epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Аўтограф Пеле

Яны сустрэлі мяне ў пад’ездзе, калі я прыцемкамі вяртаўся дадому. У матавым святле лямпачкі, што вісела ля дзвярэй, я ўбачыў Дзіму Маёрава з суседняга дзевяціпавярховага дома і незнаёмага хлопца.

— А мы цябе зачакаліся,— Дзіма выйшаў наперад, на макаўцы яго круглай галавы тырчаў бялявы непаслухмяны віхор.

— Апошняя трэніроўка,— сказаў я, паказваючы на свае запыленыя кеды.— Усе стараліся да сёмага поту.

— Заўтра — фінал,— заўважыў даўгалыгі незнаёмец у чырвонай футболцы.

— Ага, будзе схватка! — павесялеў Дзіма і тут жа дадаў: — Пазнаёмся, Слава Батурын, капітан «Ракеты».

— Сярожа,— працягнуў я руку, углядаючыся ў скуласты твар з тонкім шрамам на ніжняй губе.

Мая цікаўнасць была не выпадковая. Пра Славу Батурына я пачуў ад Дзімы яшчэ некалькі дзён назад, калі стала вядома, што наша «Чайка» будзе гуляць у фінале з «Ракетай».

...Тады Дзіма падлавіў мяне на школьным стадыёне і, адвёўшы ў зацішны куток, загадкава паведаміў:

— А ў мяне для цябе ёсць сюрпрыз.

Я абыякава паглядзеў у яго прыжмураныя хітраватыя вочы і паціснуў плячыма, маўляў, што там за «сюрпрыз»...

— Капітан «Ракеты» хоча пабачыць цябе,— Дзіма насцярожана азірнуўся.

— Няўжо? — усміхнуўся я.

— Чакай-чакай, смяяцца будзеш потым. Капітан «Ракеты» — мой сябар, таксама сямікласнік, мы з ім за адной партай сядзім. Ён, як і я, у спецыялізаванай школе вучыцца, з другога класа па-нямецку «шпрэхаем».

— Ну і што? Гэта і ёсць твой сюрпрыз?

Але Дзіма не спяшаўся выкладваць сваю таямніцу, памаўчаў, яшчэ раз азірнуўся.

— Славаў брат — журналіст, у Маскве працуе, за граніцай часта бывае. Нават з самім Пеле сустракаўся.

— Можа, і за ручку давялося павітацца?

— Вітаўся ці не вітаўся — сказаць не магу... Толькі фота Пеле з яго аўтографам брат прывёз Славу ў падарунак.

Я сустрэў яго словы спакойна, як самую звычайную выдумку, але Дзіма, здаецца, не жартаваў.

— Можа, не верыш? Я сам бачыў: на фотаздымку Пеле з мячом стаіць, а знізу яго подпіс. Ды і брат Славаў цяпер у Мінску, можаш у самога запытаць, калі сумняваешся.

Аўтограф Пеле! Няўжо праўда? Я другі год збіраю фота вядомых спартсменаў. У маёй калекцыі ёсць аўтографы футбаліста Малафеева і шашыста Гантварга, фехтавальшчыка Сідзяка і барца Мядзведзя... А тут — сам Пеле!

— Кажаш... аўтограф Пеле? — нібы між іншым спытаў я, стараючыся не выказваць сваёй зацікаўленасці да Дзімавай навіны.

— Ага,— ён адразу ж схамянуўся.— Слава з табой хоча сустрэцца і пагаварыць.

— Пра што?

— Не ведаю, ён табе сам скажа,— Дзіма паказаў свае рэдкія, крывыя зубы.— Магу па сакрэту паведаміць, што ўсё залежыць ад цябе. Калі пажадаеш, аўтограф будзе твой.

Больш ён нічога не сказаў.

...І вось гэтая сустрэча ў пад’ездзе, знаёмства пры святле матавай лямпачкі.

— Заўтра сустракаемся ў фінале,— капітан «Ракеты» прыхінуўся спіной да сцяны

— За першае месца паспрачаемся,— удакладніў я.

— Цяжка будзе нам з леташнімі чэмпіёнамі сапернічаць,— Слава пераглянуўся з Дзімам і дадаў: — Адзін капітан «Чайкі» чаго варты! Каб нам такога іграка!

— Ды наша «Чайка» і без мяне можа першы прыз «Скуранога мяча» заваяваць.

— А я магу ў заклад ісці, што без цябе «Чайка» прайграе «Ракеце» з сухім лікам,— у голасе Дзімы я адчуў падначку.

— Так ужо і з сухім,— не здаваўся я.

— Давай паглядзім! — гарачыўся Дзіма.

— Хопіць спрачацца! — Слава адхінуўся ад сцяны. У кожным руху яго спартыўнай постаці адчувалася ўпэўненасць.

Я адразу заўважыў, што капітан «Ракеты» не любіць, калі з ім не згаджаюцца. Гэта, мусіць, ведаў і Дзіма, бо ён не стаў пярэчыць, а пакорліва адступіў убок.

— Збіраеш аўтографы?

— Збіраю,— адказаў я з ранейшай насцярожанасцю.

Капітан «Ракеты» чамусьці выклікаў у мяне недавер.

— Магу ашчаслівіць! — сказаў Слава і выцягнуў з задняй кішэні сваіх загранічных тэхасаў невялікае квадратнае фота.

Гэта быў Пеле! Не газетная выразка ці каляровая паштоўка, а сапраўдны фотаздымак з мудрагелістым шыкоўным подпісам.

— А цяпер бліжэй да справы.. Тут адна гісторыя... Можна сказаць, далікатная... Так, Дзім?

— Яшчэ якая далікатнасць! — падхапіў той.— Ды я ўпэўнены, што Сярожа зразумее цябе... як футбаліста. Такі аўтограф!

Капітан «Ракеты» рашуча, быццам адганяючы камара, узмахнуў рукой і сказаў:

— Трэба, Серж, каб твая «Чайка» заўтра прайграла.

— Ты што?!

— Ведаеш, я пахваліўся брату, што мы выйграем фінал... Вельмі прашу, Сержык, выручы! У тваёй «Чайкі» прызоў хапае, а тут... Ну, пастарайся заўтра не забіваць галы ў нашы вароты, пры выпадку ў сваёй штрафной... Ды хіба мне цябе вучыць?! Усё будзе ціха, камар носа не ўшчэміць. У футболе інакш нельга...

Я быў аглушаны, быццам атрымаў удар у жывот, калі цямнее ўваччу і перахоплівае дыханне.

Такое са мной здаралася на футбольным полі. Бывала, прыставяць «апекуна», гэта значыць, абаронцу, і ён цэлы матч па пятах бегае. Я — на левы край, і ён туды ж, зробіш фінт у цэнтр, і мой «цень» таксама побач. Ну што ж, бегай сабе, гэта правіламі гульні не забараняецца. Ды толькі ў такога «апекуна» цярпення не заўсёды хапае, а тут калі яшчэ гол заб’еш...

— Лаві момант! Такі аўтограф... самога Пеле!

Дзіма ўлюбёна глядзіць на Славу.

— Хітра вы прыдумалі,— мала-памалу пачынаю цяміць, што да чаго.— Аперацыя «Ы» — і гол у свае вароты.

— Якая тут хітрасць! — капітан «Ракеты» прыжмурваецца.— Ты — нам, мы — табе, агульная справа.

— Слухай, Сярожа, я чуў, што ў цябе канфлікт з «Чайкай», нібы капітанскую павязку могуць зняць, праўда? — У голасе Дзімы чуюцца спачувальныя ноткі.— Падумаць толькі: такога іграка не шануюць...

Гэта ўжо было падобна на здзек, Дзімавы кепікі — стрэмка пад пазногаць. Усё разведалі, дакладна разлічылі...

— Можаце каціцца са сваім аўтографам, не на таго натрапілі! — выкрыкнуў я і заспяшаўся па лесвіцы на чацвёрты паверх, адчуваючы ва ўсім целе непрыемныя дрыжыкі.

Капітан «Ракеты» дагнаў мяне паміж другім і трэцім паверхамі.

— Прабач, гэта ўсё Дзім наплявузгаў... Лічы, што паміж намі не было сённяшняй размовы. Пажартавалі... і толькі.

— Хай і не было,— згадзіўся я.

— На, вазьмі аўтограф, ён мне не патрэбны,— раптам выпаліў Слава.— Хай будзе ў тваёй калекцыі.

Я не паспеў апамятацца, як капітан «Ракеты» сунуў мне ў рукі фотаздымак, а сам, пераскокваючы цераз прыступкі лесвіцы, кінуўся прэч.

— Да сустрэчы ў фінале! — данеслася да мяне знізу.

Я нейкі момант здзіўлена ўглядаўся ў белазубую ўсмешку Пеле, губляючыся ў здагадках: «Якая муха ўкусіла Славу? Чаму ён аддаў фота, калі я адмовіўся прыняць яго прапанову?..» Так і не знайшоўшы адказ на свае пытанні, я пачаў паволі падымацца наверх, адчуваючы незразумелую трывогу перад заўтрашнім днём. Нават не радаваў рэдкі аўтограф выдатнага бразільскага футбаліста, бо ў вушах стаялі словы Дзімы пра «капітанскую павязку». Калі толькі паспеў ён пранюхаць?..

І ўсё ж я не губляў надзеі: заўтра наш трэнер Алег Сямёнавіч перадумае і адменіць сваё рашэнне. Я вельмі спадзяваўся, што мне даруюць...

Але калі на другі дзень раніцай мы сабраліся на перадматчавую ўстаноўку, Алег Сямёнавіч сказаў:

— Сазанкоў, перадай павязку Аліку Беламу. Ты не апраўдаў давер’я. Я думаю, што нам трэба пагаварыць аб паводзінах былога капітана.

Што толькі не прыпомнілі яны! І што я на здачу нарматываў комплексу ГПА не з’явіўся, мячык не кідаў, на турніку не падцягваўся. Ды я гэты мячык магу на сто метраў шпурнуць, а тады якраз матч кіеўскага «Дынама» па тэлевізары паказвалі, вось і не прыйшоў на стадыён. У зазнайстве мяне абвінавачвалі, нібы я ў пас не гуляю, на ігракоў пакрыкваю. А хіба тут не будзеш пакрыкваць, калі яны натоўпам за мячом бегаюць?

Выслухаў я гэта, нават паабяцаў выправіцца, а ў самога ўнутры аж кіпіць ад злосці. Паглядзім, думаю, як вы сёння выйграеце, як першы прыз заваюеце. І тут мне ўчарашняя размова з капітанам «Ракеты» прыгадалася. І фота Пеле з аўтографам перад вачыма мільганула і знікла, маўляў, памятай пра Слававу шчодрасць.

Калі «Чайка» і «Ракета» выстраіліся ў цэнтры поля, а капітаны Алік Белы і Слава Батурын абмяняліся поціскамі рук, я зразумеў, што буду гуляць супраць сваіх. І ўжо нішто не магло прымусіць мяне перадумаць, асіліць маю помслівую крыўду. А тут капітан «Ракеты», прабягаючы міма, шматзначна выгукнуў:

— Віншую, Сержык!

Яшчэ адна стрэмка... Але спачатку я ўсё ж забіў гол у вароты «Ракеты». А праз якіх пяць мінут няўдала адкаціў мяч свайму варатару: з-за маёй спіны выскачыў нападаючы «Ракеты» і зраўняў лік. Першы тайм так і закончыўся.

У раздзявалцы мінуту-другую стаяла цішыня, нібы ўсе толькі што выратаваліся ад нядобрай пагоні.

— Нічога страшнага,— нарэшце парушыў маўчанне Алег Сямёнавіч.— Бегалі нядрэнна, трэба пахваліць Сярожу, важны гол забіў. Праўда, потым памыліўся, але з кім такое не бывае... І яшчэ адна заўвага табе, Сярожа. Раней ты захапляўся індывідуальнай гульнёй, а сёння часцей стараешся пас аддаць. У першым тайме ў цябе была выдатная пазіцыя ў штрафной «Ракеты», а ты паспяшаўся адкінуць мяч Дылько, які быў прыкрыты...

Я слухаю трэнера, а самога па-ранейшаму крыўда дапякае: «Будзе вам і пас, будзе і выдатная пазіцыя!»

Недзе адразу ж пасля перапынку я палез напралом, наўмысна сутыкнуўся з абаронцам «Ракеты». Ляжу, скурчыўся, быццам мяне боль невыносны даймае.

— Можа, замену папрасіць? — з трывогай пытаецца расчырванелы Алік, наш новы капітан.

— Нічога, пройдзе.— Я падымаюся.

— Малайчына, Сярожка, без цябе нам не выйграць у «Ракеты»,— Алік, здаецца, гатовы расцалаваць мяне.

— Ага, не выйграеце.— Накульгваючы, бягу за мячом, балельшчыкі воклічамі вітаюць мяне.

Праўда, не абышлося і без свісту, калі я прабіў міма з лініі варатарскай.

— Паднаціснем, Сержык! — радаваўся Слава Батурын, бо наша «Чайка» пачала гуляць «на адбой».

Калі Слава прабіваўся да нашых варот, я кінуўся яму ў ногі непадалёку ад адзінаццаціметровай адзнакі. Слава ўпаў эфектна, нават цераз галаву перакуліўся. Пенальці ён выканаў з майстэрскай дакладнасцю. Наш варатар Віця Кірыленка скокнуў у адзін вугал варот, а мяч уляцеў у супрацьлеглы. Гэта быў апошні гол у фінальным матчы...

Потым прыйшла расплата... Не, мяне ніхто не дакараў, ніхто не абвінавачваў...

Капітан «Ракеты» з горда ўзнятай галавой ішоў па стадыёне. Параўняўшыся са мной, радасна сказаў:

— Дзякуй за падножку, калекцыянер! Камар носа не ўшчэміць...

Вось тут да мяне і дайшло, быццам мне яшчэ адну стрэмку пад пазногаць загналі, нібы пасля гульні ў жмуркі з маіх вачэй павязку знялі. Я стаяў разгублены і спустошаны: ніхто не захапляўся маім футбольным майстэрствам, ніхто не звяртаў на мяне ўвагу. Віншаванні прымаў Слава Батурын і яго каманда...

Калі я ў сумнай адзіноце паклыпаў са стадыёна, ля варот мяне спыніў Дзіма Маёраў. Ён быў незвычайна ўзбуджаны і вясёлы, а яго шчарбаты рот расцягвала задаволеная ўсмешка.

— Здорава цябе Слава вакол пальца... на фальшывы аўтограф купіў.

Я аслупянеў.

— Ха-ха! — Дзіма аж захліпаўся.— Мы самі той аўтограф напісалі, чорнай тушшу, па-нямецку... Эдсан Арантэс ду Насімента...