epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Хто лепшы рыцар

Сёння ў нас з Юрыкам аб’явіўся важны клопат. А ўсё з-за конкурсу, што прыдумала наша стараста Іра Будрык. Ён нават Юрыка вывеў са стану ўстойлівай раўнавагі.

«Хто лепшы рыцар?» Падумаць толькі! Гэты конкурс на лепшага рыцара будзе праходзіць цэлы месяц. А спаборнічаць будзем мы, хлопчыкі шостага класа. Пераможца конкурсу атрымае першы прыз — пуцёўку ў летнік «Зубраня». Аўтарытэтнае журы, у якое ўвайшлі адны дзяўчынкі, узначаліла наша важатая, дзевяцікласніца Оля Грыбкова.

І што вы думаеце?.. Гэты конкурс вельмі зацікавіў Юрыка. Яго шэрыя вочы, здаецца, аж пацямнелі ад нейкіх там патаемных думак. А можа, яму ў «Зубраня» захацелася з’ездзіць?! Ён ледзьве дачакаўся канца заняткаў і стрымгалоў выскачыў з класа.

— Пачакай, Сасноўскі, заўтра ты ў нас за ўсё адкажаш! — пагрозліва крычалі дзяўчынкі ўслед Юрыку.— Скончацца твае штукарствы!

Але ўмовы конкурсу ўступалі ў сілу з заўтрашняга дня, і Юрык прапусціў гэтую пагрозу міма вушэй. Я таксама, не затрымліваючыся, выслізнуў з класа са сваім сябруком, у якога, напэўна ж, ужо быў падрыхтаваны шыкоўны сюрпрыз...

— Вось табе, Максім, і талерачка з блакітнай кветачкай,— падміргнуў мне Юрык сваімі бялявымі вейкамі, калі мы апынуліся далёка ад школы.— Уключаемся ў конкурс!

Я не ступіў больш ні кроку, быццам мае кеды раптам да дарогі прыклеіліся.

— Каб апошняе месца заняць? — скептычна заўважыў я.

— Першае табе не падабаецца? — у сваю чаргу запытаўся Юрык і таксама спыніўся.

— Ды хіба нам адужаць гэты конкурс?

— Што за пытанне? — Юрык цыркнуў слінай і выняў з кішэні карычневых тэхасаў невялічкі папяровы квадрацік у клетачку.

— Я перапісаў умовы конкурсу. Тут чырвоным (Юрык меў на ўвазе колер пасты сваёй шарыкавай ручкі) па беламу напісана,— сябрук узмахнуў паперкай перад маім носам.

— Ведаю, што напісана, на памяць вывучыў.

— «Пераможцам конкурсу стане той, хто будзе добрым сябрам і ветлівым са старэйшымі»,— прачытаў Юрык і весела прысвіснуў.— Ды што тут складанага? Дзе знойдзеш больш верных сяброў, чым мы з табой? А са старэйшымі я магу быць ветлівым не толькі адзін месяц: «Калі ласка, дайце я паднясу вашу сумку», «Можа, у краму збегаць?..»

Юрык уваходзіў у ролю, нібы артыст у фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Вось дзе было смеху, калі мы гэтага Івана Васільевіча глядзелі ў калгасным клубе. І песня ўсім спадабалася... пра слёзы, якія капаюць з Марусіных вачэй.

— Ты трэці пункт прачытай,— я паспрабаваў астудзіць гарачы Юрыкаў настрой.

— Та-ак, з гэтым пунктам мы можам забуксаваць,— Юрык чмыхнуў, быццам папярхнуўся, пазіраючы ў паперку.— «Не крыўдзіць і паважаць дзяўчынак...» Ды хіба з імі мірна пражывеш хоць адзін дзень? А конкурс аб’явілі на цэлы месяц...

— Як жа цяпер з першым месцам? Ці ты забыўся, што ў нашым класе вучыцца Аркаша Лахвіч?

— Тут і ўся загваздка,— Юрык, здаецца, спусціўся з неба на зямлю.— Аркашка — манная кашка... Ён для нас... як у мосце дзірка. Сапернік нумар адзін. Вось для яго я пастараюся сёе-тое прыдумаць.

— Дарэмна цэлы месяц марнавацца. Прыз за першае месца ў рыцарскім конкурсе можна заўтра ж уручыць Лахвічу. Ён, мусіць, сам і прыдумаў гэтае спаборніцтва...

Я нагаворваў на Аркашку з далёкім прыцэлам, каб толькі пераканаць Юрыка, што нам лепш за ўсё конкурсны месяц перачакаць у зацішку. Ды любы ў нашай школе пацвердзіць, што Лахвіч недасягальны, быццам штангіст Васіль Аляксееў у другой цяжкай вагавай катэгорыі. Выдатнік, чэмпіён школы па бегу на 60 метраў, баяніст. І гэта яшчэ не ўсе заслугі Аркашкі.

— Вось табе і талерачка з блакітнай кветачкай,— Юрык азірнуўся і рашуча стукнуў мяне па плячы.— А мы з Аркашкам яшчэ паспрачаемся. Тут сёе-тое наклёўваецца. Сёння вечарам абмазгуем. Яшчэ паглядзім, каму першы прыз дастанецца.

Я каторы раз пераканаўся, што пярэчыць Юрыку — як ваду рэшатам насіць. Ды хіба быў калі выпадак, каб я змог прымусіць Юрыка рабіць так, а не гэтак? Юрык у нашай дружбе за галоўнага: першае і апошняе слова заўсёды за ім.

Сказаў бы ён зараз забрацца на самую верхавіну стогадовай ліпы, што ўзвышаецца пасярод вёскі, і я, не задумваючыся, пакарабкаўся б наверх. Як гэта было раней, калі я па Юрыкавай камандзе лазіў у калгасны сад па чырвоныя трускалкі або цукровыя ранеткі. Юрык заўсёды ў дазоры заставаўся, але аднойчы я быў заспеты вартаўніком дзядзькам Макарам сярод белага дня на градзе. Тады Юрык разяваку прадаў, а я вельмі захапіўся буйнымі ягадамі.

Бацькава «сухапарная лазня» навучыла мяне быць больш асцярожным, але не змагла затушыць нашу дружбу.

Вы, напэўна ж, падумаеце, што Юрык на галаву вышэйшы за мяне, у плячах шырэйшы і валодае хітрымі прыёмамі самба ці каратэ. Памыляецеся! Калі мы з Юрыкам возьмемся барукацца, дык ён ужо на першай мінуце ляжыць на лапатках. І ростам ён не выйшаў, і на турніку больш трох разоў не падцягваецца. Як бачыце, наша дружба мацуецца зусім не на фізічнай сіле...

І калі Юрык вечарам расказваў пра свой дзівосны план — як абысці ў рыцарскім конкурсе Аркашку Лахвіча, я зразумеў, што мяне чакаюць нялёгкія выпрабаванні. Ды паспрабуйце страляць па мішэні з завязанымі вачамі!..

Што ні кажыце, а мой сябрук знаходзіць нечаканыя варыянты ў рашэнні самых складаных задач. Я маю на ўвазе не нейкія там «арыфметычныя» пералёты самалётаў з пункта «А» ў пункт «Б». Як-ніяк трэба рашыць мудрагелістае ўраўненне з адным невядомым: хто лепшы рыцар у нашым класе?

Назаўтра на першым жа перапынку я нясмела падышоў да Аркашкі Лахвіча і з ніякаватай усмешкай сказаў:

— Выручай, Аркашка. Надакучыла мне ў троечніках хадзіць. Бяры нада мною шэфства.

Ён бліснуў шкельцамі сваіх акуляраў, і яго круглы з ямачкамі на шчоках твар умомант падфарбаваўся кволай чырванню.

— Жартуеш?

Аркашка адразу ж захваляваўся. Ён заўсёды хвалюецца, калі да яго звяртаешся з якой-небудзь просьбай. І чырванее без аніякай там прычыны.

— Ці ж да жартаў? — Я кожнае сваё слова загадзя прымерыў.— Дома спакою не даюць. Мама хоча бачыць мяне на дошцы гонару... Тады я пагарачыўся, не падумаў... прабач.

Я паспяшаўся папярэдзіць новае Аркашкава пытанне, якое, напэўна ж, павінна было зляцець у яго з языка.

На мінулым тыдні ў мяне надарылася непрыемная сутычка з Аркашкам, калі я адмовіўся ад яго дапамогі па рускай мове. Ды яшчэ абазваў ачкарыкам. І гэта тады, калі ўсе выдатнікі бралі шэфства над троечнікамі, бо ў нашай насценгазеце «За выдатную вучобу» з’явіўся гучны заклік: «Дадзім бой тройкам!»

— Добра, памагу,— згадзіўся Аркашка і, крыху падумаўшы, дадаў: — Прыходзь вечарам у сем гадзін. Раней не магу з табой сустрэцца, трэба з Ленай пазаймацца.

— Дзякуй,— ціха сказаў я, хаця чакаў зусім іншага адказу.

Аркашка яшчэ шэфствуе над Ленай. Яна па матэматыцы адстала, калі ў бальніцы была. Ды мы з Юрыкам даўно заўважылі паміж Ленай і Аркашкам нейкія асаблівыя адносіны. Аркашка нават у бальніцу за тры кіламетры хадзіў да Лены, калектыўнае пісьмо класа і яблыкі перадаваў. Толькі чаму ён, а не дзяўчынкі?

Праўду кажучы, я назіраў за Аркашкам шмат дзіўнага і загадкавага. То ён у зборы макулатуры аж са скуры вылузваецца, каб на першае месца выйсці, то на праполцы град у школьным агародзе па дзве нормы выконвае, каб толькі яго пахвалілі. А паглядзелі б вы, як Аркашка ў аглядзе строю і песні выструньваўся, як ён крок адбіваў і ўсё іншых падганяў: «Што гэта вы, як сонныя мухі! Чацвёртакласнікі і тыя лепш за нас ідуць. Давайце не падкачаем!..»

Да гэтых заклікаў Аркашка заўсёды здатны. Асабліва нам з Юрыкам ён спакою не дае.

— Чаму на экскурсію ў лес не хадзілі? — пытаецца.— Увесь клас сабраўся, а вас так і не дачакаліся.

— А мы цікавую кніжку чыталі.— Юрык не лезе ў кішэню па слова...— У нас індывідуальны план выхаднога дня.

Ці яшчэ:

— Чаму да першакласнікаў не наведваліся, заданне не выканалі?

— Не паспелі казку пра Чырвоную Шапачку вывучыць, мы малышам спектакль будзем паказваць.— Юрык прыдумляе апраўданне нават не міргнуўшы вокам.

Адным словам, у нас з Аркашкам адносіны даволі-такі складаныя, як, напрыклад, у двух пеўняў, што жывуць на адным двары.

І я вельмі спадзяваўся, што Аркашка адмовіцца браць нада мной шэфства і Юрыкаў план лопне, быццам сухая порхаўка пад нагой. Але мае спадзяванні не збыліся. Аркашка здзівіў і на гэты раз: ён згадзіўся вывесці мяне ў чацвёрачнікі.

«І што ён за чалавек?! — дзівіўся я.— Хоць бы пакрыўдзіўся як-небудзь... за ачкарыка ці розныя там жартачкі».

Але Аркашка, мабыць, не ўмеў крыўдзіцца. Бо калі я завітаў да яго з падручнікам рускай мовы, ён сустрэў мяне прыязнай усмешкай. Толькі адразу ж папярэдзіў:

— Займацца будзем сур’ёза. І не чакай ад мяне ніякай паблажкі.

— Добра,— згадзіўся я.

Да гэтага мяне прымушаў хітры Юрыкаў план, хаця я зусім не верыў у яго поспех. Ды і адкуль ён павінен быў прыйсці? Не з неба ж зваліцца...

Наша «аперацыя» ў Юрыкавым уяўленні выглядала так. Я заваёўваю Аркашкаў давер: стараюся з усіх сіл, маўляў, мне толькі адны пяцёркі і сняцца. Аркашка на сёмым небе ад задавальнення, на кожным кроку мяне расхвальвае: глядзіце, які малайчына Максім Ракіцкі, з тройкамі расправіўся. Вядома, тут і пра Аркашкавы заслугі пагалоска па школе паплыве...

І вось тады, калі Аркашка будзе здымаць «ураджай» свайго шэфства, я і выкладу перад ім на талерачку з блакітнай кветачкай (гэта Юрыкавы любімыя словы) адну далікатную прапанову. Або Аркашка адмаўляецца ўдзельнічаць у конкурсе «Хто лепшы рыцар?», або я зноў запускаю вучобу і скочваюся на тройкі ці нават заводжу дружбу з двойкамі. І Аркашку, як адказнаму за паспяховасць у нашым класе, давядзецца трымаць невясёлую справаздачу перад вучкомам. А гэта для яго страшней, чым скачкі цераз гімнастычнага каня... Тут, як уяўляе Юрык, Аркашку можна браць голымі рукамі, быццам чырванапёрку ў мутнай вадзе. Яшчэ Юрык сказаў, што за такую ўдалую аперацыю яго пахваліў бы сам Шцірліц...

У той першы вечар майго добраахвотнага візіту да Аркашкі я заседзеўся ў Лахвічаў да позняга. І зусім не таму, што мяне раптам прываражыла граматыка рускай мовы з правапісам літары «о» ў словах іншамоўнага паходжання.

Спачатку Аркашка цікавіўся маімі ведамі граматычных правілаў. Праз нейкія паўгадзіны мой шэф, быццам урач, які выслухаў хворага, устанавіў дыягназ:

— Ясна... Будзем пачынаць з пятага класа. Я тут абдумаю планчык нашых заняткаў, выпішу параграфы, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу. На сёння хопіць, а заўтра прыходзь без спазненняў.

Аркашка зірнуў на будзільнік і сказаў:

— Мяне чакае «Лунацік».

— Хто?

Ён неяк сумеўся, паправіў на носе свае акуляры:

— Я мадэль майструю... самаходны месяцаход.

— Ну-у! — яшчэ больш здзівіўся я.— Як майструеш?

— Па чарцяжах з часопіса «Мадэліст-канструктар». Хадзем пакажу.

У майстэрні — невялікай дашчанай прыбудове да пуні, што стаяла ў канцы двара Лахвічаў, я ўбачыў шмат розных інструментаў, металічных прыстасаванняў, нават нейкі станок.

— Тут татава гаспадарка,— з гордасцю сказаў Аркашка.— Тата заўсёды дазваляе мне карыстацца сваімі інструментамі.

У нашай вёсцы Аркашкавага бацьку называюць майстрам на ўсе рукі і кажуць, што лепшага калгаснага механіка за сто кіламетраў не знойдзеш. Ды гэта што! Вунь старэйшы Лахвіч сам зрабіў аўтамабіль. Хоць і смешны драндулет і на ўсю вёску матор трашчыць, але хуткасць у яго не горшая, чым у якога-небудзь «Запарожца».

А вось тое, што Аркашка таксама любіць майстраваць, было для мяне вялікай навіной.

— З рухавіком запарка, ніяк са схемай не разбяруся, трэба тату чакаць, а ён на цэлы месяц на курсы паехаў.

Аркашка бліскае сваімі круглымі акулярамі і схіляецца над мадэллю, што стаіць на нізкім століку ля акна. Месяцаход на шырокіх металічных кольцах, памерамі не большы за радыёпрыёмнік «Гайна», вельмі падобны на сапраўдны, што спускаўся на Месяц і якога паказвалі па тэлевізары.

— Ён будзе сам ездзіць?

— А як жа! «Лунацік» у мяне самаходны. Зраблю маторчык — і паедзем... Не на Месяц, дык хаця б на школьную выстаўку.

— З такім экспанатам можна і ў Мінск ехаць.

— Куды там...— Аркашка ледзь прыкметна ўсміхнуўся.

І дзіва-дзіўнае... Упершыню я паглядзеў на Аркашку з павагай, і ён цяпер зусім не здаваўся мне выскачкам і задавакам...

Пасля знаёмства з Аркашкавай майстэрняй я стаў наведвацца туды кожны вечар. Спачатку мы займаліся рускай мовай: я пісаў дыктанты, адказваў правілы, і шэф быў задаволены мною. Потым мы ішлі ў майстэрню, дзе я ўжо на другі дзень навучыўся працаваць паяльнікам і выпілоўваць лобзікам з фанеры розныя штуковіны. Усё гэта так захапіла мяне, што я нават забыўся пра хітры Юрыкаў план і пра конкурс на лепшага рыцара.

І вось на зыходзе першага тыдня маіх візітаў да Аркашкі, калі я надвячоркам вяртаўся ад Лахвічаў дадому, мяне сустрэў Юрык. Выгляд у яго быў нейкі насуплены і непрыветлівы.

— З Маннай кашкай знюхаўся? — у Юрыкавым голасе пачуліся пагарда і здзек.

— Я ж па плану... Ты сам прыдумаў...

Юрык глядзеў на мяне са зняважлівай усмешачкай і, здаецца, гатовы быў кінуцца ў бойку.

— Заўтра ж адмовішся ад шэфства.

Яго словы — суровы загад.

— А як з конкурсам?

— Хай Манная кашка ў «Зубраня» едзе. Я сёння з Ірай пасварыўся, усё роўна нам першага месца не бачыць,— кажа Юрык і цыркае слінай.

Але я чамусьці не згаджаюся са сваім сябрам. Як мне адмовіцца ад шэфства? Тады ж будзе закрыты ўваход у Аркашкаву майстэрню. А там так цікава!..

— Мне з рускай мовай трэба падцягнуцца...

Я не гляджу на Юрыка, але адчуваю, што ён увесь аж пазелянеў ад злосці.

Юрык заўсёды такі: не любіць, калі яму хто пярэчыць. Праўду кажучы, я ніколі і не выступаў супраць яго загадаў...

— Знюхаўся! — Юрыкаў голас захліпнуўся.— Ты яшчэ пашкадуеш, пабачыш талерачку з блакітнай кветачкай!

Ён заспяшаўся прэч, а я, разгублены і ўсхваляваны, застаўся адзін. Я не мог пабегчы за Юрыкам, не мог сказаць яму, што адмаўляюся ад Аркашкавага шэфства... Такое са мной было ўпершыню.