epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Пастка

Здарылася так, што гаворка пра летні адпачынак Алёшкі пачалася якраз тады, калі ў госці завітаў дзядзька Серафім.

Маці настойвала на пуцёўцы ў летнік, а бацька пярэчыў, маўляў, Алёшка ўжо не маленькі, яго можна адправіць у вёску, да бабулі, тым больш што ўнука там даўно чакаюць.

Алёшка быў рады ехаць да бабулі, але ў размову ўмяшаўся дзядзька Серафім.

— Хопіць вам спрачацца, я вашага Алёшку выручу. Яму такое яшчэ нават і не снілася.

Алёшка, бялявы, танклявы хлопчык, з доўгімі, нібы ў дзяўчынкі, вейкамі над шэрымі вачыма, слухаючы дарослых, быў з твару спакойны. Ён стаяў ля акна і з вышыні пятага паверха назіраў за вуліцай, за імклівай плынню аўтобусаў, тралейбусаў, грузавікоў.

Летась ён адпачываў у бабулі, дык пра тыя райскія дні аж сёння прыемна ўспомніць. Алёшка быў там сам сабе гаспадар, ніхто не надакучаў яму перасцярогамі: не бегай, не заплывай далёка, на сонцы не перагравайся, як у тым летніку са строгімі важатымі. Бабка Маруся клапацілася толькі аб адным:

— Еш, унучак, еш. Табе расці трэба, дужэць. Мужчына павінен быць моцным...

І Алёшка слухаўся бабку, яму падабалася, што з ім размаўляюць, як з дарослым, што вераць у яго самастойнасць. Ды і чаго тут баяцца, калі ён ужо ў сёмы клас перайшоў,— гэта вам не нейкі там дзетсад, які трэба на вяровачцы вадзіць...

Дык ён і сёлета з ахвотай паехаў бы ў вёску, да лянівай рэчкі Гайны, да духмяных сунічных палян, да задумлівай цішыні росных ранкаў...

Алёшкавы ўспаміны-летуценні перапыніў яхідны голас, які прымусіў насцярожыцца і адвярнуцца ад акна. Хлопчык убачыў, як дзядзька Серафім задаволена пагладзіў свой поўны жывот, і яго круглы чырвоны твар, нібы пераспелы памідор-велікан, асвяціўся самазадаволенай усмешкай.

— Э-э-э-х, Іван, Іван,— дзядзька Серафім пачаў здалёк.— Крыўдуй не крыўдуй, а праўду я скажу.

— Ды скажы ўжо, скажы,— ніякавата адазваўся бацька.— Ведаем тваю праўду...

— Хоць і родны ты мне брат,— працягваў дзядзька Серафім,— а не разумею я цябе. Не ўмееш ты жыць... І ў каго ты такі ўдаўся?

— Што зробіш, браток, не ў цябе,— кпліва зазначыў бацька.

— Трэба мне за твайго Алёшку ўзяцца,— прыцмокнуў тоўстымі губамі дзядзька Серафім.— Інакш вырасце ён у цябе ягнём, якому жыць у вечнай боязі.

— Не ўжо, не чапай майго сына, не табе яго розуму вучыць!

Бацька ўзрушана падняўся з-за стала.

— Ды я пажартаваў, супакойся,— дзядзька Серафім усміхнуўся.— А вось на лета я Алёшку бяру на сваю дачу. Лес, рэчка, паветра — азон: сапраўдны курорт.

Ад гэтых слоў Алёшку аж скаланула, нібы ён басанож ступіў на чмялінае гняздо. Але дзе тут будзеш пярэчыць, калі маці адразу ж пачала дзякаваць дзядзьку за шчодрасць, за добрае сэрца. Бацька таксама прамаўчаў, бо ў іх сям’і апошняе слова было за маці.

— Адпачнеш у мяне, пляменнічак, на ўсе сто. Сёлета мой садок будзе ўпершыню пладаносіць, і без памочніка мне не абысціся,— задаволена разважаў дзядзька Серафім. Ён з натугай вылез з-за стала і, куляючыся на кароценькіх ножках, падкаціўся да Алёшкі, абняў яго за плечы.— Мая гаспадыня з Ірышкай на поўдзень паедзе, урачы прыпісалі чарнаморскія ванны. Ды мы і адны справімся. Будзем каралямі жыць. Ні табе важатых, ні табе выхаваўчых пяцімінутак...

І Алёшка вымушаны быў паехаць на дзядзькаву дачу, насуперак сваёй волі, свайму патаемнаму жаданню правесці лета ў бабулі.

Здавалася, што больш трэба: рэчка побач, лес таксама, клубніцы, раннія яблыкі ў садзе,— адпачывай, моцы набірайся. Ды было адно «але», якое не давала Алёшку спакою, прымушала яго сэрца сціскацца ад незразумелай крыўды і пякучай непрыязнасці да дачных канікулаў. Толькі змяніць што-небудзь ён не мог...

Так ішлі дні за днямі, нудныя, падобныя адзін на другі, нібы зялёныя ягады на агрэставым кусце...

І вось аднойчы хтосьці залез у сад да дзядзькі Серафіма, залез праз высокую дашчаную агароджу з калючым дротам. Злодзей быў асцярожны і разборлівы. Ён не латашыў спехам усё, што пад руку трапілася, а сарваў некалькі крамяных, нібы высветленых з сярэдзіны, пладоў з ранняй яблынькі, да якой дзядзька Серафім баяўся падпускаць нават Алёшку.

— Рана яшчэ, зялёныя,— гаварыў ён, з замілаваннем пазіраючы на цуда-дрэўца, быццам на ім раслі не звычайныя яблыкі, а залатыя.

У дзядзькі Серафіма ўсё было на строгім уліку: кожны яблык, кожная ягада. Ён і Алёшку часта напамінаў, што многа есці зеляніны шкодна, што ад аскоміны зубы крышацца, што трэба прывучаць сябе да беражлівасці. Аднаго толькі Алёшка ніяк не мог зразумець: і чаго шкадаваць гэтую зеляніну, калі яе вунь колькі ў дзядзькавым садзе, калі ён ледзь не кожную раніцу возіць клубніцы на сваім «Запарожцы» ў горад, на рынак?

Дзядзька Серафім адразу ж прыкмеціў прапажу. Яго твар-памідор яшчэ больш зачырванеўся, а вочкі-гузічкі зрабіліся злымі і калючымі. Спачатку ён падазрона разглядваў Алёшку, і яго позірк прымусіў хлопчыка сумецца і разгублена паціснуць плячыма, маўляў, я нічога не ведаю.

— Ды не, ты такое не мог зрабіць,— нарэшце сказаў дзядзька Серафім.— Не мо-о-г. А хто?

З гэтымі словамі ён рупліва пашкандыбаў у сад, спадзеючыся знайсці там адказ на сваё пытанне.

Алёшка бачыў, як дзядзька Серафім раўніва аглядваў кожны куст і кожнае дрэва, а потым нырнуў у густы зараснік малінніку, што падступаў да агароджы. Назад ён выскачыў без аглядкі, быццам за ім гнаўся цэлы вывадак шэршняў. Яшчэ здалёк Алёшка пачуў яго раз’юшаны голас:

— Ах галадранцы, ах паразіты! Падумаць толькі: дошку адарвалі, зрабілі пралаз — дзядзька Серафім доўга не знаходзіў сабе месца, сноўдаў па двары і ўсё войкаў, ахкаў, нібы ўчадзелы.

Нарэшце ён спыніўся і зняможана апусціўся на лаўку пад разгалістым клёнам, на якой сядзеў Алёшка. Дзядзька Серафім выцер шырокай пухлай далоняй кроплі поту з чырвонага твару-памідора і помсліва прамовіў:

— Ні-чо-о-га, злазіў адзін раз, палезе і яшчэ. Яму гэтыя яблычкі бокам вылезуць...

Выказаўшы пагрозу ў адрас таго, невядомага, дзядзька Серафім задаволена сплюнуў і хітравата падміргнуў Алёшку:

— Вось так, пляменнічак, і жывём. Зайздроснікаў вакол, што камароў на балоце. На чужое ўсе ласы... Чужы дабрабыт спакою не дае, каб на вас ліха!

Дзядзька Серафім падняўся з лаўкі і пайшоў да дашчанай паветкі. А Алёшка, успомніўшы, што сёння яшчэ не купаўся, непрыкметна знік з двара.

Калі ён праз гадзіны паўтары вярнуўся з рэчкі, дзядзькі Серафіма дома не было. На кухонным стале побач з бутэлькай малака і батонам ляжала запіска:

«Паехаў у горад, абедай адзін». І крыху ніжэй: «У сад не хадзі, чакай мяне».

Алёшка здзіўлена паціснуў плячыма. «Чаму не хадзіць у сад? Раней жа дзядзька не забараняў... Мабыць з-за той адарванай дошкі».

Але Алёшку гэтая забарона ніколькі не засмуціла. Ён і раней заходзіў у сад не так часта, бо заўсёды помніў дзядзькаў наказ:

— Усё тут працай набыта, кожны яблычак маім мазалём выгадаваны. У ашчаднасці і беражлівасці — сэнс нашага жыцця...

Алёшка падсілкаваўся малаком і батонам, а потым пайшоў на двор і лёг у мяккі гамак, які быў падвешаны паміж клёнам і плотам. Густая лістота дрэва засцерагала хлопчыка ад сонечнай спякоты, і ён хутка адчуў, што ім памалу авалодвае лагодная санлівасць.

Алёшка пачаў драмаць, як раптам да яго слыху, нібы з-пад зямлі, даляцеў крык, роспачны, адчайны. Ён мігам выскачыў з гамака і прыслухаўся. Ці не здалося? Крык паўтарыўся: «О-ой, о-ой! Памажы-ы-це-е!» Голас даносіўся з саду, і Алёшка, забыўшыся на забарону дзядзькі Серафіма, кінуўся туды. Хтосьці клікаў на дапамогу, хтосьці трапіў у бяду...

Алёшка разгублена спыніўся пасярод саду і агледзеўся, бо ніяк не мог уцяміць, хто і дзе крычыць, каму памагаць?

— А-а-а! — сцішэлы стогн прымусіў Алёшку схамянуцца і агледзецца. Цяпер ён упэўніўся, што крык далятае з малінніку, куды нядаўна лазіў дзядзька Серафім.

Алёшка прабег па баразне, уздоўж роўнага рада разлапістых кустоў парэчак, і апынуўся ля густога высокага малінніку, які сям-там раўняўся з двухметровай агароджай. Разважыўшы з хвіліну, ён пачаў прабірацца па вузкім праходзе паміж дашчанай сцяной і цесна сплеценым маліннікам. Тут было горача і душна, дошкі едка патыхалі разамлелай смалой.

Нечакана зараснік адступіўся ад агароджы, утвараючы вусцішную палянку, і Алёшка проста перад сабой убачыў незнаёмага хлопца, гадоў дванаццаці, які, скурчыўшыся, ляжаў на зямлі. Твар яго, спалатнелы і заплаканы, выказваў столькі пакутлівага болю і роспачы, што на Алёшку быццам ледзяным холадам падзьмула.

— Ты чаго? — спытаў ён разгублена, убачыўшы, што рукі хлопца моцна трымаюцца за бліскучы дрот, які прыкручаны да чорнага провада.

— А-а-а! — ціха прастагнаў незнаёмы, скіраваўшы на Алёшку ўмольны позірк.

І тут ён зразумеў усё. Гэта здагадка была для Алёшкі раптоўным, страшэнным выбухам...

Далей Алёшка дзейнічаў нібы ў нейкім паўзабыцці, перасільваючы здранцвенне і страх. Ён асцярожна падкраўся да чорнага провада-вужакі, а потым, ухапіўшыся за яго дзвюма рукамі, з усяе сілы пацягнуў на сябе. Бліскучы дрот выслізнуў з хлопчыкавых пальцаў, і Алёшка адным узмахам шпурнуў чорны провад праз маліннік, у сад. Незнаёмы ўткнуўся тварам у зямлю і заціх.

Алёшка кінуўся да будынка дачы. Ён хутка адшукаў на сцяне веранды разетку і выхапіў з яе штэпсель, які быў злучаны з чорным провадам. Потым Алёшка спехам напоўніў вадой малочную бутэльку і пабег назад. Цяпер ён ведаў, што рабіць, каму памагаць...

Калі Алёшка зноў апынуўся ля хлопца, той спалохана падхапіўся з зямлі на калені і ўтаропіўся на яго сваімі вялікімі чорнымі вачыма.

— На, выпі вады! — Алёшка хуценька падаў бутэльку.

Хлопец адразу ж схамянуўся і, удзячна кіўнуўшы галавой, пачаў прагна піць. Яго рукі дрыжалі нібы ў ліхаманцы, вада пралівалася, сцякала на клятчастую тэніску. Алёшка стаяў збоку і нерашуча перамінаўся з нагі на нагу. Ён адчуваў сябе ніякавата, нібы сам прыдумаў гэтую пастку...

Хлопец нарэшце адарваўся ад бутэлькі і аддаў яе Алёшку.

— Дзякуй,— яго ціхі і дрыготкі голас парушыў няёмкае маўчанне.

— А я пачуў і хутчэй сюды,— сказаў Алёшка.— Ну і ўліп жа ты.

— Гэта ўсё з-за Пецькі Цыпрука. Яму «Арлёнак» нядаўна купілі, а задарма ён не дае катацца,— вінавата апраўдваўся хлопец.

— Ты ўчора сюды таксама лазіў? — здагадаўшыся, спытаў Алёшка.

— Я тут не першы раз,— прызнаўся хлопец.— Пецьку клубніцы насіў і яблыкі. Я многа не рваў, каб ніхто не заўважыў.

— А вось і заўважылі,— сказаў Алёшка.— І пастку паставілі.

— Якую пастку?

— Бліскучы дрот з электрычным токам па-твойму не пастка?

— Я ж не ведаў... Хацеў дрот убок адкінуць, а ён і прыліп да рук.

— Цяпер будзеш ведаць,— тонам бывалага чалавека зазначыў Алёшка.— Тваё шчасце, што я побач быў.

Алёшка насцярожыўся і прыслухаўся. Непадалёк пачулася знаёмае гудзенне матора легкавой машыны. Сумненняў быць не магло: з горада на сваім «Запарожцы» вяртаўся дзядзька Серафім.

«Ну, цяпер мне ўляціць,— падумаў з трывогай Алёшка.— Вось будзе крыку. Без дазволу ў сад зайшоў... А чым апраўдаешся? Што хлопца вызваліў? Дык дзядзька ж сам падстроіў... Помсціў за свае яблычкі...»

— Пайшлі хутчэй, гаспадар прыехаў,— сказаў Алёшка і першы нырнуў у пралаз.

Хлопец азірнуўся і спрытна нырнуў за ім.

— Бывай,— сказаў Алёшка, калі яны спыніліся ў арэшніку, што пачынаўся адразу ж за агарожай.— З Цыпруком не дружы. Ён цябе да дабра не давядзе...

— А я з ім і не дружу... Гэта ўсё з-за «Арлёнка». Мне тата абяцаў купіць... на дзень нараджэння.

— Вось і добра...

— Ну, я пабег. Вялікі дзякуй за выратаванне! — Незнаёмы, не аглядваючыся, паспешліва знік за шыракалістай сцяной арэшніку.

Алёшка нейкі момант стаяў на месцы, не ведаючы, што рабіць, куды ісці. Тое, што здарылася тут, у дзядзькавым садзе, па-ранейшаму працінала ўсю яго істоту калючымі дрыжыкамі, ён ніяк не мог супакоіцца.

І тая незразумелая крыўда, тая пякучая непрыязнасць, якія выспявалі ў яго душы ўсе апошнія дні, раптам надалі Алёшку рашучасці, прымусілі павярнуць назад, да пралаза ў агароджы.

Алёшка сутыкнуўся з дзядзькам Серафімам на двары ля разгалістага клёна. Дзядзька нёс пустыя кошыкі, на яго твары блукала задаволеная ўсмешка, мабыць, паездка на рынак была паспяховай.

— Як адпачываецца, пляменнічак? Што новенькага ў тваім бязвоблачным летнім дзяцінстве?

— Вы, вы!! — голас у Алёшкі перахапіла, яму неставала паветра.

Дзядзька Серафім, адчуўшы нядобрае, выпусціў з рук кошыкі, у яго вочках-гузічках успыхнулі халодныя агеньчыкі.

— Як вы маглі! — Алёшку ўсяго аж трэсла.— Вы — нядобры чалавек, вы — сквапны кулак! Я ненавіджу вас... Больш тут і нагі маёй не будзе!..

Алёшка спяшаўся выгаварыцца, спяшаўся выказаць усю сваю крыўду, усю сваю нянавісць.

Твар-памідор дзядзькі Серафіма пабялеў, выцягнуўся, быццам з яго раптам выціснулі ўвесь чырвоны сок.

— Алёшка, што з табой?!

— Вы — злачынец!

Больш Алёшка не мог гаварыць, не мог быць побач з чалавекам, якога так узненавідзеў. Ён павярнуўся і пайшоў прэч.

Алёшка кіраваў да аўтобуснага прыпынку, які знаходзіўся на шашы кіламетры за чатыры ад дачнага пасёлка. Здарэнне ў садзе, сутычка з дзядзькам Серафімам падганялі Алёшку, прыспешвалі яго хаду, быццам ён сам толькі што выратаваўся ад электрычнай пасткі.