epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэмба

Пралескі

Сёння Рома прачнуўся з першымі сонечнымі промнямі. Спехам паснедаў і пайшоў у школу на гадзіну раней звычайнага.

Школа знаходзіцца ў суседняй вёсцы, за тры кіламетры. Але ўжо на паўдарозе Рома завярнуў убок, па віхлястай сцяжынцы, якая вяла да лесу.

У лесе было пуста і няўтульна: галасістыя званочкі жаўранкаў засталіся там, над полем. Вясна толькі паспела прагнаць снег і падсушыць зямлю. Зеляніна яшчэ хавалася ў набрынялых, гатовых вось-вось лопнуць пупышках, а ігольчатыя травінкі набіраліся сілы пад мінулагоднім лісцем.

Рома ўважліва прыглядаўся да арэшніку, зазіраў пад прысадзістыя елачкі, але ўсё было дарэмна. Тое, што ён шукаў, што прывяло яго сюды ў гэты ранішні час, не траплялася на вочы. Яго кірпаносы, з дробнымі вяснушкамі ля шэрых вачэй твар заружавеўся трывожнай заклапочанасцю. І ён упарта працягваў шныпарыць сярод зарасніку.

Спачатку Рома нават разгубіўся. На сонечным грудку пад кустом арэшніку стаялі сінявокія пралескі. Іх было многа, нібы хто са жмені сыпануў. Яны толькі што прачнуліся і пад першымі промнямі сонца ў дрымотнай млявасці пацягваліся і жмурыліся. Іскрыстыя расінкі, прыляпіўшыся да кволых светла-блакітных пялёсткаў, ігралі на сонцы вясёлымі бурштынчыкамі.

Рома асцярожна ля самай зямлі адшчыкваў тоненькія цыбатыя сцяблінкі пралесак, складваючы кветкі адна да адной. Яго губы ледзь чутна шапталі: «Будзьце, вочкі, як пралескі, сіненькія...»

Букецік атрымаўся зграбны і прыгожы. Хуценька перавязаўшы яго белай ніткай, Рома далікатна абгарнуў кветкі газетнай паперай і паклаў пакуначак у сваю пашарпаную на тасёмкавым рамяні палявую сумку. Больш ён не затрымліваўся ў лесе ні адной хвіліны.

Расчырванелы і задыханы, Рома ўскочыў у клас. Яму пашанцавала. Быў урок фізікі, а Сцяпан Іванавіч, якога ўсе паважалі і любілі за справядлівасць і дабрату, нават не спытаўся аб прычыне яго спазнення.

Рома дастаў з сумкі сшытак, падручнік фізікі, потым адчыніў вечка парты, каб пакласці сумку, і тут яго ўвагу прыцягнула нейкая паперка, што ляжала ў парце.

Лісток у простую лінейку быў складзены акуратным прамавугольнікам. Рома памкнуўся скамячыць яго, як на другім баку заўважыў дзве літары, выведзеныя чырвоным алоўкам: Р. Д. «Значыць, мне, Раману Данілюку»,— адразу ж здагадаўся ён.

Рома і раней атрымліваў розныя запіскі ад сваіх сябрукоў: ці на кантрольнай з просьбай выручыць з бяды, ці яшчэ па якой-небудзь справе, калі хто не мог дачакацца канца ўрока. Таму папяровы прамавугольнік Рома разгарнуў без асаблівай зацікаўленасці.

Пасярод лістка стаялі друкаваныя літары, нешта накшталт арыфметычнага прыкладу: Р+Л=К... Ён яшчэ раз прабег запіску вачыма — і нічога не зразумеў. «Што гэта за рэбус?»

І раптам яму зрабілася горача. Рома адчуў, як вушы яго наліліся пякучым полымем нечаканай сарамлівасці. Ён спалохана заціснуў запіску ў руцэ, баючыся паварушыцца. Рому здавалася, што цяпер за ім сочыць увесь клас. Мабыць, толькі цяпер ён зразумеў усю нязручнасць першай парты: заўсёды сядзіш навідавоку — ні табе павярнуцца, ні табе словам перакінуцца... А тут гэтая бяскрыўдная на першы погляд запіска...

Так, сумнення не магло быць: пад літарамі Р і Л значыліся імёны: Рома і Люся. А паміж імі стаяў маленькі яхідны значок плюс.

Магчыма, у другі раз гэта запіска так не ўзрушыла б Рому. Але ж сёння зусім іншая справа...

Люся — Ромава аднакласніца, смяшлівая, з каштанавай касой і сінімі вачыма дзяўчынка. Калі яе звонкі голас гучыць са школьнай сцэны, слухачы сядзяць, быццам заварожаныя, а потым па некалькі разоў выклікаюць Люсю Вяршкову на «біс».

Рома вучыцца з Люсяй чацвёрты год. Яны прыйшлі ў чацвёрты клас Залескай васьмігодкі з розных вёсак. Яму таксама падабаюцца яе спевы, і ён да пякучага болю ў далонях заўсёды апладзіруе ёй на канцэртах.

Аднойчы Рома злавіў сябе на думцы, што яму становіцца сумна, калі ў класе няма Люсі, што ён спяшаецца ў школу, каб хутчэй убачыць яе...

Але гэта было Ромавай таямніцаю, аб ёй ніхто не ведаў, ён засцерагаў яе ад нядобрых зласлівых вачэй.

...І вось — запіска, нібы стрэл, нечаканы і аглушальны. А ў сумцы ляжыць букецік сінявокіх пралесак. Сёння ў Люсі Вяршковай дзень нараджэння. І па традыцыі аднакласнікі збіраліся віншаваць імянінніцу: паштоўкі, кнігі са святочнымі надпісамі. А Рома вырашыў паднесці букецік першых вясновых кветак, якіх сёлета з-за позняга прыходу цёплых, сонечных дзён яшчэ ніхто не бачыў.

Тое, што паўгадзіны назад было для Ромы простым і звычайным,— ён уяўляў, як разам з іншымі падарункамі аднакласнікаў уручае букецік Люсі,— цяпер стала для яго неадольнай перашкодай. Сарамлівая разгубленасць пазбавіла Рому ўсялякай рашучасці. Ён ледзь дачакаўся званка, каб хутчэй вышмыгнуць з класа, нават не глянуўшы туды, на перадапошнюю парту, дзе сядзела Люся. Бо на першым перапынку сямікласнікі дамовіліся віншаваць імянінніцу...

Завярнуўшы за вугал школы, Рома з нейкай асаблівай злосцю парваў на дробныя кавалачкі ядавітую запіску. Але гэта не прынесла яму супакаення. Ён паблукаў па двары, пакрыўджаны і раззлаваны. Потым пайшоў у школьны сад, прыхінуўся спіной да высокай таполі і пачаў назіраць за шпакамі, якія абжывалі новыя домікі. Ім было весела і сонечна. Яны на ўсе лады выводзілі самыя дзівосныя мелодыі: заліваліся, цокалі, высвіствалі, буркаталі.

Тут яго знайшла Люся.

— Ты чаму збег?

Ён аж падскочыў ад нечаканасці, рассмяшыўшы яе сваёй палахлівасцю. Рома адступіў ад таполі крокі з два і разгублена азірнуўся па баках, нібы выглядваючы, куды б гэта спрытней сігануць.

— Ну і баязлівец жа ты! — яна так і залілася ад смеху, у яе быў цудоўны настрой, настрой імянінніцы.— А я шукала цябе. І што ты тут робіш?

Рома нарэшце асмеліўся глянуць на Люсю. І проста перад сабой ён убачыў сінія-сінія, быццам пралескі, іскрыстыя вочы — і адразу ж адвёў позірк убок.

— Во-ось, за шпакамі назіраю,— з няўпэўненасцю адказаў ён.

Яна была так узрушана, што не заўважыла яго панурага погляду.

— А я прыйшла падзякаваць табе за вершы. Яны мне вельмі спадабаліся. Ну і складна ж у цябе атрымліваецца! — пахваліла яна Рому.

Пахвала прымусіла яго яшчэ больш пачырванець. Вершы, аб якіх казала Люся, ён склаў учора для віншавальных паштовак. У Ромы да гэтага ёсць здольнасці, два яго вершы нават у дзіцячай газеце надрукавалі. І калі ў класе надаралася якая-небудзь урачыстасць, тут ужо без свайго паэта не абыходзілася.

Раптам Люся пасур’ёзнела, агледзелася і ціха сказала:

— А я сёння ў парце запіску знайшла,— і паказала акуратны прамавугольнік з паперы ў простую лінейку.

Рома прачытаў запіску. Замест літар стаялі словы: Люся+Рома...

— І хто гэта напісаў? — яна запытальна глядзела на яго.

— Мне такую запіску таксама падкінулі,— нарэшце прамовіў Рома.

— І табе? — Люся пырснула смехам.

— А што тут смешнага? — зусім сумеўся ён.

— Дык вось яно што! — немаведама чаго радавалася яна.— Таму ты і з класа збег?

Нарэшце яна перастала смяяцца і загаварыла сур’ёзна:

— Такім толькі папусціся — праходу не дадуць. І няма чаго з-за нейкай запіскі хвалявацца.

Яе голас гучаў супакойваюча, і Рома адчуў сябе крыху вальней.

— А за вершы яшчэ раз дзякуй! — сказала Люся і пабегла да школы, бо там ужо прызыўна заліваўся званок.

На другім уроку Рома мала-памалу ачомаўся. Размова з Люсяй падбадзёрыла яго, прымусіла задумацца: можа, праўду сказала яна, можа, дарэмна ён так перажывае?..

Побач, нібы здань, блукала яшчэ адно неадступнае пытанне: хто аўтар запіскі? Але западозрыць каго-небудзь з аднакласнікаў Рома не мог...

«А што, калі?» — і тут Рома адважыўся. Гэта рашэнне прыйшло да яго радаснай нечаканасцю.

«Пабачым, што ты цяпер напішаш!» — Рома нарэшце асмеліўся ўзняць галаву і азірнуцца туды, дзе сядзела Люся. Потым яго пераможны позірк прабег па ўсіх радах, нібы адшукваў таго, невядомага...

І як толькі празвінеў званок і настаўніца англійскай мовы выйшла з класа, Рома рашуча дастаў з сумкі свой пакуначак. Ён разгарнуў паперу, дзьмухнуў на букецік раз, другі. Пялёсткі пралесак уздрыгнулі, ажылі, нібы ў прадчуванні чагосьці хвалюючага...

Рома падышоў да Люсі і смела працягнуў ёй букецік.

— Вось... Віншую з днём нараджэння! — сказаў, быццам упершыню з высокага трампліна скокнуў...

Люся так і зардзелася, радасная, разгубленая:

— Дзякую, Рома! Якія прыгожыя!

Вакол успыхнулі дружныя воплескі, узняўся шум і гам, як пры самай незвычайнай падзеі.

Рома ўсё ж не вытрымаў: ён крута павярнуўся і шпарка, ледзь не подбегам, кінуўся да дзвярэй.

І толькі на сонечным школьным двары, нібы вынырнуўшы з рачной глыбіні, Рома з палёгкай уздыхнуў. Цяпер яму было ўсё роўна: будзе другая запіска ці не.