epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Гукавое пісьмо

Крыўда, горкая і пякучая, прымушала Гену ісці шпарка, ледзь не подбегам. Ён спяшаўся хутчэй мінуць вузкую вулачку і апынуцца за рогам прамтаварнага магазіна, каб схавацца ад пільнага позірку вялікіх акон трохпавярховага будынка школы. Хлопчык адчуваў гэты позірк спіной, адчуваў асуджальны дакор, і ўжо нішто не магло спыніць яго, а тым больш павярнуць назад.

Не, здаецца, Гена яшчэ ніколі не быў такі ўзрушаны, як сёння. Ніколі... Ды калі б ён хоць на якое імгненне мог уявіць, што так усё атрымаецца... Яго, напэўна ж, і сілком не завялі б у музей. Няхай бы самі слухалі, няхай бы радаваліся. Толькі б яму, Гену Міхальчыку, не чуць тыя словы, не бачыць тыя з’едлівыя ўсмешкі.

У яркім сінім небе плыло сонца. Вялікае, жоўтае. Нядаўна мінуў поўдзень, і яно паволі спускалася да небасхілу. Было цёпла і хораша.

За машынным дваром дарога павярнула да маладога беластволага бярэзніку. За ім разлёгся вялікі сасновы лес.

Гена прыцішыў крок, нібы пераканаўся, што пагоня адстала. Але думкі зноў вярталі яго ў школу.

...Пісьмо прыйшло раніцай. Было яно незвычайнае — гукавое. Гэтая навіна імгненна абляцела школу і асабліва ўсцешыла сямікласнікаў: Касманаўт прыслаў адказ на іх ліст!

Ужо некалькі месяцаў Касманаўт працаваў на арбітальнай станцыі. І дзіва-дзіўнае: пісьмо прыляцела з космасу, яго даставіў на Зямлю экіпаж наведвання. Вось дык сюрпрыз!

Касманаўт вучыўся ў гэтай школе, хадзіў за чатыры кіламетры з вёскі Зялёнае, тут жа скончыў дзесяцігодку. У школьным музеі, што адкрыўся год назад, напярэдадні 12 красавіка, былі асабістыя рэчы Касманаўта, скафандр, шмат фотаздымкаў, і зямных і касмічных, школьны дзённік за сёмы клас, класны журнал...

Гена таксама з вёскі Зялёнае. Ён жыве насупраць дома, дзе прайшло дзяцінства Касманаўта. Касманаўт прыязджаў у Зялёнае два гады назад пасля свайго першага палёту ў космас. Уся вёска сустракала Марфінага Валодзю.

Як сёння, Гену бачыцца тая сустрэча, калі ён, тады яшчэ пяцікласнік, апынуўся побач з Касманаўтам і, нібы зачараваны, глядзеў на «Залатую Зорку» Героя Савецкага Саюза. Потым Касманаўт, даведаўшыся, што Гена — сын Міколы Міхальчыка, з якім яны сябравалі ў школьныя гады, падарыў яму значок — партрэт Гагарына — і сказаў:

— Гэты значок быў са мною ў космасе. Беражы яго! Няхай ён будзе тваім добрым талісманам...

І вось — гукавое пісьмо. І як было не паслухаць яго? Пасля ўрокаў увесь сёмы клас пайшоў у школьны музей касманаўтыкі. Кіраўнік музея настаўнік гісторыі Мікалай Пракопавіч уключыў магнітафон.

«Вельмі радасна атрымаць ліст з роднай школы тут, у космасе. Не ўяўляеце, як гэта здорава: ляціш сярод зорак, Зямля ў ілюмінатары, быццам вераснёўская антонаўка, а ты чытаеш навіны сваіх землякоў. Мяне ўзрушыў і засушаны кляновы лісток. Кажаце, што ён з дрэва, якое я калісьці пасадзіў ля школы? Лісток з майго дзяцінства... Ён жа так падобны на карту роднай Беларусі! Гляджу на яго і бачу дарогу, што бяжыць ад маёй вёсачкі да школы. Праз балота, лясок, поле, міма бярэзніку... Вярнуся на Зямлю, прыеду ў госці, і мы пройдзем разам па гэтай дарозе, абавязкова пройдзем».

Касманаўт замоўк. У музеі ўсталявалася асаблівая цішыня, але яна працягвалася не больш як паўхвіліны.

«А цяпер я хачу пагаварыць з Генам Міхальчыкам. Пагаварыць са сваім земляком-суседам... Засмуціў ты мяне, Гена, засмуціў... І няўжо табе не дапамог мой талісман?».

Гена аж злякнуўся, твар успыхнуў гарачай чырванню. Сорам, хоць ты скрозь зямлю праваліся. Ён стаяў ашаломлены і разгублены...

Голас з космасу, гукавое пісьмо... Гэта Тоня Сіняўская пастаралася. Распісала, пахвалілася, адрапартавала... І ўсё з-за Генавых двоек па алгебры і англійскай мове.

Вучыўся Гена раней без троек, настаўнікі нават хвалілі, а тут раптам двойка за двойкай.

— Што здарылася з Міхальчыкам?

— Загультайнічаў, разбэсціўся, а такі быў старанны, паслухмяны... Вядома ж, сам сабе гаспадар. Што старэнькая бабуля можа з ім зрабіць? У інтэрнат яго трэба...

Хлопчык не хацеў у інтэрнат. Генавы бацькі паехалі працаваць у Цюмень амаль год назад. Абяцалі забраць сына, як толькі крыху абжывуцца. Гена пакуль застаўся ў Зялёным разам з бабуляй Акулінай.

Міналі дні, а ў лістах з Цюмені была адна просьба: «Пачакай, сынок, дома. Пакуль яшчэ рана ехаць». І Гена прывык да гэтых слоў, чакаў...

Занядужала бабуля. А тут куры, гусі, карова. Клопаты па гаспадарцы ляглі на плечы ўнука.

Прыйшоў верасень, а з ім і школьныя непрыемнасці. І тут — пісьмо аднакласнікаў Касманаўту...

...Гена параўняўся з бярэзнікам, спыніўся, агледзеўся і рашуча ступіў на сцяжынку, што вяла ў бок ад дарогі, да беластволых дрэўцаў. Ішоў, услухоўваўся ў навакольную цішыню, а думкі былі там, у школьным музеі, дзе гучаў праніклівы голас Касманаўта.

«Я веру: гэта ў цябе, Гена, часовая замінка, і ты зможаш адолець свае няўдачы. Сябры-аднакласнікі дапамогуць. Праўда? Не адступайцеся, будзьце ўпартымі і настойлівымі, не пакідайце таварыша ў бядзе...

Давайце дамовімся, калі я вярнуся на Зямлю і завітаю ў Зялёнае, вы раскажаце мне пра сваю перамогу. Добра?»

Усе слухалі гукавое пісьмо з вялікай увагай. Адны спачувальна пазіралі на Гену, другія пераміргваліся і шматзначна ўсміхаліся. Гена яшчэ ніколі не адчуваў сябе так кепска, як у гэты момант. Яму было і сорамна, і крыўдна, і балюча...

— Вось вам і космас,— задумліва заўважыў Мікалай Пракопавіч і шчоўкнуў выключальнікам магнітафона.— Праславіліся, нічога не скажаш... Чулі: «Не пакідайце таварыша ў бядзе...» А мы?

— Гэта з-за Міхальчыка,— горача ўсклікнула Тоня Сіняўская.— Мы ж абяцалі Касманаўту расказваць пра ўсё, нічога не ўтойваць.

— Правільна, утойваць не трэба,— згадзіўся Мікалай Пракопавіч.— Толькі што цяпер будзем рабіць? Якімі навінамі сустрэнем Касманаўта?

— Няхай Гена дасць слова,— сказаў Пеця Чыж.

— Ён ужо даваў, і не раз,— успыхнула Тоня.— Ведаем яго абяцанкі.

Вось тут Гена не вытрымаў і выскачыў з музея. Ужо нішто не магло спыніць яго, прымусіць павярнуць назад. Расказаць пра бабулю, якая ледзь тупае ад печы да парога? Пра маму і тату, якія абяцаюць узяць яго ў Цюмень? Пра ваду, якую даводзіцца насіць кожны дзень па чатыры-пяць вёдзер здалёку.

Тут, у бярэзніку, у Гены была патаемная мясцінка, куды ён прыходзіў з радасным чаканнем незвычайнай сустрэчы.

Невялічкая палянка, акружаная густым арэшнікам, а пасярод палянкі — старая каструбаватая бяроза, з тоўстым замшэлым камлём, магутнымі галінамі і густой кронай. На вышыні трох метраў у ствале бярозы было дупло, у якім жылі тры вавёркі: шустрыя, рыжыя, з пушыстымі хвастамі і чорнымі вочкамі-пацеркамі.

Гена з цікавасцю назіраў за звяркамі, за іх пацешнымі забавамі, цыркавымі трукамі, палётамі з бярозы на бярозу. Яны неўзабаве прывыклі да хлопчыка і ўжо не палохаліся яго.

Гена прыходзіў на палянку не з пустымі рукамі. Сланечнікі, гарбузікі і, як самы вялікі ласунак,— арэхі-лузанцы і сушаныя грыбы. Хлопчык прымацаваў фанерную кармушку да тоўстай галіны, на метра паўтара ніжэй ад дупла,— частуйцеся, даўгахвостыя!

Хлопчык спыніўся ля бярозы, прыслухаўся. Цішыня, спакой. Ласкавыя промні сонца мякка высвечваюць зялёную палянку, падобную на кінаэкран. Вось-вось пагасне святло і пачнецца лясная казка.

Гена схамянуўся, агледзеўся, высыпаў у кармушку гарбузікі і ціхенька свіснуў. Гэта быў умоўны сігнал. Раз, другі, трэці. Хлопчык глядзеў на акенца дупла і чакаў.

— Ф-ю-іць, ф-ю-іць, ф-ю-ю...

З акенца выглянула пацешная галоўка: чорная пыска, вочкі-пацеркі, чуйныя вушкі. Нюхнула паветра, стрэльнула вочкамі туды-сюды, убачыла Гену, радасна піснула і знікла.

Праз якую секунду-другую з дупла адна за адной выскачылі тры агніста-рыжыя вавёркі і сіганулі да кармушкі.

Вавёркі хуценька палузалі гарбузікі. Некалькі семак звалілася ў траву.

Хлопчык сагнуўся, каб падняць іх, і тут вавёрка скочыла яму на спіну. Ад нечаканасці Гена аж прысеў.

Хлопчык сцішыўся. Вавёрка перасела з аднаго пляча на другое, чамусьці незадаволена фыркнула, потым зрабіла стойку на задніх лапах. Гена, не азіраючыся, падняў над галавой руку з семкамі. Імгненне — і вавёрка, выхапіўшы з яго рукі ласунак, як на крылах, узляцела на бярозу.

— Мне пара,— сказаў Гена, памахаў рукой вавёркам, якія з цікавасцю назіралі за ім, і пакіраваў да дарогі, што вяла ў вёску.

Ішоў, думаў... Хлопчыкаў позірк слізгануў па полі, падняўся ў яркі чысты блакіт, на якім імклівай стралой выпісаўся белы след рэактыўнага самалёта.

«Недзе там, у бязмежнай прасторы, ляціць Касманаўт. Далёка-далёка, у глухой бязважкасці... І назірае ў ілюмінатар за зялёнай Зямлёй. А можа, якраз пралятае над роднай Беларуссю, бачыць яе рэкі, азёры, лясы... Ён хадзіў у школу па гэтай дарозе, міма бярэзнічку, па полі, міма гэтага дуба, што стаіць, як вартавы, ужо гадоў дзвесце-трыста. Дзіўна, нават неверагодна... Мой сусед дзядзька Валодзя... і космас. І гэтае гукавое пісьмо... А што, калі я сам напішу Касманаўту? Пра ўсё раскажу. І паабяцаю ўзяцца за вучобу...»

Раптам Гена пачуў за спіной рэзкі сігнал аўтамашыны. Ад нечаканасці ён скочыў да абочыны дарогі і толькі тады азірнуўся. Блакітны «пазік», які штодня возіць вучняў з навакольных вёсак у школу і са школы, параўняўся з Генам і спыніўся. Адчыніліся дзверцы, выглянуў Мікалай Пракопавіч:

— Сядай, паедзем разам.

Хлопчык сумеўся, пачырванеў, разгублена паглядзеў па баках і нерашуча ступіў да «пазіка».

У аўтобусе ён убачыў Тоню Сіняўскую і Пецю Чыжа. «Куды гэта яны? Жывуць жа побач са школай?!» — здзівіўся Гена.

— Давай сюды,— Мікалай Пракопавіч паказаў на месца побач з сабою.

Хлопчык асцярожна апусціўся на сядзенне, паклаў на калені сумку.

— Да Марфы Іванаўны едзем,— сказаў настаўнік.— Касманаўт прыслаў гукавое пісьмо і сваёй маці. На адной плёнцы. Магнітафон вязём. Марфе Іванаўне будзе цікава паслухаць сына. Пісьмо з космасу... Ты, Гена, дарма пакрыўдзіўся. Сам павінен разумець... Можа, і не трэба было вось так адразу... Тут і наш недагляд. У цябе ж вунь якая сітуацыя... Ведаеш, сёння прыйшло пісьмо ў школу і ад тваёй маці.

— Пісьмо?! — Гена схамянуўся, утаропіўся ў настаўніка.

— Ага, пісьмо. Потым пагаворым, дома, разам з бабуляй. Такое супадзенне: космас і Цюмень. Нібы згаварыліся... А ты горды...

Аўтобус прытармазіў, хіснуўся ўбок. Гена не ўтрымаўся і штурхануў локцем Мікалая Пракопавіча. Настаўнік абхапіў Гену за плечы, прыціснуў да сябе, быццам засцерагаючы ад удару, і сказаў:

— Усё будзе добра, Генадзь! Цяпер мы не дадзім цябе ў крыўду. Разам будзем змагацца...

За акном аўтобуса замільгалі хаты. Голас настаўніка запаланіў Гену, прагнаў яго крыўды-сумненні, прымусіў усміхнуцца. І хлопчык адчуў незвычайную палёгку, нібы толькі што адолеў круты схіл высокай гары.