё па-новаму павядзём. Пойдзем з табой, Марына, па сходах, па калгасах, актывісткамі станем. Дзве разводкі... А што ж? Наша справа такая — плюём на ўсё, на ўсякія там плёткі-шмоткі ды жывём, як самі захочам. Ці праўда, дзядзька Ахрэм?

 

Галілей строга зірнуў на яе, даючы зразумець, што ён жартаў не любіць.+

 

Тацяна (ранейшым тонам). Пажывеш спачатку ў нас на Зарэччы — у Якуба Лакоты каморка такая ёсць... Мы яе сяк-так абсталюем... Вось і дзядзька Ахрэм нам паможа, ён жа ў нас майстра знатны, хоць што прымудрыць.

 

Галілей (радасна страпянуўшыся). Ага... Трэба памеркаваць. Мы зробім... Можна электрычнасць... ага... ветрачок...

Марына Паўлаўна (з мімавольнай усмешкай). Кіньце вы, дзядзька Ахрэм! Якая вам тут электрычнасць. (Азіраецца.) Ну, здаецца, усё. (Знясіленая сядае сярод хаты на клумак і раптам пачынае плакаць.)

Галілей (збянтэжаны, тупае каля Тацяны). Гэта, Тацяначка, добрыя слёзы... ага... Хай плача, Тацяначка, хай плача... гэта добра...

 

Уваходзіць Сымон Карызна.
Здзіўлены сунімаецца ў парозе.

 

Марына Паўлаўна (схапянуўшыся). Тацяначка! Вазьмі гэты клумак, нясі... Дзядзька Ахрэм, памажыце... Я зараз... Я зараз пайду...

 

Галілей і Тацяна выходзяць. Карызна ідзе да стала, кладзе партфель і моўчкі стаіць, чакаючы тлумачэнняў.

 

Дык я пайду, Сымон. Я ўжо дамовілася, буду жыць пакуль што ў Зарэччы, у Якуба Лакоты... там ёсць пакойчык такі... А далей будзе відаць...

Карызна (з фальшывым абурэннем). Што гэта ты, Марына? Што ты падумала?

Марына Паўлаўна (горка ўсміхнуўшыся). Я не толькі для цябе гэта раблю, а і для сябе. Мне будзе лягчэй. (Памаўчаўшы.) Мне ж таксама, Сымон, трэба жыць... яшчэ...

Карызна. Ну што ж, можа, так будзе і лепей... Мы ж, Марына, усё роўна не будзем чужыя, праўда? У нас жа яшчэ астаецца дачка?

Марына Паўлаўна (ціха і смутна). У нас астаецца дачка.

 

Працяжная паўза, якая цяжарыць абаіх. Марына Паўлаўна хоча нешта сказаць, ды не важыцца.

 

Сымон... Я хацела яшчэ сказаць табе...

Карызна (настарожана). Ну?

Марына Паўлаўна. Гэта не мой клопат, я ведаю. Ты не злуйся, Сымон...

Карызна (стараючыся быць ласкавым). Гавары, Марына, усё гавары...

Марына Паўлаўна. Ты ўжо другі ліст атрымаў... Я ведаю, ад каго гэтыя лісты.

Карызна (спалохана). Ты чытала?

Марына Паўлаўна. Што ты, Сымон? Але ж я бачу ўсё... Я разумею. (Падыходзіць бліжэй да яго.) Нашто ты мучыш сябе? Ты скажы ўсё... каму трэба... Табе нічога не будзе, ты ж не вінаваты.

Карызна (відавочна ўсхваляваны, хоча скончыць гутарку). Так, так... Я не вінават... Добра, Марына, добра, што сказала. Усё будзе добра, ты не турбуйся. Я ўжо зусім спакойны. (Ласкава дакранаецца да яе рукі.) Мы ж будзем бачыцца з табой, так? А дачцэ ты нічога не будзеш пісаць пакуль што?

Марына Паўлаўна (у немарасці). Не, не буду.

 

Ціха, як у забыцці, выходзіць з пакоя.

 

Карызна. Не развіталася. (Ходзіць па пакоі, потым сунімаецца і амаль што весела азіраецца наўкола.) Такое ўражанне, як быццам пераехаў куды на новае месца. (Ідзе да пісьмовага стала, дастае з-пад груды кніжак лісты і рве іх на дробныя кавалачкі, прыгаварваючы з хітрым смяшком.) Каб ніхто ні да чога не мог прычапіцца...

 

 

Сцэна 3-я

Прэзідыум сходу, сярод якога Якуб Лакота, Пацяроб, Зелянюк і іншыя. Старшыня — Якуб Лакота. Сымон Карызна робіць даклад пра калектывізацыю сельскае гаспадаркі. Публікі не відаць, але добра чуваць усё, што дзеецца ў зале. Зелянюк жвава ківае ў публіку, кліча некага да сябе. Праз момант на сцэну ўваходзіць камсамолец Віктар. Зелянюк сустракае яго і адводзіць убок.

 

Зелянюк. Ну, як?

Віктар (радасна ўсхваляваны). Усё добра. Усё ў парадку. Апроч мяне выступяць восем чалавек — тры нашых і пяць сівецкіх. Хай толькі падкнуцца, мы такога гасу дадзім! Мы адно пачакаем... (Сам сябе перапыняе.) Гвардыян прывалокся. Не трэба было гэту погань на сход пускаць.

Зелянюк. Дармо. У адкрытую лепш. Ты выступіш першы — так, як умаўляліся... Помніш? Я дам знак. Пакуль не трэба, не лезь. Ну, пайшоў.

 

Віктар выходзіць. Зелянюк сядае на сваё месца.

 

Карызна (канчае даклад). Усе як адзін на барацьбу за суцэльную калектывізацыю! Усе як адзін на барацьбу за новую сацыялістычную гаспадарку! Хай жыве арганізатар і кіраўнік працоўных — камуністычная партыя!

 

У зале халоднае маўчанне. Карызна, троху здэтанавалі, займае сваё месца ў прэзідыуме.

 

Лакота. Таварышы! Можа, будуць якія запытанні дакладчыку?

Маўчанне.

Запытанні ёсць? Няма запытанняў ні ў кога?

Маўчанне.

Пяройдзем да спрэчак. Хто хоча слова?

Маўчанне.

Хто хоча слова?

Зноў маўчанне.

Няўжо ніхто не хоча выказацца? Пачынайце, таварышы!

 

Паўза. Потым чуваць вісклівы жаночы голас: «Век звекавалі, а гэткага ліха не бачылі... Як жылі, так і жыць будзем, вось наша слова!» Голас адразу губляецца ў цэлай віхуры крыку і ляманту, які раптам выбухнуў у зале.

Якуб Лакота стараецца ўціхамірыць баб, але марна. Тады з усяго хору галасоў вылучаецца адзін, які набірае ўсё большую і большую сілу і нарэшце гучыць упэўнена, цвёрда, перамагаючы агульны тлум. Гэта гаворыць Тацяна. Якуб Лакота і Зелянюк энергічнымі жэстамі запрашаюць яе на сцэну, і яна выходзіць, не перапыняючы свае мовы.

 

Тацяна. ...самі не ведаеце, чаго і што. Ці ж мала ты, каторая, пагаравала, пабедавала? Ці ж у цябе было калі шчасце ў жыцці, ці ты свету калі яснага забачыла? Або! Каб мне столькі радасці, сколькі кожная слёз папаліла за свой век. Дурныя, і больш нічога. Замест таго каб падумаць, памеркаваць, можа, нейкую прасветласць знайсці ў жыцці, дык яны — немаведама што... Як была быдлам у свайго мужыка, так і будзеш давеку. А тут што — не ягонай гэта злосцю крычым, не ён гэта нацкаваў цябе каторую? Вунь яны стаяць, маўчаць як вады набраўшы. Хай дурныя бабы крычаць, хай апастыляюцца, а мы, разумненькія, памаўчым, пачакаем, паглядзім, як яно куды... Што, няпраўда? Га? Мо няпраўду кажу? Свінні вы, а не людзі...

 

Чуваць штучны рэдзенькі смех мужчын. Бабы зноў залямантавалі. Чуваць паасобныя выкрыкі: «А твой дзе? Куды ён цябе вучыць?», «Сама скруцілася ад свайго, дык ужо вычварае!», «Распусніца», «Табе толькі калгасу і трэба. Там многа будзе...» Тацяна з хвіліну стаіць, ашаломленая нечаканай бурай бруднае лаянкі, потым, кінуўшы ў бок прэзідыума поўны крыўды і роспачы погляд, паволі сыходзіць са сцэны і ідзе ў зал, у гушчу злоснага бабскага тлуму. На яе месцы з’яўляецца Зелянюк. Ён падымае руку, паказваючы, што хоча гаварыць. Шум сціхае.

 

Зелянюк (ціха і цвёрда). Хто з вас, цётачкі, хоча сказаць што дрэннае пра Тацяну? Хто яе ведае добра? Ну, кажы першая... Ты?

 

Ён наўгад торкае пальцам у нейкую жанчыну, адказу няма.
У зале напружанае маўчанне.
Паўза.

Крыкам ніякага сэнсу не дойдзем. Будзем гаварыць спакойна. Хто хоча гаварыць — прасі слова ў старшыні сходу.

 

З наўмыснай павольнасцю ідзе на сваё месца.

 

Лакота. Хто яшчэ хоча слова?

 

Чуваць стрыманыя галасы: «Прахор, выхадзі!», «Прасі слова, Прахор!»

Прахор (за сцэнай). Што там слова? Якое там слова? Што буду я табе гаварыць, га? Што буду я гаварыць? (Выпхнуты натоўпам, з'яўляецца на сцэне.) Яно ўсё добра выходзіць, усё чысценька. Мужык дурны, дык — на табе — паможам, значыцца, жыццё будаваць. (Едка-віскліва.) А дзе вы былі, мае даражэнькія, як я пні карчаваў на лядзе, як сваімі крывымі пальцамі раскалупваў кожны во гэткі кавалачак, каб пасеяць каліва збожжа? Ці прыйшлі вы тады, га? Ці памаглі мне? А то дык — ого! на гатовенькае!.. Дабрадзеі вялікія!..

 

Спачувальны гоман публікі заглушае ягоныя словы, і ён сыходзіць са сцэны, яшчэ нешта выкрыкваючы па дарозе.

Лакота (марна стараецца ўціхамірыць сход). Ціха, таварышы! Хто просіць слова? Хто там? Ага, Гвардыян... Слова мае Гвардыян.

 

У зале цішэе. Цімафей Міронавіч Гвардыян з дзелавіта заклапочанай мінай на сваім голым пергамінавым твары спакваля выпаўзае на сцэну.

 

Гвардыян. Яжэлі ўсё натуральна прааналізаваць, дык яно, будучы, няма чаго, мужчынкі, крычаць. Таварышы, каторыя зноў жа з гораду (далікатны зірк у бок Зеленюка) і каторыя, будучы, таксама нашы свае месныя працоўнікі (поўны пашаны жэст да Карызны), яны ж не так сабе гэта, як яно выражаецца, цапу-лапу. Кожны, будучы, з свайго розуму аб’ясняецца. І нам здаецца, што крычаць не трэба зусім, а трэба, будучы, паслухаць усе іхныя прадлажэнні, пракрасна абдумаць іх і, будучы, абмеркаваць. А можа, хто пойдзе ў гэты калгас, што вы думаеце? Можа, і будуць ахвотнікі? Ты ж людзям не закажаш, калі ён, будучы, хоча пайсці, дык ён і пойдзе. Мы, канечна, не нафпроціў калгаса, і трэба паслухаць людзей, раз яны спецыяльна на гэта прыстаўлены...

 

У зале чуваць лёгкі смяшок, спачувальныя рэплікі. Зелянюк, відавочна раздражнены «будучы, пракраснай» Гвардыянавай прамовай, дае знакі ў публіку, што час распачаць бой. Але ў гэты момант панура ўзнімаецца з свайго месца манументальны Пацяроб.

Пацяроб (падыходзіць да Карызны і, бачком схіліўшы да яго галаву, з грэблівай мінай пытаецца). Сымонка! Лупсянуць?

Карызна. Смалі, браток, толькі не надта.

Пацяроб (велічным жэстам супакойвае Карызну і адразу з месца, нават не папрасіўшы слова, зачынае). Любачкі мае! Залаценькія! Што гэта вы сабе думаеце? (Робіць мнагазначную паўзу, падчас якой дакорліва ківае галавой, упяўшы погляд сабе пад ногі. Потым ураз узнімае галаву і знаходзіць вачмі Гвардыяна.) Гвардыян! Ты нас за дурняў маеш, ці што? (Вытрымаўшы паўзу, грозна.) За дурня маеш, кажу, га? (Перакрыўляе.) Ты не проціф калгаса? Можа, хто і пойдзе? Га? Дазваляеш? (Зноў памаўчаўшы, заводзіць тоненька, падчэпліва.) Ты, любачка, ведаеш, хто гэта праводзіць калектывізацыю? Ты ведаеш, супроць каго ты ідзеш? Калектывізацыю праводзіць партыя і Савецкая ўлада. Улада!.. (Нахіляецца наперад і ціханька, нават ласкава запытвае.) Ты супроць Савецкай улады? (Памаўчаўшы, рашуча сігае на два крокі ўбок, нібы змяняючы ўстаноўку свае прамовы, і пачынае мітынгаваць). Таварышы! Ці ж мы не сумленныя грамадзяне? Ці ж мы не лілі кроў за нашу родную Савецкую ўладу? Няўжо мы пойдзем супроць таго, што праводзіць улада, каб нам жа, цёмным дурным мужыкам, было лепей? Хто адважыцца — я пытаю, хто адважыцца з нас пайсці насупроць гэтага мерапрыемства, га? Хто пойдзе насупроць, я пытаю?

Голас з натоўпу. Дык навошта нас на сходы цягаць? Вывесілі б загад, дый па тым.

Зелянюк (да Карызны). Трэба спыніць яго, ён разгоніць сход.

Карызна (рэзка). Я сам ведаю, што мне рабіць.

Пацяроб. А! Нашто на сходы? Табе сходаў не трэба, ты супроць сходу? Таварышы! Гэта гаворыць класавы вораг, гэта контррэвалюцыянер! Я ведаю цябе, залаценькі, я патрабую даць табе рады. Не бойся, любачка, не бойся!

 

Шум у зале перапыняе яго. Чуваць галасы: «Які гэта сход?», «Што ён там вычварае!», «Разыходзься, народ!», «Хай самі ў калгас ідуць!»

 

Прашу не перапыняць! Я не дазволю зрываць сход! Я вас ведаю, кулацкія падпявалы! Ворагі класавыя — во хто вы!

 

Шум расце. Крыкі: «Як ворагі, дык нашто з намі гаварыць», «Гайда дадому!» Чуваць стук мэблі і бязладны тупат людзей.

 

Куды гэта, га? Уцякаць? Уцякаць? Не пушчу! Хто пойдзе са сходу, той вораг Савецкае ўлады! Контррэвалюцыянеры, назад!

 

З усіх капытоў кідаецца ў зал, дзе, чуваць, ваюе з наравістымі грамадзянамі. Агульны вэрхал. Старшыня адчайна кліча да парадку. Да Карызны падыходзіць Зелянюк, ён увесь дрыжыць, ледзьве стрымліваючы сваё абурэнне.

 

Зелянюк (крычыць з нязвыклай для яго рэзкасцю). Ты сарваў сход! Ты праваліў калектывізацыю!

Карызна (у шалёнай злосці). Блазнюк! За свае ўчынкі буду адказваць я сам!

 

 

Сцэна 4-я

Кватэра Веры. На стале цьмее забытая лямпа, асвятляючы пакой слабым дрыготкім светам. Вера спіць, стуліўшыся ў куточку канапы. Чуваць, як нехта бразгае ў дзверы.

Вера (прахапіўшыся). Што гэта? Хто там?

 

Выходзіць за дзверы і праз момант варочаецца з Сымонам Карызнам.

 

А я, ведаеш, як прыйшла — змораная-змораная — дай, думаю, пасяджу хвілінку, перадыхну. Вось і перадыхнула... Чакай, я напраўлю лямпу... Не ведаеш, якая гадзіна?

Карызна. Позна ўжо... Прабачай, Вера, што я цябе патурбаваў. Я ўбачыў аганёк у акне і наважыўся зайсці.

Вера. А дзе ты быў так позна?

Карызна (дасадліва). А ліха яго ведае... Пасля гэтага праклятага сходу я ашалеў... Не магу ў хаце сядзець. Хаджу вось цэлую ноч, бадзяюся...

 

Паўза.

Я ж адзін цяпер, Вера. Сёння... ці, праўда, учора пайшла ад мяне мая жонка... Мы разышліся.

Вера (амаль не радасна). Разышліся? (Схамянулася, засаромелася свайго мімавольнага ўзрушэння.) Мы нядаўна сустракаліся з ёю, гаварылі... Яна такая добрая, такая добрая...

Карызна. І вось я адзін... я адзін...

Вера. Цябе знерваваў гэты сход. Як гэта выйшла няўдала!

Карызна. Ён сказаў мне, што я праваліў калектывізацыю... ён ужо вінаваціць мяне. (Злосна.) Што яму ад мяне трэба, гэтаму падшывальцу? Якое ён права мае сачыць за кожным маім учынкам?

Вера. Ты пра Зеленюка? Гэта проста немагчыма. Ён ні з кім і ні з чым не лічыцца. Што значыць — праваліў калектывізацыю? Што сход не ўдаўся? У іншых вёсках па дзесяць сходаў збіралі, пакуль сёе-тое зрабілі.

Карызна (з усмешкай). Пацяроб кажа, што гэта нават добра. Не папужаўшы іх, кажа, нічога не выйдзе. Іх трэба пужаць... разумееш? Іх трэба пужаць... Так можна гаварыць пра таго, каго не любіш, кім пагарджаеш. Ну, што ж... У мяне яшчэ горш... я іх ненавіджу... ненавіджу... Там на сходзе быў момант, калі ў мяне з’явілася дзікае жаданне перастраляць іх.

Паўза.

Іх... ха-ха... Каго гэта іх?

Вера (ціха, інтымна). Скажы, Карызна, а ты верыш у гэта ва ўсё? Шчыра верыш?

Карызна (памаўчаўшы). Я доўга жыў зусім іншымі марамі... Бачыў я зусім іншую краіну, рабіў я для яе зусім іншы дабрабыт, не такі, як... усё гэта... варожы гэтаму... Я павінен разбураць цяпер тое, што дагэтуль тварыў... Але я веру ў гэтае разбурэнне! Буду я рабіць яго — жорстка, бязлітасна! Я не пашкадую нікога, нават самога сябе!

Вера (тым самым тонам). А ці верыш ты ў тое, у другое? Ці верыш ты, што будзе лепей?

Карызна (горача). Я мушу верыць! Я — камуніст! Я не хочу быць здраднікам! Я не хочу, каб мяне выкінулі вон, як непатрэбнае смецце... Буду змагацца! Я пакажу яшчэ, хто чаго варты!..

Вера (дзелавіта). Трэба верыць... Пэўна, што трэба верыць.

Карызна. Мне стаў на дарозе гэты блазнюк. Ён як цень, які над маёй галавой. Ён не дае мне спакою. (З цвёрдай навагай.) Заўтра ж еду ў раён і патрабую, каб яго прыбралі адсюль. Паглядзім, каму з нас павераць... Ха-ха!..

Вера (падыходзіць да яго, ласкава). Не трэба быць такім злым. (Пяшчотна туліцца да яго.)

Карызна (абнімае яе). Ты... кахаеш? Ты папраўдзе кахаеш? Скажы, кахаеш?

Вера (саромліва). Ну, кахаю ж, вядома, кахаю... Ці ты не бачыш?

Карызна (моцна прыціскае яе да сябе, потым бярэ ў абедзве рукі яе галаву і, адхіліўшы ад сябе, глядзіць ёй у твар настойным праніклівым позіркам). А калі зломіць жыццё... калі выкінуць, як непатрэбнае смецце... Што тады? Вера, што тады?

Вера. Не трэба так гаварыць! (Вырывае галаву і хавае твар у яго на грудзях.)

 

 

Акт трэці

 

Сцэна 1-я

Хата Якуба Лакоты. З аднаго боку дзверы ў каморку, дзе жыве Марына Паўлаўна. Перад дзвярыма тупае Галілей.

 

Галілей. Кхе... кхе... (Ляпае ў дзверы.) Кхе... кхе...

 

Марына Паўлаўна з’яўляецца з уваходных дзвярэй.

 

Марына Паўлаўна. Дзень добры, дзядзька Ахрэм. Вы да мяне?

Галілей. Не то што... ага... Я зайшоў, аж нікога няма... ага... нікогачка...

Марына Паўлаўна (падыходзіць да стала, кладзе на яго груд папер. Гаворыць весела, бадзёра). Бачыце, дзядзька Ахрэм? Я ўжо і работу знайшла сабе. Хадзіла вось па Зарэччы, перапісвала сродкі вытворчасці. Тут жа мала не ўсе гаспадары ў калгас пайшлі. А не хацелі дазволіць, колькі барацьбы было... (Сядае за стол, раскладае паперы.) Трэба падагуліць усё, скласці спісы. Я ў іх, дзядзька Ахрэм, нібы за сакратара ў калгасе.

Галілей (падбягае да яе, таямніча шэпча). А ў нас, у Сіўцы, пачынаецца ўжо... ага... пачынаецца...

Марына Паўлаўна. Што пачынаецца?

Галілей. Можа, рэвалюцыя, а можа, так сабе... пужаюць... ага...

Марына Паўлаўна. Нічога я не разумею, дзядзька Ахрэм.

Галілей (трыумфуючы). А я разумею... ага... разумею... Я ўсё разумею... Яны баяцца... ага... Яны самі баяцца... во што... баяцца...

Марына Паўлаўна (затурбавалася). Хто баіцца? Дзядзька Ахрэм, пра каго вы гаворыце?

Уваходзіць Зелянюк.

Галілей. Кхе... кхе... Трэба памеркаваць... ага... трэба памеркаваць...

Бяжыць да дзвярэй.

Зелянюк. Куды ж вы, дзядзька Галілей?

Галілей (паспешна). Пабягу... пабягу...

 

Выбягае.
Зелянюк падыходзіць да Марыны Паўлаўны.

Зелянюк. Лакоты няма?

Марына Паўлаўна. Зараз прыйдзе.

Зелянюк. Ну, як працуецца? Весялей троху стала, праўда?

Марына Паўлаўна (ажывіўшыся). Добра, таварыш Зелянюк, зусім добра. У працы ўсё забываецца. Быццам нейкі нядобры сон... даўны-даўны... (Сарамліва ўсміхнуўшыся.) Я калі з ім сустракаюся, дык таксама неяк... ні злосці ніякай, нічога... Быццам нанава ўбачыла, як тады, дзяўчынаю. А ён дык усё ўцякае, нібы баіцца чаго.

Зелянюк (мнагазначна). Баіцца?

Паўза.

Можа, і баіцца...

Марына Паўлаўна (зноў затурбавалася). Таварыш Зелянюк! Скажыце мне, што там робіцца ў Сіўцы?

Зелянюк. Тое, што ўсюды, Марына Паўлаўна: класавая барацьба. (У задуменні ходзіць па пакоі.) Якая страшная паслядоўнасць... Невялікая шчылінка зараз жа вырастае ў прорву. Момант сумнення, няўпэўненасці абарачваецца ў здраду. І часам прыходзіцца бачыць ворага ў тым, хто стаіць поплеч з табою...

 

Марына Паўлаўна з кожным яго словам усё больш і больш хвалюецца.
Уваходзяць Тацяна і Вера.

Зелянюк. Ну, як там жанчыны? Сход правялі?

Тацяна (пахмура). Не было сходу, ніхто не прыйшоў.

Вера. Я ж казала вам, Зелянюк, што мы на жанчын зусім мала ўвагі звяртаем.

Марына Паўлаўна (трывожна). Тацяначка! Чаму яны не прыйшлі?

Тацяна (тым жа тонам). Пацяроб па хатах ходзіць, у калгас запісвае.

Вера (заклапочана). Зелянюк! Што ж нам рабіць? Учора на кройку-шыццё не прыйшлі. І драмгурток правальваецца... і малапісьменныя... У вас тут дык усё па-новаму, у вас зусім інакшая справа пайшла...

Зелянюк. Значыць, трэба рабіць так, як робіцца тут.

Вера (амаль не ў роспачы). Дык жа мы хочам рабіць! Мы стараемся! (Энергічна.) Тацяна! Я пайду пагавару з нашымі жанчынамі. Мы збярэм яшчэ сход... Мы паставім пытанне... (Ідзе да дзвярэй, але варочаецца і падыходзіць да Марыны Паўлаўны.) Марына Паўлаўна! Нам з вамі трэба апрацаваць пратакол мінулага сходу.

М арына Паўлаўна (холадна). Я цяпер не магу. Можна ўвечары.

Вера (з момант моўчкі глядзіць на яе, потым гаворыць ціха, пакорна). За што вы мяне ненавідзіце?

Марына Паўлаўна (у вялікім замяшанні). Я вас... я не разумею...

Вера. Я не зрабіла злачынства. Я не вінавата ні ў чым.

Марына Паўлаўна (у раптоўным абурэнні). Вы... ні ў чым... (Глядзіць на яе з несхаванай нянавісцю, але перамагае сябе і стрымана тлумачыць.) Я не за сябе турбуюся... мне ўсё роўна. У нас ёсць дачка...

Вера (з шчырым захапленнем). Я знаю вашу дачку! Мы з ёй улетку хадзілі ў лес, купаліся разам. Яна такая добрая, слаўная, вясёлая! Мы з ёй умаўляліся нават перапісвацца, сапраўды, але неяк не выйшла... Яна такая прыгожая, такая разумная! (Хапае абяззброеную Марыну Паўлаўну за руку і моцна цісне яе.) Ну, я пайшла. Мы яшчэ пагутарым з вамі. Добра? Я ўвечары прыйду пратакол перапісваць. Бывайце!

Выходзіць. Марына Паўлаўна бязвольна апускаецца на зэдлік. Зелянюк і Тацяна мнагазначна перазіраюцца. Доўгая, прыкрая паўза, якую разрывае раптоўны шум за дзвярмі. Чуваць вясёлыя ўзбуджаныя галасы, спаміж якіх вылучаецца голас Якуба Лакоты.

Зелянюк. А вось, здаецца, і сам старшыня калгаса.

 

Уваходзяць Якуб Лакота і некалькі чалавек калгаснікаў.

Лакота (вясёлы, радасны). Гэта будзе наш першы крок, першая супольная справа. (Да Зеленюка.) Ты разумееш? Зараз усе як адзін семдзесят пяць падвод выязджае па лес на калгасную будоўлю. Будзем перш-наперш стадолу будаваць... пад абагуленую жывёлу... (Да Марыны Паўлаўны.) Віктар не прыходзіў?

Марына Паўлаўна. Яшчэ не прыходзіў.

Лакота. Ён павінен запіску прынесці з сельсавета. Ну, а як у Сіўцы?

Зелянюк (адводзіць яго ўбок). Карызна з Пацяробам гвалтам у калгас запісваюць. Усе страшэнна абураны. Наша падрыхтоўчая праца разлятаецца ў прах. Кулакі заварушыліся ўва ўсіх кутках, выкарыстоўваюць агульнае нездавальненне.

Лакота. Пашалелі яны, ці што? Гэта ж правал усяе работы!

Зелянюк. Я патрабаваў склікання экстраннага сходу ячэйкі. Там пагаворым. А пакуль што трэба тут мацней вузел закручваць...

Лакота. Ды мы ўжо, братка, закруцім...

Зелянюк. Галоўнае, каб адразу пачулася, што ўжо неяк разам, дружна, што ўжо нешта робіцца... разумееш? (Да калгаснікаў.) Ну, як, хлопцы, грымім?

Калгаснікі

— А чаму не грымець! Абы ахвота!

— Нам цяпер толькі разгону давай!

— Ужо сівецкія да нас просяцца!

 

За акном чуваць, як пад’язджаюць падводчыкі.

Лакота (глядзіць у акно). Вось і збіраюцца ўжо. Раз, два, тры, чатыры... Уга! Цэлы абоз... А вунь і Віктар смаліць. Ну, гайда! Паехалі!

Уваходзіць Віктар.

Гатова ўсё?

Віктар. Пацяроб запіскі на лес не даў.

Агульнае замяшанне.

Лакота. Як гэта не даў? Чаму не даў?

Віктар. Сказаў, што гэта — партызаншчына. Сказаў, што да заўтрага ён увесь Сівец загоніць у калгас і наш зачыніць тады, бо будзе адзін агульны. (Злосна.) Яны робяць там чыстую контррэвалюцыю.

Лакота (збянтэжана). Што ж гэта? Як жа гэта? Так дружна ўсё, зладна... (З навагаю.) Дык жа хай будзе што будзе! Едзем так! Я сам паеду... Няўжо без пацяробаўскае запіскі нам веры не дадуць! Не адправяць назад з пустымі рукамі, няпраўда!.. Едзем!

Тацяна (мякка, але рашуча). Ты не паедзеш, Якуб. За блізкі свет ды ў гэткую сцюжу... Ты ж зляжаш зусім...

Лакота. Тацяначка! І ты супроць мяне?

Тацяна (ласкава). Я за цябе, Якуб, за цябе...

Зелянюк. Ты не паедзеш — старшыні калгаса знойдзецца іншая праца. (Да Віктара.) Віктар, збірайся. Паедзеш з імі і зробіш усё, што трэба.

Віктар. Слухаю. (Памкнуўся ісці, але нешта ўспомніў, затрымаўся.) Чакай, табе вось ліст нейкі перадалі.

 

Дастае ліст, аддае Зеленюку. Той распячатвае, чытае. Агульнае напружанае чаканне.

 

Зелянюк (прачытаўшы ліст). Райком прапануе мне зараз жа пераехаць на працу ў Дубавіцкі сельсавет... Я разумею, што гэта значыць.

Лакота (трывожна). І ты што... можа, паедзеш?

Зелянюк (хвілінку падумаўшы). Так, я паеду. Але не туды, куды яны думаюць. Гэты нумар ім не ўдасца! (Да ўсіх.) Ну, хлопцы, гайда! Паехалі!

 

Калгаснікі, Віктар і Зелянюк выходзяць. Лакота ідзе следам за імі.

 

Лакота. Як так, дык і так... Едзьце, браточкі! Смаліце! Ды цераз Сівец абавязкова! Ды з песнямі, з песнямі!

Выходзіць.

Марына Паўлаўна. Што гэта робіцца там? Што яны сабе думаюць? (З раптоўнай навагай.) Тацяначка, я пайду... Мне трэба ў адно месца... Я пайду... Я пайду...

 

Паспешна выходзіць.

Тацяна. Марына! Чакай! Марына! Куды ты? А каб цябе...

Уваходзіць Якуб Лакота.

Лакота. Ну, паехалі... выправіў. Семдзесят пяць падвод як адна.

Чуваць нястройная, але дружная песня.

Чуеш, Тацяначка? Чуеш? (Здаволена смяецца і закашліваецца.)

 

Тацяна падыходзіць да яго, гаворыць з глыбокай спагадай.

Тацяна. Ты ж хворы зусім, Якубка. Ты дужа многа працуеш...

Лакота. Я не многа, Тацяначка! Я толькі трошачку. Я б хацеў так працаваць, каб усё, усё чыста адразу зрабіць!

Тацяна (ласкава абнімае яго). Зелянюк казаў, што цябе трэба берагчы...

Лакота (усхваляваны). Тацяначка! Якая ты добрая... Якая ты... якая ты... (Зноў моцна закашліваецца.)

 

 

Сцэна 2-я

У Галілеевай хацёнцы. Невялічкае памяшканне пазастаўлена розным начыннем, пазакідана рознымі матэрыяламі. У хаце нікога няма — толькі ўважна прыгледзеўшыся, можна заўважыць рэдзенькую бародку Галілея, якая тырчыць з высокіх — пад столлю — палацяў. Нехта настойна ляпае ў дзверы.

 

Голас з-за дзвярэй. Адчыніцеся, Ахрэм Данілавіч! Я, будучы, на адну секунду да вас.

 

Раптам дзверы самі па сабе адчыняюцца і, упусціўшы ў хату Цімафея Міронавіча Гвардыяна, зноў зачыняюцца.

Гвардыян (асалапела азіраецца на бакі, не знаходзячы гаспадара). Ну і механіка. Самі адчыняюцца і самі, будучы, зачыняюцца. Як у той казцы ўсё роўна.

Галілей (з палацяў). А гэта я за вяровачку... ага... за вяровачку. Ніякай асаблівай механікі.

Гвардыян. Хе-хе-хе... А я іду гэта па вуліцы, гляджу — ветрачок сабе круціцца памаленьку — дай, думаю, заскочу да Ахрэма Данілавіча. Ён жа мяне таксама, будучы, не мінае.

Галілей. Кхе... кхе... Абміну, Цімафей Міронавіч, ага... абміну...

Гвардыян. Ну, дык, можа, дасць бог, іншыя добрыя людзі не абмінуць.

Галілей. І людзі абмінуць... і ўсе абмінуць. Як жучка таго... ага... як жучка на дарозе.

Гвардыян. Хе-хе-хе... Вы гэта вунь куды, Ахрэм Данілавіч! А ці не старыя вы ўжо, каб за тым трактарам гнацца, га?

Галілей. А я трушком... ага... а я подбежкам. Можа, і даганю...

Гвардыян. Гэта-то так, як яно выражаецца... уцёк не ўцёк, а пабегчы можна. Адно глядзіце, Ахрэм Данілавіч, каб трактар той, будучы, не паламаўся. Чулі, што на сяле робіцца? Чулі, што яны вырабляюць? Ні беднякоў не глядзяць ужо, ні кулакоў — усе пад адзін капыл найшлі, усім роўная ласка... (Узвышае тон) Увесь народ паднялі. І ўвесь народ гвалту крычыць! Што будзе толькі? Што будзе?

Галілей. Не ведаю я... нічога не ведаю... Можа, і рэвалюцыя будзе... ага... а можа, так сабе...

Гвардыян (усё больш распаляецца). Рэвалюцыя? Рэвалюцыя? А галоў яны не наскручваюць з гэткай рэвалюцыяй, га?

Галілей. І галовы паскручваюць... ага... паскручваюць. Вам першаму скруцяць, Цімафей Міронавіч...

Гвардыян (крычыць). Мне? Усё мне? А табе што — не скруцяць? Ты лепшы, га? На цябе паглядзяць? Чакай, браточак, усім будзе досыць! Да ўсіх дабяруцца! Усю механіку тваю параскідаюць! Усю мудрасць тваю размудруюць! На звод пайшло ўсё. На звод! На разбурэнне пайшло.

 

У гэты момант Галілей торгае за нейкую вяровачку, і палаці, на якіх ён ляжыць, плаўна спускаюцца долу. Гвардыян спалохана адскоквае ўбок.

 

Цьфу ты, нячыстая сіла!

Галілей саскочыў з палацяў і жвава наступае на збянтэжанага Гвардыяна.

 

Галілей. А ў Зарэччы стадолу будуюць вялікую. У лес паехалі... ага... песні пелі... І электрычнасць будзе... І ацяпленне... І абвадненне... І механіка будзе... ага... механіка...

Гвардыян (схамянуўшыся, бярэ свой звычайны тон). Дык гэта ж хай бог памагае, як яно выражаецца... Калі б так усё добра пайшло, дык хто б яго, будучы...

 

Здрыгануўшыся, азіраецца на дзверы, якія ў гэты момант ціха прачыняюцца, прапускаючы ў сябе перш чырвоны нос, а потым і ўсю недарэчную галаву Паўлюка Гвардыяна.

 

Паўлюк (смяецца сіпучым здушаным смехам). Хіхі-хі...

Гвардыян (устрывожана). Што табе трэба? Чаго ты цягаешся за мной, як сабака?

Паўлюк (хітра падміргвае яму). Ідуць...

Гвардыян. Хто ідзе?

Паўлюк (душыцца ад смеху). Раскулачваць будзем... Хі-хі-хі...

Гвардыян (як мага стараецца вярнуць сваю амбіцыю). Гэта ці не ты мяне, будучы, раскулачваць будзеш?

Паўлюк (хістаючыся, падыходзіць да брата і з наўмыснай пакорнасцю кланяецца яму). Братачка, дабрадзеечка... Дзякуй табе за ўсё... За ласку тваю, за апеку... За грошыкі твае дзякуй... за гарэлачку... (Ловіць за руку Гвардыяна, нібы хоча пацалаваць.)

Гвардыян (спуджана адшаснуўся ўбок). Пайшоў вон! Напіўся, як свіння...

Паўлюк (да Галілея тонам даверлівага прызнання). Напіўся... праўда... (Нахіляецца да яго і шэпча.) Пятнаццаць год чакаў гэтага свята... Пятнаццаць год... Раскулачваць... хі-хі-хі...

Гвардыян (увесь калоціцца ад злосці і страху). Дык табе свята, паскуднік, свята? Ты братавай пагібелі рад? Я цябе, будучы...

 

Грозна наступае на брата, той выбягае, не перапыняючы свайго жудаснага смеху.

 

Галілей (з раптоўнай рашучасцю). А вы ідзіце, будучы, вон, Цімафей Міронавіч!

Гвардыян (з момант асалапела глядзіць на яго). Гоніш? Гоніш, Галілей? Гоніш? За пашану, за добрае слова?

Галілей. Ганю... ага... ганю. І з пашанай разам... І з добрым словам...

Гвардыян (ад парога). Чакай жа, злыдзень няшчасны! Яшчэ прыйдзе коза да воза!

Галілей (злосна плюе яму ўслед). Цьфу... Цьфу... Цьфу...

 

 

Сцэна 3-я

Кватэра Карызны. Пацяроб дакладвае Карызну пра ход калектывізацыі.

 

Пацяроб. Вось і ўсё, любачка! Пратакол — як належыць, усе фармальнасці. Уласнаручныя подпісы гаспадароў. (Пяшчотна.) Раз ты, залаценечкі, падпісаўся, дык з табой ужо інакшая і гутарка. Назад адны ракі поўзаюць. А што табе кароўку не хочацца аддаваць, дык мы, любачка, разумеем і спачуваем. Мы самі возьмем.

Карызна (неймаверна). І гатова ўжо, га? Пацяроб! Гатова?

Пацяроб (з адмысловым жэстам). Пфэ!

Карызна. А што ж далей? Як далей будзе?

Пацяроб. Сымонка! Золатка!.. Усё пойдзе, як перуном высмаліць. Раскудлачыў, у калгас напісаў, а цяпер, дасць бог, і жыўнасць абагулю. Усё ж па плану. План, мой даражэнькі, гэта — сацыялізм...

Карызна (рашуча). Заўтра ж распускаем калгас у Зарэччы. Пастанова была — дазволіць часова да ўтварэння агульнага калектыву ў Сіўцы. (Зларадасна.) І ніводнага з тых баламутаў да кіраўніцтва ні блізка! Ха-ха! Я пакажу вам гэтую зеленюкоўшчыну!

Пацяроб. Ты прабачай, Сымонка, але я ўжо і назву даў нашаму калгасу — «Гром рэвалюцыі»... Як табе, золатка, ці падабаецца?

Карызна. Добра, добра. Грымі, Пацяроб, грымі!

Пацяроб. Ну, я пайшоў, любачка! А то мае хлопцы там без мяне могуць тэмпы згубіць... Арывуар!

Выходзіць.

Карызна (падумаўшы). Часам і дурны Пацяроб можа саслужыць добрую службу.

Уваходзіць Марына Паўлаўна.

Карызна (здэтанаваўся, але зараз жа авалодаў сабой). А, гэта ты, Марына... Як добра, што ты прыйшла. Сядай, калі ласка... Я акурат атрымаў сёння ліст ад дачкі. Ты ёй, мусіць, яшчэ нічога не пісала? Яна не ведае... Яна піша нам абаім. На, пачытай!

 

Марына Паўлаўна хоча ўзяць, але рукі ў яе дрыжаць, і яна ўпускае паперу. Карызна заўважае яе хваляванне.

 

Марына, што з табой?

Марына Паўлаўна (у замяшанні). Я прыйшла ўзяць рэчы... Мне некаторыя рэчы патрэбны...

Ідзе да шафы.

Карызна (падазрона). Што ж, бяры, калі ласка. (Сядае за стол.)

 

Марына Паўлаўна з хвіліну поркаецца ў шафе, потым падыходзіць да Карызны, ціха дакранаецца да яго рукі.

 

Марына Паўлаўна. Сымон! Нашто ты мучыш сябе?

Карызна. Ты пра што? Ты пра гэта... пра калектывізацыю? Ты не разумееш, Марына... Гэта — трэба. Гэта суровая неабходнасць рэвалюцыі... Рэвалюцыя патрабуе некаторае... жорсткасці...

Марына Паўлаўна (рашуча). Няпраўда, гэтага не трэба. Гэта робяць не так, як ты... Ты мучыш і сябе і ўсіх. Ты ў сябе носіш атруту і сам не хочаш пазбыцца яе... Нашто ты так робіш?

Карызна (ледзьве стрымлівае злосць). Ты што, угаворваць прыйшла? Мо падаслалі?

Марына Паўлаўна (горача). Я не дапушчу гэтага! Я не магу дапусціць... Ты сам сябе губіш! Ты не тэй дарогай ідзеш, якой трэба ісці. Камуністы не так робяць... Ім гэтага не патрэбна. Ты баішся і таму на гэта ідзеш...

Карызна (падыходзіць да яе ўсутыч і гаворыць з бязлітаснай едкасцю). Ты, пэўна, забылася, што мы ўжо не муж і жонка?

 

Марына Паўлаўна збянтэжылася, абвяла... Знібёная, асаромленая, сунецца зноў да шафы, адчыняе дзверцы, стаіць перад імі з хвіліну, зноў зачыняе і ідзе да выходных дзвярэй.

 

Марына Паўлаўна. Я не магу так... Я ўсё роўна не магу быць спакойнай... Я мушу нешта рабіць...

Карызна. Гэта справа твая.

 

Марына Паўлаўна пайшла. Карызна з момант сядзіць моўчкі, потым зрываецца з месца, пачынае ўзрушана хадзіць па пакоі.

 

Яшчэ паглядзім, якой дарогай трэба ісці: тэй ці не тэй.

 

За сцэнай чуваць шум, гоман, крык, з якога вылучаецца дзікі Пацяробаў голас.

 

Што там такое?

 

Падыходзіць да акна, глядзіць у яго. У пакой улятае раз’юшаны Пацяроб.

Пацяроб. Падвучылі! Гэта падвучылі, я ведаю!.. Кулацкая зграя! Контррэвалюцыя!

 

Кідаецца па пакоі, трасучы нейкімі пакомчанымі паперкамі.

 

Гэта не самі, не-не, не самі! Я ведаю. Я вас ведаю, мае даражэнькія...

Карызна. Што гэта? Што ў цябе там? (Мала не сілком вырывае ў Пацяроба адну паперку і чытае.) «У віду свае хваробы і як я не супроць калгаса, але прашу нас выпісаць з грому і рэвалюцыі». (Няўцямна глядзіць на Пацяроба.)

Пацяроб (рэзка змяніўшы тон). Ага? Бачыш, любачка, бачыш? А я што табе казаў, мой залаценечкі, га? Цырымоніцца з імі? Цырымоніцца?

Карызна (б'е кулаком аб стол). Дык жа годзе! Мы знойдзем спосаб, як прыбраць тых, хто становіцца нам на дарозе! Мы яшчэ паваюем! Мы па-ва-ю-ем!

 

 

Сцэна 4-я

Паседжанне бюро ячэйкі. Сярод прысутных — Сымон Карызна, Пацяроб, Якуб Лакота, камсамолец Віктар.

 

Карызна. Таварышы! Сённяшняе паседжанне бюро склікана невыпадкова. Падзеі, што за астатні час разгарнуліся ў нашым мястэчку, вымагаюць ад нас па-бальшавіцку рашучых рэвалюцыйных захадаў. Калектывізацыя, удала распачатая ў Сіўцы, сустрэла шалёнае супраціўленне з боку пэўнае часткі жыхарства. Для нас зусім ясна, што ўсёй гэтай кампаніяй кіруе невялічкая купка кулакоў і падкулачнікаў, якой мы самі, таварышы, патураем сваёй мяккасцю і нерашучасцю. Так далей быць не павінна. Не спыняючыся перад самымі жорсткімі рэвалюцыйнымі захадамі, мы павінны выбіць зброю з рук контррэвалюцыі, павінны адным ударам разбурыць усё гэтае кулацкае контррэвалюцыйнае гняздо. (Паўза.) На грунце адпаведных дырэктыў мы маем права ў выпадку патрэбы злосных кулакоў, якія актыўна змагаюцца супроць мерапрыемстваў Савецкае ўлады, высяляць з межаў нашага раёна. Мы мусім скарыстаць гэтае права, бо гэтага вымагае ад нас рэвалюцыйная неабходнасць... Хто хоча сказаць што па гэтым пытанні?

 

Доўгая напружаная паўза.

 

Я думаю, таварышы, што тут асаблівых спрэчак не можа быць. Там не спрачаюцца, дзе трэба дзейнічаць рашуча і дружна. Я прапаную адразу ж распачаць канкрэтнае абмеркаванне, каго неабходна выселіць...

Пацяроб (весела). Любачкі мае! Я ж іх усіх як аблупленых...

Заўважыў, што трапіў не ў тон, і троху сумеўся.

 

Карызна. Слова для прапазіцыі мае таварыш Пацяроб.

Пацяроб. Ну, першы будзе, не іначай, Цімафей Міронавіч... Гвардыян, значыцца.

Усе выказваюць згоду.

Потым, пэўная рэч, Кандрацёнак Максім.

Таксама ўсе згодны.

Сахацкага не абмінуць... ніяк не абмінуць...

 

Усе згодны.

Прахора таксама...

Сябра бюро. Прахор жа не кулак. Прахора мы заўсёды мелі за бедняка.

Пацяроб. Любачка, ён горш за ўсякага кулака. Ён увесь Сівец баламуціць. Ён гэты калгас жыўцом бы праглынуў. Дый дачка яго недалёка ад бацькі пайшла... (З грубым закідам.) Праўда, што некаторым, можа, гэта будзе і не ў нос, калі, скажам, там якія сардэчныя справы, ці што...

Лакота (абурана). Таварышы... гэты агідны закід... Я лічу, што паводзіны Пацяроба...

Віктар (перапыняючы яго, цвёрда). Прахор не кулак. Што ён нездаволены, што злуе немаведама на каго і за што — гэта іншая рэч. Можа, мы самі ў гэтым вінаваты...

Пацяроб (насмешліва). Можа, мы самі, золатка, вінаваты?

Віктар. Мы не звярнулі дасюль на яго належнае ўвагі, не апрацавалі яго, не накіравалі куды належыць ягоную, можа, і зусім справядлівую злосць. Мы самі дапусцілі, што яго сталі выкарыстоўваць кулакі.

Карызна (падчэпліва). Ты, значыць, супроць высялення Прахора?

Віктар. Так, я супроць гэтага.

Карызна. А супроць высялення Цімафея Міронавіча Гвардыяна — таксама? (Не даючы адказаць.) Мы возьмем гэта на ўвагу, таварыш сакратар камсамольскай ячэйкі... Гавары далей, Пацяроб...

Пацяроб (чытае шпарка, не спыняючыся). Шаўцова Ігната, Арсена Ходзьку, Маляўку Сідара, Пётра Лазарэнка, Янку Дзеніскевіча, Нічыпара Гойду, Мар’ю Ліпніцкую, Хведара Барысевіча, Піліпа Барысевіча, Загароўскага Саўку. Усе.

Карызна. Таварышы. Я стаўлю на галасаванне ўвесь спіс...

Віктар. У гэтым спісе палавіна беднякоў і сераднякоў.

Лакота. Такую справу нельга вырашаць агульным галасаваннем. Трэба абмеркаваць паасобку.

Віктар. Я катэгарычна пратэстую! Гэта — няправільная, непартыйная пастаноўка пытання.

Карызна (з'едліва). Вы нас потым навучыце па-партыйнаму ставіць пытанні, таварыш камсамолец! Хто супроць гэтага спіска?

 

Агульнае маўчанне.

Будзем лічыць прынятым. Таварышы! Я мушу дадаць яшчэ, што гэтую аперацыю мы правядзём у вельмі абмежаваны тэрмін. Заўтра ўвечары ўсе, хто падлягае высяленню, павінны быць дастаўлены на чыгуначную станцыю. Адказным за высяленне, я лічу, трэба вызначыць таварыша Пацяроба. Супярэчанняў няма?

Маўчанне.
На твары Карызны мільгае зласлівая ўсмешка.

 

Гэта па самым Сіўцы. Што да Зарэчча, дык я ўважаю, што гэтай справай павінны кіраваць таварышы з мясцовых жыхароў. Таму я прапаную адказным за высяленне кулакоў у Зарэччы вызначыць Якуба Лакоту. Супярэчанняў няма?

 

Маўчанне.

На гэтым, таварышы, экстраннае паседжанне бюро ячэйкі лічу закрытым. Вызначаным таварышам прапануецца зараз жа прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.

 

У напружанай цішы прысутныя пачынаюць разыходзіцца. Лакота з момант сядзіць нерухома, потым парыўчата ўстае, падыходзіць да Карызны і гаворыць у страшным хваляванні.

 

Лакота. Я пайду, таварыш Карызна... я выканаю... Ты памыліўся, калі падумаў, што Якуб Лакота пашкадуе блізкага яму чалавека. Якуб Лакота не гэта аддаў на рэвалюцыю... Але помні, Карызна, што за такія злачынствы бывае адплата! (Шпарка выходзіць з пакоя.)

 

 

Акт чацвёрты

 

Сцэна 1-я

У райкоме партыі. Сакратар райкома сядзіць за пісьмовым сталом, унурыўшыся ў паперы. Звоніць тэлефон.

 

Сакратар райкома (бярэ трубку). Райком... Так, сакратар райкома. А! Сівецкая рэспубліка загаварыла... Добры дзень... Ну, як? Наладжваецца? Колькі? Шэсцьдзесят пяць? Не брэшаш? Сівец крануўся? Так, так... Добра, малайцы... Як Зелянюк? Паехаў?.. Так, так... атмасфера, кажаш... добра... вельмі добра... Што? На высяленне? Зацверджаны... Ага... разумею... разумею...

 

У дзвярах паказваецца Зелянюк. Сакратар райкома махае яму рукой, запрашае ўвайсці. Зелянюк уваходзіць.

 

Калі нарада? Заўтра зрання... так, так... (Паказвае Зеленюку на крэсла, каб сеў.) Не можаш? Пацяроба? Давай Пацяроба... Больш нічога? Бывай... бывай...

Кладзе трубку і дапытліва ўзіраецца ў Зеленюка.

 

Скардзіцца прыехаў?

Зелянюк. Не люблю і не ўмею.

Сакратар райкома. Табе, здаецца, далі накіраванне ў Дубавіцкі сельсавет?

Зелянюк. Так.

Сакратар райкома. Ну, і што ж?

Зелянюк. Я пакуль што прыехаў сюды.

Сакратар райкома (з усмешкай). Заблудзіўся, значыць? Ну-ну, я слухаю.

Зелянюк. Будзем гаварыць проста: я прыехаў сюды, каб спыніць антыпартыйную работу Сымона Карызны.

Сакратар райкома. Спакойна, Зелянюк, спакойна... Ты маеш справу з старым партыйцам, і такое абвінавачванне трэба ставіць падумаўшы.

Зелянюк. Я цалкам адказваю за свае словы. Карызна вядзе шкодную антыпартыйную работу. Гонячыся за пустымі лічбамі, ён прымусова запісвае ў калгас, тэрарызуе насельніцтва і гэтым падрывае аўтарытэт партыі. Кулакі скарыстоўваюць гэта і ўзнімаюць агульнае абурэнне насельніцтва. Той перадавы беспартыйны актыў, які нам удалося сабраць да гэтага часу, Карызна свядома разбівае. У сваёй раз’юшанай дзейнасці ён канчаткова страціў усякае пачуццё, сцёр усякія межы паміж кулаком і бедняком...

Сакратар райкома. Факты, Зелянюк, факты...

Зелянюк. Я маю факты! У гэтую хвіліну Карызна з Пацяробам праводзяць высяленне з сельсавета злосных кулакоў — контррэвалюцыянераў. Я толькі што атрымаў пэўныя звесткі, што сярод гэтых «злосных кулакоў» палавіна беднякоў і сераднякоў, якія высяляюцца толькі таму, што замінаюць Карызне праводзіць яго асабістыя планы.

Сакратар райкома. Спісы на высяленне зацверджаны намі.

Зелянюк. Што? Вы санкцыяніравалі высяленне беднякоў?

Сакратар райкома. Там былі іншыя даныя.

Зелянюк (ускаквае). Гэта ашуканства!

Сакратар райкома (таксама ўстае, але стараецца стрымаць сваё абурэнне). Таварыш Зелянюк! Мы маем права верыць цэлай арганізацыі больш, чымся аднаму пакрыўджанаму партыйцу. (Зелянюк памыкаецца супярэчыць.) Чакай! На гэтым мы гутарку скончым. Факты, аб якіх ты казаў, мы праверым...

Зелянюк. Не правяраць, а дзейнічаць трэба, пакуль не позна!

Сакратар райкома. Таварыш Зелянюк! Я прапаную табе зараз жа выехаць туды, куды накіраваў цябе камітэт партыі.

Зелянюк. Я выеду туды праз два дні.

Сакратар райкома. Ты выедзеш туды зараз жа.

Зелянюк. Я выеду праз два дні. Мне трэба роўна два дні на тое, каб з’ездзіць у цэнтр.

Сакратар райкома (ціха і мнагазначна). Зелянюк! Ты ведаеш, што значыць невыкананне баявога загаду?

Зелянюк. Бываюць выпадкі, калі баец мае права не выканаць загад камандзіра.

Доўгая напружаная паўза.
Нехта нясмела ляпае ў дзверы.

 

Сакратар райкома. Уваходзьце!

Уваходзіць Марына Паўлаўна.

Марына Паўлаўна. Можна да вас, таварыш сакратар? (Убачыла Зеленюка, радасна ажывілася.) А! Таварыш Зелянюк! І вы тут? Як гэта добра!

Зелянюк (сакратару райкома). Жонка Сымона Карызны.

Сакратар райкома. Калі ласка, сядайце. Чым магу служыць?

Марына Паўлаўна (хвалюецца). Я прыйшла пагаварыць з вамі пра свайго мужа... пра свайго былога мужа... Я раскажу ўсё... усё, што знаю... Ён сам павінен быў расказаць вам... Гэта вельмі важна, таварыш сакратар, вельмі важна...

Сакратар райкома (хвілінку падумаўшы). Таварыш Зелянюк, калі ласка, пазволь нам пагутарыць сам-насам.

Зелянюк моўчкі ідзе да дзвярэй.

 

 

Сцэна 2-я

Кватэра Карызны. Карызна за пісьмовым сталом перабірае паперы.

 

Карызна (чытае). ... паведамляю, што ў нашай вёсцы калектывізацыя праведзена на восемдзесят процантаў... (Адкладае паперку, бярэ другую.) Рудавічы... на восемдзесят пяць... Цярэшан — дзевяноста... Сасноўка... семдзесят пяць... малавата... Грузды... дзевяноста... (Весела.) І Сівец — поўных сто процантаў... (Бярэ паперу і піша.) Тэлефанаграма... райкому партыі... выканкому... Пад выпрабаваным кіраўніцтвам... (Закрэслівае.) Трэба прасцей і ясней. (Піша.) Паведамляю, што на сённяшні дзень суцэльная калектывізацыя ў Сівецкім сельсавеце ў асноўным скончана. (Думае.) Трэба ўставіць пра супраціўленне. (Піша.) Нягледзячы на шалёнае супраціўленне кулацтва... і яго прыспешнікаў... вось так... Вядзём работу па ўмацаванні... (Закрэслівае.) Па далейшым умацаванні калгасаў... і кропка... Сакратар ячэйкі... Старшыня сельсавета... (Устае, апранаецца.) І цяпер Сымон Карызна можа нарэшце ўздыхнуць больш-менш свабодна.

 

Бярэ тэлефанаграму і ідзе да дзвярэй. За дзвярмі чуваць галасы.

 

Некага ж нясе не ў пару.

 

Адчыняе дзверы і, здрыгануўшыся, адступае назад, але зараз жа стрымлівае сваё замяшанне.

 

Калі ласка, заходзьце!

 

Уваходзяць Зелянюк і яшчэ два незнаёмыя мужчын ы.

 

Незнаёмы. Таварыш Карызна! Добры дзень! Мы вас пакуль што патурбуем усяго на адну хвіліну...

Карызна. Сядайце, калі ласка!

Незнаёмы. Дзякую. Мы зараз жа пойдзем. Мы зайшлі толькі паведаміць вас пра наш прыезд. Мы спыніліся ў нардоме. (Убачыўшы на Карызнавым твары маўклівае запытанне, паспешна тлумачыць.) Вы, пэўна, яшчэ не ў курсе справы... Бачыце, райком вылучыў спецыяльную камісію для праверкі партыйнай і савецкай работы ў вашым сельсавеце. Гэта ў сувязі з апошнімі падзеямі... прымусовы запіс у калгас, высяленне і г. д. Разумееце? Дарэчы, з раёна далі загад аб затрыманні вашых высяленцаў, так што мы здолеем гэтую справу перагледзець... Вы ўвечары можаце да нас зайсці? (Карызна маўчыць.) Ну, добра, мы потым пагутарым. Пайшлі...

 

Ідуць да дзвярэй, але Зелянюк варочаецца і астаецца ў пакоі. Карызна сядзіць унурыўшыся, быццам нічога не бачыць і не чуе.

 

Зелянюк. Карызна! Партыя ведае ўсё!

Карызна (пасля паўзы). Ты што — хочаш першы судзіць?

Зелянюк. Для мяне зусім ясна, што ў партыі ты застацца не можаш.

Карызна. Ну, дык што табе трэба?

Зелянюк. Мне — нічога. Я гавару аб тым, што трэба табе.

Карызна (панура). І мне нічога не трэба.

Зелянюк. Давай, Карызна, прасцей... без рамантыкі. Ты не з тых, што ў такіх выпадках канчаюць жыццё самагубствам. Ты — жывучы.

Карызна (крычыць у раптоўнай злосці). Дык што ты ад мяне хочаш?

Зелянюк. Я хачу напомніць табе пра тое, пра што ты цяпер асабліва не павінен забывацца. (З націскам.) Партыя карае, але не мсціцца. І ты можаш...

Карызна (перапыняе). Гэта што: велікадушнасць пераможцы ці проста здзек?

Зелянюк. Мне б хацелася яшчэ раз сустрэцца з табой... У іншых абставінах... Ну, бывай!

 

Выходзіць. Карызна сядзіць, пахіліўшы галаву.
Доўгая паўза. Потым ціха прачыняюцца дзверы і ў іх паказваецца калматая галава Пацяроба. Ён уваходзіць у пакой, падыходзіць да ўнуранага ў сябе Карызны і схіляецца над ім.

Пацяроб. Сымон! Ку-ку?..

 

Карызна няўцямна глядзіць на яго. Пацяроб заходзіцца дзікім вар’яцкім смехам.

 

Карызна. Табе смешна?

Пацяроб. Асэсары... Асэсары прыехалі... Асэсары... ха-ха-ха-ха!.. (Раптам перарывае смех і крывіць твар у іранічна-плаксівую міну.) А я ўжо, Сымонка, кулдык... Прыйшла паперка з раёна, каб зараз жа перадаў справы намесніку. (Кпліва.) А ты, любачка, таксама маеш паперку?

Карызна (дасадліва махнуўшы рукой). Ці аб гэтым справа?

Пацяроб. Аб чым жа, золатка?

Карызна (разгублена). Няма нічога... разумееш? Нічога няма... Гарадзілі мы з табой, гарадзілі... І раптам — пуста.

Пацяроб (з грозным абурэннем). Гэта мы пабачым яшчэ, як яно пуста! Яны думаюць, што яны толькі разумеюць? А можа, мы бралі лінію на поўную перамогу сацыялізма? Можа, мы наперадзе ўсіх ішлі ўдарным штурмам, каб дагнаць і перагнаць? Мы таксама кроў лілі за Савецкую ўладу! Мы таксама рабочымі на фабрыцы працавалі і ведаем, як гнуць пралетарскую лінію...

Карызна. Ну і дурны ж ты, Пацяроб, да немагчымасці.

Пацяроб (споспрыску). Мы яшчэ паглядзім, хто на чыё пераверне!.. (Ахамянуўся.) А ты, Сымонка, разумны? (Рагоча злосным, паскудным смехам, які, відаць, страшэнна нервуе Карызну.)

Карызна (устае, ладзіцца ісці). Ну, я пайду...

Пацяроб (нахабна і хітра падміргнуўшы). Сымонка! Куды ж гэта ты, даражэнькі?

Карызна (з наўмысна рэзкай адкрытасцю). Да Веры.

Пацяроб. Схадзі, Сымонка! Схадзі, любачка. (Убачыўшы праз акно.) Ды няма чаго і турбавацца — яна вунь сама сюды ідзе. Яна паспагадае, золатка... Яна паспагадае...

Карызна (даведзены да шалу). Пайшоў вон!

Пацяроб. Іду, любачка, іду. Арывуар!

 

Выходзячы, сустракаецца ў дзвярах з Верай.

П’явачка!

Карызна. І як я мог плячо ў плячо працаваць з гэтым чалавекам?

Вера (з парога). Што здарылася, Карызна? Кажуць, нейкая камісія прыехала? Што ёй тут трэба?

Карызна. Заходзь, Вера, заходзь! Сядай, калі ласка. Ты ж у мяне такі рэдкі госць... (У моцным узрушэнні ходзіць па пакоі.)

Вера (мякка стрымліваючы яго, зазірае ў твар). Мусіць, дужа непрыемнае нешта? (З ласкавым дакорам.) Ты мне не хочаш сказаць?

Карызна (у замяшанні). Во што, Вера... (Спрабуе ўсміхнуцца.) Помніш, неяк раз мы гаварылі... калі зломіць жыццё... калі выкінуць, як непатрэбнае смецце...

Вера (спагадліва). Табе дужа цяжка?

Карызна. Не выйшла ў мяне, Вера, нічога не выйшла. (Падумаўшы.) Праўда, гэтага трэба было чакаць. Я ішоў, Вера, на вялікую рызыку.

Вера. Нашто ты рабіў так... не так, як трэба?

Карызна (з тэй самай натужнай усмешкай). Ты неяк казала мне: трэба старацца, каб усё было добра, усё — чысценька, каб ніхто ні да чога не мог прычапіцца. Так цяжка рабіць, Вера, так надзвычайна цяжка рабіць.

Вера (з трывогай). Што ж цяпер будзе?

Карызна. Што цяпер будзе? Мяне, напэўна, выключаць з партыі. Можа, аддадуць пад суд... (Хваравіта ажывіўся.) Гэта — не тое... не ў тым сэнс. Пуста, Вера, во што... Няма нічога, няма за што зачапіцца. Галоўнае — мінулага няма ў мяне. Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню. (Саркастычна.) Няма падставы для будучыні.

Вера (амаль спалохана). Я не разумею цябе... Што гэта значыць?

Карызна (заўважыў Верын спалох і з горкай усмешкай глядзіць на яе). Калі згубіш усё, дык шкадуеш нават таго, чым раней пагарджаў. Я, здаецца, пачынаю шкадаваць, што разлучыўся са сваёй жонкай.

Вера (у радасным ажыўленні). Ты хочаш зноў сысціся з ёй?

Карызна. О, не! Мы з ёю не сыдземся больш. Гэта было б занадта ўжо проста. (Адышоўся ад Веры, задумаўся.)

Вера (падыходзячы да яго, гаворыць з глыбокай, блізкай да слёз спагадай). Карызна! Я дужа, дужа хачу, каб табе было добра...

 

Карызна маўчыць. Вера з хвілінку стаіць каля яго, потым ціха выходзіць з пакоя.

 

Карызна (астаўшыся адзін). Ну, што ж, астаецца адно: атрымаць заслужаную адплату.

 

 

Сцэна 3-я (Эпілог)

Куток двара ў калгасе. Рознае начынне. Галілей круціцца вакол сявялкі, рапаруе яе. Ён дужа спяшаецца і дужа захоплены сваёй работай. Яго гарачкавая, неспамерная праца, энергія знаходзіць сабе раптам зусім недарэчнае выйсце: стары заводзіць песню. Ён пяе ціханька, манатонна, тоненькім рэчытатывам.

 

Галілей (пяе). І ў ра-кі-та-вым кус-точ-ку за-шча-бе-ча са-ла-вей-ка...

 

Збоку з’яўляецца Тацяна. Яна слухае і ўсміхаецца.

Тацяна. Дужа добра, дзядзька Ахрэм, спяваеце. Голас такі нейкі далікатны.

Галілей (ад сораму не ведае, куды дзецца). Маніш... ага... Маніш, Тацяна! Ніхто не спяваў... ніхто... Гэта маладыя пяюць... ага... маладыя.

Тацяна. Ці тут старшыні калгаса не было? Галілей (яшчэ ў злосці). Не было... ага... Нікога тут не было... нікога...

Тацяна. А вы не злуйцеся, дзядзька Ахрэм. Можа, я і не чула зусім, як вы спяваеце, можа, гэта я так, пасмяялася.

 

Галілей злосна завіхаецца каля сявялкі. Недзе чуваць тонкі вісклівы голас Прахора.

Прахор (за сцэнай). Зладзеі! Жулікі! Крывапіўцы! Не папаліся вы мне пад гарачую руку!..

Тацяна. Ізноў нечага татка крычыць. Мусіць, так і да смерці не супакоіцца. Бывайце, дзядзька Ахрэм! (Адыходзіць.)

Прахор (валачэ стары растрыбушаны хамут і злосна кідае яго на дол). Хіба ў іх гэткае было, га? Каб мне столькі здароўя, сколькі ў таго Гвардыяна было ўсяго ўсякага! Папрадавалі, зладзеі, парасторкалі! А нам ашмёткі пакінулі!..

Галілей. І ашмёткі трэба... ага... Ашмёткамі можна дзіркі залатаць...

Прахор. Хай бы ён тое аддаў, што з мяне аднаго кроўю выцягнуў!

Галілей. І ты — ашмётка... І табой нейкую дзірку залатаюць...

Прахор. Хто, я — ашмётка? Я?

Галілей. Кхе... кхе... І я таксама... і я... З нас новага не скроіш... Мы толькі на латкі... ага... на латкі...

Уваходзіць Якуб Лакота.

Лакота. Гатова, га? Ці ўсё ў парадку, дзядзька Ахрэм?

Галілей. Гатова... ага... у парадку...

Лакота. Там ужо чакаюць. Гэта ж, браточкі, цэлае свята. Першая сяўба... Першая бальшавіцкая сяўба... (Хапае весці сявялку, але нязмога.) Не, не падужаю... (Закашляўся.)

Прахор. Чакай, можа, вось старая ашмётка дасць якой рады. (Бярэцца за сявялку.)

Убягае Віктар.

Віктар (усхваляваны). Дзядзька Якуб! Там ужо цэлы натоўп сабраўшыся. Уся моладзь... і старыя таксама... Трэба лятучы мітынг... Нешта сказаць трэба, адзначыць... Хадзем хутчэй!

Прахор, Лакота, Віктар адыходзяць, везучы за сабой сявялку.

Галілей (сам сабе). Чалавек — што гузік... ага... Яму тады добра, як да чаго-небудзь прышыты... (Прыслухоўваецца.)

За сцэнай пачынаецца мітынг.

Віктар (за сцэнай). Слова мае старшыня аб’яднанага Сівецкага калгаса Якуб Лакота.

Лакота (за сцэнай). Таварышы! Зараз мы кінем першыя зярняты ў нашу новую калгасную глебу, у наша новае агульнае поле. Нам нялёгка было дайсці да свае першае бальшавіцкае калектыўнае сяўбы. Наш шлях быў цяжкі, на ім многа было каўдобін, у якіх мы часам здорава грузлі. Але пад кіраўніцтвам камуністычнае партыі мы перамаглі ўсе перашкоды і выйшлі на роўную цвёрдую дарогу, якая вядзе да сацыялізма. Таварышы! Я павінен адзначыць тут тую энергію і дружнасць, з якой мы падрыхтаваліся да сяўбы. Некаторыя з нас паказалі ўзоры ўдарнай, сапраўды бальшавіцкай, самаадданай працы. І першы з іх наш паважаны тэхнік і вынаходца Ахрэм Данілавіч Пунцік, або, як мы прывыклі зваць яго,— Галілей.

 

Чуваць крыкі: «Галілей! Дзе Галілей? Давайце сюды Галілея!»
Галілей хаваецца ў закутку. Віктар убягае на сцэну.

Віктар. Дзе ж ён дзеўся? Галілей! Галілей!.. (Выбягае.)

Галілей (спакойна разважае сам з сабой). Кхе... Кхе... Цімахвей Міронавіч паехаў, а Лакота крычыць... Адным пагібель, а другім — шчасце.

Лакота (за сцэнай). Таварышы! Я спадзяюся, што гэта наша дружнасць, наша энергія, гэтая адданасць калектыву не толькі не аслабне, а будзе расці з кожным днём, з кожнай гадзінай. Хай жа гэты дзень, дзень першай бальшавіцкай сяўбы, будзе зарукай таму, што зярняты новага сацыялістычнага жыцця, якія пасеяла ў нас камуністычная партыя, узыдуць і забуяюць свежай сакавітай рунню!

Агульны ўзбуджаны гоман натоўпу.

Галілей (сярдзіта, нібы спрачаецца з кім). А рэвалюцыя — няпраўда! — любіць людзей... мусіць любіць... ага... Яна іх вядзе некуды. Яна любіць... ага... шкадуе... Б’ючы, шкадуе... вось...

Уваходзіць Якуб Лакота.

Лакота. Дзе ж ён дзеўся, той Галілей? І патрапіць жа ўцячы пад самую гарачую хвіліну...

Тацяна (з-за сцэны). Старшыня! Таварыш старшыня !

Уваходзіць.

Я ўжо цеперся шукаю цябе.

Лакота (жартаўліва). Што скажаш, таварыш брыгадзір?

Галілей. І бабскія брыгады парабілі... ага... бабы таксама крычаць...

Тацяна (крычыць). Што ж гэта за работа такая? Закамандвалі, каб калгасны гарод рабілі, а тады і хвастом накрыліся? А насенне дзе, што вы казалі, з раёна даставіце? А чым жа мы сеяць будзем? га? Толькі крычаць, а самі палец аб палец не ўдараць!.. (Раптам абрывае сярдзіты тон, гаворыць чула, спагадліва.) Якубка, ты ж змарнеў зусім. Што ты робіш? Хоць бы адпачыў троху, а то і дзень і ноч... і дзень і ноч...

Галілей (узрушана). Шкадуе... ага... шкадуе...

Лакота. Некалі, Тацяначка! Які ж цяпер адпачынак? Ды я паздаравеў ужо... Я здаровы, зусім здаровы... Гэта проста так...

Тацяна. І жывеш ты неяк не па-людску. Чысты бабыль! Каб хаця хто даглядзеў цябе як чалавека...

Лакота. Тацяначка... А можа б, ты... можа б, мы...

Тацяна. Я ўжо думала, зайду мо калі, хоць у хаце ў яго папарадкую, у бабыля ў гэтага няшчаснага...

Лакота. Тацяначка... Насусім? Назаўсёды?

Тацяна (уздыхнула). Я ўжо была адзін раз «назаўсёды», ды зараклася...

Галілей не ўцерпеў, выскачыў з свайго закутка.

Галілей. А заракацца не трэба... ага... не трэба... Калі ісці, дык ісці...

Тацяна (усміхаючыся). А во і сват знайшоўся... Ды яшчэ які сват...

Галілей (сярдзіта). І жывіце сабе... ага... Жывіце сабе, колькі хочаце...

Махае рукой і бяжыць у глыбіню сцэны.
Канец



Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў у 4 т. Т. 3. Вязьмо: Раман. Сымон Карызна: Драм. аповесць. - Мн.: Маст. літ., 1991. - 375 с., [1] л. партр.