epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Малінавая шкатулка

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


1

 

Алег спазняўся на трэніроўку. Хацеў адпрасіцца з апошняга ўрока алгебры, але Бірута Яфімаўна нават і слухаць не пажадала: кантрольная ж! А яшчэ ўпікнула:

— Ты, Алейнікаў, выбірай: альбо — школа, альбо — футбол. Ці, можа, у Італію збіраешся, як твой аднафамілец? А раптам праз пяць гадоў закрыюць граніцу, што тады будзеш рабіць? Думаю, лёс твайго брата цябе не спакушае...

Сказала, нібы апякла крапівой. Алег ледзьве стрымаўся, каб уседзець за партай і не адказаць якой-небудзь грубасцю.

«І чаго яна дакарае братам? Хіба ён вінаваты? Яго ж падставілі, прымусілі ўзяць віну на сябе...»

Алег сядзеў на кантрольнай як на іголках. Рашыў два прыклады, на трэці не хапіла часу. Здаў сшытак, схапіў сумку і — да дзвярэй. Бірута Яфімаўна быццам знямела, праводзячы вучня дакорлівым позіркам. Маўляў, дабегаешся, сваё атрымаеш...

Быў волкі, туманны дзень. Раніцай выпаў мокры снег, але да паўдня затрымаўся толькі на клумбах ды газонах. Асфальт блішчэў, як пасля дажджу. Алег выскачыў на школьны двор і напрамкі — да дзіркі ў металічнай агароджы. Спяшаўся, па баках не азіраўся. І раптам наскочыў на Пончыка. І міма не прабяжыш, і назад не павернеш. Каго не чакаў — таго не чакаў...

Ды Пончык, напэўна ж, пільнаваў, не проста так ля школы ашываўся і цыгарэтны дым глытаў. Такую сустрэчу выпадковай не назавеш, а прыемнай тым больш.

У Пончыка — круглы, азызлы твар, заплылыя вочкі, нос — свінячым пятачком, а шыя — як у бегемота. І ўвесь ён тоўсты, амаль квадратны. Нізкалобую галаву прыкрывае адзідасаўскі «пеўнік», а на пакатых плячах — сіняя куртка-варонка з белай мехавой падкладкай.

— Маё — з кістачкай,— пыхкнуў дымам Пончык.— Цісні на тармазы!

— Я на трэніроўку, спазняюся.— Алег паспрабаваў прайсці міма, але Пончык паспеў затрымаць яго за плячо.

— Хвіліначку, справа ёсць. Вестачку ад твайго братана Вадзіка атрымалі. Табе прывет...

— Што?! — Алега як токам ударыла.

— Ага, перадалі запісачку. У ёй да цябе просьба...

— Якая?

— Не ведаю... Алік прасіў, каб ты вечарам, у сем, да нашага фантана падруліў. Там і даведаешся... Нешта пра малінавую шкатулачку... Толькі не забудзь, рандэву роўна ў сем, сам ведаеш, Алік не любіць, калі яго прымушаюць чакаць.

Апошнія словы Алег пачуў ужо ля агароджы. Нырнуў у дзірку, паслізнуўся, ледзьве ўтрымаўся на нагах і пабег, адчуваючы спіною калючы Пончыкаў позірк. Нібы той узяў яго на мушку.

«Вестачка ад Вадзіка... Малінавая шкатулка... Рандэву з Алікам...»

Толькі калі зачыніліся дзверы ліфта, Алег суняў дрыжыкі, якія ахапілі яго пасля сустрэчы з Пончыкам. Думалася, усё засталося ў мінулым, як нейкі кашмарны сон, але вось жа зноў ажыло, вярнулася, напомніла пра сябе з’едлівым галаском вядомага на вуліцы Падлеснай прахіндзея і фарцоўшчыка Роміка Коцікава.

Дома Алег затрымаўся хвілін пяць, не больш. Хуценька нацягнуў спартыўны касцюм, заскочыў на кухню, каб перахапіць хлеба з варанай каўбасой і запіць кампотам. Сумку з кедамі і майкай закінуў на левае плячо, шчоўкнуў аўтаматычным замком дзвярэй і нават не стаў чакаць ліфт. З трэцяга паверха ён часцей за ўсё спускаўся па бакавой лесвіцы, а тут жа яшчэ такая спешка.

Выбег з пад’езда, і вярэдлівыя думкі пра сустрэчу з Пончыкам зноў накінуліся на яго злосным роем. І не адагнаць іх, і не ўцячы.

«Як Вадзік перадаў вестачку? І чаму ён успомніў пра малінавую шкатулку? Прасіў жа нікому пра яе ні слова, маўляў, яна для яго даражэй за жыццё...»

А тут нават Пончык пра шкатулку заікнуўся, ды горш тое, што пра шкатулку даведаўся Алік Кажан — адпеты крымінальнік і рэцыдывіст, кароль вуліцы Падлеснай. Колькі ўжо ён па калоніях і турмах ашываўся, мусіць, з малалецтва?! На волі доўга не гуляў, турма для яго была родным домам.

І вось Алегу трэба ісці да фантана ў парку, на сустрэчу з гнюсным мафіёзнікам. Яшчэ год назад пасля суда Алег пакляўся адпомсціць за брата... Ды што клятва?! Хіба ён, трынаццацігадовы, зможа даць бой мацёраму ваўкалаку? З ім жа ні суды, ні міліцыя ніяк не справяцца: усё доказаў не хапае, у Аліка заўсёды знаходзіцца алібі. А калі і прышчэмяць дамушніку хвост, дык ён праз гады тры-чатыры зноў з’яўляецца на вуліцы Падлеснай. У яго і адвакаты вопытныя, і суддзі нейкія занадта гуманныя... Паважаюць Аліка, ён жа злодзей у законе. А закон, як вядома, для такіх няпісаны...

Тралейбусны прыпынак быў на супрацьлеглым баку вуліцы, але ж трэба яшчэ бегчы да пешаходнага перахода са святлафорам. А там яшчэ чырвонае загарыцца... Гэта ж колькі секунд прамільгне? Тут якраз тралейбус паказаўся з-за павароту. Калі кіраваць да святлафора, можна не паспець. Потым чакай, пакуль наступная «двойка» пад’едзе. А сёння ж асаблівая трэніроўка: Аляксандр Мікалаевіч будзе вызначаць каманду на гарадскі фінал. Таму спазняцца ў футбольны манеж ніяк нельга. Хаця месца цэнтральнага нападаючага Алегу Алейнікаву, можна сказаць, забраніравана, але ж кантрольная гульня — галоўны экзамен. Ды і трэнер ва ўсім любіць дысцыпліну: і на футбольным полі, і каля яго.

Узрушаны сустрэчай з Пончыкам, Алег нават не звярнуў увагу на рэфрыжэратар, які стаяў каля тратуара і закрываў левую паласу дарогі. Ён спазняўся, яму трэба было паспець да тралейбуса, што пад’язджаў да прыпынку.

Алег кінуўся напрасткі, паміж рэфрыжэратарам і белай «Ладай», якая толькі што прыпаркавалася да абочыны, засаджанай маладзенькімі каштанамі.

«Як наша»,— падумаў ён пра легкавушку, забыўшыся на ўсялякую асцярожнасць.

Ды калі б не Пончыкава навіна, хіба ж Алег ляцеў на скрут галавы? І спыніўся б, і агледзеўся... А тут яшчэ гэты слотны дзень і мокры асфальт...

Ён заўважыў «Волгу» занадта позна. На ўсю вуліцу завішчалі тармазы, зусім побач мільгануў збялелы, перакошаны твар вадзіцеля ў ветравым шкле. Алег амаль з-пад самага капота сігануў на другі бок дарогі за белую лінію. І не паспеў зірнуць направа: на яго ляцеў грузавік, які размінаўся з тралейбусам.

— А-а-а! — толькі крыкнуў Алег.

Моцны ўдар зваліў яго на асфальт і юзам кінуў да абочыны. Спартыўная сумка адляцела на сярэдзіну дарогі. Скрыгат тармазоў, аўтамабільныя сігналы ўзвіліся над вуліцай пранізлівай сірэнай. Вадзіцель грузавіка паспеў у апошняе імгненне вывернуць руль, каб не наехаць на Алега, і ўрэзаўся ў тралейбус. Зазвінела пабітае шкло, залямантавалі пасажыры.

Першы да Алега падбег вадзіцель «Волгі», тут жа на дапамогу паспяшаліся прахожыя. Акрываўленага і беспрытомнага хлапчука асцярожна паднялі на рукі і панеслі да «Волгі».

— Пад самыя колы кінуўся,— узрушана казаў вадзіцель грузавіка, перабіваючы гнеўную водпаведзь маладжавай жанчыны — вадзіцеля тралейбуса.— Я ж мог яго задавіць. Бегаюць пустапасам... Вось жа побач пераход...

— Маліце Бога, каб застаўся жывы,— пачулася ў натоўпе.— У судзе «пустапасам» не апраўдаецеся... А што для іх пераход? Яны спяшаюцца, ім няма калі...

«Волга» павезла Алега ў бальніцу, а на месцы здарэння яшчэ доўга тоўпіліся людзі, распытвалі, абмяркоўвалі, дакаралі бацькоў, дзеці якіх парушаюць правілы дарожнага руху.

— Якія бацькі — такія і дзеці! — сказала вадзіцель тралейбуса і пайшла да міліцыянераў, што пад’ехалі на «уазіку» з мігалкай. За ёй пайшоў і вадзіцель грузавіка.

— Вось цяпер і разбірайцеся, хто з вас вінаваты,— паляцела з натоўпу.— Няма чаго ўсё звальваць на бацькоў. Ды яны са сваімі дзецьмі бачацца толькі вечарам. І ім ужо не да правілаў дарожнага руху.

— Ага, толькі б па тэліку «Поле цудаў» паглядзець, а астатняе — трын-трава...

 

2

— Табе яшчэ пашанцавала,— сказала медыцынская сястра, калі везла Алега на калясцы ў палату.— Косці зрастуцца, будзеш бегаць. І сінякі знікнуць... А мог жа і калекам застацца, і, не дай Божа, адправіцца на той свет. Не шкадуеце вы ні сябе, ні сваіх бацькоў...

Бальнічны калідор быў доўгі і нейкі змрочны. Алег пасля ўсяго перажытага пачуваўся амаль што ў паўзабыцці. Ён затуманеным позіркам глядзеў на сваю правую нагу, якую аж да калена ахопліваў белы гіпсавы бот, і ледзьве стрымліваў слёзы адчаю і незразумелай крыўды.

«Вось табе і трэніроўка, і гарадскі фінал! Што скажа Аляксандр Мікалаевіч? А мама з татам?» — нават боль у назе не адваджваў вярэдлівыя думкі. І зноў, нібы з туману, выплываў азызлы Пончыкаў твар, які напамінаў пра рандэву з Кажаном.

«Няхай пачакае! — Алег нават усцешыўся: цяпер сустрэча з дамушнікам не адбудзецца, і яму не давядзецца даставаць малінавую шкатулку з тайніка.— Вось толькі чаму Вадзік расказаў пра шкатулку? Хто яго прымусіў?»

У палаце стаялі чатыры ложкі, а вольны быў якраз ля дзвярэй. Сястра дапамагла Алегу перабрацца з каляскі на ложак, пад загіпсаваную нагу паклала згорнутую коўдру і, адыходзячы, сказала:

— Абвыкайся, знаёмся, кампанія ў цябе вясёлая. Пазванілі ў тваю школу, папрасілі паведаміць бацькам. Хутка чакай іх з гасцінцамі.

Ён зусім не адрэагаваў на гэтыя словы, нават не сказаў «дзякуй». Бо як толькі галава дакранулася да падушкі, імгненна праваліўся ў сон, трывожны і хваравіты. І ўсё ў гэтым сне было нейкае вельмі ўжо знаёмае, нібы кадры фільма, які глядзіш другі ці трэці раз...

...І ўбачыў сябе Алег за рулём бацькавай «Лады». Побач — бацька, на заднім сядзенні — маці з Вадзімам і старэйшай сястрой Святланай. Калі Святлана прыехала? Яна ж са сваім мужам-афіцэрам дзесьці за палярным кругам кукуе. У Польшчы пяць гадоў у ваенным гарадку жылі, а адтуль — на поўнач, да белых мядзведзяў.

А Вадзім як заявіўся? Ён жа мінулай восенню трапіў за калючы дрот на тры гады. І гэта не армейская служба — адтуль не пускаюць дадому на пабыўку, нават на пісьмы ліміт. І што ў тых пісьмах крамольнага?

Алег спрытна рулюе, ён ужо добра ўмее вадзіць «Ладу». Тут няма нічога дзіўнага. Бацька навучыў, нават шасцігадоваму дазваляў кіраваць. Тады ў іх быў старэнькі «Масквічок». Вось на вясковай бязлюднай дарозе і адбываліся вясёлыя ўрокі. Алег яшчэ да руля не даставаў, даводзілася ўзлазіць на бацькавы калені. Спачатку ён трымаўся за руль, як тапелец за выратавальнае кола. Але потым асмялеў і ўжо сам прасіўся на бацькавы калені. І адпіхваў яго рукі ад руля, калі ён спрабаваў падсобіць сыну.

— Гляньце, гляньце! — радаваўся бацька.— Мае гены! У Алежкі шафёрская хватка!

Імчыць «Лада», сям’я Алейнікаў кіруе да дзеда з бабай, гэта сорак кіламетраў ад горада. Дзядулева новая як звон хата стаіць на беразе возера, побач з сасновым лесам. Уваходзіны былі два гады назад. Асабліва радаваўся Алегаў бацька:

— Цудоўная дачная мясцінка! Лічы, дзед, што нам вельмі пашэнціла. І мне цяпер не трэба за трыста кіламетраў гойсаць. Колькі бензіну на дым пусціў...

— Эх, сынок, сынок,— чамусьці не радаваўся дзядуля.— Ды калі б не гэтая бяда, хіба ж мы з бабуляй паехалі за блізкі свет з роднай Сасноўкі... Усё кінулі-рынулі: і садок, і сядзібу, і могілкі...

— Дзіўны ты, дзед, тут дзякаваць Богу трэба, што так усё наладзілася... Дом вунь які — сапраўдная хароміна! Пра такі я і марыць не мог.

— За што дзякаваць, сынок?! За што-о-о?!

— За даведку, за бэры! —успыхнуў бацька.— За тое, што ты жывы з вайны вярнуўся...

— На горы людскім у рай не заедзеш.

— Пляваць я хацеў на той рай, мне сёння трэба жыць, сёння! І дом гэты мы заслужылі сумленнай працай, і не наша віна, што ўзарваўся той Чарнобыль... А для чаго я цэлы месяц у самы пекле на МАЗе кантаваўся, добраахвотна атруту глытаў? Хопіць нам прыбядняцца, хадзіць з працягнутай рукой. Прывучылі нас да рабскай пакорлівасці, вось і жывём як мышы пад венікам.

Тым і закончылася іх размова, пра яе можна было б і не ўспамінаць, але потым Алег неаднойчы чуў ад бацькі:

— Ну і дзівак наш дзед! Яму нейкай задрыпанай Сасноўкі шкада, глухамань лясную, могілкі... Яму ў рай хочацца... Ды вось жа наш рай — церам-церамок на беразе возера. Не тое, што там — струхлелая хацінка...

...І ў сне, калі селі ў «Ладу», бацька сказаў: «Гайда ў дзядулеў-бабулін рай!»

Выехалі на бетонку, «Лада» набрала хуткасць, а з-за павароту насустрач — чырвоны рэфрыжэратар. Раптам ён віхлянуў на левы бок і перагарадзіў шашу. Сутыкненне немінучае: тут ужо ні аб’ехаць, ні затармазіць. Алег закрычаў, але не пачуў свайго голасу. І што за насланнё?! За рулём рэфрыжэратара ён убачыў Кажана, побач з ім у кабіне — Пончык. Рагочуць, выскаляюцца. У Аліка на твары шрам ад вуха да рота і верхнія зубы залатыя. Павыбіваў, і «кароль» зарабляе на арэхі.

У самае апошняе імгненне перад ударам «Лада» ўзляцела ў паветра.

— Малайчына Алежка! — усклікнуў бацька.— Мая школа!

Адчуванне раптоўнай бязважкасці перахапіла дыханне і рэзкай сударгай ірванула загіпсаваную нагу. Ад пякучага болю Алег аж застагнаў і прачнуўся, з цяжкасцю выбавіўшыся з нейкага хваравітага забыцця.

— Сынок, што з табою, сынок?! — пачуў ён ціхі матчын голас і расплюшчыў вочы.

Маці нахілілася над ложкам і пакутлівым позіркам углядалася ў сынаў твар, на якім цямнеўся крывавы пісяг.

— Як жа так, сынок? Вельмі баліць?

— Не-е-е, не вельмі,— амаль прашаптаў Алег.

— Мне пазванілі са школы... Вось я і адпрасілася з дзяжурства. Ляцела, свету белага не бачыла... Сказалі, што ты трапіў у аварыю...

На Алегаў лоб упала матчына слязінка, і яго ўсяго аж скаланула, працяўшы загіпсаваную нагу новым рэзкім болем. Ён зажмурыўся, зніякавеў, але ўсё ж нягучна сказаў:

— Мама, не трэба, я не адзін...

Яму было няёмка выслухоўваць матчыны шкадаванні ў прысутнасці сведкаў, а тут яшчэ слёзы... Ён адчуваў, што палата прыслухоўваецца да іх размовы, і Алегу не хацелася, каб яго ўявілі мамчыным сынком. Гэта быў той самы пераломны трынаццацігадовы ўзрост, калі любая праява бацькоўскай заклапочанасці сустракаецца ў «штыкі». Маўляў, мяне не трэба апякаць, вадзіць за ручку, я не нейкі там плаксівы смаркач...

— Тата толькі праз тыдзень вернецца,— маці ўсё ж адолела сваю разгубленасць, пастаралася стрымаць слёзы, якія, вядома ж, не маглі падбадзёрыць сына, вывесці яго са стану пакутлівых перажыванняў.— Не пашанцавала табе, Алежка, не пашанцавала. А як цяпер са школай?

— Не хвалюйцеся, школа ад нас нікуды не ўцячэ,— раптам пачуўся разважлівы голас з суседняга ложка.— Будзем мы — будзе і школа.

— Куды ўжо тут, дзеткі, уцякаць, дабегаліся,— зноў уздыхнула Алегава маці і агледзела палату, у якой усе ложкі былі абсталяваны рознымі металічнымі прыстасаваннямі.

— Нічога, яшчэ пабегаем! — бадзёра адклікнуўся ўсё той жа голас.— І паплаваем, і палётаем... І Алегу вашаму не дадзім сумаваць. У нас кампанія вясёлая, акрабаты-цыркачы.

— З табой, Юра, не засумуеш,— у размову ўключылася нянечка, дабрадушная і круглатварая, якая толькі што зайшла ў палату.— Гэта ж трэба дадумацца: палез з балкона на балкон на чацвёртым паверсе, сябрук-сусед параіў... Добра яшчэ, што на куст зваліўся і толькі руку зламаў... А калі б галавою аб асфальт?

— Я, цёця Фруза, не першы раз пералазіў, а тут паслізнуўся...

— Вось і далазіўся. Дзвярэй для вас мала...

— Французскі замок зашчоўкнуўся, а мне трэба было збірацца ў школу.

— Усе вы спяшаецеся,— даволі сурова заўважыла нянечка.— Вунь Слава таксама спяшаўся і апынуўся пад трамваем... Як яму цяпер без нагі? Гора нам з вамі, гора... А вы, мама, не турбуйцеся, вашага сыночка дагледзім, не пакрыўдзім.

— Дзякую вам, хто ж мог падумаць... Як пачула, свету белага не бачыла, ляцела, нават гасцінцаў не паспела купіць,— нібы апраўдвалася Алегава маці.

— Ці ж яны разумеюць нашы турботы?

— Няпраўда, цёця Фруза, не такія ўжо мы ветрагоны. З кім чаго не здараецца? І на роўнай дарозе можна спатыкнуцца.

«Ну і гаварунчык,— амаль раздражнёна падумаў Алег пра свайго суседа.— З чацвёртага паверха зваліўся, а яшчэ жартуе».

Алег ляжаў на спіне, не варушыўся, баючыся развярэдзіць загіпсаваную нагу. Ён не бачыў жартаўніка, голас якога далятаў з-за ўзгалоўя.

Цётка Фруза абышла палату, пацікавілася самаадчуваннем кожнага хворага, а заадно разліла з белага чайніка какаву ў шклянкі, што стаялі на тумбачках.

Алег таксама выпіў какаву, дапамагла маці, падтрымала за плечы, хаця ён мог абысціся і без падтрымкі. Толькі не стаў пярэчыць, каб не прыцягваць увагу свайго суседа. А той па-ранейшаму быў гаваркі і вясёлы, нібы яму ў чымсьці раптам вельмі пашанцавала. А хіба не?

Нарэшце Алегава маці схамянулася, паднялася з табурэткі, што стаяла побач з сынавым ложкам, сказала:

— Схаджу ў гастраном куплю соку ці напітку.

— Я нічога не хачу, не трэба,— запярэчыў Алег.

Яму і сапраўды нічога не хацелася. Ды і дзе тут будзеш думаць пра розныя сокі-прысмакі пасля ўсяго, што здарылася? Вось так нечакана апынуцца ў бальнічнай палаце, загіпсавацца і развітацца з футболам не на адзін дзень... Праўда, Алега ўсцешвала тое, што здарэнне на вуліцы выбавіла яго ад нежаданай сустрэчы з мафіёзным Алікам. «Няхай пачакае ля фантана, прывык, каб перад ім бегалі на дыбачках»,— думаў Алег.

Толькі чаму Вадзім расказаў пра малінавую шкатулку? Што здарылася з ім? Зноў трывожныя думкі-трызненні, зноў невядомасць...

 

3

 

Калі за Алегавай маці і цёцяй Фрузай зачыніліся дзверы палаты, Юра саскочыў з ложка і падышоў да Алега...

— Слухай, як тваё прозвішча?

— Алейнікаў,— адказаў Алег, з цікаўнасцю пазіраючы на чарнявага хлапчука з загіпсаванай рукою, якая вісела на шырокай бінтавай падвязцы.

— Алейнікаў?! — абрадавана перапытаў Юра.— А я пачуў тваё прозвішча, калі сястра прывезла цябе ў палату, і вушам сваім не паверыў. Такое супадзенне!

— Ты чаго? — Раптоўная ўзрушанасць суседа здзівіла Алега. Ён бачыў яго ўпершыню, хаця голас падаўся знаёмым.

— Я пра цябе ўсё ведаю,— весела падміргнуў Гаварунчык.

— Так ужо і «ўсё»? — Алег зрабіў выгляд, што словы гэтыя — няўдалы жарт.

— Кінь, не прытварайся. У мяне камп’ютэрная памяць на імёны і прозвішчы. Ты вучышся ў дзесятай школе, і брата твайго клічуць Вадзімам. Праўда? А бацька твой працуе шафёрам, возіць замежныя грузы і ездзіць за граніцу.

— Нічога я не прытвараюся,— Алег з прыкрасцю зразумеў, што ён трапіў на кручок, быццам наіўны пячкур. Вось дык сустрэча!

Толькі Алега чакаў новы сюрпрыз, яшчэ больш нечаканы і ашаламляльны. У такое і паверыць амаль немагчыма. Нібы нейкі іншапланетны розум вылічыў гэтае знаёмства: аднаго скінуў з чацвёртага паверха, другога прымусіў перабягаць вуліцу перад «Волгай»...

Юра прысеў на табурэтку, нахіліўся да Алега і таямнічым голасам паведаміў:

— Ведаеш, мой бацька расследаваў тую справу, ён і пра твайго брата расказваў...

— Твой бацька?! — Алег скалануўся, забыўшыся на сваю загіпсаваную нагу, і аж войкнуў ад рэзкага болю.— Няўжо?

Гаварунчык памаўчаў, адказаў не адразу, быццам цешыўся Алегавай разгубленасцю. Ён перавёў позірк на дзверы, потым — на акно, за якім ужо згусціўся змрок, агледзеў суседнія ложкі і толькі тады таямніча прашаптаў:

— Мой бацька — следчы. Яму давяраюць расследаваць самыя таемныя злачынствы. Ты чуў пра банду Мезіна?

— Не-е...

— Ты што?! Пра яе ва ўсіх газетах пісалі. Мезін працаваў міліцыянерам у Жлобіне, а начамі рабаваў людзей і нават забіваў іх... Яго банду доўга не маглі выкрыць. Накіравалі ў Жлобін спецыяльную следчую групу, у яе ўключылі і майго бацьку. Група некалькі месяцаў палявала за звяругамі. Хто мог падумаць, што важак банды ходзіць у міліцэйскай форме? І ўсё ж высачылі пярэваратня, злавілі і прывезлі ў Мінскую турму,— Юра расказваў горача, гаварыў прыглушана, амаль паўшэптам, нібы асцерагаўся, што нехта падслухае яго вельмі важныя сакрэты.

Алег слухаў з нейкім асаблівым узрушэннем, усё яшчэ знаходзячыся пад гіпнозам нечаканай навіны: дзіўны выпадак звёў яго ў адной бальнічнай палаце з сынам следчага, які дапытваў брата Вадзіма. Няўжо праўда? Хочаш — вер, а хочаш — не.

— А які гэта быў лоўкі і каварны бандыт! — працягваў Юра.— Бацька казаў, што Мезін дасканала валодаў баявымі прыёмамі каратэ, страляў з любой зброі, умеў кіраваць любымі машынамі і матацыкламі. Не чалавек, а сапраўдны вядзьмак. Ён і з турмы ўцёк.

— Уцёк, з турмы?! — здзіўлена перапытаў Алег.— Можа, дапамаглі?

— Не, ніхто яму не дапамагаў... Ён сам сярод белага дня абдурыў варту. Спрытнюга, нібы нячысцік-невідзімка. У Жлобін вярнуўся, схаваўся, думаў адсядзецца... Зноў высачылі бандзюка, акружылі логава, апасаліся, што будзе адстрэльвацца... Мой бацька быў у той засадзе, расказваў пра аблаву. На досвітку ўзялі Мезіна, арыштавалі без стрэлаў. Уцяміў бандыт, што з ім цацкацца не будуць, прашыюць аўтаматнымі чэргамі.

— Цацкаюцца, яшчэ як цацкаюцца,— не вытрымаў Алег.— Невінаватых саджаюць, а мафіёзнікі на волі гуляюць.

— Ты гэта пра каго? — Гаварунчык злёгку ўзмахнуў загіпсаванай рукой.— Мезіна судзілі, прыгаварылі да расстрэлу. Прасіўся, каб памілавалі, каяўся...

— І памілуюць, і даруюць. У каго грошы, той і музыку заказвае,— успомніў Алег любімую бацькаву прымаўку.

— Якія грошы, якая музыка? — раздражнёна спытаў Юра.— Мезіна ніхто не памілуе, яму ўжо не да музыкі.

— А хіба адзін такі Мезін у міліцэйскай форме? Бяруць хабар, выручаюць злачынцаў... І следчыя, і пракуроры, і суддзі...

— Адкуль ты ўзяў? Гэта ж выдумка несусветная! Наслухаўся розных плётак,— Юра глядзеў на Алега амаль што з непрыязнасцю.— Можа, твой брат такое нагаварыў?

— Ты лепш у свайго бацькі спытай, як ён майго брата дапытваў,— і не хацеў Алег нават думаць пра гэта, але вось жа не змаўчаў, не ўтрымаўся і яшчэ прыпомніў: — Следчы ўгаварыў Вадзіма прызнацца, абяцаў змякчыць яго віну. І змякчыў... На тры гады ў калонію адправілі...

— Што заслужыў, тое і атрымаў,— чмыхнуў Гаварунчык.— І чаго не хапала твайму брату? Джынсаў, красовак, відзіка? У чужыя кватэры залазілі, рабавалі, машыны кралі... Вунь колькі месяцаў міліцыя не магла натрапіць на след зладзейскай шайкі. І твайго брата доўга лавілі...

— А чаму завадатара шайкі выпусцілі на волю? Ці, можа, ён адкупіўся?

— Не ведаю, мне бацька не расказваў. Следчы толькі збірае факты і доказы, а потым перадае іх у суд. Гэта суддзі вызначаюць: хто вінаваты, а хто — не.

— Вызначылі! — крыўдліва сказаў Алег.— Мафіёзніка Аліка Кажана апраўдалі. А ён кіёск паставіў, на вуліцы адкрыта гандлюе крадзенымі жвачкамі, шакаладам ды красоўкамі з курткамі. Усё імпартнае, замежнае... Чаму тады следчыя не заўважаюць злодзеяў-спекулянтаў?

— Што следчыя? — насцярожыўся Гаварунчык.— Бізнес ёсць бізнес... Цяпер кожны можа гандляваць. А не так, як твой брат...

— Ты майго брата не чапай.— Алег растрывожыўся яшчэ больш, хаця яго голас па-ранейшаму быў ціхі і нават прыглушаны.— Вадзім захварэў, яму патрэбны былі дэфіцытныя лекі. Нават тата не мог купіць тыя лекі за граніцай. А Кажан дастаў, у яго ўсюды знаёмыя... Вось Кажан і забрытаў Вадзіма...

— Хваробу да справы не прышыеш,— Юра сказаў як адрэзаў.— Трэба было галавой думаць... Позна пасля бойкі махаць кулакамі.

Новы боль, больш рашучы, працяў Алега навылёт, калі ён, забыўшыся, таргануў сваю загіпсаваную нагу. І аж застагнаў. Стогн прымусіў Гаварунчыка замоўкнуць і падняцца з табурэткі.

— Баліць? Гэта спачатку так, першыя дні... Мне другі раз рабілі аперацыю, пад наркозам. Стальную спіцу ўставілі ў руку. Складаны пералом... Каб толькі косці правільна зрасліся...

Юра адразу ж пераключыўся на новую тэму, быццам і не было той гнятлівай гаворкі, амаль спрэчкі пра следства, брата Вадзіма і прахіндзея Кажана.

Толькі Алег больш не слухаў свайго гаваркога суседа: боль у назе не заціхаў, прыпякаў гарачым жалезам. Гэта быў нейкі раптоўны прыступ, які нельга было прыглушыць нават самым адчайным намаганнем сілы волі. Сцяцца, сціснуць зубы і вытрымаць... Але якія ж гэта пакутлівыя імгненні! Хоць плач, хоць крычы...

Алег умеў трываць, умеў пераносіць розныя болькі-балячкі. Ды колькі іх надаралася ў кожным матчы ці нават на той жа трэніроўцы! І сінякоў, і гузакоў... І кроў з носа, і мігатлівыя бліскаўкі ў вачах. Футбол ёсць футбол, а ў ім Алег пачувае сябе быццам рыба ў вадзе. Хоць часам і дастаецца яму на арэхі — за напорыстасць і азартную гульню. Трэнер Аляксандр Мікалаевіч цэніць Алегаву баявітасць на футбольным полі, верыць у яго футбольны лёс. І раптам гэты няшчасны выпадак...

Боль не сціхаў, нібы нага трапіла ў паляўнічую пастку, сталёвыя абцугі якой усё сціскаліся і сціскаліся. Толькі б вытрываць, толькі б не закрычаць...

І ён трываў, ён маўчаў, як маўчаў і тады, калі следчы выпытваў у яго Вадзімаву тайну. Хітрыў, угаворваў, абяцаў выратаваць Вадзіма... Алег не клюнуў на прыманку следчага і не выдаў свайго брата. Хаця і не дапамог, не выручыў. Ды і што ён мог зрабіць, што перайначыць у іх сямейнай бядзе?

Вось жа мінула пасля суда амаль паўгода, і ўсе тыя пакуты-перажыванні з-за Вадзіма, думалася, адляцелі, расталі разам з асеннім лісцем і студзеньскімі сняжынкамі. І жылі чаканнем вяртання, адлічваючы дзень за днём, тыдзень за тыднем.

А тут раптам гэтае нечаканае суседства ў бальнічнай палаце і размова з сынам следчага, якая развярэдзіла думкі-ўспаміны, ажывіла падзеі дзён блізкіх і далёкіх. Як і сённяшняя сустрэча з Пончыкам, і яго шматзначнае паведамленне пра Вадзімаву запіску і малінавую шкатулку. Так звязваюцца факты ў адзін ланцужок, і доўжыцца ён у трывожнай невядомасці. Звяно за звяном, учынак за ўчынкам. І быццам на двух полюсах — браты Алег і Вадзім.

 

4

Яны зусім розныя — і знешне і характарамі. Спакойны, разважлівы — Алег, і рэзкі, гарачы — Вадзім. Адзін — чарнявы, круглатвары, з ямачкай на падбародку, другі — бялявы, хударлявы, з тонкімі рысамі твару. Алег заўсёды гатовы выслухаць, памяркоўна разважыць, знайсці кампраміс, Вадзім не прымае пярэчанняў, не саступае нават у драбязе, не любіць прайграваць. І за словам не лазіць у кішэнь.

Алег больш падобны на маці, асабліва вялікімі, колеру спелай ажыны, вачамі, а ў Вадзіма ярчэй праявілася падабенства з бацькам: пранізлівы позірк зеленаватых вачэй, нос з гарбінкай, чорная радзімка на правай шчацэ.

Вадзімава гарачнасць, мусіць, і прывяла да бяды. А можа, зусім і не яна... Ды хто мог бы прадбачыць (Глобы ці Ванга?) такі яго лёс: скалечаны, жорсткі, бясслаўны? Хаця не — слава ў Вадзіма была: на ўсю школу, мікрараён, а потым і на ўвесь горад... І асабліва было зябка і няўтульна ад яе халодных промняў брату Алегу: тут і дакорлівыя позіркі знаёмых бабулек у двары, і маўклівая спагада аднакласнікаў, і зларадны шэпт школьных пляткарак. Гэта ж не тое, што быць братам алімпійскага чэмпіёна ці знакамітага эстраднага спевака...

Напачатку нічога не прадказвала сцюжнай непагадзі ў сям’і Алейнікавых. Ды і што мог утварыць шасцігадовы хлапчук? Ну, узяў раптам Вадзік чужую цацку ў садзіку; ну, адабраў у нейкай там плаксы цукерку; ну, расквасіў свайму крыўдзіцелю нос... Звычайныя дзетсадаўскія здарэнні, але бацька не дараваў сыну ніводнай правіннасці, не апраўдваў ніводнага яго свавольства. Праўда, маці старалася ўладжваць сынавы канфлікты сама, каб пра іх не ведаў бацька, маўляў, вельмі ўжо ён строгі ў ацэнцы Вадзікавых нявінных учынкаў. Ды і якая ўзаемасувязь паміж гэтымі ўчынкамі і тым, што Вадзіма прывяло на лаўку падсудных?

У першым класе Вадзіка запісалі ў секцыю па плаванні, і ён ахвотна наведваў тры разы на тыдзень дзіцячы басейн «Блакітная хваля». Спачатку вучыўся плаваць у «лягушатніку» з дапамогай пробкавых кругоў, і толькі праз паўгода іх групу пусцілі ў 25-метровы басейн. Вадзім плаваў з ахвотай, асвойваў розныя стылі: кроль, брас, батэрфляй... Яму падабалася трымацца на вадзе і пад вадой, развіваць хуткасць, выпрабоўваць сябе. І, здавалася, нішто не зможа разлучыць яго з плаваннем.

Але трэнеры «Блакітнай хвалі» бачылі ў юных плыўцах толькі будучых рэкардсменаў і чэмпіёнаў. І ўжо праз тры гады напружаных трэніровак трэба было здаваць экзамен на спартыўную сталасць. Галоўнае — хуткасць, дзесятыя і сотыя долі секунды, адваяваныя на воднай дарожцы ў сапернікаў. Хто вытрымаў тэмп, не сышоў з дыстанцыі, уклаўся ў нарматыў. Адбіралі перспектыўных і самых вынослівых. І без усялякіх паблажак і спачуванняў.

Вось гэты экзамен і зачыніў дзверы «Блакітнай хвалі» перад Вадзімам. Ён змог, што мог, а трэба было, як кажуць, скочыць вышэй галавы.

Толькі чаму абавязкова чэмпіёнства, чаму нельга плаваць проста так, для самога сябе? Вадзімаў бацька хадзіў у «Блакітную хвалю», спрабаваў пераканаць трэнера, толькі ўсё дарэмна.

— У нас спартыўная секцыя, нам патрэбны вынікі. Купіце абанемент для сына ў звычайны басейн,— адказваў той.

Вадзім страшна перажываў, ён не хацеў хадзіць у звычайны басейн, ён марыў спаборнічаць. І гэта быў для яго вельмі балючы ўдар: да слёз і з пякучай крыўдай. Ды ўжо нічога нельга было змяніць...

Потым у Вадзіма былі іншыя захапленні: футбол, шахматы, каратэ. З футболам Вадзім развітаўся яшчэ ў пятым класе (надакучыла быць запасным). А ў шахматах ён дайшоў да першага разраду, удзельнічаў у гарадскіх турнірах. І раптам — пройгрыш за пройгрышам, нават другаразраднікі іншы раз ставілі Вадзіму мат... І дзе тут ужо будзеш скардзіцца на жорсткасць лёсу і несправядлівасць спартыўных трэнераў? Вось і фініш, вось і фінал...

Зусім выпадкова Вадзім трапіў у спартыўны клуб «Алімпія», які размяшчаўся ў падвале дзевяціпавярховага дома ў суседнім двары. А там якраз набіралі новую групу каратыстаў. Прыглянуўся ён трэнеру сваёй кемлівасцю і адменнай рэакцыяй, стаў наведваць трэніроўкі.

Кожны вечар Вадзім прападаў у клубе, адпрацоўваў тэхніку абароны і атакі, да знямогі, да сёмага поту. Яго не палохалі каварныя ўдары і хітрыя прыёмы, ён мужна пераносіў боль, яму падабалася перамагаць. І даказваць сваю перавагу над аднагодкамі, заваёўваць аўтарытэт.

У Вадзіма з’явілася новая кампанія, якую спачатку аб’ядноўвала адно захапленне — каратэ. І хто мог падумаць, што менавіта з адзінаборства каратыстаў у «Алімпіі» пачнецца ўсё тое змрочнае, бядотнае і безнадзейнае?..

Якраз жа тады бацька паехаў у чарнобыльскую зону, дзе працаваў на самазвале амаль паўгода. Былі ў яго кароткатэрміновыя адгулы, але дома ён доўга не затрымліваўся: трэба было рыхтавацца да наваселля дзеда з бабуляй.

Тое, што Вадзім пачаў позна заяўляцца дадому, ён тлумачыў трэніроўкамі ў «Алімпіі». І гэта тлумачэнне крыху супакойвала маці, хаця і не пазбаўляла трывогі. Кожны раз яна папярэджвала сына:

— Глядзі, не затрымлівайся позна, ведаеш, колькі цяпер развялося бандзюкоў. Яшчэ нарвешся на маньяка.

— Не хвалюйся, мама, усё будзе добра, і не такі страшны чорт, якім яго малююць...

Алег тады вучыўся ў чацвёртым класе і не звяртаў асаблівай увагі на познія братавы трэніроўкі. Ды і што з таго? Тут жа зусім побач, за пяць хвілін можна дабегчы дадому ад «Алімпіі». А маньяк, дзікія злачынствы якога бударажаць увесь горад, паляваў толькі за дзяўчынкамі...

Гром сярод яснага неба грымнуў познім вясновым вечарам. Пазванілі з міліцыі, паведамілі, што Вадзім Алейнікаў знаходзіцца ў апорным пункце, назвалі адрас. Бацька якраз быў у чарнобыльскай камандзіроўцы, і на званок паспяшалася маці, спалоханая і разгубленая:

— Ну вось, прадчувала маё сэрца...

Алегу добра запомніўся той вечар, калі маці прывяла Вадзіма дадому. Асабліва ўразіў братаў выгляд: забінтаваная галава, крывавы фінгал пад вокам, распухлая ніжняя губа.

— І што ж гэта ты надумаўся? Цябе ж маглі забіць, знявечыць... Горачка ты маё, гора! А калі б міліцыя не падаспела?!

— Яны першыя на нас напалі,— апраўдваўся Вадзім.— Мы іх не чапалі, міма ішлі...

І слёзы, і ціхае галашэнне, каб суседзі за сцяной не пачулі, каб не вынеслі ганьбу з кватэры... Цяжкія, пакутлівыя хвіліны мацярынскай роспачы.

— Вось прыедзе бацька, ён з табой пагаворыць, ён табе купіць магнітафон...

— Не патрэбны мне ваш магнітафон, абыдуся, сам куплю! — Вадзім не вытрымаў, узарваўся.

Яму маг даўно спакою не даваў, а бацька ўсё абяцаў, але кожны раз адкладваў. Цяпер, зразумела, пра пакупку можна і не заікацца. Ды калі б толькі гэта выратавала Вадзіма ад непазбежнай бацькавай праборкі...

Назаўтра Вадзім не пайшоў у школу: яго твар расквеціў вялізны сіняк, вока заплыло страшным кровападцёкам. Вось гэта быў партрэт! Алег, адыходзячы на заняткі, усё ж не вытрымаў, спытаў:

— Вадзік, табе было страшна і балюча?

— Нічога, не на таго натрапілі,— ледзь прамовіў пасінелымі вуснамі брат.— Я таму-сяму паказаў дзе ракі зімуюць... Больш не палезуць...

У школе толькі і было размоў пра вячэрняе пабоішча. Добра яшчэ, што нікога не забілі, міліцыя дубінкамі ўціхамірвала... І сярод самых адчайных байцоў называлі прозвішча сямікласніка Вадзіма Алейнікава. Расказвалі і пра некаторыя (адкуль толькі даведаліся?) падрабязнасці бойкі. Алейнікаў перабіў нунчаком аднаму хлопцу пераносіцу, і яго адпусцілі з міліцыі пад распіску. А дырэктар Мацільда Феліксаўна вунь як узрушылася, нават гразілася выключыць хулігана са школы, бо за ім і раней прыкмячаліся розныя вольнасці. Гэта ўсё Вадзімава гарачнасць: што не так — адразу ж кідаецца ў бойку. Нават старэйшым спуску не дае.

Праз некалькі дзён вярнуўся з камандзіроўкі бацька. Пра сынавы прыгоды ён даведаўся яшчэ ў аўтапарку ад свайго начальства. Там ужо было паведамленне са школы, маўляў, трэба прыняць строгія меры...

— Што будзем рабіць, Ігнатавіч? — спытаў дырэктар.— Мы вось прэмію табе выдзелілі за чарнобыльскую вахту, а тут гэтыя сынавы штучкі-дручкі... Проста не верыцца, што ў цябе такі сын-забіяка...

— Я і сам не веру,— няўпэўнена адказаў бацька, зноў і зноў перачытваючы паведамленне са школы.— Я разбяруся!

— Абавязкова разбярыся, а я ў школу пазваню, каб хлопца, чаго добрага, не ўпяклі ў калонію.

— Якая калонія, не дай Бог!

— І не давядзі Гасподзь! — дадаў дырэктар.

Бацька заявіўся дадому ўзрушаны і знерваваны. Вадзім якраз збіраўся на трэніроўку. Яны сутыкнуліся ля самых дзвярэй. Бацька ў прыцемку калідорнага святла ўсё ж заўважыў Вадзімаў сіняк, які за чатыры дні не паспеў страціць сваю першапачатковую маляўнічасць, а толькі набыў жаўтаватыя адценні. І барвовую драпіну праз усю шчаку нельга было не прыкмеціць.

— Што гэта з табой?

Нечаканае бацькава з’яўленне збянтэжыла Вадзіма, але ён адразу ж знайшоў праўдападобны адказ:

— У гандбол гулялі, мне падножку паставілі, а я з усяго разгону...

— Гандбол, падножка? — з’едліва перапытаў, бацька.

— Аб штангу ўдарыўся,— Вадзім адчуў у бацькавым голасе нейкую падазронасць.

Больш ужо бацька не мог трываць, спакойна выслухоўваць сынаву ману. Ды калі б не было той размовы з дырэктарам аўтапарка і паперы са школы... А тут яшчэ міліцэйскія сведчанні аб дзікай бойцы паміж дзвюма вулічнымі групоўкамі. Вось жа нешта не падзялілі, уз’юшыліся, як азвярэлі... І сярод іх — зусім яшчэ зялёны хлапчук Вадзім Алейнікаў.

— І хто цябе навучыў так складна маніць? — гульня ў кошкі-мышкі закончылася, бацькаў голас напяўся, пасуровеў.— Што ж гэта ты ганьбіш мяне перад людзьмі? Я за рулём гарбачуся, радыёнукліды глытаю, гастрыты нажываю, а ты?!

— Ніхто мяне не вучыў,— буркнуў Вадзім.

— Самавучка?! Самастойны ўжо?..

Бацька больш нічога не сказаў, як папярхнуўся. Ён рашуча адчыніў дзверы, узяў сына сваёй дужай рукой за шкірку і выставіў яго ў калідор.

— Вон, недавярак! Каб вочы мае не бачылі цябе! Во-о-он! — І моцна стукнуў дзвярыма, ажно люстра цененька зазвінела ў зале.

Алег сядзеў за сталом, рыхтаваў урокі і ўсё добра чуў. І аж злякнуўся ад удару дзвярыма. Такім яшчэ Алег не бачыў бацьку, заўсёды памяркоўнага, усмешлівага. Ён нават не пацікавіўся Алегавымі школьнымі справамі, хаця быў у камандзіроўцы амаль месяц. А ўсё хадзіў з пакоя ў пакой, сам з сабою размаўляў, маці якраз у другую змену працавала.

— Вось табе і падзяка, вось табе і радасць... Круцішся, стараешся, са скуры вылузваешся... Ды прападзі яно ўсё пропадам! На сваю галаву выгадаваў, давыстрэнчваўся... І што гэта за свет? Чарнобыль, усюды Чарнобыль...

У той вечар Вадзім не прыйшоў дадому, не вярнуўся і апоўначы. Маці ўзняла пярэпалах, абзваніла Вадзімавых аднакласнікаў, але ніхто нічога не ведаў.

— Гэта ўсё з-за цябе, не мог спакойна пагаварыць з сынам,— маці дакарала бацьку.— Яшчэ, барані Божа, утворыць што-небудзь з гарачкі...

— Я вінаваты, вядома, я! Я навучыў яго хуліганскім штучкам, я даў яму ў рукі нунчак, я падштурхнуў яго ў бойку,— бацька кіпеў, нерваваўся, ледзьве стрымліваўся, каб не закрычаць, не грукнуць кулаком па стале.— Усё — я!

— Не, не ты, у цябе на гэта часу няма... Ты і дзяцей сваіх толькі зрэдку бачыш, па святах. Яны без бацькі растуць...

— Дык вунь як заспявала! Значыць, я, па-твойму, кашу сена сабакам?! У бомжы падаўся? А кааператыўная кватэра, а машына, а дываны-паласы?.. Яны што, па шчупаковым загадзе для вас з’явіліся?

— Зноў ты пра сваё,— з горыччу прамовіла маці.— Не разумееш мяне, і я зусім не вінавачу цябе... Тут сына шукаць трэба, ратаваць...

— Я адратую яго, я ўстаўлю яму мазгі, дзесятаму закажа! — гразіўся бацька.

Потым ён званіў у міліцыю, дапытваўся, тлумачыў, ды адказ быў несуцяшальны: у нас Вадзім Алейнікаў не значыцца, а за сваім сынам самі сачыце.

Ужо недзе каля дванаццаці ночы маці з бацькам пайшлі на пошукі. Агледзелі ў сваім пад’ездзе кожную лесвічную пляцоўку дзевяціпавярховага дома, абышлі двор, пакружылі па вуліцы, завярнулі да клуба «Алімпія». Гэта былі гнятлівыя, на высокім нервовым напружанні хвіліны чакання. Маці ўсё яшчэ верыла, што Вадзім вернецца, што ён затрымаўся па нейкай вельмі важнай прычыне і вось-вось з’явіцца дадому. А можа, ён ужо вярнуўся, можа, яны размінуліся?

Маці паспяшалася да тэлефоннай будкі, хуценька пакруціла дыск аўтамата, і калі Алег сонным голасам не пацвердзіў яе патаемную здагадку, яна з адчаем зразумела: шукаць Вадзіма дарэмна, ён дзесьці ў надзейнай схованцы. І хто мог прадбачыць, што гэтая схованка абернецца для сям’і Алейнікавых вялікай бядой? Ды калі б ведаць, калі б прадбачыць... І ці не бацькава «вон!» падштурхнула Вадзіма да той схованкі?

Бяссонная ноч, матчыны слёзы, бацькава маўклівасць, якую зрэдку перапыняў яго разгублены вокліч: «Што ж гэта ты нарабіў, пустадомак?! » І незразумела было Алегу: ці бацька гаворыць пра Вадзіма, ці дакарае сябе...

Раніцай, калі Алег сабраўся ў школу і стаяў ужо ў прыхожай, цененька зацілікаў тэлефон. Званок у яго асаблівы, як свісток. Алег быў побач і адразу ж падняў трубку, хаця з кухні ўжо паспяшалася ўстрывожаная маці.

— Алег? — спытаў глухі, незнаёмы голас.— Пакліч бацьку.— Сказаў, як загадаў.

— Тату клічуць,— Алег зазірнуў у заплаканыя матчыны вочы.

— Хто кліча?

— Не ведаю,— прыкрываючы трубку даланёй, адказаў Алег.

Ён затрымаўся ў прыхожай яшчэ з хвілінку, засяроджана зашнуроўваючы свае адзідасаўскія красоўкі, каб хоць крышку падслухаць тэлефонную размову бацькі. Можа, з яе адкрыецца таямніца братавага знікнення?

— Што-о-о?! — раптам усклікнуў бацька.— Што-о-о?!

Але тут жа яго голас зрабіўся нейкім сцішэлым і памяркоўным, быццам і не было гэтага раптоўнага ўзрушэння, маўляў, выйшла памылка.

— Добра, добра... Я разумею... Я згодны...

Краем вока Алег бачыў збялелы бацькаў твар, дрыжачую руку, якая трымала тэлефонную трубку, і адчуваў, што адбываецца нешта дрэннае і нават небяспечнае, што бацькава памяркоўнасць выклікана нейкай вельмі непрыемнай навіной. Але ж усё гэта, магчыма, і не тычыцца Вадзіма, можа, у бацькі здарылася штосьці на рабоце?

Так Алег і пабег у школу — заставаліся лічаныя хвіліны да пачатку першага ўрока. Ён быў вельмі заінтрыгаваны загадкавай бацькавай размовай і яго раптоўным узрушэннем. І ніяк не мог даўмецца, зразумець: чаму Вадзім не начаваў дома, што яго напалохала, няўжо бацькава прачуханка? Сам жа вінаваты: у бойку ўвязаўся, трапіў у міліцыю, вунь якія непрыемнасці бацькам... І чаго яшчэ фанабэрыцца?

А школа гула, узбуджана абмяркоўвала надзвычайнае начное здарэнне. Нейкія злыдні ўкінулі ў акно кабінета дырэктара Мацільды Феліксаўны (ён знаходзіцца на першым паверсе) бутэльку з гаручай сумессю. Згарэў дыван на падлозе, абгарэлі крэслы, стол, шторы і фіранкі на вокнах, пачарнелі сцены. Жахлівае відовішча! Як толькі яшчэ не ўспыхнула ўся школа?!

Першага ўрока не было. Ды хіба ўседзіш спакойна за партай пасля такога нечуванага здарэння? Выказваліся розныя здагадкі і меркаванні, гучала абурэнне злачыннай выхадкай нейкіх недавяркаў... Два міліцыянеры ўважліва агледзелі ўчастак школьнага двара насупраць дырэктарскага кабінета, доўга распытвалі настаўнікаў і вучняў, але якіх-небудзь слядоў ці доказаў, звязаных з пажарам, не выявілі. Ва ўсім — тайна і невядомасць.

І толькі летась, амаль праз тры гады тайнае стала яўным. Алег на свае вушы пачуў у судзе і пра загадкавы ранішні тэлефонны званок, і пра падпал дырэктарскага кабінета. Усё звязалася ў адзін вузел у абвінаваўчым заключэнні і паказаннях сведак. Тут ужо сказаў сваё слова і Алегаў бацька. А вось жа ўсе тыя тры гады маўчаў, не адважваўся выкрыць мафіёзнікаў, баяўся расплаты і за сына Вадзіма непакоіўся...

...Голас у тэлефоннай трубцы быў сухі і катэгарычны:

— Слухай, бацька, Вадзім у нас, з ім поўны ажур. Раім не рыпацца і не бегчы да ментаў... Мы не паважаем стукачоў і сексотаў! Уразумеў?! Вадзім — клёвы малец, цяпер ён наш... А што мы не жартуем, можаш даведацца ў дырэктаркі... Схадзі ў школу, у яе сёння якраз добры настрой, там і пабалакаеце па душах. Вадзіма пакіньце ў спакоі... Не мудрыце! Аб нашай размове — ні гуку. Усё, канец сувязі.

Праз дзень бацька зноў паехаў у чарнобыльскую зону, і Вадзім вярнуўся дадому. Быццам нічога і не здарылася: ён нікуды не ўцякаў, не хаваўся, а ў школе не было пажару. Толькі сказаў Алегу:

— Калі хто цябе будзе крыўдзіць, шапні мне... Цяпер у нас сіла, любому звернем рогі.

 

5

Не спіцца, ные нага. У палаце ціха і вусцішна, але зрэдку чуюцца санлівыя прыцмокванні, войканні і нават стогны. Толькі гаварлівы сусед, мусіць, пачувае сябе без усялякіх перажыванняў: з яго ложка не далятае ні гуку. Як выключылі святло ў палаце, дык адразу і замоўк. Нагаварыўся, набалаболіў...

А ў Алега — бяссонніца. Упершыню апынуўся ў бальнічнай палаце, ды яшчэ з пераломам нагі. Магло быць і горш... І ніяк не заціхае ў ягоных вушах вісклівы скрыгат аўтамабільных тармазоў. А заплюшчыць вочы і бачыць: грузавік ляціць проста на яго, вось-вось ударыць. І Пончык тут як тут, гугнявіць: «Вадзім запіску прыслаў... Алік цябе чакае...»

Алег не зажмурваецца, у палаце — прыцемак, яго разбаўляе матавае святло, што ліецца ў палату з калідора праз зашклёны прамавугольнік над дзвярыма. А вакно быццам зашторана — ніякага прасвету. Ды і адкуль з’явіцца той прасвет? На вуліцы, напэўна ж, па-ранейшаму слязіцца вясновая макрэдзь з туманам. Як раніцай і днём, калі Алег спяшаўся са школы на трэніроўку. Вось і паспеў...

Усё ж нарэшце Алег пачынае драмаць. Мінае хвіліна, другая, і раптам, нібы праз сон, ён чуе нейкія падазроныя гукі. Зусім побач, ля ўзгалоўя свайго ложка. Алег паварочваецца і ў прыцемку бачыць, што нехта шнарыць у яго тумбачцы.

— Ты чаго? — паўшэптам пытаецца Алег.

Але невядомы не адказвае на пытанне і працягвае свае пошукі.

— Шакаладка ў верхняй шуфлядцы,— ціха падказвае Алег.

Чамусьці яму здаецца, што невядомы шукае якраз шакаладку, якую прынесла маці, калі хадзіла ў гастраном. Цукеркі і яблыкі яна раздала хлапчукам, а шакаладны батончык у замежнай абгортцы аддала сыну.

Усе дзякавалі Алегавай маці за пачастунак, а гаварлівы Юра сказаў, пазіраючы на шакаладку, якая ляжала на Алегавай тумбачцы:

— Замежная, мусіць, вельмі смачная.

— Больш не было ў мяне грошай,— нібы апраўдвалася маці,— самі ведаеце, якія цяпер цэны...

— Што вы, што вы! — усклікнуў Юра.— У мяне ад шакалада алергія. Я больш бананы люблю.

«А можа, гэта аматар бананаў?» — падумаў Алег і ўжо больш гучна пацікавіўся: — Юра, ты што шукаеш?

Толькі і на гэты раз не пачуў адказу. Нібы які сон, трызненне: ты гаворыш, а твой голас глухне, раствараецца ў беспаветранай прасторы. Хоць крычы — не дакрычышся.

— Слухай, а твой бацька бярэ хабар.— Алег сказаў спакойна, быццам разважаючы.— Ён жа ўзяў трохлітровы слоік мёду з дзедавай пасекі, абяцаў выручыць Вадзіма. І не выручыў... А ты каштаваў наш мядок?

І чаму Алег успомніў пра мёд менавіта цяпер, ноччу? Праўда, гэты мёд не даваў яму спакою яшчэ днём, калі ён даведаўся, што размаўляе з сынам следчага, які вёў справу брата Вадзіма. Але ж не сказаў, устрымаўся...

— Ну, як наш мядок, салодкі?

Зноў ніякага адказу, толькі Алег пачуў, як асцярожна рыпнуў суседаў ложак — і ўсё. Цішыня, спакой, таямнічы прыцемак. А можа, яму прымроіліся гэтыя падазроныя начныя гукі? Ці прысніліся? І ніхто не шнарыў у яго тумбачцы... Вось дык загадка: сам сабе не паверыш.

Праз колькі хвілін мёдавая падначка ўсё ж падзейнічала. Юра не вытрымаў, злез з ложка і вобмацкам падышоў да Алега, прысеў збоку, памаўчаў, потым шэптам спытаў:

— Спіш?

— Заснеш тут,— незадаволена буркнуў Алег.

— Прабач, гэта я ў поцемку пераблытаў,— вінавата ўздыхнуў Юра.— Я сваю тумбачку шукаў... У мяне такое... Не магу заснуць, пакуль не пажую што-небудзь...

— Лячыцца трэба...

— Якое лячэнне? І гіпнозам спрабавалі, і кадзіравалі... Не памагае. Нават Чумаку паказвалі...

— Ну і што?

— Усё дарэмна... Са мной загадка, нейкая патаемнасць. Іншы раз магу такое выкінуць — проста жах! Вунь летась здарылася, пра мяне і ў газеце пісалі...

— Няўжо? — Алег пытаўся, як падначваў. Цікава, куды ж завядуць гэтага Гаварунчыка начныя фантазіі?

Юра крыху памаўчаў, быццам збіраючыся паведаміць несусветную навіну, прыслухаўся да прыцемку ў палаце, кашлянуў і толькі тады працягваў:

— Пайшоў я аднойчы на рыбалку, наш дом непадалёку ад вялізнага вадасховішча. Сеў ля зацішнай завадзі, закінуў вуду. Была раніца, сонца яшчэ толькі паказалася. Сяджу, назіраю за паплаўком...

— І раптам...

— Што «раптам»? — перапытаў Юра.

— Я чакаю, калі ты скажаш «раптам»,— ледзьве не хіхікнуў Алег.

— Не перабівай,— ён не заўважыў Алегавай насмешкі.— «Раптам» не было, я тады нічога не адчуў і не ўбачыў. А можа, прыдрамаў? Гэта загадка і таямніца. Мяне шукалі пяць дзён, нават думалі, што я ўтапіўся. Ляжыць вуда на беразе, тут жа мае кеды, якія я разуў, калі прыйшоў да вадасховішча, а мой і след прастыў... Вадалазы на дно апускаліся, усё навокал агледзелі, нават выцягнулі нейкага даўняга тапельца з шылам у сэрцы.

— Дык які ж ён тапелец, калі з шылам?

— Ну, вядома ж, злачынства, у забітага да ног была прывязана пудовая гіра. Бацька расказваў, што па той гіры адшукалі злачынцаў, нейкіх рэкеціраў-культурыстаў...

— А як цябе адшукалі? — не вытрымаў Алег.— І дзе ты хаваўся пяць дзён?

— Я не хаваўся, я некуды лётаў...

— Ты што — лунацік?

— Ніякі я не лунацік. Мяне хтосьці забраў з берага... Ну-у... неяк зачараваў, я і... паляцеў...

— Можа, цябе іншапланецяне зачаравалі? Пасадзілі на сваю талерку і павезлі,— з’яхіднічаў Алег.

— Можа, і яны,— згадзіўся Юра.— Таямніца ў тым, што сам я не заўважыў свайго знікнення. Мяне шукалі пяць дзён, мой фотаздымак паказвалі па тэлебачанні... Міліцыя аб’явіла пошук, бацька ўсіх падняў на ногі, а я быццам нікуды і не знікаў. На пяты дзень раніцай я зноў апынуўся на беразе вадасховішча... Сяджу сабе, на ваду пазіраю, вось толькі ні вуды, ні кедаў...

— Слухай, а я чытаў пра аднаго хлопца з-пад Пінска, які таксама пайшоў на рыбалку і знік. Праўда, ён вярнуўся праз дзесяць дзён і сёе-тое расказваў...

— Не верыш, думаеш, выдумляю?

— Не, не выдумляеш, а вешаеш лапшу,— Алег сказаў цвёрда, нават катэгарычна.— Вунь колькі цяпер гэтых лунацікаў-іншапланетнікаў. Вычмураюцца, лётаюць, знікаюць, а потым байкі баюць... Бачыце, да іх падляцелі, іх ахмурылі,— пасадзілі ў блакітны шар і павезлі ў далёкія космасы... Аматары сенсацый! Выдумшчыкі-спекулянты...

— Не верыш,— сумна сказаў Юра.— Дарма, я не баю байку... Ты спытай у майго бацькі, ён прыйдзе заўтра да мяне. Ты спытай...

— І пра мёд спытаць? — нібы хто пацягнуў Алега за язык.

— Што — мёд, што — мёд?! — зазлаваў Юра.— Мой бацька не такі, ты не ведаеш яго.

— Ага, не ведаю, але ж ён не адмовіўся ад мёду, узяў.

— Паклёп, усе злачынцы паклёпнічаюць на следчага... Вядома, ён жа выводзіць іх на чыстую ваду, ён жа іх выкрывае... Вось яны і плявузгаюць, што ўсё можна купіць-прадаць...

— І купляецца, і прадаецца,— стаяў на сваім Алег.

— Няпраўда! Вунь мой бацька вёў справу дырэктара магазіна. Дык ведаеш, колькі яму прапаноўвалі, каб ён выгарадзіў дырэктара?

— Мільён?

— Не, два мільёны...

— І не ўзяў?

— Не. Дружкі дырэктара скрутак з грашыма ў бацькавым кабінеце пакінулі. А бацька тыя грошы перадаў пракурору. Пра гэта ў газеце пісалі...

— Мала што ў газеце можна напісаць, папера вытрымае,— Алег стаяў на сваім, довады сына следчага не пераконвалі яго. Ён ніяк не мог паверыць у тое, што следчы, які ўзяў слоік мёду, адмовіўся ад двух мільёнаў рублёў. Тут нешта не так, не звязваюцца канцы з канцамі. Ды і навошта іх звязваць?

— Пачакай, я дакажу табе заўтра, дакажу! — Больш Юра нічога не сказаў, лёг на свой ложак і заціх, нібы адразу ж заснуў.

Толькі Алегу па-ранейшаму не спалася. Думалася пра гэтую дзівосную размову з сынам следчага: і пра яго начное жаданне «пажаваць», і пра таямнічае пяцідзённае знікненне, і пра два мільёны... Хіба ва ўсё гэта можна паверыць? Алегам паволі авалодвала калючае адчуванне трывогі: няўжо заўтра ён сустрэнецца са следчым, тым самым, які дапытваў яго, заблытваў рознымі каверзнымі пытаннямі, збіраў факты супраць брата Вадзіма?.. І ён, Алег, прагаварыўся, сказаў лішняе, быццам выдаў брата... І яго паказанні потым гучалі на судзе, сведчылі ў абвінаваўчым заключэнні, а ён не мог іх абвергнуць, даказаць, што нагаварыў на брата, яго запалохаў следчы...

Хаця, вядома ж, наўмыснага запалохвання не было. І допыт вёўся ў прысутнасці Алегавай маці. Але ўжо адно тое, што Алег так нечакана-негадана апынуўся ў цесным змрочным кабінеце, насупраць строгага следчага, з’явілася для яго самым цяжкім выпрабаваннем. А як павінен адчуваць сябе дванаццацігадовы хлапчук, калі яму заяўляюць, што ён дапамог злачынцам і быў у іх наводчыкам? І не адгаварыцца, і не апраўдацца, маўляў, нічога не ведаў аб хітрым падвоху зламыснікаў... Ды калі б не брат Вадзім, не яго просьба... Яна ж была такой простай і не выклікала ніякіх падазрэнняў. Тады не выклікала... Толькі потым, у кабінеце следчага, усё праяснілася, адкрыла свой патаемны сэнс. І падзеі таго страшнага надвячорка, і яшчэ ранейшыя...

 

6

— Ты ведаеш Додзіка Красоўскага? — аднойчы спытаў Вадзім.

— А хіба ты не ведаеш? — здзівіўся Алег.— Ён жа ў суседнім пад’ездзе жыве, на трэцім паверсе. У шостым «Е» вучыцца. Ён кожны дзень белага дога выгульвае.

— А-а-а, дык гэта Додзік? — прыжмурыў светлае вока Вадзім.— Чарнявы такі, фірмовы... Я не ведаў яго прозвішча. Яны ж нядаўна пасяліліся ў нашым доме. А дог у Додзіка адмысловы, не тое што нейкія там куртатыя таксачкі.

Алег падышоў да акна, паглядзеў з трэцяга паверха ўніз:

— Вунь іх «Мерседэс». Вось гэта аўтамабіль!

— Тачка файная, жывуць жа людзі! Не тое што татава «Лада»,— Вадзім таксама падышоў да акна.— Додзік, як і ты, шасцікласнік.

— Ён — у «Е», а я — у «Б».

— Вось бы табе з ім падружыцца,— задумліва прамовіў Вадзім.

— Чаго дружыцца? — паглядзеў на брата Алег.— Ведаеш, які гэта задавака?..

— Яшчэ б не задавацца,— чмыхнуў Вадзім.— У іх, мусіць, куры не клююць «бабак», калі на «Мерседэсе» катаюцца.

— У Додзіка ёсць японскі плэер і калькулятар карэйскі, ён ходзіць з імі ў школу.

— Не, з такім фраерам трэба абавязкова падружыцца,— рашуча сказаў Вадзім.— У яго, напэўна ж, дома ёсць розныя відзікі-шмідзікі, і касеты штатаўскія... Ну як, Алежка, возьмем Додзіка на абардаж? Гэта ж такі смачны блін!

— Ды ну яго, гэтага Додзіка! — адмахнуўся Алег.

— Паслухай, не гарачыся. Мне таксама гэты буржуйчык да фені... А вось паглядзець бы ў яго відзік... Калі Додзікаў пахан на «Мерседэсе» катаецца, то, напэўна ж, і касеткі там... адзідасаўскія. Падумай над маёй ідэйкай, добра?

Мінуў дзень, другі, мінуў тыдзень. Алег нават забыўся на братаву просьбу, а Вадзім больш не напамінаў, нібы і не было той размовы. І тут адзін выпадак надарыўся, як у кіно. Быццам хто спецыяльна падстроіў, падмеркаваў і запрагназіраваў сітуацыю... А можа, гэта была самая звычайная выпадковасць?

Вяртаўся Алег з трэніроўкі праз скверык, было яшчэ даволі рана, і сонца свяціла. І вось на зацішнай алейцы ў засені зялёных каштанаў ён наткнуўся на трох акселератаў, якія абступілі нейкага шкаляра і штосьці ў яго патрабавалі. Падышоў Алег бліжэй і раптам у тым шкаляры пазнаў Додзіка Красоўскага. Заўважыў яго збялелы твар і лязо нажа, якім адзін акселерат кратаў Додзікава вуха. А ў таго ад страху і мову адняло: ні крыкнуць і ні пікнуць. І, здаецца, Додзік паслухмяна здымаў ужо са сваіх плячэй шыкоўную куртачку.

Халадок прабег па Алегавай спіне, і сэрца неяк трывожна затахкала. Якія нахабнікі, сярод белага дня, трое — на аднаго, ды яшчэ з нажом! Прайсці міма, не звярнуць увагу, падалей ад бяды? І тут чамусьці ўспомнілася Вадзімава зацікаўленасць Додзікам Красоўскім, яго відзікамі ды касетамі. Ну, калі і не падружыцца з Додзікам, то можна пазнаёміцца бліжэй. І сітуацыя для знаёмства вунь якая выключная! Хаця і вельмі рызыкоўная.

Алег любіў рызыку, і не толькі на футбольным полі. Праўда, ён заўсёды стараўся не ўвязвацца ў розныя хлапечыя канфлікты. А некалькі прыёмчыкаў каратэ, якім навучыў Вадзім, трымаў у сакрэце для самаабароны.

Нечакана Алег пазнаў аднаго з акселератаў: цыбатага, прышчавага, з гладка паголенай патыліцай. Ён бачыў яго з Вадзімам, яны вучацца ў адным вучылішчы. А яшчэ цыбаты запомніўся Алегу завушніцай-крыжыкам на левым вуху. Ну і фрукт!

— Адпусціце, гэта мой аднакласнік,— зманіў Алег, гледзячы ў бясколерныя вочы прышчавага.

Той, што пагражаў Додзіку нажом, адразу ж вызекрыўся:

— Шмакадзяўка, жыць надакучыла?! Ды я зараз з цябе выпушчу кішкі!

— Успакойся, блін,— прышчавы, відаць, пазнаў Алега.— Трэба ўважыць просьбу пацана. Цаню дружбу аднакласнікаў.

— Пляваў я на гэтую дружбу! Мне наступілі на мазоль!

— Замоўкні,— прыгразіў прышчавы і схапіў руку псіха каля запясця, калі ён узмахнуў нажом перад Алегам.— Я каму сказаў, баец мясакамбіната? Усё, пажартавалі — і хопіць. Ліняем!

Додзік стаяў як скамянелы. Ні крывінкі ў твары, ні руху, ні голасу. І куртачку паспеў зняць з адной рукі. Калі злавесныя постаці акселератаў зніклі за дрэвамі, ён жаласліва ўсхліпнуў:

— Сволачы, дэбілы...

— Нічога, супакойся. Добра, што я падаспеў,— Алег перакінуў сваю спартыўную сумку з левага пляча на правае.— І не трэба хадзіць па глухіх алеях... Цяпер гэтых жмурыкаў — як мух на звалцы. Распладзіліся...

— Я тут заўсёды хаджу, з музычнай школы,— дрыготкім голасам сказаў Додзік.

— Вось і дахадзіўся, ім твая куртачка прыглянулася, фірмовая. Ды яшчэ скураная...

— Дэбілы! Іх страляць трэба, як шалёных сабак.— Додзік, здаецца, ачуньваў ад нервовага стрэсу, і яго круглыя шчокі крыху заружавеліся. Ён усцягнуў сваю карычневую куртачку на плечы, зашмаргнуў замок-маланку.

— Трэба страляць,— згадзіўся Алег.

— Дзякуй, ты мяне выратаваў,— Додзік паглядзеў на Алега з прыязнасцю.— Ды калі б я прыйшоў дадому без курткі, ведаеш, што было б мне?

— А калі б яны пырнулі цябе нажом?.. Няўжо і тады атрымаў бы на арэхі?

— Не-е ведаю, можа, і не атрымаў...

— Пайшлі, а то яшчэ перадумаюць і вернуцца,— сказаў Алег і зрушыў з месца.

— Пайшлі,— згадзіўся Додзік і пашкандыбаў побач з Алегам. Ступаў ён неяк няўпэўнена, з перасцярогай, мусіць, усё яшчэ не акрыяў ад спуду.

Праз колькі хвілін маўчання, калі яны выйшлі з алеі і завярнулі да гастранома, Додзік азваўся першы і прапанаваў:

— Давай зойдзем да мяне, паглядзім мульцікі. Можам і на камп’ютэры пагуляць.

— Толькі нядоўга, трэба яшчэ рабіць урокі,— адразу згадзіўся Алег — зноў нейкім таямнічым званочкам напомніла пра сябе Вадзімава просьба. А тут яшчэ напамінак пра камп’ютэр. Дзе ўжо адмовішся ад такой спакусы?

Вунь у школе абсталяваны камп’ютэрны клас, але там гаспадараць старшакласнікі, яны вывучаюць інфарматыку. А малодшым да тых дысплеяў і не падступіцца, маўляў, яшчэ паспееце, у вас усё наперадзе...

— Наша кватэра на сігналізацыі,— паведаміў Додзік, адчыняючы двайныя дзверы.— Цяпер нам ніякія дамушнікі не страшныя. Ды і Граф любому чужаку перагрызе глотку. Ты не бойся, ён у нас вялікі разумнік, усё разумее, вось толькі не размаўляе.

Алег адчуў сябе даволі няўтульна (не дапамагла і Додзікава рэкамендацыя), калі ў прыхожай да яго падышоў цыбаты, паджары дог і запытальна ўтаропіўся асалавелымі вачамі. Паглядзеў і паволі адступіў убок, маўляў, праходзь.

— Быў бы са мной Граф, ён паказаў бы дэбілам. Адно маё слова — і ніякіх ножыкаў-сцізорыкаў.

— Слаўны сабачка, і як вы з ім? — Алег апусціў сваю сумку на паркетную падлогу, пачаў расшнуроўваць красоўкі.

— Без праблем, ён у нас атрымлівае розныя прысмакі з мясакамбіната, свежанькія.

— Свежанькія? — перапытаў Алег, пазіраючы на галінастыя ласіныя рогі, якія віселі ў яго над галавой. Усё ў прыхожай выглядала неяк незвычайна, а сцены былі аздобленыя фоташпалерамі з выглядам на сіняе мора і залацістыя асеннія горы.

— Ага. Мама загадвае прадуктовым магазінам, тата — будаўнічым кааператывам. У нас поўны ажур.— Додзік хваліўся з гордасцю, адчуваючы сябе на вышыні. Здарэнне ў скверыку, мусіць, цяпер не турбавала яго. Дома ён быў быццам у крэпасці, і яму хацелася расказаць і паказаць свайму выратавальніку шыкоўнасць іхняй кватэры.

Паказваць было што: тэлевізар «Соні» і двухкасетнік «Шарп», маленькі «Шыляліс» і японскую электронную гульню... У Алега вочы разбягаліся ад усёй гэтай сучаснай апаратуры.

«Вось дык жывуць!» — думаў ён, міжволі ўспамінаючы набытак іх сям’і: магнітафон «Вясна» і каляровы «Гарызонт». Бацька ўсё на новую «Ладу» збіраў грошы, таму розныя пакупкі былі забаронены. Вадзім прыносіў аднойчы відэамагнітафон, калі бацька быў у ад’ездзе, і цэлую ноч глядзеў нейкія жахі-забойствы. Алег быў прыладкаваўся ля тэлевізара, але маці прагнала спаць. І Вадзіма яшчэ паўшчувала, маўляў, такія замежныя фільмы — страшная бязглуздзіца і хвароба. Але Вадзім нават не зварухнуўся на матчыны словы, ён быў загіпнатызаваны падзеямі, што адбываліся на блакітным экране. Алег ведаў самую вялікую братаву мару: мець свой відэамагнітафон.

«Начынка» Додзікавага пакоя проста ашаламіла Алега. Усе сцены завешвалі каляровыя партрэты Рэмба, Сталоне, Мадонны, Джэксана... У цэнтры гэтай галерэі быў партрэт Кабзона. Додзік перахапіў Алегаў позірк і сказаў:

— Бачыш, з аўтографам. Іосіф гасцяваў у нас, яны з маім татам даўнія знаёмыя. Народны артыст! Падараваў нам асабістую відэакасету са сваім канцэртам.

— «Дарагому Лёнечку ад Юзіка! Няхай нам свеціць наша зорка!» — прачытаў Алег размашысты подпіс жоўтым фламастэрам.

— Можа, Дыснея паглядзім? — спытаў Додзік.

— Давай лепш пагуляем,— Алег паказаў на камп’ютэр, які стаяў на стале побач з «Шылялісам». Дыснееўскія мульцікі ён кожную нядзелю і па сваім тэлевізары бачыць, а тут — камп’ютэр!

— Умееш?

— Не-е, я толькі ў школе назіраў, а самому не даводзілася.

— Добра, я пакажу табе,— чамусьці ўзрадаваўся Додзік.— Вось толькі загружу праграму.

Алег сеў на канапу ля піяніна, а Додзік адразу ж узяўся за справу. Падключыў чорны провад да разеткі, злучыў яго з магнітафонам, шчоўкнуў уключальнікам тэлевізара, і тут жа пачулася нейкае зумклівае гудзенне, а на экране з’явіўся сіні квадрат.

— Грузіцца «Байт».— Додзік не хаваў свайго задавальнення. Яго чарнявы твар, які зусім нядаўна быў белы, выпраменьваў ружовую лагоду і супакоенасць.— Класная машынка, яна падабаецца мне больш чым відзікі. Тут думаць трэба, шурупіць мазгамі. У кібернетыцы без гэтага нельга.

Спачатку на экране з’явіліся лічбы, радок за радком, потым пайшла карцінка.

— Зараз будзем ваяваць,— аб’явіў Додзік, і яго пальцы ўпэўнена забегалі па клавішах камп’ютэра.— Вайна робатаў. Робаты знішчылі людзей, якія стварылі іх, а цяпер ваююць паміж сабой. Пакуль не знішчаць адзін аднаго... Такая праграма ў робатаў. І няма нікога, хто мог бы спыніць яе. Галоўнае — не прамахнуцца, апярэдзіць праціўніка. Лазерная зброя дзейнічае імгненна.

— Лоўка страляеш! — пахваліў Алег, захапіўшыся баявымі дзеяннямі жалезных воінаў на экране.— І хто навучыў цябе?

— Старэйшы брат, ён радыётэхнічны інстытут закончыў. Цяпер ён за граніцай, там у нас сваякі. І тата з мамай збіраліся ехаць, але пакуль перадумалі... Кажуць, і тут можна жыць, калі маеш галаву на плячах.

«Задавака, яшчэ які задавака!» — Алег адчуваў нейкую непрыязнасць да самаўпэўненага і фанабэрыстага хлапчука, з якім звёў яго дзіўны выпадак у скверыку. Але камп’ютэрная гульня суцішвала гэтае калючае адчуванне, і ён з нецярпеннем чакаў той момант, калі Додзік нарэшце дазволіць яму дакрануцца да клавішаў. Гэта ж так цікава!

Нечакана зазваніў тэлефон, ён стаяў у Додзікавым пакоі на тумбачцы ля канапы.

— Падай слухаўку,— папрасіў Додзік і ўзняў за спіну руку, працягваючы сачыць за экранам.

Ён так і размаўляў: левай рукой трымаў чырвоную трубку, а правай быццам іграў на клавішах, праўда, цяпер не зусім упэўнена і смела.

— Добра, мамуля! Не хвалюйся, я абедаў. Графу даваў булёнчык з ныркамі, з’еў і аблізаўся... Я зараз, мамуля!

Додзік перадаў Алегу тэлефонную трубку, у якой ужо чуліся кароткія гудкі, і расчаравана сказаў:

— Прабач, але трэба выключацца. Званіла маці, час весці Графа на прагулку. Давай заўтра сустрэнемся пасля школы.

— Не магу, у мяне трэніроўка,— Алег падняўся з канапы з выглядам пакрыўджанага, маўляў, знайшоў адгаворку, каб толькі неяк адчапіцца.

— Разумееш, у Графа строгі рэжым, яго нельга парушаць.

— Ладна ўжо, як-небудзь іншым разам,— згадзіўся Алег.— Можа, паслязаўтра...

— Добра, я буду чакаць.

На тым і дамовіліся, хаця другі Алегаў візіт да Красоўскіх адбыўся толькі праз некалькі дзён. А ў той жа дзень, вечарам, у кватэру Алейнікавых пазваніў Додзікаў бацька. Алег сам падняў тэлефонную трубку.

— Я вельмі-вельмі ўдзячны табе, малайчына! Додзік усё расказаў, ты здорава выручыў нашага сына. Дружы з Додзікам, ён у нас слаўны малец! Мы яшчэ ўбачымся, я сёе-тое падрыхтую для цябе, Красоўскія не застаюцца ў даўгу. Будзь здароў, рыцар!

Так Алег Алейнікаў атрымаў доступ у кватэру Красоўскіх, якая была з двайнымі дубовымі дзвярыма і сакрэтнай сігналізацыяй унутранай аховы. І галоўнае — камп’ютэр. Неўзабаве Додзік навучыў Алега розным прамудрасцям камп’ютэрнай гульні, хаця навука гэтая была не такая простая... Але ж захапляючая! І ўжо адно тое, што Алег дакранаўся пальцамі да клавішаў камп’ютэра, а на экране «Шыляліса» з’яўляліся каляровыя кадры замежнага баевіка, заварожвала яго радасным утрапеннем. Ну... быццам бы асабісты гол, забіты ў рашаючым фінальным матчы.

А тут раптам Вадзім напомніў пра сваю просьбу:

— Што з Додзікам, ёсць кантакт?

І Алег расказаў пра здарэнне ў скверыку.

— Куртачку хацелі заныкаць! — зарагатаў Вадзім.— І ты выратаваў Додзіка? Адзін супраць траіх?

— Там быў твой знаёмы,— успомніў Алег.

— Знаёмы?! Ага — Гарох! — не пераставаў смяяцца брат.— Ды ў мяне гэтых знаёмых — як жвачак ў кіёсках! Братва — яшчэ тая, палец у рот не кладзі — адкусяць! Фокуснікі-напарстачнікі! Шарык — злева, шарык — справа... Лоўкасць рук — і ніякага махлярства!

— Якія ж гэта напарстачнікі, калі нажом пагражаюць і куртку адбіраюць? — Алега здзіўляла Вадзімава весялосць.— Добрыя ў цябе дружкі, нічога не скажаш...

— Куртка, відаць, замежная, няхай не фарсіць,— Вадзім не звярнуў увагу на «дружкоў», а толькі ўдакладніў: — Нож у іх проста так, для понту... А Додзіку пашанцавала, што ты аб’явіўся ў тым скверыку. Гарох страшна не любіць буржуйскіх сынкоў, ён гэтага Додзіка мог бы пусціць у адных трусах. Экспрапрыятар!

Нарэшце Вадзім адсмяяўся і ўжо сур’ёзна спытаў:

— Ну і як, аддзячыў цябе Додзік за паратунак?

— Шакаладам частаваў, а яго бацька падараваў трохколерную кітайскую ручку,— пахваліўся Алег.

— Не густа... Маглі б што-небудзь больш каштоўнае адваліць, не пабяднелі б...

— Додзік навучыў мяне гуляць на камп’ютэры, гэта ж так цікава! А колькі ў іх рознай апаратуры! Нават у кухні стаіць тэлевізар, і кінакамера ёсць.

— Ну-у?! Вось гэта... начынка! — вочы ў Вадзіма загарэліся, ён аж забегаў па пакоі.— Клюнула рыбка, пара і падсякаць! Правільна сказаў адзін басурман: «Вучыцеся лавіць рыбу!» Мудры пахан, прафесар... А тут таксама вялізная рыбіна!

— Ты чаго? — яшчэ больш здзівіўся Алег. І што так узрушыла брата? — Якая рыбіна?

— Рыбіна? — перапытаў Вадзім, спыняючыся ля акна і зазіраючы ў двор.— Гэта я пра рыбалку ўспомніў... Мы ў мінулую нядзелю ездзілі на дзедава возера, ведаеш, якія там ляшчы?! Я ледзьве выцягнуў аднаго, добра, што Гарох падсачыкам падхапіў. А юшка якая была — смаката!

Вось тут і зразумей брата: ён заўсёды такі. Будзе пра адно гаварыць, і тут жа пераскочыць на іншае. То распытваў пра Додзіка, то раптам успомніў пра рыбалку... Нездарма маці часта ўздыхае: «І ў каго ўдаўся наш узвей-вецер? Ой, бяда-гора...»

Але на гэты раз Вадзім зноў вярнуўся да размовы пра Додзіка, мусіць, гэтае пытанне сядзела ў ім калючай стрэмкай. І ён спытаў:

— Тэлевізары-камп’ютэры? І не баяцца свяціцца? Вунь цяпер як чысцяць кватэры багачоў...

— У іх сігналізацыя і дзверы двайныя, дубовыя,— паведаміў Алег.

— Глядзі ты — сігналізацыя і дубовыя дзверы!— усклікнуў Вадзім.

— А дог Граф? Гэта такі ваўкадаў! Ад аднаго позірку нямееш... Я папрасіў Додзіка, каб ён зачыняў дога ў яго пакоі, калі прыходжу да іх. Не магу прывыкнуць, хаця Граф не кінецца на чалавека без каманды. Разумны сабака...

— Правільна, што зачыняеце Графа, з такім трэба быць асцярожным,— заўважыў Вадзім.— Вельмі правільна!

— Я, калі іду да Додзіка, званю яму загадзя, ён і зачыняе дога.

— Бачыш, які Додзік кампанейскі, а ты яшчэ не хацеў знаёміцца з ім,— сказаў Вадзім, плюхнуўся ў мяккае крэсла і зарагатаў.— Додзік-калабродзік! Дружы, Алежка, з ім, дружы!

— Выскаляка ты,— чамусьці пакрыўдзіўся Алег і выйшаў у прыхожую. Вадзімаў рогат здаўся яму абразлівым і здзеклівым. І пашкадаваў, што расказаў брату пра здарэнне ў скверыку і пра кватэру Красоўскіх. Бач, яшчэ пасміхаецца, нібы ён, Алег, зрабіў штосьці дурное і несусветна бяздумнае...

 

7

Потым настаў той ціхі надвячорак. Алег усё ніяк не мог рашыць алгебраічную задачу, а Вадзім раз-пораз напамінаў яму:

— Чаму не ідзеш да Додзіка, ён жа чакае цябе?

— Рашу задачу і пайду.

— Потым зробіш,— не адставаў брат.

Ён быў нечым узрушаны, яму не сядзелася на месцы ні хвіліны. То падыходзіў да акна і ўважліва назіраў за дваром, то выходзіў у прыхожую, званіў па тэлефоне, з кімсьці размаўляў. Хаця размовы той было — словы два-тры, не больш. Дзіўна тое, што звычайна Вадзім заяўляўся дадому, каб паабедаць ці па якой яшчэ пільнай патрэбе, а так — клуб «Алімпія» і штодзённыя бадзянні з кампаніяй. А калі паступіў у вучылішча, то і абедаць стаў у сталовай вучылішча. Ды хто яго ведае, чым ён там займаўся, як праводзіў вольны ад заняткаў час...

А тут ад самага абеду не выходзіў з кватэры. Можа, чакаў каго-небудзь са сваіх дружкоў. Таму і прыспешваў Алега.

Нарэшце Алег задаволена абвясціў:

— Усё, рашыў!

— Віншую! — абрадаваўся Вадзім, які ўжо гатовы быў сілком выправадзіць брата з-за стала.— Звані хутчэй Додзіку.

— Паспею, не гарыць,— братава назойлівасць злавала Алега. Але ж хіба будзеш пярэчыць Вадзіму? Можна і пстрычку атрымаць, а яны ў яго вунь якія балючыя, з адцяжкай.

— Іду, чакай. Не забудзь зачыніць Графа.

— Зачыню, не бойся.

Алег паклаў трубку і пачаў абувацца.

— Ага, няхай зачыняе свайго ваўкадава,— сказаў Вадзім, які выйшаў у прыхожую за Алегам.— Глядзі там, пагуляйце, я пакуль буду дома.

Як толькі за Алегам зачыніліся дзверы, Вадзім кінуўся да акна. Хуценька адчыніў фортку і высунуў у яе руку з чырвоным гальштукам. Узмахнуў адзін раз, другі і захаваўся за штору, назіраючы за дваром. Ён бачыў, як з пад’езда выйшаў Алег і павярнуў каля клумбы налева, прыкмеціў таксама, як ад белага «Жыгуля» аддзяліліся трое джынсавых хлопцаў і пасунуліся за братам. І калі б хто паглядзеў у гэты момант на Вадзімаў твар, то жахнуўся б — ён быў вельмі падобны на фантамасаўскую маску, белую, амаль мярцвяцкую...

Яны прапусцілі Алега ў ліфт першым, і адзін з іх далікатна спытаў:

— Табе, хлопчык, на які паверх?

— На трэці.

— Ого, і нам на трэці! У якую кватэру, калі не сакрэт?

— У дзесятую.

— А нам — у адзінаццатую.

— Суседзі,— гыкнуў той, што стаяў побач, і Алег адчуў, як на яго патыхнула вінным перагарам.

Ліфт спыніўся, і яны зноў прапусцілі Алега наперад.

— Праходзь, хлопчык, мы не спяшаемся і табе раім не спяшацца. Цішэй едзеш — далей будзеш...

У хлопцаў былі вялізныя спартыўныя сумкі, ды і самі яны выглядалі атлетамі з магутнымі біцэпсамі.

«Культурысты»,— падумаў Алег і ў прыцемку калідора вобмацкам адшукаў кнопку званка.

Яны стаялі побач, спыніліся ля дзвярэй суседняй кватэры.

— Вось жа жмінды, хоць бы лямпачку ўключылі святлейшую,— сказаў адзін.

— На запалках эканомяць, а на «Шарпах» трацяць,— гмыкнуў другі.

— Філосафы! — не вытрымаў трэці.— Глядзіце, каб самі не трапілі ў паласатыя эканамісты.

— Ціпун табе на язык,— сыкнуў першы.

Нарэшце шчоўкнуў адзін замок, другі, і Додзік адчыніў дзверы, прыглядаючыся ў змрок калідора:

— Заходзь.

І тут здарылася нешта страшнае і неверагоднае. Ад нечаканасці Алег нават не паспеў ускрыкнуць. Не падаў голасу і Додзік. Нападзенне было раптоўнае, разлічанае на дзесятыя долі секунды. Апошняе, што запомнілася Алегу,— гэта едкі непрыемны пах, які патыхнуў яму ў вочы і нос...

Налётчыкі загрузілі ў свае вялізныя сумкі ўсё, што можна было панесці, нават паквапіліся на Додзікаў камп’ютэр. Ім ніхто не перашкодзіў: сігналізацыя была адключана, беспрытомныя хлапчукі ляжалі ў прыхожай на дывановай дарожцы. І толькі Граф, адчуваючы прысутнасць чужых людзей у кватэры, злосна гыркаў у сваім пакоі. Ды каго мог зацікавіць яго брэх? Вунь колькі гарадскіх сабак днямі гаўкаюць у кватэрах, чакаючы сваіх гаспадароў!

Додзікаў бацька сутыкнуўся са спартсменамі (так яму падалося) у пад’ездзе ля ліфта. Спяшаўся дадому, штосьці яго трывожыла, але ён саступіў убок, каб даць дарогу хлопцам з цяжкімі вялізнымі сумкамі. Нават падумаў: «Мацакі, такія могуць горы звярнуць».

Пазваніў раз, пачакаў, потым зноў націснуў на кнопку званка і, не дачакаўшыся голасу сына, які звычайна пытаўся з-за дзвярэй, палез у кішэню сваёй скуранкі за ключамі. Адшукваючы ў прыцемку замочную шчыліну, міжвольна націснуў локцем на чорны дэрмацін, і дзверы раптам паволі прыадчыніліся.

Бацькава здранцвенне працягвалася імгненне, не больш. Ён ускочыў у прыхожую, убачыў Додзіка з Алегам, закрычаў, нема і адчайна, а потым кінуўся па лесвіцы да выхада.

— Тут трое... з сумкамі! — выдыхнуў бабулькам, якія сядзелі на лавачцы ля пад’езда.

— Яны ў белыя «Жыгулі» селі,— адказалі бабулькі.— Вельмі спяшаліся. Вунь туды паехалі...

Бацька нават памкнуўся быў да свайго «Мерседэса», які прыпаркаваўся на краі шырокай дваровай пляцоўкі каля жалезнага гаража. Але праз два крокі спыніўся, з адчаем махнуў рукой і пабег назад, у кватэру.

Вадзім увесь гэты час стаяў ля акна, назіраў за дваром, а ягоны твар быў нейкі момант збялелы і застыглы. Але ён імгненна ажывіўся, зарадаваўся, як толькі ўбачыў хлопцаў з нагружанымі сумкамі, нават зларадна прашаптаў:

— Ну вось, і спёкся папуас!

І яшчэ больш павесялеў, калі заўважыў Додзікавага бацьку, які спачатку кінуўся да свайго «Мерседэса», але тут жа рвануў назад.

— Лаві вецер у полі! — і аж прысвіснуў.

Ён задаволена падумаў пра свайго брата Алега: хіба без яго маглі б яны знайсці ключы да двайных дзвярэй з сігналізацыяй кватэры кааператара Красоўскага? Так усё складна- атрымалася — вышэйшы клас! Алег нічога і не западозрыў...

Толькі як ён там, мусіць, напалохаўся? Вадзім прасіў налётчыкаў абысціся з хлапчукамі далікатна, не за чужога, за роднага брата прасіў, бо добра ведаў звычкі гэтых касталомаў. Паспрабуй разбудзіць у іх звера — пакуль кроў не ўбачаць, не адступяцца. Вадзіма запэўнілі:

— Не бойся, наш наркоз дзейнічае імгненна, і чмыхнуць не паспеюць салажонкі!

Аперацыя прайшла быццам па заказу: злінялі з шыкоўнай апаратурай і ніякіх слядоў не пакінулі. Додзік з Алегам не маглі нічога ўспомніць: як усё здарылася, які знешні выгляд дамушнікаў? Апрытомнелі хлапчукі, а ў памяці — чыстая старонка. Додзікаў бацька нерваваўся, даказваў міліцыянерам: ён апазнае тых спартсменаў на вочнай стаўцы, ён не забудзе іх фізіяноміі і праз сто гадоў. Яму было перажыванняў, хаця суцешвала адно — добра яшчэ, што з сынам так усё абышлося, а магло быць і горш... Ад гэтых дамушнікаў усяго можна чакаць: са свету зжывуць — і вокам не паспееш міргнуць.

Пасля кватэры Красоўскіх каманда Аліка Кажана зрабіла яшчэ некалькі ўдалых налётаў, у якіх удзельнічаў і Вадзім. Праўда, спачатку яны больш месяца, як кажуць, «ляжалі на дне», пакуль не пераканаліся, што следства зайшло ў тупік. Ды, здаецца, тую апаратуру ніхто сур’ёзна і не шукаў. А што яе шукаць? Не «Мерседэс» жа ўкралі...

І ўсё ж Додзікаў бацька дачакаўся сваёй вочнай стаўкі, хоць і не так хутка, але дачакаўся...

Ужо і ўсялякую надзею згубіў, а тут нечаканая выпадковасць. Вось жа бывае ў жыцці! Пацягнула следства за адну нітачку, як раптам цэлы клубок разматаўся. А незайздросную ролю «нітачкі» выпадак наканаваў Вадзіму. Не ўтрымаўся, страціў пільнасць — тут і трапіўся на кручок...

Захацелася Вадзіму шыкануць, пафарсіць крадзеным магнітафонам, дастаў двухкасетнік са схованкі і паехаў з сябрукамі-пэтэвушнікамі ў вёску, на дзедаў хутар. З бітламі ды попсамі, з моднымі запісамі замежных спевакоў ды ансамбляў.

Вычмураліся, кайфавалі, частаваліся дзедавай медавухай — агледзелі трохлітровы слоік у кладоўцы, тайком у лясок занеслі, аддзячылі дзеду за гасціннасць...

Потым Вадзімавым дружкам захацелася вострых адчуванняў, галівудаўскіх прыгод. Прыкмецілі парачку, якая на «жыгулёнку» падруліла на бераг возера,— быў спякотны летні дзень. Калі хлопец з дзяўчынаю па пясчанай сцяжынцы спусціліся да вады, прышчавы пэтэвушнік, той самы, які «прыструніў» у скверыку Додзіка Красоўскага, прапанаваў:

— Давайце пакатаемся!

— А хіба яны пазычаць нам тачку? — засумняваўся Вадзім.

— Пазычаць! — пагрозліва сказаў Гарох.— Мы любому буржую пакажам кузькіну дулю! Няхай яшчэ моляць Бога, што я сёння добры... А хто сядзе за руль?

— Я ўмею кіраваць,— ажывіўся Вадзім.

Разгарачаныя чэрвеньскім сонцам і духмянай медавухай, яны вылезлі са сваёй схованкі і паволі пайшлі да возера, дзе стаялі бэжавыя «Жыгулі». Вадзімаў магнітафон голасам Талькова паціху спяваў пра Амерыку з Еўропай... Цяпер іх мог спыніць бадай што толькі міліцэйскі свісток.

Гаспадар «Жыгулёў» зрабіў вялікую прамашку: ключ запальвання пакінуў у машыне, не закрыў дзверцы, мусіць, уявіў сябе на бязлюдным рабінзонаўскім востраве. Ён заплыў далекавата ад берага, калі заўважыў ля сваіх «Жыгулёў» чатырох хлопцаў. Затрывожыўся, штосьці крыкнуў сваёй спадарожніцы, якая стаяла ў вадзе і цешылася акаляючай лагоднасцю. Яна азірнулася — і аж знямела: незнаёмцы садзіліся ў іх легкавушку. І закрычала, і памкнулася была з вады, але тут жа спынілася, збялелая і знямелая, усім сваім выглядам прыспешваючы плыўца, які імклівым спуртам набліжаўся да берага.

Вадзім нерваваўся і ніяк не мог завесці матор. Яго падганялі, штурхалі ў спіну, пакрыквалі:

— Хутчэй, чаго капаешся? Бачыш, галяк бяжыць!

— Няхай бяжыць,— заспакоіў Гарох,— я асабіста перагавару з ім...

Ён разваліўся на пярэднім сядзенні побач з Вадзімам і з блазенскай усмешкай назіраў за гаспадаром «Жыгулёў», які апантана адольваў узгорысты бераг возера. І толькі дзяўчына ўсё ніяк не магла скрануцца з месца: на яе, відаць, дзейнічаў гіпноз блізкай бяды.

Нарэшце рухавік чмыхнуў, загудзеў, што выклікала ў Вадзімавых дружкоў дзікія воклічы захаплення:

— Газуй! Рвём кіпці, бліны!

«Жыгуль» зрабіў рэзкі рывок, нібы наравісты стаеннік, якога сцебанулі пугай, і раптам спыніўся. Матор заглух. Вадзім ажно засігналіў з прыкрасці: уцячы ўжо не было ніякай надзеі.

— Усё, прыехалі,— зларадна сказаў Гарох і адчыніў дзверцы.— Пайшлі, пакалякаем з галяком, можа, ён пакатае нас. А ты, Алей, яшчэ пастажыруйся ў бацькі, іншым разам парулюеш.

Двое пэтэвушнікаў палезлі з машыны за прышчавым, толькі Вадзім затрымаўся на нейкую хвілінку за рулём. Ён ніяк не мог дараваць сабе, што падвёў кампанію і цяпер трэба разбірацца з гаспадаром «Жыгулёў».

Хлопец, высокі і мускулісты, закіпеў гневам. Яго, разгарачанага бегам, не астудзілі ні ваяўнічы выгляд Гароха, ні колькасная перавага праціўніка. Ён скочыў да Вадзіма, які ўсё яшчэ сядзеў за рулём, схапіў яго за руку і рэзкім рыўком выцягнуў з машыны.

— Ты што ж гэта, гніда, сабе дазваляеш?!

Сіла ў хлопца была неймаверная: Вадзім кульнуўся на зямлю і на спіне юзам праехаў па жухлай траве. Прышчавы з пэтэвушнікамі кінуліся на дапамогу. Вадзім, раз’ятраны нечаканым кідком, ускочыў на ногі і заняў баявую стойку. Вось-вось павінна была разгарэцца бойка.

— Сашка-а, не трэб-а-а, Са-а-шка-а!

Гэта крычала дзяўчына і бегла да месца сутычкі.

— Людзі-і, дапа-ма-а-жы-ы-це-е! Банды-ты-ы!

Роспачныя крыкі пачуў Вадзімаў дзед, які вяртаўся з рыбалкі. Ён з’явіўся якраз у той момант, калі яго ўнук зрыхтаваўся да атакі.

— Стойце, спыніцеся! — Дзед, невысокі, хударлявы, з тэлескапічнай вудай у руках, апынуўся паміж Вадзімам і хлопцам, у якога на шыі сонечным зайчыкам блішчэў залаты крыжык.— Пабойцеся Бога! Што тут у вас?

— Ды вось, я пайшоў купацца, а яны ў маю машыну залезлі,— хлопец насцярожана азіраўся, чакаючы нападзення з боку Вадзімавых дружкоў.— Якое нахабства!

— Што ж гэта вы, хлопчыкі, надумаліся? Вадзім, няўжо і ты?! Як жа так? — Ён спрабаваў зазірнуць унуку ў вочы, але той адводзіў позірк убок.— Я вас сустрэў, як самых дарагіх гасцей, а вы?!

— Мы проста... пажартавалі,— нарэшце прамямліў прышчавы.

— Сашка, паехалі хутчэй адсюль,— дзяўчына пасмялела, убачыўшы, што небяспека мінула.— Хопіць, пакупаліся...

Калі «Жыгулі» вырулілі на дарогу, Вадзім успомніў пра свой магнітафон, які пакінуў у машыне на заднім сядзенні. Запомніліся яму і словы хлопца, калі ён садзіўся за руль:

— Я гэта так не пакіну, вы яшчэ адкажаце за свае дурацкія жартачкі.

Міліцэйскі «варанок» прымчаў на дзедаў хутар праз паўгадзіны. Размораную чацвёрку знайшлі на беразе возера. Прыструнілі, запісалі прозвішчы, адрасы, за сваіх гасцей паручыўся Вадзімаў дзед. А магнітафон не аддалі, узялі як рэчавы доказ. Зацікавіліся: адкуль у пэтэвушнікаў шыкоўны японскі апарат?

Так міліцыя трапіла на след: нумар канфіскаванага магнітафона супаў з нумарам, які значыўся ў спісе крадзеных рэчаў з кватэры Красоўскіх. Паведамілі Красоўскаму, ён і прызнаў свой магнітафон, а потым прад’явіў на яго пашпарт замежнай фірмы.

...Вось тады і выклікалі Алега разам з маці да следчага, вопытнага і асцярожнага юрыста. Ён адразу ж ухапіўся за нітачку, калі даведаўся, што злодзеі ўвайшлі ў кватэру Красоўскіх разам з братам Вадзіма Алейнікава. А тое, што Вадзім упарта заяўляў, маўляў, купіў магнітафон па дзяшоўцы ў незнаёмага, не магло прымусіць следчага адмовіцца ад сваёй версіі.

Следчы далікатна распытваў Алега пра яго дружбу з Додзікам Красоўскім, пра розныя школьныя дробязі, спытаў пра футбол, а потым нечакана заўважыў:

— Брат Вадзім цікавіўся тваім сяброўствам з Додзікам Красоўскім?

— Цікавіўся. Ён хацеў паглядзець відзікі,— адказаў Алег.— Вадзім папрасіў, каб я падружыўся з Додзікам.

— Ну вось, нарэшце,— шматзначна вымавіў следчы і нават заўсміхаўся, але тут жа схаваў сваю ўсмешку ў чорнай барадзе, якая абрамляла яго твар да самых вушэй. Галава следчага была амаль што лысая, і толькі вузкая пасмачка валасоў, нібы прыклееная, прыліпла над высокім ілбом.

Алег адразу ж, як толькі ў першы раз убачыў следчага, адчуў да яго непрыязнасць: і да чорнай барады, і да маленькіх вочак, што пранізліва глядзелі з-пад густых чорных броваў, і да вузкай пасмачкі, што надавала выгляду следчага нейкую дзівакаватасць і фальшывасць.

— Кажаш... папрасіў? — нібы перапытаў следчы і тут жа працягваў: — Та-ак, з гэтымі відзікамі цяпер сапраўдны бум... Проста ачмурэнне... І хто толькі іх прыдумаў? А што паказваюць? Гнюснасць, распусту, азвярэнне... Садыстаў, маньякаў, насільнікаў... Вось жа выпусцілі джына з бутэлькі! Камусьці гэта выгадна, хтосьці на гэтым грэе рукі... Усё разваліць, зняславіць, збэсціць і не пакінуць нічога светлага, чыстага, святога. Усё — анафеме!

Следчы напускаў туману, гаварыў пра відзікі, нібы яго ўжо зусім не турбавалі магнітафон з кватэры Красоўскіх і розныя там падазрэнні да Вадзіма Алейнікава. І Алега ніколькі не насцярожыла ўдакладненне следчага адносна братавай просьбы і дружбы з Додзікам Красоўскім. Ды ўся тая даўняя гісторыя з рабаўніцтвам кватэры Красоўскіх уяўлялася Алегу нейкім дзівотным і страшным сном, у якім ён апынуўся па чыстай выпадковасці.

— І мой сын «захварэў» на гэтыя відзікі,— цяпер следчы звяртаўся да Алегавай маці.— Вось жа купіў на сваю галаву... Касеты недзе дастае, гатовы цэлымі начамі глядзець. І ўсё — вампіры-вурдалакі... Як зараза якая...

— Мы самі вінаватыя: распускаем сваіх дзяцей, стараемся не адстаць ад моды,— не вытрымала маці.— Вось нам і падзяка, і неаплатны доўг...

— Чаму наша віна? — не пагадзіўся следчы.— Купіць — не ўкрасці. Кожны павінен жыць па закону, а ў нас што творыцца? Ды і што нашы законы? Шырма для прастачкоў, маўляў, не ўкрадзі, не змахлюй, жыві праведнікам... А тыя ж заканадаўцы — першыя жулікі. Дарвуцца да ўлады — і шыкуюць, і правакуюць злачынствы. А нам тут вышуквай, збірай неабвержныя факты, дабівайся прызнання.

Следчы перавёў позірк на Алега, разгладзіў сваю бараду, нібы наважваючыся сказаць штосьці вельмі важнае, даўно прыхаванае, якое павінна адразу ж абяззброіць паддопытнага, прымусіць яго прызнацца ва ўсіх сваіх грахах.

— І з Графам брат папрасіў? — нечакана спытаў следчы.

— Што з Графам? — не зразумеў Алег.

— Ну-у-у... зачыніць яго ў пакоі, каб раптам каго не глымануў.

— Не-е, я сам... Додзік заўсёды зачыняў дога, калі я прыходзіў. Граф не любіць чужых.

— Малайчына,— сказаў следчы, хаця нельга было зразумець, каго ён пахваліў: Додзіка ці Графа.

Алег губляўся ў здагадках: куды хіліць гэты барадаты, да чаго дакапваецца? І чаму следчага цікавіць яго знаёмства з Додзікам? Якая тут сувязь з тым бандыцкім нападзеннем? Ён жа тады пра ўсё расказаў, нічога не ўтаіў. Як ехаў з незнаёмымі ў ліфце, як пазваніў у дзверы Красоўскіх, а потым — нібы раптоўны скачок у бездань. І якія яшчэ тут могуць быць падазрэнні?

— Такая ў мяне служба,— уздыхнуў следчы, зноў звяртаючыся да Алегавай маці.— І не хацеў бы я засмучаць вас, трывожыць, і не трэба было мне звяртаць увагу на гэты злашчасны магнітафон, а даводзіцца. Прафесійны доўг: выкрыць удзельнікаў аднаго злачынства, каб папярэдзіць новае.

— Але што зрабіў мой Алежка? Ён жа і сам пацярпеў ад бандытаў, добра яшчэ, што застаўся жывы,— голас маці дрыжэў, поўніўся трывожным хваляваннем.

— Ваш Алежка сам нічога крамольнага не зрабіў, хаця і адчыніў дзверы кватэры Красоўскіх злодзеям. Усё было вельмі тонка прадумана, я сказаў бы — на высокім дэтэктыўным узроўні. Алег нічога не ведаў, яго проста скарысталі... замест ключа. І якога! Не дапамаглі Красоўскаму ні двайныя дзверы, ні сігналізацыя, ні дог Граф... Прыкра, што брат падставіў брата, можна сказаць, прадаў за двухкасетнік. Ды такія ўжо зладзейскія законы... Бачыце, Вадзім угаворваў Алега, каб ён падружыўся з сынам Красоўскага. Гэта ўжо факт!

Вось тут усё і пачалося, і пайшло-паехала... І пацягнулася нітачка, якая прывяла следства ў клуб «Алімпія». А там — вочная стаўка Красоўскага са спартсменамі-дамушнікамі, і новыя ўцёкі Вадзіма з дому, яго боязь бацькавага гневу.

Спачатку Алег не мог паверыць у гэтую фантасмагорыю, не мог прыняць доказы следчага, якія абвінавачвалі Вадзіма, пазбаўлялі яго ўсялякіх шанцаў на апраўданне. Не лазіў у чужую кватэру, не краў, а вінаваты...

Не верыў Алег, пакуль не пачуў ад самога Вадзіма, калі ён раптам аб’явіўся дадому пасля ўцёкаў, даведаўшыся, што бацька ў чарговай камандзіроўцы.

— Гэта ўсё Кажан прыдумаў, гэта яго сцэнарый. Я не мог адмовіцца... Паспрабуй Аліку запярэчыць — сам не будзеш рады. Я быў вінен яму, а даўжкі трэба аддаваць, ды яшчэ з працэнтамі.

 

8

Толькі далёка за поўнач Алег знябыўся чуйным, нездаровым сном. Першы начлег у бальнічнай палаце, а тут яшчэ гэтае нечаканае знаёмства з сынам следчага, які вёў справу брата Вадзіма і прынёс у іх сям’ю столькі перажыванняў і слёз. Але чаму следчы? Хіба ён вінаваты, што Вадзім звязаўся з шайкай Кажана і ніяк не можа развязаць той хітры вузел? Вунь нават у калоніі даймаюць, мусіць, напамінаюць пра даўгі з працэнтамі. Віжуюць, не адпускаюць...

Баліць, ные нага. І гэты боль адразу ж нагадвае Алегу аб учарашнім здарэнні. Ён толькі што прачнуўся, пачуўшы лагодны голас нянечкі Фрузы:

— Ну як, хлопчыкі, спалася-начавалася? Як пачувае сябе наш навічок?

— На пяць з плюсам,— за ўсіх адказаў Юра.— І навічок спаў як пшаніцу прадаўшы.

— Ага, пшаніцу,— яхідна заўважыў хлопец, ложак якога стаяў каля акна.— Усю ноч прадавалі...

— Няўжо? — здзівілася нянечка.

— Няпраўда, гэта яму прыснілася,— запярэчыў Гаварунчык.

— І злодзеі-бандыты, і шакаладка замежная,— падначыў усё той жа яхідны голас.

— А яшчэ — трамвай! — парыраваў Юра.

— Хопіць, хлопчыкі, не паважаю злюкаў,— сказала цёця Фруза і аб’явіла: — Будзем рыхтавацца да сняданку. А з табой, Алег, мне трэба прагуляцца.

— Куды?

— Недалёчка, пакажу дарогу, толькі спачатку навучымся хадзіць,— нянечка паставіла мыліцы да Алегавага ложка.— Гэта вельмі проста, зробіш два-тры крокі і пабяжыш наперагонкі.

— Глядзіце, яшчэ ўцячэ з бальніцы,— не вытрымаў Юра.

Нянечка дапамагла Алегу спусціць з ложка загіпсаваную нагу, падтрымала яго за плечы, пакуль ён прыладжваўся да мыліц, асцерагаючыся аступіцца, падбадзёрыла:

— Смялей, смялей... Тут няма чаго баяцца, вось бы на вуліцы былі такімі абачлівымі.

Спачатку Алег падскочыў на адной назе, нібы паспрабаваў пераадолець нябачную перашкоду, але ўжо другі крок зрабіў з дапамогай мыліц, моцна апіраючыся на іх дзвюма рукамі. І яшчэ раз, і яшчэ — проста да дзвярэй.

— Вось і добра, вось і малайчына,— пахвальвала цёця Фруза, назіраючы за Алегам.— Запігсаваную нагу трымай вышэй, яе трэба аберагаць. Мусіць жа, баліць?

— Не-е,— няўпэўнена адказаў Алег, хаця вярэдлівы боль мацнеў у гіпсавым боце з кожным крокам. Але ён трываў, не скардзіўся, яму было вельмі важна не выклікаць на сябе Юравы кпіны і насмешкі. Ды і астатнія хлапчукі, напэўна ж, сочаць за ім, асабліва той, што скардзіўся на бяссоніцу.

Толькі Алегавы перасцярогі былі дарэмнымі: Юра ўжо ішоў побач і прапаноўваў свае паслугі.

— Цёця Фруза, давайце я правяду навічка, у вас і так хапае клопатаў.

Нянечка адразу ж згадзілася:

— Дзякуй, Юрка, ты выручыш мяне. Глядзіце, асцярожна, не спяшайцеся.

— На сняданне паспеем,— з усмешкай адказаў Юра, адчыняючы дзверы перад Алегам.— Тут жа недалёка.

У калідоры, доўгім і змрочным, калі яны павярнулі налева, Алег спытаў:

— Мы куды? На перавязку?

— Якую «перавязку»?! — Юра зрабіў красамоўны жэст сваёй загіпсаванай рукой.— У туалет.

Крокі на мыліцах даваліся Алегу з цяжкасцю, і ён спыніўся, нават крыху сумеўся:

— Я не хачу, мне не трэба праважатыя.

— Кінь, не аднеквайся,— запярэчыў Юра.— Цёцю Фрузу трэба слухацца, яна ва ўсім любіць парадак. Добра яшчэ, што цябе не прывязалі на расцяжку. Ведаеш, як няёмка на ложку... хадзіць у туалет. Вунь адзін хлапец ляжаў без ног. Яны ўсёй сям’ёй на сваёй тачцы пад тралер заехалі. Ён адзін застаўся жывы... Яму ногі патрушчыла... Вось гэта бяда! Хлапец толькі два дні ў нашай палаце быў, а як пакутаваў! А мы з табой — шчасліўчыкі, у нас — дробязь. Мы яшчэ пагуляем у футбол.

«Ну вось, сеў на свайго канька»,— падумаў Алег і зрушыў з месца. Ён ужо ноччу пераканаўся, што Гаварунчыку лепш не пярэчыць, што любая нязгода можа выклікаць новую хвалю Юравых доказаў ці апраўданняў. І не адмахнешся ад яго, як ад надакучлівага камара. І не пашлеш туды, дзе зімуюць ракі...

Юра,— танклявы, даўганогі, у сінім спартыўным касцюме з шырокімі белымі лампасамі,— выглядаў побач з нізкарослым, камлюкаватым Алегам, які ўгнуўшыся, скакаў па калідоры на мыліцах, значна старэйшым за свае трынаццаць гадоў. Акселерат — нічога не скажаш. Хаця вось жа на Алега гэтая акселерацыя ніколькі не падзейнічала. Дзіўна, брат Вадзім вунь як выцягнуўся, што той баскетбаліст, а ў Алега — ніякага зруху, і футбол не дапамагае.

Калі вярталіся ў палату, Юра нечакана сказаў:

— Прабач за начную прыгоду: такое бывае са мной... Ад шакаладу ў мяне аскома. Мне кожны дзень прыносяць, кажуць, што косці хутчэй зрастаюцца...

— Нічога страшнага,— адказаў Алег, каб хоць неяк перапыніць свайго праважатага.— Вось толькі нас, здаецца, падслухоўвалі...

— А-а-а, гэта ў аднарукага бяссонніца, яму ўсё не дае спакою трамвай. Разявака! Бег, спатыкнуўся, упаў...

Яны спыніліся яшчэ раз: першая прагулка на мыліцах знясільвала Алега. Нямелі рукі, торгала загіпсаваную нагу. Хацелася хутчэй дабрацца да ложка, суцішыцца.

Па калідоры шпарка ішоў мужчына ў белым халаце, параўняўшыся, затрымаў хаду, спытаў у Юры:

— Як рука?

— Нармальна, можна збірацца дадому.

— Не спяшайся, трэба зрабіць здымак,— сказаў і тут жа павярнуўся да Алега:

— Навічок?

— Ага,— чамусьці пачырванеў Алег.

— Учора пасля абеду прывезлі,— удакладніў Юра.— Дарогу перабягаў, спяшаўся на трэніроўку.

— Вось бачыце, да чаго прыводзіць спешка... Пасля сняданку зайду ў вашу палату.

Як толькі мужчына ў белым халаце адышоў на некалькі крокаў, Юра ціхім голасам паведаміў:

— Галоўны ўрач, рабіў мне другую аперацыю. Прафесар. Калі б не ён, я мог бы застацца без рукі. У мяне ж вельмі складаны пералом.

«Цяпер давядзецца слухаць новую байку»,— падумаў Алег і намерыўся рушыць наперад, але Гаварунчык спыніў яго загіпсаванай рукой, якую падтрымлівала шырокая марлевая падвязка.

— Чакай, нам трэба вызваліць твайго брата,— сказаў з таямнічай перасцярогай, азіраючыся ў пусты калідор.— Я ўзяўся праводзіць цябе, каб пагаварыць сам-насам. Лішнія сведкі нам не патрэбны.

— Як вызваліць? — Алег пераконваўся ўсё больш і больш: выпадак звёў яго з вялікім дзіваком і невыносным балаболам.— Жартуеш?

— Не, не жартую. Я папрашу майго бацьку, каб ён параіўся з кім трэба. У яго сувязі, сябры-юрысты... Няхай перагледзяць справу твайго брата.

— Так і перагледзяць,— усумніўся Алег.— Суд прыняў рашэнне, і яго ўжо ніхто не адменіць. Твой жа бацька збіраў факты, дапытваў, каб абвінаваціць майго брата. Вадзіма падставілі і запалохалі, а мафіёзнікі засталіся на волі. Фарцуюць ды крадзеным у сваім кіёску гандлююць... У іх таксама сувязі — і яшчэ якія!

— Ты не ведаеш майго бацьку,— запярэчыў Юра.— Ён справядлівы, ён абавязкова дакапаецца да праўды.

— Ужо дакапаўся! — амаль гнеўна сказаў Алег і рашуча налёг на мыліцы. Больш слухаць сына следчага ён не хацеў. Ды і што карыснага прынясе гэтая размова?

Пакуль падышлі да дзвярэй палаты, Юра ўсё ж паспеў выказацца:

— Я перагавару з бацькам, ён разбярэцца... І няма чаго баяцца гэтых крымінальнікаў. Вунь колькі пагрозаў было майму бацьку: і званілі, і запіскі падкідвалі, аднойчы нават нажом пырнулі ў пад’ездзе. Не запалохалі! Ён любога бандыта можа скруціць у бараноў рог. Валодае прыёмамі баявога самба і мяне сяму-таму навучыў... Неяк трое жмурыкаў з нашай школы хацелі прыжучыць мяне, дык я паказаў ім фігу з макам... Цяпер і блізка не падыходзяць, апякліся. Кожны павінен умець пастаяць за сябе — і не толькі за сябе.

Ужо ля самых дзвярэй палаты, калі Юра ўзяўся за ручку, ён папярэдзіў:

— Пра нашу размову нікому не расказвай.

— Каму расказваць? — спытаўся Алег.— Дарэмна ўсё гэта: пераліваць з пустога ў парожняе...

— Бабка яшчэ надвае варажыла, вось пабачыш! Бацька хутка будзе, ён прыязджае да мяне кожную раніцу.

«Хвалько і пустамалот,— падумаў Алег, калі нарэшце дайшоў да свайго ложка і з палёгкай апусціўся на спружыністы матрац.— Ну і няхай вычмураецца, мне ад гэтага ні холадна, ні горача. Паглядзім, што ён скажа бацьку... Цікава, а ці ўспомніць пра мядок?»

Неўзабаве цёця Фруза прынесла сняданак: талерку маннай кашы, кубак чаю і акраец батона з маслам. Апетыту амаль не было, але Алег прымусіў сябе з’есці сваю порцыю начыста, каб не звяртаць увагу нянечкі. Яна, забіраючы посуд з Алегавай тумбачкі, адно заўважыла:

— Малайчына, пойдзеш на папраўку.

Потым у палату завітаў галоўны ўрач. Абышоў усіх хворых, больш за іншых затрымаўся каля Алега: разглядаў рэнтгенаўскі здымак, які прынесла медсястра, распытваў пра самаадчуванне, раіў не залежвацца, рухаць пальцамі загіпсаванай нагі. У размову ўмешваўся Юра, даваў свае парады. Было бачна, што ў яго з галоўным урачом наладзіліся ледзьве не панібрацкія адносіны.

«Адкуль такая павага?» — думаў Алег.

І ўсё ж ні сняданак, ні візіт галоўнага ўрача не маглі прытушыць насцярожанасць, з якой Алег чакаў сустрэчы са следчым. Нічога добрага, акрамя непрыемных успамінаў, яна не магла прынесці, не кажучы ўжо пра перагляд Вадзімавай судовай справы. А тут яшчэ настырнасць Гаварунчыка: яму б толькі пабалабоніць ды пафіскаліць, павыхваляцца сваёй фантазіяй ды бацькавым суперменствам... Вось жа пашанцавала Алегу з гэтым суседствам! Быццам хто наўмысна падстроіў-наваражыў.

Алег адразу ж пазнаў следчага, хоць пасля іх апошняй сустрэчы-допыту мінула нямала часу. Ды і як было не пазнаць усё тую ж чорную бараду і вузкую пасмачку валасоў, што ляпілася на шырокай лысіне? На плячах следчага вісеў белы халат, а ў правай руцэ ён трымаў поліэтыленавы пакет. Алег міжволі прыкрыў твар даланёй і затаіўся ў чаканні трывожнай размовы. «А можа, Гаварунчык яшчэ перадумае і прамаўчыць пра Вадзіма? — ён ухапіўся за выратавальную саломінку. Але тут жа падумаў пра сябе з дакорам.— Сам вінаваты, не трэба было адкрывацца, распісваць Вадзімаву бяду... Знайшоў абаронцу!»

— Добрай раніцы, казакі-разбойнікі! — Следчы крыху картавіў, і літара «р» у яго атрымлівалася нейкай невыразнай, грасіруючай. Гэты картавы голас напомніў Алегу мінулагоднія допыты, хітрыя пытанні следчага, якімі той стараўся заблытаць свайго паддопытнага. Каб выведаць, разгаварыць, дабіцца прызнання.

Ён прайшоў каля Алега, нават і вокам не павёў на навічка, відаць, спяшаўся, бо адразу ж заявіў свайму сыну:

— Прабач, Юрык, сёння не магу расседжвацца: у горадзе зноў аб’явіўся маньяк. На вуліцы Мендзялеева сярод белага дня знікла дзесяцігадовая дзяўчынка. Ужо два дні ідзе пошук, ну нейкае вар’яцтва... Усіх паднялі на ногі — і ніякіх слядоў. Маці дзяўчынкі ў бяспамяцтве, страшэнна пакутуе... І колькі ж у нас распладзілася гэтых міхасевічаў-чыкацілаў! Проста жах...

— А чаму вы цацкаецеся з імі? — Юра перапыніў бацьку.— Псіхіятрам паказваеце, робіце вочныя стаўкі... Іх жа трэба знішчаць, як шалёных вурдалакаў, без суда і следства!

— Нельга, Юрык, без суда, усё па закону.

— Які закон?! — яшчэ больш узгарэўся Юра.— Вунь трое прыдуркаў здзекваліся над пяцігадовым хлопчыкам, потым забілі яго каменем... І што суд? У калонію адправілі, пашкадавалі непаўналетніх забойцаў... Хай жывуць, выйдуць з турмы і яшчэ не тое ўтвораць.

— Я згодны з табой, Юрык, згодны. Не хвалюйся, ты ж ведаеш мае адносіны да розных там недавяркаў... Ды калі б мая воля!

Слухаў Алег размову бацькі з сынам, і чамусьці яму рабілася ніякавата, нібы ён сам меў якое дачыненне да тых страшных здарэнняў. Ды і як ва ўсім гэтым разабрацца? І адкуль толькі з’яўляюцца страшыдлы-маньякі? Вунь Алег глядзеў у Додзіка Красоўскага па відзіку адзін «жахлівец», дык потым некалькі дзён хадзіў нібы хворы — усё блюзніўся крывавы вурдалак. Такое лепш не бачыць і не сніць...

— Тут яблыкі і шакаладка,— следчы зашамацеў поліэтыленавым пакетам,— пачастуеш, Юрык, хлопцаў, а я пабягу. Сам міністр даручыў мне ўзначаліць групу па пошуку маньяка. Знайсці іголку ў стозе сена... У дошку разбіцца, але злавіць вампіра і пасадзіць на ланцуг!

Следчы пайшоў да дзвярэй, падаўся за ім і Юра.

«Мусіць, пра нашу размову хоча паведаміць,— падумаў Алег.— Сакрэтнічае, каб ніхто не пачуў. Добра, што следчы спяшаецца, цяпер яму не да Вадзіма. І дарма ўся гэтая Юрава задума... Дзівацтва — і толькі!»

Пачутае пра маньяка ўзрушыла Алега, напомніла нядаўняе дзікае здарэнне, калі таксама сярод белага дня знік дванаццацігадовы хлопчык: пайшоў ва універмаг і не вярнуўся дадому. Колькі дзён яго шукалі, пакуль не знайшлі ў падвале, зусім у другім баку горада... А забойцаў не злавілі, быццам якая нячыстая сіла знявечыла хлопчыка. Вялікую грашовую суму абяцалі таму, хто навядзе на след злачынцаў,— і нічога не дапамагло.

Нервовы цік таргануў загіпсаваную нагу, і Алег ледзьве не ўскрыкнуў ад рэзкага болю, які каторы ўжо раз напомніў аб учарашнім здарэнні, а да ўсяго — сустрэчу з Пончыкам. І неабходнасць спаткання з Алікам Кажаном, несусветным прахіндзеем. Няхай цяпер пабегае-пашукае, прывык, што перад ім усе ходзяць на дыбачках...

Падумалася пра ўчарашняе, як раптам адчыніліся дзверы палаты (ён чакаў, што вярнуўся Юра), і Алег убачыў свайго трэнера Аляксандра Мікалаевіча. І новая стрэмка, і адчуванне асабістай віны: падвёў каманду перад гарадскім фіналам і трэнера падвёў, які ўскладаў на яго, Алега Алейнікава, вялікія надзеі.

Трэнер зрабіў два крокі і спыніўся: у адной руцэ трымаў белы халат, у другой — папяровы пакет. Ён не ведаў, куды ісці, азіраўся, стараючыся разгледзецца ў нязвыклай бальнічнай абстаноўцы. Алег схамянуўся, хуценька сеў на ложку і паклікаў:

— Я тут, Аляксандр Мікалаевіч.

— Алежка, што ж гэта ты?! — у голасе трэнера пачуліся не то шкадаванне, не то дакор. Ён падышоў да Алегавага ложка і ўтаропіўся ў загіпсаваную нагу.— А я спачатку не паверыў тваёй маме... Учора позна вечарам дазваніўся, хацеў нават адчытаць цябе за прагул. А тут такое... Я быў у галоўнага ўрача, слава Богу, нічога страшнага... Табе, Алежка, яшчэ пашанцавала. Вунь толькі што ў прыёмны пакой прынеслі на насілках дзяўчынку — адзін жах! Стаяла на скрыжаванні ля святлафора, а тут вялізнае кола ад мазаўскага прычэпа адарвалася... І прама на дзяўчынку...

— Трэба было схавацца за святлафор,— азваўся Алег.

— Цяпер позна хавацца,— трэнер паклаў свой папяровы пакет на Алегаву тумбачку.— Частуйся мандарынамі, набірайся моцы.

— Дзякуй, Аляксандр Мікалаевіч, не трэба было купляць, мне мама ўчора прынесла гасцінцаў.

— А гэта ўжо ты дарэмна, я магу і пакрыўдзіцца,— трэнер усміхнуўся.— Цяпер табе патрэбны вітаміны, каб хутчэй папраўляўся. Ты ж ведаеш, я не люблю сачкоў...

— Прабачце, я не думаў, што так атрымаецца,— вінавата адказаў Алег.— Як толькі здымуць гіпс, прыйду на трэніроўку.

— Ну-у... ты не вельмі спяшайся, футбол — не шахматы. Думаю, хлопцы пазмагаюцца ў фінале. Пакуль на тваё месца паставім Андрэя Пышніка. Ён учора нечакана заявіўся, быццам ведаў, што з табою здарыцца бяда.

— Андрэй? — здзівіўся Алег.— Дык ён жа...

— Перадумаў, сказаў, што вярнуўся, каб пагуляць у фінале. Я яшчэ вагаўся, а тут з табой такое здарэнне... Лепшай замены нам у паўабароне не знайсці.

— Вядома, Андрэя ж запрасілі ў дынамаўскі клуб,— напомніў Алег, нібы пацвярджаючы правільнасць трэнерскага выбару.

— Учора ўсе стараліся, а як стаяў у варотах Мішуня! «Мёртвыя» мячы браў, нават выцягваў з «дзевяткі».

Візіт трэнера падбадзёрыў Алега, надаў яму ўпэўненасці і веры ў хуткае выздараўленне. Хаця, зразумела, пералом нагі — не нейкая там ангіна, якую можна вылечыць чаем з малінай ці рознымі зёлкамі. З гіпсам, напэўна ж, давядзецца паняньчыцца не адзін тыдзень, а на мыліцах не пабяжыш на футбольнае поле. Даскакаўся-дабегаўся...

Аляксандр Мікалаевіч каля пятнаццаці хвілін прабыў у палаце — і ўсё ж змог развеяць Алегавы сумненні-перажыванні. А на адыход сказаў:

— Трымайся, заўтра наведаемся да цябе ўсёй камандай. Дзяжурныя тут строгія, кажуць, трэба прыходзіць пасля семнаццаці. Цяпер ледзьве прапусцілі мяне. Добра яшчэ, што адзін урач прызнаў былога футбаліста... Вось так, Алежка!

Як толькі трэнер выйшаў з палаты, Юра адразу ж падсеў да Алега.

— Не сярдуй, я не паспеў расказаць пра твайго брата. Бацька вельмі спяшаўся на аператыўную нараду. Чуў, у горадзе аб’явіўся яшчэ адзін маньяк?

— Чуў, не глухі,— ціха адказаў Алег і тут жа дадаў: — Прашу, не чапайце Вадзіма, яму ўжо ніхто не паможа... Мафіёзнікі, калі даведаюцца, са свету белага зжывуць. У іх рукі доўгія, яны і да суда гразіліся...

— Чаго баяцца? Мой бацька не такія вузлы разблытваў, нават злодзеяў у законе выводзіў на чыстую ваду! — Сказаў і тут жа прыкрыў даланёй свой шчарбаты рот, маўляў, сакрэт ёсць сакрэт, хаця ў палаце больш нікога не было. Але Юрава асцярожнасць аказалася недарэмнай.

Тут жа дзверы палаты паволі адчыніліся, і раптам Алег (ці не галюцынацыя?!) убачыў блудлівую фізіяномію Пончыка. Не, ён спачатку не паверыў сваім вачам: ці мала на свеце бывае двайнікоў, вельмі падобных адзін на аднаго, не кажучы ўжо пра блізнят? І гэты круглы, сыты твар з маленькімі вочкамі, і гэтая ліслівая ўсмешка падаліся Алегу нейкай нерэальнай фантасмагорыяй, бязглуздым сном.

Толькі гэта быў не сон. Ужо ў наступнае імгненне Алег з адчаем і пакутлівым страхам зразумеў, што Кажаноў ад’ютант адшукаў яго і ў бальнічнай палаце. Вось вам і «доўгая рука»! Вынюхалі, даведаліся, знайшлі... І не схаваешся ад іх, і не знікнеш воблакам-невідзімкам.

Алег кінуўся на падушку і прытварыўся спячым, але было позна. Пончык задаволена чмыхнуў, прычыніў за сабой дзверы і з выглядам пераможцы тэлевізійнага фіналу «Поля цудаў» накіраваўся да крайняга ложка. Юра, адчуўшы штосьці нядобрае, адступіў убок і з трывогай назіраў за незнаёмцам-таўстуном. А тут яшчэ як на тое ў палаце нікога няма — быў час ранішніх працэдур. Хоць бы цёця Фруза прыйшла, яна не любіць, калі наведвальнікі надакучаюць хворым.

— Зрабі ласку, пацан, ідзі праветрыся,— загадаў Пончык Юру.— У мяне з братанам сямейная размова, вельмі далікатная.

Юра не стаў пярэчыць, нават з ахвотаю пагадзіўся:

— Добра, я зараз, толькі доўга не размаўляйце. Бачыце, вашаму братану патрэбны спакой.

— Не затрымаюся, блінок, не загаваруся.— Пончык сеў на табурэтку.— Размова ў нас будзе кароткая, хопіць гуляць у кошкі-мышкі.

Алег ляжаў, не варушыўся, нават затаіў дыханне, нібы спадзяваўся засцерагчыся ад Пончыкавых пытанняў. І якая бура прынесла яго ў бальніцу? Няўжо з-за таго пісьма з калоніі?

— Што ж гэта ты, Алей, надумаўся? — з прытворнай жаласлівасцю ўздыхнуў Пончык.— А каб ты, не дай Бог, узляцеў на неба? Ведаеш, Алік вельмі расхваляваўся, калі не дачакаўся цябе ў скверыку. Ну і гневаўся! Давялося турбаваць тваю мамачку сярод ночы, распытваць... Вадзіма трэба ратаваць, а ты сачкуеш-хітруеш... Ішоў, упаў, ачнуўся — гіпс!

Пончык задаволена захіхікаў, узяў з тумбачкі жоўты мандарын, паспешліва аблупіў яго, адламаў дольку і са смакам зацмокаў:

— Няблага ты тут, Алей, уладкаваўся, вітамінчыкамі ласуешся, лафа!

Слухаць такое Алегу — быццам горкія пілюлі глытаць. А што зробіш? Не плюнеш жа ў гэтую задаволеную сытую фізіяномію?.. Яго ж прыслаў сам Алік Кажан! Вось каму трэба за кратамі сядзець, а ён на волі. І вычмураецца, і раскашуецца... Няўжо яму ніхто не абломіць рогі?

— Будзь ласкавы, Алей, перапыні свой курортны кайф, яшчэ выспішся. Я тут Вадзімаву цыдулку прынёс, трэба расшыфраваць яе. Разумееш, Алік даручыў, а ён, як табе вядома, не любіць жарцікаў-макарцікаў. Паспяшаемся, у мяне часу вобмаль, змарнаваўся, пакуль прабіраўся да цябе. Давялося хітраваць-мудраваць... Ну і строгасці тут у вас, як у зоне.

Усё ж нарэшце Алег адолеў сваё здранцвенне і падняў галаву ад падушкі. Ён сеў, перасунуў да краю ложка загіпсаваную нагу і, нягледзячы на Пончыка, працягнуў руку за тонкім папяровым квадрацікам. Разгарнуў цыдулку і ўважліва прыгледзеўся да няроўных радкоў, накрэмзаных сінім алоўкам. Так, гэта быў Вадзімаў почырк, гэта была яго запіска.

«Алег, аддай А. К. шкатулку, тую самую. Абавязкова! Яна выратуе мяне. Інакш мне не жыць. Вадзім».

Ён перачытаў братаву запіску, затрымаў свой позірк на словах: «...мне не жыць». І адчуў калючы халадок, які дыхнуў у яго твар разам са з’едлівым пытаннем:

— Ну як, усё зразумела?

— Не, не ўсё,— разгублена адказаў Алег.

 

9

Тое, што браты Алейнікавы дапамаглі злодзеям абабраць кватэру Красоўскіх, узбударажыла школу не менш, чым пажар у кабінеце дырэктара Мацільды Феліксаўны. Асабліва было перажыванняў у Алега. І каму дакажаш, што цябе абдурылі, падставілі? І хто — родны брат! Шукай прастачкоў... Дамовіліся, усё дакладна разлічылі, абабралі кватэру Красоўскіх сярод белага дня... Вось жа пайшлі напралом, не збаяліся ні сігналізацыі, ні двайных дзвярэй, ні сабакі Графа.

Ну, з пэтэвушнікам Вадзімам Алейнікавым усё ясна, за ім даўно ідзе нядобрая слава, яго імя значыцца ў картатэцы міліцэйскай інспекцыі. І да бойкі гарачы, і на руку нячысты, з блатнякамі водзіцца. Яшчэ ў школе праславіўся... А вось як Алег уліп у гэтую гісторыю? Старанны ў вучобе, далікатны ў паводзінах, захоплены футболам... Яго заўсёды ставілі ў прыклад Вадзіму, раілі раўняцца на малодшага брата. І раптам такая навіна!

Няўжо за старэйшым братам пайшоў? Захацелася лёгкай нажывы, асляпіла раскоша кватэры старшыні будаўнічага кааператыва? А тут Додзік пусціў пагалоску, маўляў, з іх кватэры яшчэ да нападзення банды знікла замежная відэакасета. І цяпер ён упэўнены, што гэта пастараўся Алег Алейнікаў. Паспрабуй апраўдацца, даказаць сваю невінаватасць, калі табе не вераць і факты супроць цябе... А тут яшчэ розныя выдумкі-здагадкі: штосьці, дзесьці, ад кагосьці... Было — не было, а размоў — аж пад завязку. Нават усю сям’ю Алейнікавых запісалі ў банду.

У кабінеце дырэктара школы, куды Алег прыйшоў разам з бацькам, ён адразу ж адчуў сябе вельмі няўтульна. Мацільда Феліксаўна, завуч Ангеліна Вітальеўна, класная Валянціна Пятроўна і жанчына ў міліцэйскай форме занадта падазрона ўзіраліся ў яго невысокую постаць, аглядалі з ног да галавы, нібы хацелі адшукаць у ім нейкую загану. Упершыню, здаецца, Алег мусіў быць у такім незайздросным становішчы. Нават той нядаўні выклік да следчага ўяўляўся яму ў гэты момант звычайнай неспадзяванкай.

Алег спыніўся пасярод кабінета, насупраць стала, і не падымаў вачэй ад чырвонай дывановай дарожкі, якая пакрывала паркетную падлогу. Бацька прысеў збоку, каля акна, мусіць, таго самага, праз якое ў дырэктарскі кабінет заляцела бутэлька з гаручай сумессю, і нервова перабіраў у руках звязку ключоў. Выгляд у яго быў суровы і ўзбуджаны: запрашэнне ў школу абяцала непрыемную і нервозную размову.

— І як гэта мы дакаціліся да такога жыцця, Рыгор Ігнатавіч? — даволі памяркоўна спытала дырэктар.— Проста ў галаве не ўкладваецца! Вадзіма не дагледзелі, а тут і малодшага праваронілі, праспалі. Ганьба ўсім нам!

— Чаму «праспалі»? — успыхнуў бацька, нават дыпламатычнае дырэктарскае «мы» не астудзіла яго гарачнасць.— Ды я суткамі кручу руль, ліквідоўваю, дастаўляю, выводжу... Чарнобыльскіх бэраў вунь колькі наглытаўся... Тыднямі дома не бываю, а цяпер вось загранічныя камандзіроўкі. Мне што, сыноў вазіць у кабіне грузавіка?

— Гэта ўжо вашы праблемы, Рыгор Ігнатавіч,— па-ранейшаму памяркоўна сказала Мацільда Феліксаўна, але тут жа паправілася: — І не толькі вашы... Хаця я ўпэўнена, многае і самае галоўнае ў выхаванні дзяцей залежыць ад сям’і. Яблыка ад яблыні...

— Ведаеце, не заўсёды так,— уступіла ў размову жанчына-міліцыянер.— Вунь сям’я Харажанкавых: бацька і маці п’яніцы, а дзеці ў іх — сапраўдныя анёлы. І ўважлівыя, і працавітыя, і сумленныя.

— Гэта як каму пашанцуе,— уздыхнула завуч Ангеліна Вітальеўна.— І сям’я, і школа, і айцы святыя не дапамогуць, калі д’ябал паселіцца ў душы. Загадка прыроды — трагедыя людзей. Чорная магія, сатанізм...

— Ды што магія! — не вытрымала і класная Валянціна Пятроўна.— Вунь артыкул у газеце: народнага суддзю пасадзілі ў турму. Звязаўся з крымінальнікамі, хабарнічаў, мафіёзнікаў выручаў, стаў мільянерам... Як жа так — суддзя-злодзей?! Хто яго дапусціў да ўлады? Цяпер жа ў нас зялёная вуліца розным казнакрадам ды прайдзісветам. Выкрываем мінулыя злачынствы, каб пладзіць новыя. Няўжо мы дажыліся да апакаліпсіса сумлення? Гэта ж як канец свету...

— Валянціна Пятроўна, не трэба драматызаваць наша жыццё-быццё,— схамянулася ў сваім мяккім дырэктарскім крэсле Мацільда Феліксаўна.— У нас тут не суд і не дыскусійны клуб... Я вось хачу спытаць у Алега, праясніць няпростую сітуацыю. Вельмі няпростую... Я ж не магу не верыць і такому паважанаму і аўтарытэтнаму чалавеку, як Леанід Раманавіч Красоўскі. Дарэчы, ён зараз павінен прыйсці ў школу разам з сынам, мы таксама запрасілі іх на нашу сустрэчу.

— Што ж вы хочаце праясняць?! — раптам запальчыва ўсклікнуў Алегаў бацька.— Для чаго гэты спектакль? А я веру свайму сыну: не браў ён нічога ў Красоўскіх! Мала што могуць выдумаць... І не раўняйце Алега з Вадзімам!

— Спакайней, Рыгор Ігнатавіч, спакайней,— у голасе дырэктара пачуліся строгія ноткі.— І я веру вам. Але што нам рабіць з заявай, у якой гаворыцца аб крадзяжы відэакасеты вашым сынам Алегам? Не чуткі нейкія, а пісьмовы дакумент. І я не хачу, каб ім займаліся праваахоўныя органы.

Больш ужо Алег не мог маўчаць, нават бацькава заступніцтва не суцішыла яго крыўду і неўразуменне: як жа можна слухаць такое?

— Няпраўда! Я нічога не браў у Красоўскіх... Яны хлусяць!

Ён нарэшце асмеліўся паглядзець на дырэктара, але халодны бляск яе круглых, у залатой аправе акуляраў прымусіў Алега адвесці свой позірк на дывановую дарожку. Толькі зноў паўтарыў:

— Я нічога не браў...

Раптоўная спазма перахапіла дыханне, і Алег адчуў, што больш ужо не зможа сказаць ніводнага слова. Вось толькі б не заплакаць, не даць волю слязам. Утрымацца з усіх сіл і не раскіснуць. Хаця як жа тут трымацца, калі табе не вераць, калі Красоўскі ў вялікім аўтарытэце ў дырэктара школы. У яго ж вунь якія сувязі — нават з замежнай фірмай. Гэта ж Красоўскі дапамог абсталяваць у школе камп’ютэрны клас, не клас, а сапраўдны цуд. І таму, напэўна ж, Мацільда Феліксаўна ў першую чаргу паверыць Леаніду Раманавічу, а не нейкаму там шасцікласніку, брат якога даўно ўжо хаўруснічае з крымінальнікамі.

Гнятлівае маўчанне перапыніў усхваляваны голас Валянціны Пятроўны. Выгляд у яе быў заклапочаны і трывожны, адчувалася, што яна вельмі перажывае за свайго вучня, які нечакана трапіў у бяду.

— Тут нейкае непаразуменне. Я ведаю Алега ўжо тры гады, ён вучыцца ў маім класе. І мяне заўсёды радавала яго ўважлівасць і паслухмянасць. І шчырасць, і працавітасць. Ну не можа ён пайсці на несумленны ўчынак, не можа! Я гатова паручыцца за Алега, бо веру яму, веру ў яго шчырасць. Мы ўжо гаварылі з Алегам у класе, і ён пакляўся ў сваёй невінаватасці. Але ж нам мала яго чэснага слова, мы сабраліся, каб прымусіць хлопчыка прызнацца, абвінаваціць невіноўнага... Няўжо мы раптам ператварыліся ў настаўнікаў-робатаў? Як у тым замежным фільме «Клас 1999». Без душы і сэрца...

— Што вы сабе дазваляеце, дарагая Валянціна Пятроўна? Для чаго такія гучныя лозунгі? І дзе вы бачыце робатаў? Гэта ж вам не ўрок гісторыі, на якім можна апавядаць розныя небыліцы пра часы далёкія ды герояў міфічных... І не трэба пра душу і сэрца, калі сярод белага дня ў кватэру ўломваюцца бандыты, а ім дапамагае наш лепшы вучань... Як жа можна такое апраўдваць?

Зазваніў тэлефон, і дырэктар толькі пасля трэцяга званка падняла трубку.

— Слухаю,— і тут жа ветліва-прыязнае: — Добры дзень, Леанід Раманавіч, добры дзень! А мы чакаем вас, сабраліся, чытаем мараль... Што? Не можаце? Вельмі шкада, вельмі шкада... Будзем самі вырашаць, проста так гэты факт нельга пакінуць. Заяву не разглядаць? Так, так... Як скажаце, пярэчыць не будзем. Ведаеце, гонар школы... Мы так вам удзячны!

Мацільда Феліксаўна паклала тэлефонную трубку на чырвоны апарат і нейкі момант моўчкі глядзела на Алега, потым перавяла позірк на яго бацьку, які па-ранейшаму нервова перабіраў у руках звязку ключоў.

— Ну вось, здаецца, і ўсё,— дырэктар вымавіла з палёгкай.— Добра тое, што добра канчаецца... А мы пра робатаў... Леанід Раманавіч не можа з’явіцца ў школу, сустракаецца з нямецкімі бізнесменамі. Ён прасіў не разглядаць яго заяву,— і, ужо звяртаючыся да жанчыны-міліцыянера, дапоўніла: — З відэакасетай праяснілася, там нейкая іншая сітуацыя.

— Вось бачыце, Алег невінаваты! — абрадавалася Валянціна Пятроўна.— І дарма нагаворвалі на яго...

— Па-вашаму, адкрыць дзверы дамушнікам — нявінны жарт? — адчувалася, што дырэктар не падзяляе радасць класнага кіраўніка.— Выгароджваем, апякаем, а потым кусаем локці...

— Тады мы пойдзем,— Алегаў бацька рашуча падняўся з крэсла.— І не будзем кусацца.

— Добра, можаце ісці. А вы, Рыгор Ігнатавіч, не забывайце пра свой святы абавязак: нельга пускаць хлопцаў без нагляду. Час цяпер такі — усё прадаецца і купляецца, нават сумленне.— Мацільда Феліксаўна паднялася з мяккага крэсла і праводзіла Алега з бацькам да дзвярэй халодным бляскам сваіх круглых акуляраў.

Толькі на школьным двары Алег адчуў сябе вальней, нібы нарэшце выратавальная плынь вынесла яго з глыбокага рачнога віру на спакойную паверхню. І ўздыхнуў з палёгкай, і ўсміхнуўся непрыкметна самому сабе, але тут жа спахмурнеў, насупіўся — радавацца яшчэ было рана.

Бацька ішоў побач шырокім крокам, і сын не мог вырвацца наперад, каб застацца сам-насам са сваімі думкамі-перажываннямі, якія навеяла гнятлівая размова ў дырэктарскім кабінеце.

«І чаму Додзік прыдумаў крадзеж відэакасеты? Для чаго яму такая плётка? Але ж вось штосьці змянілася... Ці гэта часовая адтэрміноўка?» — Алег губляўся ў здагадках.

— І трэба ж было табе звязацца з Додзікам? Мала нам бяды з Вадзімам... Праславіліся! Ды калі б толькі гэта... Як быць, што рабіць? — бацькаў голас быў разгублены, нават няшчасны.— Яны ж не адступаюцца, шантажыруюць, патрабуюць... Даведаліся пра мае загранічныя рэйсы. А тут яшчэ Вадзім... Прадаў душу д’яблу. І каму паскардзішся? Хто нас зразумее? Лёгка сказаць: вучыцеся лавіць рыбу... Усё загублена, нічога душэўнага не засталося... Вунь нават да чаго дагаварыліся, з экрана тэлевізара абвяшчаюць: «Паўлік Матросаў закрыў варожую амбразуру целам свайго бацькі...» Кашчунства, ліхадзейства, святатацтва! Каму гэта выгадна, хто грэе рукі на людскім горы? Усеагульны заечы гіпноз...

Трывожна слухаць Алегу бацькавы словы, вусцішна. Як балючую споведзь чалавека, што трапіў у бязвыхаднае становішча. І не дапамагчы яму, і не выратаваць. Падай руку — самога пацягне ў гэты чорны і страшны вір.

«Хто шантажыруе, што патрабуюць? Ці не Кажан са сваёй бандай?» — Алег зірнуў на бацьку, але ўстрымаўся, прамаўчаў. Ды і што тут распытваць?

І раптам успомніўся адзін загадкавы выпадак... Мільгануў успамін і выхапіў з памяці дзівотнае здарэнне... А якая тут сувязь паміж размовай у дырэктарскім кабінеце, бацькавай трывогай і той паездкай на дзедаў хутар зімовым вечарам? Можа, чыстая выпадковасць, нейкая патаемнасць слоў «заечы гіпноз»? Азарыла — і мільганула знічкай, каб назаўсёды згаснуць у бязмежнай прасторы.

...Запазніліся, выехалі з двара з першымі прыцемкамі. «Лада» лёгка лавіравала па заснежанай вуліцы, абганяючы асцярожныя легкавушкі і марудлівыя тралейбусы, спынялася ля чырвоных святлафораў і, як толькі міргала зялёнае святло, зрывалася з месца. Алег прымасціўся на заднім сядзенні і чакаў, калі яны нарэшце апынуцца за горадам, бо тады і пачнецца сапраўдная язда: імклівая, з ветрыкам!

Бацька любіў хуткасць, і на Лагойскай шашы з аднабаковым рухам «Лада» быццам узнялася на паветраныя крылы. Праехалі пад мостам, які выводзіў на кальцавую дарогу, мінулі невялічкі дачны пасёлак, густа забудаваны маленькімі двухпавярховымі шпакоўнямі-хаткамі, і паляцелі па шырокай бетонцы.

Бацька трымаўся за руль адной левай рукой і, здавалася, ніколькі не турбаваўся за бяспеку руху. Нібы машына пераключылася на аўтаматычнае кіраванне. Наваколле шарэла, відавочна ахутвалася марозным змрокам, і карусель імклівай гонкі міжволі навявала дрымоту. Тлумны школьны дзень не прайшоў бясследна: Алегу хацелася цішыні і спакою. І бацька не надакучаў роспытамі, адчувалася, і ў яго хапіла за дзень вярэдлівых клопатаў.

Але калі параўняліся з новым дачным пасёлкам, бацька парушыў маўчанне:

— Ну вось, райскі гарадок! Двухпавярховыя цагляныя катэджы, з мансардамі і гаражамі... І адкуль гэты шык? Кругом галеча — а тут! Кожны дамок па індывідуальным праекце... Сапраўдныя рыбакі, яны ўмеюць лавіць стронгу... Чарнобыльцы-ліквідатары...

Алег не першы раз праязджаў міма гэтага пасёлка, які рос нібы ў казцы, і таксама здзіўляўся яго незвычайнай прыгажосцю і раскошай. Жывуць жа людзі! Ім усё можна, у іх няма праблем... У прыцемку заснежаны дачны пасёлак выглядаў яшчэ больш прыгожым і велічным, нібы якое незямное паселішча. Фантастыка, цуд?!

А «Лада» імчала далей. Маўчаў бацька, прымружыў вочы Алег. Яшчэ трошкі — і ён быў гатовы паплыць на хвалях лёгкага сну. Цёпла ў машыне, вусцішна, і спакойная музыка, якая лілася з радыёпрыёмніка амаль усю дарогу, навявала рахманы настрой. Вось так бы ехаць і ехаць... Праўда, Алегу больш падабаюцца дзённыя паездкі на дзедаў хутар. Калі зварочвалі з шашы на гравійку (да хутара заставалася дзесяць кіламетраў) і выязджалі за вёску, бацька часцяком дазваляў сыну сесці за руль. А гэта ж вунь якая радасць! Даўно ўжо былі тыя першыя ўрокі, як ён, яшчэ дашкольнік, узбіраўся на бацькавы калені і хапаўся за руль, нібы за выратавальны круг.

Алег усё ж задрамаў і не заўважыў, як «Лада» звярнула з шашы, праехала па асфальтаванай дарозе да вёскі, а за ёй выскачыла на вузкую гравійку, абапал якой высіліся снежныя бар’еры. Яшчэ ўчора нечакана ўсхадзілася завіруха і за паўдня намяла высокія заносы. Гравійку давялося расчышчаць бульдозерам.

Ужо зусім сцямнела, і фары прабівалі марозную цемрадзь яркім промнем, высвечваючы ў мройным паветры іскрыстыя сняжынкі, што мітуслівымі матылькамі зляталіся на святло. Гравійка павярнула на пад’ём, і «Лада» збавіла хуткасць, нібы ўзяла перадышку пасля зацяжной гонкі. За пад’ёмам пайшла роўная дарога, і бацька зноў націснуў на акселератар. Да хутара заставалася кіламетраў пяць...

Алег прахапіўся ад узрушанага бацькавага голасу:

— Глянь, глянь, даўгавухі!

Спачатку Алег нічога не зразумеў: што здарылася, куды глядзець? Быццам раптам трапіў у нейкі таямнічы кругаварот, які ашаломіў, закружыў, панёс. Усё хутчэй і хутчэй...

— Стой, ад мяне не ўцячэш! — крыкнуў бацька.— Сто-о-й!

І тут наперадзе, у яркім святле фараў Алег убачыў маленькі белы камячок, які шпарка каціўся па гравійцы. Зусім побач, метраў пятнаццаць — дваццаць ад «Лады», паміж высокіх снежных бар’ераў. Гэта быў зайчык — беднае, няшчаснае стварэнне, якое раптам трапіла ў гіпнатычны прамень.

— Тата, спыніся, не трэба! — горача ўсклікнуў Алег. Ён бачыў, што «Лада» наганяе зайчыка і звярок не ў сілах спаборнічаць з машынай.

Але бацька быццам не чуў сына, яго захапіў азарт пагоні, ён выціскаў з «Лады» ўсё, на што быў здольны яе рухавік.

— Будзе дзеду з бабай гасцінец! Вось парадуем!

Толькі Алег не мог радавацца: яму зрабілася страшна, нібы яны на поўнай хуткасці ляцелі да абрыву. І не спыніцца, і не павярнуць назад... Адлегласць паміж зайчыкам і «Ладай» паволі скарачалася: гэта была бязлітасная гонка. Хоць бы які паварот, хоць бы якая калдобіна...

— Тата, пашкадуй, та-та-а-а!

Алег захліпнуўся, але ўсё ж асіліў сваё нечаканае зняменне і, як перад скачком у бездань, выкрыкнуў:

— Не забіва-ай-й!

Ён закрыў твар рукамі, сцяўся, ашаломлены жорсткай пагоняй. Яго апанавалі страх і неўразуменне: «Чаму тата не можа спыніцца, чаму?!»

І тут раптам «Ладу» падхапіла нейкая магутная сіла, якая вынесла легкавушку спачатку да левага снежнага бар’ера, а потым крутнула яе направа.

— Трымайся! — выгукнуў бацька.

Круты віраж рэзка кінуў Алега ўбок, ён з размаху ўдарыўся галавою аб бакавое шкло і страціў прытомнасць.

Ачнуўся ад халоднага дотыку мокрай снежкі, якую бацька прыкладаў да лба. Ледзяныя кроплі сцякалі па шчацэ, скочваліся за каўнер,— яму зрабілася вельмі зябка. Алег схамянуўся, расплюшчыў вочы і адразу не змог уцяміць: «Дзе я, што са мной?»

Ён напаўляжаў на заднім сядзенні, а бацька, падтрымліваючы сына за плечы, вінавата апраўдваўся:

— Прабач, сынок, нейкі нячысцік закілзаў... Я ж пажартаваў... Хацеў напалохаць зайца... І трэба ж было яму выскачыць на гравійку! А тут гэты адхон... Добра, што не перакуліліся, гурба выручыла... Баліць? Даруй, сынок, мая віна...

Алег слухаў нібы спрасонку, адчуваючы, як пухліна на лбе расце, наліваецца пякучым болем. Не дапамагаў і бацькаў снежны кампрэс. Толькі Алега турбаваў не гузак, ён усё яшчэ знаходзіўся пад гнятлівым уражаннем ад гэтай дзікунскай пагоні.

— А зайчык? — ледзь чутна спытаў Алег.

— Уцёк! Як на крылах паляцеў! — па-ранейшаму вінавата паведаміў бацька.— Я ўжо хацеў тармазіць... Вось жа гіпноз...

— Выратаваўся!? — навіна падбадзёрыла Алега, крыху суцішыла яго млоснае галавакружэнне.— Няхай жыве!

— Будзе жыць, калі ліса не дагоніць,— пагадзіўся бацька.— Так і бегаем наперагонкі. Гіпноз, заечы гіпноз...

...Той жа ноччу, пасля размовы ў дырэктарскім кабінеце, Алегу прысніўся фантасмагарычны сон. І ён чымсьці напомніў пагоню па зімовай гравійцы. Праўда, там ужо не было зайчыка і не было снежных бар’ераў. А была бетонка... І не «Лада» даганяла сваю ахвяру, а наадварот — за «Ладай» гнаўся «Мерседэс». І за рулём сядзеў не бацька, а Вадзім. Алег, прыгнуўшыся, схаваўся на заднім сядзенні і не бачыў, што дзеецца наўкола. Але ён адчуваў: гонка складваецца не на іх карысць. Ды хіба ўцячэш ад «Мерседэса»? І Вадзімаў разгневаны голас не абяцаў нічога добрага: «Даганяюць, сволачы! Кранты, братанчык, амба! Зашухарыў нас додзік-удодзік... Яму шкада відзік, жмінда буржуйская... На мільёнах спяць, казнакрады праклятыя! Лада-ладачка, выручай!»

І трэба ж было ім увязацца ў гэтыя кошкі-мышкі! А ўсё з-за Вадзіма: «Панасонік» яму спакою не дае, жыць без яго не можа. Вось і Алега абдурыў, нават прыстрашыў: «Калі мне не паможаш, у акно выскачу, тады яшчэ пашкадуеце...»

Алег згадзіўся, угаварыў Додзіка, маўляў, дай на адзін вечар, брат дастаў файную касету... Мінула колькі часу, а Вадзім нібы і забыўся на сваё абяцанне: вярнуць «Панасонік» на наступны дзень... А там Додзікаў бацька даведаўся пра знікненне відэамагнітафона, падняў шум, Додзіка прыструніў...

І вось гэтая пагоня: Вадзім з Алегам уцякаюць ад Красоўскага. Выследзіў, прыпільнаваў, калі яны выбраліся на дзедаў хутар. А «Панасонік» прыхавалі ў багажніку «Лады»... Толькі не ўцячы ад «Мерседэса», не схавацца... Гіпноз ёсць гіпноз!

«Не-е, таўстапузыя, не на тых натрапілі! — крычыць Вадзім і раптам загадвае: — Трымайся, Алежка, ідзём на таран!..»

Прачнуўся Алег, а ў самога адчуванне, нібы яго прымусілі сігануць уніз з дванаццатага паверха. Аж перахапіла дыханне. Вось дык сон! Ці гэта ўсё адгукнулася Додзікава выдумка пра ўкрадзеную відэакасету? А бацькавы перажыванні? Ён жа цэлы вечар пасля размовы ў кабінеце Мацільды Феліксаўны не знаходзіў сабе месца, маці давёў да слёз, пагражаў нейкіх вырадкаў вывесці на чыстую ваду... Ды што з тых пагрозаў?

Ну, а што з малінавай шкатулкай? Яшчэ адна загадка, як у фантасмагарычным сне з пагоняй... Таямніца за таямніцай... Хто перадаў Вадзімаву запіску з калоніі? Няўжо і там у Кажана свае сувязі? Прыспічыла мафіёзнікам, не могуць пачакаць, нават прыслалі Пончыка ў бальніцу. І што ў шкатулцы? Мусіць жа, нешта вельмі каштоўнае, калі з-за металічнай скрыначкі Вадзіму пагражае небяспека... Вось жа ўзяў віну на сябе, на тры гады пайшоў у калонію, а даўжкі засталіся, не паспеў разлічыцца...

 

10

Вадзіму вельмі не шанцавала, нібы яго зачаравала нейкая нячыстая сіла. Хіба ж ён быў ворагам самому сабе, каб рабіць усё шыварат-навыварат? Быццам наўмысна вышукваў розныя небяспечныя прыгоды, кідаўся ў бяздумныя авантуры, рызыкаваў... Штосьці яму сыходзіла з рук па малалецтве, дзесьці хітраваў, аднекуль ратаваўся ўцёкамі. Ды, як кажуць, збан да пары ваду носіць...

Следства па справе абрабавання кватэры Красоўскіх яшчэ не закончылася (толькі раскручвалася версія з двухкасетнікам, з якім Вадзім папаўся на дзедавым хутары), а тут новая заварушка. Зноў у сям’і Алейнікавых трывога: знік Вадзім, як скрозь зямлю праваліўся. І дзень яго няма, і два... Пошукі, званкі Вадзімавым сябрам — усё дарэмна.

— Хоць бы бацька не з’ехаў у камандзіроўку,— хвалявалася маці.— Што я магу зрабіць адна? Хіба ж ён слухаецца мяне? Зусім адбіўся ад рук... Толькі б чаго з ім не здарылася... Цяпер жа вунь колькі страхоццяў наўкола!

А тут яшчэ ўчастковы міліцыянер заявіўся, пра Вадзіма пачаў распытваць і ўсё з падазрэннямі, нібы маці ведае пра сынаву схованку.

— Сам сябе ў клетку заганяе,— у голасе ўчастковага пачулася пагроза.— Ён жа ўчора павінен быў даваць паказанні следчаму... Ці яго трэба на ланцуг пасадзіць? Блазнуе хлопец, гуляе з агнём!

Слухаць такое пра брата — быццам самому трапіць у калючую неспадзяванку. А чым дапамагчы маці, што дарадзіць? Алег і ў двары прыслухоўваўся, і да клуба «Алімпія» наведваўся, і па скверыку з фантанам прайшоўся, дзе звычайна Вадзім бавіў час са сваімі дружкамі, але ніякай вестачкі, ніякіх слядоў.

— А можа, ён на хутар паехаў? — выказаў здагадку Алег.— Канікулы ж, і практыка закончылася.

— На хутар? — перапытала маці.— Але ж чаму Вадзім не з’явіўся да следчага? Яму ж нельга нікуды выязджаць, пакуль ідзе следства.

— Мала што, мог забыцца,— няўпэўнена прамовіў Алег.— З’езджу да дзядулі, завязу батарэйкі для транзістара. І пра Вадзіма распытаю...

Вось ужо мінуў тыдзень, калі бацька прывёз Алега з хутара, якраз перад самым сваім ад’ездам у далёкі рэйс. Вельмі не хацелася Алегу пакідаць дзедаў жнівеньскі рай — з духмяным мёдам, раннімі яблыкамі, сакавітымі ягадамі. А рыбалка на возеры!

Толькі давялося вяртацца дадому — зноў жа ў следчага ўзніклі пытанні і да малодшага сына Алейнікавых. Трэба было праясніць сякія-такія дэталі ў справе абрабавання кватэры Красоўскіх. Хаця Алегу і не была прад’яўлена, як Вадзіму, мера стрымання, ён не вярнуўся на хутар пасля допыту ў кабінеце следчага. Ды і як з’язджаць з дому, калі такая бяда з братам Вадзімам? А тут раптам яго таямнічае знікненне... Не ўпершыню знік, але ж на гэты раз не з’явіўся па павестцы да следчага. Вунь нават участковы гразіўся...

Маці пагадзілася з Алегавай прапановай, толькі папярэдзіла:

— Глядзі, доўга не баўся, пераначуеш — і вяртайся... Што я тут адна?

— Добра, заўтра прыеду.

Надвячоркам сышоў Алег з маршрутнага аўтобуса і па сцяжынцы, што пралегла напрасткі па зжатым жытнёвым полі, пашыбаваў да хутара. Ішоў лёгка, нават подбегам, размахваючы палатнянай сумкай, у якую маці паклала круглы бохан раўбіцкага хлеба і дзве сайкі з разынкамі.

Яшчэ на мінулым тыдні тут высокай сцяной стаяла жыта, і прайсці па сцежцы было няпроста: важкія каласы на тоўстых сцяблінках закрывалі вузкі праход, і іх даводзілася расхінаць рукамі, прабівацца наперад з немалымі намаганнямі. І, вядома ж, ніхто не адважваўся залазіць у жытнёвы калідор дажджлівай парою, тады ўжо трэба было ісці абходнай дарогай, каля возера, а гэта, мусіць, далей на які кіламетр.

Сцежка падымалася на ўзгорак, вяла да магутных купчастых бяроз, якія роўнай шарэнгай высіліся на краі поля. І вось ужо з-за густой зеляніны вынырнуў шыферны дах высокага дома з мансардай. Гэта быў сапраўдны прыгажун! Светлы, прасторны, ашаляваны блакітнымі цалёўкамі. І ўсё — справа рук дзеда Ігната! Сам падганяў, гэблікам кожны сучок прыгладжваў. І печ з ляжанкай зладзіў, і камін...

Пашэнціла Алейнікавым, купілі хатку-развалюху, а разам з ёю — стары сад і такія ж учарнелыя прыбудовы. Пуставала сядзіба, і нікому не было да яе клопату. Гаспадар памёр, а ў яго не аказалася нашчадкаў. Вось Алегаў бацька і пад’ехаў да старшыні сельсавета, добрыя людзі параілі... Аформілі куплю-продаж, паспрыялі дакументы ліквідатара.

Так на месцы занядбанай хаткі-развалюхі і ўзняўся церам-церамок. І ўсё дзякуючы ўвішнасці Алегавага бацькі, яго знаёмствам-сувязям і асабліва сяброўскай падтрымцы былога бацькавага аднакласніка, які выбіўся ў вельмі высокія начальнікі. Адмысловы сасновы лес, цэгла, шкло, шыфер... Паспрабуй усё гэта знайсці-купіць, давесці да ладу. Давялося пазавіхацца-пашчыраваць... Дастаўка матэрыялаў — бацькаў клопат, а вось самім будаўніцтвам кіраваў дзед Ігнат. І не толькі кіраваў, а браў у рукі і сякеру, і іншы цяслярскі інструмент. А рукі ў яго яшчэ моцныя, ды і сам ён мацак з мацакоў: мускулісты, загарэлы, абветраны. Увесь час у клопатах, і хвілінкі, здаецца, не можа пасядзець спакойна. Праўда, іншы раз радыкуліт даймае...

І сад абмаладзілі, і пчолак развялі... І ўсё за нейкія там тры гады. Хаця дзед Ігнат і баба Даша спачатку вельмі не хацелі пакідаць сваю вёску, іх нават не палохалі небяспечныя бэры і каварныя радыёнукліды. Але нарэшце-такі ўгаварылі, пераканалі... Ды і што ўгаворваць, калі ўся вёска трапіла ў зону адсялення. Была Сасноўка, а тут месяц за месяцам паступова апусцела, як вымерла. Там цяпер толькі бомжы ды марадзёры раскашуюць, нібы перад канцом свету...

— Для ўнукаў, дзядуля, стараемся, для нашчадкаў,— неаднойчы казаў Алегаў бацька дзеду Ігнату.— І саміх сябе трэба пашкадаваць, адзін раз жывём.

Вішнёвай алеяй Алег падышоў да брамы, па абодва бакі якой стаяла жалезная агароджа, і асцярожна бразнуў клямкай драўляных веснічак. Бабуля Даша ў дальнім кутку двара даіла карову Рыжуху, і ў надвячоркавай цішыні даёнка меладычна пазвоньвала: «цур-цур». Чорны Шарык першы ўбачыў госця і, дружалюбна гаўкнуўшы, кінуўся насустрач. Абрадаваўся, хоць і жыў без ланцуга, але з Алегам у яго былі асаблівыя адносіны. І да возера разам бегалі, і ў блізкі лясок наведваліся, і проста сваволілі... А з кім яшчэ пагуляеш на хутары?

— Цішэй, цішэй! — Алег жартаўліва адмахваўся ад Шарыка, які апантана падскокваў уверх, паскугольваў, стараючыся лізнуць хлопца ў твар.

— Прывітанне, бабуля! — даволі гучна крыкнуў Алег, азіраючыся навокал. Яму хацелася адразу ж знайсці адказ на сваё вярэдлівае пытанне: «Дзе Вадзім?»

Бабуля перапыніла дойку, павярнулася на Алегаў голас і радасна ўсклікнула:

— Добры вечар, унучак, якраз на сырадойчык паспеў! Я зараз.

І зноў заспявала даёнка: «цур-цур», «цур-цур». Алег апусціўся на лаўку пад густым кустом бэзу, павесіў на штыкеціну палатняную сумку з хлебам і сайкамі, а Шарык, нарэшце ўгаманіўшыся, прысеў побач і паклаў на Алегавы калені пярэднія лапы. У лагодным сабачым паглядзе хлопчык заўважыў нямое запытанне: «Як справы, сябрук? Можа, што здарылася?»

— Ну і хітрун жа ты! — усміхнуўся Алег.— І нос у цябе халодны, усё віжуеш, вынюхваеш. Мне б твой нюх...

Ён дакрануўся ўказальным пальцам да вільготнага пятачка, адчуў яго прыемную прахалоду, пагладзіў чорную бліскучую Шарыкаву спіну і перавёў позірк на шырокія вокны, завешаныя цюлевымі фіранкамі. Ва ўсім — далікатная рахманасць і вусцішны спакой, навеяныя задумлівай жніўнай парою. Лагодныя промні заходзячага сонца адбіваліся ў круглым акне мансарды яркім барвянцам. І ў гэтым вячэрнім водсвеце ўгадвалася нейкая загадкавая таямнічасць.

— Ого, хто да нас завітаў! — басавіты голас прымусіў Алега схамянуцца і падняцца з лаўкі.— А мы ўжо тут засумавалі, добра яшчэ, што Шарык улагоджвае нашу адзіноту.

Дзед Ігнат з’явіўся на двары знячэўку, нібы спяшаўся па нейкай вельмі пільнай справе. Ён ішоў з саду і трымаў у руцэ лазовы кошык, напоўнены да ручкі крамянымі яблыкамі. Высокі, белагаловы, крыху сутулаваты, у лёгкай карычневай вятроўцы і мяккіх хатніх пантофлях дзед выглядаў гэткім казачным дабрадзеем.

— Ну, як там у вас, што новенькага? — спытаў, апусціўся на лаўку, запрасіў прысесці і ўнука, працягнуў сакавіты, з матавым адлівам яблык.— Частуйся, Алежка, белы наліў!

Алег узяў яблык, узважыў яго на далоні, але не адкусіў, а спачатку адказаў на дзедава пытанне:

— Нічога асаблівага, тата ў камандзіроўцы.

Ён не стаў распытваць пра Вадзіма, чакаючы, што ўсё праясніцца само сабой. Ды і як тут распытваць? Бацька ж папярэдзіў, каб не расказвалі дзеду з бабай пра Вадзімавы прыгоды. А што зменяць іх хваляванні-перажыванні? Яны ж любую неспадзеўку прымаюць блізка да сэрца, асабліва бабуля Даша. І завохкае, і слязу пусціць...

— У камандзіроўцы? — уздыхнуў дзед Ігнат.— А ў нас тут запарка: і жыта трэба жаць, і садавіну даводзіць да ладу, і з сенам управіцца... Белага дня не хапае... Круцімся з бабай, стараемся... Ды сілы ўжо не тыя... Вунь і баравікі ў лесе з’явіліся, а калі іх збіраць? Хоць бы Вадзім пад’ехаў... Што ён робіць у тым горадзе?

— У яго яшчэ практыка,— зманіў Алег і адразу, каб змяніць гаворку, дадаў: — Я батарэйкі прывёз, для прыёмніка.

Сказаў, пераклаў яблык з правай рукі ў левую і палез у глыбокую кішэню сваёй сіняй балоневай курткі. Дастаў чатыры круглыя прадаўгаватыя элементы, падаў дзеду. Той ажывіўся, павесялеў:

— Вой, малайчынка, усцешыў дзеда! Я ж без апошніх паведамленняў, як без курыва... Не сядзець жа седма ля хатняй радыёкропкі, калі ў садзе-агародзе столькі клопатаў. А тут у свеце такое творыцца, страшна падумаць... Раптам аб’явяць канец свету... О-хо-хо, фаросы белавежскія... Нам, старым, няма чаго баяцца, мы сваё аджылі, пазмагаліся, паваявалі... Хаця ўсё ўпустую, дарэмна са шкуры вылузваліся, абдурылі нас... Ды яшчэ пракляты Чарнобыль. А вось як вам, маладым, у жыццё ісці, як прабівацца? У што верыць, на каго раўняцца?

Дзед Ігнат любіць пагаварыць ды паразважаць. У яго маналог і слова не ўставіш... Яму б толькі добрага і памяркоўнага слухача, каб маўчаў, не пярэчыў. Тут ужо і ўнуку можна выказаць свае думкі-перажыванні: хай матае сабе на вус. Іншы раз і Шарыку даводзіцца выслухоўваць дзедавы развагі. А сабаку што? Дай які пачастунак — будзе слухаць, нават не гаўкне.

Толькі баба Даша не вельмі прывячае дзедаву слабінку, маўляў, хопіць пераліваць з пустога ў парожняе. Іншы раз і пакпіць з дзеда:

— Любіш мянціць языком, як тыя дэпутаты ў парламенце. Вось бы цябе, Ігнат, на трыбуну... Ды яшчэ адмяніць рэгламент...

— А што? І выступіў бы, і сказаў... І ў носе не калупаўся б... Хопіць народ абдурваць... Ды што ім народ?! Пра сябе дбаюць, пра свой валляк... Такую краіну на калені паставілі, як ваўкі, ля сваёй ахвяры жыруюць... Фашыст не асіліў, дык самі сябе ўзяліся даканаць, самаеды праклятыя!

Дзеду бабулін кпін яшчэ большы азарт паддае, тут ужо ён гатовы пайсці ў наступ супраць усіх сваіх ворагаў. І такую прачуханку наладзіць — мала не пакажацца. І не пераканаць яго, і не аспрэчыць...

Вось і Алегавы батарэйкі выклікалі дзеда Ігната на споведзь: пацягнулася нітачка з клубочка, такая доўгая і бясконцая. І бяжыць, і разматваецца...

— Нам што? У нас, дзякуй Богу, дастатак... Сынок стараецца, усё сваім мазалём нажыта. Не крадзём, не спекулюем... А колькі чарнобыльскай атруты наглыталіся? Хоць і балюча было пакідаць родную Сасноўку, сэрца крывёй аблівалася, ды давялося ехаць. Усё кінулі-рынулі, як ад чумы ратаваліся. Страшней, чым у вайну... Тут жа вораг-невідзімка, без стрэлаў і выбухаў... І ў ягадцы, і ў грыбочку хаваецца...

Алег адкусіў белы наліў і аж зажмурыўся ад задавальнення. А дзедавы філасофіі яго ніколькі не турбуюць: хай дзед выгаварыцца, паразважае, супакоіцца. Можна і не слухаць яго, а толькі рабіць выгляд. У Алега гэта нядрэнна атрымліваецца, як-ніяк прызвычаіўся, налаўчыўся слухаць і не чуць. Ды і што слухаць, калі дома з Вадзімам такая бяда?

Але тут бабуля Даша паспяшалася Алегу на выручку. Яна якраз падаіла Рыжуху і з поўнай даёнкай падышла да лаўкі, на якой сядзелі дзед з унукам.

— Пайшлі, унучак, са мной, пап’еш сырадою, адпачнеш з дарогі. Дзедавымі байкамі не будзеш сыты.

— Што табе мае байкі? — зварухнуўся дзед.— Не пашкодзяць, Алежка — кемлівы хлопчык, няхай чуе душэўнае слова... Хто яму яшчэ раскажа? Бацька ў вечных камандзіроўках, маці на штодзённых дзяжурствах... Так і пойдуць самапасам. У горадзе — не ў вёсцы, там дурноты хапае, вунь што ў газетах пішуць. Адны страхоцці! Чуе маё сэрца бяду...

— Цябе паслухаць — дык і на свеце не жыць! Ідзі лепш накасі травы Рыжусе, галодная зусім.

— Вось так заўсёды — і хвілінку нельга пасядзець, як тая пчолка, з раніцы да вечара лётаеш... І яблычкі, і мядок, і смятанка, і паляндвічка... Усё працай, мазалём. Госці высокія прыязджаюць: смакуюць, войкаюць, расхвальваюць. На чужое ўсе ласы... Сынок перад гасцямі вылузваецца, каб дагадзіць, улагодзіць... А тут як той раб...

— Бедненькі, няшчасненькі,— бабуля кпліва зірнула на дзеда.— Не смяшы людзей!

Сказала і пакіравала да веранды.

Алег зняў са штыкеціны сваю палатняную сумку з хлебам і сайкамі, пайшоў за бабуляй. Падняўся з лаўкі і дзед, праўда, яшчэ паспеў адпарыраваць:

— Паглядзеў бы я, як бы вы тут без мяне разжыліся... Яшчэ невядома — хто каго насмяшыў!

Паблажлівая перастрэлка дзеда з бабай ніколькі не закранула Алега: нічога новенькага. І з бацькавымі гасцямі даводзілася сустракацца на хутары. Вельмі ўжо яны любяць парыцца ў дзедавай лазні, якая стаіць ля возера. І дзіўна, і смешна назіраць, як голыя, разгарачаныя дзядзькі кідаюцца з берага ў халодную ваду і дзіка галёкаюць на ўвесь белы свет.

 

11

 

Алег папрасіўся пераначаваць у пуні на духмяным сене, дзе была зладжана мяккая пасцель. Ён начаваў тут і раней, таму ў яго просьбе не было нічога незвычайнага. Толькі бабуля папярэдзіла:

— Будзе холадна — прыходзь у хату. Мы дзверы не зашчэпім.

Але спачатку Алег не пайшоў на сенавал: быў ціхі, лагодны вечар, і яму захацелася пабыць у садзе. І Шарыка ўзяў за кампанію. Шарыку адно задавальненне, надакучыла аднаму сноўдацца, хутар вартаваць. А сваю службу Шарык нясе спраўна: чужака чуе здаля. І дарма, што не на ланцугу,— голас у яго звонкі, басавіты. Ды і зубы клыкастыя...

Асабліва Шарык не любіць нахабных гулякаў. Неяк адзін захмялелы госць паспрабаваў пабратацца з сабакам, маўляў, ён будзе служыць яму на задніх лапах. І палез да Шарыка з абдымкамі. Дык той так раз’юшыўся, што ледзьве не адкусіў смельчаку нос. Раскрывавіў п’яны твар і яшчэ распаласаваў штаны. Вось вам і ціхоня, дварняк непародзісты.

Сад, заліты матавым месячным святлом, стаяў у задумлівай дрымоце. Побач, у малінніку, залівіста стракаталі конікі, быццам спаборнічалі паміж сабой: хто каго перастракоча. І такая вусцішнасць наўкола, і такі спакой — нібы якое зачараванне апусцілася на хутарскую сядзібу.

Хлопчык сядзеў на лаўцы пад антонаўкай, гладзіў Шарыка па спіне і ўслухоўваўся ў начную таямнічую цішыню. Быццам чакаў кагосьці.

У густой кроне суседняй яблыні штосьці залапацела, шумнула лісцем, і тут жа пачуўся глухі ўдар аб зямлю.

«Белы наліў упаў»,— падумаў Алег, адчуўшы рукою, як здрыгануўся і насцярожыўся Шарык.

Мінула яшчэ колькі хвілін начной вусцішнасці, якая паступова прымружвала вочы, навявала дрымоту. Алег наважыўся быў ісці на сенавал, як раптам Шарык ускочыў на ногі і пагрозліва завурчаў. Ціха так, няўпэўнена, быццам сумняваючыся ў верагоднасці сваёй трывогі. Захваляваўся і Алег: у кволым месячным святле ён заўважыў цёмную постаць, што аддзялілася ад агароджы. У Шарыкавым вурчанні з’явіліся пагрозлівыя ноткі, якія вось-вось маглі сарвацца на брэх.

І тут пачулася лёгкае пасвістванне, гэткі даверліва-папераджальны сігнал. Шарык адразу ж замоўк, завіляў хвастом. Цёмная постаць набліжалася, з кожным крокам праяснялася ў месячным святле: гэта быў Вадзім. Алег аж разгубіўся: не чакаў, што сустрэча з братам будзе такой загадкавай і таямнічай.

— Не спіцца? — Вадзім прысеў на лаўку побач з Алегам.— А я чакаў цябе ў пуні. Як там у нас?

— Шукаюць... Следчы цікавіўся...

— Няхай пашукаюць... Я пакуль дзедавымі яблычкамі ды мядком паласуюся. І памідорчыкамі з агурочкамі... Там не дадуць вітамінаў...

— Мама хвалюецца, мяне вось прыслала... Ты ж знік і нічога не сказаў...

— Не паспеў, Алежка, давялося ўцякаць, замятаць сляды... Я тут інкогніта, цішком харчуюся, дзед з бабай не ведаюць... А Шарык са мной у дружбе, не выдасць.

— Як жа цяпер? Можа, павініцца?..

— Павініцца і ў яму зваліцца,— незадаволена чмыхнуў Вадзім.— Мая песенька спета...

Алег прамаўчаў, больш ён не мог нічога сказаць брату: ні пераканаць яго, ні ўсцешыць. Вось жа складаная сітуацыя, безвыходная. І ці можна ў ёй штосьці змяніць, перайначыць?

Зноў белы наліў адарваўся ад галінкі, прашалясцеў лістотай, гулка чмякнуўся вобземлю. Вадзім схамянуўся, прыслухаўся, ён быў быццам наэлектрызаваны асцярогаю і прадчуваннем блізкай небяспекі.

— У мяне да цябе, Алежка, просьба, вельмі сур’ёзная,— нарэшце Вадзім парушыў маўчанне.— Вельмі-вельмі... Мне ўсё роўна доўга не кайфаваць...

Брат зноў замоўк, глуха кашлянуў у кулак, нібы ўсё яшчэ сумняваўся: адкрыць сваю таямніцу ці не. І Алег не дапытваўся, чакаў, узіраючыся ў цёмны начны сад, у якім па-ранейшаму надакучліва стракаталі цвыркуны.

— Усё, баста, чаму быць, таго не мінаваць! — Вадзім сказаў як адрэзаў, нібы толькі што падагуліў нейкую згрызотную размову са сваім субяседнікам.— Сам разумееш, мне паказвацца ў горадзе небяспечна. А тут такая нескладуха... У скверыку ля нашага фантана я схаваў адну рэч... Яе трэба знайсці і забраць...

— Дзе шукаць? — братавы словы ўстрывожылі Алега яшчэ больш.— Чаму ў скверыку, якая рэч?

— Дзе, чаму, якая? — узлаваўся Вадзім.— Ты, братанчык, як той мент, вельмі ўжо дапытлівы.

— Ну і не трэба, сам шукай,— пакрыўдзіўся Алег.

— Не нукай, яшчэ не запрэглі,— паблажліва сказаў брат.— Жартаў не разумееш... Слухай уважліва. Насупраць фантана стаіць каштан са шпакоўняй, а ля каштана — клумба з кветкамі. Вось у той клумбе з левага боку, калі стаць спіной да каштана, я закапаў пакунак у цэлафанавым пакеце. Была нявыкрутка, спяшаўся, за мной гналіся бобікі... А цяпер трэба перахаваць... Галоўнае — не будзь разявакам, каб ніхто не застукаў. Ну як, братанчык, выручыш?

— Добра,— згадзіўся Алег.— Толькі б знайсці той пакет. А калі яго ўжо адкапалі?

— Кінь дурное! — аж войкнуў Вадзім.— Я жыццём рызыкаваў, каб шкатулачку прыхаваць. Ды яна для мяне...

У скверык з фантанам Алег трапіў апоўдні, на наступны дзень пасля начной размовы з братам у дзедавым садзе. Прайшоў па бязлюднай алеі і нават не спыніўся ля каштана, у густой кроне якога ледзьве віднелася шпакоўня. І на круглую клумбу з яркімі жоўтымі кветкамі Алег кінуў прытворна абыякавы позірк. Супакоіўся — клумба цэлая, без усялякіх слядоў раскопкі. Прайшоў назад, затрымаўся ля фантана, агледзеўся наўкола — нічога падазронага. І ўсё ж не адважыўся падступіцца да клумбы, вырашыў вярнуцца прыцемкамі. Адчуваў сябе трывожна і вусцішна, нібы вось-вось з-за куста пачуецца грозны вокрык і залівіста загучыць пранізлівы свісток.

Абышлося без вокрыкаў і свісткоў. Пакунак у цэлафанавым пакеце ляжаў ля бетоннага бардзюра ў неглыбокай ямцы пад тонкім слоем чарназёму. Ён быў невялічкі, але вельмі важкі, як камень.

Алег хуценька адскочыў ад клумбы, сунуў знаходку пад крысо курткі і подбегам пашыбаваў прэч. За скверыкам пайшоў паволі, але трывога не адступалася, гняла сваёй таямнічай невядомасцю.

«Што ў пакунку, калі ён трапіў да Вадзіма? І для чаго ўсе гэтыя перасцярогі?» — непакоіўся Алег. Ён разумеў, што міжволі стаў саўдзельнікам нейкай згубнай афёры, у якую яго ўцягнуў брат Вадзім. Як і тады, з аграбленнем кватэры Додзіка Красоўскага. Ды толькі каб на гэтым закончыліся Алегавы перажыванні...

Добра, што нікога не было дома, і Алег даволі доўга кружыў па кватэры, шукаў надзейную схованку. І ў зале, і ў спальні, і на кухні. Нібы вось-вось да Алейнікавых павінны заявіцца з вобыскам. Нарэшце ён залез у кладоўку і прыхаваў небяспечны пакет у бацькавай скрынцы са слясарным начыннем. Схованка на адну ноч. Раніцай Алег адправіцца на хутар і пераправіць туды таямнічую знаходку. Так загадаў Вадзім. Яму ж вельмі патрэбны гэты пакунак. Схаваў, супакоіўся, уключыў тэлевізар: ішоў замежны фільм на восьмым канале.

А тут нечаканы тэлефонны званок і пагрозліва-пракураны голас:

— Перадай свайму братану, каб не блазнаваў. Хопіць гуляць у кошкі-мышкі. Няхай ідзе з павіннай... Як і дамаўляліся... Скажы, што званіла Жалезная Рука. Глядзі, нікому ні гуку! Інакш, сам разумееш, шмакадзяўка...

Ноччу гэты званок прысніўся Алегу страшным кашмарам, які давёў яго да халоднага поту і гарачых слёз. Прачнуўся ён у начной цішыні і з палёгкай адчуў: жудаснае і пачварнае засталося там, у тым далёкім нерэальным свеце. І як толькі такое можа прысніцца?

Вадзім, прывязаны вяроўкай да тоўстага сука, вісеў уніз галавой на каштане са шпакоўняй, а да яго шыі цягнулася Жалезная Рука з кашчавымі пальцамі. Ды і не пальцамі, а нейкімі слізкімі чарвякамі. Вадзім крычаў, матляўся на вяроўцы, адмахваўся рукамі ад агіднай пачвары, нібы асуджаны на пакутніцкую смерць. І Алег быў бездапаможны: яго самога спавівалі нейкія гутаперчавыя жгуты, падобныя на шчупальцы васьмінога. І не адбіцца ад іх, і не вырвацца на волю...

Калі кашчавая Жалезная Рука дацягнулася да Вадзімавай шыі, Алег прахапіўся з цяжкім стогнам, ачмурэлы і зняможаны. Вось дык насланнё! А можа, гэта зусім і не тэлефонны званок прымроіўся страшным сном? Ці не той амерыканскі жахлівец пра вампіраў, што Алег глядзеў вечарам на восьмым канале, засеў у яго памяці? Маці якраз дзяжурыла ў бальніцы, яна ж працуе медсястрой, і ніхто не забараніў яму ўключаць крывавы фільм.

З-за гэтага канала ў сям’і Алейнікавых было шмат непрыемных хвілін.

Бацька заяўляў катэгарычна:

— Гэта бандыцкі канал! Ён жа паказвае разбой, мардабой ды дзікую распусту. Хіба ж можна такое глядзець дзецям? Я і слухаць не хачу!

Маці старалася змякчыць размову:

— Цяпер жа такі свет... Лепш хай дома глядзяць, чым будуць туляцца па завуголлях. Дома хоць нейкі кантроль...

— Не трэба мне ні завуголляў, ні кантралёраў! Чаму гэта я павінен танцаваць пад дудку блазнюкоў? Дажыліся!

І ўсё ж Вадзім настаяў на сваім. Паехаў бацька ў камандзіроўку, а ён прывёў знаёмага тэлемайстра і тайком падключыў восьмы канал. Якраз незадоўга да здарэння на дзедавым хутары, калі міліцыя канфіскавала ў Вадзіма крадзены магнітафон. Ды спачатку ніхто і не ведаў пра падключэнне, нават Алег. А калі даведаліся, было не да тэлевізара. Ішло следства па справе аграблення кватэры Красоўскіх.

Восьмы канал апошнім часам упадабаў глядзець Алег, калі, вядома, бацькоў не было дома. І жудасныя кадры, і крывавыя бойкі, а вось жа глядзеў як загіпнатызаваны.

Пасля кашмарнага сну Алег ледзьве дачакаўся раніцы, каб хутчэй адправіцца на аўтастанцыю, замаскіраваўшы ў сваёй палатнянай сумцы злашчасны Вадзімаў пакунак буханкай хлеба і двума кілаграмамі цукру, і яшчэ кніжку «Сыны Вялікай Мядзведзіцы» паклаў зверху, хаця за лета, здаецца, прачытаў усяго некалькі старонак.

На хутары Алега чакала трывожная неспадзеўка. Бабуля Даша сустрэла ўнука са слязамі на вачах.

— Ой, горачка ты наша, гора! Што ж гэта дзеецца на белым свеце?! А як ты, Алежка, у цябе ўсё добра?

— Нармальна,— адразу ж сумеўся Алег. Такой разгубленай і расхваляванай ён яшчэ не бачыў сваю бабулю. Заўсёды памяркоўная, разважлівая, з дабрадушнай усмешкай на загарэлым круглым твары, а тут... Ці не здарылася якое няшчасце?

— Учора ў нас міліцыя была, Вадзіма арыштавалі... Ён жа ў пуні хаваўся, а мы і не ведалі... Проста жах!

Бабуліны словы скаланулі Алега, апалілі твар раптоўнай чырванню. Ён разгублена зірнуў на сваю сумку, зніякавеў: «А калі на хутары засада? Можа, міліцыя ведае пра Вадзімаў пакет?»

Алег насцярожана агледзеўся наўкола, але не заўважыў на двары і ў агародзе нічога падазронага. Ды і Шарык спакойны. Падбег, лізнуў працягнутую руку, нібы прывітаўся, і прысеў ля плота. Ён жа чужынца чуе здаля, а тут і вухам не вядзе.

— І што ўнучак там натварыў? Не можа быць, каб ён зрабіў дрэннае... У нашым родзе ніколі не было прайдзісветаў. Памылка нейкая... Дзед усю ноч не спаў, у горад паехаў, да вас, відаць, размінуўся з табой. Ой-ёй-ёй, як гром з яснага неба,— бабуля замоўкла і прыкрыла вочы даланёй.

І зноў было хваляванняў Алегу: «Што рабіць са знаходкай, хіба раскажаш пра яе бабулі?»

Паўдня марнаваўся, нарэшце вырашыў схаваць знаходку на хутары, да пары да часу, пакуль Вадзім аб’явіцца дома. Схованку агледзеў у пуні, пад застрэшкам, дзе ляжала ўсялякая старызна.

Перш чым схаваць пакунак, Алег разгарнуў поліэтыленавы пакет, дастаў з яго металічную малінавую шкатулку, такую важкую і таямнічую. Нейкі страх авалодаў Алегам, і ён не асмеліўся націснуць на бліскучую кнопку, што знаходзілася на пярэдняй панелі шкатулкі. Нібы трымаў у руках небяспечны прадмет з сакрэтным выбуховым механізмам.

Вадзім дадому не вярнуўся: не адпусцілі з-пад варты. Было доўгае следства, потым — суд, а там — калонія. Так Алег больш і не перамовіўся з братам, толькі на судзе перакінуўся позіркам, і ўсё.

У тлуме тых нядобрых дзён, сямейных перажыванняў Алег забыўся пра Вадзімаў пакунак. Быццам і не шукаў яго ў клумбе каля каштана са шпакоўняй, і не асцярожнічаў дома і па дарозе на хутар.

Забыўся, а Вадзімава запіска напомніла. Напомніў таўстун Пончык, які заявіўся ў бальніцу па загадзе Аліка Кажана.

 

12

— Ну, блінок, ты і някемлівы! — Пончык пачынаў нервавацца.— Тут жа ўсё ясна напісана: трэба аддаць шкатулку, без усялякіх мыканняў-пыканняў. Родны брат просіць... Яму там, ведаеш, як нясоладка.

— Як я аддам з такой нагой,— сказаў Алег.

— Сам вінаваты, трэба было не лавіць варон,— хіхікнуў Кажаноў пасланец.— А ты адрасок падкажы, мы самі з вусамі — з-пад зямлі дастанем.

— Без мяне не знойдзеце, я і сам тую схованку дрэнна памятаю... Трэба будзе шукаць...

— Не цямні, Алей, калі яшчэ хочаш сустрэцца са сваім братанам на гэтым свеце.

— Я не цямню,— цвёрда адказаў Алег, з надзеяй пазіраючы на дзверы. Хоць бы цёця Фруза хутчэй прыйшла і вытурыла гэтага таўстуна з палаты.

Ды і не мог ён рассакрэціць тую схованку. Не мог адправіць на хутар Кажановых прыхвоснікаў. Каб яны там лазілі, дзядулю з бабуляй шантажыравалі ды па-блатному вычмураліся... Ад вырадкаў што хочаш можна чакаць, у іх няпісаныя законы.

— Ладна, я табе паведаміў, растлумачыў, а ты ўжо памазгуй... Потым локці кусаць будзеш, горкімі слёзкамі ўмывацца... Глядзі, каб і другую нагу не загіпсавалі,— прыгразіў Пончык і павалюхаў да выхада.

Адразу ж у палату ўскочыў Юра, ён, мусіць, чакаў за дзвярыма. І выгляд у яго быў занадта ўзрушаны, быццам толькі што адкрыў вялікую таямніцу.

— Ну і фрукт, ну і зюрзік! — ён гаварыў прыглушаным голасам, хаця ў палаце нікога не было — усё яшчэ працягваліся ранішнія працэдуры.

Алег прылёг на падушку, размова з Пончыкам устрывожыла як ніколі. Пагроза засела ўнутры калючай стрэмкай. І яшчэ больш разнылася загіпсаваная нага.

— Я адразу скумекаў, што гэта нейкі зюрзік,— сын следчага закілзаў свайго любімага канька-гаварунчыка.— І што яму трэба ад цябе? Я ўсё чуў, дзверы наўмысна не прычыніў. І чаго ён гразіўся?

— Адстань! Не твая справа! — адрэзаў Алег.

Але Юра нават брывом не павёў на Алегавы словы, нібы ён толькі што стаў сведкам нейкай самай чорнай несправядлівасці. І быў гатовы без усялякай перасцярогі кінуцца на дапамогу, заступіцца, прыняць удар на сябе.

— Дзівак! Яны твайго брата ўпяклі ў турму, а цяпер узяліся за цябе... Ім патрэбны ахвяры, каб самім раскашаваць на свабодзе. Хіба не ведаеш, як гэта робіцца? Мне бацька такое расказваў...

— Ну, што ты хвалішся сваім бацькам?! — нарэшце не вытрымаў Алег.— Гэта ж ён упёк Вадзіма ў калонію! Хто дапытваў, віжаваў, рабіў вочныя стаўкі? Хто прадставіў у суд матэрыялы допытаў? Твой бацька, і мяне дапытваў, стараўся заблытаць, каб я каціў бочку на брата.

— Не, ты і сапраўды нейкі прыпылены! — узлаваўся Юра.— Зноў пра сваё! Тут ратавацца трэба, злачынцаў лавіць, а ты пра допыты... Дык няўжо твой брат быў зусім невінаваты? Анёл з крыльцамі, святы ісусік?!

— Нічога ён не анёл... Яго прымусілі пайсці з павіннай, усю віну ўзяць на сябе. На волі верхаводы засталіся, яны вунь у «камках» цыгарэтамі ды «Марсамі» гандлююць. Крадуць і прадаюць.

— Гэта яшчэ даказаць трэба... Думаеш, так проста весці следства, вышукваць факты? Як і твой брат... Лепш узяць віну на сябе, прамаўчаць, але не выдаць сапраўдных злачынцаў. Запалохалі, прыстрашылі крывавай помстай, вось і маўчыце, і дрыжыце, як тыя зайцы... Ды калі ты і твой брат будзеце маўчаць, верхаводы і будуць гандляваць, і на іншамарках катацца.

— Няхай катаюцца,— Юравы аргументы ніколькі не пераканалі Алега. Ды і што з гэтых разважанняў? Хіба яны вызваляць Вадзіма з калоніі? Як і не адправяць туды мафіёзніка Кажана.

— Не, так нельга! — запальчыва сказаў сын следчага з яўным намерам працягваць сваё расследаванне.— Я бацьку раскажу, ён возьме твайго таўстуна за жабры і ягоную шайку выведзе на чыстую ваду... Як яго прозвішча, дзе жыве бегемот?

Алег не паспеў адказаць, у палату зайшла цёця Фруза. Ды і не мог ён адказаць на Юрава пытанне, бо сам не ведаў адраса Пончыка. І ўздыхнуў з палёгкай — скончылася гнятлівая размова, хоць можна адпачыць ад занудлівага голасу сына следчага. Цёця Фруза адразу ж паведаміла:

— Пойдзем, Юрачка, да хірурга. Твой бацька званіў галоўнаму, прасіў, каб цябе адпусцілі дадому.

— Дадому? — незадаволена перапытаў Юра, пазіраючы на Алега.

— Ого, табе не хочацца выпісвацца? — усміхнулася цёця Фруза.— У нас цікава, але дома ўсё ж лепш. І не трэба сюды трапляць, лунацікі вы мае няшчасныя. Беражыце свае костачкі, яны спатрэбяцца вам...

— А можа, у мяне яшчэ не зраслася рука? — засумняваўся Юра.

— Зрасцецца, дзіцятка, зрасцецца... Ты толькі будзь асцярожным і больш не лазь па балконах.

— Навука, не палезу,— буркнуў Юра і пайшоў за цёцяй Фрузай. Спыніўся, папрасіў Алега: — Ты адрасок запішы і свой тэлефон. На маёй тумбачцы блакнот і ручка. Я хутка вярнуся.

Сын следчага выпісаўся пасля абеду. Яго забіраў старэйшы брат, спяшаўся, таму зборы былі хуткія. Юра паабяцаў пазваніць Алегу дадому. І запісаў на паперцы свой нумар:

— Патэлефануй, як закончацца твае курорты. А я сёе-тое разведаю...

У бальніцы Алег знаходзіўся больш тыдня. Нудныя, аднастайныя дні, а таго лячэння — кот наплакаў. Днём яму дазвалялі пахадзіць па доўгім бальнічным калідоры.

— Нельга залежвацца, рух — найлепшы лекар,— казала цёця Фруза.— Галоўнае, каб косці зрасталіся правільна.

І Алег не залежваўся, налаўчыўся скакаць на мыліцах, аж далоні смылелі ад тых падскокаў.

Штодня наведвалася маці, прыходзілі аднакласнікі, распытвалі, расказвалі пра школьныя навіны. Сярод тыдня трэнер Аляксандр Мікалаевіч прывёў у палату амаль усю футбольную каманду. Прынеслі яблыкі, цікавіліся самаадчуваннем, шкадавалі, што ён не можа ўдзельнічаць у гарадскім турніры. Першы матч унічыю згулялі, на апошніх хвілінах прапусцілі гол, а вось каб гуляў Алег...

— Я на трэніроўку спяшаўся,— вінавата сказаў Алег.— Не пашанцавала...

— Не хвалюйся, яшчэ добра, што так...— супакоіў Аляксандр Мікалаевіч.— Хутчэй папраўляйся, а мы пакуль без цябе пазмагаемся. Настрой у нас баявы.

Пайшоў трэнер з хлопцамі, а Алег яшчэ больш замаркоціўся. Уявіліся яму прасторная спартыўная зала і белы футбольны мяч, які вось-вось уляціць у вароты, і звонкія балельшчыцкія воклічы.

Ды ўсе тыя Алегавы перажыванні перакрэсліла з’яўленне ў палаце навічка: яго памясцілі на ложак, які аслабаніў сын следчага. Такое з хлопцам здарылася — проста жах! Ледзьве выратавалі небараку, давялося рабіць некалькі аперацый. Уся бальніца даведалася пра няшчасны выпадак. Маці навічка расказала, яна дзяжурыла ля свайго сына кругласутачна. А колькі было адчаю і болю ў матчыных заплаканых вачах! Алег толькі адзін раз сустрэўся з яе позіркам — і аж злякнуўся. Ды і як такое перажыць? І не толькі перажыць — нават уявіць!

...Бавілі вясковыя хлапчукі свой вольны час на ўзлеску, абагрэтым вясновым сонцам. Дурэлі, вычмураліся, барукаліся. А потым вярталіся дадому паўз бетонныя агромністыя мачты высакавольтнай лініі, якая аж гудзела ад электрычнага напружання. Спыніліся каля круглай высотнай апоры з металічнай лесвіцай. І тут адзін з хлапчукоў наважыўся забрацца наверх, каб пахваліцца сваёй смеласцю.

Верхалаз падымаўся ўсё вышэй і вышэй, а двое яго сябрукоў стаялі ўнізе і весела пакеплівалі:

— Глядзі, не зваліся!

— Баязліўцы, давайце за мной! — чуўся насмешлівы голас з вышыні.

Нарэшце Ваня забраўся на самую верхатуру, дзе так пагрозліва гудзелі тоўстыя бліскучыя правады, па якіх бег ток высокага напружання. Яшчэ адна прыступка, і рукі хлопчыка дацягнуліся да шырокай металічнай пляцоўкі, побач з якой навісалі масіўныя гірлянды фарфоравых ізалятараў.

Нечакана там, наверсе, жахнула яркая ўспышка, нібы водбліск навальнічнай маланкі, пачуўся нейкі рэзкі трэск — і роспачны Ванеў крык пранізаў сонечнае наваколле. Сябрукі ашаломлена знерухомелі, утаропіўшыся на шызае воблака дыму, што злавесным клубком павісла над Ванем.

Гэта быў жудасны кашмар: дзікі і непраўдападобны. Як у самым страшным пачварным «жахліўцу». Ваня курчыўся ад невыноснага болю, нема крычаў і паволі спаўзаў уніз. Нейкім цудам ён усё яшчэ трымаўся за жалезныя парэнчы лесвіцы, хаця ўжо нічога не адчуваў і не ўсведамляў... Ваня ў беспрытомнасці зваліўся на зямлю і адразу ж заціх. Сябрукі ў страху кінуліся прэч, быццам за імі гналася раз’ятранае крыважэрнае страшыдла.

Праз колькі часу Ваня апрытомнеў — аглушаны і знявечаны высакавольтным разрадам кароткага замыкання. Глянуў на свае рукі — і жахнуўся. Яны былі чорныя, як абгарэлыя.

Спачатку ён паспрабаваў падняцца, але закружылася галава, і хлопчык з ціхім стогнам апусціўся на зямлю. А навокал — цішыня, нібы ўсе гукі растварыліся, знямелі ў той яркай электрычнай успышцы.

Кашмар працягваўся, не ў сне, а наяве. Ваня ўсё ж падняўся, агледзеўся: адзін, зусім адзін... Што рабіць, куды ісці, дзе шукаць паратунак? Ён не пазнаваў знаёмых мясцін, усё яшчэ аслеплены вар’яцкай успышкай.

Ваня выбраўся да дарогі праз гадзіну-другую. Яго падабрала легкавушка, якая завезла беспрытомнага хлопчыка ў раённую бальніцу, дзе яму аказалі першую медыцынскую дапамогу. І мала хто верыў, што Ваня акрыяе, вытрымае страшэнныя пакуты і застанецца жывым. І ўсё ж ён вытрымаў, няйначай як з пекла выкараскаўся. Вось толькі застаўся без рук...

Уся гэтая гісторыя вельмі ўзрушыла Алега, нібы ён сам раптам трапіў у электрычную пастку. Убачыў пустыя кароткія рукавы Ваневай салатавай тэніскі — і аж мароз па скуры... Тады ж падумалася: «Чаму тыя двое хлапчукоў, якія былі з Ванем, не паклікалі людзей на дапамогу? Спалохаліся, разгубіліся? Як жа так?! Вось калі б Ваню адразу завезлі ў бальніцу...»

Ды што цяпер разважаць, дапытвацца? Хто даў маху, а хто здрэйфіў... І трэба ж было Ваню ўзбірацца на тую лесвіцу! Сам вінаваты... Хаця, падумаўшы, віну лягчэй знайсці, чым апраўданне. Вось і яму, Алегу, якое апраўданне, як і брату Вадзіму? Толькі хіба можна параўнаць Алегавы прыгоды з Ваневай бядой? Каму шанцуе, каму і не...

І быццам які пераключальнік шчоўкнуў у Алегавай свядомасці. І так стала шкада Ваню — хоць плач. І неспакойна на душы, і вусцішна... А калі Ванева маці пачала карміць сына з лыжкі, нібы немаўля, Алег зусім замаркоціўся. І ў самога быццам даўкі камяк засеў у горле.

Як Ваню жыць без рук? Няўжо вось так маці і будзе карміць яго? І апранаць, і распранаць... Мо ёсць дзе электронныя пратэзы? Задумаўся Алег, зажмурыўся, як знябыўся.

Раптам пачуўся бацькаў голас. Алег зніякавеў: ці не здалося-прымроілася?

— Алег Алейнікаў? — перапытала цёця Фруза.— Ды вось жа яго ложак, мусіць, задрамаў.

— Няўжо яшчэ не выспаўся?

Алег адплюшчыў вочы, крыху падняў галаву з падушкі і ўбачыў ля дзвярэй бацьку ў белым халаце. Трывожна затахкала сэрца. Ніколі не думаў і не сніў, што сустрэнецца з бацькам вось так: у бальнічнай палаце і з загіпсаванай нагой. І што адказаць, як апраўдацца?

— Добры дзень, сынок! — ціха сказаў бацька, калі апынуўся побач.— Я вярнуўся з камандзіроўкі, а тут такая навіна! Нібы абухам па галаве... Ну, як ты сябе адчуваеш?

— Нічога, тата, ужо лепш...

— Як гэта здарылася? Я ж заўсёды цябе папярэджваў і Вадзіма таксама: будзьце асцярожнымі на вуліцы, не лавіце варон. Не беражэце вы сябе, не беражэце!

Сказаў і як папярхнуўся: убачыў Ваню, пустыя рукавы яго тэніскі. Цяжка ўздыхнуў: нават з роспаччу. Узрушаным позіркам агледзеў палату, нарэшце прамовіў, звяртаючыся да Ваневай маці:

— Што ж гэта такое?! Бяда за бядой... Колькі турботаў-клопатаў, пакуль у пялёнках гадуюцца. Начамі не спалі, хваробы адганялі, на руках насілі... А тут...

— Як страшны сон, як кашмар! — голас Ваневай маці дрыготкі, са слязой.— А яшчэ кажуць, што ёсць Бог на свеце! Такія пакуты перанесці дзіцяці... У чым яго віна, няўжо нельга абараніць?

— Мама, мы ж дамовіліся, я прашу цябе, не хвалюйся. Я ўсё вытрымаю, я буду жыць! І не трэба пра Бога...

— Добра, маё сонейка, добра! Давай кефірчыку пап’ём, а я потым схаджу на тэлеграф. Трэба дадому пазваніць: як там наш татуля з Волечкай маюцца? Цяжка ім без нас...

Алегаў бацька нейкі момант маўчаў, ніякавата азіраючыся па баках, уражаны Ваневымі словамі, потым асцярожна прысеў на табурэтку, бліжэй да Алегавай падушкі.

— Прадчувала маё сэрца бяду, прадчувала... Нават нейкая абракадабра прыснілася ў дарозе. Нібы ты з Вадзімам катаўся на чужым «Мерседэсе», а потым вас лавілі даішнікі. Я хацеў вас выручыць і не змог... Вось вам і сон... А тут яшчэ на мяжы затрымалі на цэлыя суткі, кантрабанду шукалі. І мой фургон прасвяцілі і ператрэслі, з-за адной дробязі прычапіліся, ледзьве адкупіўся. Цяпер мытнікі раскашуюць, рэкеціры ў законе. У іх свая такса і свае правілы... Ды калі б не Вадзім з яго Кажаном...

Бацька спахапіўся, нібы сказаў нешта лішняе, падняўся з табурэткі, дакрануўся рукою да Алегавай загіпсаванай нагі, спытаў:

— Баліць?

— Пацішэла... Толькі быццам сутарга торгае... Як схопіць...

— Нажыў, сынок, цацку, давядзецца паняньчыцца. У мяне таксама пералом быў, левай рукі... У валейбол гуляў, паслізнуўся... Два месяцы хадзіў з гіпсам. Потым яшчэ цэлы год рука балела, асабліва калі браўся за рыдлёўку ці сякеру. Я тады на шафёрскіх курсах вучыўся.

Алег слухаў бацьку, а самога чамусьці непакоілі яго словы пра кантрабанду і затрымку на граніцы. Што там здарылася, і чым бацька адкупіўся ад рэкеціраў-мытнікаў.

Вось ужо амаль год Алегаў бацька ездзіць за мяжу, перавозіць каштоўныя грузы на вялізным фургоне. Пасля чарнобыльскіх камандзіровак уладкаваўся ў нейкую важную фірму, дапамог былы аднакласнік, які стаў вяльможным начальнікам. Той самы, што браўся вызваліць Вадзіма, але не вызваліў. Нават да Генеральнага пракурора дайшоў — і ўсё дарэмна. Закон ёсць закон. Але ж чаму тады суды іншы раз апраўдваюць забойцаў, насільнікаў і садыстаў? Таксама на падставе закона. Ды гэта ўжо зусім іншая размова, якая не мае нічога агульнага з бацькавымі паездкамі за мяжу.

Пасля некалькіх замежных рэйсаў дабрабыт сям’і Алейнікавых пачаў прыкметна паляпшацца. У кватэры з’явіліся замежныя рэчы, у тым ліку і японскі двухкасетнік. Тады ж Алег пачуў пра бацькаву мару: сабраць валюту на іншамарку — «Вольву» ці нават «Мерседэс»... А тут гэтае Вадзімава ачмурэнне... І пакупку іншамаркі давялося адкласці. І не на адзін дзень.

Бацька аж тварам пацямнеў ад перажыванняў і сваёй бездапаможнасці. Ён не шкадаваў грошай на новыя знаёмствы, наладжваў гарачыя парылкі ў дзедавай лазні для важных гасцей. І ўсё — марна, нават не памог дзедаў мёд. Суд быў няўмольны — Вадзіма адправілі ў калонію, а Кажановы хаўруснікі засталіся на волі. Сам жа мафіёзнік прыліп да Алейнікавых камаром-крывасмокам і ўсё кружыў вакол іх сям’і, і гудзеў... Абяцаў трымаць нейкую Вадзімаву тайну ў вялікім сакрэце. Маўляў, тры гады ў калоніі — не дзесяць...

«І што яму трэба ад нас, чаго чэпіцца?» — занепакоена думаў Алег.

А Вадзімава пісьмо з калоніі? Зноў жа з Кажаном звязана, у яго і за калючым дротам ёсць свае сувязі. Ён і да бацькавых замежных рэйсаў мае цікаўнасць...

— Слухай, Алежка, я пагавару з дактарамі,— нечакана сказаў бацька.— Чаго ты будзеш тут кантавацца? З гіпсам можна і дома лячыцца. Цяпер у мяне якраз два тыдні адпачынку.

— Добра, тата,— згадзіўся Алег.— Я ўжо на мыліцах навучыўся хадзіць... Вунь аж мазалі ўскочылі на далонях.

— Дамовіліся... Зараз жа іду да галоўнага ўрача,— рашуча заявіў бацька.— Можа, яшчэ сёння цябе выпішуць з бальніцы.

— Шчасліўчык! — уздыхнуў Ваня, калі за Алегавым бацькам зачыніліся дзверы палаты.— Мне вельмі хочацца дадому, і ў школе мяне чакаюць...

Алегу зрабілася не па сабе ад ціхага Ваневага голасу, нібы ён сам быў там, ля высакавольтнай лініі, і не памог Ваню ў тую страшную хвіліну. Спалохаўся, разгубіўся, уцёк...

— Пачакай, паправішся,— ніякавата адказаў Алег, усаджваючыся на сваім ложку. Зноў заныла загіпсаваная нага.— Я чытаў пра аднаго спартсмена, які трапіў у аўтамабільную катастрофу. Ён застаўся без ног, але вытрымаў, не здаўся, а потым на двухколцы аб’ехаў увесь зямны шар.

— Што ногі! — запальчыва ўсклікнуў Ваня.— Без ног можна жыць... А вось як без рук? Я ж на баяне іграў, займаўся ў музычнай школе... Цяпер вучуся пісаць зубамі...

— Можа, ёсць дзе пратэзы,— няўпэўнена прамовіў Алег.— Механічныя, з электронікай...

— Рукі робата? — Ледзь прыкметная ўсмешка мільганула на Ваневым бледным вяснушкаватым твары.— Мама ўжо цікавілася: за мяжой робяць пратэзы, толькі патрэбны вельмі вялікія грошы.

Іх размову перапыніла цёця Фруза, якая зайшла ў палату і адразу ж аб’явіла:

— Ну вось, Алег, будзем збірацца дадому, твой тата ўгаварыў галоўнага... Спачатку зробім рэнтгенаўскі здымак, а потым сходзім да хірурга.

Алег апусціў здаровую нагу на падлогу, вобмацкам усунуў яе ў лёгкі тапак і ўзяўся за мыліцы. Зрабіў некалькі падскокаў, азірнуўся на Ваню, які засмучана назіраў за ім, і зноў налёг на мыліцы. А перад вачыма — пустыя рукавы сіняй тэніскі. Як прывід, як насланнё... Вось бы паглядзець на Кажана ці таго ж Пончыка, калі б яны апынуліся ў такім становішчы...

 

13

На ганку Алег аж зажмурыўся ад яркага вясновага сонца. Адразу ж прыпомніў той пахмурны волкі дзень, калі з ім надарылася бяда. Зажмурыўся і адчуў лёгкае галавакружэнне ад прыемнай свежасці, якой яму так неставала ўсе гэтыя бальнічныя дні. Ён нейкі момант прымерваўся да новых мыліцаў, якія бацька ўзяў у аптэцы напракат, не адважваючыся ступіць на прыступку.

— Давай, Алежка, падстрахую,— сказаў бацька, узяў сына пад пахі і дапамог яму спусціцца па высокіх прыступках на асфальт.

Вось і закончылася яго пустэльніцтва ў шэрым пяціпавярховым будынку з шырокімі вокнамі, доўгімі калідорамі і светлымі палатамі, дзе такі ўстойлівы лекавы пах. І пякучы боль першых дзён, і першыя крокі на мыліцах, і знаёмствы з сынам следчага і бязрукім аднагодкам Ванем... Колькі ўражанняў, колькі перажыванняў! А яшчэ нечаканы візіт Пончыка з яго дамаганнямі і пагрозамі...

Алег ступаў асцярожліва, трымаючы загіпсаваную нагу перад сабой, праз колькі падскокаў спыняўся, каб даць перадышку знямелым рукам. Зацікаўленыя позіркі людзей, што ішлі насустрач, выклікалі ў яго новыя, невядомыя раней адчуванні: ці то пахвальбы, ці то нейкай асаблівай гордасці. Маўляў, стрэляны верабей, пабываў у заварусе...

За масіўнымі чыгуннымі варотамі яны спыніліся, і бацька паказаў рукой направа:

— Вунь наша «Лада», зачакалася нас.

Машына Алейнікавых стаяла воддаль, у цесным стракатым шэрагу легкавушак, прыпаркаваных да тратуара ўздоўж бальнічнай агароджы. І ўсе такія яркія, зіхатлівыя, асабліва фанабэрыстыя іншамаркі.

«Вось і ў нас была б такая, калі б не Вадзім»,— міжволі падумаў Алег, зноў налягаючы на мыліцы.

Нечакана, як з-пад зямлі (Алег глядзеў пад ногі і не заўважыў адкуль), выскачыў Пончык. Расчырванелы, узбуджаны, у чорнай скуранцы наросхрыст. Кінуў нахабным позіркам на Алега і адразу ж звярнуўся да бацькі:

— Тут вас просяць на адну хвілінку, тэт-а-тэт...

— Хто просіць, чаго? — даволі непрыязна спытаў Рыгор Ігнатавіч, з трывогай азіраючыся на сына.

— Зараз убачыце, вельмі пільная справа,— сказаў Пончык і жэстам рукі паказаў на чорны «Мерседэс», што стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы.

Бацька спахмурнеў яшчэ больш, але не стаў пярэчыць, а толькі сказаў сыну:

— Ідзі паціху да «Лады», я хутка...

Пончык застаўся з Алегам, і калі бацька адышоў на некалькі крокаў, спытаў:

— Ну як, не забыўся на братанаву просьбу?

Алег прамаўчаў, быццам і не пачуў пытання, краем вока назіраючы за бацькам, які праз дарогу кіраваў да «Мерседэса».

— Табою, Алей, вельмі незадаволены, ты гуляеш з агнём,— Пончык шматзначна прысвіснуў.— І брата Вадзіма не шкадуеш... Глядзі, каб не спазніўся... Так і татку твайму можа не паздаровіцца...

І на гэты раз Алег не вымавіў ні слова, адчуваючы ў нечаканым з’яўленні Пончыка нейкі нядобры знак. Вось жа падлавілі момант, падцікавалі... А хто затаіўся ў чорным «Мерседэсе» за дымчатым шклом?

Алег бачыў, як бацька падышоў да «Мерседэса», як перад ім адчыніліся заднія дзверцы і ён залез у машыну. І не разгледзець нічога, і не пачуць... Прадчуванне небяспекі нарастала з кожнай хвілінай чакання. Нават Пончык замоўк і чагосьці насцярожыўся. Алег азірнуўся і ўбачыў трох амонаўцаў, што спыніліся непадалёку. А як забегалі па баках Пончыкавы зладзеяватыя вочкі! Дык вунь якая муха яго ўкусіла! Узяць бы прахіндзея за каршэнь і вывесці на чыстую ваду... Толькі хто возьме, хто выведзе?

Амонаўцы прайшлі міма, гулліва памахваючы чорнымі дубінкамі, і Пончык зноў расслабіўся, павесялеў:

— Табе што, язык прышчамілі ў бальніцы? Тут, Алей, не да жартаў. І ў маўчанку з табой ніхто не будзе гуляць... Гэта не з мячыкам жангліраваць. Як у тым кіно: пёрка пад нырку — і бывай здароў, Іван Пятроў!

Алег стаяў каля сваёй «Лады», абапершыся на мыліцы, і па-ранейшаму не адводзіў позірку ад чорнага «Мерседэса», не звяртаючы ўвагі на Пончыкаў гнусавы голас.

«Вось бы той амонаўскай дубінкай засвяціць яму паміж вачэй — адразу б адстаў»,— падумалася Алегу з нейкай кплівай смяшлівасцю.

Падумаў і ўбачыў бацьку, які вылез з «Мерседэса», штосьці сказаў у прачыненыя дзверцы і, азірнуўшыся па баках, пашыбаваў напрасткі да стаянкі прыпаркаваных легкавушак.

Пончык таксама ўбачыў Рыгора Ігнатавіча і паспешліва павалюхаў да «Мерседэса», кінуўшы Алегу праз плячо:

— Заўтра наша апошняе рандэву!

Бацька быў усхваляваны і разгублены, а ў вачах — не то гнеў, не то адчай. Ён дапамог сыну сесці на задняе сядзенне, асцярожна пераставіўшы ў салон Алегаву загіпсаваную нагу, мыліцы паклаў збоку. І толькі тады, калі вырулілі на дарогу і «Лада» набрала хуткасць у няспынным патоку вулічнага руху, бацька парушыў маўчанне:

— Трапілі мы, сынок, у пастку... Узялі мёртвай хваткай падлюгі! І за што так пакараў нас Бог? Ды калі б не Вадзім... Хацеў выбавіць сына з бяды, нічога не шкадаваў... Выкарысталі ваўкалакі, падхітравалі... І ўсё ім мала: шантажыруюць, вымагаюць...

«Лада» рэзка затармазіла перад чырвоным святлафорам, і Алег ледзьве паспеў засцерагчыся рукамі ад удару аб высокую спінку пярэдняга сядзення.

— Тата, асцярожна! — не вытрымаў Алег.

— Прабач, Алежка, загаварыўся...

— А мы ад «Мерседэса» ўцячом? — раптам спытаў Алег, калі «Лада» зноў набрала хуткасць пасля чырвонага святлафора.

— Не, сынок, не ўцячом, не тыя цыліндры,— адказаў бацька.— Позна, занадта позна... Цяпер яны ўзялі нас на буксір, рэкеціры праклятыя!

— Няўжо і міліцыя нам не паможа? — Здаецца яшчэ ніколі Алег не бачыў свайго бацьку такім разгубленым і няшчасным.

— Памагла ўжо... Вадзіма адправілі ў калонію, цяпер, мусіць, і мая чарга.

— Ты што, тата, якая чарга?! — запальчыва ўсклікнуў Алег.— У чым твая віна?

— Без віны вінаваты... Ведаеш казку пра мужыка, які прадаў сваю душу д’яблу?

— Чытаў... Толькі пры чым тут д’ябал?

— Эх, сынок, сынок! — выдыхнуў бацька.— Ды калі б ты ведаў пра нашу бяду!

— Яна што — на «Мерседэсе» за намі гоніцца?

— Гоніцца... Цяпер час такі: хто ўсеўся за руль іншамаркі — той і пан... І нагоняць, і абгоняць!

Алег адчуваў, што бацька не хоча адкрывацца і, вядома ж, расказваць пра сваю сустрэчу ў чорным «Мерседэсе». Ды ўжо адно з’яўленне Пончыка ля бальніцы на многае намякае... Але здагадка застаецца здагадкай.

А Вадзімава запіска? І што рабіць з таямнічай схованкай на хутары? Прызнацца ва ўсім бацьку? І пра Кажановы пагрозы пахваліцца, з якімі толькі што падступаўся Пончык? Раптам гэта нашкодзіць Вадзіму? Сказаць — не сказаць...

Нарэшце «Лада» завярнула пад арку, праехала паўз ажурную агароджу дзіцячага садка, мінула хлебную краму і па вузкай асфальтаванай дарожцы (двум легкавушкам не размінуцца) пад’ехала да дзевяціпавярховага дома, дзе жылі Алейнікавы. Бацька падруліў да крайняга пад’езда, заглушыў матор і з палёгкай вымавіў:

— Ну вось, прыехалі.

Калі Алег з дапамогай бацькі вылез з машыны і стаў на мыліцы, ён нечакана ўбачыў каля суседняга пад’езда Додзіка Красоўскага, які вывеў свайго паджарага Графа на прагулку. Убачыў — і сумеўся, чамусьці адразу ўспомніўшы Додзікаву выдумку пра відэакасету. І хаця тады ўсё выявілася на Алегаву карысць, і з яго было знята гнюснае падазрэнне, ён па-ранейшаму адчуваў глухую непрыязь да свайго былога сябра. Ды і якое там сяброўства? Проста так: відзікі замежныя і камп’ютэрныя гульні... Колькі часу прайшло, але помніцца, не забываецца. І, мусіць, ніколі не забудзецца...

Алег адвярнуўся, быццам і не заўважыў Додзіка, зрабіў колькі падскокаў на мыліцах да бетонных прыступак, спыніўся ў чаканні бацькі, які паставіў «Ладу» на супрацьлеглым баку дваровай пляцоўкі. А тут якраз з дзвярэй пад’езда выскачыла маці і, расхваляваная, кінулася да сына:

— Прыехаў, Алежка, выпісалі, адпусцілі? Асцярожна, я памагу!

— Не шумі, маці, увесь дом растрывожыш,— падышоў бацька.

Ён узяў Алега пад пахі і дапамог яму адолець бетонныя прыступкі: перанёс сына разам з мыліцамі да дзвярэй. Адчыніў, прапусціў яго ў вузкі калідор, да ліфта. Тут Алег ішоў сам, з перасцярогай налягаючы на мыліцы.

Ужо ў кватэры, калі Алег нарэшце дабраўся да сваёй мяккай канапкі, на якой любіў глядзець тэлевізар, ён адчуў вялікую, аж да галавакружэння, знямогу. Як пасля фінальнага футбольнага матча, калі перамозе аддадзены ўсе сілы, да апошняй кроплі.

Маці ўвіхалася вакол сына, вохкала, амаль са слязамі ў голасе:

— Як ты, Алежка, змарнеў, вунь аж сінякі пад вачыма! Адпачывай, я зараз на кухню... твае любімыя дранікі падсмажу. І дзедаву каўбаску з вяндлінкай... Трэба ж было таму недавярку на цябе наехаць! Аферыст пракляты...

— Не аферыст, а ліхач,— паправіў бацька, які толькі што зайшоў у пакой.— Вось прывёз з Франкфурта сувенірчык, японскі дыктафон. Цікавая штука: любую размову можна запісаць на магнітную стужку.

Алег узрушана зірнуў на бацьку і асцярожна прыняў з яго рук невялічкую прамавугольную каробку ў карычневым скураным футляры.

— Дзякуй, тата! Вой, я такое дзіва яшчэ ніколі не бачыў!

— Мініяцюрны магнітафончык,— сказаў бацька.

Сынава радасць, здаецца, крыху развеяла яго невясёлыя думкі-перажыванні, з якімі ён вёз Алега з бальніцы дадому. Толькі ці надоўга гэтае прасвятленне ў сям’і Алейнікавых?

Вярнулася з кухні маці, паведаміла:

— Я і забылася, сынок, тут табе званілі...

— Хто званіў, са школы?

— Не, незнаёмы хлопчык, назваўся Юрам. Пытаўся пра цябе, абяцаў яшчэ пазваніць...

— А-а-а, мы ў бальніцы пазнаёміліся, у адной палаце ляжалі. Ён раней выпісаўся,— успомніў Алег і тут жа прызнаўся: — Сын следчага, які вёў Вадзімаву справу.

— Сын следчага, таго самага? — ажывіўся бацька.— Няўжо?!

— Ага, той самы! Следчы заходзіў у нашу палату, я адразу пазнаў яго.

— Вось дык сюрпрыз! Гара з гарой не сходзіцца, а чалавек з чалавекам...

— Я ў Юры пра мёд пытаўся...

— Пра што? — перапытаў бацька, здзіўлена ўзіраючыся ў сына.

— Пра мёд, які ты даваў следчаму, каб той выручыў Вадзіма.

— Мёд-мядок,— нявесела ўсміхнуўся бацька.— На пачастункі ўсе ласыя: і абяцаюць, і завяраюць...

— А следчы плаціў за мёд? — спытаў Алег.

— Плаціў — не плаціў, каго гэта можа турбаваць?

— Юра даказваў, што яго бацька не бярэ хабару.

— Ніхто не бярэ... Хабар толькі даюць... Ды калі чалавек трапляе ў бяду... па злой волі ці па сваёй дурноце... Не нейкі там прайдзісвет-крымінальнік, шчыпач-макрушнік...

У прыхожай патрабавальна прасігналіў тэлефонны званок, на які адразу ж паспяшаўся бацька. Алег насцярожыўся, праз адчыненыя дзверы залы было чуваць кожнае бацькава слова, загадкавае і трывожнае.

— Я ж казаў, не магу... Разумею... і мяне зразумейце... Што ў маіх сілах... Гэта не тэлефонная размова. Ля фантана? Добра, зараз буду...

Бацька паклаў трубку, цяжка ўздыхнуў, хрыплавата вылаяўся:

— Сволачы!

І тут жа ўсхваляваны голас маці:

— Рыгор, ты куды? Зараз будзем вячэраць... Сын з бальніцы, сам два тыдні не быў дома... Якія там сакрэты?

— Трэба... Мяне не чакайце, вячэрайце...

— У цябе заўсёды так — дружкі даражэй за сям’ю!

— Якія дружкі, якая сям’я?! — амаль выкрыкнуў бацька і выскачыў за дзверы.

Алег уздрыгнуў ад бацькавага голасу, сцяўся: адчуванне блізкай бяды зноў запаланіла яго думкі. Вось жа вярнуўся з бальніцы дадому, атрымаў ад бацькі такі шыкоўны падарунак, усцешыўся, парадаваўся, тут раптам гэты тэлефонны званок...

Ён стаў на мыліцы, падышоў да акна, прыгледзеўся і паспеў убачыць, як бацькава «Лада» паспешліва завярнула за вугал суседняга дома, з-за высокага даху якога выглядвалі няяркія промні заходзячага сонца. У перадвячэрнім двары было шумна і тлумна: воддаль хлапчукі ганяліся за мячом, насупраць пад’езда ля металічнага гаража дзяўчынкі гулялі ў чахарду, на пясчанай пляцоўцы ля новых арэляў тоўпіўся ладны натоўп дзятвы. Толькі бабулі, што сядзелі на лаўцы пад гонкай бярозкай, здаецца, не праяўлялі асаблівай зацікаўленасці да ўсеагульнага сакавіцкага ачмурэння.

Алег зірнуў налева, дзе стаялі голыя кусты палісадніку, і раптам убачыў Додзікавага паджарага дога. Выгляд у Графа быў грозны і ваяўнічы: ён наступаў на рыжага дваровага ката Бомжа, якога заспеў на вузкай асфальтаванай дарожцы. Бомж жыў у падвале, харчаваўся аб’едкамі, што яму падкідвалі спагадлівыя людзі. Падкармліваў Бомжа тады-сяды і Алег. Якой костачкай ці кавалачкам батона... Кот не быў пераборлівы, еў усё, што давалі. Бомжа ведалі ў двары і малыя, і старыя. А можа, гэта ўжо не першая сустрэча ката з Графам?

Граф наступаў, спрабуючы глымануць Бомжа ашчэранай зяпай, але той не дрэйфіў, заняўшы кругавую абарону. Дог кружыў вакол ката, хітраваў падлавіць спрыяльны момант для атакі, ды на кожны такі выпад Бомж адказваў гучным шыканнем і пагрозлівымі ўзмахамі сваіх кіпцюрыстых лапаў. Граф незадаволена матляў тупарылай мордай, крыху адступаў, а потым рабіў новы манеўр. Толькі зноў і зноў Бомж сустракаў свайго ворага вочы ў вочы. І шыпеў, і махаў лапамі.

Додзік стаяў ля бэзавага куста і зацікаўлена назіраў за паядынкам у чаканні хуткай развязкі. Ён быў вельмі задаволены яўнай перавагай Графа. З вышыні трэцяга паверха Алег бачыў Додзікаву зларадную ўсмешку, што крывіла яго слімакаваты рот.

«Вось жа недавярак! — усхваляваўся Алег.— Нацкаваў сабаку на ката і яшчэ радуецца! Хоць бы хто заступіўся за Бомжа».

Алег намерыўся адчыніць фортку, каб выгукнуць Додзіку сваё абурэнне, але тут сам Бомж знайшоў-такі паратунак. Калі Граф рабіў левы манеўр, кот крутнуў управа і абхітрыў свайго праціўніка. Пакуль дог разварочваўся, Бомж паспеў сігануць да бярозкі, пад якой сядзелі бабулькі, і вокамгненна апынуўся на выратавальнай вышыні. Граф кінуўся следам, але ўжо было позна.

— Ага, дулю вам з макам! — радасна ўсклікнуў Алег, задаволены спрытнасцю бяздомнага ката.

— Што там, сынок? — у залу ўвайшла маці.

— Та-а-к, Граф паказвае цыркавыя фокусы.

— Ну і псіна, ну і буржуйскае адроддзе! Ён ужо ўвесь двор загадзіў, усё далікатэсамі аб’ядаецца.

— Файны цюцька, у «Мерседэсе» катаецца.— Алег адступіў ад вакна, зноў налёг на мыліцы.

— Пайшлі на кухню, сынок, дранікі ўжо гатовыя. За тыдзень, мусіць, добра-такі прагаладаўся...

— Нічога страшнага, у бальніцы з голаду не паміраюць. А ты ж, мама, кожны дзень падмацункі прыносіла, аж лішняе.

— Ведаю я бальнічнае меню, кормяць дзеля прыліку.

Ужо за сталом маці занепакоена сказала:

— І куды гэта наш бацька паімчаўся? Дома столькі не быў, усё па заграніцах ездзіць, а тут зноў нейкія патаемныя сустрэчы.

Алег прамаўчаў, смакуючы дранікі са смятанай, хаця тэрміновы бацькаў ад’езд трывожыў яго не менш, чым маці. Зноў уявіўся чорны «Мерседэс» з дымчатым шклом, а потым — прыдуркаватая фізіяномія Пончыка, які сустрэў іх ля бальніцы. Таксама на іншамарцы катаецца, служка мафіёзны!

— Як там наш Вадзім? — раптам спытала маці.— Вось дзе горачка-гора! Вунь што пра гэтыя калоніі пішуць... Туды ж трапляюць і садысты, і наркаманы, і забойцы.

— Нічога, мама,— нарэшце азваўся Алег,— Вадзім зможа пастаяць за сябе.

— Каб жа ўсё абышлося ды згінула... Колькі ўжо слёз выплакана, колькі перапакутвана... Глядзі, Алежка, не звязвайся з благімі кампаніямі, яны да дабра не давядуць. Як і Вадзіма, зацягнуць у пастку...

Нейкім сіберным скразняком падзьмула ў Алегаў твар ад гэтых слоў, напомніла пра схованку на хутары. І што сказала б маці, калі б даведалася, што і яе меншы сын не так далёка ад «пасткі»? З кватэрай Красоўскіх так-сяк уладзілася, а тут зноў амаль што саўдзельнік нейкай патаемнай аферы. І ўсё з-за брата Вадзіма...

Зноў меладычна прасігналіў тэлефонны званок, і Алег раптам адчуў, што гэты званок выклікае яго самога. І не памыліўся, бо тут жа пачуў у прачыненыя дзверы кухні матчын голас:

— Алежка, цябе!

Алег (ён ужо добра-такі налаўчыўся без мыліцаў) даскакаў на здаровай назе да тэлефона, абапіраючыся рукою аб сцяну, апусціўся на мяккае крэсла, выпрастаў загіпсаваную нагу проста перад сабою.

— Здароў, Алег, Юра турбуе.

— Прывітанне,— адказаў Алег і разгублена падумаў: «Ну вось, яшчэ яго не хапала... І што яму трэба?»

— Я ўжо званіў табе, ёсць важная навіна... Пакуль ты ў бальніцы адлежваўся, мой бацька сёе-тое разведаў, ён узяўся правесці новае расследаванне.

— Для чаго? Усё роўна назад нічога не вернеш,— сказаў у трубку Алег.

— Не панікуй, вернем! Ты майго бацьку не ведаеш, ён, калі возьмецца за якую справу, не адступіцца. А з тваім братам выйшла нейкае непаразуменне, яго не павінны былі адпраўляць у калонію.

— Твой жа бацька дапамог! — упікнуў Алег.

— Зноў ты за сваё! — у Юравым голасе пачуліся пакрыўджаныя ноткі.— У майго бацькі такая служба, ён павінен весці допыты, выяўляць факты, доказы. Гэта ўжо ў судзе... каго абвінавачваюць, а каго і апраўдваюць.

— Ага, апраўдваюць,— зноў не ўтрымаўся Алег.— Забойцаў выгароджваюць, а невіноўных саджаюць...

— Усялякае бывае,— памяркоўна прамовіў Юра.— А вось мой бацька паехаў у калонію, дзе знаходзіцца твой брат. Будзе сустракацца з ім... Паслязаўтра ён вяртаецца з камандзіроўкі, тады многае і праясніцца. Чакайце нашага званка.

— Прабач, Юра, я ж не ведаў...

— Нічога, не хвалюйся, усё павінна ўладкавацца. Будзь здароў!

Алег паклаў трубку на рычагі апарата і нейкі момант сядзеў як аглушаны. Навіна, што паведаміў сын следчага, ашаламіла яго сваёй нечаканасцю, нават неверагоднасцю. Няўжо і праўда следчы паехаў у калонію?! І чым завяршыцца гэтая паездка?

 

14

Алег не дачакаўся бацькі, задрамаў перад тэлевізарам, глядзеў нейкі дэтэктыўны фільм. Маці разбудзіла яго, дапамагла ўскласціся на тахту, накрыла лёгкай коўдрай, выключыла святло і асцярожна прычыніла дзверы залы. Алег заснуў беспрабудна, як пад наркозам. Пасля бальнічнага ложка яму вельмі хацелася звыклай дамашняй цішыні і спакою. Нават Юраў званок і трывога за Вадзіма не змаглі адолець яго санлівасць. Ён не чуў, як бацька вярнуўся дадому апоўначы і аб чымсьці ўзрушана размаўляў з маці на кухні. Гэта была слёзная і нервозная размова... Потым бацька памкнуўся разбудзіць Алега, але маўкліва пастаяў ля дзвярэй залы і ціха сказаў сам сабе:

— Ладна, раніцаю высветлім, усё роўна нічога не зменіцца за ноч. Хаця што тут высвятляць?

Яшчэ доўга бацька з маці сядзелі на кухні, штосьці абмяркоўвалі і, здаецца, спрачаліся. Толькі Алег быў далёка ад іх размовы-спрэчкі, бо яго запаланіў нейкі дзіўны, фантасмагарычны сон. І лілося ў акно таямнічае месячнае святло, і кружылі над Алегам нябачныя прывіды-гномы, і заварожвалі сваёй гіпнатычнай загадкавасцю...

...І вось ужо ён у перапоўненай зале з доўгімі радамі крэслаў. Зала змрочная, слаба асветленая, як у глыбокім падзямеллі. Ва ўсім — чаканне нечага страшнага, непазбежнага.

— Устаць, суд ідзе! — пачуўся грозны вокліч.

Тут жа ў чорнай сцяне расчыніліся чырвоныя дзверы, і з’явіўся ва ўсім чорным суддзя са сваёй світай. Усеўся вяльможна ў высокае крэсла, нібы на царскі трон, і ўзняў над сваёю галавою асляпляльна яркі залаты скіпетр. Адляцеў пад высокае скляпенне змрок, пасвятлела ў зале. І Алег (вось жа насланнё!) раптам пазнаў на судзейскім троне Аліка Кажана, а побач з ім — брата Вадзіма і блазнаватага Пончыка. Яны таксама былі ў чорных мантыях.

Алег праціснуўся праз натоўп бліжэй да сцэны, на якой засядалі суддзі, і нечакана на лаўцы падсудных убачыў свайго бацьку, а ля яго — амонаўцаў з дубінкамі. Захваляваўся Алег, узрушыўся: «Як жа так! У чым татава віна? А суддзі хто?! І чаму разам з Кажаном сядзіць Вадзім?»

Кажан зноў пагрозліва ўзмахнуў скіпетрам, і Алег пачуў яго гугнявы голас:

— Падсудны Алейнікаў Рыгор Ігнатавіч заслугоўвае самае суровае пакаранне... Ён вазіў праз граніцу кантрабанду і гандляваў валютай. У яго на хутары знойдзены тайнік з золатам. Алейнікаў браў хабар!

— Няпраўда! — нарэшце не вытрымаў Алег і кінуўся да бацькі.— Усё гэта мана! Тата, не маўчы! Тата, скажы ім! Вадзім, а ты чаму маўчыш?!

— Арыштуйце смаркача! — загадаў Кажан.— Ён таксама злодзей!

Амонаўцы падскочылі да Алега з яўным намерам скруціць хлапчука, але той надзвычай спрытна выслізнуў з-пад рук ахоўнікаў і сігануў праз драўляны бар’ер на сцэну. Ім кіравала нейкая звышнатуральная сіла, нібы толькі што ў яго істоту ўсяліўся дэманічны дух. Алег праставаў да Кажана, не зважаючы на небяспеку. Ён гарэў неадольным жаданнем выказаць патлатаму мафіёзніку, хлусу і нягодніку ўвесь свой праведны гнеў.

Калі Алег апынуўся крокі за тры ад Кажана, насустрач яму кінуўся Вадзім, быццам засцерагаючы Аліка ад нападзення.

— Вадзім! Няўжо ты аслеп?! Гэта ж ніякі не суддзя! Гэта ж гнюсны пярэварацень!

— Тармазі! — шыкнуў Вадзім.— Ты памыляешся... Алік самы чэсны і справядлівы. Ён і мяне выручыў!

— Цябе выручыў, а тату судзіць! — выкрыкнуў Алег.— І гэта па-твойму справядліва?!

Ён паспрабаваў абмінуць брата, але той зноў заступіў дарогу. Якраз падаспелі амонаўцы, акружылі і вось-вось схопяць Алега. Раптам на сцэне з’явіўся следчы з сынам Юрам, а з імі — некалькі міліцыянераў. Алег зразумеў, што прыйшла падмога. І тут жа заўважыў, як Кажан з Пончыкам пабеглі да чырвоных дзвярэй.

— Трымайце прайдзісветаў! — крыкнуў Алег, але ў гэты момант у зале пагасла святло, і ўсё навокал патанула ў непрагляднай цемры.

Прачнуўся Алег, растрывожаны і зняможаны,— аж слёзы на вачах.

«І што ж гэта такое? Ужо і ў сне няма ад іх паратунку... Кажаны праклятыя! Мала ім Вадзіма, за тату ўзяліся... І чаму тата апынуўся на лаўцы падсудных? Вось дык сон...»

Яго ўсяго аж перасмыкнула ад гэтых згрызотных думак, і рэзкі боль працяў загіпсаваную нагу. Хоць плач, хоць крычы... Але ён вытрымаў, прамаўчаў, толькі сціснуў зубы, пакуль боль не адступіўся і памякчэў. Як іншы раз здаралася на футбольным полі. Зваліўся ад удару, скурчыўся, счакаў колькі хвілін, а потым зноў за мячом, зноў у атаку. І не абысціся без сінякоў, фінгалаў, кровападцёкаў. Гульня ёсць гульня, тут ужо не да асцярожных і далікатных рэверансаў. Умей трываць, умей і здачы даваць...

Было далёка за поўнач, а можа, і бліжэй да раніцы, ды Алег усё ніяк не мог заснуць. Ці ён баяўся вяртацца ў сон, каб зноў не сустрэцца з Кажаном і яго мардатым ад’ютантам Пончыкам? Урэшце, што сон? Ад іх жа няма спакою ні ноччу, ні днём. Раскашуюць, вунь і да бацькі дабраліся... Выгадваюць бандзюкі ды на «Мерседэсе» раскатваюцца, а яшчэ Вадзіма марынуюць у калоніі. І ніхто не саб’е ім рогі, нібы і няма на гэтым свеце праўды — святой і чыстай.

Цішыня, навокал — ні гуку, толькі недзе ў суседзяў цяўкнуў спрасонку пакаёвы псючок і замоўк, як падавіўся косткай. І што будзе заўтра? Чым закончыцца паездка следчага ў калонію, што прынясе яго сустрэча з Вадзімам?

Разбудзіла Алега навальніца, грымотная, з яркімі ўспышкамі маланкі. Буйныя кроплі дажджу гучна барабанілі па шыбах, металічным падаконніку, гулкія раскаты грому амаль што не заціхалі ні на хвіліну. На дварэ ўжо добра развіднела, ранішняе святло прабівалася праз квяцістыя шторы, асвятляючы цыферблат насценнага гадзінніка: стрэлкі паказвалі каля шасці.

Нейкі момант Алег услухоўваўся ў музыку навальніцы з заплюшчанымі вачыма, уяўляючы, як там, за акном, віхурыць непагадзь, па тратуары струменяць імклівыя патокі ўспененай вады, і яму здавалася, што гэтай залеве не будзе супынку. Аднойчы вось так яго каманда трапіла пад навальнічны душ на футбольным полі. Вымаклі да нітачкі, але давялі гульню да фінальнага свістка. І выйгралі, і адзіны гол на апошняй хвіліне матча забіў ён, Алег Алейнікаў. Такое хіба забудзецца?! І ўспомніцца ў самы нечаканы момант. Як успомніўся Алегу гэтай навальнічнай раніцай Ваня з бальнічнай палаты. Успомніў і ўявіў пустыя рукавы яго футболкі і сумны позірк пры развітанні...

У прыхожай пачуліся лёгкія крокі, асцярожна адчыніліся дзверы, і Алег убачыў бацьку, які на дыбачках ішоў да шафы. Алег спачатку зажмурыўся, але ўсё ж не вытрымаў:

— Добрай раніцы, тата!

Бацька, быццам заспеты знянацку за нечым патаемным, уздрыгнуў, рэзка павярнуўся, але ўсё ж вымучыў на сваім твары ледзь прыкметную ўсмешку, ступіў бліжэй да канапы:

— Добрай, сынок, добрай! Можа, яшчэ распагодзіцца... Вунь які лівень, першая сёлетняя навальніца.

— Яна і разбудзіла мяне,— сказаў Алег.

— Рана разбудзіла, мусіць, і не выспаўся пасля бальніцы.

— Выспаўся, я рана лёг.

— Ну і добра,— чамусьці ўздыхнуў бацька.

Ён падышоў да акна, адхінуў штору, вызірнуў на вуліцу. Стаяў колькі хвілін, узіраўся ў дажджавую завесу, маўчаў. Потым вярнуўся, прысеў на край канапы, паглядзеў сыну ў вочы.

— Як нага, баліць?

— Не-е, зрэдку ные... Хутчэй бы гіпс знялі, надакучыў.

— Рана яшчэ. Я пытаўся ў галоўнага ўрача, больш месяца давядзецца табе няньчыцца з гэтай лялькай. Кажуць, пры пераломах вельмі памагае праполіс... Трэба ехаць да дзядулі, яго пчолкі хутка паставяць цябе на ногі.

— А што, можна і паехаць,— згадзіўся Алег.

— Паедзем, сынок, паедзем... Вось толькі адна замінка... Ды калі б адна,— у бацькавым голасе пачуліся і трывога, і роспач.— Бяда ў нас, Алег, бяда... І як гэта ўсё звязалася ў тугі вузел? І не развязаць яго, і не рассекчы.

Раптоўна, нібы ў яркай успышцы маланкі, перад Алегам высвеціліся ўсе яго перажыванні апошніх дзён: і Вадзімава запіска з калоніі, і Пончыкавы пагрозы, і ўчарашні званок Юры, сына следчага... А тайнік на дзедавым хутары?

«Вось табе і праполіс,— разгублена падумаў Алег.— Нічога не скажаш, марскі вузельчык... Можа, трэба расказаць тату пра ўсё? Хопіць гуляць у маўчанку...»

І бацька быццам прачытаў яго думкі пасля засяроджанага роздуму:

— Я ўчора вечарам бачыўся з Кажаном... Які гэта страшны мярзотнік, наркаман пракляты! У яго ж няма нічога чалавечага — сапраўдны вампір... Жыруе на чужым няшчасці...

— Ён і Вадзіма збіў з панталыку,— заўважыў Алег.

— Вядома, толькі Вадзім і сам вінаваты — трэба мець свой розум... Ды што розум? Я думаў адкупіцца ад вурдалака, паабяцаў прывезці тое-сёе з-за мяжы, дык ён цяпер патрабуе, яму ўсё мала...

— А пра Вадзімава пісьмо Кажан казаў? — нарэшце не вытрымаў Алег.

— Казаў і яшчэ гразіўся,— уздыхнуў бацька.— Сёння апошні тэрмін, больш яны чакаць не будуць... Мне загадалі перагаварыць з табой: трэба выручаць Вадзіма.

— Хай не вельмі звярэюць,— ажывіўся Алег.— Следчы паехаў у калонію, ён будзе сустракацца з Вадзімам.

— Адкуль ты ўзяў? — здзівіўся бацька, узіраючыся ў бледнаваты твар сына. Новыя раскаты грому быццам пацвердзілі яго здзіўленне.

Спачатку Алег расказаў пра вячэрні званок сына следчага, потым паведаміў і пра схованку на дзедавым хутары. З усімі падрабязнасцямі: як сустрэўся з Вадзімам у дзедавым садзе, калі той хаваўся ад міліцыі, як шукаў пакет у скверы ля фантана, як завёз знаходку на хутар...

Бацька ўважліва слухаў сына, не перапыняў, а калі Алег замоўк, неяк шматзначна сказаў:

— Што ж, тады едзем на хутар! Якраз і ў лазні папарымся, з сухою параю і бярозавым венічкам.

Навальніца праляцела, як і прыляцела: у дварэ пасвятлела, заціх гром, замоўк барабанны пошчак дажджу. Бацька зноў падышоў да акна, шырэй расхінуў шторы, паглядзеў уніз.

— Памылася наша «Лада»,— сказаў і пайшоў да дзвярэй.— Можаш яшчэ падрамаць, спяшацца не будзем.

Усё ж Алегу не драмалася. Размова з бацькам ніколькі не заспакоіла яго, а наадварот: прымусіла яшчэ больш растрывожыцца. І чамусьці асабліва дапякала схованка на дзедавым хутары, дапякала сваёй загадкавай таямнічасцю і тым, што Кажан так цікавіўся ёю, быццам у той шкатулцы быў нейкі вельмі каштоўны скарб. Скарб — гарантыя Вадзімавай бяспекі?

Неўзабаве зазваніў тэлефон. Алег чуў, як з кімсьці размаўляў бацька (праўда, ніводнага слова нельга было разабраць), а потым ён выйшаў з кватэры і адсутнічаў даволі доўга. Маці збіралася на дзяжурства, зайшла ў залу, пацікавілася Алегавым самаадчуваннем, сказала, што падрыхтавала сняданак. А ў самой — выгляд сумны-сумны і вочы нібы пасля бяссоніцы.

— Глядзі, сынок, будзь асцярожны... Мала нам бяды з Вадзімам. Адпачні ў дзядулі, сырадойчыкам падмацуйся і бабулю слухайся.

— Не хвалюйся, мама, усё будзе добра...

— Каб жа толькі Бог дапамог...

Больш маці нічога не сказала, прыкрыла вочы рукою і паспешліва выйшла з залы. І зноў усталявалася напятая, чуйная цішыня, што магла ў любы момант выбухнуць новай неспадзяванкай. А з якой яшчэ навіной вернецца бацька?

Але Рыгор Ігнатавіч заявіўся дадому задумлівы і маўклівы. Нібы і не было ранішняй размовы пра Кажана і схованку на дзедавым хутары. А можа, усё неяк уладзілася і знайшлося памяркоўнае выйсце? Ці проста бацька не жадае адкрывацца да пары да часу? Алегавым думкам было і цесна, і па-ранейшаму неспакойна.

Паснедалі і адразу ж пачалі збірацца ў дарогу. Алег угледзеў на пісьмовым стале стос сваіх падручнікаў, падумаў пра школу і тут жа з палёгкай успомніў: заўтра першы дзень вясновых канікулаў і не трэба турбавацца пра вучобу.

«Толькі якія ў мяне адзнакі за трэцюю чвэрць? І што паставіла Бірута Яфімаўна па кантрольнай? Пазваніць бы каму з аднакласнікаў, ды ладна, пазваню, калі вярнуся з хутара».

Алег узяў з сабою толькі кнігу «Прыгоды Электроніка», якую чытаў у бальніцы. Прыгоды электроннага хлопчыка і яго двайніка Сярожы Сыраежкіна заваражылі Алега сваёй неверагоднай фантастычнасцю. Вось бы і самому знайсці такога памочніка. Тады б паказалі Кажану дзе зімуюць ракі! І Вадзіма змаглі б выручыць...

 

15

Калі выехалі за горад і «Лада» выскачыла на бетонку, абмытую сакавіцкім дажджом, бацька нарэшце парушыў маўчанне:

— Тут, Алежка, такая сітуацыя... Каб ты, калі што, ведаў... Мяне вымусілі, не мая воля... Яны ўсё могуць, а за нас ніхто не заступіцца...

Лагодны настрой, з якім Алег прымасціўся на заднім сядзенні «Лады», паклаўшы побач з сабой мыліцы, імгненна знік, быццам лёгкая імжа пад яркімі промнямі вясновага сонца. Алег насцярожыўся, нават крыху прыўстаў, каб лепш пачуць бацькавы словы, якія падзьмулі на яго калючым скразняком.

— Я не мог адмовіць,— праз колькі хвілін працягваў бацька.— Кажан заказаў лазню, з сухою параю... Трэба прапаліць да яго прыезду.

— Лазня для Кажана! — усклікнуў Алег.— Ды ён жа цябе судзіў, я бачыў у сне! Ты сядзеў на лаўцы падсудных з наручнікамі!

— На лаўцы падсудных?! З наручнікамі?! — бацька азірнуўся і засмяяўся: — Прарочы сон! І хто суддзі? Няўжо табе прысніўся Кажан?

— Ага, ён! І побач з ім — Вадзім... А яшчэ там быў следчы... Але святло пагасла, і я прачнуўся.

— Вадзім з Кажаном?! — бацька ўжо не смяяўся.— І цябе ён дастаў, блін пракляты!

Стрэлка спідометра паволі набліжалася да ста, «Лада» імкнула наперад з нейкай асаблівай упартасцю, абганяючы ціхаходныя «Масквічы» ды «Запарожцы». За маладымі сасонкамі, што стаялі шчыльнай сцяной уздоўж бетонкі, як па ўзмаху чароўнай палачкі, з’явіліся ўсё тыя ж шыкоўныя катэджы, пра якія аднойчы бацька сказаў:

— Вось дзе буржуйскае гняздо! Шыкуюць прахіндзеі і не баяцца засвяціцца...

У ранішніх сонечных промнях цуда-гарадок зіхацеў сваёй непаўторнай прыгажосцю і фантастычнасцю. «Лада» пралятала міма, і Алег здзіўлена заўважаў, што кожны дамок не падобны адзін на аднаго, нібы намаляваны рукою нейкага знакамітага мастака. Цынкавыя дахі, гатычныя мансарды, фігурныя вокны, шкляныя веранды... І ўсё як на падбор!

— Сволачы! — толькі і сказаў бацька, кінуўшы кароткі позірк на казачны пасёлак.— Бліны праклятыя!

Але тут жа Алег зразумеў, што бацькава лаянка адрасавалася зусім не «буржуйскаму гнязду». Міма іх з правага боку, груба парушаючы правілы дарожнага руху, прамільгнуў чорны «Мерседэс», і так блізка, што Рыгору Ігнатавічу давялося рабіць рэзкі фінт улева.

— Наркоты! — аж скрыгатнуў зубамі бацька.

Алег па інерцыі матлянуўся ўбок і, каб не ўдарыцца галавою аб шкло дзверцаў, схапіўся рукамі за пярэдняе сядзенне. Нейкі момант ён сядзеў як аглушаны, няўцямна ўзіраючыся на дарогу, па якой імчаў невядомы ліхач.

— Ну што, Алежка, напалохаўся? — спытаў бацька пасля хвіліннага маўчання.— Нічога, сынок, трэба трываць, сёння яны каралі, блазнуюць, недавяркі...

«Мерседэс» далёка не ад’язджаў, трымаўся на блізкай адлегласці, быццам гуляў з «Ладай» у кошкі-мышкі. То прытармозіць, падпусціць да сябе метраў на пяць, то зноў імкліва набярэ хуткасць, маўляў, слабо — не дагоніш!

І тут нарэшце Алег даўмеўся: дык гэта ж той самы чорны «Мерседэс», які ён бачыў учора ля бальніцы і ў якім па запрашэнні Пончыка пабываў бацька. Таямнічая сустрэча за дымчатым шклом, бацькавы ўзрушанасць і трывога... І вось гэтыя дураслівыя даганялкі па бетонцы. Як і тады, на той зімовай дарозе, калі «Лада» гналася за зайцам і, здавалася, адбудзецца штосьці страшнае і непазбежнае... Толькі хто каго даганяў цяпер?

За паваротам, ля белага бярозавага гаю, «Мерседэс» спыніўся, вымушаны быў затармазіць і Алегаў бацька. Заглушыў матор, адшпіліў прывязны чорны рэмень і вылез з машыны. Левыя дзверцы «Мерседэса» адчыніліся, але з яго ніхто не паказаўся. Тут жа пачуўся чыйсьці хрыплы вокліч, і Рыгор Ігнатавіч паспяшаўся па ўзбочыне бетонкі да іншамаркі. Размова была кароткая: пытанне — адказ. Быццам сустрэліся два незнаёмцы і адзін з іх пацікавіўся: які цяпер час?

Алег бачыў, як бацька махнуў рукой і пайшоў да «Лады», а «Мерседэс», крута развярнуўшыся, перасек раздзяляльную паласу аднабаковага руху, ледзьве не сутыкнуўся з сінім фургонам і імкліва панёсся назад, у горад.

«Што здарылася? — занепакоена думаў Алег, з нецярпеннем чакаючы бацьку.— Яшчэ і да хутара не даехалі, а ўжо нейкія дзіўныя выкруты... Няўжо Кажан вычмураецца?»

Бацька сеў за руль, шчоўкнуў замком прывязнога рэменя і з адчаем выдыхнуў:

— Усё, яны даканаюць мяне! Ім усё мала... Пракляты «заечы гіпноз»...

— Трэба заявіць у міліцыю,— няўпэўнена прамовіў Алег, каб хоць крыху заспакоіць бацьку, прыцішыць яго ўзрушанасць.

— Не, сынок, іх ужо нічым не спыніш... А міліцыі факты патрэбны: калі хто каго знявечыць ці адправіць на той свет...

Раптам Рыгор Ігнатавіч закрыў твар рукамі і з нейкім асаблівым надрывам вымавіў:

— Калі ж гэта ўсё кончыцца? Хіба можна так жыць, мучыцца? З Вадзімам бяда, думаў выручыць, а гэтыя недавяркі толькі пацяшаюцца, ім сухой пары падавай ды яшчэ з халодным півам. Вунь панесліся ў горад, за кайфам пеністым. Сёння ў іх свята, дзень нараджэння «караля»...

Нарэшце бацька крыху супакоіўся, адняў рукі ад твару, рашуча ўзяўся за руль, і «Лада» рыўком сарвалася з месца. І белы бярозавы гай, якім міжволі залюбаваўся Алег, закружыўся ў імклівым карагодзе, усё хутчэй і хутчэй.

Праз колькі хвілін Рыгор Ігнатавіч загаварыў зноў, неяк выбачліва і вінавата:

— У мяне, сынок, адна да цябе просьба... Калі што здарыцца, ведай: я ні ў чым не вінаваты, я не мог інакш. У іх сіла, яны могуць усё... А тут круцішся, падладжваешся, і хто за цябе заступіцца? Усе баяцца звязвацца з мафіёзнікамі... Чарнобыльскае пекла прайшоў, каб вырвацца на замежныя рэйсы. Праўда, не толькі пасведчаннем ліквідатара давялося ўзмахнуць... Усё прадаецца, усё купляецца... Жыць бы цяпер спакойна, працаваць, але ж мёртвай хваткай учапіліся... І Вадзіма трымаюць заложнікам, пагражаюць... Кажан-верхавод, зладзюга ў законе, ад яго нашы беды-няшчасці. Гэта ж шалёны звер з ядам кобры... А як у іх усё завязана-павязана! Як яны шануюць свае аўтарытэты! Вунь аднаго такога ваўкалаку на той свет праводзілі... Спіўся, наркот, пячонка не вытрымала ў трыццаць шэсць гадоў... Дык яго труну неслі на руках да могілак некалькі кіламетраў, кветкамі дарогу пасыпалі. На іншамарках паз’язджаліся падлюгі з усяго свету, наладзілі вядзьмарскі шабаш... А міліцыя хоць бы што, нават брывом не павяла, як жа — хавалі злодзея Мацвея! Дажыліся!

Алег слухаў бацьку, маўчаў, і адчуванне блізкай бяды нарастала ў яго свядомасці снежным комам, які мог у любое імгненне сарвацца з крутой гары. І чаму так усё безнадзейна страшна? Няўжо няма паратунку з гэтай кажановай пасткі?

Нарэшце «Лада» звярнула з бетонкі і выехала на разбітую асфальтаваную дарогу, што вяла да хутара. Калдобіны, запоўненыя дажджавой вадой, вымусілі збавіць хуткасць, машына лавіравала паміж лужынамі, нібы лыжнік-слаламіст.

— Вось так і наша жыццё: ехалі па бетонцы, а звярнулі ўбок — і трапілі ў гразь! І нікому цяпер гэтая дарога не патрэбна,— бацькаў голас гучаў адрывіста і гнеўна.— Брыгада чарнявых наймітаў асфальтавала, а што возьмеш з тых шабашнікаў? Прыгладзілі, замазалі, разлік атрымалі — і будзь здароў, калгас «Светлы шлях»! Такая і трываласць гэтага шабашнага асфальту... Чужакам закон няпісаны: пасля іх — хоць патоп!

Праехалі мост, мінулі вёску, адолелі зацяжны пад’ём, і Алег яшчэ здаля заўважыў дзедаў хутар, асветлены зыркім сакавіцкім сонцам. Дзянёк стаяў, як па заказу: светлы, чысты і рахманы. Бацька таксама ўбачыў хутар, неяк адразу ажывіўся, нават павесялеў:

— Вясна! Хутка ўжо будзем садзіць-сеяць: бульбачку, агурочкі, памідорчыкі. Трэба падсобіць дзеду з бабай, ім адным не пад сілу весці гаспадарку. Так што, Алег, давай набірайся моцы, як кажуць, станавіся на ногі... На цябе, сынок, у мяне надзея, толькі на цябе!

— Хутчэй бы гіпс знялі,— ніякавата азваўся Алег.

— Знімуць, нідзе не дзенуцца. Дзед з бабай памогуць паправіцца... Праполіс з мёдам — чарадзейныя лекі, якраз пры пераломах. Будзем мацавацца!

Бабуля Даша як убачыла ўнука на мыліцах, дык і рукамі ўспляснула і загаласіла:

— А, унучачак, мой родненькі, а што ж гэта з табою?! І чаму ж у нас бяда за бядою? Божачка літасцівы, няўжо ты не чуеш маіх малітваў?!

Алег, разгублены і зніякавелы, стаяў на мыліцах пасярод двара і адчуваў сябе вельмі няёмка. Можа, лепш было і не ехаць на хутар, каб не паказвацца бабулі ў такім выглядзе і не вярэдзіць яе хворае сэрца? А што скажа дзед Ігнат, калі ўбачыць Алега? Праўда, ён занядужаў, радыкуліт прыхапіў, таму не выйшаў з хаты сустракаць гасцей. Але як жа мог Алег не паехаць? І быццам водбліск маланкі высвеціў у Алегавай памяці гэткі аспідна-чорны ланцужок непрыемных сустрэч і здарэнняў, што прывёў яго на хутар. Сустрэча з Пончыкам і Вадзімава запіска, няшчасны выпадак на вуліцы і загіпсаваная нага, вяртанне дадому і Кажановы пагрозы... І ўсё нейкім чынам звязалася з таямнічай малінавай шкатулкай, якую ён, Алег, схаваў у дзедавай пуні.

Падбег Шарык, радасна падбрэхваючы. Кінуўся быў, як звычайна, да Алега, але таксама заўважыў мыліцы і, быццам спалохаўшыся іх, спыніўся, а потым раптам неяк дзіўна заскавытаў, нібы заплакаў па-свойму, па-сабачаму.

— Ой бяда, ой бяда! — яшчэ больш слёзна загаласіла бабуля Даша.

— Хопіць, мама, не трэба, тут і так моташна,— амаль з адчаем папрасіў Рыгор Ігнатавіч.— А то зараз усе завыем!

— Маўчу, Рыгорка, маўчу... Пайшлі ў хату, з дзедам паздароўкаецеся і падсілкуецеся з дарогі.

— Пойдзем,— пагадзіўся бацька і тут жа дадаў: — Няхай Алег пакуль пабудзе на двары, падыхае свежым паветрам, у бальніцы зусім змарнеў. Падсілкоўвацца нам яшчэ рана, снедалі дома. А мне, мама, трэба нанасіць вады ў лазню. Госці прыедуць папарыцца...

— Добра, сынок, глядзі ўжо сам... Можа, і дзедаў радыкуліт прагрэеце...

Бацька з бабуляй Дашай пайшлі ў хату, Алег застаўся на двары. Хораша наўкола, сонечна і зацішна. Сеў на лаўку, мыліцы паклаў побач, зажмурыўся, заслухаўшыся шпачынай песняй, што далятала з саду. Шарык таксама ўлагодзіўся, прылёг каля лаўкі, паклаў сваю чорную пысу на лапы і ўтаропіўся на Алега, нібы прасіў у яго прабачэння за свой дзіўнаваты брэх.

— І чаго ж ты напалохаўся? — спытаў Алег у Шарыка, узіраючыся ў яго зеленаватыя вочы.— Мыліцаў ніколі не бачыў? Гэта не хухры-мухры... Яшчэ добра, што так усё абышлося... Табе тут лафа, жывеш, як на курорце... А ў мяне вунь якая заварушка: хоць кусайся — хоць брашы...

Прыгрэўся Алег на сонейку, суцішыўся, нібы і не было толькі што бабіных слёз і войканняў, нібы ўсе перажыванні нечакана адляцелі разам з лёгкім вясновым ветрыкам. І шпак вунь як заліваецца ля свайго доміка на разгалістай яблыні, радуецца: вярнуўся дадому пасля далёкай зімовай вандроўкі, не заблудзіўся ў чужых краях. З’явіўся аднекуль чырвоны бухматы чмель, закружыў над Шарыкам, і той незадаволена павёў вушамі, пагрозліва завурчэў, гатовы вось-вось кінуцца на свайго дакучніка. Але чмель, мусіць, адчуў небяспеку і знік гэтак жа імкліва, як і прыляцеў. Прачнуўся пасля зімовай спячкі, робіць першыя аблёты ў пошуках жыватворнага нектару.

З дрымотнага стану Алега вывеў бацька, які выйшаў з веранды з двума вёдрамі. Спыніўся, пастаяў у задумлівасці, уздыхнуў:

— Дзядуля наш занядужаў, замучыў яго радыкуліт... Пайду нанашу вады ў лазню. Ну, а як твой тайнік? Можа, трэба памагчы?.. Госці хутка заявяцца...

— Не-е,— аж уздрыгнуў Алег,— я сам...

Лагодны настрой адразу ж развеяўся, адчуванне трывогі вярнулася зумклівым чмяліным гудзеннем. Алег зірнуў на расчыненыя дзверы пуні, і яму раптам здалося, што ў зацененым праёме мільгануў нейкі бялёсы прывід. Быў — не быў?! Глянуў на Шарыка, але той ляжаў заплюшчыўшы вочы, мусіць, драмаў.

Алег падняўся з лаўкі, абапёрся на мыліцы, выставіў перад сабою загіпсаваную нагу, агледзеўся. Шарык таксама падняўся, завіляў хвастом, пацягнуўся і санліва пазяхнуў.

«Ну і гультай!» — падумаў Алег пра сабаку і рушыў да пуні. Прысутнасць Шарыка падбадзёрвала, надавала смеласці. Хаця чаго баяцца цяпер, сярод белага дня? І ўсе гэтыя прывіды — выдумкі палахліўцаў.

Алег асцярожна пераступіў парог пуні і трапіў з сонечнага двара ў густы прыцемак. Прыглядаўся з хвіліну-другую, пакуль вочы прывыклі да ценю, і пакіраваў да драўлянай лесвіцы, што стаяла каля лаза на гарышча. Раптам з цёмнага кутка пуні выскачыла курыца і, гучна кудахтаючы, паляцела да дзвярэй. Алег аж злякнуўся ад нечаканасці, быццам гэта была не курыца, а той самы бялёсы прывід.

— Шарык, лаві вядзьмарку! — крыкнуў Алег.

Але Шарык, які сядзеў у дзвярах, відаць, да сваіх курэй адносіўся з павагай, таму нават саступіў убок, прапускаючы на двор белую чубатку.

Алег прысланіў мыліцы да дашчанай сцяны і ўзяўся за круглыя парэнчы лесвіцы, выпрабоўваючы яе моц і ўстойлівасць. Спачатку паставіў здаровую нагу на ніжнюю прыступку, потым асцярожна ступіў загіпсаванай нагой. Пастаяў, прыслухаўся, пакуль не мінула першапачатковая боязь.

Адна прыступка, другая, трэцяя... Алег падымаўся ўверх, набірала вышыню і ягоная трывога, асабліва непакоіла тое, што на хутар павінен заявіцца сам Кажан. Лепш бы не бачыць і не чуць гэтага прайдзісвета-падкалодніка! Лазня яму патрэбна, з сухою параю і піўком... Смоўж агідны!

Алег узабраўся на гарышча і з нейкай раптоўнай палёгкай паваліўся спіной на шархоткае духмянае сена. Ляжаў, спачываў, узіраючыся на маленькае акенца ў франтоне, з якога лілося яркае сонечнае святло, і ўяўляў сябе адзінокім іншапланецянінам. Вось бы ўзняцца на чароўных крылах і паляцець на якую-небудзь невядомую планету, дзе няма мафіёзнікаў-шчыпачоў, рэкеціраў-жулікаў, маньякаў-макрушнікаў. Павінна ж існаваць такая планета, абавязкова павінна... У зорных вышынях, хоць на краі Сусвету, хоць у бязмежнай Галактыцы! Толькі там, напэўна ж, жывуць не людзі, а нейкія больш разумныя і высокаразвітыя істоты: шчырыя, мужныя і сумленныя.

Нарэшце Алег схамянуўся, сеў, агледзеўся: дзе схованка з таямнічай малінавай шкатулкай? Успомніў, што хаваў яе ў левым кутку гарышча, дзе ляжала ўсялякая старызна. Цяпер той куток быў закладзены сенам. А што, калі і старызну і Вадзімаў пакет куды-небудзь выкінулі?

Расхваляваўшыся, ён папоўз у куток і пачаў разграбаць сена, адганяючы ад сябе вярэдлівую думку аб магчымым знікненні шкатулкі. І што ж тады рабіць, дзе яе шукаць? І як апраўдацца перад Кажаном, хіба ён паверыць у нейкія там довады? Тады лепш ад яго ўцякаць хоць на край свету.

Добра-такі запарыўся, аж у носе заказытала ад пылу, пакуль дабраўся да самага падстрэшка. І вельмі ўзрадаваўся, калі пад рукі трапіліся рызманы, тыя самыя, пад якімі схаваў Вадзімаў пакет. Алег сцішыўся, прыслухаўся, быццам асцерагаючыся, што за ім могуць сачыць, але, пераканаўшыся ў сваёй поўнай бяспецы, пачаў шнарыць рукамі ў старызне.

— Ага, ёсць! — узрушана прашаптаў Алег, калі нарэшце яго пальцы намацалі цэлафанавы пакет.— Вось і фінальны свісток!

Ён выбраўся з нары, якую выкапаў у сене, аддыхаўся і ўтаропіўся на сваю знаходку. Яна прыцягвала магнітам, заварожвала таямнічасцю. Некалькі хвілін Алег вагаўся, адганяючы спакуслівае жаданне адгадаць трывожную загадку, але ў рэшце рэшт цікаўнасць перамагла. А сам сябе супакоіў: «Што тут такога: пагляджу і толькі... Ніхто і ведаць не будзе».

Асцярожна развязаў пакет, выняў з яго важкую малінавую шкатулку. Яна адразу ж успыхнула зіхатлівымі зайчыкамі, трапіўшы ў сонечны прамень, што высвечвала акенца ў франтоне. Алег уважліва разглядаў шкатулку, асабліва яго зацікавілі тры лічбы «6», што выдзяляліся на вечку чорным колерам. І чорная ружа побач. Збоку Алег заўважыў маленькую бліскучую кнопку і, крыху разважыўшы, націснуў на яе ўказальным пальцам. Пачуўся ціхі меладычны звон, і вечка аўтаматычна адчынілася.

Унутры шкатулкі ляжала штосьці загорнутае ў чорны вельвет. Алег ужо не мог спыніцца, не мог прымусіць сябе зачыніць шкатулку, нібы ім кіравала нейкая магічная сіла. Вось жа чарадзейны гіпноз!

Сталёвы холад апёк Алегавы рукі, прымусіў яго жахнуцца, як ад асінага ўкусу. Гэта быў пісталет: кароткастволы, з гранёнай рукаяткай. Гарачынёй шуганула ў твар, трывожна затахкала сэрца, і аж пацямнела ўваччу... Яшчэ ніколі Алег не трымаў у руках сапраўдную зброю — баявы пісталет, што даводзілася бачыць толькі ў гангстэрскіх «відзіках» і дэтэктыўных фільмах. Яго трэсла быццам у ліхаманцы, ён не мог саўладаць з сабою, заспакоіцца, астыць...

Раптам на двары пачуўся гул машыны, потым загучалі галасы, злосны брэх Шарыка. І загадны бацькаў вокліч:

— Шарык, у будку! Я каму сказаў, у будку!

Брэх адразу ж заціх, а галасы яшчэ больш развесяліліся. Хтосьці нават падпяваў: «А як маеш грошы...»

Алег хуценька адпоўз да капы сена, захаваўся за ёй і затаіўся, сціскаючы ў руцэ рукаятку пісталета.

І зноў пачуўся гугнявы голас:

— Ой, буксы гараць!

— Пайшлі ў хату,— запрасіў бацька,— медавухай патушым пажар. Лазня ўжо грэецца, сухая пара будзе адмысловая.

— Цаню тваю ўвішнасць, Грыша, цаню! Мы ў даўгу не застанемся, Вадзіма трэба выручаць... А як з нашай умовай?

— Усё добра, Алег прыехаў са мной, яго тайнік у пуні.

— Ну, ладна, пайшлі тушыць буксы, а потым і з Алегам пакалякаем... Не люблю, калі мяне водзяць за нос.

Алег ляжаў на сене і не ведаў, што рабіць, куды дзецца... Як быць з пісталетам? Няўжо трэба пакласці яго ў шкатулку і зрабіць выгляд: я нічога не знаю — мая хата з краю? І аддаць зброю Кажану, гэтаму прайдзісвету і дамушніку... А ці ведаў Вадзім, што знаходзіцца ў шкатулцы? І дзе ён узяў яе?

Ліхаманка не праходзіла, як і адчуванне безвыходнасці і нейкага калючага страху. Нібы міжвольна апынуўся адзін на адзін з бязлітасным ворагам, што гатовы ў любую хвіліну зрабіць каварны выпад. А хто абароніць, хто кінецца на выручку ў небяспечны момант? Успомніліся сын следчага, бязрукі Ваня, з якімі пазнаёміўся ў бальніцы, і сам следчы, які паехаў у калонію на сустрэчу з Вадзімам... І аднакласнікі, і ігракі футбольнай каманды з трэнерам Аляксандрам Мікалаевічам... Але ж хіба можна спадзявацца на іх падтрымку? Ды і адкуль ім ведаць пра чужую злыбеду?

На двары пачуліся паспешлівыя крокі, якія кіравалі да пуні. І ўжо з дзвярэй прагучаў узрушаны бацькаў голас:

— Алег, дзе ты? Давай хутчэй у хату, Кажан патрабуе! Напіўся, наркот, гразіцца, зусім ашалеў... І што ж гэта такое, хоць лезь у пятлю!

— Я зараз, яшчэ не знайшоў,— чамусьці зманіў Алег і сунуў пісталет у сена, хуценька прыхаваў і шкатулку.

— Паспяшайся, сынок, вылюдак не любіць чакаць,— бацька стаяў каля лесвіцы ўнізе і не збіраўся падымацца на гарышча.— Пабягу ў хату, трэба неяк супакоіць наркота, а то падыме вэрхал.

Бацькава разгубленасць яшчэ больш растрывожыла і напалохала Алега. І што будзе, калі шкатулка з пісталетам апынецца ў руках раз’юшанага вар’ята? Дзе ж выйсце з гэтай пасткі?

Алег дрыготкімі рукамі дастаў з-пад сена пісталет і ўтаропіўся на страшную знаходку. Кароткі ствол, чорная рукаятка, маленькі спускавы кручок... А калі пісталет зараджаны? І сядзіць у ім смертаносная куля, цікуючы да пары да часу... Каб у нейкі там момант вылецець з утульнага гнязда гільзы і зрабіць свой першы і апошні палёт...

Насцярожаную цішыню сакавіцкага дня раптоўна ўзарвалі грукат, крыкі і раз’ятраны Шарыкаў брэх. На двары тварылася штосьці бязладнае і незразумелае. І ў гэтым дзікім гвалце Алег пачуў роспачны голас бабулі Дашы:

— Спыніцеся! Богам прашу, супакойцеся! Ён жа зусім не вінаваты! Адумай-це-ся-я!

Алегаву свядомасць, нібы перад непазбежным скачком у чорную бездань, працяў пякучы страх: Кажан рваўся ў пуню! Гэта яго, азвярэлага наркота, маліла бабуля Даша. А ў адказ — п’яны крык:

— Колькі ж можна чакаць, я ж папярэджваў! Рукі завяжу марскім вузлом. Прэч з дарогі, шмакадзяўкі!

Алег сцяўся, зніякавеў, не ў сілах рухацца. Ён трымаў пісталет проста перад сабой, а ўказальны палец міжволі апусціўся на спускавы кручок.

Неўзабаве ў праёме лаза паказалася кудлатая Кажанова галава. Чырвоны, як з парылкі, твар, барвовы шрам ад вуха да рота, драпежны бляск залатых зубоў. Сонечны прамень з акенца якраз перамясціўся на праём у лазе і асляпіў Кажана.

— Ну, дзе ты тут, смаркач? Са мной такія жарцікі не праходзяць! Я ўсіх вас пастаўлю на калені! Ты таксама будзеш служыць мне! Як і твой брат, як і твой татка-ліквідатар...

Кажан узняўся над лазам да пояса, але, мусіць, па-ранейшаму нічога не бачыў, аслеплены сонечным промнем. І тут Алег націснуў на спускавы кручок. Суха трэснуў стрэл, потым яшчэ раз і яшчэ... Кажан нават не войкнуў. Узмахнуўшы рукамі ў паветры, ён няўклюдна рухнуў уніз, быццам з-пад яго ног нечакана выбілі лесвіцу.

— Ну што, паставіў на калені, вурдалак пракляты?! — прашаптаў Алег з раптоўнай палёгкай і быццам скочыў у цёмны вір.— Цяпер мы з табой квіты!

Наступіла звонкая цішыня: ні гуку, ні шолаху... Праз якую хвіліну-другую завыў Шарык. Сабака выў жудасна і безнадзейна, нібы адчуў набліжэнне ваўчынай зграі.